«Дабрасельцы»

378

Описание

отсутствует



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Дабрасельцы (fb2) - Дабрасельцы 352K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Алексей Николаевич Кулаковский

Аляксей КУЛАКОЎСКІ

ДАБРАСЕЛЬЦЫ

Аповесць

Ад аўтара

З год таму назад мне давялося размаўляць з адной дэпутаткай Вярхоўнага Савета БССР, старшынёй сельсавета, вельмі сціплай і разумнай жанчынай. Яна шмат расказвала мне пра сваю мінулую работу. Нельга было без хвалявання слухаць, як яна гаварыла аб тым вялікім уздыме сельскай гаспадаркі, які распачаўся ў калгасах сельсавета пасля вераснёўскага Пленума ЦК КПСС 1956 г., аб актыўнасці і небывалай ініцыятыве калгаснікаў — гаспадароў зямлі.

I ў той жа час яна ўспамінала пра мінулыя гады, калі ў сельсавеце вялася ўпартая барацьба з пасляваеннымі цяжкасцямі і недахопамі ў кіраўніцтве сельскай гаспадаркай.

Некаторыя эпізоды гэтага расказа і ляглі ў аснову мае аповесці.

1

Час-ад-часу нешта шоргаецца аб шыбу. Жанчына ведае, што гэта ссохлы куст малінніку, але кожны раз уздрыгвае, намерваецца падысці да акна. Улетку гэты куст прыносіў многа радасці. Прыбяжыць гаспадыня з работы, адчыніць акно і, пынячыся, бывае, сарве спелую, важкую ягаду. Смокча тады яе, як цукерку, і здаецца, што адразу прападае смага і стомленасць адчуваецца меыш.

А цяпер вось ужо каторы раз Андрэіха паглядвае на акно, хоць нікога і не чакае. На дварэ злосна шуміць вецер і наносіць яшчэ больш снегу. За ноч, мабыць, занясе ўвесь агародчык. У хаце гарыць электрычная лямпачка на эмтээсаўскім ліміце. Заплаці ў МТС пяць рублёў у месяц і свяці, колькі хочаш. Сусед Андрэіхі, стары Мітрафан, кажуць, што і спаў пры святле, калі правёў у хату лямпачку і ўнёс першую плату. Друri ж сусед, Лявон Мокрут, аблытаў праводкай нават свой хлеў i не плаціць за святло зусім.

Здалося жанчыне, што нехта бразнуў знадворку дзвярыма. Але ці мала што можа пачуцца пры такім ветры?

Управіўшыся крыху каля мыцельніка, Андрэіха ўсё ж выйшла ў сенцы. Бычок-двухтыднёвік варухнуўся ў загародцы, павярнуў да гаспадыні галаву, і ў змроку забялела яго вялікая, на ўвесь лоб, лысіна. Тут бычку цяплей, зацішней, як у хляве, пакуль ён яшчэ кволы. Андрэіха лепш зачыніла, дзверы, апусціла на крук запору і, пагладзіўшы бычкову лысіну, вярнулася ў хату. Праз некалькі хвілін яна выключыла святло, узлезла на печ, скруцілася там, як малая, у клубочак, але заснуць чамусьці не магла. Спачатку залішне гарачым здаўся чарэн, а потым, як гэта часта бывае, апанавалі галаву розныя думкі, i рады ім ніякай не дасі. A сухі маліннік усё шоргаўся і шоргаўся аб намерзлую шыбу…

Некалі Андрэіху звалі Настулькай. Самы прыгожы ў вёсцы хлопец, цёмнавалосы Андрэй, падчас у жартах ганяўся за ёю, непаседай, па вуліцы:

— Не ўцякай, Настулька, усёроўна даганю!

А яна тупацела па густым пыле босымі, амаль дзіцячымі нагамі, смяялася і крычала на ўсю вуліцу, звала каго на паратунак. Толькі ніхто не ратаваў дзяўчынку, а калі Андрэй лавіў малую за рукі і пачынаў круціць вакол сябе, знаходзіліся такія, што пачыналі заахвочваць хлапца:

— За ногі яе пакружы, за ногі!

Так і ўсё жыццё Андрэй зваў сваю жонку Настулькай. Адыходзіў у армію, узяў жанчыну за плечы, і ёй раптам здалося, што і цяпер ён скажа: «Давай, чуеш, я цябе пакружу».

Але Андрэй прытуліў кабету да грудзей, апусціў калючы падбародак ёй на галаву і ціха прамовіў:

— Не сумуй, мая Настулька, чакай нас!

I яна чакала. Чакала не толькі Андрэя, а яшчэ i двух сыноў, якія пайшлі на фронт раней за бацьку. Старэйшы па прызыву, а малодшы дабраахвотна. Чакала ды нікога не прычакала. Навучылася толькі за гэты час не спаць начамі, хаваць ад людзей слёзы, каб не вельмі выклікаць спагаду. Цяпер толькі ў сне, бывае, чуецца голас то аднаго, то другога сына і толькі ў сне Андрэй ласкава кліча яе Настулькай. Адзінокай жыве Андрэіха ўжо дзесятак год.

2

Радыё ў хаце маўчала ўвесь вечар, мабыць, ветрам пашкодзіла праводку. А потым нешта прарвалася ў рупарчыку, i ён спачатку пачаў хрыпець, затым і гукі пачуліся, нібы з глыбокага падзямелля. Андрэіха спала вельмі чутка, бо адразу прахапілася ад гэтых гукаў. Пачула, што іграюць гімн, і ўспомніла, што ёй, перш чым ісці на работу, трэба хуценька ўправіцца з гэтым, з гэтым і з гэтым у хаце, разграбці снег у двары, даць есці карове, напаіць бычка і не забыць яшчэ безліч усялякіх хатніх дробязяў. Злезла з чарана, уключыла святло, прыадзелася цяплей і пачала расколваць натонка дровы, каб запаліць у печы. Работа ішла цяжка, сякера ледзь не валілася з рук, ныла ўсё цела і вельмі непрыемна марочыла ў галаве. Разгінаючыся, глянула на будзільнік, які стаяў на акне. Глянула і ў першы момант не паверыла сваім вачам: будзільнік паказваў толькі пятнаццаць мінут пасля поўначы. Праверыла, можа не заведзены гадзіннік, ажно ж заведзены, значыцца, яна спала ўсяго некалькі хвілін.

Смешна стала з самое сябе, але i радасна: можна ж яшчэ вунь колькі часу паспаць.

Другім разам жанчына палезла на печ ужо не раздзяваючыся i заснула так, што ледзь не праспала досвітак. Упыніўшыся ў хаце i каля хаты, паспешна выйшла на вуліцу. Вецер крыху ўціх ужо, але снег яшчэ ішоў, хоць не вялікі і, здавалася, зусім мяккі. Па самай сярэдзіне вуліцы, у напрамку фермаў, ляжаў ужо глыбокі след. «Гэта Мітрафанава Даша», — падумала Андрэіха, і ёй трошкі непрыемна стала, што суседка пабегла на работу раней за яе. «I не зайшла, не пастукала ў акно».

Ідучы амаль што па Дашынаму следу, жанчына ўяўляла, як яе маладая суседка напэўна ўжо выграбае снег з сіласнай ямы. Яма глыбокая, бо сілас больш як на палавіну выбралі, i снегу там цяпер па пояс. А колькі снегу на пачатых капцах бульбы? Гэта ўжо апошнія капцы. Пройдзе яшчэ тыдняў два, ад сілы месяц, i хоць на ферму не паказвайся.

У мінулым годзе так i было. З’явіўся пад вясну ў Дабрасельцы новы старшыня калгаса, былы загадчык бандарнай арцелі. Зайшоў з партфелем на ферму, а галодныя свінні як рынуліся на яго з усіх бакоў. Сталі на дыбкі, паднялі страшэнны піск і роў, папераскоквалі некаторыя праз перагародкі. Чалавек спачатку адбіваўся, як мог, партфелем, а потым кінуўся наўцёкі. Ратуючыся і не заўважыў, як свінні абжавалі знізу яго бобрыкавае паліто і вырвалі з рук партфель. Добра, што акрамя плоскай буханкі хлеба і запасных нагавіц, нічога не было ў гэтым партфелі.

З таго часу старшыня доўга не заглядваў на ферму. Лявон Мокрут на адной выпіўцы пусціў на яго мянушку «свіны недаедак», але нешта не прыліпла да чалавека гэтая мянушка. Патрымалася крыху ды адпала. Гэта, бадай, ад таго, што новы старшыня, па прозвішчу Шулаў, зусім не быў падобны на якога-небудзь недаедка. Росту ён высокага, шырокі ў плячах і ў поясе, два чырвоныя падбародкі звісаюць на каўнер. Ён і цяпер старшынствуе ў калгасе. Носіць тое самае бобрыкавае паліто, нанава падрубленае знізу. Вядома, цяпер яно пакарацела і цеснае стала занадта, бо вельмі ж раздаўся Шулаў, жывучы ў калгасе. Хто ні сустрэне цяпер яго, дык міжвольна падумае: «Што будзе з гэтым чалавекам яшчэ праз год?»

Пакуль награблі з капца бульбы, пакуль Мітрафан распаліў паравы кацёл на кармакухні, пачало днець. Андрэіха спяшалася, бо ведала, што праз якую гадзіну сюды можа наведацца старшыня. Зойдзе ён, канешне, спачатку на малочную ферму, нап’ецца там малака, а можа нават i паснедае. Жыве чалавек у адзіноце, сям’ю трымае ў гарадскім пасёлку, таму даводзіцца прымаць ежу дзе трапіцца: калі на ферме, калі ў брыгадзіра, калі ў якой-небудзь маладзіцы. Каб аберагчы сябе ад непажаданых перабояў у харчаванні, Шулаў заўсёды носіць у кішэні кусок хлеба i, здараецца часам, што жуе яго на хаду.

Зазванілі неўзабаве ў пусты бітон. Андрэіха ведала, што гэта Даша звоніць, падае сігнал Мітрафану, свайму бацьку, каб рыхтаваўся вязці па пункт малако. «Няўжо так хутка надаілі? — здзівілася жанчына. — I як жа яны павязуць, калі старшыня яшчэ не піў?»

Але старшыня не прамаргаў барадою, хоць Даша, загадчыца фермы, i не вельмі чакала яго. Ён неўзабаве з’явіўся на кармакухню і, аблізваючыся, пачаў дабразычліва ўсміхацца спачатку Андрэісе, а потым і другім жанчынам. Нораў у яго быў вельмі памяркоўны і спакойны, ён ніколі нікога не палаяў, нават калі і трэба было гэта зрабіць, ніколі нідзе не павысіў голасу. Часткова гэта ад моцных нерваў, а часткова ад таго, што ніякае на свеце здарэнне, ніякі выпадак не маглі яго ні асабліва здзівіць, ні асабліва ўстрывожыць. Таму і трымаўся ў калгасе і адчуваў сябе найлепш, некаторыя яго нават паважалі.

Калі Андрэіха панесла свіны харч на ферму, услед за ёй пайшоў i старшыня. З іншымі свінаркамі ён быў не такі ветлівы, а з Андрэіхай любіў і пагаварыць і параіцца, калі справа датычыла яго асабістых інтарэсаў. Ступіўшы на дашчаты насціл свінарніка, ён адразу спыніўся каля аднаго ўтульнага катушка і затрымаў каля сябе Андрэіху.

— Ну як ён? Нічога?

— Ды нічога, — адказала Андрэіха.

— Есць добра? — Шулаў узлёг жыватом на дзверцы і, адставіўшы зад, паспрабаваў пагладзіць рукой тупарылага рабога кормніка. — Дык вы яму, калі ласка… Разумееце?.. Хутка ўжо забяру.

— Ды разумею, — Андрэіха паставіла большае вядро на падлогу, а з меншым увайшла ў катушок. Вяпрук пачаў прагка глытаць цеста, а Шулаў стаяў ля катуха і задаволена аблізваўся. Калі цеста ў карыце заставалася ўжо не многа, старшыня пашарыў у кішэнях, выбраў адтуль паўжмені солі, перамешанай з крошкамі хлеба, і, зайшоўшы ў катушок, рупліва пасыпаў цеста. Вяпрук пачаў есці з большым стараннем, а старшыня мацаў пальцамі яго спіну і сам пра сябе прыкідваў, якой таўшчыні будзе сала і на колькі пудоў рабы пацягне.

— Ці многа ў нас яшчэ бульбы? — спытаў ён у Андрэіхі, калі тая ўжо можа ў дзесяты раз несла вёдры.

— Два капцы, — адказала на хаду жанчына.

— Два? — Шулаў вылез з катуха i на момант нібы задумаўся, нібы здзівіўся: «Малавата, калі так. На колькі ж гэта хопіць?»

— Слухайце! — гукнуў ён наўздагон Андрэісе. — На колькі ж гэта хопіць?

— На месяц, — не адварочваючыся, кінула жанчына, — а можа нават i менш.

«Малавата, — зноў падумаў старшыня, — зусім мала. Калі так, то пад вясну могуць перадохнуць усе свінні, хоць не колькі іх тут і ёсць. Што ж рабіць?» Ён хацеў спытаць у Андрэіхі, што ж рабіць, ды зразумеў, што гэта нязручна, трэба ж усё-такі думаць самому. Стараўся думаць, а на твары не з’яўляліся ні заклапочанасць, ні якая-небудзь трывога. Не хацелі трымацца ў галаве Шулава цяжкія думкі. Замест іх неяк міжвольна пачало думацца аб тым, што дома, у жонкі, бульбы хапае, машын тры адгрузіў туды: частку з уласных сотак, а частку'і з няўласных.

Андрэіха ўжо, мабыць, у апошні раз бегла на кармакухню, як яе спаткаў Мітрафан. Шапка на ім перакруцілася вухам на лоб, на абедзвюх скулах каля сухога носа i над вусамі выступіў пот.

— Кадрыліхі тут не бачыла? — устрывожаным шэптам спытаў ён.

— А чаго яна сюды пойдзе? — перахапіла адказ адна маладая свінарка, якая разабрала Мітрафанаў шэпт. — Яна вунь павезла прадаваць пшаніцу, тую, што накрала ў жніво каля камбайна. Старшыня i падводу даў.

— Ц-ціш-шэй ты! — падняў Мітрафан перад дзяўчынай рукі, а сам неахвотна паглядзеў на дзверы свінарніка, адкуль, ён ведаў, мог выйсці старшыня. — Я не пра гэтую Кадрыліху, а пра кабылу, каб яе ваўкі зарэзалі. Пасунулася некуды, бегаю ўжо вунь колькі часу і знайсці не магу. Малако трэба везці.

— На ёй жа сілас вазілі, — жадаючы як-небудзь дапамагчы старому, падказала Андрэіха.

— Вазілі, — згадзіўся Мітрафан. — Выпраглі потым ды не прывязалі, мабыць. Усюды абшукаў.

I Мітрафан пабег дробным старэчым бегам, пад яго бахіламі лёгка зарыпеў снег. Шулаў тым часам накарміў свайго вепрука, задаволена ўсміхаючыся, выйшаў з фермы і накіраваўся ў той бок, дзе былі сіласныя ямы. Праз якой паўгадзіны Андрэіха чула, як ён з абыякавым смяшком сказаў Дашы:

— Твой стары кабылу шукае, а яна ў яме сілас жарэ.

Сказаў і пайшоў на вёску, на прыемны пах ранішніх дымкоў.

3

Мітрафанава кабыла, якую ў вёсцы празвалі «Кадрыліхай» за яе надзвычайную хітрасць, сядзела ў сіласнай яме цэлы дзень. Даша спрабавала арганізаваць даглядчыц, каб выцягнуць клячу адтуль, але дзяўчыну раптам нечага выклікалі ў сельсавет, а больш ніхто надта і не рупіўся аб кабыле. Усе ведалі, што ўвосень, у час сіласавання, яна, выконваючы невясёлую службу таптуна, па некалькі сутак узапар праседжвала ў яме. Іншы раз ёй падавалі туды вядро вады, а падчас і не падавалі.

Мітрафану далі другую кабылу адвезці малако, толькі, як на смех, самую старую і амаль зусім сляпую. Ехаў Мітрафан на гэтай кабыле па вуліцы i, нягледзячы на старасць, на даўнюю звычку зносіць усялякія крыўды і знявагі, адчуваў сябе вельмі ніякавата. Кабыла ледзь перастаўляла ногі. Улетку яе часта запрагалі ў малатарню ці ў сіласарэзку, і паколькі яшчэ крыху свяціла ёй адно вока, дык клыпала яна гадзінамі па кругу і, відаць, была ўпэўнена, што ідзе проста. Цяпер яе таксама цягнула на круг, і Мітрафану ўвесь час трэба было адну ляйчыну трымаць туга, а другою панукваць.

Ехаў стары, і нялёгкія думкі наплывалі яму ў галаву. Быў ён, канешне, некалі маладым, ды яшчэ — адным сынам у бацькі. У якія-небудзь восемнаццаць год у яго ўжо былі свае боты, ды нават шчыгрынавыя. Гэта ў той час, калі ў многіх аднавяскоўцаў не было ніякага скуранога абутку нават і ў дваццаць год. Дзяўчаты заглядваліся на яго, бо ў вёсцы не было лепшага жаніха. Бывала, на зімнія вечарынкі хлопцы адзявалі ўсё лепшае, што ў іх было, а Мітрафан прыходзіў на вечарынку ў лапцях, садзіўся дзе-небудзь пад лямпаю i далёка выстаўляў ногі. I гэта не па сціпласці, вядома, а каб падкрэсліць сваю перавагу. «Вы вось тут пняцеся, выстаўляецеся, каб быць прыкметнымі, а мяне i так пазнаюць, бо ўсёроўна ж усе ведаюць, што ў мяне ёсць i боты і галіфэ з пярэсцікам на цяглях.

Іншы раз Мітрафан i польку ішоў у лапцях.

На імперыялістычную вайну яго не ўзялі, як ільготніка, а на грамадзянскую пайшоў сам, хоць жыў ужо аддзяліўшыся ад бацькі. Прышоў з вайны з дзвюма ранамі ў нагах, застаў дома ўжо ніштаватага сынка Міхаську. Малы гладзіў чырвоную зорку на бацькавай шапцы i радасна смяяўся. Падобна было, што ён спачатку ўлюбіў зорку, а потым ужо стаў прывыкаць да бацькі.

Пачаў жыць Мітрафан на трох дзесяцінах, якія выдзеліў яму бацька. (Другую палавіну надзелу пакінуў сабе.) Неўзабаве дэмабілізаванага франтавіка выбралі старшынёй сельсавета. Далі яму пячатку і папку з пажоўклымі паперкамі. Што там былі за паперкі, Мітрафан не надта і ведаў, бо чытаць умеў слаба, а пісаць, дык толькі адно сваё прозвішча сяк-так выводзіў. Работа яго, як старшыні, хоць не была тады асабліва складанай, аднак клопату давала многа i часу трацілася на гэта не мала. Разоў дзесяць на дзень трэба было прыставіць да якога-небудзь дакумента пячатку: гэта Мітрафан рабіў ахвотна i без асаблівага разбору — прыстаўляў пячаць да пратаколаў, да розных прашэнняў, да метрычных выпісак, якія выдаваў тады яшчэ поп. Разоў дзесяць на дзень трэба было выслухаць розныя загады на вызначэнне фурманак: гэта была самая цяжкая работа, бо амаль ніхто ў Дабрасельцах не хацеў ехаць у падводы, хоць нават i на самую блізкую адлегласць. Клялі Мітрафана, прасілі ў бога смерці i яму i яго дзецям. Клялі, а здымаць са старшыні не хацелі, бо нікога не вабіла стаць на яго месца і выслухоўваць такія ж праклёны.

У гэты час Мітрафан будаваўся. I вось толькі, бывала, узлезе на страху, распусціць куль саломы, а ў двары ўжо які-небудзь прадстаўнік з прадпісаннем — выдзеліць фурманку.

Не змянялі Мітрафана некалькі год, а калі змянілі, то паставілі яго ўпаўнаважаным над усім лесам мясцовага значэння. Зноў клялі яго людзі, калі не дазваляў секчы пруцце на страху або жардзе на агарожу. Пруцце і жэрдзе ў лесе ўсё ж такі не прыбавілася ад гэтага, але сам упаўнаважаны за ўвесь час сваёй новай службы ні разу не з’ездзіў у лес і сядзеў нават без дроў.

Пачалася калектывізацыя, дык Мітрафан першым у сваёй вёсцы падняў руку за калгас. Сёння ён прагаласаваў, а назаўтра пайшла дымам яго хата, сяк-так агораная за некалькі год. Усё лета і восень Мітрафан жыў у хляве і толькі ў халады ўвабраўся ў нешта падобнае на хатку, злепленую з агаркаў і кускоў верхаўя. Усё ж калгас у вёсцы арганізаваўся, і Мітрафан быў у ім першым старшынёй. К гэтаму часу ён ужо ўмеў добра правесці сход, выступіць з прамовай, самастойна разабрацца ў дырэктывах, што прыходзілі зверху.

Пад восень трыццаць шостага года Мітрафана знялі са старшыні, бо нехта падаў заяву, быццам ён служыў калісьці царкоўным старастам.

Пакуль чалавек даказваў, што ён ніколі не быў гэтым старастам, дык аж пасівеў, небарака. Выплакала свае вочы і прыгорбілася за гэты час яго жонка; маленькая Даша не ведала, што і рабіць, калі бачыла слёзы маці.

Усе гэтыя ўспаміны да таго захапілі старога, што ён на нейкі час забыўся трымаць ляйчынаю кабылу i ледзь не заехаў у крайні двор суседняй вёскі Чырвоныя Макі. Вольна думаецца ў дарозе, асабліва ў такой, што і спяшацца асабліва не трэба i аднолькавая слава табе будзе, паўгадзінаю раней ты прыедзеш, ці паўгадзінаю пазней. На вуліцы Мітрафан тужэй дзяржыць ляйчыну, мацней пакрыквае на кабылу. Вось ужо хутка сельсавет, а там i малочны пункт недалёка. Праязджаючы паўз будынак Чырвонамакаўскага сельсавета, Мітрафан успомніў, што яго Даша пайшла сюды. Сядзіць, напэўна, дзяўчына ў кабінеце старшыні і вучыць гэтага самага Мокрута, як што трэба рабіць. Яна можа павучыць, яна часта і свайго бацьку вучыць…

Крыўднавата трошкі Мітрафану, што дачка цяпер мала яго слухае 1 вельмі рэдка згаджаецца з ім, калі гаворка ідзе аб розных асцярожнасцях у жыцці. У той жа час і радасна бацьку за сваіх дзяцей. Вось дачка — загадчыца фермы, дэпутатка сельсавета, Міхась — аграном, працуе ў горадзе, у міністэрстве, Цімох, яшчэ зусім нядаўна Цімашок, вучыцца ў дзесятым класе. Дзеці будуць жыць шчасліва.

4

Лявон Мокрут сядзеў у старым дубовым крэсле з высокай спінкай, i гэта рабіла яго трохі падобным на суддзю. Гадоў дваццаць таму назад гэтае крэсла было прынесена ў сельсавет з папоўскага дома; вайну перажыло, некалькі старшынь на ім змянілася, i вось цяпер служыць яно Мокруту. Насупраць старшыні, ля стала, успіраючыся на кіёк, стаяла сухенькая, кволая бабулька.

— Дык усё ясна? — мабыць ужо канчаючы размову, спытаў у бабулькі Мокрут і пастукаў пальцам па рубцу стала. — Калі праз два дні не ўнясеш!.. — I старшыня не гаварыў больш нічога, а ўсё стукаў пальцам.

Даша сядзела на зэдліку блізка ад стала i сумна паглядвала на Мокрутаў палец. Яна ўжо ведала, што азначаў гэты стукат, якія словы замяняў. Відаць, здагадвалася пра гэта i бабулька, бо заплакала i яшчэ ніжэй нагнулася над кійком.

— З чаго ж я ўнясу? — скрозь слёзы паскардзілася яна.

— Нічога не ведаю, — сказаў на гэта Мокрут.

— I каб за што быў гэты падатак, — працягвала старая, павярнуўшыся да незнаёмай ёй дзяўчыны, — а то ж за нейкую дуплаватую дзічку.

— Нічога не ведаю! — паўтарыў старшыня.

— Як гэта не ведаеш? — абурана спытала Даша і, паспешліва ўстаўшы, падхапіла бабульку за локці, нібы тая вось-вось магла ўпасці. — Сядайце вось тут, — яна падставіла старой другі зэдлік. — Сядайце і раскажыце ўсё, а мы паслухаем.

Дзяўчына з дакорам паглядзела на старшыню, а той падняў руку, каб зноў застукаць пальцам аб стол, ды раптам перадумаў. Ён устаў, паправіў на сабе фрэнчык вайсковага колеру і квола, нібы толькі для таго, каб размяць ногі, падаўся да працілеглага ад Дашы акна. Там выняў з кішэні папяросу, дзьмухнуў у цыбук так, што аж уздрыганулася бабулька, і, закурыўшы, стаў паглядваць на Дашу, нібы на падлетка, які займаецца не сваімі справамі.

— Адкуль жа вы, бабка? — спытала Даша, сеўшы са старою побач. — Нешта я вас не ведаю.

— Ды з пасёлка я, дачухна, з Жоўтай гары.

— I што ў вас там, вялікі сад?

— Ды які ж ён вялікі? — павярнуўшыся ўсім згорбленым тулавам у бок старшыні, горычна здзівілася бабулька. — Няхай бы ж прышлі паглядзелі. Тры ігрушыны стаяць. Старыя, галлё напалавіну сухое. Яшчэ бацька майго нябожчыка, як маладым быў, то пасадзіў, прынёс сеянкі з лесу. Не родзяць ужо каторы год.

— Прыдзем да вас, бабка, паглядзім. Я сама прыду.

— Дзякуй вам, дачухначка. — Старая зноў паглядзела на старшыню і, калі заўважыла, што той, пускаючы дым, пасмейваецца, утуліла ў злямчаную хустку свой зморшчаны падбародак i закашлялася.

— Можаш, старая, ісці! — не чакаючы, пакуль бабулька адкашляецца, сказаў Мокрут. Выгляд у яго быў такі, нібы ён рабіў у гэты момант вельмі вялікую ласку. — А грошы ўсё-такі рыхтуй. Вось так!

— Прыдзем і разбярэмся, — паўтарыла Даша i дакранулася да халодных костачак бабулінай рукі.

Старая ўзялася аберуч за кіёк і зрабіла спробу ўстаць, але, відаць, нешта ўспомніла і зноў склала рукі на каленях. Хісткі зэдлік пад ёю скрыпнуў.

— А вы, дачухна, хто будзеце? — спытала яна ў Дашы. — Секлятарша ці па падатках якая начальніца?

— Я дэпутатка сельсавета, — адказала дзяўчына.

Бабуля паківала галавою, нібыта ў знак таго, што ўсё ёй зразумела i яна задаволена, аднак пайшла з пакоя, змрочна падцяўшы сухія вусны.

— Як яе прозвішча? — звярнулася Даша да старшыні, калі старая зачыніла за сабою дзверы.

— А я адкуль ведаю? — засмяяўшыся, адказаў Мокрут. — Пойдзеш на іхні пасёлак, там i спытаеш.

— А ты ні разу не быў у гэтай сям’і?

— Печка быў і фінагент. А ў мяне ногі не сабачыя.

— Стукаеш на людзей, пагражаеш, — са шчырым абурэннем загаварыла Даша, — а не ведаеш, на каго стукаеш, каму пагражаеш. Хіба можна так размаўляць з людзьмі?

— З табой я яшчэ горш пагавару, — адказаў на гэта старшыня.

— Ну, паспрабуй!

— I спрабаваць няма чаго! — Мокрут размашыста ступіў некалькі крокаў і зноў апынуўся каля папоўскага крэсла. — Ты колькі грошай сабрала за гэты тыдзень? Што, я за цябе пайду па хатах?

— Я таксама не пайду! — цвёрда сказала Даша. — Вунь фінагент для гэтага ёсць.

— А для чаго ты пастаўлена? Для чаго? — Мокрут зноў пацягнуў на сабе фрэнчык i яшчэ бліжэй падышоў да дзяўчыны. — Мы цябе для таго і паставілі, каб ты дапамагала сельсавету.

— Хто гэта — мы?

— Я, напрыклад.

— Ты мяне паставіў дэпутаткай?

— А хто, ты думала?

— Я думала i думаю, што мяне выбралі людзі. Хопіць! — ледзь не крыкнула Даша і, устаўшы, падалася да дзвярэй. — Агідна мне слухаць тваё бязмозглае плявузганне.

— Дык хіба я… Слухай! — Мокрут мякка пакрочыў услед за дзяўчынай. — Хіба я што дрэннае гавару? Калі сказаць па чыстай совесці, дык я асабіста вельмі паважаю твайго бацьку. А цябе яшчэ больш. Давай на гэтым i скончым. Не для таго я цябе выклікаў, калі гаварыць па чыстай совесці.

— А для чаго? — Даша ўзялася за ручку дзвярэй, аднак пакуль што не адчыняла.

— Пастой крыху, — пачаў прасіць Мокрут, — ну, чаго ты ўзлавалася? Прыходзь сёння ўвечары ў школу, спектакль мы тут будзем паказваць. I мяне ўцягнулі, успомнілі талент юнацтва: п’яніцу аднаго буду прадстаўляць.

— Самога сябе? — спытала дзяўчына i крыху адступіла ад дзвярэй.

Мокрут зноў засмяяўся, але Даша заўважыла, што павекі яго залыпалi і пад калючымі шэрымі вачамі з’явілася чырвань.

— Чаму ты думаеш, што сябе? — відаць, даруючы дзяўчыне ўсё, загаварыў старшыня. — Хіба я адзін выпіваю? Нажаль, многія цяпер п’юць. Вунь жаўтагораўцы глядзі што ўсё збожжа перагоняць на самагонку.

— Жаўтагораўцам не вельмі ёсць з чаго гнаць, — не згадзілася Даша, — а ў другіх вёсках то гоняць, праўда.

— Жаўтагораўцы бульбу пераганяюць, — удакладніў старшыня, — але ж цяпер у нас не пра гэта гамонка. Я запрашаю цябе на спектакль i буду чакаць каля школы. А ты паабяцай, што прыдзеш.

— Не прыду! — цвёрда сказала Даша. — Часу мне цяпер няма, ды адна дадому баюся ісці.

— Разам пойдзем! От якая ты! — Мокрут паспрабаваў узяць дзяўчыну за локаць, але яна рыўком адвяла сваю руку і зноў падалася да дзвярэй.

— Даша! — пачаў прасіць старшыня. На яго круглым твары расплылася ўся тая ласкавасць, на якую ён толькі быў здольны. — Ну, сядзь пасядзі, давай яшчэ пагамонім. Чаму ты такая неласкавая да мяне? Калі гаварыць па чыстай совесці, то я…

— Што? — з насцярожанай усмешкай спытала Даша і паставіла нагу ў белым валёначку на парог.

— Я ўжо даўно сохну па табе, хіба ты не бачыш?

— Не бачу i бачыць не хачу! — сказала Даша. — Ёсць у цябе па кім сохнуць!

— Эх, што ты за чалавек! — нібы крыкнуў, нібы ў роспачы застагнаў старшыня і, закрыўшы рукамі твар, адышоў ад дзяўчыны. — Да чаго ты мяне давядзеш! — Ён церабіў пальцамі свой баксёрскі чубок, узбуджана хадзіў па пакоі. Можна было падумаць, што чалавек прышоў у адчай, але Дашы чамусьці не верылася ў гэта.

— Згарыць яно няхай усё гэта! — загаварыў Мокрут, прыхінуўшыся локцямі да аконнай шалёўкі паблізу ад свайго стала. — Не для таго я цябе зваў сёння i не для таго стараўся, каб ты была дэпутаткай. Не патрэбна тут мне твая дапамога. Сам спраўлюся! Мне ты патрэбна для душы, для сэрца, якое ўжо стала забываць, што такое ласка, што такое добрае чалавечае слова. Думаў, будзеш дэпутаткай, дык часцей будзем сустракацца, лепшыя будуць умовы для размоў, для дружбы. А выходзіць, што… Магла б ты ведаць, Даша, што мне не цяжка было б прымусіць цябе стаць ласкавейшай. Ёсць у маіх руках сякія-такія сродкі. Але ж я не хачу быць для цябе кепскім. Я для цябе нават i не старшыня, калі ты гэтага хочаш. Я ўсё для цябе зраблю! Усё! Разумееш?..

Мокрут адарваўся ад шалёўкі, падняў галаву, i ад крыўднага здзіўлення ў яго затросся валлячок: Дашы не было ў пакоі. Яна паціху выйшла, мабыць, яшчэ тады, калі старшыня толькі пачынаў сваё красамоўства. Пайшла адразу дадому.

Падціснуты палазамі і машынамі снег звонка скрыпеў пад нагамі, пасля пракуранага сельсавецкага пакоя дыхалася лёгка i прыемна. Даша хутка выйшла на дабрасельскую дарогу, мінула два бяскрылыя млыны, якія ледзь чутна патрэсквалі на марозе, i пакрочыла проста ў сваю вёску. Невялікі, хоць і даволі калючы вецярок, дзьмуў насупраць, але дзявочыя шчокі не баяцца сустрэчнага ветру: Даша нават на цемя хустку не нацягнула. Просты і тонкі радок, паабапал якога не надта паслухмяна ляжалі каштанавыя валасы, трошкі пачырванеў ад холаду, гэтак жа, як i лоб, як i адкрыты круглы падбародак. У вушах назойліва гучаў голас Мокрута. «Ён, мабыць, яшчэ i цяпер стаіць ля акна, выказвае сваю крыўду…»

Дзяўчыне цяжка было разабрацца, што гэта за чалавек, што ў яго на душы. Здаралася, што i раней яна пра гэта думала, ды адганяла думку ад сябе, каб не замінала. Некалі да вайны, калі Даша была яшчэ зусім падлеткам, Лявон Мокрут, Лёўка, як тут яго звалі, быў не апошнім хлопцам у вёсцы. Куды там! Каб хто сказаў, што ён не самы першы, то Лёўка, напэўна, выдраў бы яму вочы. Хлопец быў на выгляд прыгожы, па таму часу нядрэнна адукаваны (скончыў восем класаў), умеў мацней за ўсіх заспяваць, найлепш адстукаць казачка, выступіць на сцэне. Любіў Мокрут, каб на яго глядзелі, а яшчэ больш, — каб яго баяліся. Няхай, можа, i не яго, а каго іншага, але ўцеха брала хлопца, калі людзі палохаліся або жылі ў чаканні якога-небудзь няшчасця. Так у яго змалку. Бывала, на шчадраца ён не цягаў, як іншыя, варотаў з аднаго двара ў другі, не пасыпаў мякінаю патаемных сцежак, а лавіў на вуліцы чорнага ката і спускаў яго праз комін у хату якой-небудзь бабульцы. Ужо i Даша памятае, як ён аднаго разу ў асеннюю ноч паставіў на могілках пусты гарбуз са свечкаю ў сярэдзіне. На гарбузе былi выразаны дзіркі для вачэй i страшэнныя зубы. Не толькі дзеці, a і некаторыя дарослыя баяліся пасля таго праходзіць ноччу паўз могілкі.

Прайшло не мала часу пасля гэтага, i цяпер Дашы часам нават не верылася, што Лявон мог каго-небудзь напалохаць. У яго былі вельмі маленькія і, напэўна, мяккія, як у дзіцяці, рукі. Круглы, чысты падбародак з пяшчотным валлячком. Здавалася, што гэты падбародак выяўляў заўсёды толькі адну лагоднасць, нават і тады, калі Мокрут злаваўся. Вочы таксама не кожны раз былі калючымі. Часам яны свяціліся цёплай ласкаю, нават пяшчотай, асабліва тады, калі ён задумліва глядзеў на яе, на Дашу. Гэта заўважала дзяўчына не адзін раз, і часта ёй здавалася, што дарэмна людзі асцерагаюцца Мокрута, дарэмна думаюць, што ён можа зрабіць чалавеку нешта дрэннае. Варта вось ёй узяць яго за гэтую дзіцячую руку, і пойдзе Лёўка пакорліва, куды толькі яго ні павядзеш. Hi слова кепскага не скажа, ні голасу рэзкага не падасць…

Падыходзячы да сваёй вёскі, Даша міжвольна замарудзіла крок. Вельмі ж лёгка i прыгожа было на дарозе. З-за вясковых прысад неспадзявана выбліснула сонца, i яго спакойныя, нячутныя праменні заіскрыліся ў свежым інеі дрэў, у галінках прыдарожнага быльняку, прыцярушанага свежымі пушынкамі. Яшчэ ўчора Даша праходзіла тут, і быльняк тырчэў голы, пашумліваў і пасвістваў на ветры. На яго не шкада было наступіць нагой, наехаць машынай. А сёння былінкі выглядаюць так хораша i прывабна, што над некаторымі з іх хацелася нахіліцца i дзьмухнуць, як на адуванчыкі. На дарозе, між каляін, быў пласт такога ж мяккага снегу, але ён зусім не адчуваўся пад нагамі, крок парыпваў ад ранейшай ізмаразі. Гэтае парыпванне бадзёрыла хаду, як маршавая музыка. Хацелася ісці і ісці. Няхай бы гэтыя Дабрасельцы былі трохі далей, не абавязкова ім так хутка набліжацца, хоць там i родная Дашына хата, хоць там і вельмі прыгожыя зімой i летам прысады. Прайсці б яшчэ крыху па свежаму сняжку, падыхаць лёгкім халадком. Няхай бы нават сустрэўся цяпер хто-небудзь. Не Мокрут, вядома, i не Шулаў. Хацелася спаткаць каго-небудзь вельмі блізкага, вельмі дарагога. Міжвольна думкі пайшлі пра Валодзю, далёкага-далёкага па адлегласці і бясконца блізкага па сэрцу. Служыць Валодзя ў арміі вось ужо чатыры гады, бо канчае лётчыцкую школу. Калі ж ён прыедзе, калі можна будзе яго ўбачыць?..

Гледзячы проста на сонца (калі гэта можна глядзець проста на сонца?), Даша заўважыла сярод інею на таполях чорныя купкі варонніх гнёздаў. Цікава, што гэтыя гнёзды і пад інеем былі чорнымі. Затым высунуўся з-за дрэў востры і пасівелы ад інею верх дабрасельскага млына, таксама бяскрылага. Адной навальніцай паламала крылы ўсім тром сельсавецкім млынам. Неўзабаве стала відна і хата млынара, можна сказаць, што і не хата, а цэлы дамок. Гэтым дамком з аднаго боку вуліцы i маленькай хаткай конюха Платона — з другога пачыналіся Дабрасельцы. Насупраць млынаровага дамка стаяў слуп з электрычным ліхтаром. Пакуль на млыне былі крылы i ён пры ветры даволі жвава круціўся, ліхтар гэты асвятляў не толькі дамок, a і частку дарогі. У млынара часта збіраліся прадстаўнікі мясцовай улады: старшыня i сакратар сельсавета, участковы міліцыянер, бухгалтар Дабрасельскага калгаса (у гэтым калгасе ўладай лічыўся не старшыня, а бухгалтар), загадчык гаспадаркі МТС ды сёй-той з механікаў. Наведваўся таксама чалавек па прозвішчу Заткла. Ніякай уладай ён нідзе не лічыўся, аднак млынарова кампанія рэдка калі абыходзілася без яго. Добра выпіўшы, млынар звычайна напяваў, кудлачачы стручкаватыя валасы, зацярушаныя мукою: «Ты-ыся-ача-а рублёў для мя-ане-э нічо-ога не зна-ачыць».

Неўзабаве ж пасля таго, як навальніца зламала на млыне крылы, прышоў эмтээсаўскі манцёр і абрэзаў правады на слупе супраць дамка. Цяпер гэты слуп стаяў тут без усякай патрэбы, i аднаго разу ноччу млынар вельмі моцна выцяўся аб яго галавой.

Спрабаваў млынар напівацца i потым, калі ўжо млын не круціўся. Аднаго разу нават заспяваў быў на вуліцы: «Ты-ыся-ача-а рублёў…» Але ў гэты час выйшла на вуліцу яго жонка, здаравенная цётка Матрона, узяла спевака за шкірку ды пры ўсіх людзях пацягнула дадому.

У гэты ж час пайшлі асцярожныя чуткі, што i жонка Мокрута трохі натаўкла свайго Лявона. Жанчына гэтая была не такая мажная i здаровая, як цётка Матрона, па росту i вазе яна была можа толькі ў палавіну Матроне, але затое па злосці і ўпартасці рэдка хто мог з ёю зраўняцца. Сухенькі тварык яе з лісінымі вочкамі заўсёды меў такія зморшчыны, на якія страшна было глядзець. Нават і тады, калі яна гаварыла што-небудзь вясёлае, дык усё роўна гэтыя зморшчыны насцярожвалі людзей.

Баяўся сваёй жонкі нават i старшыня сельсавета, хоць усе лічылі, што ён тут нікога не баіцца. Дома, перад жонкаю, Мокрут быў зусім не такі, як бывае ў сельсавеце або на вясёлых сустрэчах у млынара. Адкуль Мокруціха была родам, хто яе родзічы, бацькі, ніхто пэўна не ведаў: Мокрут знайшоў яе недзе ў партызанах.

У вуліцы Даша пайшла крыху шпарчэй, як ішла па дарозе. Няёмка было ісці на вачах у людзей ледзь не шпацырам, падумаюць, што дзяўчыне няма чаго рабіць. «Прыехаў ужо бацька ці не?» Дашы карцела забегчы ў хату, паглядзець, ці дома стары, што робіць Цімоша перад адыходам у школу на другую змену. Гультаяваты хлапец, часта даводзіцца прымушаць брацца за кніжку. Загуляецца, бывае, а потым бяжыць у школу, не падрыхтаваўшы ўрокі, а галоўнае — не еўшы.

Добра было б заглянуць у хату, але ж i на ферме многа спраў. Яшчэ ж, напэўна, і «Кадрыліха» сядзіць у сіласнай яме. Даша толькі прыпынілася каля свайго двара, шчыльней прычыніла вароты і пайшла далей. Каля самай канюшні ёй сустрэўся Платон, у старым кажусе, падпяразаным вяроўкай. Ён прыветна ўсміхнуўся і спытаў, ці дома бацька.

— Хутка прыедзе, — сказала дзяўчына, — заходзьце да нас.

I ёй уявілася, як вось гэтыя два дзяды, два закадычныя сябры, сёння, мабыць, зноў будуць сядзець у запечку цэлы вечар і вясці між сабою мала каму чутную i мала каму зразумелую гамонку.

5

Застаўшыся адзін у сельсавеце, Лявон Мокрут нейкі час хадзіў па пакоі і ў задуменні прыслухоўваўся, якім скрыпам абзываюцца яго боты. Ходзячы, нахіляўся то на адзін бок, то на другі і з прыціскам ставіў нагу на абцас, каб скрып быў мацнейшы. Міжвольна ўспаміналася, што ў вялікага начальства чамусьці заўсёды скрыпяць боты ці чаравікі.

Падышоўшы да стала, паставіў нагу на падлакотнік папоўскага крэсла і пачаў аглядаць з усіх бакоў свой хромавы бот. Неважнецкім паказаўся яму гэты бот: перад патрэсканы, ранты ў адным месцы выехалі. Дзе яму рыпець, такому абутку! Глянуў затым на штаны і таксама не ўцешыўся. Хоць яны і сінія, хоць і галіфэ, але ж блішчаць ужо, як некалі ў дзегцявоза. Ледзь не з самых партызанскіх часоў служаць, як жа ім не падацца?

Старшыні падумалася, што, мабыць, i Даша ўсё гэта заўважыла. Вядома, заўважыла i пасмяялася, напэўна. Сама, нябось, вунь як спраўна адзета: новыя валёначкі, ватоўка, падагнаная пад стан, хустка цёплая клетчатая. Андрэіха i тая ў новым ходзіць. Не ў такім, вядома, ладным, як яго жонка, але ў добрым і акуратным адзенні.

Мокрут пляснуў рукою па халяве, апусціў нагу і маркотна скрывіўся. Раптам здалося яму, што ён зусім i не Мокрут i не Лёўка, на якога некалі зважала ўся вёска, i тым больш не старшыня Чырвонамакаўскага сельсавета. Можа таму i Даша з такім недаверам i абыякавасцю глядзіць на яго. Быў раней калгасным брыгадзірам у Дабрасельцах, дык i то, можна сказаць, што больш было павагі. Людзі не міналі на вуліцы, як іншы раз цяпер. У любы двор зойдзеш і ўжо, вядома, не выйдзеш адтуль абы-як. На працадні — і падлічаць у канцы года — цэнтнер пазаддзя атрымаеш, а хапала i хлеба i сала, i вось боты добрыя тады справіў.

Зноў пачаў хадзіць чалавек па пакоі. Пад нагамі ўжо нічога не скрыпела, усё роўна, як наўмысля. Крок выходзіў кволы, нібы старэчы. Ад гэтага рабілася яшчэ горш сумна і нейкая нудлівая крыўда лезла ў душу.

«Вунь Шулаў, дык той, нябось, не ў такім выглядзе. Паліто ў яго, праўда, падточанае, але ж боты новыя, нават з нейкай аўчынкай у сярэдзіне. А морду наеў — нават засмяяцца ўжо добра не можа, шчокі не даюць. I што чалавек робіць, чым галава занята? Будуе сабе пяцісценку на вываз ды корміць вяпрукоў. Па калгасу ў яго толькі адзін клопат: не спазніцца паслаць зводку ў раён. Рукі Мокрута ляжаць адна на адной за спіною, пальцы варушацца, паказваюць узбуджанасць i нервовасць. Раптам адна рука апускаецца, з нейкім спалохам абмацвае канты галіфэ, а потым глыбока лезе ў кішэню. Давялося нават нагнуцца, каб добра абшарыць гэтую залішне шырокую, а цяпер ужо i не зусім цэлую кішэню. Мокрут выцягнуў адтуль круглую пячатку ў драўляным футлярчыку і адразу павесялеў, нават узрадаваўся.

— Пячатачка ты мая! — урачыста прамовіў ён, трымаючы на далоні крыху зашмальцаваны ад прабывання ў штанах футлярчык i пяшчотна гледзячы на яго. — Спужаўся быў, аж у сэрцы ёкнула, — здалося, што згубіў цябе, выпала ты з маіх гэтых, ужо мала надзейных штаноў. Ажно ж не, не выпала, дзякуй богу! I што б я рабіў без цябе? Корміш ты мяне цяпер і поіш. Не адзяваеш, праўда, пакуль што, але будзеш i адзяваць! Будзеш!

Ён паднёс футлярчык ледзь не к самаму носу, падкінуў на далоні, затым моцна сціснуў у кулаку і апусціў зноў у кішэню.

— Будзе карміць, — ужо зусім упэўнена сказаў старшыня, — паіць і адзяваць! Яна ў мяне — чарадзейка, яна ўсё ўмее і ўсё можа. I нікому другому яна не трапіць у рукі, пакуль сам не аддам.

Сеўшы, нарэшце, у крэсла і адкінуўшы галаву на самы верх спінкі, нібы яго зараз пачнуць брыць, Мокрут спачатку самазадаволена залыпаў вачыма, а потым крыкнуў так, што аж сцены задрыжалі:

— Печка!

Ніхто за дзвярыма не азваўся, толькі праз якую хвіліну з дальняй бакоўкі зайшоў невялічкі хлопец, кульгавы i да таго худы i бледны, быццам толькі што выпісаўся з бальніцы. Звалі яго тут «кульгавым начальнікам», хоць афіцыйна яго пасада была даволі ўнушальнай — загадчык вайсковаўліковага стала.

— Вы каго-небудзь клікалі? — спытаў хлопец.

— Дзе Печка? — Старшыня нават не варухнуўся ў крэсле.

— Не ведаю, — спакойна адказаў хлопец. — Пайшоў некуды з фінагентам.

«Хабарнічаць», — хацеў сказаць Мокрут, ды стрымаўся: не варта залішне адкрыта выказвацца перад гэтым чалавекам. Маўчыць ён усё ды аб нечым думае. Наўрад ці што добрае ў яго ў галаве.

— Можаш ісці! — кінуў старшыня, не парушаючы сваёй раскошы. — Угледзіш Печку, скажы, каб зайшоў да мяне.

Калі праз нейкі час у пакой зайшоў сакратар сельсавета Васіль Печка, Мокрут зноў хадзіў па пакоі, і крокі яго былі ўжо даволі размашыстымі і цвёрдымі. Ружова-матавы валлячок пры хадзе тросся.

— Дзе ты быў? — грозна спытаў старшыня.

Васіль Печка, малады, шчуплаваты хлопец, у летняй вайсковай шапцы, неяк замітусіўся перад начальствам, абедзвюма рукамі прыціснуў да жывата папку з паперамі і лагодна адказаў:

— Апісваць хадзілі… Апісвалі…

— Каго?

— Сідора, Сідора таго, што ў Дубках.

— Я вам наапісваю! — крыкнуў Мокрут і яшчэ больш размашыста захадзіў па пакоі. — Пазаві сюды фінагента!

— Я вам колькі разоў гаварыў! — пачаў Мокрут, калі разам з Печкам увайшоў у пакой і фінагент. Голас старшыні быў поўны злосці і абурэння. — Ніякіх апісванняў без адпаведнай пастановы! Зразумелі? Зарубіце гэта на сваіх насах! Мы павінны паважаць нашых людзей і заўсёды думаць пра іх. Калі ўжо і давядзецца каго апісваць, то толькі пры маёй асабістай прысутнасці. Ціхоня быў з вамі?

— Не было, — адказаў фінагент.

Ён стаяў побач з сакратаром і глядзеў на Мокрута з нейкай замарожанай усмешкай. Яго кашчавы, густа паморшчаны, асабліва каля губ, твар не выяўляў ні асаблівага перажывання, ні асаблівай думкі. Чалавек ён быў ужо не малады, але і пажылым яго ніхто не прызнаў бы. Постаць сухая, простая, валасы па густаце юнацкія, хоць колеру нямаведама якога: нешта накшталт мокрага касмылля. Па росту Васіль быў яму толькі па плячо.

— Ну вось, — крычаў далей Мокрут. — Нават і ўчастковы не прысутнічаў. Гэта што ж! Самаўпраўшчына? Калі гаварыць па чыстай совесці, то гэта ж здзекі над людзьмі. Што такое Сідор з Дубкоў? Я ў вас пытаю, што такое Сідор?

— Неплацельшчык, — адказаў фінагент. З яго твару ўсё яшчэ не зыходзіла абыякавая i крыху з’едлівая ўсмешка.

Мокрут спыніўся каля фінагента, заклаў рукі за спіну і пачаў гойдацца на нагах то ў адзін бок, то ў другі.

— А ці ве-да-еш ты? — пытаў ён, дакорліва ківаючы галавой у такт гайданням. — Ці ведаеш ты, што ў гэтага твайго неплацельшчыка ў сучасны перыяд капейкі за душою няма?

Фінагент маўчаў, але ніводная рыска не змянілася на яго твары ад гэтага запытання. Хітры служака вельмі добра ведаў свайго начальніка і разумеў, што ні гэты палымяны голас, ні гойданне ў бакі не ішлі ад нерваў, ад сапраўднага ўзбуджэння, а проста паўтаралі недзе пачутае і недзе ўбачанае.

— У яго ёсць з чаго ўзяць, — сказаў нарэшце фінагент і зусім спакойна паглядзеў старшыні ў вочы.

— Ага, дык значыць!.. — Мокрут перавёў позірк на Васіля. — Дык значыцца, вы пайшлі туды, каб пажывіцца, каб прымусіць чалавека… А ну, дыхні на мяне, Печка!

Хлапец адступіў крок назад і закрыў твар кардоннаю папкаю.

— Дыхні! — Мокрут вырваў з рук сакратара папку і стаў каля яго амаль ушчыльную. — Дыхні, а то дух выб’ю!

Васіль дыхнуў спужана і коратка, нібы хто сапраўды штурхнуў яго пад бок.

— Налізаліся ўжо! Прадстаўнікі ўлады! Гнаць вас адсюль калёнаю мятлою! Не памочнікі вы мне, а чорт ведама што!

— А ну, ты дыхні! — Мокрут падышоў да фінагента. Той не крануўся з месца, толькі вышэй падняў галаву і шырока засмяяўся.

— Свіння! — з прыціскам сказаў Мокрут, убачыўшы чорныя шчарбіны і застарэлыя ўстаўныя зубы. — Няма чаго і гаварыць з табою!

Старшыня адышоў ад сваіх памочнікаў і зноў, заклаўшы рукі за спіну, пачаў хадзіць па пакоі. Фінагент стаў нешта гаварыць, раз-поразу ўцягваючы праз зубы паветра і квола варочаючы перасохлым языком. Аднак Мокрут ужо не слухаў яго i скоса паглядваў толькі на Васіля.

— Сесія гатова? — спытаў ён у хлапца і накіраваўся да папоўскага крэсла. — Ты можаш ісці! — кінуў ён фінагенту.

Васіль хуценька развязаў папку, пашамацеў там у паперах і паслухмяна, зусім без крыўды, адказаў:

— Гатова, таварыш старшыня. У мяне ўсё з сабою.

— Давай сюды! Васіль падбег да стала і сеў на тым скрыпучым зэдліку, дзе нядаўна сядзела бабка з Жоўтай гары, але Мокрут кіўнуў яму, і хлапец, загрымеўшы гэтым зэдлікам, умомант апынуўся ледзь не побач з начальствам.

— Што там у цябе? — змрочна спытаў Мокрут, не падымаючы галавы.

— Вось, — паспешліва загаварыў Печка, падсоўваючы пад вочы старшыні двайны ліст з вучнёўскага сшытка. — Тут у мяне ўсё гатова.

— Чытай сам! — загадаў Мокрут i пстрычкай адштурхнуў паперку.

Васіль аберуч злавіў лісток, зняў сваю шапку і шпурнуў яе на падаконнік. Жоўта-шэрыя, трохі пакручастыя валасы, няўмела падстрыжаныя пад бокс, выпрасталіся і надалі галаве вастраваты выгляд.

— Пытанне спагнання плацяжоў, — пачаў чытаць Печка.

— Тэрміновага спагнання, — уставіў Мокрут.

— Ага, добра, — згадзіўся Васіль. — Тэрміновага спагнання плацяжоў. Дакладчык — старшыня сельсавета таварыш Мокрут. Пастанавілі: абавязаць усіх дэпутатаў сельсавета актыўна ўключыцца…

— Пачакай! — зноў перабіў яго Мокрут. — Што мне твае дэпутаты? Нічога яны не зробяць. Настаўнікаў трэба падключыць. Разумееш?

— Правільна! — згадзіўся Васіль. — Абавязаць усіх дэпутатаў сельсавета і настаўнікаў актыўна ўключыцца ў спагнанне… Ага, не так. У тэрміновае спагнанне плацяжоў па ўсёй тэрыторыі сельсавета і закончыць гэтую справу не пазней?.. — Васіль падняў вочы на старшыню.

— Трох дзён, — ціха, але рашуча сказаў Мокрут.

— Та-ак, — паправіў сакратар у сваіх запісах. — Закончыць гэтую справу ў трохдзённы тэрмін. Галасую. Хто за, хто супраць, хто ўстрымаўся? Аднагалосна. Пераходзім да другога пытання…

— Пачакай! — ужо са злосцю крыкнуў старшыня. — Якое табе тут аднагалосна? Мітрафанава Даша абавязкова падыме супраць. Улічваеш? А потым гэты сівы маладажон, дырэктар, які заўсёды лезе са сваімі прапановамі?..

— Чаго ж тут лезці? — нясмела запярэчыў Васіль. — Усё вельмі ясна.

— Знойдуць шчыліну, — заўважыў Мокрут і працягнуў руку да лістка.

— Пішы так! — загадаў ён, пастукаўшы пальцам па лістку. — Галасую! Хто супраць пастановы бюро райкома партыі і райвыканкома? Хто ўстрымаўся? Няма. Аднагалосна.

Васіль запісаў усё гэта i тады пачаў чытаць далей.

Калі чытанне было скончана, Мокрут, ледзь толькі абвёўшы вачыма тэкст, падпісаў паперку i суха сказаў:

— Ты выпішаш позвы дэпутатам, а ў школу я зайду сам. Потым вось што: зрабі мне копію ўсяго гэтага твайго спектакля. Я пазваню ў райвыканком і ўзгадню.

— Чаму гэта майго? — пакрыўджана спытаў Васіль.

— А чыйго ж? — старшыня рушыў у кут ля дзвярэй, дзе віселі яго кожанка i каракулевая вушанка са скураным верхам. — Не я ж выдумаў усю гэтую пісаніну.

— Не вы i не я, — лагодна загаварыў сакратар. — Так заўсёды рабілі. Падрыхтоўка дакументаў — рэч важная.

— Ладна! — старшыня махнуў рукой і пачаў здымаць з крука сваю кожанку.

Пакуль Мокрут апранаўся, Васіль моўчкі наглядаў за яго рэзкімі, зласнаватымі рухамі, слухаў знаёмае палопванне кожанкі, і толькі ўжо калі начальства ўзялося за ручку дзвярэй, сакратар зноў загрымеў зэдлікам і спытаў:

— Вы яшчэ прыдзеце, таварыш старшыня?

— Прыду, — неахвотна адказаў Мокрут. — Перад самым вечарам.

— Тут гэтае самае… — Хлапец замяўся і стаў паспешліва завязваць сваю папку.

— Што? — старшыня прыпыніўся перад расчыненымі дзвярамі.

— Сямён Казырок павінен неўзабаве прысці.

Мокрут зачыніў перад сабою дзверы, і на яго валлячку адбілася задаволеная ўсмешка.

— Запісваць прыдзе?

— Так, запісваць. Заўтра ў яго радзіны. Ішлі мы гэта паўз яго двор, дык з коміна сіні дымок цадзіўся, а смажаная цяляціна пахла аж на ўсю вуліцу.

— Зарэзаў, значыцца? Маладзец Сямён! — Старшыня пачаў гаварыць з сакратаром ужо зусім іншым тонам. — Тады вось што, Васіль. У Сямёна сёння, ты ж ведаеш, многа ўсялякай работы, рознай бегатні. А чалавек ён паважаны, герой Айчыннай вайны.

— Які ён герой? — нясмела заўважыў хлопец i першы раз за ўсю гутарку ўсміхнуўся.

— Як гэта які? Мае два ордэны, медаль. Мы, брат, з табою нічога не маем. Адным словам, так. — Старшыня ўзяў з акна вайсковую шапку і падаў яе сакратару. — Схадзі ты, Вася, да Сямёна i скажы, што не варта яму дастаўляцца ў сельсавет вунь з самага дальняга пасёлка. Прыдзем сёння мы да яго самі і запішам, зробім усё, што трэба. Чуласць трэба праяўляць, разумееш? Скажы, што да каго-небудзь іншага я, вядома, не пайшоў бы нізавошта. А да Сямёна прыду.

6

«Кульгавы начальнік» быў таксама з Дабрасельцаў, нават i прозвішча меў Дабрасельскі, але ў гэтую зіму пражываў больш у Чырвоных Маках, бліжэй да службы. Кватараваў ён тут у адной бабулькі, якая ўсё сваё жыццё пратупала вартаўнічкай каля царквы, а пасля таго, як прыхажане закрылі царкву, нібы на зло ўсім, не працавала нiдзе. Кватарант калоў ёй дровы на абагрэў печы, прыносіў з былога папоўскага калодзежа вядро вады. Гэтага вядра хапала бабцы амаль на двое сутак.

У сваёй вёсцы Іван Дабрасельскі меў свой сэдас: былі ў яго тут хата, хлеў, свіранчык, дрывотня. Усё гэта было ўжо не новае, аднак жыць дома можна было. Не жыў хлапец толькі таму, што вельмі баяўся зімовай адзіноты. У сельсавет ён прыходзіў рана, яшчэ толькі вучні пачыналі гурбачкамі сыпаць у школу. Калі ў яго бакоўцы было вельмі ўжо натоптана, браў у маленькім настылым калідорчыку дзяркач, падмятаў, як можна было падмясці такім дзеркачом, сціраў газецінай свой стол і садзіўся за работу. Печка прыходзіў на добрую гадзіну пазней, фінагент жа зранку зусім не паказваўся ў сельсавет, а з’яўляўся ўжо тады, калі ногі ледзь намацвалі ўсходцы, а рукі — клямку. Іван і Васіль звычайна ўспаміналі, чыя сёння чарга падмятаць асноўны сельсавецкі пакой. Мокрут забараняў трымаць прыбіральшчыцу, таму што законных гаспадарчых сродкаў ледзь хапала на ўтрыманне каня. Хлопцам падчас трэба было паламаць галаву, як гэта ўсё ўладзіць, каб старшыня не злаваўся. Любіў Мокрут добра, хораша праехаць, каб аж снег разлятаўся з-пад конскіх капытоў. Любіў, каб і ў яго службовым пакоі быў парадак: падлога падмецена, стол прыбраны, папоўскае крэсла працёрта, Амаль кожны дзень па справядлівасці выходзіла, што трэба было фінагенту брацца за дзяркач, але дзе ж там яго дачакаешся. Таму часцей за ўсё хлопцы закасвалі рукавы ўдвух i да прыходу Мокрута разганялі пыл i смецце па такіх кутках, дзе гэта менш было заўважна.

Сёння Іван выйшаў на работу яшчэ прыцемкам. Бабулька яго ўспорваецца вельмі рана, пачынае шкрэбаць па падлозе сваімі старасвецкімі гамашамі, падоранымі, мабыць, яшчэ самой пападдзёй. Шкрабаценне гэтае ўжо не дасць спаць, бо старая часта прасоўваецца паўз самую тую канапку, якую здае кватаранту. Адчыніў Іван сваю бакоўку i па густаце паветра адчуў, што ў ёй нехта начаваў. Стаў сціраць стол, а там сапраўды было што сціраць: ад заснежаных ботаў ці валёнкаў увесь край вялікага, мабыць, у мінулым сямейнага, стала быў мокры, пасярэдзіне валяліся чэрствыя крошкі хлеба, лушпайкі цыбуліны, было таксама рассыпана трохі солі і трохі махоркі.

«Гэта Павел Паўлавіч, — падумаў Дабрасельскі, — больш тут некаму. У цемнаце забыў прыбраць са стала».

Калі прышоў Васіль Печка, Іван сказаў яму, што на тэрыторыі сельсавета — інструктар райвыканкома, аднак сакратар не звярнуў на гэта амаль ніякай увагі.

— Там, дзе гэты чалавек начуе, — сказаў ён, усміхнуўшыся, — там не днюе, а дзе днюе, там не начуе. Пры такім інструктары можна жыць спакойна.

Управіўшыся з Мокрутавым пакоем, хлопцы разышліся, каб заняцца службовымі справамі. У Дабрасельскага сёння, на жаль, ніякіх службовых спраў не было. Такія дні выпадаліся частавата. Іван не надта радаваўся ім, бо па сваёй натуры ён быў чалавек працавіты, не любіў сядзець, склаўшы рукі, i не хіліўся таксама да гульні ў шашкі, шахматы ці ў што іншае, моднае цяпер у сельсаветах і ў калгасных канцылярыях. Паколькі чытаць пад рукамі нічога не было, хлапец, як ужо каторы раз, паставіў перад сабою скрынку з уліковымі карткамі і пачаў пераглядваць іх, перачытваць. Яму падабаўся такі занятак. Карткі знаёмых людзей цікавілі тым, як яны былі запоўнены: можа хто прыбавіў сабе год ці трохі працоўнага стажу, можа хто жанаты, а напісаў, што халасты. Карткі ж незнаёмых мелі асаблівую цікавасць. Любіў Іван чытаць людскія біяграфіі; ён і ў кніжках спачатку падрабязна вывучаў, хто такі аўтар, а тады ўжо браўся за тэкст.

Хлопец перакладаў карткі аж да таго часу, пакуль не данёсся да яго голас Мокрута. Затым, вярнуўшыся з грознага выкліку, слухаў, як старшыня распякаў сакратара і фінагента, чутно было, як яшчэ разоў два Мокрут павышаў голас, а потым надышло тое звычайнае, што бывае тут даволі часта. Старшыня знік, Печка з фінагентам селі гуляць у шахматы, а ўсе, хто прыходзіў у сельсавет, акрамя, вядома, дзядоў i бабулек, прыліпалі да сакратарскага стала, углядаліся ў канёў і каралёў і забывалі пра свае справы. Некаторыя для гэтага і прыходзілі сюды.

Выйшаў быў на хвіліну і Іван са свае бакоўкі, спыніўся каля шахматыстаў, хацеў нешта сказаць Печку, але ў гэты момант фінагент здзекліва глянуў на яго і спытаў:

— Што табе, начальнік?

Ён не сказаў «кульгавы», аднак усе зразумелі, што ні які іншы.

Іван змоўчаў і, стараючыся як можна менш прыкульгваць, пайшоў у Мокрутаў пакой. Там ён узяў раённую газету з пошты гэтага дня i вярнуўся ў сваю бакоўку. Газетка ў гэтым раёне выходзіла маленькая, як лістоўка, зводак і рапартаў у ёй пакуль што не было, дык i прачытаць не вельмі што знаходзілася. Тыя заможныя інфармацыі, што былі змешчаны ў канцы другой старонкі, ужо даўно перадаваліся па радыё, і Дабрасельскі іх чуў. Прагляд райгазеты заняў усяго некалькі хвілін, а потым хлапец зноў узяўся за сваю скрынку. Трапілася на вочы картка Васіля Печкі.

За перагародкай чуцён голас Печкі, а тут яго картка. Хорашанька запоўнены кожны пункт. Почырк роўны, чысты, толькі сям-там выкрунтасікі не зусім патрэбныя. Год нараджэння… Нацыянальнасць… Далей Іван чытае пра тое, што яму добра вядома, аднак доўга спыняецца на гэтых радках… «Бацька загінуў у час Вялікай Айчыннай вайны, старэйшы брат служыць у арміі»…

Прывыклі чытаць: загінуў. А што гэта значыць, не заўсёды і ўяўляецца. У Івана таксама загінуў бацька, у дзесятку дабрасельскіх сямей — таксама. Можа гэтыя людзі суткамі сцякалі крывёю, пакуль з’явілася магчымасць перавязаць іх, аказаць запозненую дапамогу. Магчыма, ляжалі яны дзе-небудзь у балоце, у голым бязлюдным месцы, нікога не чакалі, акрамя звера, драпежнай птушкі, аднак не трацілі надзеі на выратаванне… Можа, выконваючы баявыя заданні ў тыле ворага, ахвяравалі жыццём, каб перадаць весткі, патрэбныя каардынаты. Магчыма, што некаторыя з іх жывуць дзе-небудзь i цяпер, ды не могуць падаць голасу на радзіму, папрасіць, каб іх вызвалілі.

Калі Іван глыбока задумваўся, перад яго вачыма ўзнікала безліч уяўленняў пра невядомую пагібель яго бацькі. Усе ўяўленні былі толькі гераічнымі, бо Іван вельмі любіў свайго бацьку. Колькі, бывала, гэты маўклівы, працавіты чалавек папанасіў свайго ўжо не зусім маленькага сына на руках, пакуль у таго балела нага i нельга было нават і кроку ступіць самому. Здаралася, выйдуць вясною ў садок, ходзяць каля прышчэпак цэлымі гадзінамі.

— Трымайся добра за маю шыю, — просіць бацька — Іван дзвюма рукамі абшчапервае бацькаву шыю, таму што бацька часта нагінаецца, каб паглядзець, як дрэўца перазімавала ў корані, ці не папсавала што кару на камлі.

— Хутка ты паправішся, — з добрай надзеяй гаворыць бацька, — тады будзеш памагаць мне. Маці ў нас, сам бачыш, нездараўчаная, усё кволіцца ды скардзіцца на болі, а работы каля дому многа.

I хлопчык верыў, што ён паправіцца, будзе сам стаяць, хадзіць, бегаць. У любы час года, у любое бездарожжа браў яго бацька на рукі i за некалькі кіламетраў ішоў у медыцынскі пункт. Стары фельчар аглядваў нагу, даваў мазі i таксама гаварыў, што хутка ўсё пройдзе, загоіцца, што праз які тыдзень-два малы пачне лётаць з кім хочаш навыперадкі. Бацька выціраў рукавом успацелы твар і адразу весялеў, а малы Іван глядзеў на чорныя вільготныя пасмы бацькавых валасоў, паціху варушыў балючай нагой, i здавалася яму, што вось зараз ён здзівіць не толькі бацьку i гэтага добрага дзядулю-фельчара, a і ўвесь свет: устане i пойдзе сам дадому. Бацька ледзь не подбегам будзе спяшацца за ім i аж да самай хаты не возьме на рукі, бо не будзе ў гэтым патрэбы.

Іван сапраўды неўзабаве паправіўся, але ўсё ж накульгваў, бо нагу падцягнула ў цяглях. Доўга ён яшчэ верыў бацьку i старому фельчару, што i гэта хутка мінецца, што абедзве нагі стануць роўнымі, доўга яшчэ марыў аб тым, што хутка пачне бегаць вельмі моцна i нават Андрэевага Уладзіка апярэдзіць, хоць той бегае шпарчэй за ўсіх. Потым з часам надзея гэтая змяншалася, светлыя мары змрачнелі, хлопчык стаў ціхім i не па сваіх гадах задумлівым. У пачатковай школе ён вучыўся разам з Васілём і Уладзікам. Тыя кожны дзень прыляталі ў школу на двух жалезных каньках, грымелі імі нават і ў калідоры. А Іван ужо не зайздросціў. Ён ужо ведаў, адчуваў, што не ўсё тое можна яму, што можна Васілю або Уладзіку. У іх, няхай сабе, па два канькі, няхай сабе, жалезныя, а яму бацька зрабіў адзін, дзеравяны, абкуты тоўстым дротам. Іван прывязваў гэты канёк да правае, даўжэйшае нагі, а левай, кароткай, папіхаў. Так і ехаў па замерзлай канаўцы аж да самай школы.

Вучыўся Іван добра. Бацька цяпер браў у аснову гэта і заўсёды наказваў, прасіў:

— Вучыся, мой сынок, старайся. Помачы ад цябе дома не патрабую, спраўляйся хоць з урокамі. Станеш вучоным, тады будзе i помач.

Магчыма, што і быў бы Іван вучоным, каб не вайна…

…За перагародкай пачуўся раздразнёны, з сыканнем ад перасохласці ў роце голас фінагента. Ён за нешта крычаў на Васіля, нават злосна лаяўся. Васіль жа адмоўчваўся, а калі нешта і гаварыў, дык ціха, памяркоўна, нібы ва ўсім прызнаваў сябе вінаватым.

«Так вось ён і з Мокрутам, — падумаў Іван. — Што б той ні сказаў, рота не разявіць, каб запярэчыць ці выказаць сваю думку. Заўсёды з усім згодны, заўсёды пакорлівы, быццам бы ў яго i не бывае тае свае думкі. А некалі гэта быў вельмі бойкі, жвавы хлапец, лез у спрэчкі нават i тады, калі не трэба было лезці. Ці перамяніўся чалавек з гадамі, ці i раней у яго не было пэўнай цвёрдасці?»

Пад вечар так сумна стала сядзець аднаму, што Іван рады быў бы, каб хто-небудзь прышоў сюды хоць на хвіліну. Няхай бы ўзяўся на ўлік ці зняўся. Але паколькі ніхто ў бакоўку не заглядваў, а больш такой спадручнай работы не знаходзілася, то хлопец стаў падумваць аб тым, каб пайсці сёння ў Дабрасельцы. Не шкодзіла б купіць там хлеба ў эмтээсаўскім ларку, пабываць на сваім двары, агледзець садок, вулейчык з пчоламі ды зайсці спытаць у Андрэіхі, можа патрэбна якая дапамога. Іван не быў ні суседам, ні сваяком Андрэіхі, але некалі ён шчыра сябраваў з Уладзікам, хоць той быў трохі старэйшы. Бацькі іх таксама сябравалі. Андрэй любіў прыходзіць да Іванавага бацькі на вячоркі, а Андрэіха не саромелася пазычаць у мацеры ўсё, што толькі ні даводзілася: соль, запалкі, буханку хлеба, катушку нітак. Калі прыходзіла пазычаць, то спынялася на паўхвілінкі на парозе і не заўважала, як праходзіла ў гаворцы некалькі хвілін. Потым, калі прыходзіла аддаваць пазычанае, то паўтаралася тое ж самае.

Калі выйшла так, што пасля вайны і Андрэіха і Іван засталіся адзінокімі, яны па адчуванню душэўнага абавязку сталі памагаць адно другому ладкавацца ў жыцці, перамагаць цяжкае гора страты родных і самых блізкіх людзей.

«Можа ў яе дроў колатых ужо няма», — падумаў Іван.

7

Перад самым вечарам Мокрут заглянуў у сельсавет толькі дзеля таго, каб падаць знак сакратару. Той умомант сабраў сваю папку i ўслед за начальствам выйшаў на вуліцу. Тут зноў ішоў снег — у гэтую зіму рэдка выдаваўся той дзень, каб не было снегу: то ён сыпаў дробны i калючы, як пацёрты лёд, то кружыўся мяккі і лёгкі, як пух. Каўнер Мокрутавай кожанкі быў настаўлены, а Васіль Печка нацягнуў колькі можна было на вушы шапку і схаваў пад палою паліто свае паперы. Удвух яны рушылі так па вуліцы. Раптам Мокрут спыніўся, і Васіль, з зажмуранымі ад снегу вачыма, ледзь не стукнуўся ілбом яму ў спіну.

— Знаеш што? — звярнуўся старшыня да хлапца. — Памяць у мяне ўжо нешта слабець пачала: забыў зрабіць адно распараджэнне.

— Якое? — насцярожыўся Васіль.

— Забыў сказаць крывому, каб пайшоў туды да мяне ды напілаваў жонцы дроў.

— Дык я пайду скажу, — ахвотна падручыўся Печка.

— Схадзі, брат, — папрасіў Мокрут. — А то жонка заўтра з’есць мяне. Скажы, каб перадаў заадно, што затрымаюся сёння, опісь буду рабіць. Эх, жонкі, жонкі! Ты, брат, не ведаеш, што за ведзьмы бываюць некаторыя з іх! Ну, і шчаслівы ты, што не ведаеш. Бяжы, а потым даганяй мяне. Калі не нагоніш, то ты ж ведаеш, дзе мы павінны быць.

Сакратар пабег, яму i хацелася прабегчы на холадзе, а Мокрут пакрочыў далей адзін. Кожанка пакрысе бялела: спачатку снег раставаў на глянцавітай скуры, а потым пачынаў шэрхнуць. Паступова нахалодваў скураны каўнер і рабілася трохі пякуча ружоваму валлячку. Мокрут утуліў падбародак і трымаўся на ўсякі выпадак бліжэй да платоў, каб не трапіць часам пад якую машыну. Усялякай эмтээсаўскай i калгаснай тэхнікі хадзіла тут не мала.

Пад машыну Мокрут не трапіў, а з чалавекам ледзь не стукнуўся лоб у лоб. Гэта быў той самы чалавек, якога старшыня зваў завочы сівым маладажонам. Мокрут любіў даваць мянушкі людзям i часта гэта яму ўдавалася. Чалавек гэты, што сустрэўся, сапраўды быў сівы, але не па старасці, як гэта звычайна бывае, а па прыродзе. Кажуць, што бацька яго пачаў сівець гадоў у трыццаць, а сыну было цяпер усё ж такі каля сарака. Ажаніўся ён, праўда, не надта даўно, але i не так позна, каб зваць яго маладажонам. Тут Мокрут, вядома, перабольшваў. Росту ён быў крыху вышэй сярэдняга, гэтакі ж, як i Мокрут, толькі, бадай, шчуплейшы. Каб яны, на няшчасце, зусім сутыкнуліся, то якраз трапілі б нос у нос. Хіба толькі б каўняры перашкодзілі: у аднаго скураны, з вострымі ражкамі, а ў другога — барашкавы, сівы, як i тыя пасмы валасоў, што віднеліся з-пад рыжай высокай кубанкі.

Звалі чалавека Ільёй Савічам, і працаваў ён тут дырэктарам сямігадовай школы. Убачыўшы старшыню сельсавета на вяршок ад сябе, дырэктар спачатку рэзка падаўся назад, а потым паімкнуўся саступіць з дарогі. Яму не надта хацелася спыняцца з гэтым чалавекам, бо ў душы ён яго не любіў, а прызнаваў пакуль што толькі як службовую асобу.

Выйшла так, што Мокрут загаварыў першым:

— Вы куды, Ілья Савіч?

— Ды ў школу, — адказаў дырэктар. — Там жа ў нас…

— А-а, так, так, — падхапіў Мокрут. — Ведаеце, Ілья Савіч, я не здолею сёння прыняць, так сказаць, актыўны ўдзел у прадстаўленні. Справы, разумееце, не даюць дыхнуць. Пазванілі з раёна, i вось бягу на пасёлак.

— А што там здарылася? — не зусім даверліва спытаў дырэктар.

— Опісь, Ілья Савіч. Разумееце? Сумная справа.

— Менш трэба было б гэтых сумных спраў, — незадаволена сказаў дырэктар i не спяшаючыся пакрочыў далей.

«Сунься, куды сунешся!» — прабурчэў сабе пад нос Мокрут, а ўслых гэтага ні за што б не сказаў. Цяжка было ўсё-такі не лічыцца з тым, што гэта дэпутат сельсавета i сакратар тэрытарыяльнай партарганізацыі.

Мінуўшы некалькі двароў, старшыня падышоў да акна аднаго прыгожага дамка, пастукаў і гучна, з вясёлымі пералівамі ў голасе, клікнуў:

— Ціхоня-а, у строй!

— Няма дома! — ледзь пачуўся праз двайныя шыбы непрыязны жаночы голас.

— А дзе ён?

— А хто яго ведае. Хіба я за ім бегаю?

Мокрут сабраўся ўжо адысці ад акна, але нечакана адчыніліся шаляваныя дзверы сянец i на ганку паказаўся грузнаваты чалавек без шапкі, у міліцэйскім кіцелі, расшпіленым пад барадою.

— Чаго ты хочаш? — спытаў ён у Мокрута.

— Апранайся хутчэй і пайшлі!

— Куды?

— Справа ёсць. Тэрміновая!

Калі ўчастковы ў поўнай форме і пры зброі параўнаўся на вуліцы з Мокрутам, той насмешліва кінуў яму:

— За жончыну спіну хаваешся?

— Ды не хаваюся, — пачаў апраўдвацца Ціхоня. — Чаго там хавацца? Аднак жа, калі падумаць, то што мы маем? Цэлы дзень на нагах, ноччу таксама рэдка бываеш дома. А яна, жонка… Вось.

— Разбалавалі вы сваіх жонак, распесцілі!

— Гэта хто «мы»?

— Ты, напрыклад, ды вось гэты наш мудрэц сівавалосы, дырэктар. Яшчэ ёсць такія.

— Ну, ведаеш, — зноў пачаў участковы, — калі добра падумаць, то-о…

— Дарэчы, вось што, — перапыніў яго Мокрут, — у цябе часам не знойдзецца некаторых вестак наконт некаторых нашых інтэлігенцікаў?

— Каго ты хочаш?

— Ну, возьмем хаця б гэтага маладажона. Ён што, не быў, часам, на акупіраванай тэрыторыі?

— Ён не з майго ўчастка па месцу нараджэння, — змрочна адказаў Ціхоня. — Ды не той гэта чалавек. Ты гэта дарэмна.

— Дарэмна? — Старшыня на хвіліну змоўк i глыбей утуліўся ў каўнер.

— Куды ж мы ідзем? — спытаў Ціхоня.

— Не бойся, не да маладажона.

Яны прайшлі моўчкі амаль усю вуліцу і калі ўжо сталі выходзіць на міжпасялковую дарогу, Мокрут сказаў:

— Казырок Сямён наказваў. Там у яго сёння радзіны быццам бы. Сакратар мой прыдзе, запішам яму папаўненне ды пасядзім з гадзіну ў цяпле, пагамонім. Трэба ж нам неяк бліжэй да народа стаяць, ведаць, як людзі жывуць, чым яны дыхаюць. Праўда?

— Ды гэта праўда, — згадзіўся Ціхоня, — але ж, калі добра падумаць…

— Няма чаго думаць! — зноў перабіў яго Мокрут. — Чалавек запрашае, дык не трэба быць задавакамі. Напэўна, чакае ўжо даўно.

Казырок быў на двары ў той час, калі Мокрут з Ціхоням падышлі да яго хаты. Па тым, як ён старанна сек на калодцы дровы, па той кучы галля, якая ляжала каля яго, можна было меркаваць, што ён не надта чакаў гасцей. Убачыўшы ў паўзмроку начальства, ён нібы з жалем удзюбнуў у калодку сякеру, падцягнуў пута на кароткім кажусе i ступіў крокаў два насустрач.

— Гаспадарыш? — звярнуўся да яго Мокрут, квола працягваючы руку.

— Ды вось, — паказаў Сямён на кучу галля, — трэба было б пасекчы ды злажыць, пакуль зусім снегам не занясло.

— А што гэта за дровы ў цябе? — Мокрут падышоў да калодкі, узяў у рукі тонкі круглячок. — Дык гэта ж, браце, садавіна нейкая, ігруша ці сліва?

— Сухая антонаўка, — абыякава сказаў Сямён. — От ужо з тыдзень баба раскашуе з ёю. Добра гарыць, каб вы ведалі.

— А ну, дай сюды, гаспадар! — Мокрут з хлапчуковай рашучасцю скінуў рукавіцы, папляваў на далоні і ўзяў з рук Сямёна сякеру.

— Люблю такую работку, — сказаў ён Ціхоню, — проста i цягне. Што ж бы тут на першы зуб?

— Ды вазьміце вось гэта, — параіў Сямён і, хітравата глянуўшы на Ціхоню, тыцнуў жоўтай бахілай у даволі ўзлаваты і тоўсты камель.

Мокрут рукамі выкаціў камель на гладкае месца, паставіў яго тарчма і, гэхнуўшы ўсёй дыхавіцай, секануў. Кругляк здрыгануўся, трошкі зрушыў з месца, аднак не падаўся: сякера адляцела ад яго, як ад каменя. На гладкім разрэзе кругляка з’явілася толькі неглыбокая белая рыска.

— Змёрзся, — крыху незадаволена сказаў старшыня і секануў яшчэ раз. З’явілася другая белая рыска, а кругляк стаяў цэлы. Секануў трэці раз, з’явілася трэцяя рыска, чацвёрты — чацвёртая.

— Нешта ў цябе яшчэ… гэтае самае, — пераступіўшы з нагі на нагу, заўважыў Ціхоня. — Давай я.

Мокрут ужо са злосцю гэхнуў яшчэ разоў два і, здзіўлена пакруціўшы галавой, аддаў сякеру Ціхоню.

— Шкада, што тут калуна майго няма, — апраўдваючыся, сказаў ён.

Ціхоня ўзяў у дзве рукі сякеру, чамусьці пакруціў яе перад вачыма, нібы правяраючы, з жалеза яна, ці так з чаго, прымерыўся і лупянуў так, што аж вушанка наехала на вочы. Лязо крыху ўдзюбнулася ў камель, але ён i не думаў расколвацца. Ціхоня пачаў пляжыць раз-поразу, кругляк стаў падобны на тую здзёўбаную калодку, на якой Казырок сек дровы, аднак нічога не выходзіла.

— У цябе яшчэ горш, як у мяне, — сказаў Мокрут і пачаў расцягваць папружку свае кожанкі. — Трэба з другога боку паспрабаваць.

Ён распрануўся, ледзь не сілаю забраў у Ціхоні сякеру і пачаў з усёй моцы біць вастрыём па другому разрэзу кругляка, стараючыся цаляць у адно месца. Аднак чым мацней ён замахваўся, чым старанней намагаўся ўклініць сякеру на адной рысе, тым больш падводзілі яго рукі: белыя драпінкі ўзнікалі пасля ўдараў то ў адным месцы, то ў другім.

— Не, гэтага нельга раскалоць, — сказаў нарэшце Мокрут. — Цемнавата ўжо, ды і сякера вельмі лёгкая. Ну, што гэта за сякера? Калі б маім калуном!

Пры апошніх словах старшыня глянуў на Ціхоню, i раптам яму стала няёмка. Успомнілася, што Ціхоня не адзін раз быў у Мокрута дома і напэўна заўважыў, што калун гэты даўно ляжыць на дрывотні без тапарышча. Бачыў ён, вядома, i тое, што старшыні коле дровы «кульгавы начальнік» і зусім не калуном, нават не сякерай, а нейкай аднаручкай.

— Гэта ўжо, мабыць, паляжыць да вясны? — звярнуўся Мокрут да гаспадара. — Адтае, памякчэе.

— Чаму? — мякка не згадзіўся Сямён. — Яго можна i цяпер раскалоць.

Ён неяк па-свойму, цэпка і ўпэўнена ашчаперыў пачырванелымі ад марозу шырокімі далонямі кругляк, пакруціў яго ў адзін бок, у другі, выбраў месца і, здавалася, зусім лёгка, нават без размаху секануў. Лязо адразу ўелася ў дзерава, перарэзаўшы ўпоперак усе мокрутавы надзёўбванні. Сямён лёганька, нібы з ласкай, пастукаў правай далонню па кончыку тапарышча, сякера паслухмяна выскачыла з кругляка. Тады ён зноў паціху падняў сякеру, прыціснуў яе перад самым ударам так, што яна аж свіснула ў паветры, i кругляк разваліўся папалам.

— Глядзі ты! — здзівіўся старшыня. — Не быў бы то гаспадар!

— А мы з табой даўно сякеры ў рукі не бралі, — надзяваючы рукавіцы, прамовіў Ціхоня, — то давай так і скажам. У мяне жонка ўсё вязе на сваіх плячах, а ў цябе…

— Ну, кінь ты, — крыху сумеўшыся, сказаў Мокрут і неўпрыкметку паглядзеў на свае далоні. Шчымелі ў чалавека далоні, трэба было так і чакаць, што праз якую гадзіну на іх усхопяцца белый пухіры.

— Аднаму я толькі рады, — не сціхаў участковы, — што сам старшыня сельсавета пляжыў сёння калгасніцкую антонаўку. Ды з якой ахвотай!

— Прыкусіш ты нарэшце?.. — рэзка кінуў Мокрут, а сам усё ж такі засмяяўся, вінавата пакруціў галавой.

— То можа зойдзем у хату? — не надта настойліва прапанаваў Сямён Казырок, калі ўжо і Васіль Печка, увесь скурчаны, заснежаны, з папкай пад палою з’явіўся ў двары і ніхто больш не збіраўся калоць дровы.

Пасля запісу Сямёнавага папаўнення і гамонкі ў цяпле яны выбіраліся з пасёлка не надта лёгка і бездакорна. Калі б хто паглядзеў потым на іхнія сляды на вуліцы, то напэўна падумаў бы, што нячыстая сіла хістала людзей то ў адзін бок, то ў другі. Уперамешку з гэтымі страшэнна бязладнымі слядамі відны былі месцамі і котлішчы на снягу. Гэта Мокрут з Ціхоням у абдымку адпачывалі на дарозе, пакуль Васіль Печка, трохі меньш п’яны і таму прутчэйшы ў нагах, выбіраў напрамак руху і пратоптваў сцежку. Ноч была цёмная, снегу за гэты час яшчэ больш прыбавілася, не відно было ні дарогі, ні такіх добра прыкметных арыентыраў, каб іх можна было заўважыць нецвярозаму воку. А тут яшчэ крыкі ззаду, розныя каманды.

— Печка-а! — галасіў Мокрут. — Глядзі ж ты там, будзь чалавекам! На Дабрасельцы трымай, проста на дамок млынара!

— Не слухай яго, Васіль, — настойліва прасіў Ціхоня. — Што там нам з табой рабіць у Дабрасельцах? На Чырвоныя Макі давай. Там мяне жонка чакае, а цябе маці.

Пасля каманды Мокрута Васіль стараўся грэбціся ўправа, каб узяцца прасцей на Дабрасельцы, калі ж пачынаў угаворваць Ціхоня, тады самі ногі ішлі ўлева. I аднаго нельга было не паслухаць, і другога. А што рабіць самому, хто ведае. Васіль да таго часу пакорліва слухаў каманды і паварочваў то ўправа, то ўлева, пакуль зусім не збіўся з дарогі і не пачаў кружыняцца па полі. Кружыняўся пэўна гадзін дзве і прыбіўся, нарэшце, у суседні пасёлак. Тут ужо нават сабакі спалі. Ледзь не ў кожны двор намагаўся хлопец зайсці, каб пастукацца, папрасіцца нанач, ды ўсё не да ладу: то брамка была зачынена так, што хоць зубамі яе грызі, то гура снегу каля варот палохала. Начальства магло б не пералезці цераз яе.

Толькі ў самым канцы пасёлка бліснуў агеньчык у акне i рантам зноў патух. Васіль прыбавіў кроку, але адразу ж пачуў воклік Мокрута:

— Куды ты вядзеш нас, Сусанін пракляты?!

Васіль спыніўся і, паціраючы вушы, стаў чакаць, пакуль яго падапечныя прысунуцца бліжэй.

— Чаго стаіш, як слуп? — крыкнуў цяпер старшыня.

Гэтаму чалавеку і цвярозаму цяжка ўгадзіць, не то што п’янаму. Васіль добра ведаў гэта, але трымаўся, таму што i самому трэба было неяк ратавацца. Асенняе паношанае палітцо, ды шапка летняя, ды нават рукавіц няма. Доўга не вытрымаеш у такой адзежы, нават калі трохі i пад градусам!

Ідучы назаўтра дадому, Мокрут неўпрыкметку пасміхваўся сам сабе, а часам паварочваўся да Ціхоні і з хітрынкай пытаў:

— А добра пагулялі! Праўда?

8

Выйшаўшы з эмтээсаўскага ларка, Андрэіха адчула, што мароз быццам бы зусім адлёг. Біла ў нос толькі рэзка свежым паветрам, а холаду амаль не адчувалася. Аднак калі жанчына прайшла яшчэ некалькі крокаў, то нечакана для сябе пачала сціскацца і лепш захутвацца, — мароз злосна хватаў за потныя плечы, за ногі і за тую руку без рукавіцы, якой яна трымала паўбуханкі хлеба.

На вуліцы ёй сустрэўся Шулаў, i як ні старалася жанчына прабегчы не заўважанай, усё ж спыніў яе.

— Вы яшчэ толькі з фермы? — ласкава спытаў ён, хаваючы вялізныя чырвоныя рукі ў кішэні паліто, да траскатні ў швах раздутае цёплай паддзёўкай.

— Я ў ларку была, — паспешна адказала жанчына, хочучы на гэтым і скончыць размову. — Там хлеб давалі.

— Хлеб? — Шулаў паглядзеў на пасінелую руку жанчыны. — А я падумаў; што гэта вы пазычылі ў каго. Што ж гэта мне ніхто не сказаў пра хлеб?

Андрэіха пералажыла паўбуханкі ў другую руку, падалася трошкі ўбок, каб даць зразумець, што ёй трэба бегчы дадому, а то кашуля к целу прымерзне, але Шулаў нават i не заўважыў гэтага. Час-ад-часу паглядваючы на свае цёплыя боты з адваротамі, ён усё зацягваў і зацягваў гаворку.

— Вяпрук ваш добра есць, — сказала нарэшце жанчына, заўважыўшы, што старшыня ўвесь час ходзіць каля гэтага, ды, нібыта, не адважваецца яе пытаць.

— Я зусім i не пра тое, — сказаў ён, скрыпнуўшы ботамі, — аднак калі вы ўспомнілі, то цікава ўсё ж такі… Сёння я не быў на ферме. Не паспеў. Што вы яму давалі сёння? Вобмешка была? Я магу трохі мукі вам выпісаць, калі трэба. То i сабе якога блінца спечаце. Выпісаць?

Андрэіха ўсё перакладвала хлеб з адной рукі ў другую, потым, адчуўшы, што ён пачынае камянець, паспрабавала захутаць яго палою світкі. Узялася пальцамі за гузік, каб расшпіліць світку, і ўжо адчуць не можа, гузік гэта, ці так якая лядзяшка. Пакуль адной рукой намагалася саўладаць з гузікам, з другой выпаў хлеб і паехаў уніз па слізкай каляіне. Шулаў дагнаў яго i, падносячы мёрзлы кавалак гаспадыні, няўпэўнена спытаў:

— Можа б заўтра хто замяніў вас на ферме, а вы прышлі б там трохі сцены падмазалі б у маёй хаціне. Га?

Андрэіха падула на хлеб, абедзвюма рукамі прыціснула яго да грудзей і моўчкі рушыла да хаты. Дома яна паставіла хлеб на талерцы ў печ, а сама пачала жвава хадзіць па хаце і расціраць рукі.

«Раз’еўся, — падумала яна пра старшыню, — яго і без адзежы мароз не пройме».

Ляснула клямка ў сенцах, і ў хату віхрам уляцела Даша. Яна была без верхняй вопраткі, толькі белы роблены шалік, накінуты на валасы i перакручаны на шыі, вісеў адным канцом на грудзях, а другім на плячах.

— Чаму так позна, цётка Настуля? — адразу звярнулася яна да гаспадыні. — Я ўжо забягала да вас. Хіба там на ферме што?

— Я не з фермы, — здымаючы ззяблымі рукамі світку, сказала жанчына. — У ларку была. — Яна паказала вольнай рукой на засланку ў печы. — Выскачыла адтуль, як з лазні, бягу дадому, а тут Шулаў насустрач.

— Пра вепрука? — засмяяўшыся, спытала Даша.

— А то пра што ж? Я ўжо не ведаю, калі я набяруся смеласці плюнуць гэтаму чалавеку ў вочы.

Андрэіха пачала спрабаваць паддзець пальцамі пад вешалку ў сваёй світцы, ды не выходзіла гэта ў яе, бо не разгіналіся пальцы.

— Дайце я вам памагу, — падбегла да яе дзяўчына. — Ой, як вы змерзлі! Дайце патру рукі!

Лёгкім рухам галавы яна дапамагла свайму шаліку спаўзці з валасоў на шыю, і твар яе стаў яшчэ больш светлым і ажыўленым, галава пакруглела.

— Так доўга ў ларку? — здзівілася яна.

— Ды не. Тут яшчэ Шулаў на вуліцы спяваў мне свае вясёлыя песні.

— От заўтра ён у мяне заспявае! — раптам са злосцю i абурэннем прамовіла дзяўчына. — Так заспявае, што на ўсе Дабрасельцы стане чутно.

— Што ж ты яму зробіш? — Андрэіха крыху сумелася, заўважыўшы на твары дзяўчыны сапраўдную рашучасць. — Выганіш кормніка з фермы?

— I выганю, думаеце, не? У праўленне калгаса заганю! От пабачыце!

— Не чапай, няхай яго сарочка не чапае.

Андрэіха, трохі разагрэўшы рукі, стала хуценька падганяць дамашнія справы. Даша глянула ў адзін кут, у другі, адразу зразумела, што тут дзе трэба, і таксама ўзялася за работу. У чужой хаце ў яе выходзіла ўсё гэтак жа спрытна i ладна, як і ў сваёй.

— А што ж вы будзеце вячэраць, цётка Настуля? — спытала яна ў гаспадыні, калі ўжо была падоена карова, напоены лысы бычок i прыведзена ўсё да ладу каля печы. У рабоце прайшла ў дзяўчыны злосць на Мокруціху, на Шулава, настрой палепшыўся і твар зноў зайграў маладой весялосцю.

— От малака свежанькага нальём, — сказала Андрэіха, — ды i павячэраем. Можа i ты разам?

