«Незабыўнае рэха»

816

Описание

отсутствует



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Незабыўнае рэха (fb2) - Незабыўнае рэха [calibre 0.8.11] 801K (книга удалена из библиотеки) скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Алексей Николаевич Кулаковский

Аляксей КУЛАКОЎСКІ

НЕЗАБЫЎНАЕ РЭХА

Апавяданне

Заціхла к позняму вечару рэчка Лабжынка, яе ужо иават i не відно, калі глядзець збоку. На лузе пацямнела і нібы прытаілася ў чаканні благатворнай расы густая трава. I раса, пэўна, будзе, вялікая будзе раса, бо дзень сёння быў цёплы, пагодлівы. Ужо цяпер над рэчкай пачынае ўзнімацца шыза-белы туман i вызначаць на лузе ўсе свавольныя звілінкі, якія робіць тут рака. Чароўная шыза-белая лента ўецца па лузе, па вербалозніку i рассцілаецца далёка-далёка, аж да сам ага небасхілу. Каля яе зрэдку падаюць свае поўдрымотныя галасы кулікі, сяды-тады скрыпуча абзавецца драч. А самы канец ленты раптам пачынае чырванець. Чырвань гэтая хутка пашыраецца i што далей, то ўсё больш радзее, пераходзіць у барвовасць, а потым у светлую жаўцізну. Гэта ўзыходзіць месяц. Хутка ён залье сваім святлом луг, лясок непадалёку ад рэчкі, густыя ўпрыцемку, нібы злітыя, кусты вербалозніку.

Сёння — самы вялікі дзень у годзе, дваццаць другое чэрвеня. Увесь дзень тут, каля рэчкі, было многа людзей, многа гоману, песень, весялосці. У ляску на зялёнай паляначцы праходзіла Свята песні, арганізаванае райкомам комсамола. Гэта так усе гаварылі: райкомам комсамола, а на самай справе усё арганізавала Надзя, загадчык аддзела па рабоце сярод вучнёўскай моладзі і піонераў. Першы сакратар, як даведаўся, што яго хочуць паслаць на вучобу, умыў ад усяго рукі, а другі засеў перад зарочнай сэсіяй за падручнікі. На свята Надзя запрасіла прадстаўнікоў суседняга райкома комсамола. Прыехаў на матацыкле першы сакратар Нікалай Ванесаў і з ім Маша, даўно знаёмая Надзі дзяўчына, інструктар абкома комса­мола.

Песні спяваліся звонка, на ўсе грудзі, i зладжана, як ніколі. Надзя дырыжыравала зводным хорам чатырох школ, а Маша, паправіўшы з дарогі светлыя локаны, стала ў рад са старшакласніцамі і неяк адразу нібы злілася з імі: гэткае-ж у яе белае, з тугім паяском плацце, гэткія-ж свежа загарэлыя рукі. I сама яна невялікая ростам, стройная, з пяшчотным, як у дзіцяці, падбародкам. Нікалай таксама прыстаў да мужчынскай трупы. Сярод школьных спевакоў ён вылучаўся большай абветранасцю твару (язда на мата­цыкле дала сваё) i ледзь не блішчастай чарнатой густых валасоў.

Надзя, дырыжыруючы, спявала, яна i дыры­жыравала больш голасам, чым рукамі. Рукі ў яе хадзілі няўпэўнена, асабліва ў тыя хвіліны, калі яна думала пра гэта. А голас у Надзі асаблівы. Ён і моцны і ў той-жа час лірычны, прыгожага тэмбру. Удзельнікі хору яго чуюць, а ў ансамблі ён не выбіваецца. I яшчэ вочы памагаюць Надзі дырыжыраваць, карыя, выразныя вочы. Калі дзе пачуецца хоць самая маленькая нязладжанасць, Надзя глядзіць туды і глядзіць так, што харысты адразу-ж папраўляюцца. Часта насцярожаны позірк дырыжора спыняўся i там, дзе яшчэ толькі намячалася шчылінка ў галасах. Спыняўся ён i на Машы, але зусім не для таго, каб паправіць яе. Маша спяваць умела і дзесяткі песень ведала на памяць. Карыя і блакітныя вочы сустракаліся, мабыць, толькі для таго, каб адчуць адзінства ўрачыстасці, каб абодва га­ласы набывалі яшчэ большы прастор, яшчэ прыгажэйшае гучанне. I калі ўсхваляваны погляд Надзі міжвольна пераходзіў на смуг­лявы твар Нікалая, у голасе яе з'яўлялася нейкае адметнае дрыжанне, твар палаў радасцю і верхнія ноты гучалі так прыгожа i ўрачыста, што кожнаму, хто стаяў у гэты час збоку, хацелася паслухаць Надзю адну.

Пасля песень гулялі ў розныя гульні, а на змярканні, калі малодшыя школьнікі пайшлі дадому, расклалі касцёр. Каля кастра ўсе дарослыя сталі дзецьмі: скакалі цераз агонь, бегалі навыперадкі. Маша на ўвесь ля­сок залівалася вясёлым смехам i кожную хвіліну выдумляла што-небудзь новае ў гульнях. Завадатарам яна была найлепшым: усё ў яе выходзіла лёгка i проста. Кожны яе жэст хацелася паўтарыць, а кожнае слова прыбаўляла весялосці. Неяк вельмі смяшліва і зусім па свойму яна ўжывала слова «абы што»: «сказала абы што», «з’ела абы што», «села на абы што».

— Выдумай яшчэ абы што! — часта прасіў яе Нікалай Ванесаў.

Потым агонь стаў памаленьку затухаць, галля больш не падкідалі, бо тут мала яго было,—лясок маладзенькі, пасляваенны. Усе трошкі стаміліся ад гульняў, трошкі здаволіліся. Нікалай Ванесаў завёў матацыкл і пачаў вучыць хлопцаў ездзіць, дзяўчаты пайшлі на рэчку, а Надзя з Машай засталіся каля агню. Рэдкі дымок ішоў ад вуголляў, плыў па траве і знікаў каля рэчкі. Нехта раптам крыкнуў каля рэчкі, і Надзя ўсхапілася, пачала прыслухоўвацца.

— Чаго ты? — спытала Маша.

На рэчцы засмяяліся, тады і Надзя, усміхнуўшыся, села.

— Тут у нас у мінулым годзе тапіліся некаторыя.

— Хто? — спытала Маша.

— Я, напрыклад. I яшчэ адна піонерка, удзельніца злёту. Тут у нас піонерскі злёт быў. Цяпер я, праўду сказаць, пабойваюся гэтай рэчкі і, калі ўспамінаю пра гэты выпадак, у вачах цямнее.

— А я два разы тапілася, — сказала Маша,—і нічога. Цяпер затое плаваць добра ўмею і ўжо больш ніколі не ўтаплюся.

— Ты жартуеш? — Надзя на хвіліну змоўкла.

— Я не жартую, — апраўдвалася Маша. — Я сапраўды пераламала ў сабе гэты вадзяны страх І з таго часу ўсё пайшло добра. Маракі таму і адважныя такія, што навучыліся не баяцца вады. 1м усё адно, што вада, што суша.

— У мяне здарылася неяк па-асабліваму, — пачала расказваць Надзя. — Я крыху ўмела плаваць і тады. Дзяўчынка крыкнула, а я ў той момант не зразумела, што яна топіцца. Нікога каля рэчкі якраз не было. Потым бачу, што трэба ратаваць, кідацца ў ваду, але стаю на беразе, крычу. Далей ужо i сама не памятаю, што было. Нейкі страшны шум, нейкія жоўтыя кругі над галавою. Кал! я расплюшчыла вочы, то ўбачыла перад сабою мокры твар Ванесава. Ён тады таксама быў на злёце. Нікалай стаяў ля мяне на каленях, з яго вопратк! цякла на траву вада. Два старшакласнікі адкачвалі побач пасінелую дзяўчынку, а наш Лупіновіч, першы сакратар райкома, стаяў на беразе ў жоўтай сухой майцы і нечага крычаў, махаў рукамі.

«I тут камандуе, — падумалася мне, — а сам нават ног не памачыў». I стала прыкра глядзець на гэтага чалавека. Потым я зірнула ўбок і ўбачыла свае мадэльныя басаножкі. Яны стаялі побач і пабліісквалі на сонцы чыстым лакам. «Значыць, я не толькі доўга не рашалася кідацца ў ваду, а нават успомніла, што варта скінуць новыя басаножкі? Лепш было ўтапіцца, чым перажываць цяпер такую віну».

Пазней я даведалася, што Лупіновіч прыбег да рэчкі адразу-ж пасля таго, як я кінулася ў ваду, што ён бачыў, як дзяўчынка, вынырнуўшы ўжо, мабыць, апошні раз, схапіла мяне за згіб рукі i пацягнула за сабою, аднак не старауся дапамагчы сам, а толькі клікаў другіх і загадваў ім хутчэй ратаваць нас. У сэрцы калола ад гэтага, але я ўжо не злавала на Лупіновіча, а толькі сама на сябе. «Чаму я такая нікчэмная, чаму ў мяне часта выходзіць усё, як у Лупіновіча, а не так, як у іншых людзей. Вось-жа Нікалай не таптаўся на беразе, не думаў пра свае бацінкі і касцюм, а адразу, як толькі дабег да рэчкі, з разгону кіінуўся ў ваду».

Доўга мяне мучыла гэтае пытанне, i цяпер я часта ўспамінаю i пра гэты выпадак, i пра многія дэталі сваёй работы ў райкоме.

— А даўно ты ў райкоме? — спытала Маша.

— Вось ужо больш за два гады. А прышла сюды з педвучылішча, комсамольскую ра­боту мала ведала. Была некалі піонерважатай у школе, толькі і ўсяго. Трэба было вучыцца працаваць, а ў каго вучыцца? Зайшла, помню, першы раз у кабінет сакратара рай­кома, да гэтага-ж самага Лупіновіча.

— Косця, — гавару, — калі нам лепш правесці нараду піонерважатых?

А ён мне:

— Я вам не Косця, а Канстанцін Елізаравіч.

Я выйшла з кабінета. Спачатку мне зрабілася смешна, а потым нейкая крыўда апанавала, проста да слёз. Не так даўно мы разам вучыліся ў школе, ён толькі гады на два ішоў уперадзе. Потьгм колькі разоў сустраналіся тут у нас, у горадзе. I заўсёды гэта быў Косця, звычайны, крыху, праўда, занослівы, але ўсё-ж просты хлопец. А стаў сакратаром райкома—і ўжо адразу Канстанцін Елізаравіч!

Гляджу аднаго разу праз акно маёй піонерскай бакоўкі—ідзе Лупіновіч па вуліцы, трымае курс у райком. Ідзе спаважна, уразвалачку і толькі злёгку памахвае адной рукой. Мне кінулася ў вочы нешта вельмі знаёмае ў гэтай паходцы. Стала ўспамінаць і ўспомніла, што гэта наш сакратар райкома партыі так ходзіць. Потым глядзім мы ўсе, — гэта ўжо другім разам было: заходзіць Лупіновіч у райком, здымае шапку і, браткі мае, — уся галава паголена, так і блішчыць, як гарбуз на сонцы. Твар стаў круглы, як у груднога дзіцяці. А такія былі валасы ў хлопца: каштанавыя, густыя. Аказалася, што гэта сакратар райкома партыі пагаліў галаву, дык і Лупіновічу-ж трэба. Не ўлічылася толькі тое, што сакратар райкома партыі пачаў лысець i яму неабходна было пагаліць сваю галаву.

I вось пайшло ў нас такое жыццё ў рай­коме. Прыдзе хто-небудзь з комсамольцаў, сядзе ў агульным пакоі каля дзвярэй сакратара i чакае, чакае... Загадчык вучотам павінна далажыць сакратару, хто прышоў. А дакладваць ёй дазвалялася толькі тады, калі сакратар зусім вольны i нават па тэлефону не размаўляе. А калі ён не размаўляе? Праз перагародку заўсёды чуцён яго голас, то камандны, то абыякавы, з пазяханнем.

Мне спачатку вельмі не падабалася ўсё гэта, я мучылася на рабоце. А потым, паверыш, Маша, прайшоў час ii я сама стала пакрысе камандаваць, пакрыкваць на людзей. ^амусьці мне стала здавацца, што без гэтага нельга і абыйсціся. Хто ні прыдзе да нас з абкома комсамола, усе хваляць Лупіновіча: дзелавы чалавек, умее працаваць. I вось зайшла аднаго разу да мяне піонерважатая без стуку ў мае фанерныя дзверцы. I мне крыўдна стала, што яна не пастукалася. Размаўляю з ёй, а сама адчуваю, што не магу схаваць крыўды. Дзяўчына, вядома, заўважыла гэта i больш да мяне не пайшла.

Іншы раз бяру тэлефонную трубку i сама не заўважаю, як адразу мяняецца мой голас.

I не люблю я гэты голас, але і змяніць не магу. Чую нешта сухое, казённае, падчас абураюся, а таго, з кім размаўляю, не слухаю.

— Шкада, што я ў гэты час не прыехала, — сказала Маша, — а то я пагаварыла-б з табой па тэлефону.

— Дык гаварылг. Слухай. Прыехалі аднаго разу з вобласці. Вельмі паважаны чалавек прыехаў. Звоніць у райком. Нікога якраз не было, я бяру трубку. «Хто?» пытаю. Ён адказвае. Я зноў: «Хто, хто?» Чую, што прозвішча знаёмае, быццам-бы i разумею, што ведаю гэтага чалавека, а ўсёроўна пы­таю. Паверыш, пяць разоў я перапытала ў яго прозвішча, а ён усё цярпліва адказваў.

«Сакратара няма», — сказала я нарэшце i павесіла трубку.

Цяпер мне проста аж цяжка ўспамінаць пра гэта. Прышоў гэты чалавек у райком, ты, пэўна, таксама ведаеш яго, але я не буду называць прозвішча. Вітаецца са мною, а по­тым такім, зусім ветлівым тонам пытае:

— Гэта мы з вамі сёння размаўлялі па тэ­лефону?

— Мусіць так, — адказваю я.

— Вы гэтак І з піонерамі размаўляеце?

Я пачырванела, стаю перад гэтым чалавекам, як некалі перад настаўнікам у школе, i нічога не магу сказаць.

— Учора я наведваўся да вашых суседзяў, — сказаў перад адыходам чалавек,— i там падобных з’яў не заўважаў.

Я дзён тры перажывала пасля гэтага i старалася зусім не падыходзіць да тэлефона. Калі з-за перагародкі чуўся голас Лупіновіча, мне хацелася заткнуць вушы, або нават уцячы з райкома. Потым мне самой давялося пабываць у нашых суседзяў. У той год наш піонерскі лагер быў на іхняй тэрыторыі, i ўжо не помню, па якой справе я зайшла ў райком. Зайшла, стаю у агульным пакоі, чакаю, пакуль хто прыдзе, каб спытаць, ці можна зайсці да сакратара. Дзверы ў кабінет прыадчынены. Чую, як нехта весела смяецца, а потым той-жа голас гаворыць:

— Ты, Валодзя, не давай там вельмі гультаяваць піонерам, прывучай іх не баяцца працы. Няхай яны самі і дровы колюць i ва­ду носяць. Чаго там! Не беларучкі!

I мяне адразу нібы выцялі гэтыя словы. Я ўспомніла, што робіцца ў нашым лагеры. Сапраўды беларучак выхоўваем. Афіцыянткі абед падаюць, прыбіральшчыцы нават ложак запраўляюць. Прыехала аднаго разу ў ла­гер жонка нашага старшыні райспажыўсаюза, убачыла, што яе дачка паласкала ў рэчцы свой сарафанчык, ды як закрычыць, затупаціць нагамі: «Што гэта, лагер ці не ла­гер? Прыбіральшчыцы не могуць гэта зрабіць? Мы заплаціім, калі ўжо наша дзяржава такая бедная!»

Паскардзілася Лупіновічу, а той потым цэлую гадзіну даваў мне настаўленні.

Стаю так, думаю, I ў гэты момант выходзіць сакратар, вось гэты самы Нікалай. Я тады першы раз яго ўбачыла.

— Вы да мяне?—пытае.

— Да вас, — кажу. — Я з лагера.

— Дык чаго-ж вы не заходзіце? Заходзьце, калі ласка!

3 таго дня я часта бывала ў суседнім рай­коме i больш раілася з Ванесавым, як з Лупіновічам. I што далей, то ўсё цяжэй мне станавілася працаваць з Лупіновічам. А цяпер дык і зусім цяжка, не магу проста цярпець гэтага чалавека. Усюды і ва ўсім ён бачыць толькі сябе. А што робіцца ў арганізацыях? Вунь сілікатны завод пад бокам, а там ужо шэсць месяцаў не было комсамольскага сходу. Нядаўна я выступала на пленуме. Як ты думаеш, Маша, можа мне папрасіцца ў другі райком? Хоць на любую работу!

— у той? — Маша хітра ўсміхнулася i гля­нула туды, адкуль усё мацней i мацней даносіўся стукат матацыкла: Нікалай, відаць, пад’язджаў бліжэй. — Застанешся ты, Надзюша, тут !, мабыць, надоўга. Такую гаворку я чула ў абкоме.

— Ой, што ты! — Надзя прыўзнялася, здзіўлена замаргала, —Я не згаджуся, ды мяне не выберуць. Мне яшчэ многа трэба вучыцца, каб стаць сапраўдным комсамольскім работникам.

Пад’ехаў Ванесаў, i Надзя больш ужо не гаварыла пра гэта. Каля рэчкі дзяўчаты бегалі, напэўна, босыя, каб не замачыць у расе абутак, спявалі, аб нечым спрачаліся. Іх постаці ўжо ледзь заўважаліся з таго месца, дзе дагараў касцёр: туман над рэчкай яшчэ больш пагусцеў і ахутаў бераг. Надзі здалося, што сярод гэтага вясёлага то­ману і смеху яна зноў пачула на рэчцы крык. Насцярожана глянула на Ванесава. Той выціраў з ілба пот і весела паглядваў на хлопцаў, якія акружылі матацыкл.

— Ну, як? Па карчах ездзіць падабаецца?

— Абы толькі ён выцяг, — запэўнялі хлоп­цы, абмацваючы запыленыя дэталі машыны, — хоць-бы нават i па канавах.

I Надзі падумалася, што каб, не тут кажучы, зноў трэба было каго ратаваць, то яна цяпер хутчэй-бы за Ванесава апынулася на рэчцы. Не было-б цяпер вагання, разгубленасці І не пакутавала-б потым душа пры ўспамінах аб цяжкім выпадку. Мільгнуў у памяці нядаўні пажар у адной вёсцы якраз у той час, калі яна з грулай школьнікаў ішла з палявых работ. Яшчэ i цяпер сляды агню на руках...

— Ну, што-ж, нам, мабыць, пара, — сказа­ла Маша, жвава ўскакваючы на ногі. — Як ты думаеш, Ванесаў?

— Бадай, што трэба ўжо ехаць, — згадзіўся Нікалай.

— Пабудзьце яшчэ, — сказала Надзя i так­сама ўстала. — А можа, сёння і зусім не ехаць. Праўда?

Яна пытала пра гэта ў Машы, а сама ледзь прыкметна паглядвала на Нікалая i старалася ўгадаць, што ён скажа на гэтыя словы.

— Гаворыш ты абы што, — сказала Ма­ша. — Заўтра-ж у нас там спартакіяда.

— Поўгадзіны язды, — не адступала На­дзя.— Ранічкаю заўтра выедзеце.

— А сапраўды можна так, — сказаў Нікалай, i Надзя кінулася да Машы у абдымкі, пацалавала яе ў шчаку.

— Давай яшчэ што-небудзь заспяваем, Машанька!

I яна завяла песню, якая заўсёды гучыць у яе памяці, калі на душы весела i радасна. Гэта арыя з адной вядомай оперы. Мелодыя тут імклівая з захапляючымі ўзлётамі і словы, поўныя шчасця i кахання. Маша падхапіла гэтую песню і ўжо больш не спрачалася наконт ад’езду. Прыбеглі з рэчкі дзяўчаты. Песня нібы звінела, нібы лілася свежай, маладой хваляй. Ад яе ішло па рэчцы гулкае рэха. Гэтае рэха надоўга застанецца ў памяці тых, хто спяваў песню. Магчыма, што на ўсё жыццё.

Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

Комментарии к книге «Незабыўнае рэха», Алексей Николаевич Кулаковский

Всего 0 комментариев

Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!