«Закон жыцьця»

1085

Описание

отсутствует



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Джэк Лондан Закон жыцьця

Стары Коскуш уважна прыслухоўваўся. Хаця яго вочы даўно ня сьвецяць, але слух ня страціў яшчэ свае былой вастраты, і самы ціхі шопат даходзіў да сьвядомасьці, што дрэмле за худым старэчым лбом. Так? Гэта Сіт-Кум-То-Ха зычным голасам кляне сабак і б’е іх, стараючыся запрэгчы ў сані. Сіт-Кум-То-Ха — яго ўнучка, але яна вельмі занятая, і ня можа падумаць пра хворага дзядулю, што сядзеў адзінокім на сьнягу, усімі пакінуты і бяспомачны. Лагеру час ужо ад’яжджаць. Трэба было прайсьці вялікую дарогу, а кароткі дзень канчаўся. Жыцьцё клікала яе, і яна мусіла ісьці да жывых, а не да мёртвых. А ён стаяў ужо на парозе сьмерці.

Гэтая думка напалохала дзеда, і ён выцягнуў дрыжачую занямелую руку і абмацаў маленькую кучку сухіх дроў, што ляжалі тут-жа каля яго. Праведаўшы, што сухія дровы тут, каля яго, ён схаваў руку пад аблезлы кажух з аленевых скур і зноў прыслухаўся. Потым, калі неспакойна шасталі і трашчалі мёрзлыя скуры, ён здагадаўся, што разьбіраюць шацёр правадыра. Пасьляскуры зьвязалі, каб зручней было весьці. Правадыром быў яго сын, сьмелы і дужы кіраўнік іхняга роду і магутны паляўнічы. Калі жанчыны складалі рэчы, зьбіраючыся ў дарогу, пачуўся голас правадыра; ён лаяў іх за маруднасьць. Стары Коскуш прыслухаўся яшчэ пільней. Ён у апошні раз чуў гэты голас. Зьвязалі шацёр Гіхаў. Потым шацёр Тускены. Сем, восем, дзевяць, — астаўся толькі шацёр шамана. Так? Цяпер яны дабраліся і да яго. Ён чуў, як мармытаў шаман, калі яго шацёр клалі на сані. Закугакала дзіця, і матка закалыхала яго ласкаваю, ціхаю песьняю. Гэта Куці, — падумаў дзядок, — неспакойнае, слабое дзіця! Мусіць, скора памрэ і бацькі выпаляць яму ў мёрзлай тундры і накладуць зьверху кучу каменьня, каб абараніць цела ад расамах. Але ці-ж ня ўсёроўна. Што з таго, калі паправіцца, — дзіця пражыве яшчэ некалькі год галоднага жыцьця. А ў канцы гэтага жыцьця ўсіх чакае вечна галодная і вечна ненаедная сьмерць.

Што гэта такое? Людзі зьвязвалі сані, туга нацягвалі вяроўкі. Ён прыслухоўваўся — зараз ён ужо нічога не пачуе. Пачуўся сьвіст бізуна і моцныя ўдары. Прыслухаўся, як заскавыталі сабакі! Як яны ня любяць работу і дарогу! Рушылі! Сані павольна і ціха падаліся наперад. Усё скончана! Яны ад’ехаліся назаўсёды, і ён застаўся адзін дажываць свае астатнія хвіліны. Але не! Сьнег зарыпаў пад ботамі: хтосьці спыніўся каля яго: на галаву мякка апускалася рука. Яго сын быў добры і прышоў разьвітацца з ім. Коскуш успомніў другіх такіх дзядоў — іх сыны гэтага не рабілі; яны не адставалі ад племя. Але яго сын затрымаўся. Дзядуля марыў аб далёкім мінулым; голас сына абудзіў яго ад салодкіх сноў-мараў.

— Табе добра! — запытаўся сын.

І дзядуля адказаў:

— Але, добра.

— Каля цябе дровы, — гаварыў малады мужчына. — I агонь ярка шугае. Раніца хмурая, і мароз спадае. Зараз пойдзе сьнег. Сьнег ужо ідзе.

— Але, сьнег ужо ідзе.

— Нашы сьпяшаюцца. Рэчы цяжкія, а жываты падцягнула ад голаду. Дарога вялікая, і яны едуць скора. Я іду. Добра?

— Ідзі. Я, як апошні асеньні ліст, які ледзь трымаецца на сьцябле. Пры першым подыху ветру я адпаду. Мой голас падобны на голас старой жанчыны. Мае вочы не паказваюць больш дарогі маім нагам, ногі мае цяжкія, і я змарыўся. Ідзі!

Ён апусьціў галаву і прыслухоўваўся, пакуль чуваць было, як рыпеў сьнег. Калі ўсё сьцішылася, тады ён зразумеў, што сын яго болей не пачуе. Сьпяшаючыся, працягнуў ён рукі да дроў. Яны адны адмяжоўвалі яго ад сьмерці. Цяпер меркаю яго жыцьця стала вязка дроў. Адно палена за адным трэба было аддаваць агню, і кожнае зьнікшае палена азначала набліжэньне сьмерці. Калі астатні кавалак палена аддасьць яму сваё пяпло, мароз пачне мацнець, спачатку эамерзнуць ногі, потым рукі і нарзшце ўсё цела. Галава схіліцца на калені, і ён памрэ. Гэта лёгкая сьмерць. Усе людзі павінны памерці.

Ён ня скардзіўся. Такі шлях жыцьця, і шлях гэты правільны. Ён радзіўся на зямлі, пражыў жыцьцё, і закон ня быў для яго новым. Гэта быў закон для ўсяго жывога. Прырода ня лічыцца з асобнымі стварэньнямі. Яна клапоціцца толькі аб родзе. Так думаў Коскуш, бо так, па яго нагляданьнях, было ў жыцьці. Вясною дрэва напаўняецца сокам, распускаюцца зялёныя пупышкі, а ўвосень адпадаюць жоўтыя лісты, — у гэтым усё выказана. Прырода вызначыла кожнаму стварэньню пэўны абавязак. Калі абавязак выкананы — стварэньне памірае. Прырода не зважае ні на што. Многа ёсьць людзей, пакорлівых закону, але жыве і не памірае толькі пакорлівасьць. Племя Коскуша было вельмі старажыным. Як быў малым, Коскуш ведаў даўнейшых дзядоў, і яны ўспаміналі сваіх дзядоў і прадзедаў. Значыцца, праўда, што племя жыве, падначальваючыся закону ўсіх сваіх членаў, што жылі ў мінулым і параскіданы ў розных магілах. Асобныя людзі — нічога; яны прыходзяць і зьнікаюць, як хмаркі на летнім небе. Ён таксама — толькі хмарка на небе, і яму пара зьнікнуць. Што за клопат прыродзе аб ім, старым дзядулі. Жывыя павінны былі выканаць свой абавязак і падначаліцца закону. Абавязак гэты — працяг роду, а закон — сьмерць. На здаровую, дужую дзяўчыну люба глянуць: шагі яе лёгкія і вочы блішчаць. Потым, калі ў яе зьявяцца дзеці, прыгожасьць памалу прападае. Ногі цягнуцца па зямлі, вочы мутнеюць і адны толькі маленькія дзеці ахвотна гладзяць маршчыністыя шчокі свае старой маткі. Яе абавязак выкананы. А потым, як толькі прыходзіць голад, ці ад’яжджаюць у вялікую дарогу — яе пакідаюць, як пакінулі яго, у сьнягу, з невялікаю вязкаю дроў. Такі закон.

Ён асьцярожна палажыў у агонь палена і разважаў далей. Тое-ж адбываецца ўсюды з усімі жывымі стварэньнямі. Москіты прападаюць, калі пачнецца першы мароз. Вавёрка, калі чуе набліжэньне сьмерці, адпаўзаецца далей у зацішнае месца. Калі трусік старэе, ён цяжэе, у яго няма больш сілы ратавацца ад ворагаў. Нават вялікі мядзьведзь сьлепне, становіцца лянівым і сярдзітым, і нарэшце даходзіць да таго, што сабакі лёгка спраўляюцца з ім. Дзед успомніў, як ён сам пакінуў свайго бацьку, за год да таго, як прышоў да іх місіянэр з кніжкамі і скрынкаю розных лекаў. Коскуш раней толькі аблізваўся, калі ўспамінаў тую скрынку, але цяпер яго губы былі сухімі. Вельмі-ж упамяць адно лякарства — «сьмерць болю», — яно было асабліва смачнае. Але місіянэр быў дармаедам: ён не здабываў мяса, а толькі еў, і паляўнічыя наракалі на яго. Аднойчы ён прастудзіў лёгкія, а потым сабак раскапалі яго магілу і перагрызьліся з-за яго касьцей.

Коскуш ускінуў яшчэ адно палена і задумаўся аб далёкім мінулым. Гэта было ў часы Вялікага Голаду, калі дзяды з пустымі жыватамі падпаўзалі да агню і апавядалі старажытныя паданьні пра тыя гады, калі Юкон не замярзаў тры зімы засаб і засьцілаўся лёдам улетку. У той галодны год ён страціў сваю матку. Ласосяў ня відаць было тым летам, і племя з нецярплівасьцю чакала зімы, калі зьявіцца карыбу[1]. Зіма прышла, але карыбу ня было. Такога году ня было ніколі, — казалі старыя. Алені зьніклі, трусікі не пладзіліся, і ад сабак засталіся толькі скура ды косьці. У бесканцовай зімой вай цемры плакалі і паміралі дзеці і старыя: з дзесяці не засталося жывым і аднаго, каб сустрэць сонейка, калі яно вярнулася вясною. Так, страшны быў тады год!

Але ён бачыў і іншыя часы, калі ўсяго было даволі. Калі мяса псавалася, а сабакі сычалі і іх нельга было браць у работу. Гэта былі часы, калі паляўнічыя часта знарок прапускалі здабычу, і род іх тады рос і пашыраўся. Успомніў ён, як, будучы хлапчуком, у шчасьлівыя гады бачыў задушанага ваўкамі аленя. Зінг-Ха разам з ім ляжаў на сьнягу і наглядаў, — Зінг-Ха, які потым стаў адным з лепшых паляўнічых і, нарэшце, праваліўся ў палонку на Юконе. Праз месяц знайшлі яго: ён напалавіну вылез і моцна прымёрз да лёду.

А цяпер пра аленя. Зінг-Ха і ён пашлі ў той дзень на паляваньне. Гэта была дзіцячая гульня: яны пераймалі ад старэйшых. На беразе раўчука яны натрапілі на сьвежы сьлед аленя, а поруч ішлі сьляды ваўкоў. «Алень стары, — сказаў Зінг-Ха, які лепш ведаў сьляды. — Алень стары і астаўся ад статку. Воўкі адбілі яго ад чарады, і цяпер яго жывога ня пусьцяць». Так яно і было. Такі быў звычай у ваўкоў. Дзень і ноч без адпачынку гналіся яны за ахвяраю, выючы і падскакваючы да самага носу ахвяры, пакуль тая ня выбівалася з сілы. Як забурліла тады кроў у жылах хлопчыкаў! Сьмерць аленя — як гэта цікава паглядзець!

Хлопцы нібы на крыльлях пусьціліся бягом па сьлядох, і нават ён — Коскуш, які ня вельмі разьбіраўся ў сьлядох — мог-бы знайсьці гэты сьлед з заплюшчанымі вачыма, — такімі выразнымі былі адбіткі ног на сьнягу. Яны ішлі па сьвежых сьлядох, чытаючы на кожным кроку адзнакі страшнай трагэдыі. Вось яны падышлі да месца, дзе алень спыніўся. Навокал сьнег быў пакамечаны і разбушаваны. Пасярэдзіне відаць былі глыбокія ямы ад капытоў аленя, а навокала — усюды лёгкія воўчыя сьляды. Пакуль адны ваўкі распраўляліся з ахвярай, другія валяліся ў сьнягу і адпачывалі. Адбіткі іх выцягнутых цел былі такімі сьвежымі, нібы ваўкі толькі што зьбеглі адгэтуль. Абараняючыся, ашалелая ахвяра стукнула аднаму з ваўкоў капытом, і ён быў забіты на-сьмерць. Некалькі чыста абгрызаных костачак сьведчылі пра гета здарэньне.

Далей яны зноў натрапілі на месца, дзе спыняўся алень. Тут адбылася страшэнная бойка. Ваўком двойчы ўдавалася пакапіпь аленя, як пра гэта сьведчылі сьляды на сьнягу, і два разы алень ратаваўся ад сьмерці. Ён даўно выканаў свой абавязак перад жыцьцём, але ўсё-ж яму шкада было жыцьця. Зінг-Ха казаў, што вельмі рэдка аленю ўдаецца ўстаць, калі ён пакоціцца, але гэтаму аленю ўдавалася.

I зноў яны падышлі да месца, дзе алень спрабаваў пакінуць бераг і кінуцца ў лес. Але ваўкі дагналі яго, ён стаў дубка і зваліўся на іх, задушыўшы двох ваўкоў. Хлопчыкі сьпяшаліся і мінулі яшчэ два месцы, дзе спыняўся алень: гэтыя месцы знаходзіліся блізка адно ад аднаго і, мяркуючы па сьлядох, прыпынак быў кароткі. Сьлед афарбаваўся крывёю, а крокі аленя сталі кароткімі, няроўнымі. Потым яны пачулі першьія гукі змагьньня — ваўкі цяпер ня вылі, а брахалі: гэта сьведчыла пра тое, што перамога блізка. Зінг-Ха, супраць ветру, поўз па сьнягу, а за ім папоўз і Коскуш, які праз некалькі гадоў стаў правадыром племя. Яны рассунулі ніжнія галінкі маладой елкі і глянулі наперад. Убачылі яны ўжо сьмерць аленя.

Гэтае здарэньне, як і ўсе ўспаміны маладосьці, надоўга засталося ў памяці, і цяпер перад сьляпым ужо дзедам уся сцэна прайшла гэтак-жа выразна, як у тыя даўно мінулыя часы. Коскуш дзівіўся, як гэта тады ўсё было дзіўным і цікавым: потым, калі ён стаў правадыром племя, не такімі варочваў справамі, яго імя было праклята племем Пельлі, ня кажучы ўжо пра белага чужаземца, якога ён забіў у рукапашнай бойцы.

Доўга разважаў ён пра дні свайго юнацтва, пакуль агонь не паменшаў і не павялічыўся мароз. Ён падкінуў у агонь два палены адразу і вобмацкам пералічыў, колькі яшчэ засталося. Калі-б Сіт-Кум-То-Ха мела час падумаць пра свайго дзеда і сабрала-б дроў крыху больш — яго апошнія хвіліны жыцьця былі-б прадоўжаны. Зрабіць гэта ёй было няцяжка! А між іншым, ці-ж ня ўсёроўна? Хіба ён рабіў лепш, калі быў маладым? Ён прыслухаўся да цішыні. Можа, сэрца яго сына памякчэла, і ён вярнуўся са сваімі сабакамі, каб забраць старога бацьку туды, дзе можна забіць шмат сытых, смачных аленяў.

Ён прыслухаўся і перастаў думаць. Ціха, нішто ня шасьне. Ён адзін жыў сярод вялікай цішыні. Яму зрабілася сумна. Але, стой! Што гэта? Па яго скуры прабеглі дрыжыкі. Знаёмае выцьцё парушыла цішыню і пачулася яно траха што не каля яго. Перад яго сьляпымі вачыма паўсталі здані з аленем, старым аленем: яго скрываўленыя бакі, пакалдучаная грыва, вялікія, разгірастыя рогі — алень, які змагаецца да канца. Ён убачыў шэрых ваўкоў, агністыя вочы высалапленыя языкі і запененыя іклы. Ён бачыў, як звужваеццасьмяртэльны круг, і чарада ваўкоў зьбіваецца ў невялікую кучу на палянцы, дзе ўтаптаны сьнег.

Халодная морда стукнулася аб яго шчаку, і гэта вярнула старога да памяці. Ён працягнуў руку у агонь і выхапіў галавешку. Страх перад чалавекам прымусіў воўка адскочыцца, зьвер адступіў і працяжна завыў. Гэтым ён заклікаў сваіх братоў; пачуўся адказ, і неўзабаве дзед быў акружаны чарадою ваўкоў, якія падкрадваліся да свае ахвяры. Ён прыслухоўваўся і адчуў, як звужваецца сьмяртэльны круг і дзіка шпурнуў галавешкаю. Зьвяры толькі люта зарыкалі, але не разьбегліся. Вось адзін з іх паўзе наперад, вось другі, трэці. ніводзін не адступіў…

Навошта так чапляцца за жыцьцё? — падумаў дзядок і кінуў галавешку ў сьнег. Яна зашыпела і патухла. Ваўкі трывожна рыкалі, звужаючы круг. А перад ім зноў прамільгнула апошняе месца, дзе спыняўся стары алень, і Коскуш вяла апусьціў галаву на калені. Урэшце, ці-ж не ўсёроўна? Хіба не такі закон жыцьця?

Примечания

1

Карыбу — канадзкі паўночны алень.

(обратно) Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

Комментарии к книге «Закон жыцьця», Джек Лондон

Всего 0 комментариев

Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства