«Мураваны скляпок (на белорусском языке)»

2270

Описание



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Кузьма Чорны

Мураваны скляпок

Пра Тоню Базылькевiча прывыклi гаварыць, што ён можа варочаць горы. Вядома, гэта было перабольшванне справы. У гэтай мясцовасцi нават i гор нiякiх няма, шмат толькi лесу. Так што горы не горы, а бярвенне Тоня Базылькевiч мог сапраўды добра варочаць. За сваё жыццё ён бярвення папаварочваў i карчоў папакарчаваў. Як задумаў вымураваць сабе скляпок на бульбу, то нешта з год усё каменне на полi збiраў. Нават i вялiкiя камянi, якiя цяжка было i павярнуць, ён браў адзiн. Ён быў цягавiты i працавiты. Калi ехаў, бывала, на начлег з канём, то не садзiўся на каня конна, а запрагаў у драбiны, клаў салому, а наверх плуг цi барану. I пакуль была ноч i конь пасвiўся, ён спаў на возе, а як толькi займацца пачынала на дзень, ён ужо араў. Так што пакуль людзi павыязджаюць, бывала, на поле, Тоня Базылькевiч загон i ўзарэ.

Ён асiрацеў тады, калi яму было дваццаць год. Бацька i мацi памерлi ў адно лета. Тоня астаўся адзiн пасярод гаспадарскай няўладжанасцi: трэба было i скляпок дамураваць, i падвалiны ў хаце змянiць, i хляўчук новы паставiць. I ён яшчэ больш увайшоў у сваю бесперапынную цягавiтасць. Ён не ведаў светлай гадзiны, думаючы толькi пра тое, што, быць не можа, зробiць ён усё, што хоча i што надумаўся зрабiць, стане калi-небудзь i спаць, колькi трэба чалавеку, i на лепшым канi ездзiць.

Аднойчы, працiраючы ад пылу вочы i аблiваючыся потам ад гарачынi, ён вёз дадому каменне. На вулiцы стаяў натоўп.

- Тоня! - гукнулi яму. - У салдаты збiрайся, вайна!

Ён анямеў. Сэрца яго быццам упала на сваё месца з нейкай страшэннай вышынi i зноў паднялося туды ж, каб зноў падаць. Уз'ехаўшы на двор, ён не заўважыў нi ўкопанага ўчора на брамку ў агарод новага шула, нi маладзенькай рабiнкi перад вокнамi. У страшэнным смутку ён перабыў дзень, а назаўтра, яшчэ сцямна, паклiкаў перакупшчыка, прадаў шмат што з гаспадаркi i паехаў за дваццаць вёрст у горад, да доктара, якому некалькi год яшчэ да гэтага вымуроўваў печы ў новым доме. Тоня быў да шмат чаго майстар, а доктар рыхтаваўся да старасцi i выбудаваў сабе ўласны дом.

Доктар пазнаў Тоню, але гэта мала памагло справе: усё адно цана была загароджана здаравенная. Тоня паспрабаваў як умеў далiкатна i лiслiва патаргавацца. Але тут жа ўбачыў, што гэта яму не перакупшчык, i змоўк. Доктар даў яму чагосьцi выпiць i сказаў прыехаць праз дзён пяць, а пакуль што ляжаць у пасцелi.

Тоня Базылькевiч пяць дзён скардзiўся на боль у жываце - i сапраўды яму, небараку, прыйшлося крута. З сям'i яго была толькi сястра, i яна цiхом плакала, шкадуючы брата.

Людзi пайшлi ў салдаты, а Тоня астаўся правiцца. На шосты дзень сястра завезла яго да таго самага доктара i там пакiнула. Доктар паклаў яго ў сваю ўласную бальнiцу i сказаў:

- Можна баранiцца ад салдат вачыма, жыватом, грудзьмi - чым хочаш. Выбiрай, толькi не марудзь, мне часу няма.

Тоня падумаў: зачапi жывот, то працаваць не будзе як. З папсаванымi грудзьмi таксама доўга не пацягнеш. I ён выбраў вочы. Вочы ўдалiся добра, можа, нават больш як трэба. Тоня пачуў ад доктара:

- Цяпер у салдаты не пойдзеш. Бачыш няважна, але, як скончыцца вайна, я табе гэтыя вочы зноў пастаўлю на месца.

Стала i глыбакадумна Тоня Базылькевiч явiўся дадому i зноў узяўся за перарваную няшчасцем работу. Бачыў ён цяпер толькi зблiзку, здалёк усё было як у тумане. З сенечнага парога ён зусiм не бачыў новага слупа, пастаўленага ў агароднай агароджы; да яго трэба было прырабiць брамку. Апанованы страшэнным смуткам, Тоня пайшоў у той бок, дзе стаяў слуп. Свiннi пакорпалi навокал зямлю, першая ад разгароджанага месца града была здрасавана ўшчэнт. Хлеў быў адчынен, i там было пуста - карова пайшла ў перакупшчыцкiя рукi, а грошы за яе ўзяў доктар. Усё, што было набыта такой упартай працай, пайшло марна. Праўда, Тоня Базылькевiч не ў салдатах, не на вайне, але затое - i набытку няма, i вочы не свецяць. Тонеў смутак вырас удвойчы. Ён не мог адразу акiнуць вокам сваёй раптоўнай спустошанасцi i пачаў хадзiць з аднаго кутка сваёй сялiбы ў другi, разглядаючы ўсё хворымi вачыма. Трэба было ўсё пачынаць спачатку - старацца, не спаць, мазалi нацiраць - набываць. I як толькi гэтая думка выяснiла перад iм такi стан рэчаў, зноў устрапянулася i ажыла ранейшая цягавiтасць i працавiтасць. Роўна праз хвiлiну Тоня Базылькевiч бiў з-за вуха абухом па коллi, канчаючы агароджу. У агародзе лапушыўся гарбузеннiк. На градах ляжалi гарбузы i гуркi. I хоць Тоня Базылькевiч ужо не мог са свайго месца разгледзець iх, ён усё ж адчуваў свой агарод: з яго цяклi запахi. Гэта паменшыла яго смутак. Пасля падзьмуў вецер, запахлi з-за гумен каноплi, i Тоня Базылькевiч яшчэ мацней пачаў бiць абухам, поўны ўпартай волi працаваць да сёмага поту.

У гэты момант пачуўся з двара скрыпучы голас:

- Дзяндобры, пане Базылькевiч.

Пане Базылькевiч, забыўшыся на недасканаласць сваiх цяперашнiх вачэй, азiрнуўся i нiкога не ўбачыў. Але з голасу ён пазнаў, што дзесьцi ў глыбiнi двара iдзе да яго мельнiк Сымон Бiрыла. Так i ўяўлялася Тоню, што доўгi i тонкi, як прут, Бiрыла, пачухваючы пальцам шыю, шырока сцiбае нагамi дзесьцi яшчэ каля хатнiх сянец.

- Добра здароўе! - абазваўся Тоня i, каб не трацiць марна часу, зноў падняў угару абух.

- Чаго я да цябе, пане Базылькевiч, прыйшоў, - загаварыў Бiрыла, працягваючы Тоню руку.

- Ну чаго?

- Тут, пане-браце, такая загваздка выходзiць, што цi не ўзяўся б ты мне малатарню паправiць?

Тоня Базылькевiч быў добры майстар на такiя рэчы, i душа яго ў гэты момант устрапянулася: калi ўдзень працаваць дома, на сваёй гаспадарцы, то ўночы пры агнi можна пры Бiрылавай малатарнi. А часамi можна i ўдзень часiну ўварваць. Адмовiцца ж ад такой работы нельга, гэта само шчасце iдзе ў рукi чалавеку, гэта жывы заработак! Работа зробiцца, час пройдзе, а заробленыя грошы ён аберне на заняпалую гаспадарку.

- А многа ў самiх работы каля малатарнi?

- Хадзем паглядзiм.

Пайшлi аглядаць. Выявiлася, што там трэба ўстаўляць усе кулакi, самае кола трэба перасыпаць, шасцярню зрабiць зусiм новую, ды i барабан занадта ўжо нешта гайдаецца ў бакi, калi пхнеш яго рукой, - i яго трэба падмацаваць.

- Тут жа многа работы! - радасна заявiў Тоня Базылькевiч, ужо дыхаючы паветрам вялiкага заработку.

- Ну, што трэба, тое зробiш.

- Гэта ж выходзiць, што, можна сказаць, палавiну малатарнi трэба нанава зрабiць!

- Ну якая там, пане Базылькевiч, палавiна?

I яны пачалi таргавацца. Вытаргоўвалi спачатку па рублю, пасля па паўрубля, пасля спрачалiся хвiлiн пятнаццаць за дзесяць капеек. I от нарэшце старгавалiся. Тоня Базылькевiч пабег дадому канчаць гарадзiць плот.

- Толькi ж, пане Базылькевiч, вы не марудзьце тут мне з малатарняй, самi ведаеце - восень на носе, малацiць трэба будзе.

- Бог дасць, зраблю, - гукнуў у адказ Тоня Базылькевiч.

Да вечара ён яшчэ паспеў дагарадзiць плот, на змярканнi выехаў з драбiнамi i плугам на начлег, досвiткам i пакуль не ўзнялося сонца араў, пасля прыехаў дадому i пайшоў даводзiць да парадку Бiрылаву малатарню. Так пайшлi днi. Тоня Базылькевiч сляпiў свае хворыя вочы ўночы пры агнi, вычэсваючы кулакi. Малатарню ён упарадкаваў i пайшоў разлiчацца з Бiрылам.

- Я табе, пане Базылькевiч, дам цяпер палавiну грошай, а рэшту аддам увосень, як намалачу i прадам.

- Можна i так.

Увосень, пасля таго як дзень пры днi папагула спрытна наладжаная Бiрылава малатарня, Тоня зноў пайшоў па грошы.

- Пачакай, пане-браце, да замаразкаў, - скрывiў набок дробную галаву Бiрыла. - Мы, пане-браце, я ж кажу, сварыцца i па судах цягацца не будзем.

- Добра, - сказаў Тоня Базылькевiч. - Мне абы па судах не цягацца.

Пасля замаразкаў нападаў снег, i Тоня зноў пайшоў да Бiрылы.

- А ведаеш, пане-браце, - сказаў гэтым разам Бiрыла, - нешта мне, як той казаў, не выходзiцца цяпер з грашыма. Хiба ты, пане Базылькевiч, пачакай крыху. Бог дасць здароўе, то аддам, не такi я чалавек, каб на чужое квапiць.

- То вы ж, пане Бiрыла, чорт што збожжа прадалi!

- Мне трэба на гаспадарскi абыходак, мне трэба гаспадарку трымаць, каб не спусцiцца з яе. Я аддам, але брыдка, пане Базылькевiч, лезцi да чалавека з нажом да горла. А калi чалавеку не выходзiцца, тады як?

- Тады я ў суд падам.

- У суд? А чаму гэта ты не на вайне, пане Базылькевiч? Усе ваююць, а ты дома сядзiш?

Збянтэжаны i ўстрывожаны Тоня змоўк, пасля ледзьве выгаварыў:

- У мяне вочы хворыя. Мяне камiсiя забракавала.

- А цi дорага гэтая камiсiя абыходзiцца? Можа б, я свайму швагру нараiў бы, дзе той камiсii шукаць?

- Можа, вы мне, пане Бiрыла, усё ж такi аддасце грошы?

- Дурань ты! Ты злупiў з мяне такую цану, што... Тым часам!

- Вы не аддасце?

- Я чужога не хачу.

- Калi ж вы аддасце?

- Я на чужое не кваплю.

- Калi ж мне зайсцi да вас?

- Мне чужога не трэба.

Такiм парадкам прайшла i зiма, i вясна, i лета, а Бiрыла ўсё гаварыў Тоню, што ён на чужое не квапiць, а калi Тоня ўзвышаў голас, то Бiрыла пытаў, колькi каштуюць Тонiкавы вочы. Тонiк нарэшце не вытрымаў. Аднойчы звечара ён выехаў на начлег. I прыехаў у той палетак, дзе даспяваў Бiрылаў авёс. Цэлую ноч ён пасвiў каня ў гэтым аўсе, а пад дзень сеў конна i разоў пяцьдзесят прагнаў каня дробным трухам туды i назад уздоўж палетка. Бiрылаў авёс ляжаў, як пласт, скручаны, зблытаны i змалочаны конскiмi капытамi. Тонеў конь аблiваўся потам. Тоня явiўся дадому i трывожна ўзяўся за работу. Бiрыла прыйшоў к яму апаўднi.

- Дзе ты сёння свайго каня ўночы пасвiў?

- На пакошы каля рэчкi.

- Чаму ж у мяне загона аўса няма?

- А адкуль я ведаю?

- Галаву знiму!

- Знiмi сабе, - адрэзаў Тоня, даведзены да роспачы хворымi вачыма, Бiрылам i нязвыклай справай глуму чужога ўраджаю.

- Гэта ты мне такую шкоду зрабiў!

- Што ты выдумляеш?

- Ты!

- Брэшаш! Абармот! Гад! Ашуканец! Падай мне мае грошы!

Раз'юшаны Тоня Базылькевiч хапiў даўбешку i кiнуўся да Сымона Бiрылы. Той ледзьве паспеў выскачыць на вулiцу. Такiм парадкам яны затаiлi адзiн да аднаго нянавiсць. Яна цяглася праз гады i нiколi не скончылася.

К канцу вайны Тонiк Базылькевiч набыў у сваю гаспадарку тое, што было патрачана на вочы. Вайна скончылася, i трэба было падумаць, каб ранейшыя вочы назад вярнуць. Але на гэта зноў трэба рашаць шмат што з гаспадаркi, каб пасля зноў такiм горам i бядой набываць. Яго мучыла думка пра гэта. Калi ён праходзiў па загуменню i глядзеў на зробленую iм Бiрылаву малатарню, нянавiсць душыла яго. Малатарня стаяла - новая, моцная, удалая, зробленая добрым майстрам з поўным сумленнем. Спакайнеў ён толькi дома, калi бачыў, што яго набытак зраўняўся з тым сваiм даваенным станам, калi яшчэ Тоня не браўся за свае вочы. Тады гэтага чалавеку было мала, цяпер гэта было пачаткам уцехi. Пакрысе ж набытак стаў яшчэ падвышацца.

"Толькi вочы! Але як iх будзеш лячыць? Доктар возьме за гэта не менш, чым узяў тады, калi псаваў iх. Не, няхай яно згарыць, - падумаў Тоня, пачакаю, пагляджу, падумаю".

Можна вылiчыць, колькi яму было к гэтаму часу год. Сястру ён аддаў замуж. Трэба было самому спяшаць жанiцца, каб не сплылi марна лепшыя гады. Пачакаць яшчэ некалькi год, i гатова ўжо быць позна.

I от ён пачаў сягды-тагды даходжваць да сваёй ранейшай Насцi. "Ранейшай" таму, што ўжо год за шэсць да гэтага ён меўся выбраць часiну i пасватацца да яе. Але хоць яго i мучыў смутак па ёй, гэтая часiна так i не падабралася: трэба было дамуроўваць скляпок, трэба было вазiць з лесу бярвенне, каб зарабiць грошай на аддачу даўгоў за прыкупленую дзесяцiну зямлi, трэба было i сабе прызапасiць дрэва. Многа чаго трэба было! Часамi ён тады прыходзiў да Насцi, браў яе за руку, стараўся, як умеў, паказаць усялякiмi намёкамi, што любiць яе, i мучыўся, што няма як яшчэ жанiцца, бо нiчога ж у яго яшчэ не ўладжана.

Цяпер ужо быў i скляпок дамурован, i хляўчук пастаўлен, i новыя падвалiны ў хаце, конь някепскi - можна было жанiцца i абсямейвацца, але нагадзiлася новае няшчасце: к гэтаму часу ён ужо быў не проста Тоня Базылькевiч, а Тоня Дойла. От як адбылася гэта змена Тоневага прозвiшча на мянушку.

Раз, у гарачы поўдзень, ён вёз з лесу даўжэзную хвою. Конь так змучыўся ў хамуце ад цяжкасцi воза i ад балючай назолы аваднёў, што ў вулiцы стаў i не мог нейкi час крануцца з месца. Запараны да сёмага поту, Тоня Базылькевiч прысеў на дзеравячыну i охнуў:

- Ох, каб ты выгарала!

I пачаў выцiраць рукамi лоб. Перадыхнуўшы з хвiлiну, ён пачаў падварушваць каня.

- Но, малы, но! - пагукваў ён, як i заўсёды, нiкога i нiчога не заўважаючы навокал сябе, апроч таго, чым заняты.

- А браткi, а дойла ж ззаду вiсiць! - пачуўся голас нейкага дванаццацiгадовага ўрвiцеля.

- Якое дойла, у каго?

- У каго ж! У Тонiка Базылькевiча.

- Але, хоць ты падой яго, - спавагу абазваўся сталы гаспадарскi голас.

Тоня Базылькевiч азiрнуўся i ўбачыў, што навокал яго аж кiпiць натоўп дзяцей, а наводдалек стаiць гурт мужчын.

- А ў яго заўсёды штаны вiсяць, як у каровы вымя.

Хтосьцi зарагатаў, а самы сталейшы заўважыў:

- Вядома, чалавек вечна пры рабоце. Няма часу носа ўцерцi, а не то каб штаны там яшчэ падцягваць.

З гэтага моманту ўсе пачалi бачыць тое, чаго раней не бралi на ўвагу; сапраўды, у вечна занятага сваёй работай Тонi Базылькевiча штаны нiколi не бываюць на сваiм месцы: крэсла абвiсае да кален. I ён, з-за клопатаў, не заўважае гэтага.

Увечары пад яго акном iшла работа. Натоўпам дзецi (а сярод дзяцей былi i не зусiм дзецi: адзiн з такiх "не зусiм дзяцей" меў сорак тры гады, лысiну i сiвыя вусы) кiшэлi на Тонiкавай прызбе. Кожны стараўся сапхнуць другога з прызбы пад акном, заняць яго месца, замест яго самому ўкласцi губы ў шыбу i гукнуць на ўсе жылы:

- Дойла!

У першы вечар Тоня Базылькевiч яшчэ нiчога не разумеў. У другi вечар ён пачаў здагадвацца, а ў трэцi вечар ён ужо ганяўся па вулiцы з дручком.

- Дойла! Дойла! - аж разлягалася на ўсю вулiцу. Што ён нi рабiў, гэты Тоня Базылькевiч: i скардзiўся крыкуновым бацькам, i скардзiўся крыкуновым дзецям, i стараўся не браць на ўвагу - нiчога не памагала. Даволi было яму хоць раз выйсцi з цярплiвасцi i выскачыць на вулiцу з цапiльнам цi з млёнам, крык "Дойла, Дойла!" пачынаўся з новай сiлай. Так што канец вайны i рэвалюцыю Тоня Базылькевiч спаткаў ужо з як мае быць усталяванай мянушкай.

- Здарова, Насця, - сказаў Тоня Базылькевiч, хiтра ўсмiхаючыся. "Зараз скажу табе такое, ад чаго ў цябе закружыцца галава i затрапечацца сэрца", гаварылi ўсе выразы яго твару.

Насцi кiнулася ў вочы, што ў яго над вухам некалькi сiвых валасоў. Яму кiнулася ў вочы, што ў Насцi занадта ўжо нешта падазроныя дзве маршчынкi каля пераносся: па адной пад кожным вокам.

Можа б, пераборлiвая Насця, маючы на ўвазе свае маршчынкi пад вачыма, i была б iнакшая ў дачыненнi да Тонi, каб ён адразу не ўзяў такога залiхвацкага тону. А то ён спачатку нейк вельмi ж нястала падмiргнуў Насцi некалькi разоў, пасля, думаючы ўзяць яе жартам, пекануў ёй у самае сэрца:

- Што ў цябе пад вачыма робiцца?

- Чаму, можа, у сажу запэцкалася?

- Дзе там у сажу! Раўчукi ад старасцi!

Вядома, Тоня Базылькевiч, ды яшчэ i Дойла! Ён прывык бярвенне варочаць, а не далiкацтва каля дзяўчыны мець.

"Якая там к чорту старасць, - думаў ён, ядучы вачыма яе локцi, шыю i ногi, - такая яшчэ дзявуха, што чорт ёй i рады дасць".

Тоня падсунуўся блiжэй. Насця маўклiва глядзела сабе пад ногi. Тоня двума словамi сфармуляваў тое, што яна апошнi час адчувала. Гады праходзяць, даўно пара замуж. Можа, нават хоць за гэтага самага Тонiка, якi калiсьцi сапраўды яе любiў. Яна гэта добра ведала.