— Не, я перакусвала, — па-сямейнаму сказала Даша. — А гарачага ў вас і няма нічога?

— Ды хіба выстаіць з самага ранку?

— Пачакайце!

Праз некалькі хвілін дзяўчына зноў убегла ў хату, на галаве ў яе быў той жа самы белы шалік, але пярэдні расшыраны канец яго прыкрываў нешта круглае, загорнутае ў ручнік. Прытрымліваючы гэтую рэч адной рукой, дзяўчына ўзяла на прыпечку драўляны кружор-падстаноўку, паклала на стол і прыгнулася над ёй са сваім незвычайным падарункам. Калі адступіла на крок, трымаючы над локцем ручнік, з падарунка клубком паваліла пара — гэта быў чыгунок толькі што зваранай бульбы.

— Усё роўна, як ведала, — радасна сказала Даша, — два чыгуны назбірала — паставіла: адзін мужчынам, а другі вось нам з вам!

Бульбу высыпалі ў міску, i смачны пах ад яе паплыў па хаце. Побач з міскай Андрэіха паставіла гладышык малака. Жанчыны пачалі вячэраць, і ўсе дзённыя клопаты і непрыемнасці неяк мімавольна адплылі, пакінулі хатні прытулак.

На вуліцы пачуліся галасы: спачатку дзявочыя, а потым нехта з хлопцаў загаварыў дробна і весела:

— У цябе ёсць канспект па «левізне»?

— Не, мы «левізны» не канспектавалі, — адказала дзяўчына.

— Студэнты прыехалі, — зірнуўшы на акно, заўважыла Даша. — Канікулы.

Пасля гэтага яны вячэралі моўчкі, але ў кожнай былі свае думкі, свае ўспаміны. «Куды ж яны пойдуць, студэнты? — брала цікавасць Дашу. — Можа да нас? — Прыслухалася да галасоў. — Не, мінаюць двор, пайшлі далей. Няхай сабе ідуць».

У Дашы няма ніякай крыўды за тое, што хлопцы мінулі яе двор. Што ёй гэтыя студэнты? Ёсць яны ці няма. От каб прыляцеў той студэнт, з крыльцамі на пагонах! Каб гэта яго голас пачуўся на вуліцы! Давялося б, напэўна, цётцы Настулі адной даядаць бульбу, не ўсядзела б тады дзяўчына ў хаце.

Андрэіха таксама думала пра студэнтаў, толькі не пра чужых. Былі ў яе некалі свае студэнты. Адзін вучыўся на другім курсе педінстытута перад вайной, а другі канчаў дзесяцігодку. Хадзілі вось гэтак жа па сваёй вуліцы ў час канікулаў, спявалі песні, а прыходзілі ў хату, дык прыходзіла з імі ўсё радаснае і шчаслівае, што было ў жыцці. Завіруха на двару здавалася ласкавай.

— Дзякуй табе, Даша, — сказала нарэшце гаспадыня, — адагрэла ты мяне.

На дварэ, відаць, пачынаў мацнець вецер, бо сухі маліннік, хоць яшчэ і ціха, але пачынаў ужо шкрабаць па шыбе. Гэты шкрэбат заўсёды нагадваў Андрэісе пра холад, сцюжу і, чамусьці, пра людское гора, хоць пра яго i не хацелася думаць. Ужо колькі разоў збіралася залезці ў агародчык ды выламаць гэты надакучлівы куст. Але неяк шкада ламаць сваё, звычнае, хоць, можа, і не надта патрэбнае. Не падымаліся ў жанчыны рукі, каб што-небудзь зламаць, папсаваць і тым больш — хоць пальцам крануць што-небудзь жывое. Вунь у хляве — бычок. Перавяла ўчора з сянец. Каб усё на лад, то яго ўжо даўнавата трэба было б зарэзаць, але ж як тут i падумаць аб гэтым? Зойдзеш, а ён глядзіць на цябе такімі яснымі i даверлівымі вачамі.

Жанчына ведае, што калі б папрасіла яна Мітрафана асвежаваць бычка, то некалькі сутак не ела б не толькі гэтай свежаніны, a і нішто іншае не пайшло б у рот.

Маліннік зашкрабаў мацней, нібы просячыся ў хату, i гаспадыня міжвольна здрыганулася, ёй здалося, што з акна пацягнула холадам. Устала, забрала са стала чыгунок, міску, гладышык з недаедзеным малаком і занясла ўсё гэта ў мыцельнік. Праз хвіліну зноў села каля стала, склала на грудзях рукі, але сядзела так зусім не доўга. Не было звычкі ў жанчыны сядзець, склаўшы рукі. Нават калi і пагаварыць даводзілася з кім і цікавасць у гаворцы разбірала, дык і то заўсёды шкада было часу, усё здавалася, што няма на гэта права, усё рупіла якая-небудзь неадкладная работа. Выняўшы з запечча некалькі маткоў шарсцяных нітак, яна пачала нацягваць іх на матавіла, але Даша адставіла гэтую старажытную прыладу ўбок і спадручылася трымаць маткі сама.

— Можа ж табе ісці куды трэба? — спагадліва запыталася гаспадыня. — Там жа вячоркі недзе, хлопцаў, нябось, напрыходзіла.

— Нікуды не пайду сёння, — зусім шчыра сказала дзяўчына, — пасяджу з вамі.

— Ты вось нават i не апранаешся каля дому, — пацепваючыся ад думкі пра холад, сказала Андрэіха. — I адзін раз прыбегла ў адной кофтачцы, і другі.

— Дык у мяне ж шарсцяная кофтачка, — заўважыла дзяўчына, — вязаная.

— А мне і ў кажусе іншы раз страшна на мароз выходзіць, — працягвала Андрэіха. — Асабліва ноччу. Вось як засвішча, зашуміць на двары, дык мяне так і пачынае цягнуць бліжэй да печы. У сенцы i то выйсці боязна. Усё ўяўляецца мне тады, што нехта недзе мерзне ў гэты час у дарозе, ідзе пехатою ці едзе на прысталым кані. Завіруха, снежныя гурбы вышэй пояса, а перад чалавекам ні дарогі, ні аганька ў далечыні. Жаласць разбірае, здаецца, чуеш, як цяжка дыша гэты чалавек, ледзь-ледзь перастаўляючы ногі, бачыш, як ён раз-поразу пацірае рукі, нос, шчокі — і ўсё ўглядаецца ў цемень перад сабою, усё шукае паратунку. А з жаласцю і радасць у такі час прыходзіць. За тое, што ў цябе над галавою страха, што ёсць печ не зусім халодная i што ніхто цябе не гоніць у гэтую часіну з твайго прытулку. Мне часта ўспамінаецца, як i мяне вось гэтак жа захапіла аднаго разу ў дарозе ноч. Ды каб толькі ноч! А то ж такі віскуцень падняўся быў тады, такі мароз! Душа застывае, як падумаеш.

Маладая суседка з чаканнем і ўвагай стала паглядваць на жанчыну, а тая, нацягнуўшы ніжэй рукавы і шчыльней зашпіліўшы кароткі, нібы наўмысля падрэзаны, сачак, відаць, сабралася гаварыць доўга, на ўсе маткі нітак. Даша любіла слухаць цётку Настулю, бо ведала, што тая абы чаго не скажа і нічога не прыбавіць да таго, што чула ці бачыла сама.

— Гэта яшчэ да вайны было, гадоў, мабыць, чатыры да вайны. Уладзік мой тады яшчэ ў шостым класе вучыўся, а Паўлуша — у восьмым. Пайшлі мы тады з Уладзікам у горад пехатою, каня нам не далі. На дарозе таксама нідзе не пад’ехалі: не вельмі браў хто такіх, як мы. Дык прышлі ўжо ў добрага поўдня, хоць і выйшлі рана. Колькі таго дня ў гэтую вось пару. Якраз i тады, памятаю, былі зімовыя канікулы. Прышлі, а яшчэ там колькі папастаялі, пакуль нас пусцілі, куды трэба — мы бацьку хацелі праведаць — дык ужо калі выходзілі з горада, то…

— Пачакайце трошачкі, — перапыніла жанчыну Даша, — А хіба дзядзька Андрэй там у бальніцы ляжаў?

— Не ў бальніцы, пад следствам, — спакойна ўдакладніла жанчына. — Хіба ты не памятаеш?

— Памятаю, нешта такое было, — ніякавата моргаючы, сказала дзяўчына, — ды забыла я ўжо.

— Пад следствам быў, — паўтарыла жанчына. — Захварэў, як толькі яго забралі. Я часта хадзіла ў горад, а той раз упрасіўся і Уладзік: пайду ды ўсё, хачу паглядзець тату. Плача, кажа — сню бацьку кожную ноч, ды ўсё босага і абадранага, з вялізнай барадою. Хачу паглядзець, які ён цяпер. Я, праўда, не гаварыла, што бацька хворы, але, мабыць, па слязах маіх дзеці здагадваліся. Ішоў усю дарогу, слупы верставыя лічыў, мяне за руку цягнуў, не мог дачакацца, калі пакажацца горад. Прышоўшы, дрыжаў, бедны, ад хвалявання, і не ведаю, што б тады з ім было, калі б, на шчасце, не павярнулася ўсё ў другі бок. Стаім мы, чакаем, i вось падыходзіць да акенца адзін ваенны, заве мяне, а потым i гаворыць:

— Не мерзні тут, цётка, i не марозь свайго малога. Твой чалавек учора выпушчаны адсюль і пераведзены ў бальніцу.

Сказаў так і закрыў акенца.

Пачала я стукаць, каб яшчэ папытаць у яго, дык ужо больш не адкрыў. А тут людзей вельмі многа стаяла. Адышліся мы з Уладзікам i не ведаем, што рабіць. I радасць бярэ такая, што аж плакаць хочацца, i трывога не пакідае. Не ведаем, у якую бальніцу ісці. Можа, у турэмную?

— Ён жа сказаў, што выпушчаны, — у радасці гаворыць Уладзік, а ў самога слёзы коцяцца па шчаках. — Раз выпушчаны, значыць, тут, у гарадской бальніцы.

Пайшлі мы туды, пытаем.

Есць такі, кажуць, калі ласка.

Зараз скажам урачу, i вы зойдзеде праведаць. Мы ўжо хацелі дадому вам паведамляць.

I вось бяжыць мой Уладзік па калідоры, я ледзь за ім паспяваю. Белы халат на ім ніжэй пят, на мне — таксама.

— Не грукай ты гэтак, — сварыцца на яго нейкая дактарыца, а ён нават i не чуе нічога. Прачытаў на бягу нумар палаты і спыніўся ля дзвярэй: цяжка дыша, вочы блішчаць слязьмі. Я пастукала, чую голас: быццам бы ён абазваўся, Андрэй. Адчыніла дзверы i не паспела глянуць, дзе ён, на каторым ложку, як Уладзік ужо там. Кінуўся бацьку на шыю, абдымае, цалуе, гладзіць шчокі. А я села на ложку ў нагах i плачу, нічога сказаць не магу…

Андрэіха на хвіліну перастала віць клубок, нахілілася над сталом.

— Ты выбач, Дашачка, што я ўспомніла пра гэта, — выціраючы кукішкамі вочы, сказала яна. — Колькі гадоў прайшло, а як падумаю пра тыя дні, дык аж калаціць мяне пачынае.

— Гаварыце, цётка Настуля, — папрасіла Даша.

— Сяджу я, потым працягвае Андрэй да мяне рукі. Худы ўвесь, жоўты, але нічога: пабрыты, падстрыжаны, усё роўна, як і чакаў гасцей. Смяецца, i твар вясёлы. «Нічога, кажа, усё цяпер добра». Узяла я аберуч яго за галаву. Чарнявы ён у мяне быў, ты ж памятаеш. Гляджу, — чарнявы то чарнявы, але ж сярод чорных валасоў ужо ёсць i белыя, У мяне аж рукі задрыжалі.

— Пасівеў ты, — кажу, — Андрэйка.

А сусед па койцы, пажылы такі чалавек, адказвае:

— Ты, кабетка, не глядзі на валасы, бо яны нічога не значаць. Важна, што сам чалавек, як той казаў… З чорнага паклёпу чалавек выйшаў. Гэта табе не жарты.

— Усё прайшло, — падхапіў Андрэй. У голасе радасць. Бачу, ён нават устаць намагаецца, а чую душою, што нельга яму ўставаць, бо яшчэ слабы. — Злёг толькі я, — гаворыць далей Андрэй, — вось гэта кепска. Прастыў вельмі. Але нічога, цяпер хутка папраўлюся.

Ён ўзяў малога за плечы, прыцягнуў да сябе і пачаў нібы пытацца, нібы так сабе гаварыць.

— Спужаўся ты быў у тую ноч. Праўда? — Уладзік кіўнуў галавою. — Перажываў, мабыць, думаў, што бацька і сапраўды ў чым-небудзь вінаваты. Выкінь усё гэтае з галавы. Ні ў чым я не вінаваты! Не быў і не буду! А той, хто хацеў нас ачарніць, няхай сам счарнее.

— Паедзем, тата, дадому, — просіць Уладзік.

— А на чым вы тут?

Уладзік неяк жаласліва паглядзеў на мяне, а што я магу сказаць? Прышлі мы, кажу, пехатою, бо ніхто нам каня не даў.

— Скажы, — кажа, — брыгадзіру, што калі i цяпер не дасць, то няхай не паказваецца мне на вочы. Запражэце, што там знойдзецца, ды ў гэтую нядзельку прыязджайце. — А мы, здаецца, у аўторак былі. — Да таго часу, — кажа, — мяне выпішуць з бальніцы.

I от пайшлі мы неўзабаве. Глядзім, ажно ж за горадам пачынае змяркацца. Я ўжо думала вярнуцца назад, паспрабаваць пашукаць дзе прытулку, а Уладзік цягне ісці. «Хадзем, мама, скарэй дадому, я павінен заўтра ж даведацца, хто падаў на тату». «Няхай яго людзі не ведаюць, кажу я яму, на што ён табе?» Пайшлі, а вецер усё большае i большае, мароз са змрокам мацнее. Прайшла адна машына, Уладзік галасаваў, потым бег за ёю, — не спынілася, не ўзяла. Ідзем далей, спяшаемся, пакуль дарогу не занясло ды глыбокая ноч не застала. Дайшлі да Жываглодавіч, ты ж ведаеш, кіламетраў дзесяць ад горада. «Больш тут вёсак не будзе, — кажу я Уладзіку, — давай папросімся, можа, пусціць хто нанач». Кажу, а сама думаю: «Хто гэта нас пусціць? Ні дакументаў у нас, нічога».

Зайшлі ў вуліцу, дайшлі да аднаго двара, да другога. Цёмна ў хатах, спаць людзі паляглі, ці так проста святла не запальвалі, каб усялякія дарожнікі не стукацелі ў вокны. Вароты ва ўсіх высокія, брамкі дашчатыя і, вядома, з завалам са двара. Тут i да акна не дабярэшся. Каб не траціць дарма часу і сілы, пайшлі мы далей. Кіламетраў дванаццаць яшчэ ісці і ўжо нічога жывога нідзе наперадзе, толькі могілкі будуць кіламетраў праз сем. Хаця б не прыстаць, баюся я. Не так за сябе, як за Уладзіка.

З самага ранку нічога не еў малы, цэлы дзень на холадзе ды ў такім хваляванні. А вецер усё мацнее, усё больш насупраць нам, а то ўжо i круціць пачынае, замятае дарогу. Два крокі ступіш — і гурба ўпоперак дарогі. Бачу, мой Уладзік па пояс правальваецца ў такія гурбы i ледзь выцягвае ногі. Колькі той сілы ў падлетка, ды яшчэ не вельмі здараўчанага. На кароткую мэту пацягне: і прабяжыць моцна i падскочыць, а вынослівасці мала. Тут мы, старыя, усё-такі дужэйшыя. Узяла я Уладзіка за руку: «Ідзі, кажу, пры мне». А ён вырывае руку і наровіць ісці наперадзе, каб прыкрываць ад ветру мяне. Потым паварочваецца i кажа: «Пасядзець бы нам дзе-небудзь хоць хвілінку, каб ногі не млелі, тады б ужо ішлі да самага дому». «Не можна, сыночак, садзіцца, — кажу я яму, — тады яшчэ горш ногі забаляць ды i мароз можа прыхапіць сядзячага».

Гавару я яму так, а сама памаленьку стараюся развязаць торбачку з хлебам. Рукі ў мяне адубелі, вось як сёння, у час гаворкі з Шулавым, нічога рады не магу даць. Потым зубамі сяк-так развязала, выняла акрайчык і паклала сабе ў запазуху, каб адагрэўся. Думаю так: дойдзем да могілак, там усё ж прытулімся дзе-небудзь за дрэвамі, дык я пакармлю Уладзіка. Век баялася я могілак, за вярсту іх абыходзіла, а тут чамусьці здавалася, што нават на могілках будзе ўтульней i не так жудасна, як у гале, на дарозе.

Ідзем, ідзем, ужо, здаецца, многа кіламетраў прайшлі, ужо ў вёсках, глядзі што, першыя пеўні спяваюць, а могілкаў усё няма. Пачынаю палохацца, халодны пот нa ілбе выступае: «Можа, з дарогі збіліся, тады загінем у полі». Але ж не, нядаўна Уладзік сказаў, што слуп мінулі, значыцца, ідзем дарогаю. I пад нагамі сяды-тады чуецца цвёрдае, у полі ўсё ж такі мякчэй было б.

Могілкі гэтыя самыя паявіліся перад намі яшчэ можа гадзін праз дзве. Па шуму я іх пазнала, а на вока, то мо i не ўгледзела б. Стала прыглядацца, прыгінаючыся аж да сумётаў: сапраўды гэта могілкі, ці можа так які лясок? А калі могілкі, то ці можна будзе там як-небудзь прыхавацца ад завірухі? Уладзік ужо ледзьве перастаўляе ногі. Ужо я трымаю яго за руку, іду пярэдняй сама, а ён нічога не кажа. Гляджу і ўсё сплюшчваю i расплюшчваю вочы, усё маргаю, бо не верыцца мне, сапраўды бачу я нейкія аганькі спераду, ці, можа, гэта ўжо мярэшчыцца мне ад стомленасці. Мільгне аганёк i патухне. Потым зноў мільгне, або два-тры мільгнуць адразу. Спыніла я Уладзіка ды шапчу: «Глядзі, сынок, туды, на могілкі. Ты нічога не бачыш?» «Бачу, кажа, нейкія агеньчыкі, толькі не на могілках, а каля могілак, па гэты бок».

Пахаладзела ў мяне ўсё ўнутры, а страху чамусьці няма ніякага. Толькі Уладзіка шкада. Лягла я на снег і яго за руку пацягнула. «Ляжы, шапчу, можа, бог дасць, усё добра будзе».

У галаве ўсё неяк чыста i ясна. Чую, як вецер шуміць у голых надмагільных бярозах, парыпвае сухая галіна, тручыся аб другую. Ляжаць быццам бы i не холадна, ісці было халадней. Пад локцямі — перавал са снегу. Тулюся ў яго, як у падушку, і Уладзіка прыціскаю да сябе. Агеньчыкі мільгаюць усё бліжэй, часам спыняюцца і зноў мітусяцца, то сюды, то туды. Ведаю, што гэта не цуд, хоць і ля могілак. Ведаю i разумею, што гэта воўчае ганнё. Не бачыла я ваўкоў ніколі, але чула ад старых, што яны бегаюць вось так у Піліпаўку i нападаюць на людзей. Успомніла, што цяпер якраз Піліпаўка. Тулю да сябе Уладзіка, глыбей лезу ў снег, а ўсёроўна быццам бы не баюся нічога. Толькі чую, што нехта быццам заве мяне ціха і ласкава: «Настулька!..» Услухоўваюся — Андрэяў голас. Гэта там, у горадзе, ён мяне так назваў, калі мы адыходзілі. Што, калі пачуюць нас i нападуць? Вецер быў вялікі i злосны, кал i мы ішлі, а цяпер нібы паменшаў, паласкавеў. Каб толькі Уладзіка аберагчы! Я гарну яго пад сябе i чакаю ветру, снегу, страшэннай завірухі. Няхай бы нас замяло цяпер, занясло снегам, лёдам, пачарнелым лісцем з бяроз!.. Калі не абаіх, то хаця б аднаго Уладзіка, каб яго абмінулі, не заўважылі звяры.

Думаю так, а сама ўсё гляджу, усё сачу за аганькамі. Вецер на нас, яны можа i не пачуюць, што тут людзі. А можа загуляюцца на сваім вяселлі ды забудуць пра нас. Вось пярэдні агеньчык мільгнуў і знік, значыцца, павярнуліся бельмы ў другі бок. За ім, гдяджу, і другі знік, i трэці. Праходзіць нейкі момант, і мне здаецца, што ваўкі ўжо недзе за намі. Баюся паварушыцца, каб паглядзець. Раптам Уладзік так рашуча ды па-мужчынску шэпча: «Уставайце, мама, і пабяжым!» Я ўсхапілася, нібы толькі і чакала гэтага. Пабеглі мы, адкуль гэтыя і сілы ўзяліся. Бяжым, бяжым, дух забівае, ад замеці свету не відно, а мы ўсё бяжым і назад не азіраемся. Спыніліся, калі ўжо ногі пачалі падкошвацца. Я хапаю Уладзіка за рукі, каб адцерці іх, каб абагрэць дыханнем яго твар, і намацваю ў яго руцэ расчынены складаны ножык.

— Гэта ваўкі былі? — пытае Уладзік у мяне.

— Ваўкі, — адказваю. А самой так радасна стала за хлопца, і ўся трывога адлегла ад сэрца. Цяпер ужо я верыла, што мы дойдзем дадому і нішто нас не суніме. Падала я Уладзіку адагрэты акрайчык, а ён перакроіў яго гэтым сваім ножыкам і аддаў палавіну мне. Мы сталі спінамі да мяцеліцы, прытуліліся адно да аднаго і папалуднавалі наспех, хоць пара падыходзіла, бадай што, да снедання. Падмацаваліся, пайшлі далей. I вось дайшлі неяк. Уладзік не раз потым успамінаў пра тую ноч. Казаў, што каб i яшчэ гэтулькі ісці, то ўсёроўна дайшоў бы. Гэта ён так рады быў за бацьку. Аднак жа, бедны, доўга хварэў пасля гэтага.

Даша слухала, аж заслухалася, забыла, што ўжо няма на руках матка. Рукі, выцягнутыя наперад, ляжалі локцямі на стале, тонкія далоні злёгку варушыліся.

— От Уладзік, — ціха сказала яна, калі гаспадыня разблытвала першую нітку другога матка. — Ён i потым быў такім дружным, харошым… Нездарма ж вось i на фронце…

— Там яны абодва, калі б жывымі былі… — сумна сказала жанчына. — Узнагароды вялікія ў абодвух. Нават бацьку i то далі ордэн, хоць пасля смерці ўжо. Горад Стаўбуноў бралі, дык першым са сваім аддзяленнем стары зайшоў у тыл ворага. У мяне такое апісанне ёсць, з часці прыслалі.

9

Мітрафан з Платонам таксама ўжо ўходавалі свой чыгун бульбы i цяпер сядзелі ўдвух каля печы, вялі сваю ціхую гаворку. Цімоша павячэраў раней і паімчаў некуды са студэнтамі, з якімі яшчэ ў мінулую зіму разам бегаў у дзесяцігодку. Платон расказваў Мітрафану пра калгасных коней, скардзіўся на некаторых калгаснікаў, што вельмі ж не шануюць жывёлу. «Як жа гэта можна? — абураўся стары. — Даў учора па загаду старшыні адной жанчыне падводу. Налажыў сена ў сані, каб было чым пакарміць тое цягло ў дарозе. Наказаў жанчыне, каб берагла кабылку. А яна, гэтая жанчына, што зрабіла? Заехаўшы ў двор, скінула ўсё сена сваёй карове i цэлы дзень вазіла дровы на галоднай кабылцы. Прыгнала яе ў канюшню позна ўвечары, кінула не распрэжаную, мокрую i дрыжачую».

Усю тую ноч качалася кабылка жыватом, і ўсю тую ноч Платон не адыходзіў ад яе, праклінаў і жанчыну, і старшыню, i свой пакутлівы лёс конюха.

Па нейкай своеасаблівай асцярожнасці Платон не сказаў, хто такая была гэтая жанчына, аднак Мітрафан разумеў, што ўсе сляды вялі да праславутай Кадрыліхі, бо ніхто іншы ў іхнім калгасе так не зрабіў бы. З мужчын хіба толькі Заткла. Разумеў Мітрафан, што i загнаная кабылка была не так сабе жывёліна. У Платона, праўда ж, i не было на канюшні проста жывёлін, звычайнай цяглавай сілы. У кожнай загародцы стаяла своеасаблівая істота, зусім адметная ад іншых і зусім не такая, як у іншых калгасах. Што ж датычыць кабылкі, пра якую ішла гаворка, то гэта была адна з самых лепшых гадаванак Платона. Гэта тая самая Лысуха, якая яшчэ ў мінулую зіму была жаробкай i часам прыносіла старому конюху немала прыемных клопатаў. Вырвецца, бывала, з канюшні i пайшла гуляць па вуліцы. Хлапчукі з крыкам і віскам за ёй, а яна выляціць на выган, абмахне кругом вёску і ўжо імчыць з другога канца вуліцы. Тут стары выходзіць напярэсцікі, расстаўляе рукі, і жаробка напружвае пярэднія ногі, уязджае капытамі ў снег. Рэдка калі яна асмельвалася абмінуць Платона, а калі ўжо і абмінала, то на другім крузе абавязкова давалася ў рукі. Прыляціць, уткнецца ў Платонаў кажух і сапе вінавата і стомлена.

Размова крыху зацягнулася ў старых. Платон час-ад-часу памыкаўся ўстаць, каб ісці на канюшню, але Мітрафан прытрымліваў яго, бо ведаў аб сабе, што не засне да другіх пеўняў, як бы ні стараўся. А што можа быць пакутлiвей, чым бяссонніца ў глыбокую ноч?

Мітрафан устаў, каб зачарпнуць сабе вады, а можа i Платону падаць, калі захоча, як у гэты момант, штурхнуўшы з разгону сенечныя дзверы, убегла ў хату Даша.

— Бычка ўкралі! — на бягу крыкнула яна i пачала хутка надзяваць ватоўку.

— Што? — не разабраў Мітрафан. — Якога бычка?

— У цёткі Настулі! — дадала дзяўчына. — Ідзіце хутчэй туды, а я пабягу скажу хлопцам!

Яна выбегла, нават не зачыніўшы хатніх дзвярэй, а Мітрафан з Платонам, не надта спяшаючыся, накінулі на плечы свае кажухі (перад чыгуном бульбы Платон распрануўся, хоць звычайна мог сядзець у кажусе хоць суткі ў любой цеплаце) і пайшлі на Андрэішын двор. Пакуль яны прышлі, Даша з’явілася з хлопцамі. Сярод іх быў і Цімоша. Як гулялі разам на вячорках, так і рынуліся адразу па Дашынай трывозе. У двары хлопцы пачалі крычаць, мітусіцца, падаваць розныя парады, а некаторыя лічылі самым лепшым пайсці адразу на двор Кадрыліхі і абшукаць там усе закавулкі.

Мітрафан, пераглянуўшыся з Платонам, спыніў усю гэтую неразбярыху. Хоць сваім звычным шэптам, але цвёрда ён загадаў хлопцам не вытароўваць лішне двор, а сам узяў з рук Андрэіхі ліхтар «лятучую мыш» і пайшоў ад хлява ў бок загуменняў. Пакрочыў за ім i Платон. Хутка яны вярнуліся і паказалі хлопцам, куды павялі сляды: адзін чалавечы, другі бычыны. Відаць, не надта дужы быў злодзей, бо не нёс бычка на руках, а цягнуў яго збоку. Паколькі было яшчэ не позна i жанкі хапіліся адразу, то сляды не паспела занясці.

Хлопцы пабеглі па слядах, некаторыя са студэнтаў вынялі свае электрычныя ліхтарыкі. Пабегла з імі i Даша, а Мітрафан з Платонам пайшлі паціху, проста дзеля цікавасці.

«Хто ж гэта такі? — думала, бегучы, Даша. — Няўжо гэты самы Заткла, Кадрылішын паслугач?»

Уперадзе ўсіх імчаў Цімоша, ледзь не ступня ў ступню за ім бег адзін даўганогі студэнт і асвятляў ліхтарыкам сляды.

— Вунь бычок! — узрадавана і трывожна крыкнуў Цімоша, павярнуўшыся да хлопцаў i паказваючы рукою ўлева ад сябе, у бок недалёкага пасёлка.

— Гэта сабака! — не паверыў студэнт.

Але ён памыліўся: ля землямерскага слупка ў полі, па жывот у снезе сапраўды стаяў і калаціўся ад холаду Андрэішын бычок. Глянулі на сляды ад слупка, і Цімоша кінуўся ўправа, бліжэй да агародаў. Хутка ён заўважыў, што ля платоў мятнулася нешта чорнае і пакацілася па снезе ў напрамку Кадрылішынага агароду. Гэта ж самае адразу заўважыла і Даша.

— Заткла! — крыкнула яна гучным дзявочым голасам. — Забягайце яму наперад, бо ўскочыць у агарод, дык там не знойдзеце!

I толькі гэтае самае Заткла наважылася пераскочыць пляцень, як Цімоша нагнаў яго і з разгону штурхнуў у плечы. Заткла войкнула і асунулася на гэтым жа плятні, а тым, што падбеглі пазней, здалося, нібы злодзей усё ж намерваецца скочыць далей, дык некаторыя з іх таксама прыклаліся па разу.

Заткла з’ехала мордаю ў снег па той бок плятня i пачало жаласліва, па-дзіцячаму плакаць і прасіцца:

— Біце, браткі, мяне, забівайце!.. Усёроўна не жыць мне больш на свеце. Забівайце!

Голас мала быў падобны на Затклаў. Даша нахілілася над плятнём, студэнты пасвяцілі. Чалавек ляжаў ніцма, закрыўшы рукавамі твар. Са снегу тырчалі старая аблезлая шапка-вушанка, відаць, з летняга пужайла ў агародзе, і падраны кажух, падпяразаны вяроўкай. Хлопцы пералезлі цераз пляцень і ўзялі чалавека за рукі, каб падняць на ногі, але ён, стогнучы і войкаючы, вырваў свае рукі і зноў шуснуўся ў снег. Тады Цімоша ўзяў аберуч яго за галаву, перакруціў на бок, а студэнт уключыў ліхтарык.

— Васіль! — раптам спалохана i трывожна крыкнула Даша. — Вася, няўжо гэта ты?!

— Забівайце мяне, браткі, — зноў пачаў прасіцца чалавек, — канчайце на гэтым месцы, бо не хачу я больш жыць.

Гэта сапраўды быў Васіль Печка.

Усім хлопцам стала няёмка: з аднаго боку — перад імі ляжаў, усё ж такі, злодзей, якога з гарачкі можна было і выцяць і абразіць, якога трэба вось зараз жа аддаваць у рукі мясцовай улады, а з другога боку, гэта — таварыш, сябар, з якім не так даўно разам вучыліся, разам бегалі па вуліцы. Даша таксама разгубілася, не ведала, што рабіць.

— Як жа гэта ты, а? — усё пытала яна, успёршыся рукамі на пляцень. — Як жа гэта здарылася, Вася?

Прыклыпалі па гуртавых слядах Мітрафан з Платонам, убачылі, што начальства папалася, і пасунуліся моўчкі назад: далей ад граха, ад розных непрыемнасцей. Па дарозе яны забралі з сабою бычка.

Даша ўсё дапытвалася, але Печка толькі плакаў, скардзіўся на свой лёс, а ў гаворку не ўдаваўся.

— Хочаш, мы дапаможам табе дайсці дадому, — папрасіла дзяўчына, але Печка i на гэта нічога не адказаў.

Тады Цімоша, мабыць зразумеўшы, што хлопцу цяжкавата будзе рухацца сваім ходам, прапанаваў ісці на калгасны двор па сані. Усе пабеглі, а каля плятня засталася адна Даша. Яна пераступіла цераз пляцень і блізка нахілілася над Васілём.

— Давай я дапамагу табе ўстаць, га? Ты ж змерзнеш, лежачы ў снезе.

Васіль маўчаў, толькі чутно было, як ён хрыпла дыхаў і кашляў у снег.

Даша паспрабавала падняць яго і пасадзіць на пляцень, але хлапец зусім не імкнуўся ўважыць ёй, а, нібы наўмысля, шыўся глыбей у снег.

— Бок у мяне вельмі баліць, — як сабачаня, заскуголіў ён, — i няма чаго мне падымацца, няма куды ісці…Напаілі, дурня, падвялі… Ідзі, кажуць, выведзі бычка ў Андрэіхі, пакуль яна зноў не забрала яго ў сенцы. Заўтра будзе міравая закуска… Ніхто не ўгледзіць, — добра, а калі ўгледзіць, то скажы, што забіраеш на нарыхтоўку па асабістаму распараджэнню старшыні сельсавета. Я хацеў не ісці, дык што ж… Мокрут так зыркнуў на мяне, што аж у лытках стала холадна. Млынар сунуў мне ў рукі вось гэтую самую шапку i кажух, а Заткла вывеў на вуліцу.

— Не прасі мяне ўставаць, Даша, — трошкі падняўшы галаву, жаласліва гаварыў далей хлопец. — Усё роўна мне ўжо не ўстаць. Калі не капурну пасля гэтага, то сам на сябе рукі налажу. Паслухай лепш, аб чым я хачу цябе папрасіць. Не пішы ты аб гэтым Валодзю, брату майму. Не даруе ён мне гэтага ніколі, а толькі хвалявацца будзе. Лётчыку, ж, сама ведаеш, нельга хвалявацца.

— Добра, Вася, — ціха сказала дзяўчына. — Пра гэта я не буду пісаць, калі ты так просіш. Але дараваць табе сапраўды нельга.

10

Назаўтра Іванава бабулька пачала шкрабацецца вельмі рана, i пакуль Іван устаў, адзеўся, яна ўжо некуды збегала прыцемкам, нешта нават прынесла пад палою. Зірнуўшы мімаходам на кватаранта, скрыпуча закашлялася ад удушлівага смеху і паведаміла аб начным здарэнні ў Дабрасельцах.

— Злодзея злавілі, ды яшчэ якога!

Пасля гэтага прычапала да свайго вялізнага куфра, на вачах у Івана двойчы дзынкнула нутраным замком і, адвярнуўшыся, паклала ключ у нейкую там патайную кішэню.

Была ў гэты дзень нядзеля, у сельсавеце тэрміновай работы не было, дык Іван надзеў сваё паношанае палітцо, узяў з качарэжніку кіёк і пакрочыў памаленьку ў бок сваіх Дабрасельцаў. Мароз адлёг пад раніцу, і вецер уціх, дзень пачынаўся такі, што і вясна магла б яму пазайздросціць. Снег мяккі, не ліпкі яшчэ, аднак і не сыпучы. Здаецца, вазьмі яго ў руку — і не адчуеш холаду. Пад нагамі не коўзка і не вязне нага, як іншы раз пасля замеці.

«Схаджу дахаты, — думаў Іван, — спытаю там, што за здарэнне выйшла і ў сваім двары пабуду».

Калі ўжо міналася школа і пачынаўся паваротак да бяскрылых млыноў, Іван раптам пачуў, што яго нехта заве. Ён аглянуўся і ўбачыў, што па вуліцы ідзе Ілья Савіч і знакам рукі просіць пачакаць. Іван спыніўся і прыставіў да карацейшай нагі кіёк.

— Куды вы так рана? — спытаў дырэктар, падаўшы Івану руку.

— Хацеў у Дабрасельцы, — трошкі здзівіўшыся, што яго нагналі, адказаў хлапец. — А што, тут ёсць якая справа?

— Ды не, — прыязна сказаў Ілья Савіч. — Мне самому ў той бок, дык пойдзем разам.

Яны рушылі ўдвух па нікім яшчэ не кранутай дарозе. Іван стараўся прыбаўляць крок, каб не вельмі стрымліваць вышэйшага па росту i бойкага ў хадзе дырэктара, а дырэктар зусім непрыкметна, нібы толькі для таго, каб зручней было размаўляць, прыцішаў хаду.

— Хачу застаць эмтээсаўскае начальства, — гаварыў, ідучы, Ілья Савіч. — Можа яшчэ не выскачыла з дому, паколькі сёння выхадны.

— Хто яго ведае, — няпэўна сказаў Іван. — Вельмі ж любіць зайцоў ганяць, то наўрад ці дома.

— Так яно, — згадзіўся Ілья Савіч. — То за зайцам паімчалі, то за ваўком, а на месцы не застанеш. Абяцалі святло даць у школу, дык ужо каторы раз іду. Аднойчы, праўда, застаў быў дырэктара, але сакратарша ледзь пусціла ў кабінет. Электрычны званок у яе над галавою. У мяне ў школе святла няма, зімою вучні і настаўнікі слепяцца і вэндзяцца пры лямпах, а побач у дырэктара МТС электрычныя кнопкі на стале.

— Не быў я ў яго кабінеце, — заўважыў на гэта Іван, — аднак чуў, што ў яго там больш механізацыі, як у рамонтнай майстэрні. Кнопкі, званкі, вентылятары. Наш старшыня неяк пра гэта расказваў.

— Мокруту ўсё гэта па густу, — заўважыў Ілья Савіч.

— Аднаго разу сеў у папоўскае крэсла, — гаварыў далей Іван, — паклаў рукі на стол і загадаў Печку сабраць нас усіх да сябе. Прыйшлі мы, а ён сядзіць, адкінуўшыся на спінку крэсла, і абмацвае рукамі стол. «Запомніце кожны, — гаворыць нам, але не глядзіць ні на кога, — больш я не буду драць горла, завучы вас, а будзе ў мяне для кожнага званок: для цябе Печка, — адзін, для цябе, — паказвае на мяне, — два, для цябе, — паказвае на фінагента, — тры i так далей. Дагаварыўся з дырэктарам МТС — дае мне электраэнергію».

— Ды званкоў то ён нарабіў бы, — без здзіўлення сказаў Ілья Савіч. — Была б магчымасць, дык i сакратаршу пасадзіў бы за дзвярыма.

— Прышлі б вы калі-небудзь да нас на прыём, — сціпла ўсміхнуўшыся, сказаў Іван. — Толькі каб пад якім грымам і ў чужой вопратцы.

— Уяўляю я гэты прыём, — падхапіў дырэктар. — Неяк прыходзіла ў школу Даша, новыя рэкамендацыі прыносіла. Яна расказвала мне пра адзін такі прыём. Дарэчы, трэба было б ужо i вам пачынаць думаць наконт уступлення ў партыю, у кандыдаты, вядома.

— А можна мне, Ілья Савіч, вось нават цяпер падаць заяву? Як вы лічыце?

— Цяпер яшчэ ранавата, — з цеплатой у голасе, аднак цвёрда сказаў дырэктар. — Вам трэба стаць больш актыўным, навучыцца ненавідзець усякія недахопы ў нашым жыцці. З недахопамі трэба змагацца штодзённа i вельмі настойліва.

У гаворцы не заўважылі, як мінулі бяскрылыя млыны, як на фоне сіняватага ранішняга далягляду пачалі вырысоўвацца Дабрасельскія прысады.

— Тут быццам бы нейкі перапалох быў ноччу? — зусім не думаючы, што гэта мае якое-небудзь значэнне, прамовіў дырэктар.

— I я чуў, — пацвердзіў Іван. — Мая бабуля на досвітку ўсё здзіўлялася.

— Гэтая бабка ўсё ведае, — засмяяўся дырэктар, — хоць, здаецца, нікуды i не ходзіць.

Магчыма, што аб гэтым выпадку не было б больш і гаворкі, калі б на Дабрасельскай вуліцы раптам не сустрэўся Заткла. Ён выйшаў са свайго двара, не вымаючы з портак рук (варотаў у двары няма, адчыняць не трэба), пацягнуўся, пазяхнуў і пачаў углядацца спачатку ў адзін бок вуліцы, потым у другі. Відаць, у гэты момант вырашалася ў чалавека задача, куды бы гэта пайсці, які ўзяць кірунак, каб апахмяліцца ды ўхапіць што-небудзь, бо ў сваёй хаце нічога няма.

Убачыўшы здалёк двух мужчын, ён адразу павесялеў і рушыў ім насустрач, хоць яшчэ не ведаў, хто гэта ідзе. Як толькі наблізіўся і пазнаў сустрэтых, на момант засмуціўся, — з гэтымі не клюнеш, — аднак вельмі хутка знайшоў сваю ролю. Яго немалады і трохі жаўтаваты ад выпівак, аднак ледзь не спартсменскі твар адразу раз’ехаўся ў шырокую панібрацкую ўсмешку, рукі спачатку жвава заварушыліся ў портках, а потым выехалі адтуль і прыветна падняліся на ўзровень носа.

— Маю гонар, маю гонар! — урачыста загаласіў чалавек, сапхнуўшы з вачэй вялізную заечую шапку. — Я самы першы вітаю вас на нашай вуліцы!

Заткла з размаху падаў руку спачатку дырэктару, а потым Івану, прыпыніў іх гэтым сваім здароўканнем і, адразу перамяніўшы тон, спытаў:

— Чулі, таварышы?

— Пра што? — абыякава спытаў дырэктар.

— Гэта ж толькі падумаць, толькі падумаць!..

Заткла палапаў па кішэнях свае ватоўкі, нават пашарыў у адной, але выцягнуў адтуль толькі шматок бруднай ваты.

— Закурыць не маеце?

Ілья Савіч дастаў пачак папярос.

— Гэта ж проста… А, браткі мае! — працягваў абурацца Заткла i ў гэты час, не спяшаючыся, выцягваў з пачка папяросы: спачатку адну, а потым яшчэ дзве.

— Часта ў нас балбочуць, трэплюць языкамі: той вінаваты, той, Было нават — я чалавек адкрыты — было нават, што на мяне ківалі. Ажно ж бачыце, што робіцца, бачыце, адкуль рыба пачынае гнісці? Гэта ж проста ўзяць ды ў газету, ці, я ўжо не ведаю, куды.

— Аб чым жа вы гэта? — ужо губляючы цярпенне, спытаў Ілья Савіч.

— Аб чым, аб чым? — з папрокам перапытаў Заткла. — Вы яшчэ пытаеце, аб чым? А ведаеце, хто сённяшняй ноччу ўкраў у Андрэіхі бычка? Не ведаеце? Скажу, калі ласка…

Хоць i цяжка было паверыць гэтаму чалавеку, хоць цяжка было б узяць гэта на веру i ад усякага іншага, усё ж такое паведамленне вельмі ўразіла i дырэктара, і Івана. Яны ішлі далей моўчкі, таму што Заткла, які не адставаў ад іх, перашкаджаў ім гаварыць, але ў думках кожны здзіўляўся i не мог уявіць, як гэта Васіль Печка пайшоў на такі ўчынак. Ілья Савіч здзіўляўся больш за Івана. Ён памятаў Васіля яшчэ па школе, нічога дрэннага ніколі за хлопцам не заўважалася. Хіба ўжо цяпер так яго сапсавалі?

Іван больш выразна бачыў Васілёвыя слабінкі, бо не малы час працаваў разам з ім, аднак і ён адчуваў, што ў гэтым здарэнні ёсць нешта вельмі незразумелае.

Калі ля свайго двара Іван прыпыніўся, Ілья Савіч папрасіў яго даведацца, як усё гэта выйшла. Сам на сябе ён не спадзяваўся, таму што мог затрымацца ў МТС.

— Будзеце ісці назад, — сказаў ён на развітанне, — загляніце да мяне.

Заткла таксама быў пусціўся за дырэктарам, а потым, відаць, перадумаў: спыніўся ля свайго двара, засунуў рукі глыбока ў порткі i пачаў смачна, з выгібам спіны пазяхаць. Неўзабаве ён насунуў на вочы абвіслую вушанку і рушыў да двара Кадрыліхі.

Вароты ў Іванаў двор былі шчыльна зачынены, драцяны абадок нацягнуты на стаўпец. Снег як прысыпаў ноччу ўвесь гэты сэдасік, так ён прысыпаным і заставаўся: нідзе ні следа, ні якога-небудзь парушэння зімняй свежасці. Нават на клямцы дзвярэй ляжаў нікім не крануты пласток снегу. Іван абапёрся локцямі на верхнюю жардзіну варот. Жардзіна скрыпнула і трошкі ўгнулася, з яе апалі лёгкія камкі снегу. Не хацелася пакуль што заходзіць у двор, i цяжка сказаць чаму. Пракладзеш адзін-адзіны след, i потым ён будзе тырчаць на ўсю вуліцу. Зоймешся, канешне, сякой-такой работай i не паспееш сустрэцца з людзьмі, празнаць, што там здарылася з Васілём. А можа проста сумна было заставацца аднаму. Страсянуўшы вароты так, каб і з ніжніх жардзінак апаў снег, Іван да часу пакінуў свой двор. Андрэіха ўжо вярталася з фермы, калі ён падыходзіў да агародчыка, што перад яе хатай.

— ЗайдзІ, Іванка, да нас, — папрасіла гаспадыня.

Аднак не паспелі яны перакінуцца і двума словамі, як у хату ўвайшлі Мокрут і Ціхоня. Убачыўшы тут Івана, Мокрут спачатку злосна глянуў на яго, а потым размашыста прайшоўся па хаце, надзьмуў валлячок і звярнуўся да гаспадыні.

— Самагонку гоніш?

Андрэіха паглядзела на старшыню спачатку здзіўлена, а потым яе бледныя, прыморшчаныя вусны крануліся ва ўсмешку. У жанчыны мільгнула надзея, што сусед жартуе.

— Хіба я калі гнала? — без трывогі спытала яна. — Я ніколі не гнала.

— У мяне ёсць матэрыял! — грозна сказаў Мокрут. — Так што, давай не гэтае самае!.. Па чыстай совесці кажу!

Жанчына адразу змянілася ў твары, бо яна ўжо трохі ведала, што такое «матэрыял» на чалавека.

— Не гнала я самагонкі, — з крыўдай і роспаччу ў голасе сказала Андрэіха. Няма ў мяне з чаго гнаць i няма чым. Вы не туды прышлі, калі вам трэба самагонка.

— А куды нам ісці, куды? — Губы ў старшыні злосна сціснуліся.

— Вы самі ведаеце, хто гоніць самагонку.

— А хто, ну хто?. — Мокрут ступіў да Андрэіхі з такім выглядам, быццам хацеў прыгнясці яе, маленькую і бездапаможную, сваім калючым зрокам, галавою ў хромавай шапцы, шырокімі, крыху сутулаватымі плячамі. — А хто? Скажы!

«Ваша радня», — хацела сказаць Андрэіха, ды не асмелілася, адвяла вочы, і яе зрок міжвольна ўпаў на акно, якое выходзіць у бок Мітрафанавага двара.

— Яны, ты хочаш сказаць? — закрычаў Мокрут. — Яны? Што ж, паглядзім! — I, павярнуўшыся да Ціхоні, загаварыў з ім па-сяброўску. — Ты разумееш, мяне проста мучыць пачынае гэты двор. I дэпутатка ў хаце, i гаспадар, здаецца, чалавек наш. Праўда, царкоўны стараста ў мінулым, але ж гэта цяпер ужо не мае такога значэння. Ледзь не кожны дзень у мяне ўсё новы матэрыял на гэтых людзей, а тут яшчэ, чуеш, вось заяўляе чалавек, што i самагонку гоніць мая дэпутатка.

— Я нічога на іх не сказала. — Спалохана загаварыла Андрэіха. — Як вам не сорамна? Хіба я што сказала на іх?

— Ладна, не будзем! — пагардліва ўсміхнуўшыся, кінуў старшыня i нават не павярнуў галавы да жанчыны.

Андрэіха паімкнулася яшчэ нешта сказаць, выгаварыць Мокруту ўсю сваю крыўду, але ў гэты момант старшыня са знявагай лыпнуў на яе і цераз плячо сказаў:

— Чуткі пайшлі, што ў цябе нехта бычка ўкраў на закуску. Праўда гэта?

— Бычок мой у сенцах, — разгублена сказала жанчына. — Ноччу перавяла з хлява.

— Што? У сенцах? А ну, пакажы!

Мокрут паспешна адчыніў дзверы ў сенцы і махнуў рукою Ціхоню.

— От i вер людзям! Бачыш? Стаіць тут сабе, лысы д’ябал, а пра яго вунь ужо якія плёткі пайшлі. Дык кажаш, ніхто i не спрабаваў яго вывесці?

Андрэіха змаўчала.

— Вось гэта матэрыял! — задаволена ўсклікнуў старшыня. — Пад суд трэба за такі паклёп. Ачарніць людзей, арганізаваць пабоішча… Ну, вось што! — ён ледзь толькі аглянуўся на гаспадыню. — Вобыску ў цябе сёння рабіць не будзем, я там яшчэ раз праверу матэрыял. Лысага ж гэтага беражы, гадуй. Калі хто што спытае пра яго, раскажы так, як нам расказала, калі хто паглядзець захоча, пакажы. I не слухай надта гэтую тваю суседачку. Дэ-эпута-а-тку… Харошы бычок, спраўны. Найлепшая была б закуска. Праўда?

Задаволена глянуўшы на Ціхоню, старшыня весела засмяяўся, пагладзіў лысага па спіне і выйшаў з сянец. Ужо ледзь не каля самага агародчыка спыніўся, успомніў пра Івана, відаць таму, угледзеў праз адталую шыбу яго здзіўлены твар.

— Ідзі сюды! — махнуў яму рукою.

Іван выйшаў, падняў на старшыню вочы, поўныя абурэння i нянавісці.

— Ты чаго тут?

— Ды вось, зайшоў праведаць, пагаварыць.

— Вось што!.. — апусціўшы па-вайсковаму рукі, грозна сказаў старшыня. — Ты не надта тут!.. Разумееш? Каб ніякіх тут спачуванняў і лішніх слоў. А то твая божая гаспадынька таксама цісне самагонку, дык каб не прышлося аддувацца кватаранту. Зразумеў?

— Вы не вельмі тут палохайце! — сказаў Іван і рашуча ступіў крок бліжэй да Мокрута. Той падаўся крыху назад.

Адчыніўшы калітку, Ціхоня нецярпліва паглядваў на старшыню i варушыў тоўстымі, свежымі губамі, нібы збіраючыся сказаць штосьці вельмі рэзкае і непрыемнае. Мокрут падышоў, не заўважыўшы гэтага, выціснуў перад сабою ўчастковага, а потым так бразнуў каліткаю, што снег пасыпаўся не толькі з варотаў, а нават і з агарожы. Ідучы па вуліцы, ён хацеў пачаць гаворку пра гэтага свайго «кульгавага начальніка» і на ўсякі выпадак сёе-тое паведаміць пра яго, але раптам убачыў перад сабою Дашу і спыніўся, як аслупянелы. Дзяўчына ішла, відаць, да суседкі, таму не была цёпла апранута, а толькі пуховы ша — лік, як і раней, быў накінуты на галаву і лёганька закручаны на шыі. Спыніўшыся, Мокрут хоць і раптоўна і неяк падсвядома, але ўсё ж падумаў, што i Даша павінна супыніцца, ды не збыліся яго спадзяванні. Дзяўчына як ішла шпаркім руплівым крокам, так i пайшла далей, толькі паздароўкалася з мужчынамі коратка і паспешліва. Роўнае i прыгожае ступанне яе суправаджалася лёгкім парыпваннем снегу.

Ціхоня пакрочыў далей, зрабіўшы выгляд, што не жадае цікавіцца чужымі інтымнымі справамі, а Мокрут усё не сходзіў з месца, нібы зачараваны, глядзеў услед дзяўчыне. Раптам, нібы перавярнулася нешта ў яго ў нутры, згінула некуды, быццам патанула яго злосць на Андрэіху, на Івана, агіднымі сталі ўсе гэтыя выдумкі пра нейкія незвычайныя матэрыялы, пра самагонку. Хацелася вось толькі глядзець на ражок Дашынага шаліка, які трошкі варушыўся ад ціхага ветру, ісці за ёю і нават ступаць у гэтыя маленькія роўныя сляды. Вось яна прайшла, нічога дрэннага не сказала, нават глянула быццам не злосна, без калючак, а што было сказана вось толькі што на яе?

I кім было сказана? Каб гэта хто чужы, пабочны, каб гэта які ненавіснік? А то ж — чалавек, які не адзін раз прачынаўся ноччу з думкай аб ёй, для якога, часта здавалася, не было нікога больш блізкага.

I калі б гэта яшчэ праўда была сказана, калі б усё гэта рабілася дзеля дабра, дзеля справядлівасці.

Вось яна зараз прыдзе да Андрэіхі, аб усім даведаецца. Калі Андрэіха ёй не раскажа, дык Іван раскажа. Чорт яго прынёс якраз жа на гэты час. I, напэўна, здзівіцца дзяўчына, засмуткуе ад такой нечаканасці. Усяго было раней, а такога, каб узводзіць хлусню на свайго, нават любімага чалавека, яшчэ не было.

Мокрут глянуў уздоўж вуліцы, у той бок, куды пайшоў Ціхоня, аднак яму зусім не хацелася даганяць яго. Думкі ішлі ўсё за Дашай. На момант нават з’явіўся намер махнуць рукою на Ціхоню, на ўсё недарэчна службовае і вярнуцца ў хату Андрэіхі, стаць на калені перад гаспадыняй i перад Дашай. Няхай бы яна ведала, як баліць у яго вось цяпер на сэрцы, няхай бы ведала, што каб магла дараваць яму ды змаўчаць пра выпадак мінулай ночы, то, пэўна, ужо ніколі б ён, старшыня Чырвонамакаўскага сельсавета, не саступіў бы з простага людскога шляху.

«А можа, — раптам падумалася яму, — адмовіцца ад усяго гэтага, сціснуць душу ў кулаку ды пайсці дадому? Там усё-такі жонка, ужо каторы дзень нездаровая ды вельмі задумлівая. Сядзіць, нічога не гаворыць, нават не крычыць, не злуецца, а толькі ўсё нешта распорвае ды сшывае нанава. Яшчэ не так скора быць ёй маткай, а ўжо, мабыць, рыхтуецца…»

Паімкнуўся старшыня нават ступіць у бок свайго двара, ды ўсё ж такі не хапіла ў яго рашучасці. Пастаяўшы яшчэ з хвіліну, ён квола павярнуўся, наставіў скураны каўнер і пакрочыў услед за Ціхонем.

11

Даша зайшла ў хату якраз на пачатак размовы. Андрэіха стала расказваць Івану пра начную трывогу, скардзілася, што ўсю гэтую ноч не спала, аднак жа сутнасць справы старанна абыходзіла, нібы сама пра яе нічога не ведала. Даша адразу ўлавіла гэтую нотку суседкі.

— Хіба вы баіцеся Івана? — здзіўлена спытала яна.

— Чаго мне баяцца, — сказала на гэта Андрэіха. — Свой жа ён. От кажу, што не спала ўсю ноч, напалохалася, бо нехта ў хлеў лазіў. А хто — чорт яго мацеру ведае.

— Сказала ж я вам яшчэ ўчора, хто лазіў і чаму.

— А я не вельмі прыслухалася, сказаць па-праўдзе.

— Няўжо вы i гэтым нічога не сказалі? — Даша зняважліва паказала рукой на тое акно, што выходзіла на вуліцу.

— А што мне было ім гаварыць? Мокрут пра самагонку пытаўся.

Тады Даша пачала расказваць Івану ўсё па-парадку, а гаспадыня толькі моршчылася, слухаючы.

— Аж страшна робіцца, — сказаў Іван, — каб не ад цябе чуў, то не паверыў бы. Як жа гэта вы, цётка Настуля. Га? Чаму вы змоўчалі перад Мокрутам, не сказалі нават пра яго віну? Спужаліся крыкаў?

— А то і спужалася! — рэзка прамовіла Андрэіха. — Думаеш, не? Спужаецца на маім месцы кожны, бо вы яшчэ не ведаеце, чаго можа нарабіць гэты чалавек. — Яна падышла бліжэй да Дашы. — Табе мо таксама не трэба было б з ім лішне чапацца. Твой бацька не мала перажыў. I пэўна з-за яго.

— Што ні было i што ні будзе, — рашуча сказала дзяўчына i тужэй зацягнула на сабе шалік, — а я не спалохаюся Мокрута! I нікога не спалохаюся! Калі бачу якую несправядлівасць, дык у мяне кіпець у сэрцы пачынае, і нішто тады не страшна.

— Бо ты яшчэ маладая, — змрочна глянуўшы на дзяўчыну, сказала Андрэіха. — А мне як жа?.. От кажа чалавек — «матэрыялы». А чорт яго бацьку ведае, што там у яго за матэрыялы! Можа зноў што…

— Ды ніякіх матэрыялаў! — упэўнена заявіў Іван. — Гэта ў яго ўжо хвароба нейкая — палохаць людзей. Ён і ў сельсавеце так. А глянеш потым, праверыш, дык нічога і няма.

— Зло чалавеку зрабіць не цяжка, — адстойвала сваё гаспадыня. — Калі ў яго толькі кепскае на вуме, то лепш сыйсці такому з дарогі, лепш пераступіць. Няхай ідзе ліхое, пакуль само дзе не ўваліцца ў якую яму, не згіне.

— Заткла п’яны быў уваліўся ў Кадрылішын калодзеж, — смеючыся, сказала Даша. — Аднак жа, што з гэтага? Прачухаўся там, вылез ды адразу зноў напіўся. Не, цётка Настуля, калі ўсякаму ліху ўступаць дарогу, палохацца яго, то ўсё жыццё можа прапасці. Тады сумленнаму чалавеку хоць i не радзіся.

— Хто яго ведае, як яно… — уздыхнуўшы, заўважыла гаспадыня. — Вось мой Андрэй, нябожчык, не ўступаў; гэтак жа, як i ты цяпер, не любіў усялякай няпраўды, калаціўся ад яе. А траха не памёр потым ад гэтага. А Заткла, як ты ўпамянула, век праўдай не жыў, але нічога, відаць, ён не шкадуе, што такім нарадзіўся. Людзі ў вайну гаравалі, мучыліся, а ён і тады пасвістваў, ходзячы па вуліцы.

— Цяпер таго ўжо не будзе, — задумліва прамовіў Іван, а Даша, падтрымаўшы яго, пачала даводзіць гаспадыні, што добрых, харошых людзей больш, i таму добрае і харошае ў жыцці бярэ верх.

— Вось i нябожчык дзядзька, — узрушана працягвала дзяўчына. — Калі б не добрыя людзі, то наўрад ці вылез бы ён з бяды.

— А праз каго? Праз каго мы так пагаравалі. Ведаеце? — Андрэіха ўзмахнула рукамі, голас яе задрыжаў. — Маўчала я, але калі ўжо так сёння зайшла гаворка, то скажу вам абаім. Мокрут падаў хлусню на Андрэя, мы яшчэ тады пра гэта ведалi!

Цётка Настуля яшчэ доўга расказвала пра ўсе падрабязнасці таго жудаснага выпадку, а Даша з Іванам у вялікім здзіўленні слухалі i ўжо больш не перабівалі яе, не спрачаліся. Гэта, канешне, не азначала, што яны згадзіліся з думкай Андрэіхі аб непатрэбным асцератанні ў жыцці. Згаджацца тут не было чаго. Яны проста ад здзіўлення і нечаканасці маўчалі, ды ад сардэчнага спачування жанчыне, якая перажыла гэтулькі пакут. Потым Даша глыбока задумалася i падышла да акна. Дзяўчына стаяла нерухома, прытуліўшыся скроняй да шалёўкі, i хлопцу ўявілася, што яна цяпер успамінае сваё далёкае мінулае, наколькі яна яго памятае па даўніх расказах людзей: колішнія пакуты бацькі, смерць матулі ў часе фашысцкай блакады. Пра смерць Дашынай маці Іван адразу мог падумаць, бо гэта адбывалася на яго вачах i пры яго асабістым цяжкім горы. У той жа самы час i на тым жа самым балотным астраўку пахавалі тады i яго матулю. На шчасце, Андрэіха тады неяк вытрымала, засталася ў жывых. Яна i дапамагла Мітрафану ўратаваць сваіх меншых дзяцей: Дашу і Цімашка.

Ці мала аб чым можна цяпер падумаць, ці мала што можа вострым болем апячы дзявочую душу? Мокрут — амаль што сусед, толькі праз двор жыве. Увесь час адносіўся да яе з павагай, i нават бацька нічога асабліва кепскага не гаварыў пра яго. Магла Даша меркаваць, адчуваць душою, што Лявону па натуры выпіць, накрычаць на каго-небудзь, пусціць на чалавека мянушку, злосны анекдот, а пра такое, аб чым яна сёння пачула ад Андрэіхі, нават i не снілася ніколі.

Затым, вось яшчэ Васіль. Можа яму i выжыць цяжка будзе, а як тут даказаць чыстую праўду, каб выратаваць чалавека ад пакутаў i ганьбы? Калі Мокрут такі, то ён абавязкова пастараецца выгарадзіць сябе. А хто такі Васіль для Дашы?..

Іван заўважыў, што на дзявочыя рукі, складзеныя адна на адну на падаконніку, упала слязіна. Заўважыў, як здрыганулася Даша, адчуўшы на пальцах гэтую слязу, і падаўся да дзвярэй. Ён падумаў, што яму лепш пайсці адсюль, а суседкі няхай душа ў душу пагавораць між сабою, няхай нават выплачуцца, калі ад гэтага ім стане лягчэй. Аднак Даша адразу спыніла яго:

— Пачакай, Іван, пойдзем разам! Пойдзем да Ільі Савіча, раскажам яму ўсё, усё!

— Пойдзем, — згадзіўся Іван. — Толькі я загляну яшчэ ў свой двор, там трэба мне паглядзець сёе-тое.

Ідучы ў двор i нават ужо ходзячы па двары, Іван усё не мог адагнаць ад сябе цяжкія думкі пра Мокрута, пра чалавека, з якім некалькі год працаваў, якога быццам бы і ведаў, і нібыта зусім не ведаў. Успомніўся выпадак з мінулай восені. Ехаў аднаго разу Мокрут з раёна, Іван быў у яго за фурмана. Дарога размокла, конь ледзьве плёўся па гразі. Даехалі да мастка i тут уваліліся зусім: вядома, якія на тэрыторыі Чырвонамакаўскага сельсавета масты. Мокрут загадаў выпрагчы каня, сеў верхам і паехаў у вёску збіраць на дапамогу людзей, а Іван застаўся сцерагчы драбінкі i вупраж. Час хіліўся ўжо к вечару. Вёска была не так блізка ад дарогі, аднак Іван разлічваў, што калі старшыня адразу знойдзе людзей, то да добрага змяркання можна будзе вылезці з канавы. Але ж праходзіла гадзіна, другая, а старшыні ўсё не было. Хлопца і прабіраць ужо стала: з нялеснага боку падуваў вільготны вецер і пранізваў асенняе палітцо, падстуджваў калені. Добра, што салома ў драбінках была. Іван залез у драбінкі, урыўся, як мог, у салому і стаў чакаць далей. Ужо зусім сцямнела, цішыня запанавала на дарозе, толькі зрэдку даносіўся тужлівы шум недалёкага лесу ды вада маркотна булькала пад калёсамі. Трохі ўгрэўшыся, хлапец пачаў злёгку падрэмваць, а потым і добра задрамаў, бо калі пачуў голас чалавека, то здрыгануўся ад спалоху.

— Хто тут? — пытаў чалавек.

— Я, — паспешна адказаў Іван.

— Хто ж гэта «я»?

— А-а, гэта вы, Павел Паўлавіч?

— Ну, вось і пазнаў. А ты быццам бы Дабрасельскі, так?

— Так, Павел Паўлавіч, ён самы.

— Бачу, быццам бы, драбінкі Мокрутавы, але ж у цемнаце чорт яго разбярэ. А дзе ж Мокрут?

— Паехаў верхам у вёску, — адказаў Іван, прыўзняўшыся на локцях, — абяцаў людзей прывясці, ды вось няма.

— Даўно паехаў?

— Яшчэ да захаду, гадзін з чатыры ўжо.

— То няма чаго і спадзявацца, — упэўнена сказаў Павел Паўлавіч, — не прыедзе ўжо да відна. У цябе там ёсць што-небудзь пад бокам?

— Салома, — адказаў Іван i, бачачы, што інструктар падбіраецца да драбінак, адсунуўся на самы край і выграб з-пад сябе большую частку падсцілкі.

— I мне ўжо ісці далей не надта пад сілу, — гаварыў Павел Паўлавіч, трымаючыся на хаду за аглоблю, якая тырчала з канавы, нібы зенітка. — Ногі ўжо не тыя. Бывала, хадзіў, і ездзіць, праўда, даводзілася, а цяпер — не тое. — Ён паслізнуўся ў гразі і ледзь не з’ехаў у канаву; цяжка засоп пасля гэтага і закрактаў. Іван устаў, каб дапамагчы яму.

Улезшы ў драбінкі, інструктар зняў з сябе шырокі брызентавы дажджавік, уладкаваўся ў саломе і задаволена ўздыхнуў.

— Хочаш, і цябе дажджавіком накрыю, — прапанаваў ён Івану, — ды аддыхнем да відна, а там прыдумаем што-небудзь. Не прыдзе Мокрут, дык і чорт яго бяры, самі дамо рады з павозкай, гэта ж не грузавік. Я ўжо цябе не пакіну тут аднаго. Што там у нагах цвёрдае?

— Хамут, — удзячна адказаў Іван.

— Давай яго сюды, — папрасіў Павел Паўлавіч.

Іван падаў інструктару хамут, а той падклаў яго сабе пад галаву i з поўнай асалодай выцягнуўся.

— От цяпер мудрэй, як у гасцініцы, — прамовіў ён. — Я люблю, калі трохі канём пахне. Некалі служыў у кавалерыі, дык вось засталося на ўсё жыццё. А Мокрута ты не чакай, — ужо не надта ахвотна працягваў Павел Паўлавіч, бо, відаць, стомленасць брала сваё. — Ты яшчэ не ведаеш, што такое Мокрут? Канешне, не ведаеш. I Печка, твой дружок, таксама не ведае.

Пасля гэтага інструктар сказаў яшчэ нешта пра салому, пра свой вельмі патрэбны ў дарозе дажджавік, парадаваўся, што Мокрут забраў каня, а то б прышлося выцягваць з-пад сябе салому, і заснуў. Спаў ён, аднак, не доўга, відаць, узрост ужо добра адчуваўся, ды i хамут усё-такі быў пад галавою, не падушка. Павярнуўся на бок, прыціх, пэўна, хочучы заснуць яшчэ, але сон ужо адляцеў некуды, не так то лёгка заснеш. Нейкі час Павел Паўлавіч маўчаў, потым заўважыў, што Іван таксама не спіць, i гэта яго здзівіла: «Малады хлопец i не спіць. Чаго ж гэта ён?»

— Можа табе холадна? — спагадліва запытаўся інструктар.

— Не, нічога, — адказаў Іван. — Добра, што хоць зверху не лье.

— Ды яно сапраўды, — згадзіўся Павел Паўлавіч, — калі б лупянуў добры дождж, то цяжкавата было б, хоць i брызент у нас. Заўважаю, што быццам бы перажываеш ты; відаць, саромеешся перада мною сваёй сённяшняй ролi. Так? А я табе скажу на гэта, што калі ты не саромеўся быць Мокрутавым фурманам, то не саромейся быць і вартаўніком. I наогул няма чаго саромецца. Трэба адчуваць заўсёды, што ты сам па сабе з’яўляешся чалавекам, i трымаць спакой на душы. Я ўжо даўно так жыву. От начую я сёння ў Мокрутавых драбінках, лічы, што пад мастом, хамут у мяне пад галавою, а спакойны. Чаму я спакойны? Таму што ведаю: нічога ад гэтага мне ні прыбавіцца, ні ўбавіцца. Якім быў я чалавекам, такім і буду. I вакол мяне ад гэтага нічога не зменіцца. Спаў бы я сёння на мяккай пярыне, на кватэры, скажам, у самога старшыні райвыканкома, — было б тое самае.

Павел Паўлавіч паправіў брызентавую накідку на сабе i на Івану, падклаў руку пад нябрытую шчаку і, адчуўшы, што хлопец хоча яго слухаць, пачаў гаварыць далей.

— Я разумею, што табе цяжка быць такім, хоць спакойнасці ў цябе, быццам бы, таксама мнагавата. У маладосці i я быў іншым. Ды дзе там, у маладосці! Яшчэ пяток год таму назад у мяне была зусім другая натура. Вось як у гэтай вашай дэпутаткі. Як яе?..

— У Дашы, — падказаў Іван.

— Але, у Дашы. Угледжу, бывала, дзе які непарадак, жыць не магу, пакуль не ўмяшаюся. Быў жа я некалі i старшынёй райвыканкома, і ў вобласці працаваў. I цяпер я толькі вось запісную кніжку пры сабе нашу. Калі ўжо вельмі што прыпячэ, дык выму, запішу. — Інструктар заварушыўся, памацаў вольнай рукой бакавую кішэню. — Ці тут яна ў мяне, гэтая кніжка? — занепакоіўся ён. — Ці не згубіў часам?

Пасля гэтага зноў пачаў гаварыць, нібы разважаць сам з сабою:

— Ты думаеш, я не ведаю, не бачу навылёт вашага Мокрута? Ведаю, бачу, але, прызнацца табе, адварочваюся ад усяго гэтага. I вас абодвух я ведаю, — чамусьці засмяяўшыся, прадаўжаў Павел Паўлавіч. — I цябе, i Печку. Памятаеце, як з месяц таму назад вы чакалі старшыню аблвыканкома? Печка ўсю ноч драіў падлогу ў сельсавеце, ты насіў ваду. Знайшлі недзе каўровую дарожку, паслалі ў Мокрутавым кабінеце, i Печка суткамі наглядаў, каб яе не ўкралі. Мокрут выдаў старому конюху боты, каб не брыдка было выехаць з ім, калі раптам начальства захоча пракаціцца ў павозцы. Не мог жа ён тады цябе браць за фурмана, начальства магло за гэта не пахваліць. Надзеў конюх новы абутак, два дні панасіў, а потым, калі высветлілася, што старшыня аблвыканкома не прыедзе, Мокрут адабраў у старога боты.

Я тады неўпрыкметку наглядаў за ўсімі вамі і пасміхваўся. Печка аж штаны падраў, выскрэбваючы падлогу. А старшыня аблвыканкома i не збіраўся ехаць сюды, гэта я пусціў такую пагалоску.

Павел Паўлавіч яшчэ доўга гаманіў пад брызентам, а потым зусім нечакана заснуў. Іван стараўся ўсяму верыць, пра што чуў ад гэтага пажылога чалавека, але падчас закрадвалася i сумненне наконт таго, што было сказана пра Мокрута. Аб гісторыі з конюхавымі ботамі Іван чамусьці не ведаў.

Сумненне і блытаніна ў думках з’яўляліся і потым, жылі яны, бадай, да сягонняшняга дня, вось да нядаўняй размовы з Андрэіхай. Мабыць, таму і ўспомнілася цяпер доўгая начная гамонка з Паўлам Паўлавічам. Лявон Мокрут уяўляўся чалавекам незразумелым, хутчэй за ўсё нікчэмным, хоць i з такім аўтарытэтным валлячком і ўнушальным голасам. Страшна было падумаць, як гэта заўтра зайсці ў сельсавет ды сустрэцца з ім, ды яшчэ выконваць яго загады.

Івану цяжка было за сябе, а яшчэ больш за Васіля Печку, у якога нават ніколі i не варухнулася ў галаве, каб не паслухаць Мокрута. Ён то сам, начальнік вайскова-ўліковага стала, усё ж часамі не выконваў суровыя загады, — не хадзіў пілаваць дровы старшынёвай жонцы. Гэта трошкі падбадзёрвала, аднак не збаўляла душэўнай крыўды i болю. Хлопец блукаў па сваім садку, мераў глыбокі снег, і сам добра не ведаў, для чаго. Адсюль добра быў відзён новы дом Шулава, жоўты, нібы з воску. Каля ганка ўзвышаўся стос цынкавых начовак. Гэта старшыня калгаса будзе перакрываць сваю будыніну: здыме звычайную бляху і пакладзе цынкавую. Колькі каштавалі калгасу гэтыя начоўкі?

Раптам Івана пацягнула выйсці на вуліцу, знайсці ў Дабрасельцах Шулава і ў вочы задаць яму гэтае пытанне. Але каля варот зноў паказалася заечая шапка Затклы, i хлопец спыніўся. Не хацелася яму сустракацца з гэтым чалавекам. Угледзіць, прывяжацца, i не адчэпішся ад яго да вечара. Калі няма ніякіх навін, то будзе расказваць сваю, на яго погляд, вельмі незвычайную біяграфію: колькі разоў дзе быў i колькі разоў яго адтуль выганялі, колькі разоў жаніўся і чаму цяпер няма ні жонкі, ні дзяцей, а толькі старая цёшча стогне на печы.

«Няхай шукае Мокрута, — падумаў Іван. — Той можа паслухаць яго біяграфію».

Іван вярнуўся ў садок, успомніў, што трэба агледзець прышчэпкі, можа, абвязаць іх лепш, каб не пагрызлі зайцы. Агледзець, ды хутчэй да Ільі Савіча, а то Даша, пэўна, не дачакаецца, пабяжыць адна. Можа так выйсці, што і Андрэіха пойдзе з ёй.

Пад старой бэрай стаіць вулей-калода. Ледзь не да палавіны ён занесены снегам. Хлопец спыняецца перад гэтым вуллем, нечакана для сябе задае пытанне, ёсць тут цяпер пчолы, ці не? Можа адсыпаліся ад марозу? Ён становіцца ў снег каленямі, прыкладае вуха да заткнутага саломаю лятка. Нічога, канешне, не пачуеш зімой, але яму здаецца, што пчолы бесперапынна варушацца, грэюць адна адну. Успомнілася, як некалі нябожчык-бацька вось гэтак жа станавіўся перад гэтым вуллем на калені, толькі не зімою, а ўлетку, калі трэба было падглядаць пчол. Ён кожны раз вельмі старанна ўмываўся перад гэтым, надзяваў чыстую рубашку і быў заўсёды такі вясёлы, што радасна было глядзець на яго. Іван наглядаў за бацькавай работай здалёк, бо падысці баяўся: маглі пчолы ўджаліць. З першай падрэзкі бацька прыносіў яму светлы квадрацік свежага пахучага мёду. Хлопчык браў яго ў губы, i здавалася, што ўсё навокал пачынала спяваць, а сонца над бэрай іскрылася золатам.

Над бэрай i цяпер стаяла сонца.

12

У малых гадах Васіль Печка быў слабаваты здароўем, хоць i вяртлявы, непаседлівы. Не надта вылюднеў i падросшы, таму не пайшоў далей вучыцца пасля дзесяцігодкі i не быў прызваны ў армію. Лявон Мокрут, як чалавек з пэўным вокам на патрэбных яму людзей, заўважыў у хлопцу перш за ўсё схільнасць выконваць усё, што яму ні скажаш, затым — стараннасць у рабоце, найлепшы почырк і іншыя, вядома, адметныя якасці. I сапраўды, Васіль працаваў самааддана. Кожны дзень ён пехатою абходжваў паўсельсавета, быў у Мокрута не толькі сакратаром, a і кур’ерам, выканаўцам розных асабістых даручэнняў. У апошнія часы хлапец асабліва многа бегаў па вёсках, па пасёлках, падганяў розныя справы, згладжваў тое, што было не зусім гладкім, бо набліжалася такая сесія, дзе Мокруту трэба было рабіць справаздачу. Сама сесія то яшчэ нічога, Мокрут разлічваў правясці яе гладка. Але на гэтую сесію можа, як гром з неба, зваліцца раённае начальства, дык тут ужо трэба паварушыцца. Васіль туды, Васіль сюды! Печка, зрабі опісь, Печка, зрабі па сто грамаў! Сакратару бегатні нямаведама колькі, а тут яшчэ і выпіць даводзіцца амаль што кожны дзень. Іншы раз Васіль i рад быў бы адмовіцца ад гэтай выпіўкі, або ўзяць толькі для прыліку, не поўную мерку. Але ж што скажа на гэта Мокрут? Каму ж гэта хочацца паказваць сябе нейкім блазнюком? Да таго ж, і звычка ўжо ўбіралася ў сілу.

Так падкасіліся ў хлапца і тыя сілы, што былі. Для здаровага лайдака, ды яшчэ не цвярозага, нічога не значылі б тыя вельмі спагадлівыя штуршкі, якімі надзялілі Васіля хлопцы ў тую недарэчную ноч. Не пашкодзіў бы таму лайдаку і не надта доўгі адпачынак у снезе. А вось сакратару Чырвонамакаўскага сельсавета ўсё гэта вельмі пашкодзіла. Трохі яго штурхнулі, трохі паляжаў, разагрэўшыся, у снезё, пакуль хлопцы прывязлі сані, галоўнае ж — ператросся чалавек, перапаліў нервы і не ўстаяў пасля гэтага, захварэў.

Даша кожны дзень прапытвала пра Васіля, амаль кожны дзень намервалася ісці да Печкаў у хату, але ўсё неяк адкладвала, хоць з цяжкім болем у душы. Не лёгка было рашыцца на такое наведванне. Ніколі ў сваім жыцці яна не была ў Печкаў, ніколі блізка не сустракалася са старой Аксінняй, Васілёвай маткай, а толькі чула, што жанчына гэтая крутога нораву, вельмі вострая на язык і не раз прабірала Валодзю за тое, што абмінуў і сваіх, і гарадскіх дзевак ды знюхаўся вунь з нейкай цялятніцай.

Крыўдна было ўспамінаць і думаць пра гэта, але ўсё ж такi дзеля справядлівасці, дзеля сапраўднай чалавечай дружбы дзяўчына адважылася пайсці ў Чырвоныя Макі. Выйшла аднаго дня вельмі рана, адразу пасля таго, як з большага ўправілася на ферме. У Чырвоных Маках яшчэ толькі дымы валілі з каміноў і вучні беглі ў школу, калі яна падыходзіла да Печкавага двара. Ужо з вуліцы заўважыла, што Аксінні няма дома: дзверы ў сенцы зашчэплены і з двара пайшоў свежы след. Спачатку хацела вярнуцца, а потым выпадкова глянула на комін i ўбачыла, што адтуль яшчэ цэдзіцца рэдкі дымок. «Юшка не зачынена, — падумала Даша, — значыць гаспадыня недзе каля дому».

Сапраўды, неўзабаве Аксіння выйшла з чужога двара i, асцярожна ступаючы па коўзкай сцежцы, накіравалася да свае хаты. У руках яе былі два вялікіх вядры, да самых берагоў напоўненыя вадою.

Дзяўчына пайшла ёй насустрач.

— Дайце я вам памагу, цётка, — весела сказала яна i працягнула руку да почапкі аднаго вядра.

— Не трэба… я сама, — пераводзячы паміж словамі дух, загаварыла жанчына. — Гэта ж… калодзеж замёрз… у тыя маразы… што былi. Ды i снегам занясло… А пачысціць няма каму… Адна засталася.

I толькі цяпер яна на нейкі момант адарвала свой позірк ад сцежкі i агледзела Дашу.

— А вы чые ж гэта будзеце? — прыязна спытала яна. — Нешта не пазнаю.

— Ды я не адсюль, — пачынаючы трывожыцца, адказала Даша. — Я з Дабрасельцаў.

— З Дабрасельцаў? — нібы не верачы, перапытала жанчына. — А чыя ж усё-такі?

— Мітрафанава, — адчуваючы, што набліжаецца цяжкая хвіліна, сказала Даша. — Я прышла праведаць вашага Васіля.

Аксіння паставіла вёдры на снег, спачатку глыбока ўдыхнула ў сябе паветра, а потым, нібы шуфлем, сыпанула на Дашу мноства непрыемных і крыўдных слоў:

— Дзякую табе, дзякую, што ўважыла… Прыбіўшы хлопца, то можна i праведаць… Канешне… Вельмі рады мы твайму праведанню… Чакалі, ледзь дачакаліся… Вось i Валодзя прышле табе падзяку за брата… Канешне!..

— Што вы, што вы гаворыце? — у абурэнні пытала дзяўчына. — Цётка Аксіння, гэта ж усё няпраўда. Я хацела вам расказаць, як усё было. Я якраз ратавала Васіля.

— Ратава-ала… — злосна паўтарыла Аксіння. — Як гэта ты ратавала? Што не біла сама? Даволі таго, што твой брацік біў пад тваю каманду. Мокрут быў у мяне, усе расказаў.

«Мокрут ва ўсім і вінаваты», — хацела сказаць Даша, але жанчына нервова i роспачна замахала на яе рукамі, заплакала i неяк залішне жвава ўхапілася за вёдры.

— Няма ўжо Васіля дома, — плачучы, сказала яна, калі ўвайшла ў двор. — Няма. Завязлі ўчора зранку ў бальніцу.

— Праўда?! — Даша кінулася ўслед за цёткай Аксінняй, але тая з наўмыснай спрытнасцю зняла з прабоя зашчапку, пераставіла цераз парог вёдры і зачыніла за сабою дзверы.

З болем і пякучай крыўдаю ў сэрцы саступіла Даша з пасыпаных попелам усходцаў. Міжвольна глянула на вуліцу, ці не ідзе хто, ці не бачыць яе такой ганьбы, такога цяжкага, несправядлівага сораму. Каб была якая-небудзь асобная сцежка, па якой можна было трапіць дадому, не выходзячы на вуліцу, Даша, напэўна, пайшла б гэтаю сцежкаю. Няхай хоць праз лясы, праз балоты, абы толькі людзей не сустракаць, не паказвацца нікому. Такога горкага, бездапаможнага адчування, здавалася, яшчэ ніколі не было.

Ухутаўшы шарсцяной хусткай твар, яна квола пайшла да варот, потым вярнулася, падышла да калодзежнага вочапа. Нізкі і пахілены зрубчык сапраўды ледзь не ўвесь быў замураваны намараззю. У ім віднеўся круглы і слізкі праём, але такі, што вядро не пройдзе. Даша марудным паглядам акінула двор. Ёй хацелася знайсці што-небудзь пад руку: рыдлёўку, сякеру ці які-небудзь прут. Але ў двары нідзе нічога не было. Падобна было на тое, што нават i палена дроў на сэдасе няма. Ходзіць, пэўна, жанчына, выпрошвае, пазычае.

«Два сыны ў мацеры, — сумна падумалася Дашы. — Аднаго даўно няма дома, а другі, відаць, не меў часу памагаць старой каля хаты. Нялёгка жылося мацеры, а тут яшчэ гэты цяжкі, незвычайны выпадак».

Дзяўчыне раптам шкада стала Аксінню, і крыўда на яе пачала трохі адлягаць. Каб хто другі на яе месцы, то можа нагаварыў бы яшчэ больш. Яна, мабыць, з гора злуецца, а матчына сэрца чуе праўду, пэўна ж і Васіль хоць два словы сказаў.

Даша выйшла на вуліцу, i ёй ужо не так прыкра было падумаць пра людскія вочы. Калі б добры чалавек сустрэўся, то няхай бы сабе сустракаўся. Можна было б нават пагаварыць з ім, падзяліцца душэўнымі пакутамі. Таму і рашыла яна зайсці ў сельсавет. Ведала, што Мокрута так рана не будзе, а з Іванам можна пагаварыць, гэты хлопец усё зразумее. Калі ж трапіцца Мокрут, то пагаворыць, вядома, i з Мокрутам, толькі не так, як з Іванам, не тым голасам.

Іван сапраўды быў ужо на рабоце. Калі Даша ўвайшла ў яго бакоўку, ён нешта чытаў у вялікім сінім блакноце, прыкметна памятым ад таго, што яго насілі, відаць, не ў партфелі.

— Паслухай, што напісана, — звярнуўся ён да дзяўчыны, як толькі яна прывіталася i села каля стала.

«Калi чалавек не бачыць i не адчувае вакол сябе людзей, значыцца, i сам ён ужо не чалавек, а тым больш не савецкі работнік. Князёк i сабака ў Чырвонамакаўскім сельсавеце».

Іван задаволена засмяяўся.

— Здорава, га? Слухай далей!

«Ёсць такія рэчы, пра якія ўжо нельга маўчаць. Сэрца не вытрымлівае».

— А чый гэта блакнот? — з зацікаўленасцю спытала Даша. Па слогу яна адчула, што гэта не Іван пісаў.

— Не блакнот, а славутая запісная кніжка, — нібы падвясельваючы Дашу, адказаў Іван. — Тут многа чаго цікавага і карыснага запісана. Яе забыў тут у мяне Павел Паўлавіч. Хутка, мабыць, схопіцца, прыбяжыць.

— Якое ты маеш права чытаць чужыя запісныя кніжкі? — з лёгкім, нібы нават жартаўлівым папрокам спытала Даша.

— Павел Паўлавіч не пакрыўдзіцца, — адказаў Іван. — Тым больш, што я ўжо даўно ведаю пра яго запісы, ён сам мне гаварыў.

«Параіцца б з ім», — мільгнула ў дзяўчыны думка, і, яшчэ канчаткова не вырашыўшы гэтага, яна спытала, дзе цяпер Павел Паўлавіч.

— Добра не ведаю, — адказаў, падумаўшы, Іван, — але мяркую, што ў школе, у Ільі Савіча. Учора яны цэлы вечар сядзелі ўдвух у дырэктарскім кабінеце, нешта вырашалі. А нанач Павел Паўлавіч прышоў сюды, гэта ўжо такі чалавек.

— Чаму ж ты яго да сябе не запрасіў?

— Я запрашаў, — стаў адразу апраўдвацца хлапец. — Нават вельмі прасіў. I дырэктар цягнуў яго да сябе. Яны тут заходзілі абодва да мяне. Дык хіба чалавек паслухаў? Выдумаў, што яму трэба пісаць усю ноч, і застаўся ў маёй бакоўцы. Пісаў, бачу, — тут маім чарнілам напісана, але ж не ўсю ноч пісаў.

— Добра сказана, — задумліва прамовіла Даша, — але трохі пазнавата. Сапраўды, нельга маўчаць, ды не толькі сёння, a і ўчора нельга было маўчаць, і пазаўчора. У нас ад таго i праявы розныя, што некаторыя вельмі ўжо любілі маўчаць.

Іван нібы ў спалоху глянуў на дзяўчыну, і яго вялікія, прыкметна адтапыраныя вушы пачырванелі.

— Я не толькі пра цябе гавару, — заўважыўшы гэта, працягвала Даша. — Я і пра свайго бацьку гэта скажу, i пра Андрэіху. Адны з вас вельмі ўжо баяліся глянуць праўдзе ў вочы, а другія не хацелі псаваць сабе спакойны сон, чакалі, што нехта іншы прыдзе і ўсё зробіць. А ліха, калі не перасекчы яму дарогу, не чакае. Яно падбярэцца да ўсіх i не дасць соладка спаць кожнаму. Гэта i мой стары пачынае ўжо разумець, толькі ўсё яшчэ Міхася з горада чакае, мне не заўсёды верыць.

— Я то нічога не чакаў, — з сяброўскай шчырасцю ў голасе пачаў Іван, — і боязні асаблівай у мяне не было. Я проста многа чаго не разумеў. Мне здавалася раней, што мае думкі не могуць быць для каго іншага цікавымі, што ўсе ўжо даўно тое ведаюць, што я ведаю. Хоць, калі сказаць ад душы, то я не адзін раз гаварыў, напрыклад, Васілю, што нельга так выслужвацца перад Мокрутам, што кожны чалавек павінен мець сваю самастойнасць. Аднак жа Васіль мяне не паслухаў, значыцца, я дрэнна гаварыў.

— Хто яго ведае, — уздыхнуўшы, прамовіла Даша. — Можа ты дрэнна гаварыў, можа Васіль дрэнна слухаў. Наконт гэтага хлопца і ў мяне вельмі неспакойна на душы. Не ведала я яго, не разумела. Жыў сабе сакратар Чырвонамакаўскага сельсавета, бегаў з кардоннай папкаю па вёсках, i думалася, што ўсё тут ідзе, як трэба. А мне яшчэ Валодзя неяк скардзіўся на яго: мацеры не слухае, выпівае часта.

Даша спахмурнела пры гэтых словах, апусціла галаву, а Іван, нібы адчуўшы, што на яе могуць найсці цяжкія ўспаміны, паспрабаваў надаць размове крыху весялейшы характар.

— На гэтых днях быў у мяне Самён Сазырок, — стрымана ўсміхнуўшыся, пачаў ён. — Рагатаў тут, успамiнаючы, як Мокрут з Васілём у яго дзіця запісвалі. Праведалі, што гаспадар зарэзаў цяля на радзіны, прышлі адзін раз з папкаю, з бланкамі. Выпілі, канешне, у ахвоту, закусілі, а праз дзень «агледзеліся», што быццам бы не тыя бланкі запоўнілі. Зноў прышлі, зноў выпiлі, закусілі.

— I Ціхоня з імі хадзіў? — крыху ажывіўшыся, спытала Даша.

— Не, — заківаў галавою Іван. — Ціхоня толькі адзін раз быў, а больш не пайшоў. Наш фінагент яго замяніў. У гэтага нюх добры.

— А дзе ж сёння Мокрут? — раптам аглянуўшыся на ўваходныя дзверы, пацікавілася Даша. — Ці ён па раніцах у сельсавеце не бывае?

— Бывае, — сказаў Іван, — але сёння, мабыць, паехаў нечага ў раён. Збіраўся ўчора, ганяў тут фінагента.

— Слухай, Іван! — Даша ўстала, паімкнулася прайсціся па бакоўцы, але тут і двух крокаў ступіць не было дзе — вялізны стол ды два зэдлікі займалі ледзь не ўсю прастору. — Мне ўжо ісці пара, а я яшчэ галоўнага ў цябе не спытала. Скажы, ты заходзіў пасля гэтага здарэння к Печкам, бачыўся з Васілём?

— Кожны дзень заходзіў, — паспешна адказаў Іван. — От і ўчора быў, нават памагаў Аксінні сабраць яго ў бальніцу.

— А я не ведала, што Васіль у бальніцы. Толькі вось нядаўна даведалася.

— Ты заходзіла туды? — відаць цяпер здагадаўшыся, чаго Даша так рана ў Чырвоных Маках, здзіўлена спытаў Іван. — Што табе сказалі?

— Мяне не пусцілі ў хату, — глуха прамовіла Даша. Потым яна зноў села на зэдлік i заплакала. Пачалі ўздрыгваць яе схіленыя над сталом плечы і рукі, крыжыкам складзеныя пад галавою, дрыжала расшытая блакітнымі пеўнікамі рукавічка, якую дзяўчына трымала ў руцэ. Іван глядзеў на Дашу i не ведаў, што сказаць, чым яе суцешыць. Ён разумеў яе перажыванні, разумеў тыя супярэчлівыя і вельмі складаныя абставіны, у якіх яна апынулася, але не мог у гэтую хвіліну знайсці патрэбнае слова, патрэбнае рашэнне. Васілёва маці падумала дрэнна, калі не пусціла яе ў хату. Пакрыўдзіла і балюча абразіла дзяўчыну, якая, напэўна, будзе яе нявесткай. Маці напіша Валодзю аб тым, што сама думае. I Валодзя, не ведаючы ўсяго, што было, можа паверыць сваёй матцы. А Даша любіць Валодзю. Вельмі любіць і чакае. Гэта, так сказаць, адзін паварот справы. А з другога боку, калі так усё застанецца, Васіль змоўчыць, другія змоўчаць, то Мокрут абвінаваціць Дашу ў знявечанні чалавека і такім чынам зноў возьме верх над усімі.

— Туды заходзіў Мокрут? — ціха спытаў Іван. — Не казала яна табе?

— Быў, — выціраючы рукавічкай слёзы, адказала Даша. — Ад яго ўсё і пайшло.

— Ведаеш што? — раптам узнятым гол асам прамовіў Дабрасельскі. — Давай пойдзем да Васілёвай мацеры з табой удваіх. Мяне яна не асмеліцца не пусціць. Я раскажу ёй, што мне гаварыў Васіль, яшчэ калі не быў у гарачцы, раскажу, што другія хлопцы гаварылі. Давай пойдзем!

— Не, я ўжо не пайду, — памяркоўна адказала Даша. — Мне няёмка, а ты, Іван, схадзі, я вельмі прашу цябе. I не толькі сёння, а кожны дзень заходзь — табе тут бліжэй. Трэба памагчы цётцы Аксінні, старая яна ўжо, слабая, ды асталася зусім адна. Вунь у яе нават калодзеж не прачышчаны, ходзіць, бедная, да суседзяў, носіць адтуль ваду.

— Абавязкова я ўсё гэта зраблю, — цвёрда сказаў Іван. У вачах яго засвяцілася радасць ад таго, што Дашы стала хоць трошачкі лягчэй. — Я раскажу Аксінні ўсю праўду і пераканаю яе. I дапамагаць ёй буду кожны дзень. Я раскажу праўду ўсім людзям, не толькі Аксінні!

Вышаўшы з сельсавета, Даша пачала спяшацца, бо яна ўжо цвёрда намерылася сёння ісці ў раённую бальніцу. Трэба было яшчэ толькі зайсці дадому ды ўладзіць сёе-тое на ферме. У галаве толькі і думкі, што пра Васіля; як яна з ім сустрэнецца, як пагаворыць, магчыма, нават папросіць, каб сам ён напісаў Валодзю. Калі не цяпер, то як паправіцца. Ішла так сярэдзінаю чырвонамакаўскай вуліцы і не глядзела надта па баках. Раптам пачула нібыта знаёмы голас:

— Дзень добры вам, дачухна!

Даша павярнула галаву і ўбачыла на сцежцы каля плоту бабульку, якая, успёршыся на кій, ветліва глядзела на яе i злёгку кланялася.

— Добры дзень! — адказала дзяўчына, пазнаўшы, што гэта тая самая бабулька, якая некалі была ў сельсавеце. Даша адразу ж падышла да старой.

— Куды ж вы гэта з самага ранку? — прыветна спытала яна.

— Ды ў сельсавет, мілая, — адказала бабка. I голас яе, i выраз старэчага, трохі падсвежанага марозцам твару былі такімі добрымі і лагоднымі, нібы яна сустрэлася з родным ёй чалавекам. — Наказалi, каб зайшла. Дзякуй вам, дачухна, што заступіліся тады за мяне, ды от жа, што наведаліся на наш пасёлак. Знялі з мяне той падатак, што былі напісалі, ды вось i лесу, дзякуй ім, далі, хату падладзіць. А то хата ў нас, вы ж самі бачылі, як заходзілі: падрубы падгнілі, а пад вокнамі дык толькі ткні пальцам… А столь i падлога дык… А страха…

— Бачыла я, усё бачыла, — спагадліва ўсміхнуўшыся, запэўніла Даша. — Я таму і напісала ў райвыканком, каб вам адпусцілі лесу. Вось яшчэ вывезці гэты лес трэба было б вам дапамагчы. Я пагавару з вашым старшынёй калгаса.

— Дзякуй вам, дзякуй, — пачала паўтараць бабулька і ківаць над кіем галавою. — Дай божа вам…

— Няма за што дзякаваць, — з ноткай расчуленасці ў голасе загаварыла Даша. — Я рада, што хоць трошкі дапамагла вам. На тое ж мяне людзі і выбіралі.

— Дзякуй вам, — зноў паўтарыла бабулька. — А вы ж гэта куды так спяшалі, дадому?

— Ага, дадому, — адказала Даша. — А потым яшчэ ў раён сёння пайду.

— То не буду вас больш займаць, — адступіўшы бліжэй к плоту, сказала бабулька. — Ідзеце здаровенькі. Перадайце паклон вашаму бацьку, Мітрафану. Ён павінен памятаць мяне, бо некалі, як былі маладыя… А можа Настулю ўгледзіце, жонку нябожчыка Андрэя, то i ёй перадайце паклон. Гэта ж яе нябожчык i мой нябожчык былі некалі сватамі. I сыны нашы разам служылі. А можа Платона часам стрэнеце, то гэта ж хрышчоны бацька майго нябожчыка Міколы, большага сына. А можа…

— Добра, добра, — ахвотна абяцала Даша i не спяшалася адыходзіць, каб не пакрыўдзіць старую. — Шчыра дзякую, усіх убачу і ўсім перадам ваш паклон.

Бабулька ўжо была і ступіла некалькі крокаў, але раптам зноў спынілася, удзёўбнула свой кій у снег каля сцежкі і павярнулася ў той бок, куды пайшла Даша.

— Чуеце, дачухна! — ужо мацней загаманіла яна, бо Даша была далекавата. — Прыдзёце як-небудзь у нядзельку ў госці да нас. Дальбог, праўда. Вось хоць у гэтую нядзельку, што прыдзе. Рады вам будзем. У мяне, вы ж ведаеце, дачка такая, як вы. Эх, каб жывымі былі мае сыны!..

— Дзякуй вам, дзякуй!..

Даша не ведала, што яшчэ сказаць, як паказаць бабульцы, што яна вельмі рада гэтай сустрэчы i гатова расцалаваць яе за такую шчырую цеплату, за такую сардэчную ласку. Яна ішла i адчувала, што ўжо малавата ў яе часу, што вельмі цяжка будзе паспець у раён, аднак не каялася, што пастаяла, пагаманіла з бабулькай. Неяк святлей стала на душы ад гэтай выпадковай сустрэчы, i хоць можа не надоўга, але адхлынула ад сэрца тая млявая дакука, якая грызла нутро.

Хутчэй, хутчэй трэба ісці.

13

Невялічкі ранішні марозік зусім адлёг, месцамі нават са стрэх капала, калі Даша выходзіла з сваёй вёскі. На шляху, укоўзаным санямі і машынамі, было да таго слізка, што ісці даводзілася з асцярогай і не надта паспешна. Пакуль дзяўчына адмерала большую палавіну дарогі, было ўжо каля паўдня, а ў пачатку местачковых прысадаў яе сустрэў Мокрут, які ўжо вяртаўся з райцэнтра. Убачыўшы Дашу, ён крануў рукою фінагента, які сядзеў трохі пад перад і паганяў каня, спусціў з вазка адну нагу. Фінагент нацягнуў лейцы, і Мокрут злез зусім.

— Куды ты ідзеш? — спытаў ён, ступіўшы некалькі крокаў да дзяўчыны. — У раён?

— Вядома, у раён, — адказала Даша. — Куды ж мне?

— Ну, там далей яшчэ вінзавод ёсць, — лагодна ўсміхнуўся старшыня, відаць, задаволены сваім жартам.

— А ты, мабыць, адтуль? — стрымана кінула Даша.

Мокрут зарагатаў і падаў знак фінагенту, каб паварочваў назад.

— Давай i я крыху прайдуся з табою, — прапанаваў ён дзяўчыне, — а то падвязу, калі хочаш, туды i назад разам паедзем.

— Дзякую, — суха сказала Даша, — я адна пайду.

Яна паскорыла крокі, але Мокрут усё ж грукаў ботамі побач, а воддаль за ім ехаў фінагент.

— Я не разумею цябе, Даша, — напусціўшы на твар быццам бы i шчырую крыўду, пачаў старшыня. — Чаго ты так разгневалася на мяне, зненавідзела, пусціла ўсялякія шэпты пра мяне па ўсяму сельсавету.

— Якія шэпты?

— Ну вось, хаця б пра гэтага Печку. Хіба гэта праўда, што я прымусіў яго ісці забраць у Андрэіхі бычка? Хіба гэта…

— Не забраць, а ўкрасці, — перабіла яго Даша. — I не шапчу я пра гэта, а кажу ўсюды моцна i скажу яшчэ мацней. Мне сам Васіль пра гэта гаварыў.

— Цікава, што б ты сама сказала, атрымаўшы столькі кухцялёў? — засмяяўся Мокрут. — На роднага бацьку ў такіх умовах можна нагаварыць.

— Ён расказваў пра гэта i потым, калі ляжаў дома. Людзі чулі.

— Але ж гэта няпраўда! — рашуча прамовіў старшыня і махнуў перад сабою абедзвюма рукамі. — I наогул, не было ніякай пакражы. Сама Андрэіха гэта прызнае.

— Андрэіху ты быў запалохаў, — абурана i цвёрда глянуўшы Мокруту ў вочы, сказала дзяўчына. — Але не думай, што яна ўсё жыццё будзе дрыжаць ад цябе. Сёння быў у яе следчы, i яна расказала яму ўсю праўду.

— Ага, вось яно! — нібыта здзівіўся Мокрут, а ў вачах усё ж замільгалі насмешлівыя іскрынкі. — Гэта значыць, што ўжо ты падвучыла. З сівым маладажонам на пару. Ну, што ж! Вучы, вучы! Пабачым, што з гэтага выйдзе!

— Яе не трэба вучыць, — адказала дзяўчына. — Горам навучана. Прыдзе пара — скажа яшчэ не тое.

— Што гэта за намяканні?

— Сам ведаеш!

— Ну, вось што! — страсянуўшы валлячком, павысіў голас старшыня. — На ўсё гэта мне напляваць! I на твае намяканні, i на твайго следчага! Скажу так: хочаш жыць са мною ў міры, працаваць, як паложана дэпутатцы, дык давай будзем працаваць. Нам няма чаго сварыцца, нам трэба разам умацоўваць свой сельсавет. Калі ж у цябе выбрана другая дарожка, то гавару па чыстай совесці — беражыся! У парашок сатру, калі на тое пойдзе. Бацьку твайга, гэтага папоўскага прыслужніка, пашкадаваў у свой час, а цябе не пашкадую, хоць ты i дарагой была мне, вельмі блізкай. На дырэктара спадзяешся? Не спадзявайся! Не такія, як ён, трапляліся мне на дарозе, ды i то не ўстаялі.

— Не палохай, — спакойна прамовіла Даша, але ў голасе яе было столькі цвёрдасці і сілы, што Мокрут міжвольна ўздрыгнуў, наўкос глянуў на дзяўчыну. — Бацька мой не мала прыняў пакут ад цябе, хоць ён ні ў чым не быў вінаваты. Ды хіба адзін бацька? Я не ўсё ведала раней. Але май на ўвазе, што ні з Ільі Савіча, ні з мяне табе не ўдасца так паздзеквацца, як ты здзекваўся з іншых. З намі ўсе, усе людзі! А ў цябе вось толькі… — яна паказала на фінагента, які ехаў ззаду. — Ды i то, яшчэ невядома. Я думаю, што і ён калі-небудзь зразумее, што ты за чалавек.

— Якія ў вас людзі? — паспрабаваў засмяяцца Мокрут, ды выйшла горкая міна замест усмешкі. — Печка? Андрэіха? Зноў кажу! — у горле ў яго раптам з’явіліся злавесныя хрыпы, — пляваць я хачу на ўсё гэта! Ідзеш да дзеверка свайго вывуджваць на мяне розную брахню? Няма ўжо твайго дзеверка. Разумееш? Няма Васі Печкі! Аддаў сёння ноччу канцы! Можаш напісаць у часць свайму нарачонаму, што праз цябе загінуў яго родны брат. Ну, а я, мабыць, таксама сюды-туды напішу. Да пабачэння, суседухна! Не мінай майго двара!

Ён крута павярнуўся і пайшоў насустрач фурманцы.

«Вось чаму ён так разышоўся, — апякла думка дзяўчыне ўсё нутро. Даша спынілася, нібы аслупянелая. — Няўжо гэта праўда? — Яна нібы міжвольна павярнулася, паглядзела ўслед Мокруту. Шырокія, сутулыя плечы, абцягнутыя хромам, бязладна гойдаліся, у хроме пабліскваў зімні прамень сонца. — Тут Мокрут не схлусіў, вядома, — працягвала разважаць дзяўчына сама з сабою. — Такую праўду, якая можа знішчыць чалавека, паважае i ён. Тут ён не схлусіў. Што ж цяпер рабіць? Што цяпер скажа цётка Аксіння, што падумае Валодзя, калі яму напішуць…»

У дзяўчыны моцна зашчымела пад сэрцам, у галаве з’явіўся нейкі вобмарачны, балючы шум. Спачатку ёй падумалася, што трэба зараз жа вярнуцца дадому, пайсці да Ільі Савіча i выказаць, выплакаць яму ўсё. Потым, яшчэ крыху пастаяўшы, апамятаўшыся, яна ўсё ж пайшла ў бальніцу, але ішла туды вельмі доўга.

14

Чырвонамакаўскія і дабрасельскія могілкі былі значна бліжэй ад Дабрасельцаў, як ад Чырвоных Макаў. Часам бывала нават так, што дабрасельцы проста заносілі сваіх нябожчыкаў на могілкі, а чырвонамакаўцы заўсёды вазілі, бо заносіць хоць і ў пяць змен ім было не пад сілу. Калі Даша з Андрэіхай прышлі на гэтыя могілкі, тут яшчэ нікога не было, толькі пасярэдзіне могілак, паміж двух бярозак, жаўцеў невялікі копчык свежага чвыру. Яны пайшлі далей з такім намерам, што калі не сустрэнуць працэсію, то пастяць каля Печкавай хаты, пакуль вынясуць нябожчыка.

Але не дайшлі яны яшчэ нават да Чырвоных Макаў, як убачылі на дарозе грузавую машыну, якая рухалася вельмі памалу: чутно было, як нязвыклы да малых абаротаў матор раз-по-разу страляў і пыхкаў. На бартах машыны сядзела некалькі жанчын, а за машынай ішло многа чырвонамакаўцаў і сёй-той з дабрасельцаў. Якраз блізка ўжо былі гэтыя самыя бяскрылыя млыны. Даша з Андрэіхай узышлі на сцежку, пратаптаную да млыноў, і сталі чакаць. Машына, як на тое, заглухла каля млыноў. Шафёр вылез з кабіны з завадной ручкай, вінавата глянуў на тых заплаканых жанчын, што сядзелі на бартах, і пачаў раскручваць матор. У гэты момант Даша зусім-зусім нечакана для сябе ўгледзела Валодзю. Яна ўхапілася за Андрэішын рукаў i ледзь не павісла ў цёткі на плячы. Твар яе раптам збялеў, рукі пачалі нервова калаціцца. Яна не ведала, што Валодзя прыехаў на пахаванне.

— Супакойся, Дашачка, — зразумеўшы ўсё, зашаптала Андрэіха і сціснула локцем яе рукі. — Супакойся, усё будзе добра. Я сама з ім пагавару.

Валодзя стаяў каля апушчанага ўніз задняга барта, без шапкі, у шынялю з курсанцкімі пагонамі, туга падцягнуты, стройны. З твару ён быў вельмі падобны на брата, гэтакі ж святлявы, гладкашчокі, толькі ўсе рысы твару былі больш выразнымі і выяўлялі большую сталасць і ўдумлівасць. Стаяў ён зусім нерухома, не перамінаўся з нагі на нагу, як іншыя, не туліў у каўнер вушы, а лётчыцкую шапку трымаў на левай руцэ ля пояса. Даша і ўбачыла перш за ўсё яго вуха, маленькае, чырвонае ад марозу, прыкрытае пасмай светлых валасоў. Некалі яно было зусім блізка каля яе твару, каля яе вачэй… А цяпер яму, напэўна, холадна, бо вецер якраз з гэтага боку, ды i мароз узяўся не малы…

Валодзя трошкі павярнуў галаву да млыноў. Даша заўважыла слёзы ў яго на вачах і нейкі неразгаданы смутак у паглядзе. Каб яшчэ трошкі, то ён убачыў бы яе. Сэрца страпятнулася ад гэтага, чамусьці страшна было сустрэцца цяпер вачамі. Хто ведае, які цяпер быў бы Валодзяў позірк, што засвяцілася б у яго вачах?..

Машына запырхала, затрашчала, i шафёр бягом пусціўся ў кабіну. Дашы вельмі доўга цягнулася гэтая хвіліна стаянкі. Няёмка было тырчаць убаку, няёмка было і падыходзіць, бо сцежка выводзіла да пярэдніх людзей. Калі машына кранулася і людзі пайшлі, Даша ўслед за Андрэіхай выйшла на дарогу, і потым яны ішлі ўдваіх самымі заднімі.Хада была вельмі няроўнай, таму што шафёр ніяк не мог прынаравіцца вясці машыну на аднолькавай хуткасці. Відаць, яму ўпершыню давялося вязці чалавека ў апошні шлях.

Перад Дашай ішоў i час-ад-часу ледзь не натыкаўся на людскія спіны, калі машына прыпынялася, Іван Дабрасельскі. Па яго тонкай пачырванелай шыі Даша заўважыла, што ён, мабыць, плача.

— Іван! — ціха пазвала яна.

Хлопец азірнуўся, паспешна выцер пачырванелыя вочы і пачакаў, каб ісці далей поруч. Кроках у двух спераду ішлі без шапак некаторыя з тых хлопцаў, што не так даўно ганяліся за Васілём. Сярод іх крочыў, апусціўшы галаву, і Цімоша.

Калі працэсія ўжо набліжалася да могілак, насустрач ёй праехала такая ж паўтаратонка, толькі з вялікай дашчатай скрыняй са шчылінамі па баках. У адной такой шчыліне тырчаў верхні абадок свінога лыча. У кабіне машыны сядзеў Шулаў. Ён зняў шапку, параўняўшыся з труной, і прыняў набажна-жаллівы выгляд.

«Павёз у горад кормніка, — падумала Даша і коратка пераглянулася з цёткай Настуляю. — Нябось і двух тыдняў не пратрымаў на сваіх харчах пасля таго, як выгналі вепрука з фермы».

Мокрут, які хмура крочыў спераду ўсіх, высунуў з настаўленага каўняра падбародак і з нянавісцю і відавочнай зайздрасцю паглядзеў Шулаву ўслед. Азірнуўся ў гэты момант і Ілья Савіч. Яго, мабыць, здзівіў незвычайны кантраст двух стрэчных машын. Аглянуўся і ўбачыў Дашу з Андрэіхай. Хоць Андрэіху ён і мала ведаў, але ветліва пакланіўся абаім. Сівая галава яго вылучалася потым сярод усіх аж да таго часу, пакуль не пахавалі Васіля i дырэктар не надзеў сваю рыжую стаўбунаватую кубанку.

Разыходзіліся з могілак хто ў які бок: хто ў Чырвоныя Макі, хто ў Дабрасельцы. Ужо каля самай дарогі Ілья Савіч параўняўся з Дашай. Андрэіхі блізка не было, яна засталася каля магілы і ўсё яшчэ наглядала, як Валодзя маўкліва, але з вялікай горыччу ў апошні раз развітваўся са сваім братам.

У гэты час, калі Андрэіха стаяла адна, грознаю хмараю пасунуўся проста на яе Лявон Мокрут. Ён наставіў на жанчыну такі страшны i знішчальны погляд, што ёй трэба было не іначай як на калені ўпасці перад ім. Аднак цётка Настуля сустрэла яго вочы спакойна, цвёрда i нават не паварушылася, каб уступіць старшыні дарогу. Мокрут спыніўся каля Андрэіхі, змерыў яе з ног да галавы і, узяўшы крок улева, пайшоў далей.

— Заўтра ў нас партыйны сход, — сказаў Дашы Ілья Савіч, непрыязна глянуўшы на Мокрута. — Будзем разбірацца ў некаторых справах. Вось i наконт гэтага таварыша пагаворым. Прыходзьце.

— Прыду, Ілья Савіч, — задаволена адказала Даша. — Я нават учора збіралася зайсці да вас, ды не паспела, бо тэрмінова пазвалі ў раён.

— Чаго? — здзівіўся Ілья Савіч, і твар стаў да жалю заклапочаным.

— Мокрут падаў, што праз мяне загінуў Печка.

Яны прайшліся крыху ў напрамку Чырвоных Макаў.

— Вось на што б’е, прайдзісвет! — з абурэннем i хваляваннем у голасе прамовіў Ілья Савіч. Затым, падумаўшы, дадаў: — Вы, значыць, прыходзьце заўтра пад вечар на сход, а я з самага ранку з’езджу да сакратара райкома. Не хвалюйцеся вельмі, не перажывайце. Потым вось што: да справаздачнай сесіі трэба добра падрыхтавацца, пагаварыць з людзьмі. Ніхто не павінен баяцца сказаць праўду. З суседкай сваёй яшчэ пагаварыце. Добра?

— Добра, Ілья Савіч, — згадзілася Даша, i на гэтым яны развіта — ліся.

Цётка Настуля ўжо выходзіла на шлях і няўпэўнена паглядвала ў бок дзяўчыны: чакаць яе ці не чакаць? Даша падала ёй знак i, гледзячы сабе пад ногі (на дарозе былі выбоіны), хутка пакрочыла да яе. Насустрач ішлі людзі. Вельмі многа было людзей на пахаванні Васіля, бо злодзеям яго ніхто не лічыў. Размінаючыся з сустрэчнымі, дзяўчына адчула, як нехта ціха дакрануўся да яе рукі. Яна спынілася: перад ёю стаяў Валодзя. На вачах яго былі яшчэ сляды слёз, густыя чарнявыя бровы то быццам бы зліваліся з мехавай шапкай, то аддзяляліся ад шапкі і журботна павісалі над тварам.

— Даша, — прамовіў ён глуха і чамусьці змоўк, нібы не мог знайсці больш ніводнага слова.

Дзяўчына спынілася, апусціла вочы і таксама не ведала, што сказаць. Нейкі спалох, разгубленасць нібы скавалі яе: цяжка стала паварушыцца, падняць павекі, вымавіць слова.

— Добры дзень, — ледзь не шэптам сказаў Валодзя і працягнуў да дзяўчыны абедзве рукі.

Даша моўчкі зняла рукавічку i таксама падала руку. Валодзя паціснуў дрыжачыя пальцы і ўзняў на дзяўчыну вочы.

Ці здолеў бы хто выказаць, што было ў гэтых вачах? Даша заўважыла ў іх вялікае гора, сорам, крыўду, адчай, здзіўленне і… радасна падумаць: здалося дзяўчыне, што сярод гэтых і многіх іншых адчуванняў яна заўважыла каханне — шчырае, гарачае, толькі такое, якое можа быць у аднаго Валодзі. Сэрца яе затрапяталася ад шчасця. На вуснах было нейкае слова, зусім-зусім незвычайнае, мабыць падобнае на тое, што з’яўлялася і жыватворна гучала ў час самых светлых сноў, што прыходзіла на памяць i асвяжала душу ў час дзявочых роздумаў, мар і летуценняў… Але не зыйшло з вуснаў гэтае слова, яно некуды згінула ў такі патрэбны, у такі рашучы момант.

Валодзя ўсё ж такі паймеўся нешта сказаць, але ў гэтую хвіліну падышла да яго заплаканая і зняможаная маці, якую вялі пад рукі родзічы. Аксіння цяжка глянула на дзяўчыну і ўзяла сына за руку.

Так мінулася кароткая хвіліна спаткання. Даша ішла дадому, ледзь не ўсім целам павісаючы на руцэ Андрэіхі. Цяпер тое слова, якраз тое самае, што трэба было сказаць Валодзі, гучала ў вушах, хвалявала, апальвала нутро. Але не дагоніш ім Валодзю, не вернеш ужо таго, што прайшло, мінулася.

«Чаму ён адразу нічога не сказаў? — мучыла дзяўчыну пытанне. — Ён жа быў заўсёды смелы, гаваркі. Няўжо крыўду носіць у душы, няўжо хоць на адну ёту верыць гэтаму чалавеку?»

Андрэіха нібы чула пакутлівыя думкі сваёй маладой сяброўкі, усім сэрцам спачувала дзяўчыне i выказвала гэта пакуль што толькі тым, што ўсё мацней i мацней прыціскала да сябе яе руку.

— Цяжка табе? — спытала жанчына, калі яны падыходзілі ўжо да сваіх двароў.

— Цяжка, цётачка…

I жанчыне зноў уявілася тое, аб чым яна думала ўжо не раз пасля сустрэч з Дашай або пасля доўгіх і шчырых размоў. От, каб была ў Дашы маці, прышла б цяпер дзяўчына дадому, кінулася б мацеры на грудзі, выплакалася, i адлягло б у яе ад сэрца. А то — як ні гавары, хоць і вельмі здатная на ўсё дзяўчына i сама прыгажуня, але ж сірата. Бацька ёсць, дык бацька ўсё-такі — не тое.

— Ты прыходзь, Даша, пасля вячэры да мяне, — шчыра папрасіла Андрэіха. — Пасядзім, пагаворым.

— Добра, цётачка.

15

Што Андрэіха ні рабіла, як ні старалася супакоіць, уцешыць Дашу ў сваёй хаце, усёроўна дзяўчына мучылася, не знаходзіла сабе месца.

— А вы неяк казалі, што трэба маўчаць, саступаць усім з дарогі, — ходзячы з кута ў кут, роспачна гаварыла Даша. — Бачыце цяпер, што выходзіць? Тут i не маўчыш, i не сядзіш, склаўшы рукі, і то вось забойцам могуць зрабіць, душу вырваць, блізкіх людзей адабраць. Бачыце, што выходзіць?

Дзяўчына ступіла да акна, пачала ўглядацца ў мяккі зімовы паўзмрок. Яе цягнула сачыць за вуліцай, за сваім дваром, наколькі ён адсюль быў відзён. Даша не верыла, што Валодзя не прыдзе, не пастараецца знайсці яе.

— Бачу я цяпер, — азвалася цётка Настуля, седзячы на палку ля печы, — усё бачу. Некалі Андрэй мой гэтае самае казаў, што ты цяпер кажаш.

На вуліцы пачуліся далёкія галасы, i Даша ледзь не прыліпла да аконнай шыбы. Галасы паступова набліжаліся, і неўзабаве не толькі Дашы, a і гаспадыні стала чутно, што гэта Заткла з млынаром спяваюць. Яшчэ праз некалькі хвілін дзяўчына і ўбачыла ix. Мужчыны ў абдымку шнуравалі ўкосікі па вуліцы, час-ад-часу паварочвалі адзін да аднаго п’яныя, відаць, страшэнна задаволеныя твары і цягнулі голасам усё, што толькі прыходзіла на памяць і на язык. Адзін пачынаў, другі падцягваў. Заткла, раз-по-разу зрываючыся на пеўня, намагаўся нават узяць ноту, блізкую да нейкага псалма, але млынар пры гэтых яго спробах заліваўся дзікім смехам i падцягваць не браўся.

— Гэта яны з памінак ідуць, — цяжка ўстаючы з месца, сказала Андрэіха. — Ім усё роўна, дзе набрацца. На пахаванні не былі, а на памінкі дапялі.

Даша чула, што гаварыла цётка Настуля, падзяляла ў душы яе абурэнне, але не магла адагнаць ад сябе i тую думку, што калі гэтыя лайдакі ўжо тут, то, значыцца, памінкі скончыліся, i цяпер Валодзю зручней будзе вырвацца з дому.

— Калі б вось гэтых знайшоўся хто ды прыціснуў, — раздумліва сказала Андрэіха, ужо стаўшы ля акна, побач з Дашай. — Без такіх i іншым не было б вялікага разгону.

— Што гаварыць пра гэтых? — зразумеўшы цётчыну думку, заўважыла Даша, — калі яшчэ тых іншых ніхто не прыціснуў, калі яны яшчэ бяруць верх.

— Не возьмуць, — упэўнена сказала Андрэіха. — Тыя ўжо не возьмуць. Бачу я, што табе цяпер вельмі цяжка, што перажываеш ты, бо вялікая крыўда ў цябе на душы, аднак жа ведаю, што будзе твая праўда. Ты не перажывай ужо гэтак. Я казала табе І цяпер кажу: прыдзе Печка — сама з ім пагавару.

— Не прыдзе ён, — ціха прамовіла Даша, а сама ўсё ўглядалася ў акно.

— Прыдзе! — намагала Андрэіха. — Калі не цяпер, дык потым. Табе цяпер трэба вось гэты свой сардэчны вузялок развязаць, тады i астатняе лягчэй пойдзе.

— А як яго развязаць, цётка Настуля?

Даша гаварыла гэта ў шыбу, i ад яе слоў, ад усхваляванага дыхання лёгкія стрэлачкі намаразі на шкле адтайвалі ўсё больш i больш. Ад гэтага лепш відна была вуліца.

— Я ж табе кажу, як, — гаварыла далей Андрэіха, — Калі Валодзя не дурань, то ён хутка сам убачыць, дзе тут праўда. А калі не ўбачыць — людзі пакажуць. Есць каму паказаць: ты не адна, дзякуй богу.

— У такім няшчасці кожны можа ўздурнець, — трошкі неўзлюбіўшы гэтыя Андрэішыны словы, заўважыла Даша. Хутка яна адышла ад акна і зноў пачала хадзіць па хаце.

— Ты заўтра нікуды не бяжыш зранку? — спытала Андрэіха, нібы толькі для таго, каб не маўчаць, каб хоць чым-небудзь перабіць Дашыны думкі.

— А куды ж мне? — у адказ спытала Даша.

— Ну, ты ж цяпер то ў раён, то на пасёлкі — амаль кожны дзень бяжыш.

— Заўтра толькі партыйны сход, — без асаблівай увагі да гэтай размовы паведаміла Даша. — Але гэта — пад вечар.

— Дык сходзім давай зранку к Печкам, — раптам прапанавала жанчына. — Управімся досвіткам з работай і сходзім, калі Валодзя не пакажацца.

Даша адразу спынілася, павярнула да Андрэіхі здзіўлены i бледны пры электрычным святле твар. Яе выразныя карыя вочы глядзелі на жанчыну сумна і ўстрывожана.

— Не, цётка Настуля, — рашуча сказала яна. — Больш я не пайду туды. Што б там ні было, а не пайду!

Праходзячы каля акна, дзяўчына зноў глянула на вуліцу, і ёй здалося, што нехта прайшоў каля Андрэішынага агародчыка. Прайшоў i каля іхняга двара, спыніўся. Не разабрала Даша, якая была адзежа на гэтым чалавеку, якога ён росту і адкуль ён ішоў: з супрацьлеглага канца ад Чырвоных Макаў, ці, можа, якраз адтуль, з сельсавета, ды зрабіў паварот, мінуўшы двор Андрэіхі. Пад сэрцам раптам адчулася гарачая хваля, рукі паспешліва сталі прыладжваць на галаве шалік i задрыжалі. Амаль нічога не сказаўшы гаспадыні, дзяўчына выбегла з хаты. Бегла яна, гледзячы толькі сабе пад ногі, не памятала, як адчыніла цётчыну брамку, як дабегла да сваіх варот. Толькі ўжо з двара баязліва глянула на вуліцу. Глянула, і ў грудзях нешта апала: нікога нідзе не было. У хаце ярка гарэла святло, відаць, бацька сёння нічым не засланяў лямпачку, хоць яна, пэўна, i рэзала яму вочы. З акна, калі добра прыслухацца, даносіліся глухія гукі нечай размовы. «Можа ён там, зайшоў у хату?» — мільганула ў дзяўчыны думка, хоць i ненадзейная.

У хаце, акрамя сваіх, сядзеў каля стала Платон. Даша адразу заўважыла, што ў конюха быў сёння добры настрой, хоць гэта здаралася з ім не вельмі часта. Бацька таксама стрымліваў у сваіх вуснах задаволеную ўсмешку. Усё гэта не надта спадабалася Дашы, бо для яе сёння быў такі дзень, што хацелася не смяяцца, а плакаць.

Каля парога марудна, быццам не хочучы, распранаўся Цімоша, шчокі яго былі яшчэ чырвоныя ад надворку.

— Дзе ты быў? — ужо зразумеўшы, хто гэта мільгнуў каля агародчыка, змрочна спытала Даша.

— От, так сабе, прайшоўся па вуліцы, — нявесела адказаў хлапец.

— Нікога не бачыў?

Цімоша пакруціў галавой і ўважліва паглядзеў на сястру. Ён адчуваў, што цяпер трывожыла Дашу, яму і самому было нялёгка. Калі сястра не дакажа праўду, калі ёй не дапамогуць людзі, то так могуць i прыжыцца тыя чорныя словы, якія пусціў на іх сям’ю Мокрут. Бацька i Даша, вядома, зусім тут не вінаватыя, а ён, Цімоша, так вышла, што ўсё ж такі пхнуў тады Васіля з разгону. Але ж хіба ён ведаў, што гэта Васіль?

Мітрафан тым часам з чаканнем паглядваў на дачку, і калі тая падышла бліжэй, працягнуў ёй руку з пісьмом.

— На вось, пачытай, — не хаваючы радасці, прамовіў стары. — Платон сустрэў пошту на дарозе, прынёс.

Даша з парывам, аберуч ухапілася за канверт, а калі глянула на почырк, вочы яе міжвольна апусціліся. Пісьмо было з горада, ад Міхася. Бацьку абрадавала ў ім тое, што Міхась абяцаў у самыя бліжэйшыя дні прыехаць дадому. Не ўказвалася ў пісьме, чаго сын едзе, на які час, аднак гаварылася, што едзе з сям’ёй, значыцца, не на мала. Гэта прыемна было i Дашы, хоць крыху няёмка было, што добрая сустрэча адбудзецца ў такі нядобры час.

Потым да позняга вечара Даша чытала за сваёй шырмачкай кніжку. Яе ложак стаяў ля акна, што выходзіць на вуліцу, але дзяўчына дала сабе маўклівую прысягу больш ні разу не глянуць у акно. Не з вялікай ахвотай, нібы толькі адным вухам, Даша слухала паўгалосую размову старых. Многія словы не заставаліся ў яе памяці, яны быццам толькі праляталі каля вушэй, аднак сёе-тое не магло не зацікавіць дзяўчыну. Платон сёння, як і заўсёды, трымаўся гаспадарчых пытанняў, але больш, як калі, гаварыў пра старшыню, i тады яны ўдвух з бацькам прыцішана, нібы дзеці ў класе, пасмейваліся. Месцамі сапраўды было смешна. Платон расказаў, напрыклад, што Шулаў наўбіваў у сцяну свайго кабінета цвікоў і павесіў там хамут, набэдрыкі, аброць і лейцы для ўласнага выезду. Гэта ён для таго, каб усё было пад рукою i каб ніхто не замяніў яму хамута. А тое, што ў брыгадах няма вупражы, што калгаснікі ездзяць на вераўчаных гужах, яго не турбуе.

Бацька здзіўляўся, асуджаў, відаць, нават махаў рукой ад абурэння, а Платон між тым гаварыў далей:

— Вепрука надоечы завёз дадому, хоча, мабыць, угадзіць сваёй кабеціне. Кажуць, злосная не ў меру i на чужое дабро сквапная. Не памятаю, хто гэта мне нядаўна расказваў, што чуць з хаты таўсцюгу не выгнала, калі дачулася, што ўжо не доўга хадзіць яму ў старшынях. Чаму, кажа, толькі адзін дом пабудаваў? Чаму не навазіў лесу вунь яшчэ швагру? У таго таксама хата старая.

Тут i Даша ўсміхнулася. Ёй было прыемна, што старыя так настойліва бяруцца за старшыню калгаса, ганяць i высмейваюць яго. Адчувалася, што пры патрэбе яны маглі б i на сходзе выступіць. А можа i яшчэ што ўцешнае ў старых у галаве, можа яны на Міхася трымаюць нейкую надзею? Бацька ўжо даўно аб гэтым пагаворвае…

Платон к поўначы пайшоу. Бацька выключыў святло, лёг, а Даша можа да трэціх пеўняў не спала. Ноч здавалася страшэнна доўгай, пакутлівай. Хацелася, каб як мага хутчэй прышло світанне, а яно быццам наўмысна аддалялася. А світанне магло прынясці новыя спадзяванні. Сапраўды, увечары Валодзя не мог прысці. Што яго за гэта вініць? Толькі вярнуўся з пахавання, сабраліся людзі на памінкі. А там i з маткай трэба пагаварыць, уцешыць яе, i каля хаты што-небудзь паглядзець. Не на доўга ж яго пусцілі. Вось раніцай яму, вядома, лягчэй будзе вырвацца.

Аднак прышла і раніца, а Валодзі ўсё не было. Даша чакала яго да другой паловы дня, а потым прышоў са школы Цімошка і сказаў, што сам бачыў, яе Валодзя з невялікім чамаданчыкам у руках садзіўся ў кабіну эмтээсаўскага грузавіка, які адпраўляўся на станцыю.

Сумнай, заклапочанай ішла пад вечар дзяўчына ў Чырвоныя Макі, на партыйны сход. Каля могілкаў спынілася. Мінулай ноччу і цяпер удзень снегу не было, нават сляды ўчарашнія былі відны на цаліне. Сярод бярэзніку жаўцела Васілёва магілка; здалёк яна выглядала маленькай, нібы дзіцячай. Даша паціху прайшла яшчэ некалькі крокаў па дарозе. Вось тут, на гэтым месцы ўчора яна спаткала Валодзю. Не знайшла ў сабе сілы сказаць яму хоць адно слова, а сёння сэрца баліць ад гэтага. Можа ён і падумаў, што вінавата, калі маўчала…

16

Сход не зацягнуўся вельмі надоўга, хоць і вырашаліся даволі складаныя пытанні. За гэта камуністы і кандыдаты ў члены партыі маглі б падзякаваць Ільі Савічу. Сакратар тэрытарыяльнай партыйнай арганізацыі не ленаваўся схадзіць да камуніста і за пяць-шэсць кіламетраў, калі яму трэба было з ім параіцца ці што-небудзь абмеркаваць. Таму на сходах не было лішняй гаворкі і непатрэбнай блытаніны.

Даша выходзіла апошняй са школы. На вуліцы было цемнавата, хоць ва ўсіх хатах яшчэ гарэлі агні. Падумалася аб тым, што не надта весела будзе ісці ноччу адной, але ў гэты час выйшаў на школьны ганак Ілья Савіч.

— Гэта я паліто заходзіў накінуць, — тонам апраўдання загаварыў ён, — а так я ўсёроўна меў на ўвазе прайсці з вамі. Па-першае, правесці крыху, каб не так вам было страшна, а па-другое, — гаворка яшчэ адна ў мяне ёсць.

— Добра, Ілья Савіч, — ціха адказала Даша.

— Скажыце, — адразу пачаў дырэктар, — Міхась не прыслаў вам на гэтых днях пісьма?

— Учора прыслаў, — з цікавасцю да гэтага пытання адказала дзяўчына.

— А што ён піша? Прабачце, калі ласка, за маю нясціпласць.

— Піша, што вось-вось прыедзе дадому, — ахвотна паведаміла Даша. — Толькі невядома, у адпачынак ці ў камандзіроўку ў наш раён.

— Ні ў адпачынак, ні ў камандзіроўку, — сур'ёзна сказаў Ілья Савіч. — Я таксама атрымаў ад яго пісьмо. Мы ўсё-такі з ім даўнія сябры. Будзе працаваць тут Міхась.

— Як гэта? — здзівілася Даша. — Тут, у нашым калгасе?

— Думаю, што ў вашым, — пацвердзіў дырэктар. — I ў райкоме партыі гэтак жа думаюць. Мы разам з сакратаром райкома і пісалі Міхасю.

«Вось чаму бацька з Платонам так узрадаваліся ўчора, — падумала Даша. — Няўжо яны ведалі што-небудзь пра гэта? А можа проста адчуванне ў старых такое своеасаблівае».

Для самой жа Дашы гэтая навіна была пакуль што нечаканай, хоць яна даўно ведала, што брат, як аграном, не задаволены сваёй работай у міністэрстве, што яго ўвесь час вабяць прасторы палёў i сенажацяў. З другога ж боку, яна бачыла i не адзін раз гаварыла на сходах, што Шулаў — ніякі не старшыня, хоць i чалавек ён спакойны, памяркоўны, што яго даўно трэба выправадзіць туды, адкуль ён прыехаў, інакш гаспадарка сядзе макам. Але ніколі яна не думала, каб Міхась згадзіўся стаць у Дабрасельцах старшынёй. Невядома, чаго тут бацька ўзрадаваўся. Канешне, радасна было б, каб з’явіўся нарэшце добры старшыня калгаса ды памог людзям па-сапраўднаму стаць на ногі. Яшчэ больш уцешна было б для бацькі, каб гэтым чалавекам аказаўся яго сын. Прыемна гэта i для сястры, але ўсё-такі там міністэрства, горад, а тут калгас і толькі Дабрасельцы.

— Можа, у МТС яго прысылаюць? — нерашуча спытала Даша. — Туды, я чула, трэба аграном.

Ёй няёмка было выказаць свае думкі ўслых, бо ў душы яна разумела негрунтоўнасць свайго здзіўлення i ведала, што яно хутка пройдзе. Бацька тут лепш адчуў, як яна.

— Ён сам згадзіўся прыехаць у свой калгас, — нібы зразумеўшы Дашыны думкі, сказаў Ілья Савіч. — Паверце, што ніхто на яго, як кажуць, не націскаў і ніхто не выжываў з міністэрства. Зямля — яго стыхія, усё роўна, як мая — школа. Тут я яго вельмі добра разумею. Не здзіўляйцеся, Даша, — будзе Міхась у Дабрасельцах старшынёй. Ведаю, што вам нязручна, дык я сам пагавару з калгаснікамі, мяркую, што яны не адмовяцца ад свайго земляка. I яшчэ раз — не здзіўляйцеся…

Тут Ілья Савіч перапыніўся і нейкі час ішоў моўчкі, нібы абдумваючы, з якога слова пачаць, як зрабіць размову найбольш пераканаўчай. Даша чакала, стрымліваючы глыбокае хваляванне.

— Вы, пэўна, заўважылі нават з сённяшняга сходу, — ціха загаварыў дырэктар, — што вас камуністы паважаюць, падтрымалі вас у гэтай нялёгкай справе і вось у члены партыі прынялі. Прычым — аднагалосна. Я радуюся гэтаму разам з вамі i яшчэ раз ад душы віншую вас.

— Шчыра дзякую, — ледзь вымавіла ад хвалявання Даша.

— Паважаюць вас за работу, вядома, за прынцыповасць. I вось, не ведаю, як усе дэпутаты, а мы, камуністы, параіўшыся між сабою, рашылі прапанаваць сесіі вашу кандыдатуру на старшыню сельсавета.

— Што вы, Ілья Савіч! — ледзь не крыкнула Даша. — Што вы гаворыце! Я не спраўлюся, ды i не выберуць мяне. Аб гэтым i думаць няма чаго. Я сама дам сабе адвод, або нават i на сесію не прыду!

— Я таму і прызнаўся вам у нашых намерах, — працягваў свае довады Ілья Савіч, — каб вы мел i магчымасць усё гэта добра абдумаць i падрыхтавацца да гэтага. А калі ўдумаецеся, то самі ўбачыце, што гэта самы лепшы варыянт. I адмаўляцца вам няма чаго.

— Нават i не думаючы многа, можна сказаць, — не адступала Даша, — што гэта зусім не для мяне. Па-першае, глядзіце, што выходзіць: Міхась — старшыня калгаса, а я — старшыня сельсавета. У адной хаце два старшыні. Як гэта можа быць? А потым яшчэ вось што: увесь час я выступала супраць Мокрута, крытыкавала яго, а цяпер людзі скажуць, што я яго месца дамагалася. Не, Ілья Савіч! Мне вельмі радасна, што вы так хораша думаеце пра мяне; сёння сапраўды такі дзень для мяне, што ніколі не забудзеш: i гора столькі было, і радасці. Але прапановы такой не ўносьце. Яшчэ глядзіце, што i Мокрут застанецца. У яго ёсць падтрымка ў раёне.

— Паспрабую адказаць па пунктах, — стрымана ўсміхнуўшыся, прамовіў дырэктар. — У Чырвонамакаўскім сельсавеце не адзін Дабрасельскі калгас, а цэлых чатыры. Затым у сельсавеце, як вядома, ёсць яшчэ школа, кааператыў, медпункт. Так што брат i сястра не будуць заўсёды хадзіць па адной i той жа сцежцы. Што ж датычыць залішняга шчасця ў адной сям’і, то няхай былы бядняк і франтавік грамадзянскай вайны Мітрафан мае i двух старшынь у сваёй хаце. Нічога кепскага ў гэтым няма. Абы толькі людзям была ад гэтага карысць.

Не магу я прыняць вашу думку i наконт Мокрутавага крэсла. Разумныя людзі ніколі не скажуць, што вы крытыкавалі Мокрута для таго, каб заняць яго месца. Яны хутчэй скажуць, што вы змагаліся не супраць Мокрута, як чалавека, а супраць яго недахопаў, значыць, па сутнасці, змагаліся за Мокрута. Ён чалавек яшчэ малады, жыццё яго яшчэ наперадзе. Заўважылі, што ўжо нават сёння ён не вельмі лез на ражон? А старшынёй яго пакідаць нельга. Аб гэтым ведаюць усе дэпутаты, і ў раёне цяпер глядзяць на гэта іначай. Вунь Павел Паўлавіч, да чаго ўжо спакойны чалавек, i то ўзняўся, нават мяне падганяе.

Так, гаворачы i злёгку спрачаючыся, яны i не заўважылі, як выйшлі на добрасельскую дарогу i нават гоняў двое прайшлі па гэтай дарозе. Ілья Савіч прыпыніўся і працягнуў Дашы руку.

— Мне вельмі няёмка, — просячы прабачэння, загаварыў ён, — што пакідаю вас адну, трэба было б прайсці з вамі i да самых Дабрасельцаў. Але я пастаю тут, пакуль вы хоць да млыноў дойдзеце, а там ужо недалёка.

Па голасу i па крыху разгубленых жэстах можна было заўважыць, што дырэктар сапраўды перажываў.

— Я дабягу адна, — з усёй сваёй шчырасцю запэўняла Даша. — Хіба гэта першы раз? I так вы ўжо далёка са мною прайшлі. Дзякую вам, шчыра дзякую. У вас i без мяне многа ўсякіх спраў.

— Ды справы там не якія, — гаварыў далей Ілья Савіч, — але сёння мне яшчэ абавязкова трэба напісаць аднаму свайму вучню пісьмо. Былому, праўда. Заўтра авіяпоштай пашлю.

Дырэктар глядзеў на Дашу з уцешнай усмешкай, а яна замаргала спачатку нездагадліва i разгублена, а потым, зразумеўшы, аб чым ідзе гаворка, заіскрыла радаснымі вачамі і ўхапілася за дырэктараву руку.

— Як я вам удзячна, Ілья Савіч, каб вы толькі ведалі!

Ідучы далей адна, дзяўчына не магла сабрацца са сваімі думкамі, уражаннямі. A іх было так многа, і такія яны былі ўсе важныя: і радасныя, i трывожныя. Хоць ногі міжвольна і збіваліся на бег, але не было жадання хутчэй убачыць Дабрасельцы. Хоць трохі i страшнавата было адной, але думалася аб тым, каб дарога працягнулася як мага больш, каб даўжэй заставацца ў самоце. Вось чаму, калі Даша ўбачыла, што з-пад бяскрылых млыноў ёй напярэймы выходзіць нейкі чалавек, то перш, чым падумаць аб іншым, у яе мільгнула шкадаванне расстацца са сваімі марамі. Чалавек выйшаў на дарогу і стаў. Дзяўчына таксама прыпынілася, стараючыся разглядзець у цемры, што гэта за чалавек.

— Не бойся, Даша, падыходзь, — пачула яна голас i пазнала Мокрута. — Я проста чакаў цябе тут, каб ісці разам дадому.

У дзяўчыны трохі скаланулася сэрца, але яна не паказала спалоху, пайшла. Успомнілася, як паглядваў на яе Мокрут у час партыйнага сходу. Вочы былі мутныя, нібы застыглыя, i цяжка было зразумець, што яны выяўлялі. Можна было падумаць, што гэты чалавек жадаў дзяўчыне самага горшага на свеце, нават смерці, i можна было падумаць, што нічога дрэннага не жадаў.

Падышоўшы, i цяпер Даша глянула Мокруту ў вочы, i спалох яе апаў. Не так убачыла яна, як адчула, што ў вачах старшыні цяпер толькі сум, пакута, а ніякай злосці няма. Сам ён быў ссутулены, уцягнуты ў каўнер кожанкі і рукі трымаў сціснутымі адна пры адной у рукавах. Відно было, што акрамя перажыванняў, магчыма нават некаторага раскаяння, ён яшчэ i добра прамёрз, седзячы пад млынамі, бо са сходу ён пайшоў даўнавата.

Пайшлі далей, не сказаўшы адно аднаму больш ні слова. Даша адной машыннай каляінай, а Мокрут другой. Ён толькі выняў рукі з рукавоў, памахаў імі трохі і апусціў у глыбокія, але, відаць, прахалоджаныя кішэні.

— Замёрз ты? — праз некаторы час спытала Даша. Ёй ужо цяжка было не падаць ніякага голасу.

Мокрут павёў плячамі, крыху падвыпрастаўся, але не сказаў нічога, нібы спагада такая была не для яго.

— I трэба было табе сядзець пад гэтымі млынамі, — больш з дакорам, чым з насмешкай сказала Даша. — Ішоў бы дадому, у цяпло.

— Няма мне цяпер куды ісці, — глыбока ўздыхнуўшы, нібы прамовіў, нібы прастагнаў Мокрут.

Крокі яго сталі няроўнымі і цяжкімі, быццам падэшвы ботаў пачалі прыставаць да каляіны. Ён ішоў моўчкі яшчэ некалькі хвілін, а потым крыху адхіліў з Дашынага боку свой каўнер і загаварыў ужо не так глуха i невыразна, але суму ў голасе было яшчэ больш, думкі выходзілі няпоўнымі, нібы ўрэзанымі.

— Мая хата і раней не была мне асабліва мілай, а цяпер дык… Каб не так холадна, то і начаваў бы пад млынамі. Добра было некалі ў партызанах: залезеш у будан, укрыешся…

Даша маўчала, бо ні спрачацца з Мокрутам, ні спачуваць яму ў яе не было асаблівага жадання. Яна толькі ўсё думала, чаму ён чакаў яе: намерваўся чалавек пагаварыць, выкласці душу, а можа i якая лаянка ў яго ў галаве, магчыма, нават помста. Страху аднак не было, нешта не з'яўлялася такая думка, што Лявон можа ўчыніць ёй што-небудзь дрэннае.

— Значыцца, мы сёння імяніннікі, — зноў загаварыў Мокрут. — Цябе з кандыдатаў i мяне з кандыдатаў. Здорава! Толькі цябе ў члены, а мяне… Колькі год мне давялося пахадзіць у кандыдатах! I вось… Ну i злавалася ты на мяне сёння, праўда? Усе злаваліся, нібы я ўсім ворагам стаў. Асабліва дырэктару.

— Ніхто не злаваўся. — спакойна заўважыла Даша — Гаварылі тое, што думалі.

— Усё прыпомнілі, — незласліва сказаў Мокрут і зноў глыбока ўтуліўся ў каўнер, змоўк.

Дзяўчыне здалося, што ён пайшоў крыху жвавей, і яна адчула нейкую палёгку ад гэтага. Хутчэй бы дайсці, а там ён няхай, як хоча. Захоча выгаварыцца, дык знойдзе ахвотнікаў паслухаць, а пацягне яго на адзінокае маўчанне, дык трапіцца месца i для гэтага. Глянула ў бок Дабрасельцаў i быццам бы зарадавалася, што скрозь рэдкі не халодны туманчык убачыла святло электрычнага ліхтара, які зноў гарэў каля вёскі. Значыцца, ужо недалёка засталося ісці. Але выйшла так, што і Мокрут, бадай, у гэты ж самы час глянуў на ліхтар i не прыбавіў яшчэ кроку, чаго якраз чакала Даша, а прыкметна збавіў. Яго, відаць, не цягнулі Дабрасельцы. Дзяўчына сама пайшла хутчэй, аднак старшыня не рушыў за ёй, а, хрыпла кашлянуўшы, сказаў:

— Не спяшайся так, Даша. Яшчэ ж не позна.

I параўняўшыся з ёю, стаў прасіць, каб яна пагаварыла з ім, забыўшыся аб усім, што адбылося i што выявілася за апошнія часы, пагаварыла так, як яны ўсё ж такі не адзін раз гаварылі ў мінулыя гады.

— Мне можа i трэба было б крыўдаваць на цябе, злавацца, — гаварыў ён прыцішана-дрыготкім голасам. — Але сёння я не магу. Не ведаю, што будзе далей, а пакуль што няма ў мяне крыўды не толькі на цябе, а i на іншых. Вось сядзеў пад млыном, усё ўспомніў, перадумаў. Многа праўды было сказана на сходзе. Жыццё ў мяне ішло адным бокам, i вочы мае глядзелі больш усё ў адзін бок, у свой. Былі людзі вакол мяне, харошыя людзі, а я іх не заўважаў i не ведаў. Я i цябе не ведаў. Ты для мяне была толькі прыгожай дзяўчынай, гэтак жа, як Васіль Печка толькі паслухмяным хлопцам. Заўважаў я іншы раз толькі тых людзей, якія падчас, хочучы гэтага ці не хочучы, станавіліся на маёй дарозе. Iх я лёгка спіхаў з дарогі. Кажу, лёгка, бо гэта мне сапраўды ўдавалася.

— Да пары збан… — хацела ўставіць Даша, але Мокрут не даў ёй дагаварыць.

— От жа некалі мая маці так гаварыла, — падхапіў ён. — Я тады яшчэ хлопцам быў. «Чаму ты ўсё сам ды сам? Гэтак век не пражывеш». А я толькі і ганарыўся тым, што «сам». У мацеры быў я адзін, бацькі ў мяне, ты ж ведаеш, даўно няма, памёр. Я неяк мала i памятаю свайго бацьку. Матку ж, вядома, не слухаў, а цяпер мне вось ужо каторы раз успамінаюцца яе колішнія словы. Якое шчасце было б убачыць яе цяпер жывую!.. Кінуўся б, здаецца, перад старою на калені, выплакаў бы свой боль… Апошні раз бачыў я сваю матулю ў канцы сорак трэцяга года. Прышоў ноччу дадому з партызанскага атрада. Вось гэтая кожанка была на мне, тады яшчэ зусім новая, добрыя хромавыя боты, шапка з чырвонай стужкай. Сеў ля стала і нечакана задрамаў. Маці пры газоўцы расшпіліла мне каўнер ды як заплача. Я аж спужаўся, прачнуўшыся. Ажно ж гэта кашуля мая пад кожанкай і гімнасцёркай была да таго заношанай i бруднай, што маці вытрымаць гэтага не магла. Яна кінулася ў куфар, каб дастаць мне чыстую кашулю, а ў гэты час з вуліцы пачуўся нейкі тупат. Я шмыгануў у сенцы і ўжо больш не вяртаўся ў хату, неўзабаве прабраўся ў лес. А назаўтра маці, ты ўжо, мабыць, ведаеш пра гэта, завязала ў клуначак бялізну, яшчэ там сёе-тое і познім вечарам пайшла ў лес шукаць каго-небудзь з нашых, каб перадаць усё гэта мне. Натыкнулася на засаду, кінулася бегчы i вось… Я ледзьве перажыў гэта, як даведаўся. Бо чаго мне было ісці дадому? I цяпер гэты цяжар у мяне на душы, асабліва сёння. Толькі адной табе скажу, што і заходзіў я тады не так для таго, каб праведаць сваю матулю, дапамагчы ёй чым-небудзь, адзінокай, як для таго, каб паказаць, які я стаў бравы. Цяпер дараваць сабе гэтага не магу…

Мокрут перапыніўся пасля гэтых слоў, цяжка, усхвалявана засоп, але хоць i выйшла ў гэты момант зручная паўза, Даша не выкарыстала яе, каб сказаць што-небудзь. Яна адчувала, што Мокрут гаварыў шчыра, але яе так здзіўляла гэтая гаворка, што яна не ведала, як на яе можна адказваць. Здавалася, ніколі раней яна не чула ад Лявона такіх слоў, а можа i чула, ды не зважала, не верыла.

Зноў загаварыў Мокрут ужо каля самых Дабрасельцаў.

— Перад табою я таксама адчуваю віну. Гора я табе ўчыніў вось гэтай няпраўдай наконт Печкі. Я, канешне, ведаў, што ты не вінавата. Мне проста хацелася не паддацца табе. Хочаш, я напішу аб усім Валодзю. Праўду напішу.

— Не трэба, — ціха адказала Даша, — без цябе напішуць.

— Ну, то будзь здарова, — халаднавата прамовіў Мокрут, спыніўшыся насупраць Платонавай хаты і працягваючы дзяўчыне руку. — Дзякуй табе, што прайшла са мною, не ўцякла.

— А ты ж куды? — спытала Даша, заўважыўшы, што старшыня не збіраецца ісці дадому.

— А вунь, бачыш? — паказаў Мокрут на млынароў дамок. — Там яшчэ святло гарыць. Пайду туды…

17

Сесія сельсавета павінна была адбыцца неўзабаве пасля сходу партыйнай арганізацыі, аднак па розных нечаканых прычынах яна ўсё адкладвалася. Гэтыя прычыны ў большасці выпадкаў з’яўляліся з-за Мокрута, якому вельмі хацелася адцягнуць сесію. То ён раптам знікаў на некалькі дзён, а ў сельсавеце прасіў сказаць, што паехаў у горад па справах, то прыкідваўся хворым, хоць дома i не ляжаў. Былі, відаць, свае меркаванні ў чалавека. Магчыма, жыло спадзяванне, што ўсё гэта ператрэцца, перамнецца i забудзецца, магчыма, вялася нейкая падрыхтоўка для большага апраўдання.

Нарэшце, Павел Паўлавіч, як прадстаўнік райвыканкома, цвёрда вызначыў дзень, і сесія прайшла. Паколькі ні ў Дабрасельцах, ні ў Чырвоных Маках клуба яшчэ не было, то сесія праходзіла ў школе, у тым жа самым класе, у якім быў не так даўно i партсход. З партыйнага сходу Лявон Мокрут выйшаў тады самым першым, а з сесіі цяпер — самым апошнім. Калі б не прышла ў клас прыбіральшчыца ды не зазваніла ключамі, то былы старшыня, напэўна, і начаваў бы ў школе.

На вуліцы ўжо нікога не было, калі Мокрут, угнуўшыся, крочыў каля платоў. Ён прыкідваў сам сабе, куды б яму пайсці, дзе б гэта пабыць аднаму, бо ні сустракацца з кім-небудзь, ні гаварыць яму сёння не хацелася. Успомніў, што можна ж яшчэ зайсці ў сельсавет, што фармальна ён яшчэ не пазбаўлены такога права. Апусціў руку ў кішэню кожанкі, абмацаў там два звязаныя шнурком ключы. Залішне халоднымі і слізкімі здаліся яму гэтыя ключы. Узяць бы іх ды выкінуць у снег, няхай бы потым узламвалі кабінет тыя, каму гэта трэба. Ключы, абыякава падчэпленыя пальцам за шнурок, тонка, нібы жалобна, дзінькнулі, калі Мокрут выцягнуў іх з кішэні. Міжвольна прыгадаўся звон ключоў прыбіральшчыцы. Як паглядзела гэтая жанчына на яго, былога старшыню сельсавета! Відно было адразу, што каб ён не заварушыўся, не заспяшаўся апранацца, то яна выгнала б яго з класа.

Замок на сельсавецкіх дзвярах быў пакрыты тонкай пякучай намараззю. Мокрут узяў яго цёплай рукой, i, пакуль адкрываў, пальцы шчыпанула хоць і перадвясеннім, але яшчэ сярдзітым марозікам. Чалавек амаль не адчуў гэтага. Дзверы скрыпнулі нейкім чужым і непрыветным скрыпам. Яшчэ адзін замок, i яшчэ адны дзверы. З кабінета дыхнула цяплом i звычнай гаркаватасцю ад нядаўняга курэння. Не запальваючы лямпы. Мокрут знайшоў свой цвічок у сцяне, распрануўся і павесіў на яго кожанку, шапку, потым прайшоў да папоўскага крэсла. Палавіцы скрыпнулі так моцна, што чалавек аж спужаўся гэтага скрыпу. Колькі часу давялося пасядзець у гэтым крэсле i нават паспаць! Заснуць бы i цяпер, забыцца пра ўсё.

Мокрут усім скволеным тулавам узлягае на падлакотнікі, адкідвае галаву на высокую спінку. Прыемна было некалі вось гэтак адпачываць, а падчас i гаварыць з людзьмі.

На двары мільгае ў белых хмарках вельмі ўжо праворны месяц, таму па стале ўвесь час бегаюць кароткія цені. Стракаціць у вачах ад гэтых ценяў, а яшчэ больш стракаціць ад розных паперак, квіткоў і бланкаў, што ў беспарадку валяюцца на стале. У сельсавеце няма цяпер сакратара, а сам Мокрут i раней не клапаціўся аб парадку ў канцылярскіх справах. Цяпер жа дык i гаварыць няма чаго. Паблісквае перад апушчанымі ўніз вачамі вышмараваны локцямі і далонямі паўкруглы рубец стала. Варта хоць трошкі працягнуць з падлакотніка руку, і ўказальны палец ляжа на гэты рубец. Маленькі рух, і пачуецца звычны стукат. Колькі людзей з крыўдай і непрыязню глядзелі на гэты палец, колькі разоў балюча моршчыліся, слухаючы гэты стукат!

Дрымоты не прыходзілі, хоць Мокрут не збіраўся хутка ўставаць з гэтага крэсла. У галаве шумела ад страшэннай блытаніны думак, ад безлічы самых супярэчлівых уражанняў і ўспамінаў. Бывала, на сесію за вушы чалавека не прывалачэш, а тут, глядзі, амаль поўная школа людзей. I дэпутаты ўсе да аднаго, і настаўнікі. Сямён Казырок вунь адкуль i то прышоў, нават зладна махаў рукой, калі звонкі Дашын голас чуўся ва ўсіх кутках. Успомнілася, што і Аксіння, Валодзева маці, вельмі ж ужо старанна слухала Дашына выступленне, ківала ў знак згоды галавой, а потым, калі дзяўчына вярталася на сваё месца, злавіла яе за рукаў i доўга нешта шаптала на вуха, ласкава ўсміхалася. А яшчэ зусім нядаўна гэтая жанчына верыла яму, Мокруту.

Пасля Дашавага выступлення захацелася зноў узяць слова самому. Слова далі, а слухаць не слухалі. Стары Платон пачаў у гэты час нешта гаварыць Мітрафану, а той без усялякага ўтрымку смяяўся i весела паглядваў на свайго старэйшага сына. Гэты толькі што прыехаў, а ўжо тут.

I хто іх зваў на сесію?

…Перад вачыма — людскія рукі, паднятыя над галовамі. Так многа рук. Павел Паўлавіч сказаў падняць рукі толькі дэпутатам, а паднялі ўсе. Цяжка было ўтрымацца, каб не зірнуць. Андрэіха сядзела воддаль, дык аж устала, каб усе бачылі яе руку.

— Дабрасельскі! — звярнуўся Павел Паўлавіч да Івана. — Палічы галасы!

Той устаў, выцягнуўся на даўжэйшай назе, каб лепш бачыць.

— Аднагалосна! — праз якую хвіліну абвясціў ён. У голасе — цвёрдасць i гучнасць. Гэтага раней не было.

— Ды ўсе прагаласавалі! — пацвердзіў з задніх радоў Ціхоня.

Бач, і ён абазваўся!

Усё гэта асабліва крыўдзіла i злавала Мокрута. Ніколі раней ён не зважаў на якоесьці там галасаванне. Сам заўсёды падымаў руку без усякіх думак у галаве i на людскія галасы паглядваў з насмешкай. А тут прагаласавалі, i ён ужо не старшыня.

Правая рука неяк сама сабою паехала па слізкаму падлакотніку ўперад, аднак пальцы не дацягнуліся да стала, каб пастукаць, а квола, нібы самлелыя, упалі на сцягно. Тут яны, паварушыўшыся, хутка намацалі кішэню, у якой ляжаў круглы футлярчык з пячаткай. Пад сэрцам у Мокрута зашчымела. Заўтра здаваць гэтую пячатку, а як жыць без яе? Перад вачыма раптам паўсталі суседзі-дабрасяльчане. З самага ранку яны возяць на поле гной, рукі іх у гэты час брудныя i непрыемна пахнуць. Андрэіха носіць дадому маленькіх парасят, тут іх абсушвае, абагравае, поіць малаком. А Даша начуе на ферме ў час ацёлаў і ў такія дні ходзіць з пачырванелымі ад бяссонніцы вачыма. I ўсё гэта людзі, і шчасце ў іх, мабыць, больш, як у яго самога.

Лявон рэзка адштурхнуўся ад спінкі крэсла, устаў i нервова захадзіў па кабінеце. Хадзіў ён так з паўгадзіны, палавіцы скрыпелі, нібы крышыліся ў яго пад нагамі. Іх даўно ўжо нe праціралі вадой. Потым былы старшыня падышоў да свае кожанкі, рвануў яе так, што цвік сагнуўся, ці вешалка разарвалася, паспешна апрануўся і рушыў з сельсавета. Дзён тры яго ніхто не бачыў і ніхто не ведаў, дзе ён каратаў ці прасвістваў свой час. На чацвёрты дзень позна ўвечары Мокрут з’явіўся на дабрасельскай вуліцы. Ніхто і ў гэты час яго не заўважыў: дзетвара ўжо спала, а ўсе дарослыя былі на калгасным сходзе. Ішоў Мокрут, не спяшаючыся, і глядзеў увесь час толькі сабе пад ногі. Ён і рад быў, што ніхто не трапляўся яму насустрач.

Каля свайго двара спыніўся, падняў галаву. Мяккі вецер з поўдня абдаў яго шыю і трохі зменшаны за гэтыя дні валлячок. Лявон зноў утуліўся ў каўнер, вецер здаўся яму вельмі халодным. У вокнах хаты відно было святло. Гэта спадабалася Мокруту тым, што не трэба было стукаць, дабуджвацца жонкі. Асцярожна, без скрыпу адчыніў брамку, зайшоў у слізкі ад адлігі двор. Дзверы ў сенцы таксама адчыніў паціху, пераставіў нагу цераз парог хаты i больш не мог ступіць ні кроку. З ложка, накрытая суконнай паласатай коўдрай, дакорліва і ўсё ж такі з радасцю глядзела на яго жонка, а побач, на зэдліку, сядзела Андрэіха і спавівала ў цёплыя, свежыя пялёнкі дзіця.

Лявон зняў шапку і моўчкі стаў камячыць яе ў руках. Затым ён марудна павярнуўся і вышаў. З двара не падаўся нікуды, а сеў пад акном на прызбе і ахапіў галаву рукамі. З страхі капалі буйныя, вялікія каплі і гучна стукаліся аб кожанку. Са сходу па вуліцы ішлі людзі, яны весела гаманілі, смяяліся.

— Два старшыні ў хаце! — з націскам сказаў нехта.

— А я магу даць яшчэ і трэцяга, калі трэба!

Гэта, вядома, голас Мітрафана.

Насупраць двара нехта прыпыніўся.

— Няўжо яго яшчэ няма? — пачуўся гаманок. — Хіба ж не ведае чалавек? Гэта ж добра, што Андрэіха, а то б…

Лявон не мог глянуць на вуліцу, не мог расслабіць пальцы, ублытаныя ў адрослыя за апошні час валасы. Бразнула неўзабаве клямка ў сенцах, i каля яго мімаходам спынілася Андрэіха.

— Ідзіце, сусед, у хату, — патрабавальна сказала яна. — Сын заве.

1958

Оглавление

  • Ад аўтара
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17 Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

    Комментарии к книге «Дабрасельцы», Алексей Николаевич Кулаковский

    Всего 0 комментариев

    Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

    РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

    Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства