«Адзінае на патрэбу»

582

Описание

«Адзінае на патрэбу» - трэцяя кніга святара, паэта, мастака, журналіста айца Канстанціна Бандарука. Як і две папярэднія, складаецца з гутарак на рэлігійныя тэмы. Гэтак, як і ў папярэднім зборніку, азагалоўленым „Праўда вас вызваліць”, у гэтым сабраны некалькі дзясяткаў тэкстаў на самыя розныя тэмы, якія з’явіліся на працягу некалькіх гадоў. Гэта, па-першае, каментарыі на тэму 10-ці запаветаў, якія, на думку аўтара, заўсёды актуальныя, якія быццам бы ведаем, але нагадваць іх трэба бясконца. Ёсьць гутаркі на тэмы евангельскіх нядзельных чытанняў і, нарэшце, спроба адказаць на некаторыя спрэчныя або супярэчлівыя пытанні, якія ўзнікаюць перад вернікамі.



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Адзінае на патрэбу (fb2) - Адзінае на патрэбу 576K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Канстанцін Бандарук

Канстанцін Бандарук АДЗІНАЕ НА ПАТРЭБУ

Ад аўтара

Перадаю ў рукі чытачоў яшчэ адзін сьціплы зборнік рэлігійных гутарак. Гэтак, як і ў папярэднім, азагалоўленым „Праўда вас вызваліць”, у ім сабраны некалькі дзясяткаў тэкстаў на самыя розныя тэмы, якія зьявіліся на працягу некалькіх гадоў. Гэта, па-першае, каментарыі на тэму 10-ці запаветаў, якія, на маю думку, заўсёды актуальныя, якія быццам-бы ведаем, але нагадваць іх трэба бясконца. Ёсьць гутаркі на тэмы евангельскіх нядзельных чытаньняў і, нарэшце, спроба адказаць на некаторыя спрэчныя або супярэчлівыя пытаньні, якія ўзьнікаюць перад вернікамі. Некаторыя гутаркі ў падобным варыянце прагучэлі з царкоўных амвонаў, іншыя — у эфіры беларускай службы Радыё Свабода. Ужо некалькі гадоў ня маю магчымасьці прамаўляць у храме, але суцяшэньне знаходжу ў словах Апостала: „Нішто ня можа нас адлучыць ад любові Божае, што ў Хрысьце Ісусе” (Рым. 8, 39). Ніхто ня можа забараніць маліцца, чытаць, думаць, разважаць і нават гаварыць, калі толькі гэта ня ерась і ня шкоднае, і калі існуе ўнутраная патрэба падзяліцца сваімі думкамі. У мяне такая ўнутраная патрэба заўсёды была. „Ад паўнаты сэрца гавораць вусны” (Мацьв. 12, 34). Калі зьяўляецца сумнеў адносна мэтазгоднасьці гэтай працы, прыгадваю павучэньне Апостала ягонаму вучню Цімафею: „Няхай ніхто не пагарджае маладосьцяй тваёй... прапаведуй Слова, настойвай у пару і не ў пару, дакарай, пагражай, умаляй з усякай доўгацярплівасьцяй і навучаньнем.... уваходзь у сябе і ў навуку, трывай у гэтым, бо гэтак робячы і сябе збавіш, і тых, хто слухаюць цябе” (2 Цім. 4, 2).

Кожны фрагмэнт Сьвятога Пісаньня вядомы і пракаментаваны.

Мы ведаем вялікую колькасьць евангельскіх сюжэтаў і фразаў, але варта да гэтага вяртацца, бо яно сапраўды „карыснае дзеля навукі, дзеля дакору, дзеля папраўленьня, дзеля ўзгадаваньня ў праведнасьці” (2 Цім. 3, 15). Гэтае „ўзгадаваньне”— працэс, які працягваецца ўсё жыцьцё.

Калі зьмешчаныя ў гэтай кніжцы думкі знойдуць станоўчы водгук прынамсі ў адным сэрцы, зборнік выканае сваё заданьне.

а. Канстанцін Бандарук

Дзесяць запаветаў

1. „Хай ня будзе ў цябе іншых багоў...”

Прыблізна тры тысячы трыста пяцьдзесят гадоў таму ў пустыні Сынай прагучэлі дзесяць запаветаў, гэтак званы „дэкалёг”, які лёг у аснову сучасных канстытуцыяў, законаў і маралі.

Запаветы, дадзеныя на Сынаі, часта называюць „Майсеевым законам”, аднак гэты назоў патрабуе вытлумачэньня. Майсей толькі аб’явіў у сынайскай пустыні вялікія словы дзесяці запаветаў, аднак скрыжалі і словы на іх былі Божыя, яны вечныя і непахісныя, дадзеныя Богам для ўсіх часоў і народаў. Яны былі дадзены Богам не ў зямлі Ханаанскай, якой авалодаў ізраільскі народ, але ў пустыні Сынайскай. Гэта значыць, што яны былі дадзены ня толькі ізраільскаму народу, але ўсім народам зямлі.

І так першы запавет гучыць: „Я — Госпад, Бог твой, які вывеў цябе зь зямлі Егіпецкай, з дому няволі. Хай ня будзе ў цябе іншых багоў перад абліччам Маім”. Гэты першы запавет зьяўляецца асновай усіх дзесяці запаветаў Сынаю. Калі ён будзе выкананы, будуць выкананы і ўсе астатнія. Першы запавет гаворыць аб тым, што ёсьць толькі Адзін Бог, жывы і сапраўдны, якому ўсе павінны пакланяцца і якога ўсе павінны кахаць „усім сэрацам і ўсёй душою” (Мацьв. 22, 37). Бог адзін, аднак людзі могуць ствараць сабе мноства багоў, аб чым сьведчыць гісторыя шматлікіх рэлігіяў.

У Рыме быў Пантэон, дзе былі сабраны ўсе „багі” народаў тагачаснага сьвету. Напалеон таксама меў намер пабудаваць у Парыжы храм для ўсіх рэлігійных культаў зямлі. Аднак Бог гаворыць: „Хай ня будзе ў цябе іншых багоў”.

Мільёны хрысьціян пакланяюцца ў нядзелі і сьвяты адзінаму, жывому Богу, аднак ва ўсе астатнія дні тыдня служаць „іншым багам”. „Дзе скарб ваш, там будзе і сэрца ваша” (Мацьв. 6, 21), — перасьцерагае Хрыстос. Гэта значыць, што любы скарб можа стацца нашым ідалам, якому мы пачнем пакланяцца і якога пачнем кахаць. Усякі скарб, да якога прывязваецца наша сэрца, стае паміж Богам і намі, і пачынае быць ідалам для нас. У нашым сэрцы не павінна быць месца для некалькіх „багоў”.

У старажытных рымлянаў быў ідал Вакх, якому пакланяліся аматары віна, але і зараз яго культ квітнее. Не адышоў у гісторыю і культ багіні любові і прыгажосьці Вэнэры. Сучасныя хрысьціяне пакланяюцца таму-ж „залатому цяльцу” (Вых. 32, 4). Для шмат каго „богам” зьяўляецца страўнік, перад чым папярэджваў Апостал Павал у Лісьце да піліпійцаў (3, 8-19).

Што азначае для сучаснага чалавека гэты старажытны запавет? Калі-б спрабаваць перакласьці яго на сучасную мову, дык першы зь дзесяці сынайскіх запаветаў можна зразумець наступным чынам. Ніякае іншае памкненьне не павінна ў нас быць мацнейшае за дабрыню і жаданьне жыць у праўдзе. Ніякае асабістае жаданьне багацьця, значэньня, славы ня можа ўзрастаць да ролі бажаства. Ніякая пажадлівасьць або лянота ня могуць быць маторам нашых дзеяньняў. Дрэнна робім спрабуючы любой цаной разбагацець і адначасова закідаючы ўспамаганьне іншых і ўласнае духоўнае разьвіцьцё. Дрэнна робім, калі ня дбаем пра любую, добрую ініцыятыву, напрыклад, дапамогу пакрыўджаным, каб ня страціць на значэньні або каб не скампраметавацца ці стаць пасьмешышчам. Дабрыні і духоўнай паўнаты нельга адкладаць да часу, калі будзем заможнымі і ўплывовымі. Мы не павінны гнацца за посьпехам. Культура жыцьця важнейшая за паасобныя дасягненьні. Ніякае сумеснае бажаство не павінна зацямніць нашае імкненьне да штодзённага практыкаваньня дабра і выпрастоўваньня фальшу. Ні раса, ні народ, ні саслоўе, ні арганізацыя ня могуць стацца найвышэйшым дабром, дзеля якога можна зьнішчаць іншыя народы, абкрадаць іншыя нацыі, эксплуатаваць іншыя клясы. Таксама бажаство тэхнічнага прагрэсу, разьвіцьця навукі, міф шчасьця мінулых пакаленьняў ня могуць апраўдваць, напрыклад, ні дасьледаваньняў небясьпечных для чыйгосьці здароўя, ні якой-небудзь крыўды спрычыненай каму-небудзь. Імкнучыся да дасканаласьці ў сваёй прафэсіі мы не павінны забывацца ні пра абавязкі ў дачыненьні да іншых, ні пра ўласную духоўную паўнату, культуру і тонкасьць у штодзённым жыцьці. Найбольш культуры перадаецца ўзьдзейнічаючы на сваіх блізкіх. Нельга забывацца пра іх, ствараючы рэчы, разьлічаныя на вынік у далёкай будучыні. Калі мы — хрысьціяне і верым у Адзінага Бога, мы не павінны думаць, што толькі з гэтай прычыны мы ўжо свабодны ад ідалапаклонства. Наша жыцьцё можа быць больш паганскім, чымсьці жыцьцё чалавека, што пакланяецца кумірам. Тое, як хто жыве, важнейшае за тое, якім статуям ён пакланяецца. Калі мы гонімся за выгадай і роскашай, не спрабуючы нават зьмякчыць галечу вакол сябе, дык нават трымаючыся царкоўнага вучэньня і нават будучы сьвятарамі і прапаведнікамі Адзінага Бога, застаемся ідалапаклоньнікамі.

Гэтак можам, хаця літаральна гэтак ня мусім, адчытаць старажытны запавет: „Хай ня будзе ў цябе іншых багоў перад абліччам Маім”.

2. „Не рабі сабе выразнога ідала...”

„Не рабі сабе выразнога ідала і ніякага вобраза таго, што на нябёсах угары і што на зямлі ўнізе, што ў вадзе ніжэй зямлі. Не кланяйся і не служы ім”, — гаворыцца ў другім запавеце. Каб правільна зразумець сэнс запавету, неабходна спалучыць яго са словамі Апостала Паўла, сказанымі ім у Афінах: „Дык мы, будучы родам Божым, не павінны думаць, што Боства падобнае да золата, альбо серабра, альбо каменя, увасобленага ў твор мастацтва і выдумкі чалавечай” (Дзеі. 17, 29). Менавіта другі запавет і згаданыя словы Паўла спрычынілі ў гісторыі хрысьціянства буйны рух званы „іканаборствам”, які быў адказам на скрыўлены „культ іконаў”, празьмернае абагаўленьне іх. Баронячы ідэю шанаваньня ікон і сьвятых прадметаў Яан Дамаскін мусіў выразна і настойліва тлумачыць, што хрысьціяне не пакланяюцца ні дрэву, ні фарбам на іконе, але таму, хто на іх прадстаўлены: Ісусу Хрысту, Божай Маці і сьвятым. Паводле Дамаскіна, іконы дапамагаюць лягчэй перанесьціся думкамі да аб’екту шанаваньня, як чалавеку дарагі бывае здымак каханага або каханай, якія ў дадзены момант адсутнічаюць.

Калі-б літаральна зразумець другі запавет і словы Апостала, дык трэба было-б наагул адмовіцца ад несьмяротных твораў мастацтва, безь якіх славутыя галерэі сьвету апусьцелі-б. Ці правільна паступілі Леанарда да Вінчы, Мікэлянджэля, Андрэй Рублёў ды іншыя выдатныя мастакі, якія стварылі шэдэўры мастацтва, скарыстоўваючы біблейскія сюжэты і рэлігійныя матывы. Другі запавет забараняе толькі рабіць выявы, прызначаныя для пакланеньня ім. Ён не забараняе выяўленчае мастацтва, калі яно ставіць перад сабою мэты духоўнага павучэньня, прыгажосьці, упрыгожаньня храмаў або дамоў. Нават у Скініі Запавету і Ерусалімскім Храме былі зроблены па непасрэдным загадзе Самога Бога выявы анёлаў. „Зрабі з каванага золата двух херувімаў па абодвух канцах пакрыўкі... і будуць херувімы з распрасьцертымі крыламі і тварамі адзін да аднаго” (Вых. 25, 17-22). Бог падрабязна загадвае зрабіць выявы двух анёлаў, але адначасова рашуча забараняе пакланеньне і служэньне ім.

Мы можам у літаральным сэнсе не пакланяцца ідалам, як робяць гэта паганцы, але ўсё роўна гэты запавет тычыцца і нас, сучасных хрысьціян. Ідалапаклонствам слушна можна назваць усякую празьмерную прывязанасьць да прадметаў і рэчаў, шкодных для душы і цела: ганарыстасьці, славалюбства, хцівасьці, абжорства або п’янства. Усё гэта — грахі супраць другога запавету. Ганарысты вышэй за ўсё ставіць сябе і сам для сябе зьяўляецца быццам-бы ідалам. Славалюбны жадае, каб іншыя шанавалі яго больш, чым ён заслугоўвае гэтага. Хцівы ўсе свае клопаты і намаганьні накіроўвае на нажыву і грошы становяцца яму ідалам. Што сказаць пра тых людзей, для якіх кіназоркі або майстры спорту, такія як Майкл Джэксан, Джордан або Мадона сталі сапраўднымі ідаламі. Іхныя паклоньнікі гатовы цалаваць абутак сваіх ідалаў і ўсё аддаць за аўтограф або частку іхнай вопраткі. Што сказаць пра тых людзей, якія ў пару, прызначаную для багаслужбы, з разьмілаваньнем мыюць і глянцуюць свае аўтамабілі. Трапна сказаў пра сучаснае ідалапаклонства вядомы баптысцкі прапаведнік Білі Грэм: „Мы паказваем пальцам на паганцаў ды ідалапклоньнікаў далёкай мінуўшчыны, аднак адзіная розьніца паміж імі і мільёнамі сучасных людзей заключаецца ў тым, што ідалы тамтых былі зроблены з простага, груба абчэсанага каменя, а ідалы ХХ стагодзьдзя — зроблены з алюмінію і сталі, забясьпечаны тэрмастатамі і электронікай. Паглядзіце вакол сябе ў нядзелю: мільёны людзей не ідуць ні раніцай, ні вечарам у свае храмы, але сьпяшаюцца на стадыёны, у кінатэатры, у піўныя, казіно на пакланеньне сваім ідалам, імкнуцца ўсюды, толькі не на пакланеньне Богу. У царкву яны ідуць два-тры разы ў год: пераважна на Вялікдзень і Каляды. Гэтым і абмяжоўваецца іхнае хрысьціянства”.

Хрысьціянства нанесла калясальны ўдар па ідалапаклонстве першых стагодзьдзяў нашай эры. Нашы суайчыньнкі ўжо не пакланяюцца Перуну, Сьвятавіду, Дажбогу або Мокшы. Яны ў сваёй асноўнай масе — хрысьціяне, але ня лепшыя і ня горшыя за іншых хрысьціян. Як гаворыць Хрыстос Яану ў Адкрыцьці: „Зьвер мае рану ад мяча, але жывы” (13, 14). На жаль, ідалапаклонства жывое і ў наш час, таму і да нас адносіцца другі запавет Божы.

3. „Не вымаўляй Імя Госпада Бога свайго дарма...”

„Не вымаўляй Імя Госпада Бога свайго дарма, бо Госпад не пакіне без пакараньня таго, хто дарма вымаўляе Яго Імя”, — гучыць трэці запавет. Трэба адзначыць, што менавіта да гэтага запавету хрысьціяне ставяцца асабліва няўважліва і ён парушаецца часьцей за іншыя, літаральна кожны дзень. У трэцім запавеце забараняецца блюзьнерства або зьняважлівае слова супраць Бога, нараканьне на Яго, кашчунства, калі сьвятыя рэчы становяцца аб’ектамі жартаў, зьняслаўленьня, фальшывая прысяга, парушэньне абяцаньняў, дадзеных Богу і бажба. Інакш кажучы, усё, што тычыцца Бога, храму і наагул таго, што сьвятое, якое павінна быць акружана глыбокай павагай. Дарэчы тут прыгадаць малітву Гасподнюю „Ойча наш” і словы „Хай сьвяціцца Імя Тваё” (Мацьв. 6, 9), у якіх заклікаецца ўзьвялічыць і ўславіць Імя Гасподняе. Як прыклад такога ўслаўленьня ў кнізе прарока Ісаі чытаем: „Вакол яго стаялі сэрафімы... і ўсклікалі яны, і гаварылі адзін да аднаго: сьвяты, сьвяты, сьвяты Госпад Саваоф! Уся зямля поўная славы Тваёй” (Іс. 6, 2-3).

„Госпад Саваоф” — адно са старазапаветных імёнаў Бога. Іншыя — гэта „Ягвэ”, „Адонаі”, „Элёгім”. У Новым Запавеце часьцей за ўсё ўжываюцца імёны „Госпад” ды „Бог” і менавіта яны найчасьцей вымаўляюцца дарма сучаснымі хрысьціянамі. Што гэта значыць „дарма”. Інакш кажучы, пры ўсякім глупстве, пры дробных, неістотных абставінах, на кожным кроку. Мы вымаўляем Божае Імя ў хвіліны незадаволеньня, гневу, боязі, няўдачы, у момант разгубленасьці або нечаканасьці. Дарэмным вымаўленьнем Божага Імя зьяўляецца гэтак званая бажба, закліканьне Бога ў сьведкі, калі трэба і калі ня трэба, нават у выпадку яўнай хлусьні і няпраўды. Гэты грэх зьдзейсьніў нават Апостал Пётр. „Тады ён пачаў прысягаць і бажыцца: я ня ведаю Гэтага Чалавека” [Хрыста] (Мацьв. 26, 74). Гэта жахліва, але так напісана ў Евангельлі. Найстарэйшы, аўтарытэтны Апостал заклікае Бога ў сьведкі, што ня ведае Хрыста.

Дарэмным вымаўленьнем Божага Імя зьяўляецца і прыпісваньне Богу нашых уласных выдумак і дзеяньняў. Безь ніякага застанаўленьня паўтараем фразы: „Бог даў”, „Бог натхніў”, „не дай Бог”, хаця на самай справе ўсё, што мы прыпісвалі Богу, было нашым маладушным жаданьнем, плянам або дзеяньнем. Інакш кажучы: Бог тут ні пры чым... Гэта зьбітая фраза і такая яе сапраўдная цана.

Трэці запавет Гасподні можна адчытаць і з гледзішча агульначалавечых каштоўнасьцяў. Калі-б імя „Бог” замяніць тым, што дарагое і сьвятое для нават няверуючага чалавека, напрыклад, „маці”, „Айчына”, „гонар”, дык выявілася-б, што інтуітыўныя адчуваньні людзей супадаюць з духам біблейскага заканадаўства. Парафразуючы трэці запавет можна было-б сказаць наступным чынам: пра вялікія рэчы гавары з павагай. Не прафануй таго, што сьвятое, узьнёслых пачуцьцяў не вынось на рынак. Не кідай — як гаворыцца ў Пісаньні — бісеру перад сьвіньні. Пазьбягай таксама высакамоўных слоў, асабліва стрымана гавары пра дабро ўсяго чалавецтва, Бога і Айчыны, бо не вядома, ці не ідзе табе пра тваё ўласнае дабро. Пра такіх людзей у адным зь фільмаў пра нямецкую акупацыю адзін з герояў кажа: „Ён ахвотна аддаў-бы жыцьцё за Радзіму, толькі здароўе не дазваляе”. Ад паўнаты сэрца хай маўчаць вусны... Калі ты разумны — маўчы, хаця ведаеш! Маўчы, калі сапраўды глыбока не перажываеш таго, што хочаш сказаць і калі сам ня верыш у тое, аб чым пераконваеш іншых. Не гавары казаняў, якіх не падмацоўваеш сваім уласным жыцьцём. Пазьбягай пафасу, не сьвяшчэннадзейнічай сваіх слоў, але проста заўсёды гавары праўду, бо інакш заблытаешся ў сваіх махлярствах і забудзешся, што каму сказаў. Пазьбягай таксама цынізму, гаворкі без пачуцьця значэньня слова, зьняважлівых выказваньняў у дачыненьні да розных людзей і справаў. Калі трэба некаму дапамагчы, дык дапамагай з думкай толькі аб тым, каму дапамагаеш, а ня толькі дзеля прынцыпу, ня толькі таму, што гэта высакародна, дзеля свайго псыхічнага камфорту: „вось які я добры”.

Усё гэтае зьмяшчаецца ў кароткім, старажытным запавеце: „Не вымаўляй Імя Госпада Бога Твайго дарма”.

4. „Памятай дзень суботні...”

„Памятай дзень суботні, каб сьвяціць яго. Шэсьць дзён працуй і рабі ўсе працы твае, а дзень сёмы — суботу — Госпаду Богу Твайму”, — гучуць чацьвёрты запавет. У ім Бог загадвае адзін дзень у тыдні „сьвяціць” — значыць, праводзіць „сьвята” ў такіх дзеяньнях, якія служаць толькі ўслаўленьню Бога. У яўрэяў такім днём была субота, што значыць дзень „супакою і адпачынку”. Сьведчаньне пра сьвяткаваньне суботы да часу абвяшчэньня закону знаходзіцца ў зьлічэньні тыдняў (Быцьц. 29, 27), а таксама ў павучэньні пра зборку манны (Вых. 16, 5-22). Затым субота зноў была замацавана ў народнай памяці на Сынаі: шэсьць дзён належала працаваць, а ў сёмы дзень адпачываць, бо і Бог стварыў сьвет у шэсьць дзён і ў сёмы дзень „супачыў”. У Другазаконьні (5, 12-15) у сувязі са сьвяткаваньнем суботы адзначаецца таксама вызваленьне зь егіпецкай няволі. Субота павінна была быць днём адпачынку ў час сяўбы і жніва (Вых. 35, 21). У суботу нельга было запальваць у хатах агонь, пячы і варыць, забаранялася насіць цяжары, купляць і прадаваць. У Кнізе Лічбаў (15, 32) згадваецца пра выпадак, калі чалавек, які зьбіраў у суботу дровы, быў зьбіты камянямі. У гэты дзень увесь народ павінен быў зьбірацца вакол старазапаветнага храму (Лев. 16, 31). Зь цягам часу фарызэйскае яўрэйства давяло зьнешняе адзначэньне суботы да такой крайнасьці, што ў гэты дзень забаранялася нават рабіць дабро. Супраць такога перахілу выступіў Ісус Хрыстос. Ён лічыў, што строгае сьвяткаваньне суботы вельмі часта бывае нечалавечным, яно забівае дух закону. Хрыстос зьдзяйсьняў цуды і ў суботы, што выклікала абурэньне з боку найбольш фанатычных суайчыньнікаў. Ён ведаў, што ў сёмы дзень чалавеку была загадана адпачываць, каб сабраць у сабе духоўныя сілы. Гэтак, як зямля ляжала аблогам кожны сёмы год, так і чалавеку трэба падмацавацца для далейшай працы. Аздараўляючы людзей менавіта ў суботу Хрыстос падкрэсьліваў, што менавіта ў гэты, сёмы, дзень павінна вярнуцца жыцьцё і сілы ў тых, хто іх страціў.

Ужо ў апостальскія часы хрысьціяне — у адрозьненьне ад яўрэяў — зьбіраліся на малітву ў „першы дзень тыдня” (Дзеі. 20, 7; 1 Кар. 16, 2), у памяць уваскрэсеньня Хрыста ў першы дзень пасьля яўрэйскай суботы. Напрыканцы першага стагодзьдзя намесьнік Віфініі Пліній Малодшы пісаў імпэратару Траяну: „Хрысьціяне маюць звычку зьбірацца перад усходам сонца, каб сьпяваць песьні Хрысту, як Богу, і ўрачыста прысягаюць не рабіць нічога заганнага”. Гэты звычай быў настолькі пашыраны, што западозранага ў хрысьціянстве пераважна пыталі: ці сьвяткуеш дзень Гасподні? Юстын Пакутнік расказвае, што „ў дзень Гасподні ўсе хрысьціяне ў гарадах і вёсках зьбіраюцца разам. Тады мы чытаем Сьвятое Пісаньне, пасьля чаго прэсьвітэр выступае з прамовай, заклікае прысутных выконваць пачутае. Затым усе аб’ядноўваемся ў малітве і зьдзяйсьняем таінства, пасьля завяршэньня якога кожны, хто жадае, прыносіць ахвяру, а сабраныя сродкі перадаюцца прэсьвітэру, які разьмяркоўвае дапамогу сіротам, удовам ды іншым, хто яе патрабуе”.

Што гэта значыць „сьвяціць” адзін дзень у тыдні — у нашым выпадку нядзелю? У Новым Запавеце няма такіх дакладных указаньняў чаго нельга рабіць, як гэта было ў Старым Запавеце ў выпадку суботы. Вырашэньне гэтага пытаньня пакідаецца сумленьню кожнага чалавека, хаця напэўна нельга займацца тым, што безь ніякай шкоды можна выканаць у будні дзень. Затое ёсьць дакладнае павучэньне, што можна і што належыць рабіць. Перш за ўсё мы павінны быць „у духу”, як гэта было з Апосталам Яанам на востраве Патмос. Гэта значыць засяродзіць увагу на сваім духоўным нутры. Нядзеля павінна стаць днём прымірэньня і аднаўленьня лучнасьці з Богам. Сярод тыдня мы вельмі часта жывем нягодна, паводле чалавечых запаветаў. У „Гасподні Дзень” выпадае падзякаваць за ўсе дабрадзействы на працягу тыдня і папрасіць блаславенства на наступны тыдзень. Калі бяз важнай прычыны ў нядзелю не ідзем у храм, гэты дзень можна лічыць змарнаваным, але і наведваньне храму ня можа таксама ператварыцца ў фармальнасьць, зьнешні рытуал, які не паглыбляе нашае духоўнае жыцьцё. Гэты дзень дрэнна перажыты і пусты, калі абмяжуемся толькі бязьдзейнасьцяй заміж напоўніць яго добрымі ўчынкамі, напрыклад, наведаньнем хворага або вязьня, дапамогай каму-небудзь, суцяшэньнем, падбадзёраньнем...

Глыбокі сэнс чацьвёртага запавету пацьвярджаецца дасьведчаньнем чалавецтва. Раз у тыдзень адпачні ад сваіх штодзённых, прафэсійных і хатніх абавязкаў. Не бяры ў гэты дзень у рукі плуг, якім звычайна арэш, молат, якім куеш, іголку, якой звычайна шыеш вопратку для сваіх кліентаў, ні пяра, якім у будзённыя дні пішаш кніжкі для сваіх чытачоў. Гэты дзень правядзі інакш, чым усе астатнія дні тыдня. Дазволь адпачыць думкам і вачам, інакш чым звычайна паглядзі на сьвет, шырэй, радасьней, ня з гледзішча сваіх штодзённых мэтаў ды імкненьняў. Паспрабуй стаць вышэй за іх і не хвалявацца будзённымі клопатамі, няўдачамі і нястачамі. Іх не бывае больш, чымсьці ты ў змозе іх перанесьці... Каб выйсьці насустрач выклікам жыцьця, трэба набрацца сілаў, а гэтаму служыць „Дзень Гасподні”.

5. „Паважай айца твайго і маці тваю...”

У пятым запавеце Бог ставіць перад намі самых блізкіх нам людзей — нашых бацькоў і гаворыць, як мы павінны ставіцца да іх. „Паважай айца твайго і маці тваю, каб працягнуліся дні твае на зямлі”, — заяўляе Бог. Слова паважай, або шануй, надзвычай ёмкае. Тут гаворыцца ня толькі пра паслушэнства, якое дзеці абавязаны бацькам. Паважаць — гэта значыць любіць, дбаць пра іх, апекавацца падчас старасьці і хваробы, дзяліць зь імі радасьці і гора, маліцца пры жыцьці і з удзячнасьцяй успамінаць пасьля сьмерці. „Калі мы падумаем, колькі для нас зрабілі нашы бацькі, мы будзем паражаны невымернасьцяй даўгу”, — пісаў сьв. Амвросій Міланскі. Пісьменьнік Мікалай Астроўскі выказаў гэту думку наступным чынам: „Нават калі ты падрыхтуеш маці яечню на далоні, ты ўсё роўна будзеш перад ёю ў даўгу”. Бацьку і маці мы абавязаны найвялікшую каштоўнасьць — само жыцьцё, ня кажучы ўжо пра ўвесь карпатлівы працэс выхаваньня. Колькі сьлёзаў і непраспаных ночаў спрычыняе бацькам хвароба дзіцяці, затым першыя жыцьцёвыя праблемы і няўдачы. Не памятаць пра ўсё — гэта недаравальная няўдзячнасьць, аднак, на жаль, доўг перад бацькамі мы ўсьведамляем толькі пасьля іхнай сьмерці. На іхную магілу прыносім букеты кветак, але пры жыцьці шкадавалі адной кветкі або аднаго добрага слова... „Сын мой, — гаварыў Тавіт перад сьмерцяй свайму сыну Тавіі (Тавіт. 4, 3-4), — калі я памру, пахавай мяне і не пакідай сваю маці: паважай яе праз усе дні жыцьця твайго, рабі ўсё, што ёй мілае і не засмучай яе. Памятай, сын мой, што з тваёй прычыны яна шмат перажывала, калі яшчэ насіла цябе ў чэраве сваім. Калі і яна памрэ, пахавай побач са мною ў адной магіле”.

Для нас найбольш павучальным і аўтарытэтным павінен быць прыклад самога Ісуса Хрыста. „Ён пайшоў зь імі і прыйшоў у Назарэт і быў паслухмяны ім” — значыць, Язэпу і сваёй маці — гаворыцца ў Евангельлі (Лук. 2, 51). Сыноўнюю любоў Хрыстос выявіў у час найбольшых пакутаў на крыжы, калі даручыў Яану апекавацца сваёй маці. „Вось маці твая”, — сказаў Ён Апосталу і той узяў яе да сябе добра зразумеўшы, чаго ад яго патрабуецца. За нядбайнае стаўленьне да пятага запавету Хрыстос дакараў фарызэяў. „Хто зьневажае айца ці маці, няхай сьмерцяй памрэ. А вы кажаце: хто скажа айцу і маці: корван (значыць, дар), чым бы ты ад мяне карыстаўся, — таму дапускаеце ўжо нічога больш не рабіць для айца свайго ці для маці свае, адкідаючы слова Божае традыцыямі вашымі, якія вы ўстанавілі, ды робіце шмат чаго падобнага да гэтага” (Марк. 7, 10-13).

Некаторае зьдзіўленьне можа выклікаць зьвязанае зь пятым запаветам абяцаньне, што той, хто паважае айца і маці, будзе даўгавечны. Трэба памятаць, што ў старазапаветныя часы за зьняважлівае стаўленьне да бацькоў пагражала сьмерць, як гаворыцца аб гэтым у Кнізе Выхаду (21, 17). Аб пакараньні за непавагу да бацькоў паэтычна гаворыць у сваіх прытчах Саламон: „Хто зьневажае свайго бацьку і сваю маці, таго сьвяцільнік патухне сярод глыбокай цемры” (Прытч. 20, 20).

У Новым Запавеце шанаваньне бацькоў зьвязваецца з абяцаньнем „дабра”. „Паважай айца і маці... каб было табе добра і каб быў даўгалетнім на зямлі” (Эф. 6, 2). Дабро — гэта перш за ўсё Божае блаславенства, якое суправаджае кожнага, хто выконвае Божую волю.

Зьвернем увагу на прыклад двух сыноў — Язэпа і Авесалома, пра якіх расказваецца ў Сьвятым Пісаньні. У Егіпце Язэп займаў вельмі высокую пасаду. Калі ён даведаўся, што бацька ўжо прыбыў у Егіпет, ён выехаў яму насустрач, паў яму на шыю і плакаў ад радасьці (Быцьц. 46, 29). З другога боку вядомая сумная гісторыя з сынам цара Давіда — Авесаломам, які паўстаў супраць бацькі. Ён далучыўся да змовы супраць бацькі, але Давід усё роўна загадаў сваім ваярам не забіваць сына. Аднак ён усё роўна быў забіты і бацька цяжка перажыў гэту сьмерць. Ён горка плакаў і гаварыў: „Сын мой... я ахвотней памёр-бы заміж цябе” (2 Царств. 18, 33).

Чалавек ня ў змозе любіць усё чалавецтва і гаворкі аб гэтым пераважна няшчырыя. Мы павінны кахаць і паважаць перш за ўсё найбліжэйшых: бацькоў, апекуноў, сваякоў, сяброў, але пяты запавет пашыраецца таксама на настаўнікаў, выхаваўцаў, ад якіх мы перанялі добрыя рысы характару, якія паўплывалі на наша разьвіцьцё. Мы павінны адплаціць ім павагай і прывязанасьцяй. Трэба з павагай ставіцца да людзей старэйшых за нас, хто вышэй за нас сваім досьведам і ведамі, хто карыстаецца аўтарытэтам і займае кіраўнічую пасаду ў Царкве або ў народзе. „Памінайце настаўнікаў вашых, якія прапаведавалі вам слова Божае і, гледзячы на канчыну іхную, пераймайце веру... — заклікаў Апостал Павал у Лісьце да яўрэяў (13, 7), — слухайцеся настаўнікаў вашых і будзьце пакорлівымі, бо яны рупяцца пра вашы душы”.

Пяты запавет можна адчытаць і такім чынам: паступайце з бацькамі вашымі гэтак, як хацелі-б, каб вашы дзеці паступалі з вамі.

6. „Не забівай”

„Не забівай” — гучыць шосты запавет. Наўмыснае забойства ў Старым Запавеце адкуплялася толькі жыцьцём забойцы (Лев. 24, 17). Гэта асноўны закон, які прызнаваўся ўжо першым забойцам — Каінам (Быцьц. 4, 14), ясна выказаны Богам ужо ў Кнізе Быцьця (9, 5 і далей). Ён быў вядомы таксама паганскім народам (Дзеі. 28, 4). Забойцу, па абвінавачаньні ня менш чым двух сьведкаў, належала неадкладна забіць камянямі (Лічб. 35, 50). Бог у розных месцах Пісаньня выказвае Сваю агіду гэтым злачынствам і гаворыць пра пакараньне яго (Другапр. 32, 43; Пс. 9, 13; Асія. 1, 4; Адкр. 22, 15). У Новым Запавеце Ісус Хрыстос аднолькава строга асуджае і фізычнае, і псыхічнае забойства, значыць, нянавісьць да бліжняга (Мацьв. 15, 21; 1 Яан. 3, 15).

Слова „забіваць” усім зразумелае як пазбаўленьне жыцьця, але трэба мець больш глыбокае паняцьце аб самім жыцьці. Паміж народзінамі і сьмерцяй яно выяўляецца ў самых складаных зьявах і працэсах, якія адбываюцца і ў целе, і ў душы. Слова Божае гаворыць: „У Цябе крыніца жыцьця”. Стварыўшы чалавека Бог дунуў у яго „дыханьне жыцьця” і толькі пасьля гэтага ён стаўся „жывою душою”. Сьвятое Пісаньне гаворыць таксама, што жыцьцё зьяўляецца найвялікшай каштоўнасьцяй. У Кнізе Іава сатана гаворыць Богу: „Скура за скуру, але за жыцьцё сваё чалавек аддасьць усё, што мае... і сказаў Госпад сатане: вось ён [Іаў] у руках тваіх, толькі душу яго [значыць: жыцьцё] захавай” (Іаў. 2, 4 6). Цяпер мы лепш разумеем навошта дадзены шосты запавет: ён дадзены дзеля аховы жыцьця як асноўнага дабра, якое ахвяраванае чалавеку.

Аднойчы жыхары самаранскага пасёлка не хацелі прыняць Хрыста і апосталы Якуб і Яан гатовы былі паслаць на іх агонь зь неба і зьнішчыць. „Ня ведаеце, якога вы духа, бо Сын Чалавечы не прыйшоў губіць жыцьцё людзкое, але ратаваць” (Лук. 9, 55).

Вядома, што гэтак званыя вэгэтарыянцы пашырылі шосты запавет і на жывёльны сьвет. Яны супраціўляюцца забіваньню зьвяроў, паляваньню і лоўлі рыб. Аднак у Бібліі не забараняецца спажываць мяса, значыць, і забіваць жывёлаў. Гэтак званыя пацыфісты не дапускаюць пазбаўленьня чалавека жыцьця ў ніякім выпадку, але Біблія гаворыць пра справядлівыя войны, аб пакараньні некаторых злачынстваў сьмерцяй. Шосты запавет забараняе забойства з карысьлівых, асабістых або несправядлівых мэтаў.

У Бібліі яшчэ гаворыцца, што забойствам зьяўляецца таксама разбурэньне жыцьця, якое прыводзіць да заўчаснай сьмерці. „Вы дом Божы... хто разбурыць дом Божы, таго пакарае Бог”, — чытаем у Першым лісьце да карынфянаў (3, 16-17). Жыцьцё разбураюць паступова, але няўхільна, алькаголь, наркотыкі, тытунь, а нават абжорства і злоўжываньне лякарствамі. Да ранейшай сьмерці можа прывесьці таксама зьняважлівае стаўленьне да лекараў і мэдыцыны як, напрыклад, адмаўленьне некаторымі сэктантамі ад пераліваньня крыві.

Слова Божае прыраўноўвае да забойства і нянавісьць. „Кожны, хто ненавідзіць брата свайго, ёсьць забойца” (1 Яан. 3, 15). Нянавісьць — гэта моцнае пачуцьцё варожасьці, зьвязанае з жаданьнем усяго найгоршага, значыць і сьмерці таму, каго мы ненавідзім. Таму кожны, хто ненавідзіць, зьяўляецца патэнцыяльным забойцам.

Ёсьць яшчэ адна зброя, якая нясе ў сабе сьмерць. Аб гэтай зброі мы чытаем у Лісьце Якуба: „Язык ніхто ўтаймаваць ня можа... гэта неўтаймавальнае ліха, поўнае сьмяротнай атруты” (3, 8). Словам можна таксама забіць. Аб такім забойстве Хрыстос гаворыць у Нагорнай казані, прыраўноўваючы да забойства гнеў і зласлоўе (Мацьв. 5, 21-22). Такія грахі языка, як паклёп, здольныя глыбока раніць сэрца чалавека. Паклёп сапраўды зьнішчае чалавека, адымае ў яго аўтарытэт, годнасьць і добрае імя. Ён з чыстага анёла можа зрабіць найгоршага распусьніка.

Не зьнішчай нічыйго жыцьця. Без выразнай патрэбы, абароны або голаду не забівай жывёлаў і ня нішч расьлінаў. Ад чалавека, які табе шкодзіць, адыдзі, але не адплачвай яму помстай. Калі ён шкодзіць многім людзям, трэба яго пазбыцца, каб далей ня шкодзіў, ізаляваць ад грамадзтва, але ня нішчыць, не дакучаць і не забіваць. Часам аплачваецца пацярпець і сваёй цярплівасьцяй усьведаміць яму зло, якое спрычыняе. Пакараньне абгрунтаванае толькі абаронай перад злачынцам. Зьняволены правапарушальнік ня будзе шкодзіць, а абкладзены штрафам або кляймом пакаранага чалавека пераканаецца, што паводзіў сябе дрэнна. Сам ня шкодзь нікому, не падвяргай небясьпецы нічыйго здароўя і жыцьця для сваёй нажывы. Сам можаш прысьвяціць сябе прагрэсу або шчасьцю будучых пакаленьняў, але нельга гэтага рабіць за кошт некага, хто добраахвотна на такое самаахвярніцтва не пагаджаецца. Змагайся з такімі зьявамі, калі адны жывуць раскошна за кошт пакутаў іншых. Зло перамагай аднак дабром, а ня іншым злом. Хочучы зьмяніць іншых не ўжывай гвалту, бо гвалт спрычыняе зло. Не зьнішчай таксама прыкрым, непрыязным словам нічыйго духоўнага жыцьця, бо і словам можна пакрыўдзіць, а нават забіць.

7. „Не пралюбадзейнічай”

„Не пралюбадзейнічай”, — гучыць сёмы запавет. У Старым Запавеце чужаложніцтва лічылася не асабістай справай дваіх людзей, але сапраўдным злачынствам. Калі нехта аганьбаваў дзяўчыну, дык павінен быў жаніцца зь ёю, ніколі не разводзячыся, і да таго заплаціць бацьку дзяўчыны 50 сікляў серабра (Другапр. 22,28). Калі пасьля шлюбу выявіцца, што жанчына нецнатлівая, дык належала яе забіць камянямі (Другапр. 22, 20). Калі мужчына аганьбаваў заручаную дзяўчыну і яна не супраціўлялася, дык абое падлягалі сьмяротнаму пакараньню (Другапр. 22, 23). У выпадку даказанай пралюбадзейнасьці з замужняю абоіх належала забіць камянямі (Лев. 20, 10; Другапр. 22, 22). Варта адзначыць, што за гэтае злачынства больш строга каралі жанчын, паколькі ізраільцяне — акрамя жонкі — маглі мець наложніц. З часам пакараньне сьмерцяй практыкавалася штораз радзей і замянялася разводам (Мацьв. 1, 19; Яан. 8, 5).

Хрыстос у Нагорнай казані пашырыў сёмы запавет. Ён гаворыць, што акрамя фізычнага пралюбадзеяньня ёсьць і духоўнае, утоенае ў сэрцы і думках. Ісус гаворыць, што ў Яго вачах нячыстыя думкі гэтак-жа грэшныя, як і нячыстыя дзеяньні. „Усякі, хто глядзіць на жанчыну з блуднымі думкамі, ужо блудзіць зь ёю ў сэрцы сваім” (Мацьв. 5, 28).

Сёмы запавет ставіць перад сабою тры асноўны мэты. Першая — усьцерагчы сям’ю ад развалу ў выніку чужаложніцтва. Сужэнства — гэта не часовы саюз, але саюз да сьмерці. Слова Божае ведае толькі дзьве прычыны разарваньня шлюбу: сьмерць, якая разлучае мужа і жонку назаўсёды, і грэх чужаложніцтва. Мы не адказны за сьмерць і ня можам яе пазьбегнуць, але можам пазьбегнуць пралюбадзеяньня.

Другая мэта запавету — прадухіліць грэх незаконнага сужыцьця. Яно зьяўляецца крадзежам пасьляшлюбных прывілеяў і правоў без сужэнскіх абавязкаў і адказнасьці. Гэта крыўда, спрычыненая чалавеку, які ператвараецца толькі ў прадмет пажадлівасьці без уліку яго духоўнай сфэры.

Трэцяя мэта запавету — захаваць сэрца і думкі ў чысьціні і сьвятасьці, бо ідэя ўсякага дзеяньня пачынаецца ў сэрцы.

Царква лічыць блаславёны саюз мужчыны і жанчыны ідэальным станам, „поўным чалавекам”, які нагадвае саюз Хрыста і Царквы. Сужэнская любоў верная і выключная да канца жыцьця: дакладна гэтак, як двое людзей разумелі яе ў дзень, калі без прымусу і сьведама пабіраліся шлюбам. Вернасьць і сумленнасьць у шлюбным жыцьці зьяўляецца пладом любові і дружбы. Яе вартасьць поўнасьцю раскрываецца пасьля многіх гадоў сужэнства. Яны правяраюцца асабліва ў цяжкія хвіліны разлукі, хваробы, памылак і непаразуменьняў. Абкладзена запаветам „не пралюбадзейнічай” выходзіць далёка па за выключнасьць сэксуальнага партнёрства. Аднолькава важная як фізычная, так і духоўная вернасьць — не пакідаць партнёра, адно аднаму давяраць і разьлічваць на сябе, умацоўваць узаемную лучнасьць нават за кошт ахвяраў. Вернасьць у дачыненьні да партнёра — гэта адначасова вернасьць у дачыненьні да самога сябе і дадзенага слова прысягі. Гэта таксама вернасьць у дачыненьні да Бога, Які хоча, каб двое людзей сталіся „адным целам”.

Сёмы запавет падкрэсьлівае значэньне ня проста сужэнскай вернасьці, але культуры жыцьця. Калі ты мужчына і набліжаешся да жанчыны, ведай, што бярэш адказнасьць за яе. Калі разбудзіш у ёй моцныя эратычныя пачуцьці і затым пакінеш яе, пакрыўдзіш яе, бо яна пакахае і прывяжацца да цябе. Зламаўшы духоўнае жыцьцё, якое ты сам прышчапіў, зробіш яе нешчасьлівай. Калі ты жанчына, не дапускай духоўнай блізкасьці з чалавекам, у якім ня бачыш належнай пасьлядоўнасьці і адказнасьці за свае ўчынкі, бо ён можа зьнішчыць твае пачуцьці і назаўсёды скрывіць іх. Каханьне дваіх людзей прыгожае, але гэтую прыгажосьць трэба ўзбагачаць, а не абядняць. Дбай менавіта пра культуру свайго духоўнага жыцьця: узаемную далікатнасьць людзей закаханых, пазьбягай прыкрасьцяў, дапамагай партнёру ва ўсіх цяжкасьцях і намагайся сумесна перажываць усё, што нясе жыцьцё. Найбольш поўны этап любові нясе ў сабе цялесны саюз з глыбокім пачуцьцём духоўнай еднасьці. Добра перажытае каханьне забавязвае да пільнасьці і апекі, да салідарнасьці ва ўсіх хваляваньнях, да адказнасьці за ўсё жыцьцё каханай асобы. Нельга нішчыць еднасьці, якая прарасла, але ажыўляць і ўмацоўваць яе. Пажадлівы позірк на некага іншага, між іншым, зьяўляецца здрадай гэтай еднасьці.

Сёмы запавет — „не пралюбадзейнічай” — кліча нас да абсалютнай цнатлівасьці ня толькі цела, але і духа, нявіннасьці сэрца і думак. Такая нявіннасьць будзе нашым здабыткам, калі мы будзем нязьменна прабываць у Хрысьце, а Ён — у нас.

8. „Ня крадзь”

Восьмы запавет гаворыць коратка і ясна: „Ня крадзь”. У кожнай краіне існуюць законы, накіраваныя супраць крадзяжу, і акрэсьлены формы і памеры пакараньня за крадзеж, але гэты запавет выходзіць па за рамкі чалавечых законаў. У ім гаворыцца ня толькі пра крадзеж матэрыяльных каштоўнасьцяў, але і духоўных. Ужо ў Старым Запавеце ў некаторых выпадках крадзеж каралася сьмерцяй (Вых. 21, 16; Другапр. 24, 7). Злодзей павінен быў вярнуць удвая больш, чым украў. Калі, напрыклад, украдзены вол быў знойдзены жывым, дык злодзей павінен быў аддаць два валы, а калі ён ужо быў забіты і прададзены, тады — пяць валоў. Штраф спаганяўся са злодзея шляхам продажу яго маёмасьці, а ў выпадку, калі гэтага не хапала, прадавалі яго самога (Вых. 22, 1; 2 Цар. 12, 6). Калі злодзей у часе пакражы быў забіты, тады забойства не лічылася злачынствам (Вых. 22, 2).

Крадзеж — паняцьце вельмі шырокае. Гэта: рабунак — адабраньне чужой уласнасьці сілай або яе тайны захоп, а таксама ашуканства, калі, напрыклад, дрэнны тавар прадаюць за добры, калі выкручваюцца ад выплаты даўгоў, не выконваюць дадзенага абяцаньня. Гэта таксама сьвятатацтва, або крадзеж царкоўнай маёмасьці, паразітызм, калі атрымоўваем заробак не працуючы, або будучы працаздольным просім міласьціны ці жывем за кошт працы іншага. Да крадзяжу залічаецца і ліхвярства, калі карыстаючыся цяжкой сытуацыяй бліжняга спаганяем зь яго больш, чым яму пазычылі. Штодзённая прэса прыносіць безьліч паведамленьняў пра самыя розныя віды прысваеньня чужой уласнасьці: ад дробнага, кішэннага крадзяжу да ўзломаў у кватэры, крамы і банкі, да буйных фінансавых ашуканстваў. Характэрна, што людзі стварылі нейкую дзіўную шкалу заганнасьці крадзяжу: калі ён тычыцца прыватнай уласнасьці, тады стаўленьне да яго рэзка нэгатыўнае, але калі дзяржаўнай, значыць „нічыёй”, дык такі ўчынак ацэньваецца лагодна, неаднойчы ўспрымаецца як кемлівасьць і спрыт. Шмат каму ня сорамна праехаць на гарадзкім аўтобусе безь білету, невялікім грахом лічыцца ўзяць нешта сабе, тым болей што ўсе вакол бяруць, але недаравальна, калі за грамадзкія або дзяржаўныя грошы нехта пабудуе сабе вілу, або купіць раскошны аўтамабіль. Звычайна большым злом лічыцца буйны крадзеж, а дробны не выклікае асаблівага абурэньня. Але-ж у восьмым запавеце не гаворыцца „ня крадзь вялікіх сумаў”, але проста „ня крадзь”, а гэта значыць: ні мільёнаў, ні капеек; ні багатаму, ні беднаму. Паводле Царквы, „Бог прызначыў зямлю і ўсё, што на ёй, для карыстаньня ўсімі людзьмі і народамі гэтак, каб усякае дабро даходзіла да ўсіх у належнай ступені, у духу справядлівасьці, якой спадарожнічае любоў. Перш за ўсё не адбірай нікому рэчы неабходнай яму для жыцьця: ежы, вопраткі, жыльля. Калі ўкраў, кампенсуй учыненую крыўду гэтак, як зрабіў евангельскі мытнік. Слова „прабачце” ў дадзеным выпадку бязвартаснае. Не адбірай таксама нікому часу, патрэбнага на роздум, выхаваньне дзяцей або прыемнасьці. Калі трэба некага празьмерна абцяжарыць, дык лепш каб усе былі раўнамерна абцяжараныя, хіба што адны добраахвотна прысьвяцяць сябе дабру іншых. У выпадку яўнай несправядлівасьці можна дамагацца адабраньня некаму таго, чаго мае зашмат і самалюбна насалоджваецца ім, не дзелячыся з тым, хто вельмі патрабуе дапамогі. Трэба, аднак, дбаць пра тое, каб нікога не пакрыўдзіць і не пазбавіць неабходнага мінімуму. Дабро матэрыяльнае і духоўнае разьдзяляй раўнамерна — у залежнасьці ад патрэбаў. Аднолькава шануй і не рабі розьніцы паміж прыватнай і агульнай уласнасьцяй. Маёмасьць, якая аблягчае сумеснае жыцьцё: чыгунка, аўтобусы, вакзалы, гатэлі, месцы супольнай працы і адпачынку можа і маюць персанальнага ўласьніка, але ўскосна іх уласьнікамі зьяўляюцца ўсе карыстальнікі. Дбай, каб у фабрыках, офісах ды вучэльнях панавалі парадак, сумленнасьць, прыемны настрой і сацыяльная справядлівасьць. Калі нешта выносіш зь месца сваёй працы, абкрадаеш ня толькі ўласьніка, але і сваіх калегаў, бо падаражэюць кошты вытворчасьці і ўскосна паўплываюць на іхныя заробкі і на цэны тавараў. Беспарадкі і неадказнае кіраваньне зьяўляюцца крадзежам часу і энэргіі тых, хто наводзіць лад і парадак. Калі ствараеш людзям непатрэбныя заняткі і фіктыўныя абавязкі, абкрадаеш іх са свабоднага часу. Тое самае робіш, калі арганізуеш непатрэбныя сходы і задоўга прамаўляеш. Такі сьпіс усемагчымых, жыцьцёвых сытуацыяў можна працягваць у бясконцасьць...

Да духоўных каштоўнасьцяў, зь якіх таксама можна абакрасьці чалавека, залічаюцца добрае імя, гонар і годнасьць, добрая рэпутацыя і пашана ў людзей. У Сьвятым Пісаньні гаворыцца: „Добрае імя лепшае за ўсе багацьці, а ласка — за серабро і золата” (Прытч. 22, 1). Парушэньне права ўласнасьці наступае ў выпадку пашкоджаньня чыйгосьці здароўя, ашуканства, несумленнасьці, хлусьні і паклёпу. Адсюль выплывае і абавязак гаварыць праўду, лічыцца са словам пісаным і сказаным. „Пакуль нешта скажаш — добра ўдумайся над кароткім жыцьцём хлусьні”, — гаворыць кітайская прымаўка.

Аднойчы да старажытнага філёзафа Сакрата прыбег задыханы чалавек і кажа:

— Паслухай, я мушу табе сказаць, што аб табе гаворыць твой сябра...

— Пачакай, — кажа Сакрат, — ці перасеяў ты тое, што хочаш мне сказаць, праз тры сіты?

— Якія?

— Сіта праўды, дабрыні і неабходнасьці. Ці тое, што хочаш мне сказаць, стопрацэнтная праўда? Ці напэўна з гэтай інфармацыі выплывае нейкае дабро і нарэшце: ці напэўна мусіш мне гэта сказаць?

— Не, хіба нічога з гэтага... — адказаў інфарматар.

— Дык, калі тое, з чым да мяне прыходзіш, — адказаў Сакрат, — непраўдзівае, нядобрае і ня мусіць быць сказана, дык не абцяжарвай ні маёй увагі, ні свайго сумленьня.

Восьмы запавет становіцца яшчэ больш важным, калі супаставіць яго з грахом, які ў Бібліі названы „абкрадваньнем Бога”. „Ці можна чалавеку абкрадваць Бога? А вы абкрадваеце Мяне. Скажаце: чым мы Цябе абкрадаем? Дзесяцінаю і прынашэньнямі” (Малах. 3, 8). У 30 Псальме (16) чытаем: „У Тваёй руцэ дні мае”. Гэта значыць, што Бог — валадар нашых дзён, гадзін і хвілін. Калі нават свабодныя ад нашых штодзённых абавязкаў імгненьні праводзім не для карысьці нашых душаў і не для Божай славы, дык мы абкрадваем Бога. У Сьвятым Пісаньні гаворыцца пра грэх Ананіі і Сапфіры, якія літаральна ўзялі для сябе частку таго, што было прысьвечана Богу. Але як мы можам абкрадаць Бога? Двума спосабамі: пустым праводжаньнем часу і нашым палавінчатым хрысьціянствам, калі мы толькі часткова да Яго належым, толькі трохі любім і толькі трохі служым. Наша палавінчатасьць азначае, што частка нашага сэрца ўкрадзена ў Валадара нашых душаў — Хрыста, а восьмы запавет ясна гаворыць „ня крадзь”.

9. „Ня сьведч фальшыва на бліжняга свайго”

„Ня сьведч фальшыва на бліжняга свайго”, — гучыць дзевяты запавет. Зь ліку дзесяці запаветаў дзевяты, гэтак-жа як і трэці, залічаюцца да грахоў языка. У ім забараняецца фальшывае сьведчаньне супраць бліжняга і ўсякая хлусьня, завочны паклёп, несправядлівае ганьбаваньне, схільнасьць усякае слова і ўчынак ператлумачваць у дрэнны бок, пераказваць чужыя словы з мэтай пасварыць або зьбянтэжыць некага. Бывае таксама хлусьня для жарту, калі няпраўду гаворыцца не дзеля таго, каб пакрыўдзіць, але абсьмяяць. З усяго вышэйсказанага найгоршы злосны паклёп, які неаднойчы раўназначны з забойствам.

Асабліва шмат пра грэх языка гаворыцца у Псальмах, Кнізе Прытчаў, а ў Новым Запавеце — у Евангельлях і Лісьце Якуба. „Ня будзь фальшывым сьведкам супраць бліжняга свайго: на што табе хлусіць сваімі вуснамі” (Прытч. 24, 28). „Фальшывы сьведка не застанецца без пакараньня і хто дыхае маною — не ўцячэ” (Прытч. 19, 5). Слова Божае гаворыць, што наш язык можа быць крыніцай бласлаўленьня і пракляцьця. Наколькі гэта агідны грэх у вачах Божых бачна з Кнігі Адкрыцьця, дзе гаворыцца, што канец фальшывых сьведкаў „у возеры, што гарыць агнём і серкаю” (21, 8). Дрэнныя і сказаная хлусьня, і недаказаная праўда, таму ў Евангельлі рэкамендуецца поўная шчырасьць без аніякага круцельства: „Хай слова ваша будзе: «так — так», «не — не», а што звыш гэтага, тое ад д’ябла” (Мацьв. 5, 37; Якуб. 5, 12).

Некаторыя памылкова абмяжоўваюць дзевяты запавет да фальшывага сьведчаньня ў судах: у шэрагу краінаў пад пагрозай пакараньня сьведка сапраўды прысягае на Біблію гаварыць „праўду, усю праўду і толькі праўду”, аднак гэта не прадухіляе ілжывых паказаньняў, як гэта здарылася ў Сынедрыёне зь Ісусам Хрыстом (Мацьв. 26, 59-61). Фальшывыя сьведкі карыстаюцца наўмыснай і мэтанакіраванай хлусьнёй у выпадку, калі ім не пагражае пакараньне. Калі мы прааналізуем нашы штодзённыя размовы, дык убачым, што ў асноўным мы не гаворым пра сябе, але пераважна пра іншых, адсутных. У кожнага чалавека ёсьць свае плюсы і мінусы, добрыя і заганныя якасьці і рысы і па меры магчымасьці — у сваіх ацэнках трэба намагацца быць аб’ектыўным. Калі мы падкрэсьліваем у ім толькі дрэннае, перабольшваючы заганы, дык сьведчым пра яго ілжыва і прадстаўляем у фальшывым сьвятле. Гэткім чынам нагадваем мухі, якія вышукоўваюць на целе чалавека толькі раны і струпы. Гэтак паступае і фальшывы сьведка: ён носіць пры сабе толькі чорныя фарбы.

Фальшывым сьведчаньнем на чалавека зьяўляецца таксама пашырэньне неправераных, незычлівых чутак пра яго, інакш кажучы, плётак. Дзеяньне плёткі магутнае і нагадвае пажар, для якога дастаткова адной іскры. У Кнізе Судзьдзяў (15, 4-5) гаворыцца пра Самсона, які злавіў трыста лісіцаў, зьвязаў ім хвасты, прывязаў паміж хвастамі запалены факел і пусьціў на палеткі і вінаграднікі філістымлянаў. Гэтак дзейнічае грэх пашырэньня хлусьлівых чутак: яны пашыраюцца імгненна і выпальваюць усе добрыя пачуцьці ў дачыненьні да чалавека, перш чым ён здолее апраўдаць сябе. „Маленечкі агонь гэтулькі лесу паліць. Гэтак і язык — малюсенькі член, прыкраса няпраўды, брудзіць усё цела і запальвае кола прыроды” (Якуб. 3, 5-6) .

Найгоршае ў граху фальшывага сьведчаньня тое, што сказанага слова нельга вярнуць назад. Фальшывыя грошы можна паступова вылавіць з абарачэньня, але слова — ніколі. Можна шкадаваць сказанага, плакаць, каяцца, рваць на сабе валасы, прасіць прабачэньня ў пакрыўджанага намі чалавека, але сказанае аб ім — сказана назаўсёды і незваротна.

Якая-ж выснова зь дзевятага запавету для кожнага з нас? Ня шкодзь нікому паклёпам або плёткай, ня крыўдзь нікога сваім словам. Гавары толькі праўду і мяркуй, калі якую праўду трэба сказаць. Памятай, што ілгуну ня вераць нават калі ён пачне гаварыць праўду. Неаднойчы прамоўчваньне нечага ў гутарцы ўжо зьяўляецца хлусьнёю, бо ствараецца аднабаковае, а гэта значыць фальшывае, уяўленьне пра нешта. Імкніся да таго, каб кожны меў поўнасьцю праўдзівае паняцьце пра справу, якую абмяркоўваеце. Часова можна дапусьціць, што нехта ня будзе ведаць усёй праўды, тады калі гэтае веданьне схіліла-б яго да заганнага, роспачнага і шкоднага дзеяньня для яго самога і для іншых. Трэба аднак рупіцца пра тое, каб кожны меў такія думкі і стаўленьне да жыцьця, каб ніводная праўдзівая зьвестка ня выклікала ў ім адмоўнай рэакцыі. Кожнага крытыкуй калі трэба і кожную абгрунтаваную крытыку бяз крыўды прымай. Усе людзі недасканалыя і павінны адзін аднаго выхоўваць. Ніхто ня мае таксама манаполіі на праўду і кожны мае прынамсі крыху рацыі. Дбай пра праўду ў грамадзкім і міжнародным жыцьці, кляймуй усе злоўжываньні не зважаючы на асобу. Выяўляй усякую крывадушнасьць і нячыстыя намеры любых слаёў грамадзтва, блёкаў, урадаў і паасобных дзеячаў. Не давярай людзям, якія разам са зьменай каньюнктуры раптам зьмяняюць сваё аблічча, ня маючы сьмеласьці адкрыта адмяжавацца і асудзіць свае ранейшыя паводзіны. Калі зьмяняеш погляды, што дарэчы натуральнае, дык шчыра прадстаў усе свае аргуманты і выяві свае ранейшыя перакананьні ў сьвятле новых. Ня толькі словам сваім, але і дзеяньнем давай сьвядоцтва праўдзе.

І нарэшце галоўнае: як пазьбягаць гэтага грэху? Шляхам раскаяньня ня толькі перад Богам, ня толькі перад пакрыўджаным намі чалавекам, але і перад усімі, хто чуў наша фальшывае сьведчаньне. Раскаяцца перад Богам — ня цяжка, але як-жа цяжка і сорамна прызнацца да сваёй хлусьні перад людзьмі. Паклёпніка трэба ўзяць з сабою, пайсьці да таго, каго ён абняславіў і сказаць: „А цяпер скажы пры ім тое, што ты сказаў мне”. Як-жа гэта дапамагло-б ачысьціць наша асяродзьдзе і любое грамадзтва ад хлусьні і няпраўды, пра якіх гаворыць дзевяты запавет.

10. „Не жадай дому бліжняга свайго...”

„Не жадай дому бліжняга свайго, ні жонкі яго... нічога, што належыць яму”, — гаворыць дзесяты запавет. Ён накіраваны супраць вельмі распаўсюджанай заганы ненасытнасьці, што ў царкоўнаславянскай мове акрэсьліваецца як „любасьцяжаньне”. Інакш кажучы — гэта хцівасьць, прагнасьць, жаданьне мець больш чым трэба і чым неабходна. Гэты грэх настолькі пашыраны таксама сярод вернікаў усіх часоў, што Хрыстос перасьцерагае перад ім кажучы: „Глядзіце, сьцеражыцеся хцівасьці, бо жыцьцё чалавека не залежыць ад дастатку таго, што ён мае” (Лук. 12, 15).

Прагавітасьць — грэх, які спадарожнічае нам зь дзяцінства. Дзіцё рэдка калі задавальняецца тым, што мае: яно хоча ўсё больш і больш. Сам хцівы чалавек ня бачыць у сваім характары нічога заганнага. Ён лічыць, што гэта хутчэй за ўсё дабрадзейнасьць, розум, знаходлівасьць, дбайнасьць і дальнабачнасьць у адносінах да будучыні. Ён перакананы, што толькі няўклюда і наіўны чалавек нічога ня мае.

У Сьвятым Пісаньні шэраг красамоўных прыкладаў хцівасьці. Лот спакусіўся багацьцем Ярданскай зямлі і ён накіраваўся туды, спадзеючыся яшчэ больш павялічыць сваё багацьце. Аднак ён памыліўся і заплаціў за сваю прагавітасьць высокую цану. З часам яму прыйшлося ўцякаць адтуль, пакідаючы усё, што прыдбаў (Быцьц. 13, 5-13). У Бібліі згадваецца Валаам, які за падарункі паганскага цара Валака згадзіўся праклясьці свой народ і стаўся прыкладам хцівасьці і карысьлівасьці, аб якіх гаворыцца нават у Новым Запавеце (Юд. 11). Давід парушыў адначасова тры запаветы: не забівай (ён спрыяў забойству Урыя — мужа Вірсавіі), не пралюбадзейнічай і не жадай жонкі бліжняга свайго. Вось таму такое глыбокае было ягонае раскаяньне.

У Новым Запавеце чытаем пра багатага юнака, які не пайшоў за Хрыстом, бо ня ўмеў расстацца са сваім багацьцем. Ісус сказаў: „Цяжка багатаму ўвайсьці ў царства нябеснае... лягчэй вярблюду прайсьці праз вуха іголкі” (Мацьв. 19, 23-24). Юда Іскарыёт, Ананія і Сапфіра пацярпелі цяжкое пакараньне за грэх прагавітасьці.

Прыгадаем, што Апостал Павал пісаў свайму вучню Цімафею: „Корань усякага зла ў ненасытнасьці, якой паддаўшыся некаторыя адышлі ад веры і самі сабе спрычынілі шмат гора. Але ты, о чалавеча Божы, уцякай ад гэтага і ганіся за справядлівасьцяй, набожнасьцяй, вераю, міласьцяй, цярплівасьцяй, лагоднасьцяй” (1 Цім. 6, 10-11).

Хцівасьць і ненаеднасьць — сапараўды корань усякага зла. Самыя дружныя сем’і разьбіваліся пры падзеле спадчыны. Прагавітасьць спрычыняе тысячы гэтак званых „шлюбаў з разьліку”, у якіх багацьце заняло месца каханьня. Гэты-ж грэх спарадзіў у гісторыі нявольніцтва і мноства войнаў, у якіх пад шыльдай красамоўных лёзунгаў утойвалася жаданьне прыдбаць зямлю, нафту, золата або іншае багацьце. Парушэньне дзесятага запавету бывае адначасовым парушэньнем восьмага „ня крадзь”, але таксама першага „хай ня будзе ў цябе іншых багоў”. Апостал Павал у Лісьце да каласянаў „любасьцяжаньне” называе „ідалапаклонствам” (3, 5), бо „мамона” лёгка ператвараецца ў „ідала”, у „іншага бога” і прыкоўвае да сябе сэрца чалавека.

Як пазбыцца грэху хцівасьці, як перамагаць яго? Пры валоданьні зямнымі каштоўнасьцямі заўсёды ўзьнікае пытаньне: ці яны будуць панаваць над намі, ці мы над імі? Перш за ўсё трэба задавальняцца тым, што маем, без пачуцьця крыўды абмяжоўвацца толькі неабходным. Апостал Павал піша аб гэтым: „Вялікае прыдбаньне — быць набожным і задаволеным. Бо мы нічога не прынесьлі на сьвет і нічога ня можам вынесьці зь яго. Маючы наедак і вопратку, будзем задаволены гэтым” (1 Цім. 6, 6-8). „Заміж сумаваць па тым, чаго ня маеш, навучыся дзякаваць за тое, што маеш”, — гаварыў сьв. Васіль Вялікі. Зайздросьціць іншаму — дарэмны занятак. Заўсёды будуць багацейшыя за нас і заўсёды будуць яшчэ бяднейшыя. Нявыключана, што мы маем тое, чаго ня мае той нібыта шчасьліўшы. Будучы ў дарозе з Арэцца ў Асіз сьвяты Францішак пастукаў у першую, выпадковую хату і папрасіў хлеба. Гаспадар даў яму тры лустачкі, зь якіх Францішак зьеў толькі дзьве, маючы намер трэцюю пакінуць у запас. Аднак тут-жа ўсьвядоміў, што зьбіраючы дараваны хлеб паступае несумленна і вярнуўся, каб аддаць лішак гаспадару. Калі паўторна пастукаў у дзьверы, пачуў голас гаспадыні: не адчыняй, гэта напэўна злодзей. Францішак пацалаваў хлеб і паклаў на парозе. „Гэтая жанчына ведае, што кажа: я — злодзей, бо выпрасіў больш, чым мог зьесьці”, — і засаромлены пайшоў далей. Ён лічыў крадзежам усякі збытак (Р. Брандштэтэр, „Іншыя кветкі сьв. Францішка”, стар. 118).

І так, дзесяты запавет заклікае ўшанаваць ня проста чужую ўласнасьць. Зараз жонка ня лічыцца ўласнасьцяй і даўно было скасавана нявольніцтва. Запавет заклікае да сьціпласьці ў сваіх патрабаваньнях, да разумнай памяркоўнасьці, да якой схіляе досьвед і назіраньне. Не зазірай бясконца за плот суседа, задаволься сваім панадворкам і тым, што сам маеш. Ніхто ніколі ня еў дзьвюма лыжкамі і не сядзеў у двух крэслах. Акрамя чужой уласнасьці не жадай таго, што зьяўляецца інтымным элемэнтам чыйгосьці жыцьця, але сам запрацуй на сваё шчасьце. Не ўваходзь з ботамі ў чужую душу, не тапчы нічыёй сьвятасьці. Не разбурай таксама сямейнага ачагу і ўсяго таго, што дае іншаму чалавеку сілу ў перанашэньні цяжараў жыцьця. На няшчасьці пакінутага мужа і дзяцей не будуй сваё самалюбнае шчасьце. Не разбурай таксама нічыіх перакананьняў, бо ў кожнай веры шмат жывой праўды, а ў кожным поглядзе — рацыі. Як гаварыў авва Пімен: „Задаволенае сэрца і чыстае сумленьне робяць чалавека шчасьлівым у любых абставінах”.

Нагорная казань

1. „Шчасьлівыя ўбогія духам”

Чытаючы Евангельле мы павінны адрозьніваць словы Хрыста, накіраваныя да народу і да вучняў. Да народу Хрыстос зьвяртаўся з заклікамі накштал гэтага: „Прыйдзіце да Мяне ўсе струджаныя і прыгнечаныя і Я супакою вас” (Мацьв. 11, 28). Да вучняў Ён зьвяртаўся з канкрэтнымі запаветамі, якіх выкананьне абавязковае для кожнага, хто хоча быць сапраўдным хрысьціянінам. „Убачыўшы народ Ён узышоў на гару і калі сеў, прыступілі да Яго вучні Ягоныя і Ён адкрыўшы вусны свае вучыў іх”. Адсюль бачна, што Нагорная казань накіравана менавіта да вучняў, а гэта значыць, што і да ўсіх іхных пераймальнікаў, усіх вернікаў. Быць хрысьціянінам, гэта перш за ўсё паверыць у Хрыста. Аднак гэта толькі пачатак, бо трэба таксама жыць паводле Ягоных запаветаў. „Калі хто хоча ісьці за Мною, хай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой ды ідзе за Мною” (Мацьв. 16, 24). Нясеньне „крыжа” гэта штодзённае паміраньне для свайго „я”, аб якім гаварыў Апостал Павал (1 Кар. 15, 31). Выканаць гэта — справа нялёгкая, аднак высакародная.

Нагорная казань пачынаецца са слоў: „Шчасьлівыя ўбогія духам, бо іх ёсьць валадарства нябеснае”. На першы погляд гэтыя словы можна ўспрыняць як усхваленьне духоўнай беднасьці і слабасьці, але гэта ня так. Валадарства Божае патрабуе гераізму веры неабходнага ня толькі для перамогі над грахом, але і для перанясеньня ўсіх жыцьцёвых выпрабаваньняў. Хрыстос мае на ўвазе шчасьце ад усьведамленьня сваёй беднасьці ў параўнаньні з багацьцем утоеным у Ім. Гэтае „багацьце Хрыстовае” Апостал Павал называе „недасяжным” (Эф. 3, 8). Мы не авалодалі ўсім багацьцем Хрыстовым і павінны прызнаць сваю нязначнасць у параўнаньні зь Яго веліччу. Гэтак зрабіў Апостал Пётр, калі ўсклікнуў: „Выйдзі ад мяне, Госпадзе, бо я чалавек грэшны” (Лук. 5, 8). Толькі ўсьведамляючы сваю духоўную беднасьць, мы будзем прагнуць паўнаты Хрыстовага багацьця. Абагаціўшыся Хрыстом мы адчуем вялікую асалоду і шчасьце.

Хрыстовыя блаславенствы гэта ня проста суцяшэньне бедных і пакрыўджаных і абяцаньне, што прынамсі „калісьці” яны атрымаюць за свае цяперашнія пакуты ўзнагароду і кампенсацыю. Той, хто суцяшае, на самай справе нічога не зьмяняе, бо калі-б мог разьвязаць праблему, не патрабаваў-бы суцяшаць. Безумоўна, лепшая за суцяшэньне канкрэтная зьмена да лепшага, гэтак як дзеяньне лепшае за абяцаньне. Аднак варта памятаць, што абяцаньне Божага валадарства і жыцьця вечнага мабілізавала шматлікіх людзей і схіляла да вялікіх зьдзяйсьненьняў. Тыя, што паверылі ў Нагорную казань, ставаліся больш ціхія, справядлівыя і міласэрныя. Для іх гэтая вера не была толькі шчасным суцяшэньнем, але і падштурхоўвала іх да дзеяньня. Яны ня проста „суцяшалі” тых, хто плакаў і пакутаваў, але аблягчалі іхны лёс і гэтак зьмянялі і ператваралі сьвет.

З усіх Хрыстовых запаветаў менавіта гэты выклікаў найбольш адмоўную рэакцыю з боку праціўнікаў хрысьціянства: рэакцыя на гэтыя словы і дзьве тысячы гадоў таму, і зараз носіць адценьне спагадлівага цынізму. Матэрыяльная беднасьць зразумелая і зь ёю можна пагадзіцца, але што значыць духоўная беднасьць? Няўжо гэта не ўсхваленьне прымітыўнасьці і недахопу інтэлекту? Нават сапраўдныя хрысьціяне сьпешна абмінаюць гэтую клапатлівую фразу.

Духоўная беднасьць абапіраецца толькі на сапраўднай пакоры. Калі чалавек самакрытычна паглядзіць на сваё сэрца і сумленьне, ён убачыць, што няма яму чым пахваліцца. Калі і ёсьць у ім нешта добрае, дык гэта не ягоная заслуга, але Божы дар. „Што ты маеш, чаго-б не атрымаў”, — кажа Апостал (1 Кар. 4, 7). Толькі ад усьведамленьня сваёй мізэрнасьці можа пачацца напаўненьне сэрца ласкай: уліць нешта можна толькі ў пустую пасудзіну. Евангельле накіроўваецца не да самаўпэўненых людзей, якія лічаць, што яны багатыя і ня маюць ніякіх патрэбаў. „Няма нічога больш праціўнага Богу, як ганарыстасьць, таму што ў ёй утойваецца абагаўленьне сябе”, — гаварыў авва Ісая. Беднасьць духа неабавязкова абумоўліваецца матэрыяльнай нястачай. У яе аснове ляжыць духоўная свабода ад няволі матэрыяльных каштоўнасьцяў. „Усё мне можна, але ня ўсё карыснае. Усё дазволена, але нішто не павінна авалодаць мною”, — гаварыў Апостал Павал (1 Кар. 6, 12).

Задача ўсяго хрысьціянскага жыцьця — ахоўваць гэту ўнутраную свабоду. Можна шмат мець, але трэба захаваць незалежнасьць ад рэчаў, грошаў і маёмасьці. Можна таксама за прыкладам евангельскай Марфы „турбавацца і клапаціцца аб многім”, але найлепш за прыкладам ейнай сястры Марыі „выбраць тое, што чалавеку не адымецца”.

2. „Шчасьлівыя заплаканыя”

„Шчасьлівыя тыя, што плачуць, бо яны суцешацца”, — ня менш дзіўна за першы гучаць словы другога запавету Нагорнай казані. Што можа быць станоўчага ў сьлязах? Няўжо Хрыстос хоча, каб усе яго вучні плакалі? У Сьвятым Пісаньні гаворыцца-ж хутчэй адваротнае: „Радуйцеся заўсёды ў Госпадзе, і яшчэ кажу: радуйцеся” (Піліп. 4, 4); „Хай радасьць Мая будзе ў вас і радасьць ваша будзе поўная” (Яан. 15, 11); „Радуйцеся радасьцяй нявыказнай і найслаўнейшай” (1 Пятр. 1, 8).

Гаворачы пра станоўчасьць плачу Хрыстос меў на ўвазе перш за ўсё плач над сваімі грахамі і заганамі. Сам плач не здымае адказнасьці за грэх, але калі шчыра шкадуем зьдзейсьненых намі ўчынкаў, ёсьць надзея, што будзем іх пазьбягаць у будучыні. Сьлёзы грэшнікаў спрыяюць абуджэньню ў душы пачуцьця віны: яны зьяўляюцца кроплямі, якія папярэднічаюць сонцу шчасьця, смутак абвяшчае крыніцу жывой радасьці душы. Такім, паводле прарока, Бог дасьць „алей радасьці заміж маркоты” (Іс. 61, 3). Кожны плач верніка павінна яшчэ аблягчаць сьвядомасьць, што ўвесь наш лёс у Божых руках і што Бог не пакрыўдзіць Сваіх дзяцей. „Вы заплачаце і загалосіце, а сьвет усьцешыцца, але сум ваш зьменіцца ў радасьць” (Яан. 16, 20), — гаворыцца ў Евангельлі. „Вы цяпер тужыце, але ўзрадуецца сэрца ваша, і радасьці вашай ніхто не адбярэ ў вас” (Яан. 16, 22). У канчатковым выніку „Бог абатрэ кожную сьлязу... і сьмерці ўжо ня будзе, і ня будзе ўжо плачу, ні галашэньня, ні хваробы, бо ранейшае прайшло (Адкр. 21, 4), — запэўнівае Сьвятое Пісаньне.

Хрыстос запэўніў сваіх слухачоў, што суцяшэньне знойдзецца таксама для тых, хто плача пад цяжарам жыцьцёвых няўдачаў і гора. Мы таксама можам быць упэўненымі, што не заўсёды будзе гэтак, як цяпер: не заўсёды будзе гэтак дрэнна і не заўсёды гэтак добра. Пасьля дажджу праясьняецца і пасьля зімы наступае вясна. Гэта заканамернасьць, якая абнадзейвае ў безнадзейнасьці і папярэджвае перад празьмернай бестурботнасьцяй. Празь сьлёзы, у якіх заўсёды нехта вінаваты, нам нагадваецца таксама пра наяўнасьць зла ў нас саміх і ў сьвеце. Шляхі Божыя незразумелыя толькі для тых, хто жадае браць з жыцьця толькі найлепшае і толькі тое, што хоча для сябе. Лямантаваць і скардзіцца на свой лёс — дарэмны занятак. Ня ўсе мусяць ведаць, што нешта ў нас баліць, нешта не атрымалася, бо і ня мусіла нас упаткаць толькі добрае. Бог не абяцаў нам, што пражывем жыцьцё прыпяваючы, але наадварот: „У сьвеце будзеце засмучаны; але памятайце: Я перамог сьвет” (Яан. 16, 33). Прарок Ілья ня ведаў што робіць, калі заявіў на пустыні, што мае досыць жыцьця і хоча памерці. Бог не прыхіліўся да ягонага жаданьня. Прарока чакала вялікае заданьне і калі яно было выкананае, яму ўжо ня трэба было гінуць у роспачы і самотнасьці на пустыні.

Плач не асацыюецца са шчасьцем, але бываюць і шчасьлівыя сьлёзы. Такімі сьлязьмі плакаў сам Ісус Хрыстос над лёсам Ерусаліма і яго жыхароў, а таксам пасьля сьмерці Лазара. Гэтак плакаў і Апостал Павал у Эфэсе, са сьлязьмі навучаючы тамашнюю грамаду (Дзеі. 20, 31), таму і потым заклікаў: „Плачце з тымі, хто плача і радуйцеся з тымі, хто радуецца” (Рым. 12, 15). Інакш кажучы, будзьце салідарныя зь іншымі ў іхнай радасьці і ў горы. Хрыстос не абяцаў суцяшэньня заплаканым эгаістам, але тым, хто спачувае іншым. Спачуваць — гэта „дзяліць зь некім яго пакуты”, узяць на сябе іх частку. Словы спачуваньня і суцяшэньня не здымаюць асноўнай праблемы і прычыны сьлёз, але памагаюць перанесьці іх. Калі дзелім зь некім яго гора, бязвыхаднасьць, роспач і самотнасьць, у прыгнечаным чалавеку абуджаем волю жыцьця і надзею на лепшае. Калі ня можам зрабіць болей, дык гэта таксама важнае...

Сапраўдная радасьць у гэтым сьвеце сьлёз, гора і пакутаў немагчымая без Хрыста. Ніхто акрамя Хрыста не супакоіць і не суцешыць нас у нашых бедах, ніхто ня возьме на сябе наша ярмо. Ён адзін „узяў на сябе нашы немачы і нашы хваробы панёс”. Ён перш за ўсё напаўняе чалавечае сэрца радасьцяй збаўленьня, якая ня зьвязана зь зямной памыснасьцяй і посьпехамі. Пры такой радасьці ўсё астатняе ня ў змозе засмуціць чалавека.

3. „Шчасьлівыя лагодныя”

„Шчасьлівыя лагодныя, бо яны ўспадкуюць зямлю”, — гаворыцца ў трэцім запавеце. На першы погляд гэта дзіўныя словы, бо практыка паказвае адваротнае: у жыцьці неабходныя імпэтнасьць і пранырлівасьць. Неаднойчы трэба распіхвацца локцямі, адстойваць свае інтарэсы. Аднак Хрыстос заклікаў сваіх вучняў: „Навучыцеся ў Мяне, бо Я ціхі і лагодны сэрцам” (Мацьв. 12, 20). Паводле Евангельля, лагоднасьць — гэта мяккасьць, далікатнасьць, але ня слабасьць або бязвольнасьць. Лагоднасьць — прыкмета самога Хрыста, які „трасьціны надламанай не пераломіць і кнота, які тлее, не патушыць”. Адначасова Хрыстос настолькі магутны, што „на імя Яго будуць спадзявацца народы” (12, 21). Шчасьце лагодных у тым, што яны „атрымаюць у спадчыну зямлю”, і — як гэта ня дзіўна — стануць валадарамі яе і чалавецтва. Справа ў тым, што лагоднасьць — надзвычайная моц, якая заваёўвае чалавечыя сэрцы. Евангельле заклікае жонак, якіх мужы не падпарадкоўваюцца Слову Божаму, „перамагаць іх лагодным і маўклівым духам” (1 Пятр. 3, 1-4). Аб вялікай сіле лагоднасьці прыгожа гаворыцца ў Прытчах Саламонавых: „Лагоднасьцяй зьмякчаецца сэрца вяльможы і мяккі язык пераломвае косьць” (25, 15).

Цяжкасьці, якія нас напатыкаюць, могуць быць зьмякчаны лагоднасьцяй, якая характарызавала Хрыста. Калі будзе ў нас Ягоная пакорлівасьць, будзем вышэй за штодзённыя зьнявагі, паклёпы і дакучаньне. Найвышэйшым доказам высакароднасьці верніка зьяўляецца самакантроль — утаймоўваньне сваіх эмоцыяў. Пакорлівасьць зьяўляецца сілай, якая дае маральную перамогу над грубым гвалтам. На ўдар можна адказаць ударам, але гэта нічога не дае і не вырашае. Усе канфлікты і войны зьяўляюцца вынікам менавіта такой рэакцыі.

У Хрыстовыя часы ў Палестыне мелі месца частыя паўстаньні зілотаў супраць рымскіх акупантаў і мясцовых багачоў. Зілоты лічыліся патрыётамі і героямі, аднак, паводле сучасных паняцьцяў, яны былі тэрарыстамі. Хрыстос ведаў пра іх, аднак сам ня быў рэвалюцыянерам і адкідаў усякі гвалт. „Схавай меч свой, — параіў ён Апосталу, — бо кожны, хто мячом ваюе, ад яго і загіне” (Мацьв. 26, 52). З другога боку, праз лагоднасьць і пацыфізм Хрыстос не хацеў заглушыць у людзях імкненьне да справядлівасьці. Ён сам выгнаў з храма гандляроў і публічна абвінаваціў мытнікаў і фарызэяў у пакрыўджаньні ўдавы. Багатаму юнаку Ён параіў добраахвотна прадаць сваю маёмасьць і раздаць бедным. Колькі глупстваў наконт пасыўнасьці хрысьціян або „бунту на каленях” выказалі некаторыя філёзафы, напрыклад Ніцшэ ці Энгельс. „Хрысьціянства было ідэалёгіяй прыгнечаных людзей, якія страцілі ўсялякую надзею на барацьбу і шукалі выйсьця ў малітве”, — пісаў Энгельс. Аднак Хрыстос ня быў супраць зьменаў і барацьбы са злом. Ён толькі быў супраць „пэрманэнтнай рэвалюцыі”, бо зьмены дзеля самых зьменаў — гэта шкодніцтва. У песьні Дзевы Марыі гаворыцца аб тым, што яе Сын „скіне магутных з пасадаў, узвысіць нізкіх, накорміць галодных і адашле багатых з пустымі рукамі” (Лук. 1, 52-53). Калі сяляне ў час Рэфармацыі паўсталі супраць памешчыкаў, іх аргуманты мелі рэлігійны характар. У адным з рэвалюцыйных гімнаў гаварылася: „Калі Адам араў, а Эва прала, хто панаваў над імі? Магутную сілу даў нам Госпад, якая непераможная”. Калі ў Англіі пачаўся рух прамысловага пралетарыяту, чартысты сьпявалі: „Сыны Брытаніі, вы былі нявольнікамі, але Бог наш стварыў нас свабоднымі. Усім Ён даў жыцьцё і свабоду і нікога не зрабіў нявольнікам”. Хрыстос хацеў, каб зьмены адбываліся не шляхам нянавісьці, але любові. Гэта павінна быць дзейная любоў, якая схіляе нас дзяліцца зь іншымі тым, што маем. „Хто мае дзьве кашулі, хай адну аддасьць таму, што ня мае”. Даходжаньне да справядлівасьці павінна адбывацца хутчэй за ўсё шляхам пакутніцтва, чымсьці гвалту. Хрыстовая „рэвалюцыя”, у адрозьненьне ад амаль усіх рэвалюцыяў сьвету, не была накіраваная „супраць” але „для” людзей. Як вернікі, мы таксама можам падпісацца пад словамі Андрэ Жыда, што „сьвет могуць выратаваць толькі бунтаўнікі” і што яны зьяўляюцца „сольлю зямлі”, аднак трэба ведаць чаму і дзеля чаго бунтуемся. Важнае таксама, якімі пачуцьцямі кіруемся: любоўю, нянавісьцяй або можа ганарыстасьцяй.

Аднак можа ўзьнікнуць пытаньне: ці любоў зможа выправіць усякае зло ў сьвеце? Выглядае на тое, што шмат хто сумняваецца ў гэтым і таму нават хрысьціяне ваююць паміж сабою. Спакуса дамагчыся праўды і дабра шляхам сілы вельмі часта бярэ верх над лагоднасьцяй. Аднак сьвет ад гэтага ня стаўся лепшы і таму варта прыслухацца да Нагорнай казані.

4. „Шчасьлівыя тыя, хто жадае праўды”

„Шчасьлівыя тыя, хто жадае і прагне праўды, бо яны спатоляцца”, — гучыць чацьвёрты запавет. Голад і смага — звычайныя патрэбы чалавечага цела, аднак вучні Хрыстовы павінны адчуваць іншы голад і прагу. Гэта гарачае жаданьне наблізіцца да праўды і справядлівасьці паводле ўзору Хрыста. „Хто нап’ецца вады, якую Я дам яму, ня ўсьмягне навекі”, — гаворыць Хрыстос (Яан. 4, 14). Яго чысьціня і сьвятасьць былі бязьмежныя. Для нас гэта вяршыня лесьвіцы: мы на вельмі нізкай яе ступеньцы, аднак нашае заданьне — дасягнуць самую вышыню. Шчасьлівы той, хто імкнецца да гэтага, бо згодна Хрыстоваму абяцаньню, яго прага будзе заспакоена.

Праўда — гэта Бог. У Старым Запавеце Бог пасылаў людзей, якія не зважаючы на супраціў і цяжкасьці абвяшчалі праўду. Увасабленьнем яе стаўся Ісус Хрыстос. „Мы ведаем, што Ты справядлівы і шляху Божаму праўдзіва вучыш і не стараешся дагадзіць нікому, бо не глядзіш на абліччы”, — шчыра прызналі нават яўныя ворагі Хрыста — фарызэі (Мацьв. 22,16). Хрыстос і Сам пра Сябе заявіў: „Я — праўда, Дарога і Жыцьцё” (Яан. 14, 6). „Я на тое нарадзіўся і дзеля гэтага прыйшоў на сьвет, каб сьведчыць аб праўдзе. Кожны, хто з праўды, слухае голасу Майго” (Яан. 18, 37), — заявіў Хрыстос Пілату. Гэтую сцэну цудоўна прадставіў мастак Мікалай Гэ. Акрываўлены, зьбіты Хрыстос ледзь стаіць ля сьцяны, калі кажа менавіта гэтыя словы. Раскошна апрануты, самаўпэўнены Пілат глядзіць на яго з пагардай і са зьедлівай усьмешкай пытаецца: „А што такое праўда?” Яго не цікавіць, што думае гэты чалавек, якога лёс поўнасьцю ў ягоных руках. Ісус Хрыстос можа сабе гаварыць пра годнасьць кожнага чалавека, праўду, справядлівасьць і таму падобныя высокія матэрыі, а ён можа заткнуць яму рот кулаком. Пра якую праўду можа гаварыць гэты жаласны яўрэй? Неістотнае на чыім баку праўда, але чый голас важнейшы. Вага сказанага залежыць ад таго, хто гаворыць! Слушнасьць і праўда на баку мацнейшага, а за ім стаіць уся імпэрыя зь яе магутным войскам і адміністрацыяй. „Няўжо ня ведаеш, што я ўладны выпусьціць цябе і ўладны ўкрыжаваць цябе?” Калі ты нават нявінны, дык можна цябе абвінаваціць у чым заўгодна: у парушэньні грамадзкага парадку, супраціўленьні законным уладам, бунтарстве, абразе кіруючых у дзяржаве асобаў. Можна заўсёды дапасаваць адпаведны параграф, а людзі і так ва ўсё павераць, бо ня маюць магчымасьці пазнаць праўду. Як-жа гэта нагадвае сытуацыю, якую зараз назіраем у Беларусі...

Пілаты былі і ёсьць! Іхны лёс падобны: праўда — ілюзорная, а панаваньне — кароткатрывалае. Як гаворыцца ў народнай пагаворцы: „Няпраўдай сьвет пройдзеш, але дадому ня вернешся”. Людзям, бы бяздумным авечкам, убіваюць у галовы самыя недарэчныя ідэі і яны вераць у іх. Гэтую засьлепленасьць заўсёды пасьпяхова скарыстоўвалі ўсе дэмагогі і дыктатары. Як гэта ня горка, але тысячу разоў сказаная хлусьня сапраўды ўспрымаецца за праўду. Вось таму ў Евангельлі гаворыцца: „Пазнайце праўду і праўда вас вызваліць” (Яан. 8, 32). Яна вызваліць вас ад вашай некрытычнай засьлепленасьці і наіўнасьці, зь якой ставіцеся да людзей і справаў у сапраўднасьці ня ведаючы іх. Важны ня вонкавы выгляд і форма, але корань і сутнасьць справы. Праўда — пастаянная і няўхільная. Праўду нельга нагінаць дзеля сваёй карысьці: не яна павінна нам служыць, але мы ёй! Яе нельга абмінуць, ні перахітрыць. Любая аснаваная на хлусьні сыстэма разваліцца, а праўда, бы алей, усплыве на паверхню і заўсёды патрабуе разьлічыцца з кожнай здрады, хлусьні і фальшу.

Праўду трэба шукаць, ісьці за ёю, жыць у адпаведнасьці зь ёю і пашыраць яе. Толькі тады чалавечае жыцьцё становіцца паўнацэнным. Гэта дасканала бачна на прыкладзе Эдзіт Штэйн, яўрэйкі, жанчыны-філёзафа, вучаніцы прафэсара Гусэрла, вялікай індывідуальнасьці, якая нястомна шукала менавіта праўду. Пасьля гадоў унутраных неладоў і ненасычанасьці, яна з радасьцяй заявіла свайму прафэсару: „Я знайшла праўду”. І тады ў адказ пачула: „Дык за праўдай трэба ісьці”. І Эдзіт Штэйн пайшла. Хаця адракліся ад яе і сям’я, і асяродзьдзе, яна стала хрысьціянкай і неўзабаве манашкай.

Бывае, што шчыра імкнучыся да праўды, дабра і справядлівасьці чалавек бывае выстаўлены на кпіны і сьмешнасьць. Само дабро неаднойчы падаецца сьмешным, праўда — умоўнай, а запаветы — анахранічнымі. Назіраньне сапраўды вучыць, што да мэты трэба імкнуцца бессаромна і расьпіхаючыся локцямі, але Евангельле кажа: „Шукайце перш за ўсё Царства Божага і праўды яго, а ўсё астатняе, будзе вам дадзена”.

5. „Шчасьлівыя міласьцівыя”

„Шчасьлівыя міласьцівыя, бо яны памілаваны будуць”, — сказаў Хрыстос у сваёй Нагорнай казані. Міласьцівасьць або міласэрнасьць — гэта прабачэньне, ласкавасьць. Памілаваць, значыць, дараваць чалавеку нейкія правіны, зьлітавацца над ім. Тых, хто ўмее быць велікадушным, літасьцівым Хрыстос называе „шчасьлівымі”. У прытчы пра двух даўжнікоў вельмі ясна гаворыцца, што той, хто ня ўмее прабачаць, ня можа і для сябе спадзявацца на дараваньне ад Бога: „Гэтак і Айцец ваш нябесны паступіць з вамі, калі кожны з вас не даруе з сэрца брату свайму правінаў ягоных” (Мацьв. 18, 35). Апостал Якуб кажа, што „суд неміласэрны таму, хто не праяўляе міласэрнасьці” (2,13).

Паводле праваслаўнага катэхізісу, міласэрнасьць бывае дваякая: у дачыненьні да душы і цела. Мы павінны накарміць галоднага і напаіць сасмаглага, прыняць беднага, апрануць яго і абуць. Трэба наведаць зьняволенага, заапекавацца хворым, дапамагчы яму і лячыць яго. Да хворага трэба выклікаць сьвятара, прыняць і пачаставаць вандроўца. Памерламу неабходна запэўніць належныя, хрысьціянскія паховіны.

Духоўныя ўчынкі міласэрнасьці — гэта павярнуць грэшніка зь яго шляху, павучыць таго, хто памыляецца, вярнуць у Царкву таго, хто адышоў ад яе, распуснага схіліць адумацца, невука навучыць ісьціны, дабра, малітваў, запаветаў і закону хрысьціянскага. Бліжняму трэба даць добрую параду, прыгнечанага суцешыць і за ўсіх людзей маліцца.

Згаданыя ўчынкі не вычэрпваюць усіх сытуацыяў, якія нясе жыцьцё. Проста, у любой сытуацыі, калі нехта патрабуе нашай дапамогі, па меры магчымасьці мы яе павінны аказваць. Менавіта павінны, бо міласэрнасьць ня можа залежыць ад нашага жаданьня або капрызу. Хлеб, якога маем збытак, належыць галоднаму, непрыдатныя нам паліто і боты, якія толькі завальваюць шафу, павінны быць аддадзены таму, каму яны могуць прыдацца. Час, які бясплённа праводзім перад тэлевізарам, павінен быць скарыстаны, напрыклад, для наведаньня хворага. Усё гэта нашы абавязкі, і прытым надзвычай важныя, якія даручыў нам Сам Бог. У кніжцы „Пакліканьне да любові” Дарота Догэн піша: „Характэрна, што ў апісаньні Страшнага Суду Хрыстос кажа, што ня злодзеі і пралюбадзеі будуць адасланыя ў пекла, але тыя, хто бачучы Хрыста галодным і сасмаглым, не накармілі і не напаілі Яго”. Учынкі міласэрнасьці важнейшыя нават за ахвяры: „Міласьці хачу, а не ахвяры”, — кажа Хрыстос (Мацьв. 9, 13).

Міласэрнасьць — гэта рука любові. Бог жадае, каб мы карысталіся ёю шчодра і безупынна. „Усё, што можа рука твая зрабіць, па меры магчымасьці рабі”. „Не адмаўляй у дабрадзейнасьці таму, хто ў патрэбе”. „Таму, хто просіць у цябе, дай і ад таго, хто хоча ў цябе пазычыць, не адварочвайся”, — гаворыцца ў Сьвятым Пісаньні. Адначасова перасьцерагаецца, каб усякі добры ўчынак быў бескарысьлівы: „Хай левая твая рука ня ведае, што робіць правая”. Любоў ня памятае зробленага некаму дабра і не падлічвае сваіх учынкаў і ахвяраў. Хрыстос расказаў глыбоказьмястоўную прытчу, якая прадстаўляе тры адносіны да чужой патрэбы. „Нехта з вас маючы сябра прыйдзе да яго і скажа яму: сябра! пазыч мне тры буханкі хлеба, бо сябра мой з дарогі зайшоў да мяне і мне няма чаго даць яму. А той з хаты скажа яму ў адказ: не турбуй мяне, дзьверы ўжо зачынены і дзеці мае са мною на пасьцелі; не магу ўстаць і даць табе” (Лук. 11, 5-7). Гэта прыклад таго эгаізму, нячуласьці і замкнутасьці, якая, на жаль, характарызуе многіх вернікаў. „Усім дапамагчы я ня ў змозе”, — кажуць яны і пераважна не дапамагаюць нікому.

У кожным чалавеку ёсьць прыродны дынамізм дабра. Сам Тварэц прышчапіў у нашу прыроду схільнасьць да зацікаўленьня лёсам іншага чалавека. Узрушэньне пакутамі чалавека, званае літасьцяй, гэта ўтоенае абавязацельства да братэрства і лучнасьці з усёй чалавечай сям’ёй. Калі бываюць людзі нячулыя на чужое гора, дык гэта або паталагічнае скрыўленьне, вынік дрэннага выхаваньня або ўплыў асяродзьдзя.

Імкненьне справіцца зь няшчасьцем іншага чалавека і адхіліць зло шляхам намаганьня, спалучанага з ахвярай і самаадрачэньнем, мае творчы характар і зьяўляецца сутнасцю міласэрнасьці. Гэта сапраўднае супрацоўніцтва з Богам у пашырэньні дабра, якога не хапае няшчаснаму чалавеку. Таму міласэрнасьць — узаемная радасьць: і таму, хто абдароўвае, і абдараванаму. Вось таму ня трэба баяцца ахвяраў і нягодаў, якія спадарожнічаюць нясеньню матэрыяльнай і духоўнай дапамогі хворым і няшчасным, прабачэньню правінаў і крыўдаў, набліжэньню да Бога тых, хто абыякавы або сумняваецца. Мы зьяўляемся адказнымі за лёс іншых.

Міласэрнасьць — адно з найлепшых упрыгожаньняў хрысьціянскага жыцьця. Калі ёсьць у нас гэтая рыса характару, мы можам лічыць сябе шчасьлівымі.

6. „Шчасьлівыя чыстыя сэрцам”

Пераважная большасьць людзей прыдае вялікае значэньне вонкавай чысьціні. Яны лічаць важнай і патрэбнай чысьціню цела, вопраткі, кватэраў. Ім не падабаецца і раздражняе іх пыл на падлозе і мэблі. Дакладна гэтак у часы Хрыста паводзілі сябе фарызэі, якія ўжывалі шмат вады для мыцьця пасудзіны, рук і ног. Паколькі тады ня ўжывалі нажоў і відэльцаў (Марк. 14, 20; Яан. 13, 26), абмываньне рук перад і пасьля яды было проста неабходным. Існаваў нават звычай, што гаспадар браў рукою хлеб або нейкі найсмачнейшы кусок і клаў яго, на знак вялікай пашаны, у рот дарагому госьцю (Яан. 13, 26). Больш таго, частае абмываньне рук і ног фарызэі лічылі рэлігійным абрадам, якога парушэньне магло прывесьці нават да выключэньня з абшчыны.

Усё гэта мела сэнс і пахвальнае яно ў любыя часы, хаця само паняцьце чысьціні — умоўнае. Калі-б праз мікраскоп паглядзець на нібыта чыстую пасудзіну, мы знайшлі-б на ёй мноства мікробаў. Аднак ня гэта галоўнае! Справа ў тым, што зьнешняй чысьціні і ахайнасьці павінна спадарожнічаць унутраная ўпарадкаванасьць і чысьціня. Пра чысьціню сэрцаў букваедныя фарызэі думалі мала. У пераносным сэнсе, яны сапраўды „адцэджвалі камара, але праглыналі вярблюда” (Мацьв. 23, 24) і таму Хрыстос прыраўнаў іх да „пабеленых магілаў, якія звонку здаюцца прыгожымі, а ўсярэдзіне... поўны рознай нечысьці” (Мацьв. 23, 27). Безумоўна да іх накіроўваў строгае папярэджаньне Апостал Якуб кажучы: „Папраўце сэрцы, двудушныя” (Якуб. 4, 8).

Калі ўзважыць, што старажытныя сэміты лічылі сэрца ачагом і цэнтрам думак чалавека, дык можна сказаць, што ўсякая нячыстасьць нараджаецца ў чалавечым сэрцы. Вось таму Хрыстос раіць сьпярша перагледзець думкі, зрабіць іх простымі і шчырымі, зьмяніць спосаб думаньня, стаць адкрытым і просталінейным.

Для Хрыста не было таксама чыстай і нячыстай ежы, хаця, напрыклад, у той час яўрэй ня мог зьесьці нешта зрыхтаванае толькі яўрэям і ў ніякім выпадку не ў пасудзіне чужынца. Чыстым або нячыстым можа быць толькі чалавек і прытым становіцца такім не праз ежу, але свае думкі. „Не тое, што ўваходзіць у вусны, апаганьвае чалавека, але тое, што выходзіць зь іх” (Мацьв. 15, 11).

Усякае зло пераважна тлумачыцца зьнешнімі, аб’ектыўнымі прычынамі. Вінаваты дрэнны грамадзкі, палітычны, эканамічны лад або несправядлівыя законы. Аднак ля вытокаў усяго гэтага заўсёды стаіць чалавек. Усё, што прыносіць гора чалавецтву, як забойствы або жахлівыя войны, пачынаецца зь людзкога сэрца. Можна, напрыклад, спрабаваць навесьці парадак павялічваючы шэрагі міліцыі, але ўсё роўна гэта будзе барацьба з вонкавымі праявамі зла, а не зь яго прычынамі. Можна праводзіць розныя рэформы, але трэба перавыхаваць чалавека. Гэта барацьба не з прычынамі, але з вынікамі і нагадвае лячэньне праказы з дапамогай пудры.

Сапраўдная прычына зла — унутраная, хаця часта мы яе ня бачым, асабліва ў дачыненьні да сябе. Мы нават ня хочам бачьць сваіх заганаў і слабасьцяў. Аднак ніякае, зьнешняе зло ня ў змозе апаганіць чалавека, хутчэй за ўсё бруд, які ўтойваецца ў ім самім. Паводле Евангельля, менавіта „з нутра, з сэрца чалавечага выходзяць благія думкі, распуста, блуд, душагубства, крадзеж, прагавітасьць, злосьць, здрада, бязглуздасьць, ліхое вока, блюзьнерства, пыха і дурнота” (Марк. 7, 18-21).

Дзеля дасягненьня чысьціні сэрца патрэбна вера, паколькі празь яе прызму мы здолеем пазнаць чысьціню сэрца і сьвятасьць жыцьця. Чыстае сэрца абяцанае нам самім Богам. „Дам вам сэрца новае і новы дух дам вам. Спрычыню, што вы будзеце хадзіць у Маіх запаветах і правілы Мае будзеце выконваць”. Бог зможа выканаць кожнае абяцаньне. Ён можа даць нам чыстае сэрца і вызваліць ад усякай нечысьці, але і з нашага боку павінна быць прага чысьціні і сьвятасьці. „Сэрца чыстае ствары ўва мне, Божа, і дух шчыры аднаві ў нутры маім”, — прасіў Давід (Пс. 50, 12).

Нам таксама трэба сьцерагчыся, каб сэрца ня сталася нявольнікам пажадлівасьцяў і заганаў. Як гаворыць Сьвятое Пісаньне: „Больш за ўсё сьцеражонае сьцеражы сэрца сваё, бо ў ім крыніца жыцьця”.

7. „Шчасьлівыя міратворцы”

„Шчасьлівыя міратворцы, бо яны сынамі Божымі назавуцца”, — гаворыцца ў чарговым запавеце. Наш Айцец Нябесны зьяўляецца „Богам міру”. Вось таму і Яго дзеці павінны быць мірнымі людзьмі і стваральнікамі міру. Д’ябал — тварэц усіх падзелаў. Хто сее варожасьць і нязгоду паміж людзьмі, той агідны Богу (Прытч. 6, 14-19). У Сьвятым Пісаньні „мір” зьяўляецца неабходнай умовай шчасьця, памыснасьці і дабрабыту. Гэта раўнавага, якая выплывае з ужо існуючага ў сьвеце парадку. Мір пасылаецца ў якасьці вышэйшай узнагароды за добрыя ўчынкі і выконваньне Божых запаветаў (Лев. 26, 3-6). Нідзе ў Бібліі не заклікаецца да варожасьці, гвалту або вайны і не апраўдваецца іх. „Шукай міру і хадзі ўсьлед за ім”, — заклікаў Прарок Давід (Пс. 33, 15). „Захоўвайце мір паміж сабою”, — пацьвердзіў важнасьць гэтага Ісус Хрыстос (Марк. 9, 50). Апостал Павал таксама нагадваў вучням, што хрысьціяне абавязаны служыць міру, бо да гэтага „заклікаў іх Сам Госпад” (1 Кар. 7, 15). „Калі магчыма з вашага боку, будзьце ў згодзе з усімі людзьмі” (Рым. 12,18). „Шукайце таго, што служыць міру і ўзаемнаму збудаваньню” (Рым. 14, 19). Такім чынам, імкненьне да міру — гэта прынцыповае выказваньне ў карысьць Хрыста і доказ паслухмянасьці ў дачыненьні да Бога.

„Мір пакідаю вам. Мір Мой даю вам. Ня гэтак, як дае сьвет”, — заявіў Хрыстос непасрэдна перад Сваёй сьмерцяй і разьвітаньнем з вучнямі. Мір Хрыстовы нараджаецца з унутранай раўнавагі, праўды, справядлівасьці, пераадоленьня грэху і зла перш за ўсё ў сабе самім. Унутраны мір чалавека ажыўлены верай і насычаны любоўю, здольны зьзяць навонкі і ператварацца ў мір і справядлівасьць ва ўсіх сфэрах жыцьця. Мір Хрыстовы — адна з прыкметаў Божага Царства і магчымы ўнутры нас, у сэрцы, у веруючай душы. У Хрыстовай праграме ўміратварэньня закладзена логіка сэрца. З сэрца пачынаецца ўсё: калі яно дароўвае крыўды, на гвалт не адказвае гвалтам і не схіляе чалавека ўсталёўваць мір сілай і рэваншам, дык яно сапраўды міралюбнае. Вось таму Хрыстос заклікае перш за ўсё ўтаймаваць гнеў, заўзятасьць і дрэнныя схільнасьці, бо толькі гэткім чынам дасягаецца сапраўдны мір.

Сьвет бясконца супраціўляецца Божым законам, а людзі — пасвараныя з Богам і паміж сабою. Людзі ня ў змозе ўсталяваць мір, бо яго каштоўнасьць яны ацэньваюць праз прызму блізарукай выгады. Ніхто не прымусіць ваўка і ягня згодна пасьвіцца побач сябе, ні льва і вала есьці траву на адной пашы. Немагчыма таксама прымусіць любіць, прабачаць і імкнуцца да міру людзей, у якіх зло зацьміла розум і скавала сэрца. Ніхто ня зможа ўтаймаваць ганарыстых і самалюбных людзей, аб якіх Апостал кажа, што „шляху міру яны не пазналі” (Рым. 3, 17). Мір, які прапануе нам сьвет, аснаваны на сіле, уладзе, халодным разьліку або на гэтак званай „раўнавазе боязі”. Калі не ўшчынаем вайну толькі таму, што баімся яе прайграць, гэта запэўнівае толькі спыненьне агню на некаторы час. Пра мір, дарэчы, часьцей за іншых гавораць тыя, у каго нячыстыя намеры. Шмат каму давялося жыць у краіне, якая нібыта змагалася за справядлівасьць, роўнасьць, братэрства і мір ува ўсім сьвеце, але ў сапраўднасьці была яна „імпэрыяй зла”. Яна не магла існаваць бяз ворагаў, ці то ўнутраных, ці зьнешніх. Яна нават за мір „змагалася”. На ўсіх мірных канфэрэнцыях ейныя прадстаўнікі гаварылі пра мір высакамоўна, узьнёсла і прыгожа, але ў тым часе ўлады разьдзьмухвалі і ўмешваліся ў самыя розныя канфлікты па ўсім сьвеце. Прарок Міхей казаў пра такіх людзей, што „кусаюць зубамі сваімі і прапаведуюць мір” (Міх. 3, 5).

Хрыстос прадказаў, што з прычыны непапраўнасьці самога чалавека і па яго віне, войнаў і варожасьці ня ўдасца пазьбегнуць, што „паўстане народ на народ і царства на царства” (Мацьв. 24, 7). Аднак Слова Божае запэўнівае таксама, што прыйдзе час, калі людзі „перакуюць мячы на лемяшы і дзіды свае на сярпы: не падыме народ на народ мяча і ня будзе больш вучыцца ваяваць” (Міх. 4, 3). Пакуль гэта наступіць, ваўкі ды ільвы — крыважэрныя і такімі застануцца.

Праваслаўная Царква за кожнай Сьвятой Літургіяй моліцца „за мір ува ўсім сьвеце”, лічачы гэта сваім абавязкам у дачыненьні да сьвету як Божага стварэньня. Насычэньне ўсіх сфэраў жыцьця праўдай і духам Божым — гэта вяртаньне да крыніцаў, да паўнаты хрысьціянскага жыцьця, сьмелага вызнаваньня веры і ажыцьцяўленьне яе праўдаў. Калі нават разам з хрысьціянствам не спыніліся войны, дык адышло перакананьне аб іх неабходнасьці і непазьбежнасьці. Дзякуючы дабратворнаму ўзьдзеяньню на сям’ю, грамадзтвы і народы, яны прайшлі эвалюцыю ад дзікасьці і варварства да сучаснага гуманізму. У безупынным змаганьні дабра са злом, сярод адзінкавай і ўсеагульнай недасканаласьці, Царква далей дзейнічае як „закваска” (Мацьв. 13, 33), якая ўчыняе чалавека дабратворным. Дзеля гэтага і напамінае, што „шчасьлівыя міратворцы, бо яны сынамі Божымі назавуцца”.

8. „Шчасьлівыя гнаныя за праўду”

„Шчасьлівыя гнаныя за праўду, бо іх ёсьць Царства Нябеснае. Шчасьлівыя вы, калі будуць вас ганьбіць і гнаць і ўсякім словам ліхім несправядліва зьневажаць за Мяне. Радуйцеся і весяліцеся, бо ўзнагарода ваша вялікая на нябёсах”, — гэтак заканчваецца восем запаветаў Нагорнай казані.

Варта адзначыць у гэтым запавеце фразу „за Мяне”. Можна быць ганьбаваным і прасьледаваным за іншыя, памылковыя або нестандартныя перакананьні і паняцьці, за палітыку, расавую, нацыянальную або іншую адметнасьць. Людзі бясконца некага не пераносяць і дыскрымінуюць, не спрабуючы нават зразумець іх адметнасьць. Усякая іншасьць насьцярожвае і выклікае недавер, а затым і варожасьць. Любы прасьлед заганны, але ў Евангельлі маецца на ўвазе іншае: зьнявагі і прасьлед не за любую праўду, але за тую, якая ўвасобленая ў Хрысьце, за веру і вернасьць сваім рэлігійным перакананьням. Гэта дакладна тое, за што Царква шануе хрысьціянскіх пакутнікаў, якія нават пад пагрозай сьмерці не адракліся ад сваёй веры. Мужнае пераношаньне незаслужанага прасьледу менавіта за вернасьць Хрысту запэўнівае, паводле Евангельля, шчасьце на зямлі і ўзнагароду на нябёсах. „Хто вызнае Мяне перад людзьмі, таго і Я вызнаю перад Айцом Маім, Які ў нябёсах” (Мацьв. 10, 32). „Хто страціць душу сваю дзеля Мяне, той знойдзе яе” (Мацьв. 16, 25), — сказана ў Евангельлі. Тыя, што мелі няшчасьце жыць пад бязбожнымі рэжымамі, добра ведаюць, што такое прасьлед за веру ў школе, на працы, у сваім асяродзьдзі. Гэты прасьлед неабавязкова мусіць мець крайнія формы ў выглядзе расстрэлаў, гулагаў або гэтак званых „псыхушак”. Не заўсёды таксама зыходзіць ён ад бязбожнай дзяржавы. Само асяродзьдзе, грамадзтва неаднойчы варожа ставіцца да ўсялякіх меншасьцяў. З другога боку, для патрабавальнага ў дачыненьні да сябе верніка важна таксама ведаць ці зласловяць яго сапраўды за Хрыста, за Ягоны вобраз у ім, ці за яго скажэньне, карыкатуру, якую, магчыма, ён паказвае атачэньню. Бывае, што абсьмейваюць нашу веру і звычаі не таму, што яны хрысьціянскія, але таму, што яны замала хрысьціянскія. Аб такіх людзях у Лісьце Апостала Паўла сказана: „Праз вас зьневажаецца Божае Імя сярод паганцаў” (Рым. 2, 24).

„Мяне прасьледавалі і вас будуць прасьледаваць, — заявіў Хрыстос вучням. — Будуць выдаваць вас у судзілішчы... павядуць вас да правіцеляў за Мяне... будзеце зьненавіджаныя за імя Мае, а хто пратрывае да канца, будзе збаўлены”. Прасьледаваць будзе „сьвет”, але ня той створаны Богам дзеля Сваёй славы, для радасьці, карысьці і разьвіцьця чалавека. Прасьлед будзе зыходзіць ад сьвету, якога ідэалы супрацьлеглыя Хрыстовым. Гэты сьвет ня любіць таго, чаго не разумее. Ня любіць, бо не разумее самаахвярнасьці, сумненьняў, стрыманасьці, прабачэньня. Не разумее і ня любіць тых каштоўнасьцяў, якія пярэчаць яго ўстаноўленай практыцы. Тыя, што адкідаюць хрысьціянскую мараль, ня маюць сьмеласьці адкрыта выступіць супраць Хрыста, але не прамінаюць любой нагоды, каб скампраметаваць Царкву, пераважна празь яе найгоршых прадстаўнікоў.

Вельмі часта бывае, што жывучы паводле Евангельля чалавек робіцца нявыгадным для атачэньня, дакорам сумленьня для асяродзьдзя. Мальер сказаў, што „добрыя людзі бы люстэрка, у якім дрэнны і агідны чалавек пераглядаецца зь неахвотай і рад-бы яго разьбіць на кавалкі”. Добрыя людзі асуджаны на прасьлед, бо яны безабаронныя. Сумленьне не дазваляе ім бараніцца той зброяй, якую прымяняе сьвет: хлусьнёй, махлярствам і паклёпамі. Іхнай сілай і суцяшэньнем застаецца толькі сьведамасьць, што яны на баку Хрыста, якога „сьвет раней зьненавідзеў”. Суцяшальнае таксама і тое, што людзі, якія нас прасьледуюць, адначасова — насуперак свайму жаданьню — дапамагаюць. Менавіта ў сутыкненьні зь перашкодамі фармуецца ў нас цярплівасьць, даверлівасьць, пакора, стрыманасьць, стойкасьць ды іншыя цноты.

З другога боку, ня мусім паводзіць сябе бы гнаны ў бойню статак бараноў. „Будзьце мудрыя бы зьмеі, і простыя бы галубы... не турбуйцеся як або што вам сказаць, бо дадзена будзе вам у той час што сказаць”. Значыць, трэба заняць выразную пазыцыю ў дачыненьні да праўды і фальшу, дабра і зла. Трэба ведаць, што сказаць і што прамаўчаць, каму, калі і што сказаць. Хрыстос абяцае сьмеламу вызнаўцу падтрымку і дапамогу, калі той выступае ад Ягонага Імя і запэўнівае, што „шчасьлівыя гнаныя за праўду”.

„Ойча наш...”

„Хай прыйдзе Царства Тваё”

Мільёны вернікаў, а разам зь імі і мы штодзень паўтараем словы Малітвы Гасподняй „Ойча наш... хай прыйдзе Царства Тваё”. Аднак ці напэўна добра разумеем сэнс гэтых слоў? Няўжо Царства не прыйшло і не знаходзіцца ўжо ўнутры нас, як сказаў Ісус Хрыстос? (Лук. 17, 21).

Царства Божае — гэта Божае панаваньне. Яно пашыраецца на ўвесь сусьвет і на чалавечую душу. У прыродзе яно зьяўляецца неаспрэчным фактам і ажыцьцяўляецца шляхам безумоўнага выкананьня законаў прыроды, дадзеных Тварцом сусьвету. „Госпад паставіў пасад Свой на нябёсах і Царства Ягонае над усім пануе”, — кажа Давід у 102 Псальме (19). Царства Божае зьмяшчаецца таксама ў сэрцы чалавека, аднак у ніводнае сэрца Бог не ўрываецца гвалтам. Яно ажыцьцяўляецца толькі са згоды самога чалавека (параўн: Адкр. 3, 20).

У сэнсе Божага панаваньня Царства бачым ужо ў Старым Запавеце, калі Ізраіль знаходзіўся пад непасрэдным Божым кіраўніцтвам, пакуль не пажадаў мець зямнога цара. Гэта быў сумны паварот у гісторыі старазапаветнай Царквы. Аб гэтым так гаворыцца ў Сьвятым Пісаньні: „І сабраліся ўсе старэйшыны Ізраіля і прыйшлі да Самуіла ў Раму і сказалі яму: вось ты састарэў а сыны твае ня ходзяць шляхамі тваімі. І так устанаві над намі цара, каб ён судзіў нас, як у іншых народаў. І не спадабалася слова гэтае Самуілу... і маліўся Самуіл Госпаду, і сказаў Госпад Самуілу: паслухай голасу народу ўва ўсім, што яны гавораць табе, бо не цябе яны адкінулі, але Мяне, каб Я не панаваў над імі” (1 Цар. 8, 4-7). Аднак, калі цары ізраільскія ўводзілі народ у ідалапаклонства, прарокі заклікалі народ вярнуцца да жывога Бога і прызнаць Яго панаваньне над сабою.

Ува ўсіх старазапаветных прароцтвах мы знаходзім прадказаньні аб Хрысьце-Месіі, Які будзе царстваваць над Сваім народам. У Кнізе прарока Міхея сказана: „Госпад будзе царстваваць над імі на гары Сыёне ад цяпер і навекі” (4, 7). А ў Кнізе Захарыі чытаем: „Вось цар Твой ідзе да цябе справядлівы і збаўляючы, лагодны, сядзячы на асьліцы і маладым асьле... і Ён абвясьціць мір народам і панаваньне Яго будзе ад мора да мора і ад ракі да канцоў зямлі” (9, 9-10).

Царства Божае не ажыцьцявілася ні ў Старым Запавеце, ні ў межах аднаго толькі ізраільскага народу, хаця ў сэрцах асобных праведнікаў яно зьзяла незвычайнай прыгажосьцяй і боскай веліччу. Аднак прароцтвы нагадвалі зноў і зноў, што Царства Божае прыйдзе і яно будзе панаваньнем Месіі. Хрыстос запэўніў, што ў Царстве Нябесным зьбяруцца прадстаўнікі ўсіх народаў зямлі: „Многія прыйдуць з Усходу і з Захаду і засядуць за сталом з Аўраамам, Ізаакам і Якубам у Царстве Нябесным” (Мацьв. 8, 11).

Прыйшоў час, калі на беразе Ярдана раздаўся голас апошняга старазапаветнага прарока Яана Хрысьціцеля: „Пакайцеся, бо наблізілася Царства Нябеснае” (Мацьв. 3, 2). Гэтыя-ж словы прагучэлі затым з вуснаў самога Ісуса Хрыста на пачатку Яго публічнага служэньня. Са слоў Яана і Хрыста бачна, што Царства Божае зьявілася разам з прыходам на сьвет Хрыста-Месіі. У шматлікіх прытчах Хрыстос тлумачыў сутнасьць, рост, разьвіцьцё і канчатковую перамогу Царства. На пытаньне Пілата Ісус адказаў: „Царства Маё ня з гэтага сьвету” (Яан. 18, 36). Удзельнікам гэтага Царства ня можа быць аднак той, „хто не народзіцца ад вады і Духа” (Яан. 3, 3-5). Паводле Хрыста, шлях у Царства Божае вядзе праз духоўныя народзіны, ад Слова Божага і Сьвятога Духа. Такім чынам Царства Божае нішто іншае як панаваньне Хрыста ў адроджаным сэрцы. Паводле Евангельля, Царства Божае трэба „шукаць”. Умовы пасьпяховых пошукаў гэта вызваленьне ад празьмернай нагрузкі, ад балясту зямных клопатаў, якія тармозяць імкненьне да запаветнай мэты. Таму і Хрыстос гаворыць: „Не турбуйцеся, што есьці, піць, у што апрануцца”. Неабходная ўмова посьпеху — мэтанакіраванасьць, энэргія і асабістыя намаганьні. „Царства Нябеснае сілай дасягаецца” (Мацьв. 11, 12), — сказана ў Евангельлі. Пад намаганьнем падразумяваецца ўнутраная дысцыпліна, духоўная засяроджанасьць, праца над сабою, жыцьцё паводле Божай праўды. Усё гэта патрабуе намаганьня, натугі, пільнасьці і праніклівасьці, але ў Царства Божае няма іншага шляху.

Царствам Божым паклікана стаць Царква Хрыстовая. Яна, сама напоўненая і ажыўленая Сьвятым Духам, павінна знаходзіцца пад кіраўніцтвам Хрыста і сваёй задачай лічыць прапаведаваньне Евангельля ўсім народам (Марк. 16, 15). На жаль, Царква не заўсёды належна выконвала сваё заданьне, страціла свой апостальскі імпэт і занядбала сваю місію ў сьвеце.

Калі аднак духоўныя народзіны ўчыняюць сэрца носьбітам Царства Божага, дык аб якім прыходзе Царства мы просім у малітве „Ойча наш”? Вымаўляючы гэтыя словы мы просім больш поўнага панаваньня Хрыста ў нашым сэрцы, бо ведаем, колькі ў нашым жыцьці супраціву волі Божай і непадпарадкаваньня ёй.

Аб гэтым росьце Хрыстовага панаваньня ў нашых сэрцах Апостал Пётр гаворыць: „Дзеля гэтага, браты, больш і больш намагайцеся рабіць цьвёрдым вашае пакліканьне і абраньне: гэтак паступаючы ніколі не спатыкнецеся” (1 Пятр. 1, 10). І калі „Царства Божае ня ежа і не пітво, але праведнасьць і мір і радасьць у Сьвятым Духу” (Рым. 14, 17), дык ясна, што менавіта гэтыя якасьці павінны расьці і ўмацоўвацца ў нашых сэрцах. Паколькі-ж гэты рост незавершаны, мы ўсклікаем „хай прыйдзе Царства Тваё”.

Хрыстос вучыць нас маліцца аб прыходзе Царства Божага яшчэ і таму, што ня споўніліся яшчэ прароцтвы аб новым небе і новай зямлі. „Ня будзе чыніць зла ні шкоды на сьвятой гары Маёй, бо зямля будзе напоўнена веданьнем Гасподнім, як воды напаўняюць мора”, — чытаем у Кнізе прарока Ісаі (11, 9). „Вось Я ствару новае неба і новую зямлю і ранейшае ўжо ня будзе згадвацца і ня прыйдзе на думку. А вы будзеце весяліцца і радавацца навекі з таго, што Я ствараю” (65, 17-18). „Мы-ж чакаем паводле Яго абяцаньня новага неба і новай зямлі, на якіх праўда жыве”, — пісаў Апостал Пётр (1 Пятр. 3, 13).

Ведаючы пра гэтыя абяцаньні Божыя мы ўсклікаем: „Хай прыйдзе Царства Тваё” — новае неба і новая зямля, на якіх жыве праўда.

„Хай будзе воля твая...

...як у небе, так і на зямлі”. Згодна праваслаўнай тэалёгіі, Царква дзеліцца на пераможную — нябесную і ваяўнічую — зямную. Выканаўцамі волі Божай у небе зьяўляюцца анёлы. У Евангельлі гаворыцца: „Глядзіце, не пагарджайце ні адным з малых гэтых, бо кажу вам, што анёлы іх на небе заўсёды бачаць аблічча Айца Майго Нябеснага” (Мацьв. 18, 10). Гэта значыць, што анёлы стаяць перад Богам чакаючы Яго загадаў. Анёл зьявіўся першасьвятару Захарыі і Дзеве Марыі, пастухам на віфляемскіх палях, Хрысту ў Гефсіманскім садзе, Міраносіцам і Апосталам пасьля Ўзьнясеньня Хрыста. Два прадстаўнікі нябеснай Царквы: Майсей ды Ілья зьявіліся Хрысту на гары Фавор. Усё гэта гаворыць пра выкананьне волі Божай на зямлі. У Адкрыцьці Яана Багаслова бачым анёлаў і 24-х старцаў гатовых выконваць усю волю свайго Нябеснага Ўладара (Адкр. 5, 11-12).

Дасканальнае выкананьне волі Божай на небе анёламі і пераможнаю Царквою зьяўляецца інсьпірацыяй і прыкладам для зямной Царквы. Як выканаць волю Божую на ўласным прыкладзе паказаў Ісус Хрыстос: „Мая ежа — выконваць волю Таго, хто паслаў Мяне” (Яан. 4, 34), — кажа Хрыстос. „Не шукаю волі Сваёй, але волі Айца, Які паслаў Мяне” (Яан. 5, 30). „Я зышоў зь неба ня дзеля таго, каб выканаць волю Маю, але волю Айца, Які паслаў Мяне” (Яан. 6, 38). Найбольш характэрны прыклад падпарадкаваньня волі Айца Нябеснага Хрыстос паказаў у Гефсіманскім садзе. „Ойча Мой! Калі ня можа абмінуць Мяне келіх гэты, каб ня піць Мне яго, хай будзе воля Твая” (Мацьв. 26, 42). Такімі-ж словамі Хрыстос вучыць маліцца і нас. Мы зьяўляемся Хрыстовымі вучнямі і жаданьне выканаць волю Божую, якое напаўняла сэрца Настаўніка, павінна напаўняць і сэрца кожнага верніка.

Усе хваробы, усе духоўныя недамаганьні маюць сваю крыніцу ў парушэньні волі Божай. Аднак існуюць два віды Божай волі. Адзін зь іх выказаны ў загадах і запаветах, якія выконваць павінны ўсе людзі. Каб выканацыь Божую волю, трэба перш за ўсё адмовіцца ад сваёй волі. Драму, якая вынікае з канфлікту паміж воляй Бога і нашай, перажывае кожнае пакаленьне і кожны вернік. Можна сказаць, што сутнасьцяй хрысьціянскага жыцьця зьяўляюцца ўсё новыя спробы падпарадкаваньня сваёй волі Богу, што не бывае ні лёгкае, ні прыемнае. Аднак гэта наш вярхоўны закон і найвышэйшае дабро. Для хрысьціяніна — гэта паратунак і вызваленьне. „Або рабі тое, што хоча Бог, або атрымаеш тое, чаго ня хочаш”, — гаварыў авва Евагрый. Разьлічваючы толькі на ўласную волю можна страціць усё. Давяраючы Божай волі і спрабуючы прыняць яе як уласную можна выйграць усё: душу, жыцьцё і вечнасьць. Ёсьць таксама Божая воля выказаная ў Божых плянах, якія выконвае Сам Бог. Сьвятое Пісаньне гаворыць пра вялікія і малыя пляны ў дачыненьні да ўсяго чалавецтва і да кожнага, паасобнага чалавека.

Каб выканаць Божую волю, мы перш за ўсё павінны яе ведаць. Заклік да пазнаньня яе гучыць у Лістах Апостала Паўла: „Пераабражайцеся абнаўленьнем розуму вашага, каб пазнаваць вам, што ёсьць воля Божая, добрая, угодная і дасканалая” (Рым. 12, 2). „Не перастаем маліцца за вас і прасіць, каб вы напаўняліся пазнаньнем волі Яго” (Кал. 1, 9), — пісаў Апостал.

Сьвятое Пісаньне — гэта кніга, у якой Бог адкрывае чалавецтву Сваю волю і таму Хрыстос заклікаў: „Вывучайце Пісаньні” (Яан. 5, 39). Дзеля пазнаньня волі Божай неабходна пазнаць Слова Божае. Аднойчы Хрыстос заявіў юдэям: „Вы памыляецеся ня ведаючы Пісаньня” (Мацьв. 22, 29).

Калі мы хочам, каб словы Малітвы Гасподняй „хай будзе воля Твая” не былі пустым гукам, мы павінны пайсьці за прыкладам жыхароў невялічкага горада Верыі, пра якіх гаворыцца ў Дзеях Апостальскіх: „Гэтыя-ж былі больш дабрадушныя, чым у Фесалоніцы: яны прынялі слова з усёй ахвотай ды кожны дзень разьбіралі Пісаньне, ці гэтак яно ёсьць” (17, 11).

Тыя, што „ня ведаюць Пісаньня” і тыя, што „разьбіраюць” яго — вось дзьве катэгорыі вернікаў у дачыненьні да Слова Божага.

„Хлеб наш надзённы дай нам сёньня”

Пасьля трох першых просьбаў аб тым, каб сьвяцілася Божае Імя, каб прыйшло Яго Царства і каб воля Божая выканалася ў небе і на зямлі, раптам гучыць даволі неспадзяваная просьба: аб надзённым хлебе. Яна тым болей можа выклікаць некаторую разгубленасьць, паколькі добра памятаем зь Евангельля словы: „Не турбуйцеся і не кажыце: што нам есьці? або што піць?” (Мацьв. 6, 31). Хрыстос сапраўды гаварыў, што „ня хлебам адным жыць будзе чалавек, але ўсякім словам, што выходзіць з вуснаў Божых” (Мацьв. 4, 4). З усяго кантэксту Сьвятога Пісаньня ясна вынікае, што душа мае пяршынства перад целам, яна важнейшая. У Евангельлі сказана: „Ня бойцеся тых, што забіваюць цела, але душы ня могуць забіць” (Мацьв. 10, 28). Мабыць таму некаторыя тлумачальнікі малітвы „Ойча наш” ніяк ня могуць зьмірыцца з тым, што Хрыстос сапраўды вучыў маліцца аб такой другараднай патрэбе як хлеб і прытым толькі на адзін дзень. Ім лепш адпавядае тлумачэньне, што гутарка ідзе не аб фізычным, але аб духоўным хлебе, ежы для душы. Аднак гэта непатрэбныя нелады і няма патрэбы разважаць, што Хрыстос хацеў гэтым сказаць. Што хацеў, тое і сказаў, а сказаў менавіта тое, аб чым ведае кожны чалавек: цела патрабуе ежы, каб было здаровае і належна выконвала свае функцыі. Наша цела — цудоўны інструмент, якім карыстаецца душа, як музыкант карыстаецца музычным інструментам. Нідзе ня сказана, што целам трэба пагарджаць. Апостал канстатуе агульнавядомы факт, што „ніхто ніколі ня меў нянавісьці да свайго цела, але корміць і грэе яго” (Эф. 5, 29) і гэтак, як чалавек любіць сваё цела, муж павінен любіць і сваю жонку (Эф. 5, 28). „Ці-ж ня ведаеце, што целы вашы ёсьць храм Духа Сьвятога? (...) Таму ўслаўляйце Бога ў целе вашым і ў духу вашым” (1 Кар. 6, 19-20), — заклікаў Апостал Павал, бо „вы — Цела Хрыстовае” (1 Кар. 12, 27).

Хлеб — гэта ня толькі сымбаль жыцьця, але і само жыцьцё, якое мае сваю крыніцу ў любові. Любоў — гэта Бог, Які дае жыцьцё і чаго найбольш красамоўным доказам зьяўляецца хлеб. Бог дае Сябе менавіта пад выглядам хлеба. Любоў і жыцьцё цесна паміж сабою зьвязаны, неразьдзельныя. Любоў спараджае жыцьцё, а жыцьцё — любоў. Дзелячыся хлебам, дзелімся жыцьцём і любоўю. Хлеб памнажаецца цудоўным чынам. Праз свой цуд ля Генісарэцкага возера Хрыстос прадставіў таямнічую сувязь паміж Богам і чалавекам праз пасярэдніцтва хлеба.

Адным з герояў апавяданьня пра цудоўнае размнажэньне хлеба (Мацьв. 14, 15-22) зьяўляецца несумненна нейкі ананімны хлопец, які меў пяць ячменных хлябоў і дзьве рыбы. Гэта быў прадбачлівы юнак, які думаў ня толькі пра духоўную ежу. Хаця і ведаў, што „не самым хлебам жыве чалавек”, аднак ведаў таксама, што сьпярша трэба зьесьці, каб заняцца вышэйшымі матэрыямі. Філёзаф, які галадае, будзе ў першую чаргу думаць як пад’есьці, а галодны паэт ня ў змозе думаць пра паэзію. Герой евангельскага апавяданьня быў ня толькі абачлівым, але і разумным хлопцам, бо розум, дарэчы, не заўсёды ідзе ў пары зь сівізною.

Евангеліст не затрымоўваецца на падрабязнасьцях. Калі Апосталы згадалі пра хлопца, які мае пяць хлябоў і дзьве рыбы, падзеі разгарнуліся па за самім юнаком, хаця ад яго згоды залежала ўсё далейшае. Юнак або прадаў свае запасы, або хутчэй за ўсё аддаў. Размнажаючы хлеб Хрыстос не згадаў хлопца, якога прадбачлівасьць, розум і дабрыня былі ўмовай зьдзяйсьненьня цуду. Адсюль выснова, што цуд хлеба заўсёды залежны ад абачлівасьці, розуму і дабрыні чалавека. Бог дае і цудоўна памнажае хлеб. Чалавек павінен абыходзіцца з хлебам абачліва і разумна і гэтак-жа ставіцца да зямлі, вады і паветра, якія за кожным разам паўтараюць цуд памнажэньня хлеба. Гэты цуд не абыходзіцца бяз працы і поту. Галеча вельмі часта выклікана не аб’ектыўнымі прычынамі, але неаднойчы проста бестурботнасьцяй, лянотай і дурнотай. Адначасова хлеб — сымбаль жыцьця і любові, патрабуе, каб ім дзяліліся. Справядлівы падзел зьяўляецца Божай воляй і сьведчыць аб высакародным, адказным чалавеку. З дарослымі, якія галадаюць, бывае па-рознаму, але галоднае дзіцё заўсёды будзе абвінаваўцам і воклічам аб помсьце зь неба. Справядлівы падзел не азначае матэматычнай роўнасьці, бо і роўнасьць не заўсёды справядлівая. Як пісаў Апостал, справа ў тым, каб дастатак адных быў дзеля недастатку іншых і каб той, „хто сабраў многа, ня меў лішняга, і хто — мала, ня меў недастатку” (2 Кар. 8, 14-15).

Евангельскі натоўп насыціўся, аднак нічога не навучыўся. Людзі пакінулі пасьля сябе мноства рэштак хлеба і рушылі дадому. Хрыстос, які застаўся даўжэй, зьвярнуў увагу Апосталаў на неахайнасьць людзей. Ён загадаў сабраць рэшткі, каб нічога не змарнавалася. Невыключана, што сярод тых, хто прыбіраў, апынуўся і той прадбачлівы, добры хлопец, для якога здарэньне з хлебам было павучальным урокам і доказам слушнасьці яго стаўленьня. Невядома, што сталася з гэтымі рэшткамі: можа далі жывёле, а можа кінулі ў возера рыбам. У кожным разе сабраных было дванаццаць кашоў рэштак, напэўна прынамсі ачышчаючы, як прынята сёньня гаварыць, навакольнае асяродзьдзе і ратуючы падарваную, чалавечую рэпутацыю.

„І даруй нам даўгі нашы як і мы дароўваем даўжніком нашым”

У Евангельлі паводле Лукі (11, 4) заміж слова „даўгі” ўжыта слова „грахі”: „даруй нам грахі нашы”. Перш за ўсё трэба патлумачыць, што значыць доўг, а што грэх. Першы грэх зьдзейсьнены на зямлі тлумачыць усю сутнасьць грэху наагул. Гэта непаслушэнства Богу, парушэньне Яго запаветаў.

У доме Сымона-фарызэя Хрыстос сказаў прытчу пра двух даўжнікоў: „У аднаго крэдытора былі два даўжнікі: адзін вінаваты быў пяцьсот дынараў, а другі — пяцьдзесят. І калі яны ня мелі чым заплаціць, ён дараваў абодвум” (Лук. 7, 41-42). У Евангельлі паводле Мацьвея (18, 23-35) гаворыцца пра тое, як цар дараваў свайму слугу вялізны доўг у дзесяць тысяч талентаў, а той выявіў чорную няўдзячнасьць не дараваўшы свайму даўжніку невялічкага даўгу. Астранамічная сума паказвае наколькі вялікі наш доўг у дачыненьні да Бога. Мы вінаваты Богу ўсё пачынаючы з самога жыцьця. „Што ты маеш, чаго не атрымаў-бы”, — кажа Апостал Павал (1 Кар. 4, 7). Гэтай прытчай Хрыстос гаворыць нам аб неаднолькавых даўгах перад Богам. Іншы быў доўг Сымона-фарызэя, іншы Марыі Магдаліны, Нікадыма і разбойніка на крыжы. Аднак галоўныя ў прытчы не памеры даўгу, але факт, што Бог дароўвае ўсялякі грэх, калі грэшнік шчыра гэтага просіць.

На ўроках Закону Божага я сам сустрэўся з думкамі дапытлівай моладзі, што мы не павінны адказваць за грахі нашых бацькоў, а тым болей нашых прабацькоў у раі. Мы ня маем на іх уплыву, не маглі іх прадухіліць і не павінны несьці адказнасьці за іх. Гэтае пытаньне можа быць прадметам абшырнейшагна разважаньня, але дастаткова сказаць, што згодна праваслаўнаму катэхізісу, ужо ў таінстве хрышчэньня памірае стары чалавек з уласьцівым яму першародным грэхам і нараджаецца новы, які прысвойвае сабе збавіцельную моц Хрыстовага выкупленьня. На нас ужо не ляжыць цяжар Адамавага грэху, але затое мы бясконца паўтараем грэх нашых прабацькоў.

Наша штодзённая непаслухмянасьць Богу бывае выпадковая, міжвольная, а таксама сьвядомая. Некаторыя правіннасьці дапускаем не жадаючы іх зьдзяйсьняць і іх можна яшчэ неяк вытлумачыць. На такія правіннасьці пашыраецца бязьмежная Божая міласэрнасьць. Аднак мы таксама цалкам сьведама можам штодзень гаварыць безумоўную хлусьню, крыўдзіць нашых бліжніх, закрываць сваё сэрца на патрэбы іншых людзей, выяўляць свой агідны характар і спрычыняць боль нашым блізкім. Ад такіх сьведамых грахоў проста неабходна адмовіцца, не ісьці зь імі на ніякі кампраміс. У гэтым сэнсе Божы загад ясны і канкрэтны: „Прыбярыце вашы злыя дзеяньні ад вачэй Маіх: перастаньце рабіць ліха” (Іс. 1, 16).

Аднак у малітве „Ойча наш” нельга прайсьці міма слоў „як і мы дароўваем даўжніком нашым”. Ёсць таксама людзі, якія ў даўгу перад намі. Гэта могуць быць нават члены нашых сем’яў, непрыемныя суседзі або незычлівыя супрацоўнікі. Яны маглі нас пакрыўдзіць, абразіць, абгаварыць, але нейтралізаваць іхную варожасьць і ператварыць іх у сяброў можна толькі адным шляхам: велікадушна дараваць ім іхныя правіны памятаючы, што ніхто не дасканалы. „Нішто гэтак не паўстрымоўвае крыўдзіцеляў, як лагодная цярплівасьць пакрыўджаных”, — гаварыў Яан Залатавусны. „Лепш цярпець зло, чымсьці быць прычынаю зла: лепш быць ахвяраю, чымсьці злачынцам”, — пісаў блажэнны Аўгустын. Узьнікае натуральнае пытаньне: колькі разоў дароўваць людзям іх правіны ў дачыненьні да нас? Можа да сямі разоў, як гэта лічыў Апостал Пётр. Аднак Хрыстос не пакінуў ніякага сумневу. „Нават сем разоў па семдзесят”, гэта значыць: бясконца, без абмежаваньняў, гэтак як бязмежная ўсёдаравальнасьць Божая.

Мы павінны ўмець прабачаць, паколькі і Бог прабачае нам, аднак гэта не павінна быць адзіным стымулам для прабачэньня. Не спалучанае зь нечым іншым, яно нагадвала-б халодны разьлік і эгаізм. Вось таму Хрыстос дадае яшчэ адну, глыбейшую і бескарысную матывацыю: „Будзьце міласэрныя, як міласэрны Айцец ваш” (Лук. 6, 36). Міласэрнасьць дапамагае лепш зразумець свайго брата і прабачыць яму, асабліва тады, калі ён абражае нас безь ніякай прычыны. Яно напамінае нам, якія мы самі (калі ў дрэнным настроі, дык зьедлівыя і агрэсіўныя), дапамагае мець больш чульлівае сэрца і быць больш велікадушнымі. Міласэрнасьць — па-лаціне: „мізэрыкордья” — складаецца з двух слоў: „мізэр” — беднасьць і „кордзіс” — сэрца. Гэта пачуцьцё, якое зьмяшчае ў сабе літасьць і спачуваньне, якія выклікаюць чалавечыя беднасьць і слабасьць. Бог таксама „міласэрны і добры, да гневу няскоры і шчодры на ласку... бо ведае Ён з чаго мы зьлеплены, памятае, што мы толькі пыл... як трава дні чалавечыя” (Пс. 103, 8-14). Апостал Павал супаставіў евангельскі заклік з канкрэтнай жыцьцёвай сытуацыяй, асабліва зь сямейным жыцьцём. „Апранецеся міласэрнасьцяй, дабрынёй, ціхай мудрасьцяй, ласкавасьцяй, доўгай цярплівасьцяй, церпячы адзін аднаго і выбачаючы сабе, калі хто да каго мае жаль” (Кал. 3, 12-13). Каб арганізм быў здаровы, трэба зь лёгкіх выдыхаць двухвокіс вугалю і ўдыхаць кісларод. Каб сужэнства было трывалае і здаровае, прабачэньне ў ім патрэбнае ня менш за любоў. Калі яно шчырае, дык аднаўляе і ўмацоўвае любоў. Вось таму ў доме Сымона-фарызэя Хрыстос сказаў: „Хто будзе больш любіць? Той, каму больш даравана” (Лук. 7, 42-43) , „а той, каму мала дароўваецца, мала і любіць” (Лук. 7, 47).

З другога боку прабачэньне не азначае адмаўленьня ад барацьбы, калі маем дачыненьне зь безупыннымі крыўдамі, злоўжываньнямі і несправядлівасьцяй з боку іншых. Прабачэньне і супраціў злу не пярэчаць адно аднаму, як не выключае адно аднаго прабачэньне і дакор. У сваім зямным жыцьці Хрыстос прабачаў, але таксама выступаў супраць несправядлівасьці.

Акрамя таго, недастаткова толькі прабачаць, але і прасіць прабачэньня трэба. У іншым выпадку ствараецца пачуцьцё фальшывай шчодрасьці, якая ўвесь час мае нагоду выявіць высакароднасьць. Калі-б добра задумацца, часьцей за фразу „прабачаю” павінна гучэць „прашу прабачэньня”. Недастаткова таксама перастаць ненавідзець і не выяўляць гэтага навонкі. Хрыстос найвышэй цэніць прабачэньне, якое вядзе да прымірэньня. Менавіта прымірэньне зьяўляецца зьвянчэньнем евангельскага прабачэньня тым, што сапраўды спрычыняюць прыдбаньне брата, аднаўляюць еднасьць паміж Божымі дзяцьмі і радуюць Айца Нябеснага. Такое прабачэньне ўмацоўвае грамаду: „Калі прынясеш ахвяру тваю на ахвярнік і там прыгадаеш, што брат твой мае нешта супраць цябе, пакінь там ахвяру перад ахвярнікам і пайдзі перш пагадзіцца з братам тваім і тады ўжо прыйдзі і прынясі ахвяру тваю” (Мацьв. 5, 23-24).

„І ня ўводзь нас у спакусу, але захавай нас ад злога”

Гэтая просьба ў малітве „Ойча наш” зьвяртае ўвагу на істоту, якую Хрыстос называе „злым”— у царкоўнаславянскай мове: „лукавы”. На старонках Евангельля гэтае паняцьце сустракаецца шэраг разоў: „Хай слова ваша будзе «так — так», «не — не», а што звыш гэтага, тое ад злога” (Мацьв. 5, 37). „Пішу вам таму, што вы перамаглі зламысьніка” (1 Яан. 2, 13). „Верны Госпад, Які ўмацуе вас і захавае ад злога” (2 Фесал. 3, 3). З усіх месцаў Сьвятога Пісаньня вынікае, што злы, гэта тое, што па-яўрэйску называецца „сатаною”, а па-грэцку — „д’яблам”. Д’ябал азначае: спакушальнік. Такім ён быў у раю і такім ён сябе паказаў у пустыні, калі спакушаў самога Ісуса Хрыста.

Сьвятое Пісаньне называе д’ябла злым, „лукавым” — гэта значыць: няшчырым, двудушным. Ён можа прытварацца нават „анёлам сьвятла”, як было сказана ў Лісьце да карынфянаў (11, 14). Кожны грэх ён спрабуе прадставіць салодкім, пасыпае цукрам, як пасыпаюць цукрам або мёдам атруту супраць мухаў.

Вучачы Апосталаў маліцца аб выратаваньні ад д’ябальскай спакусы Хрыстос ведаў са свайго ўласнага дасьведчаньня моц спакусы і каварства спакушальніка, бо Яго Самога д’ябал спакушаў на працягу ўсяго зямнога жыцьця. „Бо маем архірэя не такога, што ня мог-бы спачуваць слабасьцям нашым, але такога, Які падобна нам, спазнаў ва ўсім спакушэньні акрамя грэху” (Яўр. 4, 15). „Бо Ён Сам спакушаны цярпеў, дык і спакушаным можа дапамагчы” (Яўр. 2, 18).

Спакушальнік не адступае нас на кожным кроку. Адама і Эву ён улавіў на слабасьці ў Эдэме, Язэпа — у палацы Патыфара, Іява — у часе цяжкой хваробы, Юду — каля скрынкі з грашыма, Пятра — ля вогнішча, Хрыста — у пустыні, а фарызэя — нават у храме. Спакусамі ўсеяны наш жыцьцёвы шлях, ад пачатку да канца нашага сьведамага жыцьця. Сьвятое Пісаньне гаворыць, што спакусы непазьбежныя, але яны могуць быць карысныя, паколькі могуць гартаваць чалавека. Змаганьне са злымі духамі — заданьне хрысьціяніна. Гэта дух нянавісьці, пагарды, бунту, блюзьнерства, заўзятасьці, хцівасьці, самалюбства і іншых заган. Гэтая барацьба адбываецца ў сэрцы. Блажэнны Аўгустын гаварыў: „Хаця-б вы цешыліся няведама якім мірам, вы ня ў змозе пражыць ніводнага дня без барацьбы з самімі сабою”. Гэта барацьба са злымі духамі, якія падкрадаюцца ў чалавечае сэрца, пасяляюцца ў выніку недастатковай пільнасьці і працы над сабою. Гэта цяжкое змаганьне, але само яно ўжо некаторая перамога. Выступіць супраць таго, што дагаджае нашым слабасьцям, гэта запанаваць над слабасьцяй і сказаць ёй „не”. Без спакусаў не абышоўся ніводзін чалавек і не адзін — гэтак як Хрыстос — заўсёды заставаўся пераможцам. Нават сьвятым здаралася быць спакушанымі. Вось таму і молімся „і не ўвядзі нас у спакусу, але збаў ад злога”.

Уся небясьпека спакусы павялічваецца тым, што да голасу грэху ахвотна прыслухоўваемся і ён лёгка знаходзіць водгук у нашых сэрцах. У характары чалавека ёсьць нейкая неадольная прага паспрабаваць забаронены плод: ён здаецца больш салодкім і прывабным. Хрыстос ведаў пра сутнасьць спакусы і чалавечую слабасьць і таму перасьцерагаў перад гэтай небясьпекай. „Будзьце пільнымі і маліцеся, каб ня паддацца спакусе” (Мацьв. 26, 41). Апостал Павал пісаў: „Найперш вазьміце шчыт веры, якім зможаце пагасіць распаленыя стрэлы злога, і меч духоўны, якім зьяўляецца Слова Божае” (Эф. 6, 16-17). „Гэты ж род выганяецца толькі малітвай і постам”, — сказаў Хрыстос пасьля аздараўленьня апантанага хлопца (Мацьв. 17, 21). Малітва — сьвядомасьць прысутнасьці Бога ў жыцьці чалавека і гісторыі чалавецтва. Гэта ўключэньне сябе і бліжніх у збавіцельную плынь Божай любові і ласкі. Што тычыцца посту, дык гэта адмаўленьне ад таго, што адгароджвае нас ад Бога, спроба будаваць сваё жыцьцё на аснове маралі.

І так, зброя супраць спакусаў — гэта пільнасьць, малітва, пост, вера і Слова Божае. Яны акунуць нас у Хрыста, як найбольш надзейную крэпасьць. „Ня ўводзь нас у спакусу” азначае: „Ня ўводзь нас у спакусу бяз гэтай зброі”.

„Бо тваё ёсьць царства і сіла і слава...”

Заключныя словы малітвы „Ойча наш” зьяўляюцца ўслаўленьнем, хвалебным гімнам Богу, бязь якога малітва складалася-б толькі з просьбаў. Аднак Бог хоча, каб Яго дзеці ўмелі ня толькі прасіць, але дзякаваць і ўслаўляць свайго Нябеснага Айца.

„Бо Тваё ёсьць Царства”, — гучыць першы акорд гэтага гімну. Што Пісаньне гаворыць пра гэтае Царства? „І за дні тых каралёў Бог Нябесны ўзбудзіць царства вечнае, што ніколі ня будзе зьнішчана”  — чытаем у Кнізе прарока Данііла (2, 44).

Старазапаветная царква, ізраільскі народ не зразумелі гэтае прароцтва і ўспрынялі яго як прадказаньне аб зьнешнім, бачным царстве і чакалі Месію, як зямнога цара. Хрыстос патлумачыў сапраўдны характар гэтага царства і памылковасьць чалавечых спадзяваньняў. „Запытаны-ж фарызэямі, калі прыйдзе Царства Божае адказаў ім: ня прыйдзе Царства Божае ў бачным выглядзе і ня скажуць вам: вось яно тут або там. Бо Царства Божае ўнутры вас ёсьць” (Лук. 17, 20-21). У гутарцы зь Пілатам Хрыстос назваў Царства Божае Сваім Царствам і падкрэсьліў яго выключна духоўны характар. „Царства Маё ня з гэтага сьвету. Калі-б з гэтага сьвету было Царства Маё, то слугі Мае змагаліся-б, каб яўрэі ня выдалі Мяне. Але Царства Маё не адсюль” (Яан. 18, 36).

Удзельнікамі гэтага Царства зьяўляюцца тыя людзі, у сэрцах якіх пасяліліся „справядлівасьць, мір і радасьць у Духу Сьвятым” (Рым. 14, 17).

„Бо Твая ёсьць сіла”, — гаворыцца далей. Мы сьпяваем хвалебныя гімны велічы Бога і магутнасьці Хрыста-Збавіцеля, аднак нашае зямное ўслаўленьне слабое ў параўнаньні з усхваленьнем нябесным (Адкр. 4, 10-11). Сіла Божая выявілася па-першае ў стварэньні сьвету: „Бо нябачнае ў Ім, вечная сіла Ягоная і боскасьць, ад стварэньня сьвету праз сузіраньне тварэньняў бачныя” (Рым. 1, 20). Аднак ня толькі ў стварэньні сьвету і кіраваньні ім бачым вечную моц Хрыста. Яна будзе поўнасьцю аб’яўлена, калі ўбачым „новае неба” і „новую зямлю”.

„Бо Твая ёсьць слава, Айца і Сына і Сьвятога Духа, цяпер і ўвесь час і на векі вякоў”, — гучыць заключны акорд хвалебнага гімну. У Старым Запавеце слава Божая прадстаўлена ў двух відах: алегарычным і рэальным. „У год сьмерці цара Азіі я бачыў Госпада сядзячага на троне высокім і ўзьнятым... вакол Яго стаялі сэрафімы: у кожнага зь іх па шэсьць крылаў... і ўсклікалі адзін да аднаго і гаварылі: сьвяты, сьвяты, сьвяты Госпад Саваоф! Уся зямля поўная Славы Тваёй”, — пісаў прарок Ісая (Іс. 6, 1-3). У Кнізе прарока Данііла сказана: „Бачыў я нарэшце, што былі пастаўлены троны і ўсеў Стары днямі, адзеньне на Ім было белае бы сьнег і валасы галавы Ягонай бы чыстая воўна. Трон Ягоны бы вогненнае полымя... тысячы тысячаў служылі... і стаялі перад Ім” (7, 9-10).

Але што значыць „слава Божая” ў натуральным сэнсе. Гэта Божыя дзеяньні, накіраваныя на дабро людзей, а таксама Яго справядлівыя суды. „Пакажу славу Маю на фараоне і на ўсім войску яго, на калясьніцах і на вершніках ягоных”, — чытаем у Кнізе Выхаду (14, 17).

У Новым Запавеце пра славу Хрыста сказана: „І Слова сталася целам і пасялілася між нас і бачылі мы славу Яго, славу як Адзінароднага ад Айца, поўнае ласкі і праўды” (Яан. 1, 14). Славаю Хрыста было Ягонае жыцьцё поўнае ласкі і праўды. Славаю была сьмерць за грахі ўсяго сьвету і затым уваскрэсеньне і, нарэшце, поўным славы будзе Яго другі прыход (Мацьв. 25, 31).

Гэтак велічна заканчваецца малітва ўсіх малітваў „Ойча наш”. „Бо Тваё ёсьць царства і сіла і слава, Айца і Сына і Сьвятога Духа, цяпер і ўвесь час і на векі вякоў. Амін”.

„Адзін спадар, адна вера, адзін хрост”

(Эф. 4, 1-6)

Штогод адзначаем сьвята Раства Хрыстовага. У сэнсе гістарычнай падзеі Раство здарылася толькі адзін раз, але Бог увесь час прыходзіць да нас. І за кожным разам мы павінны выйсьці Яму насустрач, бо Ён спаткае толькі чалавека, які дазволіць сябе спаткаць. Для хрысьціян усіх канфэсіяў перадкалядны перыяд — гэта час пільнасьці і чаканьня, каб не разьмінуцца з Богам. „Баюся, — пісаў блажэнны Аўгустын, — што Хрыстос будзе праходзіць побач, а я не запрашу Яго і больш ужо Ён да мяне ня вернецца”. Да сустрэчы дарагога госьця трэба належна ўнутрана падрыхтавацца і гэткі сэнс мае ў Праваслаўнай Царкве перадкалядны Пост. Аб гэтай патрэбе ўнутранага прабуджэньня а таксама супольнасьці ўсіх хрысьціян гаворыцца ў апостальскім чытаньні гэтай нядзелі: „Я, вязень у Госпадзе, малю вас хадзіць годна званьня, да якога вы пакліканы... З усёю пакорлівай мудрасьцяй і лагоднасьцяй, зь цярплівасьцяй, выбачаючы адзін аднаму ў міласьці, намагаючыся захаваць суцэльнасьць Духа ў зьвязе супакою. Адно цела і адзін дух, як вы і пакліканы да адной надзеі пакліканьня свайго. Адзін Спадар, адна вера, адзін хрост, адзін Бог і Айцец усіх, Які над усімі і праз усіх, і ўва ўсіх нас”, — пісаў Апостал Павал у Лісьце да эфэсцаў (4, 1-6).

Праз хрост мы прышчэплены да Хрыста. Ён — Галава Царквы, мы — яго члены, Ён — вінаградная лаза, — мы веткі, Ён — пастыр, мы — Ягоная паства. „Ня буду вас называць слугамі, але сябрамі”, — гаворыць Хрыстос да сваіх вучняў. У момант хросту Бог прамаўляе да нас: „Ты — маё дзіцё, я сёньня цябе нарадзіў”. Гэткім чынам у акце хросту расьце і павялічваецца незвычайная сям’я дзяцей Божых, сярод якіх адно сэрца, адна думка і адзін Дух, які ажыўляе нас.

У нас адна вера. Першай Царквою былі людзі, якія паверылі ў Хрыста слухаючы Яго навуку, бачучы Ягоныя цуды. Да іх далучыліся пакаленьні людзей, якія паверылі ў навуку Апосталаў і захоўвалі еднасьць ня кажучы, што я ад Паўла, я ад Кіфы або Апалона, бо ўсе былі Хрыстовы і Хрыстовай была Царква. І калі-б нават анёл зь неба прыйшоў і вучыў „ня верце”, папярэджваў Апостал. Зь цягам часу веру прынялі і мы і вызнаем веру Айцоў у Айца і Сына і Сьвятога Духа. Верым у „адну саборную, сьвятую і апостальскую Царкву”. Мы разыходзімся па сваіх канфэсійных храмах і молімся па-свойму, але гэта толькі вонкавыя формы. Якія-б не былі паміж намі адметнасьці і розьніцы, усё роўна ў нас „адзін хрост і адна вера”.

У нас адзін Госпад і няма іншага акрамя Ісуса Хрыста. Ён — альфа і амэга, пачатак і канец. Ён — першародны сярод усяго стварэньня, ён — выкупіў нас цаною сваіх пакутаў, сьмерці і ўваскрэсеньня. Ён — Цар, для якога ўсё жыве. Перад ім кожны здасьць справаздачу са сваіх учынкаў добрых або дрэнных. Вызнаваць, што Хрыстос наш Госпад і Бог, гэта ня толькі лёзунг, але ўвесь зьмест жыцьця. Ён мае права распараджацца намі паводле Сваёй волі, а мы абавязаны выконваць яго запаветы. Сапраўдны хрысьціянін — гэта той, які любіць Яго больш за сваё жыцьцё і пакорліва вызнае Яго ў сваім сэрцы, бо адзін хрост, адна вера і адзін Госпад Ісус Хрыстос.

Усё, што асноўнае ў хрысьціян — супольнае, аднак яны ўсё роўна падзеленыя. Як-жа прыкрае гэта мусіць быць для Хрыста, які маліўся, каб усе былі „адно”. Усе заяўляюць: мы — праваслаўныя, мы — каталікі, а мы — пратэстанты. Мы маем найстарэйшую традыцыю, мы ўчытваемся і трымаемся фундаманту Слова Божага, а мы маем Пятра. У багаслужбах усіх канфэсіяў гучаць малітвы, каб Хрыстос аб’яднаў нас, але ці-ж Ён павінен яшчэ раз памерці за нас? Ці-ж гэта Ён так падзяліў нас? Нас падзяліў грэх пыхлівасьці і недахопу любові. Калі-б хрысьціяне ўсіх канфэсіяў паспрабавалі наблізіцца да Хрыста, яны былі-б бліжэйшымі адзін аднаму. Мы ня ўмеем выйсьці па за наш эгацэнтрызм, не адрозьніваем важнага ад другараднага, бо ня ўмеем зьмірыцца з адметнасьцяй іншага чалавека. Заміж даказваць свае рацыі, трэба на каленях раскаяцца...

Як-жа добра было-б, каб прыйшоў час, калі захоўваючы адметнасьць у другарадным, мы ўсе маглі-б без прадузятасьці і насьцярожанасьці прыйсьці ў праваслаўны храм, каб сярод іконаў і паху кадзіла ўслухацца ў цудоўныя сьпевы і паэзію багаслужбы. Іншым разам пайсьці ў касьцёл і ўключыцца ва ўпарадкаваную атмасфэру каталіцкай абраднасьці, а яшчэ іншым разам паслухаць цікавыя разважаньні на тэму Сьвятога Пісаньня ў пратэстанцкім зборы. Найлепш, аднак, каб надышоў час, калі згодна ўкленчым перад адным алтаром, каб прыняць адно Прычасьце. Гэта і будзе той бачны знак еднасьці, да якой гэтак усе імкнемся.

Дабравешчаньне Прасьвятой Багародзіцы

(Лук. 10, 38-42; 11, 27-28)

Дабравешчаньне — дзень, у які наша Праваслаўная Царква адзначае адну з галоўных падзеяў у гісторыі чалавецтва і хрысьціянства. Сёньня — як сьпяваецца ў трапары — пачатак нашага збаўленьня, выяўленьне сьвету той таямніцы, якая спрадвечна была прадвызначана Богам для збаўленьня сьвету. Сын Божы становіцца сынам дзевы, якая знайшла ласку ў Бога. Аднак, што варта адзначыць, рашэньне належала да Марыі. Божы Пасланец цярпліва чакаў ейнай пастановы, пакуль яна не заявіла Арханёлу: „Хай будзе паводле слова Твайго”.

Паводле Вучэньня Праваслаўнай Царквы, першая і асноўная мэта сужэнства — дасягненьне, з дапамогай любові, паўнаты быцьця ў Богу, зь якога ў сваю чаргу выплывае таксама неад’емнае прадоўжваньне жыцьця. Да сужэнства і ў прыватнасьці да мацярынства і бацькоўства Бог нікога не прымушае, гэтак як і Марыі, але прапануе, як гэта здарылася ў момант Дабравешчаньня. Кожнае мацярынства зьяўляецца прапановай з боку Бога і адказам з боку жанчыны. Рашэньне аб прыняцьці новага жыцьця прыпадае пераважна жанчыне, якая чамусьці лічыцца прыгажэйшым, але слабейшым полам. Аднак, яна не павінна вырашаць сама: побач зь ёю павінен стаяць каханы мужчына. Гэта аптымальны клімат для дару жыцьця, які здольны пераадолець усемагчымыя цяжкасьці і супярэчлівасьці лёсу. На самай справе якраз мужчына часьцей, бы Пілат, умывае рукі, уцякае, абражае маці свайго нашчадка або велікадушна абяцае плаціць алімэнты і ня робіць гэтага. Вось таму трэба з павагай схіліць галаву перад кожнай маці, якая прымае неацэнны дар жыцьця, бо жыцьцё — сапраўды найвышэйшая каштоўнасьць. З другога боку, Бог прапануе згоду на новае жыцьцё ў абставінах неаднойчы настолькі драматычных, складаных і нечаканых, што адказ жанчыны не заўсёды выкліканы любоўю і радасьцяй. Новае жыцьцё неаднойчы даруецца ў такіх экстрэмальных умовах, што будучая маці стаіць перад цяжкой дылемай, плача і нават праклінае. Дастаткова сабе ўявіць, што думалі цяжарныя жанчыны ў вастрозе або ў канцэнтрацыйных лягерах. Бываюць і такія выпадкі, калі новае жыцьцё зьвязана з кровазьмяшэньнем, згвалтаваньнем, псыхічнай хваробай бацькоў, калецтвам, дрэннымі ўмовамі жыцьця і так далей. У такіх выпадках можа ўзьнікнуць думка: ці Бог ведае, што робіць? Аднак-жа Ён заўсёды ведае, што робіць. Чалавек можа нечага не разумець, але і Бог ня мусіць яму выяўляць свае намеры. Нездарма сказана: „Мае думкі — ня вашы думкі і Мае шляхі — ня вашы шляхі”.

Улічваючы нават гэтыя экстрэмальныя выпадкі, Царква ўсё роўна супраціўляецца абортам і шкадуе з прычыны неданашэньня. Яна лічыць, што нельга маўчаць, калі і ў нашай краіне штодзень без вайны гінуць малыя людзі, якія нават ня маюць магчымасьці супрацівіцца. На баку слабейшага павінен стаць кожны чалавек незалежна ад сваіх рэлігійных або палітычных перакананьняў. Царква называе аборт трагедыяй, забойствам ненароджанага чалавека, які зьяўляецца чалавекам і ў пяць гадоў, і ў пяць месяцаў і нават у пяць дзён. Царква лічыць, што ніякія тлумачэньні, такія як неспрыяльныя ўмовы для нараджэньня дзіцяці, ня маюць сэнсу. Мы ня ведаем, што будзе з намі праз паўгоду, але ўжо цяпер не даем дзіцяці ніякага шанцу, вырашаем ягоную будучыню не пытаючы яго...

Мацярынства сапраўды супадае з самымі рознымі абставінамі. Некаторыя бязьдзетныя жанчыны няшчасныя з прычыны няплоднасьці сваёй або мужа: яны, не зважаючы на любыя кошты, цярпліва лечацца або рашаюцца на ўсынаўленьне чужога дзіцяці. Іншыя з жахам успрымаюць чарговую цяжарнасьць з думкай, што ў беднай сям’і прыбудзе лішні рот. Бываюць самотныя маці, якія зь істэрыяй і жахам, баючыся злых языкоў, адмоўна адказваюць на Божую прапанову, і тыя, якія не баяцца ні чалавечых кпінаў, ні клопатаў выхаваньня. Ёсьць таксама і такія жанчыны, якія, маючы дасканалыя ўмовы, тлумачаць, што „ня могуць сабе дазволіць мець дзіцё”, каб — барані Бог — не абцяжарваць сябе, не зламаць прафесійнай кар’еры, не патаўсьцець і пры нагодзе выказваюць іншыя падобныя глупствы.

Прапанова прыняць новае жыцьцё — гэта запросіны да творчага супрацоўніцтва з Богам, якое ажыцьцяўляецца праз любоў. Гэта таксама найпрыгажэйшая прыгода, удзел у творчым працэсе, які вядзе да збаўленьня і вечнага жыцьця.

Перад Раством Хрыстовым

(Мацьв. 1, 1-25; 24, 37-44; Рым. 13, 11-14)

Да сьвяткаваньня Раства Хрыстовага — Калядаў — вернікі рыхтуюцца саракадзённым постам. У багаслужбах гэтага падрыхтоўчага перыяду дамінуюць дзьве тэмы або два дзеяньні: прыход Госпада і пільнасьць. Бог прыходзіць і мы павінны выйсьці Яму насустрач. Бог ідзе да чалавека, але сустрэне толькі таго, хто дазволіць сябе сустрэць. Гэтыя два дзеяньні ўнушальна апісаны ў прытчы пра дзесяць дзеваў (Мацьв. 25, 6).

Першы крок заўсёды належыць да Бога, ня толькі ў перадкалядны перыяд, але заўсёды. Гісторыя збаўленьня па сваёй сутнасьці зьяўляецца гісторыяй Божай ініцыятывы, успамінам пра Яго шматлікія прыходы да чалавека.

У Евангельлі ставіцца націск ня столькі на сам факт прыходу Сына Чалавечага, колькі на абставіны гэтай падзеі. „Гэтак (неспадзявана як прыход злодзея і жахліва бы паводка) будзе выглядаць прыход Сына чалавечага”. Амаль усе прытчы Гасподнія ставяць слухача перад эсхаталягічнай пэрспектывай адначасова прымушаючы да неадкладнага прыняцьця рашэньня. У гэтым сэнсе ня маюць значэньня дыспуты біблістаў, ці Хрыстос меў на ўвазе хуткае вяртаньне, яшчэ пры жыцьці тагачаснага пакаленьня, ці далёкае ў часе.

Пастанова, якой Ісус спадзяецца ад чалавека ў адказ на прадвесьце аб Сваім вяртаньні зьяўляецца асабістым рашэньнем канкрэтнага чалавека, а не ўсяго сьвету ці абстрактнай гісторыі. Яна заўсёды актуальная і непазьбежная для таго, хто слухае Ісусавых слоў. Калі толькі нехта схоча пачуць, дык у кожным слове Сьвятога Пісаньня гучыць перасьцярога, якую прарок накіраваў да Давіда: „Ты зьяўляешся гэтым чалавекам” (2 Цар. 12, 7). Інакш кажучы: гэта тычыцца і цябе. Тое, які лёс упаткае мяне ў момант прыходу Госпада, вырашаецца якраз цяпер. Гэты лёс залежыць ад адказу, які дам на Ягонае Слова, што падахвочвае мяне да пільнасьці, да гатоўнасьці, да жыцьця такога, як быццам бы Ён стаяў на парозе, бо на самай справе Ён ужо стаіць ля нашых дзьвярэй.

Апостал Павал тлумачыць, у якім накірунку павінна пайсьці чалавечае рашэньне, якія набыць формы. Першае, што ён рэкамендуе, гэта „прачнуцца”. Сон сымбалізуе ня толькі стан чалавека, які жыве ў граху або забыўся пра Бога, але таксама стан нерашучасьці, кампрамісу, які акрэсьліваецца фразай „ні сюды ні туды”. Апостал заклікае: „Устань сьпячы і ўскрэсьні зь мёртвых і асьвяціць цябе Хрыстос” (Эф. 5,14). Быць разбуджаным, сьвядомым, з вачыма адкрытымі на прыняцьце сьвятла — гэта найлепшы каментарый да Ісусавага закліку: „Будзьце пільнымі!”

Мэтафара, якую Апостал зьмясьціў у Лісьце да рымлянаў гучыць на першы погляд дзіўна, бо падахвочвае нас „надзець зброю сьвятла” (13, 12). Затым Павал паясьняе гэтыя словы кажучы: „Адзеньцеся ў Госпада Ісуса Хрыста і не дагаджайце целу пажадлівасьцямі” (13, 14). Зброяй сьвятла зьяўляецца Дух уваскрэслага Ісуса, адзіны, які можа дапамагчы пераадолець такія змрочныя ўчынкі, як нячыстасьць, свавольства, п’янства, спрэчкі і зайздрасьць. „Калі Духам будзеце забіваць цялесныя ўчынкі, будзеце жыць” (Рым. 8, 13), — дадае Апостал.

Гэтыя словы Апостала сталіся для блажэннага Аўгустына канчатковым стымулам для павярненьня ў веру. Ён знаходзіўся ў сваім агародзе ў Мілане ў вырашальны момант унутранай барацьбы паміж „дзьвюма цягамі” (Піліп. 1, 23), калі пачуў таямнічы голас, які загадаў яму „тольле, лего” — бяры і чытай. Ён узяў Біблію, адкрыў і прачытаў словы Паўла, якія ўжо канчаткова прывялі да ягонага прабуджэньня. У іх Аўгустын знайшоў сьвятло, супакой сэрца і прыняў сваё рашэньне.

Перадкаляднае чаканьне вельмі розьніцца ад чаканьня людзей Старога Запавету: яно — таксама ўспамін і прысутнасьць. Успамін таму, што Той, каго чакаем, ужо аднойчы прыйшоў і ў сьвята Раства будзем успамінаць гэту падзею. Прысутнасьць — бо Ён з намі ўвесь час у Сваім Слове і Сваім Эўхарыстычным Целе. Вось таму перадкаляднае чаканьне зьяўляецца радасным выйсьцем насупраць Таго, хто ідзе з намі і хто побач нас.

„Бог з намі”

(Мацьв. 1, 18-24)

Тайна Раства Хрыстовага заключаецца ў тым, што Бог у Хрысьце Ісусе стаўся Эмануілам — „Богам з намі”. З „найвышэйшага Бога” стаўся Богам блізкім, Богам накіраваным на чалавека і пад гэтым новым імем будзе адгэтуль ведамы. Што гэта азначае? Бог быў з чалавекам заўсёды, ад самага стварэньня, аднак быў гэта дыялёг на адлегласьць, праз пасрэдніцтва прарокаў. Бога і чалавека аб’ядноўваў саюз цяжкі і неканчатковы. У Хрысьце Бог увайшоў паміж людзей, стаўся адным з нас, каб збавіць нас апынуўшыся ў нашай сытуацыі, удзельнічаючы ў нашай гісторыі. „Саюз” стаўся „новым і вечным”, бо абодва бакі — Бог і чалавек — сталіся „адной асобай”, адной і неразьдзельнай Істотай: Ісусам Хрыстом.

Ісус Хрыстос зьяўляецца Эмануілам — „Богам з намі”: мы павінны добра запамятаць гэтае Імя, бо яно выказвае ўсю нашу веру ў Яго. Ісус — „Эману”, значыць: адзін з нас, наш брат „паводле цела з роду Давіда”, — як піша Апостал Павал у Лісьце да рымлянаў (1, 3). Ён таксама „Эль” — значыць: Бог. Ён Сын Чалавечы, але адначасова Сын Божы. Калі-б быў толькі „з намі”, але ня Богам, ня збавіў-бы нас, ня быў-бы Валадаром сьвету і гісторыі. Калі-б быў толькі Богам, але ня быў-бы „з намі”, Яго збаўленьне не цікавіла-б нас, застаўся б Богам невядомым, недасягальным і далёкім ад чалавечых надзеяў. У гэтым заключаецца сапраўдная тайна хрысьціянства, якую мы павінны ясна пацьвердзіць у Сьвята Раства Хрыстовага.

У гісторыі Царквы быў такі перыяд, калі ерась дакетаў пашырала перакананьне, што Ісус ня мог быць адным з нас, чалавекам падвергнутым законам прыроды, такім як народзіны, боль або сьмерць. Зараз назіраем адваротную сытуацыю: „А ўсё-такі ён чалавек і толькі чалавек”, — сьпявала Мадона ў мюзікле „Джызус Крайст супэрстар”, выказваючы думку шматлікіх сучасных чытачоў Евангельля. Многім цяжка прыняць да ведама евангельскую праўду, што Ісус Хрыстос — ня проста чалавек, але і Бог.

Хрысьціяне не павінны быць абураны або абражаны такімі фальшывымі поглядамі. Хто сапраўды захапляецца Хрыстом і кахае Яго як чалавека, той хутка зразумее, што Ён — ня проста чалавек або прарок. Ня трэба таксама памяншаць чалавечай натуры Збавіцеля толькі таму, што некаторыя абмяжоўваюцца ёю. Больш за іншых верым, што Ён быў чалавекам падобным на нас ува ўсім, акрамя грэху, чалавекам, які спазнаў самаадрачэньне, стому, боязь, можа нават сумнеў, і напэўна боль ды пакуты. У Яго час таксама былі людзі, якія лічылі Яго звычайным прарокам. Аднак ад сваіх вучняў Хрыстос патрабуе больш і пытаецца: „А вы за каго лічыце Мяне?” На гэтае заўсёды актуальнае пытаньне Царква адказвае словамі Пятра: „Ты — Хрыстос, Сын Бога Жывога”, інакш кажучы, „Бог з намі”.

Ці Хрыстос і зараз зьяўляецца „Богам з намі”? Ці быў ім у кароткі перыяд зямнога жыцьця паміж Віфляемам і Галгофай? Так, Ён з намі і сёньня, згодна Свайму абяцаньню: „Я з вамі праз усе дні да канца веку” (Мацьв. 28, 20). Праз Сваё ўваскрэсеньне Ён даў пачатак новаму ладу жыцьця: духоўнаму, нябачнаму, але сапраўднаму. Ісус Хрыстос той-жа „ўчора, сёньня і навекі”.

Адказам на такую ўпэўненасьць веры можа быць толькі радасны вокліч Паўла: „Калі Бог з намі, хто-ж супраць нас? Хто адлучыць нас ад любові Божай?” (Рым. 8, 31-35). Адлучыцца ад Хрыста можам толькі мы самі. Гэта мы, на жаль, можам адвярнуцца сьпіной ад Хрыста, жыць так, быццам Ён ніколі не прыйшоў, быццам ніколі не прамаўляў да нас. Можам жыць толькі для саміх сябе, а не для Яго, Які за нас памёр і ўваскрос (2 Кар. 5, 15). Ніякая нам карысьць з таго, што Бог „з намі”, калі не захочам быць зь Ім, калі ня станем на Ягоным баку. Вось таму калядны перыяд зьяўляецца добрай нагодай, каб прыгадаць хрысьціянам іхныя маральныя абавязкі.

Ірад хацеў забіць дзіця

(Мацьв. 2, 13-15, 19-23)

У другі дзень Калядаў, званым Саборам Прасьвятой Багародзіцы, у евангельскім чытаньні ўспамінаем пэрыпэтыі Сьвятой Сям’і: уцёкі ў Егіпет, вяртаньне і пасяленьне ў Назарэце. Евангельле прадстаўляе Хрыста як правобраз чалавека, якога лёс знаходзіцца ў руках іншых людзей. Распараджаюцца яны жыцьцём ня толькі дарослага, але і дзяцей у сваіх карысьлівых мэтах, зыходзячы зь меркаваньняў, зьвязаных з палітыкай і ейнымі патрабаваньнямі. Каментуючы гэты фрагмэнт нельга прамаўчаць той пашыранай зьявы ахвяроўваньня чалавечага жыцьця ў імя нейкай ідэалёгіі, або дзеля карысьці нейкай партыі, якая называецца абортамі...

Перш чым пачнем асуджаць каго-небудзь мы павінны ўсьведаміць сваю ўласную адказнасьць — як хрысьціяне. Калі-б усе тыя, што змагаюцца з „дапушчальнымі і дармовымі” абортамі заўсёды баранілі жыцьцё, кожную яго форму перад любым гвалтам і пагрозамі, мы былі-б больш верагодныя ў вачах тых, хто выступае за дапушчальнасьць гэтага зла. Колькі разоў мы мелі нагоду шляхам угаворваньня, дапамогі або парады прадухіліць аборт. Колькі разоў тыя, што выступаюць у абарону ненароджаных і пікетуюць парляманты, дазваляюць гінуць ужо народжаным дзецям у выніку войнаў, голаду, эксплуатацыі і хваробаў. Сапраўды, ёсьць падставы для дакору сумленьня, бо бываюць сытуацыі, калі маючы магчымасьць зрабіць нешта добрае, мы ня робім гэтага.

Аднак нельга дапусьціць, каб даўнейшыя і цяперашнія памылкі сталіся прычынай яшчэ страшнейшай памылкі, а менавіта замоўчваньня пытаньня лібэралізацыі або поўнага дазволу абортаў. Сёньня ўжо ніхто ня можа гаварыць, што аборт — гэта не сапраўднае і адназначнае забойства. „Чалавекам зьяўляецца таксама той, хто толькі становіцца чалавекам”, — гаварыў Тэртульян. Ніхто ў выніку ўсіх дыспутаў дагэтуль ня здолеў адхіліць навуковыя доказы таго, што эмбрыён з моманту зачацьця мае ўсё патрэбнае для далейшага разьвіцьця, калі толькі нехта звонку ня спыніць гэты працэс. Дзіцё ўжо ўва ўсіх дэталях запраграмаванае ўключна з колерам валасоў і вачэй. Значыць, не зьнішчаецца бясформенны канглямэрат клетак — як некаторыя цынічна цьвердзяць — але чалавечае жыцьцё, чыйсьці лёс. Ненароджанае дзіцё — яшчэ несьвядомае, але на добры лад такое-ж і толькі што народжанае немаўлятка.

У гэтым сэнсе ў вочы кідаецца неверагодная двудушнасьць. Мы абураемся фактам, калі нехта кідае немаўлятка ў сьметніцу, калі дзіцё хворае або прададзенае дзеля атрыманьня органаў. Бацькі гатовы заплаціць вялізны выкуп за выкрадзенае дзіцё, але калі маем дачыненьне з абортам, наступае поўная цішыня, як быццам гэтае жыцьцё нявартае марнага граша. Але-ж ніводнае дзіцё ня родзіцца бязь ведама бацькоў, па ўласнай волі. Яго паклікае да жыцьця воля і акт любові двух людзей.

Зьдзіўленьне выклікае таксама заканадаўства датычнае абортаў, якое ствараюць пераважна мужчыны. Адмаўляецца ўсіх правоў ня толькі сьвятару або лекару, але нават бацьку, які ўдзельнічаў у пачатку жыцьця і які адказны за яго. Такім чынам зьяўляюцца законы, якія пазбаўляюць мужчыну аднаго зь яго фундамантальных правоў — быць бацькам. Гаворыцца, што рашэньне павінна належаць выключна жанчыне. Пілат — мужчына — умывае рукі, спадзеючыся, што гэткім чынам пазьбегне адказнасьці за чарговае злоўжываньне. Ён ня бачыць, што пакідаючы жанчыне цяжар гэтага жахлівага рашэньня і зьвязанага зь ім дакору сумленьня, гэтым самым дапускаецца яшчэ горшая подласьць. Ён гаворыць бы Пілат: вазьмі, сама забі, бо я не хачу спляміць рук крывёю нявіннай істоты.

Для верніка праблема на гэтым не канчаецца, бо тычыцца патаптаньня правоў яшчэ аднаго „бацькі”. Гэта не бацькі даюць дзіцяці душу, але Бог, Які для кожнага чалавека ўзнаўляе цуд стварэньня. Гаворачы пра аборты нельга ня ўлічваць гэтага.

Аднак нас павінна хваляваць ня толькі наяўнасьць тых, хто праводзіць аборты, але тых, хто лёгкай рукою адабрае такую практыку. Калі існуе Бог, як у гэта верым, дык існуе і вечнае жыцьцё. Хай Бог крые тады тых, хто будзе вымушаны вытрымаць сумны позірк заўчасна забітых анёлкаў, якія добра будуць ведаць, хто вінаваты ў іхнай сьмерці, а хто не, хто дзейнічаў у роспачы, а хто забіў халаднакроўна, сьведама, падтрымоўваючы гэтым сілы зла або аддаючы перавагу праграме нейкай палітычнай партыі перад голасам Бога і сумленьня.

Улічваючы складанасьць праблемы вернік ня можа абмежавацца сваім „не” абортам або праявам злачынства. Першым і галоўным канструктыўным падыходам да праблемы зьяўляецца адпаведная асьвета, каб лепш пазнаць і ацаніць сваю ўласную сэксуальнасьць. Абортаў дапускаюцца ў першую чаргу тыя, што ня ўмелі належна ўжываць сваю сэксуальнасьць, хто ўжываў яе, не азіраючыся на вынікі, аддзяляючы яе ад сапраўднай любові. Тыя, што ніколі сур’ёзна ня ставіліся да сваіх абавязкаў, якія выплываюць са статусу бацькі або маці.

Вернік, сьвядомы таго, што гэтыя праблемы ўзьнікаюць не заўсёды па віне канкрэтных асоб і таму павінен ён імкнуцца разам з Царквою і з дапамогай навукі сумленна і пасьпяхова разьвязаць праблему нараджальнасьці. Абортаў проста будзе менш, калі менш будзе дзяцей, якіх ніхто не чакае і ня хоча.

Многія, асабліва сярод элітаў грамадзтва, дапускаюцца абортаў па эгаістычных меркаваньнях, замілаваньні да лёгкага, свавольнага жыцьця без маральнай вуздэчкі. Многія іншыя, аднак, рашаюцца на аборт з прычыны цяжкой, матэрыяльнай сытуацыі, адсутнасьці жыльля, працы, зацкаваньня непрыязным асяродзьдзем. Кожныя бацькі могуць у сваім уласным жыцьці сутыкнуцца з такой сытуацыяй, калі іх непаўналетняя дачка зацяжарыць. У такім выпадку ад таго, што для іх важнейшае: ці гэтак званая добрая рэпутацыя, ці чалавечае жыцьцё, залежыць тое, якія яны хрысьціяне. Тых, хто сутыкнуўся з праблемай заўчаснага мацярынства, трэба спачатку зразумець, каб дапамагчы ім і не дапусьціць да такой трагічнай разьвязкі, якой зьяўляецца аборт — сьмяротнае пакараньне, накіраванае найперш супраць сябе, а потым уласнага дзіцяці.

Калі чытаем евангельскае апавяданьне пра Ірада і калі згадваем усіх сучасных „Ірадаў”, не выпадае, аднак, жадаць ім зла, але таго, каб апамяталіся і жылі. Хай жывуць усе і ня будзе больш чуваць на зямлі плачу Рахіль.

„Люд... убачыў вялікае сьвятло”

(Мацьв. 4, 12-17)

Чытаньне з 4-га разьдзелу Евангельля паводле Мацьвея абвяшчае вялікае сьвятло і невыказную радасьць. Хрыстос, прыйшоўшы на сьвет, прынёс людзям ня толькі дараваньне грахоў, але такcама сьвятло і радасьць. Такім чынам зьдзейсьнілася чарговае Божае абяцаньне са Старога Запавету. Прарок Ісая зьвяртаецца да галілеянаў, якіх у 732 годзе асырыйскі цар вёў у палон. Народ ішоў зьняволены і прыгнечаны да краіны сваёй ссылкі, ішоў у роспачы, быццам у цемры. І яму прарок прадказвае неспадзяванае сьвятло, канец няволі, радаснае вяртаньне на Радзіму: „Люд, што хадзіў у цемры, убачыў сьвятло вялікае і тым, што сядзелі ў краіне і цяні сьмерці, зазьзяла сьвятло... яны радаваліся перад Табою, як радуюцца ў жніво, як весяляцца ў часе падзелу здабытку” (Іс. 9, 2-3).

Гэта таксама абяцаньне ўсяму чалавецтву, якое стогне, жывучы пад ярмом зла і ў няволі грэху, людзям згорбленым пад ярмом уласных выпрабаваньняў.

Неўзабаве пасьля свайго хрышчэньня Хрыстос прыбыў у Капернаум у Галілеі, адкуль некалі яўрэяў вывезьлі ў палон. Прысутнасьць Хрыста менавіта ў гэтым месцы была для Евангеліста відавочным зьдзяйсьненьнем старадаўняга прароцтва . „Я — сьвятло сьвету” (Яан. 8, 12), — кажа Ён пра Сябе. Што азначае сьвятло? Гэта „дарога, праўда і перш за ўсё жыцьцё”. Хрыстос зьяўляецца дарогай і праўдай, значыць, гарантам дасягненьня мэты і спадарожнікам, адзіным, хто можа прывесьці да Бога. „Ніхто не прыходзіць да Айца інакш як толькі празь Мяне” (Яан. 14,6). З гэтай прычыны Ён таксама жыцьцё і канец зямнога пілігрымсттва, узанагарода і мэта людзкога існаваньня. Ён вызваляе нас з абдымкаў сьмерці. Сьвятло заўсёды асацыюецца з жыцьцём: пра нованароджанае дзіцё гаворыцца, што ўбачыла сьвятло. Хрыстос спалучае гэтыя дзьве каштоўнасьці і кажа пра Сябе: „Хто ідзе за Мною, будзе мець сьвятло жыцьця” (Яан. 8, 12).

Хрыстос зьяўляецца таксама радасьцяй. Калі нарадзіўся, быў аб’яўлены як „вялікая радасьць, якая будзе ўсім людзям” (Лук. 2, 10). Сэнс Ягонага жыцьця, мабыць, заключаецца ў словах выказаных незадоўга да сьмерці: „Каб радасьць Мая была ў вас і каб радасьць ваша была поўнай” (Яан. 15, 11; 16, 24). Само слова „Евангельле” азначае „добрую навіну”, якая таксама асацыюецца з радасьцяй. „Я прыйшоў, каб прынесьці жыцьцё”, — кажа Ісус (Яан. 10, 10). Радасьць — гэта нішто іншае як жыцьцё і прытым — паўната жыцьця.

Радасьць павінна квітнець усюды там, дзе пашыраецца Евангельле, нават калі-б яна мела быць „перапоўненая няшчасьцем” (параўнай: 2 Кар. 7, 4). Радасьць зьяўляецца прыкметай таго, што ў верніку жыве Сьвяты Дух, які ахвяроўвае „любоў, радасьць і мір” (Гал. 5, 22). Бязбожны сьвет кідае нам выклік ці самі ўмеем радавацца і ці іншых умеем учыніць такімі. Гэта выклік спрадвечны, як сама вера ў Бога. Ужо прарок Ісая некалькі стагодзьдзяў перад Хрыстом заўважыў гэты выклік кінуты паганцамі: „Сказалі браты вашы, якія вас ненавідзяць: пакажыце нам радасьць вашу” (Іс. 66, 5).

Чаму-ж тады не заўсёды бываем радаснымі? Мабыць таму, што словы Евангельля яшчэ не дайшлі да нашых сэрцаў. Мы далей нагадваем тыя сумныя натоўпы, якія згорбленыя накіроўваліся ў палон. Падчас нядзельнай Сьвятой Літургіі ў нас павінна наступіць тая зьмена, пра якую гаворыць прарок Ісая. Прыходзячы ў храм, мы часткова нагадваем тых паняволеных, стомленых і заплаканых галілеянаў. Нас прыгнятаюць штодзённыя турботы і хваляваньні: мы ня ў змозе разьвязаць сваіх будзённых праблемаў і гатовы апусьціць рукі. Аднак менавіта храм зьяўляецца той лячэбніцай, якой заўсёды маем магчымасьць пакарыстацца. Пакідаючы храм, падмацаваныя Словам Божым, Споведзьдзю і Сьвятым Прычасьцем, мы павінны нагадваць тых, што з радасьцяй вяртаюцца са жніва, нясучы ў руках снапы (Пс. 126, 6). Трэба нам быць як тыя людзі, „якія напоўнілі сэрцы радасьцяй”, каб несьці яе сьвету як доказ зьдзейсьненага Хрыстом выкупленьня. Памятайма заўсёды аб цудоўным тэксьце Сьвятога Пісаньня: „Радасьць у Госпадзе вашым падмацаваньнем” (Неем. 8, 10). Таксама і сёньня наша моц перакананьня ў дачыненьні да сучаснага сьвету павінна асноўвацца на радасьці, якая плыве са слоў Гасподніх.

„За каго людзі ўважаюць мяне”

(Мацьв. 16, 13-20)

Гэтага пытаньня, зь якім у Кесарыі Філіпавай Хрыстос зьвярнуўся да сваіх вучняў, ня можа пазьбегнуць ніводзін вернік. Кім на самай справе зьяўляецца той Ісус, Які за кожнай багаслужбай прамаўляе да нас і пра Якога мы столькі гаворым? На самай справе Ісус задаў Апосталам два пытаньні: „За каго людзі ўважаюць Мяне?” і „За каго вы мяне ўважаеце?” Першая частка пытаньня тычыцца людзей звонку, тых, якія пра Хрыста чулі або бачылі, аднак не далучыліся да Яго. На самай справе Хрыстос ня мусіў пытацца, за каго ўважаюць Яго людзі: гэтае пытаньне было патрэбнае вернікам.

Дык за каго ўважаюць Хрыста сучасныя людзі. Паглядзім сьпярша зь якімі пачуцьцямі ставіцца да Ісуса моладзь, тая бунтарская, непадатлівая на аўтарытэты, моладзь скептычная, імпульсіўная, але адначасова поўная энтузіязму і энэргіі. Мабыць, найлепш пачуцьці маладых выказвае Магдаліна зь фільму „Джызус Крайст супэрстар”; для іх, дарэчы, зробленага. Гэты мюзікль паказвае Хрыста выключна як чалавека поўнага дылемаў, самотнага і стомленага, але адначасова чалавека, які не ідзе на кампрамісы, мае чыстыя намеры, які ня мае сьледу фальшу. Ён не пагарджае вельмі чалавечымі пачуцьцямі Магдаліны, але дастаткова толькі далікатнага ўплыву, каб зьмяніць яе і каб зь ейных вуснаў раздаўся вокліч бы нованароджанага дзіцяці: „Я — зьмененая, я — іншая”.

Ці дастаткова толькі сказаць: „Гэта чалавек і толькі чалавек?” Мы пераконваемся, што гэта няпоўная праўда і зноў стаім перад дылемай: „Ісусе, хто Ты?” Ёсьць людзі, якія адказваюць гэтак, як дзьве тысячы гадоў таму: гэта прарок! Да такіх людзей належаць палітыкі, некаторыя памяркоўныя марксісты або дзеячы, якія вераць у магутнасьць чалавечага розуму і магчымасьць паляпшэньня сьвету. Яны гавораць пра Хрыста, як пра гістарычнага прарока, вялікага настаўніка, але не пра Божага прарока. Такія людзі прызнаюць, што Настаўнік з Назарэту адмяніў забабоны і боязі, даў людзям пачуцьцё высокай годнасьці, а таксама права голасу бедным, прыніжаным і эксплуатаваным, рыхтуючы іх да сарваньня аковаў і вызваленьня. „Ісус зьяўляецца палітычным пакутнікам, паколькі выступіў супраць улады. Зілотам, які змагаўся разам зь іншымі патрыётамі за вызваленьне сваёй Радзімы ад рымскага паняволеньня. Такім бачаць Хрыста ўсе ідэолягі рэвалюцыі і грамадзкіх пераўтварэньняў.

Яшчэ іншы адказ на тое самае пытаньне даюць філёзафы і тэолягі. „Гэта свабодны чалавек, які на Вялікдзень заражае людзей Сваёй веліччу”, — кажа адзін зь філёзафаў, але, паводле яго, Ісус быў „атэістам”, які зьявіўся ў выніку „сьмерці Бога” і таму такі тэзіс немагчыма прыняць. Хрыстос — „поўны чалавек, які поўнасьцю ажыцьцявіў усе магчымасьці, якія стаялі перад чалавекам і таму можа быць узорным прыкладам чалавечага існаваньня”, — лічыць іншы філёзаф. „У Ім аб’явіўся найбольш дасканальна і канчаткова Бог, аднак Ён не зьяўляецца Богам, толькі тым, у кім Бог прабывае”, — лічаць яшчэ іншыя.

Прыблізна такія адказы даюць сучасныя людзі. Калі-б Хрысту залежала толькі на тым, за каго ўважаюць Яго людзі, дык абмежаваўся-б толькі гэтай часткай пытаньня. Аднак, выяўляючы свой сапраўдны намер, Ён задае іншае пытаньне: „А за каго вы ўважаеце Мяне”, вы, якія Мяне ведаеце і якія прынялі Маё Слова? На самай справе мы ня мусім выдумляць новага адказу, паколькі ўвесь час актуальны адказ Пятра: „Ты —Хрыстос, Сын Бога Жывога”. У гэтых словах заключаецца ўся хрысталёгія. Гэты адказ паглыблялі Сьвятыя Айцы і Ўсяленскія Саборы, ён дайшоў да нас у выглядзе Сымбалю Веры: „Веру... у адзінага Госпада нашага Ісуса Хрыста, Сына Божага, Адзінароднага, народжанага з Айца перад усімі вякамі, Сьвятло ад Сьвятла, Бога праўдзівага ад Бога праўдзівага, нястворанага, але народжанага... Ён дзеля нас і дзеля нашага збаўленьня зышоў зь Неба і прыняў цела ад Духа Сьвятога і Марыі Дзевы і стаўся Чалавекам”. У сваіх малітвах і навучаньні Праваслаўная Царква бясконца нагадвае, што Ісус — ня толькі чалавек або прарок, але Бог, „Які з намі”.

Такім чынам адказ на пытаньне кім для нас зьяўляецца Хрыстос дае вера, у адрозьненьне ад згаданых раней людзей, якія ня вераць, але „шукаюць”. Гэта могуць быць добрасумленныя пошукі: праз уласнае дасьведчаньне, розум або навуку, але ўсё роўна гэта толькі пошукі. Розьніца паміж двума адказамі дакладна такая, як паміж Трыма Валхвамі, якія ішлі ў Віфляем, і тымі, якія вярталіся адтуль. Першыя ішлі дакладна распытваючы пра Дзіцё, а другія, убачыўшы Яго, упалі перад Ім і пакланіліся прызнаючы ў Ім Бога.

Аднак паўтараемы за Апосталам стандартны адказ становіцца мёртвым, калі яго безупынна не аднаўляць, не перажываць і „прышчапляць” наступнаму пакаленьню і культуры. Адказ, які сам у сабе жывы, ня будзе мець для нас значэньня, калі будзем яго машынальна паўтараць бы завучаны верш, калі яго не прысвоім і ён ня станецца часткай нас саміх. Мы ня можам хавацца за сьпіной іншых, паколькі Ісус пытае кожнага з нас асобна: „А за каго ты Мяне ўважаеш?”

Тут пяройдзем да разважаньня пра сьведчаньне. Трэба сабраць нам пачуцьці ў дачыненьні да Хрыста, як зрабілі гэта вучні на другі дзень пасьля ўваскрэсеньня: „І мне таксама зьявіўся, я распазнаў Яго пры ламаньні хлеба. І ў нас сэрца пылала, калі мы размаўлялі зь Ім!” Гэтак нараджалася вера Царквы і гэтак за кожным разам адраджаецца і аднаўляецца празь веру вернікаў, на падабенства будынку, які ўвесь час новы, але абаперты на аднойчы пакладзеным фундаманце Апосталаў і Прарокаў і ўмацаваны Духам Сьвятым.

Аднак трэба яшчэ раз вярнуцца да адказаў людзей, якія, як гаварылася, былі выявай пошукаў, а ня веры, дарогі, а ня мэты. Але ці-ж разьведваньне пра Дзіцё для нас, што ўжо знайшлі Дзіцё і Маці, непатрэбнае? Безумоўна не. Яно неабходнае для веры так, як неабходны плуг, каб узварушыць зямлю, перавярнуць скібы, дастаць зь зямлі схаваныя ў ёй рэсурсы, каб магла атрымаць паветра, дождж і, дзякуючы гэтаму, прынесла плён.

Пошукі ажыўляюць веру, але перш за ўсё надаюць ёй форму. Хрыстос стаўся-б асобай, якая паступова зьблякла-б у цемры мінуўшчыны, калі-б людзі ўвесь час не задавалі сабе пытаньня хто Ён, калі-б не супастаўлялі Яго асобы з уласнымі праблемамі і ўсё новымі выклікамі, якія нясе час. Гэтую працу бязбожнікі міжвольна выконваюць для нас. Яны ўздымаюць усё новыя пытаньні, гэтым самым прымушаючы нас даваць на іх адказы. Колькі-ж праўдаў мы выявілі, дзякуючы засяроджаньню ўвагі толькі на чалавечай натуры Хрыста, або дзякуючы зьвязваньню Яго з гісторыяй праз прыхільнікаў Ісуса як „палітычнага пакутніка”. Усё гэта былі адказы толькі часткова праўдзівыя , недастатковыя, занадта залежныя ад патрабаваньняў і моды ў дадзеную эпоху і таму Царква слушна асудзіла іх як ерасі. Аднак, ці бяз гэтых галасоў, неаднойчы цынічных і правакацыйных, мы калі-небудзь прыйшлі-б да высновы, што хрысьціянін на Евангельлі павінен абапіраць сваю грамадзкую і палітычную дзейнасьць? Ці застанавіліся-б мы, у якой ступені „пасрэднік паміж Богам і людзьмі” быў сапраўды чалавекам, менавіта „чалавекам Ісусам Хрыстом?” (1 Цім. 2, 5). Яны затрымаліся на тым, як мелецца збожжа і нарыхтоўваюцца просфары, ужываныя ў час Сьвятой Літургіі. Аднак гэтак сябе паводзячы, яны дазволілі нам лепш зразумець утоеную асобу Хрыста і Яго боскасьць. Яны наблізіліся да Ісуса „ззаду”, дакранаючыся Ягонай вопраткі (Марк 5, 25), як жанчына, якая пакутавала кровацячэньнем. Мы ня можам мець упэўненасьці, ці і да іх не павернецца Хрыстос, адчуваючы, што яны спрабуюць дакрануцца да Яго празь Ягоную цялеснасьць і ці не дазволіць ім поўнасьцю зразумець Сябе?

У Евангельлі гаворыцца, што Хрыстос загадаў вучням „нікому не гаварыць, што Ён — Збавіцель”, але гэтая забарона ўжо нас ня тычыцца. Тады маўчаньне было неабходнае, каб вучні захавалі для сябе „месіянскую таямніцу”, бо людзі яшчэ былі непадрыхтаваныя да яе прыняцьця. Сёньня наадварот. Нам, сваім вучням, Хрыстос загадвае гаварыць усім, што Ён — Месія, асабліва тым, якія надалей пытаюць: кім зьяўляецца Ісус з Назарэту?

Бог кліча і заклікае

(Марк. 1, 14-20)

Большасьць людзей хацела-б пражыць жыцьцё як мага лягчэй і прыемней, без балясту непрыемных абмежаваньняў: гэтага нельга, гэта не выпадае... Аднак, нават прыналежнасьць да нейкай арганізацыі ўскладае на чалавека абавязкі і тое самае тычыцца веры.

Пра веру сказана, што яна без учынкаў — мёртвая. Напэўна таксама зь ёю неад’емна зьвязана і малітва. Наша штодзённая малітва зьяўляецца гутаркай з Богам, але трэба адзначыць, што і Бог прамаўляе да чалавека: перш за ўсё праз створаны сьвет. Аўтар Кнігі Прамудрасьцяў зьдзіўляецца, чаму знайшліся людзі, якія бачучы навакольны сьвет, не адгадалі ў ім знакаў Вялікага Стваральніка. Вось там Бог вырашыў даць чалавеку іншы знак — Сваё Аб’яўленьне. Апостал Павал у Лісьце да яўрэяў гаворыць, што ўжо шмат разоў і ўсялякімі спосабамі Бог прамаўляў да бацькоў нашых праз прарокаў, аж нарэшце прамовіў праз Свайго Сына. Прароку Іону было даручана пайсьці у Ніневію, сталіцу магутнай Асырыі, каб заклікаць людзей да раскаяньня. Ён стаўся апосталам божай міласэрнасьці, хаця ня можа зразумець, чаму Бог гэтак лёгка дараваў Ніневіі.

Узьнікае пытаньне: чаму Бог праз сваіх абраньнікаў бясконца мусіць зьвяртацца да чалавека? Ці-ж не дастаткова раз сказанага Слова, раз прынятага Хросту? Некаторым гэтага хапае: яны ўсведамляюць важнасьць і аўтарытэт сказанага Богам. Аднак чалавек любіць пастаяць на сваім і нават Богу сказаць „не”. Дык чыя віна, што мы ніколі не сустрэлі Бога? Пачынаючы з Кнігі Быцьця: „Дзе ты, Адаме?” (3, 9), ажно да Кнігі Адкрыцьця: „Вось стаю ля дзьвярэй сэрца і стукаю. Калі хто пачуе голас Мой і адчыніць дзьверы, увайду да яго і буду вячэраць зь ім” (3, 20), Бог шукаў чалавека і далей стукае ў нашы дзьверы.

„Ты не шукаў-бы мяне, — гаворыць Бог у Паскаля. — Калі-б раней не знайшоў мяне”. „Калі-б я цябе раней не знайшоў”. Бога можна забыцца, адрачыся, пакінуць або здрадзіць, але Ён застаецца Збаўцам, верным Айцом назаўсёды. Сыну нельга перастаць быць Сынам, ні Айцу — Айцом.

Зараз у пэрспектыве амаль двух тысячагодзьдзяў неаднойчы ставіцца пытаньне: як лепш — верыць ці не верыць? Гэта праўда, што вера дазваляе рэальна і ў адпаведных прапорцыях глядзець на сьвет і бачыць у ім усе каштоўнасьці: Бога, людзей і нават матэрыю. Яна ў разрозьненым сьвеце барацьбы за выжываньне пераконвае нас, што ўсе людзі — браты. Але і праўда, што многія людзі ўхіляюцца ад веры, таму што яна ставіць шматлікія патрабаваньні. Такім людзям вера зьяўляецца барыкадай, бо кажа: гэтага табе нельга, таго не рэкамендуецца. Такія людзі веру прадаюць за ўяўны спакой або выгаду. У кнізе Генрыка Сянкевіча поўны энтузіязму і захапленьня Вініцый тлумачыць Пэтронію, якой цудоўнай з’яўляецца хрысьціянская рэлігія і выказвае спадзяваньне, што ён, такі інтэлігэнтны і разумны чалавек, напэўна яе прыме. Аднак Пэтроній спакойна і цынічна адказаў: „Я не прыму яе, хаця-б у ёй была адна праўда і мудрасьць чалавечая і боская. Гэта патрабавала-б з майго боку намаганьняў, а я не люблю гэтага. Гэта патрабавала-б самаадрачэньня, а я не люблю ад нічога адмаўляцца”.

Калі поўнасьцю нам адкрыецца Божае Слова, мы зразумеем Аб’яўленьне і тое, што Бог далёка лепшы, больш зычлівы і прыязны нам, чымсьці раней нам здавалася. Ён шукаў сяброўства ў людзей, шукаў нас тады, калі мы пакідалі бацькоўскую хату, чакаў вяртаньня, а калі вярталіся, чульліва сустракаў нас.

Трэба шчыра прызнацца: мы ўсе неадродныя дзеці сваёй эпохі, усе заражаны супольнай хваробай жыцьцёвай выгады, як мага найлягчэйшага жыцьця. І таму што вера — цяжкая, яна ў небясьпецы. Яна патрабуе ад нас ня толькі прызнаць тое, да чаго ня можам дакрануцца, але і тое, што ёй трэба прысьвяціць шмат часу хаця-б для ўдзелу ў рэлігійных практыках, ня кажучы ўжо пра маральныя патрабаваньні. Усьведаміўшы ўсё гэта шмат каму хочацца пайсьці іншай дарогай. Ён, праўда, запэўнівае, што верыць у Бога, што Бог несумнена існуе, але не давярае Яго Слову.

„Пакайцеся і верце ў Евангельле”, — заклікаў Хрыстос сваіх першых вучняў і слухачоў. Мы павінны менавіта адрозьніваць дзьве розныя рэчы: веру ў Евангельле і вернасьць Евангельлю. Мы верым ва ўсе зьмешчаныя ў Евангельлі словы і факты, але калі ня бачна гэтага ў жыцьці, дык такая вера мёртвая, гэта слова бяз гуку і факел без агню. Праўды толькі вядомыя, але не перажываныя, вера бязь вернасьці — гэта наагул ня вера.

Бог самымі рознымі спосабамі прамаўляе да нас і кліча нас гэтак, як паклікаў першых вучняў. У адказ на гэты заклік Апосталы ня проста выявілі жаданьне, бо хацець — гэта мала. Яны адразу пакінулі сеткі і пайшлі за Ім. Тое самае тычыцца і нас. Трэба рушыць зь месца і прыняць гэтую новую, няведамую прапанову і гэта павінна быць пастанова імгненная і канчатковая.

„Любіце ворагаў сваіх”

(Мацьв. 5, 38-48)

„Любіце ворагаў вашых, бласлаўляйце кляцьбітоў вашых, рабеце дабро ненавісьнікам вашым і маліцеся за крыўдзіцеляў і за ганіцеляў вашых”. Гэтыя словы прагучэлі ў той час, калі слухачы ня толькі добра ведалі прынцып „вока за вока, зуб за зуб”, але і лічылі яго абсалютна слушным. Несумнена, шмат хто падумаў: як-жа гэта так? заміж бараніцца настаўляць правую шчаку, калі цябе ўдараць у левую?

Ніхто да Хрыста не абвяшчаў такіх радыкальных прынцыпаў: гэта была сапраўдня, евангельская рэвалюцыя. „Калі вы будзеце любіць тых, што любяць вас, якая вам узнагарода? Ці-ж ня гэтак робяць і паганцы? Будзьце дасканалыя ў практыкаваньні міласэрнасьці, будзьце гераічныя ў поўным прабачэньні, як гэта робіць ваш Айцец Нябесны”, — такі асноўны заклік Хрыста.

Ці мы ўмеем быць такімі дасканалымі? Ці здольныя мы гэтак як Хрсытос на Крыжы прасіць: „Ойча, даруй ім”. Гэта нялёгкае заданьне, але такі якраз ідэал і мэта. Хрыстос не прапаведаваў мараль прыстасаваную да чалавека. Ён прыйшоў на сьвет, каб чалавека зрабіць падобным на Бога, а не Бога нагнуць да ўзроўню чалавека. Дзеля гэтага Ён пакінуў нам сродкі, якія аб’ектыўна перарастаюць нас саміх і нашы сьціплыя сілы: гэта Ягонае Слова, прыклад і ласка. Аб пасьпяховасьці гэтых сродкаў сьведчыць прыклад пакутнікаў, якія прабачалі сваім катам. „Госпадзе, не палічы ім грэху гэтага”, — клікаў першы пакутнік Сьцяпан (Дзеі. 7, 60). Аб гэтым сьведчыць прыклад шматлікіх людзей, якіх ня ведаем, але якія ўмелі перамагаць зло дабром, зьнявагі — прабачэньнем, гвалт — лагоднасьцяй.

Няўжо хрысьціянамі могуць называцца толькі тыя нешматлікія героі? А што з усімі астатнімі? Астатнія, значыць усе мы, знаходзімся яшчэ на шляху да мэты, імкнемся да яе, адначасова ведаючы, што яна заўсёды будзе далей, чымсьці здолеем дайсьці. Аднак не зважаючы і на гэтае, мы таксама хрысьціяне, бо хрысьціянінам зьяўляецца ня толькі той, хто дасягнуў сьвятасьць, але і той, хто імкнецца да яе, хто падае, але ўстае, хто мусіць шэраг разоў прадпрымаць спробы прабачыць свайму брату, бо ня ўмее гэтага зрабіць раз і назаўсёды.

Застаецца яшчэ пытаньне: якім быў-бы сьвет і міжчалавечыя адносіны, калі-б усе, згодна Хрыстоваму закліку, настаўлялі для ўдару другую шчаку? На жаль, ня ведаем як выглядаў-бы сьвет, бо чалавецтва ніколі не было дастаткова „Хрыстовым”, каб праверыць гэтае. Вядома толькі, што тыя, якія жылі і жывуць паводле Ісусавай парады „любіць ворагаў сваіх”, знаходзяць, дзякуючы гэтаму, унутраны мір, якога немагчыма дасягнуць адплачваючы паводле прынцыпу „вока за вока”. Іхная чалавечая годнасьць, якая ў момант зьнявагі выглядала на прыніжаную і растаптаную, якая была гатова выкрычаць свой гнеў, не была, аднак, прыніжана прабачэньнем, але наадварот — вельмі ўзбагацілася. Неаднойчы гэткім чынам можна здабыць адданых сяброў і прыхільнікаў. Сужэнствы, якія перажылі крызіс, выратаваліся і да сёньня шчасьлівыя дзякуючы прабачэньню. Дзякуючы яму мы становімся ўсё больш людзкімі.

З другога боку, на штодзень можам назіраць вынікі таго, калі не выконваюцца прынцыпы, да якіх заклікаў Хрыстос. Ёсьць краіны, напрыклад на Блізкім Усходзе, дзе тэрарызм зьяўляецца адказам на зьнявагі і прыгнёт, а рэпрэсіі — адказам на тэрарызм. Там літаральна ажыцьцяўляецца прынцып „вока за вока і зуб за зуб” і гэта лічыцца палітычна разумным. Апостал Павал пісаў аднак, што „мудрасьць сьвету гэтага ёсьць дурнота перад Богам, як напісана: ловіць мудрых у хітрасьці іхнай” (1 Кар. 3, 19). Такія дзеяньні нічога не разьвязваюць, не разрываюць ланцуга зла, але павялічваюць зло і пагаршаюць сытуацыю. Помста правакуе рэванш і гэтак будзе, на жаль, да канца сьвету. Аднак мірэньне і кампраміс даюць лепшыя вынікі чымсьці працяглыя спрэчкі і судовыя працэсы. Можна адстаяць сваю пазіцыю, але прайграць нешта больш каштоўнае: магчымасьць паразуменьня і прымірэньня з другім чалавекам. Варта проста крыху страціць, каб ня страціць усё!

Разыходжаньні паміж ідэалам і рэчаіснасьцяй не павінны зьнеахвочваць. Мы проста не павінны нагінаць Евангельле да рэчаіснасьці, але ажыцьцяўляць яго, пачынаючы са свайго найбліжэйшага акружэньня. Мы не павінны ўжо мець ворагаў. Хрыстос устараніў іх і зрабіў нашымі братамі. Ахвяра Хрыста — акт высакароднай уступчывасьці з боку Бога, але гэтая ўступчывасьць здабыла і далей здабывае Хрысту мільёны душаў.

„На чым будуем?”

(Мацьв. 7, 21-29)

Хрысьціянін прызваны да росту з дапамогай ласкі і асабістага намаганьня ажно да часу дасягненьня сьпеласьці ў веры або „поўнага падабенства да Хрыста”. Гэта наш час, час адведзены нам дзеля самарэалізацыі. Гэтае заданьне Хрыстос прадстаўляе на прыкладзе пабудовы дому. Ён гаворыць, што „хто слухае Ягоныя словы і выконвае іх, прыпадобніцца да мужа разумнага, які збудаваў дом свой на камені, а кожны, хто слухае словы Ягоныя і не выконвае іх, прыпадобніцца да мужа неразважлівага, які паставіў свой дом на пяску”. Людзі будуюць вельмі шмат, неаднойчы зашмат, на чалавечых словах і дэклярацыях, на абяцаньнях палітыкаў, запэўненьнях сяброў або шлюбных прысягах мужа ці жонкі, але выяўляецца, што няварта было на іх абапірацца, бо гэтая падстава няўстойлівая бы пясок. Шмат таксама будуем на ўласных словах, прысягах і абяцаньнях, якіх аднак не выконваем, або на здагадках, якія аказваюцца памылковымі. У выніку — гэта таксама будаваньне на пяску.

Прытча Хрыстовая ясная, сьціслая і вельмі красамоўная. Нам здаецца, што бачым, як гэтыя два дамы растуць, супраціўляюцца ветрам і навальніцам і нарэшце, як адзін зь іх ператвараецца ў кучу развалін, а другі застаецца непарушны. Хрыстос сьпярша дае тлумачэньне і толькі потым расказвае прытчу. Адразу гаворыць, хто будуе на камені і хто на пяску. Будаўнікі маюць шмат супольнага: і адны, і другія пазналі Ісуса і чулі Ягоныя словы. Аднак значэньне маюць ня проста любыя словы, але тыя, якія мы ператвараем у дзеяньне. Калі штосьці будзе толькі выслуханае, нават зь вялікай увагай, ніколі ня станецца фундамантам. Розьніца паміж будаўнікамі заключалася ў тым, што адзін ператварае словы Хрыста ў дзеяньне, а іншы — не. Адзін выконвае волю Айца, а іншы абмяжоўваецца толькі воклічам „Госпадзе, Госпадзе”, выстаўляючы прытым патрабаваньні толькі з за таго, што прамаўляе ад імя Ісуса.

Гэтую прытчу можна назваць Евангельлем хрысьціянскай канкрэтнасьці і згоднасьці з вызнаванай верай: суладзьдзя паміж словамі і фактамі, паміж дэклярацыямі і жыцьцём. Гэтай прытчай Хрыстос пазбавіў нас ілюзіяў. Спрытнюгаў і тых, хто сваім красамоўствам здольны адчыніць любыя дзьверы, пазбавіў упэўненасьці, што нейкім чынам выкруцяцца ад адказнасьці. Брама, за якой знаходзіцца Бог і якая вядзе да Царства Нябеснага будзе адчынена толькі таму, хто выконвае волю Айца. „Ня кожны, хто гаворыць Мне Госпадзе, Госпадзе ўвойдзе ў Царства Нябеснае, толькі той, хто выконвае волю Айца”. Ня той, хто гаворыць, але той, хто робіць. Гэты апошні будуе на камені, бо каменем якраз воля Божая.

Той, хто будуе на камені, ставіць дом салідны, прыгожы і гасьцінны. Не адчувае нават цяжару будаваньня, але хутчэй за ўсё радасьць, што пад яго дах прыходзіць Бог усякага суцяшэньня, каб згодна абяцаньню жыць у ім: „Хто любіць Мяне, той выконвае Маю навуку і Айцец Мой палюбіць яго і прыйдзем да яго і будзем прабываць зь ім” (Яан. 14, 23). Ветры, навальніцы, непагадзь, значыць, спакусы, цяжкасьці, непаразуменьні і пакуты не абмінуць такога верніка, бо Хрыстос ніколі не абяцаў сваім вучням бестурботнае жыцьцё, але ласку, якая дазваляе мужна перанесьці ўсе цяжкасьці. На некаторы час жыцьцёвыя вятры і навальніцы могуць пахіснуць вернікам і нават патапіць яго, але калі міне выпрабаваньне, ён далей будзе стаяць на сваім месцы, гэтак як дом на камені пасьля паводкі.

Калі каменем, на якім можна будаваць, зьяўляецца воля Божая, дык яна „сталася целам”, матэрыялізавалася ў Ісусе Хрысьце. У Евангельлі маецца на ўвазе слова, якім зьяўляецца сам Ісус Хрыстос. Апостал Павал кажа: „Вы пабудаваны на фундаманце апосталаў і прарокаў, маючы краевугольным каменем самога Ісуса Хрыста” (Эф. 2, 20). Таксама Апостал Пётр называе Хрыста „краевугольным каменем”, каменем, на якім ахрышчаныя будуюцца як жывыя камяні (параўнай: 1 Пятр. 2, 5-6). Ён — уцялесьненае Слова, празь якое Бог выказваецца найбольш дасканала. Хрыстос зьяўляецца збавіцельным Словам Божым. Яно дазваляе нам пазнаць Бога, удасканаліць сябе і збавіць. Прыняць Слова Хрыстовае, значыць поўнасьцю прыняць Яго Самога: праўды, якія Ён аб’явіў, узор жыцьця, які Ён нам пакінуў, ласку, якую атрымоўваем у таінствах і, нарэшце, Яго Самога ў Таінстве Эўхарыстыі. Нельга гэтага зрабіць „трохі” або „часткова”. Пра такіх людзей сказана ў Сьвятым Пісаньні: „Ты ні халодны, ні гарачы” (Адкр. 3, 15). Толькі пад умовай поўнага прыняцьця Хрыстос станецца нашым фундамантам непадатлівым на дажджы, вятры і патокі.

„Калі ня Госпад будуе дом, дарэмны намаганьні будаўнікоў”, — сказана ў Кнізе Псальмаў (127, 1). На камені Хрыстос пабудаваў дом для Божай сям’і, Сваю Царкву і сказаў, што „брамы пякельныя не адолеюць яе” (Мацьв. 16, 18). Як цудоўна прыгадаць гэтае абяцаньне, калі вакол Царквы безупынна лютуе бура і дзьме напорысты вецер супраціву. Царква выстаіць, калі ў ёй і на фундаманце Хрыста мы будзем дзень за днём будаваць сваё жыцьцё.

Цудоўны ўлоў рыбы

(Лук. 5, 1-11)

„Настаўнік! мы працавалі цэлую ноч, але нічога не злавілі, але на Тваё слова закіну сетку”, — так сказаў зьнявераны Пётр пасьля бясплённай лоўлі рыб. Ён паслухаў Настаўніка і злавіў небывалую колькасьць рыбы. Гэтыя словы Апостала павінны быць таксама нашым эпіграфам у жыцьці поўным няўдачаў і паразаў. Калі яны ўвойдуць у нашу штодзённую малітву, калі імі будзем адказваць на Хрыстовыя заклікі, парады і запаветы, тады зьдзейсьніцца пералом у нашым шэрым, будзённым жыцьці, пачнецца час цудоўнага ўлову рыбы. Гэты ўлоў — посьпех у тым, што мы робім і што неаднойчы доўга не атрымоўваецца. Гэта таксама ўдача ў тым, да чаго былі пакліканы Апосталы ды іхныя пераймальнікі: у прыцягненьні людзей да Царквы словам і вернасьцю Евангельлю.

Калі бачым перапоўненыя храмы або чытаем статыстыкі пра мільёны праваслаўных ды іншых хрысьціян ува ўсім сьвеце, ня трэба заўчасна захапляцца, бо і няма чым хваліцца. Прыблізна на сем мільярдаў усяго насельніцтва плянэты хрысьціяне ўсіх веравызнаньняў складаюць менш за яго чвэрць. Двух тысячагодзьдзяў не хапіла, каб ва ўсе канцы Зямлі данесьці Дабравесьце Хрыстовае. Значыць, або сілаў не хапае, або няздатныя для лоўлі сеткі. Падумаем аб тым, колькі людзей, а іх пераважная большасьць, ня ведаюць Хрыста, не паверылі ў Яго і не прынялі, або колькі тых, што нібыта вераць, але не жывуць паводле Ягоных запаветаў. Гэта тычыцца і нашай краіны.

Хрыстос гаворыць нам гэтак, як перад Сваім Узьнясеньнем: „Ідзіце і навучыце ўсе народы... будзьце лаўцамі людзей”. Трэба, не апускаючы рук, бясконца выплываць на глыбокія воды і закідаць сетку. Рабіць гэта трэба цярпліва і пасьлядоўна, з пашанай для культуры, традыцыі і гісторыі народаў, з павагай для свабоды чалавека і зь верай, што прыйдзе час, калі сеткі будуць рвацца ад улову. Станецца гэта напэўна ў дзень, пра які сказана ў Кнізе Адкрыцьця: „Я глянуў і вось вялікі натоўп, якога ня мог зьлічыць, з усіх народаў і плямёнаў і моваў стаяў перад Тронам у белым адзеньні і з пальмавымі веткамі ў руках” (7, 9).

Значэньне евангельскага аповеду зводзіцца ня толькі да місійнай дзейнасьці Царквы: гэта не ізаляваная сфэра дзейнасьці. Пастыры і місіянеры дзейнічаюць апіраючыся на веру і дасьведчаньне Божай моцы ў штодзённым жыцьці Царквы і сваім уласным штодзённым бытаваньні. Бясплённыя дні, месяцы і гады, што прайшлі, як быццам іх увогуле не было, дарэмныя намаганьні дзеля выхаваньня дзяцей, тая-ж самая няздольнасьць пераадолець уласныя дрэнныя звычкі і заганы... Адгэтуль бярэцца тая зьняверанасьць і апатыя: „Столькі працаваў і нічога не дасягнуў”. Безнадзейных сытуацыяў не бывае для Хрыстовых вучняў, калі-б нават мелі стомленыя рукі і пустыя сеткі.

Як бы мы не разумелі лодку, зь якой прамаўляў Хрыстос — як Царкву, парафію, сям’ю або нават паасобнае чалавечае сэрца — неабходна памятаць, што вяслуе не Хрыстос, але людзі. Ён стаіць у лодцы, дае парады і ўказаньні, але стырно, вёслы і парусы даверліва перадаў у рукі чалавеку. І пакуль гэты вясьляр падпарадкоўваецца ягоным указаньням, лодка бясьпечная і плыве ў адпаведным напрамку.

Чалавек можа аднак, незалежна ад Хрыстовых указаньняў, вызначыць сабе іншую мэту, паплыць у сваім напрамку, на воды сваіх схільнасьцяў. Тады Хрыстос пакідае такую лодку, бо не дазволіць, каб вялі мы яе ў дрэнным напрамку. Калі гэтак здарыцца, лодка пачынае дрэйфаваць.

Хрыстос даручае Пятру, і ня толькі яму: плыві на глыбіню. Глыбіня небясьпечная, гэта ня пляж, яна для адважных. На глыбіні трэба цяжка працаваць. На яе выплывае толькі той, хто ставіць перад сабою штораз цяжэйшыя патрабаваньні. Такім чынам паглыбляецца і сваё ўнутранае жыцьцё насуперак хвалям чалавечых меркаваньняў і схільнасьцяў сьвету. На такой глыбіні ў нашай лодцы побач з намі Ісус Хрыстос, які кліча нас і вядзе да паўнаты дасканалага жыцьця.

Бескарыснасьць

(Лук. 6, 31-36)

Каханаму чалавеку мы гатовы зрабіць усё, што можам. На жаль, сапраўдную любоў, бескарысную, якая „не зайдросьціць, не шукае свайго”, выяўляем толькі ў дачыненьні да блізкіх нам людзей. На зямлі, дзе прагучэлі словы „любіце непрыяцеляў сваіх”, зараз часьцей раздаецца вокліч „сьмерць за сьмерць” і раз-пораз выбухаюць бомбы. Ужо ў глыбокай старжытнасьці на Блізкім Усходзе існаваў і выконваўся закон „жыцьё за жыцьцё, вока за вока, зуб за зуб” (Вых. 21, 23). Гэта было строгае, недасканалае, але само ў сабе справядлівае правіла, бо дамагалася прапарцыянальнага пакараньня віны. Аднак Хрыстос адкінуў права на рэванш і заклікаў замяніць яго неверагодна цяжкім прынцыпам: „дабраслаўце тых, што вас праклінаюць і маліцеся за тых, што лаюць вас”. У старажытнасьці слова „бліжні” азначала таксама „блізкага”, „выбранага” чалавека, аднак у Хрыста гэта кожны чалавек незалежна ад расы, нацыянальнасьці і ўсякіх іншых розьніцаў.

У згаданых словах Хрыста гаворыцца пра бескарыснасьць, каб даваць, пазычаць, рабіць дабро „нічога ўзамен не спадзяючыся”, не разьлічваючы на ўдзячнасьць або ўзнагароду. Асноўным аргумантам зьяўляецца бескарыснасьць самога Бога, які „добры для няўдзячных і дрэнных”. Робім іншым дабро, бо лічым сябе сынамі Божымі і братамі. Брат можа быць нам непрыязны і непрыемны, але з Божай волі — ён наш брат. Калі робячы дабро мы пры гэтым самазахапляемся сваёй дабрынёй, дык трэба перастаць гаварыць пра любоў. Тым болей разьлічваць на чыюсьці ўдзячнасьць — гэта не любоў, але звычайны бізнэс і прытым горшы за іншыя. Графіня фон Мэк шэраг гадоў матэрыяльна дапамагала кампазытару Пятру Чайкоўскаму. Яна бачыла ў ім таленавітага чалавека, якога творчасьць заслугоўвае падтрымкі. Магчыма, яна яго кахала як жанчына, але гісторыкі кажуць, што яны нават не сустрэліся. Для сябе графіня нічога не хацела ўзамен: яна дапамагала кампазытару ў крытычны перыяд жыцьця поўнасьцю бескарысна. Пра такую любоў Апостал Павал пісаў, што яна „не шукае свайго”. Калі ўспомнім сваё жыцьцё, убачым, што нам таксама ня раз нехта бескарысна дапамог. Нешта цалкам адваротнае прадставіў П. Рагозін у кніжцы „Сукупнасьць дасканаласьці”. Дзьве пенсіянеркі, сяброўкі зь дзяцінства, неяк пад старасьць зышліся і вырашылі жыць разам. Аднак здарылася ім паспрачацца і хаця вінаватая прасіла прабачэньня, пакрыўджаная сяброўка не хацела нават слухаць і пачала пералічваць усе заганы другой. Нарэшце са сьлязьмі ў вачах выкінула зь сябе горкую фразу: „Зь першага дня, калі ты пераехала да мяне жыць, я ведала, што ніякай карысьці мне ад цябе ня будзе”.

Паводле Евангельля, іншы аргумант у карысьць бескарыснасьці наступны: што мы можам некаму ахвяраваць, чаго самі не атрымалі-б? Апостал Павал пытаецца: „Што ты маеш, чаго не атрымаў-бы, а калі атрымаў, чаму хвалішся?” Інакш кажучы, не ты даеш, але дае празь цябе Бог і той, хто лічыць сябе даўцам, зьяўляецца толькі сьведкам.

Дзіўная справа: здавён-даўна чалавек цешыўся са спатканьня іншага чалавека і адначасова яму не давяраў. Людзі пазналі псыхалёгію жывёлаў, умеюць прадбачваць іхную рэакцыю, падзяліць на драпежныя і лагодныя, ведаюць, як абыходзіцца зь імі. Аднак сам чалавек застаецца загадкай. Ніколі не вядома як адрэагуе, якія ў яго намеры, пляны. Нават дзічына ня ўмее ненавідзець і зьядае адна адну з голаду. Чалавек-жа забівае зь нянавісьці, а ня з голаду, і нават не для прыемнасьці, але з прычыны жахлівай дваістасьці сваёй натуры.

Бадай найгоршае, што нянавісьць выклікае контрнянавісьць. Прафэсар Адам Мальдзіс у кнізе „Беларусь у люстэрку мэмуарнай літаратуры 17-га стагодзьдзя” прыгадвае шляхецкія набегі на суседнія маёнткі з прычыны нейкай другараднай крыўды. Другі бок не заставаўся ў даўгу і нападаў на ворага, рэжучы нават ні ў чым не вінаватых прыгонных сялян. На згаданым Блізкім Усходзе пасьля чарговага тэракту наступае рэванш. Затым на хвалі ўсенароднага абурэньня нейкі тэрарыст-самазабойца падрывае сябе ў натоўпе ворагаў і зноў гінуць дзесяткі людзей. Калі-б на кожнае зло адказваць такім-жа злом, сьвет быў-бы вечным рухавіком — пэрпэтуум-мобіле — подласьці і зла. Гэта было-б зачараванае кола, зь якога няма выйсьця.

Ад самага закліку да бескарыснай любові сьвет не ператварыўся ў аазіс любові і згоды. Добра, аднак, каб кожны ведаў, што мае быць губкай, якая ўсмоктвае ў сябе і гасіць зло сьвету ды ізаляцыйнай ватай, якая дае сьвету цішыню. Калі дзеля гэтага кожны з нас зробіць прынамсі нешта малое, сьвет будзе лепшы.

Хрыстовае пакліканьне

(Мацьв. 11, 28-30)

У Евангельлі гаворыцца пра шэраг розных пакліканьняў: вучняў да апостальства, багатага юнака да адмаўленьня ад багацьця, гасьцей на вясельны банкет ды іншыя. Усе яны былі вельмі канкрэтныя і адрасаваныя да паасобных людзей. Аднак у Евангельлі паводле Мацьвея чытаем пра вельмі агульнае пакліканьне: „Прыйдзіце да Мяне ўсе струджаныя і прыгнечаныя і Я супакою вас. Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і лагоднага сэрца, і знойдзеце супакой душам вашым. Бо ярмо Маё любае і цяжар Мой лёгкі” (11, 28-30). У гэтым закліку не тлумачацца мэты і заданьні. Гаворыцца толькі: хто пойдзе за Хрыстом, той не расчаруецца, хто паслухае, той здабудзе найвышэйшую каштоўнасьць, станецца членам новай сям’і, зьведае смак гэтай прыналежнасьці, пакарыстаецца тымі прывілеямі, якія толькі Хрыстос можа прапанаваць чалавеку. Гэта каштоўнасьці, якія плывуць з заснаванага Ім Новага Запавету. Адсюль гэткі ясны і моцны заклік: „Прыйдзіце да Мяне ўсе”.

Хрыстовы заклік станецца больш зразумелым, калі націск перанясем на словы „прыйдзіце да Мяне ўсе струджаныя і прыгнечаныя”. Калі Ісус вымаўляў гэтыя словы, перад вачыма меў прыгнечаны і замучаны народ. Гэта былі пераважна людзі, якія патрабавалі суцяшэньня і абнадзейваньня. Духоўная эліта народу, фарызэі і законьнікі ўсклалі на плечы народу незьлічоную колькасьць цяжараў, законаў і правілаў. Сфармалізаваная рэлігія патрабавала ад іх штодзённага выконваньня каля трох соцен запаветаў і дзьвесьце забаронаў. Гэтулькі правілаў прыдумалі старазаконныя настаўнікі, спасылаючыся на волю самога Бога, аднак ведаючы літару Закону яны самі згубілі яго сапраўдны сэнс. Гэта было ярмо звыш чалавечых сілаў і нават найбольш набожны чалавек ня змог ня толькі ўсё выканаць, але і належна асэнсаваць. Хрыстос меў перад сабою бедных, простых, эксплуатаваных і прыніжаных людзей, якіх сэрцы былі поўныя ўнутраных неладоў, нараканьня і горычы. Разумеючы іх крыўду і прыгнечанасьць Ісус асуджае фармалізм і рытуальную сьвятасьць духоўных настаўнікаў, якія „адцэджваюць камара, але праглынаюць вярблюда” (Мацьв. 23, 23-24).

Сапраўдная сьвятасьць і веліч чалавека не заключаецца ў дробязным выконваньні шматлікіх, прыдуманых правілаў. Закон сам па сабе не зьяўляецца каштоўнасьцяй, але тое добрае, што выплывае зь яго выконваньня. „Не чалавек для суботы, але субота для чалавека”. Ідэалам зьяўляецца поўная любові самааддача і служэньне Богу. Хрыстос запрашае менавіта да такой службы, у такую абшчыну, дзе вярхоўным законам будзе шчырая любоў, а асноўным абавязкам — вера. У гэтай новай рэальнасьці „ярмо Хрыстовае будзе прыемным і цяжар лёгкім”.

Хрыстос абяцае тое, аб чым гаварылі ўжо прарокі і мудрацы ў Старым Запавеце. „Усе сасмаглыя, ідзіце да вады і вы, што ня маеце серабра. Ідзіце, купляйце і ешце, ідзіце, купляйце бяз серабра”, — заклікаў Ісая (Іс. 55, 1). „Прыйдзіце, насыцьцеся хлебам маім і выпійце нарыхтаванага вам віна” (Прытч. 9, 5). „Прыступіце да Мяне... і насыцьцеся пладамі Маімі”, — гаворыцца ў Кнізе Сыраха (24, 21). Як-жа абнадзейваюць і суцяшаюць гэтыя заклікі і абяцаньні. Усе згаданыя дабрадзействы нарыхтаваныя тым, хто гатоў Яму служыць і быць дзяцьмі ў Яго адноўленым Царстве.

Новае Царства ня будзе ўжо абцяжарваць вернікаў ярмом загадаў і правілаў, ня будзе толькі палохаць пеклам і пракляцьцем, але зьвяртаць увагу на дабрыню Бога і шчасьце, якое плыве са служэньня Яму. Ён, які Сам „ціхі і лагодны сэрцам”, запрашае да Сябе людзей поўнасьцю Яму адданых.

Тым, хто прыме запросіны, абяцаецца „супакой душы”. Хто не жадае супакою і суцяшэньня, хто не сумуе за ўнутранай цішынёй, хто не хацеў-бы бяз боязяў і хваляваньняў прайсьці праз зямное жыцьцё? Мы таксама абцяжараны штодзённымі клопатамі, нястачамі і праблемамі, сярод якіх неабходны той праменьчык аптымізму і надзеі на лепшае, які дазваляе не ўсумніцца ўва ўсім і не апусьціць рук. Шукаем таксама нейкай гарантыі, нейкага запэўненьня і доказу таго, што напэўна праўдзівае тое, у што верым. Такое запэўненьне дае Хрыстос, які кажа: „Прыйдзіце да Мяне і Я дам супакой душам вашым”.

Зерне Божага слова

(Лук. 8, 5-15; Мацьв. 13, 1-23)

„Як зыходзіць дождж і сьнег зь неба і не вяртаюцца туды, але пояць зямлю і даюць ёй сілу радзіць і расьціць, каб яна магла даць зерне таму, хто сее і хлеб таму, хто есьць: так будзе і слова Маё, што выходзіць з вуснаў маіх — яно ня вернецца да Мяне пустое, але споўніць волю Маю і будзе пасьпяховае ў тым, да чаго Я паслаў яго” (Іс. 55, 10-11). Гэтыя словы гучаць пераканаўча нават у наш час, а мусілі быць яшчэ больш зразумелыя ў часы Ісаі. Слухачамі былі людзі, якія не жылі ў трапічных лясах: яны змагаліся з пустыняй і ведалі ейную бясплённасьць. Гэта былі людзі, для якіх дождж быў сынонімам жыцьця. Такім чынам, калі падае Божае Слова, там расквітае жыцьцё: яно заўсёды прыносіць плён.

Тое самае кажа Хрыстос: „Неба і зямля прамінуць, але словы мае не прамінуць” (Марк. 13, 31). У Паўлавым Лісьце да яўрэяў чытаем: „Слова Божае жывое і дзейснае і вастрэйшае за любы двусечны меч... няма стварэньня схаванага ад Яго, але ўсё яўнае і адкрытае перад вачыма Ягонымі: Яму дамо справаздачу” (4, 12 13). Як дождж пранікае ў барозны, гэтак Божае Слова пранікае ў глыб сэрца, выяўляючы пачуцьці і думкі ды аблягчаючы прыняцьце пастановаў.

Евангельле ідзе далей за прарока Ісаю і падкрэсьлівае, што Слова Божае само ў сабе пасьпяховае. Аднак дзякуючы сваёй свабодзе чалавек можа супрацівіцца яму і зрабіць дарэмным. Бязвартасным бывае і дождж, калі ўпадзе на каменьне. У гэтым заключаецца тая таямнічая ўзаемазалежнасьць паміж ласкай і вольнай воляй, паміж Божай усемагутнасьцяй і свабодай чалавека. Гэтак як сьвятло заўсёды аднолькавае, толькі расшчапляецца на розныя колеры ў залежнасьці ад таго, на што падае, гэтак і Божае Слова заўсёды жывое і пасьпяховае, толькі дае розныя вынікі і плады ў залежнасьці ад сэрцаў, на якія падае.

Ісус прадставіў нам цэлы шэраг магчымасьцяў: сэрца павярхоўнае, неўраджайнае, камяністае і, нарэшце, добрае, адкрытае на прыняцьце Слова. Пэўна было-б цікава ведаць, да якой катэгорыі належыць наша сэрца. Ці належым да тых, што слухаюць, але забываюцца, паглынутыя іншымі справамі? А можа ўспрымаем Слова павярхоўна, бо такіх людзей найбольш? Пра такіх слухачоў Апостал Якуб кажа, што „яны ашукоўваюць саміх сябе” і прыраўноўвае іх да тых, што прыглядаюцца ў люстэрку: „Калі нехта толькі прыслухоўваецца слову, але не выконвае яго, нагадвае таго, хто глядзіць на адбіцьцё свайго натуральнага выгляду ў люстэрку. Ён паглядзеў, адышоў і зараз забыўся, як выглядаў” (Якуб. 1, 23-24).

Засяродзім аднак увагу на станоўчым аспэкце сказанага ў апавяданьні пра сейбіта, на тым, што Божае Слова ўсё-ж такі знаходзіць шмат сэрцаў гатовых яго прыняць, шмат пладавітай зямлі. Несумнена такой добрай зямлёй была Прасьвятая Дзева Марыя, якая „прыняла словы і захоўвала ў сваім сэрцы” (Лук. 2, 19). Добрай зямлёй былі таксама Апосталы і вучні, якія, прыняўшы слова, абвяшчалі яго сьвету арашаючы ўласнай крывёю.

Хто можа ў наш час зьяўляцца такой добрай зямлёй? Гэта перш за ўсё хрысьціянін, які прагне Божага Слова, слухае яго, разумее сьведамы таго, што „не адным хлебам жыве чалавек, але кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых” (Мацьв. 4, 4). Гэта той чалавек, які прытрымоўваецца слова ў сваім жыцьці, шляхам роздуму дае яму магчымасьць укараніцца ў ягоным сэрцы, каб асьвятляла ў час прыманьня рашэньняў, умацоўвала пастановы і ператварала ў дзеяньні прасякнутыя евангельскай закваскай. Інакш кажучы, каб прыносіла плён у шэсьцьдзесят або сто разоў, як гаворыцца ў заканчэньні прытчы.

Наколькі мы будзем добрай зямлёй залежыць ад таго, як глыбока дазволім Евангельлю пранікнуць у сябе, ці будзем прымаць пастановы і выбіраць каштоўнасьці згодна зь яго запаветамі. Апостал Якуб невыпадкова прыраўноўвае Божае Слова да люстра. Яно не прынясе карысьці і ня зьменіць нас, калі прамільгнем перад ім сьпешна і няўважліва. Мы ў гэтым люстэрку павінны праглядацца. Павінны празь яго прызму паглядзець на сваё жыцьцё, бо люстэрка слова не затрымоўваецца на паверхні, але пранікае да мозгу касцей і адкрывае таямніцы сэрца, вядучы гэтым самым да зьменаў і аднаўленьня.

Сабраныя ў храме мы нагадваем натоўп, які слухаў Хрыста стоячы на беразе. Тыя, што прагна лавілі кожнае зерне слова, былі накормлены таксама цудоўна размножаным хлебам. Прысутнасьць Хрыста Збаўцы сярод нас будзе поўная, калі прымем Яго ў Ягоным Слове і Таінстве, якім зьяўляецца Ягонае цела выдадзенае за жыцьцё сьвету. Трэба нам быць добрай зямлёю, гатовай з радасьцяй прыняць Таго, Хто зьяўляецца залогам жыцыця вечнага, Словам, якое сталася целам і пасялілася сярод нас.

Дачка Яіра і хворая жанчына

(Лук. 8, 41-56; Марк. 5, 22-43)

Бываюць сытуацыі бяз выйсьця: прынамсі гэтак мы ўспрымаем сьмерць, невылечную хваробу або нешта, чаго ўжо — на нашу думку — немагчыма паправіць. Аднак мы яўна злоўжываем словам „немагчыма”, мяркуючы па сабе, бо Евангельле падкрэсьлівае: „Немагчымае ў людзей, магчымае ў Бога”.

Пераканаліся ў гэтым двое людзей: ганарысты, самаўпэўнены начальнік сынагогі і нешчасьлівая, хворая жанчына, якая дакранулася да Хрыстовай вопраткі. На працягу дванаццаці гадоў яна несумнена шмат напакутавалася і шмат зразумела. Не памаглі ёй ні людзі, ні ўся маёмасьць, ня здолелі яе аздаравіць лекары, хаця хапала ім сумленьня выцягнуць ад няшчаснай жанчыны апошнія грошы. Яна ўся была свайго роду руінай: страціла здароўе, маёмасьць і нават надзею. Аднак пры ўсім гэтым яна выявілася багацейшай за ўвесь натоўп людзей, што акружаў Хрыста, бо мела больш веры за ўсіх астатніх. Відавочна сярод натоўпу людзей, што акружалі цудатворца, былі і хворыя, якія датыкаліся да Хрыста, часам машынальна, але ад гэтага ніхто не аздаравіўся. З гэтай жанчынай было інакш: уся сіла жыцьця, што засталася ў ёй, была кінута ў гэты адзіны прасьвет. Або сьмерць, або дотык. Усё полымя веры яна кінула ў гэты дотык, як быццам кідаючы ўсю сябе. Згару, але збаўлюся, і яна атрымала збаўленьне: у адно імгненьне яна ачуняла і стала на ногі.

Агульнавядома, што асабісты кантакт зь нейкай незвычайнай індывідуальнасьцяй можа нас падмацаваць, суцешыць, схіліць да дзеяньня. Мы верым у аздараўляльныя сілы розных біяэнэргатэрапэўтаў, якіх дотык улівае ў нас нейкія жыцьцятворныя энэргіі. Аднак дакладна вядома, што бязь веры ў сваё аздараўленьне яно не бывае. Чалавек, які, як гаворыцца, „паў духам”, рэдка калі перамагае сваю немач.

Не было-б цуду ўваскрэсеньня, калі-б ня верыў у яго начальнік сынагогі. Людзі заявілі Яіру: „Твая дачка памерла, навошта турбуеш Настаўніка”. У адрозьненьне ад начальніка сынагогі яны лічылі, што ўсё страчана, на ўсё ўжо запозна. Аднак Хрыстос супакоіў Яіра: „Ня бойся, толькі вер”.

Сапраўдная вера заўсёды асноўваецца не нейкім Божым абяцаньні. Хрысьціянін сьведамы таго, што Бог прамовіў да яго асабіста і верыць, што Ён выканае Сваё абяцаньне, хаця па-чалавечы гэта выглядае непраўдападобна. Ён упэўнены таксама, што Бог дасьць яму дзеля гэтага неабходную сілу і магчымасьці. Апостал Пётр пайшоў па вадзе па загаду Ісуса ведаючы, што здолее зрабіць гэта (Мацьв. 14, 28).

Вера ніколі ня дзейнічае ў сфэры немагчымага. Поле ейнага дзеяньня — краіна, якой межы пачынаюцца ў месцы, дзе канчаюцца магчымасьці і дзе падводзяць розум і зрок. Па-чалавечы кажучы, немагчымым было, каб Аўраам і Сара маглі мець дзіцё. Аднак Бог абяцаў ім, што будуць мець сына і гэтак здарылася. „Ён звыш надзеі, паверыў з надзеяй, што будзе айцом народаў, паводле сказанага: «Такое шматлікае будзе семя тваё». І не аслабеўшы ў веры, не зважаў на сваё стогадовае, ужо памярцьвелае цела, ні на памярцьвелае ўлоньне Сары. Не сумняваўся ў Божае абяцаньне нявераю, але ўзмоцніўся вераю і аддаў славу Богу, будучы ўпэўнены, што ўсё абяцанае Бог выканае” (Рым. 4, 18-21).

Бог спецыялізуецца ў немагчымасьцях (Лук. 1, 37): што немагчымае ў людзей, магчымае ў Бога (Лук. 18, 27). Няма нічога немагчымага таксама для верніка (Марк. 9, 23). Ён усё можа ў тым, хто яго ўмацоўвае (Піліп. 4, 13).

Вера неаднойчы здаецца неразумнай. З чалавечага гледзішча не было „разумна”, калі Аўраам пакінуў устабілізаванае жыцьцё ў горадзе Ур і пайшоў, ня ведаючы куды ідзе. Не было „разумным” з боку Ісуса Навіна атакаваць Ерыхон, ня маючы адпаведнай зброі (Навін. 6, 1-20). Сучасныя, цьвярозыя людзі сьмяяліся-б з такой неразважнасьці, з такога шаленства, але яно пасьпяховае.

Атрымоўваецца, што вера — найбольш разумная рэч. Няўжо шаленствам можна назваць веру ў Таго, хто ня хлусіць, не падводзіць, не памыляецца? Давяраць Богу — найбольш слушнае і разумнае, што чалавек можа зрабіць. Аб гэтым пераканаліся ня толькі хворая жанчына і начальнік сынагогі.

Сын наінскай удавы

(Лук. 7, 11-16)

Два прыклады крайняга, чалавечага гора прадстаўлены ў апавяданьні пра ўваскрэсеньне сына наінскай удавы: удаўства і страты адзінага дзіцяці. Жанчына, якую Хрыстос сустрэў у гарадзкой браме, страціла сьпярша мужа, якога ў свой час гэтак пакахала, што дзеля яго пакінула сваіх бацькоў і бацькоўскі дом і затым сына, які нарадзіўся ад гэтай любові і на якога яна пераліла ўсе свае пачуцьці і ўсклала ўсе спадзяваньні на старасьць. Гэта было для яе невыказнае гора і Хрыстос зьлітаваўся над удавою і адным уладным словам „устань” уваскрасіў ейнага сына.

У сваёй сьвятарскай практыцы здаралася мне хаваць нават па некалькі нябожчыкаў у дзень. Сутыкаючыся гэтак часта са сьмерцяй чалавек становіцца нячулым на чужую трагедыю, свае абавязкі выконвае сур’ёзна, але без эмоцыяў. Былі аднак выпадкі, калі сьлёзы самі ціснуліся на вочы, а балючыя, супярэчлівыя думкі не давалі спаць. У аўтамабільнай катастрофе каля Беластока загінуў 43-гадовы бацька і 19-гадовая дачка. Маці і малодшы сын цяжка параненыя выжылі, але ў паховінах, калі дзьве труны з бацькам і дачкою стаялі побач, удзельнічаў толькі старэйшы сын, які ў той няшчасны дзень быў у арміі. Прысутныя на паховінах, нават цалкам чужыя людзі, заходзіліся ад плачу. Здавалася-б, лёс ужо горш ня можа абысьціся з гэтай сям’ёю, але аказалася, што можа. Недзе праз шэсьць месяцаў я ізноў хаваў 20-гадовага жаўнера, які ў час кароткатэрміновага водпуску з арміі ўтапіўся ў невялікай сажалцы недалёка ад хаты.

Гэты выпадак запамятаўся мне як мала які. Не давалі мне спакою пытаньні: чаму мусіла гэтак здарыцца? што гэта такое: фатум, прадвызначэньне, а можа проста выпадковасьць? Шкада кожнага чалавека, але заўчасная сьмерць маладых, у росквіце сіл людзей асабліва хвалюе. З другога боку само сабою напрошваецца таксама іншае пытаньне: а ці бывае выпадковая або заўчасная сьмерць? Па чалавечаму меркаваньню многае ў жыцьці здараецца выпадкова, аднак вера адкідае ўсякую выпадковасьць зьяваў і падзеяў. Бяз Божай волі нічога ў сьвеце не бывае! „Ці жывем, ці паміраем — належым да Госпада”, — гаворыцца ў Пісаньні. Тое, што для нас неспадзяванае і выпадковае, Богу добра вядомае, загадзя Ім прадвызначанае і накіраванае да Яму толькі вядомай мэты. З другога боку нездарма гаворыцца: „Сьцеражонага Бог сьцеражэ”.

Перакананьне, што свайго лёсу не пазьбегнем, можа выклікаць бесклапотнае, абыякавае стаўленьне да жыцьця і такім чынам чалавек сам, бы самазабойца, можа паскорыць сваю канчыну. Наадварот, мы павінны даражыць сваім жыцьцём як найвышэйшай каштоўнасцяй, прадбачваць небясьпеку і пазьбягаць яе. У многіх выпадках людзі самі вінаваты ў сваёй заўчаснай гібелі: яны не праявілі дастатковага ўяўленьня, абачлівасьці і асьцярожнасьці.

Калі чалавек, якога несьлі да магілы, устаў пасьля аднаго дотыку і пачаў гаварыць, усіх ахапіў жах. Гэта ня быў першы цуд, якога сьведкамі яны былі, бо мелі ўбачыць шмат наступных. Якія-б яны не былі, трэба прызнаць, што найбольшым цудам зьяўляецца само Евангельле. „Бог наведаў народ свой”, — усклікнуў натоўп. Усё Евангельле расказвае пра Бога, які асабіста стаў сярод свайго народу, каб удзельнічаць у ягонай нядолі, каб спыніць жалобнае шэсьце чалавецтва, каб засмучанаму чалавеку сказаць „ня плач”, як гэта было ў выпадку наінскай удавы. Якое-ж шчасьце ўпаткала яе, што ў момант такой вялізнай страты на сваёй дарозе сустрэла Хрыста.

Жыцьцё многіх з нас нагадвае бясконцы ланцуг стратаў, адно доўгае жалобнае шэсьце. Чалавек паступова разьвітваецца з маладосьцяй, здароўем, дабрабытам, марамі, жаданьнямі і надзеямі: увесь час нешта мусім выносіць на могілкі. Аднак добра, калі ў могільнікавай браме сустракаемся з Богам. Калі добраахвотна аддаем Яму тое, што Ён патрабуе ад нас, тады будзе нам вернута непараўнальна болей. Бог нічога не адбірае ў чалавека дарам, але заўсёды дае нешта ўзамен. Адбірае каштоўнае і добрае, каб заміж гэтага ахвяраваць яшчэ больш каштоўнае і лепшае. Таму бывае, што прыходзіцца страціць усё, каб знайсьці Бога.

Наінскі юнак вярнуўся да жыцьця, каб у свой час ізноў памерці, але фізычнай, і добра, каб не духоўнай сьмерцяй. „Устань, хто сьпіць, і ўваскрэсьні зь мёртвых” (Эф. 5, 14), — гаворыць Хрыстос да ўсіх, хто памёр духоўнай сьмерцяй. „Ён вырваў нас з моцы цемры і перанёс у Сваё Царства”. У гэтых словах для верніка ўсё найбольш істотнае і таму збаўленьне залежыць ад іх прыняцьця.

„Апошнія будуць першымі”

(Лук. 14, 1, 7-14)

Кожны, хто бывае на банкетах або канфэрэнцыях, мог прыкмеціць тое, што здарылася ў хаце аднаго з фарызэяў. Бачучы як запрошаныя спрабуюць заняць лепшыя месцы, Хрыстос сказаў ім прытчу. Калі запросяць цябе на вясельле, не сядай на першае месца, каб не надарыўся нехта больш паважаны і каб гаспадар не папрасіў цябе ўступіць яму месца. „Прыйшоўшы, — сказаў Хрыстос, — сядай на апошняе месца, каб той, што прасіў цябе, падышоўшы сказаў: дружа! перасядзь вышэй, тады будзе табе пашана перад сядзячымі з табою. Бо кожны, хто сябе ўзвышае, будзе паніжаны, а хто сябе паніжае, будзе ўзвышаны”.

Паводле Евангельля, пакора вырашае аб сапраўднай велічы чалавека. „Навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і лагоднага сэрца”, — заклікаў Хрыстос, Які ўсім Сваім жыцьцём даваў прыклад пакорлівасьці. Бог наагул, як кажа Дзева Марыя, „расьцярушыць пыхлівых задумамі сэрцаў сваіх, скіне дужых з пасадаў і павысіць прыніжаных”. Справядлівы Бог паклапоціцца, каб усе крыўды былі выпраўлены, няроўнасьці выраўнаны, а ўсе даўгі вернуты (Лук. 1, 51-53). Сьв. Францыск Асізскі гаварыў: „Чалавек зьяўляецца тым, кім ёсьць і нічым болей”. Пакора не пярэчыць празе велічыні, цераз якую чалавек хоча захаваць самога сябе, але зьяўляецца раўнавагай паміж розумам, які ведае сваё месца, і сэрцам, якое не прагне лішняга. Устаноўленай Богам меры нельга пераступаць, бо тады зоймем чужое месца і можам пачуць: дружа, перасядзь ніжэй! Пыхлівасьць зьяўляецца выявай дурноты. Яна разбурае парадак, якога беспакарана нельга разбураць. Апантаныя маніяй сваёй велічы нацысты разбурылі закадаваную ў сэрцы, устаноўленую Богам сыстэму каштоўнасьцяў і пралілі мора чалавечай крыві не дасягнуўшы шалёнай мэты панаваньня над сьветам. Колькі крыўдаў спрычыніла апантаная гонка за багацьцем і за высокімі пасадамі. Парадак, які абапіраецца на суб’ектыўнай праўдзе, без уліку правоў іншых людзей непазьбежна вядзе да бяды. Вось таму баімся людзей, якім не хапае пакоры, і паважаем вялікіх, якія адначасова былі пакорлівымі. Старажытны філёзаф, які сказаў: „Ведаю, што нічога ня ведаю”, заслугоўваў-бы пашаны, калі-б нават не сказаў нічога болей. Разумныя людзі чым больш ведаюць, тым яшчэ мацней перакананыя ў сваёй недасканаласьці і адгэтуль бярэцца іхная сьціпласьць.

Калі некаму цяжка зьмірыцца са сваім сьціплым месцам у грамадзтве, незайздросным лёсам і пачуцьцём непаўнацэннасьці, хай ведае, што Бог памятае аб кожным з нас і „апошнія будуць першымі”.

„Утоены скарб”

(Мацьв. 13, 44-52)

Пра Царства Божае Хрыстос вельмі часта гаварыў з дапамогай прытчаў: пра чалавека, які знайшоў у полі скарб, пра купца, які набыў каштоўную пэрлу або пра рыбака.

І вось земляроб, працуючы ў полі, наткнуўся на закапаны скарб. Для тагачасных людзей падобны выпадак ня быў нічым надзвычайным, калі ўлічым звычай хаваць нябожчыкаў разам зь іх каштоўнасьцямі. Нават сёньня ў Палестыне выяўляюцца магілы з падобнымі скарбамі. Шчасьлівы селянін бяжыць дадому, прадае ўсё, што мае і купляе поле, каб авалодаць скарбам. Яго паводзіны маральна ня цалкам пахвальныя, але Хрысту ў прытчы гэта было другараднае. Ён зьвяртае ўвагу на рашэньне селяніна прадаць усё, што мае, магчыма мноства дробных, але дарагіх яму прадметаў, каб здабыць скарб. Падобную пастанову прыняў купец. Хрыстос даў слухачам зразумець, што купец гандляваў пэрламі і напэўна меў багатую іх калекцыю. Калі, аднак, убачыў пэрлу незвычайнай прыгажосьці, ён прадаў усю калекцыю, да якой несумнена быў прывязаны і набыў тую адну. У абодвух выпадках людзі стаялі перад выбарам. Яны выбралі лепшае за тое, што дагэтуль мелі, не зважаючы на вялікія кошты.

Хрыстос таксама прапануе вернікам, каб выбіралі лепшае. Што аднак канкрэтна хоча нам у прытчах сказаць? Ён прыйшоў, каб прынесьці на зямлю Царства Нябеснае, значыць, таямнічую рэальнасьць, якая зьяўляецца праўдай і Божым жыцьцём, ахвяраваным людзям. Рэальнасьць, якая мае таксама бачны і канкрэтны выгляд заснаванай Ім Самім Царквы. Той рэальнасьці, якая на зямлі расьце дзякуючы веры, надзеі і любові ў спадзяваньні моманту, калі будзе перасаджана на неба, дзе станецца шчасьцем і жыцьцём вечным.

Царства Нябеснае — гэта скарб, а нават адзіны скарб, адзіная вартая захадаў рэч. Яна настолькі важная, што хто яе мае, мае ўсё, нават калі-б не валодаў нічым болей: а хто яе ня мае, ня мае нічога, нават калі-б авалодаў усім сьветам. „Бо якая-ж карысьць чалавеку, калі ён авалодае ўсім сьветам, а душу сваю змарнуе” (Маць. 16, 26), — кажа Хрыстос.

Дзеля такога скарбу варта ня толькі адмовіцца ад усяго іншага, але, паводле слоў Хрыстовых, варта ахвяраваць сваё жыцьцё, бо хто страціць яго дзеля Царства Нябеснага, знойдзе яго, а хто хоча яго захаваць, страціць (Мацьв. 10, 39). Калі гэта неабходнае, варта страціць нават руку або вока, бо лепш з адной рукой і з адным вокам увайсьці ў Царства, чымсьці з абодвума быць пазбаўленым яго і кінутым у пекла (параўн: Мацьв. 5, 29).

Такім чынам, Царства Божае зьяўляецца тым адзіным, непаўторным скарбам. Калі прамінуць неба і зямля, або нават яшчэ раней, калі ўсе адыдзем з гэтай зямлі, тады застанецца толькі Царства Нябеснае, адчыненае або закрытае для нас у залежнасьці ад зробленага пры жыцьці выбару. Вось таму гэта адзіны, сапраўдны скарб.

Аднак у прытчы гаворыцца, што гэта прыхаваны скарб, якога нялёгка знайсьці. Дастаткова падумаць, колькі людзей яшчэ не пазналі Евангельля і Царквы, хаця яны існуюць ужо амаль два тысячагодзьдзі. Аднак, на жаль, Царства Нябеснае — скарб утоены і прыхаваны таксама для хрысьціян, паколькі цяжка ім яго знайсьці. Яно — асаблівы скарб: не блішчыць, бы золата, каб выклікаць зайздрасьць, не абяцае прэстыжу і магутнасьці тым, хто яго здабудзе. Наадварот, ад уладальніка патрабуе штодня ўсё новай ахвярнасьці, самаадрачэньня, патрабуе прадаць усё іншае, каб атрымаць яго, нават калі ўсё адкінутае атрымаем назад яшчэ ў гэтым жыцьці ў каштоўнасьцях і радасьцях іншага кшталту. Яго вартасьць адчувае сэрца, яно зьмяшчаецца ў надзеі, што некалі пачуем вырашальныя словы: „Прыйдзіце блаславёныя Айца Майго, прыміце ў спадчыну Царства, падрыхтаванае вам ад стварэньня сьвету” (Мацьв. 26, 34).

Хрыстовыя прытчы пераклаліся на канкрэтны, евангельскі прыклад з багатым юнаком. На яго пытаньне, што рабіць, каб дасягнуць жыцьця вечнага, Хрыстос адказаў: „Ідзі, прадай усё, што маеш, потым прыйдзі і ідзі сьледам за Мною” (Мацьв. 19, 16).

„Пакінь усё, потым прыйдзі і ідзі сьледам за Мною”. Акрамя Царства Нябеснага, асоба Ісуса Хрыста таксама зьяўляецца рэальнасьцяй, дзеля дасягненьня якой трэба прадаць усё. Пайсьці за Ім, выбраць Яго за спадарожніка жыцьця і безупынна аднаўляць гэты выбар. Быць Яго вучнем азначае, што зрабілі мы добры выбар, адзіны, які гарантуе скарб у небе. Гэта момант, калі скарб прыходзіць да нас, каб схавацца ў нас, каб мы маглі яго ў сабе знайсьці.

Прытча пра таленты

(Мацьв. 25, 14-30; Лук. 19, 11-27)

Беларускі клясык пісаў: „Бог ня роўна дзеле”. Людзі, бы дрэвы ў лесе, сапраўды неаднолькавыя і абсалютнай роўнасьці ва ўсім не бывае. Аднак калі скардзімся, што камусьці дадзена больш, варта падумаць, што ў першую чаргу трэба добра скарыстаць тое, што дадзена нам...

Адабраць у беднага і даць багатаму ўспрымаецца як відавочная несправялівасьць, зь якой цяжка прымірыцца. Аднак рэакцыя прысутных на загад евангельскага гаспадара: „Вазьміце ў яго талент і дайце таму, у каго іх дзесяць” у апавяданьні Мацьвея была спакойная. У аналягічным аповедзе пра міны Евангеліст Лука згадвае аднак пра некаторы бунт, пачуцьцё крыўды. „Спадару! ён ужо мае дзесяць мінаў”, — сказалі прысутныя. Аднак пачулі яны ў адказ: „Кажу вам, што кожнаму, хто мае — дадзена будзе, а ў таго, хто ня мае, адымецца і тое, што мае”. І тады, і зараз такі падыход мог выклікаць сумненьні. Праўда, трэці слуга напэўна ня быў працавіты і прадпрымальны, але і ня быў ашуканцам. Атрыманы дар дбайна перахаваў і вярнуў гаспадару бяз страты. Праўда, ён нічога не прыдбаў, але і на гэта знойдзецца вытлумачэньне. Мы самі бачым вакол сябе людзей, якія відавочна нічога ня робяць і неяк жывуць. Сацыялізму зь яго нядбайным стаўленьнем да працы на сьвеце ўсё менш, але многім далей плацяць невядома за што: хіба што за саму прысутнасьць на працы і наша грамадзтва, на жаль, да гэтага прызвычаілася. Вось таму нялёгка пагадзіцца зь евангельскім пасланьнем, што кожны сам, на ўласную адказнасьць і ўласнымі сіламі, дбайна супрацоўнічаючы з ласкай, павінен разьвіваць дадзеныя яму здольнасьці і магчымасьці.

Таленты — якія яны не былі-б — атрымаў кожны з нас. Гэта фізычная спраўнасьць, інтэлектуальныя здольнасьці, магчымасьці прыродныя або атрыманыя ў спадчыну. Атрымаў іх ад Бога — такія або іншыя — кожны чалавек і прытым не заслужана, але „паводле яго здольнасьці”. Гаворачы пра здольнасьць Хрыстос меў на ўвазе здольнасьць да адпаведнага іх скарыстаньня. Бог выразна патрабуе карысна „пусьціць у абарот” атрыманыя ад Яго дары: кожны талент адначасова ня дадзены выпадкова і ён зьяўляецца заданьнем. Каму дадзены прыгожы голас — хай сьпявае, у каго дар аратарства — хай прамаўляе. Не зрабіць нешта добрае, маючы дзеля гэтага магчымасьці, гэта проста ня лянота, але злачынства. Чалавек павінен распараджацца сваімі здольнасьцямі гэтак, каб атрымаць прыбытак шляхам асабістага намаганьня памнажаць яго. Гэта ў ніякім выпадку не заслуга — гэта абавязак.

Да атрыманага дару можна паставіцца дваяка: або дар не прыняць, адкінуць, або да яго дарастаць, значыць, супрацоўнічаць з атрыманай ласкай гэтак, каб яна давала плён у нашым жыцьці і — цераз нас — у жыцьці нашых бліжніх. Плён павінны прынесьці ў першую чаргу боскія цноты: вера, надзея і любоў, але таксама такія дабрадзейнасьці, як цярплівасьць, стрыманасьць, лагоднасьць, паслужлівасьць, вернасьць ды іншыя станоўчыя рысы. Зразумела, для агульнага дабра мы абавязаны разьвіваць таксама нашы натуральныя таленты і здольнасьці. Такім чынам адбываецца тое, аб чым гаворыцца ў Евангельлі: „Кожнаму, хто мае, дададзена будзе”. Адначасова ня быць годным атрыманага дару раўназначнае з адмаўленьнем ад яго. У такога „адымецца і тое, што мае” .

Калі нават у штодзённым жыцьці бывае інакш, дык Евангельле вучыць наступнага: у сэнсе збаўленьня не бывае ўсеагульнай адказнасьці, калі адзін за ўсіх — усе за аднаго. Кожны мусіць здаць справаздачу са свайго жыцьця, адказаць сам асабіста за свае добрыя або дрэнныя ўчынкі. Адказнасьць будзе розная ў залежнасьці ад дадзеных чалавеку магчымасьцяў і мы ня можам мець прэтэнзіяў, што аднаму дадзена больш, другому менш, а трэцяму цалкам мала. Важны асабісты ўклад прапарцыянальны да атрыманых дароў. Ніхто ня можа тлумачыцца, што не прадпрымаў дзейнасьці, баючыся рызыкі, лічачы, што не аплачваецца, або што хопіць атрыманы дар вярнуць. І нарэшце, ува ўсім важнае асабістае намаганьне. Зь першага разу не атрымоўваецца, але нельга апускаць рук. Паводле слоў Ціхана Задонскага, „сто гадоў бязьдзейнасьці ня вартыя добра скарыстанай адной гадзіны”.

„Лепш пазьней чымсьці ніколі”

(Мацьв. 21, 28-31)

Усіх людзей на сьвеце можна падзяліць на тры катэгорыі: на тых, якія шмат гавораць, але мала або нічога ня робяць; на тых, якія і гавораць і робяць; і тых, што нічога не гавораць, але затое спакойна і плённа працуюць. Адсюль варта задаць сабе пытаньне: да якой групы мы належым або хацелі-б належаць?

Дзьве вельмі розныя пазыцыі падкрэсьліў Хрыстос у прытчы пра двух сыноў гаспадара. У адказ на загад бацькі адзін з сыноў адказаў „не хачу”. Потым, мабыць, убачыўшы, што наагул няма каму працаваць, бяз энтузіязму, але з пачуцьця адказнасьці за бацькаву маёмасьць, усё-такі пайшоў. Другі сын наадварот: без ваганьня згадзіўся выканаць загад. Аднак праўдападобна ўсьведаміў, што на полі гарачыня, кошыкі зь вінаградам цяжкія, праца няўдзячная і аднастайная і ў выніку не пайшоў.

У кожным з двух сыноў мы можам убачыць сябе. Многія вернікі нагадваюць сына, які абяцаў, але ня выканаў. Мы ня раз сказалі „так”, калі ішлі ў школу, паступалі на працу або жаніліся. Потым, аднак, уцякалі з урокаў, занядбоўвалі свае абавязкі, бо праца нецікавая, а грошы малыя, або жонка, якой абяцалі любоў і вернасьць, надакучыла і перастала нас цікавіць. На некаторы час такая тактыка ахвотнага абяцаньня можа прынесьці дывідэнды, удзячнасьць і рэпутацыю добрага, паслужлівага чалавека, але такая дыпляматычная гульня кароткатрывалая. У рэлігійным пляне, вуснамі нашых хросных бацькоў мы згадзіліся працаваць у вінаградніку, значыць, у Царкве. Потым ня раз казалі „так”, абяцаючы выправіць сваё жыцьцё пасьля споведзі, або засаромленыя сваімі ўчынкамі, але хутка вярталіся да старой практыкі. Вельмі часта гэтае „так” бывае шырмай для адмовы і робіць з нас крывадушнікаў, якія нібыта гатовы выканаць любую Божую волю, аднак на самай справе шукаюць выкруту і апраўданьня, якія зьнялі-б зь іх гэты абавязак. Вернікам увесь час пагражае небясьпека псыхалёгіі прывілеяванасьці, аўтаматычнага збаўленьня, якое нібыта належыцца нам за сам факт, што лічымся хрысьціянамі. Гэта сур’ёзная небясьпека, бо калі перастаем умацоўваць „нашае пакліканьне і выбар” (2 Пятр. 1, 10) дык і да нас можна будзе суаднесьці словы Хрыста: „Мытнікі і распусьніцы ўваходзяць перад вамі ў Царства Нябеснае” (Мацьв. 21, 32). Непасьлядоўнасьць, невыкананае абяцаньне ў канчатковым выніку вядзе да пройгрышу так у пляне звычайных міжчалавечых зносінаў, як і вечнасьці.

Паводзіны сына, які хаця і не адразу, але ўсё-такі выканаў загад, значна лепшыя і больш годныя перайманьня, бо дзеяньні важнейшыя за словы. У жыцьці мы наслухаліся абяцаньняў многіх людзей, якія сьпярша падбадзёрылі і разбудзілі ў нас надзею, ад чаго потым было толькі большае расчараваньне. „Калі ты абяцаў, не адкладвай выкананьня... голас неразумнага ад многасьці словаў... а ты, як абяцаў, так і выканай... бо лепш, каб ты наагул не абяцаў, чымсьці абяцаў і ня споўніў”, — сказана ў Сьвятым Пісаньні (Экл. 5, 3-5). Хрыстос выразна заявіў, што „па пладах іхніх пазнаеце іх. Ня кожны, хто кажа Мне: «Госпадзе, Госпадзе!» увойдзе ў Царства Нябеснае, а той, хто выконвае волю Айца Майго, Які ў нябёсах” (Мацьв. 7, 20-21). Абяцаньні вельмі часта бываюць пустыя і, мабыць, таму ў японцаў існуе пагаворка: „За абяцаньне ня дзякуюць”. З другога боку, і гэта мае дачыненьне да евангельскага сына, бо нездарма таксама кажуць: „Лепш зрабіць пазьней, чымсьці ніколі”. Калі мы нечага ня выканалі сёньня, трэба гэта зрабіць прынамсі заўтра. Непаслухмяны сын нагадвае многіх сучасных людзей: незалежных, фанабэрыстых, напышлівых, незадаволеных усім, якія ўсё крытыкуюць і не прызнаюць аўтарытэту бацькоў, начальнікаў або Царквы. Аднак гэтыя людзі маюць адну істотную рысу: яны могуць свае паводзіны перадумаць, зьмяніць іх, шкадаваць аб дапушчанай памылцы. Гэта людзі, якія ўмеюць цьвяроза думаць, якія ўсьведамляюць сабе, што перадумовай збаўленьня зьяўляецца ня пыха і самаўпэўненасьць, але пакора. У іх ёсьць пачуцьцё абавязку, яны не раскідваюцца абяцаньнямі, якія нічога не каштуюць. У выніку яны марудна і паступова зь лягеру ўпартай апазыцыі ўсё-такі зьвяртаюцца да Бога і пераходзяць у лягер Ягоных прыхільнікаў.

Прытча пра двух сыноў супадае зь іншай — пра пакліканьне гаспадаром работнікаў у вінаграднік (Мацьв. 20, 1-16). Гаспадар, значыць Бог, усім абяцаў аднолькавую ўзнагароду — Царства Нябеснае, хаця работнікі пачалі працу не ў адну пару. Неаднойчы чалавек мусіць шмат перанесьці, перадумаць і перажыць, і толькі пад вечар прыйсьці да высновы, да якой іншыя прыйшлі зранку. Галоўнае, што Бог прымае зробленае дзеля Яго ў любы час і таму „лепш зрабіць пазьней, чымсьці ніколі”.

„Калі брат твой зграшыць — дакор бліжняму”

(Мацьв. 18, 15-20)

Са штодзённага назіраньня бачна, што крытычныя заўвагі у свой адрас успрымаюцца зь неахвотай і мала хто любіць іх. З другога боку, калі дакор або вымова адбываюцца ў евангельскім духу, магчыма гэта найбольш шчырая праява братэрскай любові. Ён тады выключае усякае жаданьне помсты або самавызначэньня, робіцца выключна для дабра іншага чалавека. „Калі брат твой зграшыць супроць цябе, ідзі і выкрый яго паміж табою і ім адным” (18, 15), — сказана ў Евангельлі. Адсюль бачна як павінен выглядаць сапраўдны дакор. Гэтым прынцыпам мы павінны кіравацца ў сямейным і працоўным жыцьці, сярод сяброў, у сваім штодзённым асяродзьдзі. „Калі брат твой зграшыць” можа азначаць таксама: калі твой муж, жонка, сын, швагер або работадаўца дапусьцяць памылку. Можна было-б сказаць, што нарэшце ў Евангельлі прагучэў нейкі просты і прыемны запавет. Бо ці-ж не блізкая нашай натуры ахвота некага аблаяць, зьвярнуць увагу на чужыя недахопы? Аднак на самай справе дакор зьяўляецца адной з найцяжэйшых рэчаў і, мабыць, таму ў здаровым выглядзе яго гэтак мала ў міжчалавечых адносінах. Хрыстос не падахвочвае нас, каб лавіць чалавека на яго памылках, абгаворваць, радавацца чужым промахам або публічна выяўляць нечыя памылкі крывадушна прытвараючыся, што вельмі нас яго ўчынак засмучае.

Нам нагадваецца іншае: „Ідзі і выкрый яго паміж сабою і ім”. Знайдзі ў сабе сьмеласьць, глянь проста ў вочы і адкрыта скажы, што на тваю думку годнае асуджэньня, каб больш не рабіў гэтага або выправіў зробленае. Гэта зьвязана з рызыкай, што можаш яму зрабіць прыкрасьць. Ён можа адхіліць твае закіды, або сам скажа, што пра цябе думае. Не зьвяртай на гэта ўвагі: калі цябе паслухае, ты прыдбаў свайго брата. Калі-б сваім дзецям ты расказаў аб заганных учынках маці, або маці аб правінах дзяцей, або калі-б толькі намерваўся дакараць, але не зрабіў гэтага — не прыдбаў-бы, але страціў-бы свайго брата, або толькі ўмацаваў-бы ў дрэнных паводзінах. Калі-б муж і жонка напаміналі адзін аднаго ў духу евангельскай лагоднасьці, дык ня раз маглі-б прадухіліць небясьпечны ланцуг узаемных прэтэнзіяў, халоднасьці і жаданьня адыграцца, што нішчыць найлепшыя сужэнствы. Факт, што чалавек можа спакойна прыняць напамін, падмацоўвае і падбадзёрвае. Такім чынам лепшым, больш сьпелым становіцца і той, хто напамінае, і той, хто прымае напамін. У Сьвятым Пісаньні сказана: „Абражаны брат цяжэйшы для здабыцьця за крэпасьць” (Прытч. 18, 19). Неаднойчы пасьля такога дасьведчаньня адносіны паміж двума асобамі робяцца ясныя бы неба пасьля дажджу, яны бліжэйшыя адзін аднаму як ніколі дагэтуль.

Акрамя напаміну проста ў вочы Евангельле гаворыць пра выпадкі, калі ўмяшацца павінна ўся грамада або Царква і прытым публічна. Царква атрымала ад Хрыста ўладу напамінаць сваіх паасобных членаў уключна з адлучэньнем ад сваёй абшчыны тых, хто ня хоча паправіцца: „Хай будзе як язычнік”. Гэтая моц Царквы пашырана на іншыя справы, дзякуючы ўладзе дадзенай Апосталам. „Каму даруеце грахі, будуць дараваны, а каму затрымаеце, будуць затрыманы”. Хрыстос сказаў, што Дух Сьвяты, зьявіўшыся на сьвет, „пераканае сьвет аб грэху” (Яан. 16, 8) і такое-ж заданьне спачывае на Царкве. Менавіта праз Царкву, якая абвяшчае Божае Слова, Сьвяты Дух пераканае сьвет аб грэху і дзякуючы Царкве адпускае і затрымоўвае грахі. Да Царквы адносіцца таксама слова сказанае прароку: „Я цябе прызначыў сторажам, каб чуючы з вуснаў Маіх напаміны, выконваў іх ад Майго Імя” (Езак. 33, 7-9).

Стораж сьвету — абавязак амаль невыканальны. „Калі стораж бачыць, што прыходзіць меч і не дзьме ў трубу і народ не перасьцярожаны... віна за яго гібель спачне на сторажу” (Езак. 33, 6). Вось таму Царква ня можа маўчаць, хаця многія хацелі-б загнаць яе ў сьцены храмаў. Выяўленьне непарадку і заганаў у грамадзкім і прыватным жыцьці належыць да непасрэдных абавязкаў Царквы. Нямы і бездапаможны вартаўнік не патрэбны ні Богу, ні людзям.

Аднак асноўная праблема ў іншым. Як пазнаць, калі Царква зьяўляецца сапраўдным Божым вартаўніком, які перадае Ягоную волю і суд над сьветам, а калі робіцца вартаўніком самой сябе, свайго мінулага або ўстаноўленага парадку? Звычайна гаворыцца, што Царква зьяўляецца вартаўніком, калі выказваецца на тэму веры і маралі, але перастае ім быць, калі закранае бытавыя, эканамічныя або палітычныя пытаньні. На першы погляд гэта праўда, аднак не заўсёды, паколькі нават у палітыцы трэба неаднойчы рабіць выбар у адпаведнасьці з сумленьнем. Трэба, каб кожны хрысьціянін намагаўся быць вартаўніком уважліва ўслуханым у Слова Божае і тады ўнутранае азарэньне Сьвятога Духа дапаможа яму распазнаць намеры ўлады. Калі яна запатрабуе гэтага, трэба быць ёй паслушлівым і падданым, не баючыся нават абвінавачаньняў у рабалепнасьці, але калі гэта неабходна, сьмела выступіць супраць злоўжываньням улады.

Апостал Павал паказвае шлях, з дапамогай якога можна пераадолець кожны, любы канфлікт паміж паслухмянасьцяй і супрацівам. „Нікому нічога ня будзьце вінны акрамя ўзаемнай любові, бо хто любіць другога — выканаў закон” (Рым. 13, 8). Гэты прынцып павінен пашырацца і на напамін бліжняга. Блажэнны Аўгустын менавіта з братэрскім дакорам спалучае словы Паўла кажучы: „Любі і рабі, што хочаш. Калі маўчыш — маўчыш, калі гаворыш, калі напамінаеш, калі прабачаеш, усё гэта рабі кіруючыся любоўю. Будзь крыніцай любові, бо з гэтай крыніцы можа выплываць толькі дабро” (Тракт. ін Ёг. 7, 8).

Трэба нам нястомна прасіць Госпада, Які сказаў, што знаходзіцца паміж намі, каб навучыў нас гэтай цяжкай формы любові, якая ўмее напамінаць, не адбіраючы надзеі, і змагацца са злом не абражаючы.

„Хто паніжае сябе, той узвысіцца...”

(Мацьв. 23, 1-12)

Амаль кожнае евангельскае чытаньне накіроўваецца і да духавенства, і да вернікаў: тых, хто ў час багаслужбаў чытае і тых, хто слухае. Аб гэтай відавочнай праўдзе не выпадала-б і нагадваць, калі-б не адзін сумны факт. Нават і ў наш час, хаця часьцей гэта здаралася ў мінулым, сьвятары размахвалі Словам Божым бы мячом, лічылі яго зброяй, якая ня толькі абараняе іх, але ўдарае ў слухачоў. Выразным доказам гэтага скрыўленьня зьяўляецца злоўжываньне займеньнікам „вы” заміж „мы”: „адмоўцеся ад сваіх грахоў” заміж „адмовімся ад нашых грахоў” і г. д.

У 23-м разьдзеле Евангельля паводле Мацьвея зьмешчаны словы, накіраваныя да фарызэяў, якія аднак сьвятары павінны суаднесьці да сябе як падахвочаньне да самакрытыкі, як запросіны да шчырага і пакорлівага перагляду свайго сумленьня. У Хрыстовых словах гучыць абвінавачаньне і павучэньне: у іх асуджаюцца дзьве сур’ёзныя заганы: непасьлядоўнасьць і супярэчлівасьць у паводзінах, а таксама крывадушнасьць. „Яны гавораць і ня робяць, зьвязваюць цяжары вялікія і непасільныя на плечы людзям, але самі ня хочуць і пальцам зрушыць іх”. Адносна крывадушнасьці і прытворства сказана: „Усе справы свае робяць дзеля таго, каб бачылі іх людзі... любяць узьлягаць наперадзе на гасьцінах і наперадзе сядзець у сынагогах”. Усё гэта адрасавалася да фарызэяў, якіх Хрыстос востра асуджаў, але Царква выразна дае нам зразумець, што гэтыя папрокі тычацца таксама ўсіх сучасных правадыроў, у тым ліку і пастыраў, іх паводзін і стаўленьня да вернікаў.

Схільнасьць да самаўзвышэньня настолькі распаўсюджаная, што ажно натуральная. У прынцыпе яна згодная з адвечнымі Божымі пастановамі і няма ў ёй нічога дрэннага, пакуль не ператворыцца ў зазнайства, якое не прызнае ніякіх аўтарытэтаў, ні чужой думкі. Шмат хто ахвотна павучае іншых з „пасаду” сваёй адукаванасьці, ведаў, дасьведчаньня. Дамагаецца загледжанасьці на сябе, каб усе яго раіліся і слухалі. Калі адмаўляюць яму пашаны і прызнаньня, адчувае сябе пакрыўджаным, недаацэненым і няшчасным. Адначасова такія людзі ня любяць, калі іх павучаюць.

Усё гэта асабліва небясьпечнае ў сьвятароў. Ніхто не запярэчыць, што і сёньня назіраецца супярэчлівасьць у паводзінах і крывадушнасьць, якія ганьбяць сьвятароў і робяць дарэмнай іх службу. Неаднойчы самі сьвятары заўважаюць у сабе гэтую драпіну пад уплывам дакору сумленьня. Яны дакранаюцца да сьвятасьці, тлумачаць вернікам узвышаныя словы Хрыстовы, напрыклад, пра міласэрнасьць і любоў, а з другога боку самі ў сабе бачаць нячуласьць і жорсткасьць. Заклікаюць да непадатлівасьці на матэрыяльнае, пра ілюзію багацьця і грошаў, аднак у хвіліны самааналізу вымушаны прызнацца, што ўсё гэта ім самім далёка не абыякавае, нават больш чымсьці сьвецкім людзям.

Аднак і на гэтую недасканаласьць трэба глядзець бязь зьедлівага задавальненьня, якое бывае ў людзей, што чужымі заганамі хочуць апраўдаць свае. Сам Бог адкрывае сьвятарам гэтую рану, каб яе залячыць: Ён спрычыняе, што ў сьвятароў аднаўляецца пакорлівасьць і сьведамасьць сваіх заганаў. Ён спрычыняе, што зьнікае пачуцьцё непагрэшнасьці і самазадавальненьня, якое перашкаджае ў сьвятарскай службе. Нават калі сьвятар гаворыць казань, бы халодны душ зьяўляецца тая назойлівая думка: а сам ты робіш тое, да чаго заклікаеш іншых? Павучэньне само ў сабе патрэбнае і карыснае. „Як-жа будуць ведаць, калі ніхто не навучыў іх”, — гаворыцца ў Пісаньні. Аднак з другога боку, яно павінна зыходзіць са свайго дасьведчаньня, з перажытага, калі сам чалавек прытрымоўваецца таго, аб чым гаворыць.

Другая частка Ісусавай прамовы зьмяшчае павучэньне ў адрас Апосталаў і іх пераймальнікаў — сучасных пастыраў. „Не называйцеся настаўнікамі, бо адзін у вас настаўнік — Хрыстос, а ўсе вы — браты”. Гэтымі словамі Хрыстос не адклікае аднак Свайго абяцаньня, што ў Царкве будуць устаноўлены і настаўнікі, і вучні ў залежнасьці ад атрыманых заданьняў і дараваньняў, якія павінны служыць будаваньню Царквы — Цела Хрыстовага. Ён Сам сказаў Апосталам: „Хто вас слухае, Мяне слухае” (Лук. 10, 16); „Усё, што зьвяжаце на зямлі, будзе зьвязана і ў небе, а што разьвяжаце на зямлі, будзе разьвязана і ў небе” (Мацьв.18, 18); „Навучайце ўсе народы” (Мацьв. 28, 19). Ісус хацеў прадухіліць зазнайства пастыраў, якое назіраў у фарызэяў і кніжнікаў, не хацеў каб яны таксама адгарадзіліся ад народу сьцяной перавагі лепшасьці, каб ня сталі па над сьвецкімі людзьмі.

Вось таму Хрыстос перасьцерагае: „Хто ўзвышае сябе, будзе паніжаны, а хто паніжае сябе, той узвысіцца”. Справа ня ў тым, каб бясконца гаварыць аб сваёй нягоднасьці чакаючы запярэчаньня. Аб гэтым нікога ня трэба інфармаваць, бо людзі пераважна ведаюць пра нас больш, чымсьці мы самі пра сябе. Пра свае недахопы ня трэба бясконца гаварыць, але проста заўсёды пра іх памятаць. Сапраўдны розум прамаўляе ня з кафедры розуму, але з кафедры зычлівага, ветлівага, ціхага і пакорлівага сэрца, якое ведае свае недахопы і заганы. Філёзаф, які сказаў: „Ведаю, што нічога ня ведаю” быў сапраўды разумны. Розум і аб’ектыўнасьць заўсёды прадыктуюць сьціплыя і памяркоўныя паводзіны.

Евангельскі настаўнік, менавіта таму што ён „евангельскі”, мусіць быць перш за ўсё пакорлівы. У адрозьненьне ад усіх іншых настаўнікаў, ён павінен быць сьведамы таго, што чым менш гаворыць ад свайго імя і лічыць сябе толькі пасланьнікам адзінага Настаўніка, тым лепшым будзе настаўнікам. „Вучань не вышэй свайго настаўніка”, — сказана ў Евангельлі.

Такія заўвагі накіроўвае Евангельле да сьвятароў. Аднак ёсьць адзін істотны фрагмэнт, які тычыцца вернікаў. „Усё, што яны кажуць вам захоўваць, рабіце і захоўвайце”. Нават, калі пастыры дрэнныя і нягодныя, гэта не звальняе вернікаў ад абавязку слухаць іх, хаця безумоўна ў такіх выпадках зразумелым зьяўляецца ўнутраны бунт. „Рабіце і захоўвайце, але паводле іхных учынкаў не рабіце”. Трэба ўшанаваць не самога сьвятара, але ягоны сан. Тое, што сьвятары кажуць, паходзіць ад Бога і Царквы. „Дараваньні Божыя не такія, каб яны залежалі ад асабістай дасканаласьці сьвятара”, — пісаў Яан Залатавусны. „Сьвятая навука не перастае быць сьвятой толькі ад таго, што праходзіць праз грэшныя вусны”, — гаварыў Філярэт Маскоўскі. Затое ўсё, што дрэннае, паходзіць ад саміх нягодных сьвятароў і адказнасьць за гэта спачывае на іх саміх.

За сьвятароў трэба маліцца, спачуваць іх чалавечым заганам, якія, як гэта бывае ў выпадку ўсіх людзей, часьцей зьяўляюцца вынікам слабасьці, а не замілаваньня да грэху. Павучальным у гэтым сэнсе зьяўляецца прыклад сьвятога Францыска, які пісаў: „Калі-б я нават меў гэткі розум, што Саламон, а сустрэў-бы годных шкадаваньня сьвятароў, не хачу насуперак іхнай волі навучаць у іхных парафіях... І не хачу дашукоўвацца ў іх грэху, бо распазнаю ў іх Сына Божага... Усіх тэолягаў і тых, хто перадае нам найсьвяцейшыя Божыя Словы, мы павінны шанаваць як тых, хто дае нам духа і жыцьцё”.

З зазнайствам і схільнасьцяй да самаўзвышэньня бывае гэтак, як зь любым грахом: трэба ненавідзець грэх, а не грэшніка, хутчэй за ўсё спачуваць, а не асуджаць. Што тычыцца духоўных настаўнікаў, дык трэба за іх маліцца, каб Бог дапамог ім падняцца і ўмацаваў слабыя целы, каб сталі пакорлівымі і пасьлядоўнымі дабравесьнікамі Ягонага Слова.

Хрыстос і жанчына

(Прытч. 31, 10-31)

„Цана жанчыны большая за пэрлы”, — сказаў Саламон, які тры тысячы гадоў таму цудоўна пісаў аб жаночай прыгажосьці і прывабнасьці, але ўмеў таксама належна ацаніць іншыя якасьці.

Адзін раз у год, 8 сакавіка, мы ахвяроўваем жанчынам кветкі і падарункі, але змаўкаюць тосты і гэты дзень хутка канчаецца, як і кожны іншы. Застаецца далёка не сьвяточная будзённасьць, а яна даволі сумная. Усё яшчэ жанчына няроўная мужчыну ня толькі ў мусульманскіх краінах, але і ў нашай хрысьціянскай Эўропе, нават у нашай краіне. Дастаткова ўважліва прыглядзецца сытуацыі ў нашых дамах або на працы, каб убачыць безьліч прыніжэньняў, растаптаных правоў і зьняважаных пачуцьцяў. Гэтай рэчаіснасьці не зьмяняюць прыгожыя, задаволеныя, жанчыны ў фільмах, рэклямах і на вокладках каляровых часопісаў. Асноўная праблема застаецца. Жанчыны ў сярэднім зарабляюць на 50-80% менш за мужчын. Узровень непісьменнасьці сярод жанчын амаль удвая вышэйшы за аналягічны ў мужчын. На пальцах адной рукі можна палічыць жанчын палітыкаў, міністраў або дэпутатаў у любой, нават вельмі цывілізаванай краіне.

Што можна сказаць на ўсё гэта? Перш за ўсё агульнае: прабачце! павінны сказаць усе мы і нават Царква. Прабачце за ўсе цяперашнія і ранейшыя крыўды і несправядлівасьці, спрычыненыя грамадзтвамі здамінаванымі мужчынамі. Палова чалавецтва павінна раскаяцца ва ўсеагульнай дыскрымінацыі другой паловы.

На жаль, такога раскаяньня ня чутна і, мабыць, ня хутка яго пачуем. Занадта ўкаранелы ў нас эгаізм, прага дамінацыі і пажадлівасьць. Нават фэмінісцкія рухі ў найлепшым выпадку могуць прывесьці да зьмены сытуацыі, але не да яе аздараўленьня.

Не зважаючы на вышэйпрацытаваныя словы Саламона, у Сьвятым Пісаньні бачна перавага мужчыны над жанчынай. Рэдкія выпадкі ўсхваленьня жанчыны і жонкі матываваныя ня проста фактам самім у сабе, але дабром мужчыны: шчасьлівы муж, які мае добрую жонку.

Царква, хаця і вярнула жанчыне ейную годнасьць, усё роўна ня здолела поўнасцю пазбыцца ўсеагульных забабонаў і прадузятага стаўленьня да жанчыны. Толькі адзін мужчына — Ісус Хрыстос умеў адкінуць мэнталітэт свайго асяродзьдзя. Насуперак тагачасным звычаям Ён прымаў жанчын у сваё атачэньне, ставіўся да іх на роўні з мужчынамі, размаўляў зь імі, лічыў здольнымі зразумець Яго, шанаваў іхныя пачуцьці, нават калі зграшылі, як Марыя Магдаліна або злоўленая на пралюбадзействе жанчына. Пад крыжам стаяла некалькі жанчын, але толькі адзін мужчына — Яан.

Хрыстос ня меў ніякай прадузятасьці да жанчын, як дарэчы і да ўсяго і ўсіх. У Еванегльлі жанчына роўная з мужчынам ува ўсіх адносінах уключна са збаўленьнем. У некаторых выпадках яна займае нават прывілеяваную пазыцыю, паколькі яна ўмее „больш любіць” за мужчыну (Лук. 7, 44). Кожная дыскрымінацыя і кожнае зьняволеньне жанчыны зьяўляюцца бяззаконьнем. Апостал Павал дакладна выказвае Хрыстовую думку, калі кажа: „Няма ўжо мужчыны ні жанчыны, бо ўсе вы адно ў Хрысьце Ісусе” (Гал. 3, 28). Таксама раньнехрысьціянская грамада была прыкладам роўнасьці, бо жанчына была ў ёй паўнапраўным членам.

Што можна зрабіць, каб слова і прыклад Хрыста сталіся закваскай, якая зьменіць цяперашнюю сытуацыю? Як яны могуць паспрыяць аднаўленьню належнай пазыцыі жанчыны і весьці яе да сапраўднай свабоды? Напэўна фэмінісцкія рухі ўтойваюць у сабе небясьпеку нівеліраваньня розьніцаў полу, але да сапраўднай роўнасьці не вядуць. Імкненьне, каб жанчына ува ўсім была падобная на мужчыну: у працы, паводзінах і вопратцы — памылковае. Ці-ж не дастаткова адрозьнівае жанчыну ейная фізіялягічная структура і заданьне прадоўжваньня жыцьця? Назіраюцца спробы зрабіць менавіта гэты аспэкт чалавечага быцьця нечым умоўным, аб чым гаворыцца з пагардай і насьмешкай. Для шмат каго мацярынства зводзіцца да фізіялягічнай функцыі кармленьня. Некаторыя фэміністкі з абурэньнем адкідаюць паняцьце жаноцкасьці, як пастку на жанчын пастаўленую мужчынамі.

Ня цяжка сабе ўявіць, што сталася-б, калі-б эмансіпацыя жанчын пайшла ў гэтым накірунку: зьявілася-б грамадзтва адчужаных людзей. Узьнікла-б грамадзтва, у якім, каб быць роўным, трэба перастаць быць сабою. Аднак зьнікненьне процілегласьці зьнішчыла-б сужыцьцё, крыніцу міжчалавечай радасьці і здольнасьць ствараньня.

Што-ж гаворыць наконт гэтага Сьвятое Пісаньне? Роўнасьць — так, але ў разнароднасьці. Сьцьвердзіўшы, што мужчына не павінен быць сам, Бог ня стварыў другога мужчыну, але жанчыну. Гэта было тое разьмежаваньне, зь якога пачаліся ўсе іншыя адметнасьці. Мужчына і жанчына! Іншы выгляд, іншыя здольнасьці і іншыя заданьні. Ня горшыя і ня лепшыя, але менавіта іншыя.

Жанчына атрымала свой надзвычайны талент: жаноцкасьць, быць жанчынай. Ажыцьцяўляючы менавіта гэтае дараваньне яна павінна паказаць сябе мужчыну як незаменнага і ўва ўсім роўнага партнёра. Жанчына павінна дамагацца ад мужчыны прызнаньня ейнай індывідуальнасьці і годнасьці, а ня толькі зьмены роляў. Гэта не азначае, што існуе безагаворачны падзел заданьняў: для мужчыны сьвятарства, палітыка, вайна, а для жанчыны кухня, дзеці, і прыбіраньне хаты. Усе гэтыя справы трэба выконваць сумесна, але па-свойму: калі трэба з дапамогай мужчынскай сілы, а ў іншым выпадку скарыстоўваючы жаночую грацыю.

Быць жанчынай — гэта надзвычайны талент! Ён супадае з думкай прадпрынятай Богам у момант стварэньня Эвы: яна, Эва, будзе маці чалавечага роду. Несьмяротная прывабнасьць жаноцкасьці натхняла мастакоў і паэтаў, якія прадстаўляюць жанчын у незьлічоных нюансах і адценьнях. Аднак узьнікае натуральнае пытаньне: а якія якасьці галоўныя?

Калі Саламон гаварыў пра „малайчыну” і што „цана жанчыны большая за пэрлы”, ня меў на ўвазе толькі зьнешнюю прыгажосьць. Прыгожых жанчын поўна ў фільмах і часопісах, але насалодзіўшыся іхнай зьнешнасьцяй мужчыны не хацелі-б іх мець за жонак і маці. Ёсьць жанчыны, якія ўмеюць поўнасьцю ахвяраваць сябе іншым, якія цярпліва выконваюць свае няўдзячныя заданьні, не спадзяючыся ўзнагароды, якія бітыя і эксплуатаваныя ня скардзяцца на свой лёс, якія пакутуюць дзеля суцяшэньня іншых, працягваюць руку бедным і хворым.

Хрыстос быў вялікім сябрам жанчын, бо хацеў вярнуць ім першабытную годнасьць і ролю, якую прызначыў ім сам Бог: бязь лішніх прыметнікаў быць проста жанчынай!

Храм у жыцьці хрысьціяніна

Акрамя натуральнай прывязанасьці да сваіх канфэсіяў, усе мы прывязаны таксама да сваіх лякальных цэркваў-парафіяў, а разам зь імі і да свайго храму. Мы таксама ахвотна ахвяроўваем на пабудову храмаў у іншых гарадах і вёсках, разумеючы жаданьне тамашняй грамады мець свой храм і з прыемнасьцяй удзельнічаем у іх асьвячэньні, ведаючы, што і мы ўнесьлі свой невялікі ўклад у яго пабудову. Таму варта задумацца, якое значэньне мае для духоўнага жыцьця храм.

У Евангельлі пра гутарку Хрыста з самаранкай гаворыцца: „Прыйдзе час, дый ужо прыйшоў, калі не на гары гэтай і не ў Ерусаліме будзеце пакланяцца Айцу. Але прыйдзе час... калі праўдзівыя паклоньнікі будуць пакланяцца Айцу ў духу і праўдзе, бо гэткіх паклоньнікаў шукае Бог” (Яан. 4, 21-23). Яўрэі былі перакананы, што Бог пасяліўся выключна ў Ерусалімскім храме і таму нельга Яго ні сустрэць, ні маліцца да Яго інакш, як толькі ў Сьвятым Горадзе. Сюды пілігрымы з адлеглых краін прыбывалі на Пасху ды іншыя сьвяты.

Кажучы гэтыя словы Хрыстос хацеў разарваць цеснае кола вакол Бога, якое адгароджвала Яго ад сьвету. Ён нагадаў сваім суайчыньнікам тое, што ў сапраўднасьці яны павінны былі ведаць. „Ці-ж Бог паселіцца на зямлі? Яго-ж ня могуць абняць неба і найвышэйшыя нябёсы, а што казаць пра храм, які я пабудаваў”, — гаварыў Саламон (3 Царств. 8, 27). Сваім вучням Ісус гаварыў яшчэ, што Божым храмам зьяўляецца перш за ўсё сэрца чалавека, які прыняў Яго Слова: „Прыйдзем да яго і будзем прабываць зь ім” (Яан. 14, 23); „Дух Праўды прабывае ў вас і ў вас будзе” (Яан. 14, 17). І нарэшце словы Паўла: „Ці-ж не ведаеце, што вы — Божы храм” (1 Кар. 3, 16).

Такім чынам новым Божым храмам зьяўляецца сам вернік. Хрыстос прысутнічае таксама і там, дзе „два або тры сабраны ў Імя Ягонае” (Мацьв. 18, 20). „Хатнім храмам” у Сьвятым Пісаньні называюцца таксама хрысьціянскія сем’і, у якіх дзякуючы таінству сужэнства „двое або больш” згуртаваныя ў Яго Імя.

Чаму-ж тады вернікі прыдаюць такое значэньне будынку, калі кожны зь іх можа шанаваць Бога ў „духу і праўдзе” ў сваім сэрцы або дома? Чаму ня толькі пажаданым, але нават абавязковым лічыцца ўдзел у сумесных багаслужбах?

Хрыстос не прыйшоў на сьвет, каб заключаць мноства двухбаковых дагавораў паміж Сабою і людзьмі. Ён прыйшоў, каб стварыць свой народ, абшчыну, у якой члены зьвязаны ня толькі зь Ім, але і паміж сабою. Царквою называем менавіта храм напоўнены людзьмі. Гэта месца Божага аб’яўленьня і прысутнасьці на зямлі.

Так разуметае грэцкае слова „эклезія” ніякім чынам не асацыюецца з канкрэтным месцам або будынкам, нават з найпрыгажэйшымі саборамі. Царква — гэта перш за ўсё веруючы народ, аб’яднаны з Богам верай і таінствамі. Бачным знакам гэтай унівэрсальнай рэчаіснасьці зьяўляецца храм — уключна з нашым парафіяльным храмам. Ён зьяўляецца прывілеяваным месцам нашых сустрэч з Богам, паколькі тут ажыцьцяўляецца і становіцца бачнай хрысьціянская абшчына. Блізкае да „эклезіі” грэцкае слова „эк-калеэ”, што азначае „склікаю”. Інакш кажучы, храм — гэта месца, дзе зьбіраюцца ў Хрысьце „пакліканыя” Богам. Такім чынам храм — гэта месца „скліканьня і згуртаваньня” і таму ён — прывілеяванае месца сустрэчы з Богам.

У сваім Лісьце Апостал Пётр адкрывае глыбокую сымболіку царквы-будынку. Са сваімі камянямі, пакладзенымі адзін на другі, і сьценамі вакол алтара царква зьяўляецца сымбалем іншага, нябачнага храму, створанага з жывых камянёў-вернікаў, пабудаваным на краевугольным камені, выбраным і каштоўным, якім зьяўляецца Хрыстос. „На ім увесь будынак разам замацаваны расьце ў сьвяты храм у Госпадзе, на якім і вы разам будуецеся на жыльлё Божае Духам” (Эф. 2, 21-22).

Блажэнны Аўгустын разьвівае гэту мэтафару кажучы: „Празь веру людзі становяцца матэрыялам прыдатным да будаваньня. Праз хрышчэньне і навуку яны абструганыя і выгладжаныя. Аднак толькі тады, калі яны спалучаны паміж сабою любоўю, яны сапраўды становяцца домам Божым”. Калі-б камяні не любілі адзін аднаго, не прылягалі-б да сябе, ніхто не ўвайшоў-бы ў такі дом. Таму Царква мусіць быць знакам узаемнай любові паміж тымі, якія ломяць адзін хлеб. Для таго, хто яшчэ ня верыць, гэта павінна быць стымулам, каб далучыцца да Царквы.

Нідзе ня сказана, што храм мусіць выглядаць гэтак, як цяперашнія храмы. Быў час, калі храмам была прыватная хата нейкага хрысьціяніна або нават катакомбы. Зараз натуральнымі нам падаюцца грандыёзныя саборы з залатымі купаламі, аднак нават не задумваемся, што яны зьвязаны зь мінулай эпохай. Мы ня мусім гэтак будаваць сучасныя храмы. Галоўнае, каб усе вернікі мелі свой храм, у якім частка жывога арганізму — Царквы — магла-б у цішыні і свабодзе выказваць сваю веру і радасьць, каб адчувала, што яна ў Доме Айца. Каб усе мелі магчымасьць гуртавацца дзеля сумеснай малітвы, бо, як гаворыцца, „дом Мой — домам малітвы назавецца” (Марк. 11, 17).

„Ідзіце і навучыце ўсе народы”

(Мацьв. 28, 19-20)

„Ідзіце, навучыце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца і Сына і Сьвятога Духа, навучаючы іх выпаўняць усё, што Я сказаў вам” (Мацьв. 28, 19-20). Першым місіянерам быў сам Хрыстос пасланы Айцом, каб пашыраў Дабравесьце. Засноўваючы Сваю Царкву Ісус прыдаў ёй місійны характар, умацаваў Сьвятым Духам і паслаў да ўсіх народаў. Вось таму Царква адносіць да сябе словы Апостала: „Гора мне, калі не абвяшчаю Евангельле” (1 Кар. 9, 16).

У гэтым сэнсе Царква місійная, пасланая ў сьвет, а сам сьвет зьяўляецца „місійнай зямлёй”. Гэта найлепш бачна ў тых далёкіх краінах, дзе ўпершыню працуюць місіянеры і ўзьнікае хрысьціянская абшчына. Там, дзе паводле слоў Ісусавых дрэва, што вырастае з найменшага зь зерняў, пускае новую галінку, каб прыняць новыя птушкі (Марк. 4, 31-32).

Абвяшчаючы Евангельле Царква падахвочвае слухачоў да веры і яе вызнаваньня, рыхтуе да хрышчэньня, вырывае зь няволі фальшывых перакананьняў і далучае да Хрыста. Адначасова сваёй дзейнасьцяй спрыяе таму, каб усё добрае, што раней было замацаванае ў сэрцах, абрадах і культуры народаў не загінула, але ўдасканалілася і было паднятае на вышэйшы ўзровень. Вера па сваёй натуры дынамічная: яна ня можа абмяжоўвацца адным народам або этнічнай групай. Гэта ўсё роўна, што вада. Калі яна мае быць жывою, павінна плысьці. Ісус прыраўноўвае веру да дрэва і да закваскі (Мацьв. 13, 31-33). Паасобны вернік або ўся абшчына, якія атрымалі веру і захоўваюць яе выключна для сябе, нагадваюць слугу, які закапаў у зямлі атрыманы талент. „Бог хоча, каб усе людзі атрымалі збаўленье і дайшлі да пазнаньня праўды” (1 Цім. 2, 4), увасобленай у Ісусе Хрысьце. Калі Ён паклікае адных раней за іншых, дык зробіць гэта з думкай, што ўжо абраныя пацягнуць за сабою іншых.

У гісторыі Царквы пашырэньне Евангельля не заўсёды адбывалася гэтак, як хацеў Хрыстос. Не заўсёды Царква ўшаноўвала культуру і адметнасьці паганскіх народаў, але вельмі часта выкараняла ўсё без разбору ды навязваючы гвалтам і веру, і ўсё астатняе. Усё гэта рабілася пад аховай і з дапамогай дзяржаваў, зь якіх паходзілі місіянеры і якія пераймалі ў сваё валоданьне новыя тэрыторыі. Не заўсёды пахвальныя і чыстыя былі мэтады і матывы тых, што называлі сябе місіянерамі. Такім, безумоўна, лічыў сябе Хрыстафор Калумб, калі ўпершыню прыбыў у Амэрыку, але тыя, што прыбылі пасьля яго, атрымалі назоў „канквістадораў” — заваёўнікаў. Тое самае тычыцца крыжаносцаў, якія сваю веру і панаваньне навязвалі нашым продкам агнём і мячом. Усе гэтыя зьявы нябачныя, калі глядзець зь вялікай вышыні, ахопліваючы позіркам цэласьць, але калі прааналізаваць і прыглядзецца больш уважліва, бачны ўсе скрыўленьні і злоўжываньні.

Тым ня менш ад самой ідэі „ідзіце і навучыце ўсе народы” Царква ў прынцыпе ніколі не адмовілася. Амаль дзьве тысячы гадоў таму яна сьпярша сарвала путы яўрэйскага асяродзьдзя, зь якога выйшла. Зь Юдэі рушыла заваёўваць грэцка-рымскі сьвет. У сярэдневякоўі накіравалася да варварскіх народаў, ствараючы новае аблічча Эўропы. У навейшыя часы хрысьціянская вера і Царква з эўрапэйскай сталіся агульнасусьветнымі, таксама ў геаграфічным сэнсе. Аднак сытуацыя самых місіянераў зьмянілася: яны засталіся самі, узброеныя толькі Евангельлем і Крыжам. Іхная дзейнасьць і сама прысутнасьць на чужой тэрыторыі поўнасьцю залежаць ад урадаў, зь якіх большасьць ставіцца да іх, як да няпрошаных гасьцей і рэлікту зьненавіджанай эпохі калянізацыі. У краінах Афрыкі і Азіі, сярод ваяўнічага ісляму, дзе ўсталяваліся дыктатарскія або племянныя рэжымы, місіянераў грабяць, зьбіваюць, прасьледуюць і выганяюць. Іхнае пакутніцтва добраахвотнае і яны неахвотна аб гэтым гавораць, але з часам праўда пра іх дзейнасьць стане вядомай.

Усё гэта сумнае і выклікае шчырае спачуваньне для тых, хто рызыкуючы сваім жыцьцём панёс сьвятло Евангельля і хто ня менш рызыкуючы прыняў яго. Аднак з другога боку, Хрыстос прадбачыў такую сытуацыю і не абяцаў вучням, што ўсюды будуць іх прымаць з распасьцёртымі рукамі. „Ідзіце, вось Я пасылаю вас, бы ягнят паміж ваўкоў. Не бярыце ні мяшка, ні торбы, ні абутку” (Лук. 10, 3), а мы можам ад сябе дадаць: ні тым болей зброі. Усё паўторна даручаецца ня „мудрасьці слова” (1 Кар. 1, 17) і палітыцы, але выключна моцы Евангельля, якое зьяўляецца „Божай сілай на збаўленьне кожнаму, хто верыць” (Рым. 1, 16), сілай, якая „ўдасканальваецца ў слабасьці” (2 Кар. 12, 9).

Яшчэ і ў іншым сэнсе сучаснае місіянерства бліжэйшае Хрыстоваму духу. Пасылаючы сваіх першых місіянераў Ісус загадаў ім: „Аздараўляйце хворых і гаварыце ім: наблізілася Царства Божае” (Лук. 9, 2; 10, 9). Яны павінны былі ня толькі абвяшчаць Евангельле, але аздараўляць, карміць і вызваляць. Яны былі пасланыя ня толькі дзеля ратаваньня душаў, але і несьлі палёгку целу, якое адчувае голад, холад і смагу. Пусты страўнік ня мае вушэй для найбольш узьнёслых слоў, нават для таго, хто прапаведуе Царства Божае.

Місіянеры добра разумелі гэта і зараз лепш усьведамляе гэта Царква, якая намагаецца спалучаць евангелізацыю з гуманнасьцяй. Спадзяваньні на пашырэньне Евангельля ўскладаюцца на моц самога Дабравесьця і на ўспамажэньне даступнымі Царкве сродкамі бедных народаў, дзеля дасягненьня імі сапраўднай свабоды і чалавечай годнасьці. Тое, што Ісус называў „аздараўленьнем хворых”, сёньня называецца вызваленьнем ад голаду, уціску і бязьлітаснай эксплуатацыі людзей.

Апостальства і місіянерства зьяўляюцца абавязкам ня толькі сьвятароў і манахаў, але кожнага сьвецкага верніка. У раньнехрысьціянскія часы грамада пасылала місіянераў, якія дзейнічалі ў цеснай лучнасьці са сваёй абшчынай. Гаварылася пра Царкву-Маці і цэрквы-філіі. Яны безупынна абменьваліся паміж сабою весткамі, прывітаньнямі і матэрыяльнай дапамогай (Рым.15, 25; 2 Кар. 8, 1), але перш за ўсё перадавалі адны адным веру. Місіянер пераказваў не сваю асабістую веру, але веру ўсёй абшчыны. Нават Апостал Павал адчуваў сябе даўжніком заснаваных ім абшчынаў, калі ствараў новыя парафіі. Да адной зь іх пісаў: слова Божае гучыць дзякуючы вам у Македоніі і Ахаі, а слава вашай веры ў Бога ўсюды вядомая, так што ня мусім аб ёй згадваць. Гэта яны расказваюць пра вас і як вы павярнуліся ў веру і як прынялі Хрыста (1 Фесал. 1, 7). Вера цыркулюе ў Царкве бы вада ў спалучаных сасудах. Чым больш грамада жывая і поўная веры, тым больш місіянеры будуць мужныя і сьмелыя ў абвяшчэньні веры.

Чалавек на шляху свайго жыцьцёвага пакліканьня мае да выкананьня шэраг адказных задачаў. Дзеля гэтага ён павінен быць у поўнай гатоўнасьці, нічым не абцяжараны, вызвалены ад таго, што зьвязвае яму рукі. У выпадку сьвятароў, наша Праваслаўная Царква яшчэ раз павінна перадумаць пытаньне цэлібату, аб якім вядома, што мае свае мінусы, але мае і плюсы. Што тычыцца сьвецкага апостальства, справа ня ў торбе, сандалях або палцы, аб якіх сказана ў Евангельлі, што ня трэба іх браць. Больш за ўсё зьвязвае нас цяжар нашых улюбёнасьцяў і схільнасьцяў, якіх цяжка пазбыцца. Неаднойчы гэта баляст нашага самалюбства, самавольнасьці, сваёй думкі, выгодніцтва або карысьлівасьці. З гэтак нагружанай торбай немагчыма далёка зайсьці. Адмовіцца ад гэтага цяжару, гэта адмовіцца ад свайго „я”, каб свабодна дзейнічаць у тым, да чаго мы пакліканы. Толькі тады чалавек можа стацца пасьпяховай прыладай у Божых руках. Хрыстос таксама зьвяртае ўвагу менавіта на толькі што згаданае слова „карысьлівасьць” і кажа: „Дарма атрымалі — дарма давайце”. Мы дарам атрымалі здароўе, добры характар, размаітыя здольнасьці і перш за ўсё неацэнны і незаслужаны дар веры. Усімі гэтымі падарункамі мы абавязаны дзяліцца бескарысна.

Вось таму трэба нам быць у лучнасьці, асабліва з тымі, хто на першай лініі нясе народам Евангельле і тымі, каго яны ўжо прыцягнулі да Хрыста. Іх нельга пакінуць самім сабе, як птушка не пакідае сваіх малых, несамастойных дзяцей. Нельга таксама зьмірыцца з сытуацыяй, калі ў той самай праваслаўнай сям’і, хаця ў розных краінах, адны перанасычаны, а іншыя паміраюць ад голаду. (Тут неабходная агаворка: дапамагаць трэба ўсім, не зважаючы на рэлігію, але калі ня можам дапамагчы ўсім, дык прынамсі трэба пачаць са сваіх.) Гэта крайні выпадак, але бываюць і іншыя, калі мы маем магчымасьць выказаць на справе сваю салідарнасьць з братамі ў веры. Калі дапаможам бяднейшай парафіі адрамантаваць дах храму, набыць званы або ікону, калі сваёй прысутнасьцяй на храмавым сьвяце ў далёкай, маленькай, акружанай іншаверцамі парафіі мы падбадзёрым іх, гэта таксама будзе місіянерства. У Афрыку і Азію ехаць і пашыраць праваслаўную веру трэба, але ня кожны можа гэта зрабіць. З нас, звычайных людзей, дастаткова, каб Праваслаўе асацыявалася прынамсі з парадачнасьцяй, каб мы прынамсі на сваім месцы, у сучасным, сэкулярызаваным грамадзтве сваім жыцьцём і штодзённымі паводзінамі, па меры сваіх магчымасьцяў, выконвалі Хрыстовы запавет „ідзіце і навучыце ўсе народы”.

„Вашы імёны запісаны ў небе”

(Лук. 10, 1-12 і 17-20)

Пасьля добра выкананага заданьня чалавеку характэрна спадзявацца ўзнагароды і прызнаньня. Гэтак было з 70-цю апосталамі, якія, выканаўшы даручэньне, вярнуліся і з радасьцяй заявілі: „Чэрці слухаюцца нас дзеля Імя Твайго”. Аднак пахвалы яны не пачулі, але Хрыстос сказаў ім: „Я даў вам уладу наступаць на зьмеяў і скарпіёнаў і на ўсю сілу варожую і нішто не пашкодзіць вам, аднак з таго ня цешцеся, што духі вам пакараюцца, але што імёны вашы запісаны ў небе”.

Прычыны радасьці і задаволеньня могуць быць памылковыя. „Госпадзе, — можа сказаць сучасны чалавек, — нават космас падпарадкоўваецца нам!” Аднак сапраўдным космасам для чалавека зьяўляецца яго ўласная натура. Пакуль чалавек не спрабуе апанаваць сваю натуру, не ўтаймуе схільнасьці да гневу, п’янства, ляноты, пыхлівасьці і нядбайнасьці, ён ня пан, але нявольнік сваёй натуры. Сваімі пахваламі і лісьлівасьцяй людзі падтрымоўваюць у нас прыемную ілюзію адносна нашых перавагаў, але-ж з другога боку варта памятаць і такі афарызм: „Нішто не дае нам такога задаволеньня, як быць хваленым за добрыя якасьці, якіх на самай справе ня маем”.

Нішто гэтак не разбэшчвае чалавека як посьпехі. Разумны чалавек, аднак, не атрымае галавакружэньня ад удачы і не кідаецца у роспач, калі перажывае паразу. Адным і адно, і другое можа быць толькі ўяўным. Нам толькі здаецца, што мы дасягнулі посьпеху або ўпаткала нас параза. Чым абернецца тое, што мы лічым добрым або дрэнным, не вядома. Усюды і заўжды варта памятаць пра сваю годнасьць і пра тое, што ўсё, чым валодаем, мы атрымалі ў якасьці падарунка. Калі нешта з гэтага страцім і сумеем з гэтым зьмірыцца, больш атрымоўваем чымсьці трацім. Мы павінны цешыцца тым, што Бог нас любіць, ведае кожнага па імені, што ніколі не пакіне ў бядзе. Кожны з нас зьяўляецца тым евангельскім скарбам закапаным у зямлю. Ісус зрабіў усё, каб здабыць гэты скарб.

Некалі прарок Ісая заклікаў: „Цешцеся зь Ерусалімам усе, што любіце яго, цешцеся з усімі, што ў жалобе па ім” (Іс. 66, 10). У гэтых словах зьмяшчаецца заклік да радасьці, хаця тагачасная сытуацыя схіляла хутчэй да роспачы. Радасьць патрэбная чалавеку як кветцы сонечныя прамяні. Пасьля вяртаньня са ссылкі трэба было ўсё адбудоўваць неаднойчы пачынаючы з нуля. Таму прарок накіроўвае да іх словы суцяшэньня . У Бога ўсё магчымае. Бог добры і бярэ на сябе ролю маці. „Як людзей цешыць маці іхная, так і Я буду цешыць вас” (Іс. 66,13). У Евангельлі падкрэсьліваецца, што апосталам рэкамендавалася ня браць у дарогу ні кашаля, ні сумкі. Бог задбае пра іх і гэта будзе адначасова экзаменам іхнага місіянерскага энтузіязму. Чым менш пасланцы маюць, тым яны больш вартасныя і гатовыя прыняць кожны выклік. Яны гатовы пайсьці або застацца, гатовы выканаць кожнае даручэньне, гатовы зьмірыцца з прыкрай адмовай і задаволіцца тым, што дадуць ім.

Амаль пра кожны час можна сказаць, што ён цяжкі і не схіляе да аптымізму. Кожны дзень прыносіць хваляваньні і турботы за сябе, за сваю сям’ю. З другога боку радасьць, пра якую гаворыць Хрыстос, не пустая эйфарыя, але аптымізм, які існуе не зважаючы на пакуты. Ён не выяўляецца у лёгкім сьмеху і дэклярацыях. Ці прымаю жыцьцё такім, якім яно ёсьць, якім яно мне дадзена і зададзена? Ці прымаю сябе разам са сваімі заганамі і недахопамі? Ці не пазьбягаю тых, хто насьцярожвае сваёй іншасьцяй у сэнсе выгляду, паводзін або матэрыяльнага ці інтэлектуальнага ўзроўню?

Радасьць павінна квітнець усюды там, дзе прапаведуецца Евангельле, нават калі-б гэта мела быць „пры ўсім суме”, як пісаў Апостал Павал (2 Кар. 7, 4). Радасьць азначае, што ў хрысьціяніне жыве Дух Сьвяты, „а плод Духа: любоў, радасьць, мір, доўгая цярплівасьць, дабрыня, міласэрнасьць, вера” (Гал. 5, 22). Калі пасьля Сьвятой Літургіі вяртаемся дамоў, мы павінны нагадваць тых, хто з радасьцяй вяртаўся са жніва нясучы ў руках снапы (Пс. 166, 6). Будзем бы людзі, што „сэрца напоўнілі радасьцяй”, каб несьці яе прагоркламу сьвету як доказ зьдзейсьненага Хрыстом выкупленьня.

„Праходзіць вобраз гэтага сьвету”

(1 Кар. 7, 31; Яан. 17, 11-19)

У Евангельлі часта сустракаемся з паняцьцем „сьвет”. Усё Сьвятое Пісаньне — гэта гісторыя чалавека, які жыве ў сьвеце, але перавышае сьвет велічынёй свайго пакліканьня. Сьвет — Божае стварэньне і аб’яўляе Яго Магутнасьць і Розум. Па-грэцку „космас” азначае таксама „парадак”. Па-беларуску з таго самага кораня паходзяць паняцьці „сьвятло”, „сьветлы”, „асьвечаны” і ўсё гэта станоўчыя паняцьці ў адрозьненьне ад нэгатыўных, зьвязаных зь цемрай і хаосам. Бог стварыў сьвет у дасканалай гармоніі, суладзьдзі. Чалавек павінен быў утрымоўваць гэты парадак, пануючы над сьветам і толькі грэх разбурыў парадак стварэньня, адносіны чалавека з Богам і са сьветам. Бог, які ўзьлюбіў чалавека, паслаў Сына Свайго, каб сьвет быў збаўлены празь Яго і Хрыстос вылучаецца са сьвету, у якім пануе грэх: сьвету чалавечай пыхлівасьці, эгаізму і прыхамацяў. Ён прапануе супрацьлеглыя каштоўнасьці: любоў, справядлівасьць і мір. Толькі чалавек ажыўлены Хрыстовым духам можа аднаўляць парадак і гармонію ў сьвеце. У першасьвятарскай малітве Ён гаворыць пра сваіх вучняў: „Яны не са сьвету, як і Я не са сьвету”. Ці гэтыя словы тычацца і мяне? Да каго я прызнаюся: да Хрыста ці да сьвету?

Такія думкі зьяўляюцца асабліва тады, калі хвароба, самотнасьць або нейкая бяда прымусяць нас перагледзець сваё жыцьцё. Такія акалічнасьці дазваляюць прыпыніцца, падумаць і лепш зразумець навуку Хрыста пра сьвет і людзей. Неаднойчы патрэбна гэтая дыстанцыя ад сьвету, у якім столькі мітусьні, нэрваў і шалёнай пагоні за шчасьцем, якое лічыцца асноўнай каштоўнасьцяй існаваньня на гэтым сьвеце. Сьвет чалавечых пажадлівасьцяў з’едліва насміхаецца з Хрыстовых вучняў: „Сьвет зьненавідзеў іх , бо яны не са сьвету, як і Я не са сьвету”. Толькі ці дастаткова ў нас сілы, каб стацца разумнейшымі за дзяцей гэтага сьвету? Ці не паддаліся мы празьмерна ілюзіям, ня ўблыталіся ў сьвет настолькі, што ўжо ня ведаем, як інакш жыць? Апостал нагадвае аднак: „Праходзіць вобраз гэтага сьвету”.

Зараз шмат гаворыцца пра неабходнасьць умацоўваньня славянскай, праваслаўнай або агульнаэўрапэйскай еднасьці і гэта ў прынцыпе добра. Трэба, аднак, тым мацней падкрэсьліваць неабходнасьць фармаваньня новага чалавека, які асьвячаў-бы гэты сьвет малітвай, працай, прыкладам свайго жыцьця, стаўленьнем да бліжніх, спосабам выкарыстоўваньня матэрыяльных каштоўнасьцяў. Царства Божае ня з гэтага сьвету, але яно павінна быць у саміх нас. Хрыстос маліўся да Айца: „Як Ты паслаў Мяне ў сьвет, так і Я пасылаю іх у сьвет”. Ён — сьвятло сьвету ставіць нас на падсьвечнік і хоча, каб мы асьвятлялі сьвет.

Сьвет створаны Богам, але „ў зьле ляжыць”, столькі ў ім трэба папраўляць. Старэйшыя скардзяцца на разбэшчанасьць нораваў моладзі і кажуць, што калісьці такога не было. Маладыя мараць і кажуць, што калі іх дапусьціць да голасу, яны зьменяць на лепшае сям’ю, Бацькаўшчыну і ўвесь сьвет. Ня трэба дарэмна цешыць сябе! Успамін пра цудоўнае мінулае або мары пра сьветлую будучыню — гэта толькі спроба ўцячы ад сучаснага. Тым цяжэйшая гэтая спроба, чым менш месца для Бога. „Народжанае з Бога перамагае сьвет”. „Праходзіць вобраз сьвету гэтага”, развальваюцца сыстэмы, тое, што адны карпатліва будавалі, іншыя разбураюць, думаючы, што пабудуюць лепшае.

На гэтым сьвеце не нарадзіўся ніхто, хто лепш за Хрыста зразумеў хваробы сьвету і прыпісаў-бы лякарства. Чалавек хворы з прычыны недахопу любові. Усюды там, дзе разгараецца нянавісьць, дзе адзін чалавек для другога становіцца прыладай прыемнасьці ці прыбытку, дзе пашыраюцца тэорыі аб перавазе нейкай расы або грамадзкага клясу над іншымі, там мацней і настойлівей трэба нагадваць праўду пра адзінага Айца ў небе і што ўсе мы — браты.

Лячыць сьвет праўдай і любоўю гэта заданьне Царквы — Цела Хрыстовага, да якой належыць кожны з нас: і духавенства, і сьвецкія. У кожнага свае заданьні, але ўсе можам удзельнічаць у пастырскім служэньні Хрыста і Царквы. Тое, што зьведалі мы самі, жывучы паводле Божай волі, трэба перадаваць людзям сярод іх канкрэтных цяжкасьцяў, праблемаў, турботаў і выклікаў, каб сьвятло веры асьвяціла іх і зрабіла больш людзкімі.

Памінаньне памерлых

За кожнай Сьвятой Літургіяй, не кажучы пра спэцыяльныя дні, Праваслаўная Царква памінае памерлых. Кожны з нас, акрамя „памяньніка”, які перадаецца сьвятару ў храме, носіць у сваім сэрцы імёны найдаражэйшых яму, найбліжэйшых людзей, якія выклікаюць у нас успаміны і жаль. На самай справе, адзіным спосабам жыцьця пасьля сьмерці зьяўляецца жыцьцё ў памяці іншых людзей. Як праваслаўныя хрысьціяне мы таксама верым, што нашы блізкія жывуць „у Богу”. Калі наведваем іхныя магілы, дык ня толькі каб паўспамінаць, яшчэ раз расчуліцца над балючым момантам разьвітаньня, але каб праз малітву наладзіць лучнасьць зь імі, навучыцца ад іх нечага пра тое вялікае падарожжа, якое раней ці пазьней чакае і нас.

„Душы справядлівых у руках Божых і не дасягне іх пакута”, — гаворыцца ў Сьвятым Пісаньні (Прытч. 10, 3). Сьмерць блізка кожнага з нас. Перад ёю мы ўсе бясспрэчна роўныя, безабаронныя быццам дзеці. Можна гэтак вобразна гаварыць пра жахі сьмерці, але гэта толькі ўзмоцніла-б нашы пакуты. Аб гэтым аспэкце сьмерці самі ведаем дастаткова і няма патрэбы, каб Царква або прапаведнік бясконца гаварылі аб гэтым. Гэткім чынам могуць нас толькі раздражняць, бо ўзьнікае ўражаньне, што хочуць спэкуляваць на нашых слабасьцях і боязях ды запалохаць бы гарэзьлівых дзяцей.

Дык ня будзем гаварыць аб такой сьмерці, але той, якую можа адкрыць толькі Слова Божае. Аб той сьмерці, якая страціла сваё джала і была паглынута перамогай (1 Кар. 15, 54). Каб зразумець гэтую мову, неабходна нам вера. Трэба верыць, што сьмерць раз і назаўсёды пераможана пасьля таго, калі Хрыстос патаптаў яе і ўваскрос.

З дапамогай двух вялікіх мэтафараў Сьвятое Пісаньне спрабуе паказаць хрысьціянскае аблічча сьмерці. Можна яе прыраўняць да народзінаў. Існаваньне чалавека і космасу Хрыстос і Апостал Павал бачаць як „стан чаканьня” і непасрэдна прыраўноўваюць да цяжарнай жанчыны (параўн.: Яан. 16, 21; Рым. 8, 19). У той дзень закончыцца працяглае ажыцьцяўленьне „новага стварэньня” і народзіцца новы чалавек, прызначаны да вечнага жыцьця. Гэта нагадвае матылька, які паказваецца з кокану. Мы ўжо зьяўляемся гэтым новым стварэньнем — дзяцьмі Божымі, але як кажа сьв. Яан, толькі пазьней поўнасьцю выявіцца тое, кім мы ўжо зьяўляемся (1 Яан. 3, 2). Дзіцё, якое было схаванае ва ўлоньні маці, выходзіць на „сьвятло”.

Сьмерць можна таксама прыраўняць да хросту. „Хрышчэньнем павінен Я хрысьціцца”, — сказаў Ісус, намякаючы на Сваю сьмерць (Лук. 12, 50). Паняцьці хрост і сьмерць пераменна ўжывае Апостал Павал: „Пахаваныя зь Ім у хрышчэньні” (Кал. 2, 12); „Няўжо вы ня ведаеце, што ўсе мы, якія ахрысьціліся ў Хрыста, у сьмерць Яго ахрысьціліся?” (Рым. 6, 3). Гэтая сымболіка была больш зразумелая ў раньнехрысьціянскія часы, калі таго, хто прымаў хрышчэньне, вялі над раку або ў баптыстэрыю, што нагадвала невялікі басэйн. Ён здымаў вопратку і ўсе адзнакі свайго ранейшага статусу, акунаўся ў ваду і выходзіў зь яе апрануты ў белае адзеньне. Сьмерць, — кажа Апостал, — нешта накшталт гэтага. Скідаем марную вопратку цела, апускаемся ў зямлю, каб аднойчы ўстаць зь мёртвых апранутыя ў новае адзеньне адноўленага цела, атрыманае пасьля ўваскрэсеньня (параўн.: 1 Кар. 15, 42; 2 Кар. 5, 2). Адзеньне новае, аднак такое самае! Як кажа Тэртульян, „уваскрэсьне цела, кожнае цела, тое самае цела”. Блажэнны Аўгустын гаварыў, што „мы хочам быць шчасьлівымі з нашым целам, а не пагарджаць ім”. Дарэчы, Апостал Павал сьцьвярджае, што „знаходзячыся ў гэтай хаціне, уздыхаем пад цяжарам, зь якога ня хочам распрануцца, але адзецца, каб сьмяротнае жыцьцё было праглынена” (2 Кар. 5, 4). Няшмат вядома пра гэтае адзеньне. „Як уваскрэснуць мёртвыя?” — пыталі карынфяне (1 Кар. 15, 35). У адказ пачулі: „Які зямны, гэтакія і зямныя, і які нябесны, гэтакія і нябесныя”(1 Кар. 15, 48). Тое, што сталася з Хрыстом пасьля ўваскрэсеньня, станецца і з тымі, якія належаць Хрысту.

Такім чынам нашы думкі аб сьмерці накіраваны на ўваскрэсеньне. Бязь яго „дарэмная была-б вера наша” (1 Кар. 15, 14), а мы перад абліччам сьмерці не маглі-б зрабіць нічога іншага, як толькі сумаваць, „як усе тыя, што ня маюць надзеі” (1 Фесал. 4, 13). Некалі Іаў усклікаў: „Я ведаю, што Збавіцель мой жыве... пасьля таго, як скура гэтая зьнішчыцца, у целе сваім я буду бачыць Бога. Я ўбачу Яго сам; мае вочы ўбачаць, не чужыя” (Іаў. 19, 25-27).

Дзякуючы Хрысту, спадзяваньне перайшло ва ўпэўненасьць: з уласным целам, а не безь яго, убачым Бога.

„Па іхных пладах пазнаеце іх”

(Мацьв. 7, 16-20)

У сьвятарскай практыцы ня раз выпадае сустрэцца з бацькамі няшчаснымі з прычыны сваіх дзяцей. „Такі быў цудоўны сынок, паслухмяны, ветлівы, добра вучыўся, — з плачам расказвае маці. — Зараз трапіў у дрэнную кампанію, п’е, не працуе, паднімае нават руку на нас, старых. А мы-ж сьвету за ім ня бачылі, дагаджалі, рабілі ўсё, што маглі, каб выйшаў у людзі. Можа мы самі вінаваты? Можа былі дрэннымі бацькамі? Не дагледзелі, дрэнна выхоўвалі. Кажуць, яблык не падае далёка ад яблыні”. Такое здаралася пачуць нават мне...

Што можна сказаць такім бацькам? Бывае, што ранейшыя правіны, занядбаньні, памылкі і грахі, на якія ўжо ня маем уплыву, бясконца аб сабе нагадваюць і выклікаюць дакор сумленьня. Аднак ня трэба бясплённа самабічавацца. Мінулае трэба з даверам уручыць Божаму суду. Зразумела, трэба выпраўляць тое, што яшчэ можна выправіць. Аднак нельга разважаць толькі мінулыя грахі, трэба добра пражыць сёньняшні дзень, цяпер выканаць дабро, якое Бог чакае ад нас. Перакананьне, што гэта бацькі безумоўна зьяўляюцца благімі дрэвамі, які выдалі дрэнныя плады — фальшывае і трэба ад яго адмовіцца. Хрыстос ужыў гэтую фармулёўку асьцерагаючы перад фальшывымі прарокамі (Мацьв. 7, 15-20). Дрэннымі пладамі чалавека не зьяўляюцца ня гэтулькі ягоныя дзеці, але яго ўчынкі, бо як-жа тады гаварыць пра чалавечую годнасьць і асабістую адказнасьць за сваё жыцьцё нашых дарослых дзяцей? Слова Божае гаворыць пра гэта адназначна: „У тыя дні ўжо ня будзем гаварыць: айцы елі кіслы вінаград, а ў нас на губах аскоміна, але кожны памрэ за свае ўласныя беззаконнасьці; хто будзе есьці кіслы вінаград, у таго і будзе на вуснах аскоміна” (Ерам. 31, 29). Прарок Езакііль гаварыў: „Памрэ толькі той, хто грашыць. Сын не панясе адказнасьці за віну бацькі, ні бацька за віну сына. Справядлівасьць справядлівага яму будзе залічана, а правіннасьць вінаватага зьвернецца супраць яго” (Езак.18, 20).

Ці гэта значыць, што фальшывага прарока пазнаецца па яго пладах? Калі-б нават ён нястомна заклікаў да духоўнага адраджэньня і на яго вуснах ня моўкла слова „любоў”, дык усё роўна ён быў-бы фальшывым прарокам, бо плёнам яго дзейнасьці зьяўляюцца спрэчкі, падзелы і несправядлівыя абвінавачаньні.

Евангельскую мэтафару аб добрым і благім дрэве трэба супаставіць з урыўкам зь Лісту Апостала Паўла да галятаў: „Учынкі-ж цела вядомыя: гэта блуд, распуста, нячыстасьць, сваволя, пакланеньне ідалам, чарадзейства, варожасьць, спрэчкі, зайздрасьць, гнеў, сварлівасьць, нязгода, ерасі, нянавісьць, забойствы, п’янства, непрыстойнасьць і падобнае. Гэтае кажу вам наперад, як і раней казаў, што тыя, што гэтак робяць, Царства Божага не ўнасьледуюць. Плод-жа духа: любоў, радасьць, мір, доўгацярплівасьць, добрасьць, міласэрнасьць, вера, ціхасьць, устрымлівасьць” (5, 19-23).

Мэтафару аб благім дрэве, што прыносіць благі плён, толькі ў некаторым сэнсе можна аднесьці да бацькоў і дзяцей. Бо хаця духоўныя і маральныя пазыцыі канчаткова фармуюцца ўнутры кожнага з нас, аднак іншыя людзі — пераважна сям’я і асабліва ў дзяцінстве і юнацтве — могуць спрычыніцца да таго, што разьвіцьцё чалавека пойдзе ў тым, а не іншым напрамку. Нездарма гаворыцца, што дзіцё, бы кропля вады на стале, якую пальцам можна пацягнуць у любым напрамку. Вось гэтая думка, што бацькі ня здолелі добра паўплываць на духоўнае разьвіцьцё сваіх дзяцей зьяўляецца прычынай іх дакору сумленьня.

Суаднясеньне мэтафары дрэва і пладоў да бацькоў і дзяцей мае сэнс толькі ў тым выпадку, калі спрычыняецца да станоўчай перамены ў чалавеку. Калі ад слуханьня Слова Божага ў нас зьявяцца бясплённыя смуткі, дык дрэнна разумеем Сьвятое Пісаньне. Толькі ў прыродзе яблыня застаецца яблыняю, „зь цярноўніка не бывае вінаграду, а з асоту — фігі”. Чалавек аднак гэтым і адрозьніваецца ад дрэваў, што нават калі ён — благое дрэва і прыносіць благія плады, дык з дапамогай ласкі ён можа зьмяніцца ў добрае. Калі дзіцё — у некаторым сэнсе — зьяўляецца пладом сваіх бацькоў, дык яно гэтым адрозьніваецца ад яблыка, што канчатковая пастанова наконт духоўнай пазыцыі адбываецца ў ім самім. Можна нарадзіцца ад дрэнных бацькоў і быць добрым чалавекам, а можа быць і наадварот. Пабожны цар Ёсія быў унукам нягодніка Манасіі і сынам Амона, які не ўступаў свайму бацьку, а бунтаўнік Авесалом быў сынам пабожнага Давіда.

Толькі раз Хрыстос ужыў аргуманту, які можна было-б супаставіць з пагаворкай, што „яблык падае недалёка ад яблыні”. „Вы — сыны тых, што забівалі прарокаў” (Мацьв. 23, 31). Гэткім чынам Ён як быццам хацеў сказаць: „Асуджаеце сваіх продкаў, якія забівалі прарокаў, але на самай справе вы ня лепшыя. Апамятайцеся і не бярыце прыкладу са сваіх продкаў”. Вось таму трэба забыць пагаворку пра яблыню і яблык, бо яна жорсткая, нечалавечная і перш за ўсё непраўдзівая. Хіба, што зьмесьцім у ёй заклік да сапраўднай любові: да бацькоў, каб хаця-б дзеля сваіх дзяцей сталіся лепшыя і да дзяцей, каб ня бралі дрэннага прыкладу з бацькоў. Аднак у канчатковым выніку кожны адкажа перад Богам за сябе.

З вышэйсказанага не вынікае, што можна не пераймацца злом, якое зьдзяйсьняюць нашы блізкія. „Не хваліся бязбожнымі сынамі”, — гаворыцца ў Кнізе Сыраха (16, 1), бо бывае і такое, што бацькі заміж плакаць, ганарацца нягоднымі ўчынкамі сваіх дзяцей.

У той-жа кнізе зьмешчана шэраг напамінаў, каб дарослыя дзеці сваімі паводзінамі не прыносілі ганьбы сваім бацькам. „Ганьба для бацькі, калі мае дрэнна выхаванага сына, а калі дачку — яна прынясе яму толькі сорам” (Сыр. 22, 3; параўн.: 15, 20; 17, 25; 19, 13; 29, 3).

У Сьвятым Пісаньні ёсьць і такая фраза: „Ці-ж Яфрэм не дарагі Мне сын і выбранае дзіцё? і таму, калі толькі загавару пра яго, нутро Маё хвалюецца за яго і мушу яму аказаць міласэрнасьць” (Ерам. 31, 20). Таму не выпадае зьдзіўляцца, што дрэнныя дзеці спрычыняюць бацькам боль. Толькі нячулыя і бяздушныя бацькі могуць спакойна глядзець на тое, як іхныя дзеці сышлі на дрэнны шлях. Гэты боль павінен схіляць бацькоў да малітваў і духоўных ахвяраў у карысьць сваіх дзяцей. Толькі гэты боль не павінен пахіснуць веру і той унутраны супакой, які плыве з лучнасьці з Хрыстом.

Прыгадаю яшчэ прыклад Апостала Паўла, які ў маладосьці зрабіў мноства зла. Напрыканцы свайго жыцьця ён не вагаўся заявіць: „Я ўдзельнічаў у добрых выперадках, бег закончыў, веру ўсьцярог. Наастатак адкладзены і мне вянок справядлівасьці, які ў той дзень дасьць мне Госпад, справядлівы судзьдзя, і ня толькі мне, але і ўсім, што ўзьлюбілі Яго прыход” (2 Цім. 4, 7).

Суцяшальнае ўва ўсім гэтым тое, што строга ацэньваючы сябе, бацькі кіруюцца пераважна любоўю. Для іх невялікае суцяшэньне ад таго, што ў тым, якімі сталіся іхныя дзеці больш вінаваты нехта іншы. За дзяцей трэба маліцца. Малітву маці аб апамятаньні дзіцяці, калі яна цярплівая і шчырая, Бог выслухоўвае заўсёды. „Немагчыма, каб сын гэтулькіх сьлёз мог загінуць”, — гаварыў маці блажэннага Аўгустына адзін епіскап, калі той быў яшчэ далёкі ад веры. Гэта можа быць, напрыклад, такая малітва: „Божа, зрабі мяне верагодным сьведкам Тваёй праўды і запаветаў. Сам па сабе я ня ўмею пераканаць маіх дзяцей аб слушнасьці Тваіх дарог, можа нават я перашкаджаю ім распазнаць Цябе! Але Ты, Госпадзе, усемагутны і міласэрны. Ты-ж можаш зрабіць, каб я наблізіўся да Цябе і такім чынам спрычыніўся да набліжэньня да Цябе маіх дзяцей”.

Няўжо загад ненавідзець?

(Лук. 14, 26)

„Калі хто прыходзіць да Мяне і не зьненавідзіць бацькі свайго і маці, і жонкі, і дзяцей, і братоў, і сёстраў, а перш за ўсё самога жыцьця свайго, той ня можа быць вучнем Маім” (Лук. 14, 26). Так гучыць адно з найбольш незразумелых месцаў Евангельля. Яно гэтак-жа неспадзяванае як фраза: „Ня мір прыйшоў Я прынесьці, але меч”. Варта прыгадаць, што ў Евангельлі паводле Мацьвея гэтае выказваньне Хрыста сфармулявана інакш: „Хто любіць бацьку ці маці болей за Мяне, ня варт Мяне: і хто любіць сына ці дачку болей за Мяне, ня варт Мяне” (Мацьв. 10, 37).

У шмат каго можа ўзьнікнуць пытаньне: чаму ў Сваім дамаганьні любові для Сябе Хрыстос такі захопніцкі, адкуль такі эгаізм? Дамаганьне выключнасьці ў нечым толькі для сябе сапраўды выклікае неадабрэньне. Аднак на самай справе тут не разыходзіцца пра нянавісьць у традыцыйным разуменьні, але адмаўленьне ад таго, што магло-б нас адвярнуць ад Хрыста, аб пастаўленьні любові да Бога і Хрыста вышэй за ўсё і ўсіх — нават за найбліжэйшых. Калі Бог зьяўляецца ўвасабленьнем абсалютнай праўды і дабра, дык у імя гэтых каштоўнасьцяў неаднойчы трэба супрацівіцца нават сваёй сям’і. Хрыстос падкрэсьліў, што любіць каго-небудзь больш за Бога, гэта любіць несапраўдна. „Кахаць — гэта ня ўзрушвацца некім, мець шчырыя пачуцьці да яго, паддавацца яму, захапляцца, прагнуць, хацець авалодаць ім. Кахаць — гэта перш за ўсё аддаць сябе другому, іншым” (M. Quoist, „Малітва і дзеяньне”, с. 284-286). Сьвет, у якім Бог не стаіць на першым месцы, гэта непраўдзівы і скажоны грахом сьвет.

Гэта дасканальна бачна на прыкладзе Маці Макавейскай, якая страціла сямёх сыноў. Калі-б напалоханая пэрспектывай пакутніцкай канчыны сыноў яна спрабавала намаўляць іх ратаваць сваё жыцьцё адмаўляючыся ад Бога, яна кахала-б іх больш за Бога. Але любоў, што намагаецца ўсьцерагчы каханага чалавека ад нейкага нядоўгавечнага зла, нават за кошт духоўнай руіны, гэта блізарукая і ўмоўная любоў: у канчатковым выніку яна менавіта несапраўдная. Аднак Макавеева маці сапраўды кахала сваіх дзяцей! Яна падбадзёрвала іх перад сьмерцю: „Дзіця маё... ня бойся гэтага забойцы, будзь годны братоў тваіх і прымі сьмерць, каб у час Божага зьмілаваньня я зноў атрымала цябе разам з братамі тваімі” (2 Мак. 7, 29). Ніхто разумны ня скажа, што яна выбрала Бога заміж уласнага дзіцяці. Сваёй непахіснасьцю яна выявіла менавіта любоў і да Бога, і да прысуджанага на сьмерць сына. Нярэдка людзям здаецца, што жыцьцё ня раз ставіць нас перад выбарам: або Бог, або каханы чалавек. На самай-жа справе, або выбіраем і Бога, і чалавека, або і Бога, і чалавека адкідаем. Маці, якая дзеля выратаваньня дзіцяці намаўляе яго да нягоднага дзеяньня, запярэчвае ня толькі любові да Бога, але і да дзіцяці.

Бываюць яшчэ больш драматычныя сытуацыі, калі блізкая асоба ўспрымае выбар Бога як сваю ўласную крыўду. Маладая, карфагенская хрысьціянка Пэрпетуя мела магчымасьць лёгка пазьбегнуць сьмерці і выйсьці на свабоду. Хапіла толькі схлусіць і кінуць некалькі зярнятак кадзіла ў ахвяру паганскім багам. Ейны бацька ня мог зразумець, як можна не пакарыстацца такім простым выйсьцем, тым болей што Пэрпетуя асіраціла-б малое дзіцё. Вось як сама яна апісвае свае турэмныя мукі: „Бацька спрабаваў схіліць мяне да зьмены пастановы кажучы: Зьлітуйся нада мною старым, дачка! Узгадай братоў і сёстры, маці, цётку і дзіцё, якое ня зможа жыць безь цябе. Адмоўся ад свайго намеру, не губі ўсіх нас!” Аднак Пэрпетуя не паслухала бацькі, не адмовілася ад веры і прыняла пакутніцкую сьмерць.

Дык што-ж азначае заклік Хрыста, каб зьненавідзець сваіх блізкіх і „сваё жыцьцё”. Нянавісьць — гэта больш чым недахоп любові. Гэта яе супрацьлегласьць. Калі Хрыстос, які заклікае любіць нашых ворагаў, кажа нам ненавідзець, дык напэўна не дзеля таго, каб мы супрацьпаставіліся сапраўднай любові да блізкіх. Наказ ненавідзець блізкіх і нават сябе самога, гэта нішто іншае як заклік да адмаўленьня ад фальшывай любові.

У чым-жа заключаецца гэтая фальшывая любоў, якую трэба адкінуць?

Яна бывае розная, але заўсёды ставіць хвіліннае, частковае дабро над самую каханую асобу. Неаднойчы важнейшым за самога чалавека лічым яго выгаду, прыемнасьць, посьпех. Бывае, што верх бярэ жаданьне любой цаною ўсьцерагчыся ад непрыемнасьцяў і клопатаў. Аб фальшывай любові сьведчыць некрытычнае ўхваленьне ўсіх дзеяньняў каханага чалавека. Вельмі дрэнна, калі дзеля любові да некага мы крыўдзім іншага. Фальш любові яшчэ больш відавочны, калі заспакойваем дрэнныя спадзяваньні некага або самі прапануем маральна двухсэнсоўную дапамогу. Бывае, што кіруючыся нібыта любоўю, бацькі даюць сваім дзецям проста жахлівыя парады: „мэта апраўдвае сродкі”, любымі сродкамі адстойвай свае інтарэсы, расьпіхайся локцямі, дбай перш за ўсё пра сябе. Калі гэта выплывае зь любові, дык лепш, каб такой любові наагул не было! Таксама шкоднай бывае любоў, калі заміж выхоўваць дзіцё, бацькі яго расьпешчваюць. Шмат абортаў праведзеных было ў выніку злашчаснай „зычлівасьці” блізкіх і знаёмых, якія салідарна спрабавалі вызваліць жанчыну ад клопату...

Канчатковы лёс чалавека: збаўленьне або пракляцьце, зьвязаны з поўным адкрыцьцём усяго, што чалавек зьдзейсьніў падчас зямнога жыцья. Тады таксама поўнасьцю раскрыецца ў сваёй двудушнасьці ды брыдоце і фальшывая любоў. Тады і выявіцца, што гэта не любоў, але сумесь дурноты і эгаізму.

Вось такой любові Хрыстос загадвае супрацьпаставіцца, каб зрабіць месца для сапраўднай любові.

Маральная ацэнка прыемнасьці

(Рым. 13, 12-14)

Адной з самых натуральных цягаў чалавека зьяўляецца імкненьне да прыемнасьці і шчасьця. Аднак у вернікаў узьнікаюць унутраныя нелады: ці ўсё дазволена, тым болей, што і Царква мала гаворыць пра гэта.

Чалавечыя прыемнасьці бываюць розныя. Аднаму прыемна, калі добра пра яго гавораць, іншаму — калі людзі яго баяцца. Адны з асалодай пераглядаюць ашчадную кніжку, а іншыя з такім-жа пачуцьцём выдаткоўваюць грошы. Адным прыемна добра паспаць і паесьці, а іншыя шчасьлівыя, калі перамагаюць у сабе такія схільнасьці.

Прыемнасьць можна акрэсьліць такім чынам: гэта перажываньне зьвязанае з валоданьнем нейкім дабром. У выніку: якое дабро, такая і прыемнасьць. Калі дабро ўмоўнае, дык умоўная будзе і прыемнасьць ад карыстаньня ім. Дабро цялеснае спараджае цялесную прыемнасьць, а духоўнае — духоўную. Калі дабро зьнявечанае, таксама і прыемнасьць будзе няпоўная. Інакш цешыцца са здадзенага экзамену студэнт, які завязаў партнёрскую гутарку з настаўнікам, а яшчэ інакш той, якому пастаўлена была ненайгоршая адзнака зь літасьці. Дабро можа быць таксама атручанае і тады аб прыемнасьці нельга сказаць, што яна здаровая. Дзеяньні, якія выплываюць з помсты, распусты, нянавісьці могуць прынесьці чалавеку толькі брудную прыемнасьць.

Усё, што ў чалавеку адкрыта на нешта ад яго вышэйшае, мае моц перанасычаць і ператвараць. Чалавечыя пачуцьці адкрыты на Бога і моц, якая плыве ад Бога. Калі кажам, што жывёлы маюць такія, як і чалавек, пачуцьці, дык гэта няпоўная праўда.

У жывёлаў — гэта фізычныя здольнасьці, а пачуцьці чалавека маюць духоўнае вымярэньне. Зрок ястраба больш праніклівы за чалавечы, але толькі чалавек можа сваімі вачыма прыкмеціць таго, хто патрабуе дапамогі, распазнаць блаславёную моц дабра і цёмныя сілы зла.

У чалавеку ўсё накіравана на пераўзыходжаньне сябе: фізіялягічныя патрэбы ня толькі біялягічныя, псыхічны стан выходзіць па за сфэру псыхікі. Нават розум, тая высакародная частка нашай чалавечнасьці, зьвернуты да нечага, што яго перавышае і таму чалавек не адмаўляецца ад пазнаваньня таямніцаў, якіх ніколі не пазнае.

Што адбываецца, калі авалодваючы пажаданымі каштоўнасьцямі спрабуем іх замкнуць у сабе, адгарадзіць ад вышэйшага?

Яны паступова выраджаюцца і гніюць, атручваючы самую каштоўнасьць. У гэтым сэнсе „атручанае” бывае дабро і „брудная” прыемнасьць. Асабліва брудная прыемнасьць, якая выплывае з распусты, бо сфэру сэксу пазбавілі вышэйшых пачуцьцяў. Бруднай можа быць жаданьне нажывы, як і радасьць зь яе дасягненьня, бо хаця мусім працаваць дзеля прыбытку, аднак нажыва не павінна быць канчатковай мэтай. Нават імкненьне да праўды і прыемнасьць даходжаньня да яе могуць быць скажоныя, калі шукаем праўды супраць некага, або калі частковую праўду спрабуем абагульняць і супрацьпастаўляць больш унівэрсальнай праўдзе.

Брудныя прыемнасьці хутка брыднуць і пакідаюць пачуцьцё самаагіды. „Усё гэта не дае задавальненьня”, — кажуць людзі, якім удалося нацешыцца тым, аб чым іншыя нават ня могуць марыць. Прыходзіцца паўтарыць банальную праўду, што роскаш, слава, улада і найбольш вытанчаныя забавы не кампенсуюць недахопу любові і ў далейшай пэрспектыве не заглушаюць пачуцьця бяссэнсіцы. Усё гэта зразумеў цар Саламон, калі сказаў, што „ўсё — марнасьць” (Экл. 1, 2). Простая ежа лепш смакуе сумленнаму чалавеку, чымсьці багатыя стравы перанасычанаму. Нашая здольнасьць адчуваньня прыемнасьці паходзіць ад Таго, Хто абдзяляе нас размаітым дабром, але яна будзе нас штурхаць да самазьнішчэньня, каб згубіць аб’ектыўную іерархію каштоўнасьцяў. Такія „заплату дастануць за няпраўду: бо шчасьцем лічаць яны штодзённыя роскашы; паганьбенцы і паскуднікі асалоду знаходзяць у сваіх ашуканствах”, — пісаў Апостал Пётр (2 Пятр. 2, 13).

Калі аднак брудная прыемнасьць канчаецца самаагідай, а сапраўднага задавальненьня нельга спазнаць у маральным бязладзьдзі, дык адкуль у нас такая цяга да брудных прыемнасьцяў? На гэтае пытаньне можна адказаць пытаньнямі: а чаму больш нас зачароўвае моц грошай і гвалту, чымсьці моц любові, якая перамагае нават сьмерць? Чаму свабода больш асацыюецца з усёдазволенасьцю, чымсьці з разбуджваньнем у сабе ўтоеных здольнасьцяў да дабра? Чаму наша годнасьць часта значыць для нас менш за чалавечыя ацэнкі, кар’еру або выгаду? Мабыць таму, што проста нам не хапае розуму і таму лёгка паддаемся ілюзорнай прывабнасьці і нагаворам зла.

Напэўна можна цешыцца з прыемнасьцяў і дзякаваць за іх Богу, але ці выпадае нам шукаць прыемнасьцяў, нават калі яны плывуць з сапраўднага дабра? Тут неабходны глыбейшы роздум. Наш сябра дарагі нам не таму, што прабываньне зь ім дае прыемнасьць, але прыемна нам зь ім прабываць таму, што ён нам блізкі. Не на тое вучымся, каб атрымаць дыплём, але папера будзе афіцыйным пацьверджаньнем таго, што студэнцкія гады не былі намі змарнаваныя. Гэтак-жа справы маюцца і з дабром, і з прыемнасьцю, якая з дабра вынікае. Трэба перш за ўсё шукаць дабра, а прыемнасьць зьявіцца як быццам машынальна, бо дабро зьяўляецца дабром незалежна ад таго, ці ўдалося спазнаць яго смак. Гэтак-жа і зло застаецца злом незалежна ад таго, ці прыносіць брудную прыемнасьць.

Для верніка найвышэйшым і канчатковым дабром зьяўляецца прабываньне з Богам і няма большай прыемнасьці за тую, якая выплывае з удзельніцтва ў любові Божай. „Скаштуйце і спазнайце, які салодкі Госпад”, — усклікаў Давід (Пс. 34, 9). „Вы паспрабавалі, што Госпад добры”, — пісаў Апостал Пётр (1 Пятр. 2, 3). Гэтая прыемнасьць часткова даступная ўжо ў гэтым жыцьці, хаця поўнасьцю выявіцца ў будучым: „Чаго ня бачыла вока і ня чула вуха, і што не ўзыходзіла ў сэрца чалавека, тое Бог прыгатаваў любячым Яго” (1 Кар. 2, 9).

Трэба нам таксама разьмяжоўваць прыемнасьць і шчасьце. Людзі імкнуцца да шчасьця і спрабуюць яго знайсьці ў прыемнасьцях. Спорт, тэлебачаньне, ежа, піцьцё, падарожжы, закупкі, сэкс — гэта прыемнасьці, да якіх людзі імкнуцца. Усё гэта само ў сабе ня мусіць быць дрэнным, але робіцца такім, калі чалавек атаясамлівае іх са шчасьцем. Шчасьце — гэта нешта трывалае і нязьменнае, а прыемнасьці — кароткачасовае ўзбуджэньне пачуцьцяў. Шчасьце не заключаецца ў прыемным уражаньні ад смаку, нюху або зроку, але ва ўнутраным перакананьні і веры. Для верніка шчасьце — радаснае перакананьне аб збаўленьні душы і дараваньні грахоў. Хто мае такую ўпэўненасьць, той крыху скаштаваў сапраўднага шчасьця. Трывалы супакой сэрца замацаваны ў праўдзе зьяўляецца тым скарбам, якога ня ў змозе замяніць эрзац усіх прыемнасьцяў сьвету.

Аб рэінкарнацыі або Ці жылі мы раней у іншым целе?

Ад чутак пра рэінкарнацыю, пераўцялесьненьне, проста немагчыма адагнацца. Аб тым, што нехта ў гіпнозе пацьвердзіў, што некалі быў кітайскім мандарынам, потым францускім шляхціцам, затым сто гадоў пазьней жаўнерам у іншай краіне або рабочым у ангельскай фабрыцы ў мінулым стагодзьдзі пішуць ня толькі несур’ёзныя газэты. Наслухаўшыся і начытаўшыся пра рэінкарнацыю нават некаторыя вернікі пачынаюць верыць тым, хто цьвердзіць, што існавала гэтак званае пятае Евангельле, ёсьць копцкая Біблія, якія адназначна гавораць у карысьць рэінкарнацыі. Акрамя таго, нібыта ў 4—5-м стагодзьдзях Евангельлі былі перапрацаваны і нават у агульнапрынятай Бібліі ёсьць месцы, якія не выключаюць магчымасьць рэінкарнацыі. Гэта словы Нікадыма пра паўторнае нараджэньне (Яан. 3, 3), затым фрагмэнты Евангельля паводле Лукі (9, 19) і Мацьвея (16, 14), дзе на пытаньне Ісуса: за каго ўважаюць Яго людзі, Апосталы адказалі, што „адны за Яана Хрысьціцеля, іншыя за Ілью, яшчэ іншыя за Ерамію або за аднаго з прарокаў”. Таксама і Ірад ня меў упэўненасьці, ці Хрыстос не Яан Хрысьціцель (Марк. 6, 14-16; Лук. 9, 7-9). Шмат каго застанаўляе фрагмэнт Евангельля: „Ілья прыйдзе раней і падрыхтуе ўсё... тады вучні зразумелі, што гаварыў ім пра Яана Хрысьціцеля” (Мацьв. 17, 11-13). Нарэшце аздараўленьне сьляпога ад нараджэньня (Яан. 9, 2-3). Застанаўляе таксама пытаньне Апосталаў: „Равьві, хто зграшыў, што ён нарадзіўся сьляпым — ён сам ці бацькі ягоныя?” Калі-ж ён мог заслужыць на сваё калецтва, як ня ў іншым уцялесьненьні. І хаця адказ Хрыста быў адмоўны, дык выразна Ён не запярэчыў такой магчымасьці. Чарговым аргумантам у карысьць рэінкарнацыі зьяўляецца Страшны Суд. Прыхільнікі гэтай тэорыі цьвердзяць, што гэты суд неабходны, таму што гэта ўсеагульны суд, ацэнка ўсіх уцялесьненьняў.

Цьверджаньні аб нібыта паўсюднай веры ў рэінкарнацыю ў раньнехрысьціянскія часы абсалютна беспадстаўныя. Творы першых трох стагодзьдзяў — апублікаваны і кожны на сваёй мове можа іх прачытаць. Ёсьць, напрыклад, „Дзідахэ”, „Пісаньні Айцоў Апостальскіх”, „Ліст Варнавы”, творы сьв. Кімента Рымскага, Ігната Антыёхскага, сьв. Палікарпа, Ермы, Юстына Пакутніка, Мінунцыя Фэлікса, Арыгена, Тэртульяна, Ірынея і Кіпрыяна. Выдадзены таксама твор „Грэцкія апалягеты ІІ-га стагодзьдзя”. Пералічваю гэтыя творы, каб кожны ведаў, што яны даступны ў бібліятэках. Не азнаёміўшыся з гэтымі творамі сапраўды можна паверыць, што першыя хрысьціяне верылі ў рэінкарнацыю. Напрыклад, егавісты лічаць, што першыя хрысьціяне верылі дакладна так, як яны цяпер. На думку адвэнтыстаў, першыя хрысьціяне сьвяткавалі ў суботу, а не ў нядзелю. Тыя, што гэтак цьвердзяць, хай пакажуць канкрэтны тэкст.

Нельга таксама пагадзіцца зь цьверджаньнем, што ў 4—5-м стагодзьдзях Евангельле было скажонае. Гэта азначае, што Дух Сьвяты, які даў Царкве Слова Божае, ня здолеў усьцерагчы яго матэрыяльнага зьместу. Той, хто гэтак гаворыць, павінен падумаць, ці ён слухаецца Божага Слова, ці хоча яго падпарадкаваць сваім меркаваньням. У выпадку верніка гэта непрымальнае, калі ён спрабуе ўжываць Бога і Яго Слова, каб даказаць тое, што каму ўздумаецца.

Гляньма цяпер на канкрэтныя тэксты, якія нібыта сьведчаць у карысьць рэінкарнацыі. Хрыстос сказаў Нікадыму: „Запраўды кажу табе, калі хто не народзіцца нанова, ня ўбачыць Царства Божага” (Яан. 3, 3). Ясна, што гаворыцца тут пра народзіны, якія „не з крыві, не ад жаданьня цела, не ад жаданьня мужа” (Яан. 1, 13). З нашых бацькоў мы нарадзіліся людзьмі, але з Бога ў акце хрышчэньня — дзяцьмі Божымі, удзельнікамі Яго боскай натуры.

У Лістах Апостальскіх гаворыцца аб гэтым неаднойчы. „Багаслаўлены Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, які празь вялікую ласку Сваю адрадзіў нас уваскрэсеньнем Ісуса Хрыста зь мёртвых дзеля жывое надзеі, дзеля спадчыны нятленнай, бяз сказы, што не завяне і захавана ў нябёсах для вас” (1 Пят. 1, 3-4). „Захацеўшы, спарадзіў нас словам праўды, каб быць нам нейкім пачаткам тварэньняў Яго” (Якуб. 1, 18). „Кожны, хто нарадзіўся ад Бога, грэху ня робіць, бо насеньне Яго прабывае ў ім, і ня можа грашыць, бо народжаны ад Бога” (1 Яан. 3, 9).

Згадайма яшчэ Ірада, які пра Ісуса думаў, што „Яан Хрысьціцель уваскрос і дзеля гэтага цуды празь яго дзеюцца” (Марк. 6, 16). З тэксту ясна вынікае, што Ірад думаў не пра рэінкарнацыю, але ўваскрэсеньне. Яан Хрысьціцель быў старэйшы за Ісуса толькі на шэсьць месяцаў (параўн.: Лук. 1, 36). Трыццацігадовы ўзрост у наступным уцялесьненьні можна было-б дасягнуць найраней трыццаць гадоў пасьля сьмерці ў папярэднім уцялесьненьні. Тым часам Ірад дашукоўваўся ў Хрысьце Яана Хрысьціцеля пару месяцаў пасьля сьмерці прарока.

Затое праўда, што яўрэі чакалі прарока Ілью, які меў папярэднічаць прыходу Месіі. Яны чакалі яго таму, што з другога разьдзелу Кнігі Царстваў вынікала, што Ілья не памёр, але быў жывым узяты на неба і ў адпаведны момант вернецца на зямлю, каб падрыхтаваць людзей да прыходу Збавіцеля.

Евангельле прадстаўляе Яана Хрысьціцеля як таго, хто папярэднічаў Госпаду „ў духу і сіле Ільі, каб вярнуць сэрцы бацькоў дзецям, і непаслухмяных да мудрасьці праведных, каб прыгатваць Госпаду народ падрыхтаваны” (Лук. 1, 17). Гэтая-ж ідэя выказана таксама ў Евангельлі паводле Мацьвея (17, 9-13). Аб тым-жа, што гутарка тут ідзе не пра рэінкарнацыю, сказана адназначна: „Спыталі Яго, ці Ты Ілья. Ён адказаў — не!” (Яан. 1, 21).

„Навошта Страшны Суд, калі кожны з нас будзе суджаны адразу пасьля сьмерці”, — кажуць некаторыя, якія лічаць, што меў-бы гэта быць суд над жыцьцём ува ўсіх уцялесьненьнях. Аднак пра гэтае ў Евангельлі няма і гутаркі. Хрыстос вучыў, што Страшны Суд будзе падсумаваньнем чалавечай гісторыі, будзе судом над усім чалавецтвам і нічога болей. „І зьбяруцца перад Ім усе народы” (Мацьв. 25, 32). Няма патрэбы шукаць таго, чаго няма!

Вернемся яшчэ да аргуманту са сьляпым (Яан. 9, 2): „Хто зграшыў, што ён нарадзіўся сьляпым — ён сам ці бацькі ягоныя?” Гэтае пытаньне асноўвалася на памылковай прадпасылцы, што кожная бяда зьяўляецца пакараньнем за грэх. На жаль, спэкуляцыі наконт таго, ці чалавек можа быць пакараны за грэх, які зьдзейсьніць у будучыні або за грэх, які зьдзейсьніў-бы, калі-б меў дзеля гэтага нагоду, зьяўляліся ня раз. Змагаўся з гэтымі спэкуляцыямі блажэнны Аўгустын, які ў прыватнасьці пісаў: „Дзіву дзіўлюся, што людзі зь несумненнымі здольнасьцямі высунулі такую гіпотэзу: суд чакае чалавека не паводле заслугаў, сабраных ужо ў часе прабываньня ў целе, але паводле заслугаў, якія накапіў-бы ў выпадку даўжэйшага жыцьця”. Падобныя спэкуляцыі падмацоўвалі тэзіс пра тое, што калецтва было пакараньнем за грэх, але сам Хрыстос паддаў гэты тэзіс пад сумнеў. Дарэчы, было-б надзвычай негуманна цьвердзіць, што прыроднае калецтва зьяўляецца пакараньнем за грэх зьдзейсьнены ў іншым уцялесьненьні. Гэта можа адказаць некаму на яго пытальныя знакі ў ягоным сьветапоглядзе, але крыўдзіць жывых людзей, якія нарадзіліся зь нейкім калецтвам. Наша вера цалкам інакш адказвае на пытаньне: чаму таленты і жыцьцёвыя цяжары разьмеркаваны гэтак нераўнамерна. Менавіта мы верым, што кожнага з нас Бог узьлюбіў непаўторным чынам і Ён лепш за нас ведае, чым абдзяліць нас у нашым жыцьці. Верым таксама, што „каму больш дадзена, ад таго і больш запатрабуецца” (Лук. 12, 48). Верым і ў тое, што „верны-ж Бог, Які не дапусьціць, каб вас спакушалі звыш сілы, але пры спакушэньні дасьць і палёгку, каб вы маглі яго перанесьці” (1 Кар. 10, 13). Калі ведаем пра гэта, нам лягчэй зьмірыцца з тым, чаго ня ведаем і ня будзем ведаць адказу на пытаньне пра неаднолькавасьць чалавечых лёсаў.

Разважым яшчэ адзін аргумант. Калі-б дактрына пра рэінкарнацыю была праўдзівая, усякая любоў паміж людзьмі была-б мімалётнай зьявай, па сваёй натуры кароткачасовай.

Нават такая цесная сувязь, як паміж маці і дзіцём, мужам і жонкай, абрывалася-б на парозе наступнага ўцялесьненьня.

Сапраўды немагчыма супаставіць тэорыю аб рэінкарнацыі з праўдай аб тым, што чалавек — асоба, а яго любоў — невыпадковая і каштоўная.

Чэслаў Мілаш — лаўрэат Нобелеўскай прэміі, які сам пра сябе заявіў, што ён „апошні грамадзянін Вялікага княства Літоўскага” — пісаў у сваім творы „Зямля Ульро” наступнае: „Вандроўка чалавечай душы, як вялікая мэтафара, як платонаў міф, вабіла ўяўленьне людзей... але менавіта хрысьціянства супрацівілася пертварэньню міфу ў дактрыну, да чаго схільныя былі некаторыя культы. Агіда да сьвету, роспач, нуда, зьнеахвочаньне тады мусілі быць ня меншыя чымсьці ў другой палове дваццатага стагодзьдзя і аб іх інтэнсіўнасьці сьведчыць вобраз цела як турмы, у якой прабывае душа... Хрысьціяне — упэўненыя, што чалавек мае адно жыцьцё — па сутнасьці баранілі існасьці гэтага сьвету, дадзенага нашым пачуцьцям, а сьв. Павал, які апавяшчаў уваскрэсеньне целаў, гэтым самым на стагодзьдзі паставіў бар’ер паміж хрысьціянствам і рэлігіямі індыйскага паходжаньня. Наагул можна сказаць, што тут ёсьць два полюсы: чым бліжэй да надзеі, што чалавек можа быць збаўлены ўвесь, значыць, ягонае цела можа быць адноўленае і ператворанае, тым далей ад тэорыі духаў, які вандруюць ад аднаго цела да другога”.

Гэта думкі выдатнага паэта, якія таксама маюць сваю вагу. Для вернікаў, аднак, найбольш аўтарытэтным павінна быць Сьвятое Пісаньне і Сьвятая Традыцыя. На іх падставе Праваслаўная Царква не прызнае рэінкарнацыі.

Не прысягайце!

(Мацьв. 5, 34-37)

На кожным кроку ад нас патрабуюцца нейкія подпісы, абавязацельствы, запэўненьні або прысягі. Калі адмовім, могуць не прыняць нас, напрыклад, на працу, можам мець нейкія праблемы. Аднак Евангельле наагул забараняе прысягаць! Як жа тады спалучыць практыку жыцьця з патрабаваньнямі Святога Пісаньня?

Сапраўды ў Евангельлі чытаем: „Не прысягай зусім: ні небам, бо яно Трон Божы, ні зямлёю, бо яна падножжа нагам Яго, ні Ерусалімам, бо ён горад Вялікага Цара, ні галавою сваёю не прысягай, бо ня можаш ніводнай валасінкі сваёй зрабіць белаю альбо чорнаю. Але няхай будзе слова вашае: «так — так», «не — не», а што звыш гэтага, тое ад ліхога” (Мацьв. 5, 34-37).

У гэтым фрагмэнце зьмешчаны прынамсі тры павучэньні. Па-першае, нельга да Божых запаветаў ставіцца як да чалавечых законаў. У Старым Запавеце забаранялася фальшывая прысяга, забаранялася дарэмна вымаўляць Імя Божае, дык людзі прыдумалі прысягі на неба і зямлю, на Ерусалім або на сваю галаву. Аднак усе гэтыя прысягі спасылаюцца на Бога, бо ўсе вялікія каштоўнасьці, на якія чалавек мае ахвоту прысягаць, зьяўляюцца Божым дарам. Такім чынам кожная прысяга спасылаецца на Бога і няма сэнсу шукаць нейкіх паўпрысягаў.

Па-другое, Хрыстос хацеў вярнуць звычайнаму слову яго сапраўдную каштоўнасьць. Гутарка наша павінна быць шчырая і адкрытая: „так — так”, „не — не”. „Для хрысьціяніна кожная гутарка павінна быць бы прысяга”, — гаварыў сьв. Еранім. Заміж сказаць „праўда”, мы любім дадаваць „шчырая праўда”, а калі і гэтага не хапае, кажам „найпраўдзіўшая праўда”. Такім чынам ствараецца атмасфэра, калі словы ўсё больш разыходзяцца з рэчаіснасьцю і чалавеку ўсё цяжэй верыць сказанаму слову.

Сёньня амаль немагчыма купіць нешта, што вялікімі літарамі не было-б названае „дасканалае”, „надзвычайнае”, „супер”, ажно няма месца на слова, якім можна было-б акрэсьліць проста салідны тавар. Калі хлеб, дык проста смачны і сьвежы, калі прылада, дык функцыянальная і трывалая.

Аднак у Сьвятым Пісаньні ёсьць некалькі канкрэтных прыкладаў прысягі, з чаго вынікае, што яно не выключае прысягу цалкам, але хоча, каб зьвесьці прысягу да неабходнага мінімуму.

„Бог мне сьведкам, што ў тым, што вам гавару, няма адначасова і «так» і «не»”, — пісаў Апостал Павал (2 Кар. 1, 18). „Тое, што вам пішу, гавару перад Богам, што не хлушу”, — запэўніваў ён у Лісьце да галятаў (1, 20), або ў Лісьце да рымлянаў: „Сьведкам мне Бог, Якому служу маім духам” (1, 9). Немагчыма, каб Апостал сьведама парушаў забарону і таму словы „цалкам не прысягайце” нагадваюць нам, каб па меры магчымасьці пазьбягаць прысягі і не прысягаць занадта ахвотна.

Як-жа прысяга магла-б быць злом сама па сабе, калі ўжывае яе сам Бог. „Прысягаю на Сябе, — сказаў Бог Аўрааму, — што паколькі ты не пашкадаваў свайго адзінага сына, буду цябе бласлаўляць” (Быцьц. 22, 16). На гэтую прысягу ёсьць затым спасылка ў Евангельлі (Лук. 1, 73). Гаворачы пра вышэйшасьць Хрыстовага сьвятарства над сьвятарствам Аарона, Апостал разьвівае аргумант, што толькі гэтае першае сьвятарства замацаванае прысягай: „Прысягнуў Госпад і ня будзе шкадаваць: Ты сьвятар навекі” (Яўр. 7, 20; Пс. 110, 4).

Прысягай пераважна называем пакліканьне Бога на сьведку нашых заяваў або абяцаныняў. Бог — усюдыісны і таму Ён сьведкам усіх нашых дзеяньняў і справаў, ці хочам мы гэтага ці не. Дык пра што ідзе гутарка ў прысязе? Празь яе мы выконваем дадзены акт з поўнай сьвядомасьцю, што гэта адбываецца перад абліччам самога Бога. Таму зразумела, што сама прысяга патрабуе асаблівай ангажаванасьці і справа заключаецца ня толькі ў тым, каб прысяга не ператварылася ў будзёншчыну. Калі можна не прысягаць, мы не павінны гэтага рабіць. Гэта тычыцца сумленнай прысягі, бо фальшывая прысяга — гэта д’ябальскі ўчынак: зло зьдзейсьненае з поўнай сьвядомасьцю Божай прысутнасьці і з пакліканьнем Яго на сьведку.

Аднак са згаданага фрагмэнту Евангельля вынікае, што пазьбягаць трэба нават сумленнай прысягі, бо мэты, якія хочам дасягнуць з дапамогай прысягі, пераважна можна дасягнуць і безь яе. Дастаткова толькі ўсьведаміць сабе, што знаходзімся ў Божай прысутнасьці.

Возьмем для прыкладу сужэнскую прысягу. Мы клічам Бога на сьведку гэтага абавязацельства ня толькі таму, каб выканаць яго ў цяжкія хвіліны. Нават не таму, што разлічваем і заўсёды будзем разлічваць на прысутнасьць Бога ў нашай сям’і. Сужэнская прысяга адлюстроўвае звышнатуральны характар саюзу паміж мужам і жонкай. Гэты саюз цудоўны і таямнічы ўжо ў сваім чалавечым вымярэньні. У гэтай прысязе ўрачыста паклікаецца Бога на тварца і сьведку засноўваемай супольнасьці з надзеяй, што Бог будзе дапамагаць, каб гэтая супольнасьць ня толькі расла і пералівалася на дзяцей, але і пратрывала на жыцьцё вечнае.

Вось таму рэлігійны чалавек лічыць абразай Бога ўрачыстае закліканьне Яго дзеля пацьверджаньня таго, што і без прысягі выклікае маральны сумнеў. Прыгадаем адзін эпізод з часу ІІ-й сусьветнай вайны. Малады аўстрыйскі селянін Франц Егэрштатэр адмовіўся прынесьці прысягу. „Не магу прымірыць сваё сумленьне з барацьбой за фюрэра, — патлумачыў ён, — не магу прынесьці прысягі, якая зьвяжа мяне з урадам, што вядзе несправядлівую вайну”. Суд ня ўлічыў, што Егэрштатэр быў бацькам траіх малалетніх дзяцей, і прысудзіў яго на сьмерць. Прыгавор быў выкананы. Зараз ягонае імя згадваецца нароўні з пакутнікамі.

Варта прыгадаць яшчэ іншых пакутнікаў, якія пад пагрозай катаваньняў і сьмерці не хацелі даваць абяцаньняў, што адыдуць ад Хрыста. Яны нават не спрабавалі выкручвацца тым, што дадзеныя пад прымусам абяцаньні — несапраўдныя. Яны проста ведалі, што да нягодных рэчаў нельга абавязвацца нават пад прымусам.

Як-жа аднак павесьці сябе ў выпадку, калі бясконца ад нас патрабуюць мноства дэклярацыяў і абавязацельстваў? Нават калі аддаем у хімічную пральню касьцюм, ад нас патрабуюць згоды на тое, што могуць быць пашкоджаны гузікі. Касьцюм пераважна вяртаецца бяз шкодаў, але пральня з дапамогай нашага подпісу здымае зь сябе адказнасьць за магчымыя шкоды. Здаецца, падобная маладушнасьць і жаданьне перакінуць адказнасьць на іншых зьяўляецца прычынай шматлікіх дэклярацыяў. Калі здарыцца, што прапанаваны для подпісу тэкст выклікае супраціў сумленьня, ня трэба яго падпісваць. Нават калі-б гэта быў уяўны акт, зь якога ніхто нас ня будзе разьлічваць, нават калі-б адмова магла стварыць праблемы.

Што тычыцца іншых дэклярацыяў, дык у прынцыпе можна іх даваць. Трэба аднак разьмяжоўваць іх на тыя, якія згодны са здаровым сэнсам, і якія пярэчаць яму. Ад гэтых апошніх трэба па меры магчымасьці адмаўляцца.

Чаго мы павінны саромецца?

(Саф. 3, 5; Эф. 5, 10-14)

„Беззаконьнік ня ведае сораму”, — пісаў прарок Сафонія. Евангельскі няправедны судзьдзя самакрытычна прызнаў, што „я Бога не баюся і людзей не саромлюся” (Лук. 18, 4). На жаль, такіх людзей, хаця яны самі да гэтага не прызнаюцца — шмат і таму пытаньне сораму заслугоўвае на ўвагу.

Гэта складанае пытаньне. Бывае фальшывы сорам, ханжаства, бессаромнасьць. Неаднойчы саромеемся перад іншымі, а часам самі перад сабою і Богам. Усё гэта адносна лёгка можна ўпарадкаваць, калі ўсьведамім сабе асноўны сэнс пачуцьця сораму. Мы саромеемся ўсяго, што аб’ектыўна, у вачах іншага чалавека або нашых уласных зьмяншае нашу каштоўнасьць або годнасьць, усё, што робіць нас сьмешнымі або нягоднымі павагі. Мы саромеемся нават рэчаў маральна нейтральных, напрыклад, гаспадыня саромеецца з прычыны перасоленага супу, або нехта саромееца адтапыраных вушэй. Мы спрабуем прыхаваць фізіялягічныя мінусы свайго выгляду і экспанаваць тое, што ставіць нас у больш прывабным сьвятле.

Аднак маральна нейтральных рэчаў амаль не саромеемся перад сваімі блізкімі. Перад жонкай, маці або дзіцём не саромеемся, што не пабрыліся, што ў нас ня мытыя валасы.

Сорам павінен нас бараніць перад учынкамі і паводзінамі маральна заганнымі. Чаму аднак неаднойчы меншае зло больш нас сароміць, чымсьці непараўнальна большае? Нехта саромеецца свайго выгляду, на які і так ня мае ўплыву, але ня сорамна яму жорстка змагацца за сваё, не зважаючы не чужую крыўду. Нехта схаваўся-б пад замлю, калі-б яго злавілі на крадзяжы яблыка з чужога саду, але не саромееца пакінуць жонку з малалетнімі дзеткамі. Яшчэ іншы саромееца — і правільна — сядзець у аўтобусе, калі побач стаіць бабуля, але ня сорамна сваю ўласную маці адаслаць у прытулак для састарэлых. Як вытлумачыць гэтую дыспрапорцыю паміж сорамам і аб’ектыўнай прычынай дзеля яго?

Бессаромнасьць заключаецца менавіта ў тым, што чалавек не саромеецца таго, чаго павінен саромецца. Яна бярэцца адтуль, што чалавек страціў пачуцьцё сваёй годнасьці: ня ўмее саромецца сваіх паводзінаў ні перад сабою, ні перад Богам. Саромеецца ён яшчэ толькі людзей, але толькі таго, чаго не ўдаецца прыхаваць і што людзі лічаць заганным. Навошта маю саромецца жорсткіх метадаў на шляху кар’еры, калі, дасягнуўшы посьпеху, мне не пагражае пагарда, але хутчэй за ўсё стану аб’ектам зайздрасьці і захапленьня? Чаго саромееца, калі пакіну жонку і дзяцей, калі гэта не падабаецца толькі людзям, на якіх мне не залежыць?

Адсюль бачна, што ўменьне саромецца зьяўляецца здольнасьцю, якая, як кожны іншы дар, патрабуе працы. Паколькі сутнасьць нашай годнасьці ў нас саміх, а не ў вачах іншых людзей, таму і першасны павінен быць сорам перад самім сабой і Богам. Сорам перад людзьмі павінен стаяць на другім месцы, як дапаможны бар’ер перад злом, якое можам зьдзейсьніць.

На самай справе саромеемся пераважна перад людзьмі, і да таго тымі, на чыёй думцы нам залежыць. Уявім сабе сытуацыю, калі груба абслугоўваем кліентаў або расьпіхваемся локцямі, спрабуючы ўціснуцца у набіты аўтобус. Раптам прыкмячаем, што глядзіць на нас сусед або знаёмы, які заўсёды лічыў нас ветлівым і парадчаным чалавекам. Нам робіцца няёмка і літаральна вылазім са скуры, каб нейкім чынам зьмякчыць нэгатыўнае ўражаньне. Аб чым сьведчаць такія паводзіны? Чалавечая ацэнка зьяўляецца для нас асноўным крытэрыем маральнасьці нашых паводзін.

Бессаромнасьць можа дайсьці да таго, што не саромеемся рабіць зло нават у прысутнасьці блізкіх. Калі разам з найбліжэйшай сям’ёй рыхтуем на некага пастку, або калі сумесна зь сябрам абдумоўваем нейкую хлусьню, гэта значыць, што ў нашым сумленьні пашкоджана апошняя плаціна.

Калі чалавек сам не саромееца свайго зла, але сорамна яму перад людзьмі — гэта крывадушніцтва, паколькі яго асноўным клопатам робіцца вонкавы выгляд. Сам сорам перад людзьмі — гэта пераважна заслабы стымул, каб істотным чынам памяняць сваё маральнае аблічча. У выніку, чалавек застаецца бессаромным, хаця навонкі спрабуе паказаць сябе прыстойным. Неаднойчы абурае нас немаральнасьць іншых, але мы самі ня лепшыя, толькі лепш свае заганы хаваем. Нас раздражняе бракаробства, асабліва калі становімся яго ахвярай, але не перашкаджае нам, калі абы-як выконваем свае ўласныя абавязкі. Кожная бессаромнасьць патрабуе нейкага ацьверажэньня, апамятаньня, аб якім гаворыць Апостал Павал: „Які-ж плод мелі вы тады, што цяпер гэтага саромеецеся? Бо канец гэтага — сьмерць” (Рым. 6, 21).

Узгадаем яшчэ пра адзін вельмі своеасаблівы від сораму: часам саромеемся дабра, якое робім. У некаторым сэнсе гэты сорам выплывае з боязі, што людзі могуць нас дрэнна зразумець і абвінаваціць у фарызэйскім усхваленьні сваіх заслугаў. Сарамлівае хаваньне дабра вынікае хутчэй за ўсё зь перакананьня, што нашае дабро занадта добра сьведчыла-б аб нас, падчас калі ў нас мноства заганаў, пра якія людзі проста ня ведаюць. Акрамя таго неаднойчы адчуваем, што дабро, вынесенае на паказ, быццам-бы вяне. Сам Хрыстос рэкамэндаваў нам нічога не рабіць напаказ „перад людзьмі, каб яны бачылі вас” (Мацьв. 6, 21).

Бывае таксама фальшывы сорам. Апостал Павал быў удзячны Анісіфару за тое, што „кайданоў не саромеецца” (параўн.: 2 Цім. 1, 16).

Апостал Пётр перасьцерагаў: „Абы толькі не цярпеў хто з вас мукі, як забойца або злодзей, ці злачынец, ці пасягаючы на чужое, а калі як хрысьціянін, то не саромся, але ўслаўляй Бога за такую долю” (1 Пятр. 4, 15). Гэтак-жа і бацькі не павінны саромецца свайго недаразьвітага дзіцяці, бо толькі тады іхная самаахвярнасьць, поўная павагі для чалавечай годнасьці дзіцяці, будзе ўрокам чалавечнасьці для пастароньніх сьведкаў іх гора. Няма таксама нічога ганебнага ў шматдзетнасьці і толькі зрэдку бацькі акружаныя чародкай дзяцей выклікаюць іранічныя заўвагі ды насьмешкі.

І нарэшце паставім сабе пытаньне: ці ўмеем з прычыны нашага зла саромецца перад Богам? Ці ў хвіліны, калі ўсьведамляем сабе бяссэнсіцу нашых спадзяваньняў, мы ўмеем „засароміцца, бы злодзей злоўлены на месцы злачынства” (Ерам. 2, 26). Ці нехта моліцца ў духу малітвы Ездры: „Божа, саромеюся падняць зрок мой на Цябе, бо злачынствы мае вырасьлі вышэй за галаву, а віна мая сягае нябёсаў” (Ездр. 9, 6). Пажадана, каб ува ўсіх было гэтулькі самакрытычнасьці і перакананьня аб сваёй віне. „Дык вось дзеткі, — пісаў Апостал Яан Багаслоў, — прабывайце у Ім, каб калі Ён зьявіцца, мець сьмеласьць і не асароміцца перад Ім у прыход Ягоны” (1 Яан. 2, 28). Да гэтага можна яшчэ дадаць: гэтак паводзьце сябе ў любы час, каб сьмела маглі паглядзець людзям у вочы.

Пакіньце адно і другое да жніва

(Мацьв. 13, 24-30)

„Царства Божае падобнае да чалавека, што пасеяў добрае семя на полі сваім. Калі-ж людзі спалі, прыйшоў вораг яго і пасеяў куколь сярод пшаніцы, і пайшоў”, — чытаем у Евангельлі. Слугі запрапанавалі выпалаць куколь, але гаспадар адказаў: „Не, каб выбіраючы куколь, вы не павырывалі разам зь ім і і пшаніцы. Пакіньце расьці разам тое і другое да жніва. А ў час жніва я скажу жняцам: зьбярэце перш куколь і зьвяжэце яго ў пучкі, каб спаліць яго, а пшаніцу зьбярэце ў гумно маё”.

У гэтым фрагмэнце паказаны два стаўленьні да граху і грэшнікаў: чалавечае і Божае. Мы адразу схільны назваць пустазельлем тых людзей, якіх лічым відавочнымі шкоднікамі, але для Бога зельлем зьяўляецца зло, якое расьсяваюць людзі. Мы-ж нецярпліва дамагаемся ад Бога неадкладнай рэакцыі і пакараньня, бо любім на ўласныя вочы пабачыць перамогу справядлівасьці і прыніжэньне грэшнікаў. Ахвотна нават расправіліся-б зь імі ўласнымі рукамі: „Ці хочаш, Госпадзе, каб мы пайшлі і павырывалі гэтае зельле?”

Аднак Бог рэкамендуе цярплівасьць. Не сьпяшайцеся з прысудам, не гарачыцеся ў сваіх ацэнках, бо „вашы думкі — не Мае думкі”. „Вы ня ведаеце нават, кім будзе ў сваім дарослым жыцьці непаслухмянае дзіцё”. Бог абдараваў чалавека вольнай воляй і чалавек — у пэўным сэнсе — мае права скарыстаць сваю свабоду так, як яму толькі ўздумаецца. Бог ня хоча парушаць нашу свабоду, калі мы на гэта не дазволім, ажно да сьмерці, калі адбярэ нам свабоду. Ажно да сьмерці! І таму гаспадар кажа слугам: дазвольце зельлю расьці да жніва.

У сваёй цярплівасьці Бог паводзіць сябе так, як разумны выхаваўца: чалавек павінен сам на сабе адчуць вынікі сваіх памылак, пераканацца сам на сваёй скуры, якое зло спрычыняе злоўжываньне свабодай. Бог дапускае гэта ня дзеля пагібелі чалавека, але дзеля апамятаньня. Толькі балючае дасьведчаньне вяртае чалавека на добрую дарогу. Ці-ж ня бачна вакол нас учарашніх грэшнікаў, бязбожнікаў і блюзьнерцаў, якія зараз сталіся набожнымі людзьмі? А мы-ж хацелі заўчасна павязаць іх у пучкі для спаленьня.

Справядлівасьць Божая імкнецца не да расправы над грэшнікам, але да перамогі, якую ў душы і жыцьці дасягае праўда. Бог дае грэшніку шанц выказацца да канца, але дае таксама час на працяглае, карпатлівае вяртаньне да Яго.

Згаданы фрагмэнт Евангельля можа быць падставай для разважаньня аб талерантнасьці. Вельмі часта прыходзіцца чуць пра „рэлігійную талерантнасьць”, „талерантнасьць у дачыненьні да нацыянальных меншасьцяў, іншадумцаў” і гэтак далей. Па-латыні „толерарэ” азначае „вытрымоўваць, пераносіць”. Згодна клясычнаму азначэньню, талерантнасьць — гэта паблажлівае, лібэральнае стаўленьне да чужых вераваньняў, практыкаваньня веры, поглядаў, учынкаў і пазыцыяў, нават калі яны не супадаюць або пярэчаць нашым.

Талерантнасьць належыць да ўнівэрсальных, вечных, чалавечых каштоўнасьцяў, якая важная ня менш за любоў. З аднаго боку, гэта этычная катэгорыя, а з другога — норма сужыцьця паміж людзьмі. Сусьветная гісторыя і гісторыя нашай краіны ў прыватнасьці прыносіць мноства прыкладаў нэгатыўных вынікаў адсутнасьці талерантнасьці. Гэтая адсутнасьць заўсёды выяўлялася ў эгаізьме, пыхлівасьці, зьняважлівым стаўленьні да іншых, незразуменьні патрэбаў, думак ды інтарэсаў людзей, якія ў нечым адрозьніваюцца ад большасьці.

Крайняй формай неталерантнасьці зьяўляецца фанатызм. Фанатык адкідае магчымасьць маральнага выбару, усякія ваганьні і развагу, і заміж іх сьлепа трымаецца адной сыстэмы каштоўнасьцяў.

Адназначных фанатыкаў няшмат, але затое вельмі часта можна сустрэць проста неталерантных людзей. У адрозьненьне ад фанатыкаў, неталерантныя людзі часам могуць спрабаваць зразумець іншы погляд, але ўсё роўна лічаць, што слушнасьць знаходзіцца на іхным баку. Затое талерантны чалавек паважае іншых і ўмее прыкмеціць у кожным чалавеку яго натуральную годнасьць. Ён не дапускае ў паводзінах іншага чалавека дрэнных намераў, бо паважае яго сумленьне.

Вялікім прыхільнікам талерантнасьці быў францускі энцыкляпэдыст Дэні Дзідро. У сваім творы „Праходкі скептыка” ён пісаў наступнае: „Шмат разоў я раскашаваўся гутаркамі з Клеабулам і групкай сяброў, якімі акружаецца, бо мае ён сяброў і не баіцца іх страціць. Вось якім чынам ён умее затрымаць іх пры сабе: не патрабуе ад іх, каб фармавалі свае погляды паводле ягоных, не абмяжоўвае іх у густах і ацэнках. Я сам бачыў як пірончык абдымаецца са скептыкам, скептык у пашане ў атэіста, атэіст дзеліцца сваімі грашыма з дэістам, дэіст ахвяруе свае паслугі прыхільнікам Сьпінозы”.

На жаль, у шырэйшых колах філёзафаў не бывала такой ідыліі, як сярод вузкага кола энцыкляпэдыстаў. Напрыклад, Фрыдрых Ніцшэ атаясамліваяў талерантнасьць зь нявольніцкім бясьсільлем, якое вядзе да нігілізму. Яго ўзорам быў Ёган Гётэ, які цьвердзіў: „паступаць талерантна — значыць абражаць”. Аўтар „Фаўста” разумеў працэс талерантнасьці як спрыяньне фактарам, што чужыя праўдзе, няслушныя, якія аднак ахвотна прымаюцца па практычных меркаваньнях.

Нэгатыўна ставіўся да талерантнасьці маркіз дэ Сад. На ягоную думку „талерантнасьць — цнота слабых”. Для яго талерантнасьць — гэта тактычны прыём тых, хто апынуўся пад пагрозай. Таму пад штандар талерантнасьці хаваюцца апазыцыянеры або меншасьці, якія, аднак, у выпадку сваёй перамогі хутка забываюцца пра гэтую каштоўнасьць. Моцныя ўрады не адчуваюць патрэбы ў талерантнасьці, паколькі ня мусяць ні з кім лічыцца і ўмеюць пасьпяхова накідаць сваю волю.

Талерантнасьць ні ў якім выпадку не азначае адмаўленьня ад сваіх перакананьняў і каштоўнасьцяў. Яна спрыяе дыскусіі і дыялёгу, заснаваных на веры ў слушнасьць сваіх перакананьняў з адначасовай павагай для пазыцыі іншых людзей. Рэлігійная талерантнасьць цалкам не вядзе да адрачэньня ад ісьцінаў сваёй веры. Калі-б гэтак было, яна асацыявалася-б зь безыдэйнасьцяй, скептыцызмам і абыякавасьцю.

У Дзеях Апостальскіх ёсьць красамоўнае апавяданьне пра Апостала Пятра і сотніка Карнілія. Калі Апостал увайшоў у ягоны дом, той „упаў да ног яго і пакланіўся. Але Пётр падняў яго гаворачы: устань, я таксама чалавек... І прамовіў да іх (прысутных): вы ведаеце, што нельга жыду лучыцца ці схадзіцца з чужынцамі, але Бог паказаў мне не лічыць ніводнага чалавека паганым ці нячыстым” (Дзеі. 10, 25-28). Усе вакол лічылі сотніка паганцам, чужынцам, горшым за іх, але ня Пётр. Ён выявіў больш за талерантнасьць, хаця мог сказаць або прынамсі падумаць: ясна, што ты горшы, ты чужынец, паганец, ты сапраўды нягодны, каб я нават размаўляў з табою, але я велікадушна не брыджуся табою. Калі-б у талерантнасьці Пятра было гэтулькі зазнайства і пагарды для сотніка, дык яна сапраўды абражала-б і прыніжала-б чалавека.

Цікавыя ўказаньні пакінуў нам Апостал Павал, для якога таксама талерантнасьці відавочна было мала. Ён пісаў: „Нічога не рабеце зь перакорлівасьці або дзеля марнае славы, але ціхай мудрасьцяй лічыце адно аднаго вышэй за сябе” (Піліп. 2, 3). „Ня думайце пра сябе больш, чым трэба думаць... Будзьце аднадумныя між сабою, ня думайце зашмат аб сабе... ня будзьце мудрымі самі празь сябе. Калі магчыма з вашага боку, будзьце ў згодзе з усімі людзьмі... Ня мсьціце за сябе... калі вораг твой галодны — накармі яго... Ня будзь пераможаны злом, але перамагай зло дабром” (Рым. 12, 3-20). Тут таксама не гаворыцца, што „вы лепшыя, але прынамсі яўна не дыскрымінуйце тых горшых”. Для Паўла, гэтак-ж як і для Пятра, самой талерантнасьці было мала. Ён лічыў, што заміж велікадушных талерантных паводзін трэба іншых „лічыць нават вышэй за сябе”.

Для нас найбольш аўтарытэтным зьяўляецца Ісус Хрыстос. Ён вучыў ня толькі розуму, але таксама памяркоўнасьці ў ацэнках і паводзінах, бо любіў людзей і асуджаў толькі зло. Сваё Царства Ён супрацьпастаўляў сьвету крывадушнасьці, тупасьці і заўзятасьці. Таму і асуджаў крывадушнасьць і зазнайства фарызэяў, якіх называў „пабеленымі магіламі”. Дасканала разумеў таксама матэрыяльную і духоўную беднасьць і нават для грэшнікаў знаходзіў словы прабачэньня, калі толькі бачыў у іх прынамсі цень пакоры і раскаяньня. Такую спадчыну Сын Чалавечы пераказаў Царкве ў якасьці ўказаньняў для яе.

Калі мы ня ў змозе з такой любоўю ставіцца да ўсіх людзей, бачачы ў іх таксама стварэньне Божае, дык хай прынамсі, як мінімум, будзе ў нас разумная талерантнасьць.

Любіць сваё, паважаць чужое

„Адкуль магу мець упэўненасьць, што мая праваслаўная вера сапраўдная? Мае суседзі — каталікі, працую з баптыстам і нават ведаю аднаго іегавіста. Зразумела, ёсьць і мусульмане, і будысты. Кожны зь іх перакананы аб праўдзівасьці сваёй веры, нават аб іх лепшасьці і выключнасьці. Можа і я, калі-б нарадзіўся ў іслямскай сям’і, быў-бы перакананы, што іслям — сапраўдная рэлігія?” Неаднойчы можна пачуць такія выказваньні нават ад найбольш руплівых парафіянаў.

Паспрабуем пайсьці шляхам гэтага „а што было-б калі?”. Многія з нас нарадзіліся ў камуністычных краінах. Усе народжаныя там маглі-б паступіць у камсамол, кампартыю, быць фанатычнымі чэкістамі, дзеячамі, але ня мусілі-б. Маглі-б па меры магчымасьці звычайна жыць, працаваць, не змагацца зь ніякімі „ворагамі народу”, ставіцца да дзяржаўнага ладу без варожасьці, але і без энтузіязму. Канкрэтныя абставіны, у якіх мы нарадзіліся і жывем, хаця і фармуюць наш сьветапогляд, усё-такі ня цалкам пазбаўляюць нас свабоды ўсякага выбару. Калі я нарадзіўся з бацькоў беларусаў, я неабавязкова мушу быць беларускім патрыётам. Ня мушу быць таксама гарачым прыхільнікам Праваслаўя толькі таму, што праваслаўнымі былі мае бацькі. Самога месца нараджэньня мала. Хрыстос, які нарадзіўся ў віфляемскіх ясьлях, ня быў аслом.

На сьвеце мноства народаў і рэлігіяў. З гэтай размаітасьці складаецца духоўнае багацьце чалавецтва. Радзіма, мова, рэлігія — гэта тыя найбольш істотныя вымярэньні культурнай супольнасьці, у якую ўваходзім праз нараджэньне і выхаваньне, а затым праз актыўнае ўдзельніцтва. Мы нават ня ў змозе належна асэнсаваць наколькі гэтая супольнасьць, асяродзьдзе фармуюць нас. Дарэчы, у добрым і дрэнным сэнсе, бо ў кожнай культурнай традыцыі ёсьць і нэгатыўныя элемэнты. Такім чынам, калі мы прыходзім на сьвет у дадзенай супольнасьці, гэта яшчэ не дае гарантыі, што будзем актыўнымі членамі гэтай супольнасьці. Дзеля гэтага трэба яшчэ прыкласьці шмат намаганьняў.

Можна таксама быць дысыдэнтам, але дысыдэнцтва — гэта непрыманьне не ўсяго, а толькі некаторых рэчаў.

Часам можна пачуць наступнае: „Кожная вера добрая, абы толькі чалавек жыў паводле таго, у што верыць”. „Добрая” або „дрэнная” вера залежыць ад таго, наколькі яна дазваляе людзям пазнаваць саміх сябе, выяўляць сваё канчатковае прызначэньне і зьвяртацца ўсім жыцьцём да Таго, з каго ўсё пачынаецца.

Праваслаўе ўпэўненае, што яно — „адзінае сьвятое”, і што яно поўнасьцю захавала залог апостальскай веры. Павал Еўдакімаў у кнізе „Праваслаўе” пісаў: „Гэта ня беднасьць веры, якая можа шукаць нейкага дапаўненьня, але багацьце нашай Царквы і паўната артадоксіі, схіляе нас да сьведчаньня навонкі аб нашай апостальскай веры. Усе іншыя маюць заўсёды магчымасьць вяртаньня да сапраўднага арганізму ласкі... Царква ад нікога не патрабуе падпарадкавацца ёй як гістарычнай установе, але запрашае да прыняцьця праўды, напрыклад, Нікейскага Сымбалю Веры і пастановаў сямі Сабораў. Не тэолягі высоўваюць тут нейкія патрабаваньні, але сама праўда прымае і ўводзіць у еднасьць з Праваслаўем. Аднак Царква нікому не перашкаджае ў захаваньні свайго гістарычнага аблічча і істотных адметнасьцяў традыцыі продкаў”.

Заклікаючы вернікаў даражыць сваёй верай наша Царква адначасова заклікае „любіць сваё і паважаць чужое”. Яна высока ацэньвае таксама іншыя хрысьціянскія веравызнаньні і вялікія рэлігіі сьвету зыходзячы зь перакананьня, што тое, што было прадметам веры мільёнаў людзей і шматбакова адбівалася на культуры народу, не магло быць абсалютнай памылкай. „Ніхто ня мае нагэтулькі рацыі, каб прынамсі крыху рацыі ня меў іншы бок”. Напэўна ёсьць у розных рэлігіях непраўдзівыя элемэнты, але нельга сказаць, што ёсьць проста праўдзівыя і непраўдзівыя рэлігіі. Царква не адкідае таго, што ў іншых рэлігіях сапраўднае і сьвятое. Са шчырай павагай ставіцца да тых спосабаў дзеяньня і жыцьця, да тых запаветаў і дактрынаў, якія хаця і адрозьніваюцца ад нашых, аднак неаднойчы маюць у сабе той праменьчык Праўды, якая асьвятляе ўсіх людзей. Інакш кажучы, наша Праваслаўная Царква вучыць нас любіць і цаніць у чалавеку не ягоныя атрыбуты і якасьці, але яго найбольш істотнае ядро — душу. На практыцы сьведамы праваслаўны хрысьціянін павінен без прадузятасьці і насуперак газэтным абвінавачаньням, напрыклад, у „фундамэнталізьме”, як мага болей даведацца пра рэлігію або канфэсію гэтых „фундамэнталістаў” перш чым яе асуджаць.

Чаму-ж тады цьвердзім, што зь ліку ўсіх іншых рэлігіяў праваслаўнае хрысьціянства выключнае? Калі-б расеец, немец аб француз пачалі гаварыць пра свой народ, што ён найлепшы, дык ясна, што ніхто не захацеў-бы іх слухаць. Ведаем, што некаторыя народы могуць шмат чым пахваліцца, напрыклад, высокай культурай, але ўсё роўна ня лічым гэтую культуру лепшай або праўдзіўшай за іншыя. Чаму-ж тады праваслаўнае хрысьціянства лічым нагэтулькі выключным, што сваю веру хочам пашыраць або нават навязваць іншым? Калі лічым, што француз ня мусіць стацца немцам, а кітаец — расейцам, дык чаму-ж мы выходзім з такой прапановай да будыстаў або мусульманаў? Справа ў тым, што гэта наш непасрэдны абавязак. У Евангельлі сказана: „Ідзіце і навучыце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца і Сына і Сьвятога Духа, навучаючы іх выпаўняць усё, што Я сказаў вам” (Мацьв. 28, 19-20). Там ня сказана: „Навучыце толькі тых, што самі гэтага папросяць”. Дарэчы, неаднойчы людзі просяць не таго, што служыць іхнаму сапраўднаму дабру. У гэтым сэнсе нават дарослыя людзі паводзяць сябе быццам дзеці!

Гаворачы без непатрэбнага пафасу, праваслаўная вера — гэта нешта большае чымсьці ўкаранелая ў культуру сыстэма рэлігійных памкненьняў чалавека. Наагул, хрысьціянская вера — гэта Ісус Хрыстос, Спрадвечны Сын Божы, Які праз Сваю чалавечнасьць і сьмерць на Крыжы стаўся Збавіцелем усіх людзей. Ён — Збавіцель ня толькі народаў, якія стварылі хрысьціянскую культуру, але сапраўды Ён выкупіў усе народы і ўсіх людзей. Мы проста перакананыя ў гэтым! Гэта тычыцца нават чалавека, які кажа: „Няма Бога акрамя Аляха і Магамэт — прарок ягоны”. Вось таму навіна аб той любові, якую Ўсемагутны Айцец выявіў праз Сына, павінна быць занесена ўсяму сьвету і ўсім народам, зразумела, толькі без агню і мяча. Наагул нават высакародных рэчаў ня трэба нікому навязваць: іх можна толькі прапанаваць! Айцец Аляксандар Яльчанінаў у свой час пісаў: „Усё ясьней становіцца мне, што Праваслаўе — гэта стыхія абсалютнай свабоды. Гэта боязь перад уставамі і правіламі, боязь нейкім чынам абмежаваць сябе, боязь паставіць слова, думку, дэклярацыю перад або цалкам бяз факту, гэта агіда да прапаганды або гвалту хаця-б чыста ідэйнага або псыхалягічнага характару, боязь перад усякім пераконваньнем, вера толькі ў самую наяўнасьць рэлігійнага жыцьця і перакананьне, што ўсё астатняе прыйдзе само”. Гэта праўда, што каталіцызм дае нам неблагі прыклад „закілзаньня”, падпарадкаваньня сьвету. „Сьвет павінен жыць паводле касьцельных правілаў, сьвет слуга Касьцёлу” — гэта асноўная думка каталіцызму, зь якой аднак наша Праваслаўная Царква пагаджаецца толькі часткова. Мы, праваслаўныя, проста кажам „прыйдзі і паглядзі”. Паглядзі, хто мы, як жывем, і тады або далучайся да нас, або не. Выбар належыць да цябе, але зрабі добры выбар! Для праваслаўных вернікаў гэта адначасова заданьне, каб мець чым пахваліцца. Калі нехта, дэкляруючы сябе праваслаўным, жыве бы паганец, ён шкодзіць іміджу Праваслаўнай Царквы. У такім выпадку лепш было-б, калі-б ён афіцыйна выпісаўся з Царквы і задумаўся над тым, ці наагул верыць у Хрыста.

Калі некаму пашчасьціла, што ўжо ў маленстве яго акружала атмасфэра Дабравесьця, хай будзе ўдзячны Богу за гэтую ласку і хай перадае Дабравесьце далей. У жыцьці так складаецца, што ў дзяцінстве адны атрымоўваюць больш, а іншыя — менш. Джон Сцюарт Міль ужо ў дзяцінстве навучыўся ад свайго бацькі некалькіх моваў уключна з лацінскай і грэцкай, а нехта іншы ня мае такой магчымасьці, нават ва ўнівэрсытэце. Некаторыя былі ня толькі ахрышчаны ў маленстве, але мелі магчымасьць грунтоўна пазнаць сваю веру. Іншыя дайшлі да гэтага напрыканцы жыцьця, пасьля карпатлівых пошукаў праўды. Аднак галоўнае тое, што таго самага дасягнулі і адны, і другія.

Уявім сабе нарэшце сытуацыю, напрыклад, будыста, які з малаком маці высмактаў гарачую прывязанасьць да веры сваіх бацькоў. Праўдападобна, калі да яго дойдзе вестка пра Ісуса Хрыста, ён успрыме яе. Гэтаму, аднак, трэба спрыяць. Галоўнае, каб чалавек пазнаў хрысьціянства, бо наагул пачынаем разумець і любіць тое, што ведаем. У Сьвятым Пісаньні сказана: „Адкуль будуць ведаць, калі ніхто не навучыў іх?” Менавіта трэба сьпярша навучыць і гэта заданьне Царквы ды кожнага паасобнага верніка, каб той скарб, якім яны валодаюць, стаўся ўласнасцю і іншых. Зачараваны прыгажосьцю нашай веры нэафіт не адкіне таксама і таго духоўнага багацьця, якое было яму прышчэпленае з маленства. Наша Царква ня хоча, каб ён адмаўляўся ад гэтага. Ён проста без прымусу будзе правяраць сваё мінулае ў сьвятле Евангельля. Тады, мабыць, выявіцца, што ён ня толькі зможа захаваць сваю спадчыну, але нават атрымаць яе быццам-бы нанава, бо ў сьвятле Хрыста традыцыі ягоных бацькоў ачысьцяцца і паглыбляцца, прыдбаюць новую каштоўнасьць.

Оглавление

  • Канстанцін Бандарук АДЗІНАЕ НА ПАТРЭБУ
  • Ад аўтара
  • Дзесяць запаветаў
  • Нагорная казань
  • „Ойча наш...”
  • „Адзін спадар, адна вера, адзін хрост”
  • Дабравешчаньне Прасьвятой Багародзіцы
  • Перад Раством Хрыстовым
  • „Бог з намі”
  • Ірад хацеў забіць дзіця
  • „Люд... убачыў вялікае сьвятло”
  • „За каго людзі ўважаюць мяне”
  • Бог кліча і заклікае
  • „Любіце ворагаў сваіх”
  • „На чым будуем?”
  • Цудоўны ўлоў рыбы
  • Бескарыснасьць
  • Хрыстовае пакліканьне
  • Зерне Божага слова
  • Дачка Яіра і хворая жанчына
  • Сын наінскай удавы
  • „Апошнія будуць першымі”
  • „Утоены скарб”
  • Прытча пра таленты
  • „Лепш пазьней чымсьці ніколі”
  • „Калі брат твой зграшыць — дакор бліжняму”
  • „Хто паніжае сябе, той узвысіцца...”
  • Хрыстос і жанчына
  • Храм у жыцьці хрысьціяніна
  • „Ідзіце і навучыце ўсе народы”
  • „Вашы імёны запісаны ў небе”
  • „Праходзіць вобраз гэтага сьвету”
  • Памінаньне памерлых
  • „Па іхных пладах пазнаеце іх”
  • Няўжо загад ненавідзець?
  • Маральная ацэнка прыемнасьці
  • Аб рэінкарнацыі або Ці жылі мы раней у іншым целе?
  • Не прысягайце!
  • Чаго мы павінны саромецца?
  • Пакіньце адно і другое да жніва
  • Любіць сваё, паважаць чужое Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

    Комментарии к книге «Адзінае на патрэбу», Канстанцін Бандарук

    Всего 0 комментариев

    Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

    РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

    Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства