«Сачыненне на вольную тэму: Вучэб. дапаможнік»

8697

Описание

У кнізе засведчаны вынік шматгадовага вопыту выкладання курса на выбар «Тэорыя і практака сачыненняў розных жанраў». На канкрэтных прыкладах (у зборніку капя 40 тэм) паказана, як авалодаць тэхналогіяй сачынення на вольную тэму і пазбегнуць тыповых недахопаў. Галоўная мэта выдання — дапамагчы старшакласнікам навучыцца ўключаць прачытанае і пачутае ў ацзіную сістэму, авалодаць майстэрствам сінтэзу, напаўнення адпаведным літаратурным матэрыялам акрэсленай тэмы.



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

М. І. Верціхоўская, В. У. Верціхоўская Сачыненне на вольную тэму

Ад аўтара

У кнізе рэалізавана спроба дапамагчы старшакласнікам авалодаць тэхналогіяй напісання сачыненняў на вольную тэму, пераадолець звязаныя з гэтым складанасці, пазбавіцца тыповых недахопаў у сачыненні.

Сутнасць тэхналогіі заключаецца найперш у майстэрстве сінтэзу, напаўненні адпаведным літаратурным матэрыялам акрэсленай тэмы, уключэнні прачытанага, пачутага ў адзіную сістэму.

У кнізе адсутнічае тэарэтычная частка. Шматгадовы вопыт выкладання літаратуры пераканаў аўтараў кнігі, што найбольш складаныя моманты навучання (а навучанне сачыненню да такіх і адносіцца) патрабуюць не тэарэтызавання, а менавіта практычнага ўзору. Нездарма ж некаторыя настаўнікі ў сваёй практыцы карыстаюцца такім прнёмам, як «пішу разам з вучнямі». Так, яны пішуць сачыненне разам з вучнямі, а потым прапануюць яго на абмеркаванне, параўнанне з вучнёўскімі напрацоўкамі.

Справа ў тым, што вучні выдатна ведаюць, як не павінна быць, але пераадолець тыповы недахоп у сачыненні надзвычай складана. Толькі веды пра тое, што ў сачыненнях такога жанру павінна быць выяўлена і цесная сувязь з літаратурай, творчасцю беларускіх пісьменнікаў, сітуацыю да лепшага не змяняюць.

У кнізе «Сачыненне пра сачыненне» Л. С. Айзерман, маскоўскі настаўнік-славеснік, слушна зазначае, што «сінтэз патрабуе не менш, а магчыма, больш навыкаў, сіл, часу, чым самае руплівае даследаванне. Самае цяжкае — уключыць прачытанае, пачутае ў адзіную сістэму».

Да ўсяго некаторыя лічаць, што сачыненне на вольную тэму — самы «лёгкі» жанр, падуладны кожнаму. Лічаць, што калі на вольную тэму, то і аўтар вольны пісаць што хоча і пра што захоча, толькі б гэта неяк адпавядала тэме.

Уласныя «вольнасці» вельмі часта падаюцца як адкрыцці з прэтэн зіямі на парадаксальнасць мыслення і светабачання. Такія «адкрыцці», як правіла, падстрахоўваюць, папярэджваюць словамі тыпу «я лічу», «я так думаю», «я мяркую». Дарэчы, на гэта часам арыентуюць абітурыентаў і гора-рэпетытары. Аднак частотнасць у сачыненні згаданых прыставак не ратуе ад банальнасцей. Гэта падобна сцвярджэнню, што быць здаровым лепш, чым быць хворым. А прыстаўка «я лічу» яшчэ відавочней выяўляе банкруцтва і прэтэнцыёзнасць аўтара.

Кепскую паслугу абітурыентам робяць тыя ўкладальнікі растыражаваных шматлікіх зборнікаў сачыненняў, якія ў тэарэтычных частках зборнікаў раяць і нават патрабуюць, каб у сачыненнях было выяўлена, «паказана духоўнае сталенне» іх аўтараў. Але ж нельга патрабаваць немагчымага. Вымушаны нагадаць, што духоўны вопыт і «духоўнае сталенне» юных аўтараў яшчэ не на тым узроўні, каб яго дэманстраваць. Такія непасільныя патрабаванні якраз і правакуюць на няшчырасць, а часам і хітраванне ў форме дэкларацый, заклікаў, абяцанняў і нават клятваў.

Ад аўтара сачынення на вольную тэму патрабуецца не дэманстрацыя ўласнага духоўнага вопыту, а адпаведна выяўленае ўсведамленне ім духоўнага вопыту пісьменнікаў, засведчанага ў мастацкіх творах. I, паўторым, здольнасць уключэння асэнсаванага ў пэўную сістэму, навыкі сінтэзаваць пачутае і прачытанае. Тым і адрозніваецца сачыненне на вольную тэму ад сачынення на літаратурную. Сачыненне на літаратурную тэму патрабуе акцэнту найперш на аналіз твора як факта мастацтва. Сачыненне на вольную — менавіта на сінтэз. Агульнае патрабаванне да абодвух жанраў — выяўленне асэнсавання і спасціжэння духоўнага вопыту пісьменнікаў, засведчанага ў мастацкіх творах. Гэтыя патрабаванні з'яўляюцца і патрабаваннямі канцэпцыі літаратурнай адукацыі, рэалізацыя якой — галоўная задача настаўніка-славесніка.

Іншая справа, што ў юнага чытача, аўтара сачынення, ёсць поўнае права, усвядоміўшы канцэпцыю пісьменніка, не пагадзіцца з ёй. У такім разе аўтар мае права крытычна паставіцца да духоўнага вопыту, засведчанага ў творы, ці да мастацкага ўзроўню яго рэалізацыі. Вось тады да месца будуць і «я лічу» і нават «я думаю інакш». Гэта падобна да таго, як аднойчы абітурыент узбунтаваўся адносна самой фармулёўкі тэмы: «Катерина — луч света в тёмном царстве». Ён заявіў, што не лічыць ні тое царства цёмным, ні Кацярыну промнем святла ў ім. Гэта значыць, юны чытач супрацьпаставіў уласнае прачытанне твора дабралюбаўскаму, якое сапраўды стала ўжо догмай. У такім разе ў аўтара сачынення ёсць і галоўны абавязак — доказна і пераканаўча аргументаваць зноў жа не ўласным вопытам, а канкрэтным мастацкім творам, каб даказаць неадпаведнасць дабралюбаўскага прачытання канцэпцыі М. Астроўскага, рэалізаванай у п'есе.

Аўтары кнігі палічылі неабходным уключыць у зборнік сачыненняў і два аналітычныя артыкулы, у якіх якраз і засведчаны розныя погляды літаратуразнаўцаў і крытыкаў на адны і тыя мастацкія творы. Адным з прыёмаў сачынення на вольную тэму з'яўляецца выяўленне ўласнай пазіцыі адносна меркавання аўтарытэтных даследчыкаў. Уласная пазіцыя адстойваецца зноў жа апорай і спасылкамі на мастацкі твор.

Праблемы навучання сачыненням розных жанраў неадзельныя ад праблем іх ацэнкі. I хаця пра гэта напісана шмат навуковых прац, у нас яшчэ не выпрацаваны механізм, які б выключаў суб'ектыўнасць пры ацэнцы такой формы кантролю, як сачыненне, і ў першую чаргу — сачынення на вольную тэму. Вось адзін яскравы таму доказ.

Ужо згаданы намі Л. С. Айзерман у адной са сваіх кніг пісаў пра эксперымент, праведзены ў свой час у Маскоўскім універсітэце імя М.В. Ламаносава. Сутнасць эксперыменту такая: адно і тое ж сачыненне прапанавалі ацаніць некалькім экзаменатарам. Вынік быў ашаламляльны: ад «2» — да «5».

Сачыненне — адзін з найбольш выніковых метадаў у сістэме літаратурнай адукацыі. Аднак сачыненне як форма кантролю, а тым больш як форма ўступнага экзамену па літаратуры «канчаткова губіць справу», як пра тое даводзіла вучоны-метадыст М. А. Рыбнікава.

«Канчаткова губіць справу» той, хто забываецца (ці не ведае) пра асноўнае патрабаванне да сачынення на вольную тэму і не вывярае яго вартасць на адпаведнасць гэтаму патрабаванню, а вылучае свае ўласныя тыпу «паказаць духоўнае сталенне».

Кніга адрасавана старшакласніку, які ў час падрыхтоўкі да сачынення зможа ёю пакарыстацца. Арыентавацца ў фактычным матэрыяле дапаможа не толькі тэматыка (у зборніку каля 40 тэм), але і паказальнік імёнаў. Ён зробіць выкарыстанне кнігі больш зручным і дазволіць вылучыць неабходны матэрыял нават пры падрыхтоўцы да сачынення на літаратурную тэму.

Аднак аўтары стваралі гэту кнігу найперш для таго, каб дапамагчы ўдумліваму чытачу авалодаць тэхналогіяй уключэння пачутага і прачытанага ў пэўную сістэму, каб паспрыяць юным аўтарам у іх імкненні ўдасканальваць навыкі сінтэзавання матэрыялу.

У кнізе засведчаны шматгадовы вопыт выкладання курса на выбар «Тэорыя і практыка сачыненняў розных жанраў». Аўтары лічаць, што вынікі гэтага вопыту будуць карыснымі і для настаўнікаў-практыкаў.

«Мова — сцяг народа» (М. Ермаловіч)

… Ясная ў Божым свеце мудрасць.

В. Цяпінскі

Функцыя пісьменніка заключаецца ў тым, каб у выніку яго дзеяння ніхто не змог спаслацца на няведанне свету, апраўдацца асабістай невінаватасцю перад ім.

Ж. П. Сартр

Французскі пісьменнік А. Камю параўнаў працу пісьменніка з подзвігам Сізіфа і сцвердзіў гэтым параўнаннем перш за ўсё стаіцызм, годнасць свайго героя-вязня, які духоўна ўзвысіўся над катамі. Зноў і зноў паднімаючы цяжкі камень на вяршыню гары, Творца-Мастак здзяйсняе спробу за спробай асвятліць агульным сэнсам уласнае існаванне. Толькі ўласнае існаванне, бо ні свет, ні асобнага чалавека перайначыць, перарабіць немагчыма. I ўсё ж наперакор усяму і нават уласнаму ўсведамленню марнасці высілкаў трэба, як гаварыў адзін з герояў камюсаўскага рамана «Чума», «добра рабіць сваю справу. Рабіць так, „як калі б…“». Гэтае «як калі б» азначае: як калі б быў упэўнены ў выніковасці сваёй справы.

Усе высілкі беларускіх творцаў адносна таго, каб пераканаць свой народ, што мова — гэта святыня і сцяг яго, — марныя. Гэтыя высілкі — разнавіднасць «сізіфавай працы» і адначасова сведчанне стаіцызму беларускіх Сізіфаў і вялікага сэнсу іх безвыніковых намаганняў.

Бадай, ні ў чым яшчэ беларускія песняры-прарокі не былі такімі аднадушнымі, салідарнымі і настойлівымі, як у сцвярджэнні вечнай і такой простай, зразумелай усяму свету ісціны, што «пакуль жыве мова — жыве народ». Падобна, што і беларускія прарокі бачаць сваю ролю ў тым, каб папярэдзіць свой народ, каб пасля сумленна, добра зробленай імі справы ніхто не змог апраўдацца сваім няведаннем ці неразуменнем такой лёсавызначальнай для ўсёй нацыі праблемы.

Усведамленне таго, што любоў да роднай мовы ёсць адно з праяўленняў любові да Радзімы, вызначыла ўсю патрыятычную дзейнасць Васіля Цяпінскага. «…Зь зычливости ку моей отчизне» — так вызначыў ён сам матыў, які натхніў яго на цяжкую, але высакародную працу выдаўца і перакладчыка Евангелля на беларускую мову. Да ўсяго гэтая справа запатрабавала вялікіх матэрыяльных сродкаў, якіх Цяпінскі не меў. Паводле яго сведчання, ён не мог давесці справу да канца, а пераклаў і надрукаваў поўнасцю ў сваёй «убогой друкарня» толькі Евангелле ад Матфея, Марка і часткова ад Лукі.

Палымяна, страсна і аблічальна даводзіць В. Цяпінскі сваім сучаснікам, а праз вякі і нам: нішто не «можа быць больш вартым жалю, больш агідным», чым вырак і занядбанне свайго роднага, сваёй мовы, дадзенай нам Богам: «Бо хто з набожных не задрыжыць, на такое знішчэнне гледзячы, хто б не мусіў плакаць, бачачы… занядбанне сваёй слаўнай роднай мовы і папросту пагарджэнне ёю…» Усіх, хто пагарджае роднай мовай і занядбаў яе, даводзіць Цяпінскі, «праз пакаранне Божае гэтая ясная ў Божым свеце мудрасць… пакінула іх». А той, каго пакінула мудрасць, страціць усё, у таго няма будучыні. Пра тое ж самае амаль праз два вякі з уласцівай ёй палымянасцю і прачуласцю папярэдзіць і Цётка: «Бедны той, хто апрача грошы, апрача багацця, каторае пры першым жа няшчасці счэзне дазвання, не мае скарбаў вечных — скарбаў душы. Такі скарб, каторы ніхто і ніколі адабраць ад нас не здолее, гэта любоў да бацькаўшчыны, да свайго народу, да роднай мовы…»

I Сімяон Полацкі патлумачыў, што з зычлівасці да сваёй Айчыны, «писах в начале на языку тоему, иже свойственный бе моему дому».

Усе заваёўнікі, што ішлі на нашу зямлю, вынішчэнне беларусаў як нацыі пачыналі з асмяяння, апаганьвання нашай мовы, добра разумеючы, што без мовы няма і народа. Апалагеты Расійскай імперыі цынічна заяўлялі: «Што не зрабіў расійскі штык — даробіць школа». Біркамі і «якдыкхаямі», быццам гарачым жалезам, вытраўлялі з Хомачкаў («Ціхая плынь» М. Гарэцкага) усё нацыянальнае. I дамагліся свайго: як ад ганебнай, абразлівай біркі, беларусы паступова пазбаўляліся і ад роднага слова, не толькі пусціўшы яго на здзек і асмяянне, але і пачаўшы смяяцца з сябе і свайго роднага. Але ўсіх манкуртамі зрабіць не ўдавалася. Лепшыя сыны нашай Бацькаўшчыны ўсведамлялі, што бяссмерце народа знаходзіцца ў прамой залежнасці ад выкарыстання роднай мовы, і пісалі на ёй свае таленавітыя творы. I гэта ў той час, калі на пагарджанай і нават забароненай мове рэалізаваць свой дар было вельмі складана, а часам і небяспечна. Подзвігам духу з'яўляецца створанае імі на роднай мове. Некаторым, як, да прыкладу, Янку Лучыну, так і не было наканавана ўбачыць свае кнігі. Зборнік паэта «Вязанка» выйшаў у 1903 г. у Пецярбургу пасля смерці аўтара.

Перакананы ў тым, што «наша мова такая ж панская і людская», не горшая за іншыя, Ф. Багушэвіч «Дудкай беларускай» і «Смыком беларускім» — усімі струнамі сваёй душы — даводзіў свайму народу: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!» У гэтым звароце да сучаснікаў і патомкаў, а значыць і да кожнага з нас, — пісьменніцкае ўсведамленне неабвержнага закону вечнасці, што пакуль жыве мова — жыве народ.

«Бацькава, спрадвечная, святая, Богам дадзеная адзежа душы чалавека» — так вобразна, афарыстычна выявіў Багушэвіч сваё разуменне ролі і сілы роднага слова ў «Прадмове» да «Дудкі беларускай». I па сённяшні дзень гэты твор — узор публіцыстыкі, пераканаўчы прыклад уздзеяння на розум і пачуцці тых, што хочуць «людзьмі звацца». Пераканаўча і доказна даводзіць сваім чытачам палымяны патрыёт Багушэвіч, што любоў да мовы ёсць адно з праяўленняў патрыятызму.

I эпітэты «святая, Богам дадзеная» — не проста мастацкі прыём, а напамін усім нам: святое — гэта тое, што мы не выбіраем (у сваім выбары мы можам і памыліцца), а што даецца нам ад нараджэння — нашы бацькі, радзіма ці нараджаецца намі — дзеці. I Мова — як «святыня народа, бяссмерце яго». Здрада святому — недаравальны грэх.

Час паказаў, што ўсе довады, папярэджанні, заклікі і нават уласны прыклад самаахвярнасці Ф. Багушэвіча, каб пераканаць народ у неабходнасці змяніць сваё стаўленне да святыні, былі «сізіфавай працай». Змянілася многае, але нязменнай засталася абыякавасць многіх да таго, што ўвесь свет лічыць найвялікшай каштоўнасцю, тоеснай жыццю і волі. «Вялікая гэта таямніца», — піша А. Вярцінскі ў вершы «Баіцца быць беларус беларусам…»:

Зведаў ён ліха апраметнага. Ён не баяўся таго і гэтага. Хапала адвагі, каб з ворагам біцца, Ад голаду-холаду каб бараніцца… Ды вось быць самім сабою баіцца.
* * *
Прайшоў праз Хатынь, праз Курапаты, Зносіць цярпліва Чарнобыль пракляты, Упарта крыніца яго бруіцца… Ды быць беларусам ён баіцца. Вось дык ноумен, вось дык феномен — Гэты ўнук бабін, сын гэты удовін.

Лірычны герой верша «Баіцца быць беларус беларусам…» пагаджаецца, што «пытанне няпростае, канешне», і адказ на яго бачыцца яму ў наступным:

(Дазволю сабе тут крышку іроніі. Характар наш тут, як на далоні.)

Літаратуразнавец Л. Корань у кнізе «Цукровы пеўнік» піша пра «сучасны менталітэт беларусаў як вынік перманентнага генацыду». I ў першую чаргу ахвярамі генацыду станавіліся так званыя «нацыяналісты». В. Быкаў у артыкуле «Учора і сёння» (1988) таксама акцэнтуе на гэтым увагу, гаворачы пра асаблівую жорсткасць сталінскага генацыду: «Мноства людзей тады было пазбаўлена жыцця і волі, але былі прафесійныя групы, якія пацярпелі болей за іншых, і сярод іх — настаўнікі беларускай мовы і літаратуры. Для карных органаў гэтыя былі нібы „гатовыя нацыяналісты“, віна якіх ляжала на паверхні, яе не трэба было нават інспіраваць. Мабыць, з той пары і надоўга ў нацыянальнай самасвядомасці беларусаў паняцце „нацыяналізм“ трывала злучылася з пачуццём найвялікшай небяспекі, якая можа пагражаць чалавеку». На ўласным драматычным вопыце, як піша В. Быкаў, людзі пераканаліся, што абвінаваціць у гэтым жахлівым злачынстве могуць кожнага, хто тут нарадзіўся і мае няшчасце размаўляць па-беларуску. Пісьменнік прыводзіць факты таго, як услед за беларусізацыяй пачалася русіфікацыя, як беларускую мову «жалезным памялом… вымяталі з устаноў, ВНУ, Акадэміі навук, арганізацый і органаў улады». У сітуацыі «чумы» цэлы народ быў пастаўлены перад «сцяной абсурду» і паралізаваны страхам. I ў тым трагедыя народа. I ўсё ж апосталы і прарокі нацыі зноў і зноў даводзяць, што тая сцяна рухнула, а ўзнікненне новай сцяны магчыма па віне кожнага з нас, калі не зробім пэўных высноў.

Выдатны беларускі гісторык і публіцыст Мікола Ермаловіч акрамя галоўнай працы свайго жыцця — кнігі «Старажытная Беларусь» пакінуў нам у спадчыну гутаркі, аб'яднаныя назвай «Аб усім, што баліць…». У гутарцы «Существительное» апавядаецца пра пакуты ўражлівага і чуйнага да роднага слова Змітрака, якому настаўніца даводзіць, што Змітраком называцца непрыгожа і што яна будзе зваць яго Дмитрием. I хоць прайшло ўжо некалькі тыдняў, але Змітрок ніяк не можа прызвычаіцца да новага імя. А пасля настаўніца адвучвала Змітрака ад слова «як». I ён ніяк не можа ўцяміць, чаму непрыгожа гаварыць «як», а прыгожа «как». Яму, наадварот, «как» здаецца непрыгожым, і ён саромеецца вымаўляць гэтае слова і маўчыць. Настаўніца садзіць яго, зазначаючы: «Странный ты мальчик, Дмитрий».

Яшчэ больш здзівіўся Змітрок, калі зразумеў, што ўсё на свеце, як ёсць — сушествительное. Яму стала страшна і сумна. Няўжо і птушкі, і дрэвы, і рэчка, і ўсё-ўсё — толькі существительное. Змітраковы «примеры сушествительного» таксама не спадабаліся настаўніцы:

«Подожди, Дмитрий, ты опять неправильно говоришь. Надо говорить не бусел, а аист, не гай, а роща, не жито, а рожь, не шпак, а скворец».

Змітрок збянтэжыўся. Яснасць, якая пачала ўсталёўвацца ў яго галаве, знікла. Значыць, не кожнае слова можа быць существительным. Спачатку трэба, каб яно стала нейкім пярэваратнем, аб якіх ён ведаў з дзедавых казак, і толькі тады назоўнік можа зрабіцца существительным.

Ноччу хлопчыку прыснілася пачварнае Сушествительное, якое глытала і шпака, і гай, і бусла, папярэдне голасам настаўніцы даводзячы, што яны — скворец, роща, аист… А пачвара ўжо дацягнулася да Змітрака і пытае яго: «Ты кто?» «Я Змітрок», — ледзь паварочваючы языком, адказвае ён. «Нет, ты не Змітрок, ты — Дмитрий», — пярэчыць пачвара і ўжо разяўляе зяпу, але Змітрок здолеў прачнуцца…

Як прытча ўсведамляецца сюжэт гэтай гутаркі. Галоўнае павучанне прытчы заўсёды схавана, як золата ў пяску, як сіла ў каштоўным камені, — у выбары, што зроблены героем прытчы. Змітрок зрабіў свой выбар — здолеў прачнуцца…

Сцяганосцы Айчыны

Ты хочаш жыць для Беларусі, Служыць ёй хочаш у барацьбе, Таму, мой сябра, і звярнуся Я з гэтым словам да цябе. Прымай жа праўду ты без страху, Як некалі прыняў Кастусь: Няма цяжэйшага больш шляху, Чым у змагара за Беларусь.

М. Ермаловіч

У самыя трагічныя для нашай Бацькаўшчыны і народа часы, калі ворагі імкнуліся «нашы скарбы апаганіць, душу вынесці на здзек», заўсёды былі падзвіжнікі духу, тыя, каго М. Ермаловіч назваў сцяганосцамі Айчыны ў аднайменным вершы:

Пазбыўся ўсяго наш народ у няволі, Але сцяганосцаў не страціў сваіх. I ворагаў гэта трывоокыць найболей, I ў лютасць кідае ад гэтага іх.

У «жорсткім» XIX стагоддзі гвалтоўная русіфікацыя прывяла да таго, што Беларусь надоўга знікла з карты Еўропы: была ўжо забаронена не толькі мова карэннага насельніцтва гэтай краіны, але нават назва яе «Беларусь». Яна была заменена назвай «Северо-Западный край».

Зразумела, што ні друкаваць свае творы на сваёй зямлі, ні выяўляць свой светапогляд і сваю грамадзянскую пазіцыю беларускія аўтары не мелі магчымасці. У пачатку стагоддзя толькі ў фальклоры ды яшчэ ў творчасці філаматаў і філарэтаў (членаў тайных студэнцкіх таварыстваў і аб'яднанняў) жыў невынішчальны нацыянальны дух. Трагічным быў іх лёс: арышты, ссылкі, турмы. Кожны з іх заслугоўвае ўдзячнай памяці нашчадкаў за сваю высакародную чалавечую ахвярнасць. Большасць з іх пісалі па-польску. А вось Ян Чачот ад захаплення беларускай народнай паэзіяй перайшоў да творчасці на мове свайго народа ў той «жорсткі» век. Яму — наша асаблівая ўдзячнасць і пашана.

«Знаць Чачота ўсе павінны…» — пісаў Ф. Багушэвіч. Зборнічак народных песняў 1846 г. выдання ў запісах Яна Чачота — «Вясковыя песенькі з-над Нёмана і Дзвіны, некаторыя прыказкі на славянска-крывіцкай мове і яе самабытныя словы, з назіраннямі над гэтай мовай» (такая поўная назва зборніка) — літаральна ашаломіў Ф. Багушэвіча. Асабліва ўразіла яго прадмова да песняў: што ні слова — то нібыта пра яго ці нават зварот да яго. Ян Чачот, разважаючы пра будучыню беларускай мовы, гаворыць пра неабходнасць укладання граматыкі і слоўнікаў: «Той, хто ўзяў бы сабе гэты клопат, заслужыў бы ўдзячнасць не толькі цяперашняга пакалення, але і больш пэўную ў будучым».

I слова Чачота пачулі: многія, вельмі многія сцяганосцы нацыі «ўзялі сабе гэты клопат». Найвышэйшым дасягненнем еўрапейскай славістыкі канца XIX — пачатку XX ст., своеасаблівай энцыклапедыяй беларусазнаўства з'яўляецца трохтомная праца Яўхіма Фёдаравіча Карскага «Беларусы». У ёй навукова абгрунтавана нацыянальная самабытнасць беларусаў як народа са сваёй арыгінальнай і багатай культурай, мовай, традыцыямі, вуснай народнай творчасцю. Асноўнае месца ў навуковай спадчыне беларускага мовазнаўцылексікографа, фалькларыста, этнографа Івана Іванавіча Насовіча займае тлумачальна-перакладны «Слоўнік беларускай мовы» (1870), у які ўключана больш за трыццаць тысяч слоў, запісаных у Магілёўскай, Віцебскай, Мінскай і Гродзенскай губернях. Зборнікі «Беларускія народныя песні» П. В. Шэйна і «Нарысы Віцебскай Беларусі», «Нарысы простанароднага жыцця-быцця ў Віцебскай Беларусі…» М. Я. Нікіфароўскага і многія іншыя працы беларускіх захавальнікаў вечнасці і сейбітаў вечнага — неацэнны ўклад у падмурак духоўнасці беларускага народа. Словам і справай, прыкладам уласнага жыцця, палкам прысвечанага слугаванню Айчыне і народу, беларускія сцяганосцы клікалі яго за сабой. I даводзілі, што без збераа жэння «скарбу вечнага, скарбу душы», якім з'яўляецца мова, немагчыма заняць «свой пачэсны пасад між народамі». I «людзьмі звацца» немагчыма таксама. Свет не прызнае нас толькі праз адно гэтае адступніцтва ад свайго роднага. Наўрад ці апраўдае нас тое, што народ, які жыў у становішчы перманентнага генацыду, іншым быць не можа. Гэта падобна да таго, як быкаўскі герой аповесці «Знак бяды» са скрухай зазначае, што «гора нікога не робіць лепшым».

I ўсё ж у нашай трагічнай гісторыі былі і прасветлыя хвіліны, якімі быццам сам лёс пасылае нам і дакор, папрок, і знак устаць і ісці да Беларусі. З надзеяй абудзіць нашу нацыянальную годнасць П. Панчанка нагадвае нам, што «Скарына наш друк распачаў за паўвека да Фёдарава», што «вучыў царанят у Маскве Сімяон з пасівелага Полацка». А хіба не з'яўляецца напамінам усім нам, каб мы не гнулі плеч ніколі, той факт, што гісторыя расійскага тэатра XVII ст. прадстаўлена толькі імем «вядомага палітычнага дзеяча і драматурга Сімяона Полацкага», як тое засведчана ў расійскіх энцыклапедычных даведніках.

Сівая мінуўшчына нагадвае нам і пра асабліва спрыяльны для Беларусі перыяд, калі яна, паводле вобразнага выразу Ф. Багушэвіча, была ў магутнай дзяржаве, «як зерне ў гарэху», калі ў гэтай дзяржаве яе «златам» было «багацце духоўнае». I юрыдычная думка Беларусі ў XVI ст., як вядома, дасягнула найвышэйшага ў Еўропе ўзроўню. Ніводная з тагачасных краін не мела такога дасканалага заканадаўства, як Беларусь, аб чым красамоўна сведчыць змест Статутаў 1529, 1566 і 1588 гг. Трэці Статут канчаткова замацаваў беларускую мову ў якасці афіцыйнай, дзяржаўнай мовы Вялікага княства Літоўскага. Можна зразумець гонар Льва Сапегі, які ўрачыстымі словамі пісаў у прадмове да Статута ВКЛ: «Не чыёй якой мовай, але сваёй уласнай правы пісаныя маем і кожны раз пры неабходнасці для адпору ўсялякай крыўды ведаць можам». Праца над Статутам і яго выданне ў Віленскай друкарні Мамонічаў — вялікая заслуга Льва Сапегі перад нашай культурай і народам.

Трэці Статут ВКЛ як першая еўрапейская Канстытуцыя набыў шырокую вядомасць. Статут перакладаўся на польскую, нямецкую, лацінскую, французскую мовы, выкарыстоўваўся на Маскоўскай Русі пры падрыхтоўцы Саборнага ўлажэння 1649 г., у судах Эстоніі і Латвіі. Статуту было наканавана доўгае жыццё. Ён дзейнічаў на працягу XVII і XVIII стст. Толькі ў 1840 г. царскі загад скасаваў яго адначасова з афіцыйнай забаронай назваў «Беларусь» і «Літва», якія жорсткай фантазіяй рускага самадзержца ператварыліся ў «Северо-Западный край» неабсяжнай імперыі.

**Quilt|2014**

Народ, як і чалавек, ніколі не бывае абсалютна нешчаслівым. I кожны чалавек у прасветлінах свайго самага гаротнага лесу знаходзіць сілы, чэрпаючы адтуль успаміны, вылучаючы для сябе ўрокі з мінулага, каб вытрымаць новыя выпрабаванні і думаць пра будучыню. Прасветлае генерыруецца намнога лепш, чым урокі гаротнага.

Прасветлым у лесе народа з'яўляецца прыклад, які пакінуў сваім жыццём М. Багдановіч. Аднаго гэтага прыкладу дастаткова, каб ведаць адказ на пытанне, што рабіць у сітуацыі, калі вакол нішчыцца і руйнуецца роднае, святое. Бацька паэта Адам Ягоравіч, пісьменнік, вучоны, ва ўспамінах пра сына пісаў, што нават у сям'і размаўлялі па-руску, хоць звычаі, захапленні ў аснове сваёй былі беларускія. Беларускай мовай Максім авалодаў самастойна, яшчэ калі вучыўся ў Ніжагародскай мужчынскай гімназіі. Казкі і песні бацькоўскага краю, трапныя народныя прыказкі і прымаўкі жывілі паэтычную душу Максіма і настолькі захапілі яго, што ў гады вучобы ў Яраслаўскім юрыдычным ліцэі ён арганізоўвае і вядзе сярод ліцэістаў гурток вывучэння беларускага фальклору.

У гутарцы, прысвечанай нацыянальнаму герою Кастусю Каліноўскаму, М. Ермаловіч піша і пра тых «сыноў» Беларуся для якіх вырачэнне роднай мовы было іх першым крокам у здрадзе радзіме. Для К. Каліноўскага вернасць роднай мове была паролем вернасці Беларусі, «і ён не мог уяўляць уздым роднай старонкі без узняцця з прыніжэння роднай мовы». Калі да яго на гэтай мове пісалі толькі літаратурныя творы, то К. Каліноўскі падняў ужыванне беларускай мовы на ўзровень вялікай нацыянальнай справы і шматграннай дзяржаўнай дзейнасці. На ёй вучыў ён народ сваёй «Мужыцкай праўдай»; на ёй аддаваў загады сваім паўстанцам; на ёй напісаў свой запавет народу — «Ліст з-пад шыбеніцы».

Наш сучаснік сцяганосец Айчыны М. Ермаловіч заклікаў усіх, хто прачнуўся: «Ніколі не выракайся роднай мовы, тым болей жывучы на радзіме… змагайся за яе».

Страту народам мовы М. Ермаловіч параўноўвае са стратай сцяга палком: «Калі полк страчвае свой сцяг, ён перастае існаваць… Калі народ страчвае сваю мову, ён таксама перастае існаваць». Довады М. Ермаловіча для нас асабліва пераканальныя. Даследчык айчыннай гісторыі вылучыў з яе такія ўрокі, якія карысныя для ўсяго народа, знайшоў адказы на такія пытанні, што не могуць не хваляваць усіх, хто прачнуўся. Даводзячы, што прыгнечанне народа пачынаецца са зневажэння і ганення яго мовы, М. Ермаловіч падказвае выйсце са становішча, у якім мы ўсе апынуліся: «Гэтак жа сама і нацыянальнае абуджэнне народа бярэ свой пачатак з усведамлення ім вялікага значэння роднай мовы як свайго сцяга, ідучы пад якім ён знойдзе сваю волю і шчасце».

Пераканальна даводзіць сцяганосец М. Ермаловіч, што страта роднай мовы азначае страту і сваёй нацыянальнасці, а прыналежнасць да яе будзе толькі фармальная. I гэта заахвочваецца рознымі спосабамі. М. Ермаловіч папярэджвае пра наступствы адзінай свабоды, якая дадзена нам і якой мы можам карыстацца бесперашкодна, — свабоды адрачэння ад сваёй роднай мовы. «Магчыма, таму і знаходзяцца людзі, якія з-за адсутнасці другіх свабод спяшаюцца пакарыстацца хоць гэтай свабодай», — піша М. Ермаловіч. Яго гутаркі «Аб усім, што баліць» прасякнуты верай: народ зразумее, што яму патрэбна не адна гэтая ганебная свабода, а ўсе свабоды, што родная мова — гэта сцяг, ідучы пад якім «вызваліць свае душы мы можам ужо сёння».

Пісьменнік усведамляе, што вольныя думкі і вольныя словы — «гэта, вядома, далека не ўсё, але з гэтага пачынаецца» выратавальнае і вызначальнае для любой нацыі — духоўнасць з усімі яе выявамі.

«Шануйце роднае слова!» (Цётка)

У які горад ці селішча вы ні ўвайшлі б, даведайцеся, хто ў ім годны, і там заставайцеся, пакуль не выйдзеце… А калі хто не прыме вас і не паслухаецца слсў вашых, дык, выходзячы з дому альбо з горада таго, абцерушыце пыл з ног вашых; праўду кажу вам: лягчэй будзе зямлі Садомскай і Гаморскай у дзень судны, чым гораду таму.

Евангелле ад Матфея

С. Александровіч назваў артыкул Цёткі «Шануйце роднае слова!» «палымяным гімнам беларускай мове, яе багаццю і сіле». Артыкул пераклікаецца з вершамі «Пагоня» М. Багдановіча, «Ворагам беларушчыны» Янкі Купалы. У ім відавочная рэмінісцэнтная сувязь з багушэвічаўскімі прадмовамі да зборнікаў, у прыватнасці з афарызмам «Бацькава, спрадвечная, святая, Богам дадзеная адзежа душы чалавека». Мова — адзежа душы чалавека, а ўздзець «чужую апратку» — страціць уласную душу, страціць сябе. «Хто адрокся мовы бацькоў сваіх, хто ўздзеў чужую апратку — той адышоў ад народу далёка-далёка», — піша Цётка. А на рэмінісцэнцыю багушэвічаўскага афарызма «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!» указвае сама: «Толькі не кідайце роднай мовы: бо сапраўды для свайго народа тады вы ўмёрлі!»

З часоў Багушэвіча і Цёткі многа падзей адбылося ў нашай Айчыне, многае змянілася. I на вялікі жаль — не ўсё да лепшага. Многа ёсць набалелага ў нашым грамадстве. «Але сярод усяго — ёсць і самае набалелае: гэта — становішча, у якім апынулася сёння ў Беларусі беларуская мова. Мацней набалелага болю, чым гэты, — няма. Больш актуальнай, больш вострай праблемы, чым гэта, — няма. Гэта пытанне — у поўным сэнсе слова пытанне жыцця і смерці. Жыцця і смерці беларускай нацыі» — так пра самае набалелае піша Ніл Гілевіч. Роздумы ў вершах і прозе аб роднай мове гэтага сцяганосца народа склалі цэлую кнігу, якая называецца «Любоў прасветлая» і прысвячаецца праблемам нацыянальнага адраджэння.

У паэзіі Ніла Гілевіча — адказ на пытанне, ад чаго нам трэба выбавіцца, каб быць вартымі нашай «святой зямлі» і дайсці да Беларусі. Асноўным зместам многіх зборнікаў паэта, і ў прыватнасці апошняга — на «На высокім алтары», з'яўляецца лес беларускай мовы і культуры, духоўнасць народа, памяць яго і будучыня.

Боль і гнеў, вера і надзея, каханне і захапленне, пяшчота і замілаванне, туга і папрок, гнеў і расчараванне — уся гама пачуццяў выяўлена ў лірычных, філасофскіх і публіцыстычных вершах Ніла Гілевіча.

Многія вершы, прысвечаныя роднай мове і клопату пра яе існаванне (а значыць, і пра існаванне нацыі!), напісаны ў форме звароту да нас. Паэт-філосаф па-бацькоўску ўшчувае, пераконвае, папракае, імкнучыся паўплываць на нашы душы і розум:

Брат мой! Братка мой! Братачка родны! Адкажы — сам сабе адкажы: Чым зрабіўся табе непрыгодны Скарб бясцэнны тваёй жа душы? Ад чаго так бяздумна, бязмоўна Ты яго выракаешся сам? I чаму табе так усёроўна, Што аборай становіцца храм?

Не слухаюць дзеці свайго бацьку… I ў вершы на тую ж тэму — «За драбніцу» — гучыць ужо іншая інтанацыя: саркастычная, гнеўная і абуральная:

Зноў нас хваляць! I зноў — за холуйства! I мы ўдзячна прымаем хвалу…

Вычарпаўшы да канца ўсе магчымасці пераканаць нас, прымусіць задумацца, ужо самой назвай верша «Вы не яе — вы сябе прыніжаеце» аўтар нагадвае вечныя ісціны: ніколі не будзе паважаны другімі той, хто сам сябе не паважае; недавер, падазронасць і нават гідлівасць у самавітых людзей выклікае той, хто свайго роднага выракаецца…

Як разумець сёння заклікі сцяганосцаў шанаваць, любіць родную мову, змагацца за яе? Як за яе змагацца? Пераконваць тых, хто перакананы ў адваротным?

Аднак дзве тысячы гадоў таму сказана, што трэба ісці і прамаўляць туды, дзе прымаюць і слухаюць. I вяртацца адтуль, дзе не прымаюць і не слухаюць, бо зерне, кінутае там, усё роўна ўпадзе на цвёрды камень. Ні свет, ні нават асобнага чалавека перайначыць нельга. Быкаўскі герой апавядання «Бедныя людзі» прафесар Скварыш, якому наканавана жыць у «д'ябальскі час і ў д'ябальскім грамадстве», прыходзіць да ўсведамлення, што праўда, мабыць, усё ж за Пратагорам з яго высновай пра чалавека як меру ўсіх рэчаў. Менавіта чалавек заўсёды вызначае, як яму жыць. «Замест чалавека таго не можа зрабіць ніхто — ні Бог, ні д'ябал, толькі ён сам». Магчыма, і з народам адбываецца тое ж самае: ён сам вызначае свае каштоўнасныя арыенціры. Для сцяганосцаў «добра рабіць сваю справу», рабіць так, «як калі б…» азначае: так, як калі б быў упэўнены, што справа будзе плённай, — ісці першым, несучы сцяг.

У прадмове да кнігі «Любоў прасветлая» Ніл Гілевіч піша, што сабранае ў ёй — «на адну неабсяжна вялікую», а для яго, «як цяпер ужо бачна, галоўную тэму… жыцця, літаратурнай працы».

Усведамляючы подзвіг Сізіфа як пагарду да абставін і «школу ўпартасці і яснасці» для ўсіх, хто збоку назірае гэтую ўпартасць, А. Камю ў «Міфе пра Сізіфа» піша: «Няма такога лёсу, над якім нельга было б узвысіцца пагардай. Пагарда мацнейшая за любы лёс». Усялякі раз упартасць, неверагодныя высілкі Сізіфа канчаюцца недаўгавечным авалоданнем мізэрнай крупінкай жаданага, якая імгненна знікае, як прывід. Пасля чаго — расчараванне, а ў вышку яго — умудронасць, што жаданага ўсё роўна ніколі не дасягнуць. Тым не менш майстар самааддана ўкладае ўвесь свой жар, упартасць, талент у працу над тым, што асуджана.

Ніл Гілевіч узвышаецца над абставінамі і пагардай да іх, і любоўю да таго, у імя чаго зноў і зноў паднімае цяжкі камень на верх гары: «Над усім гэтым і ва ўсім гэтым — любоў да роднага слова, гонар за яго высокія прыродныя вартасці, радасць ад карыстання ім, боль за яго прыніжэнне… горыч за здраду яму саміх жа беларусаў, і — непахісная вера, што яму, вялікаму і магутнаму роднаму слову, жыць вечна…Толькі ў святле гэтай высакароднай ідэі, гэтай благаславёнай мэты бачу апраўданым усё, што я зрабіў і раблю як літаратар і навуковец, як грамадзянін і сын Беларусі».

Некаторыя айчынныя сцяганосцы, папярэдне вельмі многа зрабіўшы дзеля абуджэння і вяртання народа да памяці, клічуць за сабой не ўсіх, а толькі тых, хто ўжо прачнуўся і здольны слухаць. М. Ермаловіч наказвае таму, хто прачнуўся (адна з гутарак так і называецца): «Абудзіўся сам — абуджай іншых да свядомага нацыянальнага жыцця. Калі ты хоць аднаго чалавека далучыш да патрыятычнай работы — зробіш вялікую справу… Ніколі не выракайся роднай мовы, тым болей жывучы на радзіме. Заўсёды вусна і пісьмова ўжывай яе…»

Як мудра і проста: «заўсёды… ужывай яе»! Сапраўды, становішча мовы сёння на той мяжы, калі ўратаваць яе ўжо не здольны не толькі самыя таленавітыя фальклорныя ансамблі, але нават шэдэўры В. Быкава. Не ўратавалі ж лацінскую мову шэдэўры, створаныя на ёй, мёртвая сёння лацінская мова, як і многія іншыя. Уратаваць нашу родную мову здольны сёння толькі тыя, што прачнуліся. I нават без барацьбы, канфрантацый, стогнаў і енкаў — без ахвяр. Толькі адным — гаварыць і пісаць на ёй — і яна будзе жыць! А разам з ёй — і мы. Узвысіцца над абставінамі можна толькі тады, калі ўстаць і ісці. Страх быць асмяяным і прыніжаным — не больш чым самаапраўданне, за якое чакае немінучая расплата. Капітуляцыя перад абставінамі ды яшчэ імкненне скласці з сябе віну за спрычыненае рана ці позна прывядуць да «сцяны абсурду», перад якой зноў прагучыць наша і такое ўласцівае нашай ментальнасці «за што?».

Лейтэнант Іваноўскі з аповесці В. Быкава «Дажыць да світання» ўпэўнены, што на вайне, дзе, здавалася б, усё залежыць ад волі сляпога выпадку, чалавеку «ні на хвіліну нельга выпускаць з рук тугіх павадоў абставін, пры любых, самых немагчымых умовах трэба старацца кіраваць імі». Гэтая філасофія цалкам прымальная і для мірнага жыцця, калі ў ім руйнуецца нешта святое і каштоўнае. Адчаем, енкамі ды слязамі справе не дапаможаш. Пагадзіўшыся з тым, што «наш лес бы кат з рукой забойнай», час пашукаць таго, што можна было б кату супрацьпаставіць. Марна разлічваць, што калі кату лізнуць руку, то ён пасля гэтага будзе біць слабей. На самай справе ўсё будзе наадварот.

Вядома, каб «заўсёды вусна і пісьмова ўжываць яе», мову, таксама патрабуюцца пэўная стойкасць і праца душы. Але, як сказана ў Евангеллі, «той, хто працуе, варты ўзнагароды за працу сваю». У Пасланнях да Карынфянаў святы апостал Павел пісаў: «…мы ў адчайных абставінах, але не адчайваемся», бо «хто арэ, павінен араць з надзеяю, і хто малоціць, павінен малаціць з надзеяю атрымаць спадзяванае».

«Мудрыя ўсіх вякоў лічылі, што ў кожнай дзяржаве пачціваму чалавеку няма нічога даражэйшага за свабоду» (Леў Сапега)

Чалавек стварэнне боскае і нараджаецца свабодным.

В. Быкаў

У гісторыі заўсёды і непазбежна наступае такі час, калі таго, хто асмельваецца сказаць, што двойчы два — чатыры, караюць смерцю. I пытанне не ў тым, каб ведаць, якую кару ці якую ўзнагароду пацягне за сабой гэтае разважанне. Праблема ў тым, каб ведаць, складаюдь ці не двойчы два чатыры.

А. Камю

Свет паразумеўся на яснай, як «двойчы два — чатыры», ісціне, што найвялікшай для кожнай нацыі каштоўнасцю з'яўляецца воля і незалежнасць. Яны — самая першая ўмова годнага жыцця і росквіту дзяржавы.

Падканцлер Вялікага княства Літоўскага Леў Сапега ў прадмове да Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 г. пісаў, што прыстойнаму, пачціваму чалавеку «няволя павінна быць такой агіднай, што не толькі скарбамі, але і смерцю яе ад сябе адганяць павінен. А таму прыстойныя людзі не толькі маёмасць, але і жыцця… не шкадуюць», каб не трапіць пад жорсткую ўладу ворага. Гэтая бясспрэчная ісціна — правіла для ўсяго свету. Аднак у кожным правіле ёсць выключэнні.

М. Ермаловіч са скрухай і абурэннем піша, што стала хадзячаю думка, быццам Беларусь ніколі не была і не можа быць самастойнаю, што яна абавязкова павінна быць часткай іншых дзяржаў і, само сабой зразумела, займаць у іх падначаленае месца. Такое забыццё «дзедавай славы» даследчык даўніны лічыць вялікай ганьбай. I як вынік гэтай ганьбы яшчэ большая ганьба — засмечванне нашай свядомасці, бесперашкоднае пашырэнне ў нас такога ідэйнага пустазелля, якое ў кожнай самавітай дзяржаве лічыцца абразлівым і нават злачынным.

Мовай дакументаў «Старажытнай Беларусі» і мовай, што ідзе ад сэрца, гісторык і пісьменнік даводзіць нам, што наша Беларусь ужо ў першапачатковы, полацкі, перыяд сваёй гісторыі першаю адваявала ў Кіеўскай імперыі сваю незалежнасць і жыла вольнай дзяржавай. М.Ермаловіч піша: «Нягледзячы на скупыя звесткі пра Рагвалода, мы можам з упэўненасцю сказаць, што ён быў мудрым дзеячам… спакваля пашыраў Полаччыну і здабываў для яе незалежнасць, а для сябе гонар вольнага князя». Ворагі-суседзі раптам са здзіўленнем і страхам убачылі новую дзяржаву, якая ляжала на скрыжаванні важнейшых шляхоў і якая ў любы момант магла замкнуць іх. Не могучы змірыцца з гэтым, яны не марудзілі з расправай. У 980 г. кіеўскі князь Уладзімір робіць знішчальны паход на Полаччыну. Юная краіна не вытрымала шалёнага націску і гераічна пала, а яе тварэц — Рагвалод — разам з жонкай і двума сынамі быў па-зверску забіты. Пралітая кроў Рагвалода і яго сыноў стала барвовай зарой Беларусі.

Але на гэтай крывавай зары ўзышла наша першая зорка — Рагнеда. Калі яе бацька Рагвалод і яе браты былі першымі ахвярамі Беларусі, то Рагнеда з'явілася нашым першым героем. З яе імем звязана цудоўнае ўваскрэсенне Полаччыны, бязлітасна вынішчанай Уладзімірам. Подзвіг Рагнеды ў імя Радзімы — яркае пацвярджэнне таму, што галоўнае не самавольства тыранаў, а гераічнае супраціўленне ім і непакорнасць. Якой бы ні была вялікай і жорсткай сіла і ўлада самадзяржаўных дэспатаў, але любоў да волі і Радзімы і нянавісць да прыгнёту заўсёды будуць мацнейшымі і ўрэшце перамогуць.

У пачатку сваёй гісторыі Беларусь атрымала ў асобе Рагнеды найвыдатнейшы ўзор нязломнасці духу і прыклад барацьбы за волю і Радзіму. Подзвіг Рагнеды быў настолькі незвычайны, што праўдзівая гісторыя яе жыцця ўспрымалася наступнымі пакаленнямі як легенда.

У гутарцы «Рагвалод і Рагнеда» М. Ермаловіч пафасна, страсна выяўляе сваё захапленне беларускай гераіняй і сваю веру ў тое, што яе прыклад паўплывае на фарміраванне каштоўнасных арыенціраў нашых сучаснікаў: «Няхай жа заўсёды ў нашых жылах цячэ яе палымяная кроў, няхай жа ў нашых грудзях заўсёды жыве яе непакорная душа, няхай жа ў нашых сэрцах заўсёды гарыць жыватворная яе любоў да Радзімы…»

Даўно ўжо знікла ў Мінску рэчка Няміга, але ёсць вуліца Няміга. «I больш няма для нашай сталіцы даражэйшага, як гэтыя святыні», — піша М. Ермаловіч. У сувязі з бітвай на рацэ Нямізе з'явіўся ўпершыню на старонках летапісу Менск. Цяжка пераацаніць значэнне гэтай падзеі ў гісторыі Беларусі. Адна з самых крывавых у нашай старажытнасці, бітва на Нямізе ўразіла не толькі сучаснікаў. Рэха яе цераз 120 гадоў адбілася ў «Слове пра паход Ігаравы» самымі натхнёнымі паэтычнымі радкамі. «I хаця гэта бітва прынесла страшэннае паражэнне нашай прарадзіме Полаччыне — і яе слаўнейшаму правадыру — князю Усяславу Чарадзею, — яна была яскравейшым сведчаннем нашай слаўнай мінуўшчыны, поўнай няспыннай барацьбы з нашым першым па часе ворагам — Кіеўскай імперыяй» — так усведамляецца даследчыкам даўніны М. Ермаловічам значэнне гэтай падзеі ў нацыянальнай гісторыі. Ён піша, што, на вялікі гонар Полаччыне, яна была першай, якая пачала развал гэтай, паводле К. Маркса, «недарэчнай і няскладнай, скараспелай і шматковай дзяржавы». Палачане не хацелі несці ахвяры ў імя ажыццяўлення заваёўніцкіх мэт кіеўскіх князёў і рашуча распачалі барацьбу з імі.

Бітва на Нямізе сведчыць і пра тое, што ў далёкім мінулым Менск быў самай важнай і надзейнай крэпасцю Полаччыны для абароны ад Кіева. Жыхары Менска, самаахвярныя грамадзяне і свайго горада, і сваёй радзімы, мужна бараніліся ад ворага. Нездарма ж кіеўскія князі так па-варварску помсцілі Менску. Узяўшы яго ў 1067 г., яны «йссекоша мужей, а жёны я детей взяша на шдты». Крыху пазней Уладзімір Манамах выхваляўся тым, што, захапіўшы Менск, «не оставяхом у него челядяна, н^ скотаны».

Хто болей, як прабацькаўшчына наша — Полаччына, змагаўся за сваю незалежнасць і адстаяў яе! Але гэта ніколькі не вычарпала яе ўласных духоўных магчымасцей. Варта прыгадаць толькі імёны Еўфрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Клімента Смаляціча. Створаная ў гэты час кульіура наша была настолькі багатай і моцнай, што на працягу наступных чатырох стагодцзяў змагла ўсебакова абслугоўваць буйнейшую тагачасную дзяржаву ў Еўропе — Вялікае княства Літоўскае. У XVI ст. культура ў асобе Францыска Скарыны паднялася да сусветных вяршыняў, а на працягу наступных двух стагоддзяў бьша сцягам барацьбы нашага народа за сваю самабытнасць.

Самастойнай і пануючай Беларусь была і ў Вялікім княстве Літоўскім, якое найперш было беларускай дзяржавай, і мужна адстойвала сваю незалежнасць не толькі да 1569 г., але і пасля. Канчаткова Беларусь страціла сваю незалежнасць толькі ў канцы XVIII ст. М. Ермаловіч фактамі даводзіць, што, хоць войны прыносілі Беларусі найвялікшыя страты, — не яны былі галоўнай прычынай яе заняпаду: «Многія еўрапейскія дзяржавы не менш цярпелі ад войнаў, але, нягледзячы на гэта, дасягнулі побач з найвялікшым эканамічным развіццём не меншага палітычнага і культурнага росту. Гэта з'явілася вынікам таго, што яны былі незалежным! краінамі, самі вырашалі свой лес, самі па свайму гледжанню і патрэбах будавалі сваю культуру. Але ўсяго гэтага бьша пазбаўлена Беларусь».

Вялікім рэвалюцыйным адкрыццём Беларусі стала паўстанне 1863 г., правадыром якога быў Кастусь Каліноўскі. Значэнне Кастуся Каліноўскага як нацыянальнага героя Беларусі найперш і заключалася ў тым, што ён вывеў свой народ з цемры нацыянальнай невядомасці і гэтым самым паказаў свету новую карціну — сваю родную Беларусь. У Беларусі народ меў слаўную тысячагадовую гісторыю. Ён жыў у цэнтры Еўропы. Але акружаныя з усіх бакоў і здушаныя бязлітаснымі ворагамі, якія рабавалі іх багацці, аплёўвалі іх культуру і абкрадалі іх мінулае, беларусы да Кастуся Каліноўскага былі малавядомым народам. Яго ідэалам была дэмакратычная Беларусь.

М. Ермаловіч піша, што ў Кастусю Каліноўскім «як бы абудзілася даўно драмаўшая энергія нашых славутых продкаў» — мужных палачанаў. Пасля легендарнага полацкага князя Усяслава Чарадзея Кастусь Каліноўскі быў самым выдатным правадыром на Беларусі. Ён глыбока разумеў, што беларускаму народу як самаму забітаму, самаму заняволенаму ў Расійскай імперыі больш, чым якому іншаму, патрэбна была незалежнасць. Кастусь Каліноўскі быў першым, хто пачаў будаваць самастойную Беларускую рэспубліку. Ужо з-пад шыбеніцы вялікі сын напомніў свайму народу, што «як дзень з ноччу не сходзіць разам, так і навука праўдзіва не йдзе разам з няволяй маскоўскай. А пакуль яна ў нас будзе, у нас нічога не будзе… тагды толькі зажывеш шчасліва, калі над табою маскаля ўжо не будзе».

Кат узвёў Кастуся Каліноўскага на эшафот. Гісторыя паставіла яго на высокі п'едэстал нацыянальнага героя Беларусі.

У часы, калі Беларусь была забраным краем царскай Расіі, рука расійскіх самадзержцаў душыла беларусаў рознымі спосабамі: турмой і пятлёй, катаргай і цемрай. Спрабавала яна прыкончыць беларусаў і «культурай чорнаю разюшаных баяр». Патопам разлілася яна па нашай зямлі пасля бурнага 1863 г. Усё ж, нягледзячы на гэта, Беларусь хоць і павольна, але няўхільна выбіралася з цемры нацыянальнага нябыту на светлую дарогу нацыянальнага адраджэння. I наша праўдзівая навука зрывала покрыва хлусні, накінутае ворагамі на нашу выдатную мінуўшчыну, збірала нашы песні і прыказкі, легенды і казкі і паказвала іх непаўторнае хараство, даследавала нашу чароўную мову і даказвала яе самабытнасць. Менавіта з часу развіцця сапраўднай аб'ектыўнай навукі пра Беларусь (а гэты час, як сведчыць М. Ермаловіч, прыпадае на 80-90-я гг. XIX ст.) пачынаецца бурны рост нацыянальнага руху. I ён хутка набраў такую сілу, што выдатны беларускі этнограф М. Нікіфароўскі змог з упэўненасцю заявіць: «Калі нас дасюль не з'елі, то і зараз не з'ядуць».

Усведамленне ролі праўдзівай навукі ў духоўным адраджэнні беларускага народа было ўласціва і У. Караткевічу. Тое ж самае, што сцвярджаў вучоны-этнограф М. Нікіфароўскі, сцвердзіць і У. Караткевіч мовай мастацкага твора, пастаўленага на трывалы падмурак гістарычнай навукі. Караткевічаўскі герой Алесь Загорскі едзе вучыцца ў Пецярбург і робіць выбар на карысць філалогіі і гісторыі, а не натуралагічных навук з тым, каб вярнуць народу гісторыю і памяць пра свае вытокі. Вельмі надзённа гучаць сёння словы Алеся, што «лінгвістыка — гэта значна больш палітыка, чым усё натуразнаўства». Менавіта гісторыя і лінгвістыка сёння адстойваюць наша права «людзьмі звацца», звацца нацыяй і народам па імені «беларусы», і першы доказ таму, што мы ёсць, былі і будзем, — наша мова.

Сцяганосцы народа, верныя сыны Беларусі на ўвесь голас гавораць, што яна «не змарнела ў прымусе, што к волі прагаю гарыць» (М. Ермаловіч), што зло асабліва лютуе перад сваім канцом. З вераю і любоўю трэба ісці да Беларусі!

«Зямля — аснова ўсёй айчыне» (якуб колас)

…Трэба грунт мець пад нагамі.

Каб не бадзяцца батракамі.

Якуб Колас

У гутарцы з журналістам Юрасем Залоскам у 1995 г. В. Быкаў гаварыў пра тое, што «камуністычны лад і камуністычная па сутнасці псіхалогія панавалі… амаль стагодцзе. У яе атмасферы сфарміраваўся пэўны менталітэт грамадства. Ліквідаваць, знішчыць гэты менталітэт за некалькі гадоў немагчыма». Страчанымі для нацыі, «гэтаксама як і для чалавечай гісторыі», назваў В. Быкаў пакаленні, якія за многа гадоў прызвычаіліся існаваць у перакуленым свеце, па той бок люстэрка і не здольны разумець і прымаць агульначалавечыя каштоўн асці.

Для сучаснага чытача, асабліва для юнага, многія творы нашай нацыянальнай літаратуры засведчылі тое каштоўнае ў менталітэце, што страціў наш народ за амаль 80-гадовае панаванне камуністычнага ладу і адпаведнай псіхалогіі. Працэс вынішчэння самага каштоўнага ў чалавеку, працэс расчалавечвання чалавека пачаўся не сёння, паскорыўся ва ўмовах таталітарнага рэжыму і імкліва працягваецца ў наш час.

I сёння ўжо многім нашым сучаснікам не ўяўляецца каштоўнасцю тое, што было першасным і лёсавызначальным для нашых продкаў. Сёння з лёгкасцю разбураюцца тыя маральныя бар'еры, пераступіць якія лічылася раней вялікім грахом. Сёння юным цяжка зразумець матывы неверагодных высілкаў у імя мэты, да якой «станоўка, ненарокам» ішлі коласаўскія героі, што жылі стагоддзе таму. Цяжка зразумець матыў «здрады» свайму каханню мележаўскім героем — Васілём…

Нашы духоўныя набыткі за мінулае стагодцзе, як сведчыць само жыццё, не такія ўжо і значныя. А каб пераканацца ў тым, што мы страцілі са спадчыны свайго народа, скарыстаем запрашэнне Якуба Коласа і

…разгорнем часау шаты, Бліжэй прыгледзімся да хаты, Да Міхася і да Антося, Як там вялося, як жылося.

Шмат у беларускай літаратуры сапраўды нацыянальных твораў. Але па энцыклапедычнасці выяўлення нацыянальнага як вышэйшага атрыбута мастацкай вартасці шэдэўраў роўных «Новай зямлі» няма.

Калі і наканавана нам знікнуць у свеце, то новыя цывілізацыі мелі б поўнае ўяўленне пра нас, беларусаў, як нацыю, пра зямлю, на якой мы жылі, пра наш побыт, нашу культуру, традыцыі і звычаі, пра наш характар і ментальнасць, пра нашы каштоўнасці, пра нашы мары і памкненні толькі па адной кнізе — паэме «Новая зямля». Усё ў ёй — наша, роднае, нацыянальнае.

Найвялікшай каштоўнасцю для кожнага народа з'яўляецца зямля, на якой ён жыве. Для нашага народа зямля — гэта не проста тэрыторыя, а прошча, святое месца і «аснова ўсёй айчыне». Ва ўсведамленні Міхала, для якога адзіным шляхам да волі з'яўляецца «свая зямля» як аснова ўсяму, увасоблена народнае ўсведамленне зямлі як найвялікшай каштоўнасці нацыі:

Зямля не зменіць і не здрадзіць, Зямля паможа і дарадзіць, Зямля дасць волі, дасць і сілы, Зямля паслужыць да магілы, Зямля дзяцей тваіх не кіне, Зямля — аснова ўсёй айчыне.

Лексічнай анафарай «зямля» паэт дасягае эфекту малітвы, бо зямля ва ўсведамленні беларуса — святыня, абяцаная Богам. I здрада ёй — вялікі грэх.

Зямля для коласаўскіх герояў — гэта і промень волі і свабоды; гэта і ўмова рэалізацыі сваіх прыродных якасцей, хлебаробскага таленту, які з усіх талентаў самы святы; гэта і гарантыя дабрабыту; гэта і залог годнага і людскага жыцця для нашчадкаў, клопат пра якіх — спрадвечная рыса характару беларуса. Сапраўды, зямля — скарб, бяздоннае багацце.

Каб узвысіць свайго героя, Колас праводзіць яго праз самыя цяжкія і страшныя, ва ўяўленні Міхала, выпрабаванні — беззямелле і як вынік яго — рабства, здзек, прыніжэнне. Але жыццёвыя калізіі («Міхал як толькі ажаніўся, тады ж ад бацькі аддзяліўся, бо стала цесна. З той прычыны пайшоў на сплаў ён, на віціны…») толькі ўмацавалі яго мару:

Купіць зямлю, прыдбаць свой кут, Каб з панскіх выпутацца пут, I там зажысь сабе нанова: Свая зямля — вось што аснова!

Моцную асобу вызначае «одна, но пламенная страсть» — мэта, да якой яна ідзе так, як наш Міхал: «станоўка, ненарокам ішоў да мэты крок за крокам». Мэта і невынішчальная мара, ад якой Міхал не адрокся нават на Божай пасцел! — воля:

Бог не судзіў мне бачыць волі І сыпаць зерне ў свае ролі…

Мару пра зямлю і волю Міхал наказвае здзейсніць тым, хто будзе жыць пасля яго:

Вядзі ж ты рэй, вядзі… адзін… Як лепшы брат, як родны сын.

Усведамленне роднай зямлі і яе прыроды як найвялікшай каштоўнасці ў паэта настолькі моцнае, што ў лірычных адступленнях ён звяртаецца да радзімы, роднай мясціны як да маці і просіць у яе дапамогі і благаславення для сваіх любімых герояў, бо перакананы, што радзіма для чалавека — прошча:

Дзень добры, родная мясціна! Спаткай ты нас як маці сына  Па часе доўгае разлукі  I разгарні прыветна рукі  Для тых, хто змушаны ў няволі  Жывіцца хлебам твайго поля…

Афарыстычна матывавана паэтава просьба ўзброіць «надзеямі грудзі» герояў («Бо мы твае, зямелька, людзі!»).

Жанр паэмы (яна ліра-эпічная) праз лірычныя і філасофскія адступленні садзейнічае выяўленню аўтарскай думкі, што родная зямля для кожнага чалавека — зямля святая, надзеленая надпрыроднымі сіламі. Гэтая філасофская думка гучыць ужо ў лірычным уступе, якім пачынаецца паэма:

Мой родны кут, як ты мне мілы!.. Забыць цябе не маю сілы! Не раз, утомлены дарогай, Жыццём вясны мае убогай, К табе я ў думках залятаю  I там — душою спачываю.

Героі паэмы таксама чэрпалі сілы, спачын і лекі для душы менавіта ў родным краі, калі былі ў нялёгкай дарозе да сваёй мэты — да волі.

Лейтматывам волі і новай зямлі прасякнута ўся паэма. Эпічныя раздзелы твора размешчаны так, што паслядоўна паказваюць вытокі мары Міхала, шлях яго і яго сям'і да яе здзяйснення.

Апісанне жыццёвых калізій, што здараюцца з героямі, спрыяе панарамнаму паказу ўсёй Беларусі, а не толькі некаторых яе мясцін. Пярэбары сям'і Міхала ў Парэчча, паездка братоў у Заблонне да Хадыкі («прад імі Случчына ляжала, старонка міла і багата») і дзядзькі Антося ў Вільню — галоўныя моманты знешняга дзеяння. Прыём вандровак, па-майстэрску выкарыстаны паэтам, садзейнічае выяўленню аўтарскай думкі, што дадзеная нам Богам зямля — найбагацейшы край, у якім ёсць выключна ўсё, што неабходна для жыцця чалавеку. Толькі «ўсё гэта — скарбы чужаніцы. магната князя Радзівіла», яго краса і багацце.

Верай у лепшы лес сваёй зямелькі, у якой толькі і можна «пазычыць сілу», у лепшую долю народа на гэтай зямлі прасякнута ўся паэма:

Жыві ж, наш край! Няхай надзея Гарыць у сэрцы і мацнее…

Міхалава ўсведамленне, што «зямля — аснова ўсёй айчыне», што «трэба грунт мець пад нагамі, каб не бадзяцца батракам!», стала ўсведамленнем і мэтай жыцця яго дзяцей. Аднак ім будзе наканавана жыць у «д'ябальскі час і ў д'ябальскім грамадстве», як і мележаўскім Васілю і Ганне, як і быкаўскім Багацькам і Хведару Роўбу. У самыя трагічныя моманты свайго жыцця Хведар Роўба назаве праклятым час, у які яму наканавана было нарадзіцца селянінам.

Селянінам з вялікім дарам хлебароба наканавана было нарадзіцца і мележаўскаму Васілю. Найперш праз гэты вобраз творца паказаў трагедыю беларускага народа ў адзін з самых крытычных момантаў нацыянальнай гісторыі, выявіў сваё разуменяе таго, што спрычынілася з нашым народам у час «карэннага пералому» і ў выніку яго.

У вобразе Васіля ўвасоблены не толькі характар беларуса, але і яго менталітэт. А паняцце ментальнасці намнога шырэйшае за паняцце характару. Менталітэт — гэта своеасаблівы спосаб мыслення, склад розуму асобнага чалавека ці супольнасці людзей. Менталітэт любой нацыі складаецца з мноства элементаў. Спынімся на некаторых, а найперш на вызначальным — на ўсведамленні каштоўнасцей, якія для чалавека і нацыі з'яўляюцца першаснымі, прыярытэтнымі.

Для беларуса такой каштоўнасцю з'яўляецца (хочацца спадзявацца, што ўсё яшчэ з'яўляецца) зямля. I ўдакладнім: зямля не толькі як тэрыторыя жыцця, але (тое засведчана навукоўцамі, даследчыкамі, творцамі ў «адбітку родных з'яў») і як промень волі і свабоды.

«Одной лишь думы власть» ведаў Васіль Дзяцел. Хай ён не апісвае яе фарбамі паэта, але гаворыць аб ёй палка і малітоўна. «Каб той кавалачак зямлі, што за цагельняй!» — дзеліцца ён з Ганнай сваёй самай запаветнай марай. I ён бы ўжо на ёй шчыраваў, ён бы ўжо на ёй разгарнуўся! Яна б не была ў яго недагледжанай і няўдаліцай.

Ментальнасць чалавека і нацыі вызначаецца і шляхамі, сродкамі, якімі яны ідуць да акрэсленай каштоўнасці, дамагаюццаяе. Беларускі шлях — праца, нястомная праца, нечалавечыя высілкі — і ўсё дзеля яе, зямелькі-карміцелькі, бо яна адна «не зменіць і не здрадзіць», «яна дзяцей тваіх не кіне»… У працы выяўляецца ўся сіла і прыгажосць чалавека, рэалізуюцца лепшыя яго якасці і талент, бо працавітасць — сама па сабе ёсць талент чалавека і сведчанне яго жыццястойкасці, нязломнасці, цягавітасці.

Змены ў жыцці, новую ўладу Васіль Дзяцел успрымае як падарунак лёсу: нарэшце здзейсніцца! Але незбылося… Новыя падзеі і абставіны патрабуюць ад героя таго, што яму чужое і дзікае. Ён далёкі ад мітусні і калатнечы, што ўсчаліся навокал. Ён хоча проста жыць і працаваць на сваёй зямлі, шчыра паверыўшы, што савецкая ўлада прыйшла, каб даць зямлю і волю такім, як ён.

Васіль — моцная, выключная, незвычайная асоба, на сіле і незвычайнасці якой пісьменнік неаднаразова акцэнтуе ўвагу чытача. Васіль рана асірацеў і ўжо падлеткам узяў на сябе клопат і адказнасць за ўсю сям'ю, узваліў такую ношу, якую не кожны мужчына адужае. Хлопец цярпліва нясе свой крыж, цвёрда засвоіўшы галоўны ўрок жыцця: цярпі, трывай, хочаш прысесці ад стомы — ідзі, а прысеў — устань і ідзі! Злучнасць пісьменніка са сваім героем настолькі моцная, што ў чытача страчваецца ўсведамленне: выяўленне пачуццяў Васіля ў час касьбы — гэта аўтарская характарыстыка ці ўнутраны маналог героя. Мележ — майстар дэталі. Дэталі ў партрэце Васіля таксама «працуюць» на яго выключнасць: «валасы неаднолькавыя: ззаду цёмныя, а спераду, як у рабога цяляці, і вочы не адзінакія… Адно, як вада светлае, другое, як жалудок».

У жыцці Васіля была вясна з камянямі на дарозе, якія «губяць сілы маладыя», было і «лета-песня, лета-свята», што перайначыла ўсё ў яго душы. Акрамя аднаго: не ўтаймавала неадольнага жадання «разжыцца новай доляй». А новую долю магла даць яму толькі ўласная зямля. Тое, што рабілася ў калгасах, было Васілю не па душы. Здаровы розум і жыццёвая мудрасць гаварылі яму (таму такі неспакой у душы, такі ўнутраны злом), што гэта дабром не кончыцца, што ў такіх калгасах гаспадаром быць нельга.

I. Мележ марыў напісаць пенталогію «Палескай хронікі», але планам яго не суджана было ажыццявіцца. Паводле задумы аўтара, Васіль Дзяцел павінен быў прыйсці да здзяйснення подзвігу ў гады вайны. I гэта не было б фантазіяй пісьменніка, а сведчаннем глыбокага псіхалагізму яго творчасці. Абараніць сваю зямлю, сваё гняздо, сваё каханне, сваё дзіця можа толькі той, хто моцна любіць і сваю зямлю, і блізкіх дарагіх людзей. Любіць так, як Васіль Дзяцел.

Так праз вобраз Васіля I. Мележ паказвае трагедыю нашага народа ў часы «карэннага пералому» і нагадвае пра тыя каштоўнасці, на якіх трымалася наша зямля, доўжылася жыццё. Ментальнасць чалавека і нацыі пад уплывам часу і падзей можа змяняцца: адны яе элементы слабеюць і нават знікаюць, другія ж — наадварот, з'яўляюцца. Трылогія Мележа запрашае нас спыніцца і азірнуцца, падумаць і ўзважыць: ці можна дапусціць знікненне тых каштоўнасцей, якія лічыліся нашымі продкамі першаснымі і святымі? Што будзе з намі, калі мы адрынем гэтыя каштоўнасці і святыні? I асабліва найважнейшую з іх — зямлю як «аснову ўсёй айчыне», як «промень волі і свабоды».

«Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі!» (Янка Купала)

I вось толькі адна поўная дзяржаўная незалежнасць можа даць і праўдзівую свабоду, і багатае існаванне, і добрую славу нашаму народу.

Янка Купала

У зборніку архіўных дакументаў «Перад крутым паваротам» (падзагаловак «Тэндэнцыі ў палітычным і духоўным жыцці Бел ару сі ў 1925–1928 гадах») адлюстравана вялікая і страшная трагедыя беларускага народа, і перадусім — беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі. Адзін з момантаў гэтай трагедыі датычыць творчага лесу Янкі Купалы — генія беларускай літаратуры.

16 лістапада 1926 г. Першы Беларускі драматычны тэатр (БДТІ, цяперашні Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы) паказаў прэм'еру — пастаноўку геніяльнай трагікамедыі Янкі Купалы «Тутэйшыя». Адразу ж пасля першага паказу спектакль быў зняты з рэпертуару і забаронены. Як піша ў каментарыі да адпаведнага дакумента Р. П. Платонаў, гэтая падзея (забарона) «мела надзвычайны характар, бо п'еса належала пяру класіка беларускай літаратуры, год назад уганараванага званнем народнага паэта БССР». 19 лістапада адбылося пашыранае пасяджэнне калегіі аддзела друку ЦК КП(б)Б з парадкам дня: абмеркаванне п'есы Янкі Купалы «Тутэйшыя».

Фактычна гэта быў дзікунскі, разбойніцкі суд над спектаклем, над п'есай і яе аўтарам. «Судцзі» вынеслі смяротны прыгавор, не ведаючы, што твор несмяротны. Загадчык агітацыйна-прапагандысцкага адцзела ЦК Абрамчук, як засведчана ў архіўным дакуменце, сказаў: «Я уверен, что автор желал подчеркнуть, что для Белоруссии якобы все „оккупанты“ равны — поляки и большевики Такая пьеса для нас неприемлема». I гэта правільна, ён не памыліўся: менавіта гэта Купала і паказаў, хоць галоўнай мастацкай задачай было падаць вобраз і раскрыць псіхалогію аднаго з «тутэйшых» — Міюты Зносака. Член калегіі Сярбята (пазней ён сам уваліўся ў яму, якую капалі для Беларусі і яе паэтаў) сказаў: «Пьеса произвела на меня ужасное впечатление, как пьеса контрреволюционная».

На 65 гадоў п'еса была выкінута з літаратуры, з тэатра, з культурнага жыцця Беларусі як твор супернацыяналістычны! У 1982 г. на сцэне Магілёўскага абласнога тэатра быў пастаўлены спектакль па гэтай п'есе, але пасля паказу ў Мінску «Тутэйшых» зноў знялі з рэпертуару. На сцэне Купалаўскага тэатра «Тутэйшых» адрадзілі ў 1990 г. У 1992 г. спектакль у пастаноўцы Мікалая Пінігіна атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі. У «Тутэйшых» занятыя мэтры Купалаўскага тэатра — Марыя Захарэвіч, Генадзь Аўсяннікаў, Аляксандр Лабуш, Алена Сідарава, Зоя Белахвосцік і іншыя.

Гісторыя спектакля па п'есе Янкі Купалы да ўсяго засведчыла адзін з момантаў узыходжання ўладара беларускай песні на Галгофу. За тое, што «зваў з путаў на свабоду», чакала Галгофа. За адвагу сказаць, што двойчы два — чатыры, чакала Галгофа і несмяротнасць душы.

Самай ненавіснай для паэта была, па яго словах, «пашана да пакут», самай страшнай бядой для народа — страта волі. Ужо самы першы купалаўскі верш «Мужык», надрукаваны ў 1905 г. у газеце «Северо-Западный край», стаў адначасова і праграмным творам паэта, бо вызначыў усю яго творчасць. Ён першы, хто з незвычайнай сілай, «на свет цэлы», сказаў і аб нашай мары, і аб нашым праве «людзьмі звацца». Наватарства і мастацкая вартасць верша заключаюцца найперш у сіле, з якой паэт здолеў сказаць пра дагэтуль нікім не знанае — пра годнасць і гонар беларуса. Менавіта другая кампазіцыйная частка верша з'яўляецца сімвалічнай і вызначальнай для ўсёй творчасці Янкі Купалы:

Але хоць колькі жыць тут буду, Як будзе век тут мой вялік, Ніколі, браткі, не забуду, Што чалавек я, хоць мужык. I кожны, хто мяне спытае, Пачўе толькі адзін крык: Што хоць мнсй кожны пагарджае, Я буду жыць! — бо я мужык!

Сцвярджэнне думкі пра годнасць, жыццястойкасць і непераможнасць свайго народа будзе лейтматывам гучаць у многіх творах паэта:

Жыў беларус — і будзе жыць!

Верш «А хто там ідзе?», які М. Горкі справядліва назваў «гімнам беларусаў», напісаны ў форме дыялога, каб узмацніць эфект уздзеяння «на свет цэлы». Пытаецца нехта, быццам голас ідзе з неба. I гэты нехта вядзе размову «з цэлым народам», імя якому — беларусы:

А хто там ідзе, а хто там ідзе Ў агромністай такой грамадзе? — Беларусы.

Ідэя верша афарыстычна сфармулявана ў апошняй страфе:

А чаго ж, чаго захацелась ім, Пагарджаным век, ім, сляпым, глухім? — Людзьмі звацца.

Якуб Колас назваў гэты верш праграмай і лозунгам беларускай паэзіі. Будзе справядліва назваць яго і праграмай нацыянальнага адраджэння. Радзіма і свабода, незалежнасць — для паэта паняцці непадзельныя. Ніхто з беларускіх паэтаў пачатку мінулага стагоддзя з такім запалам, мужнасцю, таленавітасцю і так паслядоўна не адстойваў, не бараніў ідэю нацыянальнага адраджэння і незалежнасці, як Янка Купала. Усведамленне волі і незалежнасці як найвялікшай каштоўнасці нацыі было вызначальным у яго светапоглядзе, а значыць, і ў творчасці:

Хай Беларусь, мая старонка, Ўваскрэсне к вольнаму жыццю.

Заклікаючы свой народ «на вялікую нараду, на вялікі сход», паэту вершы «Час» дакляруе яму вырашыць самае галоўнае пытанне:

Як жыць мае, пажываці Ў родным краю, ў роднай хаце, — Як заводзіць лад: Ці жыць далей у няволі, Ці разжыцца новай доляй, Новы ўзнесць пасад.

Нацыю, у якой вякамі фарміравалася агідная Купалу «пашана да пакут», выратаваць маглі не стогны, спачуванні і галашэнні. Заслуга Купалы ў тым, што ён «тварыў» нацыю: фарміраваў яе самабытны духоўны воблік, пашыраў нацыянальную самасвядомасць, надзяляў беларусаў скарбамі сусветнага ўзроўню, вызначаў іх духоўныя арыенціры. Нацыя і яе жыццястойкасць у многім вызначаюцца менавіта духоўнымі і каштоўнаснымі арыенцірамі.

Што чалавек лічыць для сябе найважнейшым, да чаго імкнецца, у чым бачыць сваё шчасце, у многім вызначае яго сутнасць. Тое ж самае і з народам.

Паэт не толькі верыў, не толькі заклікаў Беларусь заняць «свой пачэсны пасад між народамі», але і сам многа зрабіў дзеля гэтага. Т ак, да прыкладу, першы пераклад помнікастаражытнай культуры — «Слова пра паход Ігаравы» — на адну з сучасных моў свету быў зроблены ім, Купалам. I мова тая была наша — беларуская. Толькі пазней Дз. Ліхачоў і М. Забалоцкі пераклалі «Слова…» на рускую мову, а М. Рыльскі — на ўкраінскую. У сваю чаргу творчасць Купалы станавілася здабыткам культуры іншых народаў, бо купалаўскія творы перакладаліся, пачынаючы з 1910 г., такімі знакамітымі майстрамі слова, як М. Горкі, В. Брусаў, пазней — М. Ісакоўскі.

Рэалізацыя ідэі нацыянальнага адраджэння і дзяржаўнага суверэнітэту ў драматургіі — «самым складаным», паводле слоў Купалы, родзе літаратуры — дазволіла яму гэтую ідэю «ўзбуйняць», а трывогу за становішча народа «на свет цэлы» «падвышаць», збіраць у адзін фокус усё тое, «што ў паэзіі выглядала рассеяным».

Наколькі Янка Купала таленавіта «ўзбуйніў», «падвысіў» і сабраў у фокус, сведчаць ужо згаданыя архіўныя дакументы адносна суда-расправы над спектаклем па яго п'есе «Тутэйшыя». Згадаем, што і п'есу «Раскіданае гняздо», так любімы і самім Купалам твор, вызначыла галоўная, запаветная і палымяная ідэя ўсяго жыцця песняра — ідэя нацыянальнага вызвалення і адраджэння.

У трагікамедыі «Тутэйшыя» тая ж ідэя рэалізуецца драматургам праз вобразы-антыподы — Мікіты Зносака і Янкі Здольніка — і праз непрымірымы канфлікт паміж імі, на якім і грунтуецца п'еса. Да Янкі Купалы і творцы, і свядомая, здаровая частка інтэлігенцыі шукалі «ворагаў беларушчыны» паўсюдна і дзе заўгодна. Упершыню «на свет цэлы» Янка Купала забіў трывогу і паставіў дакладны дыягназ: самы страшны «вораг беларушчыны» — тутэйшыя з іх ідэалогіяй, што працуе толькі на страўнік, з іх прынцыпам «служу тым, хто больш плаціць», зноскі-неданоскі, пазбаўленыя святых пачуццяў нават да роднай маці. Такія гатовы на ўсё: «Вось вам, ясне мусье немец, гер германіш, пакуль што кантрыбуцыя, заўтра дам анэксію, а там, калі не хопіць, жонку, дзяцей залажу, меджду протчым, толькі дайце перадышку». Такія, як вычарпальна сказала пра сына Гануля, — «ні богу свечка, ні чорту качарга». Ні тое ні сёе, ні к сялу ні к гораду, але якія ж небяспечныя!

У пачатку апошняй дзеі Гануля паведамляе радасным маладажонам Янку і Аленцы, што «былі і сягоння гэтыя нібы вучоныя Мікітавы» і пыталіся, які «магнэс» яго болей прыцягвае — усходні ці заходні. Малады настаўнік не задумваючыся адказвае: «Трэ было, цётачка, сказаць, што ні той, ні сёй, а тутэйшы». У гэтай паваротнай рэпліцы сканцэнтравана ідэя твора: «тутэйшасць» — самы страшны «магнэс», нацыянальная бяда. Забыццё і вырак свайго паходжання, мовы, радзімы, жыццё па прынцыпе: «можна мець светапогляд адзін, думаць другое, гаварыць трэцяе, а рабіць чацвёртае» — вось некаторыя пачварныя выявы тутэйшасці, сканцэнтраваныя ў здзекліва-сатырычным вобразе Мікіты Зносака. Нагадваем, што зносксш у народзе называюць недаразвітае, маленькае курынае яйка. Недаразвітасць пачуцця нацыянальнай (а значыць, і чалавечай) годнасці ў Мікіты мае самыя ганебныя выявы: нігілізм, цынізм, здрадніцтва.

Раскрыццю вобраза спрыяюць дыялогі паміж Мікітам і Янкам Здольнікам, якога Мікіта з пагардай называе «панам дырэктарам беларускай басоты». Зносак адмаўляе ўсё беларускае, цынічна прызнаецца, што, каб яго воля, ён увёў бы «адзіны непадзельны рускі язык… ад Азіі да Аўстраліі, ад Афрыкі да Амерыкі і ад Смаленску да Берліну». Самахарактарыстыкай вобраза з'яўляецца мова Зносака: скалечаная і засмечаная русізмамі і іншай замежнай лексікай (у залежнасці ад сітуацыі), канцылярызмамі і словамі-паразітамі («меджду протчым»), Мова выдае і невуцтва, і маральную спустошанасць героя; як казала маці Зносака, «вучыўся, але, мабыць, недавучыўся».

Падзеі ў п'есе разгортваюцца ў складаны для беларускага народа час — 1918–1920 гг., калі адна акупацыйная ўлада змянялася другой, а Беларусь была арэнай змагання паміж Захадам і Усходам. Філасофія пісьменніка-патрыёта, яго трывога за будучыню, за скарб, што застаўся нам «ад прадзедаў спакон вякоў», яго ўсведамленне таго, што ў спрэчцы паміж Захадам і Усходам адносна Беларусі ўсё могуць вырашыць тутэйшыя, прыхільнікі «страўнікава-вантробнай тэорыі», выяўляецца праз вобраз Янкі Здольніка.

Пісьменніцкае разуменяе ўсёй небяспечнасці тутэйшых раскрываецца ў выкрывальнай прамове-маналогу Янкі Здольніка: «О так, так! Для вашага гонару падавай вам мацярынскі язык цароў, Мураўёвых-вешацеляў, Распуцінаў, Азэфаў і ўсея кампаніі, падобнай ім, а на свой, папраўдзе для вас родны, як вы кажаце, язык вам напляваць! Эх, русацяп вы. русацяп! Але годзе аб гэтым! Калісь вы, пане рэгістратар, апомніцеся, але каб не было запозна». Свой канчатковы пісьменніцкі прысуд манкуртам і выраджэнцам зносакам Янка Купала таксама выносіць вуснамі Янкі Здольніка: «Так! Ваш рэгістратар быў вялікае нішто і застаўся вялікім нічым». Усведамляючы, што такіх, як Зносак, змяніць да лепшага немагчыма, бо з нічога і будзе нішто, Янка Здольнік развітваецца з усімі і едзе на вёску, дзе «сонца весялей свеціць», ды і «людзі там лепшыя».

I ўсё ж трагічнае ў творы наўрад ці абмяжоўваецца толькі канстатацыяй тутэйшасці і ўсяго таго, што спрычынілася з народам, які адмовіўся ад належнага яму імя і пакорліва дазваляе называць сябе проста тутэйшымі.

Трывожнае і трагічнае ў творы звязана з Купалавым усведамленнем наступстваў тутэйшасці. Словы «каб не было запозна» папераджальныя не толькі для тых, каго, падкарміўшы, можна павесці ў любы бок. Ды і наўрад ці такія апамятаюцца. Не паспеюць, як той Пакормны з байкі Ядвігіна Ш. (радаваўся, калі добра кармілі, а як «падвялі пад абух», то не паспеў апомніцца, чаму і за што). Трэба нешта рабіць, каб «запозна» не было для ўсіх. Здольнікі павінны быць больш дзейсныя, бо толькі абурацца «страўнікава-вантробнай» псіхалогіяй зносакаў, жыць там, дзе «сонца весялей свеціць» і дзе «людзі лепшыя», могуць многія. Але гэтага вельмі мала, каб наша спадчына, наш святы скарб «не збрыў дзе проч»…

«На паўмільярдным кіламетры паміж наступным і былым» (А. Куляшоў)

Мы з вамі дзеці адной гісторыі, аднолькавай сучаснасці і агульнай будучыні. Нас яднае агульны лёс.

У. Караткевіч.

Людзі могуць быць розныя — беспрынцыпныя і бяспамятныя, гісторыя ж жыве па сваіх законах і рупна робіць свой беспрыстрасны рэестр.

В. Быкаў.

У аповесці В. Быкава «Круглянскі мост» ёсць «закадравы» герой Ляховіч, з якім пісьменнік знаёміць нас прыёмам рэтраспекцыі, гэта значыць звароту ў мінулае. Брытвін, расказваючы Сцёпку пра Ляховіча, абураецца яго ўчынкамі, лічыць іх недарэчнымі, абсурднымі.

У першым выпадку Ляховіч парушыў загад, адмовіўшыся забіць паліцая, бо той «з дзіцем на ложку сядзеў, карміў, і гэты дурань не адважыўся ў яго кулю пусціць». Напарнік Ляховіча Сураў нават «адмовіўся больш з ім хадзіць» на заданні: «Дурань, кажа, або кантужаны». Другі раз, як лічыць Брытвін, «зноў канфуз выйшаў». Вяртаючыся з задання, партызаны наткнуліся на немцаў, калі тыя штурхалі буксуючую машыну. «Ну, хлопцы, вядома ж, узрадаваліся, кажуць: ударым! Ляховіч гэты — ён за старшага быў — агледзеўся, разважыў. „Не, — кажа, — нельга. Вёска блізка“. Маўляў, машыну знішчым — вёску з агнём пусцяць. Так і не даў каманды. А немцы выцягнулі машыну, селі і газанулі». А ўжо трэці выпадак і наогул не ўкладваецца ў свядомасці Брытвіна і такіх, як ён. «Не чалавек, а недарэка, яй-богу. А так, здаецца, і не дурны, з вышэйшай адукацыяй. А можа, усё праз гэту адукацыю? На вайне яна не патрэбна».

Ляховіч з Шусцікам трапілі, як вярталіся з задання, у палон. I вось там, у круглянскай паліцыі, Ляховіч «выкінуў фокус». Гэта ўжо наогул дзіва. «Самая бязглуздая дурасць», паводле ацэнкі Брытвіна. Калі іх схапілі, яны сказалі, што акружэнцы, хадзілі па вёсках, на хлеб зараблялі. А шэф паліцыі, стары немец, паставіўся да гэтага нястрога. Шусціка выцяў кіем і атрымаў вялікае задавальненне, гледзячы, як той прыніжаецца. Асабліва спадабалася немцу, калі на сваё пытанне, ці прызнае Шусцік уладу вялікага фюрэра нямецкага народа Адольфа Гітлера, атрымаў сцвярджальны халуйскі адказ: «Прызнаю, — кажа, — пан, як жа не прызнаць, калі ўвесь свет зваяваў». Тое ж пытанне немец задаў і Ляховічу, а той «маўчаў, маўчаў, а потым кажа: „Нажаль, я не магу гэтага прызнаць. Гэта не так“». Паліцай, які перакладаў адказ Ляховіча немцу, зашыпеў, дакладна сфармуляваўшы сутнасць выбару: «Не прызнаеш — памрэш сёння ж». — «Магчыма, — адказвае, — але памру чалавекам, а ты будзеш жыць скацінай». Шусціка адпусцілі, а Ляховіча павесілі. «Прыгожа, як у кіно, ды што толку… Ну, хіба не дурань?» — рэзюміраваў Брытвін.

Для такога мастака, як Васіль Быкаў, гэтых трох эпізодаў было б дастаткова, каб пабудаваць на іх уласцівую яго стылю вострасюжэтную аповесць, зрабіць свайго «закадравага» героя галоўным, тройчы выпрабаваўшы яго экстрэмальнымі сітуацыямі выбару, адна з якіх — памежная. Аднак менавіта «закадравасць» героя, успрыманне яго ўчынкаў іншымі ўжо пасля яго смерці садзейнічае рэалізацыі пісьменніцкай канцэпцыі і думкі пра непарыўную пераемнасць руху жыцця, пра галоўнае і марнае. Рэтраспекцыямі значна пашыраецца фабульны час і прастора, сцвярджаецца думка пра ўздзеянне прыкладу моцнай асобы на тых, хто будзе ў дарозе пасля яе і прадоўжыць яе справу. «Аўтарства» ўчынку Ляховіча працягвае сваё існаванне ў прасторы і часе незалежна ад меркаванняў брытвіных. Над судом людзей валадарыць Час — суд сумлення непадуладны Часу.

Сам таго не ўсведамляючы, Брытвін таксама прычыніўся да ўзвядзення абеліска Ляховічу, бо не брытвінскае меркаванне, а інфармацыя пра ўчынкі Ляховіча будзе вызначальнай у выбары Сцёпкі. I Сцёпка неўзабаве стане перад выбарам: кампрамісу з Брытвіным і як вынік кампрамісу — жыццё ці вернасць свайму сумленню, праўдзе, памяці цаною жыцця. «Нешта цвёрдае і дзіўна ўпэўненае ўжо авалодала ім і не ўступае» — так вызначыў пісьменнік стан свайго героя напярэдадні выбару. Сцёпку папярэджваюць, што задумаў ён нядобрае, што сам жа і пашкадуе, але ён ужо падрыхтаваўся, як і Ляховіч, зрабіць свой выбар. Сцёпка, як і другі быкаўскі герой, Сотнікаў з аднайменнай аповесці, ужо падняўся на такую духоўную вышыню, на якой кампраміс з Брытвіным, як і кампраміс Ляховіча з шэфам паліцыі, ужо немагчымы. Усялякай велічы сладарожнічае крайнасць, усялякай пасрэднасці — схільнасць да кампрамісаў.

Вайна — экстрэмальная сітуацыя, сітуацыя ўлады «чумы». I супрацьстаяць ёй, паводле сцверджання французскага пісьменніка А. Камю, можна, толькі калі «добра рабіць сваю справу». А. Камю, стварыўшы ў рамане «Чума» алгарытм паводзін людзей у час чумы, папярэдзіў усіх, што «мікроб чумы ніколі не памірае, ніколі не знікае, што ён можа дзесяцігодцзямі спаць дзе-небудзь у завітушках мэблі ці ў стосе бялізны, што ён цярпліва чакае свайго часу ў спальні, у падвале, у валісках, у насоўках і паперах і што, магчыма, прыйдзе на гора і павучанне людзям такі дзень, калі чума разбудзіць пацукоў і пашле іх скалець на вуліцы шчаслівага горада». А. Камю завяршыў свой раман заклікам да пільнасці.

Людзям, якім наканавана жыць «на паўмільярдным кіламетры паміж наступным і былым», гэта значыць тут і цяпер, жыць на перавале стагодцзяў і тысячагоддзяў, таксама выпала нялёгкая доля. Верылася, што перамога над фашызмам у самай жудаснай з усіх войнаў вырашыць калі і не ўсё, дык многае і ўсё зменіць да лепшага. Чалавек як аўтар свайго выбару, свайго праекта быцця не будзе больш стаяць перад «сцяной абсурду», не будзе выпрабоўвацца вынішчальнай сілай абставін. А пад гнётам гэтых абставін, як зазначае В. Быкаў, «адзін чалавек гнецца, другі ломіцца, трэці становіцца, магчыма, яшчэ больш загартаваным». I ў кожнага свой запас трываласці, свой болевы парог.

Аднак жыццё паказала, што перамога над фашызмам не з'яўляецца перамогай над злом у чалавеку. Яркае сведчаннетаму аповесць.

В. Быкава «Пакахай мяне, салдацік». Яна, як і ўсе быкаўскія творы, — пра выбар. Аднак не пра выбар, зроблены людзьмі ў памежнай сітуацыі, не на парозе смерці, перад якой не многія здольны ўратаваць сваю душу. Аповесць пра выбар, які зрабілі нелюдзі («хто б яны ні былі — нашыя ці немцы! Бальшавікі ці фашысты») «на парозе міру», на парозе шчасця, перамогі святла над цемрай… Гэтая трагедыя з'яўляецца кульмінацыяй аповесці, яе самым болевым акордам, узятым з вялікай эмацыянальнай сілай. Гібель Франі і яе гаспадароў Шарфаў ашаломіла лейтэнанта Зміцера Барэйку. Радасць свята перамогі ператварылася для яго ў «чорнае свята бяды».

I выбар нелюдзямі злачынства на парозе міру, і «аўтарства» злачынства сведчаць, што ўлада чумы не адступіла, што «зачумленыя», як называе нелюдзяў А. Камю, працягваюць свае злачынствы. А. Камю катэгарычны ў сваім сцверджанні: «Усё, што чалавек здольны выйграць у ігры з чумой і з жыццём, — гэта веды і памяць». Чалавек, які жыве «на паўмільярдным кіламетры паміж наступным і былым», павінен ведаць, што ўлада чумы не скончылася, што ў новай схватцы з ёй чалавек можа і прайграць партыю. Чалавек павінен помніць, што самы страшны мікроб чумы — бездухоўнасць у розных яе праявах.

Веды і памяць дапамогуць чалавеку ўсвядоміць, што трэба быць пільным, што «трэба добра рабіць сваю справу», каб мікроб чумы не спустошыў нашы душы. Іначай само наша існаванне тут і цяпер, «на паўмільярдным кіламетры паміж наступным і былым», стане праблематычным.

У пошуках згубленага скарбу

Дзе йдзем і дзе капцы канцовыя, Дзе ходу нашага мяжа?

У. Жылка.

Вядомы французскі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі Жан Поль Сартр у філасофскім творы «Што такое літаратура?» палемізуе са сваімі апанентамі і пераканаўча разбівае іх довады, быццам для мастака галоўнае — вызначыць свой стыль, а ідэя прыйдзе потым. «Але гэта памылка, — даводзіць Ж. П. Сартр, — ідэя так і не з'явілася». Ён лічыць, што вызначальныя ў літаратурным сюжэце — адкрытыя праблемы і пісьменніцкая канцэпцыя.

Даследаванне сучаснасці патрабуе ад творцаў менавіта гэтых пастулатаў, вызначальных у літаратурным сюжэце, бо ад іх наяўнасці і рэалізацыі залежыць выніковасць працы мастака.

Можна пагадзіцца з тым, што праца пісьменніка — гэта «подзвіг Сізіфа», што самы таленавіты твор не здольны змяніць свет ці перарабіць хоць бы аднаго асобнага чалавека. Але і тады ад творцы, як сцвярджае Ж. П. Сартр, патрабуюцца такія дзеянні, у выніку якіх «ніхто не змог бы спаслацца на няведанне свету, апраўдацца асабістай невінаватасцю перад ім».

Летапісцы сучаснасці, канстатуючы розныя выявы бездухоўнасці, даследуюць яе вытокі, б'юць у набат, б'юць трывогу, заклікаюць спыніцца, адумацца, папярэджваюць пра вялікую небяспеку, што падсцерагае нас усіх, калі не адумаемся. Ужо адны толькі назвы твораў найноўшай беларускай літаратуры, прысвечаных праблемам сучаснасці, гавораць самі за сябе: «Труба» (В. Быкаў), «Год дэмана» (Г. Марчук), «Сатанінскі тур», «Падзенне» (I. Шамякін), «Грабавыя» (С. Патаранскі), «Гон» (А. Кірвель), «Крыж» (А. Варановіч), «Пралік Валанцэвіча» (В. Какорыч), «Лішняе дзіця, або Амплітуда жаданняў» (У. Дамашкевіч), «Ноч перад нядзеляй» (З. Прыгодзіч), «Божачка, ратуй!» (М. Райчонак), публіцыстычнае даследаванне «Чаму крача воран» (Стах Дзедзіч) і шмат іншых.

Дысануе назвам усіх пералічаных твораў назва аповесці I. Сурмана «Вясельная ноч», але змест яе зусім не пра каханне і галоўнае свята жыцця чалавека. Сітуацыя, апісаная ў творы, жудасная і трагічная: маладыя паехалі распісвацца, а ў гэты час памірае бацька, які да гэтага доўга і цяжка хварэў. Перад жонкаю нябожчыка стаіць выбар: спыніць усё і ладзіць хаўтуры ці… Яна выбірае другое, жадаючы дабра дачцэ, баючыся перашкодзіць яе шчасцю, і хавае труп у хаце, дзе ўжо ладзяць вяселле, рыхтуюцца да яго. Ці будзе шчаслівай такая сям'я? Забыліся мы пра векавую народную мараль, адрынулі яе, не звяртаем увагі на папераджальныя знакі бяды, што пасылае нам неба і маці-прырода. Нашы продкі на працягу года пасля смерці каго-небудзь у сям'і не ладзілі вяселляў, бо зрабіць інакш лічылася і вялікім грахом, і нядобрым знакам.

Пра тое, што мы ўжо на парозе, пераступаць які нельга, што ўжо вечар, за якім будзе чорная ноч і можа не наступіць «раніца ў нядзельку», ужо білі трывогу летапісцы 60–80-х гг. Але мы не паслухаліся іх, не пачулі вечавога звону, як назваў літаратуру В. Быкаў.

Працэсы расчалавечвання чалавека, яго маральна-духоўнага здзічэння пачаліся не сёння, а шмат гадоў таму і развіваліся на ўсім працягу недзяржаўнага існавання народа і асабліва ва ўмовах таталітарнай сістэмы. Вельмі імклівыя гэтыя працэсы ў наш час.

Думка пра тое, што чалавек аднойчы, няхай сабе і ў абсурдных бесчалавечных абставінах, пайшоў супраць сумлення і тым самым загнаў сябе, фігуральна кажучы, у трубу, стаў не толькі ахвярай, але і хаўруснікам абсурду, — скразная ў апавяданні В. Быкава «Труба».

Сюжэтны каркас апавядання складае анекдатычная ў сваёй аснове гісторыя пра тое, як сельскі інтэлігент, спачатку настаўнік, а потым загадчык дома культуры Валера Сарока загінуў у газаправоднай трубе. Літаратуразнавец Дз. Бугаёў у кнізе «Спавядальнае слова» адзначае, што ў апавяданні «Труба» ўласцівыя стылю В. Быкава рэалістычныя дэталі дзякуючы асацыяцыям набываюць сімвалічны сэнс, як сімвалічная і сама назва твора. Асацыяцый у апавяданні многа. Да прыкладу, сімвалічна-шматзначная ў кантэксце твора спакуса зручна ўладкавацца ў трубе, з якой Валера потым не мог вылезці. Дз. Бугаёў піша: «У пэўным сэнсе нешта падобнае да таго, што здарылася з быкаўскім героем, адбылося і з усімі намі, з нашым грамадствам. Кіруючыся спакуслівай, але, як аказалася, утапічнай камуністычнай ідэалогіяй, яно таксама выбрала, здавалася б, надзейны і самы кароткі шлях да ўсеагульнага шчасця, а ў канчатковым выніку загнала сябе ў тупік, фігуральна кажучы — у трубу, з якой мы ўсё ніяк не можам выбрацца і пасля развалу краіны, якая з го нарам заяўляла, што пракладвае дарогу да лепшай будучыні ўсяму чалавецтву». Жыццё, разважае Валера, «здаецца, забрыло ў тупік».

Дз. Бугаёў адзначае, што ў апавяданні шмат разоў фіксуецца парадаксальнасць, якая часта даходзіць да абсурду. I такі акцэнт пісьменніка на абсурдным у нашай сучаснай рэаліі з'яўляецца адметнай рысай паэтыкі апавядання.

Нельга не пагадзіцца з Дз. Бугаевым, што пра абсурднае ў нашым жыцці напісана ў апавяданні В. Быкава «важка, змястоўна, часта з вялікай падтэкставай глыбінёй і… сімвалічнай шматзначнасцю… з высокай дакладнасцю канкрэтных рэалій і такімі дэталямі, за якімі бачыцца шмат». З падтэкставай глыбінёй і сімвалічнай шматзначнасцю выпісаны фінал апавядання. Скупая і эмацыянальна стрыманая канстатацыя: Валера «не дапоўз да газакампрэсарнай станцыі нейкіх дзвесце метраў». На той жа станцыі яго чакала выратаванне! Такой канцоўкай з адценнем прытчавай павучальнасці пісьменнік сцвярджае тое ж, што сцвярджаў і А. Камю: «вяслуй да канца!» Нават калі шансаў на выратаванне ўжо, здавалася б, няма ніякіх, нават калі цвёрда ведаеш, што загінеш, — усё роўна вяслуй!

Усё жыццё Валеры Сарокі — «нехлямяжае», як сказана ў Быкава, і жудасная смерць у трубе цалкам адпавядаюць сартраўскаму тэзісу: «існаванне папярэднічае сутнасці», што на рускай мове гучыць як «существование предшествует сущности». Дз. Бугаёў лічыць, што жыццё Валеры сталася такім па віне як яго самога, так і таго грамадскага парадку, пры якім яму давялося нарадзіцца: «Але мера віны тут вельмі розная, несупастаўная. Бо дыктавала сваю волю менавіта сістэма прымусу і падаўлення чалавека, а ён грэшны толькі ў тым, што з прымусам зжыўся, прыладзіўся да яго і стаў прымаць як належнае. З усёй брыдотаю».

Такое лагічнае балансаванне паміж «больш — менш», такое «ўзважванне» віны абставін і ахвяры ўрэшце вядзе да апраўдання героя і ўсведамлення яго трагедыі, а не спрычынення да абсурду і хаўрусу з ім.

У згаданай ужо аповесці А. Варановіча «Крыж» ёсць устаўная прытча пра двух пілігрымаў, якія ішлі па нялёгкай дарозе жыцця і неслі кожны свой крыж. Першы нёс крыж цярпліва, а другі, каб лягчэй было ісці, адпілаваў частку крыжовага канца — і ісці стала намнога лягчэй. Але калі падышл! да прорвы, то першы паклаў цераз яе свой крыж і па ім перайшоў, як па кладцы. Другому ж не хапіла якраз адпілаванага кавалка…

Сувымяраючы долю віны дарогі і непамерна цяжкага крыжа з доляй віны пілігрыма, што падкараціў свой крыж, неабходна помніць, аднак, пра бездань, якая наперадзе. Толькі яна з выключнай дакладнасцю вызначае долю віны і дарогі, і пілігрыма. Паводле сцверджання А. Камю, функцыя пісьменніка ў тым, каб папярэдзіць пілігрыма, што яго чакае, калі падкараціць свой крыж. В. Быкаў выбраў для гэтай мэты прыём: самааналіз зрынутага ў прорву. Прыёмам самааналізу героя раскрываецца ўнутраная механіка і, калі можна так сказаць, логіка падзення. Пісьменнік фіксуе пэўныя моманты падзення (а ў апавяданні — загону ў трубу). I тое, да прыкладу, што Валера даволі легка, без унутранага пратэсту згадзіўся стаць даносчыкам, спадзеючыся атрымаць лепшае размеркаванне на працу, наўрад ці можна аднесці да віны абставін. З гэтага ўсё і пачалося. А затым з памагатага ён паступова рабіўся «нявольнікам камуністычнай сістэмы».

Канцэпцыя пісьменніка Быкава ў вырашэнні праблемы віны і трагедыі будзе відавочней, калі згадаць ранейшыя яго творы.

Філасофскае асэнсаванне ступені адказнасці чалавека за тое, што адбываецца, праблема віны і бяды прысутнічае ва ўсіх без выключэння творах В. Быкава. Да прыкладу, мноства пытанняў не даюць спакою галоўнаму герою аповесці «Аблава» на яго пакутніцкім шляху да свайго Нядолішча. Але самым балючым пытаннем для Хведара Роўбы ў час яго лёту ў роднае гняздо было — хто вінаваты? «Божа літасцівы, чаму я такі няшчасны?..», «Чаму ён стаў тут для ўсіх страхотным чужаком, хто ў тым вінаваты? Можа, толькі ён сам, адзін? Ці яшчэ нехта іншы? А можа, і ніхто? Але як жа тады ўсё гэта стала магчымым?»

Многімі прычынамі вытлумачвае сваю трагедыю Хведар: і неразуменнем таго, што адбывалася ў свеце і ў яго Нядолішчы; і празмернай даверлівасцю (спрадвечнае наша «можа, так і трэба?»); і тым, што ім «завалодаў панічны страх»; і ўсведамленнем свайго поўнага бяссілля супрацьстаяць «сцяне абсурду» — жудаснай машыне таталітарызму. Апошняе цалкам вызначала выбар быкаўскага героя ў памежных сітуацыях, якіх у жыцці Хведара было мноства. I перш за ўсё звязаных з узаемаадносінамі з сынам.

Супрацьстаяць «чуме» Хведар, безумоўна, не мог, але ратаваць душу свайго «зачумленага» сына быў абавязаны. Вынішчэнне душы Міколкі адбывалася на вачах Хведара, і ён выдатна разумеў увесь жах гэтага вынішчэння, але нават не спрабаваў гэтаму працівіцца. Хведар суцяшаў сябе надзеямі, што сын падрасце і паразумнее. Калі ж сын падрос і яшчэ больш развар'яваўся, замахнуўся на святое і з маўклівай згоды бацькі (а маўчанне і ёсць згода) знішчыў святое, то Хведар зноў суцешыў сябе тым, «што недзе там, у Маскве ці Мінску, сядзяць разумныя людзі, адукаваныя, справядлівыя, і калі яны вырашылі, што без Бога народу лепей, то, пэўна, так і трэба. Чаму лепей — ён зразумець не мог…»

I вось тут ужо быкаўскі герой не да канца шчыры нават перад самім сабой. Ён выдатна ведаў, як не павінна быць, але, каб зняць з сябе адказнасць за спрычыненае, ішоў далей у сваіх меркаваннях: «а можа, так і трэба». Паміж гэтымі «так быць не павінна» і «а можа, так і трэба» заўсёды ёсць маленькая шчыліна, дастатковая, аднак, каб праціснуць у яе самаапраўданне. А ад яго да спрадвечнага нашага «за што?» зусім блізка.

Усё жыццё Хведар імкнуўся жыць па хрысціянскіх запаведзях (ідэальны герой для ідэальных абставін), але напрыканцы парушыў іх. Ды яшчэ як парушыў! Быкаўскі герой Ткачук з аповесці «Абеліск» сцвярджае, што «смерць — гэта абсалютны доказ». Тэзіс сінанімічны сартраўскаму «існаванне папярэднічае сутнасці». У самым канцы свайго пакутніцкага шляху Хведар быў пастаўлены перад жахлівым выбарам — паміж смерцю і… смерцю. Сустрэча з родным сынам для Хведара — верная смерць: «Можа, яму яшчэ загадаюць, злавіўшы, учыніць допыт над бацькам? I сын вымушаны будзе яго караць? Божа, нашто ты стварыў тады белы свет!.. Шчаслівая яго маці, што не бачыць гэтага. I не чуе». I ў сітуацыі, калі жыць далей немагчыма, Хведар выбірае смерць. Але якую! Тую, якая, паводле хрысціянскай веры, з'яўляецца, як і святатацтва, нявер'е, самым страшным грахом. Хведар усумніўся ў велічы і мудрасці Творцы, які зрабіў гэты свет такім жорсткім, і пазбавіў сябе жыцця. Хведар усведамляе жахлівасць свайго намеру: «Божа, ніколі ў яго не было і думкі забіць сябе, заўсёды ён апантана змагаўся за жыццё. А тут вось вымушаны…»

Трагічна вырашаючы схватку чалавека з «чумой», выносячы бязлітасны прысуд бесчалавечным абставінам, пісьменнік тым не менш не вызваляе сваіх герояў ад адказнасці і за ўсё спрычыненае, і за стан уласнай душы.

Творчасць В. Быкава ўзбагачае сусветную культуру і кожнага чытача бясцэнным вопытам. Сутнасць гэтага вопыту заключаецца ў тым, што ўжо «ніхто не можа спаслацца на няведанне свету, апраўдацца асабістай невінаватасцю перад ім».

Ва ўсіх быкаўскіх творах відавочныя біблейскія рэмінісцэнцыі на самых розных узроўнях. Адна з іх увасоблена на ўзроўні філасофіі: сама пастаноўка пытання «за што?» — грахоўная, бо «чалавек стварэнне боскае і нараджаецца свабодным», як пісаў В. Быкаў у артыкуле «Лёс і шанец» у 1993 г. У любой сітуацыі, сцвярджае пісьменнік, чалавек свабодны ў праве выбару застацца чалавекам. I толькі ад чалавека залежыць, ці скарыстае ён гэтае сваё права. «Апошняй міласцю», «адзінай раскошай» назваў гэтае права быкаўскі Сотнікаў.

Адным з недаравальных злачынстваў сталіншчыны В. Быкаў назваў ліквідацыю традыцыйнай хрысціянскай маралі, спрадвечнай сістэмы элементарных жыццёвых правіл. У артыкуле «Назад ці наперад» (1989) В. Быкаў пісаў: «Страціўшы духоўную аснову, грамадства згубіла і нармальны здаровы сэнс, нічога не набыўшы замест: марксізм аказаўся няздольным запоўніць глыбокі духоўны вакуум, які ўтварыўся ў грамадстве. Грамадства ж без маралі наўрад ці здольна дасягнуць шмат у галіне дэмакратычнага права…»

Іншага выйсця, як вярнуць страчанае, адшукаць згубленае і стаць на трывалую аснову духоўнасці, у грамадства няма. «Чалавецтва ўратуецца подзвігам духу» — такая выснова гутарак А. Адамовіча з В. Быкавым, і пад такой назвай яны апублікаваны ў № 5,6 часопіса «Полымя» за 2001 г. Выснова роздумаў двух пісьменнікаў, сцяганосцаў Айчыны, засведчана і ў назве публікацыі, падрыхтаванай Верай Адамовіч.

Падзенне без пакаяння пасля сатанінскага тура

Імкненне адгарадзіцца — ці то ад дурасці, ці то ад жорсткасці, — заўсёды бессэнсоўнае… Даводзіцца або супрацоўнічаць, або змагацца… Судзіць падзею звонку немагчыма і амаральна.

А. Камю.

Летапісцы сучаснасці пры ўсёй іх рознасці, індывідуальнасці сыходзяцца ў адным — у разуменні таго, што бездухоўнасць у грамадстве дасягнула сваёй крытычнай масы і пагражае выбухам — духоўным Чарнобылем.

У паэме «Чорная быль» С. Законнікаў спрабуе асэнсаваць прычыны трагедыі, папярэджвае пра наступствы духоўнага Чарнобыля:

Кал і ж і зараз ты не загукаеш, А будзеш жыць над страхам і прынукай, Чарнобыль не такі яшчэ чакае Тваю зямлю, тваіх дзяцей і ўнукаў.

Адна з аповесцей кнігі I. Шамякіна «Сатанінскі тур» называецца «Падзенне». Сэнс назвы, асабліва ў кантэксце ўсёй кнігі, сімвалічны. Канкрэтная гісторыя маральнага падзення Рамана Юшкоўскага, былога трэцяга сакратара райкама партыі, а пасля развалу СССР — дзяржаўнага функцыянера (загадваў, як ён сам жартаваў, «камітэтам па развалу таго, што яшчэ не развалілі»), набывае шматзначны сімвалічны сэнс.

Развал, падзенне, маральнае здзічэнне, «выраджэнне ў ваўкоў», што адбываецца ў нашым грамадстве тут і цяпер, засведчана I. Шамякіным з уласцівай яго стылю пераканальнасцю і доляй інтрыгі.

Працэсы глабальнага значэння сфакусіраваны пісьменнікам на мікрасвеце адной сям'і Юшкоўскіх, у якой жыве ажно чатыры пакаленні. Словамі аднаго са сваіх герояў — пісьменніка Івана Андрэевіча, блізкага самому аўтару, гэтая сям'я названа «сям'ёй у поўным значэнні слова». Але асаблівую ўвагу Івана Андрэевіча, чалавечую і пісьменніцкую, прыцягвалі двое з гэтай сям'і: стары Юшкоўскі і жонка яго ўнука Галіна. Менавіта гэтыя двое і стануць ахвярамі, якіх першымі раструшчыць «сцяна абсурду».

Відавочна, што рупарам пісьменніцкага светапогляду і канцэпцыі, рэалізаванай у творы, з'яўляецца стары Юшкоўскі, якому 87 гадоў. Васемнаццаць гадоў Вялікі Дзед, як яго называлі ўсе ў сям'і, «загараў на магаданскіх маразах». Юшкоўскі, былы намеснік наркома, «не скардзіўся на свой лёс… Нават Сталіна гэты чалавек, які перанёс столькі пакут, не кляйміў так, як пасля дваццатага з'езда пачалі кляйміць усе, жук і жаба, выдаючы сябе мудрымі палітолагамі». Стары гулагавец быў упэўнены, што «гісторыю нікому не закрэсліць! Яе можна ачарніць ці абяліць, і то ненадоўга, у вачах аднаго пакалення, не больш». На іранічную заўвагу сына, што Вялікі Дзед абараняе Сталіна, які яго «пасадзіў», адказаў: «Я не Сталіна абараняю. Сацыялізм».

Усё, што спрычынілася ў выніку развалу СССР, усведамляецца Юшкоўскім як трагедыя. «Антыхрыстам, князем цемры» з'яўляецца для яго «ён» — той, па чыёй віне, як лічыць Юшкоўскі, развалілася краіна: «Ён вядзе ўсіх слабых у тупік, у канцы якогапрорва… магіла, не брацкая. Брацкая — гэта калі гінуць за свабоду, за жыццё, а не даляры. I ён ёсць антыхрыст, князь цемры, прыходу якога заўсёды баяліся». Вярнуўшыся пасля дваццатага з'езда ў родную сям'ю, упершыню ўбачыў унука Рамана і здолеў выхаваць яго «ў крышталёвай сумленнасці».

Трагедыя, што прычынілася ў сям'і, звязана менавіта з Раманам, выхаваным «у крышталёвай сумленнасці». Спакусіўшыся на хабар, ён стаў нявольнікам і заложнікам, «хросным бацькам» нуварышаў, якіх так ненавідзеў Вялікі Дзед. Далей — болей. Пісьменнік засведчыў у траекторыі імклівага падзення загадчыка прамысловага рэспубліканскага камітэта і такі момант, як зусім не выпадковую выпадковую сувязь з Веранікай. Палюбоўніца аказалася хаўрусніцай нуварышаў і самай звычайнай прастытуткай. I як вынік — СНІД. Пасля аналізаў на СНІД жонка Рамана Галіна скончыла жыццё самагубствам. Перад трагедыяй яна наведала Вялікага Дзеда, так і не здолеўшы раскрыць яму сваю душу. «Боль разарваў сэрца» старога, калі зразумеў, што Галіна выкінулася з яго балкона. «Абедзве труны апусцілі ў адну магілу». Падзенне — такі канчатковы дыягназ стану людскіх душ, зроблены I. Шамякіным ва ўсіх аповесцях, сабраных у кнігу «Сатанінскі тур», а таксама ў аповесці «Без пакаяння», апублікаванай у часопісе «Полымя» (1995).

У аповесці «Без пакаяння» трагедыя нашага грамадства па прычыне бездухоўнасці паказана праз трагедыю дзіцяці, вымушанага сярод раскошы і сытасці некаторых «новых» калаціцца ад холаду і страху, зведаць голад і адважыцца ўкрасці батон. Хлопчык перад гэтым прасіўся на працу, каб зарабіць на хлеб і пакарміць хворую маці. Бізнесмен, жадаючы напалохаць злодзея, страляе шротам і трапляе ў вуха хлопчыка… Уцёкі забойцы ад пакарання магчымы, сцвярджае пісьменнік, але нельга ўцячы ад сябе. Самаапраўданне героя (яго ўнутраныя маналогі, успаміны складаюць большую частку твора) — спосаб даследавання аўтарам прычын таго, як былы камсамольскі функцыянер дайшоў да забойства дзіцяці.

Пазіцыя пісьменніка відавочная і непрыхаваная. Даследуючы іншыя выявы зла ў кнізе «Сатанінскі тур», I. Шамякін лічыць, што такое падзенне і вар'яцтва сталі магчымымі толькі ў выніку перабудовы і дэмакратызацыі, да якой грамадства было не падрыхтавана. Перабудова стала той бесчалавечнай сітуацыяй, якая і справакавала самыя мярзотныя якасці людзей, справакавала людзей на нялюдскасць. Перабудова — тая сітуацыя, калі магчыма здзяйсненне прынцыпу «лаві момант»: усе вакол хапаюць, рвуць — спяшайся і ты!

З такой высновай можна было б пагадзіцца, калі б пісьменнік даследаваў яшчэ і прычыну прычын. Мярзотнасці людскія, што драмалі да пары да часу, назапашваліся і выпешчваліся той сістэмай, якую (і гэта нельга адмаўляць) апяваў і ўслаўляў I. Шамякін у многіх сваіх творах. Так, ён, безумоўна, з уласцівым яму майстэрствам паказваў і канфлікты, што былі ў камуністычным мінулым, аднак гэтыя канфлікты заўсёды вырашаліся майстрам белетрыстыкі на ўзроўні перамогі дабра над злом. А калі так вырашаюцца канфлікты ў грамадстве — яно чалавечнае, справядлівае, а лад жыцця і абставіны маюць права на існаванне, бо, сапраўды, і канфлікты, і зло ёсць нават у самым пажаданым грамадстве. Не страшна, калі ў жыцці ёсць зло, страшна — калі яно ваяўнічае, калі «няпраўда праўду акілзала і едзе людскасці на спіне», як пра тое даводзіў яшчэ Купала вершам «Разлад».

Пісьменнік жа Іван Шамякін не хацеў бачыць, што ў апетым ім грамадстве выпешчваліся «свінтусы» да памераў «грандыёзусаў», што чорт «загаціў пекла да варотаў», і зло, прарваўшы ўсе шлюзы, хлынула і ў наша жыццё, і, на жаль, у нашы душы. Мы сёння не толькі назіраем «сатанінскі тур», сатанінскі баль зла, але (і ў тым трагедыя нашага грамадства) вымушаны быць на тым балі, так ці іначай, але быць. Толькі ж заўсёды ў чалавека ёсць выбар хаця б на тым балі не танцаваць — застацца чалавекам. Не паехаць, не ўдзельнічаць у «сатанінскім туры».

Герой аповесці «Сатанінскі тур» сілай абставін вымушаны быў на яго згадзіцца, хоць жонка сэрцам чула бяду, не хацела таго тура. Узнікла сітуацыя (дарэчы, жыццёвая, апісаная на старонках прэсы), пры якой удзельнікі камерцыйнага тура ў Польшчу некалькі дзён (у спеку!) вазілі з сабой труп аднаго з удзельнікаў тура, бо не хацелі вярнуцца, калі здарылася трагедыя, — каб не цярпець страт. А пра страту сваіх душ мала хто думаў, а тыя, што і падумалі, аказаліся ў меншасці. Нясіла дабра заўсёды ператвараецца ў зло.

Кожны па жыцці нясе свой крыж. I ў кожнага ёсць выбар. Чалавек заўсёды вызначаецца выбарам. Зрабіў свой выбар і Стах — галоўны герой аповесці А. Кірвеля «Гон». Ён таксама падпілаваў свой крыж, каб лягчэй было ісці: стаў целаахоўнікам Арнольда і слугой д'ябла. Перад смерцю прыгадаў: не раз раструшчваў людзей, як і птушанят у гняздзе. Цыганка прадказала яму смерць ад пчол. Паралізаваны пасля ранеНня Стах пачаў вяртацца да жыцця. Каханне, што сустрэў тут, у бальнічнай палаце, аказалася сілай, мацнейшай за ўсе лекі. «Пчолы» прыляцелі якраз у той момант, калі асабліва захацелася выжыць. Прыйшлі «сябры», «клапатліва» вывезлі нямоглага на калідор, каб паветра даць яму болей, а тры «пчалы», выпушчаныя кілерам з дома насупраць, амаль нячутна ўпіліся ў маладое цела.

Цана чалавечаму жыццю — капейка! Нават не капейка, а шэсць бутэлек партвейну, якія купіў Іван Рубаў (апавяданне С. Патаранскага «Грабавыя»), атрымаўшы сімвалічныя ва ўсіх адносінах «грабавыя» (месца падзей канкрэтызавана — Брагін). Забілі на Вялікдзень! 3-за шасці бутэлек партвейну!

Разлад, разводы, сіроцтва пры жывых бацьках, разбэшчанне і дэградацыя моладзі, п'янства (у тым ліку і жаночае, як пра тое б'е трывогу Г. Багданава ў рамане «Паляванне на Любаву») — далека не ўсе выявы духоўнага Чарнобыля, засведчаныя летапісцамі нашай сучаснасці.

На жаль, бадай ні ў адным творы не паказана сіла, што здольна супрацьстаяць злу. Толькі канстатацыя зла. Некаторых герояў, праўда, мучыць яшчэ сумленне, часцей на ўзроўні самаапраўдання, некаторыя імкнуцца ратаваць свае душы ад зла, але ці то ўжо позна, ці то сілы няроўныя… Ды і не будзе ўратавання душы без пакаяння. Галоўны герой аповесці I. Шамякіна з сімвалічнай назвай «Без пакаяння», забіўшы галоднае дзіця, не раскаяўся і не пакаяўся. Яго ўнутраныя маналогі — пошукі самаапраўдання, а самаапраўданне, паводле хрысціянскай маралі, — таксама вялікі грэх і падмурак для ўсё новых і новых грахоў. Без пакаяння зваліўся ў выкапаную ім самім магілу быкаўскі Сурвіла («Жоўты пясочак»), без пакаяння жыве недзе, адкупіўшыся ад пакарання, шамякінскі герой Акунда. Без пакаяння доўгі час жыло і ўсё наша грамадства: і каты, і ахвяры — усе. А без пакаяння не можа быць спадзеву на духоўнае ўратаванне. Мы жывём у грамадстве, дзе да гэтага часу ніхто не ўзяў на сябе адказнасць і не пакаяўся за самае страшнае ў гісторыі чалавецтва злачынства — за генацыд свайго ж народа ў часы сталіншчыны і бальшавізму.

…Удзельніца адной тэлеперадачы пра НЛА даводзіла ўсім у студыі, што ў яе на самай справе быў кантакт з дзівосным прышэльцам. Яны размаўлялі кожны на сваёй мове, але выдатна разумелі адно аднаго. На самае першае пытанне: «Што гэта? Будзе вайна?» — прышэлец адказаў: «Вайны не будзе, але вы жывяце і робіце няправільна. Трэба не так…» I справа тут нават не ў тым, памроілася такое ці было на самай справе, праблема не ў тым, чыім пацыентам — псіхолага ці псіхатэрапеўта з'яўляецца гэтая жанчына (большасць прысутных былі зацікаўлены менавіта вырашэннем гэтага пытання), а ў тым, што жыць сапраўды «трэба не так».

Большасць жа, як і герой зборніка аповедаў П. Васючэнкі «Прыгоды аднаго губашлёпа», перажываюць і адчуваюць такое: «Ён востра перажываў боль і разгубленасць ахвяры, з дапамогай якой творацца лёсы мацнейшых і разумнейшых, больш шчаслівых за яго людзей». Але ці на самай справе ўсе вакол толькі нявінныя і бездапаможныя ахвяры абсурдных бесчалавечых абставін?

Мудры М. Мантэнь пакінуў нам выснову свайго вопыту: «Кожны, хто доўга пакутуе, вінаваты ў гэтым сам. Каму не хапае мужнасці як для таго, каб вытрымаць смерць, так і для таго, каб вытрымаць жыццё, хто не хоча ні бегчы, ні дапамагаць, чым дапаможаш такому?» Чым можна дапамагчы таму, хто і пасля васемнаццаці гадоў гулагаўскіх пакут, не апраўдваючы кіроўцу жудаснай машыны таталітарнага вынішчэння, апраўдвае яе саму? Як дапамагчы таму, чыя свядомасць настолькі замбіравана, што ён перакананы, быццам «вялікую дзяржаву» разваліў адзін «антыхрыст, князь цемры», і ўсіх «заклікае да выраджэння ў ваўкоў»?

В. Быкаў лічыць, што такі менталітэт грамадства, сфарміраваны камуністычным ладам і камуністычнай па сутнасці псіхалогіяй на працягу амаль стагодцзя, ліквідаваць за некалькі гадоў немагчыма. Пакаленні, што за шмат гадоў прызвычаіліся існаваць у перакуленым свеце і не здольны разумець і прымаць агульначалавечыя каштоўнасці, В. Быкаў назваў страчанымі і для нацыі, «гэтаксама як і для чалавечай гісторыі».

Вынікам губашлёпства не як прыроднай, а як сацыяльна набытай адзнакі абыякавасці ў нацыянальным характеры з'яўляецца лямант «за што?», «боль і разгубленасць ахвяры», зайздрасць і нянавісць да ўсіх, а не толькі да «мацнейшых і разумнейшых, больш шчаслівых… людзей».

Нельга не пагадзіцца з крытыкам Вольгай Шынкарэнка ў тым, што «ўсе далейшыя абагульненні адносна з'явы губашлёпства… не дадуць нічога вартага ў нашу карысць». Кажучы словамі таго ж М. Мантэня, «калі можна быць вучонымі чужою вучонасцю, то мудрымі мы можам быць толькі ўласнай мудрасцю».

«Ад прадзедаў спакон вякоў мне засталася спадчына» (Янка Купала)

О, край родны, край прыгожы!

Мілы кут маіх дзядоў!

Якуб Колас.

У кнізе «Зямля пад белымі крыламі» незабыўны наш Караткевіч засведчыў легенду пра тое, як Бог дзяліў між народам! землі. I даў Бог беларусам, якія Яму вельмі спадабаліся, пушчы нямераныя, рэкі — поўныя, азёры — нялічаныя. Звяры і дзічына ў пушчах чародамі; лані бягуць — лес варушыцца. Рыбы ў рэках — касякамі; чаўны з вады выціскае. Пчолы ў борцях — мільёнамі. Сады — багатыя, грыбоў ды ягад — заваліся. Сказаў Бог, што і голаду на гэтай зямлі ніколі не будзе. Наадварот, у голад шмат багацейшыя людзі будуць да нас прыходзіць. Не ўродзіць бульба, то ўродзіць жыта ці яшчэ нешта. Яшчэ сказаў Бог, што і людзі на гэтай зямлі будуць таленавітыя, на музыку, песні, вершы — здатныя, на дойлідства — таксама; жанчыны будуць прыгожыя, дзеці — дужыя, кемлівыя…

Месца дзеяння аднаго з твораў рускага пісьменніка XIX ст. А. Пагоскага, які быўродам з Полацка. — Беларусь. А. Пагоскі пакінуў нам сваё ўсведамленне багацця, якім валодае кожны, хто жыве на гэтай чароўнай зямлі: «I такой прыгажосцю надзяліў Гасподзь старонку нашу, што, куды ні глянь, аж душы светла: лясы цяністыя, воды светлыя, пагоркі быццам золатам абсыпаныя; лугі, як паркаль дарагі, разнастайнымі кветкамі стракацяць, і амаль што з кожнага вясёлага пралеска віднеецца, быццам кавалак люстэрка, край сіняга гладкага возера. А паветра чыстае, нябёсы бязвоблачныя, а з кожным ветрыкам нясецца да цябе які-небудзь прыкметны пах: то смолка чутна з хвою густога, то дзятліна салодкая ад зялёных лясоў, то ядлоўцам ды чаромхай дыхне!..»

У кожнага чалавека ёсць свой «куточак запаветны», самы дарагі і любы сэрцу. З дзяцінства чалавек, сам таго не ўсведамляючы, чэрпае з гэтай прошчы сілы і ўсё тое, што пасля пераплавіцца ў дыямент і вызначыць яго сутнасць і яго светаўспрыманне. Нельга не пагадзіцца з В. Быкавым, што шляхідарогі роднага краю ў многім уплываюць на шлях чалавечага жыцця, асабліва калі гаворка ідзе пра жыццё паэта, пра вытокі яго душэўнай і паэтычнай сутнасці.

Для В. Быкава самым прыгожым з усіх беларускіх шляхоў з'яўляецца шлях з Мінска на Полацк. Натхнёна і паэтычна апісвае В. Быкаў гэты шлях ва ўсе поры года: «Люба ездзіць па ім улетку, калі лясы набіраюць сваю лісцёвую моц і стаяць паабапал, нібы трапічныя джунглі; люба ўвосень, у пару залатога лістападу азіраць яго страката-маляўнічую прыгажосць ці нават зімой, маразамі, калі бары абапал гасцінца апранаюць свой срабрысты ўзор і ўсё навокал замірае ва ўрачыстым маўчанні…Стужка шашы нырае ў самыя лясныя нетры, і стромкія сосны жоўтай мядзянай сцяной сціскаюць асфальтку, якая то віляе з пагорка на пагорак, то пераскоквае рэчкі, то доўга ўецца між баравых цяснін…»

А думкі Яна Баршчэўскага, акрыленыя ўспамінамі, імчаць яго да празрыстых вод Палаты, дзе грандыёзныя купалы горада; дзе хваласпевы і працяжны гул арганаў пад стракатым скляпеннем вялікага касцёла ўліваюць пабожнасць у сэрца; дзе пляц запаўняецца людам у час чуллівай працэсіі з абразом Святога Немаўляці… Там — чысціня душы, «маладой, бясхмарнай, — шчаслівай! Там, там калыска мае маладосці!.. I рэчкі там з малака і мёду… Там нашыя жаданні і думкі жывуць; туды хацеў бы ляцець я на крыл ах!..»

У кнізе Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня…» мноства лірычных і філасофскіх замалёвак, большасць з якіх прысвячаюцца роднаму краю. Лірызм, узрушанасць і эмацыянальнасць дасягаюцца ў тэксце аднатыпнымі і клічнымі сказамі, развітымі аднароднымі дапаўненнямі, паўторамі. Усё гэта ў спалучэнні з інверсіяй робіць мову рытмізаванай і спрыяе выяўленню элегічнага настрою, стану душы, у якой спявае сум, светлы смутак па дарагім і незваротным.

Ужо ў самых першых радках несмяротнай паэмы Якуба Коласа «Новая зямля» гучыць думка, што Радзіма, родны кут для кожнага чалавека — прошча, крыніца з гаючай вадой, з якой можна чэрпаць успаміны і сілы для пераадолення нягод і выпрабаванняў. Лекі і спачын душы на камяністай жыццёвай дарозе чалавек знаходзіць, вярнуўшыся да сваіх вытокаў — у роднае гняздо.

Клопат пра будучыню і свой працяг у кожнага чалавека звязаны з роднай зямлёй. Мудрым быў наш прашчур Ранцэвіч, калі адмовіўся ад скрынкі золата, якім яго хацеў узнагародзіць князь Яраслаў за сваё выратаванне ад тура на ловах. Мудры загоншчык сказаў князю, што залатое багацце не вечнае, калі-небудзь прыйдзе канец яму, і папрасіў бяздоннага багацця — «зямлі на дзесятае пакаленне», як пра тое засведчана ў паданні «Бяздоннае багацце».

Любоў да Радзімы — святое пачуццё. Як даводзіў Францыск Скарына, «люди, и где зродилися и ускормлены суть по бозе, к тому месту великую ласку имають». Аднак «великая ласка», любоў да Радзімы — гэта не сузіранне і захапленне яе прыгажосцю і багаццем. Любоў да Радзімы — паняцце абстрактнае, але выявы яе канкрэтныя — справы. Няма іншага шляху служэння Айчыне ў мірны час, як сумленна працаваць, служыць людзям і памнажаць багацце Радзімы. А ў часы, калі, як піша А. Куляшоў, «гора разлілося слязьмі і крывёй скрозь ад мора да мора», — падзяліць з ёю благі лес. Такім сцвярджальным пафасам прасякнуты ўсе без выключэння творы беларускай літаратуры, якія нават і пералічыць было б немагчыма. В. Быкаў у артыкуле «Паэзія дабрыні і мужнасці» пісаў, што з усіх патрыятычных твораў П. Панчанкі яго асабіста «да ўтрапёнай нематы ўражвае невялічкі верш „Герой“ з яго шырокавядомымі, такімі бязлітаснымі ў сваёй крывавай праўдзівасці радкамі»:

Злосна сказаў: «Уставай, пяхота! Ты не на пляжы, а на вайне». I лёг на змяіныя скруткі дроту. I дзвесце салдацкіх запыленых ботаў Прайшлі па яго спіне.

I далей В. Быкаў піша: «Думаецца, калі б ён пра фронт не напісаў болей нічога, дык адных гэтых радкоў хапіла, каб з такой яркай канкрэтнасцю выказаць усю пакутніцка-гераічную сутнасць мінулай вайны». У маленькім вершы П. Панчанка «з такой яркай канкрэтнасцю» здолеў паказаць, што толькі ўчынкі, а не намеры, памкненні ці самыя высакародныя пачуцці гавораць пра асобу і вызначаюць яе сутнасць. Канкрэтная сітуацыя вымагала ад сына-патрыёта менавіта ўчынку, справы ў імя маці-радзімы.

Радзіма — гэта святыня, дадзеная нам Богам, бо яна нам засталася «ад прадзедаў спакон вякоў», яе любяць, як маці, як маці, не выбіраюць і не мяняюць. У вершы «Спадчына», якім адкрываецца аднайменны зборнік, выдадзены ў 1922 г., няма характэрных для Купалы-рамантыка высокіх эпітэтаў. I гэта тлумачыцца не толькі трагічным для Радзімы часам, кал і быў напісаны верш: Беларусь была акупавана, яе зрабілі арэнай ваенных дзеянняў; адступаючы, нямецкія войскі перадавалі яе белапалякам, над ёю — «крык вароніных грамад на могілкавым кладзьбішчы». Лес нашай Бацькаўшчыны рэдка калі быў шчаслівым, аднак паэт знаходзіў у сабе сілы складаць «гімн пабедны сярод крыжоў, магіл», знаходзіў для выяўлення сваёй любові і захаплення красой роднага краю і прыгожа-квяцістыя эпітэты. У гэтым жа вершы — «стары амшалы тын», «дуб апалены». Эфект уздзеяння на нашы душы дасягаецца менавіта гэтай адсутнасцю прыгожа-квяцістага, рамантычнага, яркага, узвышанага. Быццам бы ўсе дзеля таго, каб не зацьміць галоўны вобраз — вобраз спадчыны як найвялікшага скарбу для чалавека: тое мілае, дарагое і прыгожае, што роднае.

Жыве з ім дум маіх сям 'я I сніць з ім сны нязводныя. Завецца спадчына мая Ўсяго Старонкай Роднаю.

Філасофія верша, сцвярджэнне таго, што любоў да спадчыны павінна быць дзейснаю, заключана ў страфе:

I ў белы дзень, і ў чорну ноч Я ўсцяж раблю агледзіны, Ці гэты скарб не збрыў дзе проч, Ці трутнем ён не з 'едзены.

Гісторык, даследчык віцебскай даўніны А. П. Сапуноў пакінуў нам адказ на пытанне, якое не можа не хваляваць кожнага з нас: «Што ж у будучым чакае Беларусь і беларуса? А гэта ўжо ў значнай ступені ў нашых руках і залежыць ад нашых сумленных адносін да нашага абавязку перад дарагой Радзімай. Калі мы зможам выканаць наш абавязак добрасумленна, то будучыня наша светлая і радасная…»

«Час — люстэрка, у якім кожны ўбачыць сябе, як іншага» (А. Разанаў)

Усяму свой час…

З Бібліі.

Гаманілі пра самае запаветнае: пра тое, якімі хто жадае бачыць сваіх дзяцей у будучым. Адзін чалавек сказаў, што хоча, каб яны былі багатымі, другі — здаровымі, трэці — дужымі і вольнымі. А чацвёрты так выказаў сваю бацькоўскую мару: «Каб маім дзецям той розум спераду, што ў мужыка ззаду. I тады яны былі б і здаровымі, і багатымі, і дужымі…»

«Розум спераду» — здольнасць усвядоміць важнасць ці марнасць справы ў свой час і адпаведна да гэтага паставіцца, спрычыніцца, а не тады, калі вярнуць час і змяніць нешта ўжо немагчыма. Такая здольнасць і ёсць найвялікшая мудрасць, ад якой і залежыць шчасце чалавека.

«Усяму свой час, — сцвярджаецца ў Бібліі. — Час нараджацца і час паміраць, час плакаць і час весяліцца, час раскідаць камяні і час збіраць камяні…».

Добра, калі ўсё прыходзіць у сваім часе. Нават самае жаданае, самае галоўнае і добрае, калі яно прыйдзе не ў сваім часе, можа абярнуцца злом і бядой, скончыцца трагічна. «У багатага селяніна Жука, без пары нарадзіўшы малое, памерла нявестка…» — так пачынаецца апавяданне Я. Брыля «Марыля» — гісторыя адной загубленай душы. I яблыня, што зацвіла без пары, таксама абавязкова загіне. I грымотныя навальніцы ў маі, чэрвені — ачышчальныя і гаючыя, а ў лютым — знак бяды. Пра стваральную сілу пары і разбуральную сілу таго, што прыйшло не ў сваім часе, выдатна сказаў А. Вярцінскі: «Есці з голаду, жаніцца змоладу — іначай вы ні к сялу ні к гораду».

Афарыстычна, вобразна, вычарпальна пра час, яго выявы, адметнасці сказау Кандрат Крапіва ў апавяданні «Мой сусед»: «Ёсць час наш і час даўнейшы, час залаты і час пракляты. Час даўнейшы і час кароткі. Адзін у свой час быў вялікім чалавекам, у нашы часы нічога не варт. Другі стаў бы вялікім чалавекам, але ён не мае часу, каб заняцца сваёю вялікаю справаю…»

Час залаты — час раўнавагі, гармоніі, згоды і ў прыродзе, і ў народзе. Гэта час панавання дабра, людскасці. Час у многім залежыць ад асобы, якая здольна разумна ім распарадзіцца, скарыстаць яго. Веліч гістарычнай асобы і вызначаецца яе здольнасцю ўплываць на час, як тое сцвярджае М. Гусоўскі ў «Песні пра зубра»:

Княжанне Вітаўта лічаць усе летапісцы Росквітам княства Літоўскага, нашага краю, I называюць той век залатым.

Залаты час княжання Вітаўта прыклад, навука нам, што і сёння, калі хочам «людзьмі звацца», заняць «свой пачэсны пасад між народамі», жыць годна, а не пакутаваць і не смяшыць свет, трэба «перад багаццем і шчасцем зямным пастаянна» ставіць «багацце духоўнае — злата дзяржавы».

«Час пракляты» — час, калі «дабро і зло ў аднолькай мерцы». Яшчэ страшней, калі «няпраўда праўду акілзала і едзе людскасці на спіне», як вобразна сказаў пра выявы «праклятага часу» Янка Купала. I гора таму, каму наканавана жыць у такі час і ў такіх абставінах… Хведар Роўба, герой аповесці В. Быкава «Аблава», з адчаем і скрухай усвядоміў увесь трагізм свайго становішча: «Пракляты лёс, які наканаваў яму ў такі час нарадзіцца селянінам».

Што залежыць ад няшчасных, якім наканавана жыць у такі «пракляты» час? Што ім застаецца? Толькі пакутаваць, толькі цярпець і з адчаем глядзець у неба: «За што?!» Дарэчы, пошукі адказу на гэтае пытанне былі асабліва цяжкімі і пакутлівымі і для Хведара Роўбы. Пракляты час і самыя трагічныя моманты яго жыцця сталі тым люстэркам, у якім ён убачыў сябе і ўласную віну за сваю трагедыю. I віна тая была не толькі ў тым, што слепа верыў новаму і нязнанаму, што не працівіўся жудаснай машыне (ёй якраз ён супрацьстаяць і не мог), а ў тым, што не змагаўся хаця б за душу свайго сына. На яго вачах і пры яго маўклівай нязгодзе руйнавалася, вынішчалася вера і сумленне ў душы сына. А ён нічога не рабіў для таго, каб уратаваць яго душу. Супакойваў сябе і глушыў трывогу развагамі, што, можа, «цяпер так і трэба», што ніякай шкоды, як і карысці, ад выкінутых абразоў нікому не было. Калі ж сын адрынуў веру бацькоў, а потым і пераступіў цераз сябра, заявіўшы, што «камсамол такіх ашуканцаў сцірае ў парашок», Хведар разважаў: «Малое — дурное, падрасце — паразумнее». Падрос, «паразумнеў», і сцёр у парашок не толькі сябра — бацьку роднага загнаў у Багавізну, узначаліўшы аблаву на яго.

На жаль, не кожны здольны тут і цяпер убачыць, што будзе потым, якімі будуць наступствы яго цяперашніх слоў і дзеянняў ці, наадварот — маўчання і пакоры. Народная мудрасць сцвярджае: час пакажа, час усё рассудзіць; час — найлепшы лекар. I сапраўды, тое, што чалавек лічыць самым галоўным і важным у дадзены момант, дзеля чаго высільваецца, з цягам часу можа стаць мізэрным, дробязным, не вартым увагі. Тое, што сёння цешыць і радуе, у будучым можа стаць прычынай трагедыі; тое, што засмучае, праз нейкі час прыгадаецца з усмешкай, а можа нават і выйсці на дабро. Нездарма ж у народзе кажуць: няма таго ліхога, каб не вынікла на добрае.

Ёсць у народзе яшчэ адна мудрая перасцярога: ніколі не гавары «ніколі». Чалавек да пары да часу — таямніца, загадка не толькі для іншых, але найперш для самога сябе. Ён не можа сёння гарантаваць менавіта такія, а не іншыя паводзіны ў экстрэмальнай сітуацыі, якая здарыцца заўтра.

Паводзіны чалавека ў сітуацыі выбару і ў час пік — люстэрка, у якім ён бачыць нарэшце бервяно ў воку сваім, як некалі бачыў сучок у воку брата свайго. I толькі ў такі час і ў такой сітуацыі адкрываецца чалавеку ўся глыбіня і мудрасць аднаго з законаў вечнасці: не судзі!

Якія высновы, здабыткі, урокі вынесе чалавек, убачыўшы сябе ў люстэрку, — залежыць зноў жа толькі ад яго самога. Іншага, на жаль, і ўбачаная ў люстэрку ўласная выява не мяняе да лепшага. Быкаўскі герой Сурвіла з апавядання «Жоўты пясочак» так і памірае з цвёрдым перакананнем у сваёй выключнасці і невінаватасці.

Высокае неба ідэала ззяе над тым, хто ўстаў і ідзе, хто, адмаўляючы, сцвярджае, хто пераглядае каштоўнасці ўласнай душы, хто сумняваецца. Каго вучыць і мяняе да лепшага час, — тая душа жыве!

Чалавеку не дадзена ведаць, што будзе заўтра, але ад чалавека ў многім залежыць, якім яно будзе. Памяць пра будучыню — самая мудрая памяць чалавека.

«Мінулае вучыць нас, як жыць сёння» (1) (Ян Баршчэўскі)

Найбольшае зло ў нашым жыцці — спрадвечнае наша бяспамяцтва.

В. Быкаў.

Ёсць старая, як свет, ісціна: мінулае павінна вучыць нас, як жыць сёння. I хто гэтага не ўсведамляе, асуджаны на нябыт. Пароль неўміручасці, гарантыя і падмурак будучага — памяць пра мінулае, веданне яго. Галоўны герой рамана М. Зарэцкага «Вязьмо» Сымон Карызна так усведамляе свой крах і трагедыю: «Няма мінулага ў мяне… разумееш? Будучыня — глупства, а галоўнае — мінулае… Звычайна кажуць іначай, а ў мяне, наадварот, акурат так… Няма на што абаперціся, каб ступіць у будучыню… Няма падставы, як кажуць, будучыні…»

«Знішчыць нашы ўсе сляды, каб не ведалі і ўнукі, хто такія іх дзяды» — такі «вір ашукі» ўсіх заваёўнікаў, што ішлі «мілы край наш зваяваць» (Якуб Колас). Любая таталітарная сістэма таксама ставіць на мэце «нашы скарбы апаганіць, душу вынесці на здзек». I вынішчэнне душы найперш пачынае з вынішчэння памяці народа, з разрыву самых моцных повязяў паміж вякамі і пакаленнямі.

«Хто згубіў памяць — згубіў усё», — папярэджвае нас У. Караткевіч. Даследчыкі сівой мінуўшчыны бачаць сваё прызначэнне, паводле слоў Караткевіча, у тым, каб нанава ствараць свой народ, у якога некалі, адбіраючы яго край, разбураючы яго гнёзды, адабралі і памяць. Памяць пра мінулае ёсць памяць пра будучыню.

«На гістарычных сюжэтах я стварыў сваю матрыцу будучага… Кожны гістарычны сюжэт — гэта адкрытая размова з сучаснікам» — так пра сваё пісьменніцкае крэда сказаў сам У. Караткевіч. Ён «размаўляе» з намі пра многае. Яго кнігі — гэта кнігі не толькі і не столькі пра паўстанні, войны, змаганні, колькі кнігі пра годнасць і гонар, «о подвигах, о доблести, о славе», пра тое, што трэба жыць не прыніжаючы і не прыніжаючыся.

Мінулае ў кнігах У. Караткевіча вучыць нас, што гонар і годнасць чалавека ў тым, «каб быць незалежным з моцнымі, роўным з роўнымі, памяркоўным для ніжэйшых. У тым, каб быць добрым для жанчын, дзяцей, слабых, пераможаных. У тым, каб быць літасцівым да звяроў…».

Разам з Алесем Загорскім, героем рамана «Каласы пад сярпом тваім», і мы ўсведамляем, што ёсць самае страшнае, «страшней за чуму, вайну, страшней за ўсё на свеце». Гэта — няволя, прыгон, бо яго выявай з'яўляецца рабская псіхалогія, а не толькі галеча і фізічнае вынішчэнне народа. Духоўнае вынішчэнне намнога страшнейшае. Не ўсведамляць гэта — знішчыць будучыню, бо «ў рукі галодных беднякоў будуць аддадзены ворагі ўсіх краін, бо прыніжаны будуць самыя магутныя». I адданне тое і прыніжэнне заўсёды адбываецца з «сякерай пры дрэве».

Рабская псіхалогія не толькі гне да зямлі перад моцным («Толькі б не пападалі на калені!» — думае Мусатаў, спатольваючы сваю прагу здзекавацца і прыніжаць гэтае «быдла»), Яна не толькі штурхае «заўсёды рахманага, паважнамаўклівага» на тое, «чаго ніхто не чакаў» ад яго. Яна вынішчае душу канчаткова, яна асляпляе нянавісцю настолькі, што раб гатовы знішчыць нават свайго збавіцеля. I са збавіцеля найперш пачаць вынішчэнне і помету. Захапляючыся смеласцю, адвагай Алеся Загорскага, прызнаючы яго высакароднасць і тое, што «цвэнькае» па-мужыцку, Корчак усё роўна некалькі разоў, як заклінанне, паўтарае: «Хай бы цябе забілі, князь». I ніякі довад, напамін пра тое, што менавіта Алесю Корчак абавязаны сваім выратаваннем ад злюцелага Кроера, на Корчака не падзейнічаў бы. Кандрат Когут слушна даводзіць, што напамін такі нават пашкодзіў бы, бо Корчак ганарысты: «Дагэтуль усім кажа, што смяротны Кроераў бой вытрымаў адзінай толькі сваёй жывучасцю. I раптам — на табе, панская ласка». Грыня Паківач перасцерагае Корчака: «Ты залішнюю злосць з сябе выпусці, задушыць». Марная перасцярога: хто згубіў сваю памяць — згубіў усё.

Мінулае ў рамане не толькі вучыць, а папярэджвае пра вялікую небяспеку ўсталявання ўлады злюцелых рабоў. Грыня Паківач даводзіць, што Корчак, калі б стаўся панам, быў бы не лепшы за Кроера: «Няма горш, як з хама пан…» «Шэрым князем» назваў Корчака і Кандрат: «Каб табе ягоную (Алесеву) сілу — мы б праз тыдзень усплакаліся б. Крывёю сплылі». Бяспамяцтва, чорная няўдзячнасць і злюцеласць Корчакахама ўражвае, асабліва ў эпізодзе яго расправы з Раўбічам, з якога вырашыў пачаць «народную помету», каб падвысіць свой аўтарытэт «мсціўца». Стоячы звязаным перад Корчакам, церпячы ад яго жудасныя здзекі і ў думках падрыхтаваўшыся да немінучай смерці, Яраш Раўбіч душыўся ад бяссільнай лютасці: «Так па-дурному трапіць!.. Усе гады пакутаваць ад рабства радзімы, рыхтаваць закалат, амаль падрыхтаваць, пусціць сваіх на аброк, чакаць паўстання…» Яшчэ адна прычына дзікунскага намеру Корчака менавіта з такіх, як Яраш Раўбіч, пачаць «народную помету» — тое, што ў Раўбіча была зброя, шмат зброі. Бо рыхтаваўся дваранскі закалат супраць царызму, прыгону.

Хваляванне аўтара перадаецца і нам: ці змогуць зліцца дзве асобныя плыні, народ і шляхта, у магутным рэчышчы, каб знесці ненавісны царызм і прыгон? На гэтае пытанне адказала сама гісторыя: гэтыя плыні так і не змаглі аб'яднацца. Прыгоннае сялянства ў 1863 г. нярэдка выступала супраць паўстанцаў-шляхціцаў, не разумеючы іх мэт, не даруючы свае спрадвечныя крыўды. Гэта дазволіла Мураўёву-вешальніку хітра скарыстаць мужыкоў, абвясціўшы самую свядомую шляхту іх найпершым ворагам, пераканаць сялян, быццам шляхта была супраць адмены прыгону.

Мінулае вучыць нас, што рабства і давядзенне людзей да стану рабоў небяспечнае выключна для ўсіх, бо гэта глеба, на якой можа вырасці толькі кепскае дрэва. I «не можа дрэва кепскае радзіць плады двбрыя. Усякае дрэва, якое не родзіць плоду добрага, ссякаюць і кідаюць у агонь. I ўжо сякера пры дрэве ляжыць…». Невыпадкова гэтыя евангельскія словы сталі эпіграфам да другой кнігі рамана «Каласы пад сярпом тваім».

Мінулае, засведчанае ў летапісах і нагаданае нам у кнігах М. Ермаловіча, вучыць нас, што «Полацк ідзе на Менск і церпіць паражэнне», а «Менск ідзе на Полацк і церпіць паражэнне». Паходы брата на брата заўсёды канчаюцца паражэннямі, пераможцаў у братазабойных войнах не бывае ніколі. «Герой грамадзянскай вайны…», як напісана на мемарыяльнай дошцы ў гонар таго, чыім іменем названа адна з мінскіх вуліц (ці толькі адна!), — нонсенс, дзікунства, нават вар'яцтва. I галоўная прычына таго вар'яцтва — «спрадвечнае наша бяспамяцтва». Забыліся на законы вечныя, нават ставім помнікі ўласнаму бяспамяцтву. Колькі іх на нашай шматпакутнай зямлі тым, хто прыходзіў, каб зваяваць яе, а ў народа адабраць памяць!

Мінулае вучыць нас, што меч князя Вячкі. як і меч сапраўднага мужа, сына гэтай зямлі, павінен належаць толькі «ваяводзе справядлівай вайны, а гонар і чэсць кожнага — толькі яму самому. I больш нікому. I абараніць свой гонар кожны чалавек павінен сам, бо гэтага за яго ніхто не зробіць». Чалавек, як пісаў У. Караткевіч, «без гонару і годнасцінуль. Той, хто абражае і прыніжае годнасць другога, — таксама нуль, бо ён знішчае іншыя нулі, каб самому стаць большым нулём за кошт іншых. Але нуль — хай ён будзе з яблык, кола ці нават з цэлую планету — усё ж нуль». I ёсць толькі адзіны спосаб не стаць нулём — не прыніжацца і не прыніжаць!

«Мінулае вучыць нас, як жыць сёння» (2) (Ян Баршчэўскі)

Чалавек без рэлігіі на ўсё гатовы.

Ян Баршчэўскі.

У адзін дзень памерлі два чалавекі — багацей і бядняк-пакутнік Лазар.

Першы пасля смерці быў кінуты ў пекла, а праведнік Лазар узнесены ва ўлонне Аўраамава — у рай. Багацей узмаліўся, каб Аўраам паслаў Лазара змачыць яго сасмяглыя вусны, але Аўраам адказаў, што паміж багацеем і Лазарам ужо велізарная прорва, якую нікому не дадзена пераступіць.

— Дык прашу цябе, ойча, пашлі тады Лазара ў дом майго бацькі, бо ў мяне там пяць братоў, якія таксама пагрузлі ў грахах і блудзе. Хай засведчыць ім, каб не прыйшлі і яны ў гэтае месца пакуты. Калі хто з мёртвых прыйдзе да іх — паслухаюць і пакаюцца.

— У іх ёсць Маісей і прарокі — хай слухаюць іх, бо калі не слухаюць і іх, то і ўваскрэслага не паслухаюць.

Так, сапраўды, кожнаму народу даюцца прарокі, надзеленыя лепшымі, чым ва ўсіх, памяццю пра мінулае, разуменнем існага і бачаннем будучага. Ды толькі бяда ў тым, што, як са скрухай гаворыць лірычны герой верша З. Марозава,

Мы геніяў не слухалі ніколі. Ці ж не таму асот буяе ў полі I множыцца напасцяў злых клубок?

Геніі-прарокі са званіцы бачылі, «дзе патоп, дзе пажар, дзе вораг на межах» (У. Някляеў), ведалі, што было, што будзе, раілі пакінуць «свой адвечны сон» і клікалі за сабой, а ў адказ на перасцярогу і заклік чулі і такое:

Па колькі нам дасі чырвонцаў, Калі мы пойдзем за табой?

Мінулае сведчыць, што прарокаў заўсёды гналі, пабівалі камянямі, распіналі. Прычым народ у стане асляплення і бяспамяцтва ператвараўся ў натоўп і люта крычаў: «Распні яго! Распні!»

Мінулае вучыць і папярэджвае, што народ без прарокаў асуджаны на згіненне, нябыт. Прыгадаем, як герой У. Караткевіча Ал есь Загорскі гаворыць Тарасу Шаўчэнку: «А тол ькі… гіне народ, калі на пачатку ягонай дарогі не з'явіцца такі, як вы — без кампрамісаў». У гэтых словах-прызнанні — аўтарскае ўсведамленне ролі такога героя, неабходнасці з'яўлення такога чалавека, які адзін «ратуе цэлы народ». Такія людзі павінны быць у кожнай дзяржаве, у Выселках, Нядолішчы… Іначай і вялікая дзяржава, і маленькая вёсачка загінуць, будуць знішчаны, зруйнаваны, як знішчаны былі Садом і Гамора, бо там не аказалася ніводнага праведніка.

В. Быкаў лічыць, а аповесцю «Знак бяды» пераканаўча даводзіць, што адным з самых недаравальных злачынстваў сталіншчыны з'яўляецца «ліквідацыя традыцыйнай хрысціянскай маралі, спрадвечнай сістэмы элементарных жыццёвых правілаў». Руйнавалася вера, спілоўваліся крыжы. Дзеці адшуквалі схаваныя іхнімі бацькамі на гарышчы абразы і разбівалі іх аб вугал гумна, як тое апісвае ў сваіх аповесцях В. Быкаў. Аляксей Башлыкоў з рамана I. Мележа «Завеі, снежань» патрабуе ад загадчыка райана, а праз яго ад усіх настаўнікаў вучыць у школах дзяцей так, каб яны прымушалі сваіх бацькоў уступаць у калгас. I многім дзецям такая роля, вядома, спадабаецца настолькі, што, падросшы, яны будуць гатовы да аблавы на родных бацькоў.

Руйнаванне законаў вечнасці, вынішчэнне хрысціянскай маралі пачалося з вынішчэння Багацькаў. Раней Багацькаў была палова ў Выселках, другая палова — Недасекі і Гужы. Тых з Багацькаў, каго не паспелі саслаць на Салаўкі, даб'юць, крыжуюць, спаляць Недасекі і Гужы. Вынішчэнне Багацькаў — носьбітаў векавой народнай (а значыць, хрысціянскай) маралі — знак бяды для нашага народа. Самыя лепшыя, самыя высакародныя і чыстыя душой гінуць пакутніцкай смерцю ад рук сваіх жа суайчыннікаў. Трагедыя будучых пакаленняў у тым, што Багацькі так і не дачакаліся ўнукаў, не сустрэліся з імі ў гэтым жыцці. I не перадалі ім векавую народную мараль і тыя прынцыпы, па якіх жылі і ад якіх не адступіліся нават пад страхам смерці.

Пятрок і Сцепаніда — нацыянальныя тыпы. Гэта ў ментальнасці нашага народа — жыць з працы рук сваіх, потам і мазалямі здабываць кавалак хлеба. «Зямля — аснова ўсёй айчыне», зямля — карміцелька. Колькі разоў ты ёй паклонішся, столькі ты — Чалавек.

Усе жыццёвыя прынцыпы быкаўскіх герояў грунтуюцца на хрысціянскіх запаведзях. Біблейскія рэмінісцэнцыі на такім узроўні ў аповесці відавочныя і выяўляюць яшчэ адну яе адметнасць. Усе ўчынкі герояў матываваны менавіта выкананнем вечных законаў: нельга пабудаваць сваё шчасце на няшчасці іншых. Не будзе шчасця на зямлі чужой, адабранай, праклятай яе гаспадаром. Адабраць, украсці — вялікі грэх. Нельга радавацца, калі побач з табой нехта плача, пакутуе. Сцепанідзе зрабілася сорамна перад панам Адолем за сваю непрытоеную радасць. Чалавек не бязгрэшны, але Сцепаніда пакутуе, дакарае, раскайваецца і гоніць прэч са сваёй душы нявартыя чалавека страсці і пачуцці. А мы? Ці заўсёды галоўным судцзёй у нашых паўсядзённых учынках бывае наша сумленне? Ці заўсёды мы так пакутуем, вагаемся, перш чым зрабіць, пайсці ці вярнуцца, і рашуча, як Пятрок, сказаць сабе: нельга! Нельга — і ўсё, як бы таго ні хацелася…

Яшчэ адзін, бадай самы забыты ў наш час, маральны закон Петрака і Сцепаніды: трэба быць літасцівым да свайго ворага, асабліва калі ён звергнуты. Нельга здзекавацца з таго, ад каго вызваліўся, трэба знайсці ў сабе сілу паспагадаць, зразумець пераможанага і зрынутага.

Безумоўна, пан Адоля не быў Сцепанідзе ворагам, аднак становішча пераможанага заўсёды правакуе людзей на нялюдскае. Халоп з псіхалогіяй раба заўсёды намагаецца брыкнуць павержанага пана. Толькі Сцепаніда не з рабоў.

У Евангеллі гаворыцца: «Вам сказана: любіце бліжняга свайго і ненавідзьце ворага свайго. А я кажу вам — любіце ворагаў вашых, дабраслоўце ненавіснікаў і праклёншчыкаў вашых, рабіце дабро крыўдзіцелям і ганіцелям вашым…» Вельмі па-людску абыходзяцца з панам Адолем яго ўчарашнія батракі. I пахавалі па-хрысціянску, бо ведалі тое, чаму не вучаць сёння нас: паспагадаць пакутніку, наведаць хворага, пахаваць нябожчыка — справы, якімі ратуюцца нашы душы. Паклапаціцца найперш пра калек і сірот (прыгадаем клопат Сцепаніды пра Янака, смерць якога яна ўсвядоміла таксама як знак вялікай бяды), дарадзіць, зняць з душы камень, ратаваць другога, нават калі небяспека пагражае самому, — вось якія каштоўнасці не паспелі перадаць Багацькі сваім унукам.

В. Быкаў у публіцыстычных артыкулах не раз даводзіў, што самая вялікая трагедыя беларускага народа звязана з несупыннымі войнамі, рэпрэсіямі, у выніку якіх вынішчаецца генафонд нацыі, гінуць самыя лепшыя, а значыць, вынішчаецца векавая народная мараль, духоўнасць як найвялікшае багацце нацыі, што вядзе да разрыву повязі вякоў і пакаленняў.

Парвалася сувязь часоў — і рушацца царствы, сем'і, рушыцца ўсё. Гэтым творам Васіль Быкаў паказаў вытокі і нашых сённяшніх бед і няшчасцяў, нашай бездухоўнасці. З нічога і будзе нішто. Адкуль жа нам быць духоўна багатымі, калі Багацькі загінулі…

Аднак гэтае ўсведамленне ніколькі не вызваляе нас ад адказнасці за ўласныя грахі. I вучыцца нам усё ж ёсць у каго. Законы вечнасці, памяць пра мінулае, пра ўсё добрае і ліхое ў ім засведчаны нашымі прарокамі і нам пакінуты як запавет.

У хвіліны душэўнага мітушэння, калі не самыя лепшыя чалавечыя страсці наведаюць і нас, у нас ёсць магчымасць «паслухаць» парады захавальнікаў вечнасці. Магчыма, парада аднаго з герояў кнігі Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня…» здольна лекаваць і нашы душы, суняць непакой і марнае мітушэнне: «Пакінь памылкі свае, вер так, як верылі твае бацькі. Яны жылі шчасліва і спакойна; іх простая вера заслужыла ўзнагароду. Якая ж праўда вышэйшая за праўду веры?

…Здароўе, пачцівая праца — гэта найдаражэйшы скарб для добрага чалавека. Дрэнна, калі хто шукае дапамогі ад нячысціка».

Усведамленне Янам Баршчэўскім ролі духоўнікаў, сувязных, паслоў вякоў і пакаленняў, праз якіх мінулае вучыць кожнага з нас, як жыць сёння, засведчана ўжо самой назвай яго твора — «Шляхціц Завальня…». Магчыма, некага можа здзівіць, чаму менавіта іменем гэтага героя названы твор: ён жа толькі з асалодай слухае, а не прыдумвае і не расказвае паданні, як, да прыкладу, Шахерызада казкі. Так, шляхціц Завальня ўвасабляе лепшыя нацыянальныя якасці нашага народа, але тыя ж самыя якасці не ў меншай меры ўвасабляюць і многія іншыя героі твора.

I ўсё ж шляхціц Завальня валодае такой якасцю, што вылучае яго і ставіць вышэй над усімі носьбітамі дабра і мудрасці ў творы. Гэтая якасць — цікавасць да мінулага, усведамленне велічы і духоўнага багацця народа, выяўленых у казках, паданнях, песнях, прыказках і прымаўках.

Завальня лепш за іншых усведамляе, што «шмат праўды ў гэтых паданнях», што «мінулае вучыць нас, як жыць сёння», што, жывучы на гэтым свеце, трэба слухаць «адно загады Божыя». I яго ўсведамленне — не ў словах (многія афарыстычныя выразы належаць нават не яму, а іншым героям), а найперш у справах. Ён — апякун духоўнасці, ахоўнік тых, хто яшчэ збярог гэтыя скарбы народныя ў сваёй памяці і душы. Шляхціц Завальня — захавальнік вечнасці. Без такіх людзей парвецца повязь вякоў і мы станем манкуртамі Пра гэта толькі і мараць «асташкаўцы», якія, паводле аднаго з фантастычных апавяданняў, запаланілі нашу прыгожую зямлю, прынеслі сюды свае брыдкія, бесчалавечныя норавы і звычкі, разбэсцілі сваімі непрыстойнымі песнямі нашу моладзь, павынішчалі багацце нашых лясоў і азёр…

У кожнага народа і кожнага пакалення павінны быць свае захавальнікі вечнасці. Маем іх і мы. Гэта — і Язэп Драздовіч, і летапісец Віцебшчыны А. Сапуноў, і М. Каспяровіч, і В. Ластоўскі, і Ф. М. Янкоўскі і шмат іншых. Яны сабралі і аддалі нам скарбы вечныя, а як мы іх скарыстаем і ці скарыстаем наогул, — залежыць толькі ад нас.

«Гарыць агонь нязгасны ля граніту, як памяць сэрцаў аб сваіх сынах» (А. Астрэйка)

Жыць трэба, сябры мае, помнячы…

А. Вярцінскі.

Шчаслівы той народ, у мінулым якога не было трагічных момантаў, што вымагалі б ад яго масавага гераізму. Нават калі народ і вытрымлівае гэтае выпрабаванне, то ўсё роўна нясе вялікія страты. Гэтыя страты — знак бяды і для будучых пакаленняў, бо войны, стыхіі, эпідэміі вынішчаюць генафонд нацыі.

Трагічны лес нашага народа, бо ў апошняй, самай жудаснай у гісторыі чалавецтва вайне ніякі народ не напакутаваўся больш за беларусаў. Не кожны чацвёрты, як доўгі час даводзілася прапагандай таталітарнай сістэмы, а кожны трэці беларус загінуў у страшным полымі вайны. Гэтым і вытлумачвае выдатны пісьменнік сучаснасці В. Астаф'еў тое, што «беларусы стварылі самую таленавітую і хвалюючую літаратуру пра вайну».

Беларусамі створана не толькі мастацкая, але і дакументальная літаратура пра вайну, бо з'явілася неабходнасць, каб пра ўсенародную трагедыю на «свет цэлы» сказаў сам народ, бо ніхто лепш не здолее расказачь пра яго пакуты, чым ён сам.

Дакументальныя кнігі А. Адамовіча, Я. Брыля, У. Калесніка «Я з вогненнай вёскі…», А. Адамовіча «Карнікі», С. Алексіевіч «У вайны не жаночае аблічча», «Апошнія сведкі» сапраўды пацвярджаюць выказванне К. Сіманава, што ўсю праўду пра вайну «ведае толькі народ». У гэтых кнігах сабраны маналогі і пакутнікаў, якія цудам уратаваліся ў тым пякельным полымі вайны і сталі апошнімі яе сведкамі, і барацьбітоў са смерцю дзеля жыцця, і нават тых, як паказана ў кнізе «Карнікі», хто пераступіў праз запавет «не забі!».

Беларуская літаратура пра вайну не толькі засведчыла трагедыю народа і ўславіла яго подзвіг у выратаванні чалавецтва ад фашызму, але і даследавала прычыны сусветнай трагедыі. Тым самым яна папярэджвае ўсіх нас пра наступствы таталітарнай сістэмы, пра тое, што лёс беларускіх Хатыняў мае ўсечалавечае значэнне, што мінулае можа паўтарыцца, толькі ў горшым варыянце.

Вялікая заслуга ў мастацкім і філасофскім даследаванні прыроды таталітарных рэжымаў і вайны як нацыянальнай трагедыі беларускага народа належыць А. Адамовічу і В. Быкаву. «Апошняя пастараль» А. Адамовіча — твор папярэджанне пра апакаліпсіс, які чакае ўсё чалавецтва, калі яно не пераасэнсуе свае адносіны да жыцця. Безыменныя героі твора Ён і Яна перажываюць шчасце кахання і гармоніі, але ў іх жыццё ўрываецца катастрофа, і свет гіне ў апошніх канвульсіях нянавісці і варожасці. Камандзір савецкай падлодкі, якая ўжо выпусціла ядзерны зарад у адказ на атамную атаку ворага, з жахам зразумеў згубнасць ваеннага супрацьстаяння ў сучасным свеце. Але ўжо позна…

Не фантастычны, а рэалістычны сюжэт у адным з найноўшых твораў пра вайну — аповесці В. Быкава «Пакахай мяне, салдацік». Галоўныя яе героі — таксама ён і яна: камандзір узвода лейтэнант Змітрок Барэйка, ад імя якога вядзецца апавяданне, і яго зямлячка Франя. I гэтыя двое сярод пекла вайны зведалі шчасце кахання і гармоніі. Аднак шчасце было кароткім: забойства Франі і яе нямоглых гаспадароў — прафесара біялогіі Шарфа і яго жонкі фрау Сабіны, якіх Франя паспела палюбіць як родных, — абарвала надзеі на шчасце ў душы Змітрака. Усё можна змяніць і паправіць, нельга толькі вярнуць загубленае жыццё. Змітрок праклінае забойцаў: «Хто б яны ні былі — нашыя ці немцы! Балшавікі ці фашысты!» Небяспечнасць і фашызму, і бальшавізму, ва ўсведамленні В. Быкава, у тым, што яны непазбежна вядуць да вайны, вынішчаючы ўсё людскае ў чалавеку, сеючы помслівасць і жорсткасць, пакідаючы на сваім полі нявінныя ахвяры.

Вялікага ўздзеяння на душы людскія дасягаюць пісьменнікі, якія карыстаюцца ў адлюстраванні вайны класічным прыёмам: паказваюць трагедыю і пакуты народа праз трагедыю і пакуты дзяцей. Дзеці вайны — апошнія яе сведкі. Да такога пакалення пісьменнікаў у нашай літаратуры належыць Віктар Казько. Яго «Хроніка дзетдомаўскага сада» — гэта хроніка і ўласнага жыцця. Большасць яго глыбока псіхалагічных твораў маюць аўтабіяграфічную аснову: «Аповесць аб беспрытульным каханні», «Суд у Слабадзе», «Высакосны год».

Філасофска-публіцыстычнае асэнсаванне жыццёвага матэрыялу вызначае аповесць «Суд у Слабадзе». Незвычайны трагізм і сіла ўздзеяння дасягаюцца не толькі тым, што ў творы апісваюцца зверствы фашыстаў у дачыненні да дзяцей (галоўны герой падлетак Коля Лецечка ў гады вайны знаходзіўся сярод дзяцей, у якіх немцы бралі кроў для раненых), а ў тым, што таленавіты Лецечка (яго адоранасць вельмі пераканаўча паказана ў творы) асуджаны на пакутніцкую павольную смерць. «Колькі талентаў звялося» ў гады вайны, а колькі, «раны не залячыўшы, рана паміралі»! I ці не ў гэтым адна з прычын нашых сённяшніх праблем, нашай бездухоўнасці?

Адной з выяў бездухоўнасці з'яўляецца бяспамяцтва, якое В. Быкаў лічыць найбольшым злом у нашым жыцці. У імя памяці, пакуль не позна, трэба засведчыць трагедыю вайны, каб зноў не стаць яе ахвярамі.

I. Шамякін у многіх сваіх творах перамяжоўвае сучаснае і мінулае. I не толькі дзеля таго, каб даследаваць вытокі ўчынкаў сваіх герояў, але і каб выпрабаваць іх памяццю, адносінамі да мінулага.

Пакуты памяці — страшней за любыя іншыя. Як страшны жар хваробы, палала памяць Івана Батрака, галоўнага героя рамана «Вазьму твой боль». Іван зразумеў, што ад памяці сваёй нікуды не дзецца. Прыезд былога паліцая Шышкі выклікаў такі ўспамін і такі боль, перадаць які блізкім людзям было страшна. Дачка Батрака не вытрымлівае выпрабавання памяццю. Для яе галоўнае — уладкаваць сваё жыццё. Яна не толькі не ведае мінулага сваіх бацькоў, але і не хоча ведаць. Памяць бацькоў для яе непатрэбнае дзівацтва, якое толькі ўскладняе жыццё, своеасаблівы эгаізм, нават жорсткасць.

Вострасюжэтная палемічная аповесць В. Быкава «Абеліск» пабудавана на спрэчцы паміж Ткачуком і Ксяндзовым пра тое, што ёсць подзвіг, што ёсць гераізм. Пісьменнік выпрабоўвае гэтых герояў памяццю і стаўленнем да мінулага, што і выяўляе высакароднасць аднаго і цынізм, бездухоўнасць другога.

Малады загадчык райана Ксяндзоў не бачыць ва ўчынку настаўніка Мароза нічога гераічнага. Былы ж загадчык райана Ткачук лічыць справай свайго жыцця дамагчыся, каб імя Мароза было на абеліску разам з імёнамі яго вучняў, з якімі і за якіх ён загінуў.

Вастрыня сюжэта ўзмацняецца тым, што герой аповесці Алесь Іванавіч Мароз свядома, наперакор угаворам не рабіць гэтага, ідзе на верную смерць, добра разумеючы, што не выратуе сваіх вучняў і загіне сам. Гэта і дае падставу некаторым, таму ж Ксяндзову, лічыць учынак Мароза не подзвігам, як таго дамагаецца Ткачук, а недарэчнасцю, глупствам, бо ніякага канкрэтнага выяўлення карысці, сэнсу ад той смерці не было.

Аповесцю «Абеліск» пісьменнік сцвярджае сілу духоўнага, хоць духоўнае нельга ні падлічыць, ні ўзважыць, ні вымераць. Фашысты выдатна разумелі сілу ўздзеяння Мароза на душы людзей, калі аб'явілі: з'явіцца настаўнік — вучняў адпусцім. Ім намнога выгодней было б, каб ён не з'явіўся, на што яны і разлічвалі, прапанаваўшы такі «выбар».

«Я перад вамі з памяццю сваёй» — так словамі лірычнага героя верша А. Вярцінскага можна выявіць сутнасць і прызначэнне таленавітых твораў пра вайну. Яны — абеліск загінуўшым, напамін жывым і памяць пра нашу нацыянальную трагедыю. Трагізм вайны ў тым, што яна забірае самых лепшых, самых таленавітых, самых любімых і дарагіх, а значыць, і вынішчае генафонд нацыі, разрывае повязь паміж вякамі і пакаленнямі, тым самым вынішчае векавую народную мараль, духоўнасць. Менавіта ў вынішчэнні векавой народнай маралі бачыць В. Быкаў адно з недаравальных злачынстваў і фашызму, і бальшавізму, пра што не раз даводзіў сам пісьменнік не толькі сілай мастацкага слова, але і «пяром аналітыка», сілай публіцыстычнага слова.

Нізка схіляючыся перад абеліскамі, ля якіх гарыць агонь, мы павінны помніць, што ён можа згаснуць навекі, калі згасне памяць нашых сэрцаў. А выявы яе — нашы канкрэтныя справы і найперш — мір і згода паміж намі. Лірычны герой верша А. Вярцінскага нагадвае ўсім нам «звычай, даўні і святы, што паўшыя на полі ратным і разам пахаваныя — браты». Стоячы «перад пагоркам горкім», ён нібы стаіць «перад пытаннем горкім: а ці па-брацку мы ў жыцці жывём?» Горкае гэта пытанне, бо калатня і варожасць запанавалі не толькі ў свеце, але і ў многіх дамах. А ва ўласным доме мір і згода залежаць толькі ад нас саміх.

«Мы лес свой самі выбіраем…» (П. Броўка)

Ты, нявольнік, вольны выбраць путы…

Р. Барадулін

…Па жыццёвай дарозе ішлі два чалавекі, несучы кожны свой крыж. Знясільваючай была тая дарога. Першы цярпліва трываў, а другі, каб лягчэй было ісці, адпілаваў частку даўжэйшага крыжовага канца — і ісці адразу стала лягчэй.

I падышлі яны да прорвы. I першы паклаў цераз яе свой крыж і прайшоў па ім, як па кладцы. Тое ж самае зрабіў і другі, ступіў на свой крыж і… Не хапіла якраз таго, адпілаванага раней кавалка…

З усіх вечных праблем, што асабліва хвалююць чалавецтва і кожнага з нас, праблема залежнасці ад лесу, бадай, самая вострапалемічная. Адны сцвярджаюць поўную залежнасць чалавека і нават народа ад лесу, другія — поўнае валадарства над лесам. Адны даводзяць, што «наш лес бы кат з рукой забойнай», другія — што чалавек сам каваль свайго шчасця, а значыць, і кіроўца свайго лесу.

Быкаўскі герой Хведар Роўба, пакутліва шукаючы адказу на самае галоўнае пытанне «за што?», прыходзіць і да такой высновы: «Такі яго лес! Пракляты лес, які наканаваў яму ў такі час нарадзіцца селянінам». Што ж, сапраўды, час не выбіраюць: у ім жывуць і паміраюць. Час і месца нараджэння ў многім вызначаюць і лес чалавека, і лес народа.

А вось прыклад зусім парадаксальнага стаўлення да галоўнай праблемы жыцця.

Мележаўская гераіня — настаўніца Параска, знаёмячы Башлыкова з Ганнай, сказала, што ў Ганны «розуму на пяцярых, толькі доля няскладная». Ганна запярэчыла тут жа, пры Башлыкову: «Ну нашто вы ето! Доля. Ці доля — горб ад Бога? Доля — ад чалавека! Ад розуму!»

Мудрыя лаціняне вучаць: дзе парадокс — там ісціна. У чым жа яна, гэтая ісціна, так вобразна сфармуляваная куранёўскай прыгажуняй і пакутніцай? У рускай мове для выяўлення гэтага паняцця ёсць слова з відавочным сэнсам — судьба: суд Бога. Суд — за што?

Чалавек нараджаецца свабодным: рабі, што хочаш, але за ўсё плаці. Лес, доля — плата за зроблены выбар. А ўжо выбар чалавека, як заўважае Мележ словамі сваёй гераіні, сапраўды вызначаецца розумам і залежыць ад розуму!

Рыгор Барадулін у вершы «Лес да кожнага прыходзіць босы» піша пра залежнасць чалавека ад лесу: «Лес да кожнага прыходзіць босы, як Хрыстос…», «боссю — каб нячутна! — ходзіць лес». Ад яго капрызаў і ўдараў не застрахаваны ніхто. Напачатку кожнаму даецца аднолькавае і адно: жыццё. У гэтым жа вершы паэт-філосаф сцвярджае і поўную свабоду выбару чалавека: «Ты, нявольнік, вольны выбраць путы, пасталы змяніць на кірзачы».

Так, сапраўды, выбар «путаў» залежыць толькі ад чалавека. Выбар вызначае сутнасць чалавека, яго мудрасць ці неабачлівасць, невідушчасць, духоўнасць ці бездухоўнасць. Зроблены чалавекам выбар — цана яму, яго мудрасці і жыццястойкасці.

Цана выбару вызначаецца толькі жыццём і самым нестароннім суддзёй — часам. Тры гады жыцця мележаўскай Ганны з жорсткім і абмежаваным чалавекам (не ў тым справа, што з нялюбым: многія людзі, сышоўшыся без любові, здольныя дажыць да яе) паказалі, што крок быў няправільны, выбар памылковы. Спадзеў, што «сцерпіцца — злюбіцца», не спраўдзіўся. Надзея на тое, што Яўхім выканае адзіную яе ўмову «кеб падобраму было» і зменіцца (мяняюцца да лепшага толькі людзі, нелюдзі даходзяць да стану азвярэласці), — не збылася. Мара стаць Яўхіму вернай жонкай і добрай маці сваім дзецям не здзейснілася. Таму так самакрытычна, нават бязлітасна ставіцца яна да сябе, падсумоўваючы перажытае за тры гады: ніякіх здабыткаў, толькі страты душы. Найбольшая — у выніку непапраўнага: смерці дачкі.

Выпрабаванне чалавека лесам, доляй не заканчваецца на ўсведамленні ім няправільна зробленага выбару і таго, што не так жыў, не тым даражыў, не над тым дрыжаў, што варта чалавека, а страціў сапраўды «святое штосьці». Нават і такое ўсведамленне — яшчэ не канец. Калі ў чалавека засталося галоўнае — жыццё — значыць, засталася магчымасць скарыстаць свой вопыт і змяніць калі не ўсё, то нешта ў сваім жыцці да лепшага. Таленавітыя творы нашай нацыянальнай літаратуры пераканальна даводзяць нам, што ў сітуацыі ўсведамлення няправільна зробленага выбару, калі разбурана, здавалася б, усё, нават гняздо, нават мара, — чалавек павінен скарыстаць любую магчымасць, каб выжыць, і несці свой крыж да канца. Жыццё — самая першая ўмова змены да лепшага і выпраўлення ўласных памылак. Устань і ідзі! Найвялікшай мужнасцю і мудрасцю чалавека будзе выснова: жыць! проста жыць!

Канцэптуальным у драме Янкі Купалы «Раскіданае гняздо» з'яўляецца вобраз Старца. Ён — увасабленне адвечнай мудрасці і духоўнай сілы народа, народнага аптымізму: «Ніколі не трэба здавацца. Ганьба таму, хто, радзіўшыся ў ярме, валочыць яго пакорна, як вол стары, не парываючыся нават хоць на час выпрагчыся з гэтага ярма, паганячага яго пачуццё чалавечае! Ганьба таму!»

Вобраз Старца — парадаксальны і філасофскі. Здавалася б, ненатуральна, нават нелагічна надзяліць жабрака такім светаўспрыманнем, а нам, чытачам і гледачам, пачуць такія словы ад таго, хто апынуўся за мяжой дапушчальнага. Нагадаем, што гісторыя трагедыі Старца тоесная Лявонавай, але яна аптымістычная. Старац не пазбавіў сябе магчымасці калі-небудзь дайсці да Вялікага сходу. Калі на Сходзе павінен быць кожны, калі ён не адбудзецца без кожнага, то ўсе, хто пайшоў рознымі шляхамі, усё роўна прыйдуць на Сход, дойдуць да Беларусі. Толькі абавязкова трэба ісці. Вобразам Старца паэт-філосаф узбагачае нас мудрасцю, што ўсё змяняецца; што цемра ночы абавязкова развеецца; што сілы ва ўсіх, хто чакае раніцы, розныя: адны і ноччу ў дарозе, другім трэба прысесці адпачыць, каб набрацца новых сіл. Але абавязкова ісці, абавязкова жыць! Каб аднавіць разбуранае гняздо, першая ўмова — жыць!

У самы крытычны момант жыцця Алеся Загорскага (герой рамана У. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім») выратавальнай для яго была мудрасць дзеда, з якой той даводзіў, што, пакуль не прыйшла смерць, усё можа змяніцца воляй чалавека ці капрызам лёсу. Стан чалавека, якому баліць, у якога зараз нешта не атрымалася, які ўсвядоміў памылковасць зробленага выбару, Вежа параўнаў са шляхам па гурбах. Але ж наперадзе — агонь: «Радуйся, што бачыш яго. Няхай пакуль што далека. З часам дойдзеш… I я табе кажу, чым болей змерзнеш, тым большае будзе шчасце працягнуць да яго рукі…Ідзі! Мужныя — не гінуць…»

Так і мележаўская гераіня палоніць нас не толькі сілай свайго кахання, але найперш сваёй жыццястойкасцю. Пасля няправільна зробленага выбару яна ўстае, ідзе і зноў робіць выбар. Ды такі выбар, які здзівіў усіх куранёўцаў. Яны ўсё ўспаміналі і ўспомніць не маглі, каб калі-небудзь жанчына кінула «свайго чалавека, ды яшчэ такога, як Яўхім». Для Ганны гэта быў адзіны спосаб абараніць сваю годнасць і гонар, не страціць сябе. Як тут не прыгадаць У. Караткевіча, які даводзіў, што абараніць свой гонар чалавек павінен толькі сам, бо ніхто за яго гэтага не зробіць.

Лес літасцівы да тых, хто вытрымаў выпрабаванне, хто ўстаў і ідзе. Лес любіць і выбірае тых, хто любіць жыццё і працу ў імя яго, хто нават на знясільваючай дарозе жыцця не падкарочвае свой крыж.

«Ідзі вышэй сіл сваіх — і станеш жыць доўга!» — вучыў свайго ўнука караткевічаўскі Вежа. Мудрасць нашых продкаў, засведчаная ў добрых кнігах, можа стаць і нам напамінам і арыенцірам у пэўныя хвіліны жыцця.

«Добра быць у дарозе, якую сам сабе выбіраеш» (ЯКУБ КОЛАС)

Усё павінна след пакінуць…

П. Броўка.

У трох чалавек, што насілі каменне, спыталіся, што яны робяць. Першы адказаў: «Нясу гэты пракляты камень». Другі сказаў: «Зарабляю на хлеб». Трэці: «Будую храм!»

Права выбару — прывілея свабоднага і дужага чалавека, бо свабода выбару — гэта заўсёды яшчэ і адказнасць за зроблены выбар. Сапраўды, добра быць у дарозе, выбранай самім. Пры адной умове: калі выбар правільны. А калі, як вобразна сказаў Ядвігін Ш., «не тудой дарога», то тады трагедыя.

Чым кіравацца, каб выбраць дарогу правільна? I ў межах гэтага абсягу дзейнічаюць даўно акрэсленыя вечныя законы, абысці якія не можа ніхто.

Першы: не закапай свой талент, дадзены строгім гаспадаром, бо закапаць талент — збочыць з дараванай дарогі, здрадзіць ёй. А за здраду давядзецца плаціць.

Другі: пры выбары дарогі кіруйся любоўю да бліжняга, як да самога сябе.

Выключна ўсё ў жыцці Лабановіча, галоўнага героя трылогіі Коласа «На ростанях», вызначаецца адзінай мэтай, ад якой ён не адракаецца нават пад пагрозай небяспекі, — змяніць да лепшага жыццё тых, каго ён любіць, каго лічыць вартымі годнага і людскага жыцця. Менавіта гэтая мэта вызначае і выбар яго прафесіі — шлях, якім можна было паслугаваць народу і Бацькаўшчыне. Мастацкая каштоўнасць гэтага вобраза да ўсяго яшчэ і ў тым, што ён выпісаны ў эвалюцыі. Спачатку Лабановіч лічыў, што шлях народа да лепшай долі ляжыць праз асвету. Таму і стаў ён настаўнікам, цалкам прысвяціўшы сябе дзецям. Настаўніцкае крэда Лабановіча — «абуджаць крытычнырозумдзіцяці», вучыць так, каб вучні да ўсяго падыходзілі свядома, каб стараліся дазнацца прычын любой з'явы, — не страділа сваёй актуальнасці і сёння, бо гэта адзін з прынцыпаў сучаснай адукацыі.

Няма іншага шляху служэння народу ў мірны час, як сумленная праца і прафесіяналізм у той справе, якую робіш. Лабановіч усім нам дае прыклад сумленнага стаўлення да сваіх абавязкаў настаўніка. У працы выяўляюцца лепшыя яго якасці як чалавека і інтэлігента: розум, дасведчанасць, прага прафесійнага росту, любоў да дзяцей, павага і спагада, дабрыня і шчырасць. I вынік працы настаўніка відавочны: яго вучні лепш за вучняў з іншых школ вытрымалі экзамены. Здавалася б, так, як шчыраваў Лабановіч на духоўнай ніве, — норма. Але такімі, на жаль, былі не ўсе. Каб узвысіць свайго героя, Колас не раз карыстаецца прыёмам кантрасту, ствараючы Лабановічу фон з саханюкоў, панямонскіх «інтэлігентаў», якія ў сваёй працы бачылі толькі сродак існавання ці нават нажывы (Саханюк, напрыклад, за напісанне ліста браў з салдатак плату салам).

Мы пастаянна бачым Лабановіча ў яго настаўніцкіх клопатах: вось далека за поўнач рыхгуецца ён да ўрокаў; вось ён едзе ў суседнюю вёску, каб павучыцца ў больш вопытнага калегі (і пераконваецца, што ў таго вучыцца няма чаму); вось стрыжэ вашывых дзетак; вось купляе беднай сіраціне кашульку; вось збірае на лекцыю і дарослых… Любоў да народа, Радзімы, яе прыроды, нагадвае нам гэтым вобразам Якуб Колас, павінна быць дзейснаю. Мы не знойдзем на старонках трылогіі слоў, якімі Лабановіч пераконвае сваіх вучняў любіць прыроду, але мы запомнім, як настаўнік з дзеткамі саджалі дрэўцы.

Герой Коласа не статычны. Ён жыве, думае, разважае, дзейнічае, памыляецца, спатыкаецца, пакутуе, расчароўваецца і зноў устае — зноў дзейнічае! Горка ўсведамляць яму, што яго шчыраванне ніколькі не змяніла да лепшага жыццё дарагіх яму людзей. Яны як жылі ў брудзе і нястачах, так і жывуць. У родных сваіх Мікуцічах ён прапануе асушыць балота і зрабіць грэблю, але і гэты праект яго застаўся нерэалізаваным. Дзядзька Марцін доказна давёў яму, што праект сам па сабе варты ўвагі, але нерэальны, бо зямля вакол — панская, не сялян. I зноў настаўнік на раздарожжы, на ростанях, у роздуме, якім жа шляхам ісці да вызначанай мэты, ад якой ён, наперакор усім няўдачам і нягодам, не адступіўся, не адрокся. Небяспечны і рызыкоўны выбірае ён шлях — шлях рэвалюцыянера. Але і тры гады турэмнага зняволення не пераканалі яго ў няправільнасці абранага шляху, бо не вынішчылі ў ім самае галоўнае і святое пачуццё — любоў да людзей і Бацькаўшчыны, самае палкае жаданне — бачыць іх вольнымі і шчаслівымі. Моцная, незвычайная натура і адначасова зямная і рэальная.

«Намацаць галінамі сонца», адрынуць злое, вучыцца ў добрага, смела і настойліва ісці па дарозе, свядома выбранай самім, можа толькі моцная Асоба. Такой Асобай і з'яўляецца сапраўдны інтэлігент Лабановіч. Ён дае нам урок, як, жывучы зямнымі клопатамі, застацца Чалавекам і нават «намацаць галінамі сонца», сілай сваёй душы павесці за сабой іншых.

Адзін з лірычных герояў паэзіі Максіма Танка сцвярджае, што самае складанае для чалавека — «прайсці праз вернасць». Шамякінскі герой рамана «Сэрца на далоні» інтэлігент Яраш прайшоў праз вернасць выбранай дарозе і сваёй справе і дасягнуў у ёй такога прафесіяналізму, што змог нават трымаць на сваіх далонях сэрца чалавека. Гэты мастацкі вобраз, што даў назву раману I. Шамякіна, — метафарычны. У прамым сэнсе трымаць сэрцы на далонях здольны толькі прафесіяналы ўзроўню Яраша. Аднак сэрца бліжняга можа быць на далонях кожнага чалавека, чуйнага і чулага да болю і трывог іншых людзей. Трэба толькі зразумець гэты боль і паспець дапамагчы. Пакутуе Яраш, што не паспеў (хоць не яго ў тым віна) выратаваць двух хлопчыкаў, якія падарваліся на міне.

Такія, як настаўнік Лабановіч, доктар Яраш, журналіст Шыковіч, мележаўскі старшыня валвыканкома Апейка, коласаўскія героі Міхал, Антось і Ганна, носячы каменне, зарабляючы на хлеб, будуюць храм Будучыні.

Той жа, хто не сам выбраў сабе дарогу ці кіраваўся пры яе выбары толькі карыслівымі матывамі, ідучы па ёй, нясе «пракляты камень».

Кім быць і якім быць

Галоўнае, што павінна кіраваць чалавекам пры выбары справы, — гэта ўсведамленне неабходнасці сваёй працы для людзей, для народа.

I. Мележ.

Пайсці ці вярнуцца? Сказаць ці змаўчаць? Пераступіць ці адступіцца?.. Кожны з нас штодзённа некалькі разоў бывае ў сітуацыі выбару. I ўсё ж два выбары ў жыцці кожнага чалавека лёсавызначальныя: выбар спадарожніка, з якім ісці па жыццёвай дарозе, і выбар справы, якой гэтая дарога забяспечваецца і вызначаецца. I цяжка сказаць, які з выбараў важнейшы. Відавочна толькі адно, што і першы, і другі патрабуе ад чалавека адказнасці і мудрасці.

Гэтыя два галоўныя выбары і робяцца ў імя таго, каб рэалізаваць спрадвечнае імкненне чалавека аддаваць бліжняму свайму назапашаныя скарбы і сілу. Вечная ісціна: нельга даць другому таго, чым не валодаеш сам. Галоўны герой апавядання М. Гарэцкага «Роднае карэнне» дзед Яхім даводзіць студэнту-медыку Архіпу Лінкевічу: «Помні, што, каб другога вызваляць, трэба самому крэпкім быць». Тую ж самую мудрасць сцвярджае Максім Танк у вершы «Ты яшчэ толькі намёк на чалавека…». Так, сапраўды, «толькі намёк», ці «чвэрць», ці «паўчалавека», пакуль «ва ўсім спадзяешся на маці», «на дружбу», «на любоў».

I толькі тады становішся чалавекам, Калі ўсе могуць спадзявацца На цябе.

Словы і словаспалучэнні з нарастаняем іх эмацыянальна-сэнсавай выразнасці ўзмацняюць экспрэсію выказвання: чалавек толькі тады адбыўся як чалавек, калі ён можа дапамагчы іншаму, калі ён патрэбны людзям.

Матывы выбару, кім быць, залежаць ад Асобы, што стаіць перад выбарам. У рамане «Каласы пад сярпом тваім» Кастусь Каліноўскі, даводзячы Алесю Загорскаму, што на асабістае ён не мае права, бо яго жыццё яму не належыць, патлумачыў: «Звычайна ў людзей так. Першае — гэта я, другое — сям'я, родны дом, трэцяе — родны горад, чацвёртае — родная краіна, пятае — родная зямля, роднае Чалавецтва. I кожны любіць сам сябе, амаль усе — сям'ю, большасць — родны горад, частка — радзіму. I толькі адзінкі любяць чалавецтва. Па-сапраўднаму, а не на словах… Яны любяць чалавецтва больш, чым радзіму, радзіму больш, чым родны дом, а ўсё гэта разам — больш за саміх сябе. Яны, разумееш, свабодна адцаюць жыццё і дом і ўсё — для краіны і чалавецтва».

У. Караткевіч на яскравым прыкладзе даводзіць (асабліва гэтая мудрасць карысная тым, хто стаіць на ростанях), што, якой бы значнай ні бьша Асоба, гатовая «аддаць усё — для краіны і чалавецтва», яна, Асоба, павінна авалодаць канкрэтнай справай, пэўнай прафесіяй. На жаль, многія маладыя авалодваюць прафесіяй і настойліва вучацца, толькі каб зарабіць на хлеб і не насіць «пракляты камень». Гэты матыў перакрэслівае ўсё: схільнасць да пэўнай справы, здольнасць да яе, нават талент — і толькі па адной прычыне. Калі нейкай прафесіяй у наш час можна зарабіць толькі на хлеб, і не больш, — яна пагарджаная, як цяпер кажуць, непрэстыжная. I — збочваюць з дараванай дарогі, закопваюць свой талент. «Кепска, калі хто шукае дапамогі ад нячысціка», — папярэджвае адзін з герояў Яна Баршчэўскага. Закапаць свой талент — шукаць «дапамогі ад нячысціка».

У. Караткевіч, паводле яго слоў, вельмі «поўна паказаў чалавека, што стаіць перад выбарам, кім яму быць». Кастусь Каліноўскі, стоячы перад такім выбарам, спачатку меў намер паступаць, як і яго брат, на медыцынскі факультэт, але потым вырашыў «прасіцца на юрыдычны факультэт па разраду камеральных навук». У лісце да Алеся ён так патлумачыў свой выбар: «Здароўе людзей — гэта, вядома, надзвычай важліва. Але дрэнная тая медыцына, якая пачынае з лекавання хваробы. Перш за ўсё трэба хваробу запабегчы. Даць людзям людскія ўмовы. Каб жылі сытна, каб апрануты добра былі, каб жылі багата і ў добрай хаціне, каб не цягаліся па судах і правільна вялі гаспадарку, каб былі вольныя. Бо нельга дазволіць, каб народ выміраў».

Кастусь Каліноўскі лічыць, што дасягнуць мэты яму дапамогуць набытыя веды. Тая ж мэта і ў коласаўскага Андрэя Лабановіча, але ён лічыць, што шлях да яе ляжыць праз асвету, што і вызначыла яго выбар — быць настаўнікам, «абуджаць крытычны розум дзіцяці».

Іншую дарогу да той жа самай мэты выбірае Алесь Загорскі. Пад уздзеяннем Віктара, брата Кастуся Каліноўскага, ён робіць выбар на карысць філалогіі і гісторыі, а не натуралагічных навук. Гэта — пасля, а зараз яго радзіме, народу найперш трэба вярнуць гісторыю і памяць. Зробленае Алесем, бліскучая абарона ім кандыдацкай дысертацыі выклікалі захапленне і павагу ў прафесара Сразнеўскага, скупога на пахвалу: «…Вы зрабілі незвычайнае. Адкрылі новы нязнаны свет. Адкрылі, магчыма, цэлы народ». Адкрыццё свайго народа для ўсіх Алесь зрабіў на глыбокім даследаванні радавых архіваў дваран і прыдняпроўскіх «Кронік», фальклору адносна сялянскіх войнаў XVII ст. на тэрыторыі Беларускага Прыдняпроўя.

«Я, ў некаторым сэнсе, нават бог, бо занава я свой народ ствараю» — так вызначыў У. Караткевіч сваю ўласную ролю ў рэанімацыі душы і памяці свайго народа. Дадзены яму талент ён рэалізаваў у кнігах, якія вяртаюць народу памяць, забраную ў яго даўно. Лепш за іншых усведамляючы, што без памяці пра свае вытокі, карані, пра мінулае ў народа няма будучыні, ён зрабіў свой выбар на карысць рэанімацыі памяці народа.

Зрабіўшы выбар, адказаўшы для сябе, кім яму быць, чалавек адказвае і на пытанне, дзеля чаго ён з'явіўся на свет. Усведамленне Караткевічам свайго прызначэння на зямлі такое:

Я — сэрца, мозг, душа майго народа, Тому, магчыма, і на свет з 'явіўся, Каб мог ён зведаць праз мяне сябе, Каб ведаў сілу ўласную і годнасць I каб вякі маім спявалі ротам.

Ф. Скарына ў прадмове да адной з кніг Бібліі пісаў: «В розмаитых речах люди на свете покладають мысли и кохания своя: едины в царствах и в пановании, друзии в богатестве и в скарбох, инии в мудрости и в науце, а инии в здравии, в красоте и в крепости телесной, неции же во множестве имения и статку, а неции в роскошном ядении и питии и в любодеянии, инии теже в детех, в приятелех, во слугах и во иных различных многих речах».

Сутнасць Асобы вызначаюць «кохания и мысли», якія яна ўкладае ў «некоторую речь перед собою, в ней же ся наболей кохает и о ней мыслит». Які чалавек — такі яго выбар, такая «речь», справа, а якая справа — такі і след на зямлі. Як чалавеку даецца права выбару, якім яму быць і кім быць, так і людзям, нашчадкам даецца права меркаваць пра яго значнасць. Як папярэджваў Янка Купала, «суд гісторыі цяжкі». Ён і разважыць, «ці мы сумленна жыццё прайшлі, ці чарада зняваг мінулых нас не з'ела, пакінуўшы свой дым і чад».

«Гады чысціні і надзеі, гады парыванняў і мрой» (Р. Барадулін)

Горы і моры можаш ты здолець,

Сэрцам расплавіць ільдзіны.

Янка Купала.

Да Бога прыйшлі дзве дзяўчыны і папрасілі ў Яго шчасця на ўсё жыццё. Здзівіўся Бог: так не бывае. Жыццё чалавека перапялёсае: у ім павінны быць і пакуты, і радасці. I прапанаваў выбар: шчасце або ў маладосці, або ў старасці.

Першая сказала: «Навошта мне шчасце ў старасці? Я зараз яго хачу зведаць, пакуль маладая, пакуль усё цікава».

Другая разважыла так: «Я маладая і дужая і здолею перанесці ўсе нягоды і выпрабаванні, затое ў старасці мне патрэбны будуць спакой і любоў бліжняга…»

З таго часу і дзеляцца людзі на мудрых і нямудрых, на тых, хто жыве толькі сённяшнім днём, і на тых, хто думае пра дзень заўтрашні, хто пра старасць дбае ў маладосці.

Як старасць заўсёды асацыіруецца з мудрасцю, вопытам, так маладосць — з адвагай, рызыкай і сілай, здольнай гэтую мудрасць рэалізаваць і забяспечыць будучыню. Да моладзі звярталася Цётка з наказам шанаваць роднае слова як адзін са «скарбаў вечных — скарбаў душы». «Беларускай моладзі» прысвяціў Якуб Колас адзін з дарагіх яго сэрцу твораў — паэму «Сымон-музыка». Той моладзі, якая, наперакор нягодам і перашкодам, цалкам адцасць сябе слугаванню Бацькаўшчыне, панясе людзям «агонь душы і сэрца жар». Усе надзеі і мары Янкі Купалы пра нацыянальнае адраджэнне звязаны са Здольнікамі-арлянятамі, якія змогуць «горы і моры» здолець, «сэрцам расплавіць ільдзіны», якія паляцяць да сонца, паплывуць па моры, будуць зямлю «трактарам варочаць», засеюць палеткі, «каб рунелі, зелянелі, аж яснелі гоні…». «Для вякоў дыктуйце новых нечувалыя ясноты» — такі Купалаў наказ арлянятам.

Самай лепшай парой чалавечага жыцця, гадамі «чысціні і надзеі», гадамі «парыванняў і мрой» назваў Рыгор Барадулін маладосць. I гэта ні адзін філосаф не стане аспрэчваць. Магутны размах крылаў магчымы толькі ў маладосці.

Большасць высакародных, духоўна прыцягальных герояў беларускай літаратуры — маладыя. Гэта купалаўскія Бандароўна, Якім Сарока, Паўлінка, Янка Здольнік, коласаўскія Лабановіч, Сымон-музыка, быкаўскія Сотнікаў, Фішар, Свіст, Зося Нарэйка, дудараўскія радавыя. Розныя ў іх лёсы, але ўсе яны ўвасабляюць лепшыя чаларечыя якасці. На шляху ўсіх гэтых герояў былі «каменні тыя, што губяць сілы маладыя». Асабліва трагічным быў лёс маладых, якія зведалі вайну.

Было ў салдата два полі: поле, дзе кветкі ірваў, бегаў з сябрамі на волі, і поле, дзе ён паміраў, — так вобразна і лаканічна перадаў трагедыю той маладосці А. Вярцінскі.

Трагічным быў лёс равеснікаў В. Быкава — юнакоў 1924 г. нараджэння. На долю гэтага пакалення, якое амаль усё згарэла ў пекле вайны, выпалі самыя цяжкія выпрабаванні. I бацькі Быкава, як многія бацькі салдат, у ліхую гадзіну атрымалі пахавальную, у якой паведамлялася, што іх сын, камандзір стралковага ўзвода лейтэнант Быкаў Васіль Уладзіміравіч, забіты 10.01.44 г. і пахаваны на цэнтральных могілках вёскі Вялікія Севярынкі Кіраваградскай вобласці. На шчасце, гэта была памылка. Да яго, цяжка параненага, лёс, мноства разоў вытрымаўшы на трываласць, аказаўся літасцівы. Лёс усё ж літасцівы і да нашага народа, калі, правёўшы праз пякельны агонь вайны, збярог нам такіх прарокаў, як В. Быкаў, каб мы слухалі іх.

Існуе легенда, быццам анёл смерці, які спускаецца з нябёсаў, каб разлучыць душу чалавека з целам, спрэс пакрыты… вачыма. Аказваецца, гэтыя вочы прызначаны не яму. Бо, здараецца, анёл, прыляцеўшы па чыюсьці душу, разумев, што паспяшаўся, што яшчэ не прыйшла пара чалавеку развітвацца з жыццём. I тады ён не чапае ягоную душу, а надзяляе яе ўладальніка яшчэ адной парай вачэй. Пасля гэтага чалавек пачынае бачыць не толькі тое, што і ўсе астатнія, але і тое, што даступна толькі іншаму сусвету, іншаму, вышэйшаму вымярэнню і існаванню. Для звычайных жа людзей ягоныя ўяўленні здаюцца выдумкай, фантазіяй, нават галюцынацыяй… Людзі маюць звычайны, абмежаваны зрок і на заклік відушчых прарокаў могуць адказаць пытаннем з верша Янкі Купалы «Прарок»:

Па колькі нам дасі чырвонцаў, Калі мы пойдзем за табой?

Многа беларускіх страцім-лебедзяў загінула ў час «патопаў», калі «схадзіліся плямёны спрэчкі сілаю канчаць, каб багата адароны мілы край наш зваяваць». Гінулі страцімлебедзі, не пакінуўшы пасля сябе нашчадкаў:

Ад усіх цяпер патомкі ёсць, Ды няма адных — Страцімавых.

(М. Багдановіч).

Многія творы беларускай літаратуры пераканальна даводзяць, што нават у мірны час найцяжэй усё-такі маладым. Як ні парадаксальна, але менавіта самыя дужыя аказваюцца бяссільнымі і бяззбройнымі перад здрадай, двухаблічнасцю, перад жорсткасцю і вар'яцтвам гэтага свету.

Р. Барадулін прывілею маладых бачыць у тым, што для іх «воз роспачы сцішана едзе, і радасць сядае на кут». На жаль, у наш час нават для маладых воз роспачы едзе не сцішана, а шалёна нясецца, растрасаючы камяні на дарозе маладых. I тыя камяні даводзіцца збіраць зноў жа найперш маладым.

У вобразе Славіка Шыковіча з рамана «Сэрца на далоні» ўвасоблена пісьменніцкая думка пра тое, як нялёгка быць маладым. Нялёгка, нават калі твае бацькі сапраўды самавітыя і сумленныя людзі. А што ўжо казаць пра сіроцтва пры жывых бацьках! I. Шамякін пераканальна паказаў, як цяжка расці чалавеку, як на рост ці на яго запаволенне можа паўплываць выключна ўсё, нават нейкая, здавалася б, дробязь. Самае цяжкае і складанае ў гэтым свеце — расці, змяняцца да лепшага, быць здольным перагледзець і свае ўчынкі, і свае каштоўнасці. Пісьменнік паказаў свайго героя ў эвалюцыі, паказаў усе тыя фактары, якія спрыялі адраджэнню яго душы.

Вядома ж, праца, годнае акружэнне таксама паўплывалі на Славіка. Гэта пераконвае ў рамане. Але наўрад ці «партыйны дакумент захапіў юнака», наўрад ці ў Славіка, як даводзіць пісьменнік, магло наогул з'явіцца «захапленне велічнасцю праграмы» пабудовы камунізму. Славік быў уражаны, як падкрэслівае пісьменнік, што «ўсе гаварылі з такой палымянасцю пра маральны кодэкс». Але ж у юнака заўсёды ў душы быў справядлівы пратэст супраць неадпаведнасці паміж тым, што чуў і што бачыў. Ці не гэта і стала прычынай злому ў яго душы, а юначы максімалізм і цынізм — ахоўнай рэакцыяй і формай пратэсту? I наўрад ці словы, якія пачуў ён на камсамольскім сходзе, «прымушалі яго працаваць па-новаму».

Прычыну масавага разбэшчання моладзі П. Панчанка якраз і бачыць у пустазвонстве, двурушнасці, двайных стандартах. У вершы «Ратуйце нашы душы» ён піша:

Распрадалі наркотыкі аптэкі… Ад пустаслоўя Ўся зямля дрыжыць. Каму ім верыць? Як далей ім жыць? Ад заклікаў паветра зноў трасецца…

Ніл Гілевіч лічыць «дармаедства» асноўнай прычынай вынішчэння духоўнасці і дэградацыі моладзі:

Ад дармаедства ўся распуста: Нішто не нішчыць душу так, Як незаробленая луста, Якой харчуецца лайдак.

Безумоўна, нерэалізаваныя сілы — трагедыя і для чалавека, і для грамадства, бо нерэалізаваныя сілы абавязкова ператвараюцца ў зло. I тым больш небяспечныя яны для людской супольнасці.

Маладосць адначасова і самая шчаслівая, і самая «апаслівая пара» жыцця чалавека, як пра тое словамі свайго героя — дзеда Яхімамудра папярэдзіў усіх нас М. Гарэцкі. Кожнаму чалавеку, а маладому асабліва, намнога лягчэй вытрымаць выпрабаванне нягодамі, чым спакусамі і «балотнай вадой».

У Евангеллі сказана: «Гора свету ад спакусаў… гора таму чалавеку, праз якога спакусы праходзяць». У Евангеллі ёсць і парада, як ратаваць сваю душу ад «агню вечнага»: «Калі ж рука твая ці нага твая спакушаюць цябе, адсячы іх і адкінь ад сябе: лепш табе ўвайсці ў жыццё без рукі ці без нагі, чым з дзвюма рукамі і дзвюма нагамі быць зрынутаму ў агонь вечны». Метафарычнасць евангельскіх вобразаў дапамагае ўсвядоміць, што неабходна перамагчы сябе і адмовіцца ад спакушальнага, якое нішчыць душу.

Незвычайнай духоўнай сілай валодае той, хто прайшоў каля спакусаў і вытрымаў выпрабаванне імі — не падцаўся ім. На такое здольны нямногія.

Ян Баршчэўскі ў кнізе «Шляхціц Завальня…» з вялікай мастацкай сілай паказаў цянёты і путы, якія рыхтуе зло для сваіх ахвяр. I ахвярамі зла найчасцей становяцца менавіта маладыя. «Ніколі не палохайся нічога і не дзівіся нічаму, бо калі пахіснешся сэрцам або духам — будзеш нешчаслівым; не пускай у душу такія пачуцці», — вучыць Сямёна незнаемы чалавек, адпраўляючы яго на Лысую гару да Вужынага караля. Яшчэ больш прывабна для маладых гучаць такія словы і такі заклік: «Чалавечае жыццё надзвычай кароткае. Навошта думаць пра гэта? Пакінь сумнявацца, ты чалавек — і ўсе павінны служыць табе». Далека не кожны здольны распазнаць для сябе пастку і ў такім дэвізе: «Навошта зважаць на невясёлае; хто ведае, якая будзе будучыня; давайце жыць сённяшнім днём. Што будзе пасля, навошта думаць цяпер».

I варта толькі зрабіць гэтыя словы і ўсё, што за імі стаіць, здабыткам сваёй душы — душа вынішчаецца. I не ўсе, асабліва маладыя, што знаходзяцца «ў той апаслівай пары», калі хочацца зведаць вострых адчуванняў і шчасця, усіх даброт і выгод зараз жа (а пра цану за ўсё гэта навошта думаць цяпер!), здольны ўстаяць перад такой спакусай. Не ўсе разумеюць, што ёсць страх як выяўленне рабскай псіхалогіі і ёсць іншы страх — як ахоўная рэакцыя арганізма ад фізічнага і духоўнага вынішчэння. Адсутнасць такога страху — сведчанне, што не спрацоўвае інстынкт самазахавання, што ўключаецца праграма на самавынішчэнне. Пакуль ёсць такі страх, ёсць надзея, што не ўсё страчана, бо менавіта страх надае сілы і… смеласці спыніцца, адумацца, уратаваць сваю душу і ўсё, што вакол яе. Прыгадаем пачуццё страху, уласцівае лірычнаму герою верша М. Багдановіча «Пагоня»: «Толькі ў сэрцы трывожным пачую за краіну радзімую жах…» Такі жах — сведчанне жывой душы. Толькі неразумны і здрадлівы чалавек не пахіснецца, не засумняваецца: а можа, не так жыў, не тое рабіў, «не тудой дарога» пралягла да Храма?

Правёўшы свайго любімага героя Лабановіча праз многія выпрабаванні, Якуб Колас выпрабаваў яго яшчэ і спакусамі, «смуродам местачковага балота». I трэба зазначыць, што тое выпрабаванне было самым цяжкім на шляху Лабановіча, бо ён нават «укачаўся» ў бруд гэтага балота: прайграў і праматаў за адну ноч усе заробленыя нялёгкай працай за год грошы. А грошы тыя ён вёз маці і дзядзьку Марціну, якія марылі купіць зямлю. Аднак гэтым пісьменнік паказаў зусім не слабасць Лабановіча, а сілу «балота», калі яно здольна было хоць на нейкі момант прыцягнуць (не ўцягнуць, не!) нават такіх моцных духам і розумам, як Лабановіч. Лабановіч здолеў «адчуць смурод местачковага балота» і вырвацца з яго, спаўна заплаціўшы за адзін з галоўных урокаў у сваім жыцці. «Самае галоўнае — не страціць усведамлення ўласных памылак» — вось галоўны вынік таго ўрока, афарыстычна і дакладна сфармуляваны самім Лабановічам.

Гэта коласаўская мудрасць і яго ўрок усім нам. Гэта папярэджанне, што лепш балота абысці, бо не ўсе мы такія моцныя і стойкія, як Лабановіч, не ўсе здольны адразу адчуць «смурод балота», а калі і адчуем, то можа быць позна — засмокча, праглыне. Філасофія пісьменніка і тая мастацкая сіла, з якой яна рэалізавана, вельмі актуальныя сёння, калі спакусаў і «балот» на шляху маладых намнога больш, чым на шляху Лабановіча. З кім павядзешся — ад таго набярэшся. У Панямонь лепш не завітваць, балота — абысці!

Сцвярджаючы, што «моладзь — наш народ, яны — не госці», праклінаючы раўнадушша, Пімен Панчанка заклікае: «Хутчэй ратуйце маладыя душы!»

Сёння заклікі, нават заклікі прарокаў, на жаль, мала хто чуе. Маладых уратуе іх уласнае ўсведамленне яшчэ адной прывілеі, якой таксама пазбаўлена старасць, — прывілеі вучыцца. Навука духоўнасці засведчана і ў мудрых кнігах таксама, таму і трэба, як вучыць герой апавядання М. Гарэцкага «Роднае карэнне» захавальнік вечнасці дзед Яхім, «у кніжках і ў разумных людзей пытацца» — і будзеш «ведаць, што рабіць трэба». Нават бесчалавечныя абставіны, што правакуюць людзей на нялюдскае, не здымаюць адказнасці чалавека за сваё жыццё і свае ўчынкі. Бо ў нас ёсць прарокі, якіх нам належыць слухаць. I гэта дапаможа нам уратаваць нашы душы.

«Шануем мы бацькоў імёны, навука й прыклад нам яны» (У. Жылка)

Вось у трэці раз я гатовы ісці да вас, і не буду абцяжарваць вас і замінаць вам, бо я шукаю не вашага, а вас. Не дзеці павінны збіраць маёмасць для бацькоў, але бацькі для дзяцей…

З Другога паслання святога апостала Паўла да Карынфянаў.

З дзесяці законаў вечнасці, загадаў-запаведзяў Божых толькі адна, як на тое звяртае ўвагу апостал Павел у Пасланні да Ефесянаў, абяцаная Богам: «Шануй бацькоў сваіх» — гэта першая запаведзь з абяцаннем. Толькі за выкананне яе абяцаецца ўзнагарода: шануй бацькоў сваіх — і дзеці твае будуць шанаваць цябе.

Калі б маладосць ведала, а старасць магла! Але, на жаль, старасць не можа ўжо нічога перайначыць у перажытым, а маладосць не ведае, што галоўным яе клопатам павінен быць клопат пра сваю… старасць.

Старасць не можа быць шчаслівай, але яна можа і павінна быць годнай, спакойнай і дагледжанай. Такая старасць і клопат пра будучыню — дзяцей — даўно сталі галоўнай меркай гармоніі і дабрабыту ў цывілізаваным грамадстве. А калі ж «ходзяць беспрытульна па дарозе мільёны нашых страчаных дзяцей», калі яны сіроты пры жывых бацьках, а старасць жабрацкая і адрынутая, то будучыня такога грамадства і такой краіны вельмі незайздросная.

«Каб мне дзеці былі у слуху, каб я бацькам для іх век дажыў» — так усведамляе багушэвічаўскі лірычны герой сутнасць сапраўднага чалавека. Сапраўдны чалавек, на думку паэта, гэта найперш дбайны сем'янін, верны муж сваёй жонцы, добры бацька сваім дзецям, для якіх ён — прыклад: толькі пры такой умове яны будуць яму «у слуху».

I сапраўды, няхай будзе ў чалавека ўсё, чаго душа пажадае, няхай будзе слава і пашана за добра зробленую справу, няхай будзе здароўе і раскоша, а не будзе толькі аднаго — павагі і паслушэнства ўласных дзяцей, і рай чалавеку стане пеклам. Прахам пойдуць багацце і раскоша. Пашана свету нішто перад непашанай і знявагай ад уласнага дзіцяці.

Вечнасць жыцця забяспечваецца трывалай сувяззю паміж пакаленнямі. А сувязь гэтая мацуецца найперш прыкладам бацькоў і дзядоў. Пакуль бацькі для дзяцей з'яўляюцца прыкладам і аўтарытэтам, а дзеці бацькам — «у слуху», — сувязь трывалая і надзейная.

За ўсю гісторыю свайго існавання чалавецтва не прыдумала іншай супольнасці людзей, дзе ўмовы выхавання дзяцей былі б больш спрыяльныя, чым у добрай сям'і.

Многія раздзелы паэмы Якуба Коласа «Новая зямля» прысвячаюцца дзецям і ўслаўляюць яшчэ адну нацыянальную якасць беларуса. Спрадвечную якасць, дзякуючы якой «жыў беларус — і будзе жыць!», — клопат пра будучыню сваю, бо дзеці і ёсць будучыня нацыі і кожнага асобнага чалавека. Такая пільная і кранальная пісьменніцкая ўвага да дзяцей у паэме тлумачыцца мудрасцю песняра, які нагадвае, што вытокі ўсяго — у сям'і. Свой ідэал сямейных адносін паэт выявіў на прыкладзе сям'і Міхала і Ганны, у якой панавалі любоў, згода, узаемапавага і шчыры клопат кожнага пра кожнага. У паэме выдатна паказаны не толькі прынцыпы векавой народнай маралі, але і прынцыпы народнай педагогікі. Прыклад і сумленнасць бацькоў, іх чалавечныя ўзаемаадносіны, любоў да дзяцей, працавітасць і строгасць — вось асноўныя прынцыпы гэтай педагогікі.

Любоў да дзяцей не выключав, а, наадварот, уключае і строгасць. Добрых дзяцей вучыць граза, а не лаза, сцвярджае народная мудрасць. Пра папружку Міхал больш нагадвае дзецям, чым пускае яе ў ход (толькі аднойчы, ды і то калі Алесь не ацаніў тактоўнасці і далікатнасці бацькоў і не скарыстаў шанс самому выправіць сваю памылку): «Калі пайдзе навука туга — паходзіць бацькава папруга!», «Цыц, не смець казаць мянушку, а то здыму на вас папружку!».

«Пачуццё справядлівасці, годнасці ўласнай, мабыць, разам з жыццём нам прырода дае», — разважае лірычны герой верша А. Вярцінскага «Гавары са мной ласкава». Даецца з жыццём, але выхоўваецца, фарміруецца зноў жа' толькі ў сям'і. «Сын Буры таксама будзе Бурай», — пераканальна даводзіцца гэтая ісціна ў апавяданні Яна Баршчэўскага «Сын Буры». Рабская псіхалогія бацькоў, на жаль, робіцца здабыткам іх дзяцей. «Мой бацька не разарваў жалезных кайданаў, якія колькі год упіваліся ў яго рукі і ногі. Несканчоныя слёзы і нараканні маці маёй, калі быў яшчэ ў яе ўлонні, паўплывалі на ўсю маю натуру. Я нарадзіўся з адзнакай няшчасця на чале» — так гаворыць пра вытокі сваёй трагедыі герой кнігі Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня…».

Зусім іншы ўплыў аказалі на сваіх дзяцей коласаўскія Міхал і Ганна. Яны былі для дзяцей прыкладам, узорам таго, як трэба клапаціцца пра свой гонар і годнасць, каб быць свабоднымі. Свабодны толькі той чалавек, ва ўяўленні Коласа, хто не абмяжоўвае свабоды бліжняга свайго, не замахваецца на яе. Доказ таму — братэрскія адносіны Міхала да Антося і павага да жонкі, маці сваіх дзяцей. Мы захапляемся мудрасцю, годнасцю і свабодай Ганны, а каму яна абавязана сваёй свабодай? Нічога ідэальнага на свеце не бывае, але сям'я Міхала і Ганны, узаемаадносіны паміж імі — выключэнне з гэтага правіла. Павага, з якой ставіцца Міхал да людзей, а найперш да жонкі, не могуць не захапляць. I самы галоўны бацькоўскі клопат Міхала — каб дзеці ніколі не былі рабамі, таму і да яго строгасці, а часам і суровасці ў адносінах да сыноў мы ставімся з разуменнем і павагай. Уражваюць сямейныя сцэны, калі Міхал па-дзіцячы адчайваецца з-за някемлівасці і хітрасці аднаго, няздатнасці да вучобы другога сына. Затое якой радасцю поўніцца яго бацькоўскае сэрца, калі бачыць у сваіх дзецях тое добрае, што якраз і дае надзею на іх вольнае і людскае жыццё ў будучым, калі ён ужо не зможа пра іх паклапаціцца. «Дык трэба грунт мець пад нагамі, каб не бадзяцца батракамі» — гэтую жыццёвую выснову Міхал імкнецца перадаць сваім дзецям.

Маёмасцю, якую бацькі, паводле мудрасці апостала Паўла, павінны збіраць для сваіх дзяцей, з'яўляюцца не толькі і не столькі цукроўні, капальні, плантацыі, маенткі, а найперш — скарбы душы. Скарбы вечныя, якія «ніколі і ніхто ад нас адняць не зможа», як слушна сцвярджае сваёй публіцыстычнай творчасцю Цётка. Без скарбаў духоўных матэрыяльныя «пры першым жа няшчасці счэзнуць дазвання».

Нічога выпадковага на свеце не бывае, усё мае свае вытокі, моцная незвычайная асоба можа з'явіцца толькі ў выключных па сіле ўздзеяння на яе абставінах. Вось чаму ў рамане У. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» мноства старонак прысвячаецца «выйсцю крыніц» — мастацкаму даследаванню не толькі вытокаў самога паўстання К. Каліноўскага, але і вытокаў фарміравання моцнай, выключнай Асобы.

У. Караткевіч падрабязна апісвае сям`ю Алеся Загорскага, сапраўдную школу выхавання яго патрыятызму ў час дзядзькавання, уводзіць песню-баладу пра Міколу і Касьяна, песню, пачутую Алесем ад старога Кагута ў дзяцінстве. Белы жарэбчык з балады стаў для хлопчыка сімвалам волі народа, і вобраз гэты быў яму напамінам на ўсё жыццё, што дзеля волі і Бацькаўшчыны можна і трэба паахвяраваць усім. Вялікае месца ў рамане займае апісанне абраду пастрыжэння ў падлеткі, прысягі на вернасць Айчыне і народу. Урокі дабра, справядлівасці, годнасці і гонару атрымаў Алесь найперш у сям'і Кагутоў, замацаваў жа гэтыя ўрокі — ва ўласнай сям'і.

Сям'я, даводзіць У. Караткевіч сюжэтам рамана, — выток людскасці ў чалавеку, першакрыніца ўсяго. Урокі ўдзячнасці народу атрымаў Алесь ад свайго бацькі Юрыя Загорскага і ў час пастрыжэння ў падлеткі, калі той шчодра аддзячыў усёй сям'і Кагутоў за выхаванне ў яго сыне дастойных чалавека пачуццяў. Урокі трывогі за свой народ, за яго выміранне («выміраем, Алеська, выміраем!») атрымаў падлетак ад дзеда — старога Вежы. I не толькі ўрокі спагады, але і канкрэтных спраў для разняволення народа (Вежа быў за адмену прыгону, але большасць шляхты на дваранскай зборні прагаласавала супраць, на што дзед з горыччу і нянавісцю сказаў: «Ваські Вашчылы на іх няма!»). Вялікае ўздзеянне на падлетка аказала і наведанне з бацькам радавога склепа. Быццам сіла продкаў улілася ў яго з бацькавым наказам берагчы гэтую зямлю і магілы продкаў як святыні і з пажаданнем, каб ніякая сіла не здолела гэтыя святыні парушыць і адабраць.

Лепшыя творы нашай нацыянальнай літаратуры пераканальна даводзяць, што добрае вырастае толькі на добрай глебе, калі жывіцца гаючай вадой. Такой глебай для чалавека з'яўляецца сям'я, а жывой вадой — «навука й прыклад» бацькоў.

«Дзяды — вытокі кожнага народа» (А… Лойка)

Жыў беларус — і будзе жыць!

Янка Купала.

Бо як ёсць у народа такія —

Не загіне давеку народ.

У. Караткевіч.

Дрэва моцнае сваімі каранямі, рака — вытокам, а чалавек — сваімі продкамі, сваімі дзядамі і створанай імі маёмасцю. На змену дубам-дзядулям уздымаюцца «ценькія дубочкі», магутныя кроны якіх праз некаторы час зашумяць у дуброве жыцця, — такі галоўны закон вечнасці і неўміручасці кожнага народа.

Першая ўмова закону вечнасці — каб унукі ведалі, «хто такія іх дзяды», каб помнілі і бераглі як зрэнку вока створаную імі і пакінутую ў спадчыну маёмасць.

Дзед Яхім, герой апавядання М. Гарэцкага «Роднае карэнне», перадае Архіпу (а праз яго і нам) сакрэты вечнасці і неўміручасці, сакрэты памнажэння скарбу, пакінутага нам дзядамі, і таленту, дадзенаму строгім гаспадаром кожнаму з нас.

Першы, самы галоўны і вызначальны сакрэт, без якога «і навука ніякая не дапаможа, а зможа», калі «карэння нашага роднага» не мець у сабе. Каб «карэнне роднае» не страціць і «ведаць, што рабіць трэба», даводзіць захавальнік вечнасці дзед Яхім, трэба «ў кніжках і ў разумных людзей» пытацца, «як жылі даўней нашы тутэйшыя людзі».

Мудрасць тоесная мудрасці шляхціца Завальні: «Мінулае вучыць нас, як жыць сёння».

Запаветы дзеда Яхіма не дэкларатыўныя. На яркіх, запамінальных і ўражальных прыкладах ён даводзіць неабвержнасць вечных ісцін, так трапна, мудра і хораша ім сфармуляваных: «Мінуўшчына, як у люстры, праходзіла прад вачамі студэнта ў час Яхімавых апавяданняў аб старыне».

З люстра мінуўшчыны глянуць на нас вочы святой нябеснай заступніцы нашай Еўфрасінні Полацкай.

Шасцёра сыноў знакамітага князя-вешчуна Усяслава Чарадзея ўзбагацілі радаводнае дрэва полацкай дынастыі Рагвалодавічаў шматлікімі атожылкамі. Сам Усяслаў Чарадзей княжыў 57 гадоў, і за гэты час Полацкае княства дасягнула найвялікшага росквіту. Нямала Чарадзеевых нашчадкаў увайшло ў гісторыю. Але найбольшую славу прынясуць Полацку пасля Усяслава не ваяры. Зрабіць гэта наканавана было яго ўнучцы — Еўфрасінні Полацкай. Яе жыццё, «як промень сонечны», прасвятліла «зямлю Полацкую». «Была яна дапамогай пакрыўджаным, суцяшэннем засмучаным, распранутым — адзеннем, хворым — наведаннем ці, проста кажучы, — для ўсіх была ўсім».

Заслуга яе перад нашай нацыяй не толькі ў мецэнацтве і перапісванні кніг, не толькі ў садзеянні будаўніцтву Спасаўскага сабора, распісанага унікальнымі фрэскамі. З яе імем звязана і стварэнне ў 1161 г. полацкім майстрам Лазарам Богшам паводле яе заказу нацыянальнай рэліквіі — крыжа. Гэта сімвал палітычнай самастойнасці і культурнага росквіту Полацкага княства — старажытнага правобраза Беларусі.

«Свет нас прымаў за народ па адной палачанцы…» I не толькі. У галерэі партрэтаў нашых слынных дзядоў, па якіх нас прымае свет, — Францыск Скарына. «I Скарына наш друк распачаў за паўвека да Фёдарава», — з гордасцю пісаў П. Панчанка ў вершы «Мы з тых беларусаў…».

У тым, што мы ёсць сёння як нацыя і грамадзяне, найпершая заслуга Францыска Скарыны. Без яго ўсведамленне нас як нацыі і народа ў свеце было б праблематычным.

Тытан эпохі Адраджэння, асветнік-гуманіст, вучоны, пісьменнік і перакладчык, заснавальнік кнігадрукарства ва Усходняй Еўропе, мастак… Ён не толькі наш першы доктар навук — ён першы беларускі універсітэт. У яго творчай спадчыне — пачаткі ўсіх нашых пачаткаў, бо ён і філосаф, і філолаг, і гісторык, і эстэтык, і педагог, і батанік, і медык.

Слаўны «сын з Полацка» атрымаў выдатную адукацыю ў Кракаўскім і Падуанскім універсітэтах, але не медыцына і не вольныя мастацтвы сталі сэнсам яго жыцця. Ён «ізбрал оставіті в науце і в кнігах вечную славу і память свою». Яго кнігі на роднай мове, створаныя «людем посполітымъ» «к доброму научению», былі і «Богу ко чти», і народу нашаму паходняй. У кнізе ён рэалізаваў свой дар: уславіў Бога і наш народ на векі вечныя.

Духоўная «маёмасць», якую пакінуў нам Ф. Скарына, вучыць нас, як жыць сёння, папярэджвае, што «законы прирожении», законы вечнасці не дадзена абысці нікому:

Не копай под другом своим ямы, Сам ввалишся в ню, Не став, Амане, Мардохею шибенице, Сам пависнеш на ней.

Надзённа гучыць Скарынаў напамін усім нам, што светам валадарыць любоў, бо яна самая дасканалая з усіх даброт і каштоўнасцей, без якой марна ўсё ў свеце.

«Многія народы Еўропы з удзячнасцю пакланіліся б ад сябе і ад нашчадкаў таму свайму сыну, які б пакінуў ім у спадчыну падобны твор» — так пра Міколу Гусоўскага і яго геніяльную паэму «Песня пра зубра» сказаў адзін з яе перакладчыкаў на нямецкую мову. Дзякуючы таму што напісана яна была не на беларускай, а на лацінскай мове, упершыню ў гісторыі сваёй культуры Беларусь вуснамі свайго сына напрамую гаварыла з іншымі народамі пра сваё жыццё, сваю гісторыю.

Цэнтральнай праблемай твора з'яўляецца праблема дзяржаўнасці і суверэнітэту. Ад чаго залежыць росквіт і моц дзяржавы? На думку Гусоўскага — ад дзяржаўцы. Якім павінен быць дзяржаўца, каб краіна квітнела і была недасягальнай для ворагаў, была незалежнай? Што павінна быць прыярытэтным у палітыцы такога дзяржаўцы? Вобразам князя Вітаўта паэт даў адказ на вечнае і надзённае пытанне. Свой ідэал дзяржаўцы паэт-філосаф знайшоў у мінулым, у гісторыі Вялікага княства Літоўскага, калі княжанне Вітаўта для нашай дзяржавы было залатым векам.

Княжанне Вітаўта лічаць усе літапісцы Росквітам княства Літоўскага, нашага краю, I называюць той век залатым.

Нельга не захапляцца мудрасцю нашага слыннага земляка, які паўтысячагоддзя таму нагадаў нам пра галоўны закон вечнасці, «закон прирожений», — не хлебам адзіным жыве чалавек. А калі толькі хлебам, то не будзе і яго…. Афарыстычна, вобразна сфармуляваў ён гэты закон, папярэдзіўшы нас пра бяду, калі той закон парушым:

…Мне так здаецца, што гэтай шаноўнаю назвай Век той названы па простой прычыне: дзяржаўца Перад багаццем і шчасцем зямным постоянна Ставіў багацце духоўнае — злата дзяржавы.

Апісанню «вячыстых» спраў Вітаўта, яго клопатаў пра «багацце духоўнае» як «злата дзяржавы» прысвечана ў паэме шмат старонак. Пры князю Вітаўту нашы продкі жылі ў прававой дзяржаве. Першай у Еўропе прававой дзяржаве, у якой панавала сіла закону, а не закон сілы, і была гарантавана роўнасць усіх перад сілай закону!

…Прагнасць нажыцца под шыльдаю варты закона, Сквапнасць — загрэбці кавалак у бліжняга з рота — Ён тыранічнымі сродкамі так пратараніў, Што на вякі нават завад іх вывеўся ў княстве.

Лёс быў і літасцівы да нашай Маці-Беларусі, калі ў 1882 г. паслаў невымоўнаму народу адразу двух прарокаў, двух песняроў — рамантыка і рэаліста, такіх розных, але аднолькава вартых свайго народа. «Сярод цемры і мук» беларусы змаглі іх голасам «на свет цэлы» сказаць пра сваё жаданне і права «людзьмі звацца».

Велізарная заслуга Янкі Купалы, які ўвабраў у сваю творчасць лепшыя традыцыі папярэднікаў — Ф. Багушэвіча, Цёткі, у тым, што мужыцкая тэма загучала ў яго творах як агульнанацыянальная і агульначалавечая. Ніхто да яго з такой сілай, так палымяна не сказаў пра наша імкненне і права «людзьмі звацца», а пазней пра тое, што «і беларус можа змясціцца ў сям'і нялічанай славян», што «жыў беларус — і будзе жыць!»

Шчаслівым і адначасова глыбока трагічным быў лёс нашага песняра ад пачатку і да самага канца. Шчаслівым, бо здзейснілася самая запаветная яго мара — «з цэлым народам гутарку весці, сэрца мільёнаў падслухаць біцця». I якім жа сціплым быў наш паэт у сваіх парываннях да валадарства душой толькі свайго народа! Песня Янкі Купалы мела такія магутныя крылы, валодала такой вялікай сілай і энергіяй, што ўжо ў самым пачатку выйшла за абсягі роднай зямлі, загучала на рускай, украінскай, польскай, чэшскай, літоўскай і іншых мовах.

Трагічным быў яго лёс, бо і ён, як яго прыгожыя рамантычныя героі, зрабіў раз і назаўсёды выбар і ніколі не адступіўся ад галоўнай і самай вызначальнай для ўсёй яго творчасці ідэі нацыянальнага адраджэння і дзяржаўнага суверэнітэту. I вельмі дорага заплаціў за свой выбар і вернасць яму да канца.

I ў савецкі перыяд ён з новай і новай сілай, мастацкімі сродкамі ўсіх жанраў сваёй творчасці, у тым ліку публіцыстыкай, папярэджваў, што і перад гісторыяй («А суд гісторыі цяжкі!»), і перад новымі пакаленнямі давядзецца трымаць адказ:

Ці аб свой гонар дбайна дбалі, I добровольна, без прынук, Самі сабой не гандлявалі, Не несліў петлі дум і рук? I ці пакінуці на памяць Мы песень гэтакіх змаглі, З якіх бы можна было ўцяміць, Што мы свабоднымі былі?..

(«І прыйдзе»)

Ні ў чым Янка Купала як сын свайго народа не быў такім паслядоўным, астойлівым і палымяным, як у сцвярджэнні ідэі нацыянальнай годнасці беларусаў і нацыянальнага адраджэння.

Няма ў нашай таленавітай літаратуры песняра, які б з такой мастацкай сілай паказаў узвышанае ў зямным, прыгожае — у будзённым, вечнае — у імгненным, які быў бы такім настойлівым у сцвярджэнні думкі, што самае прыгожае «ў свеце Божым» — зямля і на ёй чалавек, як Якуб Колас. Ужо радкамі ў пачатку паэмы «Новая зямля»:

Мае знаёмыя няўзрачны, Нічым не слаўны і нязначны —

народны пясняр быццам «правакуе» чытача на спрэчку з ім. Якой жа сілай, якім магутным духам трэба валодаць, каб з такой мужнасцю і без страты сваёй душы вынесці ўсе тыя выпрабаванні, што выпалі на долю яго «знаёмых»! Героі Коласа ўсім нам даюць урок, як нават у бесчалавечных абставінах ад чалавека залежыць самае галоўнае — застацца чалавекам, бо абсягі поўнага валадарства чалавека — яго ўласная душа.

Героі Коласа зямныя, рэальныя і адначасова асобы моцныя, выключныя, сіла якіх — у бязмежнай любові да сваёй зямлі-карміцелькі, да бліжняга свайго і найперш да сям'і і родных дзяцей.

Кім быў, ёсць і будзе М. Багдановіч для нашага народа, вычарпальна і афарыстычна сказаў У. Караткевіч у вершы «Багдановічу»:

Бо як ёсць у народа такія — Не загіне давеку народ.

Максім Багдановіч сваім «гарачым словам рунь узняў на роднай зямлі», як вобразна сказаў пра яго духоўную спадчыну У. Караткевіч. А кожная хвіліна яго кароткага і яркага жыцця — нямы дакор нам, што не спраўдзілі яго надзей. Некаторыя з нас, жывучы на зямлі сваіх продкаў, так і не змаглі авалодаць іх мовай… I ўжо адным гэтым не выключылі магчымасці весці ганебныя і абразлівыя для любой нацыі спрэчкі, ці патрэбна наогул нам тая мова, бо, можа, «ёй знікнуць пара»!

Ен жа, народжаны ў Менску, асірацелы ў Гродне, вывезены пяцігадовым з Беларусі, на доўгія гады адарваны ад роднай зямлі, ад матчынай мовы і бабуліных казак, вырашыў «авалодаць роднай мовай сваіх продкаў, і авалодаць так, каб пісаць прыгожыя вершы і абагаціць гэтую мову новымі мастацкімі формамі», як пра тое расказваецца ў зборніку ўспамінаў і біяграфічных матэрыялаў «Шлях паэта».

Схіляючы галаву перад вечным словам апосталаў нашай нацыі, нашых слынных дзядоў, мы ўсведамляем: дзяды — тыя, каго няма з намі, але хто ў нас, у нашых душах, нашых справах.

Праблема бацькоў і дзяцей у беларускай літаратуры

Дзеці, павінуйцеся сваім бацькам у Госпадзе, бо таго патрабуе справядлівасць. I вы, бацькі, не раздражняйце дзяцей вашых, але выхоўвайце іх у вучэнні і настаўленні Гасподнім.

З Паслання святога апостала Паўла да Ефесянаў.

Праблема бацькоў і дзяцей вечная. Як свет стаіць, бацькі імкнуцца перадаць свой вопыт і ўсцерагчы ад памылак дзяцей. Дзеці ж упарта працівяцца гэтаму, бо хочуць пражыць сваё жыццё самі і без падказкі выбраць свой лёс.

Лявон, герой апавядання Ядвігіна Ш. «Бярозка», выпраўляючы сваю адзіную дачку ў свет, навучае яе быць абачлівай і нікому не давяраць свайго гора. А калі стане невыносна — даверыцца бярозцы. Счарнела бярозка, прымаючы на сябе боль і пакуты Марыські. На пытанне дачкі, чаму чалавек не знаходзіць спагады і паратунку ў людзей, «Лявон маўчаў». Гэтай фразай апавяданне і заканчваецца.

Маўчаў, магчыма, не толькі таму, што не ведаў адказу на гэтае вечнае пытанне, а таму, што адчуваў сваю віну за такую сваю «навуку» недаверу да людзей. Магчыма, усвядоміў нарэшце, што нават у шчырым жаданні шчасця і дабра свайму дзіцяці не павінен быў навязваць дачцэ сваё ўспрыманне свету, пазбаўляць яе права на свабоду выбару і ўласны вопыт.

У рамане «Каласы пад сярпом тваім» ёсць выдатна выпісаны і прасякнуты мудрасцю Караткевіча-філосафа эпізод.

Алесь пераконвае старога Вежу і пана Юрыя, што неабходна паступова, як стануць багацець, аддаваць зямлю мужыкам, пакінуўшы сабе маёнткавую зямлю, сады, паркі ды запаветныя ўрочышчы, яшчэ тую зямлю, якая забяспечвае конныя заводы і слуг: «Хай фермерствуюць. Хіба табе найміт будзе так працаваць, як мужык для сябе на сваёй зямлі?» У адказ на абурэнне бацькі Алесь даводзіць, што сялянская канкурэнцыя ім нястрашная, бо на прыдбанні іх прадукцыі Загорскія зробяцца заводчыкамі. «У купцоў ператварыцца?!» — жахнуўся пан Юры. «У купцоў — не ў старцоў», — зноў мудра адказвае Алесь, даводзячы, што маёнткам усё роўна пагражае галеча пры такой, як ёсць, сістэме; і гэта толькі пытанне часу.

Стары Вежа ўспрыняў прапановы ўнука са спакойнай мудрасцю. I гэта пры яго характары і заўсёднай упэўненасці ў сваёй праваце! Ён зразумеў, што адзіны спосаб не стаць непатрэбным у старасці — змяніцца, зразумець новае, маладое, што ідзе на змену табе. «А калі няздольны зразумець — ставіцца да яго з любоўнай верай». Любоўная вера і ляжыць у аснове здольнасці зразумець новае, маладое. Такой здольнасцю, як і мудрасцю, быў надзелены стары Вежа.

Калі старое валодае такой мудрасцю, то яно здольна падтрымаць, нават уратаваць маладое ад пагібелі, папярэдзіць непапраўнае і незваротнае. У хвіліны адчаю, калі Алесю прынеслі вестку пра заручыны Майкі з Іллёй Хаданскім, Вежа кідае ўнуку выратавальны круг: «Заручыны — гэта не вяселле. I нават вяселле яшчэ не канец. Разумееш, на зямлі існуе адзіная непапраўнасць, адзіная незваротнасць. Гэта смерць. Пакуль яна не прыйшла — усё можа змяніцца тваёй воляй або капрызам лёсу…»! ўсё ж капрызаў лёсу дзед Вежа не стаў чакаць, а калі пераканаўся, што пачуццё яго ўнука да сваёй каханай моцнае і сапраўднае, параіў украсці Міхаліну і абвянчацца ў яго царкве, у Мілым. Закаханыя злучыліся навек.

Канфлікты бацькоў і дзяцей могуць валодаць або стваральнай, або разбуральнай сілай. Стваральная сіла — умова няспыннага руху і вечнасці жыцця. Разбуральная рве адвеку самыя моцныя повязі паміж пакаленнямі — і тады нябыт. Жыццё і забяспечваецца трывалым падмуркам мудрасці, любоўнай веры бацькоў і стваральнай сілай моладзі, яе вернасцю бацькам і дзядам.

Многія пісьменнікі сучаснай літаратуры вырашэннем канфліктаў паміж бацькамі і дзецьмі вызначаюць не толькі сутнасць сваіх герояў, але і сутнасць, стан людской супольнасці. Ці з'яўляемся мы роднымі дзецьмі сваёй сям'і, МаціБеларусі і Матухне-Зямлі — такая асноўная праблема рамана ў вершах Ніла Гілевіча «Родныя дзеці». Паэт сцвярджае, што

Мы — тройчы дзеці ў вечным крузе: Мы — дзеці роднае сям 'і, I — дзеці — Маці-Беларусі, I — дзеці Матухны-Зямлі.

Пісьменніцкі ідэал чалавека ўвасоблены ў родных дзецях Сохвіі Пятроўны: і ў Сцяпане, і ў нястомным працаўніку, верным мужу, добрым бацьку сваім дзецям Тамашу, і ў іх сястры, і ў швагру Вінцусю (чым не ўзор сапраўднай сям'і?). Але найперш пісьменніцкі ідэал выяўлены ў вобразе маці і сфармуляваны ў тосце Сцяпана ў гонар маці:

Хвала таму, хто ў трудным часе Без мітусні і без ныцця Сваё праходзіць… Так, як мама…

Сваё ж пісьменніцкае ўсведамленне, якім не павінен быць чалавек, паэт рэалізаваў у вобразах Юзіка Бэнся і Мікіты Рэпы. Характар Мікіты раскрываецца праз яго мову, такую ж скалечаную, як яго лёс: «На ўсё жыццё Мікіта Рэпа застаўся з крыўдаю на лёс». Апісаннем жыццёвай калізіі з дзяцінства Мікіты паэт зноў дае нам урок і папярэджвае пра тое, што здрада бацькоў, іх несумленныя ўчынкі моцна раняць дзяцей і калечаць іх лёсы. Крыўду на бацьку Мікіта перанёс на ўсіх людзей, зрабіўся крыўдлівым, нялюдскім, прыдзірлівым да ўсіх і ўсяго. I мова яго, засмечаная русізмамі і канцылярызмамі, — адзежа яго душы: беднай, прэтэнцыёзнай, пыхлівай.

Праблема бацькоў і дзяцей — адна з галоўных у рамане I. Шамякіна «Сэрца на далоні». Сям'я Шыковічаў у роспачы, пакутліва шукае адказ на пытанне, чаму так атрымалася, што іх сын расце пустадомкам, цынікам і хуліганам. Бацька — інжынер чалавечых душ, а на душу сына амаль ніякага ўплыву не аказвае. Маці — сейбіт разумнага, добрага, вечнага. Якога яшчэ лепшага прыкладу акрамя сумленнага жыцця і сумленнай працы бацькоў трэба, каб чалавек рос не так пакутліва і без такіх, як у Славіка, праблем? Пра тое палка і з абурэннем даводзіць Шыковіч на бюро райкома, дзе за кепскае выхаванне сына яму аб'явілі вымову. Сапраўды, у нашых продкаў, што кіраваліся галоўным прынцыпам народнай педагогікі «прыклад і праца», такіх праблем і ў такой ступені не было. Тады і адвечны мацярынскі клопат, як дасціпна яго вызначаў Славік, «каб лішняе з'елі і лішняга не выпілі», таксама быў толькі на карысць дзіцяці. Але час мяняецца. Сёння аднаго прыкладу і аднаго такога мацярынскага клопату мала. Неабходна і такая ўвага, і такое дбанне пра духоўнасць дзяцей, як у сям'і Яраша. Уражвае эпізод, калі Яраш забараняе жонцы гаварыць пры дзецях пра гнілыя зубы пацыентаў, што так раздражняюць стаматолага Галіну Адамаўну. «Каб мне дзеці былі у слуху, каб я бацькам для іх век дажыў» (Ф. Багушэвіч) — гэта пра Яраша. Тады і дзеці здольны будуць паўплываць на бацькоў, калі ў сям'і ўзнікнуць (а ў якой сям'і іх не бывае?) нейкія непаразуменні. «Я дапамагу ім. Я паміру іх», — цвёрда ўпэўнены Тарас, калі прыёмныя яго бацькі моцна пасварыліся.

Многія творы найноўшай літаратуры акцэнтуюць нашу ўвагу на такой страшнай выяве і наступствах бездухоўнасці, як развал сям'і і неканструктыўнае вырашэнне канфліктаў паміж бацькамі і дзецьмі.

Сям'я — падмурак духоўнасці грамадства, а значыць, і яго самога. Трагедыя для грамадства (пра тое даводзіў В. Быкаў у аповесцях «Знак бяды» і «Аблава»), калі рвуцца повязі паміж пакаленнямі, калі рвуцца самыя моцныя сувяз! паміж людзьмі — кроўныя. Трагедыя, калі бацькі адрынулі дзяцей, здрадзілі ім. Героя апавядання М. Райчонка «Божачка, ратуй!» прадалі бацькі-наркаманы. I ўвесь твор — аповед пра ўцёкі і ратункі хлопчыка, на якога палююць наёмныя забойцы, бо ў дзіцяці да ўсяго яшчэ і рэдкая група крыві. Трагедыя і тады, калі дзеці пераступілі цераз бацькоў. Герой аповесці М. Зарэмбы «Пятля» павесіўся на… крыжы. Нясцерпны крыж пакут яго сумлення за ўсвядомлены грэх і віну перад маці, якую сваім п'янствам і бязладным жыдцём звёў у магілу. Змест твора ў асноўным складае ўяўны дыялог сына з маці перад сарачынамі.

У вершы Пімена Панчанкі «Ратуйце нашы душы» гіпербалізавана, праз павелічальнае шкло, па-максімалісцку паказана бездухоўнасць і такая страшная, на думку паэта, яе выява, як разбэшчанне моладзі і яе дэградацыя. У вершы з публіцыстычнай палкасцю паказана поўнае бязладдзе і поўная перад ім капітуляцыя, адсутнасць сіл, здольных процістаяць злу:

Але, каб выбраць лепшую з дарог, Патрэбна мудрасць працы, Нашых сэрцаў; Патрэбны маці, бацька, педагог. А іх няма. Альбо ў мізэрнай дозе. Разлад. Развод. Сіроцтва ўсё часцей. I ходзяць беспрытульна па дарозе Мільёны нашых страчаных дзяцей…

Вырашэнне праблемы бацькоў і дзяцей залежыць як ад іх саміх, так і ад грамадства. А ад гэтага ўрэшце залежыць будучыня нацьй, залежыць тое, ці наступіць за ноччу «раніца ў нядзельку».

«Трэба дома бываць часцей…» (Р. Барадулін)

…Тако ж и люди, и где зродилися и ускормлены суть по бозе, к тому месту великую ласку имають.

Ф. Скарына.

Вяртанне ў бацькоўскі дом, родныя мясціны — паход у будучыню.

«Ніякія думы чорныя не змогуць», даводзіць герой М. Гарэцкага мудры дзед Яхім студэнту Архіпу, калі будзе моцнай сувязь з родным карэннем, калі «часцей у роднае гняздзечка» залятаць і чэрпаць там, у гэтай святой прошчы сілы, што дапамогуць выстаяць у любыя буры і віхуры.

Любоў да сваіх вытокаў, «роднага гняздзечка» — гэта не проста пачуццё, а інстынкт усяго жывога. Такі ж самы, як і інстынкт самазахавання. I чым мацнейшы ён у чалавеку, тым мацнейшая яго сувязь з родным карэннем, тым устойлівей будзе чалавек на зямлі.

Пісьменнікі вывяраюць сваіх герояў інстынктам лёту, выпрабоўваюць матывамі вяртання ў родныя гнёзды.

Галоўнаму герою рамана Я. Брыля «Птушкі і гнёзды» Алесю Руневічу, як быў яшчэ хлапчуком, маці, прадучы кудзелю, расказвала, што смецюхі, якія на дварэ грабуцца разам з вераб'ямі, — гэта жаўранкі. Тыя самыя жаўранкі, што вясною звіняць з паднябесся званочкамі. А ўзімку, халадамі ды завеямі, грабецца сабе ў конскім гноі ды толькі цвіркае. I нікуды ён не ляціць…

Шэрым смецюхом, што вось сядзіць ды толькі цвіркае, здаўся Алесю Змітрук Саладуха, зямляк з Навагрудчыны.

Птушкай паляцеў бы ён туды, дзе авёс косяць, дзе бульбянішчы пахнуць, а каля градаў пройдзеш — есці захочацца. А як да справы — «я гэта ў кут». Хораша гаварыў Змітрук, што па ядзе ў няволі яшчэ можна пражыць, але ж нуда чалавека поедам есць. Але толькі гаварыў. Ад Алесевай прапановы рыхтавацца да палёту, а потым і ляцець разам адмовіўся. Не пераканалі і Алесевы довады, што родная зямля гарыць у полымі вайны, а яны стаяць на гэтым беразе ды пазіраюць: «А маем мы права стаяць, чакаць, пакуль народу нашаму так цяжка?»

Іншы матыў невяртання ў роднае гняздо ў Цярэня, у якога там дзяцей «поўная хата, якія, можа, без кавалка хлеба сядзяць». «Цярэню і тут добра, не толькі яда ёсць, але і жанчын удосталь, што для яго немалаважна». Цынічна заяўляе ён Алесю: «Дзе мне добра — там і мае!»

Людзі, што страцілі інстынкт лёту ў роднае гняздо, — смецюхі, якія кіруюцца вантробна-страўнікавай псіхалогіяй «дзе мне добра, там і мае». Страціўшы з гэтым інстынктам і «святое штосьці», такія без вагання і душэўных пакут пераступаюць нават праз уласных дзяцей.

Зусім іншае ўсведамленне святога ў героя I. Мележа Васіля. У крытычны момант жыцця, калі ён стаяў перад выбарам, калі вёў спусташальны і знясільваючы бой з самім сабой, калі крывянілася, плакала і стагнала яго душа, кіраваўся не прынцыпам «дзе мне добра, там і мае». Былі ў яго хвіліны, калі здавалася, што ён гатоў кінуць усё «і ісці з Ганнаю па тое шчасце, што недзе ж і праўда, можа, ёсць, можа быць іхнім». У Ганны довады дастаткова пераканальныя: «Рукі е, рабіць умеем! Не прападзём нідзе, пабачыш! На зайздрасць усім жыць будзем!» Не толькі довады Ганны, а і ўсведамленне таго, што галоўная справа яго жыцця рушыцца няўмольнай сілай абставін, што грунт пад нагамі зыбаецца, схілялі Васіля да выбару жыць з каханай. Але ўтрымала менавіта святое і адказнасць за яго: «Ды і пра малое падумаць — як яму, бязбацькавічу няшчаснаму, быць, жывога бацьку маючы! А калі возьме яе хто — звядзе, гад які, за нішто чалавечка, бацькаву кроў!.. Васіль ніколі раней не думаў, што можа быць да некага такая жаласнасць. У душы заўсёды… чуў незвычайную чулую жаласнасць да малогь. Дзівіўся, што можа зрабіць адзін дотык ціхага, цёплага дельца дзіцяці — і тады зашчымелі жаласць да малога і вінаватасць».

«Жаласць і вінаватасць» — гэта і ёсць «святое штосьці» ў душы кожнага чалавека. Імя таму святому — Любоў, якая валадарыць людскасцю і вызначае яе.

Апісанне вяртання ў роднае гняздо кампазітара Сцяпана Вячоркі складае змест рамана Н. Гілевіча «Родныя дзеці». Многае перажыў і пабачыў ён за сваё жыццё, але сапраўднае, вечнае ўсвядоміў, толькі калі наведаў родныя мясціны, пабываў ля сваіх вытокаў. I ўсвядоміў Сцяпан Якубавіч, што, якіх бы вышынь ні дасягнуў чалавек, сутнасць яго вызначаецца тым, ці з'яўляецца ён родным сынам сваёй сям'і і сваёй зямлі. Як усвядоміў яшчэ раней, жывучы ўдалечыні ад Радзімы, што талент любога творцы жывіцца сокамі роднай зямлі. Кампазітар Вячорка пераканаўся, што ўладаром беларускай песні (а ён менавіта пра гэта і марыў) можа стаць толькі той, хто ўзгадаваны, успешчаны на нацыянальнай глебе. Крыніцай натхнення для любога мастака з'яўляюцца створаныя народам духоўныя каштоўнасці, жыццё народа, маці-прырода і неруш матчынай мовы.

Вяртанне дадому — вяртанне па «святое штосьці», без якога чалавек нетрывушчы ў гэтым свеце, нежыццястойкі. Героі апавядання В. Карамазава «Дзяльба кабанчыка» таксама час ад часу вяртаюцца дадому, але толькі на… дзяльбу кабанчыка, выгадаванага для сваіх дзяцей самаахвярнай, нямоглай маці. Дзяльба кабанчыка выявіла поўнае маральнае банкруцтва дачок і зяцёў. I толькі сын Сцяпан загадвае спыніць загружаную матчынымі дарункамі машыну і зноў вяртаецца дадому — да адзінокай маці. Яго вяртанне — па «святое штосьці» — дае нам спадзеў, што яшчэ не ўсё страчана.

Чакае сваіх сыноў і герой апавядання У. Арлова «Клён». Чакае з надзеяй, што яны, маладыя, дужыя, разумнейшыя за яго (так павінна быць!), парадзяць нешта, дапамогуць уратаваць тое, што яму дорага. Сусед патрабуе спілаваць клён, з якім знітавана ўсё жыццё гаспадара. Клён ведаў яго бацькоў і дзядоў, гадаваў яго дзяцей і нават ратаваў у час жыццёвых віхураў. I сыны прыехалі. Клён зразумеў, што ён памрэ менавіта ў дзень іх прыезду. Старэйшаму сыну не цярпелася хутчэй спілаваць дрэва, скончыць справу і вечарам выпіць. Малодшы (клён адчуў гэта) пакутаваў, шкадаваў, але пакорна рабіў тое, што патрабаваў сусед. Выключнае ўздзеянне на чытача дасягаецца прыёмам адухаўлення. Клён надзелены здольнасцю помніць, любіць, трывожыцца, хвалявацца, клапаціцца, разважаць — усім тым, чым, на жаль, валодаюць далека не ўсе людзі.

Бацькоўскі дом — прошча, святое месца для кожнага чалавека, здольнае лекаваць душу, сунімаць мітушэнне і боль, гаіць раны. Над бацькавай хатай часцей і верагодней, чым дзенебудзь, можа заззяць высокае неба ідэала. У родным доме хутчэй можа адкрыцца раней нязнанае, проста і легка вырашыцца тое, што было тупіковым і не вырашальн ым.

Наведаць любога чалавека, калі той чакае нашага прыходу, — добрая справа, наведаць жа бацькоў — святая. Бацькі чакаюць нас заўсёды. Толькі не заўсёды будуць чакаць… I потым «не трэба анікому ён, сум ля сляпых слупкоў», як папярэджвае ўсіх лірычны герой верша Р. Барадуліна:

Наведвайце бацькоў, пакуль яны жывыя, Пакуль дымяцца коміны — нагрэйцеся ў бацькоу.

Любіць трэба жывых. I «лепшая памяць аб мёртвых» — наша любоў да жывых.

Жыватворная сіла быцця — праца

Бы жыватворная тут сіла

Ад сну зямельку абудзіла.

Якуб Колас.

Я признаю одну работу,

Её — и только — признаю.

Я. Смелякоў.

У евангельскай прытчы расказваецца, як строгі гаспадар раздаў сваім рабам таланты — грошы. Першы атрымаў пяць талантаў, пайшоў і памножыў іх; другі атрымаў два і таксама іх памножыў. Трэці атрымаў адзін і, спалохаўшыся строгага гаспадара, закапаў талант, каб не згубіць.

Праз некаторы час усе трое прынеслі гаспадару свае таланты: першы і другі — памножаныя, трэці — толькі адзін, чым выклікаў вялікі гнеў строгага гаспадара. I загадаў ён, каб трэці аддаў і гэты адзіны, непамножаны, першаму, бо «кожнаму, хто мае, дадзена будзе, а ў таго, хто не мае, адымецца і тое, што мае».

I кожнаму з нас строгім гаспадаром дадзены талент, які мы павінны не закапаць, а вярнуць памножаным. Толькі пры такой умове — «дадзена будзе». Каб «усё зацвіло, загаманіла», неабходна жыватворная сіла — нястомная праца кожнага на сваёй ніве, сваім полі, дзе можна рэалізаваць сябе, памножыць свой талент.

Нельга не пагадзіцца з высновай вучоных, якія даводзяць, што працавітасць — катэгорыя не столькі маральная, колькі біялагічная, бо яна — сведчанне моцнага інстынкту самазахавання. Лянота, нядбайнасць і гультайства — праграма на самавынішчэнне. З працавітасцю цесна звязана і вынікае з яе яшчэ адна якасць, што ў ментальнасці нашага народа наогул, — імкненне быць гаспадаром на сваёй зямлі, закласці надзейны падмурак для годнага жыцця сваіх дзяцей, клопат пра іх. «Дык трэба грунт мець пад нагамі, каб не бадзяцца батракамі» — такая жыццёвая выснова коласаўскага героя, якую ён стараецца перадаць сваім дзецям.

Усведамленне працы як грунту пад нагамі, умовы годнага людскага жыцця характэрна для ўсіх эстэтычных вобразаў нашай нацыянальнай літаратуры. Некаторыя пісьменнікі адкрыта выяўляюць у творах свае адносіны, захапленне сваімі героямі — працаўнікамі. З непрыхаванай сімпатыяй і захапленнем апісвае I. Мележ свайго любімага героя ў час касьбы, прычым апісвае сапраўды «фарбамі паэта», а не празаіка. Менавіта старонкі, прысвечаныя Васілю-працаўніку і куранёўскай прыгажуні Ганне, — старонкі, у якіх Мележ-празаік уступае месца Мележу-паэту.

Як «зямля — аснова ўсёй айчыне», так праца на ёй — аснова жыцця. У працы выяўляецца ўся сіла і прыгажосць чалавека, рэалізуюцца лепшыя яго якасці і талент, бо працавітасць — сама па сабе ёсць талент чалавека і сведчанне яго жыццястойкасці, нязломнасці, цягавітасці.

Праца і справа, якой служыш, ёсць выяўленне любові да людзей, Радзімы. Няма іншага шляху слугавання Айчыне і народу ў мірны час, як сумленна і аддана працаваць, бо любоўтаксама з'яўляецца жыватворнай сілай, калі яна дзейсная. Крах чалавека і паступовая яго дэградацыя пачынаюцца тады, калі чалавек перастае служыць канкрэтнай справе (вучыць дзяцей, лячыць людзей, біць студні, касіць, араць), а нібы ў вір галавой кідаецца служыць нейкай абстрактнай ідэі. Радавалася сэрца быкаўскага героя Хведара Роўбы, што яго сынок Міколка надта прыхільна памкнуўся да зямлі і гаспадаркі, рана пачаў рабіць плячо ў плячо з бацькам. Ажно люба было глядзець, як ён гнаў баразну ці на касьбе ішоў у радзе дарослых мужчын. Але як стварылі ячэйку і прызначылі яго сакратаром, стала не да гаспадаркі. I ўсё — сходы, мітынгі, спрэчкі. А як перабраўся ў раён, стаў начальнікам, зусім забыўся дарогу ў Нядолішча, у бацькоўскую хату.

Адметнасць творчай манеры М. Зарэцкага ў тым, што ён адкрыта не выяўляе, як, да прыкладу, Іван Мележ, адносін да сваіх герояў: хай чытач разважае і ацэньвае сам. I ўдумлівы чытач не можа не заўважыць той акалічнасці, што галоўны герой рамана «Вязьмо» Сымон Карызна, будучы дырэктарам мясцовай сямігодкі, не працуе, не вучыць дзяцей, не рыхтуецца да ўрокаў. Толькі арганізуе сходы, толькі выступае, толькі ваюе і ненавідзіць. Усведамляючы сябе тым, хто здольны ўсіх ашчаслівіць, усіх сляпых зрабіць відушчымі, ён адмаўляецца дапамагчы самым блізкім людзям, якія папрасілі ў яго парады, падтрымкі, паратунку. Да пары яму і яго каханая — «рамантычная асоба» Вера Засуліч, дзеля якой ён разбурыў сям'ю. Але як толькі змяніліся абставіны, Вера пераступіла цераз Карызну, як ён пераступіў цераз родных. Толькі зрабіла гэта «чысценька і прыгожанька», яшчэ і парадавалася, «што ўсё скончылася для яе найлепшым чынам».

I гераіня Коласа Вольга Віктараўна Андросава настолькі захапілася рэвалюцыяй, што зусім закінула школу: «Ну яе к чорту!» Яна толькі «збірала дарослых і чытала ім усялякую нелегальшчыну». У страшэнным запусценні былі і школа, і кватэра папярэдніка Лабановіча, з якім некалі вучыліся ў семінарыі. Стрэтун-Сурчык такую разруху растлумачыў рэвалюцыяй, на што Лабановіч адказаў: «Рэвалюцыя крышыць і ломіць усё на сваёй дарозе, але гэта не значыць, што вакол нас павінна быць гразь і бруд». Хто не хоча працаваць, заўсёды знойдзе і апраўданне сабе, і прычыну, каб не працаваць. Намнога прасцей закапаць свой талент, чым пашукаць спосаб яго памнажэння.

Той памножыў талент, атрыманы ад строгага гаспадара, хто дасягнуў у сваёй справе прафесіяналізму і здольны, як шамякінскі доктар Яраш, трымаць сэрца на далонях. Усе прывабныя, высакародныя героі беларускай літаратуры — прафесіяналы сваёй справы: настаўнікі Лабановіч і Мароз Алесь Іванавіч, доктар Яраш і журналіст Шыковіч, хлебаробы Васіль Дзяцел і Хведар Роўба, рэфарматар Алесь Загорскі і старшыня валвыканкома Апейка. У розныя часы яны жылі і ў розных абставінах дзейнічалі, але ўсіх іх аб'ядноўвае адно: яны добра рабілі сваю справу, умелі і любілі працаваць. Любілі людзей і зямлю, на якой жылі. У іхніх справах — іхні і талент, і розум, і пачуцці, і сумленне, і адносіны да іншых людзей, да грамадства, да будучыні…

Рамантычнымі сродкамі славіць Пімен Панчанка Чалавека і яго Справу ў вершы «Сэрца і крыж»:

Жыў доктар у нашай мясціне — Няма ўжо такіх дактароў: Паставіць ён банкі ці п 'яўкі — I заутра ты жыў і здароў.

Катэгарычнае сцверджанне «няма ўжо такіх дактароў» — мастацкі прыём, гіпербала з мэтай узвысіць героя, узняць яго на п'едэстал, каб кожны змог убачыць прыгажосць сапраўдную. Адвеку нашым народам усведамлялася працавіт тасць як самая вызначальная якасць чалавека, як сведчанне яго жыццястойкасці і выключнага таленту. А талентамі наша зямля вядома ўсяму свету. «Зямля бацькоўская, святая» не збяднела на таленты. Яны ёсць, пра іх складаюць легенды, на іх трымаецца наша зямля, за іх «людзі просяць Бога».

Ментальнасць чалавека і нацыі вызначаецца каштоўнаснымі арыенцірамі і шляхам, якім яны ідуць да акрэсленай каштоўнасці.

Беларускі шлях — праца, нястомная праца, часам нечалавечыя высілкі — і ўсё ў імя жыцця на зямлі-карміцельцы, якая адна «не зменіць і не здрадзіць», і «дзяцей тваіх не кіне». I кожнаму, хто мае такое ўсведамленне, дадзена будзе.

«I пасля кожнага свайго падзення, я, Чалавек, устаю, бо мяне ўздымае праца» (У. Караткевіч)

…I шчыра рупіцца пра тое, каб жыць ціха, рабіць сваю справу і працаваць сваімі ўласнымі рукамі.

З Першага паслання святога апостала Паўла да Фесалонікійцаў.

Любая справа чалавека, «душы і мускулаў работа» добраславёна, калі яна «людзям на карысць». Выбраная справа дае адчуванне паўнаты жыцця. Яно становіцца важкім, каштоўным, важным, сур'ёзным. Чалавек адчувае сябе дужым, здольным валодаць часам, кіраваць сваім лёсам, быць адказным за свой выбар. Такі чалавек цікавы, прыгожы, ён многае можа.

Раман У. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» — гэта гімн чалавеку справы — Працаўніку. Алесь Загорскі не чакае паўстання, а дзейнічае. Пакуль яно рыхтуецца, вырашае зрабіць сваіх мужыкоў вольнымі цяпер. Пасля трагічнай гібелі бацькі і шэрага іншых напасцяў Алесь ратуецца працай: «Асіплы, асівералы, малады загоршчынскі пан гойсаў між Сухадолам, Магілёвам і Оршай; па мокрым снезе, пад дажджом, начаваў у корчмах. Прапах псінай ад мокрай ваўчынай запоны; па цэлым тыдні не бываў у лазні, спаў дарогаю, у вазку. Усё адразу! Усё на гэтым тыдні…Гэты сонны спакой, гэтая абуральная, як лямант у пустыні, беднасць ад безгаспадарлівасці, яны забіваюць, гнуць у дугу жыцці людскія». Для караткевічаўскага героя няма абставін, над якімі нельга было б узвысіцца пагардай, якім нельга было б кінуць выклік. Ён цвёрда перакананы, што толькі працай, добра зробленай справай можна супрацьстаяць абуральным, абсурдным абставінам.

Алесь працаваў да знясілення. Афіцыйна засведчыў у Магілёве і пачаў праводзіць у жыццё адмену паншчыны па ўсіх сваіх маёнтках, паабяцаў праз год адмяніць прыгон, «і не так, як у праектах, а з зямлёй». Алесь працаваў, як ніхто і ніколі не працаваў з усіх людзей яго круга: вырашыў перабудаваць цукроўні, каб былі каменныя, застрахаваў усе будынкі; паклалі рад з аршанскімі вапнавымі капальнямі і залажылі яшчэ шэсць лайбаў… Арыстакраты Караткевіча — не абібокі, не абломавы, а соль зямлі і краса жыцця. Караткевіч марыў «адрадзіць арыстакратызм, элітарнасць у ахамелым на таталітарнай ураўнілаўцы грамадстве», як пісаў У. Калеснік.

Ад падрабязнага апісання канкрэтных спраў свайго любімага героя У. Караткевіч падымаецца да філасофскага абагульнення, што чалавек па сваёй прыродзе прагне справы. Настойліва даводзіць пісьменнік-філосаф, што ў справе чалавек рэалізуе сябе, свой прыродны талент і стварае ўмовы для годнага жыцця, што справа, і толькі справа выратуе душу чалавека ад злому і вынішчэння ў самыя крытычныя моманты: «Капаць, пісаць шчырыя кнігі, перакідваць маеты, секчы дровы, вучыць дзяцей, змагацца за справядлівасць, біць студні і тунелі, дзьмуць шкло, лічыць і лекаваць, — іначай не варта і жыць».

Прыгадаем, як псіхалагічна пераканальна паказаў свайго героя ў самы крытычны момант яго жыцця I. Мележ. Калі Васіль стаяў перад выбарам, калі мітушэнне ў яго душы давяло да такога стану, што ён стаў абыякавым да ўсяго, нават не мог і не хацеў працаваць (а такі стан заўсёды пачатак канца), то ён пайшоў параіцца да свайго поля. I зразумеў мову свайго поля, паслухаўся яго. «Як перамяніўся чалавек. Ён адчуў, што нязбытны цяжар спадае, што вяртаюцца даўно не знаныя дужасць і яснасць. Поле, бяда яго і радасць! Яго сіла і надзея яго! З імі толькі і жыць яму!» Дадому ішоў ён ужо хутка. Зайшоў у гумно. Да самых поцемкаў, не адпачываючы, біў і біў цэпам. «I цэп бегаў спрытна, ахвотна, не стамляючыся».

Няма нічога больш трагічнага для чалавека справы, як убачыць гэтую справу зруйнаванай. Злоснікі, зайздроснікі і ненавіснікі ведаюць: каб знішчыць чалавека, трэба забраць у яго справу, у якую ўкладзена «душы і мускулаў работа», — забраць усё, пазбавіць грунту. I гэта пераканальна даводзіцца ў лепшых творах нашай нацыянальнай літаратуры. Зруйнавалі справу, зааралі рунь на полі, засеяным мележаўскім Васілём. Убачыць разбуранае гняздо і зведаць адпаведныя пачуцці давялося быкаўскаму Хведару Роўбу, пасля чаго ўжо смерць у Багавізне была не такой і страшнай, а нават ціхай: «Не дадзена было ціха жыць, дык хоць пашчасціла ціха памерці». Зруйнаваная справа ледзь не каштавала жыцця Алесю Загорскаму. Узрушэнне было такім моцным, што ён таксама, як і мележаўскі Васіль, стаў абыякавым да ўсяго і захварэў явай, або мрояй. Так бязмерна ўражлівы чалавек «несвядома спрабуе адысці ад нясцерпнага свету».

Стома — смерць. «Ідзі вышэй сіл сваіх, і станеш жыць доўга» — такая выснова «сівой рады» Прыдняпроўя, якую сабраў Вежа, каб выратаваць унука. Гэтая выснова — паратунак не толькі для Алеся. Яна — урок усім нам, што пасля кожнага падзення чалавека зноў і зноў уздымае толькі праца.

Па сваёй прыродзе чалавек прагне пакінуць пасля сябе след на зямлі. «Усё павінна след пакінуць», — сцвярджае П. Броўка вершам «Сляды». Праца і справа чалавека — след яго на гэтай зямлі, а ўжо якім будзе след — залежыць ад чалавека.

Выяўленню тоеснай філасофскай думкі спрыяюць фальклорныя і біблейскія рэмінісцэнцыі ў вершы Максіма Танка «Я помню звычай старадаўні…». Змест верша — апісанне старадаўняга звычаю, паводле якога памерлым у дамавіну клалі іх «любімыя прылады»: «каб не з пустымі ім рукамі перад святым Пятром з'явіцца»:

Аратаму — яго сявеньку, Стральцу — рог, што будзіў дубровы. Музыку — бубен ці жалейку, А кавалю — гвозд ці падкову…

I верш «Перапіска з зямлёй», які ўяўляе сабой разгорнутую метафару-перыфразу, прысвячаецца стваральнай чалавечай працы. Метафарай «пісаў зямлі многа лістоў» і канкрэтызацыяй («пісаў смыкамі ўсіх скрыпак»; «пісаў спіцамі дрогкіх калёс, якарамі і мачтамі караблёў») паэт славіць усе людскія справы і прафесіі. Ідэя верша, філасофія яго ў другой кампазіцыйнай частцы:

Але пакуль што Адказ атрымаў я Толькі на ліст мой, Напісаны плугам. Вось ён. Парэжце на скібы яго. Частуйцеся. Ешце.

Паэт катэгарычны ў сваім перакананні: усе працы — добрыя, але важнейшая за ўсе, вышэйшая за ўсе — хлебаробская. Яна — усяму аснова, як хлеб — усяму галава.

Не толькі паэт, але кожны чалавек мае права катэгарычна сцвярджаць, што менавіта толькі яго справа з'яўляецца самай галоўнай, самай важнай і самай першаснай нават, і гэтак жа годна і страсна служыць толькі ёй, ім абранай. Бадай, гэта адзіная катэгарычнасць, якая не пашкодзіць, а паспрыяе справе. Бо толькі той здольны паважаць і цаніць справу іншага, хто паважае і адцана служыць сваёй.

Праца — падмурак духоўнасці

…Калі хто не хоча працаваць, той і не еш.

З Другого паслання святого апостола Паўла да Фесалонікійцаў.

Скарпіён угаварыў Слана перавезці яго на сваёй спіне цераз бурную раку, але ўжо на самай сярэдзіне ракі ўпіўся джалам у цела свайго збавіцеля. «Ты што, не разумееш? — абурыўся Слон. — Мы ж абодва загінем!» — «Разумею. Але іначай я не магу: такі ў мяне характар».

У рамане I. Мележа «Подых навальніцы» ёсць такі эпізод. На чыстцы начальнік міліцыі Харчаў апраўдваецца, што ён грубы з тымі, з кім трэба быць грубым, а п'е ў свабодны ад службы час і ніколі не прапівае памяць. На непераканальнасць і абсурднасць харчаўскіх довадаў Гайліс адказаў, што «чалавек, каторый п'ёт, не можэт не згубіць совесць». З гэтай высновай нельга не пагадзіцца. Можна толькі дадаць: і лянівы таксама не можа быць годным, самавітым чалавекам, вартым пашаны ідаверу. I гора таму, каму наканавана будзе перавозіць на сваёй спіне лянівага цераз бурную раку.

Часам пра кагосьці можна пачуць нешта падобнае: «Ён, вядома, кепска спрацаваў, бо работнік не вельмі, а пра прафесіяналізм у дачыненні да яго і гаварыць не даводзіцца. Але ж затое ён такі харошы чалавек…» Больш алагічнага, памылковага сцверджання цяжка і знайсці.

Якімі б выдатнымі якасцямі ні валодаў чалавек, якія б высакародныя пачуцці і памкненні ні панавалі ў яго душы, але не рэалізаваныя ў справе яны — нішто, як усякая вера без справы — мёртвая. «Па веры вашай і справах вашых дадзена будзе», — сказана ў Евангеллі.

Рана ці позна вынікне такая сітуацыя, што рэалізуе не лепшыя, а самыя горшыя якасці лянотніка. Быкаўскі Карніла Багацька, узрушаны даносам Каландзёнка, даводзіць Сцепанідзе, што «горай за суседзяў нікога няма: усё бачаць і заходзяцца ад зайздрасці. Асобенна яшчэ калі нягеглы які. Няўдака! Такі не тады рады будзе, калі сам каня купіць, а калі ў суседа конь здохне». I Мікіта Зыркаш, які быў зайздросным і нядобрым, сапсаваў усё жыццё Хведару Роўбу: напісаў скаргу на яго за малатарню, з якой усё і пачалося. Зміцер Цыпрукоў не знайшоў іншага спосабу аддаць пазычаную ў Хведара трыццатку, як пазбавіцца ад свайго крэдытора. На камбедзе Зміцер прапанаваў раскулачыць Хведара, а потым як лішэнца і цвёрдападатніка выслаць у Сыктыўкар.

Скарпіёны-лянотнікі, нават ратуючыся ад пагібелі, едучы на спінах сланоў-збавіцеляў, усё роўна джаляць іх, сякуць сук, на якім сядзяць. Іначай яны не могуць — такая іх натура. Калі б лянотнікі толькі нічога не рабілі! Спіны сланоў вытрымалі б іх, але, паводле слоў апостала Паўла, такія «нічога не робяць, а мітусяцца». I тая іх мітусня часам згубная нават для сланоў. У ахамелым на таталітарнай ураўнілаўцы грамадстве мітусня скарпіёнаў-лайдакоў зрабілася нормай, стварыла ўмовы, пры якіх «стала баба памагаць, седзячы на возе», а «памагатыя» ўсім запраўляць і перайначваць спрадвечныя ўсталяваныя нормы жыцця.

Адвеку народ ведаў і тымі ведамі кіраваўся, што нельга, да прыкладу, каб сляпы вёў відушчых; нельга даручыць умацаванне сям'і таму, хто ўласную разбурыў. Нельга даверыць агульную справу, агульную гаспадарку, якога б маштабу яна ні была (ад калгаса да дзяржавы), таму, хто нядбалы і няздатны на ўласнай гаспадарцы.

Мележаўскі герой Нібыто-Ігнат узрушана даводзіў Башлыкову пра згубнасць, злачыннасць і асуджанасць новай улады. I самы галоўны довад Ігната супраць савецкай улады той, што ёю парушана спрадвечная мерка чалавечай каштоўнасці — справа, здольнасць быць гаспадаром. Ігнат заўпарціўся ісці ў такі калгас, на чале якога стаіць Міканор. А які з Міканора гаспадар? I для пераканальнасці выкарыстаў грубаватае, але трапнае народнае параўнанне. Довад Андрэя Рудога, што «Міканор — чалавек сазнацельны, ідзейны» раззлаваў Ігната яшчэ больш. Ён, як піша аўтар, перакрывіў Андрэя Рудога дзіўна зларадна і зноў пайшоў у наступ: «Гаспадар ён які, пытаю! Ён і ў сваёй гаспадарцы не быў ніколі гаспадаром. Поля сам, можно сказаць, не абрабіў адзін. Бацько ўсё…А цяпер яму — усе гаспадаркі!» У пазіцыі Нібыто-Ігната ўвасоблена народнае разуменяе годнасці і самавітасці чалавека. Меркай значнасці чалавека ў людской супольнасці адвеку лічыліся справа і ўчынкі, а не «сазнацельнасць, ідзейнасць».

Не страшна, што ў свеце ёсць лайдакі, абібокі; яны былі, як свет стаіць, толькі не на іх ён трымаецца. Калі лайдакі на свеце ёсць, значыць, яны таксама маюць права на існаванне. Але ж свет перавернецца (як ужо ледзь не перавярнуўся ў час перавароту, названага «карэнным пераломам»), калі лайдакам будзе дадзена права на кіраванне светам. Больш за ўсё быкаўскага героя Хведара Роўбу здзівіла тое, што самы няўклюдны гаспадар Зміцер Цыпрукоў, у якога некалі здохла кабыла ад бяскорміцы, бо з'ела страху за зіму і гэтага не хапіла, стаў у Нядолішчы брыгадзірам. Той Зміцер, які за жыццё не навучыўся плесці лапцей (заўжды пляла яму жонка), цяпер гэты недалэнга робіць брыгадзірам! «Праўда, горла меў добрае, мог накрычаць на каго хочаш, што цяпер, мабыць, самае важнае. Як там, у ссылцы, так і тут у калгасах. Мабыць, аднолькава…»

Так, сапраўды, новы час абвясціў «прыход героя», меркай якога стала не справа, як раней, а гатоўнасць дзеля ідэі і партыі пераступіць цераз каго заўгодна. I. Мележам у рамане «Завеі, снежань» пераканальна паказаны «пераварот» спрадвечных каштоўнасных арыенціраў, які адбыўся з прыходам новай улады. Башлыкоў вострыць меч над галавою інтэлігентнага, чалавечнага і працавітага Апейкі, ужо рыхтуе яму замену. Грубы, нахабны, вечна п'яны, неадукаваны і пагарджаны ў народзе Дубадзел-Крывароты хутчэй за ўсё і прыйдзе на змену Апейку, бо «гэты — цвёрды, гэты — крэмень. Барацьбіт. Гэтагалоўнае…Неабходны цвёрдыя, жалезныя! Здольныя крышыць ворага, рушыць усё, што на шляху замінае…А галоўнае — адданасць якая і рашучасць. Гэты цацкацца з кулаччом не будзе».

Вар'яцкая сіла і небяспечнасць ахамелай таталітарнай сістэмы ў тым, што яна надзяліла ўладай зло. Такой уладай, што, як заявіў Сырадоеў, герой трагікамедыі А. Макаёнка «Трыбунал», «нікому і не снілася: цару такой улады не давалі!» А Гуж з аповесці В. Быкава «Знак бяды» цынічна прызнаецца Сцепанідзе, што дадзеная фашыстамі ўлада патрэбна яму не дзеля таго, каб зямлёй завалодаць (ён зямлю, паводле яго прызнання, «з дзецкіх лет узненавідзеў»), а каб мець уладу над людзьмі і «ў парашок сцерці» тых, каго ненавідзіць. Крываротыя, сырадоевы, цыпруковы, каландзёнкі ненавідзяць і вынішчаюць найперш тых, хто зямлю любіць і на ёй шчыруе, тых, на чыёй спіне яны і едуць.

Толькі праца і справа ставяць жыццё на трывалы маральны падмурак. Лепшыя творы нашай нацыянальнай літаратуры сцвярджаюць закон вечнасці: жыццё без працы не можа быць сумленным і рана ці позна стане злачынным. I тады праблематычным стане жыццё наогул. Добрыя кнігі пра справу, працу — гэта кнігі пра галоўнае ў нашым жыцці.

«Настаўнік — соль зямлі» (Сымон Будны)

У тым, што мы ёсць цяпер як нацыя і грамадзяне, найпершая заслуга сельскіх настаўнікаў.

В.Быкаў.

Нішто так не палоніць людзей, як прыгажосць; нішто так не пераконвае, як праўда; і нішто так не ўздзейнічае, як прыклад.

Сцвярджаць, што, «калі хто не хоча працаваць, той і не еш», можна толькі працуючы і падаючы прыклад іншым. Апостал Павел у Пасланні да Фесалонікійцаў патлумачыў, чаму ён (будучы чалавекам багатым, які зведаў нават раскошу) і іншыя апосталы, усюды, дзе звеставалі і прапаведавалі, «ні ў кога не елі хлеба дарам, але шчыравалі і працавалі ноч і дзень» і не хацелі абцяжарваць сабой іншых. Ён пісаў: «Не таму, што не мелі ўлады, але каб сябе саміх даць вам у прыклад для пераймання». Толькі пры такой умове, даводзіў апостал Павел, можна перадаць людзям не толькі звеставанне Божае, але і душы.

Настаўнік — той, хто, настаўляючы людзей на дабро, перадае ім сваю душу, узбагачае сваім духоўным вопытам і адначасова валадарыць іх душамі. Можна бясконца пералічваць усе добрыя якасці, якімі павінен валодаць сапраўдны Настаўнік, а можна ўсё пералічанае вызначыць толькі адным — прыкладам, якім ён павінен быць для тых, каго настаўляе.

Коласаўскі настаўнік, які і па сённяшні дзень з'яўляецца ўзорам для сваіх калег, быў ва ўсім прыкладам і для сваіх вучняў, і для людзей, сярод якіх жыў. Ён не заклікаў вучняў любіць прыроду — сам саджаў з імі дрэўцы. Ён не гаварыў людзям быць міласэрнымі і літасцівымі да бліжніх — сам не раз здзіўляў людзей сваёй міласэрнасцю. Ен не абураўся непарадкам, а наводзіў парадак, не шукаючы, як іншыя, апраўдання бязладдзю. Ён шчыраваў так, як нямногія шчыравалі на духоўнай ніве.

Гімнам Настаўніку з'яўляецца і аповесць В. Быкава «Абеліск». Больш эстэтычных, больш прывабных вобразаў настаўнікаў, чым коласаўскі Лабановіч і быкаўскі Мароз, бадай, у нашай літаратуры няма. Сіла ўздзеяння гэтых вобразаў на чытача тлумачыцца менавіта пісьменніцкім усведамленнем вызначальнай для асобы Настаўніка ролі прыкладу. I Мароз не скардзіўся, як іншыя, на абставіны, а ўплываў на іх. Разам з вучнямі пілаваў дровы — і ў школе зімой заўсёды было цёпла. Даваў прытулак скалечаным жывёлам, якіх падбіралі дзеці, — так у школе з'явіўся жывы куток. Не хапала кніг — у вадзе па пояс перанёс закінутую ў панскім маёнтку бібліятэку і па ўласнай праграме далучаў дзяцей да сусветных скарбаў. З прыходам немцаў працягваў вучыць дзяцей, добра ўсведамляючы, што калі не ён, то іншыя завалодаюць іх душамі і скарыстаюць так, як ім будзе патрэбна. Мароз застаўся да канца верным свайму галоўнаму настаўніцкаму прынцыпу — быць прыкладам для людзей. Апошнім сваім учынкам, які аднымі ўсведамляецца як подзвіг, а другімі як бессэнсоўная недарэчнасць, Мароз здолеў умацаваць веру ў душах людзей, бо душа без веры мёртвая.

Галгофа быкаўскага героя сцвярджае сілу духоўнага, якое нельга ні пералічыць, ні ўзважыць, ні вымераць, але якое вызначае і забяспечвае вечнасць і неўміручасць.

Міжволі прыгадваецца гісторыя жыцця і трагічнай гібелі выдатнага польскага педагога і пісьменніка Януша Корчака, аўтара кніг «Кароль Мацюсь Першы» і «Як любіць дзяцей». У 1911 г. Януш Корчак стварыў у Варшаве «Дом сірот» новага тыпу на сродкі багатых філантропаў, арганізаваў таксама інтэрнат «Наш дом». У гады акупацыі Польшчы фашысцкай Германіяй гэтаксама, як і быкаўскі герой, працягваў вучыць і выхоўваць дзяцей. Януш Корчак гераічна змагаўся за жыццё дзяцей у варшаўскім гета. За антыфашысцкую дзейнасць быў кінуты ў канцлагер Трэблінка, дзе і загінуў з двумастамі сваімі выхаванцамі. ГІольскі гуманіст зрабіў апошні ў сваім жыцці выбар. Адзін з гестапаўцаў пазнаў у вязню свайго любімага пісьменніка і вырашыў выратаваць яго, рызыкуючы пры гэтым, безумоўна, уласным жыццём. «А яны?» — спытаўся Януш Корчак, паказваючы на сваіх выхаванцаў. «Яны павінны будуць ісці ў камеру». — «Тады я пайду разам з імі». I дзверы газавай камеры зачыніліся за імі…

Пісьменніцкае ўсведамленне ролі духоўнага і ролі настаўніка ў грамадстве выяўляецца і праз вобраз Мароза, і праз маналогі Ткачука. У адным з іх гучыць афарыстычнае вызначэнне ролі настаўніка: «У тым, што мы ёсць цяпер як нацыя і грамадзяне, найпершая заслуга сельскіх настаўнікаў».

Рупарам пісьменніцкай трывогі за становішча настаўніка і яго статус у сучасным грамадстве з'яўляецца вобраз Ткачука. Нельга не пагадзіцца з Ткачуком, што прафесія настаўніка страціла сваю былую прывабнасць для тых, хто вырашае, кім яму быць: «Калі рос, бывала, харошы хлопчык, добра вучыўся — што пра яго казалі дарослыя? Вырасце — настаўнікам будзе! I гэта была найлепшая пахвала. Не ўсім вартым, вядома, удавалася дабіцца настаўніцкага лесу, але да гэтага імкнуліся. Гэта была мяжа жыццёвае мары…»

Прывабнасць настаўніцкай прафесіі, ці, як сёння кажуць, прэстыжнасць, не заўсёды была барометрам матэрыяльнага дабрабыту грамадства, але духоўнага яго стану — абавязкова. «I… не было нічога больш важнага і карыснага, як тая штодзённая, ціхая, непрыкметная праца тысяч бязвесных сейбітаў на гэтай духоўнай ніве», — пісаў В. Быкаў у аповесці «Абеліск».

Праца сейбітаў разумнага, добрага, вечнага самая важная і неабходная і сёння, бо чалавеку, «каб выбраць лепшую з дарог, патрэбна мудрасць працы, нашых сэрцаў; патрэбны маці, бацька, педагог…». З такой высновай лірычнага героя верша П. Панчанкі «Ратуйце нашы душы!» нельга не пагадзіцца.

Шчаслівы чалавек, на шляху якога сустрэўся сапраўдны Настаўнік. Такі, да прыкладу, як дзядзька Антось. У нашай літаратуры няшмат вобразаў, у якіх бы з такой пераканальнасцю і мастацкай сілай быў увасоблены дар педагога, як гэта ўвасоблена ў вобразе дзядзькі Антося. Лёс яго склаўся так, што ён, адналюб па сваёй прыродзе (каханая Наста, не дачакаўшыся Антося са сплаву, «яго змяніла на другога»), бескарысліва адцаў свае сілы сям'і брата, яго дзецям, іх выхаванню і клопатам аб дабрабыце. За яго дабрыню і любоў усе ў сям'і плацілі яму таксама любоўю:

Дык і не дзіва, што любілі, Што на руках яго насілі.

Любоў да ўсяго, што яму дорага і міла, вызначае і стан душы гэтага чалавека, і сутнасць яго таленту.

Услаўленню педагагічнага таленту дзядзькі Антося («ён быў настаўнікам, судцзёю…») прысвячаецца многа старонак у паэме. Мы бачым дзядзькуАнтося «як жывога» ў час яго «ўрокаў» і нават у самыя крытычныя для кожнага настаўніка моманты, калі ніякія, здавалася б, сродкі ўздзеяння не спрацоўваюць: «О, дзядзька спосабаў меў многа даняць праціўніка малога!»

Гэтым вобразам пераканальна даводзіцца ісціна, што, каб даць некаму, трэба мець самому, што толькі духоўна багатая асоба здольна ўзбагаціць іншых.

Уздзеянне гэтага вобраза на чытача дасягаецца такім мастацкім сродкам, як гумар. Гумар узвышае героя і адначасова робіць яго даступным, прывабным і блізкім кожнаму чытачу. Антось зачароўвае непасрэднасцю сваёй натуры і рэдкай для людзей здольнасцю пасмяяцца з самога сябе, што сведчыць пра яго дабрыню, розум і аптымізм: «Які ж ты, хлопча, нецярпячка, няхай цябе затопча качка!»; «Забілі зайца, не забілі, але ж, брат, гуку нарабілі». Сваё кухарскае «вынаходніцтва» самакрытычна ацэньвае так: «Паскудства, брат, і не пытайся!»

Шчаслівы народ, які ўсведамляе важнасць і карысць працы сейбітаў на духоўнай ніве і адпаведна да яе ставіцца. Праблематычнай уяўляецца будучыня таго народа, які гэтага не ўсведамляе.

Настаўнік — соль зямлі. Сымон Будны толькі нагадаў нам пра тое, што сказана было амаль за два тысячагоддзі да яго. Ісус Хрыстос, выпраўляючы сваіх вучняў ісці і звеставаць людзям, добраслаўляў Настаўнікаў і лаўцоў душ людскіх: «Вы — соль зямлі. Калі ж соль страціць сілу, то чым зробіш яесалёнаю?…Вы — светсвету. Неможасхавацца горад, што стаіць на вяршыні гары. I запаліўшы свечку, не ставяць яе пад сасудам, але на падсвечніку, і свеціць усім у доме. Няхай жа свеціць свет ваш людзям, каб яны бачылі вашы добрыя справы і праслаўлялі Айца вашага Нябеснага».

Знакава, сімвалічна, што Ісус Хрыстос у сваім зямным жыцці быў менавіта Настаўнікам і Лекарам — быў Збавіцелем. Адвеку ва ўсіх народаў да гэтых дзвюх прафесій было святое стаўленне, пашана і павага. Лепшыя з лепшых, надзеленыя дарам «лаўцоў душ людскіх», марылі пра долю настаўніка і імкнуліся да яе, хоць ва ўсе часы доля гэтая была самай нялёгкай. Але «гэта была мяжа жыццёвае мары», па словах В. Быкава.

«Самы светлы талент — дабрата» (С. Грахоўскі)

Ва ўсім, як хочаце, каб вам рабілі людзі, так і вы рабіце ім, бо ў гэтым закон і прарокі.

З Евангелля.

Ні ў чым наш Ф. Скарына не быў такім паслядоўным і настойлівым, як у сцвярджэнні самага галоўнага закону вечнасці. У прадмовах да кожнай кнігі Бібліі ён рабіў акцэнт менавіта на гэта: «Закон прирожений в том наболей соблюдаем бывает: то чинити иным всем, что самому любо ест от иных всех, и того не чинити иным, чего сам не хощеши от иных всех…» Дабрата — гэта здольнасць чалавека «то чинити иным всем, что самому любо ест от иных всех».

Ф. Скарына, пераказваючы фабулу кнігі «Эсфір», акцэнтуе ўвагу чытача на матывах подзвігу Эсфір, жонкі персідскага цара і пляменніцы пабожнага іудзея Мардахея. Рызыкуючы сваім жыццём, яна выратавала ад вынішчэння сваіх суайчыннікаў, якое рыхтаваў ім хітры царадворац Аман. У гэтым пераказе Скарына падымаецца да філасофскага абагульнення, выяўляючы яго вершам:

Не копай под другом своим ямы, Сам ввалшися в то, Не став, Амане, Мардохею шибенице, Сам повиснет на ней.

Дабрата — вышэйшае праяўленне духоўнасці, сапраўды «самы светлы талент», бо дабрата ёсць любоў у дзеянні, а любоў, як даводзіць Ф. Скарына, самая дасканалая з усіх людскіх даброт і каштоўнасцей: «Без нея же ничто поспешно ест». Якой бы сілай і багаццем чалавек ці народ ні валодаў — без любові і яе канкрэтнага выяўлення ўсё будзе марным, усё рана ці позна пойдзе прахам.

Фантастычнымі сродкамі славіць П. Панчанка ў вершы «Сэрца і крыж» не толькі лекарскі дар, але і талент чалавечнасці свайго героя, мёртвае сэрца якога «людзей, як жывое, любіла, агонь на сябе выклікала, маланкі ў магілу лавіла».

Паэтава выслоўе, што дабрата — талент, — гэта не мастацкі прыём. Дабрата — сапраўды талент, прычым, на жаль, рэдкі сярод людзей. Прыгадаем біблейскі сюжэт пра тое, што толькі трое з такім талентам здольны былі б уратаваць гарады Садом і Гамору, але нават траіх не знайшлося сярод тысяч, апантаных зайздрасцю, прагай да нажывы, помсты, блуду, раскошы…

Талент чалавечнасці, як і любы іншы, — дар Усявышняга дзеля ўратавання ўсіх астатніх. Талент чалавечнасці — гэта здольнасць чуць «звон пад зямлёй» і гатоўнасць выратаваць з-пад зямлі тых, хто звоніць аб ратунку. Гэта — уменне выклікаць на сябе агонь і лавіць маланкі, пасланыя ў іншых. Гэта — нясцерпны, пякучы сорам за грахоўнасць іншых і боль за пакуты іншых. Гэтым рэдкім дарам валодалі быкаўскія Багацькі — Пятрок і Сцепаніда, герой аповесці М. Гарэцкага «Ціхая плынь» Хомачка, сямігадовы Іванка, герой аповесці М. Стральцова «Адзін лапаць, адзін чунь»… Усіх і не пералічыць, бо тут, дзе мы жывём, — зямля такая. Зямля талентаў. Можа, толькі таму, наперакор усім выпрабаванням, што выпалі на долю нашага народа, «жыў беларус — і будзе жыць!»

Але і доля таленавітых — нялёгкая, пакутніцкая доля, «бо не можа схавацца горад, што стаіць на вяршыні гары». Таленавітых ніколі не разумелі, заўсёды гналі і нават вынішчалі: «Колькі талентаў звялося!..» Пятрок, гледзячы, як высільваецца Сцепаніда, каб выратаваць Лявона Багацьку, трывожыцца, «хаця каб не забралі і Сцепаніду». I трывогі тыя былі небеспадстаўныя. Заўсёды, ва ўсе часы, нелюдзі знаходзілі і вынішчалі тых, хто асмельваўся падняць свой голас за праўду, заступіцца за няшчаснага, пасылалі стрэлы ў таленавітых, багатых на чалавечнасць. Таму і «не ўсе хочуць быць добрымі», як сцвярджае А. Вярцінскі ў вершы «Медсястры», «ды хочуць усе дабраты». Асабліва тады, калі «жывое ўсё ахопіць страх знікнення — і „SOS“ нясецца па усёй зямлі».

«Не ўсе хочуць быць добрымі», а з тых, хто і хацеў бы, не кожны можа, бо дабрата — гэта «горад, што стаіць на вяршыні гары», гэта магутная сіла, якая толькі і здольна ўратаваць свет. А не кожны валодае такой сілай, каб і хацеў. Не кожны здольны падняцца на вяршыню гары з такой круцізной і вышынёй. I нельга ад кожнага патрабаваць таго, што дадзена не многім: «кесараві — кесарава».

I ўсё ж гісторыя чалавецтва і таленавітыя творы мастацкай літаратуры даюць адказ на самае важнае пытанне быцця: што могуць тыя, хто абдзелены талентам і сілай падняцца на Галгофу за ўсіх ці хаця б толькі за аднаго свайго бліжняга? Вельмі многае. I нават пасільнае для кожнага, хто жыве клопатам выключна толькі пра сябе самога. Першае і самае простае: не патрабаваць «Распні яго! Распні!», калі на Галгофу ўздымаецца не такі, як усе астатнія. Сёння мы ведаем, што шанс выратавання чалавецтва быў яшчэ два тысячагоддзі таму. Быў шанс! Бо не ад лічаных носьбітаў зла, не ад садукеяў і фарысеяў залежала, быць ці не быць самаму вялікаму злачынству на гэтай зямлі. Ад усіх астатніх залежала выратаванне Дабраты і Свету. Але большасць зрабіла выбар на карысць свайго ўласнага вынішчэння. Таму і прадаўжаецца на зямлі раскрыжоўванне самых лепшых і самых таленавітых — прадаўжаецца самавынішчэнне чалавецтва.

Блізкі да таленту чалавечнасці, але дадзены большасці, а не толькі абраным, — талент мецэнацтва, апекавання. Адораным людзям, якой бы магутнай сілай яны ні валодалі, таксама патрэбна падтрымка, «як каніфоль смычку». Мецэнатам Якубу Бабічу і Багдану Онкаву абавязаны мы тым, што наш слынны зямляк Ф. Скарына змог рэалізаваць свой дар: уславіць Бога і наш народ на векі вечныя.

Вобразам дзеда Курылы з паэмы «Сымон-музыка» Якуб Колас таксама славіць самы светлы талент у яго канкрэтным выяўленні: разуменні, падтрымцы таго, хто «не такі, як усе». Чужы чалавек аказаўся раднейшым за родных. Дзед Курыла не толькі зразумеў адрынутае ўсімі дзіця, але і паспрыяў яго таленту, падтрымаў яго.

Многія творы нацыянальнай літаратуры акцэнтуюць нашу ўвагу на тым, што дабрата патрэбна ўсюды і ўсім, што яе праяўляць можна, нават не ўзыходзячы на Галгофу, не ахвяруючы ўласным жыццём. I тым самым пісьменнікі не зніжаюць ідэалы дабраты, а толькі набліжаюць іх да кожнага з нас, робяць больш даступнымі для нас. Большасць, як Турсевічы, не здольны пайсці разам з Лабановічам па шляху да рэвалюцыі: гэта небяспечна для жыцця. Аднак паспагадаць і дапамагчы няшчаснаму, як дапамог Лабановіч старожцы Ганне, могуць многія. У выяўленні гэтай філасофскай думкі П. Панчанка дасягае афарыстычнасці:

Той дзень прапаў і страчаны навекі, Калі ты не зрабіў таго, што мог; Калі не паспрыяў ты чалавеку, Няшчыры быў, зманіў, не дапамог.

Калі ж «закон прирожений», як пераконвае нас Ф. Скарына, будзе запісаны «в серци единого кажного человека», то дзень будзе не страчаны, а будучыня забяспечана.

«Не ціхне вечны бой» (А. Куляшоў)

Вядзі рашучы бой з натурай сваёй слабой —

З рознымі там заганамі, са звычкамі паганымі…

Са слабасцю любой вядзі рашучы бой!

А. Вярцінскі.

Нас, дзяцей Маці-Беларусі, што жывём «на паўмільярдным кіламетры паміж наступным і былым», аб'ядноўвае адно агульнае, ні з чым не параўнальнае шчасце — мір. Гісторыя пераканаўча даказала, што ў любой вайне не бывае пераможцаў: зваяванне аднаго народа другім — не перамога.

I ўсё ж ёсць адзіны бой, які добраславёны, ад перамогі ў якім залежыць вечнасць жыцця ці яго наканаванасць.

А. Куляшоў у вершы, прысвечаным таварышам па пяру, «Сябры, каго вайна скасіла кулямі…» сцвярджае, што «не ціхне бой»: бой за перамогу праўды над няпраўдай, шчырасці — над крывадушнасцю, даравальнасці — над помстай, сціпласці — над гардыняй і пыхай, любові — над нянавісцю. I поле бітвы — сэрца чалавека. Толькі такі бой — умова вечнасці. «Адзіны серп», які славіцца паэтам, — не той, пад якім загінуць каласы жыцця, а «серп над палявой дарогаю — адзіны серп на сённяшнім жніве!».

Таленавіта і пераканальна святы бой чалавека з ворагам, што сядзіць унутры яго самога, паказаны Крапівой у камедыі «Хто смяецца апошнім».

На канфлікт у творы, вастрыню праблемы ў ім указвае ўжо сама назва п'есы, якая ўяўляе сабой самае, бадай, галоўнае пытанне жыцця: хто смяецца апошнім? Хто здольны перамагчы зло? Што неабходна, каб перамагчы зло і смяяцца апошнім? Прыгадаем крылатую народную мудрасць: добра смяецца той, хто смяецца апошнім.

Заслуга Крапівы ў тым, што ён па-майстэрску стварае не толькі знешні, але і ўнутраны канфлікт — канфлікт чалавека з ворагам, што сядзіць у ім самім. Вобраз Тулягі нясе найбольшую нагрузку ў выяўленні філасофіі твора, аб чым сведчыць зноў жа яго назва: апошнім смяецца той, хто быў пагарджаны і прыніжаны, але хто здолеў узняцца з каленяў, перамог сябе. Самая цяжкая, але і самая вартая чалавека перамога — перамога над самім сабой. Крапіва-філосаф усім творам і найперш вобразам Тулягі сцвярджае, што перамога над злом, над «свінтусамі-грандыёзусамі» магчыма толькі ў выніку перамогі над сабой. Гэта і ёсць першая і галоўная ўмова перамогі ў такім баі.

Сітуацыя, калі Туляга па волі «свінтуса-грандыёзуса» вымушаны быў сыграць не ўласцівую яму ролю, стала пераломнай у яго жыцці. Менавіта гэты момант стаў кропляй, што перапоўніла чашу цярпення Тулягі, і ён усвядоміў, які ён «баязлівы, нікчэмны чалавек, маладушны да нізасці». I яму «сорамна стала», як сам ён у тым прызнаецца Левановічу. Першая ступенька на нялёгкім шляху да свайго вызвалення адолена, а далей — самы моцны пратэст з грудзей самага слабога. Выключны эфект уздзеяння на чытача гэтага таленавітага твора і асабліва вобраза Тулягі. Кожны відушчы ў Тулягу як у люстэрку здольны ўбачыць самога сябе, пазнаць свае ўласныя заганы. Нехта ўбачыць зайздрасць, нехта — высакамер'е і пыху, нехта — помслівасць, нехта ж ляноту ці ўпартасць. У кожнага — свой вораг, ад якога неабходна пазбаўляцца. Калі ж не змагацца, не «выціскаць з сябе па кроплі раба», то можна дакаціцца да стану, з нагоды якога аўтары класічнай літаратуры выбухалі гнеўнымі тырадамі. Згадаем Гогаля: «И до какой же гадости, низости, мерзости мог снизойти человек!»

Толькі рашучы, бязлітасны бой прывядзе да перамогі, а розныя кампрамісы са сваім галоўным унутраным ворагам, пошукі самаапраўдання — гэта не бой, а толькі пустое мітушэнне. I як вынік — поўнае паражэнне і страта душы. Прыкладам такога мітушэння, а не бязлітаснага бою са сваім страхам, што завалодаў душой чалавека, з'яўляецца вобраз Карызны з рамана М. Зарэцкага «Вязьмо».

Мы ўсведамляем, што прычынай страху Карызны былі не толькі яго асобасныя якасці, але і бесчалавечныя абставіны. Яны вязьмом сціскалі яго душу і розум, такім вязьмом, што, каб ацалець фізічна, трэба было толькі секчы — секчы па жывым, крэўным, дарагім, спрадвечным. Але і паратунак той часовы, бо хто клапоціцца толькі пра цела — траціць урэшце і душу, і цела таксама. Бесчалавечныя абставіны справакавалі і рэалізавалі самыя горшыя якасці Карызны. Заціснуўшы вязьмом яго душу, яны не пакінулі яму ніякай магчымасці выбару, як выбавіцца без страты душы. I ў тым трагедыя Карызны і тысяч, нават мільёнаў такіх, як ён, каму было наканавана жыць у той «пракляты час».

Аднак і сам Карызна ўсвядоміў свой поўны крах і ўсю бездань свайго падзення толькі тады, калі вязьмо заціснула яго. Да гэтага ён не толькі не змагаўся з нялюдскім у сваёй душы, але выпечшваў яго і тым самым быў ужо падрыхтаваны да таго, каб д'ябал прыйшоў па яго душу. I ў тым віна Карызны і як вынік — плата за яе. Ён дакаціўся ўжо не да «гадости, низоста, мерзости», як гогалеўскія персанажы, а да подласці — здрады і выраку сваіх бацькоў. Максімальная выява страты душы і адначасова максімальная плата за яе вынішчэнне.

Зусім іншыя абставіны, што справакавалі горшыя чалавечыя якасці, склаліся для герояў апавядання У. Арлова «Клён». Тыя абставіны нельга назваць ні звышэкстрэмальнымі, ні выключнымі. Звычайныя бытавыя абставіны: сусед запатрабаваў спілаваць векавы клён, што стаяў на мяжы яго поля, бо бліз клёна бульба стала кепска радзіць. Шчымлівы боль, шкадаванне сямейнай рэліквіі, якая была сімвалам вечнасці і сімвалам роду гаспадара, засталіся толькі як мітушэнне, а не святая бітва ў душах гаспадара і аднаго з двух яго сыноў. У іх была магчымасць уратаваць святыню без усялякай пагрозы для свайго жыцця. Не жыццём заплаціць, а нейкай паслугай ці грашыма можна было дасягнуць згоды і паразумення з суседам. Але ў гаспадара і яго сыноў нават думкі такой не ўзнікала. Пасумаваўшы і падумаўшы, заплацілі душой.

Выдатную форму абраў А. Вярцінскі для сцвярджэння думкі, што чалавек не бязгрэшны, але ёсць мяжа, пераступаць якую не дадзена нікому, хто хоча жыць па законах вечных, «законах прирожених». У вершы «Чалавек маленькага роста…» паэт даводзіць, што многае ў жыцці не залежыць ад цябе самога. Ні «чалавек маленькага роста», ні «чалавек маленькага розуму» не ў адказе за рост і розум, бо гэта залежыць не ад іх. Галоўная праблема верша сфармулявана пытаннем: «Чалавек душы маленькай, мог ты лепшым быць ці не?» Чалавек у адказе за стан сваёй душы, бо яна — абсяг поўнага яго валадарства. Цярпімымі і цярплівымі павінны быць людзі да недахопаў іншых — спагадлівымі будуць і да іх. Але само жыццё не даруе подласці, бо ёй не можа быць ніякага апраўдання:

Хібам нашым ёсць апраўданне — Подласці апраўдання няма.

Самаапраўданне таго, хто дакаціўся да такога стану, сведчыць толькі пра незваротную страту душы, уваскрасіць якую ўжо немагчыма.

«Вядзі рашучы бой!» (А. Вярцінскі)

Не позволяй душе лениться!

Чтоб в ступе воду не толочь,

Душа обязана трудиться

И день и ночь, и день и ночь.

М. Забалоцкі.

Выканаць евангельскі запавет уваходзіць цеснымі варотамі і ісці вузкай дарогай, якімі не многія ходзяць і якія вядуць у годнае жыццё, магчыма, толькі калі будзе «душы і мускулаў работа». Лянота душы і цела заўсёды вызначаюць выбар шырокіх варот і прасторнай дарогі, якія вядуць да пагібелі.

Шырокія вароты і прасторную дарогу выбраў Гукан, герой рамана I. Шамякіна «Сэрца на далоні», каб здзейсніць свае кар'ерысцкія намеры: чорнай няўдзячнасцю і подласцю «аддзячыў» людзям, якія выратавалі яму жыццё. I граф Паліводскі з рамана Чорнага «Пошукі будучыні» прасіў Сымона Ракуцьку выратаваць яго, абяцаў азалаціць за гэта, але потым страляў у свайго збавіцеля. Праз некаторы час, з'явіўшыся перад сваім выратавальнікам ужо не з ранейшым няшчасцем, а з сілай афіцэра польскага войска, Паліводскі разбурыў гняздо Сымона Ракуцькі, змусіў яго стаць выгнанцам. I прыклады душэўнай слепаты і чорнай няўдзячнасці, засведчаныя ў мастацкіх творах, можна множыць бясконца.

Таленавітыя творы нацыянальнай літаратуры з пераканальнай мастацкай сілай даводзяць нам, што плата за грахі, за невыкананне «загадаў Божых» і парушэнне законаў вечных — вынішчэнне ўласнай душы, а кара — нябыт. Але што можа чалавек? Што залежыць ад яго? Якія яго магчымасці ў барацьбе са злом за выратаванне найперш сваёй уласнай душы? Ці здольны чалавек змяніцца да лепшага, уваскрасіць сваю душу?

Аптымістычнымі і канцэптуальнымі ў творчасці Яна Баршчэўскага з'яўляюцца апавяданні «Ваўкалак» і «Вужыная карона» з кнігі «Шляхціц Завальня…». Гісторыяй жыцця сваіх герояў пісьменнік пераканальна даводзіць нам, што ад чалавека залежыць галоўнае — стан яго душы.

Апавяданні славяць чалавека, які, спатыкнуўшыся, саграшыўшы, знайшоў у сабе сілы выбрацца з бездані свайго граху і вярнуць, уваскрасіць душу. Славяць чалавека, які перамог зло толькі пасля таго, як перамог самога сябе.

У апавяданні «Вужыная карона» пераканальна паказана ўваскрэсенне душы ў выніку рашучага бою чалавека за сваю душу. Эвалюцыя душы кожнага чалавека пачынаецца з перагляду каштоўнасцей: Сямён зразумеў, што багацце ад нячысціка — тлен, не здольны зрабіць яго шчаслівым. Самае вялікае шчасце — каханне. У імя яго ён цалуе крыжык (а крыж — сімвал веры, без якой, як даводзіць Ян Баршчэўскі, чалавек «на ўсё гатовы») і кідае каменем у вужа. Метафарычна выяўляе Ян Баршчэўскі сваё разуменяе аднаго з пастулатаў хрысціянскай маралі, што «вера без добрых спраў мёртвая ёсць». Пацалаваць крыжык і кінуць каменем у вужа — рэалізаваць і пацвердзіць сваю веру і шчырыя памкненні на справе.

Уваскрэсенне душы пачынаецца з усведамлення свайго граху, віны, з пакаяння і раскаяняя за ўчыненае. Наступная прыступка на лесвіцы жыцця — жаль, спагада няшчаснаму, адчуванне яго болю і пакут, як сваіх уласных. А канчаткова вырваць сваю душу ў нячысціка можна толькі добрымі справамі. Усе прыступкі на лесвіцы жыцця адолеў герой Яна Баршчэўскага, каб вярнуць сабе чалавечы воблік. Але аднаго ўсведамлення сваёй віны і пакаяння недастаткова. Рабі дабро ўсім, нават сваім крыўдзіцелям, даводзіць апавяданнем «Ваўкалак» Ян Баршчэўскі. I адначасова перасцерагае, заклікае быць асцярожнымі, клапаціцца пра стан сваёй душы, не пускаць у яе тое, што можа загубіць: зайздрасць, жаданне зла іншаму, хцівасць, помслівасць.

Біблейскія рэмінісцэнцыі ў творы відавочныя. I Біблія папярэджвае ўсіх нас, што зайздрасць — грэх вельмі вялікі, большы за забойства, бо зайздрасць паступова, кропля па кроплі забівае радасць жыцця і ўсведамленне таго, што дадзена чалавеку. Зайздрасць напаўняе яго душу неўтаймоўным жаданнем зла іншаму, каму дадзена тое, што яму не дадзена. Зайздроснік — жывы труп, непахаваны нябожчык, які выпраменьвае толькі зло. Зайздроснік — гэта ваўкалак, папярэджвае нас і Ян Баршчэўскі.

Алегорыя Яна Баршчэўскага не толькі сродак займальнасці ці стварэння крытычных сітуацый, у якіх выпрабоўваюцца героі. Яна філасофская, яна — спосаб выяўлення пісьменніцкай канцэпцыі. У фантастычных апавяданнях Яна Баршчэўскага носьбітам і ўвасабленнем дабра з'яўляецца толькі чалавек. За рэдкім выключэннем, і намаганні чалавека, сродкі яго барацьбы з незлічонымі размаітымі сіламі зла таксама рэальныя — добрыя справы дзеля бліжняга свайго. Толькі ад гэтых добрых, канкрэтных і рэальных, а не фантастычных спраў гіне зло. Толькі Чалавек (а не, як у паганскіх ці літаратурных казках, птушкі ды звяры) супрацьстаіць злу ў розных яго абліччах: ката Варгіна, Белай Сарокі, чорнага сабакі, вужа, нават жамяры. Усе яны — слугі д'ябла. Супраць усіх іх — адзін Чалавек. I яго перамога вызначаецца станам яго душы і пабожнымі ўчынкамі. У гэтым — аптымізм, максімалізм і пафас сцвярджэння ў творах Яна Баршчэўскага.

Вялікую мастацкую вартасць і неацэннасць духоўнага вопыту, засведчанага ў творы, уяўляе гутарка-балада У. Сыракомлі «Хадыка». У творы даследуецца не драма жыцця чалавека, а драма і эвалюцыя, уваскрэсенне яго душы. Твор уражвае не фабулай, а мастацкім выяўленнем біблейскай ісціны: у якую б бездань ні зрынуў чалавека яго грэх, заўсёды ёсць надзея (і што яшчэ важней — магчымасць) адрадзіць, уваскрасіць, выратаваць сваю душу. А скарыстаць гэтую магчымасць ці не — залежыць толькі ад чалавека.

Трыццаць гадоў хаваўся Хадыка ў лесе ад людзей, жыў у адзіноце, «працаваў са слязамі», «у сабе нёс пагоню», бо гналі думкі, гнала пачуццё віны за пралітую кроў. I жывы пазайздросціў мёртваму, бо на тым няшчасным, па кім галосіць жонка, няма такога страшнага граху, як на ім, Хадыку…

Адзінота, холад і голад не раз наводзілі на думку ісці да гасцінца і разбоем здабываць ежу ці налажыць на сябе рукі. Жыццяпісам Хадыкі У. Сыракомля акрэсліў вехі уваскрэсення чалавечай душы: усведамленне свайго граху, віны, раскаянне і шчырае, што са слязьмі прыйшло, пакаянне, цярпенне, малітва і вера, надзея і любоў да жывога, да працы, да людзей, сама праца і людская міласэрнасць — вось тое, што лечыць скалечаную душу.

Пакутніцкі гэта шлях да ўратавання, але іншага проста няма. Споведзь лірычнага героя верша П. Броўкі вычарпальна вызначае тыя пакуты:

Усё баліць, на сэрцы хмары, Памылкі лічыш ты ў кляцьбе — Не ведаю я большай кары, Калі караеш сам сябе.

Аднак толькі такая кара — сведчанне таго, што душу яшчэ можна ўратаваць. I наадварот, пошукі самаапраўдання — сведчанне яе пагібелі, як пра тое нагадвае нам А. Вярцінскі:

Сумленне, што алібі пэўна сцвярджае, Тым самым на гібель сябе асуджае.

«Людзей ратуе толькі чалавечнасць» (П. Панчанка)

У ваходзьде цеснымі варотамі, бо шырокія вароты і прасторная дарога вядуць у пагібель, і многія ідуць імі;

Бо цесныя вароты і вузкая дарога вядуць у жыццё, і нямногія знаходзяць іх.

Евангелле ад Матфея.

Ад голаду і адчаю асірацелае няшчаснае дзіця рэпрэсіраваных бацькоў вырашыла ў люты мароз сесці ў гурбу і пакінуць гэты нясцерпны свет. З такім намерам дзяўчынка выйшла на дарогу, а насустрач ёй ішла пахавальная працэсія. I нехта ў чорным падаў сіраціне бохан хлеба. У той сібірскай мясцовасці быў такі звычай: першага, хто сустрэнецца, калі выносяць нябожчыка з дому, надзяліць боханам хлеба. Першай была яна. Мёртвы выратаваў жывога… Вечнасць жыцця забяспечваецца выкананнем вечных законаў, сярод якіх галоўны — чалавечнасць.

Гераіня гэтай праўдзівай гісторыі не расказвала пра сваё сіроцтва потым, а толькі пра тое, як надвячоркам быў пасланы ёй выратавальны бохан хлеба, дзякуючы якому пасля ночы наступіла раніца. Бохан хлеба стаў і паратункам, і знакам на ўсё жыдцё. Знакам таго, што «людзей ратуе толькі чалавечнасць», што «без чалавечнасці не будзе вечнасці», як даводзіць панчанкаўскі лірычны герой.

Выратавальнікаў называюць праведнікамі. Літасцівыя і чыстыя сэрцам, яны здольны накарміць галоднага, напаіць сасмяглага, апрануць раздзетага, суцешыць зняверанага, прытуліць бяздомнага. Такія — шчасныя, бо сіла іх чалавечнасці настолькі вялікая, што яны здольны нават уратаваць «зачараваных смерцю», падняць з зямлі апантаных страхам і павесці іх за сабой. Адзін з такіх праведнікаў «лёг на змяіныя скруткі дроту. I дзвесце салдацкіх запыленых ботаў прайшлі па яго спіне». Дзякуючы такім, як герой аднайменнага верша П. Панчанкі, «другія ішлі ў атаку… і сцяг перамогі ўздымалі ранкам на заваёваным рубяжы». Другі праведнік з рызыкай для ўласнага жыцця падтрымлівае таго, каго раз'ятраны, азвярэлы натоўп патрабуе раскрыжаваць. Трэці, як быкаўская Сцепаніда, не ведае спакою, начэй не спіць, апошняе гатоў аддаць, калі над некім занесены меч несправядлівасці і вынішчэння: хутчэй, можа, яшчэ не позна запабегнуць непапраўнае.

Чалавечныя — гэта заўсёды багатыя духоўна. «I ведай тады, што адным енкам ды стагнаннямі людской бядзе не дапаможаш. Помні, што, каб другога вызваляць, трэба самаму крэпкім быць», — мудра настаўляе студэнта Архіпа дзед Яхім з апавядання М. Гарэцкага «Роднае карэнне».

Такой сілай і гатоўнасцю «другога вызваляць» валодае лірычны герой верша А. Вярцінскага «Бачу я: нехта некага любіць…»:

Бачу я: нехта некага любіць — Гэта іх справа, гэта іх права; Бачу я: нехта некага губіць — Тут і мая ўжо справа.

I сапраўды, чалавек не павінен умешвацца ў асабістыя справы іншых, але ён не павінен быць абыякавым да людской бяды. Чалавечныя заўсёды гатовы падтрымаць, дапамагчы няшчаснаму і здольны нават трымаць на сваёй далоні сэрца бліжняга. П. Панчанка настойлівы ў сваім перакананні, што «без чалавечнасці не будзе вечнасці», што «перш за ўсё і вышэй за ўсё — чалавечнасць».

Чалавечнасць — гэта дарога, якая вядзе да Храма. Чалавечнасць — гэта і Храм, збудаваны ў кожнай спагадлівай і чулай душы.

Доўгі і пакутніцкі шлях да Храма прайшоў герой У. Сыракомлі Хадыка і памёр не на асіне, да якой не раз клікаў яго нячысцік, а на кляштары. Як святы. I не людзі яго судзілі, не князь слуцкі, а сам Усявышні назначыў «дзень той судны». Аўтарскае захапленне сілай чалавечага духу, якой і забяспечваецда будаўніцтва Храма ў душы чалавека, выяўлена ў апошняй страфе гутаркі-балады «Хадыка»:

.. А між бароў, сярод імшары дзікай, Дасюль вядзецца пасека лясная, Багата дзіў аб ёй апавядсноць I называюць гэтак жа — Хадыка.

У Евангеллі сказана: «I збяруцца перад Ім усе народы; і аддзеліць адных ад другіх, як пастух адцзяляе авечак ад казлоў. I паставіць авечак праваруч, а казлоў — леваруч». Праваруч будуць усе тыя, хто накарміў Яго — галоднага, напаіў Яго — сасмяглага, апрануў Яго — раздзетага, наведаў Яго — хворага, даў прыгулак Яму — вандроўнаму. Леваруч — усе тыя, хто не зрабіў для Яго ўсяго гэтага. I здзівяцца праведнікі: «Госпадзі! гэта мы бачылі Цябе галодным і не накармілі, сасмяглым — і не напаілі, вандроўным — і не прынялі, хворым — і не наведалі?» I Цар адкажа ім: «Так, як вы зрабілі гэта аднаму з братоў Маіх меншых, тое зрабілі Мне».

«Што такое чалавек перад знішчальнай сілай бесчалавечных абставін» (В. Быкаў)

Гэта няпраўда, што ад нас нічога не залежыць… В.Быкаў.

Дачуўся нейкі зайздроснік пра вялікую славу аднаго мудраца і вырашыў перахітрыць, зняславіць яго. Выбраўшы зручны момант, калі той прамаўляў перад сціжмай людзей, зайздроснік выйшаў з натоўпу і запытаўся ў мудраца:

— Скажы, матылёк у маёй руцэ жывы ці мёртвы?

Сам жа намерыўся сціснуць далонь, калі мудрэц скажа, што матылёк жывы, і разняць, калі скажа, што мёртвы.

— Усё ў тваіх руках, — адказаў мудрэц. Абставіны — гэта заўсёды вузел, вязьмо, якое, калі чалавек не здольны яго развязаць, зацісне, задушыць. Такія абставіны называюць «памежнымі», экстрэмальнымі. Усведамляючы ўсю небяспеку вязьма, што вось-вось заціснецца і развязаць якое будзе ўжо немагчыма, народны мудрагель Галілей з рамана М. Зарэцкага «Вязьмо» час ад часу выпраўляецца «ў цудоўную сваю экспедыцыю». Галілей «хоча пачуць нейкае мудронае, усеабдымнае слова, якое б маланкай асвяціла яму затуманены краявід». Адзін толькі Галілей адчувае вялікі неспакой перад тым, што набліжаецца. «Па разгайданым бурлівым моры ішоў горды ў смелым поступе сваім карабель, трымаючы курс на далёкае сонца…Гэта ішла сваім трыумфальным паходам непераможная рэвалюцыя».

Краявід Галілея затуманены страхам перад невядомым: што праводзіцца? У імя чаго? Што будзе з чалавекам, калі «горды ў смелым поступе сваім карабель» зойдзе так далёка, што ні вярнуцца назад, ні ўратавацца на ім ужо ніхто не зможа? З гэтымі пытаннямі, толькі завуаліравана, іншасказальна, народны мудрагель звяртаецда да ўсіх, на чый одум яшчэ спадзяецца. Усім вядомы сюжэт пра гордзіеў вузел Галілей у кантэксце сучасных яму абставін прачытаў так: «Гардзей той завязаў быў дужа мудроны вузел і ў наругу цару Ляксандру — на, кажа, развяжы, калі ты разумней за мяне… Дык дар, не патрапіўшы, ага… выняў меч і — раз… перасек той вузел… ага перасек…» На пытанне Якуба Лакоты, хто ж з тых дваіх быў разумнейшы, Галілей затрос барадзёнкай: «Дурны быў цар… Дурны Ляксандр… Сячы кожны патрапіць… А хай развяжа, ага… хай развяжа!»

Таталітарная сістэма з яе ідэалогіяй і пастулатам, што няма абставін, якія былі б за яе мацнейшыя, прапанавала ўсяму свету свой варыянт перамогі абставін — секчы, толькі секчы. I сячэнне тое прымеркавала якраз на самае жывое, вечнае — на духоўнае. Цынічна заявіўшы, што няма абставін, якія былі б мацнейшымі за чалавека, па чалавеку і чалавечым у ім якраз і секла.

Выпрабоўваючы сваіх герояў менавіта бесчалавечнымі абставінамі, таленавітыя пісьменнікі-філосафы сучаснасці не адмаўляюць, што ёсць абставіны, якія мацнейшыя за самага моцнага. Выпрабаваўшы імі герояў, пісьменнікі адначасова даводзяць, што нават у такіх абставінах ёсць тое, што залежыць і ад чалавека.

Творы В. Быкава, У. Караткевіча, Я. Брыля, А. Адамовіча і іншых пісьменнікаў нагадваюць усім нам, што «дзень той судны» будзе не толькі там і не толькі тады, калі будуць аддзелены адны ад другіх і адны сядуць праваруч ад Яго, а другія — леваруч. Час экстрэмальных абставін — «дзень той судны» тут і цяпер, і кожны чалавек сам вызначае, дзе яму сядзець — праваруч ці леваруч. Кожны чалавек у экстрэмальнай сітуацыі сам выбірае, у якую браму — цесную ці шырокую — яму ісці, ісці да жыцця ці пагібелі.

Навела Я. Брыля «Метепtо mоrі» — псіхалагічнае і філасофскае даследаванне духоўных магчымасцей чалавека ў бесчалавечных абставінах. Рота аўтаматчыкаў акружыла і «спраўна накрыла» вёску, а бяззбройных людзей, жанчын, дзяцей і старых, сагналі ў адрыну, якую вось-вось падпаляць. З натоўпу няшчасных ахвяр поглядам зондэрфюрэра пісьменнік «выхоплівае» толькі аднаго — старога са «скамянелымі вачыма». I толькі адной гэтай дэталлю адказвае на пытанне, што ў такой сітуацыі залежыць ад чалавека. Змірыцца, скамянець і годна прыняць наканаванае лёсам. Сартраўскі герой Іблетта з апавядання «Сцяна» сваю волю і права ў аналагічнай сітуацыі вызначыў так: «Хачу памерці дастойна».

Але менавіта такая скамянеласць, што ў падобнай сітуацыі азначае годнасць, не задавальняе зондэрфюрэра, і ён, як д'ябал, спакушае чалавека магчымасцю выжыць, калі ўсе астатнія загінуць пакутніцкай смерцю. Раструшчыць чалавека духоўна і адначасова павялічыць пакуты ўсіх тых, хто ўжо падрыхтаваў сябе да смерці, справакаваць людзей на выяўленне горшага — такі намер фашыста. Бо сказана: «не бойцеся забойцаў цела, душы не здольных забіць». Зондэрфюрэр не задаволіўся перспектывай знішчэння плоці — ён памысліў пра вынішчэнне душы і духу. Некалькімі дэталямі пісьменнік здолеў паказаць поўнае паражэнне зла і ўславіць перамогу духу: «момант разгубленасці, а потым зондэрфюрэр сарваў левай рукой… скураную пальчатку, адшпіліў кабуру, выхапіў пісталет і прыцэліўся…» Злосць, адчай апанавалі зондэрфюрэра. Чалавек, загнаны ў адрыну, стары, нямоглы, перамог яго, маладога, дужага, са зброяй у руках. Выбар, зроблены печніком, пераконвае нас, што сіла плоці — нішто ў параўнанні з сілай духу. Аўтарскае захапленне чалавекам, што выбраў цесную браму, якой ходзяць не многія і якая вядзе да жыцця вечнага, выяўлена ў словах: «I ён згарэў — адзін, хто мог бы ў той дзень не згарэць. I ён жыве».

В. Быкаў таксама выпрабоўвае ўсіх сваіх герояў бесчалавечнымі абставінамі, якія вызначаюць іх сутнасць, тут і цяпер аддзяляюць адных ад другіх. I такая прорва пакладзена паміж імі, што пасля зробленага выбару ім ужо не дадзена яе пераадолець, каб быць, як да выбару, зноў разам. Адны ўзнімаюцца да жыцця вечнага, другія звергнуты ў нябыт.

Перад вынішчальнай сілай бесчалавечных абставін Сотнікаў з аднайменнай аповесці пакінуў за сабой апошняе права свабоднага чалавека — права застацца чалавекам. Галгофа Сотнікава, як і многіх іншых быкаўскіх герояў, — гэта подзвіг духу, смерць у імя жыцця, выратаванне найперш сваёй уласнай душы. «Узыходжанне» — так назвала свой фільм Л. Шапіцька па аповесці «Сотнікаў», выявіўшы тым самым і сваё ўсведамленне і асэнсаванне духоўнага вопыту, засведчанага ў творы В. Быкава.

Ёсць вялікае жаданне застацца чалавекам і пры гэтым захаваць сабе жыццё ў таварыша Сотнікава — Рыбака. Ён не можа змірыцца з тым, што ў бесчалавечных абставінах спалучыць гэтыя два жаданні немагчыма, а трэцяга не дадзена. Пакутліва шукае ён выйсця, спрачаецца з Сотнікавым, змагаецца сам з сабой, але марна. Спачатку Рыбак прапануе Сотнікаву паспрабаваць перахітрыць фашыстаў, пачаць гульню, «каб выйграць сабе жыццё — хіба гэтага мала? А там відаць будзе, толькі б не забілі. Толькі б вырвацца з гэтай клеткі». Дарэмна Сотнікаў даводзіць Рыбаку, што «гэта — машына», якой або будзеш служыць, або яна сатрэ ў парашок. I варта толькі пачаць з ёй хітрыкі — падзенне непазбежна.

Шэраг малых і вялікіх здрадаў-хітрасцей Рыбака заганяе яго ў такую пастку, у якой ён нават пазбаўлены права і магчымасці распарадзіцца ўласным жыццём. Усвядоміўшы ўвесь жах спрычыненага і тое, што ён перахітрыў толькі самога сябе, Рыбак у адчаі вырашае здзейсніць «свой адзіна магчымы цяпер намер»: «Столь была невысокай, але, мабыць, для яго справы вышыні дастаткова. Са злой рашучасцю ён расшпіліў паўшубак і раптам аслупянеў — папругі на штанах не было. I як ён забыўся на тое, што яе адабралі перад тым, як пасадзіць у падвал…»

У аповесці «Сотнікаў» В. Быкаў вырашае яшчэ адну надзвычай важную этыка-філасофскую праблему — неадпаведнасць суб'ектыўнага намеру таму ўчынку, які вынікае з гэтага намеру. Праблема супярэчнасці паміж маральнай мэтай і амаральнымі сродкамі яе дасягнення неадлучная ад праблемы выбару. Учынкі людзей у выніку такога выбару паміж маральнай мэтай і амаральнымі сродкамі выходзяць з-пад кантролю. Зроблены ўчынак ужо набывае свой лёс, урываецца ў аб'ектыўную сувязь падзей, рэчаў, часта парушаючы ўсталяваны паміж імі парадак. Жаданне быць шчаслівым, калі вакол усе няшчасныя, імкненне выжыць у памежнай сітуацыі ўплываюць на выбар і ўжо вымагаюць ад героя амаральных сродкаў для дасягнення маральнай самой па сабе мэты. Калі чалавек ідзе на «гульню» з абсурднымі абставінамі, ён павінен быць падрыхтаваным, што «іграць» давядзецца па правілах абставін.

Усведамленне таго, што немагчыма быць шчаслівым «у часы, калі гора разлілося слязьмі і крывёй скрозь ад мора да мора», вызначыла выбар героя паэмы А. Куляшова «Сцяг брыгады» Алеся Рыбкі ўбачыць «часы перамог» на цыферблаце свайго гадзінніка. У сітуацыі «чумы», як лічыць і камюсаўскі герой з рамана «Чума», «сорамна быць шчаслівым у адзіноце».

Адзіная прывілея, як назваў В. Быкаў, «нават раскоша» сумленнага, свабоднага і моцнага духам чалавека ў бесчалавечных абставінах, адзінае, што ад яго залежыць, — застацца чалавекам. Усведамленне таго, многа гэта ці мала, залежыць зноў жа ад кожнага з нас.

«Нашто на зямлі сваркі і звадкі… калі ўсе мы разам ляцім да зор?» (М. Багдановіч)

Любіце адзін аднаго!

З Евангелля.

Варожасць — самае горшае

У свеце людскім пачуццё.

А. Вярцінскі.

Самы першы з усіх «загадаў Божых» — не забі! Самы галоўны закон вечнасці, першая ўмова жыцця — не забі!

Гэты закон вечнасці, усвядомлены пісьменнікам-філосафам М. Гарэцкім і дакляраваны нам з найбольшай палкасцю і незвычайнай сілай яго таленту: не забі!

Асноўная тэма ўсёй яго шматграннай і багатай творчасці — антываенная. Творчасць яго — праклён вайне, вайна — вайне, заклік спыніцца і адумацца, мастацкае выяўленне філасофскай думкі, што вайна вынішчае выключна ўсіх: і таго, хто загінуў, і таго, хто перамог. Чалавек, які па сваёй ці якой іншай злой волі пазбавіў жыцця другога, знішчае і сваю душу.

У апавяданні «Літоўскі хутарок» антычалавечая сутнасць вайны паказана праз трагедыю адной мірнай сям'і. Сюжэт апавядання просты: хутарок, дзе жыве сям'я Яна Шымкунаса, за кароткі час некалькі разоў пераходзіць то да немцаў, то да рускіх і з'яўляецца полем бою дзвюх армій. А баі былі такія, што, як казаў палкоўнік па тэлефоне, забітых «няма сілы падабраць»: «Ляжаць цэпкамі, калонамі. Бог іх ведае, ці забіты так, ці параненыя спаўзліся ў адзін груд. Трупаў не менш трох тысячаў на адной маёй пазіцыі». Вайна паказана Гарэцкім не толькі як трагедыя вынішчэння жыцця, яго плоці. Нікому з пісьменнікаў да Гарэцкага не ўдалося з такой пераканаўчасцю і мастацкай сілай паказаць як вынішчэнне вайной асобнай душы, так і масавае вынішчэнне душ.

Глыбіні філасофскай думкі садзейнічае кампазіцыя апавядання і вобраз Шымкунаса. У пачатку апавядання добры, далікатны і мудры Шымкунас паказаны як чалавек, перакананы ў тым, што і рускія, і кайзераўскія салдаты такія ж людзі, як яго Блажыс, што недзе таксама вымушаны ваяваць і разам з іншымі пайшоў «спраўляць крывяныя хаўтуры». Таму на пытанне феерверкера Сініцы, «куды паненкі схаваюцца, як прыйдзе германец», дачка Шымкунаса адказвае, што не будзе хавацца, бо «прусы — народ дужа прыгожы». Так думае не толькі наіўнае дзяўчо, але і мудры Шымкунас, мяркуючы, што пагроза лёсу можа прыйсці толькі ад шалёнага снарада. Мудры Шымкунас не ведаў, што калі «два ворагі-асілкі» сыходзяцца, то перастаюць дзейнічаць, руйнуюцца і ўсе вечныя законы людскасці. Сапраўды, няма добрых ці кепскіх народаў, ёсць людзі, якіх вайна справакавала на нялюдскасць. Той, хто, як Шымкунас, не толькі пабачыў «ашклянелыя вочы, рукі са сціснутымі кіпцямі і ўзнятыя ўгору, кроў», але і сам прайшоў праз пекла вайны, не раз зазіраў смерці ў вочы, аддае ёй спачатку сваю душу, хаця плоць яго пакуль яшчэ жыве.

Сапраўды, і рускія, і кайзераўскія салдаты да блізкай сустрэчы са смерцю — яшчэ людзі, нават «добрыя людзі». Шчыра супакойвае Шымкунаса рускі салдат, што «мірных жыхароў чапаць забараняецца» і што за ўсе панесеныя страты ім заплацяць. А нямецкі салдат праз перакладчыка Глюкмана прапануе Шымкунасу пакаштаваць іхняга хлеба. У пятым раздзеле апавядання пераканаўча паказана, як чалавек на вайне, кіруючыся яе законамі, пераступае парог, за якім ужо перастае быць чалавекам. Ні баяцца, ні саромецца больш няма чаго — вайна ўсё спіша. «Ці магу я саромецца гэтых дзікароў», — кажа адзін. А другі свае брыдкія, жывёльныя намеры апраўдвае нават тым, што гэта будзе садзейнічаць «паляпшэнню заняпалых народаў» і прывіццю «высшай культуры фізічным шляхам». I наладжваюць пір у час чумы: «танцуюць немцы ў Марыампалі пад грамафоны, мірным людзям за ўсё-ўсякае штых да грудзей, а дзяўчын ды маладзіц крыўдзяць».

Вобраз прыгажуні Монці, дачкі Шымкунаса, у апавяданні не толькі трагічна-канкрэтны, але і сімвалічны. Як прыгажосць — тая сіла, што здольна ўратаваць чалавецтва, так і вайна — сіла, што здольна яго знішчыць. Асаблівага трагізму дасягае пісьменнік у апошнім раздзеле апісаннем «раскіданага гнязда» Шымкунаса і зруйнаваных людскіх душ. У Апакаліпсісе напісана пра час, калі жывыя будуць зайздросціць мёртвым. Для герояў апавядання М. Гарэцкага такі час ужо настаў: жывыя не хочуць жыць. «Не магу я маліцца і жыць не хачу» — вось вынік страшнай трагедыі, што нясе любая вайна.

Традыцыі М. Гарэцкага ў паказе вайны прадоўжаны лепшымі майстрамі слова сучаснасці. Асаблівага ўздзеяння на людскія пачуцці ў сцвярджэнні той жа філасофскай думкі, што вайна вынішчае душы, дасягаюць В. Быкаў у аповесці «Пакахай мяне, салдацік» і А. Дудараў у п'есе «Радавыя».

Кожным радком, кожным словам усіх сваіх твораў В. Быкаў папярэджвае і даводзіць, што найвялікшая трагедыя вайны заключаецца ў вынішчэнні духоўнасці і разрыве повязяў паміж вякамі і пакаленнямі, без чаго само існаванне жыцця на зямлі становіцца праблематычным. Жывыя ставяць абеліскі мёртвым, але, як нагадвае лірычны герой верша А. Вярцінскага «Іх апошняя воля», «лепшая памяць аб мёртвых — ваша любоў да жывых». Фантастычным прыёмам ад імя загінуўшых лірычны герой А. Вярцінскага нагадвае жывым: «Мір — гэта самае большае, чаго б мы хацелі ад вас».

Сапраўды, «былі сусветныя войны, сусветнага міру — не». Сусветны мір наўрад ці залежыць ад кожнага з нас, але мір і згоду ў нашым доме вызначаем мы самі. Сусветны мір жывіцца, як акіян малымі і вялікімі рэкамі, згодай і мірам малых і вялікіх дамоў, у якіх жывём мы. Увесь свет можа ўратаваць і аб'яднаць святая ідэя бесканфліктнага супольнага жыцця, бо ўся «зямля — наш агульны дом», як даводзіць гераіня рамана Я. Брыля «Птушкі і гнёзды». Усе мы, імгненне пабыўшы ў гэтым доме, паляцім да зор. I нічога, акрамя сваіх душ, туды мы ўзяць не зможам — усё, з-за чаго вар'яваліся, калаціліся, сварыліся, пакінем тут. Многія нашы паэты-філосафы заклікаюць нас да такога разуменяя, а праз яго і да паразумення.

Усёй сваёй паэзіяй А. Вярцінскі сцвярджае ідэі дабра, міру, згоды, узаемаразумення паміж людзьмі: «Варожасць — самае горшае ў свеце людскім пачуццё. Дружыце — і будзе харошае, прыгожае ваша жыццё».

Ідэяй бесканфліктнага жыцця як умовы нашага існавання, гуманістычным пафасам прасякнута ўся творчасць Вярцінскага. Яго лірычны герой — інтэлігентны, выхаваны, памяркоўны чалавек, які схільны да разваг, да пераацэнкі каштоўнасцей, здольны ўбачыць высокае неба ідэала (адзін са зборнікаў паэта так і называецца: «Высокае неба ідэала»):

Я не супраць гнева, Ды я за тое, каб нас Не білі ні справа, ні злева. Ні ў профіль, ні ў анфас. Каб годнасці нашай і гордасці Ніхто не наносіў абраз, Каб не было неабходнасці Рашаць: ці біць у адказ?

I ўсё ж неабходнасць рашаць, ці біць у адказ, узнікае, бадай, у кожнага. У хвіліны асляплення крыўдай і несправядлівасцю, што нам учынілі, мы добра помнім, што «сказана: любі бліжняга твайго і ненавідзь ворага твайго». Гэта мы чуем, гэта нам зразумела. Ёсць вайна свяшчэнная, а помета святая. Вось такую прыдумалі людзі «аздобу» самаму страшнаму, каб стала ўсё ясна і зразумела, каб біць не вагаючыся. I не чуем, што далей сказана так: «А Я кажу вам: любіце ворагаў вашых, дабраслоўце ненавіснікаў і праклёншчыкаў вашых, рабіце дабро крыўдзіцелям і ганіцелям вашым…» Цяжка такое зразумець, яшчэ цяжэй выканаць. Вельмі нямногія здольны, як герой апавядання «Ваўкалак» Яна Баршчэўскага, праз неверагодныя пакуты падняцца да ўсведамлення, што з усіх чалавечых заганаў «найбольш супярэчыць рэлігіі і агідная Богу — помста. Ёю не супакоіш пакуты». Не толькі не супакоіш, а памножыш новыя, бо зло спараджае новае зло. I самая страшная і згубная яго выява ~ вайна і варожасць паміж людзьмі. Яны вынішчаюць жыццё, а жыццё, як сцвярджае лірычны герой А. Вярцінскага, «даецца, каб жыццё тварыць, не руйнаваць, не нішчыць, а — тварыць!»

«Паўзуць яны, сілы гэтыя, у шэрую бронь адзетыя…» (А. Вярцінскі)

Не збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і ржа вынішчаюць і дзе зладзеі падкопваюць і крадуць;

Але збірайце сабе скарбы на небе, дзе ні моль, ні ржа не вынішчаюць і дзе зладзеі не падкопваюць і не крадуць;

Бо, дзе скарбы вашыя, там будзе і сэрца ваша.

З Евангелля.

Не страшна, што ў свеце ёсць зло. Гэта не падстава для роспачы ці абурэння. Якую б гарманічную і справядлівую форму супольнасці ні прыдумалі людзі, зло будзе нават у ёй. Яно было, ёсць і будзе, як была і ёсць ноч, але за ноччу абавязкова будзе дзень. «Усё мінаецца», — напісана на пярсцёнку цара Саламона.

На свеце заўсёды будуць тыя, хто збірае сабе скарбы толькі на зямлі, а значыць, і сэрцы іх будуць там жа і будуць выпраменьваць зло. Не страшна нават, калі зла вельмі многа. Страшна, калі яго столькі, колькі дабра. Тады — разлад, развал, злом. «Дабро і зло ў аднолькай мерцы» — гэта войны («рака затоўчана крывёю»), незлічоныя ахвяры («удава заводзіць каля крыжа»), сацыяльная няроўнасць і несправядлівасць («адзін накраў — багацце ўмножыў, другі згалеў»)…

Яшчэ страшней, калі «няпраўда праўду акілзала і едзе людскасці на спіне» (Янка Купала). Гэта — баль сатаны і сатанінскі тур. Так бывае, калі дабро не проста пераможана, зрынута, але пастаўлена на службу злу, калі «аслу з напоўненай машною леў акаваны лапы ліжа». «Свінтус грандыёзус» Гарлахвацкі цынічна заяўляе, што ён «так тут зблытае карты, што свой свайго не пазнае», і тады ён зможа на спінах іншых «у вялікія вучоныя выехаць». Гэта ўжо зло ваяўнічае. I ўсё ж са злом лягчэй змагацца, калі яно відавочнае.

«На свеце трэба быць асцярожным» — адзін з лейтматываў кнігі Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня…». Зло ў алегарычных апавяданнях паказана не толькі ў вобліку агідных пачвар, цмокаў, карузлікаў (фантазія пісьменніка неабмежаваная ў абмалёўцы зла), але вельмі часта яно надзвычай прывабнае, зманлівае, зіхоткае: «і ў міг вока стаіць пасярод пакоя кабета чароўнае красы: рост высокі, твар ружовы, вочы вялікія, поўныя прывабнасці, на галаве і на ўсім адзенні зіхацяць дыяменты і каштоўныя камяні» («Белая Сарока»).

Страшнай сілай валодае зло ў белых адзеннях, у авечай шкуры, перасцерагае пісьменнік. Яно вабіць, захапляе, бярэ ў палон, нішчыць волю і пачуцці, «святыя думкі блоце», як пра тое даводзіць і Янка Купала ў вершы «Разлад». Ян Баршчэўскі на канкрэтных прыкладах паказаў, як здольна такое зло зблытаць «святыя думкі». Каханая, пра якую так марыў, жыць без якой не мог, становіцца Альберту ўжо непрывабнай: ён убачыў у ёй тысячу заганаў.

Менавіта зло ў белых адзеннях прагне валадарства не адной, а ўсімі душамі. Белая Сарока прыслала Скамароху вялізны мех золата, «каб быў верны сам і іншых знайшоў, адцаных ёй», здольных пайсці ў шырокую браму, што вядзе да пагібелі.

П. Панчанка вершам «Мала сказаць: ненавіджу…» папярэджвае, што зло «хітра маскіравацца вучыцца спрытна штодня». Яно бярэ на ўзбраенне дэвіз дабра «з ворагам біцца і выжыць, нібы салдат у баю» і кіруецца ім у барацьбе з праўдай, святлом, якія для зла найпершыя ворагі.

Выявы зла бываюць самыя разнастайныя. Іранічна, здзекліва-сатырычна паказаў Ядвігін Ш. у байцы «Дачэсныя» розныя выявы зла: сацыяльную несправядлівасць, няўдзячнасць, азвярэласць, рабунак, ашуканства, «мудрахітрыя пастанаўленні», дыктатуру, сутнасць і якасць улады, якую «паднялі з гразі», і тых, хто такую ўладу падняў… Пісьменнік пераканальна паказаў небяспеку давядзення грамадства да такога стану, калі яго можна завесці ў лес, абудзіўшы самыя нізкія інстынкты і пачуцці, у лес, дзе правяць воўчыя законы, галоўны з якіх — закон сілы. Леў навучае ваўкоў: «Не перабіраючы, што і чыё, хапайце і ешце». Рабуй нарабаванае, жыві ў лесе, дзе правіць закон сілы. I сталіся ўжо гэтыя, некалі сумленныя, ваўкі самі дачэснымі гаспадарамі. Сталася тое, што расійскі паэт Ігар Губерман вызначыў з выключнай дакладнасцю:

Боюсь, как дьявольской напасти, Освободительных забот: Когда рабы стоят у власти, Они куда страшней господ.

Леў і ёсць увасабленне разбуральнай сілы, здольнай абудзіць нізкае ў іншых, арганізаваць іх і маніпуліраваць імі ў сваіх мэтах; давесці грамадства да стану, калі «свой свайго не пазнае». Усё — дзеля таго, каб «паміж згоднай даўняй воўчай сям'і пачаліся звадкі, завялося шальмоўства»… Каб «загаціць пекла да варотаў», каб машына набірала свае шалёныя абароты, у яе трэба падкідваць паліва. Вось леў і прыдумаў для ваўкоў «даўгавечную карову», якую яны будуць даглядаць усе па чарзе. I ваўкі «не толькі малако дачыста сцягнуць, але ціснуць, ажно пакуль да крыві не дабяруцца». Кожны, хто яе даглядае, «ціхачом, а хоць кавалачак і лыткі з беднай жывёлы ўрве».

Многія пісьменнікі, як і Ядвігін Ш., пераканальна паказалі сілу зла, надзеленага ўладай. Ян Баршчэўскі настойліва даводзіць, што прычына ўсіх людскіх няшчасцяў на гэтай чароўнай і багатай зямлі — хцівасць, зайздрасць, бяздушнасць уладароў, іх дурасць і прага раскошы. «О! Калі б той пан Гугон (д'ябал) у сваім жыцці на гэтым свеце быў судцзёю, сакратаром або іншым якім чыноўнікам, дык што б рабілася?» А рабілася б тое, што апісана ў апавяданні «Кот Варгін»: «Гнеў яго быў страшны, жорстка і часта без усялякае віны караў… апрыкраў жыхарам, выклікаючы іх на суд, ганарыўся знакамітасцю роду Дадэмухаў, апавядаў, як некая! раскашавалі яго продкі…»

Такіх, надзеленых уладай, як раіць А. Макаёнак, «неабходна судзіць усенародным трыбуналам». Трыбуналам над моцкінымі, каліберавымі, над падхалімамі, прыстасаванцамі, прайдзісветамі і авантурыстамі розных калібраў і рознай моцы і з'яўляецца творчасць Андрэя Макаёнка.

Аснову камедыі «Выбачайце, калі ласка!» складае канфлікт паміж прыстасаванцамі і кар'ерыстамі Каліберавым і Моцкіным, што бачаць сваю галоўную задачу ў тым, каб «у першую чаргу разлічыцца з дзяржавай» любымі метадамі, і здаровымі сіламі, якія ўвасабляе калгасніца Ганна Чыхнюк. Ідэя твора і выяўлена ў яе маналогу, калі яна пярэчыць Калібераву: «Галоўная задача — у першую чаргу добры ўраджай вырасціць, а потым сабраць яго так, каб ніводнае зярнятка не прапала. Тады і з дзяржавай разлічымся. Мы свой доўг помнім. I калгасніку трэба за сваю працу атрымаць, і на лета каб было што пасеяць».

Маналог з'яўляецца прысудам усёй сістэме, пры якой магчымы такі абсурд, такія злачынствы, здзейсненыя не кім-небудзь, а самім кіраўніцтвам: «Гэта па-гаспадарску?! У людзей жа работа з рук валіцца, калі бачаць такое кіраўніцтва».

Гэтымі словамі сялянкі выяўлена аўтарская пазіцыя і перакананне, што самай страшнай сілай валодае зло, надзеленае ўладай. Праз такое «кіраўніцтва» ў людзей не проста работа «з рук валіцца» — валіцца, рушыцца вера ў справядлівасць, парадак. Так паступова разбэшчваецца народ, за што і «неабходна судзіць усенародным трыбуналам» моцкіных і каліберавых. Што хаваецца за слоўнай, прыгожа аформленай, хаця і абсурднай шыльдай, што іх «галоўная задача — у першую чаргу разлічыцца з дзяржавай» (галоўны лозунг таталітарнай сістэмы — чалавек для дзяржавы)? Хаваецца іх «сапраўдная задача» — любымі сродкамі прасунуцца вышэй па службовай лесвіцы ці хаця б уседзець у тым крэсле, якое пад імі зараз.

Мова Каліберава — яго самахарактарыстыка; яна адпавядае тым сродкам, метадам, якімі дасягаецда мэта і вырашаецца галоўная задача: «Не зробіш — дух вон, жылы на тэлефон!», «Я цябе ў парашок сатру!», «Такі сабантуй арганізую, што моташна стане», «Гайкі трэба тужэй закручваць сваім работнікам». Такая лексіка, такі стыль кіраўніцтва — такая і ўлада. Бойкая ўлада; па ўсім відаць, што ўсталявалася яна надоўга. Але не назаўсёды. У кожнага з хаўруснікаў свой інтарэс: Моцкін прагне заняць галоўную пасаду на базе «Заготзбожжа», дырэктар спіртзавода Печкуроў — дабудаваць за дзяржаўны кошт шыкоўны дом. У гэтым хаўрусе кожны гатовы ў выпадку чаго перакласці віну, усе свае грахі на чужыя галовы, і найперш на галовы адзін другога. Нічым не грэбуюць, ні перад чым не спыняюцца «да славы прагныя, ды вузкія ў плячах», каб дарвацца да ўлады, займець «вялікі хамут» і адпаведна — шыкоўнае жыццё.

Назвай «Выбачайце, калі ласка!» пісьменнік гаворыць, што такім кіраўнікам даўно пара паказаць на дзверы, падабаецца ім гэта ці не: злазь з даху — не псуй гонту! На заўвагу, што іхні старшыня «вельмі добры чалавек», Ганна Чыхнюк адазвалася па-свойму: «Жонцы трэба лагодны характар… Калгасу гаспадар патрэбен, ды добры гаспадар…» У падтэксце сёння прачытваецца і большае: гаспадар патрэбны быў і ўсёй краіне. Бо ад гаспадара, дзяржаўцы, як сцвярджалі яшчэ мудрыя нашы продкі, залежыдь росквіт і багацце краіны, дабрабыт і годнае жыццё народа.

«Паўзуць яны, сілы гэтыя, у шэрую бронь адзетыя, колькі іх там? Ого! А мы: Агонь! Агонь!.. — I зло ляціць пад адхон» — такі шлях вырашэння праблемы дабра і зла прапануе лірычны герой верша «Бой» А. Вярцінскага. Каб зло не стала ваяўнічым, каб свінтусы не сталі «грандыёзусамі», іх трэба «біць проста па пятачку» — такі сцвярджальны пафас усіх таленавітых твораў нацыянальнай літаратуры.

I. Шамякін у рамане «Сэрца на далоні» праз дыялог Тукана з Тарасавым яшчэ раз нагадвае нам ісціну, што перагледзець свае ўчынкі, пакаяцца, змяніцца да лепшага здольны толькі людзі. Нелюдзі ж (а такім нелюдзем і з'яўляецца Гукан-Сажань) ніколі не мяняюцца. Яны баяцца толькі аднаго — кары, страты пасады, да якой ішлі, пераступаючы цераз усё і ўсіх. Намаганні Тарасава абудзіць у Гукане сумленне, прымусіць яго прызнаць сваю віну і пакаяцца — марныя. Гукан здольны толькі на самаапраўданне, а не на пакаянне. Тарасаў перакананы, што Гукану «нельга паблажліва дараваць! Яго трэба бязлітасна выкрываць!».

П. Панчанка ў вершы «Гнеў і літасць» сцвярджае глыбока чалавечную думку пра тое, што ўсе мы павінны быць больш цярплівымі і даравальнымі адзін да аднаго:

Пакаўзнецца Нехта незнарок, Наламае дроў З малога розуму, Будзе хай урок, А не курок, I не трэба Прыгавору грознага.

Але ж ёсць і тое, што для сябе лірычны герой вызначыў як несумяшчальнае з воблікам чалавека: «п'янае дзікунства і паклёп, гвалтаванне, цёмнае грабежніцтва, падхалімства подлае ўзахлёб — ім заўсёды кара непазбежная».

«Кара непазбежная», а значыць, і перамога дабра над злом магчыма толькі ў выніку справядлівай барацьбы са злом. Хаўрус, згодніцтва са злом, капітуляцыя перад ім толькі ўмацоўвае і множыць зло. Вечнасць жыцця забяспечваецца толькі перавагай дабра, перамогай дабра над злом.

Хто смяецца апошнім

Предел на белом свете есть всему,

Лишь подлость человечья беспредельна.

Я. Еўтушэнка.

Добра смяецца той, хто смяецца апошнім. Галоўнае пытанне жыцця і адпаведна адна з асноўных праблем мастацтва — хто смяецца апошнім? Хто здольны перамагчы зло? Што неабходна, каб перамагчы «сілы гэтыя, у шэрую бронь адзетыя», каб зло ляцела пад адхон, а дабро святкавала перамогу? Трагедыя і ў жыцці, і ў мастацтве вызначаецца балем сатаны, як трыумф жыцця — перамогай дабра.

Сцвярджаючы, што перамога дабра магчыма толькі ў выніку бязлітаснага бою са злом, пісьменнікі нашай нацыянальнай літаратуры папярэджваюць, што гэты бой нялёгкі. Зло «хітра маскіравацца вучыцца спрытна штодня». Сілы зла, як даводзіць Ян Баршчэўскі, «здольны пладзіцца, як звяры, бо людская злосць ім добрая паша».

Сілы зла здольны аб'ядноўвацца, як пра тое ў народзе гаворыцца: чорт чорта пазнаў і на піва пазваў. Сілы зла не ведаюць ніякіх маральных бар'ераў. Сапраўды, на свеце ўсяму ёсць мяжа, і толькі зло і чалавечая подласць бязмежныя.

I ўсё ж аптымізм нашай літаратуры, яе сцвярджальны пафас у тым, што яна пераканальна і з вялікай мастацкай сілай паказвае: вынік і поспех у нялёгкай барацьбе са злом рэальны і магчымы. Гэта такая ж аб'ектыўная данасць, як і тое, што на ўсялякую сілу ёсць другая сіла.

К. Крапіва ў камедыі «Хто смяецца апошнім» вобразамі Левановіча і Веры пераканальна даводзіць, што перамога над злом магчыма толькі пры агульных намаганнях усіх сумленных і здаровых сіл у грамадстве. Драматург славіць высакароднасць і здольнасць людзей дапамагчы іншаму ў сітуацыі, якая можа быць небяспечнай для іх саміх. Дабро толькі тады дабро, калі яно дзейснае, калі здольна абараніць сябе і справу, якой яно служыць. Вобразам Чарнавуса пісьменнік славіць прафесіяналізм, адданае служэнне справе і адначасова папярэджвае, што філасофія «мая хата з краю» можа нашкодзіць і таму, хто яе прытрымліваецца, і справе, якой служыць адцаны і сумленны чалавек. Чарнавус выдатна ведаў і разумеў сутнасць Гарлахвацкага, якую вычарпальна, хоць і з уласцівай яму тактоўнасцю, вызначыў Туляга: «Свет пройдзеце, другога такога не знойдзеце». Ведаў і разумеў, але стараўся адмежавацца ад усяго, спадзеючыся, што ні яго самога, ні яго справы гэта не кране. Вельмі шкодная і небяспечная пазіцыя, гэтаму і ў жыцці, і ў гісторыі «мы тьму примеров слышим». Сваё дзікае паляванне зло якраз і пачынае найчасцей на тых, хто намерваўся ў зацішку пераседзець навалу. Вынішчаючы сумленныя, здаровыя, але пасіўныя сілы дабра, зло тым самым расчышчае сабе дарогу і рыхтуе атаку на актыўныя, каб лягчэй было расправіцца з імі.

Незвычаішай таленавітасцю і вастрынёй сацыяльных праблем, у ёй узнятых, вызначаецца камедыя М. Матукоўскага «Мудрамер». Драматург б'е ў набат, што самае страшнае зло — зло, надзеленае ўладай. Выявы зла бываюць розныя, але асабліва небяспечныя для грамадства «аслы на ваяводстве» — дурні, што дапялі пэўных вяршынь улады. Пісьменнік сцвярджае, што для нашага ж выратавання неабходна стварыць сацыяльныя бар'еры для дурняў, якія прагнуць улады і могуць яе дасягнуць. Патрэбны «мудрамеры», якія беспамылкова вызначалі б інтэлектуальны ўзровень кожнага, хто прагне «вялікага хамута». Вынаходства таленавітага Мурашкі — мудрамер. Здавалася б, усе могуць цяпер уздыхнуць з палёгкай: нарэшце! Аднак і ў творы гэта толькі завязка. Дзеянне ў п'есе не раз дасягае момантаў высокага напружання, аднак заканчваецца камедыя… трагічна, што, здавалася б, супярэчыць усім законам жанру.

У фінале п'есы вынаходнік Мурашка даведзены да адчаю ўсведамленнем таго зла, якое натварыў ён сваім вынаходствам. Яго мудрамер скарысталі бюракраты і дурні ва ўладзе, каб яшчэ больш умацавацца з яго дапамогай. Бюракраты павялічылі і без таго непамерна раздутыя штаты і адкрываюць ужо «інстытут мудраметрыі», заручыўшыся тым, што мудрамер у іх ужо ёсць. I зараз дурні будуць вымяраць мудрасць іншых! У адчаі Мурашка топіць сваё вынаходства, але з вады ўжо нясуцца гукі гімна «Слаўся!», што азначае геніяльнасць яго аўтара.

Геніяльнае ў нашым грамадстве сёння пакуль што ў адчаі, бо ваяўнічая шэрасць і дурасць правяць баль. I так будзе, пакуль Мурашкі не аб'яднаюцца з Дабрыянамі, Чарнавусамі, Тулягамі. Адзін у полі не воін! Толькі хаўрус усіх сумленных і здаровых сіл можа супрацьстаяць сілам, «у шэрую бронь» адзетым.

Асабліва настойлівы ў сцвярджэнні гэтай думкі I. Шамякін. Пісьменнік часта выпрабоўвае сваіх герояў сяброўствам і з уласцівай яму мастацкай сілай і пераканальнасцю славіць сапраўднае сяброўства паміж людзьмі. Прыгадаем вялікае і кранальнае сяброўства Сені Пясоцкага і Пятра Шапятовіча з пенталогіі «Трывожнае шчасце».

Наша захапленне сяброўствам Яраша і Шыковіча, герояў рамана «Сэрца на далоні», нельга лепш выказаць, як праз усведамленне Зосі: «Заўсёды хораша ад іх вось такой дружбы». Так думае Зося, назіраючы цёплыя, шчырыя адносіны паміж сябрамі, знешне такімі рознымі, але аб'яднанымі агульным — сумленнасцю. Так думаем і мы, усведамляючы, што толькі еднасць сумленных людзей здольна супрацьстаяць злу ў самых агідных яго выявах. Гэтымі вобразамі пісьменнік дае нам урокі аптымізму, пераконвае, што сілы дабра, калі яны дзейнічаюць супольна, заўсёды мацнейшыя за сілы зла.

Урокі паспяховай барацьбы са злом дае нам і В. ДунінМарцінкевіч вобразам Юліі з п'есы «Ідылія». Можна скептычна ставіцца да «хітрага» плана дваранкі Юліі выдаць сябе за сялянку, закахаць у сябе франкамана і ненавісніка ўсяго нацыянальнага — Лятальскага, каб паўплываць на яго стаўленне да народа. Але ніяк нельга адмаўляць думку пісьменніка, што гармонія знешняй і ўнутранай прыгажосці, дасканалы розум, часам нават хітрасць і хаўрус з усімі, хто, так ці інакш, паспрыяе высакароднай мэце, — дзейсныя сродкі ў барацьбе са злом. Галоўны ўрок Юліі ўсім нам не столькі ў тым, што яна сваім «хітрым» планам паўплывала на франкамана Лятальскага, а ў тым, што яна вывела на чыстую ваду Банавантуру Выкрутача. Ён быў упэўнены, што апошняе слова будзе абавязкова за ім, што смяяцца апошнім будзе ён. Атрымалася наадварот. Вобразам Юліі пісьменнік даводзіць, што для таго, каб дабро смяялася апошнім, недастаткова толькі высакародных намераў, адвагі і гатоўнасці рызыкаваць у імя перамогі над злом. Адвагу і высакароднасць зло часам касуе з лёгкасцю, а вось з дасканалым розумам і супольнымі намаганнямі справядлівых сіл яму не справіцца.

Даючы нам рэцэпты паспяховай барацьбы са злом, многія творы нашай нацыянальнай літаратуры вучаць і папярэджваюць нас, што ваяўнічасць зла намнога лягчэй папярэдзіць, чым потым з ім змагацца. Запабегнуць ваяўнічасць зла можна толькі клопатам і дбаннем пра духоўнае, бо «людская злосць яму (злу) добрая паша», даводзіць Ян Баршчэўскі творам «Шляхціц Завальня…». Чалавек стане годным уладаром і зямных скарбаў, калі навучыцца пазнаваць і любіць духоўнае. Пісьменнік нецярпімы да тых, хто гоніцца за багаццем «не дзеля таго, каб рабіць дабро бліжнім, а каб нічога не рабіць, або — што яшчэ горш — каб шкодзіць. Але што ж далей?». На ўсё жыццё шляхціц Завальня засвоіў урок бацькі: «добры лёс і ўладу над зямнымі скарбамі — дзеля бліжніх сваіх».

«На свеце трэба быць асцярожным». Быць асцярожнымі і пільнымі заклікае нас пісьменнік менавіга для таго, каб зло не распладзілася і не стала ваяўнічым. Толькі лічаным героям фантастычных апавяданняў Яна Баршчэўскага Удалося перамагчы зло, усіх астатніх яно перамагло. I ў гэтым рэалізм пісьменніка і яго філасофія. Пісьменнік сцвярджае таксама і магутную сілу слова, перасцерагае ўсіх, хто лічыць, што «слова — вецер, які не можа ані дапамагчы, ані, таксама, пашкодзіць». Славячы выратавальную сілу слова, ён заклікае нас быць пільнымі да таго слова, якое здольна пашкодзіць, разбэсціць, паклікаць у шырокую браму, што вядзе да пагібелі.

У апавяданні «Вучань Твардоўскага» пераканальна паказана, што асабліва магутнай сілай, як стваральнай, так і разбуральнай, валодае слова настаўніка і святара-духоўніка, бо яно палоніць душы людзей. Пра чысціню душы і павшей быць пільны клопат чалавека. Тэрыторыя любові і дабра — сумленная душа, авалодаць якой зло бяссільна. Там, дзе занядбана духоўнасць, пладзіцца зло і становіцца ваяўнічым. I вось тады бой з ім ужо непазбежны. А ніякай бітвы не бывае без ахвяр. I вялікай платай, якую запатрабуе перамога дабра над злом, будуць і сумленныя сілы. Запабегнуць ваяўнічае зло — ашчаджаць, зберагаць сілы дабра, а значыць — зберагаць само жыццё.

«Простае шчасце людское…» (Максім ТАНК)

…Людская кохания и мысли суть собь противна. Един бо в том ся кохаеть, тое хвалить и о том мыслит, а другый другое, а иный иное.

Ф. Скарына.

Прага шчасця, як і прага жыцця, асабліва моцная ў чалавеку. Няма, бадай, на свеце чалавека, які б не хацеў быць шчаслівым, не марыў бы пра шчасце і не імкнуўся да яго. Аднак, як слушна даводзіць Ф. Скарына, людскія памкненні і пачуцці адносна шчасця супярэчлівыя. Усе хочуць быць шчаслівымі, але кожны разумее шчасце па-свойму.

Цэнтральнай праблемай філасофскага рамана Кузьмы Чорнага «Пошукі будучыні», якая вызначае і многія іншыя праблемы (духоўнага і матэрыяльнага, вечнага і марнага, любові і нянавісці, праблемы бацькоў і дзяцей, шлюбу і сям'і), з'яўляецца праблема шчасця.

Усе героі рамана апантаны прагай шчасця, настойліва ідуць да яго, толькі кожны разумее шчасце па-свойму. Калі б меў усё «золата свету» і магчымасць валадарыць усім светам, калі б валодаў усёй славай свету, — усе гэта аддаў бы Нявада і стаў бы «прасіцца і маліцца: пусціце, калі ласка, дайце мне шчасце спаўзці з гэтага трона: я колькі год жыта не сеяў, кала нават не зачасаў, у кузні каня не каваў, у млыне мукі не малоў, раллі не нюхаў, ботаў не мазаў, капусты не сёрбаў, не наслухаўся ўволю, як пеўні спяваюць, як людзі па-людску гавораць». Удзельнік імперыялістычнай і грамадзянскай войнаў, вязень канцлагера і ваеннапалонны, які даўным-даўно вымушаны быў пакінуць дачушку Волечку і родныя Сумлічы, марыць пра шчасце хлебароба і сейбіта на роднай зямлі. Радзіма для яго — Волечка і шыпшына. «Без Волечкі і шыпшыны няма для мяне і роднай бацькаўшчыны. Як жа гэта так жыць, каб чалавеку на свеце не было за што душой зачапіцца», — дзівіцца Нявада, слухаючы гісторыю графа Паліводскага.

I Сымон Ракуцька, як і Нявада, бачыць сэнс жыцця ў сям'і, яе дабрабыце, забяспечанай будучыні дзяцей. Трагічны, пранізлівы і шчымлівы гэты вобраз. Заслуга Чорнага ў тым, што ён стварыў пераканаўчы псіхалагічны партрэт беларуса з яго адметнай нацыянальнай рысай — любоўю да радзімы, роднага гнязда, клопатам пра дзяцей, сям'ю: «Чалавек гэта быў дзіўны. Як ніхто іншы, ён пільнаваўся свайго гнязда, якое стала, хоць і марудна, складаў саломіна за саломінай». Гэта ў ментальнасці беларуса — пільнавацца свайго гнязда, ратаваць яго ад каршуноў і наперакор усяму зноў віць, калі яго разбурыць віхурай…

Прагай менавіта таго, ад чаго без вагання адмовіўся б Нявада, апантаны Шрэдэры, старэйшы і малодшы, — прагай золата, з якім яны звязваюць усе свае думкі пра будучыню. Таму і пусціліся яны ў небяспечнае падарожжа, каб выправіць ранейшую «памылку»: знайсці і забраць падараванае некалі Волечцы за выратаванне золата. Гэтыя людзі дзеля абагачэння гатовы на ўсё: на рабунак, марадзёрства. Жонка Шрэдэра Гертруда, жывучы ў маёнтку, падараваным ёй акупантамі, думае, што дасягнула шчасця, бо сынзаваёўнік і войска фюрэра забяспечаць ёй багатае жыццё. Яе ніколькі не мучыць сумленне і думка, што адабранае, нарабаванае не прынясе шчасця, што за ўсё трэба будзе заплаціць. I расплата спасцігла іх на гэтай зямлі: жанчына гіне, а муж не мае сіл нават пахаваць яе. Не вярнуў назад золата і Шрэдэр-старэйшы, што двойчы прыходзіў на нашу зямлю: у першую імперыялістычную вайну — з мячом, у другую — пад аховай мечаносцаў. Загінуў ад куль партызана Кастуся Лукашэвіча, мужа Волечкі Нявады. Так і не паспеў разабрацца ні ў сабе, ні ў тым, ці прынесла яго золата шчасце і карысць каму-небудзь іншаму.

У вобразах Волечкі Нявады і Кастуся Лукашэвіча ўвасоблена аўтарскае ўсведамленне кахання і сям'і як найвялікшай каштоўнасці чалавека. Каханне і ёсць тое золата, якое адно і варта Чалавека, якім і ўзнагароджвае яго лёс за духоўнае багацце, цярпенне… Старонкі, прысвечаныя нараджэнню гэтага кахання, самыя светлыя і лірычныя ў рамане. I што закаханым багацце! Што ім тое золата, якое яны трымаюць у шуфлядцы стала, як нейкі клубок нітак, калі багацце і золата ў іх душах!

Герояў (і «праведнікаў», і «зладзеяў») аб'ядноўвае тое, што ўсе яны — натуры моцныя, настойлівыя ў дасягненні сваіх мэтаў, і ў гэтай настойлівасці выключныя, здольныя на выбар: «Лепш грызці зямлю ў родным кутку, чым каб цябе ліхім ветрам кідала па чужым свеце». Так думае Нявада. Іншыя героі вырашаюць, што для іх «лепш», што важней, і ад гэтага выбару залежаць і іх жыццёвыя шляхі.

Цэнтральнай праблемай кнігі Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня…» таксама з'яўляецца праблема шчасця. Героі Яна Баршчэўскага апантаны прагай шчасця і знаходзяцца ў вечным пошуку яго. I вядома, кожны разумее шчасце па-свойму. Пра яго героі спрачаюцца не толькі адзін з адным, але нярэдка і самі з сабой, адмаўляючыся ад свайго першапачатковага разумення шчасця.

Шчасце — гэта шанц, удача, лёгкае бесклапотнае жыццё і багацце, лічаць Карпа («Пра чарнакніжніка і пра цмока…»), Сямён («Вужыная карона»), Альберт («Вогненныя духі»), I ўсё ж «меў Карпа грошы, меў і павагу, але ж ці ў гэтым шчасце?» I Сямён прыйшоў да пераканання, што найвялікшае шчасце — каханне; яно і натхніла яго на барацьбу з нячысцікам і адмаўленне ад багацця. I Альберт не змог купіць спакою ні за якія скарбы. Шчасце — быць вышэй за ўсіх, лічыць Васіль («Зухаватыя ўчынкі»), але ўсе ад яго адвярнуліся… «Жыць так, як хочаш, нічога сабе не забараняючы, — вось пра што я мару» — жыццёвае крэда Люцэфугі.

Усіх герояў фантастычных апавяданняў родніць і тое, што да канчатковага ўсведамлення шчасця яны прыходзяць у выніку расчаравання, пераацэнкі каштоўнасці і эвалюцыі душы. Дорага заплацілі ўсе героі за памылковасць сваіх думак, за сваю прыдуманую імі праўду. А праўда, настойліва даводзіць Ян Баршчэўскі, на ўсіх адна — праўда веры.

Разуменне шчасця з'яўляецца меркай духоўнасці ўсіх герояў і адначасова вызначае іх сутнасць, іх жыццёвыя шляхі, нават лёс.

Лірычны герой А. Пушкіна катэгарычна заяўляе: «На свете счастья нет, а есть покой и воля». Тым самым сцвярджае, што спакой і свабода з'яўляюцца адзінай меркай шчасця. Лірычны герой А. Куляшова не менш катэгарычны ў сцвярджэнні адваротнага: «Спакойнага шчасця не зычу нікому». Для лірычнага героя заспакоенасць, статычнасць і шчасце — паняцці несумяшчальныя. Катэгарычнае («не зычу нікому») адмаўленне «спакойнага шчасця» выяўляецца праз асацыяцыі: ручай тады асабліва жаданы, калі неабходна спатоліць смагу; увага толькі тады многага вартая, калі яна шчырая і заслужаная, а не зайздрослівая, крывадушная; і «лес без зязюлі» — трагедыя і абсурд, як шчасце без імкненняў і парыванняў.

…Адзін мудры чалавек на пытанне, што ён у жыцці любіць больш за ўсё, адказаў: «Само жыццё». Лірычны герой вершаў Максіма Танка не толькі шчыры, чулы, высакародны, але і мудры. Праз усведамленне лірычнага героя Танк у вершы «Шчасце» сцвярджае простую і вечную ісціну: шчасце — гэта само жыццё. Усё пералічанае паэтам — выявы жыцця. Верш насычаны аднароднымі дапаўненнямі («з солі, з хлеба… з поту, з дарожнага пылу, з роднага небасхілу, з дружбы… з песні»), пасля якіх — шматкроп'е. Кожны можа прадоўжыць гэты пералік жаданымі для сябе выявамі жыцця, але ўсведамленне таго, што «простае шчасце людское», аб'яднае нас усіх. Усведамленне жыцця як шчасця ва ўсіх яго праяўленнях — сведчанне мудрасці, аптымізму і жыццястойкасці чалавека наогул і лірычнага героя Танка ў прыватнасці.

У вершы «Шчаслівы дзень» заключана філасофская думка, што якім бы мудрым ні быў чалавек, якімі б здольнасцямі ўбіраць у сябе вопыт папярэднікаў ні валодаў, — адкрыццяў на ўласным шляху яму не пазбегнуць. Немагчыма ўхіліцца ад вырашэння праблем «праўды, няпраўды, дружбы, кахання, жыцця і смерці». Шчаслівы той дзень, лічыць паэт-філосаф, калі чалавек пераасэнсаваў раней асэнсаванае, калі змог перагледзець свае каштоўнасці. Шчаслівы дзень вызначаецца словамі «I аказалася», бо чалавек на сваё ранейшае «Я думаў» глядзіць ужо з вышыні вопыту, сталасці розуму і душы.

Творы нацыянальнай літаратуры даюць чытачу магчымасць усвядоміць і асэнсаваць засведчаны ў іх духоўны вопыт і ўзбагаціць ім свой уласны.

«Той і шчаслівы, хто зведаў каханне…» (П. Панчанка)

Наиболей любовь ко всим да соблюдает, еже ест совершена над все иныя дарования, без нея же ничто поспешно ест.

Ф. Скарына.

А ў сэрцы хораша было, —

Там запалілася цяпло.

М. Багдановіч.

«Пачынаецца ўсё з любві», валадарыць светам любоў, вызначае стан душы і вечнасць жыцця толькі любоў. Нават калі пакідае вера і знікае надзея, то застаецца любоў, бо яна мацнейшая за ўсе чалавечыя пачуцці, бо яна «совершена над все иныя дарования».

У нашай роднай мове ёсць прыгожае слова для вызначэння самага светлага пачуцця паміж мужчынам і жанчынай, пачуцця, якое і з'яўляецца пачаткам усяго — пачаткам жыцця. Гэтае слова — каханне. Каханне ўслаўлена «высокаю красою» паэтычных радкоў многіх таленавітых твораў.

«I прад высокаю красою» паэзіі М. Багдановіча, у якой выяўлена і апета самае вартае чалавека пачуццё, схіляемся і мы. Палоніць нашу душу і эпічнае, як у «Вераніцы», і лірычнае, як у рамансе «Зорка Венера ўзышла над зямлёю…», выяўленне самоты па нязбытным каханні і адначасова ўдзячнасці лесу, за тое, што яно было ў жыцці, што сустрэў свой «вечны цэль» — свой ідэал. Мы ведаем, што ў гэтых вершах і трагедыя самога паэта, што гэта яго ўласны помнік свайму трагічнаму і адначасова шчасліваму каханню:

I прад высокаю красою, Увесь зачарованы ёй, Скланіўся я душой маёй, Натхнёнай, радаснай такою, А ў сэрцы хороша было, — Там запалілася цяпло.

Чытаючы адзін з самых першых твораў А. Куляшова — верш «Бывай», нельга не здзівіцца, што такое і так мог напісаць 14-гадовы падлетак. Філасофія верша і сродкі выяўлення стану закаханасці вартыя пяра не толькі таленавітага, але і мудрага, сталага творцы. Мала ў інтымнай лірыцы беларускіх паэтаў вершаў, у якіх бы з такой мастацкай сілай была выяўлена, апета і добраславёна «светлая самота» нязбытнага кахання. Хай сабе яно і не спатоліла сэрца радасцю, але будзе наталяць усё жыццё сілай і ўдзячнасцю лёсу, што такое пачуццё наканавана было зведаць:

Бывай, абуджаная ў сэрцы, дарагая. Твой светлы вобраз панясу я па жыцці. На ўсходзе дня майго заранка дагарае, Каб позна вечарам на захадзе ўзысці.

Дзівоснае, парадаксальнае спалучэнне неспалучальнага (аксюмаран «стаю на ростанях былых»), кантрастная метафара («самотным жаўранкам звініць і плача май»), мажорная мінорнасць і элегічнасць верша — усё ў ім выяўляе стан душы ўзвышанай і натхнёнай, шчаслівай і самотнай — багатай! Невыпадкова гэты верш стаў вядомай і любімай песняй. Верш варты таго, каб быць школай выхавання самых лепшых чалавечых пачуццяў, каб выхоўваць «душою чулых». Асабліва патрэбны ён для ўратавання душ маладых, для знявераных і скалечаных цынізмам душ.

Вершы Максіма Танка «Нашто ты косы заплятаеш…», «Аvе Магіа», «Працягласць дня і ночы» — гімн жаноцкасці, прыгажосці, гімн жанчыне, якая здольна не толькі «дзень укараціць і ноч прадоўжыць, але ашчаслівіць на ўсё жыццё». А вершам «Ты пакліч мяне. Пазаві» Яўгенія Янішчыц зноў нагадвае ўсім вечную ісціну, што «пачынаецца ўсё з любві». Для выяўлення стану душы, самага дастойнага чалавека, і сцвярджэння, што каханне — галоўная з усіх каштоўнасцей, якая робіць немагчымае магчымым, паэтка выкарыстала аксюмаран. Гэты прыём найлепш і вызначыў загадкавую сілу найвялікшай тайны і найвялікшага дару: «прыручаюцца салаўі». Паэтам і закаханым падуладна тое, чаго не можа ніхто, — прыручыць салаўя.

Многія пісьменнікі выпрабоўваюць сваіх герояў каханнем, бо ў каханні выяўляецца сутнасць чалавека, яго духоўнасць ці бездухоўнасць. Сіла ўздзеяння мележаўскіх Васіля і Ганны, гісторыі іх нязбытнага, трагічнага кахання настолькі вялікая, што чытач не можа змірыцца з воляй аўтара. Чаму ж не збылося?

Закон жыцця такі: калі наканавана дваім сустрэцца на жыццёвай дарозе і зведаць каханне, то яны, як дзве палавінкі, павінны спалучыцца ў адно цэлае і ўсвядоміць, што ўзнагароджаны дарам, здрада якому — вялікі грэх.

Лягчэй за ўсё Мележу-чалавеку было «ашчаслівіць» свайго чытача, дагадзіць яму і «спалучыць дзве палавінкі», якія, безумоўна, заслугоўвалі шчасця і былі вартыя адна другой. Аднак Мележ-мастак не мог адступіць ад праўды жыцця і пераступіць законы мастацтва. У творцы была задача паказаць не толькі трагедыю чалавека, а трагедыю народа ў адзін з самых крытычных момантаў нацыянальнай гісторыі.

Прычына трагедыі нязбытнага кахання Васіля і Ганны многімі ўсведамляецца як віна і здрада Васіля свайму каханню: герой не вытрымлівае выпрабавання каханнем і выяўляе слабасць сваёй душы. Аднак моцная, незвычайная асоба вызначаецца да ўсяго яшчэ і здольнасцю «пераступіць» цераз важнае і дарагое ў імя яшчэ больш дарагога, свядома зрабіць свой выбар паміж дарагім і яшчэ даражэйшым. I ў гэтым выбары выяўляецца не здрадлівасць Васіля, не яго слабасць, а, як ні парадаксальна, яго сіла. Усведамляе гэта і Ганна, робячы таксама свой крок. I не довады мачыхі пра выгоды шлюбу з Яўхімам (Ганну як модную асобу таксама вызначае акрэсленасць каштоўнасці ў яе ўяўленні: такой каштоўнасцю для яе было каханне да Васіля), не напамін пра абавязак перад бацькамі паўплывалі на яе рашэнне даць згоду на шлюб з нялюбым. Ганарліўка і прыгажуня Ганна да ўсяго была яшчэ разумнай і разважлівай. Яна ведала, што няшчасныя дзеці не бываюць надзейным апірышчам для сваіх бацькоў, якім бы матэрыяльным багаццем ні валодалі. Шчасце дзяцей — трывалы падмурак годнай старасці бацькоў. Доўга ўгаворвала мачыха Ганну, але згоды ад яе дамаглася, калі пацэліла ў самае сэрца. Згадзілася, бо зразумела: Васіль яе не возьме.

Выбар Васіля — не здрада Ганне і каханню да яе, а вернасць сваёй мэце. Спалучыць жа адно з другім было немагчыма. Спалучыць ці зрабіць іншы выбар мог нехта іншы, але не Васіль.

Крытыкі і многія чытачы лічаць, што ў Васіля некалькі разоў была магчымасць паправіць сваю «памылку». Свядомы крок памылкай не з'яўляецца! Так, Ганна некалькі разоў угаворвае яго кінуць усё і пачаць жыццё спачатку, пераконвае яго, што разам яны ўсё адолеюць…

Лёс Васіля надзвычай трагічны. Мары яго не суджана было здзейсніцца, як ні высільваўся, як ні набліжаўся да яе. Тое, дзеля чаго ён «пераступіў», ахвяраваў сваім «летампесняй, летам-святам», нішчылася на вачах. Жыць інакш ён таксама не можа, бо на шляху да іншага, другога, хай сабе і не такога, пра якое марылася, жыцця ёсць тое, «пераступіць» цераз што ён не можа. Яно — святыня, роўная зямлі і жаданню быць на ёй гаспадаром. Святыня гэтая — дзіця. Нават ад нялюбай, вечна соннай Мані, але яго роднае дзіця! Ён нават у думках не дапускае, што яго сын будзе бязбацькавічам.

Ментальнасць мужчынская (адвеку так было ў нашым народзе!) — быць адказным за звітае гняздо, якія б матывы ні ляжалі ў яго падмурку. Права выбару сваёй палавінкі належала мужчыну, але і абавязак адказнасці таксама лажыўся менавіта на яго. У ментальнасці нашага народа — клопат пра дзяцей. Здрада сям'і, развал яе, асірацелыя дзеці-бязбацькавічы пры жывых бацьках — недаравальны грэх. Усведамленне яго было падмуркам векавой народнай маралі.

У вобразе Ганны не толькі ўвасоблены пісьменніцкі ідэал жанчыны, услаўлена беларуская жанчына, але і паказана жаночая ментальнасць. Яна выяўляецца ў імкненні і гатоўнасці жанчыны віць сваё гняздо з каханым чалавекам, быць ахоўніцай сямейнага ачага, ісці за каханым, як нітка за іголкай. I ў тым сіла жанчыны, яе прыгажосць і прызначэнне. Такая — Ганна. Лёс яе таксама трагічны, бо не сцярпелася і не злюбілася, хоць выходзіла яна за Яўхіма з цвёрдым намерам быць яму вернай жонкай і добрай маці сваім дзецям. Аднак Яўхім не выканаў адзіную яе ўмову: «кеб падобраму було». У жыцці і мастацтве ёсць нямала прыкладаў, калі двое сходзяцца без узаемнага і палкага кахання, але здольны дажыць да яго.

У рамане Кузьмы Чорнага «Пошукі будучыні» з незвычайнай мастацкай сілай засведчана, як двое сышліся спачатку толькі з-за спагады адно да аднаго, сышліся, каб выжыць у гэтым бязлітасным свеце, але змаглі дажыць да кахання. У апісанні нараджэння кахання мастак-псіхолаг памайстэрску карыстаецца дэталлю, запаволенымі бытавымі замалёўкамі, быццам вучыць і нас бачыць узвышанае ў зямным, паэзію — у прозе. Прыгадаем сцэну, як Волечка і Кастусь выпрабоўваюцца «спакусай» спажыць кавалак цудам ацалелай пад страхой каўбасы. Кастусь, намалаціўшыся да стомы, ідзе ў хату і бачыць на стале спакуслівую каўбасу, якую яму перад гэтым прапаноўвала Волечка з'есці. Але сорам за сябе стрымлівае яго. Тое ж самае перажыла пасля Кастуся і Волечка і таксама здолела перамагчы сябе. Назаўтра «яны з'елі яе ўдваіх, кусаючы, як згаварыўшыся, многа хлеба і мала каўбасы, каб надалей расцягнуць прыемнасць». Такое святое каханне з'яўляецца вынікам нястомнай духоўнай працы і адначасова ўзнагародай за яе. Мележаўскі Яўхім на такія духоўныя намаганні быў не здольны, і таму на патухлым вогнішчы яго кахання толькі дым і чад. Яўхім меў сілу, каб перамагчы іншых, але не сябе самога. А такая сіла нішчыць і руйнуе, але не стварае.

Назначэнне вобраза Ядвісі з трылогіі Якуба Коласа «На ростанях» заключаецца ў тым, што каханнем і адносінамі да каханай выпрабоўваецца галоўны герой — Лабановіч. Пісьменнік правёў свайго героя праз многія выпрабаванні, аднак, бадай, самага моцнага эстэтычнага ўздзеяння дасягнуў гэтым вобразам аўтар, калі выявіў да ўсяго яшчэ і здольнасць свайго героя разумець і бачыць сапраўдную прыгажосць, а не толькі «дзявочую шыльду», на што здольны, на жаль, нямногія. Існуе справядлівая думка, што мужчына выпрабоўваецца адносінамі да жанчыны.

Чыстыя, святыя і ўзнёслыя былі пачуцці Лабановіча да сваёй каханай, вочы якой гаварылі яму ўсё пра стан яе душы. Вочы яе смяяліся, а ў іх малады настаўнік чытаў сапраўдную драму душы тонкай, далікатнай, якая пакутуе ад нечага такога, пра што і расказаць нельга.

Вобраз Ядвісі напоўнены глыбокім філасофскім сэнсам. Чытач, уражаны сілай пачуцця (прычым пачуцця ўзаемнага!), не можа змірыцца з воляй аўтара, які разлучыў «дзве палавіны», бо каханне ўзаемнае, чыстае і адначасова нязбытнае — трагедыя. Шчасце ж было так блізка, так магчыма, двое так гарманічна падыходзілі адно аднаму — чаму ж не збылося? Чаму яна так раптоўна паехала? Якой атруты, што на дне келіха з жаданым для яе напіткам, яна так баялася і таму не захацела выпіць яго да дна?

Вобразам Ядвісі, трагедыяй светлага і прыгожага кахання пісьменнік нагадвае нам пра адзін з вечных законаў жыцця: за грахі бацькоў расплачваюцца іх дзеці. Адмоўны вопыт, урокі жорсткасці, бесчалавечнасці, набытыя ў сям'і, могуць не лепшым чынам паўплываць на душу, псіхіку чалавека і скалечыць усё яго далейшае жыццё. Забываюцца людзі пра тое, што зло, спрычыненае імі, абавязкова да іх жа і вернецца, толькі патрапіць у самае балючае і дарагое для іх. Вопыт Ядвісі, набыты ёю ва ўласнай сям'і, скалечыў яе лёс. Бацька без пары звёў у магілу маці дзяўчыны (таму яна са скрухай адказала Лабановічу на камплімент, што ў яе маці таксама былі прыгожыя валасы, толькі доля нешчаслівая), на яе вачах жорстка здзекаваўся з мачыхі, а на людзях быў прыгожым, абаяльным, з вытанчанымі манерамі. I ніхто, акрамя Ядвісі і бабкі Мар'і, якой даверыла сваю горкую тайну мачыха Ядвісі, нават і не здагадваўся, якая драма разыгрываецца ў сям'і пана падлоўчага. Але нават бабка Мар'я з яе мудрасцю і шчырым жаданнем дабра маладым не магла і падумаць, што ніякія іншыя непаразуменні, а страх Ядвісі перад «атрутай» стаў прычынай трагічнага разрыву.

Страх «атруты» — страх расчаравання: а што, калі і за шыльдай знешняй інтэлігентнасці, прывабнасці Лабановіча хаваецца жорсткасць і бесчалавечнасць? Ядвіся робідь свядомы выбар: лепш светлы ўспамін і светлая самота па нязбытным каханні, чым горыч і боль расчаравання, што для любога чалавека заўсёды трагедыя, бо рушацца надзеі. За сваю жорсткасць і двухаблічнасць пан падлоўчы заплаціў шчасцем дачкі, бо невядома, як складзецца лёс такой тонкай і багатай натуры, як Ядвіся. За вялікае шчасце для сябе ён палічыў бы мець такога зяця, як Лабановіч, але падмурак шчасця ў доме дзяцей — справы бацькоў. А справы бацькоў былі такімі, што пасеялі яны недавер да ўсяго добрага ў душах дзяцей і жаданне як мага хутчэй вырвацца з дому, дзе пануюць не мір і згода, а дзе чалавек знішчае бліжняга свайго.

Жыццёвыя гісторыі, засведчаныя таленавітымі творамі, пераконваюць нас, што каханне ці адсутнасць яго ўплываюць на лёс чалавека. Руйнуючы каханне, чалавек сам руйнуе свой лёс. I як не пагадзіцца з мележаўскай Ганнай, якая даводзіць: «Ці доля — горб ад Бога? Доля — ад чалавека! Ад розуму!» Так, сапраўды, ёсць абставіны, якія мацнейшыя за самых моцных. Нельга не пагадзіцца з быкаўскім Петраком, што бяда не робіць чалавека лепшым, яна толькі выяўляе ўсё лепшае ці горшае ў чалавеку. Аднак у звычайных, неэкстрэмальных абставінах толькі ад чалавека залежыць стан яго душы. А стан душы вызначаецца самым галоўным у ёй — любоўю да бліжняга. Любоў ёсць самая дасканалая прыгажосць, якая ратуе свет.

«Пра маці можна гаварыць бясконца» (Максім Горкі)

Маці — адна ты!..

П. Броўка.

Пакахаў юнак дзяўчыну, а тая запатрабавала, каб ён прынёс ёй матчына сэрца, — і тады адкажа яму ўзаемнасцю. I юнак выканаў тую ўмову… А калі нёс сваёй каханай матчына сэрца, спатыкнуўся і выцяўся. I сэрца спыталася: «Ці не балюча табе, сынок?»

Самаахвярнасць і ўсёдаравальнасць — вышэйшая выява святой любові, бо толькі святыя здольны на такое пачуццё. Кожнаму грэшнаму разам з жыццём даецца і чалавек, праз якога прыходзіць жыццё, і да скону яно асветлена святым пачуццём матчынай любові. Гэтую любоў нельга вызначыць, вытлумачыць, вымераць, бо яна — дар Усявышняга, як само жыццё. Фантастычнымі сродкамі славяць матчыну любоў паэты, бо розумам усвядоміць яе немагчыма — «цуды можна разумець толькі сэрцам». У Цёткі ёсць хвалюючы верш «Тры кветкі», напісаны паводле народнага падання пра юнака, што ў доўгую нялёгкую дарогу ўзяў тры кветкі: ад друга, каханай і маці. У самы крытычны момант свайго жыцця юнак дастаў дарагі дарунак і ўбачыў: дзве кветкі завялі, жывой была толькі трэцяя — матчына.

У вершы «Голас» групоўкай слоў і выразаў з нарастаннем іх сэнсавай выразнасці («незнаемы», «друг», «любая», «маці» — «здзівіць», «спыніць», «сагрэць сонцам лета», «вярнуць з таго свету») Максім Танк дасягае афарыстычнасці ва ўслаўленні маці і яе бязмежнай любові да дзяцей:

Голас незнаёмага можа здзівіць, Голас друга — на хвіліну спыніць, Голас любай — сагрэць сонцам лета, Голас маці — вярнуць з таго свету.

Выключнага ўздзеяння на душу чытача дасягаюць тыя пісьменнікі, што паказваюць праз пакуты маці трагізм пакалення, якому наканавана было з Радзімай «дзяліці лёс благі». Лірычны герой верша У. Жылкі «Маёй маці» ўсведамляе невымернасць пакут маці за сваіх няшчасных дзяцей:

Не ўздыхне душа ніводная, Не ўспамяне пра мяне. * * * Толькі ты згаворыш пешеры Над нядоляю маёй. Толькі вочы маёй мацеры Затуманяцца слязой.

«Один я в мире подсмотрел святые искренние слёзы — то слёзы бедных матерей» — так пісаў М. Някрасаў пра вялікую і святую шчырасць у свеце — матчыну шчырасць. Якія б добрыя людзі ні сустрэліся на нашым шляху, усё ж ніхто не будзе любіць нас так, як мама. Ніхто не возьме на сябе наш боль і пакуты так, як мама. Ніхто не парадуецца за нас так, як мама.

Гімнам мацярынскай любові і самаахвярнасці з'яўляецца лірычнае адступленне ў кнізе I. Сяркова «Мы з Санькам у тыле ворага»: «Маці, маці, колькі слёз пралілі вашы вочы, колькі начэй недаспалі, калі вы, схіліўшыся над сынамі, адганялі ад іх бяду. Толькі нязгасныя вашы сэрцы, трапяткія і мужныя, пяшчотныя і суровыя, поўныя любві і гневу, могуць перажыць такія трывогі, якія выпадаюць на вашу долю. Рана адцвітаюць вашы вочы, пакрываюцца маршчынамі родныя твары, але не трэба вам ніякай узнагароды за гэта: жывіце толькі, дзеці, не памірайце, няхай вас міне хвароба, няхай не кране бяда-гора. Жывіце!»

Шэсцем да несмяротнасці з'яўляецца пакутніцкі шлях на Галгофу брылёўскай гераіні з апавядання «Маці». Трымаючы «свае худыя, так мала ў жыцці цалаваныя рукі» мазалямі да мазалёў, маці моліцца і за чужых дзяцей, з якімі зрадніла яе доля, і за сваіх. Подзвіг маці стане і дакорам, і напамінам усім дужым пра тое, што ёсць праведнікі, якія ўзыходзяць на Галгофу, каб уратаваць свет. Пісьменнік верыць, што подзвіг маці «ўспамінаць будуць нават дужыя людзі, выганяючы з душы апошні страх» перад бітвай са злом.

Усім нам дадзена Евангелле ад Бога, напісанае святымі апосталамі, а кожнаму з нас — яшчэ і Евангелле ад Мамы. Філасофскай назвай аднаго з апошніх сваіх зборнікаў «Евангелле ад Мамы» Р. Барадулін сцвярджае ісціну, што загады Божыя пішуцца ў сэрцы кожнага з самых першых хвілін жыцця. I пішуцца Мамай. У беларускай літаратуры шмат вобразаў маці-евангелістак, якія змаглі напоўніць святлом душы сваіх дзяцей, напісаць для іх Евангелле. Гэта і гераіні твораў А. Вярцінскага («Заазер'е», «Маці пячэ хлеб»), і Куліна з аднайменнай паэмы Р. Барадуліна, і маці з паэмы П. Броўкі «Голас сэрца»…

Асаблівай эстэтычнай сілай уздзеяння валодае вобраз Ганны з паэмы Якуба Коласа «Новая зямля». У гэтым вобразе ўвасоблены пісьменніцкі ідэал жанчыны, жонкі і маці, нястомнай працаўніцы і ахоўніцы сямейнага ачага. Не можа не здзіўляць тактоўнасць гэтай простай сялянскай жанчыны, тонкасць яе натуры і багацце душы. Ад яе залежыць духоўнасць усёй сям'і: цеплыня, шчырасць і лад — усё ад яе і праз яе. Яна — носьбіт народнай мудрасці і маралі, яна — носьбіт вечнасці: традыцый, звычаяў. Яе любяць і шануюць усе ў сям'і, а першы прыклад павагі і пашаны да яе дае дзецям Міхал.

Адносіны да маці, любоў і пашана да яе — выключная мерка духоўнасці кожнага чалавека. Становішча жанчыны-маці — люстэрка грамадства. Адносінамі да маці вывяраюць сваіх герояў многія пісьменнікі. На вялікі жаль, многія героі не вытрымліваюць гэтага выпрабавання. Не любоў, удзячнасць і пяшчоту, а эгаізм, чэрствасць і чорную няўдзячнасць у адносінах да самага роднага чалавека выпраменьваюць іх душы. Не роднымі дзецьмі, нават не пасынкам! а нелюдзямі і пачварамі паўстаюць яны перад чытачом. У 3. Прыгодзіча ёсць аповесць з сімвалічнай назвай «Ноч перад нядзеляю». Даследуючы лёс самаахвярнай маці, якой дзеці адплацілі чорнай няўдзячнасцю, пісьменнік б'е трывогу, папярэджвае пра дэградацыю грамадства.

I З. Прыгодзіч, і В. Карамазаў, і А. Дудараў, і многія іншыя пісьменнікі сучаснасці папярэджваюць усіх нас, што мы ўжо на парозе, пераступаць які нельга, што ўжо не толькі вечар, а ноч, за якой можа не наступіць раніца. Сімвалічным з'яўляецца вяртанне Сцяпана да сваёй маці пасля дзяльбы кабанчыка (апавяданне В. Карамазава «Дзяльба кабанчыка»). Вяртанне да маці — одум, абуджанае сумленне, выратаванне сваёй душы. Вяртанне да маці — вяртанне да духоўнасці, якую занядбалі, якую ў мітусні і тлуме адкінулі як непатрэбшчыну. Настаў час усвядоміць духоўнасць як краевугольны камень і пакласці яго ў аснову асноў. I пачаць, калі яшчэ не позна, трэба найперш з удзячнасці Маме і клопату пра Маму. Так, як зрабіў герой апавядання В. Карамазава.

«Тут зямля такая!» (Максім ТАНК)

Ёсць яшчэ адзін куточак запаветны,

Дзе растуць, нібы грыбы, здаўна паэты…

П. Панчанка.

У Максіма Танка ёсць цудоўны верш з фальклорнай рэмінісцэнцыяй на ўзроўні сюжэта.

…Хадзілі мужыкі па свеце ў пошуках шчасця і прыйшлі ў чароўны край азёр і лясоў. Стаміліся, прылеглі адпачыць і прачнуліся ад нейкай дзівоснай музыкі, што лілася немаведама адкуль. Кінуцца ў адзін бок — нідзе нікога, у другі — таксама ні душы.

Адзін кажа: «Можа, гэта здань?» Другі кажа: «Мо трава спявае?» Толькі трэці, прылажыўшы вуха, Кажа: «Браткі! Тут зямля такая!»

Сапраўдным гімнам роднаму краю, яго красе і багаццям, галоўнае з якіх — таленты, з'яўляецца пафасны верш П. Панчанкі «Край паэтаў». I сама назва, і ўвесь гэты вялікі памерам верш уяўляюць сабой перыфразы. Гэта верш-загадка, мастацкае, вобразнае, узнёслае і пафаснае апісанне Беларусі, хоць аўтар і ні разу не ўжыў слова «Беларусь». Што ні радок — то метафара. Выключная рытмічнасць, мажорнасць верша дасягаецца анафарай «там» і анафарычнай будовай сказаў.

Парадаксальна тое, што ў такім пафасным, экспрэсіўным вершы выкарыстоўваюцца фразеалагізмы, эўфемізмы, выразы тыпу: «сто разоў цалуюць там і яшчэ трошкі»; «бо красуня перад ім не задаецца»; «там зубрыная гарэлка прадаецца»; «выдаўцы там не бяруць у рот ні кроплі». Усё пералічанае надае твору адначасова і гумарыстычнае гучанне. Валадарства гумару вялікае, і ў тым пераконваешся, чытаючы таленавіты верш П. Панчанкі. Спалучыўшы, на першы погляд, неспалучальнае, паэт дасягае найбольшага эстэтычнага і эмацыянальнага ўздзеяння на чытача.

Беларуская зямля — краіна талентаў. Гістарычна так склалася, што беларусу даводзілі, быццам ён ні на што высокае не здатны і можа толькі быць «панам сахі і касы». Сцвярджэнню таленавітасці беларускага народа прысвячаецца многа дасканалых у мастацкіх адносінах твораў: паэмы Янкі Купалы «Курган», Якуба Коласа «Сымон-музыка», аповесць Змітрака Бядулі «Салавей». У шэрагу лепшых твораў пра ролю і прызначэнне мастака і мастацтва — паэма Максіма Танка «Люцыян Таполя». Галоўны герой паэмы — моцная, выключная асоба, надзеленая такім незвычайным дарам, што пад яго рукамі «ажывала нават нежывое, немагчымае рабілася магчымым: гнуўся камень, а з звычайнай цэглы, быццам з бронзы, паўставалі здані». Герой уступае ў канфлікт з абставінамі і не гіне, як гэтага вымагаюць законы жанру паэмы, а выйграе бітву са злом.

Такое наватарскае вырашэнне канфлікту выяўляе філасофскую думку пра бяссмерце народа, пра сілу мастацтва ў барацьбе за разняволенне.

Легендарным сюжэтам паэмы пра далёкае мінулае, калі царква мела неабмежаваную ўладу над чалавекам, а ад творцы патрабавала выканання сацыяльнага заказу, вобразам Люцыяна Таполі Танк сцвярджае думку пра бяссмерце таленту народа. Паэт даводзіць, што народнае мастацтва — сіла, якой можна не толькі змагацца з крыўдзіцелямі, але і перамагаць іх.

Лёс быў і літасцівы да нашай Маці Беларусі, калі ў 1882 г. паслаў невымоўнаму народу адразу двух прарокаў, двух песняроў — рамантыка і рэаліста. Такія розныя, але аднолькава вартыя свайго народа, яны з'явіліся «сярод цемры і мук», каб беларусы маглі іх голасам «на свет цэлы» сказаць пра сваё жаданне і права «людзьмі звацца».

Міншчына — край паэтаў. Вязынка, як і Акінчыцы на Стаўбцоўшчыне, — таксама «куточак запаветны», дарагі сэрцу кожнага беларуса. Вязынка — калыска Купалавай паэзіі, месца, дзе ў ноч на Івана Купалу з'явіўся на свет чалавек, што стаў уладаром беларускай песні. Быццам знак зямлі і неба, каб беларусы не гнулі плеч, каб узнялі галовы, каб усталі і пайшлі шукаць папараць-кветку.

Многія творы Янкі Купалы на тэму паэта і паэзіі напісаны ў форме звароту да калег-песняроў. Яны — наказ і запавет творцам.

Верш «Песняру-беларусу» і пачынаецца з праблемнага пытання: Пытаеш ты, якім быць трэба Зямлі забытай песняру?

Адказ на пытанне — у многіх вершах паэта. I ўсё ж вызначальным у гэтым плане з'яўляецца верш «Прарок». У самой назве — адказ. Прарокам для свайго народа павінен быць пясняр. Дар, якім ён валодае, адкрывае яму такія далягляды, што іншым не бачацца, ён разумее тое, чаго іншыя не разумеюць. I, як сцвярджае У. Някляеў паэмай «Прошча», ён павінен папярэдзіць усіх, «дзе патоп, дзе пажар, дзе вораг на межах». Біблейскія рэмінісцэнцыі ў вершы «Прарок» відавочныя: і на ўзроўні вобраза, і на ўзроўні філасофскай думкі. Верш эпічны, у аснове сюжэта яго — вандроўка прарока:

Ішоў прарок пясчанай сцежкай З навукай новаю к людзям.

Многіх на сваім шляху ён навучыў, многіх папярэдзіў, многім дапамог і дасяг зямлі, дзе «царства цемры панавала»:

Народ змарнеўшы таго краю Свайго нат імені не знаў, Як непатрэбшчына якая, Гібеў на свеце і канаў.

Прарок — пасол святла — «прарочым голасам сваім» паклікаў людзей за сабой:

Паўстаньце, рабскія натуры, Пакіньце свой адвечны сон… …За мной, за мной, забраны людзе! Я добрай доляй послан к вам I знаю, што было, што будзе, I вас у крыўду не аддам.

Найбольшага напружання сюжэт дасягае ў самым канцы. Апошнія радкі, што ўяўляюць сабой адказ, якога прарок чакаў «з трывогаю вялікай», — адначасова і развязка:

Па колькі ж нам дасі чырвонцаў, Калі мы пойдзем за табой?

Біблейская думка, што «няма прарокаў у сваёй Айчыне», узмацняецца Купалавай трывогай за свой народ, яго будучыню.

I ўсё-такі прарок, як даводзіць паэт ва ўсіх сваіх вершах, не павінен адчайвадца, нават калі пачуе такі адказ народа. Уся паэзія Купалы быццам доказ закону вечнасці, што жыццё чалавека (і прарока таксама) — гэта бясконцы ланцуг спроб. I перамога вызначаецца выніковасцю хаця б адной з мноства няўдалых спроб. Калі ўдалай акажацца хаця б адна з іх — ёсць шанс здзяйсняць іх зноў і зноў. Зноў і зноў прарок Купала робіць спробу і стукаецца ў сэрцы беларусаў, у якіх верыць («у народ і край свой толькі веру і веру ў самаго сябе»), што прачнуцца: «До спаць! Паўстаньцеграмадою…»

У творчасці Купалы ёсць нямала вершаў, у якіх ён дае адказ і на пытанне, якой жа павінна быць паэзія, якім павінна быць слова прарока, каб унесці «болей прасвету» ў душы людскія, каб у адказ на заклік прарока не спыталіся, колькі чырвонцаў ён дасць, калі пойдуць за ім.

«Песню стварыці ясну, як неба», на думку паэта, можна толькі тады, калі пясняр здолее «з цэлым народам гутарку весці, сэрца мільёнаў падслухаць біцця!». Гэтыя Купалавы словы сталі крылатымі, сталі дэвізам кожнага творцы, які марыць дасягнуць вяршыні — быць не па званні, а па сутнасці сваёй народным. Праз выяўленне самага жаданага, запаветнага («гэткай шукаю цэлы век чэсці, гэта адно мне падпорай жыцця») паэт сказаў пра агульначалавечае і вызначальнае ў творчасці кожнага паэта.

Верш «Мая навука» — навука для ўсіх, хто марыць «з цэлым народам гутарку весці» — быць народным. Гэта «школа» сакрэтаў, пісьменніцкая «майстэрня». У гэтым вершы Купала шчодра дзеліцца з усімі сваёй мудрасцю і адказвае на пытанне, што яшчэ акрамя дару (дар, як вядома, ніякаму вытлумачэнню не падцаецца) неабходна песняру, каб яго слова «болей прасвету ў душу» ўнясло. Сіла песняра ў любові да народа, у веданні яго жыцця і найперш — яго мовы, матчынай мовы: «наўчыўся я слоў беларускіх ад маці». А «дум беларускіх» спасцігнуць ні ў якой школе і ні ў якой «мудрасці кніжнай» немагчыма — «настаўнікам быў беларускі абшар», «душу акрылялі прыгожасці свету…». Што ні радок, што ні слова, то вобраз! Валадаром беларускай песні, на думку Купалы, можа стаць толькі той творца, які ўзгадаваны, успешчаны на нацыянальнай глебе. Крыніцай творчасці і натхнення для народнага паэта з'яўляюцца створаныя народам духоўныя каштоўнасці, жыццё народа, неруш матчынай мовы, прырода.

I М. Багдановіч ускладаў вялікую надзею на творцаў і песняроў, адводзіў ім галоўную ролю ў фарміраванні духоўнасці народа. Нават сімвалічна, што самы першы яго твор «Музыка» пра ролю музыкі і сілу яго дару. Верш «Песняру» напісаны ў форме звароту і шчырай даверлівай размовы з таварышамі па пяру. Гэта своеасаблівы наказ і напамін пра тое, што матывам дзейнасці творцы павінна быць не прага славы, не спадзеў на тое, што «напісанае застанецца» і зробіць яго неўміручым, а імкненне ўздзейнічаць на сэрцы людзей, высекчы «іскры з халодных каменняў»:

Ведай, брат малады, што ў грудзях у людзей Сэрцы цвёрдыя, быццам з камення. Разаб'ецца аб іх слабы верш заўсягды, Не збудзіўшы святога сумлення.

Збудзіць святое сумленне, дапамагчы свайму народу парваць «духа путы», каб «ясны дзень да нас» наблізіўся, зможа той пясняр, даводзіць Багдановіч, які не толькі клапоціцца пра тэхніку свайго «гібкага верша», але ўсяго сябе без астатку прысвяціў народу. Верш «Бывае, вада перапоўніць…» кранае нас не толыгі лірызмам і адлюстраванай у ім асабістай трагедыяй паэта: «Я гэткі: пяю я з надтрэснутым сэрцам, апошні свой скарб аддаю». Верш здзіўляе і захапляе як факт мастацтва. У ім выявілася адметнасць стылю паэта М. Багдановіча: асацыятыўнасць, схільнасць да філасофскіх абагульненняў праз вобразы і біблейскія рэмінісцэнцыі.

М. Багдановіч параўноўвае творцаў са стаўкамі. Адзін ставок перапаўняецца вадой, і калі «з яго выбежыць лішак, дык далей вада не бяжыць». Калі ж вада прарве плаціну — «сохне няшчасны ставок», бо з яго выбеглі «апошнія хвалі».

З паэтамі так жа бывае: Адзін дае людзям ізлішкі, Другі ўсё, што мае.

Прыгадаем біблейскую прытчу пра ахвяраванні на Храм багацеем і няшчаснай удавой. Павучаючы сваіх вучняў, Ісус Хрыстос даводзіў, што намнога большым было ахвяраванне ўдавы, бо яна адцала апошняе, што мела, а багацей — лішняе з таго, што меў…

Без астатку ўсяго сябе і «апошні свой скарб» прысвяціў Багдановіч «краіне-браначцы» і свайму народу. Яго жыццё — адказ на Купалава пытанне, «якім быць трэба зямлі забытай песняру?». Філасофская думка У. Караткевіча, што, «як ёсць у народа такія, — не загіне давеку народ!» — глыбокая і аптымістычная.

«Колькі талентаў звялося…» (ЯКУБ КОЛАС)

Гора вам, што будуеце грабніцы прарокам, якіх пабілі бацькі вашыя;

Гэтым вы сведчыце пра справы бацькоў вашых і згаджаецеся з імі; бо яны пабівалі прарокаў, а вы будуеце ім грабніцы.

З Евангелля ад Лукі.

Выключна ўсе вершы М. Багдановіча глыбока філасофскія па сіле абагульнення і мастацкасці выяўлення думак. Аднак адзін з апошніх яго твораў — «Страцім-лебедзь» асабліва ўражвае глыбінёй філасофскай думкі і трывожным паэтавым усведамленнем. Усведамленнем таго, што ў часы катаклізмаў, войн, эпідэмій, стыхійных бедстваў гінуць (і ў тым найпершая трагедыя народаў) самыя лепшыя, самыя гордыя, самыя таленавітыя, самыя любімыя — вынішчаецца генафонд нацыі. Вынішчаецца яшчэ і таму, што самыя дужыя першымі прымаюць на сябе ўдар, устаюць, як вобразна сказаў У. Караткевіч у вершы «Багдановічу», «на лютую сечу, бітву вечную сонца і хмар, узваліўшы на юныя плечы Святагораў народны цяжар». Выяўленню філасофскай думкі верша спрыяе зноў жа біблейская рэмінісцэнцыя на ўзроўні сюжэта пра сусветны патоп і Ноеў каўчэг, а таксама кампазіцыйна выдзеленая паэтам выснова:

Ад усіх цяпер патомкі ёсць, Ды няма адных — Страцімавых.

Геапалітычнае становішча нашай краіны такое, што «тут схадзіліся плямёны спрэчкі сілаю канчаць». Да прыкладу, жахі вайны Расіі з Рэччу Паспалітай у другой палове XVII ст. апісаў Г. Сянкевіч у рамане «Патоп» у адпаведнасці з гістарычнай праўдай. Гады той вайны вобразна параўноўвалі з патопам: і вайна, і выкліканыя ёю голад і эпідэміі звялі на той свет палову (!) беларускага насельніцтва. I колькі знішчана людзей, столькі звялося талентаў, бо кожнае чалавечае жыццё непаўторнае, бо кожнаму ад прыроды дадзены пэўны талент. А пасляваеннае ліхалецце! Набірала пыхі і моды непазбежнае пасля шматгадовых войнаў невуцтва, разлютаваліся норавы, уступіла ў сілу, у свае «законный» правы помслівасць. Нішто так не разбэшчвае людзей, як злачынная ўлада і войны. Дзве вайны дваццатага стагоддзя таксама вынішчалі асноўнае наша багацце — таленты. Колькі іх, таленавітых, што, як і Страцім-лебедзь, не пакінулі пасля сябе патомкаў!

Але то — войны. Беларускі народ, як вядома, напакутаваўся ў іх больш за ўсе народы. I ўсё ж мала якой людской супольнасці пашчасціла зусім не зведаць жахаў вайны. Аднак у гісторыі нашага народа ёсць такі перыяд і такая трагедыя, аналагаў якой няма ў гісторыі чалавецтва, — сталінскі генацыд. Беларусы ў ліку тых народаў, па якіх сякера гэтай навалы прайшлася асабліва бязлітасна. Больш за два дзесяткі гадоў насілася па нашай краіне дзікае паляванне на ўвесь народ, але найперш на самых таленавітых — на нашых Багацькаў. Машына таталітарнай сістэмы паступова набірала абароты і кацілася да мілітарызацыі і гулагізацыі ўсяго жыцця.

Ужо ў 1930 г. было арыштавана 86 нашых пісьменнікаў і вучоных, у тым ліку В. Ластоўскі, С. Некрашэвіч… Адна за адной фабрыкаваліся справы. На чале міфічнай арганізацыі «Саюз вызвалення Беларусі» шчырым служакам таталітарнай сістэмы трэба было «паставіць» самага ўплывовага, самага аўтарытэтнага чалавека, каб справа атрымалася гучнай, эфектнай і адначасова сваімі маштабамі наводзіла жах на ўсіх астатніх. Выбар паў на Янку Купалу, які, паводле даносу тагачаснага сакратара ЦК КП(б) Б. Гея, «з'яўляўся ідэйным цэнтрам нацдэмаўскай контррэвалюцыі, што знайшло адлюстраванне і ў яго творчасці». Вярнуўшыся дадому пасля чарговага допыту, не даўшы магчымасці органам ДПУ справакаваць сябе, Янка Купала ў лістападзе 1930 г. зрабіў спробу самагубства.

Трагедыя Купалы засведчана ў перадсмяротным лісце да Чарвякова, старшыні ЦВК СССР і БССР, дзе ён піша пра свой выбар: «лепей смерць фізічная, чымся… палітычная». Лекары адратавалі паэта! Улады пакінулі яго ў спакоі: груган чакаў свайго часу…

Паэзія 30-х гг., асабліва так званы ляўкоўскі цыкл, — таксама сведчанне трагедыі Купалы — чалавека і творцы. У той пракляты час, калі, як пісала Л. Геніюш, «крывёй напоўніліся поймы рэк», калі бурліла «адчаем слёз людскіх разводдзе», у паэзіі Купалы — «гармонік грае, грае», а «калгасніца маладая» жыве «весела, ані дбае». Толькі памыляюцца тыя гора-крытыкі, што лічаць вершы ляўкоўскага перыяду («Лён», «Хлопчык і лётчык», «Алеся», «Сыны») вершамі «слабымі». I ў гэтых вершах Янка Купала заставаўся душою нацыі, хоць не мог быць ужо Прарокам нацыянальнага адраджэння. Але гэта не сведчанне Купалавай слабасці, а сведчанне сілы таталітарнай машыны. I папярэджанне ўсім нам, асабліва тым, хто спадзяецца, «што нехта прыйдзе і выратуе нас з нашай бяды», вырашыць за нас нашы праблемы. Хай нам усім наказам стануць мудрыя словы песняра: «Гэта ж не можа быць, каб нехта быў лепшым прыхільнікам для нас, як мы самі для сябе».

Міхась Зарэцкі… Цана яго слова — уласнае жыццё. I не ўратавала пісьменніка рамантычная аздоба рамана «Вязьмо», якой ён стараўся прыхаваць тую праўду, што бачылася і ўсведамлялася не ім адным. Не ўратаваў вобраз Галілея, вясковага блазна-мудрагеля, праз які найперш і выяўляецца пісьменніцкае ўсведамленне народнай трагедыі (блазнам жа дазвалялася без пагрозы жыццю(!) гаварыць-блюзнерыць нават перад царом). Не ўратаваў шчаслівы, казачны, неверагодны канец, які прыдумаў аўтар для свайго рамана.

А жыццё — не казка са шчаслівым канцом, тым больш тое жыццё, тая трагедыя, аналагаў якой няма ў гісторыі чалавецтва. Рамантычнае каханне камсамольца Віктара і прыгажуні Аўгінькі магло скончыцца (і доказам таму — наша гісторыя, трагічны лёс мільёнаў!) так, як каханне быкаўскіх Анюткі і Васіля Ганчарыка з аповесці «Знак бяды». Або закаханых магла напаткаць пакутніцкая заўчасная Сімерць дзе-небудзь на лесапавалах пад Котласам ці Сыктыўкарам, як быкаўскіх жа Ганульку і яе дачушку Волечку з аповесці «Аблава». Трэцяга не было дадзена! Трэцяе паспрабаваў ажыццявіць быкаўскі Хведар Роўба — і быў загнаны родным сынам у тупік, у Багавізну, дзе і знайшоў сваю пагібель.

Міхася Зарэцкага ніяк нельга назваць нявіннай ахвярай сталіншчыны і бальшавізму. Ён вельмі «вінаваты» (за што і паплаціўся жыццём) перад жудаснай машынай таталітарызму, бо ўжо ў самым пачатку яе шалёнага бегу паказаў увесь трагізм яго наступстваў для народа.

Асаблівага ўздзеяння на чытача пісьменнік дасягае менавіта вонкавай парадаксальнай неадпаведнасдю зместу і формы рамана — апісаннем жудаснай праўды пра нерамантычныя, нават д'ябальскія абставіны і рамантычнай формай яе адлюстравання. I тым мацнейшае наша чытацкае ўсведамленне ўсёй той трагедыі, якую давялося зведаць, але не перажыць нашаму народу. Бо перажыць — гэта значыць адпакутаваць і выжыць. Большасць — не выжыла. А ў тых, хто і ацалеў фізічна, было вынішчана ўсё: крэўныя сувязі, мінулае, памяць пра яго, спрадвечныя каштоўнасці і арыенціры — вынішчана духоўнасць.

Сіла і наступствы жудаснай машыны, што распачала «карэнны пералом», — злом у душах людзей. I настолькі вялікая тая сіла, што яна не пакідала чалавеку ніякай магчымасці застацца чалавекам у бесчалавечных абставінах, не заплаціўшы за гэта жыццём. Вязьмом сціскала гэтая сіла душу чалавека, такім вязьмом, што, каб ацалець фізічна, трэба было толькі секчы — секчы па жывым, крэўным, дарагім, спрадвечным. Але і паратунак той быў часовы, бо хто клапоціцца толькі пра цела — траціць урэшце і душу, і цела таксама. На вобразе Карызны пераканаўча паказаны марныя высілкі чалавека, які хацеў развязаць вязьмо, але вынік — злом душы і яе вынішчэнне. Слушна зазначае Галілей: «Усё ламаецца, дык і чалавек мусіць ламацца».

«Няма прарокаў у сваёй Айчыне» (з Евангелля)

Будуць часам ідалы раструшчаны,

Свет разумны стоміцца ад крыкаў. Васільком у жыце беларушчыны Назаўсёды застанецца Быкаў.

Р. Барадулін.

Прозай ідэй, а не падзей, прозай псіхалагічнага драматызму называюць крытыкі творчасць Васіля Быкава. I будуецца яна на канфлікце, супрацьстаянні сіл дабра і зла, гуманізму і фашызму, духоўнасці і бездухоўнасці, памяці і манкуртызму, альтруізму і эгаізму. Сутыкненне двух антаганістычных пачаткаў адбываецца ў абмежаваных прасторы і часе. Аднак час у творах В. Быкава раскрываецца ва ўзаемадзеянні мінулага, існага і будучага, і таму ўсе быкаўскія героі звязаны з вялікім хронасам, вечнасцю. У мікрасвеце адбываюцца падзеі глабальнага значэння. Пастаянныя героі твораў В. Быкава — вялікая Праўда, Духоўнасць, Час. Дыялог пісьменніка з гэтымі героямі поліфанічны. Ён адбываецца на ўзроўні канкрэтна-бытавым: дыялог героя з самім сабой, герояў-антаганістаў, аўтара з чытачом. Дыялог адбываецца на ўзроўні агульнанародным: аўтара з часам, эпохай, радзімы з фашысцкай ваеннай машынай. Дыялог адбываецца і на агульначалавечым узроўні: ідэй гуманізму з фашызмам і гвалтам, духоўнасці з бездухоўнасцю, дабра са злом.

Ставячы сваіх герояў перад «вынішчальнай сілай бесчалавечных абставін», калі «магчымасці адстаяць сваё жыццё вычарпаны да канца і прадухіліць смерць немагчыма», В. Быкаў імкнецца высветліць: што такое чалавек? на што ён здольны ў такой сітуацыі? I таму жыццё і смерць быкаўскіх герояў успрымаюцца чытачамі як учынак, мерка духоўнасці і чалавечай годнасці. Пісьменнік заглыбляецца ў сутнасць характару, даследуе абставіны, якія яго фарміруюць. Беручы за аснову сюжэта сваіх твораў выпадак, В. Быкаў шукае заканамернасць, будуе сваю, паводле слоў даследчыка Л. Лазарава, «сацыяльна-маральную тэарэму». Творца па-майстэрску раскрывае характары «знутры», «выварочвае знешняе, паказное», выяўляе сутнасць чалавека, даследуе анатомію гераізму і здрадніцтва, узыходжання і падзення. Таму адным з новых і важных аспектаў мастакоўскага даследавання чалавека ў бесчалавечных абставінах становіцца матыў суда людзей і суда сумлення. Пры гэтым В. Быкаў, як і пісьменнікі яго пакалення, пазбягае дэгераізацыі, сцвярджае гуманізм.

Быкаўскія творы пра вайну вытрымалі выпрабаванне часам, узбагацілі сусветную культуру і чытача неацэнным вопытам, ведамі і памяццю — усім тым, што, паводле сцверджання А. Камю, толькі і можна выйграць у схватцы з «чумой». Пісьменнік, для якога з вайной вайна не закончылася, здзейсніў і грамадзянскі подзвіг — выстаяў, калі яго творы трапілі пад знішчальны агонь крытыкі. Дзікае паляванне і аблава на В. Быкава ўзначальваліся крамлёўскімі вярхамі. Пра гэта засведчана ў кнігах В. Каваленкі «Вернасць вернасці» і Дз. Бугаёва «Праўда і мужнасць таленту». На с. 85 кнігі Дз. Бугаёва чытаем: «Напісаныя ўслед за „Мёртвым не баліць“ аповесці „Праклятая вышыня“ і „Круглянскі мост“ падвергліся разноснай крытыцы на знішчэнне. Прычым сігнал для разносу ішоў з крамлёўскіх вышынь. Яго ініцыятарам, як цяпер стала вядома, быў савецкі міністр абароны маршал Маліноўскі. Ён у 1944 г. камандаваў Другім Украінскім фронтам, дзе і адбываліся адлюстраваныя В. Быкавым падзеі».

Справа ў тым, што В. Быкаў не столькі «стварае» свае экстрэмальныя сітуацыі, колькі «ўзнаўляе» самае звычайнае будзённае жыццё і смерць савецкага чалавека на вайне. А машына «дзяржаўнай нязгоды» з жыццёвым вопытам і мастацкім светам пісьменніка адразу ж запускаецца ў ход і дыктуе ўсведамляць быкаўскія калізіі як нешта штучна створанае. Ад гэтага адпраўнога пункта — прамая дарога да абвінавачання В. Быкава ў «ачарненні» савецкай рэчаіснасці і дэгераізацыі. Пісьменніка затравілі настолькі, што ён стаяў на парозе непапраўнага. «Ні пры якіх абставінах не губляйце мужнасці», — раіў А. Твардоўскі мастаку, які трапіў у цяжкую сітуацыю. «Усё мінецца, а праўда застанецца», — славутая прыпіска А. Твардоўскага ў віншаванні В. Быкава з майскімі святамі ў 1969 г. Гэтыя словы сталі для беларускага пісьменніка выратавальным промнем маяка, арыенцірам у самы цяжкі для яго час.

Тэматыка-жанрава-выяўленчая інструментоўка ў творчасці В. Быкава істотна змянілася ў апошні час, эвалюцыяніравала. Верны сваёй традыцыйнай ваеннай тэме, якую паспяхова распрацоўвае на працягу чатырох дзесяткаў гадоў, В. Быкаў вельмі часта звяртаецца да тэмы сталінскага генацыду і пасляваеннага ліхалецця («Аблава», «Жоўты пясочак», «Бедныя людзі», «Велікоднае яйка» і інш.). Пачынае ён адыходзіць і ад ранейшай жанравай арыентацыі, ад шчыльна напісанай аповесці, якая атрымала назву быкаўскай. Час ад часу вяртаецца да алавядання. А рэалістычныя выяўленчыя сродкі ўсё часцей змяняюцца сімволіка-знакавымі ўмоўнасцямі на ўзроўні прытчы, фантастыкі. I толькі ў адным пісьменнік паслядоўны і нязменны: пра што б ён ні пісаў, усіх сваіх герояў ён выпрабоўвае сітуацыяй выбару, сітуацыяй памежнай ці нават запамежнай, абсурднай.

На пытанне Алеся Адамовіча, што трывожыць, «што мучыць цяпер» (гутарка адбывалася 12 сакавіка 1985 г.), В. Быкаў адказаў: «…Бачыў і на вайне і цяпер ракавую схватку чалавека і абставін…Чалавек сціснуты не з двух, а можа быць, з чатырох бакоў абставінамі, самымі рознымі, не толькі знешнімі, але і ўнутранымі. I пачуццём абавязку, і іншымі пачуццямі. Чалавек сам не ведае, што ён можа і чаго не можа… Ну, а што абставіны жорсткія, то безумоўна. Ніколі, я думаю, у нашым свеце, у нашай гісторыі, можа быць, не было такіх таталітарных абставін, як тыя вось, што мы перажываем. У вайну, у наш час, у двадцатым стагоддзі. Чалавек… змяшчае ў сабе не толькі гордасць, але і подласць. Чалавек — гэта ўсё. Увесь сусвет у чалавеку. Але пад грузам нейкіх абставін ён можа быць і такім, і гэтакім».

В. Быкаў бачыць сваю задачу ў тым, каб «паказаць чалавеку, які ён ёсць… паказаць без усялякіх заклікаў дыдактыкі… каб ён сябе ўбачыў і зразумеў». I дзеля гэтага пісьменнік «агаляе», «правакуе» свайго героя на выяўленне самага глыбіннага ў яго душы і вызначальнага ў яго духоўнай сутнасці. Экстрэмальная сітуацыя дазваляе зрабіць гэта найлепшым чынам. Толькі любоў, нянавісць, страх, радасць, абурэнне, захапленне, надзея, адчай, паводле сцверджання французскага пісьменніка Жана Поля Сартра, здольны раскрыць чалавека і свет у іх рэальнасці.

Герой быкаўскага апавядання «Бедныя людзі» (1993) прафесар Скварыш у «д'ябальскі час і ў д'ябальскім грамадстве» робіць жудасны, пачварны выбар. Ён піша на свайго аспіранта Краснянскага данос у КДБ. Піша на чалавека, які быў адзіным, хто ў цяжкі для Скварыша перыяд (пагроза выключэння з партыі, што азначала і выключэнне з жыцця) не пабаяўся прыйсці да яго, выказаць сваю спагаду. Учынак у «д'ябальскі час і ў д'ябальскім грамадстве» настолькі смелы, што Скварыш успрымае яго як правакацыю. I гэта яшчэ больш узмацняе яго страх перад таталітарнай машынай. Прафесар бачыць адзінае выйсце і паратунак у тым, каб апярэдзіць аспіранта, які, магчыма, запісаў на магнітафон іх размову і заўтра занясе плёнку

«ў вядомы будынак на праспекце». Разумеючы ўсю гнюснасць сітуацыі, у згрызотах (а што, як візіт Краснянскага быў шчырым, і «ён загубіць чалавека. I яго сям'ю»), у душэўным мітушэнні паміж дабрабытам, кар'ерай аспіранта і сваёй уласнай прафесар робіць выбар на карысць апошняй.

Канстатацыяй візіту Скварыша ў «вядомы будынак на праспекце» апавяданне і заканчваецца. Пісьменнік дае чытачу магчымасць самому «дапісаць» фінал, дадумаць сітуацыю, якая з'яўляецца алгарытмам таталітарнай рэчаіснасці.

Каб усвядоміць назначэнне менавіта такога фіналу быкаўскага апавядання, згадаем фінал сартраўскага апавядання «Сцяна». (Дарэчы, у творчасці В. Быкава таксама ёсць аднайменнае парабалічнае (прытчавае) апавяданне.) Ж. П. Сартр заканчвае свой твор ашаламляльнай развязкай. Яго герой, удзельнік Супраціўлення Іблетта ў сітуацыі абсурду вырашыў перахітрыць ворага, кінуць апошні выклік «сцяне абсурду». Ён павёў ворага па лжывым следзе, сказаў, што яго таварыш па барацьбе Грыс хаваецца на могілках. Будучы цвёрда перакананы, што знаходжанне Грыса, «нязломнага змагара», на могілках выключана, Іблетта «сказаў гэта, каб трошкі з імі пажартаваць». «Жарты» выніклі тым, што Грыса «заспелі ў хаце далакопаў. Ён пачаў адстрэльвацца, і яны яго забілі». Перад гэтым Іблетта змірыўся са сваім лёсам, ён «мог уратаваць сваю шкуру, каб выдаў Грыса», але адмовіўся ад гэтага. Яго «згода памерці замест Грыса» тлумачыцца нават не высокімі патрыятычнымі матывамі — «гэта была звычайная ўпартасць», яго «апанавала дзіўная весялосць».

Урэшце, сутнасць чалавека вызначаецца не намерамі, памкненнямі, а менавіта ўчынкамі, як даводзяць пісьменнікіэкзістэнцыялісты. Намер Іблетты напаследак пажартаваць са «сцяной абсурду», хоць крыху расхістаць яе, скончыўся трагічна.

В. Быкаў нават не высвятляе для свайго героя сутнасць намераў яго візіцёра, на якога Скварыш піша данос у органы дзяржбяспекі. Чытачу зразумелы толькі намеры і матывы ўчынку Скварыша. У апавяданні зроблены акцэнт не столькі на выбары героя (як гэта заўсёды было ў ранейшых быкаўскіх творах), а на д'ябальскіх абставінах. Яны змусілі чалавека пайсці супраць сумлення, вынішчылі людскае ў чалавеку.

Адносіны аўтара да сваіх герояў і ў назве твора, і ў апошніх радках: «Бедны, няшчасны аспірант Краснянскі.

Бедны, няшчасны прафесар Скварыш…»

Не апраўдваючы свайго героя, але спагадаючы яму, пісьменнік сцвярджае, што «чалавек, пастаўлены перад фактам неабходнасці такога выбару, страчвае свабоду. Ён чалавек несвабодны. Свабодным жа ён робіцца тады, як знікае сітуацыя, што вымагае выбару».

Такі элемент светапогляду В. Быкава ў апошнія гады яго жыцця, такі яго погляд на магчымасці чалавека ў сітуацыі выбару адрозніваюцца ад тых, што былі ўласцівы пісьменніку ў 60-70-я гг. Падобна да таго, як Ж. П. Сартр у апавяданні «Пакой» паказаў усю небяспеку і асуджанасць пражывання ў адным пакоі з вар'ятам, В. Быкаў паказаў трагедыю людзей, вымушаных жыць у «д'ябальскі час і ў д'ябальскім грамадстве». Чалавек, жывучы ў «пакоі абсурду», паступова становіцца яго вязнем. У такім пакоі — усе рабы, усе асуджаныя: і каты, і ахвяры.

Аднак такая пісьменніцкая выснова не азначае апраўдання духоўнага падзення чалавека ў сітуацыі абсурду. Ніякія абставіны не вызваляюць яго ад адказнасці за ўласныя ўчынкі і стан душы. Таму не вызваляюць, што «сцяна абсурду», яе трываласць, у значнай ступені залежыць ад запасу духоўнай трываласці чалавека. I чым меншы яго запас трываласці, тым часцей ён будзе вымушаны стаяць перад «сцяной абсурду». I вось тады ўжо чалавек у такім супрацьстаянні і схватцы можа і прайграць партыю.

Папярэджваючы пра небяспеку і наступствы пройгрышу, даючы чытачу магчымасць таксама зрабіць свой выбар, вызначыўшы свае адносіны да выбару героя ў канкрэтнай сітуацыі, пісьменнік узбагачае чытача ўласным духоўным вопытам.

Апеляцыя да гуманізму

Талент — гэта труба, вечавы звон, барабан, але не жалейка і не свісцёлка… ён з'яўляецца на свет не для таго, каб усыпляць элегіямі, а каб гучаць як сігнал трывогі.

В. Быкаў.

Спяваць без хвалявання немагчыма,

Без спадзявання немагчыма жыць.

С Грахоўскі.

У гутарцы з А. Адамовічам у 1985 г., апублікаванай Верай Адамовіч пад назвай «Чалавецтва ўратуецца подзвігам духу», В. Быкаў казаў: «Напэўна, самае дзейснае, самае практычнае — прымусіць чалавека заглянуць у сябе, прымусіць яго ўбачыць, які ён ёсць, што ў ім ёсць подлае, а што добрае. Калі ён разбярэцца ў сабе з дапамогай мастацтва, то і будзе вынік».

Вельмі важна, каб чалавек «сябе ўбачыў і зразумеў». В. Быкаў ускладаў вялікую надзею на спрадвечнае «калі»: «Вось, калі ён (чалавек) сябе ўбачыць і зразумее з дапамогаю мастацтва, тады ён паразумнее». Ужо тады, у 1985 г., у пісьменніка разам з надзеяй, верай у чалавека было і сумненне: «Але чалавек не схільны заглядваць у сябе, гэта не самы любімы занятак чалавецтва…» В. Быкаў пагадзіўся з А. Адамовічам, што чалавек ахвотней зазірне ў чужую душу, у чужую каструлю, што ён з прычыны «сваёй ляноты душэўнай… грэбуе дзейнасцю» прарокаў, затое «безаглядна слухае палітыкаў, розных рэйганаў».

В. Быкаў пачынаў сваё мастакоўскае даследаванне з вялікай веры ў чалавека, у тое, што ён можа стаць нават «вышэй за свой уласны лёс», стаць «мацнейшым за магутную сілу выпадку», як зазначае пісьменнік у аповесці «Яго батальён». Літаратуразнавец М. Афанасьеў так пісаў пра псіхалогію быкаўскага героя: «Да пэўнага, лёсавызначальнага моманту яго героі, здаецца, наогул не жывуць, а толькі цяжка і непрыкметна нясуць у сабе велізарнейшы запас духоўнай энергіі, каб шчыра выдаткаваць яго да канца ў момант подзвігу».

Аднак ужо апавяданне «Жоўты пясочак» уносіць новы істотны нюанс у глыбіннае быкаўскае даследаванне народнага лёсу ў той жудасна жорсткай і крывавай вайне. У апавяданні ўвасоблены зусім іншы погляд В. Быкава на чалавека пры нязменна абвостранай апеляцыі творцы да гуманізму.

Акцэнт у апавяданні «Жоўты пясочак» зроблены на тое, як паводзілі сябе ўсе шэсць ахвяр таталітарнай сістэмы ў безвыходнай сітуацыі. Яна настолькі запамежная, што не пакідае ахвярам ніякага выбару — толькі смерць. Усе, за выключэннем, бадай што, вострага на язык маскоўскага бандыта Зайкоўскага, зламаны духоўна. Настолькі раструшчаны маральна, што гатовы пакорна, як статак бараноў, падпарадкоўвацца, выконваць любы загад. I ніхто з іх нават і не падумаў пра «апошнюю міласць», «адзіную раскошу», якую ў сітуацыі выбару паміж жыццём і смерцю скарысталі ранейшыя быкаўскія героі (Сотнікаў, Сцепаніда, Пятрок, Мароз, Ляховіч і інш.). Героі апавядання «Жоўты пясочак» нават у сітуацыі без выбару ўсё ж адшукалі магчымасць, каб праціснуцца да шырокай брамы, што вядзе ў пагібель.

Літаратуразнавец Дз. Бугаёў у кнізе «Спавядальнае слова» вытлумачвае відавочную парадыйнасць, сарказм у апісанні сітуацыі, калі ахвяры выбаўляюць буксуючую машыну, што вязе іх да пагібелі, свядомым разлікам аўтара «на сугучнасць такіх сцэн з анекдотам, народжаным абсурдам тагачаснай рэчаіснасці». I сапраўды, сатырычнымі сродкамі В. Быкаў раней не карыстаўся, нават больш — адмаўляў іх як магчымыя мастацкія сродкі пры адлюстраванні вайны. У гэтым жа апавяданні сатыра, паводле слоў Дз. Бугаёва, «становіцца не тоЛькі сродкам характарыстыкі герояў, але і выражэннем глыбіннай думкі твора, яго горка-балючага пафасу». У гэтым апавяданні, як і ў пазнейшым па часе напісання творы «Труба», усё відавочней песімізм у творчасці В. Быкава.

Раней пісьменнік спалучаў песімізм адносна свету з аптымізмам адносна чалавека. У творах апошняга часу адчувальна спалучэнне песімізму адносна абсурдных абставін з песімізмам адносна чалавека. Аднак песімізм абываделя і песімізм творцы не тоесныя. Песімізм творцы з'яўляецца інструментам горка-балючага пафасу пры адлюстраванні жыцця, удакладняльным штрыхом да той карціны, якая адкрылася ўсім, — карціны страшнага масавага духоўнага ўпадку.

Болем за свой народ, трывогай за яго будучыню тлумачыцца пільная ўвага пісьменніка да праблем сучаснасці. Праблему наступстваў чарнобыльскай катастрофы Быкаў разглядае як «гіганцкі атамны генацыд». У аповесці «Воўчая яма» (1999) горкая праўда пра Чарнобыль узнаўляецца аўтарам з уласцівай яму няўмольнасцю. Трагедыя народа паказана «буйным планам» на лесе двух безыменных галоўных герояў. Збег абсурдных абставін у многім вызначыў і памежна абсурдны выбар герояў — жыць у радыяцыйнай зоне. Тут яны шукаюць паратунку ад жорсткага свету. Але паратунку няма нідзе і нікому. Ні чалавеку, ні ваўку. Героі аповесці — мёртвыя без пахавання. Метафарычная воўчая яма ўжо як бы матэрыялізуецца.

У выступленні на пленуме Саюза пісьменнікаў БССР у 1985 г. В. Быкаў казаў, што «талент мае права гаварыць народу ўсю праўду пра яго існаванне, часам горкую праўду». З абвостраным пачуццём мастака В. Быкаў гаворыць пра глабальныя наступствы чарнобыльскай радыяцыі. На долю шматпакутнага беларускага народа прыйшлося дзве трэція сумарных чарнобыльскіх выкідаў, па сваёй знішчальнай сіле эквівалентныя дзевяцістам(!) атамным бомбам накшталт той, што ў свой час зруйнавала Хірасіму…

Быкаўскія творы апошняга часу («Музыка», «Ослік», «Сцяна», змешчаныя ў кнізе «Сцяна» (1997), а таксама «Хвастаты», «Камень», «Тры словы нямых», трыпціх «Байкі жыцця», «Труп») з'яўляюцца парабалічнымі, гэта значыць іншасказальнымі, творамі. Іх жанр Дз. Бугаёў вызначае як прытчу-прыпавесць, бо ім уласціва «гранічная абагульненасць высноў, яны могуць дастасоўвацца да розных сітуацый, часоў і народаў. Але вырастаюць яны з нашай найперш сучаснай рэчаіснасці і б'юць па самых вострых нашых балячках».

Аднак алегарычны вобраз Хвастатага і алегорыя як асноўны мастацкі прыём аднайменнага твора сведчаць на карысць жанру байкі, а не прытчы. У апавядальнай частцы — гісторыя крыважэрнага пацука, які бязлітасна знішчаў усіх сваіх суродзічаў у падзяку за тое, што хітры гаспадар прадуктовага склада не забіў яго самога. А гаспадар і не забіваў Хвастатага да пары да часу толькі з тых меркаванняў, каб ён забіваў сваіх супляменнікаў. Гісторыяй Хвастатага і вывадам, што з яе вынікае, пісьменнік-патрыёт папярэджвае перш за ўсё свой народ пра трагічныя наступствы бязмернай адцанасці і шчырага слугавання «гаспадару прадуктовага склада». Несумненна, што такая гісторыя можа паўтарыцца дзе заўгодна — у любой краіне. Аднак бясспрэчна, што «на беларускія рэаліі яна кладзецца асабліва трывала», што пэўныя, вядомыя ўсяму свету рысы нашага нацыянальнага менталітэту здзіўляюць свет, а ў пісьменніка Быкава выклікаюць асаблівую трывогу і боль. Адназначнасць алегорыі ў гэтым творы, недвухсэнсоўны вывад-мараль сведчаць, што «Хвастаты» — гэта байка-памфлет, бо сатырычны, выкрывальны характар твора таксама відавочны.

У адрозненне ад байкі прытча мае больш свабодную, «адкрытую» форму. Яна патрабуе ад чытача перанесці сябе ў сітуацыю прытчы, актыўна спасцігаць яе мудрасць, якая схавана ад чытача, «як сіла ў каштоўным камені, як золата ў зямлі, і ядро ў арэху» (Ф. Скарына). Прытча — гэта загадка, якую чытачу неабходна разгадаць і зразумець у выніку самастойных інтэлектуальна-маральных высілкаў. У прытчы персанажы звычайна безыменныя, акрэсленыя схематычна: нейкі чалавек, нейкі цар, нейкая жанчына, нейкі бацька, нейкі сын і да т. п. Гэта чалавек наогул. Сэнс прытчы не ў тым, які чалавек у ёй паказаны, а ў тым, які маральна-этычны выбар зроблены чалавекам. Сітуацыя ўсёвызначальнага выбару — вось галоўная і адметная асаблівасць прытчы ў параўнанні з іншымі філасофскімі жанрамі (байка, легенда, казка, анекдот, прыказка), якія збліжаюцца з ёй і іншасказальнасцю, і павучаннем, і эўрыстычнай адкрытасцю.

Твор «Труп» (з падзагалоўкам «Медыцынскаеапавяданне») некалькі бліжэй па жанры да прытчы, чым «Хвастаты» (з падзагалоўкам «Сучасная казка для дарослых»), Герой гэтага твора — нейкі безыменны забойца. Не прафесіянал, не кілер, а «звычайны, затурканы жыццём чалавек. Тое ж самае можна сказаць і пра забітага — нічога незвычайнага». Пісьменнік наўмысна не акцэнтуе ўвагу чытача на прычыне забойства: «Бадай, не адказаў бы і сам забойца». Нават адносіны паміж імі былі знешне амаль нармальныя, «калі не лічыць даўняй, упартай, чорнай нянавісці». I зноў жа невядома, па якой прычыне. «Сваю справу забойца зрабіў ціха і хутка — забіты нават нічога не западозрыў». Тым болей, што гэта намерваўся зрабіць «даўні знаёмы, амаль сябар».

Далей змест твора пабудаваны на апісанні неверагодных, фантастычных, нават дэтэктыўных прыгод забойцы, яго марных высілкаў пазбавіцца ад трупа, які «ажыў» і ўсюды яго суправаджае. Нават за мяжу. Мараль у фінале вельмі празрыстая: «Цяпер будзем удваіх, — нейкім скрыпучым, быццам грамафонным голасам вымавіў труп. — Назаўсёды». А на шыпенне забойцы, што «так нязручна», адказаў: «Што зробіш! Затое разам…» «Што ж, — падумаў забойца. — Відаць, нічога ўжо не зробіш. Давядзецца жыць з трупам. Калі не захацеў з жывым…»

I ў творы «Сцяна» (1995) з аднайменнай кнігі галоўным персанажам з'яўляецца нехта безыменны «ён». I ў гэтым творы прадметна і ў той жа час у максімальна абагульненай форме мадэліруецца сітуацыя безвыходнасці на фоне канкрэтных рэалій: «Сцяна была каменная, задымленая, вельмі старая, як і сам гэты дом — турма, што засталася дыктатару краіны ад ранейшага дыктатара, а таму — ад папярэдніх. Калісьці тут правілі баль і спраўлялі крывавыя оргіі, плялі інтрыгі і розныя іншыя злачынствы — супраць улады, народа ці супраць кагосьці з тых, хто выйграў у бясконцай барацьбе за ўладу. Але прайграў таксама. А цяпер тут сядзеў ён і такія, як ён». Далей дзесяць старонак прысвечаны апісанню неверагодных намаганняў безыменнага вязня, каб выбрацца з засценка. I нарэшце яму, з яго «слабымі чалавечымі сіламі і яго велізарнейшай прагай волі», многае удалося: ён выбіў камень у сцяне і дастаў яго.

Сітуацыя дасягае кульмінацыі, калі «ён», прасунуўшы галаву, паспрабаваў пралезці ўсім тулавам. Не пралазіла плячо! Гэта ўжо было насуперак яго назіранням і жыццёвым правілам. Іх ён засвоіў яшчэ з дзяцінства, «калі яны, падшыванцы, лазілі праз плот у суседні сад. Старэйшыя яго пасылалі першым, бо ён быў самым худзенькім — маленькі, рухавы жэўжык, які пралазіў усюды, дзе толькі можна было пралезці. I дзе не было ніякай магчымасці — таксама. Пакуль не падрос і не заняўся палітыкай. У палітыцы было інакш. Часам не мог пралезці ніхто. Не пралез і ён. Таму і папаўся». I вось цяпер ранейшы падшыванец, які раздаўся ў плячах за час свайго шматгадовага шчыравання ў палітыцы, не пралазіць у шчыліну, з такой цяжкасцю зробленую самім. Аднак цуд адбыўся! Але адбыўся, як аказалася, каб здзівіць вязня яшчэ больш: са сваёй камеры ён трапляе ў другую, большую. I без столі. Але «над ім у змрочнай шэрані неба ўзвышаўся знаёмы яму сілуэт шыбеніцы, амаль над самай галавой невысока звісала вяроўка-пятля. Пад ёй быў змайстраваны драўляны эшафот, на які ён і наткнуўся у змроку. Выхаду адсюль не было…».

Пра ролю гэтага твора ў выражэнні канцэпцыі пісьменніка сведчыць і назва, якая дала назву ўсёй кнізе, і прысвячэнне. Твор прысвячаецца сябру Рыгору Барадуліну.

Аналізуючы гэты твор, фіксуючы кропкі перасячэння ў канцэпцыі і творчай манеры В. Быкава і Ж. П. Сартра, літаратуразнавец Е. Лявонава ў артыкуле «Творчасць В. Быкава і Ж. П. Сартра…» («Роднае слова». 2000. № 1,2) робіць акцэнт і на агульнай назве твораў двух мастакоў, і на месцы дзеяння (турэмная камера), і на спробе абодвух герояў «кінуць ім апошні выклік, хай і на лічаныя гадзіны адцягнуць уласны канец», і на марнасці высілкаў герояў. Е. Лявонава, супаставіўшы гэтыя два творы, прыходзіць да высновы пра тоеснасць філасофіі экзістэнцыяльнага тыпу з яе пастулатамі безвыходнасці, «сцяны абсурду», рэалізаванымі ў творчасці Ж. П. Сартра і ў адным з апошніх твораў В. Быкава.

I ўсё ж адметнага ў аднайменных творах двух мастакоў намнога больш, чым агульнага. Адметнае ў творах найперш вызначаецца рознасцю герояў, прычынамі, па якіх яны трапілі ў вязніцу, і матывамі намаганняў, каб супрацьстаяць «сцяне абсурду».

У апавяданні Ж. П. Сартра сітуацыя пантрагічная. Ёй папярэднічаў выбар героя (у яго ёсць імя — Іблетта), які да сітуацыі «сцяны абсурду», гаворачы словамі А. Камю, «добра рабіў сваю справу», змагаючыся з «чумой». Так, пісьменнік «распрануў» свайго героя, паказаў псіхафізіялагічны стан чалавека ў сітуацыі, якая мацнейшая за яго, «калі знікае ілюзія, што ты вечны». Аповед вядзецца ад першай асобы: «У пэўным сэнсе я да ўсяго цяпер быў абыякавы і адчу ваў сябе вельмі спакойна». Абыякавасць у такой сітуацыі азначае толькі адно — поўную свабоду ад яе, як і ад усяго, што звязвала з жыццём. Адлучанасць сартраўскага героя ад свету — галоўны доказ яго гатоўнасці несці свой крыж да канца і скарыстаць у безвыходнай сітуацыі, як і быкаўскі Сотнікаў, «апошнюю міласць», «святую раскошу» — застацца чалавекам.

Безумоўна, матывацыя такой гатоўнасці быкаўскага Сотнікава і сартраўскага Іблетты некалькі розная, аднак сутнасць адна. «Я сказаў сабе: „Я хачу памерці дастойна“». Згадаем і тое, як тургенеўскі волат Базараў зразумеў, што памерці дастойна — самае цяжкае з усяго, што толькі можа быць. У такой безвыходнай сітуацыі Іблетта хоча «трошкі з імі пажартаваць». Аднак «жарты» скончыліся трагічна. Гэта быў апошні выклік абставінам, але «сцяна абсурду» не пахіснулася. Усялякія спробы яе расхістаць былі марныя, нават больш — умацоўвалі яе. Але гэта ўжо не віна чалавека, а яго трагедыя; сведчанне не столькі слабасці чалавека, колькі сілы сцяны. Безвыходнасць, якой, паводле Е. Лявонавай, «так і патыхае ад усёй творчасці Сартра», не азначае яго «выраку» свайго героя. Твор пазбаўлены дыдактызму і маралізатарства, аднак адносіны і пачуцці аўтара да героя можна вызначыць як павагу і спагаду.

Зусім іншае з быкаўскім героем. У ім вельмі моцная Прага волі і жыцця, імкненне выжыць любой цаной. Сімвалічна шматзначным у кантэксце твора з'яўляецца апісанне неверагодных высілкаў вязня. Сёння вядома, што азначалі спробы тых, хто трапіў у «дом-турму», выратаваць сваё жыццё. Вехамі гэтых спробаў нярэдка былі ўсё новыя і новыя ахвяры. Палону быкаўскага героя таксама папярэднічала «справа». Ён пастаянна ў думках апраўдваецца перад безыменнай «ёй», што «спяшаўся… па справе іх святой барацьбы, да сябра, а там чакала яго самая чорная здрада». Якая гэта была «справа», аўтар не ўдакладняе. Але адна дэталь не пакідае ніякага сумневу: «натхнёны барацьбой за вялікую ідэю». Якія «справы» называліся ў «д'ябальскі час і ў д'ябальскім грамадстве» «барацьбой за вялікую ідэю», чытач выдатна ведае. Такія, як «ён», вельмі добра рабілі сваю «справу», аналагаў якой няма ў гісторыі чалавецтва. Бадай, гэта жахлівей за ўсялякую «чуму», бо «хвастатыя» вынішчалі сваіх жа суродзічаў.

Яшчэ відавочней разыходжанне паміж сартраўскім і быкаўскім героямі, калі выверыць іх сартраўскім тэзісам «існаванне папярэднічае сутнасці». У Сартра і вобраз, і сітуацыя, і яе фінал — пантрагічныя. Пантрагічным бачыцца і герой быкаўскай «Сцяны» літаратуразнаўцу Л. Корань. Так, у кнізе «Цукровы пеўнік» (с. 142) мы чытаем: «Відавочна, што менавіта сучасны менталітэт беларусаў як вынік перманентнага генацыду мог нарадзіць у творчасці В. Быкава той пантрагічны мастацкі вобраз, які мы бачым у прытчы „Сцяна“».

Аднак і гэты вобраз, як вобразы безыменнага забойцы з «Трупа», крыважэрнага пацука з «Хвастатага», не пантрагічны, а «пансатырычны». Усе тры героі — забойцы. Яны — не ахвяры, а хаўруснікі і абслуга «сцяны асурду». Усе тры вобразы аб'яднаны і адносінамі аўтара да ўвасобленага ў іх. Гэтыя адносіны — пагарда, гідлівасць, якая толькі можа быць да мярзотнасці, народжанай «сцяной абсурду». Трываласць «сцяны абсурду» ў многім і забяспечваецца такімі, як «ён», як Хвастаты, як безыменны забойца. Хвастатыя забойцы забяспечвалі шалёны бег пачварнай д'ябальскай машыны, пакуль тая не ўкруціла і іх у свой барабан. Менавіта сатырычнае адрознівае быкаўскую «Сцяну» ад пантрагічнай сартраўскай. Сатырычнае ў сваю чаргу з'яўляецца атрыбутам байкі-памфлета, а не прытчы. Прыкметы байкі-памфлета відавочныя ў быкаўскай «Сцяне».

В. Быкаў ва ўсіх трох творах робіць акцэнт не на выбары, які ўсё вызначае (галоўны выбар усіх названых быкаўскіх персанажаў быў зроблены раней), а на наступствах гэтага выбару. Тым самым пісьменнік мадэліруе гэтыя наступствы і папярэджвае пра адказнасць за выбар, расплату за ўчыненае. А вось павучальнае на такім узроўні, магчыма, некаторымі чытачамі ўсведамляецца як прытчавае.

Л. Корань у згаданай кнізе «Цукровы пеўнік» піша, што «мастацкі пафас В. Быкава застаўся нязменным: гэта гранічная канкрэтызацыя і ў той жа час парабалічна абвостраная апеляцыя да гуманізму». В. Быкаў — мастак эпохі, у якую ўвесь род чалавечы падышоў да краю сваёй пагібелі, да прорвы. Папярэджваючы пра небяспеку наперадзе, прарок прапаведуе духоўнасць насуперак прагматызму. Дз. Бугаёў у кнізе «Спавядальнае слова» называе «катэгарычным прысудам» меркаванне крытыка Г. Шупенькі адносна апошніх твораў В. Быкава, якія Г. Шупенька называе «сучаснай быкаўскай прозай». «Ні аднаго жывога жэста жывога канкрэтнага чалавека ў канкрэтнай сітуадыі… Не кажу ўжо пра такія мудрошчы, як пластыка, мелодыка прозы. Нам не паказваюць і не расказваюць, а вуснамі аўтара-дэміурга пераказваюдь аднастайна-натужліва і ўчынкі нежывых мёртванароджаных людзей, і іхнія думкі, і развагі. Асноўны мастацкі прыём гэтае прозы — апісальнасць» — так піша Г. Шупенька пра быкаўскае апавяданне «На Чорных лядах», якое Дз. Бугаёў лічыць «выдатным творам» і нават «падзеяй у нашай літаратуры».

Час — толькі ён адзін як нестаронні суддзя — вызначыць, хто з шаноўных крытыкаў мае рацыю. Аднак ужо сёння відавочна, што быкаўскае слова на такой вышыні, што яно свабоднае і ад хвалы і ад «хулы». Можна колькі заўгодна спрачацца, ді ёсць двойчы два — чатыры. Праблема, як даводзіць А. Камю, «у тым, каб ведаць, складаюць ці не двойчы два чатыры».

Змест

Ад аўтара

«Мова — сцяг народа» (М. Ермаловіч)

Сцяганосцы Айчыны «Шануйце роднае слова!» (Цётка)

«Мудрыя ўсіх вякоў лічылі, што ў кожнай дзяржаве пачціваму чалавеку няма нічога даражэйшага за свабоду» (Леў Сапега)

«Зямля — аснова ўсёй айчыне» (Якуб Колас)

«Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі!» (Янка Купала)

«На паўмільярдным кіламетры паміж наступным і былым» (А. Куляшоў)

У пошуках згубленага скарбу

Падзенне без пакаяння пасля сатанінскага тура

«Ад прадзедаў спакон вякоў мне засталася спадчына» (Янка Купала)

«Час — люстэрка, у якім кожны ўбачыць сябе, як іншага» (А. Разанаў)

«Мінулае вучыць нас, як жыць сёння» (1) (Ян Баршчэўскі)

«Мінулае вучыць нас, як жыць сёння» (2) (Ян Баршчэўскі)

«Гарыць агонь нязгасны ля граніту, як памяць сэрцаў аб сваіх сынах» (А. Астрэйка)

«Мы лёс свой самі выбіраем…» (П. Броўка)

«Добра быць у дарозе, якую ты сам сабе выбіраеш» (Якуб Колас)

Кім быць і якім быць

«Гады чысціні і надзеі, гады парыванняў і мрой» (Р. Барадулін)

«Шануем мы бацькоў імёны, навукай прыклад нам яны» (У. Жылка)

«Дзяды — вытокі кожнага народа» (А. Лойка)

Праблема бацькоў і дзяцей у беларускай літаратуры «Трэба дома бываць часцей…» (Р. Барадулін)

Жыватворная сіла быцця — праца

«I пасля кожнага свайго падзення я, Чалавек, устаю, бо мяне ўздымае праца» (У. Караткевіч)

Праца — падмурак духоўнасці «Настаўнік — соль зямлі» (Сымон Будны)

«Самы светлы талент — дабрата» (С. Грахоўскі)

«Не ціхне вечны бой» (А. Куляшоў)

«Вядзі рашучы бой!» (А. Вярцінскі)

«Людзей ратуе толькі чалавечнасць» (П. Панчанка)

«Што такое чалавек перад знішчальнай сілай бесчалавечных абставін» (В. Быкаў)

«Нашто на зямлі сваркі і звадкі… калі ўсе мы разам ляцім да зор?» (М. Багдановіч) «Паўзуць яны, сілы гэтыя, у шэрую бронь адзетыя…» (А. Вярцінскі)

Хто смяецца апошнім

«Простае шчасце людское…» (Максім Танк)

«Той і шчаслівы, хто зведаў каханне…» (П. Панчанка)

«Пра маці можна гаварыць бясконца» (Максім Горкі)

«Тут зямля такая!» (Максім Танк)

«Колькі талентаў звялося…» (Якуб Колас)

«Няма прарокаў у сваёй Айчыне» (з Евангелля)

Апеляцыя да гуманізму

Оглавление

  • Ад аўтара
  • «Мова — сцяг народа» (М. Ермаловіч)
  • Сцяганосцы Айчыны
  • «Шануйце роднае слова!» (Цётка)
  • «Мудрыя ўсіх вякоў лічылі, што ў кожнай дзяржаве пачціваму чалавеку няма нічога даражэйшага за свабоду» (Леў Сапега)
  • «Зямля — аснова ўсёй айчыне» (якуб колас)
  • «Занімай, Беларусь маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі!» (Янка Купала)
  • «На паўмільярдным кіламетры паміж наступным і былым» (А. Куляшоў)
  • У пошуках згубленага скарбу
  • Падзенне без пакаяння пасля сатанінскага тура
  • «Ад прадзедаў спакон вякоў мне засталася спадчына» (Янка Купала)
  • «Час — люстэрка, у якім кожны ўбачыць сябе, як іншага» (А. Разанаў)
  • «Мінулае вучыць нас, як жыць сёння» (1) (Ян Баршчэўскі)
  • «Мінулае вучыць нас, як жыць сёння» (2) (Ян Баршчэўскі)
  • «Гарыць агонь нязгасны ля граніту, як памяць сэрцаў аб сваіх сынах» (А. Астрэйка)
  • «Мы лес свой самі выбіраем…» (П. Броўка)
  • «Добра быць у дарозе, якую сам сабе выбіраеш» (ЯКУБ КОЛАС)
  • Кім быць і якім быць
  • «Гады чысціні і надзеі, гады парыванняў і мрой» (Р. Барадулін)
  • «Шануем мы бацькоў імёны, навука й прыклад нам яны» (У. Жылка)
  • «Дзяды — вытокі кожнага народа» (А… Лойка)
  • Праблема бацькоў і дзяцей у беларускай літаратуры
  • «Трэба дома бываць часцей…» (Р. Барадулін)
  • Жыватворная сіла быцця — праца
  • «I пасля кожнага свайго падзення, я, Чалавек, устаю, бо мяне ўздымае праца» (У. Караткевіч)
  • Праца — падмурак духоўнасці
  • «Настаўнік — соль зямлі» (Сымон Будны)
  • «Самы светлы талент — дабрата» (С. Грахоўскі)
  • «Не ціхне вечны бой» (А. Куляшоў)
  • «Вядзі рашучы бой!» (А. Вярцінскі)
  • «Людзей ратуе толькі чалавечнасць» (П. Панчанка)
  • «Што такое чалавек перад знішчальнай сілай бесчалавечных абставін» (В. Быкаў)
  • «Нашто на зямлі сваркі і звадкі… калі ўсе мы разам ляцім да зор?» (М. Багдановіч)
  • «Паўзуць яны, сілы гэтыя, у шэрую бронь адзетыя…» (А. Вярцінскі)
  • Хто смяецца апошнім
  • «Простае шчасце людское…» (Максім ТАНК)
  • «Той і шчаслівы, хто зведаў каханне…» (П. Панчанка)
  • «Пра маці можна гаварыць бясконца» (Максім Горкі)
  • «Тут зямля такая!» (Максім ТАНК)
  • «Колькі талентаў звялося…» (ЯКУБ КОЛАС)
  • «Няма прарокаў у сваёй Айчыне» (з Евангелля)
  • Апеляцыя да гуманізму
  • Змест Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

    Комментарии к книге «Сачыненне на вольную тэму: Вучэб. дапаможнік», Вольга Верціхоўская

    Всего 0 комментариев

    Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

    РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

    Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства