«Яблычак»

629

Описание

«Яблычак» — першы раман з «Менскай трылогіі» Сяргея Пясецкага, слыннага польска-беларускага празаіка. Аўтар з уласцівай яму каларытнасцю распавядае пра закрытае і поўнае таямніцаў зладзейскае асяроддзе Менска пачатку XX стагоддзя. Дзеянне ў рамане разгортваецца ранняй вясною 1918 года, калі Першая сусветная вайна пераўтварыла Менск ў прыфрантавы горад, куды з усіх канцоў Еўропы і былой Расейскай імперыі з надзеяй хуткага заробку сцягнуліся злодзеі, прастытуткі і махляры. Раман, які спалучае гумар і трагізм, апісвае зладзействы і ўнутраны свет злачынцаў, захапляе з першых старонак, трымаючы ў напружанні да апошняга сказа.



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Яблычак (fb2) - Яблычак [Jabłuszko - be] (пер. Віктар Шукеловіч) (Менская трылогія (Trylogia złodziejska - be) - 1) 779K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Сергей Михайлович Песецкий

Сяргей Пясецкі ЯБЛЫЧАК Менская трылогія. Кніга першая

.

.

Хто з вас без граху, хай першы кіне ў яе камень.

Евангелле паводле Яна, 8:7

.

УСТУП АЎТАРА

У рамане «Каханак Вялікай Мядзведзіцы» я апісаў жыццё кантрабандыстаў. У маіх творах «Пяты этап» і «Багам ночы роўныя» паказаная праца шпіёнаў на тэрыторыі Расеі. У трылогіі «Яблычак», «Гляну я ў акно…», «Ніхто дабром не дасць збаўлення…» я знаёмлю са светам прафесійных злачынцаў. Каб мяне правільна зразумелі — а гэтага я раней не зведаў, — цяпер я даю кароткі ўступ.

Гэтыя тры раманы, зрэшты, як і папярэднія, не маюць у сабе амаральнасці. Некалі я падрабязней напішу пра гэта. Можа, некаторыя людзі захочуць назваць іх «злачыннай акадэміяй». Я ў сваю чаргу назваў бы іх «акадэміяй барацьбы са злачынствамі і злодзеямі», дзе выкладаецца іхняе жыццё, звычаі, філасофія, законы, «этыка» і метады працы… Прафесійныя злодзеі ведаюць пра «фраераў» усё. «Фраеры» пра іх — вельмі мала. Злачынцам мае кнігі не патрэбныя. Псіхолагі і крыміналісты даведаюцца з іх шмат.

«Яблычак», «Гляну я ў акно…», «Ніхто дабром не дасць збаўлення…» — гэта шосты, сёмы і восьмы раман у маім творчым здабытку. Другі раман, «Жыццё раззброенага чалавека», і чацвёрты, пад назвай «Дарога пад мур», я доўга яшчэ не апублікую з «эгаістычных» прычынаў.

«Яблычак» я пісаў падчас нямецкай акупацыі на Віленшчыне ў розныя часавыя адрэзкі з 1941 года. Твор я закончыў у студзені 1944 года. Здаралася, што часам я спыняўся на палове сказу і потым не вяртаўся да рукапісу шмат месяцаў праз не залежныя ад мяне прычыны. Працу над другім раманам, «Гляну я ў акно…», напісаным на тры чвэрці, я перарваў 30 траўня 1944 года. Мне б вельмі хацелася закончыць гэтую тэму, таму цяпер дапішу «Гляну я ў акно…», а потым вазьмуся за напісанне «Ніхто дабром не дасць збаўлення…».

Гэтыя раманы ахопліваюць перыяд з ранняй вясны 1918 года да канца лета 1919-га. Дзеянне адбываецца ў Менску-Літоўскім, які ў той час зрабіўся прыстанкам шмат для каго з абшараў былой Расейскай імперыі і… Еўропы. Горад быў цэнтрам Еўропы, якую ахапіла вайна. Менск зведаў як нямецкую, так і бальшавіцкую акупацыю. Ёсць тут аналогія з нямецкай і савецкай акупацыяй сучаснай Польшчы.

Герой раману Аляксандр Баран — гэта праўдзівая асоба. Ён паходзіў з Вільні і сапраўды меў такое прозвішча. Яго расстралялі летам 1919 года ў Менску на Камароўцы. Паўлінка Хурдзіч таксама існавала насамрэч, але ейнае сапраўднае прозвішча было Запольская, і яна была родам з Вільні. У 1921 годзе я знайшоў там яе сям’ю.

Прытоны і злодзеі, апісаныя ў кнізе, пераважна рэальныя. Прыгоды напалову праўдзівыя. Тут ёсць дастаткова фантазіі, але няма нічога з паветра. Усё напісанае ўзнікла з нечага, што я сам перажыў або пачуў у турмах ці на свабодзе.

Я пісаў гэтыя творы з думкаю пазнаёміць людзей з іхнымі братамі, якія апынуліся на жыццёвай узбочыне, і дапамагчы тым няшчаснікам, прыніжаным і зняважаным, жыццё якіх поўнае трагізму.

Назвы раманаў паходзяць ад словаў з песень. «Яблычак» — гэта «гімн і сцяг» усіх тых, каго пакрыўдзіў камунізм, злодзеяў і сумленных, якія нечакана аказаліся разам у адным становішчы — загнаных і прыбітых звяроў. «Гляну я ў акно…» — гэта малавядомая арыгінальная зладзейская песня, крыху нават камічная сваім услаўленнем зладзейскага «гонару». «Ніхто дабром не дасць збаўлення…» — пачатак другога куплету расейскай версіі «Інтэрнацыяналу». Гэтым людзям ніхто не прынясе збаўлення і ніхто іх не выратуе, апрача… культуры.

Я неаднаразова меў магчымасць параўнаць этыку і жыццёвыя правілы прафесійных злодзеяў і «аўтаматычна сумленных людзей». Я параўноўваў не вонкавую форму і выгляд, а глыбінны змест. Сумленныя людзі прайграюць пры такіх параўнаннях. Злодзей, які перажыў шмат нягодаў, які нясе свой крыж па сцяжыне, пракладзенай для яго нашымі законамі, пагардай і пераследам, калі мае характар, волю і сэрца, застаецца Чалавекам, хоць і пакрыўджаным. А сумленны чалавек застаецца маральным толькі тады, калі ўсё добра і няма ніякіх выпрабаванняў. У ліхія часы такі «сумленны» аказваецца бруднай анучай, здраднікам і баязліўцам… Вайна, няволя і барацьба за свабоду шмат чаму нас навучылі, і я мяркую, што цяпер мы ў стане лепей і глыбей разбірацца ў людзях.

Няхай гэтая кніга паслужыць гісторыкам, крыміналістам, псіхолагам і сацыёлагам. Няхай яна дапаможа нашым абяздоленым братам нагадаць пра свае правы. Яны, зняслаўленыя, таксама былі на барыкадах, яны таксама змагаліся за свабоду і правы людзей. Яны не заяўлялі пра сваё права на барацьбу. Яны, бяспраўныя, зганьбаваныя і пагарджаныя, змагаліся за вашыя правы. Сярод іх найменш было здраднікаў Народу… а можа, і зусім не было, бо я пра такіх нічога не ведаю. А колькі было паскуднікаў сярод іхных строгіх «суддзяў», дык не варта і пісаць.

Я маю просьбу да тых людзей, якія з прыдыханнем вымаўляюць словы «растрата, раскраданне, прысвойванне, злоўжыванне, правіннасць»: калі ласка, не вылучайце занадта інтанацыяй слова «злодзей». Я ведаю яшчэ страшнейшыя словы: да прыкладу, здраднік, баязлівец, даносчык, ганарлівец, садыст, прыстасаванец, тыран… Праўда можа быць вельмі балючай.

Няхай урэшце ў судах, дзе сытыя і адукаваныя людзі судзяць беднякоў, загнаных імі і жыццём у кут, больш не лопаецца ад смеху д’ябал. Няхай за судзейскім сталом акажацца не надзьмуты раўнадушны ўладальнік дыплома, а Суддзя, Лекар, прадстаўнік Культуры і пасланец Духа. Тады, можа, да вас, фраераў, злодзеі будуць ставіцца з меншай пагардай, а д’ябал засумуе ў пекле… Мне б хацелася, каб на барыкадзе Культуры побач з вамі знайшлі сваё месца таксама прастытутка і злодзей, якія нядаўна поруч з вамі змагаліся за свабоду Народу… Пасля перамогі на гэтай апошняй барыкадзе злодзеяў увогуле не будзе!

«МЕЛАДРАМАТЫЧНЫ», НЕПАТРЭБНЫ ЎСТУП, ЯКІ МОГ БЫ СТАЦЬ ПАЧАТКАМ БІЯГРАФІІ ДАМУШНІКА АЛЯКСАНДРА БАРАНА, КАЛІ Б НЕХТА ЗАХАЦЕЎ АПІСАЦЬ ЯГОНЫ ЛЁС

Жыццёвы світанак Аляксандра Барана быў няўтульны, чорны, халодны, горкі і смуродлівы. Ягоная маці, Андзя Баран, працавала малодшай пакаёўкай у вялікай сям’і багатага расейскага чыноўніка. Андзя нібыта нічога не ўмела, за ёй не былі замацаваныя канкрэтныя заданні, але яна выручала ў працы ўсіх дамачадцаў. Яна была з тых людзей, якіх не заўважаюць, а іхнай працы не шануюць. Усе лічылі, што яна толькі замінае. Калі ж здаралася, што яна разбівала патрэсканую талерку, то гэта прымалі як замах на дабрабыт сям’і. З ёю абыходзіліся пагардліва, глядзелі звысоку і часта незаслужана лаялі. Аднак калі б раптам Андзя прапала, то паўсталі б пытанні: хто мае нанасіць вугалю з падвалу, прынесці дроваў з павеці, вады з калодзежа — а кватэра была на чацвёртым паверсе, — хто мае выкінуць смецце, прыбраць у пакоях, заслаць ложкі, пачысціць абутак і адзенне, некалькі дзясяткаў разоў выскачыць у краму і выканаць мноства іншых паслуг.

З раніцы да ночы дзяўчына бегала па счарнелых сходах вялікай змрочнай камяніцы. Яна шматкроць гойсала па іх туды-сюды, перадусім нешта цягаючы. Сходы маглі б стаць пакутай і начным жахам для гэтай няшчаснай безабароннай душы, але яна — магчыма, кіруючыся інстынктам, — ператварыла іх у атракцыён. Выйшаўшы з кватэры ўлегцы, яна збягала ўніз, пераскокваючы ўраз праз некалькі прыступак. З часам яна набыла такі спрыт, што кожны лесвічны пралёт прамінала за два скокі… Яна потарч ляцела з верхняга памоста ўніз, ледзь дакранаючыся далонню да жалезнай парэнчы, каб захаваць раўнавагу і кірунак. Яна своечасова прызямлялася на ступню другой нагі, адштурхоўвалася дзеля наступнага скоку і апыналася на загіне парэнчаў. Паварот яна мінала з хуткасцю маланкі. Зноў рабіла два скокі і паварот. Праляцеўшы праз паверхі як навальніца, яна залятала ўніз, задыханая, крамяная, з бляскам у вачах — амаль шчаслівая. Яна ўмела таксама з’язджаць са сходаў, слізгаючыся па краях прыступак, абабітых жалезнымі ліштвамі, робячы гэта надзвычай хвацка — на адных абцасах сваіх туфляў. Пры вялікай хуткасці гэта выходзіла як на лёдзе, а яна з’язджала так шпарка, ажно дзяўчыне займала ў грудзях дых… Чым больш ёю пагарджалі, тым больш жвавыя і заўзятыя былі ейныя акрабатычныя выкрутасы на сходах камяніцы. Калі ж яе крыўдзілі асабліва балюча, дзяўчына ў той жа момант што шалёная кідалася па сходах долу, ажно дзіва, як пры гэтым яна не калечылася… Тое былі яе ўяўныя самагубствы якія дапамагалі дзяўчыне захаваць душэўную раўнавагу.

Адзін з жыхароў, які здымаў у камяніцы кватэру, шмат разоў пабачыўшы, як Андзя спрытна насілася па сходах, назваў яе Вавёркай. І гэтая мянушка разляцелася па камяніцы. Ейнае сапраўднае імя забыліся: знікла Андзя, з’явілася Вавёрка, вось толькі ў дзявочым лёсе нічога не палепшылася. У сям’і чыноўніка дзяцей і працы станавілася ўсё больш, і на плечы Андзі паслядоўна і незаўважна перакладалі ўсё больш абавязкаў. «А дзе Вавёрка?.. Вавёрка гэта зробіць… Паклічце да мяне Вавёрку… Гэтая дзяўчына нязносная, яе ніколі няма, калі ёсць праца!» І Вавёрка мусіла штораз жвавей завіхацца ў цесных пакойчыках-клетках, штораз хутчэй скакаць уніз і ўверх па прыступках.

Андзя мела яшчэ адну забаву: яна вельмі любіла глянцаваць абутак для ўсёй сям’і. Гэтую працу яна выконвала рупліва, метадычна, можна сказаць, з глыбокай пашанай. Чысціла яна абутак вельмі рана, калі жыхары камяніцы яшчэ спалі, а на сходах панавала цішыня. Андзя сядала на верхнюю прыступку, ставіла вакол сябе абутак самага рознага фасону, стану і памеру ды пачынала працу. Дзяўчына чысціла яго няспешна, ахайна, з асалодай. Спачатку старанна адскрэбвала з чаравікаў бруд, потым чысціла цвёрдай шчоткай, затым намазвала ваксу тонкім слоем, потым… Потым, пасля некалькіх аперацыяў, выставіўшы абутак у рад па памеры, яна замілавана любавалася сваёй працай. Чаравікі блішчэлі надзвычайна, і здавалася нават, што з іх праменіла святло…

Андзя мела добрае сэрцайка і з усім абуткам абыходзілася аднолькава, хоць да ўладальнікаў некаторых параў адчувала цалкам апраўданую крыўду або нават нянавісць. Да адных чаравікаў яна мела сімпатыю, як да іх гаспадароў, з некаторымі парамі абыходзілася абыякава, да рэшты ставілася без імпэту, але ўвесь абутак без выключэння яна чысціла вельмі старанна. Калі б нехта незаўважна апынуўся побач, то пачуў бы дзіўныя прамовы:

— Ты зноў абдзёр сабе насок!.. Гаротнік!.. Колькі разоў я казала табе: будзь асцярожны, глядзі пад ногі… Але нічога, не пераймайся. Я ўсё папраўлю. Знаку не будзе, — прамаўляла Андзя да чаравічка аднаго з меншых дзяцей.

Гэтае малое скарыла Андзю сваёй весялосцю і тым, што не капрызіла.

— А ты, свіння, парваў шнурок! Што ты сабе думаеш, што ў мяне фабрыка шнуркоў?! Каб ты быў здаровенькі! Бадай цябе качкі затапталі! Можа, красці для цябе пайду?! Што?! — Андзя сварылася на чаравік гаспадыні, паўтараючы ейны стыль. Ад жонкі чыноўніка яна найбольш зведала пакутаў і менавіта ад яе рэгулярна атрымлівала сваю порцыю горычы.

— О, мая даражэнькая, гумка ў цябе аслабла… Зараз я яе мацней прыкручу… Вось так, бачыш, як добра цяпер, — звярталася Андзя да туфліка старэйшай дачкі, якую ў сям’і лічылі ненармальнай і якая, аднак, была вельмі прыязнай да Андзі.

У самым канцы Андзя чысціла і свой абутак. Гэтую справу яна рабіла з вялікай ахвотай і запалам, але пры гэтым ейны тварык, звычайна вельмі ўсмешлівы, хмурнеў. Яна ведала, што неўзабаве туфлікі будуць гэтак прыгожа блішчэць, што трэба будзе зменшыць іх зіхаценне, чаго яна рабіць вельмі не хацела. Але гаспадыня, аднойчы звярнуўшы ўвагу на прыгожы бляск туфляў Андзі, накрычала на яе:

— Ах ты, свіння, лафірында, я ваксы раздабыць не магу, а яна сабе гэтыя паскудныя капыты чысціць! Паглядзіце на яе, графіня знайшлася! Маё шанаванне! Бадай цябе качка!.. Каб я гэтага больш не бачыла.

З таго часу Андзя перад тым, як увайсці ў кватэру, стоячы перад дзвярыма, хукала ў далонь (каб зрабіць яе вільготнай), а потым праводзіла ёй некалькі разоў па туфліках, каб яны пацьмянелі. Калі ж яна зноў выходзіла на сходы, каб некуды выскачыць, то дбайна чысціла туфлікі падолам ліхой спаднічкі.

Калі надыходзіла ноч і ўся праца была скончаная, Андзя апошні раз у паўзмроку імчалася па сходах уніз. Яна збягала адным паверхам ніжэй, чымся звычайна, — у сутарэнне, дзе жыла ейная цётка, адзіная сваячка і апякунка Андзі. Цётчына апека заключалася ў тым, што яна пляменніцу біла, марыла голадам і прымушала Андзю, калі тая была яшчэ малая, выконваць дарослую працу. Калі Андзі споўнілася дзевяць, цётка аддала яе ў сям’ю чыноўніка працаваць малодшай пакаёўкай за ежу, вопратку і пару капейчын, якія сама ж і забірала. Пасля працы Андзя мусіла яшчэ дапамагаць цётцы, якая была прачкай. Таму дзяўчынка ніколі не мела вольнай хвілінкі.

Толькі ў сне Андзя жыла сама для сябе. Тады яна станавілася свабоднай і магла рабіць тое, што падабалася. Галоўную ролю ў ейных снах гралі сходы. Часам яны былі светлыя, чыстыя, і так прыемна было па іх лётаць. Іншым разам яны былі змрочныя, цёмныя, стромка вялі ўгору, у бясконцасць. Не раз дзяўчына падала з іх, кацілася ўніз і прачыналася задыханая, стомленая, з дрыготкім сэрцам у грудзях. Ёй таксама часта сніліся чаравікі. Іх была цэлая процьма. Часам яны паводзілі сябе як жывыя істоты: хадзілі, размаўлялі, танцавалі. Андзя ж гулялася з імі, як з жывымі… як з лялькамі, якіх у яе ніколі не было. Гэта былі самыя любімыя Андзіны сны.

Надыходзіла раніца, і халодная, кашчавая рука цёткі вырывала Андзю з краіны мрояў. Пад гукі цётчынага бурчання дзяўчына хутка апраналася і ўцякала з сутарэння, каб распачаць бясконцую гонку па сходах, выканаць мільён заданняў, якія ўжо чакалі яе.

Праляталі гады. Кволае дзіця перамянілася ў шаснаццацігадовую дзяўчыну. Але ў вачах людзей, якія яе атачалі, Андзя па-ранейшаму была бясполай і безаблічнай Вавёркай, якая гадамі скача па лесвічным пралёце камяніцы. Яна таксама не заўважала свайго развіцця. Шэрасць і аднастайнасць ейнага жыцця знішчалі ўсялякія адрозненні ў часе. І яна зусім не дзівілася, што да яе ўвесь час ставіліся як да дзіцяці. Андзя выйшла і станам, і тварам, да таго ж была цягавітая. Яе можна было б назваць нават бездакорна прыгожай, каб не крыху мангалоідныя рысы твару. Гэтыя касаватыя цёмныя вочы і троху задзёрты нос аніяк бы не псавалі элегантна апранутай паненкі з салонаў, з густоўнай прычоскай і вабнай фігурай. Наадварот, яны б рабілі яе больш прыцягальнай. Але яны не маглі ўпрыгожваць запрацаваную, перапалоханую, адзетую ў зношаныя сукенкі небараку. А ейная абаяльнасць і незвычайны спрыт на публіцы знікалі. Іх забівала Андзіна прыродная сарамлівасць і прывычка шарахацца ад іншых. З Андзяй звычайна кепска абыходзіліся, яе не хацелі слухаць. Яна не паспявала нават адкрыць рота, як іншыя казалі, што яна ўжо нагарадзіла глупства. Таму яна навучылася заўсёды і ўсюды маўчаць. Яна замкнулася ў сабе, і толькі зрэдку на ейных вуснах з’яўлялася лёгкая ўсмешка. Гэтак яна помсцілася і за абыходжанне, і за ўсе крыўды. Яна зразумела, што ўсмешка — адзіная адплата прыніжаных і слабых людзей.

Такі лад жыцця Андзі, магчыма, трываў бы яшчэ доўга, калі б не выпадак, які моцна паўплываў на далейшы лёс Вавёркі. Здарылася звычайная гісторыя. Але гаворка ўжо не пра Вавёрку…

У гэтай самай камяніцы арандавалі сабе жытло тры студэнты. Яны здымалі адзін вялікі пакой. Андзя неаднойчы бачыла іх на лесвіцы, з кніжкамі або вялікімі тэчкамі пад пахай, і яе заўсёды праймала вялікае захапленне і павага да людзей навукі. Аднойчы Андзя несла ўверх па сходах ваду, як раптам нечыя далонь перахапіла ў яе ручку вялікага вядра ды пацягнула яго ўверх. Здзіўленая Андзя пабачыла каля сябе студэнцкую фуражку, а пад ёй — вясёлыя вочы і ўсмешку. Студэнт занёс ваду на чацвёрты паверх і пайшоў да сябе. Андзя заўважыла, што ён, зацягнуўшы ваду на гару, стаміўся больш за яе. Паслугу, якую студэнт зрабіў дзеля смеху, яна часта ўзгадвала, ломячы галаву, як аддзячыць.

З таго дня мінула два гады. Стаяла вясна, студэнт пасляабедзеннай парою вяртаўся дадому. Ён быў у гуморы і залівіста смяяўся. Добры настрой з'явіўся ў хлопца ад таго, што каханая дзяўчына прыняла ягоную прапанову рукі і сэрца. Ён заляцаўся да красуні Гальшкі даўно, а яна была не толькі гожай ды чароўнай, але і мела вялікі пасаг, што павышала градус ягоных пачуццяў. Ён адчуваў цяпер, што ягоныя мары спраўджваюцца, і бачыў перад сабою цудоўную будучыню. А смяяўся ён з дробязі, якая праз прыўзняты настрой падалася яму сёння асабліва камічнай. Калі ён увайшоў на падворак камяніцы, то стаў сведкам наступнай сцэнкі: нейкая пані ў гадах, у капелюшы, абвешаным цэлым садам штучнай садавіны і гародніны, ідучы па падворку, апынулася ў воблаку пылу, якое акурат узняў мятлою дворнік. Нібы апараная кіпнем, кінулася яна назад з крыкамі:

— Што гэта вы, Антон, вырабляеце?!

Дворнік перастаў месці, падпёрся кулаком у бок і прамовіў:

— Няхай пані дабрадзейка прабачыць, але што мне рабіць? На руках хадзіць?

— Не на руках хадзіць, але калі падмятаецца падворак, то трэба яго папырскаць вадой, каб не падымаўся пыл.

Дворнік іранічна ўсміхнуўся і паблажліва адказаў:

— Яшчэ нікому, шаноўная пані, гэты пыл ні вачэй, ні зубоў не павыбіваў. Вось як…

— Але зразумейце, калі ласка, Антон, што разам з гэтым пылам у паветры лётаюць бацылы.

Дворнік стукнуў сабе далонню па сцягне і выбухнуў смехам:

— Хэ-хэ-хэ… Ну-ну… але ж вы, дабрадзейка, і вясёлая жанчына!.. Смех дый годзе!.. Пяцьдзясят гадоў жыву на гэтым свеце, але яшчэ ніколі не бачыў бацылы, якая б лётала.

І Антон, штораз мацней смеючыся, зноў узяўся за працу ды праз хвіліну знік у густых клубах пылу.

Студэнт жа, не спяшаючыся, падымаўся па сходах, насвістваючы пад нос арыю з «Прыгожай Алены». Андзя акурат, стоячы на падаконні, чысціла акно на завароце сходаў, паміж трэцім і чацвёртым паверхамі. Яе ўвагу заняў катрыншчык, які хвіліну таму зайшоў на падворак. Неўзабаве падворак запоўніўся сіпатымі, ірванымі гукамі нейкага даўняга вальсіку. Для Андзі гэта была не абыякая забава, і яна штораз больш выхілялася, прыслухоўваючыся да гугнявых гукаў старога інструмента.

Калі студэнт падыходзіў да гэтага выгіну сходаў, ён пабачыў Андзю, якая стаяла на падаконні. Спачатку ён захваляваўся, што дзяўчына можа выпасці праз акно. Але неўзабаве яго позірк затрымаўся на яе нагах. Іх досыць гарэзліва адкрываў вецер, высока ўзнімаючы яе кароткую лёгкую спаднічку. Студэнт прыгожа маляваў. Ен нават некалі збіраўся прысвяціць свой лёс выяўленчаму мастацтву. Але потым практычныя меркаванні пераважылі, і ён паступіў на юрыдычны факультэт. Дзявочыя ногі падаліся яму чароўнымі і не толькі вабілі прыгажосцю лініяў, але і ўзбуджалі. Міжволі ён параўнаў іх з нагамі Гальшкі, якія бачыў досыць часта, але ў панчохах і не так… наўпрост. Ногі Андзі здаліся яму нашмат прыгажэйшымі. Гальшкіны выглядалі добра, але былі халодныя і… занадта правільныя. А гэтыя мелі самастойнае жыццё, характар і цяпло… «Хто б падумаў, што гэтая смаркачка такая стройная! Столькі разоў бачыў яе і не звяртаў увагі».

Ён зрабіў некалькі крокаў наперад. Вальсік катрынкі абарваўся, і Андзя, пачуўшы нечыя крокі ззаду, паспешліва адвярнулася. Перад ёй быў вясёлы румяны твар. Дзяўчына таксама прыязна ўсміхнулася ў адказ. Раптам яе позірк наткнуўся на затуманеныя вочы, якія слізгалі па ейным целе. Вокамгненна яна зразумела ўсё тое, пра што так шмат чула. Бо бачыла і чула яна аж зашмат, але тое было як з чужога жыцця і не датычыла яе. А цяпер яна сама спаткалася з гэтым. Хуткім рухам Андзя абцягнула куцую спаднічку і застыла на падаконні, усчырванелая і збянтэжаная. А студэнт крыху прыўзняў фуражку.

— Маё шанаванне пекнай паненцы. Іду сабе па сходах, а тут такая німфа вокны мые. Я аж спужаўся, што, барані Божа, зваліцца. Было б страшна крыўдна. Такіх ножак я і ў балеце не бачыў, слова гонару…

Андзя баялася нават паварушыцца. На ейных вуснах грала кволая ўсмешка. А студэнт зірнуў, ці не ідзе хто па лесвіцы, схапіў яе рукамі за талію і зняў з падаконня.

— Дзіцятка можа забіцца… Тут будзе больш бяспечна… нашмат бяспечней…

Знянацку ён адхіліў яе галаву назад і моцна пацалаваў у вусны. Здолу загрукалі па сходах нечыя цяжкія крокі. Студэнт адпусціў ашаломленую дзяўчыну і сказаў:

— Будзь асцярожная, Андзя. Ты можаш вываліцца, а тут высока. Тут і да бяды недалёка.

Пасля гэтых словаў ён пайшоў да сябе. Калі ён знік, Андзя села на падаконне і заплакала. Не таму што засмуцілася, — яна і сама не ведала, з якой прычыны. Можа, ад сораму, а можа, ад радасці. Столькі пачуццяў разам віравала ў ейнай галаве, ажно цяжка было іх усе апісаць.

А студэнт увайшоў у свой пакой і пачаў прахаджвацца ад акна да дзвярэй, раздумваючы пра свае сённяшнія геройствы. Адначасова ён зухавата спяваў слабым тэнарам:

Перамога адбылася! Весяліся, мужны Рос!

Ягоны сусед, таксама студэнт, які ў той момант ляжаў на зламаным, выгнутым у дугу ложку, паклаўшы ногі на спінку, і які лічыўся сярод калегаў скептыкам, дакончыў патрыятычную песню настроенага на перамогі таварыша:

Уцякай, не азірайся, Захаваеш цэлым нос!

Студэнтаў пацалунак вельмі ўразіў Андзю. Яна думала пра гэта безупынку, узгадваючы кожнае слова, сказанае ёй на лесвіцы. У ёй прачнулася жанчына. Яна зразумела, што зацікавіла студэнта нагамі. Бо ён так дзіўна паглядаў і казаў пра іх з такім захапленнем. Некалькі разоў Андзя, ужо самотна стоячы на лесвічнай пляцоўцы, задзірала ўгору спаднічку і, выгінаючыся ўперад ды па баках, прыглядалася да ног. Яны падаваліся ёй самымі звычайнымі. «Вось каб мне панчохі!» — гэтая думка цалкам апанавала Андзю і бесперапынна яе пераследавала. Дзяўчына не разумела, што менавіта аголенасць рабіла ейныя ногі незвычайна вабнымі, што акурат іх галізна прыцягнула ўвагу студэнта.

Праз некалькі дзён пасля інцыдэнту на лесвічнай пляцоўцы Андзя, прыйшоўшы з працы, звярнулася да цёткі, якая выціскала ў цэбар мокрую бялізну:

— Цётка, купіце мне панчохі.

— Чаго?

Цётка, якая трымала ў руцэ вільготны бялізнавы скрутак, здзіўленымі вачыма азірнулася на Андзю.

— Цётка, купіце мне панчохі, — паўтарыла дзяўчына.

— А мо яшчэ чаго? — прамовіла цётка, насмешліва прымружыўшы вочы і робячы крок у бок Андзі.

— Больш нічога… толькі панчохі…

— Завяла хахаля? — залямантавала цётка. — Так?!

Андзя нічога не адказала. Яна не разумела значэння гэтага слова, а толькі па-ранейшаму ўпарта паўтарала: «Цётка, купіце мне панчохі». Прачка хацела ў адказ адчыхвосціць сваю выхаванку, як рабіла гэта цягам апошніх гадоў шматкроць, звычайна без усялякай прычыны. Але Андзя з такой сілай вырвала з яе рук мокрую бялізну, якой цётка хацела ўдарыць дзяўчыну, што тая агаломшана адступіла:

— А, то ты гэткая?.. Я табе пакажу!.. Я цябе навучу!.. І гэта за маю ласку! За маю апеку!

— Цётка, купіце мне панчохі, — нястомна паўтарала Андзя.

Здарыўся цуд: урэшце цётка купіла ёй панчохі. Нягледзячы на поўную адсутнасць інтэлекту, тая скеміла, што хутчэй страціць дзяўчыну, а разам з ёй значны прыбытак, чым адолее ейную ўпартасць.

Студэнт некалькі разоў успамінаў Андзю. Дзіўным чынам гэта звычайна адбывалася тады, калі ён бавіўся са сваёй нявестай. Калі ён глядзеў на сваю цудоўную, салодкую, адзіную, боскую Гальшку — на жаль, гэтак недаступную перад шлюбам, — яго наведваў цень той чароўнай дзяўчыны, якая стаяла на падаконні ў іх камяніцы. Інтуіцыя падказвала яму, што тая дзяўчына не надта кемная і лёгка паддасца яму, калі ён пастараецца. Ён даўно б ужо паспрабаваў, але асцерагаўся, каб ягоны раман са служанкай не выйшаў наяву.

Аднойчы ён вяртаўся дадому незвычайна ўзбуджаны. Гальшка была сёння такой чулай: падаравала яму некалькі гарачых пацалункаў і прытулілася ўсім целам, абдымаючы, але, нягледзячы на ўсе заклёны і ўпрошванні, рашуча загасіла далейшы імпэт:

— Май вытрымку… Пасля доўгага чакання спадабаецца яшчэ больш, — казала хітрая і разважлівая дзяўчына.

Студэнт падняўся па лесвіцы і прысеў на падаконні трэцяга паверху, каб запаліць цыгарэту. Ён меў яшчэ не зусім усвядомленае жаданне дачакацца Андзі, але хаваў гэтую думку сам ад сябе.

Уверх і ўніз соўгаліся людзі, не звяртаючы на яго ніякай увагі. Ён выкурыў ужо другую цыгарэту, калі пачуў, што вышэй (на паверх) ляпнулі дзверы кватэры, у якой працавала Андзя. Студэнт стаў на лесвічным загіне. Дзяўчына імчалася долу і наляцела на студэнта.

— Ох!.. Прабачце!.. — прашаптала яна і пачырванела.

Андзя хацела абысці студэнта, але ён затрымаў яе.

— Добра, што я Андзю спаткаў, — весела прамовіў студэнт, адной рукой трымаючы яе за плячо, а другой лашчачы яе па шчацэ. — Я хацеў Андзі сказаць нешта цікавае. Але не цяпер… Андзя, выйдзі вечарам, а дзявятай, на сходы. Туды, насупраць уваходу на паддашак… Я буду чакаць… Прыйдзеш, Андзя?.. Добра?.. Я раскажу Андзі нешта ве-е-льмі цікавае! Добра?..

— Добра, — прашаптала Андзя.

А калі студэнт адпусціў ейнае плячо, яна стрымгалоў збегла ўніз, а за ёй ззаду ляцела яшчэ раз паўторанае:

— А дзявятай!

У той дзень Андзя не бегала, а проста пырхала па сходах. Яе апанавала вялікая колькасць дзіўных пачуццяў і думак, якім яна не магла даць рады. Іншы раз ёй здавалася, што час цягнецца марудна, а яна з задавальненнем прыспешыла б, калі б змагла, надыход вечара. Аліе праз некалькі хвілінаў у ейную душу закрадаўся страх, і яна з дрыготкім сэрцам думала пра тое, што неўзабаве наступіць змярканне, і яна мусіць ісці туды… на рамантычнае спатканне... Думка пра тое, што яна можа адмовіцца і нікуды не ісці, нават не прыйшла ёй у галаву. Яна ж паабяцала, сказаўшы «добра», а як можна не стрымаць свайго слова? Дзяўчыну адначасова ахапілі страх і радасць, якія кідалі яе па сходах, нібыта мячык. Андзя вырабляла на сходах галавакружныя скокі, пасля якіх заставалася цэлай і нескалечанай толькі таму, магчыма, што зусім пра іх не думала. Была радасць, што ён, такі вучоны, такі разумны, звярнуў на яе ўвагу. На дурную, маладую, дрэнна апранутую дзяўчыну.

— Добра, што ў мяне прынамсі ёсць панчохі. Поўна, яны яму спадабаліся, і яшчэ гэтая новая блакітная стужка…

Але разам з тым яе дратаваў страх, яна баялася, што студэнт пераканаецца ў ейнай неразумнасці і будзе з яе здзекавацца. Але гэткія думкі знікалі… Просьба студэнта гучала для яе як загад: ніколі не здаралася, каб яна некаму адмовіла, запярэчыла, не выканала нечага загаду.

Нарэшце настаў вечар. Пад покрывам цемры Андзя ў пакоі старэйшых дачок гаспадыні цішком адсыпала з бляшаначкі трохі пудры, схаваўшы яе ў паперцы каля грудзей. Упершыню ў сваім жыцці яна нешта скрала. А калі ўся штодзённая праца была даробленая, што звычайна здаралася блізу дзявятай вечара, Андзя выйшла з кватэры і асцярожна прысела на падаконні. Кіруючыся нейкім дзіўным інстынктам, яна не пайшла ў прызначанае месца першай, чакаючы з’яўлення студэнта.

Андзя напудрыла твар, што было даволі марнай чыннасцю, бо студэнт і так не змог бы яе як след разгледзець. Уверсе, насупраць уваходу на гарышча, было амаль зусім цёмна, і толькі вочы, прызвычаеныя да змроку, маглі там нешта адрозніць.

Праз чвэрць гадзіны яна пачула рып дзвярэй студэнцкай кватэры і нечыя крокі. Яна прыслухоўвалася з моцным грукатам у сэрцы, якое, здавалася, магло выскачыць з грудзей. Крокі затрымаліся па пляцоўцы чацвёртага паверху, але не скіраваліся ўніз, а загучалі яшчэ вышэй. Крокі ў кірунку гарышча гучалі асцярожна, аддаляючыся павольна. Пасля некалькіх хвілінаў чакання Андзя досыць хутка, але бязгучна прыпусціла наверх.

На апошнюю пляцоўку з чацвёртага паверху вялі два ярусы сходаў. Калі Андзя апынулася на самай верхняй прыступцы, дык адразу ж трапіла ў моцныя, нецярплівыя абдымкі.

— Доўга ж ты не прыходзіла, мая котачка…

Адказаць дзяўчына была не ў стане, бо ейныя вусны пакрывалі штораз больш гарачыя пацалункі, а шэпт мужчыны быў такі дзіўны, паспешлівы, а рукі такія ўладныя, такія смелыя…

Студэнт вярнуўся да сябе ў кватэру пасля дзясятай. Ягоны сусед, як звычайна, ляжаў на ложку і пра нешта разважаў. Гэта быў вялікі філосаф! Ягоныя роздумы прыпыніў спеў студэнта:

Была справа пад Палтавай, Бітва слаўная, сябры!

З боку ложка данеслася іранічнае:

Зарыгалі мы ўсё поле, Чорт рагаты пабяры.

Скептык і філосаф, ён меркаваў, што ягоны сусед, які вучыўся на юрыдычным факультэце, прыдыбаў пасля п’янкі: у яго быў чырвоны твар, затуманеныя вочы, а адзежа — разбэрсаная.

Прайшла вясна, прамінула і лета, а з імі — і зацікаўленне студэнта Андзяй. Яму надакучыла ейная ціхая адданая прывязанасць, яе падатлівасць, якая перацякла ў нямое гарачае захапленне.

Затое Андзя насіла ў сабе сваё пачуцце як скарб. Дзяўчына пасур’ёзнела, папрыгажэла, а фізічныя формы сталіся яшчэ больш вабнымі. Ейнае аблічча здавалася адухоўленым, на яго пачалі заглядацца мужчыны.

Андзя-каханка не прыносіла клопату. Яна ні пра што не пытала, нічога не патрабавала, стараючыся ўгадваць усе жаданні свайго бажка. А кожны ягоны капрыз быў для яе законам. Яму ніколі нават не прыйшло ў галаву, што дзяўчыне цяжка ўцякаць на спатканні, што ў яе праз гэта могуць быць праблемы. Ён нават не ўяўляў сабе, якой нялёгкай цаной яна здабывала новыя панчохі, чыстую бялізну, прыстойную сукенку, пудру. Ён не ведаў, колькі прыніжэнняў яна зведала ды колькі мусіла ўпрошваць іншых, начамі праліваючы праз гэта слёзы. Але ні за што ў свеце яна б не адмовілася ад свайго кахання. І яна ніколі не скардзілася яму… Яна была шчаслівай.

І дзіўная рэч: з таго часу, калі Андзя стала студэнтавай каханкай, які, падмануўшы, назваўся Рычардам (дадаючы ў думках да гэтага імені «Заваёўнік Сэрцаў»), яна перастала насіцца па лесвіцы, перастала размаўляць з абуткам, чысцячы яго. Яна пачала больш цаніць сябе. Калі яе кахае (бо часта ў гэтым прызнаваўся) такі вучоны прыгожы юнак, то яна, бадай, і не такая ўжо пустая ды нягеглая!

Аднойчы студэнт спакаваў рэчы і выехаў. Ён папярэдзіў дзяўчыну загадзя, сказаўшы, што едзе да бацькоў і вернецца восенню. Ён сказаў ёй, каб яна не сумавала. Студэнт паабяцаў, што будзе часта пісаць на адрас ейнай каляжанкі, з якой Андзя сябравала і якая служыла пакаёўкай у сям’і з трэцяга паверху. Падчас таго развітання Андзя ўпершыню гэтак жарона лашчыла свайго каханка і была такой пяшчотнай, што той надзвычай здзівіўся. Можа, яна прадчувала, што апошні раз бачыла свайго любага.

— Вернешся, галубе? — шаптала дзяўчына.

— Вярнуся, вярнуся, — раздражнёна адказваў студэнт.

Яго чакала Гальшка, і ён спяшаўся хутчэй развітацца з каханкай.

Ён не вярнуўся. Не вярнуўся і не напісаў, знікшы з жыцця Андзі гэтак жа неспадзявана, як і з’явіўся. Хлопец пакінуў па сабе толькі знявечаныя пачуцці добрай безабароннай істоты.

Дарэмна Андзя пільнавала лістаношу, дарэмна чакала вяртання свайго мілага. Яна хацела дазнацца пра яго ад іншых студэнтаў, з якімі той жыў, але спачатку баялася, каб ён не злаваў на яе за гэта, калі вернецца, а праз нейкі час і тыя студэнты выселіліся з арандаванай кватэры.

Яшчэ пазней Андзя даведалася, што носіць дзіця. Гэтая навіна напоўніла яе жахам. Спачатку яна хадзіла агаломшаная: нічога не бачыла, не чула. А потым зноў распачала свае шалёныя скокі па сходах. Гэта былі напаўвар’яцкія, адчайныя палёты…

У хуткім часе і цётка даведалася пра Андзіну цяжарнасць. Накінулася на дзяўчыну з кулакамі:

— Ах ты, подлая сучка! Гавары, ад каго панесла?! Кажы!

Але Андзя ніводным словам не азвалася пра свайго Рычарда. Яна не выдала б яго нават падчас катаванняў, бо ведала, што гэта наробіць яму шкоды. Цётка лютавала. Цяжарнасць магла пазбавіць яе прыбытку, які Андзя давала сваёй «апякунцы». Да таго ж маглі з’явіцца яшчэ непатрэбныя клопаты і выдаткі, звязаныя з нараджэннем дзіцяці.

Цётка скіравала свае высілкі на тое, каб дзяўчына пазбавілася плода. Старая прымушала яе ляжаць у вялікім цэбры, напоўненым гарачай вадой. Яна паіла дзяўчыну воцатам, давала хінін, загадвала нюхаць серку. Урэшце цётка змушала яе скакаць са стала на падлогу. Дзяўчына была вялай і паслухмянай. Яна аўтаматычна выконвала ўсе цётчыны загады. Аднойчы, скачучы са стала, Андзя вывіхнула сабе нагу (падсвядома яна хацела скокнуць далікатней — каб не нашкодзіць дзіцяці). Вывіх быў вельмі сур'ёзны, і дзяўчына шмат напакутавалася праз боль. Толькі выкліканы цёткай фельчар наставіў Андзіну нагу. З той пары дзяўчына пачала катэгарычна супраціўляцца ўсім цётчыным захадам забіць дзіця.

У сакавіку наступнага года Андзя нарадзіла хлопчыка. Першым часам яна паставілася да яго абыякава. Пакрысе ж пачала праяўляць усё большую любасць.

Неўзабаве Андзя заўважыла, што цётка хоча забіць немаўля. Пару разоў старая пакідала голае дзіця на падаконні сутарэння, каб малое прастыла. Андзя знаходзіла дзіця і захутвала яго. Цётка некалькі разоў клала хлопчыка на край печкі, напэўна, мяркуючы, што той зваліцца і заб'ецца. Але дзіця ляжала ціха, спакойна, аж да таго часу, пакуль Андзя не пераносіла яго ў іншае месца.

Цётка даўно б ужо пакончыла з «байструком», але хацела, каб гэта здарылася як бы незнарок. Яна не баялася суда — хто б змог даказаць ейную віну? — але яна была, нягледзячы на подлы характар і каменнае сэрца, вельмі пабожнай. Таму яна баялася толькі аднаго: каб за забойства дзіцяці не трапіць на векі вечныя ў пекла. Толькі гэта звязвала ёй рукі, толькі гэта і ўратавала дзіця. Андзя адчула тое мацярынскім інстынктам і аднойчы, калі цётка зноў спрабавала звесці дзіця з гэтага свету, сказала ёй:

— Цётка, запомніце, калі ласка: калі вы зробіце яму крыўду, то Бог вам не даруе! Памятайце пра гэта! Я таксама ў вас не застануся… Мяне Бог пакараў, бо я сабе нагу вывіхнула. А вас яшчэ горшы лёс спаткае, калі вы яго заб’яце.

— Сам здохне! — фыркнула кабета, кінуўшы ў бок Андзі поўны злосці позірк.

З той пары замахі на жыццё дзіцяці спыніліся, і цётка мусіла змірыцца з прысутнасцю немаўляці. Зрэшты, хлопчык быў надзіва спакойны і амаль што не дакучаў.

Зацяжарыўшы, Андзя пакінула службу. Калі ў сям’і чыноўніка, а таксама ў цэлым доме ўсе хутка даведаліся пра ейны стан, дык яна нідзе не знайшла спагады або прынамсі разумення. З яе смяяліся, кпілі, называлі вулічнай дзеўкай і шлюндрай.

Ейная даўнейшая гаспадыня неяк заўважыла:

— Я ведала, што гэта за ягадка!.. Я казала дочкам, каб сцерагліся яе, як агню… Ведаю я такіх нявінніц… мілым тварыкам мяне не абалваніш. Я адразу яе раскусіла, як толькі пабачыла…

Бадай, яна забыла, што пазнаёмілася з Андзяй тады, калі той было ўсяго дзевяць гадоў.

— Добра, што яна яшчэ не абчысціла кватэры і не ўцякла з каханкам!.. — усё больш раз’юшвалася крывадушная гаспадыня. — Я пра гэта парупілася!.. Я… а хто ж… Бывай здаровейкам… Бадай цябе качкі затапталі… Мяне нялёгка абвесці вакол пальца!..

Але ў кватэры штораз мацней пачала заўважацца Андзіна адсутнасць. Працы поўна, а рабіць — няма каму. На працу змабілізавалі ўсе рэзервы: дзвюх старэйшых дачок і дзвюх малодшых, а таксама хлопцаў, апрача найстарэйшых, у якіх прабіваліся першыя вусікі — ім было неяк не з рукі працаваць. Нават сама пані адклала раманы Поля дэ Кока і, абвязаўшы галаву хусткай, узялася за прыбіранне пакояў. Праца ішла жвава: адны насілі дровы, другія ваду, іншыя выносілі смецце, мылі посуд, кармілі і пераапраналі меншых дзяцей, падмяталі, мылі падлогу, гатавалі сняданак, абед, вячэру, палілі ў печках, але вечарам выявілася: нягледзячы на тое, што ўсе былі без сілаў ад стомы, яшчэ засталося шмат чаго незавершанага. Гаспадыня пачала бэсціць сталую кухарку, якая ва ўсім пільнавалася сваіх абавязкаў і нават мела нахабства патрабаваць памочніцу. Кухарка ў сваю чаргу прыгразіла звольніцца. Гаспадыня капітулявала.

Праз пару дзён у кухні з’явілася новая гаротніца. Яе адразу ж нагрузілі працай. Але служка была такая нязграбная, ажно яе нават пачалі падазраваць у наўмысным шкодніцтве. Талеркі ў яе біліся цэлымі стосамі. Растаўкла яна і настольную лямпу. Яна здолела нават нейкім таямнічым чынам скінуць са сценкі люстэрка, якое разляцелася на аскепкі. Гэта перапоўніла чашу цярпення. Няўдаху за валасы выкінулі з кватэры.

Ейная пераемніца вечна спала. Яна не прапускала ніводнай магчымасці і нагоды, каб не аддацца свайму ўлюбёнаму занятку. На другі дзень яна знікла. Пасля доўгіх пошукаў яе знайшлі ў склепе, куды яна пайшла з вядром па бульбу. Дзяўчына спала як пшаніцу прадаўшы, седзячы на перавернутым дагары дном вядры. На наступны дзень яна з рана амаль да вечара праспала на гарышчы. Выгналі і яе.

Чарговая служка была досыць спрытная і энергічная. Гаспадыня была вельмі задаволеная: «Нарэшце знайшлася ніштаватая памочніца». Але ейная радасць трывала нядоўга. Жыхары дому заўважылі неўзабаве, што па вуліцы, у браме, на падворку і на лесвіцы з’явілася мноства вайскоўцаў самых розных фармаванняў. Шмат хто выказваў розныя здагадкі, стараючыся зразумець гэтую незвычайную з’яву. «Мусіць, недзе непадалёк стварылі штаб», — нехта зрабіў не надта лагічную выснову. Хутка жыхары заўважылі, што вайсковы наступ прасоўваецца ўсё вышэй па сходах і канцэнтруецца пераважна каля дзвярэй кватэры, у якой служыла вельмі энергічная, але досыць палахлівая дзяўчына. Жаўнеры спрабавалі аднаго разу нават зазірнуць на кухню. А калі двое «жаніхоў» уступілі там у зацятую спрэчку за сэрца сваёй прысухі, прычым найбольш пацярпелі рондалі, супніцы і талеркі, то і тая пакаёўка згубіла працу.

— Прэч! Тут у мяне не казармы! А як жа! Бывай здаравенькая, бадай цябе качка! Пайшла вон!

Наступная служка мела яшчэ больш гарачы тэмперамент. Месца жаўнераў на вуліцы, на падворку, у браме і на сходах занялі ледзь не цэлыя аддзелы пажарнай службы з двух суседніх раёнаў. Спачатку жыхары дому палохаліся і правяралі, ці няма дзе пажару. Але неўзабаве высветлілася, што мэтай атакі рыцараў саламандры было толькі палымянае сэрцайка новай пакаёўкі. Таму выгналі і яе.

Гаспадыня заламала рукі:

— І што мне цяпер рабіць? Як шкода Андзі! Золата, а не дзяўчына была! Якая ціхая, працавітая, спрытная, не балбатуха… Ну, панесла па ўхабіне… бо маладая, нявопытная… Але працавітая, сумленная. Дзе я такую знайду?

Толькі цяпер Андзіна праца атрымала прызнанне. Калі пасля родаў дзяўчына ачуняла, цётка, з якой былая гаспадыня ўжо дамовілася пра заробак дзяўчыны, загадала ёй вярнуцца на ранейшую працу.

Андзя зноў у ахвотку ўзялася за працу. Маўчуха, як і раней, яна працавала яшчэ больш рупліва, і ў кватэры быў глянц-парадак. Толькі жыццё самой Андзі цяпер змянілася. Яна больш не размаўляла з чаравікамі, калі іх чысціла. Не бегала па лесвіцы. Яе характар змяніўся праз мацярынства.

Былая Вавёрка назаўсёды знікла з камяніцы.

У кожную вольную хвілю Андзя адведвала і карміла сына. Яго пахрысцілі і далі імя Аляксандр. Цётка супакоілася і перастала рабіць замахі на жыццё дзіцяці. Малы не быў для яе цяжарам і дакукай, бо Андзя заўсёды знаходзіла час, каб самой вырвацца з працы і заняцца сынам.

Мінуў год. Андзя працавала на ранейшым месцы. Гэта, магчыма, цягнулася б яшчэ доўга, але зноў непрадбачаная акалічнасць парушыла звыклы лад жыцця дзяўчыны. У сям’і чыноўніка адным з сыноў быў ужо дарослы Грыша. Ён наведваў у гімназіі сёмы клас, ало вучыўся дрэнна, і зусім не з тых прычынаў, якія часта перашкаджаюць у навуцы здольным і гарачлівым хлопцам. Ён не мог пахваліцца поспехамі толькі праз млявасць, ляноту і капрызнасць. Апошнім часам гэты маладзён з чырвонымі рукамі, бяздумнымі вачыма і гнілымі зубамі пачаў выказваць да Андзі зацікаўленасць. Імаверна, ананізму яму было ўжо не дастаткова. Ён безупынку чапляўся да дзяўчыны, якая з цяжкасцю пазбягала расстаўленых ім пастак. Аднойчы ён заспеў яе падчас прыборкі спальні, схапіў ззаду і разам з ёй паваліўся на ложак. Дзяўчына не закрычала, бо не хацела залішняй увагі іншых дамачадцаў. Грыша быў высокі і досыць моцны, але яна была рухавая і дужая. Яна выкручвалася, але пераўзбуджаны маладзён раптам пачаў яе душыць. У Андзі пацямнела ўваччу. З носа лінула кроў. На твары выступілі сінякі. І тады, прыслухаўшыся да інстынкту самазахавання, які ўрэшце прачнуўся, яна пачала біцца з усёй моцы. Яна падбіла панічу абодва вокі і пару разоў сапхнула яго на падлогу, падскочыла да дзвярэй, але выбрацца з пакою не здолела, бо кавалер замкнуўся на ключ. У пэўны момант Грыша сарваў са сцяны вяшак. Андзя схапіла столік для кветак… На шум збегліся дамачадцы. У дзверы загрукалі кулакамі. Паніч адамкнуўся і, падзёрты ды перапэцканы ў Андзінай крыві, вылецеў з пакою.

— Матуля, гэта ўсё Андзя!.. — зароў герой, хаваючыся за плячыма маткі.

— Ах ты, гадзіна, дзіця мне хацела забіць! Прастытутка ты, жабрачка, зладзейка! Выклікайце паліцыю! Я цябе правучу!..

Андзя памкнулася з кватэры, збегла ў падвал, дзе, тулячы да грудзей Аліка, стала ціхенька плакаць.

На службу яна ўжо не вярнулася, хоць гаспадыня, схамянуўшыся і цвяроза ацаніўшы справу, хацела ўзяць яе назад. У гэтым ёй пасярэднічала цётка:

— Андзька, ідзі заўтра на працу. Табе ж нічога не сталася. А калі паніч хацеў троху пазабаўляцца, то што з таго… Дурная ты. Каб ты мела розум, то яшчэ б атрымала з гэтага якую карысць. А ты як вар’ятка. Знайшла што шкадаваць. І для каго ты марнуешся? Для гэнага твайго хахаля, які цябе кінуў, як сучку са шчанём? Давай выходзь заўтра на працу. Я перапрашу гаспадыню.

— Калі вы папросіце прабачэння, то і працуйце там сама, а я не вярнуся.

Праз два тыдні Андзя знайшла працу на цыгарэтнай фабрыцы, але ў хуткім часе звярнула на сябе ўвагу старшага майстра, які лічыў, што дзяўчаты за заробак мусяць аддзячваць яму сваім целам. Гэта было амаль правіла, якому падпарадкоўваліся ўсе самыя прыгожыя работніцы. Андзя, аднак, абыякава адкінула ўсе залёты майстра. Гэта распаліла яго яшчэ больш. Ён зрабіўся надакучлівым. Андзя сказала яму катэгарычнае «не». А праз некалькі дзён яе выгналі за… «амаральныя паводзіны і кепскую працу».

Праходзілі тыдні, а працы ўсё не было. Цётка штораз больш злосна наракала на дармаедку, хоць Андзя ніколі не сядзела без занятку, выконваючы работу сваёй апякункі, якая ўсё часцей заглядала ў чарку. Андзя ж часта цэлы дзень не мела ў роце нават макавай расінкі. Яна адчувала, што сілы яе пакідаюць — у дадатак яна карміла дзіця. Калі яна схілялася, а пасля выпроствалася, уваччу рабілася цёмна. Не адпачыўшы, яна не магла прынесці нават вядра вады са студні.

Найбольш яе даймала, што галадаў Алік. Каб накарміць яго, яна папрадавала сякога-такога майна, хоць і было ў яе небагата, — але выручаных грошай хапіла ненадоўга. Тады цётка, якая лічыла, што цяпер самы час, прапанавала дзяўчыне «жалаванне» ў немкі Эмы, якая трымала самы шыкоўны ў Менску публічны дом… афіцэрскі, пяцірублёвы. Цётка не раз займалася зводніцтвам і за ніштаватую ўзнагароду і раней намаўляла прыгожых дзяўчат ісці працаваць да Эмы, а цяпер яна спадзявалася добра зарабіць на бесперспектыўнай, як ёй думалася, Андзі. На прапанову Андзя нічога не адказала. Цётка, мяркуючы, што дзяўчына яе не зразумела, пачала тлумачыць, маўляў, добрая праца: там кормяць, прыгожа апранаюць дзяўчат, там весела і поўна культурных і шчодрых кавалераў.

— Калі не будзеш дурнаватай, то праз год абярэш мінімум тысячу рублёў. Тады кінеш гэта. З грашыма знойдзеш сабе хлопца і выйдзеш замуж.

— Калі там гэтак цудоўна, то, можа, цётка сама пойдзе туды працаваць? — адказала Андзя.

Цётка прамаўчала. Яна адчула, што неўзабаве ў яе з’явіцца найлепшы хаўруснік — голад, які схіліць дзяўчыну да згоды хутчэй, чым яна сама.

Цётка не памылілася. Праз два тыдні пасля іхняй размовы Андзя, пачуўшы ноччу, як старая пераварочваецца ў ложку, спытала:

— Цётка, не спіце?

— Чаго трэба?

— А як будзе з Алікам?

Цётка адразу ж зразумела, куды хіліць дзяўчына, і прамовіла:

— Пакінеш яго ў мяне… За восем рублёў у месяц будзе жыць як графянё. Ужо ж я яго не пакрыўджу, бо хоць ён і байструк, але таксама нібыта і родзіч… гэта можна ўладзіць… і заўсёды зможаш хадзіць да яго ў адведзіны…

Назаўтра цётка разам з Андзяй, якую яна крыху прыбрала, каб тавар лепш выглядаў, пайшла да Эмы. Дзяўчына спадабалася немцы. Вокам знаўцы яна ацаніла маладуху і прыклала намаганні, каб не выпусціць яе з рук.

Цётка і гэтым разам зарабіла на Андзі некалькі дзясяткаў рублёў. А ўжо назаўтра дзяўчына пасялілася ў Эмы як сталая жыхарка пансіянату. Немка насамрэч досыць па-людску ставілася да сваіх дзяўчат і падманвала іх менш, чымся іншыя мадам. Можа, так адбывалася таму, што ў яе быў першакласны тавар, які прыносіў ёй вялізныя прыбыткі. Андзю атачылі адмысловай апекай. У пансіянаце ведалі, што дзяўчына крыху дзікая, таму стараліся яе не перапалохаць, а паступова прывучаць да працы. Яе пакідалі для найлепшых гасцей, таму яна рэдка калі выходзіла ў агульную залу.

Мадам не падабалася толькі, што Андзя вечна маркоцілася ды, у адрозненне ад іншых дзяўчат, не піла з гасцямі віна і гарэлкі. Эма пастаралася зрабіць яе сяброўкай сваю ўлюбёнку, Залатую Полю, якая вылучалася не толькі прыгажосцю, але і вясёлым норавам. Поля праз некаторы час змагла прывучыць Андзю спачатку да розных салодкіх вінаў, а пазней і да гарэлкі… Здавалася, Андзя канчаткова прымірылася з лёсам, але ў вачах ў яе ўсё яшчэ таіўся нейкі дзіўны неспакой.

Андзя была самай прыгожай дзяўчынай у Эмы. Яе апраналі як гімназістку або як хлопца-жакея. Яна мела шалёны поспех, але трываў ён нядоўга. У яе не было закаханых гасцей, якіх чакаюць і якіх абмяркоўваюць з каляжанкамі: «Ведаеш, а мой абяцаў мне тое і тое…» Яна вабіла гасцей прыгажосцю і грацыяй, але адштурхоўвала абыякавасцю, холадам і пагардай. Наведнікам падавалася, што Андзя аддаецца ім сціснуўшы зубы, каб не крычаць ад гідоты.

Дзяўчына пакутавала і прападала, але Алік быў дагледжаным хлопчыкам, бо Андзя нічога для яго не шкадавала. Цешылася, што хлопец хутка рос і добра выглядаў. Яму споўніліся ўжо тры гады. Ён зграбна хадзіў і ўжо крыху гаварыў. Андзя заўсёды з нецярплівасцю чакала раз на тыдзень, калі цётка прыводзіла да гаспадыні на кухню пацешнага, заўсёды фарсіста апранутага Аліка.

Андзя ашчадна збірала грошы. Прадчуваючы, што дзіцяці спатрэбяцца сродкі, яна старанна іх зарабляла. На кніжцы, якая ляжала ў гаспадыні, у яе захоўвалася больш за тысячу рублёў.

Аднойчы вечарам, напрыканцы лета, калі Андзя была ў Эмы ўжо другі год, усіх вольных дзяўчат выклікалі ў залу-гасцёўню. Прыехала група п’яных афіцэраў. Фартэпіяна і скрыпачка гралі бадзёры марш. Пачаліся танцы. Эльза (гэткае імя было ў Андзі ў публічным доме) мела найбольшы поспех і пераходзіла — што праўда, неахвотна — з рук у рукі.

Хвілінаў праз пятнаццаць прыехала чацвёрка п’янаватых цывільных. Сярод іх быў адзін, які вылучаўся асаблівым запалам і здольнасцю забаўляць астатніх. Яму хапіла некалькі жартаў, каб разварушыць таварыства.

Усе пачалі піць за здароўе войска і важных асоб. Загучалі камічныя тосты. Дзяўчат змушалі піць гарэлку, плоцячы па рублі за кілішак. Музыкі, падахвочаныя шчодрасцю гасцей, гралі без продыху. Толькі Эльза-Андзя не весялілася. Нахмурыўшы бровы, яна ўпотай сачыла за адным з цывільных, у якім яшчэ на самым пачатку пазнала Рычарда. Вусікі і элегантны гарнітур яго не надта змянілі. Але ён не ўзгадаў Андзі, якая была ў ягоным жыцці толькі дробным фрагментам, мімалётным фліртам, якіх у яго былі дзясяткі. З ёй было звязана найменш турботаў, і яна была яму найбольш адданай. Як жа ёй было запасці ў памяць? Зрэшты, адзенне таксама змяніла Андзю да непазнавальнасці. На дзяўчыне была дарагая шаўковая сукенка, шаўковыя панчохі, лакаваныя туфлікі. Прыгожая прычоска дадавала ёй шарму. Акрамя таго, Андзя вырасла, крыху памажнела. Гэта ўжо не была тая змарнелая нясмелая дзяўчына ў завэдзганых лахманах, а поўная грацыі шыкоўна ўбраная жанчына… хоць і прастытутка.

У пэўны момант Рычард, патанцаваўшы па чарзе з некалькімі дзяўчатамі — а ён быў добрым танцорам і любіў танчыць, — жартаўліва падхапіў Андзю да танца.

— Пекная Эльзачка мне некага нагадвае, — прамовіў ён дзяўчыне.

Сэрца Андзі закалацілася, а твар не меў ні крывінкі.

— Каго?.. — прашаптала яна, адчуваючы, што яе пакідаюць сілы.

— Адну такую акторку… з фільму ці то тэатру… — абыякава адказаў ейны былы каханак, язык якога крыху заплятаўся.

Дзяўчына адчула, што да вачэй падступаюць слёзы, але Рычард, не заўважыўшы гэтага, пайшоў танцаваць з наступнай дзяўчынай. Андзя правяла яго гарачым позіркам.

Пры вялікім стале, складзеным з чатырох меншых столікаў, сядзелі тыя, хто не танцаваў. Увесь стол быў застаўлены бутэлькамі і закускай. Андзя сядзела ля аднаго з паручнікаў, які напачатку весяліўся, але, выпіўшы вялікую колькасць усякага-рознага, раптам пагрузіўся ў пануры настрой і асалавела вадзіў вачыма наўкола. Рычард сядзеў насупраць. Андзя не зводзіла з яго вачэй, стараючыся, аднак, каб ён гэтага не заўважыў.

Чым больш пілі і палілі ў зале, тым больш згушчалася атмасфера і псаваліся настроі прысутных. Раптам нехта з цывільных пачаў спяваць «Дубінушку». Не зважаючы на тое, што песня лічылася вальнадумнай, яе пачалі падцягваць хорам і вайскоўцы. Уласна кажучы, песню не спявалі, а раўлі, бо кожны хацеў перакрычаць астатніх.

Тым часам Рычард прынёс з буфета некалькі вялікіх ігрушаў і пачаў кідаць іх дзяўчатам. Андзя спрытна злавіла сваю ігрушу. Але ейная каляжанка, Залатая Поля, якая сядзела на каленях хмурнага паручніка, так нязграбна спрабавала схапіць плод рукой, ажно той адскочыў ад яе далоні і трапіў паручніку ў твар. Афіцэр збялеў. Ён скінуў дзяўчыну з каленяў на падлогу і падскочыў са свайго месца.

— Хто гэта зрабіў?! — хрыпла запытаў ён у прысутных.

Спачатку ніхто не зразумеў, што адбылося, таму ўсе маўчалі.

— Я… пытаюся… хто гэта зрабіў?!.. — казаў ірванымі фразамі афіцэр, ледзь стоячы на нагах.

Рычард зразумеў, што афіцэр мае на ўвазе ігрушу, якую Залатая Поля гэтак няўдала лавіла. Таму ён устаў з месца і сказаў:

— Я прашу ў вас прабачэння. Я кінуў ігрушу, але насамрэч ніхто не вінаваты, бо дзяўчына нязграбна яе лавіла. Ніхто не хацеў вас абразіць. Супакойцеся, калі ласка.

— Што?! — зароў афіцэр. — Вы… мяне… супакоіцца… Мярзотнік!..

— Не падымайце тут гвалту, калі ласка, — пачаў Рычард.

— Што-о-о?!.. Ах ты, гнюс!..

Афіцэр, у куточках вуснаў якога паказалася пена, рэзкім рухам выцягнуў з задняй кішэні штаноў пісталет і, робячы крок назад, падняў руку ўгору.

Андзя, якая, прыціснуўшы рукі да грудзей, не дыхаючы, сачыла за яго рухамі, спрытна скокнула наперад і апынулася на стале. Яна была павернутая спінай да даўнейшага каханка, а тварам — да паручніка. Дзяўчына схапіла адной далонню рулю пісталета. Раздаўся стрэл…

— Не страляй! Гэта ж Рычард… мой Рысік! Напрамілы Бог, не страляй! — крычала Андзя, па твары якой цяклі слёзы, а па сукенцы — кроў.

Прыяцелі паручніка адабралі зброю. Андзя аблегла на падлогу. Яе перанеслі на канапу ля сценкі.

— Рысік… Рысік… — кволым голасам клікала дзяўчына.

І цяпер ён пазнаў яе. Ніхто ўжо даўно не называў яго Рычардам. Ён наблізіўся да дзяўчыны, якая ўратавала яму жыццё, і, бледны, ашаломлены, узяў яе за руку, каб праверыць пульс…

— Рысік, мой залаты… Я маю грошы ў гаспадыні… Не пакінь Аліка… гэта твой сынок… Рысік… залаты…

Ён яе не зразумеў. Яго здзівіла толькі, што Андзя ведае пра яго з Гальшкай сына (таго хлопчыка таксама звалі Аляксандр). Яму і да галавы не прыйшло, што дзяўчына кажа пра сваё дзіця.

— Добра, добра, — прамовіў. — Грошай не трэба… я ўсё зраблю.

— Рысік, каханы… я так чакала… чакала… Рысік…

Неўзабаве яна развіталася з жыццём. Амаль шчаслівая. «Рысік дагледзіць Аліка». І гэтак Вавёрка адышла назаўсёды.

У вокны зазіраў сівы, смутны ранак.

Цётка забрала ў мадам Лядзіны грошы, пра якія даўно ведала. Спачатку сума здалася ёй вялікім багаццем, таму яна яшчэ крыху апекавалася сынам Андзі. З часам, аднак, яе клапатлівасць змяншалася. А праз год цётка зусім перастала займацца хлопцам.

— Цётачка, я хачу есці, — клікаў Алік.

— Маўчы, байструк! — калацілася жанчына. — Я ніякая табе не цётка. Прыблуда ты. Няма на цябе смерці, халеры якой… Іншыя дзеці дык мруць і мруць як мухі, а гэтая пачвара дык і не засаплівіцца!

Цётка цяпер пакрысе распрадавала хлапечыя рэчы, якіх вельмі шмат колісь накупіла Андзя. Перш за ўсё цётка прадала ложачак, пазней — вопратку, боцікі, бялізну. Малы застаўся толькі ў адным старым касцюмчыку.

Для Аліка зноў насталі чорныя дні. Пагатоў, ён не мог сам паклапаціцца пра сябе і не меў каму паскардзіцца. Голад пазбавіў яго сілаў. Безупыннае біццё і чаплянні цёткі ператварылі яго ў зацкаванага звярка, які з маўклівым недаверам пільнаваў кожны ейны рух. Калі цётка раз-пораз кідала яму нейкі кавалак — не з літасці, а толькі каб ён зусім ужо знянацку не здох, — то хлопец накідваўся на той кавалак і еў сквапна, душачыся, амаль не адчуваючы ніякага смаку. Яго зрок зрабіўся вастрэйшым, стаў пранізлівым. Яго рухі зрабіліся адшчадныя. Падсвядома ён разумеў, што мусіць берагчы сілы.

Мінула другая зіма пасля смерці маці, асабліва цяжкая для Аліка. Надышла вясна. Хлопец пух з голаду і хістаўся. Цётка меркавала, што ён неўзабаве здохне, і штораз радзей давала яму есці…

Аднойчы, калі п’яная цётка некуды выйшла і не замкнула Аліка ў пакоі, ён вылез з сутарэння і, трымаючыся за парэнчы, стаў караскацца наверх па слізкіх каменных прыступках.

Калі ён апынуўся на дзядзінцы, то ледзьве мог стаяць на нагах, аслеплены даўно нябачанымі праменямі сонца, апоены свежым паветрам. Ён закрыў рукамі твар і хістаўся ўперад і назад… Выглядаў ён страшна. Уся яго ссінелая галава была ў ацёках і струпах. Цела пакрывалі нарывы. Адзежа, падзёртая, вільготная, ажно склейвалася ад бруду. Чырвоныя вочы. Тоненькія ножкі і ручкі. Да таго ж на гэтым бедным целе пасвілася мноства вошай.

Па падворку ішоў малады чаляднік, які працаваў у шаўца. Ён весела пасвістваў. Заўважыўшы скіраваныя на яго вочы дзіцяці, ён спачатку зрабіў некалькі крокаў назад — такім дзіўным і дзікім быў позірк малога. Але праз момант ён сціснуў кулакі і рушыў у бок Аліка.

— Я табе зараз косткі паламлю! Я табе галаву адкручу!

Алік, сабраўшы рэшту сілаў, пусціўся наўцёкі. Ён амаль скаціўся па сходах уніз, у невялікі калідорчык, дзе схаваўся ў цёмным закутку. У жытло цёткі ён не пабег, бо ведаў, што не паспее хутка адчыніць дзверы.

Але чаляднік не гнаўся за ім. Працягваючы свістаць, ён пайшоў далей.

У сутарэнні, насупраць дзвярэй у іхняе жытло, былі іншыя дзверы. Там жыў з жонкаю начны вартаўнік тартака, сталы чалавек. Калі Алік хаваўся ў калідорчыку, жонка вартаўніка, зварыўшы ежу для сабакаў, выставіла яе ў вядры за дзверы, каб ежа астыла. Пах прывабіў Аліка. Вылезшы са свайго кута, ён падышоў да вядра. Апарваючы рукі, выцягнуў з вядра кавалак мяса. Даўшы драпака ў свой закутак, там прагна еў. Потым прадбачліва зацёр сляды на падлозе, выняў яшчэ нешта з вядра і схаваўся ў кватэры.

З таго часу ён стаў сістэматычна красці з вядра прызначаны для сабакаў корм. Хлопчык браў ежу на запас, бо перад гэтым некалькі разоў яму перашкодзілі, і ён не паспеў раздабыць харчоў. Таму ён зрабіў сабе ў цётчыным жытле схованку, у якой пакідаў у бляшанцы кавалкі мяса, пабранага ад сабакаў, а таксама мокрыя кавалкі хлеба.

Цётка ж дзівілася, што байструк, які меўся — як яна спадзявалася — хутка здохнуць, не толькі ўсё яшчэ жывы, але нават паспраўнеў.

— Гэта сучае насенне, — бурчэла яна. — Як пустазелле, хоць дзе расце.

Пасля некалькіх месяцаў жыцця на сабачай ежы да Аліка вярнуліся сілы і здароўе. Ацёкі з твару, рук і ног пазнікалі. Нарывы пазагойваліся… Сабакам (а не людзям) ён мог быць удзячны за тое, што ацалеў. Ён не задумваўся, што забіраў ад жывёлы яе і так невялікі рацыён. Малы не разумеў, што калі ён пачаў набіраць сілы, то слабець і цярпець голад пачалі сабакі.

Неўзабаве Алік пачаў выходзіць з сутарэння часцей і далей. Цётка яму гэтага не забараняла. А ён знаёміўся са светам. Перш-наперш яго зацікавіў сметнік на іншым падворку, недалёка ад прыбіральні. Там была крыніца вялікіх багаццяў, якімі ён стаў спраўна карыстацца. На сметніку яму трапляліся адкроеныя з хлеба сухія скарынкі. У бляшанках ад кансерваў часам былі рэшткі ежы. Здаралася знайсці і кавалкі зацвілай кілбасы. З костак ён выцягваў мязгу. А колькі ж там было іншых скарбаў, якія ён сабе прысвойваў і прадбачліва хаваў, рассоўваючы па розных кутах на падворку і ў сутарэнні!

Гэтак жыў хлопчык-шчанюк, няшчаснейшы за сапраўднага звярка, бо ён мацней пакутаваў ад галечы і быў значна больш бездапаможны. Гэтак ён змагаўся за сваё жыццё. І калі ацалеў, то толькі дзякуючы сабе і сабакам. Людзі тут былі ні пры чым.

Калі Алік стаў злодзеем — невядома. Можа, ён быў ім з пачатку свайго жыцця. Можа, гэта пачалося тады, калі ён пачаў красці сабачую ежу. Цяжка сказаць. Я ведаю толькі адно: ён не атрымаў гэтага ў спадчыну ад продкаў, не меў прыроджаных схільнасцяў да злачынства, не быў тыповым ліхадзеем.

Праўда палягае ў тым, што злачынцам яго зрабіла жыццё. Злачынства было напачатку адзінай магчымасцю выжыць, а пазней — адзінай пакінутай яму прафесіяй. Найгоршай, найцяжэйшай з усіх мажлівых прафесіяў. Калі ёсць людзі, якія будуць адчуваць да яго пагарду, то знойдуцца і іншыя, якія яго зразумеюць. Я толькі апішу найбольш характэрную частку яго жыцця, у якой Алік — о, як жа гэта было рэдка! — паказваўся са сваёй слімаковай ракавіны, у якой звычайна хаваўся ад людзей. Гэтую ракавіну тварылі ўпартасць, падазронасць і маўчанне. Гэта былі таксама якасці ягонай маткі, якой дазвалялася толькі маўчаць і працаваць.

Я не павяду вас па ўсіх яго турмах і прытонах. Я не буду віць доўгую нітку аповеду пра ягоныя пакуты і выпрабаванні. Я раскажу вам пра ягонае каханне… Пра тое, як яно дзіўна ўплялося, не раўнуючы калючы дрот у жывое цела, у ліхое жыццё злодзея… І што з гэтага магло выйсці ды што атрымалася.

А цяпер, каб праліць крыху святла на гэты змрочны вобраз, я распавяду вам яшчэ адну рэч… Рычард Заваёўнік Сэрцаў меў сына не толькі з Андзяй, але і са сваёй ненагляднай Гальшкай. Праз нейкае дзіўнае супадзенне абодвум хлапчукам, якія былі таго самага ўзросту, выбралі аднаго нябеснага заступніка — Аляксандра. Але ў жыцці дзяцей не было ніякага падабенства. Ужо сам стан цяжарнасці прынёс Андзі толькі згрызоты і душэўны боль. У процівагу сіротцы Андзі, цяжарнасць Галышкі была прынятая блізкімі з захапленнем: усе з нецярплівасцю чакалі з’яўлення на свет нашчадка двух родаў. Калі Андзінага Аліка спрабавалі збыць са свету перад яго народзінамі і пазней, то пра Гальшчынага Аліка клапаціліся бязмежна. Калі сын Андзі цярпеў голад, сын Гальшкі мучыўся ад пераядання. Калі Андзін Алік краў сабачы корм, то ў Галыпчынага Аліка сабакі ня раз забіралі з рук ласункі. Калі дзіця Андзі вучылі злачынцы, вуліца і турма, то Гальшчынаму нашчадку давалі адукацыю ў найлепшых універсітэтах, пад наглядам самых выдатных педагогаў. Адзін увайшоў у жыццё са шматлікімі дыпломамі, ведамі, сувязямі, як адукаваны, добра ўладкаваны чалавек. Другі цяжка цягнуўся жыццёвай дарогай, назапасіўшы толькі горкі досвед і практычны інстынкт. Адзін ішоў па роўнай дарозе, другі церабіў сабе шлях у жыцці, рабуючы і здабываючы сродкі на існаванне адмычкамі і ломікамі. Аднаму купілі пазіцыю «сумленнага грамадзяніна», іншы ж сам мусіў здабыць сабе тытул блатнога.[1]

1 ЯК ЗЛОДЗЕЮ ВЯСНА СКРАЛА СЭРЦА

Вясна. Яна была ранняя, парная, неспакойная. Вада шумела ў канавах, а кроў — у венах. Раставалі купы бруднага снегу, нібыта ад п’янага дыхання вясны. Кроплі талага снегу гучна сыпаліся са стрэх наўкол дамоў. Вада мутнела ў лужынах, а думкі — у галаве.

У той дзень праз Залатую Горку ў цэнтр гораду ішоў прафесійны злодзей Алік Баран. Яму было каля сарака гадоў… Рост сярэдні. Твар авальны, крыху мангольскі. Вочы трохі раскосыя, карыя. Апрануты ў расшпілены на грудзях фрэнч і пляскатую шапку з брылём. На нагах у яго былі да ачмурэння бліскучыя, шыкоўна зробленыя хромавыя боты.

Баран рабіў уражанне самавітага чалавека. Чыста апрануты, добра вымыты і паголены. На левай руцэ ў яго зіхцеў масіўны пярсцёнак з вялікім рубінам. Позірк быў спакойны, нібы задуменны ці летуценны. Але ягоныя касаватыя вочы бачылі і беспамылкова ацэньвалі ўсё, што дзеялася навокал. Хаваўся ў іх досвед трыццаці гадоў зладзейскага занятку. Ён быў маўклівы, ураўнаважаны, спакойны, але ў свеце злачынцаў ён меў вялікую пашану і прызнанне за самавітасць, спрыт у працы і агромністую сілу характару. Баран нават практычна не ўжываў зладзейскага жаргону. Ён меркаваў, што гэта патрэбна толькі шпане,[2] якая больш нічым не можа давесці, што яна блатная.

Алік не ішоў на заданне. Ён хацеў пабачыцца з былым супольнікам, Казікам Марацкім, які з нейкіх прычынаў даў драпака з Вільні ў Менск і пакуль атабарыўся ў скупшчыцы крадзенага Цыпы, якая жыла на Нізкім рынку. Але спаткання не адбылося. У нейкі момант Баран заўважыў багата апранутую пані, якая выходзіла з брамы дому і хавала ў торбачку ключы. Злодзей вокамгненна зрабіў некалькі высноваў: «Яна ідзе па набыткі; кватэра пустая, або, можа, засталіся там дзеці ці сабака; у кватэры, мабыць, водзіцца багацце».

Баран правёў пані да канца вуліцы, бо хацеў упэўніцца, што яна не вернецца, згадаўшы, што забыла нешта ў кватэры. Да таго ж ён меркаваў выведаць, куды яна пойдзе. І сапраўды, яна ішла ў бок Траецкага пляцу, дзе ў той дзень ладзіўся кірмаш.

Алік хутка вяртаўся. «Добра, што я сёння ўзяў статкі», — думаў ён. Днём, калі толькі не ішоў на заданне, Баран ніколі не насіў зладзейскіх прыладаў. Для гэтага ён быў занадта асцярожны, — а раптам яго затрымае і абшукае які гінт[3]. Прылады сёння ён нёс для Казіка.

На падворку Баран хутка знайшоў дзверы, замкнёныя вялікім навясным замком з зашчапкай. Уваход быў зручны, нябачны з вокнаў іншых кватэраў. Баран моцна націснуў пальцам кнопку званка. Пачакаў. Ніхто не адгукнуўся. Баран адамкнуў дзверы, шабрам[4] скруціўшы замок, і ўвайшоў у кватэру. Пакінуўшы ўсюды дзверы адчыненымі, агледзеў пакоі і адчыніў акно ў сад. Зрабіў абыход. Вярнуўся на ганак і замкнуў дзверы адмычкай, а крыху пашкоджаны замок завесіў на скабе. Цяпер звонку кватэры нават гаспадыня не змагла б дамысліцца, што ўнутры працуе злодзей. Алік улез у кватэру праз адкрытае акно і прычыніў яго за сабою.

Баран, працуючы нават усляпую, як цяпер, праводзіў крадзяжы дасканала. Ён меркаваў, што лепш адкласці работу на пазней або зусім пакінуць, чым сапсаваць. Абіраць кватэру пачаў са спальні — там найчасцей хаваюць дарагія рэчы. Перакапаў шуфляды начнога і туалетнага столікаў. Потым ён заняўся камодай. Працаваў спраўна і хутка. Замкнёныя шуфляды ён адчыняў і вымаў адным кароткім рухам шабра. Потым вытрасаў іх змесціва на падлогу каля камоды. Гэтак можна было адразу пабачыць, што там ляжыць. Каштоўныя рэчы Баран клаў у кішэню; іншыя — вартыя ўвагі — кідаў на сярэдзіну пакою. Ён праверыў вопратку ў шафе, зазірнуў пад абразы (там можа быць схованка), даследаваў вялікі насценны гадзіннік (той таксама можа служыць тайніком для грошай).

Пасля спальні Баран перайшоў у сталовы пакой. Абшнарыўшы буфет, ён рушыў у кабінет. Там абмацаў пісьмовы стол. Зняў з яго нават верхнія дошкі, зірнуўшы ўнутр зверху, як у латок. Ён шукаў схованкі. Уся работа цягнулася не больш за чвэрць гадзіны. Гарцуючы па кватэры. Баран адначасова прыслухоўваўся да таго, што адбываецца на вуліцы.

Ён працаваў хутка, але з абсалютнай упэўненасцю ў сабе. Ніводзін драбок не ўцёк ад ягонай увагі.

Баран сабраў здабычу: два амаль новыя мужчынскія гарнітуры, дамскую сукенку, мужчынскае футра, каракулевы жакет, набор сталовага срэбра. Апрача гэтага, у ягоную кішэню адразу перакачавала некалькі залатых манетаў, пярсцёнкі, бранзалет і залаты жаночы гадзіннік на ланцужку. У пэўны момант ён згадаў, што Стась Рамізнік прасіў яго прынесці з работы бялізну для яго і жонкі. Таму Алік выбраў некалькі найлепшых камплектаў бялізны. Потым, каб выйшаў як мага меншы пакунак, ён укруціў рэчы ў прасціну. Перавязаў матузком, а зверху абкруціў вялікім аркушам паперы. Пакунак быў не надта вялікі і не выклікаў падазрэнняў. З ім можна было смела выходзіць на вуліцу.

Існуюць злодзеі, тарбахваты, якія абы як выконваюць сваю работу. Халтураць — так гавораць пра іх спрактыкаваныя блатныя. Такі ўварвецца ў кватэру, нахапае абы якой вопраткі, пакінуўшы каштоўныя рэчы, скруціць іх у вандзэлак і, трасучыся ад страху, — шась на вуліцу.

Ідзе з майном, а шмокты[5] яму разлазяцца. Ззаду рукаво бабскай блузкі боўтаецца, спераду звісае шаль, а тут яшчэ якая-небудзь муфтачка ці панталоны вывальваюцца на брук. Скандал на ўсю вуліцу! Як на такога не звярнуць увагі? Проста сам на адпачынак у турму просіцца. Шпік такога адразу хапне! Альбо які наглядчык. Здаралася, што і звычайныя мінакі такіх затрымлівалі.

Захоўваючы поўную асцярожнасць, Баран праверыў, каб на вуліцы ўсё было чыста, і адразу скіраваўся да скупшчыка. Алік збыў усе рэчы, хоць некаторыя з іх падабаліся яму самому. Асабліва прыйшліся яму да душы мужчынскае футра і адзін з пярсцёнкаў. Аднак ён не спакусіўся. З даўніх часоў ён меў адно правіла: пасля працы нічога сабе не пакідаць. Лепш купіць у пяць разоў даражэй, але не дарыць нікому «левых» рэчаў. Выняткам была бялізна без адметных пазнак, калі браў яе для сябе або для сваіх, якія яго пра гэта прасілі, — як цяпер для Стася Рамізніка і ягонай жонкі. Той Стась не быў фраерам — ён сам некалі блатаваў. Цяпер не хадзіў на заданні, але злодзеі лічылі яго сваім. Ён часта дапамагаў найлепшым з іх — перавозіў барахло або падказваў месцы магчымай работы.

Позным вечарам Баран выйшаў вузкім завулкам ля сінагогі на Лагойскі тракт. Ён рухаўся павольна, стараючыся не забрудзіць новых ботаў. Спыніўся ён каля вялізнай карчмы Шлемы Гоя, які займаўся непастаяннымі, але даволі папулярнымі сярод старазаконнага насельніцтва фургоннымі перавозамі з Менску ў Лагойск і Барысаў. Стась Рамізнік арандаваў у Шлемы малую стайню і невялікую кватэрку ў глыбіні падворку.

Баран пастаяў некаторы час перад брамай, потым зайшоў на двор, які тануў у балоце. Ён паволі пакрочыў наперад, арыентуючыся на святло, якое падала з акна старожкі.

Раптам на падворак даляцеў звонкі дзявочы смех. Гукі журчэлі і пераліваліся, нібы вада ў ручайку. А крыху пазней раздаўся нервовы жаночы голас:

— Перастань урэшце!.. Ведаеш жа, што я баюся казытання… Ой!..

І зноўку смех… Такі вясёлы, такі захапляльны, што і чужынцу нават цяжка было паўстрымацца ад усмешкі.

Баран прыпыніўся, і смех знік. Толькі чуваць было праз фортку, адчыненую ў акне старожкі, жаночую гамонку. Адзін голас быў ірваны, нібыта ягоная ўладальніца стрымлівалася, каб не зарагатаць. Другі голас быў нізкі і поўніўся раздражненнем.

Алік падкраўся да акна, якое толькі напалову было завешанае фіранкай. За ёй, на падаконні, стаялі вазоны з кветкамі. Алік зірнуў углыб пакою. Яго тыльную сцяну засланяла вялікая шырма. Яна мела пунсовы фон, на якім — у яскравым святле вялікай лямпы — блішчэлі залатыя матылі… Перад шырмай, насупраць люстэрка, кветкай расцвітала постаць дзяўчыны. Гэта была маладая пульхная бландзінка. Плечы ў яе былі голыя. А каля яе ступняў кленчыла іншая жанчына, нашмат старэйшая, імаверна, швачка. Бландзінка прымярала сукенку. Ейная адбітая ў люстры фігура была лёгкай і нерэальнай, быццам не з гэтага свету. Можа, такое ўражанне стварала блакітная сукенка, магчыма, люстэрка або яркае святло лямпы, а можа, кантраст з апранутай ва ўсё цёмнае швачкай? Хто ведае, ці не віной усяму былі лёгкія распушаныя валасы ды голыя плечы? Барану, які заглядзеўся на яе, аж заняло дыханне. Яму здавалася, што дзяўчына плыве ў паветры, блішчыць, як тыя залатыя матылі на шырме, і зараз знікне.

Зноў выбухнуў смех, які напоўніў цяплом грудзі Аліка і нібыта сціснуў ягонае сэрца. Неўзабаве раздаўся голас швачкі:

— Ну, не круціся, бо ўкалю…

— Дык і ты… не казычы…

Бландзінка, засланяючы далонню вочы ад святла, павярнулася ўлева і ўправа, назіраючы за сабой у люстры. Дзяўчына выстаўляла сцёгны, адсланяла зграбныя лыткі, любуючыся сваім адлюстраваннем. Калі б не люстэрка, што стаяла поруч, то выглядала б на тое, што яна наўмысна хваліцца сваёй прыгажосцю перад мужчынам за акном.

Баран доўга стаяў нерухома, а калі зноў раздаўся смех, уздрыгануўся і адышоў ад акна. Ссунуўшы на патыліцу шырокую шапку, ён працягла бяздумна ўсміхаўся. Ён стаяў доўга… Уздыхнуўшы, ён упэўнена рушыў, ужо не зважаючы на гразюку, у бок дому Стася Рамізніка.

У сур’ёзнасці і вучонасці Стася Рамізніка ніхто не сумняваўся. Гэтыя якасці найбольш падабаліся самым важным блатным, а Стась абы з кім зносінаў не падтрымліваў. Стась Рамізнік быў родам з Чанстаховы. Нейкі час ён быў злодзеем, але справа не спорылася: большасць часу ён сядзеў у турме, а не гуляў на свабодзе. Ён выехаў у Варшаву і там уладкаваўся вартаўніком і парцье ў змяшанай гімназіі, дзе разам вучыліся хлопцы і дзяўчаты. Дачыняючыся з педагогамі і вучнямі, ён пераняў ад іх мноства словаў ды ўжо сам стаў гаварыць мудрагеліста і напышліва — а гэта вельмі весяліла начальства і гімназістаў. Ён навучыўся нават чытаць, праблемы меў адно з пісьмом. Стась умеў пісаць толькі лічбы, ды і тое толькі арабскія. Праз нейкі час ён выехаў у Вільню. Тут ён зноў заняўся крадзяжамі, але неўзабаве трапіў у астрог. Там пазнаёміўся з Алікам Бараном, вядомым у Вільні злодзеем-медзвяжатнікам. Выйшаўшы на свабоду, Стась пакінуў Вільню і выехаў у Менск. Тут стаў працаваць рамізнікам, перавозіў пасажыраў у фурманцы. Нарэшце ажаніўся і асеў. Вядома, ён блатаваў і далей, але толькі з хвацкімі хлопцамі. Часам ён перавозіў крадзенае; у надзвычайных сітуацыях даваў прытулак багацейшым хлопцам; іншым разам ён мог і падказаць заданне, бо меў зладзейскае вока, а займаючыся цяпер перавозамі, шмат кантактаваў з людзьмі і заўважаў разнастайныя рэчы.

Баран застаў сябра ўдома.

— Што добрага чуваць? — спытаў Стась.

— Пазімак ужо… Так… — заўважыў Баран і махнуў рукою, нібы ўказваючы кірунак адыходу зімы.

Стась кіўнуў і глуха кашлянуў. Пасля доўга варушыў сківіцай і губамі, нібы рассмакоўваючы сліну ў роце. Нарэшце адкрыў рот. Але гаварыць пачаў не адразу, нібы чакаючы, што словы, якія захраслі недзе ў глыбіні чэрава, падыдуць крыху бліжэй. Тады захрыпеў глуха і таямніча:

— Ужо прабілася надвор’е… Прайшла ледзяная хваля… Цяпер пойдзе плынь афрыканскага паветра. — абвясціў Стась сур’ёзна і ўрачыста.

Баран невялікай мяцёлкай ачысціў боты ад гразі, а потым навёў глянец аксамітнай хусцінкай, якую заўсёды насіў у кішэні. Клопат пра абутак быў ягонага маніяй. Можа, ён атрымаў гэта ў спадчыну па маці, якая большую частку свайго кароткага жыцця правяла, глянцуючы чужыя чаравікі. Пасля гэтага расшпіліў фрэнч і дастаў вялікі пакунак бялізны. Кінуў на ложак. Стась і ягоная жонка Бронька, нізенькая, шчуплая, схуднелая жанчына, сталі перабіраць бялізну. Яна была новая і пашытая з добрага матэрыялу.

— Колькі табе заплаціць? — запытаў Стась.

— Нічога.

— Гэта троху не таго… — сказаў Стась. — Хіба вып’ем.

— Выпіць можна.

— Бронька, зганяй па гамізу! — загадаў Стась жонцы.

Калі кабета пакінула жытло, Стась, хаваючы бялізну ў куфар, сказаў:

— Заўтра скажу Броньцы, каб павыпорвала гэтыя патэнты… — Меў на ўвазе вышытыя на бялізне манаграмы. — У жыцці ўсё можа здарыцца.

— Правільна кажаш, — пацвердзіў Баран.

Калі вярнулася Бронька, прыяцелі ўселіся пры стале. Пілі яны памалу, закусваючы кілбасою і агуркамі. Жанчына таксама, прыкінуўшыся засаромленай, усё ж выпіла пару чарак. Стась зноўку закашляўся. Калі прыступ закончыўся, ён доўга перажоўваў макроту і цяжка дыхаў:

— Душыць мяне гэтая халера… дыхавіца… Гэта тое самае, што і раматус… Толькі раматус, то ён, падла, па костках лазіць, а гэтая навала болей пад сэрца напірае.

Праз нейкі час Баран, які заставаўся цвярозым, пастанавіў, што надышоў адпаведны момант, і запытаў Стася, які ўжо добра падпіў:

— Хто ў вас тут жыве насупраць?.. Што за яны?..

Гэтае пытанне ўжо даўно грэлася ў яго на языку, але чаму так доўга не наважваўся яго задаць і навошта так дыпламатычна падыходзіў здалёк, ён і сам не ведаў.

— Насупраць? — перапытаў Стась. — Насупраць жыве наглядчык. Пільнуе падлу ў Шлемы Гоя. Сочыць за парадкам на падворку, ну і агулам, значыцца, усю стайню даглядае. Зайцам ён завецца, бо яму па танцах у Серабранцы гіркай верхнюю губу разарвалі… Дый наагул морда ў яго антысеміцкая.

— А што там за шмары[6]?

— Што за шмары?.. Звычайныя шмары… Сёстры ягоныя, значыцца. Адну, напрыклад, Куртатай клічуць, бо ў яе ногі — як у цябе рукі: кароткія і крывыя. Яна таксама працуе ў Шлемы, даглядае кароў. А другая… старэйшая… цыбатая такая… Дык тая швачка… Бялізну і таму падобныя кальсоны вырабляе мануфактурным спосабам.

Стась зноў закашляўся, а ў якасці лекаў спажыў значную колькасць гарэлкі. З ягонага аповеду Баран зразумеў што тая дзяўчына, якую ён меў на ўвазе, не жыве ў наглядчыка. Калі рамізнік перастаў кашляць, Баран запытаў у яго:

— А прыходзіць сюды такая бландзінка? Маруха[7] ціп-топ. І са стану, і з твару нішто сабе.

Стась задумаўся:

— Дык гэта хіба Паўця… Такая шчакастая і на мордачцы троху каракулевая… Дробны такі каракуль, — ён паварушыў пальцамі каля лба, шчок і носа, назваўшы гэтак сляды ад воспы.

— Бадай, яна. Такая попельная бландзінка. Сукенку ў швачкі мерала.

— Яна і ёсць… Паўлінка, — сказаў Стась, свае словы пацвярджаючы ўдарам кулака ў калена, якое пры гэтым падскочыла ўгору. — Гэта нібыта іх нейкая сваячка, пляменніца. Дачка Нюры. А Нюра іх антычная, — пэўна, хацеў сказаць аўтэнтычная, — сястра… гэнага Уладзя Зайца, ну і Куртатай… Балі на іх яшчэ гавораць… Паўця тут часта гойсае. То майткі, то рэйтузы. Вядома, ёсць свая швачка. А дзеўка да ўбораў першая.

— А яна яшчэ не таго?..

Баран не закончыў думкі, але Стась ураз яго зразумеў.

— Не… яшчэ не замужняя… Матрыманіяльна вольная… Паненка — кроў з малаком… Як гэта гаворыцца па-габрэйску: пераходжаная, але гіт.

Баран раней, чым звычайна, развітаўся са Стасем. Ён меў надзею, што яшчэ раз пабачыць праз акно Паўлінку, але ўдома ў наглядчыка было ўжо цёмна. «Пэўна, пайшла дахаты».

Алік выйшаў на вуліцу.

У ягонай галаве шумела ад выпітай гарэлкі, а адначасна ўнутры пасяліліся нейкая дзіўная трывога і сум. Ён ішоў за вачыма, не ведаючы напрамку, не заўважаючы ні дарогі, ні мінакоў, без канкрэтнай думкі ў галаве, без мэты. А наўкол абуджалася жыццё. У раўчуках струменіліся цэлыя ручаі вады. З дахаў спаўзлі цяжкія гурбы снегу. Вясна была ў разгары. П’яная зямля ўтрапёна дыхала, а паветра дурманіла, як віно.

Баран позна вярнуўся дахаты. Кацярына Сперда, уладальніца двух дамкоў, у кожным з якіх было па дзве кватэры, доўга чакала яго, прыгатаваўшы вячэру. «Можа, яго павязалі?» — думала яна з неспакоем і пільна прыслухоўвалася да крокаў мінакоў, якія зрэдку брылі Бондараўскім завулкам.

Кацярыне было каля пяцідзесяці гадоў, але яна была здаровая, моцная і добра выглядала. Кабеціна часта мяняла палюбоўнікаў — пераважна блатных — і сама не трымала на іх зла, калі яны яе кідалі. З Бараном яна жыла другі месяц. Злодзей пасяліўся ў яе амаль адразу, як толькі з’явіўся ў горадзе. Абое былі сабою задаволеныя. Баран меў тут спакой і бяспеку, якія рэдка бываюць у зладзейскіх логавішчах. А Кацярына мела ў якасці каханка аўтарытэтнага злодзея, які быў ахайны, добра апранаўся, ніколі не лаяўся і заўсёды быў надзіва сур’ёзны. «Граф дый годзе», — думала пра яго Сперда.

Калі Баран нарэшце вярнуўся дадому, Кацярына прапанавала яму падсілкавацца. Ён адмовіўся. Выпіў толькі шклянку малака і адразу ж пайшоў спаць. Лежачы ў ложку, ён запаліў цыгарэту. А Кацярына замкнула дзверы на засаўку і пачала распранацца. Седзячы на ложку, яна доўга здымала панчохі, выставіўшы мажныя белыя калені (выпрабаваны ўзбуджальны сродак). Але Баран зусім не звяртаў на яе ўвагі.

— Вясна адчуваецца, — далікатна зачапіла яго Кася, спускаючы левую нагу з ложка і ссоўваючы панчоху з правага калена.

— Угым, — буркнуў у адказ Баран, гледзячы некуды ў столь.

Кася ўздыхнула: «Можа, стомлены». Потым яна задзьмула агонь у лямпе і палезла спаць на прыпечак. Кабеціна любіла цяпло, а печка была так добра напаленая, што шкода было не скарыстацца.

Баран паліў цыгарэты і доўга варочаўся з боку на бок. Увесь час перад яго вачыма стаяла дзяўчына, якая нібы выплыла са святла ў кватэры вартаўніка Уладзя Зайца. Яна была неверагодна прыгожай, так соладка ўсміхалася. Так цудоўна свяціліся ейныя вочы. А твар быў такі мілы ды румяны. Такія вабныя былі ейныя плечы, ногі, шыя. Такая зграбная фігура. Такія пышныя ды густыя валасы… А яе срэбны смех змушаў ягонае сэрца біцца мацней і падганяў да твару хвалю крыві.

— Пава… Паўка… Паўлінка… — прашаптаў Баран у цемры і ўсміхнуўся.

А пасля зноў запаліў цыгарэту.

Гэта быў дзіўны стан… Дагэтуль невядомы Аліку: салодкі і трывожны…

А можа, гэта ўсё ўчыніла вясна. Чароўная, магутная, шалёная пара года, якая не глядзіць, ці гэта сэрца князя, ці злодзея, ці звычайнага чалавека. Для яе існуюць толькі людзі, якія падначальваюцца аднолькавым законам Прыроды і якія ўсе аднолькава слабыя ў параўнанні з ёю. Таму яна любіць сваволіць з людзьмі, бо яна заўжды маладая і прагне весяліцца ды забаўляцца.

2 МАЙСТАР АДМЫЧКІ ПАКАЗВАЕ СЯБЕ ЯК АДМЫСЛОЎЦА ШАВЕЦКАЙ СПРАВЫ

На вялікім занядбаным падворку гулялі дзеці: тры хлопцы ва ўзросце ад дзевяці да дванаццаці гадоў і дзве дзяўчынкі. А за дзецьмі весела ганяўся чорны дварняк, якому было некалькі месяцаў. Ягонае сабачае сэрца разрывалася ад радасці і жадання выказаць адданасць вось гэтым таварышам у забавах. Шчанюк не меў гаспадара, быў нічыйны. Невядома, адкуль ён узяўся на гэтым падворку і чаму тут застаўся. Можа, шчанюк затрымаўся тут таму, што шукаў сабе гаспадара, без якога ніводзін сабака не шчаслівы. Ён мае ўнутраную патрэбу некаму належаць, прагне мець свайго гаспадара, каб яго любіць і… абараняць. Нічога страшнага, калі гаспадар будзе марыць яго голадам, біць, але часам, магчыма, і пагладзіць.

Жыхары дому, якія прывыклі да прысутнасці сабачкі ў двары, назвалі яго Жуком. Калі-нікалі яму кідалі костку або хлебную скарынку. Часамі жывёліну падкідвалі нагой, але гэта ўжо быў свой сабака, зычлівы да ўсіх, заўсёды вясёлы, які вылузваўся са скуры, каб хоць неяк дагадзіць.

Дзеці дакучалі яму неміласэрна. Ён не раз вішчаў і скавытаў будучы аб’ектам вельмі балючых эксперыментаў. Але праз імгненне ўсё забывалася, і Жук ужо весела бегаў разам з шумнай ватагай, скачучы і пабрэхваючы.

Дзеці добрыя. Дзеці — будучыня кожнага народу. Але няшмат трэба здольнасцяў, каб заўважыць, што асноўная прыкмета дзіцячага характару — гэта бязлітаснасць, а другая — эгаізм. Толькі выхаванне лагодзіць у іх гэтыя бакі характару, якія крыху прыгасаюць і… дрэмлюць.

У той дзень дзеці былі асабліва вясёлыя і вынаходлівыя ў прыдумках. Яшчэ хвіліну таму яны гулялі на вуліцы. Забава была для іх нязвыкла пацешнай. У нішы наступнай брамы сядзеў сляпы старэнькі дзядок. Гэта быў жабрак, які паклаў перад сабою на ходніку шапку і чакаў міласціны ад мінакоў. Калі нехта кідаў манету, жабрак, гучна чытаючы малітвы, забіраў грошы з шапкі ды хаваў іх. Дзеці ж прывязалі нітку да вялікага латуннага гузіка і, па чарзе праходзячы каля дзядка, стараліся кінуць гузік у шапку, а пазней тузалі за нітку, каб вырваць гузік назад.

Калі дзеці зрабілі гэта першы раз, старэнькі доўга марна шукаў рукою манету ў шапцы. Дзеці, стоячы на некалькі крокаў далей, душыліся ад смеху, назіраючы за ягонымі высілкамі і збянтэжанасцю. З тым жа вынікам яны паўтарылі блазноту. А калі і трэці раз жабрак не знайшоў у шапцы ўкінутай манеты, то зразумеў, што нехта з яго здзекуецца. Дзядок прысунуў бліжэй да сябе кій і чакаў. Дзеці заўважылі гэта і перасталі забаўляцца. Ходнікам акурат ішла нейкая пані. Пабачыўшы жабрака, яна дастала з кашалька манету і кінула яе ў шапку Яе ахапіў жах, калі замест чаканага блаславення яе напаткаў моцны ўдар кія. Жанчына залямантавала:

— Ах ты, лайдак! П’янтосіна!

Здарыўся скандал. Дзяцей страшна пацешыў гэты выпадак, і яны доўга смяяліся. Ім было нават цяжка супакоіцца. Кожны ўспамін выклікаў новую хвалю рогату.

Сабачка не адступаў ад дзяцей. Ён не разумеў іхных забаваў, але агульны настрой перадаўся і яму, таму ён весела брахаў, скакаў і гучна выражаў сваю радасць і шчанячае захапленне.

Раптам нехта з дзяцей прапанаваў пагуляць у шахцёраў… У адным закутку падворку быў стары закінуты калодзеж. Ім ужо даўно не карысталіся, паволі вада на доле зусім знікла. Засталося толькі крыху мулу, які час ад часу пасля дажджу рабіўся радзейшым. Дзеці назбіралі розных матузкоў і пачалі будаваць ліфт. Калі закончылі, узнікла пытанне: каго спускаць уніз?

— Жука, — сказала найстарэйшая дзяўчынка.

Рэшта дзяцей пагадзілася. Яны схапілі дварняка і пасадзілі ў скрынку, падвешаную на чатырох шнурках над калодзежам. Сабака быў крыху спалоханы, але бязмежны давер да людзей не дазваляў яму занадта рэзка пратэставаць. Натуральна, адчуўшы небяспеку, ён заскавытаў, пачаў лашчыцца — прасіў, каб яго адпусцілі. Але нішто не расчуліла ягоных уладароў. Дзеці пачалі апускаць ліфт уніз. Жук дрыжаў і прыціскаўся да дна скрынкі.

— А цяпер катастрофа! Ліфт абрываецца! — закамандаваў нехта з дзяцей.

Малыя адпусцілі вяроўкі, і скрынка, адбіваючыся ад няроўных сценаў калодзежа, са стукам паляцела ўніз. Праз хвіліну з долу калодзежа данеслася скуголенне сабакі. Дзеці зазіралі ўніз, але там было зусім цёмна і нічога нельга было разгледзець. Тады дзеці пачалі паліць паперу і кідаць яе ў калодзеж, каб прынамсі пры такім святле пабачыць вынік «катастрофы ў шахце». Папера згарала або гасла, не даляцеўшы да дна.

Сабака скалечыўся, зваліўшыся на дно калодзежа. Амаль цалкам ён сядзеў у муле. У роспачы ён уздрапаўся на скрынку, якая ўпала каля адной са сценаў студні. Ён углядаўся ўверх і бачыў увенчаныя галовамі дзяцей берагі калодзежа. Ён пачаў вішчаць, выць, молячы сваіх нядаўніх сяброў аб ратунку… Ён яшчэ верыў у людзей. Але безвынікова… Яго ахапіў страх, калі ўніз пачалі ляцець падпаленыя кавалкі паперы. Ён дрыжаў. Туліўся да вільготнай сцяны калодзежа. Аднак агонь не дабраўся да яго. Ён зноў пачаў упрошваць аб дапамозе, аб выратаванні… Яго добрае сабачае сэрцайка не магло зразумець таго, што адбылося. За што ж яго гэтак пакаралі? Ён жа іх так любіў. Ён так цешыўся і скакаў, калі іх бачыў. Ён стараўся адгадваць кожнае іхняе жаданне, быў ім гэтак верны.

Нечакана ў калодзеж упаў вялікі камень. Потым другі. Пасля камяні пачалі падаць у студню амаль без перапынку… Дзеці нібы звар’яцелі. Яны бегалі па ўсім падворку, збіралі камяні, цэглу, кавалкі ржавага металу, паленне, калы і кідалі ўсё гэта ў студню, стараючыся пацэліць у сабаку, якога нават не маглі ўгледзець у цемры. Іх апанавала прага забойства. Іх узбуджала магчымасць бяскарна забіць некага. Іх разбіраў садызм… усё тое, што пазней стрымліваецца, але не раз упрост, пачварна або прыхавана, пад нейкай маскай, выяўляецца ў дарослых людзей.

Адзін з першых камянёў зламаў сабаку лапу. Некалькі іншых яшчэ больш яго скалечылі. Сабака пачаў імкліва шукаць паратунку. Ён глыбей закапаўся ў мул на дне студні і ўціснуўся пад край скрынкі, якая выставала з балота. Ён ляжаў у ліпкім халодным і смуродным глеі, прыкрыты зверху дошкамі скрынкі, і дрыжаў ад холаду і страху. А зверху ляцелі долу камяні. Яны валілі ў бакі скрынкі, грукаталі і падалі наўкола, трапляючы ў мул.

Прайшло шмат часу, і бамбаванне скончылася. Зноў краі студні акружыў вянец дзіцячых галоваў. Яны глядзелі ўніз. Прыслухоўваліся… Ціха… Нарэшце раздаліся галасы:

— Жучок!.. Жучок!..

— Цю-цю-цю-цю…

Цішыня…

Сабака не адгукнуўся… У ім памерла вера ў людзей… А ўзрасла нянавісць…

Вечарам на падворку запанавала цішыня. Сабака, дрыжучы ад холаду, вылез з балота і ўскараскаўся на скрынку. Яго мучыў голад. Балела зламаная лапа і пабітае камянямі цела.

У вышыні цьмяна свяцілі зоркі. Сабака заскавытаў. Гэтак ён скардзіўся небу на людзей. Доўга скавытаў…

Да студні ў паўзмроку ціха сунулася чалавечая постаць. Гэта быў Баран. Некалі ён заўважыў, што на гэтым падворку ёсць вяндлярня, таму зрэдчас, праходзячы побач, зазіраў са спадзевам, што нехта будзе вэндзіць шынку ці кілбасы.

І цяпер ён прыйшоў сюды акурат з гэтай нагоды. Заўважыўшы некага, ён перамясціўся ўглыб падворку. Недалёка ад студні пачуў сабачае выццё. Мужчына спачатку не мог зразумець, адкуль даносіцца гук. Падышоўшы да калодзежа, нахіліўся ўніз і пасвяціў кішэнным ліхтарыкам. Злодзей распазнаў унізе белае дно скрыні, а на ёй цёмнае тулава сабакі. Сабака неспакойна пахістваўся і, відаць, намагаўся ўцячы ў сваю ранейшую хованку, пад скрынку. Баран вылаяўся.

— Вось дзе подлае насенне! Не знайшлі сабе лепшага занятку, укінулі бедалагу!

Баран адышоў ад студні. «Відаць, здохне там з голаду». Вярнуўся да калодзежа. Выняў з кішэні фрэнча закручаную ў паперу французскую булку і, свецячы ліхтарыкам уніз, кінуў сабаку печыва, прыцэліўшыся, каб яно трапіла на скрынку.

Жыхары старожкі Шлемы Гоя вельмі здзівіліся, калі аднойчы вечарам да іх прыйшоў незнаёмы мужчына.

— Добры вечар, — кінуў ён з парога.

Усе маўчалі, разглядваючы госця. Швачка адклала сваю работу. Баран кінуў на лаўку шапку, падышоў да стала і паклаў на ім скрутак, загорнуты ў паперу.

— Гляньце, калі ласка, матэрыял, — звярнуўся Баран да швачкі.

Жанчына пачала разгортваць пакунак, а Баран прысеў на крэсле ля стала і дастаў з кішэні вялікі срэбны партсігар з залатой манаграмай. Адну цыгарэту ён дастаў для сябе, а другую кінуў праз пакой Уладзю Зайцу.

Уладзь не паліў, але неяк не змог адмовіць госцю і пачаў няўмела цмокаць цыгарэту. Неўзабаве закашляўся. Баран адгукнуўся:

— Кінь!

І Уладзь кінуў на падлогу недапаленую цыгарэту. Гэтым часам Лідзія Баля, швачка, худая бледная жанчына каля трыццаці пяці гадоў, аглядвала матэрыял. Гэта быў адрэз натуральнага шоўку крэмавага колеру. Кабета любавалася прыгожай тканінай і з прыемнасцю абмацвала яе пальцамі. Баран звярнуўся да яе:

— Хопіць гэтага на два камплекты бялізны?

Швачка здзівілася.

— Дык жа шкода…

— Ці досыць?

— Хопіць і яшчэ застанецца.

— То здыміце мерку, калі ласка.

Баран зняў фрэнч, і швачка абмерала мужчыну.

— Зрабіце, калі ласка, найлепей, як зможаце. Работа мусіць быць кароннай! — казаў Баран. — Самае важнае — гэта добра вырабіць каўнерыкі. Зрэшты, буду прыходзіць на прымерку.

Хутка Баран пакінуў жытло.

— Хто гэта можа быць? Пэўна, нейкі багацей, — пастанавіла Лідзія.

— Багацей… багацей… багацей… — казаў Уладзь, якія меў звычку паўтараць словы.

— Не запытаў нават, колькі каштуе пашыў. Пэўна, добра заплоціць.

— Заплоціць… заплоціць… заплоціць… — згаджаўся Уладзь.

Толькі Томка, якую называлі Куртатай, маўчала, седзячы ў куце, і пазірала на прысутных гожымі вачыма. Яна была калекай. У яе былі вельмі кароткія крывыя ногі. Гэта быў вынік перанесенай у дзяцінстве хваробы. Твар у яе быў таксама брыдкі. Але вочы былі цудоўныя, аздобленыя раскошнымі вейкамі. Працавала яна ў Шлемы Гоя за мізэрныя грошы. Удома ж яе даймала сястра, істэрычная векавуха. Уладзя Зайца, зрэшты, таксама тыраніла старэйшая сястра. Прырода не была літасцівай і да яго. А разарваная на патанцульках ударам гіры губа канчаткова скрывіла твар. Пры ўсім сваім брыдкім выглядзе Уладзь быў надзвычай уражлівы. Здаралася, што нехта казаў «холадна», а Уладзь ужо пачынаў паціраць рукі. Сказаны некім выраз або апошняе слова ў сказе ён мог паўтараць бясконца. Стась Рамізнік казаў, што ў Зайца сарваная разьба ў галаве. У Зайца было вельмі добрае сэрца, і ён любіў жывёлу. З людзьмі ён не ўмеў размаўляць, але да коней звяртаўся, як да дзяцей. Расказваў ім пра свае клопаты і трывогі, пачуваючыся ў іх таварыстве вельмі ўтульна.

Пасля першага візіту да Баляў Алік Баран неўзабаве зноў туды завітаў. Калі бялізна была ўжо пашытая, шчодра заплаціў, чым заваяваў прыхільнасць Лідзіі, якая пачала была называць яго панам памешчыкам.

— Аніякі я не памешчык, — адказаў Баран. — Я шавец абутку экстракласу. Прыехаў з Амерыкі і хачу тут заснаваць майстэрню.

З таго часу Лідзія, гаворачы пра Барана, называла яго Амерыканец.

Забраўшы бялізну, Баран праз некаторы час зноў з’явіўся ў швачкі і замовіў гімнасцёрку… Яго не пакідала надзея спаткаць тут некалі Паўлінку. Але дзяўчына або не прыходзіла, або з’яўлялася там, калі Барана ўжо не было.

Лідзія пашыла гімнасцёрку. Баран забраў і яе. А Паўлінкі ўсё не было. Дзяўчыну таксама зацікавіў Амерыканец. Яна столькі наслухалася пра яго ад Лідзіі, якая больш ні пра каго не жадала размаўляць. «Ты падумай: шаўковую бялізну шые, і то з якога яшчэ шоўку. А якія пярсцёнкі носіць на пальцах! А што за партсігар! Мільянер ён, далібог, які ўцёк сюды ад бальшавікоў!» Паўлінка аж калацілася з цікаўнасці, але ёй аніяк не ўдавалася з ім спаткацца.

Праз некалькі дзён пасля апошняга візіту Баран прыйшоў да Баляў пад вечар і запытаў пра Уладзя. Куртатая пакульгала на падворак шукаць брата. Калі Заяц, здзіўлены нечаканаму госцю, прыйшоў у старажоўку, Баран запытаў у яго:

— Вяроўка доўгая ёсць?

— Вяроўка… вяроўка… вяроўка… — паўтараў Заяц.

— Прынясі мне, якія знойдзеш, канаты, вяроўкі, лейцы… Пойдзем у горад… ёсць там адна справа… Добра табе заплачу.

Заяц не распытваў, у чым справа. Хоць і быў ён пачварна брыдкі з выгляду, а язык яго не хадзіў гладка, аднак ён меў вялікі спрыт і быў у стане дзейнічаць хутка. Ён вокамгненна зразумеў, што справа пільная. Выйшаў са старажоўкі і праз хвіліну вярнуўся, цягнучы цэлае бярэма вяровак. Баран выбраў таўсцейшыя і мацнейшыя і, не пытаючыся, ці Уладзь мае час, сказаў:

— Хадзі!

Яны пашыбавалі ў цэнтр гораду. Ужо сшарэла.

Баран і Уладзь падышлі да студні ў глыбіні вялікага падворку. Баран пасвяціў ліхтарыкам уніз.

— Ёсць, — сказаў. — Яшчэ жывы.

Жук жыў. Жыў у студні ўжо два тыдні. Ратавала яго ежа, якую Баран вечарамі кідаў у калодзеж. Днём сабака запаўзаў пад скрынку, бо прадчуваў, што зверху могуць пасыпацца камяні. І сапраўды, дзеці штодзённа прыходзілі да студні і кідалі ўніз усё, што траплялася ім у рукі. Баран заўважыў, што камянёў у студні прыбывае. Ён не ведаў, аднак, як сабака пазбягае смерці. Ён толькі выявіў, што звярок усё яшчэ жыве, і нечакана для самога сябе вырашыў яго ўратаваць. Аднаму гэта было б цяжка. Прасіць некага з блатных ён не хацеў, бо тыя б дзівіліся, што хвацкаму злодзею прыходзяць у галаву такія глупствы. Тады ён згадаў Уладзя Зайца. Заўважыў, што той вельмі добры і ў дадатак мае гіганцкую фізічную сілу. Баран бачыў, як Заяц добра ставіцца да коней, заўважыў, што той без вялікага намагання — часам адной рукой — закідвае тыл воза, каб выехаць з двара або зацягнуць павозку ў стайню.

Баран разматаў канат, які працягнуў пад папярэчнай бэлькай, каб той заставаўся рухомы. Пасля гэтага іншую, танчэйшую вяроўку ён кінуў у студню, а яе другі канец прымацаваў да жалезнага клямара, які тырчаў з боку студні. Гэтай вяроўкай ён намерваўся выцягнуць сабаку. Сам ён хацеў спусціцца туды па канаце. Усё гэта ён мог бы зрабіць і сам, але не меў вяровак. Акрамя гэтага, яму была патрэбная падстрахоўка, калі б здарыўся няшчасны выпадак або калі б на доле сабраўся небяспечны для чалавека газ. Да таго ж ён планаваў аддаць сабаку Уладзю на гадаванне, пакуль не змог бы забраць жывёліну да сябе.

— Я спушчуся ўніз… Разумееш… Там сабака… Укінулі яго, паскуды… Калі мне нешта станецца, то ты мяне выцягнеш… Зразумеў? Ты ж павінен справіцца…

Барану падалося, што Заяц фыркнуў, нібыта засмяяўся, і плюнуў сабе ў далоні.

Баран разуўся. Адным канцом каната, які заканчваўся вялікай пятлёю, ён абматаў сябе пад пахамі і пачаў павольна спускацца ў студню. Ён памалу адпускаў другі канец каната, за які трымаўся рукамі, і гэтак з’язджаў уніз. Часамі ён абапіраўся босымі нагамі на няроўныя выступы на сценах калодзежа. У гэты час Уладзь трывожна прыслухоўваўся. Далонню правай рукі ён моцна ўчапіўся за канат, кантралюючы яго рух уніз. Праз некаторы час канат затрымаўся. Занепакоены Уладзь хацеў ужо крыкнуць у дол: «Што такое?» Але праз момант ён пабачыў у студні бляск святла.

Баран стаў на кучы з камянёў на дне калодзежа. Навокал было поўна кіёў і дубцоў. Скрынкі ўжо амаль не было відаць. Баран устрывожыўся, не пабачыўшы сабакі. «Можа, яго адсюль забралі?» — падумаў ён. Але неўзабаве знізу данёсся шоргат… Перапуджаны Жук з цяжкасцю лез у сваю хованку. Гэта было няпроста — яму заміналі камяні. Баран пераканаўся, што дастаць сабаку будзе цяжэй, чым ён меркаваў. Ён мусіў разабраць і гэтак скласці дубцы, кіі, паленне, цагліны і камяні, каб дабрацца да скрынкі, пад якой хаваўся Жук. Але і пасля гэтага дастаць сабаку было нельга. Скрынка была як умураваная. Выцягнуць яе было немагчыма, бо вакол яе навісалі каменныя кучы. Тады Баран усунуў руку ў скрыню праз дзірку збоку, праз якую сабака залазіў унутр. Калі ж даткнуўся рукою да шэрсці Жука, то адчуў на далоні моцнае клацанне зубоў. Вырваў руку. «Кусаецца, падла!»

Баран ахвяраваў шмат працы і часу, каб вызваліць перапалоханага сабаку з-пад скрынкі. Жук адчайна бараніўся: кусаў, драпаўся, ціснуўся як мага далей пад скрынку, у глей. Нарэшце Баран выцягнуў яго наверх і пасадзіў у мяшок. Прывязаў яго да канца вяроўкі, якая звісала да самага долу, і крыкнуў:

— Цягні!

Мяшок знік уверсе.

Праз пару хвілінаў і сам Баран пачаў выбірацца са студні. Пэўна, ён бы забіўся або сур'ёзна скалечыўся, калі б не Заяц, які кантраляваў далонню рух каната і раптоўна заўважыў, што бэлька, па якой слізгаўся канат, пачынае рухацца.

— Чакай! — крыкнуў Заяц уніз.

Баран зразумеў што здарылася нешта кепскае, і хутка знайшоў падпорку для босых ног пры сцяне студні. Уверсе сапраўды нешта адбывалася. Уніз пасыпалася зямля. Баран моцна прыліп целам да вертыкальнай паверхні і чакаў.

Заяц здолеў выняць наверх небяспечнае бервяно і вызваліў канат, за які ўхапіўся аберуч і лёгка пацягнуў — пакуль не адчуў упору.

— Я буду цягнуць! — крыкнуў ён уніз.

— Добра.

Неўзабаве Баран усеўся на краі студні. Ён быў увесь у балоце. Рукі і ногі былі ў крыві. Ён, не спяшаючыся, абуўся, крыху паправіў адзенне і выцер кроў на руках.

Разам яны забралі канат, вяроўкі і мяшок з сабакам. Потым рушылі ў прадмесце.

Баран не зайшоў да Баляў. Аддаў мяшок з сабакам Уладзю, уклаў яму ў руку некалькі банкнотаў і сказаў:

— Ты дагледзь мне ўжо гэтага сабачку… Занясі да ветэрынара… Няхай паглядзіць… Я заўтра прыйду.

— Добра, — адказаў Уладзь, сціскаючы цвёрдай, як дрэва, кароткай і шурпатай рукой далонь Барана.

Заяц ішоў дадому і ўвесь час усміхаўся. Дзіўным здалося яму гэтае здарэнне, і дзіўны быў гэты чалавек, які ўцягнуў яго ў гэтую справу. Заяц адчуў да яго агромністую сімпатыю.

Гісторыя з сабакам выклікала ў Баляў вялікую сенсацыю. Ім цяжка было зразумець матывы Барана.

Уладзь назаўтра аднёс сабаку да ветэрынара. Там Жука перавязалі. Ён меў зламаную лапу і некалькі брудных ранаў з запаленнем. Удома Уладзь часова размясціў сабаку ў вялікім падпечку на кухні. Сабака адразу ж схаваўся ў адтуліне. Яму паставілі міску з ежаю. Пакуль людзі глядзелі, сабака не еў, але калі на яго ніхто не пазіраў, ён выядаў усё дачыста і зноў хаваўся.

Паўця з таго часу, калі даведалася пра Амерыканца, часцей заходзіла да швачкі. Мужчына яшчэ больш яе зацікавіў, калі Лідзія вельмі красамоўна і з перабольшаннямі ад сябе расказала ёй пра ўчарашнія Уладзевы прыгоды. Негаваркі брат распавёў пра гэта ў некалькіх словах, яна ж склала цэлую гісторыю.

Пад вечар Паўця прыйшла да цёткі з нейкім вышываннем. Яна вырашыла абавязкова пабачыць Амерыканца. Неўзабаве з’явіўся і Баран. Ён адразу заўважыў прысутнасць Паўкі, і ягоны твар нібыта пасвятлеў. Ейная прысутнасць — як яму здавалася — змяніла выгляд дому. Зрэшты, апрача дзяўчыны, ён мала што заўважаў. А Паўка прыкусіла ніжнюю губу, пасля паслініла яе, каб тая стала яскрава-чырвонай, і з немалой зацікаўленасцю, але патаемна, зіркала на Аліка.

Баран прывітаўся з Лідзіяй і падышоў да Паўкі.

— А гэтую пекную паненку я першы раз тут бачу, — прамовіў ён весела.

Паўка запалала чырванню, а Лідзія застракатала:

— Гэта мая пляменніца. Што прыгожая, то прыгожая. Усе так кажуць. Але і свавольніца. Любіць мужыкам у галаве закруціць.

— Дзеля гэтага то і не трэба шмат старацца, — сказаў Баран.

Паўця з напускным дакорам глянула на цётку. Потым яна яшчэ ніжэй схілілася над вышываннем, скоса назіраючы за Бараном.

Алік нібыта змяніўся, павесялеў. З ягонага твару знік звычайны каменны супакой. Вочы ў яго блішчэлі. Паўка, упэўненая ў сваёй прывабнасці, час ад часу кідала на яго позірк, папраўляючы вышыўку. Баран дастаў цыгарэту і, пакінуўшы партсігар на стале для большага эфекту, запаліў.

«Прыгожая, як кветка. Півоня», — думаў Баран, гледзячы на дзяўчыну з усё большым захапленнем. Ён прысеў каля яе і пачаў аглядаць вышыўку. Праз момант ён звярнуўся да Лідзіі:

— А дзе Уладзь?

— Зараз прыйдзе… Пэўна, у стайні… Ці вам тут з намі ўжо нудна зрабілася?..

— Каля такой дзяўчыны я б усё жыццё не маркоціўся.

— Але ж з вас і майстар кампліментаў!

— А я праўду кажу… Я сваім вачам не паверыў, калі пабачыў тут такі цуд!

Барану ўвесь час здавалася, што ведае Паўку, што некалі яе бачыў. Ён стараўся ўзгадаць і не мог… Ад намагання ў яго ажно моршчыўся лоб, а позірк рабіўся востры, даследчы… Ён рабіўся няўважлівым.

Калі б Баран мог прабіць тунэль у сваёй памяці і праз яго перайсці ў дзяцінства, у далёкі закутак душы, то ён пабачыў бы цікавую рэч. Ён заўважыў бы бруднага, абарванага хлопца, які стаяў перад вітрынай крамы з цацкамі. Там было мноства бліскучых скарбаў, якія прыцягвалі погляд дзіцяці. А пасярэдзіне стаяла, як каралева, шыкоўна апранутая лялька. У яе былі залатыя валасы, блакітныя вочы, малінавыя губы, цёмныя бровы, круглая шыя, пульхныя плечы — рыхтык як у Паўкі. Мініяцюра дзяўчыны, якая цяпер сядзела перад ім. Лялька ўяўлялася хлопчыку ўладаркай усіх скарбаў крамы, якія маглі б стаць спаўненнем ягоных мараў. Гэтая дзяўчына таксама пачала рабіцца ягонай марай. А мары — гэта самая вялікая каштоўнасць людзей. Яны багацце душы. Яны золата, перлы, музыка і барвы жыцця. З мараў нараджаюцца казкі, а з іх узнікаюць вялікія ўчынкі. Яны ствараюць мастацтва, культуру. Яны нараджаюць герояў, і каханне таксама вырастае з іх.

Баран, натхніўшыся сваім пачуццём да дзяўчыны, станавіўся ўсё больш вясёлы і дасціпны. Ён разышоўся так, што дзяўчына аж заходзілася ад смеху, які звінеў, бруіўся па ўсёй хаце і быў чутны на падворку.

«Ого! — падумала Лідзія. — Гэтая ўжо хіба зачапіла Амерыканца».

У жытло ўвайшла Куртатая, а неўзабаве пасля яе і Уладзь. Баран весела іх прывітаў. А да Уладзя звярнуўся з пытаннем:

— А як жа мой гадаванец?

Уладзь усміхнуўся, аж паказаліся ягоныя зубы, і адказаў недарэчна:

— А як жа… а як жа…

А пасля паклікаў сабаку:

— Чорны! Чорны!

— Яго завуць Мілы, — паправіў Баран, невядома з якой прычыны даўшы дварняку такое імя.

Заяц спрытна выцягнуў сабаку з-пад печы. Шчанюк спрабаваў яго ўкусіць, але беспаспяхова, бо Уладзь моцна трымаў яго за карак.

Баран узяў сабаку на калені і, прытрымліваючы за шыю, паволі гладзіў таго па галаве. Сабака дрыжаў і курчыўся пад рукой, якая яго лашчыла, і адначасова глуха вурчаў.

— Гэты сабачка пародзісты, адмысловы, — казаў Баран Паўцы. — Французскі, можна сказаць. І тату меў, і маму меў, таму яго трэба шанаваць. Пагладзьце яго, калі ласка.

Паўка з агідай дакранулася далонню да галавы сабакі. Мілы агрызнуўся і дзяўчына імкліва адхапіла руку.

— Я пакіну яго ў цябе, — сказаў Баран Уладзю. — Буду табе плаціць. Кармі яго добра. Я пакуль жыву ў гатэлі і не маю часу яго даглядаць.

— Навошта ён пану? — запытала Паўка.

— Як навошта?.. Я яго вывучу. Ён будзе мне чаравікі чысціць, самавар ставіць. Я навучу яго цыгары паліць, гарэлку піць, будзем з ім весела жыць.

Паўка пачала нешта расказваць пра сабаку свайго бацькі. Гаварыла, спяшаючыся, быццам баялася, што яе спыняць. Алік глядзеў ёй у твар і не чуў словаў. Каб нешта зразумець з аповеду, ён мусіў моцна засяроджвацца.

— Ці не маглі б вы мне вышыць кашулю? — запытаў ён, скіраваўшы позірк на іголку з ніткай, якія Паўка перабірала ў руках. — У мяне ёсць яшчэ добры адрэз матэрыялу. Пані Лідзія пашые кашулю, а вы вышыеце. А я вам за тое зраблю чаравічкі. Але такія, якіх ніводная графіня не мела. Усе будуць захапляцца. Па-амерыканску так прыгожа змайструю, як для дачкі Ротшыльда. Ці згодныя?

Вочы Паўкі бліснулі.

— Вядома. Вельмі ахвотна. Толькі якія ўзоры ўзяць?

— Гэта ўжо на ваш густ. Я чаравічкі таксама вам зраблю паводле свайго ўпадабання. Дазвольце толькі ўзяць мерку.

Баран склаў у тасёмку кавалак паперы і абмераў Паўчыну ступню. Дзяўчына пры гэтым крыху манернічала, але Баран выконваў сваё заданне надзвычай сур’ёзна.

Неўзабаве пасля гэтага Паўка пачала збірацца дадому. Алік вызваўся яе правесці. Калі абое выйшлі за дзверы, Лідзія заўважыла:

— Пахне яму Паўця! Ой, пахне.

Алік правёў Паўку на Сляпянскую вуліцу. Яны дамовіліся, што спаткаюцца зноў у Лідзіі ў нядзелю вечарам. Баран вяртаўся дадому абходнай дарогай. Радасць перапаўняла ягоныя грудзі. Яму было весела, бадзёра і добра. Увесь час ён нечаму ўсміхаўся. І ноч смяялася яму зоркамі.

3 ЯК УЗНІКЛА ШАВЕЦКАЯ МАЙСТЭРНЯ «ВАРШАВЯНКА»

На Залатой Горцы, на вуліцы Захар’еўскай, пад нумарам 157 стаялі тры малыя, аднапавярховыя драўляныя хаткі. Яны належалі пані Ліхадзяеўскай, якая жыла пад нумарам 159 у досыць прыгожым, па-новаму пабудаваным доме. У адной з трох хатак — размешчанай з боку вуліцы — жыла Станіслава Нацэвіч, удава чыноўніка Падатковай палаты. У яе было двое дзяцей: сын Ян дзевятнаццаці гадоў і дачка Гэля, шаснаццацігадовае дзяўчо.

Пакуль жыў галава сям’і, усё ў іх было добра. Пасля ягонай смерці — у другі год Сусветнай вайны — ім станавілася ўсё цяжэй. А пасля рэвалюцыі 1917 года, калі змарнаваліся грошы, укладзеныя ў каштоўныя паперы, беднасць пасялілася ў іхным доме. Яны прадалі нешматлікія рэчы, без якіх можна было яшчэ абысціся, і пачалі цярпець ад голаду. Справіцца з галечай было цяжка, бо гаспадыня і ў добрыя часы была хваравітай — мела слабое сэрца. А цяпер хвароба яшчэ пагоршылася, і гаспадыня з вялікай цяжкасцю магла даць рады з хатнімі справамі, якія паступова пераходзілі ў рукі Гэлі. Ясь шукаў працу. Пару разоў яго наймалі, але заробак з увагі на кошты, якія скакалі ўгору, быў няважны.

Удава пераймалася гэткім становішчам і марнела. Ясь з болем глядзеў на састарэлую заўчасна матку, на ейныя пачырванелыя ад слёзаў вочы. Толькі Гэлю нічога не брала. Яна заўсёды спявала нейкія бязглуздыя песенькі, якія пачула невядома дзе, быццам была чужой у сям’і — гэтак мала яе краналі супольныя праблемы. За гэта атрымлівала ад брата плескача. Але сама адказвала яму ўдарам кулака альбо паказвала язык і далей працягвала сваё.

У пэўнай ступені адказным за сям’ю Нацэвічаў пачуваўся брат Ясевай маткі, Філіп Жардонь. Гэта быў дзіўны тып: збольшага п’яніца і летуценнік. Па прафесіі ён быў з шаўцоў і пераважна займаўся вырабам халяваў для абутку, і нават у цяперашні час ён мог бы добра зарабіць, але не хацеў. Звычайна ён казаў так: «Не працую, бо навошта? Ці я працую, ці не, і так кожны ў чаравіках ходзіць».

Ясь амаль не памятаў, калі бачыў дзядзьку цвярозым, і звычайна ўжо здалёк пазнаваў, у якім настроі матчын брат. Калі ягоная шапка была ссунутая на патыліцу, то было вядома, што ён у цудоўным шампанскім настроі. Шапка збоку — ягоная галава нечым занятая. Шапка насунутая наперад — раззлаваны. Гэткі псіхалагічны барометр. Ясь любіў слухаць дзядзькавы показкі. А дзядзька любіў плесці яму розныя незвычайныя гісторыі. Учора, напрыклад, да позняга вечара ён расказваў яму, што пойдзе ў Воршу:

— Там ёсць адзін такі чалавек, разумееш, не чорт, але з д'яблам знаецца. Яму там падпісваешся крывёй і будзеш мець усяго, во столькі! — ён паказаў далонню, падняўшы яе да вачэй. — Я гэта абавязкова ўладжу. Тады ўсё гэта: поле, хаты — будзе наша. Пасадзім сад на тысячу дрэваў. Паміж дрэвамі паставім вуллі. Мёду будзем мець поўныя бочкі, а садавіны — цэлыя горы. Віно буду тады вырабляць і мармелад. Ты толькі пачакай крыху.

Часам дзядзька браў Яся з сабою на Нізкі рынак, каб той дапамагаў яму прадаваць розныя рэчы. Спачатку Яся гэта бянтэжыла, а пазней пачало забаўляць. Нарэшце, калі пару разоў дапамог дзядзьку з добрым прыбыткам прадаць нейкія лахманы і нешта там атрымаў ад яго за старанне, пачаў цікавіцца гэтай справай. Ён зразумеў, што, танна купляючы рэчы ў адных, а прадаючы іх даражэй іншым, можна няблага зарабіць. Ён пачаў наведваць кожны вялікі рынак і пакрысе гандляваць. Перашкаджала яму, аднак, адсутнасць наяўных грошай, таму ён мусіў абмежавацца гандлем усялякай драбязою, што прыносіла малы прыбытак. У гэты ж час ён набіраўся досведу і ўсё больш дапамагаў сям’і.

Аднойчы пасля ўдалага гандлю, падчас якога Ясь паспрыяў дзядзьку, падбіўшы цану, Філіп купіў тое-сёе з харчоў і прыйшоў да сястры на абед. Ён быў нападпітку і, як заўсёды, лунаў у аблоках.

— Што там некалі будзе, гэта невядома, — перапыніла яго сястра. — Ты б цяпер лепей нам нешта параіў, каб мы маглі зарабіць пару капеек.

Філіп нахмурыўся, прымружыў левае вока, скрывіў вусны і задумаўся. Праз хвіліну ён пляснуў сябе рукой па галаве і гучна закрычаў:

— Ёсць!

— Ну, што?

— А вось што. У вас жа ўдома ёсць два ўваходы: адзін з вуліцы, другі з двара. Пакояў маеце ажно тры і кухню. Хопіць вам і двух. Аддзяліце кутні пакой з уваходам ад вуліцы, і будзе вам першакласнае памяшканне, каб здаць у арэнду пад крамку ці іншую якую чайную. Я вам кажу. Месца тут такое, што трэба. Можна добрыя грошы за гэта цапануць. І за сваю кватэру заплоцце і яшчэ тры разы столькі ж вам застанецца.

— Можа, і твая праўда, — сказала сястра. — Трэба будзе пра гэта падумаць.

— Няма чаго і думаць, — адказаў Філіп. — Пры вашай нястачы гэта будзе вялікая дапамога.

Вечарам адбылася сямейная нарада. Уласна кажучы, раіліся толькі маці з сынам, бо Гэля ў такіх выпадках, як легкадумніца і балбатушка, не бралася пад увагу. Было вырашана здаць кутні пакой у арэнду.

Назаўтра Ясь прыгожа вывеў каліграфічным почыркам на аркушы паперы:

«Здаецца пакой з асобным уваходам з вуліцы».

Прымацаваў аб’яву на браме і чакаў вынікаў.

Першым наведнікам быў нейкі высокі дзядок паважнага выгляду. Ён аглядаў пакой, крытычна насупіўшыся, і поркаў канцом кійка ў абрыўкі шпалераў, ажно Яся ўзяла злосць.

— Калі вам не падабаецца пакой, то, калі ласка, пашукайце іншы. Няма чаго тут шпалеры дзерці.

Ягамосць разгарачыўся:

— І пашукаю… І знайду… За свае грошы, што захачу… Так-с… От як… Я адстаўны маёр! Разумее пан!

— Дык будзьце вы хоць генералам… Тут не казармы! Ідзіце адсюль і не гарлапаньце.

Дзядок яшчэ на вуліцы пагражаў кійком і лаяўся.

Потым прыйшла нейкая добра апранутая пані. Яна агледзела пакой і запытала:

— А кухняй можна карыстацца?

— Не.

— І мэблі няма?

— Няма.

Пазней прыйшлі яшчэ некалькі чалавек. Адным пакой падаваўся занадта цёмным. Для іншых быў вільготны. Некаторым не пасавала цана.

У той жа самы дзень пад вечар прыйшоў яшчэ адзін ахвотнік. У яго былі касаватыя вочы і ўчэпісты кемлівы позірк.

— Я тут наконт пакою. — сказаў ён Ясявай матцы, якая адчыніла яму дзверы.

— Калі ласка. Вось гэты.

Ягамосць уважліва агледзеўся. На гэта яму спатрэбілася няшмат часу, і ён не задаваў аніякіх недарэчных пытанняў.

— Добра, я вазьму гэты пакой.

Маці Яся здзівілася гэтак хуткаму рашэнню: «Нават не запытаў пра кошт». Яна запрасіла госця прайсці ў дом. Яны ўвайшлі ў салон, які адначасова быў і сталоўняй, а цяпер — пасля ліквідацыі кутняга пакою — стаў яшчэ і спальняй Яся.

Позірк будучага наймальніка ўмомант абляцеў пакой, што дазволіла яму адразу зрабіць некалькі высноваў. Першая з іх — тут пануе беднасць, аж страх. Другі — тут жывуць шпагаты[8]. Гэта ён зразумеў па стосе кніг на стале.

Баран, бо акурат ён быў тым ягамосцем, які шукаў жытло, заплаціў за месяц наперад і паабяцаў, што хутка заселіцца. Ён пакінуў свой пашпарт і папрасіў Яся прапісаць яго ў паліцыі.

Калі кватарант пайшоў, Івацэвічы з цікавасцю агледзелі пакінуты дакумент. Пашпарт быў сапраўдны, толькі ў рубрыцы «прафесія» не была напісаная праўда: «злодзей», — а значылася іншае: «шавец».

Ужо прайшло шмат часу, а Гэля ўсё какетнічала перад люстэркам і спявала:

Эх, яблычак, ды няспеленькі, І таму вісіць цалкам цэленькі.

Яся гэта страшна раздражняла. Ён прыбіраў пакой кватаранта, а тая нават і не думала дапамагчы. Гадзіну сядзіць перад люстрам і строіць міны.

Эх, яблычак, ды румяненькі, І сарваць сябе ўсё заманьвае.

— Я зараз табе галаву адарву! — усхадзіўся Ясь. — Графіня! Я тут гарбачуся, а яна спявае…

— А што мне рабіць?

— Ды хоць бы вокны памыць. Можа, кватарант яшчэ сёння заселіцца.

Гэля, марудзячы, неахвотна ўзялася мыць вокны. Ясь жа сціраў пыл на сценах, прыбіраў павуцінне з кутоў і шараваў падлогу. Ён рабіў усё старанна і хутка.

Толькі ён скончыў, як прыйшоў Баран. Кватарант адразу заўважыў, што пакой вельмі добра прыбраны і цяпер выглядае вельмі ўтульна. Гэта яму спадабалася.

— Дзякуй, — сказаў ён Ясю. — За прыборку я заплачу асобна.

Ён дастаў з кішэні кашалёк, а пасля адлічыў з яго грошы. Ясь пачырванеў і адмовіўся прыняць плату. Барана гэта здзівіла. Ён ведаў, што людзі больш ахвотна выцягваюць рукі па грошы, чымся плоцяць самі. «Фраер з гонарам». Ён падаў руку і паціснуў Ясеву далонь.

— Ну, то дзякуй.

Калі Баран застаўся ў пакоі сам, ён доўга аглядаў памяшканне. Абдумваў, як яго абставіць, каб было зручна і міла. Хоць Баран пражыў частку жыцця ў галечы і брудзе, у турмах і зладзейскіх прытонах, ён вельмі любіў чысціню і парадак. Сачыў за гігіенай і ахайнасцю адзення, а калі мог, то і кожнае сваё часовае прыстанішча стараўся ўпрыгожыць.

Пакой меў адно вялікае акно з боку падворку. Дзверы з вуліцы былі зашклёныя ў верхняй палове, а звонку можна было зачыніць вялікія драўляныя створкі. Пакой нагадваў квадрат і меў каля трыццаці метраў плошчы. Шпалеры ў шмат якіх месцах былі ў плямах або падзёртыя. Толькі гэта адно псавала выгляд досыць светлага і ўтульнага жытла. Апрача ўваходных дзвярэй, былі яшчэ дзверы ў перагародцы, якая аддзяляла кутні пакой ад рэшты памяшканняў. У правым куце пакою была значная выемка, якая давала доступ да печкі.

Баран моршчыў лоб, стоячы пасярод пакою, і абдумваў, што трэба прыдбаць, каб прыстойна абсталяваць жытло. Потым ён замкнуў ключом вонкавыя дзверы, прычыніў створкі знадворку і выйшаў у горад. Магчыма, Баран пакуль і не клапаціўся б, каб зняць і ўладкаваць сабе кватэру, бо ў Менску ён пачуваўся госцем. Ён тужыў па Вільні, адкуль уцёк некалькі месяцаў таму. Але знаёмства з Паўкай і каханне да дзяўчыны, якое паступова расло, кіравалі цяпер ягонымі ўчынкамі. Яму захацелася мець уласны кут, каб больш не быць бяздомным бадзягам. Нягледзячы на тое, што Алік быў злодзеем, увесь час рызыкаваў сваёй свабодай, а часам і жыццём, ён меў схільнасць да спакойнага, мяшчанскага быту. Ён ахвотна б звіў сабе гняздзечка, у якім Паўця магла б быць гаспадыняй.

Цягам некалькіх дзён Баран шматкроць наведваў сваю новую кватэрку, хоць і далей начаваў у Касі. Ён то прывозіў фурманкай больш цяжкія рэчы, як ложак, стол, крэслы, то сам прыносіў розныя дробязі.

Пасля тыдня мітусні пакой быў абсталяваны. Левы кут заняў дужы нікелевы ложак са спружынным матрацам. Пры ложку стаяла малая шафка і ляжаў дыванок з некалькіх заечых шкурак, абшытых сукном. Гэтую частку пакою засланяла вялікая шырма. Налева ад уваходу быў стол. Уздоўж сценаў стаяла некалькі крэслаў і чырвоная шафка для посуду. Ад парога ў бок печы кінуты быў узорысты льняны ходнік.

Неўзабаве Баран засяліўся ў пакой, а праз некалькі дзён паклікаў Яся. Хлопец увайшоў праз супольныя дзверы ў перагародцы, якія кватарант звычайна замыкаў знутры на кручок.

— Ці здолееш падпісаць мне шыльду? — запытаў у яго Баран, паказаўшы Ясю вялікі кавалак фанеры.

— І што гэта мае быць за шыльда?

— Абутковая майстэрня. Разумееш? І якую-небудзь хвацкую назву трэба.

— Ага! Ведаю.

Калі Баран вечарам вярнуўся дадому, Ясь урачыста ўручыў яму старанна намаляваную шыльду, над якой ён прасядзеў амаль цэлы дзень. Барану гэтая праца вельмі спадабалася, і ў якасці ўзнагароды ён даў Ясю два колцы кілбасы. Хлопец марудзіў з прыняццем падарунку, але Баран настойліва прамовіў:

— Бяры, бяры… Заслужыў… У вас таксама небагата… Не саромейся.

Назаўтра правы бок дзвярэй быў аздоблены Ясявай шыльдай:

«Шавецкая майстэрня “Варшавянка”».

Гэтыя словы ілюстраваў чаравік, досыць зграбна намаляваны чорнай фарбай.

Ясева шыльда зрабіла вялікае ўражанне на жыхароў дамкоў пад нумарам 157. Найбольш ёю зацікавіліся тры сястры — старыя дзевы Пажарскія. Усе разам яны здымалі невялічкую кватэрку. Іхным улюбёным заняткам было пляткарства, а вымушанай працай — мыццё бялізны па дамах. А часамі яны бралі работу і да сябе дадому, а потым завешвалі ўвесь падворак мокрай бялізнай так, што нікому нельга было прайсці. Бялізну ж суровым вокам заўсёды вартавала адна з сясцёр.

— Нацэвічыха то мае шчасце! Той Бусел Капыльскі (яна мела на ўвазе Філіпа Жардоня) усё ім носіць і носіць, а цяпер будуць мець свайго шаўца, — казала Вера.

Надзея развешвала мокрую бялізну, усяляк стараючыся зазірнуць у акно новага жыльца. Пры гэтым ейныя дзеянні не спадабаліся іншай суседцы, якая мела прозвішча Лобава. Тая адчыніла акно і гыркнула:

— Здымі гэтыя анучы мне з-пад акна.

— А як не, то што? — задзірыста запытала Надзея.

— А вось што!

І жанчына энергічна, не выходзячы з кватэры, ударыла з акна ў нацягнуты шнурок шчоткай, якой падмятаюць падлогу. Шнур не парваўся, але некалькі памытых адзежын упала на зямлю.

Надзея закіпела. Яна, як і іншыя жыхары суседніх дамоў, баялася фанабэрлівай, высакамернай і вельмі энергічнай Марусі Лобавай, муж якой быў нейкім вядомым камісарам у Арле. Але скінутая на зямлю бялізна і тая акалічнасць, што Маруся была ў кватэры, дадалі Надзеі смеласці, таму яна задзейнічала ЯЗЫК:

— Ах ты лафірында, сука…

— Ну, ну… Пачакай яшчэ! — адазвалася Маруся.

— Чаго ты на мяне крычыш, як на сабаку?! — залямантавала Надзея.

— Ты не вартая сабаку нават пад хвост пацалаваць! — крыкнула Маруся.

— А вось і вартая! — абаранялася Надзея.

— А не вартая!

— А вартая.

Тады Маруся выскачыла праз акно ў двор. На ёй быў толькі ранішні халат, які зачапіўся за падаконне. Маруся праз гэта аказалася цалкам голай, а яе непрыкрыты торс і голыя ногі паўсталі перад здубянелай ад шоку Надзеяй. Маруся паспяшалася вызваліць халат, а Надзея тым часам апрытомнела і дала драпака ў кватэру, замкнуўшы за сабою дзверы на крук. Яна адчыніла фортачку і з бяспечнай адлегласці назірала, што будзе далей. Маруся пагразіла ёй кулаком. Пажарская адказала далёка высунутым языком. Лобава ж у адказ адвярнулася да яе тылам і, сагнуўшыся ўперад, падняла ззаду халат. Пажарская сплюнула. Аднак на падворак яна выйшла толькі тады, калі Маруся, высокая, зграбная, свабодная і энергічная ў рухах, з чырвоным шалем на галаве — як са сцягам — адправілася ў горад.

Пасля абеду сёстры Пажарскія па сваёй звычцы пачалі перамываць костачкі бліжэйшым і далейшым суседзям. З розных дробязяў яны рабілі самыя неверагодныя высновы і ні на кім но пакідалі сухой ніткі.

— А цікава, што гэта за арэшак, той новы наймальнік, шавец? — сказала Люба.

— Пэўна, не дарма ён да Нацэвічыхі падсяліўся. Бачыць, што ўдава. Думае, што, можа, і грошыкі ёсць… — выказала сваё меркаванне Надзея.

— А я так думаю, — сказала Вера, — што яму Гэлька ў вока ўпала.

Люба, найстарэйшая з сясцёр, сухая, амаль пяцідзесяцігадовая векавуха, ускочыла з месца:

— Вось пайду і пагляджу… Нібы дзеля направы…

Яна знайшла моцна стаптаную пару чаравікаў і, апрануўшы нейкую дагістарычную блузку, а на галаву ўздзеўшы модны напрыканцы XIX стагоддзя капялюшык, пакінула жытло. Малодшыя сёстры прыліпні да вокнаў.

Баран быў удома, калі Люба Пажарская пастукала ў дзверы. Ён акурат парадкаваў прылады. Сёння раніцай ён прывёз камплект новых шавецкіх інструментаў і каля дзясятка параў калодак. Месцам працы была перавернутая дагары дном скрынка, бакі якой былі абабітыя планкамі, каб цвікі і прылады не спадалі на падлогу. Быў тут і малы шавецкі столік, пакрыты палатном.

— Заходзьце, — выгукнуў Баран у адказ на стук у дзверы.

Пажарская, соладка ўсміхаючыся, увайшла ўсярэдзіну і затрымалася каля дзвярэй. Ейныя вочкі хутка прабегліся па пакоі і, здавалася, зараз прасвідруюць дзіркі ў шырме, за якой стаяў ложак. Баран адразу ж ацаніў, што за асоба да яго завітала, таму нахмурыў лоб і суха прамовіў:

— Чаго жадаеце?

Пажарская ўсміхнулася мядовай усмешкай:

— Вось прынесла вам замову.

Баран узяў у рукі чаравікі і агледзеў іх. Потым узняў на Любу вочы, пад вострым і халодным позіркам якіх жанчына ледзь не прысела.

— Чаго пані жадае? — сказаў ён суха.

— Можа, вы мне параіце, што з імі зрабіць?

— Можаце выкінуць іх на сметнік.

Люба схапіла чаравікі і, не развітаўшыся, як мага хутчэй выпырхнула з памяшкання.

Гэта была першая кліентка Аляксандра Барана, уладальніка шавецкай майстэрні «Варшавянка», размешчанай на вуліцы Захар’еўскай, нумар дому 157, у горадзе Менску. Адбывалася ж гэта ўсё вясной 1918 года. Вясной, якая была нечакана ранняй, цёплай і трывожнай.

4 ТАВАРЫСТВА З НЕАБМЕЖАВАНАЙ НАХАБНАСЦЮ

Баран быў непісьменны, але ўмеў чытаць тое, што было надрукавана вялікімі літарамі. Затое дробны друк выклікаў у яго вялікія цяжкасці пры чытанні. Цягам усяго жыцця ён ніводнага разу не прачытаў запар нават паловы кніжнай старонкі. Калі часам ён за гэта браўся, то стамляўся і знеахвочваўся, прачытаўшы ўсяго некалькі сказаў… Баран ніколі не хадзіў у школу. Ніхто яго не вучыў. Разбірацца ў значэнні друкаваных літараў ён навучыўся сам. Яму дапамагла вуліца. Перадусім плакаты і рэкламы. Напрыклад, цыгарэты «Ява». Гэтыя тры літары раскрылі яму сваё значэнне, калі ён быў яшчэ малы. Спачатку ён пачуў гэтую назву, а потым змог адрозніваць яе на пісьме, параўноўваючы з іншымі надпісамі на плакатах ды шыльдах, напрыклад, «Ада». Гэтак ён знаёміўся з асобнымі літарамі, а з часам пачаў іх спалучаць у склады і словы.

Калі Баран мусіў напісаць ліст у адзіночнай камеры ў турме, каб паразумецца з супольнікам, як гэта іншы раз здаралася, то ён выводзіў на паперы друкаваныя літары. Вельмі стараючыся, ён мог скласці некалькі важных для яго сказаў.

Надзелены вялізнымі здольнасцямі, Алік Баран хутка вучыўся разнастайным рамёствам, меў магутную сілу волі і характару, а таксама немалы спрыт і жывы інтэлект, якія дазвалялі яму лёгка, хутка і трапна ацэньваць людзей і сітуацыі. Пагатоў дзіўна, што ён не даў рады з чытаннем і пісьмом. Так сталася таму, што ніхто не ўказаў яму шляху да навукі, а Баран ніколі не меў уласнай кнігі, а друкаванае і напісанае лічыў недаступнымі для сябе рэчамі — «забароненымі»… І можа, таму ў ім вырасла вялікая павага да тэарэтычнай навукі. Кнігу ён браў у рукі вельмі асцярожна, нібы асцерагаючыся, каб яна не разбілася. Перад кнігамі ён адчуваў сябе малым, недарэчным, бездапаможным. Навука была для яго чароўнай магіяй, якая давала людзям уладу над светам. А калі людзі не маглі яе дамагчыся, маючы ў руках такую неверагодную зброю, то — ён быў перакананы — толькі таму, што былі фраерамі.

Тут, я лічу, варта пазбегчы далейшых непаразуменняў і растлумачыць значэнне слова «фраер». Людзі «аўтаматычна сумленныя» (прашу прабачэння ў чуллівых чытачоў) таксама часта ўжываюць слова «фраер», акрэсліваючы гэтак нечыю недасведчанасць або глупства. У злодзеяў «фраер» азначае перадусім чалавека, які не належыць да свету злачынцаў. Тайны агент следчага аддзелу (гінт, мосер, сабака, лягавы) — гэта таксама фраер, хаця зладзейскія штучкі ён можа ведаць нават лепей за шмат якіх прафесійных злачынцаў. Яшчэ слова «фраер» выкарыстоўваюць у залежнасці ад патрэбы і сітуацыі. Купрын пісаў у адным са сваіх апавяданняў, што ў злодзеяў «фраер» — гэта не пагардлівае слова, яно абазначае проста «багатага пана» — дадам — якога можна абрабаваць. Гэта няпраўда. Гэтае слова можна выкарыстоўваць па-рознаму, як, напрыклад, у цывілізаванай мове слова «сноб». «Фраер» у залежнасці ад патрэбы можна абазначаць і неразумнага, непрадбачлівага, няўклюднага і няздольнага.

Каб раз і назаўсёды патлумачыць гэтую справу, адзначу коратка: свет у вачах злодзеяў дзеліцца на дзве асноўныя катэгорыі — блатныя і фраеры. Блатныя — гэта свае (а якія яны, вы прачытаеце ў гэтых кнігах), а рэшта — фраеры самых розных гатункаў. Злодзей можа часам паважаць або захапляцца фраерам, аднак той заўсёды застанецца фраерам.

Баран, выйшаўшы з дому ў горад, амаль заўсёды купляў газету. Ён насіў яе складзеную напалову, у руцэ. Часам клаў у кішэнь. Баран не чытаў газетаў, ён шукаў у рубрыцы «Хроніка» выпадкі здарэнняў і крадзяжоў. Калі ён знаходзіў нешта вартае ўвагі — апісанне ўласнай работы ці ўчынкаў знаёмых хлопцаў, — то, пакутліва будуючы склады, расшыфроўваў змест. Акрамя прагі даведацца пра новыя трукі рыцараў адмычкі, ім кіравала і ранейшая звычка. Баран некалі займаўся далінай або, як кажуць расейскія злодзеі, хадзіў па шырме. Кішэнныя злодзеі звычайна працуюць, выкарыстоўваючы нешта як заслонку, якая прыкрывае іхныя рухі. Дзеля гэтага служыць капялюш, шалік, карціна, рамка, рукавічкі — у залежнасці ад спрыту і густу. Баран выкарыстоўваў газету, і хоць доўгі час ужо не быў кішэннікам, газеты па-ранейшаму купляў. Была ў гэтым і іншая рацыя. Чалавека, які мае ў руцэ, у кішэні або за адваротам пінжака газету, цяжэй западозрыць у прыналежнасці да рыцарскага ордэну з-пад знаку адмычкі, чымся некага іншага.

Сёння Баран таксама купіў на Саборнай плошчы газету і пайшоў на Нізкі рынак. Ён спадзяваўся пабачыцца там, у прытоне Цыпы, з Казікам Марацкім, з якім не спаткаўся мінулым разам, бо тады перашкодзіла яму работа, а потым Паўка, сабака Мілы, кантакты са швачкай, абсталяванне майстэрні… І так прамчаў час. Цяпер ён хацеў спатоліць цікавасць, што чуваць у Вільні, і думаў абмеркаваць з ім якое-кольвек новае заданне. Ён выдаткаваў амаль усё за апошні час на абсталяванне жытла, а на пошукі новай работы не меў часу.

Прытон Цыпы быў месцам, дзе збіралася зладзейская арыстакратыя гораду Менску. Сходка лічылася абсалютна бяспечнай, бо Цыпа ўмела здабыць прыхільнасць як звычайнай, гэтак і следчай паліцыі. Як кажуць злодзеі: і мянтоў[9], і мосераў[10]. Таму пра кожную аблаву, якія здараліся, зрэшты, вельмі рэдка, яна ведала загадзя і была ў стане папярэдзіць або схаваць сваіх кліентаў. А нават калі б яе не папярэдзілі, вобшук таксама нічога б не даў. Логава мела сваіх вартаўнікоў і такія схованкі, што знайсці іх можна было б толькі збурыўшы сцены і сарваўшы падлогі. А для спалоханых вераб’ёў заўсёды было некалькі выхадаў.

У Цыпы можна было вырашыць любую левую справу. Тут можна было знайсці скупшчыка на любы тавар, купіць фальшывы пашпарт або долары (за дваццаць фальшывых плацілі шэсць сапраўдных). Тут можна было набыць какаін ці марфін ды раздабыць прылады, патрэбныя для крадзяжу. Не выходзячы адсюль, можна было ўладзіць не зусім легальны інтарэс у розных установах гораду — нават у тых, мэтай якіх і было выкрыванне такіх інтарэсаў. Адным словам, гэта была зладзейская біржа, інфармацыйнае бюро, працоўнае пасярэдніцтва і клуб.

У кватэру Цыпы вялі з вуліцы каменныя сходы. Над дзвярыма вісела старая аблезлая шыльда, на якой ледзь заўважна віднелася: «Чайная». А знізу было прыпісана: «Цыпа Буф». Некалі там быў намаляваны і чайнік, але цяпер ён разам з фарбай амаль знік. Баран увайшоў у брудную гарбатню, у якой каля сценаў стаяла некалькі столікаў і зэдлікаў чырвонага колеру. Памяшканне было пустое — як звычайна. Рэдка тут з’яўляўся выпадковы селянін або заблукалы месціч, які, на здзіўленне ўладальнікаў замаўляў гарбату, якой тут ніколі не было. Баран наблізіўся да доўгай стойкі насупраць дзвярэй. За стойкай гаспадарыла незвычайна прыгожая габрэйка, сястра Цыпы, рудая Хана. Вогненная хваля запушчаных валасоў была сабраная на патыліцы ў вялікі вузел і ўяўляла з сябе нешта накшталт рамы для бледнага твару з чорнымі бровамі, пунсовымі губамі цудоўнай формы і з неверагодна пекнымі вачыма. Хана была не зусім нармальная. Ейны жаніх атруціўся за некалькі дзён да вяселля, і з таго часу ў дзяўчыны праяўляліся прыкметы псіхічнага нездароўя. Баран запытаў:

— Нашыя ёсць?

Хана доўга ўглядалася яму ў твар, яку пустое месца. Праз некаторы час яна адказала нізкім альтовым голасам:

— Ёсць.

Баран схіліўся і, пралезшы пад стойкай, прайшоў у адчыненыя дзверы. Ён мінуў паўцёмны пакой і апынуўся ў доўгім калідоры, які рабіў некалькі паваротаў і ствараў дзіўныя нішы і закуткі. Адсюль Баран увайшоў у прасторны пакой, які злучаўся некалькімі дзвярыма з рэштай гасподы. Тут усё клеілася ад бруду. Паветра, напоўненае вільгаццю, смярдзела півам, падгарэлым алеем і часнаком. Да яго трэба было прывыкнуць, каб пачаць дыхаць без агіды.

У пакоі, куды ўвайшоў Баран, за доўгім сталом, накрытым сіняй цыратай, сядзелі тры чалавекі. Панура яны ўзіраліся ў адзінокую пустую пляшку з-пад гарэлкі, што аздабляла цэнтр стала. Адзін з іх дыміў цыгарэтай, хціва ўцягваючы ў лёгкія воблакі дыму і затрымліваючы іх там. Баран прывітаўся з прысутнымі, а кампанія трохі ажывілася.

— Чаму ж ты тады не прыйшоў? — запытаў Філіп Лысы, пазяхаючы і драпаючыся па галаве, якая толькі на скронях і ззаду захавала скупыя рэшткі валасоў.

— Я не мог… Інтэрас трапіўся…

Філіп кіўнуў яму галавой і, зноў пазяхнуўшы, прамовіў:

— А Казік тады да трэцяй чакаў.

— А сёння яго няма.?

— Быў… Пайшоў з Янкам павука[11] агледзець… Маюць зараз вярнуцца… Казалі, што работа гарантаваная і так далей…

Ён зноў шырока пазяхнуў. Наагул ён пазяхаў часта і лічыў гэта прыкметай добрага выхавання. А сваё любімае «і так далей» — уплятаў усюды, не зважаючы на сэнс. Філіп Лысы апранаўся элегантна і вельмі любіў моднае адзенне. Ён надзвычай пераймаўся адсутнасцю валасоў на галаве, таму ператрос усе менскія аптэкі і медычныя склады ў пошуках самага надзейнага сродку для росту валасоў. Хлопцы ведалі пра ягоную слабасць і, не зважаючы на тое, што ён быў шанаваным злодзеем, часта жартавалі з яго, раячы розныя фантастычныя сродкі і метады, якія мелі б вярнуць яму ранейшыя кудзеры.

Філіп выглядаў досыць камічна. Высокі, лысы, з доўгім носам, чырвоным на самым кончыку. Губы ў яго заўсёды былі пагардліва надзьмутыя. Выраз твару ў яго быў увесь час такі, нібы ён напіўся рыцыны. Бляклыя вочы, нібыта вымытыя ў хлёрцы і вышараваныя сродкам для чысткі металу, былі крыху вылупленыя. Позірк — крыху бяздумны. Аж дзіва брала, што яго кахалі кабеты, але цымус быў у тым, што ён вельмі лёгка заваёўваў іхныя сэрцы, прычым бегалі за ім не з-за падарункаў у выглядзе рэчаў ці ўбораў, а ад сапраўднага кахання… Ён быў, як і Баран, медзвяжатнікам, хоць не грэбаваў і іншай работай. Такі гігант[12] меншага рангу.

Другі прысутны ў пакоі — малы немалады чалавек, узрост якога было цяжка вызначыць (не ведаю, ці яму было трыццаць пяць гадоў, ці пяцьдзясят пяць), з шэрым, нібыта гумовым тварам. Падавалася, калі ўзяць яго за вуха і пацягнуць, то яно можа дастаць да носа… Калі ён бязгучна смяяўся, то ягоныя губы шырока расцягваліся ў бакі, нос з’язджаў уніз, а вочы як бы знікалі ў сетцы зморшчынаў. Гэта быў прафесійны даліншчык. Ён працаваў добра, але не меў удачы. Ён рэдка зрываў вялікія кушы, але сам досыць часта трапляў у кіч[13]. Яго называлі Прафесар за дзіўную любоў да незвычайных словаў і выразаў. Гэтым ён нагадваў Стася Рамізніка, і Баран, слухаючы кожнага паасобку, думаў: «Каб іх разам звесці і напаіць, то чалавек шмат цікавага пачуў бы». У Варшаве, адкуль паходзіў Прафесар, яго называлі Певень… Пэўна, праз малы рост, заўсёды крыху назад адкінутую галаву і асаблівую прычоску: валасы з дзвюх скроняў ён зачэсваў уверх — такі пеўневы грэбень.

Трэці прысутны ў пакоі мужчына — гэта Гліст, шніфер[14]. Без сумневу, ён быў найлепшым злодзеем гэтага гатунку ў горадзе. Гліст вылучаўся тым, што гаварыў ціха, таямніча, ледзь не шэптам, але заўсёды з перабольшваннем: «Галава ў яго была, ведаеш, як бочка! Каб я так жыў!» Выгляд ён таксама меў адметны. Ён быў доўгі, як кій, кашчавы. Ходзячы, ён неяк гратэскава перакульваўся з боку на бок, назад і ўперад. Ён выглядаў, як складная рулетка са зваротнай спружынай, якая ўмее хадзіць. Глянеш на яго, і здаецца, што ён не пройдзе праз пакой, не перавярнуўшы крэслаў, стала, а нават шафы і печкі, не кажучы ўжо пра дробнае начынне і рэчы! І як такі можа быць начным кватэрным злодзеем? Але гэта была толькі ілюзія. Калі надыходзіла ноч, Гліст пераўтвараўся. Ягоная паходка станавілася пэўнай і эластычнай, рухі рабіліся зграбныя, дакладныя, а з вачэй знікала млявасць. А ўначы, падчас задання, ён рухаўся ў цемры ў незнаёмай кватэры, сярод людзей, якія спалі, з такім спакоем, спрытам і грацыяй, што ніхто б з ім не зраўняўся. Ці ў яго былі — як казалі злодзеі — кацячыя вочы, ці нейкія асаблівыя органы адчування, цяжка сказаць. Але ён славіўся дакладным выкананнем самых цяжкіх справаў.

Калі аповеды пра тое, што Гліст нават з-пад сонных можа выцягнуць прасціны, і былі перабольшаннем, то дакладна вядома, што ён быў у стане выцягнуць ключы з-пад падушак змораных сном гаспадароў і найстаранней абшукаць усю кватэру.

Баран пачаставаў прысутных цыгарэтамі і запаліў сам. Заўважыў кнігу, якая ляжала на стале ў хлебных крошках. Узяў яе ў руку і павольна прачытаў: «Арыф-меты-ка». Глянуў на Прафесара і прабурчэў:

— Пра што тут рысуюць?

Прафесар варухнуўся, адкашляўся ў кулак і падняў уверх бровы:

— Гэта такая навука, як, напрыклад, геаграфія. Толькі геаграфія больш патрэбная кандуктарам у цягніках і іншым хімікам, а гэта для купцоў.

— Каб ім было лягчэй пускаць пыл у вочы людзям і так далей, — умяшаўся Філіп Лысы.

— Ну так… Яна і для астраномаў патрэбная, каб вызначаць, якое будзе надвор'е, — працягваў сваю лекцыю Прафесар.

— Гэта, бадай, ужо вялікія хітрыкі, — падтрымаў Баран.

— Вядома, што хітрыкі, — ажывіўся Філіп. — Я ведаў аднаго такога хама. Дык ён таксама меў кнігу, дзе пра надвор’е пісалася і так далей. Каляндар называецца. Гэты ёлупень вычытаў там, што цэлы тыдзень не будзе дажджу і так далей. Ну, і наняў работнікаў сена касіць. Праца была, аж дым курэў. А тут раптам на чацвёрты дзень як уваліць дождж і так далей. Усё сена яму ў рэчку знесла.

— Ну, там зусім іншае, — аўтарытэтна прамовіў Прафесар. — Календары складаюць розныя там варажбіткі і знахары, а астраноміяй толькі найбольшыя купцы і генералы займаюцца.

— Але ж той хам і даў маху. Выходзіць, што ўкляпаўся і сам сабе ў твар напляваў, — сказаў Баран.

— А ведаеш, што ён з календаром зрабіў?

— Ну?

— Прывязаў да яго камень і — хлюсь у сажалку.

— От дурны! — цвёрда секануў у стол далонню Прафесар. — Чалавек з аліментарным разуменнем ніколі б такога не зрабіў. Гэта таксама, каб у нас некаму работа не пайшла, а ён бы адмычкі выкінуў у туалет.

— А я так сабе думаю, — зрабіў выснову пасля пэўнай задумы Філіп. — Што той хам з календаром дык здурнеў. Бо кнігі яны ж вельмі шкодныя. І ў галаве ад іх можа ўзнікнуць такая мешаніна. А ёсць і такія, што зусім вар’яцеюць: чытаюць, чытаюць і самі давай пісаць… Вось Абрам — пісаў і дапісаўся.

— Гэта піва з іншай бочкі, — сказаў Прафесар.

Яны пачалі размаўляць пра затрыманне Абрама Геблюма, які меў манію пісаць уласнае прозвішча на кожным абрыўку паперы, у кніжках, нават на платах каля брыдкіх словаў, што ўтварала незвычайнае спалучэнне, так што з яго смяяліся… Нядаўна ўзялі павука (абакралі краму). Усё даставілі да скупшчыка і атрымалі капусту. Абрам забраў сваю долю і даўся на хованку. Выпіў і лёг спаць. І нават не сніцца яму, што яму кайданкі ўжо рыхтуюць. А тут гінты прыходзяць і вяжуць яго. А ён упёрся: там і там быў у тую пару, той і той яго бачыў. Магу сведкаў прадставіць. А яны адно смяюцца. Толькі на Серпухаўскай, дзе быў Следчы аддзел, яму паказалі паперу, якую ён выкарыстаў справіўшы патрэбу, і пакінуў за крамай на зямлі. Там, як у грамаце, было выпісана шматкроць: «Абрам Геблюм… Абрам Геблюм…» Ён ледзь не ашалеў, так яму шкада было. А таксама шанаваны злодзей.

У гэты момант азваўся Філіп Лысы:

— Я таксама з адной такой кнігай меў прыгоды. Пальнуў яе на сцежцы вечарком у аднаго фраера ў скверы і так далей… Для жарту: няхай пашукае, бо што мне з той кнігі. Прынёс яе дахаты. Думаю, дам дзецям, будуць караблікі рабіць і так далей. Але разгарнуў і чытаю адну старонку, потым другую. А пазней пайшло, пайшло і паехала. Два тыдні так чытаў.

— І што ж там было? — зацікавіўся Прафесар.

— Пачакай! Не спяшы ўперад бацькі ў пекла! — буркнуў Філіп, які быў вельмі ганарысты.

— Ну, ну… Дык што ж там было? — Прафесар выказваў штораз большую зацікаўленасць.

— Што было?.. Што было?.. Тое было, што Зямля, — Філіп вылупіў і так вырачаныя наверх вочы, — круглая. — Злодзей акрэсліў у паветры кола далонню. — Як кавун. А мы на тым кавуне жывём… Па ім ходзім.

— Лухта… — трагічна ўздыхнуў і ўпершыню за ўсю размову адазваўся Гліст.

— Ну, а гэта значыць, — ажывіўся Баран, — не ўсе ходзяць нармальна… Некаторыя галовамі ўніз.

Гліст зайшоўся бязгучным смехам.

Прафесар хацеў нешта ўставіць, але Філіп затрымаў яго рухам рукі і далей цадзіў урачыста:

— І што яна… — тут ён зрабіў даўжэйшую паўзу, а потым кінуў, як бомбу, — круціцца!.. Як кола ў аўтамабілі, толькі яшчэ хутчэй…

Гліст знову зарагатаў.

— І што ў ёй усярэдзіне агонь заўсёды гарыць, а мы ходзім як па шкарлупінні ў яйку.

— Чаму ж тады ног не паапякаем?.. — зноў прашаптаў Гліст.

— А чаму нафта не запальваецца?.. Яна ж таксама ў зямлі? — Баран агаломшыў Філіпа сваім пытаннем.

— Менавіта. — згадзіўся Філіп, узняўшы ўгору бровы і пальцы. — Гэта ж я, хлопцы, з дому спачатку баяўся выйсці. А раптам, думаю, сарвуся з гэтага кавуна і палячу ў свет. Але пазней я зразумеў, што гэта ўсё абы-што. Нейкі фраер хацеў іншым фраерам пусціць пыл у вочы. Але я не дамся абуць мяне ў лапці, — пасля гэтых словаў Філіп шырока пазяхнуў і абвёў прысутных позіркам.

Прафесар быў што выбіты з сядла, але спрабаваў бараніць навуку. Ён зрабіў сур’ёзную міну, звёў бровы і выдаў:

— Ну, ведаеце, кніжка кніжцы не раўня, яны ўсялякія бываюць…

— Так, — згадзіўся Філіп. — Яны бываюць розныя: і тоўстыя, і тонкія, і з чырвонай вокладкай, і з зялёнай… з карцінкамі таксама ёсць. Але ніякага пажытку з іх няма. Толькі адно марнаванне паперы. А калі хто і ёсць разумнейшы, то не таму, што кнігі чытае, а толькі таму, што ён не лунае ў аблоках.

— А адкуль, — зрабіў пастку Прафесар, — людзі набіраюцца розуму, калі не з кніжак?

Філіп пагардліва прасоп і звысоку паглядзеў на Прафесара:

— Ад іншых разумных людзей вучацца. Вось што… Гэта як шчаня ад старога сабакі альбо кацянё ад ката і гэтак далей.

Навуковая дыскусія трывала б, магчыма, яшчэ доўга, але ў пакой увайшла Цыпа. Калі рудая Хана была вельмі прыгожая, то Цыпа — ейная сястра, старэйшая толькі на пару гадоў, — была нібы ўвасабленнем брыдкасці. Перадусім яна была неахайная: заўсёды запэцканы нейкім тлушчам перад сукні, з-пад якой вылазілі канцы паласатых мультановых панталонаў. Твар у яе быў кашчавы, зялёны, дэфармаваны. Губы сінія, бровы адсутнічалі. Павекі пачырванелыя. Вочкі ляталі ў налітых крывёй вачніцах. Валасы хутчэй папялістага колеру.

Цыпа падышла да Барана і, таямніча прымружыўшы адно вока, ціха прамовіла:

— Ну, і што пан Алік скажа?

— Жывецца памалу, — адказаў Баран. — Вось дай нам дзве пірамідкі сівухі, але ведаеш — мікалаеўскай. Глядзі толькі, занадта ўжо не падлізвайся. Я гэтага не люблю. Ну, і закускі.

— Ёсць шчупак па-нашаму…

— Давай!

— І булачкі… Салодкія, як цукеркі…

— Цягні!

Не паспела Цыпа выйсці з пакою, як дзверы адчыніліся, і ўсярэдзіну ўвайшлі два мужчыны. Адзін высокі, шчуплы, вельмі гнуткі і тонкі. У яго былі шэрыя вочы, густыя цёмныя бровы і вельмі сімпатычная ўсмешка. Гэта быў слынны варшаўскі злодзей — Янка Залаты Зуб. З прафесійных прычынаў залаты зуб даўно ўжо быў заменены на белы. Але мянушка пайшла за ім у свет. Другі мужчына быў сярэдняга росту. Ягоны твар меў вельмі правільныя рысы, але ў той жа час вельмі пасрэдныя. Вылучалі яго толькі надзвычай малыя, нібы жаночыя, прыгожай формы вушы. Гэта быў Казік Марацкі, віленскі злодзей і даўні супольнік ды калега Барана з работаў і турэмных адседак. Казік меў сваю прымаўку, — «той існы». А ягоны пінжак быў беспамылковым указальнікам настрою. Гэткі псіхалагічны барометр, як у Жардоня шапка, які бездакорна сведчыў пра настрой уладальніка: калі расшпілены, а рукі ў кішэнях — Казік пры грашах і добра пачуваецца; калі зашпілены — усё кепска, да халеры клопатаў, і ў дадатак мортус[15] даціскае… Затое Янка Залаты Зуб аніякага барометра не меў і заўсёды быў у цудоўным настроі. Ягонай любімай прымаўкай было: «Франак, не рабі ветру».

Калі новапрыбылыя пераступілі праз парог, Баран крыкнуў Цыпе, якая акурат выходзіла:

— Дадай яшчэ адну пляшку!

Казік Марацкі расказваў Барану пра Вільню:

— Паскудна там. Работы ніякай няма.[16] Усе ходзяць п’яныя з голаду. Увесь горад у стужках[17] шпацыруе. Цяпер троху лепей, але я быў на выставе[18]. Думаю: паскудна! Калі мяне зноў павяжуць, то я загнуся на нарах, таму абрабіў локцеўку,[19] семдзесят сем рэчаў[20] — за пас, і папёр сюды.

Пакуль кампанія размаўляла, папіваючы гарэлачку, у пакой увайшоў мужчына сярэдняга росту з вельмі вясёлай усмешкай і задаволеным позіркам. Уваходзячы, ён насвістваў нейкую полечку.

— Дзверы зачыняй! — кінуў яму ад стала Янка Залаты Зуб.

— Ён удома не меў дзвярэй, — сур'ёзна прабубнеў Філіп Лысы.

— А куды яны падзеліся? — падняў угору бровы Янка Залаты Зуб.

— Карова языком злізала… бо яны з саломы былі, — абвясціў Філіп.

Але новы госць, зусім не звяртаючы ўвагі на кепікі, пасвістваючы, прывітаўся з прысутнымі і свабодна размясціўся на крэсле, неяк міла і як бы крыху іранічна ўсміхаючыся. Гэта быў Пэт. Больш дакладна — паэт, але нехта, звяртаючыся да яго, згубіў гук «а», так і засталося. Злодзеі назвалі яго паэтам, бо ён вельмі любіў гаварыць у рыфму. Вось і цяпер, усеўшыся каля стала і, відаць, маючы на ўвазе ранейшыя насмешкі, ён прамовіў:

— За сталом сядзяць і сто слоў сіпяць.

— Ці бачыў ты кітайскага паэта? — запытаў у Янкі Філіп Лысы.

Той паціснуў плячыма.

— У Кітаі малююць паэта заўсёды вярхом на свінні, — не даваў спакою Пэту Філіп Лысы.

Пэт не пакрыўдзіўся і сказаў у адказ:

— Усё правільна! На свінні едзе, мае рысу місу, а свіння лыса.

Усе зарагаталі, зразумеўшы намёк на Філіпа. А Гліст гучна вытаптаў:

— Усё ў рыфму. Увесь час складна.

— Бо гаварыць я ўмею вельмі ладна, — працягваў Пэт.

Яны выпівалі вельмі ўмерана. Янка Залаты Зуб, робячы тэатральныя жэсты і міны, расказваў Прафесару пра нейкую сваю незвычайную работу. Прафесар прыкідваўся, што ўважліва слухае, а сам думаў пра нешта іншае.

— …Ну, разумееш, прыходжу туды і ломікам распорваю дзверы. Уваходжу: па-ла-а-ац!.. Адзін бліт[21]... Срэбра не бяру: цяжка несці! Толькі бліт і шкельцы[22]… На шэсцьсот тысячаў усяго было. Ледзь я вынес… Так, братка, жылося. Чалавек не дбаў пра верх паліто — ён мог быць за пяцьдзясят рублёў, але падшыўка царская, за пяць тысячаў… Так…

Баран размаўляў з Казікам, а адным вухам слухаў Янкаву балбатню. Яго раздражняла, калі з камара каня рабілі, пагатоў гэта дазваляў сабе не шпанюга, а салідны злодзей, і ўцюхваў не фраеру, а таксама блатному. Калі Янка гаварыў пра пяць тысячаў за падшыўку паліто, то моцна перасалоджваў рэчаіснасць.

Неспадзявана ўвагу ўсіх прысутных прыцягнуў Гліст. Ён не звяртаўся ні да каго канкрэтна. Гаварыў, як звычайна, ціха і таямніча:

— Ведаеце, хлопцы, што мне прыснілася?.. Што курыца знесла яйка… Адышлася, глядзіць на яго і аблізваецца… Што б гэта значыла?

— Глупства, — вывеў Філіп Лысы.

— Сапраўднае глупства, — пацвердзіў Прафесар. — Бязглуздзіца і заалагічная немагчымасць.

Усе замаўкаюць і са схаваным захапленнем глядзяць на Прафесара. А той нацягнуў сціпленькі выраз твару: «Гэта яшчэ нічога. Пачакайце, я вам лепей загну».

— Добрае ў цябе логава? — запытаў Баран у Казіка.

— Не вельмі. Весела там, але неспакойна. Дзіва, што не хапануць усіх… Прыходжу я ўчора: грамафон раве, бутэлькі звіняць, печаная гусь на стале, па ложку Марыся свае граблі разваліла… Рай! Але калі так жыць, то раз-два — і павяжуць.

Баран хвіліну нешта абдумаваў, а потым сказаў:

— Хочаш, то дам табе іншую хованку. Там будзе і выгодна, і спакойна.

Ён меў на ўвазе сваю нядаўнюю кватэру ў Кацярыны Сперды.

— Дай пяць! — узрадаваўся Казік, працягваючы далонь.

Яны парукаліся.

— Маеш якія рэчы?

— Ёсць троху барахла.

— Я пашлю па іх Грамадзяніна. Ён мігам падскочыць. А потым пойдзем разам на Камароўку.

Баран выйшаў з пакою і знайшоў Цыпу. Загадаў ёй паклікаць Грамадзяніна. Гэта быў дэкласаваны інтэлігент. Некалі ён меў у Арле ўласную камяніцу і нейкі заводзік. Адтуль даў драпака ад бальшавікоў. У Менску ён пачаў круціцца сярод падазроных асобін. Пасярэднічаў на рынку ў продажы розных рэчаў. Пісаў злодзеям заявы і лісты. Урэшце прывык да іх і палюбіў. Яго заўсёды можна было знайсці на Нізкім рынку або ў бліжэйшых прытонах. Злодзеі адчувалі да яго пагарду як да шпагата, але сваімі добрымі манерамі ды ветлівасцю ён выклікаў і павагу. Часам з яго пакеплівалі, але ніколі не крыўдзілі.

Свет злачынцаў, у якім нечакана апынуўся Грамадзянін, яго спачатку напалохаў, але потым надзвычай зацікавіў. Ён зразумеў, што ў гэтым асяроддзі кіруюць крыху хаатычныя, але прадуманыя законы. Яму стала ясна, што ў ліхадзеяў існуе ўласная этыка, правілы, якіх нельга парушыць беспакарана; тут свае правы, традыцыі і звычаі. Ён знайшоў сярод злачынцаў шмат адметных людзей, арыгіналаў, якія мелі моцную волю і выбітныя здольнасці. Яго ўражвала тое, што яны, звычайна неадукаваныя і з амаль дзіцячымі ўяўленнямі пра тэарэтычныя навукі, былі ледзь не геніямі ў практыцы. Напрыклад, амаль беспамылкова маглі ацаніць любую асобу ў натоўпе. Іхныя вочы вычэплівалі адтуль шпіцля, бандыта, фраера… Гэта выглядала так, нібыта кожны чалавек меў у іх прылеплены цэтлік, які акрэсліваў ягоныя ўнутраныя ўласцівасці… і месца ў грамадстве. Спрыт злодзеяў (гаворка пра салідных злачынцаў, фірмовых, а не пра нікчэмных хапуноў і дылетантаў), іхняя хуткасць у працы і прыняцці рашэнняў ашаламлялі яго… Іх фанфаронства і самахвальства аднаго перад адным былі забаўнымі і хутчэй прываблівалі, чымся знеахвочвалі. Вялікае захапленне выклікала ў яго вернасць слову. Ён не ведаў выпадку, калі б злодзей (яшчэ раз зазначу — пародзісты) падвёў, не выканаў абяцання, выказанага нават без адмысловых закляццяў, як у грамадстве сумленных людзей. «Клянуся», — часта ляціць у паветра і, прагучаўшы, амаль адразу знікае. Слова злодзея мела для яго абсалютную каштоўнасць, бо яно ні разу яго не падвяло… Злодзеі часта з яго жартавалі, але гэта яго не абражала. Ён толькі распазнаў у іх незнарок вялікіх, шчодрых, добрых дзяцей, якія толькі таму сталі злачынцамі, што — найчасцей — былі занадта добрыя, шчырыя, адважныя, каб утульна пачувацца ў статку, каб не ўзбунтавацца, не пайсці ўласнай, хоць і рызыкоўнай сцежкай.

Паклікалі Грамадзяніна (яго знайшоў адзін са шматлікіх сыноў Цыпы; менавіта яны чуйна трымалі варту на вуліцы, і нішто не магло схавацца ад іхных вачэй). Грамадзянін увайшоў у памяшканне, адной рукой папраўляючы жахліва брудны і змяты каўнерык, а другой закручваючы вус. Яму было ўжо добра за пяцьдзясят. Ягоны твар быў з арыстакратычнымі рысамі, але разам з тым тыповы для п’яніцы. Ён павітаўся з усімі кіўком галавы, а Барану падаў руку.

— А што пан мае для мяне новага?

— Зараз скажу, — прамовіў Баран. — Махані, пане, сабе для разагрэву.

Калі Грамадзянін выпіў, Баран даў яму грошы, каб наняць фурманку, і загадаў забраць і прывезці сюды рэчы Казіка Марацкага.

Баран піў, размаўляў, слухаў жарты калегаў, але ягоныя думкі бесперастанку вярталіся да Паўлінкі. Нарастала ў ім, выбівалася з цёмных куткоў жыцця каханне да дзяўчыны, пачуццё, якога ён дагэтуль не зведаў, хоць меў шмат палюбоўніц. Сярод іх былі і выдры, ласыя на грошы, а былі і бескарыслівыя. Ён браў іх рэзка, амаль абыякава, часта з пагардай, але не кахаў аніводнай. Калі яму даводзілася чуць гісторыі пра палкае каханне, што нехта там ашалеў ад пачуццяў ці атруціўся, то Баран шчыра гэтаму дзівіўся і паблажліва ўсміхаўся. Ён лічыў гэта дурноццем, перабольшаннем альбо своеасаблівай «малахольнасцю». Цяпер і яго гэта закранула. Неспадзеўкі, напоўніцу — як гарачка.

Казік Марацкі, які ведаў Барана шмат гадоў, заўважыў што прыяцель надзіва сумны і няўважлівы.

— А што ты такі, як лімон укусіўшы?.. Нос звесіў?.. Га?..

— Галава баліць, — адказаў Баран.

— І я, халера, хварэю, — прызнаўся Казік. — Згаладаў у Вільні ў кічы. Ужо думаў, што дам дуба… Калі б распрануўся, то адныя косткі.

— Тут адрамантуешся, — кінуў збоку Філіп.

— Акрыяеш, як чорт на жуках у траўні, — дадаў Янка Залаты Зуб.

— З аднаго боку, гэта рацыя, а з другога — сітуацыя, — улез Пэт.

Прафесар, дзівачна дэфармуючы гумовы твар і рысуючы пальцамі ў паветры, расказваў Глісту пра свой арышт:

— Кажа мне: ты рэцывіліст і таму будзеш тэрмінова адданы пад нагляд паліцыі. А я да яго: вы не можаце быць такім нетактоўным.

Гліст хруснуў суставамі рук і ціха прамовіў:

— Хацелі цябе засадзіць.

Філіп Лысы, які некаторы час прыслухоўваўся да іхных размоў, нічога не зразумеў і пагардліва засоп носам:

— Размаўляюць, як курыца з ракам.

— Альбо як пятрушка з пастарнакам, — дадаў Пэт.

Зрабілася цёмна. Цыпа запаліла лямпу, якая вісела на дроце пад столлю. Баран, Казік Марэцкі, Янка Залаты Зуб і Філіп Лысы абмяркоўвалі падрабязнасці запланаванага на найбліжэйшыя дні крадзяжу. Работу знайшоў Філіп Лысы. Гэта быў нядаўна адкрыты на вуліцы Каломенскай паліцэйскі кааператыў. Філіп даўно заўважыў, што рамантуюць стары занядбаны будынак. Час ад часу, прагульваючыся побач, ён сачыў за працэсам. Калі будынак быў папраўлены, яго пачалі абсталёўваць унутры. Такія новыя крамы — гэта мілая знаходка для злодзеяў, бо звычайна іх слаба і няўмела ахоўваюць. На гэты раз работа асабліва зацікавіла Філіпа тым, што памяшканне належала паліцыянтам. Філіп штораз часцей з’яўляўся на Каломенскай вуліцы і альбо мімаходзь прыглядаўся да паступовага заснавання кааператыву, альбо хітра распытваў людзей, якія працавалі ў памяшканні, пра розныя цікавыя для яго дэталі. Ён рабіў гэта, прыкрываючыся тым, што сам хоча ўзяць у арэнду памяшканне пад гандаль, або, як купец, прапаноўваў матэрыялы, патрэбныя для абсталявання крамы… Над дзвярамі крамы нарэшце з’явілася новенькая шыльда. Унутры ўсё ўжо было даведзенае да ладу, аднойчы туды пачалі завозіць тавары: соль, муку, каву, крупы, гарбату і гэтак далей. Філіп паведаміў супольнікам пра новую работу. Краму дакладна агледзелі, але пастанавілі пачакаць лепшага тавару. Неўзабаве ў кааператыў, які распачаў сваю дзейнасць, даставілі партыю мануфактуры, а назаўтра падвезлі шмат рознага абутку і скуры на падэшвы. Злодзеі пагадзіліся, што работа ўжо саспела, і варта было абрабіць павука. Акурат цяпер яны раіліся, як правесці крадзеж.

Баран слухаў, не ўдзельнічаючы ў нарадзе, хоць ягонае меркаванне цанілі найбольш. Ён слухаў, бо дакладна не ведаў усіх акалічнасцяў, толькі чуў ад калегаў. Янка прапанаваў махануць павука вечарам, адразу ж пасля закрыцця крамы. Філіп пагаджаўся з ягоным планам. Але Казік не выказаў вялікага энтузіязму і праз момант звярнуўся да Барана:

— А ты як думаеш?

Баран паклаў далонь на стале і сказаў павольна, рашуча:

— Першы раз трэба ўсё зрабіць чыста. Нічога не пакінуць… Трэба мянтам нос уцерці як мае быць… Найлепш абрабіць павука ўдзень… Падчас перапынку на абед… Прыехаць з патокам[23], загрузіць усё, і да скупшчыка… За дзве гадзіны можна і работу скончыць, і тавар скупшчыку завезці, і паток на месца даставіць…

Усе маўчалі, пагрузіўшыся ў думкі, узважвалі прапанову. Іх агаломшыла прастата Баранавага плану. Яны адразу ж зразумелі, што гэткі спосаб работы будзе самы прыбытковы, самы бяспечны, а разам з тым і вельмі эфектны. Яны пачалі з запалам абмяркоўваць дэталі задання. Апошняя цяжкасць — як раздабыць павозку. Баран узяў гэта на сябе (ён хацеў вырашыць гэту справу з дапамогай Стася Рамізніка, які мог бы — як меркаваў Алік — даць свайго каня, а воз — пазычыць у Шлемы Гоя, знайшоўшы адпаведную прычыну). Злодзеі пастанавілі цюкнуць мянтоў адразу, як толькі Баран знойдзе павозку. А Баран намерваўся зрабіць гэта яшчэ сёння. Заўтра ўсе акалічнасці мелі канчаткова высветліцца, і тады быў бы прызначаны дзень крадзяжу.

Знайшліся грошы на наступную порцыю гарэлкі. Зрэшты, Цыпа ахвотна давала ім у крэдыт, бо ведала, што салідныя злодзеі не падвядуць яе пад дурную хату. Настрой ва ўсіх крыху палепшаў. Іх ажывіла перспектыва цікавай і прыбытковай работы.

Тым часам Грамадзянін, які грошы на фурманку пакінуў сабе, прынёс рэчы Казіка Марацкага, складзеныя ў не надта вялікую кардонную скрыначку. З камічнай элегантнасцю ён наблізіўся да Барана і падаў яму рэчы, як на падносе.

— Калі ласка, пане Аляксандр! Загад выкананы.

Баран, якому вельмі падабаліся добрыя манеры і ветлівасць Грамадзяніна, пасадзіў таго каля сябе і частаваў гарэліцай. Грамадзянін хутка ахмялеў. У яго была слабая галава, а да таго ж ён кепска харчаваўся, таму алкаголь адразу даў яму ў чэрап.

— Ну, Грамадзянін, паспявай нам што-небудзь! — звярнуўся да яго Філіп Лысы, падміргваючы прыяцелям.

Іншыя злодзеі падтрымалі яго просьбу.

Грамадзянін абвёў мутным позіркам людзей навокал і квола ўсміхнуўся. Ён ведаў, што голас у яго слабы — прапіты і хрыплы, — але яму не хацелася расчароўваць гэтых файных хлопцаў, якіх ён некалі называў вельмі коратка — жулікі. Ён прыпадняў бровы, нахмурыў лоб і пачаў спяваць адзіную песню, якую ведаў — псеўдазладзейскую, або, хутчэй, псеўдатурэмную:

Сяджу я ў цямніцы, Сяджу у астрогу, Ліхія жаўнеры ўзялі у аблогу.

Зладзеі і прастытуткі вельмі любяць песні пра людскую нядолю. Яны будуць слухаць нават самае нізкапробнае і вельмі лёгка расчульваюцца. Таму і песня Грамадзяніна, зрэшты, вядомая ім, насуперак ягоным чаканням не выклікала смеху. Усе слухалі яе ахвотна, а некалькі галасоў нават падцягнулі прыпеў:

Прапаў я, хлапчына, Загінуў за кратамі. І год за гадочкам Лічу як пракляты.

Твары прысутных, асабліва вочы, цалкам змяніліся, зрабіліся мяккімі, летуценнымі, дзіцячымі. А Грамадзянін, агаломшаны прыхільнасцю, спяваў усё лепей, а прысутныя слухалі яго ўважліва, часам падхопліваючы спеў.

Калі гэтая песня скончылася, спяваць пачаў Казік Марэцкі. Ён завёў вядомую ў нізах грамадства песню «Яблычак», якую спарадзіла рэвалюцыя і якая стала надзвычай папулярнай у турмах, сярод вязняў. Гэтую песню савецкія ўлады пачалі пераследаваць, бо яна ўсё больш рабілася сатырай на бальшавіцкі лад і яго заганы. З кожным разам песня гэтая ўзбагачалася новымі куплетамі, якія прыдумляліся нечакана, плылі з вуснаў у вусны і гучалі па ўсёй Расеі.

Эх, яблычак, кубы коцішся? Ад чэкістаў ты не вароцішся.

Казік спяваў:

Эх, яблычак, бы залаты. А камісары — сучыны сыны. Эх, яблычак, маладзенькі, А жыццё ў жыгана[24] — не пячэнькі.

І гучалі, плылі ў паветры ўсё новыя радкі гэтай песні, якая распавядала пра цяжкую долю злодзея. Песня нібы скардзілася, а яе словы стукаліся аб брудныя сцены і заміралі ў кутах.

— Ведаеце што, пане Аляксандр, — звярнуўся да Барана Грамадзянін. — Гэта незвычайная рэч! Ваш інтэрнацыянал… Так… Гэта інтэрнацыянал абяздоленых людзей, бедных, няшчасных, як вы… як я… усіх абдзеленых, пакінутых без спадчыны… усё адно калі, дзе і ў якіх абставінах… Гэта гімн і пратэст тых, у каго забралі магчымасць жыць, а за тое, што яны асмельваюцца змагацца за сваё існаванне, іх назвалі злачынцамі.

Грамадзянін схапіў далонь Барана і моцна яе сціснуў, а з вачэй у яго паляцелі слёзы… Здзіўлены Баран глядзеў яму ў твар і хмурыўся… Ён намагаўся зразумець гэтага фраера, якому беднасць толькі на старасці гадоў расплюшчыла вочы і паказала жыццё такім, якое яно ёсць сапраўды… і праўдзівыя абліччы людзей.

Эх, яблычак, сэрца баліць, А бядак малады у турме сядзіць.

5 ГІСТОРЫЯ АДНАГО КРАДЗЯЖУ І ДЗВЮХ ПАРАЎ ДАМСКІХ ТУФЛІКАЎ

Працаўнік цыркульнага салону «Кармэн», размешчанага на вуліцы Каломенскай, не маючы чым заняцца, стаяў у адчыненых дзвярах цырульні і, падстаўляючы бакі сонцу, разглядаў мінакоў і адначасова марыў. Яму мроіўся ўласны салон першай катэгорыі для мужчынаў і дам на вуліцы Губернатарскай ці прынамсі недзе пасярэдзіне Захар’еўскай. І каб туды прыходзіла шмат чыстых і шчодрых кліентаў. Цырульня, натуральна, была б абсталяваная паводле амерыканскага ўзору. Шыкоўныя крэслы, абабітыя скурай, як фатэлі ў зубных дактароў. Люстры на ўсе сцены. Усюды нікель, шкло і мармур… Ягоныя мары перарвала цікаўнасць да двух паноў, якія падышлі да дзвярэй насупраць паліцэйскага кааператыву. Абодва мужчыны былі прыстойна апранутыя і выглядалі вельмі салідна. Адзін з іх адамкнуў ключом (цырульнік не мог бачыць, што той зрабіў гэта адмычкай) дзверы і жэстам рукі запрасіў свайго спадарожніка ўнутр. Разам яны зніклі ўсярэдзіне і прычынілі за сабой дзверы. Цырульнік больш нічога не пабачыў, бо ў салон уціснуўся кліент. Ён акурат быў антыподам «чыстых наведнікаў» з мараў цырульніка. Брудныя валасы старчма стаялі ў яго на галаве, а ва ўскудлачанай барадзе тапырыліся рудыя валасы, цвёрдыя, як стальныя пруты.

— Падстрыгчы і пагаліць! — сказаў кліент.

Цырульнік толькі ўздыхнуў і з роспаччу ўзяўся за працу. Ён ведаў, што неўзабаве ягоныя рукі стануць ліпкімі ад тлустых, даўно нямытых валасоў, а з-пад пэндзліка для галення пры намыльванні будзе сцякаць бруд.

Тым часам Янка Залаты Зуб і Філіп Лысы гэтак жа інтэнсіўна працавалі ў краме насупраць цырульні. Заданне яны распачалі амаль адначасова з цырульнікам, але працавалі не з агідай, а з прыемнасцю і велічэзным запалам.

Праз чвэрць гадзіны яны расклалі на прылаўку і падлозе ўмела абгорнутыя паперай мяшкі і скрынкі з таварам. Паліцы ўжо былі пустыя. Калегі пачалі выносіць усё з крамы ў тыльны пакой, з якога было выйсце на падворак. Калі яны працавалі, у заднія дзверы нехта пастукаў: раз — доўга, два — коратка; раз — доўга, два — коратка. Філіп адамкнуў дзверы. Усярэдзіну ўвайшоў Казік Марацкі.

— Я прасачыў за імі да Хрышчэнскай вуліцы, — сказаў Казік. — Усё ідзе клёва.

Казік меў на ўвазе кіраўніка кааператыву і двух ягоных памагатых, прадаўцоў, якія а дванаццатай гадзіне замкнулі дзверы, вывесіўшы за шклом кардонку з надпісам: «З 12 да 2 абедзенны перапынак», і пашыбавалі ў паліцэйскую сталоўку на вуліцы Хрышчэнскай. Казік пайшоў за імі следам, каб ніхто з іх знячэўку не вярнуўся, ненаўмысна забыўшыся нешта ў краме. А ў гэты час Філіп і Янка замкнуліся на ключ у памяшканні і заняліся ліквідацыяй кааператыву. Цяпер да іх далучыўся і Казік. Праца борзда падыходзіла да канца.

У той жа самы дзень аб адзінаццатай гадзіне Баран зайшоў у чайную Цыпы і ўсеўся за адным са столікаў у агульнай зале, не прабіраючыся за стойку ў сапраўднае памяшканне прытону. Потым ён, на вялікае здзіўленне, папрасіў гарбату і булкі. Габрэйка мусіла адмыслова для яго паставіць самавар. А палове дванаццатай Баран еў булкі і запіваў гарбатай. Ён не спяшаўся. Еў павольна, паліў цыгарэты і час ад часу пазіраў на гадзіннік. Роўна за чвэрць да дванаццатай пад вокны чайной пад’ехала вялікая платформа, запрэжаная дужым сівым канём. Вознік завярнуў на двор камяніцы, у якой знаходзілася чайная Цыпы. Ён зрабіў кола па дзядзінцы і паставіў каня, падрыхтаваўшы яго да выезду на вуліцу. Потым ён завітаў у чайную, прысеў за асобным столікам і таксама папрасіў гарбаты і булак. Гэта быў Стась Рамізнік. Ён не прывітаўся з Бараном: яны рабілі выгляд, што не знаюцца.

Баран неўзабаве заплаціў Цыпе за пачастунак і выйшаў на вуліцу. Звярнуўшы на падворак і заскочыўшы потым на перад платформы, ён выехаў на вуліцу. А дванаццатай дваццаць Баран заехаў на дзядзінец, пры якім месціўся паліцэйскі кааператыў. На гэта абсалютна ніхто не звярнуў увагі. Зрэшты, фурманкі заязджалі сюды досыць часта, і нікога гэта не дзівіла і не турбавала.

Злодзеі пачалі ўчатырох грузіць тавары на платформу. Не забыліся ні пра што. Яны забралі нават дзве вагі з гіркамі, шчотку, якой падмяталі падлогу, і дыванок з-пад дзвярэй для выцірання ног. Калі яны выйшлі, памяшканне было цалкам пустое. На дзвярах засталася адно аб’ява: «З 12 да 12 абедзенны перапынак». Гэта Казік Марацкі не вытрымаў, каб не паддурыць мянтоў. Таму ён дапісаў алоўкам перад двойкай лічбу адзін, і выйшла, што перапынак трывае з дванаццатай да дванаццатай — бясконца.

А дванаццатай сорак з дзядзінца пры вуліцы Каломенскай выехала на праезную частку цяжка нагружаная платформа, вывозячы ўсе тавары і нават крамнае абсталяванне паліцэйскага кааператыву. А цырульнік з «Кармэн» усё яшчэ мазоліўся, прыводзячы ў парадак галаву і бараду свайго кліента… Злодзеі даказалі, што яны найлепшыя майстры ў сваёй справе і здольныя вельмі эфектыўна і хутка стрыгчы і галіць — без мыла, ляза і нажніцаў.

А трынаццатай пятнаццаць платформу разгрузілі ў адным з двароў на вуліцы Серпухаўскай. Тавары знеслі ў склеп, размешчаны пад жытлом скупшчыка. Адзін уваход туды быў з двара, а другі — з памяшкання. Філіп Лысы, Янка і Казік засталіся ў скупшчыка, каб паскладаць і падлічыць тавар для разліку, а Баран паехаў на пустой платформе ў бок Нізкага рынку. Праязджаючы каля чайной Цыпы, ён заўважыў у акне Стася Рамізніка. Баран кіўнуў яму галавой і паехаў далей. Стась заплаціў Цыпе за ежу і выйшаў на вуліцу. Рамізнік дагнаў Барана недалёка ад базару. Той аддаў яму лейцы.

— Як прайшло? — запытаў Стась.

— Як па нотах, — адказаў Баран.

Баран развітаўся са Стасем і пайшоў на Серпухаўскую да скупшчыка, а Стась паехаў дадому на Лагойскі тракт, дзе выпраг свайго каня з платформы Шлемы Гоя, а запрог у фурманку, у якой зараз жа выехаў у горад. Некалькі разоў яго спрабавалі затрымаць пасажыры, але ён іх ігнараваў — накіроўваўся таксама на Серпухаўскую да скупшчыка. Паводле зладзейскіх правілаў, за тое, што ён знайшоў павозку, яму належала такая ж самая доля, як здзяйсняльнікам крадзяжу.

Стась Рамізнік даставіў дадому платформу Шлемы Гоя роўна а другой гадзіне. У той жа самы час цырульнік з салону «Кармэн» зноў стаяў у дзвярах і нудзіўся. Ён сачыў за мінакамі і марыў, на гэты раз пра ўдалую жаніцьбу з багатай і прыўкраснай іншаземкай. І пра тое, як ягоныя калегі пазелянеюць ад злосці, калі ён, нарэшце разбагацеўшы і напхаўшы поўныя кішэні грошай, адкрые ў Менску некалькі першакласных салонаў.

Увагу цырульніка звярнулі на сябе кіраўнік кааператыву (перадавік паліцыі, апрануты па-цывільнаму) і два ягоныя памочнікі (паставыя), якія наблізіліся да дзвярэй кааператыву і адамкнулі іх. Была другая гадзіна. «Можа, пайсці да іх і запытацца, ці прадаюць цыгарэты прыватным асобам?» — падумаў цырульнік. Потым ён заўважыў, што кіраўнік кааператыву выбег з памяшкання на вуліцу і пачаў нешта выглядаць то справа, то злева. Маланкай да яго далучыліся і прадаўцы. Яны паводзіліся — паводле меркавання цырульніка — камічна: аглядвалі дзверы, ходнік, дарогу, забягалі назад, нават лаяліся. Цырульнік, назіраючы за гэтай сумятнёй, пачаў усміхацца… Калі начальнік заўважыў на дзвярах надпіс, які абвяшчаў, што абед трывае з дванаццатай да дванаццатай, то проста ашалеў, пачаў пагражаць кулакамі і крычаць: «Пачакайце, я іх засаджу! На дванаццаць гадоў! Я ім дам! Я іх правучу!»

Мінакі пачалі прыпыняцца. А цырульнік ад дзіўных паводзінаў паліцэйскага начальніка стаў не тое што ўсміхацца, а на ўвесь голас рагатаць. Начальнік заўважыў гэта і скочыў да яго праз дарогу, сціснуўшы кулакі:

— А ты чаго смяешся?

— Я нічога…

— Як гэта нічога… У змове, можа, быў з імі, а цяпер рагочаш?!

— Я нічога не ведаю, пане афіцэр… Пра што вы гаворыце?

— Кааператыў абакралі, разумееш? Ці бачыў там некага?

— Так. Бачыў двух паноў каля першай гадзіны, увайшлі туды. Але гэта былі вельмі прыстойныя паны.

— Зладзеі, халера, не паны… А ты маўчаў?! Што?!. Бачыў і маўчаў?!. Га?!.

— Можа, змовіўшыся быў з імі? — заўважыў адзін з паставых.

— Пэўна, так… Відаць, што гэта добры вылупак… а яшчэ й зубы скаліць…

І цырульніка, які пра гэта нават не думаў і не гадаў, забралі ў следчы аддзел на Серпухаўскай. Якраз недалёка ад дому скупшчыка, якому злодзеі перавезлі ўвесь паліцэйскі кааператыў. У следчым аддзеле цырульнік сядзеў амаль тыдзень. А зачыненыя аканіцы цырульні «Кармэн» панура пазіралі на замкнёныя аканіцы паліцэйскага кааператыву.

Праз некалькі дзён пасля крадзяжу ў кааператыве ў мясцовай штодзённай газеце апублікавалі малы фельетон аўтарства вядомага ў Менску сатырыка і гумарыста, які хаваўся пад псеўданімам Вова Круцікаў. Фельетон меў назву «Паліцыя і злодзеі» ды заканчваўся наступнымі словамі:

Поўны палкасці зварот я да вас кірую, І шаноўных грамадзян жарона агітую: Каб адданыя айчыне нашы абаронцы Не трымцелі, не дрыжалі, стоячы ў старонцы. Трэба нам стварыць аддзелы, гуртавацца ў групы, Ды са зброяй у руках пільнаваць іх зубы. Каб часінаю ліхою злосныя зладзеі Не сцягнулі паліцэйскіх, мужных і надзейных.

Алік Баран прысвяціў шмат часу на пошукі добрай скуры для дамскіх туфлікаў. Яму быў патрэбны французскі велюр чорнага і жоўтага колераў. Урэшце, абышоўшы ўсе легальныя крамы і лаўкі ў горадзе ды наведаўшы ўсіх спекулянтаў, ён здолеў знайсці тое, што шукаў. Ён сам пайшоў да штэпара, які ў ягонай прысутнасці зрабіў дзве пары сапраўды першакласных загатовак на дамскія туфлікі. Гатовы тавар было куды лягчэй раздабыць, а гэта ўсё заняло яму шмат часу і нарабіла важданіны.

Цяпер Баран сядзеў у сваёй майстэрні і няспешна рабіў абутак для Паўкі. Хутчэй песціў яго, чым майстраваў, бо столькі душы ўкладаў у выраб кожнай дэталі, што здавалася, нібыта туфлі прызначаліся на нейкую выставу. Ён вызначыў сабе мэту, што туфлікі мусяць быць элегантныя, зручныя, трывалыя і лёгкія. Каб гэтага дасягнуць, трэба мець вельмі добрую скуру, добра дапасаваныя паводле памеру нагі шавецкія капыты і не шкадаваць часу на працу.

Алік Баран навучыўся шавецтву ў вязніцы, як і некаторым іншым рамёствам: сталярству, пляценню кашоў і крыху кніжнаму пераплёту. Калі ён сядзеў першы раз, то блатныя калегі, каб выцягнуць яго з адзіночкі, сказалі галоўнаму наглядчыку, што ў левым крыле першага блоку ў камеры нумар семдзесят два сядзіць добры шавец жаночага абутку. Менавіта такі адмысловец быў патрэбны ў турэмную майстэрню. Адначасова Аліка Барана паінфармавалі пра гэта праз баландзёра. Галоўны наглядчык назаўтра наведаўся ў камеру да Барана і запытаў, ці ён шавец, у чым спецыялізуецца і дзе працаваў на волі. Баран вельмі ўпэўнена адказваў згодна з указаннямі зычлівых калегаў. Назаўтра Барана забралі ў майстэрню. Наглядчык адвёў яму месца, выдаў скуру і капыты на пару жаночых чаравічак… Сам ён рэдка з’яўляўся ў майстэрні… Раніцай ён прыводзіў сюды вязняў-шаўцоў збіраючы іх з усёй турмы, а ўвечары адводзіў па месцах. У майстэрню ён залятаў час ад часу, каб раздаць заданні, замовы, забраць работу, прынесці новую, забяспечыць майстэрню прыладамі, матэрыяламі і дадаткамі. Акрамя гэтага, ён мусіў бегчы ў горад па розныя набыткі або ў канцылярыю, куды яго выклікалі ў справах майстэрні. Таму нічога дзіўнага, што ён цягам доўгага часу нават не заўважаў няўмельства Барана… Калі наглядчыка не было, то калегі-шаўцы бралі работу Барана і выконвалі яе, а калі ў майстэрню часам залятаў наглядчык, то бачыў што Баран, як і рэшта шаўцоў, сядзіць у фартуху на сваім месцы. Баран жа, пабачыўшы начальства, спыняў працу і круціў цыгарэту або ішоў у прыбіральню. А час ад часу ён аддаваў наглядчыку добра зробленую работу.

Зладзеям гэткая містыфікацыя таксама была выгаднай. Баран быў падследным, а ў турмах царскай Расеі плацілі шаўцам за працу паводле наступнага разліку: падследным вязням — шэсцьдзясят капеек з аднаго рубля, крымінальным вязням — пяцьдзясят, катаржнікам — сорак. Таму Барану давалі больш грошай, чымся ягоным калегам, якія ўжо мелі прысуды. Вязні з іх майстэрні харчаваліся разам ды супольна куплялі ежу. Таму нічога дзіўнага, што ўмелы шавец, які быў катаржнікам, здаваў наглядчыку дзве — тры пары новага абутку на тыдзень. А Баран здаваў штотыдзень ад пяці да сямі параў.

Спачатку Баран толькі адбіваў скуру. Потым падбіваў цвікамі падэшвы. А з цягам часу навучыўся і ўсёй вытворчасці. Праз год ён быў ужо цалкам добрым майстрам і да канца двухгадовага выраку заставаўся на лепшай працы, вырабляючы дамскі абутак, і пазнаёміўшыся з шаўцамі з розных польскіх і расейскіх гарадоў, ён авалодаў рознымі спосабамі пашыву абутку і стаў сапраўдным умельцам.

Адразу Баран пачаў рабіць туфлікі з жоўтага велюру. Ён абраў спартовы фасон: невысокі абцас, шырокі носік, салідная падэшва. Можа, больш бы пасавала для гэтай мадэлі хромавая скура ці шаўровая, але Баран аддаваў перавагу велюру. Ён вельмі адказна падышоў да працы. Абутак удаўся зграбны, у цёмнакарычневым адценні. Затым ён узяўся шыць элегантныя туфлікі з чорнага велюру. Яны мелі высокі французскі абцас, вузенькі носік і спражкі з лакаванага паска. Ён рабіў гэтую пару як ювелір, вельмі далікатна і тонка, і ў выніку атрымаліся не звычайныя туфлі, а цацачкі.

Зрабіўшы абедзве пары, ён паставіў іх на стале і любаваўся. Гэтыя дзве пары былі найпрыгажэйшай ягонай працай за ўсё жыццё… Яны былі для Павы, Паўлі, Паўлінкі…

Баран ніколі не смяяўся ад душы, часам ён толькі прыкідваўся, што смяецца. Нават усміхаўся ён рэдка. Цяпер, гледзячы на гэтыя цацкі, ён шчыра цешыўся. Ягоны твар і вочы смяяліся. Смяялася нешта ў яго грудзях, у сэрцы… Што можа параўнацца з радасцю чалавека, які зрабіў нешта добрае таму, каго сапраўды кахае?!

У Баляў часта ўзгадвалі Барана, які даўно ўжо ў іх не паказваўся. Яны рабілі розныя здагадкі, куды той мог падзецца. Чакалі яго кожны дзень. Паўлінка шмат разоў прыходзіла вечарамі, каб аддаць яму кашулю, вышытую старанна, але без густу. Яна сядзела па некалькі гадзінаў, але яго ўсё не было.

Урэшце ён з’явіўся. Завітаў не ў ботах і фрэнчы, як прыходзіў заўсёды, а ў элегантным гарнітуры, туфлях і капелюшы. З сабой ён прынёс акуратна абкручаны паперай пакунак — туфлі для Паўкі. Удома была толькі Лідзія, якая вельмі прыветліва яго спаткала.

— Дзе ж вы прападалі?.. А мы столькі часу вас чакалі… І Паўлінка штодзень прыходзіла… Мы ўжо думалі, што, можа, няшчасце якое…

— Інтарэсы, — уздыхнуў Баран.

— Відаць, добрыя інтарэсы пан робіць, — сказала Лідзія. — Такі гарнітурык гожы!

— Звычайны, — адказаў Баран. — У нашай прафесіі ўсяляк бывае.

Прыйшоў Уладзь Заяц. Радасна і нязграбна ён павітаўся з Бараном.

— Як там Мілы? — запытаў у яго Баран.

— Мілы… Мілы… Мілы… — паўтараў Уладзь.

Уміг ён залез пад печку і выцягнуў сабаку, які ўвесь час намагаўся яго ўкусіць і глуха бурчэў. Баран узяў сабаку на калені і ўважліва яго агледзеў. Мілы паправіўся. Ягоныя раны загаіліся, шэрсць набрала бляску. Толькі хадзіў ён няўклюдна, нібы кульгаючы. Зламаная лапа не вельмі добра ў яго зраслася і была дэфармаваная. Сабака і на каленях Барана не пераставаў бурчаць, але хутка супакоіўся і нават не спрабаваў яго хапнуць. Ён толькі прыціскаў вушы, калі Баран паволі гладзіў яго па галаве.

— Вось, вас і не чапае, — сказала Лідзія. — А нам даткнуцца не дае: вырываецца і грызе.

Баран быў засмучаны, што Паўлінка не прыходзіць, і сказаў пра гэта Лідзіі.

— Можна яе паклікаць, — сказала жанчына. — Вось, Уладзь мог бы падскочыць. Нібыта я яе клічу.

Уладзь, не чакаючы просьбы, узяў шапку і выйшаў з хаты. Баран пачаў вельмі далікатна распытваць Лідзію пра сям’ю Хурдзічаў. Лідзія ахвотна балбатала і апавяла Барану шмат цікавага. Ён дазнаўся, што Паўчын бацька мае цяжкую руку і трымае дзяўчыну на кароткай прывязі. Працуе ён цесляром і разводзіць галубоў, да якіх мае вялікую слабасць.

— Любіць галубкоў, — канстатаваў уголас Баран.

— Яшчэ як! За голубам і на дах, і ў пекла палезе. Як дзіця з імі.

— Шмат іх трымае?..

— І не палічыць… Усё падстрэшша… Гандлюе імі. Выменьвае. А як надарыцца нагода, то і ўкрадзе… Гэтулькі разоў ужо судзіўся.

Баран занатаваў гэта сабе ў памяці. Ён сам некалі любіў галубоў і разводзіў іх. У гэтай справе ён разбіраўся добра. Але тое было яшчэ ў маладосці. Потым ён зрокся гэтага спорту.

— А гарэліцу стары любіць? — выпытваў Баран у Лідзіі.

— А так сабе… П’е часам з гасцямі… Але бывае, так вочы заліе, што ўсе з хаты ўцякаюць…

— Бушуе, — вывеў Баран.

— Яшчэ як! Не дае спуску… Барані Божа, калі хто пад руку трапіцца.

У памяшканне ўвайшла Паўка. Барану здалося, што разам з ёй з’явілася сонца. Ён устаў. Трымаючы на адной руцэ Мілага, іншай ён прывітаўся з дзяўчынай. Пакінуты без увагі, сабака падлаўчыўся і цапануў дзяўчыну зубамі каля локця. Паўка залямантавала і адскочыла назад.

— Вось паскуда!..

— Ён гэта больш ад страху! Смаркачы хацелі яго забіць у двары… А ён цяпер усіх баіцца, — бараніў свайго любімца Баран.

Ён занёс сабаку пад печ і агледзеў Паўчын локаць. Сукенка была цэлая, а на скуры віднеліся невялічкія сляды зубоў. Паўця супакоілася. Праз момант з шуфляды стала яна дастала кашулю, якую вышыла для Барана. Алік быў у захапленні. Яму спадабаліся і ўзор вышыўкі, і падабраныя колеры. Але найбольшай каштоўнасцю было тое, што гэта менавіта для яго зрабіла Паўця.

Баран адклаў на бок кашулю і разгарнуў свой пакунак. Ён выняў адтуль пару спартовых туфлікаў і ўручыў Паўлінцы, жартаўліва прыгаворваючы:

— Шытыя і кутыя… на чэрвень і на люты. За гэта я не ручаюся, — ён стукнуў пальцам па падэшве. — За гэта таксама, — дакрануўся рукою да верху туфляў. — Але гэта, — ён паказаў пальцам на шнуроўку, — будзе насіцца, пакуль не падзярэцца. А як на сцяне павесіце, то дзесяць гадоў пратрымаецца. А цяпер маю для вас яшчэ нешта… У прыдачу…

Ён выняў другую пару туфлікаў — на французскіх абцасах. Паўка з румянцам на твары глядзела на абутак. Ён падабаўся ёй неверагодна, але яна не ведала, як за яго заплаціць. Папярэдне не было мовы пра плату. А цяпер яна разгубілася. Баран адчуў ейны настрой і свабодна ды весела сказаў:

— Гэтыя дзве пары я вам дару за вышыванне маёй кашулі.

— Не, не можа быць… Гэта ж адзін Бог ведае, колькі каштуе!

— Не, не, лухта. Мне скура танна абышлася. Яна яшчэ перадваенная. А работа, то так — мая. Хачу пахваліцца. Мо рэкламу мне зробіце.

Лідзія гучна і неяк празмерна, што межавала са штучнасцю, выказвала захапленне туфлікамі:

— Што за прыгажосць! Н ідзе раней такога не бачыла! Але ж з вас і майстар!

Паддаўшыся ўгаворванням Барана, Паўка прымерала абедзве пары. Яна крыху прыкідвалася збянтэжанай, але ў той жа час ёй не трэба было асабліва старацца, бо яна насамрэч саромелася падзёртых на пятах панчох. Баран гэта заўважыў і падумаў: «Вось, нябога, нават панчох прыстойных не мае».

Барану ўдалося намовіць Паўлінку, каб яна перастала пераймацца ды прыняла абедзве пары туфлікаў. Ён прапанаваў, каб за гэта яна вышыла яму яшчэ некалькі кашуль. Дадаў, што вышыванне займае больш часу, чымся ягоная праца з абуткам. Урэшце ён адвёў яе дадому, а каля брамкі ўручыў загорнутыя ў паперу туфлікі. Дзяўчына на развітанне моцна паціснула яму далонь.

— Прыйдзіце, калі ласка, у нядзелю пасля абеду да Уладзя. Можа, выйдзем у кіно альбо на шпацыр, — прасіў Баран Паўку ціхім, поўным чуласці голасам.

— Добра, — паабяцала дзяўчына і пабегла дадому з пакункам у руках.

Баран упершыню ў жыцці пачуваўся сапраўды шчаслівым. Дадому ён ішоў Сляпянскай вуліцай і не пераставаў усміхацца. У ягонай галаве шумела, як ад гарэлкі. А на вуснах блукала ўсмешка. Ён некалькі разоў глыбока ўздыхнуў, а потым, нават нечакана для самога сябе, пачаў спяваць:

Эх, яблычак, поўны мёду! Кахаю я дзяўчыну ды люблю свабоду.

Гэты куплет вырваўся з яго сярод ночы як крык шчасця, як выклік тым сілам, якія вызначаюць, каму паслаць каханне і свабоду.

6 ТАМАШ ХУРДЗІЧ І ЯГОНЫЯ ПАДНАЧАЛЕНЫЯ

Няма ніякага сумневу, што сярод усіх вядомых мне дыктатураў рэжым Тамаша Хурдзіча, цесляра з вуліцы Сляпянскай, быў самы жорсткі. Я ведаю пра гэта нямала і маю шмат доказаў. Зрэшты, не толькі я, а ўсе жыхары Камароўкі і Залатой Горкі думалі гэтаксама.

Тамаш Хурдзіч меў блізу шасцідзесяці гадоў, але быў дужы і выглядаў нашмат маладзейшым. Ён быў высокага росту, плячысты, з шырокімі касцямі і вялікімі мускуламі, цяжкі, нібыта складзены з глыбаў жалеза і карабельных канатаў. Сілай ён валодаў незвычайнай. Кулакі меў нібы адлітыя са сталі. Твар у яго быў цёмны, бровы вялікія, густыя, амаль белыя, як шчаціна. Вусы ў яго былі коратка падстрыжаныя, рудыя і цвёрдыя. Вочы глядзелі з-пад насупленых броваў вельмі востра, пранізліва, з недаверам. Голас у яго быў сухі, заўсёды высокі, раздражнёны — як бурчанне раз’юшанага сабакі. Хадзіў ён цяжка, як робат. Проста машына, а не чалавек. Здавалася, што ў яго нават няма людскіх пачуццяў. Ніводзін з ягоных дамачадцаў не памятаў нават кароткага моманту, калі б ён быў узрушаны, расчулены або проста добры. Гэта быў прыроджаны тыран.

Дамачадцы жылі ў пастаянным страху перад галавой сям’і. Большую частку сваіх высілкаў яны кіравалі на тое, каб ухіліцца ад сустрэчы з ім, пазбегчы ягонага позірку. Уся хатняя праца выконвалася нібы ўпотай, каб не пабачыў Тамаш, бо ён і так усё ганіў, потым лаяў, а мог яшчэ і стукнуць.

Ягоная жонка Нюра Баля — сястра Лідзіі, саракапяцігадовая жанчына — выглядала старэйшай на дзесяць гадоў. Мужа яна баялася незвычайна. У ягонай прысутнасці яна бляднела, дрыжала і не ведала, што рабіць, як стаць, што сказаць, каб не раззлаваць сужэнца. Вочы ў яе заўсёды былі заплаканыя… Дзеці таксама вельмі баяліся бацькі. Яны стараліся ўнікаць яго. Цэлымі днямі яны нібыта гулялі ў хованкі, намагаючыся не трапіцца бацьку на вочы. Нават Паўлінка, дваццаціпяцігадовая дзяўчына, смелая з натуры і ўпэўненая ў сабе, адчувала страх перад бацькам. Стася, якой было чатырнаццаць гадоў, найспрытней з усіх умела лавіраваць, таму найрадзей з усіх была лаяная і найменш атрымлівала плескачоў. Але Юлік, дзесяцігадовы хлопчык, часта трапляўся пад бацькаву гарачую руку і ўвесь час хадзіў з распухлымі вушамі.

Вечарам, калі Паўлінка пасля спаткання з Бараном вярнулася дадому, Тамаш сядзеў за сталом у адным з пакояў. Пачуўшы рып дзвярэй у санях, ён пачаў гукаць:

— Хто там?

Паўлінка не адказала. Яна намервалася незаўважна праскочыць на кухню. Тады Хурдзіч, падышоўшы шырокім крокам да дзвярэй у сені, размашыста іх адчыніў. Паўлінка ж аніяк не магла справіцца з дзвярыма на кухню. Пакуль дзяўчына безвынікова іх тузала, пакунак у яе руках разгарнуўся, і адтуль вываліся туфлі. Яна пачала шукаць іх у цемры, але здолела заўважыць толькі тады, калі бацька адчыніў дзверы, і ў сені трапіла святло лямпы.

— А гэта яшчэ што такое? — спытаў Хурдзіч, забіраючы з рук дачкі адзін туфлік.

— Туфлік…

— Ну, пэўна што не вядро… Хадзі сюды!

Хурдзіч таргануў дачку за плячо і, можна сказаць, закінуў у пакой.

— А што вы, татачка, хочаце?

Тамаш разглядаў туфлікі, забраўшы іх ад зарумяненай дзяўчыны, а потым кінуў на яе востры позірк, які прашыў Паўлінцы нутро:

— Адкуль гэта ў цябе?

— Зарабіла.

— Ты зарабіла?!

— Так.

— Як гэта ты зарабіла? У каго?

— У шаўца.

— У шаўца?

— Ну, так… За кашулю мне даў…

— А за што ты яму кашулю паднесла? Га? — кпіў і ўсё больш раз’ятрываўся Хурдзіч. — Кажы, сука!

— Чаго вы, татачка, крычыце?.. Я вышыла яму кашулю… А за гэта падарыў мне туфлі…

— Ага, дзве пары туфляў за вышыўку?.. Ах ты, шлюндра!

Хурдзіч схапіў дачку заруку ды выкруціў тую так, што дзяўчына аж сагнулася. Бацька прытрымаў яе ў такой позе, зняў дзягу з портак, задзёр дзяўчыне ззаду сукенку і пачаў біць. Папруга свістала ў паветры, удары былі моцныя, але Паўка не крычала. З вачэй у яе, як гарох, сыпаліся слёзы, яна сціскала зубы, але не выдала ніводнага гуку.

— Што грашыць, у тое буду біць! — паўтараў Хурдзіч, махаючы дзягай.

Раптам Хурдзіч адчуў Паўлінчыны зубы на сваім сцягне. Ён адпусціў дачку і стаў разгублены пасярод пакою.

— А, то ты гэткая? Пайшла адсюль! Але памятай: я табе выганю мух з носу!

Тамаш Хурдзіч вырашыў сачыць за дачкой. Самому яму цяжка было б гэта рабіць, таму ён хацеў даць такое заданне Стасі. Але, падумаўшы, адмовіўся ад гэтай ідэі: «Стася таксама ўжо пачынае задам круціць. Могуць знюхацца… Бадай, Юлік тут лепш справіцца».

Назаўтра, калі Хурдзіч ганяў галубоў, размахваючы ў паветры доўгай тычкай з анучай на самым канцы, Юлік выслізнуў на падворак. Тамаш адразу ж яго заўважыў. Сын хацеў зноў схавацца, але бацька махнуў яму рукой. Юлік са страху падышоў. Хурдзіч упершыню ў жыцці паклаў сыну на галаву цвёрдую далонь і сказаў:

— Ты мне пільнуй Паўку… Чуеш?.. З кім сустракаецца, дзе ходзіць, што робіць?.. Куплю табе новую шапку!.. Зразумеў?.. А як не дапільнуеш, то здзяру з цябе скуру!.. Што пабачыш, усё мусіш мне дакласці…

Юлік зразумеў бацьку, і з таго часу Паўку ўсюды пераследаваў уважлівы погляд брата. Малы ўжо меў жыццёвую загартоўку і быў спрытны, як і ўсе дзеці прадмесцяў, таму дакладна ведаў, як незаўважна сачыць за Паўкай.

Назаўтра пасля бацькавай прачуханкі Паўка, паабедаўшы, вырушыла з дому. Яна накіравалася да Баляў, каб выпытаць адрас Барана. Дзяўчына намервалася аднесці яму туфлі. Ні Лідзія, ні Уладзь, ні Куртатая не ведалі, дзе жыве шавец. Паўлінка адзначыла, што справа вельмі важная, і яна мусіць яго пабачыць як мага хутчэй. Тады Уладзь успомніў, што бачыў, як Баран ішоў разам са Стасем Рамізнікам. Можа, ён ведае адрас шаўца? Паўлінка ўпрасіла Уладзя пайсці да Стася. Той ахвотна гэта зрабіў, і ўжо праз гадзіну Паўка ішла ў бок Залатой Горкі, уважліва прыглядаючыся да ўсіх дамоў на правым баку вуліцы Захар’еўскай… За ёй па супрацьлеглым баку вуліцы крочыў Юлік. Спрытны хлопец увесь час сачыў за сястрой і адкладаў сабе ў памяці ўсё, што яна рабіла.

На дамку з нумарам 157 Паўка заўважыла шыльду на вонкавых дзвярных створках. Прачытала: «Шавецкая майстэрня “Варшавянка”». Яна наблізілася да дзвярэй і пастукала. Ніхто не адказаў. Яна патузала за ручку. Дзверы былі замкнёныя. Паўцы нічога не заставалася, як вярнуцца дадому. Яна была задаволеная. Прадчувала, што новы паклоннік можа стаць ейным добрым абаронцам.

Вечарам Юлік падышоў да бацькі на падворку і пачаў шаптаць:

— Татулька! Паўця днём хадзіла да Баляў. Сядзела там з гадзіну. А Уладзь хадзіў да Стася Рамізніка. Потым Уладзь вярнуўся. Паўка адразу ж выйшла і пайшла на Захар’еўскую. Там пайшла да шаўца, які жыве ў доме над нумарам 157… Стукала ў дзверы, але яго не было ўдома… Потым вярнулася… Купіла семкі і лускала… Удома пайшла на кухню, нагрэла вады і памылася… Потым яна ўвесь час ляжала, чытала «Таямніцы Парыжу» і грызла семкі.

— Гм, — задумаўся Хурдзіч ды ласкава хлопнуў сына па плячах. — Ну, добра. Пільнуй далей. Атрымаеш новую шапку.

Баран проста аслупянеў, калі раздаўся стук у дзверы, а ў адказ на ягонае «заходзьце» на парозе майстэрні з’явілася Паўка. На шчоках у яе красаваўся румянец. Было відаць, што яна ўстрывожаная і крыху саромеецца. У руках яна мела загорнуты ў паперу пакунак.

— Добры дзень, — сказала Паўка.

— Добры дзень…

Баран усхапіўся з месца, падсунуў Паўцы крэсла і з заўважнай радасцю прапанаваў прысесці. Паўка з цікавасцю разглядвала памяшканне. Тут было ахайна, светла і ціха. Баран заўважыў, што Паўка азіраецца па баках, і прамовіў:

— Пакуль тут так сабе… Па-халасцяцку… Потым дакуплю сяго-таго, чаго не стае…

— Але тут вельмі ўтульна.

Размова ўвесь час перарывалася. Баран ад радасці, якая яго перапаўняла, не ведаў, што гаворыць. Паўка раздумвала, як перайсці да істотнага. Спачатку яна намервалася вярнуць Барану туфлікі. Пасля ёй стала шкада такога абутку, і яна вырашыла аддаць туфлі Барану на захоўванне, да таго часу, пакуль не зможа іх зноў забраць. Урэшце яна наважылася сказаць яму пра гэта. Баран здзівіўся ды пасумнеў:

— Вам не падабаюцца мае туфлі?

— Ах, не! Яшчэ як падабаюцца! — жвава запярэчыла Паўка.

— Дык чаму тады?..

— Бо… бо… ведаеце, тата… — яна не кончыла сказу.

Баран уважліва паглядзеў ёй у вочы… Ён яшчэ раней заўважыў выразныя сінякі на ейнай левай руцэ непадалёк ад локця… Ён усё зразумеў… Нахмурыў лоб і маўчаў некаторы час. Потым узяў ейную далонь і пачаў гаварыць:

— Не трэба хвалявацца. Усё наладзіцца. Я сам паразмаўляю з вашым бацькам.

Паўка не чакала гэткага хуткага рашэння.

— Мой тата вельмі суровы… Людзі яго баяцца, — сказала дзяўчына нібыта з трывогай у голасе.

У адказ на вуснах Барана з’явілася ўсмешка, а вочы крыху прыжмурыліся.

— Суровы, кажаце?.. Нічога… Я з кожным спраўлюся…

Хвіліну памаўчаўшы, ён дадаў:

— Але падымаць на вас руку ён дакладна не будзе!

Вочы Барана неяк загадкава бліснулі. Паўка падумала: «Які смелы».

Баран даведаўся ад Паўкі, што па нядзелях (заўтра акурат была нядзеля) ейны бацька звычайна бывае ўдома пасля дванаццатай.

Прайшло яшчэ троху часу, і яны развіталіся. Туфлі Паўця пакінула ў Барана.

Вечарам Юлік здаваў бацьку падрабязную справаздачу, чым займалася Паўка цэлы дзень.

— …Потым пайшла да таго самага шаўца, што і ўчора… Была там з паўгадзіны… Я падглядваў праз замочную шчыліну… Сядзелі і гаварылі…

— Пра што гаварылі?

— Не ведаю. Дрэнна было чуваць, і я баяўся… Потым Паўка пайшла дадому… Пакунка ў яе ўжо не было… Пакінула ў шаўца…

Хурдзіч прыязна паляпаў сына па плячы і загадаў не спускаць з Паўкі вачэй. Бацька заахвочваў сына такімі словамі:

— Або новую шапку будзеш мець, або… скуру спушчу!

У нядзелю каля другой гадзіны папаўдні ў дом да Тамаша Хурдзіча завітаў Алік Баран. Ён быў апрануты з іголачкі, добра паголены, а на ягоных пальцах зіхацела некалькі пярсцёнкаў. Хурдзіч нязмерна здзівіўся, калі Баран, паклаўшы прынесены пакунак па стол, звярнуўся да яго ветліва, спакойна і нібы апякунскім тонам:

— Калі не памыляюся, то вас завуць Тамаш Хурдзіч.

— Ну, так… І што з таго?

— Спачатку я назавуся: Аляксандр Баран… І калі вы дазволіце, то я прысяду.

Не чакаючы дазволу, ён сеў. Дастаўшы з кішэні партсігар, ён прапанаваў Хурдзічу запаліць. Пасля выняў цыгарэту для сябе, запаліў і працягваў далей:

— Я маю да вас ажно тры справы. Першая з іх…

Ён выпусціў воблака дыму і зрабіў перапынак.

Хурдзіч з зацікаўленнем глядзеў на гэтага незвычайнага госця. Ягоная далонь усё яшчэ ныла ад неверагодна моцнага рукання з чужынцам. Далонь госця была малой, нібы выпешчанай, але адначасова загартаванай шавецкім малатком, молатам у турэмнай кузні і мела ад прыроды вялікую сілу.

Яна ні ў чым, магчыма, не саступіла б жалезнаму кулаку Тамаша Хурдзіча. Ён выразна гэта адчуў.

— Першая справа — гэта галубы…

— Галубы?

— Так, галубы… Але пра гэта крыху пазней. І яшчэ адну справу пакіну на канец. Пачну з сабакі.

«Вар’ят», — падумаў Хурдзіч.

— Дык вось, я маю пародзістага сабачку. Ён сам па сабе дарагі, а для мяне дык увогуле не мае цаны. Парода вельмі добрая. Такая, як, напрыклад, сярод галубоў турчыны, лагеры або вінеркі… Разумееце?

— Угум, — гмыкнуў зацікаўлены ўжо Тамаш Хурдзіч.

— Для гэтага сабачкі трэба змайстраваць будку. Але такую, каб будзь здароў! Зручную і прыгожую! Можна пафарбаваць у зялёны колер. І брылёк над улазам трэба зрабіць, каб дождж не трапляў. Заплачу, колькі скажаце. Магу і пару галубоў дадаць, якія вам падабаюцца. Я маю верфеляў, нефак, страмераў, перламутравых, дутышаў, капуцынаў, крымаў, паўлінаў, вышыванцаў… Знойдуцца і турчыны, і каштаны, і вінеркі…

Хурдзіч быў ашаломлены. Першы раз у жыцці ён бачыў кагосьці падобнага. Незнаёмы быў апрануты, як граф, увесь у золаце і срэбры, а ў галубах разбіраўся, нібыта сам іх разводзіў. І так адразу чужак прымусіў сябе слухацца.

— Будку можна зрабіць, — выціснуў з сябе Тамаш.

— Вось і добра, — сказаў Баран. — Я люблю сумленных майстроў. Не тых маладых, якія цяп-ляп робяць, а тых, якія яшчэ па-колішняму стараюцца. Грунтоўна і на вякі! Цяпер такая поскудзь зробіць стол, то ён па пакоі ходзіць: кожная нага глядзіць у свой бок, а праз месяц і ўвесь стол разваліцца… Вядома, драўніна недатрыманая, то майстар думае, што заб’е больш цвікоў, і ўсё будзе добра… Ці ж не?

— Вядома, што так… — сказаў ужо цалкам залагоджаны цясляр.

— Я такога не люблю, — цягнуў далей Баран. — У мяне так: ці для сабакі, ці для голуба, ці для мяне самога работа павінна быць першай маркі, каб хоць на выстаўку. Дарэвалюцыйнай якасці! От што… Сам раблю ўсё дакладна… Вось, паглядзіце!

Баран раскруціў прынесены пакунак, а з яго дастаў дзве пары туфлікаў і паставіў іх на стале. Хурдзіч пазнаў Паўчыны туфлікі і вылупіў вочы. А Баран, ні грама не збянтэжыўшыся, рэкламаваў тавар і сябе:

— Гэта, пане, не падробка. Скура заморская, а работа — зрэшты, усё самі бачыце… Для вашай дачушкі зробленыя… Але вярнула мне іх назад… Пэўна, нечым незадаволеная… А я ж так стараўся. Рабіў як для сябе. А яна мне кашулю вышыла… Вось паглядзіце.

Пасля гэтых словаў Баран выцягнуў аднекуль і паказаў Хурдзічу вышытую Паўцяй кашулю.

— Я ўжо на гэтым знаюся, — казаў Баран. — Каб зрабіць такую вышыўку, то гэта трэба тыдзень сядзець. А такія туфлі за тры дні скляпаў… Не скажу нічога кепскага. Дачка ў вас брыльянтавая, і прыгожая, і рукі мае залатыя. Толькі не ведаю, чым я не дагадзіў? Можа, замала зрабіў, то я магу яшчэ пару змайстраваць. Запытайцеся, калі ласка, у дачкі…

— Паўка! — рыкнуў Хурдзіч.

Паўлінка з самага пачатку падслухоўвала з-за перагародкі размову Барана з бацькам. Калі Хурдзіч яе паклікаў, яна, уся залітая румянцам, з’явілася амаль адразу.

— Чаго, тата, клікалі?

— Павітайся з госцем!

Дзяўчына яшчэ больш пачырванела і няўклюдна падала Аліку руку.

— Няхай паненка сядзе, — прапанаваў Баран з лёгкай усмешкай на твары, шматзначна падміргнуўшы Паўцы.

— Што табе не падабалася? — Хурдзіч задаў пытанне дачцэ. — Чаму ты аднесла туфлі? Кажы…

— Усе падабалася… Але думаю, што гэта занадта вялікая заплата за маю вышыўку… Ну, і тата ж таксама…

— Вось жа ўжо дзе… Што табе тата… Далі табе за працу, то бяры… А яна, бач ты, глупствам займаецца!.. Бяры ды ідзі сабе… Глядзі там абед.

Барана і Хурдзіча паглынула супольная размова. Старому развязаўся язык, і ён штораз больш зычліва пачаў пазіраць на дзіўнага госця. Штохвіліну гучалі назвы галубіных пародаў: «А каштаны, пане! А спонсары! А вяленкі! А дублі, а верфелі, а перламутравыя, а мікалаеўскія, а светлыя вышыванцы». З веданнем справы яны абмяркоўвалі недахопы і перавагі розных галубіных пародаў. Расказвалі адзін аднаму розныя цікавыя выпадкі з жыцця галубоў і іхных гаспадароў. Урэшце Хурдзіч настолькі растаяў, што запрасіў Барана на абед. Баран згадзіўся з умовай, што ён ставіць гарэлку. Даў Юліку грошы, і той перуном даставіў дзве бутэлькі.

Хурдзіч рэдка піў, таму ўжо пасля першай пляшкі ў яго перад вачыма ўсё паплыло. Дзіўны госць усё больш яму падабаўся. Баран жа, падняўшы кілішак, раптам заявіў:

— Вашае здароўе, цесць!

Хурдзіч, нават брывом не павёўшы, адказаў:

— На здароўе, зяць!

Гэтак прамаўляючы адзін да аднаго, яны апаражнілі і другую пляшку. Пад вечар Баран сказаў Хурдзічу, што хоча пайсці з Паўкай у кіно. Тамаш не пярэчыў, а наадварот, паклікаў Паўку і сказаў:

— Пойдзеш з тым панам у кіно! Зразумела? І скажы яму дзякуй, што ён захацеў цябе ўзяць за жонку. Усё ясна?

Паўка не верыла сваім вушам. Яна і не ўзрадавалася, і не зажурылася. Яна сама не ведала, добра гэта ці блага. Баран падабаўся ёй сур’ёзнасцю, спрытам, які яна паспела заўважыць, і багаццем. Але ніякіх палкіх пачуццяў да яго яна не адчувала. Вядома, некалькі разоў яна раздумвала, каб выйсці замуж ды вызваліцца з-пад цвёрдай рукі бацькі, але дагэтуль яна не мела такой магчымасці. А цяпер словы бацькі пра замужжа падаліся ёй незвычайна далёкімі, нібыта датычылі некага іншага.

Баран узяў Паўлінку пад руку, і яны вырушылі разам у цэнтр гораду. Шарэла. Баран заўважыў, што дзяўчына цалкам паглыбілася ў свае думкі, і яго не слухае. Праз некаторы час ён звярнуўся да яе:

— Можа, вы пераймаецеся словамі бацькі? Дык не варта… Гэта я для вашага дабра… Калі не хочаце ісці за мяне замуж, то я і не буду гэтага дамагацца… Толькі вы мусіце мне самі пра гэта сказаць… Я хацеў толькі абараніць вас… Цяпер не думайце пра гэта, калі ласка…

Паўка з удзячнасцю паглядзела на Аліка і ўсміхнулася:

— То мы цяпер нібы заручоныя?

— Калі вам так падабаецца… Найлепш будзе, калі вы падумаеце і скажаце мне потым… Я гэта зрабіў для вас, але я ў стане ўсё адмяніць…

Паўка са здзіўленнем і павагай аднеслася да словаў Аліка. Упершыню ў жыцці яна спаткала чалавека, які б гэтак свабодна і адважна дачыняўся з ейным бацькам і нейкім невядомым чынам змушаў яго рабіць тое, што хацеў.

На падыходзе да кінатэатру Паўка заўважыла Юліка, які ішоў за імі.

— А ты чаго тут? — звярнулася яна да брата.

Юлік спачатку сумеўся, але хутка прыйшоў у сябе і сказаў:

— Я таксама хачу ў кіно.

— Марш дадому зараз жа!

На гэта Баран лагодна сказаў:

— А няхай троху пацешыцца хлапчына.

У той жа момант ён адлічыў малому грошы на квіток.

Паўка вельмі любіла прыгодніцкія фільмы, напрыклад, пра каўбояў, дэтэктываў, аферыстаў. Таму калі Баран запытаў, у які кінатэатр яна хоча пайсці, яна, не задумваючыся, адказала, што ў «Люкс». Там звычайна паказвалі ейныя ўлюбёныя стужкі. І сапраўды, сёння там дэманстравалі фільм пра жыццё медзвяжатніка, у якога закахалася адна багатая графіня. Злодзея ўрэшце схапілі і кінулі за краты, але графіня з дапамогай вялікіх грошай і сваіх сувязяў здолела вызваліць каханага. Тады медзвяжатнік у адказ за зробленае дабро абараніў сейф графінінага бацькі ад іншых злодзеяў. За гэта ўдзячныя бацькі графіні згадзіліся на яе шлюб з медзвяжатнікам, якому, акрамя рукі дачкі, аддалі ўсе свае грошы. Вяселле. Баль. Гарачы пацалунак. Канец.

Паўка ледзь не губляла прытомнасці ад эмоцыяў, захапляючыся смелымі ўчынкамі злодзея. Падчас самых вострых момантаў яна прытулялася да Аліка ад страху і хвалявання.

— А вы баіцеся злодзеяў? — шапнула дзяўчына яму на вуха.

Баран закашляўся.

— Не вельмі… А вы?!

— Страх як баюся!

Дадому яны вярталіся досыць позна. Юлік цягнуўся ззаду, таму яны размаўлялі пра няважнае. Баран развітаўся з Паўкай на ганку іхнага дому і пайшоў да сябе.

Назаўтра Юлік выбраў момант, калі бацька быў сам, і пачаў складаць яму рапарт пра паводзіны Паўкі цягам учорашняга дня. Хурдзіч не надта ўважліва слухаў сына.

— А ў кіне яны сабе сядзелі і глядзелі. Паўка сядзела злева, а шавец…

— Пан, а не шавец! — груба перапыніў сына Тамаш.

— …А пан справа… А потым, калі было цёмна, то пан паклаў Паўцы руку на калена. Пэўна, хацеў… — голас Юліка раптам абарваўся, а хлопец шматзначна захіхікаў.

Але вынік ягонай справаздачы быў неспадзяваны. Юлік адчуў жалезныя бацькавы пальцы на сваім вуху. Другая ж рука Хурдзіча пачала біць хлопца з тылу ніжэй пояса. Юлік крычаў, плакаў, заклінаў, што больш не будзе, хоць і так дакладна не ведаў, што гэтак раззлавала бацьку. Але нічога не дапамагло. Ён атрымаў напоўніцу.

Гэтак скончылася разведчыцкая місія Юліка. Новая шапка адляцела цяпер кудысьці ў краіну мараў.

7 ТРЫ НАСТАЎНІКІ І АДНА НАСТАЎНІЦА ЯСЯ НАЦЭВІЧА

Філіп Жардонь быў старым халасцяком. Калі яго нехта пытаў, чаму ён не ажаніўся, то Філіп сур’ёзна адказваў:

— Не паспеў. Гэта па-першае. А па-другое, не знайшоў адпаведнай жанчыны. Кахаў я не раз. І то як! Але пакуль там да нечага дайшло, то і любоў ужо чэрці пабралі. Глянеш на жанчыну — мілата! Жыццё б за яе аддаў. Прыгледзішся лепей — нешта нос не надта таго. Ну, і ногі маглі б быць лепшыя. І тут дэфект, і там не ўсё гладка. А тым часам іншая падвернецца. То я і думаю сабе: ці я дурны, каб усё жыццё ў адну морду ўглядацца. Вядома, што піражок салодкі. Але калі пачнеш есці адныя піражкі, то праз тыдзень будзеш выць: хлеба дайце! Найлепей то ў магаметанаў ці там у іншых туркаў: падабаецца кабета — давай яе сюды! Спадабалася іншая — бяры таксама, калі ласка. А тут пасадзіш сабе бабу на карак і цягні яе ўсё жыццё. Навокал поўна кветак, а ты крапіву нюхай. Так я і застаўся нежанатым… І абыдуся… Няма дурных…

На Залатой Горцы Жардоня ведалі амаль усе. Ён меў мянушку Бусел Капыльскі. Буслам яго называлі праз высокі рост і смешную важнасць, з якой крочыў па вуліцы, а Капыльскім — ад назвы мястэчка Капыль, адкуль ён быў родам. Менавіта Філіп Жардонь быў першым настаўнікам свайго пляменніка Яся Нацэвіча. Філіп быў першы, хто пачаў вучыць хлопца жыццю і выкладаць яму сваю філасофію. Жардонь любіў размаўляць з Ясем. Яму падабалася, з якой уважлівасцю хлопец слухаў ягоную балбатню. Ясеў дзядзька найбольш любіў расказваць пра розныя фантастычныя спосабы, як стаць багатым, напрыклад, з дапамогай д’ябла, якога можна пазней ашукаць. Яшчэ адна з ягоных любімых тэмаў — гэта жанчыны. Дзядзька пачуваўся абавязаным адукоўваць хлопца ў гэтым пытанні. Акрамя гэтага, такая навука прыносіла яму некаторае задавальненне, бо тады дзядзька пачуваўся важным і дасведчаным. Часамі ён разыходзіўся і перакрочваў пэўную мяжу. Зразумеўшы гэта, спыняўся і толькі шматзначна дадаваў:

— Вось, хутка і сам усё пабачыш… Не будзь тады лайдаком… Памятай, што табе дзядзька Філіп казаў.

Аднойчы Ясь пайшоў з дзядзькам на базар на Траецкую гару. Дзядзька меў на продаж пяць параў ботаў з халявамі. Жардонь разбіраўся ў абутку, бо сам вырабляў халявы ды меў шмат знаёмых сярод шаўцоў. Гэтыя знаёмствы дазвалялі яму танна пашыць боты з самай тандэтнай скуры ды потым выгадна іх прадаць на рынку. Звычайна ж ён, аднак, скупляў старыя боты, туфлі і чаравікі, сам іх рамантаваў, а потым выстаўляў на продаж, часта зарабляючы нават у тры разы больш, чым выдаткаваў.

Ясь, які навучыўся гандлявацца і расхвальваць тавар, насіў на базары боты ў руках. Калі знаходзіўся кліент, пераважна селянін з вёскі, то пачынаўся торг. У той жа час да Яся падыходзіў дзядзька, які рэшту тавару меў у мяшку, ды таксама пачынаў разглядваць боты і, у залежнасці ад сітуацыі, падбіваў цану. Гэтак разам яны прадалі ўжо шмат абутку.

Цяпер зрабілі гэтаксама. Сёння ім асабліва пашчасціла, таму ўжо праз гадзіну яны збылі ўвесь тавар і зарабілі досыць вялікія грошы. Дзядзька быў у добрым гуморы і аддаў Ясю дзясятую частку заробку. Акурат была субота. Дзядзька прапанаваў Ясю пайсці ў лазню. Жардонь любіў папарыцца і хацеў, каб Ясь пасцябаў яго бярозавым венікам. Пасля шостай гадзіны вечара яны рушылі ў лазню на вуліцы Хрышчэнскай. Жардонь меў там знаёмых работнікаў і не плаціў за ўваход. Яся ён таксама правёў задарма.

Ясь любіў мыцца, але адчуваў сябе няёмка сярод людзей, якія атачалі яго ў лазні. Голыя мужчынскія целы сваёй выродлівасцю, а часам нават пачварнасцю выклікалі ў яго агіду. Ён з жахам азіраўся і пільнаваў, каб на яго не выплюхнулі вады, якою перад гэтым мыўся нехта іншы. Яму здавалася, што нават паветра тут было атручанае потам і нясвежым дыханнем іншых людзей. Сам Ясь быў высокі, складны, гнуткі і моцны. Будова цела ў яго была гарманічная, а паходка зграбная.

Выгляд парылкі, а таксама гукі, якія ў ёй раздаваліся, прымушалі ўзгадаць пекла… У клубах пары на аслізлых запэцканых дошках, што беглі ўверх, як сходы, енчыла больш за дзесяць чырвоных торсаў, з якіх сцякаў пот і бруд. Ясь зацята сцябаў гарачым венікам па старых касцях дзядзькі, які, нібы мазахіст, парохкваў ад задавальнення:

— Ата-та-та!.. Давай!.. Яшчэ… мацней…

Потым усе паліваліся ледзяной вадой. Гэта была праверка сэрца і лёгкіх на вынослівасць. І аж дзіва, што так рэдка ў такіх святынях гігіены нехта паміраў.

Нарэшце Жардонь і Ясь пасля дзвюх гадзінаў у пекле вылезлі ў чысцец у прылазніку і там доўга адпачывалі. Дзядзька дастаў з кішэні паліто чацвярцінку гарэлкі і два бутэрброды. Філіп выпіў тры чвэрці з бутэлечкі, а рэшту прапанаваў Ясю. Той адмовіўся, але з апетытам з’еў хлеб з салам.

З лазні яны выйшлі досыць позна. Калі праходзілі праз уязную браму, дзядзька раптам спыніўся, а потым сказаў:

— Хадзі… Пакажу табе нешта…

Яны пашыбавалі ў глыб цёмнага падворку, што з бакоў асвятлялі мутныя прамавугольнікі вокнаў. Некаторыя былі досыць ясныя, іншыя запацелі знутры і былі цьмяныя. Яны прайшліся лабірынтам з вялізных складаў дроваў і апынуліся ў далёкім закутку, каля аднаго з вокнаў. Яно было досыць высока. Дзядзька ўзяў з найбліжэйшай кучы дроваў некалькі паленаў ды паскладаў іх крыж-накрыж, зрабіўшы невялікія падмосткі. Стаўшы на іх, яны маглі добра бачыць вялікую ды светлую летнюю залу для жанчын.

— Ціха, не шумі, — сказаў дзядзька шэптам. — Глядзі цішком.

Зала, у якую Ясь уляпіў зрок, была першага класу. Там стаяла шмат лавак з мармуровай паверхняй.

Блішчэлі металічныя краны і мядніцы. Святла было дастаткова.

Ясь пабачыў каля дзясятка жанчын, якія мыліся. Зусім голых кабет ён бачыў упершыню. Хлопец адчуў, што сэрца ў грудзях пачало то заціхаць, то біцца з неверагоднай сілай. Яму перахапіла дыханне. Ён саромеўся, што падглядае за жанчынамі, але разам з тым не мог адарвацца ад гэтай карціны. Некаторыя з жанчын былі вельмі брыдкія, але большасць — маладыя і вабныя. Яму здавалася, што ён бачыць незямных істот, невымоўна прыгожых, якіх нельга ўявіць і апісаць хоць якімі словамі. Ён адзначыў сабе, што жанчыны маюць прыгажэйшыя рухі, чым у мужчынаў. Ён не мог адвесці вачэй ад высокай, дзябёлай, пэўна, ужо немаладой бландзінкі з цудоўнай фігурай. Ейная скура зіхацела, круглыя формы і пругкія грудзі блішчэлі, цела выгіналася, а кожная яе поза, нават самая непрыстойная, была поўная грацыі.

Ясь быў зачараваны музыкай яе рухаў і ціхенька дрыжаў. Раптам ён адчуў погляд кабеты на сваім твары. Ён рынуўся назад і саскочыў з падмостак. Дзядзька таксама кінуўся за ім следам з падмостак на зямлю.

— Чаго ты? — ціха запытаў Жардонь.

— Не, нічога…

— Не хочаш болей глядзець?

— Не…

Дзядзька паклаў на месца палены, і яны выйшлі на вуліцу.

— Такога ты ні ў адным кабарэ не пабачыш, — тлумачыў Ясю дзядзька. — Падумай толькі, якія грошы людзі плацяць, каб на голую жаночую нагу паглядзець! А тут усё як на талерачцы! Тут табе ніводная нічога не падробіць. Якая ёсць, такую і бачыш.

Дзядзька ніяк не мог адысці ад пабачанага і яшчэ доўга расказваў Ясю пра жанчын, павучаючы яго:

— Ты жанчыне ніколі не вер. Яна цябе заўсёды ашукае. Кабета можа быць і мякенькай, і салодзенькай, але яна найгоршае для нас стварэнне. Яна так умее аблытаць і падпарадкаваць сабе, што канец. Ужо ніколі з яе абдымкаў не вызвалішся!

Ад першага свайго настаўніка Ясь даведаўся шмат бязглуздай лухты ды пачуў бясконцую колькасць самых неверагодных гісторыяў, а навучыўся ад яго толькі гандляваць. Гэта ж было яму на вялікую карысць. Часта ён выходзіў на Нізкі рынак і там цярпліва чакаў добрай нагоды, каб купіць нейкую сапраўды танную рэч, якую пазней, вычысціўшы або адрамантаваўшы, прадаваў нашмат даражэй. Бывала, што нават цягам аднаго дня яму ўдавалася купіць некалькі розных рэчаў і адразу ж іх прадаць па выгаднейшым кошце. Ясь назбіраў ужо крыху грошай, якіх не распускаў, пакінуўшы іх на гандаль. З буйных заробкаў ён амаль усё аддаваў маці, а часам нешта перападала і сястры. Сам жа ён пакуль курыў найгоршы тытунь і ўвесь час марыў пра большыя прыбыткі. У праекты свайго дзядзькі хлопец не верыў. Ён пераканаўся, што гэта былі толькі фантазіі старога дзівака, якога, аднак, любіў за добрае сэрца, арыгінальны характар і зычлівасць да іхняй сям’і.

Другім настаўнікам Яся быў ягоны сусед з падворку, які здымаў невялічкую кватэрку з аднаго пакою і кухні, у тым самым доме, дзе жылі сёстры Пажарскія. Гэта быў манцёр тэлефоннай станцыі Віктар Уменскі. Манцёр быў грузным мужчынам сярэдняга росту. Выглядаў ён даволі арыгінальна: валасы заўсёды былі падстрыжаныя пад самую скуру, твар быў шэры са шматлікімі вуграмі і воспінамі, погляд у яго быў мутны, цяжкі, рухі надзвычай марудныя.

Уменскі меў дзве любові: музыку і слясарную справу. Уся ягоная кватэра была заваленая нейкімі металічнымі дэталямі і кавалкамі дроту. Акрамя таго, там месцілася цэлая механічная майстэрня, уключна з такарным станком. А на сцяне, пры якой стаяў ложак, вісела гітара і дзве мандаліны. У свой вольны час Уменскі альбо нешта майстраваў, альбо граў на гітары ці мандаліне. Граў ён слабавата, хоць слых меў добры. Перашкаджалі кароткія, заўсёды пакалечаныя пальцы.

Калі Уменскі толькі пасяліўся ў доме пад нумарам 157 па суседстве з сёстрамі Пажарскімі, то тыя спачатку моцна абураліся, калі ён ладзіў свае канцэрты. Яны проста пачыналі грукаць кулакамі ў сцяну. Манцёр неяк не вытрымаў і пайшоў да іх, каб запытаць, што адбываецца.

— Нам замінае вашае гранне… У нас хворыя нервы, мы гэтага не зносім.

— З хворымі нервамі, то трэба да доктара, — рашуча сказаў Уменскі. — А ў сцяну, калі ласка, мне не стукайце!..

Вярнуўся да сябе і зноў пачаў перабіраць гітарныя струны. У адказ тры пары кулакоў пачалі малаціць у сцяну з яшчэ большай напорыстасцю… Насамрэч музыка Пажарскім не перашкаджала, зрэшты, яна была ледзь чутная ў пакоях сясцёр. Але старыя дзевы вылучаліся сваім паганым характарам і рабілі ўсё магчымае, каб хоць неяк ускладніць жыццё і нарабіць клопату сваім суседзям, нягледзячы нават на тое, што пасля гэтага горш было толькі самім Пажарскім… Калі зноў пачаўся стук у сцяну, манцёр узяў вядро вады і яшчэ раз скіраваўся да сясцёр. Жанчыны, якія заядла валілі ў сцяну, нават не заўважылі ягонага з’яўлення. Уменскі шырока размахнуўся вядром і выплюхнуў усю ваду на жанчын, якія істэрычна грукалі кулакамі. Пажарскія ўскрыкнулі і павярнуліся да дзвярэй. Іх спаткаў халодны, спакойны позірк Уменскага.

— Калі мала… то я магу яшчэ прынесці, — прамовіў ён задуменна, стоячы на парозе.

Старыя дзевы нават не піскнулі. Манцёр выйшаў і з гэтага часу граў, калі толькі хацеў.

Вольнаю хвіляй Ясь ахвотна хадзіў у госці да суседа, а той прымаў яго з радасцю. Хлопец вучыўся граць на мандаліне і праз паўгода ўмеў абыходзіцца з інструментам нават лепей за свайго настаўніка. Цяпер яны часта гралі ўдвух: Ясь — на мандаліне, а манцёр акампанаваў яму на гітары. Ясь меў добрую памяць на мелодыі, таму ўзбагаціў іхны рэпертуар песнямі, якія недзе выпадкова пачуў.

Калі Ясь пачаў гандляваць на базары, манцёр прапанаваў яму прадаваць запальнічкі ды зрабіў некалькі на пробу. Аказалася, што запальнічкі маюць попыт. З той пары другі настаўнік Яся прысвячаў увесь свой вольны час вырабу запальнічак і ўжо меней — музыцы. Абодва яны былі задаволеныя адзін з аднаго. Яся крыху дзівіла, што манцёр жыве гэтак самотна і ніколі нічога не расказвае пра сваіх родных ці знаёмых. Але хлопец ніколі не распытваў суседа пра гэта.

Здараліся выпадкі, калі манцёр вяртаўся дадому п’яны. Адбывалася гэта раз на два або тры тыдні. Тады манцёр не чакаў, калі Ясь завітае, а сам ішоў яго шукаць, клікаў да сябе і частаваў гарэлкай. Ясь піў неахвотна, без смаку. Уменскі мігам гэта заўважыў і сказаў:

— Ты не змушай сам сябе піць. Я часам заліваю вочы. Такое ўжо ў мяне паскуднае жыццё. Гарэлка можа быць для аднаго лекамі, а для іншага атрутай. Гэта як калі. Ты, от, выпі троху для весялосці.

Ясь меней піў, а больш еў. Манцёра разбірала, яму развязваўся язык, і ён пачынаў шмат гаварыць пра невядомыя Ясю рэчы. Пры гэтым Уменскі даволі часта называў хлопца таварышам, што Ясю здавалася дзіўным ды нават смешным, бо розніца веку паміж імі была больш за дваццаць гадоў.

— Павінен быць трыбунал справядлівых, — пераконваў Яся манцёр. — Каб была цвёрдая рука, каб трымала людзей за морду, каб буржуй не мог на машынах катацца і за мяжою скручваць сабе шыю, калі тут ягоныя працаўнікі з голаду дохнуць. Вось ты, напрыклад, мог бы вывучыцца, стаць інжынерам або якім вучоным. А не можаш. Чаму? — тут Уменскі сек рабром далоні па стале. — Во не маеш за што. А чаму не маеш за што? Бо тое, што табе трэба на навуку, нейкі там паскуднік прапіў, прагуляў, пабудаваў сабе пяты дом або ў банку замураваў. І сам ні гам, і другому не дам! Вось якая тут фізіка!

І паволі ў мазгі Яся, зрэшты, без вялікага поспеху, пачалі пранікаць мутныя, поўныя дэмагогіі фразы. Манцёр, бадай, больш гаварыў для сябе, чым для хлопца. Але Ясь пакрысе прывыкаў да новых тэрмінаў і паняццяў. Ён дазнаўся, што існуе класавая барацьба, эксплуатацыя, буржуазія, пралетарыят. Але гэта зусім яго не цікавіла і не ўзрушала. Уменскі заставаўся для яго старэйшым прыяцелем, а не недарэчным дэмагогам, які хаатычна выкладаў яму звесткі пра грамадскія і эканамічныя стасункі.

Трэцім настаўнікам Яся стаў Алік Баран. Ён найбольш падабаўся Ясю. Не малоў лухты і не даваў парадаў, як сябе паводзіць у інтымных сітуацыях, як гэта рабіў дзядзька; не плёў незразумелых рэчаў пра сацыялізм і камунізм. Размаўляючы з Ясем, Баран заўсёды канкрэтна акрэсліваў пэўную справу. Ён быў негаваркі, упэўнены; меў разумны і глыбокі погляд. Яго заўсёды лёгка было зразумець, і ён сам заўсёды імгненна схопліваў, пра што Ясю вядзецца.

Аднойчы Баран паклікаў да сябе хлопца і запытаў, ці мае той вольны час. Калі Ясь адказаў, што не мае нічога да работы, Баран пасадзіў яго каля шавецкага варштата і папрасіў, каб хлопец пачытаў яму газету. Ясь спытаў, няўжо шавец сам не ўмее чытаць.

— Умею, але слаба, — сказаў Баран.

Ясь хутка прачытаў усю газету. Фельетон Вовы Круцікава «Паліцыя і злодзеі» Ясь прачытаў на просьбу Барана два разы.

— Але ён іх і паддзеў! — скаментаваў Баран.

— Каго? Злодзеяў?.. — не зразумеў шаўца Ясь.

— Не… Той Вова… Востра піша…

— Так.

Калі Ясь чытаў, Баран тым часам майстраваў нешта з абутку. З той пары Ясь даволі часта, пачуўшы, што кватарант нешта робіць за перагародкай, стукаў у дзверы і прапаноўваў пачытаць газету. Неяк ён зазірнуў да Барана з кнігай і прачытаў яму пару апавяданняў Чэхава. Аліку гэта вельмі спадабалася, і ён сам неаднойчы прасіў, каб хлопец яму пачытаў. Ясь з радасцю згаджаўся. Праз некаторы час Баран захацеў паправіць абутак для Яся і ягоных родных. Хлопец вельмі саромеўся, але Баран яго падбадзёрыў.

— Ты не муляйся! Я табе з сэрцам хачу дапамагчы. Мне паправа няшмат каштуе.

Баран адрамантаваў Нацэвічам пяць параў абутку і падчас працы даручыў Ясю прышыць латку. Перад гэтым навучыў, як трэба рабіць. Ясь выканаў першую шавецкую работу цалкам добра. Тады Баран загадаў яму рабіць набойкі на абцасы. Спачатку работа ў Яся не ішла. Ён нават зламаў шыла. А цвікі ў яго выскоквалі са скуры, калі ён біў па іх малатком. Але потым усё пачало спорыцца. А ўжо праз некалькі дзён Ясь даволі спраўна абыходзіўся з шылам і малатком, выконваючы лягчэйшыя направы. Тады Баран пачаў вучыць яго арудаваць дратвай і ўплятаць у яе шчаціну, што зусім нялёгка… Незаўважна для сябе Ясь перайшоў да рамонту абутку на замову. Дагэтуль жа Баран не прымаў нічога на рамонт. Ён змайстраваў толькі некалькі параў чаравікаў і туфляў, і то не дзеля заробку, а каб замыліць людскія вочы і паказаць іншым, што ён сапраўды шавец. Цяпер час ад часу ён прымаў лягчэйшыя замовы і даваў працу Ясю, спакойна і цярпліва вучачы яго, а калі трэба было, то сам заканчваў работу. Пару разоў Баран аддаў Ясю заплату за працу, якую той цалкам альбо часткова выканаў. Хлопец не згаджаўся браць грошы. Тады Баран сказаў з напорам:

— Бяры і канец! Будзе час, то вывучу цябе на шаўца! І калі будзеш хацець. А цяпер бяры! Я ведаю, што такое голад. Я сам шмат перажыў. Са мной тых цырымоніяў не трэба.

І Ясь згаджаўся і браў плату за сваю дылетанцкую працу. Часцей за ўсё, аднак, здаралася, што Ясь чытаў Барану нейкую кнігу ці газету, а Баран гэтым часам напраўляў абутак, а грошы за працу ішлі ў кішэнь да Яся.

Цяпер справы ў Нацэвічаў наладзіліся. Голад ужо радзей заглядваў да іх у хату. Заробкі Яся на рынку разам з тым, што ён атрымліваў ад Барана, пакрывалі выдаткі на самыя неабходныя рэчы, перадусім на ежу. Ясева маці дзякавала Богу, што паслаў ім такога добрага кватаранта: «Ціхі, спакойны, а яшчэ Яся навучыць шавецтву». Цяпер жа хлопец, які раней пераймаўся і грыз сябе, што не можа дапамагчы сям’і, быў амаль шчаслівы. Цэлы дзень у яго быў нечым запоўнены. Базар, праца, навука ў Барана ды музыка ў манцёра займалі шмат часу, і яму не было калі нудзіцца.

Баран таксама шмат атрымаў ад сяброўства з хлопцам. Перш за ўсё цешыла яго свядомасць, што ён дапамагае бедным шпагатам, якія самі маглі б і не даць рады ў жыцці. Яшчэ ён вельмі любіў слухаць Ясева чытанне. Яно цалкам яго паглынала, хоць Баран гэтага і не паказваў. Акрамя таго, зносіны з Ясем, навучанне яго шавецкаму рамяству, гутаркі з ім суцішалі ягоную тугу па Паўцы. Баран з кожным днём усё мацней сумаваў па дзяўчыне і ўсё больш пакутаваў праз гэта. Ён заўсёды вельмі ўважліва слухаў, што яму чытаў або расказваў хлопец. Сам жа Алік адгукаўся надзвычай рэдка і заўсёды па нейкай справе, хоць столькі меў усялякіх цікавых рэчаў у галаве, што мог бы шмат кніжных тамоў запоўніць незвычайным зместам.

Неяк Баран запытаў Яся, ці мог бы той напісаць ліст. Хлопец з ахвотаю згадзіўся. Разам яны склалі да Паўкі ліст, у якім значылася:

Шаноўная панна Паўлінка!

Я вельмі хвалююся, не маючы ад Вас ніводнае вестачкі. Маё сэрца абліваецца крывёй, калі мяне раптам наведвае думка, што з Вамі магло стацца нешта дрэннае. Я б гэтага не перажыў. Удзень і ўночы я безупынку думаю пра Вас, таму хачу Вас запэўніць, што толькі смерць можа мне перашкодзіць мець Вас у думках і Вас абагаўляць.

Я б вельмі хацеў з Вамі пабачыцца, бо грызе мяне туга па Вашай асобе. Калі гэта магчыма, то вельмі прашу Вас у наступную нядзелю а гадзіне 5-й прыйсці на вуліцу Захар’еўскую — насупраць маёй кватэры. Я буду чакаць Вас з вялікай надзеяй і журбою ў сэрцы.

Я ласкава цалую вашыя пекныя ручкі і кірую да Вас маю бязмежную пашану. Заўсёды Ваш верны рыцар і адданы раб

Аляксандр Баран.

Рэдактарам гэтага ліста быў Ясь, які вышукваў у далёкіх засеках памяці сказы, прачытаныя некалі ў раманах, а Баран паслухмяна іх адбіраў, захапляючыся незвычайным для яго парадкам і квяцістасцю словаў. Калі адкінуць некаторы пафас, гэты ліст не быў перабольшаннем, а цалкам дакладна апісваў цяперашні стан Аліка і ягонае палкае каханне да дзяўчыны. Ніводнае слова там не было падманам або крывадушнасцю.

Гэта быў першы і апошні мілосны ліст у жыцці злодзея Аляксандра Барана.

Алік папрасіў Яся занесці ліст на вуліцу Славянскую і незаўважна для іншых сямейнікаў перадаць яго Паўлінцы. Алік патлумачыў Ясю, дзе с таіць дом Хурдзіча і як выглядае дзяўчына. Нагодай завітаць да Хурдзічаў стала патрэба забраць ужо даўно, пэўна, зробленую сабачую будку. Ясь з дарагой душой узяў на сябе гэтую місію і так спрытна яе выканаў, што вярнуўся ўжо праз гадзіну з вялікай зялёнай будкай і адказам на ліст, які Паўка напісала на аркушы паперы. Пасланне ад Паўкі ён урачыста перадаў свайму настаўніку. Расчулены Алік разгарнуў запіску і пачаў углядацца ў напісаныя ад рукі літары, якія ён не мог расчытаць.

— Што там напісана? — падаў ён аркуш Ясю.

Хлопец пачаў выразна чытаць.

Я здаровая. Пастараюся прыйсці а 5-й у нядзелю. Шлю Вам паклоны.

Паўліна Хурдзічанка.

Баран ззяў ад шчасця. Ён з удзячнасцю моцна паціснуў Ясеву руку. З таго дня трэці настаўнік Яся пачаў яшчэ больш прыязна ставіцца да свайго вучня.

Адзінай жанчынай-настаўніцай Яся пакуль была толькі Марыя Андрэеўна Лобава, якую жыхары дамкоў пад нумарам 157 называлі проста Марусяй. Лобава здымала другі канец дому, у якім жыла сям’я Івацэвічаў. Гэта была іх найбліжэйшая, непасрэдная суседка. Марусі было ўжо за трыццаць. Гэта была высокая, хударлявая і вельмі энергічная жанчына. Вылучалася яна вялікай самаўпэўненасцю і незвычайнай адвагай. Падчас некалькіх канфліктаў з жыхарамі суседніх дамоў яна паводзіла сябе гэтак дзівачліва, гэтак жорстка лаялася ды трэсла кулакамі, гатовая біцца, што ўсе назаўсёды згубілі ахвоту яе хоць калі чапаць. Пра яе суседзі дазвалялі сабе толькі пляткарыць. Калі гэтыя плёткі даходзілі да вушэй Марусі, яна толькі пагардліва гмыкала ў адказ ды смяялася або адказвала нейкім вельмі маляўнічым расейскім выразам.

Лобава апраналася вельмі элегантна. У яе было некалькі дыхтоўных сукенак надзвычай прыгожага фасону, шмат шыкоўных туфлікаў, а вясной яна любіла шпацыраваць з чырвоным шалем на галаве, што выдзяляў яе нават у натоўпе. Расказвалі, што муж Лобавай быў нейкім выбітным камуністам у Арле. І што ён не вытрымаў з шалёнай жоначкай, і яны разышліся.

Маруся працавала касіркай у бібліятэцы. Дадаткова давала прыватныя ўрокі французскай мовы. Пра яе казалі, што яна нарадзілася ў вельмі багатай купецкай сям’і ў Маскве, стала заўзятай камуністкай і выдала бацькоў, якіх расстралялі, а ўсю ўласнасць сканфіскавалі. Наагул пра Марусю пляткарылі вельмі шмат. Да вушэй Яся таксама даходзілі гэтыя чуткі, але не выклікалі ў яго адмоўных адносінаў да суседкі. Наадварот, наслухаўшыся плётак, ён пачынаў больш ёю цікавіцца і, заўважыўшы яе на двары, употай раз-пораз на яе зіркаў.

Лобава першапачаткова зусім не заўважала Яся. Але з пэўнага часу яна пачала ўсё пільней да яго прыглядацца, зрэдку нават, ідучы мімаходзь, усміхалася ў яго бок. Бывала, што яна нават пачынала з ім размову ды прапаноўвала прынесеныя з бібліятэкі кнігі. Спачатку кнігі былі рознага зместу, але пазней усё часцей пачалі з’яўляцца сярод іх парнаграфічныя публікацыі, якіх шмат было ў прыватнай бібліятэцы, але яны мала для каго былі даступныя. З кароткіх размоваў Лобава зразумела, што хлопец яшчэ нявіннік. А даючы яму кніжкі, яна меркавала распаліць ягоную фантазію.

Каб растлумачыць раптоўную цікавасць Марусі да Яся, трэба ведаць, што сталася пару тыдняў таму. Ясь выпадкова купіў на базары кнігу Я. П. Мюлера «Мая сістэма — 15 хвілін на дзень для здароўя». З усім сваім маладым запалам ён узяўся выконваць практыкаванні, апісаныя ў кнізе. Ён дакладна выконваў восем галоўных гімнастычных заданняў, а потым мыўся і абліваўся халоднай вадой з мядніцы, пасля чаго выціраўся і масажаваў цела, як і рэкамендавалася праграмаю. Калі ў Яся забралі кутні пакой, які пачалі здаваць Барану, ён мусіў пашукаць сабе іншага месца для практыкаванняў. У кватэры было нязручна і цесна. Зрэшты, падчас водных працэдур ён заліваў усю падлогу. Таму ён знайшоў зацішны закуток паміж сцяною іхнага дому і высокім плотам хаты нумар 159. Ён вылазіў туды праз акно свайго маленькага пакойчыку і пачуваўся там абсалютна свабодна. Нарэшце ён мог спакойна займацца гімнастыкай і купацца з пырскамі, як яму толькі падабалася. Неяк Маруся панесла мяса ў сваю камору, куды быў уваход з агульных сенцаў. А там акурат знаходзілася малое акенца, якое выходзіла на закуток, дзе Ясь займаўся спортам. Маруся, глянуўшы праз акенца, пабачыла маладога хлопца, які ў той момант вырабляў розныя гімнастычныя штукі. Яна адзначыла сабе, што хлопец быў зграбны і меў ладнае цела. Пра гэта ж аніяк нельга было здагадацца, калі ён быў у штодзённай адзежы. З таго часу кабета, адораная гарачым тэмпераментам, пачала рабіць малыя, але паслядоўныя крокі да таго, каб стаць настаўніцай Яся ў любоўным майстэрстве. У гэтай сферы яна мела вялікую кваліфікацыю і значныя дасягненні. Трыццаць два гады ейнага жыцця не прайшлі марна.

Ясеў дзядзька хутчэй за яго заўважыў і зразумеў Марусіны памкненні ды манеўры. Калі аднаго разу ён сядзеў з пляменнікам на лавачцы перад домам, Маруся якраз ішла ў горад. Ясь устаў і пакланіўся ёй. Жанчына ўсміхнулася і прыязна кіўнула яму галавой. Дзядзька ж шматзначна гмыкнуў і заўважыў:

— Глянь, як ідзе, як задам круціць! Проста ў госці запрашае… Мусіць, нечага ёй захацелася.

Ясь засаромеўся.

— Супакойцеся, дзядзька! Яшчэ пачуе…

— А чаго мне яе баяцца. Хай сабе чуе. Вялікая графіня мне знайшлася! — дзядзька пачаў перадражніваць Марусю, даволі добра падрабляючы ейны голас. — Ах, ах, ах, я такая вучоная, адукаваная. А мушу жыць у гэтай дзірцы, з нейкімі хамамі…

Маруся адразу ж зразумела, як Ясеў дзядзька ставіцца да яе і які ўплыў ён аказвае на хлопца, таму аднойчы паклікала Філіпа Жардоня да сябе і прапанавала прадаць на рынку ейныя старыя, лішнія рэчы. А было таго вельмі шмат. Жардонь спачатку не надта квапіўся на гэта, але Маруся з кожнага продажу давала яму вялікі працэнт за пасярэдніцтва, а пару разоў пачаставала незвычайна смачнай наліўкай. Так дзядзька аказаўся ў Марусіным лагеры. Неяк яны пачалі досыць шчыра гаварыць пра хлопца. Маруся прызналася, што Ясь ёй падабаецца, і яна хоча бясплатна вучыць яго французскай мове, бо ў жыцці ўсякае можа спатрэбіцца. Дзядзька на гэта ўсміхнуўся:

— Так, так… Трэба, каб яго нехта навучыў… Ужо самы час… Вядома, лепей вы, чым нейкая там бязмозглая гусь…

І дзядзька пачаў часцей размаўляць з Ясем пра Марусю. І цяпер ён не насміхаўся і не перадражніваў жанчыны.

— Паглядзі, як ідзе, ножкамі стрыжэ, як нажніцамі! Жанчына, я табе кажу, марцыпан, усе аблізваюцца. Эх, каб мне троху гадочкаў з карку скінуць, я б ужо да яе дабраўся… Баба, ці ведаеш, найлепшая акурат пасля трыццаткі, бо ўмее — гэта раз, — сказаў дзядзька з паднятым угору ўказальным пальцам. — А другое, — тут дзядзька знізіў голас да шэпту, — сама аблізваецца. Паварушы мазгамі.

Але Ясь не вельмі яго разумеў або рабіў выгляд, што не разумее. Як і раней, ён пазычаў у Марусі кнігі. У яе таварыстве ён быў ветлівы, мілы, але выглядала на тое, што ён яе баіцца альбо саромеецца. Маруся ж прапанавала яму бясплатныя ўрокі французскай мовы. Сказала, што мае шмат вольнага часу і ёй будзе прыемна нечым заняцца. Ясь ужо пачынаў вывучаць французскую ў гімназіі, якую кінуў праз адсутнасць сродкаў. Прапанову Марусі ён прыняў з удзячнасцю, але і з пэўнай збянтэжанасцю. Аднак потым маладзён супакоіў сябе, што зможа ёй аддзячыць прынамсі нейкай паслугай.

Гэткім чынам Маруся Лобава стала настаўніцай Яся. Абое былі пакуль адно адным задаволеныя. А дзядзька Жардонь толькі ўсміхаўся, слухаючы, як Ясь зубрыць французскія словы.

8 САМАЯ ВЯЛІКАЯ ТАЯМНІЦА ПАЎЛІНКІ

Баран стаяў на рагу вуліцы Захар’еўскай і Губернатарскай. Ён назіраў, як па бруку лілася шырокая брудна-шэрая хваля ўзброеных вайскоўцаў. Яны ішлі цяжка нагружаныя, грукаючы па бруку жалезнымі набіўкамі ботаў. Некаторыя пры хадзьбе абапіраліся на кійкі. Было відаць, што яны стомленыя. Але ў той жа час жаўнеры з цікавасцю прыглядаліся да будынкаў і людзей, якія высыпалі на ходнікі.

У горад увайшлі немцы. Вясна 1918 года прыйшла напоўніцу. Гараджане цікаўна прыглядаліся да чужынцаў і не ведалі, ці радавацца, ці плакаць. Можа, тыя ўрэшце навядуць парадак і дадуць магчымасць спакойна жыць і працаваць? А можа, пры іх наступіць голад, яны задушаць людзей падаткамі, пачнуць прымусова вывозіць на работы да сябе?

Баран купіў на Нізкім рынку сабе навясны замок на вонкавыя дзверы майстэрні. Ён разбіраўся ў такіх рэчах, таму замок выбраў цугальтовы, моцны, які немагчыма было адамкнуць шпількай або зрэзаць нажніцамі па металу і які вельмі цяжка было скруціць або зламаць шабрам. Гэта быў першы замок, які Баран купіў за ўсё сваё жыццё. Дагэтуль ён толькі адмыкаў або ламаў замкі.

Ужо некалькі тыдняў Баран інтэнсіўна працаваў, абсталёўваючы і ўпрыгожваючы сваю кватэру. У сваіх марах і наяве ён будаваў утульнае гняздзечка для сваёй салодкай залатой Паўці, хоць і ня ведаў яшчэ, ці спраўдзяцца ягоныя жаданні і ці яна захоча жыць разам з ім.

На аздабленне жытла Баран выдаткаваў амаль усе свае грошы, якія ён атрымаў як долю пасля абкрадання паліцэйскага кааператыву. Цяпер вечарамі ён выходзіў у горад ды шукаў сабе работы. Адмычкі ён усоўваў за халяву бота. Шабер ён трымаў за поясам, а ліхтар і шпілька, якой ён адмыкаў навясныя замкі, былі ў кішэні фрэнча. Але добрая праца яму не траплялася, а абы-чым ён не хацеў брудзіць сабе рук. Часамі ён наведваў трушчобу[25] Цыпы і там умерана піў гарэлку ды размаўляў са сваімі калегамі пра цяперашнія зладзейскія справы… Прыход немцаў злачынцы прывіталі з радасцю, бо ён быў ім на руку… Кожная змена ўлады давала шмат магчымасцяў, і тады яны найбольш зараблялі. Толькі Казік Марацкі, які нядаўна ўцёк з Вільні, дзе нямецкая акупацыя трывала ўжо даўно, быў незадаволены і сумны.

У гады вайны, падчас рэвалюцыі і пасля яе Менск стаў зладзейскай «зямлёй абяцанай»… радовішчам золата. Тут канцэнтравалася прыфрантавое жыццё расейскага войска і адміністрацыі, тут з рук у рукі розных легальных акул вайны перакідваліся казачныя сумы грошай. Тут на вецер выкідваліся цэлыя капіталы. Тут гралі ў карты, весяліліся і гулялі афіцэры, якія адпраўляліся на фронт або адтуль вярталіся. Найбольш зараблялі тут строчнікі[26], але і злодзеі ўсіх масцяў мелі тут спрыяльную прастору для дзейнасці. Таму Менск лічыўся сярод брацтва з-пад знаку шабра і адмычкі незвычайным месцам, не горшым за Кландайк у Паўночнай Амерыцы… У Менск з’язджаліся злодзеі з усёй былой Расеі. Тут былі адмыслоўцы з Адэсы, Варшавы, Масквы, Кіева, Вільні, Петраграду, Растова… З’ехаліся сюды таксама самыя шыкоўныя прастытуткі, каб цешыць франтавых рыцараў ды абіраць іх да ніткі. У горадзе аж кішэла ад прыблудаў, гатовых пажывіцца за чужы кошт.

Картачны азарт панаваў усюды і над усімі. Ён быў у клубах, гатэлях, прыватных казіно і прытонах. Уладарыў у кавярнях і рэстаранах. Акупаваў вакзалы, гандлёвыя плошчы. Нават у Губернатарскім парку гулялі на лаўках і паміж дрэвамі. Па начах у шмат якіх месцах гарэлі свечкі, пры слабым святле якіх таямнічыя групкі людзей спадзяваліся здабыць шчасце, якога не было ні ў іхным штодзённым жыцці, ні ў іх саміх. Гэтыя пошукі найчасцей заканчваліся паразай, часам стрэлам рэвальвера або ўдарам нажа. Азарт, п’янства і распуста шырыліся ўсё мацней. Чым больш гойдаліся і рваліся штандары на фронце, тым больш узнікала ўяўных штандараў Бахуса, Гермеса і Венеры.

Ва ўсім гэтым вэрхале прафесійныя злодзеі арыентаваліся найлепей. Яны былі самі сабе гаспадарамі і ўмелі крытычна і справядліва, як незалежныя і беспартыйныя грамадзяне свету, ацэньваць людзей і сітуацыі. Рабілі яны гэта дасціпна, блазнуючы і насміхаючыся з усяго, а спрыяльныя акалічнасці выкарыстоўвалі дзеля таго, каб жыць. На іхных вуснах нарадзілася і жыла адмысловая песня «Яблычак», біч і палітычная сатыра на кіроўных інтэлігентаў, якія не былі ў стане ўпарадкаваць ні сваё, ні чужое жыццё. Яны толькі прыдумвалі лозунгі, кідалі іх у народ, а потым самі ж іх і парушалі; ліквідавалі ідэі ды іх жа фабрыкавалі; каралі за злачынствы, а самі іх пашыралі; называлі ўласнасць крадзяжом і самі ўпотай прысвойвалі чужое. А іншых ліхадзеяў яны пераследавалі з нянавісці да канкурэнтаў і ад жадання пахваліцца сваёй сумленнасцю. Інтэлігенты-шпагаты маглі падманваць усіх, нават сябе, але толькі не гэтых канкістадораў лёсу, якія ўсё ўмелі ацэньваць і аналізаваць праз прызму шматгадовага досведу і назіранняў, з дапамогай вельмі тонкай інтуіцыі.

Таму па ўсёй Расеі і Польшчы гучаў «Яблычак», які адкрываў людзям вочы на ўсё, што адбывалася навакол.

А на нашай Украіне вельмі добрае жыццё, Кожны дзень там кулі свішчуць — і прыносяць забыццё. Украіна дарагая, мама мая родная, Немцы ўсё ў цябе забралі — ты цяпер галодная! Ленін Троцкаму сказаў: «Мы ўжо паабедалі. Купім клячу карую Пад’есці пралетарыю…»

Баран павесіў на дзверы свайго жытла салідны навясны замок, а таксама праверыў, ці добра ён зачыняецца і ці не мае дэфектаў. Удома ён меў шмат дарагіх рэчаў, як спецыяліст, ведаў, што абакрасці яго было няцяжка. І месца для гэтага падыходзіла. Ён не баяўся прафесійных злодзеяў, бо тыя за абы-што не бяруцца, але ведаў, што шантрапа[27] і фраеры ахвотна возьмуць усё, калі здарыцца лёгкая і зручная нагода. Для прафесійнага злодзея замок не перашкода ў працы, а наадварот, шмат чаго яму падказвае. Фраеру замок імпануе і нагадвае пра пакаранне з боку ўладаў і часам — што для фраера менш страшна — пра нябесную кару.

Недалёка ад дзвярэй, адразу каля ганка, стаяла будка Мілага. Сабака ўважліва сачыў за працай Барана, падымаючы напераменку то правае, то левае вуха.

Хурдзіч пастараўся і зрабіў для сабакі цудоўнае жытло. Будка была моцнай, цёплай, выгоднай і прасторнай. У ёй была нават падлога і брылёк над улазам, каб дождж не трапляў усярэдзіну, калі вецер дзьмуў бы спераду. Звонку будка была памаляваная ў зялёны колер алейнай фарбай. Калі з’явілася сабачае жытло, Баран забраў Мілага ад Уладзя і зрабіў жывёліне нешта накшталт наваселля. Купіў вялікую каструлю, у якой бы гатавалася ежа для чатырохлапага, і дзве міскі: адну — для вады, а другую — для корму.

— Будзеш жыць у мяне, як у палацы, — казаў Баран Міламу, шчодра высцілаючы будку сенам, якога яму напрыносіў Уладзь Заяц.

Баран дамовіўся з Ясевай маткай, што яна будзе гатаваць сабаку ежу. Разам яны прыблізна вызначылі, што яму будзе трэба, і Баран даў ёй на гэта грошы. Нацэвічыха з сэрцам ставілася да чатырохлапага гадаванца, а Ясь з Галяй з радасцю пра яго клапаціліся, носячы яму ежу і змяняючы ваду. Але ім так і не ўдалося заваяваць ягонай прыхільнасці. Сабака заўсёды быў злы і недаверлівы. Ён шчэрыў зубы і бурчаў, калі нехта, нават знаёмы, да яго набліжаўся. Усіх ён лічыў ворагамі. Мілы трываў толькі Барана, які смела браў яго на рукі і гладзіў, не звяртаючы ўвагі на глухое бурчэнне сабакі, стуленыя вушы і скурчанае цельца. Баран цяпер часта выцягваў Мілага з буды, прыносіў у дом і выпускаў на падлогу. Звычайна ён клаў перад ім кавалак кілбасы або хлеба і размаўляў з ім… як з чалавекам… Асноўнай тэмай «размоваў» была Хурдзічанка…

— Ты пачакай, — прамаўляў Баран да сабакі. — Вось пераселіцца да нас Паўця, то вось дзе ты тады зажывеш… Будзеш мець тады сваю гаспадыню… І то якую! Толькі ты не сабака, а свінтус, бо ты ж яе ўкусіў… Каб мне больш не рабіў такога, а то атрымаеш у косці… Паўця добрая… У яе сэрца залатое… Я яе за гэта люблю, і ты павінен палюбіць…

Мілы ўважліва прыслухоўваўся да словаў свайго гаспадара, але ніякай радасці з чаканага прыбыцця Паўлінкі не выяўляў. Натуральна, ён мог і не разумець Барана, бо здараецца і сярод людзей, што нават кемлівыя галовы зусім не ў стане сцяміць, што ім кажуць іншыя. Затое Барана толькі адна думка, што Паўка, магчыма, будзе жыць з ім разам, прыводзіла ў захапленне і напаўняла радасцю. Таму ён цешыўся і за сябе, і за Мілага.

На рагу вуліцы Захар’еўскай і Славянскага завулку некалькі апошніх гадоў размяшчаўся цырульны салон. Зверху над дзвярамі там вісела шыльда: «Анатоль — мужчынскі цырульнік. Стрыжэ і голіць». Справы ў салоне ішлі добра. У цырульніка было шмат сталых кліентаў, і ён добра зарабляў.

Анатоль быў летуценнікам і любіў чытаць. Кожную вольную хвіліну ён праводзіў за чытаннем. Кнігі ён браў час ад часу ў гарадской бібліятэцы на Хрышчэнскай вуліцы. Калі бібліятэкар пытаўся ў яго, што ён хоча, Анатоль нязменна адказваў: «Што-небудзь пра графаў ці графінь». З цягам часу ён стаў хадзячай энцыклапедыяй з масай інфармацыі пра жыццё арыстакратаў, і нават стыль мовы ў яго стаў такі напышлівы, кніжны. А да кліентаў ён звяртаўся па-галіцыйску: «пан граф», «пан дзедзіч». Гэтыя звароты не раз бянтэжылі паспалітых менскіх мяшчанаў і дробных рамеснікаў, якія складалі большасць ягоных кліентаў. Але ніхто за гэта на цырульніка не крыўдаваў. Наадварот, кліенты любілі ветлівага мужчыну, які падчас стрыжэння ці галення не закрываў рота, расказваючы пра розныя здарэнні пры дварах польскіх і замежных магнатаў. Праз гэта некаторыя лічылі цырульніка таямнічай асобай, чалавекам добрага паходжання і з грунтоўнай адукацыяй, якога жыццё змусіла схапіцца за нажніцы і лязо.

Толіку было каля трыццаці пяці. Ён быў хударлявы, высокі і фізічна кепска развіты. Ручкі ў яго былі выпешчаныя, мякенькія, як далоні дзіцяці. На галаве ў яго красавалася вялікая лысіна, якую цяжка было схаваць, нават зачэсваючы яе з бакоў рэдкімі светлымі валасамі. Толік вельмі любіў сядзець зімою пры жалезнай грубцы, а летам — на ганку з кніжкай у руках. У вопратцы Толік наследаваў графаў, таму апісанне яго адзення я лічу лішнім. Дадам толькі, што ягоныя ўборы былі старанна прадуманым спалучэннем розных графскіх строяў з некалькіх кніжак.

Менавіта гэты Толік быў ідэалам і першым каханнем Паўкі. Пазнаёміліся яны выпадкова. Паўка некалькі разоў на тыдзень хадзіла са збанком па малако на вуліцу Даўгабродскую. Аднойчы, гэта была вясна 1917 года, Паўця вярталася дадому з поўным малака збанком. Непадалёк ад цырульні Анатоля ручка збанка, так бы мовіць, «скончыла свой век», а разам з ёю і гліняны збанок, які грымнуўся вобзем. Паўця стаяла ў разгубленасці, пераводзячы зрок з разлітага малака на мокрую сукенку і назад. На дапамогу ёй паспяшаўся Анатоль, які акурат сядзеў з кнігай на ганку салону. Ён завёў дзяўчыну ў цырульню, ачысціў ёй шчоткай сукенку і пазычыў іншы збан са свайго халасцяцкага запасу. Ён даў ёй нават грошы на малако. Дзякуючы гэтаму Паўка пазбегла скандалу, які б абавязкова выбухнуў удома, калі б бацька даведаўся, што яна пабіла збанок і разліла малако. Пазней дзяўчына, паразмаўляўшы з маткаю, вярнула цырульніку грошы і збанок, адчуўшы з таго часу да яго вялікую сімпатыю. Толік жа вырашыў, што граф, пра якога ён чытаў у апошнім рамане, на ягоным месцы абавязкова б закруціў раман з гэтаю дзяўчынай. Зрэшты, цырульнік і сам меў у гэтай сферы вялікі досвед. Скарыць сэрца Паўкі ў яго атрымалася лёгка. Спачатку ён прыязна вітаўся з ёю, калі яна праходзіла міма, а гэта здаралася ўсё часцей. Зрэдку ён перакідваўся з ёю некалькімі словамі пра надвор'е і месяц. Нарэшце ён запрасіў яе на першае рамантычнае спатканне. Яно адбылося вечарам на вуліцы. Наступнае — у цырульні. А трэцяе — у пакоі, які прылягаў да цырульні. Пасля трэцяга спаткання Паўка стала жанчынай і палюбоўніцай Толіка.

Паўка закахалася ў цырульніка. Ён быў такі незвычайны, гэтак моцна адрозніваўся ад іншых людзей з ейнага атачэння. Ад яго заўсёды прыемна пахла мылам, пудраю і адэкалонам. Ён так прыгожа апранаўся. А якія меў манеры!.. Са свайго боку Толік аніякіх асабліва палкіх пачуццяў да яе не меў. Зусім інакш магло б быць, калі б яна была графіняй або дачкой графа. А так што ў яе было незвычайнага: здаровая, маладая, сімпатычная дзяўчына і толькі. Ён лічыў нават ганьбай тое, што водзіцца з дзяўчынай з простанароддзя. Але іхны раман трываў і надалей. Паўка не абцяжарвала Толікава жыцця. А для дзяўчыны цырульнік быў першым каханнем. Чым мацней закранала яе жорсткасць бацькі і атачэння, тым больш яна прыкіпала душою да Толіка.

Паўлінка раўніва ахоўвала сваю таямніцу. Яна нікому пра яе не расказвала і была вельмі асцярожная. Таму пра раман з цырульнікам, які працягваўся другі год, ніхто не здагадваўся. Паўка ўжо даўно марыла, каб выйсці за Толіка замуж і пасяліцца разам з ім. Аднойчы яна сказала пра гэта цырульніку. У адказ Толік упершыню на яе раззлаваўся і нават злаяў яе, ужываючы зусім не графскія выразы. Паўка расплакалася і ўцякла, а цырульнік мусіў пазней шмат часу прысвяціць тлумачэнням, што ён ёй не пара, што ён можа ажаніцца толькі з асобай з вышэйшага свету, багатай, адукаванай, якая размаўляе па-французску, мае спадчынныя маёнткі і гэтак далей. Ён заявіў, што для Паўкі і так вялікі гонар быць яго каханкай. Дзяўчына зразумела ягоныя тонкія довады гэтак, як ён і хацеў, ды стала яшчэ больш пакорлівай. Часам яна плакала ад роспачы, але не магла знайсці для сябе іншага выйсця. Па-ранейшаму яна цішком уцякала на спатканні да Толіка, які ставіўся да яе з кожным разам усё халадней і нават з пэўнай пагардай. Аднак не адмаўляўся ад любошчаў з ёю, бо яму гэта пасавала і нічога не каштавала.

Пазнаёміўшыся з Бараном, Паўка не кінула бегаць да Толіка. Баран яе зацікавіў сваім магчымым багаццем. Потым ёй спадабалася ўпэўненасць, з якою ён абышоўся з ейным бацькам. Але калі яна даведалася, што ён шавец, то Баран цалкам упаў у яе вачах. А калі бацька пачаў ставіцца да Барана як да ейнага будучага мужа, Паўця моцна зажурылася. Яна вышмыгнула з дому да цырульніка і распавяла яму пра Барана і намеры бацькі. Цырульнік высмеяў ейнага будучага сужэнца. І дадаў, што для яе гэта самая адпаведная партыя. Аднак ён не парваў з дзяўчынаю і працягваў прызначаць ёй спатканні. Яна па-ранейшаму яго слухалася.

Праз некалькі дзён пасля таго, як Ясь забраў у Хурдзіча будку для Алікавага сабакі, цесляру перадалі ад Барана дзве пары галубоў. Гэта былі пародзістыя вінеркі і турчыны. Баран купіў іх у Ігнася Кулікоўскага, блатнога, які быў вядомы сваёй любоўю да галубоў. Баран ведаў, чаго не хапае Хурдзічу для поўнага шчасця, і не пашкадаваў часу ды грошай, каб раздабыць гэтых птушак. Яны былі шчодрай платай Хурдзічу за будку і пэўным спосабам канчаткова заваяваць ягоную сімпатыю. Задобраны Хурдзіч пайшоў назаўтра на базар і купіў для Паўкі матэрыялу на летнюю сукенку. Вярнуўшыся, ласкава паляпаў дачку па плячы і велікадушна ўручыў ёй падарунак:

— Ну, маеш!.. Не заслугоўваеш, але ўжо няхай, бяры сабе.

Матэрыял быў ружовага колеру і Паўці вельмі спадабаўся. Зараз жа яна пайшла да Лідзіі, і яны ўдзвюх доўга выбіралі, якога фасону мае быць сукенка. Яны раіліся, спрачаліся, крычалі адна на адну. Урэшце сукенка была пашытая. Рэч атрымалася ў Лідзіі на славу, а Паўця доўга круцілася перад люстэркам, разглядваючы сябе з усіх бакоў. «Вось каб Толік пабачыў!» — не выходзіла ў яе з галавы.

І гэтая думка прывяла яе да няшчасця.

Позным вечарам Юлік заўважыў, што сястра, якая даволі рана лягла ў ложак і нібы спала, раптам устала. Яна ціхенька апранулася і надзела новую сукенку, якую падрыхтавала раней. Пасля на дыбачках падышла да акна, адчыніла яго і бязгучна вылезла ў сад. Прымкнуўшы акно, яна знікла.

Юлік, натхнёны выпадкова навязанай яму бацькам роляй шпіка, сарваўся з ложка і таксама выскачыў праз акно за сястрою. Не адштурхнула яго нават перажытае фіяска падчас папярэдняй місіі. Цяпер ён дзейнічаў самастойна. Ён незаўважна сачыў за сястрою аж да цырульні, куды яна ўвайшла не праз галоўны ўваход, а з боку двара. Юлік падлез пад акно, якое выходзіла з пакойчыка Толіка на падворак, і пачаў прыслухоўвацца да галасоў сястры і Толіка, якія гучалі ўнутры. Яму ўдалося нават зазірнуць у пакой. Цырульнік і Паўця былі ўпэўненыя, што іх ніхто не бачыць, таму зусім не хаваліся і нічога не саромеліся. Праз гэта Юлік стаў сведкам усяго, што адбывалася ў пакоі. Відовішча было настолькі ашаламляльным для яго, што ён не вытрымаў і, нават не чакаючы заканчэння, як мага хутчэй пабег дадому.

Хурдзіч сядзеў за сталом і чысціў муштук для цыгарэтаў. Калі Юлік ціха ўвайшоў у ягоны пакой, бацька акінуў яго гнеўным позіркам.

— Чаму не спіш? — гыркнуў Хурдзіч.

— Татулечка, — пішчаў, трасучыся ад страху, Юлік. — Паўця ўцякла… Я сам бачыў… А цяпер з цырульнікам на ложку качаецца…

— Што-о-о?! — расцягнуў Хурдзіч, устаючы з крэсла і падыходзячы да сына.

Той ужо хлюпаў носам і запінаўся:

— Я не, татулечка… Гэта Паўка, татачка…

Хурдзіч выслухаў сына ды нарэшце зразумеў сёе-тое з ягонага блытанага лепету. Ён ведаў, што сын не падманвае. Зрэшты, ён сам схадзіў у пакой Паўкі і пераканаўся, што яе няма ў ложку. Пасля гэтага ён сказаў сыну:

— Атрымаеш новую шапку. А цяпер спаць, і каб нават піску не было!

Юлік як найхутчэй знік з бацькавага пакою. Ён яшчэ крыху хныкаў з перапуду, але і ўсміхаўся праз слёзы, уяўляючы на сабе новую шапку. Тым часам Хурдзіч выйшаў у сені і зняў з цвіка доўгую вяроўку. Вярнуўшыся ў пакой, ён паклаў яе на стале. Пасля запаліў цыгарэту і, седзячы пры стале ды абапёршыся кулакамі аб калені, чакаў.

Праз пятнаццаць хвілінаў лёгка зарыпела акно ў суседнім пакоі. Потым адтуль данёсся шоргат.

— Паўка! — цвёрда адрэзаў Хурдзіч.

Дзяўчына спужалася і застыла на месцы.

— Паўка! — зароў Тамаш.

Лёгкая паркалёвая фіранка, якая вісела ў дзвярах, адхілілася, і перад вачыма бацькі паўстала Паўлінка. Увесь ейны твар пакрыўся чырвонымі плямамі. Сама яна была ў ружовай сукенцы і з трывогай глядзела ў бацькаў твар. Дзяўчына бачыла імклівае набліжэнне навальніцы.

— Дзе была? — прахрыпеў Хурдзіч.

— На… на вуліцы… — выдыхнула Паўлінка.

— Кажы праўду, — са злосцю зарыпаў бацька.

— Чаго, татка, вы хочаце? — сказала Паўлінка.

— Чаго хачу? — бухнуў Тамаш. — От чаго я хачу!

Ён схапіў Паўку за руку, выкруціў яе так, што яна ажно ўкленчыла, а потым пачаў біць складзенай удвая вяроўкай. Удары былі моцныя. Хурдзіч у сваёй раз’юшанасці ні на што не звяртаў увагі. Яго разбірала штораз мацнейшая лютасць, і біў ён як апантаны. Паўка пачала выць і ажно заходзіцца ад плачу. У пакой убегла жонка Хурдзіча. Яна была ў адной начной кашулі. На твары ў яе застыў жах.

— Тамаш, даражэнькі, што робіш! — залямантавала кабета.

— Маўчы, бо і ты зараз атрымаеш!

— Пабойся Бога! Тамаш! — кінулася да яго жонка.

— Буду біць!.. Заб’ю суку… А што скажаш, не давала?!. А ты такая самая, як дачка!.. — роў Тамаш.

— Што ты кажаш?.. Супакойся! Калі?

— А мне не давала перад шлюбам? Скажаш, не? — грымеў Хурдзіч.

У гэты момант Паўка паспрабавала ўкусіць бацьку, як гэта ўжо некалі зрабіла. Хурдзіч загрэў ёй у твар вяроўкай, на ім адразу ж з’явілася чорная паласа.

— Скуру спушчу, а косці вылушчу! — лютаваў бацька.

Выпадкова канец вяроўкі зачапіў лямпу і пацягнуў яе са стала. Раздаўся звон пабітага шкла, і ў пакоі зрабілася цёмна. Хурдзіч застыў. Гэтую акалічнасць выкарыстала Паўка, якая сабрала ўсе сілы і выслізнула бацьку з рук. Хурдзіч кінуўся за ёй з крыкам: «Заб’ю». Левым бокам твару ён грымнуўся ў край дзвярнога праёму, якога не пабачыў у цемры, і, стогнучы, зваліўся назад на падлогу. У пакоі Паўкі пачуўся трэск рамы, якую, відаць, вельмі рэзка рванулі. У сад пасыпалася шкло ад шыбы. Паўка выскачыла праз акно і пабегла ў глыб ночы.

Баран вярнуўся дадому позна. Быў п’яны. Яму трапілася добрая работа. Зрабіў яе хутка, чыста, а шмокты адразу збыў скупшчыку. Разам яны і выпілі за ўдачу. Кульнулі яны моцна, так што скупшчык доўга і бязладна нешта мармытаў, аж пакуль не з’ехаў з крэсла пад стол. Баран, які меў моцную галаву і мог піць вельмі шмат, выцягнуў скупшчыка з-пад стала і кінуў у адзежы і абутку на ложак. Сам пайшоў дадому. Ён нават не хістаўся, а ішоў досыць хуткім і энергічным крокам. Ідучы, увесь час усміхаўся і нешта шаптаў, нібы да Паўкі. А на мосце праз Свіслач ён прыпыніўся і доўга глядзеў уніз. Здавалася, што рака нясе яго разам з мастом некуды далёка — у краіну шчасця. Праз некаторы час ён пачаў чытаць самому сабе чатырохрадкоўе, пераблытаныя словы, якія нарэшце склаліся разам у пэўную цэласць:

Паўка, Павачка, Паўлінка! Наймілейшая дзяўчынка! Ці ты бачыла ў сне, Як кахаю я цябе?

Ён сам прыдумаў гэты вершык, хоць ніколі ў жыцці не прачытаў ніводнага паэтычнага радка. Ён сам для сябе адкрыў рыфму і рытм. Няўклюдна. Але чаго можна патрабаваць ад чалавека, які пракладаў сабе шлях у жыцці адмычкамі, а нават свайго вершу ён не мог запісаць на ўспамін, бо не ўмеў… Але каханне, нягледзячы ні на што, шукала формаў, у якія магло б выліцца.

Ён пайшоў далей. Яго несла шчасце. Ён не пераставаў паўтараць свой верш і ўвесь час усміхаўся.

У майстэрні Баран, не здымаючы фрэнча, сеў на крэсле пасярод памяшкання і, ссунуўшы шапку назад, доўга сядзеў моўчкі, ловячы неслухмяныя думкі і мары, якія бушавалі ў галаве. Раптам дзвярная ручка варухнулася. Потым нехта націснуў на яе яшчэ мацней. Дзверы адчыніліся, а за імі паказалася Паўлінка. Баран нават спачатку не пазнаў яе. Дзяўчына была ў падзёртай у некалькіх месцах ружовай сукенцы. Валасы зблытаныя. Ейны твар перасякаў шырокі чорны след ад удару. Яна стаяла ў дзвярах і цяжка дыхала, а па твары цяклі слёзы.

Баран паволі падняўся з крэсла:

— Паўлінка? — прамовіў ён ціха.

Дзяўчына не адазвалася. Закрыла твар рукамі і пачала ціха ўсхліпваць.

— Паўлінка!

Баран падышоў да дзяўчыны і асцярожна даткнуўся да ейнага пляча.

— Што здарылася? Скажы!..

— Бацька… біў… я ўцякла… — выціснула з сябе дзяўчына.

Баран пачуў, як нешта кальнула ў сэрцы. Яму зрабілася нязносна горача. Далоні самі сціснуліся ў кулакі. Але праз момант ён прыйшоў у сябе і замітусіўся па пакоі.

Хвілінаю пазней Паўця ляжала ў Барановым ложку. На твары ў яе быў халодны кампрэс. Баран сядзеў каля ўзгалоўя і аберуч трымаў дзяўчыніну далонь. Ён ні пра што не пытаў, а толькі з жалем і болем глядзеў на каханую дзяўчыну. Неўзабаве Паўлінка заснула. Яна пачувалася ў бяспецы пад апекай шаўца, які — як яна даўно зразумела — закахаўся ў яе па вушы.

Ранак заспеў Паўлінку ў ложку, дзе яна моцна і спакойна спала. Баран таксама заснуў на невялічкім дыванку з заечых шкурак, які ляжаў на падлозе адразу каля ложка. Праз сон ён нешта мармытаў. Злодзей заўсёды спаў неспакойна і баяўся, што можа нагаварыць у сне такога, чаго нельга выдаваць. Таму ён намагаўся ніколі не начаваць у фраераў, а калі ўжо здаралася такая патрэба, то стараўся трапіць на ноч у асобнае памяшканне.

Цяжка было зразумець, што кажа Баран. Словы былі невыразныя. Блытаныя сказы абрываліся. Часамі ён нешта шаптаў. Можа, у сне ён расказваў наіўны вершык пра каралеву свайго сэрца, да ног якой кінула яго жыццё.

9 ЯК ЯСЬ ПАКАШТАВАЎ ЧОРНУЮ КАВУ

Тры разы на тыдзень Ясь хадзіў на заняткі французскай мовы да Марусі Лобавай. Настаўніца мела арыгінальны метад. Спачатку яна чытала Ясю з кнігі нейкі кароткі анекдот або апавяданне. Потым тое самае чытаў Ясь, прычым Маруся папраўляла ягонае вымаўленне. Потым яна тлумачыла яму змест. Пазней яны разбіралі ўсе сказы па чарзе, прычым Ясь запісваў у сшытак невядомыя яму выразы. Калі ён ведаў усе словы і мог без памылак прачытаць тэкст, Маруся задавала яму пытанні, адказаць на якія можна было сказамі з тэксту ці яго фрагментамі. Потым Ясь самастойна рабіў пераказ па-французску. Гэтак ён дакладна засвойваў французскія словы і звароты. Навука ішла лёгка, і Ясь рабіў поспехі. Граматыкі Маруся свайму вучню не выкладала. Вучыла яго як дзіця: давала штораз новыя серыі словаў і дапамагала ўжываць іх на практыцы.

На самым пачатку Маруся ставілася да свайго вучня досыць строга і холадна. Але з цягам часу яна пачала мякчэць, стала менш вострай і патрабавальнай. Некалькі разоў таксама здарылася, што за Ясевы поспехі яна гладзіла яго па валасах або па шчацэ.

На твары ў хлопца тады выскокваў румянец, і ён не ведаў, як сябе паводзіць. А Маруся толькі ўсміхалася ў адказ на яго збянтэжанасць і сарамлівасць.

Маруся імпанавала Ясю і падабалася як жанчына, але ў гэтым было мала эратычнага: хлопец перадусім захапляўся ейнымі ведамі і манерамі. Маруся была зграбнай, элегантнай, мела шмат дыхтоўных упрыгожанняў. Яна ўмела пекна ўбрацца, Яна пырскалася нейкай дзіўнай парфумай, ад якой яму рабілася незвычайна слаба. Хлопцу здавалася, што гэта пах ейнага цела і валасоў. Кабета ўсё больш прываблівала яго, але адначасова ён усё больш баяўся яе. Гэта быў страх таго, што, як ён адчуваў, можа паміж імі адбыцца, чаго ён, зрэшты, у сваіх марах вельмі жадаў. У параўнанні з ёй ён бачыў сябе такім нехлямяжным, брыдкім, што гэта яго яшчэ больш бянтэжыла. Ясь шмат чытаў і чуў пра стасункі між мужчынам і жанчынаю. Сам пра гэта таксама часта думаў. Употай ён жадаў ужо не адну жанчыну ды шмат за імі назіраў. Але калі здараліся нават добрыя нагоды, то ён аніяк не мог наважыцца. Нават думка пра пацалунак была для яго страшнай, хоць і спакуслівай.

А Маруся памалу, чэрпаючы з гэтага асалоду, чаравала хлопца. Яго сарамлівасць была для яе віном, якое яна смакавала як добры знаўца… Аднойчы яна прыняла яго ў адным ранішнім халаціку. Яна загадала яму прысесці за сталом і чытаць адно з ранейшых апавяданняў. Настаўніца папраўляла яго і адначасова мылася за ягонымі плячыма. Хлопец чуў за спінаю плёскат вады, гук намыльвання і лёгкіх дотыкаў ды скуры, і перад ягонымі вачыма зноў з'явілася тая жанчына, якую ён бачыў голай у лазні. Ён падумаў: «А што б яна сказала, калі б я павярнуўся?» Яму вельмі хацелася гэта зрабіць, але ён адначасова адчуваў, што на свеце не існуе такой сілы, якая б змусіла яго гэта зрабіць. Таму ён чытаў далей, збіваючыся і выклікаючы гнеўныя папраўкі Марусі, якая рабіла гэта ненатуральным тонам. Выцершыся пасля купання, яна пачала шалясцець шаўковай бялізнай. Потым уселася за стол, застаўлены безліччу разнастайных флакончыкаў і шкляных пляшачак самых розных памераў і формаў. Там перад люстэркам яна рабіла ранішні туалет. Ясь чытаў далей, прыслухоўваючыся да рухаў Марусі, паглынаючы пахі духоў і пудры, якія разыходзіліся па пакоі.

— А цяпер перакажыце гэта сваімі словамі, — кінула ў ягоны бок кабета.

Ясь пачаў мямліць, намагаючыся выказацца па-французску. Блытаўся ў добра знаёмых фразах. Не мог нармальна скласці ніводнага сказу.

— Што гэта такое?.. Прачытайце, калі ласка, яшчэ раз з самага пачатку, — да яго вушэй даляцеў Марусіч голас.

Ён перапыніў свой блытаны аповед і стаў чытаць спачатку. Гэта таксама ў яго не надта атрымлівалася. Праз момант ён пачуў: «Ну, прынамсі чытаць ужо можна было б навучыцца». Тады неспадзявана ўперад прасунулася Марусіна рука, якая нібы незнарок даткнулася да яго перадплечча, а пазней кранулася кнігі на стале. Другая яе рука лягла на ягонае правае плячо. Ясь адчуў цяпло ейнага цела. Яго ноздры хваляваў пах пудры. Маруся гучна, свабодна і выразна чытала сказ за сказам. Некаторыя з іх яна каментавала. Ясь баяўся паварушыцца і ўвесь пачырванеў, як бурак. Яго агаломшыла блізкасць жанчыны, ейны пах, голае плячо. На лобе ў яго з’явіліся кропелькі поту, а шчокі і вушы гарэлі. Ён аддаў бы ўсё, каб урок урэшце закончыўся. Сам сабе ён здаўся бязглуздым і нікчэмным. А адначасова абудзілася ў ім звярыная цяга да кабеты, жаданне накінуцца на яе, прынізіць, спрычыніць боль за тое, што яна гуляецца з ім, прымушае яго пакутаваць. Усё гэта было такім салодкім і адначасова трывожным, што думкі пра гэтую жанчыну замітусіліся яшчэ больш хаатычна.

Маруся прыкідвалася, што не заўважае Ясевага стану. Яна прымала яго ўсё больш разняволена і ва ўсё больш скупой адзежы. Жартавала з ім. Распытвала, ці ён хоць раз быў закаханы ў нейкую дзяўчыну і якія жанчыны яму найбольш падабаюцца. Аднойчы яна пачала вучыць хлопца танцаваць. Зацягнула пад носам мелодыю нейкага вальсу, падхапіла Яся і пачала круціць спалоханага хлопца па пакоі.

Аднаго разу ў нядзелю пасля заняткаў Маруся даволі доўга размаўляла з Ясем, расказвала яму пра Францыю і Парыж, дзе некалі жыла з бацькам два гады. Гэтым разам ейны строй быў някідкі, сама яна была прыязнай, далікатнай і асабліва падабалася Ясю, які з вялікай цікавасцю слухаў яе апавяданні. Яна ж не правакавала і не рабіла нічога, што магло збянтэжыць вучня. У гэты момант яна ставілася да яго як да роўнага і векам, і ведамі. Ясь меў уражанне, што дачыняецца з даўно знаёмым, зычлівым прыяцелем. Калі Лобава сабралася, каб выйсці ў горад, Ясь устаў і развітаўся з ёю.

— І яшчэ адно, — сказала Маруся. — Я запрашаю сёння да мяне а пятай. Добра?

— Не ведаю… — нясмела адказаў Ясь.

— Чаго вы не ведаеце?

— Ну… не ведаю, ці належыць… Не хацелася б вам назаляць…

— Усё гэта глупства! Вы мне зусім не назаляеце… А сёння мой дзень нараджэння… Я тут нікога не ведаю… Таму запрашаю вас на чорную каву… У мяне акурат ёсць вельмі смачная… Прыйдзеце?

— Добра…

— Тады а пятай.

Маруся вырушыла ў горад, а Ясю раптам прыйшло ў галаву, што жанчыне трэба падарыць кветкі… Гэтая думка зарадзілася ў яго, калі ён зрокам наткнуўся на адзінокі і буйны куст бэзу, што густа разросся каля ўваходу ў жытло Барана. Куст рос у бяспецы, бо недалёка была будка Мілага, і сабака адстрашваў жыхароў дамкоў і вулічных мінакоў, якія б хацелі пажывіцца бясплатным бэзам.

Дзень для Яся цягнуўся нясцерпна доўга. Пасля абеду ён апрануў свой найлепшы гарнітур, які захаваўся яшчэ з перадваеннага часу. Каля трэцяй гадзіны ён заўважыў, што Маруся вярнулася з гораду. Тады ён незаўважна нарэзаў з бэзавага куста вялікі букет ды схаваў яго ў сянях. Некалькі разоў ён заходзіў у кватэру і глядзеў на будзільнік. Нарэшце роўна а пятай з букетам бэзу ў руках ён пастукаў да Марусі ў дзверы.

— Ах, якія ж прыгожыя кветкі! — сказала Маруся на падораны букет.

Хлопец пажадаў ёй «шчасця, здароўя і поспеху ва ўсім», што не раз сам чуў пры такой нагодзе. Маруся паціснула яму руку і падзякавала. Кветкі яна паставіла ў вялікі слоік з вадой, бо букет не змяшчаўся ў аніводнай вазе. Пасля гэтага яна пасадзіла хлопца пры стале, які быў прыгожа накрыты для дваіх.

— Спачатку давайце вып’ем, — весела сказала Маруся.

Яна наліла ў кілішкі гарэлку, запраўленую вішнёвым сокам, і ўрачыста прамовіла тост:

— За нашае вялікае сяброўства!

Пазней загучалі іншыя тосты.

Ясь пачуваўся штораз лепей і вальней, пагатоў Маруся пазбягала ўсіх тэмаў, якія маглі б бянтэжыць або сароміць хлопца. Яна пачала расказваць пра Маскву. Яна распавядала так каларытна і цікава, што Ясь аж заслухаўся. Ён аж душыўся ад смеху з ейных жартаў, якія яна ўстаўляла ў аповед, і часам перапыняў яе, распытваючы пра падрабязнасці.

Маруся была адзетая вельмі стрымана: мела на сабе цёмную вузкую спаднічку і белую блузку з манжэтамі ды адкладным каўнерыкам. Валасы былі гладка ўкладзеныя, з праборам пасярэдзіне. Такая вопратка і прычоска яе вельмі маладзілі. Ясю цяпер здавалася, што яна нават маладзейшая за яго. Алкаголь ужо добра ўдарыў хлопцу ў галаву. А гэта знесла дыстанцыю, якая дагэтуль існавала паміж ім і жанчынай, нягледзячы на ранейшыя Марусіны старанні. Цяпер Ясь гаварыў свабодна і весела. Яму крыху заплятаўся язык, думкі ў галаве блыталіся, але ён адчуваў сябе дасканала, як ніколі.

Лобава час ад часу крытычна паглядала на Яся, але гэтак, каб ён не заўважыў. «Не ўмее піць», — зрабіла выснову жанчына і зноў напоўніла кілішкі.

— Давайце вып’ем за вясну! — сказала яна з вясёлым смехам. — За нашую вясну!

— Гэта значыць за вас… Бо вы сама як вясна… такая… такая… — Ясь не мог знайсці адпаведных словаў.

— Ну, якая? Якая?

— Такая… ну, такая прыгожая і свежая, і ўвогуле… цудоўная…

— Ах, які ж ты мілы! — рассмяялася Маруся. — А ведаеш што!.. Знову кажу «ты»… Давай вып’ем на брудэршафт… Бо казаць на «вы» — гэта страшна нудна… А сам-насам давай будзем казаць сабе заўсёды «ты»… Як сябры… Добра?

— Вядома, — згадзіўся Ясь, нават не разумеючы, пра што вядзецца.

Лобава зноў наліла два кілішкі.

— Гэта робіцца вось так!..

Яна падала Ясю кілішак гарэлкі, пераклала сваю руку праз руку хлопца і міргнула, што можна піць.

— А цяпер трэба пацалавацца, — сказала Маруся, калі яны выпілі.

Жанчына паставіла кілішак на стол, узяла галаву Яся ў далоні і хутка пацалавала яго ў губы.

— Што, смачна?..

— Смачна… — адказаў Ясь, не ведаючы, пра што яго пытае: пра смак пацалунку ці гарэлкі.

— Цяпер я зраблю каву, — сказала Маруся. — Ты любіш чорную каву?

— Я?.. Не ведаю… Ніколі не піў…

— Што?! Ніколі не піў?.. Гэта ж самая цудоўная рэч на свеце!.. Гэта і яшчэ адно… За чорную каву я б душу аддала!

Маруся згатавала на нафтавай машынцы ваду і запарыла каву. Пасля гэтага яна дастала з малой шафкі бутэльку лікёру.

— Гэта сапраўдны кюрасаў. Самы любімы мой лікёр. Чорная кава, лікёр і крохкае пячэнне — гэта для мяне ежа багоў…

Лобава гаварыла, смяялася і рыхтавала ўсё для кавы. Напоўніўшы вялікія, зусім не кававыя філіжанкі гарачай цёмнай вадкасцю, яна падала іх хлопцу і загадала добра пасаладзіць.

— Ведаеш, даражэнькі, кава мае быць чорная, як ноч, гарачая, як пекла, і салодкая, як каханне.

Ясь піў каву, еў пячэнне і з захапленнем глядзеў на Марусю, якая мружылася ад задавальнення, кусаючы пячэнне, і вучыла хлопца, як трэба правільна піць лікёр з кавай. Праўда, тут Маруся парушыла адно сваё правіла, дадаўшы ў філіжанкі амаль столькі ж лікёру, што і кавы. Ясь ужо добра захмялеў. Ён весела рагатаў з Марусіных жартаў і сам не зусім складна расказваў ёй розныя анекдоты і смешныя гісторыі, якіх шмат пачуў ад дзядзькі Жардоня і ад знаёмых з ніжніх і сярэдніх слаёў мяшчанства. Неспадзявана для Марусі ён стаў вельмі дасціпны. Яго пастаянная чуйнасць і асцярога ў адносінах яе зніклі. Ён шчыра весяліўся і зусім не адчуваў аніякай збянтэжанасці.

— Але ж тут і горача! — сказала раптам Маруся. — Ух!.. Ты не будзеш супраць, калі я крыху раздзенуся?

І не чакаючы адказу Яся, яна зняла блузку і спаднічку, застаўшыся толькі ў лёгкай кароткай сподняй кашулі блакітнага колеру. Ясю гэта не падалося дзіўным. Яму было прыемна на яе глядзець. Яна падавалася яму прыўкраснай німфай паветра. А яна і сапраўды была зграбнай, гібкай ды вабнай.

Маруся пругка падбегла да Яся і села яму на калені, абняўшы за шыю.

— Ведаеш што, дурненькі, — сказала Маруся. — Я заўважыла, што ты зусім не ўмееш цалавацца.

— Ну, так… Не ўмею…

Маруся весела пачала вучыць хлопца тэхніцы пацалункаў. Яна заўважыла, што Ясь расхваляваўся, і ёй гэта таксама перадалося. Заняткі рабіліся ўсё больш гарачымі, ажно праз некаторы час і настаўніцы, і вучню заняло дыханне. Ясь адчуў, што ў яго пачалі ляскаць зубы, нібы ад холаду. Маруся змусіла яго ўстаць з месца.

— Табе холадна… мне таксама… Трэба троху паляжаць, сагрэцца і супакоіцца… адпачыць…

Хуткім рухам яна адкінула ўбок край коўдры на ложку і дапамагла Ясю раздзецца.

Хлопец дрыжаў. Калі ён застаўся толькі ў сподняй кашулі, то схапіў яе ўнізе за край, пацягнуў долу і бязрадна прамовіў:

— Я не хачу… Я баюся…

— Чаго?.. Дурненькі… — чамусьці шэптам сказала Маруся.

Ясь, раздзеты дагала, закрыў далонямі твар. Яго шчокі ўзмакрэлі ад поту. Ён адчуў, што Маруся пачала цалаваць яго ў грудзі ды супакойваць ціхім голасам:

— Не бойся, маленькі… Ты прыгожы як грэчаскі бог… Усё будзе добра… Гэта самая прыемная рэч у свеце…

Праз гадзіну, пасля псіхічных пакутаў, сораму і нейкай балеснай асалоды Ясь ціха ляжаў у ложку каля Марусі. Ён адчуваў пах ейнага цела, яна ж ціхенька смяялася, а потым сказала нібы знясіленым голасам:

— І нічога табе не сталася… А ты так баяўся… Цяпер ты прынамсі стаў мужчынам, ужо не смаркач болей.

Ясь неспадзявана сам для сябе выціснуў скрозь зубы:

— Я і раней быў мужчынам.

Маруся весела засмяялася.

Калі Ясь а восьмай выходзіў з кватэры Марусі, яна правяла яго да дзвярэй, каб зноў па яго выхадзе замкнуцца на крук. Яна абняла яго за шыю голымі, халоднымі цяпер рукамі і спытала:

— Ці спадабалася ж табе чорная кава?.. Што скажаш?..

— Нясмачная, — упэўнена адказаў Ясь.

— Можа, табе яшчэ спадабаецца яе смак. Дабранач.

Удома Ясь старанна вымыўся. Ён адчуваў да сябе агіду. Быў злы на Марусю. Тое, што сёння з ім адбылося і пра што ён даўно сніў і марыў, цяпер здалося яму жудасным, нават ганебным. Яму падавалася, што ён стаў горшым, стаў залежным ад той жанчыны, з якой зрабіў гэтак непрыстойны, неэстэтычны, брудны акт. Праз гэта ён адчуваў да яе крыўду і горыч. Калі ён ужо ляжаў у ложку, а ў ягоны пакой па нешта ўвайшла сястра ў адной кашулі — не такой прыгожай, як у Марусі, — ён узлавана гыркнуў на яе:

— Лазіць голая, як малпа! Не сорамна табе?

— Ты што? Здурнеў? — адказала здзіўленая Гэля.

— Я табе зараз здурнею!

Ясь падскочыў з ложка. Гэля, не чакаючы, што будзе далей, шмыгнула за дзверы.

10 ПІВОНЯ І ПЕЛАРГОНІЯ

Справа ад уваходу ў шавецкую майстэрню Барана буйна квітнеў вялікі куст бэзу. Сакавітыя, свежыя, цяжкія гронкі кветак іскрыліся ранкам у брыльянтавай расе, днём палыхалі ў зелені, а вечарам цяжка згіналіся долу. Гэта была магія вясны, яе сіла і хараство, яе чары… Гэтаксама буйна расквітнела ў сэрцы Барана каханне. Ён цалкам патануў у ім. Пазбавіцца кахання ён мог толькі вырваўшы сваё сэрца. Паўка зрабіла ягонае жыццё неверагодным. У святле кахання нават ейныя недахопы блішчэлі для Барана, як каштоўныя камяні. Яе капрызы і жаданні рабіліся для яго законам.

На другі дзень пасля з’яўлення ў яго Паўлінкі Баран, нічога ёй пра гэта не кажучы, пайшоў да Хурдзіча. Цясляр быў на падворку каля дому і нешта рабіў пры кучы дошак.

— Добры дзень, — прывітаўся Баран.

Хурдзіч нешта яму адбуркнуў, нібы з-пад палкі.

— А чаго вы гэта неяк но ў гуморы? — спакойна запытаў Баран.

— А што мне, танцаваць ці спяваць? Га? — рэзка адказаў Хурдзіч.

Баран прымружыў адно вока і сказаў ціха, спакойна, але ўпэўнена:

— Ты не вызвярайся, стары ёлупень! Я з табой як з нармальным чалавекам размаўляю, дык і будзь чалавекам, а не сабакам, бо я цябе навучу, як трэба з людзьмі размаўляць.

Хурдзіч выпрастаўся, вылупіў вочы і ашаломлена глядзеў Барану ў твар.

— Што-о-о?! — пацягнуў ён нізка і дзіка.

— Тое, што чуў!.. Я табе не Паўлінка… Са мной ты так не пагаворыш… Каб ты не быў ейным бацькам, то я б цябе навучыў яшчэ розуму, ты, фраерская дубіна!

Хурдзіч знямеў. Ён сутаргава сціскаў пальцы ў кулакі і цяжка дыхаў. А Баран казаў далей:

— Такога бацьку то толькі са скуры абдзерці… За што ты, боўдзіла, так яе збіў?

Хурдзіч ледзь не расказаў. Але ў апошні момант стрымаўся і кінуў дзёрзка, са свістам:

— Чаго ты хочаш?

— Хачу забраць яе рэчы.

— Няма тут аніякіх яе рэчаў! Тут усё маё! А ты тут чаго мне камандуеш? Га? Я зараз паліцыю паклічу!

— Спакойна! Спакойна! — сказаў Баран. — І паліцыяй не надта тут мне хваліся. Бо як я пайду з Паўкай да доктара, а пазней падам на цябе ў суд, то будзе яшчэ горш.

— А што табе да гэтага?

— Мне да гэтага тое, што я ейны жаніх, а як атрымаю метрыку з Вільні, то возьмем шлюб. А цяпер давай яе рэчы…

— Няма тут аніякіх яе рэчаў!

— Добра… То так сабе і запомнім, што Паўка нічога не мае… Усяго найлепшага…

Баран развярнуўся і выйшаў на вуліцу. Хурдзіч кінуў працу на падворку і пайшоў у дом. Ударыў за нешта Юліка і, лаючыся, хадзіў па пакоі. Пасля абеду ён паклікаў жонку і загадаў ёй сабраць Паўчыны рэчы.

— Якія рэчы?! — здзівілася кабета.

— Усе!.. Каб ніводнай ніткі яе тут не засталося.

— Бялізну таксама?

— Усё, я табе кажу! — тупнуў нагой Хурдзіч.

Тым часам Баран вярнуўся дадому і загадаў Паўлінцы ісці з ім у горад. Яны абышлі шмат крамаў, і Баран купіў для Паўкі некалькі камплектаў бялізны, панчох, сукенку і паліто.

— Гэта на пакуль… Потым купім больш і лепшага.

Яны вярнуліся дадому позна, нагружаныя пакункамі. Паўця вельмі цешылася з набыткаў і не пераставала дзякаваць Аліку. Баран пры гэтым штораз болей хмурыўся, стараючыся схаваць сваё задавальненне.

Вечарам пад майстэрню Барана заехала фурманка. Нюра — матка Паўлінкі — злезла з воза і ўвайшла ў будынак. Ацэньваючы, яна акінула зрокам памяшканне і звярнулася да Паўлінкі:

— Я прывезла табе рэчы… Татка прыслаў…

Баран прывітаўся з будучай цёшчай і выйшаў на ганак, пакінуўшы жанчын саміх. На падворку ён пабачыў невялікі воз, на якім быў жалезны ложак, масіўны кош з лазы з навясным замком, матрац і нейкія дробныя клункі.

— Куды выгружаць? — запытаў Барана фурман.

— Пачакай, — адказаў Баран і вярнуўся ў майстэрню.

Калі Баран увайшоў, матка Паўлінкі пачала з ёю развітвацца.

— Фурману заплочана, — сказала яна Барану.

Алік нешта ёй буркнуў у адказ, і жанчына выйшла з кватэры. Баран дагнаў яе і сказаў:

— Пачакайце, калі ласка! Тут ёсць яшчэ адна справа.

Жанчына стала пры возе, а Баран вярнуўся ў дом і ўсхваляваным голасам сказаў Паўлінцы:

— Распранайся… хутка…

— Навошта? — здзівілася дзяўчына.

— Я ім адашлю ўсё іхнае… Ну, давай!..

Баран гаварыў так рашуча, што Паўлінка не наважылася пярэчыць. У спеху яна пачала здымаць сукенку і бялізну. А потым падала іх Аліку праз шырму. Баран выйшаў на двор і, перадаючы рэчы Паўлінчынай матцы, сказаў:

— Бацька Паўкі казаў мне сёння, што яна ніякіх рэчаў не мае… Гэта хіба памылка… — ён кіўнуў галавою на воз. — Абыдземся і без ягонай ласкі… Едзь назад, — сказаў ён фурману.

І воз развярнуўся на вуліцу.

У майстэрні Баран сеў на зэдлік пры варштаце і доўга глядзеў у акно, пра нешта думаючы. Паўка выйшла з кватэры, а праз чвэрць гадзіны вярнулася з вазонам, у якім рос вялікі куст пеларгоніі. Вазон яна паставіла на падаконні.

— Падабаецца кветка? — запытала яна ў Аліка.

— Так… А дзе ты яе ўзяла?

— Прынесла ад сяброўкі… Тут будзе весялей…

— А як называецца?

— Пеларгонія…

— Пеларгонія, — задуменна паўтарыў Баран, а праз хвіліну дадаў: — Півоня і пеларгонія…

— А што за півоня? — не зразумела яго ГІаўця.

— Півоня — гэта ты…

Паўлінка акінула яго здзіўленым позіркам. Ёй была чужая гэтая паэтычнасць у пачуццях, якой Барана адарыла каханне. Для яе ўвага і далікатнасць Аліка былі камічнымі, а сам ён падаваўся ёй недарэчным.

Праз некалькі дзён Баран пачаў жыць з Паўлінкай як з жонкай. У любоўных справах ён быў неабазнаны, амаль наіўны і крыху суровы. Жанчын ён браў холадна, абыякава, нібы ад злосці, што час ад часу мусіць гэта рабіць. З Паўцяй ён разгубіўся. Тое, што яна таксама жанчына — як і кожная іншая, — стала для яго адкрыццём. Кожная ноч з ёю была іншай, кожная ноч давала яму безліч новых адчуванняў. Паўця спрытна выдала сябе за нявінніцу і старалася пераканаць у гэтым Аліка. Баран ёй не паверыў, але гэтае пытанне зусім яго не цікавіла. Ён ставіўся да яе заўсёды добра, лагодна, ветліва, але Паўця з нейкай прычыны яго баялася. Дзяўчына выхавалася ў дробнамяшчанскім асяроддзі і была прызвычаеная да бязглуздай, пустой, бессэнсоўнай балбатні. У той жа час Баран гаварыў наогул мала, акрамя таго, жыццё, поўнае выпрабаванняў і рызыкі, навучыла яго цаніць словы і прамаўляць іх толькі тады, калі яны насамрэч былі патрэбныя. Мора словаў, якімі людзі раскідваюцца, марнуюць час і псуюць характары, многіх робіць языкатымі робатамі… мутнай вадой… Баран, калі не ведаў справы, не ўлазіў у яе абмеркаванне. Калі справу вывучыў, то адразу і дзейнічаў. Гэтая Алікавая рыса турбавала і раздражняла Паўлінку, таму для ўласнага спакою яна ўголас разважала пра кожную дробную справу і цягнула каханка за язык.

— Ведаеш, Алічак, я хачу купіць фіранку на акно. Так прыгожа было б. Хіба не?

— Купі.

Баран не лічыў грошай, якія даваў Паўлінцы на вядзенне гаспадаркі. Памеры выдаткаў зусім яго не цікавілі. Паўця купіла дзве фіранкі, адну з якіх павесіла на акне. Глянуўшы на сваю працу, яна ажно пляснула ў ладкі ад захаплення:

— Ах, як жа цяпер прыгожа! Хіба не? Шкода, што няма другога акна, а то быў бы цуд. Вось дзе бяда!

— Павесь на дзвярах. Яны ж таксама шыбу маюць…

— А можа, і праўду кажаш.

Другая фіранка з’явілася на дзвярах. Паўця была задаволеная. Баран маўчаў. Фіранка на акне, пры якім стаяў шавецкі варштат, была камічнай, забірала шмат святла і перашкаджала ў працы. Але Баран нічога не сказаў.

— Ведаеш, колькі я заплаціла? Га? Амаль задарма ўзяла!

Паўця назвала нейкую суму, пасля чаго Баран глянуў на яе не то іранічна, не то са здзіўленнем. Ён добра арыентаваўся ў коштах і лічыў, што Паўця пераплаціла за фіранкі ўтрая.

«Ашукалі дурніцу», — падумаў ён.

Ён і не здагадваўся, што Паўця заплаціла менавіта столькі, колькі належала, а ў два разы большую суму ўтаіла ад каханка — для сябе.

— Ты не думай, што гэта дорага, — балбатала Паўця. — Гэта ж амаль як карункі. Хіба не?

Баран маўчаў. «Дзіця яшчэ», — думаў ён з чуласцю. А Паўця знаходзіла ўсё новыя патрэбы і, як сарока, сцягвала ў дом розныя брыдкія і бескарысныя рэчы. Кожны раз пры тым, у залежнасці ад апетыту і магчымасці, каб не выклікаць падазрэнняў, на любым набытку яна нешта «зарабляла».

У Аліка ж справы пагоршыліся. Ён згубіў зладзейскую чуйку. З цяжкасцю ён знаходзіў хоць нейкую работу і выконваў яе абы-як. А выдаткі раслі, таму ён пераймаўся і кідаўся на што-кольвек. Яму было цяжэй, бо цяпер ён заўважыў у сабе яшчэ адно новае пачуццё — страх. Ён баяўся трапіць у рукі паліцыі, каб Паўця не засталася адна. Раней ён працаваў асцярожна, але ўпэўнена. Умеў дачакацца самага спрыяльнага моманту і тады без вагання, з дакладнай ацэнкай сітуацыі здзяйсняў самыя цяжкія крадзяжы. Цяпер ён пачаў задумвацца там, дзе трэба было дзейнічаць. І вельмі сур’ёзна рызыкаваў, калі трэба было зрабіць усё вельмі акуратна, не пакідаючы па сабе ніякіх слядоў… Ён быў дасведчаны злодзей і ўсведамляў, у чым тоіцца прычына, але толькі зводзіў бровы на лобе і маўчаў з яшчэ большай упартасцю.

Аднаго разу Алік вярнуўся дадому познім вечарам. Прыехаў фурманкай і ледзь дакульгаў з вуліцы дадому. Паўця ўстрывожылася:

— Алічак, што з табой?

— Пабіў калена…

— Як? Дзе? Ці моцна баліць?

— Паслізнуўся.

Баран паслаў Паўцю да Стася Рамізніка. Уручыў ёй залаты пярсцёнак і перадаў, каб Стась яго прадаў. Акрамя гэтага, папрасіў, каб Стась пераслаў яму паўлітра гарэлкі.

Калі Паўка выйшла. Баран знайшоў нейкую старую кашулю і зрабіў з яе павязку. Ён меў разбітае калена і глыбокую рваную рану на лытцы левай нагі. Акрамя таго, у яго было яшчэ некалькі гузакоў і драпінаў. Усё гэта ад таго, што ўвечары Баран знайшоў зачыненую кватэру на трэцім паверсе і адразу ж, насуперак сваім правілам, усляпую ўзяўся за работу. Адчыніў адмычкай дзверы. Замкнуў іх за сабой, і, пакідаючы ў кватэры ўсе дзверы наўсцеж, па-хуткаму агледзеў памяшканне. Праверыў, што ў кватэры ёсць чорны выхад, і ўзяўся за работу. Усяго праз некалькі хвілінаў ён пачуў, што нехта скрабецца каля парадных дзвярэй. Ён хацеў як мага хутчэй выскачыць заднімі дзвярыма, але на сходах пачуў, што знізу падымаюцца нейкія людзі і стараюцца ціха размаўляць знерваванымі галасамі. Да яго вушэй даляцела слова «злодзеі». Тады Баран ціхенька пайшоў па сходах уверх.

Гэта была вялікая пяціпавярховая камяніца каля гатэлю «Еўропа». Баран зайшоў ажно пад самы дах і, можа, удалося б яму перачакаць пагоню, а пазней выйсці з камяніцы, але зверху спускалася нейкая жанчына, якая размінулася з Бараном у цемры. Калі жанчына, спусціўшыся ўніз, даведалася, што ловяць злодзеяў, яна адразу ж паведаміла шукальнікам, сярод якіх былі два паліцыянты, куды пайшоў Баран. Пагоня рушыла следам.

Прабіраючыся на паддашша Баран паспешна выламаў шабрам дзве дошкі ў сцяне адной з камораў, дзе сушылі бялізну, пралез і апынуўся ў доўгім цёмным памяшканні, завешаным шнурамі з мокрай адзежай. Ён мог аблегчыць сабе заданне і проста зламаць замок на дзвярах, якія вялі на паддашша, але хацеў змыліць і затрымаць пераследнікаў.

Праз вузкае акенца Баран вылез на дах камяніцы і пачаў паволі паўзці па краі ўздоўж вадасцёкавай трубы. Было цёмна. Ірваў моцны вецер. Рукі злодзея здранцвелі ад холаду. Кожны крок мог прывесці да падзення, бо труба была старая і пагнутая. Аднак Баран паволі дапоўз да краю даху з боку падворку. Тут ён пабачыў, што трапіў у пастку, бо дом стаяў далёка ад іншых. Ён апынуўся на краі прорвы. Абапёршы ногі на трубу, Баран лёг на даху і адпачываў, чакаючы, што будзе далей. Ён спадзяваўся, што пераследнікі не заўважаць выламаных і прысунутых на ранейшае месца дошак, праз дзірку ад якіх ён пралез на паддашак, і, пабачыўшы, што ўсе дзверы зачыненыя, падумаюць, што ён неяк уцёк з дому. Тады Баран мог бы перачакаць на вялікім паддашшы ноч, а для бяспекі і цэлы наступны дзень, і толькі тады адсюль выбрацца.

Надзеі Барана не апраўдаліся. Людзі, якія за ім гналіся, пачулі скрыгат бляхі і зразумелі, што злодзей схаваўся на даху.

— Абы не ўцёк на іншую камяніцу, — з трывогай сказаў адзін з паліцыянтаў.

— Не, не ўцячэ, — адказаў наглядчык дому. — Нашая камяніца асобна стаіць.

— Можа скочыць уніз, — дапусціў іншы паліцыянт.

— Дзе там! Ад яго застаўся б толькі мяшок касцей.

Праз некалькі хвілінаў па даху папаўзло святло электрычнага ліхтарыка. Адзін з паліцыянтаў, выхіліўшыся праз акенца, даследаваў дах. Праз момант ён заўважыў на адным з краёў даху, там, дзе заканчвалася вадасцёкавая труба, шэрую, згорбленую постаць чалавека.

— Гэй, ты там, паўзі сюды!

Баран не адгукнуўся.

— Паўзі, бо застрэлю!..

Баран выцягнуўся ўздоўж трубы і, перахіліўшыся праз край даху, пасвяціў ліхтарыкам уніз. Унізе быў цёмны контур двухпавярховай прыбудоўкі. Гэта былі складзікі дроваў. На даху прыбудоўкі выдзяляўся цёмны слой галін, складзеных там сушыцца, каб яны не займалі месца на падворку.

— Злазіш ці не?! — раздаўся крык, а неўзабаве пасля яго і стрэл.

Баран не адказаў. Ён схапіўся рукамі за трубу і павіс на краі камяніцы. Набраўшы паветра ў лёгкія, адпусціў трубу і ўпаў уніз… Целам ён змёў частку галінаў, праляцеў праз дах і ўпаў на дровы, а потым на падлогу. З усіх бакоў на яго пасыпалася паленне. Ён неяк выграбся з-пад яго і павольным крокам пайшоў праз цёмны падворак да брамы. Яго ніхто не затрымаў. Ён выйшаў на вуліцу, але боль у назе даваўся ў знакі, таму ён спыніў фурманку і прыехаў дадому.

Некалькі дзён пасля гэтага здарэння Баран не выходзіў з дому. Паўцю дзівіла, што Алік не прымаў замоваў ад кліентаў, якія прыходзілі ў майстэрню. Калі яму прапаноўвалі нешта адрамантаваць, то ён казаў, што старызны ўжо не направіш, калі замова была на новы абутак, то або спасылаўся на лішак працы, або на адсутнасць матэрыялаў. Кліентам, якія паводзілі сябе выключна нахабна, заломваў такія кошты, што яны самі ўцякалі з майстэрні. Зрэдчас, аднак, ён нешта прымаў. Здаралася, што ўзятую для вока работу ён аддаваў іншым майстрам. Усё гэта вельмі непакоіла Паўку, якая ад прыроды была вельмі хцівай. «Ён мог бы столькі зарабіць». Яна не звяртала ўвагі на тую акалічнасць, што лад жыцця, які яны вялі, не хапіла б заробкаў і пяці шаўцоў. Сама Паўця распускала шмат грошай, знаходзячы штораз новыя патрэбы. Не раз яна ўсё ж задумвалася, адкуль Алік бярэ грошы. Але пакуль не была ў стане разгадаць гэтую загадку.

З таго часу, як Баран пачаў жыць разам з Паўлінкай ён ніколі не заснуў, не пераканаўшыся папярэдне, што яна ўжо спіць. Ён баяўся, што ў сне можа збалбатнуць нешта, што яго выкрые. Аднойчы, гаворачы ў сне, ён пабудзіў каханку. Спалохаўшыся, яна пачала яго штурхаць і распытваць:

— Што такое? Што з табой?

— Нічога, нічога, спі!

Але аднойчы Паўка прачнулася апоўначы і не магла заснуць. Алік спаў. Цяжка дыхаў, часам нешта мармытаў, але Паўка не магла разабраць словаў. Раптам Алік пачаў гаварыць выразна і моцна:

— Здымі ж ты з мяне гэтыя кайданы… Так баліць… нага… Здымі кайданы… Дай разак… Трэба парэзаць заклёпкі. Толькі каб наглядчык не бачыў…

Ён трызніў некалькі хвілінаў, успамінаючы турму, кайданы, наглядчыкаў, страляніну, краты. Часам ён устаўляў незразумелыя Паўці словы з турэмнага і зладзейскага жаргону.

Паўця знепрытомнела. Не ад страху, а хутчэй ад здзіўлення. Яна ніколі б не падумала, што ейны каханак, такі салідны, паважны, спакойны, як яна высветліла, злачынец. Назаўтра Паўка падпільнавала на вуліцы матку, бо дадому вяртацца баялася, і расказала ёй слова ў слова тое, што чула ўночы.

— Турэмшчык, — адразу ж зразумела кабета.

— Я гэта з самага пачатку ведала, — нідзе не працуе, добра жарэ і апранаецца. Такому дык толькі жыць і жыць. Ручак не выпацкае, а золата на пальцах носіць.

Аднак сумленная матка не параіла дачцэ кінуць поўнага заганаў каханка. Наадварот, яна сказала:

— Цягні з яго ўсё, што можаш… Да такога ўсё лёгка прыходзіць… Памятай пра гэта! Не будзь дурніцай!

Ейная дачка і не была дурніцай. Яна расказала матцы, што ўжо і так шмат сабрала грошай, цягнучы іх са свайго каханка.

— Глядзі, дачушка, будзь разумніцай, бо пасля будзеш локці сабе кусаць, як кіне цябе і паляціць да ягой лафірынды альбо трапіць у турму. І забіць жа яго могуць.

На гэтым нарада маці і дачкі закончылася.

А Баран усё больш кахаў сваю дзяўчыну. Паўця была цэнтрам усяго ягонага жыцця, думак і ўчынкаў. Кожнае ейнае жаданне было для Барана святым, а кожны капрыз ён выконваў адразу ж. Ён жыў марамі, а тым часам рэчаіснасць жалезнай хваткай душыла яго за горла. Алік ведаў, што Паўлінка з ім няшчырая, што мала дае яму сваёй дабрыні, не клапоціцца пра яго, але вырашыў для сябе, што будзе цярпліва змагацца за ейнае каханне.

Калі б Алік умеў прыгожа гаварыць, калі б мог выказаць свае пачуцці і думкі, то, пэўна, гэтак бы ёй сказаў:

«Каханая! Ты для мяне сонца і кветка. Ты для мяне ўсё тое, што з цябе зрабілі мае мары і спадзяванні. Будзь жа такой і далей. А калі табе гэта цяжка і ты не можаш быць для мяне той, кім бы я хацеў цябе бачыць, то прынамсі прыкідвайся. Рабі выгляд, шануючы маё каханне, бо большага ты не знойдзеш ва ўсім свеце, бо ніхто цябе гэтак моцна не пакахае. Некаторыя будуць бачыць у табе толькі тое, чым насамрэч пагарджаюць, што называюць зняважлівымі імёнамі… Я ж цябе атачу хвалой, якой ніхто цябе не пазбавіць… Ты будзеш маёй багіняй, маёй душой, маёй тугою!.. Каханая! Што я магу табе даць?.. Я паднясу табе ўтульнасць, дастатак, магчыма, раскошу і аддам назаўсёды сваё беднае, гаротнае, спакутаванае сэрца. Будзеш у ім панаваць і жыць, пакуль яно само будзе біцца… Можа, невялікі гэта падарунак. Але ведай, што больш табе не прапануе нават самы багаты кароль… Для іншых ты толькі жанчына… можа, прыгожая… можа, поўная спакусы… Для мяне ж ты самая чароўная асоба ў свеце, даражэйшая за ўсе скарбы свету!.. Для цябе адной я б знішчыў усіх і ўсё…»

Гэтак адчуваў і думаў Алік Баран. І гэта б сказаў Паўці, калі б умеў прыгожа складаць сказы. А пакуль па-ранейшаму ён маўчаў, хмурыўся і ўсё думаў, думаў, думаў… Ён разважаў, як зрабіць Паўку шчаслівай… Паўця таксама напружана думала, як выцягнуць больш грошай са свайго каханка.

Такое жыццё. Баран змагаўся за скарб, якога ў душы простай мяшчанкі не было. Паўця, маючы гэтыя скарбы перад сваім носам, змагалася за мізэрную апранаху і залатыя цацкі.

А перад дзвярыма майстэрні ва ўсю квітнеў куст бэзу — гэта была магія вясны. А ў сабачым цельцы трапяталася іншае пагарджанае людзьмі і лёсам сэрца… шчанячае сэрца Мілага.

11 ЯСЬ РОБІЦЦА АСІСТЭНТАМ ПРАФЕСАРА НЯБЕСНАЙ МАГІІ

Не будзе перабольшаннем, калі я скажу, што Баран ніколі не адчуваў, каб яго нехта любіў ці кахаў. Бадай, яго любіла толькі матка, якой ён не памятаў. Фізічнага кахання Алік меў даволі, хоць ніколі не ганяўся за жанчынамі. З кабетамі ён меў бурныя прыгоды, але ніколі адмыслова не імкнуўся здабыць увагу жанчын, якія яму падабаліся. Гэтаму перашкаджаў нейкі дзіўны гонар. Ён лічыў, што яму, саліднаму злодзею, не належыць заляцацца і цацкацца з жанкамі. Ён меў шмат каханак: фраерак, злодзеек і прастытутак, але ніводная не скарыла ягонага сэрца, не заваявала ягоных думак, не апанавала душы. Сярод іх былі сапраўды цікавыя асобы, некаторыя незвычайна прыгожыя, іншыя — асабліва сярод злодзеек — добрыя і з цудоўнымі характарамі, але Баран на ўсё быў сляпы. Як мужчына браў сваё, даваў узамен, колькі мог, дый годзе.

Сяброў Алік таксама не меў. Былі супольнікі, былі калегі па рамяству і з турмаў, але сябра не было. А менавіта злодзеі, якія жывуць у пастаяннай атмасферы рызыкі, пад сталай пагрозай страціць свабоду альбо жыццё, найбольш прагнуць сапраўднага сяброўства і кахання ды тужаць па іх. Але Баран быў заўсёды такі халодны, такі закрыты, што кожны зародак чужога альбо ягонага ўласнага пачуцця адразу ж гінуў, не паспеўшы развіцца… Ён некалі, яшчэ дзіцём, вырваўся з халодных і вострых пазуроў смерці. Прайшоў праз пекла жыцця, якое зладзілі людзі і далі яму, няшчаснаму чалавечаму звярку, як спадчыну нашай культуры. Ён прыняў гэтую спадчыну, гэты лёс і ўрачыста нёс па жыцці, як кароль сваю карону. Ён краў адважна, лёгка, упэўнена… Яго зладзейскі інтэлект дапамагаў яму ацаніць кожную сітуацыю вельмі хутка і дакладна. Ён працаваў беспамылкова і спакойна, але разам з тым быў вельмі асцярожны, што некаму магло б падацца баязлівасцю. Ён, аднак, спалучаў у сабе смеласць леапарда і ягоную асцярожнасць. Як звер, якога загналі ў джунглі гораду, ён жыў дзякуючы звярынаму спрыту і інстынкту… Ён добра ведаў людзей і ўспрымаў іх як дзічыну, на якую паляваў з дзяцінства, і пагарджаў імі. Ён бачыў, наколькі яны хцівыя, подлыя, баязлівыя. Самі жывучы злачынна, яны нялітасціва каралі кожную правіннасць іншых. Калі ён краў і за гэта расплочваўся свабодай, здароўем, спакоем і жыццём, то нібыта сумленныя грамадзяне навокал заўсёды былі гатовыя паздзекавацца ці ашукаць слабых і безабаронных. Яны мелі сумневы толькі тады, калі баяліся, што іх выкрыюць. Баран купаўся ў садызме, фальшы, подласці грамадства і набраўся пагарды да людзей.

Адзіным сябрам Барана, такім жа маўклівым, такім жа асцярожным у адносінах людзей, недаверлівым да іх, быў сабака Мілы. Ён не ўмеў паказаць чалавеку сваёй любові, але меў яе даволі ўнутры.

Увесь запас цёплых пачуццяў, якія Прырода дала яму для ўсіх людзей, ён скіраваў цяпер на аднаго чалавека. А той чалавек, злодзей, таксама падарыў сваё сэрца толькі адной асобе — дзяўчыне Паўцы.

Паўлінка ж не магла знесці сабакі. Увогуле яна не любіла звяроў, як і кожная эгаістычная натура, а Мілага ўзненавідзела асабліва моцна.

Спачатку сабака ставіўся да Паўці абыякава, часта бачачы яе ў таварыстве свайго апекуна. Але аднойчы Паўка, калі Аліка не было ўдома, моцна ўдарыла Мілага, які ляжаў каля ўваходу ў майстэрню, нагой. Сабака кінуўся на яе. Яна ледзь паспела адскочыць убок. Тады дзяўчына ўзяла венік з дому і выйшла, каб выпісаць сабаку прачухацца. Сабака адышоўся на даўжыню ланцуга і, чакаючы, глуха бурчаў. Паўка забаялася, плюнула і вярнулася ў кватэру. З гэтай пары яна пачала здзекавацца з жывёліны. Паўка аблівала яе вадой. Не давала есці. А калі сабака быў вельмі галодны, рабіла з хлебнага мякішу шарык, уціскала ўсярэдзіну перац і кідала Міламу. Іншым разам яна дала яму хлеб з гарчыцай, потым са шклом. А аднойчы яна ўзяла мышыную атруту, дадала вялікую колькасць яе ў халодную зацірку, заліла малаком, каб страва прыемна пахла, і падсунула галоднаму звярку. Мілы не наблізіўся да заціркі. Гэта трывала каля трох тыдняў. Сабака жыў, бадай, толькі таму, што Ясь час ад часу выносіў яму косці і аб’едкі са стала. Гэтага было мала, і здаралася зусім не часта, але хапіла, каб сабака не здох.

Баран пакуль нічога не заўважаў. Тое было акурат тады, калі ў яго зусім не ішлі справы. Але аднаго разу, вяртаючыся з гораду, ён прыкмеціў, што ў сабакі скалечаны бок. Гэта Паўця лінула на жывёліну кіпнем. Баран толькі цяпер звярнуў увагу на Мілага. Ён падышоў да сабакі і пачаў гладзіць яго па галаве. Сабака, як звычайна, стуліў вушы ад ласкі гаспадара і з лёгкім бурчэннем схапіў зубамі руку Аліка ды трымаў яе. Ён не ўмеў падлашчвацца і патрабаваць увагі, як іншыя сабакі… Эх, каб ён толькі ўмеў скардзіцца, каб мог гаварыць…

Баран адзначыў сабе, што сабака страшна схуднеў. Шэрсць у яго пашарэла і аблезла. Ён згадаў, як Паўця яго ўвесь час пераконвала выкінуць сабаку, бо той нібыта робіць псоты і ўвогуле небяспечны. І цяпер яму стала ясна, чаму Мілы ў такім кепскім стане.

Ён зайшоў у дом.

— Ёсць абед?

Паўця ляжала ў ложку і чытала нейкую кнігу. Натуральна, пра графінь, што ёй даў пачытаць Толік, з якім яна не парвала адносінаў, а толькі захоўвала большую асцярожнасць. Не адрываючыся ад кнігі, Паўця адгукнулася:

— Ёсць… Вазьмі ў печы…

Баран падышоў да печы і выняў імбрык з вадою. Ён глянуў на дзяўчыну, якая і ў вус не дзьмула, занятая любоўнымі прыгодамі графа Альфрэда і графіні Альжбеты.

— Слухай, дзе абед?.. Няма часу…

Узлаваная Паўця села на ложку.

— Гарбата ў печы… Згатуй сабе… Ну, і яйкі звараныя… Вазьмі ў шафцы…

Баран насупіўся.

— Слухай, Паўця, ты тут не гыркай… Я да цябе па-добраму… Не хочаш гатаваць абедаў — не гатуй…

— А з чаго я табе абед зраблю? Га?

— Пазаўчора я ж даў табе грошы… І ўжо няма?..

— От даў!.. А я каструлю купіла, прачцы заплаціла, ну, і яшчэ там нешта… Капейкі ўжо не маю…

— То чаму не скажаш?

— Сам мусіш ведаць…

Баран вечарам вярнуўся дадому п’яны. Даў Паўлінцы вялікую суму грошай, якія пазычыў ад скупшчыка.

— Бяры, — сказаў ён. — Гэта на ежу… Павінна надоўга хапіць. На пакупкі я дам табе праз пару дзён асобна…

Паўця надзьмулася.

— Скажы мне, калі ласка, чаму Мілы скалечаны? — запытаў Алік крыху пазней.

— Не ведаю, — буркнула дзяўчына.

— А чаму так схуднеў? Пэўна, блага яго корміш?

— І зусім не буду карміць… Табе дварняк даражэйшы за мяне… Ідзі і цалуйся з ім… Жыцця няма праз тую пачвару…

Паўця пачала плакаць.

Назаўтра Баран пайшоў да Нацэвічыхі і папрасіў яе, каб яна зноў пачала даглядаць сабаку. Даў ёй грошы. Будку Мілага ён перасунуў да рага дому, пад вокны Нацэвічаў, там жа прымацаваў ланцуг.

Праз тыдзень да сабакі вярнуліся сілы. Шэрсць ізноў зрабілася бліскучай, а ён набраў вагі. Цяпер Баран, вярнуўшыся з гораду, пачаў прыносіць яму нешта з ежы і наагул часцей стаў да яго прыходзіць і гуляць. Можа, Алік зразумеў, што сабака — гэта адзіны ягоны сябар.

— Я не хачу жыць у прыбіральні! Разумееш? — крычала Паўка. — Сюды ўсялякая халера прыходзіць. Тут і спі, і мый, і гатуй! Усе людзі як людзі, а мы як ашавуркі нейкія. Я хачу мець свой пакой, а не жыць у майстэрні. Тут няма дзе павярнуцца.

Праз пару дзён Алік паразмаўляў з Нацэвічыхай і арандаваў у яе яшчэ палову вялікага сталовага пакою. Алік загадаў зрабіць дзве перагародкі, паставіць невялічкую пліту і зладзіць рамонт. Па некаторым часе Баран і Паўлінка мелі кватэрку з двух пакояў і кухні. Тут было ахайна і ўтульна. Паўця мела асобны пакой, а Баран, як і раней, спаў у майстэрні. Удзень Алік мала калі бываў удома, і Паўця магла свабодна запрашаць сюды сябровак і маці, а пару разоў сюды заглянуў і Толік.

Баран зразумеў, што Паўця хоча ад яго як мага больш унезалежніцца. Ён адклаў сабе ў галаве, што дзяўчына падманвае яго ў выдатках, што яна хцівая, зусім пра яго не клапоціцца, што стараецца яго выкарыстаць, што яна злая і нахабная. Але ён далей яе кахаў. Кахаў да шаленства — больш за само жыццё. Тут не дапамаглі б аніякія развагі. Каханне назаўсёды пасялілася ў яго сэрцы, а ён плыў на любоўных хвалях і кожны дзень піў салодкую атруту. Толькі ўсё больш рабіўся пануры і маўклівы. А Паўця спрытна лавіравала і порцыямі дзялілася з ім сваёй ласкай і пяшчотамі. Яна ўсведамляла ўласную ўладу над ім, сваю сілу і, як кожная подлая істота, злоўжывала ёй.

З таго часу, як Паўця займела свой пакой, яна вельмі рэдка з’яўлялася ў майстэрні. А штораз часцей пачаў заходзіць да Аліка Ясь. Хлопец зноў чытаў Барану газеты або кнігі. Алік нават папрасіў яго, каб маладзён павучыў яго чытаць.

Неяк Баран запытаў у Яся:

— Хочаш зарабіць?

— Вядома.

— То ідзі ў аптэку і купі віннай кіслаты. У краме купі паперу і клей, а потым зрабі дваццаць трохкілаграмовых пакункаў. Толькі глядзі, каб былі моцныя… А я тым часам нешта іншае вырашу… А, яшчэ купі распыляльнік.

Ясь не распытваў Барана, навошта ўсё гэта, бо ведаў пра яго скрытны характар.

— Толькі памятай, — сказаў Баран хлопцу. — Гэта блатная справа. Нікому ні слова… Ты хлопец надзейны, і я хачу даць табе зарабіць…

Ясь і не хацеў ні пра што пытацца. Ён шанаваў і любіў Аліка… А папярэджанне, што гэта блатная справа, вельмі яго пацешыла, бо Баран патрактаваў яго як роўнага. Хлопец ведаў, што блатныя — гэта злодзеі і ўсе, хто з імі супрацоўнічае. Ясь здагадваўся, што Алік — гэта не просты шавец, але хлопец быў стрыманы з натуры, таму ніколі не закранаў гэтай тэмы з Бараном і ні з кім не дзяліўся сваімі здагадкамі.

Хлопец борзда купіў усё, што трэба, і пачаў клеіць пакункі. Спачатку ў яго атрымлівалася не надта добра, але потым ён разарваў крамны пакунак і пачаў рабіць свае на ўзор купленага.

Праз пару гадзінаў пад майстэрню пад’ехала фурманка, і Баран прыцягнуў адтуль вялікі мяшок. Ясь адрапартаваў яму, што пакункі ўжо гатовыя, толькі павінны яшчэ падсохнуць. Ясь паказаў Аліку адзін са зробленых пакункаў. Алік, узяўшы яго ў рукі і агледзеўшы, застаўся вельмі задаволены:

— Клёва! У цябе рукі здатныя не толькі ў носе калупацца.

Баран замкнуў дзверы майстэрні і высыпаў на падлогу змесціва мяшка. Гэта былі вялікія і малыя крышталі нейкага белага рэчыва. Здзіўлены, Ясь пытальна зірнуў на Аліка. А той патлумачыў:

— Задума, разумееш, тут такая. Гэтае белае рэчыва — галын — каштуе тры рублі за кілаграм, а лімонная соль — шэсцьсот рублёў. Тут у нас семдзесят пяць кілаграмаў… Адпадзе з дзесяць кілаграмаў… Будзем мець з гэтага каля шасцідзесяці кілаграмаў. Ясна табе?

Ясь не вельмі яго зразумеў, але не выпытваў, ведаючы, што справа высветліцца сама.

Ясь і Баран узяліся за працу. Яны разбівалі малаткамі вялікія кавалкі галыну на невялічкія крышталі, у якіх звычайна прадаецца ў крамах нязмолатая лімонная кіслата. Вельмі дробны парашок, а таксама брудныя і непрыгожыя крышталі яны адкладалі ўбок, а добрыя і чыстыя скідвалі на вялікую посцілку, разасланую на падлозе. Праз некалькі гадзінаў інтэнсіўнай працы ўсё было гатова. Ясь падмёў майстэрню, сабраў у вядро адкіды і вынес іх у яму ў агародзе. Падчас працы Баран тлумачыў Ясю:

— У 1913 годзе такую ж штуку мы зрабілі ў Арле… Я меў сябрука аднаго, такі ўжо спрытнюга быў… шэльма і туфцяра[28]… мог нават чорту рогі скруціць… Такую лімонку мы тады, мусіць, у пяцьдзясят крамаў завезлі… Тут таксама добра пойдзе… але толькі адзін раз…

— А людзі не патруцяцца?..

— Дзе там!.. Найгоршае, што будзе, бабы абеды папсуюць… А нехта з купцоў і ў морду атрымае, што такую лімонку прадае…

Пасля гэтага Баран з Ясем змясцілі крышталі на посцілцы тонкім слоем. Баран узяў пульверызатар і спырскаў увесь слой разведзенай віннай кіслатой.

Праз пэўны час яны перамяшалі крышталі драўлянай лапатай і зноў папырскалі іх віннай кіслатой. Гэтак яны зрабілі некалькі разоў. Потым крышталі сохлі ў пакоі з адчыненым акном. Пасля гэтага Ясь збегаў да манцёра па вагі, а затым разам з Бараном рассыпаў крышталі па папяровых пакунках ды зважыў, каб кожны пакунак меў па тры кілаграмы. Нарэшце каля сцяны на падлозе быў выстаўлены ў радок дваццаць адзін трохкілаграмовы пакунак. Баран папырскаў яшчэ зверху змесціва кожнага пакунка і аб’явіў, што праца скончаная.

Ясь узяў з аднаго з пакункаў дробку крышталёў галыну і пачаў іх разглядваць. Ні сваёй формай, ні колерам яны не адрозніваліся ад крышталёў лімоннай кіслаты. Ён узяў некалькі драбінак на язык і таксама пераканаўся, што на смак цяжка было разабрацца, што гэта падробка.

Баран змясціў усё, што яны нарыхтавалі, пад ложкам і абвесціў, што продажам яны зоймуцца заўтра.

— Разумееш, трэба ўсё гэта прадаць за адзін дзень. Пазней ніхто не возьме ў цябе і кілаграма. Не варта будзе гэтым займацца, хіба вельмі хочаш у турму трапіць…

Першапачаткова Баран планаваў падключыць Яся да продажу фальшывай лімоннай кіслаты, але, падумаўшы, адкінуў ідэю. На працы ён давяраў толькі сабе. І трываў на працы ён толькі прафесійных злодзеяў, адмыслоўцаў у пэўнай зладзейскай галіне. І хоць сам ён быў «гігантам», не вельмі давяраў працы і досведу сваіх калегаў, якія хапаліся за любую работу. Ён лічыў, што добры скокер[29] — той, хто адным «скокам» і займаецца. Сапраўдны даліншчык — толькі той, хто «ходзіць па даліне», і гэтак далей. Хоць звычайным людзям зладзейскі занятак падаецца нечым лёгкім і простым, але насамрэч для гэтага патрэбны вялізны спрыт, веды і досвед. Адсюль бярэцца часам шырокая спецыялізацыя сярод блатных. Вядома, часта даводзіцца выходзіць па-за вузкі абсяг свайго асноўнага занятку. Напрыклад, дзённы злодзей-кватэрнік часам ідзе на «шніф». Або начны злодзей робіць «скок». Але на гэта яны наважваюцца толькі тады, калі няма іншага выйсця — даціскае нястача або сама работа ідзе ў рукі. Лекар унутраных хваробаў таксама часам мусіць выканаць хірургічную працэдуру. Але гэта ўжо лічыцца адхіленнем ад ягонай спецыяльнасці.

Што датычыць супрацы з фраерамі, то добры злодзей вельмі неахвотна на яе згаджаецца. З гэтага вынікае столькі праблемаў і недарэчнасцяў, што, у прынцыпе, злодзеі лічаць такую супрацу простай дарогай у турму. Таму і Баран пасля нядоўгіх роздумаў пастанавіў абысціся без Ясевай дапамогі, а ўсю падробленую лімонную кіслату прадаць самастойна.

Назаўтра Алік Баран апрануў новы плашч, сіні капялюш і насунуў на нос акуляры. Ясь ледзьве пазнаў яго ў такім убранні і міжволі зарагатаў. Барану гэта спадабалася.

— Не пазнаў бы мяне потым?.. Што скажаш?..

— Ніколі ў жыцці! — адказаў Ясь.

— Ну, то і клёва!

Настаўнік і вучань адправіліся на заданне. Баран нёс два пакункі лімоннай кіслаты. Ясь цягнуў у кашы чатыры пакункі. Гандляваць яны пачалі на Хрышчэнскай вуліцы. Там Баран прадаў два пакункі, загадаў Ясю ўзяць фурманку, ехаць дадому і як найхутчэй прывезці яшчэ шэсць пакункаў. Дамовіліся спаткацца на Кветкавым бульвары. Апошнюю партыю Баран прадаў на Маскоўскай вуліцы, недалёка ад вакзалу. На ўсё гэта ім спатрэбілася чатыры гадзіны. Мала якая крама не купіла лімоннай кіслаты на рэалізацыю. На Ясеву просьбу Баран дазволіў яму прадаць апошні пакунак тавару.

Ясь зайшоў у краму на Маскоўскай вуліцы. Там акурат было шмат кліентаў. Ясь звярнуўся да сталага габрэя, які акурат нешта важыў:

— Можа, купіце лімонную кіслату?

Купец адразу зацікавіўся, бо ў тыя часы гэта быў рэдкі тавар.

— А шмат маеш?

— Тры кілаграмы.

— За колькі?

— Шэсцьсот рублёў кіля. Але прадаю ўсё разам.

— Пакажы.

Купец забраў пакунак. Узяў на палец і паспрабаваў на язык адзін крышталь з самага верху, другі — з сярэдзіны, разгарнуў крышталі пальцамі і зазірнуў глыбей.

— Заплачу пяцьсот пяцьдзясят.

Ясь ведаў, што Алік некалькі партыяў прадаў нават за пяцьсот рублёў, але тут заўпарціўся, што танней не аддасць.

— Як не хочаце купіць па шэсцьсот, то ў іншым месцы возьмуць па шэсцьсот пяцьдзясят.

Купец узяў тавар, узважыў і заплаціў Ясю тысячу восемсот ост-рублёў. Ясь весела вылецеў да Аліка і ўрачыста перадаў яму грошы.

— Тысяча васемсот… — сказаў ён з радасцю ў голасе.

— Клёва, — абыякава прамовіў Баран.

Поўны гонару, Ясь ішоў побач з Алікам і ўвесь свяціўся ад захаплення. На Падгорнай вуліцы Баран завёў хлопца ў прытон, дзе нелегальна прадавалі гарэлку, марфін і какаін. Гэта было месца спатканняў для абраных. Сюды захаджвалі нават паліцыянты, бо тут заўсёды быў свежы тавар… як жывы, так і наркотыкі.

Баран і Ясь селі ў асобным пакоі. Алік замовіў чвэрць літра каньяку і сардзінкі. Выпілі па кілішку.

— За ўдачу, — сказаў Баран, узняўшы кілішак.

Потым Алік папрасіў Яся падлічыць прыбытак.

Калі яны аднялі выдаткі на сыравіну і акруглілі суму, то выйшла, што настаўнік і ягоны асістэнт зарабілі за дзень трыццаць чатыры тысячы ост-рублёў. Ясю гэтая сума здалася фантастычнай. Баран быў абыякавы. Ён лічыў грошы. Адлічыўшы шэсць тысячаў восемсот рублёў, ён падсунуў іх па стале ў бок Яся:

— Бяры… Гэта тваё!

Ясь пачырванеў і збянтэжыўся:

— Я ж амаль не ўдзельнічаў… Толькі адзін пакунак прадаў…

— Бяры, бяры… Пятая частка твая!..

І Ясь узяў грошы. Яны акурат вельмі яму прыдаліся, бо ў апошні месяц у жытло да Нацэвічаў зноў часта заглядваў голад.

Назаўтра Ясь прачытаў у газеце, у рубрыцы «Хроніка», наступную інфармацыю пад загалоўкам «Новая афёра»:

«Учора шмат менскіх купцоў стала ахвярамі ашуканца, які ў дзясятку крамаў выдаў за лімонную кіслату нейкую іншую, шкодную для здароўя, горкую субстанцыю. Не зважаючы на шматлікія перасцярогі, каб грамадскасць была больш пільная, дастаткова ёсць яшчэ наіўных, якія ў пагоні за нажываю самі становяцца ахвярамі нахабных аферыстаў. Паліцыя ідзе па слядах злачынцаў».

Баран іранічна ўсміхнуўся:

— Паліцыя ідзе па слядах і бачыць злачынца ў снах!

12 ФРАЕР АТРЫМЛІВАЕ ЗЛАДЗЕЙСКІЯ ШПОРЫ

Баран даўно ўжо адчуваў сімпатыю да Яся. Яму падабалася, што хлопец заўсёды ветлівы, вясёлы і адкрыты. А імпанавала тое, што Ясь быў вучоны. Што праўда, Алік лічыў Стася Рамізніка і Прафесара таксама вучонымі, але цяпер заўважыў, што Ясь мае большыя тэарэтычныя веды, чым яны, аднак ніколі тым не задаецца, не пускае дыму ў вочы і не робіць шматзначных мінаў, «як шлюндра ў кустах». Ён ахвотна і сумленна тлумачыць, што ведае сам, а калі нечага не ведае, то шчыра ў гэтым прызнаецца і шукае адказу ў кнігах.

Алік дагэтуль ніколі не працаваў з фраерамі. Але Яся ён пачаў вучыць сваёй прафесіі — як раней вучыў напраўляць абутак, бо хацеў яму дапамагчы матэрыяльна. У ягонай галаве ўвесь час кружляла думка: «З юнака быў бы хвацкі злодзей, абаяльны, разумны, смелы і спрытны… Толькі трэба, каб ён трапіў у добрыя рукі». Алік адчуў патрэбу падзяліцца з некім вартым сваімі тэхнічнымі і практычнымі ведамі, тым усім, што ён збіраў гадамі, прыклаўшы дзеля гэтага шмат намаганняў. Баран узяў хлопца на некалькі дробных крадзяжоў, падчас якіх Ясь быў свечкай[30]. Той справіўся са сваім заданнем дасканала, паводзіў сябе смела і разумна. Гэта вельмі падабалася Барану, і ён пачаў паступова знаёміць свайго вучня з таямніцамі зладзейскага майстэрства. У свет злачынцаў Алік пакуль вырашыў Яся не ўводзіць. Забіраў яго на заданні, расказваў пра турмы, скупшчыкаў, агентаў, злодзеяў, пра маліны[31], пасярэднікаў, пра ўдала выкананыя работы…

Некалькі разоў Баран прыносіў з гораду цэлыя наборы навясных замкоў, якія паздымаў адмыслова для Яся з сутарэнняў, складзікаў, гарышчаў і кватэр. Ён разбіраў іх і знаёміў хлопца з механізмам, з цугальтамі. Ён паказваў, якія замкі можна адчыніць шылам, якія трэба зрываць або скручваць шабрам, а якія распорваць прабойнікам, а якія абразаць нажніцамі для металу. Ён вучыў яго карыстацца шабрам — універсальным зладзейскім рыштункам. Навучыў хлопца ўжываць адмычку, а дзеля гэтага спецыяльна купляў яму на базары старыя ўнутраныя замкі з дзвярэй. Тлумачыў, як выглядаюць і якое маюць прызначэнне розныя зладзейскія прылады. Класіфікаваў яму асобныя віды работ і сістэмы іх выканання. Называў катэгорыі злачынцаў і сферы іх дзейнасці. Свайго вучня ён нават тэарэтычна пазнаёміў з тэхнікай абкрадання вогнетрывалых сейфаў.

Ясь ахвотна ўбіраў у сябе зладзейскія веды. А паколькі няма друкаваных кніг пра тактыку, тэхніку, этыку, правілы і гісторыю зладзейства, то гэткую інфармацыю ён засвойваў толькі са словаў, прыкладаў і тлумачэнняў свайго настаўніка.

Баран, заўсёды маўклівы, з Ясем гаварыў шмат і заўсёды па справе. Ён умеў проста растлумачыць досыць складаныя справы і нічога не ўтойваў ад вучня са свайго досведу. Алік вырашыў не спецыялізаваць Яся ў нейкай адной сферы, а вучыў яго ўсяму. Адначасова Баран браў свайго вучня на заданні, калі лічыў, што хлопец яму патрэбны. І гэтым самым злодзей даваў свайму вучню зарабіць.

Яго прывязанасць да хлопца была дзіўнай. Відаць, яна ўзнікла ў значнай ступені праз нешчаслівае сужыццё з Паўлінкай, якая ў адносінах да Аліка была злой, грубай і капрызнай. Таму Баран шукаў спатолення ў гарэлцы, крадзяжах і размовах з ветлым добрым хлопцам.

З таго часу, як у Менск увайшлі немцы, для злодзеяў пачалася новая эра. Змена ўлады стварыла пэўны хаос і бязладдзе, чым зламыснікі рупліва карысталіся. Асабліва шырокае поле дзейнасці адкрылася для аферыстаў. Ясь адносна хутка пазнаёміўся з рознымі відамі работаў, але асаблівую цягу адчуў да афёраў. Ён краў адважна і спрытна, але крадзяжы не прыносілі яму задавальнення. У сваю чаргу яго надзвычай цешыла кожнае старанна арганізаванае махлярства, сваё або чужое, у якім ахвярамі рабіліся пераважна хцівыя, радзей бязглуздыя людзі.

Ведаючы рынак, ён пачаў працаваць там самастойна як туфцяра. З цягам часу пазнаёміўся з некалькімі іншымі туфцярамі і жулікамі. Тады ён пачаў працаваць разам з іншымі да сябе падобнымі штукарамі. Ён быў вельмі разумны і вынаходлівы ды сам прыдумляў розныя спосабы ашуканства. Але ніводнага метаду ён так належным чынам і не распрацаваў, а ўвесь час перакідваўся на іншыя работы. Ён дзейнічаў не столькі для заробку, колькі з цікавасці, для спорту. Звычайныя ж ліхадзеі пераважна выбіраюць адзін від афёраў ці крадзяжоў.

Ясь хадзіў па Траецкай гары ў базарны дзень і ўважліва прыглядаўся да атачэння. Рынак быў вялікі, увесь застаўлены вазамі. Ясь насіў пад пахай два вялікія адрэзкі якаснай скуры на падэшвы, закручаныя ў жоўтую тоўстую паперу. Падобны скрутак, гэтаксама запакаваны, ён меў пад крысом плашча. Але там у паперу загорнутая была не скура, а тоўсты кардон. Такая самая вага, форма і эластычнасць. Недалёка ад Яся круціўся Малыш, супольнік, прафесійны туфцяра і жулік. Малыш насіў па рынку залаты пярсцёнак. Дакладней, ліпу, а не золата. Але на выгляд усё было ў парадку.

Да Яся падыходзіць вясковы мужык. З выгляду заможны.

— Прадаеш падэшвы?

— Прадаю.

Ясь разгортвае паперу і паказвае тавар. Той з кіслай мінай гне скуру, калупае яе пазногцем і крытыкуе, хоць тавар найвышэйшай якасці:

— Тонкая… На месяц не хопіць… А ад вады разлезецца, як кішка будзе.

Ясь забірае падэшвы і загортвае ў паперу:

— Не падабаецца, то і не купляй!

Але мужык пытаецца пра цану. Ён ведае, што тавар вельмі добры, але хоча купіць яго як мага танней.

— За ўсё тысячу дзвесце рублёў, — кажа Ясь.

— Дам пяцьсот.

— І за тысячу не аддам, — адказвае Ясь і кіруецца далей у натоўп.

А да Яся акурат падыходзіць Малыш і спыняе яго.

— Можа, ёсць скура на падэшвы? — пытае Малыш у Яся.

— Ёсць.

Ясь зноў дастае з паперы скуру. Малыш правярае тавар. Селянін з неспакоем набліжаецца да іх і падслухоўвае.

— Колькі хочаш за ўсё? — пытаецца Малыш. — Мне ў майстэрню трэба.

— Апошняя цана тысяча сто, — кажа Ясь.

— Дам тысячу, — гандлюецца Малыш.

— Ні рубля не спушчу болей, — адказвае Ясь.

Малыш няўпэўнена адыходзіць. Тады Яся даганяе селянін і пытае:

— Дык за колькі аддасі?

— Тысяча сто.

— Дам тысячу пяцьдзясят. Добрая цана… Ну?..

Ясь разгортвае паперу і зноў паказвае скуру:

— Але паглядзі, які тавар! Нідзе такога не знойдзеш.

Мужык зноў аглядвае скуру і паўтарае:

— Дам тысячу пяцьдзясят.

— Тысяча сто. Танней не аддам, — стаіць на сваім Ясь і зноў абкручвае скуру паперай ды хавае яе пад крысо плашча, а адтуль дастае наверх пакунак з кардонам. Вясковец урэшце згаджаецца:

— Ну, давай!

Ясь бярэ грошы, аддае мужыку пакунак з кардонам і адыходзіць. Але не ідзе задалёка, а пачынае сачыць за сваім пакупніком. Той ідзе да воза, хавае пакунак у мяшок і закідвае яго пад сядушку. Воз ён пакідае пад нагляд жанчыны, пэўна, жонкі, і зноў ідзе на рынак.

«Толькі ўдома заўважыць», — думае Ясь і ідзе шукаць Малыша.

Свайму калегу Ясь дапамог прадаць тры «залатыя» персцені і пару заручальных пярсцёнкаў. Ягоная дапамога палягала на тым, што ён падбіваў цану, калі Малыш знаходзіў купца. Гэтак ён прадаваў, да прыкладу, срэбны пазалочаны пярсцёнак альбо іншую падробку золата часам у дзесяць альбо нават дваццаць разоў даражэй за сапраўдны кошт.

Прадаўшы ўвесь тавар, Малыш і Ясь падзялілі між сабою выручку з сённяшняга дня.

Выбіраючыся на рынак, Ясь апранаўся заўсёды крыху інакш, чым звычайна. Напрыклад, накладаў капялюш, хоць пераважна хадзіў у спартовай круглай шапцы з брылём, і ў дадатак мог начапіць на нос акуляры ў рогавай аправе з простым шклом. На рынках ён пільнаваўся, каб не спаткаць кліента з папярэдніх справаў. Калі з’яўляцца на базарах стала ўжо небяспечна, ён перайшоў на вуліцы, у прадмесці, на прывакзальныя плошчы. Заўсёды яму ўдавалася выдумаць нейкую камбінацыю, якая давала магчымасць зарабіць на дурноце, наіўнасці, але найчасцей на людской скупасці. Адначасова Ясь працаваў з Бараном і ўсё больш паглыбляўся ў свет злачынцаў.

Ясь больш не цярпеў ад нястачы. Ягонае матэрыяльнае становішча істотна палепшылася. Не галадалі і родныя. Ясь купіў сабе добрую вопратку, папрыгажэў, ягоныя рухі набралі пэўнасці, а позірк стаў смелым. Ён адчуў сябе чалавекам, які выйдзе цэлым з любой складанай сітуацыі. Раман з Лобавай цягнуўся, як і раней. Нервовая, капрызная, уладная каханка не падабалася Ясю. Лобава ставілася да яго як да смаркача, якога трэба вучыць жыць і кахаць. Ясь пачуваўся незалежным, і яго абражала паблажлівае стаўленне з боку жанчыны. Акрамя таго, ён саромеўся ўзгадваць свой першы эратычны досвед, калі ён быў такі неразумны і баязлівы. Напышлівасць Марусі здавалася Ясю пагардай да яго… як да мужчыны.

Ясь пачаў прапускаць заняткі і ўсё радзей заходзіў да Марусі. Усё часцей ягоны позірк затрымліваўся на іншых жанчынах, штораз меней яго цікавіла Лобава. Ён вырашыў нават, што перастане наагул да яе хадзіць. Але праходзіла некалькі дзён, і звычайная фізічная цяга зноў кідала хлопца ў ейныя абдымкі. Ён лічыў гэта слабасцю. Ён прысягаў сам сабе, што закончыць з гэтым раз і назаўсёды, і трымаўся некаторы час, да чарговага граху. У ім пачала расці непрыязнасць да гэтай жанчыны як да прычыны ягоных «паразаў», але патрэба зноў гнала яго да Марусі як нявольніка, які курчыўся ад сораму сам перад сабою. Ён быў з ёю штораз больш рэзкі, ігнараваў ейныя пяшчоты і паддобрыванне, і стараўся як мага хутчэй, заспакоіўшы сваю цялесную патрэбу, яе пакінуць.

На пачатку іхнага раману Маруся думала, што Ясь закахаўся ў яе. Яна меркавала, што да яе ў рукі трапіў хлопчык без досведу, якім яна зможа кіраваць, як захоча. Пазней яна заўважыла, што Ясь яе пазбягае, не любіць ейных пацалункаў. І толькі тады зразумела, што служыць яму дзеля заспакойвання разбуджаных жаданняў ягонай плоці. Але ў той жа час сама яна адчула, што прывязалася да яго. Аднак у гэтым не было элементаў сапраўднага кахання, хутчэй, гэта была любоў да самой сябе… і абраза, што не можа ўтрымаць у кулаку такога недасведчанага партнёра. І ўсё ж зграбны, моцны, прыгожы хлопец завалодаў усімі ейнымі думкамі, і ёй цяжка было прымірыцца з ягонай абыякавасцю. Аднаго разу Маруся запытала ў Яся:

— А ты мяне кахаеш?

Ясь, агаломшаны неспадзяваным пытаннем, маўчаў.

— Ну, кажы! — настойвала жанчына.

— Так… — няўпэўнена адказаў Ясь.

— Так, так, — перадражніла яго Маруся. — Гэтак і качка скажа. Ты скажы шчыра…

— Я не ведаю, — адказаў Ясь.

— Чаму не ведаеш?

— Не ведаю, ці кахаю, і ўвогуле, што значыць тое каханне.

— Каханне — гэта тады, калі хочаш мяне больш за іншых жанчын… Увесь час думаеш толькі пра мяне, сумуеш па мне… Ну, разумееш?

— Разумею.

— Ну, і што?..

— І то, што я цябе не кахаю, — шчыра і спакойна сказаў Ясь.

— Та-а-а-к!.. Ах ты, подлы! Подлы! Гнюсны! Я цябе вучу, я для цябе стараюся, а табе ўся цалкам аддалася, а ты такі!

Маруся ўся налілася чырванню. У яе вачах успыхнулі іскры злосці.

— Ты сама захацела. Я цябе не прасіў… Ты рабіла, што хацела, а я цябе слухаўся, — спакойна сказаў Ясь.

— Тады пайшоў вон, дурань! — крыкнула Маруся.

Ясь няспешна ўстаў з месца і выйшаў, сказаўшы:

— Да пабачэння.

Ён быў абсалютна спакойны. Хлопец адчуваў, што мае рацыю. Прыкідвацца закаханым у Марусю падавалася яму гідкім. Ён наагул ненавідзеў падман, які будаваўся на баязлівасці або на карыслівасці.

Праз некалькі дзён, у нядзелю, Ясь спаткаў Марусю на вуліцы недалёка ад дому. Сустрэча не была выпадковай. Маруся папярэдне заўважыла, што Ясь па дарозе ў горад зазірнуў да манцёра, таму выйшла на двор і памалу ішла ў ягоны бок, чакаючы, калі ён выйдзе ад суседа.

— Добры дзень! — ветліва прывітаўся з ёю Ясь, выйшаўшы ад манцёра.

— Добры дзень! — весела адказала Маруся. — Можа, завядзеш мяне ў кіно?

— Добра, — адразу ж згадзіўся Ясь.

Па дарозе яны гарэзліва і нязмушана размаўлялі. Маруся была ў вельмі добрым настроі: вясёлая, дасціпная, мілая. Ясю гэта падабалася, і калі напачатку ён быў крыху насцярожаны, то хутка памякчэў і таксама зрабіўся гуллівы і свавольны. Цяпер яму было з ёй вельмі прыемна. Хлопец не мог пазнаць жанчыны, якая яго тыранізавала і глядзела на яго звышку.

Лобава зразумела, што мусіць змяніць сваё стаўленне да Яся. Яна адчула, што хутчэй дабрынёй зможа яго ўтрымаць пры сабе. А яна вельмі хацела гэта зрабіць. Акрамя таго, што ёй быў патрэбны мужчына, у ейным жыцці разгаралася новае сапраўднае каханне. Яна ўсвядоміла гэта толькі тады, калі Ясь на некаторы час ад яе аддаліўся.

Іхны раман трываў далей. Але цяпер Ясь граў у ім першую скрыпку. Ён не навязваў каханцы сваёй волі, жанчына сама па сабе стала ў адносінах яго мяккай, далікатнай і ўсяляк старалася яму падабацца.

Аднойчы Аліка Барана наведаў Філіп Лысы. Мала хто ў зладзейскім свеце ведаў, дзе жыве Алік Мангол. Мангол — гэта была мянушка, якую яму далі, пэўна, з-за яго крыху касых вачэй і скулаў, якія выступалі на твары. Філіп Лысы належаў да нешматлікіх прафесійных злодзеяў Менску, з якімі Баран дачыняўся як з раўнёй. У злодзеяў гэтая іерархія выбудоўваецца паводле спрыту, досведу, а перадусім характару. Яны маюць нават асаблівае слова: «характэрны». Напрыклад, «характэрны хлопец» — гэта варты даверу, смелы, салідны як калега, не круцель, заўсёды трымае слова.

Філіп не застаў Барана ўдома. Ён элегантна пакланіўся Паўлінцы і сказаў:

— Маё шанаванне, мадам!

— Добры дзень! Вы да Аліка?

— Натуральна. Я маю да яго асабісты, першага класу гандлёвы інтэрас.

«Няўжо і гэта злодзей», — падумала Паўлінка, гледзячы на дастойную высокую фігуру Філіпа, яго экстраэлегантны строй, крыху лысаватую галаву, якая блішчала ад чарговага фантастычнага сродку для росту валасоў.

— Сядайце, калі ласка, — ветліва прапанавала Паўлінка.

— Прадстаўлюся пані, — урачыста прамовіў Філіп. — Князь Разумоўскі, — Філіп паціснуў і пацалаваў Паўлінчыну далонь.

Паўця, якую збянтэжыў тытул і элегантнасць госця, залілася чырванню, а Філіп вырабляўся далей. Ён ведаў ад Аліка, што той жыве з фраеркай, таму лічыў, што можа пускаць дым у вочы, колькі ўлезе. Натуральна, ён не перакрочыў бы мяжы, пасля якой мянчэнне языком ператварылася б у заляцанне да марухі калегі. Ён быў старым блатным і глыбока шанаваў непісаныя правілы і зладзейскія традыцыі. Але чаму б і не пазадавацца перад прыгожай жанчынай?

— Я, можа, крыху не ў час, — сказаў Філіп. — Але я ахвотна пабуду ў таварыстве такой цудоўнай кабеты. Адзін заолаг неяк сказаў: «Жанчыны — гэта кветкі ў раі Магамета». А што можа быць лепшае за кампанію прыгожай ружы? Чалавек ужо пры жыцці можа адчуць сябе як у раі.

Філіп, які ўвесь час пагардліва надзімаў губы, пазяхаў і меў кіслую міну, перад Паўлінкай расправіў пёры, каб падкрэсліць сваю паважнасць і блатнярскую саліднасць. Ён быў дасціпны, вясёлы, безупынку сыпаў жартамі і прымаўкамі. Паўлінка была ў захапленні ад новага госця. «Вось каб мой Алік быў такі. А то маўчыць як пень, а вочы як нажы. Але гэты, пэўна, не злодзей».

Праз гадзіну з гораду вярнуўся Баран, які разам з Ясем хадзіў агледзець адну работу. Гэта была самастойная ідэя Яся і ягоная прапанова. На вуліцы Захар’еўскай, насупраць Кветкавага скверу, была вялікая малочная крама. Там прадавалі сыры, малако, смятану. Гандаль ішоў бойка, і напрыканцы дня ў касе збіралася шмат гатоўкі. Ясь даволі доўга назіраў і прыйшоў да высновы, што гаспадары крамы вечарам не забіраюць грошай. Хлопец, стараючыся добра падрыхтавацца да работы, дакладна праверыў тэрыторыю і знайшоў невялікія жалезныя дзверы, якія вялі ў краму з чорнага ўваходу і размяшчаліся ў цёмным закутку каля сходаў. Тымі дзвярамі не карысталіся. На дзвярной скабе вісеў іржавы навясны замок, але знутры дзверы маглі трымаць засаўкі або крукі. Спачатку Ясь меркаваў, што ўвайсці ў краму праз чорны ўваход не атрымаецца, нават калі ўдасца зняць навясны замок і адчыніць адмычкай дзверы. Ён, аднак, не пераставаў круціцца каля крамы, безупынна абдумваючы, як абрабіць павука. Яго вабіла гатоўка, натхняла жаданне самастойна скласці план грунтоўнай работы.

Праз некаторы час у яго нарадзілася такая ідэя. Ён адзначыў, што кожны дзень пад малочную краму пад’язджае крыты воз, і з яго разгружаюць скрынкі з маслам і сырамі, слоікі з малаком. Большую частку тавару праз краму зносілі ў малы пакойчык ззаду, менавіта туды і вялі знадворку жалезныя дзверы.

Ясь заўважыў, што тавар цягаюць не толькі фурман і работнік, якія прыязджаюць возам, але і мужчынскі персанал крамы, акрамя самога ўладальніка. А ў краме працавалі два дарослыя мужчыны, дзве жанчыны і адзін малады хлопец. Таму звычайна тавар разгружалі ад трох да пяці мужчынаў. Ясь падумаў: «Калі я вазьму з воза адну скрынку з маслам і панясу ў краму, то тыя з воза будуць думаць, што я з крамы, а ў краме падумаюць, што я прывёз тавар і ім дапамагаю. Калі нехта нешта заўважыць, то скажу, што хацеў ім дапамагчы».

Спачатку Ясь планаваў занесці скрынку ў тыльны пакой у краме і там схавацца, перад гэтым адамкнуўшы звонку два замкі. Вечарам, калі б краму зачынілі, ён мог бы зрабіць работу і выйсці праз чорны выхад… Але крыху падумаўшы, ён адмовіўся ад такога плану. У краме магло не быць месца, каб схавацца. Яго прысутнасць маглі выкрыць. Урэшце нашмат прасцей было адамкнуць дзверы знутры, а вечарам, пасля закрыцця крамы, адчыніць дзверы звонку і ўвайсці ў краму.

Праз некалькі дзён Ясь, які падышоў да крамы, трапіў акурат на дастаўку тавару. Воз спыніўся перад будынкам, і пачалася разгрузка. У краме было шмат пакупнікоў, таму дапамагаць фурманам выйшаў толькі адзін прадавец. Ясь зняў з галавы шапку і ўсунуў яе ў кішэню. Увайшоў у краму. А потым, калі прадавец і фурман разам панеслі вялікую скрыню, Ясь без шапкі выйшаў на вуліцу, узяў на плечы меншую скрынку і панёс яе ў краму. Прадавец і фурман выходзілі з пакойчыка, калі Ясь туды ўвайшоў. Ясь паставіў скрынку на нейкай паліцы і спешна выняў ліхтарык. У яго святле злева ад сябе, у задняй сцяне пакою ён распазнаў жалезныя дзверы. Яны былі зачыненыя на вялікую засаўку і два крукі. Ясь хутка рынуўся да іх. Засаўка паддалася адразу ж, затое адзін з крукоў заеў, і Ясь, учапіўшыся аберуч, ледзь змог яго адшчапіць. Крыху ўстрывожаны, ён выйшаў у гандлёвую залу і пачакаў у чарзе, пакуль прадавец і фурман не ўвайшлі з вуліцы з наступнай скрыняй. Пасля гэтага Ясь надзеў на галаву тапку, выйшаў з крамы і хутка пашыбаваў у пошуках свайго настаўніка.

Ясь знайшоў Барана ўдома і падрабязна расказаў яму пра работу, якую ён сам заўважыў, прадумаў і падрыхтаваў да выканання. Урэшце закончыў:

— Мы мусім сёння вечарам туды пайсці і, як толькі зачыняць краму, увайсці з тылу і забраць грошы.

Баран падчас расповеду Яся глядзеў на хлопца, крыху прыжмурыўшы вочы, а калі Ясь закончыў, то Алік пляснуў яго рукой па калене і сказаў з павагай і прызнаннем:

— Але з цябе і блатняга зрабіўся. Га, бандзюгайла?!.

На твары Яся выступіў румянец. Хлопец быў задаволены. Ён ведаў, што ягоны настаўнік скупы на пахвалу, таму адабрэнне Аліка ён цаніў асабліва. Алік зараз жа сабраўся, і яны разам пайшлі ў горад, каб Баран прыгледзеўся да работы.

— Замок вялікі, але просты, шылам можна адамкнуць, а дзверы адмычкай. Клёвая работа.

Настаўнік і вучань дамовіліся, што вечарам пойдуць на работу. А калі краму зачыняць, Ясь зойдзе туды праз чорны ўваход, а Алік павесіць на дзвярах замок, каб усё выглядала нармальна. Работу ўскладняла тое, што крама мела вялікія вітрынныя вокны, а каса знаходзілася з правага боку адразу каля акна, таму з вуліцы яе было вельмі добра відаць.

— Трэба ўзяць яшчэ аднаго хлопца, а калі ты будзеш усярэдзіне, мы станем пад акном і будзем нібыта размаўляць, — пастанавіў Баран.

З’яўленна Філіпа было Барану на руку. Алік пазнаёміў яго з Ясем і прапанаваў калегу пайсці сёння на заданне. Філіп, бесперастанку пазяхаючы і ўвесь час пагардліва надзімаючы губы, прыглядаўся да Яся, якога гэта вельмі бянтэжыла. Філіп згадзіўся на работу адразу ж. Ён і сам прыйшоў да Барана з прапановай абрабіць павука на вуліцы Петрапаўлаўскай.

— Можна зрабіць кабар[32]. Але трэба тры чалавекі.

— Ну дык тройкай і пойдзем, — сказаў Баран.

— Замалады яшчэ, — Філіп кіўнуў на Яся.

— Нічога, — адказаў Баран. — Даўно ўжо са мной ходзіць. Характэрны хлопец. Работу ведае.

Філіп выдзьмуў губы і станоўча заківаў галавой. І толькі цяпер Ясь адчуў сябе сапраўдным злодзеем. І яму было вельмі прыемна.

13 ЛОМАМ, АДМЫЧКАЙ І СВЕРДЛАМ…

Філіп у элегантнай вопратцы самавіта прахаджваўся па вуліцы каля малочнай крамы, а ў ягоных рухах адчувалася лёгкая стома. Надзімаючы губы, ён звысоку глядзеў на сустрэчных мінакоў. На жанчын жа ён кідаў прагныя позіркі. Такі сабе багаты сталы пан, які выйшаў на шпацыр.

Алік Баран і Ясь сядзелі на лавачцы ў скверы. Адтуль было добра відаць дзверы крамы. Алік і Ясь не размаўлялі. Чакалі.

Надышла шостая гадзіна. Праз некалькі хвілінаў краму пакінулі ўсе кліенты, а яшчэ крыху пазней — персанал. Гаспадар крамы і ягоная жонка выйшлі апошнімі. Уладальнік замкнуў адны дзверы, другія, потым сцягнуў уніз гафаваныя жалезныя жалюзі, на якія ўнізе таксама павесіў замок, смешна пры гэтым прысеўшы на кукішкі.

Ясь увесь час сачыў за людзьмі, якія выходзілі з крамы. Ён пазнаў усіх. Унутры ніхто не застаўся. Хлопец устаў і пайшоў па алеі, потым перайшоў вуліцу і ходнікам пакрочыў у браму будынку, у якім месцілася крама. Баран ішоў за ім.

На лесвічнай клетцы было ціха і цёмна. Баран прыслухаўся, а потым пачаў сваімі зладзейскімі прыладамі адмыкаць замок. Той напачатку не паддаваўся, бо быў моцна ржавы. Нарэшце яму ўдалося два разы перакінуць язычок замка, які гэтак не хацеў паддавацца. З навясным замком Алік справіўся хутка, адамкнуў яго шылам і зняў са скобаў.

Цяжкія жалезныя дзверы паволі і са скрыпам адчыніліся. Ясь пасвяціў ліхтарыкам і праслізнуў у цёмны пакойчык. Баран прычыніў за ім дзверы і зноў усунуў навясны замок у скобы. Замкнуўшы замок, ён выйшаў на вуліцу. Перад крамай, нібыта выпадкова, ён сустрэўся з Філіпам. Яны парукаліся і сталі насупраць вітрыннага акна крамы. Размаўляючы, засланялі сабою ўнутраную частку крамы. Выглядалі яны прыстойна і самавіта. Хвіліны ляцелі, а Яся ўсё не было. Баран пачаў хвалявацца. Ён зіркаў збоку праз вітрыны ўнутр крамы і не пабачыў там хлопца.

«Можа, здрэйфіў?» — падумаў Алік.

Ясь жа наткнуўся на непрадбачаную перашкоду. Дзверы, якія вялі з малога пакойчыка ў гандлёвую залу, былі замкнёныя. Ясь спрабаваў выламаць іх шабрам, але яны былі гэтак глыбока засаджаныя ў праём, што нельга было закласці шабер знутры, каб вырваць завесы або сагнуць засаўку. Хваляванне ўсё больш узрастала. Ясь пераймаўся, што справа можа не выгараць, і баяўся магчымай незадаволенасці калегаў. Свецячы ліхтарыкам, ён пачаў уважліва даследаваць дзверы. Нарэшце ён згадаў, што Баран раней казаў пра дзвярныя ўстаўкі. Алік звярнуў некалі ўвагу, што гэтыя часткі — самыя слабыя месцы, і іх можна лёгка выразаць, а часам нават проста выпхнуць каленам ці рукамі. Акурат у гэтых дзвярах былі ўстаўленыя панэлі. Ясь дастаў нож і ўбіў яго ў глыбока ўвагнутую, прадаўгаватую частку панэлі. Адразу ж узнікла доўгая вузкая адтуліна. Каб паскорыць працу — а шуму ён не баяўся, — ён заклаў у дзірку шабер і адным рухам выламаў з панэлі вялікі кавалак дошкі. Рэшта панэлі пайшла хутка. Зрабіўшы квадратны ход у дзвярах, Ясь пралез праз яго і апынуўся ў краме. Дзверы былі замкнёныя на засаўку і на замок. Ясь пакінуў іх і не займаўся адмыканнем. Каб вярнуцца назад, яму хапала і адтуліны ў дзвярах.

Ясь пабачыў праз акно Барана і Філіпа, якія стаялі на вуліцы. За імі час ад часу праходзілі мінакі. Ясь адным духам падскочыў да касы. Гэта быў высокі драўляны столік з нахіленай стальніцай і дзвюма шуфлядамі ніжэй. Шуфляды і верхняя скрынка былі замкнёныя.

Баран з вуліцы імгненна заўважыў з’яўленне Яся ў краме і выцягнуў з кішэні газету. Калегі сталі звонку адмыслова, каб як мага лепей засланіць унутраную частку крамы і касу, якая месцілася побач з прылаўкам. Яны праглядалі газету, жэстыкулявалі, нешта ў ёй каментавалі. Выглядалі як двое самавітых гараджанаў: багаты пан і заможны цясляр або слесар, якія дамаўляюцца пра нейкую гандлёвую або будаўнічую справу.

Ясь мігам выламаў шабрам замок верхняй шуфляды. Там былі бухгалтарскія кнігі, паперы, рахункі і скрыначка з дробнымі грашыма. Пасля гэтага ён павыцягваў ніжнія шуфляды. Там ляжалі тоўстыя пачкі банкнотаў, аклееныя папяровымі стужкамі, на якіх значыліся сумы грошай у кожным з пачкаў. Ясь расставіў шуфляды на падлозе, прысеў каля іх і пачаў складаць пачкі банкнотаў у прынесеную з сабою падарожную торбу. Затым ён хутка, але дакладна пераправерыў касу, зачыніў верхнюю покрыўку, каб звонку не было відаць слядоў узлому, выцягнутыя шуфляды ён засунуў пад прылавак і пералез з крамы ў цёмны пакойчык. Там ён выняў са скрынак некалькі квадратных сыроў, запакаваных у алавяную фольгу, і некалькі кавалкаў масла. Харчы ён склаў асобна ў досыць вялікую торбу. Стаў пры дзвярах на чорную лесвіцу і чакаў. Неўзабаве нехта пастукаў у дзверы звонку — некалькі разоў па два ўдары запар. Ясь адстукаў гэтаксама. Дзверы ў той жа час расчыніліся, і Ясь выбраўся на чорную лесвіцу. Баран зноў зачыніў дзверы і павесіў на скобы навясны замок. І нават яго замкнуў. Слядоў узлому нельга было заўважыць ні з вуліцы, ні з чорнага ўваходу.

Баран забраў у Яся цяжкую торбу з сырамі і маслам і наказаў яму ісці з грашыма дадому. Выйшаўшы на вуліцу, Алік сеў з Філіпам у дарожку і паехаў на Залатую Горку. Фурману яны заплацілі на вуліцы Даўгабродскай, а адтуль пехатою пайшлі дадому. Ясь прыйшоў на дзесяць хвілінаў пазней.

Паўлінка нешта гатавала пры пліце. Алік замкнуў на кручок дзверы ў яе пакой, а Ясь урачыста высыпаў на падлогу грошы.

— Палічы і падзялі на тры долі, — сказаў яму Баран.

Ясь досыць хутка палічыў грошы, не разрываючы пачкаў. А потым падзяліў усё на тры роўныя часткі. Кожнаму дасталася досыць вялікая сума. А Яся разбіралі гонар і радасць, што ён гэтак добра з усім справіўся. Ён падрабязна расказаў, як працаваў унутры. Баран маўчаў. Філіп, як заўсёды, пагардліва надзімаў губы, але, калі Ясь закончыў, ён сур’ёзна адзначыў:

— Трэба гэта замачыць… На ўдачу… Я стаўлю… А на кабар можна яго ўзяць… Ён падыходзіць, — пасля гэтых словаў Філіп гучна пазяхнуў.

На вуліцы Петрапаўлаўскай была крама, дзе прадавалі галантарэйныя і касметычныя тавары. Тут можна было купіць розныя рэчы: панчохі, шкарпэткі, падцяжкі, кашалькі, ліхтарыкі, парфуму, пудру, гульнёвыя карты, цацкі для дзяцей, бялізну. Філіп зацікавіўся той крамаю адмыслова. Купляў там цыгарэты, запалкі, а адначасова да ўсяго прыглядаўся. Нарэшце вырашыў браць павука. У якасці супольніка запрасіў Барана. Паколькі справа патрабавала трох чалавек, ён згадзіўся ўзяць і Яся, які вельмі добра праявіў сябе падчас папярэдняга задання.

У суботу вечарам, калі ўжо сцямнела, Ясь і Баран пайшлі ў горад. З Філіпам яны спаткаліся на Петрапаўлаўскай. Злодзей быў апрануты ў рабочы касцюм. Пад пахай у яго была старая тэчка, а руках — парасон. У тэчцы былі прылады для работы: корба, свердлы, пілка, шабер, канат і вяроўкі.

Вечар быў досыць цёмны. Філіп і Баран з падворку ўзлезлі на вялікую сметніцу, адтуль на дах нізкай прыбудоўкі. Яны ціха выламалі дзве дошкі, а праз адтуліну залезлі на паддашак аднапавярховага будынку, у якім месцілася крама.

Работа была цяжкая. Па двары і па ходніку, адразу каля крамы, увесь час хадзілі людзі. Шум на паддашку маглі лёгка пачуць, таму праца была вельмі складанай. Ясь застаўся звонку, каб вартаваць. Ён набраў у кішэнь шмат дробных каменьчыкаў, і калі б раптам нешта здарылася, ён мусіў шпурляць імі ў дах, гэтак даючы сігналы калегам. Дах быў пакрыты бляхай, таму кожны ўдар каменьчыка быў бы добра чутны з сярэдзіны. Удар адным каменем быў перасцярогай, два камяні, кінутыя адзін пасля аднаго, азначалі, што можна працаваць далей. Калі б небяспека была вельмі сур’ёзнай, то Ясь мусіў свіснуць на пальцах.

Хлопец хадзіў вуліцай перад крамаю. Заходзіў на падворак. Ішоў у прыбіральню і адтуль праз шчыліны пільна да ўсяго прыглядаўся. Праз момант ён пачуў досыць выразнае скрыгатанне пілы. Ён кінуў камень на дах. Скрыгат перарваўся. Праз хвіліну Ясь кінуў два камяні і ўважліва прыслухаўся. Яго вушы выхапілі невыразны шум свердла. Ясь палічыў, што гэтага гуку ніхто не пачуе, таму больш і не папярэджваў калегаў.

Філіп і Баран ачысцілі на паддашку вялікі кавалак падлогі, згарнуўшы на бок пясок, якім быў прысыпаны першы слой дошак. Потым яны пачалі свідраваць дзіры ўпоперак лініі дошак. Калі яны выкруцілі больш за дзясятак дзірак у адлегласці каля сантыметра адна ад другой, то пілой пачалі праразаць прастору паміж імі. Адсюль і ўзнік шум, які Ясь прыпыніў ударам каменя аб дах. Калегі перасталі працаваць, але адразу ж пачулі ўдары двух наступных каменьчыкаў і зразумелі, што мусяць быць цішэйшымі. Яны адклалі ўбок пілку і рэзалі дрэва паміж дзіркамі нажом або рвалі шабрам.

Калі ім удалося зняць частку верхніх дошак, то ўтварылася чатырохвугольная адтуліна дыяметрам больш за метр. Пад дошкамі быў тоўсты слой гліны і моху. Калегі выбралі гэта з дапамогай шабра і выкінулі ўсё на падлогу паддашка. Паказаліся дошкі, якія ўтваралі сапраўдную столь памяшкання, якое было пад імі.

Філіп высвідраваў пасярэдзіне гэтага квадрата чатыры дзіркі. Яны былі шчыльна размешчаныя адна каля адной і амаль злучаліся сваімі краямі. Ён выразаў прастору паміж імі нажом і выняў чатырохвугольны кавалак дошкі, з якой адпаў тынк, узняўшы ў краме досыць вялікі шум. Ясь зноў іх перасцярог, кінуўшы каменьчык у дах.

Затым супольнікі ўсунулі праз дзірку парасон, які, пакруціўшы ручкай, раскрылі. Да некалькіх канцоў парасонавых спіраў былі прывязаныя моцныя, але тонкія шнуркі. Яны мелі захаваць парасон, каб той не зламаўся і не паляцеў уніз, калі б са столі ў яго ўпала шмат абломкаў тынку. Раскладзены парасон затрымліваў тынкоўку, якая адлятала зверху, і не даваў ёй біць шкло ў вітрынах і на прылаўку ды ўзнімаць шум.

Калегі выразалі дзірку і ў другім слоі дошак, паўтарыўшы ўсё тое ж, што яны рабілі папярэдне. Праўда, цяпер адтуліна была крыху вузейшай, але, нягледзячы на гэта, праз яе лёгка можна было пралезці ў краму. Супольнікі ачысцілі ад смецця, гліны і пяску краі дзіркі, і Баран спусціўся па вяроўцы ўніз. Там ён няспешна і дакладна пазасланяў вялікімі кавалкамі кардону вокны і дзверы, каб ніводзін прамень святла не прабіўся вонкі… Так зрабіць ён вырашыў хутчэй праз асцярожнасць, бо і на дзвярах, і на вокнах былі жалезныя жалюзі. Але калегі планавалі працаваць са святлом, каб ахайна спакаваць тавар, а нават самая малая незаўважаная шчыліна магла іх выдаць. Калі Баран скончыў засланяць вокны і дзверы, даў сігнал Філіпу, а той рассунуў дошкі па паддашку і ціхенька паклікаў Яся, шэптам наказаўшы яму праверыць з вуліцы, ці не відаць святла. Хлопец неўзабаве вярнуўся і далажыў, што ў краме зусім цёмна. Філіп загадаў яму залезці на гарышча. Абодва яны праз адтуліну ў дошках злезлі па вяроўцы ў краму. Там было светла. Баран запаліў некалькі свечак і пры іх святле сартаваў тавар.

Яны расклалі на падлозе асобнымі кучкамі розныя віды тавару. Перад гэтым рэчы трэба было дастаць з апанавання і скрыначак, каб яны займалі менш месца. Гэта было заданне Яся і Барана. Філіп жа складаў рэчы ў прадаўгаватыя пакункі, якія было б зручна падаваць наверх. Паперы, каб абгортваць пакункі, і шнуркоў для абвязвання ў краме было навалам, таму Філіп тут не ашчаджаў.

Калегі не спяшаліся. Часу ў іх было дастаткова. Працаваць яны пачалі ў суботу вечарам, а назаўтра, у нядзелю, усе крамы былі зачыненыя, таму забраць тавар яны планавалі толькі ў нядзелю пад вечар.

Праз некалькі гадзінаў праца была скончаная. Найлепшы тавар яны спакавалі ў 15 скруткаў. У краме засталіся толькі танныя рэчы, якія займалі шмат месца, напрыклад, кардон, пакавальная папера, сшыткі, дзіцячыя цацкі, розныя дробязі са шкла і гэтак далей.

На світанні калегі вылезлі з крамы. Пакункі з таварамі яны дасталі на гарышча праз адтуліну ў столі і паклалі іх каля расхістаных дошак, адсунуўшы якія, можна было выйсці на дах прыбудоўкі.

Калегі дамовіліся, што Ясь і Баран прыедуць па тавар пасля змяркання на возе, які пазычаць у Стася. Філіп меў чакаць іх на вуліцы.

Пасля ўсяго паны-злодзеі пайшлі дадому адпачываць, на што яны заслужана мелі права.

Назаўтра ўвечары Ясь і Баран прыехалі фурманкай на Петрапаўлаўскую вуліцу. Стась прыпыніў каня каля брамы непадалёк і злез з казлоў. Тут ён меў чакаць тавар.

Філіп залез на дах прыбудоўкі, а адтуль на паддашак будынку, дзе была крама. Пакункі з рэчамі ён проста скідваў на дзядзінец, а Ясь і Алік збіралі іх і выносілі на вуліцу. Праз некаторы час цалкам загружаная павозка, у якую сеў таксама Баран, выехала з вуліцы Петрапаўлаўскай. Ясь і Філіп пайшлі да скупшчыка пехатою.

Гэтую працу знайшла Кітайка. Гэта была адна з найлепшых наводчыц. Дзяўчына некалі сама працавала на шапенфельдзе[33]. Потым, калі паліцыя схапіла ейнага каханка, зрабілася наводчыцай. Кантакты яна падтрымлівала, аднак, толькі з найлепшымі злодзеямі — калегамі былога палюбоўніка.

Кітайка была вельмі спрытная і асцярожная. Звычайна яна наймалася ў якасці служанкі ў багатыя дамы. Там яна працавала некаторы час, а калі ўжо выведвала да драбніцаў усе падрабязнасці, якія яе цікавілі, то адразу ж звальнялася. Падставай была звычайна смерць маткі ў вёсцы або выхад замуж. Аднак пра работу яна паведамляла не адразу, а крыху чакала, каб крадзяжу не звязалі з ейным сыходам са службы. Толькі праз нейкі час яна дамаўлялася з фірмовымі злодзеямі, даючы ім наводку, а раз-пораз і сама брала ўдзел у крадзяжах у якасці свечкі. Ёй найлягчэй было падаць сігнал злодзеям, калі ў кватэру вяртаўся нехта з дамачадцаў, бо яна ведала ўсіх з твару. За наводку Кітайка атрымлівала дваццаць працэнтаў прыбытку з выкананага задання.

Калі работа, пра якую тут ідзе гаворка, паспела, Кітайка паведаміла пра яе Барану. Разам яны пайшлі на Садовую вуліцу, і дзяўчына паказала Аліку патрэбную кватэру. Яна падрабязна акрэсліла размяшчэнне пакояў і дала ёмістыя звесткі пра лад жыцця гаспадароў.

Інфармацыя была такая. На вуліцы Садовай быў дом, які стаяў у глыбіні падворку, не пры самай маставой. У тым доме жылі маладыя сужэнцы — заможныя габрэі. Жонка была дачкой уласніка вялікага складу гаспадарчых тавараў, а муж быў адным з уладальнікаў пункту абмену валютаў, а ў часе вайны ён разбагацеў на пастаўках харчоў і абмундзіравання ў войска. Акрамя гэтага, ён быў вядомым у Менску нелегальным скупшчыкам каштоўных папераў. Злодзеі не разлічвалі на вялікую здабычу, бо гаспадары не трымалі гатоўкі ўдома, зрэшты, грошы былі ўвесь час у абарачэнні. Затое пара мела шмат шыкоўных рэчаў: футраў, гарнітураў, бялізны і посуду.

Баран, Казік Марацкі і Ясь параіліся і пастанавілі абрабіць жытло ўначы, калі гаспадары будуць удома. На гэта іх схіліла такая акалічнасць, што фраеры мелі пры сабе біжутэрыю і наяўныя грошы. Казік Марацкі прапанаваў гранду. Але Баран не пагадзіўся. Ён не любіў рабаўнічых нападаў. Грандай ён займаўся скрайне рэдка, бо лічыў яе агромністай рызыкай, якая найхутчэй вядзе ў рукі паліцыі. За гранду пагражала таксама вялікая кара, прычым у ваенныя часы за яе прысуджалі да смяротнага пакарання. Акрамя таго, ён меркаваў, што спрактыкаваны злодзей не павінен займацца прымітыўнай работай, якая не патрабавала ведаў і прафесійнага спрыту. Усе згодна прынялі план Барана і разышліся.

У наступную нядзелю вечарам Ясь і Казік Марацкі шпацыравалі ходнікам па вуліцы Садовай. Баран прахаджваўся па другім баку вуліцы. Пад руку яго трымала пераапранутая Кітайка, якую зусім нельга было пазнаць у новым убранні. Гэты мілы шпацыр трываў даволі доўга, аж пакуль Кітайка не сказала: «Ідуць!» Пасля гэтых словаў яна развярнулася і павяла Аліка ў іншы бок. Неўзабаве яе з Бараном абагналі маладыя габрэйка і габрэй, якія ішлі пад руку. Баран ведаў ідыш і, ідучы за імі ззаду, некаторы час прыслухоўваўся да размовы. Габрэі размаўлялі, што праўда, па-расейску, але шчодра перасыпалі расейшчыну словамі са сваёй мовы. На рагу вуліцы Захар’еўскай Баран развітаўся з Кітайкай і пайшоў да калегаў.

Было вядома, што пакаёўка габрэяў мела вольны час з нядзельнага абеду да раніцы панядзелка, і яе не было ўдома. Аднак Казік пайшоў да парадных дзвярэй і доўга званіў. Натуральна, што можна было прадбачыць, яму ніхто не адчыніў. Кітайка расказала ім, што габрэі па вечарах у суботы і нядзелі звычайна ішлі ў тэатр «Рэнесанс» на аперэтку ці наведвалі Гарадскі тэатр. Часам ішлі ў госці да родных і вярталіся досыць позна. У такіх умовах абакрасці кватэру было вельмі лёгка, але калегам было важна здабыць таксама грошы і каштоўнасці, якія маладая пара трымала пры сабе.

Алік і Ясь увайшлі ў веранду. Было цёмна. Ад ветру шапацелі лісты садовых дрэваў, якія раслі каля дому. Казік застаўся пры брамцы, якая вяла з падворку ў сад. Баран павольна ўсунуў у шчыліну пад форткай тонкі стальны пруток, які прынёс у шапцы. Усунуўшы, ён пачаў падымаць пруток уверх і крыху наўскос. Калі той уткнуўся ў кручок, на які была замкнёная фортачка, Баран напружыў руку і моцным рухам уверх адшчапіў яго. Фортка была адчыненая. Цяпер можна было лёгка адамкнуць аконную зашчапку і адчыніць усё акно… Злодзеі ўлезлі ў дом і апынуліся ў ядальні. Дзверы ў іншыя пакоі былі пазамыканыя. Арыентуючыся ў размяшчэнні пакояў, Баран адамкнуў адмычкай дзверы ў спальню. Скупыя прамені ліхтарыка, які Баран прыкрываў пальцамі, вырывалі з цемры дарагую мэблю і аздобы.

— Гэтым дык жывецца, — прамармытаў сабе пад носам Баран не то з захапленнем, не то са злосцю.

Ясь і Баран даследавалі спальню, бо хацелі знайсці патрэбную хованку. Пра яе згадвала і Кітайка. Хутка яны выкрылі каля ссунутых ложкаў вялікую нішу ў сцяне. Магчыма, што некалі тут былі дзверы, а потым іх заклалі цэглай. Гэтая ніша звонку была завешаная вялікай шчыльнай фіранкай. За ёй стаялі два кашы з лазы і некалькі скрыначак. За кашамі было дастаткова месца, каб там мог стаць або нават сесці чалавек. Баран пераклаў на бок розныя дробязі, якія маглі б упасці і нарабіць шуму пры неасцярожным руху. Пасля гэтага Ясь праслізнуў за кашы.

— Зручна там табе? — запытаў Баран.

— Так.

— Адтуль табе будзе відаць цэлы пакой. Глядзі толькі, будзь асцярожны, калі будуць класці туды грошы і ключы. На табе рулю.

Баран падаў Ясю зараджаны рэвальвер ды забраў у яго чаравікі. Потым яны замкнулі акно і фортку, якія выходзілі з ядальні на веранду, зайшлі ў спальню і прычынілі за сабою дзверы. Баран адчыніў акно і вылез у сад. Ясь зашчапіў за ім акно і падцягнуў да акна столік з кветкамі. Цяпер усё выглядала, як і раней.

Ясь застаўся адзін. За пасам у яго быў рэвальвер, калі б раптам здарыўся шухер[34]. Ён ціха хадзіў у шкарпэтках па спальні і аглядаў яе, асцярожна свецячы прыкрытым ліхтарыкам. Шафы былі пазамыканыя. Але шуфляды туалетнага століка былі адчыненыя. Ён праверыў іх. Там было шмат скрыначак для біжутэрыі. Некаторыя з іх былі пустыя, у іншых ляжалі пярсцёнкі і брошкі. Ясь нічога не чапаў. Ён перагледзеў на туалетным століку безліч флаконаў з парфумай, разнастайныя скрыначкі і бутэлечкі з касметычнымі рэчывамі. Раптам ён спалохана адскочыў. А потым напаўголасу рассмяяўся. Яго напужаў уласны твар і вочы, што адбіліся ў люстэрку ў святле ліхтарыка.

Гадзіны цягнуліся бясконца. Ясь стаміўся ад чакання. Толькі каля поўначы ён пачуў скрып дзвярэй, якія нехта адчыняў. Ён заскочыў за фіранку і заняў сваё месца за кашамі. Пры гэтым праверыў, ці добра хавае нішу заслона. Прысеў. Устаў. Яшчэ раз пасвяціў ліхтарыкам на падлогу, каб праверыць, што яна пустая і на ёй няма ніякіх рэчаў. Дакрануўся рукою да рэвальвера і чакаў. Ён адчуваў лёгкае хваляванне, але ні каліва не баяўся. Упэўненасці яму дадавала зброя, а таксама ўсведамленне таго, што ягоныя калегі — зусім блізка, у садовай альтанцы. Між імі было дамоўлена, што калі выпадкова гаспадары выкрыюць прысутнасць Яся, то хлопец загадае ім узняць рукі ўверх і легчы на падлогу тварам уніз. Толькі тады ён павінен адчыніць акно ў сад і ўпусціць калегаў. Страляць было нельга. Хіба толькі ў крытычнай сітуацыі дзеля абароны жыцця.

Да вушэй Яся з ядальні даляцеў звон посуду.

«Пэўна, вячэраюць», — падумаў хлопец.

Нарэшце ў дзвярах спальні заскрыгатаў ключ. Потым пакой заліло лагоднае святло ад вялікай лямпы, якая вісела пад столлю. Абажур лямпы быў бледна-жоўты і сваёй формай нагадваў яблык. Пры святле Ясь пабачыў досыць мажнога габрэя гадоў трыццаці пяці і зусім маладзенькую габрэйку, вельмі прыгожую і зграбную. Ёй было не больш за сямнаццаць. Мужчына быў добра пад мухай. Ён недарэчна жартаваў і пахлопваў жонку па целе, перашкаджаючы ёй рассцілаць ложак.

— Супакойся ўжо троху, — раздражнёна сказала маладая габрэйка.

— Навошта супакойвацца? Супакойвацца трэба будзе ў ложку, — зарагатаў муж, ляніва распранаючыся.

Ясь заўважыў, што пінжак ён павесіў на спінцы крэсла, а порткі склаў на сядзенне. Гаспадар дастаў залаты гадзіннік з вялікім, масіўным ланцужком, накруціў яго і паклаў на начным століку. Туды ж ён адклаў два залатыя персцені. Ягоная жонка зняла бранзалет, пярсцёнкі і калье. Усё гэта яна склала на туалетным століку. Потым яна цалкам паскідала ўсё адзенне і нацягнула на голае цела халат. Ясь з цікавасцю глядзеў на прыгожую жанчыну, і тут яму ўзгадаліся тыя жанчыны, за якімі ён падглядаў з дзядзькам у лазні.

Габрэйка пайшла ў пакой для мыцця. Вярнулася праз чвэрць гадзіны. Прысела да туалетнага століка і пачала расчэсваць валасы. Потым спальня напоўнілася далікатным пахам парфумы. Нарэшце яна зняла халат і надзела начную кашулю.

— А ты не будзеш мыцца? — запытала яна ў мужа, забіраючыся пад коўдру.

— Мужчынам гэтага не трэба многа, як жанчынам. Вада — для жанчын, а для мужчын — водка, — адказаў сужэнец, а потым нешта прамовіў на ідыш, чаго Ясь но зразумеў, ды гучна рассмяяўся.

— Ты, мусіць, дурнаваты, — сказала жонка.

Было відаць, што яна злуецца.

Муж перасунуўся са свайго ложка на ложак жонкі, які стаяў прысунуты побач, і пачаў шэптам прасіць у яе прабачэння і лашчыць. Жонка прыняла гэта без энтузіязму. Далей Ясь стаўся сведкам непрыемных для вачэй пяшчотаў і фізічных стасункаў паміж брыдкім тоўстым мужчынам, ад якога несла потам, з прыгожай жанчынай, якая мусіла падпарадкавацца ягонай волі.

Ужо было далёка за поўнач, а сужэнства ўсё яшчэ не спала. Жонка зноў пайшла ў ванны пакой. Габрэй на момант выйшаў у яданьню і прынёс адтуль вялікі яблык. Насвістваючы нейкую арыю з аперэткі, ён разламаў яблык на дзве часткі і пачаў есці. Калі вярнулася жонка, ён прапанаваў ёй другую палову.

— Дай ужо мне паспаць, — адказала габрэйка, залазячы ў ложак і шчыльна ахутваючыся коўдрай.

Муж яшчэ некаторы час варочаўся ў ложку, потым устаў, згасіў лямпу пад столлю і запаліў маленькую блакітную лямпачку, якая вісела на сцяне над узгалоўем ложка. Неўзабаве ён заснуў амаль адразу пачаўшы скрыгатаць зубамі і пачварна храпці.

Ясь ціхенька выбраўся са сваёй хованкі. Падышоў да туалетнага століка і пазбіраў з яго біжутэрыю, асцярожна высунуў шуфляды і сабраў рэшту ўпрыгожанняў і скрыначак. Потым ён дастаў кашалёк з пінжака, які вісеў на крэсле, і старанна абшукаў усе кішэні. У адной з іх знайшоў вялікі жмут банкнотаў, а з портак асцярожна выняў звязку ключоў. Потым забраў са століка каля ложка залаты гадзіннік. Ён паглядзеў на твар габрэя — мужчына ляжаў на спіне і безупынна хроп, брыдка разявіўшыся. Галавы габрэйкі амаль не было відаць з-пад коўдры.

Ясь паволі адамкнуў дзверы ў ядальню і пакінуў іх прыадчыненымі. Казік і Баран, ужо разуўшыся, чакалі на верандзе. Ясь адчыніў акно, і яны паціху залезлі ў ядальню. Казік Марацкі, спецыяльнасцю якога былі начныя крадзяжы, пайшоў з Ясем у спальню. Яны прасоўваліся няспешна, плаўна, бязгучна, нібы плывучы ў блакітным паўзмроку. Гэтак жа бясшумна адчынялі шафы, камоды і забіралі адтуль усе дарагія рэчы. Там былі каштоўныя футры і гарнітуры з якаснай тканіны, шмат шыкоўнай бялізны.

У гэты час Алік Баран парадкаваў рэшту жытла, перадусім буфет. Там было шмат дарагіх сервізаў і посуду, прычым большасць — у прыгожых скрыначках і кардонках. Гэта былі шыкоўныя шлюбныя падарункі, якія засталіся па вяселлі.

Праз гадзіну дом быў ачышчаны ад усіх каштоўных рэчаў. Калегі зрабілі некалькі цяжкіх пакункаў якія вынеслі на веранду, а потым пацягнулі на бераг Свіслачы. Гэта заняло шмат часу. На другі бераг ракі яны перайшлі па грэблі каля старога млына. Тут яны нарэшце адчулі сябе ў бяспецы. Толькі пад раніцу дабрылі да маліны на вуліцы Даўгабродскай.

Ясь пачаў выкладаць з кішэні на стол грошы і ўпрыгожанні. Здабыча была вялікай. Казік паціраў рукі. Баран жа хмурыўся. Праз хвіліну ён прамовіў да Яся.

— Ты блатны, як і мы. Але ты малады і, можа, не ведаеш, што блатны ад блатнога нічога не можа завірыць. Такі наш закон.

Твар Яся пакрыўся чырвонымі плямамі.

— Можаце мяне абшукаць. Я нічога сабе не пакінуў. Хіба што нечага не знайшоў!

Хлопец пачаў спешна выварочваць кішэні. Баран спыніў яго рухам рукі.

— Не трэба. Я ведаю, што ты хлопец характэрны. Я толькі табе кажу, каб ты ведаў наш закон.

Грошы злодзеі падзялілі на тры часткі. Рэчы і ўпрыгожанні яны пастанавілі прадаць. Гэта яны ўладзілі досыць хутка, бо на кожны від здабычы мелі шмат знаёмых скупшчыкаў. Нарэшце пасля падзелу прыбыткаў з продажу Ясь стаў сапраўдным багацеем.

14 ЯСЬ ЗНАЁМІЦЬ СВАЙГО НАСТАЎНІКА З РЫЦАРСКІМ ЗВЫЧАЕМ

Познім вечарам у трушчобе Цыпы гуляла вясёлая кампанія. Гэта было неўзабаве пасля апошняга крадзяжу, падчас якога Ясь зноў сябе вельмі добра зарэкамендаваў. Хлопец ставіў злодзеям гарэлку. Можна сказаць, гэта быў ягоны афіцыйны прыём у зладзейскі свет.

Грамадзянін, які напіўся як цэбар, устаў з-за стала і пастукаў кілішкам аб шклянку. Злодзеі, якія ўжо даўно ставіліся да яго як да свайго, а некаторыя нават лічылі блатным, павярнуліся да Грамадзяніна. Ніхто сярод іх не прамаўляў урачыстых тостаў, не звяртаўся з прамовамі, таму яны былі здзіўленыя фраерскім выбрыкам свайго кампаньёна. Грамадзянін, хістаючыся ўзад і ўперад, пачаў гаварыць поўным велічы голасам:

— Мы, маральная меншасць, выступаем публічна і асуджаем крывадушныя этычныя нормы, зручныя для большасці грамадзянаў, якія ў сваіх мяшчанскіх казармах ператварыліся ў гарадскіх свіней. Далоў падман і прытворства! Трэба смела глядзець у затуманеныя, падслепаватыя вочы жыцця. Даволі ўжо прыгожых слоўцаў і фальшывай сумленнасці! Хопіць ужо фраерскай балбатні.

Мы добра ведаем баязлівыя хітрыкі гарадскіх жыхароў, насельнікаў вёсак і мястэчак! Досыць ужо легальных злачынстваў, забойстваў і махлярства пад апекай ці з дапамогай закону. Паглядзіце на нас — прафесійных злодзеяў! Пазнаёмцеся з нашымі жалезнымі правіламі, з нашай этыкай, з нашай салідарнасцю, маральнасцю, і вы пабачыце, што не дараслі нам нават да пятаў! Толькі сярод нас вы зможаце знайсці свежае паветра праўды, сяброўства і адвагі. Мы за ўсё плоцім жыццём, свабодай і здароўем. Вы ўсё хочаце мець задарма. Мы забіраем ад багацеяў лішак! Мы вырываем ад рабаўнікоў частку іх здабычы. Мы, выкінутыя за борт жыцця, пазбаўленыя ўсяго, сваімі паводзінамі і ўчынкамі выказваем пратэст супраць тых, хто на падставе сваіх законаў і прыдуманых звычаяў кажуць бедакам паміраць з голаду!.. Толькі мы маглі б усталяваць у свеце справядлівасць. Мы, а не якія-небудзь дэмакраты, сацыялісты, камуністы! Але мы адчуваем да гэтага агіду! Нам не патрэбная ўлада над чалавекам, каб заспакойваць свае амбіцыі або каб спакойна і лёгка грэбці пад сябе грошы. Мы ўмеем рызыкаваць і трываць. Мы ведаем усю праўду пра чалавека і пра жыццё!.. Мы добра ведаем тых паршыўцаў, якія вучаць бедных людзей шанаваць іх уласнасць, а самі абдзіраюць жабракоў да апошняй ніткі. Яны выкарыстоўваюць для абароны сваіх багаццяў навуку, закон і нават рэлігію!.. Нягоднікі, падлюгі, крывадушнікі! Хрыстос дзеля нас прыйшоў у гэты свет і загінуў таксама ад рук багацеяў, а разам з ім укрыжавалі рабаўнікоў. Гэта Хрыстос сказаў злачынцу: «Заўтра будзеш са мной у раі!» І ён сказаў гэта як брату, як роўны роўнаму. Ён проста пацвердзіў факт. Бо ні справа, ні злева ад Хрыста не было сумленнага чалавека, толькі нашыя прадстаўнікі. А ці сумленныя тыя, хто крыжуе кожную смелую думку, кожную новую ідэю, кожны шчыры парыў сэрца або душы, кожны пратэст?! Ці праўду я кажу, калегі? — сказаў да слёзаў узрушаны сваёй жа прамовай Грамадзянін.

— Ты лепш выпі! — адгукнуўся Філіп Лысы, шырока пазяхаючы. — Выпі і так далей, — дадаў ён цалкам сур’ёзна і з павагай у голасе.

Гэтыя ўзнёслыя словы дэкласаванага інтэлігента не змусілі ніводнага злодзея расправіць плечы ад гонару. Прысутныя не зусім нават зразумелі яго. Бадай, толькі Ясь ведаў, што меў на ўвазе Грамадзянін. І яму было ад гэтага прыемна. Ён перасеў на вольнае месца каля Грамадзяніна і разам з ім выпіў.

У гэты час Казік Марацкі, пэўна, пад уплывам прамовы Грамадзяніна сказаў Глісту:

— Жыццё толькі таму цікавае, што рознае. Вось я злодзей, нехта работнік, іншы купец, яшчэ адзін святы. Гэта як едзеш і бачыш то горку, то поле, то раку, роў, лясок…

— А людзі звычайна хочуць усё выраўняць і заліць асфальтам. А прырода такая цудоўная! — дадаў Прафесар.

— Жыццё тасуе людзей, як вецер лістоту ўвосень, — сказаў Казік. — Падымае яе ўверх, кідае ўніз, нясе ўдалеч… А і так з усяго будзе кампост.

— Не, не так, — адгукнуўся Філіп. — Жыццё тасуе людзей не як вецер лісце, а як шулер карты. Увесь час ашуквае.

А гэтым часам Грамадзянін дзяліўся з Ясем сваімі роздумамі.

— І я некалі, мой ты братка, быў джэнтэльменам! — сказаў былы інтэлігент з пагардай і агідай, нібы прамовіў, што быў некалі «кракадзілам». — А цяпер я з вамі ў адной хеўры[35]… І нічога не страціў. Я зразумеў, што закон выдумалі толькі дзеля таго, каб сыты і далей мог абжырацца, і, паглядзі, ён прыкрываецца этыкай, каб не было сорамна… Спачатку мяне занепакоіла адна рэч: чаму злодзей пагарджае сумленным грамадзянінам? А потым я зразумеў: калі сумленны чалавек не паважае злодзея, то ўсё ў парадку. Бо гэта вынікае з ягоных бяздумных, механічных адносінаў да жыцця. Але калі злодзей пагарджае сумленным чалавекам, то гэта кепска: мы закранаем агідныя справы. Я пачаў лепей да вас прыглядацца і шукаць прычыны… — Грамадзянін перапыніўся і задумаўся.

— Ну, і што, знайшоў?! — пацікавіўся Казік, які збоку прыслухоўваўся да размовы Грамадзяніна і Яся.

— Знайшоў, братка, — смутна адказаў Грамадзянін. — Гэта вялікая і цікавая справа, але подлая, аж смярдзіць. Калі захочаш, то я табе ўсё гэта выкладу як на далоні.

— А ты лепш выпі, — зноў перабіў Грамадзяніна Філіп. — Бо мне ўжо ад гэтага гаварэння кішкі ўсярэдзіне пераварочваюцца.

— І апошнія валасы з галавы вылазяць, — дадаў Казік Марацкі.

Філіп у адказ пагардліва пазяхнуў і наліў сабе ў шклянку піва. У гэты час у пакой заляцела Цыпа. Кабета была спалоханая.

— Хлопцы, паліцыя! Змывайцеся, хутка!

Нехта згасіў лямпу. Успыхнулі электрычныя ліхтарыкі. Казік Марацкі, якога ўжо даўно шукала паліцыя за больш сур’ёзныя справы, дастаў рэвальвер.

Усе паціху, без лішняга паспеху, перайшлі ў адзін з далейшых пакояў. Там яны адсунулі ўбок камоду, а на яе ранейшым месцы адчынілі дзверцы ў падлозе. Уся кампанія спусцілася па драбіне ў склеп. Некаторыя ўжо ведалі гэты выхад.

Цыпа, якая засталася наверсе, зачыніла дзверцы ў склеп і адна перацягнула на месца камоду. Пасля гэтага пайшла ў чайную. У калідоры яна сустрэлася з гарадавым, двума паліцыянтамі і трыма тайнымі сышчыкамі.

— Дзе твае госці? — звярнуўся да Цыпы гарадавы.

— Да мяне ў госці ўвесь горад заходзіць.

— Ты мне тут не хітры! — пасуровеў гарадавы. — Дзе тыя злодзеі, якія прыйшлі да цябе сёння вечарам?

— У мяне дзеці, — адказала Цыпа. — А яны баяцца злодзеяў. Да мяне толькі прыстойныя людзі заходзяць.

Пачаўся вобшук будынку. Злодзеяў шукалі ў шафах, шуфлядах, пад ложкамі.

— Тут былі пташкі! — раптам ускрыкнуў гарадавы, паказваючы рукою на застаўлены бутэлькамі і закуссю стол.

— Вы, мусіць, жартуеце, — спакойна адрэагавала Цыпа. — Тут былі вельмі багатыя гандляры. Яны прадаюць кароў, коней, свіней… У мяне кожны п’е. Нават пан камісар ведае, што я прымаю толькі салідных кліентаў.

Працяг вобшуку далей адбываўся за сталом, пры якім нядаўна сядзелі злодзеі. Цыпа данесла гарэлкі, піва і закусак. Праз гадзіну новая кампанія была ўжо добра п’янай. Раптам гарадавы, які выпадкова піў акурат з кілішка Грамадзяніна, пастукаў ім аб шклянку:

— Давайце вып’ем за здароўе яўнай і тайнай паліцыі! Хай будуць здаровыя тыя, хто, абараняючы маёмасць і жыцці грамадзянаў, не зводзяць вачэй ні ўдзень, ні ўночы, а часам ахвяруюць самі сабою, змагаючыся са злачынцамі. Давайце вып’ем за нас, за апірышча закону і справядлівасці.

Усе выпілі за гэтыя словы з вялікім энтузіязмам. Нават Цыпа была ў захапленні і краем бруднага фартуха выцірала слязінку з правага вока.

— Ах, як жа прыгожа пан гарадавы гаворыць! Так пекна і разумна, як сам рабін!

Праз дзве гадзіны паліцыя выйшла ад Цыпы. Гарадавы хаваў у кішэню заціснутыя ў потнай далоні банкноты, якія Цыпа выпадкова ўсунула яму ў калідоры. Усё закончылася — як звычайна — удала для ўсіх. Толькі Цыпа ўсё ламала галаву, хто з гасцей скраў з сярэдняй шуфляды камоды пятнаццаціметровы адрэз добрага батысту.

«Бадай, гэта быў не пан гарадавы?»

Баран даўно зразумеў, што Паўка яго не кахае. Ён заўважыў, што дзяўчына заўсёды стараецца выцягнуць з яго паболей грошай, што яна мілая з ім толькі тады, калі хоча, каб Баран купіў ёй нешта новае з адзення або дарагое ўпрыгожанне. Але нават усведамляючы ўсё гэта, Алік не пераставаў жарона кахаць Паўлінку. А ягонае пачуццё было поўнае, моцнае і вялікае. Алік сам сябе пераконваў у добрых якасцях сваёй каханай. Яго ўзрушвала ўсё, што сведчыла пра ейны клопат, хоць часцяком злодзей толькі ўнушаў сабе, што Паўка дбае пра яго, а гэта ніяк не адпавядала рэчаіснасці. Паўлінка ж глядзела на Аліка як на добрую крыніцу прыбыткаў і, памятаючы словы маткі, з усіх сілаў старалася выкарыстаць злодзея для свайго ўзбагачэння. Аднойчы Баран крыху пад мухай пасля добрай работы падарыў Паўлінцы дарагі і прыгожы бранзалет. Каханка ў падзяку пачала яго цалаваць і абдымаць. Алік расслабіўся, абмяк і прытуліў да сябе Паўлінку.

— Ведаеш, што я думаю? — прамовіў Баран.

— Кажы, мой Алічак, мой галубок.

— Я думаю, ці не ўладкаваць нам сапраўды добрую шавецкую майстэрню. Я ўзяў бы некалькі чаляднікаў, і пайшла б праца. Быў бы нішто сабе заробак.

Паўка раптам адпіхнула Барана і сказала высокім, поўным злосці голасам:

— А як жа! Зарабіў бы на хлеб і на бульбу! Хопіць мне ўжо гэтага здзеку… Вось, зіма ўжо на носе, а я нават паліта прыстойнага не маю.

— Я ж купіў табе футра!

— Футра?!. Такое футра, што цьфу! Цяпер кожная лафірында мае каракуль, а ён мяне нейкім няшчасным футрам папракае… Забяры сабе! Можаш на сметнік выкінуць! Паглядзіце на яго, які шчодры пан знайшоўся!

Баран панура надзьмуўся і маўчаў. Праз некалькі дзён ён замовіў у добрага краўца для Паўці паліто з каракулевых шкурак. Ягоная даўняя мара, з якою ён увесь час насіўся, каб кінуць зладзейскі занятак і ўрэшце зажыць з Паўцяй сумленна, канула як у ваду. А каханне пусціла ў ягоным сэрцы моцныя карані, і нішто б не змагло вырваць адтуль гэтага пачуцця, хіба толькі смерць. Паўлінка ж у адносінах Барана не мела ні каліва чуласці, нічога нават падобнага да кахання. Бітае сэрца цалкам належала элегантнаму, выкшталцонаму і арыстакратычнаму Анатолю. Дзіўная рэч, але Баран, здаровы, моцны, чысты і статны мужчына з вялікай сілай волі і адважным характарам, чалавек, якому заўсёды можна было даверыцца, які быў абазнаны ў жыцці, разбіраўся ў людзях і меў вялікі розум, так і не здолеў здабыць сэрца Паўлінкі. А Толік, заморак, цяльпук, баязлівец, убогі блазан, ад якога за тры вярсты несла парфумамі, але які насамрэч не дбаў пра чысціню цела, бо не зносіў вады, завалодаў душою Паўці і быў ейным богам. Толік, выкарыстоўваючы Паўку як жанчыну, часта залазіў таксама да яе ў кішэню. Ён увесь час пазычаў у яе грошы, якія ніколі не вяртаў, і патрабаваў падарункаў.

Аднойчы Алік павёў Паўцю на кватэру да знаёмага ювеліра, які таксама займаўся скупам крадзенага ў найлепшых і самых надзейных злодзеяў. Баран хацеў купіць каханцы завушніцы. Разам яны перагледзелі шмат каштоўных рэчаў. Калі Алік выбраў дзяўчыне прыгожыя, дарагія завушніцы, яна прычапілася да яго, каб ён абавязкова таксама купіў вялікі, масіўны персцень з рубінам.

— Навошта ён табе? — здзівіўся Баран.

— Вельмі мне падабаецца… Можа, падару бацьку, калі памірымся.

Баран купіў Паўцы, акрамя завушніцаў, і персцень з рубінам, а таксама яшчэ два пярсцёнкі.

Праз некалькі тыдняў Баран, вяртаючыся ад Стася Рамізніка, зайшоў у цырульню Анатоля на скрыжаванні Сляпянскай і Захар’сўекай. Стомлены Алік, які кепска спаў апошняй ноччу, задумаўшыся, цяжка ўсеўся ў фатэлі.

Толік, пабачыўшы кліента, адклаў убок кнігу пра графаў і паслужліва пацёр рукі.

— Чым магу служыць шаноўнаму пану?

Толік ледзь не дадаў «графу» да свайго звароту, але паўстрымаўся.

— Галенне! — коратка адрэзаў Баран.

Цырульнік узяўся за справу. Ён намыльваў, галіў, расчэсваў, а адначасова без перапынку мянціў языком, пераказваючы нейкія пустыя банальнасці і плёткі. Гэтак ён забаўляў кліента, які ўпарта маўчаў і прыдрэмваў. Раптам Баран ажывіўся. Ягоную ўвагу звярнуў дужы персцень з рубінам, які быў у цырульніка на сярэднім пальцы правай рукі.

— Але і прыгожы персцень у вас! — сказаў з захапленнем Баран.

Толік шырока ўсміхнуўся, паказаўшы чорныя і жоўтыя пянькі зубоў.

— А, так-так… Калекцыянерская рэч…

— Купілі ці нехта падарыў на памяць? — нібы абыякава распытваў Алік.

— Падарылі, падарылі, — усміхаўся Толік.

— Пэўна, ад жанчыны? — Баран па-змоўніцку падміргнуў.

— Угадалі, угадалі! — жвава пацвердзіў Толік. — Ляцяць на мяне розныя прасталыткі як пчолы на мёд. І што яны ўва мне бачаць, то і сказаць цяжка.

— Ну чаму? — сур’ёзна прамовіў Баран. — Такі элегантны мужчына любой галаву закруціць.

— Хі-хі-хі!.. — запішчаў Толік.

— Можа, дазволіце паглядзець на персцень?

— Вядома, калі ласка!

Толік сашмаргнуў з сярэдніка велікаваты персцень і падаў Барану. Злодзей уважліва агледзеў яго і пераканаўся, што гэта той самы персцень, які ён нядаўна купіў на просьбу Паўлінкі.

«Няўжо Паўця з такім піжонам гуляе?!» — падумаў Баран.

З гэтай пары Баран пачаў уважліва назіраць за Паўлінкай. Ён прыгадаў сабе, што Паўця, спаслаўшыся на розныя прычыны, некалькі разоў хадзіла начаваць да цётак, да Баляў. Цяпер тыя тлумачэнні падаліся Барану падазронымі. Ён добра памятаў, што пасля кожнага начлегу ў Баляў Паўця вярталася вельмі задаволеная і была тады асабліва мілай і ласкавай да яго. Калі Алік часам казаў, што не вернецца на ноч, палюбоўніца заўсёды прымала гэта ахвотна і без пярэчанняў. Баран аднатаваў яшчэ шмат дробных фактаў, якія пацвярджалі ягоныя падазрэнні.

Алік нічога не сказаў Паўлінцы. Ён і далей быў да яе ветлівы, мілы, яго паводзіны ў адносінах дзяўчыны ніяк не змяніліся. Праз некалькі дзён Паўця, лашчачыся да Аліка, сказала:

— Сёння вечарам я хачу пайсці да Лідзіі. Яна заканчвае шыць мне сукенку. Пайду пасля вячэры, каб ты не быў галодны. Добра?

— Добра.

— Можа, там і на ноч застануся. Не надта люблю вяртацца поначы дадому. А гэта радня як-ніяк… Ці ж не праўда?.. Дай мне троху грошай, дык куплю ім якога пячэння, а для Уладзя троху гарэлкі. Ён заўсёды такі добры да мяне.

— Вазьмі грошай, колькі трэба.

Алік даў ёй банкноты. Паўця пасля вячэры надзела найлепшую сукенку і ўбралася так, нібыта ішла ў горад на нейкае свята. Алік папярэдзіў яе, што таксама выходзіць па сваіх справах. Ён развітаўся з ёю і папрасіў: «Кланяйся там усім ад мяне». Але злодзей не пайшоў у цэнтр, а скіраваўся ў бок Камароўкі. На вуліцы Слялянскай, недалёка ад цырульні Толіка, ён знайшоў зручны пункт для назіранняў і чакаў. Праз чвэрць гадзіны ён распазнаў у паўзмроку добра вядомую яму фігуру. Паўлінка хутка ішла ходнікам па правым баку вуліцы. Каля брамкі, якая вяла ў падворак цырульні, яна прыпынілася, азірнулася па баках, але, не заўважыўшы нічога, зайшла на дзядзінец.

Баран жвавым, ало бясшумным крокам прафесійнага злодзея наблізіўся да брамкі. Ён чуў стук у дзверы цырульні, якія выходзілі на падворак. Потым раздаўся прыглушаны голас Паўці:

— Толічак, адчыні, гэта я!

Дзверы адчыніліся, і праз смугу святла ўсярэдзіну праслізнуў Паўчын сілуэт. Баран застаўся бяздумна стаяць у адчыненай брамцы. Потым развярнуўся і вельмі павольна пабрыў назад.

— Такі ўжо мой лёс, — прашаптаў ён, заходзячы на падворак свайго дому.

Алік падышоў да будкі Мілага. Сабака, глуха забурчэўшы, вылез вонкі. Баран лашчыў яго па галаве. Сабака схапіў зубамі руку гаспадара і досыць моцна яе трымаў. Ён не ведаў, як інакш адказаць на ласку, і заўсёды так сябе паводзіў з Бараном.

— Ведаеш, Мілы, жыццё — гэта халера, а людзі — паскуды… Маё жыццё горшае нават за тваё… Ведаеш?..

Мілы ведаў, але нічога не мог сказаць.

Баран зайшоў у майстэрню, прысеў каля варштата на зэдлік і доўга сядзеў без руху, бяздумна гледзячы ў цёмны кут пакою. Апоўначы ён устаў, дастаў з шафы бутэльку гарэлкі. Пазней піў кілішак за кілішкам і паліў цыгарэты. Пад раніцу ён зноў пайшоў да Мілага. Адшпіліў яму ашыйнік і забраў жывёліну ў памяшканне. Пад нос Міламу Алік паставіў вялікую місу з халоднай цяляцінай…

— Еж, Мілы, на здароўе!.. Ты мой найлепшы сябар! Еж!

І здзіўлены сабака паволі еў, не зводзячы вачэй са свайго гаспадара.

— Я б і гарэлкай цябе пачаставаў, мой ты дружа, але ты ж не п’еш, а шкода…

Гэтак Баран сядзеў да світання. Ён выпіў ужо літр гарэлкі, але галава была цвярозай.

Раніцай Ясь выйшаў на падворак з вядром па ваду. Баран выкінуўся з акна майстэрні і паклікаў:

— Зайдзі да мяне на хвілінку. Маю тут адзін інтэрас.

Ясь глянуў на Аліка і ўстрывожыўся. Ніколі яму яшчэ не даводзілася бачыць у Барана такога выразу твару. Хлопец пакінуў вядро на ганку і зайшоў у майстэрню. На падлозе ён пабачыў цэлую гару цыгарэтных недапалкаў, а на стале, за якім сядзеў Алік у расхрыстанай кашулі і з закасанымі высока рукавамі, стаяла некалькі пустых бутэлек ад гарэлкі. Хлопец разгубіўся і не ведаў, што думаць.

— Што сталася? — запытаў ён з трывогай.

— Ат, давай вып’ем, — адказаў Баран, разліваючы гарэлку ў дзве шклянкі.

— Я яшчэ нічога не еў, — адмаўляўся хлопец.

— І я нічога не еў… Усю ноч думаў, што рабіць, і нічога не прыдумаў… Можа, ты будзеш разумнейшы… Кніжкі там розныя чытаеш і вучыўся… А я дурны як пень…

— Але што такое? — распытваў Ясь.

— Ты хлопец сумленны, — працягваў сваю гаворку Баран. — Я ведаю, што ты мне благога не жадаеш. Я б з табою хацеў сваім горам падзяліцца, але толькі глядзі, дай гаер,[36] што нікому трапацца пра гэта не будзеш.

І Баран раскрыў Ясю ўсе падрабязнасці свайго раману з Паўлінкай, а таксама распавёў, што адбылося ўчора вечарам. У канцы ён сказаў:

— Ты мяне не вучы, што мне далей рабіць з сабою і Паўлінкай. Ты мне скажы, як бы ты цяпер абышоўся з Паўцяй і тым цырульнікам?.. Што робяць разумныя людзі, пра якіх у кніжках пішуць?

Ясь раздумваў. Пра падобныя справы ён шмат чытаў у розных раманах і аповесцях. Нарэшце ён пачаў дзяліцца ідэямі:

— Таго цырульніка трэба выклікаць на дуэль. Разумееш?.. Гэта справа гонару, якая вырашаецца толькі гэтак. Пашлі да яго двух секундантаў, каб дамовіліся з ім наконт віду зброі і месца сустрэчы. А потым…

Баран перапыніў хлопца:

— Лухта гэта ўсё… Буду я яшчэ да такой нікчэмнасці некага пасылаць!..

— Тады можна інакш зрабіць, — сказаў Ясь. — Паводле рыцарскага звычаю…

— А як гэта?

— Ну, разумееш, рыцар, калі трымаў крыўду на некага, то прыязджаў або прыходзіў да такога франта і кідаў яму ў твар пальчатку. Гэта значыла, што ён выклікае праціўніка на двубой з такой самай зброяй. І тады яны біліся да першай крыві або насмерць.

— І гэта дурнота. Буду я яшчэ пальчаткі купляць. Смеху варта.

— Ну, тады рабі як сабе хочаш. Ты ў мяне запытаў, дык я табе і кажу, як гэта ў кнігах апісваецца.

— Вядома, фраеры! — прабурчаў Баран.

Пасля гэтай размовы Баран апрануўся і пайшоў на Камароўку. Выглядаў ён як заўсёды. Па твары і па вачах нельга было пазнаць, колькі ён выпакутаваў і перадумаў за апошнюю ноч. Праходзячы каля цырульні, ён пабачыў, што дзверы былі зачыненыя.

«Спяць яшчэ», — падумаў Баран.

Ён пайшоў да Баляў. У яго душы яшчэ цеплілася дробная іскра надзеі, што пабачанае ім — няпраўда, якая яму толькі здалася. Ён спадзяваўся, што прыйдзе да Баляў і застане там Паўлінку. Але ў Баляў яе не было, а з размоваў — хоць і не пытаўся пра гэта ўпрост — ён зрабіў выснову, што і ўчора вечарам яна сюды не прыходзіла.

Вяртаўся Баран вуліцай Захар’еўскай. Дзверы цырульні цяпер былі адчыненыя насцеж. Над дзвярыма вісела шыльда: «Анатоль — мужчынскі цырульнік. Стрыжэ і голіць».

Алік перайшоў вуліцу па бруку і пераступіў парог цырульні. Толік нешта там прыбіраў, рыхтуючыся прымаць першых кліентаў. Баран усеўся ў фатэлі.

— Чаго жадаеце?

— Пагалі мяне, боўдзіла, — рэзка гыркнуў Баран.

Толік аслупянеў. Гэтак да яго звярталіся ўпершыню, але ён паслухмяна ўзяўся за працу. Калі цырульнік скончыў галіць, Баран сур’ёзна запытаў у яго:

— А ў цябе ёсць пальчаткі?

— Пальчаткі ёсць… А навошта яны вам, пане… граф?..

— Нарэшце ты пазнаў мяне, падлюга! Давай сюды пальчаткі!

Толік спешна прынёс пальчаткі з іншага пакою і падаў іх Барану. Алік узяў адну з іх і з усяго размаху пляснуў ёю па Толікавым твары. Цырульнік пазелянеў і ледзь не прысеў на падлогу.

— Але што здарылася?!. Што я пану графу зрабіў?

Баран пацягнуў левай рукой за каўнер яго кашулі:

— Ты тут голасу не павышай і не пішчы, бо я цябе заб’ю! Зразумеў? Калі хочаш жыць, то маўчы!.. Я табе, паскуда, Паўлінку з галавы выб’ю… Здымі гэты пярсцёнак з рукі, недарэка…

Цырульнік хутка аддаў персцень Барану.

— Яна сама сюды прыпаўзае! — енчыў Голік. — Пане, даражэнькі! Не пушчу яе больш нават на парог! Аніяк адчапіцца ад яе не мог!

— Я вас ужо паадчэпліваю! — упэўнена адказаў Баран.

Праз некалькі хвілінаў Баран выйшаў з цырульні, якая адразу ж зачынілася. Яна не працавала шмат дзён. Ажно да той пары, пакуль Толік не загаіў сваіх ранаў і пакуль з яго твару не сыцілі сінякі і апухласць.

Паўлінка рана вярнулася дадому. Беспарадак у майстэрні яе моцна здзівіў.

«Пілі тут, мусіць, паскуды, — падумала яна са злосцю. — Не буду прыбіраць, хай іх халера!»

На ложку Барана сядзеў і бурчэў сабака, ажно захлынаючыся ад раздражнення. Паўлінка пайшла ў свой пакой.

Неўзабаве з’явіўся Баран. Паўлінка, злая і надзьмутая, выйшла яго спаткаць. Баран уважліва да яе прыглядаўся, стоячы на парозе. На выгляд ён быў абсалютна спакойны. Паўлінка ж закрычала:

— Што ты тут нарабіў? Цэлы бардэль? Га? А мне прыбіраць? Я табе тут служанка?

Баран зрабіў пару крокаў у яе бок і пачаў усміхацца.

— Кажаш: бардэль зрабіў?.. Ці ты мне зубы замаўляеш, ці за дурня маеш? А можа, гэта ты бардэль мне тут зладзіла? Га?

Паўлінка збялела. Яна ўсвядоміла, што Баран нешта пра яе пранюхаў, але хацела авалодаць сітуацыяй, пайшоўшы ў нахабны наступ:

— Я раблю, што хачу, злодзей ты бязмозглы! Ты павінен мне ногі цалаваць, што я цябе ў турму не здала. Бо я ж ведаю, які з цябе шавец!

— Ага, то ты з гэтага канца пачынаеш! — рыкнуў Баран і падскочыў наперад.

У адно імгненне ён заціснуў рукою Паўлінчын рот, закруціў каханцы руку за спіну і кінуў яе на ложак. Мілы таксама кінуўся на жанчыну і ўшчаперыўся зубамі за яе плячо. Баран адпусціў Паўлінку. Ён схапіў Мілага, адарваў яго ад каханкі і выкінуў за дзверы. Паўлінку паралізаваў жах. Яна не крычала і не ўцякала. Яна толькі ўстала з ложка і, хістаючыся, падышла да дзвярэй у свой пакой, шукаючы рукою за плячыма дзвярную ручку. Ад нервовага напружання Паўця ніяк не магла яе намацаць, а баялася таксама павярнуцца спінаю да Барана.

Збялелы Алік, здавалася, цалкам спакойны, падышоў да яе і ўзяў за руку. Ён вывеў яе на сярэдзіну пакою і, гледзячы ёй у вочы, пачаў ціха гаварыць:

— То ты кажаш, што я злодзей!.. А ці ты ведаеш, што злодзеем мяне зрабілі такія, як ты?.. Ці ты ведаеш, што я для цябе краду!.. Паліцыяй мяне страшыш!.. Добра ж ты падумала… Разумна!..

Адыходзячы назад, Баран схапіў з варштата востры шавецкі нож. Вочы Паўлінкі палезлі на лоб ад жаху, губы зрабіліся белымі… Свабоднай рукой яна прыкрывала то горла, то грудзі… Ейны голас перамяніўся ў хрыплівы шэпт:

— Алічак!.. Алік даражэнькі!.. Пабойся Бога!.. Алічак!.. Ніколі нічога…

Баран яе перапыніў:

— Табе мала золата і сытага жыцця!.. Мала… Усё толькі для цябе… Усё… Дык бяры яшчэ маю кроў!.. Бяры!.. Пі!..

Баран адпусціў Паўлінку, якая, ледзь трымаючыся на нагах, засланіла далонямі твар. Ён жа глыбока ўвагнаў нож сабе ў цягліцы каля левага локця. Пырснула кроў.

— Бяры!.. Пі!.. — крычаў Баран, схапіўшы правай рукой Паўлінку за шыю.

Другую руку з ранай, адкуль струменілася кроў, ён з усёй сілай прыціскаў да вуснаў Паўці.

Паўлінка самлела.

На ганку Мілы драпаўся пазурамі аб дзверы і скавытаў.

У кватэры Івацэвічаў Гэлька сядзела перад люстэркам і спявала, расчэсваючы валасы:

Эх, яблычак, сэрца баліць! Месяц буду я свабодны І гады ў астрогу гніць!

Працяг у рамане «Гляну я ў аконца...»

СЛОЎНІК

Блат — махлярства, крадзеж.

Блатаваць — красці, хітрыць. Зблатаваць — намовіць, угаварыць.

Блатны — злодзей, свой. На блат, па блаце — нелегальна.

Бліт — золата.

Гаер — прысяга.

Гаміра — гарэлка.

Гігант — злодзей, які працуе адразу ў некалькіх спецыяльнасцях.

Гінт — шпік, прадстаўнік тайнай паліцыі.

Жыган — злодзей.

Затырыць — схаваць.

Кабар — крадзеж з узломам праз сцяну, падлогу або столь.

Кіч — турма.

Маліна — зладзейскае логава, хованка.

Маруха — дзяўчына.

Мент — турэмны ахоўнік, (у аўтара таксама паліцыянт. — Заўв. перакладчыка).

Мортус — галеча, дрэнная матэрыяльная сітуацыя.

Мосер — шпік, выведнік.

Павук — крама.

Паток — воз.

Свечка — вартавы, чалавек, які папярэджваў пра небяспеку.

Скокер — кватэрны злодзей, які працуе ўдзень (медзвяжатнік).

Строчнік — картачны шулер.

Трушчоба — зладзейскі прытон, маліна.

Туфцяра — базарны махляр.

Хеўра — банда, зладзейская кампанія.

Шабер — ломік з пляскатым загінам і цвікадзёрам на канцы; адна з асноўных зладзейскіх прыладаў.

Шантрапа — падонкі з прадмесцяў.

Шапенфельд, шоп — крадзеж у краме падчас купляння.

Шкельцы — каштоўныя камяні.

Шмара — жанчына.

Шмокты — крадзеныя рэчы.

Шніфер — кватэрны злодзей, які працуе ноччу.

Шпагат — інтэлігент.

Шухер — небяспека.

Шырмач — кішэнны злодзей, даліншчык.

Примечания

1

Блатны — злодзей, свой. На блат, па блаце — нелегальна. Блат — махлярства, крадзеж. Блатаваць — красці, хітрыць. Зблатаваць — намовіць, угаварыць.

(обратно)

2

Зладзейскі жаргон я ужываю умерана, каб надаць тэксту адпаведны каларыт. Я лічу, што гэтыя урокі чужой мовы не за шкодзяць чытачам. — Заўвага аўтара.

(обратно)

3

Гінт — шпік, прадстаўнік тайнай паліцыі.

(обратно)

4

Шабер — ломік з пляскатым загінам і цвікадзёрам на канцы; адна з асноўных зладзейскіх прыладаў.

(обратно)

5

Шмокты — крадзеныя рэчы.

(обратно)

6

Шмара — жанчына.

(обратно)

7

Маруха — дзяўчына.

(обратно)

8

Шпагат — інтэлігент.

(обратно)

9

Мент — турэмны ахоўнік, (у аўтара таксама паліцыянт. — заўв. перакладчыка).

(обратно)

10

Мосер — шпік, выведнік.

(обратно)

11

Павук — крама.

(обратно)

12

Гігант — злодзей, які працуе адразу ў некалькіх спецыяльнасцях.

(обратно)

13

Кіч — турма.

(обратно)

14

Шніфер — кватэрны злодзей, які працуе ноччу.

(обратно)

15

Мортус — галеча, дрэнная матэрыяльная сітуацыя.

(обратно)

16

Гаворка пра зладзейскую работу.

(обратно)

17

Лахманах.

(обратно)

18

У паліцэйскім вышуку.

(обратно)

19

Краму з тканінамі, якія мералі локцямі.

(обратно)

20

Адмычкі.

(обратно)

21

Бліт — золата.

(обратно)

22

Шкельцы — каштоўныя камяні.

(обратно)

23

Паток — воз.

(обратно)

24

Жыган — злодзей.

(обратно)

25

Трушчоба — зладзейскі прытон, маліна.

(обратно)

26

Строчнік — картачны шулер.

(обратно)

27

Шантрапа — падонкі з прадмесцяў.

(обратно)

28

Туфцяра — базарны махляр.

(обратно)

29

Скокер — кватэрны злодзей, які працуе ўдзень (медзвяжатнік).

(обратно)

30

Свечка — вартавы, чалавек, які папярэджваў пра небяспеку.

(обратно)

31

Маліна — зладзейскае логава, хованка.

(обратно)

32

Кабар — крадзеж з узломам праз сцяну, падлогу або столь.

(обратно)

33

Шапенфельд, шоп — крадзеж у краме падчас купляння.

(обратно)

34

Шухер — небяспека.

(обратно)

35

Хеўра — банда, зладзейская кампанія.

(обратно)

36

Гаер — прысяга.

(обратно)

Оглавление

  • Сяргей Пясецкі ЯБЛЫЧАК Менская трылогія. Кніга першая
  •   .
  •   УСТУП АЎТАРА
  •   «МЕЛАДРАМАТЫЧНЫ», НЕПАТРЭБНЫ ЎСТУП, ЯКІ МОГ БЫ СТАЦЬ ПАЧАТКАМ БІЯГРАФІІ ДАМУШНІКА АЛЯКСАНДРА БАРАНА, КАЛІ Б НЕХТА ЗАХАЦЕЎ АПІСАЦЬ ЯГОНЫ ЛЁС
  •   1 ЯК ЗЛОДЗЕЮ ВЯСНА СКРАЛА СЭРЦА
  •   2 МАЙСТАР АДМЫЧКІ ПАКАЗВАЕ СЯБЕ ЯК АДМЫСЛОЎЦА ШАВЕЦКАЙ СПРАВЫ
  •   3 ЯК УЗНІКЛА ШАВЕЦКАЯ МАЙСТЭРНЯ «ВАРШАВЯНКА»
  •   4 ТАВАРЫСТВА З НЕАБМЕЖАВАНАЙ НАХАБНАСЦЮ
  •   5 ГІСТОРЫЯ АДНАГО КРАДЗЯЖУ І ДЗВЮХ ПАРАЎ ДАМСКІХ ТУФЛІКАЎ
  •   6 ТАМАШ ХУРДЗІЧ І ЯГОНЫЯ ПАДНАЧАЛЕНЫЯ
  •   7 ТРЫ НАСТАЎНІКІ І АДНА НАСТАЎНІЦА ЯСЯ НАЦЭВІЧА
  •   8 САМАЯ ВЯЛІКАЯ ТАЯМНІЦА ПАЎЛІНКІ
  •   9 ЯК ЯСЬ ПАКАШТАВАЎ ЧОРНУЮ КАВУ
  •   10 ПІВОНЯ І ПЕЛАРГОНІЯ
  •   11 ЯСЬ РОБІЦЦА АСІСТЭНТАМ ПРАФЕСАРА НЯБЕСНАЙ МАГІІ
  •   12 ФРАЕР АТРЫМЛІВАЕ ЗЛАДЗЕЙСКІЯ ШПОРЫ
  •   13 ЛОМАМ, АДМЫЧКАЙ І СВЕРДЛАМ…
  •   14 ЯСЬ ЗНАЁМІЦЬ СВАЙГО НАСТАЎНІКА З РЫЦАРСКІМ ЗВЫЧАЕМ
  •   СЛОЎНІК Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

    Комментарии к книге «Яблычак», Сергей Михайлович Песецкий

    Всего 0 комментариев

    Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

    РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

    Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства