Ад навуковага рэдактара (Сучасны свет і беларуская ідэя)
Сярод найважнейшых праблем, перад якімі ў глыбокім роздуме спыняецца сучаснае чалавецтва, можа па праву быць названай праблема нацыянальнасці, ці, як у нас гавораць, нацыянальнай ідэі. Гэтая праблема даўно ўжо востра клапоціць свядомасць кожнага шчырага беларуса, якому яшчэ ў купалаўскія часы чалавекам звацца хацелася і для якога яна аказваецца цесна звязанай з такімі востра перажыванымі сёння жыццедайнымі пытаннямі, як становішча беларускай нацыянальнай культуры і асабліва лёс дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь. Але і ў агульначалавечым маштабе праблема нацыянальнай ідэі набывае сапраўды небывалую і нечуваную дагэтуль актуальнасць. Ва ўмовах апошніх распадаючыхся шматнацыянальных імперый, што трымаліся на традыцыйных каранях, заглыбленых ледзьве не ў феадальную мінуласць, як адносна нядаўняя Аўстра-Венгрыя і зусім яшчэ ўчорашні сацыяльна-гістарычны тандэм Расійская імперыя-Савецкі Саюз, і ў абставінах узнікаючых новых фінансава-алігархічных імперый на аснове так званага глабалізму адны нацыі застаюцца найбольш устойлівымі і жыццездольнымі сацыяльнымі ўтварэннямі, якія маюць больш-менш цвёрдую перспектыву выстаяць перад пагрозай сапраўды ўжо глабальнага крызісу, ахапіўшага сёння нашу планету. Аб гэтым яскрава сведчаць канкрэтныя гістарычныя падзеі і факты канца ХХ — пачатку ХХІ ст., такія, як востраканфліктныя праявы нацыянальна-вызваленчых рухаў, суправаджаныя трагічнымі наступствамі ў выглядзе экстрэмісцкіх палітычных крайнасцей і нават тэрарызму. Пра тое ж гавораць і навукова-тэарэтычныя абагульненні, замацаваныя артыкуламі, кнігамі і такімі важнымі тэкстамі і дакументамі, як, напрыклад, нядаўняя дэкларацыя ЮНЭСКА аб неабходнасці ўзаемапаважальнага дыялогу паміж нацыянальнымі культурамі як асновы ўсёй сістэмы міжнародных адносін. Адной з такіх навукова-тэарэтычных распрацовак праблемы нацыі з’яўляецца і прапаноўваемая беларускаму чытачу кніга Анатоля Астапенкі «Нацыянальная ідэя ў сучасным свеце».
Тут няма патрэбы даваць падрабязны пераказ і тым болей аналіз азначанай цікавай і вельмі змястоўнай кнігі, як не трэба спецыяльна характарызаваць і яе аўтара, добра вядомага беларускага вучонага і грамадска-палітычнага дзеяча. Агульны лагічны касцяк і кампазіцыйная архітэктоніка кнігі становяцца выразна бачнымі ўжо пры самым першым поглядзе на назвы яе глаў і параграфаў, не кажучы ўжо аб непасрэдным знаёмстве з самім яе тэкстам у працэсе чытання. Гэта ў поўным сэнсе слова манаграфія, даючая нам дэталёвае і ў той жа час дастаткова глыбокае ўяўленне аб тым, здавалася б, так добра вядомым нам і адначасова нечакана шырокім і шматбаковым сацыяльным феномене, што звычайна акрасляецца словам «нацыя». Не патрэбны ж і падрабязны крытычны разбор і ацэнка кнігі, што будзе зроблена, спадзяемся, добразычлівымі і аб’ектыўнымі рэцэнзентамі, што напэўна ж зробяць і нейкія, можа быць, крытычныя заўвагі. Тут нам хочацца засяродзіць увагу чытача толькі на двух, але асноўных і найважнейшых аспектах праблемы, узнятай аўтарам прадстаўляемай манаграфіі, менавіта таму так актуальнай сёння.
Гэта, па-першае, цяперашні стан беларускай нацыянальнай культуры, якая знаходзіцца зараз на стадыі адраджэння і адначасова востра перажывае крызісны перыяд у сваім гістарычным развіцці. Што ў нашай культуры была ўвогуле вельмі нялёгкая гісторыя і што яна амаль на ўсім пройдзеным ёю жыццёвым шляху знаходзілася ў перманентным крызісным стане, падвяргаючыся няшчаднаму ўціску і з Захаду і з Усходу, — агульнавядома. Галоўнай прычынай такога стану была шматвяковая адсутнасць уласнай дзяржаўнасці, якая заканамерна вяла да адсутнасці суверэнітэту і незалежнасці і гэта таксама сёння добра вядома. Апошнія, здавалася б, чыста юрыдычныя, фармальныя вынікі таго, што беларусы не мелі ўласнай дзяржавы, з’яўлялася ў той жа час прычынай глыбокага заняпаду самой беларускай нацыянальнай культуры як глыбіннага зместу і сутнасці дзяржавы ўвогуле. Тут сапраўды было нейкае двухбаковае, як сказалі б філосафы, ўзаемадзеянне зместу і формы, прычым узаемадзеянне не творчае, а разбуральнае. У стане нармальнага, сацыяльна здаровага існавання народу яго незалежная дзяржаўнасць, яго суверэнітэт, як правіла, прыводзяць і да росквіту нацыянальнай культуры. Як і квітнеючая нацыянальная культура абавязкова патрабуе поўнай незалежнай дзяржаўнасці і суверэнітэту. У нас жа і раней і сёння ўсё было зусім наадварот. Больш таго, сучасная палітычная лінія кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь свядома вядзе да крайняга абвастрэння той крызіснай сітуацыі, імкнучыся поўнасцю знішчыць беларускую нацыянальную культуру. Сцвярджаецца, быццам яно ў той жа час адстойвае суверэнітэт Беларусі, але на самой справе суверэнітэт ў гэткай сітуацыі ператвараецца ў цалкам пустую юрыдычную фармальнасць. Аб тым гаворыць, напрыклад, зробленае прэзідэнтам Расіі Пуціным куды больш прамое і цынічнае, скажам так, параўнанне беларускай эканомікі з катлетамі, а суверэнітэт разам з беларускай нацыянальнай культурай і нацыянальнай самасвядомасцю беларускага народу — з мухамі. Але і эканоміка таксама ўяўляе сабою нацыянальную культуру і менавіта культуру матэрыяльную, цесна звязаную з духоўнай культурай. Нацыянальная культура ўключае ў сябе не толькі каштоўнасці чыста духоўнага жыцця народу, але і каштоўнасці яго пачуццёва-матэрыяльнага бытавання. І тым болей далейшае развіццё яе магчыма толькі ў абставінах заховы незалежнасці і суверэнітэту як і наадварот суверэнітэт можа існаваць толькі на базе развітай нацыянальнай культуры. Усё гэта якраз і абыймаецца ў рэальнасці глыбокім і ёмкім па зместу словазлучэннем «нацыянальная ідэя». І разуменню ўсяго гэтага безумоўна садзейнічае змест прапаноўваемай увазе неабыякавага чытача манаграфіі Анатоля Астапенкі «Нацыянальная ідэя ў сучасным свеце».
Азначаная манаграфія мае і другі вышэйпамянёны важны аспект, пра што сказана ўжо ў яе загалоўку. І тут таксама выразна выступае на першы план не толькі традыцыйнаагульная праблема існавання нацыянальнай культуры ў шматнацыянальным свеце, але і востра актуальны канкрэтнасучасны стан такога існавання. Маюцца на ўвазе дзве такія звязаныя паміж сабою сучасныя з’явы як глабалізм і постмадэрнізм, якія таксама штурхаюць беларускую нацыю, яе культуру і суверэнітэт зноў такі ў абдымкі нядобрага крызіснага стану. Так званая глабалізацыя ўжо па сэнсу свайго азначэння як з’ява глабальная, г. зн, звышнацыянальная, выступае сёння адкрыта варожай сілай як нацыянальнай культуры народу, так і яго дзяржаўнаму суверэнітэту, ламаючы пад бездухоўна-матэрыяльнай, фінансава-алігархічнай калясніцай Джагернаута любыя праявы нацыянальнай сваеасаблівасці народу, уключаючы і яго духоўную культуру і яго дзяржаўны суверэнітэт. У чым глабалізацыі адкрыта, як надзейны саюзнік, дапамагае так званы постмадэрнізм, раз’ядаючы, быццам ракавая пухліна, духоўную культуру народу. Усё гэта, хоць і не абмяркоўваецца непасрэдна ў тэксце, але таксама становіцца больш зразумелым, калі чытаеш манаграфію Анатоля Астапенкі.
Кніга А. У. Астапенкі дае нам, такім чынам, не толькі тэарэтычнае абагульненне такой складанай сацыяльнай з’явы як нацыя у яе станаўленні як выніку пэўных абставін гістарычнага развіцця, але падводзіць і да ўсведамлення вельмі практычных аспектаў менавіта сучаснага стану праблемы, аспектаў, што даюць магчымасць правільна прадбачыць і пэўныя перспектывы далейшага яе існавання. За ўсё гэта і будзе, спадзяемся, удзячлівы аўтару зацікаўлены беларускі чытач.
М. І. Крукоўскі, прафесар, доктар філасофскіх навукАд аўтара
Брацца за даследванне сутнасці нацыянальнай ідэі, яе складаючых нацыі і нацыяналізму вельмі няўдзячная задача. Яшчэ моцна жыве ў нашых посткамуністычных краінах стэрэатып насцярожанасці і нават адмоўнага стаўлення да кожнага з гэтых паняццяў.
І ўсё ж разуменне паблемы і падтрымка шэрагу вядомых людзей у Беларсі натхніла і дала моц аўтару пры напісанні гэтай кнігі. Сярод тых хто спрычыніўся да напісання прапануемай манаграфіі я б хацеў найперш адзначыць доктар філасофскіх навук, прафесара Крукоўскага Міколу Ігнатавіча, які выканаў складаную і адказную працу навуковага рэдактара кнігі. Яго бліскучая эрудыцыя і імкненне да новага часта ўражвала мяне. М.І.Крукоўскі, бадай першы ў Беларусі, хто засвоіў і выкарыстаў сістэмны аналіз у філасофіі. Гэтыя ідэі, а таксама шэраг іншых знайшлі развіццё ў манаграфіі.
Шчырую ўдзячнасць хочу выказаць рэцэнзенту манаграфіі доктару філасофскіх навук, прафесару Конану Уладзіміру Міхайлавічу. Яго каштоўныя заўвагі, што тычыліся самых розных раздзелаў манаграфіі, дапамаглі пазбегнуць памылковых меркаванняў. А азначэнне нацыянальнай ідэі дадзенае У. М. Конанам з’яўляецца на маю думку класічным і менавіта яно ўзята за аснову ў дадзенай манаграфіі.
Вялікую дапамогу ў агульнай пабудове і кампаноўцы матэрыялу кнігі, а таксама пры напісанні раздзела ІІ, што тычыцца тыпалогіі нацыяналізмаў, далі рэкамендацыі другога рэцэнзента, загадчыка кафедры паліталогіі, доктара палітычных навук, прафесара Сяргея Васільевіча Рэшэтнікава.
Я вельмі ўдзячны члену-карэспандэнту АН РБ, доктару філасофскіх навук, прафесару Яўменаву Леаніду Фёдаравічу за шэраг каштоўных парад пры працы над раздзеламі «Нацыяналізм і фашызм», «Правы чалавека і правы нацыі»
Выказваю таксама ўдзячнасць:
— Новікавай Святлане, дырэктару Інтытута матэматыкі і кібернэтыкі, якая паказала мне ўсю чароўнасць іерарахічнай тэорыі многаўзроўневых сістэм;
— Бураўкіну Аляксею, загадчыку кафедры інфармацыйных тэхналогій у культуры за падтрымку і карысныя парады;
— Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў на чале з Адамам Мальдзісам за цікаўнасць да маёй дзейнаці і за прадстаўленне магчымасці выступіць па тэме манаграфіі на кангрэсе МАБ.
— Нацыянальнаму навукова-асветнаму цэнтру імя Ф. Скарыны і яго дырэктару Любові Уладыкоўскай-Канаплянік за ўвагу да маіх прац.
Выказваю таксама шчырую падзяку выдаўцу Дзеравянка Міхаілу Андрэевічу за спонсарскую дапамогу.
Уводзіны
Чалавецтва ўступіла ў ХХІ стагоддзе і ў 3-е тысячагоддзе ад Нараджэння Хрыстовага. Чаму ж навучыліся людзі за гэты не малы тэрмін свайго суіснавання? Ці спраўдзіліся нарэшце іх спрадвечныя мары і імкненні? Ці ўсталяваліся нарэшце на Зямлі хрысціянскія каштоўнасці, маральныя прынцыпы, мірнае суіснаванне народаў? Як мы бачым, адказ на гэтыя пытанні будзе адмоўным. Па-ранейшаму паўсюль ідуць войны, людзі забіваюць адзін другога як і тры тысячы гадоў назад.
Аднак ёсць новая рыса ва ўсіх сучасных канфліктах, спрэчках і войнах. Гэтай рысай, якая не вызначала ход гісторыі яшчэ 200 год назад, з’яўляецца характар сучасных канфліктаў. У першую чаргу ён носіць адценне нацыянальнае. Большасць войн выклікана менавіта этнічнымі канфліктамі, ці імкненнем пэўнай нацыі да сваёй незалежнасці. Рэлігійныя спрэчкі адыходзяць на другі план і часцей за ўсё не з’яўляюцца дамінуючымі зараз, хаця і маюць месца таксама. Працэс абвяшчэння і ўмацавання незалежнасці ў рэспубліках былога СССР, Югаславіі і які пачаўся ў апошнім дзесяцігодді ХХ стагоддзя, не скончыўся і працягваецца ў наш час. Нацыянальная самасвядомасць і нацыянальная самаідэнтыфікацыя набываюць усё больш рашаючае значэнне ў чалавечых узаемаадносінах. Увесь комплекс дзеянняў, ідэй, праектаў на будучыню, якія звязаны з пэўнай нацыяй, прынята называць нацыянальнай ідэяй (НІ).
Пытанне аб правільнай фармулёўцы нацыянальнай ідэі стаіць і ў праграме дзеянняў Прэзідэнта і ўраду Рэспублікі Беларусь, сведчаннем чаго з’яўляецца правядзенне ў гэтым накірунку шэрагу мерапрыемстваў, якія ўключаюць розныя навуковыя канферэнцыі, семінары, сімпозіумы і г.д. Сярод такіх сустрэч навукоўцаў у Беларусі шырокую вядомасць маюць кангрэсы Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў (МАБ), што праводзяцца ўжо тры гады запар, міжнародныя Кірыла-Мефодзіеўскія чытанні, прысвечаныя дням славянскага пісьменства і культуры (у 2001 г. былі ўжо 7-я чытанні), першая і другая Міжнародныя навуковыя канферэнцыі па вельмі актуальнай тэматыцы: «Менталітэт славян і інтэграцыйныя працэсы: гісторыя, сучаснасць і перспектывы».
Важнай падзеяй у развіцці цалкам новай для Беларусі навуковай плыні — тэорыі нацыянальнай ідэі з’явілася міжнародная навуковая канферэнцыя «Беларуская нацыянальная ідэя», якая праходзіла ў г. Гродна ў 1999 г. Надрукаваны матэрыялы ў выглядзе грунтоўнай кнігі памерам 448 старонак.
Актуальнасць усебаковага аналіза сутнасці нацыянальнай ідэі вынікае і з зусім нядаўніх войн, якія так, ці інакш тычацца і беларусаў. Гэта — міжэтнічная вайна ў Югаславіі (1999–2001 г.) і дзве чэчэнскія вайны, не даўшыя канчатковага рашэння праблемы.
У аснове нацыянальнай ідэі ляжыць найперш паняцце нацыі — такога аб’яднання людзей, што вызнае гэтую ідэю. Другім краевугольным паняццем НІ з’яўляецца нацыяналізм, які ёсць тэарэтычнае тлумачэнне нацыі, яе ідэалагічная надбудоўля, можна нават сказаць — яе грамата. Нацыі і нацыяналізм пачалі вывучацца зусім нядаўна. Першым сур’ёзным даследчыкам гэтых праблем быў, напэўна, Эрнэст Рэнан. Вялікі ўклад у вывучэнне нацыянальнай праблематыкі зрабілі знакамітыя рускія рэлігійныя філосафы: Мікалай Бердзяеў, Канстанцін Лявонцьеў, Уладзімір Салаўёў, Іван Ільін, Мікалай Кляпенін, Пётр Струве.
Але пасля 1917 г. да пачатку 90-х гадоў развіццё навукі аб нацыі ў СССР было, фактычна, зведзена да стварэння заказных, кан’юнктурных опусаў аб так званай «сацыялістычнай нацыі». У Заходняй Еўропе і ЗША, наадварот, ХХ стагоддзе дало шэраг выдатных навукоўцаў, якія ўсебакова прааналізавалі сутнасць і значэнне нацыянальнай ідэі і яе складаючых частак — паняццяў народ, этнас, нацыя, нацыяналізм і іншых. У першую чаргу трэба адзначыць Эрнеста Гелнера, Энтані Сміта, Ганса Кона, Луі Снайдера, Карлтана Хайеса. Сярод сучасных даследчыкаў найбольш значныя вынікі звязаны з імёнамі Бойда Шэфера, Леона Грынфельда, Йел Тамір і іншых.
На тэрыторыі былога СССР, у прыватнасці ў Расіі, Беларусі і Украіне, таксама распачалася праца па вызначэнню сэнса нацыянальнай ідэі кожнай з краін, а таксама фармулёўкі іх адпаведных шляхоў да стварэння нацыі-дзяржавы і канцэпцыі нацыяналізму.
Галоўная рыса нашага часу гэта не шырокамаштабныя войны паміж нацыянальнымі дзяржавамі ўласцівыя першай палове ХХ ст. Усё больш у міжнацыянальныя адносіны ўваходзіць цывілізаваны падыход, разуменне таго, што ўзровень жыцця людзей немагчыма палепшыць за кошт захопу чужых тэрыторый і эксплуатацыі іншых народаў. Першымі краінамі, якія паказалі бесперспектыўнасць імперскай улады над іншымі народамі, этнасамі і нацыямі былі краіны Заходняй Еўропы: Англія, Францыя, Іспанія і ЗША — яны далі свабоду сваім калоніям у Афрыцы, Азіі і ў Амерыцы.
У сувязі з працэсамі распада імперый, імкненнем развітых этнасаў да нацыянальнай незалежнасці, утварэннем новых дзяржаў, перад намі як ніколі стаіць задача навуковага фармулявання нацыянальнай ідэі, разумення сутнасці нацыі, вылучэнне станоўчага і рацыянальнага ў паняцці «нацыяналізм», азначэнне ягонага сапраўднага сэнсу не заплямленага рознымі ярлыкамі, якія ўласцівыя імперскай ды камуністычнай ідэалогіям.
Дадзеная праца, відаць, першая ў Беларусі манаграфія, якае мае на мэце даць усебаковы аналіз, гісторыю ўзнікнення і фармавання ў сучасным грамадстве такіх супольнасцей людзей, як нацыя, народ, этнас і раса. Даследаванне тычыцца таксама аналізу паняцця нацыяналізм, высвятленння сутнасці ідэалогіі нацыяналізма і яго суаадносін з асноўнымі сучаснымі ідэалогіямі: лібералізмам, кансерватызмам, хрысціянскай дэмакратыяй, фашызмам, камуністычнай ідэалогіяй і іншымі.
Нацыяналізм мае вельмі шырокі спектр сваіх праяўленняў. Таму наспела неабходнасць унесці класіфікацыю яго форм, гэтаму прысвечаны спецыяльны раздзел у кнізе.
У асобным параграфе разглядваецца сістэмнае апісання эвалюцыі чалавецтва, дзе вышэйшым узроўнем праз ступень нацый, а таксама апісання статуту нацыі-дзяржавы.
Апошні раздзел змяшчае ў сябе аналіз палітычных працэсаў на Беларусі і нашу трактоўку рэалізацыі нацыянальнай ідэі.
Раздзел І Сутнасць нацыянальнай ідэі, яе галоўныя складнікі: этнас, нацыя і нацыяналізм
1.1. Народ, народнасць, племя, раса, этнас — сутнасць паняццяў
Такія тэрміны, як нацыянальная ідэя (НІ), нацыя і нацыяналізм — прадметы нашага даследвання — узніклі зусім нядаўна, у канцы XVIII — пачатку XIX ст. (звычайна іх суадносяць з часамі французскай буржуазнай рэвалюцыі 1789–1794 г.). Так слова «нацыяналіст» упершыню ўжыта абатам Баруэлем у 1798 г., каб падкрэсліць злоўжыванні якабінцаў пад час рэвалюцыі.
У аснове НІ ляжаць катэгорыі «народ», «народнасць», «этнас», што даўно выкарыстоўваюцца як у жыцці, так і ў навуцы і літаратуры. Таму перш за ўсё дадзім тлумачэнне гэтым паняццям.
а) Народ. Узнікненне паняцця «народ» сягае ў самую старажытную гісторыю, вядома яно некалькі тысячагоддзяў. Так, ужо ў першай кнізе «Быццё» Святога Пісання, Бог звяртаецца да Якава наступнымі словамі: «И сказал ему Бог: Я Бог Всемогущий; плодись и умножайся; народ и множество народов будет от тебя» (Быт. 35:11.). У Старым Запавеце, напісаным яшчэ на старажытнаяўрэйскай мове, паняцце «народ» адлюстроўваецца двумя словамі: «am» i «goy». Першае азначае народ ізраільскі, богаабраны; другі азначае язычаскі народ. Магчыма адсюль і пайшло слова «ізгой», што азначае прыналежнасць да гоеў — язычнікаў. Пасля прышэсця Хрыста і паўсюднага распаўсюджання хрысціянства біблейскі сэнс слова «народ» згубіў свой першапачатаковы сэнс, бо любое язычніцкае племя ці краіна, якія прынялі хрысціянства, станавіліся блізкімі да Хрыста, а значыць да Бога.
Цяпер слова «народ» выкарыстоўваецца звычайна ў вельмі шырокім значэнні. Гэта і любая група людзей, і сукупнасць жыхароў краіны. Згодна БСЭ: «Народ — гэта ўсё насельніцтва дзяржавы. Гэта і нацыянальная і этнічная супольнасці людзей, якія гістарычна займаюць нейкую вызначаную тэрыторыю».
Освальд Шпенглер трапна адзначаў, што «народ» — гэта проста першаформа, у якой людзі выступаюць як гістарычныя чыннікі і падкрэсліваў адназначны сэнс слова «народ» як сілу, што творыць гісторыю.
Марксісцкі падыход да катэгорый народа, як і да іншых паняццяў такога плану, характэрызаваўся так званым «класавым падыходам». «Ужываючы слова „народ“, — адзначаў У.І. Ленін, — Маркс не затушоўваў гэтым словам рознасці класаў, аб’ядноўваў пэўныя элементы здольныя давесці да канца рэвалюцыю». Ідэолагі навуковага камунізму ўвялі нават новы тэрмін — «савецкі народ», якім абазначалася новая гістарычная супольнасць людзей, што насяляла СССР. Штучнасць такога падыходу стала відавочнай з надыходам новага мыслення ў часы перабудовы, а развал СССР у 1991 г. стаў і развалам магутнай раней тэорыі марксізма-ленінізма, і ў першую чаргу навуковага камунізму.
б) Народнасць. Тэрмінам больш дакладным чым народ, які таксама характарызуе нейкую сукупнасць людзей, з’яўляецца паняцце народнасці. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі так вызначае гэты тэрмін: «Народнасць — моўная, тэрытарыяльная, эканамічная і культурная супольнасць людзей пераважна рабаўладальніцкай і феадальных эпох. Утварэнне народнасці непасрэдна папярэднічала перыяду ўзнікнення нацый». Гэта «пранацыя» мінулага. У Кіеўскай Русі, напрыклад, насельніцтва складала народнасць, якую цяпер называюць «старажытнаруская народнасць». У часы ВКЛ продкі сучасных беларусаў складалі народнасць, якая мела некалькі назваў. Гэта: русіны (часы Ф. Скарыны — XVI cт.), ліцвіны (Заходняя Беларусь і частка Міншчыны) а ў больш пазнейшыя часы (ХІХ — ХХ ст.) мелі, нават, саманазву «тутэйшыя». Толькі ў сярэдзіне ХVII стагоддзя пад час Польска — Расійскай вайны на Магілёўшчыне з’явілася асобнае войска з адмысловай назвай «полк беларускі». Узначальваў гэтае войска Канстанцін Паклонскі. Мікола Ермаловіч менавіта з гэтай постаццю беларускай мінуўшчыны і звязвае пачатак афіцыйнай назвы, як народнасці ў ВКЛ, а краю, што яны насяляюць — Беларусь.
Д. А. Хамякоў, публіцыст і філосаф канца ХІХ ст., аўтар знакамітай кнігі «Православие, самодержавие, народность», фактычна, ставіў знак роўнасці паміж народнасцю і нацыяй, хаця паміж імі, як мы паспрабуем паказаць, існуе прынцыповая розніца. У народнасці Хамякоў бачыў два бакі — станоўчы і адмоўны. Да першага кшталту адносіцца тое, што народнасць — гэта сукупнасць людзей, дзе асоба чалавека мае магчымасць праявіцца, але з другога боку народнасць перашкаджае чалавеку аднаасобна праяўляць сябе. Д. А. Хамякоў адмаўляе касмапалітычны погляд на народнасць, як на перашкоду гармоніі асобы; лічыць, што чалавецтва імкнецца не да падаўлення, а ўмацавання пачаткаў народнасці: «Чем существо стоит выше по лестнице развития, тем индивидульность более подчёркивается, постепенно переходя от открытого, высшего разделения какой-нибудь пратоплазмы или умозрительной молекулы к тем всё более и более личным внешним и психическим особенностям, которые доходят до высшей степени в человеке и в человечестве и, наконец, разрешаются в той высшей трансцендентной индивидуальности».
Асэнсаванне народнасці Хамяковым вельмі блізкае да сучаснага паняцця нацыі, якое ў наш час цалкам выціснула свой прататып. Але перш чым сфармуляваць сутнасць сучасных прадстаўленняў аб тэрміне «нацыя» неабходна разгледзець блізкі, але больш дакладны тэрмін «этнас».
в) Племя. Тэрмін племя доўгі час выкарыстоўваўся ў сэнсе «народ», «этнас». Беларуская энцыклапедыя дае такое азначэннне: «Племя, тып этнічнай і сацыяльнай арганізацыі дакласавага грамадства. Племяныя супольнасці ўзніклі ў эпоху развітога родавага грамадства ў выніку аб’яднання некалькіх экзагамных родаў, звязаных агульнасцю этнагенетычнага паходжання, асновамі элементаў гаспадаркі, звычаяў і абрадаў, міфалогіі і культаў, адзінствам дыялекту і племянной саманазвы, якія грунтаваліся на агульнай самасвядомасці».
Племя, такім чынам, тэрмін блізкі да паняцяў «народ», «этнас» і «нацыя» (аб этнасе і нацыі мы будзем гаварыць ніжэй), а галоўным адрозніваннем ад іх з’яўляецца тое, што «племя» арганізацыя людзей дакласавага грамадства. Аб блізкасці і частай блытаніне паміж разглядваемымі тэрмінамі гаворыць, напрыклад, наступны факт. Першая назва артыкула К. Лявонцьева «Племенная политика как орудие всемирной революции» была іншай «Национальная политика…» і далей усё як у папярэднім тэрміне.
г) Этнас. Этнас — гэта супольнасць людзей аб’яднаных агульнасцю мовы, культуры, традыцый, адзіным менталітэтам і агульнасцю паходжання. Прыведзенае азначэнне з’яўляецца агульнапрынятым, і ў адрозненне ад больш шырокіх паняццяў — «народ» і «нацыя», — іншых трактовак не мае.
Этнас галоўная складаючая такой супольнасці людзей як нацыя. Аднак паняцце нацыі не абмяжоўваецца толькі прысутнасцю аднай этнічнай групы, бо ў нацыю — мы будзем гаварыць аб гэтым ніжэй — можа ўваходзіць некалькі этнасаў.
Яшчэ адна важная асаблівасць этнаса: этнічныя супольнасці не абявязкова маюць адзіную тэрыторыю пражывання. Іх прысутнасць не абмяжоўваецца адзінай дзяржавай.
З другога боку ў адной дзяржаве можа суіснаваць некалькі этнасаў. Найбольш характэрнымі прадстаўнікамі такіх краін з’яўляюцца супердзяржавы — ЗША, Расія, Кітай і іншыя імперыі мінулага. Ува ўсіх гэтых краінах у пэўныя перыяды выяўлялася адна агульная рыса — прысутнасць этнічных канфліктаў унутры асобна ўзятай дзяржавы. І гэтыя канфлікты заўсёды з’яўляліся дэстабілізуючым фактарам, выклікалі і выклікаюць напружанасць у грамадстве. Яны былі адной з галоўнейшых прычын распаду імперый — Брытанскай, Расійскай, Аўстра-Венгерскай і інш.
Раней лічылася, што этнічная прыналежнасць, этнас як з’ява, звязаны з дагістарычнымі ступенямі развіцця, з прымітыўнай сацыяльнай арганізацыяй. Таму меркавалася, што з развіццём прагрэсу, з уваходжаннем чалавецтва ў вышэйшыя ўзроўні цывілізацыі ўсе этнічныя праблемы і адносіны знікнуць.
Аднак жыццё паказала, што гэта зусім не так. Наадварот, апошнія значныя палітычныя працэсы ў свеце праходзяць менавіта пад знакам этнічных канфліктаў. О. Хейслер піша: «Можна зразумець палітычныя, эканамічныя і культурныя правы этнічнай салідарнасці, калі адмовіцца ад простай ідэі развіцця, згодна з якой — чым сучасней становіцца грамадства, тым менш відавочней і менш важнай павінна быць этнічнасць у гэтым грамадстве. Таму што ўва многіх выпадках дзейнасць у імя якой-небудзь групы, здаецца ўяўляе сабой разумную рэакцыю (нават мэтанакіраваную стратэгію з боку асобных людзей і груп) на абставіны, што складваюцца ў сучасных грамадствах».
Утварэннне этнасаў звязана з працэсам, які можна назваць этнічнай мабілізацыяй — імкненнем групы людзей да захавання нацыянальнага «Я», выказваннем сваёй этнічнай прыналежнасці.
Працэсы этнічнай мабілізацыі пачынаюцца ў двух выпадках:
а) Калі ў рознаэтнічнай супольнасці людзей большасць хоча сцвердзіць сваё панаванне над меншымі этнасамі.
б) Калі занядбаныя народы, этнасы, нацыі пачынаюць патрабаваць доступ да дзяржаўнай улады.
Абодва варыянты могуць прывесці да этнічных канфліктаў. Такія канфлікты вядомыя на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва. Аднак адназначнага іх трактавання да гэтага часу няма.
Па разліку Т. Гара цяпер у свеце 233 этнічныя групы, што церпяць дыскрымінацыю ад іншых груп, а значыць знаходзяцца ў стане этнічнага канфлікту.
Характэрна, што аўтаномія этнічнай групы — чаго раней было дастаткова для развязання канфлікта — у наш час можа ўжо быць і не дастатковым. Неабходна ўлічваць цэлы комплекс аспектаў: эканамічных, юрыдычных, псіхалагічных, і ў першую чаргу сацыяльных і культурных. Найвялікшую ўвагу пачалі прыцягваць этнічныя канфлікты з канца 80-х — пачатку 90-х г. нашага стагоддзя і працягваюць эвалюцыяніраваць у бок павялічэння ў нашыя часы (2001 г.). Гэта звязана з працэсам развалу СССР, Югаславіі і скасаваннем Варшаўскага дагавору ва Усходняй Еўропе, што прывяло да значнага росту нацыянальнай свядомасці і неадольнага імкнення захаваць сваю нацыянальную ідэнтычнасць. Падзеі 1999 г. ў Сербіі прайшлі пад знакам менавіта такіх працэсаў, сербска-албанскі канфлікт быў прыпынены на жаль толькі гвалтоўным шляхам, прыцягненнем войскаў НАТА да ваенных дзеянняў супраць урада Мілошавіча.
Якія ж ёсць у дадзены момант яшчэ шляхі ўрэгулявання этнічных канфліктаў?
К. П. Барышкалец вылучае восем макрапалітычных форм урэгулявання этнічных канфліктаў:
— генацыд;
— гвалтоўнае перасяленне народаў;
— падзел тэрыторыі;
– інтэграцыя (асіміляцыя);
— гегеманістычны кантроль (арбітраж) — удзел 3-га боку;
— кантонізацыя і (ці) федаралізацыя;
— падзел прадстаўнічай і выканаўчай улад на падставе этнічных квот.
Прадстаўленыя формы рэгулявання этнічных канфліктаў могуць ажыццяўляцца як гвалтоўным шляхам, так і не гвалтоўным, а першыя дзве формы могуць здзяйсняцца з дапамогай толькі насілля.
Фактар насілля найбольш яскрава праяўляецца ў перыферыйных, больш адсталых краінах — і наадварот: чым больш цывілізаваная краіна, тым меншы ўзровень этнічнага насілля. Таму, відавочна, шлях пагрэсу, шлях эвалюцыі цывілізаванага чалавецтва — гэта шлях ненасілля. Махатма Гандзі сцвярджаў, што ненасілле — самая магутная сіла, якая маецца ў распараджэнні чалавецтва. Яна магутней за самую магутную прыладу разбурэння, якую стварыла чалавечае вынаходніцтва.
Прыклад Чэхаславакіі 1968 г. яскрава прадэманстраваў магчымасць негвалтоўнай змены рэжыму ў краіне і мірнага «разводу» двух этнасаў — славакаў і чэхаў, у выніку якога атрымаліся дзве незалежныя краіны — Чэхія і Славакія.
Беларусь зараз уяўляе сабой краіну, дзе дамінуе беларускі этнас і ідзе працэс фармавання беларускай нацыі-дзяржавы. Пры ўсім тым працэс гэты суправаджаецца разам з ажыццяўленнем працэса рэалізацыі беларускай нацыянальнай ідэі, які бачыцца нам толькі негвалтоўным.
Ніжэй мы будзем разглядаць пытанне аб нацыях, з’яўленне якіх прадстаўляецца нам як якасны крок чалавецтва ў будучыню і гэты крок здзяйсняецца менавіта ад этнічных супольнасцей.
Магчымы і адваротны працэс — прадстаўнікі пэўных нацый могуць утвараць этнічную групу. Такія працэсы могуць адбывацца паўсюдна, але найбольш распаўсюджаны Ў ЗША і Канадзе. Імігранты з краін Еўропы сустракаючы сваіх землякоў у гэтых краінах аб’ядноўваюцца і ўтвараюць сапраўдную этнічную групу, хаця яны і не ўяўляюць асобную нацыянальную супольнасць.
Характэрна, што гэтыя новыя этнічныя групы, утвораныя на той тэрыторыі, на якой імігранты ніколі раней не жылі, ужо адрозніваюцца ад аналагічных этнічных (нацыянальных) утварэнняяў у сябе на Радзіме. О. Шпенглер адзначае, што не англічане і немцы эмігравалі ў Амерыку, а людзі ў якасці англічан і немцаў і іх унукі ператварыліся ў янкі. Ён прыводзіць вядомы факт: індзейская зямля аказала на іх непасрэднае ўздзеянне, і імігранты з пакалення з пакалення робяцца ўсё больш падобнымі на знішчанае насельнітва.
г) Раса. Пад расай звычайна разумеецца такая група людзей, што мае пэўныя фізічныя і антрапалагічныя адрозненні ад іншых груп. Такімі адрозненнямі можа быць колер скуры, рысы твару і іншых частак чалавечага цела. Энцыклапедычнае азначэнне расы: «Расы чалавека, групы людзей, што склаліся гістарычна і маюць падобныя спадчынныя вонкавыя (цялесныя) адзнакі — колер скуры, валасоў і вачэй, формы носа і губ, рост і прапорцыі цела і іншыя, а таксама некаторыя захаваныя адзнакі — група крыві і іншыя».
Аднак некаторымі сучаснымі вучонымі вызнаецца цяпер больш ёмкае азначэнне расы, якое ахоплівае групы этнасаў аб’яднаных не толькі фізічнымі рысамі, але і агульнасцю гісторыі, традыцый, адзіным светапоглядам, тэрытарыяльнай блізкасцю, адзінай прамовай. Таму можна гаварыць аб расе, а дакладней, ідучы следам за Львом Гумілёвым, — падрасе ўсходніх славян, што ў VIII–X ст. утваралі Кіеўскую Русь. Паўночныя плямёны — крывічы паступова рассяляліся сярод балцкага этнасу, асіміляваліся з мясовым насельніцтвам і ў выніку, зыходзячы з нашага азначэння, можна гаварыць аб утварэнні новай расы, характэрнай асаблівасцю якой сталі асаблівыя рысы будовы цела: светлыя (белыя) валасы, блакітныя вочы, высокі рост і іншыя. Менавіта такія асаблівасці ўласцівы сучасным беларусам і літоўцам. Як і ў выпадку з індзейцамі Паўночнай Амерыкі, мы назіраем змену рыс цела (эмігрантаў з Еўропы і іншых краін свету) пад уздзеяннем мясцовасці, ці, як падкрэслівае О. Шпенглер — ландшафта.
О. Шпенглер пад расай разумее «плямёны, роды, будучыя пакаленні, сем’і — усе гэтыя назвы для крыві, якая пасрэдніцтвам зачаццяў цыркулюе ў больш-менш вузкім ці шырокім у прасторы ландшафце». Такое разуменне расы з’яўляецца больш шырокім за агульнапрынятае азначэнне, згодна якому раса гэта сукупнасць людзей, што гістарычна жывуць на пэўнай тэрыторыі (дакладней, як у О. Шпенглера — ландшафце — А.А.) і якая характарызуецца яшчэ «сукупнасцю спадчынных прыкмет будовы цела».
Заўважым, што усходне-паўднёвыя славяне мінулага (цяпер украінцы) маюць некаторыя адрозненні ў будове цела ад паўночна-усходніх (беларусаў) — напрыклад, чорныя валасы і вочы, хаця мовы гэтых этнічных груп вельмі блізкія і значна далёкія ад літоўскай, якая адносіцца да іншай групы. У беларусаў, як і ў літоўцаў, высокі рост, светлыя валасы, блакітныя вочы і іншыя агульныя рысы фізічнага кшталту (хаця, зразумела, гэта не тычыцца абсалютна кожнага ўкраінца, беларуса і літоўца). Гэта азначае, што мова не мае прапарцыянальнай залежнасці ад расы (падрасы) — у рамках адной расы (падрасы) могуць існаваць народы, што гавораць на розных мовах (баскі — іспанцы, літоўцы — беларусы і г.д.).
Такім чынам мы звязалі з этнасам таксама паняцце і расы. І следам за Роузам этнасу можна даць наступнае азначэнне: Этнас — гэта група людзей, якія аб’ядноўваюцца па прыкмеце агульнасці расавага, рэлігійнага, альбо нацыянальнага паходжання. Назіраецца таксама заканамернасць: калі этнічная група мае адносна нізкі статус у сваім грамадстве, то прадстаўнікі вышэйшых класаў аддаюць перавагу атоесамліванню сябе з іх жа сацыяльным класам, чымсці з сваёй этнічнай групай. Такія працэсы былі характэрныя для эмігрантаў у ЗША. Працэс акультурызацыі звычайная з’ява ў жыццядзейнасці этнічных груп ЗША. Аналагічныя працэсы ішлі ў ВКЛ у ХVIІ — XVIIІ cт., калі беларуская шляхта адкрэшчвалася ад свайго (простага) народа і часта пераходзіла на польскую мову — мову іншага этнаса — пальскага.
Ніжэй мы пакажам, як ад асэнсавання і усвядамлення сябе ў этнасе, можна прыйсці да паняцця нацыі, хаця, як гэта відаць з вышэйсказанага, этнас можа ўтварацца і праз нацыі.
Наш агляд існуючых азначэнняў этнасу будзе больш поўным, калі мы ўзгадаем яшчэ і працы этнолага і гісторыка Льва Гумілёва. У сваёй фундаментальнай манаграфіі «Этнагенез і біясфера зямлі» ён дае сваё, арыгінальнае азначэнне этнасу, якое ёмка адлюстроўвае яго сутнасць: «Этнас — устойлівы, натуральна склаўшыся калектыў людзей, які супрацьпастаўляе сябе ўсім іншым аналагічным калектывам і адрозніваецца сваеасаблівым стэрэатыпам паводзін і які заканамерна змяняецца ў гістарычным часе».
Гэтае азначэнне, фактычна, абагульняе прынятае намі азначэнне і вылучае на першы план факт адрознівання паміж энасамі. Аднак такое азначэнне можа выклікаць і пытанні, у сувязі са сцвярджэннем Гумілёва аб супрацьпастаўленні этнічных калектываў.
1.2. Нацыя
Пасля найвышэйшай каштоўнасцi i бясконцага дабра — Бога, менавiта Нацыя ёсць найважнейшае дабро Чалавека. Удзелам у жыццi свайго народа чалавек вырашае сваё жыццё ва ўсяленскасцi, Боскасцi i ўдзельнiчае ў жыццi чалавецтва як сукупнасцi народаў. Наогул акрамя нацыі ёсць яшчэ шэраг катэгорый (узроўняў), якія злучаюць космас з чалавекам: прыродны, неарганічнага жыцця, біялагічны, а таксама шэраг узроўняў, што адносяцца да чалавечай стадыі эвалюцыі: дэмаграфічны, вытворчы, узровень ведаў. На мадэлі гэтых узроўняў мы астановімся ніжэй пры разглядзе сістэмнага падыходу.
1.2.1. Народ і нацыя
Словам «народ» часта абазначаюць асноўную (тытульную) нацыю дзяржавы. І найбольш аптымальнай можа быць наступная парадыгма. Нацыю ўтварае народ толькi на той тэрыторыi, дзе яна дамiнуе перад iншымi нацыянальнымi групамi, якiя завуцца ў гэтым выпадку этнасамi. Так, у дзяржаве Беларусь жыве толькi адзiн народ беларускi. Беларусь не мае такiх народаў, як польскi, украiнскi i, нават, рускi. На Беларусi гэта звычайныя этнiчныя групы, а ўтвараюць народ яны адпаведна ў Польшчы, Украiне i Расii. Калi б было iнакш, то мы мелi некалькi народаў польскiх, некалькi народаў украiнскiх, некалькi рускiх (у дадзеным выпадку па два). Такое азначэнне народа ўносiць яснасць у гэтае пытанне, заблытанае «iнтэрнацыяналiстамi». Разгледжаная парадыгма — гэта толькі адна з магчымых мадэлей, але яна ўжо выкарыстоўваецца на практыцы ў праграмах розных палітычных партый (УНП — Украінская нацыянальная партыя, БНП — Беларуская нацыянальная партыя і іншыя).
1.2.2. Узнікненне нацый
Нацыя — гэта адносна новае паняцце, якое ўзнікла, ці дакладней пачало асэнсоўвацца з ХІХ стагоддзя. Традыцыйна лічыцца, што пачатак нацыі і нацыяналізму, як тэарэтычнага абгрунтавання нацыі, бярэ адлік ад французскай рэвалюцыі 1789–1793 г. Прычым больш правільным будзе лічыць гэтую рэвалюцыю агульнаеўрапейскай, бо вынікі яе адбіліся на гістарычных шляхах усіх еўрапейскіх краін.
Нацыя ёсць вынік развіцця больш ранніх форм чалавечых супольнасцей — расы, народа, народнасці, племені і этнаса.
Адным з першых даследчыкаў праблемы нацыі быў Эрнэст Рэнан. У сваім дакладзе, прачытаным у Сарбоне 11 сакавіка 1882 года, ён заклаў асновы вучэння аб нацыі, упершыню вылучыўшы нацыю ад папярдніх сукупнасцей чалавечага роду, такіх як народ і этнас. Э. Рэнан першым вывеў нацыю за межы этнічных рамак і пастуліраваў яе як духоўны прынцып. Больш таго нацыя — гэта містычны, трансцэндэнтны прынцып духоўнага жыцця чалавека. «Нацыя — гэта вялікая салідарнасць, якая ўстанаўліваецца пачуццем ахвяр, што ўжо зроблены і якія мяркуецца зрабіць у будучыні… нацыя — гэта вечнае сцвярджэнне жыцця. Жаданне нацыі — адзіны законны крытэрый, да якога трэба заўсёды звяртацца.»
Э. Рэнан лічыў нацыі новай з’явай у гісторыі. Ні старажытны Егіпет, ні Кітай, ні асірыйская, ці персідская імперыі не былі нацыямі-дзяржавамі. Грамадзяне ўсіх гэтых краін уяўлялі сабой толькі сукупнасці людзей, альбо народ, але ніяк не нацыю. Можна гаварыць аб патрыятызме грамадзян асобных гарадоў старажытнасці, такіх як Спарта, Цір, Троя, але ніяк ні пра нацыянальнасць гэтых грамадзян. Патрыятызм не нацыянальнае пачуццё, гэта пачуццё адданасці сваёй Айчыне. Такое пачуццё набыло найбольшае развіццё ў Рымскай імперыі ў тыя часы, калі там квітнела мастацтва, культура і навука. Аднак імперыя не ўяўляла сабой нацыю-дзяржаву ў сучасным сэнсе. Менавіта адсутнасць нацыянальных прынцыпаў, змешванне народаў і рэлігій, супярэчнасці паміж Захадам і Усходам сталі прычынай распаду Рымскай імперыі.
Нацыі гістарычна складваліся з самых розных народаў, ці этнасаў. Продкі якога-небудзь сучаснага француза маглі быць і валійцамі і вестготамі, паходзіць ад розных іншых плямёнаў, і (ці) народнасцей, як, напрыклад, у выпадку французскага паэта Гіёма Апалінэра, маці якога была беларускай.
1.2.3. Азначэнне нацыі
У марксісцка-ленінскай навуцы за азначэнне нацыі была ўзята класічная фармулёка дадзеная І.В. Сталіным: «Нацыя — гэта ўстойлівая супольнасць мовы, тэрыторыі, эканамічнага жыцця і псіхічнага складу, што гістарычна склалалася і якая праяўляецца ў агульнасці культуры». Узнікненне нацыі звязвалася з узнікненнем капіталізму, як пэўнай фазы грамадскага развіцця на базе прамысловасці, міжнароднага гандлю і г.д. Тэарэтыкі марсізму-ленінізму выпрацавалі знакамітую тэорыю зліцця нацый, што адбудзецца пры ажыццяўленні наступнай умовы: «Знішчэнне нацыянальных адрозніванняў і зліццё нацый будзе магчымым толькі тады, калі пралетарыят пераможа ва ўсім свеце і сацыялізм увойдзе ў быт». Час паказаў памылковасць тэорыі зліцця нацый і больш таго канец ХХ і пачатак ХХІ ст. сталі часам фармавання шэрагу новых нацый і гэты працэс працягваецца.
Сучаснае афіцыйна прынятае азначэнне нацыі блізкае да папярэдняга, але ўжо больш грунтоўнае: «Нацыя, устойлівая этнасацыяльная супольнасць людзей, якія пражываюць на адной тэрыторыі, звязаны агульным эканамічным і сацыяльна-палітычным жыццём, маюць адзную культуру, мову і самасвядомасць. У працэсе гістарычнага развіцця прыходзіць на змену народнасці і ўяўляе сабой больш высокую ступень самаарганізацыі і кансалідацыі этнасу».
Такім чынам, з гэтага азначэння відаць, што адной з галоўных прыкмет нацыі з’яўляецца яе аснова — этнас яго «больш высокая ступень самаарганізацыі» Але нацыю можа складаць і некалькі этнасаў, а ў гістарычнай рэтраспектыве множнасць этнасаў мае месца заўжды.
Аднак істотнай рысай, што адрознівае нацыю ад этнасу, з’яўляецца дзяржаўнасць, утварэнне нацыянальнай дзяржавы, якая ствараецца дзеля захавання тэратэрыяльных межаў адпаведных этнасаў, груп людзей якіх яна аб’ядноўвае дзеля іх арганізацыі, абароны і іншых агульнапатрэбных мэтаў.
Аднак ні адна з гэтых рыс — этнаграфічная прыналежнасць і дзяржаўнасць яшчэ не дастаткова вызначае нацыю, хаця аб’яднанні па такім крытэрыям існавалі на працягу ўсёй гісторыі чалавецтва.
Мы падышлі да фармулёкі галоўных крытэрыяў, што вызначаюць нацыю. І такімі крытэрыямі з’яўляюцца вера і жаданне. Вера ў тое, што калі я, скажам, беларус, то і бацька мой і дзед мой былі беларусамі, і 600 гадоў назад мае продкі ўяўлялі сабой жыхароў Беларусі, якая насіла тады назву Вялікае княства Літоўскае. І яшчэ больш важным з’яўляецца жаданне. Жаданне быць чалавекам пэўнай нацыі. Характэрны прыклад: тытульная нацыя Швейцарыі ўтварылся з розных этнасаў, носьбіты якіх гаварылі на чатырох мовах: французскай, італьянскай, германскай і рэтараманскай. Усе гэтыя групы аб’ядналіся ў адзіным жаданні — быць швейцарцамі.
Антрапалагічныя, археалагічныя, лінгвістычныя і шэраг іншых доследаў паказваюць, што сучасныя беларусы маюць як славянскае, так і балцкае паходжанне, а некаторыя фактары па сведчанню Івана Ласкова сведчаць і аб наяўнасці угра-фінскіх элементаў у спадчыннай гісторыі беларусаў.
Існуе некалькі канцэпцый стварэння нацый. Разгледзім галоўныя з іх на прыкладзе працэса стварэння польскай нацыі і прагноза яе будучыні. Анджэй Валіцкі, аналізуючы працэс стварэння польскай нацыі, вызначае тры канцэпцыі. Карысна прасачыць за гэтым працэсам у гістарычным плане, бо ён аналагічны для многіх іншых нацыянальных утварэнняў іншых дзяржаў.
Па-першае, яшчэ ў ХVІІІ ст. была створаная палітычная канцэпцыя Хуга Калантая, стваральніка так званай Травенскай канстытуцыі, якая адстойвала моўную і культурную аднастайнасць Польшчы, адмену статуса аўтаномнасці ВКЛ і скасаванне дзейнасці яго знакамітага статута.
Згодна А. Валіцкаму, пасля раздзелу Рэчы Паспалітай выявілася тры канцэпцыі будучыні польскай нацыі: шматкультурная, уніяцкая і федэратыўная.
Шматкультурная канцэпцыя — гэта хутчэй рамантычнае спадзяванне на мірнае суіснаванне розных этнасаў у адной дзяржаве, талерантнасць паміж рознымі рэлігійнымі канфесіямі. Ёахім Лялевель марыў пра Польшчу, дзе няма адрозненняў паміж людзьмі, якія яе складаюць: палякамі, ліцвінамі (беларусамі), немцамі, жмудзінамі, рускімі. Такая канцэпцыя аказалася далёкай ад рэальнасці і Рэч Паспалітая распалася, падпаўшы пад уладу больш моцных суседзяў.
Менавіта цэнтрабежныя сілы адпіхвання этнасаў адно ад аднаго сталі прычынай развалу не толькі Рэчы Паспалітай, а і іншых шматэтнічных і шматканфесійных дзяржаў. Самы апошні і паказальны прыклад — гэта развал СССР і ўтварэнне ў 1991 годе на яго аснове шэрагу незалежных дзяржаў.
Уніяцкая канцэпцыя польскай нацыі выражана ў маніфесце Кракаўскага паўстання 1848 г., якім кіраваў Эдвард Дэмбоўскі. Ён пракламаваў ідэал інтэграванай і ўз’яднанай польскай нацыі пры ігнараванні беларускага і літоўскага этнасаў (уключаючы іх у адзіную польскую нацыю). Дарэчы такое уніяцкае мысленне дало плён: шмат беларусаў — спачатку шляхецкага саслоўя, а потым і іншы люд — лічылі за свой абавязак, альбо за свой гонар стаць палякамі. Прычым гэта рабілася галоўным чынам праз культурніцкія элементы (напрыклад пераход на польскую мову) і рэлігійны (пераход праваслаўных і уніятаў у католікі). Палітыка Расіі на працягу ХІХ ст. была аналагічнай філасофіі Э. Дэмбоўскага, толькі ў гэтым выпадку ў якасці адзінай нацыіі, якая аб’ядноўвае (а па-сутнасці паглынае) іншыя больш дробныя нацыі, выступае руская нацыя. Так узнікла славутая тэорыя «старэйшага брата».
Найбольш прагрэсіўнай на наш погляд з’яўляецца канцэпцыя «федэральнай нацыі» Яна адлюстроўвала думкі лідэраў польска-беларускага паўстання 1863 г. Адпаведны маніфест заклікаў да ўзброеннага паўстання ўсе галоўныя нацыі былой Рэчы Паспалітай, у тым ліку і нацыі ВКЛ — беларусаў і літоўцаў (менавіта літоўцаў, а не ліцвінаў). Упершыню адзін з правадыроў паўстання Кастусь Каліноўскі праз газету «Мужыцкая праўда» звяртаўся да сялян не на традыцыйнай польскай мове, а на іх «простай», беларускай мове. Тады ж і ўзнікла ідэя праў нацый на самавызначэнне, якая для беларусаў стала рэальнасцю спачатку ў 1918 годзе (БНР) і праз 128 год — у 1991 годзе, калі Беларусь канчаткова атрымала незалежнасць. Але федэральная нацыя імкнецца ўсё ж да аб’яднання этнасаў у адзінай дзяржаве, хаця і на федэратыўнай аснове. Прыкладам краіны з такой шматэтнічнай нацыяй з’яўляецца Швейцарыя. Аналагічны шлях утварэння амерыканскай нацыі. Аднак большасць нацый утварылася на аснове развіцця якога-небудзь галоўнага, дамінуючага этнаса. Такія нацыі характарызуюцца адметнай нацыянальнай культурай, якая ў сваю чаргу мае ў якасці галоўнага атрыбута сваю нацыянальнаю мову. І другі аспект, што вызначае нацыю — палітычны: нацыя канчаткова завяршае сваё фармаванне толькі тады, калі яна становіцца нацыяй-дзяржавай, калі большасць насельніцтва, што жадае быць той, ці іншай нацыяй, замацоўвае гэтае права праз дзяржаўнасць. У найбольш развітых краінах дзяржаўнасць па-просту эквівалентная нацыянальнасці — дзяржава і нацыя становяцца сінонімамі. Больш таго, за нацыяй часта захоўваецца сваеасаблівы прыярытэт. Так ААН — Арганізацыя Аб’яднаных Нацый, а не дзяржаў.
Яшчэ адзін фактар трэба адзначыць пры разглядзе прыроды нацыі. Гэта — любоў да сваёй нацыі. Як і падсвядомая, прыродная любоў да сваіх бацькоў, да дзяцей, якая знаходзіцца недзе на генетычным узроўні, так і любоў і прыхільнасць да сваёй нацыі закладзена недзе ў спадчынным генетычным кодзе. І калі няма такіх адносін да сваёй нацыі, калі больш таго — чалавек не любіць, зневажае сваю нацыю, то гэта не нармальна, гэта дэфармацыя нацыяльных пачуццяў, скажэнне чалавечай асобы.
ХХ стагоддзе стала стагоддзем фармавання вялікай колькасці новых нацый. За 100 год у Свеце 180 нацый сталі незалежнымі, аформіліся як нацыі-дзяржавы, і яшчэ 30 маюць магчымасць стварыць сваю дзяржаву. І гэты працэс працягваецца. Гэты натуральны працэс з’яўляецца новым вітком эвалюцыі, ён уносіць спаборніцтва паміж нацыямі-дзяржавамі, эканамічнае супрацоўніцтва — і тым самым спрыяе удасканаленню кожай нацыі, што ў сваю чаргу вядзе да ўдасканаленню ўсяго чалавецтва.
Яшчэ адна важная акалічнасць прысутнічае ў працэсе эвалюцыі нацый. Калі этнас не паспеў дасягнуць сваёй закончанасці, ператварыцца ў нацыю і не здолеў сфармавацца ў нацыю-дзяржаву, то ён можа знікнуць. Так было з прусамі, яцвягамі, з многімі іншымі этнічнымі групамі мінулага. З другога боку, тыя нацыі, што дасягнулі вялікай духоўнай моцы і высокай культуры, могуць захоўвацца і развівацца надалей, нават пасля скасавання сваёй дзяржаўнасці, нават тады, калі іх дзяржава падпала пад уладу іншай, больш моцнай дзяржавы. Так было, напрыклад, з польскай нацыяй пасля трох раздзелаў Рэчы Паспалітай, якая падпала на доўгі час пад уладу Расіі, Аўстрыі і Прусіі. Польская нацыя працягвала ў тыя часы існаваць і, нават, развівацца, сведчаннем чаму з’яўляецца нараджэнне вялікіх паэтаў ХІХ стагоддзя Адама Міцкевіча і Уладзіслава Сыракомлі, пісьменнікаў Генрыха Сінкевіча і Баляслава Пруса, кампазітараў Фэдэрыка Шапэна і Клеафаса Агінскага.
Разглядваючы праблему нацый, нельга абмінуць яшчэ адзін пункт гледжання на гэтую праблему, што зусім нядаўна панаваў у ідэалагічнай платформе КПСС і вызначаў курс развіцця ўсяго Савецкага Саюзу. Ідэолагі марксізма-ленінізма лічылі, што буржуазныя нацыі ў хуткім часе ператворацца ў сацыялістычныя нацыі. Зразумела, гэта тычылася і Беларусі. У «эпахальнай» кнізе «Фарміраванне і развіццё беларускай сацыялістычнай нацыі», напісанай калектывам вучоных АН БССР, гаварылася: «Фарміраванне сацыялістычных нацый у нашай краіне звязана з пэўным этапам грамадзянскага развіцця, яно абумоўлена новымі заканамернасцямі сацыялістычнага ладу (курсіў мой. — А.А.). Сацыялістычныя нацыі карэнным чынам адрозніваюцца ад буружуазных нацый. У аснове іх фарміравання ляжаць агульныя заканамеранасці, уласцівыя ўсім сацыялістычным нацыям». Аднак з развалам СССР, крахам дзяржаўнасці камуністычнай ідэалогіі, зніклі і ўяўленні аб асаблівых «сацыялістычных нацыях» як новай прагрэсіўнай форме развіцця чалавецтва. Некаторыя з нацый былога СССР хутка зноў сталі «буржуазнымі», як, напрыклад, прыбалты, а некаторыя найбольш пацярпелыя ад жадання хутчэй увайсці ў камунізм, чаму нібыта спрыяла паспяховае выконванне дырэктывы КПСС аб ліквідацыі сваёй нацянальнай мовы і поўнага ўваходжання ў сферу дзеяння іншай (рускай) культуры, — упусцілі шмат часу і зараз з вялікай цяжкасцю адбудоўваюць сваю нацыянальнасць. Гэта, ў прыватнасці, тычыцца беларускай нацыі.
Адной з істотных рысаў нацыі з’яўляецца нацыянальная свядомасць людзей — суб’ектаў нацыі. Яна з’яўляецца суб’ектыўным фактарам, які ўздзейнічае нават на развіццё мовы. Цяперашні антыглабалізм ёсць рэакцыя суб’ектыўнага нацыянальнага фактару, гэта рэакцыя нацыі на глабалізм як сучасную форму імперыялізму (космапалітызму, інтэрнацыяналізму т г.д.)
1.2.4. Мадэрнісцка-прымардыяльная дыхатамія
Як мы ўжо казалі, «нацыя» паняцце адносна новае і шматзначнае. У заходнееўрапейскай традыцыі (англаамерыканскай) і ўсходнееўрапейскай (Савецкі Саюз, Югаславія) склаліся розныя падыходы да канцэпцыі нацыі. Асноўным пунктам разыходжання ў гэтых падыходах з’яўляюцца адносіны нацыі і дзяржавы. У усходнееўрапейскай навуцы канцэпцыя нацыі не прывязываецца да дзяржавы. Еўрапейскі падыход вызначаецца большым ўпорам на рэалізацыю менавіта нацыі-дзяржавы. Пасля распаду СССР і ўтварэння шэрагу новых краін ва Усходняй Еўропе адбыліся змены і ў канцэпцыі нацый гэтых краін, якая пачала набліжацца да заходнееўрапейскай і адкінула тэорыю «сацыялістычнай нацыі».
Хаця самыя словы «нацыя», «нацыяналізм» з’явіляся нядаўна, у сучасны момант склаліся два розныя падыходы да самаго працэсу ўтварэння нацый.
Згодна першай канцэпцыі: нацыі маюць свае вытокі ў самой прыродзе і з’яўляюцца вечнымі. Гэтую канцэпцыю будзем называць прымардыяльнай (першапачатковай — ад англ. слова primordial). Другая канцэпцыя грунтуецца на тым, што нацыі з’ява сучасная, яны ўзніклі зусім нядаўна (канец ХVIII — ХІХ ст.). Такую канцэпцыю лагічна назваць мадэрнісцкай. Мадэрнісцкая тэорыя разглядвае нацыю як сацыяльную сувязь, якая не ўзнікае з гістарычнай неабходнасці, а больш як маральны і ірацыянальны чыннік. Пачатак гэтаму падыходу даў, як мы ўжо адзначалі вышэй, — Эрнэст Рэнан. Прымардыяльная канцэпцыя грунтуецца на тым, што нацыі існавалі да сучаснасці. Аднак і пры такім падыходзе няма падстаў сцвярджаць, што нацыі — натуральная з’ява, пачатак якой з вытокаў чалавецтва. Яна можа ўзнікнуць і не ў нашы часы, але праз сукупнасць гістарычных выпадковасцей, «збег акалічнасцей». Нацыя, такім чынам можа ўзнікнуць чыста выпадкова.
Такі дваісты падыход да пытання аб фармавання нацый будем называць прымардыяльна-мадэрнісцкай дыхатаміяй. Так як аснова нацыі ёсць этнас, то прымардыяльна-мадырністская дыхатамія істотная ў нашым разуменні этнаса.
Вучоныя, якія лічаць нацыі сучаснай з’явай, аргументуюць гэта надыходам асаблівых падзей у гісторыі, якія з’яўляюцца рашаючымі ў лёсе пэўнага народа. Такой падзеяй была, напрыклад, французская рэвалюцыя ХVIII стагоддзя. Але такімі падзеямі могуць быць і падзеі, якія на першы погляд здаюцца далёкімі ад сацыяльных узаемаадносін. Да такіх падзей адносіцца вынаходства друкарскага станка, утварэнне англіканскай царквы ў Англіі, індустрыяльная рэвалюцыя. Да апошняга фактара, напрыклад, прывязвае сваю канцэпцыю нацый Э. Гелнер. Аргументацыя фактара друкарскага станка выкладзена Б. Андэрсенам ў 1983 г. Ён звязвае момант узнікнення нацый з заняпадам рэлігіі, з неабходнасцю запоўніць нечым вакуум бездухоўнасці ў тыя часы. І такім фактарам з’явілася вынаходства друкарскага станка, які запоўніў пустату безрэлігійнасці, даў уяўную рэальнасць, стварыў умовы для задавальнення галоўных псіхалагічных патрэб чалавека. Такім новым, секулярным грамадствам людзей стала нацыя.
Можна па рознаму ставіцца да ролі друкарскага станка ў фармаванні нацый, але відавочна тое, што калі ён і не замяніў рэлігію, то стварыў ёй вялікую канкурэнцыю. З нашага пункту гледжання фармаванне нацый звязана не з упадкам рэлігіі, а з уступленнем чалавецтва ў новую эпоху, якая, з аднаго боку, характарызуецца індустрыялізацыяй, у тым ліку вынаходствам друкарскага станка, а з другога — надае новы імпульс менавіта рэлігійныму светапогляду, моц якога яскрава бачная ў наш час.
Мадэрнісцкую тэорыю развівалі таксама Ганс Кон, Руперт Эмерсон, Лі Грынфельд і іншыя. Ва ўсіх гэтых даследваннях адзначым важную акалічнасць: усе яны побач з праблемай нацый аддаюць вялікую ўвагу нацыяналізму, які знаходзіцца ў непасрэднай сувязі з нацыяй, а на думку некаторых даследчыкаў нават стварае нацыю (Гелнер).
Прыхільнікі «вечнай», прымардыяльнай канцэпцыі нацый адстойваюць тэорыю паходжання нацый як натуральную сацыяльную сувязь людзей і не звязваюць непасрэдна нацыю з нацыяналізмам. Прымардыяльная пазіцыя істотная ў адносінах да суб’екта: з’яўляецца ён соцыябіялагічным, ці толькі сацыяльным. Адзін з творцаў гэта тэорыі П’ер Ван дэр Берг6 абірае сацыябіялагічную канцэпцыю і лічыць этнічнасць пашырэннем радства. Этнічныя групы ўзнікаюць як вынік пашырэння прынцыпаў генетычна абіральнай сямейнасці. Пашыраныя сем’і праз стан прамежкавых суперсямей перарастаюць у этнічны супольнасці.
Вырашэнне прымардыяльна-мадэрністскай дыхатаміі задача не простая, бо абодва падыходы маюць сваю моцную аргументацыю і кожны з іх мае рацыю ў пэўных гістарычных прыкладах. Арыгінальны падыход прапанаваў Энтані Сміт7. Яго цэнтральная думка ў тым, што карані этнічнасці былі прадастаўлены ўжо ў «прад-сучасны» час і грунтуюцца на міфах, помніках, сімвалах і на памерах этніі (ethnie), якія адрозніваюць іх ад іншых сацыяльных груп. Выключна з таго факта, што этнія існуе ўжо ў прадсучасны час, аналіз Э. Сміта выяўляе ўздзеянне гэтага факта на фізіягноміку сучасных нацый і фармуе нацыяналізм, па якому нацыі з’яўляюцца сучаснымі, але іх этнічныя карані з’яўляюцца прад-сучаснымі. Гэтыя аргументы абмяжоўваюць спробы сучасных палітычных эліт спрасціць працэсы нацыянальнага фармавання.
Даследуючы працэс утварэння нацый былой Югаславіі, В. Ракіц прыходзіць да высновы, што і прымардыяльны і мадэрнісцкі падыходы не выключаюць адзін аднаго, а правільнасць іх выбару задача будучай універсальнай тэорыі.
На нашую думку, разгледжаная дыхатамія не складае істотна процілеглых пунктаў гледжання на адну і тую ж праблему. Абедзве канцыпцыі — і прымардыяльная і мадэрнісцкая — маюць права на існаваннне. Яны тычацца проста адначаснага праяўлення розных з’яў, ці розных часоў праяўлення адной з’явы, і узаемна адна адну дапаўняюць. Аднак, што тычыцца канкрэтнага сучаснага азначэння нацыі, то яму больш уласцівыя і сучасныя падыходы да ўтварэння нацый, а гэта значыць мадэрнісцкая канцэпцыя нацыі.
1.2.5. Этнасы і нацыі праз прызму эвалюцыі
Глыбока і шматбакова даследваў праблему этнасу гісторык, географ і этнограф Леў Гумілёў. Дзеля таго каб каб пазбегнуць неадназначнасцей у трактоўцы тэрмінаў, Л. Гумілёў з самага пачатку фармулюе свой падыход. «Народ, народнасць, нацыя, племя, радавы саюз — усе гэтыя паняцці абазначаюцца ў этналогіі тэрмінам этнас. Умовіцца аб значэнні любога тэрміна лёгка, але гэта мала што дае, хіба толькі зыходную пазіцыю для даследвання».
На нашую думку нельга пагадзіцца з такім падыходам у пытаннях эвалюцыі чалавецтва, бо азначэнне раглядваемых тэрмінаў істотна не толькі для зыходнай пазіцыі, як гэта лічыць Леў Гумилёў, а і канцавых вынікаў. Зводзіць усе пытанні — род, племя, народ, этнас, нацыя да аднаго — этнасу, як гэта робіць Л. Гумілёў, было б мэтазгодным пры разглядзе мінулых гістарычных падзей, але не прымальныя пры прагназаванні будучыні ў палітычнай філасофіі.
У адрозненне ад Л. Гумілёва сучасны нямецкі філосаф Курт Хюбнер прытрымліваецца зусім іншай пазіцыі ў разглядваемай намі праблеме. Усе катэгорыі людскіх супольнасцей К. Хюбнер зводзіць да адной — нацыі. Нацыю ён, фактычна, атаясамлівае з паняццямі народ і этнас, і экстрапалюе іх існаванне на ўсю гісторыю чалавецтва. Гэтая пазіцыя з нашага пункту гледжання таксама не рацыянальная, аднабаковая. Яна не дае магчымасці прасачыць пакрокава за эвалюцыйным ланцужком: род → племя → этнас → нацыя, які мы разглядалі ў п. 1.1–1.2.
Падсумуем цяпер асноўныя нашыя вынікі, высветлім адметнасці кожнага з тэрмінаў і суаднясем іх з гістарычным працэсам.
Вернемся найперш да паняцця «народ». Гэтае паняцце выкарыстоўваецца для абазначэння пэўных чалавечых калектываў ад дагістарычных часоў і да нашага часу мае самы шырокі сэнс. Гэта і звычайная, любая група людзей, гэта і этнічная супольнасць, гэта і нацыя.
Радавы саюз, племя. Мае сэнс галоўным чынам пры разглядзе аддаленых гістарычных падзей. Групы людзей аб’ядноўваліся ў плямёны ў дакласавы, дафеадальны перыяд. Гэтыя часы адносна рэлігійных вераванняў вядомыя як язычніцкія, гэта эпоха політэізму. Як ужо сказана — родавыя саюзы і плямёны ўзнікалі напачатку чалавечай цывілізацыі, на пачатку гістарычнага перыяду чалавецтва. Аднак і ў наш час у некаторых раёнах зямнога шару можна знайсці аб’яднанні людзей, якія вызначаюцца племяннымі суадносінамі, цалкам такімі, што былі ў старажытнасці. Характэрна і тое, што сярод сучасных плямёнаў пануюць язычніцкія звычаі, політэізм.
Этнас і нацыя. У Еўропе этнасы гістарычна ўзніклі шляхам пераўтварэння плямёнаў, іх развіцця у накірунку паступовага асэнсавання племенем сваёй адметнасці і наогул фармавання ўсяго комплекса этнічных прыкмет.
Калі родавыя саюзы і потым плямёны пераважна біялагічныя ўтварэнні, то этнас ужо нясе шэраг рыс сацыяльнага і духоўнага плану. Этнас аб’ядноўвае людзей аднаго менталітэту і завяршае сваё фармаванне ў прыняцці пэўнага веравызнання. Так, сербы і харваты — фактычна адзін і той жа народ. Яны гавораць на адной і той жа мове, і маглі быць адным і тым жа этнасам. Аднак яны разышліся. Таму што прынялі розныя версіі хрысціянства: сербы — праваслаўе, харваты — каталіцызм. І гэты падзел даў свету ўжо дзве асобныя нацыі — сербскую і харвацкую.
Блізкім да разгледжанай сітуацыі быў перыяд фармавання французскага этнасу. У свой час, у ХVI стагоддзі ўсё насельніцтва Францыі раскалолася на на «папістаў» (католікаў) і гугенотаў (пратэстатаў). Гасконцы і народ Навары прынялі кальвінізм. Парыж, Лотарынгія і цэнтр Францыі засталіся католікамі. І калі б у гугенотаў засталася б свая тэрыторыя, то адбылося б як у папярэднім выпадку сербаў і харватаў. Узнік бы асобны этнас, скажам, гасконскі, які б быў незалежны ад ад французскага, а потым, у эпоху фармавання нацый, магла б узнікнуць і асобная нацыя-дзяржава — «Гасконь».
Прыведзеныя разважанні даюць падставу падзяліць гістырычны шлях чалавецтва на некалькі характэрных стадый: 1. Радавы саюз, племя — язычніцтва; 2. Этнас — монатэізм (этічны); 3. Нацыя-дзяржава — монатэізм (нацыянальны).
Другая стадыя мае характэрную асаблівасць: рэлігійная прыналежнасць дамінуе над этнічнай. Другімі словамі — ход гісторыі вызначаўся ў эпоху этнасаў большай часткай рэлігійнымі спрэчкамі. Часта адзін і той жа этнас раздзіраўся на часткі, унутрана канфліктаваў з-за спавядання ягонымі членамі розных веравызнанняў. У эпоху нацый-дзяжаў — наадварот, дамінуючым фактарам стала нацыянальная прыналежнасць, рэлігійныя стасункі адыходзяць на другі план. Такая падпарадкаванасць рэлігіі ад нацыі прывяла нават да такой з’явы: нацыянальнасць стала ў некаторых выпадках сведчыць і аб веравызнанні яе носьбіта. Напрыклад устойліва трымалася такое меркаванне: рускі — значыць праваслаўны, паляк — католік, што адмоўна адбілася пры самасцвярджэнні беларускага этнасу.
Праілюструем сказанае наступнай схемай.
На схеме: t — фактар часу. t1 — час утварэння этнасаў (у Еўропе пачатак ад ражджаства Хрыстовага), t2 — час утварэння нацый (умоўна 1789 г.), t3 — наш час.
P(t) — фактар прагрэсу цывілізацыі.
a — крывая ўзроўню этнічнасці.
b — крывая ўзроўню рэлігійнасці.
І стадыя. (І ст.) — час старажытнай гісторыі, стадыя маючая адзінства двух характарыстык. У этнасацыяльнай сферы падзел грамадства на радавыя саюзы, плямёны, полісы (абазначана тонкімі рыскамі). У духоўнай сферы — політэізм, розныя паганскія сонмы багоў: грэчаскі, рымскі, славянскі і г.д. (абазначана штрыхаванымі рыскамі)
ІІ стадыя характарызуецца двумя вызначальнымі рысамі:
1) Пераход ад політэізму (язычніцтва) да монатэізму (у Еўропе гэта пераход да хрысціянства, які доўжыўся ўсё першае тысячагоддзе нашай эры, а месцамі і пазней).
2) У этнасацыяльнай сферы гэта пераўтварэнне племянной структуры грамадства ў этнічную. Гэта працэс этнагенеза. Вынік — фармаванне развітай сістэмы этнасаў. Рускі этнас, напрыклад, утварыўся ад зліцця cлавян, уграў, цюрак і аланаў. Беларусы — гэта сумесь балтаў, славян і уграў.
Адзначым вельмі важную рысу другой стадыі. З прыняццем Еўропай хрысціянства ход гісторыі вызначаўся галоўным чынам рэлігійнай прыналежнасцю жыхароў адпаведный краіны. Напрыклад, крыжаносцы аб’ядноўвалі католікоў розных краін і іх паходы былі рэлігійным актам. У дзяржаўнай палітыцы як каталіцкіх краін Францыя, Свяшчэнная Рымская імперыя і інш.), так і праваслаўных (Візантыя, Старажытная Русь) вялікую ролю грала духавенства — папа ў католікаў і патрыярх — у праваслаўных. Вядомы, нават, тэрмин, які характарызуе эпоху І тысячагоддя — сімфонія Царквы і дзяржавы.
На схеме 1 у другой стадыі рэлігінасць як фактар гістарычнага працэсу стаіць вышэй за этнічную прыналежнасць
ІІІ стадыя. Умоўна бярэ пачатак з канца ХVІІІ — пачатку ХІХ ст. і вызначаецца ўтварэннем нацый. У сацыяльнай сферы прыход капіталізму і эпохі індустрыялізацыі. Рэлігійныя прыхільнасці ранейшыя — монатэізм, але ў велікай разнастайнаці сваіх форм (у хрысціянстве, напрыклад, бурны рост цэркваў пратэстанцкага накірунку). Працэс драблення хрысціянскіх кафесій прывёў да зніжэння ўплыву фактара рэлігійнасці на гістарычны працэс. Пачынае дамінаваць нацыянальная сфера. Таму на схеме 1 крывая рэлігійнасці (b) праходзіць ужо ніжэй крывой нацыі (этнасу) — (а).
1.2.6. Правы нацыі і правы чалавека
Паняцце «правы чалавека» даволі трывала ўвайшло ў нашае жыццё і атрымала разгорнутае і глубокае тлумачэнне ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, прынятай на сесіі Генеральнай Асамблеі ООН у 1948 г. Але, як піша Л.Ф. Яўменаў у кнізе «Международная идеология прав человека: проблемы — решения», паняцце правоў чалавека разлядваецца яшчэ ў Дэкларацыі незалежнасці Злучаных штатаў Амерыкі 1787 г. і больш таго, вытокі гэтага паняцця трэба шукаць у законах Хамурапі (ХVІІ ст. да н. э.), Вялікай хартыі вольнасцей (Англія, 1215 г.), Статуце Вялікага княства Літоўскага 1588 г. і многіх іншых дакументах мінулага.
На шмат менш мы ведаем пра іншыя правы — правы нацыі. Гэта і зразумела: само паняцце нацыі да гэтага часу не мае акрэсленага азначэння і наогул узнікла толькі ў ХІХ ст., пасля адзначанай вышэй публікацыі Эрнэста Рэнана. Прынцып жа правоў чалавека займае цэнтральнае месца ў адной з найбольш распаўсюджаных ідэалогій нашага часу — лібералізме. З пункту гледжання лібералаў правы чалавека маюць прыярытэт над правамі нацыі. Але нацыяналісты, як і прыхільнікі блізкіх да іх ідэалогій — кансерватары і хрысціянскія дэмакраты — ніколі не згодзяцца з такой формулай лібералаў. Такім чынам паміж ліберальнай ідэяй і нацыянальнай наступае сур’ёзны канфлікт. Гэтую супярэчнасць выявіў яшчэ ў канцы ХІХ стагоддзя К. Лявонцьеў, які лічыў, што ліберальны прынцып прыярытэту правоў чалавека над правамі нацыі вядзе да змяшэння нацый, касмапалітызму, да бяздухоўнага, мондыялістскага грамадства. Лібералы, убачыўшы безумоўную моц нацыяналізму, спрабавалі і спрабуюць увесці нацыянальную ідэю ў сваю ідэалогію. Аднак пры гэтым узнікае непазбежны канфлікт паміж ліберальным прынцыпам прыярытэту правоў чалавека над правамі нацыі і «іншародным», чужым прынцыпам — нацыянальнай ідэяй, якая патрабуе адваротнага — прызнання безумоўнага прыярытэту інтарэсаў нацыі над інтарэсамі простых індывідуумаў. На шляху развязання такіх супярэчнасцей нарадзілася нават новая ідэалогія — ліберальны нацыяналізм. Вядомым тэарэтыкам гэтага накірунку з’яўляецца І. Тамір. Аднак і І. Тамір і іншыя даследчыкі не даюць адназначнага развязання згаданага канфлікту паміж нацяналізмам і лібералізмам, а абмяжоўваюцца паяднаннем гэтых ідэялогій толькі ў імя вышэйшай мэты — дабрабыту грамадзян і ўмацаванні нацыі-дзяржавы.
Паказальным, у сувязі з вышэйсказаным, з’яўляецца эвалюцыя станаўлення дэмакратыі і нацыянальнага адраджэння ў постсавецкай Беларусі. Ужо ў 1991 г. на Беларусі існавалі палітычныя партыі як ліберальнага накірунку, так і нацыянальна-дэмакратычнага, Да першага належыла Аб’яднаная дэмакратычная партыя (з 1995 Аб’яднаная грамадзянская партыя — АГП), да другога — Беларускі народны фронт (БНФ), Нацыянальна-дэмакратычная партыя Беларусі (НДПБ). Пазней НДПБ (у 1993 г.) раскалолася і ў выніку ўтварылася дзве партыі: НДПБ (Нацыянальна-дэмакратычная партыя беларусаў) і Беларуская нацыянальная партыя (БНП) Апошняя, у якасці аднаго з галоўных праграмных прынцыпаў, узяла ідэалогію нацыяналізму ў яе сучасным заходнім варыянце, якая ўдала спалучылася з асноўнымі хрысціянска-дэмакратычнымі прынцыпамі.
Маладыя партыі і грамадскія аб’яднанні ужо на пачатку 90-х гадоў пачалі шукаць шляхі магчымага аб’яднання на прынцыпах агульнасці сваіх платформ, галоўнымі з якіх лічыліся: дзяржаўная незалежнасць, рынкавая эканоміка і правы чалавека. Менавіта па апошняму пункту і выяўляліся самыя істотныя разыходжанні паміж партыйнымі платформамі, якія звычайна вялі да безвыніковых спрэчак, а потым і да прыпынення ўсякіх аб’яднаўчых, «экуменічных» працэсаў.
Характэрны прыклад: у восень 1993 г. у Беларусі стваралася Аб‘яднанне дэмакратычных сіл «Вясна-94». Былі прапанованы прыкладна тыя ж прыведзеныя вышэй тры прынцыпы аб’яднання. У выніку НДПБ адразу адмовілася ад перамоў па аб’яднанню ў сувязі з непрыняццём трэцяга пункту. Партыя «цалкам ухваліла ідэю стварэння цэнтрысцкага блока і палічыла гэта важным крокам у жыцці, але члены НДПБ не згодны з прыярытэтам правоў чалавека перад правамі нацыі». БНФ таксама ўстрымаўся ад падпісання пагаднення i выдзвінуў прынцып парытэту правоў чалавека і правоў нацыі.
На нашую думку, паняцце парытэт у разглядваемай праблеме можа мець месца толькі ў незалежных сістэмах, якой не з’яўляецца Рэспубліка Беларусь з зачаткамі дэмакратыі і вельмі слабым нацыянальным патэнцыялам. Любое абсалютаванне ліберальных каштоўнасцей, стаўка на прыярытэт правоў чалавека над правамі нацыі ва ўмовах Беларусі канца ХХ ст. вядзе да вельмі простых і непазбежных вынікаў — поўнаму вынішчэнню беларускай нацыі, хуткаму растварэнні яе ў рускай. Прычым першы удар бярэ на сябе мова, як найбольш слаба абаронены аб’ект зносін паміж грамадзянамі. І гэты працэс у наш час усё больш і больш набірае моц. Небяспека яго відавочная: пры дасягненні нейкай крытычнай мяжы працэс выцяснення беларускай мовы рускай можа стаць незваротным. А знікне мова — знікне і нацыя. Ва ўмовах няспеласці беларускай нацыі, яе кволага абуджэння ад стагоддзяў забыцця — згаданы працэс аставіць ад беларусаў толькі экзатычныя ўспаміны, ды паступовае зліцце мясцовых дыялектных гаворак з пануючай рускай мовай.
Сказанае вымагае вельмі ўважлівага стаўлення да праблемы правоў чалавека і правоў нацыі. Яна становіцца праблемай першаступеннай важнасці для любой краіны, якая становіцца на шлях нацыянальнага адраджэння і пабудовы дзяржаўнай незалежнасці. Толькі ў выніку прадуманага дзяржаўнага падыходу магчыма знайсці кампраміс паміж канфліктуючымі варыянтамі і захаваць тытульную нацыю дзяржавы, не парушаючы і правоў чалавека. Вось тады і магчымы парытэт правоў чалавека і правоў нацыі.
1.3. Асновы ідэалогіі нацыяналізму
1.3.1. Два процілеглыя падыходы да асэнсавання паняцця «нацыяналізм»
Існуе два розныя падыходы да ідэалогіі нацыяналізма. Першы грунтуецца на тым, што нацыяналізм — гэта з’ява адмоўная, вядзе да міжнацыянальных сутыкненняў, гэта слёзы, забойствы і смерць. Фактычна робіцца знак роўнасці паміж нацыяналізмам і фашызмам. У раздзеле ІІ мы спецыяльна засяродзімся на разглядзе гэтай узаемасувязі.
Другі падыход грунтуецца на іншых уяўленнях аб нацыяналізме. Прыхільнікі яго і большасць вучоных — даследчыкаў гэтай ідэалогіі лічаць, што нацыяналізм станоўчая і прагрэсіўная з’ява. Нацыяналізм на іх думку — гэта пэўная стадыя ўсяленскай любві, гэта прагрэс і чарговы крок па шляху да ўдасканалення чалавечай сутнасці. Зыходзячы з такіх пазіцый і вынікае магчымасць развязання праз нацыяналізм нацыянальных супярэчнасцей мірным шляхам на прынцыпах узаемапавагі і любві адной нацыі да другой.
Другі пункт гледжання на праблему сувязі хрысціянства і нацыяналізму грунтуецца на ўяўленнях аб нацыяналізме як станоўчай з’яве, на ўяўленнях аб ім як лепшым набытку цывілізацыі. І шлях да Бога ляжыць якраз праз крышталізацыю нацыянальнага, праз развіццё асаблівага Божага Дару — нацыяналізму.
Першы падыход сфармаваўся ў рэчышчы афіцыйнай палітыкі і дзяржаўнай ідэалогіі Расійскай імперыі, потым пасля бальшавіцкай рэвалюцыі 1917 г. ён быў з нязначнымі зменамі перанесены ў марксісцка-ленінскую ідэалогію СССР. Да канца 80-х — пачатку 90-х г. ХХ ст. па ўсёй тэрыторыі СССР і краін Усходняй Еўропы ўстойліва панавала адмоўнае стаўленне да нацыяналізму. Прыхільнікі «адмоўнага нацыяналізму» знаходзяць абгрунтаванне сваёй ідэалогіі як у камуністычнай ідэалогіі (мондыялісцкая тэорыя зліцця нацый), так і ў хрысціянстве.
Прыпынімся цяпер на аргументах хрысціянскага накірунку бо, з нашага пункту гледжання, менавіта ў хрысціянстве знаходзіць сваё апраўданне і вытокі нацыяналізм. Адно з распаўсюджаных меркаванняў грунтуецца на апостальскім прынцыпе адзінства народаў у Хрысце: «Дзе няма Грэка і Юдэя, абрэзання і неабрэзання, варвара, Скіфа, раба, свабоднага, але ўсе і ўва ўсім Хрыстос». Грунтуючыся на ўяўленнях аб нацыяналізме як з’яве адмоўнай, нясучай у сабе ідэю выключнасці сваёй нацыі, многія царкоўныя дзеячы перасцярагаюць ад небяспепекі нацыяналізму. Яны лічаць, што Хрыстова еднасць можа быць прынесена ў ахвяру нацыянальнай ідэі. Напрыклад, у выступленні пратаіярэя У. Вараб’ёва на Багаслоўскай канферэнцыі ў 1994 г. ў Маскве прагучалі такія словы: «Спакуса нацыяналізму зноў і зноў зводзіць асобных людзей і цэлыя народы. Для яго характэрны нацыянальная гардыня, духоўная слепата і г.д.»
Нягледзечы на такія катэгарычныя выказванні з боку артадоксаў праваслаўя ў наш час першы падыход імкліва губляе сваіх прыхільнікаў, а другі падыход, наадварот, заваёўвае ўсё больш трывалыя пазіцыі.
Разгледзім падрабязней абодва падыходы.
а) Супраць нацыяналізму.
У азначэннi нацыяналiзму, як адмоўнай з’явы ляжыць сцвярджэнне: нацыяналiзм — гэта палiтыка, накiраваная на развiццё варожых адносiн памiж нацыямi, iмкненне адной нацыi даказаць сваю перавагу над суседняй, асiмiляваць i заняволiць яе. Сучасныя апалагеты такой канцэпцыi звычайна прыводзяць фармулёўкi, узятыя з дарэвалюцыйных i савецкiх энцыклапедый, i спасылаюцца амаль заўсёды на тых жа расейскiх i савецкiх вучоных. Так, яшчэ ў дарэвалюцыйнай энцыклапедыi Ф. А. Бракгауза i I. А. Эфрона, нацыяналiзм апiсаны як «знамя дурных страстей». Далей прыводзiцца азначэнне нацыяналiзму з Вялiкай энцыклапедыi 1903 года: (пад рэд. С. Н. Южакова, С. Пецярбург, 1903 г.) «Национализм… заключается в переразвитии национального чувства», пры якiм людзi «начинают переоценивать свою национальность, иногда и свою нацию и считают поэтому совершенно справедливыми всяческие для неё преимущества сравнительно с другими нациями» (падкрэслена мною — А.А.). Калi ўзяць гэтае азначэнне, то варта паставiць пытанне аб рознiцы памiж ім i тэрмiнам «шавiнiзм», якi прапаведуе «выключнасць сваёй нацыi i пагарду да iншых, распальванне нацыянальнай варожасцi». Менавiта шавiнiзмам адметная і расiйская палiтыка ХIХ — пачатку ХХ стагоддзяў. Гэтая рыса складалася ў рускiх паступова, праз доўгi гiстарычны адрэзак, пачынаючы з часоў татара-мангольскага iга. Некалi магутныя татары, жывучы працяглы час сярод славян, мелi з iмi самыя шчыльныя зносiны i найбольш з тымi, што гуртавалiся вакол Масквы. У вынiку — татары асiмiлявалiся з гэтай усходняй часткай славянства i знiклi як дзяржава, даўшы, аднак, жыццё, фактычна новай папуляцыi — рускай.
Успомнiм, што ўяўляла сабой Расiя канца ХIХ-га ст. Гэта была магутная таталiтарная дзяржава, у якой шавiнiзм быў дзяржаўнай палiтыкай. Усякае iншадумства жорстка падаўлялася. З другога боку, гэты самы час адзначаецца шырокiм нацыянальна-вызваленчым рухам, развiццём нацыянальных культур, моў i асветы. Для афiцыйных улад усякае выступленне нярускiх народаў Расiйскай iмперыi са сваiх нацыянальных пазiцый наносiла чарговы ўдар па ўкаранёнай схеме, сутнасць якой у тым, што Расiя — выратавальнiца ўсiх суседнiх «занядбаных» народаў i што рускiя — гэта нацыя-гегемон. Каб апраўдаць вялiкадзяржаўную шавiнiстычную палiтыку, зняславiць нацыянальныя рухi, у слова «нацыяналiзм» i быў укладзены адмоўны сэнс. З тых часоў склалася i пастаянна навязвалася парадыгма: «Усё нацыянальнае — дрэнна i архаiчна, усё рускае — добра i прагрэсiўна». Характэрна, што тагачасныя iдэолагi i наогул тагачасная афiцыйная пазiцыя былi скiраваныя на ўспрыняцце імперыі як само сабой зразумелага — «вялікай дзяржавы» і да яе карэннага люду як да вялікага народа, якому слова «нацыя» зусім не да патрэбы. I, наадварот, да iншых народаў Расiйскай iмперыi — палякаў, беларусаў цi грузiн — тэрмiн «нацыя» стасаваўся толькi ў тым сэнсе, каб падкрэслiць iх непараўнальна меншую значнасць. Таму i ўсялякiя спробы малых народаў адрадзiць сваю дзяржаўнасць жорстка падаўлялiся, а барацьбiтоў за незалежнасць, за права «людзьмi звацца» называлi нацыяналiстамi, укладваючы самы дрэнны сэнс ў гэтае слова.
Бальшавiзм нездарма лёгка прывiўся на тэрыторыi Расiйскай iмперыi. Тут яго iдэi знайшлi спрыяльную глебу i ў першую чаргу яны закранулi нацыянальную праблему. Камунiсты, кiруючыся iдэяй злiцця нацый i ўсталявання раю на зямлi, у любых праявах нацыянальнага, нацыянальных iдэй, нацыянальнасцi ўбачылi злейшага ворага сваёй утапiчнай канцэпцыi. I на працяглы час у савецкiм грамадстве быў вынесены прысуд нацыянальнай iдэi i, зразумела, нацыяналiзму. Для прыкладу, у Малой савецкай энцыклапедыi за 1938 г. канцэпцыя расiйскiх дарэвалюцыйных iдэолагаў прымае ўжо такi выгляд: «Нацыяналiзм — палiтыка эксплуататарскiх класаў, накiраваная да ўкаранення нацыянальнай варожасцi i нацыянальных сутыкненняў, да прамога нацкоўвання адной нацыi на другую».
Вобраз ворага, пастаянна малюемы камуністамі, тут фармулюецца вельмi проста, лiтаральна так: «эксплуататарскiя класы» i «нацыяналiсты» — маўляў, адно i тое ж. I гэты вобраз ворага за гады панавання камунiстаў трывала засеў у свядомасцi людзей.
Асабліва моцнае развіццё атрымаў вобраз ворага пасля ІІ сусветнай вайны, калі нацыяналiстаў пачалi атаясамлiваць з… фашыстамi, хаця апошнiя былi носьбiтамi зусiм iншай iдэалогii — iдэялогii Нацыянал-сацыялiстычнай партыi Германii У сувязі з гэтым прывядзем фармулёўку азначэння фашызму з БелСЭ: гэта «адкрыта тэрарыстычная частка найбольш рэакцыйнай и агрэсiўнай iмерыялiстычнай буржуазii…крайнi шавiнiзм i расiзм». Як бачым, тут адзначаецца блiзасць тэрмiнаў фашызм i шавiнiзм. Больш таго, я мяркую, што гэтыя iдэалогii, па сутнацi, аднолькавыя, яны адлюстроўваюць адну i тую ж з’яву. Толькi першая — фашызм адносiцца найбольш да гiтлераўскай Германii i некаторых яе сатэлiтаў, а другая — да Расiйскай iмперыi ды камунiстычнага Савецкага Саюза. I нiчога агульнага з гэтымі паняццямі слова «нацыяналiзм» не мае. Наадварот, нацыяналiзм — антыпод фашызму, гэта лепшы з набыткаў цывiлiзацыi, бо ў яго аснове ляжыць любоў і павага паміж людзьмі.
б). За нацыяналізм
У папярэднім параграфе былі прыведзены погляды на нацыяналізм афіцыйных колаў імперскай Расіі і іх савецкіх паслядоўнікаў. Аднак ужо ў другой палове ХІХ стагоддзя і пазней у Расіі і па за яе межамі з’явіліся вучоныя, што зусім інакш трактавалі сутнасць нацыяналізму.
Найбольш грунтоўна даследваў праблему нацыi i нацыяналiзму выдатны расейскi мыслiцель Мiкалай Бярдзяеў. У кнізе «Судьба России» выдадзенай у 1918 годе ён пісаў: «Человек входит в человечество через национальную индивидуальность, как национальный человек, а не отвлеченный человек, как русский, француз, немец или англичанин. Человек не может проскочить через целую ступень бытия, от этого он обеднел бы и опустел бы. Национальный человек — больше, а не меньше чем просто человек…». I далей: «Национализм есть положительное благо и ценность, как творческое утверждение, раскрытие и развитие индивидуального народного бытия. Но в этом индивидуальном образе раскрывается всё человечество».
У гэтых радках сканцэнтравана ўся сутнасць нацыяналiзму. Менавiта ў адасобленым вобразе раскрываецца ўсё чалавецтва. Багацце чалавецтва менавiта ў разнастайнасцi i сталасцi нацый, як i багацце асобнага народа ў каларытнасцi, разнастайнасцi яго iндывiдуумаў. Толькi пры ўмовах iснавання раўнапраўных, творчых i сталых нацый магчымы iх партнёрскiя адносiны, саюзы i аб’яднаннi. Такiм шляхам ужо iдзе ўся Заходняя Еўропа. I таму шлях да касмапалiтызму — праз крышталiзацыю асаблiвасцей. Іншымi словамi, усяленскае мае сэнс толькi праз iндывiдуальнае.
Выказаная ісціна вельмі простая. Здзіўляе упартасць процістаяння ёй, што працягваецца да нашага часу. А яшчэ ў 1857 годзе рэвалюцыйны дэмакрат Сігізмунд Серакоўскі вельмі вобразна сказаў: «Думка, што розныя нацыянальнасці граюць тую ж ролю ў развіцці чалавецтва, як розныя інструменты ў аркестры, — вялікая думка. Няўжо першая скрыпка надумаецца выключыць і заняволіць флейту, кларнет ці другую скрыпку, каб выключна самой разыгрываць усе п’есы?».
У той жа кнiзе М. Бярдзяева сказаны словы, якiя павiнны стаць класiчнымi: «Национальность не может претендовать на исключительность и универсальность, она допускает другие национальности и вступает с ними в общение. Национальность входит в иерархию ступеней бытия и должна занимать своё определённое место, она иерархически соподчинена человечеству и космосу».
1.3.2. Сучаснае азначэнне нацыяналізму
Пачаткам эпохі нацыяналізму лічыцца перыяд распаду еўрапейскіх манархій і ўсталяванне дэмакратычных інстытутаў улады, як у форме рэспублікі (Францыя), так і форме манархій, абмежаваных парламентам (Англія). Часцей за ўсё першым прыкладам з’яўлення гэтага паняцця ў сусветнай гісторыі лічыцца перыяд звязаны з Французкай рэвалюцыяй 1789–1793 г. Аднак у дэталёвым даследаванні Лія Грынфельда паказана, што Англія ХVI ст. рэальна была першай краінай, у якой народ сфармаваўся ў нацыю. Больш таго, ёсць навуковыя працы, у якіх сляды нацыяналізму знаходзяць яшчэ ў сярэднявеччы.
Большасць вучоных лічаць усё ж нацыяналізм ідэалогіяй новага часу, бо трывала гэтае паняцце замацавалася ў ХІХ ст., а ХХ ст. называюць стагоддзем нацыяналізму.
Тэорыя нацыяналізму пачала інтэнсіўна развівацца яшчэ да ІІ сусветнай вайны і ў цяперашні час мае дастаткова вялікую бібліяграфію. Даследаванні ў гэтай галіне звязаны з імёнамі такіх вядомых вучоных як Энтані Сміт, Ганс Кон, Луі Снайдэр, Джон Хатчынсон, Карлтан Хайес, Бойд Шэйфер, Эрнст Геллнер і іншыя.
Некаторыя даследчыкі лічаць, што сярод іншых сусветных ідэалагічных дактрын нацыяналізм займае зараз дамінуючае становішча і адлюстроўвае найбольш моцныя палітычныя працэсы сучаснасці. Таму вывучэннне гэтай з’явы і звязаныя з ёй паняцці такія, як нацыя, нацыянальнасць, этнас і народ мае выключнае значэнне.
Тэорыя нацыяналізму распрацоўвалася да нядаўняга часу толькі заходнімі вучонымі, хаця у канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. вялікія дасягненні ў гэтай галіне атрымалі выдатныя рускія рэлігійныя філосафы Мікалай Бярдзяеў, Уладзімір Салаўёў, Іван Ільін, Канстанцін Лявонцьеў, Мікалай Кляпенін і іншыя. Аднак пасля 1917 г. усе гэтыя вучоныя былі вымушаныя эмігрыраваць і працягнулі свае даследаванні за мяжой. Савецкая ж навука, калі і ўспамінала нацыяналізм, то толькі ў адмоўным кантэксце: лічылася, што гэта ідэалогія капіталістычнага свету і нацыяналізм прыраўніваўся да фашызму. Толькі пасля развалу Савецкага Саюза і ўтварэння замест яго шэрагу незалежных дзяржаў стала магчымым аб’ектыўнае вывучэнне нацыянальных працэсаў у грамадстве.
З’явіліся і адпаведныя навуковыя працы, як у Расіі (гл., напрыклад, артыкул І.Кудраўцава), так і ў іншых рэспубліках у тым ліку на Беларусі (У. Роўда, А. Астапенка). Важнай падзеяй у жыцці Беларусі была першая навуковая міжнародная канферэнцыя «Беларуская нацыянальная ідэя», што праходзіла ў красавіку 1999 г. ў Гродна.
Да цяперашняга часу большасць гісторыкаў і філосафаў савецкіх часоў прытрымліваюцца традыйнай канцэпцыі нацыяналізму як ідэалогіі буржуазнага грамадства, як вучэння, якое заклікае да нацыянальнай варожасці і ставілі яе побач з фашызмам. Такая тэндэнцыя перманентна перайшла да савецкіх ідэолагаў яшчэ з дарэвалюцыйных часоў.
З другой паловы 80-х гадоў нашага стагоддзя пачалося пераасэнсаванне многіх ідэалагічных дактрын. Па новаму сталі будавацца адносіны да нацыянальнай ідэі, змяніўся і погляд на нацыяналізм як адмоўную з’яву. Стаў адкрыты доступ да замежных выданняў, былі перакладзены першыя кнігі замежных вучоных, дзе адпаведныя праблемы сур’ёзна прааналізаваны ў свеце сучасных палітычных працэсаў і тэндэнцый развіцця чалавецтва ў Свеце. Разгледзім найбольш істотныя аспекты праблемы нацыяналізму, якія развіваліся на Захадзе на працягу ХХ ст.
Існуе вялікая колькасць азначэнняў нацыяналізму дадзеная рознымі аўтарамі на падставе асабістых пунктаў гледжання на гэтую дактрыну. Адзін са старэйшых даследчыкаў гэтай з‘явы К. Хайес яшчэ ў 30-я гады ХХ ст. даў такое азначэнне: «Нацыяналізм — гэта вышэйшая адданасць людзей дастаткова шырокай нацыянальнасці і свядомае абгрунтаванне прыналежнасці да палітычнай нацыі агульнасцю мовы і нацыянальнай культуры». Л. Снайдэр вылучае ў сваім азначэнні групавыя адчуванні людзей, адзінства мовы, традыцый і рэлігіі.
Для народаў, якія яшчэ толькі пераходзяць на шлях нацыянальнага самавызначэння, нацыяналізм азначае найперш веру ў магчымасці свайго народа. Так, даследчыкі азіяцкага і афрыканскага нацыяналізму Рупперт Эмерсон і Рычард Котт сцвярджаюць, што нацыяналізм гэта «вера часткі вялікай групы людзей у тое, што яны складаюць палітычную супольнасць, нацыю, якая мае права на незалежную дзяржаву, гатоўнасць гэтай групы праяўляць сваёй супольнасці пераважную і выключную адданасць».
Сярод найбольш шырокіх азначэнняў трэба вылучыць фармулёўку Б. Шэйфера. Ён адзначае дзесяць атрыбутаў нацыяналізму:
1. Тэрыторыя, дзе жыве народ. Ён лічыць яе сваёй і супрацьстаіць змяншэнню яе памераў.
2. Агульная культура народа (мова, літаратура, звычаі, традыцыі).
3. Пануючыя эканамічныя і грамадскія інстытуты, за якімі стаяць эканамічныя і сацыяльныя інтарэсы насельніцтва.
4. Незалежнасць дзяржавы, ці жаданне стварыць яе.
5. Вера ў агульную гісторыю і паходжанне свайго народа.
6. Прыхільнасць да людзей сваёй нацыянальнасці.
7. Гонар за мінулыя, ці сучасныя дасягненні і агульныя перажыванні за перажытыя беды і трагічныя падзеі.
8. Абыякавасць, ці варожасць у адносінах да некаторых нацый, асабліва да былых прыгнятальнікаў.
9. Адданасць сутнасці, якая завецца нацыяй (Радзімай, Айчынай) і ўяўляе тэрыторыю, народ, культуру, спадчыну і г.д.
10. Надзея, што краіне, нацыі і індывідам у ёй забяспечана поўная бяспека і шчаслівая будучыня.
У прыведзеным азначэнні, ня гледзячы на даволі ёмкую фармулёўку, ёсць адзін істотны недахоп у восьмым пункце, які тычыцца варожасці да іншых нацый. На нашую думку, гэта не заўсёды так. Больш таго сапраўдны нацыяналізм, ўзрошчаны на хрысціянскіх каштоўнасцях, хрысціянскай любові да бліжняга не можа выклікаць варожых пачуццяў як да іншых, суседніх нацый, так і да народаў — былых прыгнятальнікаў — бо адна з хрысціянскіх запаведзей заклікае любіць і ворагаў сваіх. Ніжэй мы больш падрабязна спынімся на гэтым пытанні.
Тым не менш, ёсць сярод нацыянальных плыняў у некаторых народаў уласцівасць, адзначаная Б. Шэйферам у восьмым пункце. Менавіта гэтая варожасць да не сваіх, да суседзей часта з’яўляецца прычынай сур’ёзных канфліктаў паміж народамі і яна можа парадзіць і крайнюю форму нацыяналізму, якой з’яўляецца фашызм, ці расізм. Аднак, такія адмоўныя праявы даволі рэдкія. Сапраўдны ж, «чысты» нацыяналізм, як правіла з’яўляецца антыподам фашызму, што і адзначаў Энтані Сміт у сваёй класічнай кнізе.
Сярод сучасных азначэнняў нацыяналізму трэба вылучыць цікавае, і звязанае з гістарычный рэтраспектывай азначэнне Г. Кона, які адносіць гэтую з’яву да стану грамадскай псіхалогіі. Кон разглядае гісторыю, як паслядоўнасць змен у грамадскай псіхалогіі, у адносінах чалавека да праяў індывідуальнага і грамадскага жыцця: мовы, тэрыторыі, традыцый, такіх адчуванняў, як адданасць Радзіме і сям’і, якія адлюстроўваюць змены ў грамадзянскай псіхалогіі. Г. Кон заключае, што нацыяналізм гэта «стан розуму», гэта «ідэя, намаганне, якія запаўняюць мозг і сэрца новымі думкамі і новымі адчуваннямі і кіруюць чалавекам, каб перавесці яго свядомасць ў справу арганізаванага дзеяння». Менавіта такі падыход стаў стрыжнем фармулёкі азначання нацыяналізму ў Брытанскай энцыклапедыі: «Нацыяналізм азначаецца як стан розуму, у якім індавідуальныя адчуванні кожнага ў яго вышэйшай, векавой адданасці да нацыі — дзяржавы».
Усе разгледжаныя вышэй азначэнні маюць адзін і той жа недахоп: яны амаль не ўлічваюць рэлігійны фактар — уздзеянне хрысціянства на светапогляд чалавека і нацыянальныя асаблівасці. Менавіта гэта адрознівае сучасных заходніх філосафаў ад славутых рускіх рэлігійных філосафаў канца ХІХ — першай паловы ХХ ст.
Сярод іх перш за ўсё вылучаецца постаць знакамітага рэлігійнага філосафа М. Бярдзяева, думкі якога прыводзіліся вышэй. Вельмi блiзкiя да перакананняў М. Бярдзяева погляды I. Iльiна — таксама прадстаўнiка рускай эмiгранцкай iнтэлiгенцыi. Як рэлiгiйны фiлосаф, I. Iльiн такую з’яву як нацыя i нацыяналiзм бачыць цалкам у свеце Божага тварэння. Ён пiша: «Национализм есть уверенное и сильное чувство, что мой народ тоже получил дары Духа Святого, что он приял их своим и инстиктивным чувствилищем и творчески претворил их по своему…поэтому национализм проявляется прежде всего в инстинкте национального самосохраненения, и этот инстинкт есть состояние верное и оправданное… он подчинён законам добра и духа». Ільін вылучыў тры наступныя рысы нацыяналізму: любоў да гістарычнага мінулага і творчага дзеяння свайго народа, веру ў інстынктыўную і духоўную сілу свайго народа і волю да таго, каб свой народ быў дастойным членам у сям’і народаў Зямлі.
Істотнае дапаўненне да думак згаданых філосафаў зрабіў М. Кляпенін у артыкуле «Мысли о религиозном смысле национализма», які быў надрукаваны ў Францыі ў часопісе «Путь» за 1927 год. Кляпенін звязвае нацыяналізм з вышэйшай ступенню хрысціянскай любові: «Подобно любви к родителям, семье и близким, национализм есть именно определённая степень раскрытия вселенской любви».
На наш погляд, найбольш аптымальны погляд на нацыяналізм, ляжыць у спалучэнні ідэй, выпрацаваных заходнімі аўтарамі, і падыходаў рускіх рэлігійных філосафаў, якія ўзводзілі хрысціянскую любоў у ранг палітычнага прынцыпа. Зыходзячы з гэтага мэтазгодна ўключыць у структуру нацыяналізму наступныя кампаненты:
— любоў да свайго народа;
— любоў да свайго краю;
— гордасць за гiсторыю свайго народа;
— павага i адчуванне адметнасцi i непаўторнасцi сваёй мовы;
— любоў да сваёй Айчыны цi патрыятызм;
— вера ў Божае прызначэнне свайго народа;
— боль за няўдачы свайго народа i радасць за яго поспехi.
Як бачым такое вядомае паняцце як патрыятызм у нашым азначэннi ёсць толькi састаўная частка шырокай, касмiчнай з’явы — нацыяналiзму.
Прыведзеная карэляцыя паміж нацыяналізмам і патрыятызмам адзначалася і іншымі даследчыкамі. Так, Е. Гейзінга прааналізаваў паняцці patria (айчына) і natio (народ) і зрабіў такую выснову: слова natio намнога шырэй, чым patria, хаця яны абазначаюць і блізкія паняцці. У XI ст. у Францыі, напрыклад, слова patria абазначала графства ці іх групу і было эквівалентна слову terra (зямля). Слова ж natio не мела адміністратыўнага значэння, а адносілася да сферы пачуццяў, што потым і перарасло ў тую з’яву, што мы называем нацыяналізмам.
Нацыяналiзм знаходзiць сваё канкрэтнае ўвасабленне ў такім паняцці як нацыя, адпаведна i нацыя стварае сваю духоўную i iдэалагiчную абалонку — нацыяналiзм.
Адзначым, што мы гаворым аб нацыяналiзме як аб духоўнай з’яве, аднак могуць запярэчыць, што ёсць i iншыя праявы духоўнасцi — культура, мова, эстэтыка i iншыя. Адносна гэтых паняццяў адразу можна сказаць і яны не iснуюць абстрактна. Культура, мова i ўсё iншае, што тычыцца духоўнай сферы, заўсёды нацыянальныя. Нацыя абуджае ў чалавеку найбольш моцныя пачуццi i творчыя сiлы, найбольшую гатоўнасць да вялiкiх учынкаў. Наогул, чалавек заўсёды найбольш актыўны i творчы толькi сярод уласнага народу, якi яго лепш разумее i лепш выкарыстоўвае.
1.4. Нацыянальная ідэя
На працягу ўсёй гісторыі чалавецтва, якая налічвае 40–50 тыс. год, дзейнасць чалавека астаўляла сляды ў выглядзе археалагічных дадзеных, старажытных летапісаў, паданняў. фалькору і іншых помнікаў культуры. Але заўсёды мы сустракаемся не проста з чалавекам, а з чалавекам пэўнага народа, альбо нацыі: элінам, рымлянінам, готам, іудэем, украінцам… Няма проста чалавека, як кажуць, «без роду і племені». Гэты факт адлюстроўвае Задуму Тварца пра існаване чалавека ў пэўным народзе, этнасе, нацыі. Увесь спектр ведаў аб гэтай Задуме, усе бакі жыцця чалавека ў сваім народзе, альбо нацыі мы і называем нацыянальнай ідэяй (НІ).
Існуе шмат падыходаў да азначэння НІ. Cярод іх нам бы хацелася вылучыць ёмкае і змястоўнае азначэнне Уладзіміра Конана: «Нацыянальная ідэя — духоўна-творчы аналаг быцця народа ў трох вымярэннях — мінуўшчыне, сучаснасці і будучыні. Кожны этнас, які выявіў свае творчыя магчымасці і сфармаваўся ў нацыю, увасабляе сабой пэўную ідэю».
Гістарычныя карані сучаснага разумення нацыянальнай ідэі сягаюць, згодна Энтані Сміту, у часы Французскай рэвалюцыі 1789 г. У Дэкларацыі правоў ад 26 жніўня 1789 г. запісана: «Крыніца любога суверэнітэту знаходзіцца ў нацыі». Упершыню за гісторыю чалавецтва ўсе сілы грамадства былі арганізаваны ў тагачаснай Францыі не на карысць дынастыі французскіх каралёў, а на карысць нацыі.
Вылучым цяпер тыя атрыбуты нацыянальнай ідэі, якія на наш погляд найбольш характэрныя для любой нацыі, ці этнаса, што фармуецца ў нацыю.
1. НІ ўзнікла адначасова з узнікненнем нацыі, ці пад час фарамавання нацыі і ўяўляе імкненне чалавека ўсвядоміць сябе ў сваёй нацыі і сваёй нацыянальнай дзяржаве.
2. НІ ёсць выразьнік акрэсленага тыпу культуры, уласцівага пэўнаму этнасу ці нацыі і ўключае эканоміку, вытворчасць, адукацыю, рэлігію, мастацтва, літаратуру і іншыя складаючыя часткі ўсёй свядомай і мэтанакіраванай дзейнасці чалавека і грамадства.
Канкрэтызуем гэтую пазіцыю па асноўным галінам культуры.
а) Нацыянальная эканоміка. Некаторыя эканамісты лічаць, што не існуе нацыянальнай эканомікі (напрыклад Л. Злотнікаў). Гэта не зусім правільнае меркаванне. Менавіта ўпор на нацынальныя каштоўнасці і дазволіў пасляваеннай Германіі хутка выйсці з крызісу. Людзвіг Эрхард, творца пасляваеннай нямецкай эканомікі, назваў новую эканамічную праграму «нямецкім цудам». Сапраўды, за вельмі невялікі тэрмін (1947–1953) дзякуючы прадуманай і прыстасаванай да Нямеччыны эканамічнай праграме, ФРГ выйшла са стану поўнага разбурэння і стала перадавой еўрапейскай краінай.
Кожная перадавая дзяржава дасягнула сваіх поспехаў дзякуючы менавіта сваім нацыянальным асаблівасцям у эканамічнай вобласці. Напрыклад, тая ж Японія мае фірму «Sony», вядомую ўсяму свету. І ў галіне сваёй прадукцыі гэтая фірма амаль не мае сабе роўных.
Акрамя тэхналагічных нацыянальных асаблівасцей, пры стварэні эканамічных праектаў вялікую ролю граюць таксама тэрытарыяльныя і геапалітычныя асаблівасці размяшчэння краіны. Сюды ўваходзяць як прыродныя багацці, нетры, лясы і азёры, так і месцазнаходжання краіны. Напрыклад, шэраг еўрапейскіх краін маюць значны даход ад транзіту таварапатокаў праз яе тэрыторыю (Швейцарыя, Чэхія, Аўстрыя і іншыя).
б) Нацыянальная адукацыя. З гэтай пазіцыяй пагаджаюцца большасць урадаў нацыянальных дзяржаў. Усё навучанне павінна праводзіцца на мове тытульнай дзяржавы, ці на мове этнасу, маючага колькасную большасць на адпаведнай тэрыторыі. Дзеля таго, каб пазбегнуць дыскрымінацыі нацыянальных меншасцей, на тэрыторыі пражывання гэтых меншасцей побач са звычайнымі навучальнымі ўстановамі адкрываюцца школы на роднай мове.
в) Рэлігія. У развітых нацыях-дзяржавах Царква непазбежна нясе на сабе нацыянальны адбітак. Як у каталіцкіх Касцёлах, так і ў праваслаўнай Царкве набажэнствы па магчымасці праводзяцца на нацыянальных мовах, альбо ў комплексе з прафетычнымі мовамі накшталт царкоўнаславянскай. Аб пытаннях мовы Царквы мы прыпынімся пазней асобна (Раздзел 4).
Часта ставяць пытанне аб так званай нацыянальнай веры. На нашу думку такая пастаноўка пытання не карэктная. Адна і тая ж нацыя можа вызнаваць розныя тыпы рэлігійных канфесій. Так, У Германіі католікаў і пратэстантаў амаль пораўну. У Польшчы ж падаўляючая частка насельніцтва — католікі. Аднак і ў Германіі і ў Польшчы кожная канфесія не можа быць абстрагіраванай ад дзяржавы і нацыі. Наадварот іх гарманічнае ўзаемадзеянне — умова дабрабыту грамадства.
3. НІ павінна быць накіравана на кансалідацыю грамадства. Толькі нацыянальная ідэя здольная аб’яднаць розныя, часам непрымірымыя групы насельніцтва, якія жывуць сумесна, у адной дзяржаве.
Уокер Конар прыводзіць наступную раскладку далявой прысутнасці тытульнай нацыі дзяржавы сярод 132 краін (на 1971 год):
а). Толькі 12 краін ці 9.1 % можна цалкам апісаць як нацыю-дзяржаву.
б). 25 краін (18,9 %) утрымліваюць тытульную нацыю ці патэнцыяльную нацыю у памеры 90 % ад усяго насельніцтва дзяржавы, — астатнія нацыянальныя меншасці.
в). 25 краін (18,9 %) утрымліваюць тытульную нацыю ці патэнцыяльную нацыю ў інтэрвале ад 79 % да 89 % ад усяго насельніцтва краіны.
г). 39 краін (28,5 %) — самая колькасна большая нацыя ці патэнцыяльная нацыя займае менш паловы ўсяго насельніцтва.
Найбольш спрыяльныя ўмовы кансалідацыі грамадства, як відаць з прыведзеных дадзеных, маюць толькі 12 краін (група 1) з даследуемых 132.
Найбольшы працэнт (50 краін) — групы 2 і 3 — гэта краіны, дзе тытульная нацыя мае большасць насельніцтва. Аднак для гэтых краін стаіць пытанне аб стварэнні спрыяльных умоў для развіцця культур нацыянальных меньшасцей і стварэння заканадаўства, якое забараняла б усякую дыскрымінацыю малых этнасаў.
Нарэшце вялікая колькасць краін (група 4) мае вельмі складаную нацыянальную структуру насельніцтва. Нацыянальная ідэя тытульнай нацыі не заўсёды блізкая для кожнага этнаса дзяржавы. Таму прадуманая ўнутраная нацыянальная палітыка, якую праводзіць урад такіх краін, вельмі важная для кансалідацыі грамадства. Умова кансалідацыі простая і разам з тым складаная: нацыянальная ідэя чацвёртай групы дзяржаў павінна канструявацца так, каб яна была прыймальнай не толькі для тытульнай нацыі, але і для ўсіх этнічных груп, што жывуць у гэтай краіне. Гэтая умова, зразумела, тычыцца і груп 3, 4.
З цяжкасцямі, якія ўзніклі пасля распаду СССР, сутыкнуліся новыя нацыі і этнасы у сувязі з узнікненнем незалежных дзяржаў і фармуляваннем НІ ў гэтых новых дзяржавах. Галоўнай прычынай было тое, што за часы сумеснага пражывання ў межах Савецкага Саюза многія народы вельмі перамяшаліся, кожная новая рэспубліка ўяўляла шматнацыянальную супольнасць. Асабліва складанае становішча ўтварылася ў краінах Прыбалтыкі. Напрыклад, у Эстоніі карэнных эстонцаў нязначна больш (68,2 %) за палову ад усяго насельніцтва. Урад Эстоніі прыняў жорсткую палітыку, аснаваную на прыярытэце эстонскай нацыянальнай ідэі і тым самым паставіў у складаныя ўмовы тую частку рускамоўнага насельніцтва, што не ведала эстонскай мовы. Але зараз становішча патрохі выпраўляеца і трэба спадзявацца, што кансалідацыя грамадства ў Эстоніі хутка стане рэальным фактам.
4. Любая нацыянальная ідэя знаходзіць свае карані ў мінулым. Гэта ўся гістарычная спадчына, якая пачынаецца з помнікаў матэрыяльнай культуры, гэта летапісы і хронікі, гэта народныя традыцыі, паданні, фальклор і іншая спадчына нацыі. На гістарычным матэрыяле НІ мацуецца, набірае сілу.
Таму не дзіва, што многія народы, этнасы і нацыі дзеля паўнаты самасцвярджэння карыстаюцца гіпербалізаванымі падзеямі, часта узвялічанымі і, нават, выдуманымі постацямі мінулага. Прычым, героі мінулага ідэалізуюцца, іх адмоўныя рысы забываюцца з тым, каб зрабіць станоўчы прыклад для сучасніка і будучых пакаленняў.
Яскравы прыклад — гісторыяграфія ў сучаснай Літве, дзе ўсе набыткі мінулага ВКЛ прама пераносяцца як спадчына сучасных этнаграфічных літоўцаў, хаця добра вядома, што 80 % — 90 % жыхароў княства складалі русіны — продкі сучасных беларусаў і ўкраінцаў.
Ці яшчэ прыклад таго, як па рознаму можна сфармуляваць НІ ў залежнасці ад пункту гледжання на адну і тую ж гістарычную падзею. У 1623 годзе праваслаўнымі жыхарамі г. Віцебску за здзек і жорсткасць перад гараджанамі быў закатаваны уніяцкі біскуп Ізафат Кунцэвіч. Пазней уніяты і рыма-католікі ўзвялі І. Кунцэвіча ў разрад святых. Для праваслаўных жа ён застаўся «душахватам» і катам. Як у гэтым выпадку сфармуляваць нацыянальную ідэю для ўсіх беларусаў? Гэтае пытанне не паўставала ў часы ВКЛ і Рэчы Паспалітай у ХVI–XVIII стагоддзяў — тады яшчэ не сфармавалася беларуская нацыя, а грамадзяне падзяляліся галоўным чынам па рэлігійным прыкметам. У наш жа час — эпоху нацый і новых нацый-дзяржаў, гэтае пытаннее набывае вялікую актуальнасць. На Беларусі зноў адраджаецца уніяцтва, разам з тым набіраюць моц традыцыйныя веравызнанні — праваслаўе і каталіцызм і вельмі актыўна распаўсюджваюцца пратэстанцкія Цэрквы. Паразуменне паміж усімі імі — важная ўмова для фармаваня беларускай нацыянальнай ідэі.
5. НІ набывае пэўную закончанасць, калі яна фамулюецца як ідэалагічная платформа нацыі. Гэтая тэарэтычная канцэпцыя носіць назву «нацыяналізм». Э. Сміт піша: «нацыянальная ідэя непазбежна вядзе да нацыяналізму — праграмы дзеянняў для падтрымкі гэтай ідэі і дасягнення яе мэтаў. Салідарнасць, пра якую мараць нацыяналісты, засноўваецца на валоданні зямлёй, зямлёй мінулых пакаленняў, якая бачыла росквіт нацыянальнага генія». Фактычна, нацыналізм ёсць рэалізацыя нацыянальнай ідэі ў тэарэтычнай плоскасці, нацыя — рэалізацыя НІ ў практычнай плоскасці.
6. Мэтай НІ з’яўляецца ўтварэнне незалежнай нацыі-дзяржавы. Паўната нацыі дасягаецца ў той момант, калі ўсе грамадзяне краіны, уключаючы тых, хто і не ўваходзіць у склад тытульнай нацыі, здольныя аб’яднацца, каб сумесна жыць у адзінай, суверэннай дзяржаве. НІ грае пры гэтым ролю «пуцяводнай зоркі».
7. НІ — ляжыць у аснове знешняй і ўнутранай палітыкі любой сувярэннай краіны. Нацыянальныя інтарэсы краіны — першасныя пры заключэнні міжнародных дагавароў, пры ўтварэнні міждзяржаўных эканамічных і палітычных саюзаў і г.д. Ігнараванне сваёй НІ можа прывесці да паглынання больш моцнай дзяржавай свайго меншага «саюзніка». Так, напрыклад, склаўся шлях ВКЛ пасля заключэння ў 1569 г. Люблінскай уніі з Каралеўствам Польскім і царкоўнай Брэсцкай уніі ў 1596 г. Тады рашаючымі сталі прыватныя інтарэсы заможнай шляхты, ды крывадушнасць і фанатызм часткі праваслаўнага духавенства.
Кароткае рэзюме
Такім чынам, НІ рашаючы фактар у працэсе ператварэння этнасу, альбо некалькіх этнасаў у нацыю. Правільная фармулёўка сваёй нацыянальнай ідэі вельмі патрэбна для дастаткова развітага этнаса, які фармуецца ў нацыю. Яна кіруе працэсамі нацыянальнага фарміравання ў грамадстве і гэтыя працэсы завяршаюцца ўтварэннем нацыі-дзяржавы. У развітых нацыях-дзяржавах (Англія, Францыя, Італія і г. д.) працэс фарміравання і рэалізацыі НІ, фактычна, скончыўся. На першы план выходзяць такія паняцці як нацыя — аб’ект вакол ствараецца НІ і тэарэтычная платформа, «кроў» нацыі — нацыяналізм. Таму ў сучаснай паліталагічнай навуцы Захаду пры вывучэнні нацыянальных працэсаў засяроджваюцца найбольш на пытаннях нацыі і нацыяналізму, як двух асноўных частках НІ.
У гэтай сувязі аўтар дадзенай працы таксама на першы план паставіў праблемы нацыі і нацыяналізму, чаму і прысвячаецца большая частка матэрыялаў.
1.5. Тэорыя стадый развіцця грамадства праз прызму нацыі
Сучасныя веды аб чалавеку i грамадстве даюць нам падставу лiчыць, што гiсторыя ёсць паступовае пашырэнне i паглыбленне чалавечай сутнасцi. Зазiрнем у тыя дагiстарычныя часы, калi толькi ўтваралiся першыя аб’яднаннi людзей, першыя племянныя саюзы. У адрозненне ад жывёлы са статка сабе падобных, чалавек у сваiм племенi атрымаў вельмi важны атрыбут — сваё iмя. Спачатку гэта была адзiная, але iстотная якасць, якая азначала адметнасць, iндывiдуальнасць асобы з нейкай групы цi племенi. Трохi пазней у людзей з’яўляецца рэлiгiя. Першыя прымiтыўныя вераваннi атрымалi назву татэмiзму i былi выклiканы звычайнай рэакцыяй на невядомыя, магутныя сiлы прыроды. З гэтых часоў заўважаецца другая фаза расчаплення раней адзiнай супольнасцi першабытных людзей (старажытнага грамадства) — расчапленне асобных плямёнаў па тым сонме багоў, у якiя кожнае з iх верыла, г. зн. — па рэлiгii. Такiм чынам, яшчэ са старажытнасці людзi пачалi адрознiвацца не толькi сваiмi ўласнымi iмёнамi, але i веравызнаннем.
Прычым усе народы свету прайшлі шлях ад веры ў многіх багоў — політэізму (паганства), да веры ў адзінага Бога — монатэізму (хрысціянства, іслам, іудаізм, індуізм па вучэнні Рамакрышны и Вівекананды і г.д.).
З другога боку эвалюцыя чалавецтва прывяла да ўтварэння кастаў, класаў і іншых грамадскіх груп. Касты, напрыклад, характарызуюцца ўжо жорсткай iерархiяй памiж рознымi пластамi грамадства, якая вызначае амаль усе суадносiны памiж людзьмi. Такiм шляхам iшоў i Старажытны Егiпет, і Iндыя, і Еўропа — увесь свет.
I толькi многа пазней, як мы ўжо i падкрэслiвалi, утвараюцца нацыi па прыкмеце агульнасцi людзей па мове, тэрыторыi, гiсторыi, традыцыях i звычаях. Пры гэтым нацыянальныя асаблiвасцi сталi iстотна ўплываць на ўзаемаадносiны людзей толькi з канца ХVIII ст. і асабліва выразна праявіліся ў ХIХ ст. i ў наш час.
Аднак праявы нацыяналізму можна бачыць і ў больш ранейшыя часы, хаця гэтая з’ява і не сфармавалася тады ў сучасным выглядзе. Напрыклад, у сярэднявеччы мы бачым праяву палітычнага нацыяналізму як рэакцыю на імперскую палітыку Гогенштаўфенаў (1137–1254 гг.)
Працэс фармавання нацый i росту нацыянальных рухаў найбольш актыўна ішоў на працягу ўсяго ХIХ стагоддзя. Гэта адзначалася многiмi мыслiцелямi таго часу. Так, М. А. Славiнскi пiсаў, што векавыя намаганнi нямецкiх ордэнаў не змаглi дэнацыяна-лiзаваць эстаў i латышоў, а «усилия польской государственности разбились о стойкость литовских и белорусских народных элементов». Славiнскi падкрэслiвае, што «На протяжении ХIХ века, особенно второй его половины, вместе с ростом политической свободы растёт и свобода национальная; вместе с укреплением прав и гарантий свободной личности укрепляются права и гарантии свободной национальности». Такiм чынам, робiцца выснова, што будучыня — за свабодным творчым развiццём чалавека ў нацыi.
ХХ стагоддзе яшчэ больш крышталiзуе нацыi. На пачатку ХХ стагоддзя мы бачым распад Аўстра-Венгерскай імперыі і ўтварэнне новых незалежных дзяржаў — Чэхіі, Аўстрыі і іншых. Потым — распад Расійскай імперыі ў 1917 г. На працягу ўсяго ХХ стагоддзя працэс утварэння новых нацыянальных дзяржаў працягваўся і ў наш час дасягнуў кульмінацыі: у выніку развалу СССР утварылася 15 новых дзяржаў — па ліку саюзных рэспублік, і, відавочна, працэс гэты будзе працягвацца. Акрамя згаданых пераўтварэнняў, цяпер усё больш сур’ёзныя размовы вядуцца вакол праблемы Фландрыі ў Бельгіі, баскаў у Іспаніі і нават абмяркоўваецца магчымасць падзелу Канады на англамоўную і франкамоўную.
Iгар Шафарэвiч у артыкуле «Обособление или сближение?» са здзiўленнем пiша: «Совершенно неожиданно ХХ век оказался веком неслыханно обострившегося национализма» i працягвае: «Разрушение великих империй во все времена протекало параллельно обострению национального чувства отдельных входящих в них наций, обособлению этнических групп, стремлению их выделиться как самостоятельные нации».
Каб выратаваць iдэю «бяскрыўднасцi» рускай нацыi, адгарадзiць яе ад ярлыка шавiнiзму аўтар «Обособлений» робiць прыём, якi на пачатку распаду СССР i краху сацыялiстычнага лагера быў бы i дзейсным. Сутнасць яго логiкi ў тым, што ён абвiнавачвае ў антынацыянальнай палiтыцы… сацыялiзм: «Национальная жизнь многих народов сейчас является жертвой именно той силы — социалистической идеологии».
Праблема «малога» народа, iснуючага ў асяроддзi «вялiкага» народа, пастаўленая яшчэ Огюстам Кашэнам, даследчыкам французскай рэвалюцыi, існуе i зараз ва ўсiм свеце. Iснуе праблема баскаў у Iспанii, фламандцаў у Бельгii i шмат iншых.
Усе гэтыя прыклады прыводзяць да лагiчнай высновы: такая з’ява, як нацыя i яе iдэалагiчная аснова — нацыяналiзм, ёсць з’явы пэўнай ступенi прагрэсу чалавечага грамадства, яго эвалюцыi. Нацыяналiзм — з’ява сучасная, з’ява духоўнага плана. Гэта iстотна якасны крок у бесконцым руху чалавека да Бога. Важнасць падзелу чалавечага грамадства на народы стала, фактычна, зразумелай толькi цяпер, хаця пра гэта сказана яшчэ ў Свяшчэнным Пiсаннi: «I напоўнiлiся ўсе Духам Святым, ды пачалi гутарыць iншымi мовамi, так як Дух Святы даў iм прамаўляцi…I здумелiся ўсе i дзiвавалiся, кажучы адзiн аднаму: Вось усе гэтыя, што гавораць, цi ж не Галiлейцы? Дык як жа мы чуем кожны сваю гутарку, у якой урадзiлiся: Парфяне й Мiдзяне й Элямiты, i жыхары Месапатамii, Юдэi, Каппадокii, Понту, Фрыгii, Егiпту, Лiвii, Кiрэны, Рыму, Крыту i Арабii — але ўсе мы чуем, як яны гавораць нашымi мовамi пра вялiкiя цуды Божыя».
У гэтым урыўку Евангелля гаварыцца аб тым, што пра «цуды Божыя», альбо Божы Промысел можна гаварыць рознымі мовамі, і гэта азначае, што розныя народы (этнасы, нацыі) аднолькава важныя для Бога. І з другога боку Ён (Бог) прымае чалавека не як бязлікую істоту, а як адзінку этнасу, ці нацыі. Гэтыя разважанні даюць магчымасць разгледзець гісторыю чалавецтва праз прызму крытэрыя рэлігіі — з аднаго боку, і праз прызму нацыі (племені, этнасу) — з другога.
Найбольш распаўсёджанай класіфікацыяй перыяда гісторыі, якая прынятая у марксісцка-ленінскай філасофіі, з’яўляецца наступны падзел грамадскіх ладаў: першабытна-абшчынны, рабаўладальніцкі, феадальны, капіталістычны, сацыялістычны і, нарэшце, камуністычны. Аднак час паказаў не зусім празрыстую адэкватнасць такога падзелу, асабліва ў яго апошніх трох стадыях: капіталізм (І) ® сацыялізм (ІІ) ® камунізм (ІІІ). Праблематычны пераход І ® ІІ, а эвалюцыя ІІ ў ІІІ ці наогул магчыма, бо сама стадыя камунізма недасягальная і ёсць, фактычна, існаванне чалавека з Богам і ў Богу, і вядома з Бібліі як Рай (Эдэм).
Існуюць іншыя класіфікацыі гістарычных перыядаў, звязаныя з імёнамі О. Шпенглера, А. Тойнбі, П. Сарокіна, Л. Гумілёва і іншымі.
Не ставячы задачай аналізаваць усе існуючыя падыходы, абмяжуемся тут толькі некаторымі.
Леў Гумілёў, напрыклад, не адмаўляючы класіфікацыі прынятай савецкай філасофскай навукай, разглядае перыядызацыю гісторыі чалавецтва праз этнагенез чалавечых супольнасцей. Кожны этнас, згодна Гумілёву, пасля пасіянарнага штуршка праходзіць наступныя фазы развіцця: пад’ём, акматычную фазу (пік развіцця), надлом (пераход да наступнага выраджэння этнасу), інерцыйная фаза, абскурацыя і нарэшця мемарыяльная фаза (гібель этнасу, ці яго пераўтварэнне (зліццё) ў новы этнас).
Іншы падыход быў прапанаваны савецкім даследчыкам С. А. Токаравым. У адрозненне ад Л. Гумілёва ён не абмяжоўваецца існаваннем у гісторыі толькі этнасаў. Ён вылучае чатыры гістарычныя фармацыі: племя (абшчынна-радавы лад), дэмас (рабаўладальніцкі лад), народнасць (феадалізм) і нацыю (капіталізм і сацыялізм).
Наш падыход блізкі да поглядаў Токарава, але адрозніваецца тым, што мы спрашчаем папярэднюю схему і вылучаем, на наш погляд, больш істотныя гістарычныя калектывы людзей — племя, этнас і нацыю. Другой рысай нашага падыходу з’яўляецца неабходная адпаведнасць паміж адзначанымі супольнасцямі людзей і пэўнай рэлігіяй.
На нашую думку эвалюцыя чалавецтва гэта не поста этнагенез, бясконцы кругаварот этнічных адзінак без мэты і новай якасці, і гэта не толькі тэхналагічны прагрэс. Яг гаварылася вышэй этнасы не толькі змяняюцца ці пераходзяць адзін у аднаго, а пераўтвараюцца ў новую якасць — нацыі. Гэты працэс, пачатак якога мы ўмоўна датавалі канцом ХVІІІ ст. у наш час не толькі працягваецца, але і вызначае ход гісторыі. Грунтуючысь на гэтых развагах, а таксама на папярэдніх выніках аб неабходнасці уліку крытэрыя рэлігіі пры аналізе эвалюцыі чалавецтва, на наш погляд, гiсторыю чалавецтва можна падзялiць на тры вялікія перыяды, якiя вызначаюцца двумя галоўнымі рысамі — адносiнамi да рэлiгii і сацыяльна-біялагічнай структурай грамадства у выглядзе плямён, этнасаў і нацый. Мы прапанем наступны ланцужок стадый эвалюцыi чалавецтва:
Дзейснасць гэтай схемы можна прасачыць на працягу гісторыі розных народаў свету. Так, Еўропа прайшла шлях першай стадыі (політэізму) ў форме антычных старажытнай Грэцыі і Рымскай імперыі. І хаця да Ражджаства Хрыстовага ў антычным свеце існаваў народ — яўрэі, якія прызнавалі толькі аднаго Бога — Іегову, яны складалі выключэнні, былі богаабраным народам. Прыход хрысціянства паклаў пачатак новай эпохі — монатэізму з пункту гледжання рэлігіі, і эпохі поўнага перакрайвання карты Еўропы з пункту гледжання палітычнай гісторыі. Еўропа пакрылася густой сеткай хрысціянскіх краін і увесь механізм іх утварэння праходзіў галоўным чынам пад знакам сцвярджэння хрысціянскай веры, у выніку чаго язычаскія плямёны і этнасы альбо зніклі, альбо сталі хрысціянскімі.
Другая стадыя прывяла, як і першая, да стварэння вялізных імперый, якія ўтрымлівалі ў сабе мноства этнасаў, падпарадкаваных нейкаму аднаму мацнейшаму. Сярод іх: Брытанская імперыя з калоніямі ў Амерыцы, Аўстраліі, Індыі…, Іспанскі і Партугальскі арэалы, падзяліўшыя Паўднёвую Амерыку, Расійская імперыя і г.д.
Канец другой стадыі палітычнай гісторыі Еўропы пачаўся каля двухсот год таму і прывёў да распаду фактычна ўсіх імперый. Новая рыса постімперскай эпохі — утварэнне шэрагу нацыянальных дзяржаў, якія складаюцца не проста з хрысціянскіх супольнасцей, як гэты было раней, а з нацыянальна свядомых грамадзян, спаведуючых хрысціянства. Гэтая эпоха ёсць трэцяя стадыя эвалюцыі чалавечага грмадства.
Трэцяя стадыя — нацыянальны монатэiзм. Гэта стадыя, ў якой мы з вамi цяпер жывем. Гэтая стадыя, дарэчы, хаця i вырасла з другой стадыi, мае шмат агульных рыс з першай. Такой рысай з’яўляецца нацыянальная адметнасць народа. Менавiта ў эпоху полiтэiзму iснавала адрозненне памiж рознымi плямёнамi па прыкмеце свайго сонма багоў, i гэта з’яўляецца ў нейкiм сэнсе нацыянальнай прыкметай.
Узаемаадносіны, якія існуюць паміж усімі першай і трэцяй стадыямі, мы праілюструем на прыкладзе беларусаў. Праз язычніцтва прайшлi ўсе народы i беларусы не з’яўляюцца выключэннем. Наадварот, не кожны народ можа пахвалiцца такой багатай народнай спадчынай, якую маюць беларусы. Сведчанне таму — унiкальнае, шматтомнае акадэмiчнае выданне «Народная творчасць», якое выходзiць ужо каля 15-цi гадоў. Водгукi паганскiх вераванняў захавалiся ў беларусаў да нашых дзён, а такiя святы, як Купалле i Каляды, адзначаюцца па ўсёй Беларусi штогод.
Больш таго, некаторыя рамантычна накiраваныя аматары беларушчыны лiчаць язычніцкiя традыцыi ледзь не адзiным нацыянальным багаццем. У некаторай ступенi гэта так, але не трэба забываць тое, што пра само iснаванне такiх багоў, як Пярун цi Ярыла, беларусы даўно забылiся i ў свядомасцi многiх пакаленняў Бог вызначаецца трыадзiнствам Айца, Сына i Святога Духа — беларускі народ ужо 1000 гадоў хрысцiянскi. I менавiта ў хрысцiянстве знаходзiць сваё выражэнне сэнс існаванне нацыі, пра што мы будем i далей весцi гаворку.
Цiкава адзначыць яшчэ i такую з’яву. Як мы ўжо казалi, на Беларусi, ды i iншых посткамунiстычных краiнах, у нацыянальных рухах iснуе вялiкае iмкненне да адраджэння язычніцкіх звычаяў. Ствараюцца з гэтай мэтай розныя таварыствы i аб’яднаннi, iдзе працэс вяртання народу яго традыцый. На наш погляд, такая з’ява зусiм натуральная i зразумелая, бо, калi гаварыць на мове дыялектыкi, трэцяя стадыя нашай класiфiкацыi — павiнна вынiкаць з першай як дыялектычны вiток развiцця (адмаўленне адмаўлення па Гегелю). Па-другое, пасля амаль 80-цi гадовага панавання камунiстычнага рэжыму ў краiнах былога СССР, атэiстычнага рэжыму, якi прыпынiў натуральную эвалюцыю, iдзе працэс пазнання Бога, калi так можна мовiць, з нуля, гэта значыць, як i ў дзiцяцi — самых першых уяўленняў. А гэтыя ўяўленнi i пакiнулi нам народныя традыцыi i звычаi.
Падводзячы вынiк нашым разважанням карысна звярнуць увагу на магчымасць сiстэмнага апiсання каштоўнасцей чалавечага жыцця, якiя ўкладваюцца ў многаўзроўневую iерарахiчную сiстэму.
Умоўна эвалюцыю чалавечай сутнасцi можна праiлюстраваць на схеме, дзе вылучаюцца чатыры ўзроўнi эвалюцыi чалавека.
Найвышэйшы ўзровень — Бог. Гэта азначае, што найвышэйшай каштоўнасцю для чалавека з’яўляецца Бог i больш нiхто i нiшто. Чалавек iмкнецца да Бога як да найвышэйшай ступенi дабра, справядлiвасцi i дасканаласцi.
Узровень 1 азначае iснаванне чалавека ў нацыях, якiя створаныя Богам па Яго Вышэйшай задуме i з’яўляюцца найбольш вялікай каштоўнасцю i лепшым набыткам эвалюцыi чалавецтва. Чалавек iмкнецца да Бога праз развiццё i дабрабыт свайго народа, сваёй нацыi, а не як абстрактная касмапалiтычная iстота.
Узровень 2 нiжэйшы за першы ўзровень (узровень нацыi). Другi узровень — гэта ўзровень сям’i. Кожная нацыя складваецца з сукупнасцi сям’яў i без сям’i не iснуе чалавек. Па працягласцi ў часе другi ўзровень мае больш старажытную гiсторыю, але ён саступае першаму па сваёй значнасцi ў касмiчным маштабе. Нiжэй за ўсе ўзроўнi — узровень трэцi, найменш трывалы з усiх. Ён увасабляе вытворчыя адносiны памiж людзьмi, якiя ўласцiвы яшчэ першым прымiтыўным формам чалавечых супольнасцяў i вядомы раней часоў неалiту.
Сама па сабе iдэя, што чалавек iмкнецца да пазнання Бога, да ступенi поўнага злiцця з iм, выказвалася ў розных формах у многіх фiласофскiх i рэлiгiйных канцэпцыях, напрыклад, у вучэннях вялiкiх iндыйскiх гуру Рамакрышны i Вiвекананды. Пунктам «Амега» ў кнізе «Феномен человека» абазначаў мэту эвалюцыi чалавека — вышэйшую Божую сутнасць Тэйяр дэ Шардэн. Аднак тое, што гэты пераход павiнен адбывацца праз нацыянальную крышталiзацыю, з’яўляецца новым разуменнем сутнасцi эвалюцыi.
Калі мы дасягнем яднання ўсіх ўзроўняў у адно цэлае, атрымаем гармонію і ўзаемасувязь паміж імі, то гэта і ёсць усяленскасць, саборнасць адзінага цела Чалавецтва і Царквы.
У прыведзенай схеме ёсць адзін недахоп — побач з рэальнымі, фізічнымі паняццямі як сям’я і нацыя мы паставілі хаця і як найвышэйшы ўзровень, але ўсё ж такі побач, такое трансцэндэнтнае паняцце як Бог. Аднак гэтую схему нельга ўспрынімаць літаральна, яна адлюстроўвае хутчэй сам працэс, эвалюцыю — імкненне чалавека да Абсалюта. Схема можа стаць больш празрыстай і аднароднай калі на месце нулявога ўзроўня — Бога паставіць больш лагічна і паняційна блізкую катэгорыю — Усяленскую Царкву. Менавіта так уяўляў сабе суадносіны паміж рознымі узроўнямі любві Уладзімір Салаўёў. Аднак такі падыход не мяняе сутнасці іерархічных ступяней любві.
Улічваючы апошнія думкі, схему эвалюцыі чалавечай сутнасці, што прапанавана намі вышэй, можна мадыфікаваць і намаляваць у наступным выглядзе
Схема 3 адсутнічае.
Такім чынам, падсумоўваючы, можна сказаць наступнае. Трэці ўзровень (ніжэйшы) у схеме нашай схеме эвалюцыі — амаль жывёльны — калектыўная праца людзей, «вымушаная» любоў, звязаная з інстынктыўным імкненнем да выжывання. Другая ступень — калектыўная еднасць — сям’я, ёсць яшчэ жывёльная, прыродная любоў, але ўжо адметная ад неразумнага свету і праслаўленая паэтамі любоў да аб’екта процілеглага полу, а таксама любоў да дзяцей і бацькоў. Больш шырокае паняцце любві, што выходзіць за рамкі прыроднага, больш абстрактнае паняцце мы бачым у любві да свайго народа, нацыі. Гэтая любоў, як ужо гаварылася вышэй, атрымала назву нацыяналізм і яна звязана з апошняй, неабходнай ступенню ў канцавым шляху чалавека да Бога.
Апошняя (нулявая) ступень любві — любоў да Бога — ужо цалкам выходзіць за рамкі прыроднага, гэта трансцэндэнтнае, рэлігійнае яднанне чалавека. Такім яднаннем і з’яўляецца Усяленская Царква. Сутнасць любві становіцца цалкам маральнай і любоў на нулявым узроўні ёсць акт падпарадкавання сваёй волі — волі ўсяленскай.
Прыведзеныя разважанні, схема эвалюцыі тэарэтычна адлюстроўваюць сутнасць саборнасці. Сем Усяленскіх Сабораў былі практычнай рэалізацыяй прынцыпа саборнасці ў хрысціянстве. З тых часоў усякія адхіленні ад правіл выпрацаваных на Саборах трактаваліся як адхіленне ад прынцыпаў саборнасці Царквы.
Каб завяршыць агульную карціну дзеяння прынцыпа саборнасці, трэба адзначыць і іншыя яе аспекты. Саборнасць — мае не толькі царкоўнае, альбо ўсяленскае значэнне, што разгледжана намі вышэй. Яна азначае таксама яднанне людзей у прасторы і часе. Гэта агульнафіласофскі прынцып. З пункту гледжанне такіх навук як сінэргетыка, кібернэтыка саборнасць — антыэнтрапійны прынцып. Збіранне духоўных і матэрыяльных сіл — адзіны спосаб процістаяць распаду, цеплавой смерці Сусвету, закону павялічэння энтрапіі.
Калі прыняць нашае азначэнне нацыяналізму, прыходзім і да важнай уласцівасці нацыяналізму — яго саборнасці. Паняцце саборнасці ўласціва кожнай нацыі і яе ідэалагічнай абалонцы — нацыяналізму для кожнай нацыянальнай дзяржавы. І ў дачыненні да нацыі саборнасць якраз азначае адзінства нацыі ў прасторы і часе, яна азначае знітаванасць кожнага прадстаўніка свайго народа з іншымі людзьмі сваёй нацыі па ўсім свеце, а таксама нябачную повязь часоў, якая вызначаецца памяццю продкаў. Беларусы таксама займаюць належнае ім месца ў Божым тварэнні народаў. Першы з’езд беларусаў усяго свету, які адбыўся ў ліпені 1993 года, яскрава падцвердзіў тэзіс аб саборнасці беларускай нацыі. Цікава ў сувязі з гэтым адзначыць і тое, што беларусы адчуваюць сябе сапраўды беларусамі, жывучы за мяжой ці выязжаючы за мяжу. Жыхары ж самой Беларусі ў меншай ступені ўсведамляюць сваю нацыянальную адметнасць, што з’яўляецца вынікам шматгадовай ідэалагічнай апрацоўкі людзей, накіраванай на «зліццё» нацый, праз ліквідацыю беларускай нацыі.
1.6. Сістэмны падыход
Сістэмны падыход, агульная тэорыя сістэм і сістэмны аналіз — універсальныя метады вывучэння самых розных з’яў прыроды і грамадства. Асновы агульнай тэорыі сістэм заклаў Л. Берталанфі адносна нядаўна, ў 1969 годзе і з таго часу сістэмны падыход разам з сістэмным аналізам паспяхова выкарыстоўваліся ва ўсіх галінах як прыродазнаўчых, так і грамадскіх навук. У Беларусі сістэмны падыход яшчэ ў 1977 г. паспяхова выкарыстоўваў для вывучэння эстэтычных катэгорый М.І. Крукоўкі. Сярод перспектыўных накірункаў вылучым стварэнне С.І.Новікавай тэорыі іерархічных многаузроўневых сістэм (ІМС) на аснове АЭД сімвалаваў, што знайшло прылажэнне ў самых розных галінах навукі і тэхнікі.
У паліталогіі, якая ляжыць на стыку практычных і тэарэтычных навук, тэорыя сістэм і сістэмны аналіз набылі ў апошні гады вельмі шырокае выкарыстанне. Яны даюць цікавыя вынікі ў аналізе сістэм кіравання, тэорыі прыняцця рашэнняў, канструявання палітычных тэхналогій і іншых паліталагічных дысцыплінах.
У гэтым раздзеле з дапомогай сістэмнага падыходу мы разгледзім дзве праблемы: схему разгледжанай раней эвалюцыі чалавечай сутнасці (схема 2, раздзел 1.4) і 7-мі ўзроўневы статус нацыі дзяржавы.
У схеме 3 палітычная сістэма ахоплівае першыя (ніжэйшыя) тры ўзроўні. Уся сістэма — гэта, магчыма, мадэль, што ажыццявіцца ў будучым (ідэальная мадэль), у якую палітычныя сістэмы ўвойдуць як падсістэмы.
Падсістэма грамадстваў канцэпцыі тэорыі стадый уключае ў сябе тры базавыя элементы (падсістэмы): вытворчыя адносіны, сям’ю і нацыю (нацыю-дзяржаву). На ўзроўні другой стадыі мы маем дзяржаву мінулага: эпоха нацый (нацыятэізму) яшчэ не надыйшла.
Прапануемая схема падцвярджае наступную думку П. Штомпкі: сістэмная мадэль грамадства — параджэнне канцэпцыі сацыяльных змен. Гэтую канцэпцыю ўпершыню выдзьвінуў Р. Спенсер, які разглядваў эвалюцыю як пераход ад гамагеннасці да гетерагенннасці. Аналагічныя думкі выказвалі Чыжэўскі, Серакоўскі (мы іх прыводзілі вышэй у сувязі з абгрунтаваннем нацыяналізму).
Падагульніўшы, можна сказаць — эвалюцыя ідзе шляхам структурнай дыферэнцыацыі ад простага да складанага. Гэтым тлумачыцца рост колькасці нацый, нацый-дзяржаў, іх узмацненне, удасканаленне. Такі шлях удасканалення грамадства падобны да развіцця жывога арганізма, пра што гаварылі яшчэ Платон і Гобс.
Чацвёрты ўзровень схемы 3 мы абазначылі як Усяленская Царква. Але гэта можа быць і Бог, у іншай сістэме адліку гэта пункт Амега, адным словам гэта той ідэал, да якога імкнецца чалавек і ўсё чалавецтва.
У хрысціянстве схема 3 набывае паўнату пры таінстве еўхарыстыі. Кожны чалавек, прыняўшы прычасце, становіцца членам Усяленскай Царквы. Ён прымае Хрыста праз хлеб і віно — яго цела і кроў. Такім чынам ажыццяўляецца поўнае яднанне, замыканне ўсёй сістэмы згодна схеме 2.
Падкрэслю, фунцыянаванне ўсёй сістэмы 4-х стадый эвалюцыі дасягаецца рэальна на дадзеным гістарычным этапе толькі для асобных індывідуумаў, якія маюць асаблівы Дар — здольнасць прыняць Хрыста. Але зразумела — гэтыя групы людзей прадстаўляюць далёка не ўсё грамадства. Акрамя таго, як ужо адзначалася, узровень нацый узнік усяго каля 200 год таму і стаў вызначальным у палітычных працэсах толькі ў ХХ стагоддзі.
Працэдуры, аналагічныя таінству хрысціянскай еўхарыстыі існуюць і ў іншых рэлігіях і магчымы, нават, сярод людзей не рэлігійнага светапогляду.
Неабходна звярнуць увагу яшчэ адну акалічнасць прыведзеная схема 3 мае чатыры іерархічныя ўзроўні на дадзены гістарычны момант развіцця чалавецтва. У будучым яна можа дапаўняцца, але пакуль нам не вядомыя наступныя ўзроўні нашага існавання.
Разгледзім цяпер яшчэ адзін накірунак, дзе знаходзіць прымяненне тэорыя сістэм — канструяванне нацыі-дзяржавы на ўзроўні заканадаўства.
Сучасныя ўяўленні аб дзяржаве складаюцца з шматлікіх законаў і правілаў, якія замацоўваюцца ў Асноўным Законе — Канстытуцыі дзяржавы. Зыходзячы з неабходнасці ўліку ўсяго спектру, які ахоплівае жыцядзейнасць грамадзяніна любой краіны, нам падаецца найбольш аптымальным і мэтазгодным выкарастаць дзеля апісання тэорыю многаўзроўневых іерархічных сістэм, што распрацоўвалася на працягу 1990–2001 гадоў ў лабараторыі ІМС г. Мінска.
Распад СССР — яскравая праява законаў тэорыі іерархічных многаўзроўневых сістэм (ІМС), гэты факт азначае пераход да грамадства новага ўзроўню праз разбурэнне старога грамадства. Вядома, што сістэма, якае не мае зваротнай сувязі, самаразбураецца. Менавіта такой сістэмай была таталітарная дзяржава СССР. Яна характарызавалася нерухомай камуністычнай ідэалогіяй, разлічанай на механізм узброенага кіравання, а не на дакладныя веды і майстэрства. Гэтая ідэалогія стала прычынай разбурэння дзяржаўнай улады. Доўгачасовы адбор у складзеныя ёю ўстановы кіравання, куды ўваходзяць і установы кіравання мастацтвам, навукай і вытворчасцю, зрабіў уладу недзеяздольнай і накіраванай супраць уласнай падтрымкі.
Тэорыя ІМС разглядвае дзяржаву як іерархічную многаўзроўневую сістэму з невялікай колькасцю ўзроўняў, чые звязаныя выразы разгортваюцца далей і на ўсіх кроках разгортвання набываюць хутка зразумелыя і годныя ў карыстанні азначэнні. Без усведамлення ладу і руху ўсіх узроўняў дзяржавы беларускае заканадаўства было недасткова дзеяздольным і толькі распад СССР і абвяшчэнне незалежнасці далі Беларусі магчымасць стварыць свой рухомы светапогляд, які фармаваўся на пачатку праз праграмы маладых беларускіх партый.
Сістэмны падыход выкарыстоўваецца таксама і для апісання дзяржаўнага канструявання і для распрацаўкі адпаведных ўмоў уладкавання заканадаўства дзяржавы. Тэорыя іерархічных многаўзроўневых сістэм усведамляе дзяржаву як сістэму ўзроўня ведаў. Як адзінка ўзроўня ведаў, дзяржава ўтрымлівае сістэмы ўсіх узроўняў: прыродных (фізічнага, хімічнага і біялагічнага), дэмаграфічнага, вытворчага і творчага (у т.л. светагляды, мовы, мастацтва, навука і канструяванне). Яна мае навакольны свет (іншыя дзяржавы), і ўдзельнічае ў дзеючых інстытутах наддзяржаўнай улады і ў руху складання новай улады свету. Усе згаданыя ўзроўні (колы, страты) рухомыя, маюць непасрэдныя сувязі адзін з адным. Зыходная парадыгма тэорыі: стан страт, накіраваных на ўладкаванне ўсіх узроўняў дзяржавы вызначаецца, як падуладны узроўню ведаў (пануючаму у дадзены момант).
Асобныя страты дзяржавы падзяляюцца на прыродныя, дэмаграфічныя, вытворчыя, творчыя, асветы і мастацтва. Асноўны сродак уладкавання ўсіх гэтых страт — новыя веды аб кожнай з іх, што мусяць быць створаныя. З’яўленне новых ведаў аб усіх колах Беларусі патрабуе стварэння новых і ўдасканалення вядомых тэхналогій уладкавання ведаў, здольных звязваць веды аб усіх стратах дзяржавы і ствараць новыя веды аб іх з улікам узаемадзеянняў на ўсіх узроўнях.
Усе разгледжаныя ўзроўні дзяржаўных страт, аднак, ня ўлічваюць сучасных прадстаўленняў аб дзяржаве ХХ-ХХІ стагоддзяў: неабходна улічваць вызначальнае, апошняе на дадзеным гістарычным этапе звяно — тытульную нацыю дзяржавы.
Вышэй намі было адзначана, што большасць дзяржаў (прынамсі Еўропы) уступаюць у ХХІ стагоддзя з выразным нацыяналіным абліччам, якое ў ідэалагічным плане абгрунтоўваецца нацыяналізмам, а ў практычным — наяўнасцю нацыі. Таму правільным будзе разглядваць дзяржаву не як абстрактную, безнацыянальную групоўку грамадзян, а як нацыю-дзяржаву, дзе ўзровень нацыі — вышэйшы ўзровень эвалюцыі чалавецтва на даденым гістарычным этапе.
Істотным крокам у сучасным разуменні нацыі з’яўляеца на нашую думку тое, што нацыя набывае сваё сапраўднае аблічча, сваю поўную моц толькі тады, калі фармаванне этнаса заканчываецца замацаваннем яго тэрытарыяльных межаў юрыдычнымі актамі і абвяшчэннем дзяржаўнай незалежнасці. Такім чынам мае сэнс гаварыць не проста аб нацыі, а аб нацыі-дзяржаве.
У сістэмным апісанні дзяржавы сучаснае разуменне нацыі-дзяржавы вымагае вылучэння самой нацыі, якое па-сутнасці тоеснае дзяржаве, на самы вышэйшы ўзровень шматузроўневай схемы статусу ладу дзяржавы.
Тым чыннікам, які яднае і ўздзейнічае на ўсе ніжэйшыя ўзроўні з’яўляецца нацыянальная ідэя (НІ). Нацыянальная ідэя падобная крыві, якая напаўняе цела — нацыю-дзяржаву, дае ёй поўнае дыханне і робіць яе дзеяздольнай, жыццядайнай. Без нацыянальнай ідэі немагчыма функцыянаванне нацыі-дзяржавы. Яна (НІ) альбо займае дастойнае месца ў жыцці дзяржавы і тады нацыя-дзяржава ўліваецца ў сусветную сям’ю іншых краін, альбо яна падаўляецца іншай нацыянальнай ідэяй і тады этнічная група, што імкнулася ўтварыць нацыю-дзяржаву, уліваецца ў іншы этнас, даючы дадатковыя «гармоны» ў фармаванне гэтага больш моцнага этнаса. Але гэта зусім не азначае барацьбу паміж этнасамі ці нацыямі за выжыванне «мацнейшага». Наадварот, развітыя нацыі імкнуцца дапамагаць этнасам, якія цалкам яшчэ не сфарамаваліся ў нацыянальныя дзяржавы. Але гэта ў ідэале. На самой справе блізка разумеюць неабходнасць нацыянальнага адраджэння толькі тыі нацыі, што самі ўступілі на гэты шлях ці нядаўна яго прайшлі. Такі працэс назіраецца цяпер на тэрыторыі постсавецкіх краін і краін Усходняй Еўропы.
На схеме 4 мы паспрабавалі адлюстраваць усе магчымыя ўзроўні сучаснага прадстаўлення аб нацыі-дзяржаве, якія ўтрымліваюць азначэнні ўласнага ладу дзяржавы, яе мэты, заканадаўства і навакольны свет — іншых суседніх дзяржаў, звязаных законамі руху іх змянаў. Лад усiх дзяржаў азначаецца адзiным выразам, адпаведным гiстарычна складзенай прасторы вядомых узроўняў свету. Гэты выраз утвораны звязанымi выразамi канкрэтных узроўняў; прыродных (фiзiчнага, хiмiчнага i бiялагiчнага), дэмаграфiчнага, вытворчага ўзроўня ведаў, які падзяляецца на ніжэйшы ўзровень рацыянальных ведаў і вышэйшы — трансцэндэнтных і заканчваецца ўзроўнем нацыі-дзяржавы.
Схема 4 (Іерархічны 7-узроўневы зрэз статусу дзяржавы) адсутнічае.
Усведамленне дзяржавы разгортваецца ў канкрэтныя азначэннi яе геафiзiчных i геахiмiчных умоў (нетраў з карыснымi выкапнямi, глебы, вады, паветра), раслiннага i жывёльнага свету. На схеме 4 частка прыроды, дзе
Уздзеянне ўзроўню нацыі-дзяржавы праз нацыянальную ідэю праяўляецца на ўсіх узроўнях, але найбольш яно выражана на бліжэйшым да яе ўзроўні трансцэндэнтных ведаў. Сапраўды рэлігіяны светапогляд самым непасрэдным чынам звязаны з нацыяй. І наадварот нацыянальны менталітэт звязаны з той рэлігіяй якую ён спавядае. Тое самае тычыцца і мастацтва. Няма безнацыянальнага мастацтва. І музыка, тэатр, і выяўленчае мастацтва, не гаворачы аб народных рамёствах і фальклоры, нясуць у сябе моцны нацыянальны адбітак, з’яўляюцца носьбітамі нацыянальнай ідэі.
Раздзел ІІ Нацыянальная ідэя, нацыі, нацыяналізм і асноўныя палітычныя ідэалогіі
2.1. Лібералізм і нацыяналізм. Ліберальны нацыяналізм
Лічыцца, што гісторыя нацыяналізму і лібералізму пачалася адначасова — абедзве дактрыны бяруць пачатак ад часоў французскай буржуазнай рэвалюцыі 1789–1793 г. Вынікам гэтай падзеі было тое, што французы сталі адным з першых народаў у Еўропе, які паказаў сябе як нацыя. Французы (па Грынфельду магчыма яшчэ раней англічане) усвядомілі сваю нацыянальную адметнасць, сваю нацыянальную мову і вялікую гісторыю. Гэтае ўсведамленне стала грунтам фарміравання нацыянальнай ідэі (НІ), а праект яе рэалізацыі прывёў да тэарэтычнага абгрунтавання НІ — да ідэалогіі нацыяналізма.
Якабінцы зразумелі, што ў барацьбе з тыраніяй нацыяналізм мае вялікую перавагу і з’яўляецца асновай дэмакратычнага кіравання. Французы абвясцілі свабоду найвялікшай каштоўнасцю і гэтым заклалі падмурак лібералізму. Аднак па часе тая ж Англія яшчэ раней сфармулявала ліберальныя прынцыпы ў знакамітым «Білі аб правах» 1689 года.
Крах напалеонаўскай імперыі ў 1815 г. непасрэдна звязаны з абуджэннем нацыянальных пачуццяў у французаў. Калі Луі ХVІІІ прапанавалі трон ягоных продкаў Бурбонаў, то публічная паведамленне аб перасячэнні ім мяжы было такога зместу «Яшчэ адзін француз вяртаецца ў Францыю». І гэтая патрыятычная акалічнасць стала вызначальнай у лёсе наступных манархаў: усе яны ў першую чаргу былі прадстаўнікамі сваёй дзяржавы, а ўжо потым уладарамі.
З самага пачатку нацыяналізм заявіў аб сабе як сіла процілеглая касмапалітызму і асабліва яскрава гэта адчулася ў перыяд супраціўлення Напалеону Банапарту. У той час менавіта нацыяналізм стаў той вырашальнай сілай, што дапамагла канчаткова звергнуць Напалеона. І гэтая падзея стала першай у сусветнай гісторыі, калі ўвачавідкі была паказана сіла нацыяналізму. Далейшыя гістарычныя падзеі яшчэ больш выявілі сілу нацыяналізму, а ХХ-е стагоддзе ім аказалася прасякнутым наскрозь.
Першая сусветная вайна (1914 г. — 1918 г.) ўпершыню ў гісторыі аказалася вайной выкліканай не рэлігійнымі ці тэрытарыяльнымі супярэчнасцямі, а менавіта нацыянальнымі. А апошнія еўрапейскія войны (Сербія, Чачня) носяць ужо яскрава выражаны нацыянальны характар.
У ХХ стагоддзі нацыяналізм канчаткова сцвердзіў сябе як дактрына. Прычым у адрозненне ад лібералізму, сацыялізму і іншых вядомых дактрын, якія маюць адну важную агульную рысу — права выбару, права распараджацца сваёй свабодай па свайму жаданню — нацыяналізм не мае такой магчымасці, ён нясе ў сабе жорсткую залежнасць ад сваёй нацыі і гэтую залежнасць чалавек не можа мяняць па свайму жаданню. У гэтым і сутнасць нацыянальнага монатэізму, аб якім гаварылася вышэй.
Цяпер аб лібералізме гэтай эпохі. Лібералізм на пачатку ХІХ стагоддзя, як у Англіі, так і ўва Францыі з самага пачатку ставіў на першы план эканамічныя законы — і менавіта законы свабоднага рынку. На першым этапе ён не супярэчыў нацыяналізму і нават дапаўняў яго. Лібералы ставілі на першы план асобу чалавека, яго індывідуальнасць. І тое, што гэтая індывідуальнасць вызначаецца такой адметнасцю як нацыя, на першы погляд не супярэчыць лібералізму, што і было характэрнай рысай еўрапейскай палітыкі да рэвалюцыі 1848 года. Наогул у большасці краін Еўропы да 1848 года ўздым нацыянальнай ідэалогіі быў звязаны з лібералізмам. Пасля рэвалюцыі 1848 года лібералы ўбачылі ў нацыяналізме сімптомы нарастаючай напружанасці ў сувязі з масавай індустрыялізацыя і дэмакратызацыяй грамадства.
Менавіта апошнія фактары (уздым тэхнакратыі) прывялі да вызвалення чалавека ад руціннай працы, далі адносную свабоду для духоўнага развіцця, што ў сваю чаргу прывяло да фармавання новай якасці асобы чалавека — нацыянальнай свядомасці і неабходнасці жыцця чалавека ў нацыі.
Энтані Сміт пісаў: «Аптымістычныя прагнозы лібералаў аб тым, што урбанізацыя, індустрыялізацыя звядуць да мінімуму прывабнасць нацыяналізму, паказалі сябе памылковымі».
Супярэчнасці паміж ліберальным і нацыяналістычным светаўспрыманнямі яскрава прадэманстравала дзейнасць такога вядомага ранняга нацыяналіста ХІХ стагоддзя, як Джузепе Мадзіні. Мадзіні быў італьянскім патрыётам і імкнуўся да аб’яднання ўсіх італьянскіх зямель пад адзіным урадам. Ён верыў у нацыянальнае самавызначэнне, як крыніцу ўсіх палітычных праблем. Для яго любая форма індывідуальнага самасцвярджэння, што з’яўляецца стрыжнем лібералізму, была раўназначнай здрадзе нацыі. Яго галоўная праца «Абавязкі чалавека» ўжо загалоўкам дэманструе выклік ліберальнаму прынцыпу — прынцыпу індывідуальных правоў асобы. Аднак Мадзіні з іншага боку быў касмапалітам, у гэтым ён быў разам з лібераламі, якія верылі, што будуць працаваць не для асобных людзей, а для ўсяго чалавецтва. Мэтай лібералаў, якую падтрымліваў Мадзіні была садружнасць дэмакратычных дзяржаў, што мірна супрацоўнічаюць у рамках універсальнага свабоднага рынку. Канцэпцыя сусветнага парадку Мадзіні — гэта свет асобных нацый, якія мірна супрацоўнічаюць паміж сабой дзеля дасягнення універсальнага дабрабыту чалавецтва. У сваёй праграме ён апеліраваў да лібералізму сусветнага парадку. Аднак блізкасць ідэалогій Мадзіні і лібералізму была даволі павярхоўнай. Сутнасць у тым, што Мадзіні быў зацікаўлены ў свабодзе нацыянальных калектываў, а не асобных індывідуумаў, што ёсць аснова лібералізму. Лібералы таксама імкнуліся да мірнага і прагрэсіўнага парадку, але не праз асобныя грамадскія групы, не праз нацыі. Гэтая вера ў прагрэс развіцця праз індывідульную свабоду была чужой Мадзіні.
І таму ён прыклаў шмат намаганняў, каб аб’яднаць італьянскія рэгіёны. Ён лічыў, што нацыянальнае яднанне з’яўляецца першасным і прэтэнзіі індывідуума павінны культывіраваць свае асабістыя ўклады, дзеля прагрэса ўсяго чалавецтва. Адна з першасных задач ураду захоўваць і развіваць нацыянальны характар і нацыянальныя традыцыі.
Адносна эканамічнага індывідуалізма, у прыватнасці ідэі свабоднага рынку, Мадзіні быў цалкам абыякавы і гэта ставіць яго на бок процілеглы лібералам. Ён бачыў, што канкурэнтная эканоміка спрыяе індывідуальнаму эгаізму, падрыхтоўвае да сутыкненняў брата супраць брата, а гэта разбурае нацыю, падзяляе яе на розныя варожыя класы.
Прыклад Мадзіні яскрава паказвае непазбежнасць антаганізму паміж лібераламі і нацыяналістамі і засведчыў невырашальнасць гэтага канфлікту.
Лібералы, кіруючыся рацыянальным мысленнем, лёгка прынімаюць нацыянальную ідэю і нацыяналізм, але гэтым яны ўводзяць радыкальна іншы, чужы элемент у сваю ідэалогію. З другога боку нацыяналісты могуць прымаць і прымаюць ліберальныя ідэі дзеля ўнутранага прагрэса эканомікі. Але інтарэсы нацыі пры гэтым маюць безумоўны прыярытэт над інтарэсамі простых ідывідуумаў.
Рускі мысліцель ХІХ стагоддзя Канстанцін Лявонцьеў вельмі балюча адчуваў усю згубнасць ідэі лібералізму для народаў, што сталі на шлях незалежнасці і фармавання сваіх нацый-дзяржаў. У другой палове ХІХ стагоддзя лібералізм стаў вельмі моднай ідэалогіяй для шмат якіх краін Ёўропы: Германіі, Аўстрыі, Італіі, Расіі і іншых. «… все эти нации, все эти государства, все эти общества сделали за 30 лет (к 1870-м гадам — А. А.) огромный шаг на пути эгалитарного либерализма, демократизации равноправности; на пути внутреннего смешивания классов, властей, обычаев, законов и т. д. …. Все общества Запада за эти 30 лет больше стали похожими друг на друга, чем были прежде». К. Лявонцьеў бачыў для сябе ў гэтым працэсе жахлівую карціну — пераход да дзяржавы касмапалітычнай, спярша еўрапейскай, а потым і сусветнай. У сувязі з гэтым К. Лявонцьеў быў і супраць панславізма. Ён раздзяляе ідэю праваслаўна-культурнага русізма — як нацыянальна рускую ідэю і ідэю панславізма, як падражанне еўрапейскаму эгалітарызму, толькі ўжо на грунце славянскага адзінства. К. Лявонцьеў неаднаразова падкрэслівае, што Еўропа — гэта як раз прыклад «непадражання». Захоўваючы рускі нацыянальны ідэал Данілеўскага, ён выступае супраць палітычнага ўсеславянства.
Постсавецкая прастора быццам бы па-новаму пачала натуральны гістарычны шлях, пярэрваны рэвалюцыяй 1917 года і тыя праблемы, што існавалі тады, загралі новымі фарбамі на мяжы ХХ і ХХІ стагоддзяў, Узнік нэалібералізм, адзін з варыянтаў якога дапускае калектывізм (Ф. Хайек), этатызм і нацыяналізм. Сучасны нэалібералізм дапускае элементы ўмяшэння дзяржавы ў справы эканомікі, што супярэчыць класічнаму лібералізму, але не замінае сучасным ягоным прыхільнікам дасягаць вялізных матэрыяльных прыбыткаў. Як і раней нэалібералы любяць заігрываць з нацыяналістамі, але відавочныя супярэчнасці паміж імі вымушаюць лібералаў камбінаваць іншыя альянсы, найбольш распаўсюджаны з якіх ліберал-кансерватызм. Як вядома, нацыянальная ідэя ўключаецца ў кансерватыўную ідэалогію і з пункту гледжання нацыяналістаў ліберальны кансерватызм такая ж не магчымая камбінацыя, як і ліберальны нацыяналізм. Ніжэй у раздзеле 3 мы разгледзім гэтую праблему падрабязней.
Сучасныя расійскія ідэолагі ўсё менш падтрымліваюць канцэпцыю ўсеславянскага брацтва, якая дасталася нам аб імперскай Расіі і камуністычнага СССР. Так, П. Кандэль спробы аднаўлення «славянскага праваслаўнага саюза» называе «нереалистическими мечтаниями» і лічыць, што калі такі саюз і будзе ажыццяўлёны, ён будзе нявыгодны.
Такім чынам мы ўвайшлі ў ХХІ стагоддзе развітаўшыся (у большай часцы света) з камуністычнай ідэяй і маючы некалькі «перажыўшых» перапетыі гісторыі ідэалогій, сярод якіх мы зараз вылучылі дзве не вельмі спалучаемыя ідэалогіі — лібералізм і нацыяналізм.
Сучаснаму чалавеку галоўны прынцып лібералізму, ідэя свабоды вельмі блізкая. Шэраг краін усіх кантынентаў свету будуюць сваё заканадаўства на падставе ліберальных каштоўнасцей, грунтуючысь прынцыпамі правоў чалавека, усялякіх свабод (сумлення, веравызнання, друку….) і інш.
З другога боку мы бачым амаль экспаненцыльны рост новых нацый, нацыянальнай свядомасці людзей, утварэння новых дзяржаў і этнасаў. Нацыі не хочуць асіміляцыі, а наадварот, множацца і мацнеюць.
Камуністычны рэжым утрымліваў шэраг этнасаў у эмбрыянальным стане і здавалася б, што ўжо мала засталося для таго каб зліць якога-небудзь эстонца, украінца, ці узбека у адзіную сацыялістычную нацыю. Гледзячы на вялікія поспехі СССР (на самой справе большасцю паказушныя, ці неапраўданыя — як, напрыклад, асваенне космасу), шэраг краін, асабліва трэцяга свету, пачалі таксама будаваць сацыялізм, паставіўшы нацыянальныя праблемы на задні план.
Але заганная камуністычная ідэя лопнула, і з летаргічнага сну вярнуліся многія народы. На тэрыторыі былога Савецкага Саюза і Югаславіі пачаўся працэс утварэння незалежных дзяржаў, нацыянальная ідэя выйшла наперад.
У сувязі з гэтым паўстае пытанне: ці магчымы, усё-такі, нейкі альянс паміж лібераламі і нацыяналістамі? Ці магчымы ліберальны нацыяналізм?
І. Тамір (Yael Tamir) у сваёй фундаментальнай кнізе «Liberal nationalism» спрабуе развязаць гэтае пытанне станоўча: «Ліберальная традыцыя з яе адносінамі да асабістай свабоды і нацыянальная традыцыя з яе акцэнтам на прыналежнасць, лаяльнасць і салідарнасць могуць сапраўды сумяшчацца». І на самой справе, гэта было б ідэальна: нацыяналісты па-сапраўднаму ацэньваюць свабоду асобы і асабістых праў, а лібералы асэнсоўваюць і прызнаюць важнасць культурных каштоўнасцей, нацыянальнай свядомасці і марльных установак, якія вынікаюць з іх.
Але нават калі так і будзе, пэўная напружанасць паміж ліберальным і нацыянальным светапоглядам усё роўна будзе, таму што няма ніякіх падстаў, каб ацаніць ступень важнасці таго ці іншага падыходу і заўсёды знойдуцца такія, якія будуць стаяць больш за лібералаў, і другія, што схіляюцца больш да нацыяналістаў.
Наша пазіцыя наконт ліберальнага нацыяналізму наступная. Жаданне І. Тамір — правільнае і разумнае імкненне, ідэальнае рашэнне праблемы. Але такое гарманічнае спалучэнне лібералізму з нацыяналізмам магчыма толькі ў высокаразвітым грамадстве (напрыклад, у Англіі, радзіме І. Тамір), дзе большасць грамадзян маральныя, культурныя людзі. На этапах жа развала імперый, у постсавецкіх і посткаланіяльных краінах, у краінах дзе пануе ірэдэнтысцкі нацыяналізм ніякай гармоніі паміж лібераламі і нацыяналістамі да пэўнай пары быць не можа. Спачатку трэба пабудаваць нацыянальную еўрапейскага тыпу дзяржаву. А гэта магчыма толькі пры дапамозе маральна якаснай эліты і прыярытэту нацыянальнай ідэі. У адваротным выпадку разгул свабод можа прывесці да падаўлення нацыянальнай ідэі, разбурэння асобы. На постсавецкай і посткаланіяльнай прасторы кожная нацыя павінна прайсці шлях Францыі ці Італіі — і тады ліберальны нацыяналізм стане рэальнасю.
2.2. Кансерватызм, лібералізм і нацыяналізм
Каб больш глыбока разумець сувязь існуючую паміж кансерватызмам і нацыяналізмам вернемся ў часы напалеонаўскай Францыі. У барацьбе супраць Напалеона нацыяналізм абапіраўся на вялікую нацыянальную спадчыну і выказаў жаданне захаваць гэтую спадчыну. Гэтым самым ён уступіў у шчыльныя зносіны з кансерватызмам. Наогул, тэндэнцыі кансерватызму з цягам часу станавіліся усё больш празрыстымі і зводзіліся да таго, каб уключыць у сябе нацыяналізм, як галоўную складаючую частку сваёй ідэалогіі. Фармуляванне нацыянальнай ідэі стала афіцыйным афармленннем кансерватыўных партый. Аднак не заўсёды такі альянс паміж кансерватызмам і нацыяналізмам меў месца. Гэта выклікана тым, што нацыяналізм звяртаецца да пачуццяў людзей, да іх імкненняў і жаданняў, а кола такіх людзей можа ўключаць не толькі кансерватараў. Нацыяналіст дзеля аб’яднання свайго народа ў унітарную нацыю-дзяржаву можа ахвяраваць і традыцыйнымі каштоўнасцямі. Менавіта такія матывы былі ўласцівы збірацелям беларускіх зямель у Вялікім княстве Літоўскім (ВКЛ) шэрагу вялікіх літоўскіх князёў, пачынаючы з Гедыміна, Віценя і Вітаўта, якія прынімалі хрысціянства, свядома вызываючы гнеў паганскага насельніцтва. Тое самае было і пры аб’яднанні Прусіі ў ХІХ стагоддзі. Менавіта прускія нацыяналісты ўбачылі няздольнасць сваёй арміі процістаяць французам, і яны без вагання адкінулі традыцыйную армейскую структуру і іншыя інстытуты.
Хаця філасофія кансерватызму падтрымлівае нацыянальную ідэю, вылучае на першы план стварэнне і захаванне нацыі-дзяржавы, самі кансерватары не любяць, каб іх змешывалі з нацыяналістамі і выступаюць, магчыма з-за традыцыйнай боязі адмоўнага адцення, супраць нацыяналізму наогул. Так, Роберт Нісбэт у сваёй класічнай кнізе «Кансерватызм» піша аб тым, што для касерватараў нацыянальная дзяржава вялікая каштоўнасць, што для іх светаполяду важна права нацыі на выжыванне, але тут жа дабаўляе, што ўсе гэтыя прынцыпы яны падтрымліваюць «нагледзячы на ціск індывідуалізму і нацыяналізму».
Касерватызм характарызуецца двумя галоўнымі рысамі: 1) традыцыяналізмам — прыхільнасці да традыцый, мовы, нацыянальнай ідэі, рэлігіі, маральнасці, дзяржаўных сімвалаў і 2) прынцыпам свабоднай рынкавай эканомікі. Па другому пункту кансерватары не маюць разыходжанняў з лібераламі. Аднак пункт гледжання кансераватараў на асобу розніцца ад пункту гледжання лібералаў. На думку кансерватараў асобу павінна ахоўваць дзяржава, царква і сям’я. У сувязі з гэтым кансерватары надаюць вялікую ўвагу ўмацаванню дзяржаўнай улады.
Як і нацыяналісты, кансерватары вельмі паважаюць дзяржаўныя сімвалы: сцяг, герб і г.д. Для лібералаў жа гэтыя атрыбуты не патрэбныя, хаця «дзеля прыліку» і яны могуць выйсці на дэманстрацыю з нацыянальнымі сцягамі.
А вось у адносінах да эканомікі абедзве ідэалогіі знаходзяць амаль поўнае адзінства — і тыя і тыя лічаць, што эканоміка павінна будавацца на прынцыпах канкурэнцыі, прыватнай уласнасці і свабоднага рынку. У адносінах да свабоднага рынку розніца паміж абедзвумя ідэалогіямі тычыцца толькі ідэалагічнага абгрунтавання яго выбару. Так лібералы, напрыклад, лічаць, што рынкавае спаборніцтва вядзе да развіцця і ўзвышэння асобы. Кансерватары знаходзяць абгрунтаванне свабоды рынкавых зносін у натуральных законах прыроды: «Спроба пераразмеркаваць прыбытак дзеля дасягнення эканамічнай роўнасці супярэчыць прыродзе».
Кансерватызм, культывуючы традыцыяналізм, у вялікай ступені носіць рэлігійную афарбоўку. Таму хрысціянска-дэмакратычная ідэалогія шмат у чым супадае з кансерватыўнай. Аднак і тут ёсць разыходжанні. Кансерватызм, следам за лібералізмам прапаведуе прыватную ўласнасць і канкурэнцыю, і таму не з’яўляецца эгалітарнай канцэпцыяй. Хрысціянскія дэмакраты ж надаюць вялікую ўвагу сацыяльным праблемам, нясуць у грамадства хрысціянскую мараль і прынцып роўнасці ўсіх людзей перад Богам.
Такім чынам, кансерватыўная ідэалогія, маючы ў эканоміцы часткова агульную (хаця і з рознымі трактаўкамі) платформу з ліберальнай ідэалогіяй — ня мае з лібералізмам адзінства ў цэлым. І гэтыя супярэчнасці маюць тую ж прыроду, што і ў выпадку з нацыяналізмам: абыякавасць лібералізму да нацыянальнай ідэі, мовы, сімвалаў і іншых атрыбутаў, што характарызуюць нацыю.
Тым не менш ёсць палітыкі, якія адносяць сябе да ліберальных кансерватараў. Да такіх людзей звычайна адносяць рускага эканаміста, палітыка і філосафа Пятра Струве, дзейнасць якога пачалася крыху пазней ужо згаданага намі К. Лявонцьева і прыпадае на канец ХІХ — пачатак ХХ стагоддзяў. У гэты час у Расіі была даволі вялікая колькасць філосафаў, што падтрымлівалі ідэі лібералізму: М. Бярдзяеў, І. Ільін, С. Булгакаў, Е. Трубяцкі і іншыя. Характэрна, што большасць з іх цвёрда стаяла на пазіцыях нацыяналізму і больш таго — былі тэарэтыкамі і творцамі канцэпцыі нацыяналізму (М. Бярдзяеў, І. Ільін). Акрамя таго рускія філосафы таго перыяду ўсё ж абапіраліся на класічны лібералізм і бралі ў яго толькі адзін бок — той што тычыўся эканомікі і свабоды асобы.
Аднак апошні тэзіс, які тычыцца свабоды асобы, уступае ў супярэчнасць з ідэяй дзяржаўнасці, якую высока ставіў П. Струве. Гэтая супярэчнасць была, дарэчы, яму зразумелая і ён знаходзіць спосаб пазбегнуць гэтага канфлікту праз нацыянальны дух і нацыяналізм. Струве бачыць Расію як краіну з моцнай дзяржаўнай уладай, бачыць яе манархічнай краінай шчыльна звязанай з нацыянальнай ідэяй і праваслаўем.
Дзяржаўнасць — гэта інстытут містычны, яна ў меншай меры патрэбна індывідуальнасці, і разам з тым яна без гэтага інстытута не можа існаваць. Каб неяк прымірыць асобу і дзяржаву П. Струве надзяляе першую рэлігійным і нацыянальным зместам. Ён піша: «Личность не есть складочное место. Личность как религиозная идея означает воплощение ценного содержания, отмеченное своеобразием, или единственностью, энергией, или напряжённостью…Такой индивидуализм преодолевает мистицизм государственности и национальности не простым его отрицанием. В конце концов высшая форма отношения к миру есть сочетание в одном художественном религиозном, всегда личным и единственным, всегда объективном и обязательном содержании величайшей способности переживать, воспроизводить в себе мир, с полной свободой отношения ко всему в этом мире». Надаючы асобе такія рысы як рэлігійнасць і нацыянальны дух, П. Струве, фактычна, становіцца на пазіцыі антылібералізму, бо для апошняга свабода асобы вышэй за ўсё. Ніколі ліберал не скажа такім чынам: «Никто не способен лучше, чем религиозный индивидуалист, уразуметь, что чести и величию государства можно пожертовать жизнью своей и других людзей; никто не может ярче почувствовать неотразимую силу национальной идеи и понять, что хотя полякам в познани „разумнее“ и практичнее становится немцами, они любя свою национальность должны за неё бороться».
Падагульняючы можна сказаць, што погляды П. Струве нельга назваць паслядоўнымі ліберальна-кансерватыўнымі і тым больш ліберальна-нацыяналістычнымі. Хутчэй тут, як гэта адзначыў С. Л. Франк, ягоны кансерватызм уключае ў сябе лібералізм.
Пазіцыя П. Струве адносна неабходнасці моцнай дзяржаўнай улады непазбежна аддаляе яго ад лібералізму, хаця сам ён так хутчэй за ўсё не лічыў. Мала таго, у некаторых апошніх артыкулах П. Струве (напрыклад «На разные темы») гучаць шавіністычныя матывы і аддаляюць яго ад класічнага нацыяналізму. У шэрагу сваіх артыкулаў ён выступае як прыхільнік гегемоніі ў Расіі рускага народу: «Я допускаю, что можно быть в Варшаве или в Гельсингфорсе участником местной культурной жизни не зная русского языка, но без этого знания нельзя быть таким участником ни в Киеве, ни в Могилёве, ни в Тифлисе, ни в Ташкенте… с одной „малорусской“, или „белорусской“ культурой он, как культурный человек прочитать не может… Гегемония русской культуры в России есть плод всего исторического развития нашей страны…».
Сучасныя гістарычныя працэсы паказалі неабгрунтаванасць канцэпцыі «русского гегемона» П. Струве. Нягледзячы на ягоную перасцярогу аб тым, што «создание высшей и средней школы на малорусском языке было бы искусственным и ничем не оправданной растратой сил», сучасная Украіна ўпэўнена крочыць па шляху ўмацавання нацыянальнамй дзяржаўнасці, маючы падаўляючую большасць школ усіх узроўняў на ўкраінскай мове.
Французская рэвалюцыя, якая парадзіла як лібералізм, так і нацыяналізм, адкінула інстытут аўтарытарызму і абвясціла народ (нацыю) вышэйшай сутнасцю. Тым самым яна абмежавала магчымасці асобы чалавека. Адсюль ідзе разуменне свабоды ў рэчышчы Русо: «сапраўдная свабода вымагае абсалютнай адмовы індывіда ад самаго сябе, ад усяго што ён мае, у тым ліку і ад сваіх правоў, на карысць таталітарнага рэжыму». Гэты погляд уласцівы ранняму нацыяналізму часам непрымальны кансерватарамі, і, як лічыць Р. Нісбет, лібералізм у гэтым ракурсе па-сутнасці траянскі конь таталітарызму.
Адкінуўшы індывідуальныя адметнасці індывідуумаў, у тым ліку нацынальныя асаблівасці і традыцыі, лібералы спрыяюць стварэнню грамадства «масавага тыпу», тым самым пракладваючы шлях да таталітарызму. Італьянскі фашызм, на думку Крыстафера Даўсана ёсць прадукт лібералізму.
С. Г. Грыгор’еў, ідучы следам за Оукшокам, сцвярджае, што ягоны кансерватызм намнога чалавечней сучаснага расійскага ліберала, таму што бачыць у чалавеку годнасць і дадатны патэнцыял, а не матэрыял для пабудавання лепшага капіталістычнага будучага.
У аснове лібералізму ляжыць тэорыя спантаннага парадку, ці самарэгуляцыі, якая з’яўляецца крыніцай рацыяналізму і накіравана супраць кансерватызму і нацыяналізму. Як мы ўжо казалі вышэй нацыянальная ідэя, нацыяналізм — гэта трансцендэнтныя паняцці і ляжаць па іншы бок рацыянальнага мыслення. Нацыі і нацыяналізм не могуць быць прадуктамі сінергетычных працэсаў. Таму трыумф нацыяналізму ў ХХ стагоддзі сведчыць аб тым, што нельга механічна пераносіць ідэі самаарганізацыі, стахастычнасці і сінергетыкі да чалавечай супольнасці. Гэты не карэктны шлях абралі і аўтары некаторых артыкулаў у памянутай ужо намі кнізе «Беларуская нацыянальная ідэя».
Сучасны кансерватызм ахоплівае вялікі спектр палітычных партый, якія розняцца сваімі адносінамі да ідывідуалізму і аўтарытарызму. Прыхільнікі моцнай улады ў еўрапейскіх краінах носяць назву Новыя Правыя Радыкалы і аб’ядноўваюць у сваіх шэрагах найбольш радыкальных палітыкаў. Падрабязней мы разгледзім дзейнасць НПР у раздзеле «Нацыяналізм і фашызм».
Больш памяркоўнае крыло сучасных кансерватараў аддае перавагу правам асобы і ў гэтым накірунку сутыкаецца з хрысціянствам, дзе паводле асноўных пастулатаў: а) чалавек ёсць вышэйшае тварэннне Бога і б) чалавеку дадзена свабода — права выбару паміж дабром і злом. Шэрагам кансерватараў выкарыстоўваецца ў сувязі з гэтым назва «хрысціянскія дэмакраты». Такія партыі ёсць, напрыклад, у Германіі і Галандыі.
Такім чынам лібералізм і кансерватызм толькі ў эканамічнай частцы не супярэчаць адно аднаму. Ліберальны кансерватызм, які меў часам рацыю (прынамсі пасля Французскай рэвалюцыі 1789 г., ці ў Расіі часоў П. Струве) непазбежна вядзе да краху гэтай камбінаванай ідэі і да зусім адрознай трактоўкі бягучых палітычных падзей і прагнозаў на будучыню.
Нацыяналізм і кансерватызм маюць шмат чага агульнага — у абедзвюх ідэалогіях асаблівае, уважлівае стаўленне да традыцый, мовы, нацыянальных сімвалаў. Нацыяналізм і кансерватызм маюць нават агульных творцаў, такіх як Бёрк, Кедуры і іншыя. Розніца паміж нацыяналізмам і кансерватызмам у змене акцэнтаў. Напрыклад, для кансерватараў вялікае значэнне мае сям’я — для нацыяналістаў жа сям’я рэальнасць ніжэйшага плана ў параўнанні з нацыяй. Гэта адлюстравана ў нашай эвалюцыйнай схеме 2. Кансерватары шануюць інстытут Царквы — нацыяналізм жа часта выступае як замена рэлігіі, а ў выпадку пратэстанцтва ён узяў на сябе функцыю спадкаемцы Руху за тысячагадовае Валадарства Божае.
2.3. Нацыяналізм і фашызм
Як ужо гаварылася, нацыяналізм узнік у канцы ХVІІІ ст. і на працягу ХІХ стагоддзя фарміраваўся, удасканаліваўся пакуль не выкрышталізаваліся яго адметныя рысы. Фашызм з’явіўся больш чым на 100 гадоў пазней згаданых падзей.
Зараз цяжка сказаць, калі ўпершыню з’явілася не адэкватная канцэпцыя блізкасці і нават тоеснасці нацыяналізму і фашызму. Магчыма, гэта стала вынікам ІІ-й сусветнай вайны, дзе фашысцкая ідэалогія, маючая ў Германіі назву нацыянал-сацыялізма, пацярпела крах пасля 1945 года і стала забароненай. Блізкасць па гучанню слоў нацыст і нацыяналіст таксама адыграла не апошнюю ролю ў дыскрыдытацыі нацыяналізма. І таму ў свядомасці многіх людзей і, нават, народаў сфарміравалася ўстойлівае ўяўленне аб тым, што нацыяналізм ставіць сваю нацыю вышэй за іншыя нацыі, імкнецца падмяць пад сябе і знішчыць шляхам гвалту і вайны. У сапраўднасці такой ідэалагемай былі адметныя толькі фашызм і расізм, ды яшчэ блізкі да іх шавінізм.
У афіцыйнай фармулёўцы БелСЭ сказана, што фашызм гэта «адкрытая тэрарыстычная дыктатура найбольш рэакцыйнай и агрэсiўнай iмерыялiстычнай буржуазii…крайнi шавiнiзм i расiзм». Як бачым, нават з гэтай савецкай фармулеўкi вiдаць блiзасць тэрмiнаў фашызм i шавiнiзм. Больш таго — гэтыя iдэалогii, па сутнацi, аднолькавыя, яны адлюстроўваюць адну i тую ж з’яву. Толькi першая — фашызм — адносiцца найбольш да гiтлераўскай Германii i некаторых яе сатэлiтаў, а другая — да Расiйскай iмперыi ды камунiстычнага Савецкага Саюза. I нiчога агульнага з гэтымі паняццямі слова «нацыяналiзм» не мае. Наадварот, нацыяналiзм — антыпод фашызму.
І ўсё ж, як адзначалася вышэй, існавала і іншая парадыгма: «нацыяналізм — гэта амаль тое, што і фашызм». Як ніякая іншая яна прыйшлася да густу касмапалітам усіх масцей. Грунтуючыся на сусветным ліберальным капіталізме, а таксама на камуністычных партыях, на Захадзе паспяхова культываваліся ідэі касмапалітызму, прынамсі, да 80-х гадоў ХХ ст. Ва Усходняй Еўропе і СССР гаспадарыла камуністычная тэорыя, згодна з якой нацыі павінны былі знікнуць у эпоху камунізма. Мандыялісцкая тэорыя зліцця нацый ліберальнага Захаду пачала нават ажыццяўляцца на практыцы, але на Усходзе. Так, на Беларусі ў 60 — 70-я гады ХХ ст. некаторыя старшыні калгасаў шчыра бралі сацабавязацельствы да пэўнага тэрміну перавесці навучанне і справаводста на рускую мову. Беларускія школы ліквідаваліся ці пераўтвараліся ў рускія. Асабліва моцная хваля барацьбы з усім нацыянальным прышлася на 1961 год, калі былі ліквідаваны амаль усе беларускія школы ў гарадах і мястэчках. Толькі з 90-х гадоў, пасля развалу СССР пачаўся перагляд адносін да нацыянальных праблем.
Зразумела, што пры такіх неспрыяльных умовах не магло быць і гаворкі аб навуковым вывучэнні такой з’явы, як нацыяналізм. І на шмат гадоў — ад часоў рускіх філосафаў пачатку ХХ ст. да 90-х гадоў — даследаванне праблем нацыяналізму, фактычна звялося да нуля. На Захадзе і ў ЗША у вывучэнні нацяналізму не было такога вялікага перапынку, як у былым СССР. У шэрагу гэтых краін касмапалітызм мірна суіснаваў побач з нацыяналізмам, а масавае самавызначэнне нацый і з’яўленне новых дзяржаў у канцы ХХ стагоддзя вызначыла паразу касмапалітызму і паклала канец тэорыі зліцця нацый.
Камуністычная ідэалогія — марксізм-ленінізм, што панавала ў СССР амаль усё ХХ стагоддзе, не на голым месцы вызначыла нацыяналізм як адмоўную з’яву, як імкненне адной нацыі навязаць свае парадкі другой. Яшчэ ў эпоху росквіту рэлігійна-філасофскай думкі ў Расійскай імперыі ідэолагі імперскай палітыкі (шавінізму) распрацавалі тэорыю гегемона рускага народу і ўвялі ў афіцыйны ўжытак слова «нацыяналізм» і «нацыянальны рух» для абазначэння тых нацыянальна-вызваленчых рухаў, што ўзніклі на тэрыторыі вялізнай дзяржавы. Да такіх актаў належыць і беларуска-польскае паўстанне 1861–1862 гадоў, каўказскія вызваленчыя рухі і і ншыя. Неабходна яшчэ раз падкрэсліць: стаўленне да нацыяналізму як да крайне радыкальнай і антыгуманнай ідэалогіі узнікла не адразу і не ў апошні час — яно мае векавую гісторыю і таму так трывала трымаецца і ў наш час.
Аднак нельга і адмаўляць тое, што некаторыя формы нацыяналізму пры пэўных умовах могуць перайсці ў іншую якасць, якая нагадвае фашызм і нават пераходзіць у яго. Гісторыі вядомы такія выпадкі.
Нацыяналізм, які перасягнуў межы, вызначаныя пунтам 8 фармуліроўкі Б. Штэйнера, прыведзенай вышэй, у выпадку замены толькі аднаго гэтага пункта фразай: «8. Нацыяналізм — варожасць і пагарда да іншых нацый» — становіцца фашызмам. Такі нацыяналізм называюць таксама крайнім, альбо негатыўным нацыяналізмам.
Класік тэорыі нацыяналізму М. Бярдзяеў бачыў небяспеку такой формы нацыяналізму. У ягоных творах разглядваеецца варыянт крайняга нацыяналізму, які атрымаў назву — «месіянскі нацыяналаізм», ці проста — «месіянізм». М. Бердзяеў вызначае месіянізм, як з’яву, маючую вытокі ў рэлігіі, і які можна зразумець толькі ў містыцы.
Першым прыкладам месіянізма — яшчэ задоўга да надыходу эпохі нацыяналізма быў месіянізм яўрэйскага народа. На працягу многіх стагоддзяў да прышэсця Хрыста яўрэі былі богаабраным народам, які асэнсоўваў сваю выключнасць і не дапускаў іншых народаў да сябе. Хрысціянства паклала канец яўрэйскаму месіянізму і дало штуршок новаму мысленню, згодна з якім любы народ можа стаць народам-месіяй, калі асэнсуе сваё хрысціянскае прызначэнне. На мяжы ХІХ і ХХ стагоддзяў, у час, калі яшчэ і не адчуваліся будучыя фашысцкія «эксперыменты», Бердзяеў празорліва вылучыў асаблівасці германскага месіянізма. Ён пісаў, што германскі народ усведамляе сябе «не носьбітам Хрыстовага Духу, а носьбітам вышэйшай і адзінай духоўнай культуры. Германская раса — выбраная вышэйшая раса». Менавіта гэтыя тэзісы, разам з антыхрысціянствам Фрыдрыха Ніцшэ і сталі базавым звяном будучага нямецкага нацыянал-сацыялізму.
У пытаннях узаемаадносін паміж месіянізмам і «чыстым» нацыяналізмам М. Бердзяеў прытрымліваўся такой думкі: першы (месіянізм) належыць да асаблівага, духоўнага парадку. «Месіянізм адносіцца да нацыянальнага, як другое нараджэнне містыкаў адносіцца да першага прыроднага нараджэння». У творах М. Бердзяева гучыць вялікая вера ў месіянізм рускага народа і гэты месіянізм ён лічыць станоўчым нацыяналізмам, «вар’яцкім духоўна-творчым парываннем».
Менавіта паняцці «месіянскі нацыяналізм», «адмоўны, негатыўны нацыяналізм» у іх адносінах да фашызму як ідэалогіі і палітычнай практыкі варта браць ва ўжытак навукоўцам, даследчыкам сучасных палітычных працэсаў.
Італьянскі фашызм і нямецкі нацыянал-сацыялізм 20-х — 40-х гадоў ХХ ст. пераўтварылі Італію і Германію ў таталітарныя дзяржавы. У сувязі з гэтым дзяржаўную ідэалогію такіх краін можна назваць «таталітарным нацыяналізмам», у процілегласць традыцыйнаму дэмакратычнаму нацыяналізму, ці, інакш, «вызваленчаму нацыяналізму». Італьянскі і германскі фашызм — ці «таталітарны нацыяналізм» зрабілі ўздзеяннне і на іншыя краіны: Нарвегію, Данію, Галандыю і нават на краіны Усходняй Еўропы (напрыклад Румынію). Але распаўсюджанне фашызму як рэакцыю на гэта выклікала развіццё дэмакратычнага нацыяналізму: польскага, румынскага (Зялёная гвардыя), іспанскага (Palanga), эстонскага (Рух Ваўсаў).
Найбольш важным вынікам сучаснага аналізу суадносін паміж нацыяналізмам і фашызмам ёсць тое, што нацыяналізм і фашызм (нацызм) — гэта антыподы. Адзінае для абедзвюх ідэалогій паняцце «нацыя» не збліжае іх, а разводзіць да бясконцасці, ставіць іх на процілеглыя бакі. Па сутнасці, нацыяналізм становіцца антыноміяй фашызму ў адносінах да нацыі.
Растлумачым сказанае грунтуючыся на гістарычных фактах. Узнікненне фашызму адносіцца да 20-х гадоў і звязана з фігурамі Беніта Мусаліні ў Італіі і Адольфа Гітлера ў Германіі, дзе ён меў назву «нацыянал-сацыялізм». Мусаліні сцвярджаў: «У аснове фашызму ляжыць канцэпцыя Дзяржавы, фашызм лічыць Дзяржаву абсалютнай, у параўнанні з ёй усе індывідуумы або групы адносныя… Фашысцкая дзяржава — гэта форма, унутраны закон і дысцыпліна ўсёй асобы. Яна працінае волю і інтэлект…».
Фашызм — гэта культ гвалту. У першай палове ХХ стагоддзя ён надаў тэорыі звышчалавека ранг дзяржаўнай палітыкі. Чалавек сілы ўладарыць над слабымі і ў гэтай барацьбе стварае гісторыю. Фашызм узяў сабе ў саюзнікі папулісцкі варыянт сацыялізму, які асноўваўся на збяднелых слаях рабочых і сялян, выступаў супраць ліберальнага капіталізму.
Фашызм — гэта, нават, не ідэалогія, а спосаб дзеяння і спосаб са-масцвярджэння ў навакольным свеце, пры якім асабістае «я» становіцца ў шэраг такіх асоб, якія адзіныя ў сваёй перавазе над іншымі групамі, нацыямі і расамі, ставяць сябе вышэй за іх і нават дапускаюць атаясамленне сябе хоць і не цяпер, а ў будучым з Вышэйшай істотай — з Богам.
Для немцаў Трэцяга Рэйха такой групай звышлюдзей стала арыйская раса. Немцы аб’явілі сябе арыйцамі і ўзялі дэвіз: «Deutschland uber alles».
Як і нацыяналізм, фашызм надае вялікую ўвагу нацыі. Аднак бачанне нацыі ў іх вельмі рознае. Нацыяналісты лічаць, што нацыя ёсць супольнаць людзей аб’яднаных салідарнасцю і павагай да сваіх членаў. Фашысты трактуюць нацыю зусім інакш. Для іх нацыя — гэта «цытадэль улады», «апірышча і зброя для гуртавання волі і сілы чалавека». Нацыя становіцца па сутнасці інструментам ажыццяўлення гвалту. У сувязі са сказаным становяцца зразумеламі і вядомыя звышвысокія патрабаванні нацыстаў да чыстаты нацыі.
Чаму ж у Германіі натуральныя адносіны да нацыі, што ўласцівы ўсім цывілізаваным народам і разгледжаны намі ў пачатку артыкула ў кантэксце нацыяналізму, прынялі такі пачварны характар у часы Трэцяга Рэйха? Адказ трэба шукаць у гістарычным дыскурсе і нашмат раней разглядваемых падзей — у першай палове ХІХ стагоддзя. У тыя часы Гераманія ўяўляла хаатычны набор разнастайных княстваў і значна адставала ад перадавых еўрапейскіх краін (Францыі, Англіі) як у культурным сэнсе, так і ў сацыяльна-эканамічным. Усё гэта выклікала пэўны комплекс непаўнавартасці ў маштабах нацыі. Няма культурнай перавагі, але ёсць затое перавага ў нацыянальнай чысціні. Высілкамі Фрыдрыха Людзвіга Яна (1810), і пазней Вольфанга Менцэля сфарміраваліся расавыя ўяўленні аб чысціні нямецкай нацыі, якія дазволілі адкінуць аўтарытэт высокай французскай культуры. Да другой паловы ХІХ стагоддзя адносяцца ўжо і першыя захады, што ўслаўляюць ваенную моц нямецкага народа (Арндт, Трайчке). Далейшы шлях фарміравання фашысцкай ідэалогіі (пасля эканамічнага крызісу 1873 г.) звязаны з такімі імёнамі, як Габіно, Альварт і нават славутым кампазітарам Рыхардам Вагнерам (Die Walkure).
Яшчэ да прыходу Адольфа Гітлера да ўлады ў Германіі была дасканала ўзрыхлена глеба для ўзыходу ідэалогіі «новага месіянства» немцаў, як арыйскай нацыі. У 1928 годзе выйшла кніга Германа Вірта «Паходжанне чалавецтва», дзе аўтар даказваў, што ў вытоках чалавецтва стаяць дзве расы: нардычная — духоўная раса Поўначы і гандванічная — ахопленая ніжэйшымі інстынктамі раса Поўдня. На выставе 1933 года «Ahnenerbe» (спадчына продкаў) у Мюнхене Вірт дэманстраваў старажытныя рунічныя і протарунічныя пісьмёны. Гэта выстава мела вялізны поспех у арганізацыі пад назвай СС, якая і паставіла сваёй задачай абарону нардычнай расы (нямецкай нацыі) ў генетычным, духоўным і містычным плане.
У сувязі са сказаным становіцца зразумелым, што прыход да ўлады А.Гітлера і абвяшчэнне нацызма дзяржаўнай ідэалогіяй, было не выпадковым — да гэтага часу ўжо сфармірааваліся яе асноўныя ідэі ў выглядзе ўяўленняў аб вышэйшай арыйскай расе — немцах, аб «блакітнай крыві» і іншых «адметнасцях» нямецкай нацыі.
Але ў адрозненне ад суседняй Францыі, дзе ўтварылася нацыя высокай культуры, даўшая пачатак дэмакратычным традыцыям, у Германіі ўзнік аўтарытарны рэжым, культ улады, які вымагаў высокай дысцыпліны і парадку, дзеля захавання чысціні нацыі. Такім чынам нацыяналіізм у Германіі ўжо на стадыі свайго фарміравання набываў адметныя формы, якія ўсё больш адрозніваліся ад агульнаеўрапейскіх норм, якія прадугледжваюць прынцыпы роўнасці нацый і любві індывідуума да сваёй нацыі. Гэтая крайняя, гранічна негатыўная форма нацыяналізму ў выніку атрымала назву фашызм і ў адносінах да свайго прабацькі — нацыяналізму — стаіць ужо на палярна процілеглых пазіцыях.
У цытуемай вышэй кнізе Энтані Сміта цэлы раздзел прысвечаны параўнальнаму аналізу нацыяналізма і фашызма, дзе пераканаўча паказана заганнасць фашызму і ягоная процілегласць нацыяналізму.
Аднак адна вельмі істотная акалічнасць не разгледжана Э. Смітам. Яна тычыцца працэса асуджэння фашызму, які адбыўся на судовым працэсе ў 1946 годзе ў горадзе Нюрнбергу. Асуджэнне ідэалогіі фашызма вельмі важны крок, бо гэта спроба паставіць заслону перад будучымі неафашысцкімі ідэямі, тэорыямі і арганізацыямі, якія ажыццяўляюць такія ідэі. Гэта перасцярога ўсім будучым пакаленням людзей.
Нацыя і нацыяналізм як яе ідэалогія ўзніклі натуральным чынам, у выніку эвалюцыі чалавецтва, створаны яны па Вышэйшай Божай задуме і маюць сваё абгрунтаванне ў хрысціянстве. Што тычыцца фашызму, то ён узнік зусім не па законам эвалюцыі, не ў выніку ўдасканалення сусвету. Ён узнік у часы еўрапейскага крызісу 20-х гадоў ХХ стагоддзя як мутант, як рэакцыя часткі людзей з хворай псіхікай і самалюбівым характэрам, каб сцвердзіцца ў жыцці. Гэта скрыўленне чалавечага шляху, скрыўленне гісторыі і пра гэта нельга забываць.
Нюрнбергскі працэс да гэтага часу памятны людзям усёй зямлі і сучасныя прыхільнікі Гітлера — Мусаліні баяцца адкрыта выказваць свае намеры і прапагандаваць неафашызм. Аднак такія арганізацыі неафашысцкага кшталту ўсё ж існуюць у некаторых краінах як Заходняй, так і Усходняй Еўропы, у тым ліку рэспубліках былога СССР. Такі рух у сучаснай палітыцы называюць па-рознаму, Юрг Штайнер, напрыклад, адносіць яго да трансфарміраванага кансерватызму і называе гэтую плынь Новымі Правымі Радыкаламі (НПР). Часам НПР набываюць значную сілу, як гэта адбылося ў 1999 годзе ў Аўстрыі, калі да ўлады прыйшоў лідэр НПР Ёрг Хайдэр.
Пры разглядзе крайніх нацыяналістычных рухаў і нэафашыстаў трэба, аднак, быць уважлівымі і асцярожнымі, каб не змяшаць разам з імі і тыя партыі, якія не з’яўляюцца фашыстоўскімі, не стаяць на пазіцыіх культа сілы, хаця па некаторым прыкметам іх у свой час чамусьці аднеслі да фашысцкіх. Да такой партыі адносіцца, напрыклад, Нацыянальны Фронт у Францыі, які ўзначальвае Жан-Мары Ле Пэн. Адной з вызначальных рыс Нацыянальнага Фронту з’яўляецца тое, што ён падтрымаў ксенафобію і гэтым самым значна наблізіўся да канцэпцыі негатыўнага нацыяналізму, які яшчэ не з’яўляецца фашызмам, але ўяўляе ўжо нешта пераходнае. Перасцярога партыі Ле Пэна ад наплыву ў Францыю іншаземцаў мае падставы і блізкая думкам многіх простых французаў, і таму ня дзіўна, што ў 1993 г. на выбарах у французскі парламент партыя набрала 12 % галасоў.
Наш агляд быў б няпоўным, калі б у сувязі з разглядваемай праблемай, мы не закранулі і постсавецкі абшар. У Расіі і па-за яе межамі (у прыватнасці, у Беларусі) ужо колькі год узрушвае грамадства адмысловая партыя — «Русское национальное единство» (РНЕ). Пад прыкрыццём тыпова шавіністычных лозунгаў, выстаўляючы сябе адзінымі абаронцамі Расіі і рускай нацыі, гэтая партыя сваімі дзеяннямі паказала сябе як тыповая арганізацыя гранічна негатыўнага нацыяналізму. Тут і яўрэйскія пагромы, і крывавыя сутыкненні з іншымі нацыянальна арыентаванымі арганізацыямі (напрыклад бойкі з сябрамі БНФ у Беларусі). А сімволіка «байцоў» з РНЕ, выкананая ў выглядзе свастыкі «ў кручэнні» — гэта ўжо заяўка на сапраўдны неафашызм. Характэрна, што выяву гэтай сімволікі ідэолагі РНЕ знаходзяць у далёкай мінуўшчыне, у так званых «славянскіх ведах». Тое самае было ў свой час і ў Германіі, калі пры станаўленні нацызму яго тэарэтыкі знаходзілі карані фашызму і ягоную сімволіку ў рунічных пісьмёнах дахрысціянскай эпохі.
На дзіва падобныя нацысцкім «нардычным» фантазіям пошукі старажытных вытокаў сваей ідэалогіі ў тэарэтыкаў РНЕ: «Главным символом РНЕ является Звезда Богородицы с помещённой внутри её вращающейся свастикой, Это — символ наиболее соответствующий Русскому Национальному Архетипу».
Такім чынам, гранічна негатыўны нацыналізм разам з ідэалогіяй сусветнага панавання асобнай, арыйскай расы — гэт і ёсць поўны фашызм. Імкненне да сусветнага панавання, нацыянальны імперыялізм — істотныя рысы фашызму любой нацыянальнай афарбоўкі. Таму сёння ўяўляецца вельмі небяспечным фармаванне масавага імперскага сіндрому не толькі РНЕ, але і іншымі, колькасна больш моцнымі і ўплывовымі партыямі — КПРФ, ЛДПР і іншымі.
Лідэр адной з самых уплывовых партый Расіі — КПРФ — Г. Зюганаў адкрыта аб’вясціў аб адраджэнні старой формулы Д. Хамякова «Праваслаўе, самадзяржаўе, народнасць». На яго думку, у гэтай формуле заключана паслядоўнае станаўленне трох галоўных пачаткаў імперскай дзяржаўнасці: рымскае права, хрысціянскае адзінства і народнае адзінства ў Русі-Расіі. Даводзіцца толькі здзіўляцца насколькі моцна перафарбаваліся сучасныя расійскія камуністы, што і ў Хрыста паверылі, марачы аб былой імперыі.
Імперская хвароба яшчэ ў большай ступені прысутнічае ў ідэалогаў Ліберальна-дэмакратычнай партыі Расіі (ЛДПР), якую рэгулярна агучвае Уладзімір Жырыноўскі. У сваёй кнізе «Последний бросок на Юг» У. Жырыноўскі не толькі аб’ядноўвае ўсіх славян пад агульнай страхой рускага народа, а прасоўвае межы Расіі аж да Індыйскага акіяна. «Сделать ещё рывок, небольшой рывок на юг, чтобы туда спустились ширококолейные русские железные дороги и поезда — Москва — Дели, Москва — Кабул, Москва — берег Индийского океана, Москва — Тегеран…».
Што гэта, як не адкрыты заклік да новай імперскай каланізацыі, генацыду. Менавіта такі «рывок» збіраўся рабіць і Адольф Гітлер, каб вызваліць савецкія народы ад камунізму, а астатнія ад дэмакратычнага «загнівання».
Такім чынам славянафільства непазбежна прыводзіць да вялікадзяржаўнага шавінізма, які, фактычна. з’яўлеецца усходнім варыянтам фашызму. А яшчэ сто год назад У. Салаўёў папярэджваў, што зыход славянафільства — дэградацыя і выраджэнне («Славянофильство и его вырождение»). Ён сканструяваў нават формулу, якую А. Янаў назваў лесвіцай Салаўёва: пакланенне народнай дабрадзейнасці — пакланенне народнай сіле — пакланенне народнаму дзікунству. Гэта тры ўніз зыходзячыя ступені псеўдапатрыятызму. Гэта шлях антыэвалюцыі, шлях унікуды.
Падагульняючы сказанае, трэба адзначыць наступнае: фашызм асноўваецца не на эвалюцыйнай тэорыі развіцця грамадства, крышталізацыі векавых традыцый народа, умацаванні нацыянальнай свядомасці, як гэта робіць нацыяналізм. Фашызм падпарадкоўвае нацыю містычным ідэям накшталт «чыстаты» і тым самым прыніжае нацыю. У гэтым яго карэнная розніца ад нацыяналізму, які накіраваны на развіццё нацыі, на выяўленне лепшых адметных рыс кожнага, самага маленькага народа. Можна сказаць, што нацыяналізм — гэта прынцып дэмакратыі (роўнасці), размеркаваны сярод нацый, а фашызм — аўтарытарызм сярод нацый па аналогіі з суб’ектамі ў асяроддзі асобнай нацыі-дзяржавы.
Такім чынам, нацыяналізм і фашызм — гэта не тоесныя, і, нават, не роднасныя, а па сутнасці процілеглыя з’явы і паняцці. Нашы высновы вельмі блізкія да вывадаў вядомага філосафа і палітолага ХХ стагоддзя Э. Сміта, які піша: «…фашызм і нацызм прадстаўляюць сабой альтэрнатыву і выклік нацыяналістычнаму еўрапейскаму і сусветнаму бачанню развіцця, а не працяг яго».
Уступаючы ў трэцяе тысячагоддзе пасля Ражджаства Хрыстовага, трэба выразна ўсведамляць рэальнасць існавання істотна розных з’яў, звязаных з паняццем нацыі.
Па-першае, гэта класічны, чысты нацыяналізм, пра які мы вялі гаворку з самага пачатку. З ім звязаны такія высокія пачуцці, як патрыятызм, хрысціянская любоў да свайго народа і наогул прагрэс і будучыня народаў.
Па-другое. Існуюць і крайнія, негатыўныя формы нацыяналізму, якія звязаны з неапраўданымі вераваннямі ў абранасць, ці выключнасць сваёй нацыі. Гэта мы бачым, на прыкладзе «богаабранага» яўрэйскага народа і славянафілаў часоў расійскага імперыялізму. Гэтыя формы нацыяналізму яшчэ не прадстаўляюць фенамена фашызму, але пры пэўных умовах могуць перайсці ў яго.
Па-трэцяе. ХХ стагоддзе дала нам і прыклад альтэрнатывы нацыяналізму, яго антыподу ў сэнсе адносін да нацыі. Гэтым паняццем з’яўляецца фашызм — самая крайняя форма нацыяналізму, калі любоў да сваёй нацыі пераходзіць у адносіны да яе як апірышча гвалту, бессэнсоўную, крывавую «чыстку» свайго народа — як гэта было ў фашысцкай Германіі і ў СССР сталінскіх часоў, калі ролю арыйскай нацыі ўзялі на сябе камуністы.
Апошнія палітычныя падзеі (найперш ваенныя дзеянні ў Чачні, і Сербіі), напрамую звязаны з разгледжанымі пытаннямі, яны закранаюць самым непасрэдным чынам нацыянальныя праблемы. Ад правільнага падыхода да праблем суіснавання розных нацый, пытанняў самавызначэння народаў залежыць будучыня гэтых народаў і будучыня чалавецтва наогул.
Сказанае падцвярджае важнасць паліталагічнага аналізу канкрэтных праяў фашызму ў свеце і яго суадносін з нацыяналізмам. Гісторыя павінна ўсё ж нечаму навучыць нас.
2.4. Нацыяналізм і камуністычная ідэалогія
Нацыяналізм заўсёды быў ворагам камуністычнай ідэалогіі, а камуністычныя дзеячы ў сваю чаргу прыпісывалі нацыналізму буржуазную прапаганду і змагаліся з ім, як з прадуктам капіталізма. І сапраўды — сцвярджалі прыхільнікі навуковага камунізму — паняцце «нацыя» ўжываецца ў адносінах як да класу пралетарыяў, так і да класу капіталістаў, але ж капіталізм мусіць згінуць, людзі стануць роўнымі і тады настане адзінства сярод людзей, якія ня будуць дзяліцца на нацыі. Настане шчаслівае камуністычнае грамадства, дзе ўсе людзі радасна адпачываюць і творча бавяць час. Савецкі Саюз яшчэ да ІІ сусветнай вайны цаной вялізных ахвяр, цаной тысяч загінуўшых у гулагаўскіх лагерах грамадзян даў урок усяму Свету, як будаваць камунізм. Дзякуючы надзвычайнай сакрэтнасці камуністычнае кіраўніцтва здолела прадэмастраваць знешні эфект поспехаў, цалкам схаваўшы свае злачынныя дзеянні супраць свайго ж народа.
Вынікам такой палітыкі стала адносна вялікая папулярнасць сацыялістычных і камуністычных ідэй у шэрагу краін, галоўным чынам трэцяга Свету. Пасля ІІ сусветнай вайны ў гэтых краінах пачаўся шырокі антакаланіяльны рух, які спалучаў нацыянальныя пачуцці многіх народаў з марксісцкай ідэалогіяй. З’явіўся нават тэрмін — «марксісцкі нацыяналізм».
Што ж знайшлося агульнага паміж нацыяналізмам і марксізмам-ленінізмам? На гэтае пытанне ёсць, як лёгка ўбачыць, станоўчы адказ. Абедзве ідэалогіі засцярагаюць ад адчуджэння чалавека, характэрнага для капіталістычных краін. Нацыяналісты змагаюцца за лепшае будучае сваёй дзяржавы, дабрабыт свайго народа для іх — першасная задача. Камуністы таксама, як галоўную мэту ставяць лепшую, ідэальную будучыню свайго грамадства. На гэтай платформе — адзінства ў мэтах супрацьдзеяння рацыянальнаму, мондыялістычнаму грамадству, характэрнаму для многіх краін Захаду — і будуецца марксісцкі нацыяналізм. Найбольшае распаўсюджанне марксісцкі нацыяналізм атрымаў у краінах трэцяга Свету: Кубе, Анголе, В’етнаме, Мазамбіку. Працэсы, якія адбыліся ў гэтых краінах, нагадвалі раннія нацыяналістычны рухі часоў французскай рэвалюцыі 1789 года — з той толькі розніцай, што папярэднікам сучасных будаўнікоў нацыянальных дзяржаў ня быў вядомы марксізм. У далейшым будзем называць гэты варыянт сучаснага нацыяналізму «левым».
Вялікую ролю ў распаўсюджанні левага нацыяналізму ў краінах трэцяга Свету пасля ІІ-й сусветнай вайны, а таксама ў краінах Усходняй Еўропы, адыграла перамога СССР у вайне супраць фашызма і як вынік перамогі — зацвярджэнне статусу звышдзяржавы. Калі краіны Усходняй Еўропы былі вымушаны прыняць савецкую мадэль пабудовы камунізму, то ў Азіі і Афрыцы марксісцкі нацыяналізм прыйшоў знутры, знайшоўшы сабе спрыяльную глебу ў аморфным, збяднелым і адсталым народзе, для якога прымітыўная і папулісцкая рыторыка камуністаў была як бальзам. Марксізм прывабліваў іх абяцаннямі сацыяльнага і палітычнага развіцця. Сапраўды, знешне Савецкі Саюз выглядаў у пэўныя часы даволі прыстойна. Гэта была дзяржава, якая мела моцны ваенны патэнцыял, якая мела першынства ў свеце па асваенню Космаса, была вядучай у навуцы і многіх іншых сферах быцця. Савецкі марксізм разглядваўся «не як шлях да пераадольвання чалавечага самаадчуджэння праз свядомую рэвалюцыйную працу, а як мэтадалогія выхаду са стану палітычнай і вайскавой залежнасці і дасягнення сапраўднага парытэту з Захадам».
Прыхільнікам савецкага камунізму не быў вядомы другі бок медаля савецкай сістэмы — мала хто ведаў якой цаной было заплачана за тую ваенную моц і прэстыж СССР у Свеце. Людзі яшчэ ня ведалі аб Гулагах, аб мільёнах рэпрасаваных, забітых і закатаваных у гэтай жа знешне квітнеючай савецкай сістэме.
З распадам СССР і Югаславіі ўзнік новы від нацыяналізму — посткамуністычны, які розніцца ад нацыяналізму папярэдняга перыяду. Ён характарызуецца тым, што краіна, якая нядаўна яшчэ была камуністычнай прымае палітычны курс і ідэалогію здольныя забяспечыць нацыянальныя інтарэсы гэтай краіны. У гэтых краінах нацыю мабілізуе так званы мабілізацыйны агент — нацынальная эліта. Сучасны нацыяналізм ёсць прадукт мадэрнізацыі, усеагульнай адукацыі, а тасама свядомага маніпулявання масамі праз гэтую эліту.
І падкрэслім самую вызначальную рысу нацыяналізму ў посткамуністычных краінах: нацыяналізм у гэтых краінах — сінонім дэцэнтралізацыі і дэмакратыі.
2.5. Сучасная палітра ідэалогій, месца нацыянальнай ідэі і нацыяналізму ў ёй. Суадносіны паміж ідэалогіямі і партыямі
Гістарычна (з часоў французскай рэвалюцыі 1789 г.) склалася так, што партыі, якія выступалі за радыкальныя палітычныя змены назваліся «левымі», а тыя, што выступалі за захаванне існуючага становішча — «правымі». Таму партыі сацыял-дэмакратычнага і камуністычнага накірунку пачатку ХХ стагоддзя, якія змагаліся за рашучую змену рэжыму і нават за рэвалюцыю, атрымалі назву «левых». Кансерватары, якія выступаюць за захаванне традыцый, мовы і культуры і не імкнуцца да радыкальных зменаў у існуючым грамадстве, належаць да правага крыла партый. Лібералы ж абыякава ставяцца да традыцыяналізму, але, тым не менш, таксама лічацца правымі, гэта абумоўлена тым, што яны стаяць за свабодную, рынкавую эканоміку, адмаўляюць дзяржаўнае кіраванне эканомічнымі працэсамі, а апошні тэзіс (дзяржайнае кіраванне) — стрыжань сацыялістычнай (левай) ідэалогіі. А раз антыпод «левага», значыць — «правы».
У наш час розніца паміж левымі і правымі ідэалогімі істотна змянілася. Сацыял-дэмакраты пачалі выступаць за шматукладную эканоміку і, фактычна, пачалі зыходзіць з левага флангу. Лібералы наадварот пачалі ўводзіць элементы дзяржаўнага кіравання ў эканоміцы — а гэта ўжо ўхіл у левы бок. З другога боку партыі, якія выступаюць за істотныя змены рэжыму ў наш час не сацыялістычнага накірунку, а наадварот — іх апаненты: ліберальныя, нацыянальныя і іншыя, — тыя, што лічацца правымі партыямі.
Пасля распаду СССР утварылася шмат партый ліберальнага, нацыянальна-дэмакратычнага, сацыял-дэмакратычнага накірункаў, што процістаялі камуністычным партыям рэспублік былога СССР, і тое, што яны выступалі за змены рэжыму, таксама ставіць іх на правы фланг. Хаця, ідучы за логікай першапачатковага з’яўлення разлядваемай тэрміналагіі, усе згаданыя партыі можна было б залічыць да «левых» (бо яны за змены), а застыўшую ў сваім развіцці кампартыю — да «правай».
Такім чынам, сучасная класіфікацыя ідэалогій не зводзіцца да лінейнага прынцыпу мінулага ХІХ стагоддзя. Неабходна ўлічваць розныя фактары: характар эканомікі, характар рэжыму, адносіны да нацыянальнай ідэі і іншыя.
Мы паспрабуем абмежавацца толькі трымя прыведзенымі фактарамі і адлюстраваць суадносіны паміж дактрынамі з дапамогай геаметрычных пабудаванняў. Тры фактары (тры зменныя) патрабуюць для разгляду іх функцыянальнай залежнасці трохмернай прасторы. Аднак улічваючы цяжкасці адлюстравання трохмернай прасторы на плоскасці, разгледзім паасобку дзве схемы двухфактарных залежнасцяў: а) характар эканомікі — характар рэжыму і б) характар эканомікі — адносіны да нацыянальнай ідэі.
Першы варыянт класіфікацыі прадстаўлены ніжэй на схеме 5:
Тлумачэнне
На схеме 5 у плоскасці васей X — Y, дзе Х — вось фактара свабоды эканамікі, Y — вось фактара свабоды асобы, фігуры 1-11 адлюстроўваюць асноўныя палітычныя ідэалогіі Еўропы.
Х + Ґ — бясконца вялікае значэнне свабоды эканомікі — рынкавая эканоміка, займае самую правую пазіцыю на схеме (супадае з сучасным азначэннем правай ідэалогіі).
Х — Ґ — скрайняя левая пазіцыя. Яна адпавядае эканоміцы цалкам кантралюемай дзяржавай.
Вось Y адпавядае ступені абмежаванасці свабоды асобы. Y +Ґ (верх восі Y) — аўтарытарны рэжым. Y-Ґ (ніжняя частка восі Y) — індывідуалізм, прыярытэт асобы чалавека над дзяржавай і іншымі грамадскімі групамі і класамі.
Фігуры пранумераваныя лічбамі 1 — 11 адпавядаюць асноўным палітычным ідэалогіям сучаснасці.
Пад нумерам 1 намалёваны эліпс (авал), які азначае самую цэнтрысцкую (бо яна па цэнтры як восі Х, так і восі Y) ідэалогію — нацыяналізм. Авал нацыяналізму 1 мае агульныя пункты сутыкнення з усімі іншымі ідэалогііямі (акрамя лібералізму) — сегменты 8, 10, 11. (Адносна паняцця ліберальны нацыяналізм мы будзем гаварыць асобна, бо ён не укладваецца у гэтую схему).
Нумар 2 — камуністычная ідэалогія: аўтарытарны рэждым, планавая эканоміка. Дзяржавы — носьбіты ідэалогіі: СССР (да развалу), Куба, Карэя, Кітай (змешаная эканоміка).
Нумар 3 — кансерватызм: рынкавая эканоміка, прыхільнасць да нацыянальнай ідэі, традыцыяналізм. Дзяржавы, дзе прытрымліваюцца кансерватызму (у дужках носьбіты згаданай ідэалогіі): Англія (Кансерватыўная партыя), Германія (Хрысціянскія дэмакраты), Аўстрыя (Народная партыя), Грэцыя (Новая дэмакратыя), Швецыя (Саюз Памяркоўных), Іспанія (Народны Альянс).
Нумар 4 — хрысціянская дэмакратыя (х.-д.). Ідэалогія блізкая і да кансерватызму і да нацыяналізму і, нават, сацыял-дэмакратыі. Прыклад дзяржавы з моцнымі хрысціянска-дэмакратычнымі традыцыямі: Германія (ХДЗ — Хрысціянска-дэмакратычны звяз), Бельгія (Хрысціянская народная партыя (фламандцы) і Сацыяльна-хрысціянская партыя, якая гуртуе франкафонаў), Галандыя (Хрысціянска-дэмакратычны заклік)
Нумар 5 — лібералізм. Займае самую правую і самую ніжнюю нішу на схеме. Агульных пунктаў сутыкнення з іншымі, акрамя даволі сумніцельнага ўтварэння — ліберальнага кансерватызму. Дзяржавы: ЗША (Дэмакратычная партыя), Германія (Свабодныя дэмакраты), Расія (Саюз правых сіл), Беларусь (Аб’яднаная грамадзянская партыя).
Нумар 6 — сацыял-дэмакратыя (с.-д.). На малюнку адлюстраваны два існуючыя накірункі сацыял-дэмакратыі. Першы (лічба І) бярэ пачатак ад К. Маркса і Ф. Энгельса, ён даў пачатак камуністычнай ідэалогіі і камуністычным партыям. У наш час многія камуністычныя партыі былога СССР і Усходняй Еўропы пераўтвараюцца ў партыі, якія вызнаюць менавіта гэтую разнавіднасць сацыял-дэмакратыі (дэмакратычны сацыялізм). Дзяржавы: Польшча (Сацыялістычная рабочая партыя), Літва (Дэмакратычная рабочая партыя), Балгарыя (Сацыялістычная партыя).
Другая плынь сацыял-дэмакратыі (лічба ІІ) адлюстроўвае права-цэнтрысцкую пазіцыю. Творцамі гэтай ідэалогіі былі Отта Бауэр, Хельмут Коль, Тоні Блэр. У адрозненне ад с.-д. — І, с. — д — ІІ дапускае прыватную уласнасць, рынкавую эканоміку, хаця і лічыць неабходным разумнае дзяржаўнае кіраванне эканомікай. Дзяржавы: Англія (лейбарысты), Швецыя (Сацыял-дэмакратычная партыя), Германія (Сацыял-дэмакратычная партыя), Беларусь (Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада) і іншыя.
Фігуры абазначаныя нумарамі 1–6 адпавядаюць на 2-х мернай плоскасці усім іншым асноўным сучасным ідэалогіям. Фашызм, а разам з ім расізм і шавінізм не маюць адпаведніка на плоскасці, бо гэта хутчэй не ідэалогіі, а філасофія настрою, моды і культа гвалту, вайны.
Фігуры пад нумарамі 7 — 11 утварыліся на перасячэннях асноўных фігур (1–6) і адлюстроўваюць камбініраваныя ідэалогіі, большасць з якіх разглядалася ў гэтым раздзеле.
Сегмент 7 — ліберальны кансерватызм. Канцэпцыя яго разглядалася ў раздзеле 3.2, дзе быў пастаўлены пад сумненне такі альянс. Але мы маем гістарычныя прэцэдэнты ў асобе П. Струве (Расійская імперыя), і, таксама, некалькі сучасных палітычных партый, што падтрымліваюць магчымасць ліберальнага кансерватызму, напрыклад, Кансерватыўная партыя ў Англіі.
Сегмент 8 — сацыял-дэмакратыя (с.-д.) ў спалучэнні з хрысціянскай-дэмакратыяй (х.-д.). У сацыяльным плане х.-д. — кі і с.-д. — кі вельмі блізкія паміж сабой. Больш розняцца гэтыя ідэалогіі ў адносінах да Бога, бо с.-д. пачыналася як атэістычная тэорыя. Але яшчэ ў ХІХ ст. існавалі людзі, што імкнуліся аб’яднаць гэтыя дактрыны (гл. С. Булгакаў. Хрысціянскі сацыялізм).
Сегмент 11. Адпавядае ідэалогіі, якая утрымлівае адначасова ідэі нацыяналізму, кансерватызму і хрысціянскай дэмакратыі. На такіх пазіцыях стаіць шэраг партый у постсавецкіх рэспубліках. Гэта: Нацыянальна-дэмакратычная партыя Грузіі, Беларускі народны фронт (абедзве плыні), Ліга Свабоды (Літва), Беларуская нвцыянальная партыя (БНП) і іншыя.
Сегмент 10. Нацыяналізм у спалучэнні з камуністычнай ідэалогіяй. Такі альянс мае адмысловую назву — нацыянал-камунізм, а таксама існуе яго асобная форма — нацыянал-бальшавізм. Існуе ў Кітаі, Карэі, Кубе. З постсавецкіх краін ідэі нацыянал-камунізму блізкія шэрагу палітыкаў Украіны, Расіі, сярэднеазіяцкіх рэспублік. У Францыі нацыянал-камунізм мае назву — галізм (Дэ Голь).
Нацыянал-бальшавізм вядомы ў Расіі, дзе гэтую ідэалогію вызнае Камуністычная партыя СССР (старшыня Ніна Андрэева).
Сегмент 9. Кансерватызм і хрысціянская дэмакратыя. Гэтыя ідэалогіі вельмі блізкія. Касерватызм часта ўключае ў сябе асноўныя прынцыпы хрысціянскай дэмакратыі, аднак ён мала дбае аб правах асобы чалавека. Дзяржавы: Беларусь (Кансерватыўна-хрысціянская партыя (КХП) — партыя БНФ).
Другі варыянт класіфікацыі ідэалогій
Цяпер намалюем схему, дзе ў якасці двух зменных фактараў узяты наступныя: вось Х — як і ў схеме 1 гэта ступень свабоды эканомікі, а вось Y — ступень успрыняцця нацыянальнай ідэі.
Функцыянальныя асаблівасці схемы 6.
Па-першае. Самую цэнтрысцкую пазіцыю на плоскасці Х — Y (нацыянальная ідэя — эканоміка) займае ўжо не нацыяналізм, а сацыял-дэмакратыя. Нацыяналізм перамяшчаецца цалкам у верхнія два квадранты і пакрывае ўсе існуючыя ідэалогіі, акрамя лібералізму.
Па-другое. Лібералізм і кансерватызм ужо не маюць агульных пунктаў сутыкнення, бо знаходзяцца па розныя бакі восі Y (выпадае сегмент 7). Усе фігуры на перасячэннях авалаў (сегменты) нясуць той жа сэнс, што і на схеме 3.
Прыведзеная класіфікацыя ідэалогій, зразумела, не прэтэндуе на універсальнасць і скончанасць, але на сучасным гістарычным этапе дастаткова адэкватна алюстроўвае палітычную палітру, што добра відаць на прыведзеных схемах.
Раздзел ІІІ Існуючыя формы еўрапейскага нацыяналізму
3.1. Асноўныя формы пострэвалюцыйнага нацыяналізму (пасля 1815 г.)
Нацыналізм мае шэраг адценняў і асобных тыпаў. Пітэр Сугар вылучае чатыры тыпы нацыяналізму, якія склаліся пасля 1815 г.: буржуазны, бюракратычны, папулісцкі (народны) і арыстакратычны.
3.1.1. Буржуазны нацыяналізм
Буржуазны нацыяналізм найбольш характэрны для краін Заходняй Еўропы. Гістарычна ў гэтых краінах фарміраванне нацыяналізму завяршылася яшчэ ў XVIII–XIX ст. Традыцыйны манархічны тып ладу гэтых дзяржаў саступіў месца рэспубліканскаму, ці канстытуцыйна-манархічнаму, і галоўнай сілай, рухавіком грамадства стала буржуазія. Першымі краінамі, дзе ўсталяваўся гэты тып нацыялізму былі Англія і Францыя. Сярод краін Усходняй Еўропы к другой палове ХІХ-га ст. толькі Чэхія мела сваю адносна моцную буржазію, хаця там прысутнічала і арыстакратыя. Кіруючая роля буржуазіі ў згаданых краінах азначае перавагу сярэдняга класа як над арыстакратыяй, так і над ніжэйшымі слаямі насельніцтва.
3.1.2. Арыстакратычны нацыяналізм
Арыстакратычны нацыяналізм. Польшча і Венгрыя ХІХ — ХХ ст. уяўляюць сабой прыклад таго, як арыстакратыя ўзяла на сябе місію кіравання эканомікай, рэгулявання аграрным сектарам і стварэннем сістэмы заканадаўства. Прычына такой з’явы ў тым, што ў гэтых краінах арыстакратыя была заможнай і мела палітычную, эканамічную і царкоўную манаполію. Арыстакратычны нацыяналізм у Польшчы і Венгрыі сфарміраваўся ў ХІХ ст. і праіснаваў да канца ІІ-й сусветнай вайны, пасля якой гэтыя краіны трапілі пад сферу савецкага ўплыву.
3.1.3. Бюракратычны нацыяналізм
Бюракратычны нацыяналізм узнікае там, дзе існуюць вялікія карпарацыі прадпрыемстваў з вялікім апаратам планавання. Калі гэтай бюракратычнай арганізацыяй з’яўляецца дзяржава, то бюракратызм уздымаецца на вельмі высокі ўзровень. Бюракратычная дзяржава забяспечвае грамадзянам роўныя правы і абавязкі, стабільнасць і парадак жыцця. Стварэнню краіны такога тыпу спрыяе навукова-тэхнічны прагрэс і, асабліва, рост сучасных кампутарных тэхналогій. Хаця бюракратычная дзяржава абыякавая да асобы, яна прываблівае сваіх грамадзян, фарміруючы іх нацыянальныя пачуцці праз дзяржаўную моц і дабрабыт народа. Бюракратычны нацыяналізм мае даўнія традыцыі ў такіх еўрапейскіх краінах як Англія і Францыя, а таксама ў ЗША. Ва Усходняй Еўропе ён меў месца ў ХІХ ст. ў Грэцыі і Румыніі. Пасля 1848 г. ліберальны рух у Румыніі прышоў у заняпад, а раздрабленне краіны прывяло да адзінства ў адным — жаданні нацыянальнага аб’яднання, якое паспяхова і завяршылася пасля 1859 г.
3.1.4. Папулісцкі нацыяналізм
Папулісцкі (народны) нацыяналізм, ці яшчэ, як гавораць, эгалітарны — ураўняльны нацыяналізм праяўляўся ў Сербіі і Балгарыі. Гэты тып нацыяналізму зыходзіць з ніжэйшага духавенства і вялікай колькасці сельскіх мас. Ва ўмовах Атаманскай імперыі, да якой належылі гэтыя краіны, ніжэйшыя пласты грамадства здолелі зберагчы родную мову і нацыянальныя традыцыі, Элементы эгалітарнага нацыяналізму прысутнічалі і ў Беларусі ХІХ ст., якая ўваходзіла ў склад Расійскай Імперыі. Як паказвае гістарычны вопыт, ён з’яўляецца, з аднаго боку, ніжэйшай формай нацыяналізму, але, з другога боку, нацыя абавязана яму сваёй захаванасцю і грунтуецца на ім як першай фазе свайго фарміравання.
Дэмакратызм і ліберальная ідэя вельмі блізкія эгалітарнаму грамадству. Небяспека такога сінтэзу без паслядоўных змен у бок крышталізацыі нацыі, вядуць да пераходу ў касмапалітычную дзяржаву. У сувязі з гэтым яшчэ ў ХІХ ст. К. Лявонцьеў папярэджваў, што ў дзяржаў Заходняй Еўропы вызначылася тэндэнцыя ператварэння ў аднародныя грамадствы. Ён шчыра перажываў, што заходнееўрапейскія краіны губляюць сваю самабытнасць, набліжаюцца да нейкага сярэдняга ўзроўню.
3.2. Формы нацыяналізму новых краін ХХ стагоддзя
Існуюць іншыя класіфікацыі нацыяналізмаў, якія, напрыклад, вылучае Л. Снайдэр.
Ірэдэнтысцкі. Уласцівы народам, якія імкнуцца да нацыянальнага вызвалення ад панавання іншага народа.
Паперажальны. Выклікаецца спаборніцтвам паміж паміж сучаснымі нацыянальнымі дзяржавамі.
Прэстыжны. Падкрэслівае славутае мінулае сайго народа. Напрыклад, у аснове літоўскага нацыяналізму ляжыць як раз прэстыжны нацыяналізм. Літоўцы атаясамліваюць усё Вялікае княства Літоўскае з сучаснай этнаграфічнай Літвой, залічваюць усе гістарычныя набыткі ВКЛ на свой рахунак — хаця ВКЛ на 5/6 складалі русіны — продкі сучасных беларусаў і ўкраінцаў.
3.3. Дыхатамія культурны і палітычны нацыяналізм
Найбольш распаўсюджаная тыпалогія нацыяналізму — дзяленне на культурны і палітычны нацыяналізм.
3.3.1. Культурны нацыяналізм
З пачаткам эпохі нацыяналізму — з канца ХVІІІ ст. пачалося стварэнне нацыянальных дзяржаў. Працэс станаўлення нацый парадзіў, як галоўную ўмову, нацыянальную адукацыю і нацыянальную літаратуру. Паэты і вучоныя сталі першымі выразнікамі культурнага нацыяналізму, які патрабуе захавання адметнай культурнай нацыянальнай спадчыны, адказнымі за стварэнне нацыянальнай літаратурнай мовы. Яны абапіраліся на сваю гісторыю і традыцыі. Адна з галоўных задач культурнага нацыяналізму — абарона нацыі ад асіміляцыі яе з іншымі. Апошняе вельмі актуальна для малых народаў, якія працяглы час жывуць разам з пануючай нацыяй у адной дзяржаве. Гэта тыпічна, напрыклад, для шматлікіх народнасцей, што існавалі ў складзе СССР, у тым ліку і для Беларусі.
3.3.2. Палітычны нацыяналізм
Палітычны нацыяналізм ставіць сваёй першаснай мэтай стварэнне незалежнай дзяржавы на падставе агульнанацыянальнай еднасці. Па сваім часе ўзнікнення — гэта самая ранняя форма нацыяналізму. Першымі сапраўднымі нацыямі — дзяржавамі сталі Англія і Францыя. Германія і Італія, якія сфарміраваліся ў ХІХ стагоддзі праз аб’яднанне шматлікіх раздробленых княстваў, сталі дзяржавамі дзякуючы менавіта палітычнаму, а не культурнаму нацыяналізму.
Культурны і палітычны нацыяналізм — два бакі адной з’явы — нацыяналізму ў яго поўным аб’ёме. Яны адзіны ў сваёй антыпатыі да бюракратычнай дзяржавы, і іх ідэал — грамадзянскі дзяржаўны лад для адукаваных грамадзян, аб’яднаных агульнымі законамі, якія забяспечваюць правы грамадзян. К. Лявонцьеў бачыў у палітычным нацыяналізме адваротны бок медалю — за імкненнем да еўрапейскага стандарту нацыі-дзяржавы хаваецца небяспека дэвальвацыі нацыянальнай самабытнасці, што звязана з модным у сярэдзіне ХІХ ст. ліберальнага накірунку развіцця грамадства. І сапраўды — лібералізм сцвярджае эгалітарнае грамадства і эгалітарны нацыяналізм, якому абыякава нацыянальная адметнасць народа.
У сувязі з еўрапейскім аб’яднаўчым працэсам К. Лявонцьеў перасцярагаў і ад пагубнай ідэі панславізму, быў праціўнікам палітычнага панславізму: «Я нападаю на идеал всеславянского объединения когда бы то ни было и во чтобы то ни стало; я считаю этот последний идеал (чисто политический) для первого (для идеала самобытности духовно-культурной) весьма опасным уже по одному тому, что большинство образованных не русских славян слишком привыкло к европейским формам свободы и равенства».
Ідэі панславізму ў наш час існуюць у форме «славянскай еднасці». Перасцярога К. Лявонцьева адносна небяспекі панславізму, якая прагучала сто гадоў таму, цалкам стасуецца з цяперашняй сітуацыяй на Беларусі. ХХ ст. вылучыла на пярэдні план асноўны працэс: фарміраванне нацый, ўтварэнне незалежных дзяржаў і ўсталяванне ідэалогіі нацыянальнай дзяржаўнасці. Пакуль такі працэс яшчэ не скончыўся. Магчыма ХХІ ст. стане эпохай стварэння аб’яднанняў дзяржаў, блізкіх па гістарычных шляхах, культуры і агульнасці эканамічных інтарэсаў. Але ўсё гэта адбудзецца толькі пасля завяршэння нацыянальнага фарміравання. І можа не абавязкова ствараць аб’яднанне па этнічнай прыкмеце, напрыклад, саюз усходніх славян. Можа быць больш выгадным атрымаўся б саюз Беларусі не толькі з Расіяй, а з Літвой (як гэта было ў ВКЛ), ці з Польшчай.
На нашу думку, хаця нацыяналізм на Беларусі не сфарміраваўся як дзяржаўная ідэалогія, як масавая свядомасць народа, ён мае перспектывы стаць такім у недалёкім будучым.
Такім чынам, нацыяналізм — гэта ёмкае па змястоўнасці паняцце. Формы праяў яго вельмі розныя. Тыпалагізацыя нацыяналізму магчыма па самым розным асаблівасцям. Існуюць дастаткова вызначаныя метадалагічныя прыёмы для вылучэння тыпалагічных форм нацыяналізму ў еўрапейскім кантэксце. Крытэрыямі такой тыпалагізацыі могуць служыць і палітычныя каштоўнасці, культура і палягаючыя на іх палітычныя арыентыры вялікіх сацыяльных груп грамадзян той, ці іншай краіны.
3.4. Хрысціянскі нацыяналізм
Вышэй мы паказалі, што нацыяналізм знаходзіць сваё абгрунтаванне ў хрысціянстве. У залежнасці ад канфесіі змянеецца і тып нацыяналізму. Мы разгледзім цяпер як ў суадносіцца нацыяналізм з аноўнымі хрысціянскімі канфесіямі: праваслаўем, каталіцызмам і пратэстанцтвам.
3.4.1. Нацыяналізм і артадаксальныя хрысціянскія рэлігіі
Артадаксальнымі хрысціянскімі веравызнаннямі я буду называваць такія канфесіі, пачатак якіх вядзецца ад апостальскіх часоў. Гэта — праваслаўе і каталіцызм. Адзначу: у грэчаскай мове артадаксальны азначае праваслаўны, у англійскай мове тэрмін orthodox church служыць для абазначэння толькі праваслаўнай Царквы. Вышэй ўжо гаварылася аб асэнсаванні нацыяналізму ў хрысціянстве. Пры аргументацыі мы выкарыстоўвалі спасылкі на праваслаўных аўтараў, але можна сцвярджаць, што і ў каталіцызме нацыяналізм знаходзіць сваё абгрунтаванне. Гэта бачна на прыкладах дзяржаў, дзе маюцца моцныя каталіцкія традыцыі — Італіі, Іспаніі, Францыі і іншых. Кожная з гэтых дзяржаў характарызуецца і моцнымі нацыянальнымі адзнакамі. Характэрна, што нацыянальныя традыцыі пачалі ўхваляцца католікамі, як адказ на пратэстанцкі раскол у царкве і вядуць свой пачатак недзе з Венскага Сабора 1311–1312 гг. На Пізанскім саборы 1409 года адзінства каталіцкай царквы было дасягнута менавіта паводле нацыянальнага фактара. Канчаткова пазбавіўшыся схізмы і вылучыўшы з сябе непакорных пратэстантаў, каталіцызм канчаткова аформіўся як саборны рух. Яшчэ раней у Візантыі ўтварылася і саборная праваслаўная Царква. Пад саборнасцю, ці інакш яшчэ кажуць — кафалічнасцю, звычайна разумеецца ўсяленскасць Царквы, аб’яднанне хрысціян як у часе, так і ў прасторы. Саборнасць азначае таксама паўнату, цэльнасць Царквы, якая не патрабуе дапаўненняў. Менавіта гэтае апошняе азначэнне выкарыстоўваецца звычайна ў дачыненні да Хрыстовай Царквы. Аднак у шырокім значэнні, слова «саборнасць» выкарыстоўваецца не толькі ў адносінах да Царквы, абазначаючы еднасць у прасторы і ў часе і для іншых сутнасцей.
Саборнасць (кафалічнасць) Царквы бярэ свой пачатак яшчэ з апостальскіх часоў — у цэрквах таго часу існавала ўсё галоўнае, што адлюстроўвае сутнасць сапраўднай Хрыстовай Царквы. Сем усяленскіх сабораў распрацавалі і зацвердзілі дагматы саборнасці. Аднак сапраўднага размаху саборны рух як на Захадзе, так і на Усходзе дасягнуў недзе ў сярэднія вякі (Пізанскі і Базельскі Саборы ў католікаў, утварэнне незалежных Маскоўскай і Наваградскай мітраполій у ВКЛ).
Такім чынам, пасля 1054 года (года царкоўнага падзелу) і на Захадзе і на Усходзе ўтвараюцца незалежныя царкоўныя арганізмы, якім уласціва саборнасць. Агульнасць крыніц саборнасці адзначаў выдатны рускі філосаф ХІХ стагоддзя Уладзімір Салаўёў. Ён пісаў: «нет никокого принципиального и справедливого основания для антагонизма между папским единовластием и соборным началом Восточной Церкви. Правильная соборность, как адна из существенных форм церковного действия, не исключает никакого иного начала и никаким другим началом не исключается. В этом смысле соборность признавалась и представителями церковного единовластия — римским папом». У адрозненне ад свайго сучасніка М. Бярдзяева, У. Салаўёў не бачыць у нацыяналізме жыватворнага пачатку, пэўнай стадыі ўсяленскай хрысціянскай любові і лічыць яго адвольным паняццем, што зацвярджае нацыянальнае як процілегласць універсальнаму (касмапалітызму). Хаця ў адносінах да патрыятызму Салаўёў мяняе свае меркаванні на процілеглыя і сцвярджае, што сапраўдная ідэя патрыятызму выводзіцца з сутнасці хрысціянскага пачатку на падставе натуральнай любові і маральнага абавязку да сваёй Бацькаўшчыны. Тут мы бачым амаль поўнае супадзенне з прапануемай намі канцэпцыяй (раздзел 1), калі замяніць слова «патрыятызм» у Салаўёва на «нацыяналізм» і лічыць патрыятызм вытворным ад апошняга. Зноў сутыкаемся з неадназначнасцю у фармуліроўках тэрмінаў.
Прывабная ідэя яднання нацый у Хрысце, была падтрыманая ідэолагам хрысціянскага сацыялізму Сяргеем Булгакавым: «Инстинкт национальности, из слепого становясь зрячим, переходя в сознание, переживается как глубинное, мистическое влечение к своему народу, как любовь, не в скудном, моралистическом понимании рационалистической этики, как некоторый вид эроса, рождающего крылья души, как нахождение себя в единстве с другими, переживание соборности». Аднак С. Булгакаў, следам за У. Салаўёвым адрывае саборнасць нацыі і нацыяналізму ад саборнасці Царквы, лічачы першую прыкметай ніжэйшай і стыхійнай сутнасці, якая прынцыпова адметная ад «адзінай і сапраўднай» кафалічнасці Царквы.
Аб’яднанне абедзвюх праяваў саборнасці — і нацыяналізму, і хрысціянства, — магчыма з пазіцыі азначэння нацыяналізму, прыведзенага намі вышэй. Іх непарыўная сувязь становіцца асабліва відавочнай на першым іерархічным узроўні эвалюцыі па нашай класіфікацыя (раздзел 1). Такім чынам, нацыяналізм становіцца пэўнай праявай хрысціянства, уключаецца ў хрысціянскае Быццё, становіцца часткай Усяленскай Царквы. Такі падыход вядзе да аб’яднання абодзвюх прыведзеных вышэй азначэнняў саборнасці.
3.4.2. Нацыяналізм і пратэстанцтва
Праваслаўе і каталіцызм уяўляюць сабой канфесіі, галоўнай адметнасцю якіх з’яўляецца саборнасць. Вышэй гаварылася таксама і аб тым, што нацыяналізм шчыльна звязаны з артадаксальным хрысціянствам і находзіць у ім сваё абгрунтаванне. Якія ж адносіны мае нацыяналізм да пратэстанцтва?
Узнікшы ў свой час як рэакцыя на абсалютызм каталіцкай іерархіі і неабдымную моц каталіцкіх дагматаў, пратэстантызм парваў з царкоўнымі традыцыямі і звярнуўся непасрэдна да народа, да яго непасрэдных праблем. Менавіта пратэстанты першымі распачалі адукацыю грамадзян на іх роднай мове. Яскравым прыкладам з’яўляецца шырокі народны рух на чале з Янам Гусам у Чэхіі (ХІV стагоддзе), рэфармацыйны кальвінісцкі рух у ВКЛ (ХVІ стагоддзе). Кальвінізм наогул шырока распаўсюдзіўся ў сярэдневяковай Беларусі, дастаткова ўспомніць князя Радзівіла Чорнага ды і многіх іншых прадстаўнікоў беларускай шляхты, якія вядомыя таксама і сваёй асветніцкай дзейнасцю. Аднак прагматызм уласцівы пратэстанцтву, не змог завалодаць масамі, бо не нёс той духоўнай глыбіні, якoй насычаны артадаксальныя рэлігіі. Усходнія славяне — у тым ліку і беларусы, у адрозненне ад заходнееўрапейскіх народаў на ўзроўні менталітэту больш схільныя да рамантызму і больш за заходнія народы ўспрыймальныя да ідэалізму і дагматаў Святога Пісання.
Што ж тады стала прычынай, якая зблізіла пратэстанцкі Рух з нацыяналізмам? Адразу адзначым, што не рацыяналізм і не секулярная сутнасць пратэстанцтва сталася таму прычынай. Абставін тут некалькі.
Па-першае, гэта з’ява, уласцівая ўсім рэфармацкім рухам, усім схізмам і наогул розным адхіленням ад артадоксальнай рэлігіі — з’ява пераацэнкі каштоўнасцей, вобразна кажучы, пераносу цэнтра цяжару на другасны, знешні бок рэлігіі. У прыватнасці, многія пратэстанцкія плыні, кіруючыся Адкрыццём Іаана Багаслова, засяроджваюць асноўную ўвагу на будучым Страшным Судзе і наступленні тысячагадовага Валадарства Божага. Гэтая тэма, напрыклад, — галоўная для адвентыстаў 7-га дня.
Вера ў Тысячагадовае Валадарства Божае на думку многіх даследчыкаў з’яўляецца крыніцай нацыяналізму. Нацыяналізм разглядваецца як свецкі спадкаемца руху за 1000-гадовае Валадарства Божае. Не дачакаўшыся другога прышэсця Хрыста, некаторыя, а гэта большасцю людзі, хто мае вельмі павярхоўныя веды аб хрысціянстве, ці нават атэісты, ўзнёслыя мары і спадзяванні на прыход Месіі пераносяць (трансфармуюць) на сваю нацыю — тым самым замяняючы гэтыя спадзяванні нацыяналізмам. Энтані Сміт лічыць памылкай тэорыю нацыяналізму як трансфармацыю веры ў тысячагадовае Валадарства Божае і даказвае. што гэтыя рухі ў вялікай ступені незалежныя, хаця часта перакрыжоўваюцца.
У падставе канцэпцыі прыхільнікаў шчыльнай сувязі паміж нацыяналізмам і рухам за тысячагадовае Валадарства Божае ляжаць наступныя агульныя рысы гэтых рухаў: сацыяльная справядлівасць, любоў да свайго народа, спадзяванне на кардынальнасць змен, якая патрабуе папярэдняй падрыхтоўкі, выхавання новай маралі. Так, даследчык нацыяналізму Е. Кедуры сцвярджае, што толькі поўнае скасаванне старога ладу, толькі рэвалюцыйны падыход, актывізацыя чалавечай дзейнасці яднаюць нацыяналізм і Рух за тысячагадовае Валадарства Божае.
Важным пытаннем з’яўляецца аналіз сацыяльнага складу двух разглядваемых Рухаў. Не зусім можна пагадзіцца з думкай Э. Сміта аб тым, што існуе падабенства ў сацыяльным складзе нацыяналізму і Руху за тысячагадовае Валадарства Божае. Ён лічыць: ядро людзей, што прадстаўляюць абодва рухі, складаюць тыя, якія стаяць на краі грамадства — сяляне, рабочыя, і наогул пралетарыі. У дачыненнях да рэлігіі гэта ў пэўнай ступені так — успомнім хаця б евангельскую ісціну: «апошнія стануць першымі». Аднак нацыяналістычныя рухі, амаль заўсёды ўзнікалі ў выніку дзейнасці інтэлектуальнай вярхушкі грамадства. Э. Сміт сам сабе супярэчыць, сцвярджаючы трохі ніжэй іншае: «нацыяналізм звяртаецца да больш адукаваных і заможных гарадскіх колаў у адрозненне ад Руху за тысячагадовае Валадарства Божае». І далей: «…у большасці выпадкаў нацыяналізм з’яўляецца гарадскім рухам сярэдніх класаў». У пэўнай ступені гэта ўсё ж вынік уздзеяння вышэйшага інтэлектуальнага пласта грамадства.
Можна вылучыць дзве альтэрнатыўныя пазіцыі адносна абодвух рухаў. Першая: паміж рухамі існуе безумоўная сувязь, карэляцыя, якая асабліва яўна праяўляецца на ўзроўні ніжэйшага і, магчыма, часткова сярэдняга класу. Аднак, гэтая сувязь не носіць агульна гістарычны і геаграфічны характар, часта ўяўляе выпадковы характар. Аб’яднанне народа вакол нацыянальнай ідэі, што ёсць вышэйшая мэта нацыяналістаў, адрозніваецца ад аб’яднання людзей, якія вераць у надыход Валадарства Божага. У гэтым і адрозненне пратэстанцтва ад праваслаўя і каталіцызму, у якіх сувязь з нацыяналізмам уяўляе сабой глыбінную сутнасць і абгрунтоўваецца на ўзроўні ўсяленскай любові і вертыкальнага імкнення да пераходу на вышэйшы ўзровень іерархічнай піраміды тэорыі стадый.
Рознасць паміж рухам за тысячагадовае Валадарства Божае і нацыяналізмам, такім чынам, істотная і ляжыць у іх мэтах — для першых гэта вера ў лепшую будучыню, што чакае людзей ужо ў іншым свеце (пасля прыходу Хрыста); для другіх важна выхаванне і ўдасканаленне новага чалавека ў зямным быцці.
Ёсць, аднак, і другая рыса пратэстантызму, якая збліжае з ім нацыяналізм больш, чым праваслаўе ці каталіцызм. Гэтая рыса — адсутнасць у пратэстантаў неабходнасці шматгадовага ўвацаркаўлення, даступнасць яго ідэалогіі шырокім масам, прастата і яснасць падачы евангельскіх ісцін, якія не вымагаюць істотнага духоўнага подзвігу — што вельмі важна для праваслаўных, і ўвасабляецца ў жыціях святых, мучанікаў і праведнікаў.
Сакральная духоўная глыбіня праваслаўя і каталіцызму ўзрошчвалася вякамі. Яшчэ са сваіх ранніх часоў, артадаксальнае хрысціянства гартавалася ў барацьбе з рознымі адхіленнямі ад яго, ерасямі і схізмамі. Напачатку мы бачым барацьбу з гносцітызмам, які аб’ядноўвае ідэі элінізму з усходнімі рэлігіямі і спрабуе ў гэтым рэчышчы тлумачыць хрысціянства. Пратаіярэй А. Шмеман дэталёва прааналізаваў усе раннія схізмы і іншыя спробы рэфармацыі хрысціянства і адзначае следам за гносцікамі вучэнне Маркіёна, які стаяў на пазіцыі дуалізму Старога і Новага Запавету. Потым з’яўляецца монтанізм — першая ерась на базе эсхаталагічных уяўленняў. Найбольш значнай ерассю — папярэдніцай многіх сучасных пратэстанцкіх плыняў, — з’яўляецца арыянства (ІІІ стагоддзе). Арыян з’яўляўся перакананым монатэістам і зводзіў Божую вечную Сутнасць Хрыста да яго зямнога існавання ў часе, — як Сына, але звычайнага чалавека і таму не Бога. Пазней (V ст.) мы сутыкаемся з адваротным вучэннем — монафізіцтвам, што вызначае толькі Божую сутнасць Хрыста. Гэтыя ерасі, як і вялікая колькасць іншых, рана ці позна знікалі, але карысць ад іх была: вынікам стала «загартаванасць» праваслаўя і каталіцызму, вытанчанасць Сімвала Веры і іншых асноўных дагматаў, якія пратрымаліся больш за тысячу гадоў і дайшлі да нас у амаль нязменным выглядзе.
З другога боку ў XV стагоддзі ерасі, існаваўшыя ў І тысячагоддзі ад Ражства Хрыстовага, знайшлі і сваё якаснае ўвасабленне ў новай, трэцяй хрысціянскай плыні — пратэстанцтве, якое ўзнікла як рэакцыя на жорсткую іерархічную сістэму артадаксальнага хрысціянства, характэрную найперш рыма-каталіцызму. Апошняя акалічнасць тлумачыць і той факт, што пратэстанцтва сфармавалася менавіта ў каталіцкім асяродку.
Моцная духоўная арганізацыя артадоксаў служыла тормазам працэсу ўтварэння нацый і нацыяналістычнай ідэалогіі. Пратэстанты зламалі гэты бар’ер, павярнуліся тварам да народа і, як гаварылася вышэй, сталі носьбітамі нацыянальнай рэлігі ў некаторых краінах. Аднак гэты працэс ішоў побач з адмаўленнем больш чым тысячагадовай духоўнай спадчыны як Усходняй, так і Заходняй Царквы і прыўнёс непазбежную дэвальвацыю духоўнай эвалюцыі для нацыянальных дзяржаў. І нездарма пратэстанцтва існуе цяпер у выглядзе безлічы сект, розных рэлігійных арганізацый, якія хутка ўзнікаюць і гэтак жа хутка знікаюць. Як пісаў Э. Сміт: «Спроба рэфармаваць рэлігію сканчаецца яе знікненнем».
Трэба яшчэ адзначыць, што падабенства паміж рэфармізмам і раннім нацыяналізмам з’яўляецца і ідэалагічным і сацыяльным. Па-першае, абодва рухі выкарыстоўваюць эвалюцыйную схему. Рэфармісты лічаць, што чалавек знаходзіць сваю сапраўдную сутнасць у разуменні боскага прызначэння і яго мэтаў у гісторыі. Гэтаксама і нацыяналізм прадугледжвае няспынную барацьбу за нацыянальную аўтаномію і самавызначэнне, за абуджэнне сапраўднай супольнасці і салідарнасці. Згодна з прапанаванай намі тэорыяй стадый, можна аб’яднаць выказаныя погляды адносна рэфармацыі і нацыяналізму, калі ў разуменне боскага прызначэння чалавека дадаць нацыянальнае ўсведамленне ў гэтым прызначэнні.
3.4.3. Абгрунтаванне нацыянальнай ідэі ў хрысціянстве
Яшчэ Іаган Готфрыд Гердер гаварыў, што нацыянальная разнастайнасць — частка Божай задумы і ставіць абмежаванага дзікуна вышэй за адукаванага касмапаліта.
Думкі Гердера знайшлі дастойны працяг у працах рускіх рэлігійных філосафаў канца ХІХ — першай паловы ХХ стагоддзяў (М. Бярдзяеў, У. Салаўёў, К. Лявонцьеў, І.Ільін, М. Кляпенін і іншыя). Яны выпрацавалі канцэпцыю філасофскага абгрунтавання нацыянальнай ідэі і нацыяналізму ў хрысціянстве.
Сутнасць гэтай канцэпцыі ў тым, што кожны народ мае нацыянальны iнстынкт, якi дадзены яму ад прыроды, а дакладней, ад Бога. I. Iльiн пiсаў, што «нацыянальная асаблiвасць па-свойму ўяўляе Дух Божы i праслаўляе Госпада. таму думка патушыць гэтую разнастайнасць (што спрабавалi зрабiць бальшавiкi — А.А.), можа нарадзiцца толькi ў духоўна мёртвай, хворай душы». Менавiта такая задумка ёсць спараджэнне душы злой i зайздроснай — усё роўна цi iмкнецца гэтая хiмера вайной падмяць пад сябе ўсе народы (нямецкi нацыянал-сацыялiзм) цi растварыць усе нацыянальныя культуры ў бясколернасцi i адсутнасцi разнастайнасцi (мондыялiзм, савецкi камунiзм). Адзначу, што i першае i другое не ўласцiва беларускай ментальнасцi. Беларускі народ, хаця і не меў працяглы час як нацыя нейкай вызначальнай назвы (русiны-лiцвiны-тутэйшыя-беларусы), тым не менш меў свой твар: iмкненне да незалежнасцi, да захавання сваiх традыцый, сваёй рэлiгii i iншых атрыбутаў таго, што мы азначылi як нацыяналiзм. У сувязi з тым вельмi дарэчы прывесцi трапныя словы не ўсiм вядомага цяпер хрысцiянскага фiлосафа Н. А. Кляпенiна: «Национализм это дар, данный целому народу и поэтому связывающий его, несмотря на индивидуальные различия людей, в единое целое. Как для отдельного человека правильный христианский путь заключается в развитии своего дара, так и для народа в развитии общего, всенародного дара. Целый народ более сложное явление, чем отдельный человек. Поэтому и его дар более сложен и служение этому дару труднее. Но сущность служения остаётся одинаково оправданной».
З сутнасці сказанага, падкрэслю — сапраўдны нацыяналiзм не супярэчыць усяленскасцi. Наадварот, шлях да ўсяленскага кладзецца толькi праз нацыянальнае. Касмапалiтызм — пазiцыя тых людзей, што лiчаць сябе па-за нацыяй — на самай справе магчымы толькi ў iндывiдуальным развiццi кожнай нацыi. А што ёсць хрысцiянства? Хрысцiянства — гэта любоў, якая пашыраецца да ўсiх людзей, зблiжае iх; яно ўключае ўсю паўнату ўсяленскай любовi. Самае каштоўнае ў хрысцiянстве тое, што яно сцвярджае iндывiдуальнасць асобы. А нацыяналiзм — гэта iдывiдуальнасць цэлага народа i любоў да гэтай iндывiдуальнасцi. Такiм чынам, калi мы звяртаемся да нацыяналiзму, то яго сутнасць благаслаўляецца менавiта рэлiгiяй — сутнасць як любоў да iндывiдуальнасцi вышэйшага ўзроўню (па маёй класiфiкацыi). Як i звычайная любоў да бацькоў, да сям’i, да сяброў, нацыяналiзм ёсць пэўная ступень раскрыцця ўсяленскай любовi. Нацыяналiзм — асобы дар дадзены Богам цэламу народу, i ён — гэты дар — укладзены ў кожнага чалавека свайго народа i таму сцвярджаецца хрысцiянствам — вось у чым рэлiгiйная сутнасць нацыяналiзму.
Са сказанага вынiкае, што iндывiдуальнасць непарыўна звязанай са сваiм народам. Кожны чалавек можа выявiць асабiсты Божы Дар і быць асаблiвай праявай Божай Праўды. У гэтым i заключаецца рэлiгiйнае апраўданне нацыяналiзму.
Яшчэ раз падкрэсім i тое, што нацыяналiзм ёсць пэўная ступень (першы ўзровень) раскрыцця агульнай, усяленскай любовi. Як толькi мы адкiнем любую з iерархiчных ступеняў любовi, мы адразу адчуем непаўнацэннасць жыцця. Таму нацыяналiзм ужо ад нараджэння натуральна ўласцiвы кожнаму чалавеку. Іншая справа, што ў пэўных гiстарычных абставiнах пад уздзеянням розных грамадскiх табу гэтыя ўласцiвасцi могуць не раскрывацца цi, нават, падаўляцца. Але гэта ўжо пытаннi iншага кшталту.
Што тычыцца беларусаў, то яны таксама не пазбавiліся гэтага ўнiкальнага Божага Дара — паўнаты ўсяленскай любвi, якой ганарыцца i грузiн i лiтовец.
Амаль тысяча гадоў фармаваўся беларускі народ як адметная супольнасць людзей са сваёй тэрыторыяй, мовай, гiсторыяй i iншымi атрыбутамi нацыi. Трэба імкнуцца разбудзiць беларуса, вызваць у яго Божы Дар нацыяналiзму.
Развiццё дару нацыянальнага пачуцця магчыма толькi ўва ўсведамленнi непазбежнасцi сiнтэзу рэлiгiйнага з нацыянальным, усведамленні нацыяналiзму як дзяржаўнай палiтыкi, нацыяналiзму — як падставы да ўсяленскай творчай iнiцыятывы, эканамiчных рэформ i развiцця культуры. Галоўным у станаўленнi беларусаў як нацыi, як адметнай супольнасцi людзей з’яўляецца не адраджэнне мовы, нацыянальнай свядомасцi ды гiстарычнай памяцi. Галоўнае — гэта абуджэнне Божага Дару, якi мы і завем нацыяналiзмам.
У сучаснай заходнееўрапейскай думцы, а таксама ў канцэпцыях нацыяналізму трэціх краін, што імкліва нараджаецца, выкладзеная вышэй канцэпцыя нацыяналізму праваслаўных аўтараў знайшла свой працяг. Заходнееўрапейская канцэпцыя звязана ў вялікай ступені з крызісам каталіцызма ў эпоху Асветніцтва. Рацыяналізм Асветніцтва падарваў устоі каталіцызму і прывёў да ўзнікнення пратэстанцтва, якое па-новаму паставіла нацыянальную праблему. На думку Б. Андэрсана менавіта заняпад артадаксальных плыняў хрысціянства — каталіцызму і праваслаўя — з’явілася прычынай ўзнікнення нацыяналізму. Нацыянальная ідэя і нацыяналізм запоўнілі пустку, якая ўтварылася ў сістэме ідэалаў еўрапейца ў сувязі з заняпадам рэлігіі.
Лідэ Гандзі, падкрэсліваючы гэтыя думкі Андэрсана, ідзе далей, ён гаворыць аб тэлеалагічнай непазбежнасці сучаснай нацыянальнай дзяржавы. Апошняя выснова, фактычна, супадае з канцэпцыяй Г. Гегеля адносна наратывы «Розуму», «Мадэрнасці» і «Гісторыі» знаходзяць сваю ўласную «мэту» — канчатковую ісціну сваёй значнасці ў кансалідаванай форме нацыянальнай дзяржавы.
Такім чынам нацыянальная ідэя і нацыяналізм маюць глыбокую сувязь з хрысціянствам і знаходзіць у ім глыбокае апраўданне.
3.4.4. Рэлігійныя і нацыянальныя стасункі на прыкладзе беларускага памежжа
Насельніцтва беларускага-польскага і беларуска-літоўскага памежжа вызначаецца неабходнасцю суіснавання ў гэтых рэгіёнах людзей розных нацый, сярод якіх найбольшую колькасць маюць беларусы, але маюць дастаткова значную дыяспару таксама палякі і літоўцы.
Беларускае памежжа характарызуецца стракатай палітрай рэлігійных канфесій самага рознага кшталту. Здаўна ў ім жылі побач праваслаўныя і католікі, ёсць і месцы кампактнага пражывання пратэстантаў — галоўным чынам баптыстаў і пяцідзесятнікаў. Вядома, што такая карціна ўлаціва Беларусі наогул, але менавіта на памежжы яна найбольш выразная.
Існуючая шматканфесійнасць не спрыяе кансалідацыі беларускага грамадства, а на памежжы яна ўносіць яшчэ адзін істотны элемент наступнага кшталту. Беларускія католікі, што жывуць у зоне мяжы з Польшчай імкнуцца быць бліжэй да Польшчы і іх нацыянальны менталітэт хутчэй польскі, чым беларускі — асаблівую ролю тут канешне адыгрывае розніца ў жыццёвым узроўні. Праваслаўныя наадварот — цягнуцца да Расіі, і гэтая палярызацыя беларусаў, заснаваная на прыналежнасці да розных канфесій, не спрыяе збліжэнню насельніцтва рэгіёна, як у палітычным, так і ў рэлігійным сэнсе.
У сувязі з гэтым настае пытанне аб будучыні гэтага складанага сімбіоза католікаў, праваслаўных і пратэстантаў беларускага памежжа. Гаворачы больш канкрэтна паўстае пытанне аб кансалідацыі, аб’яднанні насельніцтва на рэлігійнай глебе, для чаго і патрэбен экуменнізм. Шмат працы зрабіў для вырашэння праблемы экуменізму праваслаўя і каталіцызму наогул выдатны рускі філосаф Уладзімір Салаўёў. Ён верыў у адзіную рэлігію створаную шляхам аб’яднання каталіцызму і праваслаўя, напісаў шмат твораў на гэтую тэму, Але ў сапраўднасці нічога з гэтага не атрымалася і ён стаў чужым і католікам і праваслаўным.
Прычына паразы Салаўёва ляжыць хутчэй за ўсё ў тым, што за многія гады незалежнага існавання гэтых канфесій надта рознымі сталі як унутраныя асаблівасці каталіцызму і праваслаўя, так і знешні, абрадавы іх бок. І для Беларусі на сучасным этапе — этапе нясмелага адраджэння хрысціянства — пытанне аб экуменізме з’яўляецца заўчасным, калі наогул магчымым. Становішча беларускага памежжа ў рэлігійным сэнсе вельмі складанае: рэгіён знаходзіцца на мяжы двух культур — усходняй і заходняй, і двух рэлігій — каталіцызму і праваслаўя. Мы свядома не кранаем пратэстанцтва, бо яно не адлюстроўвае нацыянальнага беларускага менталітэту — той асаблівасці, што фармуецца стагоддзямі.
Адзначым важную акалічнасць, характэрную для насельніцтва беларускага сумежжа. У гэтым рэгіёне назіраецца цікавая з’ява звязаная з менталітэтам: беларусы-католікі і беларусы-праваслаўныя вельмі блізкія па свайму духоўнаму складу, характару мыслення, і гэтая блізасць большая, чым у беларусаў-католікоў і палякаў-католікоў. Гэта наводзіць на думку, што нацыянальнае адзінства для беларусаў значыць больш, чым адзінства ў веравызнанні. Такая пераарыентацыя ў асноўных жыццёвых каштоўнасцях новая з’ява: да ХІХ стагоддзя гістарычны лёс народаў быў звязаны галоўным чынам з канфесійнай прыналежнасцю грамадзян краіны.
Менавіта падзел беларусаў на католікоў і праваслаўных у ХVI стагоддзі стаў прычынай заняпаду ВКЛ. Старажытную дзяржаву ВКЛ здаўна раздзіралі дзве сілы — адна з накірунам заходнім, другая — усходнім. Гэтая акалічнасць існуе і цяпер, і асабліва выразна бачна на памежжы.
Якая ж будучыня хрысціянства беларускага памежжа? Хучэй за ўсё, шлях хрысціянства ляжыць не ў перацягванні католікоў у праваслаўныя, ці наадварот, шлях і не ў стварэнні уніі і не ў імпарце пратэстанцтва з ЗША. Сапраўдны шлях — у ўмацавнні самой веры ў Хрыстову Царкву, у стварэнні моцных рэлігійных цэнтраў, у першую чаргу праваслаўных і каталіцкіх асяродкаў.
Раздзел IV Сучаснасць і будучыня нацыянальнай ідэі ў Беларусі і свеце
4.1. Палітычныя працэсы на Беларусі
4.1.1. З гісторыі ўзнікнення палітычных ідэалогій на Беларусі
Сярэдняга беларуса канца ХХ стагоддзя характарызуе даволі слабая нацыянальная свядомасць, якая выражаецца ў ігнараванні большасцю грамадзян сваёй роднай мовы, адсутнасцю гонару за мінулае Беларусі (няведанне гісторыі) і іншыя фактары. Ці можна наогул у такіх абставінах гаварыць пра існаванне беларускага нацыяналізму?
На нашую думку, хаця нацыяналізм у Беларусі не сфармаваўся на ўзроўні дзяржаўнай ідэялогіі і як масавая свядомасць народа, ён мае перспектывы стаць такім у недалёкім будучым. У канцы ХХ ст. беларусы апынуліся ў становішчы французаў канца ХVIII ст., цi чэхаў пачатку ХХ ст. У наш час — эпоху развiтых нацыянальных дзяржаў — беларусы з’яўляюцца адным з нешматлікіх у свеце народаў, нацыянальная iдэнтыфiкацыя якiх яшчэ цалкам не сфармавалася. Асноўныя прыкметы нацыі — агульнасць мовы, тэрыторыі і наяўнасць нацыі-дзяржавы — у Рэспубліцы Беларусь выглядаюць не лепшым чынам. І нездарма пра беларусаў доўгі час гаварылі як пра этнас, а не нацыю. У адрозненне ад сваіх продкаў. што жылі ў Вялікім княстве Літоўскім і ўяўлялі магутны народ, не раз дававаўшы адпор і Маскве і крыжакам, беларусы «Северо-Западного края» Расіі былі насельніцтвам з слаба выяўленай нацыянальнай свядомасцю. Пасля Залатога веку ХVІ стагоддзя развіццё літаратурнай беларускай мовы, пачынаючы з забароны яе афіцыйнага выкарыстання ў Рэчы Паспалітай (1696 г.), амаль прыпынілася і пачало набіраць рост толькі з другой паловы ХІХ ст. Не было нават адзінай назвы беларускага народа. Гучалі назвы: «ліцвіны», «русіны», а найбольш — «тутэйшыя». А на Палессі казалі: «мы не людзі — мы паляшукі».
Сярод прычын такога нацыянальнага заняпаду адзначым наступныя:
а) Пераход вялікай часткі праваслаўнага насельніцтва ВКЛ ў каталіцызм. Падзел адзінага беларускага (старажытна-беларускага) этнасу на праваслаўных, католікоў і уніятаў унёс унутраную напружанасць і варожасць, даходзячую да фізічнага спосаба высвятлення адносін сярод грамадзян.
б) Атток у XVII–XVIII ст. найбольш актыўных і разумных людзей у Расію і паўднёвае казацтва па прычыне рэлігійнага і палітычнага пераследу.
в) Нарастаючае апалячванне інтэлектуальнай беларускай эліты з ХVІ па ХVIII стагоддзе. Нават у ХІХ ст., пры здавалась бы вызначальным нашэсці русіфікцыі на землі беларусаў, сотні тысяч насельнікаў былога ВКЛ пераходзілі ў каталіцызм (чаго не было, нават, пры Рэчы Паспалітай) і затым запісваліся палякамі.
На працягу ўсяго ХІХ ст. паступова пачынаецца нацыянальнае адраджэнне беларускага насельніцтва. К ХХ ст. ў беларусаў ужо існавала сучасная беларуская літаратурная мова і пісьменнасць, якая існавала на аснове двух алфавітаў — лацінкі і кірыліцы, выпускаліся газеты —, «Гоман», «Наша ніва», «Наша доля» былі свае нацыянальныя паэты і пісьменнікі (Цётка, Я. Колас, Я. Купала, М. Багдановіч, Ядвігін Ш. і іншыя).
У гісторыі беларускага адраджэнцкага руху і звязанага з ім працэсам фармавання беларускай нацыі мы можам вылучыць чатыры перыяды.
Першая хваля нацыянальнага адраджэння займае перыяд з 1861 г. па 1917 г. Перыяд ВКЛ намі не разглядваецца па прычыне таго, што ў тыя часы навогул яшчэ не пачаўся працэс фармавання нацый у сучасным паняцці (магчыма, за выключэннем Англіі, як адзначалася вышэй). Перыяд ВКЛ (з ХІІІ да ХVІ-га стагоддзя) — гэта па нашай класіфікацыі перыяд падзелу людзей па веравызнанням (формы монатэізму), ці па класіфікацыі Э. Гелнера — аграрны перыяд (пераднацыянальны).
Гістарычна склалася так, што першым ідэалагічным вучэннем на Беларусі была сацыял-дэмакратыя, якая ўвасаблялася ў Беларускай Сацыялістычнай Грамадзе (БСГ), ці проста Грамадзе. Гэтая партыя была створана шляхам рэарганізацыі Беларускай Рэвалюцыйнай Грамады (існавала з 1903 г.).
БСГ кіравалася двумя вельмі важнымі канцэпцыямі. Па-першае, яна выступала за сацыялізм, хаця і не мела адносін з расійскай камуністычнай партыяй (РКП(б)). Па-другое — і гэты факт стаў вызначальным пры стварэнні БНР і БССР — вялікае месца ў праграме БСГ займала праблема ажыццяўлення нацыянальнай ідэі. Упершыню за ўсю гісторыю Беларусі ў складзе Расійскай імперыі была створана праграма, дзе была выразна выказана ідэя аўтаноміі беларускіх зямель, аўтаноміі Беларусі ад Расіі. Хаця аўтаномія не прадуглежвала поўнай незалежнасці (Беларусь па праграме БСГ заставалася ў складзе Расйскай імперыі) — гэтая ідэя была на той час вельмі радыкальнай. Нітуючы пачатак і канец ХХ стагоддзя можна сказаць, што абвяшчэнне Рэспублікі Беларусь у 1991 годзе ёсць завяршэнне і ажыццяўленне ідэй сфармуляваных у праграме БСГ.
Пасля рэвалюцыі 1917 года ў Беларусі існавала дзве галоўныя палітычныя партыі: БСГ, якая ў 1918 г. была ператворана ў БСДП (Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю), і Камуністычная партыя Беларусі (КПБ).
Дзейнасць БСГ — БСДП непарыўна звязана з яе лідэрамі — Іванам і Антонам Луцкевічамі, Алесем Гаруном і іншымі. Самае галоўнае, што прынесла іх дзейнасць: праграма БСГ была рэалізована на практыцы фактам стварэння 25 сакавіка Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), праіснаваўшай, праўда, не доўга. Аднак да гэтага часу існуе ўрад БНР у эміграцыі (цяперашні прэзідэнт Івонка Сурвіла).
Іншыя вынікі атрымаліся ў выніку дзейнасці на Беларусі камуністаў (бальшавікоў). 1-га студзеня 1919 г. імі была ўтворана БССР. Ёсць меркаванне, што штуршком для абвяшчэння БССР, было папярэдняе ўтварэнне БНР.
У адрозненне ад цяперашніх часоў, у 20-я гады жыццё Беларусі пад кіраўніцтвам камуністычнай партыі было адметным шырокім нацыянальным уздымам, усеагульнай беларусізацыяй. Кіруючыся нашай класіфікацыяй ідэалогій (гл. папярэдні раздзел), можна сказаць, што дзейнасць грамадскіх і афіцыйных асоб, ды і наогул афіцыйную ідэалогію, можна суаднесці з нацыянал-камунізмам. Аднак ужо з 1929 г. пачалася новая эпоха, пачалося станаўленне культу асобы Сталіна, пачаліся жорсткія рэпрэсіі, пад якія трапілі не толькі іншадумцы (былыя сацыял-дэмакраты, нацдэмы), але і нацыянал-камуністы (Вацлаў Ігнатоўскі, Цішка Гартны і іншыя).
Гэта становіцца зразумелым калі усвядоміць наступную схему фармавання нацыі-дзяржавы: кожная нацыя, якая суіснуе з дамінуючай нацыяй у адной дзяржаве, для дасягнення дзяржаўнай незалежнасці павінна прайсці шлях з трох фаз:
— супольнае жыццё малой нацыі з вялікай у адной дзяржаве (беларусаў-тутэйшых з рускімі);
— дасягненне аўтаноміі ў рамках адной дзяржавы. Фактычна БССР у складзе СССР можна лічыць у нейкай ступені аўтаномнай рэспублікай. Аднак гэтая аўтаномія вельмі ўмоўная, бо ў таталітарнай дзяржаве, якой быў СССР, ні аб якіх свабодах не магло і быць гаворкі.
— барацьба за незалежнасць і як вынік — здабыццё яе.
Беларусь, абыходзячы другую з адзначаных стадый, 25 сакавіка 1918 г. стала незалежнай дзяржавай — спачатку гэта была БНР, а з 1 студзеня 1919 г. яе бальшавіцкай альтэрнатывай — БССР, «раўнапраўнай» рэспублікай у складзе СССР. На самой справе БССР не мела, нават, сапраўднай аўтаноміі. Адно што можна адзначыць — пэўную культурную самастойнасць Беларусі.
Другая хваля нацыянальнага адраджэння: 1918–1929 гады (БССР), 1921–1939 гады (Заходняя Беларусь).
Гэты перыяд быў перыядам бурнага развіцця беларускай нацыі. За досыць кароткі перыяд у галіне беларусізацыі было зроблена больш, чым за ўсё мінулае стагоддзе. Выйшлі першыя беларускія слоўнікі: у 1926 г. у Мінску выйшаў беларуска-расійскі слоўнік, складзены М. Байковым і С. Некрашэвічам; у 1924 г. у Коўна выйшаў расійска-беларускі слоўнік В. Ластоўскага; надрукаваны таксама галіновыя слоўнікі па фізіцы, хіміі і іншых навуках. Навукова-даследчае жыццё віравала ў асяроддзі першай беларускай навуковай установы Інбелкульта — папярэдніка Акадэміі Навук. Расквітнела беларуская проза і паэзія. Сфармавалася нацыянальнае тэатральнае мастацтва і народная творчасць.
Ёсць усе падставы сцвярджаць, што менавіта к 1929 году на Беларусі сфармавалася беларуская нацыя і адпаведна абазначыліся контуры беларускай нацыянальнай ідэі (БНІ). З’явіліся і першыя тэарэтычныя працы прысвечаныя беларускай праблематыцы. Асабліва трэба адзначыць ксяндза Адама Станкевіча, якім былі, па сутнасці, закладзены асновы беларускага нацыяналізму і БНІ.
Калі ў перыяд 20-х — 40-х гадоў ва Усходняй Беларусі ўсталяваўся камуністычны рэжым, то ў Заходняй панаваў капіталізм, які быў адносна больш лаяльным рэжымам і нават дазваляў шматпартыйнасць. Найбольш буйнай з беларускіх партый Заходняй Беларусі была БХДЗ (Беларуская хрысціянска-дэмакратычная Злучнасць), якой кіравалі Ян Пазьняк і ксёнз Адам Станкевіч. БХДЗ аб’ядноўвала ў сваіх шэрагах некалькі тысяч чалавек. Гэта былі галоўным чынам сяляне, а таксама збяднелая шляхта. Вялікі ўклад у развіццё нацыянальнай беларускай думкі зрабіў ідэолаг БХДЗ А. Станкевіч, які надрукаваў шэраг ключавых кніг аб хрысціянстве і беларускай нацыянальнай ідэі і ён фактычна заклаў асновы беларускага нацыяналізму.
Акрамя БХДЗ у Заходняй Беларусі існавалі і іншыя партыі: БСДРП (Беларуская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя), БНФ (Беларускі народны фронт) і, нават, Беларуская нацыянал-сацыялістычная партыя.
У часы рэпрэсій галоўным абвінавачваннем, што выдзвігалася да дзеячоў беларускай культуры, пісьменнікаў, паэтаў, мастакоў, вучоных і іншай творчай інтэлігенцыі было абвінавачванне ў «нацдэмаўшчыне», г. зн. у прыхільнасці да ідэалаў дэмакратыі і нацыянальнай ідэі — дакладней да ўсяго нацыянальнага. Гэтая «нацдэмаўшчына» амаль ўзводзілася ў ранг нейкай ідэалогіі, варожай да сацыялістычных і камуністычных ідэй і наогул «да будаўніка камунізму». Але на самой справе «нацдэм» — гэта быў толькі ярлык, які прыдумалі бальшавікі, а якой-небудзь пэўнай тэорыі, канцэпцыі, ці ідэалогіі, што падыходзіла б пад тэрмін «нацыянальная дэмакратыя», не існавала. Пад ярлык «нацдэма» маглі трапіць і былыя сацыял-дэмакраты з «Грамады» і хрысціянскія дэмакраты, што выехалі з Заходняй Беларусі у Савецкую Беларусь, і нацыянал-камуністы, і, нават, звычайныя беларускамоўныя пісьменнікі і паэты. Але з’яўлялася рэальнасцю і наяўнасць нацыянальна-адраджэнцкага руху ў БССР, які, па-сутнасці, і атрымаў назву «нацдэмаўшчына».
Культ асобы на многія гады прыпыніў працэс нацыянальнага адраджэння беларусаў. Творы найбольш грунтоўных мысліцеляў даваеннай эпохі А. Станкевіча, В. Ластоўскага, Я. Лёсіка, Я. Самойлы не паспелі стаць усенародным набыткам — іх аўтары былі рэпрасаваныя, а кнігі былі забароненыя.
У сувязі з гэтым гаварыць аб існаванні прынамсі палітычнага нацыяналізму і тым больш ідэалогіі нацыяналізму ў дзяржаўным маштабе — даваеннай БССР — заўчасна. Аднак нацыянальны рух 20-х гадоў быў ужо асновай будучай нацыянальнай дзяржавы і канцэпцыі беларускага нацыяналізму.
На працягу панавання савецкай улады, фактычна, адзінай ідэалогіяй у БССР была дзяржаўная ідэалогія, якую несла камуністычная партыя — КПБ, філіял саюзнай КПСС. З іншых ідэалогічных канцэпцый можна адзначыць толькі ідэі выкладзеныя ў праграмах даваенных партый Заходняй Беларусі — БХДЗ і БСДП. Трэба адзначыць, што ні ліберальныя, ні кансерватыўныя традыцыі не былі вядомыя беларусам, як у імперскай Расіі, так і ў Рэчы Паспалітай і ў БССР.
Гаворка аб гісторыі нацыянальнага руху на Беларусі, было б не поўнай, калі б не адзначыць хвалю нацыянальнага адраджэння пад час нямецкай акупацыі. Афіцыйна амаль усе ўзнікшыя ў 1941–1944 гадах на тэрыторыі Беларусі арганізацыі нацыянальнага кшталту, якія не падтрымлівалі камуністаў, лічацца калабаранцкімі. Але заўсёды забываецца іншы бок гэтых падзей — вялікая частка нацыянальна свядомых беларусаў імкнулася да стварэння такой Беларусі, якая будзе незалежнай як ад фашысцкай Германіі, так і камуністычнага Савецкага Саюза. Хаця большасць з гэтых людзей верылі ў сілы свайго народа і марылі аб яго лепшай будучыні, нельга забывацца і пра тых, што пайшлі на адкрытую здраду і сталі на бок Рэйха.
Другая сусветная вайна парадзіла трэцюю хвалю беларускага адраджэння. Ужо ў 1941 годзе была створана Беларуская нацыянальная Самапомач, затым узнік Саюз беларускай моладзі (СБМ), арганізавана Беларуская незалежніцкая партыя (БНП) і паўстала Беларуская аўтакефальная царква. У 1942 годзе на тэрыторыі акупаванай Беларусі быў арганізаваны шырокі нацыянальны рух — Беларуская Цэнтральная Рада (БЦР), на чале з Р. Астроўскім. З дапомогай БЦР была, нават, створана свая нацыянальая армія — Беларуская Краёвая Абарона, у колькасці 23 тысяч чалавек. БЦР праводзіла вялікую асветніцкую і культурніцкую працу, Былі адкрыты беларускія школы, адчынены народныя бібліятэкі, адноўлена праца Мінскага Беларускага тэатру. Беларускімі кампазітарамі было напісана звыш 60 музычных твораў, сярод якіх балет кампазітара А. Туранкова «У лясным пушчары», аперэта М. Шчаглова на лібрэта Н. Арсеньевай «З выраю»; выдадзены зборнікі вершаў Н. Арсеньевай, Т. Лебеды, Л. Случаніна.
Кульмінацыяй дзейнасці БЦР стаў ІІ Усебеларускі Кангрэс, што прайшоў у Мінску 27 чэрвеня 1944 г. Хаця кангрэс праходзіў у акупаваным Мінску, ён меў наэвычай вялікае прадстаўніцтва — дэлегаты былі ад усіх этнаграфічна беларускіх мясцін колькасцю 1039 асобаў.
Кангрэс асудзіў бальшавіцкі рэжым і ануляваў усе пастановы і законы прынятыя савецкай уладай і палякамі. У заключным слове прэзідэнт Кангрэсу Яўхім Кіпель сказаў: «Сённяшнім сваім актам наш народ давеў усяму Свету, што ён не хоча ні маскоўскае, ні польскае апекі. Усе пастановы аб выхадзе з так званага Савецкага Саюзу і аб ануляванні маскоўска-польскіх дамоваў аб Беларусі, прыняты аднагалосна. А гэта вельмі важна! Сярод тысячы двухсот чалавек не знайшлося ні аднаго, які б хацеў звароту бальшавікоў, які б хацеў панавання польскіх паноў на Беларусі. Бясспрэчна, гэта воля не толькі дэлегатаў — гэта воля ўсяго беларускага народу!»
Дэлегаты Кангрэсы былі настроены вельмі рашуча. Але ўзнікае пытанне: чаму ж ніхто з прысутных на Кангрэсе не здолеў рэальна ацаніць свае шанцы ў барацьбе за незалежнасць Бацькаўшчыны. Яны ж былі на 100 атсоткаў нулявымі! Усе згаданыя падзеі праходзілі ў тыя часы, калі Савецкая Армія гнала нямецкіх акупантаў і няўзабаве вызваліла Мінск. Пра якую незалежную Беларусь у такіх умовах можна было гаварыць. Ня дзіва, што амаль усе ўдзельнікі Кангрэсу былі ці закатаваныя савецкім НКУС, ці скончылі сваё жыццё ў эміграцыі. А сярод іх былі такія вядомыя людзі як генерал К. Езавітаў (як напісана ў «Матэрыялах Кангрэсу…» — «загінуў на бальшавіцкай шыбеніцы ў 1947 г.»); славутыя паэткі Ларыса Геніюш і Наталля Арсеньева (абедзьве былі рэпрасаваныя); вядомы ўрадовец Народнага Камісарыяту Асветы БССР Аўген Калубовіч, які напісаў у эміграцыі вядомую зараз кнігу «Айцы Беларусі і іх лёс»; інжынер Іван Касяк — напісанаў у эміграцыі кнігу «З гісторыі Беларускай аўтакефальнай царквы»; дацэнт БДУ, аўтар шматлікіх падручнікаў і навуковых прац Яўхім Кіпель і шмат іншых знакамітых людзей, імёны якіх толькі цяпер вяртаюцца з забыцця.
Такім чынам, у выніку шматлікіх рэпрэсіўных акцый на працягу 20-х — 50-х гадоў, на момант гарбачоўскай перабудовы — а менавіта з гэтых часоў пачынаецца новы гістарычны працэс у СССР — Беларусь падыйшла амаль абезгалоўленай, не маючай дастаткова моцнай нацыянальна свядомай інтэлігенцыі, не падрыхтаванай да ўсведамлення сябе нацыянальнай дзяржавай. Дзве хвалі масавага тэрору — рэпрэсіі 30-х гадоў і пераслед «нацыяналістаў» пасля 1944 года далі свае сумныя вынікі.
З прыходам гарбачоўскай перабудовы пачалася новая эпоха ў палітычных працэсах Беларусі. І галоўнай падзеяй было абвяшчэненне ў 1991 г. Беларусі дзяржаўнай незалежнасці. Галоўная рыса новага перыяду (90-я г. ХХ ст.) — падзенне аўтарытэта і ўсеабдымнасці камуністычнай партыі, падзенне таталітарнай сістэмы. Новы перыяд прынёс шматпартыйнасць і станаўленне новых (для былой БССР) палітычных ідэалогій.
Шматпартыйнасць разгарнулася на Беларусі з пачатку 90-х гадоў, на цяперашні момант у РБ прадстаўлены фактычна ўсе асноўныя палітычныя плыні, што існуюць у краінах Заходняй і Усходняй Еўропы. У 1988 г. паўстаў Беларускі Народны Фронт, які паставіў сваёй мэтай дэмакратызацыю грамадства і нацыянальнае адраджэнне. У 1990 г. быў прыняты Закон аб мовах, згодна якому беларуская мова станавілася адзінай дзяржаўнай мовай. Пасля абвяшчэння Рэспублікі Беларусь была прынята нацыянальная сімволіка — герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг. Пачалася чацвёртая хваля нацыянальнага адраджэння, якая доўжылася з 1988 па 1996 год — год рэферэндума, пасля якога была вернута ў некалькі мадыфікаваным выглядзе ранейшая савецкая сімволіка і быў прыняты закон аб двух дзяржаўных мовах: беларускай і рускай, што адмоўна адбілася на распаўсюджанні і развіцці беларускай мовы. Усё ж за гэты кароткі прамежак часу было зроблена вельмі шмат. Адкрываліся беларускія класы і школы, няўхільна беларусізавалася вышэйшая школа, упершыню адкрыта друкаваліся творы нацыянал-дэмакратаў часоў культа асобы, тых, хто доўгі час насіў ярлык «ворага народа». Грамадзянам Беларусі нарэшце сталі даступныя творы Язэпа Лёсіка, Вацлава Ластоўскага, Ларысы Геніюш, Усевалада Ігнатоўскага… Стала магчымым выдаць кнігу «Па слядам аднаго міфа» сучаснага гісторыка Міколы Ермаловіча, якая была пад забаронай, а яе аўтар ня меў уваходу ў акадэмічныя інстытуты.
Зыходзячы з прыведзенай вышэй канцэпцыі ўтварэння нацыі-дзяржавы, кожная нацыя павіннна заваяваць свой суверэнітэт, перад гэтым прайсці шлях аўтаноміі і літаральна вельмі захацець незалежнасці. Працэс утварэння нацый-дзяржаў, які пачаўся для большасці народаў, як мы вышэй адзначалі, яшчэ ў ХІХ стагоддзі, дасягнугнуў кульмінацыі ў канцы ХХ-га стагоддзя. Ідэалогія нацыяналізму запанавала паўсюдна. Але ў Беларусі гэтая ідэалогія не стала масавай. Носьбітамі яе стала невялікая частка народа, якая і стварыла БНФ.
Напачатку, у 1988 годе ідэі дэмакратыі і нацыянальнага адраджэння крочылі побач. Недахоп таго і другога ў грамадстве, шматгадовая адсутнасць свабоды слова і друку, ганебны стан беларускай мовы і нацыянальнай культуры нечакана, пасля 30 кастрычніка 1988 года — часу правядзення знакамітых «Дзядоў» — скончыліся ўзнікненнем шырокага руху за дэмакратыю — Беларускага народнага фронту (БНФ).
На самым пачатку БНФ аказаўся на вяршыні палітычных працэсаў у Беларусі і задаваў пэўны тон у дзяржаўнай палітыцы. Аднак з 1995 году, пацярпеўшы паразу на выбарах у ВС, роля і аўтарытэт БНФ у грамадстве пачалі паступова падаць.
Пасля расколу БНФ у 1999 годзе на дзве незалежныя палітычныя структуры — партыю БНФ (старшыня Вінцук Вячорка) і Кансерватыўна-хрысціянскую партыю (КХП) — партыю БНФ (старшыня Зянон Пазьняк) сумарны аўтарытэт абодзьвух БНФ трохі зменшыўся, хаця асноўная маса электарату засталася.
За 10 год пабудовы дэмакратыі ў незалежнай Беларусі акрамя БНФ, што была ў 1989 годзе адзінай апазіцыйнай палітычнай сілай, к 2000 году вырас шэраг іншых партый і грамадскіх рухаў. Пасля перарэгістацыі партый у 1998 годзе у РБ налічвалася 18 палітычных партый.
Па характару сваёй дзейнасці партыі дзеляцца на тры групы:
1) Партыі, якія падтрымліваюць палітыку прэзідэнта і ўрада. Да іх адносяцца Беларуская камуністычная партыя (старшыня В. Чыкін), Беларуская патрыятычная партыя (заснавальнік Л. Баранкевіч), Сацыял-дэмакратычная партыя Народнай Згоды (лідар — Л. Сечка), Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці і некаторыя іншыя больш дробныя партыі.
2) Партыі апазіцыйныя прэзідэнту і ўраду: партыя БНФ (старшыня В. Вячорка), КХП — партыя БНФ (З. Пазьняк і в.а. старшыні Ю. Беленькі), Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада (БСДГ) (старшыня С. Шушкевіч), Сацыял-дэмакратычная партыя «Народная Грамада» (старшыня М. Статкевіч), Аб’яднаная грамадзянская партыя (старшыня А. Лябедзька), Беларуская партыя жанчын «Надзея» (старшыня В. Палявікова), Беларуская партыя працы (старшыня Л. Лемяшонак).
3) Партыі, якія не прымкнулі да блоку дэмакратычных партый аб’яднаных у Каардынацыйную Раду, але з‘яўляюцца апазіцыйнымі: Ліберальна-дэмакратычная партыя (ЛДП) (старшыня С. Гайдукевіч), Партыя камуністаў беларуская (ПКБ) (старшыня С. Калякін) і яшчэ некалькі дробных партый. Адзначым, што КХП — партыя БНФ на працягу 1998–1999 гадоў уваходзіла ў Кансультацыйны Савет апазіцыйных партый, але потым выйшла.
На сакавік 2000 г. згодна дадзеным атрыманым Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў (НІСЭПД) па рэйтынгу папулярнасці першынства мела партыя жанчын «Надзея». Высокі рэйтынг партыі жанчын «Надзея» тлумачыцца толькі тым, што гэтая партыя менавіта жаночая, бо аніякіх істотных палітычных дзеянняў гэтая партыя не праявіла. Кожная з партый БНФ пасля расколу набірала крыху больш 2 %. Адносна высокі рэйтынг мела БСДГ, што, відавочна, абумоўлена вялікай папулярнасць Станіслава Шушкевіча, які ўзначальвае партыю.
Вынікі апытання сведчаць аб нявысокай палітычнай культуры беларускіх грамадзян. Ніжэй мы прыводзім табліцу рэйтынгу палітычных партый па даследавання НІСЭПД:
Калі б на Беларусі сёння адбыліся парламенцкія выбары, за прадстаўніка якой з партый Вы б прагаласавалі? %
Палітычныя партыі Сакавік 2000 г. Аб’яднаная грамадзянская партыя (С. Багданкевіч) 4,5 Кансерватыўна-Хрысціянская партыя — партыя БНФ (З. Пазьняк) 2,2 Беларускі народны фронт «Адраджэнне» (В. Вячорка) 2,1 Беларуская Сацыял-дэмакратычная партыя «Народная Грамада» (М. Статкевіч) 2,0 Беларуская Сацыял-дэмакратычная Грамада (С. Шушкевіч) 4,2 Партыя працы (А. Бухвостаў) 1,7 Беларуская партыя жанчын «Надзея» (В. Палевікова) 5,8 Партыя камуністаў беларуская (С. Калякін) 2,4 Камуністычная партыя беларуская (В. Чыкін) 3,3 Ліберальна-дэмакратычная партыя (С. Гайдукевіч) 1,8 Беларускае аб’яднанне «Яблоко» 1,6 Іншыя партыі 1,24.1.2. Спектр партый Рэспублікі Беларусь ў свеце еўрапейскіх ідэалагічных платформ (на сярэдзіну 2000 г.)
На Беларусі камуністычная ідэалогія прадстаўлена двумя партыямі КПБ (падтрымлівае прэзідэнта) і ПКБ (трэцяя група). Сегмент 10 з схемы 3 папярэдняга раздзелу на беларускім ідэалагічным грунце адсутнічае — нацыянал-камуністаў няма.
Сацыял-дэамакратычная ідэалогія — найбольш папулярная ў Беларусі. Адпаведных партый на Беларусі — 3 (партыі, у назве якіх ёсць словы сацыял-дэмакратычная). Гэта — БСДПНЗ (Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя Народнай згоды); БСДГ (Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада) і БСДП «НГ» (Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя «Народная Грамада»). Нягледзячы на блізкасць назваў усе гэтыя партыя маюць розныя погляды на беларускую палітыку. Першая з іх — прытрымліваецца афіцыйнага, прэзідэнцкага курсу і дзейнасць партыі не выходзіць за рамкі «згоды з урадам», БСДП з’яўляецца правацэнтрысцкай партыяй (с.-д. ІІ на схемах 3 і 4), а БСДП «НГ» партыя больш левага накірунку — утвораная ў выніку аб’яднання БСДГ 1991-га году (М. Ткачоў) і Партыі Народнай Згоды (с.-д. І на схемах 3, 4).
Акрамя гэтых партый да сацыял-дэмакратычнага накірунку адносяць сябе Беларуская партыя жанчын «Надзея», Беларуская партыя Працы, Рэспубліканская партыя Працы і Справядлівасці.
Ідэалогія нацыяналізму. У вялікай ступені яна стаіць у аснове праграм абодвух БНФ, ёй нададзена значнае месца ў БСДГ. Цалкам на пазіцыях нацыяналізму стаяла, не падаваўшая на перарэгістрацыю 1999 года ў Міністэрства юстыцыі, Беларуская нацыянальная партыя (БНП), якая ўвяла прынцып нацыяналізму ў ранг галоўнага праграмнага прынцыпа. У праграме БПН запісана: «Нацыяналiзм — лепшая духоўная якасць асобы чалавека. Надышоў час вярнуць гэтаму слову яго спрадвечны станоўчы сэнс. Нацыяналізм гэта адданасць сваёй нацыі, нацыяналiзм — гэта змаганне нацыі за яе волю i незалежнасць, за яе духоўную i фiзiчную моц, за права нацыі быць роўнай сярод роўных».
Ідэалогія лібералізму — аснова праграмы Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) і вызнаецца таксама Ліберальна-дэмакратычнай партыяй (ЛДП). Характэрна, што ў сацыяльным складзе абедзьвух партыі дамінуюць прадстаўнікі бізнесу, прадпрымальнікі.
Хрысціянска-дэмакратычная ідэалогія. Ніводная з партый, якія прайшлі перарэгістрацыю ў 1999 г., на пачатак 2000 г., не носіць назвы такога кшталту. Але трохі раней (да перарэгістрацыі) існавала тры партыі хрысціянска-дэмакратычнага накірунку: Беларуская хрысціянска-дэмакратычная Злучнасць (БХДЗ), Хрысціянска-дэмакратычны Выбар (ХДВ) і Беларуская хрысціянска-дэмакратычная партыя (БХДП). (Апошняя ўтварылася ў свой час у выніку раскола БХДЗ — першай партыі такога накірунку). Усе гэтыя партыі мелі малы аўтарытэт у грамадстве, былі малалікімі і заканамерна зніклі.
Сярод іншых партый ідэі хрысціянскай дэмакратыі прысутнічаюць у праграмах БНФ, КХП — партыі БНФ, БНП, а таксама БСДГ.
Чаму ж атрымалася так, што найбольш уплывовыя на Захадзе ідэі хрысціянскай дэмакратыі, амаль не ўспрымаюцца ў Беларусі? Адказ просты. Па-першае — гэта слабасць шматпартыйнай сістэмы наогул. Па-другое, за гады панавання камуністычнага рэжыму і манаполіі камуністычнай ідэалогіі, быў выхаваны грамадзянін з атэістычным светапоглядам. Для шырокіх мас людзей хрысціянства ў палітычным жыцці не ўспрымаецца, як не ўспрымаецца рэлігія наогул.
Тым не менш вялікі колькасны рост царкоўных прыходаў усіх канфесій, надае надзею на лепшую будучыню хрысціянскай дэмакратыі ў Беларусі.
Ідэалогія кансерватызму. На Беларусі адсутнічаюць партыі, якія б насілі такую назву, няма і партый, якія б суцэльна кіраваліся ідэалогіяй кансерватызму. Для той жа КХП галоўны прынцып не ў хрысціянскай дэмакратыі, і не ў кансерватызме, ён цалкам уключаны ў паняцце «нацыянальна-вызвольны рух».
У прынцыпе адсутнасць кансерватызму на Беларусі зразумелая. Яна абумоўлена разрывам векавых традыцый, масавай адсутнасцю нацыянальнай свядомасці беларусаў і іншых неабходных кампанентаў уласцівых кансераватызму.
Ёсць аднак сярод беларускіх тэарэтыкаў і такія, якія спрабуюць «сканструяваць» беларускі ліберальны кансерватызм. У раздзеле ІІІ-3, прысвечаным гэтай тэме, мы адзначалі, што такая ідэалогія наогул супярэчлівая. Паглядзім цяпер як выглядае гэтая праблема ў беларускім кантэксце.
Нягледзячы на адсутнасць аргументаваных падстаў, адзін з ідэолагаў Аб’яднанай Грамадзянскай партыі М. Пліска сцвярджае аб наяўнасці ў Беларусі ідэалогіі ліберальнага кансерватызму, носьбітам якой на ягоную думку і з’яўляецца АГП. Каб паказаць, што ліберальны кансерватызм мае гістарычныя карані М. Пліска беспадстаўна сцвярджае, што ў Заходняй Беларусі даваеннага перыяду існаваў дастаткова ўплывовы ліберальна-кансерватыўны напрамак, які быў звязаны з дзейнасцю партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя — Беларускае народнае аб’яднанне» (БХД — БНА). Гэтая партыя была створана на V з’ездзе БХДЗ, але зусім не для таго, каб падкрэсліць свецкі характар партыі (як сцвярджае М. Пліска), а каб акцэнтаваць увагу на нацыянальнай накіраванасці партыі (дадатак БНА). Ва ўсім свеце партыі, маючыя ў сваім свеце словы «хрысціянска-дэмакратычная», па свайму палітычнаму прызначэнню ніколі не залежылі і не залежаць ад інстытута Царквы. Такая назва толькі падкрэслівае тое, што носьбіты хрысціянска-дэмакратычнай ідэалогіі вызнаюць хрысціянскія каштоўнасці, роўна як і прынцыпы дэмакратыі. Аднак падтрымліваць і здзяйсняць хрысціянскія ідэі і мараль могуць і прадстаўнікі іншых партый. У сучаснай Рэспубліцы Беларусь — гэта БНФ, БНП, БСДГ. Аўтар згаданага артыкула прыпісвае партыі БХД — БНА чамусьці і ліберальную і кансерватыўную ідэалогію, аб чым аднак не ўспамінаецца ні ў водным дакуменце гэтай партыі. Далей Пліска ўжо смела выходзіць на выдуманую ім сцежку і лёгка аперыруе такімі тэкстамі: «традыцыя лібералізму і кансерватызму працягвала існаваць у пэўных колах эміграцыі», а ў наш час ідзе працэс «адраджэння лібералізму і кансерватызму».
Такім прыёмам дасягаецца ўяўленне аб тым, што быццам бы лібералізм і кансерватызм маюць даўнюю традыцыю ў Беларусі, так што справа стаіць толькі за іх адраджэннем. Вышэй жа мы паказалі, што менавіта традыцыі лібералізму і кансерватызму амаль адсутнічалі на Беларусі — ажно да з’яўлення шматпартыйнай сістэмы ў 90-х гадах. У даваеннай Беларусі лібералізм і кансерватызм адсутнічалі як ва Усходняй Беларусі, так і Заходняй. У тыя часы існавала толькі адна ідэалогія: марксізм-ленінізм, якая была фактычна дзяржаўнай, а ўсе інакшмыслячыя залічаліся да нацыянал-дэмакратаў (нацдэмаў). Погляды нацыянал-дэмакратаў былі блізкія да сучасных ідэалогій наступнага накірунку: хрысціянскай дэмакратыі, сацыял-дэмакратыі і нацыяналізму.
Чаму ж у 90-я гады ХХ ст. не з’явілася моцнай хрысціянскай-дэмакратыі? А тыя кволыя парасткі хэдэкаў увасобленыя ў партыях Беларуская Хрысціянска-дэмакратычная Злучнаць, ці Хрысціянска-дэмакратычны Выбар, хутка трапілі ў нябыт. Некаторыя тлумачаць гэта тым, што Беларусь з’яўляецца шматканфесійнай краінай, што перашкаджае стварэнню моцнай хрысціянска-дэмакратычнай партыі. Такі погляд цалкам памылковы.
Па-першае, і ў 30-я гады Заходняя Беларусь была шматканфесійнай, але Ян Пазьняк і Адам Станкевіч кіравалі моцнай хрысціянска-дэмаратычнай партыяй, якая мела сваю салідную газету «Беларуская крыніца». Акрамя таго ў наш час не існуе аднаканфесійных краін. Напрыклад, у Германіі некалькі канфесій і пры гэтым няма перавагі якой-небудь адной, пры гэтым католікаў і пратэстантаў (лютэран) прыкладна пароўну. Тым не менш творца «нямецкага цуда» Людвіх Эрхард быў хрысціянскім-дэмакратам, а адпаведная партыя была ў той час ва ўладзе. У Польшчы, што лічыцца каталіцкай дзяржавай, жыве каля мільёна праваслаўных, якія маюць аўтакефалію.
Па-другое, у Беларусі ў наш час любая партыя заснаваная на пэўных ідэалагічных прынцыпах будзе слабай. У грамадстве бярэ верх цяпер прагматызм. І не дзіўна, што найбольшую моц у Рэспубліцы Беларусь мае «партыя ўлады».
У выніку вышэй прыведзенага аналізу адпаведная класіфікацыя палі-тычных ідэалогій і партый Беларусі можа быць адлюстраванай на схеме 5.
Тлумачэнне да схемы 7
На схеме 7, як і на схеме 5, Х — вось фактара свабоды эканамікі, Y — вось фактара свабоды асобы, фігуры 1-10 адлюстроўваюць асноўныя палітычныя ідэалогіі Беларусі.
Фігура 1 — нацыналізм. Галоўная арганізацая, што спавядае гэтую ідэалогію. — Беларускі народны фронт (Рух існуе з 1988 г, партыя БНФ з 1993 г.). Аднак ні ў воднай праграме БНФ не выкарыстоўваецца тэрмін «нацыяналізм». Больш нацыяналістычны накірунак праграмных дзеянняў узяла на сябе Нацыянальна-дэмакратычная партыя Беларусі (НДПБ) (з 1995 г. ў назве партыі слова «Беларусі» было заменена на слова «беларусаў»). Але адкрыта аб’явіла нацыяналізм асновай сваёй праграмы толькі абвешчаная ў 1994 годзе Беларуская нацыянальная партыя (БНП). Аднак на перарэгістрацыю 1998 г. гэтая партыя не падавала.
Партыя КХП — партыя БНФ абазначана прамавугольнікам у правым верхнім вуглу на стыку фігур 1, 3 і 4. Сучасны статус яе больш блізкі да класічнага нацыяналізму, а абвешчаная ў 1999 г. КХП праграма дзеянняў, вылучыўшая галоўнай задачай стварэнне так званага «нацыянальна-вызвольнага руху», робіць яе падобнай да шэрагу партый, што паўставалі ў часы рэвалюцыйных пераўтварэнняў за нацыянальную свабоду пачатку нашага стагоддзя. Фактычна гэтая праграма ёсць выразнік ірэдэнтысцкага нацыяналізму ў Беларусі. У гісторыі ёсць шэраг прыкладаў такой барацьбы, якая канчалася як паразамі (паўстанне Кастуся Каліноўскага), так і перамогамі (напрыклад рух «Саюдзіс» у Літве). КХП, магчыма, яшчэ будзе кансерватыўнай партыяй, але гэта адбудзецца толькі тады, калі яна стане на шлях памяркоўных, паступовых змен у грамадскім ладзе, што сцвярджае класічны кансерватызм.
Авал нацыяналізму 1 мае агульныя пункты сутыкнення з іншымі ідэалогііямі (акрамя лібералізму і камунізму) — сегменты 8, 10
Фігура 2 — камуністычная ідэалогія. У Беларусі яе прадстаўляюць дзве партыі — КПБ і ПКБ. Блізка да іх стаіць таксама Патрыятычная партыя. Фігуры 1 і 2 не перасякаюцца, што азначае адсутнасць нацыянал-камунізму ў Беларусі.
Фігура 4 прадстаўляе хрысціянска-дэмакратычную ідэалогію. Як ужо адзначалася ў цяперашні момант афіцыйна ні водная з партый не спавядае гэтай ідэалогіі. Аднак ёсць асобныя носьбіты хрысціянска-дэмакратычнай ідэі, як сярод людзей, так і грамадскіх арганізацый. Да перарэгістрацыі 1998 года афіцыйна існавалі наступныя рысціянска-дэмакратычныя партыі: БХДЗ (Беларуская Хрысціянска-дэмакратычная Злучнасць), ХДВ (Хрысціянска-дэмакратычны Выбар (ХДВ), Беларуская Хрысціянска-дэмакратычная партыя (БХДП).
Фігура 5 — лібералізм. Галоўныя носьбіты ідэалогіі: Аб’яднаная Грамадзянская партыя (АГП) і Ліберальна-дэмакратычная партыя (ЛДП).
Фігуры 6-І і 6-ІІ — cацыял-дэмакратыя.. На схеме 7 у адрозненне ад схемы 5 фігура 6, адпавядаючая сацыял-дэмакратыі, падзелена на дзве фігуры 6-І і 6-ІІ, займаючыя рознае становішча на малюнку. Гэта абумоўлена некаторымі прынцыповымі разыходжаннямі паміж вядучымі партыямі абедзвюх галін сацыял-дэмакратыі — Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады (БСДГ) і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада» (БСДП «НГ»).
БСДП «НГ» пасля аб’яднання з Партыяй Народнай Згоды ў 1995 г. падкрэсліла сваю левацэнтрысцккую платформу, працягвае традыцыі марксісцкай сацыял-дэмакратыі пачатку ХХ стагоддзя (напрыклад, удзельнічае ў святкаванні 1-га мая).
БСДГ утварылася пасля расколу Грамады, створанай у 1991 г. пад кіраўніцтвам М. Ткачова. У 1997 г. не падтрымаўшая аб’яданне з БНЗ, частка былой БСДГ стварыла аргкамітэт па аднаўленню партыі і пасля аб’яднання з Беларускай нацыянальнай партыяй (БНП) у 1998 г. БСДГ была адноўлена. У праграме БСДГ, прынятай на 2-м з’едзе ў 1999 г., адзначана, што БСДГ — партыя правацэнтрысцкага кшталту. Яна не прытрымліваецца ўсталяванага сярод сацыял-дэмакратычных партый прынцыпу дзяржаўнага рэгулявання эканомікай, выступае за шматукладую эканоміку і ў першую чаргу рыначную. Другай рысай БСДГ — таксама традыцыйная прыкмета «правага» ўхілу — з’яўляецца тое, што вялікая роля ў праграме адводзіцца нацынальнаму адраджэнню і ўмацаванню дзяржаўнай незалежнасці Беларусі.
На нашай схеме змешчаны асноўныя палітычныя партыі і ідэалагічныя платформы, што існуюць у наш час на Беларусі. Іншыя, больш дробныя партыі прымыкаюць да асноўных. Так, напрыклад, Патрыятычная партыя па свайму характару бліжэй за усё падыходзіць да ідэалогіі камунізма і адносіцца да фігуры 2, Рэспубліканская партыя Працы і Справядлівасці — гэта сацыял-дэмакратыя І (фігура 6-І) і г.д.
У заканчэнне адзначым, што прадстаўленая на схеме палітра беларускіх ідэалогій і партый мае некаторыя адметнасці ў параўнанні з палітрай іншых краін. Так, на Беларусі (у адрозненне, напрыклад, ад Украіны, ці Польшчы) адсутнічае нацыянал-камунізм і таму фігуры 2 і 1 не маюць агульных граніц. Аналагічна, не перасякаюцца фігуры 3 і 5, бо, як мы паказалі вышэй, на Беларусі няма ліберал-кансерватараў.
Пабудаваная схема палітры ідэалогій не з’яўляецца застыўшай палітычнай структурай, яна сфармавалася на працягу ўсяго 10 гадоў і адлюстроўвае стан беларускага грамадства на рубяжы ХХІ стагоддзя. Зразумела, яна будзе мяняцца, магчыма дапаўніцца новымі фігурамі і сегментамі, але ў выніку, калі Беларусь будзе ісці паспяхова па шляху прагрэса, колькасць асноўных ідэалогій будзе змяншацца, а колькасць партый магчыма прыпыніцца на лічбе 2 — як гэта мае месца ў перадавых краінах Еўропы і Амерыкі (напрыклад, у ЗША існуе дзве партыі — рэспубліканская і дэмакратычная).
4.2. Негвалтоўныя метады рэалізацыі нацыянальнай ідэі (НІ)
Ажыццяўленне НІ — дасягненнне незалежнасці знутры і самасцвярджэнне нацыі — у наш час магчымы шляхам ненасільнага дзеяння. Якімі ж метадамі можна ненасільна процістаяць існуючаму аўтарытарнаму рэжыму. Найбольшую ўвагу можна аддаць наступным ненасільным акцыям і грамадскім рухам:
1. Праца сярод насельніцтва — рабочых, сялян, інтэлігенцыі і іншых сацыяльных груп. Напрыклад, у 1991 годзе у Мінску выйшла на вуліцы каля 100 000 чалавек, была прыпынена праца вялікіх заводаў і прадпрыемстваў і гэта дало магчымасць ўздзейнічаць на ўрад. Сацыяльнае супрацьстаянне — магутная зброя ненасільнай барацьбы.
2. Стварэнне вялікай сеткі няўрадавых арганізацый і прадпрыемстваў. Трэба максімальна змяншаць сацыяльную і эканамічную залежнасць людзей ад дзяржавы. Многія з нашых рабочых і служачых да гэтага часу чыста па-саўкоўскаму адносяцца да месца сваёй працы. Імі кіруе страх быць звольненымі, нягледзячы на жабрацкую зарплату. Прычым назіраецца адваротная парадаксальная залежнасць: чым менш чалавек атрымлівае, тым больш ён абараняе рэжым, і чым больш заможна ён жыве, тым больш ён схільны да крытыкі рэжыму. Магчымасць самастойнага стварэння сямейнага бюджэту, максімальна магчымая незалежнасць чалавека ад дзяржавы — вось шлях перамогі над сіндромам савецкага страху.
3. Важным пытаннем з’яўляецца праблема паразумення паміж рознымі дэмакратычнымі арганізацыямі і партыямі, а таксама каардынацыя дзеянняў паміж імі і ўсёй апазіцыяй. Неабходнасць негвалтоўнага характару супрацьстаяння рэжыму прызнаецца зараз усімі. Але шлях шматпартыйнасці часта становіцца тормазам прарэсу, а не здабыткам дэмакратыі.
Мала вядомым метадам паразумення паміж плынямі розных ідэалагічных накірункаў з’яўляецца метад, вядомы ў палітыцы пад тэрмінам «саборнасць».
Гэтае паняцце не толькі царкоўны тэрмін, у сапраўднасці саборнасць з’яўляецца вядомым старажытным, аб’яднаўчым прынцыпам дзяржаўнага будаўніцтва. Этымалогія слова «саборнасць» вядзецца ад дзеяслова «збіраць» і азначае збіранне лепшых сіл грамадства для рашэння жыццёва важных задач. Саборнасць з’яўляецца першаснай формай выражэння грамадскай волі. Фактычна саборнасць — гэта антыпод партыйнасці. Улічваючы наш невялікі дослед у партыйным будаўніцтве, малую аўтарытэтнасць партый у грамадстве, менавіта саборнае вырашэнне спрэчных пытанняў набывае ў нашых умовах адметны сэнс.
У парламенцкай практыцы Кангрэса ЗША ёсць выпадкі, калі падкрэслівалісь рэзалюцыі, прынятыя саборным шляхам, без партыйнага дзяленння, простай перавагай галасоў. Яны нават атрымалі сваю назву «bi partisan resolution».
Сям’я, сельскі сход, рымскі сенат, славянскае веча, сейм у Рэчы Паспалітай першапачаткова дзейнічалі на прынцыпах згоды і аднадумства. Апошняе не патрабуе адзіных думак ува ўсіх удзельнікаў, але можа з’явіцца ў выніку ўсеагульнага пераканання ў аптымальнасці прынятых рашэнняў. Згода з’яўляецца высакаякасным праяўленнем агульнай волі, асаблівым атрыбутам саборнасці.
Саборнае прыняцце рашэнняў, як ніколі, важнае менавіта ва ўмовах шматпартыйнасці і дзялення грамадства па шматлікіх інтарэсах. Успомнім, што ў гісторыі Беларусі саборнае вырашэнне гістарычна важных пытанняў мае старажытную традыцыю. Гэтая традыцыя нам вядомая пад назвай Пагоня, якая яшчэ ў ХІІІ стагоддзі збірала ўсё боездольнае насельніцтва ВКЛ для сумеснай абароны ад ворагаў. Гэта быў саборны акт.
4. Метад несупрацоўніцтва. Несупрацоўніцтва з аўтарытарным рэжымам толькі на першы погляд мала значыць для ўрада. На самай справе гэта псіхалагічна тонкі, выматваючы метад. Адмова супрацоўніцтва з урадам высокаадукаваных людзей, вучоных, эканамістаў аслабляе рэжым і вымушае дыктатара рабіць крокі да адступлення. У апазіцыйнай прэсе пастаянна расце колькасць выдатных, незалежных журналістаў, пакідаючы ўрадавым сродкам масавай інфарамацыі ўсё менш інтэлектуалаў.
5. Рэлігійны фактар. Для народаў Еўропы хрысціянства заўсёды было важным сродкам уздзеяння на масы. Вядома, што ў Польшчы ў цяжкія 1980-я гады палітычнай барацьбы з савецкім рэжымам менавіта каталіцкі касцёл з’явіўся стрыжнем кансалідацыі грамадства на шляху да незалежнасці. Касцёл арганічна спалучыўся з польскай нацыянальнай ідэяй, стаўшы разам з ёй фундаментам дзяржаўнага суверэнітэту. Гэты працэс быў раўназначны рэвалюцыі, але адбыўся мірным, негвалтоўным чынам, у вялікай ступені дзякуючы менавіта касцёлу і тым хрысціянскім ідэалам, якія ён нёс.
Беларусь ляжыць на мяжы падзелу каталіцкага і праваслаўнага свету. І таму яе становішча нашмат складаней, чым у суседняй, аднаканфесійнай Польшчы. Акрамя гэтага, традыцыі атэізму даволі моцна ўкараніліся ў жыцці беларусаў. Цяпер інтэнсіўна ідзе працэс вяртання хрысціянскіх каштоўнасцяў, але гаварыць аб тым, што рэлігія на Беларусі здольная аказваць уплыў на палітычныя працэсы, яшчэ рана. Праблематычна чакаць ад хрысціянскіх канфесій у бліжэйшы час эфектыўнасці ў негвалтоўнай барацьбе за рэалізацыю нацыянальнай ідэі, хаця менавіта царква была асноўнай апорай у барацьбе за незалежнасць у многіх дзяржавах. Абумоўлена гэта як слабасцю рэлігійных традыцый, так і прыцягненнем праваслаўя да Масквы, а касцёла — да Варшавы. Аднак нельга абмінуць той факт, што за гады рэлігійнага пад’ёму нямала зроблена для беларусізацыі ўсіх беларускіх хрысціянскіх канфесій, асабліва каталіцызму. Хрысціянства ў Беларусі, як палітычны фактар, яшчэ праявіць сябе, бо беларусам уласцівыя унутраная рэлігійнасць і павага да старадаўніх народных традыцый, што спрыяльна ўздзейнічае на вяртанне Бога беларускаму народу.
4.3. Нацыянальная ідэя, нацыя. Царква і дзяржава
На працягу ўсёй гісторыі чалавецтва нацыянальныя, этнічныя, племянныя і іншыя чалавечыя супольнасці былі звязаны з рэлігійнымі вераваннямі. Звычайна пэўны народ вызнаваў і пэўную рэлігію — прынамсі гэта добра відаць на прыкладзе язычніцкіх народаў — у кожнага народа свой сонм багоў.
Але надыход хрысціянскай эры паклаў пачатак новай Царквы, якая па сваёй прыродзе мае ўсяленскі, наднацыянальны характар. У хрысціян «няма розніцы паміж іудэем і элінам» (Рым. 10, 12.). Тым не менш, гэта не азначае, што хрысціяне адмаўляюць нацыянальнасць. Наадварот, Царква злучае ўсяленскасць з кожнай асобнай нацыяй. Мы яшчэ будзем разглядваць гэтыя пытанні ніжэй у сувязі з праблемай нацыяналізму, які, як мы лічым, абгрунтоўваецца хрысціянствам. Цяпер мы толькі акрэслім асноўныя падыходы распрацаваныя ў розных хрысціянскіх канфесіях адносна пытання аб нацыі.
Еўропа, ЗША і іншы хрысціянскі свет у наш час падзелены ў рэлігійным сэнсе на тры асноўныя плыні: праваслаўе, каталіцызм і пратэстанцтва. Апошняя плынь ахоплівае мноства хрысціянскіх Цэркваў, якія не падзяляюць некаторых асноўных дагматаў першых двух.
Праваслаўны падыход да нацыі грунтоўна выкладзены ў «Асновах сацыяльнай канцэпцыі Рускай Праваслаўнай Царквы», якая была прынята на Юбілейным Архірэйскім Саборы Рускай Праваслаўнай Царквы ў 2000 годзе. У «Асновах» падкрэсліваецца, што ўсяленскі характар Царквы зусім не азначае адмовы ад нацыянальнай самабытнасці. «Хрысціянскі патрыятызм адначасова праяўляецца ў адносінах да нацыі як этнічнай супольнасці, і як супольнасці грамадзян дзяржавы. Праваслаўны хрысціянін закліканы любіць сваю Айчыну, якая мае тэратэрыяльные вымярэнне, так і сваіх братоў па крыві, што жывуць па ўсяму свету».
Сказанае азначае, што палітыка дзяржавы не павінна абмяжоўвацца ўнутранымі мерамі па сацыяльнаму забеспячэнню сваіх грамадзян, а трэба турбавацца і аб сваёй дыяспары.
Царква павінна таксама дбаць аб развіцці нацыі, павышэнню яе аўтарытэту — «хрысціянін закліканы захоўваць нацыянальную культуру, народную самасвядомасць». Праваслаўная палітыка надае вялікую ўвагу нацыі, таму што яна ў адказе перад Богам і перад Усяленскай Царквой. «Нацыянальнае гэта цалкам неабходная частка праваслаўнага светапогляду», — адзначае ўжо палітолаг В. Г. Махнач. Важна адзначыць, што праваслаўны светапогляд, зыходзячы з выкладзеных пазіцый, засцерагае ад ператварэння нацыянальнай ідэі ў фашысцкую, ці шавіністычную.
Увага праваслаўнай Царквы да нацыі праяўляецца і ў тым, што яна не цэнтралізаваная — кожная дзяржава можа мець сваю незалежную метраполію, сваю аўтакефальную Царкву. У наш час маецца 15 кананічных аўтакефальных Цэркваў у розных краінах свету. Усяго існуе 15 аўтакефальных праваслаўных Цэркваў: Канстанцінопальская, Алесандрыйская (Егіпет), Антыахійская (Сірыя, Ліван), Іерусалімская (Палесціна), Руская, Грузінская, Сербская, Румынская, Балгарская, Кіпрская, Эладская, Албанская, Чэхаславацкая, Польская, Амерыканская. Усе гэтыя аўтакефальныя Цэрквы маюць кананічнае зацвярджэнне — прызнаны ўсімі Памеснымі праваслаўнымі Цэрквамі і зацверджаны Канстантынопалем. Аднак ёсць аўтакефальныя Цэрквы, якія не маюць кананічнага падцвярджэння сваёй аўтакефаліі — гэта: Беларуская аўтакефальная праваслаўная Царква (БАПЦ), Украінская праваслаўная замежная Царква, Украінская аўтакефальная праваслаўная Царква Кіеўскага патрыярхату, Македонская, Эстонская, Расійская замежная, Японская.
Важнай праблемай Царквы з’яўляецца пытанне аб мове набажэнстваў. Мова — галоўны атрыбут нацыі і таму пытанне аб мове ў Царкве вельмі важнае. Яно набыло ў апошні час вялікую актуальнасць, як у сувязі з нацыянальным адраджэннем у многіх постсавецкіх рэспубліках, ды і іншых краін свету, так і ў сувязі з узростам цікаўнасці да хрысціянства і іншых рэлігій свету.
Існуюць два галоўныя накірункі развіцця моў чалавецтва. Адзін з іх, найбольш распаўсюджаны, складаецца ў развіцці народных моў, якія атрымалі з часам назву — нацыянальных. Як правіла, існуе ўзаемная адпаведнасць паміж нацыяй і мовай, на якой размаўляюць суб’екты гэтай нацыі. Гісторыя нацыянальных моў мае такі ж працяглы час, як і гісторыя чалавецтва.
Рэлігія стала крыніцай фармавання асаблівай формы зносін чалавека з Богам, крыніцай утварэння культавых моў. Функцыі культавых, ці прафетычных моў нясе зусім не вялікая колькасць моў. Галоўныя з іх: ведыйская, санскрыт, старажытнаяўрэйская, арамейская, латынь, грэцкая, авестыйская, палі і царкоўнаславянская мовы. Гэтыя мовы спецыяльна ствараліся як сродак зносін чалавека з Богам. На думку некаторых вучоных культавыя мовы ствараліся не чалавекам, а былі прадыктаваныя яму Богам.
У пытанні паходжання царкоўнаславянскай мовы — мовы праваслаўнай Царквы — шэраг багасловаў таксама схіляюцца да думак аб трансцэндэнтнасці яе паходжання. Архімандрыт Сафроній пісаў: «Слова Литургии и вообще молитв не суть только человеческие, но и данные Свыше. Церковный язык относится к сфере Божественного бытия; он должен выражать Откровение Духа и им порождённые умные видения».
Прафетычнымі мовамі могуць стаць і мовы, якія сфарамаваліся як нацыянальныя. Прынамсі так здарылася з мовамі: вэньян, старажытнагрэцкай, лацінскай і арабскай.
Разгледжаныя дзве групы моў — культавыя і нацыянальныя — знаходзяцца звычайна ў непарыўнай сувязі. Аднак гэтая сувязь бывае часам далёка не адназначнай. Вядомы факт, што часта прыхаджане не разумеюць мовы богаслужэння. Да такой з’явы існуюць дваістыя адносіны.
Згодна аднаго з падыходаў лічыцца, што трэба мяняць культавую мову на зразумелую народу мову, падцвярджаючы гэтую выснову словамі апостала Паўлы: «Дбайце пра тое, каб прарочыць, але не забараняйце гаварыць і мовамі».
Прыхільнікі артадаксальнага падыходу лічаць, што культавая мова павінна заставацца нязменнай і маюць свае аргументы на карысць традыцыйнай мовы богаслужэння. Галоўны аргумент — гэта святасць мовы, гэта здольнасць мовы ўвесці часовую і смертную чалавечую істоту ў свет Вышэйшага плану, Боскасці.
Некаторыя рэлігійныя канфесіі маюць абыякавыя адносіны да мовы богаслужэння. Гэта ўласціва найперш амаль усім пратэстанцкім цэрквам. Назіраецца такая заканамернасць: чым старыжытней канфесія, чым яна больш нясе рыс артадаксальнасці, тым у большай ступені яна захоўвае нязменнай мову свайго богаслужэння. У каталіцкім касцёле зусім нядаўна (пасля Другога Ватыканскага сабора 1962–1965 гадоў) замест традыцыйнай лаціны было дазволена ўжыванне нацыянальных моў.
Праваслаўная царква не выпадкова па грэчаску завецца «артадаксальнай». Яна кансерватыўней за касцёл у значна большай ступені і славянскі праваслаўны свет да нашага часу стала карыстацца царкоўнаславянскай мовай. Дыскусіі аб магчымасці пераходу на беларускую мову ў праваслаўных набажэнствах вядуцца даўно і адказ на яе не адназначны.
Пытанне аб прымірэнні розных поглядаў да праблемы культава — нацыянальнага суіснавання вельмі актуальнае. Мае рацыю К. Б. Мечкоўская, якая падкрэслівае: «практика, которая использует вероисповедание как рычаг в национально-языковой или иной политике, так же порочна, как и практика, для которой национально-языковые проблемы — только аргументы в языковой пропаганде».
Апошняе стагоддзе адзначана знакам секулярызацыі Царквы і згаданае вышэй паслабленне каталіцызму адносна моўнай традыцыі тлумачыцца менавіта імкненнем да самазахавання і спрадвечнай палітыкі экспансіі. Вось тут і ўзнікае пытанне аб далейшым развіцці хрысціянства, аб мове богаслужэння ў будучым.
У ракурсе апошняга пытання трэба адзначыць і яшчэ адну моўную катэгорыю, якая адрозніваецца ад згаданых двух — культавай і нацыянальнай — і, звычайна, не вылучаецца ў асобную. Гэта — мовы вузка-прафесійнага кшталту. Да іх, напрыклад, належыць мова формул — мова матэматыкі; ёсць мовы праграмавання — сродак зносін чалавека з электронна-вылічальнымі машынамі (кампутарамі).
Сярод гэтага, трэцяга класа моў існуе таксама дзве розныя групы моў. Першая — уяўляе сабой пэўны код і звычайна зводзіцца да звычайных моў. Напрыклад — мова глуханямых, мова матэматыкі і іншыя. Другая група — мовы як сродак зносін чалавека не з чалавекам, з іншымі аб’ектамі-існасцямі, што могуць быць зразумелымі толькі гэтаму аб’екту і для яго ствараюцца. Сюды трэба аднесці ў першую чаргу ўсё інфармацыйна-тэхнічнае поле сучасных кампутарных тэхналогій.
Вузка спецыялізаваны характар зносін паміж чалавекам і кампутарам за апошні час пачаў значна змянцца ў бок спрашчэння. Традыцыйныя мовы праграмавання магчыма ўжо ў недалёкім будучым зменяцца на звычайныя, нацыянальныя мовы (ЭВМ пятага пакалення). Адзначым таксама, што працэс спрашчэння моўных зносін ахоплівае і іншыя галіны чалавечай дзейнасці.
Вяртаючыся да нашай тэмы, можна задацца пытаннем, ці не мае аналагічнай тэндэнцыі і развіццё моў набажэнства? Калі зыходзіць з прыведзеных вышэй працэсаў (у галіне кампутарных тэхналогій, напрыклад), то напрашваецца думка аб аб змене характару моўнага асяроддзя богаслужэнняў — магчыма і ў гэтай вобласці надыйдзе час нацыянальных моў, што і здарылася з каталіцкай канфесіяй.
На нашую думку, аднак, нельга адназначна мяняць цяперашнюю мову, у прыватнасці, царкоўнаславянскую праваслаўнага богаслужэння на больш зразумелыя мовы. І гэта аргументавана даказана ў пісаннях Святых Айцоў і багасловаў, пра што казалася вышэй.
Рашэнне гэтага пытання нам бачыцца ў наступным.
1. Апошняе дзесяцігоддзе прайшло пад знакам масавага прытока людзей у храмы, значнага павялічэння колькасці вернікаў. Гэты працэс выявіў наступную акалічнасць: большасць грамадзян вельмі недасведчаная ў пытаннях рэлігіі і царкоўнага жыцця. Гэты прабел можна ліквідаваць шляхам змены сістэмы адукацыі. Адна з мер — увядзенне Закона Божага як прадмета ў агульнаадукацыйных школах. У тых месцах, дзе жыве большасць праваслаўнага насельніцтва, можна ўвесці элементы (факультатыў) царкоўнаславянскай мовы. Дарэчы, усё гэта ўлічвалася ў дарэвалюцыйных школьных праграмах і цяпер трэба толькі вярнуць былую традыцыю з улікам патрабаванняў часу.
2. Не закранаючы асноўнага, традыцыйнага працэса богаслужэння, у праваслаўных храмах можна ўводзіць паралельна служэнне на беларускай мове. Такім чынам, напрыклад, ужо некалькі год ідуць набажэнствы ў Мінскім Свята-Пятра-Паўлаўскім саборы. Неабходнасць такой формы царкоўнага жыцця выцякае з патрэб нацыянальна свядомых беларускамоўных грамадзян. Магчыма, такія крокі будуць і часовымі — з цягам увацаркаўлення веруючыя змогуць параўнаць (ужо свядома!) тую, ці іншую службу са служэннем на царкоўнаславянскай мове і, не выключана, што яны зменяць свой погляд на карысць тысячагадовай традыцыі.
Падагульняючы, хацелася б сказаць наступнае. Няма падстаў лічыць, што праваслаўнае богаслужэнне на царкоўнаславянскай мове павінна змяніцца на служэнне на нацыянальных мовах. Нельга механічна пераносіць працэс нацыянальнага адраджэння на змену формы царкоўных служб. Больш важным, на нашую думку, з’яўляецца змена знешняй царкоўнай арганізацыі. Для Беларусі немалаважным з’яўляецца пытанне аб аўтакефаліі праваслаўнай Царквы і гэтае пытанне непарыўна звязана з пытаннем аб дзяржаўным суверэнітэце. Аднак аўтакефалія зусім не азначае пераходу на беларускую мову богаслужэння. Для уніятаў, якія прывабліваюць пэўнае кола грамадзян беларускамоўнымі службамі, традыцыйнай мовай богаслужэння лічыцца таксама царкоўнаславянская мова. І існуючую беларускамоўную практыку самі уніяцкія святары тлумачаць тым, што вернікі «не атрымалі ў дзяцінстве традыцыйнага выхавання і таму незнаёмыя з царкоўнаславянскай богаслужэбнай практыкай».
Сацыяльна-палітычная канцэпцыя каталіцкага Касцёла выкладзена паслядоўна ў працах як свецкіх аўтараў, так і ў энцыкліках рымскіх пап.
Пазіцыя рыма-каталіцкага Касцёла наступная: Касцёл ёсць цэнтралізаваная, іерархічная, сусветная арганізацыя. За ёй рашаючая роля ў міжнародным праве, якая палягае на найвышэйшай уладзе папы. Галоўная форма дактрынальных папскіх дакументаў — энцыклікі, якія пішуцца для духавенства і вернікаў, а таксама для ўсіх людзей добрай волі. Пачаткам сучаснай грамадскай дактрыны Касцёла ёсць энцыкліка папы Леона ХІІІ ад 1891 г. «Rerum novarum (Новая гаворка)». Упершыню ў гэтым дакуменце было ўведзена паслабленне для папскай улады, адступленне ад тэзы аб поўнай залежнасці свецкай улады ад касцёльнай іерархіі (да гэтага лічылася, што грамадства ёсць свецкі працяг Касцёлу). У пантыфікатах Яна ХХІІІ і Паўла VI былі ўлічаны працэсы ўтварэння новых нацый-дзяржаў і прыняты тэзіс аб аўтаноміі і ўзаемнай незалежнасці Касцёла і грамадства, адносіны паміж імі трактуюцца на прынцыпах супрацоўніцтва.
Ян Павел ІІ надаў папярэднім дакументам сваю, арыгінальную трактоўку Папа надаў каталіцкаму Касцёлу і яго дактрыне маральнасці статус адзінай сілы, якая ў стане праз свае дзеянні прыдаць сакральны сэнс жыццю людзей і ўсёй іх дзейнасці.
У грамадскіх справах Ян Павел ІІ кацэнтруе ўвагу на праблемах сітуацыі чалавека ў сучасным свеце. Папа рэвалюцыянізуе тэалогію праз замену тэацэнтрызму антропацэнтрызмам. Прымаючы ісціну, што Бог сам паказаў на сваю адзіную, сапраўдную Царкву, праз удзел у яе таінствах чалавек можа спадзявацца авалодаць блажэнным жыццём ужо тут на Зямлі.
Важным крокам для каталіцкай думкі стала ідэя паразумення паміж людзьмі розных канфесій, што атрымала назву «ідэя хрысціянскай садружнасці». Царква і дзяржава з’яўляюцца інстытутамі, прадпісанымі Богам для дабрабыту чалавека. Суадносіны паміж імі — шчыльнае супрацоўніцтва. Функцыя Царквы вучыць ісціне і кіраваць таінствамі. Функцыя дзяржавы — устанавіць парадак і справядлівасць у грамадстве. Па пытанням веры і маралі дзяржава звяртаецца да аўтарытэту Касцёла і дапамагае яму ў барацьбе з грахом. Царква, ў сваю чаргу, павінна звяртацца да аўтарытэту дзяржавы і вучыць людзей, якія не хочуць падпарадкавацца, ці выступаюць супраць устаноўленых законаў. Такая ідэалагія сучаснай каталіцкай Царквы вельмі блізкая да дактрыны праваслаўнай Царквы Візантыі, дзе ўпершыню была ажыццёўлена ідэя сімфоніі Царквы і дзяржавы.
Нацыянальная ідэя ў каталіцкай дактрыне займае належнае месца. Яна не стаіць востра сярод развітых капіталістычных нацыянальных дзяржаў, такіх як Італія ці Францыя, але ў посткаланіяльных і постсавецкіх дзяржавах, а таксама сярод этнасаў, якія не акрэслілі яшчэ сваю нацыянальную ідэю, не стварылі сваю нацыю, гэтая ідэя вельмі актуальная.
Яшчэ не так даўно вельмі імкліва развівалася нацыянальная думка ў каталіцкім асяродку Заходняй Беларусі (1921–1940). Узгадаем выдатных дзеячоў беларускага адраджэння таго перыяду. Гэта ксёнз Кастусь Стэповіч (псеўданім Казімір Сваяк), ксёнз Адам Станкевіч, Вінцэнт Гадлеўскі, Уладзіслаў Талочка і іншыя.
Найбольш выразна сфармуляваў нацыянальную ідэю і паняцце нацыі Адам Станкевіч. У кнізе «Хрысціянства і беларускі народ» ён пісаў: «Галоўныя прынцыпы хрысціянскай навукі гэта прызнаваць асаблівасць чалавека як першага і адзінага асяродку ў культуры». Далей А. Станкевіч засяроджваецца на праблеме нацыі ў хрысціянстве, якую ён бачыць як дылему іх адзінства. «…кожная нацыянальнасць у святле Хрыстовай навукі ёсць матэрыялам не для нішчэння яго, але для тварэння з яго культурных вартасцяў».
Пытанне аб мове Касцёла, як і для праваслаўнай Царквы, з’яўляецца надзённым. Доўгі час набажэнствы вяліся выключна на лацінскай мове. Як мы ўжо гаварылі, толькі на ІІ Ваціканскім Саборы было прынята рашэнне (Аджорнамэнтэ — асучасванне) аб дазволе праводзіць імшу на родных мовах. У Польшчы пераход на польскую мову не выклікаў ніякіх цяжкасцей і паспрыяў аўтарытэту Касцёла. На Беларусі, якая не мае да гэтага часу вызначанай нацыянальнай ідэі на дзяржаўным узроўні, імша праводзіцца на дзіўным спляценні беларускай, польскай і рускай моў, кожная з якіх дамінуе ў залежнасці ад рэгіёна, нацыянальнага складу вернікаў і палітычных прыхільнасцей зацікаўленых асоб.
Трэцяя асноўная плынь хрысціянства — пратэстанцтва. Для ўсіх шматлікіх рознавіднасцей пратэстанцтва не існуе адзінай сацыяльна-палітычнай канцэпцыі нацыі і дзяржавы, як прыведзеныя вышэй канцэпцыі праваслаўнай і каталіцкай Цэркваў, хаця некаторыя пратэстацкія адгалінаванні (прасветарыяне, квакеры і яшчэ некалькі менш значных) мелі характэр рэлігійна-палітычны. Некаторыя даследчыкі (напрыклад М. Вебер) лічаць, што дактрына і этыка пратэстантызму мелі значны ўплыў на развіццё капіталізму. Гэта было звязана з палітычным характарам рэфармацыі ў XVI стагоддзі, а таксама з тэндэнцыямі да арганізацыйных і дактрынальных падзелаў унутры самаго пратэстантызму, у выніку якога паўстала некалькі соцен незалежных пратэстанцкіх груповак, кожная з якіх мела асобную назву.
Важным быў той факт, што пратэстанты адкінулі каталіцкі тэзіс аб бязгрэшнасці папы рымскага, бо яны прызналі толькі аўтарытэт Бібліі. Спрашчэнне абрадаў і рацыяналізм хутка зрабілі пратэстанцтва самай масавай рэлігійнай канфесіяй у шэрагу краін свету. Гэта, у сваю чаргу, дало штуршок да развіцця свецкага нацыянальнага руху. Э. Сміт адзначае падабенства паміж рэфармізмам і раннім нацыяналізмам, які ўзнік у першы перыяд фармавання нацый (пасля 1789 г.). Пратэстанты «пайшлі ў народ», яны распаўсюдзілі свецкую адукацыю на небывалы да эпохі капіталізму ўзровень. Утварыўся адукаваны сярэдні пласт гараджан. Нацыянальныя эліты пашырыліся да сярэдняга і, нават, ніжэйшага класу. Свецкая адукацыя ў сваю чаргу забяспечыла нацыі здольнасць да самаўдасканалення і рухомасці.
Пратэстанты першымі за ўсіх хрысціян увялі служэнне на родных мовах, а таксама распрацавалі сістэму нацыянальнай адукацыі. Ня дзіва, што за кароткі час розныя адгалінаванні пратэстанцтва распаўсюдзіліся па ўсёй Зямлі, а ў некаторых краінах (Швецыя, Эстонія, Данія, ЗША і г.д.) сталі дамінуючымі веравызнаннямі. Дзякуючы пратэстантам і апостальскія Цэрквы — каталіцкая і праваслаўная — распачалі сваю сістэму нацыянальнай адукацыі. У католікаў у свой час набыў вялікую вядомасць ордэн іезуітаў, які даў сур’ёзную канкурэнцыю пратэстантам.
Як бачым усе хрысціянскія канфесіі — каталіцызм, праваслаўе і пратэстанцтва прыхільна ставяцца да нацыянальнай ідэі, нацыі і нацыяналізму. Больш таго, іх сувязь непадзельная, і будучыня чалавецтва ва ўсё большай інтэграцыі ідэалогіі хрысціянства з нацыянальнай ідэяй, ідэяй нацыі і нацыяналізму.
Заключэнне
Нацыянальная ідэя (НІ) набывае ў надышоўшым ХХI стагоддзі выключную ролю. Яна адказвае за лёс той дзяржавы, якая вызнае гэтую ідэю. НІ робіць дзеяздольнай дзяржаву, паказвае шлях ёй у будучыню, яднае грамадзян краіны. У цяперашні час як ніколі абвастрыліся этнічныя і нацыянальныя канфлікты, ідуць шматлікія войны. Працэс стварэння незалежных краін, распачаты ў канцы мінулага стагоддзя, працягваецца, набывае яшчэ большую паўнату і глыбіню. Узнікаюць новыя этнасы і нацыі, фармуюцца новыя дзяржавы (нацыі-дзяржавы). І разуменне таго, што такое нацыя, чым яна розніцца ад этнаса, чаму нацыя вядучы чыннік сучасных палітычных працэсаў, — набывае зараз першаступеннае значэнне.
Не менш важнай праблемай з’яўляецца асэнсаванне і разуменне сутнасці ідэалагічнай абалонкі цела нацыі, яе душы — нацыяналізму. Лібералізм і камунізм — палітычныя ідэалогіі, што дамінавалі ў мінулым стагоддзі, цяпер вымушаны саступіць са сваіх ключавых пазіцый і калі не аддаць пальму першынства нацыяналізму, то падзяліць яе з ім. Усё гэта вымушае прыступіць да разважлівага дыялогу паміж рознымі ідэалогічнымі канцэпцыямі, што патрабуе перш за ўсё дакладных і ўсебаковых ведаў аб кожнай ідэалогіі і дактрыне. ХХI стагоддзе павінна стаць стагоддзем мірнага вырашэння міжнацыянальных і міждзяржаўных спрэчак. Шлях ненасілля — нашая будучыня.
Дадзеная кніга ёсць спроба запоўніць існуючы ў беларускай навуцы прабел у ведах аб нацыянальнай ідэі, нацыі, нацыяналізме. Доўгія гады гэтыя тэмы былі непажаданымі для грамадскіх навук у краінах сацыялізму: СССР, Усходняй Еўропы і іншых. Калі і разглядваліся такія пытанні, то вельмі тэндэнцыйна і аднабакова. Аўтар прапануемай кнігі паспрабаваў прааналізаваць асноўныя існуючыя ў свеце тэарэтычныя веды аб НІ, нацыях і нацыяналізме і даць некаторыя абагульненні.
На нашую думку нацыянальная ідэя (НІ) — гэта праект рэалізацыі нацыі і нацыянальнай дзяржавы (нацыі-дзяржавы). НІ ўзнікла адначасова з узнікненнем нацыі і ўяўляе імкненне чалавека ўсвядоміць сябе ў сваёй нацыі і сваёй нацыянальнай дзяржаве.
НІ набывае пэўную закончанасць, калі яна фамулюецца як ідэалагічная платформа нацыі. Гэтая тэарэтычная канцэпцыя носіць назву «нацыяналізм». Нацыналізм ёсць рэалізацыя нацыянальнай ідэі ў тэарэтычнай плоскасці, нацыя — рэалізацыя НІ ў практычнай плоскасці.
Паняцце нацыі — адносна новы тэрмін (канец ХVIII — ХІХ ст.) і азначае новую фазу ў развіцці этнаса. Згодна нашаму даследванню асноўныя адметнасці нацыі наступныя:
— Этнас і нацыя не тоесныя адно аднаму, гістарычна нацыя ўзнікла ў выніку развіцця этнаса. Тэорыя этнагенезу Льва Гумілёва абмяжоўвае гістарычны працэс толькі фазамі нараджэння, развіцця і смерці этнасаў (субэтнасаў, суперэтнасаў). На нашую думку этнасы не знікаюць, яны пачынаюць новы дыялектычны віток свайго развіцця ўжо ў выглядзе новай сутнасці — нацыі.
— Як і этнас, нацыя пачынае фармавацца з пасіянарнага штуршка. Часцей за ўсё такім штуршком з’яўляецца карэнная змена грамадскага ладу (напрыклад праз рэвалюцыю — Францыя 1789 г., ці іншыя грамдскія сутрасенні накшталт перабудовы і развалу СССР).
— Эпоха генезісу этнасаў пачынаецца ў перыяд фундаментальнай ломкі і змены светапоглядных прынцыпаў. Для мноства этнічных супольнасцей такой умовай стаў пераход ад політэізму да монатэізму. У Еўропе — гэта распаўсюджанне хрысціянства і фармаванне новых этнасаў, якія утварылі шэраг еўрапейскіх дзяржаў на працягу першага тысячагоддзя пасля Ражства Хрыстовага. На Усходзе — гэта распаўсюджанне пачынаючы з ХVII стагоддзя мусульманства і стварэнне краін арбскага свету.
— Працэс утварэння нацый і ўзнікненне нацыяналізму пачынаецца ў новую гістарычную эпоху, адметнасцямі якой з’яўляецца:
а) наступленне індустрыялізацыі (вынаходства друкарскага станка і іншыя тэхналагічныя і навуковыя адкрыцці);
б) пераход хрысціянскага свету ў новую фазу: хрысціянскія каштоўнасці становяцца непарыўнамі з асноўнымі нормамі паўсядзённай этыкі, а храсціянскі светапогляд набывае нацыянальнае адценне. Гэты перыяд мы назвалі нацыянальным монатэізмам (схема 2).
— Нацыя ствараецца на аснове аднаго ці некалькіх этнасаў на падставе крытэрыя веры суб’екта ў прыналежнасць менавіта да гэтай нацыі і жаданне быць яе членам.
Паняцце нацыяналізм, на нашую думку, другі неабходны імператыў НІ. Важны крок у развіцці асобы чалавека ў ідустрыяльную эпоху ў тым, што нацыяналізм араганічна ўваходзіць у паняцце індывідуальнага «Я», становіцца адной з характарыстык асобы такіх як і сумленне, шчырасць, дабрата, бацькоўская любоў і іншыя.
Нацыяналізм мы азначаем праз тры асноўныя рысы:
— любоў да гістарычнага мінулага і творчага дзеяння сваёй нацыі, любоў да свайго краю, сваёй мовы, сваёй Айчыны;
— веру ў інстынктыўную і духоўную сілу сваёй нацыі, у Божае прызначэнне свайго народа;
— імкненне, волю да таго, каб свой народ быў дастойным членам у сям’і народаў Зямлі.
Культура, мова i наогул уся духоўная сфера дзейнасці чалавека заўсёды нацыянальныя. Нацыя абуджае ў чалавеку найбольш моцныя пачуццi i творчыя сiлы, найбольшую гатоўнасць да вялiкiх учынкаў. Чалавек заўсёды найбольш актыўны i творчы толькi сярод уласнага народу, якi яго лепш разумее i лепш выкарыстоўвае.
НІ рашаючы фактар у працэсе ператварэння этнасу, альбо некалькіх этнасаў у нацыю. Правільная фармулёўка сваёй нацыянальнай ідэі вельмі патрэбна для дастаткова развітага этнаса, які фармуецца ў нацыю. Яна кіруе працэсамі нацыянальнага фармавання ў грамадстве і гэтыя працэсы завяршаюцца ўтварэннем нацыі-дзяржавы. У развітых нацыях-дзяржавах працэс фармавання і рэалізацыі НІ, фактычна, скончыўся. На першы план выходзяць такія паняцці як нацыя — аб’ект вакол ствараецца НІ і тэарэтычная платформа, «кроў» нацыі — нацыяналізм. Таму ў сучаснай паліталагічнай навуцы пры вывучэнні нацыянальных працэсаў трэба засяроджвацца найбольш на пытаннях нацыі і нацыяналізму, як двух асноўных частках НІ.
У сувязі з выключнасці НІ ў гісторыі чалавецтва і шчыльнай сувяззю яе з рэлігійнымі вераваннямі мы падзяляем гiсторычны шлях чалавецтва на тры перыяды, якiя вызначаюцца, як мы паказалі вышэй, адной галоўнай рысай — адносiнамi да рэлiгii ў шчыльнай сувязі з этнічнымі (племяннымі, нацыянальнымі і г.д.) працэсамі. Гэтыя перыяды: політэізм (эпоха язычніцтва побач з існаваннем родавых і племянных сувязей), этнічны монатэізм (эпоха пераходу ад язычніцтва да адзінага Бога і утварэння моцных этнасаў) і нацыянальны монатэізм.
Прыход хрысціянства паклаў пачатак новай эпохі — монатэізму з пункту гледжання рэлігіі, і эпохі поўнага перакрайвання карты Еўропы з пункту гледжання палітычнай гісторыі. Еўропа пакрылася густой сеткай хрысціянскіх краін і увесь механізм іх утварэння праходзіў галоўным чынам пад знакам сцвярджэння хрысціянскай веры, у выніку чаго язычаскія плямёны і этнасы альбо зніклі, альбо сталі хрысціянскімі.
Другая стадыя прывяла, як і першая, да стварэння як дзяржаў монаэтнічных, так і вялізных імперый, якія ўтрымлівалі ў сабе мноства этнасаў, падпарадкаваных нейкаму аднаму мацнейшаму. На гэтай стадыі было сфармавана большасць этнасаў, што вядомы і існуюць цяпер. Час распаўсюджання і перамогі хрысціянства ў Еўропе стаў і часам пасіянарнага штуршка для фармавання многіх еўрапейскіх этнасаў. У сувязі з гэтым мы можам назваць другую стадыю этнічным монатэізмам.
Канец другой стадыі палітычнай гісторыі Еўропы пачаўся каля двухсот год таму і прывёў да распаду фактычна ўсіх імперый. Новая рыса постімперскай эпохі — утварэнне шэрагу нацыянальных дзяржаў, якія складаюцца не проста з хрысціянскіх супольнасцей, як гэты было раней, а з нацыянальна свядомых грамадзян, што спавядаюць хрысціянства. Гэтая эпоха ёсць трэцяя стадыя эвалюцыі чалавечага грамадства.
Трэцяя стадыя — нацыянальны монатэiзм. Гэтая стадыя вырасла з другой стадыi, але мае шмат агульных рыс з першай. Такой рысай з’яўляецца нацыянальная адметнасць народа. Менавiта ў эпоху полiтэiзму iснавала адрозненне памiж рознымi плямёнамi па прыкмеце сваіх багоў.
Наступны вынік нашага даследвання звязаны таксама з эвалюцыйным рухам чалавецтва ў будучыню і тычыцца сістэмнага апісання грамадскіх і палітычных працэсаў.
Намі прапанавана схема 3, у якой палітычная падсістэма грамадстваў прымяняецца да канцэпцыі тэорыі стадый і ўключае ў сябе тры базавыя элементы (падсістэмы): вытворчыя адносіны, сям’ю і нацыю (нацыю-дзяржаву). Эвалюцыя ідзе шляхам структурнай дыферэнцыацыі ад простага да складанага, як пераход ад гамагеннасці да гетэрагеннасці. Гэтым тлумачыцца рост колькасці нацый, нацый-дзяржаў, іх узмацненне, удасканаленне. Чацвёрты ўзровень схемы 3 увасабляе Усяленскую Царкву. Гэта таксама можа быць Бог, пункт Амега, — гэта той ідэал, да якога імкнецца чалавецтва.
Асобны раздзел манаграфіі прысвечаны сувязі ідэалогіі нацыяналізма з іншымі сучаснымі ідэалогіямі.
Найбольшую ўвагу цяпер выклікае лібералізм і яго адносіны да нацыянальнай ідэалогіі. Уся цяжасць праблемы ў самой сутнасці гэтых вучэнняў — яны розныя па самаму ўнутранаму зместу. На нашую думку гарманічнае спалучэнне лібералізму з нацыяналізмам магчыма толькі ў высокаразвітым грамадстве. На этапах жа развала імперый, у постсавецкіх і посткаланіяльных краінах, у краінах дзе пануе ірэдэнтысцкі нацыяналізм ніякай гармоніі паміж лібераламі і нацыяналістамі да пэўнай пары быць не можа. Перш за ўсё трэба пабудаваць нацыянальную еўрапейскага тыпу дзяржаву. Гэта магчыма пры дапамозе маральна якаснай эліты і прыярытэту нацыянальнай ідэі. Інакш, разгул свабод можа прывесці да падаўлення нацыянальнай ідэі.
Нацыяналізм і кансерватызм маюць шмат чага агульнага — у абедзвюх ідэалогіях асаблівае, уважлівае стаўленне да традыцый, мовы, нацыянальных сімвалаў. Розніца паміж нацыяналізмам і кансерватызмам у змене акцэнтаў. Напрыклад, для кансерватараў вялікае значэнне мае сям’я — для нацыяналістаў жа сям’я рэальнасць ніжэйшага плана ў параўнанні з нацыяй. Гэта адлюстравана ў нашай эвалюцыйнай схеме 3. І яшчэ адно важнае адрозненне: кансерватары шануюць інстытут царквы, — нацыяналізм жа часта выступае як замена рэлігіі.
Спецыяльны параграф манаграфіі прысвечаны адносінам нацыяналізму да фашызму. Фашызм абапіраецца не на эвалюцыйную тэорыі развіцця грамадства, крышталізацыю векавых традыцый народу, умацаванне нацыянальнай свядомасці, як гэта робіць нацыяналізм. Карэнная адрозненне фашызму ад нацыяналізму ў тым, што ён падпарадкоўвае нацыю містычным ідэям накшталт «чыстаты» і тым самым прыніжае нацыю, а нацыянальная ідэалогія накіравана на развіццё нацыі, на выяўленне лепшых адметных рыс кожнага самага маленькага народа. Можна сказаць, што нацыяналізм сцвярджае прынцып роўнасці ўсіх нацый, а фашызм — гэта аўтарытарызм сярод нацый па аналогіі з суб’ектамі ў асяроддзі асобнай нацыі-дзяржавы.
Такім чынам, нацыяналізм і фашызм — гэта не тоесныя, і, нават, не роднасныя, а, па-сутнасці, процілеглыя з’явы і паняцці.
І, нарэшце, заканчываючы агляд узаемасувязі ідэалогій нельга было б абыйсці камуністычную ідэалогію, у прыватнасці марксізм. Што ж знайшлося агульнага паміж нацыяналізмам і марксізмам-ленінізмам? На гэтае пытанне мы знаходзім станоўчы адказ. Абедзве ідэалогіі засцярагаюць ад адчуджэння чалавека, характэрнага для капіталістычных краін. Нацыяналісты як і камуністы змагаюцца за лепшае будучае сваёй дзяржавы, дабрабыт свайго народа для іх — першасная задача. На платформе супрацьдзеяння рацыянальнаму, мондыялістычнаму грамадству, характэрнаму для Захада будуецца марксісцкі нацыяналізм.
Распад сусветнай камуністычнай сістэмы нарадзіў новы від нацыяналізму — посткамуністычны, які розніцца ад нацыяналізму папярэдняга перыяду. Ён характарызуецца тым, што краіна, якая нядаўна яшчэ была камуністычнай, прымае палітычны курс і ідэалогію здольныя забяспечыць нацыянальныя інтарэсы гэтай краіны.
У манаграфіі ўпершыню зроблена спроба фармалізаваць класіфікацыю сучасных палітычных ідэалогій. За аснову быў узяты метад функцыянальнай залежнасці трох асноўных, на думку аўтара, фактараў: характар эканамічных стасункаў, ступень дэмакратычнасці пануючага рэжыму і ступень адданасці нацыянальнай ідэі. Усе існуючыя ідэалогіі ў той ці іншай ступені надаюць больш ўвагі аднаму з гэтых фактараў, не ігнаруючы, аднак, двух іншых.
На першай класіфікацыйнай схеме (схема 5) у плоскасці васей X — Y (Х — вось фактара свабоды эканамікі, Y — вось фактара свабоды асобы) у выглядзе умоўных авалаў і сегментаў іх перасячэнняў намалёваны фігуры 1-11, якія адлюстроўваюць асноўныя палітычныя ідэалогіі Еўропы.
Другі варыянт класіфікацыі дадзены на схеме 6, дзе вось Х, як і на папярэдняй схеме, адлюстроўвае эканамічны фактар, але па восі Y — адкладваюць ужо колькасна выражаную ступень успрыняцця нацынальнай ідэі.
Прапанаваная методыка класіфікацыі палітычных ідэалогій можа быць выкарыстана пры аналізе палітычных працэсаў любых краін. На схеме 7 прапанаваны метад выкарыстоўваецца пры разглядзе сучаснага стану асноўных ідэялагічных плыняў на Беларусі, а таксама паказана іх узаемасувязь з галоўнымі палітычнымі беларускімі партыямі.
Асобны раздзел манаграфіі прысвечаны тыпалогіі нацыяналізмаў.
Існуе некалькі падыходаў да згаданай праблемы. Адзін з іх дастаткова аргументавана распрацаваны П. Сугарам і вылучае чатыры тыпы нацыяналізму: буржуазны, бюракратычны, папулісцкі і арыстакратычны. Буржуазны і бюракратычны нацыяналізмы адметныя для краін Заходняй Еўропы — Англіі і Францыі і іншых. Папулісцкі (народны) нацыяналізм праяўляўся ў Сербіі і Балгарыі. Гэты тып нацыяналізму зыходзіць з ніжэйшага духавенства і сельскіх мас. Арыстакратычны нацыяналізм характэрны для Польшчы і Венгрыі, ён сфармаваўся ў ХІХ ст. і праіснаваў да канца ІІ-й сусветнай вайны.
Найбольш распаўсюджаная тыпалогія нацыяналізму — дзяленне на культурны і палітычны нацыяналізм. Культурны нацыяналізм патрабуе захавання адметнай культурнай нацыянальнай спадчыны, адказны за стварэнне нацыянальнай літаратурнай мовы. Галоўнейшая задача культурнага нацыяналізму — абарона нацыі ад асіміляцыі яе з іншымі. Палітычны нацыяналізм ставіць сваёй першаснай мэтай стварэнне незалежнай дзяржавы на падставе агульнанацыянальнай еднасці.
Культурны і палітычны нацыяналізм — два бакі адной з’явы — нацыяналізму ў яго поўным аб’ёме. Іх агульны ідэал — грамадзянскі дзяржаўны лад для адукаваных грамадзян, аб’яднаных агульнымі законамі, якія забяспечваюць правы грамадзян.
Нацыяналізм знаходзіць сваё абгрунтаванне ў хрысціянстве. У залежнасці ад канфесіі змянеецца і тып нацыяналізму. У манаграфіі ўпершыню дадзена тыпалогія нацыяналізмаў ў суадносінах да аноўных хрысціянскіх канфесій: праваслаўя, каталіцызму і пратэстанцтва.
Вызначальнай рысай артадаксальных хрысціянскіх канфесій — праваслаўя і каталіцызму — з’яўляецца саборнасць. На нашую думку саборнасць — рыса не толькі хрысціянства, але і нацыяналізму, і вынікае з пазіцыі азначэння нацыяналізму, прыведзенага намі. Іх непарыўная сувязь становіцца асабліва відавочнай на першым іерархічным узроўні эвалюцыі па нашай класіфікацыя (раздзел 1). Такім чынам, нацыяналізм становіцца пэўнай праявай хрысціянства, уключаецца ў хрысціянскае Быццё, становіцца часткай Усяленскай Царквы.
Нацыяналізм і пратэстанцтва таксама маюць свае агульныя рысы. Найбольш прывабнай ідэяй для вялікай масы простага народа з’яўляецца пратэстанцтская канцэпцыя руху за тысячагадовае Валадарства Божае. У грунце шчыльнай сувязі паміж нацыяналізмам і рухам за тысячагадовае Валадарства Божае ляжаць наступныя агульныя рысы гэтых рухаў: сацыяльная справядлівасць, любоў да свайго народа, спадзяванне на кардынальнасць змен, якая патрабуе папярэдняй падрыхтоўкі, выхавання новай маралі. сцвярджае, што толькі поўнае скасаванне старога ладу, толькі рэвалюцыйны падыход, актывізацыя чалавечай дзейнасці яднаюць нацыяналізм і Рух за тысячагадовае Валадарства Божае.
Аднак на нашую думку паміж рухам за тысячагадовае Валадарства Божае і нацыяналізмам істотная розніца і ляжыць у іх мэтах — для першых гэта вера ў лепшую будучыню, што чакае людзей ужо ў іншым свеце (пасля прыходу Хрыста); для нацыяналістаў важна выхаванне і ўдасканаленне новага чалавека ў зямным быцці.
Ёсць, аднак, і другая рыса пратэстантызму, якая збліжае з ім нацыяналізм больш, чым праваслаўе ці каталіцызм. Гэтая рыса — адсутнасць у пратэстантаў неабходнасці шматгадовага ўвацаркаўлення, даступнасць яго ідэалогіі шырокім масам, прастата і яснасць падачы евангельскіх ісцін, якія не вымагаюць істотнага духоўнага подзвігу.
Усе хрысціянскія канфесіі — каталіцызм, праваслаўе і пратэстанцтва прыхільна ставяцца да нацыянальнай ідэі, нацыі і нацыяналізму. Іх сувязь непадзельная, і ў будучым магчыма ўсё большая інтэграцыя ідэалогіі хрысціянства з нацыянальнай ідэяй, ідэямі нацыі і нацыяналізму.
У апошнім раздзеле манаграфіі разглядаюцца магчымасці рэалізацыі нацыянальнай ідэі ў посткамуністычных краінах. Ажыццяўленне нацыянальнай ідэі — дасягненнне незалежнасці знутры і самасцвярджэнне нацыі — у наш час магчыма шляхам ненасільнага дзеяння. Найбольшую ўвагу можна аддаць наступным ненасільным акцыям:
— Праца сярод насельніцтва — рабочых, сялян, інтэлігенцыі і іншых сацыяльных груп.
— Стварэнне вялікай сеткі няўрадавых арганізацый і прадпрыемстваў. Максімальнае змяншэнне сацыяльнай і эканамічнай залежнасці людзей ад дзяржавы.
— Эфектыўным метадам паразумення паміж плынямі розных ідэалагічных накірункаў з’яўляецца метад, вядомы ў палітыцы пад тэрмінам «саборнасць». Саборнасць з’яўляецца першаснай формай выражэння грамадскай волі, яна антыпод партыйнасці. Улічваючы наш невялікі дослед у партыйным будаўніцтве, малую аўтарытэтнасць партый у грамадстве, менавіта саборнае вырашэнне спрэчных пытанняў набывае для Беларусі адметны сэнс.
Наколькі вядома аўтару — гэтая кніга адна з першых спроб ў Беларусі даць як мага поўны аналіз праблем нацыянальнай ідэі, нацыі і нацыяналізму і таму, безумоўна, гэтая праца будзе недасканалай, магчыма недзе і спрэчнай, але гэта непазбежна ў любой працы, тым больш у новай праблематыцы. Магчыма ў чымсці аўтар будзе і не правы, але ў кожнага навукоўца свае погляды і гэта натуральна. Сіла навукі ў тым, што яна паважае і процілеглыя погляды — галоўнае паслядоўнае і строгае абгрунтаванне сваёй канцэпцыі. Як удалося гэта аўтару судзіць чытычу.
Комментарии к книге «Нацыянальная ідэя ў сучасным свеце», Анатоль Астапенка
Всего 0 комментариев