«Радасць жанчыны (на белорусском языке)»

1977

Описание



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Кузьма Чорны

Радасць жанчыны

I

Старыя хаты нiзка прыпадалi к шэрай зямлi. Дабягалi да iх высокiя межы мокрага ад асеннiх дажджоў поля, у полi прападала вузкая дарога, i ўсё разам: i хаты, i поле, i дарога - чарнелi ад асенняй iмглы i туману.

За многа год пагнiла на стрэхах салома, асунулася ўнiз, i шэрыя сцены з-пад яе панура глядзелi зеленаватымi вокнамi. А за крайняй хатай зразу пачынала чарнець падгнiўшае за восень iржышча. Яно было бязмерна шырокае i пустое заўсёды, толькi рэдка дзе цягалiся па iм шурпатыя цяляты.

Яны адзiчэлi за восень i далёка адыходзiлiся ад хат, i кожны дзень, мокрым адвячоркам, з двара крайняй хаты выходзiла жанчына i iшла ў поле шукаць iх.

Яна была ўся атулена цяжкiмi фалдамi грубай адзежы, iшла яна па полi прывычна цяжкiмi крокамi, хадзiла доўга, пакуль знаходзiла; часам у цемнаце вечара яшчэ ўсё хадзiла па полi...

Твар у жанчыны быў прыгожы, ды пакрыты ён густою сеткаю тонкiх змаршчакоў, вочы ў яе глыбока-ясныя, ды сiнiя кругi пад iмi. Толькi голас яе быў зычна-пявучы, i гулка ён плаваў часам па палях цягучаю песняю.

Заўсёды выходзiла жанчына з крайняй хаты.

I звалi яе Ганнаю.

II

У хаце заўсёды было змрочна.

Пасля доўгай ночы дзень прабiваўся праз маленькiя аконцы паволi i нясмела. I яшчэ доўга да гэтага ўставала Ганна. Яна бразгала вёдрамi, плюхала вадою, хадзiла па суседзях пазычыць солi i ўсё думала. Думкi былi глыбокiя, i ўпарта лезлi яны ў голаў. I за сваё жыццё нiяк не магла прывыкнуць да iх Ганна.

У зусiм маладыя гады пачала яна думаць. Тады цвiлi ў Ганны надзеi на нешта светлае i слаўнае, што павiнна было прыйсцi. Тады яшчэ на Ганнiным твары не было густой сеткi змаршчакоў, i часцей спявала яна гуллiвыя песнi...

Трыццаць пяць год пражыла Ганна, усякi дзень жыцця быў доўгi, як год, а гады прайшлi неўзаметку. I нiяк не прыходзiла тое светлае, на што было ў Ганны так многа надзей. I з цягам часу, з кожным годам усё больш i больш гiнулi гэтыя надзеi. Цяпер яны з'яўлялiся ўжо рэдка калi, прыносiлi яны з сабой на момант радасць, а пасля так жа раптоўна гiнулi i пакiдалi пасля сябе надоўга тупое нездаваленне i смутак.

Ганна жыла пры брату.

Брат Аляксей быў сарваны цяжкаю працаю; часта, затаiўшы на твары пачуццё болю, ляжаў на палатках нiцма i маўчаў. А пасля, сярдзiты, упiкаў Ганну дармаедствам, а Ганна яго шкадавала - ведала злосць хворага чалавека. Не магла толькi гэтага самага Ганна дараваць братавай жонцы. I кожны дзень плакала Ганна. Кожны дзень плакала i братава жонка ад крыкаў Аляксея, кожны дзень у хаце была калатня.

Не падзеляць Аляксеевы дзецi чаго цi хто за абедам возьме большы кусок - з гэтага i пачынаецца. I столькi нагавораць, накрычаць, награзяць адзiн аднаму гэтыя людзi, што думаецца, што яны вялiкiя ўсе злачынцы, а яны толькi ахiлены нудою цёмнага жыцця.

I больш за ўсiх заўсёды плакала Ганна.

А Аляксей быў вечна надута-маўчлiвы - гэта хвароба i ўбогасць жыцця палажылi на яго гэты адзнак.

Праходзiлi днi. Усе яны былi вельмi падобныя адзiн на адзiн. I Ганна так, як i ўсе, хто жыў вакол яе, думала:

"Вось пражыву я гэты дзень, а там будзе другi, лепшы. Вось зраблю я гэтую працу, а там будзе другая, любiмая. Усё тое, што сягоння, - не настаяшчае, яно часовае, i яго трэба абы-як перажыць для таго, каб спаткаць тое лепшае, настаяшчае".

Гэта ўжо не была надзея, тая маладая надзея, якая была ў даўнейшыя гады, гэта было проста роўнае, нейкае тупое пачуццё не здаволенага жыццём чалавека.

Вакол, за працаю людзi далёка былi адзiн ад другога. А ў святыя днi выходзiлi яны на пыльную вулiцу. Тулiлiся к вымашчаным кастрыцаю прызбам. У нудных, доўгiх гаворках шукалi грахоў, недастачаў адзiн у аднаго. Усякi стараўся высмеяць за вочы другога. I нельга сказаць, каб гэта было са злосцi, - гэта проста было ад нейкай нуды жыцця...

III

Ездзiлi людзi на блiзкае поле канчаць апошнюю працу, а ў святыя днi больш яшчэ было доўгiх, калючых для другiх гаворак на гразкай вулiцы...

Ляжала ў Аляксея за хлявом куча падгнiўшага картаплянiку.

- Укiнь ты яго, Ганна, у свiнух, - сказаў вечарам Аляксей.

- Добра, - адказала Ганна, а пасля i забыла зрабiць гэта.

I назаўтра, у нядзелю, была з-за гэтага страшная калатня ў Аляксеевай хаце. Накiнуўся Аляксей з крыкам на Ганну, зноў пачаў упiкаць дармаедствам.

Злосцi ў Ганны не было, была толькi горкая крыўда. Сказала яна крыўднае слова Аляксею, а за Аляксея ўступiлася яго жонка, i тады пайшла Ганна з плачам з хаты. На парозе яна яшчэ раз азiрнулася са сваiм цяжкiм словам пакрыўджанай жанчыны.

- Ды i мая ж тут частка ёсць, i я ж тут таксама працую, а па-вашаму тут я як бы чужая? Я тут такая ж самая гаспадыня!..

Тады падбегла Аляксеева жонка i ўпiлiлася Ганне ў валасы. Ганна хацела баранiцца - з енкам падняла руку ўгору, ды падскочыў Аляксей i даў Ганне кулаком у плечы. I Ганна вырвалася i з плачам выбегла на вулiцу i пайшла па ёй, затулiўшыся вялiкаю хусткаю.

Было ў яе горка на душы, слёзы здаўлiвалi ёй горла. Жыццё здавалася непатрэбным, цяжкiм, i не хацелася жыць. Хацелася зрабiцца нiчым, не адчуваць нiчога, не бачыць гэтага жыцця.

I цi магла iначай думаць Ганна, калi ўсё жыццё для яе было ў гэтай вёсцы. Калi, апрача сваёй цёмнай хаты, нiколi нiчога яна не бачыла. Дзе магла дзецца яна?

На вулiцы былi людзi. Стаялi жанкi каля хат, сядзелi на прызбах.

- Ганна! - крычалi яны.

I Ганна скардзiлася iм, хацела выказаць iм сваё гора. Але не магла iм Ганна выказаць усяго, бо ў кожнай з гэтых жанок было нешта сваё, што мучыла яе толькi адну. Былi свае ўласныя сямейныя сваркi i непрыемнасцi. У кожнай з гэтых жанчын быў свой "гаспадар", якi не ведаў, як яму i дзе паказаць сваю сiлу, як бы паказацца спрытнейшым, лепшым, мацнейшым за другiх. Загэтым вось i чулiся часта па вёсцы жаночыя крыкi. I зноў жа гэта рабiлася не ад злосцi, а адтаго, што не ведаў чалавек, дзе i як паказаць сябе, як змянiць убогасць, гразную i нудную аднальковасць свайго жыцця.

I кожная жанчына ўваходзiла ў сябе са сваiм уласным горам.

Ганна прайшла ўсю вулiцу. Асенняе поле глянула на яе сваiм дзiкiм адзiноцтвам. I яшчэ больш нудным паказалася Ганне жыццё, такiм нудным i адзiнокiм, як гэтае пустое, падгнiўшае ржышча.

IV

У голых i пажоўклых кустах, на нiзкiм беразе рэчкi села Ганна, адна са сваiмi думкамi. Чуць вiдна была вёска на тым баку, за полем. I адтаго, што стрэхi яе былi такiмi чорнымi i мiзэрнымi, адтаго, што такiмi адзiнокiмi здавалiся яны сярод поля, пачалi патроху знiкаць у Ганны крыўдныя i горкiя пачуццi ад свайго жыцця, а сталi наплываць думкi. Гэтыя думкi былi цяжкiя i непрасветныя для яе, цёмнай вясковай жанчыны, якая нiчога нiколi не бачыла, апрача вось гэтага дзiкага поля ды гнiлых саламяных стрэх, нiчога не чула, апрача папрокаў ды мужычай лаянкi.

I думала Ганна:

"Вось тут i там, пад гэтымi стрэхамi, жывуць людзi. Жывуць яны ў цемнаце i ў гразi, i многiя з iх думаюць, што толькi i свету, што тут, пад гэтымi шэрымi стрэхамi. У сваiм жыццi гэтыя людзi як бы ненавiдзяць адзiн аднаго - у хатах вечныя сваркi i папрокi, i нават бойкi. I той, хто другога крыўдзiць, i той, каго крыўдзяць, не рады гэтаму, аднак гэта бывае. Для iх абодвух усё гэта здаецца горкiм, бо ў сваёй цемры i гразi гэтыя людзi як бы ў палоне знаходзяцца свайго жыцця".

I раптам стала шкада Ганне ўсiх гэтых людзей. Прапала свая ўласная крыўда, зусiм прапала, без следу. I брат Аляксей, якi пабiў нядаўна яе, стаў родным i блiзкiм. Стала невыразна шкада яго, хворага i ад гэтага сярдзiтага чалавека; хворага ад вечнай цяжкай працы, хворага ад жыцця, якое ад дзядоў i прадзедаў цягнецца для чалавека, вось тут, у гэтых шэрых палях, не як радасць, а як смутак.

I далей думала Ганна:

"Што ж рабiць тут такое, каб зжыць гэта ўсё? Што мне сказаць тым людзям, каб уразумелi яны, што гэта ўсё ад цемнаты ў iх, ад беднасцi, ад гразi, ад убогасцi жыцця?! А нешта трэба рабiць, цягнуць некуды гэтых людзей..."

I паволi перайшла Ганна па кладцы цераз рэчку i са сваiмi думкамi пайшла цiха па полi, у бок вёскi на тым баку. I ад думак нiчога не прыкмячала вакол сябе.

V

Ад вёскi гул разыходзiўся па полi - густы гул людскiх галасоў.

Ганна гэта чула, падыходзячы к вёсцы, i думала:

"Пэўна, б'юцца цi сварацца на вулiцы, а ўсе глядзяць з радасцю, што паглядзець ёсць на што".

I ўвайшла Ганна на вулiцу.

А там, на прызбе каля хаты i на зямлi, сядзяць людзi, сярод вулiцы грамадою стаяць. Многа народу - вёска ўся.

Падышла Ганна блiжэй.

I тут стала раптоўна цiха, а на прызбе стаяла ва ўвесь рост незнаёмая жанчына, адзетая ў сiнiм, падстрыжаная.

Усмiхалiся ядавiтымi ўхмылкамi бабы i мужчыны ў грамадзе, гледзячы на гэтую жанчыну. I чула Ганна ззаду галасы цiхiя:

- Бач, бач, пад'язджаць строiцца...

- Цiха, пачне зараз песеньку спяваць...

- Соладка спявае, ды горка слухаць...

- Што гэта тут? - запытала Ганна.

- Ды гэта з горада, ужо другi раз прыехала, лахудра гэтая; па вёсках строiцца аб'язджаць. Падгаварвае на нешта, - адказалi Ганне.

А другi голас прыбавiў:

- Усё ўбiвае ў голавы, што не гэтак, кажа, жыць трэба, як мы жывом... Тфу...

Працiснулася Ганна блiжэй к хаце, цiкавасць брала, - што скажа яна, калi гаворыць, што не так жыць трэба; чаму вучыць будзе?!.

I тая пачала гаварыць...

...Вось падышла Ганна яшчэ блiжэй, чуе добра вядомае ў словах "стрыжанай". Гаворыць яна пра цемнату жыцця, пра тую горкасць, якой поўна ў гэтым жыццi.

"I адкуль яна ўсё ведае? - мiльганула думка ў Ганны. - Няўжо i там недзе, адкуль яна прыехала, так сама людзi жывуць?"

А пасля чуе Ганна, чаму вучыць "стрыжаная".

I паўтараюцца ў Ганны выказаныя "стрыжанай" думкi:

"Свету для жыцця не трэба шукаць далёка, пакiнуўшы свае цёмныя хаты. Свет для жыцця тут, у гэтых хатах трэба зрабiць. Самiм шукаць гэтага свету, тады згiне i цемната, i горкасць, i слёзы жыцця. Палявыя загоны павiнны радаваць вока, днi павiнны прыносiць светлую радасць. Зжыць беднасць, зжыць убогасць жыцця".

"А як зжываць?" - падумала Ганна i падышла блiжэй.

А тая гаварыла:

- Усюды самому трэба iсцi, бо сам лепш ведаеш свае патрэбы... Вось тут кабеты гэтых глухiх вёсак многа маюць патрэб, ды нiколi яны не здавальняюцца. З пялёнак i да самай смерцi заўсёды жыве тут жанчына ў горы, у гразi i нiколi не выбiраецца з гэтага, бо не ведае дарогi, па якой бы выйсцi к свету. Горасць абхватвае ўсё жыццё, жыццё ўсiх, а загэтым трэба ўсiм разам i выходзiць на светлую дарогу, бо адзiн, сам па сабе, усё роўна нiчога не зробiць. Затым вось i жыла цёмнаю жанчына ў вёсцы, ды i ўсюды, што была яна сама па сабе, адна. Трэба быць усiм разам, трэба арганiзавацца... Трэба цягнуць на новую светлую дарогу ўсiх, хто зразумеў ужо ўсё гэта, не павiнен маўчаць, а павiнен рабiць новую справу. Хто знае так глыбока вясковае гора, як не вясковая жанчына?! А затым яна павiнна ўзяцца шчыра за тое, каб зжыць гэтае гора. Адзнакi новага, светлага - гэта грамата, разумнае жыццё, праца ў органах, якiя цягнуць усю грамаду да лепшага жыцця. Адзнакi старога - гэта забабоны, несвядомасць, беднасць, гразь. А ад гэтага хваробы, непатрэбная злосць, сваркi, уся горасць жыцця...

I падышла Ганна блiжэй к "стрыжанай".

"Пагавару я з ёй, - думала Ганна, - пагавару, калi кончыць, распытаю ўсё".

VI

Адвячоркам iшла паволi Ганна вулiцаю з той, што гаварыла. Падышла к ёй Ганна як бы нясмела, цiха, калi ўсе пачалi ўжо разыходзiцца. Зразу тая зразумела Ганну, зразумела, што ляжыць нешта цяжкiм каменем на Ганнiнай душы. I была з Ганнай прыветлiваю. Прыпомнiлася Ганне, як некалi, у маладыя гады, сястра-нябожчыца была такою для яе, ды памерла ў маладосцi. I сказала Ганна па дарозе аб усiм, што было ў яе нявыказанае. А тая раптам, як сястра, пачала пра сябе гаварыць.

Яна рабочая, з горада. Радзiлася ў вёсцы, жыла ў беднасцi ды ў горы, а пасля, даўно ўжо, у горадзе ўдалося на фабрыку паступiць. А цяпер яна працуе ў жанаддзеле.

"Дык вось адкуль ведае яна наша жыццё", - думала Ганна.

I хацелася тады ёй выказаць гэтай незнаёмай, але ўжо блiзкай жанчыне ўсё, што перадумала, што перажыла. Хацелася сказаць i пра хворага i сярдзiтага ад гэтага брата Аляксея, пра тое, як сёння ранiцою даў ёй у плечы i як яна цяпер яго шкадуе; хацелася гаварыць пра тыя нудныя гаворкi, якiя вядуцца на вулiцы жанчынамi ў святыя днi...

- Ты тутэйшая? - запыталася тая ў Ганны.

- Не, вунь з тэй вёскi, за рэчкай.

- Дык заўтра ж я ў вас буду, сход ззаву i гаварыць будзем...

I тады закалацiлася ў Ганны нешта вялiкае i радаснае. Нешта расчысцiла Ганнiны думкi, i стала фармавацца ў iх веда, што рабiць... Аж павесялела Ганна...

У той вечар з лёгкiмi думкамi iшла яна дадому змрочным полем.

"Вось стрэнуць мяне дома зноў упрокамi, - думала Ганна, - а я буду гаварыць iм аб тым, што прынесла сюды гэтая жанчына, заўтра скажу я ўсiм аб тым, што стала мне ясным сягоння; папярэджу я словам сваiм прыезд к нам заўтра гэтай старшай нашай сястры. Няхай я першая, можа, пакуль што адна, але падтрымаю гэты светлы прыход у маю вёску, бо прыход гэты - збавенне ад горычы жыцця..."

Было ўжо цёмна на полi, як Ганна падыходзiла к вёсцы. Быў цяжкi туман над старой вёскай, ды лёгкiмi i новымi былi думкi ў жанчыны.

1925

Комментарии к книге «Радасць жанчыны (на белорусском языке)», Кузьма Черный

Всего 0 комментариев

Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства