Юрась Нераток Споведзь струны
Вершы з прадмовамі
Падрыхтаванае на падставе: Нераток Ю., Споведзь струны: вершы з прадмовамі/Юрась Нераток. – Мінск : Вараксін А. М., 2011. – 104 с.н.: “Выдавецтва”, 2010. – с. 100
ISBN 978-985-6986-22-5.
УДК 821.161.3-1
ББК 84(4Беи)-5
Рэдактар В. М. Паўлючэнка
Copyright © 2013 by Kamunikat.org
Вершы – зашыфраваныя пасланні сучаснікам і нашчадкам. Не прынята іх тлумачыць: маўляў, каму патрэбна – той зразумее. Шмат разоў пераконваўся, што гэта не так. Далёка не заўсёды задумка празрыстая ці знаходзіцца на паверхні. А аўтару, што б ні казалі, хочацца быць не толькі пачутым, але і зразуметым. Да таго ж сама асоба аўтара ўспрымаецца або па знешніх зносінах, або па тэкстах. Настройка-каментар перад вершам дазваляе ўспрыняць яго больш глыбока, ацаніць ідэю і яе выкананне. Хочацца думаць, што падобны эфект можа быць, калі даць пару-тройку уступных камертонных радкоў і ў пісьмовым выглядзе. А нешта ўсё роўна застанецца па-за ўспыняццем, у тым ліку – і для аўтара. Такая асаблівасць паэзіі.
Да таго ж чытанне вершаў падрад (калі гэта не пэўны цыкл, чаго ў “Споведзі струны”, можна сказаць, няма) – справа складаная, бо ўражанне ад аднаго верша можа накласціся на наступны – і той ужо не ўспрымаецца: чытач не паспеў пераключыцца. Пераключэння не адбудзецца, а чытка вершаў з перапынкамі і абдумваннем кожнага – справа доўгая і звычайна няўдзячная: імклівасць часу перашкаджае.
Кожны верш мае гісторыю стварэння і развіцця, тым больш, калі планка патрабаванняў даволі высокая, як і самакрытычнасць, і кампраміснасць паэта. Многія з вершаў асацыятыўна звязваюцца не толькі з людзьмі, якія так ці інакш далі пэўны імпульс, але і з іншымі творцамі, рэдактарамі, карэктарамі, якія дапамагалі працаваць над радкамі.
Ці то з-за адукацыі і прафесіі, ці то з-за асаблівасцяў розуму вершы пішу амаль заўсёды прадметныя, таму кожны з іх мае назву. Можа таму, што нярэдка верш пішацца не за адзін прысест і звычайна не прывязаны да канкрэтнага часу, ніводзін з іх не мае даты напісання. Затое амаль кожны мае дату публікацыі як атэстата сталасці. Аднак канчатковы аўтарскі варыянт не заўсёды супадае з апублікаваным. Нешта з вершаў ніколі ў друк і не падаваў. Не каментую.
Часам вершы маюць нейкую рытмічна-музыкальную аснову, якую не заўсёды ўгледзіш. Паспрабуйце прадэкламаваць вершам якую-небудзь вядомую песню? Амаль анекдатычна атрымліваецца. Таму літаркай “S” у зборніку пазначаны творы, якія маюць адносна ўстойлівую мелодыку. Літаркамі “SC” – так званыя каверы (запазычаныя мелодыі). Да выхаду зборніка павінен падаспець музычна-вершаваны запіс на некаторыя з іх.
Да таго ж як практычнаму чалавеку трохі прыкра назіраць невыкарыстаную плошчу ў зборніках. І, магчыма, хочацца пазбегнуць эфекта візуальнага прывыкання, бо пастроеныя ў радкі і чатырохрадкоўі літары, словы і сказы даюць уражанне дзялянкі, засеянай адной культурай.
Усё вышэйзгаданае навяло мяне на думку злёгку парушыць каноны складання паэтычных зборнікаў.
Напрыканцы прыведзена частка вершаў з папярэдняга зборніка “Фотаальбом”, у якім творы даюцца без каментарыяў і зносак у тагачасным фармаце і без уступаў.
Юрась Нераток
Нашто пісаць вершы, калі не толькі чалавечая цывілізацыя крохкая, але і Зямля не вечная? Адказу няма і не будзе. А ці варта задаваць сабе такое пытанне і шукаць на яго адказ? І ўсё ж шукаем…
ПАЧАТАК ЗІМЫ Цьмее сонца, заціхлі грамы. Лапік родны вятры падмарозілі. Снег – пачатак мільярднай зімы, Заканчэнне мільярднай восені. У Сусвету разліку няма На памкненні душы твае чулае. Непазбежнасць – нябыту зіма – Парахнёй засцілае мінулае. Напішы хоць сто кніжак, паэт, Сем вякоў пражыві ў знакамітасці – Бездакорна выразлівы след Знішчыць час без пагарды і літасці. “Полымя” (чэрвень 2005)Лічыцца, што пісаць верш, калі няма нейкага душэўнага ўзрушэння і неабходнасці выказацца, не варта. А мне здаецца, што трэба ахалоджваць галаву перад тым, як узяцца за пяро. Прафесіяналізм выключае гарачнасць, яна здатная толькі даць штуршок, увесці ў рабочы стан. Ну і, магчыма, падарыць некалькі радкоў, якія аздабляюцца іншымі, нярэдка больш удалымі, чым імпульсныя. Падалося, што сабе супярэчу? Што ж, я логіку не вывучаў…
БЕЗ НАТХНЕННЯ Ты то корміш, то доіш хімеру, Побач лярваю муза ляжыць. Годзе тузаць алоўкам паперу: Што тваё – ад цябе не збяжыць! Скідвай німб і не вер у харызму, Злезь са сцэны, прастуй у фае! Шмат падстаў у твайго песімізму, А ці трэба падстаўкі твае? Бо пасля, як усе мы загінем І згніюць у зямлі карані, На ўспаміны нашчадкам пакінем Не паперу – адны камяні. “Гоман” (сакавік 2006); “Наша Ніва” (травень 2006)Не сакрэт, што надвор’е ўплывае на душэўны настрой. Яно само па сабе – крыніца натхнення. Менавіта таму ў большасці паэтаў ёсць вершы, прысвечаныя (ці прымеркаваныя да) пэўнай пары года. У мяне таксама, хоць апісальніцтва – не мая стыхія.
КАСТРЫЧНІЦКАЯ МРОЯ Дрэвы апрануць кідкія касцюмы, Як на баль “Для тых, каму болей за…” Восень падаб’е і акругліць сумы, А пасля ў разлік выдасць гарбуза. Скрыюць копы хмар прамяні ў далоні, Ціша захіне векам ад труны, Вецер-самахвал сыпне снег на скроні, У паўсне замруць думкі-валуны. Але гахне гром – спыніцца планета! Адляціць увысь рэха ад грымот, І праз нейкі час зноў надыдзе лета. Сонца пабяжыць з захаду на ўсход! Віхрам улячу ў велічную эру І пачну з нуля, з першага глытка… Знішчу ў свеце тым чыстую паперу, Каб не напісаць лішняга радка. А святло і змрок скончаць кампрамісам (Гэтага ніхто колісь не міне!) – Фінішны радок з прочыркам-дэфісам Змогуць напісаць, пэўна, без мяне. “Наша Ніва” (кастрычнік 2005); “Праца” (красавік 2006)Верш такога ж кшталту, як і папярэдні. Тая ж мажорная наканаванасць.
ЗІМОВАЕ Сонца зіркае жоўтай дзіркаю – Паглынае куртаты дзянёк. І маторамі горад гыркае, Каб было яго чутна здалёк. Думкі смутныя, непакутныя, І спакойны, упэўнены крок. Бо памкненні ўсе шалапутныя, А настрой – як віхлясты шнурок. І ў заўсёднасці, мімалётнасці Столькі тлумнай бязглуздай “лапшы”, Што сумнеў бярэ ў несмяротнасці (Нават у існаванні) душы. “ЛіМ” (люты 2006)Шматтэмнасць – нетыповая рэч для маіх вершаў. Але, відаць, няма правілаў без выключэнняў.
ФАТАЛЬНАЕ Сыходзяць леты і гады. Яшчэ далёка да змяркання. Таму душа, як і заўжды, Жадае праўды і кахання. Імкнення імпульс, як сцябло, Што цягнецца з зямлі да сонца, Пакуль жыццёвае трапло Кастрыцай не шпурне на донца. Але, мінаючы віры І плыткасці, імчыцца яхта: Ёсць спадарожныя вятры, І не закончылася вахта. А лёс – ці мора, ці басейн? Сум – грэх: пасумаваў – пакайся. Сабраўся жыта сеяць – сей, Аднак пра смерць не забывайся. Цераз памылкі і грахі І з верай трапяткой у прымхі Так важна завяршыць шляхі Ў свой час – без спешкі і затрымкі. Любы маршрут – не адкрыццё. Амбіцыёзнасць – рэч тупая. А там – ці рай, ці забыццё, Бо пекла нам і тут хапае… “Івацэвіцкі веснік” (кастрычнік 2006); “Гоман” (выпуск 2(5), 2007)З гадамі разумееш, што істотна ў жыцці. Гэтае разуменне і, магчыма, нейкая засцерагальная чэрствасць дае магчымасць не тлуміць галавы людзям, а сцвярджаць пры сустрэчах, што ў тваім жыцці ўсё нармальна.
УСЁ НАРМАЛЬНА Надзея выслізне, як мыла, Затушыць лівень цыгарэту. І мы скараемся бяскрыла Рухавай зменлівасці свету. У аднастайным карагодзе Часамі выдасца прымеціць: Бацькі ў апошні шлях сыходзяць, Сталеюць без дазволу дзеці. Вылазім з-пад маркоты стога, Страсаем з думак тлум і верад. І, як вядзе струна-дарога, Зашорана ідзём наперад. На недалёт рукой махаем, На перабор глядзім без крыўды. Калі кахаецца – кахаем, Калі не любім – без агіды. Жывём без зайздрасці і злосці, З прыгод выкручваемся неяк. Бывае, страчваем кагосьці, Ды не збяжыць сляза з-пад веек. Ацэньваем падзеі, шансы Рэальна, а не віртуальна. Не спадзяёмся на авансы. …Нармальна ўсё, усё нармальна. “Івацэвіцкі веснік” (чэрвень 2005); “ЛіМ” (люты 2006)Часам хочацца абтрэсціся ад жыццёвых клопатаў, як сабаку, які вылез з вады. У паэта ёсць цудоўная магчымасць зрабіць гэта з дапамогай верша.
ГОДЗЕ! Даволі фраз, даволі поз, Даволі шчок надзьмутых. Пакінь, іржа і плесня, мозг, Зваліся з сэрца, смутак! Выходзь хутчэй, атрута, з жыл, Схавайся ў склеп, трывога, Страсі з сябе, няўклюднасць, пыл, Настрой, вылазь з бярлога! У багне, безнадзейнасць, згінь, Злятай, бязволле, з мышцаў! Упэўненасць, у пекла зрынь Сумнеў і знішчы прыкрасць! Абезгалоў тугу і млосць Сякерай на калодзе… І радуйся таму, што ёсць. Пасумаваў – і годзе! “Праца” (сакавік 2006); “Гоман” (сакавік 2006)Не пішу прысвячэнняў. Аднак часцяком пэўная асоба за тэкстам мружыцца. Можа, адлюстраванне?
БЕСПРЫТУЛЬНАЕ Трапіць кубак гарачы Ў ледзяныя далоні. Блісне ўдача – не ўбачыш, Прабяжыць – не дагоніш. Праляціць – не ўтрымаеш, Прасвісціць – не пачуеш. Хоць куточка не маеш, Прыйдзе ноч – заначуеш. Сонца неба заспеліць: Прыйдзе дзень – будзе ежа. І патрон не застрэліць, І лязо не зарэжа. Ты не злуйся, паэце, На пустую кішэню: З ёй, па вернай прыкмеце, Лепш жывецца натхненню. “Івацэвіцкі веснік” (ліпень 2006); “Маладосць” (май 2008)Лічыцца, што камплексаванне – аснова творчасці. Магчыма, калі не ведаеш, куды сябе падзець і што рабіць, адзін з закуткоў, куды можна схавацца, бы ў ракавіну, – унутраны свет… Схаваўшыся, раптам убачыш, што ты тут не адзін.
ТВОРЦУ Увесь адліжны, як хлюпота, І адчувальны, як парэз, Ты зноў патрапіў у балота, Чарговы раз у багну ўлез. Са шкадаваннем непадробным Не маеш моцы больш цярпець: Што зроблена – здаецца дробным, А больш нічога не паспець. На той бязрадасны малюнак Урэшце ставіш тлусты крыж. І зноў шукаеш паратунак, Аднак і я амаль такі ж! І ўкінуўшы ў сябе кілішак, Ідэю верша падаеш: “Навошта піць, калі не пішаш? І як пісаць, калі не п’еш?” “Гоман” (выпуск 2(5), 2007); “Маладосць” (май 2008)Бываюць сны пра тое, што складаеш верш. Уяўляецца гэта звычайна яскрава, радкі здаюцца ўдалымі, аж на слязу прабівае. Амаль заўсёды гэта не так. Тыя ашмёткі, што ўдаецца захаваць замаруджанай свядомасці, звычайна нягеглыя. Але ёсць самае галоўнае – эмацыйны камертон, які часам застаецца пасля абуджэння і можа захоўвацца даволі доўга. Сфальшывіць, не трапіць ў гэты настрой немагчыма – вельмі моцны дысананс.
БУДЫНАК-ВЕРШ Сон быў узнёслы, я да рання Ў ім запаветны верш ствараў: Вуглы і сцены строф звяраў, Узводзіў тропаў рыштаванне… Ён быў амаль ужо гатовы, Як раптам абуджэння шквал Натхнення дах рыўком сарваў І разбурыў радкі на словы. А я разгублена глядзеў На пераблытаныя рыфмы І стрымліваў настрой свой прыкры, Бо жыў яшчэ ў душы спадзеў, Што верш не зруйнаваны спрэс, Што ўзняць усё магчыма зноўку Па рытме, кодзе-загалоўку, Па камертоне антытэз… Ды рэчаіснасці адвал У кучу згроб бесцырымонна, Пасля, раструшчыўшы крамольна, З апалым лісцем зраўнаваў Будынак-верш. Заўжды рахманы, Я дзень-нахабу матам крыў! Але ж ён быў, усё ж ён быў – Будынак недабудаваны…Усе дарослыя разумеюць, што рана ці позна давядзецца сыходзіць. Адусюль. Думка тая не павінна ціснуць. Пазбаўленне ад яе – у вершы.
ВЕЧАРОВАЕ Вечар дражніцца ценямі Без трагедый і драм. Спачуваю я геніям І зайздрошчу майстрам. Час не мае каштоўнасці – Гразь ляціць з-пад падкоў. Пазбягаю шматслоўнасці І даўжэзных радкоў. Працяло думкай гадкаю, Як у цемя – лядзяш: Хутка шлёпнуць пячаткаю, Каб спісаць у тыраж. За прарочымі вершамі Шлейфам цягнецца дым. Саступаю старэйшым я, А пара – маладым. І з бясстраснасцю рыцара, Што змагаўся, як мог, Ганарлівасць-амбіцыю Пакладу пад замок. Нагуляўся, бы з цацкамі, І не буду ханжой: Смешна сталымі дзядзькамі Быць з юнацкай душой. Сонца з промнямі нізкімі І спакой-цішыня Выніковымі рыскамі Абвядуць контур дня. І якая ўжо розніца: Будзе горш, будзе лепш? Ноч суцэльна накоціцца – І закончыцца верш.“Наша Ніва” (ліпень 2005); “Івацэвіцкі веснік” (верасень 2005); “Праца” (сакавік 2006)
Як раней адзначаў, прырода ўплывае на верш. І часам дае выключныя малюнкі, якія не прапусціць сапраўдны мастак ці фатограф. Ну, і паэт, напэўна. Ім прасцей – у нас толькі словы……
РАНІЦА Сустракае яна снегам першым, Дорыць днём бестурботным, вольным. І душа адгукаецца вершам Сілабічным, танічным і дольным. Не ўзнаўляе прыпынены танец Павуцінаю шэраю голле. За жыццё набяжыць такіх раніц Мо з пятнаццаць, – напэўна ж, не болей. А астатнія міма праскочаць, Як праносяцца карты па трасе. Ні душу не зачэпяць, ні вочы, Не супаўшы з настроем па часе. Сэрца роўна, нязмушана б’ецца, І настрой не прыгонна-ярэмны. У такія хвіліны здаецца, Што праходзіць жыццё недарэмна. “Полымя” (чэрвень 2005); “Івацэвіцкі веснік” (чэрвень 2005)Кожны паэт пры ўсёй сціпласці марыць быць заўважаным. І не проста заўважаным, а нават у нечым увекавечаным. Напэўна, вытокі гэтага інстынкту тыя ж, што і ў інстынкту прадаўжэння роду. Праз некаторы тэрмін творчай дзейнасці разумееш, што адзначыўся. Аднак ці хто заўважыць? Адсюль і рэверанс у апошніх радках.
АДЗІНЫ ВЕРШ Пішу няшмат – каму яно патрэбна? Каму цікава, як душу ты рвеш? Аднак скажу без прыкрасці хвалебнай: Што б ні пісаў – пішу адзіны верш. Над хмарамі апісваю кругі я, Кашу быльнёг, машчу праз багну гаць… Але пакуль здараюцца другія. Адразу не ўдаецца распазнаць, І часам торгне: вось ён, недзе блізка! І веру, што наяве, як у сне, Ён вырасце, як яблыня з агрызка, Як з кропелькі вясёлка праблісне. І як бы ні прыспешваў час-гадзіннік, Я мітуснёй жыццёвай не грашу. Не напісаў пакуль што верш адзіны, Таму яшчэ, прабачце, і пішу. “Івацэвіцкі веснік” (люты 2005); “Праца” (сакавік 2005); “Полымя” (чэрвень 2005)Паэт не абавязкова павінен пісаць вершы. Самае галоўнае, ён павінен паэтычна ўспрымаць рэчаіснасць. Ці, па меншай меры, перадаваць рэчаіснасць паэтычным словам.
АПОШНІ ПАЭТ У яго чаравікі нямодныя, Ён выходзіць у дождж без плашча, Ён не верыць, што зоркі – халодныя, А Зямля – гэта сплюшчаны шар. Ён няўчас да знаёмых з’яўляецца І заўсёды не спіць дапазна, Кожны год непрытворна здзіўляецца, Калі зноўку прыходзіць вясна. Любіць ён назіраць за стракозамі І не бачыць мігцення гадоў. Размаўляць ён умее з бярозамі І шкадуе бяздомных катоў. Пастаянства не лічыць руцінаю І хавае пачуцці свае. Безнадзейна кахае адзіную, Хоць з юнацтва не бачыў яе. Ён зласліўцам жадае найлепшага І злачынцаў не хоча караць. І пакуль што ніводнага вершыка Не стварыў… І не будзе ствараць. “Праца” (сакавік 2005); “Полымя” (чэрвень 2005 – пад назвай “Паэт” і без апошняга чатырохрадкоўя); “Наша Ніва” (ліпень 2005)Лёгкі для ўспрымання верш, калі ўлічыць тое, што казаў раней. Іронія і нават, у нейкай ступені цынізм, уласцівы маёй творчасці. Як ёсць, а што рабіць?
ЧЭРАП Нашто натхненне? Хоць не страціць меру б! Што дойдзе да патыліцы скрозь лоб? …Калісь аптымістычны далакоп, Капаючы дзірван, адрые чэрап. І, выдыхаючы з сябе ці гар, ці шмаль, Ён, недавучаны філосаф ці гісторык, Карцінна ўздыме чэрап: “Бедны Ёрык!” І не памыліцца, няўрымслівы, амаль. Ды буркне брыгадзір: “Ну, годзе-годзе! Давай, што засталося, разальём. Нясі на звалку і прыкінь галлём. Ты ж маладзей не менш чым на стагоддзе! Ну, што рабіць? Такі наш плынны век: Само жыццё плюс памяць пасля смерці… Ён меў не толькі чэрап – мозг і сэрца. Таму пакінь свой блазнаваты здзек! Прапала памяць – і няма асобы, Давёз яго да забыцця Харон… Усё, працуем! Часу – не вагон. …Спякотна сёння. Можа, скінуць робы?” “Маладосць” (май 2008)Паэзія – як ратаванне, засцярога. Напэўна, усё ж час, калі чалавек займаецца паэзіяй, не ўключаецца ў тэрмін жыцця. “Не ўключаецца” як “не залічваецца” або як “не ацэньваецца”?
ВУСЦІШ Цвільна, як спёкай у затхлай запрудзе, Вусцішна, быццам на глеістым дне. Дзе і якая аказія будзе? Хто і калі падпільнуе мяне? Звабныя мроі зацьмілі кашмары. Лад і камфорт, хоць дзяліся цяплом! Што мне чакаць – навальніцу ці хмары? Што напаткаецца – крах ці аблом? Скуль прыляціць навіна трапяткая, Хто ведзьмакі, што мяне праклянуць? Што за праблема ражном напаткае, Дзе той правал, што не ўдасца мінуць? …Маятнік лёсу, адданы секундзе, Шлях несупынны праходзіць на “біс”. Знаць, ён у мёртвым прыпыначным пункце, Перш чым уніз гайдануцца, завіс. “Маладосць” (май 2008)Давялося заўважаць, што пэўны дэпрэсіўны настрой цісне не толькі на людзей гуманітарнага складу – нават на бізнесменаў і палітыкаў. У восеньскі час, калі лістота апала, а снег не выпаў, і ў вясенні, калі снег сышоў, а трава не зазелянела, небяспека цяжкіх думак, ваганняў і няпэўнасці падсцерагае ўсіх.
ВЯСЕННЕ-ДЭПРЭСІЎНАЕ Знікла вясенняя слота, Хмарнае сонца – амлетам. Выпырхне хутка лістота. Значыць, надыдзе і лета. Эліпсіс Землевярчэння – Як абумоўленасць года. Зрэшты, ці мае значэнне: Зноўку рэпрыза ці кода? Страты – ні ў слодыч, ні ў горыч. Стан – ні імпэт, ні знямога. Нават і тыя, хто побач, Не разумеюць нічога! Думка свядомасць прашые, Шрам незагойны пакіне: Мы безнадзейна чужыя І застанёмся такімі. Шахне, як фаустпатронам, Розум па дробязных тэмах! Вечнасць падасца мікронам, Вымераным у ангстрэмах. “Маладосць” (май 2008)Цяжка жыць, калі верыш у наяўнасць Бога, але не верыш у яго магчымасць і жаданне табе паспрыяць. Жыццё асобнага чалавека – дробязь на фоне існавання цывілізацыі. А ці варта турбаваць Найвышэйшага з-за дробязяў?
ЧОРНАЯ МУЗА Ныюць лайдацкія косці, Смуткуе душа аб папрузе. Трапіў на цупкія восці Помслівай Чорнай Музе. Што ж, давядзецца скарыцца – Якаснай будзе аблога! З Д’яблам паспеў пасварыцца І не спазнаў шлях да Бога. Зноў – як на мінным полі З завязанымі вачыма! І да гаючай спатолі Вырвацца немагчыма. Скрозь аптымізм падробны Бы ў камарыным дзыне Чуецца плач жалобны Аб несусветнай Радзіме. Фатум цячэ монафазна, Рух – як пяршак без хлеба. Хто да мяне – прыязна, Тыя мне – без патрэбы. З кім бы хацеў сустрэцца – Сам, як шаблон, нецікавы. Бухае молатам сэрца… Выпіць, хіба што, кавы? “ЛіМ” (жнівень 2008)Псіхолагі сцвярджаюць, што першы крок пазбаўлення ад комплексаў – іх фармулёўка. Яно, можа, так і было б, але розум і досвед перашкаджаюць быць ягнём, паствай, марыянеткай. Рашэння няма.
ПЕРСПЕКТЫВА Чым зморшчын больш, тым смех і плач радзей. Усё лухта, апроч задач кармічных. Мінае тэрмін мараў і надзей, А боль ад стратаў робіцца прывычным. Тут весела і лёгка зло тварыць, Дабро – і прыніжальна, і нягегла. А ў рэшце рэшт і ў пекле можна жыць, Калі табе радзімай стала пекла. Ты прыгаршчы без жалю прыбяры, Бо сквапны лёс адкрыў пустую жменю. Аповесць лепш бязважкую ствары Ці верш, які не пакідае ценю. І кінь жыцця абгрызены шматок Пад ногі пераможцу-ашуканцу! Не прыйдзе Бог у д’яблавы куток, А вырвацца з яго няма ні шанцу.Лейтматыўная тэма, якую не ўсе паэты вытрымліваюць. Напэўна, такія вершы нельга пісаць. Славянская разгульная скамарошнасць спрабуе зарэтушаваць натуральную чалавечую боязь перад смерцю. (S)
РАЗВІТАЛЬНАЯ Не чапай мяне, старая з касой, Дай хоць песню праспяваю спярша! Бо навокал – цішыня і спакой, Толькі дзынькае шкляная душа. Лепш навязлівыя думкі расклей І на сэрцы развядзі абцугі! Вось бы крылы і адсюль – падалей, Але цягнуць да зямлі ланцугі. І куды ні кроч – усюды абрыў, І спыніцца немагчыма – хоць рэж! Калі ласка, дай дапіць, што наліў, Дай настроіцца, пасля – забярэш. Што спяшаешся, старая карга? Бо і так людзям хапае тугі... Да цябе стаіць такая чарга, аж няёмка лезці мне без чаргі. Лепш унучку б ты прыслала сюды, Ці якую, з маладзейшых, дачку. Ды паспеецца яшчэ – той бяды! Не сціскай так касаўё ў кулачку. Ты садзіся і частуйся са мной. Выбачай, што пераліў цераз край! Закругляюся з праграмай зямной. Песня спелася – усё, забірай! “ЛіМ” (сакавік 2007 – пад назвай “Развітальнае”)Чалавек – не маналітны матэрыял. І нават творчы чалавек складаецца як мінімум з дзвюх іпастасяў: бытавой і ўласна творчай. Суцэльная струна падзяляецца на дзве асноўныя часткі: адна (зачэпленая за ніжнюю дэку) дае гук, другая (наматаная на калок) трымае разрыўную напругу, значна большую, чым тая, якую чуюць. Амаль заўсёды рвецца частка струны, якая дае гук. А струне – розніца? (SC)
СПОВЕДЗЬ СТРУНЫ Зараву-запяю Ваўкалакам да поўні бліскучай. Хай паэт-пустазвон Ненавідзіць-баіцца-кляне! Я паэта заб’ю – Ён даўно мне абрыд-надакучыў! І жаўтлявы плафон Да шаленства даводзіць мяне. Ён часамі – жміндай, А часамі – мантач-утрыманец. Ганарысты, як слуп, Ці прыніжаны, як тратуар. Жорсткі, як самурай, Кампрамісны, як бомж-абадранец. Простакутны, як куб, Сінусоідны, як будуар. Я паэта заб’ю, Бо ён крадзе мае цыгарэты! Стос распісак-даўгоў Хай з сабой у труну забярэ! …Я нярэдка злую. Толькі як дасягнуць грэшнай мэты? Бо мяне ад яго Аддзяляе мяжою барэ.Эпічны, на першы погляд, верш… Эх, столькі наварочана ў гісторыі і ва ўласным жыцці! (SC)
ЧУМАЦКІ ШЛЯХ Стэп… І навошта тут столькі прасторы? Цягнуць валы перагружаны воз. Крупкамі солі рассыпаны зоры, Месяца блін на патэльні нябёс. Кольца каўбаскі, піханай пальцам; Ззаду – аптовы закуп, магарыч… Знікла заступніцтва ў зладжанай валцы. А нападуць – толькі Бога і кліч! Хвайна было б таргануць па дарозе: Быў бы барыш і заўзяты кірмаш! …Толькі ўся соль застанецца на возе, Бо ў Беларусі солі няма ж! Пахаладае – гуньку накіну. Не дапаможа – гарэлкі глыну. І не заўважу, як за хвіліну Водар кавыль перадасць палыну. Вось бы даехаць, убачыць радзіну, Хвацкі гармонік ушыр развярнуць! …Можа, даеду, а можа, і згіну, Можа, князі ўсё за так адбяруць. Здасца, супынку не будзе ніколі: Я – і прастор, цішыня і спакой. Пыл узнімаецца, стукаюць колы, Цягнецца воз па дарозе пустой. “СБ Беларусь сегодня” (студзень 2010)Магчыма, тое “казацтва”, якое перадалося праз продкаў, дало магчымасць стварыць гэту песню. А можа, закарціла па кароткіх радках і стылізацыі ўсечасна папулярных напеваў. (S)
КАЗАЦКАЯ Леглі травы росныя На былыя дні. Залатымі косамі – Сонца прамяні. Шчасце ты казачае – Стэпы ды равы… Што вы, кані, плачаце? Я ж яшчэ жывы! Ах ты, доля рваная – З гор і курганоў. Не чакай, каханая, Казака дамоў. Роем пчолаў з вулею – Думкі з галавы. Размінуўся з куляю – Значыцца, жывы. Вецер смяглы дыхае Пахам палыну. Льецца песня ціхая, Лашчыць гук струну. А з нябёс курлыкаюць Сумна журавы. Нібы ў вырай клікаюць… Але ж я жывы. Для душы астылае Распалю касцёр За радзіму мілую, За братоў-сясцёр. Залівае хваляю Рэчка паплавы. Размінуўся з шабляю – То яшчэ жывы. Воля мая крохкая, Як мне жыць, парай! Сцежкаю-дарогаю – У далёкі край. Груганова карканне, Вухканне савы… Толькі гінуць рана мне – Я пакуль жывы. “Полымя” (чэрвень 2005)Верш-сон, ад якога ўдалося захаваць настрой і асноўныя моманты. У баладным вершы пададзена дваццацігадовая этапная разбіўка чалавечага жыцця. Правільнай лічу пятнаццацігадовую – па ўзростах свядомасці. (S)
НАЧНЫ БАЛЬ Узнеслася поўня над лесам, бы шарык надзьмуты. Святлом ад кандэлаў палац азарыўся знутры. Шыкоўны быў баль – і петарды ўзляталі салютам, І тузалі віяланчэлі Еўтэрпы майстры. І ззялі ад шчасця свайго жаніхі і нявесты. Бруілі фігуры кадрылі, як звонкі ручай. Прывабныя людзі рабілі прыгожыя жэсты. А я, нехлямяжы, шукаў, куды скінуць адчай. Ды прыкрая зайздрасць патрохі завяла і знікла – Да гэтай вясёлай гурмы быў прыбіцца гатоў. Пакуль разважаў, грацыёзная музыка сціхла. І раптам усе пастарэлі на дваццаць гадоў. Кружыліся ў вальсе чаруючым сталыя пары – Паменела іх, стаў спакойным кандэлаў агонь. Мужчыны аб нечым пустым расшумеліся ў бары, А нехта з жанчын неўпрыкмет пазяхаў у далонь. Сярод гаманы шматгалосай у зале палаца, Якая глушыла часамі напевы альтоў, Здалося, што нехта паклікаў. Памкнуўся падацца – Ды раптам усе пастарэлі на дваццаць гадоў. Сівых кавалераў вялі распаўнелыя дамы. А большасць глядзела, бо так дазваляў этыкет. А скрыпкі ігралі даўно з манатоннасцю гамы Мінорна-бясстрасны, як восеньскі дождж, менуэт. І шмат хто з жанчын быў, напэўна, зусім без партнёра: Яны назіралі за танцам з самотнасцю ўдоў. Хацелася нешта сказаць, каб усіх падбадзёрыць, – Ды раптам усе пастарэлі на дваццаць гадоў. Не танцы ішлі, а тужліва кагось адпявалі. Было відавочна, што трызнай закончыўся баль. Зляталі са струнаў матываў жалобныя хвалі – То ў тон са старымі заплакаў бяздушны раяль. Пранеслася ўдалеч жыццё залачонай карэтай. І гаснуць кандэлы, і пройдзены шлях да кладоў. Пара развітацца з палацам і выйсці адгэтуль… Ды раптам усё пастарэла на дваццаць гадоў. Пыл, пух, павуцінне – астатняе бачыцца мройна… Знянацку – вільготнага ветру разгульны парыў! А з першымі промнямі стала нябачнаю поўня І знік таямнічы палац, як ніколі не быў. “Полымя” (чэрвень 2005); “Вместе!” (чэрвень 2005); “Дзень паэзіі” (ліпень 2005)Ніколі не маляваў, толькі кампіляваў, у музыцы – часам выконваю песні на свае вершы. Баладны верш-песня пад шарманкавае суправаджэнне. Ідэя – адданасць творцы адной Музе. У звычайнага майстра аб’ектаў шмат. (S)
ТРЫ МАЙСТРЫ Калі быў яшчэ маладым белы свет І зоркі свяцілі не так, Дружылі Мастак, Музыкант і Паэт. Паэт, Музыкант і Мастак. І зранку, узяўшы палітру ў руку, Ішоў да карціны Мастак. Выводзіў віхуру, маланку, раку І човен – няпэўнасці знак. Падладзіўшы лютню, ішоў Музыкант На шумны вясёлы базар. На грыф начапіўшы смарагдавы бант, Іграў ён пра месяц між хмар. А ў вечар глухі, навастрыўшы пяро, Сядзеў пад лучынай Паэт. Ліліся радкі пра святло і дабро, Што ззялі з далёкіх планет. Жылі яны так і не год, і не тры – У згодзе з відна да відна, – Пакуль не зазналі аднойчы майстры: Ва ўсіх іх – жанчына адна. Не сталі складацца ў Паэта радкі, Хоць часам крывёю пісаў. Ён вершы старыя парваў на шматкі І сумным астролагам стаў. Мастак свае фарбы змяняў на віно І піў да імглы-пустаты. Затым у каміне спаліў палатно І стаў перабельваць платы. Глядзеў Музыкант, быццам нешта згубіў, – Нічога не ўмеў, як іграць. Ён лютню прадаў і шарманку набыў. І з ёю пачаў жабраваць. Далі напаследак бясстрасны зарок: Другім не лічыць за віну. Але не сустрэцца ім болей утрох, Бо кожны кахае адну. Мінаюць стагоддзі, як прывідны дым. І быў бы наіўным сюжэт, Калі б не жылі ў чалавеку адным Мастак, Музыкант і Паэт. “Наша доля” (кастрычнік 2004); “Праца” (сакавік 2005); “Полымя” (чэрвень 2006)Спроба казачнай балады з фантастыка-містычным ухілам. Ідэя празаічнага твора абмежавалася вершам. Так атрымалася, што ўсё сказаў. Для верша – замала, для аповеда – замнога.
ВЯДЗЬМАРКА І ДЗЯЎЧЫНА Там, куды не дойдзе госць нязваны, Заблукаўшы цёмнаю гадзінаю, Там, дзе разам сходзяцца туманы На світанні ў рэчку ціхаплынную, На краёчку вёскі ў роднай хаце Дзеўчына жыла з удовай маці. А за вёскай, дзе гушчар імшарны, У якім і грыб не прабіваецца, Дзе і звер драпежны велізарны Збочыць і паскорыць бег стараецца, Між струхлелых вольхаў на палянцы Век вядзьмарка бавіла ў зямлянцы. І ў пару, калі вылазяць гады І спялеюць ягады паганыя, Выйшла басанож дзяўчына з хаты, Каб спазнаць пра лёс свайго каханага. …Не паспела запытаць вядзьмарку, Як паднесла тая з нечым чарку. Бліснула калючымі вачыма: “Не бывае сродку больш надзейнага!” Ледзь глынула з чаркі той дзяўчына – І ўляцела ў прорву чарадзейную. Колькі прамінула – год ці тыдзень – Бачыў з неба толькі месяц-злыдзень. …Глянула – вакол зямля сырая. Громам працяла здагадка млосная: Выкрала ў яе карга старая Маладосць і прыгажосць зайздросную! І, як ранак даў святла палоску, Пабрыла з бядой сваёй у вёску. …Бомы звоняць весела ў карэце – Пан забраць прыехаў сваю жоначку. Хоць каханы, што блукаў па свеце, Зноў вярнуўся ў родную староначку. А душа матулі ад папрокаў Паляцела да сівых аблокаў. Льюцца слёзы па шчацэ старэчай… Толькі хтось з сялян прыкмеціў прышлую. Гікнуў: “Людзі! Кепская сустрэча! Трэба гнаць у лес вядзьмарку дышлямі! Хай сядзіць, дзе і сядзець павінна!” І каханы першым бег з дубінай… Вось і ўсё. Зрабіла, што хацела, І ў зямлянцы зноўку аказалася. Бо не забірала яна цела, А душой з дзяўчынай памянялася. А чаму, нашто, з якой прычыны? Цяжка зразумець душу жанчыны… “Вместе!” (люты 2005); “Акно” (красавік-чэрвень 2005)Воіны – тыя, хто пачынае вайну і хто абараняе ад вайны. Толькі як адрозніць справядлівую вайну ад несправядлівай, калі ты сам у ёй удзельнічаеш? Асабліва, калі занадта малады… (SC)
СТАРЫ ВОІН Крывавай плямай сонца знікла За змрочны могілкавы бор. Былы салдат з тугою звыклай Курыў махру і піў кагор. Гамонкі тлумныя сціхалі, Цямнелі цені на траве… Гайдаліся ўспаміны-хвалі Ў яго ссівелай галаве. Ён зноўку чуў жалеза бразгат І бачыў баявых сяброў, Ішоў у цемры сцежкай гразкай І падаў, ранены, у роў. Палоніў розум хмель паволі, Накатваліся жаль і злосць, Бо страціў ён на ратным полі І сэнс жыцця, і маладосць. Ён праклінаў вайну-паганку, Бо разумеў, што ваяваў За тое, каб яго каханку Хтось жонкаю сваёй назваў. Каб бегалі чужыя дзеці І падрасталі неўпрыкмет. І каб ніхто ва ўсім сусвеце Не зразумеў яго, як след. Не перамога – паражэнне, Нявыплатны памер цаны! …Трыццаты год ад нараджэння, Дзесяты год пасля вайны… “Наша Ніва” (студзень 2006- пад назвай “Стары ваяр”); “ЛіМ” (люты 2006); “Праца” (красавік 2006)Верш прысвечаны страчанаму пакаленню, якое нарадзілася ў сярэдзіне сямідзесятых — пачатку васьмідзесятых. Пакаленню, якое сталела ў часы ўгару перабудовы, калі нават бацькі не маглі ім сказаць нешта існае аб заўтрашнім дні. Пакаленню, якое і дагэтуль дастойна не можа вярнуцца да жыцця. Трымайцеся, хлопцы! Не зменіце нас, хоць застаньцеся сабой…
НА ПАСТУ Зноўку грозіць навальніца З чорна-хмарнага крыла. Я павінен быў змяніцца, Толькі змена не прыйшла. Калыхне сумнеў парою: Можа, я стаю дарма? Можа, тых, хто даў мне зброю, І ў жывых даўно няма? Ціха плешчацца крыніца Ў палыновай лебядзе. Я павінен быў змяніцца – Толькі змена не ідзе. Падпалю сухое вецце, Распаўзецца горкі дым. Можа, я адзіны ў свеце? …А на гэтым? Ці на тым? Хутка лета схлыне ліўнем, Будуць восень і зіма… Я змяніцца быў павінен, Толькі змены ўсё няма. Кіну марныя папрокі Ў бок адчаю і тугі. Мерна складваюцца крокі Ў бессэнсоўныя кругі… “ЛіМ” (жнівень 2008)Заўсёды зайздросціў паэтам-лірыкам, якія з адной нагоды могуць вынесці плойму вершаў. У мяне звычайна наадварот: каханне – каханнем, вершы – вершамі. І вобразы нейкія абагульненыя. Аднак нешта адбіваецца, застаецца. (S)
ВОСЕНЬСКАЕ Часінай сумнай Яе сустрэў. Ляціць няшумна Лістота з дрэў. Крыштальны позірк. Павольнасць дзён. Змяніўся козыр – Чарговы кон. Трыліснік клёну, Счарнелы хвошч. Замест праклёну – Калючы дождж. Пануры глянец Імжыстых сноў. Марудны танец Гучыць ізноў. Прасуе вецер Бязмэтны шлях. Намоклым смеццем – Смуга ў грудзях. Чакаць ці варта Прылёту муз? Трэфовай картай Пабіты туз. “Полымя” (чэрвень 2005)Чамусьці лічыцца, што мужчына – істота даволі жорсткая, і ласка для яго – лішняе. І менавіта з-за гэтага мужчына часта пазбаўлены ласкі: і ад дзяцей, і ад жонкі, а з узростам – ад маці. Няпраўда, людзі, проста нам ласка не заўсёды да месца. (SC)
НЕЛАСКАВАЯ Стыне ранішні кубак з каваю, Лёг прамень на нажа вастрыё… Неласкавая, неласкавая, Як ты трапіла ў сэрца маё? Дзіўнай рыбінай хмарка плавае, Ветрык лісце сухое грабе… Неласкавая, неласкавая, І за што пакахаў я цябе? Разбадзяжыла думка ржавая, Развярэдзіла сумам душу: Неласкавая, неласкавая, Ну чаму пра цябе я пішу?! Што мне мроіцца – па-за яваю: Ёсць куфэрак, ды дзесьці ключы… Неласкавая, неласкавая, Як з палону твайго мне ўцячы? То ты пройдзешся міма паваю, То наўзбоч праслізнеш, як змяя. Неласкавая, неласкавая, Ты скажы: а нашто табе я? “Полымя” (чэрвень 2005); “Женский калейдоскоп” (чэрвень 2005)Няшмат маю лірычных вершаў, але амаль усе яны – песні. Лірыка ў паэзіі вымагае музычнасці і фанетычна лёгкага словаўкладання (S).
СНЕГ Развітальны птушыны крык Гарадскую працяў мітусню. Я згубіў марным дням лік І шчымлівы ўспамін ганю. Ды паводка імжыстых дум Рве бетонныя глыбы плацін, Непазбыўны затоены сум Вязне ў горычных гронках рабін. І здавалася: час стаіць, А Сусвет – толькі мы адны. Як звычайна – шчаслівым быць І не ведаць шчасцю цаны! І звінеў бесклапотны смех Кансанансам мінорных ладоў… Толькі раптам пасыпаў снег, І ідзе ён пятнаццаць гадоў. Глушыць музыку і галасы. Толькі ён, трапяткі, – у вачах. І паспеў пабяліць валасы, І выстуджваць сэрца пачаў. Ён ляціць, неабсяжны снег! Не растопіш яго, не зграбеш… Ты з’яўляешся часам у сне І сыходзіш – як растаеш… “Женский калейдоскоп” (чэрвень 2006); “СБ Беларусь сегодня” (снежань 2006); “Маладосць” (май 2008)Паўтаруся: жартам кажу, што іншы паэт напіша дзесяць вершаў на адну асобу, а ў мяне на некалькі выпадкаў адзін верш атрымліваецца. (S)
ЛІСТАПАДНАЕ ТАНГА Сумны восеньскі дождж, Беспрасветна-абстрактны малюнак, І спадніцамі-клёш Легла лісце ў чаканні зімы… Так, напэўна, было б, Але ўсё памяняў пацалунак – Як няправільны дроб, Дзе дзялімае з дзельнікам – мы. Хай ляціць над зямлёй Мокры вецер прадвесцем разладу, І халоднай змяёй Хай варушыцца часам сумнеў! Не адолець нічым Захапленне, пяшчоту, спагаду І не будзе прычын, Каб змянілася ўсё неспадзеў. Неспагадлівы лёс Нападае то з фронту, то з фланга. Ды адчайнае “SOS” Не сарвецца ў бязлітасны свет. Бо рытмічна гучыць У душы лістападнае танга – І раскута імчыць За вясновымі марамі ўслед. “Женский калейдоскоп” (лістапад 2006); “Івацэвіцкі веснік” (лістапад 2007); “Маладосць” (май 2008); “СБ Беларусь сегодня” (верасень 2008)Верш быў напісаны ўлетку. Музе не загадаеш. А Зіма ёсць і будзе – чым далей, тым болей… (S)
ЗІМОВЫ РАМАНС Я прабачэння не прашу – віны няма. І не жартую, як звычайна, я – сур’ёзна. У родным горадзе маім чацвёрты дзень стаіць зіма. І, як калісьці, снежна і марозна. Гартаю згадкі пра мінулыя гады, Якія страчваюць абрысы ў золкім ранку. А іскры снежныя блішчаць, нібы крышталікі слюды, Сцюдзёны вецер вее калыханку. І прамільгне бескампрамісны напамін Напаўзабытай чорна-белай кінастужкай… Калі змірыўся я з зімой і перастаў паліць камін, Вы прыляцелі лёгкакрылай птушкай! Мы з вамі сёння ў безразважнасці ў гасцях: Два чалавекі на бялютка-зыркім фоне. Вы так шукалі цеплыні – я вас сагрэю на грудзях І пакармлю цукеркамі з далоні. Я прабачэння не прашу – віны няма. І, шчыра кажучы, яны даўно не ў модзе! Хай будзе вецер і мароз, хай не канчаецца зіма, Хай не сыходзіць снег, хай не сыходзіць… “Женский калейдоскоп” (ліпень 2008), “Акно” (ліпень-верасень 2008); “Івацэвіцкі веснік” (кастрычнік 2008); “СБ Беларусь сегодня” (студзень 2009)Напэўна, сатанінскі верш. Што зробіш, барацьба божаскага і д’ябальскага пачаткаў працягваецца ў кожным чалавеку. Кашмар…
НЕХТА ІДЗЕ Нехта ідзе, Толькі ў цішы грукочуць абцасы. Гулкай хадзе Канкурэнтаў абшар не дае. Быццам кладзе На жалезную лесвіцу прасы. Нехта ідзе – Не спяшаецца і не злуе. Нехта ідзе. Час спыніўся, расцёкся ў бясконцасць. У чарадзе Смутных ценяў – ні цел, ні выяў. Ён не з людзей – Ад яго не знайсці абаронцаў. Нехта ідзе Ні па справах, ні дзеля забаў. Нехта ідзе. Ён не мае ні страху, ні гневу. Не ліхадзей, І дабро – не яго іпастась. Ён не ўпадзе На зямлю і не ўздымецца ў неба. Нехта ідзе, Ён не будзе паўзці і лятаць. Нехта чужы І да болю і жудасці блізкі. Быццам вужы Распаўзаюцца думкі наспех. На рубяжы Дзвюх дылем мосцік існасці хісткі. Лесам – крыжы: Вечны могільнік альф і амег. Крокі бліжэй… “Наша Ніва” (кастрычнік 2005)Калі ўзбіраешся на самы верх – адчуваеш адзіноту. Добра, калі пад’ем – фантазія: некалі ж прачнешся, ачуняеш. А калі рэальнасць?
ЗВЕР Куды імкнешся, звер, Свавольна і панура? З якіх ты ўцёк вальер, Якая гоніць бура? Бязветрана наўздзіў, Шырока сонца льецца. А ты – той час забыў, Калі сядзеў у клетцы. Чаму спыніўся, звер, І раздзімаеш ноздры? Дзе ўбачыў ты бар’ер? Што ловіць нюх твой востры? Ніякіх перашкод, І немагчымы выстрал. Ні пастак, ні балот, І далягляд празрысты. Чаго шукаеш, звер, Увішна, безупынна? Нястомны землямер Уласнай каляіны… Гараць вачэй кружкі – Усё ж тваё ў прасторы: І сцежкі, і сцяжкі, І логавы, і норы. Каго баішся, звер, Неутаймавана, звыкла? Якіх благіх хімер Пужае выскал іклаў? Ты зжор усё наўсцяж Азартна і цвяроза. Сабе – адзіны страж І вечная пагроза. Пра што ты выеш, звер, У тон ліхой гадзіне? І кіпцюры цяпер Рвуць скуру на грудзіне. Глядзець няма каму На подзвіг твой крывавы – Не зведаць аднаму Ні літасці, ні славы. Чаго ты хочаш, звер? Бо ўжо трываеш ледзьве ж… Ускінеш зрэнкі ўверх, Аднак Яго не ўгледзіш. Хвіліны забыцця Зямля ўспрымае хныла, Бо без твайго выцця Сама б, напэўна, выла.З той жа серыі. Напэўна, уражанні не скончыліся. Не разабраўся з першага разу. Страшна самому. Ну хто такое надрукуе?
МЫ – ТУТ Прывітанне табе, прывітанне, Неахайны, нікчэмны люд! Вось і скончылася чаканне – Мы тут! Вы баяліся стоеннам жахам І з адчаю хаваліся ў кут. Памянялася ўсё адным махам – Мы тут! Ад жыцця вы чакалі раю: І граблі, і сціскалі ў жмут… І нарэшце дайшлі да краю – Мы тут! Вы звярталіся часам да Бога Са сляпым спадзяваннем на цуд. Але вы не зрабілі нічога – Мы тут! Вымаўлялі празрыстыя словы, Каб схаваць свой унутраны бруд. Тупа верылі: час прыйдзе новы. Мы – тут! Вы надзеі слабыя ўскладалі На спагадны вышэйшы суд. Але ўсё ж такі нас чакалі! Мы тут… Знікне, знесены жорсткім ветрам Вашых мараў юрлівых хлуд! Клічуць вас апраметныя нетры – Мы тут!Надзвычай рэдка прысвячаю вершы прыродзе. Яна падаецца такой дасканалай і ўстойлівай у параўнанні з чалавекам! Адсюль, напэўна, і іранічнае адценне. (S)
НА ПРЫРОДЗЕ Запаведны расцвіце край, Знікне ў космасе святло зор, Залапоча гаманкі гай, І дрымотна пазяхне бор. Адляціць кудысьці ўвысь змрок, І апусціцца на луг грак, Асцярожна зробіць рысь крок, І зарыецца ў нару рак. Нетаропка прабяжыць дзік, І рухава прапаўзе вуж, Данясецца бугая зык, Пырсне чырванню з шыпшын-руж. Плясне ў возеры хвастом лешч, Скіне ветрык з дзьмухаўца пух, Прыхаваецца ў галлі клешч, А павук чакацьме зноў мух. З гушчару пратрубіць гон лось, Абаўе лазу плюшча жгут… Дысгармонія ў адным: госць, А каму патрэбен ты тут? “Паляўнічы і рыбалоў” (снежань 2004); “Праца” (красавік 2005); “Вместе!” (кастрычнік 2005); “Гоман” (сакавік, 2006)Зноўку іранічнасць. Спроба знайсці прычыны ў сабе. А можа, і няма ніякай спробы – гары ўсё гарам, як будзе!
СТАРЭЮ Душу маю роскід не ўсцешыў Гармонікаў, скрыпак, кларнетаў. Гай чэзлы з бярозавых вершаў, Канава з крынічных санетаў. Гул рэха ў бары, нібы ў бары, Трызненне ў падмену змагання, Раі летуценняў без мары, Чаканне нагоды кахання. Сентэнцыі плыткага сэнсу, Бадзёрасць шчанячага віску. Ад зместу – ні мозгу, ні сэрцу, Аб’ём – без прарыву і ціску. Праблемы не варты паперы, Узнёсласць – ні студзіць, ні грэе… Ці праўда – няма ні халеры? Ці мо непапраўна старэю? “Гоман” (сакавік 2006)Варыянт санета. Прынцыпова не падладжваюся пад нейкія формы (апроч песенных). Жартоўна-філасофскі верш.
“БАРДАЧОК” Калі мяняць пракладку трэба ў кране, Ці ўставіць у прыёмнік, як злучок, Замест засцерагальніка “жучок”, Ці лямпачку перакруціць у ванне – Любое гаспадарчае пытанне: Убіць цвічок ці зачапіць кручок – Вядома, дзе шукаць выратаванне: Заглядваю ў кладоўцы ў “бардачок”. Вось так і ўвесь жыццёвы вопыт, Што накапіўся за гады: Калі ўзнікае нейкі клопат, Ці недалёка да бяды, Аблом, нуда, нервовы дробат – Заўжды звяртаешся туды. “Гоман” (сакавік 2006)Недарэмна “дабро” і “зло” заўсёды былі філасофскімі катэгорыямі. Звычайна чалавек ацэньвае іх па прынцыпе “добра” і “дрэнна”. І не для абы-каго, а асабіста для сябе. Ды і тут канкрэтыкі няма. Як у пагулянцы: з вечара дрэнна, бо мала, а зранку – зашмат было.
ДАБРО І ЗЛО Тысячагоддзямі і вякамі Будзе, як ёсць і было: Дабро з магутнымі кулакамі Лупцуе маленькае зло. Круціцца зло, лямантуе адчайна, Просіць: “Дабро, даруй!” Ды заяўляе Дабро павучальна: “Лепш ты мяне не злуй! Змірыся, не будзе ніколі іначай! Гніся, брыда, у дугу! Наш гаспадар мяне старшым прызначыў, Заўсёды я перамагу! Як пажадаю – заб’ю адным махам, Калі гаспадар рашыць…” Так і жывуць пад агульным дахам – У чалавечай душы. “Маладосць” (май 2008)Асацыятыўны верш-сон. Часам з’яўляецца здольнасць паглядзець на жыццёвыя атрыбуты, як быццам сам не адсюль. З’яўляецца адчуванне абсурднасці, выпадковасці, часовасці, няўстойлівасці светабудовы. Прыходзіць пачуццё ўласнай адчужанасці ад усяго, што навокал. Куды пайсці, куды падацца?
НЕШТА НЕ ТОЕ Нешта не тое ў абрыдлай бязглуздай дзяржаве. Нават сабакі тут злосныя, як кракадзілы. Дружныя песні спяваюць хіба толькі жабы. Дрэвы растуць, быццам іх паміраць пасадзілі. Сэнсу ў паглядах сустрэчных не больш, чым у фарах. Цёплы крынічны струмень замяшаны на содзе. Плямнае сонца заўсёды хаваецца ў хмарах. Кветкі цвітуць раз на год і пры гэтым смуродзяць. З гудам праносяцца мухі памерамі з шэршняў. Не пакідаюць слядоў ні памкненні, ні крокі. А пад карчамі хаваюцца ракі без клешняў, Бо пераможцаў знішчаюць пасля перамогі. Трос гарызонта правіс раўнадушнай дугою. Дзёрзкі крык пеўня не звонкі, а грозна-прарочы. Высакародны алень з паламанай нагою Роспачна выкаціў сумна-слязлівыя вочы. Месяц – распяты бядак – робіць ноч яшчэ цьмяней. Вуліц няма ў гарадах, там адны завуголлі. Райская птушка наелася ягады п’янай – Каркае сіпла, што больш за жыццё любіць волю. І серабрыцца трава не расой, а атрутай. Лакіраваны шчаўкунчык становіцца брошкай. А пад балконам каханай галодны, разуты, Складвае днямі паэт самалёцікі з грошай. Сумесь апілак з трухой называецца цестам. А як цэменту дадаць – атрымаеце булку. Выбар: існуй або булькні ў нязнаную бездань. Тут і жыву, бо не знаю другога прытулку.Неаднойчы даводзіцца чуць, што вершы павінны несці светлае, узнёслае, чыстае, жыццясцвярджальнае. Аднак і тое, што ў вершы ёсць думка, няхай і не вельмі бадзёрая, і гумар, няхай і з цёмным адценнем, напэўна, таксама мае права на існаванне. Як мінімум, пашыраюцца межы ўжывання паэтычнага слова. А на аптымізме жыццё трымаецца.
СПРОБА АПТЫМІСТЫЧНАГА ВЕРША Жыццё ідзе то хваляй, то зігзагам. Часцей бывае прыкра, чым прыемна. І колькі ні размахвай белым сцягам – Няўмольны лёс… Аднак не ўсё так дрэнна! І як не беражы сваё здароўе – То скокне ціск, то забаліць калена. А ёсць жа рак, гангрэна, белакроўе, Інфаркт, інсульт… Аднак не ўсё так дрэнна! Заробак наш – пракормна-камунальны, Работа – што касьба сабакам сена: Шмат валтузні, а вынік мінімальны, Калі і ёсць. Аднак не ўсё так дрэнна! Факіры, дрэсіроўшчыкі, жанглёры – Такая палітычная арэна. А паспрабуе шчырым быць каторы – У міг зжаруць. Аднак не ўсё так дрэнна! Бяздумна-хцівым чалавечым родам Загаджана няшчадна айкумена. Ды, падаецца, клімат за прыроду Разлічыцца… Аднак не ўсё так дрэнна! Бацькі – зануды, дзеці – спінагрызы, А жонка – сексуальнае палена. У кожнага – прэтэнзіі, капрызы І прынцыпы. Аднак не ўсё так дрэнна! Ды і сяброўства – горкаю рабінай, Бо дружбакі – калі ім што патрэбна. А пахіснешся – адвярнуцца спінай, Ці чым яшчэ… Аднак не ўсё так дрэнна! А кінеш на сябе бясстрасным вокам: То піва п’еш, то пазяхаеш лена. І ўзбудзіць толькі ўдар электратокам, Хаця б дубцом. Аднак не ўсё так дрэнна! Жыццё – гульня, а людзі ў ім – паяцы. Які тэатр, калі ёсць толькі сцэна?! Няма каму над намі ні смяяцца, Ні гараваць… Аднак не ўсё так дрэнна! Мінае маладосць каварна хутка. Сапхне ў кювет бязлітасная змена! А там – цыроз, склероз, пратэзы, вутка І гаймарыт… Аднак не ўсё так дрэнна! І нават тыя, хто пакуль у сіле, Праз нейкі час сканаюць неадменна. Так і стаім: адна нага ў магіле, Другая ў тле. Аднак не ўсё так дрэнна! Дастала хаатычная рухомасць: То марш, то менуэт, то макарэна! Сэнс існавання ўлез у падсвядомасць І не вяртаецца. Аднак не ўсё так дрэнна! Праз думкі, рыфмы, вобразы і словы Дабраўся да апошняга катрэна І вызначыў, што верш не адмысловы І роспачны. Аднак не ўсё так дрэнна! “Слонімская газета” (лістапад 2007 – пад назвай “Аптымістычнае”)Не думаў, што пасля перабудовы лёс падкіне яшчэ адно выпрабаванне. Каб іх халера ўзяла, няўрымслівых авантурыстаў сусветнага маштабу! (SC)
АНТЫКРЫЗІСНАЯ – Што адбываецца ў свеце? – А проста бардак. – Проста бардак, вы так лічыце? – Ды несумненна. І зразумець давядзецца, што добра, што дрэнна. Бо па-нармальнаму жыць не выходзіць ніяк. – Хто ж гэты крызіс чарговы арганізаваў? Дзе ж падзяваліся мудрыя эканамісты? – Ёсць апроч іх элітарныя, блін, глабалісты, Што разумеюць “ціп-топ”, “ёлкі-палкі” і “ваў!” – Што ж пасля гэтага будзе? – А будуць кранты. – Будуць кранты, ёсць упэўненасць? – Без агаворак. І разабрацца не ўдасца, хто сябар, хто вораг. Страцяць апломб і міністры, і нават менты. – Чым жа ўсё гэта закончыцца? – Будзе дэфолт. – Будзе дэфолт, вы мяркуеце? – Без варыянтаў. І да пячонак, а не пашанцуе – да гландаў Будзе засаджаны нам антыкрызісны болт. – Што вынікае з таго? – Ды нічога амаль. Перабудову, успомніце, мы перажылі. Праўда, камусьці смяротныя плацці пашылі… Будзе ў законе бандыцтва, бамжарства і шмаль. – Што ж нам параіць магчыма? – Усё мітусня. Не забывайцеся есці і савакупляцца. – Вы так мяркуеце, рана пакуль што страляцца? – Я так мяркую: фігнёй застанецца фігня. Колькі б жыццё не вучыла, супынку няма. Цывілізацыя не перастане лажацца! Я не паверу, што зможаце вы адказацца Грамаў па трыста прыняць, бо навокал зіма. Дзе там той крызіс, калі стала цёпла ўнутры? Маску хай той надзявае, чый твар несумленны! Не напалохаеш нас: мы народ незгібенны… І раз-два-тры, раз-два-тры, Раз-два-тры, раз-два-тры.Пэўна, водгукі “чорнай” музы. Ну што ж, выпрабаванне часам не ўсе паэты вытрымліваюць.
ЭЗАТЭРЫЧНЫ ВІЗІТ Нягучнае “Здароў!” З усмешкаю нягеглаю, Салодка-ліпкіх слоў Сцякае эскімо… Ён славы не чакаў – Яна вакол не бегала. І слова не шукаў – Прыходзіла само. Апошні парашут Гнілой прашыты ніткаю. І поспех, і правал – у нулявой цане. …Палічка ўласных кніг Пад назвамі някідкімі, І, як абломкі крыг, – Дыпломы на сцяне. Да краю давяло Памкненне асцярожнае: Артрытнае крыло І вышчарблены нож… І раптам як наказ Гучыць непераможнае: “Праз некаторы час Ты прыйдзеш да таго ж!” Што не тваё – не руш! Фінальнай стане кропкаю, Перацячэннем душ, Сіндромам дэжавю Банальнае, як скон, Нахабна-нетаропкае, Што колісь думаў ён: “Ды не, не дажыву!”Апісальны верш, амаль дыягназ. Нярэдка даводзіцца пра нешта падобнае чуць, а часам нават назіраць. А бывае, і адчуваць, што рыса амаль няўлоўная, і больш ад збегу абставін, чым ад чалавека, залежыць, калі гэта ўяўная рыса з маху паласне па здароўі, падзяліўшы жыццё на “да” і “пасля”. Пры ўмове, што хоць нейкае “пасля” будзе…
АПАПЛЕКСІЯ Зноў мабілка бязлітасна вуркае – Зноў халодная цёмная раніца. І не піў, а маторчык грукае, І не бег, а дыхалка збіваецца. Жонка сноўдае фурыяй грознаю, Моўчкі бразгае ў кухні каструлямі… Дваццаць год пражылі, а ўсё розныя: Пад прыдзіркамі – як пад кулямі. Ставіць пасткі начальства подлае – Рэнамэ да крыві расквасілі! Сіл не стала важдацца з кодлаю, А сарвацца – няма вакансіі. Ды яшчэ пасварыўся з калегаю… Выйшаў вон. А паветра – з прымессю! І сабачая зграя бегае – Хоць вярніся і нешта вынесі. Не абгаўкалі, не абнюхалі – Знаць, свае ў іх турботы з пакутамі. …Ледзь не ў лоб – з маладымі зухамі! Воглы золак, а ўжо кірнутыя. У руцэ – аняменне са стомаю; І цяжэе-цяжэе патыліца… На прыпынку, нібы знаёмаму, Нехлямяжая баба хмыліцца. Раптам торгнула па-сапраўднаму! Адхіснуўся, бы пад накаўтам. Бразь – снапом! А змаганне са спазмамі Завяршылася ўдарам асфальтавым. Шэры колер маркёрна-алоўкава Ўвідавок пунсавеў знасцежана. …Страпянуліся і завохкалі, Пачалі рабіць, што належала. Адбылося вяртанне бачнае З непрытомнасці ды ў прастрацыю: Вочы бегалі, рукі дрыжачыя Нешта сутаргава намацвалі. Людзі сталі бязвольна-ціхуткімі Ад рэфрэннага: “Вось яно – жыцейка!” А пакуль даімчала “хуткая”, Шмат крывішчы ў прыямак выцекла. А аўтобусы ўсё мяняліся Пасажырамі, бы цаглінамі. І праз дзесяць хвілін шматадрасна Відавочцы прыпынак пакінулі. Падыходзілі людзі новыя – Хто з пакетам, а хто з валізамі. Побач з імі сабакі дваровыя Кроў няспешна з асфальта злізвалі.Наканаванасць і непазбежнасць – моцнае выпрабаванне для любога разумнага чалавека. Для паэтаў – тым больш. Ад’язджаем…
ПАРА Як ні нацягвай лейцы – Час апантана бяжыць, А ўсведамленне смерці Перашкаджае жыць. Форсу хапае і фарту На віражы і віры. Толькі чацвёртую карту З прыкупа лепш не бяры. Раптам адчуеш без жаху, Як безраздумны герой, Сумесь іглічнага паху З пахам зямліцы сырой. Жартам нуду супакоіш, Выціснеш сум з-пад пяра… Глянеш – наўкола ўсё тое ж. …Толькі сыходзіць пара.Арыгінальны рытуал вуду прыходзіць на ўспамін, калі адчуваеш здароўе не па сімптомах болю, а па набліжэнні да мяжы. А боль – усяго толькі пэўны (або няпэўны) сігнал, якому можна нават радавацца: усё ж пачуцце…
ЛЯЛЬКА-ВУДУ Я быў і ёсць. Аднак ці доўга буду? Находзіць часта: згіну ў адзін міг. Сабе даўно здаюся лялькай-вуду Ў руках спрактыкаваных і чужых, Што патыхаюць спіртам і карболкай, Не выпускаюць суткі напралёт І працінаюць востраю іголкай То галаву, то грудзі, то жывот. Ні болю, ні жуды – я толькі лялька. Мае пачуцці – між дабром і злом. Я – чучала, муляж, адбітак, калька, Што створана нямым пачварным сном. Я – суржык, трафарэт, эрзац, падробка. Няшчыры, як усё, што ад людзей. Я – копія, пустая абалонка, Якую коле хмуры чарадзей. …Сваю калісьці выканаю ролю І скончу шлях у сметніцы-труне. І зразумець не здолею ніколі, Каго ахвяравалі праз мяне. “ЛіМ” (жнівень 2008)Каб не ўпасці ў занураны песімізм – наступны верш, які дае аўтарскую пазіцыю да творчага працэсу. Ніколі не мог злёту напісаць ні паэтычнага радка, ні празаічнай мініяцюры.
ХІРУРГ Як супаставіць будзённасць з паэзіяй? Як параўнаць кіламетр і ампер? Як растлумачыць блізкасць адгезіяй? Рознасць субстанцый, складу і мер: Як іерогліфы ў сплаве з лацінаю, Як на адмостцы разьбяны канёк… Аркуш паперы – белай прасцінаю, Вострым лязом – самапіскі шпянёк. – Дзе там анамнез, дыягназ, аналізы? Ёсць? І нармальна, глядзець не хачу. Зноўку запозна? Нічога, управімся: Я аперырую, а не лячу. Сто каньяку – я хірург, а не п’яніца. – Эй, асістэнтка, прыцішце фальцэт! – Болей святла! (зрок з узростам зніжаецца) – Скальпель! – Нажніцы! – Тампоны! – Пінцэт! …Зняў рэспіратар, пульс прывідны мацаю. Думка банальная: “Дзе барышы?” Я не пісаў – я рабіў аперацыю Па выдаленні верша з душы. “ЛіМ” (жнівень 2008): “Літара” – літпраект “СБ Беларусь сегодня” (снежань 2010)Грэх скардзіцца на жыццё: як склалася, так склалася. Ды часам агледзішся – нешта, што павінна быць, цябе абмінула. А можа, так і трэба было? (SC)
АЛЁ? За зялёнай ракой ружавее туман, Сонца гасне надзеяй слабому, У арыйскім вітанні стралу ўскінуў кран… А куды падавацца? Дадому. На развілцы завужанай знак “пяцьдзесят”. “Дацягну, падаецца…” – адзначу. І жадання няма азірнуцца назад: Хоць зламлюся – нічога не ўбачу. Са сваёй галавой, пры руках, на нагах – Хоць бы з гэтым сябе павіншую! На пачатку – пакуты, у выніку – крах, У працэсе – амаль па фэньшую. Не пішчыць увушшу, не цямнее ўваччу. Раўнавага здзяйсненняў і бедаў! Ды здаецца, чагосьці яшчэ не адчуў, А чагосьці наогул не зведаў. Вызначаюцца лічбы – танчэе злучок… (Звягне выбухам трэль на мабіле!) А, успомніў: не меў ні сясцёр, ні дачок, І ніколі мяне не любілі. Алё?Чалавек не настолькі самасны, якім сябе ўяўляе. Ён у значнай ступені раствораны ў іншых людзях. А калі сыходзіць, менавіта тая частка, што захавалася ва ўспамінах, ад яго і застаецца. І хацелася б застацца ў жыцці тых, каго кахаў…
КАЛІ Калі супакой, і травінкі ў расе, І хутка надыдзе світанне, Хай жар маіх рук да цябе данясе Нястрыманы імпульс кахання. Калі ўсё няспешна ідзе, пакрысе, І гаснуць, бы свечкі, жаданні, Хай струн перабор да цябе данясе Натхнёны мой спеў пра каханне. Калі неспакой, а самота грызе І нішчыць спадзевы дазвання, Хай голас вясёлы табе данясе Дасціпны мой жарт пра каханне. Калі будзе ноч не такой, як усе, І заўтра завершыцца з рання, Хай восеньскі вецер табе данясе З нябёсаў мой плач пра каханне. “Женский калейдоскоп” (сакавік 2008); “Івацэвіцкі веснік” (ліпень 2008); “ЛіМ” (жнівень 2008)Эксперыментальны верш. Дакладней, падалося, што пасланне не можа быць адкрытым, таму зроблена пэўная шыфроўка са складаў і літараў тэксту. Само пасланне і ключ да яго не раскрытыя. Гэта не інтрыжка, а прыкол.
ПАСЛАННЕ Каб не пад уздых расчаравання Завяршыць спектакль (або дзею?), Надыходзіць час пісаць пасланне, Бо пазней, магчыма, не паспею. Сумна падсумоўваючы вынік, Са спадзевам, што памылка будзе (бо ацэньваў бесхрыбетны цынік І зацвердзіць аддаваў пракудзе), Падпіраю іктам бы дамкратам І чапляю назву бы рым-кольца… Хочацца быць дзёрзкім адвакатам У бязладнай прадсудовай бойцы! Але не зрабіўся плюсам крыж мой: Ні ў людскіх ранжырах, ні ў паперах. Нуль так і не стаў ніякай лічбай – Толькі павялічыўся ў памерах. Так узрос, што ахапіў бясконцасць (лёгшую васьмёрку з доўгай шыяй)! Адвакат ты ўсё-такі… І досыць: Ад уласных думак – алергія. Творчасць – у няшчырыя двукоссі, Ад якіх нічога не ўратуе. І, бадай, адно, што засталося, – Распісацца: “Feci, guod potui…” Час усё, што ёсць, расшкуматае – Бо яму ўсё роўна: жарт ці споведзь. А раней таго – фінал чакае Або пераход на іншы ўзровень. Што вакол – бязглузда і драпежна. А над вамі – толькі Бог і Неба. Вы далей жывіце – так належна. І тварыце – можа, так і трэба.Можна плакаць, ды лепш смяяцца. Усведамленне ўласнага знешняга выгляду звычайна адстае ад рэальнасці. І ўспрымаеш сябе звычайна па ўдалых фотках (яны заўсёды маладзей і прыгажэй за арыгінал) або ў люстэрку. У апошнім выпадку тое, што не адпавядае ўнутранаму погляду, апраўдваецца або адкідваецца. А людзі ж гэтага не ведаюць, каб іх! (SC)
ДЗЯДЗЬКА Ах, які я быў вясёлы і спрытны, Ад прызнання не зазнаўся ледзь-ледзь. Зухаваты, як бізон першабытны, Абаяльны, як каала-мядзведзь. А яна была прыгожай і зграбнай. Стан танклявы, валасы – уразлёт. Позірк здзіўлены, наіўны і вабны. Вуснам – піць шарбет, або есці мёд. Так хацелася яе, хоць ты трэсні! Сеткі плёў і расстаўляў нераткі… І спяваў свае казырныя песні, І зачытваў выбітныя радкі. А яна мяне натхняла вачыма. Захапілася – ні даць і ні ўзяць! І я вырашыў: інтрыжка магчыма, І не ўзрост яшчэ – мае сорак пяць. Быў гламурны я ва ўзнёслым парыве. Быў упэўнены ў сабе, як бетон. Падалося ў трапяткой эйфарыі, Што вось-вось падораць высілкі плён. Кампліментаў я напёк, бы аладак, Нанізаў смяшынак, бы на шампур… І, каб звесці думкі-мроі ў парадак, Папрасіў тайм-аут на перакур. І мяне пагладзіў лёс па галоўцы. Ледзь уцяміў: хочаш – лезь, хочаш – злазь! Бо падслухаў, як казала сяброўцы: “І прыкольны ж гэты дзядзька Юрась!” Пасядзеў я з закатанай губою… Але хутка зноў мой голас гучаў! Можа б нехта і скарыўся без бою, Ну а я сяброўку клеіць пачаў… “Вожык” (чэрвень 2006 – рэдактарскі варыянт-фанфік); “Гоман” (выпуск 2(5) 2007 – сатысфакцыя-арыгінал)Неўпрыкмет дзядзька стаў лірычным героем. Усе опусы музычныя, усе мелодыі – запазычаныя. Думка, якая стаіць за вершам: трэба разумець тых, хто побач. І спагадліва да іх ставіцца, якімі б яны ні былі. (SC)
ДЗЯДЗЬКА-ФІЛОСАФ Хтось заварожыцца пахамі бэзу, Хтось для “Эскады” наладзіць імпрэзу. Толькі заўжды ён адным патыхае– Дзядзька бухае. Кружыць у бездані змрочнай планета. І разбярыся: дзе тое, дзе гэта? Дзень мітуслівы, ночка глухая – Дзядзька бухае. Што мітусіцца? Для спраў нашых дробных Хопіць і шчырых страсцей, і падробных! Хтосьці смяецца, хтось уздыхае – Дзядзька бухае. Як на пачатку, сёння таксама Гоняць з-за Евы з раю Адама. Хто развядзецца, хто пакахае – Дзядзька бухае. Вера ў нашчадкаў, кайф ад знямогі: Выцерці соплі, каб выцерлі ногі? Нехта і ўнукаў даўно калыхае – Дзядзька бухае. Што ні рабі – змыюць свежыя хвалі, Бо пагніло, што дзяды майстравалі. Хтосьці ў работу, як бык, улягае – Дзядзька бухае. Хтосьці хавае блізкіх-далёкіх. Ломяцца ў скроні вечнасці крокі! І не жыве ён, не падыхае – Дзядзька бухае. І да чаго тут спрэчкі і сваркі, Раз спадары мы без гаспадаркі? Ёсць міліённаправераны спосаб – Дзядзька бухае, дзядзька – філосаф.Цыкл пра дзядзьку не з’яўляецца ні алкагольным, ні антыалкагольным і нават ні гумарыстычным, як можа падацца. Гэта спроба паглядзець на з’яву спакойна і ў аб’ёме.
…Здаецца, нарэшце разабраўся з дзядзькам. А каму яго шкадаваць? Сышоў чалавек, які нічога адметнага не здзейсніў, нікому асаблівага дабра не зрабіў, бацькоўскую сям’ю страціў, а сваю не завёў… Аднак на тое мы і грамада: шкадуй – не шкадуй, а рытуал выканай. (SC)
ДЗЯДЗЬКА ПАМЁР Сёння спыніцца змрочная хмара, І прыціхне засмучаны бор, І патухне ў рэфлектары фара… Сёння сумна, бо дзядзька памёр. Дзед стагодні прымесціцца зрання, Каб на прызбе смаліць “Беламор” І ківаць у адказ на пытанне: “Чулі, дзеду? То ж дзядзька памёр!” Торгне маці малога гарэзу: “Забрытай свой бязглузды гумор! Наламай лепш духмянага бэзу… Трэба плакаць, бо дзядзька памёр!” Не наладжвалі сёння пахмелля Ні шафёр, ні электраманцёр. Бо якое быць можа вяселле?! Дзень жалобны, бо дзядзька памёр. Гральшчык дзёгцем шарніры прамажа І настроіць баян на мінор Пад матыў пахавальнага марша. Трэба музыка – дзядзька памёр! Хутка час рыхтаваць на хаўтуры Самагон і вяндліну з камор… Але ўвогуле дзень сёння хмуры І турботны, бо дзядзька памёр. “Гоман” (выпуск 2(5) 2007); “Газета для вас” (кастрычнік 2007); “ЛіМ” (жнівень 2008)Не, жывы пакуль дзядзька. Аднак не пра яго размова – пра тое, што трэба быць цярпімей адзін да аднаго. Як пачнеш да людзей чапляцца, то і не спынішся, пакуль з усімі, апроч сябе, любімага, не разбярэшся. Верш доўгі, як само жыццё, хоць пералік тых, ад каго варта было б пазбавіцца, абмежаваны блізкім соцыумам. Парадак вершаў (майго адзінага цыкла) пра дзядзьку адпавядае тэрмінам напісання, а не храналогіі жыцця лірычнага (як бы гэта смешна ні гучала) героя. Прамежак паміж першым і апошнім – гадоў пяць. (SC)
ДЗЯДЗЬКАВА МРОЯ Чунямі мяшу і снег, і гразь Па жыцці марудна-нуднацечным. Чуў па тэлебачанні не раз: Нікацін здароўю небяспечны. Думка апануе спрэс і ўраз: Эх, сабраць бы ў кучу ўсіх куракаў! І калі не разам, то падрад Выкінуць іх выспяткам к сабакам! Хай ляцяць далей адсюль, далей, І хай будзе лёгкай іх дарога! Мне, напэўна, стане весялей, Калі толькі – я, вакол – нікога… Ведаю, што ўверх не палячу: Бо лятаць уверх нам немагчыма. Пра п’янтосаў неаднойчы чуў: Вылюдкі з крывавымі вачыма! І экстрым ім будзе, і абсурд: Выстраіць у п’яную калону І прагнаць разбэшчаны той гурт, Каб не бачыць больш яго да скону! Хай ляцяць… Ды душа вярэдзіцца ізноў: Хай мяне анёлы выбачаюць! Не люблю старых я ведуноў – Ледзьве ходзяць, а правы качаюць! Я культурны і не б’ю пад дых. Мару ў межах такту і маралі: Эх, саслаць бы на балоты іх, Хай бы там спакойна паўміралі! Хай ляцяць… Не для славы, не для барышоў, Толькі для спакою і парадку! Не люблю пісклявых малышоў: Нуль – карысці, спрэс адны выдаткі! Не лічыце, што пару фігню: У мяне спагада ёсць і міласць! З мамамі збяру ўсю смаркатню, У аўтобус – і пакуль бензін ёсць! Хай ляцяць… Як жа дачакацца той пары, Каб праблему вырашыць за суткі? Шызікі, злачынцы, махляры, Наркаманы, геі, прастытуткі… Між бетонных блокаў і цаглін Разважаю сам з сабой употай: Эх, сабраць бы ўсіх нягодных, блін, І саслаць на кіламетр соты! Хай ляцяць… Ды няма для радасці прычын. Пешчу ў сабе мару як хімеру: Быў бы толькі я і пяць жанчын. Я б кахаў, курыў і піў у меру. Хай бы мае дзеці падраслі і сваіх дзяцей узгадавалі, а калісьці (кім бы ні былі!) І мяне ў пашане пахавалі! А зарыюць у пясок ці глей – Траплю я да Д’ябла ці да Бога: Палячу далей ад вас, далей… Скажаце: “Туды яму й дарога!”Пасля “Дзядзькі-філосафа” добрыя людзі параілі напісаць пра тое, як дзядзька кінуў піць. Паспрабаваў. Атрымалася, хоць і з пэўным нюансам, пададзеным у вершы “Дзядзька памёр”. (SC)
ДЗЯДЗЬКА КІНУЎ ПІЦЬ Відаць, дапіта маё мора, Таму я болей не піток… І пабажуся, што заўчора Зрабіў апошні свой глыток! У халабуду маю зойдуць І здымуць шапкі з галавы… Якога ветру, вашу пройбу?! Сягоння я ўжо нежывы. Я не ўздыхну, не мацюкнуся – Прыйшоў ваш час качаць правы! Няма паласа – на абрусе Стаіць труна. Я – нежывы. Сатрэ саплю суседка Машка І нават хныкне ўсім наўздзіў. Яно – канешне: ёй так цяжка! Я пляшак пяць не адрабіў. Ляснічы Толя спахмурнее, Бо над паперкай ноч карпеў. Яго таксама разумею: Бо штраф спагнаць ён не паспеў. Загляне нават участковы І мне паправіць рукавы. Я бы сказаў яму тры словы, Але я болей не жывы. Ад нараджэння і да смерці Жыццё злучыла берагі… Ды зрэшты што там мульку церці – Сплаціў затое ўсе даўгі! А на падворку мая банда Чакае з самага святла, Пакуль не прагучыць каманда: “Ну, рукі мыць – і да стала!” Заціхне могілкавы кіпеж. Ім пабухаць, а мне – адбой. Нальюць і мне – ды дзе ж ты вып’еш? Я на два метры пад зямлёй!У музыцы “эцюд” – практыкаванне для развіцця пэўных навыкаў. Чаму не паспрабаваць зрабіць такім чынам верш? Пэўная “рэестравасць”, уласцівая маім вершам, захавана, а закончанасці няма і быць не павінна.
ЭЦЮД Адзін з настырнасцю рэкламнаю Штампуе аўтаплагіят; Другі мудруе штось няўцямнае, Як афіксальны дэрыват; А трэці стаў у позу новую: Няёмка – ды адметны знак; Чацвёрты ў форму паўзунковую Залез, а вылезці – ніяк; А пяты ў барацьбе за крэўнае Кроў з малаком перамяшаў; Змарозіў шосты нешта гнеўнае, Ды толькі сам сябе спужаў; Абраў каханне сёмы тэмаю І строчыць у мішэнь адну; Уразіў восьмы марфанемаю: “баран бароніць барану”; Дзевяты з’еў пірог з лісічкамі І пра прыроду распавёў; Дзесяты сатырычнай пстрычкаю Рахункі з ворагамі звёў; Стварыў паэму адзінаццаты Пра плёскат хваль і шолах ніў; Дванаццаты, натхнёны працай той, Яго дзяжурна пахваліў; Трынаццаты… Дваццаты… Тысячны… Ва ўсіх свой лад, манер, капыл. Радок бы на граніце высечы! …Ды, што хацеў сказаць, – забыў.Калі накідваешся час ад часу на сур’ёзныя вершы, толькі настрой можа перашкодзіць твору гумарыстычнаму. Аднак высілкі – не меншыя. Рабіць дыхтоўна трэба ўсё.
ПАЭТ І МУЗА Хаця даўно было не лета, Свяціла сонца з хмурых хмар. Святочны дзень быў у паэта, Бо атрымаў ён ганарар. Не ўсё ж быць іншым з пірагамі! Падчас бывае шчодрым лёс… Ён, разлічыўшыся з даўгамі, Яшчэ купюр меў добры стос. А раз ёсць поспех, гэта значыць, Што годна трэба і адзначыць. Пітва і закусі набраў І ў свой катух пашыбаваў. …Ды не паспеў пацешыць пуза – званок у дзверы. Глянуў – Муза! – Ах, каб цябе заелі вошы! Ну, як падзелім нашы грошы? Ды я ж як дзе калі якое, Цябе з хваробы і з запою заўжды выцягваю, мой мілы, Ажно адвальваюцца крылы… Як трэба – клічаш сярод ночы, А баляваць адзін ахвочы?! – Праходзь, сядай, хіба ж я супраць… – Даволі мне прычоску пудрыць! Мне, як кабеціне міфічнай, Быць у застоллі неэтычна. А хочаш быць удзячны чымсьці: Палову дай – і разбяжымся! На прэсінг той паэт два словы Ледзь вымавіў: “Няма паловы…” – Жадаеш, каб далей маглося? – Аддай усё, што засталося! І, атрымаўшы, што хацела, У арфу ўклала. Паляцела… Стаяў паэт, як ноч, маркотны І суцяшаў сябе, гаротны, што беднасць – не пад паху швайка… На тым і скончылася байка. Мараль паэтам (без маралі): Каб грошы ў вас не забіралі (Лепш атрымаць ад музы ў косці), Вы іх дадому не даносьце. “Вожык” (лістапад 2006 – без апошняга чатырохрадкоўя)Як працяг папярэдняга верша, трохі зласнаватая ацэнка літпрацэсу. Чытачы, думаецца, прызвычаіліся да змрачнаватага настрою і разумеюць, што не ўсё так дрэнна. Падабаецца азначэнне ўласнай асобы як самага змрочнага гумарыста і самага праўдзівага фантаста.
ЛІТПРАЦЭС Закацілася мэта, як сонца за лес, І ўзнімацца ізноў не жадае… А цікавая справа, браткі, літпрацэс: Каламуціць, кіпіць і буяе! Мы працягваем творча гарэць і трымцець, Любім мову, народ і краіну… Ды не хочам ні бачыць і ні разумець, Што чытач неўпрыкмет нас пакінуў. Хто званочкам звініць, хто бразджыць ланцужком – Дэманструецца рух і актыўнасць! І не надта клапоціць, што стала штуршком: Крэатурнасць або крэатыўнасць. Падгрызаем за пяты адзін аднаго, Замест твару паказваем спіну. Успрыняць прынцыпова не хочам таго, Што чытач нас без жалю пакінуў. Як адмазку за марнасць і за сумятню, Робім скідку на час наш віхурны. Б’ём паклоны таму забабоннаму дню, Калі выявяць пласт наш культурны. І шпурляем “шэдэўры” шматкамі душы, Быццам крупы ў раллю, а не зерне… І, калі разабрацца, чытач ні пры чым – Выглядае ўсё надта мізэрна. І нічога не зменіш, хіба што зрэдчас Мяўкнеш тым жа па форме пратэстам… Што стварылася, чвякнецца ў вечную гразь, Як сігнал перад стартам у бездань. Не хочацца завяршаць на сур’ёзнай ноце.Рэдкі, амаль заказны твор – прысвячэнне-сцёб. Чаму “амаль”? Таму, што прымерваўся пару месяцаў, бо столькі прайшло ад канкрэтнай прапановы да абвесткі, на якую звярнуў увагу. Так званы “падонкавы” стыль – нармальнае развіццё мовы. Назіраю гэты працэс гадоў трыццаць. Не “падонкавасці” – нармальнага развіцця.
ПРАСПЕКТУПраспект Скарыны… А ці быў Скарына?
Аднарадкоўе Тут стромна гуляць без даўгога рубля, Тут думкі аб вечным мяшаюцца з півам, Гучыць камертонам бадзёрае “бля”, І пекнасць плюсуецца позіркам хцівым. Тут сталінскіх гзымсаў нятленны фасад Замаскіраваны расцяжкай рэкламаў. Тут лёгка прызнае расісцкі пагляд Сярод іафетаў і сімаў, і хамаў. Тут выпадкам могуць лапатнік падбрыць. Тут тлумна зашмат мужыку-беларусу. Тут кожныя пару хвілінаў фібрыць Метроўскі цягнік, як вяшчун землятрусу. Падасца знянацку, што тут у людзей Няма ні хвароб, ні вучобы, ні працы. І той, хто саплёй безмаршрутнай брыдзе, падобны з блыхой на пароднай сабацы. Увечар – тусня ў стылі панк і хіп-хоп, На зайздрасць правінцыі – клёны ў гірляндах, І брук еўрапейскі… І можна было б Базлаць пра праспект да аскомы на гландах. Але аб галоўным: калі падфарціць, То хочацца ўшчэнт, як і ўчора, напіцца. …А ўвогуле, мэны: ну як не любіць Галоўную вуліцу нашай сталіцы?!Гэта, відаць, не верш, а дапаможнік тым творцам, якія знаходзяцца на ўзроўні вырашэння лёсу іншых творцаў. І напамін-перасцярога малавопытным літаратарам (не па якасці творчасці, а па веданні літаратурнага працэсу). Хоць, вядома, прымірыцца, што ты не самы выбітны, цяжкавата, а пэўнай катэгорыі – і немагчыма.
РЭДАКТАРСКАЕ СЛОВА ДА АЎТАРА Творцы бываюць розныя: Зычныя і галосныя, Няўклюдныя і вёрткія, Блізарукія і дальназоркія, Смяшлівыя і суровыя, Прыезжыя і мясцовыя, Сціплыя і важныя, Баязлівыя і адважныя, Зацыкленыя і ўніверсальныя, Эпатажныя і трывіяльныя, Цвярозыя і п’яныя, Кінутыя і каханыя, Дасціпныя і нудныя, Бяссонныя і беспрабудныя, Спакойныя і ўзрушаныя, Скаваныя і нязмушаныя, Гарадскія і вясковыя, Разумныя і бесталковыя, Пяшчотныя і грубыя, Кусачыя і бяззубыя, Слухмяныя і скандальныя, Фарматныя і ўнікальныя, Хворыя і здаровыя, Забытыя і новыя, Працавітыя і ленаватыя, Дэпрэсіўныя і зухаватыя, Прабіўныя і безабаронныя, Самаўпэўненыя і забабонныя, Дамавітыя і бяздомныя, Удзячныя і злапомныя, Моцныя і хілыя, Паскудныя і мілыя, Шчырыя і зайздросныя, Абсалютныя і адносныя, Сталыя і маладыя, Пухлыя і худыя, Шчодрыя і сквапныя, Бязмэтныя і трапныя, Маўклівыя і тлумныя, Узнёслыя і сумныя, Наіўныя і пратэкцыйныя, Лагодныя і правакацыйныя, Сцэнічныя і завугольныя, Лаяльныя і падпольныя, Далёкія і блізкія, Класічныя і мадэрнісцкія, Сур’ёзныя і пацешныя, Цнатлівыя і грэшныя, Грашовыя і бедныя, Абстрактныя і канкрэтныя, Нізкія і рослыя, Лысыя і зарослыя, Стрыманыя і адчайныя, Піжоністыя і неахайныя, Смелыя і асцярожныя, Веруючыя і бязбожныя, Гарластыя і хрыплыя, Надзейныя і гіблыя, Штацкія і армейскія, Самотныя і кампанейскія, Заслужаныя і перспектыўныя, Малахольныя і актыўныя, Рэальныя і фантастычныя, Бясполыя і эратычныя, Ваяўнічыя і мірныя, Шматкропныя і пункцірныя, Бяздымныя і папяросныя, Прамыя і ўскосныя, Ружовыя і бледныя... І творы ва ўсіх адпаведныя. Я бясконца працягваць бы мог, Ды, пакуль пералічваў, узмок. Бо для ўсіх адпаведных прыметнікаў Мала слоўнікаў будзе і сметнікаў. І таму, найшаноўнейшы госць, Выбірайце з таго, што ўжо ёсць. А цяпер пацікавіцца вымушаны: Чым здзівіць мяне сёння вырашылі? “Вожык” (лістапад 2007 – надрукаваны са скарачэннем)Эксперыментальны верш, бо лічу, што сапраўднае майстрэрства павінна выяўляцца і ў тэхніцы, якая ставіць перашкоды творцу, вымушае яго дэманстраваць прафесіяналізм або абмяжоўвацца ў выказваннях.
ХОКУІЗМЫ На душы пуста У галаве лянотна Час пісаць хоку Не друкуюся Гэтак хутка забудуць Ствараю хоку Ва ўсім ёсць існасць Нават у маіх хоку Японцам дзякуй Шчыміць у мазгах Чаму хоку без рыфмы У іх няма відаць Як гучыць круцей “Хоку” ці можа “хайку” Абы “хы” было Хто піша хоку Як таго лепш называць Можа “хокуіст” Усход і Захад Не сысціся ніколі Здавайся Кіплінг Пішу хоку зноў Не зайздросьце таленту Ён адпачывае Дарагі паэт Верш без формы і думкі Як секс без пары Класна напісаў Самому даспадобы Спрабуйма танкаЯк бы ні вымагаўся паэт, нешта заўсёды па розных прычынах застанецца нерэалізаваным. Падалося правільным аб’яднаць “закадравае” хаця б назвай.
НЕНАПІСАНАЕ …………….. ………... ………..? ……….. ………, ………………..! ………………..
Комментарии к книге «Споведзь струны», Юрась Нераток
Всего 0 комментариев