Яна яго тады таксама сапраўды-такi, калi цяпер падумаць, можна сказаць, любiла. У кожным разе, яна тады хацела, каб ён часцей прыходзiў, каб трымаў яе за рукi. Але як жа за яго iсцi было замуж, каб ён нават i пасватаўся? Iрвацца з iм у такой нечалавечай рабоце? А не рвучыся, то навек прападзеш: пойдуць дзецi, трэба будзе iх адзяваць i кармiць, трэба будзе даць iм у рукi якi-небудзь спосаб жыць. Зямлi даць? А дзе яе ўзяць?

Вядома, з такой дакладнасцю Насця нiколi не думала, але атмасфера такога абмеркавання навiсала, стварала пэўныя настроi i паставiла перад вачыма постаць Тонi Базылькевiча ў святле яго вечнай заклапочанасцi, неахайнасцi ад вечнай работы, яго няроўнай паходкi, як быццам яго ногi былi так натруджаны, што на iх i стаяць спрытна ўжо нельга. Так дваiлася Тонева постаць. Чым больш да яго гарнулася душа, тым больш памiж iмi вырастаў парог. I нарэшце Насця пераканала сябе: нiчога не павiнна быць у яе з Тонем. А тым часам Тоня не пасватаўся, i так усё ўсталявалася. Аднойчы за Насцяю пацягаўся крыху нейкi заезджы семiнарысцiк. I гэта надало яе думкам выразны паварот: прыгажосцi сваёй яна нiколi не будзе губiць з Тонем Базылькевiчам. На свеце ёсць настаўнiкi, чыноўнiкi на пошце. А то яшчэ падкруцiўся малады ляснiчы i пачаў на яе прыглядацца. I хоць ён быў проста-такi непрыемны на выгляд (дзюбасты нос i барада як прыпек у добрай варыстай печы), але ж затое ён ляснiчы! Ён падараваў ёй два флаконы духоў - "Резеда" i "Букет моей бабушки". Дзе ўжо там было небараку Тоню ўлазiць у гэтую "резеду".

Цяпер Тоня шапнуў Насцi:

- Нагнiся, Насця, нешта скажу на вуха.

"Зараз нагнецца, я скажу, каб iшла за мяне замуж, яна, мусiць, будзе маўчаць, я абнiму яе, тады яна прыцiснецца да мяне, i скончан увесь iнтэрас". Так думаў Тоня Базылькевiч. А тым часам Насця i сапраўды як бы пачала нахiляцца да яго, але толькi на тое, каб угледзецца ў яго валасы над вушамi i сказаць зусiм не такiм тонам, якiм ён гаварыў ёй пра маршчыны пад вачыма:

- Ты калi ў люстэрка глядзiшся цi не?

- Чаму ж не, гляджуся.

- То ты, мусiць, ведаеш, якi ты стаў дэраш?

Тоня раптоўна адшатнуўся ад Насцi, уставiўшыся вачыма ў аконную шыбу. Так ён адчуў памiж сабою i Насцяй холад. Насця была злосная, але менш за ўсё на Тоню. Злосная яна была на сваё дзявоцтва i на першыя маршчынкi пад вачыма.

Яны сёе-тое гаварылi, найбольш маўчалi. Такi паганы стан цягнуўся з гадзiну. Нарэшце Тоня адкiнуў усе жарты ўбок i цiха выгаварыў пра свае намеры. Злосная Насця падумала: "Некалькi год ты i носа не паказваў, а гэта так, адразу". Можа, яна хацела яго толькi памучыць, каб пасля даць яму згоду. Гэта не так важна. Важна тое, што яна адсекла яму адразу:

- Як жа я пайду за цябе? Ты ж цяпер ужо Дойла. Хочаш, каб мяне Дойлiхаю дражнiлi?

Тоня быў зняважан да канца. Ён устаў i сказаў:

- Як быццам ты без мянушкi! Разяда! Цябе ж усе i завуць так з-за тых тваiх смярдзючых духоў, якiмi ты ўсiм некалi хвалiлася. Стаўбуней сабе ў дзеўках, разяда аблезлая.

I пайшоў са смуткам па ёй i па сабе. Яна адчувала сябе не лепш.

Страшэнны смутак мучыў яго доўга, але не ён пачаў абуджаць i варушыць думкi. Паварот справе дала новая мянушка. Праўда, яна была дадзена не самому Тоню, а яго каню. Але выгаварвалася заўсёды ў спалучэннi з Тоневай мянушкай, а гэта было яшчэ горш. Аднойчы, святочным днём, Тоня сядзеў адзiн на сваёй прызбе i думаў: "Пайду зараз да Насцi, адкрыю ёй душу, годзе мне мучыцца". Ён быў як прыглушаны. З яго думак не сыходзiла Насця, адзетая ў белае, такую ён бачыў яе неўзабаве да гэтага моманту. Тым часам з выгану цягнуўся дадому Тонеў конь. Тоневы вочы, не лечаныя да гэтага часу, зусiм аслабелi. А конь яго быў белы, так што Тоня не распазнаў, што гэта такое белае мiльганула ў яго перад вачыма пасярод вулiцы. I язык яго выгаварыў на ўсю вулiцу тое, што гняло яго сэрца.

- Здарова, Насця! - гукнуў Тоня, махнуўшы шапкай свайму каню.

На суседняй прызбе грунуў рогат i не сцiхаў, можа, з гадзiну. Некалькi вышчараных вусастых рыл тут жа рушылi да Тонi i, зазiраючы ў яго акамянелы твар, рагаталi бесперастанку. Найбольш стараўся мельнiк Сымон Бiрыла. Той аж бокi драў сабе з рогату. Можна было бачыць, што мельнiк знайшоў тут сабе чаканую праз гады ўцеху. Памучыўшыся з паўгадзiны, анямелы Тоня ўстаў i, не ведаючы, дзе дзецца, паспрабаваў яшчэ пашукаць разрыўкi ў рабоце. Ён сеў на свайго каня i паехаў на iм назад на выган. Але як толькi ён выткнуўся на канi са свайго двара, з-за шула вылезла Бiрылава вусатае аблiчча i аж заенчыла на ўсю вулiцу, захлёбваючыся рогатам:

- Дойла на Насцi едзе!

Тоня з усiх сваiх сiл разануў рэменем па нi ў чым не вiннай конскай галаве.

З гэтага моманту Тонiкавага каня празвалi "Насця", а ў Насцi пад акном у той вечар крычалi:

- Насця! Насця!

- Гэта ж яе iмя, - гаварылi сталейшыя людзi, але нiчога не памагала. У гэтым i была ўся музыка, што iмя ператварылася ў мянушку. Даволi было Насцi выйсцi на вулiцу, як адкуль-небудзь чуўся крык:

- Насця!

Праз некалькi дзён яна прыбегла з плачам, злосцю i крыкам да Тонi, але ён затупаў нагамi i прагнаў яе, не пусцiўшы нават i на ганак. Моцна плачучы, яна пайшла назад на вулiцу. Штосьцi зварухнулася ў яго сэрцы, i ён следам за ёй паказаўся з двара. Напэўна, ён хацеў ужо вярнуць яе назад, але ў гэты момант недзе з-за вуглоў галасоў пяць залямантавалi:

- Дойла! Насця! Дойла! Насця!

Тоня рвануўся назад у двор, схвастаў ламачынаю свайго каня i з енкам "Божа мой, Божа, да чаго я дажыўся" зачынiўся ў адрынцы i пралежаў там на саломе з паўсутак. Ён глядзеў у цёмную страху i думаў пра сябе i людзей. Паканчалiся войны, прайшлi рэвалюцыi, людзi паварочалiся з франтоў, былi партызанамi, пазаслужвалi ордэны, пажанiлiся, гадуюць дзяцей, пайшлi вучыцца. Зараз два сыны Тоневага суседа будуць дактарамi, а ён... Нават Насця, колiшняя дарагая Насця, плача i скардзiцца, што ён прычынiўся да таго, што яе iмя ператварылi ў мянушку.

Тоня ўсхапiўся з саломы i выскачыў на двор. Работа валiлася з яго рук. На чорта рабiць. Трымаючыся аберуч за галаву, ён пайшоў у глыб двара. Там важна стаяў сабе пад сваёй страхой даведзены да поўнага ладу мураваны скляпок. Здавалася, што нават i страха яго служыць па-залiхвацку набакiр. Каб ён быў выгараў, гэты скляпок, уся гэтая драбяза, якая жыццё глынула i шчасця не дала! Тоня ўбег у хату i кiнуўся да люстэрка. На яго глянуў аброслы, каравы твар, злямцаваныя валасы, сарочка чорная, як скаварада.

"Якое дзiва, што Насця не горнецца да мяне!"

Яму стала працiўна ўсё, работу ён зненавiдзеў, корпаўся на ёй нехаця, абы не пайшло ўсё марна. Тоня хадзiў як атручаны.

Кончылася восень, усталёўвалася зiма. Тоня Базылькевiч яшчэ нiколi не меў такога суму. Ён не мог вытрымаць у адзiноце свае хаты. Ён усё часцей i часцей заглядваў у люстэрка, праз кожныя дзён чатыры пачаў брыцца, вечарамi, прыадзеўшыся, выходзiў на вулiцу. Праўда, нi да якой кампанii ён не прыставаў: ён быў старэйшы за ўсiх тых, што збiралiся вечарамi гуляць, i яшчэ баяўся, што сярод хлопцаў знойдуцца тыя самыя крыкуны, што могуць абсмяяць яго мянушкай. Папацёмку ён праходзiў некалькi разоў з канца ў канец вулiцу, па шмат разоў спыняўся супроць Насцiнай хаты, стараючыся разглядзець праз асвечаную з сярэдзiны шыбу, што там робiцца i чым занята Насця.

Аднойчы, стоячы так пасярод вулiцы i прыглядаючыся да акон Насцiнай хаты, ён пачуў недзе як бы нейкi трэск. Было падобна, што дзесьцi, не зусiм далёка, ломяць дзверы або трашчыць так што драўлянае. Гукi iшлi як бы з глыбiнi Бiрылавай сялiбы (Бiрыла жыў праз некалькi хат). Вядома, каб гэта калi-небудзь раней, хоць бы тады, калi дамуроўваўся пакрысе скляпок, Тоня анiяк не ўзяў бы на ўвагу нейкага там шуму з Бiрылавага двара (нават i з чыйго-небудзь iншага). Цяпер жа трэба мець на ўвазе тое, што рабiлася з гэтым чалавекам. Ён быў як бы ў атмасферы нейкага рэзруху. Так бывае ў доме, з якога толькi што вынеслi хаваць нябожчыка. У гэтыя днi Тоня Базылькевiч нават раз зранку, толькi што ўстаўшы, трымаючы ў руках збанок з вадой, каб прамыць твар i вочы, нi з сяго нi з таго высвiстаў раптоўна разоў тры кракавяка, чаго з iм нiколi за ўсё жыццё не было. Трэба думаць, што думкi яго так iшлi навалай, што ён сам не заўважыў свайго кракавяка, прынамсi, ён хвiлiн тры прастаяў у акамянелай позе са збанком у руках. Цяпер ён, чуючы нейкi падазроны трэск дзесьцi ў нетрах Бiрылавай сялiбы, падаўся адразу туды. Ён ясна ведаў, што асабiста яму няма нiякай справы да гэтага. Але тут можа быць так: там робiцца што-небудзь важнае - можа, крадуць што, цi так што падобнае. Тады ён, дасканала дазнаўшыся пра гэта, кiнецца туды, дзе гуляюць хлапцы i дзяўчаты. Уся кампанiя пойдзе туды - i от ужо Тоня Базылькевiч натуральна ўвайшоў у гэтую кампанiю. Само сабой выйдзе так, што ён астанецца там. I, напэўна, такая яго iнiцыятыва ў гэтай справе зробiць тое, што нiхто не гукне на яго мянушкай, нiхто не будзе пытацца, чаму гэта ён раптам пачаў шукаць кампанii, цягнуцца да моладзi, прыглядацца да дзяўчат, хадзiць вечарамi па вулiцы. Тоня выйшаў на загуменне i пералез цераз Бiрылаў жардзяны плот. Клён стаяў голы, сухое бадылле на ўзмежку растапырвалася ва ўсе бакi i чаплялася за ногi. Па няроўнай мёрзлай зямлi пустога капуснiку Тоня Базылькевiч падышоў да самага Бiрылавага гумна. У гумне гарэў агонь. Тоня ўставiў вока ў шчылiну - мала што ён мог разгледзець так сваiм хворым вокам. "Няўжо зладзеi будуць палiць агонь?" Ён абышоў навакол гумна i падышоў к дзвярам. Яны былi зачынены, але ў iх у адным месцы быў выламан кавалак дошкi. Тоня глянуў праз дзiрку ў сярэдзiну. Доўгi, як жэрдка, Бiрыла стаяў непадалёк ад дзвярэй, пры левай сцяне, i штосьцi калупаўся ў малатарнi. "Сам гаспадар, якое дзiва, што..." Тоня плюнуў i пайшоў назад. Але не ступiў ён i трыццацi крокаў, як шкрабанулiся дзверы, святло пабегла ў шчылiнах сцен, пасля пайшло палосамi па зямлi. Бiрыла iшоў пад паветак, у манеж, дзе ўпрагалiся ў малатарню конi. Раптам зноў пачало трашчаць дрэва, Тоня прытулiўся к сцяне, падышоўшы блiжэй. Лiхтар асвятляў вычасаныя калiсьцi iм, Тонем, кулакi, шасцярню яго ж уласнай работы, вал. Бiрыла разварочваў шасцярню, пасля пачаў выбiваць кулакi i расколваць кожны напалам сякерай. Здзiўлены Тоня хацеў спачатку запытаць, чаму гэта ўсё самiм гаспадаром робiцца, але старая закаранелая нянавiсць памiж iм i Бiрылам не дазволiла яму загаварыць. Так ён i пайшоў назад. Было позна, хлопцы i дзяўчаты разыходзiлiся. Тоня пераходзiў вулiцу ўпоперак, да сваёй хаты. Трое хлопцаў перанялi яго на дарозе:

- Тонiк, дзе ты быў гэта?

- От быў.

- Недзе да дзяўчат ходзiш i нам не кажаш?

- Вы мне таксама не кажаце, хэ-хэ.

- Ну бывай, Тонiк.

Яны пайшлi. Тоня падумаў: "Што ж, я iм i сапраўды як бы не сказаў нiчога. Можа, яны i някепскiя хлопцы. Але што iм сказаць?" Тут ён гукнуў iм наўздагон:

- Эй вы, ведаеце што? (Тыя сталi. Тоня падышоў да iх.) Бiрыла малатарню сам сваю ломiць.

Адзiн хлопец сказаў:

- Сам сваю? От дурань, няхай бы лепш табе аддаў, гэта ж твая работа, а ён табе не заплацiў.

I ён зарагатаў. Тоня абазваўся:

- Не заплацiў, халера.

Другi хлопец здагадаўся:

- Хадзем глянем.

Усе пайшлi i, чыркаючы запалкамi, убачылi паламаную малатарню.

Назаўтра к Тоню явiлася сельсавецкая камiсiя.

- Хадзем, Тоня.

- Куды?

- К Бiрылу ў гумно.

- Чаго?

- Як чаго? Ты ж сам агледзеў, а цяпер "чаго".

Бiрыла так загаварыў пра ўсё гэта:

- Каб так лiхi на свеце жыў i быў, як гэты Дойла бачыў, што я ламаў малатарню. Каб сваё ды ламаць?

- Цяпер гэта не тваё ўжо. I сам ты тут доўга не будзеш. А за тое, што псаваў, пойдзеш пад суд.

- Я не ламаў.

- От жа сведка.

- У гэтага сведкi вочы не свецяць. Ён на мяне ў злосцi. Ён сваiмi вачыма не мог бачыць. Гэта ж Дойла. Дойла дурны!

- Добра, так i запiшам у акт, што зневажаў мянушкай таго чалавека, якi выкрыў злачынства. I за гэта судзiць будуць. Нiчога, Тоня, наплюй, не зважай. За гэта суд упячэ.

"За знявагу Тонi Бiрылу будуць судзiць?"

Тоня, аднак, не ўзяў гэта на ўвагу. Сапраўды, гэта небывалая рэч! Паверыў ён толькi тады, калi праз некалькi дзён паклiкалi яго пацвердзiць тое, што ён сапраўды бачыў, як Бiрыла ламаў малатарню i як пасля аблаяў яго мянушкай.

Тонi не было, калi раскулачвалi, судзiлi i высылалi Бiрылу. Тоня ў гэты час ляжаў у бальнiцы. Вечарам таго дня, калi ён пацвердзiў свае паказаннi наконт Бiрылы, большы яшчэ, як калi, сум агарнуў яго. Уся справа была ў тым, што ён цяпер, можна сказаць, з гэтага вечара сам глядзець пачаў на сябе як бы звысоку. Смутак часамi ападаў да лёгкай журбы, пасля зноў даходзiў да найвялiкшага гарту.

"Колькi год я пражыў на свеце? Гадамi сваiмi - цi таварыш я маладым знаёмым людзям? Дзе ж дзелася маладосць? Мураваны скляпок з'еў яе?"

Тоня пачаў дзейнiчаць. Ён ледзьве прычакаў канца ночы. З самага ранку рушыў ён у горад. Явiўся ў бальнiцу, паказаў вочы.

"Чорт яго забяры ўсё, з скляпкамi, з хлевушкамi, усё спушчу, а вочы напраўлю. Хоць адной хiбай будзе ў мяне менш" - так думаў Тоня ў той момант, калi доктар даследаваў яго вочы.

- Можа, якую суму трэба ўнесцi ў бальнiцу, то я магу, - сказаў нарэшце Тоня доктару.

Доктар зiрнуў на Тоню:

- А вы што, багаты?

- Якi там багаты! Але вочы каб як вылечыць.

I Тоня паказаў сваю даведку з сельсавета.

- Можаце свае сумы трымаць пры сабе, - усмiхнуўся доктар.

Тоня ляжаў у бальнiцы чатыры месяцы. Вярнуўся ён дадому тады, калi малады калгас наладжваў сваю работу.

Увосень трэба было малацiць. Пасля Бiрылавых рук малатарню нельга было пускаць. Трэба было намалацiць жыта i пасеяць, усё трэба было рабiць скора. Тоня ўзяўся направiць малатарню за тры днi. Яму далi падручных памагатых.

Тры днi i тры ночы Тоня не пакiдаў работы. Можна сказаць, ён i не спаў гэты час. Так не стараўся ён некалi i каля мураванага скляпка. Вочы яго свяцiлi добра, i ён спрытна вычэсваў i выгаблёўваў дрэва. Адвячоркам, скончыўшы работу, калгаснiкi сыходзiлiся глядзець, цi сапраўды будзе зараз гатова малатарня. Кожны бедаваў, што работа можа зацягнуцца. Многа людзей з надзеяй паглядалi на Тоню - калi зробiць, то вельмi будзе добра, выратуе ўсiх.

Позна ўвечары трэцяга дня месяц стаяў над паплаўным туманам. Тоню хацелася выйсцi туды, на агароды, цераз гэтыя шырока расчыненыя дзверы: агародамi вяла найкарацейшая сцежка дадому. Газа ў лямпе выгарвала. Кнот пагарэў i куродымеў. Гэта вельмi вялiкая работа стомленаму чалавеку - iсцi браць з кута бляшанку з газай, налiваць у лямпу, закручваць. Няхай тухне!

У той якраз момант, як патухла лямпа, Тоня Базылькевiч, разглядаючы пры месячным святле кола над шасцярнёй, стаў на лескi, прыставiў i ўвагнаў абухам апошнi кулак. Малатарня гатова!

Нiколi яшчэ не было такой радасцi. Цяпер можна з гонарам заявiць усiм людзям. Заўтра ўсе ўбачаць.

Ледзьве цягнучы ад стомы ногi, Тоня павалокся сцежкай дадому. Здалёк была вiдна ад двара сцяна Насцiнай хаты.

"Можна i праз Насцiн двор прайсцi. Там выйду на вулiцу, а там i дадому".

У Насцiным двары ён спынiўся.

"Можа, зайсцi? Цяпер жа ў мяне мянушкi няма. I яе iмя цяпер не мянушка, а iмя, сапраўднае, чалавечае".

Ён увайшоў у хату.

- Скончыў, гатова! - сказаў ён замест "добры вечар". - Ледзьве ногi валаку. От бо працы было! Смага мяне мучыць.

- Пачакай, братка, садзiся. У мяне квас на вiшнях. Я табе зараз...

Насця хапiла збанок i выскачыла ў сенцы.

- Рукi памыць, цi што, - сказаў Тоня i з конаўкай вады выйшаў на двор.

Туман плыў над агародамi, паплавамi, цераз платы i садавыя дрэвы. Месяц стаяў высока.

- На ручнiк, - зашаптала Насця.

Яна ўся аблiта была малочным святлом.

1934

Комментарии к книге «Мураваны скляпок (на белорусском языке)», Кузьма Черный

Всего 0 комментариев

Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства