«На флейце самоты [Лірычныя мініяцюры ў жанры “танка”]»

641

Описание

«На флейце самоты» - кніга пяцірадковых лірычных мініяцюр, напісаных у жанры класічнага японскага верша «танка». Складаецца кніга з двух сшыткаў. У першым — «А святло ўсё ідзе» - лірычныя роздумы пра Бацькаўшчыну і яе лёс, пра часовае і вечнае, пра выпрабаванні для душы і сэрца на жыццёвай дарозе чалавека. Другі сшытак прысвечаны памяці той, якой не стала. У ім - несціханы боль і непазбыўны смутак. I невымернае пачуццё ўдзячнасці ёй і лёсу, які звёў дзве светламройныя пуцявіны ў адну.



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

На флейце самоты [Лірычныя мініяцюры ў жанры “танка”] (fb2) - На флейце самоты [Лірычныя мініяцюры ў жанры “танка”] 68K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Нил Семёнович Гилевич

Ніл Гілевіч НА ФЛЕЙЦЕ САМОТЫ

Лірычныя мініяцюры ў жанры “танка” 

Падрыхтаванае на падставе: Ніл Гілевіч, На флейце самоты: Лірычныя мініяцюры ў жанры “танка” — Мінск: Выдавецтва Про Хрысто, 2004. — 92 с. — (Бібліятэка часопіса «Наша вера»). 

Рэдактар: К. Лялько

© OCR: Камунікат.org, 2010

© Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2010 

Трыццаць адзін склад

Уціснуць у пяць радкоў

Строга па схеме:

Пяць-сем-пяць-сем-сем, — і ўсё!

Вось вам, сябры, і «танка».

А СВЯТЛО ЎСЁ ІДЗЕ

2002-2004

Што гэта ў цемры Свеціцца там, дзе клады? Ледзь здагадаўся: Фасфарысцыруючы,  Мова выходзіць з магіл. Задыхаюся. Не хапае паветра — Бы ў душагубцы. А стаю на пагорку, Пад небам, сярод палёў. Злуюцца, крычаць: «Дакуль ты іх будзеш сніць — Вершы аб волі?» Злуюцца... А хіба ж я Снам у сне загадаю? Памяць маленства: Над чорным полем — імжа. Сагнуўшыся ў крук, Грэбае мама раллю I кідае ў кош бульбу. Усё паспела Адкрасаваць у пару, Яшчэ за цяплом, Толькі «бабіна лета» Ізноў апаліў мароз. Сядзіць і плача, А чаго — не гаворыць. I страшна спытаць — Каб не пачуць такое, Што й сам зальюся слязьмі. Доўгі летні дзень Зглуміў на прыіску слоў. А ўвечары ў двор Аднекуль прыплыў дымок — Напомніў, што ёсць жыццё. Дожджык уночы Яблыньцы каля ганку Штось шэпча. I мне Не хочацца ў хату йсці — Наўспамінаюся хоць. Кветка за кветкай, Адцвіў і пажух няўзнак Мой агародчык. Сумна, бо скора, відаць, Адцвіце мне і сонца. Музыка ночы! Неба з зямлёй злучыла!.. А камертонам Ёй паслужыў цвыркунок Першы азваўся ў цішы. Як магму вулкан, Выварочвае памяць Расплаўлены боль. Куды ўцяку ад яго, Каб не спапяліў ушчэнт? Не ўгледзеў, калі Стала радзейшым нашмат Рэшата Бога, А толькі бачу, што ўжо Дзён засталася жменька. Разлёталіся, Размільгаліся думкі Ні сабраць, ні ўняць. I чаму на Купалле Такая доўгая ноч?.. Спацелай спіной Адкінуўся да камля Старой бярозы — Iвечнасці халадок Адчуў у спякотны дзень. Навошта я зноў I зноў забіраюся У глуш самоты? Навошта трывожу цень? Каб зведаць яшчэ раз боль? Як вымерла ўсё — Такая глухая ноч! I раптам недзе — Згадкай пра край маленства — Далёкі сабачы брэх. Сем тыдняў сухмень. З лесу цераз дарогу Вавёркі ў мой сад Грызці ранеткі бягуць. Піце, звярочкі, піце! Грыб ля дарожкі. Ах жа, які прыгажун! Не трэба, а ўзяў. Інстынкт паляўнічага. Можа, каму падару? Так, ты ўзвысіўся. Бо часу на гэта меў. А колькі ж яна Табе аддала жыцця, Каб самой не ўзвысіцца? Прыйшла паглядзець, Каго ж ён за жонку ўзяў, I бачна было, Як усё ў ёй крычала: «Божа! За што Ты яго?..» Лісток за лістком Кідаў яе слёзы ў печ. I думаў: спаліў, I стане душы лягчэй. Дзівак! Ці ж слёзы гараць? Зімовая ноч. Калянага неба стынь — Ад зор да зямлі. Мароз такі — што вусны Ад вуснаў не адарваць. Зняможаная Палам любоўнай жарсці, Адкінулася На шырачэзным ложку I выдыхае шчасце. Паміраючы, Маці сказала чамусь Сыну-студэнту: «Апрача твайго таты, Я мужчыны не знала...» Пачуўшы мяне, Дразды шуганулі прэч З чорнай рабіны. Не знаюць, як люба мне Бачыць іх баль асенні. Нарэшце прайшлі Дажджы — і ў лесе стаіць Саладжавы дух Падапрэлага лісця. Нібы ў астылай лазні. Як смачна яно Смокча матчыны грудзі, Красу й маладосць! На пероне вакзала. Перад першай дарогай. Тонка-п'янлівы Водар тваіх валасоў Перагукнуўся З водарам верасу — тым, Што нас п'яніў на ўзлеску. Вось і ў табе ўжо Бачу адно дабрыню, Ціхасць і стому. Як моцна цяпер ты мне Напамінаеш маму! Ёсць водападзел Рэчак і рэк на зямлі — Воля прыроды! А ёсць і водападзел Душ. Чыя ж бы тут воля? Якая цяплынь — Якраз пасярод зімы! Выйшаў на ганак — I здалося: дыханне Адталай раллі пачуў. Зноў быў навёў я Ідэальны парадак На сваім стале — I зноў, дзякаваць Богу, Перамагае жыццё. Сэрца не здрахла — Яму не даюць драхлець Добрыя людзі: Раняць і раняць яго. Дык мабілізуецца! Як заспяваў ён — Раптам, на сцежцы лясной, Летнім світанкам! Адкуль жа трэба ісці, Каб гэтак шчасліва пець? Падалі адвар. Водар — родны, а чаго — Пазнаць не магу. Ці не гэта і ёсць лёс Беларускай культуры? Смецце ў космасе Носіцца па арбітах — Абломкі ракет... Гляджу ў сінь нябёс: ну й ну! I там насмецілі ўжо! Самы высокі I самы белы касцёл — Наш быў, у Гайне. Заглянеце мне ў душу — Пераканаецеся. Так страшна ўявіць, Колькі я дам аднойчы Клопату родным, — Што хай бы я ўлёгся лепш Дзесь у брацкай магіле. Да дзеда ў госці З мамай ідзем — ірвуся Наперад хутчэй, — Знаю: за трэцяй гарой Будзе дзедава вёска. А быў жа ён — час, Калі мне здаваліся: Рачулка — ракой, Пагорачкі — горамі, Дзедава слова — Божым. Белая поўня. Белы сувой дарогі. Скора і дома! Камашы ў адной руцэ, Куфэрак кніг — у другой. «Любіць — не любіць...» Помню, абшчыпваў і я Белы рамонак. Забава, а як хацеў Скончыць пялёсткам «любіць»! Сон, а забыцца Не хоча. Дзіўная рэч: Праходзяць гады, А ён, той сон пра яе, Не-не ды і ўспомніцца. Старыя кнігі... Наважыў збыць — і не змог: У кожнай — знакі Алоўка... Вешкі пуцін, Якімі ішла душа. Праз колькі гадоў Унук мой будзе юнак, I нейкі мардач Пагоніць яго ў Чачню... Лепш сёння загіну я!.. Перад канчынай Бацька мне скрушна сказаў: «Вось, паміраю, А тых, з кімі ўсё жыццё Змагаўся, стала шчэ больш...» Як добра было б, Каб знік страшны цень вайны, Каб рунь ажыла, I каб шпакі занялі Домік, што я ім зрабіў! Родныя гукі... З гукаў — родныя словы... Са словаў — песні, Казкі, паэмы, драмы, Жыццё, Радзіма, Народ. Той, хто праславіў Бацькаўшчыну — папрасіў Два метры зямлі, Каб вярнуцца з чужыны... З удзячнасці — не далі. I я зразумеў: Хоць кінься грудзьмі на дот За волю Тваю — I з амбразуры зняты Не пераканаю іх. Часцей і часцей Апынаюся думкай На тым пагорку, Дзе мама, сястра і брат. I камяні. I сосны. Скора ўжо, скора Пройдзе, я веру, Гасподзь Па нашай зямлі. Толькі патрапіць бы нам Ступіць у Яго сляды. Ужо холадна, Ужо хочацца ў хату Падацца з двара I з напаленай грубкай Павітацца далоньмі. Гляджу на пусты, Голы садок. А ў думках: З кім я? I што я?.. На бязлістай галінцы Склее забыты яблык. Музыка лесу Заўсёды ў душу спакой Мне навявала. Што ж гэта сёння так Хвоі шумяць трывожна? Між чорных ялін, — Сонечна-жоўтыя спрэс, Сям-там бярозы, — Бы свечкі гараць, каб я Не заблудзіўся ў нетры. Вы — маеце ўсё, А я — толькі вяргіняў Кустоў дзесятак. Што ж трэба вам ад мяне? Даць на развод? Вазьміце!.. Зненавідзеўшы I прадаўшы ў няволю Родную мову, Гэныя дочкі-сыны Прададуць і Радзіму. Аж не верыцца, Гледзячы ў вочы жыццю, Што колісь і мы Мелі гонар дзяржаўных, Свабодных душой, людзей. Гэтыя возьмуць Верх ва ўсім і заўсёды, Бо ў іх вачох — Тое, чаго не было У вачох маіх продкаў. Пад вечар набіў I сяннік і падушку Шэптам мурагу, Водарам спелых зёлак. Што сёння прысніцца мне? Рэдкая ўдача — Сонечны дзень пасярод Восені чорнай. Як узнагарода тым, Хто чакае і верыць. Уночы яна Так сырадоем пахла, Як быццам у ім Выкупаная была. Трыумфавала святасць. Гронкі каліны Ярка зырчаць на сонцы Над снежным долам. Занадта прыгожыя, Каб не заўважылі іх. Чаму ты, браток, Гэтак крычэў на мяне — Дзіка, сіберна? Чаму не дае мне Бог Забыць гэну злосць тваю? Позна, брат, позна За локаць сябе кусаць. Хто ж вінаваты, Што быў і сляпы, як крот, I, як дзіця, наіўны. Мне цяжка вельмі: Я знаю, што зрабілі За сотні гадоў З нашай ліцьвінскай душой Чужакі-акупанты. Дзед мой казаў так: «Якая розніца, хто — Жандар ці гандляр — Сядзе на галаву мне? Скіну — хто б з іх ні ўсеўся!» Па чым пазнаю, Што ты — мой брат беларус? У тваіх вачох — Наша гісторыя ўся, Усе дзесяць стагоддзяў. Вы думаеце, Што ў вас апраўданне ёсць? Так думаў і я. I гэта мой страшны грэх Перад памяццю родных. Усё замёрла: Ні лісток, ні травінка — Не шалахнуцца. Бы ў чаканні прысуду, Што зараз абвесціць гром. Гадзюка ў дзічы Скуру змяніла: такі — Прыроды закон. Выпаўзла з выпаўзіны I папаўзла... гадзюкай. Гэта не праўда Крычыць у табе, о не! У праўды, браток, Вочы — як васілёчкі, Вымытыя расою.

ПАМЯЦІ НІНЫ

2003-2004

Ведаю: гэта — Толькі маё. Да скону. Навошта ж пішу? Ну, можа, знойдзецца хтось, Хто зразумее нешта. Ціха ляжала. Думаў, што спіць. I раптам: «Ты ж трымайся, Ніл! Ты ж трымайся!..» — сказала. Не адкрываючы воч. «Падвядзі мяне Да вакна, — папрасіла. — Хачу паглядзець...» Праз паўхвіліны цяжка, Скрушна сказала: «Усё...» «Я паміраю. Ты разумееш гэта? Я паміраю...» Божа, за што ты судзіў Мне перажыць такое? Абарвалася... Усё абарвалася... Усё пагасла... Усё, што свяціла мне I абяцала свяціць. Помню, сказала: «Ой, як ты будзеш плакаць, Калі я памру...» Не, не ўяўляла яна Плачу майго землятрус. Божа, ты ж бачыў Як ёй хацелася жыць! Чаму ж так? За што? Знаю адказ твой, Божа. Даруй мне мой боль і страх. Як ты прасіла: «Дамоў! Хоцьнадзень дамоў!..» I вось ты дома. I толькі на дзень. Заўтра Пакінеш свой дом навек. З гэтага часу На Кальварыйскіх кладах, У ціхім кутку, Будуць твой сон сцерагчы Сплаканыя таполі. Прыйшоў да цябе, А далакопы наўзбоч Яму капаюць... Хто ляжа ўжо сёння тут? Хай бы ўсё ж добры хтосьці. Лісты прыходзяць. Чамусьці кожны канверт Я ўскрываю так, Як быццам у ім знайду Выслабленне ад болю. Дзе ты, куды ты Гэтак далёка пайшла, Што не прыходзіш? Вочы прагледзіў — няма. Слухаю ціш — не чутно. Плачу і плачу. Я і не знаў, што ў мяне Слёзы так блізка. Як ні згадаю цябе — Вочы да Бога плывуць. Таго, што хацеў Пачуць у апошні час, — Ты не сказала. Можа, і лепш, бо, можа, Было б мне яшчэ цяжэй. Вось і настала Страшнай расплаты пара: Курчуся ў муках I праклінаю сябе — I ратунку не бачу. Перабіраю У памяці тыя дні — Тыя, што нашы... Божа, які мізэрны I жалкі я перад ёй. Ты — вечным жыла: Любоўю і дабрынёй. I будзеш вечна. А я — быў рабом часу. Гэтым і пакараны. Тымі ключамі, Што я адмыкаў дзверы У свет мілаты — Цяпер адмыкаю ў стынь, У пустату, у вусціш. Я знаю, чаму Мне так нясцерпна баліць Даўні твой здымак. Страшны быў першы твой боль. З ім і сышла ў магілу. Сто дзён я хадзіў Высакародна хлусіць: «Ты паправішся...» I вочы ад воч хаваў, Каб праўду не ўбачыла. Сядзела моўчкі. Як бы не чула мяне. I я замаўкаў. Пра што яна думала? Ніколі не буду знаць. Усё бачыла. Пакутвала. Плакала. I малілася: «Божа, падтрымай яго! Маіх сіл не хапае!..» Гэта быў подзвіг Твой чалавечы — каб я Чуўся шчаслівым. Чуўся, таму й не бачыў, Таму й не цаніў, сляпы. Помню, сказала: «Хадзем, палюбуемся, Як прамяніцца Наш бел-чырвона-белы!..» Быў Дзевяноста Другі. «Што яны робяць З Беларуссю! — плачучы, Крычала яна. — Я не стрываю й памру!..» I — памерла. Ад гора. Як мала тваіх Выслухаў я ўспамінаў! Усё адкладаў: «Будзе на гэта старасць». А старасці Бог не даў. У кожнай кветцы — Той, што ты пасадзіла, Бачу, здаецца, Твой, поўны суму, пагляд... Можа, таму, што восень? Знаю, якой ты Ад Бога ка мне прыйшла — Якой святлістай! Знаю, што ўзяў у цябе. А ці што даў — не знаю. Ніводнай гронкі Чорнай рабіны ў двары Ніхто не сарваў. Пакінута ўся драздам — На дзяды. На памінкі. Якую ўжо ноч — Толькі пачну засынаць — Боль працінае: «Чаму ты крыўдзіў мяне? Няўжо ты не знаў, хто я?» Хаджу паплакаць... Лепш, як побліз магілы Нікога няма, — Тады можна і ўголас. Уголас не так баліць. Кажуць і кажуць: «Звыкнешся, боль ападзе, Час, брат, — ён лечыць...» Кажуць так шчыра, нібы Вераць у гэта самі. На фотаздымак Гляджу, у вочы твае, — Істолькі бачу! Столькі крыўды і скрухі — Што воўкам завыць хачу. I чуецца мне Ціхі журботны голас, — Той, у палаце: «А ружы ці зацвілі? Праўда? То гэта добра...» Нехта прыходзіў I на курганок пад крыж Цукеркі паклаў. Выпадкова ці ведаў — Тыя, што ты любіла. Хмары зрадзелі, I запылала сонца На клёне ў вакне. Так бывала, калі ты Заходзіла ў мой пакой. Божа, якою Няшчаснай, пакрыўджанай Ты ўранку была! Хай бы я лепш не ўбачыў. Хай бы я ноччу памёр. Як ты трымцела Над верай сваёй! I як Змагалася ты — З сабой і з цэлым светам, — Каб той веры не страціць! Радасці тыя, Прагнуў якіх я, — былі Д'ябла грымасы. Знаў бы я, чым для мяне Абернецца кожная!.. Ціха страсаю З заледзянелых вянкоў Шэрань і чую, Як хутка ў нутро душы Прабіраецца холад. Наша з табою Мы ўспаміналі разам. Як люба было! Успамінаць аднаму — Цяжка, няўсцерп балюча. «Паклёп іх і бруд Ты не прымай да сэрца», — Гэтак сказала Мне на сустрэчы яна. Сёння. У сне. У поўнач. Вось і снег суздром Укрыў магілу тваю. Стаю і зябну. I думаю пра сябе: «Толькі каб не зімою...» Сёння — паўгода... Выйшаў на ганак у ноч. Божа, якое Чорнае неба ўгары! Хоць бы адна дзе зорка!.. Ізноў і ізноў Я вяртаюся ў тое, Што не збылося. Горка. Ды лепш, чым думаць Аб тым, што не збудзецца. Як кроплю расы Долу баіцца праліць Поўненькі венчык — Гэтак баялася ты Долю праліць няўмысна. Ноччу пабачыў Як ты ламала рукі — Ад болю, ад мук — Над цяжка хворым дзіцём... I я зразумеў усё. Што ты стрывала, Сцярпела і вынесла — Знаю адзін я. Пэвен, што ў нашым краі Святых жанчын больш, чым дзе. З кім падзяліцца Мне болем за родны край — Так, як з табою? Так — каб сляза у слязу. Так — каб на клятву клятва. Помню, спытаўся: «Што ад мяне ім трэба? Чаму так грызуць?» I ты адказала мне: «Душу не прадаў — таму». «Ну й патрыёты! — Балесна ўздыхнула ты. — Няўжо ім няўцям, Што гэтай хлуснёй яны Б'юць Беларусі ў сэрца?» Мама... I Ніна... Як паміралі страшна!.. Вось і выходзіць: Хто ў муках пражыў жыццё — Ім і пакутная смерць. «Глядзіце, прашу, Каб у дворыку нашым Прыгожа было...» Успомніў просьбу тваю — I так сорамна стала. Годнасць і гонар За свой чалавечы сан — Годнасць і гонар. У гэтым ты ўся была. I на людзях і дома. А радасць жыцця, З якой ты прыйшла на свет, — Гасла і гасла... Усё радзей і слабей Свяціўся ёю пагляд. Любіць і цярпець. I не прыніжаць сябе Маладушнасцю. Да апошняга ўздыху Ты годна несла свой крыж. У нашым садку — Гняздзечка ў сівец-траве, I птушачка ў ім. Не хоча развітвацца Са мною твая душа. Ты плакала так Жаласліва — як дзіця Знясіленае, Што ўжо не можа гукаць Маму, а толькі плача. Найстрашнейшая Кара з усіх на зямлі — Кара памяці. О каб мог я забыцца На гэны роспачны плач! На што ні зірну — На хатку, кветнік, садок — Ва ўсім мне відзён Запозна ўяснёны мной Геній тваёй любові. Усё, што магла, Ты для мяне зрабіла. Усё, што магла. I нават намнога больш: Выгнала д'ябла з душы. Няма таго дня, Каб не падступіла мне Памяць да горла — Жалем, балючым няўсцерп. Ці не да Бога іду? Пытаецеся, Чаму не хаджу я ў храм На пакаянне? Чаму?.. Не хачу, каб Бог Зменшыў пакуты мае. Паэт Юрый Млынк, Неўзабаве па смерці Жонкі Марыі, Кончыў з сабой. Здаецца, Я разумею яго. Кожны год вясной Я загадваў, пачуўшы Голас зязюлі: Колькі ж мне накукуе? Сёлета — не загадаў. Да астатку дзён, Па самы апошні ўздых, На гэтай зямлі Ты — светач душы маёй. I там будзеш ім, і там...

Оглавление

  • Ніл Гілевіч НА ФЛЕЙЦЕ САМОТЫ
  • А СВЯТЛО ЎСЁ ІДЗЕ
  • ПАМЯЦІ НІНЫ Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

    Комментарии к книге «На флейце самоты [Лірычныя мініяцюры ў жанры “танка”]», Нил Семёнович Гилевич

    Всего 0 комментариев

    Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

    РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

    Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства