Павел Місько Грот афаліны
Частка першая Вясёлы архіпелаг
Раздзел першы
1
Чуткі пацвердзіліся: султан Муту (каб яму жыць яшчэ сто гадоў і ўсе сто ракам поўзаць!) прадаў іх востраў, іх любімы Біргус, амерыканцам за паўмільёна долараў. Казалі, быццам султану не хапала грошай на новыя ножны для крыса. А ножны не простыя — адлітыя з золата і ўпрыгожаныя брыльянтамі. Такі крыс — сімвал Вярхоўнай улады. Падобныя крысы ёсць толькі ў раджы Яго Вялікасці Вярхоўнага Правіцеля Малайзіі і ў брунейскага султана. Далёка Малайзія і Бруней, не адна тысяча кіламетраў. Той-сёй называў іншую прычыну продажу: любіў Муту наладжваць пышныя шэсці і прадстаўленні, вельмі падабалася, як неслі яго расквечаныя партрэты, вадзілі двух купленых для такіх урачыстасцей белых сланоў. Дык дзіва што будзе пустая казна!
Людзі сядзелі пад баньянам, Дрэвам Сходаў. Прыйшлі нават жанчыны і дзеці, хоць іх ніколі сюды не пускалі. Немаўляты і гадавалыя малышы былі ў мацярок на руках, гучна смакталі грудзі і зіркалі вачанятамі на людзей. На добры лад, то хіба тут месца жанчынам і дзецям? Тут толькі старэйшым мужчынам дазвалялася мудра маршчыніць ілбы і чухаць патыліцы.
Зноў і зноў змушалі хадакоў расказваць, як усё было на Галоўным востраве, у Свійттаўне, як іх прынялі ў султанавым палацы, што гаварылі. Ні стараста Ганеш, ні дзед Амос, ні дзядзька Амат не маглі нічога дадаць да свайго расказу. Усё здавалася дужа неймаверным, неверагодным, і ў людзей адымала мову. Зусім нядаўна англійская каралева падаравала архіпелагу самастойнасць. Утварыўся султанат, архіпелагам стаў кіраваць султан, а не англійскі губернатар. Але ж хіба для таго займеў султан уладу, каб распрадаваць архіпелаг па частках?! Хоць і многа ў ім астравоў, а з атоламі і атольчыкамі не адна сотня набярэцца, але ж куды дзецца людзям?
Янг чуў, як горача дыхае яму ў голыя плечы маці, гладзіць яго па галаве, супакойвае. А як ты супакоішся, калі і моладзь хвалюецца? Стаяць юнакі і дзяўчаты, падпёршы плечукамі карані-ствалы баньяна, і гудуць, гудуць…
— …Я чую, што вы зноў нам не верыце! — падслепаваты Ганеш загарачыўся, шапялявячы, запырскаў чырвонаю ад бетэлевай жвачкі слінаю. (Янгу здалося, што Ганешу яшчэ там, на Галоўным, стукнулі кулаком у зубы, і ён дасюль сыходзіць крывёю). — Забіце мяне тут, пад гэтым дрэвам, калі не верыце! Я хачу памерці на сваёй зямлі… Хіба вы сталі сляпыя і глухія? Хіба вам зацягло бельмамі вочы, як мне? Няхай я ўжо кепска бачу, але ж затое добра чую і нюх маю. Паслухайце і вы! Паслухайце!.. — Ганеш, ацішваючы людзей, падняў угору скурчаны палец, знявечаны некалі ўкусам змеепадобнай рыбы мурэны.
Не трэба было і сцішвацца. Ужо трэція суткі дзень і ноч, у некалькі змен вішчалі лябёдкі, раўлі і грукалі маторы, чуліся выкрыкі-каманды на англійскай мове. У бухце, якую стварыла лагуна іх вострава-атола, выгружалі ўсякія скрыні і скрынкі, а таксама вялізныя часткі машын, абабітыя з усіх бакоў дошкамі. Паўзлі бульдозеры, падобныя на танкі без вежаў і гармат, з велізарнымі адваламі-нажамі, скрэперы і экскаватары-пагрузчыкі, машыны-самазвалы. Скрыні і скрынкі згружалі з мотаботаў, розныя машыны — з матарызаваных пантонаў-пляцовак. Бульдозеры спаўзалі на бераг сваім ходам, ледзь толькі салдаты паспявалі замацаваць пантоны ды пакласці шырокія пандусы-з'езды. А на рэйдзе, за ўваходам у лагуну, стаяла самаходная аграмадзіна баржа, у карме яе адкінулася, як пад'ёмны мост, сценка, зеўрала цёмная чатырохкантовая дзіра. З палубы баржы і з яе бяздоннага чэрава і браліся ўся гэтая тэхніка і скрыні. Чужынцы спяшаліся, мо баяліся, каб султан не перадумаў, не пачаў патрабаваць назад купчую паперу.
— Дык што нам рабіць?
— А як з астатнімі паселішчамі? Можа, іх не будуць чапаць? — пачуліся зноў выкрыкі.
— Будуць! Я гаварыў са старастамі тых вёсак. Усім загадана збірацца і выязджаць! — адказаў Ганеш.
Зноў голасна загаманілі:
— Як гэта збірацца? Куды-ы?!
— Хіба я забяру з сабой какосавыя пальмы?
— А куды ж дзецца мне-е-е?! А мае ж вы но-ожач-кі! А каму я дзе патрэбна, калі і тут мне жыцця няма-а?! — галасіла старая Рата. Яна сядзела наперадзе Янга, выставіўшы тоўстыя, як калодкі, у абвіслых пачварных складках ногі. Колькі помніць Янг, у яе былі такія ногі. Усю сілу яна аддавала на тое, каб цягаць іх. Сваякі адцураліся Раты — слановая хвароба невылечная, — і старая жабравала.
— У мяне дзевяць пальмаў. Як я пражыву без іх, карміцелек?! — выкрыкваў нехта плаксівым голасам.
— Султан жа абяцаў на каранацыі: сталічны востраў, Галоўны, будзе берагчы, нібы квактуха, кожнае сваё кураня. А цяпер што? Сам дзяўбе нас, як каршун! — гэта быў голас брата Раджа. Янг вылучыў яго з усіх галасоў.
— О, вялікі Вішну! Усемагутны Вішну! Найпрыгажэйшы Вішну! За якія грахі паслаў пакуты? Ствары цуд, уратуй нас!
Крыкі, галашэнне… Гледзячы на мацярок, заплакалі і дзеці.
— Ціха-а! Дайце і мне сказаць! — надрываўся ў гэтым гармідары кітаец Лі Сунь. Ён прабраўся ў цэнтр, пакланіўся на ўсе бакі. Хвосцікі завязанай касынкі матляліся ззаду, як дзве коскі.— Ну чаго вы панікуеце? Усё ідзе да лепшага, а не да горшага. Хоць свету пабачыце, а то некаторыя за ўсё жыццё далей Біргуса носа не высоўвалі.
— Праўду кажа! Згарыць няхай гэты востраў! Сядзімо, як у нары! — крычаў Пуол. Па гадах ён раўня Раджу, нават гулялі разам, хаўрусавалі. «Але чаму ён не любіць свой Біргус?» — думаў Янг.
— Вас жа не проста выганяюць адсюль! — надрываўся Лі Сунь.
— «Вас»… А цябе што — не? Ты тут застаешся? — кінуў яму Радж.
— Нас, нас… Я проста агаварыўся! — казаў далей Лі Сунь. — Нас жа пе-ра-ся-ля-юць! На другое месца, на другі востраў. Транспарт даюць.
— Не трэба нам другі! Ведаем, якая зямля на Горным! Чулі! З аднаго боку — гара, з другога — балота! А добрая зямля ўся занятая!
— Кажу: дадуць добрыя ўчасткі — разводзьце какосы, сушыце копру. А хто не захоча… — голас у Лі Суня асіп і ахрып.
— Пасадзіш пальму — чакай шэсць-восем гадоў, пакуль тыя арэхі. А гэтыя восем гадоў зубы на паліцы трымаць? У мяне ж пяцёра дзяцей!
— …А хто не захоча… Я хацеў сказаць — хто захоча памяняць сваё жыццё на гарадское, уладкавацца на іншым востраве, а не на Горным, — калі ласка, перавязуць і туды з усімі бэбахамі! — крычаў Лі Сунь. — Чуеце? І яшчэ пяцьдзесят долараў на сям'ю дадуць! — кітаец закашляўся.
«І чаго гэты крамнік горла дзярэ? Хіба яму заплацілі? Абірала пракляты…»— думаў Янг.
— А дзе знойдзеш работу? Хто нас чакае там? Каму мы патрэбныя? — сыпаліся выкрыкі.
— Абы добрыя грошы — усюды можна жыць! — крычаў сваё Пуол.
— Лі Сунь! Твой язык сёння лёгка ходзіць! Якім алеем яго змазалі? За колькі долараў прадаўся? — гнеўна гаварыў Радж, і яго словы ўзбуджалі людзей.
Янг сеў бокам, каб добра было і за Раджам наглядаць. Залюбаваўся братам: белая трыкатажная тэніска шчыгульна аблягала пукатыя плечы і грудзі, падкрэслівала кожную бугрынку мускулаў. На грудзях малюнак: пяць сініх хваляў, аранжавы абруч сонца з промнямі-пырскамі, а праз гэты абруч скача сіні дэльфін. Ні ў кога ў вёсцы няма такой шыкоўнай адзежыны. Радж працуе на востраве Рай у дэльфінарыі — не абы-што!
Крамнік бязгучна разявіў рот — раз, другі: заняло дух. Але справіўся з сабою, зноў заўсміхаўся.
— Чуеце? Па пяцьдзесят долараў! Вы такіх грошай і не нюхалі… А ты, малады чалавек… — звярнуўся да Раджа. — Ты мог бы і памаўчаць! Ты тут ужо не жывеш-ш-ш… І не маеш-ш-ш права голасу! — зашыпеў, як кобра. — Ты ляці на свой востраў Рай — і забаўляйся! Разводзь там тра-ля-ля! Забаўляй турыстаў! Плюхайся!
— Як гэта не маю?! — ускіпеў і Радж. («Як гэта не мае права голасу?» — падтрымалі яго хлопцы, асабліва Амара). — Хіба я не адсюль родам? Хіба не тут жывуць мае бацькі? Хіба не табе, жываглоту, яны за бясцэнак аддаюць копру і сушаную рыбу? — Радж некалькі разоў выцягнуў з ножнаў і з лёскатам загнаў назад нож-крыс. Шрам-месячык пад леваю сківіцаю то чырванеў, то бялеў.
— Радж, сціхні… Не сарамаці мяне перад людзьмі…— слабым голасам папрасіў бацька. Хваравіты, ціхі і маўклівы, ён і сёння мог праседзець моўчкі.
— Ах, малады чалавек… — Лі Сунь паправіў касынку на галаве. З твару не сыходзіла ўсмешка, але гэта была ўжо не ўсмешка, а застыглы аскал. — Скруціш ты сабе шыю… Папомніш маё слова. Паберажы яе! А вам, людзі, я скажу яшчэ вось што: хто не разлічыўся са мною за пазыкі, прашу сёння ж разлічыцца. Жонка дома, яна прыме… Не маеце грошай — аддавайце натураю. Прыму арэхамі, прыму свіней, курэй, качак. Хатні скарб… Усё роўна вам цяжка будзе з сабою ўсё пабраць.
— З гэтага і пачынаў бы! Цябе толькі гэта і турбуе! — зноў не вытрываў Радж.
Лі Сунь пакланіўся ва ўсе бакі. Белая кашуля-распашонка з бакавымі разрэзамі штораз пры паклонах налазіла на спіну, агаляючы тоўсты азадак.
Лі Сунь не пастаяў з людзьмі, не пасядзеў у натоўпе. Пакаціўся, часта перабіраючы нагамі, прэч. Але не дадому, не ў сваю лаўку, а туды — на прарэзлівыя гукі, на ўдушлівы смурод ад матораў.
Людзі сядзелі ці стаялі ў здранцвенні, і чуваць было, калі аціхалі чужыя гукі, як з рахманым плюхатам-шумам каціліся на пясок уціхаміраныя лагунай хвалі прыбою. Сонца было ўжо за лесам, над самым захадам, і промні сяды-тады агніста прарываліся скрозь частакол пальмавых ствалоў і ствалы-карані баньяна. Гарачыня спадала, дыхаць рабілася лягчэй. У зарасніках пачалі абзывацца птушкі. За птушкамі ажылі і дзеці. Трохі старэйшыя, не сысуны, галапузыя і галазадыя, папакідалі сваіх мацярок, пачалі навыперадкі бегаць з сабакамі і вішчаць, потым сыпанулі на водмель — паплюхацца ў лагуне.
Не кранаўся з месца Янг, сядзелі і яго сябрукі. Янгу скора дванаццаць гадоў, ён ужо шмат разумее, пачынае разбірацца ў жыцці. Янг чакаў, да чаго дадумаюцца дарослыя, што вырашаць. Недзіцячая трывога за лёс людзей, лёс усяго вострава сціскала сэрца.
— Чуеце, людзі? Во ён, злы дух… Нюхайце! — прагаварыў ціха Ганеш, пачуўшы пах саляркі, што зноў даляцеў з лагуны. Ён плюнуў чырвоным пад ногі, і многія мужчыны, што жавалі бетэль, таксама плюнулі.— Гнаць трэба гэты дух з нашага Біргуса! Гнаць! — страсянуў Ганеш кіем.
— Да бома трэба ісці! Хай нашле на іх праклён!
— Раней трэба было да гэтага дадумацца!
— Раней… Раней жа думалі, што хадакі нечага даб'юцца! А яны не дабіліся!
— Цябе трэба было пасылаць, такога спрытнага! Ты б дабіўся!
— Перастаньце, людзі! Ніякі бома не паможа! Трэба слаць ганцоў у чужыя вёскі! Падымаць народ! Загарадзіць лодкамі ўваход у лагуну! — стараўся перакрычаць усіх Радж.
— Правільна! Чаго сядзець склаўшы рукі! — падтрымаў яго Амара, лепшы Раджаў сябар.
— Калі вас усіх перасаджаюць у турму — там вам і месца! — адкалоўся ад іх Пуол, пайшоў на бераг лагуны.
Перамаглі тыя, што хацелі ісці да бома.
Першым пакрочыў Ганеш. Ён стомлена абапіраўся на бамбукавы кій, абмацваў дарогу. За ім затупацелі ўсе. Замыкала шэсце Рата, яе гуртам паднялі на ногі — «Ідзі», і яна шоргала па пяску сваімі распухлымі калодамі, задыхана сапучы.
Ганеш ішоў і гаварыў, што з пустымі рукамі да бома няма чаго хадзіць. Трэба адразу несці падарункі. І ён назваў, каму сёння лавіць курэй ці пеўняў, браць сушаных тунцоў, каму несці вараны рыс і тодзі — зброджаны, з градусамі, сок какосаў.
Моладзь адстала, ішла ззаду. У цэнтры яе крочыў Радж, злева ад яго быў Амара, справа — Янг. Ён трымаўся за братаву руку і стараўся ступаць шырока, каб патрапляць з ім у нагу, быць падобным да брата.
«Нервовы стаў Радж… — думаў Янг. — Асабліва апошні месяц, як з'явіўся ў яго гэты шрам. Ніколі пра шрам нікому не расказваў. Таямніца нейкая, загадка… Невясёлая ў яго работа, небяспечная — многа часу даводзіцца быць пад вадою. Але як бы мы жылі без Раджавай дапамогі, без яго заробкаў?»
— От жа дурныя людзі… От жа цёмныя… — гаварыў Радж, нібы шаптаў заклінанне. Але яго добра чулі ўсе хлопцы. — Хіба ў гэтым бома паможа?
2
Іх востраў вельмі падобны да какосавага краба біргуса (адсюль і назва). Вялікага краба, з тулавам-панцырам памерам тры на чатыры кіламетры. Маленькія рыфы кругом — нібы яго падцятыя ножкі. У вострава і клюшні ёсць, як у краба, левая, шырэйшая і даўжэйшая, ахоплівае лагуну з усходу. Яна складаецца з вузкага мыса-паўвострава і чатырох зялёных астраўкоў-скал, размешчаных адзін за адным праз вузкія праліўчыкі. А правая клюшня Біргуса яшчэ вузейшая, у ёй сем белых каралавых атольчыкаў, на тых сямі амаль нічога не расце, толькі гняздуюцца чайкі. Янг не раз выбіраў з сябрамі з гнёздаў яйкі — смокчаш іх і чуеш пах рыбы.
Людзі ішлі да паўвострава-мыса, бома жыў там — адасобіўся ад вёскі, настаўляў наўкол хаціны і каля дзвярэй драўляных ідалаў са злоснымі лупатымі вачыма, з шырачэннымі ікластымі ратамі. На бамбукавых шастах уздымаліся ўгору пучкі нейкага зелля — таксама абарона ад злых духаў. Хаціна сярод каранёў-хадуляў вялізных панданусаў здавалася нейкім настармачаным гняздом. Нават у ціхую пагоду на страсе варушыліся, шамацелі сухія пальмавыя і бананавыя лісты, нібы хтосьці невідочны хуценька, ледзь кранаючыся, бегаў па іх. Мо якія добрыя духі? Бома сябруе з імі, то пэўна ж і яны маюць у яго прытулак.
Падышлі, насцярожана пасталі. У людзей спалохана павыцягваліся твары, толькі Радж крывіў губы ў іранічнай усмешцы. Жанчыны папускалі дадолу дзяцей, расклалі дарункі, паселі самі. Звязаныя куры не хацелі сядзець ціха, то адна, то другая заўзята білі крыламі.
Бома пачуў кудахканне і лопат крылаў, высунуўся з дзвярэй.
Бома Яп — чараўнік і лекар. Кашчавы, нібы ёг, голы да пояса, на жываце адбіліся ад доўгага ляжання нейкія палоскі і клетачкі. Пазяхнуў, крыва разявіўшы шчарбаты рот, пачухаў пад пахаю, паправіў на галаве не то шапачку, не то карону, за якую было наўтыкана рознакаляровых пер'яў. Замест штаноў ці мо паўзверх штаноў матляліся палоскі нейкага рыззя. У бома, хоць ён і знаўся з духамі, разбіраўся ў зёлках, былі чырвоныя бялкі вачэй, гнаіліся павекі — як і ў многіх людзей на востраве. Вядзьмак называецца, а гэтую хваробу ні ў сябе, ні ў іншых вылечыць не можа.
Усе пападалі на калені, нібы перад богам Вішну. Потым паразгіналіся, далоні склалі перад грудзьмі, нібы кожны злавіў сабе па матылю. А Радж лёг на бок, каб не ўзвышацца над людзьмі, і наглядаў за ўсім, нібы за якім прадстаўленнем. Янг прысуседзіўся да яго, лёг на жывот. Ганеш тым часам блытана тлумачыў бому, чаго хоча народ.
— Ведаю. Я ўсё ведаю, хоць нідзе і не бываю, — сказаў Яп. На худым твары спакойная скамянеласць і ні пробліску думкі.— Трэба параіцца з добрымі духамі.
Ганеш махнуў леваю рукою жанчынам, нібы выграб што з-за вуха. І тыя пабралі дарункі, яшчэ раз схіліліся ў паклоне перад бомам, па чарзе занеслі іх у хаціну. А вялікую конаўку бражкі, зробленую з цэлага калена тоўстага бамбуку, Ганеш сам падаў у рукі бому. Той пашаптаў нешта над ёю і выпіў не перадыхаючы. Голасна адрыгнуў, з-за пояса дастаў нейкі карэньчык, пажаваў, і на губах праступіла пена.
— Буду раіцца з добрымі духамі, пакуль не выплыве з вады Нябесны Човен. Ціха!.. — і знік, рэзка таргануўшы за сабою цыноўку, завесіў уваход.
Людзі паварушыліся, уладкоўваючыся больш зручна на пяску. Кожны ў думках, а то і шэптам упрошваў добрых духаў памагчы ў нялёгкай справе. Чакалі доўга, паглядваючы ў неба, у той бок, адкуль заўсёды выплываў месяц. Людзі наэлектрызавалі сябе маленнямі і былі нібы ў трансе, ускрыквалі абы-што.
— Падурнелі… Зусім падурнелі,— шаптаў Радж. — Кожная секунда дарагая, а яны… Амерыканцы ж не маліцца прыехалі сюды!
Урэшце месяц, нібы чырвоны вялізны човен, выплыў з акіяна і, здалося, загайдаўся, задрыжаў на хвалях. І ў гэты час у хаціне штосьці глуха загрукатала, задрынкала, запішчала прарэзліва, нібы вядзьмар злавіў за хвост какосавага пацука і закруціў над галавою, каб шпурнуць у хвалі. Хаціна дрыжала і трэслася, праз шчыліны прабіваліся водбліскі агню.
І вось на парозе паўстаў бома з палаючым факелам у левай руцэ. Водбліскі агню гулялі на страшным, расфарбаваным белымі і чырвонымі палосамі і трохкутнымі знакамі твары. У правай руцэ пахістваўся бамбукавы кій, падобны на піку. Дый сам бома хістаўся, як п'яны, пацепваў, як ад холаду, плечукамі. Абедзве рукі ад пляча і да кісці былі ўвязаны каляровымі стужкамі, канцы іх целяпаліся на ветрыку, выгіналіся, як змеі. Бома паўглядаўся ў адзін бок, у другі, выцягваючы шыю, як чарапаха, і раптам скокнуў туды, скокнуў сюды, укалоў паветра пікаю. А сам нечым прарэзліва вішчаў, мо заклаў які лісток за зубы, хацеў, мабыць, каб людзі думалі, што пішчаць і ўцякаюць злыя духі. Ён то ішоў па крузе на падагнутых нагах, то скакаў абедзвюма адразу, як верабей, і ў такт калоў пікаю ў бакі, вычэрчваў агнём нейкія знакі. У вачах бома палалі вогненныя водбліскі, здавалася, што з іх, як і з факела, сыплюцца іскры.
Янгу зрабілася жудасна, яго затрэсла.
— Усе… Бярыце факелы… Бярыце палкі, кіі. І за ім! — тлумачыў Япавы жэсты стараста. Голас Ганеша таксама зрабіўся пісклявы і хрыплы, і ўсе загукалі, завылі не сваімі галасамі, каб духі зла не пазналі нікога, не ведалі, на каго нападаць. Усе пайшлі за бомам, прытанцоўваючы, падскокваючы, як хто мог прыдумаць, і ўсе калолі палкамі і кіямі паветра. Янг зрабіўся сам не свой, ён ужо не заўважаў, хто адлучаўся ад натоўпу, каб узброіцца і запаліць факел, хто бухаў па пустым ствале бамбука. Агнёў рабілася ўсё больш і больш, з-за паху гарэлага алею ўжо не чуваць было злога машыннага духу. Чад і дым пацягнула ў зараснікі, і там затрывожылася начное птаства. Агні адбіваліся ў лісцях пальмаў, і здавалася, што там таксама запальваліся факельчыкі, а на небе большала зорак таму, што туды падымаліся іскры ад факелаў. Блішчалі вочы, блішчалі зубы, зеўралі скрыўленыя чорныя раты, самі людзі былі падобныя на абвугленыя галаўні. Янг бачыў, што і Радж ужо ўзброіўся абломкам кораня пандануса і ў бацькі ў руках кій. Толькі маці несла, прыціскаючы да поўнага жывата, чорны саган з какосавым алеем, і тыя, у каго патухаў факел, падбягалі памачаць, зноў прыпальвалі.
Сышлі на самы бераг. Вада каля рыфаў паблісквала фасфарычным святлом, раз-пораз паверхню лагуны прачэрчвалі бледныя палосы, нібы хто чыркаў гіганцкімі запалкамі па серцы, а яны ніяк не хацелі ўспыхваць. Пясчаная, у шумавінні паласа прыбою сёння пакрамсана рванымі слядамі-пісягамі ад колаў машын.
Зусім блізка было месца, дзе выгружаліся і высаджваліся прыхадні, як раптам — «Па-ах!» — у неба ўзвілася чырвоная ракета і паляцела ў іх бок. Зніжалася проста на галовы, шыпела і пырскала іскрамі, і некаторыя спалохана адбегліся ў бакі. Але ракета патухла, не дапаўшы да зямлі. У той жа момант з рэйда, з-за лагуны, дзе стаяла аграмадзіна баржа, успыхнуў слуп святла, упёрся ў неба — запалілі пражэктар. Светлы слуп зыбнуўся, упаў на ваду, потым зашарыў па беразе, раптам высвятляючы то сілуэты скрыўленых у бок вады пальмаў, то горы выгружаных скрынь пад брызентамі, то машыны і бульдозеры, то брызентавыя палаткі. Людзі заплюшчвалі вочы, паварочваліся спінамі да кінжальнага агню.
— Ты… дадому бяжы! Ты малы яшчэ… — трывожна зашаптаў Радж, балюча сціснуўшы Янга за локаць. — І маму вядзі адсюль!
— Ай, — вырваўся Янг. Не мог ён у гэтыя хвіліны кінуць і Раджа, і ўсіх сваіх. Не мог не пабачыць, як спужаюцца злыя духі, пачнуць — боўць, боўць! — кідацца ў ваду, плысці на сваю баржу.
«Па-ах!!! Ш-ш-ш-ш…» — зноў узвілася чырвоная ракета, і на гэты раз у адной з палатак, высока на беразе пачуўся рэзкі выкрык на чужой мове. З палатак пачалі выскокваць, на хаду адзяваючыся, салдаты, выстройвацца ў шарэнгу.
Бома Яп датанцаваў да вартавога, завыў, робячы рыўкі-скачкі то ўправа, то ўлева, цаляючы кіем у твар, у шыю, але ў апошнюю секунду наносячы ўколы міма. І ўсе завылі дзікімі галасамі, заскакалі, паўтараючы рухі бома, грозячы палкамі, факеламі. Пражэктар зноў асляпіў усіх. Пачварныя цені захісталіся, уздыбіліся вышэй пальмаў, а факелы памерклі, сталі зусім не грознымі.
Салдат адступаў задам, аўтамат наставіў перад сабою, пагражаў ім, штосьці выкрыкваючы і паказваючы, каб людзі ішлі прэч. А вось ужо і адступаць няма куды, упёрся спінаю ў штабель скрынь. Кіі свішчуць і справа, і злева, хтосьці дзеўбануў палкаю салдату ў грудзі. Нейкая жанчына захапіла жменю пяску і сыпнула яму ў вочы…
І тут аглушальна затрашчаў аўтамат, запырскаў агнём. Янг, збіты Раджам з ног, паспеў яшчэ заўважыць, як бома ўпаў на калені, потым лёг на бок, як Радж маланкава ўзмахнуў крысам, саўгануўшы салдату пад бок, як амерыканец спаўзаў на зямлю, шоргаючы спінаю па скрыні з надпісам «US NAVY ENGINEER TROOPS», як зверху, ад пальмаў, тупацелі ўніз чужыя салдаты.
Людзі са страхам разбягаліся. Янг бег з усімі сяльчанамі і раз-пораз азіраўся туды, на штабялі, дзе дрыжала святло пражэктара, і ў гэтым святле старая Рата, якая толькі яшчэ датупала да скрынь, схапіла з долу кінуты саган з алеем, выліла яго на скрыні, падняла кінуты факел і прытуліла да брызенту, падпальваючы. Яшчэ не ўгарэлася добра, як зноў затрашчаў аўтамат… З-за салдат не відаць было, дзе ўпала Рата, дзе ляжыць Яп. Амерыканцы мітусіліся, здзіраючы брызент з агнём, тушачы яго пяском. І тут прагучала новая каманда, затрашчалі стрэлы. Кулі стукалі ў ствалы пальмаў, чмякнулася ў пясок некалькі ссечаных арэхаў.
Людзі рассыпаліся па хатах, зашываліся ў глухія куткі. Баяліся, што салдаты хлынуць следам, усіх паб'юць, а хаты папаляць.
Янгава маці стагнала, усхліпвала, а бацька гладзіў яе па галаве, як малую. А потым яны шапталіся, а маці ўсё стагнала і скардзілася на болі ў жываце. Янг ляжаў на цыноўцы ў сваім кутку і дрыжаў усім целам, ляскацелі зубы. Дзе дзеўся Радж? Ці не падстрэлілі яго ў суматосе?
Толькі пад раніцу прасунуўся ў хаціну Радж.
— Спіш? — зашаптаў ён, стрымліваючы глыбокія і цяжкія ўдыхі, прылёг каля Янга.
— Не-а… Цябе чакаў! — прашаптаў і Янг.
— Я зараз пайду… Птушку, калі заседзіцца на адной галіне, можна і каменем збіць. Паплыву на Рай.
— На чым?!
— Прыдумаю што-небудзь.
— Во зараз, ноччу?!
— Ноччу. А зоркі нашто на небе? Дый над Раем зарыва ад агнёў здалёк відаць. Мо будуць раніцаю шукаць ці пытаць мяне, кажы, што я не быў вечарам каля скрынь. Паехаў на Рай адразу пасля сходу. І маме з татам скажы, каб так гаварылі.
— А людзі ж бачылі, што ты быў з усімі.
— Людзі бачылі, зразумела. Але думаю, што і ім выгадна казаць, што мяне не было. Ю андэстэнд мі? Разумееш мяне?
— Йес, сэр. Але ўсякія ёсць людзі, каму выгадна і на аднаго цябе зваліць віну. Я ж бачыў, як ты крысам…
— Цс-с-с…
— Лі Сунь першы на цябе данясе, — Янг разважаў зусім стала, і Радж узлахмаціў яму валасы: «Расцеш, малы!»
— Не было ж кітайца з людзьмі… Ну — бывай… — Радж пацалаваў Янга. — Ты ж ведаеш, дзе мяне шукаць — у дэльфінарыі. Ух! — раптам скрыгатнуў Радж зубамі.— У такі момант даводзіцца вас пакідаць!
— А калі зноў дома будзеш?
— Не ведаю. Цяжка ў містэра вырвацца. У выхадныя двайная нагрузка. А ведаеш, што на тых скрынях, на беразе, напісана? Што маёмасць належыць ваенна-марскому флоту ЗША. Базу хочуць будаваць.
Янг навобмацак абняў Раджа за шыю.
— Ну, мужчынка, беражы маці і бацьку. З Амарам дружы — ён верны мой сябар. — Радж пацалаваў Янга яшчэ раз і зашорхаў, адпаўзаючы да дзвярэй. Стагнала ў сне маці… Янг выцер слёзы са шчок.
3
— Янг… Я-янг! — хтосьці паклікаў яго шапялявым голасам. Потым пачуўся стук кія па парозе. — Ты яшчэ спіш?
Янг пазнаў голас старасты Ганеша, і сон яго адразу знік. Такога яшчэ не бывала, каб сам стараста звяртаўся да яго, нейкага хлапчука.
— Я ведаю, што не спіш… Збяры сяброў, і бяжыце купацца. Даўжэй сёння купайцеся… І добра было б, каб увесь час хтосьці плюхаўся ў лагуне — па чарзе. І калі што ўбачыце новага, пасылайце дакладчыка. Янг, будзеш камандзірам разведкі.
Хлопец не верыў сваім вушам. Яму давяраюць такую важную справу?! Усхапіўся так, што затрэслася хаціна.
— Цішэй гарцуй… А то раней часу разваліш, — сказала маці кволым голасам. Яна і бацька яшчэ не ўставалі, нібы ўраз і назаўсёды страцілі цікавасць да жыцця. — Насячы арэхаў, кінь свінцы, а тады ўжо ляці. Курэй выпусці.
Іх хаціна, як і ўсе ў вёсцы, збудавана на высокіх палях. Пад бамбукавай падлогай-насцілам можна хадзіць угнуўшыся. Тут і загародка для свінкі, і клетка для курэй. Тут і камора, дзе яшчэ ёсць крыха какосавых арэхаў папярэдняга ўраджаю.
Янг працаваў і прыслухоўваўся да таго, пра што перагаворваюцца Ганеш з бацькам. Адзін стаіць каля парога, другі — у дзвярах.
— …дык толку ж няма з зялёных. Сок, малачко… Хіба што бражку рабіць. Дык на бражку ж можна і з самой пальмы соку наспускаць! — гаварыў бацька. — Але ж на ліха яна, і без яе горка!
— А я раю пассякаць арэхі, хоць зялёныя. Усё ж нейкая карысць будзе, — гаварыў Ганеш. — А то можа стацца — не паспеем і такія спажыць. Спляжаць усё бульдозерамі… Я чуў, што сюды, на Біргус, будуць вялікія самалёты садзіцца, караблі ваенныя прыплывуць.
— Божа міласэрны! Такую навалу паслаць…
— Трэба нам усім трымацца разам. Мо прыйдуць амерыканцы ўшчуваць, то будзем у адно гаварыць: мы толькі маліліся, гналі злых духаў. І што Раджа не было з намі, паехаў на Рай. Я ўсім так скажу, папярэджу… (Янг падумаў: «Ну і добра, што сам стараста скажа»)…А салдат першы напаў на нас… І трэба рыхтавацца да пахавання Япа і Раты… — Ганеш пайшоў, пастукваючы кіем.
— Вялікі Вішну! — усхліпнула маці.— Яны ж цэлую ноч ляжалі на беразе. Крабы вочы павыядалі… Як я цяпер буду раджаць? Бома няма, не будзе каму адганяць злых духаў.
— Ты не перажывай… Дасць бог, усё будзе добра, — уздыхнуў бацька.
— А Лі Сунь і сёння пайшоў да амерыканцаў. Павалок мех большы за сябе — ледзь носам зямлю не рыў.
— Гандаль мо наладжвае, чуе — пажывіцца можна, — адказаў бацька.
Янг выбраўся з-пад хаціны.
— Я ўсё зрабіў. Наце вам па яечку… — паклаў у шурпатую бацькаву руку яйкі, знойдзеныя ў курыным гняздзе. — Я пабег!
Галапузікаў, што бегаюць без штонікаў ці трусікаў, Янг не будзе браць у памочнікі. І дзяўчынак не возьме… Хаця адну то і можна было б — Натачу. Яе назвалі так у гонар савецкай дакторкі. Добра, што якраз у той час, як нараджалася Натача, стаяла непадалёку савецкае даследчае судна. І цяпер людзі памятаюць, што над ім развяваліся два сцягі — чырвоны і сіне-белы. Каб не прыехала з судна дакторка, то магло б не быць ні Натачы, ні яе маці, людзі ўжо маліліся Вішну, каб забраў сабе іх душы. Баявітаю расла Натача, спрытнаю. Але Янг не будзе клікаць сёння і яе, у яго чыста мужчынскае заданне.
Перш за ўсё Туна пакліча. Звычайна, калі спадала дзённая спякота і ў вёсцы пачынаўся хоць нейкі рух, Янг будзіў Туна так: падлазіў пад памост яго хаціны і востраю тонкаю патырчакаю соўгаў спадыспаду паміж бамбукавых жэрдак. Янг ведаў, у якім кутку спіць Тун, і звычайна пацэльваў калі не з першага, то з другога разу. А сёння прабраўся Янг… Раз кальнуў, другі…
— Ой, што гэта?! — пачуўся спалоханы мужчынскі ўскрык. Хтосьці падскочыў, хаціна затрэслася, як ад землетрасення: — Нячысты дух! Нячысты дух!
Янг даў лататы з-пад хаты. У тую ж хвіліну пачуўся Тунаў смех:
— Янг, гэта ты? Ха-ха, чуць жывот бацьку не прапароў!
— Я-а… Выходзь хутчэй!
— Чаго ты падхапіўся так рана?
— Даручэнне нам ёсць! Баявое! — І Янг расказаў, што да чаго. Ужо ўдвух памчаліся да Мансура.
Мансурава хаціна стаяла ў той палавіне вёскі, што была бліжэй да лагуны. Знайшлі яго на пальме — ссякаў арэхі. Увесь дол ужо быў укрыты імі, зялёнымі, шурпатымі. Мансур і слухаць не хацеў, што яму выкрыкваюць знізу хлопцы, пакуль не сталі цаляць у яго палкамі, а Янг прыгразіў, што залезе да яго і сцягне за нагу. Памаглі Мансуру сабраць арэхі ў мяшок, завалаклі дахаты. Памаглі і ўгаворваць яго суровага бацьку, бо таму не падабалася, што сын не выканаў яго распараджэння, а ўжо зрываецца недзе бегчы. «Пакупайцеся і бягом назад. Калі праз паўгадзіны не прыйдзеш, можаш увогуле не вяртацца!» — прыгразіў Мансуру бацька.
Пабеглі да лагуны навыперадкі з худым Мансуравым сабакам, арыентаваліся на дзіўныя гукі: там нешта прарэзліва звінела, трашчала і выла.
Выбеглі — і вачам сваім не паверылі: такім незнаёмым стаў бераг! Голы, чужы: упярэкрыжку і ўмітусь, а то і покатам ляжалі ўсе прыбярэжныя пальмы, нібы пранёсся шалёны ўраган. Яшчэ каля двух дрэў завіхаліся двое белых дзядзькоў у шортах. У іх руках і вылі тыя штуковіны, увачавідкі падгрызалі дрэвы. Трэці дзядзька, такі ж незагарэлы і амаль голы, чыкрыжыў ствалы на кавалкі.
— Чаго раты паразяўлялі? Бензапіл не бачылі? Марш адсюль! — закрычаў на іх, нібы ён тут быў гаспадаром, кітаец Лі Сунь.
Хлопцы аглянуліся. Крамнік назносіў пад вялікі банан кучу арэхаў, расклаў там на рагожцы сякі-такі тавар і вёў гандаль. То пільшчыкі, то салдаты, што распакоўвалі скрыні і складалі з металічных частак нейкія механізмы, падыходзілі да Лі Суня, і ён ім ускрываў арэхі, даваў піць сок. Каму не падабалася, тым успорваў бляшанкі з кансерваваным сокам ці півам. Лі Сунь рабіў свой бізнес.
— Чужыя пальмы абабраў! Я пабягу раскажу Ганешу! — Тун гатовы быў сарвацца з месца.
— Чакай, а там што? — спыніў яго Янг.
Каля ўваходу ў лагуну, які вельмі звужвалі рыфы і атольчыкі, нерухома застыў той пантон, што перапраўляў з баржы на бераг машыны і грузы. На ім стаяла і дадахкала прамавугольная глыба на колах. На пантоне завіхалася некалькі чалавек. Штосьці рабілі, штосьці падавалі з пантона ўніз, да вады. Вось на пантон ускараскаўся амаль голы чалавек з ластамі на нагах і аранжавымі балонамі за плячыма. Твару чалавека не было відаць, бліскала толькі шкло маскі. Вось ён сцягнуў маску на лоб, пацерабіў пальцам у вушах…
Пантон сёння быў упрыгожаны рознакаляровымі сцяжкамі — і чорнымі, і чырвонымі, і жоўтымі, і сінімі. Казаў неяк Радж, што калі вядуцца падводныя работы, то выстаўляюць такія сцяжкі.
— Па астраўках падбяромся бліжэй да пантона, разведаем, што яны робяць! — Янг кінуўся ўніз.
Пясок каля вады быў стаптаны — засталіся ўчарашнія сляды людзей. Сям-там валяліся факелы. А дзе ж бома Яп? Дзе старая Рата? Колькі ні ўглядаліся ў той бок, дзе завіхаліся каля скрынь салдаты, трупаў не заўважылі. А мо іх не забілі? Мо яны ўсталі ноччу і цішком вярнуліся дадому?
Імчаліся паласой прыбою, а сабака весела брахаў і стараўся то аднаго, то другога цапнуць за пятку. Дабеглі да мыса і адразу плюхнулі ў ваду — белапеністую, бурлівую ў вузкай пратоцы. Сабака павішчаў, патупаў на беразе і палез асцярожна ў ваду, задзіраючы галаву, паплыў за імі.
Каля апошняга астраўка хвалі былі большыя, усе пенілася і бурліла. Прытаіліся за скаламі, панаглядалі… І зразумелі, што тут людзі сапраўды штосьці робяць пад вадою. Ад той чатырохкутнай машыны на колах клубамі валіў смярдзючы чорны дым. Ад яе ішлі пад ваду чорныя гумавыя шлангі. Раз-пораз да пантона падплываў чалавек з балонамі за плячыма і ў масцы, і яму падавалі зверху то нейкія цяжкія пакеты, то правады.
— Хлопцы! Штосьці так грукоча пад вадою! Так б'е па вушах — аж баліць! — паспеў нырнуць і тут жа выскачыць Мансур.
Спусціліся ў пратоку паміж трэцім і чацвёртым астраўкамі. Янг з Тунам нырнулі і тут жа вынырнулі. Праўда!
— Не вытрываць! Галава расколваецца!
І тут іх заўважылі з пантона: закрычалі, замахалі рукамі, каб выбіраліся з вады і ўвогуле вымяталіся прэч. Але хлопцы толькі заплылі за астравок і зноў пачалі цікаваць са схованак, глядзець, што робіцца на пантоне, каля пантона і рыфаў.
Вось з вады адзін за адным вынырнулі двое ў масках і з балонамі за плячыма. Ім памаглі ўзлезці на пантон, зняць балоны. А маскі пазрывалі яны самі і цяжка дыхалі, размашыста церлі па перакрыўленых, як ад болю, губах, церабілі пальцамі вушы. Сабака нецярпліва павіскваў, хочучы забрахаць на незнаёмых, і яму Мансур заціскаў пысу, прыгінаў да скалы. Рабочыя, што завіхаліся на пантоне, выцягвалі з вады чорныя шлангі, нарэшце завіслі на шлангах нейкія жалезныя штуковіны з вострымі наканечнікамі.
— Мо які клад схавалі, золата?! — у Мансура загарэліся вочы.
— Дурня такога, як ты! — сплюнуў Тун.
— Я падплыву туды пад вадою, пагляджу. Я ўмею глядзець пад вадою! — Мансур папоўз са скалы нагамі ўніз.
— Ціха, яны адплываюць! — паказаў Янг на карму пантона, дзе затарахцеў рухавік, узбурліла бурунам вада.
Пантон адплываў паціху, каля борта стаяў чалавек у шортах і прапускаў праз далоні драты, якія вялі пад ваду.
— Гууд! Стоп! — прагучала каманда на пантоне.
— Я ныраю! Потым не знойдзеш гэтага месца! Сабаку патрымайце! — Мансур адпіхнуў сабаку, што збіраўся лезці за ім, і нырнуў. Спыніць яго не паспелі.
У той жа момант на пантоне адзін з дзядзькоў узмахнуў рукою, і глухі гул-выбух страсянуў наваколле. На месцы рыфаў і атольчыкаў, што перагароджвалі ўваход у лагуну, паўсталі агромністыя белыя слупы вады і абломкаў каралаў. Апалі, заплёхалі цяжка ў ваду абломкі рыфаў.
— Мансур!!! — закрычалі спалохана Янг і Тун, ластаўкамі ўзвіліся ў паветра, боўтнуліся ў ваду. Скокнуў за імі і сабака.
Мансур усплыў сярод рознакаляровых рыб неяк ненатуральна, перакручваючыся на бок, потым паказаў жывот і перавярнуўся на другі бок, пачаў апускацца на дно. І тут яго падхапілі Янг і Тун, павалаклі да астраўка. Павярнуў за імі і сабака.
З Мансуравых вушэй і носа цякла кроў. Яго трохі патармасілі, паціскалі, і ён закашляўся, выплёўваючы ваду. Жывы!
— Мансур! Хоць слова скажы! Мансур! — упрошвалі хлопцы. Сабака паціху заскавытаў.
А Мансур толькі стагнаў і скрыгатаў зубамі, вачэй не расплюшчваў.
— Дык што ж гэта робіцца?! — закрычаў Тун. — Учора двух забілі, і сёння… Што нам бацька яго скажа?!
— Хутчэй у вёску, мо хто паможа яму… Павярні тварам уніз! Прыпадымі! — калі Тун падняў Мансура, Янг падлез пад яго так, каб галава і адна рука Мансура былі на адным плячы, а другая рука — на другім. Ступіў, сагнуўшыся, у ваду. — Збоку плыві, будзеш страхаваць.
Цяжкі быў Мансур. Пакуль дабраліся да трэцяга астраўка, а потым да другога, Янг сам наглытаўся вады. Далей ужо цягнулі Мансура ўдвух, пад руку, паклаўшы на ваду дагары. Янг гроб леваю, Тун — праваю рукою.
На мысе-паўвостраве адсапліся — не доўга, каб толькі крыху вярнулася сіла. Зноў пагнялі, паціснулі Мансура ў спіну, паклаўшы жыватом на калена Янгу, бо хлопец, пакуль валаклі, зноў захапіў вады.
Сяк-так пасадзілі Мансура на сплеценыя ў замок чатыры рукі, панеслі ў вёску.
Вішчаў, бегаў вакол іх кругамі сабака.
4
Было і плачу, і крыку.
І не толькі ў Мансуравай хаціне, а і па ўсей вёсцы. «Людзечкі, ды што ж гэта робіцца?!» — на розныя лады галасілі жанкі. Сціскалі сківіцы хмурыя мужчыны — у бяссіллі і гневе. Каму паскардзішся? Хто дапаможа? Да бога — высока, да султана — далёка. Дый хадзілі ж да султана, скардзіліся і прасілі літасці. Ну, а што з таго? Не бацька ён свайму народу, не… Добра, што яшчэ хадакоў жывымі адпусцілі.
Некаторыя пабеглі на бераг лагуны. Калі не ўратуюць свае пальмы, то хоць зялёныя арэхі збяруць. Не было ўжо ў людзей ні боязі, ні павагі да Лі Суня. І адлупцавалі яго, і раскідалі ўсе яго шмоткі, адабралі арэхі. Асабліва стараўся Амара.
— А вам гэта прыпомню… Я вам прыпомню!.. — гразіўся Лі Сунь.
На амерыканскім катэры ён патарахцеў на Горны.
З'явіўся ён пад поўдзень з пяццю паліцэйскімі і чыноўнікам з папкаю пад пахаю. Паліцэйскія былі ў чалмах, з карабінамі і крывымі цесакамі, большымі, чым крысы-кінжалы. Чыноўнік быў апрануты, як індыец — у чорнай шапачцы, падобнай на пілотку, у белым сурдуце і белых штанах. Катэр з імі ўвайшоў у лагуну, не зніжаючы скорасці, з разгону ткнуўся ў белы пясок. Скінулі сходні, і ўсе пяцёра паліцэйскіх, чыноўнік і кітаец сышлі на бераг.
Пайшлі адразу не ў вёску, а да палатак, у якіх размясціліся амерыканскія салдаты і афіцэры. Шапталіся, размаўлялі там мо гадзіну, пра нешта дамаўляліся.
Зоркія вочкі ў Лі Суня…
— Эй, вы! — заўважыў ён Янга і Туна, якія залеглі пад кустамі і наглядалі, што робіцца ў лагуне і на беразе. — Паклічце сюды Ганеша! І хутка: адна нага тут, другая там!
Янг і Тун высалапілі яму языкі, перакрывілі і… зніклі ў гушчэчы.
— Не паклічуць. Але я сам ведаю, дзе Ганеш жыве і дзе той разбойнік. Калі ласка, хадзіце за мною! — паклікаў ён паліцэйскіх.
Амару злавілі, прывялі пад Дрэва Сходаў. Прывялі і старасту.
— Ад імя Яго Вялікасці султана!.. За замах на свяшчэнную і недатыкальную прыватную ўласнасць!.. — выкрыкваў высокім, ледзь не зрываўся, голасам чыноўнік, нібы выступаў перад шматлюдным натоўпам.
Амару паліцэйскія распласталі на зямлі і адлупцавалі бамбукавымі палкамі. Гэтак жа адлупцавалі і Ганеша — за тое, што распусціў ушчэнт сваіх сяльчан, не сочыць за парадкам. Добра адлупцавалі — не змог устаць.
— Не прыкідвайся, нягоднік! — пачалі штурхаць яго нагамі. — Скажы дзякуй, што не арыштавалі і не аддалі пад суд!
Але Ганеш не ўставаў.
— Лепш зусім дабіце… Я не перажыву гэтага сораму… — стагнаў ён.
Зноў падручыўся склікаць усіх крамнік Лі Сунь.
Пакуль людзі збіраліся, паліцэйскія пакутавалі ад гарачыні. То адзін, то другі бралі какосавыя арэхі, ссякалі адным ударам ім макаўкі, нібы галовы ворагаў султаната, смакталі сок. Падносілі і амерыканцу-афіцэру, які абыякава глядзеў, стоячы тут, і на экзекуцыю, і на ўсё, што выраблялі паліцэйскія і чыноўнік.
Прыйшло зусім нямнога людзей — мо трэцяя частка ад тых, што былі ўчора на сходзе.
Высокім брахлівым голасам чыноўнік гаварыў, што часу на роздум у людзей было многа. Цяпер даецца на зборы ўсяго дзве гадзіны. У лагуне пры беразе чакаюць іх катэр і вельботы, амерыканцы ўсіх бясплатна даставяць на Горны.
— Хто галава сям'і, будзеце падыходзіць сюды па дапамогу. Кожнаму будзе ўручаны чэк на прад'яўніка, па чэках можна на Горным ці на Галоўным у канторах банка атрымаць пяцьдзесят долараў.
У адказ чуліся толькі плач-скуголенне, нібы ў людзей ужо і сілы не было, каб заплакаць на ўвесь голас. Не пераставаў стагнаць і Ганеш.
Потым гаварыў афіцэр, а чыноўнік перакладаў. Амерыканцы не будуць нікога вінаваціць, што паранілі іх салдата.
— Адбылося непаразуменне, якога больш, я спадзяюся, астравіцяне не дапусцяць, — голас афіцэра быў ледзь не бацькоўскі.
— А як жа… А як жа тады… — застагнаў, закашляўся кроўю Ганеш. — Ваш салдат двух застрэліў!.. Нашых! І яму нічога за гэта не будзе?!
Чыноўнік хуценька перашаптаў афіцэру, што сказаў стараста.
— Гэтага не можа быць, таму што быць такога не можа! — адказаў афіцэр.
— Такія факты і мне невядомыя, — дадаў ад сябе чыноўнік, перакладаючы. — А вам мы маглі б яшчэ дабавіць за гэты паклёп. Але вы мне трэба жывы… Называйце кожнага галаву сям'і. Складзём спісы, акт на выдаткі.
Паліцэйскія падцягнулі Ганеша да баньяна, пасадзілі пад дрэва, прыхіліўшы спінаю да ствала.
5
Плач і галашэнне луналі над вёскаю, над усім Біргусам.
Людзі не ведалі, што браць, што кідаць. Можа, дзе ў вялікім цывілізаваным свеце, на Галоўным, на Раі, бляшанка з-пад кансерваў, што служыла за конаўку, не варта была выедзенага чарапашынага яйка. А біргусаўцам у іх бядоце ўсё было дорага, усё міла.
Прайшла гадзіна, прайшла другая, а ніхто не быў гатовы пакінуць сваю хаціну. Людзі нешта звязвалі, перавязвалі, кідалі і зноў бралі. А хто і быў гатовы, то не вытыркаўся наперад, аглядваўся на іншых. Раней людзі ішлі за бомам, ішлі за старастам, а цяпер іх не было. І ў разгубленасці шыліся ў цёмныя куткі, у кусты, думалі адседзецца, уратавацца.
Бацька нагрузіў на Янга столькі ўсяго — ішак не панёс бы. Сам узяў на абярэмак свінку, цераз плячо перакінуў звязкі курэй, і яны трапяталіся, спрабавалі ляцець, драпалі кіпцюрамі і дзюбамі за спіну і ногі. У маці быў толькі адзін клуначак з адзеннем і лямпа без шкла і газы (каштоўная рэч, хоць ёю ніколі не карысталіся). Маці немагчыма было выцягнуць з хаты, яна цалавала кожную бамбучыну, кожнае бярвенца. А выйшла, то ўплялася за крывую пальму, што схілілася каля хаціны, і загаласіла на ўвесь голас. Заплакаў за ёю і Янг, хоць дасюль толькі крадком выціраў то адно вока, то другое. Злізваў слязіны з дрыжачых губ бацька, ён усё паддаваў свінцы каленам знізу, каб не спаўзала з рук. Потым бацька апусціў свінку на дол, заціснуў яе нагамі і паклікаў Янга. Пакорпаўся ў яго клунішчу, што гнуў хлопца, як цыклон пальму, дастаў вяроўку, завязаў свінку за пярэднімі нагамі, па грудзях, канец наматаў на кулак.
— Ну — хадзем… Хадзем жа памалу… — гладзіў ен плячо маці свабоднаю рукою, угаворваў. А яна толькі хісталася з боку ў бок, як пад ветрам, спрабавала рваць на сабе валасы.
Тым часам у вёсцы пачало рабіцца штосьці жахлівае. Маторы зараўлі зусім блізка, сярод хацін. Бульдозеры ішлі шчыльна адзін пры адным — пабудовы рассыпаліся і клаліся пад гусеніцы з сухім трэскам і пылам. А пальмы паддаваліся не адразу. То адзін, то другі бульдозер страшна, з натугай роў маторам, пальма, у якую ўпіраўся нож, сутаргава дрыжала. І вось… сакавіты крэкт-трэск, дрэва з шумам гахае, ажно ўздрыгвае зямля. А бульдозер яшчэ і прапаўзе па пальме, нібы хочацца яму ўпляскаць дрэва ў зямлю.
Янгу здалося, што з аднаго бульдозера скаліў зубы Пуол. Прыгледзеўся — ён! Пуол сам трушчыў сваю хаціну!
— Вырадак! Каб ты маленькім здох!.. Праклінаю цябе! Праклінаю навек! — трос кулакамі яго бацька Джыва.
Усплёскі-выбухі плачу ўспыхвалі то там, то тут. У вэрхале, сярод машын і людзей мітусіліся і паліцэйскія, выцягвалі з хацін людзей — як не з-пад самых гусеніц, лупілі палкамі па спінах, па галовах. Некаторыя спрабавалі адбівацца, а жанчыны пускалі ў ход кіпцюры і зубы. І паліцэйскія тады зусім раз'юшваліся.
Бацька ўвесь калаціўся, даваў Янгу канец вяроучыны і не мог пацэліць у хлопцаву далонь. Але аддаў урэшце, каб Янг і свінку-рабуху вёў. А сам яшчэ пакорпаўся ў Янгавым клунку, дастаў партрэцік бога Вішну. За рамку абразка сям-там трымаліся ўсохлыя кветкі ліян і архідэй, папяровыя кветкі. (Янг любіў Вішну на гэтым партрэціку: тры твары ў яго — і ўсе такія светлыя, добрыя; шэсць рук, і ў кожнай што-небудзь трымае; каля бога рахманыя сабакі, прыгожы і сыты буйвал). А бацька тым часам падпаліў сернікам свяшчэнную духмяную палачку для акурвання, пачаў хадзіць з абразом і палачкай вакол хаціны і бліжэйшых пальмаў. Потым стаў каля пальмы, якую ўсё абдымала і цалавала маці, задыміў направа і налева і на іх. А грозныя, страшныя машыны з нажамі-адваламі ўжо зусім блізка, ужо кіруюць у іх бок…
— Эй, марш адсюль, пакуль цэлыя! — надрывалі горла паліцэйскія. Твары ў іх спацела-брудныя, чалмы пазбіваліся на патыліцы, а то і паразвязваліся.
— Не-е-е!!! — закрычала раптам маці немым голасам. Кінула свой клуначак і лямпу, пакарабкалася на пальму. — Не аддам ніко-ому! Не аддам!!!
Хоць і нахіленая была пальма, але ацяжэлай маці лезці было нязручна. І ўсё ж лезла, абдзіраючы ногі, вышай і вышай. Вось ужо засталася толькі тая частка ствала, якая, выпрастаўшыся, імкнула ўгору.
— Марш, марш! Ідзіце па разлік! — крычалі паліцэйскія ўсё бліжай. — Чаго тут стаіце? Прэч! — накінуліся яны на Янга і бацьку. — А ты?! Злазь зараз жа, тоўстая малпа! — затрос кулаком на маці паліцэйскі з вусамі.
— Не злезу! Не адда-ам!!! — крычала зверху маці.— Людзі! Залазьце на дрэвы! Яны не пасмеюць нас…
Але яе ніхто мо не чуў у рове матораў, у трэску, у людскім галашэнні. Страх за маці скаваў Янга, ён не мог скрануцца з месца.
— Імем Яго Вялікасці султана Муту — злаазь!!! — вусаты паліцэйскі, схапіўшы нейкі пакалак, папусціў у маці.— Атрымаеш трыццаць удараў папруцінамі! Злазь!
— Люд-цы!!! — крычала маці сваё. — Не паддавайцеся!
— Ану — падкалупні яе, патрасі трохі! — крыкнуў вусач вадзіцелю бульдозера і яшчэ штосьці дабавіў па-англійску.
Бульдозер раўнуў пагрозліва, крутнуўся на адной гусеніцы, зайшоў збоку: па нахілу і супраць нахілу не вельмі старую пальму патрасеш. Нож-адвал у гэтага бульдозера быў не роўны, а складаўся нібы з двух, пастаўленых пад вуглом адзін да аднаго, утварыўся нібы тупы рог з вострымі кантамі. Бульдозер роў-газаваў, расхістваў нажом пальму. Янг бачыў, як матлялася ўверсе маці, ашчаперыўшы ствол рукамі і нагамі, крычучы што ёсць моцы. Бачыў, як скаліўся ў дурной ухмылцы вадзіцель-бамбіза, высунуўшыся з кабіны, мабыць, забаўка яму падабалася.
— Мамачка, не трэба! Мамачка, зла-азь! — крычаў, голасна плакаў Янг.
— Стойце, душагубы! — зайшоў наперад і з усёй моцы ўпёрся ў адвал бульдозера бацька. — Яна злезе! Яна ўжо злазіць! — і зноў выставіў для абароны абразок Вішну.
Але што было вадзіцелю да іх бога, калі ен, відаць, і свайго не паважаў.
І раптам… жахлівы трэск, пальма зламалася ў тым месцы, дзе ўпіраўся бульдозер. Махрастая верхавіна, апісаўшы вялікую дугу, грымнула вобзем. Бацька ледзь паспеў адхіліцца: канец дрэва, самы яго гузыр таксама вільнуў у паветры, бухнуў на зямлю.
Янг закрычаў прарэзліва, ажно самому вушы заклала, кінуўся да маці…
І хай бы ён лепш не бачыў яе такою!..
Няхай бы навекі яна засталася ў яго памяці з жывым і чыстым, такім добрым і родным тварам.
— Ма-а-а-а… а-а-а!!! — Янг баяўся падступіцца да таго, што засталося ад маці, што відаць было з-пад пальмавага ствала. А бацька, падбегшы, збялеў і знямеў, у яго зрабіліся мутныя вочы вар'ята…
Бульдазерыст высунуўся з кабіны ўжо да пояса, выцягваў шыю, углядаўся ўперад, у тое месца, дзе ляжала размазджэраная жанчына, дурнавата міргаў белымі павекамі. Вусаты паліцэйскі скрануўся з месца, патаптаўся, паклікаў да сябе яшчэ аднаго. Закідалі маці пальмавымі лістамі і паштурхалі Янга і бацьку ў спіны: «Вы ёй ужо нічым не паможаце… Сама вінаватая… Бог пакараў яе за непаслушэнства…»
6
Пад Дрэвам Сходаў ішоў разлік. Ланцужком, нагружаныя хатнім скарбам і жыўнасцю, праходзілі людзі. Чыноўнік у чорнай шапачцы выдаваў тым, каго называў Лі Сунь, чэкі.
— А гэты мне павінен… Узяў пазыку пад будучы ўраджай і не вярнуў. Яму выпісвайце палову, дваццаць пяць долараў. А дваццаць пяць — мне! — указваў крамнік. — А гэтаму дваццаці хопіць — астатнія мне… Гэты таксама вінаваты… І гэты!
У руцэ Лі Суня быў ужо добры жмак чэкаў. Долары былі лепш за ўсё: ні есці не просяць, ні месца многа не займаюць.
Мансураў бацька з братам неслі на самаробных насілках Мансура, у яго была закручана галава. Мансур з усёй моцы прыціскаў да сябе сабаку, і атрымлівалася, што ў мужчын была двайная ноша.
Ужо на катэры абдымкі Мансура паслабіліся, і сабака выкаўзнуўся з рук. Рослы матрос, які спяшаўся ў рубку да штурвала, спатыкнуўся на сабаку, той енкнуў, адскочыў, трапіў пад ногі яшчэ аднаму. Другі хуценька схапіў сабаку за шкірку і шпурнуў за борт. Мансураў бацька не паспеў ні злавіць яго, ні прыхаваць дзе-небудзь.
Катэр зароў, загрукаў маторам, шпарка пайшоў да выхаду з лагуны. У пеністых валах, што вусамі разыходзіліся за кармою, доўга яшчэ гойдалася сабачая галава. Сабака плыў услед, з апошніх сіл малаціў лапамі па вадзе.
«А дзе наша свінка?!» — раптам спахапіўся Янг. Зусім не мог успомніць, калі яна вылузалася ад іх, калі згубілі яе.
А далей быў правал-забыццё. Можа, спаў, а можа, быў без прытомнасці…
Раздзел другі
1
Радж, выкаўзнуўшыся з хаты, замёр на хвіліну каля сходцаў, прыслухаўся. І — пайшоў. Паходка была лёгкая, спружыністая. Цела свайго, наструненага ад насцярожанасці, не адчуваў: абвастрыліся ўсе пачуцці. Сцежка была спярэшчана цёмна-светлымі плямамі і палосамі, месяц мільгаў, бег паміж лісця і галін навыперадкі.
Верашчалі цыкады, ускрыквала нейкая начная птушка.
Ішоў ён не да берага, дзе ў маленькай затоцы каля мыса знахара Япа былі павыцягваны за лінію прыліву і прывязаны рыбацкія чоўны — каторыя з балансірамі, каторыя без іх. Некаторыя сяльчане здымалі, адвязвалі балансіры, заносілі дамоў. Так было больш спакойна: чоўна ніхто не возьме. Ішоў Радж да цэнтра вострава, дзе быў выкапаны ў лагчыне адзіны калодзеж. Хацелася ў апошні раз напіцца з яго вады — сваёй, роднай. Гэтую ваду нельга было забыць — заўсёды цеплаватую, з ляснымі прэлымі пахамі. Часам была яна трошкі салёная і гаркаватая, калі чарпнеш неасцярожна, глыбакавата. З-пад іх вострава-атола падступала, прасочвалася ў калодзеж цяжэйшая марская вада. Няхай сабе даўно ўжо на востраве Рай карыстаўся Радж салодкай артэзіянскай вадой (Рай — востраў вулканічнага паходжання, і можна было капаць глыбока), няхай сабе піў-каштаваў шмат чаго экзатычнага, прывезенага з-за свету для турыстаў, але вада з вострава Біргус ніколі не забывалася.
І ўсяму гэтаму прыйдзе канец. Амерыканцы пабудуюць на востраве ваенную базу — і марскую, і авіяцыйную разам, як на тым вядомым усяму свету востраве Дзіега-Гарсія, што таксама тут, у Індыйскім акіяне. На іх Біргусе будзе ўсё спляжана, выкарчавана, зараўнавана. Мо якраз праз гэты калодзеж пройдзе ўзлётная паласа для цяжкіх бамбардзіроўшчыкаў.
Чаму нікому на архіпелагу гэта не баліць? Чаму плачуць па востраве адны біргусаўцы? О, пракляты народ, які яшчэ не стаў нацыяй… Абшчыны, групоўкі, групачкі — па паходжанню, па плямёнах і родах, па рэлігіі, па мясцовасці, па сваяцкіх адносінах… Тамілы, сінгалы, яванцы, кітайцы, сунданцы, мадурцы, негрыты, патомкі партугальцаў і арабаў, галандцаў і англічан… Што з таго, што нібыта архіпелаг Вясёлы атрымаў незалежнасць ад брытанскай кароны? Кожны востраў адасоблены, з канца ў канец архіпелага сотні кіламетраў. Што робіцца на суседнім востраве, людзям ужо нецікава, а ў свеце — тым больш. Цывілізацыя зачапіла толькі Галоўны, Горны і Рай, на іх і электрычнасць ёсць, радыёпрыёмнікі. На астатніх знайсці хоць які транзістар — дзіва дзіўнае, выявіць адукаванага чалавека — яшчэ большая рэдкасць. Гэта шчасце, што на Біргусе жыў грамацей, былы матрос Дуку — летась памёр. У яго ўсе дзеці біргусаўцаў вучыліся чытаць і пісаць. Па-англійску, вядома. Гэта Дуку і вызначыў, што ў Раджа незвычайныя здольнасці да вучобы, да чужых моў. Гэта Дуку і ўгаварыў бацьку аддаць Раджа ў прыватную школу на Горным, каб падрыхтаваць для паступлення ў коледж. Пакуль Радж вучыўся ў той школе, то бацька яшчэ неяк выкручваўся, вышукваў сродкі. А пра коледж нельга было і марыць, коледж быў толькі на Галоўным. Дзе возьмеш грошай, каб і за вучобу плаціць, і кватэру наймаць?
Радж піў ваду доўга, смакаваў, а думкі, цяжкія і пакутлівыя, уявы-малюнкі дзяцінства перапаўнялі галаву… Чамусьці вада сёння здалася больш горкаю і салёнаю. Можа, гэта дамешваліся ўжо да яе Раджавы слёзы?
Лінуў рэшткі вады паўкругам вакол сябе, павесіў конаўку на калок. Ну, вось і ўсё… Бывай, Біргус, назаўсёды… Хаця не, трошкі яшчэ пабудзе, пасядзіць на лавачцы з бамбукавых палак, палюбуецца зялёнымі агеньчыкамі светлякоў. Мо прыціхне боль у сэрцы, перастане падціскаць за грудзінаю.
На гэтай лавачцы заўсёды адпачывалі жанчыны, перад тым як узваліць на сябе груз, несці ваду дахаты. Сюды і моладзь прыходзіла гуляць, асабліва закаханыя. Шмат гадоў, пакаленне за пакаленнем…
«Ну — усё… Уставай, Радж!» — загадаў сабе. І ўстаў, рэзка павярнуўся да гушчару. Пойдзе напрасткі, арыентуючыся па месяцу. Туды, на бераг лагуны, да лагера амерыканцаў. Што там зараз робіцца? Куды яны падзелі забітых Япа і Рату?
З-за апошніх кустоў выходзіў асцярожна, раз-пораз заміраючы, напружваючы слых і зрок.
Храпуць амерыканцы ў палатках, не чуваць і крокаў вартавога.
Бясшумна, як цень, махнуўся Радж да прыкрытых брызентам скрыняў. Зайшоў ад вады, каб нельга было заўважыць яго з боку палатак. Убачыў: да крайняй скрыні прыхілена гумавая лодка. Вясельцаў не відаць ні каля лодкі, ні за лодкаю. Радж пакалупаў нагою пясок — няма і ў пяску. «Ну — нічога, знойдзем заменнік… Яны ў нас Біргус адабралі, радзіму. Калі я лодку «пазычу» — дробязь для іх…»
Крадучыся, дайшоў да той мясціны, дзе звечара стаяў вартавы і дзе адбылася трагедыя. Трупаў бома і Раты не відаць, нават крывавыя плямы прысыпаны, засталіся толькі сляды босых ног. А-а, вось ён, вартавы… Сядзіць, успёршыся рукамі на аўтамат, угнуў галаву на грудзі. Не той, пэўна, якому пырнуў крысам пад бок… І гэтага ваяку можна было б прырэзаць, забраць аўтамат… А потым падпаліць усё… Раджа ажно затрэсла, ледзьве стрымаўся. Што тады будзе з сяльчанамі? Могуць расправіцца з усімі, і ніякага суда на прышэльцаў не знойдзеш.
Пайшоў асцярожна назад, потым — уздоўж прыбою.
Хто шукае, той знаходзіць: вунь гайдаецца ў хвалях нейкі абломак дошкі. Можна яе скарыстаць замест вясла. А во і бляшанка — ваду будзе добра выліваць…
Зняў з сябе белую тэніску, каб не так свяціла ў цемры, паволі адштурхнуўся ад берага…
2
Жыхары Біргуса, дый не толькі біргусаўцы, называлі морам усё, што было між астравамі архіпелага ці паблізу астравоў. Уся астатняя прастора, якую нават у думках было цяжка ахапіць, называлася акіянам. Нават не Індыйскім — проста акіянам, і ўсё. Дзесьці на ўсход, больш за тры тысячы кіламетраў, Суматра і Ява, гэта ўжо Інданезія — самыя блізкія суседзі. А на поўнач і на захад, дзе Індыя і Шры Ланка, яшчэ больш гэтых тысяч кіламетраў — вада, вада, вада… А які ж вялікі ўвесь свет, канца-краю няма!.. Якія вялікія мацерыкі ёсць, а яшчэ большыя — акіяны! І гэта ж трэба, каб свет клінам сышоўся на іх Біргусе, каб якраз на яго ўпала прагавітае вока янкі. Хіба Радж не чытае газет? Чытае. І мясцовую «Фрыдом», «Свабоду» — горкі смех з гэтай свабоды, і тыя, што забываюць турысты — англійскія, амерыканскія, французскія, нямецкія, аўстралійскія. Была ў адной газеце карта-схема, увесь свет пакрылі амерыканцы сваімі базамі, на ўсе мацерыкі і акіяны іх лапы працягнуліся. Бліжэй за ўсё да Біргуса, да ўсяго архіпелага — база на востраве Дзіега-Гарсія ў архіпелагу Чагас.
Думкі Раджа ішлі па крузе: то пра Біргус і Рай, пра ўвесь архіпелаг Вясёлы, то пра сваю работу, пра дэльфінарый…
Нязручны ўломак дошкі, кастравы, не возьмешся па-людску, не грабанеш як след. А лодка залішне шырокая, трэба схіляцца то да аднаго борта, каб дастаць да вады, то да другога.
Усё часцей перакідваў дошку ў левую руку, каб выраўняць ход лодкі, плысці праменька на ўсход, на зарыва Рая. На месцы грабкоў успыхваюць мірыяды бела-фасфарычных іскрынак. Серабрыстыя сляды завіхрэнняў не адразу блякнуць, а яшчэ доўга свецяцца на вадзе, нібы пратупала велізарная казачная жывёліна. Доўгі і шырокі фантастычны след застаецца і за кармою лодкі. Ведаў Радж, што гэта ўспыхваюць і свецяцца малюпасенькія рачкі і ўсялякія іншыя істоты мікраскапічных памераў. І ўсё ж яму хацелася верыць у штосьці казачнае.
Вечнае хараство вечнага мора-акіяна…
А пад вадою ноччу Радж яшчэ не быў — толькі перад самым змярканнем, і то таму, што прыпазніўся вярнуцца на бераг.
Было гэта тады, калі яго падводная прагулка ледзь не скончылася трагічна. Во, пад леваю сківіцаю яшчэ і сёння пабольвае шрам-месячык…
Яшчэ пад уладай брытанскай кароны Рай забудоўваўся па адзіным агульным плане. Згодна з гэтым планам, востраў цалкам павінен быў ператварыцца ў месца адпачынку — заморскі рай з вечным летам. У ім і свае таўстасумы, англійскія, і з усяго свету маглі б, хто хацеў, скінуць ці нагуляць тлушч, спаражніць тоўстыя кашалькі, пазабаўляцца і пацешыць грэшнае цела.
Горад на востраве ў плане нагадваў няправільнае прыплюшчанае з поўначы на поўдзень кола з васьмю спіцамі. Вобад — кальцавая пешаходная дарога ўздоўж пляжаў. Рынг-стрыт, авеню, «брадвей», шпацырштрасэ — як толькі не называлі тую дарогу! Спіцы — радыяльныя вуліцы, якія дзялілі востраў-горад на восем сектараў і сыходзіліся на авальнай плошчы. Шэсць паўночных найбольш сонечных сектараў былі аддадзены турыстам, індустрыі адпачынку. Паўз рынг-стрыт стаялі ў зеляніне гатэлі, пансіянаты, санаторыі, глыбей да цэнтра — усялякія начныя клубы, дансінгі, казіно, рэстараны, бары, кафэ. Самыя малыя і кароткія, нібы сплюшчаныя пад цяжарам астатніх шасці сектараў, былі сёмы і восьмы — паўднёвыя. Тут былі порт з прычаламі і гаспадарчымі пабудовамі і квартал жылых дамоў. Дэльфінарый займаў куток паміж першым і восьмым сектарамі, урэзваўся трохі і ў мора. На ўсім востраве не было ніводнай машыны, якая капціла б паветра, раскатвалі толькі веласіпедысты і рыкшы, ціхія электрамабілі.
Містэр Джэральд Крафт, уладальнік дэльфінарыя, не раз клікаў Раджа ў свой кабінет, давяральна саджаў у мяккае крэсла перад сталом, сам прымошчваўся на другім. Гаварыў і раз-пораз кашачым рухам працягваў да пляча Раджа сваю пухлую руку, дакранаўся, нават пагладжваў:
— Радж Сінх, я цябе люблю, як сына… Ты ёсць зэ райт мэн ін зэ райт плэйс — патрэбны чалавек на патрэбным месцы. Ты не мэдмэн, як Судзір, не вар'ят. У таго толькі адны мэкінэйшн у галаве, Судзіру галоўнае — мэйк мані… Грошы, адны грошы!
Радж разяўляў рот, хацеў уставіць у хуткі паток Крафтавых слоў хоць некалькі сваіх. Што і ён, Радж, не можа за адну і тую ж плату займацца яшчэ і абследаваннем акваторыі вострава. Хопіць і таго, што містэр Джэры ператварыў яго ў затычку для кожнае дзіркі, замест таго каб узяць на работу яшчэ чалавека ці двух.
— За гэта я табе асобна заплачу — о'кэй? Але нам трэба добра ведаць, што робіцца вакол вострава пад вадою. Я хацеў бы павысіць плату за падводныя прагулкі. Хацеў бы мець два маршруты: цяперашні, лёгкі, застанецца само сабою. Другі зробім больш складаны — таму і грошы большыя. Рэкламу б далі шыкоўна:
«Цуды падводнага грота!
З аквалангам — у казку!
З абдымкаў васьмінога — на волю!
Ці гладзіў ты акулу?»
І яшчэ многа чаго можна было б прыдумаць…
— Прыдумаць-то можна, але…
— О, ты мяне разумееш! Грот трэба! Знайдзі хоць маленькі гроцік! І чым глыбей, глыбей… Каб быў і маленькі жах, лёгкае казытанне нерваў. О, на страху можна добра зарабіць!
— А вы ведаеце, што запас паветра ў аквалангу абмежаваны? Дый небяспечна глыбока: і акулы, і… Кесонку можна схапіць.
— Вот із кезонка?
— Хвароба такая… Ад рэзкага перападу ціску — з высокага на нізкі. Кроў можа ўскіпець у жылах, пухіры паветра закупораць сасуды ў мазгах — і гууд бай, май фрэнд! Сустрэнемся на тым свеце…
— О, не трэба гууд бай. Гэта будзе страшна, гэта падарве ўвесь наш бізнес! А гроцік трэба… — і скрушліва ўздыхнуў, развёў рукі: — Мэйк мані, май фрэнд… — выгляд у Крафта быў жаласлівы, хацеў і Раджа расчуліць.
Давялося шукаць калі не грот, то хоць «гроцік». Радж ужо добра абследаваў два ўсходнія і два паўночныя сектары, ведаў, што робіцца пад вадою каля пляжаў. Каралавых скал хапала, не было толькі на даступнай глыбіні грота.
Усё не мог выбрацца абследаваць мора каля заходніх сектараў. Да іх трэба было ісці ды ісці, валачы на сабе дваццацікілаграмовы акваланг, паўтаракілаграмовы пояс грузілаў. Праз порт ці праз цэнтр горада было б намнога бліжэй, але ж не пойдзеш у пласцікавых тэпцях і плаўках ці гідракасцюме ды яшчэ з такім грузам.
Дык вось — у той дзень турысты трапіліся старыя, найбольш сямейныя пары з тых, што ўжо дажываюць свой век, але перад смерцю рашылі пабачыць свету, трохі распусціць нажытыя капіталы. З такімі турыстамі Раджу было і лягчэй, і цяжэй. Лягчэй, бо яны лодку не зыбаюць, сядзяць чынна і смірна, учаперыўшыся за барты «Нептуна», не перавешваюцца то туды, то сюды, не соўгаюць рукі ў мора, а толькі талопяць вочы пад ногі, у акрылавае дно, разглядваюць, што робіцца пад вадою, слухаюць Раджа і па-дзіцячы войкаюць і ахкаюць: «А гэта што? А тое што такое?» Ну, а цяжэй, што трэба пры пасадцы прыціскаць борт шчыльна да масткоў прычала, прывязваць і нос, і карму, каб хаця якая бабуля не звалілася ў ваду. Абавязкова трэба падрабязна вучыць, як карыстацца выратоўчымі жылетамі і кругамі, і адно гэта ўжо наганяла на іх страху, прымушала аберуч хапацца за борт. А грэбці даводзілася так ужо плаўна ды асцярожна — шклянку вады на галаве можна трымаць.
Адплываў ад берага, агінаў купальшчыкаў, здаецца, усё было ў норме, а потым знекуль наляцеў свежы вецер. Адной буржуйцы ў шортах з худымі сцёгнамі і свінячымі клыкамі1 на руках зрабілася млосна. Вядома ж, пад вадою былі і дзівы, і прыгажосць. Але хіба атрымаеш эстэтычную асалоду, калі хтосьці па суседству гыкае, нібы яму вырываюць вантробы, і раз-пораз звешвае галаву за борт, каб аблегчыцца? Цярпелі бабусю толькі таму, што долары ўсё роўна былі заплочаны за марскую прагулку і трэба было мець ад грошай хоць якую аддачу. Ды ўрэшце нервы пэнкнулі, усе запатрабавалі ад Раджа вяртацца назад. І Радж высаджваў усіх спакваля, кожнаму, хоць жанчына, хоць мужчына, працягваў з масткоў руку — абаперціся, раз за разам паўтараў:
— Лэдзі энд джэнтльмены! Хто хоча зрабіць падводную прагулку з аквалангам і ў масцы, праходзьце да касы, аплочвайце і запісвайцеся.
Ахвотнікаў на той раз не знайшлося — ну й добра.
Далажыў містэру — так і так, вызваліўся раней, зможа пацікавіцца заходнімі сектарамі. Ці нельга ўзяць «Нептуна»? Можна было б хутчэй агледзець акваторыю на захадзе, а потым ужо «падазроныя» мясціны даследаваць пад вадою дэталёва.
Не дазволіў містэр Джэры, спужаўся. Надта ж дарагая рэч «Нептун», зроблены гэты вялізны шлюп па спецзаказу ў самой Англіі. А раптам наскочыць на прыхаваную скалу і празрыстае акрылавае дно «Нептуна» трэсне, расколецца? Хто тады аплоціць страты, выдаткі? А калі не разаб'ецца, то могуць сцібрыць ці загоніць ветрам у адкрыты акіян, пакуль Радж будзе ныраць і плаваць пад вадою. Дазволіў толькі ўзяць ялік, невялічкую шлюпку. Той самы ялік, у якім штодзённа ездзілі ў порт па рыбу для дэльфінаў і які так прасмярдзеў гэтаю рыбаю, што Раджу давялося доўга адціраць яго пяском, шараваць вехцем, абліваць з вядра, каб і самому не прасмярдзець. Аднак містэр Джэры і тут пашкадаваў, не пусціў Гугу, асістэнта дрэсіроўшчыка Судзіра, паехаць з Раджам, пабыць за вартаўніка. У Судзіра і Гугі было яшчэ вячэрняе прадстаўленне ў дэльфінарыі… Містэр Джэры падспешыў тады Раджа:
— Давай, давай! Хутчэй!.. Тайм із мані. Час — грошы!
У такіх рэчах, як падрыхтоўка да падводнага плавання, ніякай паспешлівасці не можа быць. І хоць многа часу адабраў ялік, Радж усё праверыў дасканала: які ціск у балонах — трэба 150 атмасфер, ці працуе ўключальнік падачы рэзервовага паветра, ці спраўны дыхальны аўтамат і рэдуктар. Падумаў, ці адзяваць гідракасцюм — і пашкадаваў часу на гэта. Прышпіліў на левую руку глыбінямер, на правую — магнітны компас, на правую лытку двума раменьчыкамі ножны, сунуў у іх крыс. Пад вадою кінжал лепш мець на назе, а не на поясе, дзе і грузілы, і паясны рэмень акваланга. Што яшчэ? Возьме шток-піку, гэта нібы павялічаная ў два разы копія стралы падводнага ружжа, толькі без зазубрын на канцы. І шток, і нож — ад акул.
Каб Радж толькі сам быў гаспадаром каморы, дзе захоўваюцца аквалангі і ўвесь неабходны рыштунак, дзе стаіць у кутку электрычны кампрэсар, каб не меў ключа ад дзвярэй яшчэ і Судзір, то можна было б так і не правяраць. Ва ўсякім разе, за свой асабісты акваланг Радж быў спакойны больш за ўсё. А так хіба ведаеш, што цябе чакае, які сюрпрыз? Судзір часам карыстаецца і гідракасцюмамі з каморы, і аквалангамі, а вернецца з мора, кіне-рыне ўсё — прыбірайце за ім, услугоўвайце.
Столькі пыхі ў гэтага Судзіра, столькі мух у носе! Такім ужо маэстра-панком сябе трымае, нібы ён адзін на ўсім свеце ведае, як абыходзіцца з дэльфінамі. А Радж перакананы, што гэта не так. Чаго ж бы Судзір так хаваўся са сваімі дрэсіроўкамі-рэпетыцыямі? Барані бог, каб хто падняўся на вышку ці прысеў дзе на трыбунах, панаглядаў за яго прыёмамі і метадамі. Ні Раджу, ні Гугу не давялося ні разу гэтага зрабіць. Судзір крычаў і лаяўся брыдкімі словамі, пагражаў звольніцца з работы. Містэр Крафт у такіх выпадках ажно трапятаў: толькі не гэта, толькі не гэта!
Умеў Судзір набіць сабе цану…
…Ялік плыў тады за папераджальнымі буйкамі. Сонца стаяла над захадам, грэла ласкава, не пякло. Ахвотнікаў купацца ў такі час было многа, прыбярэжжа ажно кішэла. Радж абмінуў адну лодку з матросамі выратоўчай службы, другую. Сумавалі тыя, вудзілі рыбу. Прывітаўся з імі, узняўшы руку ў салюце: усе даўнія знаёмыя. Потым яго самога абагнаў глісер на падводных крылах. Прамчаў яшчэ морысцей, амаль каля самых рыфаў, павярнуў на крутым віражы, зрабіў круг вакол Раджа, на другім вітку наблізіўся ўшчыльную і застопарыў, асеў у ваду. Ялік гайданула на ўзнятай хвалі.
— Ты куды? — грубавата кінуў яму арабскага выгляду чалавек з густымі чорнымі вусамі — здаецца, не было такога ў выратоўчай службе.
— А вы куды? — гэтак жа грубавата перапытаў Радж.
— Мы на рабоце!
— У мяне таксама рабочы дзень не скончыўся. Вусаты зірнуў на сваю руку з гадзіннікам.
— Я раіў бы табе, хлопча, плаваць паблізу дэльфінарыя. («Ведае мяне?!» — непрыемна здзівіла Раджа). Тут прыватныя пляжы. Можаш наскочыць на непрыемнасць. — І глісер раўнуў маторам, панёсся вакол Рая на паўночны захад — супраць гадзіннікавай стрэлкі.
А Радж павярнуў ялік да берага, там заходзілі ў ваду дзве велізарныя скалы з ракушачніку. Ускінуў нейлонавы канацік на выступ скалы, прывязаў. Хутка прасунуў рукі ў рамяні акваланга, зашпіліў паясны рэмень, спаласнуў маску вадою, насунуў на вочы і нос. Загубнік у рот, шток у правую руку — кулець спінаю ўніз з кармы…
Праплыў трохі ад берага, спыніўся на трохметровай глыбіні. Трэба агледзецца, прадзьмуць вушы. Мяккае, рассеянае святло нібы разліта ўсюды. Іграюць сонечныя блікі на паверхні, скачуць па пяску «зайчыкі». Усё нібы павялічанае, набліжанае, у каторы раз дзівіцца гэтаму Радж, а звыкнуцца не можа. Ах, мора-акіян, мора-акіян!..
Міма маскі ўніз праплывае ўсякае жывое драбноцце. Значыць, ён сам усплывае наверх — малавата начапіў грузіл… З шумам вырываюцца з пялёсткавага клапана пухіры паветра. Зіхоткія, нібы з жывой ртуці, яны імкліва ляцяць угору і большаюць, большаюць, каб тут жа разбіцца аб паверхню на тысячы дробненькіх. Працягнуў рукі нахільна ўніз, запрацаваў ластамі — глыбей і глыбей, проста ў чараду пярэстых, жоўта-сініх рыб-матылёў, што пырхаюць і кружацца, танцуюць вакол зарослых чырвонымі і фіялетавымі губкамі, жоўтымі, ружовымі і белымі караламі скал. Рыбы расплываюцца трохі лянотна, трохі пужліва, каб тут жа зноў цікаўна павярнуцца назад, паглядзець — а хто ж гэта патрывожыў? Ці трэба ратавацца, шыцца ў зараснікі? Глыбіня больш сямі метраў, цела ўраўнаважылася, нібы трапіў у бязважкасць, але павялічыўся ціск на грудную клетку, дыхаць стала намнога цяжэй. Не дае забыцца, дзе знаходзішся, і холад. Колер вады набывае ўжо сінявата-зялёнае адценне, накладвае свой адбітак на ўсё. Во калонія каралавых паліпаў — як пухнатая падушка ці шапачка грыба.
Густа тырчаць сотні жывых, ужо фіялетавых у рассеяным святле, а не чырвоных кветачак. Не ўтрываў, пагладзіў жывую шчотку, і паліпы, нібы па іх правялі прасам, паўцягвалі ў ячэйкі маленькія цельцы, каб тут жа зноў павысоўваць іх, затрымцець.
Глыбей не будзе спускацца… Зірнуў на компас і павярнуў уздоўж берага. Праплыве вось так на паўночны захад метраў сто, потым паварот на сто восемдзесят градусаў — і яшчэ раз, ужо бліжэй да берага. І хопіць на сёння.
Якое скопішча скал, якія вычварныя формы! І нейкія грыбы, і калоны з наростамі, і спічастыя, падобныя на храмы, збудаванні.
Радж паварочваў то ўправа, то ўлева, то забіраў угору, каб тут жа зноў апусціцца ніжэй. На компас паглядваць не забываў.
Скалы парадзелі, нібы хто накідаў іх уроссып, сталі трапляцца палянкі. Павярнуў бліжэй да берага, праплыў пад нейкім аркападобным збудаваннем, нават зрабіў круг вакол яго. Усё гэта добра, усё цікава, але ж містэру Крафту падавай грот.
Вунь яшчэ нейкі лабірынт скал, глыбіня за дзесяць метраў. Тут намнога цямней — заблудзіцца можна. А колькі ўсякіх рыб! І пярэстых, і паласатых, і ў кропачкі, з вялізнымі фальшывымі вачыма, намаляванымі на хвасце. Азірнуўся туды-сюды — ці не падкрадваецца адкуль акула? Можна было б і тую арку, і гэты хаос рыфаў і скал уключыць у новы маршрут, але ж… Але ж грота няма! А што там, лявей, бліжэй да берага? Нейкія пласты, наплывы прыступкамі, казыркамі, некаторыя з іх прымхліва парэзаны каньёнамі, цямнеюць вырвінамі.
Заглянуў пад адзін казырок, дзе вада больш цямнела. Позірк не ўпёрся ў дно ці ў сцяну, скляпенне чым далей павышалася, забірала ўлева. Расхіліў водарасці… Няўжо знайшоў?! Вочы трохі прызвычаіліся да прыцемку, і ён убачыў на столі і сценах цэлыя калоніі актыній, каралаў, там і сям цямнелі скопішчы мідзій ці вустрыц. Марудна варушылі шматлікімі ножкамі і вусікамі лангусты… Зачапіў незнарок балонам за выступ скалы, скрыгатнуў, і ўроссып кінуліся чырвоныя рыбы-салдаты. Некаторыя — пад Раджа, да выхаду, некаторыя глыбей, дзе штосьці святлела з левага боку. Мо другі выхад? Паплыў асцярожна ўглыб, заўважыўшы, як пусціўся наўцёкі ад яго аграмадны каменны акунь… Так і ёсць, гэта — другі выхад, нават шырэйшы за той, праз які заплыў. Рыбы тут плаваюць смешна, нібы стоячы на хвастах, усе стараюцца трымацца спінамі да светлага, да выхаду.
Штосьці падобнае на грот знайшлося… Але ж тут амаль зусім цёмна, трэба плаваць з электрычнымі ліхтарамі, каб разгледзець усё ўсярэдзіне. Ці захоча містэр Крафт набыць некалькі падводных ліхтароў? Гэта ж не простыя электрычныя ліхтары і, мабыць, каштуюць нямала.
А што гэта за жалезная штуковіна выглядае з-пад лісцяў ламінарый? Радж паторкаў штокам яе, пачуў жалезны скрыгат… Быццам бочка літраў на пяцьдзесят, толькі сплюшчаная з бакоў, донцы авальныя, а не круглыя. Адхіліў лісце больш… З аднаго канца не донца, а надзета моцная накрыўка з гумаваю пракладкаю пад беражком. Вечка трымаецца на заціскачках, яны падобныя на тыя, якія бываюць у каністрах з бензінам. Да боку прыгнуты паўабручык ручкі. Пэўна, такая ручка ёсць і з ніжняга боку. Хацеў ужо брацца за ручку, каб скрануць кантэйнер з месца — цяжкі ці не? Бразгоча што-небудзь у ім ці насыпана-наліта чаго? Але падсвядома адхапіў руку, нібы апёкся. Патузаў штокам лісце, прыкрыў знаходку, як і была.
Бр-р, ці гэта холад даймае, ці падступае да сэрца страх? Падалося, што хтосьці сочыць за ім, патыліцу нібы хто свідруе з глыбіні грота… Не ўцерпеў, азірнуўся — не, нікога. Паплыў з грота зусім. Зрабіў круг: паглядзеў на ўваход з боку мора: кантэйнера адтуль не ўбачыў.
Што рабіць са знаходкай? Што можа быць у кантэйнеры?
«А калі ў ім крадзенае, нарабаванае ці кантрабанда якая, наркотыкі? Мо трэба хутчэй паліцыі заявіць?»
Радж вынырнуў на паверхню, агледзеўся. Прыкмеціць трэба на ўсякі выпадак арыенціры… Ага, канчаецца фасад гатэля «Сэльют», тры пальмы тырчаць сярод спусцістых галін казуарынаў, за імі найтклаб «Кракен». А дзе ж тыя скалы з ялікам? Ого, далекавата заплыў… А сонца? Зусім нізка сонца…
«Што рабіць? Што прыдумаць? А мо забыць пра ўсё? Быццам нічога не бачыў, нічога не ведаю? Далей ад граху…»
І адчуў, што проста так пакінуць сваю незвычайную знаходку не зможа. Нырнуў зноў, заглыбіўся… Праплыў спачатку ў бок яліка, мо знойдзецца па дарозе другі грот. Але злавіў сябе на тым, што нічога не заўважае пад вадою, усё стала нецікавым. У галаве адно — таямнічы кантэйнер.
Павярнуў да грота…
«Хоць патузаю добра, калі нельга заглянуць у кантэйнер». Раджа і цягнула да грота, і трывожыла адчуванне невядомай небяспекі.
Як паблякла ўсё пад вадою, сшарэла!.. Праменні сонца ўжо амаль не прабіваюцца ў глыбіню, а слізгацяць і адбіваюцца ад вады. Хутка зусім сцямнее, а ён так далёка ад дэльфінарыя…
Абагнуў апошнюю скалу каля грота і… ледзь паспеў падагнуць ногі, затармазіць, моцна запрацаваўшы ластамі. Двое незнаёмцаў у чорных гідракасцюмах са шлемамі з жоўтымі аквалангамі падымалі за ручкі той самы кантэйнер. Адзін трымаў свабоднаю рукою вялізны электраліхтар, другі — падводнае ружжо. Незнаёмцы ўжо моцна працавалі ластамі, каб набраць хуткасць. І тут адзін азірнуўся і зрэагаваў на Раджа імгненна: ускінуў ружжо, цёўкнуў гарпун, рассякаючы ваду. Радж ускінуў рукі, куляючыся на спіну, але закрыцца не паспеў: страла дзёўбнула пад левую сківіцу. Цэліў, гад, у шыю, але ўдар прыйшоўся трохі нахільна. Радж з гарачкі моцна тузануў гарпун. Вырваў лёгка, але выпаў з рота і загубнік. Захапіў, удыхнуў знячэўку вады… Задыхаючыся, кінуўся ўгору, да паверхні — каб не ўтапіцца і не прывабіць акул. Кроў яны чуюць за мілю…
3
…Абрыдла гэтая дошка-вясло… Але Радж стараўся грэбці роўна і мерна, з нейкай нават зацятасцю. Рай набліжаўся, відаць было ўжо не толькі зарыва, але і асобныя агні. Сям-там свяціліся яшчэ вокны ў гатэлях і пансіянатах. Самыя цёмныя кварталы былі ў сёмым і восьмым сектарах. А вунь тое сузор'е агнёў — «Кракен», начны клуб. Каб гэта было не так позна, а гадзін у дванаццаць ночы, то ўбачыў бы над ім рознакаляровыя сполахі. А так ужо вакханалія агнёў і падсветак атухла, сціх музычны шал, прадстаўленне даўно закончылася. Не дрыгаюць ножкамі стандартныя, нібы вытачаныя на адным станку, амаль голыя гёрлз… Раджу не даводзілася яшчэ там бываць, чуў толькі краем вуха, як адзін турыст-амерыканец расказваў другому, аблізваючыся, і ўсё паўтараў: «Фэнтэсцік! Фэнтэсцік! Мудрэй, чым некалі ў Гаване!», а другі слухаў, развесіўшы вушы, і ледзь сліну не пускаў.
Куды лепш кіраваць лодку? Калі агінаць востраў справа, плысці праз раён порта, будзе намнога бліжэй да дэльфінарыя. Калі ж уздоўж усіх пляжаў наўкол вострава — намнога даўжэй. А мо зусім пакуль што туды не плысці? Дабрацца б толькі да берага, прыхаваць дзе-небудзь гумоўку — і далей пешкі… А можа, і не хаваць тут, а спусціць паветра, узваліць на плечы і тэпаць сабе памаленьку?
…Тады, як вынырнуў, задыхаючыся і кашляючы, заціскаючы рану, апынуўся трохі правей, бліжэй да «Сэльюта». Выплыў, выкарабкаўся, раскірэчана шлэпаючы ластамі, на бераг. З правай рукі не выпускаў ні штока, ні чужога гарпуна, ні маскі. Упаў быў спачатку на калені, сеў на яшчэ цёплы пясок, такі ваблівы і ласкавы, каб добра выкашляцца, але тут жа падхапіўся: «Ды што гэта я? Так і кроўю можна сысці…»
Кроў, і праўда, лілася моцна, струменіла між пальцаў, як ні заціскаў рану далонню. Уся рука ад кісці да локця размалявалася пацёкамі крыві, кроплі часценька зрываліся з локця, траплялі на бок і на левую нагу. Пабег, як змог, шлэпаючы ластамі, да скал, дзе прыхаваны ялік. Адсюль, з берага, дабірацца да шлюпкі было цяжэй — рукі занятыя, на нагах ласты. Пазбіваў калені, спрабуючы лезці на скалу ў ластах. Пазрываў іх з ног і, забыўшыся на рану, ускараскаўся наверх, заглянуў у цясніну. Яліка не было!
Разгубіўся спачатку і не заўважыў, што ў прыбоі варушыцца кончык нейлонавай вяроўкі. А як заўважыў, зляцеў уніз, грукаючы балонамі аб скалу, ухапіўся за яе аберуч. Пацягнуў з усяе моцы, і ялік праступіў трохі з вады. Фібралітавае дно было праломлена ў двух месцах, дзіркі — дзвюма далонямі не прыкрыеш.
Пакінуў усё, як было, — на дне. Паволі зняў акваланг.
Замыў кроў на шыі, на руках, на баку і назе, але гарачыя пырскі тут жа зноў залілі плячо і руку. У вадзе ад удару стралы болю амаль не пачуў, толькі спалохаўся, а цяпер рана балела страшэнна, кружылася галава і было моташна. Зноў заціснуў рану далонню, паднёс праваю рукою да вачэй гарпун. Падобны на самаробку, нідзе няма фабрычнага кляйма. Толькі каля абрыўка лескі выціснуты на жалезе нейкія касыя рыскі, нібы хто вычаканіў адну каля адной некалькі «птушак». Яны былі падобныя не то на дзве англійскія літары дабл ю — «WW», не то на дабл ю і ві — «WV». У вачах расплывалася…
Зашчаміў у камянях пад вадою і шток, і гарпун, прытапіў ласты, прываліўшы глыбаю вапняку, пачапіў акваланг рамянямі на правую руку — занадта дарагая штука, каб пакідаць, — і выбраўся з каменнага гнязда.
Ён то брыў знясілена, то трухаў подбежкам, абліваючыся крывёю і чамусьці задыхаючыся, да гатэля «Сэльют» — самага бліжэйшага пункта, дзе яму маглі аказаць дапамогу. Дзесьці справа на лужку чуваць былі ўдары па шары — гулялі ў гольф. З усіх акон і дзвярэй вадаспадамі вывяргалася музыка. На балконах-галерэях, што апаясвалі кожны паверх, людзей было як насыпана. Вечар быў ціхі і ясны, неба на захадзе іграла ружовымі і барвова-ліловымі фарбамі, брыжы лёгкіх хмарак зіхцелі агнём. Турысты любаваліся захадам, дыхалі пасвяжэлым паветрам і чакалі-спадзяваліся, што сонца, хаваючыся ў ваду, раптам пашле апошні развітальны зялёны прамень. Хто ўбачыць такі цуд, будзе шчаслівы да канца дзён сваіх.
Усе глядзелі толькі на захад, толькі ў акіян, ахалі і млелі ад асалоды. Ніхто і вокам не кінуў на Раджа. А яму здавалася, што ўсе будуць глядзець толькі на яго — голага і ў крыві!
Нарабіў пярэпалаху ў гатэлі… Дзяўчына-парцье выбегла з-за стойкі, ад спалоху сунула палец у рот: думала, што гэта нехта з пастаяльцаў. Кінулася да тэлефона, набірала нумар урача і некалькі разоў блыталася…
…Радж перастаў грэбці. Што гэта засціць, якая сцяна? Чаму зніклі ўсе агні на беразе? Лодка па інерцыі яшчэ праплыла трохі і мякка тыцнулася ў цёмны высокі борт. Нейкае судна… Наставіў рукі, каб больш не біла хвалямі аб борт. Чыё яно? Чаму без агнёў? Чырвонага — справа, зялёнага — злева… Хоць тут і не ляжаць водныя шляхі, але ж правіла ёсць правіла, ці мала хто можа наткнуцца… Стаіць на якары, нечага ці некага чакае. Тыя, што прывялі судна ў гэтую зону, не натыкнуліся на рыф ці скалу, добра ведалі, што робіцца ў гэтым месцы пад вадою.
— Ты чуў? Здаецца, штосьці плюхнула… — даляцеў раптам ціхі басавіты голас з катэра. Але не над галавою Раджа — з таго борта.
— Хвалі… Вецер пасвяжэў, світаць, мабыць, пачынае.
— Ага… Д'ябал ім у пячонку! Будзем выгружаць, а то не паспеем вярнуцца.
— Сабакі!.. Лішнія паўтары гадзіны з-за іх пратырчалі.
З таго боку судна чуецца магутны ўсплёск — штосьці кінулі цяжкае. Пад гэты шум Радж моцна адштурхнуўся ад борта далонямі, а потым асцярожна пагроб рукамі — каб не плюхаць і менш былі відаць фасфарычныя сляды. Яшчэ адзін цяжкі ўсплёск пачуўся за суднам, і Радж узяў у рукі дошку. Грабок, другі, трэці… Чым далей, тым хутчэй!.. «Кантрабандысты… І той раз пад вадою або яны былі, або іх хаўруснікі… Добра, што скінуў сёння белую тэніску…»
Борт судна аддаліўся, паніжэў, яго ўжо амаль не відаць было на фоне пляжу, затое дружна высыпалі, як усплылі, агні «Кракена».
Ці не можна зноў паварочваць да берага? Хай іх людзі не ведаюць, гэтых паразітаў…
Нечакана дошка чапляецца за гумавае вуха, у якое ўстаўляецца вясельца, вырываецца з натруджаных пальцаў і звонка ўдараецца аб бляшанку-вадалейку.
— Пэроул?! — адразу аклікнулі з катэра.
Ніякага паролю кантрабандыстаў Радж не ведаў і ведаць не хацеў. Запрацаваў з усёй сілы дошкаю, каб адплысці як мага далей ад гэтых піратаў.
На судне бліснулі ўспышкі, заляскатаў аўтамат. Кулі веерам зацёўкалі па вадзе, дзве ці тры трапілі ў лодку. Пфхху-у… Пху-у… — ірвануліся струмені паветра з прабоін, нібы вынырнулі побач, стомлена дыхнулі дэльфіны.
Радж каўзануў за борт уніз галавою…
Раздзел трэці
1
Грубая рука тузанула Янга за плячо, потым жорсткія пальцы пакруцілі за вуха. Хлопчык яшчэ добра не ачнуўся, але пачаў ужо ўспрымаць гукі: па сходнях тупалі босыя ногі, сходні прагіналіся і плёхалі па вадзе, гула, дрыжала жалезная палуба, звінеў ад удараў борт катэра. Ён дыхаў гарачынёю, апальваў, нібы пабываў у агні… Сонца неміласэрна смаліла ў галаву, у скронях бухала кроў. Янг расплюшчыў вочы, але ўбачыў над сабою не бацьку, а шырокі і потны твар матроса з рыжымі бакенбардамі.
— Ну, ачухаўся? Вымятайся адсюль хутчэй… І бацьку забірай… Твой бацька што… таго? — матрос пакруціў пальцам каля скроні.
Янг сеў, ашаломлена закруціў галавою. Ён з цяжкасцю ўцяміў, дзе ён, што з імі нарабілася. Яны толькі ўдвух на палубе катэра. Бацька аберуч уплёўся за радыёмачту, ашчаперыў яе і нагамі, нібы сіліўся выдраць з «коранем».
— Мая пальма… Мая пальма… — мармытаў ён, пяшчотна ўсміхаючыся. — Я забяру яе з сабою, пачакайце… Яна яшчэ маладая. Яна прымецца на новым месцы… Пальмачка мая!
Два матросы разгублена паглядвалі на гэтае дзівацтва, а потым сілаю рашчапілі яго рукі. І тады бацька прарэзліва і дзіка, нібы яго колюць у сэрца, закрычаў, задрыгаў нагамі, хапаўся імі, як крукамі, за тросы расчалкі.
— Татачка! — кінуўся да яго Янг. — Не трэба! Супакойся, татачка! — спрабаваў абдымаць, лашчыць, а бацька няўцямна варочаў вачыма, сына не пазнаваў і не слухаў.
Матросы павалаклі бацьку па трапе, босыя ногі яго грукалі костачкамі па кожнай прыбітай папярэчцы, абдзіраліся да крыві. Скаціўся за імі і Янг… Матросы кінулі бацьку на пясок — і бягом на катэр, усцяглі за сабою сходні. А той рыжы, што заставаўся на катэры, разгайдаў забыты Янгаў клунак і шпурнуў на бераг. Ад рыўка клунак трохі развязаўся, і некаторыя рэчы, не даляцеўшы да сухога, пападалі ў ваду, іх пачаў валачыць сюды-туды, гайдаць прыбой. Янг не кінуўся ратаваць рэчы. Ён варочаў у гэты час бацьку, выціраў ад пяску твар, крычаў, як глухому. І не мог даклікацца, бацькавы вочы заставаліся няўцямныя, дыхаў ён цяжка. Янг душыўся ад слёз і роспачы: што рабіць?
— На… Палажы яму на галаву… Мо палягчэе… — пачуў Янг голас Мансуравага бацькі. Той трымаў нейкую падабраную ў прыбоі адзежыну, з яе цурчала вада. Аддаў — і пайшоў да гурту сяльчан пад дрэвы.
Янг трохі працёр бацьку твар, потым прыклаў да лба. Бацька задыхаў раўней, заплюшчыў вочы.
Янг азірнуўся па баках: катэр ужо адышоў далекавата, грукат матора ледзь далятаў. Выгнаннікі з Біргуса сядзелі пад пальмамі панурыя, угнутыя ад гора. Ніхто не ведаў, што рабіць, куды падацца… Ніхто іх тут не сустракаў, ніхто не чакаў. Ад блізкага драўлянага прычала ішлі рыбакі, яны толькі што выгружалі з баркасаў і чоўнаў сеткі і рыбу. Падыходзілі і спрачаліся, ці варта падыходзіць, ці трэба памагаць навічкам. «Гэта не мусульмане. Хай гэтым прышэльцам іхні Вішну памагае, а не мы…» — «Нам самім няма работы, а цяпер яшчэ і гэтыя…» — «Што вам — шкада якой рыбіны?» — «На ўсіх не наловішся, і так сеткі пустыя».
Рыбацкія лодкі з трохкутнымі рознакаляровымі ветразямі стаялі і каля драўлянага прычала, і ляжалі выцягнутыя насамі на пясчаны бераг. Шмат іх яшчэ і падплывала, уся прастора шырокага праліва паміж астравамі была спярэшчана імі, і гэтыя лодкі былі падобныя на жукоў-вадамерак, што неяк дахітрыліся трымаць над сабою яшчэ і па лісточку-ветразю. За ножкі жукоў лёгка можна было прыняць папярэчкі, якія тырчалі з лодак справа і злева ці ў адзін бок — з балансірамі, бамбукавымі стваламі. Янг заўважыў, што сярод паруснікаў імкліва рэжуць ваду вялікія маторныя вельботы, кіруюць сюды — мабыць, таксама з Біргуса.
Рыбакі, падышоўшы, пастаялі каля біргусаўцаў — стрыманыя, з каменнымі тварамі. Размаўлялі скупа, холадна: «Вам бы на Галоўны прасіцца. Там гарады ёсць, заводы. Там работу лягчэй знайсці». — «Дзе вы тут дзенецеся? Тут і зямлі свабоднай няма…» — «Іх жа сілком вывезлі… Хіба не бачыце? Няма іхняй віны», — чуўся спагадлівы адзінокі голас. Павярнуліся рыбакі, пайшлі. Толькі адзін паклаў каля ног старой жанчыны тоўстага, ажно круглага, тунца кілаграмы на два. Пайшлі зноў да лодак, дзе ўсё яшчэ мітусіліся жанчыны і дзеці, сабакі і птушкі.
З разгону ўссунуліся на пясок вельботы, з іх таксама пачалі зганяць біргусаўцаў, скідваць іх жабрацкія пажыткі. Янг убачыў нарэшце Туна і Натачу. Прыехалі! Тун нёс напакаваны нечым мяшок, а Натача — меншую сястрычку і чорны, палакіраваны жбан-урну з прахам продкаў. Такая пасудзіна павінна быць і ў Янгавым клунку. Усе хінду з іх вёскі не хавалі памёршых у зямлю, а спальвалі, гэтым займаўся бома на сваім мысе, каля вады. Янг вылавіў з вады клунак — ці не вытраслася урна-жбан? Гэта было б жахліва — згубіць сямейную святыню. Тады ў чалавека ўвогуле абрываюцца ўсе карані, якія злучалі яго з жыццём продкаў, з той зямлёю, што ўзгадавала іх саміх. Ёсць урна, слава ўсемагутнаму Вішну!
— Ну, куды вы надумалі? — Натача аддала маці сястрычку, падышла да Янга, апусцілася каленямі ў пясок. — Мой бацька гаворыць, што трэба ўсім гуртам ісці да правіцеля вострава. Так яму чыноўнік той сказаў, на Біргусе. І чым хутчэй, тым лепш, бо сёння і з іншых вёсак прывязуць людзей.
— Не ведаю… Нічога я не ведаю… Бацька… — кіўком паказаў Янг, і буйныя слёзы пасыпаліся з яго вачэй. А так не хацелася распускацца перад гэтай дзяўчынкай! Здушаныя ўсхліпы распіралі яму грудзі, спазмы перахоплівалі горла. І Натача, зусім як маці, пагладзіла яго па галаве, хацела нават і нос выцерці, але Янг не даўся. Многа сабе дазваляе! Няхай ідзе сваім сястрычкам выцірае. Чарнапузыя ўсе, кучаравыя — негрыты, па маці пайшлі. А бацька іх, Амат, — хінду, як і ўсе біргусаўцы.
— Бяры бацьку пад другую руку, пойдзем, — у голасе Натачы было больш рашучасці, чым у Янга, чым у іншых дарослых аднасяльчан.
— Чакай… — Янг хуценька прывязаў за плечы клунак. — Татка, уставай! Тата, пайшлі! — затузаў ён бацьку.
— Дзядзечка Ханг, ну — дзядзечка Ханг! — Натача і Янгавага бацьку ласкава гладзіла па галаве, па шчоках. І той паслухаўся, устаў на дрыжачыя ногі.
— Можа, ты мая дачушка?! Толькі ж я не помню, калі ты нарадзілася, калі вырасла… Янг, ты бачыш, якая ў цябе сястра? — бацька пачаў радасна азірацца. — А дзе ж маці? Хай бы ж і яна палюбавалася. Янг, пакліч маці!
— Яна скора будзе! Яна прыйдзе… — Янг адвярнуўся, да крыві пракусіў губу, каб зноў не расплакацца.
Ужо ўсе паўставалі, хто быў прыладкаваўся пад дрэвамі. Ужо было за кім ісці. Натачын бацька забраў сабе на рукі большую дзяўчынку, склікаў людзей.
— Хутчэй да правіцеля вострава! Ён дапаможа, уратуе нас! — з надзеяй гаманілі біргусаўцы.
Доўга давялося блукаць па распаленых ад гарачыні вуліцах Кампонга, пакуль дабраліся да рэзідэнцыі правіцеля. Не было ў каго добра распытаць дарогу, пазачыняліся ўсе крамкі і магазінчыкі, кавярні і латочкі — гарачыня! Драмалі ў цяні пальмаў на сваіх трохколавых калясках веларыкшы — беча. Усё жывое пахавалася ад сонца ў цень, чакала спаду спёкі і парнай духаты. Толькі вечарам пачне зноў ажываць горад. Давялося і бежанцам пазашывацца пад кусты і дрэвы ў невялічкім скверыку перад домам правіцеля і чакаць вечара. Бо на іх стукат выйшаў толькі ахоўнік з карабінам і сказаў, каб не барабанілі дарэмна, інакш ён ужыве зброю. Да шасці гадзін вечара нікога не будзе пэўна. А ці будзе ў шэсць і пазней — таксама невядома. «Чакайце!»
Ахоўнік сказаў праўду: не дачакаліся правіцеля вострава і пасля шасці. Людзі, што праходзілі міма іх табара, тлумачылі, што звычайна па вечарах правіцель ездзіць на Рай павесяліцца: там жа процьма ўсякіх рэстаранаў і бараў, розных вясёлых устаноў.
Прайшоў марна і наступны дзень. Частка бежанцаў рассеялася — плюнулі на ўсё, пачалі шукаць сваю долю самі. Пайшла куды вочы глядзяць і сям'я Мансура, згубілася ў Кампонгу. Але замест тых, што не вытрывалі, з'явіліся новыя няшчасныя, з іншых вёсак Біргуса. Янг не мог нікуды адысціся нават пажабраваць, баяўся пакінуць бацьку аднаго, каб не ўлез у якую бяду: стары зрабіўся бездапаможны горш за дзіця, нічога не цяміў.
Харчаваліся тым, што прыносіла Натача з базару. Чэк, які даў чыноўнік па ўказцы Лі Суня, Натачын бацька Амат абмяняў у горадзе на грошы. Аддаваў іх Янгу і прасіў, каб эканоміў, бо невядома яшчэ, калі дачакаюцца правіцеля, невядома, дзе давядзецца прытуліць галаву. Ды трэба ж будзе паказаць Янгавага бацьку ўрачу. А хто захоча глядзець хворага без грошай?
Дачакаліся правіцеля толькі на трэці дзень. Ён прыняў дэлегацыю старэйшых мужчын. Янгу ніхто не расказваў усе падрабязнасці гаворкі ў правіцеля. Але хлопец сам многае зразумеў: людзі, не тоячыся ад дзяцей, спрачаліся, куды лепш падацца на пасяленне — у горы ці на паўночнае ўзбярэжжа Горнага, у джунглі. Горы ўсіх пужалі: не жылі на іх. Можа, лепш падацца ў джунглі, расчысціць месца бліжэй да вады, да акіяна?
Назаўтра збірацца ў дарогу пачалі на золку. Чыноўнік-мусульманін, па выгляду малаец, перапісаў усіх, хто заставаўся яшчэ каля дома правіцеля, і сеў на ішака: «За мною!» Ніякага інструменту ці рэчаў праваднік-каморнік з сабою не вёз. Але так і не злез усю дарогу, не падвёз нават малога дзіцяці.
Адразу за горадам пайшлі злева і справа какосавыя і чайныя плантацыі, трапляліся сям-там вёсачкі з хацінамі на палях і моцныя дамы фермераў і плантатараў з бліскучымі таблічкамі на брамах — «PRIVATE». Потым дарога скацілася ніжэй, стала гразкаю. Сырыя, змрочныя джунглі здушылі яе з бакоў, хутка дарога ператварылася ў сцежку. Як непадобны быў гэты лес на іхні, біргусаўскі! Не пазнаць, якія дрэвы растуць, усе закрыты чужым лісцем, абвіты ліянамі і ратангавымі пальмамі — як пачварнымі жгутамі-змеямі. Дый самі дрэвы, прыдушаныя паўзучымі раслінамі, выглядалі страшыдламі, скалечанымі ў небывалым пабоішчы. Адусюль звісалі гнуткія гірлянды, спляталіся ў непралазны гушчар. Ратангі невядома дзе пачыналіся, мо за дзесяткі ці сотні метраў уперадзе, збоку ці ззаду, але абавязкова далазілі яшчэ і сюды, нібы знарок перагароджвалі людзям шлях. Прытарны, нейкі тлусты пах кветак ліян і архідэй, гніення гумусу кружыў галовы, даўка забіваў дых. Раямі звінелі маскіты, з галін падалі на галовы, за каўнер агідныя шэра-зялёныя п'яўкі, адразу ж прысмоктваліся да цела. Людзі бесперастанку агрэбваліся ад п'явак, адмахваліся ад маскітаў. Пакусаныя твары і рукі, ногі, адкрытыя часткі цела параспухалі і нясцерпна свярбелі, няспынна крывянілі ўкусы п'явак. Зусім знікла сцежка праз кіламетраў дзесяць ад Кампонга.
Праваднік спыніў ішака.
— Пройдзеце яшчэ з кіламетр — і будзе ручай, прэсная вада. Управа — бераг акіяна, да яго таксама з кіламетр. Увесь гэты куток — ваш. Тут землі султаната, дзяржаўныя. Карчуйце, расчышчайце, сяліцеся. Хто колькі зможа акультурыць зямлі — уся і будзе яго. Першыя тры гады ніякіх падаткаў у казну плаціць не будзеце… — і хлістануў ішака дубчыкам, бягом пагнаў назад. Тросся і хапаўся то адною, то другою рукою за карак, здзіраў п'явак.
Калі дарогаю нараканні на лёс, плач жанчын і дзяцей былі яшчэ слабыя, людзі на штосьці спадзяваліся, то цяпер пачулася суцэльнае жаночае галашэнне. На пагібель іх сюды прывялі! Хіба можна жыць у гэтых гнілых нетрах? А як жа лагодна было на іх Біргусе! Якое там паветра, які белы пясочак на беразе! Як добра пальмы раслі! Які ўраджай давалі — па тры разы на год!
— Ма-ама, п'яўкі!!! А-а-а-а!.. — не сціхаў дзіцячы лямант.
— Ціха! Мы яшчэ не бачылі ні ручая, ні берага мора! — стараўся ўсіх перакрычаць Амат, Натачын бацька. — Трэба яшчэ пацярпець гадзіну-другую. Я схаджу разведаю, як і што, а вы раскладвайце агонь, дыму пабольш рабіце… Каб маскітаў разагнаць! — ён выцягнуў з мяшка сякерку. — Хто яшчэ са мною?
Згадзіліся многія, але Амат выбраў Амару, у яго быў на поясе крыс, як і ў Раджа. Янг такімі вачыма глядзеў на Амару, на Натачу, што дзяўчынка пачала прасіць бацьку:
— І Янга вазьмі! Ён добра па дрэвах лазіць… Ён… плавае лепш за ўсіх нас! — і зашаптала гучна Янгу: — І сам прасіся, язык праглынуў? А я пагляджу твайго бацьку, не турбуйся.
Жанчыны і ўсе, хто заставаўся на месцы, пачалі вырываць і вытоптваць траву, абломваць над галовамі вецце, каб не так зручна было нападаць п'яўкам. Іншыя збіралі сушэйшае ламачча, каб раздзьмухаць агонь.
Птушкі, што былі прыціхлі ад людскіх галасоў, зноў пачалі пераклікацца ў кронах дрэў. Адна рагатала, аж заходзілася, нібы здзекавалася з абдураных людзей, якіх кінулі ў джунглі на з'ядзенне п'яўкам і маскітам.
2
Першы прабіраўся дзядзька Амат, спрытна махаў сякеркаю, цярэбячы дарогу. Сям-там пакідаў і зарубкі на дрэвах, каб лягчэй было знайсці дарогу назад. Ліяны былі і з круглымі сцябламі, і з кантовымі, грані часам былі вострыя, з шыпамі і калючкамі-кручкамі. Петлі са сцяблоў не заўсёды паддаваліся з аднаго ўдару, спружынілі і гушкаліся, даводзілася падлазіць пад іх, паднырваць, адхіляць з дарогі. З некаторых перасечаных сцяблоў струменілі то белы сок, то вада, з некаторых вылазілі бледныя мурашы ці тэрміты. А раз на нос Янгу ўпаў каўтляк сіняватага жабурыння надрэўнай жабы.
Да ручая выйшлі неўпрыкметку, бо ён не журчаў, не булькаў. Проста раптам убачылі, што лужыны зліліся ў адну і, здаецца, пачысцелі. Але цячэння амаль нельга было згледзець, каламута і гніль, узнятая нагамі, так і заставаліся каля слядоў. З асалодаю папаласкалі рукі, грудзі, твары ад ліпкага поту і павуціны і пабраліся далей. Усё больш і гусцей трапляліся нейкія вадзяныя расліны з круглымі лістамі. Буялі папаратнікі, падобныя на пальмы, і пальмы ніпа з даўжэзнымі, нібы парэзанымі лістамі.
Потым усё-такі пазналі, куды вядзе плынь, і мацалі дол кіямі, каб не трапіць на глыбокае ці ў якую багну. Пачаліся мангравыя зараснікі, яны ўсё гусцелі і гусцелі, пакуль каля самага мора не ператварыліся ў суцэльныя. Часам пад вадою нага натыкалася на вострыя пікі парасткаў — гэта пападалі з дрэўцаў-кустоў з гатовымі карэньчыкамі і сцябельцам, прагна ўхапіліся расці насенныя зародкі. У Янга ўжо не хапала сілы выцягваць з твані і мулу ногі, спатыкаўся на кожным кроку, кульгаў, але перадышкі не прасіў.
Каб канчаткова не ўпасці ў твань, Янг ухапіўся за сцяблы, завіс грудзьмі на кусце. Усё! Сілы больш ні кропелькі… Хай ідуць яны куды хочуць, а ён і з месца не скранецца. І голасу не будзе падаваць ім, каб не турбаваць, не зрываць Ім паходу… І раптам Янг заўважыў на сцяблах бела-солевыя адзнакі і міжволі прымераў да сябе: ого, даходзяць да шыі! А калі ногі больш угрузнуць, то і да вачэй… Гэта ж акіянскі прыліў папакідаў меткі! Няўжо Амат і Амара не бачаць іх, не разумеюць, што можа здарыцца, калі вада пачне прыбываць?!
— Гэ-э-эй!.. — пракрычаў хрыпла. — Сто-ойце! «А-я-яй, ужо і вада назад павярнула, пухне, расце…»
Янг пабег, бултыхаючыся, спатыкаючыся, падаючы. З каранёў градам сыпаліся ў ваду мангравыя крабы і скакуны. Калі ўжо той акіян пакажацца, калі скончацца гэтыя праклятыя мангры?
— Ну чаго цябе дрэнчыць? — Амат прысеў на выгнуты, нібы пятля ў гушкалцы, корань. Твар і шыя ў крыві ад раздушаных камароў. Дзядзьку таксама ўжо не трымалі ногі.
— Прыліў!.. Глядзіце!.. — паказаў Янг на белыя адмеціны на сцяблах і пад ногі, на плынь. Спатыкнуўся і плюхнуўся жыватом, абадраўшы бок.
Натачын бацька пакасіў вокам на пісягі на сцяблах і пачаў лаяцца:
— Сволачы! Злыя духі, а не людзі! Хіба ж можна жыць у такім месцы?! Ды тут жа нідзе ніякага груду няма! Дзе тут з лодкай прыткнешся? Дзе хату будаваць?!
— Там таксама скрозь глей і мул, няма тупкага берага, — вярнуўся да іх Амара, махнуўшы ў бок мора рукой. Паспеў хлопец прайсці ўперад метраў на трыццаць.
— Знарок на пагібель нас сюды паслалі… Нікому мы не трэба! О, Вішну, о, усемагутны! Ці бачыш ты, як здзекуюцца над тваімі дзецьмі?! — падымаў Амат угору кашчавыя рукі, а па шчоках цяклі кроплі поту ці слёз.
— Так нам, дурням, і трэба, — плюнуў Амара. — Не трэба было паддавацца янкі, не трэба было пакідаць Біргус! Гэтыя амерыканцы гатовы ўвесь свет праглынуць, толькі папусціся.
Янг пачуў амаль тое самае, што гаварыў брат Радж. Значыць, Амара і Радж — заадно?! О, каб усе біргусаўцы былі такія, як Радж і Амара!
— А што мы маглі зрабіць голымі рукамі? У іх і права, і сіла, і зброя… — роспачна ўздыхаў Натачын бацька.
— Што? Многа чаго… Шкада, што Раджа няма з намі… Султан не меншы вораг, чым гэтыя янкі!
Дзядзька Амат спуджана азірнуўся, ён забыў, што знаходзіцца не на вуліцы Кампонга, а ў бязлюдных зарасніках. Потым кінуў насцярожаны позірк на Янга — а мо ад яго трэба хавацца? Мо ён прабалбочацца пра такія размовы? І сказаў:
— Не будзь дурною чарапахаю, не лезь напралом. Тая як упрэцца ў дрэва, дык пнецца, лезе, пакуль не здохне.
— Ён свой хлопец, — паклаў Амара руку на Янгава плячо. — У яго ў самога вялікі рахунак і да янкі, і да султана.
Янг захапіўся рыбкамі-скакунамі, яны ўжо асмеліліся і зноў пачалі караскацца з вады, моцна сціскаючы плаўнікамі сцяблы і карані, нібы прысмоктваючыся. Але варта было рэзка ўзмахнуць рукою, як рыбкі гэпалі ў ваду, імгненна знаходзілі пад вадою якую апору, выстаўлялі над паверхняй лупатыя цікаўныя вочкі: «Хто гэта палохае?»
Янгу ўдалося схапіць дзвюх рыбак.
Там, дзе павінен быў быць акіян, штосьці працягла і цяжка плюхнула, нібы абваліўся падмыты бераг. Усе натапырылі вушы.
— Пайшлі хутчэй, вада прыбывае! — устаў Амат.
— Дзядзька, а кракадзілы тут вядуцца? — спытаў Янг, напалоханы цяжкім плюханнем ззаду.
— Не павінна быць: і востраў не вельмі вялікі, і рэчка малая, — замест яго адказаў Амара. — Ідзі пасярэдзіне, калі так баішся, — і пусціў Янга ісці другім.
Ці прыліў падганяў, ці той уяўны кракадзіл — вярталіся шпарчэй. Хацелася быць як мага далей ад гіблага месца.
Каля агню знайшлі менш за дзесятак чалавек, і то сядзелі адны сем'і Амата, Амары і Янгаў бацька. Сядзелі, пазалазіўшы ў дым і пазахутваўшыся, хто як мог.
Янг падпёк на вугалях прынесеных скакуноў, адну рыбку даў бацьку, другую схрумстаў сам. Гэта была адзіная ежа, якою сёння аграшыліся. Але хіба гэта харч? Толькі горш есці захацелася, развярэджаны жывот ныў і бурчаў.
І хоць стаяла самая спякота, а лес дарэшты запоўніўся ўдушлівымі пахамі, туманнай парнасцю, рушылі назад. Далей, далей, чым далей адсюль! Здавалася, калі яны яшчэ трохі памарудзяць, то разам з гэтымі выпарэннямі напаўзе на іх нейкая пошасць, і не будзе ўжо ад яе ніякага ратунку. Янгаў бацька кволіўся і не то скуголіў, не то плакаў, як маленькі. Янг і суцяшаў яго, і прылашчваў, угаворваў пацярпець яшчэ трошкі. Спыніліся адпачыць толькі праз якую гадзіну. І то, можа, яшчэ паўзлі б, каб не выявілі, што тыя, хто ўцёк раней, не дачакаўшыся вынікаў разведкі, таксама ляжаць упокат у цяні дрэў, спяць як забітыя. Тут было ўжо суха, і лес выглядаў не так змрочна і дзіка. Пападалі ледзь не без прытомнасці і яны.
Праз гадзіны дзве, калі людзі пачалі ачуньваць і патрохі варушыцца, Натачын бацька паспрабаваў паразважаць уголас, ці варта заўтра лазіць у горы, каб паглядзець, якое там месца. І да самага Кампонга пра гэта гаварылі, дзе рабілі яшчэ адзін прывал. Жанчыны апантана навальваліся на яго, ім трэба было на кімсьці спагнаць злосць. А хіба Амат ва ўсім вінаваты? Дакрычаліся да таго, што нікуды яны з Кампонга не пойдуць. Калі мужчынам хочацца, хай бадзяюцца. Але ж няхай не забываюць і пра сем'і, пра тое, што трэба карміць дзяцей.
З'явіўся аднекуль п'яны Пуол. Насміхаўся і здзекаваўся над сваімі землякамі. Як ні вязаўся, ніхто не хацеў з ім размаўляць. Урэшце Амара надаваў яму кухталёў, турнуў ад людзей.
— Т-ты яшчэ мяне п-папомніш! Кроўю табе адрыгаецца! — п'яна гразіўся ён і, выпінаючы бараду, пакручваў галавою, нібы хацеў вывінціць яе з каўняра.
Хтосьці параіў: калі будаваць якую хібару, то лягчэй за ўсё гэта рабіць на ўскраінах Кампонга. Там хутчэй можна і гатовы куток наняць. На сметніках і звалках можна назбіраць якіх картонных каробак, фанерных скрынак на сцены, нарасплюшчваць пустых бочак, навымяркоўваць з цэлафанавых мяшкоў кавалкаў плёнкі на страху. Паступова ўвязваліся ў гаворку ўсе мужчыны, толькі Янгаў бацька моўчкі хістаўся ў бакі, шчасліва ўсміхаўся, потым паспрабаваў нешта плесці з галінак і пальмавых лісцяў, узбіваў гэтыя нязграбныя пляцёнкі-капялюшыкі на галаву і ўсміхаўся яшчэ больш шчасліва. Зрабіў чалавек дах над галавою!
— Ён ужо не чуе нас… Ён з Вішну размаўляе… Ён божы чалавек, хіба вы не бачыце?! — зашапталі жанчыны, кідаючы на Ханга загадкавыя позіркі. Потым зашапталіся так, што Янг нічога не мог разабраць. Жанчыны і мужчын паклікалі. Першымі — дзеда Амоса і старасту Ганеша. Ва ўсіх быў змоўніцкі выгляд.
Усё больш таемнымі і глухімі здаваліся шэпты. Але павекі Янга, як на тое ліха, цяжэлі і цяжэлі — хоць распоркі ўстаўляй. І ён не заўважыў, як зноў заснуў.
Прачнуўся ад таго, што Натача далікатна заціскала яму нос, патузвала за вуха.
— Соня, устава-ай… Праспіш усё на свеце! Сяльчане былі ўжо на нагах, прыладкоўвалі за плячыма клункі, дзяцей. На Янга і асабліва на яго бацьку паглядвалі з пашанаю, з бляскам надзеі ў вачах. Такі бляск Янг не раз бачыў, калі вяскоўцы маліліся Вішну, размаўлялі з самім Вішну… Янгаў клунак таксама хтосьці узваліў на плечы. — «Нічога, нічога, вы — адпачывайце…» Бацьку нечым пачаставалі, ён жаваў, злізваў з далоні крошачкі і быў вельмі задаволены жыццём. Нічога не разумеў Янг: што магло перамяніцца? Чаму раптам такая ўвага і павага? Усе гэтыя дні кожны быў заняты сабою, думаў у першую чаргу пра сябе і сваю сям'ю, толькі адна Натача, дзякуй ёй, дапамагала. Дык што ж здарылася? Што праспаў Янг — вельмі важнае і для яго, і для бацькі? Спрабаваў распытаць у Натачы, але яна адмоўчвалася або загадкава азіралася па баках і падцінала губы. Хіба ёй забаранілі да часу гаварыць пра гэта?
Апеквацца над Янгавым бацькам стаў дзед Амос, худы, як ссохлая цыкада. За памочніка ў яго быў дзядзька Амат.
Калі ўрэшце сяк-так рассяліліся ў хібарах на ўскраінах (за грошы беднякі гатовы былі памеркавацца, даць куточак і бежанцам), для Ханга дзед Амос наняў хляўчук без акон. А Янга да бацькі не пусцілі, як ні прасіўся, як ні ўгаворваў. На дзверы хлеўчука пачапілі замок і Янга адганялі, каб чаго не перадаў бацьку. Раз у дзень дзядзька Амат прыносіў Хангу ваду і больш нічога не даваў. Бацька спачатку енчыў і выў — неяк жудасна, па-звярынаму, прасіў есці і плакаў. На трэці дзень ужо толькі стагнаў і не ўставаў з кучы лісця, нагрэбенага ў кутку хлеўчука. Янг падглядваў за ім у шчыліны, і сэрца аблівалася крывёю. Раз падкраўся, каб падсунуць пад дзверы пару бананаў, купленых на базары. Знекуль вынырнуў дзед Амос, спалохана паштурхаў Янга ад дзвярэй, вярнуўся і сеў пад сцяною вартаваць.
— За што вы яго пасадзілі ў турму? За што здзекуецеся?! Што ён вам кепскага зрабіў? Яго лячыць трэба, доктару паказаць! А вы… а вы… — слезы душылі Янга.
— Ён павінен усе гэтыя дні пасціць шчырым постам, — сказаў дзед Амос і пачухаў худую грудзіну. — Ты не згубіў тых грошай, што па чэку выдалі?
— Ёсць яшчэ трохі…
— Беражы. Хутка вельмі спатрэбяцца.
Так ні на адно пытанне і не адказаў.
Янг і без таго ашчаджаў грошы. За ўсе дні патраціў толькі два долары і трыццаць пяць цэнтаў. Янг памятаў, што грошы патрэбны будуць, каб паказаць бацьку ўрачу. Толькі калі гэта здарыцца? Нашто пасадзілі пад варту хворага бацьку? Каб жылі на Біргусе і каб быў жывы бома, то ўсё лячэнне магло б абысціся значна танней: занеслі б чараўніку дзвюх курэй, і ён выгнаў бы з бацькі злога духа. Бо бацька стаў не святым чалавекам, не божым, а наадварот — у яго ўсяліўся злы дух і муціць розум. Цікава, ці ёсць у Кампонгу бома? Ці можа ўрач замяніць яго?
І што сяльчане вырашылі зрабіць з бацькам, для чаго прымушаюць яго галадаць? Янг вырашыў нікуды далёка не адыходзіць ад хлеўчука, нанач залазіў у нейкі куратнік. Добра, што гаспадаровы куры не хацелі начаваць там, а кожны вечар узляталі, кудахкаючы, на панданус. А будка хвацкая, так утульна ў ёй — каб яшчэ на пядзю даўжэй, то можна было б і ногі выпрастаць. І курамі амаль не пахне, увесь дол Янг заслаў сухім лісцем, на сцены прыляпіў каляровыя здымкі мора, зялёных астравоў і ружовых палацаў — павырываў з нейкага часопіса, знойдзенага на звалцы.
Сама таго не хочучы, выдала таямніцу Натача. Неяк прыцемкам забегла ў двор, укленчыла каля будкі. У руцэ за спінаю штосьці трымала.
— Ты ўжо спіш? Ой, як у цябе тут прыгожа! От каб і мне такі домік! — шчабятала яна. — Навошта людзі робяць вялікія хаты? Абы залезці можна было, ад дажджу схавацца. А не захацелася на гэтым месцы жыць, устаў, перабег з хаткаю на спіне на другое месца. Так і падарожнічаць можна — з хатаю на спіне!
— Ноччу добра. А паспрабаваў удзень залезці, ледзь не сасмажыўся.
— Дзіва што! — Натача пабомкала пальцамі па бляшаным аднаскатным даху, які быў зроблены з расплюшчаных бідонаў.— Сонца як напячэ… Слухай, цябе таксама бяруць на Галоўны востраў.
— Куды-ы-ы? Хто бя-рэ-э?!
У Янгавым голасе было столькі здзіўлення, што Натача спалохана заціснула сабе рот.
— Ой, а я ж думала, што ты ўсё ведаеш! — яна таропка пачала ўставаць, каб уцячы, але Янг высунуўся і спрытна цапнуў яе за руку.
— Ану — лезь сюды! І расказвай… Усё, што ведаеш!
Ахкаючы ад цікавасці і павіскваючы, Натача залезла ў будку.
— Ты ведаеш, што хутка наша храмавае свята?
— Ну… — адказаў Янг. Сапраўды, штосьці пра гэта чуў. Кожны год бывае.
— Бацьку твайго павязуць на Галоўны. Ён кавадзі панясе з ахвярамі Вішну! Ён цяпер самы блізкі да бога чалавек, і яго Вішну паслухаецца. Вішну павінен нам усім памагчы, усім біргусаўцам!
— А калі з суседняй вёскі большую ахвяру Вішну занясуць? Дык бог іх паслухаецца, ім паможа, а не нам? — наіўна пытаў Янг.
— Не, Вішну і нас пашкадуе, ён добры і ўсемагутны! — горача шаптала Натача. І так блізенька ад Янгавага твару, што ён чуў яе гарачае дыханне, а кучаравыя пушыстыя коскі Натачы не-не дый казыталі яму нос. — Раздзявайся! — раптам сказала Натача, хоць Янг і так быў у адных трусіках. І яна расціснула кулак, паказала, што прынесла. У цвёрдым, бы картон, лісце фікуса з заломанымі ражкамі ляжала нейкая шаравата-жоўтая смала. — Дзед Амос мазь зрабіў. Давай я табе памажу, дзе пакусана. Хутчэй зажыве.
— Бацьку трэба было б змазаць. У яго ўсё цела пабіла на язвы.
— Нельга бацьку лячыць, дзед казаў. Чым больш пакут ён прыме, тым больш ачысціцца яго душа, бліжэй будзе да бога. Лажыся! — загадала Натача і нават таўханула ў плечы.
Янг разлёгся з кутка ў куток спінаю ўгору — якраз хапіла выцягнуцца. Натача падыхала на мазь, яшчэ больш разаграваючы, пачала мачаць у яе пёрца і вадзіць яму па карку, па спіне, па руках — лёгенька, далікатна, пахукваючы на болькі.
«Каб жа паслухаў Вішну! — думаў Янг. — Калі паслухае, то варта для гэтага і папакутаваць. Затое ўсім вяскоўцам будзе палёгка, пачне шанцаваць з работай, знойдуць дзе і за што свае хаты будаваць. А мо і на бацьку зверне Вішну ўвагу? Усё ж такі кавадзі панясе… Божа, зрабі так, каб стаў ён нармальным чалавекам, каб яго розум прасвятліўся!»
— А ты сябе мазала? Давай я цябе… — паварухнуўся Янг.
— Мазала! Ляжы спакойна… Во, бачыш, на руках — падсыхаць болькі пачалі… Тут трошкі мазі асталося, прыхавай на другі раз. Ну — я пабегла! А то яшчэ ўбачаць нас разам! — Натача ўсхапілася на ногі — бум галавою ў дах! Ледзь не звярнула яго набок.
Амаль усю ноч ліў дождж. Перыў, не сціхаючы, гром, жахалі сліпучыя маланкі. Дваром імчалі патокі вады, выносячы смецце і нечыстоты. Янг сядзеў па костачкі ў вадзе — будан падтапіла — і, жахаючыся і молячыся, слухаў навальніцу, слухаў, як стогне, енчыць і скардзіцца камусьці бацька.
3
Заснуў мо на досвітку, прыхінуўшыся ў куток, і толькі намучыўся, а не выспаўся. Потым перабраўся пад хляўчук, дзе быў замкнуты бацька. Янг паспеў заснуць пад дзвярыма зноў, як разбудзіў яго Амара.
— Здароў, валадар зямлі і неба! — дзіўна прывітаўся ён.
— Бессмяротны2 ты?.. Знайшоў валадара!
— А што? Уся зямля пад табою, неба — над табою. Хто ўсё гэта зможа ў нас адняць? Ніхто. Пакуль будзем жывы — ніхто.
— Пада мною зямлі на крок — дый тая чужая. Востраў аднялі, хату разбурылі… Ні мамы, ні таты… — Янгу балюча скрывіла твар, яшчэ хвіліна — і расплакаўся б.
— Дзень, пачаты са слёз, не прыносіць удачы, як кажа дзед Амос. На вось, падсілкуйся. Ды пойдзем… — Амара працягнуў яму два вараныя плады пандануса. На плячы ў Амары вісела белая плёнчатая торбачка, відаць, не пустая, бо ніз яе важка адцягваўся, распіраў торбачку ў бакі.
— Куды… пойдзем? — нават крыху спалохаўся Янг. Выцер вочы, пачаў выгрызаць, высмоктваць мучністую мякаць з цвёрдых валокнаў-жыл, якімі былі пранізаны плады.
— Мы павінны з табою ўзяць на сябе тое, ад чаго адмовіліся дарослыя. Калі старэйшыя саступаюць з дарогі, наперад павінны выходзіць мы.
— Яшчэ сонца нізка, а ўжо напякло табе галаву.
— Не бойся, я не загаворваюся. Нам трэба агледзець горы. А мо і праўда знойдзем там вольную зямлю? Усё, што выявім, убачым, раскажам людзям.
— Выявіш, разяўляй рот… Як на балоце, у манграх… У цябе нічога больш няма з яды? Можа, бацьку падсунем, пакуль няма дзеда Амоса? — Янг паглядзеў на Амараву торбачку.
Цікава, як ён адносіцца да зняволення бацькі? Амара ж больш асвечаны, умее чытаць і пісаць, а не такі цёмны, як дзед Амос. З Раджам дружыць, а Радж чаго толькі не пабачыў, чаго толькі не ведае. Кожны дзень з усякімі буржуямі сустракаецца, з усяго свету з'язджаюцца тыя буржуі на Рай. А Радж з імі і па-французску, і па-англійску, і ўсяк.
— Увогуле… я трохі прыпасся… — паляпаў Амара па торбе, збянтэжана пакашляў.— Ды раптам мы зашкодзім? Пакармі згаладалага — адразу памерці можа.
Янг моўчкі злізаў слёзы з губ, выцер шчокі. Паглядзеў на дзверы хлеўчука, нібы развітваўся навекі.
— Я гатовы…
Пайшлі не ў той бок, дзе канчаліся хібаркі беднаты і пачыналася звалка, а значна лявей, на паўднёвы захад, угору па схіле. Тут былі прывілеяваныя кварталы, беласнежныя катэджы сярод плантацый бананаў, ананасаў, какосаў і арэкавых пальмаў. То там, то сям на плеценых з дроту агароджах, на платах, на варотах віселі шыльдачкі «PRIVATE».
— І тут прайвіт, прайвіт… — чытаў гэтыя надпісы Амара і сціскаў зубы. — І тут не суйся, даўно ўсё стала прыватнай уласнасцю.
Урэшце прыгарад скончыўся. Круцізна схілу рэзка ўзрасла. Зямля была ўжо скалістая, зрэзаная ярамі і равамі, зарослымі лесам. Некаторыя дрэвы — пахутакавы — былі падобныя на гіганцкіх мнаганожак з пачварнымі доўгімі лапамі, ствалы іх амаль ляжалі, разаслаўшы кроны па камянях. Зрэдку трапляліся на тэрасах вузенькія лапікі палёў, былі і закінутыя ўчасткі, зарослыя калючымі кустамі і пустазеллем. Пяршыла ў горле ад дыму — сям-там высякалі і выпальвалі лес, каб расчысціць хоць маленькі ўчастак, нанасіць туды зямлі. Мужчыны, што займаліся гэтым, лазілі па круцізне, як малпы, былі амаль голыя, з невялікімі павязкамі на бёдрах. Цёмныя целы блішчалі ад копаці, гразі і поту. Ламачча гарэла слаба, больш дымела, было яшчэ сырое ад начнога дажджу. Амара спрабаваў загаварыць то з адным, то з другім.
— А што — тыя кінутыя ўчасткі, на тэрасах, нічые ўжо?
— Можаш лічыць — нічые. Там што-небудзь зможа расці толькі гадоў праз пяць. А то і ніколі, палівай не палівай.
У голасе мужчын былі стома і роспач, і хлопцы зразумелі: людзі нічога добрага ад свае працы не чакаюць.
Усё часцей трапляліся велізарныя наплывы чорна-бурай лавы — наздраватыя, замшэлыя. Нібы нейкі волат, а мо сам бог Вішну замясіў недзе там, угары, цеста, а яно так бурна падыходзіла і пухкацела, што распаўзлося ва ўсе бакі.
Караскаліся, падавалі адзін аднаму рукі ці кавалкі ліян і ўрэшце апынуліся нібы на пласкагор'і. Разгледзеліся па баках — і скрозь гушчэчу зеляніны ўбачылі ўнізе ваду. Не раўніна тут была, а западзіна з возерам. А сапраўдная гара тырчала яшчэ далей за возерам. Самая макаўка яе была не зялёная, а бура-сіняя, зацягнутая пялёнкай смугі ці дыму. У адным месцы сярод зараснікаў бялеў, пеніўся вадаспадзік. Але да яго, мабыць, было далёка, бо шуму вады не чулі.
— На тую гару на палезем, мы ж не вар'яты… — нейкім абыякавым голасам сказаў Амара. Адчувалася, што ён страціў ужо ўсякую надзею штосьці адшукаць.
— То давай хоць возера абыдзем, спусцімся да вады, — прапанаваў Янг.
— Кальдэра называецца… На месцы гэтага возера было калісьці жэрла вулкана, — сказаў Амара. — Дзіўна, праўда? Не на самай макаўцы гары, а збоку.
— Не выдумляй, — не паверыў Янг. — Я на малюнку бачыў вулкан, там з верхавіны гары дым, агонь і камяні ляцяць.
— Быў, кажу, вулкан, але патух. Мо сотні, мо тысячы гадоў назад. А цяпер у кратэры вада і лес.
— А можа быць вывяржэнне зноў?
— Можа. А калі — ніхто не ведае… Спусцімся ніжэй!
Янг лез за Амараю, стараўся паўтараць усе яго рухі, хоць часам цяжка было дацягнуцца да тых галін ці да тых выступаў, якімі той карыстаўся.
— Вада!.. Халодная… І чыстая, а здавалася спачатку, што чорная.
Хлопцы завіслі, трымаючыся адною рукою за галіны, а другою зачэрпваючы ваду, і пілі, смакталі, ніяк не маглі напіцца. Смачная вада, толькі, здаецца, трохі нечым прыпахвае, нібы сапсутым яйкам. Янг паспеў вымерхацца за гэтую гадзіну, і самы раз было б зноў падсілкавацца. Але Амара нават не заікаўся пра яду.
— Пайшлі, пайшлі далей…
Лёгка Амары падганяць — «Пайшлі…». Каб Янг меў такі рост і столькі сілы, то і ён бы гэтак спрытна скакаў, карабкаўся, лез, прадзіраўся, завісаў на руках, разгойдваўся, каб сігануць з выступу на выступ.
Потым метраў сто ішлі берагам возера, паўз самую ваду вяла вузкая водмель з шэра-бурага гравію, галькі, лапікаў вулканічнага сіняватага попелу, укамянелага ад даўнасці, а над галавою завісалі камяністыя глыбы. Чулі ўжо шум вады, але гэта быў не той вадаспадзік, што бачылі здалёк сярод скал і зеляніны. І ручай быў меншы, і вада тут скакала з каменя на камень, як па прыступках. Каля вусця і берагі ручая, і бераг возера, нават водмель былі ўзрыты, перакапаны. Кучы пяску, гравію былі раскоўзаныя, стоптаныя чалавечымі нагамі, сляды былі і ад босых ног, і ад грубых чаравікаў ці ботаў.
— Нехта рыўся, як свіння, — нібы сам сабе сказаў Амара. Штосьці яму не падабалася, штосьці трывожыла. Ён азірнуўся па баках, але што-небудзь убачыць далей па беразе і наўкол было немагчыма з-за скал, кустоў і дрэў.— Што ён тут шукаў? — Амара прысеў, павадзіў рукою па пяску, пагробся ў ім.
Янг таксама памацаў, пацёр пясок, паўглядаўся ў крупінкі і каменьчыкі.
— Мо якія самацветы каштоўныя, — сказаў ён.
— Давай трошкі падымемся ўгору. — Амара амаль на карачках пакарабкаўся па вадзе, па камянях, Янг за ім. Хутка яны вымаклі з ног да галавы. Калі такім чынам узняліся на пласкагор'е, то ўбачылі, што ручай тут больш спакойны і шырокі. Скрозь па беразе пясок настаўбураны пагоркамі, нават у вадзе, можна пазнаць было, камяні ссунуты са сваіх месц. Прайшлі яшчэ трохі да месца, дзе ручай падзяляўся скалою на два. Прайшлі цераз першы ручай, абагнулі скалу, пабрылі ўніз левым берагам шырэйшай пратокі, які ўсё далей забіраў управа. Сляды невядомых шукальнікаў ці даследчыкаў заўважаліся і тут: то ў вадзе на мелкім, то на самым беразе шарэлі купкі гравію і пяску, каменьчыкаў, нібы хто падзяліў зачэрпнутае з дна драбноцце па велічыні. Сляды і тут былі дваякія — ад грубага чаравіка ці бота і ад босых ног. Значыць, шукальнік быў не адзін?
З-за невялікага павароту ўдарыў у вушы шум вадаспаду. Перад самым вадаспадам цячэнне ў ручая было бурнае і імклівае, хлопцы не рашыліся заходзіць у плынь, каб не збіла і не пакаціла па камянях уніз. Пайшлі і далей левым берагам. Скалы тут ледзь не заходзілі ў возера, а вадаспад застаўся крыху ззаду і справа. На самым абрыве прыселі, зачараваныя прыгажосцю.
Адсюль можна было агледзець добрую палову возера. Там, дзе паверхню асвятляла сонца, вада здавалася пяшчотна-блакітнай, крыху зелянкавай, а там, дзе быў цень, — цёмна-зялёнай і фіялетавай. Дальнюю частку возера прыхоўваў падобны на здвоеную пышную ляпёшку зарослы кустамі астравок. Унізе, пад хлопцамі, раскінулася бухтачка, амаль усю яе ахутваў цень. Бухту акаймоўваў нізкі, густа засыпаны камянямі бераг. Бела-сівыя космы вадаспаду (адтуль несла на хлопцаў халодную імжу) абрушваліся на гэты прыродны брук, губляліся сярод камянёў, пакідаючы на іх баках і лысінах камякі беласнежнай пены-шумавіння. І скрозь паўз бухту, дзе толькі можна было ўчарпнуць у ручаях ці на беразе, былі насыпаны пагоркі і горбікі, многія камяні былі зрушаны з месца.
Янг хацеў ужо шукаць спуск уніз і першым скаціцца на бераг бухтачкі, як Амара цапнуў яго за плячо: «Хавайся!»
Амаль з-за такога ж выступу скал справа ад бухтачкі плыў пад паверхняй вады чалавек у чорным гідракасцюме з жоўтай палосаю на баку. Рукамі не гроб, рукі былі чымсьці занятыя, перабіраў толькі нагамі з ластамі. Вось над вадою паказалася палавіна бліскучага чорнага шара — галавы плыўца, вытыркнула і трубка. З трубкі свіснуў фантанчык вады… Плывец павярнуў да берага, галаву падняў з вады больш, але твару нельга разгледзець — закрыты быў шклом маскі. Вось ужо дастаў ён нагамі дно, выпрастаўся, цяжкі свой груз узяў пад адну руку, выгнуўшыся ў другі бок, каб ураўнаважыць цяжар. Трымаў пад рукою, нібы ўрэзак з нейкага бака з пачарпнутым недзе на дне пяском. Мабыць, у днечку металічнага бака былі напрабіваны дзірачкі, бо знізу шматлікімі струменямі цякла вада. Невядомы сарваў маску і трубку, паклаў на сваё металічнае рэшата, узяўся за яго ўжо аберуч, прыціскаючы да жывата.
— Шт! — пакрычаў заклапочана ў бакі.— Піт! Той, каго клікалі, не адгукваўся, яго нідзе не было відаць.
— А што! Я так і думаў: не адзін чалавек тут калупаўся, — зашаптаў Амара. — І не адзін дзень.
Незнаёмы выдыбаў на бераг, паставіў сваё рэшата, садраў з ног ласты і стомлена прысеў на камень.
— Што будзем рабіць? Мо спусцімся папытаем, чаго яны тут шукаюць? — прапанаваў Янг.
— Цс-с-с… Глядзі! — кіўком паказаў Амара ўлева. З-пад навісі скал, ужо з іхняга боку, выплыў на невялікай гумавай лодцы, падграбаючы шырокаю і кароткаю лапатачкай, яшчэ адзін незнаёмы. Быў ён у паласатых, нібы амерыканскі сцяг, трусах і пляжнай белай шапачцы з празрыста-сінім доўгім казырком. Мо ён плыў ад таго ручая, дзе толькі што мацалі пясок і хлопцы? Як яны не заўважылі гэтага лодачніка, а ён — іх?
Лодка насунулася днішчам на бераг. Лодачнік вынес бардовае пластмасавае вядро з пяском і мелкае, але доўгае пластмасавае карытца з выламаным з аднаго вузкага боку бортам. Паставілі карытца крыху нахільна, насыпалі на яго пясок, палівалі вадою. Тапталіся на кукішках, мацалі і, мабыць, нічога добрага не вымылі, не знайшлі, бо той, у шапачцы, раптам са злосцю шпурнуў вядро. А той, што ў гідракасцюме, нешта сказаў, і яны заспрачаліся, паказваючы ў розныя бакі і нават на востраў.
— Пра што яны? — прашаптаў Янг.
— А ты хіба не разумееш па-англійску?
— Слаба. Дуку-матрос трохі вучыў, але…
— І я — слаба. Штосьці пра золата гавораць.
— Ама-а-ара?! — выдыхнуў узрушана Янг. — Яны шукаюць золата? А што, калі нам паспрабаваць? Раптам ды пашанцуе!
— Не спадзявайся. Ніколі ніхто ні на Біргусе, ні тут не гаварыў, што на Горным ёсць золата. Каб хто знайшоў яго, ведаеш, што тут пачалося б? Канец свету.
— Але ж яны не так сабе шукаюць! — горача запярэчыў Янг.
— Шукаюць! Мо якія дурні турысты. Думаюць, калі ад'ехаць на тысячы кіламетраў, трапіць на які востраў у акіяне, дык можна цэлыя кішэні самародкаў ці залатога пяску нагрэбці. Пайшлі адсюль!
4
Абыход возера заняў яшчэ з гадзіну. Пакуль лазілі, карабкаліся, выявілі з заходняга боку яшчэ два ручаі, якія ўпадалі ў возера.
— Хіба яно бяздоннае? — здзівіўся Янг. — У яго вунь колькі льецца, а з яго — ні струменьчыка.
— Высыхае… — сказаў Амара, але тут жа дадаў: — Не, не можа столькі высахнуць. Куды ж дзяецца вада? Во, па камянях можна пазнаць — не мяняецца ўзровень.
— Вунь тое месца, дзе мы падыходзілі. І тут нідзе не булькоча ручай, не выцякае з возера.
— Яно хоць і ў былым кратэры, але намнога вышэй узроўню акіяна. Каб прарвалася вада цераз гэтыя скалы — во зашугала б!
— А мо… А калі яно пад зямлёю цячэ ў акіян? Можа быць такое?
— Можа. Вулкан, землетрасенне чаго хочаш могуць нарабіць. Але калі б вада правальвалася, то яна кружылася б, вір быў бы. От дурні, трэба было лепш прыглядацца да паверхні.
Янг спусціўся па камянях да самай вады, нарваў жменю лісця, шпурнуў на ваду. Лісце распырхнулася, упала мо за якія два метры ад берага. Упала і ляжыць сабе спакойна, нікуды яго не нясе, не круціць.
— Другі раз не будзем абыходзіць — ну яго! — уздыхнуў Амара. — Нам трэба яшчэ паўднёвы схіл гары разведаць — да самага мора. Калі і тут нічога не знойдзем… — Амара не дагаварыў, роспачна махнуў рукою.
Паўднёвы схіл здаўся не такім доўгім, і быў ён намнога круцейшы, чым усходні, які вёў да горада. Нагрувашчванне скал, трэснутых і разарваных наплываў лавы было больш дзікае і маладаступнае. Тут дрэў і кустоў было менш, дый тыя вельмі ж скарэжаныя і скурчаныя. Нідзе не заўважылі нават маленькай, хоць трохі роўнай лапінкі, каб можна было зачапіцца, нацягаць туды зямлі і разбіць хоць невялічкі агарод. Скалы скончыліся раптоўна абрывам, далей унізе распасціраўся пясчаны бераг, да белага прыбою было метраў семдзесят. Сям-там на пяску былі параскіданы адзіночныя камяні і скалы, раслі калючыя кусты-малачаі, тырчалі мяцёлкі султанскай травы, сядзелі кактусы. Ладны кавалак пясчанага пляжу каля вады быў адгароджаны шчыльным дашчаным плотам, па версе яго ў тры рады наснавана калючага дроту. Зверху хлопцам было відаць, што робіцца за агароджай: з усходняга боку пляцоўкі стаялі дзве палаткі з падаткнутымі бакавінамі, каб прадзімала ветрам. З заходняга далятала густое і частае чахканне. Там стаяў на чатырох колах рухавік, крыху падобны на той, што бачыў Янг на пантоне ў лагуне іх Біргуса. Пасярод, бліжэй да плота і да хлопцаў, узвышаўся аўтамабільны прычэп-вагончык з высокімі і нізкімі антэнамі наверсе. Амаль па прамой лініі за ім блізка каля вады ляжалі нейкія скрынкі і паласатыя бочкі з палівам, а ўжо зусім на вадзе пры беразе віднеўся катэр ці глісер.
Даўгавата наглядалі хлопцы, пакуль дачакаліся хоць якога руху за плотам. З адной палаткі выйшаў рабочы, пакіраваў да рухавіка. Пастаяў там, панаглядаў за прыборамі і зноў вярнуўся ў палатку. Толькі добра прыгледзеўшыся, хлопцы заўважылі, што ад рухавіка да вагончыка з антэнамі і ад яго да берага быццам бы паўзуць не то шлангі, не то правады-кабелі.
І яшчэ адно ўразіла: на моры гайдаліся раскінутыя вялікім паўкругам гіганцкія паплаўкі — бела-чырвоныя паласатыя бочкі. Яны былі злучаны рамамі папарна, і з сярэдзіны кожнай пары тырчаў угору шпень з шыльдай. Што было напісана на тых шыльдах, можна было прачытаць хіба толькі ў бінокль.
Хлопцы спусціліся ўніз, насцярожана пайшлі паўз плот. З усходняга боку, дзе Кампонг, выявілі на плоце бляшаную шыльду з надпісам. Тэкст быў ахоплены справа і злева чырвонымі клічнікамі — адзін кропкаю ўгору, другі — кропкаю ўніз. Амара доўга ўчытваўся, каб зразумець, і Янг нецярпліва падспешваў: «Ну — што? Пра што тут?»
— Нейкая навуковая экспедыцыя па вывучэнню акіяна. Амерыканская, здаецца… Забаронена набліжацца, асабліва па моры, бліжэй чым на дзвесце метраў.
— Каб Радж быў, ён бы ўсё чыста пераклаў! — прашаптаў Янг.
— А што табе не зразумела? — быццам зазлаваў Амара, адцягваючы Янга ад плота. — Пайшлі, пакуль нас не злапалі… Там зусім з вострава прагналі, тут — забароненыя зоны. Быццам не ў сваёй краіне жывём, а…
Амара крочыў паласою прыліву — хутка, размашыста. Янгу давялося ісці подбежкам, ажно ў левым баку закалола. Збіраўся ўжо захныкаць, ды Амара спахапіўся:
— Разагнаўся я… Есці хочаш?
Пра гэта можна было і не пытаць! Каторыя ўжо суткі ўпрогаладзь.
Сышлі да самай вады, паселі на гарачы, як жар, камень. Янг не вытрываў, паплюхаў на камень вадою і сеў другі раз, на мокрае. Паспускалі натруджаныя, паколаныя ногі ў ваду, у ласкавы прыбой. Часам вада біла ў камень і не вельмі ласкава, абдавала з галавою. Але хлопцы не краталіся з месца, было прыемна.
Сілкаваліся варанай маніёкай, кожны думаў пра сваё. Ажывілі іх трохі дэльфіны — пара іх плыла ўздоўж берага па гэты бок рыфаў, раз-пораз плаўна і грацыёзна выскоквалі з вады, апісвалі ў паветры то малыя, то вялікія дугі, амаль без пырскаў знікалі пад вадою.
— Вось каму добра жывецца — пазайздросціць можна, — сказаў Янг, любуючыся.
— Што — Радж табе пра гэта казаў? — пасміхнуўся іранічна Амара. — Ці самі дэльфіны?
— А кажуць, што яны ўмеюць гаварыць, толькі не па-нашаму. От каб навучыцца разумець іх!
— Дэльфіна?!. Тут і чалавека цяжка зразумець… Нават таго, хто на адной мове з табою гаворыць. Што за цаца? Чым дыхае? Пуол гэты… Хто б мог падумаць, што ў яго праявіцца такое? А мы з Раджам адзін час нават хаўрусавалі з ім.
Дэльфіны вярнуліся, праплылі ўжо намнога бліжэй да берага, нават былі спыніліся, нібы прыслухаліся да нечага. Потым паціху аддаліліся, апісваючы паўкола вакол бочак-буйкоў.
Штосьці іх трывожыла.
Раздзел чацвёрты
1
А Пуол у гэты час быў на Галоўным востраве. Прывёз туды яго худы рыбак на матарызаванай джонцы з намаляванымі спераду лодкі, на «шчоках», вялікімі вачыма дракона. Як садзіўся ў лодку ў Кампонгу з трыма іншымі пасажырамі, сказаў гаспадару, што аддасць плату на Галоўным: няма дурных раней аддаваць. А раптам матор сапсуецца ці яшчэ што? А тыцнуліся ў прычал на Галоўным, то паказаў лодачніку замест грошай нож, патузаў у бакі барадою: «Пікні — мігам п-прырэжу!»
Бадзяўся вуліцамі Свійттаўна — сталіцы, Душыстага горада, пасвістваў, радаваўся жыццю і таму, што вырваўся на волю, на прастор. Раз-пораз засоўваў руку ў кішэню, дзе лапаталі новенькія долары. Украў у бацькі чэк, калі заявіўся быў на Горны, атрымаў па ім грошы і цяпер адчуваў сябе незалежным чалавекам. Як будуць уладкоўвацца бацькі на новым месцы без грошай, не хацеў і думаць. Забыў ён і прымаўку: прадаўшы маці і бацьку, не разбагацееш.
Дурны гэты матрос Дуку, што вучыў іх колісь грамаце. Як пачне расказваць, дзе пабываў ды што бачыў, якія дзівосы ёсць на свеце… Не магло простаму матросу стукнуць у галаву, якім ядам кладуцца ў душу Пуола яго зваблівыя расказы.
І вось цяпер ён вольны, як птушка. Будзе хадзіць, дзе хоча, будзе рабіць, што ўздумаецца. Тут такі прастор, столькі мажлівасцей! Лепш было б, вядома, зусім нічога не рабіць, а толькі есці ды піць — што душа пажадае. Гэта не на іх зачуханым Біргусе, дзе, акрамя мора, пальмаў і хібар, нічога няма. Якія магазіны ў Свійттаўне! Цэлы б дзень тырчаў каля вітрын, любаваўся б выстаўленымі таварамі, уяўляючы сябе ўладальнікам усёй гэтай раскошы — дарагіх касцюмаў, транзістараў, бліскучых гітар, матацыклаў, машын. А як людзі ў сталіцы прыгожа апранаюцца, якія дзяўчаты цокаюць абцасікамі, перабягаючы з установы ва ўстанову, у розныя офісы і магазіны. Тут і кінатэатры ёсць, і розныя бары-рэстараны. Праўда, каб усюды пабываць, усё пакаштаваць і спазнаць, трэба ліха ведае колькі грошай.
Што гэтыя пяцьдзесят долараў! Нават не пяцьдзесят, а ўжо менш — паспеў растраціць. Каб была напакавана грашыма кішэня, то тады б ён развярнуўся, тады б паказаў, чаго варты. Хай бы тады глядзелі на яго гэтыя нікчэмы біргусаўцы і зайздросцілі.
Толькі што Пуол выпіў цэлую шклянку соку з цукровага трыснягу. Гандляр, па выгляду кітаец, адганяючы мух і восаў, пры ім жа прапусціў паміж валікамі прэса доўгую палку-сцябло трыснягу, выдушыў сок, падставіўшы пасудзіну пад латок… Піў Пуол і крывіўся: нічога асаблівага, салодкі, ажно губы зліпаюцца, цёплы, аддае сырызнай і смагі ніколькі не спаталяе. А як уявіў, што пад прэс трапілі недзе мухі і восы і кітаец з іх таксама соку нарабіў, дык ажно занудзіла і падкаціла да горла. Плюнуў, пайшоў далей.
Каля нейкага шынка, які выходзіў дзвярыма ў скверык, навыносілі пад дрэвы сталоў і крэслаў і абслугоўвалі кліентаў на вольным паветры. Пуол таксама надаў твару важны выгляд панка-багача, усеўся ў цянёк за стол. Не паспеў азірнуцца — дзе ж Кельнер? — як той ужо сам падбег, схапіў з левага локця салфетку, махнуў ёю па стале, схіліўся: «Што загадаеце?» Ах, як спадабалася Пуолу, што яму кланяюцца, як пацешыла гэта яго самалюбства, узвысіла ва ўласных вачах! «Нешта ўва мне ёсць такое… гэткае… А хлопец не старэй па гадах за мяне. І мне кланяецца!» Кельнер з непакоем зіркаў яшчэ за адзін столік, дзе ўсаджвалася пажылая пара, па выгляду малайцы. «Што загадаеце?» — яшчэ раз перапытаў кельнер. «Аранжаду! Чым халадней!» — «Бу зроблена!» — хлопец ад яго падляцеў да той пары і там схіліўся пару разоў у паклоне, потым панёсся адтуль і знік за дзвярыма шынка, з ляскатам раскідаўшы ў бакі бамбукавыя вісюлькі-шырмачку з намаляванымі пальмамі. Мо праз хвіліну выскачыў з падносам, на якім стаялі тры высокія рознакаляровыя пластмасавыя фужэры з пітвом, паставіў адзін каля Пуола — аб сценкі фужэра застукаў кубік лёду, — памчаў да пажылой пары.
Пуол спачатку выняў поліэтыленавую саломінку як непатрэбшчыну, сёрбнуў соку проста з фужэра, ажно лёд заскочыў у рот. Так і трымаў ужо на языку льдзінку, смокчучы сок. Але ўбачыў, што малайцы не спяшаюцца праглынуць пітво, а пацягваюць яго праз саломінкі, засяроджана і супакойліва паглядваючы па баках. Лёду яны не бяруць у рот, і кавалачкі глуха пазвоньваюць аб сценкі фужэраў, асабліва калі пітцы пачынаюць памешваць сок саломінкамі. «Вунь яно што…» — Пуол нагнуўся над сваім фужэрам — тфу! — выплюнуў туды лёд і таксама паганяў яго саломінкай. Потым і сам ужо засмактаў аранжад праз саломінку — самавіта, з незалежным выглядам пазіраючы туды-сюды. Пуол будзе рабіць усё так, як гэтая прытомленая пара бізнесменаў, быццам бы небагатая на выгляд, а на справе ж — ого-го… Пуол усё, што трэба, пярэйме, усяму навучыцца. Ён нічым не горшы за іх, дык чаму б і яму не стаць багачом у рэшце рэшт?! Каб усе кланяліся яму…
— Яшчэ шкляначку! — загадаў кельнеру. Ужо сёння, у першы дзень свайго бадзяння па сталіцы, хацелася зрабіць усе магчымыя крокі да таго жыцця, якім некалі будзе жыць, той кар'еры, што прынясе яму грошы, грошы, грошы… Любыя, у любой валюце.
Дасмактаў другую шклянку, ажно забурчала ў жываце, ільдзінку сунуў, як малпа, за шчаку — пайшоў далей.
Мінаў вуліцу за вуліцай, брыў каля высокіх дамоў і нізкіх, па шырокіх вуліцах і брудных завулках, прайшоў некалькі плошчаў. Пастаяў, панаглядаў трохі за тым, як мяняецца ганаровая варта каля палаца султана. «Ха, адны асталопы тупацяць нагамі, другія разяўляюць на іх рот і вылупваюць вочы…» — падаўся далей. Заглядваў у нейкія лавачкі-магазіны, аптэкі, дзе таксама штосьці піў. Пабадзяўся па базары… Знарок спатыкаўся на раскладзеную на цыноўках садавіну, гародніну ды яшчэ першы і сварку падымаў, калі гандляры і гандляркі абураліся. То ў аднаго, то ў другога браў што-небудзь пакаштаваць, прыцэньваўся, таргаваўся, а потым ганіў і ішоў далей.
Трапіў у кінатэатр, хоць спачатку хацеў прайсці міма. Прывабіла з афішы намаляваная пачвара — не то чалавек-велікан, не то гіганцкая малпа, пашча чырвоная, клыкастая, сама ў шэрсці, лазіць па горадзе, абарочваючы ў кучу небаскробы, душачы людзей. Сядзеў у зале, дранцвеў ад жуды, але ні разу не ўскрыкнуў, не піскнуў, хоць малпа-гігант на экране разрывала на кавалкі людзей, смактала з іх кроў.
Быў ужо вечар, калі ён выйшаў з кіно. На Рэкрыэйшн-стрыт — вуліцы адпачынку і забаў — палыхалі рознакаляровыя рэкламы, вабілі рэстараны і кабарэ. Каля нейкіх не вельмі кідкіх дзвярэй без усякай шыльды яго спыніла маладая парачка. Пуол паддаўся на ўгаворы, ступіў за гэтыя дзверы…
…Выкінулі яго, п'янага, пасля поўначы. У галаве моцна шумела, а ў кішэні было ціха, ціха.
2
Успароў яго з тратуара паліцэйскі. Пуол ужо крыху працверазеў. «Марш адсюль! Дзе твой дом?» — нібыта грозна пытаў ахоўнік парадку. «Там!» — махнуў няпэўна Пуол кудысьці ў бок порта.
Рэшткі ночы правёў у тым скверы, дзе піў аранжад. Сагнаў з лаўкі нейкага жабрака. Калі той пачаў абурацца, прыгразіў прырэзаць. Каб паказаць сваю агіду да жабрака, паслаў на тое месца вынятую са сметніцы «Свабоду» («Фрыдом»). Пад раніцу яго зноў успароў паліцэйскі: «Тут спаць небяспечна…» — «Могуць абрабаваць…» — закончыў за яго Пуол насмешліва і вывернуў пустыя кішэні.
Ён сам гатоў быў каго-небудзь абчысціць, ды ўсе гулякі ўжо разбрыліся па дамах, а дабрачынныя жыхары яшчэ не прачыналіся.
Праз якую гадзіну пачалі ўжо раз'язджаць мота- і велакаляскі, машыны-фургоны, развозіць па лаўках прадукты. Багатым гараджанам заказы развозіліся дамоў. Пуол сам прасачыў, як высокі індус у чалме спыніў каляску каля нейкага асабняка, выцягнуў з-за спіны прыкрытую белым карзіну, паставіў яе на слуп брамы — высока, на ўзроўні галавы, націснуў у дзверцах на кнопку званка, выклікаючы кухара ці слугу. І тут жа ўсеўся за руль, паехаў далей. Але ад'ехаў ён мо крокаў дзесяць, як Пуол ужо быў каля брамы, запусціў руку ў карзіну. Трапілася вялізная, прысыпаная зрудзелымі крупкамі цукру булка. Не стаў перамацваць, што там яшчэ ёсць, а паддаў ходу.
У гэты дзень пачыналі ўпрыгожваць сталіцу да свята каранацыі султана. Па горадзе развозілі і чаплялі ўпрыгожанні — сцягі, плакаты, гірлянды, партрэты султана і членаў яго сям'і, будавалі аркі, абвівалі іх вянкамі, разбівалі дадаткова гандлёвыя палаткі, напіналі на пустках тэнты сталовак, дзе будзе раздавацца пахлёбка для бедных. Было ўжо многа прыезджых, людзей на вуліцах прыкметна пабольшала. Пуол бадзяўся сярод іх і адчуваў сябе як рыба ў вадзе. У аднае дамачкі выхапіў з рук гаспадарчую сумку — бо ўбачыў, што на дне яе ляжыць пузаценькі, з кнопачкамі кашалёк, і прыпусціўся наўцёкі. Заблытваў свае сляды ў нейкіх завулках, а пацішэла — зноў падаўся ў цэнтр. У кашальку разам з дробяззю было васемнаццаць долараў і дваццаць цэнтаў. Нішто сабе! І так лёгка зарабіліся гэтыя долары. Шкада, што кашалёк старэнькі, не загоніш…
Зайшоў у лавачку, купіў лёгкія туфлі, абгледзеў ногі ў нізка пастаўленым люстэрку — сам сабе спадабаўся! Як джэнтльмен, а не злодзей… Ён яшчэ не ведаў, што сапраўдныя, буйныя зладзеі, махляры і гангстэры маюць прыстойны, нават рэспектабельны выгляд.
Пакуль што не думалася, дзе пройдзе яго другая сталічная ноч.
З начлегам вырашылася зусім нечакана.
Ішоў па Томіроўд міма былых англійскіх казармаў і са здзіўленнем заўважыў, што гэтая «Салдацкая дарога» крыжуецца з тою вулачкай, дзе з яго высмакталі ўсё, што можна, і вытаўхалі як непатрэбшчыну на тратуар. Пайшоў далей, за скрыжаванне, па працягу Томіроўд, заўважаючы, як усё больш драбнеюць дамы, глушэе і бруднее вуліца. Гэта была мо апошняя вуліца, якую ён яшчэ не абследаваў, не агледзеў. Праз скляпеністыя праезды было відаць, што ў дварах лабірынты вулачак і завулкаў, розныя па вышыні дамы і домікі, хаціны лепяцца адна да адной, некаторыя прыбудоўкі трохсценныя ці амаль круглыя, нібы якія вартавыя вежы. І дахі былі розныя: і стромыя, многаскатныя, з нейкімі бляшанымі сцяжкамі, і пляскатыя, амаль без нахілу нахлабучаныя на сцены, і такія, што краі пазакручваны, як у кітайскіх пагадах. Пад сценамі сям-там гуляюць каля памыйных лужын дзеці, сядзяць бабулі.
Пастаяў крыху, зайшоўшы ў адзін такі двор, падзівіўся, як людзі знаходзяць у гэтым хаосе сваё жытло. І раптам недзе ззаду, на Томіроўд ці яшчэ далей, пачуліся стрэлы. Глуха, без лёскату. Пуол імгненна павярнуўся… Пад скляпенне праезду ўбягаў, моцна накульгваючы, кітаец з пісталетам у руцэ. Дзеці і бабулі з віскам сыпанулі па дамах, а адзін карапуз-крываножка спрабаваў падняцца з зямлі і ўсё падаў, равучы на ўвесь голас. Пуол, не цямячы, што робіць, падхапіў яго на рукі… І ў гэты час убачыў цераз праём праезду, што па той бок Томіроўд з закавулка выскачыла яшчэ двое ўзброеных людзей. Паранены кітаец аглянуўся на іх і стрэльнуў туды не цэлячыся, але тыя ўсё роўна разбегліся на момант у бакі… А вочы кітайца кідаліся сюды-туды, шукалі спрат, і Пуол паказаў яму на прачыненыя дзверы бліжэйшай прыбудоўкі. Уцякач скеміў, скок-скок туды на адной назе — грук! — зачыніў і заваліў дзверы знутры.
Мо праз хвіліну на двор заскочылі і тыя двое, у аднаго ў руцэ быў таксама пісталет, у другога штосьці падобнае на маленькі аўтамат з даўгаватым голым ствалом.
— Куды той пабег? — аўтаматчык саўгануў зброяй Пуолу ў грудзі.
— Вай-ва-а-ай! — лямантаваў, вырываўся з Пуолавых рук карапуз.
— Туды… во! — паказаў у цёмны лабірынт закавулкаў.— На суседнюю вуліцу!
Праследвальнікі патупацелі ў прыцемак. Малы зароў яшчэ мацней, пачаў драпацца, і Пуол пусціў яго з рук, яшчэ і шлёпнуў па заду. Сям-там зарыпалі, патрошкі папрачыняліся дзверы. Адны адкінуліся насцеж, з іх выскачыла маладая жанчына, падхапіла малога, абпаліўшы Пуола нядобрым позіркам, і схавалася зноў. «Дурніца…» — сабраўся аблаяць яе, як прачыніліся і тыя дзверы, за якімі схаваўся ўцякач.
— Эй, хадзі сюды! — паклікалі Пуола ў шчыліну.
Ён падышоў да дзвярэй.
— Ты гаспадар гэтай хаціны?
— Не-а.
— Усё роўна! — кітаец адкінуў дзверы шырэй, уцягнуў Пуола за руку ўсярэдзіну, зноў заваліў завалаю.
Недзе з глыбіні памяшкання, з цемры чуліся ўсхліпы і падвыванні жыхароў. Ад спалоху яны баяліся заплакаць, закрычаць уголас.
— Я бачыў у шчэльку… як ты іх. Дзякую, што памог, — кітаец раптам як не ўпаў са стогнам на зэдлік, выцягнуў параненую нагу. — Задача, значыць, такая… Ды ціха вы там! Я не збіраюся вас каўтаць жыўцом, як мышанят, — прыкрыкнуў на скавытаўшых. — Значыць, так… Ты павартуй там на двары, пакуль мяне тут крыху перавяжуць. Глядзі, каб ніхто не выходзіў на двор. Мо будуць бегчы тыя назад, — каб не было ім у каго распытваць.
— У-у-у-у… Рам, рам… Рэ рам… — маліліся ў цёмным кутку людзі, трывожылі бога.
— Я ж прасіў — ціха! Няўжо не зразумела? — у голасе кітайца прагрымела пагроза. — А ты давай… туды… Калі хочаш зарабіць.
Апошняга кітаец мог і не дадаваць. Пуол вышмыгнуў за дзверы. Ён нейкім дзесятым чуццём улавіў: гэта той Яго Вялікасць Выпадак, які трэба хапаць за хвост. Усё адбылося не так сабе! Не!.. «Дурны лоб гузака знойдзе!» — раптам нібы пачуў дакорлівы голас бацькі і ажно галавою крутнуў, каб адвязацца ад яго. «Гузака… Гузака… Майму гузаку вы яшчэ не раз пазайздросціце!» — агрызаўся ў думках.
Не стаяў слупам, прахаджваўся сюд-туд. Дзе прачыняліся дзверы, біў па іх нагою:
— Не высоўвайце носа, калі хочаце жыць! І людзі не высоўвалі.
Выглянуў і на Томіроўд. Усюды была цішыня, толькі дзесьці густа гулі машыны. На гэтым участку вуліца вечарам не асвятлялася, цемра была б амаль пракаветнай, каб не сям-там касыя палосы святла з акон, каб не каляровае зарыва над цэнтрам, ад якога даляталі прывідныя водсветы і сюды.
Вярнуўся ў двор. Тут ні з аднаго акна не выбівалася святло. Людзі сядзелі прытаіўшыся, як мышы.
Праследвальнікі не вярталіся ў двор, махнулі, мабыць, на ўцекача рукою. Дый знайсці чалавека ў гэтых лабірынтах было не лягчэй, чым тэрміта ў джунглях.
Зноў прачыніліся тыя ж дзверы, зноў Пуола паклікалі…
І вось яны ўжо ідуць цёмнымі вуліцамі і правулкамі. Паранены незнаёмец адною рукою абапіраецца на палку, другою ўчапіўся ў локаць Пуолу. Загадаў — «Вядзі!», і Пуол павёў — без аднекванняў, без роспытаў — куды. Паварочваў там, дзе яму загадвалі павярнуць (шмат разоў), рабілі нават петлі. Пуол у гэтай частцы горада не быў, нават не ўяўляў, што ёсць такі горад у горадзе. Сям-там кідаліся ў вочы шыльды і надпісы кітайскімі іерогліфамі, часам афішы тырчалі ў бок ад сцен, звісалі ўніз ці былі распяты на дратах цераз вуліцу. Кітайскі горад!
Перад нейкім пад'ездам спыніліся. Кітаец зняў з шыі касынку, завязаў Пуолу вочы і правёў яго скрозь будынак, потым дварамі падышоў яшчэ да аднаго. Далей ужо кітаец вёў яго, раз-пораз папярэджваючы: «А цяпер сюды!.. А цяпер туды!.. Ногі падымай, тут пачынаюцца прыступкі». Гэтых паваротаў, праходак па калідоры, спускаў і пад'ёмаў па лесвіцах было яшчэ нямала. Як сам кітаец адолеў усё гэта, было проста дзіва. Урэшце зноў спусціліся па лесвіцы пралётаў на два, і кітаец пастукаў умоўным стукам у дзверы. Адчыніліся яны не скора і, мабыць, ледзь-ледзь, на даўжыню ланцужка. Пэўна, хтосьці разглядваў Пуола, бо кітаец вымушаны быў сказаць:
— Ён са мною.
Ланцужок яшчэ раз бразнуў, рыпнулі дзверы. Кітаец паштурхаў Пуола перад сабою і сцягнуў з яго вачэй павязку. Усё роўна не было нічога відаць, і Пуол наставіў перад сабою рукі, каб не выпараць на што-небудзь вока. Слухаў, як сам кітаец зачыняе, бразгаючы замкамі і ланцужкамі, дзверы, і ў грудзях напружана звінела і сціскалася ад страху і цікаўнасці. Уперадзе загарэлася запалка, асвятліўшы старэчую руку і тарбаватыя, у зморшчынах шчокі, правалены, у зборачкі рот. Стары кітаец ці кітаянка? Такі пацучыны хвосцік-коска з матузком мог быць і ў мужчыны. Кітаянка запаліла дзве ружовыя свечкі на падсвечніку, што стаяў на прычэпленай да сцяны палічцы. Панесла яго перад сабою, прыкрываючы адну свечку далоняй, прайшла з ёю ў велікаваты пакой, абстаўлены мяккай мэбляю. Нічога падобнага Пуол ніколі не бачыў, гэта было нібы ў якой казцы. Стаў, як укамянелы, не асмельваючыся далей ступіць і кроку. Уся падлога ў пакоі была заслана мяккім, у кветкі дываном, пасярод стаяў нізенькі стол з акуратна раскладзенымі вакол яго падушкамі.
Кітаянка паставіла свечкі на стол і моўчкі выйшла. — Сі-сі,— падзякаваў кітаец. — Мама, звары нам кавы! — кінуў ён наўздагон. — А ты разувайся і праходзь далей. І сядай, хочаш — на падушку, хочаш — на канапу.
Сам кітаец дакульгаў да чырвонай з вычварнай спінкай канапы, упаў на яе.
Скідаючы ў парозе туфлі і моршчачыся (паспеў нацерці і парасціраць мазалі), Пуол спадылба разглядваў гаспадара і ўсю раскошную, з карцінамі на сценах кватэру. Кітаец сядзеў, прыплюшчыўшы вочы, твар у пацёках поту, на лбе праступілі кроплі. Немалады гаспадар ужо, гадоў пад сорак. Церпіць, мабыць, страшэнны боль, а ні разочку не застагнаў за ўсю дарогу.
— А цяпер — мяне, — выставіў да яго кітаец здаровую нагу.
Пуол ступіў па мяккім дыване, чуючы ласкавы козыт ворсу ў падэшвы. Укленчыў каля канапы, каля ног кітайца. Ён гатовы быў поўзаць на каленях (пакуль што!), гатоў слугаваць дзеля таго будучага, што чакае яго. Вынес гаспадаровы туфлі за дзверы, левы быў клейкі ад крыві.
— А цяпер падай бліжэй апарат… у кутку вунь… — паказаў гаспадар за тарэц канапы пад акно.
Пуол кінуўся туды, а як браць — не ведаў. Упала, загрукала трубка.
— Зараз… Ён разваліўся… І ён прывязаны, я зараз адвяжу, — затузаў правады.
— Ха-ха… — не вытрываў кітаец. — Не трэба адрываць, адвязваць. Давай так, як ёсць.
Пуол паставіў тэлефон яму на калені. Кітаец зняў трубку, паторкаў пальцам у кнопкі з лічбамі. Пачакаўшы, сказаў у трубку:
— Застаёмся пры сваіх інтарэсах… Нават пукалкамі пачалі забаўляцца… Пра падрабязнасці пазней — і не па тэлефоне. — Паслухаў нейкі адказ з трубкі і яшчэ сказаў: — Я думаю гэтаксама. Болей таго: я пра гэта ў свой час папярэджваў.— І паклаў трубку, перадаў апарат Пуолу, каб той паставіў яго на тую ж скураную тумбу, падобную на адрэзаную ад тоўстага дрэва калодку.
Стаўляў тэлефон Пуол падкрэслена асцярожна.
— Дай мне дзве падушачкі пад спіну.
Пуол хуценька ўзяў дзве падушачкі ад стала, паветра ўскалыхнулася, ледзь не патухлі свечкі.
— А цяпер сядай сам і расказвай, — уладна паказаў кітаец каля сваіх ног.
— Што? — Пуол падмасціў пад сябе падушку, унутрана дрыжучы ад захаплення: дзе гэта было бачна ці чутно, каб хоць адзін біргусавец сядзеў на такім!
— Усё! Хто ты, адкуль ты… Чаму на тым месцы апынуўся… Як зваць… Ці ёсць сям'я… Дзе жывеш…
Многа што цікавіла кітайца! Але Пуол расказваў усё шчыра, сам здзіўляючыся са сваёй шчырасці: звычайна любіў прыхлусіць. Стараўся быць дзелавым, гаварыць без лішніх падрабязнасцей.
Кітаянка прынесла каву. На падносе стаяла высокая кавярніца, два кубачкі на сподках, бліскучая цукерніца з цукрам, чатыры сухарыкі на папяровай сурвэтцы. Пуол толькі дзіву даваўся, што за маці ў кітайца: сын сядзіць з укручанай абы-чым, акрываўленай нагою, а не пацікавіцца, не папытае, што здарылася. І не ахае, як ахалі б усе маці ў такіх выпадках.
— Падцягні асцярожна стол бліжэй сюды… Свечак не перакулі… І пі, не саромся. Ты піў калі-небудзь сапраўдную чорную каву? Думаю, што і ўяўлення не маеш.
Пуол падцягнуў асцярожна стол да ног кітайца, нясмела ўзяў у рукі гарачы кубачак, цмокнуў раз нейкай гаркаты і апёк язык, губы. Выгляду, аднак, не падаў.
— А вы хто? — асмеліўся папытаць.
— Гэта табе не трэба ведаць. Чым менш чалавек ведае, менш праяўляе цікаўнасці, больш слухаецца і выконвае, што загадаюць, тым даўжэйшы яго век. Зарубі гэта сабе на носе!
— Я нічога такога не хацеў…— прамармытаў ён і тут жа спахапіўся: — Зарубіў, зарубіў!
— Хацець не ў меру таксама шкодна. Але ты мне падабаешся… Хоць ты і не хуацяо, не кітаец… Як я зразумеў, табе трэба грошы, а каб мець грошы, трэба знайсці свой бізнес. І табе трэба месца, дзе жыць… Так?
— Ага… — аблізаў абвараныя губы Пуол.
— Усё гэта ты будзеш мець… з цягам часу… Калі пройдзеш выпрабавальны тэрмін. Жытло, праўда, знойдзем раней. Я напішу запіску, зойдзеш па аднаму адрасу… За пакой там заплочана… Як завядуцца свае грошы, вернеш мне тую аплату. Я назаву суму, якая пад той час набяжыць.
— Шчыра дзякую! — не ўтрываў Пуол.
— Дзякаваць будзеш потым. Ды «дзякуем» і не адбудзеш. Будзеш рабіць тое, што табе загадаюць, даручаць. Ніякай сваёй ініцыятывы не праяўляць, чуў? Пытанняў ніякіх нікому не задаваць, старацца не бачыць таго, што не трэба табе па рангу бачыць. Калі пройдзеш выпрабавальны тэрмін, на тваё імя ў банку будзе адкрыты рахунак. На яго будуць пералічвацца грошы за разавыя паслугі… Гэта значыць, пасля кожнага канкрэтнага выпадку, калі будзе прызнана, што заданне ты выканаў бездакорна. Ты будзеш мець сувязь толькі са мною і не непасрэдна, а праз некага… Ох, памажы палажыць нагу… на канапу… А падушачкі гэтыя пад галаву… Каб вышэй…
На лбе кітайца блішчалі буйныя, як пярліны, кроплі. Ён змахваў іх рукавом, а яны зноў выступалі. Дыханне пачасцілася, стала перарывістым, мабыць, пачыналася гарачка.
— Ну й, вядома, ты будзеш мець кішэнныя грошы, на абыходак — харчаванне, гардэроб… — працягваў кітаец. — Не, мабыць, без эскулапа не абыдзецца… Куля ў назе сядзіць, рана не скразная. Я табе напішу запіску, скокнеш да аптэкара, паклічаш… Мама вас сустрэне каля пад'езда, правядзе сюды. Падай… вунь, на акне… блакнот і ручку.
3
Каля таго пад'езда, дзе кітаец завязваў Пуолу вочы, сядзела на прыступках яго маці — нібы кучка жабрацкіх лахманоў. Падышлі, і яна адразу ўстала, выцягнула з-за пазухі цёмныя хусцінкі, прапахлыя потам і даўно не мытым целам, завязала вочы Пуолу і аптэкару. Пуол ухапіўся за аптэкара, а старая — за аптэкараву сумку і павяла.
Зноў паўтарылася блытаніна нейкіх пераходаў і лесвіц. Толькі ў свае дзверы старая не грукала ўмоўным стукам, а адамкнула ключом. Для чаго пасылалі яго, Пуола, ён так і не зразумеў добра: магла аптэкара прывесці сама бабуля. Мо хіба паранены не хацеў, каб яна лішні раз паказвалася на людзях, мазоліла ім вочы?
Кітаец, чуваць было, канчаў тэлефонную размову:
— …а правучыць не шкодзіла б! Не нам гуляць у паддаўкі! Гэтых даблаў толькі біццём можна чамусьці навучыць! — і спахапіўся, пачуўшы старэчы кашаль у калідоры: — Маці, ты?! Заходзіш, адразу знак падавай, а то я магу ўсю абойму ўсадзіць! — з бразгатам паклаў тэлефонную трубку.
— Мы гэта, мы, дарагі Чжан. Прывітанне! — выйшаў на святло, якое падала з пакоя ў калідор, аптэкар.
І з гэтага часу камандаваў у пакоі, распараджаўся ён. Гатавалі на спіртоўцы ваду, раскручвалі павязку на параненай назе, разрэзвалі штаніну, абмывалі нагу вакол раны. Потым загадаў заслаць белым стол (бабуля пасля гэтага знікла), усклаў на яго Чжанаву нагу. Урэшце, старанна памыў свае рукі і пачаў мацаць нагу вакол раны, тыкаць у рану пінцэтам, ад чаго паранены кітаец закочваў вочы пад лоб і цягнуў: «Уу-у-у!»
— Не забыў яшчэ маё імя? Правільна. У мяне зваць, проста У. Я так думаю, што закранута крыху костка, бядро. Куля каўзанула, зрыкашэціла… Дзе ж яна? А-а… вось яна, убок звярнула крыху, тырчыць, як гуля… Зробім маленькі надрэз, вышчалукнем… Замест сляпой раны будзе скразная. Скарэй загоіцца, не так будзе гной затрымлівацца. Ну во… Вось яна, можаце на памяць сабе ўзяць.
— Вазьму… на памяць… — Чжан працягнуў руку. — Я пра гэтую кулю ніколі не забуду. І не дарую яе.
— Ну во… А цяпер апрацуем рану. Праз месяц будзеш танцаваць.
— У, даражэнькі, я не магу так доўга. Тыдзень, не больш.
— Ну, тыдзень не тыдзень, а два — абавязкова. — У прамыў раны нейкімі вадкасцямі, і ў пакоі запахла рэзка і непрыемна — аж у носе засвярбела. — Травак табе прапішу, напар, унутр будзеш прымаць… Для агульнага тонусу мышанятак трэба пакаўтаць. Жывенькіх… Па дзесятку ў суткі… Маленькія такія, чырвоненькія… Арганізм амалоджваецца. Больш карысці, чым ад парашкоў і таблетак.
— Ну — не! Гэта ты ўжо сам каўтай!
— А банкір Ду Шань толькі аблізваецца, разумее, што гэта на карысць яму ідзе. Для яго аднаго цэлую ферму трымаю… Ах, каб ты бачыў, якія беленькія самкі! Як снег на гарах… Не паспяваюць размнажацца… Нікога не цікавіць, колькі маеш асновы, ім падавай максімальны выхад чыстага тавару. А калі будзе папаўненне базы? І цэлафан канчаецца, і пластмаса…
Апошнія фразы гаварун У сказаў упрытык да ўсёй сваёй гаворкі, і Пуол спачатку думаў, што і яна адносіцца да мышэй. Але Чжан тут жа сурова абарваў У:
— Ціх-х… Усё будзе ў свой час і на сваім месцы. — Чжан кінуў быстры позірк на Пуола.
А Пуол знарок пільна глядзеў, як аптэкар бінтуе Чжану нагу. «Хай думаюць, што я нічога не чую, нічым не цікаўлюся…» А ў самога, здаецца, ажно вушы варушыліся і займала дух ад усіх гэтых таямніц і сакрэтаў.
І адчуваў Пуол, што з сённяшняга вечара ён пачаў хадзіць па вастрыі ляза ці па тонкім канаце над бяздоннем.
Раздзел пяты
1
Збруя шэрага осліка і каламажка на двух вялізных колах, якую ён цягнуў, былі ўпрыгожаны гірляндамі папяровых і жывых кветак. З аброці каля вуха осліка тырчаў квяцісты парасончык, прыкрываў ослікаву галаву і ківаўся ў такт хадзе. У двуколцы ляжалі вялізны барабан і літаўра, і ў іх то па чарзе, то адначасова бабухалі булавешкамі правы і левы барабаншчык. На кожны ўдар булавешак у осліка ўздрыгвала шкура на баку, ён круціў хвосцікам з прывязаным ружовым банцікам. Ба-бух! — круць-верць, ба-бух! — круць-верць…
— Уох-ха-ха! Авох-ха-ха! — ажно даходзілі хлапчукі. Прытанцоўвалі, штосьці выкрыквалі, мітусіліся. Назбіралася іх за аркестрам цэлая плойма — усякіх: і добра адзетых, і амаль голых, і абадраных.
— Глядзі — толькі ўправа круціць хвастом! Во, круць — зноў управа… Ха-ха-ха, і не зблытаецца! — асабліва пацяшаўся адзін, шыракароты і худы, гнуткі, як гумавы. Хлапец нават спрабаваў хадзіць на руках, падрыгваючы ў паветры нагамі.
Для Янга ўсё было такім дзівам, што ён нібы знямеў. То ішоў за двуколкай з дзіўным ослікам, то забягаў збоку музыкантаў. Якія дзівосныя ў іх трубы і дудкі: і белыя, і жоўтыя, і чорныя, малыя і вялікія, тоўстыя і тонкія. Адна такая шырокая, што раве, як слон, — галаву ў раструб можна засунуць! Усе музыканты — еўрапейцы, усе ў белых пальчатках, у белых касцюмах, пад пахамі і між лапатак папраступалі цёмныя плямы поту, пот струменіць па тварах з-пад стаўбунаватых шапак з султанчыкамі над казырком. Спераду ідзе задам да музыкантаў кіраўнік аркестра, на аркестрантаў не глядзіць, а ўсё ўзмахвае бліскучым кіем, нібы таўчэ пшано ў ступе. На кіі матляюцца нейкія шарыкі-бомы і залатыя кутасы. Дырыжор адзеты трохі мудрэй, чым астатнія аркестранты: шапка з такім пышным султанам, як і ў астатніх, але цераз плячо перакінута плямістая леапардава шкура.
Янг адстае, прапускае аркестрантаў міма сябе — і зноў да осліка, па-свойску казыча яго пальцамі за бок. Ослік адказвае адным — круць-верць хвастом! Хлапчукі рагочуць, весела і Янгу. Толькі адзін барабаншчык нахмурыў бровы і кіўком барады паказаў — «Не замінай, а то…». — І ўзважыў булавешку ў руках, пагразіў ёю.
Весела Янгу, ён ужо як свой сярод хлапчукоў, як герой. Яго па-сяброўску ўзнагароджваюць кухталямі, ляпаюць па плячы. Ён зноў прабіраецца паўз гледачоў-разявак, абганяе аркестр, каб яшчэ крыху палюбавацца на дырыжора. Смешны гэты дырыжор з рыжымі вусамі-кольцамі. Ён ужо не таўчэ пшано ў ступе, а забаўляецца сваім бліскучым кіем — то ківае ў бакі, то круціць яго млынком.
З-за ўпрыгожаных дамоў вырываюцца апошнія промні сонца, зырка адбіваюцца ад зіхоткіх труб… Масць осліка здаецца незвычайнаю, нібы гэта вялізны і стомлены пальмавы пацук… Янгу ўжо шкада яго, прапускаючы аркестр міма сябе, ён пагладзіў осліка па крыжы і адступіў, каб не трапіць пад кола, вышэйшае за яго.
— Уй, а ўчора што было! Ты быў учора на прашпекце? — звярнуўся да Янга той хлапчук, што хадзіў на руках.
— Не, мы толькі сёння прыехалі з Горнага, — Янг не сказаў, што яны біргусаўцы.
— Мяне Абдула зваць, а цябе?
— Янг.
— Ой, тут учора шэсце было са сланамі… Карнавал!.. Феерверкі! Факелы!.. Сланы ў залатых папонах, з залатымі балдахінамі на спінах, капыткі на кожным пальцы пазалочаныя!.. Адзін слон на факел наступіў — што тут пачалося! Ашалеў, мабыць: будкі-латкі папераварочваў, людзей патаптаў… Махаўта3 схапіў хобатам і як гакне аб зямлю! Такая паніка пачалася, людзі самі сябе сталі таптаць, душыць, разбягацца. А я на пальму ўзлез, і ўсё-ўсё было відаць. Слана паліцэйскі застрэліў, у вуха прама — бабах! Слана бензапілкаю распілоўвалі, цэлую ноч вывозілі… Тое месца цяпер не пазнаць, пяском зашаравалі — я бегаў глядзець раніцаю.
— І ты ўсё гэта бачыў?! — Янг уяўляў усё, што расказваў Абдула, і ад хвалявання ажно язык прысыхаў да нёба.
— Бачыў! Я такі! Я ўсюды паспяваю… Давай яшчэ да султанскага палаца збегаем, пакажу, як варта мяняецца каля варот. Вой, жывоцікі надарвеш!
— Не… Мне няма калі! — раптам спахапіўся Янг. І так забавіўся з гэтым аркестрам, там ужо мо шукаюць яго.
— А дзе вы спыніліся, у якім гатэлі? — у голасе Абдулы не было ніякай іроніі.
— Гатэлі?! Хіба мы буржуі? Каля прыстані нашы… І бацька.
Янг не хацеў расказваць, у які «гатэль» яны ўплішчыліся: нейкі склад-паднавесік без акон, без дзвярэй. Там нават сядзець было цесна, а не то што ляжаць.
— То я адзін пабег. Бывай! — Абдула нібы яшчарка-сцынка шмыгнуў у натоўп і знік.
Янг павярнуў да прыстані. Ішоў і ўздыхаў: як шкада, што яны не прыехалі на Галоўны раней, скажам, адразу, як іх выгналі з Біргуса. Тады гэта было б і танна, і ён столькі б усяго пабачыў. Свята каранацыі пачалося ўчора, адзначалася трэцяя гадавіна царавання султана Муту. Больш заможныя архіпелагаўцы з'ехаліся на Галоўны за дзень, за два да свята. Пра гэта Янгавы землякі не маглі і марыць: уладальнікі баркасаў (шырачэзных і мелкіх, са стрэхамі-балдахінамі, вельмі падобнымі на засланыя настольнікамі сталы) дралі з пасажыраў сем скур. Нажываліся, як маглі, і ўладальнікі маторак і парусных джонак. Лодкаю было б і танней, але ў адну ўсе дзесяць біргусаўцаў, якіх выбралі везці ахвяру Вішну, не змаглі б умясціцца, а разлучацца яны баяліся: хаця б не пагубляцца на Галоўным!
Не маглі паехаць і ў першы дзень свята, бо кошт праезду зменшыўся толькі на трэць. Выбраліся на другі і плылі паўдня — за палавінную цану: бог з ёю, з гэтай каранацыяй, галоўнае, каб трапіць на храмавае свята. Янг аддаў трыццаць пяць долараў — дваццаць за бацьку і пятнаццаць за сябе. На зваротную дарогу засталося ў яго няпоўных дзевяць долараў — на двух! Але пра тое, як будуць вяртацца назад, ніхто нічога не гаварыў, быццам яно зробіцца само сабою.
…Янг абмінаў шматлюдныя групы людзей, якія трымаліся зямляцкага прынцыпу ці каставага, цераз кагосьці пераступаў, аб чыесьці ногі спатыкаўся. Не паменшала народу на прыстані, пакуль ён бегаў за аркестрам: вірлівая і гаманкая чалавечая маса запоўніла не толькі ўсю набярэжную, але і драўляныя прычалы-пірсы, і бетонныя, што ўрэзваліся далёка ў мора. Каля іх стаялі вялікія баркасы, лапочучы ветразямі, вялікія і малыя катэры і нават акіянскі, падобны на белую гару ці шматпавярховы дом, цеплаход-лайнер. Некаторыя, не хінду, каго не цікавіла заўтрашняе храмавае свята, ужо грузіліся на баркасы і катэры, адбывалі да сваіх астравоў. Людзі тоўпіліся, штосьці абмяркоўваючы, або сядзелі ці ляжалі, дрэмлючы. Толькі не пад какосамі: грукне па галаве арэх, можа забіць. Некаторыя нешта варылі ці смажылі на маленькіх раскладзеных агеньчыках. Шныпарылі, спрытна лавіруючы між людзей, латочнікі, прапаноўвалі бетэлеву жуйку, смажаныя арэхі, піражкі і цукаты, усялякую садавіну, гародніну, драўляных бажкоў, маскі, сандалавыя палачкі для акурвання багоў, ахвярнае малако. Дым і чад, усялякія пахі кружылі галаву. Асабліва рэзка пахла нечым кіслым і прыгарэлым.
З цяжкасцю Янг прабраўся ў паднавес да сваіх. Дзесяць старэйшых мужчын у іх групе, у тым ліку стараста Ганеш, дзед Амос і Натачын бацька Амат — жанчын не было ніводнай. А чаму было б не выбраць у гэтую групу і Амару? Было б хоць да каго Янгу прыхіліцца.
— Дзе ты бадзяешся? — накінуўся на яго Амос. Дзядзькі Амата не было відаць, а Ганеш ляжаў, прыкрыўшы твар хусцінкай, хваравіта стагнаў.— Сядай каля бацькі і не давай яму выкалупваць чарвей з ран. А то звяжам яму рукі… Ты ж не хочаш, каб вязалі яму рукі? — голас старога зрабіўся ласкава-саладжавым.
Не, Янг гэтага не хацеў.
«Добранькім прыкідваецца… А за што ж ён, усе яны бацьку катуюць? Паспрабуй вытрывай гэты сверб…» — Янг з жахам глядзеў на бацькавы пакуты, на тое, як ён з нейкай асалодай і ашалелай раз'юшанасцю раздзірае балячкі, паласуе сябе. «Мала ім ран… Бачыце, трэба, каб і чэрві былі, каб больш усіх уражвала… Каб самога Вішну прабрала да пячонак, калі будзе глядзець на бацькавы пакуты». Янг дакараў сябе: не трэба было ўцякаць адсюль, а сядзець з бацькам. А то кінуў-рынуў усё, захацелася, бач ты, паслухаць музыкі, павесяліцца. І гэта яму весяліцца? Яму, які згубіў усё ў жыцці?!
«Да Раджа трэба было падавацца, яму паказаць бацьку. Радж лепш паклапаціўся б пра яго…»
— Татачка, не трэба! Татачка, пацярпі! — хапаў бацьку за рукі, не даваў раздзіраць язвы, калупаць іх. А той вырываўся, мычаў, як без'языкі, кусаў заструпелыя губы, наравіў пакачацца па зямлі, пачухацца спінаю аб стойку-слуп ці аб сцяну. Хоць і саслабеў ён, але хіба параўнаеш сілу дарослага і сілу хлапчука? Вырываючыся, бацька некалькі разоў добра трэснуў сыну — раз у вуха, раз па шчацэ, — вока пачало падплываць і запухаць. Янг моўчкі плакаў ад крыўды на бацьку, на Амоса, на ўвесь свет…
— Ды не хныкай ты! Гэтакі вялікі хлопец, а горш за малога. Трэба, каб у бацькі такі выгляд быў. Трэба! — з'явіўся аднекуль і апусціўся на калені каля Янга дзядзька Амат.
— Такі ды не такі…— незадаволена бурчаў Амос. — Ужо не пакажаш Хангаву цярплівасць і пакору. Наадварот атрымліваецца — нецярпенне. І бунт плоці, пачуццяў! Каб ён хоць месяц пасціў, пакутаваў, а то…
— Што маем… Наварылі кашы з маніёкі, а хочам есці рысавую… Значыць, так, Янг: вартуй, каб бацька нікуды не ўцёк. Заўтра ўсе пакуты скончацца, яго палечаць. — Амат як стаяў на коленцах, так і заваліўся на бок і хутка заснуў.
«Палечаць… Хіба можна ўжо вылечыць гэтыя страшэнныя язвы? Якія кругі сінюшныя вакол кожнай — божа, божа… У бацькі гарачка, увесь трасецца, палае. Мо якое заражэнне крыві пачалося? А хто розум яго вылечыць? Хто?!» — пакутныя думкі душылі хлопца.
Нечакана апала трапічная ноч. І амаль адразу густа задыхалі, засаплі, захраплі наўкола людзі. А Янг не спаў, ён баяўся заснуць. Прывязаў бацькаву нагу да сваёй нейкім абрыўкам аборкі — хай тузае, абы не заснуць ненарокам, не ўпусціць бацьку.
Толькі на прыстані і ў гавані яшчэ не было спакою. Па вадзе снавалі рознакаляровыя агні, сяды-тады раўлі і чмыхалі, глохнучы, маторы баркасаў, чуліся нейкія прыцішаныя гудкі і свісткі. Дзесьці далёка, мо на тым беласнежным цеплаходзе-прыгажуне, задзынкалі ў звон-рынду — адбівалі склянкі. Але Янг не мог зразумець — што гэта.
2
Янг гатоў быў паклясціся, што не спаў. Ну, мо звёў трохі павекі, прыхіліўшыся спінаю да слупа, каб даць адпачыць вачам. Прахапіўся ад грукату тамбурынаў і тамтамаў, шчанячага віску флейты. Памацаў каля сябе… Тут бацька, не ўцёк! Во — стогне-дыхае.
— Уставайце хутчэй! — катурхаў біргусаўцаў дзед Амос.
— Піць! Вады-ы!.. — ачнуўся бацька і пачаў чухацца, скрэбціся.
Янг перавязаў вяроўку — ужо за пояс, а не за нагу.
— Пацярпі, пацярпі… Мы і так награшылі. Людзі па месяцу посцяць, у апошнія дні нават сліну не каўтаюць, а мы… У ручаі нап'ёмся… Вядзіце яго, мужчынкі, а то не праб'ёмся, — распараджаўся дзед Амос.
— Вядзіце… — прашапялявіў стараста Ганеш, нібы даў згоду.
Трэск і грукат барабанаў гусцелі. Было яшчэ цёмна, рэдкія лямпачкі на слупах мала памагалі, і хто-ніхто пачаў запальваць факелы і зыркія, іскрыстыя бенгальскія агні на доўгіх, паўметровых драцінах. Вакол гэтых агнёў пужліва завірылі, абпальваючыся, начныя мошкі і матылькі.
Біргусаўцы ішлі шчыльна, выстраіўшыся клінам, — каб лягчэй прабівацца праз натоўп. Першы, на вастрыі кліна, ішоў бацька Туна, ён быў самы здаровы. За ім, абняўшыся, а свабоднымі рукамі ўчаперыўшыся яму ў пояс, Ганеш і дзед Амос. Пасля іх трое — дзядзька Амат і бацька Пуола — Джыва, трымалі пад рукі Янгавага бацьку. У патыліцу за бацькам, схапіўшыся за аборку яго пояса, тупацеў Янг. Астатнія замыкалі шэсце.
Мабыць, яны зрабілі памылку, не трэба было перціся на «прашпект», як назваў галоўную вуліцу Янгаў знаёмы Абдула. Па абходнай, што ішла ў тым жа напрамку, было б хутчэй, хоць і адлегласць большая. Але ўсе чамусьці перліся на «прашпект», на скрыжаваннях з вуліцамі і завулкамі ўтварыліся магутныя завіхрэнні-людавароты. Адолець іх было цяжка, біргусаўцаў загнала было ў бакавую вуліцу. Біргусаўцы, што замыкалі шэсце, згубіліся. Не сталі супраціўляцца плыні, і яна зноў вынесла іх на «прашпект». «Чапляйцеся мацней адзін за аднаго!» — крычаў хрыпла Ганеш. І дзядзька Амат і Джыва ўчапіліся за старасту і Амоса. Як ні крычалі — і па адным, і ўсе разам, — не маглі дагукацца, згубленыя так і не абазваліся. А мо і тыя крычалі, згубіўшыся, але ў гэтым людскім вэрхале і гаме, барабанным грукаце пазнаць іх галасы было цяжка. Многія гукалі, нібы блудзілі ў джунглях. Янгаў бацька не ішоў, а ледзь ногі перастаўляў, і яго давялося валачы пад рукі.
Чым бліжэй падыходзілі да цэнтра, тым рабілася святлей. Але не ад сонца, сонца яшчэ толькі думала ўзыходзіць. Над вуліцай звісалі ад слупоў да слупоў гірлянды рознакаляровых электрычных лямпачак, такімі ж гірляндамі былі апавіты самі слупы, ствалы пальмаў. На макаўках слупоў бліскалі дзівосныя зоркі, вырабленыя з каляровых шкляных трубачак. Святло ў гэтых трубачках дрыжала, як жывое, і нібы пералівалася сюды-туды. На вялізных дамах розных кантор, офісаў, банкаў, магазінаў, гатэляў скакалі, бегалі ўсялякія надпісы, заклікі, аб'явы. На высознай глухой сцяне нейкага небаскроба вогненны чалавек усё наліваў з бутэлькі ў зялёную шклянку пепсі-колу, падносіў да губ і выпіваў — рот усміхаўся да вушэй ад прыемнай смакаты.
Янг тупацеў за бацькам, наступаў яму на пяткі, спатыкаўся, не цямячы, куды брыдуць, а сам усё круціў галавою направа — налева — угору, каб нічога не прапусціць. І ў гэтым неверагодным, тлумным свеце жывуць людзі?! І ім не страшна?! Але чаго ім баяцца — прывыклі. Ім цікава, ім весела, сытна… Не, не спіць Янг, усё гэта наяве.
Міналі цэнтр горада, і пачало світаць. Хутка, разам — як заўсёды ў тропіках, і ўся вакханалія агнёў пачала сціхаць, тухнуць, пакуль не прапала зусім.
Сонца падымалася ўгору імкліва, сям-там, дзе пракідаліся прамежкі паміж гмахамі ці дамы былі нізкія, двухпавярховыя, гарачыя праменні ўжо прарываліся на вуліцу. Яшчэ далёка было да канца горада, а там трэба будзе брысці да святога ручая-крыніцы, рабіць абмыванне, а потым падымацца ўгору, да храма. Як яны дойдуць, калі бацьку не трымаюць ногі? І не душна яшчэ, а па ім ужо цякуць пацёкі — потна-крывавыя і брудныя.
Але ўсё на свеце мае канец, праплюхалі па лужынах памыяў на ўскраінных завулках, прабраліся праз трушчобы за горад. Ручай угадваўся ў нізовіне, там хмара людзей — пярэстая і даўжэзная, як акінуць вокам. Шмат дзе гэтую хмару закрывалі плямы кустоў, крушні вялізных камянёў, чорна-жоўтыя дымы рытуальных вогнішчаў. Адтуль далятаў густы гул, як з базару ў Кампонгу, і гэты гул пранізвалі трэск барабанаў, віск флейтаў.
У ручаі кішэла. Хто раздзяваўся дагала, абмываў свае балячкі і язвы, хто плюхаўся ў адзенні ці ў адной набедранай павязцы-вешці. Многія набіралі ваду ў далоні, акуналі туды твар, потым пілі гэтую ваду — ускаламучаную, брудную і, пэўна ж, заразную. Дзед Амос дазволіў Янгаваму бацьку толькі напіцца, памыў яму рукі, змачыў шыю і грудзі, каб трохі ачуняў, сабраў сілы на самы адказны ўчастак шляху. Цяпер ужо яму не забаранялі раздзіраць сябе кіпцюрамі, і хутка па спіне, грудзях, па карку бацькі заструменілі крывавыя пацёкі.
Хто скончыў абмыванне, прытанцоўваючы набліжаўся да вогнішчаў. Каля іх з подскакам тапталіся голагаловыя манахі і прапаведнікі ў доўгіх жоўта-шафранавых хітонах. У божых служак трэба было атрымаць бласлаўленне. Прайшлі і біргусаўцы каля свяшчэннаслужыцеляў, шэпчучы малітвы, склаўшы далонямі рукі каля грудзей. Кожнаму манахі насыпалі на галаву шчопаць попелу, малявалі на лбе паміж брывамі аранжавую плямку — знак спазнанай мудрасці. Амос пашаптаўся з манахам, і той пранізаў Янгаваму бацьку шчокі доўгім серабрыстым прутком, прысыпаў раны попелам. На плечы бацьку начапілі драўляную раму, падобную на дзве злучаныя каромыслам літары «А», — кавадзі. Кавадзі было абвешана цяжкімі какосамі і меднымі" сасудамі з малаком — ахвярай для Вішну, кветкамі какосавай пальмы, падобнымі на вялізныя пшанічныя каласы. Цяжар неймаверны, а для знясіленага чалавека — проста невыносны.
Выйшлі ўсе разам на камяністую дарогу, што вяла ўгору, да храма. Пякло сонца, з-пад соцень і тысячаў ног узвіваўся белы едкі пыл. Кожны стараўся яшчэ і прытанцоўваць, не перастаючы выкрыкваць словы малітваў. Натоўп усё гусцеў… Са страхам і немым здзіўленнем Янг наглядаў, як нейкі паломнік у адным вешці коціцца па дарозе бокам. Цела бруднае, абдзёртае, у сіняках, вочы заплюшчаныя… А во ідзе маладая маці, на руках хлопчык са сляпымі, белымі вачыма… Паўзуць на каленях, на карачках, тэпаюць на дошчачках, стоячы на вострых цвіках, і кожны след на камянях — крывавы. За біргусаўцамі сунецца барадаты здаравяк… Калі трошкі адстаць і зазірнуць за яго, то ўбачыш, як за барадачом цягнецца маленькая калясачка, на ёй скурчаны стары з падагнутымі рукамі і нагамі, суставы распухлі, як булавешкі. Калясачка злучана са спінай барадача вяровачкамі, кожная вяровачка з кручком… Кручкі паўпіваліся ў спіну, скура на тых месцах павыпіналася конусамі, з кожнай ранкі цурчыць кроў.
Шныпараць між людзей, трапляюць пад ногі аблезлыя, паршывыя сабакі. Сноўдаецца, як п'яная, замінае людскому патоку худая карова. Святая жывёліна, ніхто яе не асмеліцца прагнаць.
Абапал дарогі сядзяць на сонцы голыя і чорныя, як галавешкі, святыя — садху. Хто-ніхто падыходзіў да іх, кідаў у бляшанкі манетку: святыя таксама не адным духам святым жывуць. Янг чуў шэпт людзей, шапталіся з павагай і зайздрасцю: «О-о, вунь той быў у Бенарэсе, у Індыі… Піў ваду са свяшчэннай Гангі… А той — у Рышыкешы… А той — у Хардвары…» Дзе тая Індыя, дзе горад Бенарэс? Янг меў цьмянае ўяўленне. Можа, гэта ўвогуле казка-легенда, у якую можна верыць, а можна і не.
Мабыць, вецер крыху павярнуўся, бо дым ад вялізных вогнішчаў, што палалі паблізу храма, пачало закручваць і гнаць якраз на паток людзей. Людзі кашлялі, плакалі ад дыму — едкага, ажно хапала ўдушша ад паленага мяса. Недзе жудасна і надрыўна раўла карова. На вогнішчах спальвалі нябожчыкаў. Быць спаленым у час такога храмавага свята — вялікі гонар, заплаціць за такі гонар маглі толькі багатыя людзі. Пра ўсё гэта Янг таксама пачуў у натоўпе.
Янгаў бацька, мабыць, быў ужо непрытомны. Галава абвісла на грудзі, ногі валачыліся па камянях, як нежывыя. Але яму не давалі ўпасці, не знімалі кавадзі з яго плячэй. Памагалі несці і бацьку, і кавадзі незнаёмыя мужчыны, не біргусаўцы: ахвяра павінна быць данесена да Вішну, інакш усе намаганні будуць дарэмныя, малітваў і просьбаў бог можа і не пачуць.
Пляц каля самага храма скрозь застаўлены нейкімі не то званамі, не то маленькімі храмікамі, вакол іх у чашах з пяском гараць сандалавыя палачкі, кураць кнаты ў плошках з алеем. Цясноцце і штурханіна неймаверныя… Манахі спрабуюць надаць людскому вэрхалу нейкі парадак, дзеляць паток людзей на ручаі — да галоўнага ўваходу і да бакавога, спрабуюць нават стрымліваць людскі напор, прытарможваць. Хто абуты, збочвалі пад сцяну, разуваліся, скідвалі з сябе ўсё, што было з натуральнай скуры, і зноў спяшаліся да ўваходу. Кожны імкнуўся да Вішну трапіць чым раней, пакуль той не стаміўся выслухоўваць людскія скаргі і просьбы.
Абапал уваходу стаялі велізарныя белыя скульптуры каровы і льва — і манах паказаў Янгу на бакавы ўваход, ісці паўз сцяну. Рынуўся туды, каб хутчэй дагнаць сваіх, але натыкаўся толькі на чужыя спіны. «Мам!.. — нейкі страх працяў душу. — Тата-а! — шыўся ўсё глыбей у храм, прабіраўся то ўправа, то ўлева, абліваючыся потам, хоць у храме было халадней, чым звонку. — Дзядзька Амат! Дзед Амос!» Біргусаўцаў у людской гушчэчы не было, яны, мабыць, зайшлі праз галоўны ўваход і ціснуліся да алтара ў іншым патоку. Туды, дзе над людскімі галовамі ўзвышаецца шасцірукі бронзавы Вішну з рахманай, ласкава-дзіцячай усмешкай на твары. Сядзіць ён у позе лотаса, а гэтак узвышаецца над усімі… Грукат і плюхат чуваць адтуль, ад Вішну, — гэта разбіваюць людзі какосы, выліваюць малако, высыпаюць рыс. І ўжо не гул галасоў стаіць, а нібы шолах лісця ў джунглях — людзі спяшаюцца прашаптаць самае галоўнае, выказаць самае набалелае…
— Дзядзечка, падыміце мяне, я пагляджу! Дзядзечка, падыміце! — тузаў Янг за рукавы, за кашулі мужчын. Але яны нібы паглухлі ці былі ў трансе, нічога не хацелі чуць, нічога не заўважалі, акрамя Вішну. Урэшце адзін як прачнуўся, падхапіў Янга пад пахі: «Глядзі… І маліся, маліся!..» Янг круціў галавою ва ўсе бакі, выглядваў сваіх, шукаў бацьку. Каля самага Вішну ў гэты час адбылася нейкая заварушка, мільганула знаёмая кавадзі. Але ніводнага біргусаўца не пазнаваў Янг, толькі мітусіліся там людзі ў жоўтых доўгіх хітонах з бліскуча-чорнымі галовамі. Каго яны выносяць адтуль нагамі ўперад? Чаго схіляецца над тым, павержаным, жанчына ў белым халаце і белай касынцы?
— Ну — нагледзеўся? — мужчына апусціў яго на дол.
— Дзякую… — Янг выкаўзнуўся з яго рук, паплішчыўся да Вішну, да тых манахаў, што коўзаліся на мокрым, праштурхоўваліся да выхаду, кагосьці несучы. Янг спрабаваў апусціцца на дол, прапаўзці пад нагамі, але адтоптвалі рукі, і давялося выпрастацца, устаць… Вунь ужо тыя манахі, каля самага выхаду — другога бакавога выхаду. Лез туды асатанела — каго яны нясуць?! Такое знаёмае да кожнай драпіны-кровападцёку цела, такія знаёмыя разадраныя язвы…
— Тата!!! — вырваўся крык нялюдскага болю.
У бацькі абы-як целяпаліся рукі, хісталася адкінутая ўніз галава. Вочы былі прыплюшчаныя і нібы з мутнага шкла. Не адгукнуўся бацька, ніводным словам не абазваліся манахі.
Вось ужо двор, тут крыху свабадней. Янг забягаў то з аднаго, то з другога боку бацькі, падхопліваў яго рукі — «Абдзярэ аб камяні… Яму ж баліць!..» І чуў, што рукі былі халодныя.
Занеслі бацьку ў паднавес, збіты са свежых дошак. Там ужо ляжала некалькі доўгіх і кароткіх цел, прыкрытых прасцірадламі. Бацьку паклалі ў адзін рад з імі.
— Ідзі, хлопчык, адсюль… Ты сын яму? Усё роўна — ідзі. На вось, панюхай — і ідзі…— жанчына ў белай касынцы з чырвоным крыжыкам над ілбом дастала з брызентавай сумкі бутэлечку, адаткнула і сунула корак Янгу пад нос.
Забіла дыханне, сыпанулі з вачэй слёзы…
— Во… Паплач — і ідзі. У бацькі твайго харошая смерць. Ты ганарыся ім — ён не пашкадаваў жыцця для Вішну. Яго спаляць на самым галоўным ахвярніку — як знатнага чалавека. Ты ганарыся ім… Ну — ідзі! — паспешліва паштурхала ў плечы да выйсця. Хапала ў яе сёння работы.
Не бачачы з-за слёз свету, Янг брыў уніз да ручая разам з іншымі паломнікамі. А паток тых, хто падымаўся да храма, усё яшчэ не радзеў.
Ніхто з біргусаўцаў яго не шукаў. Каму ён быў патрэбны?
За два крокі ззаду кульгаў за ім, матляючы доўгім языком, бяздомны руды сабака.
3
У цэнтры сталіцы хрыпелі ад натугі рэпрадуктары:
Свійттаўн4 — любімы горад, Свійттаўн — пярліна мора, Свійттаўн — як песня сэрца. «Свійтта-а-аўн! — удаль нясецца.— Свійттаўн! Свійтта-а-а-аўн!!!» Духмяны наш, салодкі наш І мілы наш — Свійттаўн!Янгу здавалася, што рэпрадуктары-вісюлькі на слупах, падобныя на гіганцкія прыплюшчаныя, з рашотачкай знізу, невядомыя і неядомыя плады, ажно дрыжаць і трасуцца. Яны вось-вось палопаюцца ад напружання і гарачыні, упадуць на дол звонкімі аскалепкамі. Слухаць гэтую бясконцую жалезную песню было невыносна, у галаве звінела і ад недасыпу, і ад гарачыні, і ад таго, што перажылося ўжо тут, у сталіцы. Янг ужо некалькі гадзін бадзяўся па горадзе, не разумеючы, куды ідзе-брыдзе, каго ці чаго шукае.
Хацеў спачатку вярнуцца на Горны, дзе былі людзі іх абшчыны. Потым зразумеў, што вяртацца няма да каго. Ёсць, праўда, некалькі сяброў — Амара, Натача, Тун. Але ці на месцы яны зараз? А калі сёння на месцы, то дзе апынуцца заўтра? І хіба заменяць яны бацьку і маці, у іх сваіх клопатаў — не адгрэбціся. Шкада, вядома, сяброў: мо больш ніколі не ўдасца пабачыць. Але ж яму трэба думаць, як перабрацца на Рай, а не на Горны. На Раі брат Радж, каля яго і знойдзе прытулак.
Акіянскія цеплаходы не ходзяць на Рай, там і порта няма такога, каб іх прыняць, яны разгружаюцца тут, у Свійттаўне. Пасажыраў адразу накіроўваюць у доўгі аднапавярховы будынак з кароткім надпісам — «Таможня», пасля гэтага тым, хто прыехаў, можна свабодна бадзяцца па горадзе, сяліцца ў гатэлях. Некаторыя ж у горад не хочуць ісці, хочуць адразу на Рай. І прадстаўнікі турыстычнага бюро лістам сцелюцца — усім трэба дагадзіць, усіх задаволіць. Марскімі трамваямі або катэрамі на падводных крылах гасцей адпраўляюць на Рай. Янг даведаўся пра ўсё ад хлапчукоў-латочнікаў, яны таўкліся каля цеплахода, як камары, а найбольш прабітныя забраліся нават на цеплаход. Адзін кітаец-гандляр з латком на жываце некалькі разоў трапіўся на вочы.
Пры борце цеплахода коса вісяць два доўгія трапы з балясамі, па іх тупацяць і тупацяць дзесяткі і сотні ног. Патоку пасажыраў і насільшчыкаў, здавалася, не будзе канца.
Пракляты звон у галаве… Здалося, што знекуль, як з неба, хтосьці звонка паклікаў, бы ў якую жалязяку блямкнуў: «Я-я-ян-нг!» Ён закідаў позіркам сюды-туды. Перабраў вачыма адзін касы частакол людзей на трапе, другі… Нейкі смуглявы хлапчук махае яму зверху правага трапа — хто ж гэта? А той нецярпліва шмыгае пад рукі пасажыраў, наскоквае і спатыкаецца на іх чамаданы, валізы, сумкі, ледзь не вывальваецца пад балясы, коціцца ўніз. Абдула?! На трапе лаянка, хто-ніхто з насільшчыкаў спрабуе дастаць увішнага няўрымсту па патыліцы, але Абдула толькі раскаціста-звонка рагоча, выкручваецца і сыпле ўніз.
— Я-янг!!! — зноў крычыць ён радасна.
Янг падаецца насустрач, на душы адразу робіцца лягчэй. Вось каго б ён хацеў зараз бачыць — Абдулу! Кінуўся да яго ў абдымкі.
— Ты што тут робіш?
— А ты? Ад'язджаеш ужо адсюль?
— Няма куды… І… няма да каго… — Янг адразу спахмурнеў і з усёй сілы сціснуў зубы, каб не даць волю плачу.
— Расказвай!.. Раскажы, што здарылася… — Абдула цягнуў яго за руку падалей ад прычала.
Давялося расказаць — хоць збольшага.
— Не гаруй. Будзем трымацца ўдвух — не прападзём. Я ж таксама сірата! Кругленькі! Дзядзька, праўда, ёсць — ліфцёр. П'янчужка, наркаман. Я ў яго і жыву, у каморцы пад лесвіцай. У мяне ведаеш які шырокі тапчан? Удвух памесцімся… А зараз нажарэ-эм-ся-я — каб пуза трашчала! Я ведаю тут блізенька адну харчэўню танную, там партовыя рабочыя харчуюцца… Ха-ха, ну й дурная буржуйка мне трапілася сёння! Пластмасавы грэбень прадаў ёй за чарапашын. Кажу: «Гэта ж не абы-які, а з панцыра трохгадовай слановай чарапахі!» Паверыла, ха-ха… У дваццаць разоў больш, чым каштуе той грэбень, адхапіў! Бізнес! — І без таго шырокі рот Абдулы расплываўся ва ўсмешцы да вушэй.
— Ты не Абдула, а Абдурыла.
— Ха! А з імі так і трэба. Не ведаюць, куды грошы падзець. Думаюць, што тут чарапахамі ўсе астравы кішаць.
— А я думаю: чаго гэта ты ляціш па трапе, нібы галаву хочаш скруціць? Ты ад яе ўцякаў!
— Ага. Ха-ха-ха!
Яны канчалі абыходзіць паўкруглую прыстанскую плошчу. Ужо відаць на рагу плошчы і правай вуліцы шыльда «Трыдакна» з груба намаляваным малюскам. Вось і сама харчэўня з купалападобнай страхой.
— Эй, піраты! Спыніцеся на два словы — у мяне ногі не казённыя, каб за вамі бегаць, — пачуўся раптам знаёмы голас.
Хлопчыкі азірнуліся. Янг адразу пазнаў Пуола, і ў жываце нядобра пахаладнела. Успомніліся ўсе яго выхадкі: як трушчыў амерыканскім бульдозерам сваю і чужыя хаціны ў вёсцы, як насміхаўся і здзекаваўся над аднасяльчанамі, будучы на Горным. «Хто ён такі?» — прашаптаў Абдула. «Зямляк… Каб яго зямля не насіла…» — шэптам адказаў і Янг.
— Здаровыя былі! — хутка падышоў Пуол, падаў руку аднаму і другому, як равеснікам. — Закурым? — дастаў са штаноў карабок, папстрыкаў пальцамі пад донца, выбіваючы цыгарэту. Сам узяў у губы па-заліхвацку і фанабэрліва скрывіўся, выставіўшы ніжнюю губу.
— Мы не курым, — разам адказалі хлапчукі.
— То т-так вам і трэба, мне больш будзе, — схаваў карабок. — А ты ідзі, ідзі, шустрык. Мне во з ім трэба па-зямляцку паталкаваць, — Пуол асцярожна азірнуўся па баках.
— Мы разам, і нікуды ён не пойдзе, — натапырыўся Янг.
— Што — не магу я пару слоў сказаць земляку з вока на вока? — Пуол тузануў барадою і зноў азірнуўся. — Праз пяць мінут адпушчу.
— Янг, я закажу і буду чакаць, — кінуў яму, ідучы да дзвярэй «Трыдакны», Абдула.
Янг кіўнуў і хмурна ўталопіўся на Пуола.
Той стаяў так, каб прычалы з цеплаходам заставаліся ў яго злева і можна было туды касіць вокам. Янга развярнуў спінаю да «Трыдакны», а потым, нібы перадумаўшы, павёў за локаць у напалову расчыненыя дзверы падваротні дома, суседняга з харчэўняй. Выглядваючы ў шчыліну на плошчу, Пуол сказаў:
— Я ведаю, што ты смелы і сумленны. А ці ведаеш ты, што на гэтым можна зарабіць?
— Гавары, што табе трэба! Прысмактаўся, як п'яўка… — Янг нецярпліва пераступаў з нагі на нагу. Даць бы дзёру адсюль! Але Пуол зноў узяў яго за локаць, пакруціў барадою.
— Мне хочацца, каб ты зарабіў сабе на туфлі, а не хадзіў босы… — Пуол балюча наступіў наском новага туфля Янгу на пальцы, і той войкнуў. Хлопчыку ўжо хацелася ўдарыць яго галавою пад дых, і пакуль бы Пуол корчыўся і стагнаў, уцячы. — У цябе грошай колькі?
— Колькі ёсць, усе мае!
— Дурань, я хачу ведаць, ці зможаш ты мне даць рэшту. Каб на месцы і разлічыцца. А то ў мяне б-буйная купюра… Во! — паказаў пяцьдзесят долараў.
Янг дастаў свае, нават дробязь. Пуол узяў папяровыя, пералічыў.
— Малавата… Але няхай, іншым разам падкінеш мне яшчэ якую пяцёрку ці дзесятку. Значыць, так: во, у левай кішэні ў мяне пяцьдзесят долараў. Яны твае. У правай — восем долараў, што ты даў,— мае. Яны будуць мне як рэшта з пяцідзесяці долараў. Каб ты не ўцёк з паўсотняй, не даўшы мне здачы, я іх патрымаю пакуль што ў сябе.
— Хітранькі! А тады шукай цябе, як рыбу ў моры… Аддавай назад мае!
— Цішэй, дурань. У нас ужо няма часу спрачацца. Вунь, бачыш, прастуе сюды джэнцельмен у шапачцы з доўгім казырком, шортах і з ружовай касынкай на шыі? Рыжы баул у правай руцэ…
— Ну… — прынік Янг да шчыліны ў варотах.
— Ён зараз пойдзе па Партовай, ты — за ім, я — на адлегласці па другім тратуары, назіркам. Каля дома нумар пятнаццаць ён возьме баул у левую руку. Ты прынаравіся, каб у гэты час якраз апынуцца побач з ім. Скажаш: «Можа, вам памагчы?» Ён павінен адказаць: «Нічога, нічога… Тут ужо недалёка. У гатэлі адпачну». Ты: «А ў які гатэль вам трэба?» Ён павінен сказаць: «Санта-Клара». Ты адкажаш: «Там ужо месц няма. Вам трэба ў «Ганконг», ваш апартамент сорак першы». Паварочваешся назад і ідзеш да мяне па грошы. Усё запомніў?
— Усё.
— Будзь вельмі ўважлівы. Калі возьме баул у левую руку не каля дома нумар пятнаццаць або ўвогуле трымацьме ў правай — не падыходзь. Ну — пайшоў! А то адстанеш… — Пуол злёгку шлёпнуў яго ніжэй спіны.
«Джэнцельмен» з ружовай касынкай ужо ішоў спружыністым крокам па Партовай, па левым тратуары каля дамоў з няцотнымі нумарамі. Янг паглядваў на рагі дамоў, прыспешваў хаду. Адлегласць скарачалася… Замінала толькі сачыць за незнаёмцам у шортах парачка, якая выйшла аднекуль на тратуар і старанна тупацела перад Янгам. Дзевяты нумар дома… Адзінаццаты… Янг азірнуўся: метраў на дваццаць ззаду па гэтым жа тратуары ішоў гладка прылізаны піжон з вусікамі, пакручваў у правай руцэ стэк. Пуол трымаўся на правым тратуары далекавата. Вось ужо трынаццаты дом… Янг рашуча абагнаў парачку, закаханыя больш не трымаліся пад ручку, размахвалі рукамі. Жанчына здалася надта ж шыракаплечай, з цёмнымі плямамі поту між лапатак і пад пахамі доўгай, падобнай на індыйскае сары, дзіўнай сукенкі з рукавамі.
«Джэнцельмен» не азірнуўся назад ні разу, часам паварочваў галаву ўлева, нібы звяраўся з нумарамі дамоў.
Насупраць дома нумар пятнаццаць каля тратуара стаяў легкавік з задраным капотам. У маторы корпаліся два мужчыны, іх выпучаныя спіны таксама былі ў плямах ад поту.
Пакуль Янг разглядваў парачку, а потым дзядзькоў-рамонтнікаў, зусім забыў пра тое, што «джэнцельмен» павінен узяць баул у левую руку. Хуценька параўняўся з ім…
— Можа, вам памагчы? — спытаў тое, што трэба было.
«Джэнцельмен» скасіў на яго вока, галавы не павярнуў. Працадзіў скрозь зубы:
— Вот ду ю вонт, кідзі? Ай дон'т андэстэнд ю!5 Гэтага Янг ніяк не чакаў.
— Дзядзечка…
— Згінь, смаркач! Памочнік знайшоўся…
Янг зусім разгубіўся: усё не тое гаворыцца! Але паспеў яшчэ сказаць:
— Вам не ў «Санта-Клару» трэба!
Тыя двое, што старанна рамантавалі машыну, раптам апынуліся спераду, на тратуары, наставілі ім у жываты пісталеты. Янг роспачна азірнуўся: Пуола не было — як скрозь зямлю праваліўся!
Ззаду на іх таксама зеўралі зрэнкі двух пісталетаў. Адзін трымала паненка ў «сары», рукаў заехаў да локця, агаліўшы валасатую руку.
З машыны выйшаў высокі афіцэр у паліцэйскім мундзіры, гулліва пазвоньваючы наручнікамі.
Раздзел шосты
1
Дзесьці ў зялёнай зоне дэльфінарыя жаласліва, нібы спалоханае дзіця спрасонку, ускрыкваў паўлін.
Радж спыніўся каля варот. Палавінкі іх, звараныя з жалезных прутоў, правіслі ў двор і, каб не стрымліваў іх вялізны ланцуг з замком, расхіліліся б пад цяжарам насцеж. Злева, упрытык да варот, вартоўня-прахадная. Частка яе адгароджана глухою сцяною, з двара ў яе свой ход, там каса прадаваць білеты.
У вартоўні святла няма. Мо спіць Малу, а мо пайшоў рабіць абход тэрыторыі дэльфінарыя. Радж не захацеў стукаць у акно вартоўні — хай лепш Малу не ведае, калі ён вярнуўся з Біргуса.
Адышоў далей ад варот, палез на агароджу — частакол з жалезных пікаў, высокі — два з паловаю метры. Пераадолеў без цяжкасці, завіс на руках з унутранага боку, потым спусціўся. Гэпнуў цяжкавата — зямля з таго боку была намнога ніжэй.
Убачыў Малу, калі звярнуў з алеі на мосцік праз канал. Вартаўнік спускаўся з трыбун вялікага басейна і, здаецца, хістаўся.
— Хэлоў! — падаў Малу вясёлы голас. — Ты, Радж?
— Я.
— Ну й выгляд у цябе сёння… Хіба якія жулікі раздзелі? І мокры ты, ці што?
— Ага, — адказаў Радж, чуючы, як загарэўся твар. — У штанах купаўся.
— І са мною раз такое было… — хацеў расказаць вартаўнік гісторыю, але Радж суха развітаўся:
— Добрай ночы, Малу! — і памкнуўся ісці.
— Якая там добрая! З дэльфінамі штосьці робіцца. Непакоіліся, плюхалі ўсю ноч. І цяпер збіліся ў кучу, а каб пасвяціць добра, няма чым… Я ўжо думаў, мо які злодзей забраўся, ці што…
— Мо на перамену пагоды. Цыклон яны добра чуюць… А мо касаткі падплывалі да перамычкі? Іх таксама чуюць.
— Скажаш! У канале для касатак мелка, не палезуць яны туды. — Малу таксама ўжо трохі разбіраўся ў тым, што тычылася жыцця дэльфінаў і іншых марскіх жывёл.
— Не палезуць, твая праўда. Ну — то хай хоць астатак ночы пройдзе спакойна. Бывай!
Раджу хацелася хутчэй забрацца ў сваю камору-склад, паспаць хоць пару гадзін. Добра, што містэр Крафт не забараняе карыстацца складам як кватэрай. Мо мяркуе, што лішні чалавек ноччу на тэрыторыі дэльфінарыя не зашкодзіць. Ці мала што можа быць?
«Хоць ключ не згубіў?» — лапнуў па кішэнях штаноў. Не, во ён, у правай… Ледзь выблытаў яго, давялося сырую кішэню выварочваць.
Зняў замок, дзверы за сабою зачыніў, узяў на зашчапку. Уключыў святло — і адразу да тапчана. Ён адкідваецца, прыпінаецца верхам да сцяны, прыхопваецца брызентавым рамянём. Адшпіліў, адпрастаў ножкі, апусціў. Уздыхнуў стомлена, зараней смакуючы, з якою асалодаю ён выцягнецца на ўвесь рост.
Стомлена прысеў на краёчак…
Знаёмыя пахі прапыленых жалязяк, сыраватых гідракасцюмаў, жыллём зусім не пахне. Абвёў позіркам камору — усё знаёмае, усё, здаецца, на сваім месцы.
І адчуў, што будзе не да сну. Трэба прыводзіць у парадак завэдзганыя калашыны штаноў, мо нават лепш замыць іх прэснаю вадою, высушыць прасам, каб не было солевых плям і разводаў. Трэба яшчэ пашукаць, дзе старая тэніска. Давядзецца яе зацыраваць, памыць, папрасаваць. Не можа ён з'явіцца раніцаю на вочы містэру Крафту, адзеты не па форме. Патрабуе містэр, каб у рабочы час усе работнікі дэльфінарыя трымалі «трэйд марк» — фабрычную марку. Можна было б, вядома, і выхадныя штаны надзець, ёсць у Раджа яшчэ адны штаны. Але ж абы-калі адзяваць іх шкада, дый вельмі ж вялікі кантраст будзе паміж зацыраванаю тэніскаю і святочнымі штанамі.
Скупаваты містэр Джэры… Адну тэніску выдае на паўгода, хоць цана ёй усяго нейкіх два-тры долары. Гэта ў Раджа толькі атрымліваецца, што яшчэ і эканоміць, бо шмат часу даводзіцца хадзіць толькі ў плаўках ці ўвогуле быць з аквалангам пад вадою.
Схадзіў у душ, набраў у тазік прэснай вады. Далей рабіў усё як заведзены. А думкамі быў ужо далёка ад таго, што рабіў.
Сённяшні абстрэл з аўтамата (гэта шчасце, што не закранула куля) адразу супаставіў з колішнім стрэлам з падводнага ружжа. Вывад напрошваўся сам: ці не звенні гэта аднаго ланцуга?
Успомнілася, як апрацоўваў яму тады рану ў гатэлі ўрач.
«Вам у бальніцу трэба, у Свійттаўн. Зашыць трэба рану, а то вялікі шрам застанецца, — гаварыў урач на развітанне. — Калі сёння не зможаце, то заўтра — абавязкова. Вам рахунак на дэльфінарый высылаць?»
«На дэльфінарый. Толькі не мне, а на імя містэра Джэральда Крафта», — сказаў Радж.
«А чаго? — думаў ён, выходзячы з «Сэльюта». — З-за Крафта мяне скалечылі, Крафт мяне пасылаў — хай і аплочвае паслугі ўрача».
Сілы брысці праз увесь горад, ды яшчэ з аквалангам, голаму, не было ніяк. Давялося браць веларыкшу, а потым прасіць Гуга, каб вынес таму рыкшу грошы.
Хацелася тады толькі ляжаць, ляжаць і не варушыць ні рукою, ні нагою. І піць хацелася… Смактануў сцепленай вады і не столькі пракаўтнуў, колькі папаласкаў у роце, сплюнуў гаркату. Трошачкі адчуў сябе лепш, выйшаў на паветра. З акна кабінета Крафта яшчэ падала святло. Зайшоў з тарца ад мора, дзе тулілася да сцяны, вяла на другі паверх зробленая са шчыльна падагнаных адна да адной бамбукавых палак скрыпучая лесвіца. Нёс Крафту паказаць трафейны гарпун, ішоў паказацца сам.
Ну і перапужаўся ж тады містэр Джэры! Мо падумаў, што да яго завітаў які прывід-гангстэр ці сам Дэйві Джонс6. Угнуўся, нібы хацеў зрасціся са сваім сталом, прыхавацца за кучу папер-рахункаў. Шырокі твар з тарбаватымі шчокамі і носам, як арэх кеш'ю, збялеў.
«Май бой! Мой хлопчык… Ці ты гэта? Што здарылася?» — Крафт утаропіў вочы на яго ўбінтаваную галаву.
«Вось… — працягнуў яму гарпун. — Пачаставалі пад вадою. Пад сківіцу дзёўбнулі… Каб крыху ніжэй ці вышэй, то і капут. Камусьці мы перашкаджаем сваімі пошукамі грота».
«Май бой!.. — містэр Крафт асцярожна працягнуў руку да гарпуна, паволі ўстаў. Адстаўляў гарпун падалей ад вачэй, і рукі дрыжалі. Правёў позіркам ад наканечніка стралы да пачатку, дзе яшчэ тырчаў капронавы хвосцік ліня. — Расплываецца ў вачах, нічога не бачу…»
«А вы акуляры надзеньце».
«Ага, ага… — Крафт узбіў на нос акуляры. Малы нос амаль схаваўся за вялізнымі блакітнаватымі шкельцамі. Зноў угледзеўся ў тое месца стралы каля ліня, і рукі яшчэ больш задрыжалі, закруціў галавою: — Ноў-ноў… Не можа гэтага быць!..»
«Чаго не можа быць, містэр Джэры?»
«Паглядзі ты, у цябе вочы маладзейшыя. Што тут выбіта — дзве дабл ю, «WW», ці дабл ю і ві — «WV»?»
Радж падышоў, схіліўся да стралы. Цяпер ён ужо добра разгледзеў чаканку.
«Дабл ю і ві — «WV».
«О, божа мой! «Уайт вайпэ»… «Белая змяя»… «White viper».
«Што гэта значыць, містэр Крафт?»
«Усё роўна, як ты з неба зваліўся. Мы сталі на дарозе «Белай змяі» — «трыяды чайна», кітайскіх піратаў і бандытаў, гандляроў наркотыкамі».
«А калі было б дзве дабл ю — «WW»?»
«White women»… «Уайт вумэн» — «Белая жанчына». Такая самая ліхаманка і трасца… Дабламі іх завуць. Тыя ж самыя рыф-рэф, падонкі грамадства… Толькі кажуць, што баба імі кіруе, еўрапейка. Яны некалі былі адной трыядай, а потым раскалоліся на дзве, варагуюць паміж сабою. Яны варагуюць, а ў нас ілбы трашчаць. То адной трыядзе выкупы плацілі, а цяпер яшчэ і другая банда аб'явілася, і той давай. Ніяк не могуць падзяліць сферы ўплыву… Да галечы давядуць, да разарэння!.. О, мой бог! І так амаль што даводзіцца весці страгл оф лайф… барацьбу за існаванне… А што будзе далей? Хутка каторая з іх зноў падкіне пісьмо — «Плаці!»
«А калі б не плаціць, узбунтавацца?»
«Ах, малады чалавек… Я яшчэ хачу пажыць, хоць мне хутка шэсцьдзесят гадоў. Могуць і прырэзаць, і дэльфінарый узарваць, і дэльфінаў атруціць… Мо чуў, быў выпадак у Свійттаўне? Адзін замарудзіў на тыдзень заплаціць адкупнога — фабрыку ўзарвалі! Адны руіны — не бачыў?»
«Містэр Крафт, я з імі не задзіраўся. Я ўжо знайшоў быў больш-менш прыстойны грот, а тут яны… напалі…»
«Радж, я цябе не віню. Я нават спачуваю табе, шчыра спачуваю… Я гатовы нават папрасіць у цябе прабачэння, што штурхаў на такую авантуру, пасылаў на пагібель…»
«Доктар за апрацоўку раны прышле рахунак на ваша імя».
«Ах, мой божа! Але я заплачу, Радж, ты не турбуйся».
«Казаў, што трэба мне ў бальніцу ў Свійттаўн. Каб аперацыю зрабілі, зашылі рану».
«Божа, божа, гэтага яшчэ не хапала!»
«Я рашыў не ехаць у кэпітл, не патрабаваць ад вас такога лячэння. Але…»
«Радж, містэр Радж… Я заўсёды лічыў цябе прыстойным чалавекам. Ты не такі, як Судзір… Той аформіў заказ на сувенірныя дэльфінчыкі, сам іх прыносіць у дэльфінарый і лічыць, што робіць вялікую ласку, патрабуе прыбаўку да зарплаты».
«Містэр Крафт, я хачу, каб вы не прымушалі мяне рамантаваць лодку».
І Радж расказаў ужо больш падрабязна пра ўсё. Як крычалі на яго з катэра выратоўчай службы, каб не лазіў у заходніх сектарах, як убачыў праламаны і ўтоплены ялік, а да таго, да ўдару гарпуном — падазроны кантэйнер…
«Ці няма сувязі паміж усімі гэтымі здарэннямі?»
«Усё можа быць, усё можа быць… О божа, хутка не будзеш ведаць, на каго можна са сваіх работнікаў разлічваць, а хто суне табе нож пад рабро».
«Можа, паліцыі заявіць?»
«Пра што?!» — зноў збялеў Крафт.
«Ну… пра ўсё! І пра тое, што пад вадою бачыў. Можа, гэта ў іх якая перавалачная база наркотыкаў?»
«Барані цябе божа! Ты гаворыш сёння, як маленькі… Пэўна, у цябе тэмпература паднялася… Ты б пайшоў, паляжаў, га?»
Раджа, і праўда, не трымалі ногі. Перад сталом Крафта стаяла мяккае крэсла і звычайнае, але містэр прысесці не запрашаў.
«Я-то пайду, але ж… Калі так папускацца… Ды куды, зрэшты, глядзіць паліцыя? Чаму не вядзе з гэтымі трыядамі барацьбу?»
«Ах, наіўны, наіўны малады чалавек… Хіба ты не чуеш і не бачыш, што робіцца навокал? Гэта не архіпелаг Вясёлы, а… І які дурань даў яму такую назву? Гэта… гэта… гняздо піратаў і бандытаў! Заявіш, то не паспее паліцыя і двух крокаў ступіць, а «трыяда» ўсё будзе ведаць. А яна ж не цырымоніцца… Я праклінаю той час, калі не паехаў у метраполію, услед за дочкамі… Тады, як гэтая ваша самастойнасць тут стваралася. Дурны, пашкадаваў укладзеных капіталаў. А тут не столькі заробіш, як страціш тое, што меў. Жабраком хутка пусцяць па свеце! Божа, божа, хай бы я лепш купіў які гатэль, спакайней было б…»
Любіў паплакацца Крафт, выклікаць спачуванне. Не ведаў толькі Радж, ці з усімі сваімі работнікамі містэр пускаўся ў такія разважанні, ці ўсіх спрабаваў расчуліць, каб не вельмі патрабавалі павышэння платы, пашкадавалі яго, бедненькага.
Але трэба быць справядлівым: пакуль загойвалася рана, Крафт не пасылаў Раджа на падводныя прагулкі з аквалангам. Толькі ўздыхаў голасна, ламаў рукі: такія страты нясе, такія страты!
«Спачатку пазашываць, пацыраваць, а потым мыць ці наадварот?» — падумаў быў Радж, знайшоўшы старую тэніску, і вырашыў, што спачатку трэба зацыраваць. А то пакуль памые, то яна раз'едзецца на рэшата.
«Цікава, ці патанула тая лодка-гумоўка? Не магла патануць, хоць у адным аддзяленні ды засталося паветра. Значыць, плавала… А калі тыя, з катэра, вылавілі лодку? І знайшлі маю тэніску?.. Там і эмблема дэльфінарыя, і мае ініцыялы…»
На ліха ён вышыў гэтыя ініцыялы… Во, і на гэтай, старой, якую цыруе, ёсць на рубцы падола сінявата-выцвілыя літары «R.S.» — Радж Сінх.
«Могуць з гэтай тэніскай прыйсці ў дэльфінарый шукаць — чыя. Другі ўжо выпадак, другая сутычка з імі. Той самы разбойны клан ці другі? «WW» ці «WV»? Калі той самы, то ў спакоі не пакінуць. Падумаюць, што я спецыяльна за імі віжую. Захочуць прыбраць з дарогі…»
Памыў і тэніску, і штаны, высушыў прасам. Была ўжо раніца, зырка свяціла сонца, наперабой цвірынькалі птушкі. Да пачатку работы заставалася яшчэ гадзіны паўтары, і можна было б хоць крыху падрамаць.
Але ўключыў электраплітку, паставіў чайнік. І прылёг, падклаўшы пад галаву рукі. Падумаць было аб чым.
2
Радж пачуў тупат ног і крэкт бамбукавых жардзін на перакідным мосціку, потым жорсткае жваканне падэшваў па пяску. Нехта бег.
— Радж! Радж, ты спіш яшчэ? — дзверы моцна затузаліся, ажно задрыжалі сцены. — Бяда, Радж!
Пазнаў голас Гугі.
— Пачакай, адшчаплю! А то яшчэ будынак растрасеш, — гаварыў быццам спакойна, але Гугава трывога перадалася ўжо і яму. Адчыніў — і, уражаны, адступіў, даючы ўвайсці: выгляд у хлопца быў спалоханы, уся яго хударлявая доўгая постаць яшчэ больш выцягнулася, ажно згорбілася.
— Бяда, Радж! Джэйн, мабыць, нежывая!
— Гавары, ды не загаворвайся… Такая вясёлая заўсёды была, жвавая.
— Плавае абы-як, жыватом дагары. Я думаў, яна забаўляецца гэтак, а яна… не дыхае! Дэльфіны выштурхоўваюць яе з вады, а ўсё роўна не дыхае!
— А мо гэта Бобі, а не Джэйн? — Радж прыпусціўся да перакіднога мосціка.
— Сюды! Яны ў дэманстрацыйным басейне… Я добра пазнаў — Джэйн! У Бобі жоўтая драпіна на верхняй сківіцы…
Пасярод басейна амаль насупраць вышкі з пляцоўкамі вада была неспакойная. Дэльфіны вірылі, нібы паказвалі нумар — «марская зорка».
— Там толькі дэльфінкі — Ева, Дора, Бэла… І Джэйн… — шаптаў, схіліўшыся да вады і пільна ўглядаючыся ў дэльфінаў, Гуга. — Джэйн пасярэдзіне…
І праўда, то адна, то другая дэльфінка паднырвала галавою пад Джэйн, падбівала яе рострумам угору. Але штуршкі былі ўжо вялыя, нібы маці і цёткі страцілі надзею ажывіць дзіцяня. Нежывое цела Джэйн прыпадымалася і варочалася абы-як. Адплывалі па чарзе ўбок, шумна-гаротна выдыхалі паветра. З правага адростка-закавулка басейна, у які ўвесь час падавалася помпай свежая вада, з крэйсерскай хуткасцю выскачыў Дзік. Вада за хваставым плаўніком бурліла — так энергічна круціў ім. Прамчаў паўз самы бераг басейна, ажно хваляй абдало хлопцам штаны, нібы хацеў адгарадзіць свой гарэм ад цікаўных. Раджу здалося, што цёмнае, без зрэнкі, вока самца злосна бліснула. І яшчэ раз прамчаў, ужо назад, і стаіўся справа, каля паўночнай сценкі. Радж быў упэўнены, што ён не спускае з іх позірку.
Затое прыплыў да іх Бобі, паклаў галаву падбародкам на цэментавы бераг басейна. Разявіў ружовы, у шараватыя плямы, як у Мансуравага сабакі, рот, паволі выштурхоўваў з рота языком ваду. Праскрыпеў тоненька, жаласліва, потым затрэнькаў дыхалам, задрыжала плеўка-перапонка, што яе прыкрывала: понк-пэнк-пынк-пінк, р-рыў-рын-н, нібы хто правёў кіпцем па зубцах металічнай расчоскі.
— Што, Бобі? Ты маленькі бэбі, а не Бобі… Што ты хочаш сказаць, на што паскардзіцца? — прысеў Радж, пагладзіў яго па гладкай, нібы паліраванай, галаве, патузаў у бакі за рострум. — Бяда ў вас, малышок, бяда… Што тут здарылася, бэбі? Чаму ты не раскажаш?
Бобі паплыў да дэльфінак, закруціўся каля іх, падаючы скрыпучыя гукі.
О, каб мог Бобі ці другі дэльфін расказаць, што тут адбылося!
Радж устаў. На душы было цяжка: дэльфінят усе любілі, як родных дзяцей.
— Радж, павер, я ні ў чым не вінаваты! — Гуга гаварыў гэта, і ажно губы дрыжалі.— Учора я пакідаў іх жывых і здаровых, ніякіх падазрэнняў не было.
— Ніхто цябе не вінаваціць, супакойся.
— Ага! Ты не ведаеш Судзіра! Ён цяпер з'есць мяне… Ён жа пачынаў з маленькімі нейкі нумар рыхтаваць.
— Вечарам усе добра елі?
— Па-рознаму, як заўсёды. Хто больш удзельнічаў у прадстаўленнях, той нахапаўся за дзень. Астатніх дакармліваў… Джэйн, здаецца, мала ела. Усё плавала паціху, не нырала… Але я падумаў, што і ёй перапала, не галодная.
— Судзір быў вечарам? Праводзіў рэпетыцыю?
— Не.
— Да Крафта ты не бегаў? Трэба хутчэй яму далажыць.
— Не было яшчэ яго.
Было восем гадзін раніцы. А палове дзевятай прыходзіць містэр Крафт, а палове дзесятай — Судзір. Рабочы дзень у Гугі пачынаецца ў восем гадзін, бо яму трэба і рыбу рыхтаваць — Судзір дэльфінам не кідае па цэлай, калі заахвочвае пасля выканання нумару. У астатніх супрацоўнікаў пачатак работы ў дзевяць.
У адзінаццаць пачынаецца першае прадстаўленне, у чатырнаццаць — другое. У сераду, суботу і нядзелю — па тры прадстаўленні, апошняе — у шаснаццаць. Пасля кожнага прадстаўлення Судзір разыгрывае «латарэю», уручае некаторым гледачам пластмасавых дэльфінчыкаў, прыклееных да скрыначак-падставак. Тыя дні, калі няма трэцяга прадстаўлення, Судзір займае гэтыя гадзіны на рэпетыцыі і іншыя заняткі з дэльфінамі.
Стаялі з Гугам на мосціку, кожны думаў пра сваё. Пад імі некалькі разоў праплыў, магутна працуючы хвастом, Дзік.
— Гуга-а! — пачулася з заліва. Прыплыў на адрамантаваным яліку, прывёз рыбу з порта загадчык гаспадаркі Абрахамс.
Гуга сарваўся з месца, пабег туды.
— Скажы яму пра Джэйн! — крыкнуў наўздагон Радж. — Трэба ж хутчэй вылоўліваць, а то і так дэльфіны хвалююцца.
А самому палезла ў галаву чорт ведае што. Мо Джэйн атруцілі? Пачалі з Джэйн — як папярэджанне, а потым і да астатніх дабяруцца. Мо прыклалі руку тыя з «WW» ці «WV»? Але ж выпадак з гарпуном быў больш за месяц назад, калі б і захацелі падпужаць яшчэ раз, то зрабілі б адразу, не цягнулі б столькі. А з сённяшнім абстрэлам таксама не звяжаш. Абстрэл быў хоць на некалькі гадзін, ды пазней, чым пачалося ўсё з Джэйн. Вартаўнік гаварыў, што ўсю ноч дэльфіны непакоіліся. А Гуга заўважыў, што Джэйн была як сама не свая яшчэ звечара.
У дэльфінарыі толькі афаліны, іншых прадстаўнікоў сямейства дэльфінаў не трымалі. Малыя дэльфіняты былі па семдзесят — восемдзесят кілаграмаў, самкі — па сто семдзесят — дзвесце. Дзік — усе трыста. Раджу аднаму няма чаго і лезці ў басейн, не справішся з імі. Выпадкаў нападу на чалавека не было. Але хто дасць гарантыю, што такога не можа быць?
Пайшоў да сябе ў камору раздзецца, каб быць гатовым. За гэты час падышлі містэр Крафт і вартаўнік Малу, потым Абрахамс. Малу знарок, мабыць, чакаў Крафта ў вартоўні, каб першым паведаміць пра такую падзею, нібы спяшаўся апраўдацца.
Радж выйшаў да іх, пачуўшы войканне і стогны Крафта. Усе стаялі на беразе басейна каля вышкі, глядзелі на дэльфінаў, і ніхто пакуль што не прапаноўваў, што рабіць.
— Пяцьсот долараў! Пяцьсот долараў з кішэні — фюць! — трагічным голасам шаптаў Крафт.
— Добра, што не Ева ці Дора… Або Дзік… Не пяццю сотнямі пахла б, — гаварыў Малу тое, што і ўсе ведалі.
— О, тады б адразу дзве тысячы выкрэслівай! Ды дзе дзве?! Дэльфіны ж абучаныя ўжо, не сырэц. Паспрабуй дзе дастаць такіх! — бедаваў Крафт.
— А таму праспяваем: «Богу слава!» За тое, што яшчэ не самае горшае абрушыў на галаву, — набожна заўважыў Абрахамс. Па вечарах ён ходзіць маліцца ў нейкую малітоўню, нават лічаць яго там праваю рукою прасвітара. — Пайду хіба сетку вазьму.
Радж як стаяў, адразу боўтнуў у ваду. Думаў, адбярэ Джэйн у дэльфінак, прыбуксіруе бліжэй да берага, каб лацвей было падчапіць сеткаю. Але пачалося нечаканае: толькі Ева, маці, засталася каля Джэйн, астатнія дэльфінкі ўзбуджана закружылі вакол Раджа, даўжэй застаючыся з таго боку, дзе была Джэйн і куды плыў Радж. Як тарпеда прымчаў з паўночнага кутка Дзік, самкі пачціва расступіліся перад ім, каб не замінаць Мансуру. Магутна развярнуўшыся, ажно ўздыбіліся хвалі, заплёскалі ў берагі, Дзік пагрозліва, але з меншай скорасцю рынуўся на Раджа. Рострум трымаў пад вадою так, нібы зрыхтаваўся для тарана. Радж прытармазіў, адвярнуў убок… Хіба ведаеш, што ў Дзікавай галаве? Дэльфіны ўдарамі рострумаў па жабрах забіваюць магутных шматметровых акул — акіянскіх тыграў. Дзік пляснуў хвастом каля твару Раджа, вадою ажно забіла дых, і павярнуў каля твару Радж закашляўся, адплыў яшчэ далей.
— Дзе Гуга? Няхай бы рыбаю паманіў іх у рукаў… Гуга! — закрычаў містэр Крафт.
— Узяць якую бамбучыну добрую, паадганяць іх — і ўсё, — параіў вартаўнік.
— Ты не Малу, а малы, — усё яшчэ кашляючы, сказаў яму з вады Радж. — Нельга з дэльфінамі груба, гэта народ горды.
Але калі падбег Гуга, то Крафт загадаў яму прынесці бамбучыну і рыбу.
— Судзір будзе біцца. Ён не дазваляе карміць дэльфінаў перад прадстаўленнем, — патаптаўся на месцы Гуга, сшалушваючы з рук рыбіну луску.
— Скажаш: я загадаў. Я — чуў?! Джэральд Крафт! А не нейкі там Судзір! — з паказным гневам прамовіў містэр Джэры.
Гугу нібы ветрам здзьмула.
3
— Радж, да Крафта! — паклікаў Абрахамс.
Радж зразумеў, што містэр Джэры праводзіць нейкае сваё следства і што перад гэтым была ўжо ледзь не сварка. У куточку стаяў заплаканы Гуга. У Крафта і Судзіра расчырванела-ўзбуджаныя твары. Хлопец памацваў свежы сіняк пад вокам. У другім кутку кабінета быў Малу.
— Я невінаваты, містэр Крафт! Невінаваты!.. — усхліпваў хлапчына. — Не звальняйце мяне! Рыба была не гнілая, хай Абрахамс скажа… Дый не ядуць дэльфіны прытухлую!.. Не магла Джэйн атруціцца рыбаю!
— Радж, ты сядай пакуль што, — паказаў яму Крафт на крэсла, але Радж садзіцца не хацеў, усе стаялі.— А вам, містэр Судзір, дазвольце аб'явіць вымову. Распускаць рукі — дзікунства, выбачайце… Вы маглі яму брэйк… зламаць, значыць, сківіцу, — потым Крафт яшчэ больш змякчыў тон: — Гэта проста непрыстойна. Калі вам хочацца наракаць на работу Гугі, вы скажыце мне. Толькі я маю права караць, я гаспадар тут, а не вы!
Радж глядзеў на Судзіра. У дрэсіроўшчыка быў чарнявы, ажно сіні, худы твар. На шчоках правалы, рот саркастычна і пагардліва ўсміхаецца — адным кутком.
— Гуга, ён цябе выцяў? За што? — спытаў Радж, паглядваючы то на хлопца, то на Судзіра.
Гуга прыкусіў губу, адвярнуўся да акна. Яно сядзела глыбока, нібы ў нішы, а сцены кабінета тут, у паддашку, навісалі ўсярэдзіну.
— Як звычайна — ні за што, — адказаў за яго Радж. — Дык чаму ты не ўпіўся яму кіпцямі ў морду, калі не падолееш у бойцы? Чаму так папусціўся? Ты ж ужо дарослы… Ды ў рэшце рэшт і містэру Крафту можна паскардзіцца.
Радж падышоў да хлопца, цярнуў яму далонямі пад вачыма. І зразумеў, што не трэба было гэтага рабіць. Ад такога шкадавання Гуга яшчэ горш разгорніўся.
— Не плач. Больш ён цябе не зачэпіць. А зачэпіць, то будзе мець справу са мною. Гэта я пры ўсіх гавару.
Судзір скрывіўся яшчэ больш пагардліва. Павярнуўся ісці, але кінуў цераз плячо, нібы ўсім рабіў вялікую ласку:
— Я адмяняю ранішняе прадстаўленне.
— Як адмяняю?! — Крафт ажно асіп. — Як адмяняю, калі ўжо білеты прадаюць?!
— А вы гарантуеце, што ўсё пройдзе добра, не сарвецца? Што дэльфіны будуць слухацца? — голас Судзіра быў ледзяны да сухасці.— Мне здаецца, містэр Крафт, у вашых жа інтарэсах адмяніць адно прадстаўленне, чым… Бо калі што якое, па ўсім Раі пойдзе погаласка: «У дэльфінарыі няма чаго глядзець, адна халтура. Не ідзіце, толькі грошы выкінеце!» Падлічыце, якія могуць быць у вас страты, вы чалавек адукаваны… — і грукнуў за сабою дзвярыма так, што затрэслася ўся будыніна.
— Шалёны… Ці бачыце? Ён жа мэд! — пахітаў галавою Крафт і пайшоў за стол у сваё крэсла. Расхліснуў больш каўнер белай кашулі, глянуў на вялікія крылы вентылятара, што ледзь варушыліся пад столлю і не давалі ніякага ветру. Відаць было, што Крафту ўеўся ў пячонкі Судзір, але нічога не паробіш. Не падабаецца нос, але ж не памяняешся ім з другім чалавекам.
— Малу… Ты можаш ісці. Скажаш па дарозе касірцы, хай павесіць паперу: прадстаўлення ў 11.00 не будзе па тэхнічных прычынах. Адміністрацыя просіць прабачэння. Прададзеныя білеты сапраўдныя на 14.00. І прадае няхай толькі са штампам «14.00». І ты, Гуга, ідзі займайся спакойна сваёю справаю… Ды ўмыйся, а то мяне нудзіць на цябе глядзець. Пятнаццаць гадоў, а ты ўсё яшчэ такі маленькі…
Голас у Крафта быў стомлены, але Раджу не здавалася, як тыя разы пры размовах, што Крафт не толькі крыху няправільна будуе фразы, але яшчэ і разыгрывае ролю беднага і ашуканага ўсімі прастачка.
— Дружа Абрахамс… Табе такое заданне. Прывязеш урача з прыватнай клінікі Энтані Рэстана. Патолагаанатама. Рэжа тых, хто памёр. Хай паглядзіць нашу Джэйн… — Містэр Джэры гаварыў ціха, нібы на пахаванні, і Радж яшчэ раз падзівіўся: не падобны чалавек на самога сябе.
Калі і за Абрахамсам зачыніліся дзверы, Крафт сказаў Раджу:
— Што ты думаеш пра ўсё гэта? Ты ведаеш, што я маю на ўвазе.
— Здагадваюся. Я ўжо думаў… Здаецца, што — не. Разумееце? Ніякага дачынення да гібелі Джэйн «трыяда чайна» не мае.
— І я такой думкі. Пры іх жорсткасці і хуткасці на расправу ды такая далікатная помста. Але на ўсякі выпадак хай паглядзіць урач. Цікава, што ён скажа…
«Гаварыць яму ці не пра начны абстрэл?» — падумаў Радж на адыход. І сам сабе пакруціў галавою: не скажа. Невядома, што захоча зрабіць Крафт. Мо проста надумае звольніць, каб пазбавіцца ад небяспечнага работніка, які ўжо другі раз трапляе ў такія справы.
Раздзел сёмы
1
Янга абмацалі, абшукалі, штурхнулі ў машыну. Заціснуты паміж двума дарослымі, Янг не бачыў, па якіх вуліцах машына імчыць, куды зварочвае. Ехалі даўгавата — гэта адно і адчуў. І яшчэ дзівіўся: чаму чалавека з баулам не пасадзілі з ім — машына ж была вялікая, сямімесны фургон.
У паліцэйскім участку Янга ўвапхнулі ў велікаваты пакой, з лязгатам зачынілі дзверы.
Перш за ўсё пачуў рэзкі смурод. Пакой быў дзіўны, акенца адно, пад самаю столлю, у кратах. На столі ледзь блішчыць лямпачка ў драцяной сетцы. Святла яна дае мала, на падлозе амаль цёмна. Хацеў прыхіліцца да сцяны — адхапіў плячо: так балюча кальнула. Сцены былі патынкаваны так, што густа тырчалі саскішыпы, нібы луска акулы. Афарбаваны яны былі ў брудна-сінюю фарбу і паглыналі ўсё святло, якое падала на іх. Калі вочы трохі прызвычаіліся, Янг разгледзеў, што няма ў пакоі ні лавак, ні табурэтак, у кутках пад акенцам ляжаць нейкія валацугі ў лахманах. Адзін з іх прыпадняў кудлатую галаву і зноў улёгся, падклаўшы пад вуха локаць.
Янг баяўся падыходзіць да іх, апусціўся на кукішкі каля дзвярэй. Добра сесці гідзіўся — такая брудная, у нейкіх усохлых падцёках і пляўках была цэментная падлога.
Цярпеў гэтак з гадзіну. У галаве ўспыхвалі абрыўкі думак: «Папаўся… У турму кінулі… А што ж цяпер будзе? А як жа Радж? Ен жа нічога не ведае, дзе я, што са мною… А Пуол — гад… Гад з гадаў! Апошнія грошы выдурыў ды яшчэ паліцыі падсунуў…»
Потым заскрыгатаў ключ у дзвярах, усунуўся да паловы тулава паліцэйскі, агледзеўся па баках. «Цябе!» — тузануў за плячо.
Прывёў у нейкі пакой ці кабінет. Пад акном за сталом хтосьці сядзеў. Янг не паспеў прыгледзецца, як паліцэйскі казырнуў і бокам, як краб, выйшаў.
Янг зноў паглядзеў за стол. Дык гэта ж сядзіць той афіцэр-паліцэйскі, што вылез на вуліцы з машыны, пазвоньваючы наручнікамі. Высокі, з буйнымі рысамі твару, з вялікім гарбатым носам. Сёння ён у штацкім і без галаўнога ўбору. Глядзеў афіцэр на Янга і па-бацькоўску ўсміхаўся. Янг не паддаўся на гэтую ліслівую ўсмешку, адвёў вочы.
Справа ад уваходу быў яшчэ адзін стол, намнога даўжэйшы, і сядзелі за ім двое: адзін — той піжон з вусікамі, што ішоў па вуліцы за Янгам і пакручваў бліскучую палку, другі — дзябёлы і мажны, як перакормлены, еўрапеец, у шаравата-блакітным мундзіры. Каля яго на стале ляжала фуражка з надпісам па аколышку «Interpol». А злева, каля глухой сцяны, сядзеў за маленькім сталом каля машынкі яшчэ адзін паліцэйскі.
— Як цябе зваць, хлопча? — ласкава звярнуўся афіцэр і нават усміхнуўся.
— Янг. Янг Сінх.
— Вельмі прыемна. Класічнае імя для хіндзі. Лепш і не прыдумаеш. Скажы, калі ласка, чытаць-пісаць ты ўмееш?
— Умею.
— У-о-о?! — здзівіўся афіцэр. — Малайчына. Тады бяры ручку і распішыся на гэтай вось паперы.
— Як гэта? — падышоў Янг да стала начальніка-афіцэра.
— Ну — напішы сваё імя і прозвішча. Гэтым самым ты дасі клятву, што будзеш гаварыць толькі праўду, чыстую праўду. Калі схлусіш, пасадзім у турму.
Янг паволі накрэмзаў сваё імя і прозвішча. Рука дрыжала, аўтаручка не слухалася. Напісаў і адступіў далей ад стала. Вельмі ж ужо салодкім і клейкім быў позірк афіцэра, ажно не адляпіцца.
— Дык, кажаш, як цябе зваць? — яшчэ раз перапытаў афіцэр. — У мяне сын такога ўзросту, як ты. Дарэчы, ён ніколі не хлусіць.
— Янг Сінх. Дванаццаць гадоў скора. «Трэт-тэ-тэ-тэ» — застукаў на машынцы той, што сядзеў злева, за малым столікам.
— Дзе ты жывеш?
— Нідзе.
— Як гэта нідзе? Не ў паветры ж ты вісіш.
І ўвесь час, пакуль ішла размова з афіцэрам, стракатала машынка. Янг расказаў пра Біргус і пра тое, як выперлі іх адтуль амерыканцы (пры гэтых словах усе, хто прысутнічаў у пакоі, пераглянуліся паміж сабою і нават пакрахталі, паварочаліся). Як завезлі іх на Горны, як трапілі потым на Галоўны на храмавае свята, як памёр бацька, як адцураліся Янга землякі…
— Дык, кажаш, маці памерла і бацька памёр? Ай-яй-яй, бедны хлопчык…
— Маці не памерла, яе дрэвам забіла, — удакладніў Янг.
— Ай-яй-яй… — нібы не чуў афіцэр, адчыніў шуфляду стала, перагроб паперы і знайшоў там цукерку. — Вазьмі, калі ласка. Вазьмі, вазьмі, не бойся! І больш нікога ў цябе з блізкіх сваякоў няма?
— Есць брат Радж. Ён на Раі працуе ў дэльфінарыі. Паліцэйскі злева і гэта выстукаў на машынцы.
А тыя два, што сядзелі справа за доўгім сталом, нават і брывом не павялі — быццам вырабілі іх з каменя. Лёс Янга іх ніколечкі не кранаў.
— Даўно ты ведаеш таго чалавека?
Янг у непаразуменні паглядзеў на афіцэра. — … таго, з кім цябе разам арыштавалі?
— Я яго зусім не ведаю.
— Ты хочаш сказаць, што першы раз падышоў да яго?
— Ага.
— Што ты павінен быў яму сказаць?
— Што ў гатэлі «Санта-Клара» месцаў няма. Што яму трэба ў «Ганконг», апартамент сорак першы… Але я ўсё не паспеў яму сказаць, ён пачаў крычаць на мяне.
Афіцэр хуценька сунуў руку пад стол. Адразу ж за спінаю Янга рыпнулі дзверы, хтосьці заглянуў.
— Засаду ў нумар сорак першы «Ганконга». Усіх упускаць, нікога не выпускаць!
— Стоп, стоп! — магутным басам сказаў той, каля якога ляжала шапка з надпісам «Interpol». І далей ужо загаварыў па-англійску. Афіцэр выслухаў яго і згадзіўся:
— Правільна. Вазьміце дакументы таго… Зразумела? І зарэгіструйце спачатку ў парцье. Быццам прыехаў той, каму было забраніравана месца. А парцье прыгразіце, каб не прагаварыўся. І самі ў засаду!
Дзверы за спінаю Янга ціха рыпнулі.
— Працягнем нашу размову. Дык чаго, як ты думаеш, той чалавек лаяўся на цябе? Ты ўсё правільна яму сказаў, як цябе вучылі?
— Не ведаю. Здаецца, правільна, толькі не ўсё. Але я забыў паглядзець, у якой руцэ ў яго быў баул. Можна было падыходзіць і гаварыць толькі тады, калі ён будзе каля дома № 15 і возьме баул у левую руку.
— Зразумела. Пароль не мог спрацаваць, бо быў недакладны. Пасля таго, як ты яму сказаў пра «Ганконг», што ты павінен быў рабіць?
— Нічога. Адысці ад яго. Мне павінны былі за гэта даць грошы.
— Вось як? Хто, цікава?
— Пуол.
— Гэта ён цябе і падсылаў?
— Ага.
— Дзе жыве? Хуценька адрас!
— Не ведаю.
— Хто ён такі?
— Мы з ім з аднае вёскі, з Біргуса. Я не думаў, што і ён тут ужо, на Галоўным… — І Янг расказаў, як пераняў яго Пуол у порце, як навучыў, што сказаць чалавеку з ружовай касынкай на шыі, паабяцаў за гэта заплаціць, а сам, наадварот, адабраў грошы.
— Ах, нягоднік!.. І вер пасля гэтага землякам… А ты малайчына. Ты ўсё праўдзіва расказаў?
— Ага. — Янг гаварыў шчыра: яму зусім не хацелася выгароджваць Пуола.
— Апошняе пытанне. У што адзеты Пуол?
— У што? Ну — кашуля белая, штаны шэрыя.
— Дарагі мой! Гэта не прыкметы. Так ходзяць тысячы людзей у Свійттаўне. Успомні, мо ёсць што на твары асаблівага, на галаве, на руках?
— Не, нічога такога. Туфлі новыя купіў — хваліўся. Мазалі, мабыць, нацёр — накульгвае.
— Колер туфляў?
— Таксама, здаецца, шэрыя.
— М-да-а… — расчаравана працягнуў афіцэр. Запстрыкаў пальцамі левай рукі па стале, а правую зноў схаваў пад стол. За спінаю Янга зноў рыпнулі дзверы. — У камеру яго! Хаця не, патрымай крыху ў прыёмнай, мо яшчэ спатрэбіцца.
Янга ўзялі за плячо, вывелі ў пярэдні пакой. Паліцэйскі старанна зачыніў падвойныя дзверы ў кабінет, але і адны, і другія крыху адхіліліся.
— Сядай! — паказаў Янгу на крэсла каля сцяны, а сам усеўся за стол, напусціў на сябе важнасць: вельмі, мабыць, хацелася быць падобным на начальніка.
У кабінеце размаўлялі бурна, часам пераходзілі на англійскую мову. Янг напружыў слых — ах, як кепска, што англійская мова такая цяжкая, так марудна паддаецца яму!
— Мы яго вялі з самага Ганконга! Разам з ім плыў і наш агент! З рук у рукі, можна сказаць, перадавалі… А вы ўмяшаліся і на фінішы ўсё абарвалі. Як цяпер выявіць працяг ланцуга? Да каго ехаў гэты з ружовай касынкай?
— У сорак першым нумары засада.
— Толку з гэтай засады! Туды і выпадковыя людзі могуць завітаць, скажам, пакаёўка, афіцыянт… — грукатаў голас таго, што сядзеў каля фуражкі «Interpol». — Тэлефон у гэтым сорак першым ёсць?
У кабінеце трохі памаўчалі, мабыць, ці сам афіцэр, ці той паліцэйскі, што сядзеў за машынкай, глядзелі ў даведнік.
— Ёсць, — урэшце пачуўся голас афіцэра.
— Ну вось, перш чым сустрэцца з «касынкай», яму пазвоняць у нумар. Ці ёсць ён… А калі ёсць, то ці той гэта, хто трэба, і размова будзе з паролем.
— …мы падслухаем, пра што яны размаўляюць. Усе нумары падслухоўваюцца!
— Вашы там будуць сядзець, пазвоніць тэлефон. Падымаць трубку ці не? Калі падымаць, то што гаварыць? Калі пачуюць, што неехта падазроны зняў, то і гаварыць не будуць.
— А мы выпатрашым гэтага, з касынкай. Запэўніваю, мы сумеем узяць у яго ўсё, што трэба… Па-другое, выпусцім малога… — далей пайшла англійская мова, афіцэр ёю валодаў, відаць, таксама някепска.
— Вы так думаеце? А каму ён трэба, тым больш пасля таго, як засыпаўся? Хлапчука выкарысталі выпадкова і аднаразова. Мог на яго месцы быць і не зямляк гэтага… як яго… Пуола, а іншы хлапчук. Пуол падсунуў замест сябе гэтага малога толькі таму, што ўбачыў падазроных асоб… што за «касынкай» сочаць.
— З гэтых падазроных мог быць і ваш вусаценькі малады чалавек.
— Я папрашу!.. — узвысіўся трэці голас, тонкі.
— Можаце не прасіць! — пацвярдзеў голас афіцэра. — Я разумею: тыя двое нашых, што разыгрывалі парачку, учынілі нязграбны маскарад. Але ж і вы, даруйце, не далей адышлі. Ва ўсіх танных кіно такіх сышчыкаў-нязграбнікаў паказваюць. Маіх вачэй у порце было больш, чым вы думаеце… І яшчэ… Адкуль мы, па-вашаму, ведаем пра гэтага з ружовай касынкай? То-та ж! Не такія мы прасцячкі, як вам здаецца.
Выглянуў з дзвярэй той паліцэйскі, што сядзеў за машынкай.
— У камеру! — махнуў на Янга і зноў знік. — Падымайся! Прыліп… — падняўся той, з-за стала.
«Усё-такі ў турму?! А я ж усё праўдзіва расказаў!» — ногі Янга не хацелі слухацца.
У калідоры сустрэліся двое вартавых, вялі на допыт чалавека з ружовай касынкай на шыі. Адзін вартавы быў скаваны з арыштаваным агульным наручнікам.
2
Калі на чалавека з ружовай касынкай і Янга накіравалі з усіх бакоў зброю, Пуол замёр на месцы. У кроках дваццаці спераду бачыў дзверы пад'езда з прыступкамі. Пакуль ішоў да іх, ледзь стрымліваўся, каб не кінуцца бягом. Паспеў яшчэ ўбачыць, як на «касынку» надзявалі наручнікі. Шмыгнуў у пад'езд, прабег дом наскрозь міма лесвіцы, тузануў дзверы, што вялі на двор. Яны не паддаліся. Тады ён штурхнуў іх з усёй сілы — ні з месца. Затахкала сэрца, у голаў шыбнула гарачыня… «Вось і папаўся… Сам ускочыў у пастку!» Ламануў назад, у тры скачкі адолеў пралёт лесвіцы. На першай пляцоўцы было зусім невялікае і вузкае, як байніца, акенца. Біць, выломваць не стаў — усё роўна не пралезе. Інстынкт самазахавання пагнаў яго вышэй па лесвіцы. Успомнілася з кіно, што паспеў паглядзець на Галоўным, як гэтак ратаваўся ад пагоні «агент №…». З апошняй пляцоўкі да квадратнага люка ў столі строма стаяла лесвіца. Апынуўся наверсе хутка, як кот, таўхануў у шчыт люка рукамі і галавою… Паддаўся!
Бег упрыцемку пад нізка навіслай страхой, ледзь не стукаўся галавою ў кроквы. Са страшным лопатам узляталі і ўцякалі галубы, ліпла да твару павуціна. Бег на святло, што струменілася з бакоў, з левага і правага скатаў страхі, дзе ў нішах былі акенцы. «Гэта — на вуліцу, гэта — на двор…» — сарыентаваўся і нырнуў у правую, раму вырваў адразу.
Бег па страсе, грукочучы бляхаю, коўзаючыся, пераскокваў на чарапічныя і шыферныя стрэхі, а канца дамам, канца вуліцы, здавалася, не будзе ніколі. Ужо відаць былі мачты цеплаходаў у порце (бег не ўперад, а назад), урэшце ўбачыў праз акенца вяроўкі з бялізнаю.
Калі лазяць вешаць бялізну, значыць, павінен быць ход на лесвіцу, уніз.
Перад тым як выскачыць на двор, аббіў трохі з сябе пыл, галубіны памёт, абабраў павуціну. Дваром перайшоў на суседнюю вуліцу і пакрочыў ужо спакваля ў той бок, куды яму было трэба.
«Ай ды я! Малайчына…» — Пуол быў задаволены сабою. Чым не супермэн з кіно? Падабалася яму такое жыццё, з рызыкай і небяспекай. Ішоў дадому пасвістваючы, па баках і назад не азіраўся.
А таго не ведаў, што на кожнага разумнага знаходзіцца яшчэ разумнейшы.
Чым бліжэй падыходзіў да сваёй канспіратыўнай кватэры, тым больш адчуваў, як гэты падвышаны настрой і самаздаволенасць выходзяць з яго, нібы дух з праколатай шыны. Яшчэ і яшчэ раз перабраў у думках, што гаварыў Янгу, што той мог расказаць паліцыі. «А ён раскажа, усё раскажа, нават не сумнявайся!.. Злосць у яго на мяне… Пра гатэль «Ганконг» скажа, пра апартамент сорак адзін». Пуол адчуваў, што гэты адрас — самае важнае, што было даверана яму асабіста. Яму, а не Янгу, нейкаму блазнюку. «А я перадаверыў тайну, аддаў яе ў рукі паліцыі…— Пуола пачало кідаць то ў пот, то ў холад. — Лепш, каб я сам папаўся… Называецца, уратаваўся… Ад каго? Ад паліцыі — так, а ад Чжана? Каб сам папаўся, то я ім нічога б не сказаў. Выкруціўся б або сказаў, што выпадкова апынуўся каля чалавека з ружовай касынкай. Ці мала хто ходзіць па вуліцы? У цэнтры людзі як мурашкі мітусяцца. Гэтак любога можна схапіць, да любога прыдрацца… Але я і не падышоў бы да яго, хіба я дурны, вачэй у мяне няма? Незнаёмец жа не ўзяў баул у левую руку!.. А мо быў яшчэ адзін чалавек у ружовай касынцы?! — Пуол ажно прыпыніўся ад гэтай думкі, яму зноў стала горача. — Мо я не заўважыў другога, пераблытаў?»
Ліхаманкава перабраў у думках тое, што было ў порце. Усё, здаецца, ішло як трэба. Аціраўся сярод гандляроў-латочнікаў, нават прыцэньваўся, выдаваў сябе за капрызлівага пакупніка. Адзін дарослы кітаец-латочнік як не нахрапам лез, соўгаў пад нос пацеркі — «Каралі для вашай кралі! Чорны карал! Чорны карал!» Не вытрываў, ажно сыкнуў, каб не вязаўся. А той, з ружоваю касынкаю, таксама пабадзяўся крыху па крыклівым базарчыку. І проста выпадкова кінулася Пуолу ў вочы, што вельмі ж ужо аднолькава атрымліваецца і ў гэтага, з баулам, і ў вусаценькага піжона з бліскучай палкай. Стане адзін, каб прыгледзецца да якога тавару, прыцаніцца, нават у рукі ўзяць, а каля суседняга гандляра ці праз аднаго прыпыніцца і піжон, таксама нібыта штосьці глядзіць, круціць у руках, а сам так і цікуе за «касынкай».
«Справа нячыстая… Сочаць… А мяне ж папярэджвалі, каб глядзеў пільна…» — цюкнула яму тады. Дык хіба мог пасля гэтага сам лезці на ражон?
Трэба ўжо зварочваць у завулачак, што вядзе ў лабірынт дамоў таго двара, дзе яго кватэра. Азірнуўся… Здаецца, нічога падазронага, ідуць людзі, як ішлі,— каму куды трэба. Ніхто не вылуплівае вочы на яго.
Пакой сустрэў затхла-прытарнымі пахамі, нібы дзесьці гніла копра. Пастаяў каля трумо, паўглядаўся ў свой твар… Трывога на ім і разгубленасць… Унізе на століку безліч усялякіх флакончыкаў, цюбікаў, баначак з крэмамі, пудрамі, духамі, мазямі. Хацелася змахнуць іх, каб ажно асколкі зазвінелі… Паглядзеў на ложак з балдахінам. Да высокіх спінак быў прычэплены шнурок, на якім соўгалася заслона з матэрыі ў грубыя плямы-ўзоры. Не пакой для мужчыны, а дамскі будуар. Ці не для любоўных спатканняў скарыстоўваў Чжан гэтую кватэру? Тузануў са злосці заслону ўбок, ажно тропнуў шнурок, і заваліўся ў пасцель адзеты.
Трэба засяродзіцца, трэба прадумаць, што з усяго гэтага можа атрымацца? Што пагражае яму асабіста?
І чым больш ляжаў, тым больш халадзела пад сэрцам. Як паглядзіць на ўсё, што здарылася, Чжан? У яго ж доўгія рукі, шмат памагатых, шмат вачэй… А мо ўсё-такі ўдасца ўцячы? Свійттаўн вялікі, востраў і архіпелаг яшчэ большыя — трасцу знойдуць. Балазе, ёсць у кішэні долары — «аванс», які трэба яшчэ адпрацоўваць. Так сказаў пасыльны, калі перадаваў разам з грашыма першае заданне. Заданне, якое ён не выканаў!
Не вытрываў, падхапіўся. К чорту пакуты і роздумы! У яго ж ёсць пяцьдзесят долараў, нават больш, калі палічыць з Янгавымі. З імі можна някепска правесці вечар ці ноч. Ніхто яму не ўкажа, як бавіць вольны час, як траціць грошы. Ён сам сабе галава!.. І ён ведае, дзе тая Рэкрыэйшн-стрыт, вуліца забаў і ўцех.
У нейкіх кабачках проста каля стойкі, не прысаджваючыся, не закусваючы, піў джын, піў амерыканскае віскі з содавай. Чокаўся з нейкім падазроным азызлым гулякам, частаваў яго. І, мабыць, той гуляка завёў яго ў нейкае падвальнае памяшканне. З яго ўзялі апошнія сорак долараў, замест іх далі цыгарэту. Адну-адненькую за сорак долараў!
— Не шкадуй грошай, не яны нас нажывалі, а мы іх… Скурыш — трапіш у нірвану… Зведаеш шчасце і асалоду, якія толькі могуць прысніцца… — нашэптваў той сабутэльнік.
І Пуол не шкадаваў, яму ўжо было мора па калена. Узяўшыся пад рукі, ступілі яшчэ колькі прыступак ніжэй, адхінулі цёмную, захапаную рукамі заслону. У нос ударыла кісляцінай і едкім дымам. Трапілі ў доўгую залу з нізкай столлю і заплеснелымі, у разводах куткамі. Паўз сцены не вельмі густа ляжалі цыноўкі, некаторыя ў плямах і прапаленыя. Амаль на кожнай сядзелі, ківаючыся, заплюшчыўшы вочы, напалову раздзетыя людзі, некаторыя драпалі, раздзіралі сябе кіпцямі, нібы хацелі і скуру здзерці. Хто-ніхто ляжаў то скурчыўшыся, то раскінуўшы рукі і ногі ў самых неверагодных позах. Твары скрыўленыя ў ідыёцкіх грымасах-усмешках.
— Во… Во якраз свабодныя падсцілкі… Сядайма, пакурым… — сабутэльнік пасадзіў Пуола беражліва, як дзіця, даў прыкурыць і сам прыкурыў.
Пуол яшчэ і звычайных цыгарэт не прывык курыць. Купіў, праўда, адну каробку, цмокаў для форсу і саліднасці, хоць рабілася млосна і кружылася галава. А тут з прагнасці цмокаў і цмокаў, пакуль і прытомнасць не страціў.
А мо гэта не была страта прытомнасці? Нейкія сны-галюцынацыі, трызненне. Ён нібы плаваў у ружовым тумане, не чуючы цела. Здавалася, што кожная клетачка арганізма растварылася ў мляўкай слодычы. Ён нібы наглядаў збоку за сваім целам, а яно развальвалася на часткі, і кожная частка вырастала да жахлівых памераў і лопалася, як ракеты феерверка на дзень каранацыі султана. Потым здалося, што гэта гараць-успыхваюць асігнацыі — долары, франкі, фунты стэрлінгаў, дзінары. Пякучыя іскры падаюць на галаву Пуола і зноў узрываюцца. Нейкія выбухі гучаць справа і злева, ад іх ажно галава матляецца, ледзь не зрываецца з плячэй. Хтосьці б'е не шкадуючы — па адной мордзе, па другой, аж коле ў мазгах, здаецца, пэнкае на часткі галава…
Лыпнуў вачыма, цяжка прыходзячы да памяці. Але яшчэ нічога не цяміў, і той чалавек, што стаяў, сагнуўшыся, над ім, здаваўся прывіднай, расплывістай плямай. «Дзе я? Што са мною?» — здаецца, прамармытаў, сабраў сілы, але Пуола схапілі загрудкі, сцепанулі так, што ледзь не адарвалася галава. Яго пасадзілі, зноў ударылі па шчоках, і званы ў галаве загудзелі нясцерпна, паплылі каляровыя колы ў вачах.
Ах, лепш было б не ачуньваць… Той незнаёмы не біў больш, а ў галаве ўсё роўна бухала молатам, калола ў патыліцы і ў скронях, вочы як не вылазілі з арбіт, у страўнік быццам залілі свінец, язык распух, ледзь варочаўся ў смярдзючай жыжцы-сліне. Абхапіў аберуч галаву. Страшэнная млявасць і боль панавалі ва ўсім целе…
Аб зубы стукнуў нейкі посуд… Учуў пах вады і схапіў бляшанку аберуч, піў цёплую, жалезістую на смак ваду, хацелася піць бясконца, пакуль не лопне. У галаве крыху пасвятлела… А вочы яшчэ бачылі як праз маскітную сетку, і Пуол не пазнаваў чалавека, што тармасіў яго, а цяпер паіў вадою, хоць і здаваўся знаёмым яго твар.
Бляшанку адабралі, бразнулі пад ногі, Пуола паднялі пад локці. З падвала вывелі сілком, і пад сцяною на тратуары яго дзіка, да жоўтай немачы рвала. Калі трохі адпусціла і змог разагнуцца, ногі ажно падгіналіся ад слабасці.
Вялі яго доўга, блытана. Час ад часу праважаты ўстрэсваў яго за каршэнь, каб ачуньваў хутчэй. Потым завязалі вочы і зноў вялі. Зразумеў: да Чжана, на расправу… Знекуль яшчэ ўзялося крыху сілы, ірвануў з вачэй павязку і кінуўся ўцякаць.
Дагналі, секанулі рабром далоні па шыі, і Пуол упаў без прытомнасці. Калі ачуняў, яго зноў устрасянулі, адабралі вялікі нож-складанец, завязалі вочы.
Перад Чжанам Пуола кінулі, як мяшок рыззя ці якую падлу. Ляжаў, і не хацелася ўставаць. Асвятленне ў пакоі было слабае, гарэў толькі ў кутку чырвоны начнік, і Пуол падумаў, што гэта добра, не будуць бачыць, які ў яго спакутаваны твар. Пачуў пагрозліва-расцягнутае:
— Ну-у-у?..
І тады падхапіўся на калені, папоўз да пакладзенай на крэсла, у ружовых бінтах Чжанавай нагі.
— Я ні ў чым не вінаваты… Я хацеў як лепш! Чжан таўхануў мыліцай, яе гумавым набалдашнікам Пуолу ў плячо — «Сядзі там!». А той, што неадступна стаяў за яго спінаю, тузануў назад за другое плячо.
— Расказвай… — голас у Чжана быў такі, што спадзявацца на літасць было нельга.
Расказваў, збіваўся, зноў пачынаў спачатку, не забыў пахваліць сябе за хітрасць: раскусіў паліцэйскіх агентаў! І гэтак абдурыў!
— Так, гэта ўсё цудоўна… Чалавек дайшоў куды трэба… Толькі не той, што з ружовай касынкай.
Пуол пачуў гэта, і яму зноў зрабілася кепска да млоснасці.
— Цудо-оўна, што ты праявіў знаходлівасць і абачлівасць. І цудоўна, што паслалі цябе пусціць сышчыкаў па лжывым следзе. А для сапраўднай справы ты не падыходзіш: даверыў старонняму чалавеку пароль, даверыў сакрэты. Уяві, чым магло б усё скончыцца, каб і напраўду ішло так, як разыгралася? Ты быццам бы ўратаваў сябе для далейшай справы, а па сутнасці — прадаў гэтую справу, дрыжучы за сваю скуру. Што заслугоўвае такі чалавек?
— Смерць! — коратка кінуў з-за спіны Пуола той чалавек, які прывёў яго сюды і зараз стаяў як ахоўнік.
Пуол з жудасцю азірнуўся на яго. На гэты раз твар яго здаўся яшчэ больш знаёмым. І голас знаёмы! Дзесьці трапляўся гэты чалавек на дарозе. Але дзе?
— Перадаручыўшы сваю справу стрэчнаму-папярэчнаму, ты пачаў выкідваць фокусы, чагосьці лазіў па стрэхах, па вышках, бегаў па лесвіцах… — як абвінаваўца, што выносіць прысуд, чаканіў Чжан.
— Я замятаў сляды… Магчыма, маглі і за мною сачыць.
— Сачылі. Ты прывёў «хвост» да самай кватэры, раскрыў яўку.
— Не можа гэтага быць! — затрымцеў Пуол усім целам, з вачэй сыпанулі слёзы. — Дайце… вады!
Ахоўнік дайшоў да акна, наліў там шклянку вады, паднёс. Пуол выпіў яе прагна — цякло па барадзе, па шыі. Паставіў шклянку на столік.
— Так яно і ёсць, — сказаў ахоўнік. — Я сачыў і за табою, і за тым, хто сочыць за табою ад самага порта.
— Не можа гэтага быць! Не можа быць! Я азіраўся!..
— Можа. «Каралі для вашай кралі! Чорны карал!» Памятаеш?
Пуол зарыдаў.
— Што заслугоўвае чалавек, які прыводзіць «хвост», правальвае канспіратыўную кватэру? — чаканіў Чжан.
— Ад такога чалавека пазбаўляюцца, — адгукнуўся з-за плячэй кітаец-латочнік.
— Ты і сябе асабіста выкрыў, там ужо ведаюць твае прыкметы.
— Яны мяне не могуць ведаць! — Пуол ажно віскнуў.
— Янг ведае, твой зямляк, а ты аддаў яго паліцыі. Ён і вылажыць ім усё. Дык вось, ты для нас ужо не толькі непатрэбны, а нават шкодны. Ад такіх людзей пазбаўляюцца.
— Іх забіваюць, — удакладніў латочнік.
— Для нас гэта лёгка зрабіць — як харкнуць і расцерці.— Пры гэтых словах Чжана латочнік ухапіў Пуола пяцярнёю за валасы, тузануў назад, ад чаго шыя выпучылася. Кітаец падняў крыс, паказытаў горла вострым лязом.
Пуол завыў немым крыкам…
Ён ужо адчуваў сябе напалавіну мёртвым. Яго можна было і не забіваць, проста выкінуць пад плот, то і здох бы там. Нават доўга плакаць-скуголіць не хапала сілы.
— Дык дзе, кажаш, ты яго знайшоў? — спытаў Чжан латочніка.
— На Рэкрыэйшн-стрыт, у падвале, з наркаманамі. Надумаў схавацца ад нас.
— Запомні, малады чалавек, як першы запавет. Вінаватыя перад «Белаю змяёю» нідзе не схаваюцца і заўсёды нясуць пакаранне. Мы не з тых, што даруем… Як ты, у падвалы дапёр… Шырока ступаеш, казяўка, глядзі — штаны лопнуць! Наркотыкамі лепш гандляваць, чым спажываць іх.
— Кгы-кгыкм… — папераджальна кашлянуў латочнік.
— Дык вось, Пуол. Дар за дар… Ты выратаваў мяне, я цяпер уратоўваю цябе. І квіты. Надалей цябе ўжо нішто не ўратуе і ніхто. Буда даруе да трох разоў. А мы не багі, мы не даруем ні разу. Пачнём зноў з нуля… Пакладзі ключы на столік! Пра тую кватэру забудзь — яна выпарылася, высахла. Жыві дзе хочаш. Часам заходзь у «Трыдакну» абедаць, займай столік у правым кутку. Калі ты спатрэбішся, там цябе знойдуць… І можаш заслужыць наш давер, калі выканаеш адну невялічкую справу. У туфлю вытыркнуў цвік, ён замінае нармальна ступаць, хадзіць. У такіх выпадках што робяць з цвіком?
— Вырываюць… Забіваюць… — прамармытаў Пуол, нічога не разумеючы.
— Лепш другое. Ну, а цяпер растлумач яму, што да чаго… — Чжан сказаў гэта і стомлена адкінуўся на падушкі.
Латочнік выйшаў з пакоя ў калідор і тут жа вярнуўся. Разаслаў на століку белую тэніску, яна таксама здалася ружаватай у святле начніка. Амаль на ўсе грудзі тэніскі была адбіта эмблема дэльфінарыя: пяць сініх хваль, аранжавы абруч-сонца з промнямі-пырскамі, а праз гэты абруч скача сіні дэльфін. Такая тэніска, як у Раджа!
Латочнік адвярнуў падолак тэніскі і крываватым пальцам тыцнуў у дзве вышытыя на рубцы сінія літары: «R.S.».
— Тэрмін — пяць дзён.
— Тры! — паправіў Чжан.
3
Янга паклікалі на допыт другі раз. І, мабыць, крыху раней, чым трэба, усунулі яго ў кабінет да афіцэра. Бо каля дзвярэй навыцяжку стаялі два паліцэйскія, і каб што-небудзь бачыць, ён адступіў у бок доўгага стала, за якім быў толькі адзін чалавек — той, што з фуражкай «Interpol». А перад сталом афіцэра, закінуўшы нагу на нагу, сядзеў чалавек у ружовай касынцы.
— Дык што — выяўляецца, заняты нумар сорак першы? — спытаў афіцэр паліцэйскіх каля дзвярэй.
— Так точна! — прыстукнуў левы абцасамі.— Гэты нумар — здвоены люкс. Там ужо тры дні засядаюць прадстаўнікі «Ганконг энд Шанхай бэнкінг карпарэйшн», вядуць перагаворы з прадстаўнікамі нашага «Нэшнл бэнк» на прадмет куплі яго з усімі бэбахамі!
— Ну — гэта цябе не датычыць, — адрэзаў афіцэр.
— Так точна! — выцягнуўся паліцэйскі.
— Дакументы містэра… містэра… — замяўся афіцэр, прышчоўкнуў пальцамі, і чалавек у касынцы нібы зрабіў спробу ўстаць:
— Говард Хаякава, прадстаўнік канцэрна «Міцубісі». Японскія мікра- і малалітражкі — лепшыя ў свеце.
— Давайце пашпарт і іншыя дакументы Хаякавы, — працягнуў афіцэр над сталом руку.
Правы паліцэйскі зрабіў некалькі крокаў наперад, дастаў з-за пазухі дакументы і падаў яму, адступіў назад, не паварочваючыся.
— Хаякава-сан, а чым растлумачыць ваш маскарад? Не будзеце ж вы сцвярджаць, што ўсё гэта адзенне — ваша? — у голасе афіцэра прыбавілася пачцівасці.
— Так, маё. З учарашняй ночы. Калі дазволіце, я паўтару свае паказанні.
— Дазваляю. Коратка, — кіўнуў афіцэр, крыху разгублена гартаючы маленькую кніжачку, мо пашпарт.
— Дык от. Позна вечарам… Не, хутчэй глыбокай ноччу я ўжо спаў… Да мяне ў каюту пастукаўся сусед, чалавек спартыўнага выгляду… у гэтым вось касцюме… З баулам у руцэ. Ён адразу прапанаваў мне памяняцца адзеннем, памяняць баул на чамадан-«дыпламат». І ў дадатак да ўсяго — памяняцца каютамі. Прапанаваў зрабіць гэта не за так, даваў трыста долараў. Я прыкінуў розніцу ў кошце нашых касцюмаў, баула і «дыпламата» і згадзіўся за чатырыста. Ну, а за абмен каютамі я запатрабаваў яшчэ сто долараў. Але размова на тым не скончылася, незнаёмы папрасіў, каб я ў новым аблачэнні, абавязкова з касынкай на шыі, завязанай па-мексіканску, прайшоўся па Партовай вуліцы Свійттаўна. А тады ўжо ісці, куды мне захочацца ці куды трэба. Я павысіў цану да шасцісот долараў.
— Танна вы цэніце сваё жыццё, Хаякава-сан, — падціснуў губы афіцэр.
— Што гэта значыць? — выпрастаўся ў крэсле і нават зняў нагу з нагі Хаякава.
— А тое… Вас падстаўляў замест сябе член банды «трыяда чайна». Калі ўлічыць, што на архіпелагу Вясёлым некалькі кітайскіх трыяд і ўсе яны ваююць паміж сабою, то… За ваша жыццё я не даў бы нават порцыі бетэлевай жвачкі.
Хаякава асеў, нібы паменшаў ростам.
— Дзякую… Дзякую, што мяне арыштавалі. Вы не выпускайце мяне пакуль што… Я вялікага гардэробу з сабою не браў, камандзіроўка кароткая — толькі падпісаць кантракт на продаж аўтамабіляў… Я дам долары, купіце мне прыстойны касцюм. За паслугу будуць камісійныя — я не пашкадую.
— З гэтым мы дапаможам. У пакоі вам дадуць паперы, вы апішаце адзенне, у якім вы ехалі да той ночы з пераадзяваннем. І апішаце ўсе магчымыя прыкметы чалавека, які так лёгка даў вам зарабіць шэсцьсот долараў…— у голасе афіцэра нават прабілася шчырая зайздрасць. — Толькі яшчэ адна маленькая фармальнасць, вочная стаўка… Вы раней ніколі не бачылі гэтага хлопчыка? Янг, падыдзі сюды бліжэй.
Янг зайшоў наперад паліцэйскіх.
— Яго — не. А падобных на яго — тысячы.
— І ніякага паролю, значыць, вы не ведаеце?
— Клянуся чым хочаце! Я думаў, што ён зарабіць хоча, пагэтаму і просіць паднесці.
— Янг, а ты калі-небудзь сустракаў гэтага містэра?
— Не. Я ўжо вам казаў, як было.
— Усім ісці. А ў вас просім прабачэння… — афіцэр казырнуў чалавеку ў касынцы і падаў дакументы. — Янг застанецца. І паклічце, калі ласка, «парачку».
Пакуль людзі выходзілі і заходзілі новыя, афіцэр і той, з «Interpola», іранічна і здзекліва паглядвалі адзін на аднаго. І абодва былі задаволены: кожны лічыў, што ўцёр нос другому. Прадстаўнік «Interpola» пракашляўся.
— Нда-а… Вазьмі іх голымі рукамі.
— А вы думалі, усё проста. Прыехаў, убачыў, перамог… Паверце, мы таксама не спім у шапку. Толькі вынікаў — кот наплакаў.
У гэты час зайшлі агенты, што ігралі закаханую парачку, — Янг пазнаў іх. Афіцэр не даў ім доўга раздумваць.
— Якія прыкметы таго хлопца, што падгаворваў Янга на сустрэчу з «ружовай касынкай»?
Адзін агент, той, што іграў дзеўку, выскаліўся.
— Ён во так во робіць… Мы з акна бачылі…— і неяк смешна адставіў ніжнюю губу, выпнуў уперад бараду і павёў ёю ў бакі, нібы яго душыў цесны каўнер.
Янг ажно засмяяўся: здорава! Вельмі падобна! І як ён мог забыць пра такую прыкмету!
— Ёсць такая звычка ў Пуола? — спытаў афіцэр.
— Ага… — шморгнуў носам Янг. — І ён яшчэ крыху заікаецца, калі ўзлуецца ці расхвалюецца… І ляўша ён.
— Ну во, бачыш. А казаў, што ў яго няма ніякіх асаблівых прыкмет. Трэба быць назіральным: у жыцці ўсё спатрэбіцца. — І афіцэр махнуў на яго рукою з такім вывертам, нібы выкідваў за шкірку. Адразу заклапочана ўгнуўся над паперамі.
Янга вывелі з кабінета, а яшчэ праз якую хвіліну ён апынуўся на тратуары.
Раздзел восьмы
1
Абрахамс вярнуўся з клінікі Энтані Рэстана і сказаў, што ўрач зможа прыйсці толькі вечарам. Чаго яму так ужо ляцець да мёртвага, калі ў прыёмнай чакаюць жывыя пацыенты? Тым больш што аддаў богу душу нават не чалавек, а…
Параіўшыся з Раджам, Абрахамс пайшоў з рыдлёўкаю на мыс Кіпцюра, які трохі прыкрываў ад марскіх хваляў уваход у заліў і рукаў-канал. Там і вырашылі пахаваць Джэйн пад пальмаю, непадалёк ад эстакады, па якой электратэльферам да вады спускалі «Нептуна».
Пачаў капаць магілу Абрахамс, потым прыйшоў на дапамогу і Радж. А пакуль стары не вылазіў з ямы, Радж сядзеў побач з гурбай сырога пяску і слухаў, як той філасофствуе.
— От, скажы, жывёліну бог стварыў. Разумная, мазгі нават большыя, кажуць, як у чалавека. А сказаць нічога не можа! І рук няма, каб пальцам на што ці на каго паказаць. Не могуць дэльфіны дастасавацца да нашага жыцця.
— А мы да іхняга — можам? — падаваў рэплікі Радж. — Таксама не… Вы паглядзіце, як ім добра ў вадзе, як яны плаваюць, як усё ў іх прыстасавана да вады. Толькі што жабраў няма, дыхаюць, як людзі.
Радж лез у яму, Абрахамс сядаў на яго месца.
— Гэта праўда. Куды бог на якое месца прызначыў цябе, там і сядзі, не рыпайся. І ў людзей гэтак… — Абрахамс расціраў калені — занылі ад таго, што пабыў у сырой халоднай яме, — і моршчыўся.
— А як жа тады вытлумачыць, што людзі змагаюцца за лепшую долю? Не чакаюць ласкі ад гаспадароў-работадаўцаў, а дамагаюцца ад іх і зарплаты лепшай, і лепшых умоў працы. Забастоўкі робяць, калі што не так.
— Гэта іх нячысты, злы дух падбівае на непакору.
— От бы радаваліся крывасмокі, каб вас пачулі. Вы ўсе іх дзеянні гатовы зараней апраўдаць: маўляў, ад бога гэта, цярпіце, людцы, пакорліва, інакш гэта і супраць бога бунт.
— З гаспадаром можна і палюбоўна дамовіцца. Розум, як і набедраная павязка, у кожнага свой.
У Абрахамса ў галаве адклаліся догмы раз і назаўсёды.
— Абрахамс, Абрахамс… А калі багацей і слухаць вас не захоча, адразу паліцыю выкліча? Дык мо гэтыя заводчыкі, капіталісты, уладальнікі гатэляў, усякія мільянеры — і ёсць злыя духі? Бо яны ж самі вымушаюць людзей баставаць, не даюць людзям добра жыць, зарабляць.
— Цярпі — і трапіш у царства нябеснае. Бо ўсё — ад бога.
— Значыць, што ёсць багацеі, мільянеры і ёсць беспрацоўныя, жабракі,— віна бога? Адзін пануе-балюе, на яго працуюць сотні — так і павінна быць? Адзін есць, а другі толькі слінкі каўтае?
— Ага, так было і будзе. Без волі бога нават валасок з галавы не ўпадзе.
— Во… — скубнуў Радж пяцярнёй сябе за валасы. — Калі ласка, штук пяць валасоў вырваў. Дык гэта я іх вырваў ці бог?
— Бог падбіў цябе на гэта — ускубнуць.
— Бог зрабіў так, каб супраць яго бунтавалі?
— Ну, не бог, то злы дух.
— Акрамя святых кніг вы што-небудзь чытаеце? Што на свеце робіцца — ведаеце хоць крыху?
— Уся мудрасць у святым пісанні. У хрысціян — у Бібліі, у мусульман — у Каране, у індусаў — у кнізе Вед. Дык нашто больш што-небудзь чытаць? Затое я радыё слухаю, часам такія пропаведзі цікавыя перадаюць…
— Ну, а пра сацыялістычныя краіны вы чулі? Там няма ўжо багацеяў-эксплуататараў, народ сам сабе гаспадар. Бог захацеў, каб так было? Вы ж гаворыце, што ўсё — ад бога.
— А-а… Там адны бязбожнікі жывуць.
— Не думаю, што адны бязбожнікі. А калі б нават і так, то можна, відаць, і без бога шмат чаго дасягнуць?
— Гм, кхы… Дай лепш я пакапаю, а ты пасядзі ў цяньку. Напякло табе галаву.
— Не бойцеся за маю галаву.
— Думаю, ніжэй узроўню вады не трэба капаць.
— Не трэба… Прыгожае месца выбралі для Джэйн — пад пальмаю… — Радж абапёрся рукамі на берагі, адштурхнуўся нагамі і спрытна выкінуў іх наверх. — Дык вось, пане Абрахамс, тлумачыць усё, і добрае, і агіднае, што робіцца ў свеце, воляю бога нельга. Вы ж ведаеце, я з Біргуса… Дык от: няма ўжо Біргуса… Правільней, Біргус-то застаўся, але там ужо гаспадараць амерыканцы, востраў прадалі ім. Амерыканцам трэба толькі востраў, толькі зямля для базы. А людзі, што на востраве, замінаюць, іх і выкінулі, як тухлую рыбу.
Да іх падышоў Гуга. Пастаяў, паўздыхаў — «Бедная Джэйн…», пайшоў зноў.
Дакапалі магілу, пайшлі па Джэйн, якая ляжала пад страхой у цяні, прыкрытая рагожай. Пагрузілі на насілкі, перанеслі на мыс не адкрываючы.
Вечарам прыйшоў урач. Прысутнічалі пры ўскрыцці Абрахамс і Крафт, Радж падышоў крыху пазней, нават гідракасцюма не здымаў пасля падводнай прагулкі. Урач паласаваў, разрэзваў, разглядваў, тут жа рабіў заўвагі, дзівіўся, што ў дэльфінаў усё, як у людзей. Выявілася, што Джэйн памерла ад вялікага ўнутранага кровазліцця ў вобласці шыі. Хутчэй за ўсё быў нанесены ўдар тупым прадметам. Ніякіх прыкмет атручвання выяўлена не было.
Урач памыў рукі, атрымаў наяўнымі, хуценька падхапіў сваю сумку і пайшоў. Час — грошы, а ён і так забавіўся тут.
Абрахамс застаўся адзін засыпаць магілу. Крафт і Радж ішлі з мыса разам, маўчалі.
— Кажы сваю думку: хто мог ударыць? — урэшце абазваўся Крафт.
— Гуга не мог, ён любіць дэльфінаў. Судзір?.. Цяжка сказаць. Думаю, што не.
— А самі дэльфіны не могуць?
— Ну што вы! Хіба мо незнарок як.
— Хоць бы незнарок.
— Мо падлезла якраз. Дарослыя скачуць цераз бар'ер, праз кольцы. Дзік трыста кіло важыць, уяўляеце, які можа быць удар? Ды яшчэ сканцэнтраваны на рострум.
Некалькі дзён Радж быў у напружанні. Чакаў якога падвоху ад кожнага турыста, асабліва ад ахвотнікаў падводных прагулак. З крысам не расставаўся ніколі. Гарпун са знакам трыяды схаваў на паліцу за рознае барахло.
Калі трыбуны галоўнай арэны запаўняліся гледачамі, Радж неўпрыкмет абмацваў позіркам кожнага наведвальніка, нават жанчын і падлеткаў. Але рабіць гэта перад кожным прадстаўленнем не ўдавалася, вольных хвілін было мала.
У некаторыя свабодныя вечары гадзіну-другую займаўся з Гуга. Дарослы хлопец, а прыйшоў у дэльфінарый, не ўмеючы ні чытаць, ні пісаць. А грошы лічыць умеў — да ста… Быў ад прыроды кемлівы, хоць і затурканы, усю навуку схопліваў на ляту. Хваліў яго Радж за поспехі, падарыў нават яму шарыкавую ручку, і Гуга квола ўсміхаўся. Выгляд у Гугі быў нездаровы, як сонны, пад вачыма сінелі падковы. Варта было што моцна сказаць знячэўку, як ён увесь скаланаўся. Ад рэзкага нечаканага стуку ледзь не траціў прытомнасць.
— Не сплю я, Радж, амаль ніяк… Ужо больш за месяц, і з кожнай ноччу ўсё горш і горш. Ляжыш, вочы заплюшчаныя, а ў галаве абы-што круціцца, і думкі ўсякія, думкі… Замучуся да раніцы ад думак. Устаеш, а галава як распухлая, цяжкая — на плячах не ўтрымаць, ажно ў бакі водзіць… Кармлю дэльфінаў і баюся: вось-вось нырну ў басейн…
— У цябе нервовае знясіленне. Ты б піў нанач якія парашкі для сну. — Радж падліваў яму ў шклянку чаю, падсоўваў бліжэй цукар і галеты і, хоць той аднекваўся, прымушаў піць і есці яшчэ.
— Парашкі… На парашкі грошы трэба. Усё, што атрымліваю ў Крафта, маме аддаю. Нас шасцёра ў маці… Было сямёра, але адзін брацік утапіўся. Мо з годзік яму было.
— Як гэта… з годзік — і ўтапіўся? Ён жа не хадзіў купацца ў такім узросце?
— Якое купацца… Ён яшчэ і хадзіць не ўмеў, ножкі тоненькія, крывыя… Мы ў джонцы жывём каля сёмага сектара, бліжэй да прыстані. Там цэлы пасёлак такі на вадзе, ты ж мо бачыў… Маці пакінула малога на двух старэйшых. Тры годзікі аднаму, другому — чатыры… Ну, а сама адскочыла на прыстань рыбы купіць. Ранічкаю гэта было… Прыходзіць, а малы вісіць за бортам галоўкаю ў вадзе… за ножку прывязаны… Вываліўся… Дык тыя двое, значыць, спяць, а малы вісіць за бортам, утапіўшыся… У нас яшчэ двое паміж тымі трыма і мною, я самы старэйшы. А тых двух якраз не было: паперлі ў горад ці на прыстань пажабраваць ці перапрадаць што. Камерсанты!
— То як вы там, на лодцы, васьмёра размяшчаецеся? Там жа, мабыць, і сядзець цесна, а не толькі ляжаць.
— Палавіна лодкі са страхою. Бацькі з малымі ўнізе, а мы ўтрох у гамаках вісім. Не сон, а…
— Ты не хадзі кожны раз дадому, можаш і тут, са мною, калі паначаваць. Зробім другія нары.
— Не ведаю, Радж, што рабіць. Ты мне — як брат. Але ж і табе ўвесь час надакучаць не хочацца. Мо я табе непрыемны, а буду мазоліць вочы.
— Перастань!
— Я ведаю, як гэта цяжка, калі не можаш пераварваць якога чалавека… Я ўбачу Судзіра, а ў мяне ўжо пухіры чырвоныя робяцца на скуры… Чэснае слова! Ажно трасе і калоціць… Каб дзе знайсці якую работу, я пайшоў бы адсюль. З-за аднаго Судзіра пайшоў бы! Хоць цябе мне і шкада… Люблю я цябе.
— Я буду распытваць сям-там у горадзе. Авось што і трапіцца.
— Ты ўжо канчаеш гэтае каратэ ці толькі пачаў заняткі?
— На сярэдзіне праграмы. Яшчэ з месяц буду хадзіць. А ўвогуле вучыцца каратэ можна ўсё жыццё… Скажы, якую б ты хацеў работу?
— Любую, Радж! Абы самому не здохнуць і што-небудзь маці даваць.
— А бацька ў цябе ёсць?
— Ёсць. Грузчык у порце. Але ў яго такая работа — узахапкі. Бывае, што і па некалькі дзён нічога не прыносіць. У Свійттаўне бачыў краны ў порце?
— Ну.
— Кажуць, тут будуць адзін такі ўстанаўліваць. А паставяць, то ўжо ніякага заробку не будзе… Скажы, а джыу-джыцу — гэта тое самае, што каратэ?
— Амаль што.
— Радж, ты не заядайся з Судзірам. Ён вельмі небяспечны чалавек, ведае прыёмы джыу-джыцу. І ён мяса есць… Кожны дзень есць мяса — уяўляеш? Ён вельмі здаровы, не глядзі, што такі худы.
— Пра мяса адкуль ведаеш?
— Сам бачыў. Раніцаю перад прадстаўленнем вымае такую каробачку, як з-пад цукерак, пластмасавую… А там кавалачкі сырога мяса, пасоленыя, з прыправамі, з часнаком. Коўць, коўць! Не жуючы… Ад яго часнаком за мілю нясе. Я й не ведаў бы, што там, у каробачцы. Але раз… Ён жа прымушае, каб і ў яго «рэзідэнцыі» ўборку рабіў… Праціраў стол і спіхнуў тую каробачку. А яна бэнц — і раскрылася на падлозе. Гляджу — мяса… А Судзір пачуў стук каробкі, заскочыў, пранізаў мяне вачыма, як шыламі: «Што ўпала?» Я паказаў на каробку з мясам, а ён выдыхнуў з палёгкаю: «А я думаў…» — і пахапаў са стала дэльфінчыкаў-сувеніраў, пакідаў у свой «дыпламат», замкнуў.
— Я чуў, што некаторыя мышанят у кітайскіх аптэках бяруць, жыўцом глытаюць.
— Бр-р… Радж, а якое мяса на смак? Я яшчэ ніколі не каштаваў.
— Калі-небудзь я запрашу цябе ў шыкоўны рэстаран. Пасядзім, як панкі якія, мяса будзем есці, віно піць…
— Ой, Радж! Кажы казкі, мо хто і паверыць.
— Вер. Будзе такое.
Там, дзе ўсе радыяльныя вуліцы горада сходзяцца, утварылася крыху сплюшчаная плошча з фантанам пасярэдзіне. Фантан так сабе, нічога асаблівага, забаўныя толькі чацвёра пухленькіх бронзавых дзетак пасярэдзіне. Адзін забраўся на дэльфіна, яшчэ двое лезуць, спіхваючы наезніка, чацвёрты корміць дэльфіна рыбкаю. З соплаў, якія ўстаноўлены скрозь па борце фантана і ўтвараюць круг, з шыпеннем вывяргаецца вада. Струмені ўзмываюць угору і абрушваюцца на хлапчукоў і дэльфіна — з усіх бакоў падаюць усярэдзіну. Часам напор вады меншы, струмені не дастаюць да фігур, і бронзавыя хлапчукі нібы лысеюць, абсыхаючы, выразна відаць на іх белыя пісягі і пацёкі солі (вада ў фантане марская), нібы хто гэтых бяскрыўдных анёлкаў размаляваў бяліламі.
Толькі ў самую спякоту плошча пусцее, а так на ёй заўсёды людна. Людзі шпацыруюць наўкол фантана. Рэдкія закаханыя парачкі падоўгу сядзяць на гранітным беражку, забаўляюцца з вадою: то палошчуць рукі, то затыкаюць якое сопла, апырскваючы адно аднаго. У вадзе сям-там прасвечваюцца манеты, іх вызбірваюць, б'ючыся за кожную, позна ноччу хлапчукі, а сентыментальныя турысты зноў накідваюць. Ёсць там і зелле, у адным месцы распласталіся на вадзе нейкія круглыя лісты, плаваюць пярэстыя рыбы-папугаі.
Асабліва бурныя людскія прылівы, калі вывальваюцца на вуліцу гледачы з недалёкага кінатэатра або валяць патокам на начное шоу ў «Кракен». Чамусьці многім яшчэ хочацца зрабіць хоць адзін круг па плошчы, патаўчыся ў натоўпе, заглянуць у лавачкі з сувенірамі ці ў бары-забягалаўкі. А яшчэ тут і базарчык, і чорны рынак, на якім адбываюцца маланкавыя здзелкі на кантрабандныя тавары. У вірлівым натоўпе і шматмоўнай гамане робіцца гэта непрыкметна, а для грошай законы не пісаны. Ва ўсякім разе, паліцэйскія, што сяды-тады паяўляюцца тут, не заўважаюць ці не хочуць заўважаць нічога процізаконнага.
Радж, калі вяртаўся з заняткаў у містэра Ромеша, дзе браў урокі каратэ, таксама ішоў да фантана. Ад той прыватнай школы каратэ, якую адкрыў Ромеш у адным з падвалаў дома сёмага сектара, да плошчы было ўсяго якіх метраў дзвесце. І Радж прысаджваўся на борцік фантана. Прыемна было пасядзець, слухаючы лагодны плюскат і шыпенне вады, адчуваць, як стома пакідае развярэджаныя і натруджаныя суставы, сціхае боль у мышцах. Даваў містэр Ромеш нагрузку максімальную, кімано штораз даводзілася вывешваць на прасушку ад поту, а то і замываць.
Сядзеў расслаблена, забаўляўся з вадою і ў думках перабіраў Ромешавы павучанні. Каб добра служыць свайму народу, трэба быць фізічна дасканалым. Толькі такі чалавек можа і за сябе пастаяць, і другому памагчы, і народу карысць прынесці. Ромеш ледзь не маліўся на фізічную дасканаласць чалавека і бачыў у каратэ і паратунак, і зброю ў барацьбе за лепшую будучыню народа. Смешны і наіўны Ромеш: як быццам неба можна пратыкнуць кулаком! Ды прыёмамі каратэ могуць дасканала валодаць і ворагі народа, усялякія крывасмокі і прыгнятальнікі.
Адно добра: дзякуючы гуртку пазнаёміўся з некалькімі неблагімі хлопцамі-грузчыкамі з порта, электрыкамі з гатэляў, музыкамі з рэстаранных аркестраў, афіцыянтамі, матросамі з выратавальнай службы. Просты, свойскі народ.
Погляд Раджа слізгаціць па тварах. Механічна адзначае, хто мясцовы ці, ва ўсякім разе, з тропікаў, а хто прыехаў здалёк. У мясцовых скура цёмна-рудая, часам нават карычневата-сіняя, адны кітайцы жоўтыя.
Прайшлі двое пад ручку, адзін з іх таўстун з бліскучым кійком. Вуха Раджа ўлавіла:
— Тут такое казіно-райяль! Лепшае, чым у Манака, — у захапленні ўзмахваў кійком таўстун.
— А я ў рулетку не адважваюся. Жабраком можна астацца.
— Хэ, у карты таксама можна прагуляць.
Калі праходзілі дзяўчаты, погляд Раджа на іх затрымліваўся даўжэй. Прыкідваў, мог бы ў якую закахацца ці не. Яму хацелася ўжо кагосьці кахаць — узрост такі. Дваццаць гадоў ужо!.. «А я і ўяўлення не маю, што такое каханне…» — уздыхалася яму.
Ужо можна было і папіць, і ён паклікаў хлапчука з каляскаю. Развозіў той у шкляным чане, падобным на акварыум, какосавы сок з долькамі апельсінаў, мандарынаў, ананасаў, драбкамі лёду.
— Чарпні разок.
Піў, а сам усё прыглядваўся да людзей. І здалася яму адна постаць знаёмай. Нават не постаць, а хада чалавека. Аддаў хуценька хлапчуку конаўку, кінуў пяціцэнтавік і бегма за тым маладым чалавекам. Ён ведаў хаду гэтага чалавека з дзяцінства: роўненька ідзе, нібы гляк з вадою на галаве трымае. Ён ці не ён? Ён ці не…
— Амара!
— Радж?! — азірнуўся малады чалавек. Абняліся, утварыўшы сярод людзей нерухомы астравок. Пасыпаліся звычайныя ў такіх выпадках пытанні: «Ну — дзе ты? Што парабляеш? Як тут апынуўся?» Больш, вядома, пытаў Радж, бо ў самога Раджа амаль нічога не змянілася.
— Ты як знік з Біргуса, дык больш і не ведаеш нічога, што там нарабілася? — у гэтым пытанні Амары Радж пачуў прыхаваны боль і спачуванне. Адмоўна пакруціў галавою, упіваючыся вачыма ў вочы сябра, а сэрца ўжо балюча заныла. — То мне многа што ёсць расказаць… Чаго мы тут стаім? Давай сюды, у «Лятучую рыбу», — паказаў Амара на бар-рэстаран, на франтоне якога скакалі рознакаляровыя неонавыя рыбы з плаўнікамі-веерамі.— Мне да работы яшчэ гадзіна, пасядзім, пасмокчам кактэйлю.
— А дзе ты працуеш?
— Ды тут жа, у «Лятучай рыбе». Па начах… Сёння чацвёртая ноч будзе. Пасудамыйнікам… Я папрашу буфетчыка, дасць напавер.
— Не, даражэнькі. Плачу я, наяўнымі. Ты яшчэ абжывайся.
— Ну добра, толькі наступны раз — я. Пайшлі абняўшыся.
Усе месцы за столікамі былі занятыя. Амара арганізаваў два месцы за службовым столікам, сам і кактэйлі прынёс з саломінкамі.
…Радж слухаў яго расказ пра ўсё, што натварылася на востраве, і плакаў, як мага прыціскаючы далоні да твару, каб не так вырываліся прыдушаныя рыданні.
— А дзе… пахавалі маці? — знайшоў нарэшце сілу спытаць.
— Не ведаю… Нас жа, жывых, загналі на катэры і павезлі… А там, на Біргусе, бульдозеры ўсё спляжылі. Скрэперы раўнаваць будуць, экскаватары капаць катлаваны пад усякія сховішчы… Няма месца для магілы на Біргусе!
Амара яшчэ расказаў, як шукалі прыстанішча на Горным — спачатку ў балоце, потым, з Янгам, у гарах. І нічога не знайшлі, не было месца біргусаўцам і там, і ўсе пачалі разбрыдацца хто куды.
— А бацька дзе? Янг? На Горным засталіся?
— Я ад'язджаў сюды, то былі на Горным… Ка-хы-ы… Не хацеў табе яшчэ і гэта гаварыць, але скажу. У цябе ж і з бацькам нелады: памуціўся ў розуме… Як убачыў тады, што з маці натварылася, дык і…
Шклянка прыглушана пэнкнула ў руцэ Раджа, па стале расцяклося пітво…
— Прабач, дружа… Не пра такое я хацеў бы гаварыць табе. Але ж… Я ад'язджаў, то бацьку трымалі пад замком… Дзед Амос і Ганеш апекавалі яго, на адной вадзе трымалі. Пост яму рабілі, ачышчэнне. Я чуў, што хацелі, каб на храмавае свята на Галоўным кавадзі нёс з дарамі Вішну.
— Дык ужо ж прайшло гэта свята! Дзе яны зараз, не ведаеш?
— Не. Нікога з біргусаўцаў пасля не бачыў… Кроў на стале… Парэзаўся?
Радж пасмактаў далонь, сплюнуў пад столік.
— Глыбока? Пасядзі… Я зараз пашукаю чаго для перавязкі. І прыбяру тут.
Радж ужо не чуў Амару. Ганяў па ружовай лужыне на стале празрыстыя асколкі. Увушшу звінела… То хацелася сарвацца з месца і некуды бегчы, крушыць-ламаць усё на сваім шляху, то схапіцца за крыс, пусціць яго ў ход. Але на каго падымаць руку? Супраць каго канкрэтна? Канкрэтныя віноўнікі былі там, на Біргусе. «Бедны Янг, колькі яму давялося перажыць за гэтыя дні! Дзе яны цяпер, як жыць будуць?» — гарачлівыя думкі цясніліся ў галаве.
Калі вярнуўся Амара і пачаў забінтоўваць яму далонь, Радж папрасіў і яго напытваць работу для аднаго добрага хлопца.
2
«Усё… Ходу адсюль! Чым надалей! І больш не пападацца…»
Нідзе ні душы, на вуліцы амаль поўны змрок. Дзве-тры лямпачкі высвечваліся сям-там на слупах жоўтымі плямамі. У іх трапяталі кажаны, лавілі начных тлустых матылькоў. Варожа і страхотліва чарнеў цераз вуліцу нейкі сквер. Там, мусіць, была і сажалка. На фоне неба веерныя пальмы здаваліся ўтыканыя шаблямі. На Біргусе Янг не ведаў ніякіх начных страхаў, мог ісці ў лес у любы час ночы. А тут, у самым галоўным горадзе султаната, на Галоўным востраве, яму было страшна.
Павярнуў направа — там, па яго меркаванні, павінен быць порт. І ў тую ж хвіліну пачуў са скверыка прыглушанае: «Э-эй!» Цераз нізенькі плоцік перамахнула невысокая фігурка, кінулася да Янга цераз вуліцу.
— Хай цябе… Я ўжо думаў, які бандыт. — Янг спалохана сплюнуў пад ногі Абдуле.
— А што ў цябе можна забраць? Голы як рыба. Затое ў мяне… На во, еш… Халера, папера размокла… — Абдула дастаў з-за пазухі нейкія цёмныя камячкі з прыліплымі рэшткамі папяровай сурвэткі. Адзін кавалачак упаў пад ногі, і Абдула падняў яго, нібыта дзьмухнуў для прыліку, кінуў сабе ў рот. — Чаго глядзіш? Еш! Гэта з «Трыдакны». Твая порцыя чучы. Мяса, вымачанае ў соусе, падсмажанае на цурачках. Смаката!
Янг падставіў абедзве далоні, потым умесціў усё на левай далоні, адзін кавалачак укінуў у рот. Хлынула сліна, у жываце зарэзала. Толькі цяпер ён адчуў страшэнны голад. Смачнае было мяса, пякучае ад перцу, трохі кіславатае ад соусу. Праглынуў, амаль не жуючы, адзін кавалачак, другі, і схамянуўся: Абдула праводзіў вачыма кожны кавалак. Далей ужо еў так: адзін кавалак кідаў у рот сабе, другі — Абдуле.
— Ты не глытай, як акула. Жуй доўга-доўга, а потым смакчы, як цукерку, і зноў жуй, — павучаў Абдула. Але вучыцца есці так, як Абдула, не было ўжо на чым, мяса скончылася.
— Ты звечара і сядзеў у скверыку?
— Ну! Я цябе чакаў, чакаў у «Трыдакне», бачу ў акно — пайшоў ты на Партовую. «Што такое?» — думаю. Мы ж дамовіліся паабедаць. Я яшчэ не сустракаў чалавека, які б ад гэтага адмовіўся. Я хуценька праглынуў сваё і з тваёй талеркі соус вылізаў. Ага… А тут бачу: нейкія тыпы адарваліся ад акна і на вуліцу, за табою. Я тваё мяса ў паперку загарнуў і таксама выскачыў. Прайшоў трохі і бачу: цябе цап-царап, гоп у машыну, фыр-р-р… Ну, куды ж, думаю, калі не ў паліцыю? І бягом следам.
— І ўсю ноч сядзеў?! — не перастае дзівіцца Янг.
— Я і ляжаў, не толькі сядзеў. Задрамаў быў і спужаўся: а раптам цябе ў гэты час выпусцілі?
— А калі б мяне ўвогуле не выпусцілі — колькі б ты сядзеў?
— Гэтую ноч да канца і яшчэ дзень. Я так рашыў. Я ўсё за вокнамі сачыў, якія свецяцца, хацеў угадаць, у якім ты. Прыкідваў, ці можна залезці, каб выручыць цябе.
— Але, залезеш! Там жа краты на ўсіх вокнах, а знутры пры дзвярах вартавы з пісталетам.
— Во як… А я чакаю і чакаю… Не можа такога быць, думаю, каб дзяцей доўга трымалі… невінаватых. А ты ж бяскрыўдны, як чарапаха. На табе ездзіць можна! Цябе хто захоча, той і абдурыць!
— Не вельмі…— сказаў Янг і пакашляў. Праўду кажа сябар, чыстую праўду. Не прыстасаваны ён да гарадскога жыцця зусім.
— Слухай, а куды гэта мы разагналіся? Я жыву не ў тым баку! — спахапіўся Абдула. — Давай во сюды… — звярнуў у нейкую папярэчную вуліцу. — У мяне ж, я табе казаў, тапчан — во які! — зрабіў тры вялікія крокі.— А ўшырыню — во! — развёў рукі.
Жытло Абдулы было блізка ад праспекта. Зайшлі ў вестыбюль высознага дома, падаліся ў закутак каля лесвіцы. Янг убачыў, што схованка пад першым маршам лесвіцы адгароджана ад вестыбюля сценкаю, устаўлены дзверцы, у іх можна зайсці сагнуўшыся. У верхняй частцы дзвярэй чатырохкутная дзірка — як пацуку пралезці. Стукалі доўга і за ручку тузалі — ніхто не адчыняў.
— Дрыхне, наркаман няшчасны… — уздыхнуў Абдула.
Узяў у кутку мятлу, выламаў цурачку і прасунуў у шчыліну паміж дзвярыма і вушаком, хоць таго вушака і звання не было, падчапіў кручок. Ён упаў, бразнуўшы аб дзверы.
Адчынілі, у твар дыхнула цяжкае, сырое паветра. Абдула працягнуў руку недзе ўправа, пстрыкнуў выключальнікам. Янг убачыў каморку, зробленую некалі для таго. каб хаваць мётлы і вёдры прыбіральшчыцам. Канапа стаяла злева, дзе навісала лесвіца. Побач з канапаю можна было нават стаяць, на гэтым месцы спаў, падкінуўшы цыноўку, худы, як шкілет, стары.
— Завальвайся… — паказаў Абдула на тапчан. — Ага, а ты ўсё зрабіў на дварэ, што трэба? Бо ў нас тут ніякіх туалетаў няма.
Янг на гэта нічога не сказаў.
— А чаму ён спіць доле, а не на тапчане? Вы маглі б і ўдвух памесціцца.
— Маглі б. Але там ён лепш упадабаў: няма куды падаць. Ты лёг? Выключаю… — Абдула ўзяў дзверы на кручок, а тады ўжо выключыў святло. Прабраўся да Янга навобмацак.
— Шкада… Стары ён усё-такі.
— Ды які ён стары? Трыццаць пяць — сорак гадоў. Гэта ён з-за наркотыкаў стаў, як дзед. Усе свае грошы пускае на гераін. Не дзядзька мяне, а я яго ўтрымліваю. Шкада — хворы, няшчасны чалавек… І тапчана шкада, нічога больш у нас няма. Тут хоць над галавою не капае… А так хочацца збегчы куды вочы глядзяць!
— Ты пра мяне ўсё ведаеш, а я пра цябе — не. Дзе твае бацькі падзеліся?
— Бацька рыбаком быў, загінуў у шторм. Нечакана тады шторм наляцеў, многа лодак не вярнулася. А маці ўмудрылася другі раз замуж выйсці, за нейкага гандляра. З'ехала ажно ў Інданезію.
— Ты хто па веры? — пацікавіўся Янг.
— І сам не ведаю. Мо мусульманін? Памятаю, што некалі дзядзька, пакуль не апусціўся, цягаў мяне ў мячэць. Тут, у Свійттаўне, і мячэці ёсць, і буддзійскія храмы, і цэрквы ўсякія.
— Мне ўсё роўна, якое ты веры. Я буду дружыць з табою ўсё жыццё!
— І я з табою, Янг… — Абдула абняў яго. — Я табе братам буду. Нас цяпер трое братоў — ты, я і Радж. От бы пабываць на Раі, з Раджам пазнаёміцца, у дэльфінарый заглянуць! Дэльфіна зблізку паглядзець, пагладзіць.
— Пабываеш! Я думаю перабірацца да Раджа, а калі-небудзь і ты перабярэшся. Я таксама яшчэ не бачыў зблізку дэльфінаў. Радж казаў, яны амаль ручныя, свойскія. А што пад вадою робіцца — як у чароўнай казцы! Я нічога так не хацеў бы, як паплаваць пад вадою. З аквалангам!
— Няма дзіцячых аквалангаў, не разганяйся.
— А не ўсё роўна, дзіцячы ці дарослы? Маску падагнаць можна, а балоны… Нам жа менш трэба паветра, чым даросламу, на тых самых балонах можна і даўжэй прабыць пад вадою, і заплысці глыбей. А ты ведаеш, як я плаваю? Адку-уль! Я лепш за ўсіх малых на Біргусе плаваў і пад вадою магу больш прабыць не дыхаючы.
— Не хваліся вельмі.
— Хочаш — на заклад? Я цябе абганю ўраз.
— Я слаба плаваю, не было калі бегаць на мора.
— А яшчэ ведаеш, пра што я мару? Пабываць з аквалангам на возеры… Ёсць на Горным возера, мы там з Амараю былі, хацелі зямлю знайсці, каб біргусаўцам пасяліцца. І мы такое там бачылі! Толькі ты дай слова, што нікому ні гу-гу!
— Каб мяне акула зжэрла! — пакляўся Абдула.
— Золата ў тым возеры ёсць. Там двое англічан ці амерыканцаў, аднаго Штам зваць, лазілі… Усе рэчачкі і ручаі перапаролі, зямлю настармачылі. Усё прамывалі пароду ў бляшаных рэшатах — кружаць, кружаць, кружаць. Потым тое, што зверху, лягчэйшае, выкідваюць, асадак глядзяць. Так золата шукаюць — Амара казаў.
— Вось гэта штука-а! — Абдула ажно сеў.
— Яны і з дна возера чэрпалі пясок, гравій, глядзелі. Каб нічога не знаходзілі, то столькі б не пароліся… Залаты пясок і самародкі вельмі цяжкія, яны на дно асядаюць. Тыя двое без акваланга плавалі, толькі з маскаю і трубкаю. А вось каб з аквалангам нырнуць!.. Мы пайшлі адтуль з Амараю, а тыя засталіся лазіць.
Абдула часта задыхаў.
— Вось бы нам знайсці па самародку! Абмянялі б на грошы… За золата многа грошай даюць.
— Золата — самыя лепшыя грошы. А што б ты зрабіў з самародкам, каб знайшлі?
— За золата можна знайсці ўрача, бальніцу, дзе наркаманаў вылечваюць. Дзядзьку б на ногі паставіць, тады б я ад яго паехаў… А так — не магу пакінуць старога… І яшчэ: я паступіў бы вучыцца ў коледж.
— І я! Перш за ўсё — вучыцца… Каб потым і на капітана вывучыцца, па ўсіх морах і акіянах плаваць. Увесь свет аб'ехаць! Можна плысці на захад, марак Дуку расказваў, а вярнуцца з усходу… Усё плысці і плысці, і прыплывеш з усходу.
— Я чуў пра гэта. Але не верыцца.
— Праўда-праўда, бо зямля круглая. От глядзі… Дай сюды галаву… От так: паплывём ад левага вока…
— Не выпары, капітан дальняга плавання.
— …ад левага вока паплылі…— Янг заперабіраў пальцамі па галаве Абдулы. — Кругом, кругом… Над адным вухам, над другім… А во ўжо і правае вока, і во — зноў левае. Прыплылі! З другога боку… Зразумеў?
— Ага… Мы будзем сёння спаць ці не?
— А мне і не хочацца. Чаго ты чухаешся, як свіння?
— Ды клапы, мабыць, папрачыналіся, палезлі.
— А што гэта такое? Маскіты?
— Не ве-едаеш клапоў?! Шчаслівы чалавек… Насякомыя такія, рыжыя, пляскаценькія, смярдзючыя. У шчылінах жывуць… А кусачыя — страх!
— Не было на Біргусе клапоў. Хіба што амерыканцы завязуць… Ой, і мяне куснуў! Давай пабяжым дзе-небудзь у сквер, на свежае паветра. На траўку ляжам… А то тут задыхнёмся ўтрох.
— Нічога, нічога… Ты яшчэ не ведаеш, не спазнаў добра, што такое не мець даху над галавою.
Чухаючыся, палеглі. Янг, змораны ўсімі прыгодамі, пачаў драмаць, як Абдула таўхануў пад бок:
— Чуеш? Мы ўсё-такі пабываем на возеры. Паклянёмся давай!
— Клянуся!
— І я клянуся!
3
Пуол бадзяўся як беспрытульны. Супярэчлівыя пачуцці раздзіралі душу. Страх, як туман, ахутваў з галавы да ног. З-за прыступаў гэтага страху адмаўлялася варыць галава. Думкі ліхаманкава пераскоквалі з аднаго на другое. Што рабіць, куды кінуцца? Як перабрацца на Рай без цэнта ў кішэні?
Палавіна дня мінула, засталося яшчэ два з палавінаю дні, якія далі яму для выканання задання. А ён яшчэ і на прасянае зернетка не прыдумаў, як выканаць тое заданне, знайсці таямнічага «R.S.». «Буду Раджа шукаць на Раі… Усё-такі таварыш, сябравалі быццам бы некалі. Ён таксама ў дэльфінарыі працуе, усіх там ведае. Мо падкажа…»
Ноч дабыў Пуол у знаёмым скверыку на знаёмай лаўцы, нават валацугу спароў таго самага. Галодны, нявыспаны, з закарэлымі са сну вачыма пацёгся на базар — там лягчэй што-небудзь раздабыць. Ішоў і сяды-тады, выпрацоўвалася ўжо звычка, азіраўся. Часам здавалася (а мо проста ў страха вочы вялікія?), што нейкія падазроныя асобы віжуюць за ім.
Яму пашанцавала: натрапіў на былога старасту Ганеша і дзеда Амоса. Ганеш, мабыць, зусім аслеп, бо Амос трымаў яго пад локаць, падказваў, як ступаць, куды паварочваць. На паясах у аднаго і ў другога віселі доўгенькія бляшанкі-кансервы, у іх брынчалі медзякі.
— О, землякі, каго я бачу! Здаровыя былі! — першы зачапіў іх Пуол, і прывітанне яго было зусім непачцівым для іх узросту. Для блізіру пачаў распытваць пра здароўе, пра жыццё-быццё на Галоўным. Папытаў, ці не чулі, як там бацька з маткай на Горным пажываюць.
Амос ахвотна адказваў, увесь час звяртаючыся да Ганеша: «Ты чуеш, хто гэта з намі гаворыць? Сын Джывы… Такі гарадскі стаў, такія туфлі абуў…» — «А-а, той рыштанюга, што бацьку абакраў… Ведаю, ведаю…» — адказваў Ганеш.
— Стары! Калі хочаш ведаць, я нічога не краў. Пазычыў проста. Разбагацею — у два разы больш аддам. А ў цябе што тут звініць? — Пуол перавярнуў бляшанку Ганеша сабе ў жменю, тут жа хуценька і Амосаву. — І ў вас пазычаю, аддам з працэнтамі. О, ды ў вас тут крыха нейкая… Вы больш жаласліва прасіце… Ну — за мною не прападзе. Адзью, дзядулі! Шліце тэлеграмы на Горны з прывітаннем ад мяне! — і нават не азірнуўся, знік у натоўпе. Старыя патапталіся, пакруціліся ашаломлена: хто сказаў, што злодзей не страшны таму, у каго кішэні пустыя?
«Цяпер у порт… Паабедаю ў «Трыдакне» і сёння ж паспрабую перабрацца на Рай. Авось удасца… Эх, мала дзяды нажабравалі…» — пашкадаваў Пуол.
І ўсё ж настрой яго палепшаў. Ішоў і нават падчэкваўся на пальчыках. Але галава была забіта думкамі, і, пераходзячы вуліцу, сутыкнуўся з рыкшаю. «Глядзець трэба, чмут!» — гыркнуў на худога, жылістага мужчыну. Той не змоўчаў, таксама аблаяў яго, падняў аглабелькі-раму каляскі з пажылою японкаю і з месца набраў разгон.
Ішоў Пуол і пляваўся. Сутычка здалася нядобраю прыкметаю.
Ён памятаў Чжанавы словы, што абедаць у «Трыдакне» трэба ў правым кутку. Мабыць, першым кутку, а не дальшым, бо дальшы быў недзе за буфетнаю стойкаю.
Сеў спінаю ў самы куток. За гэтым столікам ужо сядзелі змрочны барадаты індус у чалме і стары з галавою, усыпанай белаю шчэццю ад барады да макаўкі. Барада старога дробненька дрыжала, нібы ніяк не мог пацэліць зубам у гарошыну. Ні адзін, ні другі не выклікалі ў Пуола падазрэнняў. Стараўся чакаць заказу спакойна, а сам украдкаю азіраў залу, абмацваў позіркам усіх, хто жаваў, сядзеў, хто піў ля буфетнай стойкі. Час ад часу пакручваў галавою, нібы яго душыў каўнер.
Барадач у чалме і шчаціністы стары пайшлі. На іх месца ад буфета адразу прыйшлі два спацелыя здаравякі ў касцюмах, з бутэлькамі піва і шклянкамі ў руках, хоць можна было знайсці свабодныя месцы і за іншымі столікамі. Селі на крэслы ўпрытык да Пуола — справа і злева, пацмокалі крыху піва са шклянак. Адзін падаўся галавою бліжэй да Пуолавай талеркі.
— Пуол? Не ўскоквай, паводзь сябе спакойна і проста. Мы з паліцыі…— прашаптаў ён.
— Даядай, даядай — мы пачакаем, — сказаў другі.— Піва сербанеш? Добра смагу наталяе ў гарачыню… Не хочаш? Ну, як хочаш. Зірні цяпер пад стол…
Пуол трохі падаўся ад стала, схіліў галаву. Правы мужчына паказаў яму наручнікі і паціху, каб не звякаць, схаваў іх у кішэню. Пуол механічна кінуў у рот камячок ямсавай кашы-пюрэ. Мяккі, жаваць не трэба, а ён прыліп у горле — ні туды, ні сюды, ажно гыкнулася, пацягнула на ваніты.
— Пойдзеш адсюль спакойненька, гуляючы. Ты ж не хочаш, каб цябе бралі ў наручнікі? У цябе дастаткова віны для гэтага… Але ты спакойненька ўстанеш і пойдзеш. На плошчы звернеш на Партовую, за рогам стаіць «Таёта». Адчыняеш заднія дзверцы і садзішся… Паводзь сябе прыстойна, салідна, бо ад кулі не ўцячэш, — паляпаў па вытырклай кішэні першы.
Пуол спакойненька выйшаў з «Трыдакны». У двух кроках ззаду, таксама гуляючы і мармычучы нейкую песню, ішлі тыя двое. Зрабіў усё дакладна, сеў у машыну на задняе сядзенне. Тыя двое тут жа селі справа і злева ад яго, адначасова ляснулі дзверцамі.
У паліцэйскім участку ён трапіў да насатага афіцэра. Пасадзілі перад сталом.
— Закурвай… — пасунуў афіцэр Пуолу цыгарэты.
Пуол працягнуў да пачка руку, але пальцы не слухаліся, цыгарэту ўпусціў, давялося падымаць яе з долу.
— Мне дакладвалі: ты вёў сябе спакойна, — афіцэр пстрыкнуў запальнічкай, паднёс прыкурыць. — Гэта плюс табе… Уся твая эпапея з чалавекам у ружовай касынцы і Янгам нам вядомая. Ты абвінавачваешся ў тым, што ўступіў у злачынную сувязь з падпольнай бандай-трыядай, якая займаецца наркотыкамі.
Аднаго гэтага дастаткова, каб згнаіць цябе ў турме. Але свой лёс ты можаш аблегчыць, вядома… Чыстасардэчна раскажы, хто табе даручаў ісці на сувязь з тым чалавекам, да якога ты падаслаў Янга. Дзе ён жыве, якія прыкметы?
— Яны мяне з-заб'юць!.. — Пуол не вытрымаў, затросся ад плачу. — Яны т-такога мне ніколі не даруюць!
— А яны і ведаць не будуць, што ты нам штосьці расказаў. Мы ж цябе публічна не арыштоўвалі, у наручніках не вялі…— голас у афіцэра мяккі, нават бацькоўскі.
— Ага! Вы не ведаеце «Белай змяі»… У іх усюды вочы і вушы, усюды свае людзі…
— Нават тут? — крыва ўсміхнуўся афіцэр, пастукаў пальцам у свой стол.
— Чжан усё ведае. Нават пра тое, што вы сачылі за мною да самай кватэры. Яны ўжо прыкрылі гэтую кватэру — і канцы ў ваду.
— Чжан — гэта хто? Імя сапраўднае ці выдуманае?
— Не ведаю. Ён кітаец, зараз паранены ў нагу, з кватэры не выходзіць.
— Адрас!
— Не ведаю. Абодва разы мне завязвалі вочы, нават ноччу. Доўга вадзілі, марочылі — управа, улева, угору, уніз…
— А калі мы іголачак пад кіпці загонім табе? Не многа, па адной на кожны пальчык. Во-о такенькіх! — развёў афіцэр пальцы сантыметраў на дзесяць. — Гавары праўду! — прыкрыкнуў.
— Я і т-так… праўду… — Пуол скрыгатнуў зубамі, стрымліваючы дрыготкі плач. — Я яшчэ нічога не ведаю! Мяне нікуды не дапускаюць! Заданне выпрабавальнае давалі…
— Грошай хочаш зарабіць? Ты можаш някепска і ў нас зарабляць, калі часам трохі што раскажаш. Нас цікавяць яўкі, тэлефоны, кватэры членаў трыяды, адрасы падпольных лабараторый па перапрацоўцы опіуму, хто агенты па забеспячэнню сыравінай, месца захоўвання яе, агенты па збыту… Дзе іх марская база, якім транспартам валодаюць, што маюць на ўзбраенні… Пра тое, што ты нас інфармуеш, ніхто, акрамя мяне, ведаць не будзе. Адсюль мы цябе вывезем тайком, каб ніхто не бачыў, што ты быў у нас… Падпішы во гэтую паперку, вось тут во… Укажам табе тайнік, захочаш што напісаць — кінеш туды. А яшчэ лепш — пазвоніш па тэлефоне 11-00-22. Запомніў? Любому, хто здыме трубку, скажаш усё, што хацеў сказаць… Клічка твая будзе… Ну, скажам, Кантужаны… І мы на гэты раз памілуем цябе, не будзем прыцягваць да судовай адказнасці. Праз тайнік атрымаеш першы аванс — пасля першага званка-паведамлення.
Пуол заціснуў далоні між каленяў, угнута ківаўся, нібы збіраўся ўпасці пад стол, прыхавацца ад позірку афіцэра, ад яго слоў.
— Ну?!! — грозна прыкрыкнуў афіцэр, і Пуол уздрыгнуў, разагнуўся.
— З т-такой умовай… — рашыў патаргавацца Пуол. — Вы мяне зараз т-тайком завезяце на Рай, у вас ёсць на чым. Мне трэба заданне выканаць для Чжана, а то мне не будуць верыць.
— Гэта для нас дробязь. Якое заданне — не пытаю. Потым, калі захочаш, раскажаш, — афіцэр схіліўся над сталом, яшчэ бліжэй пасунуў да яго паперку для подпісу.
Пуол дрыжачаю рукою ўзяў ручку… «А хай бы ж папытаў, якое заданне! Хай бы ж!.. Мне ж чалавека трэба забіць… Можа, самому сказаць? Мо яны што прыдумаюць, каб як адкруціцца ад гэтага? Але што яны могуць прыдумаць? І для «Белай змяі» ніякага апраўдання не існуе. Не зраблю — самому смерць…»
Быў момант, калі ўставаў з крэсла, хацеў заенчыць: «Мама-мамачка! Нашто ты мяне нарадзіла на свет?!»
Частка другая Калі плачуць дэльфіны…
Раздзел першы
1
— Я ёсць італьяно… Ты мяне разумееш? Ты мяне заві сіньёра Тэрэза. Добра? Або донна Тэрэза.
Італьянка не магла памаўчаць і хвіліны. Сыпала і сыпала словамі і ўсё дабівалася ўвагі ад Янга: «Ты мяне разумееш?»
— Ты ніколі не быў у Рома? Не? О, повэра бамбіно, беднае дзіця… Гэта лепшы горад у свеце! Якія там палаццо! Такіх прыгожых дамоў ты не ўбачыш больш нідзе! Ну, чаму ты ўсё маўчыш? Ты такі малінконіко, сумны… Трэба быць оццімісто! У вас тут такая прырода, такі акіян!
Сіньёра Тэрэза на кожным кроку ўсклікала «Ой!» ды «Ой!» — усё з нечага дзівілася. Янг у думках так і празваў яе: «мадам Ой».
— Ой, мамма мія! Дзе ў вас поўдзень? Там?! Ой, дык у вас сонца не туды ідзе! Не злева направа, а справа налева! І яно ў вас… Ну але, трошкі на поўнач, не над самаю галавою!
Янг ішоў уперадзе сіньёры Тэрэзы, нёс на руках яе Тота, чорнага смешнага і калматага сабачку. З-пад доўгіх кудлаў Тота выглядвалі рахманыя і вясёлыя вочкі. За пярэднія лапаткі і грудзі сабачка быў адмыслова забэрсаны раменьчыкам.
Калі Тота адпачыў, Янг накруціў канец раменьчыка на кулак і пусціў сабачку на дол. Пабег Тота, старанна целяпаючы ружовым язычком, дыхаў цяжка: душна! Кожны рог дома, кожны слуп ці пальму ён абнюхваў, задзіраў ножку. Мадам Ой папераджальна ўзнімала палец: не перашкаджай, а то будзе нервовы.
Янг ведаў толькі такіх сабак, якія вадзіліся на Біргусе, і тых валацуг, што бачыў каля храма. А такое дзіва, як Тота, бачыў упершыню. Дый жанчыны такой не бачыў: сукенка белая, празрыстая, плечы зусім голыя, на галаве велізарны белы капялюш, а над капелюшом нібы яшчэ адзін капялюш, толькі ў два разы большы — японскі парасон ад сонца. Парасон сіньёра трымала ў левай руцэ, а ў правай пусты калматы мяшок і вялізную сумку, падобную на кашалёк. А паколькі ў італьянкі не было трэцяй рукі, каб весці Тота, дык яна і наняла Янга адразу, як выйшла з гатэля «Белая архідэя» пагуляць, пазнаёміцца са Свійттаўнам. Янг якраз тады спяшаўся з Абдулою ў порт, сябар абяцаў павучыць яго камерцыі — гандлёвай справе.
«Вызвалішся — прыходзь туды!» — пракрычаў на развітанне Абдула і падміргнуў Янгу: маўляў, не губляйся, ад гэтай цётачкі можна дабіцца неблагога прыварку.
— Янг, чаго ты маўчыш? — перапыніла донна Тэрэза яго ўспаміны. — У цябе ёсць мама?
— Няма.
— Мадонна мія… А падрэ, папа?
— Таксама няма… — уздыхнуў Янг. «Малахольная нейкая… Чаго яна лезе ў душу? Хоча, каб я разроўся на ўсю вуліцу?»
— Ой, ой!.. Я адразу адчула інтуіто, што ў цябе штосьці не так. Бэль бамбіно — прыгожы хлопчык, і такая трагедыя. Дык што, ты так і жывеш адзін?
— Так і жыву. Брат у мяне ёсць, на Раі працуе.
— О, Рай! Вечарам я таксама еду на Рай. Цэлы месяц пабуду ў Раі!
Заходзілі ў чарговы магазін, і сіньёра Тэрэза шырока расплюшчанымі вачыма разглядвала чорныя драўляныя маскі з вышчаранымі зубамі і лупатымі вачыма, прымервала пацеркі: «Караллё! Караллё!», капелюшы з пальмавага лісця. Розных пацерак, у тым ліку з чорнага карала, яна ўжо купіла некалькі. Соўгала ў сумку і бамбукавыя сурвэткі, бліскучыя ракавіны, тырчалі з сумкі і дзве маскі. Прадавец, бачачы, што яна не купіць у яго пацерак, пасунуў да яе цацачны чаравічак. Ціскануў штосьці ў ім, і з чаравічка порстка вытыркнуўся чорцік, дзіка, нібы ў яго балеў ад смеху жывот, зарагатаў, чаравічак задрыгаў, засоўгаўся па прылаўку.
— Мадонна мія! Дзіяволо! Бяру. Колькі каштуе?
Плаціла сіньёра Тэрэза не таргуючыся, і яе, вядома ж, абдурвалі, беручы ўдвайне, а то і ўтрайне. Хутка сумка яе напоўнілася ўсякай непатрэбшчынай.
Дайшлі да базару, і донна Тэрэза стала, нібы аслупянеўшы. Столькі радоў гандлярак! І каля кожнай горы ўсялякай садавіны і дзівосных, нябачаных раней пладоў. Грэйпфруты — як дзіцячыя галовы, гронкі бананаў — як удвух панесці…
— Туцці-фруцці! Туцці-фруцці! — шаптала і ажно дрыжала. Раптам сарвалася з месца: — Коко! Коко! Які вялізазны! Янг, давай пап'ём соку з гэтага какоса, я чула, што гэта вельмі смачна!
Яна выбрала два самыя буйныя і спелыя какосы, падала прадаўцу, каб ускрыў. Але той сказаў, што ў такіх ужо не будзе соку, а цвёрдае ядро, і выбраў сам, спрытна ссек макаўкі, падаў.
А далей пайшло-паехала. Італьянка навальвалася на бананы, сырыя і смажаныя, прыплюшчвала ад смакаты вочы: «Грандзіёзо!» Частавала і Янга: «Прэміё! Прэміё!» Пару какосаў і фунтаў чатыры бананаў запхнула ў мяшок і дала яго несці Янгу. Каштавала яна і папайю, рамбутан, мангіс, дуку, зноў пхала сёе-тое ў мяшок, і той разбухаў і разбухаў. «Табе не цяжка, міленькі?» — пытала кожны раз і тут жа забывалася пра гэта. Спакусіў яе адзін прадавец і дурыянам. Донна Тэрэза, хоць і зморшчыла ад паху нос, адважна грызянула белую мякаць крышаня, смактанула костачку. І застыгла з гідліваю грымасаю, разявіўшы рот і як мага зажмурыўшыся. Сплюнула пад ногі, пачала кіпцямі драпаць язык, выціраць і яго і пальцы хусцінкай, потым шпурнула хусцінку ад сябе. «Ой, коко! Коко!» Янг дагадаўся, прынёс рассечаны малады какос, каб папаласкала ў роце. Вакол іх ужо стаяў рогат: «Сіньёра, трэба з'есці ўвесь плод, тады адчуеце сапраўдны смак!» — «У мяне смачнейшы, купіце яшчэ і ў мяне!» Назбіралася хлапчукоў, гладзілі Тота па галаве, патузвалі за хвосцік. А той хлопец, што даў ёй пакаштаваць дурыяна, разрэзаў яго на кавалкі і са смакам, з найвялікшай асалодай выскрэбваў іх нажом, запіхваў у рот, нібы рабіў жывую рэкламу фантастычнаму плоду.
— Гэта здзек над чалавекам! Нават мой Тота не будзе есці такое паскудства! Гэта маліна з часнаком, перцам і клапамі!
Чым мацней яна абуралася, тым больш рагаталі. Пад гэты рогат яны і адыходзілі.
Не прайшлі і палавіны базару, як у мяшок ужо нельга было нічога ўбіць, а сама сіньёра так накаштавалася ўсякіх «туцці-фруцці», што ёй зусім стала кепска. Аддала Янгу і сумку.
— Аванці, Янг! Уперад! У гатэль! — і часценька зацокала абцасамі.
2
— Ну во… Пока а пока7 і прыйшоў! — пачуў Янг за спінаю голас сіньёры Тэрэзы і ўздрыгнуў. Замлеў ужо, стоячы на санцапёку каля дзвярэй гатэля, а Тота лёг на бок і працягнуў усе чатыры лапы, нібы збіраўся здыхаць. Усярэдзіну, у вестыбюль зайсці з сабакам ён не асмельваўся. — Які ты браво, маладзец! Хадзі ж скоранька! — голас у сіньёры быў ужо весялейшы.
Зайшоў у вестыбюль і адразу працягнуў мадам Ой і сабачы павадок, і сумку, і мяшок.
— О, не, не! У нумар, калі ласка! Я цябе вельмі прашу!
А калі зайшлі ў нумар, дабавіла:
— Грацые, мілы! Вялікі дзякуй! Але ты не пакідай мяне. Мне так сумна адной, я ў вас адчуваю сябе сіратою, як і ты. Я прападу без цябе! І Тота прападзе! Ты толькі паглядзі, як ён сумуе, плача… А к шасці гадзінам мы павінны быць у порце, а палове сёмай цеплаход адпраўляецца на Рай. Я табе ўжо за ўсё разам заплачу. Слухай, а мо ты са мною і на Рай паедзеш? І мне, і Тота так трэба блізкая душа!
— У мяне няма грошай на білет, — адказаў Янг, ледзь прыхаваўшы радасць: няўжо так проста яму ўдасца трапіць на Рай? Ужо нават сёння?!
— Грацые а дзіё! Слава богу, я яшчэ маю чым заплаціць за прыемнасць. А ты для мяне робіш толькі адны прыемнасці. Пабудзеш маім пажам.
Што такое паж, Янг не разумеў, але лёг на канапу з задавальненнем, Тота прымасціўся побач. Трохі драмалі, трохі наглядалі за сіньёрай Тэрэзай. А тая хадзіла па пакоі, па спальні напалову раздзетая, не саромеючыся Янга, рыхтавалася прымаць ванну. Плюхалася ў ванне доўга, потым выйшла, наматаўшы на галаву ручнік як чалму. Халацік яе быў вельмі кароценькі, нібы не на яе пашыты. Яна грацыёзна падсела да тэлефона, закінула нагу на нагу, заказала ў нумар абед.
Амаль усё, што прывезлі, яна скарміла Янгу — «Ты такі магро… худы!» — і Тота, а сама выпіла ўсяго пару малюсенькіх чарачак віна.
Сіньёра прысела ў спальні да туалетнага століка і трумо, узялася прыхарошвацца, а Янг ляжаў у пакоі на канапе, забаўляўся з Тота і думаў, што мо і няблага пабыць гэтым самым… як яго… пажам?
Потым ён хадзіў клікаць таксі для сіньёры, бо на звычайнай трохколавай маторнай калясцы з тэнтам, механізаваным рыкшы, усе чамаданы, баулы, валізы, каробкі і сумкі донны Тэрэзы завезці ў порт было немагчыма.
У порце, пакуль шафёр таксі памагаў мадам Ой управіцца з рэчамі і аформіць праезд для Янга, сам Янг у апошні раз прагульваў па прычале сабаку і адчайна круціў галавою ва ўсе бакі: Абдулы нідзе не было відаць! Паклікаў да сябе хлапчука-латочніка, трохі ўжо знаёмага, папытаў, ці ведае ён Абдулу.
— А хто яго не ведае! — адказаў той і прысеў пагладзіць дзіўнага сабаку.
Янг папрасіў перадаць Абдуле, што ён перабіраецца сёння на Рай.
— Зразумеў? Хай шукае мяне ў дэльфінарыі, у брата.
Хлапчук кіўнуў, патузаў Тота за калматае вуха і знік у натоўпе.
Цеплаход быў невялікі. Адразу, як зойдзеш на борт з трапа, можна або спускацца ў насавы ці ў кармавы салоны, або падымацца на палубу — на пярэднюю ці заднюю пляцоўку. На абедзвюх пляцоўках стаялі рашотчатыя лаўкі, многія пасажыры-турысты аблюбавалі сабе месца там. Адзін сівы і худы еўрапеец стаяў на носе цеплахода, як арол, удыхаў свежы вецер з такім смакам — ажно ноздры раздзімаліся. Усе адзеты былі проста, па-дарожнаму, і цяжка было адрозніць мільянера ад немільянера.
Цеплаход зароў, загрукаў маторам адразу, як толькі ўсцягнулі трап. Ад прычала ён адпаўзаў памалу і задам, начадзіўшы чорнага дыму. На рэйдзе развярнуўся і ўзяў курс на Рай.
Сіньёра Тэрэза сядзела каля сваіх рэчаў у кармавым салоне і ўсё пералічвала іх, нават пальцы загінала, усё не магла праверыць, колькі ў яе было і колькі засталося месц: адзінаццаць ці трынаццаць? Янг, узяўшы Тота на рукі, разгульваў па цеплаходзе. З кармавога салона перабраўся быў у насавы, потым вылез на пярэднюю пляцоўку. Там біў у твар пругкі вецер, і трэба было добра зажмурвацца, каб не высякала слёзы. Звесіўшы за поручні галаву, бачыў, як узвіхурваўся дугою пеністы вус, лізаў шчаку цеплахода. Стрэчныя хвалі разбіваліся аб нос, узляталі вышэй поручняў. За кармою кружылі чайкі, садзіліся на шырокі бурунны след, хапалі аглушаных рыб.
Пастаяў і каля капітанскай рубкі, разглядаючы праз шырокую шыбу, як дзядзька ў марской фуражцы, але без кіцеля, толькі ў белай кашулі з кароткімі рукавамі пакручвае рулявое кола — штурвал. Як хацелася Янгу быць на яго месцы, пакруціць гэты штурвал! Адчуць самому, як махіна цеплахода слухаецца цябе: «Лева руля! Права руля!» Ці хоць бы пастаяць побач з капітанам, паглядзець праз гэтую шыбу ўперад, і то быў бы шчаслівы. Мабыць, вельмі пацешны быў у яго выгляд, бо дзядзька-капітан нават спачувальна падміргнуў яму і ўсміхнуўся. А мо не яму, а Тота? Бо ў Тота быў пацешны выгляд, язык высунуўся мо на пядзю, матляўся, як кепска прывязаны.
Янг хацеў ужо і сам усміхнуцца добраму дзядзьку-капітану, але ўбачыў штосьці дзіўнае: у рубку зайшоў яшчэ адзін дзядзька, маладзейшы, кітаец. Капітан сказаў штосьці да яго не азіраючыся: мо думаў, хто свой — памочнік ці машыніст. Як раптам капітан уздрыгнуў, твар яго сшарэў і выцягнуўся. Хуценька, як укалоўшыся, зірнуў на свой бок, пад руку, і зноў погляд уперад. Губы капітана ўжо дрыжалі, лоб укрылі кроплі поту — як пярліны. «Што з ім? Мо кепска стала…» — Янг таксама кінуў вочы туды, на правы бок капітана. Там быў прыцемак, і Янг падаўся бліжэй да шкла. Убачыў: кітаец пароў капітану ў бок рэвальверам з нейкай трубкай-насадкай — мо глушыльнікам? Кітаец трымаў рэвальвер у левай руцэ, а праваю рашуча і моцна абрываў нейкія правады і антэны…
У Янга ад страху прыкарэлі да палубы ногі. Бачыў: капітан круціць галавою на нейкае патрабаванне кітайца. Ціха шпокнуў стрэл, потым другі — па радыёперадатчыку. Курортнікі нічога не пачулі. Янг паспеў яшчэ заўважыць: кітаец не дае капітану ўпасці, падштурхоўвае да штурвала, каб круціў туды, куды трэба было бандыту.
У гэты час хутка ўстаў з лаўкі малады чалавек, наблізіўся да Янга, схапіў яго за локаць і павёў перад сабою да кармавога салона, таўхануў па сходцах уніз. Падаючы, Янг моцна выцяўся. Але тут жа ўсхапіўся на ногі, азірнуўся. Той, што гэтак пусціў яго па сходцах, замест пальца прыклаў да губ дула пісталета — «Цс-с-с!» У гэты час адчыніліся дзверы з машыннага аддзялення, паказаўся машыніст ці памочнік капітана, ірвануў дзверы рубкі: «Адхіляемся ад курса! Што здарылася?» Насустрач яму з рубкі бахнулі два стрэлы, памочнік схапіўся за жывот і звіўся пад ногі маладому бандыту. Той адразу адштурхнуў забітага ад сябе і стаў пры дзвярах машыннага аддзялення, каб больш ніхто не выйшаў.
Янг далучыўся да сіньёры і атарапела глядзеў, што будзе далей. У салоне ўжо сутаргава ўсхліпвалі-енчылі ад страху. «Мадонна мія! Мадонна мія! Такая траджыко мортэ! І нас… могуць… мортэ…» — шаптала сіньёра Тэрэза.
Тым часам у дзвярах машыннага аддзялення паказалася яшчэ адна галава — матроса, і бандыт, што тырчаў пры дзвярах, трэснуў яму рукаяткай пісталета па галаве, і той асеў, знік з вачэй. Тады бандыт стаў спіхваць уніз, у тыя дзверы і забітага. А ў салоне ў гэты час чуліся ўсхліпванні жанчын. З адной зрабілася істэрыка. Скрозь сутаргавыя ўсхліпванні і рыданні яна ўскрыквала: «Мамачка мая! Дзетачкі мае!» Мужчыны спрабавалі абурацца ўголас, маўляў, будуць скардзіцца, хай толькі цеплаход… Аднак варта было грабежніку, што стаяў пры дзвярах, пагрозліва варухнуць пісталетам, каб усе тут жа змоўклі.
— Сядзець і не варушыцца! Рэчаў не чапаць. Страляю без папярэджання! — і тут жа стрэльнуў па сумцы адной дамы, якая паспрабавала пасунуць яе бліжэй да сябе: — Я ж сказаў — не варушыцца!
З капітанскай будкі выйшаў першы бандыт, падаўся ў насавы салон, дзе пачалася нейкая заварушка, пракрычаў амаль тыя ж пагрозы: «Не ўставаць! Не варушыцца! Прыстрэлю на месцы!»
У акно салона было відаць Янгу, як растае на гарызонце востраў Галоўны, як маячаць сям-там рыбацкія маторныя і парусныя баркасы і джонкі. Рыбакі займаліся сваёй справай, і ніводзін не падазраваў, што робіцца на цеплаходзе.
«Куды мы плывём? Куды загадалі трымаць курс? Ці надоўга хопіць сілы ў параненага капітана?» — даймаў сябе думкамі Янг.
«Адвязуць далей убок, абрабуюць і патопяць… Падарвуць разам з караблём! А тут і шляхоў марскіх няма, ніхто не будзе шукаць…» — шапталіся ў салоне.
А цеплаход усё плыў і плыў у бок Блакітнага вострава, і нават самых высокіх дрэў Галоўнага ўжо не было відаць — расталі ў дымцы.
Адкуль узяўся чорны катэр з кулямётам на носе, Янг не заўважыў. Глянуў у ілюмінатар тады, як іншыя пасажыры заўзята закруцілі галовамі, сочачы за манеўрамі катэра. А той зрабіў адзін круг вакол цеплахода, нібы браў яго ў пятлю, зрабіў другі. Людзі, што стаялі каля кулямёта на катэры і ўздоўж бартоў, мелі ў руках зброю, махалі гэтай зброяй капітану, каб застопарыў ход. І скора цеплаход стаў, паволі загайдаўся на хвалях. Чорны катэр тут жа падплыў да правага борта, з катэра паляцелі на цеплаход вяроўкі з чатырохлапымі крукамі на канцах. Піраты падцягнулі і прышвартавалі свой катэр ушчыльную, папералазілі на цеплаход спрытна, як каты. Кожны трымаў у руках плёнчаты мяшок і зброю — пісталет ці аўтамат, усе імгненна рассыпаліся па салонах і палубах. Піраты не ўсе былі з выгляду кітайцамі, былі і падобныя на малайцаў.
У маленькай мітусні, калі была адцягнута ўвага таго, што стаяў пры дзвярах машыннага аддзялення, донна Тэрэза паспела сарваць з пальца адну жуковіну з брыльянтам, укінуць яе ў кашалёк, а кашалёк сунуць пад Тота ў згіб Янгавага локця.
І тут зноў прагучаў стрэл — пальнуў той, што стаяў каля машыннага аддзялення. Адна жанчына, што пачала загадзя здымаць з вуха залатую завушніцу, войкнула і схапілася за руку — з-пад пальцаў забруілася кроў.
— Сядзець смірна! Не варушыцца, пакуль не дойдзе да вас чарга! — пракрычаў вартавы.
Піраты завіхаліся спрытна. У каго не здымаўся пярсцёнак, здзіралі сілком ледзь не са скураю. У аднае цёткі так ірванулі завушніцу, што пацякла па шыі кроў. У мяшкі ляцелі пярсцёнкі, кулоны, калье, крыжыкі з ланцужкамі, браслеты, жамчужныя пацеркі, грошы. Выварочваліся сумкі, нават некаторыя чамаданы, баулы і каробкі, але ў «анучах» доўга не корпаліся, саміх «ануч» не забіралі. І без іх мяшкі напаўняліся хутка. Янг з жахам чакаў набліжэння піратаў, кашалёк ажно пёк у руку.
— Ікск-'юз мі! Міль пардон, мадам! — ад пачцівасці і далікатнасці піратаў беглі па спіне мурашкі.
Янг бачыў толькі вочы, вочы, вочы… Вырачаныя, поўныя страху вочы пасажыраў. Нават усхліпаў больш не чулася, а нейкае паўзадушанае «гмг… гумг…» — баяліся разявіць рот. У многіх былі залатыя зубы ці каронкі — каб хоць не вырвалі!
Сіньёра Тэрэза паздымала з сябе ўпрыгожанні хутка, за што заслужыла здзеклівую падзяку-паклон: «Мерсі баку! Сэнк'ю вэры мач!» Янга пірат сагнаў з месца, думаў што-небудзь схавана пад ім. А пад сабаку паглядзець не здагадаўся!
Яшчэ мінут праз дзесяць патрашыць скончылі, і адусюль пачуліся выкрыкі піратаў: «Усё! Закругляйцеся, чарапахі! Адчальваем!» Потым тупат ног, скрыгат адчэпліваемых крукоў… Густы роў матора чорнага катэра…
Хтосьці запознена закрычаў-залямантаваў:
— Радыё! Хутчэй па радыё перадаць, паліцыю выклікаць!
— Разбіта ўокі-токі, прастрэлена! — адказаў яму другі голас.
З машыннага аддзялення вылез перапалоханы матрос з засохлымі пацёкамі крыві на лбе. Адчыніў капітанскую рубку… Капітана каля штурвала ўжо не было, абсунуўся ўніз.
— Урача трэба! Ці няма сярод вас урача?! — крычаў матрос, вывалакваючы з рубкі цела капітана. «Урача! Урача!» — паўтарылі яго просьбу многія галасы, нават наверсе, на пярэдняй пляцоўцы.
Урач знайшлася — жанчына. Яна хутка спускалася па сходцах з пярэдняй палубы, а за ёю тупацеў тоўсценькі чалавечак, мабыць, муж: «Элен, не трэба! Не хадзі, якая табе справа да ўсяго гэтага? Мо яны яшчэ вернуцца!» Але ўрач ішла ў кармавы салон за матросам, куды той увалок капітана і паклаў на лаўку. Потым жанчына-ўрач, кінуўшы сумку на рукі таўсцяку, моўчкі вытрэсвала на свае далоні духі ці адэкалон, мыла імі рукі. «Раздзеньце яго!» Перад ёю расступіліся, прапускаючы да капітана, і зноў саступіліся людзі. Паглядзець, што яна будзе рабіць параненаму, Янг не змог. Каб хоць сабакі не было на руках!
Матрос выбраўся з натоўпу, стаў да штурвала. Цеплаход набраў хуткасць, лёг на патрэбны курс.
— Янг! Дзе ты, Янг? — спуджана крычала сіньёра Тэрэза, і яму давялося выйсці з-за людзей. — Сядай, міленькі, во сюды! І не хадзі нікуды, а то я звар'яцею! — прыўзняла за шкірку Тота, дастала з-пад яго кашалёк: — Мае дзіямантэ… брылянтэ… залатыя рэчы… Каб крыха, то гэтыя бандзіто зрабілі б мяне жабрачкаю. Вы ўратавалі мяне ад разарэння! — і яна пацалавала Тота ў нос, а Янга ў шчаку… — Нават не верыцца, што ўратаваліся ад смерці…— і яна са спазненнем заплакала-зарыдала.
3
— Ты ж, глядзі, прыходзь назад! Праведай брата, перадай яму маё прывітанне — і вяртайся. Колькі брату гадоў — усяго дваццаць? Як шкада, а мне за трыццаць… Толькі ты пра гэта нікому не гавары, добра? Запомні нумар апартамента — трыста семнаццаць… Гатэль «Марская лілія»… На вось табе на марожанае… — сіньёра Тэрэза дала яму тры долары. — Потым я з табою разлічуся лепш… О, я цябе не пакрыўджу! Я табе зраблю такі падарунак — ты не сніў такога! — мадам Ой спакушала, яна не вельмі верыла, што Янг вернецца да яе. — А рыведэрчы, міленькі!
Першыя, самім заробленыя грошы… Янг адчуў сябе зусім дарослым і самастойным.
Пакуль бег у дэльфінарый, марожанае купляў два разы. Ніколі ў жыцці яго не каштаваў — смаката!
Каго ні пытаў, усе ведалі, як прайсці да дэльфінарыя, усе правільна яму паказвалі. Але дайшоў да варот і ўбачыў, што яны звязаны ланцугом, вісіць замок.
Пастаяў, паглядзеў з сумам праз рашотку на тое, што было на тэрыторыі дэльфінарыя. А бачыў толькі гушчыню кустоў і дрэў — парк. Скрозь лістоту трохі праглядвала круглымі бакамі нейкая не вельмі высокая будыніна з акенцамі-ілюмінатарамі.
І ў гэты час зарыпелі дзверы прахадной, адтуль выйшаў чалавек са стрэльбай за плячыма, яшчэ не вельмі стары.
— Ты каго тут выглядаеш? Зачынена даўно ўсё… Прыходзь раніцаю, — сказаў чалавек.
— Брат тут недзе… Казаў — шукай мяне ў дэльфінарыі… Радж.
— Ах, Ра-адж?! Так бы і сказаў… Няма яго, у горад пайшоў. Ты можаш зайсці, пачакаць, калі хочаш. — Чалавек зайшоў у прахадную, пачаў адмыкаць знадворныя дзверы. — Ну, чаго пераступаеш з нагі на нагу? Баішся мяне?
— Я не баюся, — Янг зайшоў, і чалавек зноў прымкнуў дзверы.
— Я вартаўніком тут… Хочаш — ідзі са мною, я абход тэрыторыі пачынаю рабіць. Заадно і раскажу, што ведаю… Малу мяне зваць, дзядзька Малу. Радж у нас фігу-ура… Во! — паказаў ён вялікі палец. — Не тое што некаторыя… От я, скажам, хто? Просты вартаўнік. А Радж мяне за чалавека лічыць, не так, як некаторыя. Таму і я яго люблю… Ты надоўга да Раджа? Назусім?! А як ты сюды дабраўся? Адзін ці з бацькам?
Давялося збольшага расказаць Малу ўсю сваю гісторыю.
— Ай-яй… А Радж мне нічога ж не гаварыў. Бачу толькі — сумны, вельмі сумны, перажывае ўсё. А не гаворыць!
Хадзілі спачатку па зялёнай зоне, па алеях. То тут, то там трапляліся паўліны — расхаджвалі па дарожках ці лужайках, цягнучы даўжэзныя хвасты, спрабавалі ўзляцець на дрэва. Адзін распусціў хвост — і Янг застыў на месцы. Такога хараства зроду не бачыў.
— Райскія птушкі… Райскія на востраве Рай… — зашаптаў у захапленні.
— Не-е, райскія не такія. У тых пер'е ўсімі колерамі вясёлкі пераліваецца, а найбольш пёрак ружова-аранжава-залацістых. Райскія дзікаватыя, у гушчар шыюцца. Мо пашанцуе, то ўбачыш.
Падышлі да той паўкруглай будыніны, што заўважыў з-за варот. Смешныя, па сценах круглыя вокны, як ілюмінатары на караблі. Заглянуў у адно зблізку і ахнуў: у будынку было наліта да самага верху вады. І чаго там толькі не плавала! І рыбы ўсякіх колераў і памераў, невялікія чарапахі, поўзалі лангусты, пад каменем скурчыўся спрут.
— А чарапахі цінаю зараслі! Водарасці на сабе цягаюць, маскіроўку! — не вытрываў Янг.
— У нас і вялікая чарапаха ёсць, слановая называецца, — сказаў Малу. — Кажуць, ёй сто гадоў.
Бабулька-чарапаха жыла ў загончыку пад фікусам. Упоравень з зямлёю там была ўкапана і ванначка з вадою. Чарапаха сядзела зараз над ванначкай, шырока расставіўшы ногі, і стагнала. Каля яе слязлівых вачэй круціліся мухі. «Бедная!» — пашкадаваў яе Янг.
Цікава, ці такія прыплывалі на іх Біргус адкладваць яйкі? Не раз з другімі хлапчукамі і Натачаю хадзілі з кошыкамі збіраць іх. Месцы кладак лёгка можна было знайсці па няўклюднай маскіроўцы, па слядах, якія пакідаюць чарапахі, зноў карабкаючыся ў мора. Хлопцы ніколі не выграбалі кладкі дашчэнту, бралі толькі па пятнаццаць — дваццаць яек. А іх у кожнай, гаварылі, бывае да сотні штук. Астатнія загрэбвалі пяском, чарцілі крыж — знак, што тут ужо нельга браць. Якія багатыя яечні пяклі ў тыя дні маткі! І самі елі ад пуза, і нават свінням скормлівалі… Калі наставаў час вылуплівацца чарапашанятам, на бераг выходзілі і малыя і старыя, дзяжурылі амаль каля кожнага гнязда, адганялі фрэгатаў, кайраў, чаек, не давалі хапаць малых. Зялёныя, падобныя на жабак, яны выгрэбваліся з-пад пяску і — дай бог ногі! — як мага спяшаліся да прыбою. Нібы самі разумелі, што іх паратунак у вадзе…
— Вось і дайшлі,— перарваў яго ўспаміны Малу. Янгу ўздыхнулася: радзіма, мілая радзіма, ніколі
ўжо не ўдасца яе пабачыць!
— Во, глядзі!.. Гэта трыбуны, чалавек дзвесце пяцьдзесят — трыста змяшчаецца… А гэта сам басейн… А во і дэльфіны плывуць, убачылі нас…
Янг не верыў сваім вачам: во гэтыя шэра-сінія сыценькія целы і ёсць самыя сапраўдныя дэльфіны?! І гэтак блізка?!
— Дзюбы павысоўвалі з вады, разглядаюць нас! Ха-ха, на борцік галовы кладуць! А яны выскачыць не могуць? — прысеў каля бетоннага бар'ера Янг, працягнуў пад чырвона-жоўтыя парэнчы руку, каб дастаць да дэльфіна.
— Яны толькі вунь на той памост выскокваюць, пад вышкай. Гэта ўваходзіць у праграму прадстаўлення. Загадае Судзір, пакажа рукою — выскокваюць, кладуцца, як дровы.
— А яны не кусаюцца? Столькі зубоў вострых, і ўсе аднолькавыя, жавальных няма.
— Не кусаюцца, можаш пачапаць за рострум, пагладзіць.
— У іх дзюбы таксама скураю абцягнуты, не голыя! А цела якое гладзенькае, як шліфаванае! І халоднае, а не цёплае! А Радж казаў — цеплакроўныя жывёліны.
— Цёплыя. Але дамацайся паспрабуй да цяпла, на іх тлушчу, як на свінні.
— Вой, і маленькі ёсць! Во, во, смяецца нам! Як дзіця скрозь сон смяецца. А з вачэй вада цурчыць… Можа, ён гэтак плача?
— Ніхто не ведае, калі яны смяюцца, калі плачуць. А гэтага малога Бобі зваць. Была яшчэ малышка, Джэйн, — загінула. Адыдзем, а то яшчэ заўважыць Судзір, звягі не абярэшся. Не любіць ён, калі хто пабочны забаўляецца з дэльфінамі. Тут ён яшчэ сёння… Во, чуеш? Гамана ў «рэзідэнцыі».
Абыходзілі паўз трыбуны басейн, а Янг разглядаў дом на тым беразе. Дзіўны дом, ёсць толькі тарцовая сцяна, а бакавых амаль няма, стромыя скаты страхі пад ружовым шыферам пачынаюцца зусім нізка ад зямлі. На скатах страхі на другім паверсе тырчаць, як сабачыя будкі, вокны.
— Вунь там Радж жыве, збоку, дзе сярэднія дзверы, — паказаў Малу. — Там такая камора-склад, у каморы ён і жыве. — Памаўчаў і дадаў: — Судзір нешта доўга сёння тут…
І толькі паспеў ён гэта прагаварыць, як расчыніліся дзверы пад вышкаю. Да ніжняга памоста, на які выскокваюць дэльфіны, выйшаў еўрапеец у сіняватай шапцы з доўгім казырком, следам — Судзір. Ён быў на галаву ніжэйшы за белага, смуглясты і кашчавы.
Штосьці ўздрыгнула ў грудзях Янга. У высокім мажным чалавеку ён пазнаў Піта. Таго самага Піта, што лазіў з напарнікам на возеры Горнага вострава, шукаў золата.
— Ты чаго сцяўся? Судзір не бачыў, як ты гладзіў дэльфінаў, не бойся.
— Я… так… А куды ў горад пайшоў Радж? Малу не паспеў нічога сказаць, бо ў гэты час яго голасна аклікнуў Судзір:
— Гэй, ты! Выпусці містэра Уілсана.
Малу не спадабалася гэта «Гэй, ты!», як быццам у яго не было імя. Уздыхнуў.
— Янг, ты гэта… Можаш пачакаць Раджа тут, а не, дык хадзі са мною. Чаем пачастую… Ты піў калі-небудзь сапраўдны чай? — гаварыў гэта і чакаў, пакуль містэр Піт Уілсан перадыбае сваімі доўгімі хадулямі мосцік.
— Радж не казаў, куды пойдзе? — нанава папытаў Янг, а на прапанову вартаўніка нічога не сказаў.
— Недзе ў рэстаране ці ў бары твой Радж. Да яго зямляк заходзіў. З земляком пайшлі.
— А хто… зямляк? Не называлі яго?
— Чаму ж не… Знаёміў мяне: Пуол ці як яго…
— Пуо-о-ол?! Сюды дапяў ужо? — Янга нібы па галаве чым стукнулі.
Ён кінуўся цераз кусты да плота. Пакарабкаўся на яго спрытна, як малпа. Міг — і быў ужо на тым баку.
Нешта крычаў наўздагон Малу, але Янгу было не да яго.
Пуол. Паскуднік і гад, ён жа не проста так перабраўся сюды. Штосьці ўжо надумаў, Янг нутром адчуў, што над братам навісла небяспека. Якая? Ды якая ні была, а Раджа трэба папярэдзіць. Толькі куды спачатку кінуцца?
Раздзел другі
1
Не кожны рыбак, хто ў мокрых штанах. Пуол пераконваўся ў гэтым чым далей, тым больш. Які ён дурны, які наіўны! Хацеў з тэніскаю заявіцца ў дэльфінарый, да Раджа, паказаць яму, ненарокам спытаць — ці не ведае чыя? Ён жа ўсіх супрацоўнікаў там ведае. Радж Сінх… Радж Сінх… «Р.С.», «R.S.». Магла і яму тэніска належаць. Не раз бачыў на ім такую — з эмблемаю дэльфінарыя… «Праклятая, праклятая, праклятая…» — ажно зубамі скрыгатаў. Тэніска ўжо так пякла ў жывот, што было не вытрымаць.
Ледзь паліцэйскія высадзілі яго ў порце Рая і нават памахалі здзекліва на развітанне, накіраваўся да перапоўненай смеццем бочкі з-пад бензіну, ад якое патыхала смуродам. Распужаў плойму катоў, азірнуўся па баках і сунуў тэніску пад смецце.
«Нельга Раджу паказваць. Адразу падазрэнне будзе, насцярожыцца: «Адкуль яна ў цябе? Хто перадаў?» Я ж не магу сказаць, што «Белая змяя» дала. А што сам знайшоў, не паверыць…»
«У дэльфінарыі не адзін Радж працуе. Ініцыялы могуць супасці поўнасцю. Скажам, які Сулейман Радха ці Радхакрышна. Ці яшчэ як… Укакошыш абы-каго, а заданне так і застанецца нявыкананым. Тады літасці ад Чжана не чакай…»
«Каб як пачаць гаворку на гэтую тэму… пра тэніску. Выпытаць, ці не губляў хто… І пры якіх абставінах здарылася…»
«Запрашу Раджа ў які рэстаран, напаю. У п'янага можна што хочаш выпытаць. Ну, а калі выявіцца, што яго тэніска? Як падняць руку… забіць? Разам раслі, хадзілі разам… Дый зброі ў мяне ніякай няма, нават нож-складанец адабралі… Каб дзе ісці па якім пустыры, цёмначы… І каменем — трах! Але ж не такі Радж прасцячок, каб завесці яго абы-куды… Напаіць, напаіць пад завязку! З п'яным лягчэй справіцца. Яго і ўтапіць можна. Скажу, хадзем купацца, астудзіцца трэба пасля рэстарана. І… Хто дакажа потым, памаглі ўтапіцца ці сам утапіўся. А можна і сварку ўсчаць, напіўшыся, прыдрацца да чаго, раззлаваць яго. І… бутэлькай па кумпале! П'яная бойка, з кім не бывае. Калі і схопіць паліцыя — выручаць… свайго. Той афіцэр выручыць… Скажу: пазваніце па тэлефоне 11-00-22, а то будзеце мець непрыемнасці… А як прозвішча афіцэра? Во боўдзіла, нават прозвішча не спытаў. Хаця ён мог і не сказаць яго».
Дапытаўся, дзе той дэльфінарый. Купіў білет на апошняе прадстаўленне. Перад пачаткам хадзіў па тэрыторыі, разглядаў малы басейн з рыбамі і чарапахамі — і не бачыў таго, што разглядаў.
Накіраваўся да трыбун галоўнай арэны. Хадзіў там, пазіраў у бакі, прыглядваўся да тых, хто падыходзіў і займаў сваё месца. Яму здавалася, што сярод гледачоў ёсць паліцэйскі агент, сочыць за ім. А што ёсць людзі ад «Белай змяі», то абавязкова. Бачыў худзенькага, нібы заморанага, хлопца па той бок басейна, прынёс латок з парэзанымі тунцамі, паставіў каля паласатага памоста на тым беразе. Дэльфіны адразу завірылі, заплюхалі каля таго месца, палезлі галовамі на борт басейна, чакаючы падачкі. «Як сабакі галодныя…» — падумаў Пуол. Наблізіўся да гарбатага мосціка з таўставатых бамбучын, перакінутага аркай цераз ваду. Уваход на яго быў загароджаны нізенькімі, у калена, на ўсю шырыню мосціка варотцамі. Міма прайшоў невысокі чалавек з «дыпламатам», пекануў па Пуолу чорнымі пранізлівымі вачыма, ажно захалодала пад лыжачкай. Адчыніў варотцы рыўком, як гаспадар, тут жа і зачыніў за сабою. Хутка схаваўся ў дзвярах пад вышкаю. За каналам у кустах прамільгнуў яшчэ адзін чалавек, але ён быў не падобны на Раджа.
Не з'явіўся Радж і ў час прадстаўлення з дэльфінамі. Прыслугоўваў чалавеку з пранізлівымі вачыма той хударлявы хлапчына.
Сядзеў Пуол і больш цікаваў за публікай, чым глядзеў на дэльфінаў. Зайздросціў ён гэтым багацеям-турыстам лютай зайздрасцю. Не мог Пуол гэтак бесклапотна, як яны, захапляцца ўсякімі «штучкамі» дэльфінаў, пляскаць у ладкі, нібы якім артыстам.
Было не ўседзець, быццам пад штанамі тырчалі вострыя ракушкі ці хто падтыкаў яго знізу ліянаваю калючкаю. Яму хацелася ўвесь час азірацца, улавіць знянацку хоць адзін з тых позіркаў, што калолі патыліцу. Але не ўлавіў ні разу. Гледачам было не да яго, гледачоў займалі толькі дэльфіны.
Ледзь толькі дрэсіроўшчык раздаў сувеніры, выкрыкваючы нумары раду і месцаў. Пуол ускочыў, заспяшаўся. Наступаючы людзям на пяткі, абышоў басейн.
— Эй, дружа! Падыдзі сюды! — паклікаў худога хлапчыну, а сам пачаў адчыняць чырвоныя варотцы на мосцік.
— Сюды нельга. Што вы хацелі? — хлопец, падышоўшы, зачыніў варотцы, узяў на зашчапку.
— Як цябе завуць?
— А вас?
— Ты мне яшчэ свайго імя не сказаў, а ўжо…
— Гуга. А што?
— Вельмі прыгожае імя. Раджа мне трэба пабачыць. Землякі мы, сябры.
— Ён яшчэ не хутка будзе. Палез пад ваду з турыстамі.
— Як гэта… пад ваду?
— Ну як — з аквалангам.
— Шкада… А ты што тут парабляеш?
— Хапае чаго, — Гуга памкнуўся ісці.
— Пачакай! Дзе можна дастаць такую тэніску з эмблемаю, як у цябе?
— Анідзе. Гэта нам містэр Крафт выдае як фірменнае адзенне. Будзеце тут працаваць, дасць і вам.
— Ды не выкай ты! Мы ж амаль аднагодкі… А што, тут ёсць месца свабоднае?
— Каб жа было!
— А многа тут людзей працуе?
— Колькі трэба.
— А ці ёсць у каго па дзве, па тры такія тэніскі?
— Можа, і ёсць, калі не знасіў.
— А ў цябе? Ты не прадасі мне?
— Няма ў мяне. От прыстаў! Ідзі, прадстаўленне закончылася!
— Я не прыстаў. Ты можаш мне нараіць, да каго звярнуцца? Каб тэніску купіць… Ну, аднаго я ўжо ведаю — Радж Сінх. Нават двух — і цябе…
— Ну — Судзір яшчэ. Судзір Рам. Потым…
— Гу-га-а! — пачуўся з-пад вышкі зычны, бы металёвы голас. — Мярзотнік, дзе ты прапаў?
— Судзір заве… — прашаптаў збялелымі губамі Гуга.
Пабег ён на голас, а Пуол пастаяў, адчуваючы слабасць у руках і нагах. «Судзір Рам… Рам Судзір… Гэта ж такія самыя ініцыялы — «Р.С.», «R.S». Вось табе і знайшоў… А што, калі гэты «R.S.» не Радж, а Судзір? Ці, можа, нават хто трэці-чацвёрты ёсць?» І зноў пахаладала пад лыжачкай, успомніўся яго змяіны погляд. Не, з ім не хацеў бы мець справу.
«Сволачы! Усе сволачы! Даяце заданне, то давалі б і чым яго выконваць! Далі б пісталет, то я з-за вугла тут усіх бы перастраляў… Быць не можа, папаўся б і той, хто трэба! І, галоўнае, здалёк забіваць не страшна — усё роўна, як і не ты…»
Пайшоў пабадзяцца па горадзе, каб вярнуцца гадзіны праз дзве.
Рай яму падабаўся больш, чым Свійттаўн. Столькі люду бесклапотнага, з разяўленымі ратамі! Не будзеш сам разявакам, то можна і добра пажывіцца. І ён зазірнуў у бумажнік, які паспеў выцягнуць з задняй кішэні шортаў аднаго турыста. Ого! Пад сотню долараў… І нейкія дакументы ў другой кішэньцы.
Падыходзіў зноў да дэльфінарыя і адчуваў не шчасце ўдачы, а знаёмы халадок пад грудзьмі. «На чорта ён зачапіў таго Гугу, палез з роспытамі пра тэніскі. Мо збегаў да Раджа… Ці да той змяі… Распляскаў усё. Радж будзе ўжо насцярожаны. Як з ім павесці сябе спачатку, пра што гаварыць?»
2
Першы, каго ўбачыў Радж, выдыбаўшы з вады на мыс Кіпцюра, быў Гуга. Хлапчына, мабыць, разгубіўся, убачыўшы тры аднолькава адзетыя фігуры ў чорных, з жоўтымі палосамі па баках гідракасцюмах, з аранжавымі балонамі за плячыма. Усе амаль адначасова паўсталі з вады. Завагаўся, да каторага кінуцца? І толькі як Радж сцягнуў з твару маску, падаўся да яго, ухапіўся за акваланг — памагчы зняць, данесці да дэльфінарыя.
— Ты не мне… Во ёй памажы, калі хочацца, — Радж кіўнуў на трэцяга, самага меншага па росту падводнага падарожніка — дзяўчыну. Рукі ў тае былі занятыя, у кожнай трымала па адломку карала, белага і ружовага. Касцюм ёй быў вялікі, і на нагах разбухлі, абвіслі складкі — набрала вады.
Гуга памог дзяўчыне зняць з сябе акваланг, уздзеў рамянямі сабе на левую руку, пачакаў, пакуль Радж адшпіліць і здзярэ з ног ласты. А ў гэты час трэці спадарожнік памог сваёй напарніцы вызваліцца ад ластаў, і ўсе пайшлі да галоўнай арэны. Маладая пара ішла да будынка паперадзе, ногі яны ставілі яшчэ няўпэўнена. Малады чалавек ішоў угнута, не здымаючы акваланга, у руках нёс свае і дзяўчыніны маскі і ласты, палкі з завостранымі металічнымі шпянямі — штокі ад акул. Ішлі ўсе і стоена маўчалі. Раджу была не ў навіну ашаломленасць падводных падарожнікаў. Яны ўсё яшчэ былі думкамі там, у глыбінях мора, не маглі ніяк ачомацца ад таго неверагоднага, што ўбачылі і адчулі пад вадою.
— Душ — першыя дзверы злева, не забылі? — напомніў Радж па-англійску. Маладыя людзі, не азіраючыся, паківалі галовамі ў знак згоды.
— Адкуль яны? — паціху спытаў Гуга, ідучы побач з Раджам.
— Аўстралійцы. Мядовы месяц у падарожжы праводзяць… — гэтак жа паціху адказаў Радж, а ўголас дабавіў па-англійску: — Акваланг пакіньце на лаўцы, касцюмы — у душавой.
— Гууд, — на гэты раз турыст коратка зірнуў на Раджа.
Прайшлі трохі моўчкі, голы пясок скончыўся, пачаліся кусты і дрэвы, ад дарожкі іх аддзялялі дугі з бамбукавых папруцін, уторкнутых у зямлю канцамі.
— Ты ўжо ўсё парабіў? — спытаў Радж, скідаючы акваланг на лаўку каля зеляніны. Такіх лавак стаяла тры, кожная хавалася пад навіссю магнолій, у санцапёк тут было ўтульна.
— Яшчэ дэльфінаў дакарміць трэба і «рэзідэнцыю» Судзіра прыбраць. Вялікім панам стаў, патрабуе, каб кожны дзень пыл выціраў, як і ў кабінеце Крафта… Зачыніўся з нейкім амерыканцам ці англічанінам. Чаркі звінелі…
— Ого! Гэта на яго не падобна.
— Я падмятаў пад вышкаю, дык праганяе. Ці каб не пыліў, ці каб не падслухаў нічога… Ага, ледзь не забыўся: пра цябе зямляк пытаўся. Злез з трыбун, мабыць, глядзеў прадстаўленне… Не спадабаўся ён мне: вочкі бегаюць, як у злодзея, галавою круціць.
— Пуол?!
— Не называўся, а маё імя выпытаў. Усё цікавіўся, хто тут працуе, як завуць. Пытаў, па колькі тэнісак мы маем з эмблемаю, ці можна іх дзе-небудзь купіць.
— Цікавіўся тэніскамі?! От яно што… І хто б мог падумаць!.. Няўжо ён… — здзівіўся ўголас.
— Ты пра што? — у вачах Гугі ўсё-такі адбілася непаразуменне, нават спалох.
— Нічога, нічога… Гэта я, мабыць, стаміўся сёння. Ледзь вытурыў турыстаў на бераг. Паветра канчаецца, а ім усё мала: яшчэ гэта, яшчэ тое, яшчэ сюды во… — Радж расшмаргнуў на грудзях «маланку», расхінуў камзол-рубашку, выставіў рукі: — Памажы зняць.
Гуга сцягваў камзол, і рукавы закасваліся, выварочваліся наверх жоўтым.
— Ніяк не ўяўляю, як касцюм памагае пад вадою. У яго ж усё роўна набіраецца вады.
— Трохі набіраецца. Але тая, што набіраецца, цяплее ад цела, а свежая амаль не паступае. Зусім без касцюма апруцянееш, — сказаў Радж.
— Чым ты мыеш знутры? Я дык парашком… Мо памагчы табе?
— Я сам… Ты аквалангі толькі паразбірай. Не казаў зямляк гэты… ці прыйдзе яшчэ?
— Не казаў. Мабыць, прыйдзе.
Гуга паразнімаў на лаўцы аквалангі, расклаў часткі.
— Ну — дзякую, браце, — Раджу хацелася пабыць аднаму, падумаць над усім. Але Гуга не адыходзіў.
— Ведаеш… — прыцішыў ён голас да шэпту. — Я трохі пачуў, пра што Судзір з тым гаворыць. Пра дэльфінаў гаварылі… Але па-англійску, то я мала зразумеў. Госць штосьці назаве, нейкую лічбу, а Судзір: «Ноў, ноў, ноў…» — і сваю лічбу. Таргуюцца пра нешта… А яшчэ ведаеш, адкуль добра чуваць, што ў «рэзідэнцыі» робіцца? З душавой, адтуль, дзе шафачкі стаяць.
Радж паспеў сказаць: «Ціка-ава!..» — і ўбачыў, што з таго боку да басейна падыходзяць Малу і Пуол, у земляка ў руках нейкі газетны загортак. Гуга прашаптаў: «Той самы…» — і пайшоў да дэльфінаў — дакармліваць.
Радж адшпіліў з правай лыткі ножны з крысам, пачаў хутка скатваць з сябе штаны, прысеў на лаўку. Пакуль Малу і Пуол перабіраліся цераз гарбаты мосцік, ён стаяў ужо ў адных плаўках. Малу падняў руку, вітаючы Раджа, і павярнуў да Гугі.
— Здароў, дружа мой! — нібыта ўзрадаваўся Раджу Пуол, працягнуў руку.
— Здароў,— стрымана падаў руку і Радж, пранікліва зірнуўшы яму ў вочы. Пуол адразу адвёў позірк, паглядзеў на Гугу. І зноў адвярнуўся да Раджа, зрабіў прыветлівы выраз твару.
— Харашыня ў цябе тут. Работка па блату!
— А што ты разумееш у маёй рабоце, што ведаеш пра яе? Нічога… Дык і з вывадамі не спяшайся.
— Па блату, па блату… Мне б такую работку! Ты б закінуў за мяне слоўца перад містэрам… містэрам… як яго…
— Крафтам… Няма чаго закідваць, бо браць ён нікога не збіраецца. Кажы адразу, што хацеў, бо ў мяне яшчэ многа работы.
— Перастань моршчыцца, як сушаная копра. А мо зубы баляць? Забыў хіба, што мы сябрамі былі?
— Не крывадушнічай. Ніколі мы сябрамі не былі.
— А я да цябе з усёй душою. Заўсёды! Нам і цяпер трэба трымацца адзін аднаго. Хоць і не на Біргусе мы, параскідала нас, як ветрам… Зойдзем давай куды, пасядзім, пагаворым пра жыццё-быццё.
— Разбагацеў?
— Г-гы… І кепскі каваль можа добрую рэч выкаваць, — ён разгарнуў газету і паляпаў бумажнікам па далоні.— Для сябра мне нічога не шкада.
— На крадзеныя я не прывык.
— Фу, якія ў цябе словы нейкія… Проста памог аднаму таўстасуму патраціць грошы. Тут у вас такія магчымасці — у-у-у!.. Дык і ты памажы мне ад гэтых грошай пазбавіцца, а то сілы ў аднаго не хопіць.
«Мяккая ў цябе цыноўка, а спаць — бакі намуляеш», — не верыў Радж у яго добрыя намеры.
— Сядай… — паказаў на лаўку, — і чакай. Мне трэба памыць касцюмы яшчэ, павесіць сушыць. — Радж пайшоў са сваім гідракасцюмам у душавую. Ужо з сярэдзіны праз акенца ў дзвярах убачыў, як Пуол тут жа кінуўся да ножнаў з крысам. «Аг-га…» — мармытнуў Радж. А Пуол выцягнуў кінжал, узважыў у руках, палюбаваўся лязом, з ляскам загнаў на месца, асцярожна паклаў, сеў на лаўку, закінуў нагу на нагу, а рукі ўроскід на спінцы, падбародак угору…
Радж адступіў, прапускаючы аўстралійцаў, якія ўжо і спаласнуліся, і пераадзеліся: «Калі ласка! Няма за што дзякаваць! Надумаецеся яшчэ — прыходзьце, будзем рады!» — нагаварыў на развітанне.
Пуол нецярпліва круціўся на лаўцы. Час ад часу Радж падыходзіў да дзвярэй, каб паглядзець, як ён сябе паводзіць. І бачыў, што нервы ў земляка на ўзводзе: то пстрыкае пальцамі па спінцы лаўкі, то дрыгае нагою, то пахаджвае каля лаўкі: тры крокі ў адзін бок, тры — у другі. Радж пракрычаў з-за дзвярэй: «Ну во, канчаю!»
Радж выйшаў, касцюмы паўскідаў на кусты. Часткі механізмаў і балоны папераносіў да сябе ў камору, параскладваў на паліцах сохнуць, памяняў плаўкі, надзеў святочныя штаны. Хацеў і рубашку надзець святочную, усё-такі давядзецца ісці ў рэстаран ці бар, але раптам усміхнуўся сам сабе і ўсцягнуў на плечы старую тэніску з эмблемаю дэльфінарыя. Тэніска засела крыху на плячах, закасалася, вывернуўся левы бок рубца з вылінялымі літарамі «R.S». Гэтак і пайшоў з сандалетамі ў руках да Пуола.
— Абцягні! — павярнуўся да яго спінаю.
— Ага… Зараз… — Пуол трымцячымі рукамі затузаў ніз тэніскі. Радж пасміхнуўся і пайшоў да душа, каб апаласнуць ад пяску ногі, абуцца. На Пуола нібыта не глядзеў, але краем вока бачыў, які выцягнуты ў яго і сшарэлы твар.
Праз шчыліну дзвярэй з душавой яшчэ раз глянуў на Пуола. Зямляк то садзіўся, то падхопліваўся на ногі, потым сеў, выцер рукою лоб, выдыхнуў паветра на ўсю моц — і раз, і другі, нібы задыхаўся.
«Вось ты і адкрыўся, галубок… Цяпер я ведаю, што ты за пташка…» Але выйшаў Радж з душавой спакойна, знарок яшчэ падышоў да лаўкі: «Ах, забыў!», забраў ножны з крысам, занёс у камору. Выйшаў, замкнуў дзверы.
— Я да вашых паслуг, сэр! — і кінуў у кішэню ключ.
3
Яны ішлі побач. На вуліцы таўклося многа народу, быў любімы курортнікамі час вячэрняга мацыёну, самы разгар работы начных гандляроў. Таму ісці побач было цяжка, часта прахожыя разводзілі іх, нібы клінамі, у бакі. Ні Раджу, ні Пуолу не хацелася апынуцца ззаду ці спераду адзін аднаго. Пуол ажыўлена размахваў рукамі. Абодва былі ненатуральна ўзбуджаныя, і ніхто не мог бы падумаць, што гэта ўжо ішлі два смяртэльныя ворагі. Двубой-паядынак, нібы выбух міны, мог успыхнуць паміж імі кожнае імгненне, і толькі ён мог пакласці канец напружанню.
Пуол гаварыў і гаварыў, а жэстыкуляваў так, нібы адмахваўся ад маскітаў або паказваў каму дарогу ці расштурхоўваў у бакі людзей. І ўсё для таго, каб прытупіць Раджаву пільнасць, каб той расслабіўся, адкінуў свае падазрэнні.
А Радж нават супакоіўся, быў у сканцэнтраванай гатоўнасці нанесці маланкавы ўдар у адказ любым спосабам — нагою, кулаком, рабром далоні, локцем, галавою. Цікаваў краечкам вока за Пуолам: здаецца, у кішэнях у яго нічога няма, вялізны бумажнік нясе загорнутым у падраную газету. А хоць бы і было што, Радж быў упэўнены — з Пуолам справіцца. «Мо хіба толькі якога яду сыпне ў пітво… Давядзецца быць пільным, ад стала не адпускаць. Месца, дзе сесці, выберу сам. Можа, нават у «Лятучую рыбу» завяду… Будзем сядзець, а тут раптам Амара: «Здаровыя былі!» От Пуол закруціцца…»
Ззаду пачуліся свіст, гіканне. Азірнуліся разам: пасярэдзіне вуліцы імчалі два рыкшы, у аднаго каляска двухколавая з аглабелькамі, у другога трохколавая з педалямі. У адной і другой калясцы хісталіся, размахвалі бутэлькамі салдаты-янкі. Той рыкша, што бег пешкі, быў у доўгіх трусах і сандалетах, у другога замест трусоў былі белыя нагавіцы, ён круціў педалі стоячы, басанож, амаль узлёгшы на руль. Амерыканцы і падскоквалі, і гэпалі на сядзенні, задзіраючы ногі, зноў падхопліваліся, крыкам і свістам падбадзёрвалі сваіх «коней» і самі крычалі-гігаталі, як мустангі ў прэрыях. «Хутчэй! Дахляк, хутчэй! Прыз! Прэмія пераможцу!»
Па тратуарах узбоч і следам за каляскамі беглі людзі, цешыліся незвычайным відовішчам, чакалі, чым скончыцца гэтае спаборніцтва. Пуол і Радж, падхопленыя натоўпам, таксама пабеглі. Але ў кожнага былі розныя пачуцці. Пуол сам гатоў быў гікаць і ўлюлюкаць, а Раджа душыў гнеў: «Пацеху наладзілі… Яны ж проста здзекуюцца над намі!.. Няўжо ніхто не бачыць у гэтым знявагі?! О, бечы дурныя, і як яны згадзіліся на гэта?!»
Рыкшы ўляцелі на плошчу, народ сыпануўся ў бакі, каб не трапіць пад колы. Каляскі памчаліся па крузе вакол фантана. У нейкі момант і Радж, і Пуол апынуліся якраз насупраць іх. У таго, хто бег, шлэпаючы сандалетамі, цела блішчала, рукі з аглабелькамі былі падкурчаны і адцягнуты назад, нібы яго пачалі падымаць на дыбе. Вочы вырачаныя, рот разяўлены, ажно, здавалася, матляўся язык. У таго, што з усяе моцы націскаў на педалі, паспадалі да самых локцяў шлейкі бруднай, мокрай ад поту майкі, шчарбаты старэчы рот быў таксама выскалены. У педалях вішчала-енчыла, і здавалася, што каляска вось-вось рассыплецца на часткі, і побач з імі рухне гаспадар. Амаль два поўныя кругі зрабілі рыкшы вакол фантана. Той, што вёз каляску за аглабелькі, пачаў ужо выпярэджваць. І тут здарылася тое, што, мабыць, і павінна было здарыцца: хуткасць па крузе перайшла за крытычную, а мо янкі гайдануўся ўбок. Двухколка перакулілася, амерыканец выпаў, як мяшок з глінаю, дзярнуўшы па асфальце вухам. Рыкша выскачыў з аглабелек, нібы распрэжаны конь ці ішак, і глядзеў спалохана, як круціцца, ніяк не можа спыніцца верхняе кола таратайкі. А веларыкша, каб не натыкнуцца на аглабелькі, ламануў руль да фантана. Здавалася, ён тут жа і назад крутнуў, але было позна: наляцеў заднім колам на борт фантана. Пасажыр плюхнуўся ў ваду…
Хто рагатаў, хто памагаў «купальшчыку» выбрацца з басейна. Вакол абедзвюх калясак стоўпіліся людзі. Амерыканец з абадраным вухам біў свайго рыкшу, крывяніў яму твар. Людзі ўжо хапалі янкі за рукі, але амерыканец роў, як бізон, адмахваўся ад усіх: «Не падыхо-о-одзь!»
Радж расштурхаў людзей, прабіўся да амерыканца. Пуол не скмеціў з-за спін, якія маланкавыя рухі зрабіў ён, але янкі ўраз асеў пад ногі людзей.
— Вяжыце!.. Рукі вяжыце! — крычаў Радж.
І, мабыць, знайшлося чым вязаць, знайшлося каму. Бо калі падбеглі туды паліцэйскія, свішчучы ў свісткі, янкі ўжо ляжаў са звязанымі за спінаю рукамі разадраным вухам угору. Качаў галаву па асфальце, скрыгатаў зубамі:
— Пекла хачу-у! Пе-екла! К чорту ваш рай! Пе-е-екла!
Радж сам знайшоў Пуола, як толькі выбраўся з натоўпу.
— Хадзем… Зараз тут пачнуць распытваць, запісваць, хай разбіраюцца… Пасажыры, мабыць, з тых ваякаў, што высадзіліся на Біргусе… Думаюць, што ў нас скрозь джунглі і ўсё дазволена. У-ух! — Радж з сілаю сцяў зубы, тузануліся на шчоках жаўлакі.
— А я і не ўмешваўся б. Хай бы хоць пазабівалі адзін аднаго, — сказаў Пуол.
— Дык жа яны нашых б'юць, а не адзін аднаго! Дурныя беча, наперагонкі пусціліся, зарабіць хацелі… От я б іх павазіў, янкі гэтых! Дзесятаму заказалі б!
— Колькі мы будзем хадзіць? І кабарэ па дарозе было, і дансінг — прайшлі… Давай во сюды, у «Лятучую рыбу», — паказаў Пуол.
— Мне ўсё роўна, — згадзіўся Радж.
Ён не пазнаў бара. Тады, як заходзіў з Амараю, зала была мо ў тры разы меншая. Цяпер жа ў бакі рассунулі рухомую, чорна-перапончатую, як крыло лятучай сабакі, перагародку, і зала адкрылася ва ўсёй велічы і прыгажосці, у тым канцы яе было сіне ад цыгарэтнага дыму, шматлікія гірлянды рознакаляровых кітайскіх ліхтарыкаў не так свяцілі, як стваралі таямнічы паўзмрок. І ў гэтым паўзмроку каля сцэны-подыўма тузаліся-танцавалі іншаземцы ў яркіх распашонках. На сцэне трэсліся і аркестранты, то вымаючы, то ўстаўляючы ў трубы сурдзінкі. Неверагодныя каленцы з мікрафонам каля рота вырабляў спявак-мулат.
За стойкаю буфета адбіваліся ў люстэрках шматлікія бутэлькі. За прылаўкам спрытна ўзмахваў нейкаю пасудзінаю, трос і куляў яе адкормлены буфетчык у белым кіцелі, разліваў потым па фужэрах кактэйль. Злева на прылаўку сіпеў аўтамат для прыгатавання кавы, дробненька звінелі настаўляныя на ім маленькія кубачкі. Радж зразумеў: той раз быў або выхадны ў аркестра, або не працавала кухня, таму і наведвальнікаў было мала і ўсе цясніліся ў адгародцы каля буфета.
«Цікава, дзе Амара, чаму не паказваецца?»
Недзе ў глыбіні залы справа быў яшчэ адзін буфет і ход на кухню, бо туды і адтуль шмыгалі афіцыянты з падносамі. Тэмп у іх быў такі, што з-за плячэй, здавалася, валіла пара. Быў час «жніва» і «малацьбы», таму і ўвішнасць абслугі можна лёгка зразумець. Пакуль Пуол, разявіўшы рот, разглядаў бутэлькі на паліцах за стойкаю, Радж прайшоў далей у залу, спыніў афіцыянта. Просьбу падмацаваў доларам, і той хутка арганізаваў столік і паабяцаў нават больш нікога за яго не садзіць.
Селі насупраць адзін аднаго. Радж падсунуў Пуолу меню: калі ён плаціць, то няхай і «музыку» заказвае… І тут кароткая перадышка і адносная цішыня скончыліся. На подыўме зноў затузаліся, зайгралі музыкі. Зноў цалаваў мікрафон, прытанцоўваў і пляскаў у ладкі мулат. З-за сталоў паўставалі парачкі, а некаторыя мужчыны запрашалі сабе дам з-за чужых столікаў. Усе ўліваліся ў варушлівы натоўп, тузалі рукамі і нагамі, выгіналіся і трэсліся. Пуол нешта сказаў, паціснуўшы плячыма, і Радж нахіліўся да яго цераз стол.
— Разабрацца не магу!.. У цябе больш вопыту — давай ты!
— Піць што будзеш? Я прапаную віно.
— Давай мацнейшага чаго — душа гарыць! — Пуол выцягнуў з-за пазухі той тоўсты кашалёк-бумажнік, зухавата ляпнуў ім па далоні, потым паклаў перад сабою на стол і яшчэ паляпаў зверху: «Ведай нашых!»
Калі да іх наблізіўся афіцыянт, Радж сказаў некалькі фраз па-англійску, і той сыпнуў: «Зразумеў, курыце пакуль што…» — паклаў на стол бліскучы пачак цыгарэт, запалкі. Пуол з цікавасцю пацягнуўся да іх.
Радж не курыў і ўвогуле цяжка пераносіў тытунёвы дым. З пракуранымі лёгкімі, з кашлем пад вадою няма чаго рабіць. Ён пакутліва ўцягваў носам перапоўненае дымам паветра. «Чаму не ўключаюць кандыцыянеры?» У скронях пачынала стукаць. Крыху ачмурэлы ад гармідару і дыму, ён ужо абыякава думаў пра небяспеку, паволі абводзіў поглядам суседнія столікі. За правым, хоць і быў застаўлены пітвом і закускамі, ніхто не сядзеў — усе танцавалі. За левым сядзелі трое мужчын і адна жанчына. Усе ў гадах, мо ўдвая старэй за Раджа. Жанчына сядзела да яго ў фас. Прычоска ў яе мудрагелістая, на лоб спушчана грыўка, ад чаго твар зрабіўся квадратны і нейкі дураваты. Цётка была яшчэ не загарэлая, мо толькі што прыехала ў тропікі. Насупраць яе сядзеў хударлявы мужчына з высока падстрыжанаю патыліцаю. «Выпраўка ваеннага, хоць і ў цывільным…» — адзначыў Радж. Справа, у профіль да Раджа, сядзеў граміла-баксёр, таксама па выпраўцы ваенны. З-за таго, што са стрыжанай патыліцай, час ад часу нагінаўся да жанчыны (ці не муж яе?) яшчэ адзін — сярэдняга росту, мацачок.
«Няхай бы ж вокны паадчынялі…» — пакутліва думаў Радж. І тут нібы спыніўся горны абвал аркестра, ажно дыхаць стала лягчэй. Танцоры пачалі разыходзіцца да сваіх столікаў, некаторыя кавалеры пачціва цалавалі дамам ручкі, цырымонна кланяліся. Але цырымоністых было мала, больш было такіх, што завальваліся за свае сталы з грукатам, цяжка дыхаючы, абмахваючыся веерамі і хусцінкамі.
Суседзі злева нібы ўзрадаваліся, што можна дагаварыць недагаворанае, пачалі ажыўлена перакідвацца фразамі, як і раней, схіляючыся адзін да аднаго і да сярэдзіны стала, нібы ўсё яшчэ перашкаджаў аркестравы лямант. Гаварылі па-англійску. Незнаёмыя паміналі ў гаворцы іх Біргус!
— Не, агульнага мала! Хаця нейкае падабенства можна і ўбачыць. Тысячы атолаў падобныя адзін да аднаго! — гаварыў «баксёр». — Лагуны асабліва падобныя.
— На Біргусе меншая… Мо нават удвая меншая. Але выгада ў тым, што і Дзіега-Гарсія, і Біргус размешчаны аднолькава: яны самыя паўднёвыя ў архіпелагах, ніжэй іх — адкрыты акіян. Зручна!
— А я лічу, што пакупка не зусім удалая, — сказаў мацачок. — Па-першае, і востраў намнога меншы, і лагуна меншая. Па-другое, вельмі блізка іншыя астравы. Самалётам давядзецца рабіць развароты над суседнімі астравамі, заходзячы на пасадку. Дый палос узлётных такіх не пабудуеш, як на Дзіега.
— І не трэба! Галоўнае — востраў наш, лагуна. Я, калі першы раз прыязджаў на Дзіега-Гарсія, таксама не мог паверыць, што можна ўсяго столькі нарабіць, — гаварыў з прыціскам «баксёр». — Дзіега ў плане трохкутны, а Біргус — як панцыр чарапахі. І лагуна ў Дзіега з поўначы, а не з поўдня, як на Біргусе… На Дзіега ў праходзе ў лагуну тры невялічкія астраўкі. Паміж імі добрыя пралівы. А на Біргусе давялося ўзрываць, ачышчаць праход ад рыфаў. І ў сярэдзіне лагуну давядзецца яшчэ пачысціць. Затое такая стаянка для субмарын будзе — люкс! І ўсяго за паўмільёна долараў, для нас гэта як раз плюнуць.
Зноў зайграў аркестр, цяпер нешта меладычнае і спакойнае. Але разабраць, што гаварылася за суседнім столікам, было ўжо цяжка. Таўстун з жанчынаю схіліліся галовамі і зашапталіся пра штосьці сваё, раз-пораз кідалі ўстрывожаныя позіркі на кашалёк-бумажнік каля Пуола.
Спявак не спяваў, сядзеў на краі подыўма і лянотна цягнуў з горлачка бутэлькі нейкі напітак. Быў ён бледны, усё роўна як сухотны, і вельмі стомлены; п'ючы, трохі булькаў у роце, паласкаў горла. Па ўсім відаць было, што яму страшэнна абрыдлі гэтыя канцэрты, — адно і тое ж кожны вечар.
Афіцыянт прынёс заказ — пітво ў штофах, талеркі. Сам напоўніў келіхі: Пуолу — «Рашн водка», Раджу — «Марціні».
Пуол нібы прабудзіўся ад нейкіх гнятлівых думак, утаропіў вочы на сваю чарку, а потым на Раджаву. Хацеў запярэчыць, што не на роўных правах, ды Радж апярэдзіў яго:
— Не гіпнатызуй чарак… Справы яшчэ ў мяне. Браў Пуол сваю чарку, і рука дрыжала. Панеслі да губ не чокаючыся. Пуол сербануў і адразу вылупіў вочы, папярхнуўся і закашляўся. І пакуль ён кашляў, адварочваючыся ад стала і сінеючы (гарэлка трапіла «не туды»), з-за суседняга стала падняўся ўсхваляваны таўстун з «гаванаю» ў руках. Ужо стоячы, адкусіў кончык, сплюнуў пад ногі і падышоў да іхняга стала.
— Дазвольце вашымі запалкамі пакарыстацца, — прамармытаў ён невыразна, не выпускаючы сігару з рота. Пацягнуўся да запалак, не чакаючы згоды.
Пуол усё яшчэ кашляў і сіпеў, не могучы што сказаць, і Радж кіўнуў сам, дазваляючы. Пуол не бачыў, а Радж бачыў, што такі ж карабок запалак ляжыць і на тым стале, з-за якога ўстаў таўстун, ад іх там прыкурвалі не раз. Радж зноў перавёў пагляд на таўстуна і ўбачыў, што ў таго дрыжаць рукі, агеньчык не трапляе на кончык сігары. І не дзіўна: вочы таўстуна глядзелі не на агеньчык, а на кашалёк! Нібы мацаў імі, абследаваў бумажнік. Прыкурыў урэшце, кіўком падзякаваў — і за свой стол. Пуол, хоць і перастаў ужо кашляць, адварочвацца ад стала, не заўважыў, на што глядзеў таўстун, які выраз твару і вачэй у таго быў.
— Ты што мне заказаў! — прасіпеў Пуол. — Ты атруціць мяне хочаш?! — гаварыў нібы жартам, але з пагрозаю.
— А што — спадабалася? — зрабіў нявінны твар Радж. Глядзеў на пераноссе Пуола, а бакавым зрокам бачыў, што за суседнім сталом таўстун з жонкаю зноў шэпчуцца. Жанчына ўстала, хутка пакрочыла да выхаду.
«Аг-га… Пуол зараз пажне тое, што пасеяў… Бумажнік апазналі…» — Радж трохі нават усцешыўся: дурная галава сама шукае гуза.
«Што рабіць! Могуць палічыць за саўдзельніка крадзяжу… Чакаць развязкі ці прыдумаць якую прычыну пакінуць Пуола? Але тады можа падумаць, што я збаяўся яго».
Устаў, накіраваўся да акна, сам адшчапіў, таўхануў на двор створкі. Вяртаючыся, падумаў: «Мо пашукаць Амару ці запрасіць каго на танец?» Ні размаўляць, ні сядзець з Пуолам за сталом не хацелася. Але аркестр змоўк.
Пуолу таксама не сядзелася.
— Кінь забаўку з «Марціні». Хоць разок во гэтага… — пацягнуўся са штофам да келіха Раджа. Лінуў, Радж не паспеў адхапіць чарку. — Хо-хо! Кактэйль «Белы мядзведзь»… Я і сабе такі зраблю… — Пуол узяў у абедзве рукі па штофу, лінуў у свой келіх з аднаго і з другога. І не паспеў паставіць штофы на абрус, як за яго спінаю выраслі двое паліцэйскіх — незаўважна зайшлі паўз сцяну ад акна. Пуол убачыў, як чужая рука пацягнулася да бумажніка, — і сам цапнуў за кашалёк. — Вы што?! — падхапіўся. Але другі паліцэйскі націснуў рукою на плячо:
— Сядзі, малады чалавек!
— Гэты кашалёк — ваш? — спытаў першы паліцэйскі, адтапырваючы тоўстую губу.
— А чый жа яшчэ! — зноў хацеў усхапіцца Пуол, і другі паліцэйскі зноў ціскануў яму на плячо.
А да стала падсунуліся ўжо ўшчыльную, ледзь жыватамі не ўзлеглі тоўстыя мужчына і жанчына.
— Хлус ён! Гэта злодзей!
— Ага! У мужа майго кашалёк выцягнуў!
— Пералічыце, што было ў кашальку, — звярнуўся да таўстуна паліцэйскі.
Той назваў спачатку, колькі было грошай. «Але іх столькі можа ўжо і не быць!» — дабавіў, спахапіўшыся. Назваў, якія дакументы прапалі разам з кашальком, на чыё імя выпісаны. «Іх таксама можа не быць, мо выкінуў дзе ў сметніцу!» — пакуль гэта таўстун дабаўляў, жанчына працягнула рукі да Пуолавай чупрыны, учаперылася за валасы: «Зладзюган! Мафіёзі!» Паліцэйскаму, што стаяў ззаду Пуола, давялося ўжо абараняць яго, рашчэпліваць пальцы жанчыны: «Ма-да-а-ам! Мадам!» Таўстагубы паліцэйскі між тым патрашыў кашалёк над сталом і раскладваў тое, што было ў ім. Таўстун ускрыкваў: «Пашпарт цэлы! І вадзіцельскія правы!.. І білеты на авіён… І страхавы поліс! І чэкавая кніжка!» Ён і рукі працягваў да таго, што раскладвалася, але адхопліваў, нібы апякаўся ці баяўся пакінуць адбіткі пальцаў, і ўсё выціраў мокры лоб і залысіны вялікаю клятчатаю насоўкаю.
— Ну во… І чорт з ім! Адпусціце! — гаварыў паліцэйскаму.
— Не пускайце! — ледзь не вішчала жонка. — Гэта адна шайка! Заадно яны! — паказвала і на Раджа.
— Пройдземце, панове, у паліцэйскі ўчастак. І вы таксама з намі! — загадаў Раджу першы паліцэйскі.
Радж устаў, прыкідваючы, колькі каштуе зроблены ім заказ, выняў грошы. Паліцэйскі паспешліва сабраў са стала ўсё, што нараскладваў з кашалька. І тут ад акна пачуўся звонкі хлапчукоўскі голас:
— Раджа не чапайце! Радж ні ў чым не вінаваты! — Янг скокнуў з падаконніка, падбег да стала.
— Ты?! — ажно сумеўся Радж.
— Дзядзечкі, ён невінаваты! — затузаў паліцэйскіх за рукавы. — Пуола бярыце! Ён — гад!
Вакол іх ужо сабраўся натоўп. Нерваваўся, тупаў адміністратар, парываючыся нешта сказаць.
Пуол затраўлена азіраўся, уцінаў галаву ў плечы:
— Сам ты гадзяня… Папомніш ты яшчэ мяне!
— Янг, ты — ідзі! Без цябе разбяруцца… У дэльфінарыі мяне будзеш шукаць… Ідзі! — Радж паспеў абняць Янга і адштурхнуць ад стала.
Таўстагубы паліцэйскі, аднак, разважыў інакш:
— Хлопчык, і ты з намі пойдзеш. Да выяснення ўсіх акалічнасцей.
— Правільна! — лезла пад рукі таўстуха. — Усіх! Пад корань! Выпусціце, а яны нас укакошаць!
Пакуль выходзілі, Радж супакойліва пагладжваў па Янгавых плячах. Калі спрабаваў штосьці сказаць, таўстагубы загадваў маўчаць.
Услед ім грымела вясёлая музыка.
Раздзел трэці
1
Ніхто не чакаў, што будзе ўраган, бо час зімовых цыклонаў і няспынных штормаў скончыўся ў лістападзе.
Янг, адпушчаны з паліцэйскага участка, ішоў да гатэля, а лісце пальмаў трывожна шаргацела, па вуліцах насіліся віхуры. Амаль не чуваць было начных птушак і цыкад. Дыхаць было цяжка, паветра згусцілася да таго, што яго, здавалася, можна было мацаць у пальцах. Шпіль на вежы аднаго дома блакітна свяціўся. У прамежках паміж дамамі на гарызонце няспынна ўспыхвалі зарніцы.
І ўсё-такі, нягледзячы на ўдушлівую атмасферу і ўсе перажыванні, Янг паспеў заснуць. Побач з яго канапаю ў гасцінай нумара сіньёры Тэрэзы ляжаў Тота. Сабачка доўга непакоіўся, і Янг усё пагладжваў яго ды так і заснуў, звесіўшы руку ў сабачыя лохмы. Прачнуўся ад моцнага ўдару грому, нават заплюшчаныя вочы слеплі ад маланак. Тота павіскваў і лізаў яго руку. Скрозь роў і выццё ветру, звон шыб у вокнах, плёскат і шум ліўня чуваць былі рокат вадзяных валаў на пляжы, гарматныя ўдары хваль у раёне прыстані, трэск дрэў у прысадах.
— Мадонна мія, матэр дэі…— гучна малілася ў спальні донна Тэрэза. — Янг, хлопчык мой, — ты тут? — выкрыквала яна паміж словамі малітвы.
— Тут, тут, — адгукнуўся Янг.
— Хадзі да мяне, а то я баюся.
«От яшчэ не хапала! Навязалася на маю галаву…» — Янг нехаця прайшоў у спальню.
— Уключы святло!
Янг пстрыкнуў уключальнікам — святло не загарэлася. Вярнуўся ў гасціную і там пстрыкнуў. Няма! Ці што сапсавалася, ці падстанцыя адключыла ток.
— Не гарыць, — зайшоў зноў, стаў каля дзвярэй.
— Божа, божа… Канец свету, няйначай. І часта ў вас такія страхі?
— Часта.
— Ляж са мною, а?
Добра, што не ўключылася святло. Але і пры маланках донна Тэрэза, каб не заплюшчвалася ад страху, магла б убачыць, як счырванеў Янг.
— Не-а! — крутнуў галавою. — Мо Тота вам пакласці?
— Пакладзі!
Янг адступіў яшчэ на крок, лёг на пласцікавую падлогу — яна здалася халоднаю.
— Ты тут, Янг?! — спалохана ўсклікнула сіньёра.
— Тут, не бойцеся.
Парывы ветру не змяншаліся, у акне спальні гуло і свістала, аж енчыла, у шыбы то хлісталі патокі вады, то барабанілі буйныя кроплі. Раўлі на пляжы ў рыфах вадзяныя валы. Але маланак і грому, здаецца, паменшала, навальнічны фронт адкаціўся далей, недзе пад Біргус.
Задрамаў яшчэ разоў два ці тры, і штосьці вярзлося ў сне пачварнае. На досвітку і добра заснуў, але яго разбудзіў Тота: пачаў скуголіць, лізаць рукі, прасіцца на двор. Сіньёра Тэрэза спала як забітая.
— Ну, хадзем, хадзем… — неахвотна ўстаў Янг, адамкнуў дзверы.
У калідоры пад шклянымі накрыўкамі гарэлі на столі смешныя, з трубак, лямпы, свяцілі блакітнаватым святлом. Каля кожных дзвярэй стаяў, як на парадзе, абутак — па некалькі пар. Усе туфлі зіхацелі і былі павернуты наскамі да сцяны. У нумарах хто спаў, а хто і не спаў, а невідочны чысцільшчык рабіў сваю справу ўсю ноч.
На дварэ было свежа, дыхалася лёгка. Асфальт каля «Марской ліліі» быў увесь наздраваты: курортніцы папратыкалі вострымі абцасамі туфляў. Вялізныя лужыны на асфальце курыліся, нібы хто паналіваў вару. Мірыяды сонейкаў успыхвалі ў лісці дрэў, гушчэча прысадаў была зацягнута туманам. У дворнікаў было клопату хоць адбаўляй: сцягвалі ў кучы галіны, зграбалі абламанае сучча, збітае лісце, загружалі ў тачкі.
Янг памчаў з сабакам навыперадкі, распырскваючы лужы, аж пакуль не забег на пляж. Мора яшчэ было неспакойнае: па той бок рыфаў валамі ўспухвалі мутна-зялёныя хвалі, грэбні іх дыбіліся ўсё вышэй, кучаравіліся пенай, абвальваліся, з грукатам разбіваліся аб рыфы. Па гэты бок рыфаў усё было белае ад пены, вірыла і клекатала.
Янг пабег к дэльфінарыю. Тота ўжо ачуняў ад ночы і зусім развесяліўся, з брэхам рабіў кругі вакол яго ці, дагнаўшы, стараўся цапнуць за лытку. Янг па звычцы глядзеў пад ногі — мо што трапіцца? І трапілася: з абшарпанымі шкельцамі дымчастыя акуляры, некалькі манет — цэленькіх, не сцёртых, іх можна будзе пусціць у абарот. Сунуў акуляры за пазуху, азірнуўся. Эх-ха, каб хоць паўдня пабегаць па пляжы, можна было б нашукаць грошай да халеры! Але, мабыць, прыбіральшчыкі самі ўжо аббегалі не раз.
…Малу толькі што закончыў ранішні абход дэльфінарыя, бо якраз вяртаўся да прахадной.
— О, ранняя пташка, — ветліва азваўся да Янга. — Зараз адамкну. Але ж няма Раджа! Як пайшоў вечарам з дружком-земляком, дык і не вярнуўся. А што — ты так і не знайшоў іх?
— Не вяртаўся? — у голасе Янга было столькі неспакою, што і Малу затрывожыўся.
— Значыць, ты не бачыў яго… А я думаў, загуляліся недзе разам.
Янгу не хацелася нічога яму расказваць. Павярнуўся і пайшоў прэч апусціўшы галаву. Зноў на пляж? Бо і да сіньёры не хацелася ісці.
Плёўся нага за нагу па пляжы, потым сеў на рашотчаты ляжак, яшчэ вільготны, у плямах прыкарэлага пяску. Паклаў на задраныя калені далоні, на далоні — падбародак. Невідушча ўтаропіўся вачыма ў пенныя буруны каля рыфаў. Як самотна, як адзінока адчуваў ён сябе на белым свеце!
Што з Раджам? Няўжо яго доўга не пусцяць? А ўсё з-за гэтага тройчы клятага Пуола.
А Янга ўчора не трымалі доўга. Распыталі, хто ён і адкуль, як апынуўся на востраве, запісалі імя сіньёры Тэрэзы і нумар апартамента ў гатэлі «Марская лілія» — мо будуць даведвацца? Выходзіў з участка і сустрэў у калідоры Раджа, яго яшчэ вялі на допыт (Пуол сядзеў асобна). Радж бадзёра ўсміхнуўся Янгу: «Шукай мяне там…» — зрабіў ківок у бок дэльфінарыя.
2
Скрозь ірванае клочча воблакаў справа выблісквала яшчэ не гарачае і невысокае сонца. Вецер дзьмуў парывамі, і акіян-мора ніяк не хацеў супакойвацца — гуў і бушаваў, ракатаў.
Не падабалася Янгу на Раі. Які ж гэта Рай, калі няма такое ціхае, спакойнае лагуны, як на Біргусе! І пясок на Раі не падабаецца. На Біргусе ён белы-белы, аж слепіць на сонцы, а тут нейкі шараваты і больш буйны.
У шуме хваляў Янг чуў шум какосаў на ўзбярэжжы лагуны Біргуса, улоўліваў нават мелодыю мамінае песні. Яе заўсёды спявалі жанкі гуртам, калі збіраліся пасядзець надвячоркам.
Каля Янга страсянуўся мокры Тота — Янг схамянуўся ад пырскаў, прыцягнуў сабачку за вуха да сябе, пагладзіў. Той лізнуў у калені, у рукі, улёгся на Янгавы ступакі.
— Дурненькі… Цябе ж магла хваля змыць, і назад не выбраўся б… Прабач, што я забыў трохі пра цябе.
Тота соладка прымружыў вочы, і Янг зноў задрамаў-задумаўся. На гэты раз у думках з'явілася Натача. Дзе яна цяпер і што робіць? Ці знайшоў Натачын бацька хоць якую работу? Ці ўдалося ім на Горным скідаць сваю хібару — прытулак ад непагадзі? Ці захоўвае Натача Янгавы рэчы? Нямнога іх засталося, зусім крыха, самая каштоўная — урна з прахам продкаў. Лёгка захоўваць, калі маеш сваю хату, а не бадзяешся па чужых кутках. Ці ўдасца калі з'ездзіць на Горны? І яе пабачыць хочацца, і урну забраць.
Як яна тады далікатна і ласкава, па-мацярынску змазвала яму болькі — сляды п'явак і ўкусаў камароў… Якія чулыя былі ў яе пальчыкі! І як яны тады саромеліся адно аднаго, як бянтэжыліся… Згадвалася гэта зараз, і нібы ласкавы агеньчык цепліўся ў грудзях.
«Цікава, а ці ёсць тут «марскія восы»? Трэба будзе ў Раджа папытаць… Мо няма, бо столькі б курортнікаў з усяго свету не з'язджалася б».
Каля Біргуса іх таксама няма, гэтых ядавітых медуз. Але расказы пра іх жывуць. Такое страхоцце мо сам д'ябал выдумаў. Матрос Дуку расказваў, як каля Аўстраліі раз купаліся, і двое матросаў трапіла на гэтых «восаў»-медуз. Зусім блізка ад берага былі, а так і не выбраліся, загінулі. У гэтых медуз парасоны вялікія, а шчупальцаў тонкіх і доўгіх мо тысячы, і на кожным клеткі-прысоскі з ядам. Адна ўджаліць, і досыць — паралюш, смерць. Яд у іх мацнейшы, чым у кобры. На першым часе, як Дуку расказаў пра такія страхі, баяліся ў ваду лезці, купацца ў лагуне. І потым не раз пужалі адзін аднаго: «Восы плывуць!» А Натача не баялася ніякіх восаў, кулялася і рахтала ў вадзе, як нячысцік які.
— Ай глэд ту сі ю!8 — пачуўся раптам над вухам родны голас. — Ты што тут робіш?
— Радж! — Янг падхапіўся, уткнуўся тварам брату ў грудзі, усхліпнуў і сам жа прыдушыў гэты нечаканы ўсхліп.
— Перастань, усё ж добра. Пайшлі да мяне… У-у, а што гэта ў цябе за звер такі?
Ішлі, абняўшыся, уздоўж прыбою, і Янг расказваў збольшага пра свае прыгоды на Галоўным востраве. А як сказаў, што ўжо няма ў іх і бацькі, а не толькі маці, пры якіх абставінах і дзе сканаў, то плакалі разам і не саромеліся слёз. Добра, што пляж быў амаль пусты, сям-там толькі разлеглася некалькі чалавек загараць. Потым і пра Абдулу расказаў, і пра Пуола, у якую авантуру быў уцягнуў землячок. Расказаў пра італьянку з сабачкам, пра тое, як удалося схаваць ад піратаў яе каштоўнасці.
— А цяпер яна патрабуе, каб жыў у яе. Сабачку на прагулку вадзіў. Слугаваў…— Янг цыркнуў пад ногі слінаю. Ішлі яны хутка, пясок шуршаў і хрупаў пад нагамі. Тота бегаў кругамі наўкола іх, матляў ружовым языком, з брэхам кідаўся на чаек.
— І пажыві… А што? На колькі яна сюды прыехала, не ведаеш? — спытаў Радж.
— Мо на месяц.
— Ну во, бачыш. Месяц пажывеш у шыкарных апартаментах. У нашым становішчы трэба хапацца за ўсякую мажлівасць — каб пражыць. Добра было б табе якую пастаянную работу падшукаць. Ці Гугу… Хлопец у нас у дэльфінарыі ёсць, Гуга, хоча знайсці іншую работу. От каб ён дзе ўладкаваўся, то я цябе ўсватаў бы на яго месца. Справіўся б, у яго не вельмі цяжкія абавязкі…
— Ой, Радж, гэта было б здорава! Я раз убачыў дэльфінаў, пагладзіў іх — і палюбіў на ўсё жыццё! Я з імі б дзень і ноч займаўся…
— Ну-у… дзень і ноч. Нікому гэта не трэба. Дый Судзір у нас такі — ганяе ўсіх ад дэльфінаў. Ты, значыцца, пакуль з італьянкаю пабудзь, але да мяне прыбягай кожны дзень. Будзеш прыглядвацца да таго, што я раблю. Памагаць. Мо калі і мяне спатрэбіцца замяніць на рабоце. Як называецца такая парода сабак?
— Я думаў — пудзель. А сіньёра кажа — тэр'ер шатландскі.
— Ты з маскаю, трубкаю і ластамі плаваў калі-небудзь? — спытаў Радж.
— Не! — і Янг з такой радаснай надзеяй паглядзеў у твар Раджу, што брат усміхнуўся, мацней прыціснуў Янга да сябе.
— Для пачатку асвоіш маску з трубкай. А потым і за акваланг возьмемся.
— Ой, Радж… — ад прыхлынуўшага раптоўна шчасця Янг пацёрся вухам аб яго бок. І не мог ад хвалявання больш нічога сказаць. Гэта ж была самая большая, самая светлая яго мара, якую песціў у душы не адзін год. — Адразу ўспомніліся ўсе Раджавы расказы пра тое, што бачыў пад вадою, і ажно галава закружылася. Хутка, хутка і ён пабачыць усе тыя дзівосы!
— Цябе назусім пусцілі з паліцыі?
— Назусім. Пуол сказаў, што я ні ў чым не вінаваты, проста ён запрасіў мяне як земляка ў бар для пачастунку. На сябе ўсю віну ўзяў за крадзеж… Не такі ён ужо і кепскі, як выяўляецца.
— Радж, ты не ведаеш яго, хоць і раслі разам. Ён гад і хітрун! Ашуканец! У мяне грошы выманіў… Ён нешта зноў прыдумаў!
— Пажывём — пабачым. А ў яго таксама хопіць часу падумаць, калі пасадзяць.
Радж чагосьці не дагаворваў, нейкія думкі гнялі яго. Некаторы час ішлі моўчкі, у кожнага ў галаве было сваё.
Вартаўнік Малу таптаўся каля варот, чакаючы зменшчыка. Вочы яго былі чырвоныя, ледзь не такія, як у бома Япа. Прапускаў іх у дзверцы і схіснуўся зыбліва ўбок. «П'яны?!» — уразіўся Янг. Здурнеў чалавек, дзень наперадзе, гарачыня, а ён… А мо ноччу піў і цяпер у яго толькі пахмелле?
— Радж! Шустры ў цябе брат! У мяне такі падшывалец ёсць — рады не даць! Ты глядзі за ім, а то ўлезе ў якую шкоду! — сказаў ім наўздагон Малу.
— Нічога, ён ужо не маленькі,— азірнуўся на момант Радж і прыціснуў Янга да сябе. У грудзях хлапчука штосьці шчымліва заварушылася. Зараз Янг любіў Раджа неймаверна — ён жа быў яму і за тату, і за маму.
— Радж! — зноў выкрыкнуў услед Малу. — Толькі што грузавік павёз да галоўнай арэны пясок. Я прапусціў, хоць мне нічога пра гэта містэр Крафт не гаварыў… Ты нічога не чуў пра пясок?
— Не! — пракрычаў, павярнуўшыся да Малу, і Радж. — Мо Абрахамс што надумаў рамантаваць. І цэмент таксама павезлі?
— Не бачыў цэменту. Адзін пясок-ракушачнік! Ішлі па алеі да галоўнай арэны, і Янг бачыў, што на газонах паміж кустоў завіхаюцца дзве цёткі з граблямі.
Выйшлі па алеі да трыбун і басейна, зразу пачулі кароткае «Біп-бі-іп!» і гуд матора. З-за паўночнага тарца трыбун задам выязджаў невялікі грузавічок, ён ледзь не цёрся здвоеным заднім колам аб бетонны борт басейна. Не бачыў такіх машын Янг — аранжавая, нізенькая, кузаў трохкантовы, не дыміць ніяк. Шафёр, прачыніўшы дзверцы, глядзеў на кола, сачыў, каб як мага шчыльней пад'ехаць да борта з парэнчамі. Янг пастаяў каля перакіднога мосціка і ўбачыў, што з-за машыны з'явіўся невысокі чалавек у белай курце9. Не баючыся, што грузавік можа на яго наехаць, прытуліўся да парэнчаў і рукою падаваў знакі шафёру: яшчэ трошкі, яшчэ…
— Стоп! — рэзка кінуў руку ўніз чалавек. — Выкульвай!
Кузаў самазвала павярнуўся на бок. Ш-шух!
— Што ён — здурнеў, гэты Судзір?! — вярнуўся да Янга Радж. — Чысціць трэба басейн, а ён…
Белае воблачка пылу плыло міма кабіны, і шафёр памахаў рукою каля твару, нібы разганяў тытунёвы дым, сеў за руль. Машына праехала метры на два ўперад, і шафёр зноў вылез, натужліва трымаючы ў руках велікаватую фанерную скрынку. Штосьці цяжкае было ў той скрынцы, бо і Судзір, узяўшы яе, угнуўся ад цяжару.
Ляпнулі дзверцы, машына крутнула наўкол трыбун, а на алею выскачыла так, нібы ўдзельнічала ў гонках.
Судзір, трымаючы скрынку перад сабою, панёс да сваёй «рэзідэнцыі». Ставіў скрынку каля дзвярэй, і ў ёй штосьці металічнае звякнула. Адчыніў дзверы хутка, гэтак жа імкліва знік за імі са скрынкай.
— Ну і ну… — пакруціў галавою Радж. — Але няма таго тайнага, каб не стала яўным… Пайшлі, пакажу свой прытулак!
Тота за імі не спяшаўся: стаў лапамі на борцік і дурашліва брахаў на дэльфіна, пакручваў галавою, нібы слухаў яго скрып. Здаецца, то быў малы Бобі. Дэльфіня таксама высунулася з вады і з цікавасцю разглядала сабаку.
— Пан, бог і воінскі начальнік, — гаварыў Радж, адмыкаючы свае дзверы. — Ніхто ніколі не ведае, што думае рабіць Судзір. Нават містэр Крафт не адважваецца пытаць пра яго планы.
Янгу спадабалася Раджава камора. Проста цуд, а не жытло! Нібы каюта на якім фантастычным караблі… І чаго толькі ў ёй няма на сценах, на паліцах і стэлажах! Год бы глядзеў і ўсяго не перагледзеў. Аб прызначэнні некаторых рэчаў, вельмі дзівосных, толькі здагадваўся. Аквалангі! А во даўгаватая вострая страла-гарпун з зазубрынаю на канцы… Для чаго Радж яе прыхаваў на паліцы? Вадзіў поглядам направа-налева і ўздыхаў.
Радж адразу падаўся ў дальшы правы кут, там стаяла штосьці падобнае на матор і на тую машыну на колах, што бачыў з хлапчукамі на пантоне, толькі гэтая намнога меншая. Радж уключыў яе, яна запрацавала амаль бясшумна, толькі дзесьці пасвіствала паветра.
— Кампрэсар японскі. Электрычны… Мы ім паветра напампоўваем у балоны, — патлумачыў Радж. — Паднось, будзем зараджаць, — паказаў на стэлажы, на якіх ляжалі спараныя аранжавыя балоны з рамянямі.
Ухапіўся Янг за адну пару — ог-го! Ледзь з месца скрануў. Паглядзеў на Раджа — насміхаецца з яго, ці што?
Радж усміхаўся, але зычліва, па-сяброўску.
— Што — кішка тонкая? Увесь акваланг запраўлены амаль дваццаць кілаграмаў важыць… Гавару, каб адразу зразумеў: з аквалангам плаваць — не дзіцячая справа. Каб не ныў без толку: «Калі з аквалангам, калі з аквалангам?..» Маска з трубкай для цябе — самы раз пакуль што. Асвойвай і плавай… Акваланг вывучыш паступова, за гэты час і сам падрасцеш, памацнееш. А ведаеш, гэтай вагі акваланга ў вадзе не адчуваеш! Наадварот, яшчэ грузілы на пояс прывязваеш, бо выштурхоўвае наверх.
Паднёс адну пару балонаў Раджу і пачуў, што на дварэ нервова заскуголіў Тота. Такі голас ён падаваў, калі сумаваў без гаспадыні ці без Янга або хацеў ісці гуляць. Янг выбег з каморы і ўбачыў, што Тота бегаў каля мосціка, прынюхваўся да іх слядоў, а куды вядуць тыя сляды, не цяміў. Паклікаў яго да сябе, але сабачка толькі павіляў хвосцікам ніякавата, паглядзеў на яго з-пад навісі валасоў, брахануў.
— Радж, я хутка вярнуся! Тота, мабыць, есці хоча, трэба бегчы карміць, — крыкнуў брату і пабег на мосцік.
…Донна Тэрэза яшчэ спала, і Янг ажно чартыхнуўся. Каб ведаў, то гэтак не спяшаўся б. Спытаў бы ў Раджа, мо знайшлася б якая ляпёшка для Тота… Але песта гэты наўрад ці еў бы простую яду.
Янг дурэў з сабакам у гасцінай, пакуль незнарок не брыкнуў нагою маленькі столік. І тут донна Тэрэза пачула іх — выйшла ў начной сарочцы, паціскала, пазяхаючы, нейкую кнопку каля дзвярэй. Пакуль з'явіўся кельнер з рэстарана, яна глядзелася ў вялікае люстра пры сцяне, масіравала павекі і зморшчыны ў куточках вачэй, гаротліва ўздыхала. Потым наляпала сабе на твар чагосьці белага і ружовага, навыціскаўшы з цюбікаў. З такім жудасным тварам-маскаю і заказ на снеданне зрабіла, хлопца-афіцыянта не саромелася.
«Гэтая еўрапейка і за людзей нас не лічыць…» — прыйшла да Янга зусім дарослая думка.
Потым сіньёра надоўга схавалася ў ванным пакоі. Ужо афіцыянт укаціў у нумар двухпавярховы столік на колцах, цалкам застаўлены талеркамі, ужо Янг і Тота і талеркі амаль усе падчысцілі, нават з некаторых соус вылізалі, а сіньёра ўсё не паказвалася.
Крыкнуў ёй, што пойдзе з Тота гуляць, — і хутчэй да дзвярэй.
3
Каля касы дэльфінарыя стаяла чарга людзей. На будыначку, дзе размяшчалася каса і прахадная, вісела папяровая аб'ява, што сёння будуць тры прадстаўленні, першае — у дзесяць гадзін мясцовага часу. Мабыць, містэр Крафт сарыентаваўся: мора бурнае, купацца не палезуць, а загараць цэлы дзень ніхто не вытрымае, значыць, паваляць шукаць іншых забавак.
Каля варот дэльфінарыя з унутранага боку пахаджваў другі вартаўнік, не Малу. Гэта або патомак неграў, або чыстакроўны негр. Твар бліскучы і чорны, нос шырокі і пляскаты. Вартаўнік на выгляд быў люты, здаровы і вялізны, як міфічны герой Раксаса. Хоць і боязна было да яго звяртацца, а давялося прасіцца, каб пусціў да Раджа, тлумачыць, хто Янг такі.
— Свой, значыць, чалавек? — шырока ўсміхнуўся негр, асляпіўшы Янга белізною зубоў. Пачаў адчыняць яму дзверы.
— Ага, — усміхнуўся і Янг, нельга было не паддацца на такую ўсмешку. Узяў на рукі Тота, бо каля яго прыселі ўжо дзве белыя дзяўчынкі, пачалі соўгаць у рот сабачку размяклыя шакаладкі.
— Праходзь і помні: брат майго сябра — мой брат. Алі мяне зваць… — негр прыгнуўся і трыма вялізнымі пальцамі далікатна адагнуў Янгаву руку, што прыкрывала Тота зверху, патрос за далонь — нібыта паздароўкаўся. Гэта таксама развесяліла Янга: дзівак, відаць, гэты Алі. І імя яму правільна бацькі далі10. Цікава, якая сіла ў яго ручышчах? Што было б з рукою Янга, каб Алі паздароўкаўся як след?
Радж сустрэў заклапочана.
— Ты яшчэ ні разу не бачыў праграмы прадстаўлення?
— Не.
— Каля перакіднога мосціка лаўка — гэта нібы дырэктарская ложа. Сядзь там і глядзі. Гэта насупраць трыбун, відаць усё добра, на ранішнім прадстаўленні сонца табе збоку будзе — таксама добра. А ў мяне пакуль што справы.
Янг адышоў, каб не замінаць яму. Сеў на лаўку, сабачку пасадзіў на калені, каб не лез абы-куды. Але Тота ўвесь час неспакойна паглядваў на ваду, там праплывалі сюды-туды, вынырвалі і шумна выдыхалі паветра дэльфіны. «Ай-яй, якраз як людзі, калі доўга ныраюць і ўсплываюць…» — не пераставаў здзіўляцца Янг. Ён ужо не звяртаў увагі на Тота, які тузаўся ў руках, скроб нагамі, каб вылузацца на волю. Янг сачыў толькі за дэльфінамі, асабліва за маленькім Бобі. Малыш часцей, чым дарослыя, выстаўляў з вады галаву. Прыветліва разявіўшы рот, ён аглядаў трыбуны, якія пачалі запаўняцца людзьмі, або падплываў і глядзеў на… Тота!
— Бобі, Бобі, малышок ты мой… — ласкава шаптаў Янг, хацеў, каб дэльфіня глядзела на яго.
Бобі нібы паслухаўся, наблізіўся да самага борта, усклаў галаву падбародкам на кант. «Скір-р-р, трын-н-н, трын-н», — паглядзеў у самыя вочы Янга, штосьці папытаў. І быццам зразумеў, што кантакту не адбудзецца, зноў утаропіўся ў Тота, заўсміхаўся на ўвесь рот. Тое калматае і чорнае, што борсалася ў Янгавых руках, цікавіла больш — нібы дзіця новая цацка. Вочы дэльфіняці, здавалася, ажно ўмольвалі: пусці, дай гэтае калматае стварэнне, пагуляць, пазабаўляцца з ім у вадзе.
Янг упёрся каленямі ў бетонны борт, прысеў. Сабачку падсунуў пад чырвона-жоўтую парэнчу — нюхайцеся, знаёмцеся. Бобі шырока разявіў рот, поўны вады. Доўгія рады белых і вострых зубоў здаліся Тота вельмі страшнымі. Завішчаў, задрыгаў лапамі і хвастом: падумаў, што Янг хоча сунуць яго ў гэтыя страшныя зубы. І тады Бобі лінуў вадою з рота на сабачку — як з конаўкі! Ад такое нечаканасці спужаўся не толькі Тота, але і Янг — адхапіў сабачку, адскочыў сам.
— Ха-га-га! — выбухнуў рогат на лаўках. З трыбун даўно ўжо сачылі за Янгам і сабачкам.
Гледачы, якія ўладкаваліся раней, нецярпліва разглядвалі басейн і тое, што ў ім робіцца. «Вунь адзін! А вунь яшчэ два!» — захоплена выгуквалі то там, то тут, заўважаючы дэльфінаў. Дзеці пляскалі ў ладкі ад радасці.
Вось ужо трыбуны запоўніліся цалкам. Недзе на вышцы азваўся невідочны рэпрадуктар, палілася чароўная музыка. З-за дома выйшаў з тазікам нарэзанай рыбы Гуга, паставіў яго каля ніжняга памоста. Мужчынскі голас па-англійску, а потым па-французску і па-іспанску штосьці расказаў пра дэльфінаў. Пасля ў рэпрадуктары шчоўкнула, і зноў палілася ціхая музыка. Пад вышкаю — насцеж, рэзка — расчыніліся дзверы. Паўстаў чалавек, захутаны ў шырачэзны чорны плашч па самы нос. Зрабіў некалькі крокаў да басейна і зноў велічна замёр. Замаруджаным жэстам, нібы які факір, скінуў плашч з плячэй. Не азіраючыся назад, шпурнуў яго. На той момант ззаду апынуўся Гуга, злавіў плашч на ляту і тут жа знік з ім у дзвярах. Чалавек застаўся ў чорным і гладкім, ажно блішчаў, гідракасцюме, без шлема. «Той самы Судзір, дрэсіроўшчык! Туману напускае, каб больш уразіць публіку…» — падумаў Янг. Пакуль лілася музыка, дэльфіны таксама, відаць, рыхтаваліся да прадстаўлення, бо рухі іх усё больш спакайнелі.
Раптам Судзір рэзка падняў руку, нібы вышморгваў з вады рыбу, і адзін дэльфін высока сігануў угору, тузануў зубамі за вяровачку звона, які звісаў з другога памоста вышкі. Гухнуў назад з такім плёскатам, што вада кінулася з басейна на берагі, адкацілася, зноў плёхнула, а каля мосціка глуха застукала ў бераг лёгкая, з пенапласту лодачка. І толькі цяпер заўважыў Янг, што там вядуць у ваду трубчата-металічныя лескі.
Гледачы заапладзіравалі, запляскаў і Янг, заціснуўшы Тота пад левым локцем. А Судзір узяў з тазіка кавалак рыбы, кінуў выканаўцу нумара. Каторы з дэльфінаў быў той, што скакаў, Янг не пазнаў: яны ўсе павысоўвалі з вады разяўленыя раты.
Упоперак басейна на тросе віселі тры абручы, сярэдні быў трошкі ніжэй за два крайнія. Судзір зрабіў знак рукою, і Гуга, які апынуўся каля вышкі, штосьці адвязаў ці пакруціў, і абручы апусціліся, да вады засталося з метр.
Янга дзівіла, што голасу Судзіра не было чуваць, камандаваў дэльфінам, мабыць, толькі жэстамі. Узмах рукі — і тры дэльфіны вынырнулі адначасова каля абручоў, паглядзелі на іх, нібы прымерыліся, на якую вышыню скакаць, і тут жа зніклі пад вадою, каб разагнацца. Зноў узмах рукі, і тры бліскучыя шэра-сінія целы выгнуліся бакамі, сіганулі праз абручы, разам плаўна шчабоўкнулі ў ваду. «Ай-яй-яй, — зноў задзівіўся Янг. — Які дакладны разлік! Ні хвастамі, ні плаўнікамі ніводзін не зачапіўся!» На гэты раз ён заціснуў Тота між каленяў і пляскаў так, што далоні ажно гарэлі.
Потым дэльфіны скакалі цераз вяровачку з надзетымі на яе каляровымі трубкамі з каленцаў бамбуку. Першы раз Гуга замацаваў вяровачку на метр ад вады, другі раз — метры на тры. Скакалі цераз бар'ер не трое, а двое дэльфінаў, але не пазнаць было, ці гэта другія, ці з тых трох. У разяўленыя раты паляцелі кавалкі рыбы, і гэта чамусьці Янгу не падабалася, нібы Судзір прыніжаў дэльфінаў да ўзроўню сабак. Маленькі Бобі таксама разяўляў каля Судзіра рот, але яму не папала ніводнага кавалачка. «У-у, скупеча!» — занелюбіў Судзіра Янг.
Потым дрэсіроўшчык кінуў у ваду падобны на какосавы арэх мячык. Дэльфіны ўзахапкі рынуліся да яго, адзін з іх схапіў мяч ротам і, падплыўшы, кінуў у рукі Судзіру. За другім разам дэльфін кінуў мяч не ў рукі, а ў баскетбольную сетку, прымацаваную таксама на сярэдняй пляцоўцы. І зноў усе задаволена заапладзіравалі, а Янг адчуў, што адразу ўлюбіўся ў дэльфінаў. Калі ж Судзір накідаў у ваду рознакаляровых кольцаў, дэльфіны пачалі лавіць іх, надзяваць на рострумы і несці Судзіру. Двойчы кідаў кольцы Судзір, і двойчы адзін самы вёрткі дэльфін лавіў па два кольцы і падаваў дрэсіроўшчыку. Бобі круціўся, незадаволена скрыпеў: яму таксама хацелася хоць раз злавіць кольца, але з-за дарослых не ўдавалася.
Янг забыўся, што ў яго пад рукою Тота. Стаў каля парэнчы і так заляпаў далонямі, што сабачка тузнуўся і… вылузаўся з-пад рукі. Упаў на трубу, скрабануўшы па ёй кіпцямі, потым на краёчак бетоннага бар'ера — боўць у ваду. Схаваўся з галавою, вынырнуў — галава зрабілася маленькая, валасы прылізаныя, замалаціў па вадзе пярэднімі лапамі, даплыў да сцяны. Драпае кіпцюрамі, а зачапіцца няма за што. Гледачы пляскаюць, крычаць, некаторыя паўставалі.
Янг нічога з сябе не здымаў, пераступіў парэнчу і боўтнуў уніз галавою.
Вынырнуў мо на сярэдзіне басейна, павярнуў назад, да сабачкі. Але хутчэй за яго каля Тота апынуўся Бобі. Выставіў галаву каля сабачкі, разявіў ва ўсмешцы рот — «Прывітанне, дарагі!». Тота віскнуў ад страху, яшчэ мацней замалаціў лапамі, задрапаў сцяну, каб узлезці,— і ападаў, ныраў з галавою. І тады Бобі таўхануў рострумам Тота ў жывот, прыўзняў яго над вадою. Сабачка завіс, завагаўся — пераважваў то хвост, то галава. Бобі апусціў яго ніжэй, потым зноў таўхануў угору, як мячык. А тут і Янг даплыў, схапіў леваю рукою Тота за шкірку. Некалькі ўзмахаў праваю, і Янг ужо каля лодачкі, што пагруквала бортам аб сцяну. Пасадзіў у яе сабачку, а сам — усё роўна ўжо мокры! — нырнуў спачатку пад Бобі, каўзануўшы спінаю яму па жываце. Вынырнуў, а гэтае самае тут жа зрабіў Бобі — паднырнуў пад Янга, правёўшы яму па жываце пругкім плаўнікам. Янг крутнуўся, ухапіўся леваю рукою за спінны плаўнік, і Бобі моцна запрацаваў хвастом. Абодва ўпобачкі хутка праплылі па басейне.
— Стой! Хто такі? — крычаў з берага Судзір. — Гуга, чаму ў басейне пабочныя асобы?!
Ніхто яму не адказваў.
Бобі ў гэты час павярнуўся плысці назад, і Янг захацеў паказаць яшчэ адзін фокус — сесці на Бобі верхам. Але пругкае, слізкае цела было не ўтрымаць нагамі, дый Бобі быў малаваты для гэтага. «А на дарослым якраз было б!» — паспеў падумаць Янг, паглядзеў у бок Судзіра. Той стаяў збялелы, губы шчыльна сціснуты і толькі гроб паветра праваю рукою, нібы вымятаў яго з басейна: «Вон! Прэч!»
Упобачкі з Бобі паплыў да лодкі. Яе якраз адвязваў Гуга, мо хацеў падцягнуць бліжэй і забраць сабачку. Тота ў гэты час так асцепваўся — ажно з ног падаў. І тут здарылася яшчэ нечаканасць: Бобі выхапіў зубамі павадок з рук Гугі і павалок лодку на сярэдзіну басейна. На трыбунах успыхнуў рогат і свіст: такога цікавага нумару яшчэ не даводзілася бачыць.
Янг, збянтэжаны, вылез па лесвіцы з басейна, пачаў здзіраць з сябе сандалеты і выліваць з іх ваду. І яму было смешна з усяго, і ён рагатаў. Але каб ведаў, што зблытаў усю праграму прадстаўлення і што Судзір ужо шалее ад злосці, то не смяяўся б.
У Бобі хапіла ахвоты зацягнуць лодачку толькі на сярэдзіну басейна. Далей не ведаў, што з ёю рабіць. А мо вырашыў, што пажартаваў, і хопіць. Выскачыў радасна з вады, плюхнуўся і паплыў да Янга, выставіўшы з вады разяўлены рот — прасіў на ўзнагароду рыбку. Не Янг, а Гуга падышоў да тазіка, узяў кавалак рыбіны, кінуў Бобі.
— Гуга! — голас у Судзіра сарваўся на нейкі рык. Вочы гарэлі ад ярасці.
Тым часам дарослыя дэльфіны абкружылі лодачку, штурхалі яе насамі. Тота, абапёршыся пярэднімі лапамі на борцік, баязліва паглядваў на іх, павіскваў. Дэльфіны таксама не ведалі, што рабіць з лодачкай, такога нумару не развучвалі, дый Судзір не падаваў ніякай каманды.
Янг зноў пераступіў парэнчу, крыху прысеў і адштурхнуўся, узмахнуўшы рукамі. Апісаў дугу, увайшоў у ваду прыгожа, мо ніводная пырска не ўзляцела. Вынырнуў каля лодачкі, і Тота завішчаў мацней, захваляваўся, затупаў пярэднімі лапамі. Янг схапіў лодачку за павадок, прыбуксіраваў да лесвічкі, падаў яго Гугу. Заціснуў Тота пад паху і выбраўся з басейна.
Гледачы былі задаволены. Наступныя нумары, якія паказваў Судзір, ужо амаль не захаплялі людзей. Дэльфін цягне за павадок лодку з Судзірам? От дзіва, дык гэтае ж самае рабіў Бобі, толькі вёз не чалавека, а сабачку. Плыве Судзір, учапіўшыся за плаўнік дэльфіна? І гэта было, Янг рабіў такое. Апіраецца Судзір рукамі на спіны двух дэльфінаў і ўсе разам ляцяць, як тры злучаныя тарпеды? Гэта цікава, гэтаму нумару можна папляскаць. Нават Янг паапладзіраваў Судзіру, заціснуўшы зноў Тота каленямі.
Судзіра дэльфіны прымчалі да лесвічкі, і ён выбраўся паволі з басейна — чорны, бліскучы. «Наце!» — кінуў у разяўленыя раты па кавалку рыбы.
Лёгкая музыка, якая суправаджала ўсе нумары, скончылася, а праграма прадстаўлення не была выканана. Янг з сабачкам і Бобі занялі некалькі мінут. Пагэтаму апошні нумар ішоў ужо без музыкі. Дэльфіны па знаку Судзіра выскоквалі на ніжні памост, укладваліся адзін на аднаго, як палены дроў. Нават Бобі некалькі разоў скокнуў, каб прыладкавацца хоць з краечку, але кожны раз саскоўзваў у ваду — месца было мала.
Усім дэльфінам у разяўленыя раты Судзір сунуў па рыбіне, а на малога нават не глянуў. Дэльфіны паволі саскоўзвалі-звальваліся ў ваду, адплывалі. Гледачы трохі паапладзіравалі і гэтаму нумару, і Судзір, пакланіўшыся, працягнуў руку да сярэдняй пляцоўкі вышкі, узяў мікрафон.
— Праграма паказу закончылася. Па маіх назіраннях, прыкладна і ў той жа час актыўна паводзілі сябе многія гледачы. Тром лепшым зараз будуць уручаны сувеніры… — Судзір узяў з сярэдняй пляцоўкі празрыстую шматкантовую скрыначку-круцёлку, пакруціў яе, адсунуў вечка. Дастаў скручаную трубачкай паперку.
— Трэці рад дванаццатае месца! — выкрыкнуў ён, разгарнуўшы паперку. Потым дастаў яшчэ дзве паперкі: — Сёмы рад чацвёртае! Дванаццаты — дзесятае!
Калі ўсе, хто сядзеў пад названымі нумарамі, абышлі басейн, мінулі мосцік, Судзір уручыў ім сувеніры — пластмасавых дэльфінчыкаў на падстаўках.
— Жадаем усім прыемнага адпачынку на Раі! Будзем рады яшчэ раз сустрэцца з вамі! — гэтыя словы ён паўтарыў па-англійску і па-французску.
Усе пачалі ўставаць і выбірацца з-за лавак, а дэльфіны працягвалі вірыць каля ніжняга памоста, чакалі пачастунку. То адзін, то другі самахоць выскоквалі на пляцоўку, паварушвалі хвастамі, разяўлялі раты. Ускочыў і Бобі, і Янг не вытрымаў, падбег да тазіка, узяў рыбу і даў дэльфіняці. З задаволенаю мордаю малыш з'ехаў у ваду, нейкі час яго было не відаць, потым зноў уссунуўся, разявіў рот. Паглядваў Янгу ў вочы хітранька, скрыпеў і хрукаў, паварушваў плаўнікамі. «Ах ты, дуралей малы!» — Янг прысеў каля яго, пачухаў пад плаўнікамі, пагладзіў па галаве, патузаў у бакі за дзюбу-рострум. Бобі задаволена рыпеў, спрабаваў сціснуць зубамі за руку.
Заняўся Бобі і не бачыў, як Судзір запрасіў да сябе ў пакой Гугу. Пачуў толькі глухі ўдар і ўскрык хлопца, затым — другі. Гуга вываліўся з дзвярэй спінаю, дзверы з ляскам стукнуліся аб сцяну. Уставаў хлопец паволі, скурчыўшыся і прыціскаючы далоні да жывата. Паплёўся цераз мосцік, задыхаючыся ад болю і слёз.
— Гуга! Гуга! — двойчы паклікаў Янг, усхапіўшыся з кукішак. Але хлопец нават не азірнуўся — пакіраваў у алею.
— А ты хто такі? Зайдзі-тка да мяне! — Судзір стаяў у дзвярах, яшчэ ў гідракасцюме, не міргаючы таропіў на яго вочы. — Пагаво-о-орым… — апошняе слова сказаў з прыціскам.
Янг зрабіў толькі два крокі, паспеў прачытаць над дзвярыма незразумелыя словы: «Ex aqua omnia»11, і тут пачуўся голас Раджа:
— Янг, ты дзе? Давай сюды, я ўжо вызваліўся… Адарваў ногі ад зямлі, пабег на братаў голас. На Судзіра нават не азірнуўся.
Раздзел чацвёрты
1
Калі Янг сказаў Раджу, чым закончылася прадстаўленне, той кінуўся да Судзіравых дзвярэй, даваў у іх кулаком, тузаў за ручку — не адчыніў. «Садыст! Кат!» — крыкнуў Судзіру Радж і вярнуўся ў сваю камору.
Да другога прадстаўлення заставалася якое паўгадзіны. Ніхто не ведаў, ці будзе яно, хоць білеты распрадалі поўнасцю. Судзір з «рэзідэнцыі» не выходзіў.
Шукалі Гугу і Абрахамс, і Янг, аббегалі ўсю тэрыторыю дэльфінарыя — няма! Алі, бліскаючы белымі, ажно блакітнымі зубамі, сказаў, што цераз прахадную не праходзіў. Гуга не мыш, Алі заўважыў бы. На гэта Янг толькі ўсміхнуўся: трэба яму тая прахадная. У любым месцы можна пералезці цераз плот.
— Ах, бедны хлапчук… Ах, няшчасны… Сышоў, назусім сышоў. Ды хто гэта можа вытрымаць здзекі гэтай маўмыры! — Абрахамс азіраўся, баяўся, каб Судзір не падслухаў.
Прыйшлі зноў да дома, пад дзверы «рэзідэнцыі».
— Пан Судзір! Містэр Судзір, містэр Крафт кліча! — не ведаў, як лепш пазваць фанабэрыстага дрэсіроўшчыка Абрахамс. Пабразгатаў нават у дзверы, спачатку паціху, а потым і мацней. — Хуценька, а то Крафт гневаюцца!
— Пайшоў к чорту! — вылаяўся Судзір. Але праз якую хвіліну ўсё-такі адшчапіў дзверы. Быў ён без гідракасцюма, з мокрымі, абы-як наліплымі валасамі, на бёдрах наматаны калахматы ручнік.
— Мяне — няма! Ясна вам? Захварэў! — грукнуў дзвярыма, ажно жаласліва адазваўся звон на сярэдняй пляцоўцы вышкі. Янг у гэты час лазіў па трыбунах сярод лавак, шукаў прыгожыя «фанцікі» ад цукерак і кідаў вокам цераз басейн на Абрахамса і на дзверы.
Абрахамс уздыхнуў — на ўсе грудзі, развёў рукі, роспачна ляпнуў імі па сцёгнах. Паглядзеў на Янга.
— Хлопчык, не ў службу, а ў дружбу — павыбірай паперкі ці яшчэ мо якое смецце з-пад лавак. Вунь там урна. Калі ўбачыў, што Янг паслухаўся, забегаў сярод лавак хутчэй, пакрычаў яшчэ: — А рыбу ты зможаш падрыхтаваць дэльфінам? Хаця тут і навукі вялікай не трэба. Прыбяжыш сюды, то я пакажу, дзе што і як.
— Вось-вось! — адкінуліся дзверы «рэзідэнцыі». — У вас з'явіўся новы дрэсіроўшчык, з ім і майце справу! — Судзір стаяў, сагнуўшыся на адзін бок, і трымаў у руцэ бутэльку. — Ён на ўсе рукі майстар! І Гугу, і мяне заменіць! — зноў бухнуў дзвярыма, зачыніўся.
Абрахамс, божкаючы, трушком пусціўся наўкола дома да другога тарца. Палезе дакладваць містэру Крафту.
У Янга быў вясёлы настрой. Ну — ці не смех? Грозны і незаменны Судзір капрызіць, як раздуранае дзіця. Вельмі ж яму хочацца, каб упрошвалі, умольвалі. Вядома, Янг нашкодзіў Судзіру ў час прадстаўлення, нават вельмі. Але каб з-за такое драбязы адбіваць пячонку Гугу?!
«Крычыць, што я і Гугу замяню, і яго… А што? І замяню! Мне б трошкі падвучыцца самому, з дэльфінамі пазаймацца… І я не задзіраў бы гэтак носа, як ён…» — Янг у гэты момант шчыра верыў, што такое можа быць.
— Дзе… дзе ён, гэты душагуб? — з'явіўся з-за дома задыханы містэр Крафт. — Ён мяне пусціць з торбамі па свеце! Ён за ўсе мае пакуты, за ўсё добрае… інфарктам узнагародзіць! — Аднак у дзверы «рэзідэнцыі» пастукаў пачціва: — Містэр Судзір! Нам трэба пагаварыць.
Падышоў Абрахамс са спалоханым выразам на твары, паказаўся Радж, выціраючы пакуллем рукі. Янг таксама падаўся да іх з Тота на руках.
— Містэр Судзір! Кіньце смактаць віскі: у нас яшчэ сёння два прадстаўленні… Вам хлопчык паможа!
Янг падышоў якраз тады, калі «рэзідэнцыя» адчынілася. Стаяў Судзір у белых штанах, у тэнісцы з эмблемаю дэльфінарыя. Мокрыя валасы гладка залізаны назад. Янг ступіў бліжэй да брата.
Строгі быў і суровы Судзір, быццам і не ён некалькі хвілін назад меў такі растрапаны выгляд, не яго згінала набок бутэлька. Відаць, нешта задумаў, бо ў руках трымаў такія кольцы, якія кідаў дэльфінам у час прадстаўлення. Не глядзеў ні на кога, вылучыў толькі позіркам Янга, кіўнуў на басейн і веерам шпурнуў туды кольцы: «Апорт!» — паказаў рукою на ваду. Янг маланкава сунуў Тота ў рукі Раджу.
— Стой! — крыкнуў Радж. — Ты сабака, каб паноску ў рукі прыносіць!
Але Янг толькі пяткамі мільгануў, боўтнуў у басейн. Вось яно, жоўтае кольца, ужо і руку да яго працягнуў. Ды раптам яно падскочыла, як жывое, і… аказалася надзетым на рострум дэльфіна. Не было калі разглядваць, каторы дэльфін быў такі спрытны, ірвануў на сажонках да наступнага, ружовага. Паспеў схапіць! Астатнія пахапалі дэльфіны, хоць ім ніхто не камандаваў падбіраць.
— Будзем далей гэты нумар так і рабіць: чалавек спаборнічае з дэльфінам — хто хутчэй. — Судзір гаварыў цвёрда, мабыць, рашыўся на гэта канчаткова.
— Я згодны! — Янг адчуваў сябе на сёмым небе ад шчасця. Каб не лічыў, што трэба ў гэты момант выглядаць самавіта, то прайшоўся б на руках, як Абдула.
— Ну, вось і добра! О'кэй, сынкі! Рыхтуйцеся, праз пятнаццаць мінут будзем запускаць людзей, — Крафт з палёгкай выцер лоб і тоўстую шыю насоўкаю.
— Так-то яно так, — умяшаўся Радж, — ды не зусім гэтак. Гуга не займаўся з дэльфінамі ў басейне. Калі Янгу спраўляць усе абавязкі Гугі ды яшчэ ў прадстаўленні ўдзельнічаць, то можна і ногі працягнуць. А зарплату ж містэр Крафт не прыбавіць?
— Ноў, ноў! Хай містэр Судзір даплочвае. Янг робіць палёгку яму, а не дэльфінарыю.
— Чаму ж не дэльфінарыю? — стрымана, але коса бліснуў вачыма Судзір. — Мы можам і зусім новыя нумары прыдумаць, не толькі старыя ўдасканальваць. «Выратаванне дэльфінамі хлопчыка!», «Верхам на дэльфіне!», «Дэльфіны і дзеці!». Можна шыкарную рэкламу прыдумаць, народ валам паваліць. Думаю, што і вам выгада немалая будзе.
— Пабачым, пабачым… — мармытнуў Крафт і пайшоў.
— Дзядзька… Містэр Крафт! — не вытрываў Янг. — А вы дасце мне такую тэніску, як у Раджа, — з эмблемаю дэльфінарыя? — у Янга ажно сэрца замерла: што ён адкажа?
— Тэніску? Ну, тэніску, калі не вернецца Гуга, давядзецца даць. — Крафт азірнуўся, і нешта падобнае на ўсмешку кранула яго губы.
— Тады я згодны на ўсё-ё-о! — Янг задраў рукі і патрос імі.
— Дурань! Малакасос! — сплюнуў сярдзіта Радж. Павярнуўся ісці да сябе ў камору і спыніўся: — Ідзі паскідай адзенне, трэба перамыць, ды хай сохне. У трусіках будзеш выступаць… А ты, паважаны новаспечаны містэр, — звярнуўся да Судзіра, — будзеш адносіцца да яго як мага далікатна. Кранеш хоць пальцам — непаздаровіцца.
«Няхай лае, як хоча… Затое з Раджам буду! У дэльфінарыі буду працаваць!» — Янг стаяў, ачмурэлы ад шчасця, і толькі носам шморгаў. У гэты час ён зусім забыў, што яго шчасце ўзрасло на няшчасці другога.
Пра гэта напомніў Радж, пазрываўшы з яго адзенне ў душы ды яшчэ шлёпнуўшы па тым месцы, адкуль ногі растуць. Янгу не забалела, яму хацелася смяяцца і дурачыцца. Ах, Радж! Не можа зразумець, колькі перажылося Янгу за ўсе дні пасля выгнання, колькі наскавыталася і наплакалася яго душа ад гора і адзіноты. І вось цяпер, калі ўсё гэтак цудоўна складваецца, раптам зноў трэба перажываць з-за таго, што ты — не па сваёй волі! — займаеш месца другога.
— Пад вечар сходзім у порт. Гуга жыве на лодцы, у плывучым пасёлку… Знойдзем!.. Пагаворым, што ён думае далей рабіць. А цяпер — бяжы! — Радж яшчэ раз намерыўся шлёпнуць, але Янг выскачыў як падсмалены.
І закруціўся, як сабака за сваім хвастом. Судзір адразу захацеў уключыць яго ў праграму прадстаўлення замест сябе. Парэпеціравалі транспарціроўку лодкі з Янгам — гэта далося зусім лёгка, потым — заплыў на двух дэльфінах, правільней — дэльфінках, Еве і Доры. Не зусім атрымлівалася, не было такое сінхроннасці, як тады, калі плыў, абапіраючыся на іх, Судзір. Але нічога, усё прыйдзе з часам! А не атрымаецца на двух, то навучыцца сядлаць аднаго і плысці.
Судзір так і не надзяваў гідракасцюма на час прадстаўлення, стаяў на ніжнім памосце ў белых штанах і тэнісцы і толькі каманды падаваў. Задаволены быў Судзір Янгам, толькі выгляду не паказваў… А ў канцы дзённага прадстаўлення, калі мокры і ўзбуджаны Янг яшчэ спіхваў з ніжняга памоста гарэзу Бобі, а той усё ўссоўваўся і ўссоўваўся, падстаўляў жывот і плаўнікі, каб гладзілі і чухалі, ад гледачоў аддзяліліся дзве жанчыны, пайшлі да перакіднога мосціка. Адна, маленькая кітаянка, у штанах з шырокімі калашынамі, несла пышны букет кветак, другая высокая, у шыракаполым капелюшы і белай сукенцы — папяровы пакуначак у руцэ. Судзір пайшоў ім насустрач, на мосцік, прыняў букет, пацалаваў кітаянцы ручку, выняў з букета блакітны канверт і пацалаваў яго. Потым памахаў пісьмом услед кітаянцы і схаваўся ў «рэзідэнцыі». А жанчына ў шыракаполым капелюшы яшчэ здалёк пачала гаварыць, працягваючы рукі ў напрамку Янга: «Повэра бамбіно, повэра бамбіно… Я не ведала, што ты такі маэстра!» А падышла бліжэй, сказала:
— Грандзіёзо, мілы… — і пагладзіла мокрую Янгаву галаву.
Донна Тэрэза! І яна была на прадстаўленні… А ён жа зусім забыў пра яе існаванне! Забыў і пра Тота, які, пачуўшы голас сіньёры, пачаў скавытаць і енчыць, ірвацца з прывязі (Янг прывязаў яго да лаўкі насупраць уваходу ў Раджаву камору).
— Ой, вы зусім забылі пра абед! Прыходзьце з Тота скоранька! А пакуль што вось вам падмацунак, — сунула пакет яму ў рукі.— Бутэрбродзікі, каўбаска… Ды не баўцеся вельмі, а то ў мяне яшчэ сёння запланавана адно мерапрыемства.
— Мы вечарам і абед, і вячэру з'ямо, бо зараз не паспеем. Ды не турбуйцеся вы, сабачка не галодны.
— Міраколо! Гэта проста жахліва! У Тота можа сапсавацца страўнік… Ты ўжо, міленькі, пакармі яго, добра? Ну — чао! Я люблю вас абодвух… Ой — я пабегла! — сіньёра памахала ім пальчыкамі.
Янг тузануў за ручку дзвярэй.
— Што далей рабіць, містэр?..
Судзір ляжаў на канапе, закінуўшы нагу на нагу і разглядваючы паперку, схамянуўся, схаваў яе ў блакітны канверт, а канверт сунуў пад магнітафон на стале.
— Што?.. Перш за ўсё стукаць, перад тым як заходзіш. А яшчэ лепш зусім не заходзіць і не соваць нікуды носа, калі цябе не просяць. Зразумеў?
— Умгу.
— А ўвогуле я табою сёння задаволены… Хоць ты мне і шмат папсаваў крыві… Думаю, мы з табою паладзім, так? — Янг на гэта паціснуў плячыма, і Судзір працягваў: — Ты думаеш, чаму ў нас канфлікты з Гугам былі? Непрыдатны ён для гэтай справы, не любіць яе. У цябе ўсё гарыць у руках, а ў яго — як мокрае гарыць. Ёсць розніца? Ты адпачні з паўгадзінкі, і паспрабуем яшчэ пакатацца на дэльфінах… Ну і… усё спачатку пачнецца, усё спачатку! Такая карусель.
Янг асцярожліва прытуліў за сабою дзверы.
«Задаволены…» Вядома ж, будзе задаволены! Што стаяць на памосце ў сухім і чыстым, толькі каманды падаваць, а што прэць у гідракасцюме, лазіць у ваду, боўтацца для людской пацехі з дэльфінамі… Ёсць розніца! Крафт праўду казаў: вялікую палёгку Янг робіць для Судзіра.
2
Ішлі з Раджам у раён порта. Праз цэнтр, знаёмаю дарогаю. Радж знарок прапанаваў гэтакі маршрут, хоць па набярэжнай было б хутчэй. Хацеў па дарозе зайсці ў якую лавачку купіць Янгу новыя штаны — адзначыць яго першы рабочы дзень. Старыя былі ўжо добрага слова не вартыя: пачаў Радж выкручваць пасля мыцця — разлезліся на клочча. Аказваецца, ліпелі, свіціліся ўжо. Так і не надзяваў больш. Ішоў у трусіках.
Ногі Янга блыталіся, сабачка ледзь не вывальваўся з рук. Нарабіўся, аказваецца, у першы дзень па завязку. Дый не выспаўся ў мінулую ноч з-за навальніцы.
— Радж, а што такое маэстра?
— Вопытны спецыяліст, майстра, талент у поўным сэнсе слова. А што?
— Нічога… — Янг пасміхнуўся сам сабе. Ну, да майстра яму расці ды расці, можа ўсяго жыцця не хапіць.
Ды як сумясціць тое, што яму хочацца быць капітанам далёкага плавання з сённяшнім жаданнем? Што лепш? Цяжка разабрацца, калі табе няпоўныя дванаццаць. А так не бывае, каб сумяшчаць адно і другое.
Не хацелася ў гэты час Янгу думаць, дзе ён возьме грошы на школу, потым на коледж, потым каб вывучыцца на капітана.
Штаны купілі на плошчы, нават з пласцікавым раменьчыкам. Янг тут жа надзеў іх і стаў амаль як паніч. Радж смехам націснуў вялікім пальцам яму на нос — угору, нібы гэтак задзёрся ён ад радасці. Янг расчулена пацёрся яму аб грудзі лбом.
Шукаць Гугу давялося доўга, блудзіць у лодачным пасёлку, распытваць. Лодкі стаялі пры беразе на прыколе радамі, многа было іх прывязана і да крайняга, усходняга мола. Некаторыя трымаліся на якары самастойна ці былі прышвартованы да іншых лодак, але ўсе ціснуліся як мага глыбей у завадзь між бетонным молам і пірсам-набярэжнай, у зацішак. Гэта мала ратавала, начная бура пазрывала ў многіх будках-надбудовах стрэхі, злажыла сцены, і лодачны гарадок выглядаў так, нібы тут пагаспадарыў які драпежны звер-велікан. Сям-там чуваць былі стук малаткоў, скрыгат пілак. Людзі зноў ладзілі прытулак… Радж і Янг перабіраліся з лодкі на лодку па мастках-дошках або па бартах, пашыраных дошкамі, якія выглядалі як кладкі. Хапаючыся рукамі за хісткія сцены і стрэхі, пераступалі з борта на борт, а лодкі вагаліся і прасядалі, паміж бартамі плёскалася вада.
Урэшце знайшлі Гугу, ён таксама рамантаваў сваю страху. Твар хлопца быў хваравіта скрыўлены, бялкі вачэй зжоўклі. Гаварыў з імі і квола ўсміхаўся, скардзіўся на боль у правым баку — мабыць, Судзір пашкодзіў печань. Трэба было б схадзіць да ўрача, але дзе ўзяць грошы на візіт, а потым і на лякарства? Мо сціхне боль, перастане… І пакуль гаварыў з Раджам і Янгам, малыя браты яго і сёстры, хто крыху адзеты, хто зусім голы, лезлі яму на рукі, на калені, і ён толькі мякка адхіляў іх ці, скрывіўшыся ад болю, ссаджваў, але не праганяў.
— Няма чым і пачаставаць вас… даруйце… — паглядзеў журботна ў вочы Раджу, потым Янгу.
— Радж… — пачаў Янг, і той зразумеў, што трэба ўсё-такі гаварыць галоўнае, дзеля чаго прыйшлі.
— Вазьміце, вось… — Радж дастаў з кішэні пакецік цукатаў, аддаў малым. — Гуга, а ты папраўляйся і прыходзь назад. А пакуль што Янг цябе заменіць.
— Я не вярнуся… Прыйду толькі па разлік — і ўсё.
— Ты прабач… Я вінаваты, гэта з-за мяне папала табе… — язык не слухаўся Янга: гэтак гадка сябе ён яшчэ ніколі не адчуваў.
— Пры чым тут ты! Я даўно збіраўся пайсці ад Судзіра. І трэба было ісці, пакуль не скалечыў… Ну, а гэта была апошняя кропля.
— А як жа ты будзеш жыць? — уздыхнуў Радж.
— Не загіну. От ачуняю трохі, буду ў порт хадзіць з бацькам. А калі і здохну, то гэта нават лепш, чым працаваць у Судзіра.
— Я свайго слова назад не бяру: калі напытаю дзе работу, адразу ж паведамлю табе. Ну — трымайся! — Патрэслі яму руку, нават паляпалі па плячах. Гуга ўгнуўся, каб прыхаваць слёзы.
— Дзякую вам… Вы — як браты мне. Развіталіся, таго не ведаючы, што яшчэ раз, ужо цёмначы, давядзецца прабірацца на гэтую лодку. Несці добрую вестку: пабачылі ў «Лятучай рыбе» Амару, і той сказаў, што яго бяруць ужо афіцыянтам, а месца пасудамыйніка ён замовіў для Гугі: Амара таксама памятаў колішнюю просьбу Раджа.
3
Добра, што нехта прайшоў пад акном з транзістарам, а то Янг праспаў бы да паўдня. Падхапіўся скоранька, сунуў пад паху Тота — і да дзвярэй. Снедання не было калі чакаць. «Я-я-янг, гэта ты-ы?» — млява мармытнула спрасонку донна Тэрэза і перавярнулася на другі бок.
Сёння ў Янга першы поўны працоўны дзень, трэба спяшацца.
Але як ні спяшаўся, прыйшоў да прахадной акурат тады, як і містэр Крафт. Зусім не фанабэрлівы гэты містэр Крафт: першы паздароўкаўся, нібы бацька, паклаў на плячо Янга руку, прапусціў перад сабою ў прахадную. На пачцівы паклон Малу таксама кіўнуў.
— Ключы! — коратка кінуў ён Малу, і той замітусіўся, забразгатаў сваімі ключамі, адмыкаючы невялікую вісячую шафачку, дзе пад шклом былі развешаны ключы. — Будзеш гэтаму хлопцу замест Гугі выдаваць ключы… — пакуль Крафт гаварыў, Малу ўмудрыўся па-сяброўску падміргнуць Янгу. — Вось гэты — ад уваходных дзвярэй, гэты — ад майго кабінета… — паказваў тым часам Крафт. — Да майго прыходу ключы павінны зноў вісець на месцы. — Там работа невялікая. Абрахамс мог бы табе ўсё расказаць і паказаць, але скажу лепш я. Маленькую прыборку зробіш… Танцуючы зробіш замест фіззарадкі. Хадзем, я раскажу, што можна перастаўляць, праціраць, а чаго нельга чапаць… Шах-мах — і ты свабодны, займайся сваёй справай.
Яны ішлі па алеі, дзе яшчэ трымаўся пад пальмамі і кустамі туман, а Крафт не пераставаў гаварыць:
— І свабодны… У душы будзеш таксама прыбіраць, мыць. Абрахамс скажа — як і чым мыць, дэзінфіцыраваць. І свабодны… На трыбунах прыбярэш пасля прадстаўленняў — і свабодны… Абрахамс вучыў, як рыбу рыхтаваць? Ну во… І свабодны.
«Ага… — думаў Янг з горкай усмешкай, — і ляжы-адпачывай. А яшчэ ж рэпетыцыі, прадстаўленні… І свабодны, і адпачывай! Улез у кабалу… У колькі ж гэта мне трэба будзе ўставаць, у колькі прыбягаць, каб да яго прыходу ўсё зрабіць і павесіць на месца ключы? А калі ж вучыцца з маскай плаваць, з аквалангам? Яшчэ гэты сабака зваліўся на маю галаву…»
Па рыплівай і зыбкай лесвіцы (прыступкі ажно стагналі пад цяжарам Крафта) містэр узбіраўся першым. Соп і гаварыў:
— У нас яшчэ ёсць малы басейн — з рыбамі і чарапахамі. Калі б ты згадзіўся часам і там паплаваць, было б проста о'кэй! На буксіры ў чарапахі, а? Публіцы падабаюцца незвычайныя штучкі.
— А Гуга там плаваў?
— Не. Мне здаецца, Гуга нават плаваць не ўмеў. Ні разу яго ў вадзе не бачыў.— Крафт адамкнуў уваходныя дзверы, таўхануў іх. — Ну вось, бачыш — міні-калідорчык, два разы мокраю анучаю махнеш — і добра, — памахаў перад сабою рукою, нібы паказваў, як прыбіраць. — А вось у кабінеце… — ступіў два крокі, сунуў другі ключ у другія дзверы, пацягнуў іх на сябе. — А вось у кабінеце…
На падлозе каля дзвярэй ляжаў блакітны канверт, такі самы, які бачыў Янг у Судзіра. На ім былі напісаны друкаванымі літарамі два словы: «Джэральду Крафту». Містэр з крэктам сагнуўся, падняў канверт, пакруціў у пальцах. Паштовага штэмпеля на канверце не было. Янг абышоў Крафта і ўбачыў, што твар яго ўстрывожаны, а рука з канвертам дробненька дрыжыць.
— Ага, дык пра што я гаварыў? — схамянуўся містэр Крафт. Руку з канвертам апусціў уніз.
— Пра кабінет. А толькі я хачу сказаць адразу, што ў малым басейне я плаваць не буду. Дый Радж не дазволіць. — Янг вырашыў схавацца за брата. Дай гэтаму містэру палец, дык ён і руку адкусіць.
— Ну — мы пра гэта яшчэ будзем гаварыць. І з Раджам пагаворым… Праціраць тут будзеш падлогу, стол, крэслы, табурэт, лямпу, тэлефон, вентылятар настольны, сейф, падаконнікі… На стале нічога не перастаўляй, месцамі не мяняй. Сметніцу можаш выносіць не кожны дзень, усе паперкі з яе абавязкова спальваць. Чытаць нічога не трэба, нічога цябе не павінна цікавіць.
— Я такі канверт учора ў Судзіра бачыў. Яму нейкая кітаянка разам з кветкамі паднесла, — нечакана для сябе сказаў Янг. Тота вырываўся з рук, скуголіў, яму хацелася пабегаць.
— Такі ці гэты самы? Якія надпісы былі на ім?
— Не заўважыў.
— Такія канверты можна купіць на кожным рагу, у кожнай гасцініцы. І на кожным які-небудзь заклік. Тут: «Наркотыкам — бой! Уратуем нацыю ад «белай смерці»!» Во-ось… Сёння можаш тут не прыбірацца, а заўтра — папрашу. Усё, што спатрэбіцца для гэтага, пытай у Абрахамса. Ну — я цябе не затрымліваю… — містэр Крафт зноў утаропіўся ў канверт.
Янг вышмыгнуў за дзверы. Па парэнчы лесвіцы з'ехаў, сеўшы бачком, і адразу пусціў Тота пагуляць.
Пачуў, што каля «рэзідэнцыі» Судзіра гамана. Пазнаў галасы Раджа і Судзіра, пакіраваў туды.
— Ты магнітафона не браў? — голас Судзіра быў злосны.
— Калі-і?! Навошта-а?! Учора з Янгам я пайшоў раней за цябе. Ты яшчэ збіраўся з аквалангам на глыбіню лезці… І не забывай, я цябе хутчэй магу абвінаваціць у чым хочаш: гэта ты маеш ключ ад маёй каморы, а не я ад тваёй, — гаварыў Радж, таксама ўжо раздражнёна.
— Не заходзь! Сляды затопчаш… — Судзір растапырыўся ў дзвярах, загарадзіў рукою ўваход. Каля ног у яго стаяў чорны «дыпламат», з якім звычайна прыходзіў на работу.
Радж усё-такі заглянуў у «рэзідэнцыю» паўзверх Судзіравай рукі. Янг таксама сунуў галаву ў дзверы — ніжэй ягонай рукі. І праўда, усярэдзіне было ўсё настармачана, дэльфінчыкі параскіданы абы-як.
— І хто тут што шукаў? Хацелася б мне ведаць… І няўжо ты не чуў ніякага шуму? — пацікавіўся Судзір.
— Я спаў,— адрэзаў Радж. — А што яшчэ прапала?
— Не ведаю. Дэльфінчыкі, здаецца, усе… Магнітафон на стале стаяў, навідавоку — няма. Добра, што «дыпламат» не пакідаў нанач. Я да цябе занясу яго, хай у каморы пабудзе пакуль што… І хадзем да Крафта, трэба званіць у паліцыю… І хай прадстаўленне адмяняе. — Судзір лапнуў пяцярнёю Янга за твар і груба адштурхнуў. Янг чуць не цапнуў зубамі за палец, далонь Судзіра смярдзела нейкім лякарствам.
Янг першы даскочыў да дзвярэй Крафта, не стукаючы, націснуў на ручку…
Містэр, барвовы, наліты крывёю, сядзеў у адзіным мяккім крэсле перад сваім сталом. Галава закінута на спінку, рот крыху разяўлены. На каленях ляжаў надарваны блакітны канверт, а пад апушчанай да падлогі, нібы нежывой рукой — невялічкая паперка. На іх тупат і грукат не зварухнуўся.
Радж першы апынуўся каля містэра Крафта, патузаў за плячо, расшпіліў больш кашулю, узяўся за пульс.
— А-а, ты гэта, Радж… — расплюшчыў дрыжачыя павекі Крафт. Яны былі чырвоныя, вадзяніста-набраклыя. — Там… Там… — злёгку варухнулася правая рука на падлакотніку, указальны палец ківаў кудысьці на стол. Крафт зноў прыкрыў павекі, задыхаў перарывіста, са стогнам.
Судзір зайшоў за Крафтаў стол, адчыніў правую шуфляду, забразгатаў нечым металічным і шкляным. Вось ужо рукі Судзіра над сталом, у іх сабраны шпрыц з іголкаю. Узяў у шуфлядзе нейкую ампулу, адламаў галоўку і набраў з яе шпрыцам лякарства. Рабіў усё ўпэўнена, нібы доктар. Тузануў з разеткі электрычны шнур ад лямпы.
— На, перацісні яму руку вышэй локця… Моцна! — скамандаваў Раджу. — І лепш левую… На падлакотнік яе палажы!
Вена на згібе локця ніжэй перавязкі ўзбухла, як вяроўка. Судзір паднёс да яе наўкос іголку шпрыца. Яшчэ мо і не кальнуў, а ўжо ў шпрыц пырснула з вены кроў. Янг хуценька адвёў вочы: стала нядобра. Позірк упаў на тую паперку, што ляжала каля крэсла злева. Падняў…
Штосьці надрукавана на машынцы, па-англійску. І тут Радж перастаў трымаць шнур, разматаў яго, забраў у Янга паперку.
Чытаў сам сабе, мыляў бязгучна губамі.
— Выкуп патрабуюць… — сказаў голасна. — Дваццаць тысяч долараў. Грошы прывезці не пазней тыдня з дня атрымання папярэджання. Подпіс: «Уайт вайпэ»… «Белая змяя».
— Ум-м… — містэр Крафт зноў расплюшчыў вочы. — Я ж ім плаціў ужо… сёлета… дзесяць тысяч… Толькі забыў, які подпіс быў у першай паперцы. Дзве дабл ю ці дабл ю і ві.
Ніхто нічога яму не гаварыў на гэта. Судзір бразгатаў, разбіраючы над шуфлядаю шпрыц, і быццам не чуў. Урэшце моцна стукнуў далоняй па шуфлядзе, заганяючы яе на месца.
— Я ж ім плаці-іў… Людзі, што ж гэта робіцца?! — з болем стагнаў Крафт.
— Трыяда? — адным словам спытаў Судзір. — Яна жартаў не любіць. Лепш іх не цвяліць.
— А скулу ім у бок! Дзе я вазьму такія грошы? — Крафт трохі зварухнуўся, паглядзеў на Судзіра, нібы той мог падказаць.
— Дзе — гэта вам думаць. Мы ж не ў курсе вашых фінансавых спраў.
— Містэр Судзір, не заходзьце больш у тую майстэрню па сувеніры… І скажыце ім, хай больш не робяць. Трэба эканоміць.
— Наадварот, будзем уручаць не па тры, а па пяць на кожнае прадстаўленне. Я сказаў, каб павялічылі выпуск. А пачнём эканоміць на цэнтах, згубім долары.
— Ум-м-м… — містэр Крафт заплюшчыў вочы.
— І ў мяне бяда. Хтосьці пагаспадарыў ноччу, абакраў. Магнітафон прапаў са стужкаю рабочаю, усе шмуткі перавернуты. Мо адна шайка-лейка дзейнічае?
Званіць трэба ў паліцыю! — хуценька прагаварыў Судзір.
Містэр Крафт мычаў, не расплюшчваючы вачэй.
Янгу здалося, што ў голасе Судзіра няма ўжо ніякай трывогі.
«А мо Судзір і падкінуў гэтае пісьмо? І сам у сябе ўкраў магнітафон, каб адвесці падазрэнне?» — Янг паглядзеў на Раджа: ці гэтак думае і ён? Але па твару брата нічога нельга было пазнаць, і Янг сам спужаўся сваёй думкі. Дык што ж тады атрымліваецца? Хто ж такі пасля гэтага будзе Судзір?
— Пісьмо прыйшло не па пошце. Падсунулі пад дзверы сёння ноччу… — сказаў Крафт бясколерным голасам. — Ніхто з вас нічога не заўважыў падазронага?..
«Не!» — пакруцілі галовамі.
— Дзверы ў калідор адамкнулі, не ўзломвалі. Карысталіся, мабыць, адмычкамі. У вартаўніка і пытаць няварта, нікому ён ключоў не даваў. Акрамя Гугі і мяне, нікому не меў права, а цяпер будзе Янгу даваць… Містэр Судзір, а што за пісьмо вам падалі ўчора з букетам? — нечакана спытаў Крафт.
Судзір паласнуў па Янгу ненавісным позіркам.
— Мала якія запіскі могуць перадаваць жанчыны мужчынам! Ці наадварот… Нават балбатлівы індык не расказвае сваіх інтымных сакрэтаў індычцы, — суха сказаў ён.
— Ага, ну але… Прабачце… Пазваніце паліцыі самі, мяне яшчэ ногі кепска трымаюць. А пра запіску ад «Белай змяі» не гаварыце, а то могуць і не прыехаць. Я ведаю іх — палахлівец на палахліўцу… О, каб гэта было ў старой добрай Англіі! Можна было б увесь Скотланд-Ярд на ногі падняць.
Судзір зайшоў за стол, пераставіў зручней тэлефон. А пакуль перастаўляў і набіраў нумар, гаварыў:
— За поспех сённяшніх прадстаўленняў я не ручаюся. Дэльфіны прывыклі да музычнага суправаджэння… Мо варта адмяніць хоць ранішняе, а правесці рэпетыцыю лішні раз?
— Адмяняць будзем толькі тады, калі, не дай бог, не будзе ніводнага жывога дэльфіна. Я ж не магу здымаць капялюш, жабраваць каля варот… Містэр Судзір, вам давядзецца самому сказаць пару фраз пра дэльфінаў. Што — не мне вас вучыць.
Янг першы шмыгнуў з кабінета. Трэба было тэрмінова рыхтаваць рыбу. Дзе той маруда Абрахамс ходзіць, ці хоць падвёз свежую?
4
Янг заўважаў: задаволены Судзір. Але і ўстрывожаны: чаму гэтак лёгка ідуць дэльфіны на кантакт з Янгам, а з ім — туга, не памагае часам і рыба? Мо дэльфіны проста любяць дзяцей — хоць сваіх, хоць чалавечых?
Ева, ён пазнаваў яе па трох белых шкрабінах-палосках на левым баку за грудным плаўнікам, лашчылася, як сабака. Мо ўспамінала ў гэты час сваю дачушку Джэйн? Мо чалавечы дзіцёнак чымсьці замяняў малышку? Калі Янг доўга заставаўся пад вадою, нырала і яна, рострумам далікатна, але рашуча падштурхоўвала пад жывот, пад грудзі, каб хутчэй усплываў. І яна, і Дора, і Бэла, нават магутны Дзік (у яго з правага боку ў ніжняй сківіцы зуб сядзеў не ў радзе, а нібы ступіў крок да языка, а з левага боку чатыры зубы былі з'едзены да пенчукоў) любілі церціся аб Янга, браць яго за лытку зубамі, праводзіць туды-сюды, нібы чухаць. Калі першы раз гэтак зрабіла Ева, Янг з перапуду рвануў нагу, і на лытцы засталіся барвовыя пісягі ад зубоў. Дэльфінкі пачулі пах крыві, затрывожыліся, зашчабяталі, як вераб'і. Мо тыя, другія самкі, папракалі Еву за неасцярожнасць, а яна апраўдвалася, што Янг сам вінаваты, не трэба гэтак кідацца ў паніку. Нашчабятаўшыся, Ева падплыла да Янга, далася пачухаць сябе пад плаўнікамі, сама цярнулася шчакою аб яго бок — нібы прасіла прабачэння. Астатнія самкі дружалюбна кружыліся наўкола, высоўвалі з вады галовы, пасміхаліся на ўвесь рот. Тут жа і Дзік плаваў, і ніколькі не хваляваўся за свой гарэм, не раўнаваў да Янга.
Бобі, калі Янг даваў яму цэлую невялікую рыбку, не ныраў, каб з'есці, а браў далікатна за хвосцік і падкідваў так, што рыбка рабіла трайное сальта і падала ў рот. Нагуляўшыся, нахваліўшыся сваім умельствам, Бобі з'ядаў рыбку — пад вадою, вядома.
Малыш бачыў, што ў час прадстаўлення Судзір дае дарослым дэльфінам рыбу толькі тады, калі тыя правільна зробяць які трук. І ён лавіў у вадзе то лісток, то кавалак медузы, нёс Судзіру або Янгу, разяўляў рот: «Дайце і мне!» Раз Бобі даў медузу Янгу, узамен Янг нічога не даў. Бобі нырнуў і так пляснуў хвастом каля твару, што Янга захліснуў паток вады. Вынырнуў малыш пасля гэтага і насмешліва глядзеў, як Янг адкашліваецца.
У прамежку паміж першым і другім прадстаўленнямі Янг амаль увесь час плюхаўся з дэльфінамі. Судзір на гэта нічога не гаварыў, моўчкі пагадзіўся. Прывучыў малога да сігналаў-свісту. Варта было прасвістаць — два доўгія і два кароткія свісткі, а потым яшчэ дзве пары кароткіх (па рытму — нібы словы: «Ты дзе, Бобі? Плы-ві сю-ды»), і дэльфіня ляцела стрымгалоў.
Ссінелы, як дэльфін, згаладалы, выбіраўся Янг з басейна і толькі тады ўспамінаў, што трэба было ўзяць маску з трубкай, трэніравацца з ёю. Радж адаграваў яго гарачаю каваю, запасы правізіі ў Раджа катастрафічна змяншаліся, на апетыт Янг не скардзіўся. Добра, што донна Тэрэза зноў, не дачакаўшыся іх у гатэлі, зрабіла візіт у дэльфінарый. Пакунак з ядой на гэты раз быў значна большы. Замілавана глядзела, як яны знішчаюць катлеты і каўбаскі, асабліва Тота: «Бедны сабачка, як ты схуднеў… Зусім сапсуеш страўнік, а тут, мабыць, ветэрынара няма. Янг, хлопчык мой, ты ўсё-такі старайся прыводзіць Тота на абед. І раніцаю кармі абавязкова, я зраблю сякія-такія запасы ў халадзільніку. Бяры, не саромся…» Янг успомніў белую шафачку-халадзільнік каля сцяны спальні ў нумары гатэля. Не заглядваў у яе яшчэ ні разу, а варта было б.
— Донна Тэрэза, не магу я ў вас больш! Я на службе ўжо… Пашукайце сабе другога каго, — пачаў Янг прасіцца, каб адпусціла.
Але сіньёра і слухаць не хацела.
— Як — другога?! Ой, што ты гаворыш — чужога ўзяць, з вуліцы?! Тота прывык да цябе! У яго можа быць нервовы стрэс! Сапсуецца страўнік, сапсуецца характар… І ў мяне будзе стрэс! Я цябе палюбіла. Мне будзе вельмі горка, калі ты нас пакінеш! Нават і не думай, чуеш?
І пайшла. А Янг глядзеў ёй услед, і хацелася плюнуць са злосці. Цудоўны Тота, пацешны, ён сам прывык да яго… Але ж дэльфіны! У яго з'явіліся дэльфіны! Аднаго Бобі, тоўсценькага, нібы напампаванага паветрам і зробленага з бліскучай гумы, Янг не прамяняе на дзесятак сабачак. Тым больш такіх спешчаных, як Тота, бездапаможных… От у Мансура быў сабака дык сабака! Ніхто з ім не няньчыўся, не браў на рукі, хіба толькі, як быў шчанюком. Бегаў дзе хацеў, дружыў з усімі хлапчукамі, любіў купацца, умеў добра плаваць. Мансур неяк жартаваў, што хутка вывучыць яго плаваць на сажонкі. «Ха-ха, сабаку — на сажонкі?!» Мансураў сабака заўсёды першы сустракаў рыбакоў на беразе лагуны, па яго паводзінах біргусаўцы вызначалі, ці ўсё добра ў рыбакоў і які ўлоў. І рыбакі любілі яго, адразу частавалі рыбай…
Дзе хоць той Тота? А-а, заснуў у цяньку пад кустом… Ну, няхай паспіць… Шкада, Раджа няма, паплыў з турыстамі пад ваду, мора крыху супакоілася ўжо.
Другое прадстаўленне даўнавата скончылася, а трэцяга не будзе. Зусім расстроіўся Судзір: сышчык-паліцэйскі, які прыходзіў расследаваць пакражу, сказаў, што няхай не спадзяюцца на хуткі і станоўчы вынік. Расследаванне — справа тонкая.
Судзір, выправадзіўшы паліцэйскага, забраў з Раджавай каморы дыпламат, перанёс да сябе ў «рэзідэнцыю». Потым надзеў гідракасцюм, акваланг і залез пад ваду ў басейн. Што ён там робіць — невядома, але дэльфіны віруюць над ім, ныраюць, усплываюць, гучна аддыхваюцца.
Янг пазбіраў паперкі на трыбунах, знайшоў у схованцы ключ ад Раджавай каморы. Адамкнуў, узяў на паліцы маску з трубкай, ласты, зноў замкнуў і схаваў ключ. Радж паказваў ужо, як карыстацца маскай і трубкай — тэарэтычна паказваў, не залазячы ў ваду. А цяпер будзе Янг трэніравацца практычна. Не святыя гаршкі лепяць, авалодае і ён гэтымі штукамі.
Уссунуў ласты, зашпіліў раменьчыкі і сам з сябе разрагатаўся: ну й шлэпала малое! Каб яшчэ рот да вушэй, то на жабу быў бы падобны. Нахіліўся над бортам басейна, чарпануў жменяю вады, прамыў шкло маскі знутры. Надзеў на вочы і нос, падсунуў пад раменьчык дыхальную трубку, загнуты канец павярнуў так, каб добра было браць у рот загубнік. «Судзір каля паўночнага канца басейна… Ну, а я тут буду, каля мосціка, і ў рукаве. Хопіць і яму месца, і мне…»
Пераступіў парэнчу — боўць!
Вада з бульканнем запоўніла трубку. Вынырнуў, выставіў трубку, моцна хукнуў, выдзьмуўшы з яе ваду. Адразу ўдыхнуў паветра — і ледзь не ўтапіўся: захапіў трубкаю і вады. Дзіка кашляючы, задыхаючыся, сарваў з сябе маску, ухапіўся за жалезныя лескі, што вялі з басейна. Во д'ябальшчына… Лёгкія разрываліся ад сутаргавага кашлю, балела горла.
Янга ўпартасці навучыла жыццё: іначай нічога не даб'ешся. Аддыхаўся, зноў прыладкаваў маску з трубкай і паплыў ужо ціха, апусціўшы ў ваду толькі твар.
У вадзе шэры паўзмрок, каламуць. Ён ніколі не думаў, што ў басейне і ў рукаве аж да плаціны такая забруджаная вада. Бедныя дэльфіны, як ім хочацца з гэтай каламуці на волю і прастор, у чысціню і празрыстасць! А людзі злавілі іх, трымаюць у салёнай лужыне сабе на пацеху… Абрахамс казаў, што ўвесь час працуе помпа, падае свежую ваду, вада патроху заменьваецца. Але каб такі слабы быў вынік?!
Толькі каля лесвічкі з басейна на дне нарассыпана свежага пяску. А так дно скрозь укрыта мулам і цінаю, завялася нават нейкая брудная лапушыстая расліннасць. А некалі, пэўна ж, быў чысты бетон. Валяюцца кавалкі цэглы, камяні, аскалёпкі бутэлек.
А што гэта за цёмная тарпеда ляціць насустрач яму? Дзюба-рыла так і цэліцца проста ў твар, цямнеюць вочкі, магутна працуе ўгору-ўніз хвост… У нейкім паўметры «тарпеда» рэзка ўзмывае ўгору, засвяціўшы белым жыватом. Янг падымае з вады твар і пазнае вясёлую морду Бобі. Дэльфіня ўважліва, з насмешкай углядаецца ў шкло, здаецца, вось-вось падміргне: «Не схаваешся, брат… Пад любою маскаю пазнаю…»
Яны плывуць побач да паўночнага, правага краю басейна, дзе ныраюць, кружаць, шумна аддыхваюцца дэльфіны. Што там робіцца на дне? Янга разбірае цікаўнасць, хочацца падгледзець за Судзірам.
У глыбіні наперадзе відаць расплывістыя доўгія і неспакойныя цені дэльфінаў. З кожным грабком рукі яны відаць выразней, вунь і Судзір у чорным касцюме з жоўтымі балонамі за плячыма. На поясе ў яго торба, ён раз-пораз дастае адтуль кавалкі рыбы, соўгае ў рот то аднаму, то другому. Але дае і другое — пляскатыя ручкі бляшаных саўкоў-чарпакоў. Заднія барты чарпакоў крута заломваюцца ўгору, упіраюцца ў шыю дэльфінам. Спераду ў чарпакоў зубцы. То адзін, то другі дэльфін стараецца ўдзёўбнуць чарпак зубцамі ў кучу, набраць хоць крыху пяску. Але пясок тут жа змываецца з чарпака. Угору ляцяць бурбалкі, хмары каламуты марудна рассоўваюцца ў бакі… Янг крыху заплыў у правы рукаў і застыў на вадзе, ледзь паварушваючы рукамі і нагамі. Судзір ад яго ўнізе і правей, і Янгу відаць, як той лезе рукою ў торбу, выцягвае па кавалку рыбы і суе ў рот тым, у каго атрымліваецца лепш, больш застаецца пяску на саўку. А лепш атрымліваецца ў Доры і Бэлы, а не ў Евы.
Бобі пакідае Янга, нырае да ног Судзіра, у таго ляжыць на ластах як дадатковы груз-якар яшчэ адзін чарпак. Бобі дурэе, хапае яго зубамі то за дужку, то за борцік, валачэ ўбок. Судзір адбірае, шлёпае малога па баку і дае дужку саўка ў рот Дзіку. Але той рэзка матляе галавою, і чарпак адлятае за кучу пяску. Судзір больш не прыстае да яго. Затое Бэлу, якая зачарпнула ледзь не цэлы савок пяску, паляпаў, пагладзіў па галаве, павярнуў рострумам да супрацьлеглага канца басейна, дзе мосцік, павёў за плаўнік з сабою. Янг ледзь паспеў глыбей адплысці ў рукаў, а потым пагроб назіркам за ім. Не адстаць ад Судзіра і Бэлы было лёгка, часам даводзілася прытарможваць, каб не наляцець на іх. А мо Бэла таму марудна плыла, што перашкаджаў чарпак?
Судзір і Бэла даплылі амаль да перакіднога мосціка. Дрэсіроўшчык няўклюдна палез па лесвічцы з басейна, смешна выварочваючы ногі, каб станавіцца на папярэчкі пяткамі. Калені яго яшчэ былі ў вадзе, а ён ужо адвярнуўся ад сцяны і двойчы пстрыкнуў пальцамі над дэльфінкай. Ссунуў маску на лоб, выняў з рота загубнік. Бэла паказала галаву з вады, пырснула з дыхала фантанчыкам. А прыўзняць савок так, каб ён цалкам завіс над вадою, не змагла. Ці не хапала сілы, ці не разумела, чаго ад яе хочуць. Сківіцы расслабіліся, чарпак перакасіўся, і пясок споўз-змыўся з яго. Судзір не забраў у Бэлы савок, а толькі падправіў, каб дужка прыходзілася пасярэдзіне рострума. «Рэпэтэ, Бэла! Рэпэтэ!» — Судзір рэзка махнуў рукою ў паўночны канец басейна. Бэла патанула, прапала з вачэй… І тут Судзір звярнуў увагу на Янга.
— Ты доўга будзеш мае нервы на шпульку намотваць?! Ды я табе… вушы… — паспешліва насунуў маску, ухапіў у рот загубнік, рынуўся ў ваду.
Янгу чамусьці зрабілася смешна, баяўся, каб з-за гэтага зноў не ўдыхнуць вады. Ухапіў паветра і нырнуў насустрач Судзіру, пад яго, прайшоў паўз самае дно. З балонамі Судзіру было не так паваротліва ў вадзе… Каля лесвічкі Янг імгненна пазрываў з ног ласты і ўбачыў, што на дне валяецца кінуты Бэлаю чарпак. А мо гэта быў не той? Сунуў пад дужку руку, ласты ў тую ж самую руку — туп-туп па папярэчках угору. Усплыў Судзір, пагразіў яму кулаком.
— Дзядзька Судзір! А вы будзьце там, адпраўляйце дэльфінаў з грузам, а я буду прымаць іх тут! — пракрычаў яму і ўзважыў у руках цяжкі, з жалезнае тоўстае бляхі савок.
Але Судзір не пачуў ці не захацеў пачуць, бо яшчэ раз пагразіў кулаком і жэстам загадаў кінуць яму савок. Янг размахнуўся — плясь! Наце, бярыце… І пайшоў да Тота.
«Калоціцца ад злосці… А чаго калаціцца? Удвух у два разы хутчэй выдрасіравалі б».
Сабачка млеў у асалодзе, ляжаў, выпрастаўшы ўбок усе чатыры нагі, патузваў спрасонку вухам, адганяў муху-назолу.
А Раджа яшчэ няма… Не папытаў, колькі часу займае кожная падводная прагулка. Схадзіць хіба на мыс Кіпцюра? Там падводнікі заходзяць у ваду, там пачатак маршрута. Патузаў за вуха Тота — «Пайшлі…»
«Эх, Абдула! Мала дзён прайшло, а я ўжо засумаваў без цябе… О, каб і ты быў тут! І Радж ужо са мною, і дэльфіны, і Тота, а ніхто цябе не заменіць. Ні з кім так не пагаворыш… Дзе ты цяпер, Абдула?»
Злева, дзе замест агароджы былі тыльныя сцены прыстанскіх пакгаузаў і складаў, разрасліся кусты, зараснікі плюшчу і ліян забіраліся на сцены і стрэхі. І вось, калі Янг усклікнуў у думках — «Дзе ты цяпер, Абдула?», на адным пляската-нахіленым даху з зеляніны высунулася даўно не стрыжаная галава хлапчука на доўгай шыі, паказаліся голыя плечы. Янг яшчэ не пазнаваў яго, а хлапчук ужо свіснуў па-разбойніцку, угору ўзляцелі, як крылы, дзве рукі.
— Гэ-гэ-эй!!! — залямантаваў, затанцаваў на месцы. — Хо-хо, Янг!
Гэта быў Абдула — узнік, нібы ў казцы. А кажуць, што цудаў не бывае!
Абдула патануў у гушчэчы зараснікаў, пачаў спускацца ўніз.
Хвіліна, другая — і вось ён, увесь абдрапаны, са свежымі пісягамі на голых руках, грудзях, жываце. У адных старых штанах, босы. Янг кінуўся насустрач, і яны моцна абняліся.
— Ты з неба зваліўся? Я толькі-толькі падумаў…
— Не з неба — са страхі! — рот Абдулы на худым твары ўсміхаўся да вушэй. — Адтуль, зверху, так зручна наглядаць за ўсімі! Там і спаць можна, толькі чаго пад бок падаслаць.
— Як гэта табе ўдалося? На Рай як трапіў?
— Упрасіўся на грузавоз… Дык усю дарогу машыну драіў у труме, а на прыстані разгружацца памагаў. Не вельмі за так прывязуць.
— Дзядзьку пакінуў, значыць…
— Ён мяне пакінуў — фіюць! — Абдула крутнуў указальным пальцам, нібы хацеў прасвідраваць неба. — Лёг спаць і не прачнуўся… А мяне на другі дзень пасля пахавання за шкірку і на вуліцу… Новага ліфцёра ўзялі і каморку дзядзькаву пад лесвіцай аддалі другому. Цяпер я вольны як вецер, хоць у піраты наймайся.
— Не трэба ў піраты… Бачыў я іх — піх-пах, і няма чалавека. На маіх вачах аднаго чалавека забілі, а цётку паранілі. Рабавалі нас, як плылі на Рай.
— Ну-у?!
— Вось табе і ну… Раскажу потым.
— А я бачыў твайго брата і яшчэ двух з ім. Вунь там заходзілі ў мора, з балонамі жоўтымі… Самі чорныя, у масках — бр-р-р, як марсіяне якія. Я чакаў, пакуль павылазяць, каб пра цябе папытаць.
— А тут і сам я.
— А тут і ты! Ды яшчэ з сабакам… Такога я ўжо недзе бачыў.
— Памятаеш тую італьянку? Што папрасіла была пранесці сабачку?
— Ну.
— Дык от з таго часу і забаўляюся з ім. Тэрэзай італьянку зваць… Ой — слухай! Я ж цябе магу ўсватаць на сваё месца! Бо я ўжо ў дэльфінарыі працую, у мяне работы — во! — чыркнуў вялікім пальцам пад барадою.
— Не гаджуся я ў сабачыя пастухі. Ды я зразу прадам яго турыстам!
— Абдулок! Абдулячка-скулячка! Ты ж не ведаеш, што гэта такое — за пастуха. У гатэлі будзеш жыць першакласным, у адным нумары разам з ёю і сабакам. Жратвы — ад пуза і чаго толькі душа пажадае! А работы — усяго толькі сабачку прагульваць і часам крыху прыслугоўваць донне Тэрэзе.
— Рай на Раі?
— Ну!
— Дык чаго ж сам адмаўляешся?
— Сказана — у дэльфінарыі я! Мабыць, на пастаянную нават узялі. А з Тота мне трэба развязацца, а то замінае. Згаджайся, а?
— Гм…
— Ты не гмыкай, пан бо такі. Лепш і не прыдумаеш. Будзеш як сыр у масле плаваць, а там — бог бацька.
— Гм…
— А, каб цябе… Абдурак ты, а не Абдула. Вось дачакаемся Раджа, паможам яму касцюмы і аквалангі ўпарадкаваць, і я цябе павяду. Возьме донна! З маёю рэкамендацыяй — возьме.
— А цябе хто рэкамендаваў ёй?
— Ніхто. Сама напаткала мяне. Я ёй спадабаўся. Сумленне ў мяне на твары прачытала. Ясна? А ў цябе на твары…
— Ну-ну!
— Ты жулікаваты хлопец… — змякчыў Янг сваё вызначэнне. — У цябе ў кожным воку па чарцяняці скача, так і чакай, што якога коніка выкінеш.
— Хо-хо!
— Абдурахманчык, мне столькі ўсяго трэба табе расказаць!
— Вунь… вылазяць ужо!
Хлапчукі кінуліся навыперадкі да берага.
Радж сядзеў стомлены на лаўцы, абсыхаў пасля душа. Побач быў ускінуты на спінку вывернуты на левы бок гідракасцюм. Янг і Абдула плюхаліся ў душы, мыліся і самі і абмывалі знутры, прапалосквалі яшчэ два гідракасцюмы. Але больш, мабыць, дурэлі і пырскаліся, бо ажно даходзілі ад віску і смеху.
У руцэ Раджа была паперка, спісак жадаючых зрабіць падводную прагулку. Супраць кожнага прозвішча і імя стаяў памер касцюма, рост. Два першыя ўжо адплаваліся. Трэці і чацвёрты зараз прыйдуць.
Трэцім у спісе стаяў Пуол…
Раздзел пяты
1
У Пуола быў такі стан душы… Не ўзнёслы, не, хутчэй за ўсё яго паліла злое, д'ябальскае натхненне. Дасюль усё неяк абыходзілася. У розныя пераплёты трапляў, нават быў на валасок ад смерці — вылузваўся. І ў руках паліцыі двойчы пабываў — «Х-хэ!» — выкруціўся!
Выпусцілі яго з райскай паліцыі толькі назаўтра. Ішоў нага за нагу, пакуль зноў не апынуўся на плошчы з фантанам. У галаве было пуста, ніяк не мог прыдумаць, што рабіць далей, як прыступіцца да Раджа. Спыніўся каля зборнага шчыта-рэкламы, правільней, трох шчытоў, састаўленых трохкутнікам. На ўсіх трох шчытах віселі аднолькавыя плакаты. Праз дзесяць дзён марское свята, выбары «міс Рай». І партрэт мінулагодняй «міс Рай»: галава — фотаздымак, а тулава прымалявана мастаком, быццам сядзіць яна какетліва бокам на дэльфіне, а той імчыцца ў пырсках. Дзіва дзева «міс Рай» паказвае ва ўсмешцы ўсе трыццаць два зубы, тарашчыцца проста ў вочы таму, хто разглядвае яе, і памахвае ручкаю.
«Бетэль, бетэль! Каму бетэль? Лепшага бетэля не знойдзеце на ўсім архіпелагу!» — спыняецца каля плаката нейкі заўчасна зморшчаны невысокенькі латочнік-карабейнік. Спераду ў яго каляны, нібы з бляхі, фартух — ад самых пахаў і ледзь не да зямлі. Не фартух, а вітрына і латок адначасова, на ім нашыты сотні трохкутных кішэнек радамі, з кожнай кішэнькі тырчыць чаранок лісціка. Згорнуты лісток бетэля адмысловы, як цыгарка, у ім ёсць усе кампаненты — зерне арэкавай пальмы, кавалачак нягашанай вапны, а хвосцік пратыкнуты так, што нібы запліквае ўвесь згортачак, — бяры за хвосцік і ў рот. «Пакаштуй, малады чалавек! Ты такога яшчэ не каштаваў! — прыстаў і да яго прадавец і шапнуў: — Усяго два долары!» Мяркуючы па такой вялікай цане, у жвачку было нешта дабаўлена, ці не парашок гераіну. Пакуль Пуол вызбірваў у кішэнях манеты, каб набраць патрэбную суму дробяззю, той мармытнуў скрозь зубы: «Прывітанне ад Чжана… Цікавіцца поспехамі… Тэрмін працягваецца яшчэ на двое сутак, кончацца гэтыя двое ў дваццаць гадзін. Не зробіш што трэба — смерць… Бетэль! Каму бетэль? Пажуеш — і рай не трэба!»
Адышоў ад яго Пуол, адчуваючы, як палахліва трымцяць рукі, а ў жываце робіцца нядобра. Кантроль, аказваецца, ёсць, пра Пуола не забылі. Будзь пракляты той дзень, калі ён ступіў на сцежку гэтых гангстэраў! Будзьце яны ўсе праклятыя!
Сунуў у рот лісток бетэля, пачаў жаваць. Рот запоўніла шыпучая ружовая сліна, адчуваўся і мляўка-млосны прысмак, як ад тае цыгаркі, што курыў у падвале. Занудзіла, захацелася бляваць — выплюнуў жвачку пад пальму…
Бадзяўся цэлы дзень, жывот падцягвала з галадухі, але чамусьці, як толькі думаў пра яду, у роце рабілася нядобра і нудзіла. Ужо вечарам у нейкім вынасным кафэ падсеў на вуліцы за столік. Прыкрываючыся забытаю кімсьці газетаю «Фрыдом», падчысціў з талерак усе недаедкі, ненавідзячы сябе за такое прыніжэнне. Рашыў: залезе ў дэльфінарый, праверыць «рэзідэнцыю» Судзіра-дрэсіроўшчыка. Ці не знойдзецца ў яго тэніска з такою ж паметкаю — «R.S»? Ад вынікаў праверкі будзе залежаць далейшы ход падзей.
І залез — далёка пасля поўначы, дзверы адамкнуў сагнутым дроцікам. Тэніску знайшоў, толькі ніякай паметкі не выявіў. Падсвечваў сабе ўкрадкаю нейкім цяжкім, мабыць, падводным электрычным ліхтаром. Каб не відаць было святла з акна, залазіў ледзь не пад канапу. «Няма тых літар…» І стала лягчэй, але і больш трывожна: нібы наблізіўся да ракавой рысы. Згроб са стала магнітафон, цяжкі, стацыянарны, укруціў у нейкае прасцірадла, закінуў за плечы. Хацеў узяць некалькі пластмасавых сувеніраў — каляровых дэльфінчыкаў на кантовых падстаўках — і пасміхнуўся: каму трэба гэтыя цацкі?
Прыхапіў толькі яшчэ ліхтар — і ходу.
Назад выбіраўся тым жа шляхам — цераз плот.
Удзень, калі вакол фантана завірыў «блэк мэкіт», чорны рынак, магнітафон загнаў. Праўда, танна, за пяцьдзесят долараў, нейкаму перакупшчыку — абы пазбыцца гэтай цацкі. У яго ж выменяў за ліхтар нож-крыс. Вядома, не такі шыкоўны, як у Раджа, але востры. Гэта ўжо зброя, а са зброяй смялей.
На прыстані ў нейкай прымітыўнай харчэўні наеўся ад пуза. Да 15 гадзін спаў пад кустом, залезшы ў скверык каля «Кракена». І пайшоў у дэльфінарый купляць білет на падводную прагулку.
2
— Ніхто з вас не хворы? Кашлю, насмарку няма? — задаў Радж дзяжурныя пытанні.— Ну — добра… — ён прыдзірліва пачаў аглядаць экіпіроўку Пуола і чацвёртага экскурсанта, нейкага Грэхема з амерыканскага штата Каліфорнія. Ці добра прыладжаны за плячыма балоны аквалангаў, ці туга зашпілены паясныя і брасавыя рамяні, ці не будуць скоўваць Мансура, ці добра прыладжаны паясы з грузіламі, ці паказваюць манометры 150 атмасфер ціску ў балонах, ці адкрытыя запорныя вентылі і ці завінчаны вентылі рэзерву? Плыўцы-навічкі стаялі каля самай вады, хвалі прыбою, шыпучы пенаю, набягалі на ласты. Янгу і Абдуле, які трымаў на каленях Тота, экскурсанты былі відаць ззаду і трохі збоку. Радж стаяў глыбей, па лыткі ў вадзе, і здаваўся на цэлую галаву меншым за Пуола і на дзве — за Грэхема. Надзіва спакойны быў у Раджа твар.
— Глыбей сямі, дзесяці метраў спускацца не будзем. Спецыяльнай трэніроўкі вы ж не маеце? — працягваў Радж. — Не… І з аквалангам ніколі не плавалі? Таксама не… Каб вярнуцца на бераг жывымі, прашу строга выконваць усе мае патрабаванні. Не адплываць ад мяне далей чым на два метры. Вы… — паказаў на Пуола, — будзеце плысці справа ад мяне, вы — злева… — (абодва згодна паківалі галовамі). — Пальчатак у нашых касцюмах няма, пагэтаму нічога пад вадою голаю рукою не чапаць і не браць, хоць і будзе спакуса вялікая. Калі захочаце мець ракавіну ці кавалак карала, купіце ў кіёску каля дэльфінарыя. Былі выпадкі, што экскурсанты не слухалі маіх папярэджанняў, і атрымлівалі апёкі і ўколы, якія доўга не зажывалі… Калі пакажу рукою «Пад'ём!», адразу ж падымацца. Але — не хутчэй пухіроў выдыхаемага паветра… Мы стараліся падабраць гідракасцюмы па фігуры, але ідэальна падагнаць нельга. Вось чаму, як толькі пагрузімся па шыю, абціснемся харашэнька, каб не было пад касцюмам паветра, — лягчэй будзе апускацца і менш наробіцца складак. А я яшчэ раз агледжу шлангі, усякія злучэнні — ці герметычныя, каб не было ўцечкі паветра. Потым апусцім у ваду твары, праверым, ці добра прылягаюць маскі. А самае галоўнае — вось што… — Радж пракашляўся, нібы збіраўся добра крыкнуць ці ўзяць чыстую ноту.
Янг засукаў нагамі па пяску, збіваючы яго ў кучы: ад захаплення! Вельмі ж усё, што чуў, здавалася цікавым. А Абдула ўсё гладзіў і лашчыў Тота, прывучаў да сябе.
— А галоўнае — не забывайце пад вадою дыхаць… — Пуол і Грэхем хмыкнулі, а Янг і добра засмяяўся. Але Радж сказаў: — Гэта не так смешна, як здаецца. Дыхаць пад вадою значна цяжэй, чым тут. Ціск на грудную клетку будзе ўзрастаць яшчэ амаль на адну атмасферу. Не хвалявацца, не мітусіцца, не рабіць рэзкіх рухаў… Дыхаць спакойна, працягла, рабіць глыбокія ўдыхі і выдыхі, хоць будзеце адчуваць некаторае супраціўленне. Каб вас гэта не трывожыла, не пужала… Калі ж будзеце рабіць кароткія, слабыя ўдыхі-выдыхі, патрэбную порцыю чыстага паветра можаце не атрымаць, будзеце ганяць туды-сюды вуглекіслы газ, і самаатруціцца… Калі ж дыханне ўсё-такі саб'ецца, пачнецца бязладнае, павярхоўнае, на паверхню не спяшыце, а то можаце і не паспець. Лепш спакойна легчы на дно, пастарацца выраўняць дыханне некалькімі працяглымі, глыбокімі ўдыхамі і выдыхамі…
Радж бачыў, што ад усіх гэтых павучанняў і інструкцый Пуол не супакойваўся, а рабіўся больш усхваляваным і нервовым. Неспакойна пераступаў з нагі на нагу, а потым адставіў правую, а каленка дрыжыць, дрыжыць… У роце, мабыць, перасохла, бо Пуол пакручваў галавою і аблізваў губы. Радж, хоць і адчуваў, што бязбожна зацягвае інструктаж, рабіў гэта свядома: хацелася, каб землячка прабрала да пячонак.
— Пры пагружэнні могуць забалець перапонкі — ад перападу ціску. Выдыхніце паветра праз нос у маску, зрабіце некалькі глытальных рухаў, у вушах нібы нешта пстрыкне, ціск выраўняецца… Хто лятаў на самалёце, таму гэта павінна быць знаёма. Кажуць, адчуванне амаль аднолькавае… Далей… Хоць у вас і паясы з грузіламі, спачатку заглыбляцца будзе цяжка. Аднак гэта трэба пераадолець, не дапусціць, каб вас выкінула на паверхню нагамі ўгору. І так — прамываем маску вадою знутры, каб не запацела…
Пуол і незнаёмы Грэхем ступілі глыбей у ваду, косячы вокам на Раджа — як ён робіць? — змачылі шкельцы.
— Звярніце ўвагу на загубнік… Ён хоць і называецца загубнік, але вось гэтыя штучкі трэба каб трапілі за зубы… Не бойцеся браць у рот, усё прадэзінфіцыравана. Калі заціснеш вось так, то трымаецца добра… — Радж закапыліў верхнюю губу, паказаўшы ледзь не ўсе зубы, уставіў загубнік, стуліў губы, зрабіў глыбокі ўдых і выдых і выняў.— Ну, асвоілі? Яшчэ раз устаўце і выміце… Атрымліваецца? Ну вось, вы і гатовы да пагружэння… Забыў сказаць: гідракасцюмы ў нас «мокрага» тыпу. Гэта значыць, вада будзе прасочвацца сям-там, але яна нагрэецца ад цела, а новая ўжо не паступіць… Пытанні ёсць? Пад вадою можа з'явіцца многа іх, ды, на жаль, я не змагу там адказаць. Гэта не прагулка па садзе са «спікерам» у руках… Шкада, што ніхто з вас папярэдне не зрабіў прагулкі на «Нептуне» — лодцы з празрыстым дном. З яе добра ўсё відаць, і я змог бы адказаць на многія пытанні. Звычайна перад падводнай прагулкай у мяне пытаюць, ці ёсць тут акулы. Адказваю: ёсць, асабліва за рыфамі, але пакуль што нападу на людзей не было. Аднак будзем пільнымі, будзем глядзець у тры пары вачэй — сцеражонага і бог сцеражэ. Так?
«Падводнікі» ў адказ на гэта толькі выціралі лбы, пасмыквалі плячыма (сонца пякло яшчэ моцна, а касцюмы чорныя), тапталіся на месцы, нібы млелі ў іх ногі.
— Паўтараю, далей двух метраў ад мяне не адплываць… Вазьміце ў рукі вось гэтыя пікі…— паказаў Радж на штокі, што тырчалі каля іх з пяску. — Калі нападуць акулы, станем спінамі адзін да аднаго… Адаб'ёмся, не бойцеся! Ну — нагружаемся, спачатку да шыі.
Радж вырваў з пяску свой шток, уклаў загубнік у рот, нацягнуў маску, пачаў адступаць задам у ваду. Пуол і Грэхем таксама прарабілі гэтыя маніпуляцыі і павярнуліся тварам да сушы, пайшлі, няўклюдна перастаўляючы ногі. Янг паспеў адзначыць, як пабялеў Пуолаў твар.
Радж апошні раз выняў загубнік з рота, хоць вада даставала ўжо да шыі і пры накатах накрывала пырскамі з галавою.
— Абціскайцеся… Абціснуліся? Нагамі пад вадою перабірайце, як пры плаванні кролем. А можаце і абедзвюма разам, па-дэльфінячы. Рукі лепш трымаць уперад або назад уздоўж тулава… — Радж зноў узяў загубнік у рот і першы пагрузіўся з галавою.
Над ім забурлілі, вырываючыся, паветраныя пухіры — раз, другі, трэці… Раўнамерна, як трэба, дыхае Радж. Янг і Абдула падбеглі да прыбою, потым зайшлі ў ваду да каленяў, глядзелі, забыўшыся на ўсё. Вывяржэнні пухіроў рабіліся і там, дзе пагрузіліся пад ваду Грэхем з Пуолам. Белыя грабяні на хвалях накату імкнуліся сцерці іх, атушыць, а яны вывяргаліся зноў і зноў, нібы невялічкія падводныя вулканы.
Неўсвядомленая яшчэ да канца трывога ціснула Янгава сэрца.
— Абдула… Нідзе не дзенецца мадам Ой… Будзем чакаць Раджа. — Янг загарадзіў нагою шлях адступлення крабу-сігналыпчыку, схапіў яго за панцыр і вынес на сухое, сеў у пясок. Абдула сумна апусціўся побач. Янгава трывога пачала перадавацца і яму.
Забаўляліся з крабам без асаблівай цікавасці, думкі іх былі там, пад вадою. Крыху развесяліў быў Тота: хацеў абнюхаць краба, а той імгненна выставіў і тут жа схаваў вочкі-тэлескопікі, цапнуў клюшняю сабачку за нос. Тою, што вялізная і фіялетавая, якою ён любіць ківаць, нібы падманьваць каго да сябе.
3
Уперад, уперад… Вось тут яшчэ раз азірнуцца на аднаго і на другога: як дыхаюць, як плывуць? Грэхем амаль нармальна, мабыць, мае вопыт. А Пуол адстае, нязграбна перагрэбвае нагамі — у ластах не плаваў, выдыхае часцей, чым магло быць… Пастаяў перад імі амаль вертыкальна, перабіраючы ластамі,— і галавою ўглыб, нагамі ўгору. Трэба спачатку ўразіць падводных падарожнікаў глыбінёй, паказаць прорву-цясніну, змрочную і жудасную. Яна злева ад прыстані. Вада ў ёй туманна сінее, а потым чарнее. Хай заглянуць туды, адчуюць, чым дыхае бездань… Маршрут так і разлічаны, каб уражанні напластоўваліся па кантрасту.
Цела ўраўнаважылася ўжо, нібы зусім страціла вагу, кожная клетачка адчувае асалоду… Колькі разоў такое было, і ўсё да драбніц знаёма на маршруце, а раўнадушна-абыякавым не ўдаецца быць. Радж нібы птушка-велікан над лесам, а пад ім безліч рознакаляровых дробных птушак, нават стракоз і матылькоў, і гэтыя птушкі-рыбкі, стракозы і матылькі амаль не зважаюць на людзей, займаюцца сваімі справамі. Праўда, калі цень ад чалавека падступае да рыб, тыя рэзка адварочваюць убок. І рук баяцца: здаецца, вельмі проста пагладзіць каторую, узяць за хвост. Дзіва што! За кожным тваім рухам падводныя насельнікі сочаць пільна.
Пра зарасці таксама не заўсёды скажаш, расліна гэта ці жывёла. Кусты, дрэўцы, букеты, нарасці… Сцерліся ўсе пераходныя прыкметы, абрысы і формы вычварна-фантастычныя, у глыбіні — расплываюцца ў мяккім зеленавата-сінім святле. Аранжавыя ліліі плаўна варушаць карункавымі пёрцамі-шчупальцамі то кожнай паасобку, то выгінаюцца ўсе разам, нібы паддаючыся падводнаму цячэнню. А вунь рытмічна дыхае-пульсуе штосьці блакітнае, падобнае на грыб з венчыкам шчупальцаў. Актынія… Каля яе раскінулася нібы ўсохлае дрэва з тонкімі галінкамі — чорны карал… Дарагая штука…
Кожны выступчык, кожная ямка, камень-рыф чымсьці ці кімсьці заняты, заселены, і кожную асобіну можна разглядаць бясконца. Выбірае Радж раўнейшую пляцоўку, апускаецца на дно, прымае вертыкальнае становішча. Хай і спадарожнікі спусцяцца, палюбуюцца ўдосталь… На краі гэтай пляцовачкі паміж двух выступаў скалы ракавіна трыдакны — уся ў каралавых наростах, нейкіх раслінах, зморшчаная і непрыгожая. Берагі ракавіны ў брыжах-складках, малюск увесь час то сціскае створкі, то адпускае, і тады паміж іх высоўваецца штосьці студзяністае, ружова-сіняе… Ганяюцца за такімі ракавінамі турысты, гэта трыдакна амаль адзіная, што засталася ў ваколіцы, і яе Радж ахоўвае. Ёй яшчэ расці ды расці, зараз яна, як невялічкія начоўкі-апалушкі, а можа вырасці да двух-трох метраў.
Палюбаваліся? Заклік-узмах рукою, і Радж кіруе да скалы-рыфа. Па дарозе завісае яшчэ над «усходнім базарам». Тут нібы выстаўка рознакаляровых бочак, мяшкоў з копрай, торбачак і кішэнек, глякоў, гладышоў, кубкаў, груш, свечак… У кожнага «вырабу» рознай таўшчыні сценкі, розныя памеры адтулін зверху. Усё гэта — губкі. Паміж «гандлёвымі радамі» губак марудна, выпучваючыся і падцягваючы калюча-кастравыя шчупальцы, паўзуць зоркі.
Рыф заўсёды агіналі з боку пляжа. Правільней, групку рыфаў, бо вакол таго, што тырчаў над вадою, прыляпілася яшчэ некалькі недаросткаў. Пад вадою яны падобныя на кітайскія ці японскія пагады-храмы са шматпавярховымі стрэхамі і пляцовачкамі пад імі, нішамі, запоўненымі ўсялякай жыўнасцю.
На зваротным шляху, зрабіўшы поўную пятлю вакол аблюбаванага рыфа, яшчэ раз спыняюцца каля «ўсходняга базару», нават апускаюцца на дно палюбавацца. Адтуль апошні паўкруг па мелкаводдзю — і на бераг. Усё падарожжа зойме каля гадзіны, гадзіны і пятнаццаці мінут.
Радж агінае рыфы паволі. Хай глядзяць, хай любуюцца. Паварочвае галаву сюды-туды ўвесь час, сочыць, каб турысты не расплываліся, не лезлі ў шчыліны паміж рыфаў. Можна засесці, учапіцца аквалангам, што-небудзь парваць-пашкодзіць ці самому параніцца, ушчаміць нагу з ластам. Ласт не здзярэцца, не згубіцца, ласты прышпілены раменьчыкамі. Але… чаго ні бывае! Яшчэ раз прытармазіў, азірнуўся… Вось Грэхем, а дзе Пуол? Грэхем падплывае да Раджа, таксама азіраецца. Радж робіць яму знак рукою: «Пачакай мяне на месцы!», а сам вяртаецца за рыф, нібы адкручвае віток назад. Так і ёсць, ушчаміў ласт у расколіне… Патузвае, потым згінаецца і нешта робіць, мо хоча адшпіліць. Ну, гэта дарэмна, не так лёгка потым яго пад вадою абуць. Выдыхі ў Пуола кароткія, частыя…
Радж планіруе ўніз, да самай Пуолавай нагі, каб добра разгледзець. Пуол разгінаецца, паказвае ўніз, на ласт. На кароткі час спіна Раджа апынулася ніжэй пояса Пуола. Радж нічога не паспявае разгледзець: мільганула па рыфе цень Пуолавай рукі, улавілася калыханне вады. Крутнуў галаву ўлева-ўгору — і тут жа выкінуў насустрач паўсагнутую левую руку. Пуолава рука з крысам каўзанула па ёй, адлятаючы ўбок. Крыс крамсануў крыху плячо, выпаў. Краечкам вока ўбачыў: скочваецца з прыступкі на прыступку рыфа, адпуджваючы рыбак і ўзбіваючы невялікую каламуту. Разагнуўся, а Пуолавы рукі са скурчанымі пальцамі ўжо каля шыі — цаляе, каб вырваць загубнік ці здушыць за горла… За шклом маскі — выпучаныя вар'яцкія вочы Пуола… Нырнуў пад яго рукі, а правая ўжо ў імклівым палёце: контрудар у сківіцу. Імклівасць руху адносная, пад вадою ўсё робіцца ў замаруджаным тэмпе, шчыльнасць вады не дазваляе. Пуолава галава тузанулася, адкідваючыся назад, з рота выпаў загубнік. А да паверхні ж пяць метраў!
Махае бязладна рукамі, адбіваецца — не падступіцца. Злаўчыўся ўхапіцца ззаду за яго балоны — хутчэй наверх! З-за рыфаў на вялікай хуткасці выплывае Грэхем, даганяе і чапляецца за локаць Пуола, памагае. Хутчэй, хутчэй… Пуол борсаецца, рукі дзяруць сябе за грудзі… Вось і зусім перастаў дрыгаць рукамі і нагамі, страціў прытомнасць.
Вынырнулі, павярнулі Пуола тварам дагары і пад рукі — на бераг.
Менш за ўсё хацелася Раджу яго ўтапіць. Праўда, як убачыў Пуола ў спісе, а потым і самога з крысам на поясе, зразумеў, што паядынка не мінаваць. Схваткі з ім пад вадою не баяўся, нават падумалася, што ў крытычны момант вырве ў яго загубнік — адразу ўціхамірыцца. А цяпер, калі нехаця зрабілася тое, што трэба, занепакоіўся: каб хаця дабром скончылася. Хай бы жыў, хай бы капціў неба, поскудзь…
Насустрач кінуліся Янг і Абдула, памаглі сцягнуць з Пуола акваланг і ласты.
— Радж, у цябе кроў капае з пляча! — спалохана ўсклікнуў Янг.
— Нічога, нічога… — Радж, паклаўшы Пуола грудзьмі на сваё калена, выдушваў з лёгкіх ваду.
Давялося і штучнае дыханне рабіць Пуолу, ажыўляць. Калі ўрэшце той ачомаўся, душачыся дзікім кашлем, яшчэ доўга быў бледны і сіні, як мярцвяк.
— Янг… Адсапецца — завядзеш землячка да душавой, — Радж змахваў з ілба пот і глядзеў на Пуола не толькі з агідай, але і са шкадобай. — Прымеш ад яго акваланг і гідракасцюм. І няхай коціцца на ўсе чатыры бакі. А вы, Грэхем, прабачце мне, што гэтак здарылася. Псіхоз… Пад вадою і не такое здараецца… Можам з вамі прадоўжыць прагулку… калі хочаце… — Мабыць, Радж чакаў, што той адмовіцца. Але дзіва што!
— Ага!.. Ад кожнага капіталаўкладання павінен быць прыбытак, карысць ці задавальненне, — і Грэхем першы ступіў у ваду, на хаду беручы ў рот загубнік і нацягваючы маску.
Радж памахаў паднятаю рукою. Мо хацеў падбадзёрыць Янга і Абдулу ці сказаць, што доўга не затрымаецца.
4
— Ну як яны… бутэльканосы?12 Паддаюцца?
— Па-рознаму.
— Пасоўваецца справа?
— Марудна. Але — пасоўваецца.
— Мы маглі б і аквалангістаў наняць. Але там ёсць глыбіня да сямідзесяці метраў. Эхалотам правяралі. І цемра пракаветная…
— Містэр Піт, а дэльфінам і не трэба святло. Яны ў поўнай цемры могуць працаваць. Санар у іх, ультрагукавая лакацыя… Пасылаюць сігналы, серыі сігналаў на розных частотах, ловяць іх адбіткі. І поўная карціна ў галаве, усё відаць, што перад імі робіцца, якія прадметы, нават з чаго зроблены.
— Той жа прынцып эхалакацыі… Я разумею, містэр Судзір.
— Яны сваімі санарамі і хемарэцэптарамі могуць нават адрозніць жалеза, скажам, ад медзі.
— О-о?! Тое, што трэба.
Уладальнік чужога, незнаёмага голасу чагосьці не дагаварыў. А мо сказаў ціха? Радж яшчэ больш напружыў слых.
Праўду казаў Гуга: усё чуваць, нібы які спецыяльны канал для падслухоўвання ўбудаваны. А мо сцяна мае такія незвычайныя акустычныя ўласцівасці, не глушыць галасы, а яшчэ больш узмацняе? Цікава, а адтуль таксама чуваць, што робіцца ў душавой? Мабыць, не, іначай Судзір больш асцярожнічаў бы пры размовах.
Радж, спаласнуўшы гідракасцюм пад прэсным «дожджыкам», праціраў яго гумаваю порыстаю мачалкаю, каб выдаліць ваду. Міжволі зноў прыслухаўся. Разумеў пакуль што адно: размова датычыць дэльфінаў. Што гэта за ён, містэр Піт, якога так цікавяць дэльфіны?
Голас Судзіра:
— Лягчэйшымі чарпакі трэба зрабіць. Мо нават не з жалеза, каб і моцныя былі, і лёгкія.
— Дзюралюміній падышоў бы. Але яго так хутка не дастанеш.
— Мо дзюралюміній, а мо яшчэ які сплаў. За кошт змяншэння вагі чарпалак можна больш набіраць пароды, грунту… Наконт канструкцыі… У цэлым добра, але заднюю сценку, што прыціскаецца да падбароддзя, лепш рабіць не простаю, а з выразам — па форме шыі. Шчыльней будзе прылягаць, менш рассыпацца, змывацца пры транспарціроўцы. А то пры максімальнай хуткасці пясок струменіцца паўз бакі. Пакуль да месца даставіць, мала чаго ў чарпаку застаецца… А яны яшчэ не разумеюць, што я ад іх патрабую не пусты коўш данесці, а з грунтам.
— Праблемы, праблемы… Чорт бы іх пабраў! А калі вы зможаце паказаць, што яны ўжо могуць рабіць?
— Самае меншае — праз тыдзень. А то і праз два.
— Ч-чорт… Кожны дзень на вагу золата.
— Набіраць, зачэрпваць ужо амаль усе могуць… Акрамя Бобі, малыша. Але ж гэтага мала. Трэба, каб і зачэрпнуў, і вынес наверх, аддаў у рукі. Чалавек наверсе будзе забіраць поўныя, даваць у зубы парожнія, адпраўляць назад. Ага, вось яшчэ што: добра было б дужкі пакрыць якім пластыкам. Не любяць дэльфіны голае жалеза ў рот браць.
— Добра… А ў які момант ім узнагароду ўручаць, заахвочваць?
— Потым я ўсё раскажу. Лепш за ўсё, вядома, калі вынесе і ўручыць поўны чарпак. Я так і прывучаю іх — чым паўней, тым большая ўзнагарода.
— А колькі за дзень яны з'ядаюць?
— Як каторы. Дзіку мо і дваццаці кіло мала… Самкі менш ядуць — дзесяць — пятнаццаць кілаграмаў рыбы. Але ж калі будуць працаваць, то колькасць патрачанай імі энергіі рэзка ўзрасце, значыць, і рыбы трэба больш. Скумбрыю вельмі любяць.
— Абжоры… А так не можа здарыцца, што прынясе, скажам, разоў дзесяць, нахапаецца, нажарэцца — і будзьце здаровы? Не захоча больш і глядзець у той бок.
— Усё можа быць. Загадаць працаваць па дзесяць гадзін у суткі мы не зможам. Усё — на добраахвотных пачатках. У час прадстаўлення мы не накормліваем іх уволю. Вечарам дакормліваем, каму мала.
— А калі, скажам, так: аквалангіст на дне зачэрпвае і дае ў зубы — нясі! Толькі транспарціроўку пакінуць на дэльфінаў.
— Гэта было б прасцей. Але ж вы самі гаварылі, што там ёсць і семдзесят метраў глыбіні.
— Не ўсюды, але ёсць.
— Чалавек доўга не прабудзе на такой глыбіні. А потым трэба будзе дэкампрэсію праходзіць, хуценька не падымешся наверх.
— Ч-чорт…
— Гэта каб, скажам, аквалангісты жылі ў падводным доме, не трэба было вяртацца за кожным балонам на паверхню…
— Падводны дом! Вы забываеце пра затраты…
Дый часу колькі пройдзе, пакуль закажаш ды вырабяць, пакуль сюды даставяць, зманціруюць. Не-е, гэта для нас — фантастыка… Ніхто не дасць пазыку пад такую авантуру. А раптам какос пусты і не прарасце?
— А мне думаецца, каб нічога не было там, то вы не круціліся б каля таго вострава.
— Якога вострава?! Вы што?
— Горнага.
— Не фантазіруйце.
— Я ведаю больш, чым вы думаеце. Горнага?
— Гм-м… адно скажу: у гэтым архіпелагу.
— На Горным, можаце не выкручвацца. Мае людзі высачылі вас, містэр Піт! Хаваецеся пад шыльдаю «Ocean science and Enqineering» — OSE13. Ведаю таксама, што гэта амерыканскае таварыства, і займаецца яно здабычай алмазаў каля берагоў Паўднёвай Афрыкі. Валодае таксама канцэсіямі на распрацоўку плошчаў кантынентальнага шэльфа каля берагоў Аўстраліі, Тайланда, Малайзіі, Аляскі. Не чуў я, каб султан Муту дазволіў вам займацца гэтымі справамі і на нашай тэрыторыі. Значыць… Значыць, вы тут кантрабандным шляхам! Або выдаеце сябе не за тых, кім з'яўляецеся. Вывад рабіце самі, чым будзе ўсё пахнуць, калі вас выкрыць.
— Вы нас шантажыруеце? Пагражаеце?
— Божа барані. Я вяду з вамі дзелавую размову. Далей… Я ўсё-такі пастараюся даведацца, хто вы такія на самай справе. Гэта — па-першае. А па другое, OSE шукае толькі алмазы. А ў вас, калі меркаваць па намёках, не алмазамі пахне, а… золатам. Так? Так, так, супакойцеся, містэр Піт… Дык вось, трэцяе: у вас няма другога выхаду, як узяць і мяне ў долю!
Запанавала маўчанне. Мабыць, містэр Піт, прыціснуты да сцяны, збіраўся з думкамі.
— Але ж так мы не дамаўляліся, містэр Судзір!.. Мінулы раз мы не пра такую аплату паслуг гаварылі! І вы ўжо ўзялі ў нас задатак.
— Мінулы раз было так, а цяпер будзе гэтак. Па-першае, навучыць дэльфінаў таму, чаму вы хочаце, не так проста. Я пакуль што не знаходжу аналагаў у сусветнай практыцы. Па-другое, у мінулую нашу сустрэчу я яшчэ нічога не ведаў пра вас, гаворка ішла ўсляпую. Па-трэцяе, у тайне ад містэра Крафта мы не зможам гэта зрабіць. Значыць, яшчэ і яго давядзецца ў долю браць. Калі справа павярнулася такім чынам, то давайце займацца бізнесам сумленна.
— Сумленна! — іранічна хмыкнуў містэр Піт. — І гэта вы называеце сумленным прыёмам — браць за горла?
— Не перабольшвайце. Вы робіце свой бізнес, я — свой.
— Але ж мы яшчэ не ўпэўнены, знойдзем там што ці не!
— То чаго вам хвалявацца? Вы нічым не рызыкуеце. Вам пусты какос і мне пусты.
— Я павінен параіцца з маімі кампаньёнамі.
— Райцеся, мне спяшацца няма куды. Адно толькі зразумейце: калі я таксама буду зацікаўлены ў справе, то і работа з дэльфінамі набудзе для мяне новы інтарэс. Могуць і тэрміны скараціцца.
— Я параюся… Я паведамлю… на днях… Што і як… — разгублена прамармытаў Піт.
— Усяго найлепшага, містэр Уілсан. Сваім кампаньёнам перадайце ад мяне прывітанне… А вартаўніку на прахадной скажыце, што я прасіў пускаць вас да мяне ў любы час дня. — У апошніх словах Судзіра чуліся пыхлівасць і нахабства гаспадара становішча.
— А ён мяне ўжо добра ведае, — кінуў Піт. Пачуўся лёгкі рып Судзіравых дзвярэй, яшчэ праз хвіліну — крэкт бамбукавых бярвенцаў на перакідным мосціку.
Пайшоў, значыць, Піт. А Судзір? Менш за ўсё хацеў бы зараз бачыць Радж Судзіра. А ён жа можа тыцнуць нос сюды, бо яшчэ не мыў свайго касцюма, не прыносіў балоны на запраўку. Што рабіць, убачыўшы яго? Прамаўчаць? А ці хопіць вытрымкі, пачуўшы такое, такія перагаворы? А калі не вытрывае, то што сказаць?
Ну і робіцца на свеце… Спачатку Пуол з сённяшнім нападам, а тут і Судзір… Добрая штучка гэты Судзір! Каб гэтай свінні ды яшчэ рогі, як у буйвала, то нарабіў бы спраў.
Паслухаеш Судзіра, дык атрымліваецца, нібы ён гаспадар дэльфінарыя, а не Крафт. Як ён зможа разам з нейкім Пітам скарыстаць дэльфінаў за межамі дэльфінарыя? Часова павязуць іх туды, а потым вернуць, ці як? А мо Крафт у курсе спраў, мо і ён хоча пабочнага заробку? Як тады будзе з дэльфінарыем? Часова адменяць прадстаўленні?
«А што я магу Крафту расказаць? У чым я магу абвінаваціць Судзіра? Як змагу даказаць, што ў яго злыя намеры? У любы час можа адмовіцца ад сваіх слоў і ад Піта: знаць нічога не знаю, ведаць не ведаю. А пра эксперыменты з чарпакамі скажа: хачу навучыць дэльфінаў басейн чысціць. Кепскага нічога, адна карысць для дэльфінарыя, для Крафта. Ну і, вядома, для навукі. Ва ўсім свеце з дэльфінамі доследы праводзяць. Вунь у ЗША нават навучаюць дэльфінаў атакоўваць з мінамі варожыя караблі…»
Радж пачуў, як зноў злёгку рыпнулі дзверы Судзіравай «рэзідэнцыі». Пайшоў нарэшце, нават касцюм не аддаў мыць. Доўга ж ён сёння сядзеў тут!
Нервовае напружанне спала. Радж адчуў сябе страшэнна стомленым, рукі і ногі проста не слухаліся. А трэба ж яшчэ раз перавязаць плячо: у нядобрае месца пырнуў Пуол, павязка не трымаецца. І трэба было б заклеіць касцюм. Праз дзірку занадта многа будзе трапляць у яго вады.
Але дабраўся да каморы, сяк-так развешаў касцюмы на напятых дратах, на стэлажах, мімаходзь глянуў у асколак люстэрка на вушаку. Ого, якія чырвоныя сёння ў яго вочы, панабягалі крывёю. Адпачываць трэба, больш адпачываць…
Адкінуў тапчан ад сцяны. Паваліўся на яго не раздзяваючыся. Апошнім пробліскам думкі было: «Янг… у гатэлі будзе начаваць ці вернецца?»
Раздзел шосты
1
Прайшло некалькі дзён.
Яшчэ ніколі Янг не жыў у такім напружанні. З яго патрабавалі, як з дарослага, і ён працаваў, як дарослы. І ні на кога не наракаў, нікому не скардзіўся. Энергіі растрачваў шмат, і Радж ажно дзівіўся яго апетыту. Па вечарах, хоць Радж і прымушаў вучыць англійскую мову, часам не даслухоўваў, што ўталкоўваў яму, — засынаў. Аднойчы Радж папытаў у яго некалькі новых слоў — не ведае.
— Ты мне не гаварыў іх! — абурыўся Янг.
— Гаварыў. Ты спаў, а я ўсё гаварыў-паўтараў. Думаў, праз сон запомніш. Я чытаў — гэтак вывучаюць замежныя мовы. Кладуцца спаць, а магнітафон з запісам урока круціцца, дзяўбе па мазгах.
— Лухта ўсё гэта.
— Мабыць, лухта, калі ў цябе ніякага знаку ў галаве не засталося, — згадзіўся Радж.
Янг спраўляўся са сваімі абавязкамі, акрамя ўдзелу ў прадстаўленнях, як мага хутчэй, каб яшчэ і Раджу памагчы прыводзіць у парадак аквалангі і касцюмы. Кожную раніцу прыносіў у «рэзідэнцыю» Судзіра сухі і чысты гідракасцюм, запраўлены як след акваланг. І не разумеў: чаму Радж, бачачы ўсё гэта, злуецца? Гэтак жа і пры Гугу было. І Гуга прыводзіў у парадак Судзіраў гідракасцюм, прыносіў правераны і запраўлены акваланг. Не так часта было? Дык жа цяпер Судзір кожны дзень падоўгу, амаль дацёмнага дрэсіруе дэльфінаў, вучыць касіць чарпакі, зачэрпваць пясок. А гэта ж так цікава!
Двойчы Янг разам з турыстамі плаваў на «Нептуне», глядзеў у празрыстае дно пад ваду, слухаў Раджаў расказ на англійскай мове і радаваўся: усё разумее! У галаве складваліся чароўныя казкі пра падводнае царства і марскога цара Нептуна, імя якога носіць гэты вялізны шлюп.
Некалькі разоў ім удалося паплаваць з маскамі і трубкамі ўдвух, упобачкі. І Радж раз-пораз вымаў з рота загубнік і тлумачыў тое, што бачылі на дне. Зноў забіраў загубнік у рот, і — оп-ля! — ныралі разам, на момант паказваючы над вадою, як тыя качкі, свае зады, узбоўтвалі ластамі.
Абдула за гэты час двойчы прагледзеў праграму прадстаўлення. Яго цяпер цяжка было пазнаць: і пагладчэў з твару (нават, здаецца, рот паменшаў), і адзенне новае яму донна Тэрэза справіла. Калі ж не глядзеў на дэльфінаў, ішоў на бераг паглядзець, як плаваюць Янг і Радж. Ад зайздрасці да братоў ушчуваў і муштраваў ні ў чым не вінаватага Тота: «Навязаўся на маю галаву!»
— Цярпі, душа, у рай трапіш! — крычаў яму Радж.
— Я і так у Раі! — адказваў Абдула і сам ужо крычаў з берага: — Янг! Янг! І ты, Радж… Ведаеце, што сёння было? Скандало грандзіёзо! Я абутак паперастаўляў пад дзвярыма! У гатэлі! Адны мужчынскія туфлі, мо сорак сёмага памеру прынёс цераз тры нумары і паставіў пад дзверы сіньёры Тэрэзы… Ха-ха! Што там было-о-о! Жонка з таго нумара прыбягала да Тэрэзы, у валасы ўчапілася… Многія пары перасварыліся — страх і жах! Збіраюцца на развод падаваць, раз'язджаюцца ў розныя гатэлі!
Янг і Радж ледзь не патапіліся, рагочучы. Павымалі з рота трубкі, павылазілі на бераг.
— А хай цябе… — пападалі зняможана на пясок, аддыхваючыся.
— А што? Я ім, буржуям праклятым, яшчэ і не такое падстроіў бы! — хваліўся Абдула.
— Абалдуй ты, а не Абдула! Ты хоць цяміш, чаго натварыў? — ушчуваў Янг. — Чорт не возьме гэтыя пары — памірацца. А от чысцільшчыка могуць прагнаць з работы. Падумае гаспадар гатэля, што ён вінаваты.
— Я так не хацеў…— аціх Абдула.
Аднойчы настаў момант, калі збылася мара Янга.
— Ну — так і быць, — сказаў Радж. — Тэарэтычна ты падкаваўся, акваланг ведаеш. Так і быць — палезем пад ваду… Касцюма, праўда, на цябе не падбярэш… Але не замерзнеш і голы: глыбока не палезем, доўга не будзем. Гууд?
— Йес, сэр! Сэнк'ю вэры мач! — Янг захваляваўся, адразу часцей задыхаў.
— Дыханне! Не забывай пра дыханне! — ушчаміў Радж пальцамі яго нос.
Брат памог яму начапіць пояс з грузіламі, надзець плечавыя рамяні, зашпіліць паясны. Прасачыў ужо на самым беразе, ці добра абуў і зашпіліў ласты. Сам, як заўсёды, меў на лытцы крыс, у руцэ шток з вострым наканечнікам.
Янг ужо нагледзеўся пад ваду і праз дно «Нептуна», і плаваючы з трубкай і маскай. А ўсё ж калі апынуўся пад вадою з аквалангам, нібы паранілі ў самае сэрца… Каб і можна было гаварыць пад вадою, то не мог бы вымавіць і слова. Ён адчуваў сябе знямелым малым дзіцём, якому хацелася да ўсяго дакрануцца, памацаць, а то і пацягнуць у рот. Казка, дзівосная казка!.. Ледзь паварушваў нагамі, а рукі трымаў перад сабою, як лунацік.
Кожны лісцік, кожная сцяблінка сачылі з сябе бясконцыя чэргі паветраных пухіркоў. Бліскучых, бы са срэбра: па-па-па-па-па… Удараюцца пухіркі аб цела, аб рукі, злёгку казычуць, паўзуць за спіну — і ўгору, угору, разбіваюцца аб паверхню.
Вывеў з утрапення Радж, паціснуўшы за плячо: «Далей, далей!»
Паплылі да каньёна-бездані, ён нібы страла скіроўваў на бераг, на прычалы. На самае «вастрыё» накідана бетонных кубоў-глыб, каб не так асядаў бераг.
Радж і Янг плылі каля самага бяздоння. Янгу здавалася, што ў гэтай бездані калыхаюцца, снуюць туды-сюды аграмадныя пачвары з агністымі вачыма і страшэннымі ратамі, і гэтыя пачвары здольныя праглынуць не толькі людзей, а нават і лодкі. Відаць былі расплывістыя контуры бетонных глыб. Яны пазарасталі ўжо водарасцямі, губкамі, актыніямі…
Раптам Радж штосьці заўважыў сярод бетонных глыб, паказаў Янгу рукою і пачаў планіраваць туды. Янгу здалося, што і ён распазнае там чалавечы сілуэт, галавы не відаць, занурана ўніз, а тулава і ногі ўсплылі, паварушваюцца…
Апусціліся — і сумненняў не засталося: чалавек, труп чалавека. Вакол яго віраць, як вараннё, рыбы. Чалавек адзеты і абуты, яшчэ не стары. Кавалак дроту ўеўся ў шыю, канцы дроту завязаны за мантажную пятлю куба. За гэтыя жалезныя арматурныя петлі некалі кран чапляў кубы і скідваў у мора. Янг баяўся глядзець у твар тапельца, баяўся скрануцца з месца, а Радж зрабіў круг вакол трупа і паказаў рукою наверх.
Калі ўсплылі, сталі на мелкім, Радж вызваліўся ад загубніка і маскі. Пахістваючыся ад удараў хваль прыбою, сказаў:
— Пуол гэта… Па ўсіх прыкметах — Пуол… Твар ужо раз'елі крабы, але можна пазнаць. Паліцыі трэба заявіць… — А выдыбалі на сухое, то горка ўздыхнуў і сплюнуў: — Даскакаўся землячок… Завялі крывыя сцежкі!
Пакуль дазваніліся з прахадной да паліцыі (кабінет Крафта быў зачынены), пакуль заявіліся два паліцэйскія і медэксперт, прайшла не адна гадзіна.
А потым давялося Раджу і аднаму паліцэйскаму, які ўмеў добра плаваць, прымацоўваць аквалангі і апускацца на дно, даставаць Пуола. Другі паліцэйскі і медэксперт заставаліся на беразе, спрабавалі дапытваць Янга. Але што ён мог асаблівага расказаць? Агляд трупа выявіў, што ў яго левым баку рана — якраз насупраць сэрца. Медэксперт дастаў з раны лязо нажа, сантыметраў дванаццаць даўжынёю. Ёсць такія нажы: націснуў кнопку — страляе лязом, за дзесяць метраў можа забіць чалавека.
2
Радж сцягнуў мокрае ад поту кімано і, пераадзяваючыся, моўчкі, запытальна паглядваў на Амару: ну як — спадабалася? Чакаў захаплення, ухвалы, чакаў слоў: «Буду і я прасіцца да Ромеша…» Але Амара нічога не гаварыў, моўчкі хадзіў з кута ў кут цёмнага, з адной слепаватай лямпачкай «прылазніка», падцінаў вусны і думаў. Радж устаў з нізенькай, на ўсю даўжыню сцяны лаўкі, пачаў складваць і запіхваць кімано ў сумку. І трохі сердаваў: для Амары ж стараўся, упрошваў Ромеша пусціць на заняткі пабочнага.
— Ну дык што? — урэшце не вытрываў Радж, яшчэ раз паглядзеў на Амару. — Улічы, што Ромеш скора будзе набіраць групу навічкоў.
— І рад бы ў рай, ды грахі не пускаюць, — уздыхнуў Амара.
— Калі ты пра аплату, то не думай. Упросім, каб плаціць у растэрміноўку.
— Не, Радж. Проста часу няма. У мяне ўсяго адзін выхадны вечар у тыдзень — па панядзелках. А Ромеш праводзіць заняткі па два разы. Каб хоць не па вечарах трэба было хадзіць, а ў першай палове дня… Але з-за аднаго мяне ён не будзе пераносіць заняткі.
— Хо! Дык ён жа якраз і будзе набіраць дзённую групу!
— Ну дык што з гэтага? Усё роўна мы не можам быць разам. Ты вечарам, а я ўдзень, ды яшчэ па розных днях.
Урэшце з сырога і душнага падвала выйшлі. Пяць прыступак угору, і ўжо вуліца. Радж першы выбраўся наверх і, чакаючы, то паглядваў уніз на Амару, то ўгору на яшчарку, якая асядлала заплеценую дротам лямпачку над уваходам і лавіла мошак і матылькоў, што ляцелі на святло. Яшчарка чмякала ротам гучна, з усхліпам, мабыць, выгаладалася за дзень.
— Ромеш гаворыць, што прагрэс народа і ўвогуле чалавецтва залежыць толькі ад фізічнай дасканаласці чалавека, — сказаў Радж, нібы пробны камень кінуў. Як зрэагуе Амара?
— Дасканаласць… Фізічная… Што толку з яе? — Амара добра зачыніў дзверы, выбраўся наверх. — Каб вы хоць вучыліся барацьбе па-сапраўднаму, а то… Ні разу ніхто нікога не стукнуў як след.
— Ні як след, ні нават крыху… За гэта штрафныя ачкі налічваюцца. Толькі імітацыя ўдару, толькі імітацыя! Удар сакрушальны, мо нават смяртэльны, але здолей спыніць кулак, ці рабро далоні, ці нагу за які сантыметр ад праціўніка, здолей паспець адбіць контрудар і тут жа зноў свой удар. Для гэтага трэба быць вельмі натрэніраваным фізічна, валодаць прыёмамі ў дасканаласці, мець дакладны разлік і востры зрок… Гэта табе здаецца, што толькі размахваем рукамі ці нагамі, прымаем стойкі і позы. Сто патоў выліваецца… Накладзі адну на адну некалькі цаглін, а добры каратыст трэсне рабром далоні, і ўсе разляцяцца. Такая сіла ўдару. Мо ты чытаў, а мо не… У Англіі быў выпадак… Муніцыпалітэт хацеў знесці адзін стары цагляны дом. Дык аддаў на злом каратыстам. Тыя за два дні голымі рукамі і нагамі размалацілі яго на друз!
— Не агітуй. Лепш я цябе паагітую… Найтклаб «Кракен» ведаеш?
— Ну.
— Быў хоць раз?
— Не даводзілася. На такі шык грошыкі трэба. Дый… не цягне мяне ў гэты прытон. Там адны буржуі разбэшчваюцца.
— Дзівак… Каб трапіць туды, не абавязкова мець тоўстую кішэню. Да таго ж… — Амара азірнуўся наўкол сябе. Ніхто паблізу не ішоў, толькі ўперадзе, дзе вуліца ўлівалася ў ярка асветленую каляровымі агнямі плошчу з фантанам, было мнагалюдна. — Да таго ж… Лепшага прыкрыцця, канспіратыўнага месца і не прыдумаеш. Ніводзін шпік не дадумаецца заглянуць туды.
— Прыкрыцця — для чаго?
— Потым уведаеш. Ты за мяне прасіў у Ромеша, а я за цябе — там. Паручыўся я за цябе… У дзесяць гадзін там заняткі, яшчэ паспеем. Шырэй крок!
— Не пайду, пакуль не скажаш, што там такое, — знарок заўпарціўся Радж, хоць і быў ужо заінтрыгаваны. Са здзіўленнем прыглядваўся да Амары. Думаў, што добра ведаў яго — сябар усё-такі. А выяўляецца — не вельмі. За мінулы час Амара вельмі змяніўся. Пастражэў твар, прапалі юнацкая прыпухласць губ, наіўны выраз у вачах. Да яго прыглядацца было цікава: во які ў яго зямляк ёсць.
— Ну — добра, — сказаў, прайшоўшы крыху моўчкі, Амара. — От мінём плошчу, каб народу не было… — А калі выбраліся на вуліцу, што вяла да «Кракена», сказаў: — Гэта — рэвалюцыйны гурток. Называецца «Маладая зямля». Вывучаецца тэорыя і практыка рэвалюцый, чытаюцца лекцыі па сучаснаму марксізму-ленінізму.
— Дык там адны камуністы, агенты Масквы! — шэптам усклікнуў Радж і таксама азірнуўся па баках.
— Не бачыў я там агентаў Масквы. А камуністы, мабыць, ёсць. Але многа там і не камуністаў, так сказаць — шырокі фронт… І запомні, таварыш анархіст і стыхійны бунтаўшчык: гэта табе не кінжалам пароць пад бок янкі на Біргусе. Усё ў свеце намнога больш складана, патрэбна велізарная падрыхтоўчая работа, самая строгая канспірацыя… Камуністычная партыя ў нас на архіпелагу забаронена, знаходзіцца ў падполлі. Магчыма, што па ініцыятыве камуністаў гэты гурток арганізаваўся. Але за гэта іх трэба не ў рожкі сустракаць, а дзякуй сказаць і ў ногі пакланіцца. Мала стыхійна, так сказаць, прыродна ненавідзець эксплуататараў, капіталістаў-прадажнікаў. Трэба яшчэ і ведаць шляхі, як можна ўвесь парадак змяніць на лепшы, каб сам народ кіраваў краінаю, каб усе багацці краіны ўсяму народу належалі, а не кучцы багацеяў.
— Усё. Сагітаваў — вядзі!.. Пра такі гурток, такую арганізацыю я даўно марыў. А можна будзе яшчэ сяго-таго прывесці? Там, у Ромеша, нямала добрых хлопцаў.
— Не-не, нават намёку не рабі. Прыглядайся добра, вывучай, а потым будзе відаць. Калі пацікавіцца хто, чаго зачасціў у «Кракен», думаю, знойдзеш, што сказаць.
— Знайду, не турбуйся. Не падвяду.
— Турбавацца трэба. Але каб цябе я не ведаў, то ты ад мяне і слова пра «Кракен» не пачуў бы. А я нават парэкамендаваў цябе!
— Дзякую… — абняў за плечы Амару. — Раз на тое пайшло, то і я табе адну таямніцу раскажу. І ты павінен параіць, што рабіць, ты ж чалавек разумны.
І Радж расказаў, як Судзір вучыць дэльфінаў упраўляцца з чарпакамі, капаць грунт, пераносіць. Пра Піта Уілсана, які зачасціў у дэльфінарый да Судзіра. Пры ўпамінанні імя Піта Амара ажывіўся, памкнуўся нешта сказаць. Але на пытанні Раджа — «Ты чаго? Ты ведаеш яго?», толькі сказаў паспешліва: «Нічога, нічога… Даказвай да канца, я — потым». Радж падрабязна пераказаў падслуханую з душавой размову Піта з Судзірам.
— От і памажы разабрацца, што тут і да чаго. Дзе на Горным можа быць месца, куды хочуць звезці дэльфінаў? Гэта раз. Па-другое: няўжо і праўда навуковая экспедыцыя тая фальшывая, а пад яе маркаю хаваюцца самыя сапраўдныя авантурысты? Трэцяе: няўжо і праўда яны штосьці там знайшлі і хочуць з дапамогаю дэльфінаў здабываць?
Яны дайшлі ўжо да «Кракена». Усе вокны найтклаба свяціліся, рознакалярова пераліваліся рэкламныя надпісы, кідалі пярэстыя плямы на людзей, што спяшаліся ў начны клуб, на дрэвы і кусты. Твары Раджа і Амары то ўспыхвалі чырванню, то сінелі і зелянелі.
— Пройдземся яшчэ разок вакол «Кракена» — паспеем, — Амара ўзяў Раджа пад руку, як паненку. — Дык вось, браце, ведаю я твайго Піта. Бачылі з Янгам… Тады яшчэ, як на Горным шукалі свабодныя землі. Там ёсць возера ў гарах, у былым кратэры вулкана… Дык гэты містэр Піт з напарнікам перапаролі ўсе ручаі і рэчачкі, што ў возера ўпадалі. Усё пароду прамывалі, разглядалі асадак. Я добра пачуў, мы тады ў засадзе з Янгам сядзелі, — пра золата ў іх ішла размова. Каб я так ведаў англійскую мову, як ты, то мо і больш бы чаго разабраў. Каб нічога не знайшлі, то гэтак не круціліся б. Яны і з трубкамі, маскамі плавалі па возеры, з возера пробы бралі. А на беразе мора ў іх лагер разбіты, дошкамі шчыльна абгароджаны. Думаю, што той самы, які і Судзіравы агенты вынюхалі — OSE. Я памятаю, былі там такія літары на шыльдачцы. Яны і мора там прыгарадзілі да лагера, буйкі паставілі метраў за дзвесце ад берага — забароненую зону стварылі. Думаю, што яны і ў моры лазяць па дне, корпаюцца… І ведаеш што? У возера многа ручаёў і рэчачак упадае, а з яго — ніводнай. А ўзровень вады не павышаецца… Значыць, ёсць сцёк у мора, толькі падводны… Мо яны хочуць дэльфінаў у возеры скарыстаць? Але ж туды і ўлегцы цяжка дабрацца, а не толькі з дэльфінамі.
— Возера адпадае. Афаліны — чыста марскія жывёлы, яны не змогуць жыць у прэснай вадзе. Я мяркую, што іх хочуць усё-такі ў моры скарыстаць. Ты не прыглядаўся, паміж буйкамі не нацягнута сетка?
— Здаецца, не. Хіба мо пад вадою.
— Каб утрымаць дэльфінаў, трэба добрая сетка да самага дна і каб яшчэ над паверхняй тырчала. Яны лёгка могуць яе пераскочыць. Піт з Судзірам талкавалі пра поўную цемру… У цемры будуць дэльфіны працаваць. Значыць, на вялікай глыбіні, паўз бераг. А сетку… сетку могуць яшчэ нацягнуць.
— Твая праўда, таварыш Сінх.
— Эх, таварыш Бессмяротны!.. Каб зазірнуць туды… Падкрасціся пад вадою тайком і…
— Думаю, што калі там пахне золатам, то яны і ахову арганізавалі.
— Удвух?!
— Гэта мы толькі на возеры двух бачылі. За плотам лагера яшчэ аднаго, матарыста. А там жа і вагончык на колах, і палаткі. Колькі ўнутры іх людзей, ніхто не ведае.
— Цікава, ці ў курсе ўсіх гэтых задум містэр Крафт? І не ведаю, што мне рабіць: гаварыць яму пра падслуханую размову ці не… Могуць Судзір з кампаніяй такую свінню яму падкласці.
— Ты сумесна з ім валодаеш акцыямі дэльфінарыя?
— Смяешся?
— А от Судзір, па ўсім відаць, не ў такім настроі! Гэты гатовы ўрваць дзе толькі мага. І не перажывае за Крафта.
— Дык што рабіць, пытаю?
— Пачакаем, паглядзім, што з гэтага атрымаецца.
— А пра Пуола ты не чуў нічога? Забілі яго… Мы а Янгам знайшлі пад вадою. Дротам прывязаны… Мабыць, з кітайскаю трыядаю знюхаўся быў. Не дагадзіў нечым, от і прыбралі з дарогі. Ён жа і за мною паляваў, Пуол гэты.
— Ну-у?
— Вось табе і ну. Ёсць што расказаць!
— Мы познімся… Пабеглі хутчэй!
3
Гэта не было падобна ні на лекцыю, ні на гутарку. Хутчэй на дыспут пра жыццё і яго праблемы…
Слухачы сядзелі за ссунутымі сталамі, на якіх стаялі простыя закускі і лёгкае пітво. Усяго было чалавек дваццаць, і хлопцы прыладкаваліся скраечку, ад уваходу. Каля тарца сядзеў прапаведнік. Прапаведнікам Радж яго празваў для сябе. Квадратны, галава круглая, як шар, паголеная да бляску, нават святло двух бра са сцяны адбівалася ад цемя. Накінуць шафранавую тогу — якраз як буддыйскі манах. На сцяне, акрамя бра, нічога не вісела, за спінаю прапаведніка ўзвышалася дашчаная перагародка. Злева ад Раджа была шкляная сцяна, праз якую было відаць, як на арэне шэсць напалову голых, у ружовых трыко гёрлз, узяўшыся пад рукі, дружна ўскідваюць нагамі пад джазавую мелодыю. Іх мітусліва асвятляюць каляровыя пражэктары — устаноўлены на самым версе велізарнага амфітэатра, амаль велатрэка. Там, дзе павінны былі быць вакол арэны лаўкі, уступамі пароблены шырокія ярусы са столікамі, каб добра праглядвалася ўсё, што робіцца на арэне. Да гуляк і выпівох за столікамі падкатвалі на каньках-роліках афіцыянтачкі, маланкава мянялі стравы і бутэлькі, гэтак жа імкліва ад'язджалі. Ляцелі, мабыць, з жыканнем і гудам, але чуваць не было. Радж нават заўважыў, як сыпалі з-пад ролікаў на паваротах іскры. Дзесьці сядзеў аркестр, вывяргаў мелодыю за мелодыяй, але музыка ў кабіну далятала слаба, і ўсё, што гаварыў прапаведнік, які «пікіраваўся» са слухачамі, было выразна чуваць. Увага Раджа рассейвалася, ашаломлены ўсім убачаным, ён не мог засяродзіцца на тым, што гаварылася, паціху круціў галавою: хацелася сачыць і за арэнаю. А слухачы ніхто ні разу не павярнуў галавы ў бок арэны.
— Ты думаеш, нас відаць з залы? — шапнуў Амара Раджу. — Шкло з фокусамі: націскаюць нейкую кнопку, і мы іх бачым, а яны нас не, блішчыць шкло, як ртуць. Цуд!
Радж кіўнуў: ага, многа тут цудаў.
— …А скажыце, як гэта так атрымліваецца: калі бандыт рабуе людзей, яго ловяць і саджаюць у турму, калі ж увесь народ, усю краіну рабуе, яго садзяць на трон? — пачуў Радж чарговую рэпліку-пытанне.
— У кожнага ўладыкі нораў дзікі! — падкінуў другі слухач.
Прапаведнік тут жа даваў адказ. І быў у яго адказах сплаў усходняга фальклору з мудрасцю «Цірукурала»14, пра які чуў яшчэ змалку.
— Не народ пасадзіў султана на трон, вы ж ведаеце. А людзі па свайму нараджэнню ўсе аднолькавыя, роўныя… Вялікасць і веліч чалавека залежаць ад таго, што ён зрабіў. Сапраўднага кіраўніка, як гаворыць Цірувалувара, вылучае ад іншых бясстрашша, велікадушша, мудрасць і энергія.
Сярод слухачоў прабегла ажыўленне, хто-ніхто і рагатнуў. Вельмі ж далёкімі былі гэтыя класічныя патрабаванні ад тых якасцей, якімі валодаў султан Муту!
— Скажу яшчэ: адзін валадар, без народа, нішто. А адною рукою нават у ладкі не пляснеш, — працягваў прапаведнік.
— Сядзіць, як скулячка, і нічога яму не зробіш!
— Ага! Блізка пуп, ды не ўкусіш!
— А ці не падобны мы са сваім гуртком на цвыркуна, які хоча ўбрыкнуць асла? — сыпаліся рэплікі.
— Народ можа цярпець да пары. Нават Буда цярпеў да трох разоў. Але ж каб нешта зрабіць, патрэбна падрыхтоўка: нават жаба, не зрыхтаваўшыся, не скокне. Кол, перш чым вырваць, трэба расхістаць. Калі вы хочаце раскласці вялікі агонь, то трэба пачынаць з маленькага. Перш чым лячыць немач, трэба добра ведаць, што за хвароба. І яшчэ: вылечыцца самім. Ад наіўнасці, затурканасці, цемры, непісьменнасці. Толькі тыя, што валодаюць ведамі, могуць называцца відушчымі, а на тварах невукаў замест вачэй балячкі. Лежачы жыватом на цыноўцы, плаваць не навучышся. У рэвалюцыйную практыку трэба ўводзіць тэорыю, а тэорыю ўзбагачаць практыкай. Сякера без тапарышча — не сякера. Так і тэорыя з практыкай узаемазвязаны. Тузанеш за ліяну — усе джунглі ўстрывожыш… Адразу многа хацець — нічога не мець… Кожны вялікі шлях пачынаецца з першага кроку… Пазбягайце нерашучасці ў дасягненні мэты… Чалавек народжаны для дзеяння. Той, хто бяздзейнічае, згублены для народа… Цяжка перамагчы народ на яго ўласнай зямлі, калі ён нават пазбаўлены і магутных крэпасцей, і іншых пераваг… Будзь падобны на чаплю, якая падціскае крылы і чакае патрэбнай мінуты, але дзейнічай з яе рашучасцю, калі прыходзіць час дзеяння… Калі ты не маеш сяброў і бачыш перад сабою двух ворагаў, то аднаго з іх зрабі сваім блізкім саюзнікам…
Радж адчуў, што галава пухне ад усіх гэтых прамудрасцей. Хіба яны маюць адносіны да марксізму-ленінізму? Але тут, у гэтым дзіўным кабінеце, у гэтай незвычайнай абстаноўцы, ад такога не простага прапаведніка можна было чакаць яшчэ і не такога.
Між тым кіраўнік заняткаў скончыў размову пра жыццё-быццё і аб'явіў:
— А цяпер пачнём знаёміцца з кнігаю Уладзіміра Леніна «Дзяржава і рэвалюцыя». Напісаў гэтую мудрую працу кіраўнік рускай рэвалюцыі ў 1917 годзе, калі якраз і ставілася пытанне аб дзяржаве і адносінах да яе пралетарыяту. Пагэтаму зразумела, чаму Ленін даў такі падзагаловак ці ўдакладненне назвы сваёй працы: «Вучэнне марксізму аб дзяржаве і задачы пралетарыяту ў рэвалюцыі».
І ўсю сваю лекцыю-расказ кіраўнік гуртка выкладаў, ходзячы вакол доўгага стала то ў адзін, то ў другі бок. Слухачы, пераважна такога ўзросту, як Радж, паварочвалі ўслед прапаведніку галовы, пільна сачылі за выразам яго твару, вачэй, нібы гэта памагала разумець тое, пра што расказвалася. Раджу здавалася, што ён у школе, а кіраўнік гуртка — настаўнік, што вось-вось ён каго-небудзь з асабліва старанных вучняў пагладзіць па галаве. Хвалюючы, цёплы ўсплёск затапіў Раджава сэрца, пад горла падкаціў даўкі камячок. Патупіўся, таропка пачаў пракашлівацца: «Што са мною?» А напятыя за апошнія дні і ночы нервы адпускаліся, паслабляліся, і трэба было збіраць сілы, каб не расплакацца ўголас. «Няўжо гэта тое, пра што марыў, на што спадзяваўся? Ёсць яшчэ ў маім народзе жыватворная сіла, ёсць!.. — і падступіла злосць на сябе: — А я — размазня… Размазня! Трэба гартаваць сябе па-сапраўднаму, быць гатовым для будучых рашучых схватак… А я расчуліўся, раскіс — вельмі ж збалела душа… Амару будуць ушчуваць — што за слабака прывёў?»
— Здаецца, ніхто не рабіў ніякіх запісаў. Калі ненарокам што запісалася, тут жа, не ўстаючы, спаліце. Усё павінна быць у галаве і ў сэрцы! — сказаў напаследак кіраўнік. — Усім ісці, а кіраўнічай тройцы, Амары і навічку застацца для размовы. Пазнаёмімся бліжэй, ху із ху15.
З пакоя можна было трапіць у службовы калідор, а да калідора вяла асобная вінтавая лесвіца. Некаторыя заспяшаліся да яе, а хто яшчэ напаследак наліваў сабе прахладнага аранжаду, наталяў смагу і таксама таропка кіраваў да выхаду.
Члены тройкі і кіраўнік гуртка падселі да Раджа і Амары. Пачаліся роспыты.
А за шклом сцяны вірыла ўтрапёная весялосць. У розных позах між сталамі млява рухаліся парачкі, не так танцавалі, як выломваліся. Поўна парачак было і на арэне, дзе ўжо скончылася прадстаўленне. Адзін бамбіза з афіцыянтачкай на руках вылез у пражэктарны круг, і Радж заўважыў, як какетліва мадамачка абдымала партнёра за шыю, як гулліва падрыгвала ножкамі ў белых чаравіках з канькамі-ролікамі. І нікому не было справы да таго, што гаварылася ў гэтай шкляной кабіне-пакоі, напляваць ім было на тое, што пад іх вар'яцкі свет рыхтуецца ўжо міна замаруджанага дзеяння.
4
Наступіў Янгаў дзень нараджэння — споўнілася дванаццаць гадоў. Радж упрасіў містэра Крафта даць і яму і Янгу адгул хоць на адзін дзень. Паўмесяца Радж без выхадных, дый Янгу, хоць і нядаўна паступіў на работу, не зашкодзіць адпачынак. А ў дэльфінарыі можна зрабіць дзень прафілактыкі: хай Абрахамс уключыць перасоўную асенізацыйную помпу і хоць трохі высмакча з дна гразь, а потым поўнасцю абновіць ваду.
Крафт хоць і паўздыхаў нямала — кожны дзень прастою прыносіў страты, быў вымушаны згадзіцца. Чысціць басейн трэба, а то могуць пахварэць дэльфіны.
Раджу патрэбен быў адгул яшчэ і таму, што на душы ўвесь час быў неспакой. Урна з прахам продкаў недзе на Горным у Натачы ці яе бацькоў, і нельга, каб такое доўга працягвалася. Хай то ные вечная незагойная рана — не ведае, дзе спачывае прах маці, прах бацькі, дык яшчэ і урну з прахам дзядоў ледзь не згубілі. А гэта ж вялікі грэх! І добра было б здабыць хоць жменьку зямлі з Біргуса. Востраў жа таксама цяпер нябожчык, і хацелася б мець хоць што-небудзь з яго.
У порт з Горнага кожны дзень прыплывалі рыбакі. Востраў Рай быў ласым, ненажэрным чэравам, і гэты трыбух штодзень патрабаваў шмат рыбы. І не толькі рыбы. Свежых амараў, лангустаў і крабаў, вустрыц, крэветак, галатурый, каракаціц, кальмараў, акуліных хвастоў, плаўнікаў і печані, маладых мантаў, чарапах, ікры марскіх вожыкаў… Цяжка пералічыць усё, што магло ўзбрысці ў галаву таўстасумам. І гаспадары рэстаранаў са скуры лузаліся, каб задаволіць, улагодзіць, дагадзіць. Калі чагосьці раптам не было, то наведвальнікам-заўсёднікам абяцалі прыгатаваць страву на заўтра. Абы прыйшлі, абы не адцураліся іхняга стала! Амара, калі расказваў пра ўсё гэта Раджу, толькі пасмейваўся над дзівацтвамі буржуяў. А Радж слухаў і ледзь не зубамі скрыгатаў: абжыраюцца, вар'яцеюць, а хтосьці жадзён і кавалку сушанага тунца, якога можна цэлы дзень жаваць, размочваючы слінаю, і не разжаваць.
Радж адразу пакіраваў з Янгам у порт, да прычалаў. Там штодня прадавалі марскую жыўнасць проста з лодак. Ім пашанцавала: убачылі земляка — дзядзьку Джыву, бацьку Пуола. Можа, і не пазналі б яго, даўно няголенага, у адной набедранай павязцы — вешці, сагнутага сярод скрынак з рыбаю на дне вялікай маторкі. Але ён сам першы аклікнуў іх.
І ўзрадаваліся земляку, і засмуціліся. Давядзецца расказваць пра Пуола. А як расказаць і ці пра ўсё расказваць?
— Мо чулі што пра майго рыштанюгу? — якраз пра Пуола і папытаў Джыва. — Сышоў з дому, і ніякай вестачкі… Маці месца сабе не знаходзіць… Я-то і гаварыў ёй: чорт яго не возьме, супакойся! Мо ўжо дзе работу добрую знайшоў. А яна: ой, чуе маё сэрца, ой гарыць сэрца!
Янг хуценька прашаптаў Раджу: «Пуол абакраў бацьку, усе долары выкупныя забраў. А Джыва пракляў яго». І Радж шапнуў яму: «Нічога не ведаем пра Пуола, зразумеў?» На гэта Янг толькі вокам бліснуў: не, такога не зразумець. Як можна змоўчаць пра Пуола, калі ён паспеў так упячыся ў косці і яму і Раджу? Дый бачылі ж яго! Бачылі пад вадою, раз'едзенага крабамі!
— Не чулі, дзядзька. Казаў, праўда, нехта, быццам бачыў яго на Галоўным востраве. Адзеты фацэтна, як панок, кійком памахвае… — Радж гаварыў гэта і хаваў вочы: не мастак быў ён на хлусню.
— Эй? Дай тое бог… Мо як зажыве добра, то і нас калі ўспомніць, падкіне які цэнт. А я во ў рыбакі запісаўся на старасці.
— Гэта ваша пасудзіна? — пацікавіўся Радж.
— Не, наняў мяне добры чалавек. Памочнік яго загінуў… Нагу акула адкусіла, пакуль прывезлі на бераг, то і кроўю сышоў… То колькі мяне пацерпіць гаспадар — не ведаю. Можа, маладзейшага ўзяць, здаравейшага.
— А мы ўжо хацелі прасіцца, каб падкінулі да Горнага, — Радж акінуў вокам іншыя лодкі і людзей каля кожнай.
— З гаспадаром пагаворыце, ён пайшоў пакупніка шукаць. Не з'явіўся наш аптовы пакупнік сёння… Але ж і ехаць вам няма да каго — ні бацькі, ні маці. Была сям'я — і няма сям'і…
— Мы пройдземся трохі, а праз мінут колькі падыдзем, — Радж паштурхаў у плечы Янга, бо той усё памыкаўся нешта гаварыць.
Хацелася шыцца ў цень, бо сонца ўздымалася імкліва і пачынала пячы неміласэрна.
— Пра Натачу з бацькам трэба было адразу папытаць, — напомніў Янг. — Можа, іх няма на Горным, а мы дарэмна паедзем.
— Разумнік… Я і сам пра гэта папытаў бы, каб хто іншы трапіўся, а не Джыва. Ён мне ўсю галаву затлуміў… Ох-ха, не вытрываць проста. Такое адчуванне, быццам я ў чымсьці вінаваты перад ім. А ў чым мая… наша віна? Хай бы не соваў галаву ў пятлю. — Радж паправіўся: — Не лез абы-куды.
Пакуль хадзілі-таўкліся паміж людзей, Радж некалькі разоў нечакана і рэзка азіраўся, нібы хацеў знянацку выявіць якога віжуна.
— Ты чаго? — кожны раз пытаў Янг, і Радж адказваў: «Нічога, нічога…» Але Янг бачыў, што гэта не так сабе, Радж чагосьці асцерагаецца.
І сапраўды, Радж усе дні, пасля таго як знайшлі труп Пуола, адчуваў неспакой. Часам яму здавалася, што за ім сочаць нейчыя паганыя вочы, што хтосьці падлічвае кожны яго крок. Разумеў, што калі Пуол меў заданне прыкончыць яго, але не ўдалося, то трыяда не можа так лёгка адступіцца. Заданне перайшло да кагосьці другога. Хто ён, гэты другі? Калі пачне паляванне, у якім абліччы з'явіцца? А мо ўжо з'явіўся?
Вярнуліся да маторкі. Джыва канчаў выгружаць на прычал скрынкі з рыбаю. Рабіў гэта, высільваючыся з апошніх сіл, худы жывот ад напругі ажно правальваўся. Гаспадар лодкі, жылісты японец у шортах і распашонцы (на лбе белая касынка з разлапістым іерогліфам), асцярожна вытрэсваў з аднае скрынкі рыбу ў глыбокую місу ці казан, падвешаны на ланцужках да каромысла. На другім канцы рычага такая ж міса з гірамі. Перакупшчык, такі самы японец ці кітаец, але без павязкі і ў доўгіх штанах, грэбліва падцінаў губы: «Ну й драбяза! І дзе вы такое назбіралі? І што — ва ўсіх скрынках такая?» — «Не, не, там большая, і скрынкі тыя большыя…» — «Ды якія яны большыя? Не будзем усе пераважваць, астатнія так прыкінем. А то пратухне, пакуль будзем цырымоніцца…» — «Дык тыя ж у паўтара раза большыя! Па два долары мінімум трэба за тыя дабавіць». — «Высыпай назад… Звязаўся я тут з вамі. А ў рыбы ўжо во… Жабры пабялелі…» — «Дзе пабялелі? Дзе?! Ружовенькія, на досвітку лоўлена!» Урэшце бясконцы гандаль быў скончаны, уся рыба перасыпана ў скрынкі, што стаялі на электракарах. Гаспадар з пакупніком пляснулі далонь аб далонь, японец з павязкаю хуценька пералічыў грошы і паказаў Раджу і Янгу залазіць у лодку. Мабыць, Джыва ўжо гаварыў яму пра пасажыраў.
Радж ахвотна ўхапіўся за мокрую, у рыбінай лусцэ скрынку, каб памагчы Джыве перанесці іх у лодку. Але той палахліва запратэставаў.
— Я сам, я сам… Пагнюсішся! Ты стаў такім вялікім чалавекам, Радж, табе ўжо нельга брацца за такую чорную работу! Во тут садзіцеся, на лаўку, я чысты мяшок вам падсцялю… Дзякуй Вішну, і мой Пуол у людзі выйшаў… Гаспадар, вы чуеце? Яны мне такую добрую навіну сёння сказалі! Майго Пуола бачылі ў дарагім касцюме, з гальштукам… З бліскучай машыны вылазіў, у руках партфель трымаў і кіёк пазалочаны.
— Уга, цяпер у яго кіем носа не дастанеш, — падсміхваючыся, мармытнуў японец і пачаў заводзіць матор. — Ведаем такіх выскачак, ведаем… У самога такі. Бацькоў потым і пазнаваць не хочуць, саромеюцца.
Матор моцна затрашчаў, і больш нельга было пачуць, што яшчэ гаварыў японец. А тое, што паўтараў, усміхаючыся, Пуолаў бацька, разбіралі ці здагадваліся па губах:
— Не, мой не такі… Мой — ого! Ён яшчэ малы быў, а я ўжо казаў жонцы: «О, гэты вырвікішка далёка пойдзе!» І бачыце — праўда. Дасць бог ды яшчэ ажэніцца з багатай…
Маторка рабіла рэзкі крэн то ўправа, то ўлева, пакуль вырульвалі на свабодную прастору, і даводзілася хапацца за барты, каб не выкуліцца. А Джыва ўсё хваліўся Пуолам: які прыгожы… які смелы… які здольны да граматы.
— Ды хлусня ўсё гэта! — як з прывязі сарваўся Янг. — І Пуола ўжо на свеце няма! Забіла яго трыяда і ў моры ўтапіла! Мы бачылі, як паліцыя яго даставала!
Радж схапіў яго адною рукою за патыліцу, а другою заціснуў рот, але Янг выкручваўся і мычаў, крычаў, пакуль не выкрычаўся. А Джыва пахіліўся спінаю на скрынкі, пачаў зяпаць ротам, як рыба. Радж адштурхнуў ад сябе Янга — «Дур-рань!», кінуўся да Джывы, зачэрпнуў за бортам далонню вады, лінуў яму на твар.
Урэшце Джыва пачаў глядзець нармальна, але дыхаў са стогнам.
— Што з ім? — пракрычаў з кармы японец, а руку трымаў за сабою, на рычагу руля. — Жывы хоць? Не дай бог, яшчэ адзін нябожчык будзе на лодцы, тады давядзецца лодку мяняць. Злы дух пасяліўся ў ёй.
— Нічога, гаспадар… Прабачце мне, гаспадар… — пастараўся сесці Джыва. А Радж вярнуўся, балансуючы рукамі, на сваё месца. Лодка ўжо выйшла ў адкрытае мора, і хвалі патрохі заплёсквалі цераз барты, давялося і яму, і Янгу ўзяцца за бляшанкі, вычэрпваць паміж шпангоўтамі ваду. — Гаспадар, вы чуеце? Мне ўжо зусім добра… Я яшчэ дужы, вы мяне не праганяйце. Я яшчэ ўсё магу рабіць… — і не вытрываў, заплакаў, горбячыся і трасучыся.
Янгу было прыкра і сорамна, хоць за борт кідайся.
5
Натачу з бацькам знайшлі за кіламетраў пяць ад Кампонга на какосавай плантацыі. Гэта кіламетры чатыры па той дарозе, па якой ішлі на балота шукаць свабодныя землі, і яшчэ ўлева з кіламетр. Здалёк пачулі пах дыму і саладжава-прытарны дух гарачай, толькі што з печы копры. Убачылі на краі плантацыі і павець з пальмавых і бананавых лісцяў — доўгую, не такія буданчыкі, як рабілі ў іх на Біргусе над ямкамі-жароўнямі. Каля павеці стаяла двухколка-павозка, запрэжаная вослікам. Вусаты дзяцюк у капелюшы скідаў з павозкі падвезеныя арэхі.
Падышлі бліжэй і пазналі: першы мужчына за павозкай Амат, Натачын бацька. Бярэ па арэху і дзяўбе ім аб востры, увагнаны ў зямлю кол, аблузвае з арэха валакністую лупіну — койру. Голенькія арэхі, без кашуль, з касцяным гукам падаюць пад ногі другому мужчыну. А той узмахвае з-за вуха шырокім і доўгім, важкім парангам — сячэ, коле голыя арэхі напалам, падкідвае палавінкі да павеці.
Паздароўкаліся горача, Амат і Радж нават абняліся, прычым Амат смешна адтапырваў далоні, клейкія ад лупіны, — каб хоць не запэцкаць госця. А з Янгам Амат паздароўкаўся смешна — прытуліўся лбом да лба, нібы хацеў зрабіць «букі-букі», убароць рагамі, а потым выставіў пальцы літарай «V» і ўкалоў імі Янгаў жывот. Добры настрой быў у дзядзькі Амата!
— А дзе Натача, дзядзька? — папытаў Янг, выкручваючыся, ратуючы жывот.
— А вунь, пад кустамі. Там і маці… Копру выкалупваюць.
Янг пакінуў Раджа размаўляць з дзядзькам Аматам, які зноў ухапіў арэх і пачаў абдзёўбваць яго аб кол, а сам павярнуў за павець.
Натача з маці сядзелі пад разложыстым кустом бугенвіляў і выкалупвалі з яшчэ гарачых палавінак шкарлупін сухія рудыя зморшчаныя кавалкі ядраў — тую самую копру. Натача і так цёмная, негрытка, а тут яшчэ замурзалася… Не вытрываў Янг, разрагатаўся.
— О-ой, Я-янг?! — нібы праспявала Натача. — Ты хіба з неба зваліўся? — і засвяцілася ўся, засаромелася. — Мама, глядзі, а Янг вырас! Дальбог, вусікі нават пазначыліся.
Тут ужо і Янг засаромеўся: ну але, яшчэ што выдумала. А ўголас сказаў:
— Мне дванаццаць гадоў сёння.
І лепш не гаварыў бы: гэтая круцёлка падхапілася на ногі і… цмок Янга ў шчаку, цмок у… Не, у другую не паспела, Янг адхінуўся — і яшчэ больш засаромеўся.
— Я віншую цябе!.. Мы з мамаю віншуем. Толькі падарыць табе няма чаго. На, хоць копры пагрызі… Мо яшчэ не снедаў сёння.
— Калі тое было… Але я не хачу есці,— сказаў Янг, а сам падставіў прыгаршчы, узяў Натачын пачастунак. Апусціўся каля іх на траву, памалу супакойваючыся. Не думаў, што гэтак расхвалюе сустрэча з Натачай!
— Ну, расказвай, Янг, дзе вы цяпер і што парабляеце, — папрасіла лагодным голасам Прэма, Натачына маці.— А мы во, бачыш, дзе апынуліся. Буданы тут парабілі з галля — недалёка. Малыя там спяць… А пачнуцца дажджы, то не ведаю, як будзе. Але дзякуй Вішну, хоць гэтае месца знайшлі. Плацяць толькі бацьку нашаму і во таму мужчыну, што сячэ на палавінкі… Ну і зборшчыкам. А мы ўжо так тут памагаем бацьку, бо запарка ў іх. Трэба і арэхі рыхтаваць для сушкі, і агонь глядзець, і варочаць-сушыць, і выкалупваць са шкарлупін, запакоўваць у мяхі. Ад тоны копры плацяць, а на тону трэба тысяч сем-восем арэхаў. Без рук астацца можна.
Янг слухаў прыгожую Натачыну маці, думаў, што Прэма16 — вельмі падыходзіць для яе імя. Крадком любаваўся і Натачаю, параўноўваў іх твары і бачыў, што Натача і кропелькі матчыны пабрала. Ён адчуваў, што пасля Раджа яны самыя блізкія і дарагія яму людзі. На пытанні адказваў паволі, стараўся гаварыць самавіта, як дарослы. Нават пахваліўся, што цяпер працуе ў дэльфінарыі і Судзір-дрэсіроўшчык не можа без яго абысціся. Натача шчыра рагатала над фокусамі Бобі, яна ўжо завочна палюбіла гэтае хітранькае дэльфіня.
— Ідзі ўжо, дачушка, адпачні трохі, пабегай з Янгам, — адпусціла іх Прэма.
Натача ўзрадавалася.
— Піць хочаш? — спытала ў Янга: убачыла, як цяжка ён плямкае губамі, варочае языком, жуючы копру. І не дачакалася адказу, ухапіла ў зубы свой нож, задрала галаву: на якую пальму залезці б? Ага, вось на гэту, крыху нахіленую… І ламанула цераз кусты да пальмаў. Неўзабаве Янг убачыў яе паўзверх кустоў — караскалася на пальму спрытна, як малпа. Праз колькі хвілін на зямлю загупалі арэхі. А хутка і сама з'явілася з кучаю арэхаў на руках, задыханая, вочы гараць.
— Калена вунь… абдзёрла, — не знайшоў што сказаць Янг.
— А-ат… — абыякава махнула рукою і пабегла з арэхамі да дзядзькі з парангам. — Ссячыце ім макаўкі!
Дзядзька ссякаў, а Натача раздавала: Раджу… бацьку… самому рубшчыку… А тры ўскрытыя прынесла да кустоў, самы вялізны працягнула Янгу.
— Дачушка, ты гэтак больш не рабі. Не дай бог, плантатар убачыць… Распараджаешся, як на сваёй плантацыі.
— Дык што ж нам — смагнуць? Ды не збяднее ён з-за шасці арэхаў! — адмахнулася Натача. Дачакалася, пакуль Янг высмакча свой арэх, ухапіла яго за руку: — Пабеглі!
— Пачакай, — засупраціўляўся Янг. — Я пагляджу, як у вас тут зроблена… — і завярнуў пад павець.
Пакуль глядзелі, Натачына маці выграбла пад кустом велікаватую ямку, пазносіла туды выпітыя арэхі, прысыпала зямлёю і лісцем. Так будзе спакайней.
Янг убачыў, што прынцып сушылкі такі самы, як яны рабілі і на Біргусе. Толькі тут размах — не параўнаеш. Не нейкая ямка з вугалямі, перакрытая бамбукавымі палкамі, а доўгая канава… На дне гараць сухія шкарлупіны арэхаў, адзін жар, дыму амаль няма, над канаваю не памост з палак, а жалезная рашотка з тоўстага дроту. За раз можна раскласці мо тону арэхаў.
— Ну, пабеглі,— адарваўся Янг ад агледзін. — А куды?
— Куды вочы глядзяць!
Як гэта цудоўна — бегчы куды вочы глядзяць! І яны беглі спачатку ўздоўж какосавай плантацыі, блытаючыся ў зарасніках травы і кустоў. Дзе трапляліся сінія кветкі бугенвіляў ці чырвоныя махрастыя гібіскусы з доўгімі песцікамі, падобнымі на «ёршыкі», бутэлькі мыць, Натача зрывала і ўтыкала сабе ў кучары. Пад канец прагулкі галава яе нагадвала дзівосны, чароўны букет. Трохі і заблудзілі былі ў кустах, потым разабраліся, павярнулі назад. Янгава сэрца ажно дрыжала ад замілавання і любасці — такою прыгожаю ён Натачу яшчэ ніколі не бачыў.
Натачына светла-ружовая сукенка на грудзях зашнуроўвалася і завязвалася банцікам. Але пакуль лазілі па кустах, ён развязаўся, і кончыкі белага вітага шнурка целяпаліся.
— Давай я табе завяжу… — сказаў Янг і, не чакаючы згоды, узяўся вязаць. Вузялок атрымаўся як кветка з трох пялёсткаў. Схіліў галаву набок, палюбаваўся: ён адчуваў сябе шчаслівым, хоць яшчэ не разумеў, што з ім робіцца.
— Падабаецца?
— Ага… — усміхалася Натача. — Навучы і мяне. Янг і яе навучыў завязваць «кветкаю».
У парыве шчырасці расказаў ёй, як надумалі з Абдулою абследаваць з аквалангам возера на Горным, пашукаць на дне залатых самародкаў. Здзівіўся толькі, чаму Натача не загараецца гэтак, як некалі Абдула, а нават спужалася крыху.
— Янг, гэта ж вельмі небяспечна! А раптам што з аквалангам зробіцца? З вамі ж Раджа не будзе, не ведацьмеце, што рабіць, патопіцеся.
— Я адзін палезу, Абдула будзе наверсе. А я ўжо ведаю, як з аквалангам упраўляцца.
— А раптам тыя, што шукалі золата, нападуць? Яны ж, мабыць, узброеныя! Яны ж перастраляюць вас!
— Я цябе не запрашаю, калі баішся. А знойдзем самародкаў, то і з табою падзелімся.
— Не, я — пайду! — цвёрда заявіла Натача. — Вы ж там без мяне нічога не зробіце. Або ўлезеце ў якую шкоду, ведаю вас… Я вам абеды варыць буду!
— Ты думаеш, мы месяц там прабудзем? Дзень — не больш. Мы ж занятыя на рабоце, а ў містэра Крафта не вельмі вырвешся.
— Усё роўна без мяне вам не абысціся. Што трэба падрыхтаваць, узяць з сабою? Не будзеце ж усё з Рая валачы.
— Трэба вядро старое, дзірачак часта напрабіваць у дне цвіком. А тазік цынкавы — яшчэ лепш.
Натача спытала:
— А калі вы прыбудзеце? Я ж тут усяго не знайду, у Кампонг трэба будзе наведацца. Я там і прыхаваю, у Кампонгу, што дастану. Адтуль бліжэй несці будзе.
— Не ведаю калі. Буду старацца, каб хутчэй. Янг нават уявіць не мог, што ўсё адбудзецца вельмі хутка. Не мог уявіць і таго, што можа здарыцца ў дэльфінарыі.
Раздзел сёмы
1
Яшчэ здалёк убачылі: каля варот дэльфінарыя стаіць запрэжаны двума муламі вялізны брызентавы фургон. На паўкруглым перадзе буды на белай пляме намаляваны чырвоны крыж і чырвоны паўмесяц. Нават не паўмесяц, а так — нібы аблузаны банан. Мулы дружна скубуць з тоўста напакаванай сеткі траву, сетка важка пагойдваецца на дышле. З варот быў паказаўся паліцэйскі, за ім дзядзька ў белым халаце, пра нешта пагаварылі, азіраючыся на вароты. Дзядзька з фургона выцягнуў складзеныя насілкі — два бамбукавыя шасты з прымацаваным да іх брызентам, узяў іх наперавес і пайшоў у вароты, паліцэйскі — за ім.
Радж сунуў у рукі Янгу цяжкую сумку, паскорыў крок. Янг — за ім.
За варотамі каля прахадной убачылі нямала народу. Крыху наводшыбе на вынесеным з прахадной табурэце сядзеў, як арыштаваны, Абрахамс — рукі на каленях, галава гаротна ўгнута. За яго спінаю, абапіраючыся на мётлы, як на стрэльбы, нібы ў ганаровай варце, стаяць дзве жанчыны-дворнічыхі. Янг бачыў іх упершыню, мабыць, яны прыбіраюць зялёную зону дэльфінарыя.
Бліжэй да прахадной двое паліцэйскіх, каля ног у іх сакваяж. Адзін, у мундзіры, штосьці запісвае ў блакнот, другі, у цывільным, мо большы начальнік, штосьці дыктуе і раз-пораз паглядвае на дзверы прахадной. Там двое дзядзькоў у белым, абодва трымаюцца за пастаўленыя тарчком насілкі і заглядваюць у сярэдзіну будынінкі.
— Што здарылася? — Радж у непаразуменні абводзіць усіх вачыма, позірк запыняе толькі на паліцэйскіх і на Абрахамсе. Незнаёмыя паліцэйскія, не тыя, што прыязджалі па Пуола.
Цывільны працягваў размерана дыктаваць вынікі агляду месца здарэння, не звяртаў на яго ўвагі.
— Ой, Радж!.. Ой, Радж! — нібы чакаў хлопцаў, каб паскардзіцца, Абрахамс. — Няшчасны Малу! Бедныя дэльфіны! О, што мне скажа містэр Крафт?! Я ж яму служыў вераю-праўдаю!.. Лепш бы мне на свет не нараджацца!
— Памаўчыце вы! — з прыціскам кінуў Абрахамсу цывільны. — А вы чаго тут рот разявілі? Тэатр знайшлі… А-а, вы — Радж Сінх? Упаміналі тут такога… Стойце, калі з'явіліся, і маўчыце. Дойдзе чарга і да вас.
Янг нагнуўся пад руку дзядзьку ў белым, зазірнуў у прахадную. На падлозе хтосьці ляжаў скурчыўшыся. У яго цэліўся фотаапаратам то гэтак, то так лысенькі стараваты малаец, раз-пораз асляпляльна бліскала ўспышка. Мяняючы месцы для чарговага здымка, лысенькі ўсё падтузваў і адкідваў сабе за зад важкую сумку з батарэяй. Быў у прахадной і доктар, стаяў у глыбіні спінаю да выхаду і звякаў інструментамі ў сумцы. Янг зноў зірнуў на ляжачага і ў яркім святле ўспышкі разгледзеў яго сіне-счарнелы твар. Янгу зрабілася нядобра, перавёў вочы на стол, дзе стаяла пачатая бутэлька віна «Дрымз сэйл» («Ветразь мары»), валяліся кавалкі ляпёшкі і варанага ямсу. Фатограф два разы шчоўкнуў і тое, што было на стале, два разы — зашклёны стэнд з ключамі — і павярнуўся выходзіць. Пакіраваў да дзвярэй і доктар, што збіраў сумку.
— Можаце забіраць, — кінуў ён санітарам з насілкамі.
Янг адступіў убок, учапіўся Раджу ў руку.
— Пан афіцэр, па ўсіх прыкметах — атручванне, — коратка сказаў доктар таму, што ў цывільнай вопратцы. — Яд хуткадзейны, смерць наступіла гадзіны чатыры назад. Атрута была ў віне… Зрэшты, патолагаанатамічнае даследаванне пакажа.
Санітары пранеслі насілкі з трупам. Твар у мёртвага не быў прыкрыты.
— Малу-у?! — усклікнулі Радж і Янг. Пазналі, урэшце, вартаўніка.
Доктар тым часам частаваў цыгарэтамі фатографа, паліцэйскіх. Радж пазнаў яго: той самы, што быў у дэльфінарыі, калі загінула Джэйн, з клінікі Энтані Рэстана.
Афіцэр зайшоў у прахадную, згроб на паперку тое, што ляжала на стале, а бутэльку вынес, засунуўшы ў рыльца мезены палец.
— Коркам трэба заткнуць. Хай і змесціва бутэлькі даследуюць, і дактыласкапічныя адбіткі здымуць, — сказаў паліцэйскі-пісар.
Афіцэр з бутэлькаю аддаў яму ў рукі папяровы згортак, а сам вярнуўся ў прахадную пашукаць корак. І знайшоў, вынес бутэльку ўжо інакш — указальным пальцам правае рукі трымаў пад донца, а такім жа пальцам левай рукі націскаў на корак. І згортак, і бутэльку схавалі ў сакваяж, што стаяў каля ног.
— Ну, як вы сябе адчуваеце? — звярнуўся афіцэр да Абрахамса. — Зможаце весці нас да басейна?
— А я, мабыць, там ужо не патрэбен? — спытаў доктар і нібыта пажартаваў: — Спадзяюся, больш трупаў не будзе? Пратакол судмедэкспертызы я завязу вам.
— Усяго добрага, — кіўнуў афіцэр, адпускаючы яго.
Абрахамс стаяў каля табурэткі на дрыжачых паўсагнутых нагах, божкаў і гараваў уголас:
— А я ж і душою не вінен… За што ж вы мяне трымаеце як арыштанта? Я ж першы ўбачыў, што дэльфінаў няма. Прыплыў з рыбаю да шлюза, гляджу — а што ж гэта дэльфіны не плюхаюць, не сустракаюць мяне? Тыя разы дык чуюць рыбу, хвалююцца, на хвост становяцца, за шлюз заглядваюць, на бераг дзюбы кладуць… А гэта ж — ціха-ціха… — Абрахамс гаварыў усё, мабыць, для Раджа, нібы шукаў у яго ратунку і падтрымкі, бо паліцэйскія слухалі няўважліва, з іроніяй. Мо не першы раз ужо? — Бягу да Малу… Ногі — як ватныя… Што ж гэта такое, як гэта ён не ўкаравуліў дэльфінаў? Я ж не думаў, што іх пакралі, думаў — шлюз хто адчыніў, а яны і паўцякалі… Прыбягаю, а там і Малу ляжыць нежывы… Я ж першы пазваніў вам, а за што ж вы мяне заарыштавалі? Чаму нікуды не пускаеце? У мяне ж рыбы стаіць поўная лодка, пратухне на сонцы. Можа, хто яшчэ купіў бы… хоць не ўсю… І то меншыя былі б страты.
— Памаўчы, стары. Зняўшы галаву, па валасах не плачуць, — кінуў афіцэр. — Тэпай хутчэй… От як будзем цябе дапытваць для пратакола, тады і раскажаш усё па парадачку.
— Алі прыйшоў! — звонка выкрыкнуў Янг, азірнуўшыся, паставіў сумку. — На змену прыйшоў, а Малу няма…
Усе спыніліся, паглядзелі ў бок прахадной. На тварах паліцэйскіх нават загулялі ўсмешкі, пабачылі, як Алі разгублена топчацца каля прахадной, разводзіць рукамі, урэшце крычыць ім: «Э-эй!»
Афіцэр загадаў Раджу:
— Бягом туды, бягом назад… У двух словах растлумач, што адбылося. Скажы, каб нікуды не адлучаўся з паста. З ім яшчэ будзе асобная гаворка.
Радж хутка збегаў і зразу далучыўся да групы. Усе ішлі запаволена, чакаючы яго.
— А містэр Крафт — дзе? — гэта спытаў у Абрахамса другі паліцэйскі.— Вы ж гаварылі, што ў такую пару звычайна і ён з'яўляецца.
— На Галоўны паехаў, у Свійттаўн. Справы ў яго… Абяцаў сёння вярнуцца, а калі — хто ведае?
— Ясна. Памаўчы, стары.
— Божа, я ж маўчу як рыба.
Падышлі да перакіднога мосціка, пасталі, водзячы позіркамі па басейне, па берагах, па трыбунах.
— Што змянілася ў параўнанні з учарашнім днём? — спытаў старшы паліцэйскі ў Абрахамса.
Загадчык гаспадаркі закруціў галавою то ў адзін, то ў другі бок, паціснуў плячыма. Радж і Янг таксама глядзелі на ўсе вочы. Адно новае заўважылі: за мосцікам справа, на беразе рукава стаіць на чатырох колах перасоўная помпа. Адзін тоўсты, як далонямі абхапіць, гафрыраваны рукаў апушчаны ў ваду, другі, даўжэйшы, адведзены і перакінуты за шлюз. Але ж гэтая навіна ні пра што асаблівае не гаворыць.
— Нічога, дальбог, нічога… — прамовіў, урэшце, Абрахамс. — Я толькі там, дзе ялік стаіць, на беразе, слядоў многа бачыў на пяску.
Пайшлі цераз мосцік, адпіхнуўшы з дарогі варотцы. Ад мосціка ўлева па беразе і каля «рэзідэнцыі» Судзіра — асфальт. А ўправа — пясок-ракушачнік з галькай, такое покрыва было і на пляцоўцы каля душаў, і каля Раджавай каморы і трэціх дзвярэй, дзе склад Абрахамса, і на дарожках паміж газонамі з кустамі. Здаецца, можна было пазнаць на пяску каля мосціка і на дарожцы, што вяла за шлюз, мужчынскія сляды.
Прайшліся берагам уздоўж парэнчаў, пад вышкаю. Прайшліся — і нічога падазронага таксама не заўважылі. Вярталіся назад, і Радж звярнуў увагу на тое, што край памоста нібы ў крыві — засохлай, пабурэлай. Пачалі больш прыглядацца і паліцэйскія, згледзелі бурыя плямкі і на асфальце, і на пяску. Афіцэр паказаў рукою, каб і плямкі, і сляды не затоптвалі, а фатограф пачаў бліскаць успышкаю. Павярнулі на дарожку ўправа і заўважылі, што сляды сталі глыбейшыя (пясок быў мякчэйшы), у адным месцы нават вывернута бамбукавая дужка з плоціка-загародкі. Відаць, людзі ішлі нагружаныя. Фатограф яшчэ некалькі разоў бліснуў, зняў і вывернутую дужку.
— Каб панесці дэльфіна, колькі чалавек трэба? — спытаў цывільны ў Раджа. Мо палічыў, што ён больш разбіраецца ў гэтай справе.
— Малога Бобі ўдвух можна падняць. А такога, як Дзік, то і чатыром як панесці,— адказаў Радж.
— Без вады колькі яны могуць пражыць? — зноў спытаў той.
— Некалькі гадзін. Але паліваць трэба… А лепш за ўсё іх перавозіць у вялізных ваннах з вадою.
Каля яліка з рыбаю фатограф пакруціўся больш. Бо і слядоў тут відаць больш, выявілі нават умяціны ад двух сходняў, іх клалі, відаць, на адлегласці крока адны ад другіх, каб можна было падымацца на борт адразу групаю.
— Якая тут глыбіня? Катэр можа падысці? — спытаў афіцэр, выцягнуўшы шыю да вады.
— Можа. Наш «Нептун» сюды заходзіць, — разам адказалі Абрахамс і Радж.
— Значыць, падплывалі на катэры… Дэльфінаў неслі па двух сходнях. Аднаго паранілі, як вылоўлівалі. А як вы іх ловіце — сеткамі? — старшы паліцэйскі спытаў гэта ў Абрахамса.
— Ага… Толькі трэба вельмі асцярожна з імі, а то і ўтапіць можна, — ахвотна растлумачыў Абрахамс.
— Я думаю, іх не сеткамі вылоўлівалі,— сказаў Радж. — Не вельмі лёгка сеткамі… Іх проста бралі аднаго за адным з памосту. Яны ў нас любяць на памост выскокваць. Трук нават такі ёсць: выскокваюць, укладваюцца, як дровы. Ну, а ім за гэта рыбку даюць. Хтосьці ведаў пра гэта ці бачыў і скарыстаў такі шанц.
— І яны абы-каго слухаюць? Любы можа загадаць, паманіць? — спытаў той, што пісаў.
— Судзіра лепш за ўсё слухаюцца, дрэсіроўшчыка, — сказаў Радж.
— Бобі сам любіць вылазіць, без каманды, — усунуўся ў гаворку Янг. — Убачыць мяне, і першы — шморг на памост, разяўляе рот… — голас Янга задрыжаў, яму раптам стала да слёз шкада Бобі. Гэтак мала разам паплавалі — і на табе! Злыя людзі разлучылі. «Бедны Бобі… Дзе ён цяпер? Ці жывы хоць? Чыя гэта кроў была на памосце і на дарожцы?»
— Дык вы казалі, што чулі, як ноччу грукаў матор? — звярнуўся афіцэр да аднае дворнічыхі. Цёткі паціху падыходзілі следам за ўсімі.
— Ага!.. Я каля малое арэны была. І чула, якраз у гэтым баку — ду-ду-ду-ду, — ажыла тая.
— Чаго ж вы не падышлі, не пацікавіліся? — не вытрываў той, што пісаў.
— Я падумала… Ды тут жа шмат чаго лётае па вадзе, мо хто заблудзіўся.
— Дворнікі дзяжураць кожную ноч? — папытаў у Абрахамса афіцэр.
— Не, яны зрэдку. Яны толькі ў тыя ночы, як няма на месцы Раджа. А ў гэтую ноч яго не было, адпрасіўся з хлопчыкам на суткі.— Абрахамс пачаў ужо трохі ажываць, цяміць сёе-тое.
— У колькі гадзін прыходзіць на работу дрэсіроўшчык… Судзір, ці як яго? — распытваў афіцэр.
— Ага, Судзір. Павінен падысці ўжо. Учора ён толькі завінуўся ў дэльфінарыі і пайшоў. А сёння ж нармальны рабочы дзень, — сказаў Абрахамс і нібы спахапіўся — Хаця які ж ён нармальны? Божа, божа…
— Прыкладная карціна ўжо вымалёўваецца… Нікому нікуды не адлучацца, будзем яшчэ разбірацца з кожным паасобку, — павярнуўся ісці з берага афіцэр. — Свабоднае памяшканне ў вас ёсць? — звярнуўся да Абрахамса.
— Няма. Кабінет Крафта замкнуты, я не магу без яго пусціць вас туды. І Судзіра няма яшчэ… А ў Раджа каморка, склад, там нават стала добрага няма.
— Ладна, стары… Мы ў прахадной прыладзімся. Пачнём з вас, містэр Абрахамс.
— Маці божая, святая дзева Марыя… Не абмінай мяне сваёю літасцю… — зашаптаў малітву Абрахамс— А я ж думаў, што ўжо ўсё!
2
Ляжалі пад кустамі насупраць прахадной, марнелі. Цёткі прыладкаваліся асобна, развязалі вузельчыкі з ядою. Алі, чорны і вялікі, як бяссонная ноч, моўчкі курыў. З роспытамі да Раджа не лез, бо ніхто не ведаў, як тут усё парабілася, Радж — тым больш: быў далёка адсюль, на Горным.
А вось дзе быў Судзір? Пахаджвае ўжо нервова па дарожцы каля прахадной, хаця стараецца мець выгляд незалежны і ганарысты. Хацеў ён схадзіць у сваю «рэзідэнцыю», паглядзець, мо зноў там што пакралі, але паліцэйскія не дазволілі.
Абрахамса яшчэ мучылі мо гадзіну. Выйшаў з прахадной мокры што мыш, паплёўся як не сваімі нагамі ў бок галоўнай арэны. Мо думаў пра рыбу.
— Вас хоць не білі? — папытаў Радж наўздагон моцным шэптам.
— Не-е… Божа, як усё перажыць? — гараваў стары, брыдучы. — Што мне містэр Крафт скажа?
Паклікалі Судзіра, а не Раджа і не тую цётку, што дзяжурыла ноччу каля малое арэны.
— Радж, а як цяпер будзе? — Янг ляжаў патыліцаю на яго назе, руку трымаў на сумцы — у ёй урна з прахам продкаў, некалькі арэхаў.— Дэльфінарый зачыніцца?
— Не ведаю. Калі не знойдуць дэльфінаў, то ўсё можа быць. А мо новых Крафт раздабудзе.
— А дзе яны прадаюцца?
— Не ведаю. Гэтых, што прапалі, налавілі… Мо зноў нойме людзей, каб лавілі.
— За грошы?
— А хто табе за так што зробіць?
— А раптам у Крафта не хопіць на гэта грошай? Ён жа ледзь прытомнасць не страціў, як запіску ад трыяды атрымаў… Казаў — няма чым плаціць выкуп.
— Адстань! Прыліп… Хай Крафту і баліць галава, а не мне.
Але і Раджу ўжо балела. У такой сітуацыі лёгка застацца без работы. Аднымі надводнымі і падводнымі прагулкамі не будзе займацца Крафт, скажа — нявыгадна… А дзе тады дзецца? Ісці шукаць месца якога пасудамыйніка? Страшны гэты крадзеж і дзіўны. Зладзеі ведалі, што ў гэтую ноч у дэльфінарыі не будзе Раджа. Хто ім падказаў пра гэта? Толькі той, хто ведаў напэўна. А напэўна мог ведаць той, хто працуе ў дэльфінарыі. Падказаць ці нават удзельнічаць у крадзяжы мог толькі зацікаўлены чалавек, а то і падкуплены… Абрахамс адпадае, Малу мёртвы — атруцілі віном. «Ага, яшчэ штрышок! Той, хто ўчаставаў вартаўніка, ведаў яго слабасць. Ды ад чужога, незнаёмага Малу і не ўзяў бы бутэльку, не скаціўся ён яшчэ да такога стану…»
Чым больш думаў Радж, тым больш напрошваўся вывад: ублытаны Судзір. Адны яго практыкаванні з дэльфінамі могуць у любога выклікаць падазрэнні. А размовы з Пітам? Нават з таго, што падслухана, можна зрабіць вывад: падазраваць можна і Судзіра. «Няма прамых доказаў? Хай здабываюць гэтыя доказы… На тое яны і паліцэйскія, следчыя… А калі ў мяне спытаюць, каго падазраяце, што адказаць? А скажу тое, што ведаю напэўна».
— Радж, а калі паліцэйскія і мяне будуць дапытваць, што мне гаварыць? — перапыніў яго думкі Янг.
— А што ты можаш сказаць? Ты нічога не ведаеш… Разумееш? Нічога… Ты ў дэльфінарыі нядаўна. А гэтыя суткі мы былі на Горным. У каго былі, з кім туды плылі, з кім назад, можаш гаварыць. Гэта ты ведаеш. У нас поўнае алібі, не бойся.
— А ў Судзіра няма гэтага алібі?
— Судзір няхай сам выкручваецца. Галоўнае — лішняе не балбатаць.
На здзіўленне, Судзіра трымалі на допыце не вельмі доўга. Выйшаў, пастаяў каля дзвярэй, шукаючы позіркам Раджа. А ўбачыў, то прыплюснуў ненавісна вочы.
— Ты што гэта наплёў пра мяне? Ты бачыў, што я камандаваў, каб дэльфіны выскоквалі на памост? Каб іх бралі гатовенькіх?
— Радж Сінх, зайдзіце! — выкрыкнуў паліцэйскі, прачыніўшы дзверы.
Радж пайшоў проста на Судзіра, ішоў і гаварыў:
— Гэта я бачыў на рэпетыцыях, а не сёння ноччу. На прадстаўленнях… І я сказаў, што цябе дэльфіны слухаюцца больш, чым каго. Дык хіба гэта няпраўда?
Судзір гмыкнуў, падцяў і без таго вузкія губы. Але адступіў улева, даў дарогу Раджу. Радж не бачыў, як паволі апусціўся на траву Янг, той ужо быў зрыхтаваўся кінуцца на дапамогу брату, калі зачнецца бойка.
Паліцэйскія сядзелі за маленькім столікам каля акна, нос у нос. Больш табурэтак не было, дый ніхто і не збіраўся запрашаць яго сесці. Радж стаў пад шафачкай з ключамі, рукі заклаў за спіну, нібы арыштаваны.
— Я мушу зрабіць заяву, пратэст, — сказаў рашуча. — Для пратакола… Я не сцвярджаў, што Судзір удзельнічаў у крадзяжы, памагаў браць дэльфінаў. І прашу ў гэтым на мяне не спасылацца!
— А хіба я на цябе спасылаўся? — нявінна спытаў афіцэр. Паглядзеў на Раджа знізу ўгору, але ўсё роўна атрымалася, нібы зверху. Верхнія павекі паліцэйскага апусціліся гэтак, што, здавалася, закрывалі і зрэнкі.— Мы ўстанавілі… амаль устанавілі, што ў містэра Судзіра алібі. Ен даў адрас, дзе быў гэтую ноч, засталося толькі пераправерыць, — сказаў той, што вёў пратакол.
— Лепш скажы, што ты ведаеш пра Піта Уілсана, — нібы мімаходзь, кінуў афіцэр.
Радж ажно ўздрыгнуў. «От яно як… Я вагаюся, ці гаварыць, а яны ўжо ведаюць. Сам Судзір сказаў?»
— Я яго добра не бачыў. Голас — чуў… Па голасу мог бы пазнаць. Гэты чалавек некалькі разоў прыходзіў да Судзіра. Мабыць, па просьбе Піта Судзір апошнім часам вучыў дэльфінаў чэрпаць з дна пясок, пераносіць яго ў другое месца. З размовы іх… незнарок падслухалася… я зразумеў, што дэльфінаў хочуць скарыстаць недзе на вялікай глыбіні каля Горнага, штосьці пашукаць з іх дапамогаю.
— Гэта ўсё рыхтавалася з ведама містэра Крафта? — спытаў афіцэр. Умеў ён вылушчваць галоўнае.
— Не ведаю. Быццам бы збіраўся Судзір увесці Крафта ў курс справы. Такі намёк я чуў у размове Судзіра з Пітам.
— Гэты ваш Малу… Ён добра ведаў Піта? — падкінуў пытанне той, што пісаў.
— Думаю, што ведаў. Ён жа некалькі разоў пускаў яго да Судзіра.
— Так, так… Значыць, Піт мог выведаць пра сітуацыю ў дэльфінарыі ад Малу. Ад Піта ён мог і бутэльку з віном атрымаць… — разважаў сам з сабою афіцэр і глядзеў у нізкую столь.
«Не паладзіў Судзір з Пітам… Сам сказаў пра яго паліцэйскім. Хоча ўсе падазрэнні навесці на яго? А якая Судзіру ад гэтага карысць? Без карысці ён жа нічога не зробіць…» — думаў Радж.
— Мы ведаем, што ты быў з братам на Горным, вярнуўся толькі раніцаю, — сказаў той, што пісаў.— З кім туды ехаў і назад, у каго быў там?
Радж сказаў усё.
— Як вы думаеце, кража магнітафона ў Судзіра, кража дэльфінаў і падкінутае Крафту пісьмо не маюць сувязі? — афіцэр загаварыў на «вы». — Судзір казаў, што вы чыталі тую запіску. Не памятаеце, які там указаны тэрмін выплаты? Можа, прайшоў ужо гэты тэрмін? Пагроз у запісцы не было ніякіх?
— Былі пагрозы, здаецца… — Радж сказаў, што ведаў, зноў дзівячыся: «Судзір і пра запіску ім сказаў?! Крафт баяўся нават заікнуцца пра яе, каб не раззлаваць тую трыяду». — Вам лепш з Крафтам пра гэта пагаварыць, — дадаў асцярожліва.
— Пагаворым з Крафтам, пагаворым… Ну, добра, можаце ісці.
Паліцэйскія выклікалі яшчэ да сябе Алі і тую жанчыну, што дзяжурыла ноччу. Доўга іх не трымалі, мабыць, запаўнялі пратакол для фармальнасці.
Хуценька і самі выбраліся з дэльфінарыя. Выгляд у іх быў заклапочаны.
3
Чутка аб падзеях у дэльфінарыі нейкім чынам распаўсюдзілася па пляжах, па ўсім горадзе. Натоўп цікаўных каля касы і прахадной усё гусцеў і гусцеў. Ва ўсіх раптам абудзілася палымяная любоў да дэльфінаў, навіну абмяркоўвалі на розныя лады. На прадстаўленні з дэльфінамі білетаў не прадавалі, і жадаючых прагуляцца на «Нептуне» ці зрабіць падводную прагулку намнога павялічылася. Раджу давялося ісці ў касу і прыводзіць усё ў нейкі парадак — не мог жа ён разарвацца на кавалкі. Парашыў так: спачатку ён зводзіць дзве пары на падводную прагулку, потым павозіць жадаючых на «Нептуне». Пасля абеду тры пары пад ваду і адна прагулка на шлюпе. Усіх астатніх — на другі дзень.
— Паважаны містэр Судзір, з'ездзіў бы і ты разок на «Нептуне», — пайшоў да яго Радж, калі ўбачыў, што Судзір з аквалангам і ластамі таксама з'явіўся на мысе Кіпцюра. — Або вазьмі двух на падводную прагулку… Во гэтых, я іх ужо праінструктаваў.
— Гэта не мой абавязак, — суха кінуў Судзір, сунуў пальцы ў рот і прарэзліва свіснуў. Якраз за рыфамі рабіў разварот глісер выратоўчай службы, і там пачулі яго. Глісер пачаў лавіраваць паміж рыфаў, памалу наблізіўся да берага. Матрос падаў Судзіру руку.
Другі, што сядзеў за рулём, хоць Радж бачыў яго збоку, здаўся знаёмым. Здаецца, гэта быў той вусач, што крычаў: «Ты куды?», калі Радж плыў на яліку шукаць у заходнім сектары падводны грот.
Аб'яўлены графік быў вельмі ўшчыльнены. Яшчэ ні разу Радж не браў такое нагрузкі. Янг паспеў прыбраць у каморы, вызваліць на покуці і ўпрыгожыць галінкамі месца для урны, паставіў туды сасуд. Падабраў касцюмы для чарговай пары, падзарадзіў балоны аквалангаў, а мінут за дзесяць да сканчэння першай прагулкі павёў чарговую пару, у касцюмах ужо, з аквалангамі і ластамі ў руках, на мыс Кіпцюра. Раджу нёс новыя балоны і фляжку з гарачаю каваю. Нёс і паўтараў экскурсантам амаль усё, што пачуў з Раджавых інструкцый. Менш будзе Раджу гаворкі перад пагружэннем.
— За каву ты маладзец, — пахваліў Радж, — і за ўсё маладзец. А гэтых вядзі ў душавую, прывядзі ў парадак іх касцюмы. Ды вы прысядзьце, панове… — звярнуўся да новенькіх, — …і паслухайце, што я вам скажу… — Радж расцягнуўся на гарачым пяску, грэючыся.
— Я ім ужо ўсё расказаў! Вядзі адразу ў ваду, — не вытрываў Янг.
— Я коратка, асноўнае, — Радж не адступаўся ад сваіх правілаў.
Завёў Янг тых, што адплаваліся, у душ, прапаласкаў іх касцюмы, старанна выцер знутры губкаю і ручніком — хутчэй прасохнуць, вынес ускінуць на лаўку. І тут пачуў за шлюзам стук вёслаў. «Абрахамс вярнуўся!» — пабег дарожкаю туды.
Абрахамс ужо выцягваў ялік на пясок, і гэта ў яго ніяк не атрымлівалася. Нібы разгубіў ён сёння ўсе сілы. Падбег Янг, учапіўся за трос, памог.
— Нічога амаль не прадаў. Раздаў так — не выкідваць жа ў мора рыбу… — нібы паскардзіўся ён. — Хай людзі спажывуць.
А Янг ужо не чуў яго, ва ўсе вочы глядзеў на ялік, мацаў барты, абышоў кругом, памяў у руках нейлонавы трос. Тое, што трэба! Лёгкі ялік, зручны, і двум не цесна. На ім і ў мора можна ісці.
— Дзядзька, я яго вымыю, добра?
— Зрабі ласку, сынок… А ў мяне сёння ні да чаго рукі не горнуцца. — Абрахамс не забіраў вёслаў, пайшоў да галоўнай арэны, стомлена перастаўляючы ногі.— Паліцэйскіх няма ўжо? — азірнуўся, як спахапіўшыся.
— Не!
Ах, з якою ласкаю Янг яшчэ і яшчэ раз аглядаў ялік! Нават дыханне стрымліваў, заміраў на месцы ды адно галавою круціў, як певень, прыглядваючыся. Пад нагамі пякло, і не таму, што сонца распаліла пясок: час, пра які марылі з Абдулою, настае! Не трэба прыдумляць, як і ад работы вызваліцца — дэльфінаў няма! Не трэба бедаваць, на чым дабірацца — на яліку, толькі на яліку! Не было шчасця — няшчасце памагло…
Бягом да каморы, схапіў вядро і вехаць, бягом назад. Ялік на бераг цягнулі ўдвух з Абрахамсам, а назад на мелкаводдзе сцягнуў адзін. Паставіў на бок, падпёр вяслом… І на ялік нібы абрушыўся вялізны вадаспад — гэтак запрацаваў вядром.
Тут і знайшоў яго Абдула. Ён ужо ведаў пра дэльфінаў і хацеў пагараваць разам з Янгам. Але ўбачыў ялік, і рукі самі расслабіліся, Тота саскаўзнуў на зямлю. Вочы загарэліся — зразумеў усё без тлумачэння!
— Калі?! — кінуў горача толькі адно слова.
— Не ве-да-ю… — расцягнуў адказ Янг, ды так шматзначна, што Абдула скеміў: гэтымі днямі, а мо і раней.
— А гэтыя латкі не паадклейваюцца? — Абдула, стрымліваючы радасць, паказаў на былыя прабоіны ў днішчы.
— Не, — адказаў Янг, хоць у самога такой упэўненасці не было.
— Слухай! Мы і сабаку з сабою возьмем… Я папрашуся ў Тэрэзы паначаваць у цябе ў дэльфінарыі. І выпрашу ў яе трайны сухі паёк! Спатрэбіцца, праўда?
— Яшчэ ж як!
— А я за гэтыя дні такога наеўся! Ажно жывот сапсаваўся… Донна-мадонна паперку бліскучую з рэстарана запрасіла, меню называецца. Там усякіх страў панапісвана — за год не запомніш! Ха-ха, не я ёй слугую, а яна каля мяне выкручваецца: «Выбірай, міленькі! Ну што б ты хацеў з'есці, міленькі?» А я, як паніч, заплюшчу вочы, тыцну пальцам: «Падаць гэта і гэта!» Ха-ха, а рэстараншчыкі і пруць-валакуць. У гэтай Тэрэзы, мабыць, грошай — куры не клююць… Ага, ты еў такое? Малюскі ў какосавым малацэ… Адбіўная з акулы, запечаная ў сярэдзіне плоду хлебнага дрэва… Вараныя біргусы з салатай і гароднінай… Смажаныя бананы ў цёртым какосе з цукрам і разынкамі.
— Хопіць! У мяне ўжо спазмы ў жываце, — не вытрываў Янг.
— Хо, не трэба было кідаць такое месца! Ды я табе назваў толькі тое, што Тота не хацеў есці. А колькі было такога, што і сабаку да смаку, і для маёй утробы даспадобы.
— А ты ж не хацеў ісці ў сабакаводы.
— Клёпкі не хапала. Дай бог здароўя і Тота і італьянцы.
Па дарожцы між кустоў і газонаў шпарка крочыў да іх Абрахамс.
— Радж пад вадою яшчэ? — здалёк спытаў у хлопцаў.— Святы Езус, там Крафт з'явіўся. З галавою ў яго нешта… Сядзіць, як кітайскі бажок, нічога не гаворыць. Бледны як смерць.
4
Раджа вадзіла трохі ў бакі, хоць стараўся ставіць ногі як найшырэй. Здавалася, што калышацца зямля, а цяжар акваланга за спінаю аж гнуў да зямлі. Нават ласты і маска ў левай руцэ здаваліся свінцовымі, як і грузілы на поясе. Думаў, што будзе мець хоць кароткую перадышку перад прагулкай на «Нептуне» (каму прагулка, а каму і работа), а тут Абрахамс прыстаў: схадзі ды схадзі ў дзяжурку, Алі не ведае, што рабіць з Крафтам.
«А што гаварыць таму Крафту, як суцяшаць? Як сябе трымаць?» — даймалі думкі.
Хоць і Янг памог, прыняў амуніцыю ў падводнікаў, прывёў яе ў парадак, прайшло мінут пятнаццаць. А трэба ж было і самому спаласнуцца.
Калі ўрэшце з'явіўся каля прахадной, Крафта ў дзяжурцы не было. З кустоў выйшаў на алею Алі, у руках трымаў шклянку.
— Я ў цянёк яго перавёў,— загаварыў Алі гучным шэптам. — Беча прывёз, ледзь з каляскі выбавілі… Сунецца, як зачумлены, вочы невідушчыя, рукі расставіў… Беча з яго грошы патрабуе, а ён быццам і не чуе, не разумее. Мне давялося разлічыцца… Падсоўваю табурэтку, а ён і сесці не ўмее — топчацца, хістаецца… Саджу яго, і тое і гэта гавару — маўчыць. Падобна, што паліцэйскія перастрэлі яго з цеплахода, нагаварылі ўсякага.
Радж моўчкі пайшоў да Крафта. Той сядзеў, прыхіліўшыся спінаю да валасатай пальмы, рукі на сцёгнах, вочы — перад сабою. Твар бледны, шчокі адвіслі, як пустыя торбачкі. Нагнуўся Радж, пакратаў за плячо:
— Містэр Джэры, вы мяне чуеце? Гэта я — Радж!
Ніякай рэакцыі. Тады ён варухнуў за плячо мацней, і Крафт перавёў на яго вочы. Позірк быў яшчэ няўцямны.
— Я Сіту, касірку, у аптэку па нашатыр паслаў,— падступіў бліжэй і Алі.— Дамо панюхаць.
Радж слухаў у Крафта пульс. Сэрца білася запаволена, нерытмічна, а тады, у кабінеце, як пісьмо ад трыяды атрымаў, грукала, нібы ў барабан.
— Радж… пабудзь… — раптам падаў голас Крафт. — Бліжэй стань… Скажы, усё гэта — праўда?
— На жаль, так.
Крафт працягла, сіпата ўздыхнуў.
— Ты працуеш — маладзец… А Судзір — тут?
— Паехаў недзе на катэры. З аквалангам.
— Вазьмі мяне пад руку… Памажы да кабінета дайсці.
Радж вёў Крафта па алеі і маўчаў.
— Гэта канец, Радж… Я ж дасюль яшчэ не выплаціў працэнты пад крэдыты. Дваццаць гадоў сам крэдыт выплачваў, напазычаўся, як будавалі дэльфінарый… І ніхто адтэрміноўкі не дасць… Думаў, пад канец года разлічуся, хоць трохі скаплю грошай на старасць. А тут трыяда нож у бок… Зноў залез у даўгі, ездзіў адкупляцца ад гэтых бандытаў. А цяпер… з дэльфінамі такое… А дочкі-перастаркі ў Лондане прыданага патрабуюць, пра замужжа мараць… — Крафт горка, праз усхліп хіхікнуў. Спыніўся, дастаў хусцінку, пачаў выціраць вочы, лоб. — Ты прабач старому. Адзін я тут, ні сваякоў, ні сяброў… Нават пагаварыць шчыра няма з кім.
— Вам Судзір гаварыў, для чаго ён вучыў дэльфінаў?
— Учора толькі, перад маім ад'ездам… Так і так, канцэсіянеры са Штатаў хочуць наняць дэльфінаў для даследчых работ пад вадою… І быццам выгадна гэта, у паўтара раза больш заробяць дэльфіны, чым у дэльфінарыі за той жа час… Кажу: падумаць трэба… А цяпер што хочаш думай.
— Паліцэйскія кажуць — у яго алібі, не мае Судзір адносін да крадзяжу.
— Дай бог чутае бачыць.
— Не трэба забываць прынцып кошкі, містэр Крафт. Яна як ні падае, усё на лапы прызямляецца.
— Радж, мяне паклалі ўжо на лапаткі, мне няма далей куды падаць.
— Вы сказалі, што зноў узялі пазыку.
— Узяў. Кароткатэрміновую, на тры гады… Пад дваццаць працэнтаў гадавых! Звар'яцець можна… А чым аддаваць буду?
— Вазьміце яшчэ. Усё роўна дэльфінаў трэба купляць.
— Думаеце, тых не знойдуць?
— А што — абяцалі знайсці?
— Пастараемся, сказалі…
— Стараюцца… Магнітафон таксама абяцалі знайсці. Дзе ён?
Крафт горка ўздыхнуў. Яны прыпыніліся каля вялікага басейна. Крафт зняў капялюш, як перад нябожчыкам, згорбіўся.
— Людзі ўжо ідуць з білетамі… На прагулку трэба весці.
— Ага… Ты ідзі. Мне ўжо лепш… З'явіцца Судзір — зойдзеце разам.
5
Вечарам у кабінеце Крафта былі не толькі Радж і Судзір. Запрасіў ён і Абрахамса і Алі. А Янг сам прыйшоў, хоць і не запрашалі. Усе паселі на крэслах каля сцен, толькі Судзір разваліўся ў мяккім крэсле перад сталом Крафта. Сядзелі і моўчкі глядзелі на Крафта.
— Панове… Я заўсёды адносіўся да вас добра, — пачаў Крафт, уздыхнуўшы. — Мне не хочацца думаць, што хтосьці мною незадаволены ці тоіць на мяне якую злосць… Я дэмакрат па натуры. Я сам, калі хочаце ведаць, пачынаў некалі гандляром-латочнікам. А зараз і маё жыццё і ваша залежаць ад дэльфінарыя… Ад гэтага часу я буду лічыць вас у складзе савета кіраўніцтва дэльфінарыем. То давайце і думаць разам, што рабіць… Каб не прадалі дэльфінарый з малатка.
Але пагаварыць, падумаць не паспелі: пачуўся скрып лесвіцы пад нейчымі цяжкімі нагамі. Потым у калідорчыку і голас цёткі-дворнічыхі, не тае, якую дапытвалі паліцэйскія: «Во сюды… Тутачкі яны…»
Без стуку зайшоў высокі гарбаносы чалавек у штацкім адзенні, за ім — той афіцэр, што вёў расследаванне зранку. Гарбаносы здаўся Янгу знаёмым… Ну але, гэты гарбаносы дапытваў і яго, і таго японца-мешанца ў Свійттаўне! Відаць, паліцыя з Рая выклікала падмогу з Галоўнага. Мо гарбаносы — вялікі спецыяліст па барацьбе з трыядай і кантрабандай наркотыкаў?
Гарбаносы ступіў колькі крокаў да стала, паціснуў Крафту руку. Яшчэ і рукі яго не пусціў, а ўжо агледзеў усіх прысутных:
— У вас нарада? Інструктаж? Я хацеў бы пагаварыць толькі з вамі… Доўга не затрымаю — з паўгадзіны.
— Калі ласка, калі ласка… Панове, усе на паўгадзіны свабодныя.
Аднак чакаць і нудзіцца давялося амаль гадзіну, пакуль наведвальнікі пайшлі.
Палезлі па лесвіцы зноў у кабінет.
— Панове… Я вымушаны вам сказаць… — пальцы ў Крафта дробна трымцелі.— Паліцыя аператыўна пабывала на Горным у лагеры Піта Уілсана. Няма ў тым лагеры ніякіх дэльфінаў, няма загародак у моры. Містэр Піт Уілсан шчыра смуткуе і шле нам сваё спачуванне. Ён не вінаваты ні ў чым… Пошукі будуць працягвацца.
Судзір слухаў гэта і крыва ўсміхаўся.
Частка трэцяя Грот афаліны
Раздзел першы
1
— Нашто яна нам? Не хапала яшчэ дзяўчынак!
— Я абяцаў яе ўзяць, разумееш? Мы не зможам без яе абысціся.
— Без дзяўчынкі? Х-хэ…
— Без дзяўчынкі! Яна падрыхтавала ўсё неабходнае. І нам памагаць на возеры будзе.
— Чым менш людзей ведацьме пра гэта, тым лепш.
— Ды Натача такая… такая… Ну — як добры хлопец!
— Нават лепшая за мяне?! — у голасе Абдулы пачулася рэўнасць.
Хацеў Янг адказаць «лепшая!», ды спахапіўся.
— Вы абое — мае самыя лепшыя сябры!
— Ну — добра. Веру… — рэўнасць усё яшчэ чулася ў голасе Абдулы. — Вядзі!
— Вядзі… Выйдзем за горад, прыхаваем усё ў кустах. А то пакуль да Натачы завалачэм, пакуль назад…
— А дзе яе схованка? Забралі б, што яна падрыхтавала, і пайшлі б.
— Ты зноў за сваё! Па-першае, я не ведаю — дзе. Па-другое, гэта было б проста свінствам, калі не здрадай.
Ішлі ўгнуўшыся, абліваючыся потам, дыхалі цяжка, як загнаныя. На Янгу быў акваланг, не надзяваў толькі маскі і ластаў, а так хоць зараз кідайся ў ваду. Абдула нёс на руках Тота, а за плячыма пару запасных балонаў.
— Яшчэ гэты сабака на маю галаву! — абураўся Абдула. — А ці добра хоць ты прымкнуў ялік? Лепш было б расстарацца які ланцуг і за пятлю — р-раз! А трос і развязаць можна ці перарэзаць.
— Дарэмна я табе не даў на Раі паспрабаваць перарэзаць трос ці развязаць вузел. Кішка тонкая!
Яшчэ прайшлі моўчкі, але кожны думаў пра ялік. Мо няварта было яго прымыкаць на прычале разам з лодкамі рыбакоў? Мо лепш было б дзе за горадам выцягнуць на бераг, замаскіраваць у кустах. Але ж справа зроблена, і няма калі перарабляць. Абдуле балела, што на нейкую Натачу трэба траціць ліха ведае колькі часу.
Тота тузаўся з рук, матляў ружовым языком, тоненька павіскваў. Мо хацеў вады? Але ж і хлопцы з задавальненнем папілі б, ды няма.
За горадам дайшлі толькі да павароткі на какосавую плантацыю, і Абдула забаставаў:
— Я тут пачакаю вас, — скінуў з плячэй балоны. — Тота папасу, папільную.
— Добра, няма чаго ўдвух біць ногі. Папільнуй тады і акваланг, — Янг скінуў цяжкую ношу. Вызваленае ад грузу цела страціла раўнавагу. Янга падало ўперад, і ён ажно прабегся, каб не ўпасці.— Я хуценька, не сумуй! — і прыпусціўся трушком.
Аднак гэтае «хуценька» расцягнулася гадзіны на дзве.
Калі Янг вярнуўся з Натачаю да развілкі, убачыў: Абдула з Тота ляжаць пад кустамі і храпуць, ажно трава сцелецца. Каб хто хацеў, то можна было б і акваланг украсці, і саміх.
— Адпачнём крыху, хай паспяць, — прапанавала Натача і сама прысела каля іх, паклала пад куст сваю торбачку.
— Час марнуецца! — сказаў Янг, але таксама апусціўся побач з ёю. — Давай завяжу… — убачыў, што дзяўчынка адною праваю рукою і зубамі стараецца тужэй завязаць вялікі і ўказальны палец на левай. — Адразу відаць, што ніколі малатка ў руках не трымала.
— А я без малатка… Я каменем біла. Раз па цвіку, раз па пальцах… Са скрынак навыцягвала цвікоў, а яны ржавыя, слабыя.
— А каб сякераю трэба было рабіць, то пальцы паадсякала б?
— Што я — дурная?
— Дай пахукаю, не вырывайся… Я ведаю, як баліць, калі па кіпцю смальнеш… І ў нас во мазалі ад вёслаў, а мы не хнычам.
— А я хіба хныкаю? Ён лёгенька дыхаў на Натачыны пальцы. У сэрцы разлівалася пяшчота.
— Пазногці чорныя, панабягалі крывёю… Пазганяе, мабыць… — Натача не вырывала ад яго руку.
— Так, так, так… — пачулі голас Абдулы і ўздрыгнулі, адхіснуліся адно ад другога. — То ў вас, можа, каханне, хі-хі?
Абдула ляжаў успёршыся на локаць, скаліў вялікія зубы.
— Абдулячка… Па шыі заробіш!
— А я ляжу ды любуюся: так шчабечуць, так шчабечуць — як птушачкі.
— Сціхні, сказана! І хопіць валяцца, каля возера наляжышся. Натача, ты бяры Тота і вядзі нас.
— Раскамандаваўся… — Абдула сеў, на ўвесь рот пазяхнуў, ледзь сківіца не вывіхнулася, а потым нагнуўся і тоненька брахануў на вуха сабаку: — Гаў! Гаў!
Тота ўсхапіўся, ашалела закруціў галавою туды і сюды, паспрабаваў натапырыць віслае вуха. Абдула сказаў:
— Чаго круцішся? Пад'ём! Натача рассмяялася.
— Ой, дык гэта ты такі, Абдула?
— Ой, а гэта ты такая, Натача? — перакрывіў яе Абдула. Устаў, прыклаў руку да сэрца, схіліўся ў паклоне: — Мілэдзі, прыміце маё шанаванне!
— Здароў,— проста працягнула яму руку Натача. — Значыць, так, хлопчыкі. Будзем кіраваць просценька на гарадскую звалку.
— Не хачу я на звалку! Я яшчэ жыць хачу! — прыкідваючыся дурнем, захныкаў Абдула.
Янг шырока крочыў за Натачаю і ўсміхаўся. Расказаў ёй, што гэты чорны сабачка — знакаміты іншаземец Тота.
Натача і праўда прывяла на смуродную гарадскую звалку — зарослую па баках кустамі катлавіну паміж пагоркамі. Некалькі грыфаў з голымі шыямі і брудна-шэрых буслоў марабу, цяжка махаючы крыламі, неахвотна ўзляцелі на засохлую акацыю.
Стрымліваючы дыханне ад смуроду, Натача вывела хлопцаў на заходні бок катлавіны, ускарабкалася на адну скалу, на другую. «Во!» — паказала сабе пад ногі. Хлопцы пакідалі груз унізе, палезлі за ёю. Абдула расчаравана свіснуў.
— І з гэтым хламам вы думаеце нешта намыць?!
Каля Натачыных ног ляжала ў яміне рыжае ад іржы некалі ацынкаванае вядро з прабітымі ў дне дзіркамі. Ляжаў і эмаліраваны тазік, эмаль з дна ўся паадбівана. Дзірачкі ў тазе былі прабіты драбнейшыя і больш густа. Усе зазубрыны вытыркаліся вонкі, не так, як у вядры — усярэдзіну. Абдула футбальнуў нагою вядро, і яно са звонам паляцела на дно катлавіны, выпудзіла худога сабаку, які падцяў хвост і кінуўся ў кусты.
— Ты што? — раззлаваўся Янг. — Бяжы, футбаліст, за «мячом».
— А на чорта яно! У ім нельга перагрэбаць, рукі паабдзіраеш.
— А насіць чым будзеш? У прыгаршчах? Рукамі чэрпаць з дна, у руках насіць? — Натача пакрыўдзілася: гэтак старалася, усе пальцы паадбівала, а тут…
— Давай! — падштурхнуў Янг Абдулу са скалы. — Любіш біць, любі і мячы падаваць.
У Янга апошнім часам неяк разам паявілася самастойнасць, пабольшала рашучасці. Можа, паўплывала тое, што пачаў працаваць у дэльфінарыі, сам зарабляць на жыццё? А мо і тое, што адчуў сябе дарослым. Нічога, што росту яму яшчэ не хапала, быў ніжэй за брата ледзь не на галаву.
Натача злітасцівілася, забрала ў Абдулы вядро, кінула ў яго сваю торбу і збегла са скалы.
— Не спяшайся, цяпер першы пайду я, — сказаў Янг.
Узвалілі на сябе груз, пакрочылі гужам на заходнюю ўскраіну горада. Пакуль трапляліся загарадныя вілы і бунгала багацеяў, стараліся ісці па сцежках-дарожках ці каменных прыступках, пракладзеных да іх. Але скончыліся сцежкі-дарожкі, а горы пачалі крута дыбіцца, загароджваючы шлях, — і пачаліся сапраўдныя пакуты. Тады з Амараю лезлі-карабкаліся з пустымі рукамі, і то Янг гатовы быў язык высалапіць як сабака. А цяпер валаклі вялікі груз, і ногі ажно падкошваліся, балелі ў сцёгнах і лытках. Паветра лавілі шырока разяўленымі ратамі, а яго ўсё роўна не хапала, задыхаліся.
Адпачывалі ўсё часцей і часцей. Горш было Натачы: хоць і груз меншы, але абедзве рукі занятыя, няма чым хапацца за камяні і галіны, карчы, карані. Спрабавала пасадзіць Тота ў вядро на торбу і вызваліць такім чынам адну руку. Але сабачку там не сядзелася, некалькі разоў ён выкульваўся ў самы нечаканы момант, і нельга было яго падхапіць ці ўлавіць. Тота стукаўся, скочваючыся з каменя на камень, абдзіраў бакі і галаву аб калючы кустоўнік, енчыў-плакаў. Урэшце Натача дадумалася: торбу выняла, наслала на дно пабольш лісця, каб не калоліся задзірыны, пасадзіла ў вядро сабаку, а верх запляла маладзенькімі ліянамі. На заплёт паклала торбачку і сама ўзрадавалася: добра атрымалася. Так і перастаўляла вядро перад сабою з глыбы на глыбу, з выступу на выступ. Адзін раз і вядро скацілася, прагрымела ўніз разам з Тота.
— Яму да канца дзён будзе сніцца гэта прагулка… — Абдула ледзь гаварыў ад стомы, яму не хацелася ўжо і золата.
— Хлопчыкі, а мо перакусіце трохі? — спытала Натача. — Я захапіла таго-сяго.
Перакусіць не шкодзіла б, вымерхаліся добра. Але абодва ў адзін голас заявілі: «Не, не! Там — на возеры…»
— І ў мяне ёсць перакусіць, во! — палопаў Абдула па адтапыранай спераду майцы. — Каб Янг не прыляцеў нечакана, то і больш чаго прызапасіў бы.
— Сітуацыю трэба было скарыстаць. Судзір яшчэ на досвітку падагнаў катэры, паехалі дэльфінаў лавіць. Я таксама мог бы з імі, Радж запрашаў… Вельмі ж цікава! А я кажу: жывот баліць, рэжа… Момант нельга было ўпусціць! — Янг памяў свой жывот. — А ён і напраўду баліць, халера.
— З галадухі гэта. І ў мяне так бывала, а з'ясі што ці нальеш поўны жывот вады — перастае, — заўважыла Натача.
— Абдула, што мы купім Натачы, як золата знойдзем? — спытаў жартам Янг.
— Дом трохпавярховы ў Кампонгу… Не, лепш у Свійттаўне! Машыну легкавую, слуг ноймем тузін… Ну й замуж аддамо за прынца. І яна адразу нас забудзе, задзярэ нос.
Натача кінулася на Абдулу з кулакамі. А той упаў з рогату на спіну, наставіў рукі і ногі, баронячыся:
— Ратуйце-е-е!!!
— Цс-с-с, асталоп! — Янг шлёпнуў ластам па адтапыраным задзе Абдулы. — Яшчэ хто прыбяжыць… Пайшлі! А то і да вечара не дацягнемся, — ён пачапіў на плечы акваланг, пабраўся вышэй.
Ужо чуваць было булькатанне ручая, і ахвоты ва ўсіх прыбавілася. Янг пачаў пазнаваць мясціны і хутка вывеў на невялічкае пласкагор'е, дзе стромая скала дзяліла ручай на два рукавы. Павярнуўся да сваіх спадарожнікаў:
— Я дасюль вам нічога не гаварыў пра небяспеку, — сказаў ціха, амаль шэптам. — А яна можа чакаць нас на кожным кроку. Той раз, як былі мы тут з Амараю, па ручаях і ў возеры шнарылі двое англічан ці амерыканцаў… Па-англійску гаварылі… Пітам аднаго зваць… Калі ім удалося знайсці тут золата, то яны і абараняць будуць яго. Могуць пусціць у ход зброю… Мы ж супраць іх зусім бяззбройныя. Каб не напароцца знячэўку на іх, я спачатку схаджу ў разведку. Калі што, будзем абыходзіць берагам, пойдзем на супрацьлеглы бок. А мо і на востраў давядзецца плысці.— Янг зняў на дол акваланг. — Папільнуйце… І нікуды не высоўвайцеся!
Як усё добра помніцца… Вунь з той навісі скал яны любаваліся возерам. Адтуль і за Пітам наглядалі, і за яго спадарожнікам, бачылі, як разглядалі яны тое, што вынеслі з дна возера, як спрачаліся.
Пайшоў да тых навіслых скал угнуўшыся, а на самы краёчак выпаўз на жываце, вытыркнуў нос…
Нічога падазронага… Толькі прарэзліва крычаць нейкія падобныя на чаек птушкі, шуміць вадаспад.
Асцярожна спусціўся да самай вады. Патаптаўся на камянях, азіраючыся, пакратаў пальцамі камякі шумавіння. Пераскокваючы з каменя на камень, прайшоў крыху ўправа. Нідзе ніякіх свежых слядоў…
Мабыць, Пітава кампанія перастала тут бадзяцца, мо знайшла дзе лепшае месца. А калі рыхтуюцца да больш грунтоўнай экспедыцыі сюды? Яны і сёння могуць быць тут, скажам, на тым баку возера, дзе-небудзь за востравам. Але там няма нізкага берага, скалы крута абрываюцца ў ваду.
«Хай сноўдаюцца там, хай боўтаюцца, мы ім не замінаем. А мы тут спачатку палазім…»
2
Пра яду забыліся. Кожнае вядро каменнага друзу і гравію, галькі перагрэбалі ўтраіх. Янг не спяшаўся пад ваду. Некаторыя падазроныя галушачкі таўклі камянямі на плітах-кавадлах.
Нідзе не бліскала ніводнай металічнай іскрынкі.
— Амара казаў, што самародкі золата зверху не блішчаць. Правярайце кожны галышок, а я — паплыў! — Янг зноў браў вядро, клаў у яго камень-грузіла і шлэпаў асцярожна ў ваду.
Круг пошукаў штораз пашыраў, зачэрпваў грунт з рознай глыбіні. Заплывы рабіліся ўсё даўжэйшыя. Чым далей ад берага, тым менш было гравію і галькі, усё большалі камяні-наплывы, часцей трапляліся трэшчыны, запоўненыя амаль даверху мулам. Вада мутнаю не была, але бачылася ўсё горш, чым у моры. Не было і той расліннасці, каляровых каралаў і губак, актыній, мала было і рыб. А самае галоўнае — тут было халадней, чым у моры.
Нагроб чарговае вядро, выбавіў на бераг. Аддаў Абдуле і Натачы, а сам сядзеў на сонцы, думаў. Не хацелася прызнавацца нават сабе, што ўся іх задумка з гэтым возерам і пошукамі золата — авантура. Хоць бы распыталі ў каго ці пачыталі дзе — як шукаецца гэтае золата, як «мыецца». Кажуць жа, яшчэ ёсць «залаты пясок» — а што гэта такое, на што ён падобны? Ці блішчаць пясчынкі-крупінкі? А калі і блішчыць штосьці, то ці ўсё тое золата, што блішчыць? Як пазнаць-упэўніцца, чым вызначыць? Бачыў жа золата ў выглядзе гатовых ювелірных вырабаў, упрыгожанняў… Хоць бы ў той жа донны Тэрэзы. Агнём гараць яе пярсцёнкі, завушніцы, кулоны, браслеты. Кожны дзень яна мяняла іх ці камбінавала па-новаму, асабліва калі збіралася на танцы.
Чаму той Піт з кампаньёнам, перш чым залазіць у возера, перагрэбваў пясок і гальку ў ручаях? Ці не таму, што там ужо сама вада папрацавала нямала, прамываючы і пясок і гравій, асаджаючы на дно самае цяжкае — метал?
Значыць, трэба і ручаі праверыць, не толькі глыбокую частку возера. Піт не дурны, калі гробся ў іх.
— Чэрці, ці ёсць у вас што жэрці? — не вытрываў Янг. — Не палезу больш, пакуль не накорміце добра.
Абдула шугануў рэшткі з тазіка ў возера, уздыхнуў.
— Гэта можна. Есці і я заўсёды гатовы.
— Янг, табе трэба добра падсілкавацца, — сказала Натача і пайшла пад навісь скалы, дзе ляжала торбачка. — Бывала, як накупаешся, папамокнеш у вадзе — і д'ябла з рагамі, здаецца, з'еў бы!
— Самы цярплівы — гэта я. У цябе торба вунь дзе, а мой скрутак пад майкаю, ужо мазоль нацёр на пупе, — і Абдула дастаў з-за пазухі свой пакунак. — Вось… прывітанне ад донны Тэрэзы.
У пакунку былі дзве надрэзаныя булачкі, з надрэзаў спакусліва тырчалі смажаныя лустачкі акулінага мяса.
А Натача дастала з торбы каструльку з пшанянай кашай, добра запраўленай какосавым алеем і смажанай цыбуляй, падсмажаныя кружочкі маньёкі, пяць бананаў, вузельчык, жменек на дзве, тоўчанага шпана, запалкі, нож-складанчык з адламаным дзюблем.
— З круп кашу заўтра зварым, а гэтую зараз разагрэем. Абдула, дровы трэба! — распарадзілася яна.
— У-у, я і так з'еў бы, — завёў Абдула, але Янг сказаў: «Схадзі, схадзі, я пацярплю…» — і той палез на кручу.
Калі Абдула адышоў настолькі, што пачуць іх не мог, Янг сказаў:
— Ты ведаеш, якое золата ў самародках на выгляд? Не… І я не ўяўляю. І Абдула… Дык вось, можа стацца, і не знойдзем нічога.
— Ну й што? Згарыць яно няхай! — рэзка адказала Натача.
— А я думаў, насміхацца будзеш.
— Янг, тут так цудоўна, таямніча… Пабудаваць бы хатку каля вады… Або вунь на тым востраве.
— Ага… Здорава!
— …і ўдваіх жыць… Я і ён, і нікога наўкол, адны птушкі спяваюць.
— А хто… ён?
— Адзін казачны прынц… на цябе падобны. Янг пачуў, як шчокі пачалі гарэць.
— Прынцы не жывуць у такой пустэчы. Ім сталіцы падавай, палацы, раскошу.
— А мой прынц не будзе каралеўскай крыві.
Янг паглядзеў на яе, і Натача не вытрымала, апусціла вочы і таксама пачырванела. Гэта і Янга збянтэжыла, і ён адвярнуў галаву ўбок. Але бачыў Натачу, хоць і не глядзеў на яе. Якая прыгожая яна, як пасуе да твару яе светла-ружовая, у жоўтыя і блакітныя кветкі сукенка! Шнурок завязаны трыма пялёсткамі…
— З чаго толькі пражывеш тут? Рыбы і то людскай няма. Каб можна было з рыбы тут жыць, людзі даўно б пасяліліся. Дый аднаму ці ўдваіх — здзічэць можна… Чалавеку людзі трэба.
— І ўсё роўна! Возера — гэта ты здорава прыдумаў. Такая прыгода ў нас… Я ніколі яшчэ такога не перажывала.
— Уляціць табе ад бацькі: кінула работу, прыгод захацелася.
— Я запіску пакінула, што праз суткі вярнуся і ўсё-ўсё ім раскажу.
— А яшчэ што напісала?
— Праўду напісала… Што ідзём з табою абследаваць возера. Толькі пра золата — ні слова!
— Ну і правільна… — пракашляўся Янг. — А я забыў… Раджу запіску… Эх, каб можна было разрывацца на дзве палавіны! Каб і тут пабыць, палазіць і паглядзець, як дэльфінаў ловяць.
— Не гаруй, будзеш жыць — пабачыш, — разважліва, нібы яе маці Прэма, сказала Натача.
— Абдуле нічога не гавары… пра сумненні нашы. Хай пакуль што верыць у золата.
З кустоў загукаў, забыўшыся, Абдула, і Янг пагразіў яму кулаком.
Калі ўрэшце сяк-так трохі пагрэлі, трохі прыпалілі кашу і сабраліся есці, выявілася, што лыжак няма, не ўзялі.
— Па-кітайску будзем, палачкамі. А можна і проста пяцярнёй… — Абдула першы запусціў пальцы ў каструлю — і задзьмуў на іх, замармытаў. Мабыць, апёк. — А лепш не палачкамі, а якія лапатачкі выстругаць. — Але ён не стаў рабіць ні палачак, ні лапатачак, зноў запусціў у каструлю пальцы.
А Янг ачысціў ад кары дзве палачкі, падаў Натачы, абстругаў і сабе. Сяк-так прыстасаваўшыся, похапкам елі. Пасля кашы Натача на закуску выдзеліла па банану. А потым большасцю галасоў было вырашана, што Янгу гэтага мала: ён жа мокне ў вадзе. Хай з'есць булачку. Патарокаўшыся, Янг згадзіўся, але мясам падзяліўся з Тота.
— Лыжкі што — ерунда. А от ліхтар падводны забылі, глыбінямер забылі — гэта кепска. — І, нечакана нават для сябе, Янг аб'явіў: — Паграбіцеся яшчэ ў ручаях, а я сплаваю на паўднёвы бок возера. У аквалангу паветра мінут на трыццаць, хопіць на адно глыбокае пагружэнне. З запаснымі балонамі заўтра буду лазіць… тут кругом… А вы ў ручаях. Добра праверце тыя месцы, дзе Піт з напарнікам лазілі… І вось што: давай і тваю майку, наверсе і ў трусіках перабудзеш, а там — холадна… — паказаў Янг на возера.
Абдула, як звычайна, працягнуў: «У-у-у…», але майку зняў.
— Паможа табе гэтая майка як кашаль хваробе. Яна ж усё роўна намочыцца! — здзівілася Натача.
— Зробім гідракасцюм «мокрага тыпу». Вада, што будзе пад адзеннем, нагрэецца ад цела, а свежая будзе марудна паступаць. Яго майка, мая рубашка — двайная праслойка атрымаецца.
Натача імклівымі рухамі разбэрсала шнуроўку, скінула з сябе сукенку, засталася ў сарочцы.
— На, трайную рабі. А ніз у штаны ўбярэш.
— Сукенку не буду надзяваць.
— Ну й дурань. Унь малайцы амаль усе ў спаднічках-саронгах ходзяць. Надзявай! — Натача зноў працягнула сукенку да Янга.
— Я не малаец.
Натача ўпілася зубамі каля пояса сукенкі — тр-р-р.
А потым яшчэ і рукамі рванула — доўга, на ўвесь размах. Сукенка перарвалася папалам.
— Во, блузка атрымалася і спадніца. Надзень блузку як кашулю, — падала яму верхнюю частку сукенкі.
— Дурная… Такую сукенку парвала. Правільна Абдула казаў: не трэба звязвацца з дзяўчынкамі,— выцягнуў шнурок з блузкі, кінуў Натачы.
— Ты на мяне тако-ое пляву-узгаў? — Натача кінулася да Абдулы зноў. Той не стаў куляцца на спіну, а паскакаў па камянях, як казёл. Натача не даганяла.
Янг адзеўся так: спачатку Абдулаву майку, потым Натачыну «блузку», потым сваю рубашку. Натача і Абдула падалі акваланг яму на спіну.
— Доўга не будзь… — гаварыла Натача, нібы маці адпускала пагуляць неслуха сына. Далікатна-ласкава распраўляла складкі рубашкі пад плечавымі рамянямі, памагла зашпіліць паясны, пяшчотна зірнула яму ў вочы і сарамліва патупілася. — Можа, і нам падысці па беразе да паўднёвага боку? На ўсякі выпадак… — падняла яна вочы.
— Па беразе туды цяжка. Па вадзе прасцей… Я па версе паплыву, без загубніка. І хутчэй будзе, і паветра сэканомлю. Ну — не сумуйце! — сунуў ногі ў яшчэ мокрыя з сярэдзіны ласты і тут жа, аж цмокнулі, сарваў іх. Вымыў, паплюхаўшы, пясчынкі з ластаў і зноў «абуўся», зашпіліў раменьчыкі. Забрыў у возера да пояса, памахаў рукою — і рынуўся грудзямі на ваду.
— Трэба было яму вядро ўзяць, — сказаў Абдула. — Зачэрпнуў бы з самага глыбокага месца — а раптам… Мы тазік кружылі, каб самыя цяжкія часцінкі на дно аселі. А ўяві сабе, што гэтае возера таксама тазік і яго трасуць землетрасенні. Былі ж тут землетрасенні, і не раз! От і паскочваліся на самае глыбокае самыя цяжкія часцінкі.
Натача слухала яго і нічога не гаварыла.
3
Янг плыў проста на востраў. Думаў, не больш за сто метраў, а пачаў плысці ды плысці, то адчуў: памыліўся. На вадзе адлегласць скрадваецца амаль у два разы. Аднак вяртацца не хацеў. Перадыхне на востраве, абгледзіць яго… А тады можна і стромы паўднёвы бераг абмацаць, абследаваць. Той раз, калі абыходзілі возера з Амараю, каля вады не змаглі прайсці, карабкаліся зверху, па кручах. Помніць толькі, што зазірнуў з абрыву ўніз і зжахнуўся: «Ух ты… Каб плюхнуўся адсюль…»
Крык птушак на востраве рабіўся ўсё больш прарэзлівы, іх кружылася ўжо над востравам цэлая хмара.
Вылазіць на востраў не стаў, азірнуўся на пакінутых сяброў. Памахаў Натачы, яна стаяла каля вады і глядзела ў яго бок, Абдулы ж не было відаць. Лёг жыватом на гарачы камень, паляжаў, адпачываючы. Скідваць ласты не захацелася, а з імі не вельмі паходзіш па гэтых глыбах, што спякліся, сплавіліся ў адну. Як ні дзіўна, былі тут і густыя кусты, знайшлі за што ўчапіцца каранямі. «Тут, мабыць, гнёздаў, гнёздаў… І яйкі могуць быць…» — але гэтая думка не спакусіла яго. Ляжаў, услухоўваўся ў крыкі птушак і, акрамя гэтых крыкаў, нічога не чуў. Адпачыўшы, паплыў улева вакол вострава на паўднёвы бок яго. Аднак зразу вытыркацца не стаў, стаіўся пад навіссю галін, панаглядаў. Не, нічога падазронага, нават птушкі менш пачалі крычаць… Як прыгожа адсюль, з вострава, глядзіцца паўднёвы стромісты бераг возера! Ён нібы слоены пірог, а самы брыж упрыгожаны зелянінай. Слаі-пласты і шэрыя, і жоўтыя, і рудыя, трохі настармачаныя і пахіленыя набок. Ліўні ці вятры нарабілі ў іх нішаў і нор, і каля гэтых схованак кружацца вастракрылыя, падобныя на вялікіх стрыжоў птушкі.
Янг перавёў позірк на вадзяную гладзь, дзе ярка, толькі дагары нагамі, адлюстроўвалася ўся гэтая круча. Святла тут было больш, чым дзе на востраве, сонца з паўночнага захаду біла промнямі ў гэты бераг-строму, рассыпаючы наўкол залацістыя, святочныя водсветы.
Ціхі ветрык ніяк не калыхаў вады, не сыпаў на яе рабаціння. Але калі паглядзець проста на кручу, а адтуль апусціць пагляд на ваду, можна ў адным месцы заўважыць нейкія няпоўныя кругі-завіткі з агульным цэнтрам. Па гэтых завітках-кругах павольна рухаліся птушыныя пёрцы, лісце. Яшчэ не скеміў, што гэта можа азначаць, а ўжо не вытрываў, паплыў на самы паўднёвы бок вострава, спудзіўшы і тут птушак. У адным месцы на мелкаводдзі ўбачыў патрушчаныя на друз камяні. Пагробся трохі ў іх, паперасыпаў з далоні на далонь, пільна ўглядаючыся. Нічога цікавага…
Паспрабаваў у ластах, расхіляючы гушчэчу зарасніку, выбрацца на бераг. Але падняўся мо метраў на два і адмовіўся: тут і босаму, без акваланга, нялёгка ўзбірацца. З заваяванай маленькай вышыні зноў паглядзеў на тое месца, дзе кружылася вада.
«Ці не там і ёсць той сцёк, праз які вада прападае з возера? Амара ж казаў: калі вада правальваецца, абавязкова кружыцца на тым месцы, можа нават прагнуцца, як лейка… А тут і кружыцца, і прагнулася, здаецца…»
Золата было начыста забыта. У галаву палезла другое: а ці нельга агледзець, абмацаць той сцёк? Што там — яма-калодзеж ці шчыліна ў скалах? Знікае вада, а куды? Недзе там, за кручаю, мора… Дык што — падземная рэчка туды вядзе?
«Пагляджу… Я ж і хацеў пад гэтым берагам дно агледзець, дык заадно і сцёк пагляджу…»
Ніякай трывогі, ніякага сумнення ў тым, што пагружэнне ў гэтай частцы возера можа быць небяспечным, не адчуваў. Але здагадваўся, што глыбіня возера тут павінна быць намнога большая.
Злез да вады, пашукаў камень-грузіла велічынёю з галаву. «Каб хуценька апусціцца, час не марнаваць…»
…Спуск ішоў імкліва, пад нейкі аднастайны гул. Янг не паспяваў глытальнымі рухамі выраўніваць ціск у вушах, і некалькі разоў балюча кальнула ў перапонкі. Дыхаць рабілася ўсё цяжэй, вада ціснула на грудзі з такою сілаю, што на кожны ўдых даводзілася траціць вялікае намаганне. Хацелася не на ўсе лёгкія ўдыхаць, а патрошкі і чым найчасцей, каб хутчэй забяспечыць сябе паветрам. Густым і цягучым паветрам… Але помнілася Раджава папярэджанне, што бывае з аквалангістамі, калі дыханне збіваецца на такі рытм.
Таямнічая халодная цемра насоўвалася імкліва, і не вытрываў больш, выпусціў камень з рук. Здалося, што пачуў яго стук аб дно. «Ага, блізка ўжо… Цяпер і без каменя можна пагружацца…» Праплыў трохі ў напрамку кручы, хоць ногі і рукі не вельмі слухаліся, дзеравянелі ад холаду. Увагнуў галаву на грудзі, кінуў уніз рукі, запрацаваў ластамі. Цемра згусцела ўжо так, што дно хутчэй угадалася, чым убачылася. Амаль у той жа момант пальцы драпнулі па дне, адчулі ліпкасць мулу і глею.
Густы і раўнамерны гуд, злавесны клёкат чуліся тут мацней, з-за яго не ўлавіць было булькатання пухіроў выдыхаемага паветра, сіпення і свісту лёгачнага аўтамата. Што там можа так раўці? Хіба які матор працуе ці механізм? Тады, на Біргусе, калі ныралі з Мансурам, пад вадою быў такі грукат, што вушы закладвала. Потым гахнула-бабахнула, і беднага Мансура давялося несці на руках дадому. Можа, і цяпер тут рыхтуецца які выбух?
Слізі і мулу на камянях амаль не было. Дно ўсё апускалася і апускалася, роў вады рабіўся нясцерпны. Янг ужо хапаўся за камяні не для таго, каб падцягнуцца ўперад, а каб стрымацца. Нейкая неадольная сіла адрывала яго, разварочвала і так, і сяк, нават нагамі ўперад. І раптам рукі сарваліся з камянёў, Янга закружыла і панесла па крузе. Супраціўляўся бязлітаснай пачварнай сіле як мага, гроб рукамі і ластамі — чым далей ад гэтага рова, ад гэтага дзікага месца! Наверх! Туды, дзе шарэе вада, дзе павінны быць паветра і сонца! Гарачае, жывое сонца…
На гэты раз Янг гроб даўжэй, над галавою ўжо добра пасвятлела. Яго насіла кругамі, а ён усё гроб і гроб, штурхаўся ластамі. Варта было крыху спыніцца, параўняць ціск у вушах і дыханне, як зноў засмоктвала ў глыбіню. Кругі звужаліся, хуткасць вярчэння ўзрастала, мацнеў роў. Янг ужо здагадаўся, што гэта раве вада, правальваючыся пад зямлю, зразумеў, што і яго можа засмактаць туды. На мяжы жаху і вар'яцтва зрабіў яшчэ адзін адчайны рывок угору і адчуў, як левую лытку паласнуў дзікі боль, нагу падкурчыла сутарга… Збілася і дыханне, яно стала бязладным. Янг ужо задыхаўся без паветра. Можа, з асноўнага балона ўсё выдыхаў? Кінуў руку за карак, намацаў вентыль рэзервовага, крутануў з апошняе сілы.
«Легчы на дно, выраўняць дыханне…» — скрозь роў вады пачуў Раджаў наказ.
Бязладнае, некіруемае кулянне… Глухі звон балонаў, Янга ўдарыла аб скалы, прыціснула да шчыліны дагары. Ляжаў упоперак шчыліны, а яго трэсла, душыла, смактала дзікая сіла. Думаў толькі адно: «Не выпусціць загубніка… Удыхаць — працяжна, выдыхаць — працяжна… Ра-а-аз — два-а-а-а… Ра-а-аз — два-а-а-а… Удыхаць — доўга, выдыхаць — доўга… А колькі там яшчэ паветра, ці хопіць, каб адолець гэты вір? — Янг стагнаў ад болю і дыхаў, дыхаў.— Калі ж тая сутарга адпусціць?»
І вось адчуў ужо, што ўдушша мінае, паветра стала хапаць, дыханне выраўнялася. Дацягнуцца б цяпер да лыткі, пашчыпаць яе здранцвелымі ад холаду пальцамі… І дацягнуўся неяк, памяў, пашчыпаў, не чуючы гэтых шчыпкоў. Боль у лытцы стаў цішэць, расцякацца, але нага не слухалася, шалёны паток яе трос, біў, трапаў, мяў, шпурляў, і былі моманты, калі здавалася: вось-вось яна адарвецца і знікне ў прорве. І ўсё ж у нейкі міг Янгу ўдалося яе падкурчыць, а за ёю і правую, уперціся пяткамі ластаў у край расколіны, адштурхнуць цела крыху ў бок ад асноўнага патоку. Буйства вады, д'ябальскі масаж адчувалі цяпер толькі ногі, ласты трэсліся і тузаліся, іх клала вадою то так, то гэтак… Зрабіў намаганне, перавярнуўся на жывот… Упірацца нагамі зрабілася горш, затое можна было хапацца рукамі. На адных руках і падцягваўся, адсоўваўся ад ненасытнага жэрла — здавалася, поўз вельмі доўга, вельмі далёка. Потым адштурхнуўся з усёй моцы ад дна, заперабіраў нагамі, але зразу адчуў, што адпоўз мала. Яго зноў панесла па крузе, пацягнула ўніз, хоць і супраціўляўся, махаў рукамі і нагамі. А потым перастаў супраціўляцца, зрабілася прыемна ад таго, што даў рукам і нагам спакой, што плыве па крузе. У нейкім трызненні ўявілася, што гэта бура ці смерч, які дзесьці яшчэ зусім блізка раве і вые, узняў яго над зямлёю, і ён лунае ў густым паветры, а рукі, простыя чалавечыя рукі служаць за крылы.
І зноў працяглы ўдар аб дно над расколінай, яго крыху паварочала так і сяк, нібы паток сам прымяркоўваў, як лепш умасціць яго, распарадзіцца Янгавым целам. Здавалася, што Янга груба раздзяваюць, здзіраючы жыўцом не толькі адзенне, але і скуру, тузаюць за ласты. Нават зрабілася смешна ад гэтых марных намаганняў вадзяной віхуры. «Пачакай, не рві… Расшпілю зараз…» — дацягнуўся да правай, здаравейшай нагі, адшпіліў раменьчык. Дзікая сіла ў момант сарвала ласт, а прорва з задаволеным ровам глынула яго. Другі ласт не адшпіляў, Янг проста забыўся, што ў яго дзве нагі… Яму ўбачыліся нейкія ўспышкі-сполахі, нібы водбліскі далёкай навальніцы. Здалося, што яго завуць — адтуль, з расколіны-жэрла, з пракаветнай цемры. Пісклявы галасок працінаў усе гукі: «Ну ідзі ж за мною… Ідзі-і-і!» Янгу зрабілася смешна: гэта ж голас таго ласта, што адшпіліў! А раней жа ніколі ён не падаваў гуку, мо хіба саромеўся? «Я зараз… Пачакай, акваланг толькі скіну — замінае… К чорту яго!» Намацаў паясны рэмень, адшпіліў… Апошні раз удыхнуў на ўсе лёгкія і вырваў загубнік з рота. Вадзяная віхура памагла сарваць акваланг з плячэй, і Янг напаследак нават з агідаю адштурхнуў яго ад сябе. Не супраціўляўся ўжо, калі яго пачало разварочваць, усмоктваць у шчыліну, наравіўся толькі, каб менш засядаць і стукацца аб вострыя вуглы галавою, плячамі, менш чапляцца адзеннем, а калі гэта здаралася, то аддзіраў сябе, праштурхоўваўся з п'яным утрапеннем. «Іду-у! Я ўжо іду-у-у!» — крычала ўся яго істота. І калі засеў у вузкім месцы, заклакаваў сабою жэрла, затузаўся, нібы ў перадсмяротнай агоніі, разам з выдыхам крыкнуў проста ў ваду. Крык быў поўны дзікага жаху, бо свядомасць на міг праяснілася, уцямілася — «У пастцы!». Сутаргава затузаўся і ўніз і ўгору, супраць патоку, а лёгкія ўжо крычаць-енчаць — «Паветра-а!».
Топячыся, трацячы прытомнасць, пачуў яшчэ, што нейчыя зубастыя, як у кракадзіла, шчэлепы абхапілі хворую нагу вышэй костачкі, тузанулі бязлітасна, нібы ўпраўлялі вывіх…
4
Натача і Абдула, прывязаўшы Тота да дрэўца, шукалі золата. Не на беразе возера, а ў ручаі, высока, яшчэ перад вадаспадам. І трэба ж было такому здарыцца! Кружылі сёмы тазік — каменьчыкі, галька, гравій, пясок. Збіралі, разглядаючы, зверху большыя камяні, адкідвалі, ссыпалі, грэбліся. Зачэрпвалі ваду і зноў кружылі, перамацвалі асадак. Знайшлася чачавіцінка-гарошына, трошкі пляскатая, у ноздрачкі, з ямкай на баку. Па звычцы паклалі на камень, трэснулі другім зверху. І во дзіва, яна не рассыпалася, а спляскалася. Свежыя драпіны ад каменя зырка-вогненна бліснулі. Яшчэ не верачы сам сабе, Абдула па інерцыі гахнуў другі раз, з усёй моцы, а трэцяга ўдару не зрабіў: рука завісла з каменем каля вуха.
— А дзе… тое? — ледзь прагаварыў, бо ў роце раптам стала суха. — Золата дзе?!
Камень-кавадла быў пусты.
— А во! Прыліпла… — Натача ўзяла з яго рукі камень, адкалупіла жоўта-аранжавы струпок. — Золата! Чэснае слова — золата!
Пакруціла ў пальцах, абгледзела з усіх бакоў, цісканула нават клыкамі: паддаецца на зуб, мяккае! Метал, значыць.
— Дай сюды! — ледзь не вырваў той струпок-аладачку Абдула. І ён абгледзеў струпок з усіх бакоў, і ён пацапаў яго зубамі. — Ух ты-ы… — усхапіўся на ногі, закруціў галавою ў бакі.
— Супакойся, — астудзіла яго Натача, сама з каленяў не ўставала. — Колькі ўжо часу прайшло? Нешта Янга доўга няма.
— З гадзіну… А мо і больш. Зірнула Натача на сонца.
— Больш! А ён жа казаў, што паветра ў аквалангу на паўгадзіны! Я-янг!!!
Ускочылі на ногі, крыкнулі разам.
Рэха адбілася ад паўднёвага берага, прыляцела назад: «…а-а-ах!» Нібы хтосьці пацвяліўся і змоўк.
Ледзь голаў не скручваючы, хапаючыся за выступы, за галіны кустоў, Натача зляцела па строме на нізкі бераг, да вады.
— Я-янг! — Прабегла туды-сюды і зноў: — Я-янг! Адгукніся-я-я!
— Схаваўся недзе, пажартаваць хоча… — спусціўся ўніз і Абдула. — Я сам люблю такія штукі. Пачакаем крыху.
— Пачакаем? А акваланг дзе? Калі б хацеў пажартаваць, не цягаў бы з сабою такі цяжар.
— І на востраве ніякага руху… Птушкі спакойныя.
— Пабеглі на той бок возера! Шукаць трэба! — гарачылася Натача.
— Давай тазікаў тры перабяром, прамыем, і калі не прыйдзе за гэты час, то пойдзем шукаць. — Абдула стараўся быць спакойным. Не верылася, што з Янгам можа што-небудзь здарыцца. Чалавек жа і без акваланга добра плавае, і з аквалангам навучаны.
— Золата жоўтае, а сэрца ад яго чарнее. Хапуга! Бляшкі даражэй табе за чалавека! — кінула гнеўна Натача і пабегла паўз ваду па нізкім беразе ўлева.
Але доўга тут не набяжыш, водмель хутка скончылася, і трэба было лезці наверх.
Абдула прабіраўся за ёю назіркам, не раз гукаў: «Пачакай, не пры на скрут галавы!» А потым і гукаць перастаў. Натача скакала цераз ямы, агінала скалы, паднырвала пад кусты, спускалася ў равы, чапляючыся за галіны і карані — спрытна, лёгка, як малпа.
Калі ўзабраліся на самую кручу паўднёвага берага, былі мокрыя ад поту, мурзатыя. Трымаючыся за кусты, звіслі над абрывам, абшнарылі вачыма і востраў, і ваду да самай кручы. Нідзе нікога!
— Я-я-янг!!! — загалёкалі ўдваіх, без усякай асцярогі.
З вострава з крыкамі ўзнялася хмарка белых птушак, а з-пад ног, з-пад абрыву яшчэ большая хмарка чорных. Але нават рэха не пачулі тут.
— А што там жаўцее на вадзе? — паказаў Абдула ледзь не пад самы бераг.
Жоўтая, нібы здвоеная пляма паволі апісвала па вадзе круг.
— Акваланг! — выдыхнула са страхам Натача. — А дзе ж сам?
Абдула не паспеў нічога сказаць, Натача адступіла ад кручы на некалькі крокаў і рванула з месца, разганяючыся. На самым беражку адштурхнулася нагамі і, апісваючы вялікую дугу, паляцела ўніз. Рукі трымала перад галавою клінам, увайшла ў ваду амаль праменька, нават пырскаў было мала — шчабоўк! Не бачыў Абдула такога прыгожага скачка нават у хлопцаў, а не тое што ў дзяўчынак. Звесіўся, шукаючы яе вачыма на вадзе… Колькі тут вышыні — пятнаццаць метраў, дваццаць? Ад аднаго позірку дух займае!
Натача вынырнула не скора, мабыць, трохі аглушылася ад удару аб ваду. Страсянула галавою, фыркнула — і паплыла сажонкамі, як хлапчук, да жоўтай плямы.
Так, гэта быў акваланг. Натача рванула яго ўгору з сілаю, мо думала, што пад ім завіс Янг. Бліснулі сонечна балоны, зноў пляснуліся на ваду.
— Няма-а-а!.. — крыкнула з адчаем. Паклала рукі на балоны, моцна забарабаніла нагамі, кіруючы да берага.
— Туды!.. Туды!.. Тут не выберашся! — крычаў ёй зверху Абдула, паказваючы на ўсходні бераг. Потым кінуўся туды і сам: каля самай вады, у прыбоі была палоска пяску, на якую можна было выбрацца.
Падхапіў акваланг за рэмень, падаў і Натачы руку. А сам ужо абмацваў вачыма вентылі.
— Каторы з іх ад рэзервовай падачы паветра?
— Во гэты… — Натача хуценька пакруціла вентыль. — Ён адкручаны! — спалохана ўсклікнула яна.
Зразумелі: у Янга не хапіла на пад'ём паветра. Але чаму тады ён адшпіліў акваланг? Знарок, каб падаць ім нейкі сігнал? Пазначыць месца гібелі?
Зразумелі: дзе золата, там і бяда.
Раздзел другі
1
Не злавіць сеткаю вецер. Птушка ў небе, а дэльфін у вадзе не пакідае следу.
«Дзе ж тыя дэльфіны, куды пахаваліся?» Радж, дый не толькі Радж, — усе, хто быў на катэрах і глісерах, азіраліся ва ўсе бакі, мацалі вачыма па вадзе і блізка, і далёка, аж пад акаём, — няма дэльфінаў! І пагода стаіць як на заказ, звычайна ў такую пагоду чародкі дэльфінаў круцяцца каля Рая, найбольш смелыя набліжаюцца нават да купальшчыкаў.
Тры катэры і два глісеры ў іх групе. Сярэдні катэр нібы матка, ён і большы за іншыя разоў у пяць, не раўнуючы ўжо з глісерамі, і забяспечаны дзвюма лябёдкамі па бартах. У ім і бак — узвышаная пярэдняя частка судна — тырчыць намнога вышэй, чым у двух другіх: як другі паверх з каютамі і кубрыкамі. На баку, трымаючыся за радыёмачту, стаіць Судзір. Прыкладваючы да вачэй то далонь, то бінокль, ён углядаецца ў акіянскую далеч. Глісеры справа і злева ад катэраў, гойсаюць кругамі далёка, падскокваюць на вадзяных валах ад катэраў, паказваючы каршунаватыя «ногі», а часам і сам «абутак» — падводныя крылы.
Няма дэльфінаў, нібы хто папярэдзіў іх — ратуйцеся, браточкі, аблава!
Разгорнутым строем судны абышлі Рай па вялікай дузе. Гатэлі на востраве здаваліся меншымі за чвэрць запалкавага карабка. Дамы прыгожа бялелі, жаўцелі і ружавелі сярод зеляніны, а пляжы і белыя карункі прыбою вакол вострава надавалі асаблівае хараство — нібы з акіянскай сінечы паўстаў каштоўны, у візерунках аправы камень-самацвет.
Потым прайшлі трохі ў напрамку да Галоўнага вострава, але па дарозе траплялася шмат то рыбацкіх лодак, то суднаў, што спяшаліся на Рай, і Судзір падаў сігнал паварочваць на ўсход — у той бок, дзе праступаў з вады надламаны, але яшчэ востры рог гары вострава Блакітны.
Незаселеным лічыўся востраў Блакітны. Адзінымі бачнымі насельнікамі былі птушкі, ад іх скопішчаў ажно бялелі прыбярэжныя скалы. Раптам Судзір паказаў і рукою, і біноклем на паўночны захад ад Блакітнага. Усе пачалі ўглядацца ў той бок: ледзь прыкметныя цёмныя коскі выскоквалі з вады. Дэльфіны!
Судзір звесіўся з бака і штосьці пракрычаў уніз рулявому, а потым, нібы ўспомніўшы пра партатыўную рацыю, падхапіў яе, паднёс да рота. Такія ж рацыі былі ва ўсіх рулявых, усе прыслухоўваліся да яго каманд. Левы катэр, на носе якога стаяў Радж, павялічыў хуткасць. Прыбавіў хуткасці і правы, дзе быў містэр Крафт. (Судзір спачатку не хацеў браць яго ў мора — карысці ніякай, а замінаць, умешвацца непатрэбнымі распараджэннямі будзе. І Крафт вымушаны быў сказаць, што будзе толькі гледачом). Усе тры катэры павярнулі на паўрумба17 ўлева і трошкі больш разышліся. Цяпер паміж сярэднім і крайнімі было метраў па семдзесят, а мо і сто. Судзір яшчэ нешта камандаваў, бо глісеры перасталі гойсаць абы-дзе, а хутка памчаліся наперад, нібы ад крайніх катэраў раптам пацягнуліся, ахопліваючы нейкую прастору, рукі-клюшні.
Радж зразумеў Мансур: трэба хутчэй ахапіць чараду, скучыць дэльфінаў, закружыць на месцы. А што будзе далей? Упершыню ўдзельнічаў Радж у адлове дэльфінаў, усё было ў навіну. Гэты раз, як прывёў Судзір у порт армаду суднаў (а некаторых наняў на месцы) і паставіў Крафта перад фактам, містэр Джэры ажно зніякавеў. Усё! Няма адступлення назад! Новыя вар'яцкія выдаткі, якіх ён смяртэльна баяўся, — рэальнасць. Нават не суцешыла Крафта тое, што зараней плаціць не трэба. Усё роўна ж давядзецца раскашэльвацца. А на колькі? Нібы само ліха пацягнула тады за язык, падтакнуў Судзіру, згадзіўся на лоўлю новых дэльфінаў (як топішся, то і за пену схопішся), а цяпер ужо ўсё, адступлення не можа быць. Усё робіць Судзір сам: і флатылію прывёў, і распараджаецца, як гаспадар становішча, аддае загады. Па загаду Судзіра і Радж узяў з сабою ўсе даспехі аквалангіста, а цяпер прэе ў чорным гідракасцюме, чакае сігналу, каб скокнуць за борт. А скакаць давядзецца, бо дэльфіны заблытваюцца ў сетках. Пад вадою яны могуць прабыць дзесяць — пятнаццаць мінут, а звычайна ўсплываюць праз тры-пяць мінут. Уражлівыя дэльфіны страшэнна: калі не ўтопіцца, дык можа быць з перапуду інфаркт ці інсульт. Як у людзей!
Чарада дэльфінаў не здагадвалася, што будзе рабіцца далей. Яны дазволілі, каб іх абагналі, закружылі на месцы. Некаторыя весела выскоквалі з вады, шумна плюхаліся назад, зусім блізка падплывалі да глісераў, пускаліся з імі навыперадкі па крузе, і каб захацелі, то лёгка абагналі б, уцяклі. Адзін вялізны дэльфін, мо важак чарады, то заплываў наперарэз сярэдняму катэру, то ляцеў да крайніх, уздыбліваўся на хвост, баламуцячы ваду, нібы хацеў заглянуць, што робіцца на борце, чым займаюцца людзі.
— Ну, зрабі сальта! Ну — оп-ля! — махаў яму рукою Радж.
Але дэльфін і не думаў слухацца. Раптам ён працягла і рэзка свіснуў, знік пад вадою. І адразу занепакоена завірылі дэльфіны.
На катэрах спешна рыхтавалі сеткі. Вялікаю кучаю ляжала сетка і на Раджавым катэры, тырчалі з яе сям-там ружовыя прадаўгаватыя паплаўкі з пенапласту, іржавыя вялізныя шрубы грузілаў. Ад сеткі і да левага борта пасталі наводдалек адзін ад аднаго трое напаўголых, з выдубленай скурай лаўцоў, самы крайні, што каля борта, трымаў у руках канат і край сеткі, яшчэ двое распіналі яе крыло. Чацвёрты лавец стаяў каля правага борта, паглядаў на сярэдні катэр.
Тым часам Судзір зноў паднёс да губ рацыю з антэнаю-штыром, і глісеры хуценька падляцелі з бакоў да «маткі», якая замарудзіла ход. З аднаго і з другога борта ім пакідалі канцы сетак, і глісеры адплылі ў бакі, расцягваючы іх, злучаючы сеткамі сярэдні катэр і крайнія. Да катэра, на якім смажыўся на сонцы Радж, сетка не даставала, і з глісера пракрычалі:
— Тысяча д'яблаў! Правей давай!
Катэр падвярнуў правей і прыцішыў ход, на борт паляцеў канат. Чацвёрты лавец спрытна падхапіў яго, пацягнуў і завязаў за борт. «Хар-рош, давай да левага борта!» — крыкнуў ён людзям на глісеры, хаця яны і без таго ведалі, што рабіць, — падхапілі канец сеткі з левага борта і паляцелі з ёю наперарэз чарадзе дэльфінаў, закрываючы шлях адступлення. Гэтакі ж Мансур рабіў і глісер каля правага катэра.
О, каб можна было заскочыць наперад дэльфінам імгненна! Глісер цягнуў сетку як мага, а яна шархацела, грукала аб борт паплаўкамі і грузіламі, папраўляць і разблытваць яе не паспявалі. Аднак і дэльфіны не марудзілі. На імгненне стоўпіліся пасярод загона. — і раптам рынуліся за важаком у апошнія «вароты».
— Хутчэй, марскога вожыка вам у глотку! — надрываўся ў мегафон Судзір, трос кулаком, але глісеры не маглі паскорыць ход, не рызыкуючы парваць сетку. «Вароты» звузіліся ўжо да шырыні 10–15 метраў, а дэльфіны шугалі праз іх імкліва, ажно пырскі разляталіся. Сышліся глісеры, а ад велізарнай чарады засталося ў загародцы толькі дэльфінаў дзесяць — пятнаццаць.
Радж прымацаваў пояс з грузіламі, «абуў» і зашпіліў ласты, надзеў маску, — чакаў каманды. І каманда паступіла:
— Аквалангіст! За борт! Праплысці са знешняга боку сетак, разблытаць, дзе зблыталіся! А потым усярэдзіну, к дэльфінам!
Судзір, пракрычаўшы гэта яму ў мегафон, паднёс да губ рацыю. Усім рулявым была пададзена каманда зводзіць судны разам, а лябёдчыкам — «Вір-ра памалу-у!»
— Браточкі, памажыце… — падышоў да лаўцоў Радж. І тыя, як толькі ён мінуў сетку, не вельмі далікатна падхапілі яго пад ногі, пад локці, пасадзілі на борт.
Раджу даводзілася ныраць з лодкі: садзіўся спінаю да вады і куляўся дагары ўніз галавою. Такая поза была самая лепшая, хутчэй пагружаўся на патрэбную глыбіню. А тут гэтага нельга было зрабіць, катэр гайдала, і Радж проста адштурхнуўся, паляцеў нагамі ўніз.
2
Пагрузіўся метры на два. Плывучасць была дадатнаю, мабыць, малавата начапіў грузілаў. Запацела і шкло маскі, імгненна ўтварылася шэрая плёнка, нічога не было відаць. Крутнуўся — дзе сетка? Гэтак лёгка і самому ўблытацца.
Ударыў ластамі, выскачыў наверх. Садраў маску, акунуў яе ў ваду. Агледзеўся — ага, вунь дзе глісер, значыць, і сетка прыкладна туды вядзе. Зноў нацягнуў маску, распрастаў добра гумавыя закрайкі і нырнуў галавою старчма, запрацаваў ластамі.
Сетка бачылася яму справа, ячэі буйныя, руку можна прасунуць. Такімі рыбу не ловяць. Дык скуль жа гэтыя лаўцы дэльфінаў, што і сеткі дзіўныя маюць, і вопыт лоўлі?
Радж плыў уздоўж знадворнага боку сеткі. Яна зусім не падобная на аламан, гіганцкі мяшок з закрылкамі. Гэта проста ячэістая загародка. Зверху, каля каната, сетка нацягнута туга, нейлон, здавалася, ажно звініць ад напругі. Мабыць, на крайніх катэрах таксама працуюць ужо лябёдкі, падцягваюць сеткі разам з глісерамі, змяншаюць кола ахопу. Чым глыбей ішла сетка, тым меншала нацяжэнне. Цікава, якая ў яе шырыня? Ніжні край растае, губляецца ў сінечы.
Пачаў яшчэ больш заглыбляцца, чапляючыся за ячэі праваю рукою, сяды-тады патузваючы, распраўляючы. Тут сетка была яшчэ больш свабодная, выпучылася ў знадворны бок, як ветразь.
Не даводзілася Раджу плаваць з аквалангам у адкрытым моры. Якая празрыстая сіняя вада тут! Якая пустэча!.. Дна не відаць, там, дзе павінна быць дно, сінее змрок, за якім угадваецца фіялетавая чарната бездані. Зябка патыхае адтуль холадам і жудою.
Сіняя вада, бо няма планктону. А няма планктону, няма і рыбы. Дык чаго таўкліся тут, калі няма рыбы, дэльфіны? Яны ж не дурні, каб проста так прыплысці сюды пазабаўляцца, пакуляцца. Мо які свой сход праводзілі ў нейтральных водах?
Радж убачыў заблытаны кавалак сеткі і спусціўся да самага нізу. Ад ціску парабіліся на касцюме жорсткія складкі, нібы металічныя рэбры, цяжка згінаць-разгінаць ногі. Здалося, што і думкі тут, на глыбіні, больш марудна варушацца. Як можа заблытацца ніжні край? Там жа свой канат, там жа грузілы. А вось як: адна шруба трапіла ў ячэю ды яшчэ перакінулася разы два, закруцілася. Наверсе — то і прыгледзеўся б лепш, і хутчэй уцяміў бы, як выбавіць тую шрубу. А тут пакуль зразумеў, у які бок адкручваецца, а ў які закручваецца, прайшлі доўгія мінуты. Хацеў ужо даставаць крыс, каб шарахнуць па ўпартай пятлі. А тут яшчэ гума маскі так уліпла ў твар, так прысмакталася, нібы якія прысоскі васьмінога. З сілаю некалькі разоў выдыхнуў носам пад маску, каб выраўняць ціск.
Усплываў да верхняга краю сеткі і бачыў за ёю высока-высока ўгары сілуэты дэльфінаў — то цямнейшым бокам павернуцца, то бліснуць жыватом. Нібы дзіўныя бяскрылыя птахі кружацца ў небе, сплываюцца разам, кіруюць да сетак, зноў рэзка адварочваюць. Рухавікі суднаў маўчалі, і паміж выдыхамі-булькатаннем пухіроў чуў шчэбет, вельмі падобны на лямант вераб'ёў, калі збярэцца іх цэлая плойма і штосьці не падзеляць між сабою. Птушыны гармідар прарэзвалі рэзкія трывожныя свісткі.
Цямнеюць дзве нерухомыя плямы — амаль упрытык адна да адной. «Глісеры», — здагадаўся Радж. Счапіліся, каб не засталося ніякіх «варот» паміж сеткамі. Хацеў спачатку ўсплыць каля іх, памахаць рукою — «З адною ўсё ў парадку!», ды перадумаў. Бог з імі, не выклікаюць Судзіравы людзі сімпатый. Пакуль быў на катэры, не пачуў ад іх ніводнага слова. Абменьваліся яны толькі нейкімі аднаскладовымі выгукамі-сігналамі і, відаць добра разумелі адзін аднаго. Стоячы на носе катэра, Радж часам адварочваўся да іх, аглядаў лаўцоў. Загарэлыя, мускулістыя мацакі, па выгляду не то кітайцы, не то малайцы.
Плыў каля сеткі, расцягнутай паміж другім глісерам і правым катэрам, і дзівіўся някемлівасці дэльфінаў: для іх ніякай цяжкасці няма нырнуць на глыбіню, шмыгнуць пад сетку. А яны носяцца каля паверхні, ныраць баяцца — запанікавалі, мабыць.
Гэта сетка такая ж, як і першая. А трэба яшчэ трэцюю і чацвёртую агледзець, хоць зусім не хочацца гэта рабіць. Узяў бы ды крысам — р-раз, р-раз, каб ад гэтых загародак паплыло адно ашмоцце. Няхай бы плылі дэльфіны ва ўсе бакі — на волю, у сіні прастор.
Містэр Крафт, мабыць, таксама быў бы рады. Яму недзе не сядзіцца і не стаіцца. Дзівіцца чалавек і перажывае: з якім размахам усё арганізаваў Судзір! Вось, маўляў, як клапачуся я пра дэльфінарый, пра справу. А ці ад чыстага сэрца ўсё? Судзір такі чалавек, што ў яго і з курыных яек змеі выводзяцца.
А дзе цяпер і што парабляе Янг? Не апалонік ён ужо, але яшчэ і не дарослы, хоць хвосцік дзіцячы і адкінуў. Шмат глупства ў галаве, за ім трэба вока ды вока… Добра, што Янг не паехаў на лоўлю. Не спадабалася б і яму ўсё гэта. Асабліва як пачнуць падымаць сеткі з дэльфінамі ці саміх дэльфінаў у нейкіх гамаках ці фартухах. Непрыемнае відовішча. Яны не тузаюцца, не трапечуцца, як рыбы. Яны зразу спыняюць спробы ўцячы, нібы разумеюць, што гэта не хто іншы злавіў іх, а чалавек, дык хіба можна ад чалавека чакаць зла? Чалавек паможа ім у апошнюю мінуту, уратуе, палечыць. Так было ў вялікім басейне дэльфінарыя, калі вылоўлівалі раз Джэка, каб апрацаваць рану на баку, зашыць яе (недзе ж ушчаміўся — ці ў басейне ўжо, ці яшчэ як лавілі ў моры). Запынялі, лавілі сеткамі ў вадзе, тады яшчэ ні Джэк, ні іншыя дэльфіны не ўмелі выскокваць на памост. У вадзе і ўвільваў, і супраціўляўся, а сіла ў яго была нямераная, але як вынялі з вады на бераг — ні разу не страпянуўся, нават калі доктар калоў іголкаю скуру, зашываў рану. Ляжаў і сумна-даверліва паглядваў цёмнымі вочкамі на людзей. Ажно нядобра рабілася ад гэтага позірку, нібы дэльфін вельмі шмат ведаў пра людзей, значна больш, чым яны самі пра сябе.
Скончылася і другая сетка, нідзе блытаніны не знайшоў. Праплыў пад носам правага катэра, вынырнуў. Вунь містэр Крафт, перавесіўся цераз борт, журботна глядзіць на ваду, нібы вырашае праблему — боўтнуць зараз за борт, утапіцца ці яшчэ трохі пачакаць. Радж памахаў яму рукою, і Крафт квола ўсміхнуўся, спытаў:
— Усё ў парадку?
Радж выняў загубнік з рота.
— Ол райт! — і зноў сунуў у рот.
Перад тым як нырнуць углыб, прыкмеціў на грудзях у аднаго лаўца пачэпленую на шыю маску. У другога такая маска была пасунута на лоб. Лаўцы таксама зрыхтаваліся скакаць у ваду, калі ахопленая прастора зменшыцца да мінімуму, і трэба будзе ці выблытваць дэльфінаў з сетак, ці падводзіць пад іх гамакі-фартухі са стропамі.
У сетках паміж катэрамі і «маткаю» таксама былі блытаныя месцы. Разблытваў і чуў, як яны «жывуць» пад рукамі, напінаюцца або слабеюць, калі адна лябёдка адключыцца, чакае другую, каб даць магчымасць укарочвацца сеткам раўнамерна. Чым меншаю рабілася загародка, тым больш нервова гойсалі, кідаліся ў ёй дэльфіны. Колькі іх удалося запыніць? Радж усплываў у сярэдзіне круга і стараўся палічыць іх. Здаецца, адзінаццаць, ёсць два дзіцёнкі такога ўзросту, як Бобі. Адзін з маткаю, бо ўвесь час туліцца да яе, ажно плысці замінае. Другі, відаць, адзінокі — ці не апынулася маці за сеткаю, на волі? Ён то падплыве да дэльфінкі з дзіцем, нібы хоча прылашчыцца ды не адважваецца, то аддаліцца, робячы рыўкі ўправа-ўлева, нібы шукае кагосьці.
І раптам са знешняга боку сеткі, той, што была бліжэй да Блакітнага, з'явілася вялікая дэльфінка. Яна неспакойна прамчала ў адзін бок, у другі, шукаючы дзіру. І нешта мо скамандавала ці паклікала, бо малы, як з прывязі сарваўшыся, напрасткі кінуўся да яе. Радасць зусім замуціла яму розум — на вялікай хуткасці ўрэзаўся ў сетку, завіс, затузаўся, запішчаў.
Вось ён, той выпадак, тое няшчасце, якога трэба баяцца…
Запалоненыя дэльфіны ўраз перасталі мітусіцца. Бяда, якую яны чакалі з усіх бакоў, увасобілася ў адной, канкрэтнай — і ўсе імкліва рынуліся да дэльфіняці. Паплыў і Радж — на ўсёй хуткасці, на якую хапала сілы. Але гэта была хуткасць чарапахі на сушы ў параўнанні з тою, якую маглі развіць дэльфіны.
Таўхатня — не прабіцца. Дэльфіны тузалі малога за хвост, за плаўнікі, некаторыя хапалі ротам за сетку і трэслі, нібы гэтак можна было вытрасці з яе дэльфіня. Да Раджа адразу скіравалася некалькі разяўленых пашчаў, утыканых зубамі-калочкамі. Але ніводзін дэльфін не ўдарыў рострумам, не схапіў зубамі, і Радж расштурхоўваў іх у бакі, даваў кухталёў то пад жывот, то ў галаву, адштурхоўваў ластамі… Вось ён, малыш, убіўся дзюбаю так глыбока, што пятля ўелася пад ілбом, прарэзала плоць. І чым больш тузаўся малы, тым мацней упівалася капронавая ніць, у вадзе закручваліся ўжо струменьчыкі цёмнай крыві… І правы плаўнік ублытаны, але на ім, здаецца, парэзаў не было.
Радж падчапіў ніць крысам…
Усплываючы следам за дэльфінамі, якія кінуліся да паверхні, штурхаючы сабою і малога, ён начыста забыўся пра парэзаную сетку, пра тое, што пускаў у ход нож. Радасць перапаўняла грудзі, і каб гэта было не пад вадою, то заспяваў бы ці засвістаў.
Вось ужо дэльфіны на паверхні, Раджу відаць, як двое, а потым нават трое, свецячы белымі жыватамі, з бакоў і ззаду, нібы ў ганаровым эскорце, суправаджаюць малога, не адстаючы ні на метр. Калі Радж дасягнуў паверхні, адразу зірнуў за сетку — дзе дэльфінка? І раптам вада ўзбурліла, вялізнае і гібкае цела ўзвілося дугою ўгору і з шумам-плёхатам абрушылася зноў у ваду, але ўжо ўнутры загародкі (Радж ледзь паспеў адхіснуцца, яго акаціла вадою, як з бочкі). І зразу дэльфінка рванула да тых, што вадзілі, суправаджалі яе дзіця, падмяніла аднаго з левага боку.
«Ну і ну, — падзівіўся Радж. — Дзіця даражэй за волю». Але і другому здзівіўся: чаму не могуць прарабіць такі ж Мансур акружаныя дэльфіны, толькі наадварот — сігануць з загародкі на волю? Няўжо для гэтага ў іх не хапае глуздоў? Нават дурная рыба, калі цягнуць невад на бераг, стараецца выскачыць.
— …за борт!!! — пачуў Радж урывак Судзіравай каманды.
Аглянуўся: з сярэдняга, галоўнага катэра скокнулі з абодвух бартоў у ваду двое лаўцоў. З двух крайніх боўтнулі па аднаму чалавеку. Па аднаму кульнуліся і з глісераў, усе былі ў аранжавых надзьмутых жылетах. Лаўцы сталі загоншчыкамі: крычалі, білі рукамі па вадзе, боўталі нагамі ў тых пралазах пад бартамі, дзе сеткі задзіраліся ўгору, — адпужвалі дэльфінаў.
Радж спрабаваў наблізіцца да тых дэльфінаў, што не адыходзілі ад малога. Хацелася лепш агледзець яго, можа, удалося б першага адлучыць і вылавіць, каб хутчэй аказаць медыцынскую дапамогу. Але дарослыя не падпускалі блізка, хутка аддаляліся, робячы чарговы круг уздоўж загародкі.
А неўзабаве ў агароджанай прасторы ўсё забурліла ў паспешлівасці і мітусні. На сярэднім катэры, аказваецца, была яшчэ і шлюп-бэлька, яе «рука» вытыркла над правым бортам, але бліжэй да носа. На стропах замахаўся пад ветрам абвіслы кавалак парусіны. Вытырклі стрэлы таль-блокаў з левага і правага катэраў. Дзіва, Радж не заўважаў, быў такі таль-блок на яго катэры ці не. Можа, яго так павярнулі стралою, што зусім не кідаўся ў вочы. А мо гэта былі якія часовыя прымітыўныя збудаванні, зручныя, каб можна было іх хутка сабраць і разабраць. З гэтых таль-блокаў таксама спускалі стропы з гамакамі-сеткамі, адзін ужо лёг на ваду.
Радж кідаўся на дапамогу то адной групе лаўцоў, то другой, памагаў падганяць дэльфінаў да гэтых палотнішчаў ці падсоўваць палотнішчы пад дэльфінаў. Плюхат, выкрыкі, лаянка… Радж то вымаў загубнік з рота, каб не замінаў, то зноў хапаў яго, калі трэба было паднырнуць пад дэльфіна, прыўзняць яго балонамі над вадою. Часам ныраў без загубніка, а ўсплываў — браў у рот. Ён ужо кашляў — нахапаўся вады, але валтузіцца з дэльфінамі не пераставаў. Вунь ужо завішчалі два таль-блокі пад цяжарам дэльфінаў… Доўгія целы ўздымаліся над вадою марудна, дэльфіны паволі паварушвалі хвастамі.
Судзір раптам вызверыўся з «маткі» на Раджа: — Сваёй справай займайся! Вунь… глядзі!!! І вунь!!! — нібы дзёўбнуў рукою ў адзін бок, у другі. Каля глісераў ліхаманкава скакалі, тузаліся паплаўкі, мабыць, ублыталіся дэльфіны, а лаўцы, што катурхаліся ў вадзе, не звярталі ўвагі — не да таго было. А мо не разумелі скокаў паплаўкоў?
Радж паплыў да той сеткі, што паміж правым катэрам і глісерам. Пачуў зноў брыдкую лаянку Судзіра і азірнуўся: Судзір і сам ужо ляцеў з борта галавою ўніз. Паплыве, мабыць, да левай сеткі. Дурань, не многа зробіш пад вадою без маскі, без акваланга, без нажа.
Дзе многа рулявых, карабель пападае на мель. А дзе ніводнага няма — садзіцца яшчэ хутчэй. Усе змагаюцца з дэльфінамі, нават крыху ранавата пачалі гэта рабіць, а трэба было звужваць ахоп, вартаваць шчыліны-пралазы да апошняга моманту. Калі вызваліў дэльфіна і ўсплыў на паверхню, на таль-блоках і шлюп-балцы вісела яшчэ па дэльфіну, а лаўцы крычалі адзін аднаму: «Не туды!.. Хутчэй!.. Не пуска-а-ай!!! Уцякаюць!» Выкрыкваў нешта і Крафт, звесіўшыся з борта. А дэльфіны імкліва, як стрэлы-тарпеды, расштурхоўваючы людзей, ляцелі паўз борт «маткі» на волю.
А дзе ж Судзір? З лаўцамі яго не было, на катэр не мог так хутка забрацца… Кінуў вокам на сетку між левым катэрам і глісерам — паплаўкі яе бязладна, не ў рытме хваляў скакалі на вадзе. Радж адразу нырнуў і наўкасую паплыў да сярэдзіны сеткі. Убачыў два целы, чалавека і дэльфіна, яны валтузіліся кожны паасобку, хоць і блізка адзін ад аднаго. Спачатку да чалавека…
У Судзіра былі вытарашчаныя ад напругі і страху вочы, перакрыўлены грымасаю твар. Учапіўся спражкаю рэменя за сетку, парэзаў нават пальцы, ірвучы яе — завіваліся струменьчыкі крыві. А зараз спрабаваў расшпіліць рэмень, скінуць штаны, але і гэта не атрымлівалася. Радж вырваў загубнік з рота, паднёс да яго губ. Судзір скеміў: выпусціў паветра з лёгкіх, ухапіў загубнік. Заціснуў сабе нос і зрабіў некалькі глыбокіх, сутаргавых удыхаў І выдыхаў. Але розум яго яшчэ не працаваў як след, бо калі Радж паказаў яму пальцам — «Аддавай назад! Пацярпі, я памагу…», той і не думаў аддаваць загубнік. Радж сам ужо задыхаўся, але яшчэ некалькі секунд выцерпеў бы, каб трэба было толькі ўсплыць наверх і ўсё. Але ўсплыць нельга было, яны былі ўжо ўзаемазвязаны, залежалі адзін ад аднаго. Радж падцяў нагу, выхапіў з ножнаў крыс… Судзір спуджана выпусціў загубнік, і Радж хуценька сам удыхнуў і выдыхнуў два разы. Крамсануў нажом па сетцы, абрэзваючы моцныя ніці, вызваляючы Судзіра. «Наверх!» — штурхануў яго пад зад. Судзір сутаргава запрацаваў рукамі і нагамі — рыўкамі, бязладна, — пачаў усплываць.
Яшчэ раз пусціў крыс у ход, вызваліў дэльфіна. Засеў ён у той дзірцы, што засталася ад дэльфіняці, засеў глыбока — сетка ўелася ў цела паміж груднымі і спіннымі плаўнікамі. Не схацеў цягнуць яго назад у загарадку, ляпнуў па спіне — плыві на волю, герой!
Усплыў наверх, падтрымаў Судзіра: той кашляў і ледзь трымаўся на вадзе.
— Памажы… да катэра… Кепска мне… — прахрыпеў Судзір.
Радж памог яму дабрацца да катэра. Усе ўжо вылазілі з вады па вераўчаных лесвіцах, драўляныя папярэчкі грукалі па бартах, як косткі. Браць, вылоўліваць больш не было каго — дэльфіны паўцякалі.
Зусім блізка ад глісераў раптам вытыркнуўся з вады востры і высокі, загнуты назад плаўнік, пайшоў рэзаць, чарціць ваду вакол сетак і суднаў. Метраў за сто вытыркнуў яшчэ адзін. Акулы… Унюхалі кроў, прымчаліся на свежыну.
Выцягвалі на «матку» правую сетку і выцягнулі… дэльфіна! Ублытаўся і захлынуўся, а ў сумятні і вэрхале ніхто не заўважыў, як трымаюцца на вадзе паплаўкі з гэтай сеткі. Падымалі дэльфіна на борт лябёдкаю разам з сеткаю, ніхто ўжо лезці ў ваду не хацеў. Пакуль даставалі правую сетку з дэльфінам, на левую не глядзелі. А паглядзелі, то жахнуліся: вада каля яе бурліла, раз-пораз вытыркаліся доўгія і крывыя, як турэцкія ятаганы, спінныя плаўнікі. Цягнулі гэтую сетку і ўбачылі, што ў ёй таксама ўблытаўся і ўтапіўся дэльфін. Туша яго ўжо была бясформенная, з вырванымі велізарнымі ямамі, а вада наўкол густа афарбавалася ў цёмны колер. Цела дэльфіна завісла ўжо над вадою, акулы ўсё скакалі і рвалі яго, як сабакі. Адна нават высока падскочыла, загнула нос як мага ўгору, рот з вострымі, як брытва, зубамі ажно вытыркнуўся. Цапнула дэльфіна за бок, сцепанула галавою, Раджу здалося, што нават пачуў сабачае «Р-р-р-р!», боўтнула з кавалкам мяса ў ваду…
Мора кішэла акуламі. Ім на спажыву выкінулі не толькі мёртвых дэльфінаў. Судзір зрабіў рэвізію ўсяму ўлову — сем штук справіліся лаўцы падняць на борт катэраў — і загадаў выкінуць яшчэ аднаго: правы плаўнік амаль адарваны, глыбокая рана на галаве. Дарэмна Радж угаворваў Судзіра, каб пашкадаваў, пакінуў, маўляў, сам дагледзіць яго, вылечыць. Судзір быў бязлітасны і няўмольны: раны зараз апрацаваць не было чым, а пакуль давязуць, то памрэ.
— Усім, усім! — паднёс Судзір да губ рацыю. — Поўны ўперад! — Замяніў рацыю на мегафон і дабавіў: — Зрабіць дэльфінам цянёк! Паліваць няспынна!
Дэльфінаў палівалі — дзе са шлангаў, а дзе проста спускалі за борт на вяроўках вёдры, чэрпалі ваду.
На душы ў Раджа было скрушліва і цяжка. Усё ўспаміналіся гаротныя вочы параненага дэльфіна, якога шпурнулі акулам.
3
— А што — хіба няма Янга? — перапытаў Абрахамс. — Яліка таксама няма. Мо ўзяў ды ад'ехаўся рыбы палавіць… Ах, ах, а ўжо ж скора вячэрні ўлоў рыбакі на Рай прывязуць, трэба было б з'ездзіць на прыстань.
— Па рыбу не спяшайцеся. Не да яды дэльфінам пакуль што… Хай асвойваюцца, — сказаў Радж.
І Радж, і Абрахамс стаялі над вялікім басейнам паблізу ніжняга памоста і глядзелі на ваду. Дэльфіны цеснаю кучкаю — толькі ці ўсе? — стаялі ў загібе з паўднёвага боку, каля плаціны. Час ад часу спаважна, таксама не адрываючыся адзін ад аднаго, паўз самыя трыбуны пераплывалі на паўночны бок. Ні свістаў, ні скрыпу не было чуваць, калі і перагаворваліся, то на ультрагукавых хвалях, каб людзі не чулі іх і, не дай бог, раптам не зразумелі размоў. Не адзін праклён, мабыць, пасылаюць яны чалавеку, мо нават складаюць планы помсты за ўсё зло, якое прычынілі ім сёння людзі. Так думалася Раджу.
— Пачакаем трохі, мо хутка вернецца, — сказаў Радж пра Янга і пайшоў у каморку.
Дзверы пакінуў насцеж. За дзень назбіралася столькі гарачага духу, што хоць копру сушы. Удыхаеш паветра, і здаецца, што яно апякае ўсё знутры. Прыпаў да слоіка з прэснаю вадою, але яна была такая сцепленая і нясмачная, што зрабілася млосна.
«Сукін кот… Грошы так і ляжаць, па прадукты не хадзіў», — Радж падняў са століка пяць долараў, якія пакінуў раніцаю Янгу, сунуў у кішэню.
Патаптаўся трохі, не ведаючы, што рабіць, і выйшаў на двор, усеўся на лаўку пад кустамі. Сядзеў, то ўгнуўшыся і падпёршы рукою шчаку, нервова падрыгваючы нагою, то адкідваўся на спінку, утаропваў позірк у неба. Цясноцце ў грудзях усё большала, сэрца смактаў трывожны боль. «Дзе ён мог дзецца? Хво-о-рань-кі… Цікава, вуды на месцы ці не?» — устаў, вярнуўся ў камору, кінуў вокам на сцяну над кампрэсарам, дзе яны звычайна віселі. На месцы! Прабег вачыма па аквалангах — няма аднаго. «Не можа быць!..» — пачаў яшчэ раз аглядацца. Выявіў, што не хапала не толькі акваланга, але і камплекта балонаў. «Вось яно што-о-о… А мо Судзір узяў, да сябе завалок? Свайго не прынёс, а ўзяў два. Папытаць трэба ў Судзіра!» — выскачыў імкліва, але дзверы зачыніў і прымкнуў.
У Крафта недзе Судзір. Адразу, як паздымалі дэльфінаў з катэраў, з мяккіх паралонавых падсцілак, пусцілі ў басейн, зачыніўся Судзір з Крафтам у яго кабінеце. Не ўдвух, павёў Судзір з сабою яшчэ і аднаго з лаўцоў. Больш за гадзіну сядзяць, а малы катэр чакае таго лаўца, гойдаецца на прыбоі каля ўваходу ў заліў. Цяжкая, мабыць, у іх размова, прыперлі Крафта з аплатай да сцяны…
Ужо нагу паставіў на прыступку лесвіцы — і раздумаў. Не, да Судзіра пойдзе ў апошнюю чаргу. Калі ён не браў акваланга і запасных балонаў, то ашалее. Дый не трэба, каб і Крафт дачасна ведаў, што з каморы прападаюць аквалангі. Пайшоў за плаціну, пабрыў каля самай вады, прыглядаючыся да пяску, і нічога не заўважыў падазронага. Гэтак і на мысе Кіпцюра — ні слядочка, быў ужо прыліў і ўсё злізаў.
Вярнуўся назад да каморы. Пастаяў, патаптаўся — пайшоў шукаць цётку-дворнічыху. Пэўна ж, хадзіла па парку, выходзіла да заліва, а раптам што бачыла?
Не, нічога не бачыла цётка. Нават пакрыўдзілася за пытанне.
— Толькі што Абрахамс лаяў за лодку, дакладную збіраецца падаваць Крафту! А вы яшчэ і пра хлопчыка!
Дурны зразумее: паміж прапажай яліка і прапажай балонаў, акваланга ёсць прамая сувязь. Янг узяў і тое і другое, кудысьці накіраваўся. А куды? Чаму дасюль не вярнуўся? Дзень канчаецца, можна і наплавацца, і рыбы налавіць… «Рыбы! Вуды ж на месцы… Ну, я ж яму пакажу рыбу, пакажу плаванне! Дарослых не пускаю адных плаваць, абавязкова суправаджаю ды яшчэ і штокамі ўзбройваю. А тут… І я добры дурань… Трэба было ўсё расказаць пра падводнае плаванне. Асабліва тэхніку бяспекі ўдзяўбці ў галаву… Ён яшчэ не ведае, чым пагражае глыбіня чалавеку. Ап'яненне глыбіннае можа быць пасля шасцідзесяці метраў. Няўжо Янг лазіў на глыбіню? А мо выбраўся за рыфы, згубіў вёслы і ў адкрытае мора пагнала?»
А зрокавая памяць узнавіла малюнак: выпучваецца зубасты акулін рот… Крыважэрны хапок — і на баку дэльфіна зеўрае крывавая вырвіна — дзвюма далонямі не закрыць. Бр-р, страшна такое ўбачыць нават у сне. І не дай бог апынуцца сярод гэтых людаедаў у вадзе!
«Пачакаю яшчэ… Ён жа галодны, павінен прымчацца… Але ж і ўсыплю, ох і ўсыплю!»
Прымусіў сябе сесці на тую самую лаўку, хоць зусім не сядзелася. Хацелася сарвацца з месца і некуды бегчы. А куды?
Прайшлі міма лаўкі, вярталіся ад Крафта Судзір з тым лаўцом. Абодва зірнулі на Раджа, але нічога не сказалі. Не зачапіў і Радж Судзіра пытаннем — хай ІДУЦЬ.
Вырашыў прыняць душ. Лягчэй будзе целу, палягчэе мо і на душы. Дый час хутчэй пройдзе: проста сядзець і чакаць было невыносна.
Стаяў пад вялымі, зусім не было напору, струменьчыкамі доўга…
Выціраўся ў прыхожай, дзе стаялі шафачкі, яшчэ даўжэй. Пачуў, што Судзір не развітаўся з госцем, там нават чаркі звіняць. Няйначай п'юць барыш, добра злупілі скуру з Крафта. «Віншую… Трымайся цяпер…» — «І цябе віншую… Цяпер — Горны?» — «Не абзываюцца пакуль што. Ды нідзе не дзенуцца…» Гамана прыглушаная, часам можна разабраць толькі асобныя словы. Віно ці каньяк патрохі развязвала языкі, загаварылі мацней. Ужо і фразы некаторыя можна разабраць. Судзір:
— Гэта лёгка было зрабіць. Як і з тым… Я ж на месцы… А нашто?
Лавец:
— Закон ёсць закон. Судзір:
— Я пераканаў тады… Шэф перадаў, што згодзен пачакаць. Ён нам яшчэ спатрэбіцца… Асабліва цяпер.
Лавец:
— Ну — глядзі. Сам ведаеш… што на карту пастаўлена. Потым позна будзе раскайвацца!
Судзір:
— У любы момант паспею. Ен не даносчык, у паліцыю не бегаў. І ў бальніцу тады не хадзіў… У рабоце старанны… Патэнцыяльны дрэсіроўшчык.
Скрыпнулі і прыстукнулі ў Судзіра дзверы. Галасы зусім паглушэлі. І Радж зразумеў акустычны фокус: чуваць толькі тады, калі адчынены дзверы ў персанальную Судзіраву душавую.
Пра каго зараз гаварыў, каго меў на ўвазе Судзір? Зноў нейкія падазроныя размовы, невядомыя планы.
У Судзіра зашумела, заплюхала вада. Ці сам ён, ці госць зайшоў папаласкацца.
«У горад трэба… Купіць чаго, хоць макаронаў якіх… Крыху алею яшчэ ёсць…» — думаў, замыкаючы камору.
Каля прахадной чуваць гамана. Цётка-вартаўніца ўпарта і павышаным голасам паўтарае:
— Ніякага Абдулы я не бачыла! І Янга няма… З самага ранку я тут — няма, не бачыла!
— Санта Марыя! Ды яму ж няма больш куды хадзіць! Гэта Янгаў друг, аміко… І сабачка з ім чорны быў, кучаравы такі…
— Ні кучаравага, ні праставалосага не бачыла. А на тэрыторыю не пушчу, мадама. Усё!
Раджу таксама давялося выслухаць іх размову і пацвердзіць, што хлапчукоў сапраўды няма. Сам хацеў бы ведаць, дзе яны бадзяюцца.
— Гэта жахліва! У яго сэрца няма — марыць Тота голадам цэлы дзень… Вы не брат Янга? Такі падо-о-об-ны… Скажу вам кампліменто: вы вельмі прыемны малады чалавек… Будзьце ласкавы, з'явіцца Абдула — пашліце яго хутчэй у гатэль. І скажыце гэтаму разбойніку, што ў мяне пачынаецца нервовае знясіленне ад яго фокусаў… Я ўжо не магу распараджацца сваім часам, усё яго чакаю! Я не адпачываю, а толькі перажываю і хвалююся! Гэта не проста коміко, гэта партыджано… Скінуў з плечыкаў маю самую лепшую сукенку — паўмільёна лір заплаціла! А свае транты павесіў у шафу! Адны транты, адзін бруд, у смеццеправод трэба было выкінуць. Я ж яму новае ўсё купіла! А ён…
Не было калі слухаць гаваркую італьянку. Радж паабяцаў усё зрабіць так, як сіньёра просіць, і адкланяўся.
Амаль гадзіна прайшла, пакуль вярнуўся назад. Пра трэніроўку каратыстаў так і не ўспомніў, а сёння ж трэба было ісці да містэра Ромеша ў падвал.
Італьянкі каля прахадной не было. Паглядзеў запытальна на вартаўніцу. Тая зразумела пагляд:
— Не было, не з'яўляліся яшчэ.
«А чаго яны пойдуць цераз вароты?.. Яны з мора падплывуць». Радж усё яшчэ спадзяваўся, што прыгода хлапчукоў скончыцца добра. Ён і ўявіць не мог, дзе зараз яны знаходзяцца і чаго магло нарабіцца.
Ён і макаронаў наварыў, і астыць яны паспелі. Зноў падагрэў і еў адзін, а яны раслі ў роце, засядалі ў горле. Сонца ўжо села, імкліва насунулася цемра. Уключыў святло, і ў расчыненыя дзверы хлынулі малыя і вялікія таўстабрухія матылі. Напружана прыслухоўваўся да гукаў на моры, на алеях дэльфінарыя. І ўрэшце пачуў жаночыя галасы, нават усхліпванне. Заскрыпелі бамбукавыя маснічыны на мосціку.
— Во тут… Вунь дзверы адчыненыя… — вылучыўся голас вартаўніцы.
Радж выскачыў на двор, але цёткі ўжо не ўбачыў — пайшла назад да прахадной. У паласу святла ўступіла кучаравая чарняўка — заплаканая, знябожаная, у нейкай абарванай зверху, нібы абгрызенай спаднічцы.
— Натача?! — пазнаў Радж. Схапіў за руку, імкліва пацягнуў у камору. — Як ты тут апынулася?
Натача ўгнулася, затуліўшы твар рукамі, затрэслася ў плачы.
Раздзел трэці
1
Штуршкі былі не грубыя, але моцныя, працяглыя — больш пад грудзі і жывот, часам даставалася па барадзе і па носе — ледзь не спускалі юшку. Гэта тады, калі глыбока зарываўся тварам і мог зноў удыхнуць вады. Янг яшчэ не апрытомнеў добра, але ўжо чуў, як горла адпусціла спазма-сутарга, як дзікі, з ірвотаю кашаль драў кіпцюрамі горла і бронхі. Калі ж змог успрымаць крыху больш, адчуў боль у грудзях, у жываце, у чэрапе. Немым болем нылі суставы, тупа торгалі мышцы на руках і нагах, шчымлівы сверб перабіраў скуру. Паміж лыткай і костачкай на левай назе пякло, як агнём — скура там, мабыць, была злузана.
«Пху-ух-х!.. Ф-фуш-х-х… Ху-ф-ф…» — здаецца, пачуў скрозь шум дзіўныя і вельмі знаёмыя гукі. Заматаў, затрос галавою, каб вылілася з вушэй вада, і з правага вуха сцёк цёплы струменьчык. «Пфу-ух!» — пачуў ужо больш выразна. Паспрабаваў сам варухнуць рукамі і нагамі, каб трымацца на вадзе. Так, ён быў на вадзе, а не пад вадою… На ва-дзе! Прытым вада здалася больш цёплаю, чым у возеры, на глыбіні. Але гэтага цяпла было так мала для яго збалелага, змучанага цела!
Стуліў губы, заціснуў нос, паспрабаваў прадзьмуць вушы, робячы глытальныя рухі. Цяжкія выдыхі і справа, і злева, чуў і свіст, і скрып, і нейкае бляянне ці мармытанне. «Дэльфіны?! — прабілася скрозь боль і каламуту ў галаве. — Са мною дэльфіны?!» Махнуў некалькі разоў сажонкамі да бліжэйшага «Хуф-фх!», і далонь каўзанула па гладкім, як адпаліраваным, халодным целе. Правёў далоняй, намацаў спінны плаўнік. Па велічыні яго пазнаў: не дарослы дэльфін папаўся яму, а малыш. І не ўцякаў ён ад Янга, а мацней запрацаваў хвастом, як толькі адчуў, што ўзяліся за плаўнік. Можна было крыху падгрэбаць леваю рукою, памагаць дэльфіняці, але ў Янга было яшчэ так мала сілы!
Куды ж вязе яго малыш? Дзе Янг апынуўся? На тым свеце, напэўна. Успомнілася, як тапіўся, як паміраў на дне возера, як засмоктвала яго вадзяная віхура… Так, толькі на тым свеце можа быць такая пракаветная цемра, без адзінай зорачкі над галавою. Але ж чаму тады ён усё адчувае, як жывы? Янгу баліць, як жывому, а на тым свеце павінна быць толькі лёгкасць і насалода для душы і цела, поўная нірвана. Праўда — толькі для праведнікаў, для тых, хто ніколі ніякага граху не дапусціў. А якія грахі за дванаццаць гадоў жыцця займеў ён, што Вішну разгневаўся і шпурнуў яго ў пекла, у цемру?
Вада здаецца не чорнай, яна, як разведзенае малако, сям-там нават прабягаюць нейкія іскрынкі ці кропкі… Значыць, і на тым свеце мора ёсць і дэльфіны?!
«А дзе ж людзі? Іх жа сотні памірае, тысячы… Чаму я адзін тут? Можа, гэта яшчэ толькі дарога ў пекла, на той свет…» Над галавою ўбачыў невялічкую светлую пляму, яна ўвесь час пашыралася, а потым рэзнула святлом па вачах. Прасветліна ў вышыні была не круглая, а нібы скрыўленая і худзенькая васьмёрка. Дэльфіня замерла на месцы, перастала працаваць хвастом, а дарослыя дэльфіны павольна і спаважна, зрэдку пасвістваючы, закружыліся вакол Янга. Нібы давалі магчымасць удосталь налюбавацца святлом, што прабівалася зверху. І Янг глядзеў на здвоеную светлую плямку як на незвычайны цуд і заўважыў ужо, што яна блакітная і на гэтым блакіце відаць нават некалькі агністых іскрынак. «Неба?! І зоркі?! На светлым небе — зоркі? Там яшчэ дзень, а так не бывае, каб удзень — зоркі! Толькі на тым свеце такія фокусы бываюць…» Потым Янгу здалося, што на той светлай пляме нібы штосьці мітусіцца, лётае, здаецца, нават учуў мышыны піск. «Няўжо кажаны?!» А як высока да іх! Тая светлая дзіра здалася праломам у купале высознага храма-палаца. Нейкая пачварная сіла разламала, разарвала зямлю, стварыла гэтае скляпенне, спічасты грот.
Так, гэта пячора, грот, заліты вадою. Янга ўсмактала на дне возера ў шчыліну, правальваўся туды з прыгодамі, засядаў, і яго не вельмі далікатна хтосьці цягнуў за нагу, ратаваў. Хто кінуўся яму на помач у вадзяны хаос і цясноцце, хто мог учуць яго апошні, перадсмяротны крык? Радж неяк гаварыў, што дэльфіны страшна баяцца вузкіх шчылін, ніколі не лезуць у іх, каб не засесці. Гэтая боязь у іх з роду ў род перадаецца, з пакалення ў пакаленне. Але ж нехта з іх адважыўся на подзвіг, перамог страх.
Дэльфіны размясціліся наўкол Янга на самым светлым месцы. Відаць, як павыстаўлялі з вады морды, паразяўлялі раты, можна прыкмеціць нават вострыя калочкі зубоў. Колькі ж дэльфінаў? Тры, чатыры… Малыш — пяты… Усміхаюцца, нібы ў загадкі гуляюць: угадай, хто перад табою? Адзін вытыркнуўся з вады настолькі, што паказаліся тры белыя драпіны на баку.
— Ева-а-а! — крыкнуў Янг хрыпла і радасна, пазнаючы. Пад скляпеннем прагуло рэха, мітусліва запырхалі мышы. — А гэта Дзік! Ты гэта, ты!!! Не круці галавою… — Янг падплыў да яго. — Во, і зуб той, што не ў шарэнзе, і чатыры пенчукі справа… Ты, жулік, ты! А малыш — Бобі! Нашы дэльфіны-ы! Ура-а-а!!!
Раскатамі загрымела рэха, зверху нават штосьці адарвалася і плюхнула ў ваду. Янг пакінуў Дзіка, павярнуў да Бобі. А той ужо і сам плыў насустрач. Пацерліся шчокамі, Янг нават пацалаваў яго. Наўкол кружыліся і з палёгкаю ўздыхалі дэльфіны. Нібы і ім было дасюль жудасна адным у гэтым падзямеллі. Хто іх сюды загнаў, запраторыў? «Іх схавалі тут… Значыць, недзе павінен быць выхад у бок мора… І нечым загарадзілі той выхад, каб не паўцякалі. Самі дэльфіны не могуць разгарадзіцца. А калі я ім памагу?»
Ён ледзь знаходзіў сілы, каб трымацца на вадзе. Варта было саскаўзнуць руцэ з Бобі, і мог бы ўтапіцца. Сілы, каб абаперціся на дэльфіня, ужо не сабраў бы.
«Нідзе не дзенецца той выхад… Калі ёсць ён…»
Адпачыць бы, абсохнуць… Здранцвеў дарэшты, дзеравянеюць рукі і ногі. Хочацца стагнаць і плакаць — не хапае духу трываць пакуты.
Пакіраваў Бобі за рострум уздоўж сцяны, сяды-тады спрабаваў перабіваць нагамі. Плылі марудна, вельмі марудна ў глыб грота, у цемру ад светлай плямы.
Вочы, пабыўшы трохі на святлейшым, не хацелі нічога бачыць, слязіліся ад напругі. «Стой, Бобі, стой… Я руку памяняю…» Пералез на правы бок дэльфіняці, узяўся за плаўнік леваю рукою, а праваю вёў па слізкім камені, па мокрай скале, мацаў. Вось ужо і востры кут, тупік… Заплюхала ў ваду з невялічкіх выемак нейкая жыўнасць — мо крабы, мо яшчэ што. Павярнуў Бобі назад, паўз другую сцяну, процілеглую…
Уперадзе, куды вобмацкам прасоўваліся, мінуўшы светлую пляму, чуўся той глухі, нудны і роўны шум. Грот меў падоўжаную, з вострым тупіком форму. А ў гэты бок сцены разыходзяцца ўсё больш і больш. «Бобічак, не тузайся, не вырывайся… Пацярпі, мілы…»
Раптам правая рука правалілася ў пустату, і з-за павароту ў вушы ўдарыў шум і роў вадаспаду. Нагою абмацалася пад вадою прыступка, хоць і коўзкая, у нарасцях. Паспрабаваў стаць на яе абедзвюма нагамі і… пляснуўся дагары. Забоўтаўся, паварочваючыся на жывот, кіруючы да скалы. На падводную прыступку стаў каленьмі, учапіўся, як мог, рукамі — успоўз вышэй. Распаўзаліся ў бакі, часам траплялі пад руку большыя і меншыя крабы, плюхалі ў ваду. Зрабіў колькі няўклюдных крокаў на карачках — і стукнуўся галавою ў скалу. Сілы пакінулі зусім, рукі і ногі падкасіліся.
Так і заснуў тварам на выцягнутых руках, а мо і прытомнасць страціў.
2
Ногі гайдаліся, варушыліся, а штосьці важкае сядзела на назе, дзе канчалася калашына, і грызла, драпала за ранку вышэй костачкі. Яшчэ добра не ачомаўшыся, цярнуў другою нагою па той калашыне — спіхнулася штосьці кастрава-колкае, бясформеннае, як востравугольная камянюка. Ад агіды і страху ўздрыгнуў: краб, каб ён здох…
Колькі ён праспаў? У галаве ясна і не вельмі баліць, дый увесь пачуваўся мацнейшым. Асцярожна, паволі разгінаючыся, паспрабаваў устаць. Не, выступу няма, памахаў угары рукою — пуста. Павярнуўся тварам да скалы, абмацаў яе рукамі. Крута дыбіцца халодны мокры камень, ніводнай зачэпкі. Сеў зноў, абхапіў сябе за плечукі рукамі, пацёр, памасіраваў, паціскаў. Чуў пад далонямі, што рубашка на плячах хоць і сырая, але ад цела высахла, не цячэ з яе. Але гэтага так мала! А як бы хацелася адзецца ў сухое, сагрэцца! Праўда, тут і сухое ўраз адсырэе: паветра густое ад вільгаці, зверху цаляюць па галаве важкія кроплі. Эх, каб на сонейка хутчэй выбрацца, на волю! Якое гэта шчасце — мець сонца над галавою!
Прыпомніў, як даплыў з Бобі да гэтага выступу з пляцоўкай, як узлазіў на яе. Цяпер ён сядзіць спінаю да таго выступу, аб які стукнуўся. Значыць, калі ўстаць і павярнуцца да яго тварам, а потым паціху, учаперыўшыся, схіліцца ўправа, то можна зазірнуць у грот-храм з дзіркаю ў купале, адтуль ён плыў, там крыху святлей. Янг і прарабіў усё гэта вельмі асцярожна, прывучаў ужо сябе да асцярожнасці і абачлівасці, прывучаў арыентавацца ў цемры. Схіліўся — і нічога не ўбачыў: чарната, толькі сям-там плямамі шарэе вада, часам па ёй прабягаюць ледзь заўважныя фасфарычныя палоскі. Мусіць, ноч ужо, глыбокая ноч. Ен жа не ведае, колькі праспаў.
А мо і не трэба сачыць за часам? Якое гэта мае значэнне, калі цёмна ды цёмна!
«Ты дзе, Бобі? Плыві сюды!» — прасвістаў умоўны сігнал. І падумаў, што не пачуе яго малыш. Шуміць безупынку вадаспад, хоць І не так звонка, як раней: прыліў глушыць, вада паднялася ў пячоры.
Але прайшло мо якія хвіліны дзве, як каля Янгавых ног пачуліся «Пху-уф…» і кароткі скрып. Схіліўся да вады і намацаў мордачку Бобі. Той даўся палашчыць і тут жа ссунуўся ў ваду, знік з-пад рукі.
— Ты куды, дурненькі? — не вытрываў і пачаў свістаць зноў.
Прапаў Бобі, як І не было. «Пакрыўдзіўся… Рыбкі не даю… А дзе ж яе ўзяць, тую рыбку? Можа, і ёсць у гэтай пячоры рыба, то хай сам ловіць… І я дзякуй сказаў бы, каб хто рыбкаю пачаставаў, ды яшчэ смажанаю…» — у Янга набегла поўны рот сліны, заныла ў жываце. Толькі цяпер адчуў страшэнны голад.
Зноў пачуў «Ф-фу-ух!» блізка каля сябе і нейкае ласкавае, нібы кашэчае мармытанне. Нагнуўся ў той бок, працягнуў руку. І адразу намацаў галаву дэльфіна. Малая галава, Бобі, значыць… «Ну й хуліган малы…» Правёў рукою да рострума, хацеў ухапіць за верхнюю сківіцу, павадзіць у бакі. А рука намацала штосьці цвёрдае, шырокае.
— Што ў цябе? Давай, давай… Ну, пускай жа! — Янг і другою рукою патузаў.— Ласт?! Дальбог, ласт… Ну й Бобі, ну й малыш! Каб ты ведаў, які ты малайчына! — пяшчотна пагладзіў яго, павадзіў за нос. — А другі дзе? Можа, і другі знойдзеш? Шукай, братка, шукай!
Мармытнуў штосьці Бобі, а зразумеў ці не? Мабыць, не, бо не ссоўваўся ў ваду, ляжаў і чмыхаў дыхалам, песціўся пад Янгавай рукою. Янг папхнуў яго ў рострум, ссоўваючы: «Плыві, плыві! Шукай!»
Не бачыў, паплыў ці не паплыў. Здалося толькі, што ўздыхі і ўсплёскі наўкол пачасціліся. Многа ўздыхаў! Падплылі сюды, мабыць, усе дэльфіны.
— Ласт другі шукайце! Маску шукайце! Ну, што ж вы?
Ніхто не паплыў, загаду не разумелі. Услухоўваўся скрозь шум вадаспаду і, здаецца, чуў іхнія ўздыхі і ціхае паплюхванне.
Янг добра абмацаў ласт. Раменьчыка не было, адарваўся разам з вушкам. Але гняздо для нагі было цэлае. Ён адразу сунуў туды правы ступак, «абуўся». Не хочацца зноў лезці ў ваду, а трэба. Мог бы яшчэ пацярпець, не піць, але рашыў наліць страўнік вадою — не так будзе балець. Пасвістаў: «Ты дзе, Бобі?» Намацаў рукамі дэльфіна. Бобі!.. Слабак гэты Бобі, от каб Дзік слухаўся. «Сюды, сюды…» — адварочваў яго галаву бліжэй да скалы, управа. Локаць перакінуў, звесіў на той бок Бобі і далоняй ціскаў на левы бок, кіраваў. Два арыенціры — скала справа і шум вадаспада. Калі паплыве назад, будзе таксама імі кіравацца. Іначай не знойдзеш тую пляцовачку, дзе адпачываў. Малая яна і няроўная, спадзістая, але што рабіў бы без яе? Можа, дзе і лепшая ёсць, але паспрабуй знайдзі ў гэткай цемры!
Сцяна пад праваю рукою падавалася на Янга. Гэты пячорны завулак таксама звужваўся, як і той храмападобны. Шум і плёскат памацнелі, у твар паляцелі пырскі. Ззаду пачуліся кароткія трывожныя свісты, мабыць, дэльфіны плылі за ім і Бобі. Пачуўшы сігналы, Бобі адразу крутнуўся пад рукою, як верацяно, вырваўся і сам засвістаў трывожна. І ў гэты момант Янг каленьмі намацаў камяні, нагрувашчаныя абломкі, зачапіліся за іх рукі. «Дуралобы… Баяцца лезці сюды… А як жа мяне ратавалі і не баяліся? Нешта ж зацьміла ім розум, змусіла кінуцца на дапамогу чалавеку».
Асцярожна падняўся і ледзь астояўся: у ногі білі буруны-вадавароты. Працягнуў рукі ўперад, у невядомасць, і халодная вада хлынула па руках да плячэй. Напаўняў далоні і піў, піў, ледзь не лопаўся ад вады, а ўсё піў. І думаў: што рабіць далей?
Можна прабрацца назад на сваю пляцоўку і драмаць, чакаць раніцы. Але ці зменіцца што раніцаю? Толькі ў Храме была хоць нейкая крыха святла, але там няма ніякага выхаду. І тут, у Вадаспадным гроце, няма. Правільней, шчыліна ёсць, але вядзе яна ў возера. Пра тое, каб выбрацца праз гэты лаз, нельга і думаць. Проста загадка, як сюды ён трапіў і не захлынуўся насмерць.
Значыць — шукаць, шукаць, шукаць… Пакуль ёсць крыха сілы, пакуль не скалеў зусім — шукаць!
Па таму ж прынцыпу — правая рука павінна ўвесь час абмацваць сцяну. Трымацца толькі правай сцяны, і ў рэшце рэшт прыйдзеш на тое ж самае месца. «А калі не на тое, то ў Храм, а з Храма я ўжо ведаю, як дабрацца да той пляцоўкі… Калі нічога лепшага па дарозе не абмацаю… ці выхаду не знайду».
Асцярожна, хістаючыся пад ударамі патокаў, павярнуўся спінаю да вадаспаду. «Ты дзе, Бобі?» — Янг ужо смялей рынуўся грудзямі на ваду. «Плыві сюды!» — пасвістваў і адплываў ад вадаспаду ўсё далей. Нарэшце ўлавіў, што вада каля яго закалыхалася па-новаму, не так, як ад вадаспаду, здаецца, пачуў і ўздыхі дэльфінаў, тонкае «кр-рын-н, пр-рын-н…» каля твару. Выкінуў руку ўперад і намацаў малыша, учапіўся за спінны плаўнік. «Управа, Бобі!» — павярнуў крыху яго за рострум. І той зразумеў, паплыў правей. Янг запрацаваў адным ластам, памагаючы яму. Але праз якія метры два Бобі рэзка звярнуў улева. «Ты што…» — не паспеў спытаць, як стукнуўся галавою і правым плячом аб слізкі і востры выступ.
Так, забывацца тут нельга. І больш давяраць Бобі. Малыш нібы канчаткова зразумеў, што ад яго патрабуецца. А каменная сцяна то падавалася ўправа, і даводзілася заплываць у кожны выгін, то раптам вытыркала, і зноў трэба было плысці лішнія метры. «Эх, каб быў ліхтар!»
Яшчэ колькі прагібаў і выступаў… І раптам здалося, што вада заружавела, нават задралася чагосьці ўгору, як вадаспад. Ціхі вадаспад, бясшумны. Гэтая хмара ружовасці справа чымсьці перарэзвалася, нібы хтосьці правёў ломаную лінію паміж ёю і чарнатою. Кантраст паміж чорным і ружовым з кожным ударам ласта павялічваўся, вада ўперадзе ўжо не свяцілася знутры — ад яе адляталі водбліскі. Вочы, пакуль падплываў, прывыкалі да большага святла, хоць трэба было моцна жмурыцца, каб не так рэзала. Што там? Ад нецярплівасці грабянуў колькі разоў праваю рукою, думаў ужо, што там выхад і адтуль падсвечвае вечаровае (ці мо ранішняе ўжо?) сонца. І раптам крыкнуў ад болю ў вачах, выпусціў з-пад рукі Бобі, прыціснуў да вачэй далонь. Інстынктыўна павярнуў назад — небяспека! Але Бобі не адплываў, не ўцякаў, паблізу мірна пыхкалі астатнія дэльфіны. І Янг, зажмурыўшыся як мага, зноў павярнуў да святла…
На няроўнай каменнай сцяне гарэла электрычная лямпачка. Гумавы чорны провад вытыркаўся каля сцяны з вады і лез угору да лямпачкі, як ліяна. Ззяла лямпачка, як дзіўны, казачны плод, ад яе разляталіся ў бакі мірыяды танюсенькіх і балючых промнікаў-іголак. Яна асвятляла шырокую пляцоўку. І вісела гэтая лямпачка, аказваецца, на процілеглай сцяне новага, трэцяга грота-адгалінавання.
«Чаму бачыў яе з Храма і з Вадаспаднага?
Як павернуты ўваходы ў іх да гэтага, трэцяга грота?» — думаў Янг, падплыўшы да асветленай пляцоўкі і ўхапіўшыся за бераг адною рукою. Другою прыкрываў вочы, пакінуўшы тоненькую шчылінку паміж пальцаў. Разгледзеў спачатку штосьці нагрувашчанае і прыкрытае рагожай — управа ад лямпачкі. Потым рашыў агледзець усю пляцоўку па парадку. «Няўжо тут людзі бываюць?! Можа, і цяпер яны ёсць, але прыхаваліся?» Паварочваў галаву як мага далей управа і ўлева, каб убачыць, што робіцца за межамі пляцоўкі, і не мог нічога разгледзець — чарната. Невядома было, ці далёка ўправа цягнецца пляцоўка і закутак-цясніна, у які не заплываў, не абмацваў. Улева ад тоўстага гумавага провада таксама ўгадваўся зацемнены прогіб. Столь над пляцоўкай праглядвалася, яна была невысокая, скошаная да цэнтра пячоры.
Асцярожна, на каленях і руках успоўз на пляцоўку, асцярожна ўстаў, слухаючы, як ільецца з адзення вада і шаргацяць клюшнямі, разбягаючыся, крабы. Некаторыя — боўць, боўць — скідваліся ў ваду, некаторыя затойваліся ў выемках, выстаўляючы вочы-перыскопікі. Янг няўклюдна шлэпаў ластам, і калені дрыжалі ад хвалявання. Даклыпаў да прыкрытай кучы, тузануў рагожу. Адразу пачуўся металічны бразгат, са звонам ссунулася пад ногі такая самая чарпалка, як і тыя, што насілі ў зубах дэльфіны ў дэльфінарыі. Усіх чарпалак у сцірце Янг налічыў дзесяць. Падняў тую, што ўпала, для нечага пастукаў пазногцем аб днішча. Не з жалеза зроблена, не вельмі цяжкая, а на заднім борціку — паўкруглы выраз.
Ланцуг замкнуўся… Тыя золаташукальнікі на возеры, доўгі Піт з кампаньёнам маюць дачыненне і да пячоры. Дэльфінаў Судзір таксама не так сабе навучаў: не басейн меркаваў чысціць, а каб маглі чэрпаць на дне мора ці тут, у пячоры, пароду, выносіць наверх. Усё рабілася па адным плане! Кампанія Піта атруціла і Малу, і дэльфінаў пакрала, запраторыла сюды. Злачынцы, самыя сапраўдныя злачынцы!.. Лагер на беразе мора, абгароджаны дошкамі, што колісь разглядаў з Амараю, таксама іхні. Можа, стаіць якраз над уваходам у пячору.
«А той балван-афіцэр уваліўся да Крафта: «Мы ўсё агледзелі ў лагеры Піта… Няма ў іх дэльфінаў, няма загародак у моры». Сказаў бы лепш, што і не спрабаваў шукаць… У самае гняздо іхняе трапіў… Ух, каб толькі выбрацца! Накрылі б тут усіх, як вераб'ёў начоўкамі…» Хацеў ужо боўтнуцца з пляцоўкі ў ваду, плысці як мага далей адсюль, каб дзе схавацца. Але развага ўзяла верх: «Зараз жа тут нікога няма. Бо наверсе глыбокая ноч. Спяць у лагеры ўсе». Толькі ў такі час Янг і можа плаваць беспакарана. А ўдзень — хавацца. Толькі дзе? Калі яны з'явяцца тут з электрычнымі ліхтарамі, то знойдуць ураз. Пад вадою ж доўга не выседзіш. «А чаму і не? Засвеціць, а я нырну… Адвядзе ўбок — вынырну… Не, лепш адразу шукаць выхад адсюль… Куды вядзе гэты провад?»
Янг павёў вачыма ад самага крука, убітага ў расколіну ў сцяне, на якім вісеў канец провада з лямпачкай, і да нізу. Провад і праўда знікаў пад вадою, а не лез каля паверхні ў прогіб, у цемру. Пастаяў каля провада ўгнуўшыся, спрабаваў нават пацягнуць за яго. Провад амаль не паддаваўся. Янг сеў зноў.
Выхад з пячоры пад вадою, туды провад вядзе. Нават у іх лагуне на Біргусе былі невялікія гроцікі сярод рыфаў. Зверху нічога не ўбачыш, а нырнеш і… «Цікава, ці глыбока размешчаны выхад з пячоры? І колькі трэба плысці пад вадою, каб выбрацца ў мора? І трэба ж будзе яшчэ час, каб падняцца на паверхню… О, каб на ўсё пайшло мінуты дзве-тры! Можна было б нырнуць адразу. Але ж там яшчэ павінна быць загародка ці сетка ад дэльфінаў. Калі ўдасца яе хутка ліквідаваць, то і дэльфіны змогуць выбрацца. Учапіцца за Дзіка і… Разы ў тры-чатыры хутчэй будзе…»
Ліхтар! Чорт ведае што аддаў бы за ліхтар! Без яго як без рук. А каб быў яшчэ і акваланг, то і зусім добра было б. Застаўся акваланг недзе ў возеры, а балоны запасныя каля возера.
«Што там цяпер Натача парабляе, Абдула? Перапужаў я іх сваім знікненнем… Рашылі, што загінуў… І я на іх месцы так бы падумаў…»
Крабы, убачыўшы, што іх больш ніхто не пужае, асмялелі, палезлі з вады на бераг, павыпаўзалі з ямак. Пад лямпачкай іх сабралася ўжо многа, нібы грэліся на сонцы.
«А што я рабіў бы на месцы Натачы? — прыкідваў Янг. — Аднаму некаму трэба дабірацца на Рай, сказаць пра ўсё Раджу. Бедны Радж!.. Бедная Натача!.. Як ёй перажыць усё гэта, як расказаць Раджу?» — Неяк само падумалася, што дабірацца да Раджа будзе Натача. Яна больш смелая і рашучая і плавае добра.
Правей ад Янгавых ног і правей ад провада, які ішоў пад ваду, штосьці белаватае паволі пагойдвалася каля берага, часам не ў лад з вадою, часам зацямнялася, прападала. Там чулася шаршэнне крабавых клюшняў, нейкі скрыгат. Але гэта не дэльфіны скрыпелі, дэльфіны паволі курсіравалі на мяжы поўнага змроку і паўзмроку, ціснуліся больш да ўваходаў у Храм і Вадаспадны грот. Янг ленаваўся ўставаць і глядзець, над чым піруюць крабы. Ён адчуваў млявую асалоду ад нерухомасці.
«Якія ногі!.. Костачкі паабіваны, аблузаны… А колькі драпін і сінякоў!..» — Падцягнуў калашыну на той назе, дзе ўсё яшчэ адчуваў сляды зубоў. Вось яны, знакі… Пракусаў не было, відаць толькі два рады плямак-сінякоў, нават скура злузана на тых месцах. «Жалезная хватка… Па шырыні радоў — не малышова работа. Хутчэй Дзіка… А мо Евы ці Бэлы. Ева — маці Джэйн. А каторая маці Бобі? Здаецца, Дора… Першы мог і Бобі кінуцца ў тую расколіну, а маці за ім, Бобі ратаваць… і мяне заадно…» — Янгу хацелася думаць, што было якраз так. Пахукаў, падзьмуў на сінякі, нават слінаю прамыў — і ўстаў. Падышоў да таго, што бялела каля берага. Гэта была рыбіна, нават велікаватая, пядзі на дзве. На ёй процьма крабаў — і большых, і меншых. Замест хваста ў рыбы рабрынкі-нітачкі, у баках павыгрызаны ямкі. «А чаго тут дохне рыба? Мо вада якая застойная, атрутная?»
Вочы прывыклі да паўцемры, і калі Янг адвёў позірк управа, за прогіб сцяны, заўважыў унізе штосьці кантовае і высакаватае, нібы скрыначку. Адразу ступіў туды.
Так, гэта была скрыначка. Металічная, цяжкая… Падняў, каб паднесці бліжэй да святла, а яна нечакана тузанулася з рук, ледзь не ўпусціў. Заўважыў, што да скрыначкі вядзе скручаны ў дзве столкі дрот. Вылазіў той дрот таксама з-пад вады — крокі на тры глыбей у цемру ад таго, тоўстага. Янг асцярожна паставіў скрыначку на месца. Сэрца трывожна бухала. «Не буду чапаць, ну яе…» А цікавасці не мог асіліць, рукі ўжо намацалі зашчапку. Адшчапіў, пацягнуў за яе — адшчоўкнулася накрыўка, завісла на завесках. Рукі намацалі ўкладзеную ўздоўж скрынкі на рычагі тэлефонную трубку. «Тэлефон?! З лагера сюды звоняць, а адсюль у лагер… Дзіўны тэлефон… Як па ім звоняць, калі няма дыска круціць і кнопак няма?»
Зняў трубку і адразу пачуў, як яна ажыла, загула — якраз гэтак, як у Крафтавым тэлефоне. Здымаў неяк, выціраючы пыл. Але Крафтава гула, і ўсё, а тут…
— Хэлоў? Майкл каля апарата! — зычна сказала трубка па-англійску. — Што за чорт… Ф-фу-у… Ф-фу-у-у! — падзьмулі ў трубку. — Барахліць нешта… Нікога ж там не павінна быць.
Шчоўк… Ціў, ціў ціў, ціў.
Янг забыўся, што трэба дыхаць. Асцярожна паклаў трубку на месца і гэтак жа асцярожна-стрымана выдыхнуў.
Дазабаўляўся!.. Цяпер могуць і сярод ночы прымчацца сюды… «Мала тады не будзе…» Паволі насадзіў вечка скрынкі на месца, пстрыкнуў зашчапкай. «Як гэтая скрынка стаяла? Здаецца, во так…» Каб не пазналі, што нехта чапаў апарат.
І не хацеў, а яшчэ больш ускладніў сваё становішча. Той дзяжурны каля тэлефона (а мо сам галоўны начальнік лагера, бо толькі ў начальнікаў тэлефоны) раскажа раніцаю ўсім, як сам сабою зазваніў тэлефон з пячоры. Чэрці з пекла ці дэльфіны пазванілі, толькі сказаць нічога не змаглі. А нехта з лагернікаў скажа, што не такая ўжо і тайна іх пячора, калі можна ў яе забрацца і званіць адтуль…
Часу на роздум не было. «Ты дзе, Бобі?» — пасвістаў дэльфіняці. Трэба хуценька праверыць, куды вядзе гумавы чорны провад. Мо ўдасца яшчэ сёння ўцячы адсюль.
Бобі падплыў да берага пляцоўкі, высунуў галаву, разявіў рот. Крыху бліжэй падплылі і ўсе дэльфіны, але збіліся ў кучу на левым баку асветленага вадзянога прагалу, а туды, дзе лезлі пад ваду правады, не набліжаліся.
— Сюды давай, сюды… — прысеў на кукішкі, падманьваў Бобі рукою. — І ты, Дзік! Да мяне! — пакрычаў і важаку. Але ні Бобі, ні Дзік, ні Бэла, Дора, Ева не падплывалі. Усе трывожна пасвіствалі, насцярожана паглядвалі на Янга. — Ну і бог з вамі! — Янг зрабіў некалькі глыбокіх удыхаў і выдыхаў, потым узяў у левую руку тоўсты провад, удыхнуў добра напаследак і нырнуў.
Прапускаў провад праз кулак, а праваю гроб і гроб, памагаў і ластам. А потым пачаў перабіраць провад абедзвюма рукамі, падцягвацца. Драпнуў плячамі аб камень… Ага, значыць, заглыблення больш няма, провад ідзе пад скалу. Там выхад, там! Расплюшчыў быў раз вочы — чарната, праз колькі метраў яшчэ раз. Убачыў уперадзе нейкае белае зарыва, учуў шыпенне ці цурчанне. Некалькі разоў стукнуліся аб Янга здохлыя ці аглушаныя (плавалі абы-як) рыбіны. Глыбока у вушах чуў балючае паколванне, ажно гарачым шыбала ў галаву. І тут штосьці вялізнае і імклівае наляцела на яго збоку, хвастом выбіла ці зубамі вырвала з рук провад. З перапуду Янг выдыхнуў амаль усё паветра, а гэта было небяспечна: усплываць далёка, і вельмі цяжка будзе адолець жаданне ўдыхнуць. А страшыдла, развярнуўшыся, бесцырымонна таўханула яго пад грудзі, а потым Янг адчуў, што левая лытка апынулася ў зубастай пашчы. «Дэльфін?!» Янга валаклі і штурхалі адначасова, некалькі разоў зачапіў галавою і плячом за скалістую навісь, і тады дэльфін трохі апускаўся глыбей, але сківіц не расчапляў, нагі не пускаў…
Вынырнулі разам на асветленым лапіку вады каля пляцоўкі з лямпачкай. Дэльфін толькі раз фукнуў паветрам і памчаў у левы бок. А Янг дыхаў і дыхаў, як загнаны. Дзік (а гэта быў ён!) штосьці сярдзіта свістаў і скрыпеў, самкі закружыліся каля яго ў нецярплівым карагодзе, хаваючыся ў цемры і зноў выплываючы.
— Зараза… Каб цябе чэрці валачылі…— ледзь не плакаў Янг. Выбраўся зноў на пляцоўку пад лямпачкай. — Памог, называецца!
Паганяўся трохі за крабамі, лавіў і са злосці шпурляўся імі, цаляў у Дзіка. І чаго дэльфіны так панічна баяцца выхаду з пячоры? Самі баяцца і яго не пускаюць. «А я без вас сюды прыплыву, цішком, вы і ведаць не будзеце… Усё роўна разведаю што трэба!» Папаўся на мелкім і лангуст, адламалася клюшня, і Янг механічна сунуў яе ў рот, паціснуў зубамі, высмактаў мяса. Адарваў і «шыйку»… Смак не вельмі, але цярпець можна. І ўжо знарок хадзіў па пляцоўцы, лавіў не толькі лангустаў, але і крабаў. Голад — не цётка.
Зразумеў канчаткова: уцячы адсюль будзе нялёгка і няпроста. А як падаць пра сябе вестку на волю? Каб трапіла ў рукі Раджу ці Натачы, або Абдуле… Каб ведалі, што жывы, ведалі, дзе знаходзіцца… «На чарпалцы-саўку надрапаць каменьчыкам пісьмо, даць у зубы Бобі або Дзіку — хай плыве… — і сам пасміхнуўся са свае наіўнасці.— Куды паплыве, да каго? Як уталкуеш дэльфіну, дзе Рай, хто такі Радж? Так бывае толькі ў фантастычных кніжках, а не ў жыцці. Ды як адсюль выбрацца дэльфіну, калі ён баіцца нават блізка падплываць да выхаду… Бутэльку з запіскай… Ці некалькі бутэлек… Адсюль жа павінен быць нейкі сток вады. І ў час адліву вада адыходзіць, паніжаецца…» Але і гэты спосаб высмеяў. Ну, дзе возьмеш бутэльку, паперу, чым напішаш? І да каго хутчэй яна трапіць? Толькі сябе выявіш, пачнуць шукаць… А то яшчэ і не так бывае, Радж у газеце чытаў, што нядаўна вылавілі бутэльку, якую ў мінулым стагоддзі кінулі маракі, церпячы караблекрушэнне. Больш за сто гадоў праплавала, а нікому не трапіла ў рукі!
От каб што-небудзь такое прыдумаць… Якое нікому нічога не гаворыць, а толькі Раджу, Натачы ці Абдуле… А што?
Пачаў здзіраць з сябе мокрае адзенне, каб павыкручваць штаны, рубашку. Злазіў у ваду, і зноў пачало калаціць ад холаду.
Круціў штаны — намацаў у кішэні складанчык з абламаным лязом. Узрадаваўся, быццам трапіла ў рукі немаведама якая зброя. Натачын зломак… І як ён трапіў у кішэню? Выкруціў штаны, зноў сунуў ножык у кішэню… А ногі якія «прыгожыя»! Да самага паху ў кровападцёках, драпінах, сіняках.
Рубашка прыстала — ледзьве садраў. І толькі садраўшы, заўважыў, што знялася з рубашкай і тая «блузка», што адарвала Натача ад сваёй сукенкі, і майка. А ён ужо і забыўся пра гэтую «блузку»!
Раз'яднаў адзежыны, выкруціў кожную паасобку. І зноў дзівіўся, разглядваючы сябе. Кровападцёкі былі на ўсім целе, на руках. А правы рукаў рубашкі быў крыху адарваны, з падолка вырваны і целяпаўся кліночак. Пачапаў яго, месцячы да дзіркі, прыгладзіў.
І раптам прыйшла простая думка. Ён падзярэ на кавалачкі рубашку, пусціць іх у ваду. Можа, колькі штук выплыве, мо каторы трапіць на вока Раджу. Брат абавязкова ж будзе шукаць яго, жывога ці мёртвага, і не толькі ў возеры, а і ў моры каля берага. Ён павінен здагадацца пра гэтую пячору, пра сцёк з возера ў мора.
«Не, лепш блузку парву… Яна больш яркая, лягчэй лапік заўважыць… І матэрыя больш арыгінальная, а такіх рубашак — тысячы. Натача пазнае лапік са сваёй сукенкі, калі Радж не здагадаецца…»
Прайшоўся ўправа, за правады, вобмацкам назбіраў ашмоцця водарасцяў пры беразе. Напрыбівала з волі, а мо і ў пячоры растуць, на выхадзе? Паробіць маленькія «лялькі», у кожную загорне і кавалачак водарасці. Будуць больш плывучымі… Навыцягвае з падолка і нітачак, паперавязвае згортачкі, каб не раскручваліся. Па-свойму паперавязвае, з трохпялёсткавымі банцікамі.
Плывіце ў белы свет, нясіце вестку на волю!
3
Мо з гадзіну ці больш падрамаў, накрыўшыся рагожай і прыхінуўшыся плечуком да сцяны. Балелі ад халоднага каменя сцегнякі, ныў хрыбетнік. Рагожа была сырая, аддавала цвіллю. Невядома, ці памагала яна сагравацца — мо адбірала цяпло, прасыхаючы ад цела. Трэба было забраць яе адсюль, можна скарыстаць калі не на бок, то пад бок — усё-такі не голы і слізкі камень. А крабы, пачуўшы цішыню, зусім сталі нахабнымі: поўзалі па нагах, спрабавалі ўскараскацца вышэй. І даводзілася іх адпуджваць ці адбрыкваць нагамі, глушыць ластам.
Крабавы пляж…
Янг чыркаў па выступе скалы лязом складанчыка, вастрыў, правяраў жала на пазногці. Выявіў, што ў яго не проста кавалак рагожы, а мяшок, на дне нават засталася крыха бруднага, у муле, друзу. Вывернуў на левы бок, а потым спусціўся да вады, выпаласкаў і выкруціў. Можна перавярнуць дном угору, прарэзаць дзіркі для галавы і рук — і калі ласка, уздзявай на сябе.
Калі глядзець з Крабавага пляжа, то ўправа ад яго чарнее яшчэ адзін грот. Вялікі ён ці малы? Злучаецца з Храмам ці не? Янг адчуваў, што не супакоіцца, пакуль не абследуе яго. Спачатку пачне без дэльфінаў, а пад канец мо і яны асмеляцца, падплывуць.
Пакінуў рагожу на пляжы, зайшоў за правады, начапіў ласт і рынуўся грудзямі на ваду, узняўшы вялікую хвалю. Рабіў тры-чатыры грабкі і падымаў правую руку ўперад і ўгору, адстаўляў управа — ці тут сцяна? Зноў гроб, зноў мацаў… Ласт, хоць і адзін, прыбаўляў хуткасці. Пераканаўся ў гэтым па гузаках: некалькі разоў моцна стукаўся лбом. Сцяна паволі заварочвала ў левы бок, урэшце закончылася тупым кутам, пачыналася сцяна злева. Відаць, гэты грот самы меншы з усіх абследаваных. Дзіўная пячора, не трыліснік ужо, а чатырохліснік. Штосьці накшталт ліста чынары, ці інакш платана, долькі-лопасці абвостраныя. Выхад, куды вядуць правады, уяўляецца як чаранок ліста.
Праз дваццаць шэсць грабкоў абмацалася пляцоўка, ці парог. Патрымаўся трохі за беражок, адпачыў. Зноў плыў і падлічваў грабкі — пляцоўка цягнецца да сорак першага грабка, потым зноў уздыбліваецца сцяна. Не паспеў яе памацаць пару разоў, як яна знікла з-пад рукі. Ага, паварот… Рог скалы востры, як нос у «Нептуна». Падаўся ўперад і адразу абмацаў сцяну-ўцекача. Азірнуўся назад — лямпачкі не відаць, паглядзеў угору і ясна ўбачыў дзве вялікія зоркі. Не, больш! Пяць… сем… Значыць, трапіў зноў у Храм?
Можна вобмацкам вярнуцца, абследаваць выяўленую пляцоўку.
Мацаў сцяну цяпер ужо леваю рукою, падграбаў праваю. Пачуў каля сябе стрыманае «Пфу-ух-х…». Бобі падплыў, яго выдых больш высокі па тону.
— Ну што, палахлівец, засумаваў без мяне? — Янг завярнуў за той востры рог і неўзабаве ўхапіўся за пачатак пляцоўкі. Узлазіў на яе з такой жа перасцярогаю, як і на тую, дзе першы раз спаў. Уставаў асцярожна — галавою не стукнуўся, выставіў рукі ўперад, не зачапіў ні за што. Так ступіў два крокі, тры… Наткнуўся на сцяну, хоць і не вельмі крутую. Пайшоў, мацаючы нагамі, уздоўж яе, выставіўшы перад сабою адну левую, а праваю скрабучы па сцяне. Сцяна няроўная, дый пад нагамі таксама то пагорачкі, то западзіны. Не даследаваў да канца, перад чарговым выступам асцярожна павярнуўся да вады. Нешырокая, аказваецца, гэтая пляцоўка, але значна лепшая за тую, дзе спаў. І лямпачка добра відаць, нават лапік сцяны каля яе. Вадаспаду амаль не чуваць.
Тут і паселіцца, швэндаць больш не будзе. Адсюль і да Крабавага пляжа не больш як пяцьдзесят метраў. Добра туды плысці — проста на лямпачку. А адтуль? От каб і тут што блішчала…
Засталося толькі сплаваць па той рагожны мяшок, і на сёння будзе ўсё. І так ногі, рукі не слухаюцца. Адпачываць трэба, набірацца сілы. Праўда, адкуль тая сіла возьмецца, невядома: есці ж няма чаго.
Апусціўся на кукішкі, потым лёг на жывот, каб нагамі ўніз спаўзці ў ваду. Але пачуў, як нецярпліва заскрыпеў, затрынкаў дыхалам Бобі. Янг сеў, у вадзе ўжо, працягнуў да малыша руку.
— Прабачэння просіш? Я не сярдую, дурненькі.
Бобі штосьці трымаў у зубах, соўгаў яму ў рукі… Маска ад акваланга! З гарачкі Янг ледзь не ўпусціў яе. «Ну й Бобі! Гэта ж трэба…» А рукі ўжо ліхаманкава абмацвалі яе. Раменьчык цэлы… Гума цэлая… У шкле, здаецца, трэшчына… Нават дзве, яны падобныя разам на літару ві: «V». Будуць асколкі трымацца пад ціскам ці не? Прапусцяць ці не прапусцяць трэшчыны ваду? Тут жа надзеў маску, ссунуўся да Бобі.
Здаецца, нармальна… Эх, каб яшчэ ды што-небудзь было відаць! Не здымаючы маскі, пасвістаў Бобі і паплыў проста на агонь лямпачкі. Пра адпачынак забыўся адразу.
Малыш праплыў побач, потым ззаду. Урэшце зусім адстаў, бо дэльфіны трывожна засвісталі.
Не выбіраўся на Крабавы пляж, а пасунуўся паўз бераг, чапляючыся рукамі, да тоўстага провада. Аддыхаўся добра, правентыліраваў лёгкія. Злавіў некалькі «лялек», што парабіў з Натачынае сукенкі, сунуў за пазуху. І нырнуў, хутка перабіраючы провад абедзвюма рукамі.
На гэты раз спускаўся больш упэўнена. Хутка ўперадзе вада нібы затуманілася, потым і добра пасвятлела. Вось ужо гэтая прасветліна набыла форму шырокага і няроўнага зверху полага, ці заслоны. Провад лёг на дно і пашыўся пад ніз гэтага полага, і Янг пусціў яго з рук. Шыпіць полаг. Вада праз трэшчыны шкла амаль не прасочвалася ў маску, добра было відаць ужо, што полаг складаецца нібы з тысячаў шнуркоў пацерак, расцягнутых ад нізу да столі. Пухіркі-пацеркі не большыя, чым зярняты маісу, і свецяцца белым, як тыя лямпы, што бачыў у калідоры гатэля.
У галаве ўжо звінела, паколвала ў вушах, пад грудзі падварочвалася млоснасць… Яшчэ падсунуўся на крок бліжэй, яшчэ… Пухіркі ўздымаюцца не проста з дна, там штосьці пакладзена металічнае, падобнае на цацачнае, з нізенькімі борцікамі і вельмі доўгае, на ўсю шырыню полага карытца.
Здалося, што вада тут значна цяплейшая, нібы на самай паверхні мора. І гэта насцярожыла больш, чым нясцерпны звон у галаве і колкі боль у вушах. Але спяшаўся, як і раней, мітусліва намацаў за пазухаю «лялькі». Хацеў голаю рукою прапхнуць іх на той бок гарачых пухіркоў, але зноў жа спахапіўся. Сагнуўся як мага на левы бок і пачаў боўтаць нагою, стараючыся ластам праштурхнуць згортачкі на той бок заслоны. «Лялькі» не слухаліся, скакалі ўгору-ўніз, як камары, «таўклі кашу». Некалькі разоў ласт кранаўся пухірковага полага, і нагу нібы тачылі мурашкі. Паспеў заўважыць, што самы беражок ласта скручваўся і раставаў ад пухіркоў, як ад агню, кавалачкі адвальваліся і ападалі на дно.
Ад болю ў вушах ужо хацелася крычаць немым крыкам. Убачыў, як шкло ў масцы знутры раптам укрылі чырвоныя крывяныя падцёкі. У нейкім адчайным першабытным жаху загроб рукамі, замалаціў нагамі (забыў і пра пуцяводны провад!)… Наверх, хутчэй назад, да паветра!
І выплыў наверх, але раней, чым трэба, бо стукаўся, абдзіраўся аб няроўную каменную навісь столі, укрытую ракушкамі. Ледзь не ў агоніі драў кіпцямі столь, змагаўся з жаданнем выдыхнуць, каб не разарваліся грудзі. Паветра! Калі будзе тое паветра?!
Ледзь не трацячы прытомнасць, успоўз крыху на Крабавы пляж, ірвануў маску. Ляжаў ніцма.
Пад шчакою і носам расплывалася цёплая лужынка крыві. Паволі, як макрыца, поўз крывяны струменьчык і з правага вуха…
Раздзел чацвёрты
1
Радж бег да Амары. Калі на каго натыкаўся ўпрыцемку, мармытаў: «Прабачце!» — і яшчэ больш прыспешваў сам сябе.
Швейцар у дзвярах «Лятучай рыбы» не пазнаў яго і хацеў заступіць дарогу — «Няма месцаў!». Але Радж так глянуў на яго, так грабянуў-адхіліў з дарогі, што той ажно папярхнуўся і разгублена заазіраўся, шукаючы каго на дапамогу.
— Аніль, падмяні мяне на маіх століках! — крыкнуў некаму Амара ў другой частцы залы і паспяшаўся насустрач. Яго таксама ўразіў Раджаў твар. — Што здарылася? — адразу пацягнуў Раджа да службовага століка, паказаўшы буфетчыку два пальцы. — Расказвай…
Радж сядзеў некаторы час, заціснуўшы галаву далонямі, цяжка дыхаў.
— Ведаеш… Ён ашукаў мяне! Вакол пальца абвёў! А Натача прыбягае… Прапаў, не выплыў!
— Хто ашукаў? Хто прапаў? Гавары толкам! — Амара сеў побач з Раджам, супакойліва, як малога, пагладзіў па плячы.
— Янг… Хто ж яшчэ! Праклятае возера… І трэба ж было вам на яго ўзбіцца!
Рука Амары каўзанула з пляча. Абодва моўчкі няўцямна глядзелі на бакалы з півам, што прынёс і паставіў ім буфетчык. Абодва пагорбіліся, нібы і на плечы Амары лёг неймаверны цяжар бяды. Але не ўсё было зразумела, і ён, вымучваючы словы, распытваў больш, пакуль не ўявіў усё, што адбылося.
— Што рабіць, Бессмяротны? Нікога больш у мяне не засталося… — Радж угнуў галаву, з усёй моцы заціскаючы рот, скрыгочучы зубамі, каб не застагнаць. — Жыць не хочацца…
— Перш за ўсё — вазьмі сябе ў рукі. Нягледзячы ні на што, трэба жыць. Трэба! Цяпер кожны сумленны чалавек на ўліку. Мы ўжо не належым толькі сабе, не можам самі распараджацца сваім жыццём.
— Гэта — у будучым. Ты мне скажы — цяпер што рабіць?!
— Пайсці і пастарацца хоць крыху адпачыць. Раніцы трэба дачакацца… І будзем шукаць… Аднаго не магу зразумець: чаго ён з акваланга вылузаўся?
— Магло быць глыбіннае ап'яненне… Я ж яму нічога пра гэтае ап'яненне не гаварыў… Толькі пра элементарную тэхніку бяспекі… Хіба я мог падумаць, што ён будзе апускацца на такую глыбіню? Адзін, без усякай страхоўкі!.. Я і то яшчэ ні разу на такую глыбіню не спускаўся.
— Ідзі, дружа, дадому. Паспі, калі зможаш… Цяжкі будзе заўтра дзень. Я да цябе прыйду, як толькі развіднее. А ноччу нічога не зробіш, нічым яму не паможаш.
«Паможаш…» Хоць бы цела знайсці… Хоць бы цела…» — роспачліва думаў Радж.
Піва нават не крануў. Пайшоў ад стала моўчкі, не развітаўшыся.
2
Натача кончыла лупіць доўгі, як пакалак, крывы клубень ямса. Парэзала на кружочкі, каб абсмажыць. І тут вярнуўся Радж.
— А я і забыўся табе сказаць… Макароны ж ёсць вараныя. Еш.
— Гэта я на раніцу падсмажу, з сабою возьмем. — У Натачы горна дрыжалі губы.
— У Крафта яшчэ агонь гарыць — забягу. Мо дасць «Нептуна» на заўтра, — сказаў Радж ціха, як прыбіты, і выйшаў.
— Ага, схадзі,— як гаспадыня, згадзілася Натача. Падымаўся Радж па скрыпучай лесвіцы цяжка, па-старэчы.
Для прыліку пастукаў, але дзверы адчыніў, не чакаючы адказу.
За сталом Крафта сядзеў, уткнуўшыся ў паперы, Судзір.
— А дзе… містэр Крафт? — спытаў здзіўлена.
— Быў ды сплыў…— неахвотна падняў галаву Судзір. Выгляд незадаволены: перашкодзілі.— Праўда, заўтра яшчэ зможаш яго пабачыць — будзе тут з натарыусам. І ў Англію паедзе.
— У госці? У водпуск? — усё не мог ачомацца ад такое неспадзяванкі Радж.
— Многа пытанняў задаеш. Гавары, што ты хацеў…
— Я хацеў… З гаспадаром мне трэба было б пагаварыць.
— Слухаю цябе, — Судзір паглядзеў на ручны гадзіннік.
— Дык ты… дык вы…
— Можаш гаварыць «ты», як і раней. Я не пакрыўджуся. Праўда, былі ў нас сутычкі па рабоце… Але дзе іх не бывае? Служба ёсць служба. А хто старое ўспомніць, таму вока вон.
— Дык што — у цябе цяпер трэба прасіцца… прасіць?!
— Ага. Ніхто не ведае, хто ў каго будзе на памінках. Заўтра апошнія паперы на куплю-продаж падпісваем.
Радж памаўчаў, збіраючыся з духам і з думкамі.
— Гора ў мяне… Янг утапіўся… на Горным… Шукаць трэба ехаць.
— О, богі… Калі ж гэта магло здарыцца? Я ж учора яго бачыў.
— То — учора, а гэта — сёння. «Нептуна» буду прасіць… І каб самога з работы адпусціў.
— Мне з табою трэба пра многае пагаварыць. Але пакуль што і ў цябе клопаты, і ў мяне. На днях абавязкова пагаворым.
— Дык я пра «Нептуна»…
— Возьмеш. Я табе абавязаны, можна сказаць, жыццём… Думаю, што потым усе страты ад прастою нагоніш. Так?
— Так, містэр Судзір.
— Ну, нашто так афіцыйна? Я хацеў бы, каб адносіны паміж намі засталіся сяброўскія. Бывай! — крыху прыўзняў над сталом забінтаваную правую руку.
— Дабранач! Дзякую.
«От як… Праглынуў Крафта — і не папярхнуўся. І дзе ён грошай столькі на гэта ўзяў? Зарплата ў яго была толькі напалавіну большая за маю…»
Чырвоныя губы выдадуць таго, хто жаваў бетэль. І сляпому відаць: сам Судзір прыклаў руку да разарэння Крафта. Іначай не гаварыў бы пра гэта з такім спакоем і задавальненнем. Нават вестка пра гібель Янга не вывела яго з гэтага настрою. А хлапчук жа шчыра любіў дэльфінаў, ахвотна, нават празмерна памагаў Судзіру ў рабоце.
Цесна думкам у Раджавай галаве.
Аддаў тапчан Натачы, а сам, узяўшы трохі чаго пад бок, уладкаваўся на лаўцы на дварэ. За цэленькую ноч нават і на волас не замгнуў. Хворае ўяўленне малявала жахлівыя карціны, і ўсё — пра тое, як гінуў, тапіўся Янг. «Я… Толькі я вінаваты ў гібелі брата… Не дапільнаваў, не дагаварыў таго, што павінен быў гаварыць. А трэба было ўсю ўвагу яму аддаць — і за сябе, і за бацьку, і за маці…»
І быў такі цяжкі момант, так аблягло сэрца болем і пакутамі, што хацеў ужо пакончыць з сабою. Ды застагнала, пачала ўскрыкваць у сне Натача, і гэта крыху ацвярэзіла.
Прайшоў у камору, памацаў Натачын лоб. Ён быў гарачы, аж палаў, і Радж узяў ручнік, схадзіў у душ, намачыў. Выйшаўшы, паслухаў яшчэ, як непакояцца, плюхаюць у басейне запалоненыя дэльфіны.
Ручнік крыху памог, хоць і невялікая была ад яго прахалода. Натача задыхала раўней, толькі ўсхліпвала часам тоненька не прачынаючыся. «Бедная дзяўчынка… Наперажывалася… Нічога не сказала — мо на яе вачах загінуў Янг?»
Рэштку ночы прыслухоўваўся, як Натача дыхае. І тое, што не застаўся сам-насам са сваімі думкамі і перажываннямі, а давялося клапаціцца пра другога чалавека, уратавала яго.
Пераканаўшыся, што заснуць не ўдасца, пад раніцу зарадзіў паветрам тры камплекты балонаў, падрыхтаваў два аквалангі і два касцюмы — сабе і Амары, бо рост яго ведаў.
Гэтыя тры камплекты балонаў ды той запасны, што недзе на Горным — чатыры. Павінна хапіць надоўга.
3
Раніцаю Натача ўстала амаль здароваю, гарачкі не было. Пакуль Радж з Амараю рыхтаваліся ў паход, выносілі ўсё, што трэба, на бераг заліва, пакуль спускалі тэльферам да вады «Нептун», прымацоўвалі да кармы матор, Натача збегала ў булачную — ажно ў цэнтр горада. Іх трое, Абдула — чацвёрты, Тота — пяты. Кампанія назбіралася вялікая, і трэба будзе прабыць на Горным мо цэлы дзень. «Гора горам, а чалавеку ўсё роўна трэба падсілкоўвацца», — разважала яна па-даросламу.
Калі плылі да Горнага, Радж усё пытаў абы-што ў Натачы — абы не маўчаць, не заставацца сам-насам з думкамі пра Янга. Спачатку пра ялік спытаў: «Дзе пакінулі?», потым: «А дзе Абдула будзе чакаць?» Памаўчаў, паўзіраўся ў панараму Кампонга, і зноў: «Не гаварыў Янг — добра ён зараджаў балоны, поўнасцю? Які быў ціск на манометры?» Натача адказвала, але коратка і быццам неахвотна: настрой быў прыгнечаны.
Дамоўленасці, дзе будуць прыставаць да Горнага, не было, і Амара скіраваў лявей Кампонга, а потым забраў яшчэ больш у мора, каб абысці папераджальныя буйкі на паласатых бочках каля лагера. Здалёк буйкі здаваліся нейкімі казяўкамі, што паснулі на вадзе.
— Гэта і ёсць той лагер? — пакрычаў Радж.
— Ага-а! — крыкнуў і Амара.
— А дзе ты прычаліш? Там яшчэ ёсць паселішчы?
— Няма! На чысты бераг высадзімся!
— Разварочвайся назад!
— А што такое?
— А то-ое! Я ўжо раз прыставаў да пустога берага, з ялікам. На Раі! Дык мне — во-о! — паказаў Радж на шрам-месячык пад левай сківіцай. — А ялік праламалі і ўтапілі. Давай да прычала!
Амара зрабіў круг у бок адкрытага мора, пакіраваў да Кампонга. Але не вытрываў, усё-такі пракрычаў Раджу:
— Параўна-аў! Там жа кантрабандысты былі ці піраты!
— Тут таксама… Яшчэ невядома хто!.. А калі што з «Нептуном» здарыцца, Судзір у турме згноіць!
Паддаў усім трывогі Радж. Ён і раней адчуваў, што з гэтым лагерам не ўсё проста, а падслуханая размова Піта з Судзірам і зусім насцярожыла. Вельмі ж настырна лез Судзір у кампаньёны да Піта і вельмі ж адбрыкваўся ад гэтага Піт! Можа, лагернікі і навукаю займаюцца, хто ведае. А калі тая навука толькі камуфляж, як і Судзір падазраваў? Мо яны самыя сапраўдныя драпежнікі, здольныя не толькі на выкраданне дэльфінаў. У такіх людзей нічога святога за душою няма.
Спачатку ўбачылі Абдулу — сядзеў на прычале, а потым і ялік. Ушчыльную да яліка падплысці не змаглі, ён быў густа абстаўлены лодкамі. Выбралі месца, дзе больш свабодна каля масткоў, уклініліся і закінулі кармавы ланцуг за прычальны прэнцік, прыкаваны да дошак уздоўж усяго прычала. Замкнулі на замок старанна.
— Ты чаго тут? — першая выскачыла на дошкі Натача.
Абдула, мабыць, скарчанеў седзячы, бо ўставаў няўклюдна, крэкчучы і трымаючыся леваю рукою за сярэдзіну. Правая была засунута за пазуху.
— Я ж табе сказала: заставацца каля акваланга і балонаў! Там начаваць!
— Я іх замаскіраваў у кустах… — сказаў Абдула, падыходзячы і здароўкаючыся з усімі. І адразу перайшоў на плаксівы голас: — Ага, табе добранька! Кінула-рынула ўсё і пабегла! А я адзін на голых камянях… У дзікім лесе, сярод звяроў.
— Пугача спужаўся ці сыча… А там мо хто пакраў і акваланг і балоны.
— А я Тота прывязаў да акваланга.
— От знайшоў вартаўніка! Сканаў недзе там з перапуду… — Натача правяла позіркам па твару Абдулы, па руках. — Праўда што — дасталося табе… Руку чаго трымаеш так? Ану, пакажы!
— Ціха, я сам! — Абдула пачаў памагаць леваю, выбаўляючы правую з проразі манішкі.— Во… Як калодка выпухла… Зламаў, мабыць, са скалы падаючы, як у Кампонг ноччу прабіраўся.
— Дык ты цёмначы адтуль уцякаў, не выбыў да раніцы?! Ну й ну, добра, што шыю не скруціў…— у голасе Натачы прабілася крыху павагі.— Хіба ты бачыш, як кот, ноччу?
Натача абмацала яго руку асцярожна, але ўсё роўна на пухліне засталіся белыя ямкі ад пальцаў. Абдула разяўляў рот ад болю і толькі ахкаў.
Павяла яго да Раджа, які гутарыў з незнаёмым чалавекам, стоячы каля кучы выгружаных рэчаў. Крыху воддаль ад прычалаў пад дрэвамі рыбакі чынілі сеткі, і незнаёмы, гаворачы з Раджам, увесь час паварочваўся да іх і нават рукою паказваў ці падзываў кагосьці яшчэ.
Радж таксама абмацаў Абдулаву руку, асцярожна паварочаў кісць у бакі.
— Пакуль жаніцца — загаіцца. Мо якая дзе трэшчынка і ёсць, а хутчэй за ўсё звязкі парваў ці расцягнуў. Добра было б да якое дошчачкі прыбінтаваць, прывязаць, каб даць руцэ поўны спакой.
— Бабу18, я ведаю такія кусты… Прыкладзеш лісцікаў — і пухліна спадзе, і рана хутка зажыве, — сказаў незнаёмец. — Будзем ісці ў горы, то я пакажу.
— Добра, Даял, добра. Кліч таго другога… Як яго — Мамада? І разбірайце рэчы.
Абдула не збіраўся шукаць дошчачку, буркнуў: «І так зажыве як на сабаку…» — і зноў схаваў руку за пазуху.
Хапала грузу ўсім: два аквалангі, тры камплекты балонаў, два гідракасцюмы, восем выратоўчых кругоў, цвёрдых, залітых пенапластам, дзве дошкі, два металічныя штокі, ласты, маскі, торба з харчам, бухта нейлонавага ліня даўжынёю метраў сто, два цяжкія падводныя ліхтары ў воданепранікальных боксах. І… насілкі для пераноскі дэльфінаў: дзве бамбукавыя жэрдкі, злучаныя кавалкам парусіны. Ніхто не пытаўся, для чаго яны. Насільшчыкам было нецікава, а дзеці здагадваліся. У насілках меркавалі несці назад Янга. Калі знойдуць цела…
Прыхаваны Абдулою акваланг і балоны папашукалі б, каб не Тота. Абдула не мог уцяміць, куды завалок іх ноччу і закідаў ламаччам і лісцем. Але ўчулі тоненькае і хрыплае, як на апошнім дыханні, скуголенне сабачкі і пайшлі на голас. Убачылі яго і жахнуліся: Тота так наблытаў і накруціў за ноч павадок, што аброжак ледзь не задушыў за шыю. У многіх месцах павадок быў пагрызены, пажаваны.
— Бедненькі…— Натача разблытвала і пяшчотна лашчыла Тота. У сабачкі знайшлося яшчэ сілы, каб лізнуць яе ў нос. — Ты храбрэйшы за некаторых баязліўцаў.
— Знайшлі вартаўніка… Каб хто тут быў, то не прайшоў бы міма, павярнуў бы на скуголенне, — дадаў Амара.
Абдула моршчыўся і адварочваў твар, каб не бачылі вачэй.
Радж перш за ўсё абследаваў Янгаў акваланг. Ён быў без ніякіх пашкоджанняў, нават рэзервовае паветра было. Запасныя балоны таксама запраўлены як след — 150 атмасфер ціску.
4
Пакуль зрабілі з тых васьмі выратоўчых кругоў і дзвюх дошак штосьці падобнае на плыт, прайшло нямала часу. Складанасць была ў тым, каб умудрыцца ўсё звязаць, адмотваючы адзін канец ліня і не рэжучы яго на кавалкі: такога на астравах Вясёлага архіпелага не купіш, трэба спецыяльна заказваць у Малайзіі ці нават у Ганконгу. І трэба было ўмудрыцца, каб пайшло на звязку не больш дваццаці метраў. Астатняя, большая частка ліня паслужыць за выратоўчы канец. Прывяжуць яго, скажам, да пояса Амары, і Даял будзе сядзець на плыце, травіць патрохі, адпускаць — страхаваць хлопца. І будзе прыслухоўвацца, каб не прапусціць ні малейшага сігналу, патузвання. Тры рыўкі — тэрміновы пад'ём наверх. Падымаць трэба будзе хлопца з прыпынкамі-перадышкамі, каб не схапіў кесонку. Інструктаваў Радж Даяла і ўсё-такі баяўся, каб не нарабілася бяды яшчэ больш, Амара ж будзе спускацца пад ваду першы раз (тое, што ныраў у дзяцінстве ў лагуне Біргуса, — не ў лік). Быў момант, яшчэ як плыт вязалі, што Радж хацеў аб'явіць: «Сядзі, хлопча, і не рыпайся… Адзін палезу». Але зразумеў, што Амара моцна пакрыўдзіцца. Нашто ж тады было агарод гарадзіць, клікаць яго з сабою? Нашто было валачы ў горы столькі лішніх рэчаў, рыштунку, траціць грошы на насільшчыкаў? Мог бы Радж сам абплаваць усё возера, і плыт не спатрэбіўся б…
І вось па возеры марудна сунецца плыт. На ім сядзяць тры чалавекі, Радж і Амара ў камбінезонах і аквалангах, Даял — так. Грабуць і рукамі, і нагамі ў ластах, кіруюць у бок астраўка. Натача і Абдула глядзяць, каб быць упоравень з імі, карабкаюцца і па беразе ў бок паўднёвай стромы. То Натача, то ён не вытрымліваюць, галёкаюць зверху плытнікам, куды плысці, у які бок забіраць, каб трапіць акурат на тое месца, дзе ўсплыў і кружыўся Янгаў акваланг.
А потым яны садзяцца на самым беражку кручы, спускаюць уніз ногі і не зводзяць вачэй з плыта. Што там робіцца? Во — панадзявалі ўжо маскі, пабралі ў рукі цяжкія ліхтары і штокі, кінуліся спінамі ў ваду… Во — дзядзька Даял, растапырыўшы ногі на дошках, перабірае ў руках лінь, папускае яго ўсё больш і больш. Урэшце становіцца на калені, потым садзіцца, а лінь трымае, хоць ён увесь разматаўся… Во — напінаецца ўжо лінь, а плыт пачынае плысці то ўправа, то ўлева, то закружваецца на месцы вакол сябе і вакол нейкага лапіка вады. Нібы гіганцкі паплавок велізарнай, як на кіта, вуды. А раптам і праўда возьмецца якая пачвара, і плыт-паплавок заходзіць, заскача, як вар'ят, а потым коса сігане пад ваду?
«Як гэта сігане? — жахаецца Натача. — Там жа не прыманка… Не чарвяк… Там жа Амара прывязаны!» — дзяўчынка ажно галавою матае, каб адчапіцца ад страшнай уявы.
І зноў глядзяць на плыт-паплавок, зліўшыся са скалой, скамянеўшы. Глядзяць і чакаюць цуда. З вады павінны вынырнуць утрох, а не ўдвух. З імі і Янг будзе, жывы і здаровы, нават разрагочацца на ўсё возера: «Ха-ха… вось і я! Ну й жарцік я з вамі разыграў!..»
Ніяк нельга было ўявіць хлопца мёртвым.
А плыт апісвае ўсё шырэйшыя кругі. А сонца пячэ ў патыліцы ўсё больш няшчадна, і ў Натачы і Абдулы баляць галовы, стукае ў скронях. Час паўзе так марудна, што хочацца закрычаць не сваім голасам, каб штосьці перапыніць ці прыспешыць, узарваць невыносную цішыню. Натача суе ў рот пальцы, з усёй сілы цісне зубамі на костачкі…
«Ну што-о, ну як там?» — хочацца крычаць і Абдуле. А каму крыкнеш? Лопаюцца толькі мо сотнямі адразу бурбалкі вакол плыта. Часам бурбалак не відаць, узрываюцца недзе якраз пад плытам.
І раптам убачылі, што Даял усхапіўся на ногі, заперабіраў рукамі лінь, закідаў яго сабе пад ногі петлямі. Радж і Амара, значыць, пайшлі на пад'ём…
І зноў час нібы застыў на месцы, сонца замёрла над самаю галавою, не хоча саступіць убок ні кроку. Бязлітаснае сонца, забойца-сонца… Натача і Абдула ўсхопліваюцца на ногі, і хлапец тут жа хістаецца і ледзь не падае, Натача яго падхоплівае. Глядзяць на Даяла, пытаюць у Даяла, пытаюць у возера — нема, без голасу: «Ну што-о там? Што-о?!»
І раптам разам з бурбалкамі каля плыта з'явіліся чорныя мячыкі галоў, бліснула шкло масак. Радж і Амара ўсплылі адначасова, Даял памог ім ускараскацца на плыт.
Без Янга ўсплылі!.. Паселі на краёчак, унурыўшы галовы, і… маўчаць!
Натача разрыдалася. Абдула падтрымаў яе за плечы, пасадзіў на зямлю. І ў яго цяклі па шчоках слёзы, і ён не мог нічога з імі парабіць, хоць стараўся стрымлівацца.
Маўчаць хлопцы на плыце. Вось адзін, а потым другі марудна сцягваюць маскі і зноў сядзяць угнуўшыся. Даял становіцца на калені і просіць Раджа падняць нагу, адшпільвае ў яго адзін ласт. Грабе Даял ластам, паволі кіруе да берага — туды, адкуль і адплывалі на пошукі.
Натача і Абдула нічога не крычаць ім, не пытаюць, падтрымліваюць адзін аднаго і прабіраюцца верхам, брыдуць туды ж. Там, скрыжаваўшы рукі на грудзях, стаіць як укопаны другі насільшчык, Мамада. Стаіць і ні кропелькі, мабыць, не перажывае: чужое гора як бы і не гора. Яго нанялі не плакаць, нанялі на цэлы дзень, і ён цярпліва адрабляе час.
Выйшлі Амара і Радж на бераг, пахістаўшыся на камянях, пакоўзаўшыся ластамі. Радж адразу зняў і другі ласт, выбраў вялікі камень і прысеў. Даял паглядаў то на Раджа, то на Амару, чакаў далейшых распараджэнняў. А яны нічога не гаварылі, Амара адкінуў некалькі камянёў, расчысціў пляцоўку і ўлёгся ніцма на цёплы пясок. На нагах у Амары былі два ласты, каля Раджа ляжаў адзін. Затое на плыце былі два… Два, а не адзін!
— А той лішні — чый? — схапіла яго Натача, падбегла да Раджа. Упала на калені, пачала вадзіць пальцамі па рубчыках, рэбрах ласта. А пальцы дрыжаць, дрыжаць!..
— Янгаў… ласт… — вымучыў Радж. — Засеў у расколіне пад вадою… А самога засмактала, мабыць, пад зямлю… Там такая вярцеліца, вада бушуе…
Абдула адвязаў ад запасных балонаў Тота, узяў на рукі, бо той усё рваўся, станавіўся на дыбкі. Падышоў да Натачы, прысеў на кукішкі і таксама памацаў ласт.
— Вы з Янгавым аквалангам, як вылавілі з вады, нічога не рабілі? — уздыхнуўшы, спытаў Радж.
— Не, — за дваіх адказала Натача, выціраючы слёзы.
— Рэмень паясны нармальна расшпілены. Значыць, сам, свядома расшпіліў пад вадою. А мо і несвядома… І ласт акуратна адшпілены… Янг быў п'яны!.. Глыбіннае ап'яненне — ёсць такая каварная штуковіна.
— Пра гэтае возера ў нас розныя легенды ходзяць… Страшныя! — Даял патаптаўся і таксама сеў на камень. — Быццам на дне жыве дракон вогненны. Часам як дыхне — дым і пара валяць! Усё з'ядае дракон, што ні трапіць жывое ў возеры, і раве: «Ма-ал-а-а!» Таму і рыбы тут амаль няма, і людзі не хочуць сяліцца, баяцца нават хадзіць сюды.
— Тут было так… — азваўся ўрэшце і Мамада. — Кідалі рыбакі бутэлькі пад кручу… Так налівалі вады і затыкалі, каб бутэлька нібыта танула, нібыта плавала. А праз тыдзень вылоўлівалі… во-о там, каля Горнага, — не азіраючыся, Мамада паказаў за спіну. — І нават на захад туды, каля Зубоў Дракона… Як цячэнне цягне.
— Радж… Міленькі, родненькі… Сёння трэба шукаць, не чакаць тыдзень! У моры шукаць, каля берага… Мо і Янга туды вынесе. Там, мабыць, рэчка падземная.
— Будзем, Натача, будзем…
— Але ж чалавек — не бутэлька, — сказаў Амара, не падымаючы галавы.
— Будзем шукаць… Хоць надзеі ніякай… — хрыпата перахапіла горла Раджа.
— Дык што — плыт развязваць? — спытаў Даял. Радж кіўнуў.
У самы раз было б перакусіць, сонца даўно з паўдня. Натача ведала, што ні Радж, ні Амара нават не аграшыліся, крошкі зранку ў роце не было. І раніцаю паплылі не снедаючы. Але на прапанову пакруцілі галовамі. Насільшчыкі маўчалі, бо ніхто з імі, наймаючы, пра харчы не гаварыў. І Натача пакарміла са сваіх запасаў толькі Абдулу і Тота.
5
— Вунь яны… Зубы Дракона… — кіўнуў Мамада ўправа, нават рукою паказаў.— Старыя расказваюць… Рыбакі раз паспрабавалі закінуць сеткі ў возера. Дык Дракон так разгневаўся, так пляваўся камянямі ўпопускі — ледзь ногі вынеслі. А потым не было чым шпурляць, дык зубы выплюнуў.
Унізе, нібы на першым паверсе берага, панаваў каменны хаос, а ўправа, куды тыцнуў рукою насільшчык, вастракутных і тупых глыб-скал было наварочана кучамі.
З вады таксама тырчала некалькі вострых, як кіпарысы, зазубрын-шпянёў. Чорныя, высозныя… Паміж імі было накідана і малых, нібы пакрышаных. У закавулках, лабірынтах і прамоінах паміж імі мора ўзбівала белыя кактэйлі.
— Мы з Янгам не тут спускаліся… Туды, бліжэй да лагера, — сказаў Амара.
Пасля пераходу, карабкання па камянях усе дыхалі як загнаныя. Грузу пабольшала, давялося несці яшчэ і Янгаў акваланг, яго запасныя балоны.
— Прыйдзем і туды… Правільней, яны падыдуць. Вы патрохі пераносьце і пераносьце рэчы па беразе, — звярнуўся Радж да насільшчыкаў.— А мы — морам.
Пад вадою праплывём, а вы зверху глядзіце, прыбой глядзіце… — і згроб жменяй кроплі з ілба. Хацелі з Амараю сэканоміць час, не скідалі гідракасцюмаў, але, відаць, дарэмна: запарыліся зусім. Струменьчыкі поту казытліва цурчалі па жалабку на спіне, па нагах. Хацелася хутчэй залезці ў марскую прахалоду, але было і небяспечна — у такім стане можна і прастудзіцца.
Памянялі ў аквалангах балоны на запасныя і пакарабкаліся з імі ўніз. А насільшчыкі і Натача з Абдулою злазілі павольней, падавалі адзін аднаму рукі, спускалі рэчы. Пакуль папераносілі ўсё на больш-менш роўны лапік і зрабілі першы прывал, бачылі, як усплывалі Радж і Амара, а потым зніклі пад вадою надоўга.
І тады панеслі рэчы на новае месца, бліжэй да лагера, адкуль ледзь чутна даносілася чахканне рухавіка.
6
Радж і Амара плылі зігзагамі, то забіраючы далей у мора, то паварочваючы да берага. І чым больш набліжаліся да лагера, тым чысцейшым рабіўся бераг, меншала камянёў і тым больш крута дыбіўся на водступе другі, гарысты бераг.
Бераг пад вадою таксама быў круты, падводная сцяна была, як рознакаляровая палітра: на каралах жылі, гарэлі, падрыгвалі шчупальцамі-пялёсткамі тысячы чырвоных і ружовых кветачак — жывых паліпаў, нібы прыцярушаных белай маніёкавай мукой. Дзівосны падводны пейзаж захапляў Амару, ён забываў, чаго знаходзіцца пад вадою, куды плыве. Усё відаць і без ліхтароў, і ён раз-пораз спыняўся, заміраў у дзіцячым здзіўленні: ружовы кусцік з галінкамі аказаўся жывым! Плыве, сам не ведаючы куды… А які агромністы амар сядзіць на сцяне, якія клюшні! А марскія грабеньчыкі, падобныя на двухстворкавыя кашалькі, выяўляецца, могуць рухацца, а не толькі ляжаць! Ледзь набліжаецца да іх марская зорка, пстрыкаюць убок, уздымаючы воблачка муты. І як яны чуюць, гэтыя зоркі?! «Далей! Уперад!» — махае яму Радж, і яны зноў плывуць, аглядаючы дно і асабліва ўважліва ўсе выемкі на дне і ў беразе, зараснікі каралаў.
Амара міжволі ўвесь час забіраў управа, у адкрытае мора, губляў бераг-арыенцір, і Радж памяняўся з ім месцамі, трымаў яго злева і раз-пораз прыціскаў бліжэй да берага. Падводны компас быў толькі ў Раджа. Але хутка і сам Радж павярнуў на глыбейшае, бо ўбачыў жалезны строп, які цягнуўся з дна, мабыць, ад якара, на паверхню. Што гэта такое? І толькі ўсплыўшы, убачылі папераджальны буёк з бочак. Значыць, яны даплылі да забароненай зоны?.. А дзе ж сетка? Ніякай сеткі паміж буйкамі не нацягнута, дэльфінаў тут трымаць не могуць.
«Куды цяпер?» — прыціснуўся Амара шклом маскі да Раджавай, спытаў вачыма. Радж паказаў рукою: «Бліжэй да берага!» Ён і не думаў мінаць забароненую зону.
Трымаліся каля самага берагавога абрыву. Глыбіня ўсё большала, абрысы дна ўнізе растушоўваліся ў фіялетавым змроку. Сцяна пайшла вельмі няроўная, з вырвінамі і расколінамі, кожны сантыметр яе зарос каляровымі караламі, губкамі, актыніямі, вустрыцамі. З нары выглянула доўгая і тоўстая, у плямках мурэна. Усунулася назад у нару, загарадзіла ўваход, разявіўшы зубасты рот. Амара не вытрываў, даў ёй шток, каб цапнула, але тая спалохалася, адступіла глыбей. Радж паказаў яму кулак, і Амара пусціўся даганяць яго.
Даплыў і бачыць: Радж штосьці ўважліва разглядае ў чорных зарасніках мадрапораў на сцяне. «Глядзі…» — паказвае. Зверху, з паверхні цягнуліся ўніз тры правады, два таўсцейшыя, у чорнай гуме, трэці танчэйшы, звіты ў дзве столкі. Радж пачапаў іх штокам — нацягнуты туга. Паказаў Амары ўніз і першы кульнуўся туды галавою, баўтануў ластамі.
Апускаліся, а насустрач усплывалі, а мо толькі так здавалася, паралізаваныя рыбы — каторая бокам, сутаргава кратаючы хвастом, каторая дагары брушкам. Пад берагам чамусьці не цямнела, а святлела, і гэта інтрыгавала, насцярожвала. Вось ужо тое, што святлелася, набыло абрысы няроўна прыплясканай аркі, уваходу ў грот.
Нейкая няўтульнасць, трывога завалодала хлопцамі. Захацелася азірацца ва ўсе бакі. Мазгі нібы прасвідроўваюцца гэтай трывогай, у галовах забіў пульсуючы, распіраючы боль. У вушах зазвінела і закалола. Кожны думаў, што гэта яму толькі баліць, нічога не гаварыў другому. І вось убачылі заслону, сатканую з безліч зіхоткіх паветраных пухіркоў. Нібы сотні кулямётаў, пастаўленых на дне ў рад, няспынна страчылі ўгору ззяючымі круглымі кулямі. На лінію агню, пад чэргі трасірак трапіў вялікі аглушаны акунь — і ў момант разваліўся на кавалкі. Гэтыя кавалкі варушыліся, тузаліся ўгору-ўніз, траплялі пад новыя кулі і распадаліся на больш дробныя.
«Назад!» — затузаў Амара за плячо Раджа. Але той упарта закруціў галавою, падкурчыў нагу, каб выхапіць з ножнаў крыс. І тады Амара рвануў яго за плячо мацней, ажно развярнуў да сябе тварам, падзёўбаў Раджу пальцам па цемю: «Звар'яцеў?!» Паказаў на свае вушы, схапіўся за галаву і пакіраваў на выхад. Радж крыху праплыў за ім, а потым адстаў, вылавіў леваю рукою правады. Паплыў угору, прапускаючы правады праз кулак. Шток замінаў, і Радж засунуў яго за пояс, а крыс усё-такі выняў, трымаў у правай руцэ, збіраўся рэзнуць па правадах. Амара, азірнуўшыся, замахаў яму рукамі крыж-накрыж — «Барані божа!». Радж неахвотна выпусціў правады, неахвотна схаваў крыс. Але раптам рухі яго зрабіліся таропкімі. Ён выперадзіў Амару, на хаду паказваючы, нібы прасоўвае нітку ў іголку і вядзе пальцамі па нітцы. Амара зразумеў: хутчэй плысці да таго буйка на жалезным стропе.
І, здаецца, выплылі ўжо на лінію таго буйка, а папакруціліся, пакуль угледзелі. Вынырнулі, ухапіліся за ржавы прэнцік, адзін з двух прэнцікаў, якімі былі злучаны па тарцах бочкі. Разам сарвалі маскі, разам выпхнулі з рота загубнікі…
— Усё зразумеў? — Радж паплюхаў у твар вадою, правёў па ім, змахваючы кроплі.
— Не ўсё…
— Пячора ў іх там, пад берагам! — ледзь не крыкнуў ён.
— Ціха… І прыдумалі загародку — пухіркі. Не простыя пухіркі… Бачыў, як акунь разваліўся? У мяне галава аж расколваецца і чую дрэнна.
— І ў мяне з вушамі штосьці… Бліжэй сунься, каб не крычаць. Цяпер зразумела, чаму паліцыя дэльфінаў не знайшла. Яны ў пячоры, за пухірковай заслонай! Іх у пячоры хочуць і скарыстаць… Судзір абучаў іх ныраць з каўшамі, чэрпаць і выносіць пясок.
— Тыя, з лагера, думаюць, што ў пячоры на дне золата ёсць.
— Ух, гэта золата!.. Каб мог, сабраў бы яго — усё! З усяго свету! — і затапіў бы ў самым глыбокім месцы акіяна.
— І на гэтым, думаеш, зло знікне? — іранічна ўсміхнуўся Амара.
— Калі не ўсё, то на тры чвэрці — абавязкова.
— Той сцёк з возера трапляе ў пячору, не іначай. То няўжо і цела Янгава там?
— Я яшчэ пад вадою пра гэта падумаў, хацеў шарахнуць крысом па правадах — і туды…
— Ну але! Яны ж пад токам. Чуеш — тахкае рухавік?
— Чую, здаецца… — Радж пакруціў пальцамі ў вушах. — А мяне токам не стукнула б. Праверана: тронак — ізалятар.
— Ну і што, калі б не стукнула? А ты ведаеш, што пасля магло адбыцца? Тыя, з лагера, адразу кінуліся б шукаць пашкоджанне і застукалі б нас.
— А дэльфіны за гэты час — фіу-фюць!
— А табе нажом пад рабрыну — і фюць на дно.
— У мяне таксама ножычак неблагі. Канечне, не такі, што лязом страляе, але…
— Колькі людзей у лагеры — ты ведаеш? Не… Думаеш, яны цырымоніцца будуць з намі, калі даведаюцца, што іх махінацыі выкрыты? Сюды трэба заяўляцца з атрадам паліцыі або… Каб адразу ўсіх накрыць… І пячору гэтую абследаваць.
— Ты сказаў — «або». Што — «або»? Амара замяўся.
— Ну — добра… Я табе не гаварыў, а ты не чуў. Той гурток памятаеш? Што ў «Кракене» засядаў?
— Ну…
— Дык гурток гуртком, а… Ёсць яшчэ ў падпольнай арганізацыі атрад баевікоў. Абучаныя як след, узброеныя… Іх будуць ствараць усё больш і больш, прытым — у строгай тайне. Сам мог здагадацца, што аднымі лекцыямі і гутаркамі султана не пераможаш.
— Лічу, што гэтае «або» ты не гаварыў. Каб распатрашыць лагер, хопіць і паліцыі.
— Дадумаўся: нажом па правадах! У пячору ўсё роўна ж не палез бы адразу, ліхтароў з сабою не бралі. А там жа цемра!
З берага пачуўся кароткі ўскрык чайкі. Павярнулі туды галовы… Па калена ў вадзе стаялі Даял і Мамада. Абдула і Натача залезлі аж да пояса. Усе махалі ім рукамі, клікалі да сябе.
— Штосьці здарылася… Знайшлі мо што… — Радж, не адзяваючы маскі, паплыў да гурту, шлёпаючы па вадзе маскаю. Амара за ім.
Насільшчыкі былі амаль на лініі буйкоў, да лагера заставалася метраў сто пяцьдзесят — дзвесце. Блізка! Таму Радж і Амара, каб не маячыць у гідракасцюмах, палеглі жыватамі ў прыбоі.
— Во, глядзіце! — Натача ўпала перад Раджам на калені, працягнула да яго далонь, ледзь не ў нос, і тут жа — Амары: — Жывы ён, жывы-ы-ы… — яна прыціснула далонь з тым, што паказвала, да губ.
Радж схапіў яе за руку, з сілаю адвёў уніз.
— Ды пакажы-ы ты-ы… чортава…
Але Натача выхапіла леваю рукою з правае нейкую анучку, затрэсла ёю.
— І во! — затузала падолак спаднічкі.— З маёй сукенкі гэта! Такая самая матэрыя… Во тут вылавіла, у прыбоі!
— Ага! Праўда! — памагаў Натачы, то прысядаў, то ўсхопліваўся на ногі і Абдула. Тота матляўся ў яго пад рукою і павіскваў.
— Ці мала ў прыбоі смецця.
— Якое смецце?! Глядзі-і… як згорнуты кавалачак… і звязаны… А як звязаны? Тры пятлі, як кветачка… Зусім нядаўна Янг вучыў мяне вязаць такія банцікі! — Твар у Натачы пылаў, губы дрыжалі.
Радж асцярожна ўзяў двума пальцамі шматок, паклаў сабе на далонь. Торкаў пальцамі ў вільготны згортачак, спрабаваў кіпцем падчапіць петлі, каб разабрацца, як завязана тоненькая нітка. Але яны былі мокрыя і зліпаліся… Хмыкнуў недаверліва, хацеў ужо кінуць за спіну, у мора.
Натача схапіла згортачак, парвала нітку, разгарнула шматок, вытрасшы з яго крыху зелля.
— Чаго б тады гэтаму кавалачку быць тут? Нашто каму рабіць такія згортачкі і вязаць Янгавымі вузламі? — гарачылася Натача. — Ён ніяк не мог падаць пра сябе вестачкі! Не напішаш, не вынесеш, не пашлеш… Што было пад рукамі, з таго і рабіў. Вадзе даверыў, а яна вынесла… Маю блузку парваў. Ён ведаў, што мы яго будзем і тут шукаць, і зрабіў, каб толькі нам было зразумела… Ну і Янг, які ён разумны, які хітры! Ён жывы-ы-ы!..
— Калі ўсё так, як ты гаворыш… — пачаў нешта гаварыць Амара, але паглядзеў на Раджа. Той заплюшчыў вочы. — Ты што? Табе кепска?!
— Нічога, нічога… — адказаў Радж, не расплюшчваючы вачэй, падыхаўшы. — Заціскае штосьці там… Ператаміўся сёння.
— Калі ўсё так, Натача… — Амара павярнуўся да яе. — То ў твае рукі трапіў адзін шанц з тысячы. А мо і яшчэ меншы, — ён узяў у Натачы кавалачак, разгладзіў на далоні.
— З тысячы? Ён жа не мог тысячу такіх кавалачкаў з блузкі нарваць, — не зразумела Натача.
— Я не ў тым сэнсе… Каб застацца жывому, у яго не было шанцаў. А выжыў! Каб трапіў табе ў рукі гэты шматок… Няхай ён хоць дзесятак ці два іх пусціў… Але таксама шанцаў амаль не было. Цуд, дый годзе!
— Дай сюды! — выхапіла Натача анучку. — Во пляма рудая з краёчку, бачыце? Уся пляма на зорку падобная… Брацік улупіў у плечы каракаціцаю, а яна чарніла выпусціла… На спіне пляма была… Чаго вы сядзіце? Шукаць трэба!.. Ратаваць Янга трэба! — Натача зноў расплакалася.
— Бабу… — падаў занепакоена голас Даял. Дасюль насільшчыкі сядзелі моўчкі, нібы анямелі ад усяго пачутага. — Бабу, я так рады… Я віншую вас. Я веру дзяўчынцы, што брат ваш жывы. Але вы на нас не разлічвайце, калі пойдзеце ў лагер. Мы не падраджаліся на гэта. Мы толькі рэчы несці згаджаліся. А тут… з лагерам гэтым… справа нячыстая.
— Мы не можам вам усяго гаварыць пра лагер, што ведаем. Але «нячыстая» — не тое слова. Слаба сказана! — Радж адшпіліў ласты, сеў па-турэцку. — Там пячора ў іх пад берагам. Калі Янг жывы, то ён у пячоры… Выхад з яе пад вадою на глыбіні чатырох, а то і пяці метраў. А загароджаны хітрамудра, па-навуковаму. Сядзіць Янг у цемры…
— А мо і не ў цемры — правады забыў? — узлакоціўся Амара, а потым таксама сеў.— То калі там светла, маглі і выявіць Янга, злавіць… Але каб схапілі, то ці змог бы ён пускаць такія цыдулкі? Калі ў пячоры і там вада — то змог бы… А калі дзе пад замком сядзіць, на беразе ўжо?
— Пад замком седзячы цыдулак не пусціш — факт, — згадзіўся Радж. — У пячоры ён — гэта таксама факт… А ўдвух нам у лагер таксама нельга совацца. А калі ўсё-такі ўчатырох, га? — паглядзеў просьбітна на Даяла.
— Радж-бабу, мы цябе вельмі запаважалі, але ты нас адпусці! Дзеці ў мяне… — узмаліўся Даял.
— А я жаніцца збіраюся, нявеста чакае! — паспешліва дадаў Мамада.
— Не будзем спяшацца, Радж, — разважліва сказаў Амара. — Галоўнае — ён жывы. А то паспяшаешся рэзаць рогі і адхопіш заадно вушы. Выявяць яны там Янга, то непаздаровіцца яму. У самую ж таямніцу іхнюю пранік!
Ад гэтых слоў Натача зноў захліпала.
.— Ух, такія прыгоды ў Янга! Каб мы там разам былі, тако-ога б натварылі! — забліскаў вачыма Абдула.
— Сціхні, ваяка, — скрывілася Натача. — Сыча ў лесе спужаўся, а яшчэ хоча…
Абдула шморгнуў носам, яму стала трохі непамысна. Але прарэзалася і ўпартасць:
— Я пайшоў бы зараз у лагер і запатрабаваў: «Давайце нам Янга!»
— На бананавым лісце, пад соевым соусам… — дадаў Амара насмешліва.
— Радж-бабу, не раздумвай доўга, пусці нас дадому… — запрасіўся Даял. — Мы і платы ўсяе не будзем сыскваць, а як за паўдня. Усё ж так добра скончылася, і хлопец жывы.
Нічога не сказаў Радж, расшморгнуў на грудзях «маланку», стаў скручваць падол рубашкі трубкаю. Калі трубка дайшла да грудзей, скрыжаваў рукі, ухапіўся за рубашку — сцягнуў цераз галаву.
— Раздзявайся і ты… — кінуў Амары. — Хэпі энда19 няма, але на сёння хопіць.
«Так добра скончылася… Добра скончылася… Хлопец жывы», — таўклося ў Раджавай галаве. І не толькі Радж паўтараў гэтыя словы на розныя лады.
Нічога яшчэ не скончылася. Не пачыналася нават. Як пускаў Янг гэтыя пісьмы-крыптаграмы, то быў яшчэ жывы. А што цяпер з ім? Дзве трэці дня прайшло, а нічагусенькі не зрабілі, каб выбавіць Янга.
— Разбірайце манаткі… — махнуў Радж на рэчы.
Раздзел пяты
1
Няшчаснаму і галоднаму — кожны год высакосны, кожныя суткі — год.
Янг не памятаў, як перабраўся з Крабавага пляжа на парог. Не памятаў, як забіраў з сабою рагожны мяшок, падсцілаў пад бок. Але ачнуўся на парозе, ачнуўся ад рэзкага і звонкага грукату — якраз як б'юць па пустой бочцы з-пад бензіну. Сеў, ашалела круцячы галавою, не цямячы, дзе ён і што з ім. Адно вуха балела і не чула, другое чула добра. Мо ўжо раніца? А вочы ўраз накалоліся на святло лямпачкі, а потым намацалі і тое месца, адкуль далятаў такі аглушальны, памножаны рэхам гук: дон-дын, дон-дэн-дын… Два чалавекі ў чорных гідракасцюмах завіхаліся на Крабавым пляжы каля паласатых бочак — акурат такіх, як пад буйкамі, майстравалі штосьці падобнае на плыт. Мабыць, усё, што трэба было, падрыхтавалі ў лагеры, бо плыт збіраўся з гатовых дэталяў. Чатыры бочкі былі звараны тарцамі па дзве, а зараз гэтыя выдаўжаныя пары злучалі па краях дошкамі, каб атрымаць нешта падобнае на раму. Непадалёку ад работнікаў ляжала сцірта карацейшых дошак, а каля самай вады аднабалонныя аквалангі.
Аквалангісты ўсё гэта сюды даставілі па падводнаму ўваходу, узвалаквалі на пляж, грукату-звону, пэўна, хапала. А от жа не чуў Янг, спаў як забіты. Можна было падплысці да яго, узяць соннага голымі рукамі.
Аснову плыта са скрыгатам ссунулі ў ваду, адзін аквалангіст, пахістваючыся, адразу перабраўся на яго. Пагойдаўся, прысядаючы, выкрыкнуў штосьці падобнае на «Го-го!», потым «Ол райт!». Сказаў, каб другі падаваў яму з берага карацейшыя дошкі. Прыбіў адну, прыбіў другую. Той, што на беразе, набраў дошак цэлае бярэмя і пералез туды сам, расклаў усе памостам. Таксама пагойдаўся, сказаў, што з аднае бочкі не чыста вылілі ваду, бо плыт асядае на адзін рог. А потым стаяў, узяўшыся ў бокі і гледзячы ў напрамку да Храмавага грота, амаль што на Янга. Мо выглядаў дэльфінаў? А першы поўзаў на каленях, круціўся, грукаў малатком, пакуль усё папрыбіваў. Час ад часу той, што стаяў, паварочваўся да прыбівальшчыка, штосьці гаварыў, але з-за стуку разабраць было нельга.
У Янга пяршыла ў горле, хацелася добра пракашляцца, але ён толькі паціху пырхаў, баяўся, каб гэтае пырханне не вельмі вылучалася з шуму вадаспаду. Даймаў насмарк, даводзілася часта выцірацца ці бязгучна смаркацца. Прастыў у гэтай макрэчы і холадзе… Разумеў, што яго становішча ўскладнілася: цяжэй будзе з насмаркам і кашлем ухавацца ад чужых вушэй. Цяжка будзе і пад вадою, калі давядзецца ныраць.
Прыступамі калацілі дрыжыкі: соннага добра прабрала холадам. Давялося памяць за бакі, надаваць самому сабе кухталёў, парасціраць жывот і спіну, грудзі, ногі, рукі. Намацаў складанчык-зломак, дастаў з-пад сябе рагожу. Доўга мацаў, круцячы перад сабою, мяркуючы. Вось дно, у ім выража дзірку. І дзве зверху з бакоў, каб прасунуць у гэтыя дзіркі галаву і рукі.
Рэзаў-пілаваў, памагаў нажу зубамі. Урэшце ўсцягнуў на сябе апранаху з усмешкай: «Пудзіла агароднае…» Некалькі разоў лавіў яшчэ на шыі асобныя валаконцы, вобмацкам адрэзваў, каб не казыталі, не калолі.
А позірку не зводзіў з тых двух на плыце: «Што будуць рабіць далей? Нашто ім гэты плыт? Не вельмі разгонішся на ім тут у цемры. Але калі мець вёслы ці што-небудзь падобнае, то можна абплаваць усю пячору, абследаваць… І мяне знайсці! Але каля іх, здаецца, няма ліхтароў, хіба мо дзе на пляжы…»
— Гэ-гэй, Магамет! — закрычаў зычна той, што стаяў рукі ў бокі. Пад скляпеннем рассыпалася громам-гулам: «…мет…мет… мет!» — Калі не ідзеш да гары, то гара прыйдзе да цябе!
Янг уціснуўся ў скалу: здалося, што аквалангіст яму крыкнуў, у яго бок глядзеў. «Але хіба мяне Магаметам зваць?»
— Ціха! Здурэў? Дэльфіны не любяць шуму, — прыбівальшчык таксама ўстаў на ногі. Абодва на фоне святлейшай сцяны каля лямпачкі выглядалі як цені-сілуэты.
— Гэта навуцы невядома. А што ультрагуку свінні не любяць, баяцца — можна заўважыць.
— Гэта афаліны, а не марскія свінні.
— Адзін чорт. Хто б мог падумаць, што з простых пухіроў можна стварыць такую заслону.
— Гэта не простыя пухіркі. Адваротны п'езаэлектрычны эфект.
— Ты кумекаеш трохі, з чым яго ядуць?
— Ну…
— Гані лекцыю, прафесар.
— Значыць, так… Калі з крышталю кварца выразаць своеасаблівым спосабам пласцінку, то, сціскаючы і расціскаючы яе, на гранях узнікаюць электрычныя зарады, процілеглыя па знаку. Гэта — прамы п'езаэлектрычны эфект. А калі, наадварот, да гэтай пласцінкі падвесці электрычны зарад, то яна зменіць свае памеры. Чым большы зарад, тым большая атрымаецца дэфармацыя пласцінкі ці пласцінак. Калі пераменным токам дзейнічаць, то пласцінка будзе сціскацца і раздавацца ў такт са зменай плюса на мінус. Ёсць спецыяльная ультрагукавыя генератары, калі з іх дапамогаю змяняць плюс на мінус з ультрагукавою частатою, узнікнуць ультрагукавыя хвалі. Дык вось, змены ў памерах пласцінкі пад уздзеяннем току і называюцца адваротным п'езаэлектрычным эфектам. Але цяпер з крышталю кварца такіх пласцінак не робяць, а з п'езакерамікі. Гэта ў дзесяткі і сотні разоў танней. І з іншых рэчываў робяць… Каб атрымаць вялікай інтэнсіўнасці ультрагукавое выпраменьванне, яго факусіруюць спецыяльнымі канцэнтратарамі. У нас, калі ты заўважыў, такія жалабкі з трубак зроблены… Яны і канцэнтруюць, факусіруюць ультрагукавыя хвалі да таго, што ў вадзе ажно пухіркі ўзнікаюць… У іх тэмпература — тысячы градусаў, а на ваду перадаецца ціск страшэнны… Сотні атмасфер!
— Як рэпу грызеш… А мне начхаць на ўсе гэтыя пухіркі… Абы яны рабілі для нас тое, што мы хочам.
Многіх пачутых ад «прафесара» слоў Янг не зразумеў, некаторых мо і не дачуў. Але запомнілася «лекцыя», і ён рашыў пераказаць усё Раджу. Калі жывы застанецца, вядома… Цікава, ці зразумее ўсё гэта брат?
— Значыць, дэльфіны не могуць адсюль уцячы?
— Не могуць. Хіба што рухавік спыніцца, электрастанцыя.
— Мы маглі б і пры беразе гэтаю самаю заслонаю з пухіркоў адгарадзіць загон, і хай бы плавалі.
— Ну але! А як ты іх потым прымусіш лезці ў пячору? А тут яны на месцы, а з плытом увогуле ў два разы можна паскорыць абарот, не трэба будзе цягаць пароду да лямпачкі.
— Трэба зрабіць пераносны свяцільнік, пусціць проваду футаў20 трыста, каб з плытом пераносіць. І мыць будзем на плыце.
— Майкл табе не казаў? Гадзіны ў дзве ночы тэлефон зазумерыў. З пячоры… Алё, алё, а ў трубцы — маўчок.
Янг і дыхаць перастаў. Няўжо — уліп?
— Сырасць вялікая. Замкнула кантакты.
— Сырасць? Сырасці, праўда, хапае. Раматус можам падхапіць… Ха-ха, у тропіках, у чарцячым пекле! Каб хоць добра ведалі, што недарэмна змарнуем час.
— Не змарнуем. Мора чаму вялікае? Бо і ад малых рэчак і ручаёў не адмаўляецца. Гэтак мясцовая мудрасць гаворыць… Ну, а мы будзем кляваць, кляваць… Па зярнятку, па дзве-тры унцыі21, па самародку.
— Самародкаў захацеў!
— Будуць і самародкі… Учора колькі мы тут палазілі, а пяць унцый намылі. Не тое што ў ручаях.
— А спачатку здалося, што ў ручаях павінна было быць больш.
— Як дзе… Каб добра разведалі, пашукалі, то мо і ў ручаях маглі на радовішча напасці… А з туземцаў ніхто нічога не ведае пра золата. Баяцца гэтага возера.
— Стары, то ты мо кумекаеш, як і з гэтымі бутэльканосамі ўпраўляцца? Я ўчора і па імёнах зваў, і рыбаю падманьваў — ніводзін не падплыў. Курсіруюць зводдаль, паглядваюць.
— Мо не нам трэба было з імі займацца. Хай бы тыя, хто не ўдзельнічаў у выкраданні, транспарціроўцы. Мо яны нас па паху пазнаюць?
— Д'ябал іх ведае… А мо проста да лямпачкі баяцца падплываць? І заслона пухірковая моцна ўплывае на іх — здалёк чуюць, хоць там і скіраванае выпраменьванне. Паспрабуем з плыта…
Вада ў пячоры хоць памалу, а ўсё-такі рухалася ў напрамку да выхаду. Бо стаялі тыя двое на плыце спачатку так, што лямпачка выблісквала з-за пляча левага. А пакуль пастаялі, пагаварылі — пачала выбліскваць паміж імі, потым — з-за пляча правага. Плыт ледзь прыкметна ішоў за вадою.
— Піт быў у дэльфінарыі, а нічога не можа сказаць, якія каманды падаваў той дрэсіроўшчык.
— Ён дэльфінаў бачыў у час прадстаўлення, а не на занятках.
— Я ж гаварыў Піту: рана! Няхай лепш абучацца. Не-е, давай-давай, хап-хап. А цяпер хоць пад хвост ім трубі.
— А калі больш не было б такога зручнага выпадку?
— Не было б, то самі падстроілі б. Цярпеннем трэба было запасціся, цярпеннем!
— Цярпеннем… А забыў, што час — грошы? Не ведаеш, дзе выйграеш, дзе прайграеш. Паспрабуем, не атрымаецца нічога — давядзецца Судзіра ў долю браць.
— Гэта той дрэсіроўшчык?
— Ну… Штучка — палец у рот не кладзі.
— Шэф сёння прыплывае, то скажа, што рабіць.
— У шэфа, думаеш, парламент, а не галава?
— Не парламент, але — галава.
— Згодзіцца шэф… Не бачу я іншага выйсця. Калі на адным згубім, то на другім выйграем.
— Сняданак — дзе? На пустой каве скора ног не павалачэш. Умяць бы хоць пару сандвічаў.
— Вунь… на тыя чарпалкі клаў я.
— Мяшок рагожны ты не браў? Я ўскідваў учора на чарпалкі, каб трохі абчах.
— Не бачыў… Крабы мо сцягнулі.
— А рыбу куды паклаў?
— Там жа… Не дабяруцца, не бойся.
— З гэтымі крабамі… Хоць махалам махай. Лезуць, як мухі на струп.
— Думаеш, паможа гэтая рыба? Дэльфіны не галодныя, начхаць ім на наш пачастунак.
У Янга даўно свярбела ў носе. Ён і на пераноссе ціскаў, і смаркаўся паціху, і чухаў пальцам у ноздрах. Не памагала, чхнуў — выбухова, бо заціскаў і нос і рот далонямі.
— Будзь здаровы! — сказаў правы аквалангіст.
— Гэта ты мне? Я не чхаў… Мо дэльфін.
— А што, дэльфіны таксама чхаюць?
— Мо і чхаюць. Кажуць, у іх мозг вельмі на чалавечы падобны.
— Калі так падобны, то мо іх і спакушаць трэба чым-небудзь іншым… Скажам, віном, а не рыбаю.
— Ха-ха, ну й прыдумаў!
— Рыбы ў пячоры хапае, пакуль не пераловяць усю — не суйся. А пераловяць — самі на паклон прыйдуць. А мы ім: хто не працуе, той не есць.
— Стары, ты не сацыяліст? Цяпер модна пад сацыяліста афарбоўвацца.
— Ты што — таго? — правы аквалангіст пакруціў пальцам каля скроні.
— Хм… Значыць, ты самастойна адкрыў адзін з асноўных сацыялістычных прынцыпаў.
— Значыць, сацыялісты — не дурныя, калі да гэтага дадумаліся.
— Разбалбаталіся мы тут…
— Ніхто не пачуе.
— Я не пра гэта. Працаваць трэба, а мы… Адцягваем час, адцягваем. А потым Піт ці шэф спытаюць: а што вы зрабілі за дзень?
— Ага-а… Каб яны выдахлі, гэтыя дэльфіны… Ведаеш, давай паснедаем, а тады і пачнём.
— Давай, хіба я супраць?
Двое на плыце пасталі на коленцы, загрэблі рукамі ваду, каб шчыльней прыстаць да пляжа. Як быццам баяліся намачыць гідракасцюмы. А прысталі, то першы, што ступіў на бераг, пачаў рабіць нагамі выверты, нібы стукаў імі туды і сюды, штосьці расшпурліваў у бакі. Спыніўся каля сцірты саўкоў, заглянуў па адзін бок, па другі, патупаў грозна, пужаючы крабаў.
— Стары, ты не памятаеш, што робіш. Ніякай рагожы тут няма.
— Ч-чорт… Я ж не звіхнуўся. Няўжо крабы маглі куды звалачы? — той, што чартыхнуўся, азіраўся наўкола, аглядаючы ўсю пляцоўку. Потым прайшоўся паўз самы край, углядаючыся ў ваду. Аднекуль з правага краю, дзе была ўжо цемра, прынёс дзве круглыя штукі, падобныя на рэшаты, папераварочваў іх. Абодва аквалангісты паселі на іх носам да носа, узяліся патрашыць бліскучы празрысты мяшок з харчамі. Сядзелі так, што адзін закрываў крыху другога і закрываў тое, што даставалі з мяшка. Гаварылі далей напаўголаса, і Янг, хоць і настаўляў здаровае вуха, нічога не мог разабраць.
Уявіў, што яны ядуць, якую смакату, і ў жываце пачаліся галодныя рэзі. Зачэрпнуў далоняй салёнае вады, глынуў. Пацягнула на ваніты.
Сядзеў на ласце, скурчыўшыся, прыціснуўшы далоні да жывата, а локці да бакоў. Дрыжыкі ўжо не білі, рагожа і ласт усё-такі памагалі. Стараўся больш не думаць пра яду, засяродзіцца на тым, што пачулася з размовы тых двух.
Чакаецца сёння прыезд нейкага шэфа…
Спадзяюцца, што шэф дазволіць паклікаць сюды Судзіра…
Так, гэта — галоўнае. Дык што — адразу падплысці да Судзіра? Так і так, маўляў… Усё-такі знаёмы чалавек, разам у дэльфінарыі працавалі. Мо паможа выбрацца?
«Перапалохаецца, як убачыць мяне. І так падазрэнні на яго падалі, што памагаў дэльфінаў красці.
А цяпер будуць яўныя доказы, што саўдзельнік. І я — сведка… Дык нашто яму сведкі? Ці не лепш пазбавіцца ад іх?»
«Чакай, чакай… Ён жа не дурань. Ён сам бачыў, як горнуцца да мяне дэльфіны. Не абысціся яму без мяне… Спалохаецца толькі спачатку, а потым захоча скарыстаць. Без мяне яму як без рук! З чужынцамі ж дэльфіны не ідуць ні на якія кантакты…»
«Будзе трымаць, як у турме-цямніцы, свету белага не ўбачу ніколі. А Радж пашукае трохі, пашукае і… перастане…»
Горка Янгу і горна, крыўдна на свой лёс. «А я ж не жыў яшчэ, мне ж усяго дванаццаць гадоў…»
«От каб акваланг у іх украсці… Не трэба касцюм, не трэба ласты, маска… Абы загубнік у зубы, абы ўдыхнуць пару разоў… А-а-а! Пухіркі… Разрэжуць, як нажом… Як скрозь іх прабрацца?»
«Дурань… Трэба было глядзець лепш, ці нельга тыя жалезныя штукі, на якіх пухіркі робяцца, прыпадняць. Каб пад іх падлезці… А я «лялькі» прасоўваў… От жа дурань! А цяпер ужо і сілы не хопіць другі раз у масцы падплысці…»
Аквалангісты тым часам паснедалі. Усяго, здаецца, не з'елі, бо штосьці скідвалі назад у празрысты мяшок. Адзін потым устаў, скамячыўшы гэты мяшок, пашукаў вачыма, куды шпурнуць, але кінуў ціха пад лямпачку да сцірты чарпалак. Потым, мабыць, прыбяруць, вынесуць наверх… Абодва адразу заспяшаліся, нібы захацелі нагнаць страчаны час. Перанеслі на плыт некалькі саўкоў, тыя круглыя штукі, на якіх сядзелі, мяшок з рыбаю, падводныя ліхтары, ласты, маскі, аквалангі і яшчэ нейкі згортак.
— Глупства гэтыя ліхтары. Доўга пры іх не напрацуеш, — сказаў адзін.
— Я ўзяў пару запасных батарэек.
— Усё роўна гэта не работа. Ну, дзве гадзіны прамучымся, тры, а толку? Лінію трэба цягнуць — я казаў ужо.
— Скажам матарысту, хай сёння ж зробіць.
— Безгаловыя мы… Трэба было хоць пару вясельцаў з гумавай лодкі ўзяць.
— Ага… Дый лодка-гумоўка спатрэбілася б: колькі ўжо часу мінула, а мы яшчэ добра пячору не абследавалі.
— Піту гэта нецікава. Яму галоўнае, каб рыліся ў гразі, як свінні, гналі чыстаган.
— Дзе сёння будзем? У Дзіравым гроце ці каля вадаспаду? Давай к дэльфінам, у Дзіравы.
— Давай.
Адзін аквалангіст, абуўшыся ў ласты, адштурхнуў плыт ад Крабавага пляжа, плюхнуўся сам жыватом на ваду, ухапіўся за дошкі. Другі ўключыў ліхтар, паставіў яго на тую круглую штуковіну так, каб пучок святла скіраваць уперад, і таксама сунуў ступакі ў ласты, скокнуў з плыта ў ваду, учапіўся поруч з першым.
Плыт рухаўся хутка і якраз на Янга. Круглая, крыху расцягнутая пляма святла слізгацела па вадзе, часам пасвечвала трохі ўправа, калі плыт уздрыгваў, нават забірала і ўгору. Янг адчуваў сябе, як у пастцы. Лезці ў ваду, хавацца там ад аквалангістаў? Не хацелася: толькі-толькі пачаў падсыхаць і сагравацца. Пабраўся ад вады далей, мацаючы рукамі і нагамі. Добра, што сцяна была тут нахільная і намацваліся выступы і выемкі. І раптам рука, працягнутая ўперад і ўгору, не знайшла апоры! Замацаў ёю ва ўсе бакі — дзіва, не сцяна гэта была нахільная, а быццам яшчэ адзін вялікі вал ці парог. Пачаў узбірацца і мацаць больш асцярожна — так і ёсць, за валам ідзе паніжэнне. Закінуў туды адну нагу, падцягнуў другую і ссунуўся за вал нагамі ўперад. Западзіна была неглыбокая, мо крыху глыбей, чым паўметра, і роўная, нібы якое логава. Абрадаваўся неймаверна: недарэмна выбраў гэты парог для жылля. Цяпер у яго і гняздо будзе такое, што не скоцішся ў ваду, і крабаў тут няма, і хавацца добра — знізу, з вады трасцу заўважыш, як ні свяці. Каб Янг ведаў, што такое акопчык з брустверам, то параўнаў бы сваё логава з ім. Адразу пакарыстаўся гэтым брустверам, выглянуў з-за яго асцярожна ўніз. Плыт быў зусім блізка, ліхтар сляпіў. Давялося прыкрывацца рукою, святло ўжо скакала па тым месцы, дзе Янг толькі што быў.
— Во, упёрліся… Грабі ты, я прытармажу. Правей будзем браць, — пачуўся зусім блізка, як над вухам, чужы голас.
— Лявей, а не правей. Я памятаю гэты выступ. Дзіравы грот за ім, злева.
Бочка скрыгатнула, зачапіўшы пад вадою камень. Плыт грабцы адцягнулі крыху назад, а потым скіравалі ў левы бок, а як глядзець Янгу — у правы. Святло ліхтара прапала за мысам-скалою, ледзь бачны водсвет улоўліваўся над грэбнем бруствера. Чым правей да Храмавага грота, тым больш задзіраўся ўгору бруствер. Бачачы святлейшае «неба» і чорны сілуэт грэбня на яго фоне, Янг смела падаўся туды, толькі выставіў перад сабою рукі. Тут можна было амаль стаяць, абапіраючыся ці трымаючыся за грэбень, наглядаць, што робіцца ўнізе, на вадзе.
Контур плыта быў ледзь бачны, з яго ўглыб грота і на ваду падаў сноп святла. Святлелі крыху і плямы за плытом, дзе боўталі ногі плыўцоў — фантастычная, казачная карціна! Янг скіраваў позірк угору — а дзе ж тая дзіра ў скляпенні, падобная на васьмёрку? Вочы прывыклі ўжо да святла ліхтара, хоць і не прамога, не хацелі ўлоўліваць тое, што павінна было прасочвацца зверху. Урэшце штосьці ўбачылася, толькі не васьмёрка, а нібы апалонік з хвосцікам, і зусім бледна. Не заўважыў на той пляме ні зорак, ні лятаючых кажаноў. Мабыць, той апалонік было не само неба, а толькі водсвет дзённага святла, а само неба чымсьці прыкрывалася. Янга апанавала невыносная нуда, хацелася завыць, як Мансураваму сабаку. Быў выпадак, што той завыў на беразе, чакаючы рыбакоў. І наклікаў бяду: не вярнуўся з лоўлі стрыечны Мансураў брат, старэйшы за Янга на чатыры гады. Бедны Мансур, дзе ён цяпер? Ці вылечыўся? У яго ж тады, як нырнуў у лагуне ў час падводнага выбуху, палопаліся перапонкі, і сам быў кантужаны. «У мяне адно вуха баліць, і то не вытрываць… А як яму тады было?»
Тым часам плыт апынуўся сярод дэльфінаў. У моцна расцягнутай авальнай пляме на вадзе ўбачыліся спіны з плаўнікамі, дэльфіны кружылі вакол плыта то ў адзін, то ў другі бок. Урэшце скучыліся і адышлі ў самы далёкі куток, куды святло не даставала.
Абодва аквалангісты ўскарабкаліся на плыт, святло ліхтара пахісталася па вадзе.
— Ну вось… Хоць бяры ласо ды кідай, як каўбой… — голасна ўздыхнуў адзін аквалангіст. — І як да іх паддобрыцца?
— Ты ж крычаў: калі гара не ідзе да Магамета…
— Ага… Паплыву да іх без акваланга, паспрабую з рук пакарміць… Як дзікія, не верыцца, што з дэльфінарыя.
Той, што памінаў ласо, узяў мяшок з рыбаю і кінуўся грудзямі на ваду, ажно хвалі заплёхалі ў сцены. Другі падцягнуў да ліхтара акваланг, стаў штосьці ў ім падвінчваць ці рамантаваць. Янг быў упэўнены, што дэльфіны не паддадуцца на іх заляцанні, і адхіснуўся ад грэбня. Будуць тут аквалангісты забаўляцца доўга, яшчэ і на дно палезуць з чарпалкамі. Трэба скарыстаць гэты момант!
Ён адным махам перамахнуў бруствер, споўз, мацаючы дол, да вады. Скінуў рагожу, скінуў усё адзенне дагала — так, як яны купаліся без дзяўчынак у лагуне Біргуса. Ціха лёг на ваду, асцярожна і раўнамерна запрацаваў рукамі. З Храмавага грота яго не ўбачаць, праверана. Адтуль нават пляжная лямпачка не відаць. Але доўга не будзе на пляжы, толькі схопіць той плёнчаты мяшок з рэшткамі яды — і ходу. «Тут разгледжу, што ў ім… Ха, а як ты разгледзіш у цемры? Дзе мінута, там і дзве, нічога гэта не зменіць…»
Сплаваў недарма. У скамечаным мяшэчку знайшоўся падгнілы банан, зусім добры ўсярэдзіне, бліскучы ад тлушчу агрызачак хлеба і дзве прадаўгаватыя свіныя шкуркі ад бекону. На шкурках сям-там можна было яшчэ абгрызці, абсмактаць сала, дый самі шкуркі немалы ласунак. Толькі трэба ўмець іх есці… Хлеб і банан праглынуў у момант, шкуркі сунуў за шчаку — і назад у ваду.
Ажно настрой палепшаў!
Плыў, плыў і выплыў… у Храмавы грот! Калі нечакана засвятлела ўперадзе і зварухнуліся на гэтым светлым постаці аквалангістаў, нават разгубіўся: «Чуць на плыт не ўзбіўся!..» Забраў правей, хутка намацаў мыс-выступ і свой парог за ім, азірнуўся: усё правільна, адсюль лямпачка відаць. Асцярожна, каб не пазбіваць калені, вылез. Абшморгаў з сябе далонямі ваду, парасціраў трохі грудзі, спіну, ногі, каб разагрэць кроў. З цяжкасцю разабраўся з адзеннем, паўсцягваў на сябе. І пакуль рабіў гэта ўсё, сыходзіў слінаю, прыцмокваў. Каб яны спрахлі, гэтыя шкуркі, так і хочацца глынуць не жуючы. І адразу да грэбня — а што робіцца на плыце? Жаваў, малоў зубамі, млеючы ад асалоды, і наглядаў, услухоўваўся.
А там вылазіў ужо на плыт аквалангіст, што плаваў з рыбаю да дэльфінаў.
— Ну як? — спытаў той, што ўзвышаўся на плыце. — А хай яны падохнуць… І блізка не падпусцілі.
Думаў, мо не бачаць, цёмна. Выму рыбіну, паплюхаю ёю, каб пах пайшоў па вадзе. Ніводзін не падплыў!
— Трэба было хоць так накідаць. Яны не дурныя, зразумеюць, што мы з дабром да іх.
— Кідаў! Во, у мяшку мо трэць толькі засталася. Яшчэ раз паспрабую, у канцы.
— Я прапаную так: першае пагружэнне — удвух. А потым чаргавацца. Ліхтар пастаў, каб свяціў на ваду. Для арыенціроўкі…
Далей яны не перакінуліся ні словам, быццам пасварыліся. Моўчкі сабраліся, пачапілі аквалангі. Адзін узяў падводны ліхтар, не той, што гарэў на краёчку плыта, другі, і дзве чарпалкі. Занырвалі так, нібы хацелі сесці на ўяўны борцік плыта, але знячэўку куляліся дагары ў ваду.
Разышліся і сышліся кругі, пахістаўся крыху ліхтар, падрыгала пляма святла на вадзе…
Янг набраўся нахабства: пакуль яны будуць нагружацца, а потым зачэрпваць, выплываць, ён пашарыць у іх на плыце. Ніякіх пакут сумлення не адчуваў, здалося нават, што даляцеў да яго ўхвальны голас Абдулы: «Малайчына! Так ім, грабежнікам, і трэба!» — «Я нічога не буду браць. Я толькі тэрмас з каваю… Яны абыдуцца без яго, а я ўжо не магу: нутро хочацца пагрэць… Падкіну потым пусты, во здзівяцца!» Раздзеўся Янг другі раз хутка, хацелася хутчэй дапасці да салодкай, духмянай і гарачай кавы. Плюхнуў у ваду смела — не было каго асцерагацца.
Ледзь узабраўся на плыт, стрэмячы калені аб кастравыя дошкі. І адразу пападплывалі дэльфіны, павыстаўлялі паўкругам зубастыя пашчы, чмыхаючы, мурлыкаюць, скрыпяць. Ну і стварэнні! Бобі каля самага памосту, задраў высока галаву і ўсклаў яе падбародкам на беражок, разявіўся як мага. Нібы прасіў-маліў: пакармі! І Янг забыўся на тэрмас, узяўся за плёнчаты мяшок з рыбаю. Бобі далікатна ўзяў рыбку і ссунуўся ў ваду. Астатнім кідаў у раты па парадку. Папала кожнаму па дзве, па тры, а Бобі нават даў чацвёртую, маленькую. Малыш паспрабаваў ускочыць, на памост, як рабіў гэта ў дэльфінарыі, але накалоўся на край дошкі, ссунуўся ў ваду, незадаволена пасвістваючы.
— Няма больш… во, бачыш? — Янг нават вывернуў мяшэчак перад яго вачыма, кінуў яго на круглую штуковіну, заўважыўшы мелькам, што яна падобная на рэшата.
Кепская справа: дэльфіны горш галодныя, чым ён. Яны проста цярпелі дасюль, а цяпер, мабыць, цярпенне скончылася. Зробяцца больш уступчывыя, заскачуць пад дудку чужакоў. Голад — не цётка.
Узяў ліхтар, павадзіў пучком святла па вадзе, правёў паўз сцены, па саміх сценах грота. Святло рассейвалася, але можна было разабраць, што левая сцяна нахілена, як страха, яна няроўная, у наплывах і кулёбах. У самым кутку, дзе цямней, чым дзе, гэтыя наплывы павылазілі з былых шчылін, як высалапленыя наздраватыя языкі. Колер у сцен і «языкоў» шэра-буры, часам карычневы, а то і чорны. Сцяна справа таксама мае нахіл, але пачатак яе блізка ад мыса нібы выкусаны. Там і стварылася тая седлавінка, у якую ён забіраўся, як у логава. Да самага верху вострага скляпення святло ліхтара не даходзіла, але светлая пляма, падобная на апалонік з хвосцікам, ад яго прападала.
Янг спахапіўся: чым ён займаецца?! Жах… Зараз выплывуць аквалангісты… А дзе той тэрмас? Вунь, у другім рэшаце.
Ставячы ліхтар на старое месца, ледзь не сапхнуў яго ў ваду. Заціснуў тэрмас пад паху і плюхнуў жыватом на ваду, запрацаваў адною праваю. Да яго адразу падплыў Бобі, потым выперадзіў, развярнуўся, плюхнуўшы хвастом так, што Янг закашляўся. Хацеў мо сказаць — чаго паўзеш, як маруда-зорка?
Кашляючы, выбраўся на свой бераг. Клаў здабычу пад ногі і добра абмацваў дол, каб тэрмас не скаціўся ў ваду. У той жа момант пачуў за сцяною невыразныя, скажоныя рэхам галасы: выплылі аквалангісты. Добра, што паспеў уцячы… А што яны гавораць? Не разабраць… Адзеўшыся, перабраўся цераз бруствер, прыціскаючы тэрмас да грудзей. Заняў месца каля свайго наглядальнага пункта, слухаў, паглядваў, а рукі рабілі сваё — адвінчвалі накрыўку; зубы тузанулі корак, у нос паляцелі гарачыя пырскі. Наліў крыху ў накрыўку-кубачак, падзьмухаў — і зацмокаў, млеючы ад асалоды і цеплыні ў жываце.
— Бач, асмялелі без нас… Кружаць вакол плыта. Абодва аквалангісты сядзелі на кукішках на плыце адзін супраць аднаго, не знімаючы аквалангаў са спіны. Паміж імі на чарпалцы стаяў ліхтар.
— Я зараз вазьму рыбку, паманю, — устаў адзін на ногі, разгледзеўся. — Ч-чорт… Сапхнулі, мабыць, у ваду, вылазячы. Не бачу мяшка.
— А во, на рэшаце… Пусты.
— Я-як пусты? Там яшчэ кіло тры было! Я добра помню, што не клаў яго на рэшата!
— Стары, лячыцца трэба… Склероз — паганая штука.
— Пайшоў ты!.. Дурнем мяне лічыш, ці што?
— Ну дык дзе тады рыба? І хіба мяшок з нагамі, каб пераскочыць на рэшата?
Устаў і той, што называў другога старым. Падняў ліхтар, правёў святлом па вадзе, паўз сцены, каўзануў трохі па сценах, потым зноў па вадзе. У кружок трапіў магутны плаўнік, мо Дзікаў. Яшчэ раз промень ускінуўся на сцяну — каля самага Янга, і яму давялося нырнуць за грэбень.
— Не падабаецца мне ўсё гэта. Нячыстае тут месца… Недарэмна туземцы на возера не ходзяць. Многа сёння ўсякіх загадак. Выплывалі — ты бачыў, як агонь танцаваў, потым прапаў быў?
— Ну-у…
— Не падабаюцца мне такія фокусы… Слухай, а памятаеш, як Піт расказваў пра прадстаўленне? Дэльфіны выскоквалі на памост, укладваліся… Мо і цяпер пабывалі тут, пакаўталі рыбу.
— Ну але! Яны ў крайнім выпадку сцягнулі б мяшок у ваду і там трыбушылі б яго. А ён ляжыць пусценькі на рэшаце. Прытым… яшчэ і вывернуты! Ды каб яны скакалі на плыт, то ліхтар бы спіхнулі.
«А што вы яшчэ запяеце, калі ўбачыце, што тэрмас…» — не паспеў дадумаць Янг.
— Не ліхтар сапхнулі, а тэрмас… Тэрмаса няма! — той, што стаяў з ліхтаром, няўклюдна затупаў ластамі, свецячы вакол плыта на ваду. — Нідзе не плавае.
— А тэрмас і не маглі сапхнуць, я яго ў рэшата клаў. І добра памятаю гэта, можаш не пасміхацца! Ведаеш, у пячорах часам пасяляюцца гіганцкія васьміногі. Для іх тут добрая схованка… Васьміног можа шчупальцамі чаго хочаш нарабіць.
— Перастань… А то я больш у ваду не палезу.
— Палезеш, нідзе не дзенешся.
Яны папрысядалі каля чарпалак, пачалі грэбціся. Потым застаўся на плыце адзін, а другі з ліхтаром на грудзях і чарпалкаю ў руках каўзануў за борт. Той, што застаўся, зняў з-за плячэй акваланг, асцярожна паклаў на дошкі. Памахаў трохі рукамі, паразгінаўся, націскаючы аберуч на сярэдзіну і віляючы клубамі. Высыпаў з чарпалкі друз у рэшата…
«Знаходзяць яны што ці не? — млява падумалася Янгу. — Каб знаходзілі, то мо крычалі б ад радасці…»
Абрыдла яму сачыць за маніпуляцыямі таго, што на плыце. Не бадзёрасць адчуваў Янг ад кавы, а наадварот — захацелася спаць.
Споўз у лагво, падклаў локаць пад галаву. Яму ўсяму зрабілася цёпла і ўтульна, нават каменная пасцель здалася не такой халоднай і мулкай.
2
Спачатку спаў без сноў. Потым сны, мабыць, былі, нават кашмарныя, бо колькі разоў прахопліваўся ад жаху, але супакойваўся і зноў засынаў.
Потым прачнуўся канчаткова. Недзе чуваць была невыразная, з вялікімі паўзамі размова… Скляпенне пячоры не губляецца ў пракаветнай цемры, а шарэе, можна разгледзець навіслыя глыбы, няправільныя, нібы зламаныя аркі. Недзе імкліва праносіцца, слізгае сліпучае святло, бо нават яго водбліскі на камянях столі балючыя для вачэй. Звярыны інстынкт асцярогі прымусіў Янга не ўсхоплівацца адразу, не вытыркацца. Ён прыкінуў, дзе можа быць тая моцная крыніца святла, перавярнуўся на жывот і пластом папоўз да бруствера. Потым лёг на бок, задраў, закасаў рагожны падол, прыкрыў ім твар і вочы, каб не так рэзала святло. Нават праз мярэжу валокнаў глядзець было балюча.
Плыта ў Храмавым гроце не было. Каля ўваходу ў яго плавала штосьці доўгае і тоўстае, разы ў тры-чатыры даўжэйшае за Дзіка. Ні носа, ні хваста не відаць, яны занураны ў ваду. Спіна шэра-срабрыстая, ледзь узвышаецца над вадою. Затое надбудова — у паўроста чалавека. Яна размешчана пасярэдзіне, дзе ў дэльфінаў спінны плаўнік. У гэтай надбудове-кабіне Янг налічыў пяць вокнаў-ілюмінатараў, размешчаных у адну лінію. Шостае акенца крыху відаць спераду, над гэтым акенцам рухалася туды-сюды круглая фара, і гэта з яе святло рэзала, нізала прастору, скакала па скляпенні, слізгала па вадзе. Зверху кабіны-рубкі былі два люкі, і ў гэтых люках відаць былі да пояса два чалавекі — у звычайным адзенні, не ў гідракасцюмах. Фара ўрэшце тухне, супраць яе зыркасці і сліпучасці акенцы, здаецца, ледзь тлеюць. Янг паступова разбірае на баку плывучага цела чырвоны надпіс: PERRY CUBMARINE. «Кабмарын, кабмарын… Падводная лодка! — здагадаўся Янг. — Але хіба бываюць такія малыя падводныя лодкі?!» Ён адкідвае з твару рагожу, глядзіць ужо без яе, услухоўваецца.
— Значыць, не сіфон? — Янг разабраў: гэта сказаў той, што тырчаў з першага люка і паварочваў фару.
— Не! — адказаў задні.— І мы спачатку думалі — сіфон. А потым глядзім — дзірка ў скляпенні…— і паказаў рукою ўгору міма вуха пярэдняга.
— Куды вядзе пячора — не даследавалі?
— Нікуды, вы ж самі свяцілі, бачылі. Чатыры затокі, гэтая самая большая.
— Лічы — грот, а не пячора.
— Не кіем дык палкаю. А глыбока тут… У гэтай — футаў сто восемдзесят, у тых — па трыццаць — пяцьдзесят.
— Гэта тут вы чэрпалі пробы?
— І тут, і там, дзе вадаспад. А дзве затокі яшчэ не даследавалі.
— А варта займацца?
— Думаю, што варта. Нават калі не ўдасца эксперымент з дэльфінамі, то будзем самі. Аквалангаў толькі больш трэба, у нас усяго тры.
— Выдаткі, выдаткі… І на дэльфінаў дарэмна раскашэліліся.
— Шэф! Мы на іх ні долара не патрацілі.
— Растлумач, калі ласка.
— Правялі адну аперацыю, бамбанулі дэльфінарый на Раі.
— Хвост завяз?
— Чыста! Прыязджала паліцыя, мы ім акваторыю лагера паказалі — глядзіце, шукайце. А пра пячору ніхто не ведае.
— Ну і што?
— Вы пра што?
— Пра дэльфінаў. Ёсць ад іх карысць, кармёжку хоць апраўдваюць?
— Яшчэ ні разу іх не кармілі. Тут хапае ім і рыбы, і крабаў, і лангустаў, а каля выхаду — і малюскаў. Самі харч здабываюць.
— Та-а-ак… Не падабаецца мне справа з дэльфінамі. Можаце паставіць пад пагрозу ўсю справу.
— Шэф, усё будзе о'кэй. Праўда, без дрэсіроўшчыка капрызяць. Ён з імі займаўся на Раі, вучыў чэрпаць пароду на дне, выносіць наверх. Па маім заданні… Поспехі былі ўжо.
— Та-а-ак… І тут хвост завяз, яшчэ і дрэсіроўшчыка ўблыталі. Улічыце, Піт: калі што здарыцца, адказваеце галавою.
— Шэф, усё будзе о'кэй, вось пабачыце. Дазвольце толькі яго ўзяць у долю, каб ён і тут з дэльфінамі займаўся.
— Ты думаеш, пра што гаворыш?
— Думаю, а як жа.
— Думаеш, толькі не галавою. А як нічога не дасць забаўка, з дэльфінамі? Усе карты адкрылі… гэтаму твайму дрэсіроўшчыку.
— Гэта не мой, а дэльфінячы… І я думаю ўсё-такі галавою. Калі нічога не атрымаецца з дэльфінамі, Судзір адсюль не выйдзе жывы.
— Гэта хто такі — Судзір?
— Той самы дрэсіроўшчык. А зараз ён ужо і гаспадар дэльфінарыя, Крафт збанкрутаваў. Такія апошнія весткі.
Ад такое навіны Янг ажно ўстаў, забыўшыся на ўсё. Але спахапіўся і зноў прыліп да скалы — добра, што не зірнулі ў яго бок.
— Та-а-ак… Ну што ж — пад тваю адказнасць.
— Дык на які працэнт згаджацца?
— Лічы сам. Я фінансую ўсю справу, мае пяцьдзесят пяць працэнтаў здабычы. Твае дзесяць, рэшта — для астатніх. Чым больш набярэш людзей, тым менш прыпадзе на вас. Вось са сваіх сарака пяці працэнтаў можаце і кінуць яму костку.
— На голую костку ён не згодзіцца. А не запрасіць — занадта многа ён ведае, пра многае здагадваецца. Нас цяпер шэсць з вамі, з ім будзе сем. Калі толькі нам з ім дзяліцца, а вы ўбаку, гэта будзе несправядліва, шэф. Я ж клапачуся пра агульныя інтарэсы, пра вашы даходы. Але чаму мы адны павінны ўзяць на сябе Судзіра? Да вас пацячэ рака, да нас нейкія струменьчыкі, дый тыя трэба дзяліць. Шэф, уступіце тры працэнты са сваёй долі!
— Ні долара, Піт, я ж сказаў. Мне не эксперыменты трэба, а работа, работа… І ўлічы: мае выдаткі з кожным годам растуць, а даходы… А даходы пакуль што не. Вось — давялося гэтую ламачыну купіць.
— Чаму ламачына? Добрая яшчэ пасудзіна.
— Пазаўчарашні дзень. Праз пятыя рукі дастаў… Ездзіў сам у Вест-Палм-Біч22, сустракаўся з шэфам «Перы кабмарын компані», таргаваў новую кабмарын. Не дакупіцца! Цяперашнія малюткі за гэтую і запас ходу маюць у некалькі разоў большы, і глыбіню пагружэння большую, і магутнасць акумулятараў, і хуткасць. У маёй каля 15–20 вузлоў23, а ў новых — трыццаць. Транспартаваць іх можна на палубе іншых суднаў, у дэсантным караблі-доку. У нашу малютку толькі два чалавекі могуць забрацца, а ў тыя — па тры. І люк у тых ёсць спадыспаду, можна проста на грунт выходзіць у аквалангах.
— А як вы гэтую «ламачыну» даставілі сюды? Столькі тысяч кіламетраў.
— Ваенныя памаглі, да самага Біргуса прытарабанілі. Ну, а ў межах архіпелага сваім ходам хаджу. Абяцалі ваенныя трохі мадэрнізаваць нашу малютку: рухавік дызельны паставяць, генератар току, лопасці вінта заменяць.
— Не за так жа, не за добрае слова?
— Вядома ж! «Ты мне, я — табе». Будзем дзяліцца з імі сабранаю інфармацыяй. Шкада, пячора гэтая малая… А то можна было б і за яе патаргавацца з імі, уступіць потым.
— Яны і такую з радасцю схопяць. Тут пры жаданні можна добрую схованку зрабіць: і на атамную зброю, і на хімічную, і на бактэрыялагічную.
— Хопіць пра гэта. І кажаны могуць падслухаць. «Кажаны… — пасміхнуўся ў гэты час Янг. — А я?
А тыя двое, што на плыце былі? Ці ад іх яны не хаваюцца? Капошацца нечага на пляжы, і плыт там прычалены…» PERRY CUBMARINE, не нагружаючыся і не разварочваючыся, паціху пасунулася па вадзе ў бок крабавага пляжу.
«Добрая пасудзінка… — уздыхнуў Янг, зайздросцячы. — От каб мець такую падводную лодачку. Я б тады… Тады б я…» — а прыдумаць, што ён рабіў бы на ёй, так і не мог. Занадта многа было жаданняў. Перш за ўсё, канечне, выплыў бы на ёй адсюль. Мабыць, лодцы тыя пухіркі зусім не страшныя. У яе корпус сталёвы ці з такога металу, што вытрымлівае пад вадою вар'яцкі ціск. Што ёй нейкія там бурбалкі! Але, паразважаўшы, прыйшоў Янг да другое думкі. Не палезе лодка ў тыя пухіркі — нашто рызыкаваць такою дарагою рэччу? Аператар з лагера адключае заслону. Гэтак і для аквалангістаў робіць. Знімуць у пячоры тэлефонную трубку, а з лагера — «Хэлоў? Майкл каля апарата!» А яны яму: «Праз мінуту адключай, ідзем на выхад». А мо скарыстоўваюць які пароль? Не, наўрад ці… Аператар і так ведае іх голас, ведае, хто ў пячоры ў дадзены момант знаходзіцца.
«От каб забраўся ў лодку — і шморг з ёю… Ага, забярэшся, а як выбрацца? Цапнуць за шкірку і выкінуць у моры акулам… Можа, на лодку? Прыгнуцца за тою рубкаю-будкаю, сесці верхам… Калі і не адключаць пухірковую заслону, дык корпус абароніць…» Хацеў ужо спускацца да вады і стрымаўся: «Дурань… А ты ведаеш, з якою хуткасцю яны паплывуць па гэтым праходзе? Мо яшчэ марудней, чым я сам. Захлынешся як бач, не хопіць духу. Ды яны і ўбачаць цераз акенца, як я сяджу, знарок прытармозяць, каб захлынуўся, адна маска нічога не паможа. Гэта каб акваланг сцібрыць…» Але зноў падумаў, падумаў і рашыў, што і акваланг не паможа. «Залезеш з аквалангам на лодку, а тыя ўбачаць, дадуць задні ход. Ураз зловяць!»
«Ай жа султан Муту! Нічога не ведае, што ў яго ў султанаце робіцца… Адно толькі ведае — астравы разбазарваць…» Упершыню Янг думаў па-дзяржаўнаму, шырока і стала.
Тыя, што тырчалі з люкаў кабмарына, пра нешта напаўголаса перамаўляліся з тымі двума, што кешкаліся на пляжы. Разабраць, пра што яны гавораць, было цяжка.
У Янгавай галаве нарадзіўся дзёрзкі план: а што, калі падплысці паціху пад вадою да плыта, учапіцца там пад дошкамі? Ніхто не здагаецца пра такую сховань, а пачуеш усё чыста. Але зноў спрацаваў інстынкт перасцярогі: «А ці ўсё ты абдумаў, каб лезці ў зубы дракону? А што, калі пад плытам не будзе за што ўчапіцца? Або самлеюць рукі, сарвешся, плюхнеш, выявіш сябе? Чым тады ўсё скончыцца?»
Аднекуль з цёмных закуткаў павылазілі дэльфіны. Прымушаў іх хавацца ад тых людзей таксама інстынкт. Фукнуў, падплыўшы, Бобі, захрукаў па-парасячы, потым захныкаў, як дзіця, якое хоча, каб з ім пагулялі. І Янгу захацелася пагладзіць яго, патузаць у бакі за рострум, але… Што будзе, калі ўздумаецца каму паласнуць у гэты бок пражэктарам?
У кабмарыне ляснулі вечкі люкаў. Яшчэ праз некалькі мінут пачала асядаць, хавацца пад ваду рубка з акенцамі — ніжэй, ніжэй… Вось ужо ледзь прасвечваюцца скрозь ваду вочы-ілюмінатары. Яшчэ імгненне — і ўсё знікла ў чарнаце.
Адзін з тых, што засталіся на Крабавым пляжы, зняў трубку тэлефона:
— Хэлоў? Майкл, выключы сваю машынерыю, а то з аднаго шэфа зробіш двух.
Раздзел шосты
1
— Містэр Сінх, я запрасіў вас вось чаму… Ага, дарэчы: як з'ездзілі? З «Нептунам» усё ў парадку?
Судзір сядзеў за сталом Крафта просценька, як убіты ў зямлю доўбняю кол. Ніводзін мускул не зварухнуўся на твары, пакуль гаварыў, ні разу не скокнулі ўгору бровы, здаецца, нават не расцінаў вузкіх губ. Радж быў здзіўлены такім тонам: толькі што, учора, разыгрываў з сябе дэмакрата, і раптам такі афіцыйны тон і «вы». Радж таксама рашыў гаварыць на «вы».
— З «Нептунам» нармальна. А чаму вы… чаму вы не спытаеце, што з Янгам?
— Спытаю, чаму ж не: што з Янгам? Знайшлі цела?
— Не знайшлі… Я хацеў бы, каб і на заўтра мяне адпусцілі. За свой кошт.
— Сённяшні дзень таксама за ваш кошт, вылічым з зарплаты. А на заўтра пусціць не магу — трэба працаваць. І так мы нясём кожны дзень велізарныя страты… («Знаёмая песенька… Крафт ныў гэтак жа сама…» — падумаў Радж)… Дарэчы, я і запрасіў вас так позна толькі таму, што адклад не ідзе ў лад. Я думаю, што для новай групы дэльфінаў трэба і новы дрэсіроўшчык, сам я не змагу імі займацца. За справу возьмецеся вы… Шкада, што загінуў Янг, ён быў бы ў вас добрым асістэнтам… Дый у рэкламе можна было б закруціць: «На арэне браты Радж і Янг Сінхі з дрэсіраванымі дэльфінамі!» Гучыць?
— Баюся, што не спраўлюся. Я ніколі не займаўся дрэсурай.
— Я яшчэ не ўсё сказаў. Вы будзеце атрымліваць маю былую стаўку, я нават не прыму пад увагу перыяд вучнёўства… Я нават надбаўлю дваццаць долараў, калі вы зможаце за месяц навучыць дэльфінаў, падрыхтаваць праграму.
— Вы сваю праграму рыхтавалі амаль тры месяцы, і ў вас ужо быў вопыт дрэсіроўшчыка.
— Вы забываеце, што ў мяне не было з кім раіцца, не было настаўніка. А ў вас ёсць — я.
— А хто будзе вадзіць на падводныя прагулкі, рыхтаваць увесь рыштунак?
— Няхай гэта вас не турбуе. Возьмем новага чалавека, нават не аднаго. Трэба ставіць усё на шырокую нагу. У нас не было дасюль падводнага палявання — і гэты від пацехі прадаставім, хай забаўляюцца. Цяпер пра асістэнта… Самі не падбірайце, я вам дам чалавека.
— Вы так пра ўсё гаворыце, быццам я ўжо згадзіўся.
— А вам нічога не астаецца рабіць. Такая работа нідзе не валяецца — гэта па-першае. А па-другое, не згодзіцеся дрэсіроўшчыкам, я вас і ад падводных прагулак зволю, і ад надводных. Ідзіце на ўсе чатыры бакі… Дзівак, ды хто іншы ў ногі ўпаў бы, каб падзякаваць, што даю такую работу, павышаю зарплату.
— Я ні перад кім яшчэ не падаў і не збіраюся падаць.
— Вы чалавек з гонарам, я ведаю. Калі хочаце, я паважаю такіх. І не люблю слімакоў і мядуз… Каб я мог, то пакідаў бы жыць толькі моцных, валявых асоб, а ўсіх слабакоў і вырадкаў тапіў бы з каменем на шыі. Мы павінны за бліжэйшыя пяцьдзесят гадоў вывесці і выхаваць такую расу людзей, каб у нашай дзяржаве былі толькі моцныя асобы.
— Хто гэта — мы?
— Мы — гэта таксама моцныя асобы.
— Штосьці я чуў такое: Еўропа… Гітлер… Расавая тэорыя. Другая сусветная вайна… Пяцьдзесят мільёнаў загінуўшых…
— Цябе палохаюць гэтыя лічбы? А мяне — не. От ты жыў на Біргусе… («А-а, не хапіла духу, пачаў «тыкацца»)… Мабыць, і агародзік быў у бацькі, і расло нешта на градках… Я таксама мару купіць бунгала24… Дык вось, калі густа насеяна, дык там жа не расліны вырастаюць, а… Крывыя бляклыя нітачкі, якія не могуць даць ніякай карысці, не могуць нават пакінуць пасля сябе патомства… А каб і пакідалі, то каму патрэбна, скажы, такое хілабокае патомства? Таму добры агароднік выполвае з град пустазелле, потым прарэджвае пасевы, відавую праполку робіць… Чаму б і з людзьмі такое не рабіць?
— Прабачце, у мяне яшчэ шмат работы… — Радж непакойліва зірнуў на запясце левай рукі, нібы там у яго быў гадзіннік.
— Значыць, так: лічы, што мы дамовіліся.
— Містэр Судзір, я прашу вас, дайце мне і на заўтра вольны дзень.
— Вось ты гаворыш, што ў цябе яшчэ многа работы. Улічы, работы будзе з кожным днём прыбаўляцца. Я думаю ператварыць дэльфінарый у марынарыум, а то і мэрынлэнд. Будзе пабудаваны падводны тэатр з усякай марскою жыўнасцю. Нават русалак туды запусцім… Пару дзяўчат голенькіх, прыгожанькіх… Яны будуць цэлае падводнае шоу разыгрываць, пацяшаць. У Японіі штосьці падобнае ёсць, у Іоміуры. Але чаму павінна быць толькі ў Японіі, а не ў нас? Што мы — горшыя?
«Гэтаму крывасмоку Крафт і ў падноскі не варты…»
«Не шукай у змяі ногі», — правільна ў народзе гавораць. Судзір не проста чалавеканенавіснік, гэта — фашыст. І не маскіруецца нават, адкрыта прапаведуе свае ідэі, не хаваецца. А каго яму баяцца? Султан камуністаў у падполле загнаў, на Судзіраў не звяртае ўвагі. А ўся небяспека — ад такіх вось! Яны і султану потым пад бок дадуць, захопяць уладу…»
— Містэр Судзір, я падумаў і рашыў згадзіцца, — сказаў уголас. — Толькі дайце мне права падабраць сабе асістэнта па густу. Мне з ім працаваць, а не вам, поўны кантакт павінен быць. Калі за тры дні не знайду хлопца, які задавальняў бы мяне, тады прыму любога, каго прызначыце.
— Во, гэта ўжо дзелавая размова. Тры дні даю — падбірай. А я гэтыя тры дні буду думаць, як нам лепш арганізаваць работу.
— Заўтра я ў дэльфінарыі не буду, дазволіце вы гэта мне ці не дазволіце. У мяне ўжо нікога не засталося на свеце, я павінен выканаць свой абавязак перад братам да канца.
— Шкада, што не слухаешся. Мяне таксама не будзе цэлы дзень, і хацелася б, каб хоць адна разумная галава заставалася на месцы. Гэты Абрахамс пад старасць апошнія глузды згубіў, пакідаць на яго аднаго дэльфінарыум рызыкоўна.
— Дарэмна вы на яго так. Ён вельмі стараецца на рабоце, усё выконвае сумленна.
— Залішне нават стараецца, суе нос куды не трэба. З сённяшняга дня павінна быць так: сумленна выконвай толькі свае абавязкі, а я іх распішу для кожнага, астатняе не павінна цябе цікавіць… А ўсё Крафт вінаваты, гуляў тут з вамі ў лібералізм, параспускаў… Карацей: «Нептуна» больш не дам. Падрыхтуй мне на заўтра акваланг, касцюм, запраў балоны, пастаў пад вышку каля дзвярэй. Я хутка буду ісці, забяру.
«Ліха з табою…» — падумаў Радж, пакідаючы кабінет.
Пастаяў крыху на пляцоўцы, падыхаў свежым брызам. Меў такое адчуванне, што ў кабінеце не паветра было, а нейкая атрута, чад.
«Чым яму насаліў Абрахамс? Куды ён соваў свой нос? Трэба пры выпадку распытаць старога…»
Недзе з порта па-бычынаму, але стрымана, быццам баяўся разбудзіць каго, падаў голас цеплаход — мо хацеў швартавацца ці, наадварот, адчальваў з Рая. Пілікалі і верашчалі цыкады, у зялёнай зоне дэльфінарыя спалохана і плаксіва ўскрыквалі паўліны, чуваць быў лопат крылаў. «Ці не на перамену пагоды?» — падумалася Раджу з трывогаю. Няхай бы пастаяла добрая пагода яшчэ колькі дзён, бо сапсуецца — у мора не выйдзеш, зносіны з іншымі астравамі амаль спыняцца.
Паволі, прыкідваючы, што трэба зрабіць у першую чаргу, ступаў па скрыпучых прыступках. Зробіць спачатку тое, што загадвае Судзір, трэба пакуль што гадзіць яму, як ліхой скуле. Потым трэба ўпарадкаваць астатнія аквалангі, балоны і касцюмы. Амара не памог з імі разабрацца, ледзь прычалілі ў заліўчыку, скокнуў на бераг. Ён пазніўся на работу, не меў часу нават прыняць душ. Паспеў крыкнуць, што раніцаю прыбяжыць зноў. Другія суткі без сну — як ён вытрывае? Абдула таксама — сабачку пад паху і дзёру. Ну, гэты мог бы і не спяшацца, мог памагчы. Але мармытаў штосьці: «Донна… Сіньёра… Донна…» Прагаладаўся, мабыць, як звер, таму і спяшаўся. Не хацелася Раджу кепска думаць пра Янгавага сябра, але тое-сёе ў паводзінах хлапчука не падабалася. Было ў ім нямала ад гарадскога шпанюка. Так і давялося самому разгружаць «Нептун», заганяць яго тэльферам у гараж, самому ўсё пераносіць у камору. А тут і змрок нахапіўся.
«Куды ён зноў намерыўся пусціцца з аквалангам?» — падумаў пра Судзіра.
Радж адчуваў сябе страшэнна знясіленым, і не так фізічна, мускульна, як нервова. І як толькі ўбачыў, што Судзір пакінуў кабінет, прыйшоў у «рэзідэнцыю» прыхаваць да раніцы рыштунак, вырашыў не прыводзіць у парадак астатняе, а прыняць душ, пераадзецца і схадзіць у горад. Там перакусіць і загляне ў паліцэйскі ўчастак. Раскажа пра падводную пячору. Хай зацікавяцца лагернікамі не адкладваючы, каб не змаглі тыя замесці сляды. Пэўна ж, захочуць паліцэйскія самі пераканацца, заплысці ў пячору. Значыць, трэба будзе падрыхтаваць і ім пару аквалангаў. Але гэта ўжо зробіць, прыйшоўшы з горада. Галоўная задача — угаварыць паліцэйскіх паслаць у лагер узброены атрад.
Заўтра ж! Ён сам іх будзе суправаджаць, сам усе пакажа і раскажа, што ведае… «Толькі от каб Янг вытрываў там яшчэ суткі — калі жывы, вядома… У тыя анучкі, што Натача паказвала, цяжка паверыць. Але… чаго толькі не бывае на свеце!»
З-за шуму і плёскату вады не пачуў, калі Судзір пакінуў «рэзідэнцыю». Але калі выйшаў сам, то з лаўкі, з-пад магноліі, абазваўся Алі:
— Здароў, Радж. Пасядзі трохі, размова ёсць. — Калі Радж прысеў побач, адразу працягваў: — Прымі маё спачуванне — такое ў цябе гора… Мне толькі сёння Абрахамс сказаў, і трэба ж такому здарыцца! А такі хлапчына быў, я яго адразу ўпадабаў.
— Дзякую за спачуванне… Але можа так стацца, што ён жывы. Ты зараз у мяне пра гэта не распытвай, потым усё раскажу. І сам нікому не гавары, што можа быць такі паварот. Наплялося столькі — у галаве не ўкладваецца.
— Што — і цябе звальняе? — выпрастаўся, нібы хацеў устаць, Алі.
— Ты пра Судзіра? Не, мяне пакідае, у дрэсіроўшчыкі пераводзіць. Я іншыя справы маю на ўвазе.
— А мяне звальняе. І Абрахамса, і тых цётак-прыбіральшчыц. Сказаў, каб шукалі работу, тыдзень даў на гэта. Усіх сваіх будзе набіраць, і толькі мужчын. Круціліся тут сёння нейкія падазроныя тыпы, размаўляў з імі Судзір. Здаецца, я ўжо бачыў некаторых у твар… Мо з той кампаніі, што лавілі дэльфінаў? А пад вечар англічанін быў, Піт. Праўда, завінуўся і адразу назад.
— Не думай, што мне вельмі хочацца з ім працаваць, нават дрэсіроўшчыкам. Але згадзіўся пакуль што… А для прагулак на «Нептуне» і падводных прагулак таксама будзе сваіх хаўруснікаў набіраць. Хваліўся сваімі планамі толькі што. Хоча мудрэй зрабіць, чым у Японіі. Там ёсць у Іоміуры, пад Токіо, падводны тэатр. Дзеўкі голыя пад вадою плаваюць, усякія штукі вырабляюць, а на іх дзівяцца праз шкло.
— Божа, божа… Быў дэльфінарыум, а хочуць яго ў прытон з распуснымі дзеўкамі ператварыць.
— Не ведаеш, чаго ён на Абрахамса ўз'еўся? Казаў, што стары совае нос куды не трэба.
— А-а, гэта… Жаліўся Абрахамс… Зняважыў яго Судзір, ледзь не пабіў. А з-за чаго? Убачыў стары, што «рэзідэнцыя» не замкнёна, рашыў прыборку зрабіць, парадак навесці, хоць не яго гэта справа. А Судзір наляцеў, як тыгр: «Вон! Каб і нагі тваёй тут не было!» Можа, і не вызверыўся б так. Убачыў, што Абрахамс круціць у руках прыз, дэльфінчык той на падстаўцы. «Прадайце адзін, — кажа. — Яны вельмі мне падабаюцца, хачу ўнучцы на дзень нараджэння падарыць. Дзесяць долараў дам». А Судзір яго ў каршэнь, у каршэнь і вытаўхаў за дзверы. Гэта цацка мо і долара не каштуе, толькі і вартасці, што ў продажу няма, па заказу Судзіра недзе робяцца.
— У людзей прафсаюзы ёсць, памагаюць адстойваць свае правы перад капіталістамі, у час забастовак памагаюць пратрымацца. А ў нас… нікому не паскардзішся. Што гаспадар хоча, тое і робіць, б'е і плакаць не дае.
— Радж, а чаму б і ў нас на востраве не арганізаваць прафсаюз? Адзін на ўвесь Рай, каб у яго ўсе работнікі абслугі ўваходзілі… От каб забастоўку абслуга зрабіла, што б тады было? Брудам па вушы зараслі б, з голаду падохлі б усе гэтыя мільянеры, што гатэлі пазапаўнялі.
— Мы з табою пра гэта яшчэ пагаворым. А зараз прабач мне, хачу ў горад злётаць. — Радж пайшоў у камору пераадзявацца.
— Ты толькі не затрымлівайся. А я пакуль што буду думаць.
— Думай. Нам усім пра многае трэба думаць.
2
Здарылася так, што ў той самы час, калі Радж яшчэ толькі падумваў ісці ў паліцыю, туды ўжо ішоў, распытваючы дарогу, Абдула. Прымусіла яго ісці незвычайная знаходка.
Хоць жыў ён у нумары італьянкі не горш за якога паніча, сваёй даўнейшай звычкі не кідаў — заглядваў ва ўсе урны і сметніцы, якія сустракаліся. У Свійттаўне часам можна было знайсці ў сметніцах, асабліва ў багатых кварталах, і цікавы часопіс з малюнкамі, і якую апратку, і надламаную цацку, і бутэлькі з недапітым пітвом, і крыху папсаваны плод. У некаторыя дні гандаль, перапродаж усялякай драбязы ішоў кепска, зарабіць не ўдавалася, і тады выручалі сметніцы ці кафэ на адкрытых верандах і вынасныя столікі. У іх можна было часам падабраць недаедкі. У такія дні калі і не прыносіў нічога дзядзьку, то хоць свой жывот набіваў.
І цяпер, прымчаўшыся з дэльфінарыя, схапіўшы ў парцье ключ, заскочыў у нумар і адразу да халадзільніка. Падмёў усё, наеўся сам і Тота накарміў. Але, мабыць, лішне напхаўся, бо разбалеўся жывот. Ніякага запітку чамусьці ў халадзільніку не стаяла, і давялося напіцца ў ваннай з-пад крана. Жывот не перастаў балець, і Абдула замкнуў Тота ў нумары, а сам пайшоў шукаць донну Тэрэзу. Няхай бы заказала чаго з рэстарана цёпленькага, мо жывот сагрэўся б і перастаў. Тэрэза магла быць у такі час або ў холе, дзе гуляюць у карты, або ў дансінг-холе на танцах. Адчыніў карцёжны пакой, перабраў вачыма столікі — няма яе. Значыць, на танцах, на другім паверсе. Музыка з дансінг-хола разлятаецца па ўсіх паверхах, то лашчыць слых, то свідруе перапонкі.
Абдула памятаў гэты хол, з яго вядуць тры ці чатыры шкляныя дзверы на адкрытую круглую пляцоўку — абгароджаны балюстрадай дах рэстарана. У добрае надвор'е больш танцуюць там, чым у холе. Абдула спусціўся на пляцоўку паміж чацвёртым і трэцім паверхам, заглянуў звыкла ў блакітную сметніцу ў кутку — нічога цікавага. Спусціўся на пляцоўку паміж трэцім і другім паверхамі, таксама заглянуў. У гэтай сметніцы было больш смецця. З-пад цукерачных паперак мільганула штосьці бліскучае, пластмасавае. Не вытрываў, грабянуў — і з-пад смецця выглянуў вясёлы сіні дэльфінчык, прыклеены да ліловай падстаўкі. Цацка! Ды не абы-якая, такія ён бачыў у дэльфінарыі на прадстаўленні. Судзір, дрэсіроўшычк, уручаў гледачам на памяць. Абдула дастаў цацку, падзьмухаў на яе, пацёр паперкамі, каб ачысціць ад тытунёвага попелу. Як шкада, што яму зараз не пяць ці хоць якіх сем гадоў! Колькі б радасці было, колькі забавы! Але і цяпер глядзеў на цацку з замілаваннем, потым сунуў за пазуху.
Ступіў ніжэй на колькі прыступак і не вытрываў, дастаў дэльфінчыка, каб зноў палюбавацца. Якое хараство! Толькі чаму адзін кончык раздвоенага хвосціка адрэзаны? Відаць запыленае чымсьці пустое нутро дэльфінчыка. У падстаўцы-каробачцы таксама адпілаваны адзін ражок, на беражках знутры напылена нейкая жаўтаватая мука. Падзьмуў у дзірачку, хацеў свіснуць, і ў нос пыхнула гэтым пылам, пачуўся нейкі вельмі знаёмы, ледзь улоўны пах. Не зблытае гэты пах Абдула ні з чым, ён узненавідзеў гэты пах за час, калі жыў з дзядзькам у каморцы пад лесвіцай. Пах гераіну — наркотыка, які звёў дзядзьку ў магілу. Тая самая «белая смерць», пра якую і радыё талдыча, і газеты трубяць, і пужлівыя плакаты вывешваюць, і на канвертах друкуюць, і на штампах выбіваюць, якімі маркі пагашаюцца… Як ён ненавідзеў гэтую атруту! Яна ж не толькі дзядзьку загубіла, але і яго жыццё зламала. Каб дзядзька не стаў наркаманам, то ўсё магло б скласціся інакш: мог бы Абдула навучыцца грамаце, займець добрую спецыяльнасць, работу і не быў бы беспрытульным бадзягаю.
«Дык вось якія прызы-сувеніры раздае Судзір! І не абы-каму, відаць, раздае. Усё падстроена, ведае, каму даваць… І не за так дае, а за вялікія грошы…»
Абдула забыўся пра Тэрэзу, забыўся пра хворы жывот. Зляцеў, скачучы цераз адну прыступку, уніз, на першы паверх, кінуў парцье ключ і выскачыў за дзверы.
Дзе знаходзіцца паліцэйскі ўчастак, дапытаўся ў людзей.
Тузануў дзверы смела — чаго баяцца? Столькі ўсюды пішуць, каб памагалі змагацца з распаўсюджваннем наркотыкаў.
За аблупленым рудым бар'ерам віднелася лысаватая, з наліплымі на лоб рэдзенькімі валасамі галава. Дзяжурны паліцэйскі… Без фуражкі сядзіць, кашуля з пагончыкамі расхляпешчана, відаць чорная валасатая грудзіна, паводзіць барадою ўправа-ўлева, падстаўляючы твар і грудзі патоку паветра ад прапелерчыка. На Абдулу падняў вочы паволі, паўсонна, яны былі зацягнуты павалокаю, нібы ў тых кароў-валацуг, што бачыў каля базара ў Свійттаўне.
— Што… хлопчык? — абыякава спытаў у Абдулы і падправіў прапелерчык, каб лепей дзьмуў на яго.
— Вось… — працягнуў Абдула цацку. — У гатэлі знайшоў, у «Марской ліліі».
Паліцэйскі, скрывіўшыся як серада на пятніцу, пакруціў дэльфінчыка ў руках і, не ўстаючы, шпурнуў у сплеценую з ратангавых сцяблоў сметніцу. Не пацэліў, цацка бразнулася аб каменную падлогу, дэльфінчык і падстаўка разляцеліся ў розныя бакі.
— Прэч адсюль, смаркач, пакуль не арыштаваў! Мала дзе якога смецця валяецца, дык усё сюды валачы?
— Я магу пайсці, але потым будзеце самі мяне шукаць, — Абдула не зазлаваў на дурнога паліцэйскага, спакойна падняў дэльфінчыка і каробачку, зноў працягнуў іх цераз бар'ер. — Вы панюхайце! Вунь дзірачкі ў ражках — нюхніце!
Паліцэйскі асцярожна, нібы чакаў якога розыгрышу, паднёс каробачку адпілаваным ражком да носа, грэбліва скрывіўся.
— Ну і што? Брудам пахне, смеццем… — і зноў замахнуўся, каб кінуць.
— Гераінам пахне! Наркотыкам! Я гэты пах з сотні магу вылучыць.
— Носік у цябе… — недаверліва сказаў паліцэйскі, але на твары ўжо з'явілася цікаўнасць. Зноў панюхаў па чарзе з каробачкі і з дэльфінчыка. — Сабакі, кажуць, добра чуюць яго пах.
— Калі хочаце ведаць, дзе іх бяруць, то скажу. У дэльфінарыі! Цэленькія, запоўненыя парашком! Сам бачыў, як дрэсіроўшчык Судзір раздаваў такія прызы. Пакруціць круцёлку-барабан, выцягне паперкі з нумарамі. Нібыта выпадковым людзям, а сам добра ведае, каму даваць. Гэта мой вывад.
— Іч, сышчык знайшоўся. Наглядзеўся фільмаў?
— Я ў кіно быў усяго два разы ў жыцці.
— А хто ты такі? Як трапіў у гатэль, хто цябе туды пусціў?
Давялося трохі расказаць пра сябе. «Агы… Агы…» — слухаў паліцэйскі, а сам нешта памячаў на паперы. Левая рука легла на трубку тэлефона ды так і ляжала, нібы не адважвалася здымаць. Потым паліцэйскі загадаў яму прысесці і пасядзець, пакуль ён складзе пратакол на такое здарэнне. Абдула не ведаў, што гэта за штука, але прысеў.
— А цяпер зайдзі сюды… Штурхай дзверцы ў бар'еры, во… Падпішы, што ўсё расказанае — праўда.
Абдула нерашуча зайшоў, узяў ручку, сяк-так вывеў каракулі. Хацеў аддаць паліцэйскаму ручку, але той не ручку ўзяў, а сціснуў яго запясце.
— Пусціце! — ірвануўся Абдула. — Я праўду сказаў! Я памагчы вам хацеў! Я буду Тэрэзе скардзіцца! — лепятаў абы-што. Думаў хапануць паліцэйскага зубамі, але той заламаў яму руку за спіну так, што Абдула ўскрыкнуў, прысеў. Паліцэйскі штурхануў дзверы, што былі ў яго за спінаю ў сцяне. Абдула ўбачыў прыцемак калідора і яшчэ некалькі дзвярэй направа і налева.
— Пасядзіш да раніцы, а там разбярэмся, — паліцэйскі пхнуў яго ў камеру злева і замкнуў за ім дзверы.
3
— Я з дэльфінарыя. Зваць — Радж Сінх.
— А мяне завуць Махамуд, сяржант званне. Ну й што? — паліцэйскі глядзеў на Раджа цераз бар'ер, той на яго — вочы ў вочы, нібы ў дзіцячай гульні: хто каго пераглядзіць.
— Вельмі прыемна, — Радж рашыў браць ветлівасцю. — Калі вы служыце ў паліцыі, то, напэўна, чулі, што ў дэльфінарыі пакралі дэльфінаў.
— Чуў. Я прыязджаў нават да вас — не прыпомніце? Прынеслі мне навіну!
— Я прынёс другое. Я ведаю, хто пакраў дэльфінаў, ведаю, дзе дэльфіны.
— О, алах… І што гэта за дзяжурства ў мяне сёння? Дэльфінарый лічыўся самым ціхім раёнам, і раптам столькі ўсяго.
— Трэба аператыўная ўзброеная група. Злодзеяў можна накрыць з доказамі злачынства, — даводзіў сваё Радж.
— Адзін смаркач у сышчыкі лезе, другі — у аператыўнікі. Няма ў нас вакансій, і, наколькі мне вядома, штат паліцыі на Раі не будзе павялічвацца. Казна пустая… — паліцэйскі штучна пакашляў, нібы спахапіўся, што нагаварыў лішняга.
— Я з вамі не жартую.
— І я таксама. Сядайце! Я мушу ваш данос запісаць у журнал здарэнняў. Але ўлічыце, што, калі гэта паклёп, вам давядзецца адказваць.
А запісаў, то папрасіў Раджа прайсці за бар'ер, нібыта каб падпісаць нейкую паперу. І адразу хапіў за локаць, паштурхаў перад сабою ў той жа калідор, што і Абдулу. Толькі ў камеру пасадзіў не тую. На абурэнне Раджа адказаў:
— Раніцаю захоча з вамі разабрацца начальнік. А дзе мне вас тады ўзяць?
4
Аднак сяржант Махамуд не чакаў раніцы. Спачатку вагаўся, змагаючыся сам з сабою, прыкідваў, як лепш падаць начальніку ўсё, што запісалася ў журнале дзяжурства. А трэба так далажыць, каб стварылася ўражанне: няйначай і Махамуд прыклаў руку, каб нечага дабіцца, нешта выкрыць. А яшчэ вагаўся таму, што званіць трэба начальніку на кватэру. А раптам возьме трубку жонка і скажа: «Не магу паклікаць яго… Ён з работы яшчэ не вярнуўся. На службе яго шукайце». Вось так… Гарыць начальнік на рабоце, продыху няма, ледзь не круглыя суткі заняты. Гэтак ён, пэўна, апраўдваецца дома, калі позна вяртаецца, змарнелы ад карт ці рулеткі, пад хмяльком. Начальнік і ўсіх падначаленых прывучыў адказваць на званкі жонкі, калі яго няма: «На аператыўным выездзе… Тэрміновы аператыўны выезд…» У падрабязнасці не ўдавацца, усё павінна быць ахутана тайнай.
Недзе за поўнач, калі, па падліках Махамуда, пан начальнік не мог не заявіцца дадому, пазваніў. Папрасіў прабачэння за турботы, але служба ёсць служба. Далажыў спачатку пра дэльфінчыкаў з гераінам, асмеліўся нават выказаць думку, што гэтыя прызы — нітачка, за якую можна выцягнуць увесь клубок. Пачуў Махамуд у трубцы прыглушанае: «Ну вось бачыш, дарагая… Справа яшчэ больш абвастраецца». Мабыць, начальнік звяртаўся да жонкі. Потым і пра другі візіт далажыў, Раджаў, які дае магчымасць і другое нераскрытае злачынства раскрыць. «Дарагая… — пачуў сяржант усхваляваны голас начальніка. — Можа стацца, што твой муж атрымае ордэн… — І ў трубку: — Дзякую за службу, сяржант! Буду зараз жа!»
І начальнік сапраўды прыбыў хутка, за паўгадзіны. Сам дапытаў Абдулу і Раджа, потым звёў іх разам. «Гэта ты-ы?!» — моцна здзівіўся Радж, убачыўшы хлапчука. З перакрыжаванага апытання Радж пачуў пра гераін у дэльфінчыках — і не стрымаўся, ахнуў. Начальнік ухапіўся і за гэта:
— Што яшчэ ведаеце — выкладвайце.
— Нічога больш. Проста лапавухія мы ўсе ў дэльфінарыі, ні пра што не здагадваліся… Не марудзьце, калі хочаце здабыць доказы. Здаецца, у яго «рэзідэнцыі» ёсць такія нерэалізаваныя дэльфінчыкі.
Раджу не хацелася адразу выкладваць усе здагадкі, хоць у галаве ўжо ўзнік вывад: Судзір — член трыяды. Падкінутае пісьмо Крафту — яго работа. Гэта ён і Пуола прыбраў, з цела тады дасталі Судзірава лязо, у Судзіра ёсць нож, што страляе лязамі. Не вельмі дрэсіроўшчык паказвае каму гэтую дарагую штуку. Чатырма лязамі страляе, пятае, асноўнае, пры патрэбе адкідваецца, ледзь цісканеш на кнопку… З кампаніі Судзіра былі і тыя, што забіралі прыхаваны пад вадою кантэйнер, паранілі Раджа з падводнага ружжа. А размова ў «рэзідэнцыі» Судзіра, калі частаваўся адзін з тых, што лавілі дэльфінаў? Пра Раджа вялі гаворку, было ў Судзіра заданне і Раджа прыбраць. Але не забіў, адстояў яго перад трыядай. А чаму? Ужо тады меў планы на ўвесь дэльфінарый, на яго. А мо таму, што тыгр каля свайго логава стараецца не паляваць? Дэльфінарый прыбраў да рук, ажыццявіў мару. Добрае цяпер будзе ў іх прыкрыццё для трыяды, легальнае гняздо…
Калі начальнік скончыў допыт, то пасадзіў іх ужо ў адну камеру. Загадаў нават Махамуду выдаць ім дзве коўдры. «Ого!» — абрадаваўся Абдула. «Што — не горш, чым у гатэлі?» — пасміхнуўся Радж. Паслалі абедзве коўдры ў кутку на цэментаваную падлогу, леглі абняўшыся. Крануў Раджа ўчынак Абдулы: трэба было мець немалую мужнасць, каб асмеліцца заявіць паліцыі пра гераін. Тым самым Абдула ўступаў у смяртэльную барацьбу з кантрабандыстамі, з членамі трыяды. Як і Радж.
Абдула соп, уткнуўшыся носам яму ў плячо, а Раджа сон не браў. Думкі, думкі, думкі…
Шт прыязджаў, значыць, да Судзіра, вёў перагаворы. Судзір збіраецца заўтра ехаць з Рая на цэлы дзень. Куды? Ну канечне ж, на Горны, у лагер! Піт і кампанія згадзіліся на дамаганні Судзіра, узялі яго кампаньёнам. І не таму, што баяліся, каб Судзір не выкрыў іх перад уладамі. Не з рукі Судзіру даносіць на іх: пачнуць разбірацца, могуць і самога ўблытаць. Як ні адмывайся ад дурыяну, як ні палашчы рот, але калі браў у рукі ці ў рот, будзеш смярдзець.
У лагернікаў не ладзіцца з дэльфінамі, гэта ясна. Трэба нічога не ведаць пра дэльфінаў, каб думаць, што яны любога паслухаюцца. Пахапалі дэльфінаў і думалі, што Судзір працягне з імі работу, на месцы давядзе ўсё да ладу. І Судзір на гэта спадзяваўся, разлічваў на дадатковы заробак — задатак атрымаў, хацеў мець і другую частку сумы. Паспяшаліся лагернікі і толькі абвастрылі сітуацыю. Судзір мог падумаць, што хацелі абысціся без яго.
Судзір будзе ў пячоры… І Янг у пячоры… Калі застаўся жывы… Што будзе, калі яны сустрэнуцца? Захоча мець хлопца за памочніка ці ўздумае пазбавіцца ад яго?
Калі Судзір убачыць, пераканаецца, што ў пячоры сапраўды можна начэрпаць, намыць золата, як павядзе сябе?
Радж сеў, абхапіўшы калені рукамі. Што яны сабе думаюць, гэтыя няўклюды паліцэйскія? Чаму не дзейнічаюць зараз жа? Кожная хвіліна дарагая… Маглі б Судзіра застаць на кватэры, успароць з ложка цёпленькага… А другія ў гэты час абшарылі б «рэзідэнцыю» і кабінет. Судзіра, схапіўшы, трэба адразу прыціснуць як след, каб сказаў адрас майстэрні ці чалавека, ад каго атрымлівае гэтых дэльфінчыкаў. Каб і на іх зрабіць налёт.
5
А ў гэты час начальнік званіў на Галоўны востраў у дэпартамент паліцыі. Не мог сам нічога рабіць. Міністр унутраных спраў выдаў колісь дырэктыву «333», каб усе справы, звязаныя з наркотыкамі, канцэнтраваліся ў спецыяльным аддзеле, вырашаліся цэнтралізавана.
І вось урэшце з Галоўнага прымчаўся спецыяльны катэр з афіцэрам і чатырма паліцэйскімі. Усе былі ў цывільным адзенні, але ўзброеныя, на бёдрах пінжакі тапырыліся.
Зноў допыты-роспыты, зноў ідзе час. Раджу афіцэр спадабаўся: чарнявы, гарбаносы, з дзіцячым чубком на лбе. І талковы, мабыць, схоплівае ўсё на ляту, робіць вывады адразу. Калі Радж сказаў, што Судзір звязаны з трыядай, і выклаў ланцужок фактаў, афіцэр тут жа згадзіўся з ім. Адразу стварылі дзве аператыўныя групы, двое прыезджых паліцэйскіх і адзін мясцовы на чале з начальнікам паліцыі, якіх таксама прымусілі пераадзецца ў цывільнае, павінны былі затрымаць Судзіра, зрабіць вобыск у яго дома. Другую групу з такіх жа трох чалавек узначаліў гарбаносы афіцэр. І першая, і другая групы потым сальюцца ў дэльфінарыі, дзе к таму часу павінен таксама закончыцца вобыск.
— А так не здарыцца, што спалім сто факелаў, а зловім адну жабу? — сказаў начальнік паліцыі Рая афіцэру з Галоўнага. Меў на ўвазе розгалас, які абавязкова пойдзе далёка і можа пашкодзіць прытоку турыстаў.
— Мне не жаба трэба! Судзір трэба! Жывы! І чым хутчэй! — накрычаў на яго афіцэр.
…Уляцелі ў дэльфінарый па заліву. Рулявы так крутнуў руль, што катэр ажно ўссунуўся на бераг — каля самага яліка з Абрахамсам. Ялік так гайданула хваляю, што стары ледзь потырч не паляцеў, выкуліў за борт вялізную місу рыбы. Устаў, разявіўшы ад здзіўлення рот, ды так і стаяў, пакуль усе не пасаскоквалі на зямлю. Апошнімі — Радж і Абдула.
— Вы — з намі,— загадаў гарбаносы Абрахамсу. — Хто яшчэ ёсць у дэльфінарыі?
— Ёсць. Дворнічыха каля малой арэны. Прыбірае там, чарапаху корміць… У прахадной — вартаўнік… Новы сёння, другі раз толькі яго бачу, — Абрахамс хоць мо і здагадваўся, што за людзі высадзіліся, але запытальна глядзеў на Раджа, і той шапнуў:
— Паліцыя, дзядзька…
— Новы? — зацікавіўся гарбаносы. — Тады так: пойдзеце па яго вы і вы! — патыцкаў пальцам у грудзі Абрахамсу і аднаму паліцэйскаму. — Паклічце яго сюды… У размовы з ім не ўступаць, нікуды не адпускаць ні на крок.
Абрахамс у суправаджэнні паліцэйскага знік у алеі. Гарбаносы афіцэр, аглянуўшыся па баках, нібы арыентуючыся на месцы, пытаў: «Гэта куды вядзе?» — ківаў на бамбукавую лесвіцу. «А што там?» — паказваў на трое дзвярэй — у склад Абрахамса, у Раджаву камору, у душавую. Радж патлумачыў. Дайшлі да басейна, афіцэр крутнуўся і адразу ўбачыў дзверы «рэзідэнцыі»: «Тут?» Радж кіўнуў, дзівячыся: «Цёрты гэты афіцэр… І растаропны». Афіцэру далей не стаялася, хадзіў па два крокі туды-сюды, кідаў вачыма па трыбунах, па дэльфінах, а думкі яго, відаць, былі не тут. Паліцэйскія не падыходзілі да яго, паселі на лаўку насупраць Раджавай каморы.
І вось паказаліся з алеі Абрахамс і новы вартаўнік. Ішлі яны побач, а паліцэйскі — на два крокі ззаду. Пакуль падыходзілі, Радж разглядваў навічка: па выгляду падобны на японца ці кітайца, не такі сілач, як Алі, але сшыты моцна; па лёгкаму спружыністаму кроку можна вызначыць — спартсмен. І раптам Радж пазнаў яго: бачыў некалькі разоў на трэніроўках у Ромеша. Праўда, не на саміх трэніроўках, а сустракаліся ці ў раздзявалцы, ці ўжо на лесвіцы з падвала, займаўся новенькі каратэ ў змене, якая канчалася перад Раджавым прыходам.
— Усё нармальна? — насцярожана паглядзеў афіцэр на паліцэйскага, які так і спыніўся за спінаю навічка. — Нічога не гаварыў, нікуды не адпрошваўся?
— Нікуды. Я толькі дазволіў дадому пазваніць, хворыя ў яго дома, — еў вачыма гарбаносага афіцэра паліцэйскі.
— Пракляцце!.. А што ён гаварыў — не чуў?
— Нічога такога… «Бацька захварэў… Схадзі ў аптэку па лякарства, а то я заняты».
— Капшукі праклятыя! Нічога нельга даручыць… — вылаяўся афіцэр. — Пільнуй яго добра! — прыкрыкнуў на разяву паліцэйскага, і той задраў крысо пінжака, падтыкнуў яго за кабуру з пісталетам, а саму кабуру расшпіліў і трымаў правую руку на ёй. — А вы ламайце дзверы! Не бойцеся, пад маю адказнасць… — загадаў афіцэр Абрахамсу.
— Ага… Я сякеру толькі…— Абрахамс, божкаючы, патрухаў да свайго склада.
Але рукі ў Абрахамса трэсліся, рады дзвярам даць не мог. І тады ўзяўся за работу адзін з прыезджых паліцэйскіх — засунуў лязо ў шчыліну паміж вушаком і дзвярыма, ламануў.
Доўга і шукаць не трэба было. Цацкі ляжалі ў скрынцы пад канапаю. Блакітныя дэльфінчыкі на ружовай каробачцы-падстаўцы. Сем штук… Выклалі іх на стол, і афіцэр кожнага ўзважыў у руках, кожнага патрос каля вуха. Пустыя! Для пэўнасці раструшчыў аднаго абцасам на падлозе — пуста… Больш нічога падазронага паліцэйскія не знайшлі, і афіцэр незадаволена пабарабаніў пальцамі па стале. Абдула парываўся сказаць, што той дэльфінчык, які ён знайшоў у «Марской лініі», крыху не такі па колеру. Але Радж прытрымаў яго за плячо: «Не спяшайся…»
Афіцэр узяў з акна празрыстую шматкантовую круцёлку-барабан, з якое Судзір, пакруціўшы, даставаў трубачкі латарэек для гледачоў. Адсунуў убок празрыстую накрыватку, выняў жменю паперак. Разгортваў адну за другою, хмыкаў, потым не вытрываў, пачаў чытаць уголас:
— Трэці рад дванаццатае месца… Сёмы рад чацвёртае… Зноў трэці рад дванаццатае… Дванаццаты дзесятае… Сёмы рад чацвёртае… Адны і тыя ж месцы панапісваны… Не, во і новае ёсць — пяты рад дваццаць першае. Новым, відаць, пустыя раздае… Яны і па колеру крыху адрозніваюцца… Та-а-ак, цяпер застаўся кабінет. Ключоў, канечне, нікому не пакідаў?
— Не, — пацвердзіў Абрахамс. — Новыя парадкі… А раней, пры Крафце, адзін ключ быў каля вартаўніка ў прахадной. Я памяняў учора ўсе замкі там, Судзір загадаў.
— Значыць, сякера спатрэбіцца. Пайшлі туды, пратакол — потым.
Паліцэйскі, што пільнаваў вартаўніка-навічка, быў каля лаўкі насупраць Раджавай каморы. Навічок сядзеў — рукі на патыліцы — на лаўцы спінаю да дзвярэй, ногі спушчаны пад спінку, у кусты. Паліцэйскі ўсё трымаў на кабуры руку.
Сякеру пускалі ў ход двойчы, адчыняючы дзверы ў калідорчык і ў кабінет. Рабіў гэта той самы паліцэйскі, што і «рэзідэнцыю» ўзломваў, рабіў спрытна, вопытна. Як зайшлі, Радж, Абдула і Абрахамс моўчкі пастаялі каля дзвярэй — як панятыя. А паліцэйскія ўскрывалі шуфляды стала, заглядвалі пад дывановую дарожку, перакульвалі, абстуквалі і абмацвалі мяккае і звычайныя крэслы, ускрылі і паставілі перад афіцэрам на стол Судзіраў «дыпламат». Афіцэр дастаў з чамаданчыка кімано, мыла, мачалку, туалетныя дробязі. Заставаўся неагледжаны сейф, ён замкнуты быў на два замкі, дзве дзірачкі ад ключоў прыкрыты стальнымі язычкамі-вяртушкамі. Паліцэйскі паклаў сякеру на стол, дастаў з-за пазухі, з-пад рукі «пушку», запытальна зірнуў на афіцэра. Той згодна кіўнуў. Тры аглушальна-звонкія стрэлы пачуліся адзін за другім. Гарбаносы нават у вуху паказытаў… Той, што страляў па замках сейфа, зноў пусціў у ход сякеру…
Дэльфінчыкі ў сейфе былі — сінія, на ліловых каробачках-падстаўках. Якраз такія, як той, што Абдула знайшоў у гатэлі. Пяць штук… Афіцэр узважыў адзін у руцэ, другі… Перабраў рукамі ўсе — на твары было задавальненне.
— Адзін кілаграм гераіну — паўмільёна долараў! Адпілуй ражок у якім-небудзь, — папрасіў ён паліцэйскага, што выграб з сейфа на стол яшчэ і кучу папер, некалькі пачак долараў. Афіцэр прысеў у крэсла перад Судзіравым сталом, пасунуў бліжэй да сябе паперы, пачаў праглядваць іх. За сталом на месцы Судзіра сядзеў другі паліцэйскі і хутка-хутка пісаў, час ад часу запытальна ўскідваючы вочы на гарбаносага, чакаючы, што ён прадыктуе. Пачаў, мабыць, складаць пратакол.
З надрэзанага ражка падстаўкі і праўда сыпнуўся жаўтлявы парашок. Паліцэйскі нацерусіў яго крыху на далонь, панюхаў сам, паднёс панюхаць гарбаносаму афіцэру. Нават Абдуле сказалі панюхаць, нібы якому крымінальнаму эксперту-хіміку: «Такі?» І ён аўтарытэтна пацвердзіў: «Такі… Усё такое…»
Калі ўрэшце пакінулі кабінет, спусціліся ўніз, убачылі: каля лаўкі ляжыць, скурчыўшыся, прыціскаючы рукі да жывата, той паліцэйскі, што пільнаваў навічка-вартаўніка. Стагнаў жудасна, не распінаючы зубоў — мабыць, у яго была разбіта пячонка. Клапан кабуры тырчэў, як сабачае вуха, а ў кабуры было пуста. Навічок знік разам з пісталетам паліцэйскага.
Раздзел сёмы
Мо ніхто з лагернікаў так не чакаў з'яўлення Судзіра, як Янг. Ад хвалявання і думак доўга не мог заснуць, а потым не то спаў, не то галюцыніраваў наяву. Часам кідала то ў пот, то ў дрыжыкі, апаноўвала млявасць. Балелі вочы, торгала, калола вуха.
Калі ўрэшце задрамаў, то сасніў натоўп людзей. Шуміць натоўп, перакатваецца па ім гул, людзі напіраюць адзін на аднаго, ірвуцца хутчэй да храма. Быццам гэта той самы храм на Галоўным, куды яны прыйшлі пакланіцца Вішну. У натоўпе таўкуцца, топчуць адзін аднаму ногі бацька, Ганеш і дзед Амос. Не бацька нясе кавадзі, а ён, Янг, хоць самы малы і слабейшы. Сагнуўся Янг пад цяжарам у тры пагібелі, рама муляе плечы, шыю нібы хто скручвае, як той курыцы. «Ідзі! Ды хутчэй жа ты, не марудзь!» — падштурхоўвае Янга ў спіну Ганеш. «Ідзі, ідзі! Заснуў?» — Амос і бацька таксама падпіхаюць яго, шчыпаюць ад злосці: «З-за цябе можам спазніцца! Усю літасць Вішну параздае!» А вось ужо здаецца, што Янг на базары разам з сіньёрай Тэрэзай. Снуюць між бясконцых радоў, якіх нарабілі са сваімі таварамі прадаўцы. На голай зямлі, на цыноўках, на подсцілках, на лаўках, табурэтках, на століках, на прылаўках, узбітыя на шасты, развешаныя на галінах і вераўчаках, вісяць і ляжаць дары лесу, поля, агародаў, плантацый, мора. «Туцці-фруцці! — няспынна паўтарае сіньёра. — Туцці-фруцці!» — І ўсё грабе да сябе, валіць на спіну Янгу, на плечы, чапляе на шыю, на пояс, ставіць на галаву — «Нясі ў гатэль!» І раптам ужо не італьянка, а бацька суе яму на рукі пярэстую свінку: «Гэта наша, бяры! Нясі ў гатэль! У апартамент сіньёры! Яна будзе табе за маці!»
Ад такое навіны Янг клыпае вачыма і прачынаецца, сэрца бунтоўна грукае, пульс балюча б'е ў хворае вуха. Янгу ўжо страшна засынаць зноў, каб не ўбачылася якая непатрэбшчына. Дрымота сама знаходзіць яго, злеплівае павекі, падсоўвае новыя кашмары. Быццам хтосьці балюча сціскае Янга за ногі і суе галавою ўперад у пухірковую заслону, каб адчыкрыжыла галаву… Скрабуць лапкамі і клюшнямі крабы, амары, лангусты, ідуць на яго ў наступ… У шуме Янг нават адрознівае асобныя крыкі крабаў: «Янг ужо здох! Здох і лапкі выцягнуў! Сюды ўсе, сюды! Вялікая спажыва будзе! Не параўнаеш з рыбаю!»
Калі ж пачуў на самай справе жывыя галасы людзей, уздыхнуў з палёгкаю: дзякуй Вішну, скончыліся пакуты-кашмары. «Я — жывы, і новы дзень настаў… Што прынясе новы дзень?»
Слоў людзей яшчэ не разабраць, галасы задыханыя, зрываюцца. Людзі толькі што павымалі загубнікі з рота. Янг цікуе з-за бруствера і лічыць чорныя, ледзь прыкметныя галовы тых, што вынырнулі з-пад вады: раз… два… тры… Трое ўсіх? Не, вунь і чацвёрты, вылазіць на пляж са скруткам чорнага гуміраванага дроту і лямпачкай на канцы. Галасы некаторых здаюцца знаёмымі, адзін дык нават і вельмі…
«Судзір!.. Вунь той, самы меншы… Апошнім на пляж вылазіць. А самы большы — «стары», учора быў на плыце. І Піт, ён учора тырчаў з камбарына… Запрасілі-такі Судзіра, не абышліся без яго…»
Вось ужо ўсе топчуцца на пляжы, шлэпаюць ластамі. Ад чорных, нібы паліраваных касцюмаў адблісквае лямпачка. Той, што з дротам, адразу прыступіў да работы, пачаў забіваць у сцяну крук.
Янг пачаў супакойвацца, штосьці адлягло ад сэрца. Быццам убачаная рэальная небяспека — Судзір — перастала быць небяспекай. З гэтага моманту Янг цалкам ператварыўся ў зрок і слых. Не ўсё дачуваў з таго, што гаварылася, не ўсё разбіраў з пачутага, не ўсё разумеў. Гаварылі, як і тыя дні, па-англійску, штосьці загружалі на плыт, а штосьці — з плыта на пляж. Янг паспрабаваў падстаўляць свае словы замест недачутых, каб улавіць сэнс. І штосьці атрымлівалася, хоць мо і не зусім тое, што гаварылася.
Голас Судзіра:
— Ну й… (страхоцце) у вас тут!.. І людзям, не толькі дэльфінам. А дэльфіны… (пячор не любяць).
Піт:
— На жаль, так… (Лепшых умоў) ім стварыць не можам. Каб былі добрыя ўмовы… (то і без дэльфінаў абышліся б).
— І як вы іх сюды… (заперлі)? — зноў Судзір. — Давалі… (на сон ці наркоз)?
Піт:
— Прафесійны сакрэт. «Стары»:
— Я чытаў: дэльфіны наркозу… (не вытрымліваюць). Не прачынаюцца… А ў дадзеным выпадку маглі ўтапіцца.
Піт:
— Слухайце ўводныя дадзеныя… Сюды… (дэльфіны падплываць) не любяць. Яны і на адлегласці… (адчуваюць ультрагук; пухірковую заслону). Займайцеся з імі з плыта, плыт можна… (адагнаць далей адсюль; загнаць у Храмавы грот)… на месца работы. З пераноснай лямпачкай.
Судзір:
— Як выглядае слон, навобмацак не пазнаеш. А я хачу не толькі памацаць золата… (але і пабачыць). Каб ведаць, ці варта займацца.
Піт:
— Пераканаецеся, пачакайце… (Разам з намі нырнеце, самі зачэрпнеце). Разам прамыем, паглядзіце.
Судзір:
— Пясок? Самародкі? «Стары»:
— Пясок у асноўным… Самародачак быў адзін — з напарстак.
— Не будзем губляць часу, — Судзір першы ступіў да плыта.
Пакуль дачакаліся карэты «хуткай дапамогі», паліцэйскі ўжо канаў. Насілкі з пацярпеўшым неслі і санітары, і Радж хапаўся — да самай прахадной (ключ, каб адамкнуць вароты і ўпусціць карэту на тэрыторыю, не знайшлі). Астатнія ішлі следам. Абрахамс не пераставаў паціху бедаваць: «А што ж цяпер будзе? Каму ж я служыць буду, што з работай будзе? У мяне ж сям'я…» Ніхто яму нічога не адказваў.
Не хацеў думаць пра сваю будучыню і Радж. Адно ведаў: настаў час рашучага павароту ў яго жыцці.
Гарбаносы афіцэр і з кабінета званіў, а дайшлі да прахадной, то і з будкі. Выклікаў дадатковы нарад паліцыі для аховы дэльфінарыя. Ставіў задачу: усіх падазроных затрымліваць, нікога не адпускаць да асобага распараджэння. Званіў і на Галоўны, размову вёў незразумелую, шыфраваную.
І нерваваўся, па ім было відаць, чаму позніцца група, што пайшла па Судзіра? Але перш чым з'явілася група, прыйшоў стомлены Амара. Яго адразу схапілі за локці. Радж ледзьве ўгаварыў афіцэра, што чалавек не мае да Судзіра ніякіх адносін, што збіраліся з ім зноў дабірацца да Горнага, шукаць брата (давялося коратка выкласці гісторыю Янга).
— А я думаў, што гэта паліцэйскія падрыхтаваліся выехаць у лагер, — з нейкім расчараваннем прагаварыў Амара, калі ад яго адсталі. І Раджу давялося тлумачыць яму паціху, што здарылася за той час, пакуль ён быў у рэстаране і дома. І з гэтага моманту з твару Амары не сыходзілі здзіўленне і трывога.
І вось прычакалі другую групу. Прыйшла без Судзіра.
— Ну што? Адправілі пад варту? — звярнуўся афіцэр да начальніка паліцыі Рая.
— Не было ўжо. Ні дома, ні ў каханкі… Вобыск таксама нічога не даў.
— А каханку затрымалі? Хто яна?
— Адправілі пад замок. Касірка з дэльфінарыя… — начальнік паліцыі гаварыў стомлена, быццам разгрузіў да гэтага баржу.
— Не пыталі нічога? — не адставаў афіцэр.
— Трохі пытаў. Але, відаць, не шмат ведае. А мо і прыкідваецца. Сказала толькі, што кожны дзень Судзір указваў ёй, якія нумары білетаў затрымліваць і прадаваць толькі па паролю. Пра наркотыкі не здагадвалася.
— Я ведаю, дзе Судзір, — усклікнуў Радж. — Хутчэй трэба на Горны да тых, што пакралі дэльфінаў.
Абрахамса пакінулі ў дэльфінарыі. Хацеў афіцэр і Абдулу не браць, але той нечакана заліўся такімі слязьмі, што Раджу давялося ўпрошваць, каб узяў. Афіцэр адмяніў распараджэнне і аддаў новы загад: па прыбыцці на месца з катэра не сыходзіць, пад нагамі не блытацца, каб не трапіць пад кулю.
На плыце — знаёмая, учарашняя карціна. Толькі ўчора сядзелі каля чарпалак двое, а цяпер трое, і плыт сёння бліжэй да выхаду з храма — далей не пусціў провад з лямпачкай (манцёр, зрабіўшы сваю справу, адразу боўтнуўся з пляжа і знік пад вадою). Трэці з тых, што прыселі на кукішкі, Судзір. Ён маску здзёр, паклаў каля сябе на дошкі, а Піт і «стары» толькі пасунулі на лоб. Грэбліся ў чарпалках даўгавата — то моўчкі, то перагаворваючыся, як мармычучы. І хоць зусім блізка былі ад Янга, разоў у чатыры бліжэй, чым тады, як былі на Крабавым пляжы, слоў не разбіраў… Вось нешта пачалі паказваць адзін аднаму, потым Судзіру. Потым кружылі і прамывалі ў рэшатах, адбіралі, прасейвалі і зноў прамывалі, разглядалі. Акрамя чарпалак і рэшатаў сёння былі ў іх і вёдры, і карыты.
І Піт, і «стары» ўвесь час пакручваліся так, што можна было бачыць толькі іхнія зацягнутыя ў бліскучыя касцюмы спіны і патыліцы, зрэдку — тарбаватыя, абціснутыя шлемамі шчокі. У Судзіра касцюм без шлема, дрэсіроўшчык сядзеў тварам да Янга, і калі нешта знаходзілася, уставаў, працягваючы далоні да лямпачкі. Ніводзін мускул не ўздрыгваў на яго твары, усхваляванасці сваёй не паказваў.
— Ну — добра, пераканалі…— канчаткова ўстаў Судзір. — Толькі прашу плыт аддаць у поўнае маё распараджэнне. І каб пабочных каля мяне не было.
— Як — пабочных? Што вы хочаце гэтым сказаць? — разам насцярожана сказалі Піт і «стары».
— Вы не так мяне зразумелі. Калі я працую з дэльфінамі, больш нікога каля мяне не бывае. А то ў дэльфінаў рассейваецца ўвага, яны нервуюцца, не слухаюць загадаў і гэтак далей.
— Вунь што… То мы можам каля вадаспаду папрацаваць. Салют! — падняў руку Піт.
— Просьба невялічкая… Рыбу забылі там… — Судзір махнуў у бок пляжа. — Не ў службу, а ў дружбу — дастаўце сюды, га? — голас яго быў амаль сяброўскі.— Чарпалкі пакіньце тут, астатняе… — Судзір матлянуў рукою, нібы згроб з плыта ўсё начынне. — Анучку пакіньце… Няхай дэльфіны панюхаюць, чым яно пахне.
— Судзір, дэльфіны — не сабакі… І золата не пахне, — зазначыў Піт.
— Пахне, сябры, пахне.
«Стары» прывалок на плыт празрысты мяшок з рыбаю, а некаторыя рэчы былі часткова перапраўлены на пляж, а часткова ўзяты «старым» і Пітам з сабою. Судзір перастаў трымацца за кій з лямпачкай, які быў прымацаваны да краю плыта і ад тузаніны хістаўся і нахіляўся, і сеў, звесіўшы ласты ў ваду. Лямпачка апынулася ззаду ў яго, і твар Судзіра быў у паўзмроку.
Сядзеў даўгавата, нібы прыкідваў, што рабіць, з чаго пачынаць. А мо яму не хацелася ўвогуле распачынаць, мо расчараваўся ва ўсім? Адхіліўся назад, вобмацкам узяў мяшок з рыбаю, падцягнуў і паклаў побач. Потым паволі нагнуўся да чарпалкі, узяў там штосьці, загорнутае ў анучку, паволі разгарнуў. Мо залаты пясок? Было яго там мала, бо ўглядаўся ў яго здалёк і зблізку, нібы нюхаў, ці пахне, торкаў у анучку і разглядаў тое, што прыліпла да пальца, паварочваючыся да лямпачкі так, што Янгу быў відаць увесь яго твар. Не было ўжо на твары спакою, ён перасмыкаўся, а вочы ліхаманкава блішчалі. Браў наліплае з пальца на язык, дробненька цаляў зубамі, потым асцярожна пасплёўваў крупінкі назад у анучку. Завязаў крыж-накрыж, паклаў з левага боку. А справа, не гледзячы, узяў з мяшка рыбіну, вочы ў гэты час шнарылі па вадзе, намацвалі ледзь прыкметныя спіны з плаўнікамі. Дэльфіны марудна праплывалі то далей, то бліжэй, стрымана фукалі паветрам, часам высоўвалі галовы і застывалі на месцы, разглядваючы Судзіра, нібы пазнаючы яго ці прынюхваючыся.
Судзір паплюхаў рыбінаю ў вадзе, паклікаў нараспеў: «Бо-обі-і!.. Бо-обі-і-і…» І дурны малыш спакусіўся, мабыць, выгаладаўся, падплыў і разявіў рот. Не зусім блізка, метры за два ці паўтара. Чакаў пачастунку, а сам падаваў такія гукі, нібы чалавек мармытаў скрозь зубы, потым звонка запэнкаў перапонкаю. Судзір не кінуў яму рыбу, а падцягнуў правую нагу, зняў з лыткі штосьці кантовае, нібы калок. Пстрык — адкінулася вострае лязо, зрабіўся нож-кінжал. Адрэзаў кавалачак рыбы, кінуў Бобі ў рот.
— Смачна? Давай бліжэй, калі яшчэ хочаш… А тыя няхай аблізваюцца… — гаварыў Судзір, і Бобі падсунуўся зусім блізка. Можна было, нагнуўшыся, пачапаць за рострум, але Судзір не дакрануўся, укінуў малышу ў рот другі кавалачак. — Ну во-о, чаўкай гучней. І матку заві… До-ора-а, До-о-ора-а… Ну — заві!
Янг расцёр локаць, прылёг на другі бок, бо самлеў цікуючы. Ён адчуваў пякучую рэўнасць да Судзіра, зусім не хацеў успамінаць, што Бобі ведаў Судзіра намнога раней, чым яго. «У-у, здраднік…» — рука Янга сама шукала вакол, каб што намацаць, папусціць у Бобі. Янг гатовы быў пайсці на гэта, выдаць сябе, абы адагнаць Бобі ад дрэсіроўшчыка.
— А гэта ты нюхаў? — Судзір апусціў з плыта левую руку з анучкаю, завязанай вузельчыкам, таксама паплюхаў.— Ну — што ты чуеш? Ці нічога не чуеш? Ніякіх эмоцый у цябе золата не выклікае? А ты нюхай, нюхай… До-ора-а, До-ора, До-ора! — зноў паклікаў ён, а правая рука таксама апусцілася ў ваду з рыбінаю, запляскала. Падплыла блізка і Дора, таксама разявіла рот, здаецца, нават штосьці праскрыпела ці прамармытала, Судзір і ёй кінуў кавалачак рыбы, і Дора на момант знікла пад вадою. Дзік з Бэлаю і Еваю тоўпіліся зводдалек, нібы раіліся, што рабіць. Зрэдку Дзік моцна пляскаў хвастом, нібы кулаком прыстукваў, пацвярджаў сваё рашэнне: не рабіць і кроку насустрач Судзіру!
А дрэсіроўшчык перастаў мачыць анучу з золатам, кінуў яе на сярэдзіну плыта, парэзаў на кавалкі яшчэ адну рыбіну, папаласкаў нож і зноў схаваў яго ў ножны на лытцы. Саскаўзнуў у ваду без маскі, злавіў рукою Дору за спінны плаўнік і паплыў побач, пагладжваючы яе па спіне, па лабаціне, час ад часу частаваў яе кавалачкам рыбы, дастаючы недзе з-за пояса. Вярнуўся да плыта, сцягнуў з яго чарпалку і сунуў ручкаю ў зубы Доры — так, як рабіў у дэльфінарыі. Праплылі побач вакол плыта, Судзір увесь час лашчыў яе, пагладжваў, потым забраў чарпалку і зноў пачаставаў рыбаю. Ускінуў чарпалку на плыт, узлез сам.
— А цяпер, даражэнькая, больш складанае заданне зробім. Ты рабіла ўжо такое, трэба толькі ўспомніць… — гаварыў, а сам чапляў на грудзі электраліхтар, надзяваў маску, а Дора і Бобі цікавалі непадалёк, фыркалі, задраўшы насы з вады. — Да мяне! — у тоне Судзіра пачуўся загад, ён і жэстам паказаў, што значыць гэтая каманда. Калі Дора падплыла бліжэй, кінуў кавалачак рыбы. Бобі таксама падплыў, але Судзір нічога яму не даў, і той незадаволена праскрыпеў, свіснуў.
Узяўшы чарпалку, на гэты раз Судзір споўз з плыта неяк нязграбна, нават балонамі грукнуў аб крайнюю дошку. Падплыў да Доры, даў ручку чарпалкі ёй у зубы, трохі падправіў, каб выраз акуратна прылёг да шыі.— Са мною! Аб! — ухапіў загубнік у рот і нырнуў, гнетучы і Дору леваю рукою пад ваду. Крыху падумаўшы, і Бобі нырнуў. А Дзік і Ева, Бэла прыплылі на тое месца, пакружылі, але праз якую мінуту зноў пакіравалі ў цямнейшы куток.
Здалося, што Судзіра з Дораю і Бобі не было доўга, як толькі паветра ў дэльфінаў хапіла. Першы выскачыў, адфыркнуўся Бобі. Дзік і астатнія самкі павярнулі да яго, нібы карцела ім распытаць: «Ну як там? Чаго ён прыстае да вас?» Але вынырнулі Дора і Судзір. У Доры ў зубах бокам вісела чарпалка, пяску ў ёй не было ні жмені. Але Судзір паляпаў яе па спіне, павярнуў і давёў да самага плыта, забраў і ўскінуў на дошкі чарпалку, а дэльфінку ўзнагародзіў кавалачкам рыбы. На гэты раз узбіраўся на плыт зусім няўклюдна, здавалася, бездапаможна дрыгаў у вадзе нагамі. А ўзлез, то зноў звесіў ласты, знерухомеў у одуме.
За час, пакуль Судзір займаўся з Бобі і Дораю, Піт і «стары» двойчы вынеслі на пляж па вядру пяску, ссыпалі яго там у кучку і адплылі па новую порцыю. Янг усё гэта адзначаў, паварочваючы галаву і ў той бок, падлічваючы іх рэйсы. Судзір не бачыў гэтага, але ў галаве таксама, мусіць, падлічваў, што за гэты час можна было зрабіць самому і колькі ўвогуле спатрэбіцца часу, каб чаму-небудзь навучыць дэльфінаў.
— Дора, рэпэтэ, — Судзір узяў чарпалку, зноў ссунуўся ў ваду.
Палез бліжэй да вады і Янг. Не мог трываць, бачачы, што мяшок з рыбаю амаль не крануты, а дэльфіны плаваюць галодныя.
Мора пачынала разгульвацца, на грэбнях хваль ускіпалі белыя грывы. Катэр ляцеў на максімальнай хуткасці, часам урэзваючыся носам так, што пырскі ўзляталі вышэй галоў. Але ніхто не хаваўся ад гэтых пырскаў, толькі жмурыліся ды напружана ўглядаліся ўперад. На носе каля правага борта стаялі па двое — Радж і Амара, афіцэр са Свійттаўна і начальнік паліцыі з Рая, моцна трымаліся за парэнчы.
— Я думаю, што трэба было б высадзіцца каля лагера і абкружыць яго з усіх бакоў,— гаварыў начальнік паліцыі.
— А з боку мора як абкружыш? Высаджвацца толькі з мора! І штурмам… У першую чаргу захапіць іх плаўсродкі. А па беразе яны далёка не ўцякуць, — запярэчыў афіцэр.
— Вунь домік на колах іхні, з антэнамі. Там у іх, мабыць, радыёстанцыя… Яго таксама трэба ў першую чаргу захапіць, каб перарваць сувязь са светам, — сказаў Амара.
— Правільна, малады чалавек. Колькі іх там усіх? — у голасе афіцэра была цвёрдасць.
— Думаем, што не больш за дзесятак… Па нашых назіраннях, — разам сказалі Радж і Амара. — З правага боку, вунь, бачыце палаткі? Дзве, чатырохмесныя.
— Зараз частка людзей можа быць у пячоры пад вадою, — дадаў Радж.
— Распарадзіцеся там, у кубрыку, каму куды трэба будзе бегчы, і камандуйце «У ружжо!», — сказаў афіцэр тонам, які не пакідаў сумнення: ён ажыццяўляе агульнае кіраўніцтва аперацыяй і толькі ён. Павярнуўся да рулявога, які выглядаў з-пад доўгай прыўзнятай фрамугі з пырскамі на шкле. — Бачыш іх глісер пры беразе? Прытрыся шчыльненька, каб можна было пераскочыць на яго. І поўны ўперад!
— Слухаюся, пан афіцэр!
…Дзік стаў на хвост, матлянуў галавою так, што чарпалка праляцела ў паветры, са звонам бразнулася ў сцяну зусім блізка ад Янга і плёхнула ў ваду. «Ай, малайчына!.. Другая ўжо, адну Дора ўтапіла…» — паспеў падумаць Янг. І тут Дзік даў нырца. Нырнуў з ім і Судзір, не выпускаючы з левай рукі абруча з провада, накінутага на галаву дэльфіна. Судзір, пэўна, круціў гэты абруч, усё тужэй сціскаючы пятлю. Провад урэзваўся ў цела, душыў дэльфіна. Дзік, мабыць, думаў, што, ірвучыся ўперад, зможа пазбавіцца ад пятлі і Судзіра, думаў, што чалавек-драпежнік, які сумеў падкрасціся да яго разам з Дорай і нечакана накінуць пятлю, не вытрывае доўга. Людзі ж не могуць быць доўга пад вадою, спаборнічаць у гэтым з дэльфінамі. А тое забыў Дзік, што чалавек хітры, што ён узброіўся аквалангам і сам хоча ўзяць яго зморам. І ўжо, наадварот, у дэльфіна не хопіць духу, бо трэба супернічаць не з чалавекам, а з тэхнікай. Судзір і прытапіць можа, і калі павее холадам смерці з прадоння, калі ад удушша забліскаюць вогненныя кругі ў вачах, на ўсё пойдзеш — абы вынырнуць, абы ўхапіць паветра. І крыўдна зрабілася Янгу, што Дзік зробіцца рахманы і пакорлівы, што будзе як той раб-катаржнік паслухмяна ныраць з чарпалкаю, паслухмяна выносіць Судзіру на плыт залатаносную пароду.
«Дык вось якія ў Судзіра сакрэтныя прыёмы дрэсіроўкі!.. Вось чаму не хацеў, каб хто бачыў яго ў гэты час… А хіба ж можна спакойна глядзець, як дэльфіна топяць і душаць?!»
«Не здагадваецца Дзік даць задні ход… Мо дэльфіны не ўмеюць плаваць задам наперад? Мог бы гэтак пятлю садраць, вылузацца…»
«Кат! Вылюдак!.. Сволач! — праклінаў Янг Судзіра. — Гэтак і загубіць можна чалавека!» Шаптаў «чалавека», а думаў пра Дзіка.
Урэшце дрэсіроўшчык і Дзік вынырнулі. Дэльфін шумна, як не са стогнам выдыхнуў — Янг добра пачуў. Відаць было, што абодва змораныя дашчэнту. Аднак Судзір усё яшчэ трымаўся рукою за пятлю, круціў, падтужваў. Павёў Дзіка да плыта, а падвёўшы, узяў з дошак апошнюю, трэцюю чарпалку, націснуў ручкаю на зубы Дзіка сілком. Мабыць, таму добра забалела, бо не вытрываў, расшчапіў рот… Тр-р-р… — ручка пералічыла зубы дэльфіну. Судзір выштурхнуў з рота загубнік: «Аб!» — і зноў ухапіў загубнік у рот, штурхануў Дзіка зверху, прымушаючы нырнуць. Дэльфін, аднак, паўтарыў свой Мансур, уздыбліваючыся на хвост і вытручваючыся — ажно Судзіра прыпадняў з вады. Але ўжо тае сілы, з якою шпурнуў папярэднюю чарпалку, не было. Проста выпхнуў ручку з рота, і чарпалка, падаючы, трэснула Судзіра па галаве, каўзанулася і знікла пад вадою.
Судзір раз'юшыўся. Ухапіўся за пятлю праваю рукою, а леваю — за спінны плаўнік. Рвануў пятлю з Дзіка і пачаў сцёбаць ёю па галаве, па вачах, па роструме… Дзік неяк узвізгнуў, крутнуўся верацяном, збаўляючыся ад мучыцеля, затым скокнуў угору, шумна пляснуўся ўсёй тушай. Дэльфіны, якія тоўпіліся ў цёмным закуце храма, раптам прапалі з вачэй, зніклі пад вадою.
Судзір, кашляючы, узабраўся на плыт. Сеў на краёчак, цяжка дыхаючы. Потым сарваў з сябе маску, зняў ласты, зняў акваланг, яшчэ пасядзеў, угнуўшыся, абапіраючыся рукамі абапал і неяк ненатуральна тапырачы локці. І раптам штосьці надумаў ці на штосьці рашыўся. Згроб плёнчаты мяшок з трыма рыбінамі ў ваду (Янг, скормліваючы рыбу, зрабіў на гэты раз хітрэй: і пакінуў крыху ў мяшку, і паклаў яго так, быццам гэта ён сам перакуліўся, а рыба пападала ў ваду). Рашуча ўстаў — стомы як і не было. Провад з лямпачкай, які злучаў плыт з пляжам, за час валтузні моцна правіс, сярэдзіна яго апала ў ваду. Паддаючыся цяжару проваду, плыт яшчэ больш выплыў з Храма. Судзір, устаўшы, пачаў паволі цягнуць провад на сябе, паскараючы ход плыта. Сярэдзіна проваду час ад часу пляскала па вадзе, але ў руках дрэсіроўшчыка рабілася ўсё больш і больш петляў-віткоў.
Янг перавярнуўся ў логаве, узлёг на бруствер, каб лепш было сачыць за Судзірам і пляжам. І пачуў, што да парога пападплывалі дэльфіны, фукаюць унізе пры самым беразе, жаласліва скрыпяць, нібы жаляцца, а хтосьці з іх коратка і трывожна пасвіствае — падае сігнал трывогі, небяспекі. Не ўтрымаўся, споўз да вады.
— Ну — чаго вы? — прашаптаў ласкава. — Нічога больш не магу для вас зрабіць. Зусім нічым не магу памагчы… — Янгу зрабілася горна, зноў стала шкада сябе і дэльфінаў: усіх чакае марная гібель.
«Птр-рын-н… Тэнк-тк-тк-ткрыі…» — Бобі ўссунуўся падбародкам на бераг, выставіў дзюбу. Амаль не відаць малыша, лямпачка з матком проваду недзе за жыватом Судзіра, сюды ніяк не свеціць. Янг працягнуў у бок дэльфіняці руку — палашчыць, пагладзіць, павадзіць за нос. Але рука на штосьці натыкнулася, Бобі трымаў нешта ў зубах. Узяў тую рэч — і ледзь не выпусціў: такога цяжару ў той штуковіне не чакаў. Як жалеза якое, і халоднае, як жалеза. «Дзівак малы… Што ён дастаў, прывалок?» — падумаў, лезучы назад у свой акоп.
Сядзеў і абмацваў Бобіну знаходку. Не гладкая яна і таўстажылая, нагадвае галінку з ледзь памечанымі лісточкамі ці пупышкамі. Сям-там штосьці прыкарэла, нібы ўплавілася — мо пясчынкі ці кавалкі магмы. Мацаў-мацаў гузакі, і прыдумалася другое параўнанне: дракончык-сяміножка, а не галінка. І галоўка ёсць, і ножкі — дарма што на адным баку чатыры, а на другім тры, і хвосцік скрывіўся ўбок загагулінкай. Пастукаў цацкаю аб камень і не пачуў ніякага звонкага гуку. Удары былі нейкія вязкія, глухія. Сунуў за пояс — няхай пабудзе там, мо ўдасца падабрацца да лямпачкі, тады і разгледзіць добра.
Судзір тым часам прычальваў да пляжа. Вось бочка плыта шкрэбнулася аб бераг, дрэсіроўшчык зыбнуўся. Дайшоў да сцяны з убітым калком-кручком, павесіў скрутак з лямпачкаю. Ад дзвюх лямпачак на пляжы стала відней. Судзір вярнуўся да плыта, забраў з яго на бераг электраліхтар, акваланг, ласты і маску і стаў, рукі ў бокі, чакаць Піта і «старога». Яны таксама якраз вынырнулі — цікава, каторы ўжо раз? — і рабілі апошнія ўзмахі ластамі. Судзір нагнуўся, адною рукою прыняў з рук Піта вядро, другую падаў, каб памагчы выбрацца на сушу. Паставіў вядро, а як Піт стаў расшпільваць рамяні, зайшоў яму ззаду ўзяць акваланг.
— Ну як — слухаліся трохі? — спытаў Піт, яшчэ не паварочваючыся да яго, тузануў маску ўгору, стомлена пацёр далонямі твар.
— Усяк было… — адказаў Судзір. Паклаў акваланг, імгненна выпрастаўся. У руцэ бліснуў нож — Судзір з сілаю саўгануў ім Піту пад лапатку і тут жа вырваў, адскочыў. «А-ай!..» — неяк па-дзіцячы ўсклікнуў вялізны Піт, выгінаючыся, і заваліўся на бок.
Судзір крутнуўся да «старога», які ў гэты час ставіў на бераг вядро. Імгненна выставіў яму ў твар нож, свіснула белай маланкай лязо, і аквалангіст, схапіўшыся аберуч за горла, асеў у ваду. У два скачкі Судзір апынуўся каля яго, вылавіў за плячо, падцягнуў крыху на бераг і яшчэ раз ударыў нажом — ужо спераду» У грудзі. Не пускаючы, узвалок вышэй на бераг, адвязаў цела ад акваланга. Далей рухі Судзіра зрабіліся яшчэ больш паспешлівыя: расшморгнуў на грудзях «старога» «маланку», выбраў з кучы пароды камянёў, не забыўся агледзець іх, пастукаць адзін аб адзін і сунуў за пазуху забітаму. Зноў тромкнуў замком, але не да канца, не дазволілі камяні, скаціў цела ў ваду. Сагнуўшыся, рачком тупацеў уздоўж пляжа, «старога» валачыў па вадзе — туды, дзе была цемра, куды не даставала святло лямпачак, і ўжо там моцна штурхануў ад берага.
З целам Піта зрабіў тое ж самае.
Прысеў каля вады на кукішкі, памыў ад крыві рукі, падабраў на беразе і памыў нож. Спакойна склаў яго, засунуў у ножны на лытцы і пайшоў да тэлефона. Зняў трубку.
— Ало? Прышліце электрыка. Дрэнна ён провад падключыў… Замыканне, мабыць, было, лямпачка перагарэла… Што? Ды памаленьку… Ды тут усе… Павыносілі дабра, сядзім, перагрэбваемся, а цемнавата: прывыклі да дзвюх лямпачак.
«Няпраўда!.. Не слухайце!.. Гэта забойца!..» — хацеў крыкнуць Янг на ўсю пячору, але жах адняў мову.
Улятаючы ў зону, агароджаную буйкамі, убачылі: у ваду заходзіць аквалангіст. Яшчэ прыпыніўся, зайшоўшы да калень, паўзіраўся ў іх бок. Але катэр не выклікаў у яго падазрэння — пагрузіўся з галавою. Матор выключылі і тут жа пачулі, як чахкае, грукоча рухавік з левага боку пры плоце. Катэр уссунуўся на бераг упрыцірку да лагернага глісера. Адразу на яго скокнуў з борта адзін паліцэйскі, астатнія хто за ім, хто прабягаў на нос катэра і адтуль скакалі проста на пясок. Начальнік паліцыі Рая пабег са сваёй групай да палатак, афіцэр са сваёй — да вагончыка.
Радж і Амара сышлі апошнімі. Хацеў і Абдула следам скочыць, але яго паклікаў рулявы, паказаў месца побач з сабою ў рубцы.
Палаткі аказаліся не роўныя — адна чатырохмесная, другая двухмесная. Нікога ў іх паліцэйскія не выявілі, але перавярнулі ўсё дагары дном. Прабеглі яшчэ па тэрыторыі, заглянулі за кучу скрынак і бочак, за рухавік-электрастанцыю — і там нікога. Адзін застаўся каля рухавіка, другі пайшоў на катэр, трэці — да варот за палаткамі.
— Я тут пабуду, — павярнуў Амара да скрынак.
Начальнік паліцыі следам за Раджам палез на ўсходцы, што збоку вялі ў вагончык. З маленькай прыхожай відаць трое дзвярэй. Направа — у лабараторыю, проста — у кладоўку, налева — у аператарскую. Радж адчыніў левыя дзверы, адкуль даносіліся галасы, начальнік паліцыі — правыя.
Акенца было адно, злева. Направа пры глухой сцяне ўзвышалася панель з прыборамі, падобнымі на манометры са стрэлкамі, мігалі чырвоныя лямпачкі. Ніз панелі быў скошаны, як вечка школьнай парты, на ёй таксама былі нейкія пераключальнікі і кнопкі, стаяў нізенькі мікрафон. Крэсла каля панелі было пустое, аператар стаяў каля глухой тарцовай сцяны з рукамі на патыліцы, а паліцэйскі лапаў яго, абмацваў.
— Што здарылася? Гэта самавольства, я скардзіцца буду ўладам! — гразіўся аператар, спрабуючы павярнуцца тварам да ўсіх, але яго штурхаў паліцэйскі ў спіну, прымушаў глядзець у сцяну.
— Можаце… Можаце скардзіцца… — гарбаносы афіцэр сеў на крэсла каля мікрафона, а на другое, каля невялічкага століка побач з панеллю, паказаў другому паліцэйскаму, падаў яму папку з паперамі. Той расклаў усё і замёр, чакаючы, што будзе дыктаваць афіцэр. Яшчэ адзін паліцэйскі стаяў каля дзвярэй, дзе і Радж спыніўся, але ім давялося адступіцца ўбок — зайшоў нейкі акулярык у белым халаце, за ім начальнік паліцыі. Акулярыка паставілі каля той жа сцяны, што і аператара, толькі ў другім кутку, таксама абшукалі.
— І ўсе? — здзівіўся афіцэр, паварочваючыся разам з крэслам да народу.
— Больш нікога не знайшлі,— сказаў начальнік паліцыі.
— Толькі што мы бачылі — пад ваду пайшоў аквалангіст. Ён у пячору? — нібы між іншым спытаў у аператара афіцэр.
— Якую пячору? Мо рыбы захацеў на вячэру настраляць, — адказаў той.
— Не раім корчыць дурня. Мы ведаем больш, чым вам здаецца. Дзе астатнія? Таксама ў пячоры?
— У пячоры… — буркнуў аператар. — Фауну вывучаюць.
— Ага… Ваша імя?
— Майкл Стоўн.
— А вашага вучонага прыяцеля?
— Джордж Стоўн.
— Уга — браты? Нешта не падобныя.
— А мы ад розных мацярок.
— Дык вось, браты-разбойнікі, расказвайце, чым на самай справе вы тут займаецеся. Толькі хуценька і не цямніць. Дарэчы, Судзір таксама ў пячоры? З дэльфінамі?
— У пячоры. І больш я вам нічога не скажу.
— Ну-ну, цвёрдакаменны25… Не забывай, што вы ў нашых руках, а не мы ў вашых. Гавары! — крыкнуў так, што Раджу ажно заклала вушы. — Колькі золата ўжо намылі?
У Майкла паніклі плечы.
— Пра золата ў Піта пытайце. І ў Джорджа, ён у лабараторыі працуе. А мая справа — во… — адвярнуўся на момант, кіўнуў на пульт кіравання.
Судзір зацягнуў аквалангі забітых на правы канец пляжа за выступ, дзе пачыналася цемра. Потым хуценька высыпаў з аднаго вядра пароду ў кучу, набраў вады — плюх на тое месца, дзе ляжаў Піт. Калі вада скацілася, падышоў туды, нагнуўся паглядзець, ці не відаць чаго падазронага. Нагнуўшыся, штосьці падняў, паглядзеў, зноў нагнуўся, папаласкаў у маленькай лужынцы, паперакідаў з рукі ў руку, як гарачы вугельчык, нават, здалося Янгу, падзьмуў сабе на рукі. Выняў нож, адпстрыкнуў асноўнае лязо, скрабануў ім знаходку — і ўкінуў «вугалёк» на дно ножнаў, а зверху засунуў нож, задаволена ляпнуў сябе па лытцы. Азірнуўся ва ўсе бакі, паглядзеў на кучу пароды і ўжо ступіў да яе, хацеў пагрэбціся. Але ўспомніў пра лямпачкі. Падышоў да сцяны, выкруціў адну — тую, што была ў сабраным петлямі провадзе, шпурнуў яе далей ад пляжа. Янг пачуў, як лопнула-дзынкнула яна, стукнуўшыся недзе ў цемры аб скалу.
А тут і электрык вынырнуў непадалёк ад выхаду. Галава яго загайдалася, як паплавок, падалася да пляжа. Вылазіў электрык спаважна, нетаропка. Разагнуўся, выбраўшыся. Шлэп, шлэп ластамі.
— Ну, што тут у вас? Я ж рабіў усё як трэба.
— Вось… — паказаў Судзір на скрутак на сцяне. — Некалькі мінут пагарэла, а потым — блісь, і няма. Я выкінуў… І паленым запахла, ізаляцыя, мабыць, пачынала гарэць.
Электрык павярнуў да сцяны, Судзір за ім — амаль ушчыльную.
— Не ве-е-ерце, дзя-ядзечка!!! — закрычаў Янг такім высокім голасам, што сарваўся. — Ён забіць вас хоча!
Электрык у непаразуменні павярнуўся на голас.
І тут жа Судзір ударыў — не ззаду, як меркаваў спачатку, а ў грудзі. Яшчэ і адштурхнуў электрыка ад сябе, і той загрымеў балонам, падаючы. Дрэсіроўшчык застаўся стаяць, трымаючы настаўлены нож. Гэтак і ў бок Янга павярнуўся, застыў на прысагнутых нагах. Круць-верць галавою ў бакі… Нічога не прыкмеціў падазронага, што прымусіла б адразу страляць лязом ці кідацца з нажом у руках. І выпрастаўся, расслаблена пайшоў да вады, прысеў папаласкаць нож.
Нечалавечая вытрымка. І спакой… А мо была толькі вытрымка? Адступіў ад вады і, не разгінаючыся, не гледзячы на лытку, цаляў нажом у ножны і не адразу папаў, трохі замарудзіў. Вочы Судзіра ўжо свідравалі цемру каля Янга. Пайшоў да электраліхтара, уключыў яго, скіраваў святло ў Янгаў бок — і нічога не ўбачыў. Паставіў ліхтар, пачаў адзяваць свой акваланг. Зашпіліў старанна рамяні, пачапіў на грудзі ліхтар. Успомніў пра ласты — абуў і зашпіліў іх. Пераступіў на плыт, зашлэпаў да яго краю, узяў загубнік у рот і кінуўся бокам у ваду.
Не, заставацца Янгу на месцы нельга. Ён шпарка спусціўся да вады, яшчэ і не пасвістаў — «Бобі, ты дзе?», а малыш і сам падплыў. Наблізіліся і ўсе дэльфіны, Янг чуў іх цяжкія выдыхі. Бясшумна з'ехаў на штанах у ваду, ухапіўся леваю рукою за плаўнік Бобі, а праваю павярнуў за рострум так, каб скіраваць у Храмавы грот. Паплыў з ганаровым эскортам — дэльфіны абкружылі яго з усіх бакоў.
Ужо адтуль, з Храма, убачыў: над мысам па скляпенні загулялі сполахі святла. Мабыць, Судзір ужо шнарыў там, высвечваў кожную выемку логава. Вось пук святла вырваўся з-за грэбеня, дастаў столь у храме… Вунь і галава Судзіра над грэбенем. Святло ліхтара апала на ваду, расплывісты жоўты круг заслізгаў па паверхні, намацваючы то аднаго дэльфіна, то другога… Янг пагрузіўся з галавою, але Бобі з-пад рукі не выпускаў. І, мабыць, яго руку Судзір заўважыў, бо як узнырнуў Янг, пачуў Судзіраў ускрык: —…ты дзе, галубчык!
І рэзкае святло знікла, Судзір ужо свяціў недзе сабе пад ногі, спускаючыся да вады.
У гэты час блізка да малыша падплыла Дора, і Янг хуценька перакінуў руку на яе. Больш было ў яе сілы, чым у Бобі, і Янг скіраваў яе да пляжа: «Хутчэй! Хутчэй!» Дора паплыла так, што вада забурліла ўслед.
Янг паспешліва, ранячы калені, ускарабкаўся на пляж. Аббег цела электрыка і спатыкнуўся аб скрынку тэлефона. Адкінуў вечка, схапіў трубку… Крыкнуў задыхана, з перахопамі дыхання:
— Судзір забіў трох вашых! Ганяецца за мною! — і бразнуў трубку назад.
«Судзір забіў трох вашых! Ганяецца за мною!» — спалоханы хлапчукоўскі голас уварваўся ў вагончык і сваёй нечаканасцю як не паралізаваў усіх. Афіцэр першы схапіўся за мікрафон:
— Алё! Алё-ё! — але з узмацняльніка больш нічога не пачулася.
— Ён трубку паклаў, не галёкайце, — адвярнуўся ад сцяны Майкл. — Хто там яшчэ можа быць?!
— Гэта брат мой!.. Янг!.. Жывы-ы! Другія суткі яго шукаю! — ад хвалявання Радж нават не чуў, што выкрыкваў.
— Але там яго не можа быць! — усклікнуў аператар.
— Мо-ожа! У мяне акваланг на катэры… Я паплыву ў пячору. А вы адключыце заслону! — ён ірвануўся да дзвярэй.
— Стойце, Радж! Чулі — трох забіў? Яму нічога не значыць і вас прыкончыць. Ён жа ў выгадным становішчы, знянацку можа… Другое трэба прыдумаць!
— Тады ў мяне ідэя… — спыніўся Радж. — Слухайце.
Судзір быў ужо каля плыта. Выставіў з вады руку, каб ухапіцца за край дошкі. І тады Янг з усяе сілы таўхануў гэты рухомы памост на Судзіра, і плыт падмяў яго пад сябе. А сам скокнуў у ваду, не паспеў і колькі разоў узмахнуць рукамі, як Дора апынулася побач. Янг удзячна ўчапіўся за яе: «Хутчэй!» Дэльфінка і на гэты раз паплыла з усёй моцы. Вось і парог на мысе блізка, яго логава. Азірнуўся: Судзір вылазіў на плыт… Ага, тады і яму можна вылезці, перадыхнуць. Пусціў Дорын плаўнік.
— Ты!.. Эй! Ты чуеш? Я ведаю — ты Янг! Я дарую табе жыццё! Але ведай, што забіць магу ў любую мінуту! Лагер цяпер у маіх руках, і ты ў маіх! Я гаспадар становішча! Я захаваю табе жыццё, буду карміць і паіць ад пуза, калі ты будзеш мне памагаць, працаваць з дэльфінамі.
— А скулу ў бок не хочаце?!
І тут зазумерыў тэлефон. Судзір павагаўся, ісці да яго ці не, і ступіў на бераг.
— Тут «дабл ю і ві»! Вы перайгралі, Судзір! Шэф будзе вамі не задаволены!
Паўза…
— Я не перайграў. Я толькі выйграў! Лагер у маіх руках.
— Лагер у нашых руках. І вы ў нашых! Не трэба быць такім прагным, шэф гэтага не любіць. Ваш круг дзейнасці — дэльфінарый, а вы ўсунулі нос куды не трэба, сарвалі планы шэфа.
— Я хацеў паднесці шэфу падарунак… Я хацеў яму падарыць цудоўную схованку і залаты прыіск. Шэф зразумее мяне… Я патрабую аўдыенцыі з шэфам!
— Многа хочаце, мала атрымаеце! Ніхто не мае права бачыць шэфа, як і твар бога. Сядзець будзеце ў пячоры датуль, пакуль з вас не зробіцца святая мумія. Жыць будзеце столькі, колькі вам захочацца, але ў пячоры! Усё, сувязь скончана.
— Алё! Алё! Стойце!.. Я ўсё растлумачу! Алё-ё-о…
— Гаварыце. Вы маеце права, як і кожны перад смерцю, на апошняе слова.
— Адключыце гэтую вар'яцкую заслону! Выпусціце мяне адсюль!
— Вас зразумелі. Але самі вырашыць не зможам. Звяжамся па радыё з шэфам… Чакайце званка!
Гарбаносы асцярожна паставіў мікрафон, зірнуў на Раджа, нібы спытаў: «Ну — як? Праўдзіва?» І Радж падняў угору вялікі палец.
— Курым мінут дзесяць і звонім, — сказаў афіцэр. Але ніхто не курыў. Марудна цяклі мінуты.
— У мяне яшчэ ёсць ідэя. На кожную рыбіну — свой кручок, — сказаў Радж. — Вам жа трэба ён жывы?
— Толькі жывы!.. Адзіная нітачка, можна сказаць…
Судзір нервова пахаджваў па пляжы. Янг не ўсё зразумеў з рэплік, якія ён кідаў па тэлефоне, але галоўнае ўлавіў. Судзір — член трыяды… Судзір капаў яму іншым, а трапіў у другую, што выкапалі яму.
Урэшце пачуўся зумер тэлефона. Судзір пашлэпаў, каб падняць трубку.
— Шэф дазволіў вас выпусціць. На зборы вам пяць мінут. Заслона будзе адключана на адну-дзве мінуты. Дарэчы, хто там яшчэ, чый голас мы чулі?
— Хлапчук адзін. Яго брат Радж Сінх працуе ў дэльфінарыі.
— Радж Сінх, якога вы павінны былі забіць і якога пакінулі жывым? Шэф ужо тады быў у гневе на вас. Ці не занадта многа вы яго злуяце?
— Клянуся: я любы загад выканаю. Магу і цяпер Раджа забіць, і брата яго адпраўлю рыбам!
— Хлапчук няхай пасядзіць там. Ён яшчэ спатрэбіцца. А пра Раджа дагаворымся, як вылезеце. Чакаем вас у лагеры!
«Хоча забіць мяне?!» — Янг зноў падаўся да вады, свіснуў Бобі. Не, проста за так ён не паддасца. Ды ў яго ж дэльфіны ёсць, верныя сябры.
— Будзь тут, Бобі. Не адплывай… — прашаптаў яму, седзячы ўжо на самым краёчку, нагамі ў вадзе. Сачыў за Судзірам. Ніякага холаду цяпер Янг не адчуваў.
Судзір не да выхаду рыхтаваўся, а паспешліва поўзаў па кучы вынесенай пароды, мітусліва разграбаў яе. Штосьці хапаў у рукі, прыглядваўся, нібы нюхаў. Здавалася, зараз пачне хапаць ротам пясок і глытаць, жэрці, давіцца ім. Урэшце Судзір устаў, пайшоў да вады. Ссунуў маску на вочы і нос, рашуча ўзяў загубнік.
Успомніў пра ліхтар, пачапіў і яго на грудзі. Сеў на беражок пляжа, здзекліва памахаў рукою ў бок Янга — маўляў, да хуткай сустрэчы, і ссунуўся ў ваду.
«Дык што ж цяпер будзе? Я так і загіну тут?»
«Калі трыяда захапіла лагер, мне не жыць. І Радж загіне, Судзір некаму абяцаў прыбраць яго, паддобрыцца да шэфа».
Зноў роспач завалодала Янгам. Бяссілле, поўнае бяссілле… Нават на плач не хапала духу.
Не скора ён зрэагаваў на зумер тэлефона. Каму яны звоняць? Нікога ж тут не засталося, усе мёртвыя. Памылкова?
А тэлефон не змаўкаў.
Янг рынуўся грудзямі на ваду, намацаў спіну Бобі, павярнуў за рострум туды, да пляжа. Сам не гроб — хай вязе. Ледзь ставала сілы, каб трымацца за плаўнік.
Абмінуў нежывога электрыка паўз самую ваду — раптам забаяўся трупа.
Трымаў трубку дзвюма рукамі…
І пачуў голас Раджа — такі родны, такі мілы!
— Янг, брацік мой… Ты мяне слухаеш? Гэта я — пазнаеш? Ты не плач, скажы мне, што ты жывы-здаровы. Ты мяне чуеш?
— Чую… — ледзь вымучыў.— Я не магу гаварыць… Я не веру, што гэта ты… А як жа трыяда, бандыты?
— Самы большы бандыт плыве да нас, пойдзем сустракаць. Слухай, мой даражэнькі, аквалангі там ёсць?
— Ёсць.
— Ты ж умееш імі карыстацца. Адзявай адзін — і ў ваду. Сам выплывеш?
— Выплыву.
— Зараз зноў адключым заслону. Ды не рыдай ты гэтак, а то яшчэ захлынешся пад вадою! Бяры сябе ў рукі, ты ж мужчына! Чуеш?
— Чую. А як жа дэльфіны?
Адказу не пачуў. У трубцы запіпікалі кароткія гудкі.
Раджу афіцэр забараніў пакуль што высоўвацца з вагончыка. Убачыць Судзір і можа сапсавацца ўся справа.
…Судзір выйшаў з вады паволі. Яшчэ стоячы на мокрым пяску, зняў акваланг і ліхтар, здзёр ласты і маску. Умудрыўся ўзяць усё ў адну руку. А пакуль знімаў амуніцыю, паглядваў у бок Амары, які сядзеў на скрынках. Здаецца, хлопец не выклікаў у яго падазрэння, мог і ў трыядзе такі быць. Радж і афіцэр, прыціскаючыся да сцяны, цікавалі з акенца вагона ў той бок. І не так бачылі Судзіра, як тое, што рулявы выйшаў з рубкі і, схіліўшыся над бортам, запознена закрываў нейкім лахманом на борце надпіс «Police». Судзір і па баках паглядзеў, і на катэр азірнуўся — здаецца, нічога падазронага не заўважыў. Паволі пабрыў па пяску ўгору.
Амара, як толькі Судзір мінуў яго, устаў і зайшоў ззаду ад мора. Недзе з-за палаткі і з-за бочак, з-за рухавіка імкліва выбегла некалькі паліцэйскіх, беручы Судзіра ў паўкальцо. І раптам Судзір кінуў акваланг, цапнуў за лытку. Імгненна крутнуўся да Амары і выставіў у яго бок нож. Радж не згледзеў, як мільганула лязо. Убачыў толькі, як Амара нібы спатыкнуўся, хапаючыся за грудзі.
Афіцэр першы выскачыў з вагончыка.
— Не страляць!
Радж выскачыў следам.
А каля вады ўжо сплёўся клубок цел. Хтосьці выбіў з рук Судзіра нож, той крутнуўся ў паветры млынком, дзёўбнуўся ў пясок. Радж прабег міма кучы цел да Амары, падхапіў яго пад плечы. З куточка рота сябра цадзілася нітачка крыві. Ён дыхаў часта, неглыбока, з захліпамі. Мабыць, былі прабіты лёгкія.
— Во… — расплюшчыў вочы Амара і расшчапіў акрываўленыя пальцы. На далоні было выцягнутае лязо — завостраны з двух бакоў клінок сталі.— Але ты не бойся… Не ў сэрца…
Радж асцярожна апусціў галаву Амары, паглядзеў туды, дзе ахалі і стагналі. Некаторыя ўжо курчыліся ад удараў Судзіра. Радж кінуўся ў гушчу, шалеючы ад гневу. Судзір імгненна ўскінуў насустрач нагу, цэлячы ў пах. Радж перахапіў нагу і тузануў на сябе. Судзір упаў, але па-кашачы крутнуўся спінаю ўгору, каб прыкрыць жывот. І ўдарыў другою нагою Раджа па нагах, падкасіў яго. На момант, падаючы, Радж паслабіў пальцы рук, і гэтага было дастаткова. Судзір ускочыў і яшчэ раз высока ўскінуў нагу — пацэліў пяткаю ў сонечнае спляценне начальніку паліцыі Рая. І кінуўся да вады.
Засталося на нагах толькі двое паліцэйскіх і гарбаносы. Паліцэйскія бязладна, не прыцэльна заляскалі з пісталетаў, і вакол Судзіра ў вадзе ўспыхвалі султанчыкі вады.
— Не страляць! — крычаў, як вар'ят, афіцэр. — Заводзь матор! — пакруціў у бок катэра кулаком і пабег да судна. Паліцэйскія, хто мог, за ім.
Судзір плыў размашыста, сажонкамі ў бок адкрытага мора. На што спадзяваўся — невядома: ад катэра ж не ўцячэш.
Радж зноў хацеў бегчы да Амара, але ўбачыў, што каля правага закрылка плота, які заходзіў у ваду, вынырнула некалькі дэльфінаў. І хлапчукоўская галава ў масцы паказалася…
— Янг! — кінуўся туды. З катэра, хоць ён ужо адплываў, скокнуў цераз борт Абдула, таксама галёкаючы: — Я-я-янг!
Янг уставаў з вады, аберуч заціскаючы вочы. Не бачачы нічога, спатыкаючыся, пабрыў на бераг.
— Радж… дзе ты? Я, мабыць, аслеп. Я нічога не бачу… Ба-ля-я-яць як! — усхліпваючы, вымаўляў Янг. — Бобі загінуў… І ў Дзіка хвост паранены. Мы яшчэ не праплылі ўсе, а нехта зноў уключыў заслону. Бобі ззаду быў, і якраз на яго папала… — Янг, рыдаючы, прыціснуўся тварам да грудзей Раджа.
А той гладзіў яго па плячах, па галаве, як зусім малога, адною рукою вызваляў ад акваланга.
— Брацік мой, ты жывы!.. А на каго ж ты падобны, божа!.. Увесь збіты…
— А хто тут яшчэ плача?
— Абдула тут… Падыдзі, Абдула.
Абдула падышоў, і Янг вобмацкам, не расплюшчваючы вачэй, прыгарнуў яго да сябе і яшчэ мацней прыціснуў твар да грудзей Раджа.
— Ой, глядзіце! — раптам аглушыў крыкам Абдула. — Дэльфіны першыя дагналі Судзіра!
— Кінуцца, мабыць, ратаваць Судзіра, — сказаў Радж.
Янг паспрабаваў адарваць твар ад Раджавых грудзей, але зноў прыціснуўся.
— Ой, вы гаварыце мне, гаварыце!..
— Дэльфіны нападаюць на Судзіра! — усклікнуў Абдула.
Пачуўся стрэл з катэра і крык афіцэра:
— Агонь па дэльфінах! Па дэльфінах, а не па Судзіру!
Страляніна пагусцела.
— Варвары, што яны робяць?! Не страляйце ў дэльфінаў, варвары!!! — закрычаў штомоцы Радж.
— Глядзі, Ра-адж!.. Дэльфіны Судзіра б'юць, як акулу! — крычаў Абдула.
— Ага-а… Дзік, здаецца… І з разгону!
— Усё-ё! Няма ўжо Судзіра на вадзе! — ажно завішчаў радасна Абдула.
— Ага, на дно пайшоў… Катэр кругі вакол таго месца робіць.
Чуваць была лаянка афіцэра, але неразборлівая. Мо гнаў каго з паліцэйскіх за борт, каб пашукаў Судзіра?
— А калі хітрыць Судзір? Пасядзіць пад вадою і выплыве? — сказаў Янг.
— Пасля ўдару Дзіка?! — Радж дастаў з кішэні насоўку, склаў у некалькі столак і завязаў вочы Янгу.
Пайшлі хуценька да Амары. Паліцэйскіх, якія курчыліся ад удараў Судзіра, на тым месцы ўжо не было. Прышкандыбалі ці прыпаўзлі да вады, махалі катэру рукамі.
Амара ляжаў бледны, з заплюшчанымі вачыма, па-ранейшаму дыхаў з хрыпамі і хліпаннем. Праз пальцы прыціснутай да грудзей рукі праступала кроў.
— Пацярпі, Амара… Катэр прычальвае, зараз забяром цябе… Ты чуеш? Ты будзеш жыць, Бессмяротны! Такія, як ты, трэба каб жылі! Ты пастарайся жыць, чуеш? — Радж разадраў на палосы сваю тэніску з эмблемай дэльфінарыя. — Абдула, прыпадымі пад плечы яго…
Падтрымлівалі Абдула і Янг, а Радж як змог перабінтаваў Амары грудзі.
— Дэльфіны ляцяць сюды! Не сюды, убок трохі! — закрычаў Абдула. — Што ж яны… Што ж вы, дурні?!
Падлятаючы да мелкага, дэльфіны ўзвіваліся дугою ў паветра і шмяк, шмяк, шмяк — Дзік, Ева, Бэла — пападалі на пясок. Доры не было, Дору, мабыць, застрэлілі паліцэйскія.
— Памажыце ім… Што ж вы?! — прыўзняўся на руках, спрабуючы сесці, Амара.
Янг прысеў, падтрымліваючы пад спіну Амару. Радж з Абдулою пабеглі да дэльфінаў, пачалі катурхаць, цягаць за хвасты. Дзіка нават з месца не скранулі, ды за яго і брацца было боязна — такі знявечана-акрываўлены быў хвост. Пакінулі яго, ухапіліся за Еву, нават па пояс у ваду зайшлі, цягнучы дэльфінку, а потым яшчэ і паштурхалі яе чым далей ад берага. Ева варухнула хвастом, нібы прачнулася, адплыла метраў на дзесяць і зноў з разгону сіганула на пясок, цяжка чмякнулася побач з Дзікам.
Абдула вылез з вады і зноў ухапіўся за Еву. Адзін не мог даць рады, з жалем і роспаччу глядзеў то на паміраючых дэльфінаў, то на Раджа: «Ну што ж ты?!»
— Не трэба, Абдула… — голас Раджа асекся.
Немагчыма было глядзець на дэльфінаў. Яны стагналі, як людзі, паміргвалі вачыма і глядзелі з такім несусветным сумам, нібы спазналі нейкую тайну.
Радж павярнуўся і пайшоў на дапамогу Амары і Янгу. Яны, памагаючы адзін аднаму, усталі на ногі і, абняўшыся, паволі пакрочылі ў напрамку да катэра.
Чуўся разлютаваны голас афіцэра: спачатку распякаў некага на катэры, потым наваліўся на таго паліцэйскага, што выводзіў з вагончыка, трымаючы напагатове рэвальвер, аператара і лабаранта, потым падбег да дэльфінаў на беразе і разрадзіў свой пісталет, цэлячы ім у галовы. Даваў волю свайму гневу? Помсціў за тое, што не пакінулі ў жывых Судзіра?
— Мне знаёмы яго голас. Ён допыт мне рабіў на Галоўным… Дэльфінаў… гад… — расплакаўся Янг.
— Ціха, ну… — супакойваў яго Радж. — Можа, для дэльфінаў гэта і лепш. Не пакутавалі хоць доўга.
— Я ведаю, чаму яны не захацелі жыць… — гаварыў, усхліпваючы, Янг. — Можа, я чытаў… Можа, прысніў… А мо дэльфіны мне свае думкі перадалі? У іх закон такі ёсць — не забіваць чалавека ніколі! Што б людзі ні тварылі з імі.
— Дык яны ж Судзіра забілі, а не чалавека! — абурыўся Абдула.
— Для Судзіра простай смерці мала, — уздыхнуў Радж.
— Не чалавека яны забілі — праўда… Забойцу! Ён на маіх вачах… у пячоры… трох на той свет… Але дэльфіны парушылі свой закон, самі і пакаралі сябе за гэта, — гаварыў сваё Янг.
— Казкі! — не згаджаўся Абдула. — Часам і кіты выкідваюцца на бераг чародамі… Дык што — і яны чалавека забівалі, грэх свой аплочвалі?
— З кітамі не ведаю. А з дэльфінамі, мабыць, праўда.
Амара раптам асеў на рукі, ледзь паспелі падтрымаць. Страціў прытомнасць.
Эпілог
Зафрахтаваны Інданезіяй у Японіі супертанкер «Сікока-мару» вёз у Аўстралію экспартную нафту — паўмільёна тон адразу! Узброеным ахоўнікам і экіпажу ўжо здавалася, што небяспека засталася ззаду. Мінулі востраў Раждзяства, да аўстралійскага порта Перт засталося менш трох тысяч кіламетраў. Малаверагодна, каб у гэтых водах маглі аб'явіцца піраты. І вось, калі прытупілася пільнасць, тыя і напалі ноччу, з двух бартоў на хаду прышвартаваўшыся да танкера. Уся ахова і частка экіпажа была перабіта, танкер завярнулі на паўднёвы захад, у напрамку Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі. Можна было сарваць велізарнейшы куш, калі загнаць расістам гэтулькі нафты.
Ішоў трэці дзень пасля захопу танкера, калі на Раі і на Горным адбыліся толькі што апісаныя падзеі.
Ішоў чацвёрты дзень плавання танкера пад аховай пірацкіх катэраў, калі Абдула і Янг трапілі да Натачы на тую далёкую плантацыю какосаў. Не маглі не пайсці туды, вельмі прасіў Янг. Трэба было паказацца ёй і Натачыным бацькам — маўляў, вось я, жывы і амаль здаровы. Не перажывайце і не гаруйце.
І добра, што схадзілі. Натачу, аказваецца, трымалі кругласутачна ў будане, прывязаную і звязаную, каб не збегла зноў на тое возера, не захлынулася яшчэ і сама. А яна ў адказ аб'явіла галадоўку, нічога не ела, ваду, праўда, піла і цвёрда вырашыла — памерці. Не магла яна жыць і радавацца ўсяму жывому, калі не было на свеце Янга. І магла б памерці, упартасці ў яе хапіла б, каб Янг сам не з'явіўся з таго свету.
І быў смех скрозь плач, і плач скрозь смех, была істэрыка.
— Янг, мілы, ты ці не ты?! Знімі гэтыя акуляры, я не пазнаю цябе… — і сама сарвала чорныя акуляры і цалавала яго ў сплюшчаныя павекі (не мог ён яшчэ без чорных акуляраў глядзець на белы свет), а Янг чырванеў і пацеў — кідала ў жар. Абдула далікатна выбраўся з будана і сядзеў пад сценкаю, пасвістваючы: хай наладжваюць адносіны.
Потым былі бясконцыя роспыты, і даводзілася Янгу зноў і зноў расказваць пячорную эпапею.
— І ўсе-ўсе дэльфіны загінулі?! — не магла даць веры Натача.
— Усе… — горка ўздыхаў Янг. — Бобі так шкада — як брацік мне быў! — ён соўгаў пальцы пад шкельцы акуляраў, выціраў слёзы. — Толькі во… Цацку мне вынес з дна, на дракончыка падобная, — успомніў Янг тую штуковіну, што засунуў сабе за пояс у пячоры.
Пачуўшы гэта, Абдула ўраз апынуўся ў будане.
— Дык гэта ж золата!!! — ускрыкнуў ён, узяў у Янга дрыжачымі рукамі дракончыка. — Злітак золата! Самародак… Во, абабіта, бачыце, як гарыць? А цяжкі!
Перадавалі з рук у рукі, аглядалі з усіх бакоў, калупалі кіпцямі. Абдула выцягнуў шыю ў той бок, дзе, па яго меркаванню, было возера. Уздыхнуў.
— І ты… столькі цярпеў гэты цяжар за поясам і не мог успомніць дасюль пра самародак?! — накрычаў на Янга.
— Я яшчэ не такое цярпеў…— спакойна адказаў Янг. Чамусьці золата не выклікала ў яго ніякіх эмоцый.
Ішоў пяты дзень плавання ўкрадзенага танкера, калі, пераначаваўшы каля Натачынага будана, хлапчукі прыйшлі з Натачаю ў Кампонг, у бальніцу.
А Радж ноч правёў у палаце каля Амары. Урачы дазволілі паначаваць каля яго, падаглядаць пасля аперацыі. Пералівалі Амары кроў — два літры! Хацеў Радж падзяліцца з сябрам сваёю, а ўрачы ўзялі пробу і сказалі — не падыходзіць.
І вось другі дзень пасля аперацыі, Амары крышачку палепшала. Янг, Абдула і Натача кленчаць перад галоўным урачом, каб пусцілі іх да хворага — хоць на пяць хвілінак. Ім бы толькі ўбачыць Амару, пераканацца, што ён жывы — і больш нічога не трэба.
І ўпрасіліся, пусцілі іх. І ўбачылі, хвалюючыся, як адразу пасунуў да іх па прасціне саслабелую руку Амара. Чацвёра рук кінулася насустрач ягонай, і ўсе пяць спляліся ў адным гарачым поціску.
— Даў я вам клопату… — трымціць на вуснах Амары ўсмешка. — І як толькі расплоцімся мы за аперацыю, за кроў, за бальніцу?
— Ты не забівай сабе гэтым галавы. Усё будзе добра, — гаворыць Радж.
— І грошы знойдуцца, — тонам мільянера гаворыць Янг, але з-за пояса нічога не дастае, не паказвае. Яны ў палаце не адны, ёсць і чужыя, па кутках стаяць яшчэ чатыры ложкі.
— Мо хто ўбачыць маіх… нашых… Не гаварыце, што са мною такое. Што пакаўзнуўся… — папрасіў Амара. — А грошы вам вярну. Папраўлюся і зараблю.
Чатыры кулакі пацягнуліся да яго носа.
— Не буду… Не буду… — усміхаецца квола Амара.
— Твая задача зараз — паправіцца, — сказаў Янг.
— Чым хутчэй, — дабавіў Абдула.
— Я да цябе кожны дзень буду прыходзіць, — паабяцала Натача. — Буду гаварыць — сястра твая.
— Папраўляйся, дружа. Многа ў нас спраў уперадзе, многа работы, — шматзначна прамовіў Радж.
— А ты, Радж, асцерагайся… ведаеш каго. Тройчы будзь пільным. Ты таксама патрэбны для справы.
— Ну — мы пойдзем. Гарбаносы два дні даў і загадаў, каб заявіліся на Раі ў паліцэйскі ўчастак адразу, як прыедзем. Размова ў іх яшчэ ёсць… І акваланг недзе ў іх.
Ужо заглядвала ў дзверы сястра, кіўком клікала ўсіх да выхаду, але сябры ніяк не маглі расстацца. Урэшце — пайшлі.
На вуліцы, ідучы да прычалаў, калі надарылася больш-менш зацішнае месца, Янг паказаў Раджу «дракончыка».
Ашаломлены Радж доўга маўчаў, узважваючы «жалязяку» ў руцэ.
— Янг… Усе твае пакуты былі недарэмныя… Прывяжы добра, з-за пояса можа і выехаць. У мяне пакуль што… — паляпаў па голых грудзях, — схаваць няма куды, а з кішэні будзе тырчаць. Грошы нам спатрэбяцца. Ёсць адна вялікая, святая справа… Калі-небудзь скажу і вам.
Натача, давёўшы іх да прычалаў, падала ўсім руку. Рука Янга даўгавата затрымала яе руку, вочы глядзелі ў вочы так, што дзяўчынка засаромелася, вырвала сваю, пабегла з месца бягом.
Была чацвёртая гадзіна апоўдні, калі сябры дабраліся да Рая. Давялося спецыяльна наймаць маторку, бо ў такую пару спадарожных лодак не знайшлося.
У гэты час захоплены піратамі танкер і іх катэры былі ў пяці кіламетрах ад Рая, збіраліся ўжо абыходзіць востраў з поўдня. І тут іх перастрэлі катэры берагавой аховы султаната, якіх паслалі на перахоп, мабыць, па вышэйшаму загаду. Завязаўся бой, і быў ён скарацечны. Неўзабаве два з трох султанскіх катэраў былі патоплены тарпедамі. Трэці адышоў як мага далей і чагосьці чакаў. За гэты час танкер наблізіўся да вострава на адлегласць двух кіламетраў…
І тут з'явіліся баявыя верталёты, зноў завязаўся бой. Пірацкія катэры былі расстраляны зверху ракетамі і патоплены.
Ніхто не мог потым сказаць, ад чыйго стрэлу на танкеры ўспыхнуў пажар. А мо яго падпалілі самі піраты, што былі на борце, — гінуць дык з музыкай! Даўжэзны некіруемы танкер вецер і хвалі пагналі проста на Рай. Цячэнне таксама было з усходу, і ўсё гэта дапамагала адно аднаму. Смельчакі, што перабраліся з трэцяга султанскага катэра на танкер, ніякай рады не маглі даць: і штурвал, і ўсякія пульты былі падарваныя.
Тым часам даўжэзная хмара чорнага ўдушлівага дыму дасягнула Рая. Сунулася яна нізка, па самай вадзе і зямлі, у кароткія хвіліны заслала ўсе вуліцы, захутала дамы. У гатэлях і пансіянатах пачалася паніка… Разнашэрсная публіка хлынула ў порт. «Катастрофа! Катастрофа!» — было ва ўсіх на вуснах, і гэтае слова звязвалася не толькі з танкерам, але і з самім востравам.
Зямля, месяц і сонца на той час стаялі на адной прамой. Пачынаўся самы высокі за паўгода прыліў. А вецер з усходу ўсё мацнеў і мацнеў. Пачынаўся шторм, які збіраўся ўжо некалькі дзён.
Вецер прынёс нейкую палёгку, бо трошачкі адвярнуў ад вострава злавесную ўдушлівую хмару. Але прыйшла другая бяда: накіруемы танкер прапароўся на рыфах, праломы былі ў многіх танках, бо ў мора хлынулі патокі нафты. А бура нібы знарок яшчэ некалькі разоў развярнула танкер і так, і гэтак, уздымаючы то нос, то карму, і ўрэшце танкер разламаўся на дзве палавіны. І гэтыя вялізныя палавіны ўжо кожная паасобку скрыгаталі і варочаліся, западалі набок.
Ухапілася гарэць нафта і на вадзе. Шырокі палаючы паток пачаў ахопліваць востраў з поўначы, дзе пляжы, і з поўдня, дзе быў порт.
А ў порце панаваў ужо дзікі вэрхал і паніка, людзі з боем захоплівалі ўсё, што магло плысці ці трымацца на вадзе, спадзеючыся выбрацца з агнявога паўкальца, пакуль пылаючая нафта не адрэзала шлях да адступлення. Каторыя з пасажырамі, а каторыя і без іх судны ўдалося вывесці да заходніх сектараў. Не соладка было ім у бушуючым моры, але паступова судны прабіваліся ў напрамку да Галоўнага вострава.
Пачалі гарэць джонкі з плывучага пасёлка, там узняўся лямант і роў людскіх галасоў…
Радж і Янг разлучыліся з Абдулою, як толькі высадзіліся на Раі. Пабег Абдула павінаваціцца перад сіньёраю. А яны заглянулі ў дэльфінарый. Паспелі пабачыць толькі Абрахамса, ён няўхільна нёс службу, карміў дэльфінаў. Сказалі яму пра гібель Судзіра, і Абрахамс завойкаў і заайкаў: «А як жа дэльфінарый цяпер? А як жа я… мы ўсе?!»
Да паліцэйскага ўчастка не дайшлі, пачулі рокат верталётных матораў і далёкую страляніну. Павярнулі ў бок порта, куды беглі ўжо і дзеці, і дарослыя і адкуль добра было відаць, што робіцца на рэйдзе і аж да самага гарызонта. І ўся катастрофа з танкерам адбылася на іх вачах…
Потым, калі ашалелы натоўп пачаў цягаць іх з сабою то туды, то сюды, ім ледзь удалося ўхапіцца адзін за аднаго, каб не згубіцца ў людскім віры. Чмурэючы ад крыкаў і гвалту, прабіліся да восьмага сектара, дзе палалі ад падпаленай нафты рыбацкія джонкі-хаціны. Хацелася памагчы рыбакам у гэтым апакаліпсісе26, памагчы Гугу, яго сям'і. Пра свой ратунак браты не думалі. Прымалі на рукі нейчых дзяцей, нейкія клункі, адносілі чым вышэй на бераг, зноў прабіваліся да вады… Лодкі ўспыхвалі ўсё бліжэй і бліжэй. У дымнай копаці людзі мітусіліся, як чэрці. Ніхто не ведаў, ці ўсе насельнікі лодак выратаваліся, ніхто нічога не мог сказаць пра Гугу і яго сям'ю.
Потым стомленыя, мурзатыя пляліся па кальцавой дарозе на захад, куды падаваліся і людзі. На пляж наўкасяк ішлі перамешаныя з нафтаю вадзяныя валы, нафтаю быў заліты ўжо ўвесь пясок да раздзявалак і душавых, і нават будачкі-раздзявалкі. Нафта тут яшчэ не гарэла, але бяда ад яе была не меншая. Знакамітым на ўвесь акіян пляжам прыйшоў канец.
Недзе ў чацвёртым ці пятым сектары напаткалі Абдулу. Прабіўся насустрач людскому патоку з Тота на руках. Вочы спалохана абмацвалі кожнага стрэчнага-папярэчнага. Убачыў Раджа і Янга — і ажно сабачку ўпусціў з радасці.
— Няма нідзе сіньёры… А Тота ў калідоры злавіў, бегаў і скуголіў, бегаў і плакаў.
— Мо паспела выехаць, — сказаў Радж. Прайшлі і пяты, і шосты сектары, тут было самае вялікае зборышча людзей. Тут не было дыму, не дайшла сюды яшчэ і нафта.
Паселі ўтрох на бетонны парапет, які абараняў дарогу ад хваляў прыбою. Глядзелі, як коцяцца на бераг брудныя валы, глядзелі ўлева, на дэльфінарый. Ён яшчэ быў цэлы, яшчэ быццам існаваў, але здавалася, што яго ўжо і не было.
«Што ж далей? Чым усё скончыцца?» — балюча ныла ў кожнага сэрца.
Адно толькі ведалі хлопцы: яны не турысты, уцякаць ім няма куды. Лёс іх звязаны з Раем, з архіпелагам Вясёлым.
І будучыня Вясёлага звязана з імі…
Сонца было над самым захадам, яно раз-пораз хавалася за чорныя, страшныя клубы дыму. На такое сонца і Янг ужо мог глядзець без акуляраў.
Схаваецца хутка сонца, але прыйдзе раніца, і яно зноў узыдзе.
І будзе ўзыходзіць яшчэ не адзін раз…
1980–1982 гг.
1
Сярод турыстаў вельмі цэняцца такія клыкі, асабліва з двайным завітком. Адшліфаваныя, пазалочаныя, яны каштуюць вялікія грошы, скарыстоўваюцца модніцамі замест бранзалетаў.
(обратно)2
Амара — бессмяротны (сінгал.).
(обратно)3
Махаўт — пагоншчык сланоў.
(обратно)4
Англійскае слова Sweet мае шмат значэнняў, якія і абыгрываюцца ў песні: салодкі, духмяны, свежы, любімы, мілы, меладычны і г. д. Taun — горад.
(обратно)5
Што ты хочаш, дзіцятка? Я цябе не разумею! (англ.)
(обратно)6
Злы дух мора (англ.).
(обратно)7
Мала-памалу (італ.).
(обратно)8
Я рады цябе бачыць! (англ.)
(обратно)9
Індыйская мужчынская рубашка, носіцца навыпуск.
(обратно)10
Алі — велізарны (сінгал.).
(обратно)11
Усё з вады (лац.).
(обратно)12
Так у ЗША называюць афалін.
(обратно)13
«Навука і тэхніка акіяна».
(обратно)14
«Цірукурал» — класічны помнік тамільскай літаратуры, твор складаецца з трох частак: «Аб дабрачыннасці», «Аб палітыцы», «Аб маралі». Кніга прыпісваецца пісьменніку і філосафу старажытнасці Цірувалувару (4–5 ст. ст.). У яе ўваходзіць 1330 двухрадковых вершаў, якія ўтрымліваюць этычныя і філасофскія ідэі аўтара.
(обратно)15
Хто ёсць хто (англ.).
(обратно)16
Прэма — каханне (сінгал.).
(обратно)17
Румб — 1/32 частка акружнасці гарызонта.
(обратно)18
Бабу — пашанотны дадатак да імя індыйца, накшталт «пан».
(обратно)19
Шчаслівы канец (англ.).
(обратно)20
фут — 30,48 сантыметра. Гэтая мера даўжыні прымяняецца ў Англіі, ЗША і ў іншых краінах з англійскаю сістэмаю мер.
(обратно)21
Унцыя ювелірная (аптэкарская) роўна 31,103 грама.
(обратно)22
Горад у штаце Фларыда (ЗША).
(обратно)23
Вузел — адна міля ў гадзіну, 1852 метры.
(обратно)24
Бунгала — загарадны дом, віла.
(обратно)25
Стоўн — камень (англ.). Афіцэр абыгрывае яго прозвішча.
(обратно)26
Тут у сэнсе «канец свету».
(обратно)
Комментарии к книге «Грот афаліны», Павал Місько
Всего 0 комментариев