Аркадзь Марцiновiч
Кароткая сцежка
Даўно гэта было. Ды i што было? Мiмалётнае знаёмства. А от мiнула два дзесяцiгоддзi, а яно трывожна жыве ў памяцi. Успамiнаю i не ведаю, чаму не забываецца, чаму хочацца расказаць каму-небудзь пра тое далёкае i кароткае знаёмства.
Наша дывiзiя, толькi што сфармiраваная, iшла маршам на захад. Яна была яшчэ не поўнасцю ўкамплектавана тэхнiкай i амунiцыяй, яшчэ патрэбен быў час, каб падраздзяленнi сталi гатовымi да бою. Таму рух дывiзii быў своеасаблiвы: яна рабiла марш па 20-30 кiламетраў, а тады спынялася ў якiм-небудзь гарадку i навакольных вёсках на тры-чатыры днi, а то i на тыдзень. У гэты час праходзiлi вучэбныя заняткi, а па чыгунцы нас даганяў вайсковы ладунак. Потым - зноў марш.
Так было i той раз.
Батальёну, у якiм я служыў, выпала спынiцца ў невялiкай прырэчнай вёсцы Iванаў Рог. Помню, прыйшлi мы туды, калi сонца ўжо схавалася за лесам, але яшчэ не сцямнела. Размясцiлiся - як заўсёды: у кожную хату аддзяленне. Нашаму аддзяленню выпала самая крайняя хата, за якой амаль адразу пачынаўся невялiкi поплаў, а там - i рака. Хата была старая, нiзкая, здавалася, што яна ад даўнасцi ўгрузла ў зямлю. Падышоўшы да хаты, мы расчаравана спынiлiся. Камандзiр аддзялення пайшоў у хату - дзеля ветлiвасцi запытаць у гаспадароў дазволу на начлег, хоць вядома было, што нiхто не адмовiць, а калi б i знайшоўся хто адмовiць, ды занялi б хату самi. Незадаволеныя, мы пачалi аглядвацца i перамаўляцца, цi не лепш асталявацца ў якiм-небудзь гумне. Гумна не вiдаць было, ды i камандзiр аддзялення, выйшаўшы з хаты, падаў голас:
- Марш, марш! Умыцца! Падрыхтавацца да вячэры! Кухня даўно ўжо чакае...
Голас камандзiра i асаблiва напамiнак пра кухню падзейнiчаў на нас рашуча i хутка. Мы зайшлi на двор праз вузкую брамку ў нiзенькай агароджы, саставiлi вiнтоўкi ў козлы, пазнiмалi скаткi ды ранцы.
Неўзабаве з хаты выйшла дзяўчына з вёдрамi ў руках. Дванаццаць пар вачэй сустрэлi яе. Яна ўсмiхнулася, i, напэўна, нiхто з нас ужо не шкадаваў, што нам выпала такая бедная хата.
- Мыйцеся, хлопчыкi, - сказала яна, паставiўшы вядро на мураву. Другое вядро было пустое, i яна трымала яго ў руцэ.
Ну, тут не да мыцця было, мы ўраз абступiлi дзяўчыну, кожны гаварыў нешта сваё - хто жартаўлiвае, хто сур'ёзнае, хто пяшчотнае; сярод нас, дванаццацi, былi людзi, здатныя на рознае. Усе мы былi, апрача аддзялённага, аднолькава маладыя.
Дзяўчыне, вiдаць, таксама цiкава было, i яна круцiлася, адклiкаючыся на кожнае слова. Здавалася, яна не магла не ўсмiхацца, будучы сярод людзей. Яе вялiзныя шэрыя вочы, сустракаючыся з iншымi вачыма, успыхвалi блiскучым агеньчыкам, а пульхныя вусны i буйныя бялюткiя зубы былi вiльготныя, i, мабыць, таму здавалася, што дзяўчына толькi што перастала рагатаць. Нехта запытаўся, i яна адразу сказала, што завуць яе Таняй. Мы забылi, што стаiм перад ёю стомленыя, мурзатыя, прапахлыя потам; яна як быццам таксама не заўважала гэтага, i кожны з нас з удзячнасцю адчуваў яе нейкую свойскасць, чалавечнасць.
Ну, канечне ж, толькi адзiн аддзялённы памятаў у гэты час пра нашы салдацкiя абавязкi i, зноў жа, пра паходную кухню.
Неахвотна, па адным, мы пачалi адыходзiць ад Танi. А яна крутнулася i ўжо ад брамкi крыкнула:
- Не шкадуйце вады, я зараз прынясу яшчэ!
Я неўзаметку шмыгнуў за другi бок хаты i, пераскакваючы цераз рады бульбоўнiку, пабег наперарэз Танi, якая iшла па сцежцы цераз поплаў да ракi.
- Памагу несцi ваду, - сказаў я, дагнаўшы Таню.
- Я прывыкла, мне не цяжка, - адказала яна. - Калодзеж у нас яшчэ далей за рэчку.
- Не вiдно, што прывыкла. Рукi выдаюць, што гарадская.
- Праўда, рукi? - шчыра здзiвiлася яна, паглядзела на свае рукi, потым - на мяне, усмiхнулася i прызналася: - Угу, я вучуся ў педвучылiшчы... Вучылася...
Ля берагу рака была травянiстая, i да чыстай плынi вяла кладка з вялiкiх камянёў. Пакуль я агледзеўся, Таня пераскаквала ўжо з каменя на камень. Я стаяў на беразе i пазiраў, як спрытна яна нагнулася, лёгка зачарпнула вады i, схiлiўшыся набок ад цяжару, iшла насустрач мне. Я працягнуў руку, каб узяць вядро, i на дужцы нашы рукi сустрэлiся. Гэта працягвалася ўсяго некалькi секунд, але мне здалося, што i Таня не хацела аднiмаць руку, што i яе ўсхваляваў гэты дотык i без слоў сказаў нешта патаемнае, важнае... Можа гэта i праўда, бо пасля мы загаварылi не скора i наша маўчанне таксама нагадвала дотык нашых рук.
Я не ўмеў плаўна несцi вядро, i яно гойдалася, апырскваючы мае штаны i боты. Таня насмiхалася з мяне, i мне было так прыемна чуць яе насмешкi. Потым яна спытала, адкуль я i як мяне завуць. Я адказваў i з жалем думаў, чаму такая кароткая сцежка ад рэчкi да хаты. I яшчэ я лавiў сябе на недарэчнай думцы, што мне чамусьцi дзiўна, як у беднай i цеснай хаце выгадавалася такое хараство...
А потым Таня з вялiкага меднага карца лiла мне на рукi, на шыю, i я з асалодай умываўся. Сябры пакеплiвалi з мяне, што я так спрытна пагнаўся за Таняй на рэчку, але мяне радавалi iх кпiны...
Кароткая была сцежка ад рэчкi да хаты, а свабода салдацкая яшчэ карацейшая, i неўзабаве аддзялённы зычна гукнуў:
- Станавiся! - i павёў на другi край вёскi, да паходнай кухнi.
I яшчэ была ноч.
Мы разлеглiся ўпокат на падлозе, засланай посцiлкамi i коўдрамi. Таня толькi аддзялённаму i мне дала падушкi - болей не было. I мне радасна было i дзiўна, што яна пры ўсiх асмелiлася даць мне падушку. "За тое, што ваду памагаў несцi", - сказала з усмешкай, i атрымалася ў яе гэта проста, натуральна. Цi трэба гаварыць, што я ўсю ноч не спаў? Думаў пра Таню. Яна была так блiзка - спала з мацi ў маленькай баковачцы за дашчанай перагародкай. Я ўслухоўваўся, лавiў яе дыханне. Прыкладаўся шчакой да падушкi, з асалодай думаючы, што на гэтай падушцы, мабыць, учора i ўсе днi спала Таня. Я марыў пра заўтрашнi дзень, пра наступныя днi, што пашчаслiвiць мне прабыць у Iванавым Розе...
Назаўтра мы ўсталi, калi Таня яшчэ спала. Пасля снедання пайшлi на заняткi ў поле. Не прабылi мы i дзвюх гадзiн, як прыбег сувязны з загадам "Баявая трывога". Так з поля батальён адразу рушыў у паход, на захад, насустрач вайне.
Я нават не паспеў запытацца прозвiшча Танi.
Праз тры гады, вылечыўшыся пасля чарговага ранення, я ехаў на фронт. Шлях мой iшоў праз мясцiны, дзе некалi сустрэлася мне Таня. Я сышоў з цягнiка i падаўся ў Iванаў Рог. Цяжка было пазнаць тыя мясцiны. Тут два разы прайшла вайна. Ад вёскi не засталося i следу. Адзiнае, што я ўбачыў, гэта невысокi, наспех абчэсаны слуп з дошчачкай, на якой было напiсана няроўнымi лiтарамi: "Вёска Iванаў Рог". Вакол буялi лебяда, крапiва ды рамонак. Я не ведаў, цi жывая, цi загiнула Таня. Ведаў толькi, што нiколi не знайду яе.
Доўга стаяў я каля слупа. У сваёй тужлiвай адзiноце гэты слуп з шыльдай здаваўся мне як жывы, мне хацелася загаварыць хоць бы з iм. Я развiтваўся са сваёй надзеяй.
Слуп, вiдаць, нядаўна ўкапалi, бо вакол яго ляжала вялая, але яшчэ не пасохлая трава. У гэтай траве мне ўбачылася нейкая дзiкая краска - ледзь расцвiўшая. Як у той песнi: не расцвiла - i адцвiла... Я падняў краску i пайшоў.
I от мiнула шмат гадоў. А памяць усё яшчэ беражэ далёкую мiмалётную сустрэчу...
1964 г.
Комментарии к книге «Кароткая сцежка (на белорусском языке)», Аркадий Мартинович
Всего 0 комментариев