«Раніца»

630

Описание

«Раніца» — першая кніга паэтэсы, яе шчырая споведзь перад Радзімай, вершы аб дружбе, каханні, шчырых чалавечых адносінах.



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Раніца (fb2) - Раніца 87K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Ольга Михайловна Ипатьева

Вольга Іпатава РАНІЦА

Вершы

Падрыхтаванае на падставе: Вольга Іпатава, Раніца: Вершы — Мінск: Беларусь, 1969. — 80 с.

Рэдактар: П. Прыходзька

© OCR: Камунікат.org, 2010

© Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2010

РАНІЦА

Адуванчык вялізны — сонца Вырастае з прыціхлай ракі. Зараз дзьмухне вецер спрасонку — Пырснуць промні ва ўсе бакі. Туманы, як мядзведзі калматыя, Дапаўзаюць да лесу крадком, За нямытай, заспанаю хатай Аб даёнку цурчыць малако. А зямля так даверліва, проста У сваім харастве паўстае, Што здымаю з ног «шпількі» вострыя: Незнарок не ўкалоць бы яе...

* * *

Глядзім мы рэдка ў сэрца глыбіню, Гаворым мала мы аб самым блізкім. Радзіма! Стаў табой упершыню Дзіцячы дом — майго жыцця калыска. Да скону дзён забыць я не магу — Руінаў дым, натоўп за хлебам ноччу I крык: «Дзетдому ў першую чаргу!» — Хоць у людзей гарэлі смуткам вочы...

КАЛОЖА

Ад сонца засланіўшыся Далоняй, Хмурынай-хусткай атуліўшы плечы, Стаіць здаўна над Нёманам Каложа, Нібы мяжу пераступіла ў вечнасць. Нібы калісьці дзеўчынай за горад Насустрач бегла верасам калючым, А потым, скамянелая ад гора, Ўрасла навекі ў нёманскія кручы. Над ёю — цёплых ліўняў агарожа, За ёй — вякі, падзеі, далячыні. Стаіць здаўна над Нёманам Каложа Сівою беларускаю жанчынай.

* * *

О Аэліта, ты мая саперніца. Калісьці, абагнаўшы часу бег, Каханы мой дадому з Марса вернецца, Адчайна засумуе па табе. Сцюдзёна вусны мае апаліць студзень, Загарам шчокі жнівень абпячэ, А ён у сне гадамі бачыць будзе, Нібыта казку, сінь тваіх вачэй. А я ў расстанні смутак свой стрымаю, Тугой касою рукі абаўю. Пакіне дом наш песня незямная, Што марсіянкі па начах пяюць. І ўсё ж аднойчы з далечы вялікай, Мне сэрца працінаючы наскрозь, Раздасца раптам голас Аэліты, I, пабялелы, страпянецца Лось...

* * *

Гасне ў цёмных зрэнках вокнаў вечар, Адпускаю я тваю руку, I імгненне падае у вечнасць, Быццам кропля падае ў раку. Закалыша шэраг дзён звычайных, Шэрых, быццам сакавіцкі снег, I аднойчы успамін адчайна Зноўку мне душу ускалыхне. Па цяпло, па ласку чалавечую Я, на ўсё забыўшыся, ўцяку, Каб адчуць: імгненне ўпала ў вечнасць Дажджавою кропляю ў раку.

МАІМ АДНАГОДКАМ

Не ўсё нам у свеце вядома, Мы ж дзеці гісторыі, творцы. Сябры і сяброўкі з дзетдому! Гэта пра нас гаворыцца! Вы помніце? У інтэрнаце У цёплыя сны дзіцячыя Прыходзілі нашы маці, Якіх мы ніколі не бачылі? Замучаныя — з канцлагераў, 3 магіл уставалі брацкіх, У сне нас пяшчотна лашчылі I ў нябыт вярталіся раніцай. Саміх нас бацькамі сёння Завуць хлапчукі чубатыя, А мы усё бачым, сонныя, Тых, нежывых, нябачаных. Крычаць нам з-за межаў адчайна: «Жыцця вы не знаеце сэнсу». А мы ж яго вывучалі Спачатку не розумам — сэрцам...

* * *

У космас — вось мара мая запаветная. Ды зямля не захоча пускаць мяне, ведаю. Стане, як за дачку, баяцпа да ліхаманкі, Звязваць па руках і нагах маланкамі, Шэрымі туманамі мяне ахутваючы... Праз усё прарвуся я, смелая, хуткая! Самых гарачых набяру я зорак, На зямлю вярнуся рана, золкам, I зоркі свае да апошняй Падарую кожнаму — кожнаму. А каханы няхай не злуецца дарма: Для яго я зоркай стану сама...

* * *

Не маці ў інстытут праводзіла мяне, Зрабіўшыся ад шчасця маладой. Узрушана ў той вечар зазвінеў Каля вагона ўвесь дзіцячы дом. Равеснікі... Скрозь восеньскае шкло, Як праз сады, гляджу на іх з акна: Не верыцца, што матчына цяпло З дзяцінства адабрала ў нас вайна. Не знаем мы, каля якіх бяроз У горкім дыме гінулі бацькі. Але навек адзін звязаў нас лёс, Як ніткаю грыбной баравікі. Не маці ў інстытут праводзіла мяне...

* * *

Ёсць у горада душа. Ды мы Забываем гэта ў дзённым гудзе. Ноччу задуменныя дамы Пачынаюць гаварыць, як людзі. Загудуць бязгучныя званы — Ажываюць доўгія стагоддзі. Горада далёкія сыны На Каложу ценямі ўзыходзяць. Падыду бліжэй. I да відна Буду слухаць шэпт зачараваны. Ды ўжо раніца. I цішыня Ціўкнула струною абарванай. А ў кватэрах гаспадараць сны, I ніхто не ведае аб цудзе: Ноччу задуменныя дамы Пачынаюць гаварыць, як людзі.

РАНІЦА 22 ЧЭРВЕНЯ

Яшчэ нідзе нікога не чутно. Усход ружовы пацяплеў ад сонца. Бягу дадому па асфальце сонным, У суседчына заглядваю акно. Яна адна сядзіць каля акна. Крычу ёй: «Цётка Ганна, добрай раніцы!» Слязамі раптам маці заліваецца, I ўсё не можа адказаць яна. Стаю каля суседкі, быццам цень. Ёй нехаця напомніўшы мінулае: Дачка яе дадому не вярнулася У сорак першым. У гэты ж самы дзень.

БАЦЬКУ

За акном марозныя ахаюць дзверы. Мой маленькі пакой дрэмле цёплаю кошкай. Ранак выкінуў мне на стол, як на бераг, Папяровы улоў — навагоднюю пошту. Дзень майго нараджэння сёння, ды толькі Боль дзіцячы ў скроні стукае глуха: Галасы вашы чую, сябры, на паштоўках, А бацькоўскі голас мне зноў не паслухаць. Разлучылі мяне з ім людзі суровыя! Не прабіцца лістам маім — птушкам бяссільным. Паміж намі маўчанне сцюжай зімоваю, I шляхі, нібы дзверы чужыя, зачынены. Можа кім-небудзь, бацька, забыта імя тваё I з радні цябе хтось забывае упарта. Я ж чамусьці усё хаваю прымятую, Даваенную тваю картку.

ЗА АКНОМ ЗАЦВІТАЮЦЬ ВЯРГІНІ...

За акном зацвітаюць вяргіні... Чуеш, нехта пастукаў, Аўгіння? Страпянулася соннае цела — Здаецца, птушкай туды паляцела б! I сукенку шукае рука, Ды бяжыць да дзвярэй дачка. I адразу развейваюцца сны: Гаспадар не вярнуўся з вайны. Не пабачыў ніколі дачушку, На руках яе не пагушкаў, ...Нібы камень, падушка...

* * *

Дол вясенні тонкія ільдзінкі На світанні рэжуць, як нажы, Красавіцкай ноччу невідзімкамі Зноў прыходзяць цёплыя дажджы. Пахнуць туманы старой аўчынай, Ахінаюць белай прасціной Раніцу у садзе над Дзвіной, Сонейкам сагрэтую даліну. Твар падставіла дажджу шчасліва я. Не дзівіся ты, калі наўзбоч Ля твайго акна я тапалінкай Вырасту за сённяшнюю ноч.

* * *

Вечар чырвоным абрусам На памытай падлозе гарыць. «Ах, веюць над Беларуссю, Веюць злыя вятры». Кладуцца словы гаротныя На сэрца далёкай бядой. Колькі майму народу, Столькі і песні гадоў. Васількі мы у песні ўпляталі I ў слуцкія паясы. Цяпер бабуля спявае I гладзіць мае валасы. I я за ёй паўтараю Замову часоў старых: «О, хай над табой, мой краю, Добрыя веюць вятры!»

ВЁСЦЫ

Я — толькі кропля у тваіх крыніцах. Перад табой заўжды схілюся ніц. Мне і цяпер гарачы подых сніцца Тваіх духмяных звоккіх касавіц. Як бохан хлеба, ты дала мне мову. Яна — як росны золак на губах, Дзе кожны склад, пявучы і вясновы, Дажджом і медуніцаю прапах. О вёска! Хай сягоння гарадская, Цябе, нібы дзяцінства, я люблю. Дзяўчынка хусткай журавам махае, З нагамі ўлезшы ў цёплую раллю...

* * *

Над Нёманам ранак разліў малако, I пахне туман сырадоем наўкол, I гулка б'ецца ў берагі Зялёнае, гнуткае цела ракі. А вунь, нацягнуўшы ланцуг кароткі, Ірвецца ад берага нейкая лодка. Здаецца, вось-вось свой ашэйнік адкіне I мы паплывём з ёй у ранак сіні...

* * *

Людскі натоўп на мосце парадзеў, Але дрыжыць ледзь чутна мост каменны. Ад стомы, пэўна, бо цалюткі дзень Быў у вадзе сцюдзёнай па калена. Замерзлі зоры ў сіняй вышыні I будуць падаць, падаць аж да ранку. Мой горад засынае. I звініць Адна Дзвіна нястомнай калыханкай...

* * *

Ліпнёвы поўдзень. На зямлі спакой. Аж парыжэлі верасы ад спёкі. Руды узгорак пад маёй шчакой Здаецца мне каровы цёплым бокам. А сосны разамлелі ў цішыні. Адно ручэй звініць суцешным плачам. Я сплю, уткнуўшыся у шар зямны, Нібы дзіця ў падол прытульны матчын.

СНЯЖЫНКІ

Сняжынкі, як цікаўныя дзяўчаты, У карагодзе кружацца над хатай. Убачылі хлапчыну за фіранкай I просяць выйспі, пастаяць на ганку. А выйшаў — ўсе паселі за сумёты. Адна над хлопцам кружыцца самотна. Да вуснаў дакранулася нясмела I знікла, бы ад сораму згарэла.

* * *

Першы снег, першы снег! Хто тут самы лоўкі і дужы? Распускаюцца белыя ружы Ад сняжкоў на кожнай спіне. Як баяры, стаяць дамы, Берагуць каўняры свае новыя, I здаецца мне, па-вясноваму Пахне снег... Чорнай кропкаю на страсе Верабей заскакаў у танцы. Мне дзяцінства тугія сняжкі нясе, Называе чамусьці настаўніцай.

ВІЛЬНЮСУ

О Вільнюс — рыцар на кані! Рукой схапіўся за аблокі. Набатам б'юцца ў цішыні На вуліцах вузенькіх крокі. Гасцей тут столькі — колькі моў! Хто тут не жыў, хто тут не марыў! Тут беларус — прапрадзед мой Калісьці ўпершыню друкарыў. І тут жыла — маёй крыві — Сястра вясковых нашых матак. Ты прагна кліч яе лавіў I кідаў кіпы пракламацый. Зноў еду да тваіх людзей, Да старажытных вуліц вузкіх. Дзень добры, Вільнюс! «Laba dzjnas!» Ты ж у адказ — па-беларуску...

* * *

У полі канюшына пахне соладка, Здаецца, час спыніў свой вечны бег. Зямля ў расе халодная, як золак, I чыстая, як кропля на вярбе. Чырвоны маладзік над гарызонтам З-за цёмных соснаў спакваля ўстае, I шчодра сыпле, сыпле жнівень зоркі На плечы адзінокія мае.

* * *

Як ты колешся, слова «сіротка!», З рук вывальваецца пірог. Нібы камень з чужых варотаў, Мне ляціць яно за парог. Матчын голас уладны пачуўшы, Дзеці з шумам бягуць дамоў, I, ў халодную прызбу уткнуўшыся, Горка, горка раву я зноў.

* * *

Мужчыны ніколі не плачуць. Стане нясцерпна — ноччу Крыўды свае і няўдачы Ў далоні кладуць жаночыя. А калі засынаюць дужымі На кволым плячы, Схіліся над тварам мужавым, Бязгучна замовы шапчы. Жаночую ласку і шчырасць Не вычарпаць да дна. Ніколі не плачуць мужчыны, Шукаюць прытулку у нас...

ВОЗЕРА

Вецер з абрыва нырнуў за чаромхай, I, ап'янелы, паволі знямог. Ціха плешча бяскрайняе, роўнае Белае возера каля ног. Сонцам духмяным наскрозь прагрэты Бераг здаецца краем зямлі. Рэха, з далечы сонечнай гэтай Мяне яго голасам гучна пакліч. Буду ад клічу таго я шчаслівая, На сцежцы заросшай прымну траву, Кінуся ў возера гэта імкліва я I ўдалячынь паплыву...

ВЕЧАР НА НАРАЧЫ

Бы ў нерат, папалася сонца ў хмары Цяжкою чырвонаю рыбай, I апускаецца стомлена ў Нарач, I робіцца Нарач рыжай. Цікуюць сосны, стаўшы на цыпкі, Як плешчуцца ў хвалях чырвоныя рыбкі.

* * *

Птушаняты на акрэплых крылах У далёкі край цяпло нясуць, Восень задуменна, над абрывам Чэша светла-рыжую касу. I ляціць па ветры павуцінне Дзесьці за далёкае сяло. Маладзіцы уздыхаюць ціха, Кажуць: «Наша лета надышло». I дзяўчатам на вадзе празрыстай Хлопцы не пакінулі слядоў, А плывуць па возеры маністы Залатых вясёлых жалудоў...

* * *

Дзве мовы сталі блізкімі мне змалку, У сэрца упляліся назаўжды. Гучала калыханка — песня маткі — Празрыстым звонам нёманскай вады, Пявучым словам беларускіх вёсак... А бацька — сын шырокае Акі — Прынёс мне ў дар, як водгук сваіх вёснаў, Расійскай мовы гучныя радкі. - Зліваюцца славянскія вытокі У рэчышчы адным, як і спрадвек. Аднолькава і ў Гродна, і ў Растове Гучаць: хлеб, соль і чалавек...

* * *

Беларусь, твая дачка я. Зярнятка я, а ты — мая ралля. Якой жа мовы ад мяне чакаеш Ты, узрасціўшая мяне зямля? Бывае так: Радзіму кіне проста, Забудзе дотык матчынай рукі, А перад смерпю хоць вады папросіць Так, як вучылі некалі бацькі. Без бацькаўшчыны панясе па свету, Нібы з карэннем вырваны асот. О Беларусь! З крыніц празрыстых, чыстых П'ю простых слоў тваіх гаючы сок...

НА ПРАСПЕКЦЕ

На праспекце — напятай туга струне — Вечар вібрыруе шумна і звонка. I дзяўчаты ў белых сукенках мне Здаюцца ажыўшымі рамонкамі. Сягоння толькі я не іду ні з кім. Набіта кнігамі новая сумка, I мне адной у натоўпе людскім Сярод усмешак ніколькі не сумна. Лаўлю ўсёй істотай святочны шум, Радуюся ўзорам рэклам чаканых I думаю пра вершы, што напішу Аб гэтых каханых...

* * *

Ты свет перавернеш, дужы і рослы, А сэрца маўчыць, як птушка ў студзені, Бо на світанні галінкай, мокрай ад росаў Каханне ў маё акно яшчэ не пастукала. I ўсё ж не забыць, на далёкіх шляхах Другія знаходзячы рукі і вочы, Таго, хто цябе ўпершыню пакахаў, Адкрыўшы табе тваю сілу дзявочую...

* * *

Калі да цёмных вокнаў поўнач туліцца I капяжы змаўкаюць каля хат, Зноў пачынаюць гродзенскія вуліцы Нячутна закаханых калыхаць. Вядуць туды, дзе ліпы адубелыя Страсаюць ў Нёман кропкі з мокрых рук, Дзе моцна красавіцкай ноччу белаю Кахання словы за душу бяруць. Дзе рэха гулкае, нібы ў калодзежы, Дзе мяккі плёс, як летняя трава, Дзе сны на золку ранішнім Каложа, Як птушак, выпускае з рукава. Дзе, казкамі-легендамі павітая, Расце, здаецца, сіла пачуцця, Дзе Нёман — быццам сіняя арбіта Не аднаго юнацкага жыцця.

ВЯСНЕ

Людзі спяць. А ты прыходзіш знянацку, Ліўнем, быццам мятлой, змятаючы снег. Я выбягаю з пакого. Мне, як і табе, дзевятнаццаць, I ўсё ж, вясна, ты — першая для мяне. Ты дзёрзкая зараз: хвошчаш па сонных вокнах, Горад мастамі горбіцца ў шэрым плашчы каменным, А сустрэнеш, як я, хлапца сінявокага, I станеш, нібы пралеска, пяшчотаю і нясмелай. Ведаеш, будзе каханне вясновай завеяй, Тысячай сонцаў калючых, сасновым пякучым веццем. Толькі я буду ўсё ж шчаслівейшай: Не астудзіць каханне маё халодны восеньскі вецер. А ты сцюжы баішся, вясна...

ЛАСАСЯНКА

Чыстая, як росы ўранку, Бяжыць да Нёмана Ласасянка. Тоненькая, скача па белых каменнях, Распявае ўслых: «Меней, меней Застаецца мне кіламетраў. Бо плечы ад росаў замлелі, Ногі ад туманоў азалелі. Да любага рукі свае працягну, Адагрэюся, адпачну». Засталася б ты леней, дурненькая, дома! Ён для цябе занадта вядомы. Столькі паэтаў, песняў, санетаў Славяць па свету! Столькі дзяўчат заклікаюць усмешкамі, Ласкаю шчырай, цяністымі сцежкамі! Вельмі ён славай сваёй ганарыцца, Цябе, як другіх, прымусіць скарыцца. Не! Кранулася, тупнула ножкай, Пабегла скрозь выспы, пабегла па пожні. ...Не стаць ёй ніколі Нёману роўняй, А — растварыцца ў ім кропляй...

КАЗКІ

Самым лепшым паэтам казак не ажывіць, I ўсё ж да дзіўнага прага у кожнага з нас у крыві. Можа, таму, што ў марах кожны робіцца лепшым. Такімі, як хочацца быць нам, у казках сябе мы лепім. У казцы можна Кашчэя смела загнаць у пячору, А ў жыцці запрашаў яго ў госці, здаецца, яшчэ пазаўчора. У казцы Царэўна-лебедзь на подзвігі мужныя клікала. А ў жыцці — куды ўжо, дзеці растуць вялікія. Выклікаць казку не гіроста — не любіць яна дарослых. Гавораць дарослыя часта — мне заўтра рапа ўставаць. А хтосьці — ў мяне залікі, а хтосьці — я ўжо вялікі, Каб гэткімі глупствамі галаву сабе забіваць.

ГОРАДУ

...Не трэба музыку перакладаць на словы Ты пра мяне нікому не кажы. Хай воблік мой — напеў неадмысловы — Схаваецца ў адной тваёй душы. З табой іду праз цішыню нямую I засынаю на тваім плячы. ...Па чысціні пачуццяў мы сумуем, Сябе шляхам чужым аддаючы. I, рана прывучыўшыся не верыць: Мы ж, інтэлекты, вопытны народ! — Пачуццям добрым зачыняем дзверы I адчуваем — нешта не збярог. Ды чалавеку быць нядобрым цяжка, I раптам прагна, быццам да вады, У мір давер'я шчырага пацягне, Да цёплай чалавечай дабраты.

* * *

Тэлеантэн чырвоныя вуголлі I ціхі гул аўтобусаў-жукоў. Не каюся ў сваёй любві да гораду: Не каюцца ў каханні да бацькоў. Ен чуйна адклікаецца на шчырасць, Крані — нібы цымбалы, запяе. I нездарма калісь малой дзяўчынцы Ён шчодра тайны адкрываў свае. Ён да людзей даверлівы на дзіва. Ды ўчуе грубы, раўнадушны крок — Спалохана, паспешліва, рупліва Схавае ўсё, што праз вякі збярог. I анямеюць вуліцы і помнікі, I нейкі хлюст, пакінуўшы свой дом, З абразай горад мудры ўспомніць: «Звычайны гарадок».

* * *

Веру чамусьці — той, хто жыў на зямлі, Зноў на яе ў другім абліччы прыходзіць. Помніш? За рукі ўзяўшыся, мы ішлі Яшчэ ў нейкім далёкім стагоддзі. Быў маладзік чырвоны, як кропля крыві, Горка пахла навокал палынам і дымам. Я ўсё паўтарала: «Застанься жывы, Застанься жывы, любімы». Колькі я памятаю, нам не хапала жыцця, За табой ападала бязгучным ценем, Бо і зараз ідзе па маю зямлю як працяг Кожнае новае, прагнае пакаленне. Разбіваецца ўшчэнт. Бязлітасна зноў ідзе. Абрывае каханне на самым высокім акордзе. Недапетая песня, водбліск даўнішніх надзей, Я табе сустракаюся ў кожным новым стагоддзі.

* * *

Жыла адна сярод людзей, Адна з дзяцінства самага, I найвялікшая з надзей — Кагосьці клікнуць мамаю. У горкі час, калі сама Рашыць не можаш нечага, Не прынімала я дарма Спагады чалавечае. Чужой баялася рукі, Няшчырасці, нявернасці. Ішла ў юнацтва напрасткі Праз хмызнякі і верасы. I вось каханаму кажу — Нядобрая, няроўная: «Даруй. Не за сябе прашу, Прашу за ўсіх сябровак я». Даруйце, суджаныя, нас За ўсё, што часам робіцца. Яшчэ пакрыўдзімся не раз, Як здасца вам, з-за дробязі, Што мы дасюль яшчэ дзічкі, Галінкі паламаныя, Што адарыла нас вайна Адной на трыццаць мамаю.

* * *

Князёўнаю Полацкаю пачаты, Той шлях па гісторыі — тонкая нітка. Ішлі беларускія нашы дзяўчаты Па мудрасць, па веды, нібы па здабытак. Здаралася гэта не часта, не часта: Фаліянты старыя, прымоўклыя важна, Як скарб, дзе не сем, а паўсотні пячатак, Дзявочыя рукі трымалі адважна. Праз зайздрасць, праз плёткі, праз гора — трымалі! Адна адной праз гады аддавалі. I ўпляталіся галасы іх няскорапыя У тваю, Беларусь, гісторыю. Скупыя імёны — за вамі — здзекі, Сухоты заўчасныя, горкая праца. ...Ідзе студэнтачка маладзенькая, На «ты» размаўляе з Гарацыем. Як прагна ў яе ўглядаюцца тыя, Зарана памёршыя, маладыя! Дзяўчаты тыя, што на Купалле, Апякаючы сэрца, кветку шукалі.

* * *

Застылі каструлі, як каскі жалезныя: Як у галоўнае ў жыцці, Бяжыць жанчына ў краіну Паэзію, Не паспеўшы часам касу заплясці. I кінуты дом змаўкае ў дакоры, I ходзіць свякруха — вастрэй ляза. Бяжыць жанчына ў вершы, бы ў мора, Мужыку не паспеўшы слова сказаць. Ах, як ён не любіць — прыжмурыўшы вейкі I стаўшы на момант мудрэй за старых, Яна праз яго ўглядаецца ў нейкія Адной ёй даступныя толькі віры. Не раз ірванецца рэўнасць ляшчынаю, Па сэрцы пе раз яе стукне ізноў. ...У краіну Паэзію ўходзіць жанчына, Ідзе па пякучых снягах басанож.

МАЧЫХА

Чужая жанчына бачыцца ў снах. Я толькі цяпер разумею, Чаму мне на сэрца сцюдзёнай завеяй Штодзень ападала яна. Чаму мне выкручвала душу бязлітасна, Нібы да кроплі апошняй бялізну, I адбірала ў бацькі мяне, Калі ён раптам мяне прыгарне? Усё ува мне — ад жанчыны другой, Рана памёршай, яму дарагой. Ен аднойчы, як злоўленую буслянку, На руках мяне нёс у зямлянку. Усё жыццё трымаць сваё сэрца зацятым, Калі ўходзіш у дом да чужога дзіцяці, Мудрасці ёй не хапіла — Яна таксама любіла. О барацьба адвечная за мужчыну! Дачкі за бацьку. Маці за сына. Жонкі — за месца ля плячэй мужавых, І хтосьці адзін адыходзіць прымушаны.

ПЕРАД КАСАВІЦАЙ

Аб косы вострыя вецер рэжацца I ціха звокіць у іх канцы. I засынаюць ужо, нарэшце, Што з вечарынак прыйшлі, хлапцы. А за сялом перад блізкай ростанню Аж маладзік гаварлівы сціх, На цыпкі ўсталі травінкі росныя, Нібы ўсё цягнуцца падрасці. А звякнуць косы ранка акордамі — Схіляюць голаў свой нехаця. Ні з кім не хочуць дзяліцца, гордыя, Нястрымнай прагаю да жыцця.

НОЧЧУ

Сіняю ноччу, вясноваю ноччу, Каханне па гораду ўпэунена крочыць I да ўсіх капяжоў гаварлівых Далоні ружовыя цягне, шчаслівае. I твар, каб застацца заўжды маладой, Абмывае дзяўчына вясновай вадой, жывою вадой... А вокны глядзяць раўнадушна і цёмна, Смяюцца з жыцця, што бурліць нястомна. Ведаюць вокны, што праз гады Застасцца рэдка хто маладым. Рэдка хто ў сорак гадоў пабяжыць Лавіць вясновыя капяжы Ці будзе, як у дваццаць, Жыццёвых нягод не баяцца. Ведаюць вокны людскую радасць і гора. Горад мой, горад! Вуліцы, з дзяцінства мне дарагія, Я ведаю — ёсць у вас вокны другія, Якія цёпла свецяцца ў непагадзь, Якія заўсёды чакаюць некага, Якія вераць, што, вечныя, ноччу Маладосць і каханне па гораду крочаць.

* * *

Не гавары, што стала я няветлівай, Адсюль з табой паехаць не прасі: Мяне з дзяцінства радасна-даверліва Зачаравала нёманская сінь. Тут адплывала ўпершыню ад берага, Як едзе ў кругасветны рэйс матрос. Тут столькі раз Калумбавай Амерыкай Здаваўся звонкі супрацьлеглы плёс! Я тут была то хваляю капрызнаю, То светлай кропляй, рыбкай ў глыбіні, I мой характар, ўпарты і няўрымслівы, З сабой навечна Нёман парадніў. Не гавары, што стала я няветлівай, Адсюль з табой паехаць не прасі: Мяне з дзяцінства радасна-даверліва Зачаравала нёманская сінь.

* * *

Здаецца, такая кволая Рука ў маленькай жанчыны, А вось змясціла адразу Дзве ножкі ружовыя сына. I ўсё ж забываюць многія, Пакідаючы сем'яў улонні, Першы свой старт жыццёвы Маміны далоні...

* * *

Загарэлыя, вясёлыя, Чорным морам наскрозь прасалёныя, Вечарамі танцуем твісты і ча-ча-ча. А па начах Прыходзіць роздум і канчаюцца сны. На досвітку ад хваляў гудзяць валуны. Адна на пляжы медуз палохаю, Што ў вадзе застылі, як шкло. ...Мараю светлаю і далёкаю Усё жыццё ты, мора, было Для вясковага дзеўчаняці — Маёй маці. Уздымалі яе арэлі Вышэй за вясковыя стрэхі, I, ніколі марскіх не бачыўшы хваляў, Чамусьці на мору яна сумавала. Была б ты зараз, мама, жывая... Мне ж мора цудаў не адкрывае. Можа, лічыць, што сэрца ў мяне раўнадушнае? А можа, так яно і сапраўды? Хаджу штодзень я каля паэзіі, А лічу, што іду ля салёнай вады. Што за казку хацела ты ў мора пачуць? Я паслухаць яе так хачу. Хаджу да мора, у здагадках нямею, А слухаць яшчэ не умею...

* * *

Нам даецца мудрасць вопыту нялёгкая: Вучаць нас матулі, цёткі, нібы лёкаі. Мы ж рукой на ўсё махаем недаверліва: «Я сама ўсё ведаю! Я сама ўсё ведаю!» I разводзяць цёткі старыя рукамі, I глядзяць, як мы аб тыя ж б'ёмся камні. I гавораць толькі: «Не, не перайначыцца, Покуль досыць з бед уласных не наплачацца».

ВОЗЕРА

Я тут свая. I велічнай сасною Мне гнеўны бор не стане на шляху. I кожным ранкам, возера лясное, Я на сустрэчу да цябе бягу. На шызых вёслах кроплі, як чарніпы. Празрыстая вада да чарнаты. Як вартавыя, на тваіх граніцах, Падняўшы пікі, сталі чараты. I розных крыўд забыўшы недарэчнасць, I непатрэбных спраў штодзённы гул, Гарэзная і вольная, як рэчка, Я кожным ранкам да нябе бягу...

КАЗКА ПРА ДУБ

Сасватала ўсё ж вясёлка Капрызную за дубка. Ды аказалася ў ёлкі Надта шурпатай рука...» Сон кладзецца на вейкі, Хораша на душы. «Любы, скажы мне што-небудзь, Казку мне раскажы». А ён усміхнуўся хітра I пачынае здалёк: «Калісьці ў дрымучым лесе Жыў асілак-дубок. Ды закахаўся ён раптам У ёлку — суседку сваю. Яшчэ і сягоння асіны Аб той прыгажуні пяюць. Клёны з усёй аколіцы Слалі да ёлкі лісты. Ні з чым ад яе вярталіся Вятры — ліхія сваты.

* * *

Упершыню вачаняты свае адкрывае Дзіця павольна, нібы нехаця. I да болю пранізвае адчуванне Вялікай цаны жыцця. Яго, ружовае, безабароннае, На рукі табе даюць: «Трымайце!» I дзяўчо учарашняе дарослаю робіцца, Становячыся раптам маці. Дзёрзкая модніца ўчарашняя (Ёй словы высокія — востры нож) Становіцца маці, што пойдзе бясстрашна Па дроту іржаваму басанож...

ГРОДЗЕНШЧЫНА

Над зямлёй — спелых яблык духмяны разліў. Мне б упасці, уткнуўшыся тварам у жоўтае лісце. Вочы поўніць пяшчота да гэтай зямлі, Вусны поўніць прага да гэтай зямлі, Сто разоў расстралянай і тысячу збітай калісьці. Навісалі касцёлы над ёй, нібы груганы. Выразалі, як хлеба акраец, яе з Беларусі, I тапталі не раз і свае, і чужыя паны, Каб забыць сваё слова, свой гонар і славу прымусіць. А яна, непакорная, ўсё паднімалася зноў, Галавы не схіляючы перад чужынцам ніколі, I расціла, і ўкладвала ў душы сыноў Сваю прагу да шчасця, да лепшае долі.

* * *

Нёман, пад ільдом крыштальна-сінім Моц надзейна схована твая. А вясной, паспрабаваўшы сілы, Мусіць, разальешся утрая. Мне ж - не раскаваць ніколі сэрца, Мне ж - трымаць сябе усё жыццё. А пад лёдам раўнадушна б’ецца Упартае, жывое пачуццё...

* * *

Хаваюцца ў сіняй далечы Канцы і пачаткі вякоў. Не ўбачыш, адсюль выглядаючы, Скрыжаванні ўласных шляхоў. Не знаеш, чые дарогі Увойдуць у лёс як працяг, Не выкрасліш памяццю строгай Ніводнай сустрэчы з жыцця. Не абарвецца ніводнага Легкадумнага ўчынку ніць. А за памылкі даводзіцца Так доўга і цяжка плаціць...

ЖНІВЕНЬСКАЙ НОЧЧУ

Памяці Антона Савіцкага, першага сакратара камсамольскай арганіза-цыі Забалацкага сельсавета, і забіта-га бандэраўцамі ў 1948 г.

Жнівеньскія ночы — трывожныя, зорныя, Пахнуць косы дзяўчат вадою азёрнаю, I матулі шчыльней зачыняюць дзверы, Пахне аерам... Чаму ж ты хлапчыну гэтага, ноч, не ўберагла? Пад ім зямля папалам з крывёй ліпкая, як смала, I неба, перад світаннем шэрае, кружыцца ў вачах, I цені, чорныя цені, здаецца, нешта крычаць. Ды не, не крычаць — баяцца ружовай раніцы цені. «Падыміце яго,— гавораць, — пастаўце яго на калені. Хай перад смерцю памоліцца камсамолец». У садах вільготныя яблыкі, шызыя ад расы, Пахнуць мятай і верасам у дзяўчат валасы. Праз гады я ім, семнаццацігадовым, крычу Кожнай жылкай сваёй: «Па-мі-раць не ха-чу-у!» Толькі не — не крычу — ён тады ж не крычаў. Адбіваўся світанак у сініх вачах. I ў паветры апошняе слова дрыжыць: «Я памру, але будзе улада савецкая жыць».

НА ВУЛІЦЫ ЗАМКАВАЙ

Калі дождж палошча вуліц улонні I вісіць адзінотаю ноч на душы, Захінайся хутчэй ў дарагую «балонню» I на вуліцу Замкавую спяшы. Тут нікога не будзе — аўтобусаў тлумных I прахожых цікаўных, — тут ніхто не жыве. Толькі ходзіць ля сцен старажытных бясшумна Побач з векам дваццатым трынаццаты век. Хай кране цябе вечнасць далонню шурпатай, Голас продкаў далёкіх ў цішы прагудзе, I чамусьці адразу з душою крылатай Крочу з вуліцы Замкавай да людзей.

ЛЕС

З аўтобуса-кошыка сыплемся мы, як арэхі, I, расправіўшы плечы, глядзім зачарована: «Лес!» А з-за соснаў цікуе пярэстае гулкае рэха, Як даверлівы, з цёплаю пысай алень. Я падам яму руку і моўчкі пайду без дарогі. Будуць падаць на плечы, нібыта сузор'р, лісты. I старая яліна, як маці, трывожна і строга Запытае: «Са шчасцем ці з горам сюды?» Я схілю галаву да каленяў яе заімшэлых, Ціха споведзь пачну пра сумленні і ўдачы ў жыцці. I захочацца раптам павечна ў лясны гэты шэлест Хоць калючай сасонкай праз леташні мох прарасці...

* * *

Каму патрэбна поле, што прыгожаю ўспыхне сурэпкай? Усе ад зямлі чакаюць жытніх калоссяў густых. Мы ўсе у каханні шукаем — а толькі знаходзім рэдка — Звычайнай, самай звычайнай чалавечае дабраты. Бывае — жыве ў доме мужчынская ласка і шчыраспь, I час хадою няспешнай над хатнім спакоем ідзе. I толькі нікому не скажа, ніколі не скажа жанчына, Як холадна ёй і няўтульна у цёплым яе гняздзе...

* * *

Больш са мною ніколі такога не будзе — Не паўторыцца двойчы нішто на зямлі. Аб сустрэчах кароткіх, нібыта аб цудзе, Мне напомняць — уколюць галінкі ялін. Я трымаю ў далонях галінку тугую: Не кранай толькі сэрца, лепш рукі ўкалі! Што ж рабіць, калі я па тых стрэчах сумую I па тых, што не вечна нішто на зямлі...

* * *

Так бывае ноччу вераснёвай: Туман на бераг голаў пакладзе, I ў трыснягах трывожна і вяснова Шчупак заплешча раптам па вадзе. Сарвецца з плыні цішыня таропка, Здалёку крыкне кнігаўкай: «Піць-піць», I доўга будуць з сонных елак кроплі У Нёман, як у гулкі бубен, біць.

* * *

Што такое каханне? Цяжка мне На пытанне адказваць гэтае. Кожнай жылкай сваёй цягнешся Да вачэй яго, сонцам сагрэтых. Сэрца сціснута ў камень балючы, А ідзеш да яго вясёлая, Злыя плёткі, як дрот калючы, Разарваўшы рукамі голымі. I надзею згубіўшы зыбкую, Ад тупога адчаю старэючы, Назаўжды з ім аднойчы разыдзешся, Дараваць яму не смеючы...

* * *

I вясёлая, і прыгожая, А заўсёды адна чаго ж яна? Хлопцы ходзяць за ёю спраўныя, А кахання няма сапраўднага. Ёй бы зоркай быць каля месяца Ці вярбою над возерам звесіцца. Ды нашто сваёй ласкай, усмешкамі Раскідалася, як арэшкамі? Адзінокая, стыне зорачка... Да каго прыхіліцца ёй горача, Разабрацца, калі паклікае Пачуццё непустое — вялікае?

* * *

Ноч, як хлапчук, па ільду канькамі скрыгоча, А сон у пакрй мой ісці ўсё не хоча. Бяроза Снягуркай ля ганка стала — Мой сон, нарэшце, закалыхала. Цішыня, як струна, уздыхае: «Дзінь-дон», I скрыпіць у кашлі стары наш дом. Успамінаю чыесьці крокі... Ці не твае, мой далёкі?

* * *

Ёсць у Гродна вуліцы, нібы гаі птушыныя: Перапляліся кроны ў вышыні. I ездзіць тут начамі старажытнасць Па вышчарбленым бруку на кані. Стаяць дзядулі — сівізна на скронях,— Як варта, каля замкавых байніц, Нібыта ў Нёмнавым блакітным звоне Далёкае юнацтва іх звініць.

НА СПАТКАННІ

Гатова стрэлка скокнуць да васьмі. Агні ў асфальце мокрых вуліц плешчуцца. Бягу, хаця заняты ўжо людзьмі Пад дрэвамі усе сухія плешыны. Халодны вецер злосна хвошча нас, I сыпле ў твары жоўтым лісцем восень. А ты чамусьці кажаш, што вясна Прыйшла к табе сягоння роўна ў восем...

* * *

Я з лекцыі бягу на трэніроўку. Пасля заняткі, кнігі дапазна. А побач ўсміхаецца сяброўка, А у вачах яе — вясна-вясна. Ды не сумую я — калі расплешча Вясна зялёны водар на палі, I да мяне падыдзе самы лепшы, Прыгожы самы хлопец на зямлі.

СУСТРЭЧА

Не за табою няўцямна кідаюся. Мне ж не патрэбна ніякіх прыгод. Бягу за лодкай у чаромхавых зараслях, Што плыве праз мой семнаццаты год. Ты там цалаваўся са смешнай дзяўчынкай, I ў белай сукенцы, у нейкім вянку,— Што тады была гэткаю чыстай і шчырай, Як не быць ёй ужо на сваім вяку. Рэдка збоку сябе, пасталеўшы, бачым мы. Па жыццю лягчэй бяздумна прайсці. Адплываюць гады, як лодка рыбачая, 3 тым, што спраўдзіць хацелася ў жыцці. ...Не за табою няўцямна кідаюся. Жыццё, тую хвілю на момант вярні! Сустрэцца б з дзяўчынкай у чаромхавых зараслях, Павучыцца ў яе чысціні...

Оглавление

  • Вольга Іпатава РАНІЦА
  • РАНІЦА
  • * * *
  • КАЛОЖА
  • * * *
  • * * *
  • МАІМ АДНАГОДКАМ
  • * * *
  • * * *
  • * * *
  • РАНІЦА 22 ЧЭРВЕНЯ
  • БАЦЬКУ
  • ЗА АКНОМ ЗАЦВІТАЮЦЬ ВЯРГІНІ...
  • * * *
  • * * *
  • ВЁСЦЫ
  • * * *
  • * * *
  • * * *
  • СНЯЖЫНКІ
  • * * *
  • ВІЛЬНЮСУ
  • * * *
  • * * *
  • * * *
  • ВОЗЕРА
  • ВЕЧАР НА НАРАЧЫ
  • * * *
  • * * *
  • * * *
  • НА ПРАСПЕКЦЕ
  • * * *
  • * * *
  • ВЯСНЕ
  • ЛАСАСЯНКА
  • КАЗКІ
  • ГОРАДУ
  • * * *
  • * * *
  • * * *
  • * * *
  • * * *
  • МАЧЫХА
  • ПЕРАД КАСАВІЦАЙ
  • НОЧЧУ
  • * * *
  • * * *
  • * * *
  • * * *
  • ВОЗЕРА
  • КАЗКА ПРА ДУБ
  • * * *
  • ГРОДЗЕНШЧЫНА
  • * * *
  • * * *
  • ЖНІВЕНЬСКАЙ НОЧЧУ
  • НА ВУЛІЦЫ ЗАМКАВАЙ
  • ЛЕС
  • * * *
  • * * *
  • * * *
  • * * *
  • * * *
  • * * *
  • * * *
  • НА СПАТКАННІ
  • * * *
  • СУСТРЭЧА Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

    Комментарии к книге «Раніца», Ольга Михайловна Ипатьева

    Всего 0 комментариев

    Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

    РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

    Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства