Фотаальбом

Жанр:

«Фотаальбом»

843

Описание

У зборнік у прадстаўлены розныя вершы апошніх гадоў, як спроба выказаць сваё стаўленне да розных з’яў жыцця і да сябе.



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Фотаальбом (fb2) - Фотаальбом 161K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Юрась Нераток

Юрась Нераток Фотаальбом

Вершы

Падрыхтаванае на падставе: Нераток Ю. ФОТААЛЬБОМ. Вершы/Ю. Нераток. – Мн.: УП “Тэхнапрынт”, 2003, – 80с.

ISBN 985-464-487-1

Copyright © 2013 by Kamunikat.org

БЕЛАРУСАМ Пакуль здрабняем на зямным абрусе мы маналіт мінулага на друз, не згасне сонейка над Беларуссю! …Але ці ведае яно пра Беларусь? Пакуль рунее жытняя палоска, і пожню сцеражэ саломы стог, нас не пакіне міласэрнасць Боска! …Але ці помніць беларусаў Бог? Пакуль мы даглядаем захад продкаў, пакуль нашчадкаў досвітак глядзім, нас не звязе ў нябыт Харона лодка! …Але ці трэба гэта нам самім? АД БЕЛАРУСАЎ Бяззорней – лёс, імклівей – час. Той б’е ў званы, той джалам круціць. Чаго вы хочаце ад нас? Ваду навошта каламуціць? Навошта нас цягнуць у яр? Вы хто? Калі ўжо разабрацца – нашчадкі шляхціцаў, баяр, ліцвінаў-вояў і казацтва. А нам што веча, што статут, што дзіды, што мячы, што шаблі. Спрадвеку мучымся мы тут, а зброя наша – плуг ды граблі. Не трэба вабіць барацьбой, і спакушаць не трэба раем! Вы паваюйце між сабой – мы, як заўжды, перачакаем. КПЛІВАЕ ПРЫЗНАННЕ Люблю цябе, народ мой памяркоўны, за твой працоўны сверб і нораў роўны; за тое, што ў сабе, як струк гароху, што цягнеш воз свой ды крадзеш патроху; за тое, што начальства паважаеш, на здзекі і насмешкі не зважаеш; за звычку, што характар твой стварае: каб хатка між людзей, а хлеўчык з краю; за простую, як ношка сена, сутнасць, за тое, што ты супраць тых, хто “супраць”; за тое, што і ў слова, і ў паперку ты верыш, як яны ад тых, хто зверху; за тое, што ты за сябе хітрэйшы – што ты не беларускі, а тутэйшы. ТАЛЕРАНТНАМУ Ты сёння маеш выгляд млосны: сядзіш пакрыўджаны і злосны і зразумець не можаш сам, за што цябе пакрыўдзіў хам. Ты нарадзіўся не заўчора і ведаеш: бяда – не гора. То лепш бы плечы распрастаў і адхвастаў, каб той не ўстаў. А не – гімнастыка такая: сціскай далонь, калі пустая. За горла ўзяць – не за гужы, бо ён жа – пан, а ты – мужык. Таму ты будзеш ногці грызці, пакуль нарэшце знойдзеш “выйсце”: у клетку шуснеш, быццам трус. А як інакш? – ты ж беларус. ХВАРЭЮ Пасляпрацоўны цёмны час. Упёрлася ў тралейбус нас, лічы, Мамая войска. Дыхнуўшы ў твар мне тым, што піў, мужык спытаў, як цвік забіў: – Я еду ў бок Лагойска? – У тым напрамку. – З працы прэш? І плацяць трохі ўрэшце рэшт? – А ну іх! Больш чакаем… – А што ж ясі? – Ды штосьці ем… – А ў цэлым як? – Ну як? Жывем. А хто памрэ – хаваем. Відаць, недаспадобы быў яму нудотны мой матыў, i ад жыццёвай прозы зноў збiў мяне знянацку ён на свой экстравагантны тон: – А ты чаму цвярозы? Ён па-блазнерску падміргнуў і іранічна працягнуў: – Ну, я з цябе дурэю! І, як перад сабой самім, я апраўдаўся перад ім: – Хварэю я, хварэю… АСАЦЫЯЦЫІ ПАСЛЯ МIТЫНГУ Дзяўбуць, што нібы ўсё ідзе на лад. Ды не заўсёды зроку можна верыць: усё, што за акном, плыве наперад, калі састаў кранаецца назад… ........................... Паказваюць у кадры аднаго, тлумачаць, што ён дрэнны, адыёзны. Валтузіць вецер валасы яго. Ён штось крычыць настойліва, сур’ёзна. А вось другі раскладвае пасьянс сваёй калодай – вынік прадказальны: для аднаго – адваяваны шанс, а для другога – гармідар вакзальны. …Даўжэзная калона напрасцяк ідзе – і ёй праспект здаецца вузкім. Падтрымкай аднаму лунае сцяг. Другому ж ганьба – словам беларускiм. Але для тых, хто дзень у хаце кіс ці корпаўся на дачы сярод градак, адзін – неўтаймаваны экстрэміст, другі – надзея, чэснасць і парадак. …Хоць стома не пакінула вачэй, ды развялі два мужыкі бадзягу: – Што швэндацца, размахваючы сцягам?! – Яно-то так. Дубінкамi – ямчэй… Скарочаны маршрут. Усё, шабаш. І разам выйсці прыйдзецца з салона – з раскладу выбiўся тралейбус наш, калі на мітынг крочыла калона… СВАТАЎСТВО І з нівай роднаю і з хатаю (як бы ў пасаг – каб сплавіць з рук) цябе, задрыпаную, сватае былы саўгасны палітрук. І між хвалебнымі прамовамі на вуха сват табе вярзе: “Ён хустку купіць табе новую і з рынку пернік прывязе…” І сват глядзіць з усмешкай строгаю! Калі ўсумнішся спакваля – ён тузане за косы доўгія ці дасць у рэбры кухталя. “Ну што ж, як твар – чырвонай цэглаю? Ну што ж, калі была турма? Не трэба ўпарціцца, нягеглая! – і сподняга ў цябе няма!” Жаніх стаіць і пасміхаецца, як над халопкаю барон. І перад сватам выстаўляецца, якім ёй мужам будзе ён. Што быць яму заўжды свабоднаму (і не пярэч, калі кірнуў!), што ён нядаўна брату зводнаму прыкладам сківіцу звярнуў, што гаспадарка – заняпалая, што дзеці з голаду крычаць… …Ды і ў самога з ботаў ялавых анучы брудныя тырчаць… Так і стаіш, істота, рабская – ці то ў паўсне, ці ў забыцці… Відаць, такая доля бабская: хто возьме – за таго ісці. ВАЙНА ЦІ МІР 1 “Беларус” узрывае дзірван, птушкі ў лесе шчабечуць звонка. А ў вушах – бы крычыць груган – медыцынскае слова “зялёнка”. Трэск бяздушны – ва ўсе бакі, перакрытыя праўды краны. Але слова “баевікі” успрымаецца, як “партызаны”. Скарга праз апантаны свіст: “Крыўдзяць злыдні малыя большых!” Кулямётнай чаргой: “Тэрарыст!” А ідзе на ўспамін “падпольшчык”. Каб пазбавіцца ад турбот, негалосна прапісаны лекі. Ёсць дыягназ: “Бандыцкі народ”, а дакладней – “недачалавекі”. Хоць да самай драбніцы цярусь, атрымаюцца тыя ж “Итоги” – прад’яўляе мая Беларусь калькаваны чарцёж аналогій. 2 Адурэў ад унутраных здрад і душу даручыў аўтамату… Ты ўварваўся, “старэйшы брат”, з кулакамі ў чужую хату. А ў той хаце бандыт сядзіць і спрабуе абараніцца. А яго спадзяецца дабіць, знішчыць хлопец з Чыты – “вызваліцель”. Ёсць вайна ці няма вайны? Ды не вернеш ужо нічога тым, чые палеглі сыны за ганебную перамогу. У ЦАРКВЕ Скіну стому і развею нуду – нехрышчоны, да царквы забрыду. Разбазару грошай стос на хаду – у працягнутыя рукі ўкладу. У царкоўнай крамцы свечку куплю, запальнічкаю яе падпалю, папалам з грахом грахі замалю… Не вяртайся, Божы Сын, на Зямлю. Акунуся, бы сякера ў ваду, у малітваў і крыжоў чараду, і засмяглую душу наталю… Не вяртайся, Божы Сын, на Зямлю! Тут усё – як і прадбачыў прарок. Правяць баль тут чыстаган і курок, тут заўжды наверсе той ліхадзей, які здолеў падмануць больш людзей. У пашане той, хто можа забіць… І нічога з гэтым нельга зрабіць! Немагчыма душы іх скалануць… Не вяртайся, Божы Сын, – зноў распнуць. ЦЕМРА Водбліск неба разбіў, і наслала ўздагон вераб’іная ноч сваю хеўру. …Адляцеў, як не быў, растрывожаны сон… І наткнуліся вочы на цемру. Дождж не хлышча ракой, не скуголіць гайня, не шабашыць нячыстая сіла – толькі змрок і спакой, цемра і цішыня… Што ж за трасца мяне разбудзіла? І не помню, што сніў. Ці жывы, ці памёр? Без дыхання і пульсу ляжу я… Хто ўвесь свет зачарніў, хто той злосны грымёр, што маю недалужнасць віжуе? Ад жахлівай жарствы нечакана хрыплю… І кляну сваю псіхіку-сцерву! А па тым, што жывы, вызначаю, што сплю, – і глыбей акунаюся ў цемру. ФОТААЛЬБОМ Патрапіў зноў да лёсу я ў абдымкі, душу мне прыкрасць наждаком скрабе… Разглядваю ў альбоме фотаздымкi: сягонняшні – мінулага сябе. Маркочуся, бы ўночы на вакзале, чакаю, калі змрочны час міне: што мне мае адбіткі расказалі б, каб давялося ім сустрэць мяне? Вось гэты хлопчык – босы, языкаты… (Такім не помню я сябе зусім!) …Даў лататы, напэўна б, ён дахаты – я рознюся ад тых, хто побач з ім. А гэты – вучань. Клас, здаецца, сёмы. (Ужо ў самога сын такі якраз!) Са мной бы гаварыў, як з незнаёмым, на “вы” мне штось мармычучы у адказ. А вось студэнт – нястрыманы і бойкі. “Ну што, жывы яшчэ? – спытаў бы ў жарт. – Гарэлкі многа п’еш? Як я, ці колькі? А хто ты там: паэт? пісьменнік? бард?” А вось жанаты я – сур’ёзна-жвавы. Сказаў бы сам сабе: “Не палысеў… Дзяцей ці шмат? Як з фізкультурай справы? А як мужык – не надта паслабеў?” Вось на рабоце я. Ды іранічна кажу сабе: “Не выйшаў ты ў чыны… Як там перабудова – дынамічна? А хто на самым версе – зноў яны?” А вось і я часоў гандлярства ў Польшчы – уеўся ў пухавік баула гуж. “Прыкід нармальны – пэўна, маеш грошы… Што?… На табе той самы капялюш?!” Зусім нядаўні здымак разглядаю – як у люстэрка на сябе гляджу. …Ён ні аб чым мяне не запытае, нічога я яму не раскажу… Але пара з сабой у часе зліцца – ад варажбы не стане весялей! Альбом, закрыўшы, кіну на паліцу. І буду жыць далей, далей, далей… Я ХАЧУ ЖЫЦЬ У ВОЛЬНАЙ КРАІНЕ Цішыня. Але, дзякуй Скарыне, можна моўчкі яшчэ гаварыць: “Я хачу жыць у Вольнай Краіне!” – і трызнення майго не скарыць. Не жадаю карпець пад “дзяржавай”, што трымае няўмольнай рукой, неахайнай, жалезна-iржавай за гарляк непакорлівы мой. Мне “рэспублiка” не даспадобы, бо які-небудзь спрытны круцель пад падставай публічнасцi спробы замест вежы збудуе бардэль. А “саюз” – гэта путы абодвум, а “садружнасць” – як выпіць што ёсць, “федэрацыя” – краты свабоды, дзе ты не гаспадар і не госць. …Ды не ведаю, песню якую трэба сёння народу спяваць, каб Радзіму маю дарагую мог я Вольнай Краінай назваць! ЖАБРАЦКАЯ Не працягвай марна мне далонь, галеча, – мне ў яе сягоння нечага пакласці. Сам іду, панура апусціўшы плечы – ні паперкі грошай, ні крупінкі шчасця. Не глядзі з дакорам на мяне, старая, – я і сам сягоння праклінаю долю. Толькі я дакемiў, хто нас абірае – ты ў сваім жабрацтве бачыш Боску волю. Немагчыма звесці злыдняў тых, бабуля, – нават на распяцце могуць ахрысціцца! Толькі кол з асіны ці са срэбра куля – ды аховы столькі, што не падступіцца. Кінь свае спадзевы на мяне, старэча, – я і сам сягоння бедны і галодны. Для мяне, па-твойму, гэта недарэчна… Але што ты зробіш – я паэт народны. А як будуць грошы – п’яны і вясёлы я цябе ўзгадаю ды яшчэ ў прыдачу цыганятак бойкіх, хлопца з куксай голай і дзядка сівога, што наўмысна плача… ТРЭЦI ВАРЫЯНТ Нас захліснулі часу злога хвалі – спрачацца можа злодзей ці вар’ят. Два варыянты нам прапанавалі… Але магчымы трэці варыянт! З іх першы: “перастройка” з дзікім рынкам, дзе ўсё, што нам належыць, – “секандханд”. Дзе збыт ёсць недакуркам і скарынкам… Задавальняе гэты варыянт? Другі: застой з уладаю чырвоных, дзе дэфіцыт, партком і правіянт, здабыты па чарзе ці па талонах… Ці не забылі гэты варыянт? І так – і гэтак: быдлам быць ці цяглам, ашыйнік начапіць, нібыта бант, ці рохкаць, а як б’юць – вішчаць працягла… Але магчымы трэці варыянт! Даруй, народ, што выю, як ваўчыца: паэт – сляпы прарок, а не гарант. …Калі прымусіш ты з сабой лічыцца, магчымым будзе трэці варыянт. ДЗЕНЬ ПРАЙШОЎ Дзень прайшоў, як заўжды, у грызні і хлусні: хтосьці – здатны, а хтосьці – ахвочы. І змяняе ягоны хаос мітусні параўнальны спакой цёмнай ночы. Сонца промні шпурне на палі і дамы – і аздобіць у фарбы паўсвету. І насупленасць лютай халоднай зімы зменіць цёплай усмешкаю лета. Кампраміснасць дабро знойдзе нават у зле. Пройдзе рупнасць, і з’явіцца млявасць. Бесклапотнасць дзяцiнства ў нябыт адашле абыякава-мудрая сталасць. Суцяшаем сябе беспадстаўнай маной, абнадзейлівай і неадступнай: што бязглуздая жорсткасць эпохі адной прадугледжвае ўзнёсласць наступнай. Пэўна быццам бы ўсё, як гарох у стручку! Ды бянтэжыць душа-верхаглядка… Ёй здаецца: Сусвет – пругкі мяч з каўчуку, што сціскае ў руцэ немаўлятка… БАГІ Навошта вам бераг другі і безліч гадоў немаркотных? А дзесьці сядзяць багі і слухаюць енкі гаротных. Ды глушыць іх веку спакон свой гімн урачыста-хвалебны, бо ўжо надакучыў ім стогн – ліслівы, тупы, рабалепны. “Чаго вам, стварэнні, яшчэ?! Жыццё ж – немалы падарунак. А Лета няспынна цячэ – вы знойдзеце ў ёй паратунак! Навошта ж душою крывіць – і тузаць з-за дробязяў Бога?” …І, каб яшчэ горш не зрабіць, не робяць наогул нічога… ШПАЦЫР Цямнее. Сыра, як у склепе. Няма надзей, што будзе лепей. І вецер цягне, бы ў трубе… Ну што рабiць? – іду сабе! Мне лістапад прастудай грозіць, імжысты дождж схінае позірк. Дрыготкі, слотны сквер маўчыць… Ох, як бы ног не замачыць! А мімаходзь пачую маты падпітага “электарату”: “Во, блін, пагода! Як жыццё!…” …Ідзе прырода ў забыццё… СКАВЫТАННЕ НАЦЫЯНАЛІСТА Мне кажуць, што сягоння свята, што гістарычны гэты год… А я крычу табе зацята: “Ты памыляешся, народ!” Былыя ўспомнiўшы грахі, ты скажаш: “То ж быў час такі…” Ляскочуць аб двухмоўі словы – і ты цураешся нібы сваёй сялянскай хатняй мовы, што стала сродкам барацьбы. Якое там двухмоўе, годзе! Прадаў ты мову, мой народзе… Ты кажаш: “Лепей разам будзе, саюзна з братняю сям’ёй…” У шматнароднай халабудзе хто, апроч рускіх, родзіч твой? Ці мо парадку ў інтэрнаце больш будзе, чым ва ўласнай хаце? І як жа так, разваж нас, Божа, што самы люты вораг твой той, хто чаўпе табе, што можаш ты жыць сваёю галавой?! А тых, хто нацкаваў ОМОНцаў, прымаеш ты за абаронцаў… Відаць, традыцыя такая: ты дзелішся спакон вякоў на тых, хто “панскі розум мае”, і на “тутэйшых” мужыкоў. Ты ўзяў удзел у барацьбе – пазбавіў голасу сябе… Калі ў сабе ты ўбачыш выйсце і ачмурэння час міне? Ці здолееш ты з багны выйсці? Ці зможаш вольным стаць?… Ці не? І я пытаю, сцяўшы рот: “Дык ты народ ці не народ?!” КАЛАМУЦЬ Прашамацела шчасце міма… Шкада, бо змарнаваны час. І зноў далей усё магчыма. А што? – пытанне не для нас. Між хамамі і халуямі пачуцці згінуць задарма. Са рва з азызлымі краямі жадання вылезці няма. Пакуль прымерваў ты карону, падкраўся раптам сталы век. Раман не цягнецца да скону – недасканалы чалавек. Дзеля гульні з лазы гнуць дугі лягчэй, чым лапці плесці, – факт. Сваволіць проста без папругі, шматкроць цяжэй чаканіць такт. Але буслянка зноў без птушак, уся ў асоце сенажаць. І застаецца трэсці грушу ці леску за карчагу рваць. Не торгайся, не мітусіся, не лезь у ружы басанож. І адпаведна апраніся, калі з нябёс пальецца дождж. Сплаціць хацеў за волю кроўю, а ці набыў хаця б ружжо? Казалі ж: “Беражы здароўе!”, але спажыў-прапіў ужо… А каб што зверху не зляцела, перачакай ці крок прыспеш. І як бы часам не карцела, старанна мерай – і не рэж. Калі ж даверыш вывад зроку – пра пошук існасці забудзь! Бо, як зірнеш на ўсё звысоку – вакол бардак і каламуць. Дзе знойдзеш грош, дзе згубіш долар, там стол халяўны, там – клазет… Змяшаеш фарбы – чорны колер; складзеш палітру – белы свет. РАКА Як рака веснавая крыгаход усчынае, так душа мая рвецца са смугі кіпцюроў. Не шкадуй ты Радзіму, ёй шкадоба – не дзіва. Ёй патрэбны трэск пугі, каб з запечку ўспароў. Мне душу залівалі то крынічныя хвалі, то заводскія сцёкі, то калгасны смурод… Не шкадуй ты прыроду, ты не знойдзеш з ёй згоду. Не шкадуй ты народа – дзе ты бачыш народ? Плынь душы маёй, рэчкі, – ад пустышкі да свечкі. Дзе ў бязмежжа ўвальецца? Дзе вытокі бярэ? Не шкадуй небараку – ён забудзе, што плакаў. Не шкадуй недалугу – усё роўна памрэ. ШТО ДАЛЕЙ? Дзень булькнуў, як у рэчку камень. “Жыць стала лепш і весялей” – “чарніла” жлукціў з мужыкамі. А што далей? Лёс звыклы – чыгуном гантэляў, а неразважнасць – наўздагон. Відаць святло ў канцы тунэля… І што з таго? Фартуна блісне – шар у лузе, часцей – не выпадае біць. І сон дурны ідзе па крузе… А што рабіць? То дасць жыццё пад дых каленам, то смехам абсмяе пустым. І быць, напэўна, пераменам. Але якім? Анёлы плачуць, скачуць чэрці, чакае да сябе зямля. Калісьці прыйдзецца памерці… А што пасля? КРЫТЫКУ Штось не ідзе радок сягоння першы. Адвык ад мовы – слоўнiк пад рукой. Ды ведаю: чакае мае вершы літаратурны хросны бацька мой. Але прывольней сталі думкі ліцца, спляліся ўсе пачуцці ў цесны рой… Мне будзе чым перад табой хваліцца, літаратурны хросны бацька мой! …Са мною Муза час размовай бавіць, аб чым – пакуль няўцямна ёй самой. Ну, ні бяды! Як што не так – падправіць літаратурны хросны бацька мой. ЧАС IДЗЕ Мой лёс драпежнікам-ваўком наперадзе пільнуе. А час асфальтавым катком мінулае руйнуе. І рэхам стрэлу прагрыміць няўрымслівая памяць… Ды ўжо нічога не змяніць, нічога не падправіць. Чарговы год замест “бывай” сухой галінкай трэсне. І сцісне сківіцы адчай радком забытай песнi… САМОТА Самота зіркне злоснай кобрай і праслізне ў душу вужом. Не зыч таму дарогі добрай, хто выкрасліў цябе крыжом. Жадаць не трэба ўваскрашэння ілюзій, ад якіх адвык. Хто сеяў шрот замест насення, пажне не каласок, а цвік. Калі ж каменне праўды жорсткай сатрэ на пыл крышталь надзей, хай не застране ў горле косткай абломак крыўды на людзей. НАВАЛЬНІЦА НАЧНАЯ …Вечар спёку астудзіць, здавалася – ды прыпар ірвануўся ў неба! У спакой навальніца ўварвалася спадзяванкаю-непатрэбай. Можна плюшчыць санліва вочы, затыкаць безнадзейна вушы: праз павекі маланка праскочыць, коўдра гулу грымот не заглушыць. Вы хацелі?! Што ж плакаць-маліцца: што прасілі – таму і мецца! …Ноч прынесла з сабой навальніцу, ад якое няма куды дзецца. ПРАГНОЗ

Анахата – згодна з усходняй філасофіяй, верхняя (грудная) чакра.

(Слоўнік аўтара) Яшчэ і снег сышоў не ўвесь, а ты – аб леце… Навокал – бруд, а ты – пра чэсць… Пазбаў, паэце! Не час з расхрыстанай душой вандроўкі ладзіць! …З азызлай роднаю зямлёй табе не зладзіць. Яшчэ табе мароз-кароль уцісне плечы! Застудзіць анахаты боль імпэт хлапечы… І ў час адлігі веснавой няўдалай фразай склізне няўстрым тралейбус твой пад бампер МАЗа! Здранцвелай ластаўкай, павер, прадвесцем мая ў сумёце тысячаў папер твой верш сканае… НА ПРЫПЫНКУ Навес на прыпынку зрабілі шыкарны і разбурылі бардзюр тратуарны… Я не смуткую – вершык чытаю пра непаўторнасць роднага краю. Пырснула лужына з-пад матацыкла, хтось мацюкнуўся злосна і звыкла… А я ўсё чытаю чулыя словы пра мілагучнасць роднае мовы. Крапае дождж, але мокра – не пыльна. Тралейбус пад’ехаў, набіліся шчыльна… Толькі бянтэжыць безварыянтнасць– верш дачытаць пра талерантнасць. РАЎНАДУШША Стан здароўя – не адбавіць. (Сплюнь і не грашы!) Роўна дыхаю і нават роўна на душы. Ні журбе, ні думкам горкім не скараюся! Выйду ў горад надвячоркам, прагуляюся. Дагарэла сонца свечкай, за дамы сцякло. Цёплы вецер, ціхі вечар, ліхтароў святло. А з апошняй цыгарэты ўецца сіні дым… Адляцеў акраек лета. Ну і ліха з ім! Шэпчуць шынамі машыны, зораць фарамі. А мужчыны і жанчыны ходзяць парамі. Толькі дзе паненка тая, што была маёй? Ці сумуе, ці чакае? Зрэшты, ліха з ёй! Распрастаў, бы коўдру, неба месяца ражок. А што ўсё не так, як трэба, – я прывык ужо. Вось і выбраўся з балота, у якое ўлез! Спляжыў прыкрасць і маркоту раўнадушша прэс. ВОЗ Хлапчынкай шпарка па сцяжынцы крочыў. А з боку – лес, з другога – рэчкі плынь. Свяцілі дні, страшылі цемрай ночы. То цень дажджу, то небакраю сінь… Ды раптам стала сцежачка дарогай – прасторы многа, свету і цяпла! …Я не пачуў перасцярогі строгай – прагледзеў, што ўгару яна пайшла. …Караскаўся, збіваючы калені, гульню жыцця ўспрымаючы ўсур’ёз! І па дарозе назбіраў камення – імкненняў, клопатаў і звычак – воз. Калі ж з гары прыспеў мой час спускацца, лягчэй не стала – цісне ззаду ён! Не адпусціць яго, не адарвацца – раздавіць, імкнучыся пад адхон! …Ды прыйдзе час мне развітацца з возам. Пад перапевы памяці званоў знямоглым целам прасвятлелы розум па зімняй сцежцы панясу я зноў… ПАЭТ І СНЯЖЫНКА Паміж зямлёй і небам снег кружыўся, і вечнай каляінай час ішоў… Ляцела ўніз пушыстая сняжынка з мільёнамі сябровак і сяброў. Збіралася ў хлюпоце на газоне ў траве між недакуркаў паміраць. Ды заляцела ў цёплыя далонi – і ў іх не захацела раставаць. Паэт, захоплены красой і чысцінёю, Сняжынцы шчыра промні цалаваў, і зоркай называў яе сваёю, і разгарацца ёй дапамагаў. Калі ж імпэт яго пачаў драбніцца – спякотна стала з Зоркаю зусiм. Ён упрыгожыў Зоркаю званіцу, каб шчасце і надзею слала ўсім. …І з ночы ў ноч, і з году ў год, Паэту мільгаючы з нябёснай прасціны, халоднай зоркаю зімой і летам плыве яго Сняжынка ў вышыні… ПЕСНЯ АНЁЛА Ліха сатырам з кустоў забляяла. Выгук савы раскалоў цішыню. Змрок абступіў. Неяк холадна стала. І цыгарэта мігнула агню. Ды ненадоўга святла іх хапіла! Свечкай, як німбам, свой твар асвячу, і развяду свае белыя крылы, і за аблокі ад вас палячу! …Гне гарызонт залатою дугою сонечны дыск, што ўсміхнуўся мне зноў. Мяккім цяплом мае крылы лагодзіць шчасце без межаў, любоў без краёў… Я ажыву і душой уваскрэсну. І без тугі, і без жалю аб Ёй буду спяваць сваю светлую песню з чыстых нябёсаў над грэшнай Зямлёй! Лёсам нязвыклым сябе супакою. Не завіруюся ў марнай журбе… Ты не мая – і не будзеш маёю! …Толькi вось як мне пражыць без цябе?… ТОЙ ГОД Гадзіны пад няўмольным метраномам знікалі, як зярняты ў баразне… А я з табой спаткаўся днём вясновым, калі наўзрыд ад сонца плакаў снег. Ляцелі дні ў надзеі непрыкметна і абляталі, быццам квецень з лоз… А я з табой кахаўся ноччу летняй, калі зляцела зорачка з нябёс. Затым былі спатканні і сустрэчы, і хвосткі дождж цвярэзіў галаву… А я згубіў цябе ў асенні вечар, калі каштаны падалі ў траву. І засыпае ранак снежным хлудам марозная бясконцая зіма. А снег скрыпіць бязлітасным прысудам пра тое, што ў мяне цябе няма… НЕ СТОЙ ПАД МАІМІ ВОКНАМІ Дробны дождж сцякае валокнамі – і ў мяне на душы шэры дождж. Ты не стой пад маімі вокнамі і дарэмна мяне не трывож! Я сказаў жа табе, што збудзецца. Толькі што з маёй шчырасці той! Ды не стой ты на мокрай вуліцы: згубіш розум – не толькі спакой! Ліхтароў святло ззяе іскрамі – рассякае дажджу палатно. Адыдзі, бо машына апырскае! На дарогу глядзі – не ў вакно! Я схаваўся за шыбамі мокрымі… І сягоння мяне не чакай! І не стой пад маімі вокнамі: ты прамерзнеш, – прашу, уцякай… ГАЛАЛЁД Жыццё – як у полі барозны: то лёс, то абставін збег. …Уночы было марозна, а зранку цярушыць снег. За думкаю думка імчыцца, узворвае памяць пласты… Злачынцай на месца злачынства прытэпаў я ў скверык пусты. Ды хто ўжо цяпер разбярэцца, хто скажа, чые там грахі! Хто вогнішчу даў разгарэцца: запалка ці порах сухі? Мужчынскае сэрца слабое: цягнуўся да ласкі цялём. І блытаў другіх з табою, як блытаюць вецце з галлём. А ты ўсё шукала свой бераг, як, лёд узарваўшы, рака. …Змяняла стос вершаў-паперак на палатно мастака. Пара ўжо закончыцца трызне і зноўку мне стаць на крыло. Ды так час ад часу зацісне: здаецца, што ўчора было! Паплакаўся трохі – і годзе. Хай ліха цябе абміне! …Буксуюць па галалёдзе стаптаныя боты мае… ТЫ ТАКАЯ Ж То бязвольнаю трэскай плывеш, то свабоднаю птушкай лятаеш, то здаволішся тым, як жывеш, то чагосьці чакаеш. То заныеш бяссільна ў рукаў і бязглузда на лёс наракаеш. …Я нядаўна цябе напаткаў. Ну, а ты ўсё такая ж. Падзяліўся, бы ў некага скраў, кампліментам тужліва-нахабным: ты такая ж, якой цябе знаў, нават стала прывабней. Дзе і як, хто куды і адкуль – ну нашто нам пра тое размова? Я табе спавядаўся, пакуль не запнуўся аб слова. А як толькі мой голас заціх, знесла гонар мой думкай цвярозай: пасмяялася з вершаў маіх і пакпіла над прозай. А як толькі ліхтар заблішчэў, “Час ісці па дамах”, – намякаеш. Я, здаецца, кахаю яшчэ – ну, а ты ўсё такая ж… НЕКАХАНАЙ Я з сябе не выходжу, сам сабе не ўздыхаю і пагляд не адводжу, бо цябе не кахаю. Я не добры, не злосны, не бяздарны, не ўмелы. І таму верш мой просты, што сюжэт зразумелы. І бывае – смяюся, а часцей – пазяхаю… Я цябе не баюся, бо цябе не кахаю. ВЕЦЕР Не з дуброў, не з палёў ветру дзёрзкі напеў. Нехта смецце падмёў ды прыбраць не паспеў. Ветру што? – ён чужы беспрытульны бядак: што слупы – што крыжы, што бялізна – што сцяг. Разграбае, як звер, і шпурляе наўкол хлам бязглуздых хімер і ашмоцце радкоў. Што яму? – ён ляціць то наўскос, то наўздоўж! …Раптам вецер прыціх – астудзіў яго дождж. БЯССНЕЖНАСЦЬ Нежылымі здаюцца дамы, а паветра – са смакам хурмы. Пасля досыць лагоднай зімы ўсё ў адчайным экзальце. Самаўпэўнены выгляд цяпер выклікае ў душы недавер. Вецер рвецца, як спуджаны звер, па астылым асфальце. І трасуцца тужліва кусты, і грукоча тралейбус пусты, і абгорткі ляцяць, як лісты, – ды няма адрасата. Не такі, каб замерзнуць, мароз, хоць пранізвае сівер наскрозь і гудзіць, як нацягнуты трос, у рэжыме “легата”. Дрэваў стромкіх пастрыжаны строй, быццам спынены сілаю злой. І калючае неба імглой занавесіла сонца. Паміж мной і Сусветам – сцяна. Я не веру, што хутка вясна, хоць навокал бясснежнасць. Яна мне здаецца бясконцай. ТУМАНЫ Туманы на белым свеце, туманы – не праб’е іх чалавечы слабы зрок. І хаця няма ні міру, ні вайны, рызыкоўны кожны рух і кожны крок. Туманы на белым свеце, туманы. Ды такія, што сваіх не бачыш ног! І нервуюцца, трывожацца званы, і над марнасцю надзей смяецца Бог. Туманы на белым свеце, туманы… Толькі ветру хопіць моцы іх сагнаць. Але ён вітае дзесьці ў вышыні і пра тое, што мы ёсць, не хоча знаць. Туманы на белым свеце – смутак мой. Тут бялёса-шэры колер – уладар. Пераход паміж жабрацтвам і турмой сярод лёгшых на зямлю вільготных хмар. Туманы… А ўсё астатняе – міраж. І куды іду – паспеў ужо забыць. Невядома, ці было калі інакш, ды здаецца мне – інакш павінна быць! Туманы, як слёзы, засцяць вочы мне. Сэнс згубілі і эпохі, і часы. …Можа, сонейка нарэшце адпачне – і заззяюць яны кроплямі расы. МАЯ ВЁСКА Мая вёска, мае Хадакі, вы глядзіце ў чатыры бакі. Толькі сонца зімою і летам устае і садзіцца за лесам. І да восені з цёплай вясны гнёзды ладзяць на стрэхах буслы. Мая вёска, мае Хадакі, праляцелі над вамі вякі. Толькі злыдням-чужынцам параю: не чапайце вы нашага краю! Тут народ працавіты, сялянскі, а як што – баявы, партызанскі. Мая вёска, мае Хадакі, хай над вамі гучыць смех людскі. Нараджаюцца хай пакаленні, хай бароняць крыжы іх і цені тых, хто жыў тут, а потым – і нашы: крыкам ластавак з сенцаў паддашша. Мая вёска, мае Хадакі. Вы прабачце, што я вось такі: што нядоўга, нячаста бываю – можа здацца, што вас забываю… Але верце, як роднаму сыну: я вас помню любую хвіліну. Мая вёска, мае Хадакі! Тут шчыруюць мае землякі. Бульба, сена, каровы і гусі, як паўсюль на маёй Беларусі. Але дзе б ні вялі мяне ногі – не забуду да вас я дарогі. ГІБЕЕ ВЁСКА… Гібее вёска на картоплях… Я ведаю: цягнуся зноў у край тарфоў і хмызнякоў укласці поту свайго кроплю. Удалы я – і не зняважу сваёй работай гарадскіх! Што зробіш? – многа нас такіх, што на асфальт змянялі сажу… Шыбую ў красамоўнай робе. Хто? Чый? Адкуль? – даюць адказ напорысты вусаты фас і хітры лысаваты профіль. Гні спіну і грабі-шчыруй… Няхай міне прастрэлу куля! …Ды лясне бульба, не гаруй, Ягораўна – мая матуля! РАЧКАВАННЕ “Знаёмае вам слова? Спачуваю. А нетутэйшым гэтак гавару: ёсць завядзёнка дзіўная такая – заўсёды ў вераснёўскую пару на бульбу каларадскімі жукамі з кашамі і капачкамі хадзіць, а там перабіраць яе рукамі, а ўвечары мяхі канём вазіць. Дзяўбе зямлю рупліва, борзда, дбайна ўвесь люд ад бабылёў да шкаляроў. Навошта нам буржуйскія камбайны? І так кіпіць работа – будзь здароў! Дождж, вецер, пыл, парэпаныя рукі, у спіну – лом, пясок – у валасы… Глыні нагбом сялянскай той навукі і ёлкім салам хвацка закусі!” …Так я нудзеў суседу ў электрычцы, які таксама ехаў рачкаваць. Ён пагадзіўся: “Ёсць такая звычка. Затое ўмеем хораша спяваць!” ТРЫЗНА Пад страхой ржавеюць вілы, сохне хілая вярба, вянуць кветкі ля магілы – з той нагоды і гульба. Узгарыцца часам сварка – што там воля і турма! “Будзе скварка – будзе чарка…” Толькі скваркі век няма. Вепручка здалі за грошы – павуцінне засціць хлеў, мухі поўзаюць, як вошы. А сабака – акалеў. Пудзіла з падранай майкі, заваліўся драхлы плот, з-пад курэй суседскіх яйкі крадзе зноў блыхасты кот. Развіднее – будзе цяжка, спахмурнее – весялей. Пагудзі, пакуль ёсць пляшка, а скапыцішся – сатлей! Робіцца прывычнай цемрадзь, глухнуць срэбныя званы… А якому Богу верыць у эпоху Сатаны? Я ВЫЙШАЎ НА ДВОР Запальнічку – к цыгарэце: зацягнуся ўсмак… Уладарыць ціша ў свеце, пустата ў мазгах. Незнарок дзвярыма стукну, чмыхну на хаду, па цэментавых прыступках басанож сыду. Нечакана працяло ветрам спіначку – холад здзьмуў з мяне цяпло за хвіліначку! Час для злодзейскай работы: вёска дрэмле ўся… Прыладкуюся да плота і агледжуся. Комін спадцішка ўлавіў рогі месяца. І сабака дзіка ўзвыў – хтось павесіцца! Закрахталі хорам жабы песню шлюбную… І навошта ўстаў з канапы ў ночку згубную?! Зорку небасхіл шпурнуў куляй трапнаю… Разарвалі цішыню рыкі трактара: ашалелы “Беларус” з “п’яным вожыкам” успароў начны абрус фарным ножыкам! Дрыжыкі пайшлі па целе – зірк управа я: у хляве зашамацела нешта жвавае! І рассыпалася ўшчэнт нават мысленне… Бо яшчэ і тэстамент не напісаны! Пацямнелы панадворак – толькі ценяў муць. А таўкунчыкі “Сем сорак” скачуць і пяюць. Хто стаіўся ля павеці?!… – гэта ж лесвіца! …У кацяры – аж памерцi! – зрэнкі свецяцца! Са спалоху-непакою ў хату рынуўся… Аб начоўкі (хрась!) – нагою, ледзь не грымнуўся! Мацюкнуся з перапуду: “Трасца вам у бок!” І на дзверы не забуду зачапіць шчапок… ЦІКАВАННЕ З дому выскачу мячом, і прайдуся тузам, і на лаўку сяду ў скверы, як барон. Пацікую за дзяўчом – майка з голым пузам – ці то ловіць жаніхоў, ці то варон. З цыгарэтай – да мяне, просіць запальнічку. Хіба ж я не Праметэй – агонь трымаць? Дзве зацяжкі – і капец, лезе ў касметычку. Пэўна, будзе гэта мышка паляваць. Кінуць пасмачку на лоб, сысуны падвесці, вейкі выпрастаць, а бровы разагнаць… І прыкідваць, як каго б “на бабло развесці”. Я сягоння не пусты – досыць цікаваць! ПІЛЬНАСЦЬ

Глюкавы – шчаслівы ў двукоссі, няўдалы.

Падмянціць – дзеяслоў ад назоўніка “мент”.

(Слоўнік аўтара) Эх, удружылі нам нашыя пысы! Вечар, напэўна, задужа глюкавы… Мяне падмянцілі за тое, што лысы, сябра – за тое, што дужа чарнявы. Вырвалі гузік. Ідзі разбярыся: дзе і навошта, як і каторы?! Добра, што грошы амаль разышліся, – ляснулі б, пэўна, у гэтай канторы. Добра, што згрэблі не за ідэю – юнак-мітынговец сядзіць, ледзь не плача. Мы ж адзначалі сустрэчы падзею, выйшлі – і трапілі ўраз пад раздачу. Тырчым, як сычы, мы ў тым пастарунку. Каб хоць не ўзгрэлі дручком па спінцы! Няма нам ад пільнасці той паратунку – і што ўжо казаць пра сапраўдных злачынцаў! САМ-НАСАМ З ЛЁСАМ Мы дуэтам запяём з лёсам-недарэкаю: я зальюся салаўём, ён закукарэкае! Перастроімся наноў з лёсам-небаракаю: трубіць ён, як сем сланоў, а я жабай квакаю! То ён кіне мяне ў гразь, то пакажа фігу мне! Я замоўкну, як карась, а ён толам выбухне! Начаплю бронежылет – ён засвеціць сонейкам, сяду на веласіпед – ён заскача конікам! То запросіць мяне ў дом з брамаю закутаю, то падасць бакал з віном, то фужэр з атрутаю! Кладку выцягне з-пад ног, усміхнецца крыва мне, кіне грошай, каб не здох, і кішэні выверне! Напаскудзіць, як свiнчо, а пасля – пакаецца… Будзе плакацца ў плячо, там і адсмаркаецца! Разагнуся ў клічнік я – ён заверне ў косачку… Колькі, блін, таго жыцця – і яно ў палосачку! ПЕСНЯ ГАДА Хоць пусці па сабе слязу, хоць удар у літаўраў медзь! …Вужанём у траве паўзу, а за мною – з касою смерць. Да мяне ёй – ніякіх спраў, а ў мяне – аж гудзе ў вушах! Я паўзу, аж жывот падраў… Але толькі каса: шах-шах! Адвядзі ад мяне касу, перайдзі на другі пракос, кінь няскошанай паласу – дай схавацца ў прыцішку лоз! Адвядзі касу, адпачні, падмянташ яе, падвастры, глянь на неба пустымі вачмі, не нясіся няўспын і няўстрым! …Толькі здарыцца ўсё не так – не стаміцца тваёй руцэ, не паспець мне схавацца ў кустах ці ў туману густым малацэ… Я хацеў уцячы, прабач – як ад лёсу сябе схаваць? …Хоць ты сам па сабе заплач, бо няма каму шкадаваць. МОГІЛКАВЫ СОН Вуж прапоўз між ног – а ногі босыя! Дзе ляжаў вянок – вецер гойсае. Ці то крык сыча, ці то філіна… А сарочачка не зашпілена. А снапоў вузлы – побач з лаўкаю. І сабака злы недзе гаўкае. Дзе буяў палын – лісце жоўтае. Павучнёй галін вецер боўтае. І да ўсіх праяў – месяц сколаты, а дзе крыж стаяў, камень – волатам! Захацеў прысесць, як заведзена: у пакет палез – усё з’едзена. Сеў на бэлечцы каля плота я, а ў бутэлечцы – твань балотная. Ні жуда, ні жах – боль са скрухаю. Прэсам у грудзях сэрца бухае. І сасна скрыпіць, напінаецца… Ну, дык што рабіць? Прачынаюся. СУПОЛКА “КРЫЖАЧОК”

Крыжачок – 1. таннае “чарніла”;

2. уст. беларускі народны танец.

(Слоўнік аўтара) Як не аддаць рэальнаму належнае? Ды кіну вам выратавальны круг: няхай не лямантуюць “незалежныя” – яшчэ жыве нацыянальны рух! Канае ціхім сконам апазіцыя: паліт’інцэсты, комплексы, хапун… Але жыве народная традыцыя, старая, як спрадвечны дуб-рыпун. Хто зверху – тым з назойлівасцю ўпартаю шпурну, бы ў жарт, з нажыўкаю кручок: закрыць усе суполкі, рухі, партыі, прызнаць адну – суполку “Крыжачок”. Не трэба ёй ні прэса і ні радыё – заняткі ёсць другія для мазгоў. Няма ні кіраўніцтва і ні рады ў ёй, ні спіса, ні статута, ні сцягоў. З’яднаныя ўсе ў ёй адзінай мэтаю, адданыя агульнай барацьбе. І ўзносы, што збіраюць скуль чорт ведае, льюць з ненатольнай прагай у сябе. Адзін другога пазнае па позірку – ім дакумент – што зайцу парасон! Калі за “поспех” вып’юць пасля “поспеху”, то гэта – сход інкогніта персон. Ёсць сярод іх студэнты і прафесары, пенсіянеры, лётчыкі, “браткі”, акцёры, мастакі, таксісты, слесары… А хто сказаў, што сам ты не такі? Іх Смерць пасе, як статак – ваўкарэзіна: хто сэрцам кэхнуў, хто ў мароз скалеў, хто збіты быў машынай, хто зарэзаны, хто абарваў знянацку свой прыпеў. Эх, рыцары падробачна-пладовыя! Усім, пакуль надрыў мой не абрыд, дам званне “Ветэран Перабудовы” я. Паэтам (у дадатак) – “Інвалід”. Няхай ваююць на Зямлі і мірацца, там рысу, там бананаў не стае… Іх – процьма, і рады суполкі шырацца. Душа за іх баліць: яны – свае. Ах, Беларусь мая ты мутнавокая! Пакінуў Бог сыноў тваіх, дачок… Яны варон лічылі між аблокамі, калі ім падмянілі “Крыжачок”… ТУГА ГАДОЎ Ноч праляціць савой, бязладным будзе ранне. Гудзенне ў галаве, а значыць – пуста ў ёй. Гаркаваю травой – звычайнае сняданне, а іней на траве – сусветнаю журбой. Стрыптызам таямніц разбэрсаны паперы: няма кахання ў іх, а веры – пагатоў. Пад стромкі скрып масніц лёс стукаецца ў дзверы, гагоча: “Што прыціх? – Туга! Туга гадоў…” НА ДЗЯДЫ Прыйшлі нашчадкі на магілы продкаў. Усклалі кветкі, лісце падмялі. Льюць успаміны разам з “Русской водкой” пра блізкіх, што ў зямлю сышлі з Зямлi. Успамінаюць цёпла, немаркотна дасціпна… …А ці так было ці не?… І хтосьці ўжо смяецца бесклапотна, а хтосьці ўспомнiў клопаты свае. Час загаiў iх смутак невылечны. І кожны разумее ў глыбіні, што сам ён, пэўна, не такі ўжо вечны, як помнікаў гранітных камяні. А тыя, хто сышоў, не наракаюць. Іх душы церпяць: што рабіць? – радня! І жвавымі вавёркамі чакаюць, калі заціхне гэта мітусня. ПЕРАХОДНЫ ЎЗРОСТ Гасцей – не так, каб і багата. Хоць джынсы цёртыя надзень! Бо для мяне такое свята, як для мінтая – рыбны дзень. Без праўды – млосна, з праўдай – посна, і факт любы – не адкрыццё… Ужо, здаецца, марыць позна і марна – планаваць жыццё. Яшчэ, здаецца, хопіць сілы, каб адбівацца ад няўдач. Пакуль далёка да магілы, хоць крылы распрастаў крумкач. Ужо няёмка ў бойку лезці, ды сорамна падціснуць хвост. І маладосць, і старасць – дзесьці… Няйначай, пераходны ўзрост! Падводзіць вынікі – заўчасна, рабіць высновы – сэнс які? Як бы ўскараскаўся на прасла – і ногі ў розныя бакі! Віно ці воцат, пыл ці порах? Звон ці ныццё, смоўж ці пчала? …Я адзначаю сёння сорак. Час падавацца да стала… ЗЛОСЦЬ Не стрымаць мне настрою злога: мне б гранату ці аўтамат! Людзі-людзі, што ж вас так многа? Людзі-людзі, што ж вас так шмат?! Бессэнсоўныя вашы размовы, вочы колюць, як вірлакі. Раўнадушныя вы, як каровы, і драпежныя, як ваўкі. Ваш паток льецца бруднай рэчкай – я паўзу, як мурашка ў рукаў. …Неяк дурань адзін са свечкай сярод вас чалавека шукаў. Вы чапляецеся плячыма альбо сумкамі за мяне… Вас цярпець ужо немагчыма – зараз злосць цераз край ліне! Што чакаць ад вас, аднадзёнак? І адкуль вы? І хто вы ёсць?! …Раптам позірк адкрыты – дзіцёнак… І згарае, не ўспыхнуўшы, злосць. БІНОМ Ты ішоў па жыцці незалежна і горда. І імкнуўся ісці не дугою, а хордай. Ты людзям раздаваў цеплыню і спагаду і заўжды дараваў раўнадушнасць і здраду. Ты выходзіў у свет, быццам гоншчык на трасу. Быў любы твой праект толькі справаю часу. …А цяпер ты – біном: раздваенне натуры. Побач пляшка з віном, ты бяздзейны і хмуры. Ты чытаеш свае замінулыя творы і заграз, бы ў смале, – ні здаровы, ні хворы. Ненажэрна грызе пацучыная скруха, і слязою паўзе па акне тваім муха. ПЛОТ Дні страляюць чаргой няўмольнаю, а бывае, што дзень – як год. …На Апанскага бесканвойныя рамантуюць турэмны плот. Каб была агароджа бетонная: ім сядзець бы, а ёй – стаяць. Па-жыццёваму справа будзённая: плот падгніў – трэба дошкі мяняць. Што ж, каму астравы Канарскія, але сёння няблага і ім. Безмазольныя рукі цяслярскія дапамогуць турэмным сваім. Глянуць збоку: работа не танная! Бездакорнасць пакінуць для кніг. …Толькі зайздрасць прышчыміць спантанная, што бяліць суправодзяць другіх. МЕТАМАРФОЗА Як быў малы – у торбу ўкласці – назойліва, як авадзень, сустрэчным цёткам цвыркаў “Драсьце!” А мне з усмешкай: “Добры дзень!” Цяпер я слова не пазычу – ім пры сустрэчы кожны раз дня добрага прыязна зычу. …I “драсьце” бразгае ў адказ… У ГОРАДЗЕ Мой лепшы сябар, горшы вораг – Хаос бязладны, зорны свет. …Збіраўся паляцець да зорак, ды не ўдалося неўпрыкмет. Перакрыўлюся ўсмешкай панка і прасвятлею, як гусляр… Успышкай велічнай маланка нікчэмны высветліць абшар. “Усё не так! Дурны, як корак! Галотна, хоць сябе прадай!” …У горадзе не бачна зорак, у вёсцы – не да іх, бадай. ПАЭТАМ Яны гараць – таму і замярзаюць, душой паны і целам жабракі. Скрозь вечны змрок паэтаў зоркі ззяюць. І свеціць кожная ва ўсе бакі. І як не саладзі, а прысмак горкі. Як не спяшайся – спынішся ў хадзе. Паэзія – святло пагаслай зоркі: няма паэта, а святло – ідзе. Каго пакрыўдзіць лёс, каго – прывеціць. Згарэць ад страсці ці сатлець з нуды… Адны пагаснуць – новыя засвецяць. І не дадуць аслепнуць назаўжды. БЯЗЛЮДДЗЕ Шарэе зямля, і хмурнеюць нябёсы. Світанак у прыцемак зноў перайшоў. Сосны скрыпяць, як старыя калёсы. Знікла бязладдзе людзей-мурашоў. Шапоча бяроза, струменіць крыніца, Поўня за лес векавечны спаўзла… Толькі не хоча душа прымірыцца З тым, што няма ні дабра тут, ні зла. ПЕРАПЕЎ Ціхаю рэчкаю – песня нясмелая, хмараю дымчатай сонца закрытае. Ой ты, надзея мая спарахнелая! Ой жа ты, мара мая незабытая! Згубленым рэхам – падзеі даўнейшыя, мокне ад роспачы восень дачасная… А ці былі вы, гады мае лепшыя? А ці ляцелі з нябёс зоркі шчасныя? Песня заціхне струною парванаю, гукам фальшывым, няскончанай нотаю… І адгукнецца душа закілзаная болем і жалем, журбой і маркотаю. ПАЭТУ Ў САБЕ Круці, памыляйся, грашы, а потым маліся старанна… Не змыць табе плямы з душы, пакуль яна з целам з’яднана. Ды толькі надзею пустую пакінь, што ёсць паратунак у слове “амінь”! І ветрам здзімаецца гмах, табой збудаваны бяздарна, а высланы цернямі шлях пакрыты плітой тратуарнай. Усім зразумела – другі быў намер, ды хто ж дасць яшчэ адну спробу цяпер? Ты думаў – з паперы шматоў злятаюць крыштальныя ноты. Ты верыў, што побач натоўп, а сам вар’яцеў з адзіноты! Ты марыў пазбавіцца марнасці дзён. Той час наступіў, а ці радасны ён? Ты зведаў, што ў шклянцы віно істотней, чым кветачка ў вазе. А гора і радасць – адно, і сутнасць – у іх раўнавазе. А сутаргі цела, душы каламуць не могуць нязменнасць хаосу скрануць. Цябе прывучыў ужо час, што нельга публічна прарочыць, што зло і дабро – толькі ў нас, на нас – і знішчэнне, і творчасць. …Ды толькі, каб тое спачатку дайшло, напэўна, наогул цябе б не было… Я ХАЧУ Не праныра, не дыпламат, і не веру, што ёсць чарадзеі. Я хачу… І жаданняў зашмат, бо яны спараджаюць надзеі. Я хачу свой пакінуць след, бо жыццё ўсё ж даецца ў знакі. Я хацеў бы адчуць гэты свет зрокам птушкі і слыхам сабакі. Я хачу над Зямлёй узляцець і даведацца, хто яе круціць. Каб душа не магла сатлець, каб саромеўся той, хто схлусіць. Каб азарт – без вялікіх страт, і без рызыкі – перамены, каб сяброўства было без здрад, а партнёрства было сумленным. І каб пыл не збіраўся на шкле, каб каханне было бясконцым, каб старыя жылі ў цяпле, каб малыя гулялі пад сонцам. Каб не падаў на квецень град, каб не пуста было ў талерцы, калі мір – без падману і звад, а вайна – без калецтва і смерці. Каб у твораў былі чытачы – як таго не жадаць паэту! І яшчэ (хоць бязглузда гучыць): каб той свет быў не горшы за гэты. НЕ ПІШЫ Не пішы пра тое, як чаромха пахне – без цябе квітнее, без цябе зляціць. Не пішы, што ніва ліўня марна прагне, бо яе вадою з верша не паліць. Не пішы, як спеюць журавіны ў багне і як грыб крамяны тоіцца ў бары. Не пішы пра вёску, у якую цягне – жыць табе да скону ў каменным муры. Не пішы пра блізкіх, родных і суседзяў. Тое, што ты бачыш, – не агонь, а дым. Не пішы пра дзеі, што сягоння ўгледзеў – вочы і галовы Бог раздаў усім. Не пішы пра заўтра, бо прарок ты кепскі. Добрага б спалілі – ты жывеш пакуль. Не пішы пра храмы, абразы і фрэскі. Не жадай чужога – ні вянцоў, ні куль. Не пішы пра німфу, што цябе кахае, – здраджваюць і тыя, з кім з’еў солі пуд. Не пішы, якая смерць цябе чакае – вынесеш і здзейсніш сам сабе прысуд. Не пішы, што любіш ты сваю Радзіму – ёсць народ, улада і твой родны кут. Не пішы; “у мовы – скрушная часіна”. Ты ўжо сам стаміўся ад сваіх пакут. Не пішы пра тое, што твой век кароткі – абаранак большы, чым у ім дзіра. Не пішы пра сонца, вецер і аблокі – вечнасць не пачуе піску камара. Не пішы пра тое, што на сэрцы дрэнна, бо ў людзей хапае без цябе праблем. Не пішы пра тое, як пісаць патрэбна. І яшчэ пра тое, што бракуе тэм.

Оглавление

  • Юрась Нераток Фотаальбом Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

    Комментарии к книге «Фотаальбом», Юрась Нераток

    Всего 0 комментариев

    Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

    РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

    Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства