Анры Барбюс
Пяшчота
Пераклад: А. Асташонак
25 верасня 1893 года
Мой дарагi маленькi Луi!
Вось усё i скончана. Мы не ўбачымся болей нiколi: будзь упэўнены ў гэтым не менш цвёрда, чым я. Ты не хацеў гэтага, ты згадзiўся б на ўсё, толькi б мы заставалiся разам, але нам трэба расстацца, каб ты мог пачаць новае жыццё. Я не шкадую, што не ўступiла табе, самой сабе, нам абаiм нi тады, калi ты так горка плакаў, зарыўшыся ў падушкi на нашым ложку, нi тады, калi ўзнiмаў галаву i ўмольна глядзеў на мяне - якi ж няшчасны быў твой твар, як ён палаў! - нi тады, калi ўвечары як не бачыла ўжо ў цемры тваiх слёз, я адчувала, як апякалi яны мне рукi.
Цяпер мы абое страшэнна пакутуем. Мне гэта ўсё здаецца нейкiм насланнём. Яшчэ некалькi дзён проста нельга будзе ў гэта паверыць, потым колькi месяцаў будзе яшчэ балюча, пасля прыйдзе выздараўленне.
I толькi тады я зноў стану пiсаць табе - мы ж вырашылi, што зрэдку я буду гэта рабiць. Мы i праўда добра ўсё абдумалi. Лiсты мае - ты ж нiколi не ўведаеш майго адраса, нiколi! - застануцца адзiнаю нiццю, што будзе яшчэ звязваць нас, - i яна не дасць нашаму расстанню ператварыцца ў разрыў.
Цалую цябе апошнi раз, але так пяшчотна, так цiха i так бязгрэшна - бо якая ж адлегласць раздзяляе цяпер нас!
25 кастрычнiка 1894 года
Мой дарагi маленькi Луi!
Я зноў гавару з табою - як i абяцала. Вось ужо год, як мы - гэта болей не "мы". Я добра ведаю, ты не забыў мяне, мы ўсё яшчэ занадта звязаныя мiж сабою: кожны раз, калi я думаю пра цябе, не магу не адчуваць твайго болю.
Ды ўсё ж гэтыя дванаццаць месяцаў не былi зусiм бескарысныя: яны накiнулi на наша мiнулае жалобную вуаль. Вось ужо i вуаль з'явiлася! Некаторыя рэчы сталi патроху сцiрацца ў нашай памяцi, а розныя дробныя дэталi ўжо i памерлi нават. Праўда, яны ўспамiнаюцца раптам, калi нешта выпадкова нам пра iх нагадае.
Неяк паспрабавала ўспомнiць дакладна, якi быў твой твар у той момант, як я ўпершыню цябе ўбачыла, - i не змагла.
Паспрабуй i ты ўявiць мой першы позiрк на цябе. Ты зразумееш, як усё ў гэтым свеце сцiраецца.
Нядаўна я ўсмiхнулася. Каму, чаму? Нiкому i нiчому. У прысадах весела зайграў сонечны прамень - i я мiжволi ўсмiхнулася. Я i раней ужо, з нейкага часу, спрабавала ўсмiхнуцца. Спачатку здалося, што немагчыма будзе зноў навучыцца гэтаму. I ўсё ж, як я сказала, аднаго разу, супраць волi маёй, я ўсмiхнулася. I хачу, каб i ты таксама ўсё часцей i часцей усмiхаўся - проста так, радуючыся добраму надвор'ю цi думцы, што наперадзе ў цябе ёсць яшчэ нейкая будучыня. Узнiмай тады галаву i ўсмiхайся!
17 снежня 1899 года
I вось я зноў з табою, мой маленькi Луi. Цi не праўда, што я нiбыта сон: з'яўляюся тады, калi мне захочацца, але заўсёды ў добры момант, калi вакол усё пуста i цёмна. Я прыходжу, я побач, але нельга дакрануцца да мяне.
Я не адчуваю сябе няшчаснай. Да мяне вярнулася бадзёрасць, таму што кожнага дня настае ранiца, як i раней, змяняюцца поры года, а сонца такое ласкавае i добрае.
Нядаўна я танцавала. Я часта смяюся. Спачатку яшчэ памятала, колькi разоў гэта рабiла, - пасля ж немагчыма стала пералiчыць такiя выпадкi.
Учора я была на гуляннi. Заходзiла сонца, натоўпы людзей былi такiя прыгожа стракатыя, што выдавалi ўсе разам на адзiн вялiкi кветнiк, - i сярод такога мноства шчаслiвых людзей я i сама адчула сябе шчаслiвай. Пiшу табе, каб расказаць пра ўсё гэта, а таксама пра тое, што вызнаю цяпер новую веру: пяшчоту да цябе. Мы з табою разважалi неяк пра гэта, не ведаючы добра, што ж гэта такое - пяшчота. Памолiмся ж разам, каб паверыць у яе ўсiм сэрцам.
6 лiпеня 1904 года
Праходзяць гады! Адзiнаццаць гадоў! Я ад'язджала далёка, вярнулася i зноў збiраюся ехаць.
У цябе, вядома, ёсць ужо свой дом i, канечне, мой вялiкi Луi, маленькая сям'я, якой ты вельмi патрэбны.
А ты сам, якi ты цяпер? Я ўяўляю, што плечы твае сталi шырэйшыя, валасы, напэўна, кранула ўжо дзе-нiдзе сiвiзна, а твар твой, таксама напэўна, хоць i папаўнеў, але ж, як i раней, увесь пачынае свяцiцца, як толькi ты збiраешся ўсмiхнуцца.
А я? Не буду расказваць табе, як я перамянiлася, ператварыўшыся ў старую жанчыну. Старую! Жанчыны старэюць раней за мужчын, i калi б я магла стаць цяпер побач з табою, дык была б падобная на тваю мацi - i выглядам сваiм, i позiркам, з якiм глядзела б на цябе.
Бачыш, як добра, што мы тады рассталiся. I таму, што мы ўжо паспакайнелi, i таму, што почырк мой на канверце з гэтым лiстом ты пазнаў амаль што з вясёлаю ўсмешкаю.
25 верасня 1893 года
Мой дарагi Луi!
Вось ужо дваццаць гадоў, як мы рассталiся...
Мой дарагi Луi, вось ужо дваццаць гадоў, як мяне няма ў жывых. Калi ты яшчэ жывеш i прачытаеш гэты лiст, якi дашлюць табе верныя i пачцiвыя рукi, тыя самыя, што перасылалi табе ўсе гэтыя гады i папярэднiя лiсты, калi ты прачытаеш яго, то ўсё роўна ўжо забыўся пра мяне i даруеш, што я пайшла з жыцця назаўтра пасля нашага расстання, бо не ведала, як жыць без цябе.
Гэта ўчора мы развiталiся. Паглядзi на дату, якую ты, не звярнуўшы вялiкай увагi, прабег вачыма, - у пачатку лiста. Гэта ўчора ты горка плакаў у нашым пакоi, зарыўшыся галавою ў падушкi на нашым ложку, бездапаможны перад горам сваiм i слабасцю, як дзiця. Гэта ўчора, калi ноч забралася ў наш пакой праз расчыненае акно, слёзы твае, якiя я не магла ўжо бачыць, цяклi па маiх руках. Гэта ўчора ты крычаў ад болю, а я, я не казала табе нiчога - трымалася як магла.
А сёння, седзячы за сталом у нашым цудоўным куточку з усiмi такiмi дарагiмi нам рэчамi, я пiшу тыя чатыры лiсты, кожны з якiх ты будзеш атрымлiваць праз вялiкi час пасля папярэдняга, i канчаю цяпер гэты, што закончыць усё.
Сёння ўвечары я дамоўлюся пэўна, каб лiсты мае дасылалi табе ў тыя днi, якiя на iх пазначаныя, а таксама зраблю ўсё так, каб ты нiколi не змог мяне адшукаць.
Пасля я пайду з жыцця. Не буду расказваць як - нашто? Падрабязнасцi гэтага дзеяння будуць тут недарэчныя i, мажлiва, балючыя табе нават цяпер, калi прайшло ўжо столькi гадоў.
Галоўнае тое, што мне ўдалося адарваць цябе ад мяне i зрабiць гэта, не ранячы цябе, а асцярожна i ласкава: я хачу жыць i пасля маёй смерцi, каб падтрымлiваць цябе. Разрыву не будзе, ты з тваёй чуллiвасцю, магчыма, i не перанёс бы яго. Я буду вяртацца да цябе - не надта часта i не надта рэдка, каб вобраз мой сцёрся патроху ў тваёй памяцi, а сэрца не пакутавала залiшне. А калi раскажу табе ўсю праўду, пройдзе досыць шмат гадоў, каб ты не змог зразумець, што магла б азначаць для цябе мая смерць у свой час.
О мой маленькi Луi, мне здаецца, што ёсць усё роўна як нейкi цуд у нашай апошняй размове. Сёння, калi мы гаворым так цiха, так далёка адно ад аднаго бо жыву я ўжо толькi ў табе, а ты памятаеш адно, што некалi я была, - значэнне слова "цяпер" для тае, што пiша яго i шэпча, зусiм iншае, чым для таго, хто будзе чытаць гэтае слова i цiха яго прамаўляць.
Цяпер, пераадолеўшы такую велiзарную адлегласць у часе, пераадолеўшы вечнасць - няхай гэта i здаецца табе цяпер недарэчным, - я цалую цябе па-сапраўднаму, а пасля... спыняюся. Бо не асмельваюся, не асмельваюся праз страх, што буду сумнай, а значыць, злой, не асмельваюся, бо не рашаюся прызнацца табе ў тых салодкiх марах, якiя прыходзяць, калi каханне такое вялiкае, а пяшчота такая бясконцая...
Комментарии к книге «Пяшчота (на белорусском языке)», Анри Барбюс
Всего 0 комментариев