«Лясная песня (на белорусском языке)»

1699

Описание



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Пiлiп Пестрак

Лясная песня

Партызан Сцяпан Хомчык, iдучы з вёскi ў лагер, сеў ля дарогi пераабуцца. Дарога вiлася праз густы выносны лес. Сосны перамешвалiся з дубамi i бярозамi, а ўнiзе - арэшнiк, шыпшына i, урэшце, ягаднiк ростам па каленi. Пераабуўшыся, Хомчык прылёг, закурыў, i яму прыемна было адчуваць велiч, дрымучасць лесу.

Быў познi ранак, але ў лесе яшчэ стаяла свежасць - туманы сплылi нядаўна.

Недалёка, па той бок дарогi, нехта заспяваў. Пачуўся жаночы пералiўны голас. Хомчыку здалося, што ён ужо слухаў падобныя напевы недзе ў далёкiм мiнулым. Цяпер гэты напеў стаў выклiкаць у яго памяцi знаёмыя вобразы з жыцця ў роднай вёсцы.

"Як гэта ўсё здаецца даўнiм..." - падумаў ён, ловячы мелодыю.

А песня наблiжалася. I, урэшце, з гушчынi лесу на ягадную паляну пры дарозе выйшла маладзiца з пляцёнкай за плячыма i прывязаным да хвартуха збанком. Яна павесiла пляцёнку, засланую лiстамi папарацi, на галiну невялiкай бярозкi i сама нагнулася да ягад.

Хомчык ляжаў, не варушыўся. Маладзiца, збiраючы ягады, спявала ўпаўголаса.

Хомчык прыглядаўся да яе i слухаў. Слухаў не толькi мелодыю, але i словы. Нейкая дзiўная песня - i ласкавая i разам страшная.

Не шумi ты, лес, цё-ёмнай но-очкаю...

Не завi мяне-е-е, муж, сваёй жонкаю-ю-ю...

"Фу, гэта дык песня", - падумаў Хомчык.

Я й прыгожая, я й удалая,

Як бярозанька, маладжавая...

Хомчык змерыў вокам маладзiцу з галавы да ног i ўсмiхнуўся: "Так, яна, як бярозанька".

А ты б'еш мяне, колькi хочацца,

I з вачэй маiх слёзы коцяцца...

"Гэта ўжо нi к чаму, - думаў Хомчык... - Якi дурань можа бiць такую?" - Як бы нешта вострае кальнула ў сэрца Хомчыку. Ён хацеў падняцца, але яна спявала далей:

Ой, пайду я ў лес, там загiнуся,

Ад цябе навек я адкiнуся.

- I правiльна... - амаль не ўголас сказаў Хомчык. Маладзiца выпрасталася i спявала ўжо на ўвесь голас - вось зусiм блiзка ля Хомчыка:

Не шукай мяне ты з расiцаю,

Не гукай мяне над крынiцаю...

- Аб кiм жа так спяваеш? - раптам спытаўся Хомчык.

Маладзiца крутнулася ўбок, крыкнуўшы "ой", i збялела:

- Хто вы? Ой, як жа я спалохалася... Сэрца калоцiцца... Хто вы, пытаюся?

У Хомчыка ад усмешкi прыгнуўся яго крыху дзюбаты нос, шэрыя вялiкiя вочы жыва забегалi.

- Не бойся, не бойся, - нiбы разважаючы, сказаў Хомчык. - Я свой, свой. Сама ведаеш, што тут нi палiцыi, нi немцаў няма, а толькi партызаны.

Маладзiца паглядзела на тую чорную мецiнку на выцвiлай шапцы Хомчыка, дзе была некалi пяцiкутка-зорачка.

- А хто ж вас адразу разбярэ? Але ж i спалохалася... Проста, як у зямлю ўрасла...

Яна паправiла хустку, абцягнула кофтачку. З-пад хусткi вiдаць былi цёмныя валасы. Даўгаваты твар з выпуклым iлбом, а пад тонкiмi доўгiмi брывамi вялiкiя вочы невыразнага колеру. Яны, здаецца, мянялi свой колер то цямнелi, то рабiлiся шэрымi. Моцны румянец на шчоках, змешаны з загарам, нагадваў лясную прыроду, поўную паху траў i дрэў. Сакавiтыя вусны пры ўсмешпы пад крыху задзёртым носам паказвалi радок белых зубоў.

Гэта была сiла i краса ад зямлi i лесу.

- Прысядзь, - сказаў Хомчык.

- Няма часу. Трэба спяшацца дадому. Позна ўжо, хату адну пакiнула.

- А што, хiба ў цябе нiкога няма?

- Няма. Жыву адна, як ведзьма, у лесе.

- Як у лесе? А не ў вёсцы?

- Мая хата ў самым лесе, крыху ў баку ад вёскi.

- Ты замужняя?

- Была. А цяпер - не.

- А дзе муж?

- Памёр... - сказала i нахмурылася, - туды яму i дарога.

- Што так?

- Дрэнны быў... Не любiла я яго. Шалёны быў, брыдкi. Бiў мяне часта... Маладосць папсавала праз яго.

- Ага, вось чаму ты i песню такую спяваеш.

- Песня не мною зложана... Старая гэта песня... Яшчэ мая мацi яе спявала... Трэба iсцi дахаты... - сказала i пайшла да бярозкi па пляцёнку, амаль што поўную ягад. Затым вярнулася да Хомчыка, якi ўвесь час назiраў за ёй. I дзiўнае рабiлася ў душы Хомчыка. Уварвалася нейкая цеплыня i прыцiхла там, стаiлася. Былi такiя хвiлiны, што яму хацелася ўзяць гэтую лясную жанчыну на рукi i панесцi невядома куды, але Хомчык зараз жа засаромеўся такiх думак.

- А чаму не выходзiш замуж? - спытаўся ён.

- Не хачу. Астрашылася аднаго замужжа i больш не хачу. Мусiць, мая доля такая. Ну, бывайце. Наце вам ягад на дарогу!

Хомчык устаў. Па салдацкай звычцы працягнуў пальцамi па поясу i паправiў гiмнасцёрку. Ускiнуў на плечы аўтамат i ўзяў ягады з рук маладзiцы.

- Э-э-х, ты... - уздыхнуў, - марнуеш сваю маладосць...

- Не я вiнавата... Скаламуцiлi жыццё бацькi, радня... Ну, бывайце, шчаслiвай вам дарогi... Баюся, каб хто ў хату не ўлез. Пабягу...

- А як цябе завуць?

- Мяне? Аксеня... Дземяновiч...

- Ну, бывай... Дзякую за ягады.

Разышлiся ў процiлеглыя бакi. Хомчык iшоў адзiн лясной дарогай задумёны. Часамi пацiраў сабе лоб i разважаў: "Праўда гэта ўсё было цi казка?" Здалёку данеслася песня. Хомчык стаў i паслухаў. "Так, тая самая песня"... - падумаў ён i пакруцiў галавою.

Група партызан - дзесяць падвод - ехала ў вёску памагчы сялянам заараць зямлю пад жыта. Сярод iх быў i Сцяпан Хомчык. У яго на возе нават ляжаў плуг. Калi толькi наблiзiлiся да вёскi, Хомчык у першага сустрэчнага хлопца-пастушка папытаўся, дзе жыве Аксеня Дземяновiч. Хлопец паказаў дарогу, i Хомчык зараз жа звярнуў направа краем лесу. Сама вёска засталася ад дарогi ўлева. Уехаў у малады сасоннiк i падумаў нават, можа хлопец яго ашукаў, бо некранутасць, гушчыня маладога сасоннiку нiяк не нагадвала таго, каб тут было якое-небудзь жыллё. Але сасоннiк скончыўся, i паказалася палянка. На ёй - агарод, абнесены плотам з жэрдак. Грушкi, слiвы, вiшнi стаялi пры травянiстай дарожцы, якая вяла на падворак. Тырчаў журавель студнi, а збоку хлевушок амаль што хаваўся ў сланечнiках. Злева ад яго хата з увагнутай саламянай страхою, маленькiмi аконцамi i шырокай прызбай. Гэта была не хата, а хатка, як з казкi, - на курыных ножках. Яе акенцы глядзелi праз агарод проста ў лес, якi шумеў тут жа за хлевушком. Па другi бок хаты, за яе глухою сцяною, адкрывалася поле. Супроць пярэдняй сцяны, дзе было толькi адно акно, стаяла старая разложыстая груша, а пад самым акном кветкi, збоку лапушыўся куст бэзу, а недалёка ад яго харашылася мальва. Збуцвелы плоцiк агароджваў гэты сцiшны гародчык аж па самую грушу.

Ля парога расла высокая бяроза, якая сваiм галлём завешвала амаль усю шырыню падворка. Сюды i пад'ехаў Хомчык. Дым вiўся з ледзь прыкметнага над страхою комiна. На бярозе i грушы шумела птаства. Блiшчэла раса на агароднiне: на агурках, гарбузах, моркве, на чырвоным маку.

З хаты выйшла Аксеня. Яна была ў саматканай сарочцы з вышытымi рукавамi вышэй локця i босая; белая хустка, завязаная наспех, спаўзала на патылiцу. Усё гаварыла за тое, што гаспадыня ўвiхаецца ля печы i спяшаецца.

- Добры дзень!.. - прамовiў Хомчык.

- Добры дзень... Куды ж гэта так рана? - спыталася Аксеня i зараз жа пальцамi памацала гузiкi на грудзях, правярала, цi зашпiлена сарочка. Аксеня была крыху збянтэжана. Вочы яе з бляскам бегалi пад густымi брывамi. Хомчыку не зусiм спадабалася такое пытанне - ну, як гэта яна не здагадаецца, чаго прыехаў?

- Зямля ў цябе ёсць? - спытаўся.

- Ёсць... - адказала.

- Араць яе трэба?

- Трэба, - кiўнула, i вусны расплылiся ва ўсмешцы.

- Ну, дык вось я i прыехаў араць, - сказаў Хомчык засмяяўшыся. Аксеня яшчэ больш зачырванелася.

- А божа, адкуль такое шчасце? Цi ж я спадзявалася? Злазьце з воза хутчэй, распрагайце конi, няхай папасуцца на падворку. - Яна кiнулася было распрагаць сама, але Хомчык ёй не даў.

- Распрагу сам. У цябе ёсць свая работа.

Распрогшы коней i прывязаўшы iх мiж слiвак i вiшань, Хомчык зайшоў у хату. За маленькаю адгародачкай была кухня. Праход у пярэднюю быў завешан кужэльнай занавессю. Туды папрасiла прайсцi Хомчыка Аксеня. Хомчык увайшоў у паўзмрочную таксама невялiчкую пярэднюю, чыста прыбраную i ўтульную. Насупраць на сцяне вiсела вялiкае люстра, за яго былi заткнуты пучкi сушаных кветак, перамешаных з каноплямi i лёнам. Збоку - фатаграфii ў рамках. У пярэднiм кутку над сталом невялiчкi абразок, прыбраны ручнiком. Пры сцяне жалезны ложак, засцелены саматканай коўдрай у светла-блакiтных колерах. Хомчык павесiў аўтамат на драўляны крук i, распрануўшыся, стаў перад люстрам прычэсвацца. Калi ён пачуў, як Аксеня на падворку клiкала курэй i ўбачыў, як яна мiльганула ў акно, выйшаў з хаты.

- Вось што, Аксеня, - у мяне конi i плуг. Ад цябе патрабуюцца пастронкi i ворчыкi.

- Знайду, усё знайду, - сказала яна прыпынiўшыся. - А вы адпачывайце, яшчэ маем час. Як паснедаем, тады...

- Не, не - давай зараз... Адпачываць мы, дарагая, адвучылiся.

Праз хвiлiн пяць Аксеня вынесла з хлява пастронкi з ворчыкамi. Хомчык пачаў рыхтаваць плуг.

На снеданне яна паставiла на стол салёныя агуркi з бульбай, потым сала з блiнамi, сырам i малаком. Прынесла з каморы бутэльку гарэлкi, настоенай на вiшнi.

Хомчык не хацеў адзiн есцi, пратэставаў, аж пакуль не прымусiў Аксеню снедаць разам.

- Ну, то добра, зараз сяду, зараз. - Яна выйшла ў сенцы i хутка вярнулася прыбраная па-святочнаму. I белая кофта з рукавамi па локцi, i чорная шарсцяная спаднiца, i белая хустка надавалi ёй прывабны выгляд. Села яна за стол, заружавелася, як кветка. Спачатку Хомчык не адважыўся ўзняць на яе вочы - быў неяк прыдаўлены яе прысутнасцю... З гэтага ўсяго.. заўзята рвануў чарку гарэлкi, чокнуўшыся з Аксеняй.

- А вы ешце, ешце... - запрашала яна.

- А ты мяне не завi на "вы", - сказаў Хомчык, - а проста, на "ты".

- Як жа... Я вас паважаю. Вы ж нашы i абаронцы i аратыя.

Хутка выехалi ў поле. Аксеня паказала, дзе араць. Хомчык закiнуў аўтамат за плечы i ўзяўся за плуг. Конi, адвыклыя ад плуга, сталi крывiць баразну.

- Давайце я буду паводзiць, - сказала Аксеня i ўзялася за павадкi аброцi. Плуг пайшоў роўна, адвальваючы скiбы цёплай, бурай зямлi. Аксеня, адвярнуўшыся, сказала: - Нашто ты стрэльбу павесiў на плечы? Гэта ж цяжка...

Сказаўшы "ты", яна крыху сумелася. Блiснула вачыма, усмiхнулася.

- Зброi нам кiдаць нельга. Вайна.

- То дай хоць я паднясу трохi...

- Каб ты ўмела страляць, даў бы, а так - не магу. Стрэльба, усмiхнуўся Хомчык, - мне не перашкаджае...

Конi ступалi бойка, а побач iшла Аксеня, iшла роўнаю, павольнаю хадою.

Вецер раздуваў грывы коней i свежым струменем плыў ля вушэй Хомчыка. Прад яго вачыма мiльгацеў белы фартушок Аксенi.

Шуршэла зямля пад плугам.

Хомчык, iдучы за гэтай жанчынай, мог бы i забыцца, што ён партызан, што на свеце вайна. Але плечы муляў аўтамат. Час ад часу даносiлася стралянiна: партызаны ў лагеры выпрабоўвалi зброю. Ззаду ў свежай баразне дзяўблi раллю вароны, вецер падуваў недзе, здаецца, з сiнявы нябёс. Цёмны лес атуляў поле высокаю сцяною. Здавалася, што гэта мiрны куточак зямлi, якi адрэзаны ад свету i жыве сваiмi законамi, сваёй штодзённай цiхаю плынню. Каб не далёкi недзе гул самалётаў, каб не праезды партызан, не стралянiна, можна было б сказаць, што на свеце ўсё iдзе цiха i мiрна.

Калi сонца паднялося высока над лесам i сагнала расу, верхам на канi аб'язджаў поле камiсар атрада - правяраў, як працуюць партызаны. Едучы ўскраiнай лесу, ён наблiзiўся да Хомчыка i Аксенi.

- Як працуецца, Хомчык?

- Добра, таварыш камiсар.

Камiсар глянуў на Аксеню i, усмiхнуўшыся, сказаў:

- Ну, я думаю, што добра... Маеш такую гаспадыню, што нi ў казцы сказаць, нi пяром апiсаць...

Аксеня пачырванела i адказала:

- Жартуеце, таварыш...

- Вось што, - зварочваючыся да Аксенi, сказаў камiсар сур'ёзна, - калi ён вам дрэнна будзе рабiць, прыдзеце i заявiце мне...

- Ды ў мяне i работы нямнога...

- Усё будзе як мае быць, таварыш камiсар.

- Ну, глядзi... - Камiсар сцебануў каня.

Хомчык завярнуўся, усадзiў плуг у зямлю i спынiў коней.

- Адпачнём, Аксеня, вось пад гэтым дубком, закурым, хай конi перадыхнуць, - i ўзяўшы Аксеню пад руку, ён павёў яе ў цянёк. Яны селi.

- Ты бойкая песнi спяваць, а вось мужчын баiшся...

- Дый такi баюся...

- Ты вырасла, як дзiчка ў лесе... Яна i цвiце i калючая...

- Не, я не калючая...

Скруцiўшы папяросу, Хомчык стаў красаць агонь. Яна склала паперу i завязвала яго кашпук.

- Нехарошы ў цябе капшук...

- Гэты капшук, як маё жыццё... Бачыш, не нажыў сабе яшчэ нiякай Аксенi, каб пашыла лепшы...

- Ой, у вас можа многа было гэтых Аксеняў...

- Клянуся, галубка, што не... Не было часу. То навука, то ваенная служба, то вайна вось... Так i памрэш без Аксенi.

- Ну, яно можа быць i так, але штосьцi не верыцца.

- Вер не вер, а гэта так... Вось скончым вайну, тады ажанюся.

Аксеня аглянулася ў лес i сказала:

- Трэба iсцi чабру, сунiчнiку назбiраць, увечары чаю наварым.

- А цукру дзе возьмеш?..

Аксеня ўскiнула вачыма на Хомчыка i хутка iх адвяла ўбок.

- Для цябе знойдзецца, - сказала гуллiва i скочыла з месца. Хомчык ляжаў i курыў. I зноў, як тады, данеслася песня. Хомчык заварушыўся i азiрнуўся на лес. Чамусьцi пацягнуў шапку за казырок, i, нацiснуўшы цясней на лоб, устаў i падаўся на песню. Зноў спалохаў Аксеню, як тады. Але цяпер абое рассмяялiся.

- Прыйшоў памагчы табе рваць... Не пярэчыш?

Яна прадаўжала песню:

Ой, за лесам, за ракою,

Там Марыся жыта жала,

У правай ручцы серп дзяржала...

Хомчык, забегшы за куст, трапiў на шырокую купiну чабру i стаў iрваць яго спрытна.

Хутка нарваў цэлае бярэмя.

- На, бачыш, як скора...

- Ой, цi ж так iрвуць? Цэлае бярэмя з травою.

- Нiчога, дома перабярэш. Хадзем да коней... Давай бягом, хто хутчэй...

Аксеня зiрнула, адвярнуўшыся, на Хомчыка i з месца шуганула праз кусты. Хомчык за ёю. Перад вачыма мiльганула ў лiсцi белая хустка. Хомчык прыбавiў ходу i, даганяючы Аксеню, абхапiў яе рукамi. Яна ўскрыкнула i затрапяталася, як вялiкая птушка, у дужых руках Хомчыка...

Увечары, калi над лесам i над хаткай застыў статак хмар, Аксеня падала Хомчыку чыстую бялiзну. На каўняры сарочкi i на грудзях цягнулiся стужачкi вышывак. Прынесла яму чыстыя, мяккiя анучы на ногi. Запрасiла памыцца ля студнi.

- Або, як хочаш, iдзi ў крынiцу. Тут у лесе ёсць брод недалёка... Але цяпер камароў многа, так што мыйся тут.

Памылася i сама. Хомчык бачыў, як яна распусцiла свае багатыя валасы, якiя закрывалi спiну. Расчасала iх у просты радок, сабраўшы на патылiцы ў вялiкi скрутак. Хадзiла без хусткi.

Распалiлi агонь на падворку i варылi вячэру, седзячы пад грушай-дзiчкай ля плота.

- Ну, як мог цябе не шанаваць твой муж? - сказаў Хомчык. - Я яго застрэлiў бы, нягоднiка.

- Мой муж - гэта было цэлае няшчасце. Такi гультай i раўнiвы... Не жыў, а гнiў... I мяне хацеў згнаiць. Я ўцякала ад яго...

У цэбры ля студнi мокла лаза. Хомчык узяўся абрэзваць яе, раўняць i плесцi лапцi.

Рабiў ён гэта хутка i спрытна. Аксеня аж здзiвiлася:

- Хутка робiш, хутка... Рукi твае ўвiшныя...

- Дай памеру, - сказаў Хомчык i прымерыў ёй лапаць да нагi.

- Ой, не чапайся! - крыкнула Аксеня.

- Што з табо-о-ю? - працягнуў Хомчык у нос.

Яна патузала яго за вуха:

- А казаў, што нiякiх Аксеняў не меў...

- Не меў, даю слова, не меў, - сур'ёзна глянуў на Аксеню Хомчык.

...Так прайшло некалькi дзён. Аксеня звала Хомчыка ўжо не Сцяпанам, а Сцяпанкам. "Можа, табе, Сцяпанка, тое, можа, другое. Хадзi сюды, сядзь, адпачнi трохi. Ух, як жа ты ўспацеў..." - i абцiрала яму твар сваiм фартухом. А Сцяпанка, узараўшы поле Аксенi i яшчэ тром сем'ям, стаў хадзiць з ёю на касьбу. Касiлi недалёка ад хаты. Там Хомчык пабудаваў шалаш. Дома агледзеў хлевушок, паправiў комiн у хаце, дзе што прыгарадзiў. Калi Аксеня, напрыклад, мыла бялiзну, ён рыхтаваў ёй ваду. Нават грады палолi разам i тачок зрабiлi на падворку для малацьбы, абгарадзiўшы яго дошкамi. Адзiн раз Аксеня сказала:

- Сцяпанка, зрабi дзве грабёнкi на ягады - мне адну i сабе.

- Што за грабёнкi? Не ведаю... У нас ягады збiраюць проста рукамi.

- А ў нас робяць i грабёнкi. Я табе пакажу як.

Ён зрабiў дзве грабёнкi, i яны аднойчы ранiцай пайшлi па ягады.

Сонца плыло яшчэ за лесам. Яно прасочвала свае праменнi праз гушчыню i пырскала iх на росныя травы.

Калi яны выйшлi на дарогу, Аксеня, прыклаўшы далонi да вуснаў, гукнула на ўсю моц сваiх грудзей. Рэха пакацiлася на тысячу таноў i замерла недзе ў далёкай гушчынi. Аксеня ўдарыла ў прыпеўкi:

Не дай божа, не дай божа

Недаростачка любiць,

Нагiнацца цалавацца

Ажно спiначка балiць.

Хомчык зарагатаў, а з iм i яна.

- Хiба ж гэта не на мой рахунак? - сказаў Хомчык i абвiў рукою яе моцны стан. Яна не баранiлася, а толькi сказала: "Пусцi, а то хто ўбачыць". I спявала далей:

З-пад бярозы маёй

Пазiрнула сонца,

Ой, цi ты, цi не ты

Глянуў у аконца?

Iшлi бадзёра, не чулi ног пад сабою.

- Нутро ты выварочваеш сваiмi песнямi, - сказаў Хомчык, якi iшоў побач з паднятай галавой i адчуваў, як яму робiцца хораша.

Аксеня раптам сцiхла i абвiла рукамi яго шыю. Хомчык толькi паспеў адчуць дотык яе рук - свежых, крамяных, як i яна ўся.

...Збiраючы ягады, у гутарцы i смеху яны не заўважылi, што неба стала зацягвацца хмарамi. Парнасць паплыла па зямлi. Далёка глуха прагудзеў гром. Толькi тады яны сталi прыслухоўвацца, але збiралi ягады далей. У лесе зрабiлася цiха. Гром прагучэў блiжэй.

- Хадзем, Сцяпанка, а то будзе дождж, - сказала Аксеня i хутка пайшла па пляцёнку, якая вiсела на галiне дубка.

- Ды пачакай крыху... Бачыш, колькi ягад. Адыходзiць нават не хочацца. I "машынка" добра рве.

Вецер здалёк шолахам праляцеў па лiсцях, i на хвiлiну зноў зрабiлася цiха. Затым другая хваля рванула i нагнула дрэвы.

- Цi я не казала? - прамовiла Аксеня. - Хутчэй хадзем...

Пачалi падаць вялiкiя кроплi дажджу.

- Бяжым у шалаш! - крыкнуў Хомчык, i яны павярнулi ўправа напрасткi праз лес. Па лесе ўжо iмчаўся гул - пачалася навальнiца. Чорная хмара пагрозлiва плыла над галовамi. Маланка разрэзала неба залатым зiгзагам. Прарваўся, аглушаючы, гром, i лiвень хлынуў на лес.

- Хутчэй да шалаша! - крычаў Хомчык, бегучы мiж кустоў з пляцёнкай за плячыма.

Убеглi ў шалаш i пападалi на сена. Аддыхалiся, гледзячы адно другому ў вочы.

- А што... Я казала хутчэй, не паслухаў. Вось i памылiся.

- Ну, падумаеш. Глупства!..

А лiвень паласаваў па сенажатнай палянцы, i вецер гнуў дрэвы на дрэвы.

У Аксенi шчокi сталi свежымi, злёгку ружовымi, мокрыя пасмы валасоў прылiплi да скроняў. Вочы пацямнелi, а бровы былi быццам насвежа праведзены тонкiм мазком мастака.

Хомчык выцер рукавом гiмнасцёркi свой твар, пачаў раўняць сена, больш падсцiлаючы над бок. Скончыўшы, абхапiў Аксеню рукамi i заглянуў у вочы, як у бездань ляснога возера.

- Дзе ты такая радзiлася, скажы? У сне б цябе толькi бачыць! I мне часам не верыцца, праўда гэта цi сон.

- Табе толькi здаецца. Я такая, як i ўсе, - адказала яна, папраўляючы яму валасы за вухам. - Ты вось прыйшоў i ажывiў маё жыццё. Я думала, што ўжо застыну.

- Чаму да цябе нiхто не заляцаўся?

- Заляцалiся. От, я не папускалася. У вёсцы казалi, што я першага мужа звяла са свету, што жыву, як ведзьма-чараўнiца, у лесе... Ты вось нейкi не такi, як iншыя, не хулiганiў са мною...

Яна пяшчотна пагладзiла яго па шчацэ. Хомчык глядзеў, анямеўшы, а вусны самi расплывалiся ва ўсмешку. Раптам, забыўшыся на ўсё, ён стаў цалаваць яе....

Дождж лiў струменямi, недзе ў лажбiнках булькала вада, шуршэлi мокрыя лiсцi дрэў за шалашом. Хмары хутка плылi па небе, а з iмi ўцякаў i дождж з далёкiмi раскатамi грому.

Падвечар таго самага дня, калi напоеныя вадою зямля i дрэвы ў цiшынi грэлiся пад сонцам, прыйшоў да Хомчыка старшы групы, якая працавала з коньмi на полi.

Хомчык толькi што вярнуўся ад коней з лесу i прысеў ля Аксенi, якая рыхтавала агуркi да засолу.

- Ну, Хомчык, канец, брат, нашай рабоце, - сказаў старшы, смуглявы чорнавалосы данскi казак Кавягiн. - Так мы i ваяваць забудзем, адвучымся...

Аксеня глянула знiзу ўверх на Кавягiна i апусцiла галаву.

- Хадзi, брат, сюды на хвiлiну, штосьцi табе скажу, - паклiкаў Кавягiн Хомчыка.

Яны адышлiся аж на дарожку пад слiўкi i некаторы час аб нечым гутарылi.

Аксеня час ад часу паглядала ў той бок. Трывога адбiлася ў яе на твары, i рукi ўжо неяк неахвотна гарнулiся да працы.

Кавягiн развiтаўся з Хомчыкам i спешна адышоў.

- Iду па конi, Аксеня! - сказаў Хомчык, падыходзячы. - Зараз жа трэба ехаць у лагер. Такi загад камандавання.

Аксеня зiрнула на падворак i маўчала, апусцiўшы вочы. Урэшце знайшлася на словы:

- Ну што ж... Вайна, саколiк... Нiчога не зробiш.

Хомчык адчуваў, што адбывалася ў яе ў душы. Бачыў, як яна змагаецца з наплывам пачуццяў. Яму зрабiлася неймаверна шкада гэтай цудоўнай жанчыны. Сеў, абняў яе, цiха i моцна прыгарнуўшы да сябе, пацалаваў...

- Не тужы, Аксеня... - цiха прамовiў ён i, ускочыўшы з месца, накiраваўся ў лес.

Аксеня выцерла слёзы фартухом i пайшла ў хату.

...Конi стаялi запрэжаныя. Аксеня клала на воз мяшок i торбы: быў там хлеб, сала, сушаны сыр, дзве змены бялiзны i нават клубочак нiтак з iголкай.

Праводзiла яго праз увесь сасоннiк аж да канца. Пры развiтаннi спыталася:

- Няўжо ж такi нiколi не заглянеш? Хiба куды ад'едзеце адгэтуль?

- Добра яшчэ не ведаю. Здаецца, што ад'едзем, дарагая. Але гэта ненадоўга. Сюды потым усё роўна вернемся. Чуваць нешта пра блакаду, Аксеня... Але яшчэ добра не ведаю...

- Забяры мяне з сабою. Чаго мне цяпер жыць адной?

Хомчык падумаў: "Цяжка гэта..."

- Пагавару з камандзiрам... Бывай, дарагая, не тужы. Я заўтра пастараюся падскочыць да цябе.

Аксеня iшла назад праз сасоннiк, i крыху блыталiся яе ногi. Не чула шуму птушак, якiм абгалошваўся абмыты дажджом сасоннiк. Калi яна апынулася на сваiм падворку, упершыню адчула цяжар адзiноцтва. I бяроза, i груша, i хатка - усё глядзела на яе цiхiм сумным вокам. Яна ўвайшла ў хату, упала галавою на падушку i заплакала.

Назаўтра быў ветраны дзень. Вялiкiя хмары плылi адна за другою i часам закрывалi сонца. Хомчык прыехаў да Аксенi пасля абеду верхам. Спяшаўся, нават не хацеў паесцi, але Аксiня ўпрасiла. Сама яна выглядала прыбiтай, зхварэлай.

- Цяпер, дарагая, i не ведаю, калi да цябе вярнуся, - сказаў Хомчык, развiтваючыся з Аксеняй. - Сiла вялiкая немцаў iдзе на блакаду, аж сорак чатыры тысячы. Будзем разбiвацца на дробныя групы i манеўраваць... Трэба насельнiцтва падрыхтаваць, каб закопвала ў зямлю сваё дабро. I ты зрабi тое самае. Старайся схавацца, каб немцы не забiлi... Яны будуць палiць вёскi... Трэба, каб усе ведалi аб гэтым.

Аксеня тулiлася да грудзей Хомчыка i казала:

- Вазьмi мяне з сабою...

- Не тужы... Сустрэнемся... Я цябе не забуду. - I, тулячы апошнi раз Аксеню да сябе, ён прыклаў свае вусны да яе вуха i шапнуў: - Не забудзь, дарагая, што я табе казаў учора... Глядзi, не губi... Радзi...

Яна прыпала тварам Хомчыку да грудзей i слухала яго сэрца.

- Яшчэ раз кажу, не забудзь. Я вярнуся... - сказаў ён перад тым, як ускочыць на каня.

Конь з месца паплыў па дарожцы мiж вiшань i слiвак шырокаю, плаўнаю рыссю... Яго праводзiў засмучаны позiрк Аксенi.

1947 г.

Комментарии к книге «Лясная песня (на белорусском языке)», Пилип Пестрак

Всего 0 комментариев

Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства