Беларусь пад нямецкай акупацыяй

Жанр:

«Беларусь пад нямецкай акупацыяй»

575

Описание

отсутствует



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Беларусь пад нямецкай акупацыяй (fb2) - Беларусь пад нямецкай акупацыяй 5566K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Юрий Туронок

Юры Туронак БЕЛАРУСЬ ПАД НЯМЕЦКАЙ АКУПАЦЫЯЙ

.

.

У гэтым электронным выданні няма спасылак на скарыстаныя аўтарам крыніцы. Калі гэта неабходна:

УСТУП

Прадметам нашага дасьледаваньня ёсьць сытуацыя ў Беларусі падчас гітлераўскай акупацыі (1941–1944). Паводле некаторых аспэктаў, яна не адрозьнівалася ад сытуацыі ў іншых акупаваных краінах Эўропы. Гэта адносіцца галоўным чынам да нацысцкіх забойстваў па ідэалягічных матывах, г. зн. зьнішчэньня габрэяў і палітычных праціўнікаў гітлерызму. І гаспадарчыя мэты акупантаў, у прынцыпе, не мяняліся: акупанты імкнуліся паставіць людзкі і эканамічны патэнцыял краіны на службу Трэцяму райху, хоць трэба адзначыць, што ў Беларусі такая эксплуатацыя часта пераходзіла ў адкрытае рабаваньне.

Тым ня менш шмат у якіх адносінах існавалі адрозьненьні, прычым вельмі істотныя.

Па-першае Беларусь, гэтак жа, як і іншыя землі Савецкага Саюзу, была часткаю дзяржавы, якую Нямеччына і яе саюзьнікі здолелі заняць толькі часткова, таму на яе тэрыторыі не магло ажыцьцявіцца ius debellatio[1] з усімі наступствамі. Можна ўзяць за прыклад сытуацыю ў двух рэгіёнах — Сувалкіі і Беластоцкай акрузе. Першая як тэрыторыя цалкам занятай Польшчы ўвайшла ў склад Райху, другая як частка абшару СССР фармальна не была ўключана ў яго, хаця такія пляны існавалі.

Па-другое, Беларусь трапіла пад нямецкую акупацыю не як самастойная дзяржава, а як складовая частка шматнацыянальнай дзяржавы — СССР. Трывалых традыцыяў дзяржаўнай незалежнасьці яна ня мела. З гэтага пункту гледжаньня яе лёс можна параўнаць зь лёсам Украіны, аднак правесьці такую самую паралель з рэспублікамі Прыбалтыкі было б ужо нельга: у часе паміж першай і другой сусьветнымі войнамі яны заставаліся сувэрэннымі дзяржавамі.

Па-трэцяе: восеньню 1939 г., г. зн. за 20 месяцаў перад нападам Нямеччыны на Савецкі Саюз, насельніцтва і тэрыторыя Беларускай ССР павялічыліся ледзьве не ўдвая: у склад БССР[2] увайшла частка земляў міжваеннай Польшчы. За гэты кароткі пэрыяд тут была праведзена адміністрацыйная ўніфікацыя, але ў сацыяльна-гаспадарчай структуры і ў людзкой сьвядомасьці засталіся вельмі глыбокія, прынцыповыя адрозьненьні паміж Беларусьсю Заходняй і Усходняй.

Гэта яскрава выявілася ў час акупацыі: паабапал былой мяжы панавалі розныя настроі і паводзіны насельніцтва і палітычных актораў, якія так ці іначай знаходзіліся пад уплывам трох вызначальных сілаў:

- барацьба, якую прыхільнікі савецкай улады вялі пад кіраўніцтвам камуністычнай партыі супраць гітлераўскіх захопнікаў. Яе мэтаю было ўзнаўленьне ранейшага палітычнага ладу і дзяржаўных межаў, якія ўсталяваліся да 22 чэрвеня 1941 г. Галоўнай дзейнай сілай у гэтым працэсе стаў савецкі партызанскі рух — неўзабаве ён ператварыўся ў важны фактар акупацыйнай гісторыі Беларусі і вельмі істотна ўплываў на функцыянаваньне акупацыйнага рэжыму. Так склалася зь дзьвюх прычынаў. Па-першае, партызанскі рух быў інтэгральнай, плянавай часткай абарончай стратэгіі СССР, баявым выканаўчым органам савецкай улады і менавіта таму дасягнуў такога высокага ўзроўню арганізацыйнага і матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня. А па-другое, у Беларусі партызаншчына перарасла ў масавы рух супраціву;

- імкненьне разнастайных беларускіх нацыянальных групаў да стварэньня самастойнай беларускай дзяржавы. Яны вагаліся ў сваёй дзейнасьці ад беспасярэдняга супрацоўніцтва з акупацыйнымі ўладамі да арыентацыі на заходніх альянтаў. Аднак, нягледзячы на розныя падыходы, ніводная з гэтых групаў не арганізавала ўзброенага антынямецкага супраціву. Акупацыйныя ўмовы яны імкнуліся выкарыстаць дзеля нацыянальнай актывізацыі грамадзтва, арганізацыі беларускіх узброеных сілаў і прадстаўнічых органаў (пікам дасягненьняў у гэтым кірунку стала Беларуская цэнтральная рада, створаная пад самы канец акупацыі). З нацыянальным рухам рознымі мэтадамі вяло барацьбу савецкае падпольле, а да канца 1943 г. — яшчэ і эсэсаўска-паліцыйны апарат. Затое цывільная акупацыйная адміністрацыя падтрымлівала гэты рух — яна бачыла ў ім пэрспэктыўны сродак барацьбы супраць савецкіх партызанаў;

- барацьба польскага падпольля пад кіраўніцтвам ураду генэрала Сікорскага за аднаўленьне польскай дзяржавы ў тэрытарыяльных межах, якія існавалі да верасьня 1939 г. Але гэтая барацьба вялася на спрэчных землях, на якія аднолькава прэтэндаваў як польскі, так і савецкі ўрад. Сытуацыя атрымлівалася вельмі драматычная. У гэтых жа пытаньнях выявілася супярэчнасьць інтарэсаў польскага падпольля і беларускіх нацыянальных колаў. Пры такім стане рэчаў польскае падпольле, імкнучыся да зьдзяйсьненьня сваіх мэтаў, вымушана было манэўраваць: ад канкрэтных дачыненьняў зь немцамі на пачатку акупацыі да супрацоўніцтва з савецкім падпольлем, затым, пасьля разрыву дачыненьняў паміж савецкім і польскім урадамі ў красавіку 1943 г., настала паласа ўзаемнай варожасьці, якую немцы пастараліся выкарыстаць дзеля ўмацаваньня ўласнай бясьпекі.

Канцэпцыі і дзеяньні палітычных актораў акупаванай Беларусі знаходзіліся ў глыбокай узаемнай супярэчнасьці, і тактычныя пагадненьні паміж імі на тэрыторыі акупаванай Беларусі былі зьяваю даволі рэдкай. Аднак трэба заўважыць, што гэты шматбаковы фронт не абмяжоўваўся толькі адзначанымі нацыянальнымі крытэрамі: зь цягам часу да савецкага партызанскага руху ўсё часьцей пачалі далучацца ня толькі беларусы, але і палякі. Многа палякаў служыла ў беларускай дапаможнай паліцыі, а беларусы, у сваю чаргу, складалі немалы працэнт сярод жаўнераў Арміі Краёвай, асабліва на Віленшчыне і Наваградчыне. Такія паводзіны тлумачыліся ня толькі ідэалягічнымі матывамі, але і іншымі акалічнасьцямі, у тым ліку і прымусовым узьдзеяньнем. Нягледзячы на гэта, тагачасная сытуацыя вельмі нагадвала грамадзянскую вайну і ня ўкладвалася ў рамкі клясычнага ўзору «акупанты — акупаваныя».

Непасьлядоўныя дзеяньні нямецкіх акупацыйных уладаў, асабліва ў тым, што датычыла карных мэтадаў, яшчэ больш ускладнялі заблытанае становішча. Вынішчэньне мірнага насельніцтва, паленьне вёсак і г. д. у ходзе карных апэрацыяў, якія ажыцьцяўлялі СС[3] і паліцыя, выклікалі процідзеяньне генэральнага камісара Вільгельма Кубэ — ён зрабіў стаўку на палітычнае вырашэньне канфліктаў і здабыцьцё грамадзкіх сымпатыяў. Ува ўлоньні акупацыйных уладаў таксама намеціўся сур’ёзны раскол. У дадатак, ува Усходняй і Заходняй Беларусі існавалі адрозьненьні ў сыстэмах акупацыйнага рэжыму: у першай панавала вайсковая адміністрацыя, а ў другой — цывільная.

Пры такіх складаных умовах было няпроста ацаніць многія зьявы і падзеі ў акупаванай Беларусі. Пасьля вайны, на Нюрнбэрскім працэсе, шэф Галоўнай управы СС,[4] а зь лета 1943 г. — фактычны кіраўнік усходняй палітыкі Трэцяга райху Готлаб Бэргер[5] сказаў, што Беларусь — гэта зямля, «на якой, на жаль, нельга было высьветліць, што было фікцыяй, а што — праўдай». Джэрард Райтлінджэр — дасьледчык нямецкай палітыкі на акупаваных землях СССР — лічыў, што ў той час у Беларусі панаваў «закон джунгляў».

Гэтая сытуацыя аказала ўплыў на кірункі дасьледаваньняў гісторыі акупацыі Беларусі, якія з розных прычын ахоплівалі толькі паасобныя бакі тагачаснай сытуацыі, стваралі выбарачную, а нярэдка — ідэалізаваную карціну. Так, дасягненьнем беларускай савецкай гістарыяграфіі ёсьць распрацоўка тэматыкі, прысьвечанай дзейнасьці савецкага падпольля і партызанскага руху, яе дасьледаваньні ў гэтай галіне — каштоўная крыніца зьвестак. Варта прыгадаць хаця б такія выданьні, як зборнікі дакумэнтаў, апублікаваныя Інстытутам гісторыі партыі пры ЦК КПБ і Інстытутам гісторыі АН БССР, у прыватнасьці, трохтомнік «Всенародное партизанское движение в Белоруссии в года Великой Отечественной войны» (Менск, 1967–1982), «Подпольные партийные органы компартии Белоруссии в годы Великой Отечественной войны» (Менск, 1975), «Подпольные комсомольские органы Белоруссии в годы Великой Отечественной войны» (Менск, 1976), а таксама выдадзеная трохтомная праца — «Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны» (Менск, 1982–1985). Праблемы партызанскай вайны дэталёва асьвятляюцца ў калектыўных працах: «Партызанская барацьба беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны» (Менск, 1959), «Гісторыя Беларускай ССР», т. 4 (Менск, 1975), а таксама ў дасьледаваньнях паасобных аўтараў: Л. Цанавы,[6] П. Калініна, І. Краўчанкі, П. Ліпілы, П. Панамарэнка,[7] В. Раманоўскага і іншых, нарэшце, ува ўспамінах шматлікіх яе ўдзельнікаў.

Карныя дзеяньні атрадаў СС і Вэрмахту разглядаюцца ў такіх дакумэнтальных публікацыях, як «Преступления немецко-фашистских оккупантов в Белоруссии (1941–1944)» (Менск, 1965), «Нацистская политика геноцида и «выжженной земли» в Белоруссии» (Менск, 1984), «Я з вогненнай вёскі» (Менск, 1975) пад аўтарствам Я. Брыля, У. Калесьніка і А. Адамовіча. Гэтую дзейнасьць звычайна паказваюць як вынік пасьлядоўнага генацыду беларускага народу, аднак ня ўказваецца, што яна была адказам на партызанскія выступленьні. Ня выйшла ў БССР і асобных дасьледаваньняў, прысьвечаных вынішчэньню габрэйскага насельніцтва. Мала ўвагі ўдзялялася нямецкай палітыцы на Беларусі, функцыянаваньню акупацыйнага рэжыму на яе тэрыторыі, нарэшце, дзейнасьці нацыяналістычных групаў. Гэтыя праблемы закранае В. Раманоўскі ў спэцыфічным кантэксьце выкрыцьця беларускага нацыяналізму (Саўдзельнікі ў злачынствах. Менск, 1964), а таксама А. Фактаровіч у сваёй працы, прысьвечанай барацьбе беларускіх партызан з аграрнай палітыкай акупацыйных уладаў. Павярхоўна раскрываюць гэтыя пытаньні і аўтары «Гісторыі Беларускай ССР» (т. 4).

Гэтыя прагалы ў некаторай ступені запоўніла беларуская эміграцыйная гістарыяграфія. У прыватнасьці, заслугоўваюць увагі два каштоўныя зборы дакумэнтаў, якія датычаць дзейнасьці Беларускай цэнтральнай рады: «Другі ўсебеларускі кангрэс» (Мюнхэн, 1954), а таксама «За дзяржаўную незалежнасьць Беларусі» (Лёндан, 1960). Вельмі пазнавальныя ў гэтым пляне ўспаміны К. Акулы, Л. Галяка, С. Каўша, Я. Малецкага, працы І. Касяка, В. Калюша (Р. Астроўскага), А. Мартэна, Л. Рыдлеўскага, нарэшце, шматлікія артыкулы, апублікаваныя ў эміграцыйнай пэрыёдыцы. Недахоп гэтых распрацовак у тым, што яны не абапіраюцца на архіўныя крыніцы, затое вартасьць — у багацьці дробных дэталяў, канкрэтных здарэньняў, рэльефных гістарычных постацяў і людзкіх узаемадачыненьняў, апісаных з уласнага досьведу і назіраньняў.

Заходненямецкія, ангельскія і амэрыканскія аўтары разглядаюць гісторыю акупацыйнага пэрыяду на Беларусі альбо як частку агульнай нямецкай палітыкі на акупаваных землях СССР (О. Бройтыгам, А. Далін, Р. Тэрцэт, Э. Гэсэ, П. Кляйст, Дж. Райтлінджэр), альбо ў агульным кантэксьце гісторыі Беларусі (І. Любачка, Н. Вакар), альбо ў аспэкце паходжаньня беларускай пасьляваеннай эміграцыі (Д. Лофтус). Некаторыя з гэтых аўтараў не надавалі вялікай увагі гісторыі нямецкай акупацыі менавіта на тэрыторыі Беларусі, але зрабілі сур’ёзны ўнёсак у асьвятленьне паасобных спэцыфічных праблемаў, такіх, як партызанская вайна (Гэсэ), паходжаньне і дзейнасьць Саюзу беларускай моладзі (Тэрцэт), альбо пазыцыя жыхароў Усходняй Беларусі на пачатку акупацыі (Вакар), ці стаўленьне Кубэ да праблемы вынішчэньня габрэйскага насельніцтва на Беларусі (Гайбэр, Райтлінджэр).

Акупацыйная гісторыя Беларусі не была прадметам дасьледаваньняў польскіх вучоных. Вельмі коратка ў больш шырокім кантэксьце асьвятлялі гэтую тэму У. Банусяк, М. Косман, Ч. Малайчын. Е. Карлікоўскі разглядаў нямецкую палітыку ў Беластоцкай акрузе, аднак пры гэтым ён мала закрануў усходнія раёны Беласточчыны, якія пасьля вайны засталіся ў складзе Беларускай ССР. І ужо зусім слаба было дасьледавана польскае пытаньне на тэрыторыі акупаванай Беларусі, на гэты конт сустракаліся толькі паасобныя кароткія згадкі. Так, М. ІОхневіч апісаў удзел палякаў у савецкім руху супраціву на Беларусі, а Ц. Хлябоўскі — дывэрсійную дзейнасьць «Wachlarza» на гэтай тэрыторыі. Больш інфармацыі пра польска-беларускія ўзаемадачыненьні таго пэрыяду можна атрымаць з працаў эміграцыйных аўтараў Я. Эрдмана, Я. Праўдзіца-ІІІляскага, прысьвечаных гісторыі Арміі Краёвай на Наваградчыне.

Такім чынам, трэба сказаць, што, апрача дакумэнтальных збораў і распрацовак паасобных пытаньняў, дагэтуль не было напісана навуковай манаграфіі, якая ахапіла б у поўным аб’ёме асноўныя пытаньні акупацыйнай гісторыі Беларусі. Аўтар гэтай кнігі таксама не прэтэндуе на стварэньне такога дасьледаваньня, яго задачаю было паказаць асноўныя палітычныя працэсы, якія дзеяліся на Беларусі ў 1941–1944 г., разгледзець іх па магчымасьці поўна і ўсебакова, дайсьці да ўласных высноў, незалежных ад папярэдніх супярэчлівых ацэнак сьведак і пасьляваенных інтэрпрэтатараў падзеяў. І таму ня варта дый немагчыма было загадзя вызначыць нейкую акрэсьленую генэральную тэзу альбо якія-небудзь агульныя гатовыя меркаваньні. Наадварот, у працэсе дасьледаваньня аўтар пастараўся перш за ўсё знайсьці дакумэнтальныя пацьвярджэньні дэталяў і ўжо на іх падставе самастойна фармуляваць лягічныя высновы.

Таму асабліва вялікая ўвага была нададзена знаёмству з тагачаснай дакумэнтацыяй, як апублікаванай (дакумэнты Нюрнбэрскага працэсу), так і архіўнай. Многія з гэтых крыніц аказаліся даступныя ў Польшчы. Пасьля вайны ў Злучаных Штатах былі перазьнятыя на мікрафільмы калекцыі дакумэнтаў нямецкага міністэрства ўсходніх земляў (Reichsministerium fiir die besetzten Ostgebiete) — т. зв. александрыйскія мікрафільмы (Т-454), якія амаль поўнасьцю захоўваюцца ў Архіве новых актаў у Варшаве (далей — AAN[8]). Калекцыі дакумэнтаў райхсфюрэра СС (Т-175) і НСРПН[9] (Т-81) часткова таксама знаходзяцца ў AAN, а часткова — у Архіве галоўнай камісіі па расьсьледаваньні гітлераўскіх злачынстваў у Польшчы, дзе ляжыць яшчэ адзін багаты збор дакумэнтаў Амэрыканскага вайсковага трыбуналу ў Нюрнбэргу. Шмат матэрыялаў, асабліва якія датычаць польскага насельніцтва ў Беларусі і польска-беларускіх узаемадачыненьняў, можна знайсьці сярод папер Дэлегатуры польскага эміграцыйнага ўраду і Арміі Краёвай — калекцыі іх дакумэнтаў зьберагаліся ў Цэнтральным архіве ЦК ПАРП[10] (цяпер — AAN). Выявілася, што ў польскіх бібліятэках ёсьць неспадзявана багатыя зборы нямецкай і беларускай пэрыёдыкі, а таксама іншых выданьняў, якія выходзілі ў час вайны. Аднак стан гэтых крыніц не паўсюль аднолькавы — ад паасобных выданьняў засталіся толькі рэшткі, іншыя ляжалі амаль у камплекце. У гэтым сэнсе самыя лепшыя калекцыі аказаліся ўва ўнівэрсытэцкіх бібліятэках Варшавы, Торуні, Познані, а таксама ў бібліятэцы Ossolineum ува Ўроцлаве. Ксэракопіі шэрагу артыкулаў удалося атрымаць зь бібліятэк Масквы і ФРН[11]. Былі выкарыстаны пэрыядычныя беларускія выданьні 1940–1945 г. і неапублікаваныя ўспаміны тагачасных палітычных дзеячаў з збораў Беларускай бібліятэкі і музэю імя Ф. Скарыны ў Лёндане. Дадатковую істотную інфармацыю ўдалося атрымаць зь перапіскі, якую аўтар вёў з удзельнікамі падзеяў Другой сусьветнай вайны на Беларусі.

У выніку на руках у аўтара аказалася дастатковая колькасьць крыніц, неабходных для дасьледаваньня. Напэўна, дадатковыя архіўныя пошукі дазволілі б паглыбіць і пашырыць асьвятленьне некаторых спэцыфічных пытаньняў, асабліва ў гаспадарчай і культурна-асьветнай галіне.

У дасьледаваньні прыняты храналагічны парадак апісаньня падзеяў. У першым разьдзеле разглядаецца стаўленьне Нямеччыны да беларускага пытаньня ў пэрыяд да нападу на СССР у чэрвені 1941 г. У наступным разьдзеле апісваецца сытуацыя на Беларусі ў першыя месяцы вайны. Трэці, шырокі, разьдзел ахоплівае пэрыяд, пачынаючы ад бітвы пад Масквой да паразы нямецкай арміі пад Курскам, у ім разгледжаны актывізацыя савецкага партызанскага руху, разьвіцьцё тэндэнцыяў ува ўсходняй палітыцы кіраўнічых колаў Райху, а таксама акупацыйныя мэтады на Беларусі. На гэтым фоне апісваецца фармаваньне настрояў насельніцтва і дзейнасьць беларускіх палітычных згуртаваньняў. У чацьвёртым разьдзеле гэтыя самыя праблемы асьвятляюцца ў апошняй фазе акупацыі, ува ўмовах набліжэньня татальнага разгрому Нямеччыны, які ўсьведамлялі ўсе ўдзельнікі палітычнай гульні і насельніцтва. Нарэшце, пад канец аўтар спрабуе даць ацэнку вынікаў вайны і акупацыі.

І НЯМЕЧЧЫНА І БЕЛАРУСЬ У 1915–1941 ГАДОХ

Нямецкая палітыка на Беларусі ў часе Першай сусьветнай вайны

У 1902 г. у Пецярбургу ўбачыла сьвет гектаграфічная адозва «Да інтэлігенцыі», якая ад імя Беларускай рэвалюцыйнай партыі, што была па сутнасьці студэнцкім гуртком, створаным Вацлавам Іваноўскім, заклікала выхаваную ў традыцыях польскай культуры інтэлігенцыю беларускіх земляў распачаць асьветную дзейнасьць сярод беларускага люду на яго роднай мове.[12] Аўтары адозвы разумелі, што такая дзейнасьць патуль яшчэ немагчымая, бо па сутнасьці не існавала ні беларускай літаратуры, ні агульнанацыянальнай беларускай літаратурнай мовы. Таму яны прапанавалі канкрэтную праграму стварэньня гэтай мовы і літаратуры, вывучэньня роднай гісторыі і арганізацыі выдавецкай дзейнасьці. Гэта была пачатковая, найпрасьцейшая культурна-асьветная праграма, якая адлюстроўвала ледзь не нулявы ўзровень беларускага нацыянальнага руху на пачатку XX ст., а таксама імкненьне да стварэньня такога руху.

Рэалізацыі гэтай праграмы спрыяла царская адмена абмежаваньняў друку на беларускай мове (25.12.1904 г.), гэтак жа, як і рост грамадзкай актыўнасьці, зьвязаны з рэвалюцыйнымі падзеямі 1905 г. Праўда, царскія ўлады і надалей не прызнавалі нацыянальнай адметнасьці беларусаў (што, між іншым, выявілася ў забароне беларускіх школаў), тым ня менш прынцыпова не перашкаджалі разьвіцьцю выдавецкай дзейнасьці, літаратуры і культуры, у якіх былі дасягнуты даволі значныя вынікі.[13] Паступова беларускі нацыянальны рух рабіўся прыкметным грамадзкім фактам, знаходзіў сабе прыхільнікаў і ворагаў, аднак у момант выбуху Першай сусьветнай вайны заставаўся ўсё ж зьявішчам вельмі маладым: з моманту выданьня прыгаданай адозвы прайшло дванаццаць год, а ад пачатку ў 1906 г. легальнай выдавецкай дзейнасьці — толькі восем. Пэрыяд гэты быў замалы, каб рух стаў масавым, а беларуская нацыянальная традыцыя і грамадзка-палітычная думка набылі належнае разьвіцьцё.

Узьнікненьне беларускага нацыянальнага руху выклікала шматлікія і разнастайныя водгукі польскіх, расейскіх, украінскіх і літоўскіх публіцыстаў, беспасярэдне зацікаўленых яго пэрспэктывай і вынікамі. Але для Нямеччыны гэтае пытаньне было занадта далёкае і нязначнае, таму перад Першай сусьветнай вайной там не зьявілася аніводнай кнігі ці якой-небудзь саліднай публікацыі, прысьвечанай Беларусі і яе праблемам.[14] У нямецкіх навуковых і палітычных колах гэты край звычайна трактавалі як гаспадарна і культурна адсталую частку Расеі, якая вылучалася толькі сваёй этнічнай спэцыфікай.

Выбух сусьветнай вайны значна павялічыў цікавасьць нямецкіх гісторыкаў і публіцыстаў да праблем нерасейскіх народаў Расеі. У 1915–1916 г. у Нямеччыне заявіўся шэраг працаў, дзе аўтары разглядалі разнастайныя канцэпцыі выкарыстаньня Райхам вызваленчых імкненьняў палякаў, літоўцаў, латышоў, эстонцаў, фінаў і нават украінцаў. Аднак усьцяж яны не выказвалі зацікаўленьня беларусамі. У 1915 г. Экегард Остман акрэсьліў іх як люд сялянскі і работніцкі, бяз годнай увагі інтэлігенцыі, наймацней сярод усіх астатніх народаў параднёны з расейцамі, у сувязі з чым ня бачыў рэальных магчымасьцяў узьнікненьня сярод іх сэпаратысцкіх тэндэнцыяў.

Шырэй за немцаў займаліся беларускай праблематыкай у Нямеччыне і Аўстрыі польскія і ўкраінскія публіцысты, спрабуючы аказаць уплыў на грамадзкую думку і ўрадавыя колы цэнтральных дзяржаў[15] у напрамку сваіх палітычных інтарэсаў. І калі Леан Васілеўскі прадстаўляў беларусаў як «бясформенную этнаграфічную масу», а беларускі рух — як зьяву, што ня мае ніякага палітычнага значэньня, зьвязваючы пры гэтым вырашэньне лёсу Беларусі з апорай на польскае насельніцтва і прыхільнае да польскасьці беларускае каталіцкае жыхарства, дык украінскі публіцыст Стэфан Руднянскі падкрэсьліваў дадатныя рысы гэтага руху, вылучаючы на першы плян разьвіцьцё літаратуры і абуджэньне беларускіх сялянскіх масаў да самастойнага нацыянальнага жыцьця. Крыніцай зьвестак пра Беларусь былі таксама бэрлінская «Polnische Blatter» і венскі тыднёвік «Роlеn».

Аднак найважнейшым фактарам, якім тлумачылася невялікае зацікаўленьне нямецкіх аўтараў беларускім пытаньнем, была пазыцыя ўрадавых колаў Райху, што грунтавалася на іх стасунках з Расеяй і вызначаных ваенных мэтах. Імкнучыся стварыць новыя суадносіны сілаў і дасягнуць палітычнага і эканамічнага дамінаваньня ўва Усходняй Эўропе, нямецкі імпэрыялізм не выпускаў з поля зроку сваіх эканамічных інтарэсаў у Расеі і ня траціў надзеі на пашырэньне гаспадарчых стасункаў з гэтай краінай пасьля вайны. Гэтая акалічнасьць мела вялікае значэньне, асабліва для нямецкай прамысловасьці, для якой расейскі рынак збыту ўяўляў шматабяцальны шанец разьвіцьця. У выніку, эканамічны фактар супрацьдзейнічаў імкненьням да празьмернага аслабленьня і разьдзяленьня Расеі і ўплываў на зацікаўленасьць ураду Райху ў як мага хуткім дасягненьні зь ёю мірнага пагадненьня.

Пры такім становішчы ў першай фазе вайны, асабліва пасьля наступленьня расейскіх войскаў ува Усходняй Прусіі ў 1914 г., урадавыя колы нямецкага Райху хоць і спадзяваліся адсунуць Расею ад сваіх усходніх межаў і стварыць для гэтага буфэрную польскую дзяржаву, а таксама анэксаваць Літву і Курляндыю, аднак далей гэтых захопніцкіх плянаў ня ішлі. Такія намеры меліся быць, як прынята лічыць, досыць памяркоўныя і прымальныя для расейскага боку ў часе мірных перамоў.[16] Такім чынам, Беларусь, як, зрэшты, Украіна, Латгалія і Эстонія, заставалася па-за абсягам нямецкіх тэрытарыяльных дамаганьняў, таму не бралася пад увагу канцэпцыя беларускіх адраджэнцаў аб стварэньні залежнай ад Нямеччыны буфэрнай беларускай дзяржавы і выкарыстаньні для гэтай мэты беларускага нацыянальнага руху.[17] Такім чынам, слабасьць гэтага руху была важным, але не вызначальным фактарам, што прычынілася ў недастатковай зацікаўленасьці нямецкага Райху беларускім пытаньнем. Адначасова Нямеччына не зьбіралася выкарыстоўваць сэпаратысцкіх тэндэнцыяў літоўцаў, мацнейшых за тыя, што дзейнічалі сярод беларусаў, бо гэта вынікала з вышэйшых мэтаў нямецкай палітыкі, якой у дадзеным выпадку была анэксія Літвы. Згодна з такімі палітычнымі меркаваньнямі разьвіваўся наступ нямецкіх войскаў на Усходнім фронце. Летам 1915 г. яны занялі Каралеўства польскае, Літву і Курляндыю, дасягнуўшы пад канец верасьня лініі Дзьвінск — Браслаў — Паставы — Смургоні — Баранавічы — Пінск — Луцак, пасьля чаго наступіла спыненьне ваенных апэрацыяў, якое працягвалася на ўсходзе аж да 18.2.1918 г. Такім чынам, на працягу двух год і пяці месяцаў нямецка-расейскі фронт падзяляў Беларусь на дзьве часткі. Паводле беларускага гісторыка Вадзіма Круталевіча пад нямецкай акупацыяй заставаліся яе заходнія землі плошчаю 50 тыс. кв. км, што складала прыкладна 25 % сучаснай тэрыторыі Беларусі.

Увосень 1915 г. на частцы занятых паўночна-ўсходніх земляў быў створаны вайсковы адміністрацыйны абшар Обэр Ост, які ўзначаліў шэф генэральнага штабу генэрал Эрых Людэндорф пад агульным кіраўніцтвам камандуючага Ўсходнім фронтам фэльдмаршала Паўля фон Гіндэнбурга. Абшар гэты, плошчаю 109 тыс. кв. км, пасьля неаднаразовых зьменаў унутранай адміністрацыйнай структуры вясной 1917 г. падзяляўся на тры адзінкі: Літву, Курляндыю і Беластоцка-Гарадзенскую акругу, якой прызначалася роля сувязнога зьвяна паміж Прыбалтыкай і Польшчай. У межах гэтай акругі апынулася трэцяя частка акупаваных беларускіх земляў плошчаю каля 17 тыс. кв. км. На адрэзку ад ваколіц Ліды да Браслава ўсходняя мяжа Обэр Осту супадала, зь невялікімі адхіленьнямі, з сучаснай граніцай Літвы і Беларусі.[18]

Усходняя мяжа Обэр Осту супадала з засягам нямецкіх тэрытарыяльных дамаганьняў у Расеі. Разам з усходняй граніцай запраектаванай польскай дзяржавы яна павінна была разьдзяліць тэрыторыі панаваньня Расеі і Нямеччыны. Рэштка акупаваных беларускіх земляў плошчаю каля 33 тыс. кв. км уваходзіла ў склад апэрацыйнай паласы войска паміж граніцай Обэр Осту і лініяй нямецка-расейскіх акопаў. Да гэтых земляў урадавыя колы Райху ня мелі анэксійных намераў. Яны павінны былі адыграць ролю разьменнай пазыцыі ў будучых мірных перамовах і вярнуцца да Расеі пасьля адмаўленьня апошняй ад прэтэнзій на землі, далучаныя да Обэр Осту.[19]

Урадавая пазыцыя Райху ў гэтай справе заставалася нязьменнай прыкладна да капца 1916 г. Аб гэтым сьведчыць выказваньне канцлера Тэабальда фон Бэтман Гольвэга ад 23.11.1916 г., у якім ён акрэсьліў ваенныя задачы Нямеччыны наступным чынам:

Прызнаньне новага Каралеўства польскага, саступка земляў Курляндыі і Літвы і ўсталяваньне з стратэгічных меркаваньняў супольнай мяжы нямецкіх (г. зн. Обэр Осту. — Ю. Т.) і польскіх тэрыторый з Расеяй.

Гэтая пазыцыя часткова зьмянілася пасьля Лютаўскай рэвалюцыі ў Расеі. Як паказвае пратакол парады Бэтмана Гольвэга зь вярхоўным вайсковым камандаваньнем, якая адбылася 23.4.1917 г. у Бад-Кройцнаху, у гэты час разглядалася магчымасьць пашырэньня тэрытарыяльных набыткаў Нямеччыны ў Прыбалтыцы (Латвія, Эстонія), але не прадбачылася зьмены ўсходняй мяжы Обэр Осту. У зьмене гэтай мяжы Нямеччына не была зацікаўлена і на берасьцейскіх перамовах. Такім чынам, апроч далучаных да Обэр Осту земляў, што месьціліся ў трыкутніку Горадня — Ліда — Берасьце і складалі каля 8 % цяперашняй тэрыторыі Беларусі, акупацыю беларускіх земляў немцы ўважалі за часовую зьяву.

Такая пазыцыя нямецкага ўраду выключала існаваньне якіх-небудзь маштабных палітычных канцэпцыяў, як, напрыклад, стварэньне незалежнай беларускай дзяржавы, канфэдэрацыю Літвы і Беларусі ці улучэньне або фэдэралізацыю беларускіх земляў з Польшчай. Таму большасьць занятых немцамі беларускіх земляў павінна была вярнуцца да Расеі; стасоўна ж той часткі, што далучылася да Обэр Осту, існавалі разнастайныя праекты. Спачатку яна павінна была далучыцца да Райху, у 1917 г. — да Літвы, у 1918 г. — да Украіны (частка Беластоцка-Гарадзейскай акругі), і, нарэшце, вясною 1919 г. яе аддалі Польшчы. У такім становішчы, апрача імкненьняў да максымальнай эксплуатацыі гаспадаркі, характэрнай, дарэчы, для ўсіх акупаваных тэрыторый, паводзіны нямецкіх акупацыйных уладаў абмяжоўваліся фактычна рэалізацыяй вышэй акрэсьленай нацыянальнай палітыкі.

З гэтага гледзішча па тэрыторыі Обэр Осту панавалі вельмі адрозныя ўмовы. Паводле дадзеных перапісу 1897 г., якімі карысталася нямецкая адміністрацыя, 34,4 % жыхароў гэтага абшару складалі літоўцы, 20,8 % — беларусы, 13,5 % — габрэі, 11,8 % — палякі, 10,5 % — латышы, 6,2 % — расейцы і 2,5 % — немцы (гл. табл. 1). Каля 2/3 ад усяго беларускага насельніцтва Обэр Осту прыпадала на Беластоцка-Гарадзенскую акругу, дзе яно складала абсалютную большасьць (56,0 %). Аднак дадзеныя перапісу ў часе вайны не адлюстроўвалі фактычнага стану галоўным чынам таму, што ня ўлічвалі істотных дэмаграфічных зрухаў, якія адбыліся за гэты пэрыяд. А між тым з 1897 па 1914 г. агульная колькасьць жыхароў краю ўзрасла на 30 % — да 5,8 млн.,[20] пасьля чаго, у выніку эвакуацыі ў глыб Расеі ў 1915 г., паменшала напалову і ў 1916 г. складала 2,9 млн. У яшчэ большай ступені зьменшылася колькасьць праваслаўнага насельніцтва, і працэнт беларусаў ад агульнай лічбы жыхароў Обэр Осту ў выніку быў, напэўна, ніжэйшы, чым у 1897 г.

Такім чынам, улады Обэр Осту апынуліся перад праблемай кіраваньня шматнацыянальным рэгіёнам, дадатковую спэцыфіку якога складала абумоўленая гістарычна дамінацыя польскай культуры на беларуска-літоўскіх землях і нямецкай — у Курляндыі. Маладыя літоўская, латыская і беларуская культуры, якія разьвіваліся ў цені гэтых старых культураў, былі яшчэ слабыя, а іх грамадзкае значэньне — непараўнальнае зь пераважным удзелам гэтых нацыянальнасьцяў у насельніцтве Обэр Осту. Паводле зьвестак дасьледчыка гісторыі школьніцтва за акупацыйны пэрыяд Ганса Дамне, спробы літоўскай інтэлігенцыі па стварэньні сучаснай літаратурнай мовы былі тады яшчэ ў пачатковай стадыі і не знаходзілі водгуку сярод мясцовага сялянства, якое не разумела штучных моўных нэалягізмаў і высьмейвала іх. Гэткія самыя цяжкасьці перажывала ў сваім разьвіцьці і беларуская мова і літаратура.

Імкнучыся вырашыць складаную моўную праблему, акупацыйныя ўлады прынялі за прынцып аднолькавае стаўленьне да ўсіх нацыянальнасьцяў. Гэта было зьвязана, напэўна, з намечанай у першай фазе вайны анэксіяй усёй тэрыторыі Обэр Осту, бо наданьне прывілеяў нейкай адной нацыі зь нямецкага гледзішча было б нявыгадна. У выніку, для ўсіх нацыянальнасьцяў у роўнай меры меў дачыненьне ўказ аб забароне ўсялякай палітычнай дзейнасьці, выдадзены Гіндэнбургам 28.7.1915 г., гэтак жа, як і дазвол уладаў на функцыянаваньне камітэтаў дапамогі ахвярам вайны. Да сярэдзіны 1917 г. яны былі адзінай легальнай формай грамадзкай дзейнасьці мясцовага насельніцтва. Гэтыя камітэты выконвалі таксама ролю нефармальных прадстаўніцтваў паасобных нацыянальнасьцяў і былі ўпаўнаважаныя даваць уладам прапановы ў сацыяльнай, асьветнай і культурнай галінах.

Прынцып аднолькавага стаўленьня да паасобных нацыянальнасьцяў Обэр Осту афіцыйна быў заяўлены ў выдадзеных Гіндэнбургам 22.12.1915 г. асноўных дырэктывах, якія датычылі арганізацыі школьніцтва, а таксама — у інструкцыі ад 16.1.1916 г. У іх забаранялася весьці ў пачатковых школах навучаньне па-расейску і ўводзілася абавязковае выкладаньне на роднай мове. Такі парадак павінен быў захоўвацца і пры вывучэньні рэлігіі. Інструкцыі прадугледжвалі для ўсіх школаў абавязковае вывучэньне нямецкай мовы ў ступені, дастатковай для авалоданьня яе вуснай і пісьмовай формамі. Затое ня ўводзілася абавязковага наведваньня школы, што выключала прымусовае навязваньне дзецям навукі на мове, якую іх бацькі ўважалі за непажаданую. У імя ажыцьцяўленьня прынцыпу раўнапраўя ўсім нацыянальнасьцям Обэр Осту была дазволена культурная дзейнасьць і выданьне газэт на роднай мове. Выдаваліся дзьвюхмоўныя пашпарты: нямецка-латыскія, нямецка-літоўскія, нямецка-польскія і нямецка-беларускія — адпаведна па акругах.

У новай сытуацыі магчымасьці беларускай грамадзка-культурнай працы напачатку былі вельмі абмежаваныя. Прычынай была вайсковая мабілізацыя, а таксама эвакуацыя насельніцтва, якая ахапіла большую частку дзеячаў беларускага руху, у глыб Расеі. Створаны ў сакавіку 1915 г. «Беларускі камітэт дапамогі ахвярам вайны» ў Вільні пасьля эвакуацыі яго старшыні Вацлава Іваноўскага працягваў ува ўмовах нямецкай акупацыі сваю дзейнасьць пад кіраўніцтвам Антона Луцкевіча. Увосень 1915 г. ён згуртаваў вакол сябе невялікую груцу застаных дзеячаў, сярод якіх найбольшую ролю адыгрывалі Францішак Аляхновіч, Алёйзія Пашкевіч-Кайрыс, Вацлаў Ластоўскі, Іван Луцкевіч, Вінцэнт Сьвятаполк-Мірскі, Юліяна Мэнке, Баляслаў Пачобка, Язэп Салавей і ксёндз Уладзіслаў Талочка. Асабліва цяжкая кадравая сытуацыя была ў правінцыі.

Яшчэ ў першыя месяцы акупацыі, перад выхадам указаньняў Гіндэнбурга, камітэт арганізаваў у Вільні настаўніцкія курсы, потым, у канцы 1915 г., адкрыў першую ў гісторыі і адзіную ў той час беларускую народную школу.[21] У гэты пэрыяд стараньнямі польскага Камітэту адукацыі ў Вільні былі адчынены 4 польскія гімназіі, 8 прагімназій 30 пачатковых школаў, а таксама сотні школаў у правінцыі,[22] створаных, між іншым, для беларускіх дзяцей. Гэтае параўнаньне яскрава адлюстроўвала розьніцу інтэлектуальнага і матэрыяльнага патэнцыялу палякаў і беларусаў. Не былі таму перабольшаньнем словы Людэндорфа, які пісаў:

Беларус не ўваходзіў у разьлік. Палякі пазбавілі яго нацыянальнасьці, не даючы нічога ўзамен. Восеньню 1915 г. я хацеў зарыентавацца ў расьсяленьні беларусаў. Але напачатку знайсьці іх было літаральна немагчыма. І толькі пазьней высьветлілася, што гэта вельмі пашыраны народ, зьнешне, аднак, спаланізаваны і такі адсталы культурна, што дапамагчы яму можна толькі доўгатрывалай дзейнасьцю.

Мясцовыя нямецкія ўлады былі слаба зарыентаваныя ў нацыянальнай спэцыфіцы літоўска-беларускіх земляў. У першыя месяцы акупацыі гэтая акалічнасьць тармазіла пачынаньні «Беларускага камітэту дапамогі ахвярам вайны». Як сьведчыць дзяячка гэтага камітэту Юліяна Мэнке (пасьля вайны — Дубейкаўская, псэўданім — Кветка Вітал), нямецкія вайсковыя ўлады ў Вільні

…ведалі палякаў, расейцаў, габрэяў, часткаю — літоўцаў, але беларусы былі для іх нечым новым. Колькі мэмарыялаў з гістарычнымі тлумачэннямі трэба было апрацаваць, каб абгрунтаваць жаданьні і патрэбы беларусаў!

Прызнаньне немцамі нацыянальнай адметнасьці беларусаў і раўнапраўнага існаваньня беларускай мовы побач зь іншымі мовамі Обэр Осту мела істотнае значэньне для абуджэньня культурна-асьветнай працы. 15.2.1916 г. у Вільні пад рэдакцыяй В. Ластоўскага (зь лета 1917 г. — пад рэдакцыяй Я. Салаўя) пачала выходзіць беларуская газэта «Гоман», якая друкавалася два разы на тыдзень. Яна прапагандавала ідэю незалежнасьці літоўска-беларускіх земляў у выглядзе новага Вялікага Княства Літоўскага, зьмяшчала распараджэньні акупацыйных уладаў, гістарычныя матэрыялы, літаратурныя творы і інш. Да 1918 г. гэта была адзіная беларуская газэта на землях Обэр Осту.[23] Намаганьнямі камітэту 1.6.1916 г. у Вільні быў адчынены так званы Беларускі клюб, у рамках якога арганізавалі аматарскі тэатар, у лютым 1917 г. ён ужо меў сцэну ўва ўласным распараджэньні. У Вільні да таго ж адкрылася беларуская бібліятэка, кнігарня, каапэратыўнае таварыства «Раніца», дзіцячы прытулак «Золак», паступова разьвівалася выдавецкая дзейнасьць, асабліва ў галіне падручнікаў і школьнай літаратуры. У 1918 г. было выдадзена 28 беларускіх кніжак, супраць 7, што выйшлі ў 1916 г.

Асабліва вялікія цяжкасьці выпалі на долю беларускага школьніцтва, якое не існавала з часоў расейскага панаваньня і цяпер павінна было стварацца спачатку. Найважнейшай праблемай была нястача настаўнікаў, большай часткаю мабілізаваных або эвакуяваных у Расею. Таму ўлады Обэр Осту прынялі рашэньне адкрыць беларускую настаўніцкую семінарыю ў Сьвіслачы, што на Гарадзеншчыне, дзе на колькімесячных курсах[24] павінны былі атрымаць падрыхтоўку новыя кадры. Цяжка аказалася знайсьці выкладчыкаў, таму заняткі ў сэмінарыі пачаліся толькі 15.10.1916 г. і працягваліся да 15.11.1918 г. Дырэктарам яе быў анямечаны сылезец Бэндзеха, а выкладчыкамі, між іншым, Б. Пачобка і Квяцінскі, часова — прафэсар Рудольф Абіхт[25] з Браслаўскага ўнівэрсытэту. У выніку, тут атрымалі падрыхтоўку 144 настаўнікі беларускіх школаў. Пэўная палёгка надышла ў 1918 г., калі вярнулася на радзіму частка мабілізаваных ці эвакуяваных пэдагогаў.

Па меры таго як вырашаліся элемэнтарныя кадравыя праблемы, разьвівалася сетка беларускіх пачатковых школаў. Паводле афіцыйных нямецкіх зьвестак, яшчэ ў кастрычніку 1916 г. на ўсёй тэрыторыі Обэр Осту дзейнічала ўсяго 8 такіх школаў, ужо ў сьнежні 1917 г. іх колькасьць узрасла да 50, а вясною 1918 г. дасягнула 89. У большасьці сваёй яны месьціліся на тэрыторыі Беластоцка-Гарадзенскай акругі, дзе вясной 1918 г. дзейнічала ўжо 79 беларускіх школаў. Іх доля ў агульнай лічбе школаў Обэр Осту (без Курляндыі) складала толькі 6,5 %, а ў Беластоцка-Гарадзенскай акрузе — 21,2 % (гл. табл. 2). Такім чынам, гэты ўдзел быў нашмат ніжэйшы за агульны працэнт беларускага насельніцтва на ўпамянутых землях.

Віною таму быў ня толькі недахоп настаўнікаў, але і пазыцыя польскага каталіцкага духавенства. Яно працівілася адкрыцьцю школаў на роднай мове для беларускіх дзяцей-каталікоў. Спробы нямецкіх уладаў адчыніць беларускія школы былі сустрэты рашучым супрацівам большасьці ксяндзоў, якія выкарыстоўвалі з гэтай мэтай разнастайныя санкцыі: не дапускалі да споведзі і прычасьця бацькоў, што пасылалі сваіх дзяцей у беларускія школы, або і саміх вучняў. Ксяндзы звычайна адмаўляліся выкладаць рэлігію па-беларуску і забаранялі дзецям карыстацца падручнікамі катэхізісу на гэтай мове. Паводзіны кліру ў гэтай справе, з традыцыйным трактаваньнем беларусаў каталіцкага веравызнаньня як палякаў, а праваслаўнага — як расейцаў, мелі выразны палітычны характар, яны выяўлялі імкненьні большасьці палітычных груповак у Польшчы да фэдэралізацыі або анэксіі беларускіх земляў. З прычыны супраціву духавенства да вясны 1918 г. у каталіцкіх асяродках Обэр Осту было створана ўсяго толькі пяць беларускіх школаў, пераважная іх большасьць узьнікла сярод праваслаўнага насельніцтва, якое складала каля 60 % беларускамоўнай масы на гэтай тэрыторыі і ўхваляла школы на роднай мове. Паводле сьведчаньняў Цэмке, нямецкія ўлады ў Беластоцка-Гарадзенскай акрузе часам ішлі насуперак інструкцыям, даючы згоду на адкрыцьцё польскіх школаў для беларусаў-каталікоў пасьля іх настойлівых пісьмовых хадайніцтваў.

У апэрацыйнай вайсковай паласе, якая распасьцерлася на большую частку акупаваных беларускіх земляў, тэндэнцыі нямецкай палітыкі адрозьніваліся ад тых, што панавалі на тэрыторыі Обэр Осту. Яны не знайшлі пакуль што адлюстраваньня ў гістарычных працах і могуць быць апісаны толькі пасьля вывучэньня архіўных матэрыялаў штабу 10 арміі. У роўнай ступені ні беларуская літаратура, ні «Zeitung der 10 Armee» ня ўказваюць на зьяўленьне там якіх-небудзь арганізацыяў, не надаюць інфармацыі пра культурную і выдавецкую дзейнасьць. Напэўна, тут распаўсюджваліся кнігі і часопісы, якія выдаваліся ў Вільні. Аднак прынцыпы школьнай палітыкі ўладаў Обэр Осту хоць і датычылі толькі гэтай тэрыторыі, але аказвалі ўплыў на ўзьнікненьне беларускіх школаў таксама і ў вайсковай апэрацыйнай зоне. Паводле зьвестак А. Луцкевіча, на канец 1918 г. агульная колькасьць гэтых школаў на зямлі «старой акупацыі» (г. зн. на тэрыторыях, занятых немцамі да 18.2.1918 г.) перавышала 150.[26] У параўнаньні да 89 школаў, зарэгістраваных увесну 1918 г. на землях Обэр Осту, гэта азначала, што каля 60 беларускіх школаў было створана ў апэрацыйнай зоне. Іншыя аўтары называюць значна большыя лічбы, аднак не акрэсьліваюць часу і месца існаваньня гэтых школаў. Так, напрыклад, Адам Станкевіч агульны лік беларускіх школаў, створаных за час нямецкай акупацыі, называе больш за 200, Вэрнэр Гасэльблат — аж за 300, а Канстанцін Сракоўскі — каля 350. Магчыма, гэтыя зьвесткі датычаць ня толькі пэрыяду «старой акупацыі», але таксама і часткі земляў, занятых у 1918 г.[27]

Такім чынам, нямецкая палітыка што да беларусаў у абедзьвюх зонах акупацыі абмяжоўвалася ў асноўным культурна-асьветнымі справамі і не давала падстаў спадзявацца вырашыць справу беларускай дзяржаўнасьці зь нямецкай дапамогай. Незалежна ад прычын такога стаўленьня Нямеччыны беларускія дзеячы на чале з Іванам і Антонам Луцкевічамі, а таксама Вацлавам Ластоўскім разумелі немагчымасьць стварэньня асобнай дзяржавы ў зоне акупацыі, пад якой знаходзілася чвэрць беларускіх земляў. Гэта абумовіла тактыку іх паводзін: немцаў трэба было пераканаць у мэтазгоднасьці стварэньня новай самастойнай дзяржаўнай адзінкі — Вялікага Княства Літоўскага, дзе беларускія і літоўскія землі злучаліся б па прынцыпе аўтаноміі. Такая пазыцыя беларускіх дзеячаў знайшла адлюстраваньне ў выдадзеных зь іх ініцыятывы ў сьнежні 1915 г. і лютым 1916 г. адозвах канфэдэрацыі Вялікага Княства Літоўскага,[28] мэмарыялах да парлямэнту (1.9.1917 г.)[29] і канцлера Райху[30] (сьнежань 1917 г.), нарэшце, у рэзалюцыях канфэрэнцыі прадстаўнікоў усіх беларускіх груповак, якая адбылася ў Вільні 25–27.1.1918 г. Гэтая канцэпцыя не ўзбудзіла, аднак, зацікаўленасьці нямецкіх уладаў, якія з 1917 г. імкнуліся да стварэньня асобнай літоўскай дзяржавы, у якую меліся ўвайсьці, між іншым, і далучаныя да Обэр Осту беларускія землі.

Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі ажывіўся беларускі нацыянальны рух і на тэрыторыі Ўсходняй Беларусі. У сакавіку 1917 г. узьнікае Беларускі нацыянальны камітэт, які ў выніку шэрагу зьменаў ператвараецца ў Вялікую беларускую раду. Яна прэтэндуе на ролю краёвага палітычнага прадстаўніцтва, у сярэдзіне лістапада 1917 г. патрабуе заключэньня міру зь Нямеччынай, аб’яднаньня акупаваных немцамі беларускіх земляў з рэшткай краю і фэдэралізацыі з Расеяй Беларускай дэмакратычнай рэспублікі. 14.12.1917 г. Рада склікае ў Менску першы ўсебеларускі зьезд, які прыняў пастанову аб неадкладным стварэньні выканаўчага органа ўлады ў Беларусі.[31] Ноччу 18 сьнежня савецкія войскі разагналі зьезд, з гэтай прычыны яго функцыі пераняў падпольны Выканаўчы камітэт Рады зьезду,[32] які, між іншым, выслаў сваіх прадстаўнікоў на мірныя перамовы ў Берасьце.[33] Пасьля новага нямецкага наступу (18.2.1918 г.) і адыходу зь Менску савецкіх войскаў (19.2.1918 г.) Рада зьезду выходзіць з падпольля, абвяшчаючы сябе часовым урадам на Беларусі, і 21.2.1918 г. утварае свой выканаўчы орган — Народны сакратарыят на чале зь Язэпам Варонкам.[34]

Палітычная сытуацыя ў Менску мянялася хутка, таму, калі нямецкія войскі ўваходзілі ў горад (25.2.1918 г.), ні бэрлінскія ўлады, ні камандаваньне 10-й арміі ня ведалі яе дакладна. Палітычнай асновай іх паводзінаў мог быць толькі Берасьцейскі трактат, у якім, аднак, беларускае пытаньне не было ўлічана. Займаючы Беларусь аж да Дняпра, немцы па-ранейшаму трактавалі яе як расейскую тэрыторыю, своеасаблівы заклад пад кантрыбуцыю памерам 6 млрд. рублёў, выплочваць якія абавязвалася савецкая Расея. Але ў Менску яны нечакана сутыкнуліся з палітычным цэнтрам, які менаваў сябе беларускім урадам. Увайшоўшы ў горад, нямецкія атрады абышліся зь ім, як з урадам варожай дзяржавы: з будынку Народнага сакратарыяту скінулі беларускі нацыянальны штандар і на яго месцы ўсталявалі нямецкі, канфіскавалі касу, такім чынам зрабіўшы немагчымай далейшую дзейнасьць гэтага органа. Неўзабаве пасьля інцыдэнту Народны сакратарыят адаслаў вышэйшым акупацыйным уладам мэмарыял, у якім, між іншым, дамагаўся тлумачэнняў іх стаўленьня да пабудовы беларускай дзяржаўнасьці.

І хоць зьмест нямецкага адказу невядомы, далейшае разьвіцьцё падзеяў сьведчыць аб тым, што стараньні беларускага Народнага сакратарыяту не былі дарэмныя. Афіцыйна не прызнаны, ён тым часам распачынае ажыўленую нарматыўную дзейнасьць. 9.3.1918 г. Выканаўчы камітэт Рады зьезду выдае ўстаўную грамату, у якой абвяшчае ўтварэньне Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), па-ранейшаму трактаванай як частка аіульнарасейскай фэдэрацыі, і акрэсьлівае асновы яе канстытуцыі, у т. л. адмену прыватнага ўладаньня зямлёй і перадачу яе тым, хто на ёй працуе. 18 сакавіка Рада Усебеларускага зьезду абвяшчае сябе Радай БНР, куды ўваходзяць таксама прадстаўнікі нацыянальных меншасьцяў — палякаў, габрэяў, расейцаў, украінцаў, літоўцаў. Нарэшце 25 сакавіка Рада БНР выдае чарговую ўстаўную грамату, у якой праклямуе незалежнасьць Беларусі і разрыў дзяржаўных сувязяў з Расеяй, абвяшчае пры гэтым неправамоцным Берасьцейскі трактат, паводле якога беларускія землі былі падзелены на некалькі частак.

Акт незалежнасьці ад 25 сакавіка адлюстроўваў надзеі на прызнаньне Беларускай Народнай Рэспублікі нямецкім урадам і іншымі краінамі. Аднак гэты крок не прывёў да зьменаў у пазыцыі немцаў. У адказ на ноту Народнага сакратарыяту новы канцлер Райху Георг Герлінг паведаміў, што Бэрлін трактуе Беларусь як частку савецкай Расеі і, паводле Берасьцейскага трактату, ня мае права бяз згоды ленінскага ўраду прызнаць новаствораную беларускую дзяржаву. У канцы красавіка 1918 г. Рада БНР выслала кайзэру Вільгельму ІІ тэлеграму[35] з падзякай за «вызваленьне Беларусі ад чужацкага ўціску і анархіі» і просьбу «абараніць імкненьні Рады да ўмацаваньня дзяржаўнай незалежнасьці і непадзельнасьці краю ў саюзе зь нямецкім Райхам». Адказу не было. Не далі выніку і іншыя намаганьні Рады БНР у гэтай справе.

У чаканьні памыснага павароту ў вялікай палітыцы Нямеччыны і ў сьвеце не прызнаная ў Бэрліне, Рада БНР прыступіла ў паразуменьні з камандуючым 10-й арміі генэралам Эрыхам фон Фалькенгайнам да арганізацыі мясцовага апарату ўлады. Ужо 27 сакавіка была апублікавана пастанова аб перадачы пад яе кампэтэнцыю ўсіх краёвых дзяржаўных устаноў. 20 красавіка Рада выдала «часовы загад мясцовым беларускім радам», у якім акрэсьліваліся прынцыпы выбараў па вёсках, валасьцях, гарадох і мястэчках, паветах і губэрнях органаў Беларускай Народнай Рэспублікі і прыняцьця імі на сябе ўлады ад акупантаў у асобных адміністрацыйных галінах. Паводле сьцьверджаньня Круталевіча, немцы перадалі ў кампэтэнцыю Рады БНР ведамствы гандлю, прамысловасьці, асьветы, сацыяльнага забесьпячэньня і інш., якімі кіраваў Народны сакратарыят пад наглядам нямецкіх уладаў.

27.5.1918 г. Фалькенгайн прыняў прадстаўнікоў Рады БНР і Народнага сакратарыяту і выказаў ім «сымпатыі нямецкіх уладаў», паведаміў, што «акупацыйныя ўлады хацелі б бачыць у Радзе пасярэдніка паміж нямецкай адміністрацыяй і беларускім народам дзеля ўлагоджваньня — паводле магчымасьці — жыцьцёвых цяжкасьцяў, выкліканых вайной». Фалькенгайн дадаў, што дзейнасьць Рады і Сакратарыяту ў гэтым кірунку «прынясе для Беларусі ў недалёкай будучыні пазытыўныя вынікі». Гэта магло расцэньвацца як абяцаньне прызнаць БНР. У выніку 21.6.1918 г. нямецкае камандаваньне пагадзілася на стварэньне дарадчых устаноў пры павятовых камандзірах для рэгуляваньня стасункаў паміж насельніцтвам і нямецкімі войскамі.

Важнай сфэрай дзейнасьці Народнага сакратарыяту было школьніцтва. Пры Народным сакратарыяце асьветы было створана бюро па справах распрацоўкі школьных падручнікаў і таварыства «Прасьвета», якое й занялося іх выданьнем. Былі арганізаваны настаўніцкія курсы і школьная інспэкцыя, пашырылася сетка пачатковых і сярэдніх школаў. У Менску быў створаны Беларускі пэдагагічны інстытут,[36] выкладчыкамі якога былі В. Іваноўскі, Я. Карскі, Б. Тарашкевіч, У. Ігнатоўскі і інш. Рыхтавалася адкрыцьцё ўнівэрсытэту. Працавалі ў Менску Беларускі тэатар, Таварыства драмы і камэдыі ды іншыя культурныя ўстановы. Пад кантролем Народнага сакратарыяту выходзіла больш дзясятка газэт і часопісаў на беларускай мове.

Народны сакратарыят атрымаў паўнамоцтвы і ў галіне зьнешняй палітыкі. Зь яго ініцыятывы нямецкае вайсковае камандаваньне пачало летам 1918 г. перамовы з урадам савецкай Расеі аб аб’яднаньні з тэрыторыяй БНР усходніх раёнаў Беларусі, занятых расейскімі войскамі. З гэтай мэтай, а таксама для здабыцьця прызнаньня БНР у Маскву выехала беларуская надзвычайная місія, аднак народны камісар замежных спраў Г. Чычэрын яе не прыняў. Былі акрэдытаваныя прадстаўніцтвы БНР на Украіне і ў Літве, высылаліся дыпляматычныя місіі ў Варшаву, Бэрлін, Бэрн, Капэнгаген і інш. У Кіеве адкрылася Беларуская гандлёвая палата. Грамадзяне краю атрымлівалі пашпарты ад імя Беларускай Народнай Рэспублікі.

Такім чынам, падтрымка, аказаная Фалькенгайнам справе БНР, заходзіла вельмі далёка. Па сутнасьці, беларусам не было дазволена толькі стварэньне ўласнага войска, затое ў астатніх галінах Народны сакратарыят мог разьвіваць дзяржаўную дзейнасьць, за якой, натуральна, сачылі акупацыйныя ўлады. Варта заўважыць, што было гэта ня толькі ціхае неафіцыйнае спрыяньне. Пра тое сьведчыць, між іншым, публічная падтрымка ў друкаваным органе штабу Фалькенгайна — «Zeitung der 10 Armee» — адозвы Беларускага нацыянальнага камітэту ад 17.3.1918 г. з пратэстам супраць літоўскіх, польскіх і ўкраінскіх прэтэнзіяў на беларускія землі, якія ў дачыненьні да Літвы і Ўкраіны былі зацьверджаны Берасьцейскім трактатам, надпісаным немцамі.

Дзьве лініі нямецкай палітыкі, г. зн. непрызнаньне Бэрлінам БНР і адначасовае стварэньне яе пад аховай 10-й арміі, супярэчылі сабе толькі вонкава. У сапраўднасьці яны адлюстроўвалі своеасаблівую тактыку паводзін нямецкіх уладаў, якая была вынікам эвалюцыі поглядаў на беларускае пытаньне. Пры ўступленьні ў лютым 1918 г. у Менск немцы былі перакананы ў абсалютнай няздольнасьці беларусаў да стварэньня ўласнай дзяржавы. Аднак яны ўбачылі тут дынамічны палітычны цэнтар, дзейнасьць якога хутка вызваляла ад сну народныя сілы і ўзбуджала сярод немцаў зацікаўленасьць патэнцыйнымі магчымасьцямі беларускага руху. Найбольш скептычна ацэньвалі гэтыя магчымасьці бэрлінскія ўрадавыя колы, пра што сьведчыць іх стаўленьне да ўкраінскага пытаньня,[37] затое лякальныя назіраньні не былі такія адназначныя, яны пацьвярджалі мэтазгоднасьць праверкі арганізацыйных здольнасьцяў рады БНР і Народнага сакратарыяту на практыцы.

Стварэньне незалежнай беларускай дзяржавы адлюстроўвала спадзяваньні немцаў на ліквідацыю небясьпечнага расейскага кліну, якім, паводле Берасьцейскага трактату, была Беларусь: ён убіваўся паміж дзьвюма новаўтворанымі дзяржавамі — Літвой і Украінай. На фоне такой палітычнай пэрспэктывы трацілі сваё значэньне перашкоды, што раней не дазвалялі акупантам зацікавіцца беларускім пытаньнем. Так, напрыклад, прафэсар Бэрлінскага ўнівэрсытэту Фрыц Куршман пасьля знаёмства летам 1918 г. з сытуацыяй у Беларусі пагаджаўся, што беларускі рух яшчэ слабы, але прагназаваў яго хуткае і лёгкае высьпяваньне і пашырэньне. Ён бачыў таксама і слабасьць Рады БНР, аднак і тут выразіў перакананьне, што «калі ўжо беларусы трымаюцца ў сядле, дык, пэўна, навучацца езьдзіць». Немцы ўсьвядомілі карысьць, якую прыносіла існаваньне ўкраінскай і беларускай дзяржаваў для нямецкай палітыкі што да Польшчы і Расеі.

Такім чынам, толькі пасьля заключэньня Берасьцейскага міру і акупацыі каля 85 % беларускай тэрыторыі пытаньне дзяржаўнасьці гэтага краю зацікавіла нямецкія вайсковыя колы. Падтрымка дзейнасьці Рады БНР і Народнага сакратарыяту мела на мэце падрыхтаваць іх да прыняцьця на сябе рэальнай улады на Беларусі. Гэта быў, паводле трапнага вызначэньня Куршмана, рэзэрвовы ўрад, фармальнае прызнаньне якога магло ажыцьцявіцца пры дадатным для Нямеччыны выніку вайны. На думку Круталевіча, перад такім рашэньнем не стрымалі б немцаў і пастановы Берасьцейскага трактату.

Пагаршэньне ваеннай сытуацыі для Нямеччыны на Заходнім фронце не дазволіла рэалізаваць канцэпцыю беларускай дзяржавы. Пры такіх абставінах 27.8.1918 г. была заключана дадатковая ўмова да Берасьцейскага трактату, паводле якой восеньню 1918 г. немцы пачалі перадтэрміновую эвакуацыю сваіх войскаў з тэрыторыі паміж Дняпром і Бярэзінай. Працэс гэты паскорыла рэвалюцыя ў Нямеччыне і яе капітуляцыя. У пачатку сьнежня немцы перадалі ўладу ў Менску савецкім органам. Рада і Урад БНР эвакуяваліся ў Горадню і дзейнічалі там да першых дзён красавіка 1919 г., г. зн. да выхаду нямецкіх войскаў з Гарадзеншчыны.

Узаемныя інтарэсы, кантакты і дачыненьні ў міжваенную пару

Яшчэ восеньню 1918 г. Куршман прадбачыў, што беларусы калі-небудзь не без падстаў будуць з удзячнасьцю ўспамінаць нямецкую акупацыю. Натуральна, ён меў на ўвазе яе палітычныя аспэкты. Праз восем гадоў яго калега з Бэрлінскага ўнівэрсытэту, прафэсар М. Фасмэр адзначыў на акадэмічнай канфэрэнцыі ў Менску, што на Беларусі «нямецкая акупацыя была разумнейшай, чым акупацыя ў іншых месцах», і што для Беларусі «нямецкі парод сваёй акупацыяй зрабіў менш шкоды, чым другія народы». Гэта была алюзія наконт падзелу Беларусі, зробленага ў 1920 г. паміж Польшчай і Расеяй, чаго, аднак, у публічным выступленьні ў сталіцы савецкай Беларусі Фасмэр ня выказаў даслоўна.

Балянс нямецкай акупацыі на Беларусі ў часе Першай сусьветнай вайны на справе выявіў шэраг важных актываў. Асабліва — прызнаньне Нямеччынай, упершыню сярод дзяржаваў сьвету, нацыянальнага адрозьненьня беларусаў і раўнапраўя іх мовы, стварэньне беларускага школьніцтва і фактычная падтрымка ў 1918 г. незалежніцкіх імкненьняў. Здавалася б, што такія актывы былі дастатковыя для выпрацоўкі ў беларускай палітычнай сьвядомасьці міжваеннага пэрыяду пэўных германафільскіх традыцыяў. У сапраўднасьці яны не атрымалі значнага разьвіцьця ня толькі ў савецкай Беларусі, але і ў заходняй частцы краю, якая, паводле Рыскага трактату, апынулася ў межах польскай дзяржавы. У сьвядомасьці народных масаў нямецкая акупацыя перш за ўсё была зьвязана зь бязьлітаснай эканамічнай эксплуатацыяй і затрымкай працэсу рэвалюцыйных пераўтварэньняў, у колах нацыянальных дзеячаў яе ацэньвалі ня толькі праз прызму актываў, але з гледзішча ўсяго балянсу нямецкай палітыкі, які ў рэшце рэшт аказаўся адмоўным.

У гэтых ацэнках асабліва выдзялялася адмова нямецкага ўраду ад прызнаньня Беларускай Народнай Рэспублікі, што ўжо ў часе акупацыі выклікала востры палітычныя крызіс у Радзе БНР і Народным сакратарыяце, а пасьля вайны стварала перакананьне сярод беларускіх нацыянальных дзеячаў у незацікаўленасьці Нямеччыны справай беларускай дзяржаўнасьці. Інцыдэнт ад 25.2.1918 г. з штандарам і касай вырас да памераў сымбалю і засланіў сабой дадатныя захады Фалькенгайна. У параўнаньні з гэтымі нэгатыўнымі пачуцьцямі не такім значным выглядаў характар нацыянальнай палітыкі на тэрыторыі старой акупацыі, якая займала адносна невялікую частку беларускіх земляў і эфэкт якой у дужай ступені аслаблялі вынікі Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцыяў. Беларускія пасьляваенныя ацэнкі вынікаў нямецкай акупацыі рашуча не пацьвярджалі прагнозаў Куршмана і не супадалі з поглядамі Фасмэра.

Значна ўплывалі на гэта і пасьляваенныя рэаліі. Узьніклая пасьля паразы Райху Ваймарская рэспубліка на працягу 14-гадовага існаваньня не стварыла грунту для супрацоўніцтва зь беларускімі нацыянальнымі згуртаваньнямі, якія на той час засяроджваліся ў Вільні і на эміграцыі. Праўда, у Бэрліне дзейнічала група відных дзеячаў БНР (1919–1925 г.), аднак гэта не абудзіла ў немцаў зацікаўленьня беларускім пытаньнем. Спазналася пацяпленьне ў савецка-нямецкіх стасунках. Пасьля падпісаньня 5.11.1922 г. дамовы паміж Нямеччынай і РСФСР аб пашырэньні ўмоў Рапальскага трактату[38] на іншыя савецкія рэспублікі ў Бэрліне быў акрэдытаваны пасол Беларускай ССР. Працаваў ён, аднак, толькі пару тыдняў, бо пасьля ўтварэньня СССР (30.12.1922 г.) яго функцыі пачала выконваць агульнасаюзная амбасада. Адначасова былі цэнтралізаваны прадугледжаныя ў гэтай умове беларуска-нямецкія гаспадарчыя кантакты. Затое ў 1926 г. пачалі завязвацца беспасярэднія навуковыя сувязі, у рамках якіх Нямеччыну наведаў шэраг беларускіх навукоўцаў. Першым нямецкім вучоным, які ў лістападзе 1926 г. прыехаў у Менск, быў ужо прыгаданы Фасмэр.

Кантакты гэтыя, аднак, працягваліся вельмі нядоўга і не пасьпелі аказаць уплыву на павелічэньне нямецкага зацікаўленьня Беларусьсю. Пасьля першых сьціплых, хоць і даволі цікавых, спробаў навуковага супрацоўніцтва ў часе нямецкай акупацыі,[39] у пасьляваенныя гады ў гэтай галіне наступіў амаль поўны застой. Бадай адзіным выняткам была кніжка Я. Карскага «Geschichte der weissrussischen Volksdichtungund Literatur» (Бэрлін, 1925), выдадзеная з ініцыятывы Фасмэра ў перакладзе з расейскай на нямецкую мову.

Яскравай ілюстрацыяй стану нямецкага зацікаўленьня беларускай праблематыкай у дагітлераўскі пэрыяд можа паслужыць дзейнасьць Брэслаўскага інстытуту Усходняй Эўропы. Аж па 1927 г. уключна ў выдаваных гэтым інстытутам «Jahrbiicher fur Kultur und Geschichte der Slaven» не зьявілася літаральна аніводнай распрацоўкі, нават бібліяграфічнай нататкі, што датычыла б Беларусі. У 1928–1935 г., г. зн. да канца выданьня «Jahrbiicher…», у іх апублікавана З артыкулы, 4 інфармацыі і каля 40 рэцэнзіяў, прысьвечаных пытаньням беларускай гісторыі, літаратуры, культуры і эканомікі. Апрача дзьвюх нататкаў-рэцэнзіяў нямецкай аўтаркі Эмы Гертэль, усе астатнія матэрыялы былі апрацаваныя беларусамі, галоўным чынам Уладзімерам Самойлам і Антонам Луцкевічам.

Беларускае пытаньне не набыло ў Нямеччыне большага значэньня таксама і пасьля прыходу да ўлады ў 1933 г. нацыянал-сацыялістаў. Дарма што адной з найважнейшых мэтаў палітыкі Трэцяга райху стаў антыкамунізм і зьнішчэньне савецкай дзяржавы, да 1940 г. у Нямеччыне не было распрацавана аніякіх праграмаў разьдзяленьня СССР. Праўда, беларускім і ўкраінскім пытаньнем у Польшчы цікавіліся некаторыя партыйныя інстанцыі, дзяржаўныя органы і вайсковая выведка, але іх погляды на гэту справу розьніліся паміж сабой і не адлюстроўвалі палітыкі, напрамкі якой вызначаў Адольф Гітлер. Пра гэта сьведчыць і адкінуты праект, прапанаваны ў чэрвені 1938 г. Альфрэдам Розэнбэргам, аб стварэньні партыйна-дзяржаўнага органа для адзінай, суцэльнай апрацоўкі і ацэнкі праблемаў Усходу, зьвязаных з бальшавізмам, і забесьпячэньня ў гэтай галіне плянавай палітычнай лініі.

У гэтым адыграла сваю ролю канкрэтная геапалітычная сытуацыя. Агрэсіўныя намеры гітлераўскай Нямеччыны да СССР не маглі ажыцьцявіцца без супрацоўніцтва з Польшчай або без папярэдняга вываду яе з гульні як дзяржавы дзеля здабыцьця беспасярэдняга кантакту з СССР. Пачынаючы з 1935 г. Гітлер ня раз спрабаваў схіліць польскі ўрад да сумеснага паходу на СССР, мэтай якога было б, між іншым, заняцьце Украіны і Беларусі. Пры такім варыянце абрысоўвалася даволі спэцыфічная канцэпцыя паводзінаў ува ўкраінска-беларускім пытаньні, пэўную ролю ў якой павінна была адыграць Польшча. Апошні раз гэтая прапанова згадвалася Гітлерам у студзені 1939 г. у часе сустрэчы зь міністрам замежных спраў Юзафам Бэкам, аднак польскі ўрад на яе не пагадзіўся. У гэтай сытуацыі праблема Украіны і Беларусі на пэўны час зьнікла з палітычнага далягляду Нямеччыны. Гэта выявілася ў падпісаньні савецка-нямецкага пакту ад 23.8.1939 г., у якім акрэсьліваліся інтарэсы абедзьвюх дзяржаваў у Польшчы: усе заходнебеларускія, заходнеўкраінскія і нават некаторыя этнічна польскія землі былі пакінуты ў зоне інтарэсаў СССР.

Пры такой сытуацыі ў пэрыяд з 1933 па 1939 г. дзейнасьць прыхільнікаў разьдзяленьня СССР, асабліва Розэнбэрга і падначаленага яму ведамства замежнай палітыкі Нацыянал-сацыялістычнай рабочай партыі Нямеччыны, ня мела посьпеху і не набыла вялікага пашырэньня. Варта, аднак, прыгадаць спробы іх узьдзеяньня на беларускія асяродкі ў Польшчы. Ужо летам 1933 г. гэтае ведамства завязала кантакт з Фабіянам Акінчыцам — ідэолагам і правадыром невялікай групы беларускіх нацыянал-сацыялістаў.[40] Пры падтрымцы ведамства гэтая група распачала ў лістападзе 1933 г. у Вільні выданьне часопіса «Новы шлях». Амаль адначасова ў Бэрліне (напэўна, з ініцыятывы Акінчыца) быў створаны Саюз беларускіх студэнтаў у Нямеччыне. Але гэтыя спробы не прыносілі спадзяваных вынікаў. Так, Саюз беларускіх студэнтаў дзеля невялікай колькасьці беларусаў у нямецкіх навучальных установах ня змог разгарнуць шырокай дзейнасьці, а тыраж «Новага шляху» не перавышаў 500 асобнікаў, што гаварыла пра яго невялікую папулярнасьць.

Таксама безвыніковымі былі спробы Акінчыца па стварэньні на заходнебеларускіх землях беларускай партыі нацыянал-сацыялістаў. Прычынамі былі адсутнасьць шырокай падтрымкі нацысцкага руху з боку грамадзкасьці, а таксама абмежаваньні, што накладаліся на гэты рух польскімі адміністрацыйнымі ўладамі, якія не без падстаў падазравалі ў ім гітлераўскую агентуру. У выніку, Акінчыц у кастрычніку 1936 г. не атрымаў дазволу ўладаў на скліканьне зьезду беларускіх нацыянал-сацыялістаў, а на пачатку 1937 г. дзейнасьць гэтай групы была практычна забаронена. Адначасова забаронена было і выданьне часопіса «Новы шлях». Ацэньваючы дзейнасьць групы беларускіх нацыянал-сацыялістаў, Энгельгарт пісаў яшчэ ў час вайны, што яна ня мела значэньня.

Зацікаўленасьць беларускай праблематыкай выяўлялі таксама нямецкія навукова-дасьледчыя цэнтры. У 1937 г. ёю заняўся Нямецкі інстытут вывучэньня замежных праблемаў пры Бэрлінскім унівэрсытэце, у якім быў створаны беларускі сэктар разам зь бібліятэкай. Вывучэньнем беларускага пытаньня кіраваў прафэсар Гергард фон Мэндэ. Улетку 1937 г. разам зь некалькімі студэнтамі ён наведаў Вільню, дзе закупіў немалую колькасьць беларускіх кніжак для інстытуцкай бібліятэкі і правёў размовы зь беларускімі дзеячамі. Беларускім пытаньнем заняўся таксама Бэрлінскі інстытут вывучэньня граніц і замежных краінаў. Вынікі дзейнасьці абодвух інстытутаў прызначаліся, верагодна, для службовага карыстаньня, пра што сьведчыць мізэрная колькасьць публікацыяў іх працаў.

Супрацоўніцтва з групай Акінчыца, дасьледаваньні і кантакты зь беларускімі дзеячамі ў Вільні выяўлялі імкненьні Розэнбэрга стварыць на тэрыторыі Заходняй Беларусі палітычны пляцдарм для заплянаванага нападу на СССР. З гэтымі ж самымі мэтамі яшчэ больш шырокая падтрымка аказвалася заходнеўкраінскім арганізацыям і групоўкам. Спашлёмся па выказваньне Арно Шыкеданца, шэфа штабу Розэнбэрга, які пісаў у сваім мэмарыяле ад 14.6.1939 г. начальніку канцылярыі Райху Гансу Лямэрсу наступнае:

…Абсалютна ня выключана, што ў выпадку нямецка-польскага канфлікту саветы пад выглядам узброенай дапамогі Польшчы зоймуць гэтыя землі (заходнебеларускія і заходнеўкраінскія. — Ю. Т.), каб застацца ў іхніх межах. Пры такім новым падзеле Польшчы Вялікая Нямеччына страціла б, напэўна, найбольш абяцальныя пэрспэктывы разьдзяленьня Расеі, тады як адцягнуўшы ўвагу саветаў на пэўны час ад сумежных дзяржаваў, Нямеччына атрымала б немалую карысьць… Землі зь беларускім і заходнеўкраінскім насельніцтвам мелі б неацэннае значэньне як асяродкі і базы для глыбокага расколу Расеі… Гэта быў бы найбольш адпаведны момант для таго, каб увесьці абодва гэтыя народы ў арбіту нямецкіх інтарэсаў для адпору Расеі…

Мэмарыял Шыкеданца толькі нязначна апярэдзіў падпісаньне савецка-нямецкага пакту, што сьведчыла аб адсутнасьці каардынацыі паміж буйнейшымі дзеячамі Трэцяга райху ў галіне ўсходняй палітыкі, а таксама аб тым, што канцэпцыі Розэнбэрга і яго супрацоўнікаў ня мелі істотнага ўплыву на рашэньні Гітлера. Заключэньне гэтага пакту было для Розэнбэрга нечаканасьцю і шокам. 25.8.1939 г. ён пісаў у сваім дзёньніку:

Як жа мы можам яшчэ гаварыць аб ратаваньні і фармаваньні Эўропы, калі вымушаны прасіць дапамогі ў разбуральнікаў Эўропы?.. І калі мы вымушаны яшчэ перадаць Савецкаму Саюзу тэрыторыю польскай Украіны, дык гэта пасьля Карпацкай Украіны другі з нашага боку ўдар, скіраваны ў самую вялікую антымаскоўскую сілу.

Сапраўдны кірунак усходняй палітыкі Трэцяга райху было цяжка прадказаць нават сярод такіх тузоў, як Розэнбэрг і Шыкеданц. У гэтай сытуацыі ня так лёгка было маніпуляваць адрасаванай беларусам нямецкай прапагандай. «Новы шлях» — адзіны яе рупар на Беларусі — займаўся найбольш праблемамі грамадзка-гаспадарчай мадэлі нацыянал-сацыялізму, не закранаючы пытаньня стаўленьня Трэцяга райху да беларускай дзяржаўнасьці. Напэўна, гэтая акалічнасьць стала адной з галоўных прычын палітычнага банкруцтва Акінчыца. Усе астатнія заходнебеларускія арганізацыі і палітычныя групоўкі ставіліся да нацысцскай прапаганды абыякава або варожа. Гэта датычыла ня толькі КПЗБ[41] (распушчанай Камінтэрнам у жніўні 1938 г.) і кіраваных камуністамі легальных левых арганізацыяў, але і цэнтрысцкага, з народнафронтаўскімі тэндэнцыямі Беларускага народнага аб’яднаньня (БНА) і нават даволі актыўнай нацыяналістычнай групоўкі на чале з ксяндзом Вінцэнтам Гадлеўскім, што гуртавалася вакол штотыднёвіка «Беларускі Фронт».

У 1936–1937 г. «Беларускі Фронт» шмат разоў выступаў адначасова і супраць камунізму, і супраць нацызму, даводзячы, што ніводзін з гэтых кірункаў

не нясе беларускаму народу незалежнасьці і сувэрэннасьці, але нясе яму залежнасьць і палітычную і эканамічную; і імкненьне да фізычнага і духоўнага зьнішчэньня беларускага народу, нясе няволю.

Падобныя погляды прапаведаваў орган студэнцкай групоўкі прыхільнікаў Гадлеўскага — часопіс «25 сакавіка», які акрэсьліваў нацызм як ворага беларускага народу. Рашуча выказвала антынаысцкія тэндэнцыі прэса БНА — «Chryscjanskaja Dumka» і «Шлях Моладзі».

Новыя тэндэнцыі ў беларускай віленскай прэсе пачынаюць назірацца ў 1938–1939 г. Адбываецца гэта над уплывам абвастрэньня палітычнай сытуацыі ў Эўропе (асабліва пасьля далучэньня Аўстрыі і падзелу Чэхаславаччыны), а таксама зьвязанай з гэтымі падзеямі гітлераўскай прапаганды, якая выстаўляла Трэці райх абаронцам інтарэсаў малых народаў і нацыянальных меншасьцяў. Немалое ўражаньне пры гэтым аказвалі чуткі аб рэгістрацыі ў Нямеччыне ўкраінцаў і беларусаў, пры якой ставіліся пытаньні адносна іх вайсковай кваліфікацыі і маёмасьці, канфіскаванай савецкімі ўладамі. Адначасова ў нямецкай прэсе зьявіліся паведамленьні пра дыскрымінацыйныя дзеяньні польскай улады ў адносінах да беларускага насельніцтва. Стваралася ўражаньне зацікаўленасьці немцаў беларускім пытаньнем. Усё гэта падмацоўвалася паведамленьнямі польскага друку аб падтрымцы, якую немцы нібыта аказвалі справе беларускай дзяржаўнасьці, аб уцягваньні беларусаў у калясьніцу нямецкай палітыкі. Асабліва красамоўныя былі данясеньні прэсы пра зьезд беларускіх дзеячоў з Польшчы, СССР, ЗША, Літвы і Эстоніі, які нібыта адбыўся ў чэрвені 1939 г. у Гданьску, каб разгледзець і падтрымаць прапанаваны нямецкім урадам плян стварэньня незалежнай беларускай дзяржавы.

Сэнсацыі ў друку, якія ня мелі нічога супольнага з сапраўднымі плянамі бэрлінскага ўраду, паўтараліся беларускай прэсай, абуджаючы надзеі розных палітычных групаў на вырашэньне немцамі пытаньня беларускай дзяржаўнасьці. «Беларускі Фронт», які яшчэ ў 1937 г. адхрышчваўся ад нацызму, на пачатку 1939 г. зьмяніў свой палітычны кірунак. У чэхаславацкіх падзеях орган ксяндза Гадлеўскага бачыў

практычную рэалізацыю прынцыпу самавызначэньня нацыяў, якую ў найчысьцейшай форме прадэманстравала Нямеччына.

Газэта выказвала ўхвалу гітлераўскаму прынцыпу «ўлады правадыра» і ўсё часьцей зьвяртала ўвагу на зацікаўленьне Нямеччыны беларускім пытаньнем у кантэксьце яе пляну зьнішчэньня і разьдзяленьня СССР. «Беларускі Фронт» пісаў:

На наш погляд расчляненьня або падзелу Расеі на паасобныя нацыянальныя дзяржавы баяцца няма чаго: гэта ёсьць натуральны працэс нашых часоў.

Больш крытычна і цьвяроза ацэньвала сытуацыю прэса Беларускага народнага аб’яднаньня, аднак і яна не хавала задавальненьня з уяўных нямецкіх плянаў. У канцы 1938 г. «Chryscjanskaja Dumka» пісала ўва ўступным артыкуле «Нямецкія імкненьні і беларусы»:

Апошнімі часамі Нямеччына вельмі цікавіцца Усходняй Эўропай — СССР, дзе размешчаны Украіна і Беларусь… ня дзеля таго, што хоча памагчы ўкраінцам і беларусам збудаваць сваю дзяржаву, але дзеля таго, што гэтым спадзяецца разваліць СССР, адчыніць для свайго промыслу вялікі рынак збыту і дабрацца да хлебнага багацьця Украіны ды ляснога багацьця Беларусі… Гэта, аднак, ня значыць, што беларусы павінны ўжо цяпер баяцца нямецкіх плянаў і ўжо цяпер зь імі змагацца. Не! Трэба толькі ведаць, што няма нікому бескарыснай помачы і што найкарысьнейшая толькі ўласная сіла.

Дзеля гэтага ня можна сьлепа захапляцца Гітлерам, ані іншымі дабрадзеямі, бо кожны добры, але сьпярша для сябе, а пасьля для другога.

Падобны тэкст быў зьмешчаны і ў «Шляху Моладзі» і дапоўнены высновай:

Для беларусаў з усяго гэтага важна перадусім тое, што беларуская справа, беларуская праблема становіцца праблемай міжнароднай.

Гэтыя спэкуляцыі не выклікалі шырокага водгуку сярод народных масаў ня толькі ўва Усходняй Беларусі, куды яны звычайна не траплялі, але і ў заходняй частцы краю, нягледзячы на паўсюднае незадавальненьне грамадзка-эканамічнай палітыкай польскага даверасьнёўскага ўраду. Ацэньваючы пазыцыю беларускай вёскі, «Беларускі Фронт» напярэдадні Другой сусьветнай вайны пісаў:

Пры першай магчымасьці людзі кінуліся б у абоймы кожнаму, хто шчыра ці няшчыра задэкляраваў бы лепшую долю; камуністы маюць уплыў, але пры ведамым прымітывізьме нашай вёскі такі самы ўплыў маглі б мець фашысты і нават манархісты.

Ацэнка гэтая была небеспадстаўная, аднак у тагачасных умовах хлеб і зямлю абяцалі толькі камуністы. Гэта прадвызначала сымпатыі большай часткі сялянства да бальшавізму і СССР, якія выразна выявіліся пры ўступленьні Чырвонай Арміі ў верасьні 1939 г. Не адмаўлялі гэтага і аўтары, якіх нельга падазраваць у прасавецкіх тэндэнцыях.

Затое розьнілася стаўленьне беларускай інтэлігенцыі, асабліва палітычных і грамадзкіх дзеячоў. У гэтых колах ведалі ў агульных рысах аб трагічных падзеях у БССР у трыццатых гадох, зьвязаных галоўным чынам з прымусовай калектывізацыяй і барацьбой з «нацдэмаўшчынай». Вынікам іх былі шматлікія людзкія ахвяры, у т. л. сярод найвыдатнейшых беларускіх дзеячоў палітыкі і прадстаўнікоў навукі і культуры, а таксама зьнішчэньне гістарычных каштоўнасьцяў і інтэлектуальных здабыткаў дваццатых гадоў. З другога боку, заняцьце Чырвонай Арміяй усходняй часткі польскай дзяржавы азначала ўзьяднаньне ўсіх беларускіх земляў у адной савецкай рэспубліцы, супраць чаго не выступаў ніводзін беларускі нацыяналіст. Бо гэта азначала рэалізацыю многіх беларускіх пастулатаў — эканамічных, моўных, культурна-асьветных, якія ігнараваліся ў міжваенную пару польскімі ўладамі. Такім чынам, зьнікалі ранейшыя спрэчкі і партыйныя падзелы, замест якіх заяўляліся новыя, іх адзіным найважнейшым крытэрам было стаўленьне да савецкай рэчаіснасьці. Тыя, хто яе прымаў, заставаліся ў верасьні 1939 г. на месцы або варочаліся на землі, занятыя савецкімі войскамі, а тыя, хто разьлічваў на падтрымку Нямеччыны ў справе беларускай дзяржаўнай незалежнасьці або прадчуваў асабістую пагрозу, накіроўваліся ў зону нямецкай акупацыі ці ў Літву.

Неўзабаве, аднак, зьявіліся першыя расчараваньні. Новыя савецкія ўлады давалі сялянам зямлю, адкрывалі грамадзкія пэрспэктывы, уздымалі беларускую мову да статусу дзяржаўнай, уводзілі яе ў школах і друкавалі на ёй газэты, але адначасова пачалі фізычную ліквідацыю вядомых дзеячоў беларускага нацыянальнага руху. Гэта абуджала сярод беларускай інтэлігенцыі няпэўнасьць у сваёй будучыні, стварала адчуваньне, што курс пачатку трыццатых гадоў у палітыцы БССР працягваецца, і руйнавала надзеі на пазытыўнае стаўленьне савецкіх уладаў да беларускага нацыянальнага пытаньня.

Новая сытуацыя ўтварылася пасьля перадачы Вільні і заходняй Віленшчыны савецкімі ўладамі Літве ў канцы кастрычніка 1939 г. Гэты горад зноў, цяпер усяго на восем месяцаў, становіцца асяродкам, які зьбірае вакол сябе беларускіх дзеячоў. З Коўны вярнуўся ксёндз Гадлеўскі, які ўзнавіў дзейнасьць сваёй групоўкі. Заставаліся тут ксёндз Адам Станкевіч, прафэсар Вацлаў Іваноўскі, Янка Станкевіч, Францішак Аляхновіч, Язэп Найдзюк і інш. Была адноўлена арганізацыйная і выдавецкая дзейнасьць. Зноў аналізавалася сытуацыя і пэрспэктывы яе разьвіцьця. Істотна ўплывала на афармленьне такіх ацэнак далейшае абвастрэньне палітычнага становішча ў Эўропе ў канцы 1939 г. і ў пачатку 1940 г., асабліва напад СССР на Фінляндыю, Нямеччыны — на Данію і Нарвэгію, як і наступ немцаў на францускім фронце. Гэта сьведчыла аб эскаляцыі вайны, у якой савецка-нямецкі канфлікт здаваўся непазьбежным.

Перад пагрозай гэтага канфлікту, а таксама з горкага досьведу назіраньня за дзейнасьцю савецкіх уладаў, шмат дзеячоў зь віленскага асяродзьдзя на чале з Гадлеўскім вырашылі перайсьці ў зону нямецкай акупацыі арганізаваным шляхам, атрымаўшы папярэднюю згоду нямецкага консульства ў Коўне перад самым 15.6.1940 г., гэта значыць, перад уваходам Чырвонай Арміі ў Прыбалтыку. Частка эмігрантаў пазьбягала такім чынам савецкіх рэпрэсіяў, але большасьць разьлічвала на падтрымку незалежніцкай дзейнасьці з боку Нямеччыны. У Вільні засталося, аднак, нямала дзеячоў, галоўным чынам чальцоў Беларускага народнага аб’яднаньня (між іншым, кс. А. Станкевіч, С. Грынкевіч-старэйшы, А. Клімовіч), а таксама В. Іваноўскі, якія ня зьвязвалі сваіх палітычных плянаў з Трэцім райхам.

Напярэдадні нападу гітлераўскай Нямеччыны на СССР

Апрача эмігрантаў, на тэрыторыі Нямеччыны апынулася пэўная колькасьць беларусаў, якія служылі ў польскай арміі і ў верасьні 1939 г. трапілі ў нямецкі палон. Апроч таго, на акупаваных немцамі тэрыторыях, галоўным чынам у Варшаве, Лодзі і Празе, здаўна існавалі невялікія асяродкі беларусаў. Для таго, каб іх зарэгістраваць, а таксама наладзіць апеку і пасярэдніцтва ў найме на працу, у лістападзе 1939 г. у Бэрліне было створана пры міністэрстве ўнутраных траваў Weissruthenische Vertauenstelle, папросту называнае Беларускім прадстаўніцтвам. Амаль адначасова (3.12.1939 г.) для беларусаў, што знаходзіліся ў Нямеччыне і на тэрыторыі нямецкай акупацыі, пачалося выданьне штотыднёвіка «Раніца». Кіраўніком Беларускага прадстаўніцтва быў прызначаны Акінчыц, які перад самай вайной прыехаў у Бэрлін, а пасьля ягонага скорага звальненьня гэтую функцыю да канца вайны выконваў Анатоль Шкутка. Установа мела некалькі сваіх рэгіянальных аддзяленьняў.

Летам 1941 г. беларусы, якія знаходзіліся ў Бэрліне, атрымалі згоду на стварэньне грамадзкай арганізацыі — Беларускага камітэту самапомачы ў Нямеччыне, — старшынём якой стаў былы консул БНР у Бэрліне А. Бароўскі. Адначасова былі адкрыты аддзяленьні Камітэту ў Познані і Лодзі, а пазьней — у Мюнхэне, Ляйпцыгу, Празе, Торуні і інш. Незалежна ад БКС[42] у Нямеччыне ў студзені 1940 г. быў створаны Беларускі камітэт у Генэральным губэрнатарстве зь сядзібай у Варшаве і двума аддзяленьнямі — у Белай Падляскай і Кракаве. Статутнай мэтай гэтых арганізацыяў было грамадзкае забесьпячэньне (галоўным чынам — сталоўкі) і культурна-асьветная дзейнасьць, між іншым, арганізацыя аматарскіх мастацкіх калектываў, лекцыяў і бібліятэк. У Варшаве чальцы Беларускага камітэту атрымлівалі харчовыя карткі лепшай катэгорыі, чым большасьць польскага насельніцтва, таму ў яго шэрагах апынулася нямала палякаў.[43]

На базе гэтых арганізацыяў утварылася некалькі згуртаваньняў, якія адлюстроўвалі палітычны расклад сілаў перад верасьнем 1939 г. Агульнай рысай гэтых групаў было жаданьне выступаць у ролі прадстаўнікоў беларускага народу і патэнцыйных палітычных партнэраў Нямеччыны і навязаць нямецкім уладам аптымальныя, на іх погляд, рэцэпты вырашэньня беларускага пытаньня пасьля спадзяванага разгрому СССР. Групы гэтыя імкнуліся здабыць у немцаў прызнаньне і падтрымку, разьлічваючы дасягнуць галоўнага палітычнага ўплыву ў Беларусі пасьля таго, як яе зоймуць нямецкія войскі. Разьвілася своеасаблівая канкурэнцыя за права выкарыстаньня найбольш абяцальных магчымасьцяў у апараце Трэцяга райху. Стаўкі былі розныя, бо аніводная нямецкая партыйная, вайсковая або ўрадавая інстанцыя ня ў стане была ясна выказацца наконт будучага лёсу Беларусі.

Рана распачаў такую дзейнасьць доктар Іван Ермачэнка[44] — галоўны дзеяч беларускага асяродзьдзя ў Празе. Там ён прыцягнуў да супрацоўніцтва старога Васіля Захарку — сымбалічнага лідэра БНР у эміграцыі, спадзеючыся такім чынам надаць сваім пачынаньням характар гістарычнай пераемнасьці. Пасьля заняцьця Чэхіі нямецкімі войскамі 20.4.1939 г. Гітлеру быў пасланы мэмарыял, апрацаваны Ермачэнкам і падпісаны Захаркам. З фрагмэнтаў, апублікаваных Васілём Раманоўскім, вынікае, што аўтар мэмарыялу зьвяртаўся да Гітлера з просьбай прыняць пад увагу беларускае пытаньне ў плянаваным разгроме і разьдзяленьні СССР. Мэмарыял гэты ня быў праігнараваны, пра што сьведчаць пазьнейшыя размовы Ермачэнкі і Захаркі з былым нямецкім амбасадарам у Празе Андарам фон Генке летам 1939 г. У выніку, беларускіх дзеячоў запрасілі 3.8.1939 г. на канфэрэнцыю ў міністэрстве замежных спраў у Бэрліне, дзе іх запэўнілі, што Нямеччына супрацьстаіць канцэпцыі «адзінай і непадзельнай Расеі». На гэтай канфэрэнцыі Ермачэнка і Захарка прадставілі сваю праграму беларуска-нямецкага супрацоўніцтва.

Ермачэнка ў 1940–1941 г. займаўся арганізацыяй беларускіх лекараў у Нямеччыне ў супрацоўніцтве з доктарам Ватэрам, які ў сярэдзіне 1941 г. заняў у міністэрстве акупаваных усходніх земляў пасаду загадчыка аддзелу, што сачыў за дзейнасьцю аддзяленьняў самапомачы на акупаваных землях СССР. Адначасова Ермачэнка працягваў кантакт з прафэсарам Мэндэ, маючы зь ім «частыя размовы наконт гісторыі і становішча на Беларусі». Прафэсар таксама заняў высокую пасаду ў міністэрстве Розэнбэрга. Гэтыя сувязі спрыялі будучай кар’еры Ермачэнкі.

Фабіян Акінчыц у сваю чаргу рабіў стаўку на партыю нацыянал-сацыялістаў і падтрымліваў кантакт зь яе ўсходнім аддзелам. Аднак шанцы яго паступова слабелі. Няўдалая спроба стварэньня беларускай партыі нацыянал-сацыялістаў, а таксама фіяска яго праекту па фармаваньні дывэрсійнай групы ў тыле нямецка-польскага фронту зрабілі яму славу афэрыста. У Акінчыца сярод беларускай эміграцыі было мала прыхільнікаў. Гэта стала адной з прычынаў распаўсюджваньня ягонай не найлепшай рэпутацыі. Таму неўзабаве пасьля прызначэньня на пост кіраўніка Беларускага прадстаўніцтва яго звольнілі і адсунулі на задні плян. Вясной 1940 г. Акінчыц узначаліў Беларускі камітэт у Варшаве, адсунуўшы з пасады ранейшага яго старшыню, доктара Мікалая Шчорса, аднак ужо ў сярэдзіне 1940 г. вымушаны быў пакінуць Варшаву. Сталася гэта пасьля ўмяшаньня ў справу варшаўскай службы бясьпекі (СД), якая вярнула Шчорса на ранейшае месца, бо, на думку былых кампэтэнтных дзеячоў Камітэту, «Шчорс хоць нешта зь сябе ўяўляў, у той час як Акінчыц — нічога».

У Бэрліне пры канцы 1940 і на пачатку 1941 г. Акінчыц пісаў ува ўсходні аддзел нацысцкай партыі даносы шмат на каго зь беларускіх эміграцыйных дзеячоў, рабіў прапановы іх выцясьненьня і замены сваімі людзьмі. У сваім рапарце ад 1.11.1940 г. ён прапанаваў, між іншым, праект заданьняў для беларускіх нацыянал-сацыялістаў, у якім прадугледжвалася:

- арганізацыя курсаў для падрыхтоўкі будучых палітыкаў, я адміністрацыйных дзеячоў, публіцыстаў і журналістаў;

- перанавучаньне ваеннапалонных беларускай нацыянальнасьці;

- арганізацыя курсаў ваеннай падрыхтоўкі, шпіёнскай і прапагандысцкай дзейнасьці супраць савецкай Беларусі, адпраўка перавучаных кадраў на тэрыторыю СССР для тэрарыстычных і сабатажных мэтаў.

Праект Акінчыца, напэўна, ня быў адкрыцьцём для нямецкіх органаў, аднак ён судзейнічаў яго прызначэньню. У пачатку 1941 г. яму даручылі назіраньне за лягерамі польскіх ваеннапалонных і вэрбоўку тутэйшых беларусаў. Акінчыцу было даверана кіраўніцтва т. зв. курсамі прапагандыстаў пад Бэрлінам, дзе праходзілі навуку «ідэалягічныя кіраўнікі» для працы на Беларусі. Гэта была т. зв. школа Акінчыца, выхаванцы якой («маладыя актывісты») павінны былі рыхтаваць падмурак да рэалізацыі яго палітычных плянаў на Беларусі.

Трэцяе згуртаваньне прадстаўляў малады лекар Мікалай Шчорс, актыўны дзеяч Беларускага студэнцкага саюзу 30-х г. у Вільні, яго колькігадовы старшыня, ідэалягічны паплечнік кс. Гадлеўскага. У гэтую групоўку ўваходзілі многія дзеячы ў Варшаве (кс. Вінцэнт Гадлеўскі, кс. Пётар Татарыновіч, Часлаў Халяўка, Мікалай Ждановіч, Баляслаў Манкевіч, Барыс Стрэльчык, Петар Ластаўка і інш.), у Бэрліне (Мікалай Шкялёнак, Анатоль Шкутка, С. Грынкевіч-малодшы, Мікола Абрамчык і іншыя), у Лодзі (Вітаўт Тумаш) і ў іншых асяродках. Галоўным ідэолягам гэтай групы быў Гадлеўскі, які выступаў як прадстаўнік Беларускага нацыянальнага фронту. У Варшаве ён выдаў палітычную праграму згуртаваньня, яна распаўсюджвалася сярод беларусаў Нямеччыны, Генэральнага губэрнатарства, Чэхаславаччыны і Францыі. Чальцы гэтай групы займалі пераважную частку кіраўнічых пасад у беларускіх камітэтах, яны ж былі ядром рэдакцыйнага калектыву «Раніцы».

19.6.1941 г. галоўныя дзеячы гэтай групы стварылі ў Бэрліне арганізацыю пад назвай «Цэнтар», якая фармальна прэтэндавала на ролю кіраўніка, плянавальніка і каардынатара дзейнасьці беларускай эміграцыі ў Нямеччыне і Генэральным губэрнатарстве. Старшынём «Цэнтру» стаў Шчорс, а яго сябрамі — Халяўка, Гадлеўскі, Шкялёнак, Шкутка і Тумаш. Аднак стварэньне «Цэнтру» ледзь не за пару дзён да нападу на СССР сьведчыла, што яго галоўнай мэтай была ня дзейнасьць сярод эміграцыі, а каардынацыя працы па ходу заняцьця немцамі беларускіх земляў. Такім чынам, гэта быў орган, які ў спрыяльных умовах зьбіраўся абвесьціць сябе часовым урадам Беларусі. Паводле паведамленьня Ждановіча, блізкага супрацоўніка Шчорса, разьмеркаваньне пасад у гэтым урадзе было прадугледжана загадзя, яго ядро павінны былі скласьці сябры «Цэнтру».

У адрозьненьне ад Ермачэнка і Акінчыца, група Шчорса для рэалізацыі сваіх мэтаў арыентавалася на вайсковыя колы (Абвэр) і СД. Іх лёгіку лёгка зразумець: беларускія землі зоймуць нямецкія войскі і неадкладнае стварэньне беларускага часовага ўраду стане фактам, які будзе адбівацца на далейшых паводзінах акупацыйных уладаў. З гэтага гледзішча тактыка Шчорса, Гадлеўскага і іх паплечнікаў ня розьнілася ад дзейнасьці Літоўскага фронту вызваленьня (Lietuvos Islaisvinimo Frontas), які пры падтрымцы Абвэру ўтварыў літоўскі часовы ўрад на чале зь Ёзасам Амбразявічусам.

Супрацоўніцтва групы Шчорса і Абвэру распачалося ў другой палове 1940 г. Яно грунтавалася на вярбоўцы і перасылцы ў савецкую Беларусь агентаў, падрыхтаваных у абвэраўскім цэнтры ў г. Суляювэк пад Варшавай. Не пазьней як вясной 1941 г. група Шчорса пачала вэрбаваць добраахвотнікаў у дывэрсійныя падразьдзяленьні Абвэру. Быў створаны 50-асабовы атрад, які пасьля вучобы ў Лямсдорфе пад Аполем 18.6.1941 г. быў перакінуты церазь мяжу ў раёне Сувалак з заданьнем выканаць дывэрсіі на чыгуначнай лініі Стаўпцы — Баранавічы.[45] Ініцыятарам гэтай акцыі быў ксёндз Гадлеўскі, які бачыў у стварэньні дывэрсійнай групы пачатак «першай штурмавой роты» і зародак нацыянальных узброеных сілаў. Варшаўскі камітэт пры супрацоўніцтве з СД сфармаваў таксама групу зь некалькіх дзясяткаў чалавек для кіраваньня будучымі органамі адміністрацыі і паліцыі неадкладна пасьля прыходу на Беларусь нямецкіх войскаў.

Варта заўважыць, што беларускі палітычны дзеяч Радаслаў Астроўскі,[46] які адыграў асабліва важную ролю ў гісторыі акупацыі Беларусі, займаў у гэты час чакальную пазыцыю і афіцыйна не далучаўся да ніводнай з гэтых групаў. На працягу шматгадовай палітычнай кар’еры ён прызвычаіўся загадзя не выкладаць сваіх картаў на стол. У гэтым сэнсе ён быў куды больш абачлівы, чым астатнія прэтэндэнты на ўладу ў Беларусі, асабліва ў параўнаньні з Шчорсам і кс. Гадлеўскім, чые ініцыятывы, як выявілася, ня мелі за сабой ніякіх сапраўдных гарантыяў і абавязаньня зь нямецкага боку. Зрэшты, у Астроўскага былі і іншыя прычыны, каб ня ўдзельнічаць у такім спаборніцтве напярэдадні нападу на СССР. Большасьць яго прыхільнікаў засталася на радзіме, а ў эміграцыі ў яго быў непрымірымы праціўнік — ксёндз Гадлеўскі, які ня мог дараваць Астроўскаму супрацоўніцтва з камуністамі ў 1924–1927 г., а потым — з польскімі ўладамі. У новай сытуацыі Астроўскі палічыў за лепшае пазьбягаць скандалаў і даносаў. Таму ён не ўвайшоў у групу «Цэнтар» і замацаваўся на сьціплай пасадзе кіраўніка лодзьскага аддзяленьня самапомачы, а пазьней — тутэйшай Vertauenstelle і чакаў адпаведнага моманту.

У беларускіх колах панавалі надзеі на падтрымку Трэцяга райху для справы беларускай дзяржаўнасьці. На гэтым фоне дзейнасьць Янкі Станкевіча,[47] ідэалягічна зьвязанага з Вацлавам Іваноўскім, была выняткам. Гэтыя дзеячы скептычна ацэньвалі шанцы Нямеччыны на перамогу, а акупацыю Беларусі разглядалі як часовую зьяву і гэтак жа, як і польскае падпольле, арыентаваліся на заходніх саюзьнікаў, адводзячы ім у сваіх прагнозах вызначальную ролю пры арганізацыі пасьляваеннага ладу ў Эўропе. Асабліва пажаданы быў, на іх думку, польскі саюзьнік, зь ім зьвязваліся надзеі на вывад беларускага пытаньня на міжнародную арэну на базе фэдэрацыйнай канцэпцыі. Гэтыя дзеячы разьлічвалі на магчымасьць пераадолець цяжкасьці, зьвязаныя галоўным чынам з разыходжаньнямі ў тэрытарыяльным пытаньні, і знайсьці шляхі да паразуменьня з польскім падпольлем.

Канцэпцыя Іваноўская і Станкевіча ў адным важным пункце ўсё ж не адрозьнівалася ад пазыцыяў астатніх групаў. Яна дапускала выкарыстаньне нямецкай акупацыі для ўзмацненьня беларускага нацыяналізму, у прыватнасьці, пры апанаваньні адміністрацыі і стварэньні ўласных узброеных сілаў. Аднак супрацоўніцтва зь немцамі ставіла пад пытальнік посьпехі ў польска-беларускім дыялёгу і асьвятленьня беларускага пытаньня ў Лёндане. Верагодна, папярэдняе высьвятленьне тактыкі паводзін у гэтай няпростай справе адбылося ў першай палове 1940 г. у Вільні і прадугледжвала падвойную гульню, пры якой ролі павінны былі падзяляцца наступным чынам: Вацлаў Іваноўскі будзе займацца дзейнасьцю афіцыйнай, а Янка Станкевіч — стварэньнем кансьпірацыйнага цэнтру, у вачох польскага падпольля — чыстага ад абвінавачваньняў у супрацоўніцтве зь немцамі. У чэрвені 1940 г. Станкевіч прыбыў у Варшаву і празь некалькі месяцаў утварыў падпольную арганізацыю пад назвай Партыя беларускіх нацыяналістаў (ПБН), галоўным чынам, сярод сяброў Беларускага камітэту, апазыцыйна настроеных да палітыкі Шчорса і Гадлеўскага. Ён завязаў кантакт з Зоф’яй Дабрынскай («Эван») — дзяячкай усходняга нацыянальнага сэктару Бюро інфармацыі і прапаганды (БІП) у Галоўным камандаваньні ЗУБ — Зьвязу ўзброенай барацьбы (арганізацыя, якая папярэднічала стварэньню Арміі Краёвай. — Ю. Т.), праз пасярэдніцтва якога летам 1941 г. паспрабаваў распачаць перамовы зь БІПам. Аднак да гэтага не дайшло. Напэўна, тут аказалі ўплыў недавер да Станкевіча і сумненьні ў значнасьці ПБН, якую ён прадстаўляў, а таксама нежаданьне саступаць у дыскусіі наконт будучыні заходнебеларускіх земляў, якія лічыліся часткаю тэрыторыі Польшчы.

У такой сытуацыі арыентацыя беларускіх групаў на супрацоўніцтва з Трэцім райхам магла здавацца больш рэалістычнай. Праўду кажучы, тут не было дасягнута якіх-небудзь дамоўленасьцяў, аднак цікавасьць, якую выяўлялі нямецкія вайсковыя колы да беларускай праблематыкі, узбуджала надзеі эміграцыйных дзеячоў на блізкую падтрымку незалежніцкіх ідэяў і пастулятаў. Гэта былі небеспадстаўныя надзеі, мяркуючы па выказваньнях Гітлера адносна будучыні Беларусі і іншых заходніх рэспублік СССР.

Упершыню Гітлер выказаўся ў гэтай справе 21.7.1940 г., калі, паведамляючы аб рашэньні напасьці на СССР, сфармуляваў палітычныя мэты сваёй кампаніі. На заходніх землях СССР павінны былі функцыянаваць тры асобныя дзяржаўныя арганізмы — Украіна, Беларусь і фэдэрацыя прыбалтыйскіх рэспублік. Гэтую канцэпцыю ён паўтарыў у канцы ліпеня 1940 г., ляканічна растлумачыўшы: «Украіна, Беларусь і балтыйскія дзяржавы — да нас», што ўказвала на імкненьне ўзалежніць будучыя дзяржавы ад Нямеччыны. У наступным сваім выказваньні ад 5.12.1940 г. Гітлер акрэсьліў ролю гэтых дзяржаваў як буфэраў Трэцяга райху (Pufferstaaten). Магчыма, што на стварэньне гэтай канцэпцыі паўплываў прэцэдэнт з Славацкай дзяржавай, якая паўстала вясной 1939 г.[48]

Да праблемы будучага статусу Беларусі і іншых савецкіх тэрыторыяў Гітлер нанова зьвярнуўся ў пачатку 1941 г., калі апрацоўваў інструкцыю да дырэктывы № 21 (плян «Барбароса»). Паводле слоў начальніка штабу Ёдля, яго ўказаньні гучалі наступным чынам:

Каб скончыць гэтую вайну, на такіх агромністых землях недастаткова будзе проста разьбіць непрыяцельскія войскі. Уся тэрыторыя павінна быць падзеленая на дзяржавы з уласным кіраўніцтвам, зь якімі мы зможам укласьці мір. Стварэньне такіх урадаў вымагае вялікага спрыту і як сьлед абдуманых агульных прынцыпаў. Кожная рэвалюцыя ў вялікім маштабе прыводзіць да фактаў, якіх ужо ня ўдасца выкрасьліць. Сёньняшнюю Расею ўжо немагчыма ўявіць без сацыялістычнай ідэі. Толькі яна можа ствараць унутраную аснову для ўзьнікненьня там новых дзяржаваў і ўрадаў. Жыдоўска-бальшавіцкая інтэлігенцыя — дагэтуль прыгнятальнік народу — мусіць быць зьнішчана… Нашаю мэтай ёсьць як мага хутчэйшае, пры затраце мінімальных вайсковых сілаў, стварэньне залежных ад нас сацыялістычных дзяржаўных арганізмаў. Заданьне гэта настолькі складанае, што нельга абцяжарваць ім армію.

Для гэтага на савецкія тэрыторыі, разьмежаваныя нацыянальна, будуць накіроўвацца камісары Райху, мэтай якіх будзе хуткае палітычнае будаўніцтва новых дзяржаваў.

Гэтыя ўказаньні Гітлера, што акрэсьлівалі паводзіны Вэрмахту ў палітычнай галіне, былі ўлічаны ў падпісанай 13.3.1941 г. шэфам галоўнага камандаваньня ўзброеных сілаў Кэйтэлем інструкцыі да дырэктывы пляну «Барбароса». У ёй гаварылася:

Расейская тэрыторыя, якую мы павінны заняць па ходу апэрацыі, як толькі дазволіць разьвіцьцё ваенных дзеяньняў, будзе падзелена паводле спэцыяльных указаньняў на асобныя дзяржавы з сваімі ўрадамі… Як толькі апэрацыйная зона дасягне дастатковай глыбіні, яна з тылу будзе абмежавана. Новаакупаваныя землі на тылах апэрацыйнай зоны атрымаюць уласную палітычную адміністрацыю. Паводле нацыянальнай спэцыфікі і тактычнага разьмежаваньня вайсковых групаў, яны будуць спачатку падзелены на «Поўнач» (Прыбалтыка), «Цэнтар» (Беларусь) і «Поўдзень» (Украіна). На гэтых землях палітычная адміністрацыя пераходзіць у рукі райхскамісараў, якія атрымаюць дырэктывы ад фюрэра.

Гэтыя дырэктывы ўсё яшчэ не задавальнялі Гітлера, таму пасьля знаёмства зь імі 17.3.1941 г. ён зноў пацьвердзіў:

Мы павінны стварыць вольныя ад Сталіна рэспублікі (Stalinfreie Republiken). Сталінскую інтэлігенцыю належыць зьнішчыць. Кіраўнічы апарат дзяржавы павінен быць разьбіты.

Некалькі дзён пазьней ён ужо гаварыў аб Прыбалтыцы, Беларусі і Украіне як аб дзяржавах-пратэктаратах, якія «павінны быць сацыялістычнымі, аднак ня мець уласнай інтэлігенцыі». Гітлер казаў:

Трэба прадухіліць стварэньне новай інтэлігенцыі. Дастаткова абмежавацца тут прымітыўнай сацыялістычнай інтэлігенцыяй.

Гэтыя выказваньні даюць некаторае ўяўленьне аб характары задуманых Гітлерам дзяржаваў. Аляксандар Далін ацэньваў іх як «кантраляваныя Нямеччынай і пазбаўленыя значэньня адміністрацыйныя адзінкі», а Джэрард Райтлінджэр ахрысьціў гэтую канцэпцыю Гітлера як «сапраўднае вар’яцтва», бо ня мог сабе ўявіць функцыянаваньня дзяржавы без нацыянальнага кіраўніцтва. Можна, аднак, сумнявацца, ці былі гэтыя намеры Гітлера вядомыя сярод беларускіх эміграцыйных дзеячоў, якія арыентаваліся на Трэці райх, але нават знаёмства з гэтымі плянамі наўрад ці зьмяніла б іх пазыцыю. З гледзішча нацыянальных інтарэсаў візія будучай «вольнай ад Сталіна» Беларусі мала чым адрозьнівалася ад сталінскай рэспублікі, і гэта аднолькава датычыла пытаньня палітычнай незалежнасьці, як і пазыцыі нацыянальных кіраўнічых кадраў. Новая сытуацыя папросту абазначала замену каманднага цэнтру — з Масквы на Бэрлін, але пэрспэктыва здабыцьця абмежаванай дзяржаўнасьці ўсё ж яе прываблівала.

Аднак дырэктывы Гітлера ўзбуджалі засьцярогі сярод вядучых функцыянэраў Трэцяга райху. У асяродзьдзі Розэнбэрга, прызначанага міністрам акупаваных усходніх земляў, як сьведчыць дакладная запіска гэтага ведамства № 1 ад 2.4.1941 г., хоць і згаджаліся з адасабленьнем Беларусі і нават павелічэньнем яе тэрыторыі на ўсходзе, аднак меркавалі, што ўсё ж яна «занадта адстае ў культурнай і гаспадарчай галінах», у сувязі з чым

абуджэньне яе нацыянальнага жыцьця і стварэньне паўнакроўнага дзяржаўнага мэханізму можа аказацца вельмі маруднай і цяжкай справай.

Тым ня менш, гэтую спробу ўсё-такі варта было б падтрымаць дзеля аслабленьня Расеі.

Зыходзячы з такіх меркаваньняў, ведамства Розэнбэрга не прапаноўвала варыянтаў далучэньня часткі беларускіх земляў да Генэральнага губэрнатарства, што магло б стаць сьведчаньнем распрацоўкі такой канцэпцыі ў Бэрліне.

Ня маючы веры ў сьпеласьць беларускай нацыі да самастойнай дзяржаўнасьці, дастатковую для дзяржаўнай самастойнасьці, Розэнбэрг не рашаўся канчаткова сфармуляваць сваю пазыцыю адносна яе будучыні. Ён быў прыхільнікам стварэньня самастойнай украінскай дзяржавы і пратэктарату прыбалтыйскіх краін — Літвы, Латвіі і Эстоніі (Baltenland), якія пасьля калянізацыі, германізацыі «расава прыдатных» элемэнтаў і высяленьня элемэнтаў непажаданых павінен быў некалі стаць часткай нямецкай дзяржавы. Беларусь жа не ўваходзіла ў праектаваныя Розэнбэргам тэрытарыяльныя структуры. З аднаго боку, ён не плянаваў прызнаньня незалежнага дзяржаўнага статусу Беларусі, як, напрыклад, Украіны, з другога боку, кіруючыся галоўным чынам этнічнымі (расавымі) прынцыпамі, не прызначаў ёй будучыні, падобнай да Балтэнлянду.[49] Нарэшце, толькі ў траўні 1941 г. Розэнбэрг прызнаў неабходнасьць злучэньня Беларусі з прыбалтыйскімі краінамі ў адным райхскамісарыяце «Остлянд», аднак гэта было часовае выйсьце, тыпова адміністрацыйнае, якое не вырашала яе будучага палітычнага статусу.

Пры такой сытуацыі сфармуляваныя Розэнбэргам і яго супрацоўнікамі «задачы» Беларусі былі імглістыя, часта падлягалі зьменам і ніколі не вырашаліся канчаткова. Яна то трактавалася як тэрыторыя, што падлягала разам з Прыбалтыкай германізацыі і ўлучэньню ў Райх, то як абшар, які не падлягаў такому ўлучэньню. Часам Беларусь называлі зямлёй для перасяленьня «непажаданых элемэнтаў» з Прыбалтыкі і Польшчы і нават — будучым прыродным запаведнікам. Пры гэтым Розэнбэрг не выключаў наданьня Беларусі ў бліжэйшай неакрэсьленай будучыні «свайго роду аўтаноміі».

Нэгатыўныя меркаваньні пра Беларусь і непакой перад хуткім пачаткам на яе тэрыторыі адміністрацыйных цяжкасьцяў выказваў таксама і гаспадарчы штаб, які ўзначальваў Герман Герынг, упаўнаважаны Гітлера ў справах чатырохгадовага пляну. У выдадзеных незадоўга да нападу на СССР дырэктывах, т. зв. «зялёнай тэчцы», ён папярэджваў вайсковых камандзіраў і гаспадарчыя службы:

...на Беларусі напачатку будзе, напэўна, цяжка знайсьці пласт лаяльных да нас кіраўнікоў, бо беларусы ў сваім інтэлектуальным узроўні стаяць ніжэй за тамтэйшых расейцаў, жыдоў, палякаў.

У кантэксьце гэтых меркаваньняў варта адзначыць ініцыятыву аддзелу па ўпарадкаваньні земляў (Reichstelle fur Raumordnung). У мэмарыяле, падрыхтаваным гэтай установай 22.6.1941 г. і перасланым шэфу дзяржаўнай канцылярыі Лямэрсу, а значыць — адрасаваным Гітлеру, прапаноўвалася перанесьці ўсходнюю мяжу Генэральнага губэрнатарства да лініі Ліда — Баранавічы — Лунінец — Сарны — Роўна — Тарнопаль. Гэты праект фактычна азначаў улучэньне ў Генэральнае губэрнатарства пераважнай часткі тэрыторый, якія паводле савецка-нямецкай дамовы былі заняты Чырвонай Арміяй у верасьні 1939 г. Сваю прапанову аддзел па ўпарадкаваньні земляў абгрунтоўваў, па-першае, «адсутнасьцю магчымасьцяў разьвіцьця ў польскага народу на яго цеснай тэрыторыі», а па-другое, — «моцнай палянізацыяй беларусаў, якія ня выпрацавалі амаль ніякіх нацыянальных імкненьняў».

Цяжка вызначыць, у якой меры адбіліся погляды нямецкіх вышэйшых колаў, занятых рэалізацыяй пляну «Барбароса», на пазыцыю Гітлера ў справе палітычнай адміністрацыі на землях будучай акупацыйнай зоны. Ясна адно: пасьля сваіх сакавіцкіх выказваньняў ён ужо больш не варочаўся да канцэпцыі «вольных ад Сталіна» рэспублік.

16.5.1941 г. ён паведаміў Лямэрса, што яшчэ не прыняў канчатковага рашэньня аб арганізацыі цывільнага кіраўніцтва, але зьбіраўся агаварыць яго асобна, з зацікаўленымі пэрсонамі. Але і на пачатку чэрвеня ў гэтай справе не было зроблена ніякіх удакладненьняў, пра што сьведчаць дырэктывы галоўнага камандаваньня Вэрмахту па прапагандзе. Яны сьцьвярджалі, што «ня трэба пакуль што прапагандаваць разьдзяленьне СССР на паасобныя дзяржавы», аднак папярэджвалі, што гэта не канчатковая дырэктыва, бо разьвіцьцё палітычнай сытуацыі перад самым пачаткам апэрацыі можа выклікаць «асабліва дзейсныя новыя прапагандысцкія тэндэнцыі».

Новыя тэндэнцыі неўзабаве праявіліся, аднак не пацьвердзілі прагнозаў Галоўнага камандаваньня. 18 чэрвеня начальнік паліцыі бясьпекі выдаў распараджэньне, якое забараняла беларускім, украінскім, расейскім і каўкаскім эмігрантам вяртацца зь Нямеччыны на радзіму без дазволу паліцыйных уладаў. Амаль адначасова ведамства Розэнбэрга атрымала катэгарычную забарону ўступаць у перамовы з прадстаўнікамі гэтых эмігрантаў.

Вясной 1941 г. у ходзе прыгатаваньняў да нападу на СССР былі распрацаваныя і зацьверджаныя шматлікія падрабязныя інструкцыі, якія сталі асновай дзеяньняў Вэрмахту, апэрацыйных групаў паліцыі (Einsatzgruppen) і гаспадарчай службы на акупаваных землях. Яны датычылі правядзеньня вайсковых апэрацыяў, гаспадарчай эксплуатацыі, вынішчэньня паасобных групаў насельніцтва, абыходжаньня з ваеннапалоннымі і інш. Не было затое аніякіх цьвёрдых рашэньняў наконт будучай адміністрацыйна-палітычнай разьвязкі. І калі 22.6.1941 г. нямецкія войскі ўваходзілі на тэрыторыю Беларусі, ніводная акупацыйная інстанцыя не арыентавалася ў справе прызначанага ёй палітычнага статусу.

ІІ З НАДЗЕЯЙ НА ХУТКУЮ ПЕРАМОГУ (чэрвень — сьнежань 1941)

Савецкая эвакуацыя зь Беларусі

Нямецкія войскі пад камандаваньнем фэльдмаршала фон Бока, якія ўваходзілі ў склад групы армій «Цэнтар», за першы тыдзень вайны занялі Горадню, Берасьце, Маладэчна, Слуцак, Баранавічы, Менск, Бабруйск — г. зн. практычна ўсю Заходнюю і Цэнтральную Беларусь. 9 ліпеня яны выйшлі на лінію Дняпра, 11 ліпеня занялі Віцебск, 13-га — Воршу, 15-га — Полацак, 16-га — Смаленск і 26-га — Магілёў. Астатняя невялікая паўднёва-ўсходняя частка Беларусі была акупавана ў другой палове жніўня: 19-га — Гомель, 22-га — Мазыр.

Толькі 29 чэрвеня, г. зн. назаўтра пасьля таго, як немцы занялі Менск, Савет народных камісараў СССР і ЦК Усесаюзнай Камуністычнай Партыі (бальшавікоў) накіравалі ў партыйныя і дзяржаўныя органы прыфрантавой паласы дырэктыву, у якой акрэсьліваліся асноўныя задачы эвакуацыі. Яшчэ пазьней — 3 ліпеня — гэтыя задачы агучыў народу Сталін у сваёй прамове па радыё. Яны гучалі так:

Пры вымушаным адыходзе частак Чырвонай Арміі трэба адганяць увесь рухомы чыгуначны склад, не пакідаць ворагу ніводнага паравоза, ніводнага вагону, не пакідаць праціўніку ні кіляграму хлеба, ні літру паліва. Калгасьнікі павінны адганяць усё быдла, хлеб здаваць пад ахову дзяржаўным органам для вывазу яго ў тылавыя раёны. Уся каштоўная маёмасьць, у тым ліку каляровыя металы, хлеб і паліва, якая ня можа быць вывезена, павінна безумоўна зьнішчацца.

Эвакуацыя насельніцтва на ўсход і перамяшчэньне альбо зьнішчэньне матэрыяльных здабыткаў і запасаў адыгрывала важную ролю ў савецкай абарончай стратэгіі. Гэтыя захады прымаліся савецкімі ўладамі з намерам пазбавіць немцаў магчымасьці выкарыстаньня людзкога і гаспадарчага патэнцыялу пакінутых земляў і адначасова яго эксплуатацыі ў сваіх абарончых інтарэсах.

Аднак імклівы наступ нямецкіх войскаў не дазволіў рэалізаваць гэтых дырэктываў на землях Заходняй Беларусі і Меншчыны. Гэтая частка Беларусі толькі нязначна адчула на сабе вынікі савецкай эвакуацыі. Тут нават амаль не пасьпелі правесьці мабілізацыю прызыўнікоў. Асабліва моцна (на 80 %) быў разбураны Менск, але галоўнай прычынай гэтага былі налёты нямецкай авіяцыі.[50]

Затое іншая сытуацыя панавала ўва ўсходніх рэгіёнах Беларусі: на Віцебшчыне, Магілёўшчыне, Гомельшчыне і Палесьсі — тут савецкія ўлады мелі больш часу для эвакуацыйных захадаў. Варта разгледзець бліжэй вынікі гэтай акцыі, галоўным чынам, каб даць ацэнку становішча насельніцтва і гаспадарчага патэнцыялу Беларусі пасьля прыходу нямецкіх войскаў.

Калі браць фармальна, у гэтай ацэнцы павінна ўлічвацца ўся тэрыторыя тагачаснай БССР плошчаю 225,7 тыс. кв. км (гл. табл. 3), бо яе зьмены адбыліся ўжо пасьля вайны, у выніку чаго яна паменшала да 207,6 тыс. кв. км. Аднак на практыцы гэта не заўсёды ўдаецца, таму што апублікаваныя пасьля вайны вынікі савецкай эвакуацыі і іншых захадаў пры адступленьні, а таксама памеры людзкіх і гаспадарчых стратаў, якія адбыліся па віне нямецкіх акупацыйных органаў, датычаць сучаснай тэрыторыі БССР, бяз той часткі Берасьцейшчыны і Беласточчыны, якая пасьля вайны адышла да Польшчы.[51] Таму ўсюды, дзе гэта ня будзе агаворвацца спэцыяльна, прыведзеныя ацэначныя дадзеныя эвакуацыі датычаць сучаснага абшару Беларусі.

Насельніцтва. Агульная колькасьць жыхароў Беларускай ССР у цяперашніх межах на 1.1.1941 г. была роўная 9183 тыс. чал. Доля вясковага насельніцтва складала каля 80 %, у тым ліку ўва ўсходніх абласьцях — 74 %. Нацыянальную структуру насельніцтва Беларусі напярэдадні вайны можна акрэсьліць толькі прыблізна. Паводле перапісу 17.12.1926 г., сярод жыхароў усходніх абласьцей беларусы складалі 80,6 %; габрэі — 8,2 %, расейцы — 7,7 %; палякі — 2,0 %. Але ў выніку перасяленьняў у 30-х г.[52] колькасьць беларусаў у працэнтнай структуры паменшала. Яшчэ цяжэй даць ацэнку насельніцтва заходніх абласьцей. Паводле польскага перапісу 9.12.1931 г., 48,7 % мясцовых жыхароў палічылі за родную беларускую, «рускую» або «тутэйшую» мову, 38,8 % — польскую; 8,4 % — габрэйскую; 1,7 % — украінскую; 1,7 % — расейскую. Гэтыя дадзеныя не адлюстроўвалі сапраўднага стану. Пра тое сьведчыць наступны факт: доля праваслаўнага насельніцтва — 57,4 % — аказалася больш за тую, што разам складала жыхарства зь беларускай, «рускай», «тутэйшай», украінскай або расейскай мовай. Таму можна вызначыць працэнт беларускамоўнага насельніцтва разам зь яго каталіцкай часткай на нешта каля 65 %. У 1940–1941 г. ён павялічыўся. З аднаго боку, гэтаму спрыяў наплыў службоўцаў, настаўнікаў і т. п. з Усходняй Беларусі, з другога боку — узьдзейнічала распачатая савецкімі ўладамі дэпартацыя, якая найбольш закранула польскае насельніцтва. Аднак ацэнка долі беларускага жыхарства на гэтых землях напярэдадні нямецкага нашэсьця, якую прыводзяць савецкія аўтары, — звыш 80 %, — выглядае перабольшана. Напэўна, яна абмяжоўвалася 70–75 %. Паводле ўдакладненых дадзеных, летам 1941 г. савецкія ўлады на Беларусі мабілізавалі для службы ў Чырвонай Арміі каля 500 тыс. чалавек і эвакуявалі звыш 1,5 млн. яе жыхароў.[53] Разам гэта складала каля 2,0 млн. чалавек, г. зн. прыблізна 22 % ад усяго насельніцтва БССР у цяперашніх межах. Як паведамляюць М. М. Загарулька і А. Х. Казянкоў, тут ня ўлічваліся рабочыя і інжынэрныя спэцыялісты, якія былі перавезены на ўсход разам з сваімі прадпрыемствамі і ўстановамі, а таксама тыя людзі, што рушылі ў эвакуацыю з уласнай ініцыятывы і на сваім транспарце. 3 улікам гэтых катэгорый насельніцтва агульная лічба мабілізаваных у войска і вывезеных у глыб СССР павінна яшчэ павялічыцца.

Мабілізацыя і эвакуацыя ў паасобных рэгіёнах адбывалася па-рознаму. У Заходняй Беларусі гэтыя акцыі закранулі галоўным чынам нядаўніх прыбыльцаў — савецкіх дзяржаўных і партыйных функцыянэраў. Затое карэннае насельніцтва ў большасьці сваёй засталося на месцы. Прычынаю такіх паводзін стаў ня толькі хуткі наступ нямецкіх войскаў. Значыў тут і досьвед 1939–1941 г., які не спрыяў эвакуацыйным тэндэнцыям.[54] Таму пераважная большасьць эвакуяванага насельніцтва паходзіла з Усходняй Беларусі, дзе, за выняткам Меншчыны, савецкія ўлады пасьпелі разгарнуць адпаведную кампанію. Такім чынам, у выніку эвакуацыі і мабілізацыі колькасьць жыхароў у гэтай частцы рэспублікі паменшала прыкладна на 35 %. Яшчэ больш зьнізіўся ўзровень насельніцтва ў Магілёўскай, Віцебскай, Гомельскай і Палескай абласьцях.

Прамысловасьць. У 1940 г. на Беларусі пражывала 4,8 % насельніцтва СССР, тады як удзел краіны ў агульнасаюзнай вытворчасьці не перавышаў 2%. У пераліку на душу насельніцтва ўзровень прамысловай прадукцыі быў, такім чынам, ніжэйшы ў 2,4 раза ў параўнаньні зь сярэднім па СССР. Тагачасная беларуская энэргетыка працавала галоўным чынам на торфе і драўніне і пастаўляла 0,5 млрд. квт. гадз. электраэнэргіі; г. зн. 55 квт. гадз. на аднаго жыхара, або ў 4,6 раз менш, чым у сярэднім па СССР (252 квт. гадз.) і ўдвая менш, чым у даваеннай Польшчы (1938 г. — 113 квт. гадз.), якая ў гэтай галіне займала адно з апошніх месцаў у Эўропе. Гэтыя паказчыкі адлюстроўваюць нізкі тагачасны патэнцыял і тэхнічны ўзровень беларускай прамысловасьці, якая, за выняткам машынабудаўніцтва і металаапрацоўкі (15,2 % ад агульнай вытворчасьці), грунтавалася на перапрацоўцы мясцовай сыравіны — сельскагаспадарчай, лясной і мінэральнай. У 1940 г. больш за 90 % прамысловай прадукцыі БССР прыходзілася на ўсходнія раёны: 23,1 % — на Віцебск; 21,2 % — на Менск; 16,6 % — на Гомель і 11,5 % — на Магілёў. Гэтыя чатыры гарады агулам давалі 72,4 % прамысловай прадукцыі рэспублікі.

З названых усходніх раёнаў было эвакуявана ўсяго 109 вялікіх і сярэдніх прадпрыемстваў, сярод іх 90 аб’ектаў — зь Віцебску, Гомелю і Магілёва. Кошт сродкаў вытворчасьці — машын і абсталяваньня — на гэтых прадпрыемствах ацэньваўся ў 478,1 млн. рублёў. Гэта была палова ад сумы ўсіх асноўных фондаў Усходняй Беларусі.[55] Акрамя таго, шмат прадпрыемстваў былі часткова дэмантаваныя і зьнішчаныя. Зь іх вывезьлі 3200 металаапрацоўчых станкоў, 8933 тэкстыльныя, трыкатажныя і шавецкія машыны, 8664 рухавікі, 18 турбагенэратараў з агульнай магутнасьцю 32 тыс. квт. (ува ўсёй Усходняй Беларусі яна складала 105,3 тыс. квт.), 69 трансфарматараў, 845 тон каляровых мэталяў і 3366 вагонаў іншай сыравіны і гатовых вырабаў. Такім чынам, на тэрыторыі, дзе эвакуацыя праводзілася плянамерна, г. зн. у Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай і Палескай абласьцях, прамысловая вытворчасьць была ў значнай ступені падарваная. Затое ў Менску прадпрыемствы панесьлі толькі частковыя страты, а ў заходніх рэгіёнах увогуле ўцалелі.

Сельская гаспадарка. Паводле перагледжаных зьвестак, летам 1941 г. зь Беларусі на ўсход было адагнала 674 тыс. (бяз коней) галоў жывёлы. Апрача таго, калгасы перадалі ў распараджэньне Чырвонай Арміі 36 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы і 11 тыс. сьвіньняў. Разам гэта складала 721 тыс. галоў — амаль 9 % ад усяго пагалоўя рэспублікі, прычым статак буйной рагатай жывёлы зьменшыўся амаль на 440 тыс. галоў, або на 15,4 %. Савецкія крыніцы не падаюць зьвестак пра маштабы зарэзу жывёлы часьцямі Чырвонай Арміі, канторай «Заготжывёла» і сялянамі, што адбывалі ў эвакуацыю або заставаліся на месцы. Між тым гэта былі сур’ёзныя страты, улічваючы іх, можна меркаваць, што пагалоўе жывёлы ў Беларусі пры ўваходзе нямецкіх войскаў аказалася на 20–25 % ніжэйшае, чым на пачатку 1941 г. Верагодна, што ў такой самай ступені паменшала і пагалоўе сьвіньняў — адганяць іх на вялікую адлегласьць было нельга, таму часьцей забівалі на месцы. Значна зьменшылася і конскае пагалоўе пасьля рэквізыцыяў, якія праводзілі пры адступленьні атрады Чырвонай Арміі.

Савецкія эвакуацыйныя мерапрыемствы ў галіне сельскай гаспадаркі гэтак жа, як у выпадку з насельніцтвам і прамысловымі прадпрыемствамі, у найбольшай ступені закранулі ўсходнія вобласьці — Віцебскую, Магілёўскую, Гомельскую і Палескую. Толькі ў выніку эвакуацыі агульнае пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў гэтых абласьцях зьменшылася на 30 %, авечак — на 26 % (гл. табл. 4). Калі дадаць сюды паставы жывёлы для Чырвонай Арміі і не адлюстраваныя ў справаздачах факты забою — узровень пагалоўя ў чатырох усходніх абласьцях аказваецца ў гэтым выпадку амаль напалову ніжэйшы ў параўнаньні з 1941 г..[56]

У яшчэ большай ступені скараціліся ўва ўсходніх абласьцях БССР запасы збожжа і хлебных прадуктаў. З агульнай іх колькасьці — 151,5 тыс. тон — было вывезена на ўсход або выкарыстана нейкім іншым чынам 81,2 тыс. тон, або 54 %; зьнішчана 42,5 тыс. тон, або 28%19. Астатак часткова быў падзелены савецкімі органамі паміж людзьмі, а часткова разрабаваны насельніцтвам. Савецкія ўлады імкнуліся зьнішчыць таксама і нязжатую збажыну, і ім гэта ўдалося ў некаторых раёнах Усходняй Беларусі. Савецкі гісторык А. Фактаровіч, намагаючыся зьмякчыць сапраўдныя памеры гэтай спусташальнай кампаніі, даводзіць, што яна не датычыла той часткі пасеваў, якую ўлады падзялілі сярод людзей падчас сваёй эвакуацыі. Але гэтую ацэнку не пацьвярджаюць шматлікія ўлёткі, якія раскідаліся з самалётаў у зоне нямецкай акупацыі (напрыклад, пад Магілёвам); у іх савецкія ўлады заклікалі калгасьнікаў да зьнішчэньня ўраджаю. Гэтыя заклікі, аднак, ігнараваліся насельніцтвам.

Важнае месца ў эвакуацыйнай палітыцы савецкіх уладаў займала ліквідацыя сродкаў сельскагаспадарчай вытворчасьці на пакінутых землях. Было вывезена амаль 5000 трактароў (а разам зь імі — больш за 3900 трактарыстаў), 223 збожжавыя камбайны і мноства іншай сельскагаспадарчай тэхнікі, у дадатак перададзена ў распараджэньне арміі 600 цягачоў і 400 камбайнаў. Гэта складала адпаведна 54 % цягачоў і 37 % камбайнаў ад агульнарэспубліканскай гаспадаркі ў пачатку 1941 г. Адначасова для вайсковых патрэбаў перадавалася вялікая колькасьць коней. Такія захады таксама закранулі галоўным чынам усходнія раёны Беларусі, дзе сельская гаспадарка засталася бяз значнай цяглавая сілы, як мэханічнай, так і коннай.

Асабліва выяўны характар у часе савецкай эвакуацыі набыла дзейнасьць групаў зьнішчэньня, т. зв. «истребительных батальонов», сярод іх заданьняў значылася, між іншым, руйнаваньне будынкаў агульнаграмадзкага ўжытку, жылых дамоў і іншых публічных збудаваньняў. У батальёны набіралі часьцей за ўсё камсамольцаў, якія не падпадалі пад мабілізацыю. На Беларусі яны дзейнічалі на падставе дырэктывы ЦК кампартыі Беларусі ад 23.06.1941 г., аднак іх арганізоўвалі таксама і ў Літве, што паказвае на існаваньне адзінага распараджэньня, якое зыходзіла ад цэнтральных савецкіх уладаў.

Яны, аднак, не паўсюль маглі выканаць свае заданьні, нішчачы маёмасьць і сродкі існаваньня цывільнага насельніцтва з разьлікам прымусіць яго да эвакуацыі. Так, на заходнебеларускіх землях вынікі гэтай дзейнасьці былі даволі сьціплыя. Прычынаю тут стаў ня толькі хуткі прыход немцаў, але і супраціў насельніцтва, якое старалася абараніць сваю маёмасьць. Ды і мясцовыя камсамольцы ня выявілі асаблівай руплівасьці пры выкананьні такіх загадаў. Інакш выглядала справа на ўсходзе Беларусі. Тут дзейнасьць «истребительных батальонов» падтрымлівалася сіламі арміі. Вынікам падобных апэрацыяў сталі значныя спусташэньні на Віцебшчыне, між іншым, амаль цалкам былі спалены Віцебск і Полацак. На ўсход ад Барысава таксама паліліся грамадзкія і жыльлёвыя будынкі. Страты, панесеныя ад дзейнасьці гэтых групаў, ніколі не выяўляліся і не падлічваліся. Пасьля вайны іх сьпісвалі на нямецкіх акупантаў.

У выніку эвакуацыі значная частка людзкіх і матэрыяльных рэсурсаў Беларусі паслужыла для абароны СССР. Затое для нямецкай ваеннай гаспадаркі вынікі гэтай кампаніі ня мелі вялікага значэньня. Немцы не пераацэньвалі прамысловага патэнцыялу БССР і ня вельмі разьлічвалі на яго выкарыстаньне. Эвакуацыя не стварыла асаблівых перашкодаў для забесьпячэньня харчамі нямецкага войска і акупацыйнай адміністрацыі, бо з насельніцтва іх спаганялі самым бязьлітасным чынам. Таму востры дысбалянс паміж павялічаным попытам і паніжанай прапановай харчовых сродкаў найперш лёг цяжарам на плечы мясцовага цывільнага насельніцтва.

Такім чынам, эвакуацыя прынесла савецкім уладам ня толькі пэўную матэрыяльную карысьць. Яна выконвала важную палітычную ролю і была разбуральным фактарам у грамадзкім жыцьці акупаванай Беларусі, пагаршаючы бытавыя цяжкасьці яе насельніцтва. На гэта было разьлічана, між іншым, згаданае руйнаваньне жылых дамоў і людзкой маёмасьці, якое не зьмяшчаецца ў эканамічныя катэгорыі барацьбы. Сталін ужо ў сваёй прамове па радыё 3 ліпеня сфармуляваў задачы мабілізацыі насельніцтва для партызанскай барацьбы і стварэньня на акупаваных землях «нясьцерпных умоў для ворага і яго паслугачоў». Гэта было грознае прадвесьце, абвяшчэньне бязьлітаснай барацьбы, дзе ня браліся ў разьлік бытавыя інтарэсы насельніцтва. Ува ўмовах голаду, галечы і адсутнасьці даху над галавой куды больш было шанцаў на тое, каб уцягнуць народ у антынямецкія выступленьні. Гэтае выказваньне сьведчыла яшчэ аб адным: савецкія ўлады адмаўляліся ад усялякіх формаў грамадзкай дзейнасьці, якія дапамаглі б забясьпечыць людзям пад акупацыяй элементарную ахову здароўя і маёмасьці. Прызнавалася толькі барацьба.

Гэтыя намеры знайшлі рэалізацыю ўва Усходняй Беларусі. Грамадзкае жыцьцё было тут паралізавана: спустошаныя прадпрыемствы, сельская гаспадарка бяз сродкаў вытворчасьці, кадры спэцыялістаў — на фронце або ў эвакуацыі, уся адміністрацыйная сыстэма, сувязь і забесьпячэньне разбураныя, значная частка насельніцтва перавезена на ўсход. На долю цывільнага насельніцтва, якое не пакінула родных мясьцін, выпалі вялікія страты.[57] Заходняя Беларусь апынулася ў значна лепшым становішчы. У параўнаньні з усходнімі рэгіёнамі летам 1942 г. у Менску яе называлі «квітнеючай».

Беларусь пад нямецкай вайсковай адміністрацыяй (чэрвень — жнівень 1941)

Адразу пасьля таго, як нямецкія войскі занялі Беларусь, на ўсім яе прасьцягу была ўведзена вайсковая адміністрацыя. Згодна з дырэктывамі Галоўнага камандаваньня Вэрмахту, яна мела пераходны характар, зь цягам часу цывільныя ўлады павінны былі пераняць ад яе адміністрацыйныя функцыі. Насамрэч у 1941 г. цывільным уладам была перададзена толькі частка Беларусі, рэшта яе тэрыторыі да канца акупацыі знаходзілася пад вайсковай адміністрацыяй. Пэрыяд поўнага панаваньня вайсковай адміністрацыі працягваўся толькі пару тыдняў.

У той час пераважная частка Беларусі ўваходзіла ў склад тылу групы армій «Цэнтар», аднак яе паўднёвыя раёны апынуліся ў тыле групы армій «Поўдзень». Мяжа, што падзяляла гэтыя тылы, ішла ўздоўж чыгуначнай лініі Берасьце — Гомель за 10–20 кілямэтраў на поўнач ад яе.

Паводле распараджэньня галоўнакамандуючага сухадольных войскаў ад 3.4.1941 г., адміністрацыйныя задачы арміі не ішлі далей за падтрыманьне на акупаваных землях парадку і бясьпекі дзеля іх гаспадарчага выкарыстаньня франтавымі і акупацыйнымі атрадамі. Гэтыя ўказаньні праводзіў у жыцьцё на пераважнай частцы беларускай тэрыторыі камандуючы тыламі групы армій «Цэнтар» генэрал Макс фон Бенкендорф. Пры яго штабе, які летам 1941 г. часова разьмяшчаўся ў Баранавічах, дзейнічаў галоўны камандзір СС і паліцыі, групэнфюрэр СС Эрых фон дэм Бах.[58] Ён узначальваў ахоўныя войскі СС, іх мэтай была пацыфікацыя занятых беларускіх земляў. Бах падначальваўся райхсфюрэру СС Гімлеру.

Праз шэфа паліцыі і службы бясьпекі Райху Райнгарда Гайдрыха Гімлер кіраваў яшчэ і дзейнасьцю апэрацыйных групаў (Einsatzgruppen) — спэцыяльных паліцыйных атрадаў, прызначаных для барацьбы з палітычнымі праціўнікамі гітлерызму, галоўным чынам камуністамі і савецкімі функцыянэрамі, а таксама — для вынішчэньня габрэйскага насельніцтва. На Беларусі дзейнічала Айпзацгрупа «В», перайменаваная 11.7.1941 г. у Айнзацгрупу «Б»,[59] ёю кіраваў брыгадэнфюрэр СС Артур Нэбэ. У другой палове ліпеня камандаваньне Айнзацгрупы «Б» (Einsatzgruppe «В») пераехала ў Смаленск, дзе быў разьмешчаны штаб камандзіра групы армій «Цэнтар».

Камандуючаму тылам групы армій падпарадкоўвалася сетка тэрытарыяльных палявых камэндатур (Feldkommandanturen), а ім, у сваю чаріу — шматлікія мясцовыя камэндатуры (Ortkommandanturen), якія ствараліся практычна ўва ўсіх гарадох і райцэнтрах. На ўсіх узроўнях гэтага вайскова-адміністрацыйнага апарату дзейнічалі адпаведныя гаспадарчыя службы. Яны займаліся арганізацыяй харчовых і фуражных паставаў і мабілізацыяй мясцовага насельніцтва для выкананьня неабходных для войска работ. Апрача таго, вайсковыя камэндатуры давалі падтрымку раённаму апарату Айнзацгрупы «Б», іуды ўваходзілі рухомыя апэрацыйныя атрады паліцыі, т. зв. Einsatzkommandos.

Але гэты вайскова-паліцыйны апарат ня мог цалкам справіцца з усімі гаспадарчымі, ахоўнымі і рэпрэсіўнымі задачамі. Для падтрыманьня жаданага парадку трэба было арганізаваць яшчэ адзін, дадатковы, сіламі мясцовага насельніцтва. Акупацыйныя ўлады тут кіраваліся згаданай інструкцыяй галоўнакамандуючага сухадольных войскаў ад 3.4.1941 г., якая дапускала стварэньне органаў мясцовай адміністрацыі ў абсягу адпаведна патрэбам арміі. На такой падставе паўставалі службы сярэдняга і ніжэйшага ўзроўню, гарадзкія, раённыя і валасныя ўправы. Яны мелі ў сваім распараджэньні мясцовую дапаможную паліцыю (службу аховы парадку). Усе гэтыя органы маглі працаваць пад строгім беспасярэднім наглядам вайсковых камэндатур і, згодна з названай інструкцыяй, не павінны былі мець характару палітычнай адміністрацыі. Яе спадзяваліся стварыць толькі пасьля ўвядзеньня цывільнай адміністрацыі.

Варта зьвярнуць асаблівую ўвагу на працэс стварэньня дапаможнага адміністрацыйна-паліцыйнага апарату на Беларусі. На тое ёсьць некалькі прычын.

Па-першае, гэта быў зыходны пункт у дзейнасьці акупацыйнага рэжыму.

Па-другое, усе ўправы і паліцыя павінны былі стварацца нанова, бо папярэдняя савецкая адміністрацыя перастала дзейнічаць.

Па-трэцяе, у працэсе стварэньня новай адміністрацыі адлюстравалася пэўнае стаўленьне насельніцтва да нямецкай акупацыі, дарма што часам прызначэньне на службу тут рабілася над прымусам.

Трэба бліжэй прыгледзецца да гэтай праблемы яшчэ з аднае прычыны: савецкія гісторыкі малююць адназначна варожае стаўленьне беларускага народу да нямецкай акупацыі. Раманоўскі сьцьвярджае нават, што ў

савецкіх людзей не было іншых перакананьняў, акрамя самаахвярнай адданасьці сваёй сацыялістычнай Радзіме і справе камуністычнай партыі.

Такія пасылкі абгрунтоўвалі тэорыю аб стыхійным супраціве акупантам з самых першых дзён вайны. Усялякія іншыя матывы паводзін беларускага насельніцтва, як, да прыкладу, нежаданьне ўмешвацца ў нямецка-савецкую барацьбу, падтрымка акупацыйнага рэжыму або выкарыстаньне яго ўва ўласных нацыянальных інтарэсах, — папросту выключаліся з разгляду.

Тым часам у беларускім грамадзтве не вялося ніякай папярэдняй прапагандысцкай падрыхтоўкі на выпадак нямецкай агрэсіі. Гэта быў вельмі важны фактар, які абумоўліваў стаўленьне грамадзтва да акупацыі. Прафэсар Чэслаў Малайчын трапна заўважыў наступнае:

У 1939–1941 г., г. зн. ува ўмовах савецка-нямецкага супрацоўніцтва, у Савецкім Саюзе пазьбягалі ўсяго, што магло б стаць для гітлераўскага Райху прычынай нападу і канфлікту. Нягледзячы на трывогу, выкліканую экспансіяй гэтай дзяржавы, у поглядах савецкіх людзей зьнікала адчуваньне грознай небясьпекі нямецкага нацызму, якую так моцна падкрэсьліваў у 1935 г. Камінтэрн; не было інфармацыі аб злачынствах Райху ў некаторых, ужо занятых ім, краінах…

Ува ўмовах псыхалягічнай нэўтралізацыі грамадзтва стаўленьне да нямецкага нападу і акупацыі фармавалася на падставе ўласнага досьведу, на ўражаньнях ад савецкай рэчаіснасьці. Асабліва складаная сытуацыя панавала ў Заходняй Беларусі. Беларускае насельніцтва гэтага краю пры канцы 1939 г. з радасьцю сустрэла савецкую аграрную рэформу і ліквідацыю польскага асадніцтва. Але неўзабаве пачалася прымусовая калектывізацыя, пераважная частка сялян сустрэла яе варожа. І хоць да чэрвеня 1941 г. пад калектывізацыю падпала ўсяго 49 тыс. вясковых гаспадарак, г. зн. толькі 6,7 % ад іх агульнай колькасьці, ход падзеяў сьведчыў пра немінучы працяг гэтай кампаніі.

Нельга, аднак, сьцьвярджаць, што адны асьцярогі перад калектывізацыяй вызначалі стаўленьне большасьці беларусаў да савецкай улады. Часта яны самі станавіліся яе апорай і мелі прытым немалы выйгрыш, асабліва ў галіне асьветы, культуры і грамадзка-палітычнай пэрспэктывы. Пры гэтым, праўда, пачаліся палітычныя рэпрэсіі і дэпартацыі, якіх не пазьбеглі нават дзеячы былой КПЗБ, але масавым зьявішчам яны ня сталі і не зьмянілі такім чынам прыхільнага настрою шырокіх сялянскіх масаў да савецкай улады. Дарэчы, нават Уладзіслаў Казлоўскі, лідэр беларускага нацыянал-сацыялізму, у гэты час спакойна жыў у Вільні, магчыма, у гэтым праявіўся ўплыў тагачасных савецка-нямецкіх стасункаў. Улады не чапалі таксама і дзеячоў Беларускага народнага аб’яднаньня — кс. Адама Станкевіча, Станіслава Грынкевіча-старэйшага, Язэпа Найдзюка. Тое самае датычыць прафэсара Вацлава Іваноўскага і інш.

Затое ў палякаў пасьля верасьня 1939 г. было шмат прычын для незадавальненьня. Гэтае насельніцтва ў 1920–1939 г. было часткай пануючай нацыі. Пасьля прыходу савецкіх уладаў яно апынулася ў становішчы нацменшасьці. Адчуваць такую перамену было вельмі балюча. Да таго ж на іх абрынуўся галоўны цяжар дэпартацыяў. Усе польскія ваенныя і цывільныя асаднікі, уся лясная служба падпалі пад высяленьне. Немалую частку высяленцаў склалі польскія чыноўнікі і паліцыянты.[60] Памешчыцтва (пераважна — польскае) страціла матэрыяльную аснову для існаваньня. Напалоханыя рэпрэсіямі, многія палякі шукалі сховішча ў Вільні або на тэрыторыі Генэральнага губернатарства. Яны абвінавачвалі ў гэтых падзеях ня толькі цэнтральныя савецкія ўлады, але і мясцовых беларусаў. Бо менавіта яны станавіліся ўладальнікамі перадзеленых маёнткаў і прылад працы, ім жа прыпісваліся і даносы, церазь якія людзі траплялі на высяленьне ў глыб СССР.

Нягледзячы на розны досьвед ад савецкай рэчаіснасьці ў беларусаў і палякаў, у першых данясеньнях Айнзацгрупы «Б» з Заходняй Беларусі адзначалася адназначна прыхільнае стаўленьне да прыходу нямецкіх войскаў сярод абедзьвюх групаў насельніцтва. Паводзіны насельніцтва пераходзілі ад «прыязнай нэўтральнасьці» да «радасьці з нагоды вызваленьня ад савецкага ярма, якая выяўлялася ў гатоўнасьці беларускага і польскага насельніцтва працаваць разам з намі ў справе аднаўленьня». Гэтая ацэнка, безумоўна, не датычыла ўсіх беларусаў і ўсіх палякаў, хоць даволі трапна характарызавала ўражаньні першых нямецкіх атрадаў (рапарты СД не прыхарошвалі рэчаіснасьці), аднак ня поўнасьцю адлюстроўвала сапраўднае стаўленьне мясцовых жыхароў.

Прыход немцаў беларускае сялянства адразу ж выкарыстала для роспуску ўсіх калгасаў і вяртаньня на сваю індывідуальную гаспадарку. У Заходняй Беларусі гэта было асабліва лёгка зрабіць, бо тутэйшыя калгасы пратрывалі ўсяго некалькі месяцаў. Гэтая акалічнасьць, напэўна, адыграла сваю ролю — нямецкія ўлады не супраціўляліся іх роспуску, хоць, паводле інструкцыі, павінны былі захаваць калектыўныя гаспадаркі. Затое ў астатніх жыцьцёвых галінах панавала напружанае чаканьне. Немцы не сьпяшаліся з вызначэньнем будучага грамадзка-палітычнага ладу, прыкрываючыся толькі агульнымі лёзунгамі аб вызваленьні ад бальшавізму. Частку беларусаў, найперш супрацоўнікаў савецкай адміністрацыі, настаўнікаў і г. д., ахапіла паніка. Яны баяліся помсты за сваю дзейнасьць у 1939–1941 г. з боку палякаў. Тое самае датычыла і сялянства, якое так ці іначай карысталася дабром, атрыманым у часе аграрнай рэформы.

Пры такой сытуацыі ў людзкіх настроях на Беларусі пераважалі няпэўнасьць і пасіўнасьць. Данясеньні Айнзацгрупы «Б» улетку 1941 г. адзначалі безыніцыятыўнасьць тутэйшага насельніцтва пры арганізацыі адміністрацыйнага апарату і паліцыі. Прычына, на думку немцаў, крылася ў расьцярушанасыц беларускіх лідэраў, і слабасьці беларускай інтэлігенцыі, якая не была падрыхтавана для кіраўніцтва адміністрацыяй. Таму пасьля хадайніцтваў Шчорса, шэфа групы «Цэнтар», у ліпені 1941 г. вайсковыя ўлады выдалі дазвол на арганізацыю беларускіх грамадзкіх камітэтаў. Яны павінны былі згуртоўваць інтэлігенцыю і рыхтаваць яе да кіраўніцтва адміністрацыяй, паліцыяй, школьніцтвам і інш. У ліпені такія камітэты зьявіліся ўва ўсіх буйных гарадох Беларусі, а таксама ў Беластоку і Вільні. Некаторыя зь іх, асабліва віленскі, наваградзкі, гарадзенскі і беластоцкі, горача прыняліся за справу, аднак ужо ў першай палове жніўня выйшаў загад аб іх роспуску. Захаваўся толькі віленскі камітэт, а пад канец 1941 г. да яго зноў далучыўся беластоцкі. Немцы спадзяваліся выкарыстаць іх у процівагу польскаму і літоўскаму насельніцтву.

Стараньні Шчорса па стварэньні на Беларусі беларускага адміністрацыйнага апарату падтрымлівала СД. Яна выказвала большае зацікаўленьне да нацыянальных праблемаў, чым вайсковыя камэндатуры. Нэбэ, шэф Айнзацгрупы «Б» (Einsatzgruppe «В»), на пачатку ліпеня, паведамляў, што яшчэ да нападу на СССР галоўная ўправа бясьпекі Райху вырашыла выкарыстаць дзеля гэтага беларускіх эмігрантаў з тэрыторыі Нямеччыны і Генэральнага губэрнатарства. Нэбэ разьлічваў, што яны будуць накіроўвацца на Беларусь, па дзьве-тры асобы на кожны горад, і зоймуцца там стварэньнем новай адміністрацыі. На загад Нэбэ такую групу беларускіх адміністрацыйных кадраў пачаў камплектаваць супрацоўнік СД у Варшаве штандартэнфюрэр СС доктар Франц Сікс. Пад яго кіраўніцтвам пачаў вэрбаваць такіх людзей і Шчорс. Але вынікі гэтай апэрацыі аказаліся значна больш сьціплыя, чым плянавалася. Было завэрбавала разам каля 50 асобаў, у першыя дні ліпеня іх заслалі на Беларусь. Пераважную частку агентаў накіравалі ўва Усходнюю Беларусь, прычым каля 30 асобаў пакінулі ў Менску. Таму выхадцы з эміграцыі адыгралі нязначную ролю ў арганізацыі адміністрацыйнага апарату і паліцыі на тэрыторыі Заходняй Беларусі.

Пасьля падзеяў 1939–1941 г. сярод польскага насельніцтва Заходняй Беларусі ад пачатку нямецкай акупацыі запанавалі антысавецкія і антыбеларускія настроі. Яно намагалася стварыць у варунках акупацыі такі фактычны стан, каб нанова злучыць Заходнюю Беларусь з Польшчай. Гэта была найвышэйшая мэта, якая апраўдвала ў вачох польскіх незалежнікаў любыя сродкі, якія б узмацнялі польскія пазыцыі і выводзілі б з палітычнай гульні беларусаў. Апошніх, не зважаючы на іх прасавецкую ці незалежніцкую арыентацыю, палякі не без надстаў лічылі за патэнцыйную перашкоду на шляху да вяртаньня рыскай мяжы.

Маючы перад сабой такія палітычныя мэты, польскае насельніцтва прыхільна сустрэла нямецкія войскі і распачало актыўна ўдзельнічаць у стварэньні новай адміністрацыі і паліцыі. Авалодваньне мясцовым апаратам улады польскія дзеячы ацэньвалі як важны зыходны пункт аднаўленьня сваіх эканамічных, культурных, а пазьней і палітычных пазыцый. Істотнае значэньне ў гэтай справе займала пазыцыя Вэрмахту. Ня маючы спэцыяльных дырэктываў Гітлера аб будучым палітычным статусе Беларусі, вайсковыя колы выяўлялі абыякавасьць да нацыянальных праблемаў і кіраваліся ў сваіх паводзінах выключна прагматычнымі меркаваньнямі. Цікавай ілюстрацыяй такой пазыцыі былі, між іншым, плякаты Вэрмахту, якія выкарыстоўваліся на Беларусі ў першы пэрыяд акупацыі — іх друкавалі на нямецкай, польскай і расейскай мовах, а не па-беларуску.

У надзеі на аднаўленьне даверасьнёўскай сытуацыі 1939 г. сьледам за нямецкай арміяй на Беларусь пацягнуўся цэлы шэраг даваенных польскіх чыноўнікаў і дзеячоў, якія ў 1939–1941 г. хаваліся ў Вільні і Генэральным губэрнатарстве. Яны мелі рэпутацыю пакрыўджаных саветамі, акрамя таго, пэўная частка гэтых людзей валодала нямецкай мовай,[61] таму нямецкія камэндатуры лёгка згаджаліся на тое, каб яны займалі адміністрацыйныя і паліцыйныя пасады.[62] Паводле рапартаў Айнзацгрупы «Б», перайманьне палякамі кіраўніцтва пачалося адразу пасьля ўваходу нямецкіх войскаў. Неўзабаве яны апанавалі ўсе галоўныя пасады ў гарадзкіх і раённых (павятовых) управах Заходняй Беларусі.[63] Была створана, галоўным чынам зноў пад кіраўніцтвам палякаў, мясцовая дапаможная паліцыя, колькасна значна большая за ўсходнебеларускую. СД крытычна ацэньвала паблажлівае стаўленьне Вэрмахту да такіх польскіх ініцыятываў, падазраючы, што ў будучым пад прыкрыцьцём легальнай дапаможнай паліцыі будзе дзейнічаць польскі рух супраціву.

Вонкавы характар адміністрацыі ў вялікай ступені вызначаўся паводзінамі чыноўнікаў на ніжэйшых і сярэдніх пасадах. Іх набіралі з заходнебеларускіх гарадоў і мястэчак, і ў залежнасьці ад сытуацыі большасьць зь іх магла гаварыць на трох мовах: польскай, беларускай або расейскай. Паколькі пераважна палякі занялі кіраўнічыя пасады, ува ўправах службоваю мовай стала польская. Прывядзем тут некалькі прыкладаў, узятых зь беларускіх, нямецкіх і польскіх крыніц.

Беластоцкая акруга. «У цяперашні момант амаль усе адміністрацыйныя пасады, апрача кіраўнічых, якія занялі немцы, знаходзяцца ў руках палякаў, бо акупанты пастанавілі вярнуць на працу тых людзей, што займалі дадзеныя месцы да 1939 г. Дарэчы, недахоп беларускіх кадраў прымусіў акупантаў шукаць апоры ў польскім элемэнце… Дапаможную службу нясе мясцовая паліцыя, амаль цалкам створаная з былых польскіх паліцыянтаў…»

Горадня. «Адміністрацыйны апарат Горадні — амаль выключна ў польскіх руках. Добрае супрацоўніцтва зь нямецкімі ўстановамі. 72-асабовая служба парадку — выключна палякі».

Берасьце. «Беларусы ў Берасьці задаволеныя, што паўночная частка акругі павінна быць далучана да Усходняй Прусіі. У паўднёвай частцы пануе страх перад яе далучэньнем да ГГ (генэральнага губэрнатарства. — Ю. Т.) і аднаўленьнем нацыянальнай барацьбы з палякамі. Увогуле — па-ранейшаму незадаволенасьць з таго, што палякі перанялі адміністрацыю».

Лідзкая акруга. «Палякі неадкладна ўвайшлі ў кантакт з кіраўнічымі нямецкімі вайсковымі ўладамі ды пачалі займаць усе пасады ў акруговай, павятовай і валасной адміністрацыі, у паліцыі, а таксама ў нямецкіх установах… Такім чынам, ад самага пачатку нямецкай акупацыі ўся адміністрацыйная і паліцыйная ўлада ў паветах і валасьцях апынулася поўнасьцю ў польскіх руках».

Вялейская акруга. «У Вялейскім павеце прыходзілася бачыць такія кур’ёзныя шыльды, як “Пастарунак польскай паліцыі панствовай”. У павятовых управах, вясковым школьніцтве, паліцыі, валасьцях — усюды польская мова… Ашмянскі павет палякі лічылі нейкай “польскай рэспублікай”. Уся адміністрацыя, паліцыя, школьніцтва былі абсаджаны палякамі… У Маладэчне старшынём павету быў былы ротмістар польскай кавалерыі Віктар Уневіч… Яго заступнікам быў Віталі Бурачэўскі, былы рэфэрэнт бясьпекі вялейскага староства… Начальнікам паліцыі быў афіцэр польскай “двойкі”[64] Карчэўскі…»

Баранавічы і Слонім. «Адміністрацыйны апарат — польскі».

Не такую сытуацыю ўбачылі немцы ўва Усходняй Беларусі. Тут дзейнічалі іншыя вызначальныя ўмовы: апрача адрозьненьня, што накладаў даваенны лад жыцьця, свой уплыў аказвалі жахлівыя разбурэньні лета 1941 г. — вынікі эвакуацыйнай кампаніі і ваенных дзеяньняў. У Менску, Віцебску, Магілёве, Гомелі і іншых буйных гарадох ня дзейнічалі электрастанцыі і водаправоды, пераважная частка жыхароў засталася бяз даху над галавой. Пасьля эвакуацыі і зьнішчэньня харчовых запасаў навісла пагроза голаду. Пачаліся нямецкія вайсковыя рэквізыцыі і рабункі. Штодзённым клопатам для гараджан стала барацьба за выжываньне. Адзіным ратункам у такой сытуацыі былі ўцёкі на вёску, ладная частка народу пакінула гарады.

Рабункі і разбурэньні, ад якіх так пакутавала насельніцтва ўсходніх раёнаў Беларусі, для нямецкіх акупантаў былі зьявай звычайнай — яны панавалі ўва ўсёй ваеннай паласе. Куды цікавей было сачыць за палітычным станаўленьнем насельніцтва, якое перад гэтым больш за 20 гадоў пражыло пад узьдзеяньнем савецкай ідэалёгіі. Аднак пачатковыя назіраньні Айнзацгрупы «Б» у першыя тыдні акупацыі ня выявілі якіх-небудзь асаблівасьцяў. Таксама, як і ў заходніх раёнах Беларусі, тутэйшае насельніцтва займала пазыцыю чакальня або ставілася да немцаў прыязна, адмаўляючы бальшавізм. Крытыка савецкай улады датычыла галоўным чынам эканамічнай і сацыяльнай сфэры. Асуджэньню часьцей за ўсё падлягаў калгасны лад у БССР, які стаў прычынай заняпаду жывёлагадоўлі і земляробства, прывёў да крызісу грамадзкага харчаваньня.[65] Таму і ўва ўсходняй частцы Беларусі стаўленьне жыхароў да нямецкай акупацыі было цесна зьвязана з надзеяй на ліквідацыю калгаснай сыстэмы.

У рапартах Айнзацгрупы «Б» з тэрыторыі Усходняй Беларусі адзначалася вялікая грамадзкая пасіўнасьць, яе лічылі за праяву саветызацыі і супрацьпастаўлялі актыўным паводзінам жыхароў заходняй паловы краю. Аднак мы ўжо бачылі, што і ў Заходняй Беларусі карэннае насельніцтва таксама выказвала пасіўнасьць, такім чынам, гэта было агульнанацыянальнае беларускае зьявішча. «Заходнебеларускую актыўнасьць» насамрэч выяўлялі пераважна палякі, якія імкнуліся рэалізаваць свае нацыянальныя задачы.

Такіх імкненьняў сярод усходніх беларусаў немцы не заўважалі і прыпісвалі гэта слабай нацыянальнай сьвядомасьці. У немалой ступені яны мелі рацыю. У тутэйшай рэчаіснасьці глыбокі сьлед пакінула барацьба з т. зв. «нацдэмаўшчынай», якая абярнулася вялізарнымі стратамі для беларускай культуры, выцясьненьнем з ужытку беларускай мовы і ўзмоцненай русіфікацыяй усходняй часткі краю. Варта тут прыгадаць характэрнае выказваньне віленскага беларускага дзеяча Мар’яна Пецюкевіча наконт сытуацыі зь беларускай мовай у Менску:

Першы раз у жыцьці давялося мне быць у Менску позьняй восеньню 1941 г. на ўсеагульнай канфэрэнцыі школьных інспэктараў Беларусі… Хаця мне няраз і не было патрэбы чагосьці папытаць у сустрэчных мянчан, але я спрабаваў нешта запытаць, каб пераканацца, ці гэта беларусы. Усе яны на мае пытаньні адказвалі па-расейску і непрыязна глядзелі на мяне. Відаць, беларусаў, як і немцаў, яны залічылі да «акупантаў» ісьцінна «русского народа»… Канфэрэнцыю праводзіў галоўны школьны інспэктар ксёндз Вінцук Гадлеўскі. Стараўся ён з сваім менскім асьветным актывам надаць канфэрэнцыі беларускі патрыятычны дух. Стараўся ў сваіх прамовах укінуць у кожную душу ўдзельніка канфэрэнцыі іскру любові да свайго народу і яго культуры. Кіданыя ім зярняты знаходзілі добрую глебу толькі ў прадстаўнікоў былой Заходняй Беларусі. Усходнікі мала рэагавалі. Яны захоўваліся, як на паншчыне. Падчас перапынкаў яны гуртаваліся «свае з сваімі» і вялі гутарку між сабой на «обсчепонятном языке». Гэта зьява рабіла дрэннае ўражаньне на тых заходнікаў, якія за сваю культуру, за сваю мову цярпелі прасьлед з боку польскіх акупацыйных уладаў. І мы — заходнікі — на свае вочы ўбачылі «перадавую беларускую інтэлігенцыю» і горка расчараваліся.

У ліпені 1941 г. ува Усходняй Беларусі быў створаны шэраг камітэтаў з тымі самымі функцыямі, што і ў заходняй частцы краю. Цяжка даць пэўную ацэнку іх дзейнасьці, бо і тут у першай палове жніўня яны былі распушчаны. Але цікава адзначыць, што, паводле данясеньняў Айнзацгрупы «Б», у адрозьненьне ад Заходняй Беларусі, роспуск камітэтаў не выклікаў сярод усходнебеларускага насельніцтва асаблівай рэакцыі. На гэта ўплывала адсутнасьць нацыянальных супярэчнасьцяў у рэгіёне.

Не заўважалася тут і сур’ёзных сацыяльных канфліктаў, бо гэтаму ў вялікай ступені спрыяла захаваньне папярэдняга аграрнага парадку. «Кулакі», якіх высялялі зь вёскі ў 30-х г., цяпер вярталіся з высылкі і атрымлівалі свае старыя хаты або дапамогу для будоўлі новых. Жонак і дзяцей эвакуяваных функцыянэраў калгасьнікі прымалі ў свае суполкі. Там, дзе не было прычынаў для асабістай помсты, захоўвалася прыязнае стаўленьне да мясцовых партыйцаў, камсамольцаў і міліцыянтаў. Людзі лічылі, што звычайны чалавек не павінен адказваць за рашэньні ўладаў. Грунтуючыся на сьведчаньнях усходнебеларусіх эмігрантаў, амэрыканскі гісторык Нікалас Вакар сьцьвярджае, што на пачатку акупацыі ідэалягічныя матывы не аказвалі ўплыву на грамадзкія зносіны. Тое самае датычыла і акупантаў.

Іх успрынялі, як і многіх іншых у мінулым, не як немцаў, але як людзей, якія несьлі надзею на перамены.

Гэтая ацэнка, вядома, не была справядлівая для ўсяго грамадзтва, бо ўжо зь першых дзён акупацыі пачалося стварэньне савецкага падпольля і партызанскіх атрадаў. У недалёкай будучыні гэты рух зробіцца адным з найважнейшых вызначальных фактараў акупацыйнай гісторыі Беларусі, пакуль што ён быў яшчэ ў зародку, хоць летам 1941 г. было занатавана шмат дывэрсійных акцыяў. Калыскаю і базай руху супраціву стала Усходняя Беларусь, дзе ў часе эвакуацыі быў закладзены яго арганізацыйны падмурак.

Характар мясцовай адміністрацыі і паліцыі ўва Усходняй Беларусі і сам працэс іх стварэньня аказаліся пад уплывам тутэйшай грамадзкай сытуацыі. У адрозьненьне ад сваіх заходніх суродзічаў, жыхары гэтай паловы краю не выяўлялі асаблівай ініцыятывы ў такой сфэры. На думку Вакара, беларускае насельніцтва, на працягу дваццаці гадоў пазбаўленае права выбару, і цяпер не было падрыхтавана да нейкіх уласных пачынаньняў. Ініцыятыва належала вайсковым камэндатурам: яны пад прымусам набіралі людзей для мясцовай адміністрацыі або ішлі насустрач кандыдатурам, якіх падтрымлівала насельніцтва. Тым ня менш працэс гэты ішоў зь вялікімі перашкодамі, асабліва на вёсцы, і куды больш марудна, чым у Заходняй Беларусі. Ужо на пачатку жніўня Айнзацгрупа «Б» паведамляла, што на ўсход ад Менску народ ня хоча займаць аніякіх пасад, баючыся вяртаньня савецкіх уладаў або начной помсты партызан.

На гэтай зямлі, як і на астатніх тэрыторыях, Вэрмахт не кіраваўся нацыянальнымі крытэрамі пры падборы кадраў. У адміністрацыі і паліцыі служылі беларусы, расейцы, з асаблівай ахвотай сюды бралі фольксдойчаў, якіх у адным толькі Менску налічвалася 150. У некаторых мясцовасьцях вайсковыя ўлады вярталі на пасады былых савецкіх службоўцаў, прытым нават і камуністаў, якія з тых ці іншых прычын засталіся на Беларусі. Быў абвешчаны прызыў у дапаможную паліцыю. У яе шэрагах апынулася, між іншым, нямала ваеннапалонных і савецкіх міліцыянтаў. Новыя ўлады высока ацэньвалі іх прафэсійнасьць і досьвед. Частка гэтых людзей пайшла ў паліцыю на заданьне савецкага падпольля.

На фоне гэтага канглямэрату вылучалася група эмігрантаў на чале з Шчорсам. Яны разьлічвалі на стварэньне ў Менску часовага беларускага ўраду. Але тут іх спаткала расчараваньне. Зараз жа па прыезьдзе айнзацгрупа пасьпяшалася «пераканаць» іх у тым, што яны ўзяліся за марную справу, бо пазыцыя Нямеччыны што да беларускага пытаньня яшчэ ня вызначана — Гітлер ня даў сваіх дырэктываў, і распачынаць палітычную дзейнасьць зарана. Апрача выкананьня інструкцыяў, адзіных для ўсёй дапаможнай адміністрацыі, гэтым дзеячам дазволілі толькі весьці прапаганду дзеля ўзмацненьня нацыянальнай сьвядомасьці беларусаў, каб адмежаваць іх ад расейскага ўплыву.

Такім чынам, надзеі Шчорса і яго групы на хуткае зьдзяйсьненьне іх палітычных плянаў разьвеяліся пасьля прыбыцьця на Беларусь. З распараджэньня айнзацгрупы, вайсковыя ўлады выкарысталі іх для стварэньня адміністрацыі ў Менску і навакольлі. Бурмістрам гораду Менску быў прызначаны малады лекар Вітаўт Тумаш, яго намесьнікам — Адам Дэмідэцкі-Дэмідовіч, а камандзірам гарадзкой дапаможнай паліцыі — Зьміцер Касмовіч. Арганізацыяй адміністрацыі ў Менскім раёне заняўся Мечыслаў Контаўт, у Віцебску — Усевалад Родзька. Затое Шчорс застаўся безь ніякае пасады, хоць у якасьці кіраўніка «Цэнтру» і групы прыбылых эмігрантаў ён, напэўна, разьлічваў адыграць больш важную палітычную ролю.

Тым часам на галоўным месцы ў беларускай адміністрацыі нечакана апынуўся Астроўскі, пакінуўшы ззаду ня толькі Шчорса, але і галоўнага свайго суперніка — ксяндза Гадлеўскага, які 22 чэрвеня быў пакліканы на працу на бэрлінскую радыёстанцыю і ўлетку 1941 г. ня мог прыехаць на Беларусь. Астроўскі таксама разьлічваў на магчымае стварэньне беларускага ўраду і спадзяваўся, што зможа яго ўзначаліць. Няўдача Шчорса яго не напалохала — Астроўскі быў занадта дасьведчаны гулец. Прыбыўшы ў Менск, ён неўзабаве, прыкладна 10 ліпеня, атрымаў пасаду шэфа адміністрацыі Менскай акругі. Дагэтуль прадстаўнікам мясцовага насельніцтва даручалі кіраўніцтва толькі павятовымі або гарадзкімі ўправамі. Яму, такім чынам, было даручана кіраўніцтва значна вышэйшага ўзроўню — Менская акруга лічылася сталічнай. У герархіі мясцовых дзеячоў гэта была пасада нумар адзін. Заняўшы яе, Астроўскі разьлічваў зь цягам часу павялічыць свой уплыў і на базе ўправы Менскай акругі стварыць цэнтральны орган беларускай адміністрацыі.

Але ў той час на Беларусі панавала сытуацыя, якая не спрыяла зьдзяйсьненьню падобных плянаў.

Па-першае, Гітлер так і ня вызначыў сваю пазыцыю што да ўсталяваньня «новага парадку» на ўсходзе.

Па-другое, Астроўскі ня меў бы падтрымкі сярод правінцыйнай адміністрацыі, якая стваралася пад кіраўніцтвам Вэрмахту, — у пераважнай ступені тут дзейнічаў небеларускі элемэнт.

Таму перш-наперш ён пачаў зьбіраць вакол сябе беларускую інтэлігенцыю. Дзеля гэтага трэба было аднавіць старыя кантакты на Беларусі. Астроўскі зьезьдзіў у Вільню, дабіўся згоды некалькіх асобаў на супрацоўніцтва, дамогся ў немцаў дазволу на пераезд у Менск або ў ваколіцы. Гэтыя захады Астроўскага знаходзілі падтрымку ў СД. Тут з трывогаю назіралі за ростам палітычнага ўплыву палякаў у Заходняй Беларусі і шукалі выйсьця ў расшырэньні беларускай адміністрацыі.

Такім чынам, адміністрацыйны апарат, створаны на Беларусі ў першыя тыдні акупацыі, быў вельмі разнашэрсным. Побач з выпадковымі элемэнтамі і функцыянэрамі ніжэйшага ўзроўню, якія шукалі звычайнай працы, ён быў важнай і адзінай ува ўмовах вайсковай адміністрацыі легальнай сфэрай дзейнасьці мясцовых палітычных групаў, якія шляхам заняцьця кіраўнічых пасадаў у дапаможным апараце імкнуліся забясьпечыць сабе ўплыў на хаду падзеяў згодна з сваімі мэтамі. З пункту гледжаньня ідэалягічных матываў у гэтым апараце ўдзельнічалі:

- беларускія дзеячы, якія імкнуліся да стварэньня незалежнай беларускай дзяржавы;

- польскія дзеячы, якія імкнуліся аднавіць становішча, што існавала да верасьня 1939 г.;

- дзеячы савецкага падпольля розных нацыянальнасьцяў, якія выконвалі дывэрсіі і выведзаданьні дзеля вяртаньня становішча, што панавала да чэрвеня 1941 г.

Сутыкненьне гэтых палітычных сілаў непазьбежна павінна было прывесьці ўва ўмовах акупацыі да польска-савецкага канфлікту за Заходнюю Беларусь, паколькі беларускі нацыяналізм станавіўся перашкодай як для польскага, так і для савецкага падпольля, таму абодва бакі ставіліся да яго аднолькава варожа. Прэлюдыяй у гэтай барацьбе «ўсіх з усімі» на першым этапе акупацыі стаў польска-беларускі канфлікт.

Першай яго праявай былі стараньні былых земляўласьнікаў вярнуць сабе страчаныя маёнткі і інвэнтар, падтрыманыя нямецкімі вайсковымі ўладамі і мясцовай адміністрацыяй. Многія распарцэляваныя[66] землі або маёнткі, некалі пераробленыя на саўгасы, улетку 1941 г. зноў апынуліся ў руках старых уласьнікаў. Адпаведных юрыдычных распараджэньняў наконт рэгуляцыі правоў на зямлю яшчэ не было, таму колішнія гаспадары лічыліся цяпер фармальна адміністратарамі сваіх маёнткаў, такім чынам, іх сацыяльны статус ад гэтага мала зьмяняўся. Засталося нямала дакумэнтальных ілюстрацыяў таго, як праходзіў гэты працэс, мы, аднак, абмяжуемся толькі трыма, узятымі з тагачасных польскіх крыніц, — яны досыць поўна характарызуюць яго праявы і вынікі.

У лінеш 1941 г. віленскі «Goniec Codzienny» апублікаваў уражаньні аднаго ўласьніка маёнтку ў Ашмянскім павеце. Ён перад прыходам саветаў схаваўся ў Вільні, а з пачаткам нямецкай акупацыі вярнуўся на сваю зямлю. Па дарозе ён запытаўся ў сустрэчных сялян, куды падзеліся яго каровы, коні і мэбля. Прыбыўшы на месца, ён склікаў мужыкоў і сказаў ім:

— У цябе, Валодзя, — мая сіўка, у цябе, Пецька, — мая гнедая кабыла, а ў цябе, солтыс, — мая жняярка. Каб мне гэта ўсё за гадзіну было на сваім месцы, бо гэта вам не калгасная і ня ваша ўласнасьць, яна заўсёды была мая.

— Мы і так ведаем, паночак: што наша, то наша, а што пана, тое вернем. Мы ня хочам нікому крыўды. Як некалі было, так і цяпер будзе. Будзем разам працаваць.

І пачалі памалу, бязь сьпеху, як гэта ў нас звычайна робіцца на Беларусі, звозіць жывёлу і інвэнтар. Дзякуй Богу, што яшчэ змогуць з палеткаў, засеяных увосень ці ўвесну, сабраць жніво — ураджай абяцаў быць багаты.

У дадатак да гэтага паведамленьня «Goniec Codzienny» пісаў, што

такія адносіны цяпер пануюць усюды на Беларусі. Нідзе няма ніякіх сутычак. За гэтым сочаць мясцовыя ўлады, прызначаныя вайсковай камэндатурай.

Не падзяляў гэтай думкі орган падпольнай Дэмакратычнай партыі — «Nowe Drogi», пішучы наступнае:

…Улетку 1941 г. на апусьцелыя сядзібы пачалі вяртацца «панове». Адны вярталіся зь цяжкага бяздомнага блуканьня зь вялікім запасам досьведу і разваг. Яны стараліся наладзіць стасункі зь вёскай тактоўна і спакойна, кампрамісна. Але іншыя прыяжджалі разьюшаныя, поўныя помсьлівага запалу, яны прагнулі адплаты за тое, што было. Пачаліся скандальныя сцэны гвалту пры адбіраньні жывога і мёртвага інвэнтару. Ня раз — з зваротам да нямецкіх уладаў па дапамогу пры ўстанаўленьні права ўладаньня. Немцы ахвотна мяшаліся ў справу і «кавалі морды» мужыкам, абараняючы «справядлівыя прэтэнзіі польскага пана». Мы ведаем прозьвішчы тых людзей, што бачылі ў нямецкім акупанце дабрадзея і абаронцу. У будучыні іх спасьцігне справядлівае і суровае пакараньне. Але факт застаецца фактам: сёньня мы бачым, як віленская вёска, якая за два гады бальшавіцкай улады страціла сымпатыі да камунізму, цяпер нанова пачынае іх набываць. Спрытны агітатар ужо шэпча мужыку: «Хацелі — дык во, смакуйце цяпер наноў сваю “панску Польску”».

«Абуральныя сцэны гвалту», пра якія пісалі «Nowe Drogi», не абмяжоўваліся, аднак, толькі «каваньнем морды» мужыкам, у некаторых мясьцінах пацягнулі супраціў і людзкія ахвяры, пра што восеньню 1941 г. даносіла выведка ЗУБ:

На беларускія тэрыторыі часта вяртаюцца земляўласьнікі пад аховай нямецкай жандармэрыі. Гэта выклікае канфлікты зь сялянамі, у якіх адбіраюць улучаныя ў калгасы фальваркавыя землі і рознае забралае з двара рухомае майно. У аколіцах Ліды на гэтым фоне былі закалоты, жандары застрэлілі больш за дзясятак сялян. Немцы ствараюць бачнасьць, што «вяртаюць Польшчу» і такім спосабам ствараюць антаганізм паміж беларусамі і палякамі.

Займаньне пасадаў у мясцовай адміністрацыі і вяртаньне былых паноў у свае фальваркі нямецкая служба бясьпекі расцэньвала як этапы ажыцьцяўленьня адзінага польскага пляну — вяртаньне Заходняй Беларусі пад сваё панаваньне і аднаўленьне даверасьнёўскага status quo. Нэўтралізацыя і вывад з гульні самых актыўных беларусаў былі трэцім мэтадам ажыцьцяўленьня гэтага пляну: іх лічылі за палітычных праціўнікаў. Такія настроі падаграваліся прагай помсты за падзеі 1939–1941 г., тут перапляталіся грамадзкія інтарэсы і асабістыя рахункі. Ня дзіва, што ўжо ў першыя дні акупацыі палякі пачалі даносіць на беларусаў, выкрываючы іх сапраўдны або ўяўны бальшавізм. Паводле беларускіх крыніц, такія здарэньні адбываліся на шырокім абшары і былі прычынаю вялікіх ахвяр летам 1941 г., асабліва сярод інтэлігенцыі. Стварылася атмасфэра польскага засільля і антыбеларускага тэрору. Характарызуючы тагачасную сытуацыю ў Вялейскай акрузе, Аляксандар Калодка піша, што пры гэтай атмасфэры

шмат хто з інтэлігенцыі пакінуў акругу, ня бачачы ніякай магчымасьці грамадзкай працы.

У такой сытуацыі імкненьне Астроўскага беларусізаваць адміністрацыю сутыкалася зь вялікімі перашкодамі. У канцы ліпеня пад націскам СД вайсковыя камэндатуры паспрабавалі звольніць з кіраўніцкіх пасад палякаў і замяніць іх беларусамі. Але гэтая акцыя выклікала незадавальненьне сярод польскага насельніцтва і новыя скаргі, пасьля якіх частку нядаўна нанятых беларусаў пазвальнялі.[67] Падтрымлівала гэтыя тэндэнцыі эсдэкаўская «Walka», якая ўсіх спрэс беларускіх службоўцаў абвінавачвала ў камунізьме.

Кампанія па барацьбе зь беларускім актывам рукамі нямецкіх акупантаў узмацняла варожасьць і стварала перашкоды для тых нешматлікіх беларускіх і польскіх групаў, якія шукалі паразуменьня. Не забягаючы наперад у разглядзе падзеяў, вынікам якіх сталі перамовы паміж прадстаўнікамі Галоўнага камандаваньня Арміі Краёвай і Партыі беларускіх нацыяналістаў у Менску ў ліпені 1942 г., варта закрануць пытаньне адказнасьці за гэтыя трагічныя падзеі. Сярод дзеячоў беларускага руху, прычым ня толькі нацыянальнага, але і камуністычнага, жыло перакананьне, што гэту апэрацыю інсьпіравалі польскія ўлады ў Лёндане і іх падпольныя мясцовыя прадстаўнікі. Пазыцыя ПБН, сфармуляваная яе кіраўніком Янкам Станкевічам і прадстаўніцаю ГК АК[68] Зоф’яй Дабрынскай («Эван»), гучала наступным чынам:

Станкевіч (ПБН):

…Смутная вайна, у якой Гестапа пралівае польска-беларускую кроў, у значнай ступені ідзе па віне мясцовых палякаў. Сярод беларусаў распаўсюдзілася думка, што «двудушнай палітыкай тутэйшых палякаў» кіруе польская цэнтральная ўлада, бо ў розных аддаленых ад сябе мясцовасьцях палякі паводзілі сябе аднолькава пры ўваходжаньні немцаў. Беларусы ўвогуле баяліся трапіць немцам на вочы, затое палякі віталі іх з энтузіязмам, дзякавалі за вызваленьне ад бальшавікоў і запэўнівалі, што толькі палякі — сапраўдныя прыяцелі заходняй культуры і Нямеччыны, маўляў, яна прынесла ім вызваленьне ад прыроджанага ворага — саветаў, у той час як беларусы — гэта натуральныя бальшавікі, якія арыентуюцца на Усход. Першая кроў, якая пралілася пры нямецкай акупацыі, была беларуская.

Дабрынская (ГК АК):

Я адказала на гэта, што даю слова гонару, што гэта ня толькі ня акцыя цэнтру, але, наадварот, такія ўчынкі ёсьць здрадай Польшчы, і законныя польскія ўлады пакараюць такіх людзей за дзяржаўную здраду… Я папрасіла пералік мясьцінаў, у якіх такія выпадкі мелі месца, а таксама пайменны сьпіс палякаў, якія служаць немцам.

Такім чынам, прадстаўнік Галоўнага камандаваньня АК адназначна выказаўся супраць такіх паводзінаў.

На першы погляд, польска-беларускія сутыкненьні ўзьнікалі стыхійна, без удзелу акупантаў, аднак яны выкарыстоўвалі іх ува ўласных інтарэсах, дзеля рэалізацыі вызначанай яшчэ да нападу на СССР праграмы генацыду. Гейдрых, шэф паліцыі бясьпекі і службы бясьпекі Райху, ужо зь першых дзён вайны заахвочваў даносы ад розных нацыянальных групаў, аднак распарадзіўся, каб зьнішчальныя акцыі ў першую чаргу скіроўваліся на бальшавікоў і габрэяў, а потым, зь цягам часу, адпаведныя рашэньні будуць прымацца і супраць інтэлігенцыі — польскай ці іншай.[69] Адсюль вынікае, што «падтрымка», якую акупацыйныя ўлады аказвалі палякам і беларусам, была толькі тактычным ходам, разьлічаным на іх узаемнае вынішчэньне і ўзмацненьне нямецкага панаваньня на Беларусі. З гэтага пункту гледжаньня прыведзеныя раней ацэнкі АК і ПБН былі правільныя.

Іх пацьвярджалі пацыфікацыйныя акцыі Вэрмахту і паліцыі на іншых беларускіх землях, дзе не было такога моцнага нацыянальнага напружаньня. У нямецкай дакумэнтацыі мы знойдзем не адзін прыклад таго, як пад лёзунгам барацьбы з савецкімі дзеячамі, дывэрсантамі і т. п. у сапраўднасьці вялося вынішчэньне цывільнага насельніцтва, якое ў вачох акупантаў менш за ўсіх было «вінаватае» ў камуністычнай дзейнасьці або ўвогуле ня мела да яе ніякага дачыненьня. У Менску адразу ж пасьля ўваходу нямецкіх войскаў паводле загаду ваеннага камэнданта быў створаны т. зв. лягер цывільных палонных, куды сагналі ўсіх мужчын — жыхароў гораду ўва ўзросьце ад 18 да 45 гадоў. Лягер прачэсвала тайная вайсковая паліцыя ў супрацоўніцтве з айнзацгрупай, пры гэтым да канца ліпеня вяліся расстрэлы — штодня забівалі каля 200 чалавек. Шукалі нібыта дывэрсантаў, а ліквідавалі галоўным чынам выпадкова адабраных ахвяраў, паводле паліцыйнага рапарту — «функцыянэраў, агентаў, крымінальнікаў, азіятаў і г. д.».

Многа нявінных цывільных жыхароў у першыя тыдні акупацыі загінула ў т. зв. пацыфікацыйных акцыях, фармальна прызначаных для ачышчэньня занятых тэрыторыяў ад савецкіх салдат, што хаваліся па лясох. Адна з такіх акцыяў была праведзена ў канцы ліпеня — пачатку жніўня ў заходнім Палесьсі сіламі 1-й брыгады кавалерыі СС, у выніку яе было расстраляна 13 788 «марадэраў». Параўноўваючы гэтую лічбу з колькасьцю нямецкіх стратаў — 2 забітых і 15 параненых, — лёгка прыйсьці да высновы, што акцыя мела неваенны характар. Гэта пацьвярджае і данясеньне аднаго зь яе ўдзельнікаў, камандзіра кавалерыйскага атраду штурмбанфюрэра СС Магіля, які расстраляў 6526 чалавек. У рапарце гаворыцца:

Паколькі атрад не напаткаў ні чырвонаармейцаў, ні камуністаў, расстрэльвалі галоўным чынам габрэяў і людзей, якія займаліся камуністычнай дзейнасьцю.

У гісторыі акупацыі асобны разьдзел займае зьнішчэньне габрэйскага насельніцтва, якое ў межах сучаснай тэрыторыі рэспублікі складала да вайны 700–750 тыс. чалавек.

Значная частка габрэяў, асабліва з Усходняй Беларусі, пасьпела эвакуявацца на Ўсход, аднак пераважная іх маса апынулася ў зоне акупацыі. Летам 1941 г. іх загналі ў гета. Паступовая ліквідацыя габрэйскага насельніцтва пачалася восеньню 1941 г., але ўжо ў ліпені і жніўні немцы перайшлі да вынішчэньня габрэйскай інтэлігенцыі, асабліва — настаўнікаў, адвакатаў і савецкіх службоўцаў.

Трэба, нарэшце, адзначыць спэцыфічнасьць сытуацыі, у якой апынуліся беларусы — салдаты Чырвонай Арміі, што трапілі да немцаў у палон. Летам 1941 г. Вярхоўнае камандаваньне Вэрмахту выдала загад аб іх вызваленьні зь лягераў ваеннапалонных, а 8.9.1941 г. пацьвердзіла гэтае распараджэньне, патрабуючы як мага хутчэй адаслаць палонных дадому. У аднолькавай ступені гэта датычыла і палонных іншых нацыянальнасьцяў, асабліва немцаў, украінцаў, літоўцаў, латышоў і эстонцаў, але не закранала расейцаў, габрэяў і інш. У выніку, тысячы былых чырвонаармейцаў вярнуліся на Беларусь, тут яны некалькі месяцаў маглі жыць цалкам спакойна. У гэты самы час іх таварышы, асабліва расейцы, масава гінулі ў лягерах з голаду, зьнясіленьня і хвароб. Нельга, аднак, адназначна лічыць гэта вынікам пэўнай нацыянальнай палітыкі. На думку Даліна, свой уплыў тут аказвала вялізарная лічба савецкіх ваеннапалонных, якія апынуліся ў нямецкай няволі: у сярэдзіне сьнежня 1941 г. іх налічалася 3,8 млн. чалавек.

У часе вайсковага кіраваньня акупацыйныя ўлады не праводзілі на Беларусі сыстэматычнай гаспадарчай дзейнасьці, замест гэтага займаючыся хаатычнымі рэквізыцыямі харчовых прадуктаў. Пагалоўе свойскай жывёлы, асабліва сьвіньняў і кароў, зьменшылася таму яшчэ больш. Вялікія страты панесьлі навуковыя ўстановы, бібліятэкі і музэі, панішчаныя і разрабаваныя Вэрмахтам і СС. Непапраўнай бядою станавіліся акцыі масавага зьнішчэньня, што вяліся ў адпаведнасьці з ідэалягічнымі прынцыпамі гітлерызму.

Пачаткі акупацыйнай цывільнай адміністрацыі (верасень — сьнежань 1941)

Праекты новага палітычнага рэжыму на ўсходзе ведамства Розэнбэрга распрацоўвала ўжо з красавіка 1941 г., але да тае пары, пакуль іх не зацьвердзіў бы Гітлер, яны не маглі выкарыстоўвацца на практыцы. Фюрэр тым часам не сьпяшаўся прымаць рашэньне. У сярэдзіне траўня, г. зн. незадоўга да нападу на СССР, ён адклаў «да пазьнейшага разгляду» прапанаваны Розэнбэргам праект дэкрэту аб арганізацыі цывільнай адміністрацыі, не пагадзіўся і на перадачу Літвы і Латвіі цывільным уладам, якую плянаваў правесьці Кэйтэль ужо пасьля двух тыдняў ад пачатку ваенных дзеяньняў. І толькі 17 ліпеня, калі нямецкія войскі знаходзіліся ў Смаленску, Гітлер выдаў некалькі дэкрэтаў адносна арганізацыі цывільнага кіраўніцтва на акупаваных тэрыторыях СССР. Аднак перадача гэтых земляў цывільным уладам зацягвалася, Гітлер адкладаў гэтае рашэньне на пасьля. Варта зазначыць, што новастворанае міністэрства акупаваных усходніх тэрыторый на чале з Розэнбэргам (Reichsministerium fur die besetzten Ostgebiete — далей RMfdbO, або OMi) першыя чатыры месяцы працавала неафіцыйна, паведамленьне аб яго арганізацыі было распаўсюджана толькі ў сярэдзіне лістапада.

Найпершай умовай увядзеньня цывільнага рэжыму на акупаваных землях было дастатковае аддаленьне лініі фронту. Але для распрацоўкі неабходных дэкрэтаў і распараджэньняў гэты фактар ня меў прынцыповага значэньня. Справа вырашалася марудна з палітычных прычын, у прыватнасьці, праз адсутнасьць пэўнай, адназначнай канцэпцыі наконт будучага статусу занятых земляў. Пытаньне «вольных ад Сталіна рэспублік», да якога так часта зьвяртаўся Гітлер у недалёкім мінулым, летам 1941 г. было знята з парадку дня бэрлінскай палітыкі. З таго часу фюрэр яўна пазьбягаў якіх-небудзь афіцыйных дэкларацыяў адносна будучыні гэтых земляў, хоць ня раз выказваў сярод найбліжэйшых супрацоўнікаў свае анэксійныя, калянізатарскія і да т. п. пляны.

Гітлер імкнуўся поўнасьцю падпарадкаваць сваёй уладзе вырашэньне будучага лёсу ўсходніх народаў і тэрыторый. Ён разьлічваў, што перамога над СССР прыйдзе хутка, і таму ня бачыў патрэбы ў палітычным супрацоўніцтве з насельніцтвам занятых земляў. Гэтыя меркаваньні ляглі ў падмурак арганізацыі і дзейнасьці акупацыйнага цывільнага кіраўніцтва. Такім чынам, замест папярэдне заплянаваных адміністрацыйных адзінак — Прыбалтыкі, Беларусі і Ўкраіны — дэкрэт Гітлера ад 17 ліпеня прадугледжваў стварэньне новых райхскамісарыятаў на чале зь нямецкімі чыноўнікамі. На думку Мадайчыка, гэта азначала, што Гітлер адмовіўся ад ідэі пераўтварэньня гэтых земляў у васальныя тэрыторыі на карысьць беспасярэдняга, поўнага нямецкага панаваньня каляніяльнага тыпу.

Напачатку быў створаны райхскамісарыят Остлянд зь сядзібаю ў Рызе. Узначаліў яго прызначаны Гітлерам райхскамісар Гэнрых Лёзэ. У склад Остлянду ўвайшлі прыбалтыйскія краіны — Літва, Латвія, Эстонія, а разам зь імі — Беларусь, якая яшчэ ў чэрвені, паводле пляну Розэнбэрга, павінна была вылучыцца ў асобную адміністрацыйную адзінку. Цяжка сказаць дакладна, чаму адбылося гэтае аб’яднаньне. Дакумэнтальныя архівы міністэрства Розэнбэрга не даюць на гэта адказу. Паводле апублікаваных пасьля вайны ўспамінаў Ота Бройтыгама, кіраўніка палітычнага аддзелу ў гэтым міністэрстве, ідэя злучэньня прыбалтыйскіх краін і Беларусі ў адным райхскамісарыяце Остлянд нарадзілася з імкненьня стварыць на ўсходзе больш-менш роўныя па велічыні і значэньні адміністрацыйныя адзінкі. Бо інакш, пры захаваньні адасобленасьці паміж Прыбалтыкай і Беларусьсю, узьніклі б дыспрапорцыі ў параўнаньні зь вялікім райхскамісарыятам Украіна.

І сапраўды, нялёгка знайсьці нейкія іншыя матывы такога аб’яднаньня: паміж Прыбалтыкай і Беларусьсю існавала шмат адрозьненьняў у многіх галінах. Карэньні гэтых адрозьненьняў сягалі ў гісторыю міжваеннага дваццацігодзьдзя. У гэты пэрыяд Літва, Латвія і Эстонія існавалі як асобныя самастойныя дзяржавы. Усходняя Беларусь тады ўваходзіла ў склад СССР, а яе заходнія землі былі часткаю Польшчы. Адсюль вынікала неаднароднасьць гаспадарчых структур, якая не пасьпела зьнікнуць за час кароткага існаваньня савецкай улады перад гітлераўскім нашэсьцем. Немалую розьніцу можна было назіраць і ў этнічным складзе тутэйшага жыхарства, і ў яго нацыянальнай сьвядомасьці.

Такім чынам, Остлянд быў задуманы як штучнае аб’яднаньне разнародных тэрыторыяў. Гэты факт усьведамлялі на ўсіх ступенях нямецкай чыноўнай герархіі. Асабліва важкія прычыны для незадавальненьня такой сытуацыяй былі ў Лёзэ — ён беспасярэдне адказваў перад бэрлінскім кіраўніцтвам за дзейнасьць адміністрацыі на гэтых землях. У сваім артыкуле, апублікаваным у студзені 1942 г., ён сьцьвярджаў, што трэба ўлічваць тэрытарыяльную неаднароднасьць і адпаведна прыстасоўваць тактыку адміністрацыі — на Беларусі яна павінна быць інакшая, чым у Прыбалтыцы. У траўні 1944 г., г. зн. напрыканцы акупацыі, аб’яднаньне гэтых дзьвюх земляў Лёзэ ацаніў як «вельмі шкоднае». У Бэрліне таксама ставіліся адмоўна да гэтага зьліцьця. Ужо ў кастрычніку 1941 г. Розэнбэрг адзначаў, што райхскамісарыяты — гэта часовае адміністрацыйнае рашэньне, а ў сярэдзіне 1942 г. сьцьвярджаў, што саюз Беларусі і Прыбалтыкі існуе да пары.

Апрача таго, паўставала спэцыфічнае пытаньне прызначэньня гэтых тэрыторыяў у нямецкіх пэрспэктыўных плянах. Паводле праекту, апрацаванага Розэнбэргам і зацьверджанага Гітлерам 16 ліпеня 1941 г., Прыбалтыка ў будучыні павінна была стаць нямецкай правінцыяй. Так лічылася да канца акупацыі. Затое будучыня Беларусі не была прадвызначана канчаткова і адназначна. Адсутнасьць пэўнай, акрэсьленай канцэпцыі ў нямецкіх кіраўнічых колах дала падставу для ўзьнікненьня ў пазьнейшай пасьляваеннай літаратуры разнастайных поглядаў на гэтае пытаньне: адны дасьледчыкі меркавалі, што зь цягам часу Беларусь стала б часткаю Нямеччыны, іншыя ўважалі яе за калёнію.

У гэтых адносінах заслугоўвае ўвагі кампэтэнтнае сьведчаньне генэральнага камісара Беларусі Вільгельма Кубэ. Ён нават летам 1943 г. ня ведаў, які лёс быў прызначаны зямлі, што знаходзілася пад яго кіраўніцтвам. 12 жніўня 1943 г. Кубэ пісаў:

Вырашэньне праблемы, прадстаўленай у дэкрэце пана міністра ўсходніх акупаваных земляў Райху ад 14.11.1942 г. — 11.1e.296, — на маю думку, залежыць ад асноўнай перадумовы, а менавіта — ад палітычнага рашэньня наконт будучыні беларускай тэрыторыі. Трывалае далучэньне беларускіх земляў да нямецкай жыцьцёвай прасторы вымагала б, натуральна, куды больш інтэнсіўнага пашырэньня адміністрацыі, чым у выпадку, калі б гэты абшар, як перадпольле нямецкага Райху, заставаўся зьвязаны зь ім толькі цераз базы з айчыны, або калі б на першы плян ставілася як мага большая яго эксплуатацыя. Адсутнасьць такога палітычнага рашэньня адносна будучыні Беларусі робіцца тормазам у плянаваным праўленьні, дый увогуле ў любым плянаваньні.

Праблемы, пра якія гаварыў Кубэ: далучэньне да Нямеччыны, буфэрная зямля (Vorland), калёнія ці нешта іншае — так і не былі вырашаны фармальна да канца акупацыі. Беларусь увайшла ў склад Остлянду як тэрыторыя зь неакрэсьленым палітычным прызначэньнем.

Нарэшце, трэцім пытаньнем, якое не было вырашана ў пэрыяд арганізацыі цывільнай адміністрацыі, стала вызначэньне будучых межаў Беларусі. Паводле праекту, апрацаванага ў чэрвені 1941 г. ведамствам Розэнбэрга, з даваеннай тэрыторыі БССР павінны былі адысьці часткі Берасьцейскай, Пінскай, Палескай і Гомельскай абласьцей. У часе ваеннага праўленьня яны апынуліся ў тыле групы армій «Поўдзень», а пасьля пераходу на цывільную адміністрацыю павінны былі ўвайсьці ў райхскамісарыят Украіна. Невялікая частка Вялейскай вобласьці адначасова далучалася да Літвы. Заплянаванае пашырэньне межаў Беларусі на ўсходзе не кампэнсавала гэтых стратаў. Улічваючы ўсе зьмены, тэрытарыяльны статус Беларусі ў будучыні павінен быў выглядаць наступным чынам:

Але і гэты праект Розэнбэрга не ажыцьцявіўся. 12 ліпеня Гітлер загадаў вывесьці з складу БССР Беластоцкую акругу і сваім дэкрэтам ад 22 ліпеня перадаў яе обэрпрэзыдэнту ўсходняпрускай правінцыі Эрыху Коху. Гэтае рашэньне павялічыла тэрытарыяльныя страты БССР да 68,0 тыс. кв. км — на 30 % ад даваеннага абшару Беларускай ССР. Шкоду ад гэтых зьменаў міністэрства Розэнбэрга спрабавала прылагодзіць шляхам далучэньня да Беларусі новых земляў на ўсходзе агульнай плошчаю больш за 50 тыс. кв. км. Такім чынам, акрэсьлены гэтым міністэрствам абшар Генэральнай акругі Беларусь займаў плошчу 210,5 тыс. кв. км з насельніцтвам каля 9 млн. чалавек. На гэтых землях плянавалася стварыць 39 акруг (Kreisgebiete), аб’яднаных у галоўныя акругі (Hauptgebiete) — Менскую, Баранавіцкую, Магілёўскую, Смаленскую і Віцебскую.

Гэтыя пастановы Гітлер ухваліў толькі часткова. Ён пагадзіўся менавіта з далучэньнем паўднёвых раёнаў Беларусі да райхскамісарыяту Украіна, але так і ня вызначыў свайго стаўленьня да нарошчваньня яе тэрыторыі на ўсходзе. У выніку, у міністэрстве Розэнбэрга адмовіліся ад плянаў перанясеньня межаў Беларусі на ўсход і з таго часу (сьнежань 1941 г.) лічылі, што даваенная граніца паміж БССР і РСФСР і цяпер павінна аддзяляць беларускі абшар ад расейскага.[70]

Шэфам цывільнай адміністрацыі на Беларусі Гітлер прызначыў 17 ліпеня 1941 г. Вільгельма Кубэ. Перад ім адкрывалася «маляўнічая» пэрспэктыва: працаваць у «самым нязьведаным краі Эўропы» зь неакрэсьленай тэрыторыяй і палітычнай будучыняй, штучна і да пары зьвязаным з Прыбалтыкай. Неўзабаве зьявілася да таго ж і ўсьведамленьне складанай нацыянальнай сытуацыі ў давераным яму рэгіёне.

Нетыповыя абставіны, таксама як і нетыповыя паводзіны самога Кубэ на пасадзе генэральнага камісара, вымушаюць бліжэй прыгледзецца да гэтай галоўнай дзейнай асобы акупацыйнай гісторыі Беларусі.

Вільгельм Кубэ нарадзіўся 13.11.1887 г. у горадзе Глогаў на Одэры ў эвангелісцкай сям’і. Бацька Вільгельма, Рыхард, прафэсійны вайсковец — унтэрафіцэр, неўзабаве перабраўся ў Бэрлін і працаваў там зборшчыкам падаткаў. Тут Вільгельм вучыўся ў пачатковай школе і гуманітарнай гімназіі Zum Grauen Kloster. У 1908–1912 г. ён вывучаў гісторыю і дзяржаўнае права ў Бэрлінскім унівэрсытэце. Кубэ быў адным з стваральнікаў Нямецкага нацыянальнага студэнцкага саюзу, а ў 1911–1914 г. узначальваў яго і рэдагаваў «Deutschvolkische Hochschulblatter».

У 1911 г. Кубэ ўступіў у Нямецкую сацыяльную партыю, а ў наступным годзе стаў рэдактарам «Mecklenburgische Warte» ў Вісмары. Але неўзабаве выйшаў з гэтай партыі і стаў сябрам Нямецкай кансэрватыўнай партыі. Да 1919 г. быў яе акруговым сакратаром у г. Брэслаў, рэдагаваў «Schlesische Morgenzeitung» і супрацоўнічаў з рэдакцыяй «Schlesische Boten». У 1917 г. ён правёў тры тыдні ў казармах у якасьці ляндштурмана, але быў адкліканы адтуль сваёй партыяй.

Пасьля паразы Нямеччыны Кубэ парывае з кансэрватарамі. У 1919 г. ён удзельнічае ў стварэньні Нямецкай нацыянальнай народнай партыі, хутка становіцца генэральным сакратаром яе акруговай арганізацыі ў Сылезіі, а з 1920 г. — у Бэрліне, дзе, апрача таго, у 1922–1923 г. выконвае абавязкі гарадзкога дэпутата. Аднак і гэтая партыя пачынае здавацца Кубэ недастаткова баявой. У 1923 г. ён пакідае яе і супольна зь сябрамі забароненай нацысцкай партыі стварае Нацыянал-сацыялістычную партыю свабоды, а праз год зь яе рук атрымлівае мандат пасла Райхстагу і выступае абаронцам Нацыянал-сацыялістычнай рабочай партыі Нямеччыны (НСРПН) 1.12.1927 г. Кубэ ўступіў у гэтую партыю, якая на той час пасьпела стаць легальнай, і ўжо празь некалькі тыдняў за заслугі перад нацыянал-сацыялістычным рухам Гітлер прызначыў яго гаўляйтэрам усходняй маркі (акругі) — Ostmark. Тут Кубэ разгарнуў актыўную палітычную дзейнасьць, у выніку якой колькасьць сяброў НСРПН у гэтым рэгіёне паднялася з 66 чалавек у 1928 г. да 10 000 у 1931 г., і ў 1933 г. дасягнула 80 000. Адначасова ён становіцца рэдактарам «Der Markische Adler» і робіць яго рупарам сваёй партыі.

У траўні 1928 г. Кубэ абралі дэпутатам прускага Ляндтагу, тут ён з даручэньня Гітлера прыступіў да кіраўніцтва фракцыяй нацыянал-сацыялістаў. Дзейнасьць Кубэ ў Ляндтагу адыграла важную ролю ў перамозе гітлераўскай партыі ў Нямеччыне. Вялікай заслугай Кубэ было скасаваньне 27.9.1928 г. забароны на публічныя выступленьні Гітлера ў межах Прусіі. Асабістыя якасьці Кубэ — яго красамоўнасьць і талент аргумэнтатара — мелі пры гэтым вырашальнае значэньне, бо на той час фракцыю нацыянал-сацыялістаў прадстаўлялі ў Ляндтагу ўсяго шэсьць паслоў. Гітлер ніколі не забываў гэтай паслугі.

Пасьля перамогі НСРПН 25.3.1933 г. Кубэ заняў пасаду обэрпрэзыдэнта Бэрліна і Брандэнбурга, а 1.6.1933 г. стаў гаўляйтэрам акругі Курмарк, утворанай пасьля аб’яднаньня ранейшых партыйных акруг Остмарк і Брандэнбурга. У 1933–1936 г. ён быў дэпутатам Райхстагу, прускім дзяржаўным дарадцам, чальцом Акадэміі нямецкага права, экспэртам у галіне гісторыі раньняга пэрыяду, выконваў іншыя дзяржаўныя абавязкі. І ў дадатак — займаўся літаратурнай творчасьцю і публіцыстыкай.

Хоць Кубэ ўважалі за перакананага антысэміта, у красавіку 1936 г. ён выслаў вярхоўнаму судзьдзі НСРПН райхсканцлеру Вальтэру Буху ананімны ліст, у якім абвінаваціў яго ў перасьледзе габрэяў, адначасова спасылаючыся на сэміцкае паходжаньне яго жонкі. Гэта была ўскосная атака супраць яе зяця, Марціна Бормана. Пасьля таго, як Гестапа ўстанавіла імя аўтара гэтага ананімнага ліста, Кубэ быў вымушаны пакінуць дзяржаўныя і партыйныя пасады. Аднак, паводле распараджэньня Гітлера, ён застаўся сябрам партыі і Райхстагу, захаваўшы сымбалічны тытул гаўляйтара. Па сутнасьці, на няць гадоў ён сышоў з палітычнай сцэны.[71]

Прызначэньне Кубэ на пасаду генэральнага камісара Беларусі ў найвышэйшых колах бэрлінскіх палітыкаў выклікала сапраўдную сэнсацыю. Вільфрэд фон Овэн, блізкі супрацоўнік Гэбэльса, пасьля вайны напісаў, што гэтае прызначэньне

адлюстроўвала ўсю неразважлівасьць і легкадумнасьць нашай так званай усходняй палітыкі.[72]

Супраць такога рашэньня выступаў і Розэнбэрг, але Лямэрс паведаміў яму, што Гітлер настойвае на прызначэньні Кубэ. Лёзэ супраціўляўся перад ім зь іншых прычынаў: ён вельмі добра ведаў «рэзкі, імпульсіўны і поўны супярэчнасьцяў характар» свайго сябра Кубэ і таму баяўся, што яго дзейнасьць на пасадзе генэральнага камісара Беларусі можа стаць прычынай сур’ёзных непаразуменьняў і канфліктаў.[73]

Для высьвятленьня сапраўдных матываў гэтага рашэньня Гітлера не стае дакумэнтальных доказаў. Паводле ацэнак, прызначэньне Кубэ на другарадную пасаду ў Менску азначала, што яму стваралі магчымасьць для рэабілітацыі, але гэты аргумэнт блякне перад фактам — Гітлер збіраўся прызначыць яго райхскамісарам у Маскве, г. зн. даверыць самую высокую пасаду на ўсходзе. У будаўніцтве такіх гіпотэз важна ўлічваць, што Кубэ атрымаў сваё прызначэньне выключна дзякуючы падтрымцы Гітлера, прычым адбылося яно насуперак жаданьням іншых бэрлінскіх тузоў. Такім чынам, гэта была моцная падтрымка.

У службовым становішчы Кубэ гэтая акалічнасьць адыгрывала важную ролю. Перад ім паўставалі на Беларусі складаныя адміністрацыйныя і палітычныя праблемы, таму ён атрымаў шырэйшыя прэрагатывы, чым генэральныя камісары ў прыбалтыйскіх краінах. Ужо 5 ліпеня Розэнбэрг запэўніваў Лямэрса, што пазыцыя генэральнага камісара Беларусі Кубэ, кіраўніка абшару ледзь не з 11-мільённым насельніцтвам, будзе раўназначная пазыцыі райхскамісара. Магчыма, Розэнбэрг пры гэтым улічваў, што Беларусь толькі да пары будзе зьвязана з Прыбалтыкай.

Цывільная адміністрацыя на тэрыторыі Остлянду ўводзілася паступова: з 5 жніўня (Літва) — да 5 сьнежня (Эстонія). Тэрмін залежаў ад аддаленасьці лініі фронту. Але на цэнтральным яго ўчастку панавала такая сытуацыя, што камандаваньне Вэрмахту стрымлівала перадачу цывільным уладам усяго абшару Генэральнай акругі Беларусь. З 1 верасьня 1941 г. Кубэ пераняў уладу толькі над яе заходняй часткаю разам зь Менскам, але значна большая — усходняя — засталася пад кіраўніцтвам арміі, перадача гэтых земляў цывільным уладам залежала ад посьпехаў на фронце. Але пасьля разгрому Вэрмахту пад Масквой і зімовага контранаступу Чырвонай Арміі лінія фронту наблізілася да паўночна-ўсходніх граніц Беларусі, і пэрспэктыва перадачы гэтага абшару цывільнай адміністрацыі аддалілася.

Узьнікла, такім чынам, своеасаблівая сытуацыя. Тэрытарыяльныя абрысы Генэральнай акругі Беларусь фармальна не зьмяніліся з канца 1941 г., але насамрэч кампэтэнцыя яго генэральнага камісара распаўсюджвалася толькі на заходнюю частку гэтага абшару, перададзеную цывільным уладам.

Пасьля таго, як на карысьць Літвы з гэтага абшару адышлі тры паветы (Эйшышкі, Ашмяны і Сьвір), гэты абшар меў плошчу 53,7 тыс. кв. км. і падзяляўся на 11 акруг, прычым Менск утвараў асобную гарадзкую акругу (гл. табл. 6). Было запраектавана 5 галоўных акруг, але ўтворана толькі дзьве — у Менску і Баранавічах. Тэарэтычна Генэральная акруга Беларусь на 75 % складалася з тэрыторыяў, якія да верасьня 1939 г. належалі СССР (altsowjetische Gebiete), на практыцы тая частка акругі, якою кіраваў Кубэ, на 78 % складалася з раёнаў, якія ў міжваеннае дваццацігодзьдзе належалі Польшчы (altpolnische Gebiete).

На працягу верасьня на гэтых землях быў створаны апарат акупацыйнай цывільнай адміністрацыі, які замяніў сабой ранейшыя вайсковыя ўлады. Гэты апарат тэарэтычна складаўся з трох ступеняў. Найвышэйшай яго інстанцыяй быў генэральны камісарыят у Менску, якім кіраваў Кубэ. Ён быў беспасярэдне падпарадкаваны райхскамісарыяту Остлянд у Рызе. Сярэднюю ступень цывільнай адміністрацыі ўтваралі галоўныя камісарыяты (Hauptkommissariate) у Менску і Баранавічах, але вялікай ролі яны не адыгрывалі, і ў сакавіку 1943 г. іх распусьцілі. Найніжэйшую нямецкай адміністрацыі складалі гарадзкі камісарыят (Stadtkomissariatte) у Менску і 10 акруговых камісарыятаў (Gebietskommissariate). На працягу трох гадоў акупацыі кіраўнікамі гэтых мясцовых управаў былі:

Глыбокія пераўтварэньні адбыліся і ў структуры паліцыйных уладаў. За час вайсковай адміністрацыі ў гэтай галіне ажыцьцяўлялі галоўнакамандуючы СС і паліцыі (Hohere SS-und Polizei fuhrer, далей — HSSPF) цэнтральнага ўчастку фронту фон дэм Бах і шэф Айнзацгрупы «Б» Нэбэ. У Прыбалтыцы гэта былі HSSPF паўночнага ўчастку фронту групэнфюрэр СС Пруцман і шэф Айнзацгрупы «А» брыгадэнфюрэр СС д-р Вальтэр Сталекер, іх штаб-кватэры знаходзіліся ў Рызе. Пасьля перадачы заходняй часткі Беларусі цывільнай адміністрацыі ўладу над паліцыяй на гэтых землях трымаў Пруцман — HSSPF Остлянду (у сьнежні 1941 г. на гэтай пасадзе яго зьмяніў групэнфюрэр СС Екельн). У гэты час ува ўсходняй частцы Беларусі, якая па-ранейшаму заставалася ў зоне вайсковай адміністрацыі, паліцыйнымі ўладамі працягваў кіраваць Бах. Свой штаб ён перанёс з Баранавічаў у Магілёў. Працаю службы бясьпекі (СД) у Остляндзе, у т. л. і ў заходняй частцы Беларусі, перададзенай цывільным уладам, кіраваў Сталекер. На ўсходзе яна па-ранейшаму заставалася ў распараджэньні Айнзацгрупы «Б».

На ўзроўні генэральнага камісарыяту паліцыйную інстанцыю ўзначальваў камандуючы СС і паліцыі (SS-und Polizeifiihrer, далей — SSPF), яму падпарадкоўваліся ахоўныя войскі СС, паліцыя парадку і — да пэўнай ступені — паліцыя і служба бясьпекі. Абавязкі SSPF у Менску выконваў брыгадэнфюрэр СС Карл Цэнэр. Ён дзейнічаў на гэтай пасадзе ад пачатку ўвядзеньня цывільнага рэжыму да ліпеня 1942 г. Згодна з дэкрэтам Гітлера ад 17 ліпеня 1942 г. адносна дзейнасьці паліцыі на ўсходзе, і HSSPF, і SSPF беспасярэдне і асабіста былі падпарадкаваныя адпаведна райхскамісару і генэральнаму камісару, а паліцыйныя чыны ніжэйшага ўзроўню — акруговым камісарам. Аднак гэты самы дэкрэт пастанаўляў, што паліцыйнае забесьпячэньне на ўсходніх акупаваных землях знаходзіцца ў кампэтэнцыі райхсфюрэра СС і шэфа нямецкай паліцыі, г. зн. Гімлера, які атрымліваў цяпер права даваць райхскамісарам адпаведныя ўказаньні.

Недастатковае разьмежаваньне паўнамоцтваў у гэтай галіне стварыла няпростую сытуацыю. Як піша Мадайчык,

вышэйшае камандаваньне СС і паліцыі хоць і было прыпісана да штабаў райхскамісараў, аднак удзельнічала ў іх фармальна. Затое спэцыяльныя паўнамоцтвы паліцыі на гэтых тэрыторыях выклікалі ў яе камандзіраў розных рангаў адчуваньне, што менавіта ім павінны падпарадкоўвацца камісары, а не наадварот.

Гэта пачуцьце ўзмацнялася яшчэ і тым, што камандаваньне СС і паліцыі ў асноўных галінах сваёй дзейнасьці было цалкам падпарадкавана Гімлеру, а гэта выключала магчымасьць умяшаньня цывільных уладаў. Такім чынам, паліцыя ўтварала сваю, практычна незалежную ад цывільнай адміністрацыі, сыстэму кіраваньня.

Ня лепш выглядалі магчымасьці цывільнай адміністрацыі на Беларусі і ў іншых важных галінах. Дэкрэт Гітлера ад 17 ліпеня, закранаючы гаспадарчыя пытаньні, пацьвердзіў ранейшыя паўнамоцтвы Герынга — упаўнаважанага за рэалізацыю чатырохгадовага пляну — і пакінуў яго на чале ўсіх інстанцыяў, адказных за эксплуатацыю акупаваных усходніх земляў, у т. л. і тых, што былі перададзеныя цывільным уладам. Падпарадкаваньне гаспадарчых службаў (ландвіртшафтсфюрэраў, зондэрфюрэраў і інш.) зьмянілася толькі фармальна. У часе вайсковай адміністрацыі яны дзейнічалі ў рамках вайсковых камэндатур, а цяпер увайшлі ў склад генэральнага і акруговых камісарыятаў. Аднак заданьні для іх вызначаў Герынг, а Кубэ і падначалены яму апарат павінны былі толькі рэалізоўваць яго ўказаньні.

Дэкрэт ад 17 ліпеня выводзіў з кампэтэнцыі мясцовых цывільных уладаў таксама дзейнасьць чыгункі і пошты. Не падпарадкоўваліся ім і вайсковыя камэндатуры. Яны па-ранейшаму працягвалі сваю працу, але цяпер кола іх дзейнасьці звузілася да спраў выключна вайсковых — аховы камунікацыйных шляхоў, ваеннапалонных і г. д. Камэндатуры нярэдка дапамагалі цывільным уладам у выкананьні гаспадарчых заданьняў — прымусова спаганялі зь мясцовага насельніцтва харчовыя паставы. Супрацоўнічалі яны і з паліцыяй, бралі супольны ўдзел у карных акцыях. У Кубэ не было шырокіх магчымасьцяў і ў галіне прапаганды. Тут гаспадарылі т. зв. прапагандысцкія кіраўнікі, якіх прысылаў Менскі генэральны камісарыят міністэрства Розэнбэрга. Яны дзейнічалі ў адпаведнасьці зь яго інструкцыямі, узгодненымі да таго ж зь міністэрствам прапаганды Гебэльса.

Спэцыфіка беларускіх земляў значна ўплывала на дзейнасьць цывільнай адміністрацыі, яна ўскладняла выдачу распараджэньняў для гэтых тэрыторыяў ня толькі міністэрству Розэнбэрга ў Бэрліне, але і райхскамісарыяту ў Рызе. На гэтых землях у самых розных галінах панавала такая неаднароднасьць, што даводзілася выдаваць асобныя дэкрэты і загады для «altsowjetische Gebiete», іншыя — для Заходняй Беларусі. Аднак звычайна ў фармулёўках праўных дакумэнтаў, якія датычылі Беларусі, значылася ўся тэрыторыя Генэральнай акругі зь перавагай колішніх савецкіх земляў, а ня тая частка, што была перададзена фактычна цывільным уладам. Пры такой сытуацыі большасьць бэрлінскіх дэкрэтаў і распараджэньняў, якімі рэгулявалася дзейнасьць акупацыйнай адміністрацыі ў Остляндзе, не датычыла Беларусі — для яе былі прадугледжаны асобныя дырэктывы. Тое самае можна сказаць і пра інструкцыі райхскамісарыяту ў Рызе, у большасьці сваёй яны датычылі генэральных акруг Прыбалтыкі.

У такіх складаных умовах заканадаўства часта супярэчыла жыцьцёвай практыцы. Тыповым прыкладам можа паслужыць адно зь першых распараджэньняў райхскамісара ў Остляндзе ад 13 верасьня 1941 г. адносна скасаваньня вынікаў савецкай зямельнай рэформы. Гэты дэкрэт меў праўную моц толькі на тэрыторыі Літвы, Латвіі і Эстоніі, але не закранаў былой Заходняй Беларусі, хоць там зямельная рэформа была праведзена ня шмат раней, чым у краінах Прыбалтыкі, а калектывізацыя сельскай гаспадаркі знаходзілася ў пачатковай фазе. Вырашальны ўплыў тут аказаў агульны характар Генэральнай акругі Беларусь, у якім пераважала калектыўная гаспадарка — акупацыйныя ўлады зьбіраліся яе захаваць. Але і бяз праўнай базы вынікі савецкай рэформы былі ліквідаваныя, г. зн. калгасы распаліся.

Закладзеная дэкрэтамі Гітлера сыстэма паралельнага кіраўніцтва ў спалучэньні зь мясцовымі спэцыфічнымі ўмовамі не дазваляла апарату акупацыйнай улады на Беларусі працаваць скаардынавана і эфэктыўна. Пра гэта сьведчыць самастойная дзейнасьць арміі, паліцыі, гаспадарчых і будаўнічых арганізацыяў, дарожных службаў і г. д. У гэтых і іншых галінах новая цывільная адміністрацыя была практычна бездапаможная. Бэрлінскія тузы ня бачылі тут неспадзяванкі: яны разьлічвалі на блізкую перамогу, таму для новых цывільных уладаў былі вызначаны толькі дачасныя мэтады і задачы. Кубэ сьведчыў, што прыступіў да кіраўніцтва адміністрацыяй на Беларусі, атрымаўшы толькі самыя агульныя дырэктывы: «Прыстасаваньне і выкарыстаньне тэрыторыі для нямецкай ваеннай гаспадаркі», — пры гэтым замест падрабязных інструкцыяў трэба было кіравацца лёзунгам: «Усё, што ты зробіш для Нямеччыны, — добра, усё іншае — кепска».

Няма сумненьня ў тым, што Кубэ ў сваёй дзейнасьці на Беларусі перш за ўсё кіраваўся інтарэсамі Нямеччыны, але моцная асабістая пазыцыя, якую забясьпечвала яму падтрымка Гітлера, дазваляла трактаваць па-свойму гэтыя інтарэсы. Аднак, нягледзячы на шматгадовы палітычны досьвед, задачы, перад якімі ён апынуўся на Беларусі, Кубэ назваў беспрэцэдэнтнымі. Край, куды накіраваў яго Гітлер, ня меў традыцыяў дзяржаўнай самастойнасьці, вынікам чаго быў нізкі ўзровень нацыянальнай сьвядомасьці беларускага насельніцтва, слабасьць яго сэпаратысцкіх імкненьняў і моцныя культурна-палітычныя ўплывы з польскага і расейскага боку. Асабліва выяўна сьведчыў аб гэтым нацыянальны склад мясцовай цывільнай адміністрацыі — ён вельмі слаба адпавядаў краю, які павінен быў прадстаўляць. Да названага дапаўнялася розьніца ў сацыяльна-эканамічным становішчы ўва Усходняй і Заходняй Беларусі, што зьявілася вынікам іх знаходжаньня ў міжваенны пэрыяд у складзе СССР і Польшчы. Таму Кубэ не выпадкова заўважыў:

Беларусь была найперш у самым сапраўдным значэньні гэтага слова ня больш як імглістым геаграфічным паняцьцем.

Назіраньні Кубэ пацьвярджалі ранейшыя паліцыйныя данясеньні, што прыходзілі ў Бэрлін. У іх адзначаўся слабы нацыянальны патэнцыял беларусаў. Таму Розэнбэрг, які на падрыхтоўчым этапе да нападу на СССР ня верыў у магчымасьці беларускага нацыяналізму, восеньню 1941 г. быў яшчэ менш схільны даваць рэкамэндацыі па вырашэньні беларускага пытаньня ў рамках «новага парадку». Зьвязаны зь міністэрствам Розэнбэрга штомесячнік «Deutsche Post aus dem Osten» сьцьвярджаў на гэты конт у лістападзе:

Увогуле, будучнасьць беларускай, або крывіцкай, нацыянальнасьці пакуль стаіць пад пытальнікам, а на думку скептыкаў — знаходзіцца цалкам пад сумненьнем… Час пакажа, ці знойдзе беларускае, або крывіцкае, нацыянальнае пытаньне сваё канчатковае вырашэньне ў цяперашні момант.

Упэўненасьць у слабасьці беларускага нацыяналізму прывяла вярхоўных кіраўнікоў міністэрства Розэнбэрга да перакананьня, што ён ня стане пагражаць нямецкім інтарэсам, таму дапускалася магчымасьць яго ўзмацненьня. Менавіта ў такім палітычным кантэксьце звычайна асьвятляецца роля Кубэ ў дзейнасьці акупацыйнага цывільнага рэжыму на ўсходзе. Пэтэр Кляйст, былы загадчык аддзелу Остлянду ў ОМі, пісаў пасьля вайны, што задачаю Кубэ ў асноўным лічылася барацьба з расейскімі і польскімі ўплывамі на Беларусі і ў вычэкваньні пастановы Бэрліна ў пытаньні будучыні гэтай часткі «падбрушша» Трэцяга райху.

Двухгадовая дзейнасьць Кубэ на Беларусі грунтавалася на адным зыходным прынцыпе і была скіравана ў адным напрамку — да здабыцьця сымпатыяў у насельніцтва шляхам пэўных саступак у галіне культуры і палітыкі, а таксама ўпарадкаваньня эканомікі. Неабходна падкрэсьліць, што гэты курс на паразуменьне з грамадзтвам быў вынікам яго асабістага перакананьня, а не інструкцыяў ОМі або вынікам дзейнасьці савецкага руху супраціву — увосень 1941 г. гэты рух не ствараў яшчэ асаблівай небясьпекі на беларускай тэрыторыі. У адрозьненьне ад Эрыха Коха, які зьбіраўся на Украіне кіраваць «з дапамогай махоркі, гарэлкі і нагайкі», Кубэ абвясьціў на пачатку сваёй дзейнасьці ў Менску, што зьверне асаблівую ўвагу на разьвіцьцё культуры.

Першым нарматыўным актам, выдадзеным Кубэ ў гэтай справе, былі часовыя інструкцыі ад 10.9.1941 г., паводле якіх для ўсіх дзяцей, апрача габрэйскіх, ува ўзросьце ад 7 да 14 гадоў уводзілася абавязковае школьнае навучаньне. Мясцовая адміністрацыя з 1 кастрычніка 1941 г. павінна была адчыніць пачатковыя школы з наступнай праграмай: родная мова, прыродазнаўства (батаніка і заалёгія), арытмэтыка, геаграфія, сьпевы, рукадзельле, гімнастыка. Выкладаньне рэлігіі, як каталіцкай, так і праваслаўнай, магло весьціся па-за школай. Галоўны акцэнт часовыя інструкцыі ставілі на выхаваньне моладзі ў духу гітлераўскай «Новай Эўропы» і пагражалі суровымі карамі за распаўсюджаньне ў школах савецкай або польскай ідэалёгіі. Нагляд за дзейнасьцю школаў ажыцьцяўляў генэральны камісарыят у Менску і акруговыя камісарыяты, у рамках якіх ствараліся беларускія школьныя інспэктараты.

Школьніцтва было першым важным крокам Кубэ на шляху да рэалізацыі яго палітычных плянаў. Выданьнем часовых школьных інструкцыяў ён падкрэсьліваў, што Генэральная акруга Беларусь — жыцьцёвая прастора беларускага народу і ў першую чаргу менавіта гэтаму народу павінна служыць. Задачаю школаў станавілася разьвіцьцё беларускай культуры, выхаваньня і асьветы, засвойваць гэта павінна была і моладзь нацменшасьцяў — палякаў і расейцаў. У інструкцыях зазначалася, што асноўнай мовай навучаньня павінна быць беларуская, але ў мясцовасьцях, дзе пераважала польскае насельніцтва, дапускалася існаваньне школаў з польскай мовай навучаньня, аднак і ў іх беларуская заставалася абавязковым прадметам з аб’ёмам выкладаньня 6 гадзінаў на тыдзень. Затое не было школаў з расейскай мовай навучальня. У студзені 1942 г. у Менску пачало выходзіць пэрыядычнае выданьне «Беларуская Школа» ў дзьвюх сэрыях — для вучняў і для настаўнікаў. Яно павінна было часткова замяніць савецкія падручнікі, якія былі выведзены з школьнага ужытку.

Нягледзячы на цяжкасьці з кадрамі і памяшканьнямі (частка школьных будынкаў была занята войскамі), а таксама на недахоп падручнікаў, колькасьць пачатковых школаў на тэрыторыі Генэральнай акругі Беларусь хутка ўзрастала і пад канец 1941/42 навучальнага году дасягнула 3485. У іх навучалася 346 тыс. вучняў і працавала 9716 настаўнікаў. Гэтыя колькасныя паказчыкі, здаецца, ня вельмі адрозьніваліся ад даваенных лічбаў за 1940/41 г. на адпаведнай тэрыторыі Беларусі.[74] Трэба дадаць, што распрацаваная Кубэ сяміклясная сыстэма навучальня перавышала патрабаваньні інструкцыяў ОМі, выдадзеных, праўда, крыху пазьней. Для акупаваных савецкіх земляў (апрача Прыбалтыкі) там прадугледжвалася адкрыцьцё толькі чатырохклясных пачатковых школаў. Затое праект Кубэ саступаў сыстэме школьніцтва ў Прыбалтыцы, дзе працавалі таксама сярэднія школы і некаторыя вышэйшыя навучальныя ўстановы.

Наступнай даклярацыяй Кубэ была адозва «Да жыхароў Беларусі», абвешчаная ў Менску 22.9.1941 г. Перамога Нямеччыны патэтычна абвяшчалася ў ёй адбытым фактам, дэкляраваліся адбудова ваенных разбурэньняў, дабрабыт і забясьпечаная будучнасьць беларускага народу ў рамках новага эўрапейскага парадку, акупацыйная цывільная адміністрацыя называлася прыяцелем гэтага народу, ахоўнікам справядлівага парадку і выпрабаваным будаўніком усеагульнага дабрабыту. Далей адозва заклікала:

Беларусы!

Першы раз у вашай гісторыі перамога Нямеччыны дае вам магчымасьць забеясьпечаньня вашаму народу свабоднага разьвіцьця і сьветлай будучыні без расійска-азіяцка-бальшавіцкага ўціску і чужанацыянальнага панаваньня. Я спадзяюся, што кожны з вас зразумее, што яго інтарэсы сьцісла зьвязаны з інтарэсамі Германіі і што вы будзеце вернымі пасьлядоўцамі і памочнікамі нямецкага кіраўніцтва.

Адозва Кубэ адыходзіла далей ад пашыраных у прапагандзе Вэрмахту зацёртых фраз пра «вызваленьне ад бальшавізму» і імкнулася разгарнуць перад беларускім народам дадатную пэрспэктыву, якая адкрывалася для яго з усталяваньнем нямецкай акупацыі. Апрача чыстай прапаганды, у адозьве Кубэ, найвышэйшага прадстаўніка нямецкай улады на Беларусі, былі выказаны дэклярацыі свабоднага разьвіцьця краю без староньняга панаваньня і агульнасьці нямецка-беларускіх інтарэсаў. Варта падкрэсьліць, што гэтыя заявы закраналі такія пытаньні нямецкай палітыкі, пра якія маўчаў афіцыйны Бэрлін. Можна таму меркаваць, што яны рабіліся бяз санкцыяў Розэнбэрга, і, нягледзячы на асьцярожнасьць фармулёвак, былі рэдкім зьявішчам на акупаванай тэрыторыі СССР.

Тым ня менш запэўненьні Кубэ ў прыязнасьці, справядлівасьці і адзінстве інтарэсаў рэзка супярэчылі рэчаіснасьці: незалежныя ад яго ўлады часьці Вэрмахту і СС чынілі забойствы, рабункі і бессэнсоўныя разбурэньні ўжо пасьля ўвядзеньня цывільнага рэжыму. Гэта перакрэсьлівала ўсе пэрспэктывы палітыкі, скіраванай на здабыцьцё сымпатыяў мясцовага насельніцтва. Разыходжаньне ў поглядах на задачы акупацыі выявілася адразу ж пасьля прыезду Кубэ ў Менск. Узьніклі спрэчкі вакол кіраваньня гаспадаркай, рабункаў, зьнішчэньня твораў мастацтва і ліквідацыі габрэйскага насельніцтва. Тры прыведзеныя ніжэй дакумэнты — два зь іх выкарыстоўваліся як доказы на Нюрнбэрскім працэсе — сьведчаць пра ўмяшальніцтва Кубэ ў гэтыя справы і ёсьць важным матэрыялам для агульнай ацэнкі яго палітыкі на Беларусі, а таксама стаўленьня да СС.

Дакумэнт 1: Ліст Кубэ да Лёзэ ад 3.10.1941 г.

У дадатак перасылаю табе для прыняцьця далейшых захадаў зьняты паводле майго даручэньня плякат ад 6.9.1941 (тэкст плякату: «Зрэквізавана» за подпісам HSSPF Пруцмана. — Ю. Т.). Не паведаміўшы мне, СС пасьпешліва праводзіць рэквізыцыі на Беларусі. Асаблівую важнасьць мае рашэньне міністэрства або райхскамісара наконт базаў СС. Калі гэтыя базы будуць абсталёўвацца так, як прадугледжвае СС, дык хутка яна стане гаспадаром усіх непашкоджаных і зручна разьмешчаных частак гораду, а цывільная адміністрацыя акажацца госьцем фармаваньня, якое выкарыстоўвае любыя магчымасьці, каб крочыць уласным шляхам. Будаваць плян гораду ў такой сытуацыі цывільнае кіраўніцтва проста ня зможа. Настойліва прашу прадухіліць гэтыя непрыемныя акалічнасьці. Увогуле, справы і дзейнасьць паліцыі павінны быць так адрэгуляваны, каб цывільная адміністрацыя мела выключнае права выдаваць ёй распараджэньні. Брыгадэнфюрэр СС Цэнэр, які дзеля ўзмацненьня свайго прэстыжу стаў генэрал-маёрам паліцыі, сьцьвярджае пры кожнай нагодзе, што мае спэцыяльныя інструкцыі райхсфюрэра СС, якіх, аднак, мне не паказвае. Так працаваць немагчыма.

Вэрмахт таксама распараджаецца цывільнымі справамі і абураецца, калі яму робяць заўвагі аб недапушчальнасьці такіх паводзін. Пара ўжо нарэшце адназначна падпарадкаваць гаспадарку цывільнай адміністрацыі. Тут (г. зн. — на Беларусі. —Ю. Т.) СС, Вэрмахт і Люфтвафэ папросту рэквізавалі сабе вялікую колькасьць гаспадарчых прадпрыемстваў, калгасаў і імі ўва ўсю распараджаюцца. Рэшткі, пакінутыя цывільнай адміністрацыі, армія забірае на свае патрэбы, так што да бліжэйшага жніва пагалоўе жывёлы, сыравіна і ўсё неабходнае няўхільна будзе зьнішчана. Мы яшчэ ня маем уплыву на менскую бойню, бо ОКН (галоўнае камандаваньне сухадольных войскаў. — Ю. Т.) заяўляе на гэтую бойню выключнае права. Таксама і радыёзавод працуе выключна на Люфтвафэ. Усё гэта абмяжоўвае нашу дзейнасьць. Калі ў найбліжэйшы час гэтыя справы ня высьветляцца, цывільнае кіраўніцтва стане папросту гумарыстычным давескам, на які будуць глядзець, як на перашкоду ў далейшым рабаваньні краю.

Дакумэнт 2: Ліст Кубэ да Розэнбэрга ад 29.9.1941 г.

Сёньня, пасьля доўгіх пошукаў, я магу нарэшце знайсьці і ацаніць рэшткі мастацкіх скарбаў Менску. У горадзе існавала вялікая, а часткаю — вельмі каштоўная, калекцыя твораў мастацтва і карцін, якая амаль поўнасьцю была вывезена зь Менску. На загад райхсфюрэра СС, райхсьляйтэра Генрыха Гімлера большасьць карцін — часткаю ўжо пасьля майго ўступленьня на пасаду— была запакавала эсэсаўцамі і вывезена ў Райх. Прытым гаворка ідзе пра мільённыя каштоўнасьці, якія былі забраныя ад Генэральнай акругі Беларусь. Карціны павінны былі быць высланы ў Лінц і Кёнігсбэрг ува Усходняй Прусіі. Прашу гэтыя каштоўныя зборы, калі яны непатрэбныя Райху, вярнуць у распараджэньне Генэральнай акругі Беларусь, у любым выпадку іх матэрыяльную вартасьць перавесьці на рахунак міністэрства акупаваных усходніх земляў.

Паводле выказваньняў аднаго маёра 707-й дывізіі, які перадаў мне рэшткі гэтых збораў, астатнія карціны і прадметы мастацтва, у т. л. і найбольш каштоўныя карціны, мэбля XVIII і XIX ст., вазы, рэчы з мармуру, гадзіньнікі і да т. п. СС перадало Вэрмахту для наступнага разрабаваньня. Генэрал Штубэнраўх (шэф палявой камэндатуры № 184 у Менску. — Ю. Т.) найбольш каштоўную частку вывез зь Менску ў апэрацыйную зону. Зондэрфюрэры, якіх я яшчэ ня мог зарэгістраваць, вывезьлі (без вопісу) тры грузавыя машыны з мэбляй, карцінамі і прадметамі мастацтва. Я распарадзіўся высьветліць гэтыя часьці, каб пакараць вінаватых, якія нясуць адказнасьць за рабунак. Мясцовыя заставы Вэрмахту і СС выбралі без майго дазволу з застаных рэштак наступныя рэчы і абразы, якія, аднак, яшчэ маглі б заставацца ў Менску.

Для рэстаўрацыі часта бяз сэнсу пашкоджаных нажамі карцін прашу прыслаць сюды нацыянал-сацыялістычнага мастака Вілі Спрынгера, Бэрлін СВ 29, Газэнгейдэ, 94; каб пад яго кіраўніцтвам магло быць выратавана тое, што яшчэ можна ўратаваць. На жаль, шматлікія каштоўныя вазы, фарфор, шафы і стылёвая мэбля XVIII ст. таксама былі значна пашкоджаныя або зьнішчаныя. Усё разам складае неацэнныя каштоўнасьці, вартыя мільёнаў марак. Я прашу на будучыню міністэрства ўсходу хадайнічаць перад адказнымі асобамі Вэрмахту для прадухіленьня падобных зьнішчэньняў, а таксама для самага суворага пакараньня вінаватых.

Музэй дагістарычнай археалёгіі таксама знаходзіцца ў стане поўнага спусташэньня. У геалягічным аддзеле разрабаваны каштоўныя і паўкаштоўныя камяні. Ува ўнівэрсытэце былі бессэнсоўна паразьбіваны або забраны інструмэнты на сотні тысяч марак. Можа, было б пажадана, каб Вы, спадар райхсьляйтэр, паведамілі пра гэта фюрэру. У выніку такога абыходжаньня і без таго бедная Беларусь панесла найцяжэйшыя страты…

У дадатак да працытаванага ліста Кубэ выслаў рапарт шарагоўца Авэля пра становішча менскіх бібліятэк пасьля таго, як іх спустошыў Вэрмахт. Заканчваўся ён наступным чынам:

Гэты рапарт дасягне сваёй мэты толькі тады, калі будзе пададзены найвышэйшаму кіраўніцтву і калі будуць неадкладна выдадзены загады, якія не дазволяць нямецкаму салдату ў будучым паводзіць сябе, як барбару.

Дакумэнт 3: Фрагмэнты справаздачы акруговага камісара ў Слуцку Карла генэральнаму камісару ў Менску ад 30.10.1941 г. пра масавую расправу з габрэямі ў Слуцку.

Зь непамернай жорсткасьцю нямецкія паліцыянты і асабліва літоўскія партызаны (гаворка ідзе пра літоўскія паліцыйныя часьці на службе ў немцаў. — Ю. Т.) выцягвалі з хат і зганялі габрэяў, а сярод іх і беларусаў. Паўсюдна ў горадзе стаяла страляніна, на паасобных вуліцах ляжалі трупы забітых габрэяў. Беларусам зь вялікімі цяжкасьцямі ўдавалася пазбавіцца абвінавачваньняў. Ня кажучы аб тым, што з габрэяў, у тым ліку і з рамесьнікаў, зьдзекаваліся на вачох у беларусаў, дык і саміх беларусаў білі гумовымі палкамі і прыкладамі карабінаў. Гэта была ўжо не жыдоўская акцыя, а выглядала хутчэй як рэвалюцыя. Я сам увесь час знаходзіўся разам з усімі сваімі супрацоўнікамі пасярод гэтага, каб яшчэ ратаваць, што толькі ўдасца. Шмат разоў мне даводзілася літаральна з настаўленым рэвальвэрам выцягваць з майстэрняў нямецкіх паліцыянтаў, а таксама літоўскіх партызан. Такое самае даручэньне атрымала і мая жандармэрыя, аднак з-за дзікай страляніны яна мусіла шмат разоў пакідаць вуліцы, каб ня быць расстралянай… Беларускае насельніцтва, якое нам поўнасьцю давярала, цяпер жахаецца. І хоць запалоханыя людзі не адважваюцца свабодна выказаць свае думкі, аднак чутны ўжо меркаваньні, што гэты дзень ня стане ганаровай старонкай нямецкай гісторыі, але і забыты ён ня будзе таксама. Я лічу, што гэтай акцыяй было зьнішчана шмат з таго, што нам удалося дасягнуць за апошнія месяцы, і што пройдзе багата часу, пакуль мы вернем страчаны ў насельніцтва давер.

1 лістапада Кубэ выслаў справаздачу Карла да Лёзэ і Розэнбэрга, адначасова прапаноўваючы распачаць судовы працэс над усім афіцэрскім корпусам паліцыйнага батальёну — выканаўцам слуцкай масавай расправы. Пратэстуючы супраць забойства габрэйскіх рамесьнікаў, ён пісаў:

Такімі мэтадамі нельга ўтрымаць на Беларусі спакой і парадак. Тое, што цяжка параненыя былі пахаваны жыўцом, а потым вылезьлі з магіл, — гэта такое бязьмежнае сьвінства, што пра гэтую падзею трэба было б проста паведаміць фюрэру і райхсмаршалу. Цывільная адміністрацыя на Беларусі прыкладае велізарныя намаганьні, каб, згодна з указаньнямі фюрэра і міністра Райху (Розэнбэрга. — Ю. Т.), здабыць сымпатыі ў мясцовага насельніцтва. Але гэтыя стараньні ня могуць суіснаваць і мірыцца з апісанымі вышэй мэтадамі.

Паводзіны Кубэ былі прадыктаваныя імкненьнем наладзіць супрацоўніцтва зь мясцовым насельніцтвам, ён лічыў, што гэта — асноўная ўмова, безь якой немагчымы посьпех у любых распачынаньнях акупацыйных уладаў. Адсюль і яго спробы спыніць бязьлітасныя і хаатычныя харчовыя рэквізыцыі, якія войска працягвала праводзіць таксама і пасьля ўвядзеньня цывільнага рэжыму. На гэта былі скіраваны і клопаты пра стан беларускіх музэяў і навуковых устаноў, і стараньні запэўніць бясьпеку працаўнікам мясцовай адміністрацыі. У гэтай астатняй справе завязаўся ў сьнежні 1941 г. востры канфлікт з камандуючым Вэрмахту ў Генэральнай акрузе Беларусь генэралам Бэхтальдсгаймам, пасьля таго, як нямецкія салдаты расстралялі бурмістра м. Негарэлае Менскай акругі, якога западозрылі ў сувязях з партызанамі. Кубэ і тут патрабаваў пакараць вінаватых, указваючы, што, калі пагадзіцца з падобнай практыкай, аніводзін беларускі бурмістар не захоча працаваць у цывільнай акупацыйнай управе. Яшчэ ў ліпені 1943 г. ён дакараў шэфа менскага СД за садысцкія зьдзекі з трох беларусак, хоць сам гэты факт меў месца ў канцы 1941 г. І гэта мела сваё палітычнае значэньне ня толькі з увагі на вялікі час, які прайшоў, але і соцень тысяч ахвяр гітлераўскага тэрору на Беларусі.

Аднак асабліва пільнага разгляду патрабуюць адносіны Кубэ да вынішчэньня габрэяў. Далін лічыць, што яго перасьцярогі і супраціў гэтай кампаніі дыктаваліся толькі эканамічнымі і палітычнымі матывамі, бо пераважную частку беларускага рамесьніцтва складалі габрэі, а мэтады іх зьнішчэньня выклікалі непажаданыя антынямецкія настроі сярод беларускага грамадзтва. Насамрэч пазыцыя Кубэ ў гэтым пытаньні не выглядала так адназначна. Як стары дзеяч партыі нацыянал-сацыялістаў і адзін з тэарэтыкаў антысэмітызму ён не выступаў афіцыйна супраць самога прынцыпу зьнішчэньня габрэяў і часта карыстаўся антысэміцкай фразэалёгіяй. Аднак менавіта на Беларусі тэорыя ўступіла ў канфрантацыю з жудаснай рэчаіснасьцю, і тут — паводле вобразнага вызначэньня Гальмута Гайбэра — вучань чарнакніжніка жахнуўся, пабачыўшы, якіх духаў ён наклікаў.

Таму, не выступаючы супраць асноўнага ідэалягічнага прынцыпу гітлерызму, Кубэ імкнуўся абмежаваць маштабы масавага забойства габрэяў. Перш за ўсё ён стараўся адцягнуць рэалізацыю гэтай акцыі, выстаўляючы розныя гаспадарчыя і палітычныя прычыны. Зьвяртаўся таксама да Гэйдрыха наконт дэпартаваных нямецкіх габрэяў, прыгадваў іх часткова арыйскае паходжаньне і заслугі перад Нямеччынай у якасьці франтавых салдат Першай сусьветнай вайны. Надзіва гэтыя паўмеры на практыцы мелі посьпех. Варта прывесьці тут сьведчаньне шэфа СД Остлянду, які ў сваім рапарце падае наступную статыстыку забітых і пакінутых у гета габрэяў у генэральных акругах пад канец студзеня 1942 г. (гл. табл. 7).

Паводле гэтых зьвестак, да прыходу вясны 1942 г. у Эстоніі былі зьнішчаны ўсе, зрэшты, нешматлікія, габрэі. У Латвіі іх засталося толькі 7 %, у Літве — 12 %, затое на Беларусі — 75 %. Такі ж высокі працэнт надаецца і ў другім рапарце СД у лютым 1942 г. Ува Усходняй Беларусі, якая не знаходзілася пад кіраўніцтвам Кубэ, вынішчэньне габрэяў таксама ішло значна хутчэй. Такім чынам, да прыходу вясны 1942 г. перададзеная ў распараджэньне цывільных уладаў Генэральная акруга Беларусь займала ў гэтай кампаніі выключнае становішча. Тактыка Кубэ дазволіла дзясяткам тысяч габрэяў уцячы з гета ў лясы, дала ім шанец для захаваньня жыцьця. Гэтай акалічнасьці не ўлічыў Далін.

Пазыцыя Кубэ ў разгледжаных пытаньнях супярэчыла плянам Гімлера, які рэагаваў на гэта вельмі востра. Ён перакрэсьліў патрабаваньні перадаць у рукі цывільных уладаў усю беларускую гаспадарку, згадваючы, што

спадар Кубэ толькі два месяцы праслужыў у войсках СС вартаўніком і ня мае паняцьця аб салдацкіх праблемах, аб дапамозе арміі і яе забесьпячэньні.

Што датычыць адказнасьці за рабункі і зьнішчэньне твораў мастацтва, дык і тут яго адказ гучаў сувора:

З боку спадара Кубэ я раз і назаўсёды прашу вызваліць мяне ад падобнага нахабства.

У дадатак у вачох Гімлера, СС і Вэрмахту Кубэ набыў славу «прыяцеля габрэяў». Так, ужо пад канец 1941 г., паміж Кубэ і Гімлерам зь яго магутным ведамствам абазначылася варожасьць.

Спробы здабыць сымпатыі мясцовага насельніцтва таксама не прынесьлі для Кубэ плёну. Склад адміністрацыйнага апарату, створанага за час існаваньня вайсковай адміністрацыі, амаль не зьмяніўся — не хапала адпаведных беларускіх кадраў. Гэта было часовае становішча: тут усё залежала ад падрыхтоўкі беларускіх спэцыялістаў. Польскі характар захоўвала ня толькі мясцовая, асабліва гарадзкая, адміністрацыя, але і Каталіцкая царква і памешчыцкія маёнткі, апрача таго існавала пэўная колькасьць школаў з польскай мовай навучаньня.[75]

Былі адзначаны выпадкі, калі ў школах, намінальна беларускіх, заняткі адбываліся на т. зв. «дапаможнай» польскай мове, бо не хапала адпаведных настаўнікаў. Тагачасную сытуацыю ў заходнебеларускіх землях Браніслаў Кжыжаноўскі акрэсьліў ляканічна: «Остлянд на Беларусі быў польскі». У пэўнай ступені гэта было справядлівае выказваньне, тым ня менш польскія палітычныя колы непрыхільна ставіліся да лініі, якую праводзіў Кубэ. Яго лёзунг «Беларусь для беларусаў» і абвешчаны курс на беларусізацыю краю перакрэсьлівалі ў іх вачох значэньне гэтых здабыткаў, а супярэчнасьці паміж уласнымі канчатковымі мэтамі і інтарэсамі Нямеччыны ўсё больш падштурхоўвалі палякаў у лягер апазыцыі супраць немцаў і беларусаў. У выніку, ужо ўвосень 1941 г. пачалі ўзьнікаць першыя падпольныя структуры ЗУБ.[76]

Праўда, у дэклярацыях Кубэ беларусам аддавалася перавага, але гэта не магло сур’ёзна зьмяніць кадравую сытуацыю, што ўсталявалася за час існаваньня вайсковай адміністрацыі. Акупацыйныя ўлады не пераставалі адчуваць недахоп беларускіх спэцыялістаў, якія б мелі здольнасьці ці жаданьне ўдзельнічаць у розных галінах грамадзкага жыцьця. Асабліва гэта датычыла аховы грамадзкага парадку і бясьпекі. Аб выніках такой сытуацыі гаворыцца ў рапарце СД:

Паколькі ў распараджэньне Вэрмахту і паліцыі трапіла вельмі мала беларусаў, якім можна было б даручыць заданьні мясцовай службы парадку, давялося зьвярнуцца да прадстаўнікоў іншых нацыянальнасьцяў і даручыць ім гэтае заданьне. Мабілізацыя латыскіх, літоўскіх і ўкраінскіх атрадаў, а таксама прызначэньне палякаў на пасады бурмістраў, камандзіраў ахоўных службаў, апекуноў вялікіх зямельных маёнткаў і т. п., якое ажыцьцяўляў Вэрмахт, а потым зацьвердзіла цывільная адміністрацыя, — усё гэта выклікала сярод нешматлікіх сьвядомых беларусаў вялікае расчараваньне. Прызнаньне ўласнай бездапаможнасьці і немагчымасьці стварыць сваімі сіламі службы аховы парадку і бясьпекі павялічыла сярод сьвядомых беларусаў пачуцьцё непаўнацэннасьці. У выніку, частка зь іх пакінула тыя нешматлікія камунальныя ўстановы, дзе іх часова наймалі.

Многія перавагі, якія беларусы атрымлівалі з рук Кубэ, так і не былі выкарыстаны. Вінавацілі яны ў гэтым ня так уласную слабасьць, колькі кіраўнікоў цывільнай адміністрацыі, якія нібыта занадта лібэральнічалі з палякамі. Беларуска-польскія канфлікты таму не заціхалі. Як і раней, у паліцыйных рапартах за верасень 1941 г. паведамлялася пра даносы на беларускіх службоўцаў, якіх абвінавачвалі ў камунізьме. Але цяпер паліцыя больш пільна разглядала такія справы, і калі даносы былі беспадстаўныя, іх аўтараў прыцягвалі да адказнасьці.[77] Таму здараліся такія выпадкі ўсё радзей. Затое часьцей пачалі зьяўляцца антыпольскія даносы ад беларускіх дзеячоў. Яны такім шляхам спрабавалі весьці барацьбу з засільлем палякаў. Адзін з гэтых дзеячоў, Іван Касяк, пісаў пасьля вайны:

Беларусы бараніліся супроць польскай акцыі вынішчэньня тымі сродкамі, якія былі даступныя.

Такія даносы яны пісалі ня толькі на палякаў, што займалі пасады ў адміністрацыі, але і на каталіцкіх ксяндзоў, якіх лічылі за пашыральнікаў «польскай веры» і палянізацыі, ворагаў інтарэсаў праваслаўя. І тут не абышлося без удзелу праваслаўных сьвятароў. Пра гэта сьведчыць наступны данос аднаго зь іх, дасланы ў верасьні 1941 г. у нямецкую паліцыю:

Рыма-каталіцкае духавенства праводзіць вялікую прапаганду для аднаўленьня незалежнай польскай дзяржавы. Яно імкнецца згуртаваць насельніцтва і плянуе пасьля адыходу нямецкіх войскаў стварыць партызанскія атрады для вызваленьня акупаваных земляў ад ворагаў польскасьці, у тым выпадку — ад немцаў. Правадырамі гэтага руху ёсьць рыма-каталіцкія ксяндзы з касьцёлаў у Ашмянах, Гальшанах, Гранасеках (Granosiekach), Барунах, Сеноргоях (напэўна, Смургонях. — Ю. Т.), Крэве, Драбах, Солах, Жупранах і г. д.

Па гэтых даносах у лістападзе 1941 г. было расстраляна некалькі польскіх ксяндзоў, у т. л. Генрык Глябовіч, які распачаў на Меншчыне місіянэрскую дзейнасьць на загад Рамуальда Ялбжыкоўскага, архібіскупа віленскага. Аднак амаль адначасова ў Менску былі арыштаваны і забіты таксама і беларускія каталіцкія ксяндзы — Станіслаў Глякоўскі і Дзяніс Малец, бо ў СД ляжаў данос, паводле якога ксяндзоў-беларусаў касьцельныя ўлады выкарыстоўвалі для «дзейнасьці на карысьць Польшчы». Ініцыятарамі гэтых злачынстваў былі беларускія праваслаўныя дзеячы, якія сьцерагліся росту каталіцкага ўплыву на Беларусі, прычым незалежна ад таго, польскі ён будзе ці беларускі. Пра гэта яскрава сьведчыць забойства кс. Глякоўскага, да вайны вядомага беларускага дзеяча ў Вільні, які выдаў пад канец 1941 г. у Менску беларускамоўны падручнік катэхізісу. Той самы лёс ледзьве не напаткаў ксяндза Зянона Ігнатавічуса, літоўца, якога мясцовая беларуская паліцыя прыняла за «польскага ксяндза», — толькі мундзір капэляна раскватараваных на Беларусі літоўскіх атрадаў выратаваў яго ад арышту.

Таму на першым этапе сваёй дзейнасьці на Беларусі Кубэ даводзілася лявіяваць, паміж дэкляраванай беларусізацыяй і існымі рэаліямі. Праўда, ён пагадзіўся з фактычным становішчам у мясцовай адміністрацыі, але бачыў, якая там пануе варажнеча. Такім чынам, абапірацца на яе ў ажыцьцяўленьні сваёй беларускай палітыкі Кубэ ня мог. Да таго ж паўставала праблема з надбудовай гэтага апарату — стварэньнем цэнтральнай адміністрацыйнай інстанцыі. Паводле свайго характару яна, натуральна, павінна была стаць беларускай, але як забясьпечыць яе спраўнае функцыянаваньне ў спалучэньні зь пераважна небеларускім мясцовым апаратам? Вырашэньне гэтай супярэчнасьці Кубэ бачыў у паступовай беларусізацыі ніжэйшых ступеняў кіраўніцтва, але для гэтага трэба было падрыхтаваць адпаведныя кадры. Такі пункт гледжаньня падзяляла і ОМі. Пра гэта сьведчыць выказваньне Мэндэ, блізкага супрацоўніка Розэнбэрга:

Найпершы прынцып нямецкага праўленьня ў Остляндзе — мясцовая адміністрацыя пад нямецкім кіраўніцтвам… На Беларусі адміністрацыя заўсёды знаходзілася ў чужых руках. Новае тут трэба пачынаць з нуля, а гэта, натуральна, патрабуе часу. Таму нямецкай адміністрацыі даводзіцца займацца і такімі заданьнямі, якія яна б з ахвотаю даручыла мясцовым сілам.

Паколькі яўных пярэчаньняў з боку Розэнбэрга не было, стварэньне цэнтральнай адміністрацыйнай інстанцыі на Беларусі ў верасьні 1941 г. было вельмі магчыма. Праўда, ліпеньская інструкцыя Розэнбэрга не давала нямецкім цывільным уладам права на прызнаньне літоўскага, беларускага і латыскага ўрадаў,[78] аднак і Кубэ, і генэральныя камісары прыбалтыйскіх краін былі зацікаўлены ў стварэньні такой інстанцыі, зразумела — не нацыянальнага ўраду, але дапаможнага органа. Паколькі Шчорс адмовіўся ад палітычнай дзейнасьці ўва ўмовах цывільнага рэжыму,[79] гэтую кіраўнічую пасаду ў першых днях верасьня Кубэ даручыў Астроўскаму — адзінаму вядомаму беларускаму дзеячу, які ў гэты час выступаў на менскай палітычнай сцэне. Дзеля гэтага Кубэ захаваў адзіную на ўсёй тэрыторыі Остлянду Меншую акруговую ўправу на чале з Астроўскім і даручыў яму кіраўніцтва т. зв. Паралельным бюро (нэбэнбюро), якое было мясцовым адпаведнікам генэральнага камісарыяту, г. зн. найвышэйшай беларускай інстанцыяй.

Фармальны статус Астроўскага і яго нэбэнбюро ня быў зацьверджаны, гэтаксама, як і статус цэнтральных краёвых управаў у іншых генэральных акругах Остлянду. Аднак асабістая падтрымка Кубэ і рэальная неабходнасьць у існаваньні такога органа давалі Астроўскаму надзею на юрыдычнае прызнаньне сваёй інстанцыі. Але ў кастрычніку ўсе яго пляны неспадзявана зруйнаваліся, бо ў Менск прыбыў Ермачэнка, прызначаны на загад Розэнбэрга кіраўніком Беларускай народнай самапомачы (БНС). Увогуле, абедзьве гэтыя арганізацыі маглі б працаваць паралельна, як гэта было ў Прыбалтыцы, аднак наперад было зразумела, што пасьля легалізацыі цэнтральнай управы Астроўскага БНС будзе фактычна ёй падпарадкавана. З гэтым не жадаў пагадзіцца Ермачэнка, які таксама прэтэндаваў на ролю беларускага правадыра. Яго пазыцыя ў гэтым канфлікце была значна больш пэўная: апрача афіцыйнага прызначэньня, ён яшчэ меў доказы супрацоўніцтва Астроўскага з камуністамі і польскімі ўладамі і выкарыстаў гэтыя аргумэнты ў барацьбе супраць свайго суперніка. Пры такіх абставінах Астроўскі страціў давер у Кубэ і, ратуючыся перад магчымымі рэпрэсіямі, выехаў зь Менску ў Смаленск, адкуль ужо ня мог аказваць беспасярэдняга ўплыву на падзеі ў Беларусі.[80] Як пісаў пасьля вайны яго блізкі паплечнік Леанід Галяк,

з таго часу аж да сьмерці Кубэ Астроўскі калі і прыяжджаў у Менск, дык затрымліваўся вельмі нядоўга і паказваўся на вочы толькі некалькім асобам.

Інцыдэнт з Астроўскім пахіснуў надзеі Кубэ на больш актыўны ўдзел беларусаў у супрацоўніцтве, бо Ермачэнка да вайны быў практычна невядомы на заходнебеларускай палітычнай арэне і меў яшчэ слабейшую грамадзкую падтрымку, чым Астроўскі. Сярод тагачасных беларускіх дзеячоў панавала перакананьне, што за плячыма гэтага чалавека стаялі толькі немцы. Ня толькі прызначэньне Розэнбэрга падштурхоўвала іх да такой думкі. Сам Ермачэнка ўсюды стараўся пашырыць перакананьне, што толькі супрацоўніцтва зь Нямеччынай можа забясьпечыць беларускай нацыі лепшую будучыню.

У Кубэ, аднак, не было выбару. 22.10.1941 г. разам зь Ермачэнкам яны выдалі адозву да беларускага насельніцтва, у якой абвяшчалі ўтварэньне БНС і заклікалі людзей засноўваюць яе валасныя камітэты. У адозьве гаварылася, што адзінай мэтай БНС ёсьць дапамога насельніцтву па ахове здароўя і бытавых умоў: апекаваньне бяздомнымі сем’ямі, сіротамі і дзецьмі, чые маткі працуюць. Да БНС перайшла ўся маёмасьць, памяшканьні і супрацоўнікі таварыства беларускага Чырвонага крыжа, якое было створана ў ліпені 1941 г., а потым ліквідавана.

Яшчэ адным прэтэндэнтам на ўладу ў акупаванай Беларусі быў Акінчыц — рашучы праціўнік Шчорса, Астроўскага і Ермачэнкі. Аднак ён па-ранейшаму заставаўся ў Бэрліне, у аддзеле прапаганды ОМі, і толькі раз-пораз прыяжджаў у Беларусь, дзе ўзнавіў былое супрацоўніцтва з астатнімі ўдзельнікамі беларускага нацыянал-сацыялістычнага руху (Казлоўскім і інш.). Гэтая група ўжо ўлетку 1941 г. спрабавала адрадзіць сваю партыйную дзейнасьць, але сутыкнулася зь перашкодай: нямецкія акупацыйныя ўлады забаранялі стварэньне якіх-небудзь палітычных партыяў. Але, ня страціўшы надзеі на посьпех у будучыні, група Акінчыца паспрабавала ўтварыць беларускую моладзевую арганізацыю. У краёвым маштабе гэта ім пакуль што не ўдалося, але прынамсі ў Глыбоцкай акрузе такая арганізацыя была створана і дзейнічала з згоды акруговага камісара, хаця і без афіцыйнага дазволу Кубэ.

Асноўным прынцыпам праграмы Акінчыца і кіраванага ім т. зв. «Руху маладых актывістаў» была выснова, паводле якой пабудова самастойнай беларускай дзяржавы ў найбліжэйшы час была немагчымая, для гэтага не было належных спрыяльных умоў: народ знаходзіўся ў летаргічным сьне, нацыянальная сьвядомасьць — паралізавана. Нацыянальнае і дзяржаўнае абуджэньне магло надысьці толькі ў аддаленай будучыні. Зыходзячы з такіх меркаваньняў, паплечнікі Акінчыца лічылі, што «папяровыя генэралы, прафэсары і дактары» ня могуць быць прадстаўнікамі Беларусі, ня могуць адрадзіць яе зьверху — беларускае адраджэньне трэба пачынаць зьнізу, пад нямецкім кіраўніцтвам. Гэта была яўная намінка на Астроўскага, былога гімназійнага настаўніка, якога часам называлі прафэсарам, а таксама на лекараў — Шчорса і Ермачэнку. Беларуская моладзь, паводле праграмы Акінчыца, павінна была ўдзельнічаць у вынішчэньні праціўнікаў гітлерызму, а ў пэрспэктыве — змагацца ў атрадах СС. Для нямецкіх уладаў гэта магло б паслужыць доказам «шчырасьці» і падставай для большага даверу. У сваіх дзеяньнях Акінчыц абапіраўся на т. зв. кіраўнікоў прапагандысцкіх групаў, якія прайшлі пад яго кіраўніцтвам падрыхтоўку ў Бэрліне. Цяпер ОМі накіроўвала іх у паасобныя беларускія акругі.

Апрача групаў, якія сьвядома рабілі стаўку на супрацоўніцтва зь немцамі, заслугоўвае ўвагі кансьпірацыйная незалежніцкая дзейнасьць арганізацыі Іваноўскага — Станкевіча. Даволі доўга гэтыя дзеячы не рашаліся перабрацца ў Менск. Толькі напачатку верасьня туды выехаў Іваноўскі, і тое толькі дзеля таго, каб высьветліць на месцы сытуацыю. Тут гарадзкі бурмістар Тумаш прапанаваў яму сваю пасаду, паабяцаўшы залагодзіць у Кубэ ўсе фармальнасьці. Зараз цяжка меркаваць, ці было прычынаю гэтай прапановы жаданьне Тамаша пакінуць Менск, ці гэта сталася ў выніку спэцыяльнай дамоўленасьці паміж імі. Ува ўсялякім разе пасьля гэтага спынілася супрацоўніцтва Тумаша з групай Шчорса-Астроўскага. Тым часам Іваноўскі марудзіў з канчатковым рашэньнем. Ён вярнуўся ў Вільню і працягваў сваю працу ў мясцовым беларускім камітэце.

Неўзабаве вестка пра магчымае прызначэньне Вацлава Іваноўскага на пасаду менскага бурмістра дайшла да яго сябра, Самуэля Кастравіцкага, афіцэра 2-га аддзелу ў Галоўным камандаваньні ЗУБ. Ён у гэты час быў у Варшаве і рыхтаваўся выехаць у Менск, каб узначаліць там экспазытуру 2-га аддзелу.[81] Начальнік Кастравіцкага, шэф выведкі ЗУБ у Беларусі і Прыбалтыцы Тамаш Зан, таксама зацікавіўся гэтым паведамленьнем. Не падзяляючы скептыцызму Кастравіцкага, ён спадзяваўся схіліць Іваноўскага да супрацоўніцтва з ЗУБ і дзеля гэтага ў канцы верасьня выехаў у Вільню. На кватэры прафэсара Януша Івашкевіча Зан спаткаўся з Іваноўскім, пазнаёміў яго з сваёй прапановай, падмацоўваючы яе пэрспэктывай беларуска-польскага фэдэрацыйнага саюзу. Аднак атрымаў на гэта двухсэнсоўны адказ: «Я вам дапамагаць ня буду і перашкаджаць ня буду». Ад гэтай размовы ў Зана засталося ўражаньне, што Іваноўскі цалкам прысьвяціў сябе «беларускай рабоце» і ня быў зацікаўлены ў супрацоўніцтве з польскім падпольлем.

Іваноўскі выехаў у Менск толькі ў сярэдзіне лістапада, калі ўжо ясна абазначылася няўдача «бліцкрыгу». Вайна зацягвалася, цяпер варыянты яе заканчэньня нараджалі надзею. Крыху пазьней выехаў у Менск Янка Станкевіч, яго палітычны паплечнік і старшыня падпольнай Партыі беларускіх нацыяналістаў. Нямецкія ўлады ня мелі палітычнага даверу да Вацлава Іваноўскага. У прыватнасьці, назіраньні паліцыі за дзеячамі віленскага асяродзьдзя сьведчылі аб іх «вельмі няясных і неадпаведных выказваньнях наконт сваіх нацыянальных задач» — усё гэта ў першую чаргу датычыла Іваноўскага. Таму СД зьбіралася нават з дапамогаю Шчорса насадзіць у Вільні больш адпаведных дзеячоў. Пры такіх абставінах замест пасады бурмістра Іваноўскі заняў пакуль што пасаду яго намесьніка.

Насьцярожанасьць нямецкіх уладаў павялічвала непрыязнасьць, якую выказвалі ў адносінах да Іваноўскага іншыя беларускія групы, што змагаліся за ўладу. Яны прызнавалі яго заслугі перад беларускім рухам, бачылі ў ім апошняга жывога пачынальніка Адраджэньня, але адначасова — і менавіта таму! — будучага небясьпечнага канкурэнта. Іваноўскі заставаўся ўбаку ад дзейнасьці мясцовых груповак, але іх занепакоенасьць ад гэтага не зьнікала. Яму не давяралі ні ксёндз Гадлеўскі, ні Ермачэнка. Адкрытую варожасьць выяўлялі некаторыя праваслаўныя прыхільнікі Радаслава Астроўскага. Ужо ў сьнежні ў менскае СД лёг іх данос, дзе Іваноўскага выявілі як залежнага ад віленскай курыі каталіка, які дзейнічае на карысьць Польшчы і каталіцызму, а свае сапраўдныя інтарэсы хавае пад маскаю клопатаў па беларусізацыі Каталіцкай царквы. У даносе намесьніка бурмістра абвінавачвалі ў тым, што ён такім чынам стараецца адцягнуць увагу нямецкага кіраўніцтва ад польска-каталіцкай экспансіі.

Толькі пасьля таго, як Іваноўскі перабраўся на стала ў Менск, сюды пад канец лістапада прыехаў Кастравіцкі, каб арганізаваць мясцовую выведячэйку ЗУБ. Разам зь ім быў і яго стрыечны брат Вітальд Буткевіч, які павінен быў займацца выведкай у правінцыі. Яны абодва паведамілі Іваноўскаму аб прыезьдзе, але, пасьля размовы зь ім, істотна зьмянілі плян сваёй лякалізацыі, распрацаваны загадзя 2-м аддзелам. Буткевіч, замест таго, каб ехаць у правінцыю, застаўся працаваць у Менскай гарадзкой управе, на службе ў Іваноўскага. А Кастравіцкі, замест таго, каб узначаліць мясцовую экспазытуру 2-га аддзелу, празь некалькі дзён вярнуўся ў Варшаву. Буткевіч засьведчыў, што Кастравіцкага адклікалі назад, у Варшаву, але ў сапраўднасьці было іначай. Гэта пацьвердзіў Зан, дадаючы, што пры тагачаснай сувязі і мовы на тое быць не магло, каб перадаць за такі кароткі час нейкія распараджэньні з Варшавы.

Відаць, прапанова Іваноўскага наконт уладкаваньня абодвух афіцэраў «двойкі» прыйшлася ім больш да душы, чым дырэктывы камандаваньня. Аднак гэта не азначала, што Іваноўскі хацеў перабегчы дарогу 2-му аддзелу — выведячэйка ў Менску была створана, адзінае, што ўзначаліў яе Буткевіч, а Кастравіцкі вярнуўся ў Варшаву з заданьнем падрыхтаваць глебу для перамоў паміж Галоўным камандаваньнем і Партыяй беларускіх нацыяналістаў. Напэўна, гэта была адзіная магчымасьць наладзіць кантакт з ЗУБ, якога беспасьпяхова дамагаўся ў Варшаве Станкевіч вясною 1941 г. Даносчыкі, такім чынам, натрапілі на фальшывы сьлед.

Пад канец 1941 г. на Беларусі ў асноўным ужо склалася пэўная сыстэма палітычных суадносін. Яе ўтваралі нямецкія акупацыйныя ўлады, беларускія групоўкі Ермачэнкі, Акінчыца, Іваноўскага — Станкевіча і Астроўскага, які пакінуў Беларусь, але не свае амбіцыі, і ня траціў веры ў паплечнікаў — у Менску іх засталося нямала. А дапаўняла гэты палітычны ўклад савецкае і польскае падпольле. Наогул, усе гэтыя групоўкі імкнуліся ў той пэрыяд арганізацыйна ўзмацніцца і стварыць умовы для далейшай працы, чые посьпехі ў значнай ступені залежалі ад сытуацыі на фронце.

Настроі шырокіх масаў насельніцтва звычайна бывае нялёгка акрэсьліць з дакладнасьцю. У асноўным людзі ня вельмі цікавіліся палітычнай гульнёй, перш за ўсё ім трэба было выжыць. У паліцыйных данясеньнях канца 1941 г. немцы не адзначалі яшчэ ўсеагульнай варожасьці насельніцтва, але стаўленьне да акупантаў станавілася штораз горшае. Асабліва на гэта ўплывалі рабункі і рэквізыцыі, забойствы ваеннапалонных, габрэяў і савецкіх дзеячоў, захаваньне калгаснага ладу ўва Усходняй Беларусі і харчовыя цяжкасьці ў гарадох. Пры ўсім тым да спантанных і самастойных выступленьняў супраць немцаў яшчэ не даходзіла. Людзей яшчэ стрымлівала разуменьне, што ў першыя месяцы вайны ня могуць ажыцьцявіцца карэнныя палітычныя і гаспадарчыя зьмены. Такім чынам, сымпатыі насельніцтва мог заваяваць любы зацікаўлены бок, што ў сваю чаргу залежала ад магчымасьцяў дзейнасьці рэальнай улады і яе жаданьня заручыцца падтрымкай гэтага насельніцтва.

ІІІ АД МАСКВЫ ДА КУРСКУ — БЕЛАРУСКІ КАЛЕЙДАСКОП СУПЯРЭЧНАСЬЦЯЎ І КАНФЛІКТАЎ (сьнежань 1941—верасень 1943)

Разьвіцьцё савецкага партызанскага руху

29.6.1941 г. Савет народных камісараў СССР і ЦК УКП(б)[82] выдалі дырэктыву, у якой заклікалі партыйныя арганізацыі распачаць падпольную і партызанскую барацьбу ў раёнах, пакінутых Чырвонай Арміяй пры адступленьні. 3.7.1941 г. Сталін яшчэ раз паўтарыў гэтае заданьне па радыё. Па ўсёй зоне акупацыі было загадана ўзрываць масты і дарогі, псаваць тэлеграфную і тэлефонную сувязь, паліць лясы, склады і абозы, на кожным кроку перасьледаваць і нішчыць ворага і яго памагатых, зрываць любыя іхнія мерапрыемствы. У адказ Гітлер заявіў 16.7.1941 г.:

Расейцы абвесьцілі партызанскую вайну ў тылах нашага фронту. Ёсьць і свой добры бок у гэтай партызанскай вайне: мы зможам вынішчаць усё, што паўстала супраць нас.

Так была абвешчана бязьлітасная вайна ў нямецкіх тылах. На Беларусі яна прадвызначыла ўвесь далейшы ход падзеяў і стала адным з найважнейшых фактараў, што ўплывалі на дзейнасьць акупацыйнага рэжыму.

Зазначым, што партызанскую вайну савецкі ўрад абвесьціў у самыя першыя дні нямецкага нашэсьця, калі намеры Гітлера адносна занятых тэрыторый СССР былі яшчэ невядомыя. Асабліва гэта датычыла стаўленьня Нямеччыны да незалежніцкага руху ў Прыбалтыцы, Беларусі і на Украіне: ні форма панаваньня над гэтымі землямі (урады-сатэліты або беспасярэдняе нямецкае кіраўніцтва), ні гаспадарчая палітыка і, сярод іншых, пытаньне аб роспуску або захаваньні калгасаў — нічога не было загадзя вядома. Няясна было, як пачнуць сябе паводзіць немцы з савецкімі дзеячамі, ваеннапалоннымі і габрэйскім насельніцтвам. Пытаньняў было шмат, і савецкія ўлады на пачатку вайны не маглі ўпэўнена прадказаць настрой людзей і іх стаўленьне да заплянаванага збройнага руху супраціву. Такім чынам, партызанская вайна была абвешчана без увагі на будучыя паводзіны нямецкіх акупацыйных уладаў і настрой насельніцтва, яна была прадыктавана выключна вайсковымі і палітычнымі задачамі СССР.

Беларусь была вельмі важным зьвяном у агульнай стратэгіі савецкай партызанскай вайны. Выключнае значэньне мела яе геаграфічнае становішча. Па-першае, дужа спрыяльныя былі натуральныя варункі — багата лясоў і балот, і, па-другое, тут пралягалі галоўныя шляхі з захаду да Масквы. Таму не выпадкова ўжо назаўтра пасьля выданьня дырэктывы ад 29.6.1941 г. ЦК КП(б)Б і абласныя партарганізацыі Усходняй Беларусі пачалі стварэньне падпольля і партызанскіх атрадаў. Дзеля гэтага ў зоне акупацыі ў ліпені — жніўні засталося 1215 партыйцаў і каля 5000 камсамольцаў, яны атрымалі заданьне арганізаваць узброены супраціў. Паводле савецкіх крыніц, у жніўні 1941 г. на тэрыторыі БССР, галоўным чынам ува ўсходніх раёнах, быў створаны 231 партызанскі атрад, а колькасьць байцоў дасягала 12 тыс. Пераважна гэта былі чырвонаармейцы — салдаты і камандзіры, што не змаглі прарвацца на ўсход і хаваліся цяпер ад лягернага палону, партыйныя і камсамольскія дзеячы, а таксама іншыя савецкія актывісты.

Тым часам лінія фронту аддалялася ўсё далей у маскоўскім напрамку, і дзейнічаць партызанам станавілася ўсё цяжэй і цяжэй. Зброі, што выдалі ім з вайсковых складоў улетку 1941 г., не хапала, больш-менш рэгулярныя яе паставы з-за лініі фронту пачаліся толькі ў сакавіку 1942 г. Асабліва цяжка было бяз сувязі. Да красавіка 1942 г. гэтыя атрады ня мелі яшчэ сваіх радыёстанцыяў, таму немагчыма было наладзіць апэратыўны кантакт з камандаваньнем Чырвонай Арміі. Такім чынам, некалькі месяцаў партызанскія групы па Беларусі былі кінутыя на ўласны лёс. Улетку і ўвосень 1941 г. яны панесьлі значныя страты ад нямецкіх карных акцыяў, мясцовае насельніцтва, асабліва на вёсцы, таксама не заўсёды аказвала ім падтрымку.[83] Пры такой сытуацыі глыбокай восеньню 1941 г. баявая дзейнасьць гэтых групаў значна аслабела. У нямецкіх вайсковых і цывільных колах гэта ўспрымалі як канец партызанскага руху, і ня толькі з прычын матэрыяльных, але і ідэалягічных — у гэты час нямецкая армія была ўжо на подступах савецкай сталіцы.[84]

Параза немцаў пад Масквой аднавіла веру ў сілу Чырвонай Арміі, у яе здольнасьць аказваць належны супраціў ворагу. Яно істотна ўзьдзейнічала на актывізацыю савецкага падпольля на Беларусі. Зь нямецкіх паліцыйных рапартаў відаць, наколькі ўзмацніліся ў сьнежні 1941 — лютым 1942 г. партызанскія напады на транспартныя калёны Вэрмахту і ўзрасла колькасьць выпадкаў сабатажу і дывэрсіі на камунікацыйных шляхах. Аднак партызанскія групы па-ранейшаму пазьбягалі адкрытага сутыкненьня нават зь невялікімі нямецкімі атрадамі і скіроўвалі ўсе намаганьні на арганізацыйнае ўзмацненьне, пашырэньне базаў і сыстэм забесьпячэньня, дбалі аб павелічэньні свайго ўплыву сярод насельніцтва. Без сур’ёзнай матэрыяльнай падтрымкі Чырвонай Арміі іх дзейнасьць не стварала для Вэрмахту вялікай небясьпекі. Як паведамляў Шэнкендорф, у гэты час існавалі толькі невялікія партызанскія групы, якія абмяжоўваліся нападамі на пакінутыя без аховы мясцовасьці і дробныя атрады нямецкіх салдат, галоўным чынам дзеля папаўненьня сваіх запасаў. Дзейнасьць партызан ня вельмі трывожыла немцаў. Пра гэта можа сьведчыць і такі факт: перад Калядамі 1941 г. для аховы вялікага складу боепрыпасаў у Смаленску яны прыставілі ўсяго толькі двух вартавых.

Але неўзабаве пачалі праяўляцца іншыя вынікі Маскоўскай бітвы, якія мелі вялікае практычнае значэньне для разьвіцьця партызанскага руху. Пачаўся зімовы контранаступ Чырвонай Арміі. У першыя дні лютага 1942 г. адзін зь яе кліноў дасягнуў лініі Вяліж — Усьвяты, г. зн. дайшоў да паўночна-ўсходняй мяжы Беларусі, за якою ўжо дзейнічала некалькі невялікіх партызанскіх атрадаў. Такім чынам, зона партызанскай барацьбы і апэрацыйны абшар Чырвонай Арміі злучыліся, стварыліся ўмовы для іх узаемадзеяньня. Савецкае камандаваньне, напэўна, не прадбачыла такой сытуацыі. Пра гэта сьведчыць факт, што толькі ў сакавіку, г. зн. празь месяц, была наладжана сувязь паміж партызанамі Віцебшчыны і Чырвонай Арміяй. Менавіта ў гэтым месяцы савецкае вайсковае і палітычнае кіраўніцтва прыняло канкрэтнае рашэньне наконт выкарыстаньня партызанскага руху на Беларусі і ўлучыла яго ў сваю ваенную стратэгію. Немцам далі адпор пад Масквой, вайна абяцала зацягнуцца надоўга, і ў гэтай сытуацыі партызанская барацьба набыла ня толькі ваеннае, але і палітычнае значэньне. 20.3.1942 г. ЦК КП(б)Б стварыў т. зв. Паўночна-заходнюю апэрацыйную групу для дзейснага кіраўніцтва партызанскім рухам на Беларусі. Група дзейнічала сумесна з штабамі Калінінскага фронту, 3-й і 4-й ударных арміяў — іх апэрацыйная зона прылягала да Віцебшчыны. Ува Усходняй Беларусі яна падтрымлівала сувязь з падпольнымі партарганізацыямі і партызанскімі атрадамі, удзельнічала ў іх узмацненьні і актывізацыі, займалася таксама падрыхтоўкай падрыўнікоў, радыётэлеграфістаў, зьбірала і апрацоўвала выведную інфармацыю. Група выконвала ролю штабу савецкага партызанскага руху на Беларусі. У красавіку 1942 г. ЦК КП(б)Б пастанавіў набраць, падрыхтаваць і перакінуць на Беларусь 50 невялікіх атрадаў, якія павінны былі актывізаваць партызанскую барацьбу і ўцягнуць у яе насельніцтва. Кадры падбіраліся спэцыяльна з тых беларусаў, што адбывалі службу ў войску або знаходзіліся ў савецкіх тылах.

Сувязь з тэрыторыяй Беларусі апэрацыйная група падтрымлівала цераз т. зв. «Віцебскія вароты», часам называныя «Сураскімі варотамі». Гэта быў своеасаблівы калідор шырынёю 40 км паміж гарадамі Вяліж і Усьвяты на стыку апэрацыйнай зоны Чырвонай Арміі і віцебскіх партызан. Ён праіснаваў да канца верасьня 1942 г. — пакуль ня быў зьліквідаваны немцамі. Былы камандзір Беларускага штабу партызанскага руху П. Калінін сьведчыць, што праз гэты ўнікальны для гісторыі нямецка-савецкай вайны калідор партызаны Віцебшчыны пераправілі на Вялікую зямлю больш за 35 тыс. чалавек, зь іх больш за 20 тыс. — для службы ў Чырвонай Арміі. Апрача таго, празь «Віцебскія вароты» для патрэбы арміі з акупаванай Беларусі было пераслана 1500 тон збожжа, 10 тыс. тон бульбы, 4 тыс. галоў жывёлы, 2 тыс. коней, 35 тыс. тон сена і іншых харчовых запасаў. А ў гэты час у адваротным кірунку — на Віцебшчыну — перайшлі дзясяткі савецкіх дывэрсійных групаў і партызанскіх атрадаў, перапраўлена аўтамабільнымі і коннымі абозамі неабходная колькасьць зброі, амуніцыі, выбуховых рэчываў і іншага вайсковага рыштунку, мільёны асобнікаў газэт і палітычнай літаратуры. А ўжо адтуль людзі, зброя і літаратура накіроўваліся далей, у іншыя раёны Беларусі, галоўным чынам усходнія, паводле дырэктывы, якую вызначала кіраўніцтва апэрацыйнай групы.

Савецкія ўлады прадбачылі, што гэты надзвычай важны камунікацыйны канал хутка можа закрыцца, таму пастараліся своечасова наладзіць эфэктыўную авіяцыйную сувязь. Дзеля гэтага ўжо ў 1942 г. на Беларусь пераправілі спэцыялістаў, пад кіраўніцтвам якіх пачалася будоўля палявых партызанскіх аэрадромаў. За ўвесь пэрыяд акупацыі іх было пабудавана амаль 5017. Гэтыя аэрадромы дазволілі пасьля ліквідацыі «Віцебскіх варотаў» у канцы верасьня 1942 г. працягваць дастаўку ваенных грузаў, вывозіць параненых, пошту і г. д. У дадатак ад пачатку красавіка да канца 1942 г. для лясных атрадаў было перапраўлена 150 палявых радыёстанцыяў разам з абслугай — вырашылася праблема сувязі з цэнтральным савецкім камандаваньнем, дзе таксама наступілі зьмены. 30.5.1942 г. пры Галоўным камандаваньні Чырвонай Арміі быў створаны Цэнтральны штаб партызанскага руху пад кіраўніцтвам першага сакратара ЦК КП(б) Беларусі П. Панамарэнка а ў верасьні 1942 г. — яго тэрытарыяльны аддзел — Беларускі штаб партызанскага руху, начальнікам якога стаў П. З. Калінін. Гэты штаб узяў на сябе функцыі паўночна-заходняй апэрацыйнай групы.

Такім чынам, толькі вясною 1942 г. савецкія ўлады стварылі неабходныя матэрыяльныя і арганізацыйныя ўмовы для разьвіцьця партызанскага руху на Беларусі. За ўвесь пэрыяд вайны яны перакінулі туды ня менш за 13 тыс. салдат, афіцэраў і арганізатараў гэтага руху, большасьць зь іх прайшла спэцыяльную падрыхтоўку для дзейнасьці ў зоне нямецкай акупацыі. Апрача таго, да сакавіка 1944 г. туды было пераслана больш за 60 тыс. вінтовак, 15 тыс. аўтаматаў, 5 тыс. кулямётаў, каля 100 млн. штук патронаў, 400 тон выбуховых рэчываў, сотні мінамётаў, супрацьтанкавая зброя і інш. Гэтыя пастаўкі дапаўняліся за кошт трафэйнай зброі і адпавядалі агнявой сіле каля дзесяці пяхотных дывізій.

Дзякуючы сваёй узброенай сіле савецкі партызанскі рух стаў для многіх жыхароў Беларусі шанцам ратунку альбо пажаданай альтэрнатывы. Хутка ў яго ўліліся ня толькі слабыя і раздробленыя групы супраціву, што паўсталі ўлетку 1941 г., але і людзі, якіх акупанты асудзілі на вынішчэньне або пагражалі сьмерцю, асабліва габрэі і камуністычныя дзеячы. Партызанам лёгка ўдалося абярнуць на сваю карысьць распараджэньне Вэрмахту, абвешчанае ў сакавіку 1942 г., паводле якога вызваленыя раней і разьмешчаныя па калгасах чырвонаармейцы павінны былі вярнуцца ў лягеры ваеннапалонных. Тысячы такіх людзей апынуліся, насуперак загаду, у лясных атрадах. На думку паліцыі, гэта аказала вялізны ўплыў на актывізацыю партызанскай дзейнасьці. У лес уцякала і шмат моладзі, якая хавалася ад прымусовага вывазу на працу ў Нямеччыну. Такім чынам, вясною 1942 г. грамадзка-палітычныя ўмовы складваліся куды больш спрыяльна для партызанскага руху, чым гэта было ў першыя тыдні акупацыі.

На разьвіцьцё партызанскага руху на Беларусі ўплывала шмат фактараў, адным з найважнейшых, або нават і вырашальным, аказаліся погляды Сталіна і Галоўнага камандаваньня Чырвонай Арміі: яны зыходзілі зь меркаваньня, што наступны генэральны ўдар немцаў зноў будзе скіраваны на цэнтральны ўчастак фронту. Такая ацэнка сытуацыі пацягнула за сабой усе далейшыя захады па стварэньні ў варожых тылах узброенай сілы, якая магла б аслабіць націск праціўніка. З гэтым быў зьвязаны і рост асабовага складу партызанскіх атрадаў. У першым паўгодзьдзі 1942 г. ён павялічваўся прыкладна на З–4 тыс. чалавек штомесяц, тады як у другой палове году — ужо на 7–8 тыс., так што на пачатку лістапада 1942 г. у атрадах налічвалася 47,3 тыс. чалавек. Гэтыя сілы перш канцэнтраваліся галоўным чынам ува Ўсходняй Беларусі, але паступова пачалі праточвацца і ў заходнія раёны. У сярэдзіне 1942 г. дзейнасьць партызан ахапіла ўсе акругі Беларусі.[85]

Але ў канцы чэрвеня новае нямецкае наступленьне пачалося на поўдні, туды былі скіраваныя значныя вайсковыя сілы, перакінутыя, між іншым, з цэнтральнага ўчастка фронту і яго тылоў. Для партызанскага руху гэта мела вельмі важнае значэньне: магчымасьці немцаў весьці зь ім барацьбу значна аслаблі. Як паведамляў Кубэ, у чэрвені 1942 г. паліцыйныя сілы ў Генэральнай акрузе Беларусь налічвалі каля 1 тыс. нямецкіх салдат і прыкладна 3 тыс. літоўскіх, латыскіх і ўкраінскіх. Істотна паменшалі сілы ахоўных атрадаў, што былі разьмешчаны ў тыле групы армій «Цэнтар». Паводле Шэнкендорфа, 1.12.1941 г. у іх уваходзілі чатыры ахоўныя дывізіі, дзьве брыгады СС і 260 рот рознага роду войскаў, але ў красавіку 1942 г. засталося толькі 85 рот, палова зь іх была недастаткова навучаная, слаба ўзброеная і здатная хіба толькі на вартаўніцтва ў тылах. Гэтыя сілы аказваліся ў некалькі разоў слабейшыя за партызанскія: лясное войска таго ж лета мела на ўзбраеньні нават артылерыю і бронемашыны. Колькасная перавага памнажалася на тактычную: шматлікія дробныя групы дзейнічалі адначасова на вялізным абшары. У такой сытуацыі немцы не маглі спыніць разьвіцьця партызанскага руху. Пра гэта сьведчыць і працяглае існаваньне «Віцебскіх варотаў», якіх нацысты ня здолелі ліквідаваць адным махам.

Усё гэта спрыяла распаўсюджаньню партызаншчыны, зь вясны 1942 г. яе сілы расьлі зь месяца на месяц. Адной з партызанскіх задач былі дывэрсіі на транспартных шляхах, па якіх ішло забесьпячэньне для нямецкага фронту. Паводле данясеньняў Лёзэ, колькасьць выбухаў на беларускай чыгунцы ад сакавіка да верасьня 1942 г. павялічылася з 25 да 695, адпаведна ўзрасла лічба зьнішчаных лякаматываў і вагонаў (гл. табліцу 8).[86]

Дывэрсіі на чыгунцы працягваліся да канца акупацыі, іншы раз гэта былі акцыі ўсебеларускага маштабу, якія каардынаваў партызанскі штаб. Адна зь іх — т. зв. «Рэйкавая вайна» — доўжылася ад пачатку жніўня да сярэдзіны верасьня 1943 г., у выніку гэтай апэрацыі было зьнішчана больш за 121 тыс. чыгуначных рэек, вялікая колькасьць паравозаў, вагонаў і іншых транспартных сродкаў.

Чыгуначныя дывэрсіі прыносілі немцам значныя матэрыяльныя страты, зьбівалі з раскладу цягнікі. Тым ня менш вынікі гэтых апэрацыяў ацэньваліся па-рознаму. Савецкія аўтары ім надаюць вялікае значэньне. Паводле іх дадзеных, з чэрвеня 1941 да ліпеня 1944 г. партызаны спусьцілі пад адхон 11 128 адзінак транспарту і 34 бронецягнікі, разграмілі 29 чыгуначных станцыяў, зьнішчылі звыш 18,7 тыс. аўтамабіляў, 819 чыгуначных мастоў і больш за 300 тыс. чыгуначных рэек. У сваю чаргу нямецкія крыніцы не былі схільныя да перабольшваньняў. Улетку 1942 г., калі хваля дыверсіяў дасягала найвышэйшага ўзроўню, немцы ацэньвалі іх вынікі як «у большасьці выпадкаў нязначныя» і хутка іх ліквідавалі. Гімлер не пераацэньваў вынікаў гэтых акцыяў і ў кастрычніку 1943 г., адзначаючы, што яны галоўным чынам крыху замаруджвалі франтавыя паставы. Трэба заўважыць, што зь вясны 1942 да восені 1943 г. самыя буйныя ваенныя апэрацыі ішлі на поўдні, таму франтавыя паставы церазь Беларусь ня мелі для Нямеччыны першараднага значэньня.

Магчыма, што аслабленьне ваенных апэрацыяў, якое даволі доўга працягвалася на цэнтральным участку фронту, пабудзіла партызан да асабліва актыўных выступленьняў супраць гаспадарчых і палітычных захадаў акупацыйных уладаў. Зыходным пунктам гэтых выступленьняў стала барацьба зь мясцовай адміністрацыяй, створанай немцамі. Спашлемся на рапарт Цэнтральнага штабу партызанскага руху ад 9.12.1942 г., дзе гэтая задача стаіць на першым месцы сярод усіх астатніх у дзейнасьці партызанскіх атрадаў на Беларусі. Таму ўвесну 1942 г. пачаліся напады партызан ня толькі на вайсковыя, але і на гаспадарчыя аб’екты, а таксама на валасныя ўправы, пры гэтым супрацоўнікі акупацыйных установаў караліся сьмерцю як здраднікі і ворагі савецкай айчыны. Паводле сьведчаньняў Розэнбэрга на Нюрнбэрскім працэсе, на Беларусі ад рук партызан загінула 500 «бурмістраў» разам зь сем’ямі.[87]

Пры такіх абставінах ужо ў чэрвені 1942 г. на Беларусі аказалася шмат раёнаў, дзе валасная ўлада перайшла да партызан. Неўзабаве пазыцыя нямецкіх уладаў пахіснулася яшчэ больш, так што пад канец 1942 г. партызаны трывала займалі абшар плошчаю 15 тыс. кв. км і кантралявалі амаль 50 тыс. кв. км, г. зн. ледзь не 30 % тэрыторыі Беларусі. Пры гэтым усё цяжэй і цяжэй было спаганяць з насельніцтва харчовыя паставы, шмат у якіх раёнах даводзілася рэквізаваць іх з дапамогаю войска і паліцыі. Лясныя атрады найчасьцей нападалі на сельскія гаспадаркі. І калі ў траўні 1942 г. на ўсім абшары Генэральнай акругі Беларусь іх налічвалася 965, дык ужо пад канец году пад нямецкім кантролем заставалася толькі 312 — рэшту спалілі, ліквідавалі або занялі партызаны. Разам з гэтым было зьнішчана шмат лесапільняў, малочных заводаў і іншых малых прадпрыемстваў.

Аднак лягчэй было паліць маёнткі або забіваць безабаронных старастаў, чым схіляць сялянства да масавага выступленьня супраць акупантаў: тыя хоць і не сьпяшаліся з палітычнымі дэклярацыямі (вяскоўцаў гэта ня вельмі турбавала), аднак, нягледзячы на цяжкія рэквізыцыі, ішлі сялянам насустрач у эканамічнай галіне. Немцы пагадзіліся з самароспускам калгасаў у Заходняй Беларусі, а вясною 1942 г. правялі іх парцэляцыю і ўва ўсходніх раёнах. Насуперак савецкай прапагандзе, сялянства падтрымала гэтую кампанію. Яна ўзбудзіла іх гаспадарчую актыўнасьць і паўплывала на рэалізацыю абавязковых паставаў, нягледзячы на цяжкасьці, якія стваралі партызаны. У лютым 1943 г. Кубэ паведамляў, што на падлеглым яму абшары Беларусі, у тым ліку і ў мясцовасьцях, дзе існавала партызанская пагроза, сяляне выконваюць свае абавязкі амаль на 70%. Стаўленьне вёскі да акупацыйных уладаў вырастала, такім чынам, да ўзроўню першараднай палітычна-гаспадарчай праблемы. Удзел беларускай інтэлігенцыі ў арганізацыі школьніцтва, самапомачы або ўзнаўленьні культурнай дзейнасьці таксама трактаваўся як здрада савецкай радзіме.

Сутнасьць праблемы зводзілася ня толькі да памераў харчовых паставаў або адкрыцьця вясковай школкі. Барацьба вялася за тое, каб прыцягнуць насельніцтва на савецкі бок «другога фронту», які памалу распаўсюджваўся на ўсе галіны акупацыйнага жыцьця. Таму партызаны асабліва востра перасьледавалі ініцыятараў і ўдзельнікаў гэтага жыцьця, якое часова выйшла з-пад кантролю савецкай улады. На думку партызан і, напэўна, савецкага кіраўніцтва за лініяй фронту, гэтыя людзі былі здраднікамі і ўяўлялі большую палітычную небясьпеку, чым самі немцы, і таму галоўны ўдар павінен быць скіраваны супраць іх. Не выпадкова савецкія партызаны прыкладалі значныя намаганьні, каб вывесьці насельніцтва на шлях актыўнай барацьбы зь немцамі або схіліць людзей да ўцёкаў у лясы, пад сваю ахову.

Для гэтага савецкі партызанскі рух выкарыстоўваў самыя разнастайныя сродкі, адным зь іх была прапаганда. З пачаткам 1942 г. у савецкім тыле пачала дзейнічаць радыёстанцыя «Савецкая Беларусь», паветраным шляхам і празь «Віцебскія вароты» дастаўлялася шмат літаратуры і газэт, прычым некаторыя зь іх выдаваліся спэцыяльна для насельніцтва акупаванай Беларусі. У сярэдзіне 1942 г. выйшлі першыя газэты, якія выдаваліся падпольшчыкамі і партызанамі. Іх колькасьць хутка расла і пад канец 1943 г. дасягнула 140 найменьняў, зь іх 65 друкавалася па-беларуску. Савецкая прапаганда выкарыстоўвала маўчаньне нямецкіх уладаў наконт будучыні акупаваных усходніх земляў і даказвала, што нямецкая палітыка скіравана на тое, каб заняволіць савецкія народы, зьнішчыць іх нацыянальную самабытнасьць і цалкам ператварыць у нявольнікаў нямецкіх фэадалаў. Аграрную рэформу называлі ашуканствам, бо сяляне не атрымалі права ўласнасьці на зямлю. Важную ролю адыгрывала і вусная партызанская прапаганда, у яе ў запасе таксама быў не адзін прыём. Распаўсюджваліся, напрыклад, чуткі, нібыта ня толькі немцы, але і Сталін праводзіць палітыку дэкалектывізацыі і пакідае сялянам права на ўласнае зычэньне выходзіць з калгасаў альбо нібыта партызаны ваююць не за Сталіна, а за новы лад у СССР. Царква таксама была далучана да прапагандысцкага арсэналу. Паводле нямецкага паліцыйнага данясеньня, партызаны ў зонах свайго кантролю праводзяць яўна спрыяльную для царквы палітыку, дазваляюць адкрываць цэрквы, запрашаць сьвятароў і ставіць крыжы. У рапарце гаварылася далей, што ў адну новаадчыненую царкву прыбыў партызанскі атрад і яго камандзір укленчыў перад сьвятаром і «маліўся» так:

У імя Айца і Сына і Сьвятога Духа!

Браты і сёстры!

Бог ёсьць і будзе! Мы былі часова затуманеныя, таму што пагарджалі Богам. Богу належыць маліцца. Маліцеся за нас і за ўсіх байцоў і партызанаў.

Амін.[88]

Але і афіцыйная прапаганда, і партызанскія хітрыкі, хаця і заходзілі ў сваім двудушшы далей за нямецкія, мелі ўсё ж абмежаванае практычнае значэньне, асабліва ў раёнах, якія кантраляваліся немцамі. Таму даводзілася карыстацца ня толькі пернікам, але і бізуном. Партызанскія ўлёткі пагражалі сьмерцю як самім паліцыянтам, так і іх сем’ям. Сьмерцю пагражалі і сялянам за паставу немцам сена, жыта ці іншай сельгаспрадукцыі. Гэтыя пагрозы праводзіліся ў жыцьцё, каб застрашыць насельніцтва. Таму гінулі ня толькі супрацоўнікі мясцовай адміністрацыі, але і сяляне, настаўнікі, дзеячы БНС і іншыя. Так, напрыклад, у Слонімскай акрузе з красавіка па лістапад 1942 г. ад рук партызан загінула 1024 асобы і 272 было паранена. Сярод забітых немцы, мясцовыя паліцыянты, беларускія, літоўскія і ўкраінскія салдаты складалі няпоўных 20 %, тады як цывільнае насельніцтва, галоўным чынам сяляне і супрацоўнікі адміністрацыі, — больш за 80 % (гл. табліцу 9). Пра частыя забойствы сярод цывільнага насельніцтва — сялян, настаўнікаў і службоўцаў — паведамляў і акруговы баранавіцкі камісар. У Вялейскай акрузе да 25.2.1943 г. было забіта 815 чалавек, зь іх 106 — старастаў, валасных чыноўнікаў і 500 іншых цывільных працаўнікоў і іх сямейнікаў, разам яны складалі 75 % ад агульных людзкіх стратаў. Імаверна, што і ў іншых беларускіх акругах панавала падобная сытуацыя.

Дывэрсійная, прапагандысцкая і тэрарыстычная дзейнасьць партызан імгненна аказала ўплыў на паводзіны насельніцтва. Ужо ў чэрвені 1942 г. у паліцыйным рапарце паведамлялася, што ў раёнах, якія знаходзіліся ў руках або пад кантролем партызан, гатоўнасьць насельніцтва да супрацоўніцтва зь немцамі значна аслабела. Так, напрыклад, забойства чатырох настаўнікаў з ваколіц Магілёва так узьдзейнічала на астатніх калег, што яны вырашылі пакінуць школьную працу. У жніўні Лёзэ выказваў меркаваньне, што такія паводзіны насельніцтва былі не праявай сымпатыі да партызаншчыны, а нараджаліся з страху перад расстрэлам і спальваньнем маёмасьці. Насамрэч такая ацэнка толькі часткова адпавядала рэчаіснасьці, бо тыя ж самыя нямецкія крыніцы часта адлюстроўвалі карэктнае стаўленьне партызан да мясцовага насельніцтва і імкненьне пераканаць яго ў неабходнасьці супольнага змаганьня супраць акупантаў.

Тым ня менш, незалежна ад тых альбо іншых настрояў людзей, якія на пераважнай частцы беларускай тэрыторыі мусілі выконваць яшчэ і нямецкія распараджэньні, партызаны так альбо іначай здабывалі сабе ўсё большую павагу. У такіх складаных умовах, калі ўлада зьмянялася часта, галоўным клопатам вяскоўцаў было захаваньне жыцьця і рэшткаў маёмасьці. Таму, у залежнасьці ад сытуацыі, народ ішоў у партызанскія атрады і забясьпечваў іх харчамі, фуражом, адзеньнем і інш. Савецкія аўтары сьцьвярджаюць, што гэта рабілася цалкам па добрай волі. Прынцыпова не пярэчылі гэтаму і тагачасныя нямецкія крыніцы, у іх рэдка натуюцца факты прымусовага ўступленьня ў партызаны. Нельга, аднак, сьцьвярджаць адназначна, што гэта заўсёды рабілася добраахвотна.

Сілы савецкіх партызан на Беларусі пад канец 1942 г. налічвалі каля 50 тыс. добра ўзброеных людзей, якія кантралявалі амаль 30 % тэрыторыі краіны і ўжо тады маглі наносіць акупантам значную шкоду. Напэўна, такой колькасьці людзей было дастаткова, каб выконваць плянавыя заданьні. Пра гэта сьведчыць раней прыведзены факт, калі партызаны пераправілі для службы ў Чырвонай Арміі 20 тыс. мужчын, мабілізаваных на Віцебшчыне ўлетку 1942 г. Таму далейшае разьвіцьцё партызанскага руху і яго перарастаньне ў т. зв. «усенародную барацьбу з нацыстамі» адлюстроўвала, галоўным чынам, палітычныя ўстаноўкі КП(б)Б, скіраваныя на тое, каб паглыбіць сярод беларускага насельніцтва адчуваньне прысутнасьці савецкай улады і яе магутнасьць. Пры такіх абставінах пасьля першага, даволі стыхійнага і не заўсёды дастаткова скаардынаванага парыву ў пачатку 1943 г. партызанская дзейнасьць на Беларусі пачала прымаць больш рэгулярныя, плянавыя формы. У прыватнасьці, у атрадах пачалася барацьба за ўзмацненьне дысцыпліны і выкараненьне бандытызму і г. д. Важную ролю тут адыграла перамога Чырвонай Арміі пад Сталінградам, якая набліжала пэрспэктыву вяртаньня савецкай улады.

Зьмянілася стаўленьне да тэрарыстычнай дзейнасьці партызан. З аднаго боку, яна ўтрымлівала насельніцтва ў страху і падпарадкаваньні, з другога — спараджала шмат нявінных ахвяр і пабуджала людзей да справядлівай самаабароны. У канцы лютага 1943 г. ЦК КП(б)Б, урад і прэзыдыюм Вярхоўнага Савету БССР выдалі адозву пад назваю: «Старастам, паліцыянтам і чыноўнікам гарадзкіх упраў і камэндатур, усім тым, хто быў ашуканы нямецкімі акупантамі, хто з страху служыць ворагу». Улады рэспублікі зьвярталіся да іх з заклікам да супрацоўніцтва з партызанамі і абяцалі за гэта прабачэньне. Аднак на самай справе такое рашэньне савецкіх уладаў, якое адмяняла ранейшыя, пераважна злачынныя, практыкі расстрэлаў старастаў, сялян ці настаўнікаў, было прынята раней, прыкладна — пад канец сьнежня 1942 г. Пра гэта сьведчыць данясеньне нямецкай паліцыі ад 8.1.1943 г. — напісана яно з дакладнасьцю, якая гаворыць пра неблагую агентурную працу ў партызанскіх атрадах:

Паводле дырэктывы, нібыта перасланай з Масквы, чальцы бандаў павінны цяпер лагодна абыходзіцца з цывільным насельніцтвам. Бурмістраў і раённых кіраўнікоў, а таксама чальцоў мясцовых ахоўных атрадаў болей не павінны расстрэльваць, але перш за ўсё пераправаджаць іх у бандыцкія лягеры на допыты і разборы. У лягерах арыштантаў будуць намаўляць да супрацоўніцтва. У выпадку згоды іх павінны адпусьціць на волю, на месца свайго пасяленьня, з адпаведнымі заданьнямі.

Зьмена адносін да нядаўніх «здраднікаў савецкай радзімы» была цесна зьвязана з імкненьнем уладаў БССР надаць партызанскай барацьбе «ўсенародны характар» — дзеля гэтага неабходна было, каб яна распаўсюдзілася па ўсёй тэрыторыі рэспублікі. А тым часам тут па-ранейшаму захоўвалася значная нераўнамернасьць. Праўда, партызанскія атрады засылаліся з Усходняй Беларусі ў Заходнюю, пасьпяхова выконвалі свае заданьні, але масавага наплыву тутэйшага жыхарства ў лясное войска да канца 1942 г. не назіралася. Паводле зьвестак Беларускага штабу партызанскага руху, на пачатку 1943 г. па ўсёй Беларусі налічвалася 56,7 тыс. партызан, пры гэтым у заходняй частцы рэспублікі, якая да 1939 г. знаходзілася пад Польшчай, іх было 11,1 тыс. чалавек. У пераліку на 10 тыс. жыхароў (прымаючы пад увагу ўмоўна дадзеныя 1941 г.) тут выпадала 23 партызаны, у параўнаньні з 86 — ува Усходняй Беларусі. Але на самай справе, калі ўлічыць вынікі эвакуацыі насельніцтва ў абедзьвюх частках краю, гэты паказчык аказваўся на ўсходзе ў 5–6 разоў вышэйшы, чым на захадзе.

Такой вялікай разьбежнасьці нельга вытлумачыць выключна паводзінамі немцаў — паўсюдна на Беларусі яны, у прынцыпе, былі аднолькавыя. Ня трэба пераацэньваць і рознасьць грамадзкай сытуацыі на гэтых тэрыторыях. У Заходняй Беларусі тут, у пэўным сэнсе, былі нават лепшыя ўмовы для разьвіцьця партызанскага руху, чым на ўсходзе. Восеньню 1942 г. нямецкая служба бясьпекі адзначала «нечаканыя сымпатыі» да партызан сярод заходнебеларускіх малазямельных сялян пасьля скасаваньня савецкай аграрнай рэформы і аднаўленьня на вёсцы клясавых супярэчнасьцяў. Не зусім пераканаўча гучыць і сьцьверджаньне савецкіх гісторыкаў, што такая сытуацыя з партызанскім рухам у Заходняй Беларусі склалася, маўляў, з прычыны хуткай эвакуацыі савецкіх уладаў і нешматлікіх партыйных і камсамольскіх кадраў, што ўлетку 1941 г. стрымлівала арганізацыю падпольных структур. Ход падзеяў ува Усходняй Беларусі паказаў, што галоўным імпульсам у разьвіцьці партызанскага руху на гэтай тэрыторыі былі рашэньні і дзеяньні савецкіх уладаў вясною 1942 г.

Некаторыя важныя акалічнасьці сьведчаць аб тым, што ў гэты пэрыяд савецкія ўлады сьвядома ўстрымліваліся ад інтэнсыфікацыі партызанскага руху ў Заходняй Беларусі з увагі на адносіны з польскім эміграцыйным урадам генэрала Сікорскага. На працягу 1942 г. на гэтых землях ішло разьвіцьцё польскага ўзброенага падпольля, а ўжо ў другім паўгодзьдзі былі створаны першыя атрады Арміі Краёвай. І хаця польскія і савецкія ўлады ў аднолькавай ступені лічылі Заходнюю Беларусь за частку сваёй дзяржаўнай тэрыторыі, аднак мусілі прытрымлівацца міждзяржаўных дамоўленасьцяў, падпісаных у ліпені і сьнежні 1941 г., якія прадугледжвалі, між іншым, ваеннае супрацоўніцтва. Сытуацыя была складаная, і Галоўнае камандаваньне АК, незалежна ад сваіх генэральных плянаў і розных тактычных агаворак, загадала перайсьці да цеснага супрацоўніцтва з савецкімі партызанамі. Як паведамляў камандзір Наваградзкай акругі АК падпалкоўнік Януш Праўдзіц-Шляскі, у 1942 г. паміж прадстаўнікамі польскага і савецкага ўзброенага падпольля былі праведзены перамовы з мэтай наладзіць добрыя стасункі.

Можна дапусьціць, што і савецкія ўлады былі зацікаўлены ў тым, каб здабыць сымпатыі палякаў. Пра гэта сьведчаць ня толькі прыгаданыя перамовы з прадстаўнікамі польскага руху супраціву, але і цалкам адрознае стаўленьне савецкіх партызан да беларускіх і польскіх жыхароў, што «супрацоўнічалі» зь немцамі. У ліпені 1942 г. нямецкая служба бясьпекі зь зьдзіўленьнем адзначала, што на тэрыторыі Беларусі ў часе расстрэлаў бурмістраў, сялян, паліцыянтаў і інш. савецкія партызаны ашчаджаюць палякаў, вяртаюць ім адабраную жывёлу, а польскім каталіцкім ксяндзам дастаўляюць харчы. Пры такой атмасфэры савецкія партызаны атрымлівалі часам дапамогу ад палякаў, сярод якіх былі і службоўцы мясцовай адміністрацыі.[89] Аднак, думаецца, што горкі досьвед, набыты ў 1939–1941 г., не спрыяў шырокаму распаўсюджаньню ідэі такога супрацоўніцтва. Ды, зрэшты, у панараме тагачасных узаемадачыненьняў былі таксама і іншыя прыклады: здараліся забойствы колішніх уладальнікаў маёнткаў, якія цяпер лічыліся іхнімі адміністратарамі. Цяжка вызначыць, напэўна, што было прычынаю кожнага такога здарэньня: загад партызанскага камандаваньня, помста мясцовых сялян або проста выпадковасьць.

Засталося вельмі мала дэталяў тагачаснага супрацоўніцтва паміж польскім і савецкім узброеным падпольлем у Заходняй Беларусі. Ні польскія, ні савецкія гісторыкі не ўдзялялі гэтай праблеме асаблівай увагі, ацэньваючы яе галоўным чынам праз прызму пазьнейшай варожасьці. Затое нямецкая выведка пільна сачыла за кантактамі польскага і савецкага супраціву. У студзені яна паведамляла, што кіраўнікі польскага падпольля пачалі тлумачыць сваім мясцовым суродзічам, што трэба ісьці на супрацоўніцтва з савецкімі партызанамі, бо з СССР заключана пагадненьне, паводле якога Польшча будзе адроджана пасьля вайны ў даверасьнёўскім абшары. У ліпені адзначалася, што збліжэньне польскага і савецкага руху супраціву расьце «з дня па дзень» у арганізацыйнай і апэрацыйнай галіне. Паводле сьведчаньняў Праўдзіца-Шляскага, такія супольныя партызанскія апэрацыі былі рэдкасьцю, апошняя зь іх — напад на пост жандармэрыі ў Жалудку — адбылася вясною 1943 г.

Але пасьля таго, як у красавіку 1943 г. савецкае кіраўніцтва разарвала адносіны з польскім эміграцыйным урадам, адносіны ў падпольлі рэзка зьмяніліся. Дагэтуль саюзьніцкая Армія Краёвая раптам ператварылася ў «прафашысцкую арганізацыю Сікорскага». Цяпер савецкае падпольле імкнулася супрацьпаставіць ёй «нацыянальны, дэмакратычны характар польскага партызанскага руху, што разьвіваўся ў цесным супрацоўніцтве зь дзейнасьцю савецкіх партызан». Прадстаўніком гэтага руху павінна была стаць створаная ў траўні 1943 г. падпольным абкамам КП(б)Б у Баранавічах невялікая спэцгрупа на чале з А. Сьвентажэцкім. 22.6.1943 г. праблема агульнага разьвіцьця партызанскага руху ў Заходняй Беларусі разглядалася на пленуме ЦК КП(б) Беларусі. Была прынята адпаведная рэзалюцыя, а для падпольных партыйных арганізацыяў высланы ліст «Аб ваенна-палітычных задачах працы ў заходніх абласьцях БССР». У ім былі сфармуляваны наступныя палажэньні:

1. Заходнія вобласьці савецкай Беларусі ёсьць неад’емнай часткай беларускай рэспублікі. На яе тэрыторыі, акупаванай Нямеччынай, дазваляецца дзейнасьць толькі тых групаў, арганізацыяў і атрадаў, якія кіруюцца інтарэсамі СССР;

2. Існаваньне разнастайных арганізацыяў, якімі кіруюць польскія буржуазна-нацыяналістычныя цэнтры, трэба разглядаць як незаконнае ўмяшальніцтва ў інтарэсы нашай айчыны;

3. Нашай найпершай задачай ёсьць як мага шырэйшае разьвіцьцё савецкага партызанскага руху, далучэньне да яго ўсіх пластоў насельніцтва, у тым ліку і палякаў. Атрады і групы, створаныя польскімі рэакцыйнымі нацыяналістычнымі коламі, неабходна ізаляваць ад насельніцтва шляхам стварэньня сярод польскіх працоўных савецкіх атрадаў і партызанскіх групаў;

4. Неабходна ўсялякімі сродкамі весьці барацьбу супраць польскіх буржуазна-нацыяналістычных атрадаў і групаў.

У адпаведнасьці з рашэньнем ЦК КП(б)Б неўзабаве з Усходняй Беларусі ў Заходнюю перамясьцілася 9 партызанскіх брыгад, 10 атрадаў і 15 арганізацыйных групаў, якія павінны былі актывізаваць партызанскі рух у гэтай частцы рэспублікі. Між іншым, у Баранавіцкую і Беластоцкую вобласьці меркавалася перакінуць 40 атрадаў — па адным на кожны раён. У іх склад абавязкова павінна было быць уключана па некалькі

адданых палякаў і беларусаў, што ведалі польскую мову.

На базе гэтых засланых атрадаў была створана сетка падпольных партыйных і камсамольскіх арганізацыяў. Так, напрыклад, калі яшчэ ў сьнежні 1942 г. у Заходняй Беларусі існавала толькі10 падпольных райкомаў камсамолу, дык пад канец 1943 г. іх колькасьць павялічылася да 8705. Значна пашырылася прапагандысцкая дзейнасьць, распачалося, між іншым, выданьне 14 новых падпольных газэт, зь іх 4 — на польскай мове.

У выніку, пасьля ўсіх гэтых захадаў савецкіх уладаў асабовы склад партызанскіх атрадаў у Заходняй Беларусі павялічыўся на працягу 1943 г. з 11,1 тыс. да 36,8 тыс. чалавек, прычым самы хуткі яго рост назіраўся ў другім паўгодзьдзі. Прыблізна палова з гэтых людзей прыбыла з партызанскіх фармаваньняў, раней разьмешчаных ува Ўсходняй Беларусі, пасьля вэрбоўкі сярод мясцовага насельніцтва іх лічба падвоілася. Прыведзеныя факты несумненна сьведчаць, што разьвіцьцё партызанскага руху на гэтых землях было зьвязана з імкненьнем савецкіх уладаў забясьпечыць свае палітычныя інтарэсы ў Заходняй Беларусі. Апрача супольных для ўсёй тэрыторыі краю вайсковых, гаспадарчых і палітычных задач, савецкія партызаны ў заходніх абласьцях павінны былі яшчэ весьці барацьбу супраць польскага падпольля. Кіраўніцтва гэтага падпольля ў адказ распачало зь лета 1943 г. умацаваньне старых і стварэньне новых атрадаў АК. А ўжо з восені 1943 г. адбываліся даволі частыя ўзброеныя сутычкі. Частка зь іх была вынікам загаду Панамарэнкі пра раззбройваньне атрадаў АК.

Антыакоўская барацьба была не адзіным матывам у разьвіцьці савецкага партызанскага руху ў Заходняй Беларусі, пра гэта сьведчыць далейшы буйны яго рост па ўсёй тэрыторыі краю. Гэтаму спрыяла перамога пад Сталінградам і контранаступ Чырвонай Арміі на поўдні, а таксама ўжо прыгаданае раней абяцаньне амністыі для тых, хто супрацоўнічаў зь немцамі. Усе гэтыя фактары выкарысталі партызаны, так што ў выніку за 1943 г. павялічылася колькасьць дэзерціраў, асабліва сярод паліцыянтаў і былых чырвонаармейцаў — чальцоў разнастайных вайсковых фармаваньняў, якія знаходзіліся на нямецкай службе. Між іншым, ужо восеньню 1942 г. на бок партызан перайшла частка батальёну «Дняпро», разьмешчанага ўва Ўсходняй Беларусі; у лютым 1943 г. гэты крок паўтарыў 900-асабоны батальён прыволскіх татар на Віцебшчыне, у ліпелі — рота т. зв. Расейскай народнай арміі, аў жніўні — 1-я Расейская нацыянальная брыгада СС пад камандаваньнем Гіль-Радзіёнава, у якой налічвалася больш за 2500 чалавек. Нягледзячы на шматлікія лютыя злачынствы, учыненыя супраць беларускага насельніцтва, яна была перайменавана ў 1-ю Антыфашысцкую партызанскую брыгаду. У выніку, за 1943 г. да партызан перайшло каля 12 тыс. чалавек з разнастайных антысавецкіх фармаваньняў, прычым пераважна ў складзе вялікіх групаў. Адначасова з-за лініі фронту было перакінула больш за 1900 чалавек.

Аднак галоўнай крыніцай партызанскага папаўненьня было мясцовае насельніцтва. Паводле статыстыкі Беларускага штабу партызанскага руху, на працягу 1943 г. у лясныя атрады ўступіла каля 60 тыс. жыхароў вёсак і гарадоў Ўсходняй Беларусі. Бясспрэчна, частка з гэтых людзей кіравалася ідэалягічнымі перакананьнямі альбо страхавалася такім чынам на будучыню, да прыходу савецкай улады. Але вясковае насельніцтва, зь якога ішло найбольшае папаўненьне партызанскіх атрадаў, дзейнічала, у прынцыпе, зь іншых меркаваньняў. Гэтых людзей гнаў у лясы страх перад нямецкімі карнымі экспэдыцыямі, якія асабліва ўзмацніліся ў 1943 г.: у партызанскіх зонах паліліся вёскі, жыхароў, якіх падазравалі ў супрацоўніцтве зь ляснымі атрадамі, забівалі або вывозілі ў канцэнтрацыйныя лягеры ці на працу ў Нямеччыну. Нельга таму назваць адно пэўнае матываваньне паводзін вясковага насельніцтва — людзі часта далучаліся да партызан, каб захаваць жыцьцё.[90]

Так, на працягу 1943 г. асабовы склад савецкага партызанскага падпольля на Беларусі павялічыўся ў 2,7 раза — да 153,5 тыс. чалавек (гл. табліцу 10), галоўным чынам за кошт мясцовага насельніцтва. Адпаведна павялічылася доля беларусаў у яго шэрагах — улетку 1943 г. яна дасягала 65,2 %. За гэты год пад сталым кантролем партызан апынулася 37,8 тыс. кв. км — у параўнаньні з ранейшымі 15 тыс. кв. км — гэта было 17 % даваеннай тэрыторыі БССР. У Віцебскай, Палескай і Магілёўскай абласьцях зона партызанскага кантролю ахоплівала ад 20 % да 25 %, а ў Менскай і Пінскай дасягала 73 іх абшару. У большасьці сваёй гэта былі маладаступныя раёны — балоцістыя і лясістыя — з даволі нізкім (апрача дрованарыхтоўкі) гаспадарчым значэньнем. Яны сталі выгоднымі базамі для партызанскіх апэрацыяў на гусьцей заселеных тэрыторыях, якія, паводле разьлікаў савецкіх вучоных, займалі плошчу каля 70 тыс. кв. км. У суме, такім чынам, пад поўным або частковым кантролем партызан пад капец 1943 г. знаходзілася 108 тыс. кв. км, г. зн. каля паловы тэрыторыі БССР (у межах 1941 г.). За гэтыя землі, якія знаходзіліся паміж зонамі пастаяннага нямецкага і партызанскага кантролю, да канца акупацыі вялася бязьлітасная барацьба. Яна пацягнула за сабой шматлікія ахвяры сярод цывільнага насельніцтва і вялікія матэрыяльныя страты.

Дзьве лініі бэрлінскай усходняй палітыкі

Параза пад Масквой паказала, што на Ўсходнім фронце баі зацягнуцца надоўга. Гэта прымусіла гітлераўскае камандаваньне перагледзець шмат якія з сваіх прынцыпаў у вядзеньні вайны. Найперш былі скасаваны распараджэньні наконт частковай дэмабілізацыі нямецкай эканомікі, выдадзеныя летам 1941 г. Замест гэтага прамысловасьць Нямеччыны і акупаваных краін скіроўвалася на як мага хутчэйшае павелічэньне і сталы выпуск ваеннай прадукцыі. Пры гэтым улічвалася выкарыстаньне сыравінных, людзкіх і сельскагаспадарчых рэсурсаў акупаванай часткі СССР, усё большае значэньне надавалася ахове дарожных шляхоў ад нападаў партызан у тыле Ўсходняга фронту. Пры такой сытуацыі расло перакананьне, што без падтрымкі мясцовых жыхароў рэалізаваць гэтыя пляны ня ўдасца, часьцей выказваліся патрабаваньні спыніць ранейшае жорсткае абыходжаньне з гэтым насельніцтвам. Гітлера намаўлялі абвясьціць дадатную палітычную праграму, якая дадала б ахвоты акупаваным народам СССР пайсьці на больш цеснае супрацоўніцтва зь Нямеччынай.

Неабходнасьць заваяваць сымпатыі мясцовага насельніцтва раней за іншых усьвядомілі нямецкія вайсковыя колы, у большасьці з групы армій «Цэнтар». Ім найбольш выпала на сабе адчуць балючыя ўдары савецкага контранаступу. Менавіта ў гэтых колах зарадзіліся патрабаваньні наконт таго, каб весьці вайну пад палітычнымі лёзунгамі, якія ўзьдзейнічалі б на мясцовае насельніцтва. Яны ж прапанавалі стварэньне дапаможных вайсковых часьцей з савецкіх ваеннапалонных і тутэйшых цывільных жыхароў. Фэльдмаршал фон Бок выступіў з мэмарыялам у гэтай справе, а фэльдмаршал фон Браўхіч быў перакананы, што ад вырашэньня гэтай праблемы залежыць лёс вайны. Генэральны інтэндант Вэрмахту пісаў Розэнбэргу 13.12.1941 г., што ваенная сытуацыя вымагае таго, каб перацягнуць мясцовае насельніцтва на бок Нямеччыны і выклікаць рэвалюцыйны антыбальшавіцкі рух. Падобную думку выказаў у сакавіку 1942 г. камандуючы тылам групы армій «Цэнтар» Шэнкендорф. Гэтыя імкненьні вайскоўцаў знайшлі падтрымку ў часткі буйнейшых нямецкіх палітыкаў, якія бачылі, што гаспадарчыя, вайсковыя і палітычныя саступкі могуць пасьпяхова дапамагчы ў выкарыстаньні рэсурсаў акупаваных усходніх земляў.

Аднак Гітлер паразу пад Масквой успрыняў як часовую няўдачу, ён разьлічваў улетку 1942 г. на новы, пераможны наступ і таму не пагадзіўся з пададзенымі меркаваньнямі. 14.12.1941 г. ён паведаміў Розэнбэргу, што лічыць немэтазгодным ужо цяпер заклікаць іншыя народы да супрацоўніцтва, бо ў будучыні гэта дало б ім падставы для высоўваньня адпаведных прэтэнзій. Такія погляды Гітлера грунтаваліся па перакананьні ў расавай перавазе над усходнімі пародамі — за іх кошт Нямеччына павінна была пашырыць сваю жыцьцёвую прастору. Пачатковыя ваенныя посьпехі і акупацыя вялікіх земляў СССР умацоўвалі гэтыя намеры і распальвалі захопніцкія жаданьні да нечуваных памераў. Ужо з восені 1941 г. Гітлер пачаў усё часьцей разважаць пра будучае нямецкае панаваньне на ўсходніх землях, найбольш поўна ён выказаўся на гэты конт вясною 1942 г. Гэтыя выказваньні, т. зв. Tischgesprache — размовы за гарбатаю, мелі па праўдзе неафіцыйны характар, аднак у пэўнай ступені пралівалі сьвятло на паводзіны выканаўчага апарату. Яны вяліся вакол наступных прынцыповых пытаньняў:

1. Мэтаю нямецкай палітыкі на ўсходніх акупаваных савецкіх землях павінна быць іх гаспадарчае выкарыстаньне. Трэба пастарацца выцягнуць з гэтых раёнаў усё, што толькі ўдасца. Зацікаўленасьць насельніцтва ў паставах сельгаспрадукцыі і працоўнай сілы для шахтаў і прамысловасьці Райху павінна стымулявацца паставамі вырабаў нямецкай прамысловасьці — іх продаж павінен весьціся ў адпаведнасьці з патрэбамі мясцовага жыхарства.

2. Галоўны прынцып нямецкага панаваньня на гэтай тэрыторыі — поўнае задавальненьне жаданьняў насельніцтва ў галіне індывідуальных свабод і пры гэтым — пазьбяганьне стварэньня якіх-небудзь мясцовых дзяржаўных структур. Найвышэйшая ступень улады, якая можа быць даступнай для тутэйшых жыхароў, — гэта валасная ўправа. Даверыць ім уладу вышэйшага ўзроўню — значыць стварыць магчымасьць аб’яднаньня воласьцяў у буйнейшыя адміністрацыйныя адзінкі, а гэта магло б быць выкарыстана супраць інтарэсаў Райху. Натуральна, належыць забараніць стварэньне на акупаваных землях любых нацыянальных арганізацый. Задачаю нямецкіх камісараў у гэтай галіне ёсьць выключна нагляд і кіраваньне гаспадаркай.

3. На ўсёй акупаванай савецкай тэрыторыі парадак і бясьпеку павінны ўтрымліваць нямецкія сілы. Стварэньне ўзброеных сілаў заваяваных народаў было б вялізарным нонсэнсам: як вучыць гісторыя — гэта conditio sine qua nоn[91] упадку пануючых нацыяў.

4. Мясцовая насельніцтва наляжыць утрымліваць на як мага ніжэйшым узроўні культуры. Школы дапушчальныя толькі на пачатковым узроўні, пры гэтым ня трэба ўводзіць абавязковага школьнага навучаньня. Уменьне чытаць і пісаць — увогуле шкоднае, бо дае магчымасьць больш сьветлым галовам спазнаваць гісторыю, а значыць, даходзіць і да палітычнага мысьленьня, якое магло б сваім вастрыём павярнуцца супраць Нямеччыны. Таму лепей у кожнай вёсцы паставіць рэпрадуктары і перадаваць навіны, пацешлівыя праграмы і вясёлую музыку, чым прывучаць насельніцтва да самастойнага навуковага і палітычнага мысьленьня. Адначасова трэба імкнуцца да дэзынтэграцыі грамадзтва, напрыклад, у галіне рэлігіі пажадана было б у кожнай вёсцы мець асобную сэкту.

5. Трэба імкнуцца да абмежаваньня вялікага натуральнага прыросту мясцовага насельніцтва. Дзеля гэтага трэба наладзіць шырокі продаж процізачаткавых сродкаў і дазволіць перарываньне цяжарнасьці. За рэдкім выняткам нямецкім лекарам неабходна пазьбягаць аказваньня мэдыцынскай дапамогі мясцовым жыхарам. Ня варта займацца прафіляктычным прышчэпліваньнем і праводзіць дэзынфекцыю сярод гэтых людзей.

Згодна з такімі тэзамі Гітлера, Гімлер і плянавікі СС старанна ўзяліся за праект германізацыі ўсходніх земляў: меркавалася «ачысьціць» гэтыя землі ад часткі насельніцтва, а астатнюю, расава прыгодную яго частку, анямечыць. Гэты праект атрымаў назву «Генэральны плян Ост» (ГПО) і быў складзены не пазьней за вясну 1942 г. у Галоўнай управе бясьпекі Райху. У ім прадугледжвалася высяленьне ў Сібір больш за 30 млн. прыбалтаў і славян, у прыватнасьці, 65 % заходніх украінцаў і 75 % беларусаў.[92]

Аднак гэты праект не знайшоў сур’ёзнага водгуку ў ведамстве СС па плянаваньні ўзмацненьня Нямеччыны. У чэрвені 1942 г. яго шэф, прафэсар Конрад Мэер-Гетлінг, прапанаваў Гімлеру новы, значна больш сьціплы варыянт ГПО, дзе прадугледжвалася, між іншым, стварэньне 36 калянізацыйных базаў, зь іх 14 — у Генэральным губэрнатарстве, 8 — на Украіне і 14 — у Остляндзе, разьмешчаных уздоўж чыгуначных ліній, што вялі з Кёнігсбэргу і Вільні да Ленінграду і зь Нямеччыны ў Крым. Беларусь пры гэтым абміналася. Праект не знайшоў у Гімлера падтрымкі. Ён дамагаўся, каб у ГПО было заплянавана поўнае анямечаньне Эстоніі, Латвіі і Генэральнага губэрнатарства за дваццацігадовы тэрмін. Гімлер прадбачыў пэўныя ўскладненьні ў Літве, а пра Беларусь і Украіну ўвогуле не згадаў. Таму Мэер-Гетлінг заняўся распрацоўкай наступнага варыянту ГПО з улікам указаньняў Гімлера і сядзеў над ім аж да лютага 1943 г.

Гітлер імкнуўся да абсалютнай улады на ўсходзе, ён лічыў, што апрача немцаў ні адна нацыя ня мае там права на зброю. Аднак Вэрмахт і Гімлер спачатку рознымі спосабамі абміналі гэтую забарону, пазьней жа і сам Гітлер зьмяніў свае погляды. Акрамя ўкраінскіх, беларускіх і літоўскіх дывэрсійных атрадаў, створаных Абвэрам увесну 1941 г., пра гэта сьведчыла і зброя, якую ў першыя дні вайны немцы скідалі з самалётаў для літоўскіх паўстанцаў.[93] Крыху пазьней на ўсіх акупаваных усходніх тэрыторыях была арганізавана дапаможная паліцыя, а ў Прыбалтыцы і на Украіне — паліцыйныя батальёны, якія мелі ўсе прыкметы вайсковых фармаваньняў. У канцы 1941 г. Гітлер пагадзіўся на стварэньне казацкіх, грузінскіх, армянскіх, туркестанскіх і каўкаскіх мусульманскіх легіёнаў, якія Вэрмахт фармаваў з савецкіх ваеннапалонных. У сярэдзіне 1942 г. пад эгідай СС распачалося стварэньне эстонскіх і латыскіх легіёнаў.

Пасьля паразы пад Масквой і вялікіх людзкіх стратаў у баях на ўсходзе камандаваньне Вэрмахту з большай настойлівасьцю пачало дамагацца стварэньня буйных славянскіх вайсковых фармаваньняў. У студзені 1942 г. фэльдмаршал Райхэнаў прэзэнтаваў Гітлеру праект фармаваньня ўкраінскіх і беларускіх дывізій, але гэтая прапанова не прайшла. Затое Гітлер дазволіў выкарыстоўваць савецкіх ваеннапалонных у т. зв. добраахвотных дапаможных атрадах («Hiwi»). Самыя першыя зь іх узьніклі ў тыле групы армій «Цэнтар» — ува Ўсходняй Беларусі (між іншым, батальёны «Дняпро», «Бярэзіна», «Прыпяць», «Асынторф»). Яны не прымалі ўдзелу ў франтавых баях, але выконвалі гаспадарчыя заданьні, вялі ахову і вартаўніцтва, а зь цягам часу іх сталі выкарыстоўваць у барацьбе з савецкімі партызанамі. Гэтыя фармаваньні — т. зв. Osttruppen — складаліся з былых чырвонаармейцаў рознай нацыянальнасьці, таму ня мелі акрэсьленага нацыянальнага характару, аднак пазьней некаторыя зь іх прысвоілі сабе неафіцыйныя назвы: «Русская освободительная армия» (РОА), «Русская национальная народная армия» (РННА) і інш. Чарговай саступкай Гітлера была дырэктыва Галоўнага камандаваньня Вэрмахту № 46 ад 18.8.1942 г., якая давала дазвол на стварэньне мясцовых фармаваньняў супраць партызан пад эгідай СС.

Аднак дазвол на стварэньне Osttruppen і лякальных антыпартызанскіх атрадаў не азначала яшчэ фармаваньня нацыянальных вайсковых адзінак, за якія яны часам сябе ўважалі. Гэтыя фармаваньні знаходзіліся пад камандаю нямецкіх афіцэраў, на забесьпячэньні Вэрмахту ці СС і выкарыстоўваліся ў адпаведнасьці з загадамі акупацыйных уладаў. Але найважнейшага матыву барацьбы на баку Нямеччыны — палітычнай пэрспэктывы — гэтыя атрады ня мелі, таму настроі салдат і мясцовых камандзіраў увесь час вагаліся паміж надзеяй на зьмену нямецкага палітычнага курсу і чаканьнем зручнага моманту для дэзерцірства. Усё ішло па зачараваным коле: такія настроі, натуральна, нараджалі ў немцаў недавер да Osttruppen і іншых атрадаў, прычым не рабілася нічога для ліквідацыі прычын гэтага недаверу.

Розэнбэрг і яго калегі — Маер, Ляйбрант, Бройтыгам, Мэндэ і іншыя, якіх часам называлі прыхільнікамі лагоднага курсу да акупаваных усходніх нацыяў — даўно зразумелі, што без пазытыўнай палітычнай праграмы прыцягнуць гэтае насельніцтва да супрацоўніцтва зь Нямеччынай будзе цяжка. Але трэба заўважыць, што ў захапленьні ад першых гучных посьпехаў Вэрмахту на Ўсходнім фронце Розэнбэрг ня стаў пярэчыць супраць таго, што Гітлер замарозіў яго палітычныя канцэпцыі, распрацаваныя вясною 1941 г., і, напэўна, пагадзіўся на канчатковае вырашэньне гэтых праблем пасьля хуткай спадзяванай перамогі.

Аднак параза пад Масквой і грозны рост партызаншчыны стварылі сытуацыю, якая вымушала шукаць нейкага паратунку. Адзначым, што Розэнбэрг даволі рана зразумеў сур'ёзнасць становішча: ужо 14 сьнежня ён раіўся з Гітлерам, але не дабіўся яго падтрымкі на тое, каб зьмяніць ранейшую палітычную тактыку. Цяжка, аднак, з упэўненасьцю сьцьвярджаць, што ў гэты час Розэнбэрг супраціўляўся пазыцыі фюрэра. Для ўжытку прапаганды ён фармуляваў прыгожыя фразы пра неабходнасьць шанаваньня нацыянальнай адметнасьці ўсходніх нацыяў альбо пра ролю Нямеччыны на ўсходзе як правадыра гэтых народаў, а ня іх калянізатара. Аднак у выдадзенай ім у красавіку 1942 г. інструкцыі для адміністрацыі райхскамісарыятаў Остлянд і Ўкраіна, т. зв. «карычневай папцы», сьцьвярджалася выразна, што

прызначэньне ўсходніх земляў — ня ў тым, каб разьвіваць уласнае, незалежнае ад эўрапейскіх патрэбаў жыцьцё, яны хутчэй ёсьць толькі часткаю вяліканямецкай і эўрапейскай жыцьцёвай прасторы і маюць у гэтай галіне свае акрэсьленыя задачы.

У гэтай сытуацыі Розэнбэрг і яго міністэрства разьлічвалі дабіцца прыхільнасьці жыхароў усходніх земляў шляхам ілюзорных саступак, якія не супярэчылі б асноўным намерам Гітлера. У сакавіку 1942 г. ён выступіў супраць жорсткага абыходжаньня з жыхарамі гэтых тэрыторый, бо такія паводзіны ўзмацнялі супраціў Чырвонай Арміі і насельніцтва. Прапаноўвалася пазьбягаць да ўсходніх земляў такога вызначэньня, як «калёнія», — маўляў, нямецкая калянізацыйная кампанія можа праводзіцца бяз шкоды для мясцовага насельніцтва. У другім цыркуляры Розэнбэрга ад 9.6.1942 г. падначаленым яму ўстановам катэгарычна забаранялася ўжываць целавыя кары, бо гэта ганебна для немцаў — «нават бальшавікі» іх пазьбягалі. Нямецкім службоўцам рэкамэндавалася вывучаць мясцовыя мовы — беларускую і ўкраінскую (літоўскай, латыскай і эстонскай гэта не датычыла, бо меркавалася, што неўзабаве народы Прыбалтыкі самі будуць гаварыць па-нямецку).

Вялікія надзеі ўскладаліся на зямельную рэформу на тэрыторыі, што належала СССР да 17.9.1939 г. У дэкрэце Розэнбэрга ад 15.2.1942 г. на гэты конт прадугледжвалася ператварыць калгасы ў супольныя гаспадаркі, а пазьней падзяліць зямлю і інвэнтар і стварыць індывідуальныя гаспадаркі, якія аб’ядноўваліся б у т. зв. сялянскія каапэратывы. Гэтая кампанія была разьлічана ня толькі на рост прадукцыйнасьці працы і харчовых паставаў, але і на здабыцьцё прыхільнасьці сялянства і таму мела важнае палітычнае значэньне. Аднак супраціў Коха прывёў да таго, што на Украіне да канца 1942 г. пад рэформу падпала толькі 10 % калгасаў. Значна лепшыя вынікі былі дасягнутыя на Беларусі (гл. далей). Ня мелі істотнага значэньня і дэкрэты Розэнбэрга наконт самакіраваньня ў прыбалтыйскіх краінах: фактычна яны ўзаконілі сытуацыю, якая ўжо існавала зь лета 1941 г.

Такія захады, па сутнасьці — паўзахады, не прывялі да жаданых вынікаў і не аказалі аніякага ўплыву на разьвіцьцё партызанскага руху, асабліва на Беларусі. Здаецца, што толькі восеньню 1942 г. Розэнбэрг зразумеў бескарыснасьць гэтых уяўных саступак і пачаў дзейнічаць ужо не ў кірунку зьмены тактыкі, а палітычнай стратэгіі ўсходняй кампаніі. У верасьні 1942 г. ён выступіў на старонках «Фёлькішэр Бэобахтэр» зь сьмелым пастулятам:

…самы час на тое, каб уся гэтая праблема прызначэньня (усходніх народаў. — Ю. Т.) знайшла зразуменьне ўва ўсіх, хто хоць у нейкай ступені нясе адказнасьць у краінах на акупаванай тэрыторыі.

Ясна, што гэтае патрабаваньне датычыла ня толькі райхскамісараў на ўсходзе, асабліва Коха, але і мясцовых паліцыйных і вайсковых уладаў, а таксама найвышэйшых дзяржаўных устаноў.

У гэтай новай сытуацыі 25.10.1942 г. Бройтыгам, кіраўнік палітычнага аддзелу ў міністэрстве Розэнбэрга, падаў вялікі мэмарыял, у якім пацьвердзіў, што захады, разьлічаныя на тое, каб выклікаць прыхільнасьць насельніцтва ўсходніх земляў (зямельная рэформа і інш.), не далі вынікаў і не загладзілі ў людзкой сьвядомасьці такіх злачынстваў, як вынішчэньне соцень тысяч савецкіх ваеннапалонных, альбо такіх мэтадаў вэрбоўкі на працу ў Нямеччыну, якія больш «нагадвалі паляваньне на людзей у найчарнейшыя часы гандлю нявольнікамі». Таму, — працягваў Бройтыгам, — лёзунг «вызваленьня ад бальшавізму» стаў у вачох тутэйшага жыхарства проста шырмай, за якой занадта яскрава прасьвечваўся намер немцаў накінуць яму на шыю ярмо. Ад гэтага ўзрос супраціў Чырвонай Арміі і мясцовага насельніцтва. Вынікі гэтага працэсу для Райху Бройтыгам акрэсьліў вельмі трапна. Ён прызнаў банкруцтва ранейшай нямецкай усходняй палітыкі і «ў гэтую апошнюю хвіліну» патрабаваў яе зьмяніць, прычым дамагаўся ня толькі гуманнага абыходжаньня з насельніцтвам, але і прапановы канкрэтнай пазытыўнай палітычнай праграмы жыхарам гэтых земляў. Дадам, што гэты мэмарыял быў сфармуляваны ў той момант, калі сьцяг з свастыкай лунаў над Эльбрусам, а нямецкія войскі дайшлі да Волгі.

Згодна з прапановамі, высунутымі ў мэмарыяле Бройтыгама, неўзабаве была зроблена сур’ёзная спроба зьмяніць напрамак нямецкай усходняй палітыкі. Такое рашэньне прысьпешвалі падзеі на фронце — у лістападзе Чырвоная Армія перайшла ў контранаступ і абкружыла войскі фэльдмаршала Паўлюса. З ініцыятывы Розэнбэрга 18.12.1942 г. у міністэрстве акупаваных усходніх земляў адбылася палітычная нарада, у якой разам з вышэйшымі чынамі (Розэнбэрг, Маер, Ляйбрант, Бройтыгам, Кляйст, Мэндэ і інш.) удзельнічалі зацікаўленыя военачальнікі Вэрмахту, між іншым — камандзір тылу групы армій «Цэнтар» генэрал фон Шэнкендорф.

На нарадзе прадстаўнікі Вэрмахту адзначылі пагаршэньне настрояў насельніцтва і рост партызанскага руху. На іх думку, гэта было вынікам харчовага крызісу, кепскага абыходжаньня зь людзьмі, забароны і абмежаваньняў у галіне асьветы і культуры і — самае галоўнае — адсутнасьці пазытыўнай палітычнай праграмы. Пры гэтым былі сказаны сымбалічныя словы: «Расею змогуць перамагчы толькі расейцы». А ў сувязі з тым абавязковай умовай посьпеху ў такой вайне быў прызнаны ўдзел насельніцтва ў барацьбе на баку Нямеччыны. Таму гаворка вялася ня толькі пра саступкі ў гаспадарчай і культурна-асьветнай галіне, але ў першую чаргу пра тое, каб абазначыць палітычную мэту, якая стварала б падставы і надавала сэнс супрацоўніцтву мясцовага насельніцтва з акупантамі. Цікава, што яшчэ ў сьнежні 1942 г. генэралы лічылі, што

няма ніякага сумненьня наконт яго гатоўнасьці да барацьбы з саветамі ў партызанскай вайне або на фронце з умоваю, што ўдасца пераканаць яго ў поўнай адмове (з нашага богу) ад ранейшых мэтадаў.

Гэтыя праблемы былі выразна акрэсьленыя ўва ўнутраным дадатковым пратаколе згаданай нарады і на дадатковых перамовах Розэнбэрга з генэраламі фон Рокам і Шэнкендорфам — прадстаўнікамі групаў армій «Поўнач» і «Цэнтар», а таксама з палкоўнікам Гільгаўзэнам з вайсковай зоны «В». Гэтая апошняя сустрэча адбылася 22.12.1942 г., у яе дакумэнтах значылася наступнае:

- Сумесны ўдзел насельніцтва і ваеннапалонных у вайсковых дзеяньнях — гэта катэгарычнае патрабаваньне арміі, яго выкананьне будзе мець вырашальнае значэньне для перамогі;

- Для рэалізацыі загаду фюрэра аб мабілізацыі больш за паўмільёна расейцаў, украінцаў і інш. у якасьці добраахвотных памочнікаў для войска неабходна прыняць адпаведныя палітычныя захады, якія мелі б беспасярэдні дадатны вынік;

- Для гэтага абшару прымальны толькі адзін лёзунг: яго народы — нашы саюзьнікі па барацьбе з саветамі, і трэба спагадліва дазволіць ім весьці ўласнае жыцьцё з усімі неабходнымі гаспадарчымі і палітычнымі вынікамі.

На пачатку лютага 1943 г. Розэнбэрг растлумачыў Гітлеру свае ідэі, ужо падтрыманыя Вэрмахтам і бэрлінскімі палітычнымі коламі. У прыватнасьці, ён прапанаваў ліквідаваць райхскамісарыят Остлянд, а замест яго ўтварыць у Літве, Латвіі і Эстоніі ўласныя ўрады і адміністрацыю. Беларусь як самастойная адміністрацыйная адзінка павінна была беспасярэдне падпарадкавацца ОМі. На землях, якія да 17.9.1939 г. уваходзілі ў склад СССР, Розэнбэрг меркаваў арганізаваць нацыянальныя прадстаўніцтвы (камітэты), якія зь цягам часу маглі б пераняць на сябе функцыі самакіраваньня. Пад беспасярэднім уражаньнем сталінградзкага разгрому, адступленьня з Каўказу і іншых паўднёвых тэрыторый СССР, росту партызанскага руху ў франтавых тылах Гітлер ня стаў прынцыпова пярэчыць прапановам Розэнбэрга і даручыў яму іх канкрэтную распрацоўку. У гэты час ён быў гатовы пагадзіцца на абмежаваную палітычную аўтаномію прыбалтыйскіх краін, а таксама на пэўнае палітычнае супрацоўніцтва і далейшыя гаспадарчыя саступкі на ўсходзе.

Гэта неабходна было зрабіць таксама ў сувязі з крытыкай, якая ўсё часьцей і гучней лілася ў адрас нямецкай усходняй палітыкі і нараджалася нават там, дзе менш за ўсё можна было яе чакаць, а менавіта — у кіраўніцкіх колах СС. 9.3.1943 г. Готлаб Бэргер, шэф Галоўнай управы СС, пісаў Гімлеру:

На маю думку, безумоўнай памылкаю як у Остляндзе, так і на Ўкраіне, было тое, што мы накінуліся на гэтыя народы, быццам галодныя і ўбогія жабракі. Было б цалкам дастаткова, каб мы адразу прызналі права на дробную і сярэднюю ўласнасьць, а пазьней, спраўдзіўшы вынікі, — і на буйную, і пры гэтым пазьбеглі б цяперашняй абыякавасьці і нават варожасьці народаў, якія некалі віталі нас як сваіх вызваліцеляў.

Бэргер пацэліў трапна — ён выкрыў самую сутнасьць гімлераўскай палітыкі анямечваньня, якая грунтавалася на засяленьні часткі акупаваных усходніх земляў асаднікамі — кроўнымі немцамі. Тут варта далучыць яшчэ адзін факт: у пачатку 1943 г. Гітлер выдаў дэкрэт, у якім было загадана цалкам адмовіцца ад падрыхтоўкі і плянаваньня «будучых мірных задач», асабліва — плянаў нямецкай калянізацыі на ўсходзе. У выніку, чарговы варыянт ГПО, распрацаваны Гетлінгам, аказаўся непатрэбным.[94]

Нямецкая прапаганда таксама загучала інакш. Згодна з дырэктывамі Гітлера, 15.2.1943 г. Гэбэльс накіраваў для ўсіх райхсьляйтэраў, гаўляйтэраў і прапагандысцкіх кіраўнікоў інструкцыю, дзе зазначалася, што ўсе краіны Эўропы, у тым ліку і ўсходнія, якія спрыялі перамозе Нямеччыны, павінны адчуваць у гэтым сваю зацікаўленасьць, таму забаранялася ў прамовах і ў друку гаварыць пра калянізацыю і эксплуатацыю ўсходніх тэрыторый і рэкамэндавалася замест гэтага вылучаць на першы плян пэрспэктывы іх адраджэньня пад нямецкім кіраўніцтвам.

Так, пад уплывам пагаршэньня ваеннага становішча Нямеччыны, а таксама пад націскам Розэнбэрга, Вэрмахту і іншых фактараў Гітлер вясною 1943 г. згадзіўся на пэўныя зьмены ўва ўсходняй палітыцы. «Новы курс», які так старанна пачала эксплуатаваць нямецкая прапаганда, выявіўся перш за ўсё ў тым, што пад наглядам СС было дазволена ствараць нацыянальныя вайсковыя часьці на Украіне (дывізія СС-Галіччына) і ў Літве і павялічыць ужо існыя ў Эстоніі і Латвіі. Тым ня менш Гітлер па-ранейшаму ня вельмі давяраў войскам Osttruppen, перш за ўсё з прычыны частага дэзерцірства ў іх шэрагах.

Пасьля некаторых ваганьняў што да палітычнага супрацоўніцтва з усходнімі народамі Гітлер вярнуўся на ранейшую, цьвёрдую пазыцыю. Магчыма, гэта адбывалася адначасова з ростам яго самаўпэўненасьці — акурат у той самы час фюрэр рыхтаваў новае наступленьне пад Курскам, што было, бадай, апошнім шанцам на перамогу Нямеччыны. Гітлер адхіліў ідэю стварэньня палітычных прадстаўніцтваў акупаваных народаў і арганізацыі пад іх наглядам нацыянальных вайсковых фармаваньняў. Сваю пазыцыю ў гэтым пытаньні ён сфармуляваў так:

Я не магу вызначаць пэрспэктыўных мэтаў, якія прадугледжваюць стварэньне незалежных ці аўтаномных дзяржаў. Дастаткова пачаць з так званай, я б сказаў, далучанай дзяржавы, а-ля Польшча, і скончыць дзяржавай незалежнай.

З гэтага выказваньня можна зразумець, што і летам 1943 г. Гітлер вагаўся наконт будучага палітычна-адміністрацыйнага статусу акупаваных усходніх народаў, ён згадваў нават аб іх незалежнасьці. Магчыма, пасьля ўсё яшчэ спадзяванай перамогі ён дапускаў варыянт пэўных дзяржаўных утварэньняў, залежных ад Нямеччыны, але вызначаць іх форму, ролю і значэньне ў «Новай Эўропе» яму хацелася цалкам самастойна як пераможцу, які ў сваіх рашэньнях ня мусіць прытрымлівацца ранейшых дэкларацыяў і абавязаньняў, дадзеных пад націскам часовых (на яго думку) ваенных няўдач. Ён жадаў аднабаковага даверу.

У нямецкай усходняй палітыцы Беларусь займала своеасаблівую пазыцыю — яе часам называлі «спэцыяльнай» (Sonderstellung). Прычын тут было некалькі. Па-першае, цывільная адміністрацыя не магла пераняць уладу на яе ўсходніх землях. Па-другое, партызанскі рух там так разросься, што перашкаджаў гаспадарчай эксплуатацыі і іншым захадам акупацыйных уладаў. І, нарэшце, па-трэцяе, на гэтай зямлі склаліся спэцыфічныя ўнутраныя абставіны: беларусы прымалі слабы ўдзел у арганізацыі «новага парадку»; у адрозьненьне ад Украіны і Прыбалтыкі тут было цяжка стварыць паліцыйныя батальёны і сапраўды нацыянальную адміністрацыю — немцы з большай ахвотай называлі яе «einheimische» (тутэйшая), чым «weissruthenische» (беларуская). Пры такой сытуацыі Беларусь чыніла немцам шмат гаспадарчых і адміністрацыйных клопатаў і, апрача таго, выклікала вялікія сумненьні наконт яе палітычнай будучыні. На думку бэрлінскіх палітыкаў, вырашэньне беларускага пытаньня, пра якое ў лістападзе 1941 г. згадваў «Deutsche Post aus dem Osten», на парозе 1943 г. мела ня большыя пэрспэктывы, чым на пачатку акупацыі.

Тым часам у ведамстве Гімлера таксама аслабла зацікаўленасьць у беларускім пытаньні. Відаць, у гэтым адыгралі сваю ролю шматмесячныя назіраньні паліцыі, а таксама няўдалыя спробы па беларусізацыі мясцовай адміністрацыі. У немалой ступені тут праявілася і асабістая непрыязнасьць Гімлера да Кубэ, які сваім умяшальніцтвам нарабіў нямала шкоды «добраму імю» СС. Таму ў студзені 1943 г., у час нарады ў ОМі, прадстаўнік Галоўнай управы бясьпекі штурмбанфюрэр СС Гуміч выказаў сумненьне,

ці варта ўвогуле імкнуцца і ўжо цяпер падтрымліваць станаўленьне беларускай нацыі, бо няма яшчэ рашэньня аб тым, што рабіць увогуле зь беларускай нацыяй. Ува ўсякім разе райхсфюрэр СС яшчэ ня мае яснасьці ў гэтай справе.

Розэнбэрг і яго супрацоўнікі таксама скептычна ставіліся да беларускага пытаньня. Праўда, 30.5.1942 г. у часе свайго візыту ў Менск ён запэўніваў, што нямецкае кіраўніцтва гатова падтрымаць намаганьні, накіраваныя на такое разьвіцьцё Беларусі, «каб яна стала назаўсёды моцнай і квітнеючай краінай — фарпостам нямецкага Райху», але гэтае выказваньне было разьлічана хутчэй за ўсё на прапагандысцкі эфэкт. На самай справе Розэнбэрг ня верыў у магчымасьць актывізаваць беларускі нацыяналізм. У сакавіку 1942 яго сувязны афіцэр пры стаўцы Гітлера, доктар Копэн, лічыў, што «беларусы — настолькі прымітыўныя, што прыдатныя толькі на тое, каб араць зямлю і гадаваць быдла». У колах ОМі Беларусь называлі «нацыянальным кактэйлем» або «папялушкай райхскамісарыяту Остлянд».

Практычныя захады толькі пацьвярджалі, што ОМі ставіцца да Беларусі як да другараднай тэрыторыі ў складзе Остлянду. У прыватнасьці, пра гэта сьведчыла далейшае зьмяншэньне абшару Генэральнай акругі Беларусь, якое міністэрства акупаваных усходніх земляў праводзіла ня толькі без паразуменьня з Кубэ, але нават і безь яго ведама. У студзені 1942 г. на карысьць райхскамісарыяту Украіны адышоў Бярозаўскі раён. У красавіку даволі значныя беларускія тэрыторыі былі далучаны да Літвы, пры гэтым нацыянальны склад насельніцтва толькі ў невялікай ступені мог апраўдваць такі крок. Куды большую ролю тут адыграла жаданьне ўзнагародзіць літоўцаў за стварэньне шматлікіх паліцыйных батальёнаў, якія дзейнічалі таксама і на Беларусі.

На Беларусі існавалі вялікія абмежаваньні ў выдавецкай і журналісцкай дзейнасьці. У траўні 1942 г. на тэрыторыі Генэральнай акругі выходзілі толькі 4 беларускія часопісы, тады як у Літве — 11, Латвіі — 21, Эстоніі — 14. Больш суровыя ў параўнаньні з Прыбалтыкай абмежаваньні захоўваліся і ў галіне народнай асьветы. Аднак найважнейшым сярод усяго было прыняцьце ў канцы сакавіка 1942 г. пункту, які забараняў стварэньне цэнтральнага беларускага органа самакіраваньня. Розэнбэрг растлумачыў, што

у выніку 23-гадовага панаваньня бальшавікоў насельніцтва Беларусі да такой ступені аказалася заражана бальшавіцкім сьветапоглядам, што для стварэньня мясцовага самакіраваньня не стае арганізацыйных і пэрсанальных перадумоў.

Ён не прымаў пад увагу, што 4/5 падпарадкаванага яго кампэтэнцыі беларускага абшару займалі раёны, дзе савецкая ўлада дзейнічала толькі 20 месяцаў. Гэта была папросту яшчэ адна праява недаверу да беларусаў, якім Розэнбэрг па сутнасьці няшмат мог абяцаць. Пра гэта можа сьведчыць наступны факт: у паперах ОМі захаваліся праекты адозваў да народаў усходу, якія Розэнбэрг паклаў Гітлеру на разгляд у студзені 1943 г. (фюрэрам яны не былі прынятыя). Сярод гэтых праектаў былі адозвы да расейцаў, украінцаў, літоўцаў, латышоў, эстонцаў і народаў Каўказу, затое аніякай — да беларусаў.

Мэтады акупацыі на Беларусі

Стаўка Кубэ на беларускі нацыяналізм

Розэнбэрг іначай ставіўся да Беларусі, чым да Ўкраіны — апошняй ён аддаваў перавагу. Затое падначаленыя Розэнбэрга — камісары Кох і Кубэ — не падзялялі сымпатыяў свайго шэфа і прытрымліваліся цалкам супрацьлеглых поглядаў. Сытуацыя выглядала парадаксальна: Кох, напрыклад, абмяжоўваўся амаль толькі голай эканамічнай эксплуатацыяй сваёй тэрыторыі і ўпарта адмаўляўся выконваць інструкцыі ОМі ў галіне школьніцтва і культурнага жыцьця. Між іншым, ён заваліў праект Розэнбэрга па адкрыцьці ўкраінскага ўнівэрсытэту ў Кіеве. Ён поўнасьцю ігнараваў сымпатыі і інтарэсы насельніцтва ў сваіх палітычных захадах. У адказ паўстала ўкраінская нацыянальная апазыцыя, а ўвосень 1942 г. зьявілася падпольная Ўкраінская паўстанцкая армія. Затое Кубэ дзейнічаў наадварот, ён імкнуўся дабіцца падтрымкі беларусаў і часта браў на сябе адказнасьць, парушаючы інструкцыі ОМі. Гэта прыводзіла да канфліктаў з Розэнбэргам.

На пачатку 1942 г. Кубэ рашуча падтрымаў зямельную рэформу, у адрозьненьне ад Кола ён палічыў яе за вельмі важны сродак для здабыцьця прыхільнасьці і гаспадарчай актывізацыі беларускага сялянства. У выніку, вясною 1942 г. усе калгасы былі распарцэляваны, а іх зямля і інвэнтар перайшлі ў сямейны ўжытак сялян у рамках т. зв. зямельных каапэратываў. Такім чынам, Кубэ пайшоў далей за інструкцыі Розэнбэрга: паводле міністэрскага дэкрэту, у першай фазе рэформы калгасы павінны былі ператварыцца ў супольныя гаспадаркі, а іх парцэляцыя павінна была пачацца толькі на другім этапе.

Адначасова Кубэ распачаў беларусізацыю царкоўнага жыцьця. Ён імкнуўся да стварэньня Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай нацыянальнай царквы, незалежнай ад расейскіх уплываў. Вясною 1942 г. ён узаконіў дзейнасьць беларускага экзархату Грэка-каталіцкай царквы, які існаваў падпольна з таго моманту, як яго стварыў мітрапаліт Шаптыцкі (кастрычнік 1939 г.). Падтрымаў Кубэ і пачынальнікаў паступовай беларусізацыі Рыма-каталіцкай царквы.

Гэтым бадай што і абмяжоўваліся захады Кубэ, скіраваныя ў першай палове 1942 г. на здабыцьцё прыхільнасьці сярод насельніцтва. Асабліва вялікі супраціў Розэнбэрга выклікалі спробы па стварэньні ў Менску цэнтральнага органа беларускага самакіраваньня. Усе адміністрацыннна-гаспадарчыя заданьні павінны былі выконваць нямецкія чыноўнікі. Беларускія дзеячы балесна ўспрынялі забарону на стварэньне ўласнага кіраўнічага органа. Яны палічылі гэта за ігнараваньне справы беларускай дзяржаўнасьці. Кубэ спрабаваў загладзіць гэтае ўражаньне з дапамогай уласных ініцыятыў: ён меў паўнамоцтвы на тое, каб прыстасоўваць прысланыя зьверху дырэктывы да мясцовых спэцыфічных умоў. На практыцы гэта давала яму немалую свабоду дзеяньня. У сваю чаргу гэткія самыя правамоцтвы ён перадаў сваім падначаленым — акруговым камісарам. Адной з найважнейшых ініцыятыў Кубэ ў гэтай галіне было стварэньне т. зв. мяшанай адміністрацыі, што азначала спалучэньне нямецкай кіраўнічай улады і беларускай выканаўчай у акруговых і генэральным камісарыятах. Такая сыстэма давала магчымасьць беларускім, а часам і польскім службоўцам прымаць удзел у працы гэтых устаноў. З другога боку, гэта часта ўскладняла дзейнасьць органаў мясцовай адміністрацыі.

Улетку 1942 г. становішча на Беларусі карэнным чынам зьмянілася. З аднаго боку, гэта было зьвязана з актывізацыяй савецкага партызанскага руху, а з другога — Галоўная ўправа бясьпекі Райху акурат тады ў надзеі вырашыць польскае пытаньне распачало т. зв. «польскую кампанію». І хаця галоўнай прычынай гэтай акцыі былі антынямецкія ўзброеныя выступленьні польскага падпольля ў Остляндзе і на Украіне і яго супрацоўніцтва з савецкімі партызанамі, удар быў скіраваны ўвогуле супраць палякаў, і ў першую чаргу — супраць інтэлігенцыі. Арышты, расстрэлы і вываз на працу ў Нямеччыну закранулі таксама і польскае насельніцтва на Беларусі. Паводле ацэнкі намесьніка генэральнага камісара Беларусі, гэтая кампанія набыла «катастрафічнае» разьвіцьцё, многіх палякаў яна прымусіла пакінуць ранейшыя месцы працы і шукаць прытулку ў партызанаў.

Савецкі партызанскі рух набываў пагрозьлівыя памеры. Вынішчэньне польскай інтэлігенцыі спустошыла адміністрацыю. На фоне такіх падзеяў Кубэ вырашыў актывізаваць сілы беларускага нацыяналізму. Яго ранейшая палітыка, хоць і непараўнальна адрозьнівалася ад украінскай сытуацыі, дзе зь мясцовым нацыянальным рухам вялася зацятая барацьба, да гэтага часу ўсё ж ня вельмі заахвочвала беларусаў да супрацоўніцтва. Адозва Кубэ «Да жыхароў Беларусі!», апублікаваная ў верасьні 1941 г., у якой дэкляравалася свабоднае разьвіцьцё краю, толькі кампрамэтавала ў вачох грамадзтва яе аўтара, бо, нягледзячы на ўплыў часу, рэальныя дзеяньні акупацыйных уладаў аніяк не пацьвердзілі дадзеных абяцаньняў. Таму Кубэ разумеў, што без дадатковых палітычных саступак ён ня зможа дабіцца падтрымкі беларускага нацыяналізму. Аднак дырэктывы бэрлінскага кіраўніцтва фармальна не давалі на гэта падстаў. Таму ён павёў гульню вельмі асьцярожна, верагодна, загадзя паразумеўшыся зь Лёзэ.

Арганізацыйнай апорай у ажыцьцяўленьні намераў Кубэ павінна была стаць БНС — зрэшты, адзіная, калі не лічыць рэлігійных суполак, легальная грамадзкая арганізацыя на Беларусі. Зь цягам часу гэтая арганізацыя здолела стварыць свой мясцовы апарат: акруговыя і раённыя аддзяленьні і валасныя гурткі. І хаця статутнай мэтай БНС лічылася толькі сацыяльнае забесьпячэньне і ахова здароўя, тым ня менш Кубэ пагадзіўся на яе ўдзел у арганізацыі школьніцтва і культурнай дзейнасьці, між іншым, на адкрыцьцё дамоў культуры, чытальняў і бібліятэк, стварэньне аматарскіх драматычных гурткоў, курсаў, лекцыяў, распаўсюджаньне друкаваных выданьняў і г. д. Паступова дзейнасьць БНС пачала змыкацца з адміністрацыйным апаратам, у выніку ўдзельнікам гэтай арганізацыі сталі даручаць розныя службовыя абавязкі — пачынаючы з валасных упраў аж да генэральнага камісарыяту ўлучна. Тэндэнцыі да стварэньня Галоўнай рады БНС, паводле задумы — цэнтральнага кіраўнічага беларускага органа, таксама выявіліся даволі рана. Гэтая рада была абрана 26.1.1942 г., але Кубэ да пары пакінуў яе незацьверджанай.

Неўзабаве становішча БНС істотна зьмянілася. 29 чэрвеня Кубэ «дзеля забесьпячэньня плённага ўдзелу беларусаў у кіраваньні краем» надаў Ермачэнку, шэфу БНС, званьне дарадчыка і мужа даверу «беларускага народу, прадстаўніком якога ёсьць БНС». Ён абвясьціў, што прызаве яшчэ трох мужоў даверу на службу ў генэральным камісарыяце і па адным — на кожны акруговы камісарыят. Адначасова Кубэ абвясьціў стварэньне беларускага т. зв. Вольнага корпусу самааховы. Дзеячам БНС даручалася выдаць адозву да беларусаў з заклікам добраахвотна ўлівацца ў яе шэрагі. Праз два-тры тыдні на Беларусі быў створаны інстытут мужоў даверу пры органах акупацыйнай улады. У яго склад увайшлі:

Генэральны камісарыят

аддзелы:

- палітыкі — Іван Ермачэнка

- школьніцтва — Яўхім Скурат

- культуры — Іван Касяк

- прэсы і прапаганды — Антон Адамовіч

Акруговыя камісарыяты

Менск (акруга) — Юліян Саковіч

Баранавічы — Юры Сабалеўскі

Наваградак — Барыс Рагуля

Ліда — Рыгор Зыбайла

Слонім — Аляксандар Сівец

Ганцавічы — [Антон] Сокал-Кутылоўскі

Вялейка — Аляксандар Калодка

Барысаў — Станіслаў Станкевіч

Глыбокае — ?

Слуцак — ?

У новай сытуацыі Кубэ дазволіў стварыць у ліпені 1942 г. 12-асабовую Галоўную раду БНС на чале зь Ермачэнкам.[95] Да таго ж у кожнай акрузе былі створаны 10-асабовыя акруговыя рады БНС. Пры Галоўнай радзе быў арганізаваны шэраг ведамасных аддзелаў: палітычны, вайсковы, школьны, культурны, а таксама прапаганды і аховы здароўя — усе яны мелі адпаведнікі ў акруговых Радах. Такім чынам, на Беларусі быў створаны цэлы апарат, які ў адпаведным часе змог бы пераняць зь нямецкіх рук кіраўніцтва. А Кубэ рабіў усё новыя і новыя саступкі. Было арганізавана Беларускае навуковае таварыства, прафсаюзы, Жаночая ліга, беларускае судаводзтва. Выдадзены дазвол на ўжываньне нацыянальных сымбаляў — беларускіх штандараў і гербу «Пагоня». Арганізаваны Цэнтральны каапэратыўны саюз, які падпарадкоўваўся БНС. У верасьні выйшла ў сьвет распараджэньне Кубэ аб зьмене адміністрацыйнай тэрміналёгіі. У адпаведнасьці зь ім, раёны перайменавалі ў паветы, а бурмістры (раённыя, валасныя) атрымалі тытулы начальнікаў паветаў, воласьцяў, гарадоў, вёсак і г. д. У жніўні Генэральны камісарыят дазволіў адкрыцьцё гімназій. Вяліся перамовы наконт адкрыцьця ўнівэрсытэту ў Менску.

Кубэ надаваў вялікае значэньне прапагандзе прынцыпаў сваёй палітыкі ў беларускім і нямецкім друку. Таму ён запрашаў зь Нямеччыны ў Менск шматлікіх журналістаў, сачыў, каб адпаведныя карэспандэнцыі і інтэрвію своечасова траплялі на старонкі газэт. Гэтыя яго прынцыпы можна рэзюмаваць наступна: ува ўмовах, свабодных ад польскага і расейскага палітычнага дамінаваньня, якія стварыла нямецкая акупацыя, беларускі народ займеў шанец за кароткі гістарычны пэрыяд запоўніць прагалы ў разьвіцьці нацыянальнай самасьвядомасьці. Дзейнасьць акупацыйнай адміністрацыі ў галіне палітыкі скіравана на тое, каб паскорыць гэты працэс, перамагчы чужацкія ідэалягічныя наносы і ўзмацніць уласна беларускі нацыянальны элемэнт. Гэтай мэце павінны былі паслужыць разьвіцьцё школьніцтва, культуры, праца сярод моладзі. Новы шлях разьвіцьця зможа прывесьці Беларусь да эўрапейскай супольнасьці дзяржаў і нацыяў. Генэральная акруга Беларусь, — сьцьвярджаў далей Кубэ, — павінна ня толькі выконваць адміністрацыйныя заданьні, прадыктаваныя ваеннай неабходнасьцю, ёй «наканавана стаць Бацькаўшчынай для беларускай нацыі». Таму беларуская нацыя «ў пэўнай ступені дзяржаўная нацыя». Не выпадкова праз год шэф СД у Менску Эдуард Штраўх абвінаваціў Кубэ ў тым, што ён сьвядома падтрымліваў курс на стварэньне беларускай дзяржавы зь Ермачэнкам як яе прэм’ерам.

У атмасфэры эўфарыі, выкліканай саступкамі Кубэ, пад канец ліпеня 1942 г. у Менску адбыўся чатырохдзённы зьезд акруговых і раённых кіраўнікоў БНС. На ім адзначалася, што за кароткі час БНС зьмяніла характар сваёй дзейнасьці і зь першапачатковай сьціплай дабрачыннай арганізацыі ператварылася ў агульнакраёвую ўстанову, якая зграмадзіла ў сваіх руках школьніцтва, культурную дзейнасьць, прапаганду, палітыку, справы самааховы і перайшла да кіраваньня гаспадарчым жыцьцём, адраджэньня краю і т. п. У справаздачы зьезду сьцьвярджалася:

Як відаць з гэтага, БНС сталася цэнтрам пачынаньняў усяго беларускага жыцьця, і яна ж ставіцца яго галоўным кіраўніцкім штабам.

Таму зьезд патрабаваў зьмяніць статут БНС і дабіцца фармальнага прызнаньня яе самаўрадавых паўнамоцтваў. У сваёй заключнай прамове Ермачэнка так акрэсьліў матывы ўсіх гэтых пачынаньняў:

Гэтае натхненьне і ўздым сьведчаць аб тым, што беларуская нацыя выяўляе сваю волю да самастойнага жыцьця і поўнага адраджэньня свайго краю ды пераможа ўсе перашкоды, якія стаяць на дарозе да рэалізацыі гэтае мэты.

Найважнейшым, хоць, несумненна, не адзіным матывам у дзейнасьці Кубэ было стварэньне беларускіх узброеных сілаў для барацьбы з савецкімі партызанамі. Кубэ апублікаваў гэты праект 29 чэрвеня. Варта разгледзець яго больш падрабязна: па-першае, ён нарадзіўся пасьля таго, як пацярпелі няўдачу ўсе ранейшыя беларускія і нямецкія спробы стварэньня вайсковых часьцей на Беларусі. А па-другое, гэты праект на два месяцы апярэдзіў дырэктыву Гітлера № 46 ад 18.8.1942 г., якую Кубэ атрымаў у канцы жніўня — яна давала дазвол на стварэньне мясцовых антыпартызанскіх фармаваньняў. Ня менш цікава выглядае і той факт, што ў першай палове чэрвеня Кубэ і SSPF Цэнэр сфармулявалі свае прапановы па барацьбе з партызанамі, пры гэтым ні адзін, ні другі яшчэ ня згадвалі пра беларускія фармаваньні. Такім чынам, рашэньне аб іх стварэньні нарадзілася толькі ў апошнія дні чэрвеня 1942 г.

Імаверна, што Кубэ прыняў рашэньне аб арганізацыі Вольнага корпусу Беларускай самааховы (далей — БСА) бяз згоды Гімлера ці Розэнбэрга. Гімлер яшчэ ў траўні лічыў, што праект стварэньня літоўскіх, латыскіх і эстонскіх часьцей СС хоць і вельмі спакусьлівы, але небясьпечны. Паказальна, што пры гэтым ён ня згадваў беларускіх часьцей. Нарэшце, у чэрвені Гімлер пагадзіўся з пэўнымі агаворкамі на фармаваньне латыскіх і эстонскіх легіёнаў, якія павінны былі падначальвацца HSSPF Остлянду — Екельну. Магчыма, улады Остлянду палічылі, што гэтай падставы дастаткова, ваб стварыць падобныя часьці і на Беларусі. Паводле інфармацыі Кубэ, прызыў беларусаў да зброі адбыўся з згоды Лёзэ.

Не было яснасьці ня толькі з фармальным дазволам на стварэньне беларускіх часьцей — пад пытальнікам заставаліся іх велічыня і структура. Кубэ абвясьціў, што гэта будзе Вольны корпус (Freikorps). Паводле нямецкай традыцыі, гэта былі атрады добраахвотнікаў бяз строга акрэсьленай колькасьці байцоў. Затое ў кіраўніцтве БНС гэта ўспрынялі як намер стварыць армейскі корпус (Armee-Korps) — у многіх краінах гэта была найбуйнейшая вайсковая адзінка, якая звычайна складалася з трох дывізій. Пры азанізацыі БСА гэта выклікала вялікія непаразуменьні. Шмат клопату нарабіла і другая праблема; каму павінны падпарадкоўвацца гэтыя часьці? 29 чэрвеня Кубэ даручыў іх фармаваньне Ермачэнку і адначасова папярэдзіў, што яны будуць падпарадкоўвацца камандзіру СС і паліцыі на Беларусі. Ніякіх іншых дэталяў ён не зазначыў — іх распрацоўкай павінна было заняцца кіраўніцтва БНС.

Па даручэньні Ермачэнкі праект арганізацыі корпусу БСА апрацаваў маёр Францішак Кушаль, які дагэтуль быў начальнікам навучальных курсаў беларускай паліцыі ў Менску. У праекце прадугледжвалася стварэньне корпусу ў складзе трох дывізій разам з дапаможнымі службамі. Разьмясьціцца ён павінен быў наступным чынам: у Менску — штаб корпусу і адна дывізія, яе апэрацыйная зона ахоплівала Менскую і Слуцкую акругі; другую дывізію плянавалася раскватараваць у Баранавічах (акругі Баранавіцкая, Наваградзкая і Слонімская), трэцюю — у Вялейцы (акругі Вялейская, Лідзкая і Глыбоцкая). Гэты праект Ермачэнка прапанаваў Цэнэру, які 15 ліпеня выдаў загад на стварэньне корпусу БСА. Галоўным яго камандзірам быў прызначаны Ермачэнка, які сіламі БНС павінен быў арганізаваць набор добраахвотнікаў і забясьпечыць іх харчамі, жыльлём і абмундзіраваньнем. Для ажыцьцяўленьня гэтых задач Ермачэнка атрымаў права на стварэньне ў рамках БНС вайсковай камісіі (аддзелу) і прызначэньне акруговых камэндантаў БСА. Загад Цэнэра прадугледжваў стварэньне ў кожным раёне адзінкі БСА сілаю ад роты да батальёну. Нямецкая паліцыя павінна была забясьпечыць іх зброяй і кіраваць вучэбнай падрыхтоўкай і апэрацыйнай дзейнасьцю.

Пасьля вайны Кушаль пісаў:

Загад гэты зрабіў на нас вельмі непрыемнае ўражаньне. Зь яго ясна вынікала, што роля д-ра Ермачэнкі і людзей, пакліканых д-рам Ермачэнкам, зводзілася толькі да таго, каб паклікаць людзей, адзець іх, закватараваць і накарміць, а рэшта належала ўжо да немцаў.

Аднак Ермачэнка адразу ж узяўся за справу. Неўзабаве пасьля атрыманьня загаду Цэнэра ён распачаў арганізацыю штабу БСА і прызначыў яго шэфам падпалкоўніка Язэпа Гуньку. У канцы ліпеня ён склікаў зьезд акруговых і раённых кіраўнікоў БНС, на якім распрацаваў плян забесьпячэньня войска харчамі, абмундзіраваньнем і жыльлём. На пачатку жніўня ў Менску адкрыліся афіцэрскія курсы, начальнікам якіх стаў Кушаль. Да паловы лістапада тут было падрыхтавана каля 260 афіцэраў царскай, польскай і савецкай арміі. Адначасова ў Баранавічах, Наваградку, Вялейцы, Глыбокім, Браславе, Паставах і іншых гарадох адкрыліся падафіцэрскія курсы, на якіх было падрыхтавана колькі тысяч падафіцэраў.

Пытаньнем спрэчным, але і асабліва цікавым, выглядае рэкрэацыя ў БСА: паводле праекту, яна павінна была весьціся згодна з прынцыпам добраахвотнасьці. Савецкія крыніцы сьцьвярджаюць, што добраахвотнікаў увогуле не было, таму акупанты распачалі прымусовую мабілізацыю, аднак супраціў партызан і мірнага насельніцтва пазбавіў яе плёну. Але тагачасныя крыніцы не пацьвярджаюць такіх ацэнак. Як паведамляў Кушаль, паведамленьне пра стварэньне БСА выклікала ў насельніцтва «надзвычайны энтузіязм» і перакананьне, што ёй удасца зьнішчыць партызаншчыну і стаць зародкам будучага беларускага войска. Паводле Канстанціна Езавітава, наплыў добраахвотнікаў быў такі вялікі, што ня ўсе зь іх маглі быць прынятыя. Аднак гэтыя выказваньні трэба ацэньваць крытычна, улічваючы тэндэнцыйнасьць аўтараў і зьвязаную з гэтым схільнасьць да перабольшаньняў. Кубэ, у сваю чаргу, у кастрычніку заявіў, што служыць у БСА пажадала каля 15 тысяч беларусаў. Напэўна, частка зь іх пайшла на гэта не па сваёй волі, аб чым сьведчыць прымусовая мабілізацыя ў Ганцавіцкай акрузе. З паведамленьняў прэсы вынікае, што добраахвотнікаў усё ж было нямала, нават у Нямеччыне і Беластоцкай акрузе, дзе БНС не разгортвала сваёй дзейнасьці.

Праект стварэньня корпусу БСА нават у такім выглядзе, як гэта прадугледжваў Цэнэр, выклікаў незадавальненьне вышэйшых нямецкіх паліцыйных уладаў. Праўда, яны разумелі, якую карысьць можа прынесьці ўзмацненьне антыпартызанскіх сілаў на Беларусі, аднак, з другога боку, не жадалі ўмацаваньня палітычнай пазыцыі Ермачэнкі, якога ўважалі за сапраўднага ініцыятара і натхніцеля праекту. У канцы ліпеня шэф СД Остлянду паведамляў Лёзэ:

У папярэдніх штодзённых справаздачах ужо гаварылася пра тое, што беларускія нацыянальныя колы інсьпіруюць стварэньне «беларускага легіёну» зь беларускім камандаваньнем. Кіраўнік мясцовай самапомачы (БНС), ад якога зыходзіць праект фармаваньня БСА, разьвівае ў гэтай галіне актыўнасьць, характэрную для плянаў, якія беларуская інтэлігенцыя ў Менску зьвязвае з стварэньнем самааховы. Прымаюцца захады, каб забясьпечыць будучыя часьці Самааховы адзіным абмундзіраваньнем і ўзбраеньнем, у тым ліку лёгкай пяхотнай і аўтаматычнай зброяй, каб адразу надаць ім рэгулярны вайсковы характар; а пазьней, пасьля правядзеньня першых апэрацыяў, мець права выстаўляць свае патрабаваньні.

Такім чынам, пазыцыя паліцыйных уладаў Остлянду адлюстроўвала палітычнае гледзішча, згоднае з прынцыпамі Гімлера, якое можна трактаваць як неўхваленьне дзеяньняў Кубэ ня толькі ў справе БСА, але і ўсёй яго беларускай палітыкі. Таму Цэнэр, які занадта падпарадкоўваўся Кубэ, у канцы ліпеня быў адкліканы з пасады шэфа СС і паліцыі на Беларусі. Яго пераемнік, Вальтэр Шымана, кіруючыся ўказаньнямі Екельна, адразу ж пачаў выпраўляць «памылкі» свайго папярэдніка: у верасьні Ермачэнку пазбавілі тытулу галоўнага камандзіра БСА, штаб яе быў распушчаны, афіцэрскія чыны скасаваныя. Батальёнам БСА, якія ўжо пасьпелі сфармавацца, не далі зброі — ім прапанавалі перайсьці на статус паліцыйных батальёнаў (Schutzmannsckaften) пад камандаю нямецкіх афіцэраў. Аднак кіраўніцтва БНС і камандаваньне БСА не пагаджаліся з такімі прапановамі — перш за ўсё яны імкнуліся захаваць сваю адасобленасьць.

Праблема, па сутнасьці, зводзілася да таго, каб захаваць у часьцях БСА беларускую мову і камандзірскія кадры (weissruthenischer Selbstschutz) — г. зн. іх нацыянальны характар. У паліцыйных батальёнах (Schutzmannsckaften) пад камандаваньнем нямецкіх афіцэраў гэта было немагчыма. Такім чынам, канфлікт набываў палітычнае адценьне. Кубэ рашуча падтрымаў імкненьне лідэраў БНС забясьпечыць адасобленасьць часьцей Самааховы, бо гэта адпавядала яго ўласным нацыянальным канцэпцыям. Ён неаднаразова зьвяртаўся да Лёзэ з просьбаю забясьпечыць беларускія атрады зброяй і хадайнічаць у гэтай справе перад камандаваньнем Вэрмахту, Розэнбэргам і нават самім Гітлерам. Кубэ даводзіў, што зрабіў усё, каб настроіць беларускае насельніцтва супраць партызан, і падкрэсьліваў:

Як мага хутчэйшае ўзбраеньне беларускіх добраахвотнікаў— першачарговая задача ў барацьбе з бандамі.

Рэальны рост партызанскай актыўнасьці быў самым важкім аргумэнтам у гэтай спрэчцы — праігнараваць довады «беларускага гаўляйтара» было ня так лёгка.

Заступніцтва Кубэ прынесла некаторы, хоць і вельмі сьціплы, плён. У лістападзе вышэйшыя паліцыйныя ўлады мусілі, хаця і неахвотна, прызнаць два факты: па-першае, што «ідэя Беларускай самааховы супраць бандытызму на самай справе знайшла даволі шырокі водгук сярод мясцовага насельніцтва», а па-другое, што маладыя беларусы выразна супраціўляліся іх пераводу ў паліцыйныя батальёны. Пра гэта сьведчыла іх масавае дэзерцірства з т. зв. батальёну № 49 — першага фармаваньня такога тыпу на тэрыторыі Генэральнай акругі Беларусь, стварэньне якога Шымана распачаў у жніўні 1942 г. Таму — насуперак уласнаму нежаданьню і адгаворкам — давялося пагадзіцца нарэшце на тое, каб захаваць Беларускую самаахову. У рамках БНС пакінулі вайсковы сэктар і ў другой палове лістапада прызначылі яго шэфам Кушаля. Ён кіраваў дзейнасьцю акруговых і павятовых рэфэрэнтаў БНС па справах самааховы. Паводле Кушаля, было сфармавана ўсяго каля 20 батальёнаў БСА і некалькі меншых падразьдзяленьняў. Аднак цяжка акрэсьліць іх фармальны статус. На думку Кушаля, яны падначальваліся ня толькі мясцовым рэфэрэнтам БНС, але і акруговым камандзірам нямецкай паліцыі, тым ня менш у некаторых акругах часьці БСА лічылі сябе за незалежныя ад немцаў беларускія фармаваньні.[96]

Але гэтая «незалежнасьць» стварала немалыя праблемы. Паліцыйныя ўлады, ня маючы даверу да беларускіх атрадаў, адмаўляліся забясьпечваць іх абмундзіраваньнем, таму салдаты і камандзіры мусілі хадзіць ува ўласнай вопратцы — вонкава яны мала чым адрозьніваліся ад партызан. Счакаўшы некалькі месяцаў, пад канец 1942 г. часьцям БСА выдалі невялікую колькасьць зброі. Гэта не вырашала пытаньня з узбраеньнем, але і не стварала вялікай праблемы: зброю здабывалі ўласнай рукой, у т. л. куплялі ў нямецкіх салдат. Як піша Кушаль, такім чынам узброіўся цэлы батальён у Рудзенску Менскай акругі. Сяргей Хмара, апавядаючы пра сытуацыю ў Слонімскай акрузе, надае нават цэны, па якіх рабіліся такія ўгоды. Так, напрыклад, кулямёт, які купляўся ў нямецкіх або італьянскіх салдат, што вярталіся з фронту, каштаваў 9 кг саланіны і 5 літраў самагону. Звычайныя аўтаматы куплялі нават… у савецкіх партызан — за іх плацілі пару бутэлек гарэлкі. Такім чынам, — зазначае далей Хмара, — адзін з слонімскіх батальёнаў неўзабаве займеў восем кулямётаў і нават мінамёты.

Карныя акцыі і канфлікт Кубэ з СС

Барацьба з партызанамі — гэта вайна зь невызначаным праціўнікам, які атаясамліваецца з насельніцтвам. Яна закранае гэтае насельніцтва беспасярэдне, без увагі на пазыцыю, занятую ім у барацьбе. Улада звычайна перакладае адказнасьць за партызанскія выступленьні на плечы навакольнага цывільнага люду. Такім чынам, насельніцтва прымушаюць улучыцца ў антыпартызанскую барацьбу, бо ў адваротным выпадку яно само становіцца ахвярай карных акцыяў. Гэта клясычны мэтад, стасаваны і да Другой сусьветнай вайны, і пасьля яе, які незалежна ад ваенных апэрацыяў і тэрору як сродкаў запалохваньня павінен быў пазбавіць партызан апоры ў мясцовага насельніцтва. У залежнасьці ад варункаў мэта дасягалася рознымі сродкамі. Адным з самых туманных была прапаганда (такую ролю эфэктыўна адыграў падчас паўстаньня 1863 г. царскі маніфэст аб скасаваньні прыгону для сялян Літвы і Беларусі), а да найбольш радыкальных належала «ачыстка» пацыфікаванай тэрыторыі (напрыклад, скіраваная супраць УПА[97] акцыя «Вісла») ад насельніцтва.

Нямецкія карныя акцыі на Беларусі савецкая гістарыяграфія часта акрэсьлівала як «барацьбу з партызанамі і насельніцтвам». У прынцыпе гэта слушная фармулёўка, аднак яна адлюстроўвае толькі вынікі гэтых апэрацыяў, але ня іх прычыны: на тэрыторыях, дзе не былі занатаваны выступленьні партызан, не натавалася і «барацьбы з насельніцтвам». У першыя тыдні вайны Гімлер, адказны за бясьпеку, у т. л. і на Беларусі, даў распараджэньне ахоўным атрадам СС, якія займаліся ачышчэньнем новазанятых раёнаў ад чырвонаармейцаў, «сэлектыўна» паводзіць сябе зь мясцовым насельніцтвам. У загадзе, адрасаваным Баху, ад 28.7.1941 г. ён указваў, што жыхароў, якія ставяцца да Нямеччыны прыхільна, трэба ашчаджаць і нават часткова ўзбройваць, затое супраць насельніцтва, якое падтрымлівае савецкіх марадэраў і партызан, належыць прымаць самыя вострыя меры: мужчын — расстрэльваць, дзяцей і жанчын — дэпартаваць, а вёскі — спальваць. Аднак вызначыць дакладна пазыцыю насельніцтва было, па сутнасьці, немагчыма, таму ўжо ўлетку і ўвосень 1941 г. шмат беларускіх вёсак, асабліва тых, што стаялі паблізу вялікіх лясных масіваў, было спалена.

Актывізацыя дзейнасьці савецкіх партызан на Беларусі, якая зь вясны 1942 г. пачала набываць характар старанна арганізаванай вайсковай апэрацыі ў тыле фронту, стварыла цалкам новую сытуацыю, да яе акупацыйныя ўлады не былі падрыхтаваны. Зрэшты, зьмяніўся сам характар партызанскага руху: яго ядром сталі перакінутыя з-за лініі фронту спэцыяльна падрыхтаваныя атрады Чырвонай Арміі, якія атрымлівалі загады і ўзбраеньне з савецкага тылу. Таму немцы неўзабаве пераканаліся ў непрыдатнасьці ранейшых паліцыйных захадаў і прыйшлі да высновы, што весьці барацьбу супраць партызан трэба іншымі спосабамі.

Плян Кубэ, інсьпіраваны Ермачэнкам, грунтаваўся на стварэньні густой сеткі атрадаў Беларускай самааховы, падмацаваных сіламі СС і Вэрмахту, і, безумоўна, адпавядаў новым задачам антыпартызанскай барацьбы. Паводле задумы, атрады БСА павінны былі быць невялікія — ад роты да батальёна ў кожным раёне, мабільныя і, самае галоўнае, настолькі добра зарыентаваныя ў мясцовай сытуацыі, каб распазнаць сапраўдных партызан. Для партызан гэты плян уяўляў рэальную пагрозу, пра што сьведчыць іх «фанатычная і бязьмежная нянавісьць» да атрадаў БСА. Яны мелі перад сабою досьвед Прыбалтыкі, дзе мясцовыя паліцыйныя сілы цалкам перакрэсьлілі шанцы для больш значнага разьвіцьця савецкага партызанскага руху.

Лёзэ падтрымаў плян Кубэ, затое Гімлеру ён не спадабаўся, аб чым сьведчыла адкліканьне Цэнэра і перашкоды, якія ствараліся ў справе ўзбраеньня беларускіх батальёнаў. У некаторай ступені тут быў прычынаю праектаваны статус БСА: часткова яна была падпарадкавана БНС, а значыць, мела больш самастойнасьці, чым паліцыйныя батальёны. Аднак цяжка дапусьціць, што гэты фактар, таксама як і боязь празьмернага росту беларускага нацыяналізму, адыгрывалі тут больш значную ролю. У тагачасных умовах забясьпечыць нямецкі кантроль над БСА не складала асаблівай праблемы. Такім чынам, можна меркаваць, што гэты плян Гімлер успрыняў як чарговую спробу ўмяшальніцтва цывільнай адміністрацыі ў кампэтэнцыю СС і паліцыі, што і перадвызначыла яго няўдачу. Гімлер спадзяваўся расправіцца з партызаншчынай безь якіх-колечы палітычных саступак на карысьць беларусам.

Пазыцыю СС і паліцыі што да цывільнай адміністрацыі выдатна ўмацавала дырэктыва Гітлера № 46, якая барацьбу з партызанамі, таксама як і дзеяньні на фронце, прызнавала справаю найвышэйшага камандаваньня, канцэнтравала яе ў руках Гімлера і аддавала ў яго распараджэньне ўсе рэзэрвовыя сілы Вэрмахту, СС і паліцыі, каб яшчэ да пачатку найбліжэйшай зімы разьбіць асноўныя партызанскія сілы. Меркавалася, што гэтай мэты ўдасца дасягнуць шляхам т. зв. вялікіх карных апэрацыяў — скаардынаваных комплексных акцыяў на акрэсьленых вялікіх землях. Гімлер і Герынг спадзяваліся, што падчас правядзеньня гэтых апэрацыяў вынішчэньне партызан удасца спалучыць з рэквізыцыямі свойскай жывёлы і іншых харчовых прадуктаў, а таксама — прымусовым вывазам насельніцтва на працу ў Нямеччыну або ў канцлягеры. Побач з гэтымі дзеяньнямі ішлі расстрэлы вясковых жыхароў, якія падазраваліся ў спачуваньні або дапамозе партызанам, вынішчэньне габрэяў, што хаваліся па лясах, паленьне цэлых вёсак і іншыя злачынствы.

Паводле савецкіх крыніц, за ўвесь пэрыяд акупацыі на Беларусі было праведзена больш за 60 карных экспедыцыяў, у выніку якіх было зьнішчана 692 вёскі разам зь іх жыхарамі.[98] Па няпоўных зьвестках, пададзеных у табліцы 11, падчас 28 падобных апэрацый ад рук карнікаў загінула звыш 70 тысяч чалавек.

Нельга, аднак, падлічыць усе людзкія страты, панесеныя ў часе ўсіх карных экспедыцыяў, шляхам падваеньня гэтага ліку, паколькі ў табліцу ўвайшлі ўсе найбуйнейшыя карныя акцыі. Таму агульную колькасьць забітых, спаленых жыўцом і зьнішчаных іншым шляхам людзей падчас гэтых акцыяў на Беларусі зь вялікай асьцярогай можна ацаніць прыблізна ў 100 тысяч чалавек.

Першая карная апэрацыя на тэрыторыі Генэральнай акругі Беларусь мела назву «Зумпфібэр» («Балотная ліхаманка»). Яна праводзілася з 21 жніўня па 21 верасьня 1942 г. пад камандаваньнем HSSPF Остлянду Екельна. Вынікі яе, паводле рапарту, былі наступныя: спалена 49 партызанскіх лягераў і некалькі вёсак, забіта ў баях 389 партызан, 1274 цывільныя жыхары, якіх западозрылі ў супрацоўніцтве з партызанамі, і 8350 габрэяў. Да таго ж «эвакуявана» 1217 чалавек. Такім чынам, усяго было забіта больш за 10 тысяч чалавек, зь якіх партызаны не складалі і 4 %.

Вынікі акцыі «Зумпфібэр» былі значна большыя за яе антыпартызанскі эфэкт. Кубэ высьмейваў Екельна, які лічыў гэтую апэрацыю за вялікае дасягненьне ў барацьбе з партызанскай пагрозай, і адначасова паведаміў Лёзэ, што такія сродкі ня толькі перашкаджаюць дзейнасьці падначаленага яму мясцовага адміністрацыйнага апарату, але ўвогуле не судзеюць паляпшэньню стану бясьпекі. Забойства нявінных людзей падымала апэрацыйныя паказчыкі СС, затое падрывала палітыку Кубэ, скіраваную на здабыцьцё прыхільнасьці тутэйшага насельніцтва. Цікава, што яго падтрымаў SSPF Шымана, які пацьвердзіў, што вялікая акцыя Екельна мала што дала, бо партызаны паўцякалі. І Кубэ, і Шымана адначасова выступілі супраць правядзеньня такіх апэрацыяў у будучым. У гэтай справе Шымана зьбіраўся прапанаваць Екельну стварэньне густой сеткі паліцыйных базаў, якая ахоплівала б кожны раённы горад. На яго думку, гэтае мерапрыемства дало б куды большы плён у барацьбе з партызанамі. Такім чынам, менскі шэф СС і паліцыі падтрымаў канцэпцыю Кубэ.

Гэта была ня толькі крытыка бяздарнасьці паліцыі і апэрацыі Екельна. У канцавым рахунку ўсё сказанае датычыла Гімлера як галоўнага рэжысёра вялікіх карных экспэдыцыяў, і гэта пасьля таго, як сам Гітлер перадаў яму найвышэйшыя паўнамоцтвы ў барацьбе з партызанамі. З Шыманам разабрацца было прасьцей — ён быў чалавекам гімлераўскага ведамства, таму неўзабаве яго проста перавялі на ніжэйшую пасаду камандзіра паліцыі парадку ў Менску. 3 Кубэ затое было ня так лёгка, нягледзячы на яго няспынныя выступленьні супраць СС. Пасьля «нахабных» абвінавачваньняў СС у крадзяжы мастацкіх твораў у Менску, пасьля ўмяшальніцтва ў справу вынішчэньня слуцкіх габрэяў, пасьля «нягоднай немца пазыцыі» што да беларусаў і ўмяшальніцтва ў кампэтэнцыю СС і паліцыі пры арганізацыі БСА, Кубэ цяпер выступіў супраць масавых забойстваў цывільнага насельніцтва і спальваньня вёсак. Выступіў акурат тады, калі Гімлер зьбіраўся зрабіць гэтыя акцыі сталым элемэнтам усіх вялікіх карных апэрацыяў, і пры гэтым яшчэ сьцьвярджаў (што ўжо выглядала як іронія), быццам у сувязі з антыпартызанскімі экспэдыцыямі на Беларусі пагоршыліся гігіенічныя варункі і ўзьнікла небясьпека эпідэміяў.

Такім чынам, у барацьбе супраць партызанскага руху на Беларусі абазначыліся два напрамкі, пачалася вайна за мэтады, якімі яна павінна была весьціся, множыліся ўзаемныя папрокі і абвінавачваньні паміж цывільнай адміністрацыяй і СС у бяздарнасьці і няўмельстве. Спакою на будучыню гэта не варажыла, тым больш, што Кубэ выразна ігнараваў патрабаваньні Бэргера — гімлераўскага стаўленіка ў ОМі, які яшчэ зусім нядаўна катэгарычна і «ў апошні раз» дамагаўся, каб цывільная адміністрацыя на ўсходзе ня ўмешвалася ў кампэтэнцыі райхсфюрэра СС. Таму, калі ў кастрычніку Лёзэ зьявіўся ў Бэрліне, Бэргер высьветліў імгненна, што ён зьбіраецца разам з Розэнбэргам пайсьці да Гітлера, каб абвінаваціць паліцыю ў няздатнасьці весьці барацьбу з партызанамі і прапанаваць поўнасьцю падпарадкаваць яе цывільным уладам. Бэргер здабыў нават дакумэнтацыю з выступленьня Лёзэ і перадаў яе Гімлеру. Празь месяц ён адкрыта раіў свайму шэфу правесьці чыстку сярод высокіх чыноў цывільнага кіраўніцтва на ўсходзе, якія выяўляюць варожасьць да СС. Аднак Гімлер, нягледзячы на магутную ўладу і ня меншае жаданьне, ня мог скінуць Кубэ з пасады генэральнага камісара Беларусі, на якую яго прызначыў сам Гітлер. Затое, маючы найвышэйшыя паўнамоцтвы ў барацьбе з партызанамі, ён мог дзейнічаць іншым шляхам.

Неўзабаве пасьля таго, як Лёзэ ў кастрычніку наведаў Бэрлін, Гімлер выдаў шэраг важных распараджэньняў, якія мелі сур’ёзны ўплыў на далейшыя падзеі. 23 кастрычніка ён прызначыў Баха сваім упаўнаважаным па справах барацьбы з партызанамі, пакінуўшы за ім ранейшае званьне HSSPF Russland-Mitte (шэфа СС і паліцыі Цэнтральнай Расеі). Амаль адначасова ён выдаў загад, паводле якога SSPF у Менску, які дагэтуль падпарадкоўваўся паліцыйным уладам Остлянду, цяпер пераводзіўся пад камандаваньне Баха. Дзейнасьць службы бясьпекі (СД) Генэральнай акругі Беларусь ў галіне антыпартызанскай выведкі таксама перайшла пад яго кіраўніцтва. Нарэшце, пад канец кастрычніка Гімлер прызначыў на пасаду SSPF Беларусі бязьмежна адданага сабе чалавека — брыгадэнфюрэра СС і генэрал-маёра паліцыі Курта фон Готбэрга, які замяніў Шыману.[99]

У лютым 1943 г. штаб Баха пераехаў з Магілёва ў Менск. Неўзабаве, 26.3.1943 г., Бах як упаўнаважаны па барацьбе з партызанскім рухам пераехаў у стаўку Гімлера, у Менску тым часам засталася частка яго штабу, якая 23.3.1943 г. атрымала новую назву: Dеr Hohere SS-und Polizeifuhrer Russland-Mitte und Weissruthenien (Галоўнакамандуючы СС і паліцыі Цэнтральнай Расеі і Беларусі — далей скарочана HSSPF RM und WR). Гэты тытул адлюстроўваў зьліцьцё ў руках адзінага камандаваньня дзейнасьці СС і паліцыі на тэрыторыі вайсковай адміністрацыі і Генэральнай акругі Беларусь. Паколькі ў Баха зьявіліся новыя абавязкі, кіраваць штабам HSSPF RM und WR павінен быў намесьнік — групэнфюрэр СС і генэрал-лейтэнант паліцыі Корзэман, а ў выпадку яго адсутнасьці — фон Готбэрг. Бах і Корзэман практычна бывалі ў Менску нячаста, таму сапраўдным кіраўніком усіх паліцыйных сілаў ува Ўсходняй і Заходняй Беларусі заставаўся фон Готбэрг. Яму падпарадкоўваліся тэрытарыяльныя пасты — SSPF Цэнтральнай Расеі ў Магілёве і SSPF Беларусі ў Менску. Аднак яны не адыгрывалі важнай ролі, тым болей што функцыі абодвух практычна не былі падзеленыя і заставаліся ў руках Готбэрга.

Такім чынам, Генэральная акруга Беларусь, хоць і заставалася ў складзе Остлянду, пад канец кастрычніка 1942 г. фактычна аказалася падпарадкаваная двум асяродкам вышэйшай акупацыйнай улады. Адміністрацыйны апарат, якім распараджаўся Кубэ, па-ранейшаму падпарадкоўваўся Лёзэ, затое ўсе сілы СС і паліцыі — Баху і яго намесьніку Готбэргу. Гэта стварала новую сытуацыю, у якой СС непазьбежна павінна была пераважыць. Кубэ выдатна гэта зразумеў і дзеля асабістай перастрахоўкі 9.11.1942 г. выслаў Гімлеру ліст, у якім запэўніваў яго ў абсалютнай ляяльнасьці перад СС, а таксама — у падтрымцы супрацьпартызанскай барацьбы Баха.[100] На фоне папярэдніх сутыкненьняў такія прызнаньні маглі здацца Гімлеру сэнсацыяй, адразу ж пасьля атрыманьня ён даручыў пераслаць пісьмо Кубэ Баху — дзеля азнаямленьня. Яны абодва разумелі: шчыра прызнавацца ў ляяльнасьці, ведаючы, якімі мэтадамі вядзецца барацьба з партызанамі, Кубэ мог толькі ў адным выпадку: калі вырашыў адмовіцца ад сваёй ранейшай беларускай палітыкі. Аднак гэтага ён не рабіў,[101] і паліцыйныя ўлады зразумелі, што салідарызацыя з СС была для яго толькі прыкрыцьцём, камуфляжам. Пад канец 1942 г. пазыцыі абодвух бакоў акрэсьліліся выразна, ніхто зь іх ужо ня бачыў шляхоў да паразуменьня. Мяркуючы па ўсім, ужо тады кіраўніцтва СС вырашыла прыбраць Кубэ зь яго пасады ў Менску.

У студзені 1943 г. дзеля гэтага распачалася кампанія, скіраваная на вылучэньне Генэральнай акругі Беларусь з складу Остлянду і падпарадкаваньня яе вайсковым уладам — гэтыя захады павінны былі прывесьці да ліквідацыі цывільнай адміністрацыі на падлеглым Кубэ абшары. Такія праекты снаваліся ў штабе Клюге ў Смаленску, іх пускалі на абмеркаваньне ў вайсковых колах у Менску, а пазьней — і Рыгі. Праект ліквідацыі цывільнага кіраўніцтва на Беларусі падтрымліваў і штаб Герынга, і яго прадстаўнікі ў ОМі (Кёрнэр, Томас, Рыне, Шлотэрэр), якія пасьля страты Кубані і значнай часткі Ўкраіны разьлічвалі на ўзмацненьне эксплуатацыі Беларусі. Ня выключана, што ролю натхняльніка пры гэтым мог адыграць Астроўскі — ён знаходзіўся ў той час у Смаленску і аказваў дапамогу штабу Клюге і кіраўніцтву Айнзацгрупы «Б» у змаганьні з партызанскім рухам на Смаленшчыне. Кубэ і Ермачэнка былі для яго самай галоўнай перашкодай для вяртаньня ў Менск. Але асноўнымі ініцыятарамі гэтага праекту былі ўсё ж паліцыйныя ўлады.

У гэтай сытуацыі Кубэ выступіў у абарону Генэральнай акругі, якой пагражала ліквідацыя. 3.2.1943 г. ён выслаў Розэнбэргу доўгі ліст, у якім прывёў грунтоўныя аргумэнты супраць скасаваньня цывільнай адміністрацыі на Беларусі. Ён падкрэсьліваў, што партызанскі рух у зоне цывільнага рэжыму значна слабейшы, чым ува Ўсходняй Беларусі, якая знаходзілася пад кіраўніцтвам Вэрмахту, што насельніцтва падначаленага яму абшару спраўна выконвае харчовыя паставы, прычым нават і ў тых раёнах, куды наведваюцца партызаны. Сярод іншых доказаў галоўны націск Кубэ рабіў на палітычныя меркаваньні. Ён пісаў пра страту нямецкага прэстыжу ў выпадку ліквідацыі цывільнай адміністрацыі на Беларусі, пра парушэньне цэласнасьці тэрыторыі цывільнай адміністрацыі на ўсходзе, папярэджваў пра небясьпеку поўнай страты даверу ў тутэйшага насельніцтва (у гэтай частцы Беларусі, на думку Кубэ, 50 % жыхароў дагэтуль яго яшчэ захоўвала). У рэшце рэшт,

на доўгі час была б увогуле зьнішчана наша дзейнасьць у галіне культуры, гаспадаркі, падатковай палітыкі і адміністрацыі.

Пры такім стане уводзіць пазьней цывільны рэжым яшчэ раз проста ня мела б сэнсу.

Адначасова Кубэ падкрэсьліваў патрэбу працягваць пазытыўную палітыку што да беларускага народу, ён ацэньваў яе як «безумоўна неабходную» для будучай усходняй палітыкі Нямеччыны.

Такім чынам, беларускае пытаньне стала справаю прэстыжу для нямецкай цывільнай адміністрацыі на ўсходзе. Таму Лёзэ і Розэнбэрг падтрымалі намаганьні Кубэ. Захаваньне ранейшага адміністрацыйнага статусу Беларусі было гарантам яе нацыянальна-тэрытарыяльнай адасобленасьці. У выпадку зьліцьця з тылавой зонай групы армій «Цэнтар», нацыянальна як быццам бы нэўтральнай, якую на самай справе, аднак, лічылі за расейскую (Russland-Mitte), гэтая адасобленасьць страцілася б. Такім чынам, праблема вырастала да палітычнага ўзроўню. Лёзэ, які даўно пагадзіўся з Кубэ наконт неабходнасьці вылучэньня Беларусі з Остлянду і беспасярэдняга падпарадкаваньня яе ОМі, цяпер зьмяніў сваю думку. У сярэдзіне красавіка 1943 г. ён адмовіўся ад гэтага праекту, зыходзячы зь меркаваньня, што ў рамках райхскамісарыяту Остлянд абараняць пазыцыю цывільнай адміністрацыі на Беларусі будзе лягчэй.[102] Па сутнасьці гэта быў тактычны крок, зроблены, каб памагчы яго сябру, Кубэ, бо да самага канца акупацыі Лёзэ заставаўся праціўнікам злучэньня Беларусі з Прыбалтыкай.

24 траўня 1943 г. Розэнбэрг, безумоўна, з ухвалы Гітлера, выдаў адпаведны дэкрэт, у якім пацьвердзіў ранейшую прыналежнасьць Беларусі да Остлянду. Адначасова спрашчалася службовая працэдура паміж генэральным камісарам і Міністэрствам акупаваных усходніх земляў. Аднак гэта не азначала наданьне самастойнасьці Генэральнай акрузе Беларусь. У дэкрэце паведамлялася, што пазьней будзе ўрэгуляваная сытуацыя з паліцыяй. У частцы ОМі спадзяваліся, што пасьля зьнішчэньня партызанскага руху паліцыйныя ўлады на Беларусі, падначаленай Кубэ, зноў пяройдуць у распараджэньне HSSPF Остлянду.

Гімлеру і Баху не ўдалася таксама і спроба афіцыйна абвесьціць Остлянд, у тым ліку і падпарадкаваную Кубэ частку Беларусі, зонай партызанскай вайны (Banden-kampfgebeit), што пасьля прызначэньня Баха 21.6.1943 г. шэфам антыпартызанскіх фармаваньняў пры райхсфюрэру СС забясьпечыла б яму вяршэнства ў дачыненьні да цывільнай адміністрацыі на Беларусі. У той самы дзень (21.6.1943 г.) Гімлер вярнуў Баху падрыхтаваны праект загаду бяз подпісу, растлумачыўшы, што ў дадзены момант лічыць яго непатрэбным. Правал праекту Гімлера абвесьціць Остлянд зонай партызанскай вайны, нягледзячы на яго ранейшую зацікаўленасьць, дазваляе меркаваць, што ён не атрымаў у гэтай справе падтрымкі Гітлера. У гэтым раундзе з СС зноў выйграваў Кубэ.

У барацьбе за скасаваньне цывільнай адміністрацыі на Беларусі паліцыйныя ўлады спрабавалі падважыць палітычную рэпутацыю Кубэ, пусьцілі за ім славу правадніка беларускіх нацыяналістычных тэндэнцыяў, «супярэчных» інтарэсам Нямеччыны. Готбэрг у адным зь першых сваіх лістоў, высланых зь Менску да шэфа Галоўнай управы СС Бэргера ў сьнежні 1942 або ў студзені 1943 г., павёў атаку на дзейнасьць БНС і яе кіраўніка Ермачэнкі, які

частуе бэрлінскія ўлады цалкам памылковымі нацыянальнымі і незалежніцкімі беларускімі ідэямі.

Готбэрг сьцьвярджаў, што БНС адно толькі нарабіла шкоды і задурманіла насельніцтва. Асабліва ён абураўся наконт створанай пры БНС самааховы, якая, на яго думку, шчыльнымі радамі, з зброяй у руках пераходзіць на бок партызан. Готбэрг рабіў высновы:

Цалкам зразумела, што выдуманыя беларускімі эмігрантамі або салённымі бэрлінскімі палітыкамі ідэі нацыянальнай Беларусі ў сапраўднасьці проста не існуюць.

І сьцьвярджаў, што да гэтай яго думкі пачынаюць далучацца і акруговыя камісары на Беларусі. Такім чынам, Готбэрг цэліў у самыя падставы палітыкі Кубэ, прычым яго пазыцыя супадала з той, што выказаў Гуміч на згаданай канфэрэнцыі ў ОМі 8.1.1943 г. А гэта азначала, што погляды абодвух высокіх функцыянэраў паліцыі выцякалі з адной крыніцы — адносін Гімлера да Кубэ і яго палітыкі.

Пры такіх абставінах у сьнежні 1942 г. служба бясьпекі ў Менску занялася справай кіраўніцтва БНС і зборам доказаў яго «злачыннай дзейнасьці».[103] Галоўны ўдар быў скіраваны супраць Ермачэнкі, але даказаць яго варожасьць да Нямеччыны нават для СД было задачай нялёгкай.[104] Таму даводзілася хапацца за розныя вэрсіі. Ермачэнку спрабавалі абвінаваціць у панславізьме, ідэйным цэнтрам якога была Прага (дзе ён жыў да вайны), а цяпер нібыта стала Масква.[105] Потым папракалі ў выкарыстаньні ў своекарыслівых інтарэсах хістаньня і неабачлівасьць нямецкіх уладаў у галіне нацыянальнай палітыкі (намінка на Кубэ). Нарэшце, у кіраўніцтве БНС «выкрылі» левае крыло, якое «ўжо межавала зь лесам» (згадкі наконт сымпатыі да партызан). Адначасова насуперак сьцьверджаньням Готбэрга пра задурманьваньне насельніцтва, рапарт СД сьведчыў пра вельмі нязначны ўплыў БНС на грамадзтва. Супраць Ермачэнкі распачалі кампанію таксама Астроўскі ў Смаленску і Акінчыц у Бэрліне.

Аднак усе загады службы бясьпекі разьбіваліся аб пазыцыю Кубэ: ён бараніў Ермачэнку, а заадно сябе і сваю палітыку. У гэтай сытуацыі справай Ермачэнка занялася Галоўная ўправа бясьпекі Райху (RSHA), абвінаваціўшы яго ў найцяжэйшым злачынстве — дзяржаўнай здрадзе. У Менск быў высланы супрацоўнік RSHA, які хаця і знайшоў парушэньні статуту ў дзейнасьці БНС, аднак ня змог абвінаваціць у іх Ермачэнку, бо кожнае перавышэньне правоў БНС было дазволена рашэньнем Кубэ і вышэйшых цывільных уладаў Нямеччыны. Нарэшце, сьледзтва было скіравана на гаспадарчую дзейнасьць БНС, дзе былі знойдзены злоўжываньні. Такім чынам, дзякуючы пазыцыі Кубэ і ОМі Ермачэнку ўдалося ўнікнуць сьмерці, аднак 27.4.1943 г. ён быў вымушаны пакінуць Менск і вярнуцца ў Прагу, дзе яму было забаронена займацца палітычнай дзейнасьцю. Па даручэньні Розэнбэрга 16.7.1943 г. Кубэ выслаў Ермачэнку ліст з падзякаю за яго заслугі ў працы на Беларусі. Такім шляхам Розэнбэрг і Кубэ паказалі, што ўся яго справа была сфабрыкавана паліцыйнымі ўладамі ў кантэксьце палітычнага канфлікту з цывільнай адміністрацыяй на Беларусі.

У сакавіку 1943 г. Ермачэнка склікаў апошні зьезд акруговых кіраўнікоў і вайсковых рэфэрэнтаў БНС разам зь сябрамі яе Галоўнай рады і паведаміў ім, што, згодна з рашэньнем уладаў, дзейнасьць гэтай арганізацыі цяпер будзе абмяжоўвацца толькі аховай здароўя і аказаньнем матэрыяльнай дапамогі насельніцтву. Гэта азначала, што ўсе не прадугледжаныя ў статуце галіны дзейнасьці БНС, яе аддзелаў, Галоўнай Рады і г. д. будуць зьліквідаваны. Спыніў сваё існаваньне інстытут мужоў даверу БНС пры генэральным і акруговых камісарыятах. У красавіку 1943 г., на падставе загаду камандзіра паліцыі парадку палкоўніка Клюпша была распушчана Беларуская самаахова (БСА). Яе салдаты перайшлі ў распараджэньне мясцовай паліцыі парадку, адзінага пакуль што «беларускага» паліцыйнага батальёну № 49 у Менску, атрадаў чыгуначнай аховы, а часткова былі вывезены на працу ў Нямеччыну. Як піша Кушаль, у некаторых раёнах ліквідацыя БСА праходзіла вельмі жорстка.

Вынік другога раўнду ў канфлікце Кубэ з СС быў ужо не такі адназначны, як першы. Ратуючы Ермачэнку, Кубэ абараніў сваю ўласную пазыцыю, аднак заплаціў за гэта занадта высокую цану — разбурэньне ўсяго палітычнага мэханізму (БНС і БСА), які ён будаваў ад пачатку верасьня 1941 г. Нягледзячы на нігілізм Гімлера і недавер Розэнбэрга, Кубэ разьлічваў на пасьпяховасьць сваіх ініцыятываў, якія павінны былі абудзіць беларусаў і заахвоціць іх да працы на баку Нямеччыны. Кіраўніцтва СС разбурыла гэтыя пляны, спадзеючыся толькі на грубую сілу.

Рэванш Кубэ і разьвязка канфлікту

Аднак Кубэ не адмовіўся ад сваёй палітычнай лініі. У адказ на паліцыйныя перасьледы Ермачэнкі ён 30.1.1943 г. запэўніў Галоўную раду БНС у сваёй нязьменнай гатоўнасьці да

цеснага супрацоўніцтва з усімі беларусамі, якія прызнаюць сэнс і непазьбежнасьць новай Эўропы.

Кубэ пачаў распаўсюджваць тэорыю аб нардычнай крыві беларускай нацыі, якую ён захаваў на працягу сваёй тысячагадовай гісторыі. Насуперак гімлераўскай тэорыі аб расавай ніжэйшасьці славян ён спрабаваў падвесьці тэарэтычны грунт пад сваю палітычную лінію, а заадно — зьмяніць агульнае стаўленьне да беларусаў з боку расісцкіх дагматыкаў.[106]

Нягледзячы на перашкоды, зьвязаныя зь дзейнасьцю партызан і рознымі сумненьнямі і агаворкамі OМi, у першай палове 1943 г. Кубэ ажыцьцявіў шэраг праектаў, разьлічаных па-ранейшаму на абуджэньне прыхільнасьці ў мясцовага насельніцтва. У сакавіку 1943 г. ён выдаў распараджэньне аб землеўпарадкаваньні і ліквідацыі цераспалосіцы, каб стварыць эканамічна рацыянальныя сялянскія гаспадаркі і такім чынам замацаваць вынікі леташняй аграрнай рэформы. Пачалося ажыцьцяўленьне гэтага праекту. Адначасова Кубэ распрацаваў і прапанаваў Розэнбэргу праект прыватызацыі зямлі ўва ўсходніх акругах генэральнага камісарыяту, мяркуючы ў будучыні стварыць на гэтых землях абаронныя вёскі. І пакуль Розэнбэрг вагаўся, Кубэ дамагаўся адпаведнага распараджэньня, прасіў асабістай сустрэчы ў Бэрліне, націскаючы на тое, што бяз хуткага дадатнага вырашэньня гэтай праблемы ня можа быць і мовы аб далейшай палітычнай і гаспадарчай дзейнасьці. Можна таму лічыць, што ініцыятарам выдадзенага Розэнбэргам 3.6.1943 г. дэкрэту аб прыватызацыі зямлі на ўсходзе ў вялікай ступені быў Кубэ, бо ні Кох на Украіне, ні адміністрацыя ў Прыбалтыцы ня выявілі зацікаўленасьці ў гэтай справе.

Пасьпяхова закончыліся і стараньні Кубэ па адкрыцьці ў Менску Мэдыцынскага інстытуту — першай вышэйшай навучальнай установы падчас нямецкай акупацыі на Беларусі. Пасьля доўгіх разваг Розэнбэрг пагадзіўся 23 сакавіка на адкрыцьцё менскага інстытуту і растлумачыў, што робіць гэта дзеля падтрыманьня належнага ўзроўню аховы здароўя на Беларусі. Розэнбэрг зазначыў, што колькасьць студэнтаў павінна будзе адпавядаць патрэбам цэлай Генэральнай акругі, г. зн. таксама і ўсходняй часткі Беларусі, якая знаходзілася пад вайсковай адміністрацыяй. Такім чынам, інстытут павінен быў стаць даволі вялікай установай. Яго рэктарам спачатку быў прызначаны дэкан мэдыцынскага факультэту ўнівэрсытэту ў Фрайбургу прафэсар Э. Т. Наук, але неўзабаве яго замяніў беларус, прафэсар Мікалай Сьцяпанаў. Інстытут распачаў сваю працу 13.5.1943 г., але ня ў Менску, а ў Магілёве, пасьля адпаведнай дамоўленасьці Кубэ з вайсковымі ўладамі.[107] Адкрыцьцё інстытуту мела вялікае значэньне. Па-першае, гэта сьведчыла пра новае стаўленьне ОМі да справы вышэйшай адукацыі на Беларусі, а па-другое, гэта быў добры прэцэдэнт для стварэньня наступных вышэйшых навучальных устаноў.[108]

Варта спыніць увагу на ўзьнікненьні Саюзу беларускай моладзі (СБМ). У першай фазе акупацыі Розэнбэрг не прадугледжваў стварэньня моладзевых арганізацыяў на акупаваных усходніх тэрыторыях. Толькі 3.6.1942 г. ён выдаў дэкрэт аб стварэньні спэцыяльнага моладзевага аддзелу ў ОМі. Дэкрэт дазваляў ствараць такія аддзелы і ў генэральных камісарыятах прыбалтыйскіх краін для нагляду дзейнасьці эстонскай, латыскай і літоўскай арганізацыі Беларусі і Ўкраіне.

Мясцовыя нямецкія акупацыйныя ўлады па-рознаму ўспрынялі ідэю стварэньня краёвых моладзевых арганізацыяў: яе падтрымалі генэральныя камісары ў Эстоніі і Латвіі, і ў выніку там былі арганізаваны адпаведныя моладзевыя саюзы. Затое не пагадзіўся на гэта генэральны камісар у Коўне фон Рэнтэльн, так што стварыць літоўскую арганізацыю не ўдалося. Не цікавіўся гэтым і Кох на Ўкраіне. Затое Кубэ быў вялікім прыхільнікам стварэньня беларускай моладзевай арганізацыі — ён бачыў у гэтым важны сродак ажыцьцяўленьня ўласнай палітычнай канцэпцыі. Таму ён паблажліва ставіўся да моладзевай арганізацыі, якая неафіцыйна была створана ў Глыбоцкай акрузе восеньню 1941 г., і не перашкаджаў працы, якую праводзіла ў гэтай галіне БНС. Аднак для стварэньня агульнакраёвай афіцыйнай арганізацыі патрэбна была згода Розэпбэрга і колькімесячныя захады Кубэ для яе атрыманьня.

Таму толькі з прыходам 1943 г. пачалася падрыхтоўка для стварэньня СБМ. У Бэрліне гэтым заняўся моладзевы аддзел ОМі. Пры ўдзеле Акінчыца была наладжана падрыхтоўка акруговых кіраўнікоў СБМ (часткова іх набралі сярод ваеннапалонных беларусаў-афіцэраў Чырвонай Арміі), напісаны праект статуту і праграмныя тэзы, а таксама прапагандысцкія матэрыялы. Адначасова быў створаны моладзевы аддзел пры генэральным камісарыяце ў Менску. У ім працавалі моладзевы кіраўнік Вільгельм Шульц і кіраўнічка Грызэман. Пад беспасярэднім наглядам Кубэ яны заняліся арганізацыйнай падрыхтоўкай. Былі адчынены два першыя навучальныя цэнтры СБМ у Альбярціне (для хлопцаў) і ў Драздох, што пад Менскам (для дзяўчат). Тут праходзілі падрыхтоўку мясцовыя дзеячы гэтай арганізацыі.

22.6.1943 г. падчас урачыстасьці ў Менскім гарадзкім тэатры Кубэ абвясьціў аб стварэньні СБМ. Яго структура была зроблена на ўзор гітлерюгенду (HJ) і грунтавалася на прынцыпе фюрэрства. Так, галоўным органам СБМ быў кіраўнічы штаб, яго шэфам прызначаны Міхась Ганько, беспасярэдне падначалены Кубэ. Працаю сярод дзяўчат на цэнтральным узроўні кіравала доктар Надзея Абрамава. Кіраўнічаму штабу СБМ падпарадкоўваліся акруговыя кіраўнікі, а ім, у сваю чаргу, — павятовыя, яны кіравалі атрадамі (для хлопцаў) і гурткамі (для дзяўчат) у валасьцях, вёсках, школах і г. д. Да СБМ магла належаць беларуская моладзь ад 10 да 20 гадоў.

У ліпелі 1943 г. СБМ атрымаў свой друкаваны орган — штомесячнік «Жыве Беларусь». Выходзіла і навучальна-інструкцыйная літаратура — «Вучэбны лісток» і «Дзёньнікі загадаў». Улетку 1943 г. працягвалася падрыхтоўка інструктарскіх кадраў, у прыватнасьці, маладых настаўнікаў, якія павінны былі займацца арганізацыяй школьных гурткоў СБМ ад пачатку 1943/44 навучальнага году. Важную навучальна-прапагандысцкую ролю адыгрывалі экскурсіі актывістаў СБМ у Нямеччыну — тут беларуская моладзь знаёмілася з мэтадамі арганізацыйнай працы гітлерюгенду, выступала з канцэртамі беларускіх песень. Яе прымалі ў ОМі і г. д. У рамках кантактаў зь нямецкай моладзьдзю варта адзначыць зваротны візыт шчэцінскага «Карл-Лёвэ-Хора» на Беларусь. З дапамогай кіраўніцтва гітлерюгенду «на многа мільёнаў райхсмарак» у Нямеччыне была закуплена форма для сяброў СБМ, якую яны маглі набыць за даволі невялікую плату.

Паводле статуту СБМ, мэта гэтай арганізацыі — узгадаваць

пасьлядоўных будаўнікоў Новае Беларусі і падрыхтаваць іх да іхніх будучых заданьняў у народзе.

Магістральным кірункам у выхаваўчай працы павінна было стаць

вызваленьне беларускай моладзі ад варожых і шкодных уплываў, яе маральнае адраджэньне й выхаваньне ў духу Новай Беларусі над правадырствам нацыянал-сацыялістычнай Нямеччыны.

Таму акцэнт пераносіўся на патрыятычнае выхаваньне моладзі, на выкараненьне гістарычна абумоўленай рабскай псыхалёгіі, разьвіцьцё пачуцьця грамадзкага абавязку, адказнасьці, працавітасьці і да т. п. Такі выхаваўчы кірунак быў разьлічаны на тое, каб памагчы моладзі

адчуць сваю адказнасьць за лёс і дабрабыт айчыны і заўсёды быць гатовай працаваць для свайго народу і краю й служыць ім.

Статут трымаў на далёкім прыцэле паступовае перавыхаваньне ўсяго грамадзтва ў духу сваіх праграмных ідэяў.

Новая арганізацыя была важным дасягненьнем Кубэ. Ганько сьцьвярджаў нават, што гэта ўвогуле было самае вялікае дасягненьне за два гады існаваньня акупацыйнай цывільнай адміністрацыі на Беларусі. У верасьні 1943 г. дзейнасьць СБМ распаўсюдзілася і на тэрыторыю Усходняй Беларусі, што знаходзілася ў зоне вайсковай адміністрацыі. Па сутнасьці, СБМ стаў першым і пакуль што адзіным прызнаным у Бэрліне грамадзкім форумам, які мог праводзіць шырокую выхаваўчую працу ў беларускім нацыянальным духу — лёзунгі «Новай Эўропы» гэтаму практычна не перашкаджалі. З такога пункту гледжаньня нічога падобнага на Беларусі ніколі не існавала. Рост гэтай арганізацыі з восені 1943 г. сьведчыў пра тое, што ідэя Кубэ трапіла ўва ўрадлівую глебу. Савецкае падпольле вельмі варожа ставілася да СБМ, аднак змагацца зь ім было ня так проста: па-першае, гэтаму перашкаджала малалецтва яго ўдзельнікаў, а па-другое, дзейнасьць яго праходзіла збольшага ў вялікіх гарадох і мястэчках — партызаны ня мелі туды шырокага доступу. Сымбалічна, што насуперак настойлівай падпольнай прапагандзе толькі тры кіраўнікі СБМ пакінулі яго шэрагі і перайшлі да партызан.

Стварэньне СБМ дало пачатак новай прапагандысцкай кампаніі, маўляў, афіцыйны дазвол на яго арганізацыю сьведчыць пра тое, што Гітлер расцэньвае беларускі народ як дадатны элемэнт «Новай Эўропы», што Нямеччына прызнае за гэтым народам права на будучыню і пачэснае месца ў Эўропе і выказвае шчыры давер і сымпатыю да беларускай моладзі. Адначасова высьмейвалася «бальшавіцкая гістэрыя» вакол уяўнай калянізацыі і нямецкага ўціску на Беларусі. У гэтай атмасфэры Кубэ выступіў з новым заклікам, які ўпершыню прагучаў зь ягоных вуснаў падчас урачыстага абвяшчэньня СБМ: «З Адольфам Гітлерам да самавызначэньня беларускай нацыі!» Нельга, аднак, гэтую фразу і ўсю праведзеную Кубэ кампанію расцэньваць выключна як прапаганду. У той гульні, якую Кубэ разыгрываў перад вышэйшым бэрлінскім кіраўніцтвам з эсэсаўска-паліцыйнай апазыцыяй, стварэньне СБМ стала важкім аргумэнтам на карысьць яго палітычнай лініі. Пазьней гэта дало права гаўляйтару сьцьвярджаць, што яго палітыка адпавядае пазыцыі вярхоўнага кіраўніцтва Нямеччыны.

Выданьне Ермачэнкі і ліквідацыя дадатковых паўнамоцтваў БНС перакрэсьлілі надзеі Кубэ стварыць на базе гэтай арганізацыі цэнтральны орган беларускага самакіраваньня. Кубэ не адмовіўся ад гэтай ідэі, аднак яе ажыцьцяўленьне выглядала цалкам безнадзейна. Праўда, распараджэньне Розэнбэрга ад 24.4.1942 г. дазваляла генэральным камісарам Остлянду самастойна выдаваць праўныя акты, але толькі ў тых галінах, якія не падлягалі кампэтэнцыі вышэйшых уладаў (RKO[109], ОМі) і наконт якіх не існавала выразных дырэктываў. У любым выпадку Кубэ ня мог стварыць такі орган бяз згоды Розэнбэрга, а той, у сваю чаргу, — без дазволу Гітлера.[110] І гэтае становішча не мянялася, нягледзячы на ўсе захады Розэнбэрга і вайсковага камандаваньня. У гэтай сытуацыі Розэнбэрг ня мог дазволіць стварэньня нацыянальнага камітэту ці кансультатыўнай рады нават на Ўкраіне, хоць гэтая тэрыторыя лічылася важнейшай.

Таму ўзьнікненьне беларускага Камітэту даверу, званага часьцей Радай даверу, якое Кубэ правёў 27.6.1943 г., заслугоўвае ня меншай увагі, чым стварэньне пачаткова не прадугледжанай для Беларусі моладзевай арганізацыі. Аднак цяпер, пасьля сумнага экспэрымэнту з БНС і Ермачэнкам, Кубэ не жадаў рызыкаваць і ставіць кіраўніцтва перад зьдзейсьненым фактам — такое дасягненьне апазыцыя лёгка магла перакрэсьліць. Таму на стварэньне Камітэту даверу ён дабіўся згоды ня толькі ў Лёзэ, але і ў самога Розэнбэрга, аб чым двойчы падкрэсьліваў у сваіх выступленьнях. Паўстае пытаньне, што магла азначаць гэтая згода? Асабліва дзіўна яна выглядала на фоне агульнай нэгатыўнай бэрлінскай палітыкі і забароны Розэнбэргам украінскага камітэту. Такое пытаньне павінна быць істотным яшчэ зь дзьвюх прычын: па-першае, ніякія распараджэньні ў гэтай справе не публікаваліся ўва ўрадавых выданьнях Кубэ, Лёзэ ці Розэнбэрга, і, па-другое, адразу пасьля стварэньня Камітэту даверу і прынагоднай урачыстасьці ў мясцовым друку пастараліся не надаваць яго дзейнасьці вялікага розгаласу.

Адказ на гэтыя пытаньні крыецца ў самім характары Камітэту даверу. Фармальна ён не ўважаўся за асобную беларускую ўстанову, а быў толькі складовай часткаю апарату генэральнага камісарыяту, таму для яго ня трэба было праграмы, статуту і г. д. Камітэт даверу быў органам накшталт адміністрацыйнай камісіі, адзінаю яго задачай сталася апрацоўка і перадаваньне акупацыйным уладам пажаданьняў і прапановаў, ён меў права дарадчага голасу ў пасяджэньнях генэральнага камісарыяту пад кіраўніцтвам Кубэ або яго намесьніка, а таксама мог зьбірацца на свае ўнутраныя нарады. Такім чынам, Кубэ ўдалося спрытна абмінуць самую далікатную прынцыповую перашкоду: Камітэт ня быў фармальна беларускай установай і яго нельга было трактаваць як нацыянальнае прадстаўніцтва, таму і Розэнбэрг ня мог выставіць супраць яго ніякіх закідаў. А па-другое, зрабіўшы Камітэт часткаю свайго апарату, Кубэ засьцярог яго ад паўтарэньня лёсу ранейшага кіраўніцтва БНС.

У тагачасных абставінах гэта была адзіная магчымасьць абмінуць генэральную лінію бэрлінскай палітыкі, што адлюстроўваў і асабовы склад Камітэту даверу. Усяго ў ім налічвалася 16 чалавек. Дзевяць зь іх былі прадстаўнікамі мясцовай беларускай адміністрацыі, якіх акруговыя камісары спэцыяльна вылучылі для працы ў Камітэце — дагэтуль яны не адыгрывалі важнай ролі ў палітычным жыцьці.[111] Апрача таго, Кубэ запрасіў туды яшчэ шэсьць дзеячоў цэнтральнага ўзроўню: менскага бурмістра Вацлава Іваноўскага (старшыня Камітэту даверу), новапрызначанага кіраўніка БНС і адначасова прадстаўніка Баранавіцкай акругі Юр’я Сабалеўскага (намесьнік старшыні), кіраўніка Цэнтральнага бюро прафсаюзаў Канстанціна Рабушку, кіраўнікоў СБМ Міхася Ганька і Надзею Абрамаву, а таксама Аўгена Калубовіча. 16-ты чалец Камітэту ніколі публічна не называўся. Паводле Івана Новікава, гэта быў сам Кубэ — фактычны кіраўнік Камітэту. Такая вэрсія вельмі верагодная, асабліва калі ўлічыць характар Рады даверу і тыя намаганьні, што прыкладаў Кубэ, каб падстрахаваць дзейнасьць Камітэту.

Камітэт складаўся з новых людзей, якія не ўваходзілі раней у каманду Ермачэнкі. Напэўна, гэта была яшчэ адна перасьцярога перад нападкамі СС. Затое цяжка зразумець, зь якіх меркаваньняў зыходзіў Кубэ, запрасіўшы Вацлава Іванаўскага на пасаду фармальнага старшыні Камітэту. Ён быў арганізатарам і кіраўніком беларускага незалежніцкага кансьпірацыйнага руху і спрабаваў наладзіць супрацоўніцтва з польскім падпольлем. Беларускія дзеячы зь ліку прыхільнікаў Астроўскага (сярод іншых — Іван Касяк) рабілі на яго даносы, так што Іваноўскага трымала на прыцэле СД. Аднак Кубэ не пераацэньваў папярэджаньняў службы бясьпекі, хоць поўнага даверу да Іваноўскага ён таксама ня меў. Напэўна, дзеля страхоўкі гаўляйтар даручыў яму гэтую пасаду часова — усяго на адзін год.

У сваім выступленьні з нагоды стварэньня Камітэту даверу Кубэ паўтарыў сваю тэзу:

Мы прыбылі сюды як пераможцы, але пераможцы бальшавізму, а не беларусаў. Для іх мы — вызваліцелі.

Ён заклікаў сяброў Камітэту так наладзіць працу зь беларускай нацыяй, каб яна

апынулася на ўзроўні эўрапейскіх нацыяў.

Камітэт павінен быў прысьвяціць асаблівую ўвагу тром праблемам: разьвіцьцю школьніцтва і выхаваньню моладзі, аднаўленьню гаспадаркі і забесьпячэньню насельніцтва прадуктамі харчаваньня і, нарэшце, нямецка-беларускаму супрацоўніцтву ў барацьбе з партызанамі. Пра дэкрэт Розэнбэрга ён гаварыў:

Уласнасьць на зямлю — гэта толькі шматок паперы датуль, пакуль гэтую зямлю нельга будзе абараніць ад бандытаў.

Камітэт даверу павінен быў распрацаваць свае прапановы па трох назначаных праблемах, каб абмеркаваць іх на сумесным пасяджэньні зь нямецкімі ўладамі. Паўстае пытаньне: якіх прапановаў мог чакаць Кубэ ад Камітэту? Усе гэтыя справы ён ня толькі выдатна ведаў, але быў нават ініцыятарам некаторых зь іх, прычым досьвед з самааховай найвыразьней сьведчыў аб залішняй ініцыятыве нямецкай цывільнай адміністрацыі і беларускіх дзеячоў што да барацьбы з партызанамі. Камітэт ня мог тут нічога новага ані прапанаваць, ані зрабіць, бо, у адрозьненьне ад БНС, ён ня меў нават свайго выканаўчага апарату. Кубэ выдатна аб гэтым ведаў і на самай справе не разьлічваў на эфэктыўнасьць працы новастворанага органа.

Роля Камітэту даверу, відаць, была не такая, якую Кубэ апісваў Розэнбэргу, каб дабіцца згоды на яго стварэньне. Гаўляйтэр трактаваў яго як сымбалічнае, пакуль што, беларускае нацыянальнае прадстаўніцтва, якое ў спрыяльных умовах Бэрлін мог бы зацьвердзіць афіцыйна, ператварыўшы яго ў орган цэнтральнага самакіраваньня. Такім чынам, нягледзячы на правал зь Ермачэнкам, Кубэ не адмовіўся ад сваіх ранейшых намераў, хоць у цяперашняй сытуацыі ня мог іх ажыцьцявіць «з прычын палітычных і асабістых», аб чым і прызнаваўся Лёзэ. Усе сапраўдныя задачы новага органа былі наперадзе — трэба было пакуль што гуртаваць вакол яго нацыянальныя сілы і чакаць моманту зьмены ў палітычнай каньюнктуры.

Падобную ролю, толькі ў галіне вышэйшай адукацыі і арганізацыі будучых навуковых дасьледаваньняў, павінна было адыграць створанае 27.6.1943 г. у Менску Беларускае навуковае таварыства (БНТ). У параўнаньні зь мінулагодняй няўдачай яго арганізатары цяпер мелі на руках больш важкія фармальныя падставы: Розэнбэрг выдаў дазвол на адкрыцьцё Мэдыцынскага інстытуту. Таму, апрача мясцовых уладаў, у стварэньні БНТ прынялі ўдзел доктар Штэгман (дарадца Лёзэ па навукова-дасьледчых праблемах) і Нойгэбаўэр (кіраўнік аддзелу культуры RKO). Як сказана было ў заснавальніцкім акце, мэтаю БНТ ёсьць дапамога ў арганізацыі навуковай працы, усе яго намаганьні павінны скіроўвацца на разьвіцьцё і падтрымку беларускай навукі і культуры. Меркавалася стварыць асобныя сэкцыі таварыства ў галінах беларусазнаўства, прыроды, матэматыкі, тэхнікі, літаратуры і мастацтва. БНТ павінна было праводзіць тэарэтычныя, чыста навуковыя дасьледаваньні, вырашаць праблемы пэрспэктыўнай адбудовы Беларусі і, урэшце, выконваць беспасярэднія ваенныя заданьні.

У прэзыдыюм Беларускага навуковага таварыства ўвалілі прафэсары: Шыперка, Шкуцька, Трысмакаў, Кавалёў і Бухвалаў, старшынём быў абраны Іваноўскі, а яго намесьнікамі— Лыноўскі і Масевіч. Ганаровым старшынём стаў Кубэ. Штэгман з RKO абяцаў аказаць падтрымку дзейнасьці таварыства, у прыватнасьці, дапамагчы яму з здабыцьцём належнай літаратуры і сувязяў зь нямецкімі навукоўцамі. Меркавалася наладзіць цеснае супрацоўніцтва БНТ з Цэнтрам вывучэньня Усходу (Zentrale fur Ostforschung).

Кубэ добра разумеў, што на фоне зьверстваў СС і паліцыі ў часе карных апэрацыяў блякнуць, не закранаючы грамадзкай сьвядомасьці, усе яго дадатныя распачынаньні. З гэтай прычыны, а таксама ў інтарэсах гуманнасьці, ён распачаў барацьбу з СС у абарону мірнага насельніцтва. Паколькі распараджацца паліцыйным апаратам Кубэ ня мог, ён выкрываў злачынствы карных атрадаў і намагаўся давесьці гэтыя факты да ведама Розэнбэрга і Гітлера, досыць наіўна разьлічваючы, што такое ўмяшальніцтва дасьць нейкі плён. Акруговым камісарам ён разаслаў сакрэтны цыркуляр, у якім загадваў дасылаць яму падрабязныя і непрыхарошаныя зьвесткі пра дзейнасьць паліцыйных атрадаў.

Праз пасярэдніцтва RKO 24.3.1943 г. Кубэ пераслаў Розэнбэргу рапарт камісара Менскай акругі доктара Людвіка Эрэнляйтнэра, які пэўны час заступаў свайго калегу ў Слонімскай акрузе, і прывёў дакладныя вынікі карнай акцыі, праведзенай там Готбэргам. Напэўна, гэта былі апэрацыі «Гамбург» — «Альтона». У рапарце паведамлялася аб забойствах і масавай дэпартацыі ў Нямеччыну вясковых жыхароў двух раёнаў. Нягледзячы на жорсткасьць, экспэдыцыя не дала вынікаў: партызанскі рух у гэтай зоне ня толькі ацалеў, але і ўзмацніўся, бо ў лясы паўцякала запалоханае насельніцтва. Эрэнляйтнэр, такім чынам, пацьвердзіў думку Кубэ: самі па сабе паліцыйныя захады не маглі дапамагчы ў вырашэньні партызанскай праблемы. Напэўна, гэта быў першы рапарт такога зьместу. Чыноўнікаў RKO ён увагнаў у немалы клопат — амаль два месяцы яго разглядалі аж у «чатырох розных інстанцыях» і зьбіраліся нават вярнуць Кубэ, пакуль пад канец траўня Лёзэ ня вырашыў усё ж пераслаць яго ў Бэрлін.

Рапарт Эрэнляйтнэра быў першым у цэлай сэрыі абвінавачваньняў СС у злачынствах супраць мірнага насельніцтва. На падставе рапартаў, атрыманых, між іншым, ад супрацоўнікаў менскага генэральнага камісарыяту, Кубэ даводзіў да ведама вышэйшых уладаў канкрэтныя факты зьверскага абыходжаньня карнікаў з цывільнымі жыхарамі. Так, паводле інфармацыі, атрыманай ад кіраўніка Менскай акругі БНС Юліяна Саковіча, ён апісваў, як паліцыйныя атрады палілі жыўцом загнаных у хаты сялян, паведамляў пра выпадкі, калі ў шпіталь зьвярталіся параненыя, недабітыя ў часе расстрэлаў — яны выкараскваліся з магіл і шукалі лекарскай дапамогі. Ня раз Кубэ зьвяртаўся да кіраўніцтва пры правядзеньні апэрацыі «Котбус». 5 чэрвеня ён падаваў зьвесткі, што сярод 5000 забітых, якія нібыта супрацоўнічалі з партызанамі, шмат жанчын і дзяцей. Гаўляйтар папярэджваў, што палітычныя вынікі гэтых акцыяў катастрафічныя. Маючы перад сабой канчатковыя зьвесткі па гэтай апэрацыі, 29 чэрвеня ён пісаў Розэнбэргу, што ў выніку яе было зьнішчана 13 000 «ворагаў» і пры гэтым здабыта толькі 950 вінтовак, — такім чынам, 90 % гэтых ворагаў — проста бяззбройныя людзі. Яшчэ 3 чэрвеня Кубэ пісаў да Лёзэ:

Я прапаную папрасіць, каб райхсміністар па справах акупаваных усходніх земляў прадставіў гэтую справу ў Вярхоўнай стаўцы фюрэра. Такія рэчы маюць вялікае палітычнае значэньне. Калі стаўленьне да мясцовага насельніцтва акупаваных усходніх земляў ня зьменіцца і надалей, прычым ня толькі ў паліцыі, але і ў Вэрмахце, і ў ОТ[112] (Organisation Todt), дык на наступную зіму можам прычакаць не партызан, а бунту па ўсім краі…

У іншым лісьце ад 3 чэрвеня Кубэ паказаў на адказнасьць Готбэрга як кіраўніка карных апэрацыяў, якія, акрамя катастрафічных палітычных і эканамічных вынікаў, ня толькі не ўплываюць на зьмяншэньне партызанскіх сілаў, але, наадварот, выклікаюць іх рост.

Камітэт даверу таксама выступіў у абарону насельніцтва. Ён сабраў зьвесткі аб рэпрэсіях, праведзеных карнымі атрадамі, па ўсіх акругах Генэральнай акругі Беларусь. Сярод іх — славуты рапарт Кушаля пра апэрацыю «Герман» у Пяршайскай воласьці Валожынскага павету: у другой палове ліпеня тут было спалена жыўцом насельніцтва 10 вёсак разам з сваімі будынкамі.[113] З пратэстам супраць такой дзейнасьці карных атрадаў Камітэт выступіў 23.8.1943 г. на сумеснай сэсіі зь нямецкімі цывільнымі і паліцыйнымі ўладамі, выкарыстаўшы ў якасьці доказаў вышэй прыведзеныя факты. Ён зьвярнуўся да нямецкіх уладаў з просьбай:

1) спыніць паленьне вёсак і рэпрэсіі супраць нявінных людзей;

2) стварыць умовы і рэальныя гарантыі бясьпекі ад рэпрэсіяў для асобаў, якія вярнуліся б зь лесу дадому;

3) склікаць сумесную беларуска-нямецкую камісію для распрацоўкі належных інструкцыяў па гэтым пытаньні і кантролю за іх выкананьнем.

Паводле сьведчаньня Калубовіча, былога чальца Камітэту даверу і ўдзельніка той сэсіі, пратэст і прапановы Камітэту ўсхвалявалі прысутных немцаў.

За сталамі кіраўнікоў службы бясьпекі й СД, а яшчэ болей — афіцэраў войскаў СС, ахоўнай паліцыі і жандармэрыі, узьнімаліся выкрыкі, гоман, пратэсты абурэньня. Калі інж. А. Русак скончыў свой рэфэрат і перадаў генэральнаму камісару Кубэ мэмарыял, выступіў ген. Цэнэр і спрабаваў апраўдаць карныя акцыі супраць вёсак. Аднак мы былі зьдзіўленыя, калі Кубэ, насуперак ген. Цэнэру, пачаў перад Радаю даверу апраўдвацца, заявіўшы, што ён у гэтым не вінаваты, што гэта робяць незалежныя ад яго СД і вайсковыя групы і што сам ён быццам бы скардзіўся на іх у Бэрлін.

Нашыя пабойваньні арышту Рады даверу ня спраўдзіліся. Праф. Іваноўскаму не прыйшлося чытаць Даклярацыі незалежнасьці, якая ляжала ў нутраной кішэні ягонага пінжака. Але даўжэйшы час нас не пакідала думка, што немцы яшчэ могуць з намі расправіцца. Мы не выключалі таксама мажлівасьці, што органы СД і СС не даруюць таксама і В. Кубэ.[114]

У жніўні 1943 г., хутчэй за ўсё пад канец месяца, Кубэ выслаў да Лёзэ наступны, на гэты раз самы падрабязны свой рапарт, дзе прывёў супрацьлеглыя мэтады акупацыі ў Беларусі і канфлікт цывільных і паліцыйных уладаў, які ўлетку 1943 г. перайшоў у найвастрэйшую сваю фазу. Адначасова гэта быў апошні погляд Кубэ на дадзеную справу, і таму варта прывесьці шырэйшыя яго фрагмэнты, якія вымоўна сьведчаць самі за сябе:

…Гэта — вынік псыхалягічных памылак, што дапускаюць з насельніцтвам у часе паліцыйных акцыяў атрады, якія іх праводзяць. Фатальную ролю адыгрывае тут асабліва імя Дырлевангера, бо гэты чалавек падчас сваёй няшчаднай карнай экспэдыцыі (Vernichtungsfeldzug) супраць мірнага насельніцтва сьвядома не прымае пад увагу аніякіх палітычных неабходнасьцяў. Побач з тым мэтады Трыццацігадовай вайны стасуюцца часта так, што сьцьверджаньні нямецкай цывільнай адміністрацыі пра жаданае супрацоўніцтва зь беларускім народам гучаць як мана. Масавыя расстрэлы або паленьне жанок і дзяцей ня маюць нічога супольнага з гуманным правядзеньнем вайны. Колькасьць вёсак, зьнішчаных у часе вялікіх паліцыйных апэрацыяў, перавышае колькасьць вёсак, спаленых партызанамі. Натуральна, для паленьня вёсак заўсёды знойдуцца чыста тэхнічныя апраўданьні: паводле цяперашніх інструкцыяў, дастаткова, каб у нейкай вёсцы прагучала некалькі стрэлаў, каб выкарыстаць самыя жорсткія сродкі. Калі такімі мэтадамі дзейнічаць і надалей, няма чаго разьлічваць на ўтаймаваньне краю, нават калі сілы паліцыі павялічацца ў дзесяць разоў. Тэрыторыя паступова абязьлюдзее і для належнага гаспадараньня ў інтарэсах нямецкага Райху амаль цалкам будзе страчаная. Праект райхсфюрэра СС: эвакуацыя з усіх земляў, што знаходзяцца пад пагрозаю бандаў, вываз мужчын да Райху і наступнае разьвядзеньне на гэтых тэрыторыях кок-сагызу[115] — невыканальны. На думку сельскагаспадарчых экспэртаў, менавіта гэтая расьліна патрабуе асабліва пільнага догляду. Дзеці і старыя кабеты самі ня ўправяцца з палямі кок-сагызу…

Карныя апэрацыі часам ператвараюцца ў крывавыя оргіі, і гэта ня толькі падрывае давер насельніцтва да нямецкага кіраўніцтва, але перш за ўсё адбірае ўпэўненасьць у прыхільных да нас беларусаў, якія з намі супрацоўнічаюць: у некаторых выпадках яны трапляюць у поўную залежнасьць ад самаўладзтва якога-небудзь камандзіра паліцыі ці СС…

На працягу астатніх дзесяці дзён усё множыліся і множыліся скаргі і просьбы ад розных мясцовых і нямецкіх установаў аб дапамозе супраць сьляпой лютасьці, зь якой дзейнічаюць нямецкія паліцыйныя часьці, якія ў павеце Р., у апошні час — і ў павеце М. палілі вёскі, бессэнсоўна расстрэльвалі жывёлу, маўляў, жывая трапіць у рукі партызанаў. Эвакуацыю праводзяць прыблізна так: зь сям’і забіраюць бацькоў, а 3-х, 4-х або 5-гадовыя малыя дзеці пакідаюцца на волю ўласнага лёсу…

Пасьля вялікай апэрацыі «Котбус» у траўні-чэрвені гэтага году сьледам за выхадам паліцыі партызаны зноў цалкам апанавалі абшар, здабыты паліцыйнымі сіламі. Зноў адбудоўваюцца колішнія лётнішчы, і сытуацыя робіцца цалкам тая ж самая, што і перад акцыяй «Котбус»… Такія самыя назіраньні насоўваюцца і ў ваколіцах Леніна, і ў Ганцавіцкай, і ў Слуцкай акругах на поўдні Генэральнай акругі. Тут таксама ў лютым — сакавіку прайшла вялікая апэрацыя, у выніку якой загінула 11 000 чалавек (у апэрацыі «Котбус» — больш за 13 000). Тым часам савецкая рэспубліка «Ленін» цалкам адбудавана нанова. Саветы працягваюць вярбоўку на тэрыторыі цывільнай адміністрацыі, на нашых палёх жнуць чырвонаармейскія жніўныя атрады…

Ува ўсіх гэтых справах ня будзе ніякіх зьменаў, калі палітычнае кіраўніцтва ўсходніх земляў на тэрыторыях, што перадаў яму фюрэр, не атрымае безумоўнага права кіраваць паліцыяй і Вэрмахтам. Дагэтуль — апроч абяцаньняў, у якія ня верыць ужо ніхто, — мы практычна не даем нічога народам Усходу; пакуль мэтады нашай барацьбы з партызаншчынай будуць біць у нявіннае насельніцтва горш за самую партызанскую навалу, пакуль будуць расстрэльваць дзяцей і жанок, датуль усе гэтыя ўчынкі будуць вісець на рахунку ОМi, райхскамісараў і генэральных камісараў. Роўным чынам, усе добразычлівыя распараджэньні міністра акупаваных усходніх земляў у галіне прыватызацыі зямельных уладаньняў, культуры і г. д. застануцца на паперы да той пары, пакуль нямецкія часьці ня будуць падпарадкоўвацца палітычным загадам, якія будзе выдаваць толькі міністар усходніх земляў.

Камэнтуючы апісаныя Кубэ жахлівыя падзеі на Беларусі Лёзэ пісаў:

Уявіце сабе, што пра такія падзеі даведаліся на варожым баку і гэтым пакарысталіся. Такая прапаганда, відаць, папросту была б безвыніковая, і толькі таму, што чытачы і слухачы ня ў стане былі б у яе паверыць.

Аднак Лёзэ ня меў ніякіх ілюзій наконт падпарадкаваньня паліцыйных уладаў кіраўніцтву цывільнай адміністрацыі і не прапаноўваў ніякага выйсьця. Ён толькі паводле магчымасьці спрыяў дзеяньням Кубэ і перасылаў у вышэйшыя інстанцыі яго рапарты, дадаючы да іх хіба толькі эмацыйныя выклічнікі, якія ня раз цытаваліся ў пасьляваеннай літаратуры, напрыклад: «Што такое Катынь у параўнаньні з гэтым?» або «Гэтая мэтода ня вартая нямецкай справы і прыносіць нам самыя балючыя страты».

Затое кіраўніцтва СС паводле зразумелых прычын імкнулася перашкодзіць распаўсюджаньню зьвестак пра злачынствы карных атрадаў і заткнуць Кубэ рот. Пасьля знаёмства зь першымі рапартамі Кубэ шэф Галоўнай управы СС, ён жа сувязны афіцэр Гімлера ў ОМi, Бэргер у лісьце да Бройтыгама ад 13 ліпеня выказваў глыбокае шкадаваньне з той прычыны, што Кубэ высылае няспраўджаныя паведамленьні. Адначасова копіі гэтых рапартаў Бэргер перасылаў Баху і Бранту ў асабісты штаб Гімлера. Бэргер адзначаў, што дакумэнты гэтыя

надзвычай важныя, бо сьведчаць пра нечуваную легкадумнасьць, зь якою прымаюцца за праўду паведамленьні тубыльцаў з мэтаю выкарыстаць іх супраць райхсфюрэра СС…

Адначасова ён прасіў Бранта паінфармаваць аб гэтым Гімлера.

Аднак спраўдзіць імавернасьць рапартаў было немагчыма: 10 чэрвеня загінуў Эрэнляйтнэр, а праз тры дні — Саковіч, ад якога Ланге атрымліваў інфармацыю. У абодвух выпадках паведамлялася, што яны загінулі ад рук партызанаў, аднак і гэта немагчыма было спраўдзіць. Ня ўдаўся замах на Кубэ ў памяшканьні Менскага гарадзкога тэатру, арганізаваны 22 чэрвеня. Пад сцэнаю была ўсталявана міна, разьлічвалася, што яна выбухне ў той час, калі ў тэатры будзе знаходзіцца Кубэ з нагоды ўрачыстага абвяшчэньня СБМ. Але выбух прагучаў пазьней, у час прадстаўленьня камэдыі Аляхновіча «Пан міністар», на якім гаўляйтар ужо не прысутнічаў. Загінула 13 чалавек, некалькі дзясяткаў былі цяжка параненыя.[116]

Пасьля няўдалага замаху, які прыпісалі «бальшавіцкім агентам», паліцыйныя колы распачалі новую атаку супраць Кубэ дзеля таго, каб прыбраць яго зь Менску. Галоўную ролю гут павінен быў адыграць шэф СД Штраўх, якога Гімлер меркаваў перавесьці на пасаду начальніка выведкі ў штабе Баха ўжо 24 чэрвеня, а Готбэрг і Бах заахвочвалі абяцанкамі павышэньня. У чэрвені — ліпені Штраўх і яго людзі пачалі актыўна праточвацца ў генэральны камісарыят і «распрацоўваць» Кубэ, аднак ён гэта своечасова заўважыў. Разгарэўся скандал. 20 ліпеня Кубэ выклікаў Штраўха і паведаміў яму, што парывае ўсялякае супрацоўніцтва з паліцыяй, і асабліва — з СД, і забараняе яе супрацоўнікам уваходзіць у генэральны камісарыят. А беспасярэдняй нагодай для гэтага паслужыў расстрэл СД 70 габрэяў, што працавалі ў камісарыяце.[117]

Намаганьні Штраўха падтрымліваў Готбэрг. Ён быў асабліва зацікаўлены ў тым, каб прыбраць Кубэ: у найбліжэйшым часе ён спадзяваўся атрымаць павышэньне да групэнфюрэра, а ў далейшай пэрспэктыве разьлічваў заняць пасьля Кубэ пасаду генэральнага камісара Беларусі.[118] 21 ліпеня ён у лісьце да Баха падрабязна апісаў абставіны, пры якіх Кубэ парваў супрацоўніцтва з СД, а таксама іншыя праявы яго варожасьці да СС наступным чынам:

20.7.1943 г. паводле загаду гаўляйтара Кубэ ў тутэйшым генэральным камісарыяце адбылася нарада з кіраўнікамі аддзелаў… Гаўляйтар спытаўся тады, ці не належыць нехта з прысутных да СД, бо ён чуў, што ў генэральным камісарыяце ёсьць шпікі з СД. Паколькі ніхто не прызнаўся, гаўляйтар забараніў супрацоўнікам генэральнага камісарыяту зьвязвацца з СД… На пратэст кіраўніка аддзелу Фрайдэнбэрга гаўляйтар дадаў да свайго распараджэньня, што дзеля неабходных патрэбаў у перамовах з СД трэба загадзя атрымліваць яго дазвол. Сёньня, папоўдні, гаўляйтар гаварыў пра гэта з жанчынамі, што працуюць у генэральным камісарыяце, і забараніў ім кантактаваць з СД…

Обэргрупэнфюрэр!

У дадатак да нататкі обэрштурмбанфюрэра СС Штраўха ад 20.7.1943 я лічу за свой абавязак перадаць Вам гэты рапарт, тым больш, што абразы, якія Кубэ кідае ў адрас камандзіраў СС падчас іх адсутнасьці перад кіраўнікамі аддзелаў, даўно не ў навіну… напрыклад: «Дух Гімлера і Гайдрыха падрывае германскі падмурак нямецкай нацыі, і можна параўнаць яго з мэтадамі масонства», альбо пагардлівыя тырады пра обэрштурмбанфюрэра СС Штраўха і г. д.

Нарэшце, з самай цяжкай артылерыі выпаліў Штраўх. 25 ліпеня, ужо ў якасьці чальца штабу Баха, ён паклаў свайму начальніку падрабязны рапарт у справе з Кубэ. У ім гаварылася пра варожасьць Кубэ да СС, гучалі абвінавачваньні ў поўнай няздольнасьці яго як кіраўніка і адміністратара, крытыкавалася беларуская палітыка гаўляйтара. Штраўх зьвярнуў асаблівую ўвагу на паводзіны Кубэ ў габрэйскім пытаньні, ён расцаніў іх як «немажлівыя»: у афіцыйных выступах Кубэ адназначна падтрымліваў апэрацыі па вынішчэньні габрэяў, аднак рэальныя ўчынкі супярэчылі гэтым заявам. Штраўх прывёў доказы, на грунце якіх сьцьвярджаў, што Кубэ

ў глыбіні свайго сэрца праціўнік нашых габрэйскіх акцыяў.

У сваіх абвінавачваньнях ён прыходзіў да высновы, што

пры такіх умовах, на маю думку, пакідаць генэральнага камісара на ранейшай пасадзе немэтазгодна.

У даступных архіўных крыніцах няма адказу на пытаньне: якім чынам былі выкарыстаны гэтыя матэрыялы? Відаць, Бах, зьбіраючы іх, меркаваў пакласьці гэтыя дакумэнты Гімлеру, каб пазьней абапірацца на іх у размове з Гітлерам наконт Кубэ. Пра гэта сьведчыць прызнаньне Бэргера перад Амэрыканскім вайсковым трыбуналам у Нюрнбэргу: гаворачы пра «напружанасьці» ў стасунках Кубэ з афіцэрамі СС, ён сьцьвярджаў, што

яны зацікавіліся плянамі, якія яўна скіраваныя былі на тое, каб, я б сказаў, пакончыць з Кубэ, каб ён вымушаны быў пакінуць пасаду генэральнага камісара.

Значыць, калі размова з Гітлерам вялася, ён гэтыя намеры адхіліў, бо Кубэ застаўся на сваім месцы і выкрываў надалей злачынствы СС. Справу напаткала фіяска. 14 жніўня Брант пераслаў рапарты Готбэрга і Штраўха Бэргеру і адзначыў, што Гімлер прасіў азнаёміць зь імі Розэнбэрга. Той у сваю чаргу выслаў у Менск свайго намесьніка Маера, каб перадаць Кубэ «сур’ёзнае папярэджаньне».

На некалькі тыдняў запанавала ціша. У ноч з 21 на 22 верасьня яе перарваў выбух міны, падкладзенай пад матрац Кубэ. Нямецкае інфармацыйнае бюро (Deutsches Nachrichtenburo) паведаміла зь Менску, што Кубэ загінуў у часе замаху, арганізаванага бальшавіцкімі агентамі, і гэта было пацьверджана з савецкага боку. Для расьсьледаваньня ўсіх акалічнасьцяў замаху была створана Вялікая спэцыяльная камісія (Grosse Sonderkommission), якая складалася з афіцэраў СС: старшыні — Бондарфа, а таксама Брэера і Ганса. Камісія высьветліла, што міну прынесла і ўсталявала ў спальні Кубэ яго прыбіральшчыца, Алена Мазанік, якая атрымала яе ад Марыі Восіпавай, партызанскай сувязной. Быў раскрыты ўдзел у замаху іншых чальцоў падпольля, высьветлена, што абедзьве названыя жанчыны ўцяклі да партызанаў і самалётам перапраўлены ў Маскву. Гэтыя зьвесткі пацьвердзіліся пазьней у маскоўскім часопісе «Работннца» за люты 1947 г. — г. зн. тады, калі ў СССР была яшчэ невядомая справаздача Бондарфа.

Супадзеньне ў паказаньнях Мазанік і Восіпавай з вынікамі расьсьледаваньняў Бондарфа адназначна сьведчыць пра ўдзел гэтых жанчын у замаху на Кубэ, аднак гэта не вырашае пытаньня, хто быў яго ініцыятарам і арганізатарам. Сьмерць Кубэ, безумоўна, была выгоднай савецкім уладам, якім яго палітычныя паводзіны перашкаджалі куды больш за злачынствы эсэсаўцаў; тыя толькі ўзбуджалі ў грамадзтве нянавісьць да немцаў, і партызаны гэтым лёгка карысталіся. Аднак сьмерць Кубэ, па згаданых ужо матывах, была выгаднай і кіраўніцтву СС, якое ўжо перабрала ўсе іншыя магчымасьці пазбыцца гаўляйтара ў Менску. Такім чынам, нельга адкінуць вэрсіі, што замах на Кубэ падрыхтавала СС. На карысьць такой гіпотэзы сьведчаць наступныя акалічнасьці, што вынікаюць з аналізу справаздачы камісіі Бондарфа:

1. Камісія складалася выключна з афіцэраў СС і працавала пад беспасярэднім наглядам шэфа СД у Менску, які падпарадкоўваўся Готбэргу, Баду і Гімлеру. Гэта дазваляла праціўнікам Кубэ цалкам падпарадкаваць яе вынікі свайму ўплыву.

2. Сьледзтва праводзілася ўсяго некалькі дзён — ужо 29.9.1943 г. шэф менскага СД распусьціў камісію. Толькі пасьля таго «высьветлілася», што Мазанік, дапушчаная да працы ў доме Кубэ, была да вайны супрацоўніцай НКВД, а ў цяперашні момант — дзяячкай савецкага падпольля. Адначасова ў надзвычайна кароткі тэрмін былі выкрытыя ўсе падпольшчыкі, што ўдзельнічалі ў замаху на Кубэ, і ніводзін зь іх ня выкарыстаў магчымасьці ўцячы адразу ж пасьля гібелі гаўляйтара. Гэта сьведчыла альбо пра надзвычайныя здольнасьці СС, альбо пра фабрыкацыю ўсёй справы, тым больш, што ўсіх сведкаў зьнішчылі, так што сьляды былі замеценыя цалкам.

3. За такі кароткі час — г. зн. да 29 верасьня! — камісія высьветліла, што Мазанік і Восіпаву з партызанскага лётнішча пераправілі ў Маскву. Гэта надзвычай важная акалічнасьць у справаздачы, яна сьведчыць пра тое, што СД мела сваіх інфарматараў у атрадзе, куды ўцяклі абедзьве жанчыны. Значэньне гэтага факту пацьвярджаецца яшчэ і тым, што ў савецкім варыянце публікацыі справаздачы камісіі Бондарфа гэты пункт быў апушчаны.

У Савецкім Саюзе першае паведамленьне пра сьмерць Кубэ апублікавала маскоўская «Правда» 24 верасьня, у ім адзначалася, што гаўляйтар загінуў ад «меткой партизанской пули». Гэтая памылка паўстала, хутчэй за ўсё, у выніку ўласнай інтэрпрэтацыі паведамленьня нямецкага радыё. Варта зьвярнуць на яе больш пільную ўвагу, бо гэта значыла, што камандаваньне партызанскага атраду, у які ўцяклі Мазанік і Восіпава, ня выслала ў Маскву паведамленьня. Можна, такім чынам, меркаваць, што атраднае камандаваньне, якое, паводле цяперашняй вэрсіі, здаўна і загадзя рыхтавалася да замаху, даведалася пра яго толькі з вуснаў незнаёмых беглых жанчын і паставілася да справы асьцярожна, дапускаючы, што гэта, магчыма, правакацыя. Пра гэта сьведчыў пазьнейшы лёс Мазанік і Восіпавай: пасьля публікацыі ў 1947 г. артыкула ў «Работнице» некалькі гадоў вакол іх панавала суцэльнае маўчаньне. Між іншым, ня згадваў пра іх і Л. Цанава, аўтар вялікай працы аб партызанскай вайне на Беларусі, дзе знайшлося месца для значна менш цікавых фактаў. Адзначым, што аўтар кнігі на пачатку пяцідзясятых гадоў быў міністрам дзяржаўнай бясьпекі БССР. Можна, такім чынам, дапусьціць, што вэрсія аб правакацыі СС сур’ёзна бралася пад увагу.

Кубэ таксама асьцерагаўся замаху. У апошнія месяцы свайго жыцьця ён меркаваў замяніць паліцыйную ахову вакол свайго дому «прыватнай» вартай, якая павінна была складацца з давераных чальцоў СА[119] або маладых фольксдойчаў. Але Гімлер «ні ў якім разе» не пагаджаўся на такія праекты. Значыць, ён поўнасьцю трымаў Кубэ ў руках. Сьмерць Кубэ і па сёньняшні дзень не перастае быць таямніцай, нягледзячы на шматлікія згадкі ў літаратуры на гэтую тэму.

У дзень пахаваньня Кубэ ў Бэрліне Гітлер загадаў ад свайго імя ўскласьці вянок на яго магіле. Затое Гімлер сказаў, што толькі сьмерць выратавала Кубэ ад канцлягеру. Разьбежнасьць у ацэнках гэтага чалавека была вельмі шырокая, і ня толькі ў вачох найбуйнейшых асобаў гітлераўскай Нямеччыны, але і пасьляваенных дасьледчыкаў.

І сапраўды, цяжка адназначна ацаніць дзейнасьць Кубэ. Ён быў найвышэйшым прадстаўніком гітлераўскага акупацыйнага рэжыму на Беларусі, бясспрэчна, злачыннага па сваім характары. З фармальнага гледзішча, згодна з дэкрэтам Гітлера ад 17.7.1941 г., яму «асабіста і беспасярэдне» быў падначалены камандзір СС і паліцыі ў Менску, таму адказнасьць за масавыя забойствы, што праводзіліся гімлераўскімі органамі, ляжала таксама і на Кубэ. Аднак у гэтым самым дэкрэце адзначалася, што толькі сам райхсфюрэр СС мае права выдаваць распараджэньні камандзірам СС і паліцыі. Такім чынам, уплыў цывільнай адміністрацыі на іх дзейнасьць выключаўся. Да самай сьмерці Кубэ гэтая інструкцыя не зьмянілася, на яе падставе палі дынныя ўлады ўхіляліся ад усялякага ўмяшальніцтва з боку кіраўніцтва цывільнай адміністрацыі. Паводзіны Вэрмахту таксама не залежалі ад гэтай адміністрацыі.

Можна, такім чынам, меркаваць, што пры тых абставінах Кубэ ня нёс беспасярэдняй службовай адказнасьці за злачынствы генацыду. У той сытуацыі ён мог гэтак жа, як і іншыя камісары на акупаваных савецкіх тэрыторыях, проста захоўваць глыбокую дыстанцыю да злачынстваў гімлераўскага апарату. Пазьней, на Нюрнбэрскім працэсе, такая пазыцыя не расцэньвалася як важкі довад віны, пра што сьведчаць памяркоўныя выракі Амэрыканскага вайсковага трыбунату. Аднак гэтыя падзеі Кубэ ўспрымаў неабыякава, магчыма, пад уплывам пачуцьця маральнай адказнасьці, што, дарэчы, адлюстравана ў яго апошняй, жнівеньскай, справаздачы. З гэтых самых меркаваньняў ён не хацеў пакінуць сваёй пасады — у той драматычнай асабістай сытуацыі адыход мог бы стаць для яго сапраўдным выйсьцем, але гэта азначала б капітуляцыю перад злачынствамі СС.

Таму можна было б палічыць за непаразуменьне меркаваньне Даліна, паводле якога Кубэ і СС падзялялі тыя ж самыя мэты і рэаліі, калі б не тэндэнцыйнасьць гэтага аўтара. Гэта датычыць нават габрэйскага пытаньня. Райтлінджэр, дасьледчык генацыду габрэяў у Эўропе, адзначаў, што дзеяньні Кубэ ў гэтым напрамку былі неэфэктыўныя, аднак тут жа заўважыў, што

…сярод цывільных або вайсковых буйных чыноўнікаў у Расеі Кубэ быў адзіны, хто пэўны час тармазіў дзейнасьць расісцкіх забойцаў. Патэтычны і неэфэктыўны, азызлы і экзальтаваны, гэты паджылы чалавек шмат месяцаў займаўся тым, на што не асьмеліўся ніводзін сябра праслаўленай антыгітлераўскай апазыцыі.

Заўважым, між іншым, што Клаўса фон Штаўфэнбэрга і яго таварышаў гісторыкі НДР[120] прызнавалі за антыфашыстаў. Кубэ ацаніў і падтрымаў беларускае пытаньне, у пэрспэктыве ён бачыў стварэньне асобнай беларускай дзяржавы пад кіраўніцтвам Райху. Гэтая канцэпцыя і спробы па яе ажыцьцяўленьні выклікалі суворы асуд савецкіх уладаў, і — як вынік — у працах гісторыкаў і публіцыстаў БССР ацэнка Кубэ была адназначна адмоўная. Затое ў колах беларускай эміграцыі ўвогуле ўстрымліваліся ад якіх-небудзь ацэнак, галоўным чынам дзеля таго, каб найбольш выгадна ахарактарызаваць дзейнасьць Астроўскага, якая распачалася толькі пасьля сьмерці Кубэ.

Таму варта прывесьці пасьмяротную ацэнку Кубэ, зьмешчаную ў жалобным паведамленьні Камітэту даверу. Яно падпісана старшынёй Камітэту Іваноўскім і яго намесьнікам Сабалеўскім і адлюстроўвае палітычную пазыцыю большай часткі беларускіх нацыянальных дзеячоў таго пэрыяду. Варта, дарэчы, заўважыць, што аўтары паведамленьня паўстрымаліся ад таго, каб сьпісаць замах на «маскоўскіх агентаў». Падаём поўны яго тэкст:

22 верасьня памёр ад рукі баязьлівага злачынцы генэральны камісар Беларусі, гаўляйтар Вільгельм Кубэ. Вестку аб гэтай трагічнай сьмерці беларусы прынялі з найглыбейшым абурэньнем. У асобе нябожчыка беларускі народ траціць свайго найлепшага сябра і змагара за інтарэсы Беларусі. Беларусы верылі і адчувалі, што іх жаданьні будуць зьдзейсьненыя генэральным камісарам Кубэ. Жыцьцё і дзейнасьць гэтага дзяржаўнага мужа стала перашкодаю нашым ворагам. Таму яны стараліся яго прыбраць. У сувязі з трагічнай сьмерцю гэтага чалавека беларускі Камітэт даверу выказвае ад імя беларускага народу самае глыбокае спачуваньне нямецкаму народу і ўраду нямецкага Райху.

Настроі насельніцтва і пазыцыі палітычных групаў

Зь некалькіх прычынаў палітыка Кубэ аказала на настроі беларускага насельніцтва вельмі абмежаванае ўзьдзеяньне. Па-першае, яна распаўсюджвалася толькі на тэрыторыю Генэральнай акругі Беларусь. Па-другое, на гэтым абшары, як і па ўсёй Беларусі, значна большы ўплыў на пазыцыю насельніцтва мелі іншыя фактары: палажэньне на савецка-нямецкім фронце, вынішчэньне габрэйскага насельніцтва, партызаншчына і мэтады барацьбы зь ёю, нарэшце, эканамічная сытуацыя гарадзкіх і вясковых жыхароў. У некаторых раёнах Заходняй Беларусі спэцыфічную ролю адыгрывала польскае пытаньне. Гэтае мноства вызначальных прычын, якія да таго ж з рознай інтэнсіўнасьцю дзейнічалі ў розных рэгіёнах краіны, і да таго ж нярэдка зьмяніліся ў часе, не дазваляе лёгка вызначыць грамадзкія настроі.

Найбольш аднастайная сытуацыя панавала ў раёнах, што знаходзіліся ў зоне вайсковай адміністрацыі ўва Усходняй Беларусі. Савецкая эвакуацыйная кампанія і нямецкія рэквізыцыі Вэрмахту ўжо на пачатку вайны прывялі гаспадарку гэтай часткі краю да поўнага заняпаду. Зямельная рэформа і скасаваньне вайсковымі ўладамі ўсіх ранейшых абмежаваньняў жывёлагадоўлі абудзілі надзеі сялянства на рост прадукцыйнасьці сельскай гаспадаркі. Аднак гэтыя чакальні неўзабаве разьвеяліся, бо Вэрмахт па-ранейшаму нахабна рэквізаваў прадукцыю, паборы раз за разам расьлі без увагі на патрэбы мясцовага насельніцтва, не зважаючы на неабходнасьць аднаўленьня вытворчай базы. Паводле нямецкіх падлікаў, ужо ў верасьні 1942 г. па ўсёй тылавой зоне групы армій «Цэнтар» пагалоўе жывёлы ўпала да такой ступені, што ў сялян часта адбіралі апошнюю карову, якую савецкія ўлады дазвалялі ўтрымліваць пасьля таго, як была праведзена калектывізацыя (т. зв. «сталінская карова»). На бойню гналі нават цельных кароў.

Вялікія спусташэньні ў сельскай гаспадарцы Усходняй Беларусі выклікала партызанская вайна, у якой абодва варожыя бакі імкнуліся пазбавіць праціўніка харчовых запасаў. Мы ўжо згадвалі, што падчас карных экспэдыцый немцы адганялі і нават вынішчалі жывёлу, а савецкія партызаны на Віцебшчыне пераправілі некалькі тысяч галоў за лінію фронту. Вынікі гэтай барацьбы, аднак, падалі цяжарам на цывільнае насельніцтва, а не на баявых праціўнікаў. Ужо ў 1942 г. сяляне пачалі хаваць ад рэквізыцыяў збожжа, білі жывёлу патаемна і не пастаўлялі харчы ў гарады.[121] Гараджанам стала вельмі цяжка пракарміцца. Паводле інструкцыяў Шэнкендорфа, з 3.9.1942 г. тыднёвы паёк людзей найцяжэйшых прафэсіяў павінен быў складацца з: 1580 г жыта, 250 г грэчкі і проса, 4000 г бульбы, 100 г мяса, 60 г тлушчаў і 0,5 л малака. Аднак ужо пад канец гэтага месяца мяса і тлушчы перасталі выдавацца. Вельмі востра не хапала паліва і элемэнтарных прамысловых вырабаў.

У 1943 г. матэрыяльнае становішча насельніцтва ўва Ўсходняй Беларусі пагоршылася яшчэ больш. Ужо ня толькі гараджане, але і частка вяскоўцаў адчула голад, асабліва ў мясьцінах, дзе прайшліся карныя экспэдыцыі. Людзі часта трацілі дах над галавой і жылі пад сталай пагрозай дэпартацыі на прымусовую працу або проста сьмерці ад падазрэньня ў супрацоўніцтве з партызанамі. У невыносных умовах, пра якія 3.7.1941 г. гаварыў Сталін, на кантраляваных немцамі тэрыторыях Усходняй Беларусі апынулася перш за ўсё мясцовае насельніцтва. Апрача жыцьця, людзям, бадай, ужо не было чаго губляць, пераход у партызаны ў такой сытуацыі, асабліва пасьля сталінградзкага пералому, калі сілы ляснога войска значна павялічыліся, даваў усё ж неяк больш шанцаў ператрываць вайну. У недасяжных для немцаў зонах, т. зв. «партызанскіх рэспубліках», для насельніцтва ствараліся неблагія, а часам — лепшыя, і, натуральна, — больш бясьпечныя ўмовы, чым пад акупацыяй. Гэта была галоўная прычына вялікага наплыву людзей у партызанскія атрады ў 1943 г.

У адрозьненьне ад зоны цывільнага рэжыму, нямецкія вайсковыя ўлады ўва Ўсходняй Беларусі не праводзілі актыўнай нацыянальнай палітыкі і не імкнуліся выкарыстаць яе, каб дабіцца прыхільнага стаўленьня тутэйшых жыхароў. Калі не лічыць створаных у некаторых месцах гурткоў самапомачы, што займаліся выключна дабрачыннасьцю, у гэтай частцы краю не паўстала ніякіх беларускіх арганізацыяў накшталт БНС (да рэформы) альбо Камітэту даверу, і толькі ў верасьні 1943 г. вайсковыя ўлады пагадзіліся на дзейнасьць СБМ. На беларускай мове тут ня выйшла аніводнай кніжкі ці брашуры, адозвы і прэсу для мясцовага насельніцтва выдавалі, як правіла, па-расейску. Затое партызаны выдавалі і распаўсюджвалі шмат газэт на беларускай мове, іх выхад набываў пэўнае палітычнае значэньне.[122] Акупацыйныя ўлады выдалі дазвол на арганізацыю мясцовых (на раённым узроўні) культурных таварыстваў і народных дамоў, пры якіх было створана некалькі аматарскіх тэатраў. Аднак у моўныя праблемы немцы ня ўмешваліся, таму, напрыклад, у Віцебску і Барысаве гэтыя тэатры давалі спэктаклі на беларускай мове, а ў Бабруйску і Магілёве — на расейскай. Улады не аказвалі прымусу і ў справе выбару мовы навучальня, дый, зрэшты, школы на гэтым абшары праіснавалі вельмі нядоўга — фактычна адзін сэзон 1942/43 г. Такім чынам, моўная сытуацыя складвалася безь якога-небудзь пэўнага ўзьдзеяньня ўладаў, яна залежала найперш ад жаданьняў і магчымасьцяў культурна-асьветных дзеячоў. Гэта не спрыяла разьвіцьцю нацыяналістычных беларускіх або расейскіх тэндэнцыяў. На гэтай глебе бадай не адчувалася напружаньняў.

Матэрыяльныя ўмовы існаваньня жыхароў Генэральнай акругі Беларусь выглядалі іначай. На вёсцы тут пераважалі асобныя прыватныя гаспадаркі, на пачатку вайны савецкая эвакуацыя іх амаль не закранула, рэквізыцыі Вэрмахту таксама спустошылі не ў такой ступені, як ува ўсходняй частцы краю. Абавязковыя паставы на 1942 г. у разьліку на адзін гектар ворыва і пашы складалі: 100 кг збожжа, 200 кг бульбы і 20 кг мяса жывой вагаю — гэта былі досыць памяркоўныя патрабаваньні, яны давалі сялянам магчымасьць распараджацца нават большай часткай прадукцыі, чым пры саветах. У параўнаньні з высокімі коштамі машын і зямельных прылад, вотруб’я і г. д. закупачныя цэны былі нізкія, хоць пакідалі ў сялян адчуваньне эксплуатацыі, аднак пры гэтым вонкава захоўваліся прыкметы рынкавых мэханізмаў, а не татальнага рабаваньня, што панавала на ўсходзе.[123] Землі зьнішчаных партызанамі памешчыцкіх маёнткаў ахвотна разьбіраліся ў арэнду, такім чынам, палявыя работы на тэрыторыі Генэральнай акругі былі праведзены восеньню 1942 г. на 100 %.

Паводле справаздачы генэральнага камісарыяту ў Менску, плян закупу сельскагаспадарчай прадукцыі ад ураджаю 1942 г. выконваўся наступным чынам: збожжа — 81,5 %, салома — 80 %, сена — 83,9 %, бульба — 62,2 %, мяса — 40,5 %, тлушчы — 38,5 %, ільняное насеньне — 82,5%. Пэўная частка гэтых запасаў была зьнішчана партызанамі альбо перайшла ў іх рукі, аднак адбылося гэта або на нарыхтоўчых пунктах, або пазьней, пры далейшым перавозе прадукцыі з гэтых пунктаў. Важна падкрэсьліць, што сяляне прывозілі прадукцыю на гэтыя пункты насуперак партызанскай агітацыі («ані кіляграму збожжа для акупантаў»). Іх не спынялі ані забойствы, якія чынілі «лясныя мсьціўцы» над вясковымі пастаўшчыкамі, ані паленьне гаспадарак. Калі б партызаны мелі рацыю, трактуючы гэтых людзей як ворагаў, дык тады належала б прызнаць, што і Кубэ не памыляўся, гаворачы, што выкананьне абавязковых паставаў сьведчыла аб падтрымцы нямецкіх уладаў насельніцтвам. Але цяжка пераводзіць гэты канфлікт у ідэалягічны разрэз — ім адлюстроўваюцца хіба толькі супрацьлеглыя пазыцыі варожых бакоў, а не сялянства, якое не жадала ўблытвацца ў барацьбу, а падаткі для Нямеччыны трактавала гэтаксама, як некалі падаткі для саветаў, а яшчэ раней — для Польшчы.

Таму здабыцьцё прыхільнасьці вясковага насельніцтва, якое складала 85–90 % жыхароў Генэральнай акругі Беларусь, мела для абодвух бакоў вялікае значэньне. Таму і партызаны імкнуліся ня толькі застрашыць сялян, але дзейнічалі і наадварот: дзялілі паміж людзей здабытую жывёлу, харчы ці паліва. Кубэ таксама стараўся пазьбегнуць сытуацыяў, якія маглі б кінуць мясцовых жыхароў у роспач — пазьней яна непазьбежна вылілася б у партызанскія настроі. Дзеля гэтага Генэральны камісарыят значна заніжаў лічбы наяўнага пагалоўя свойскай жывёлы, каб давесьці, што павелічэньне паставаў Вэрмахту — справа немагчымая.[124] Аналягічным чынам дзейнічалі ўлады генэральнага камісарыяту і пры вэрбоўцы працоўнай сілы. Так, да верасьня 1942 г. улучна зь яго тэрыторыі ў Нямеччыну было вывезена толькі 31 тыс. чалавек (без уліку ваеннапалонных), прытым падкрэсьлівалася, што ў гарадох працоўнай сілы не стае, так што вэрбаваць яе можна толькі на вёсцы, аднак там перашкаджае гэтаму дзейнасьць партызанаў. Гэта была праўда, але ня ўся, паколькі партызаны ў той момант кантралявалі яшчэ нязначную частку земляў акругі.[125] Захады цывільных уладаў прыносілі плён: да сакавіка 1943 г. колькасьць высланых у Райх работнікаў павялічылася толькі да 35 тысяч.

Пералом у сытуацыі настаў толькі з пачаткам вялікіх карных апэрацый на абшары Генэральнай акругі Беларусь — г. зн. зь лістапада 1942 г. Паводле разьлікаў Кубэ, да канца жніўня 1943 г. забойствы і дэпартацыі абязьлюдзілі край так, што 240 тыс. га зямлі не было апрацавана, а 10–15 % сялянскіх сем’яў страціла апошнюю карову. Гэтыя акцыі значна пагоршылі дэмаграфічную і гаспадарчую сытуацыю ў краі, а іх палітычныя вынікі набылі пагрозьлівы рэзананс. Яны перш за ўсё перакрэсьлілі надзеі вясковых жыхароў — весьці нармальную, упарадкаваную гаспадарку ў такіх умовах было немагчыма. Людзі апынуліся ў атмасфэры бяспраўя і няспыннай пагрозы, а гэта была адна з найважнейшых задач партызанаў. Але і цяпер рэакцыя грамадзтва не была такою аднадушнай, як ува Ўсходняй Беларусі: расьлі ня толькі партызанскія атрады, але таксама, і прычым у ня меншай ступені, сілы самааховы і паліцыі. Настроі жыхароў былі тут больш разнастайныя, гэтак жа, як і грамадзкія ўплывы: з аднаго боку — паразы немцаў на Усходнім фронце і партызанская вайна, а з другога — нацыяналістычная прапаганда. Нарэшце, нягледзячы на паступовае зьбядненьне краю, тутэйшым сялянам па-ранейшаму было што губляць, асабліва ў параўнаньні з жыхарамі Ўсходняй Беларусі.

Паводле нямецкіх крыніц, з красавіка 1943 г. выразна акрэсьленыя пазыцыі займалі дзьве крайнія групы насельніцтва, чыя ўдзельная вага ацэньвалася як нязначная. Першая зь іх — рашучыя прыхільнікі бальшавізму — найчасьцей жылі ў гарадох, якія да верасьня 1939 г. месьціліся на тэрыторыі СССР, супрацоўнічалі з партызанамі і чакалі вяртаньня Чырвонай Арміі. У другую групу ўваходзіла невялікая частка беларускай інтэлігенцыі і сялян з гарадзкіх ваколіц, яны зрабілі рашучую стаўку на нямецкую палітыку і бачылі сваю будучыню толькі пад аховай Нямеччыны, зь якой

зьвязалі свой лёс на радасьць і на гора.

І адна, і другая група мелі ў грамадзтве невялікую ўдзельную вагу.

Паміж гэтымі крайнімі групоўкамі знаходзілася большасьць насельніцтва Генэральнай акругі Беларусь. На пачатку акупацыі яна сустрэла немцаў прыхільна, але пад націскам далейшых падзеяў адхіснулася ад іх і — на думку нямецкіх сведкаў сытуацыі — вагалася паміж

палітычнай антыпатыяй (апатыяй? — Рэд.), нацыяналізмам і прасавецкімі сымпатыямі.

Галоўную ўвагу гэтая частка насельніцтва скіроўвала на партызанскую праблему, далейшае ажыцьцяўленьне аграрнай рэформы і здавальненьне паўсядзённых жыцьцёвых патрэбаў, аднак яе хвалявалі таксама і палітычныя справы: пытаньне будучага самакіраваньня Беларусі, выхад яе з Остлянду, імкненьне да незалежнасьці ў прыбалтыйскіх краінах, а таксама — акцыя Уласава.

Намаляваная нямецкімі назіральнікамі сытуацыя (асабліва праявы беларускага нацыяналізму) вельмі цікавая, і ня толькі таму, што гэта было новае зьявішча ў палітры грамадзкіх настрояў: у першы пэрыяд акупацыі паліцыйныя данясеньні паблажліва абміналі гэтае пытаньне, а савецкія крыніцы, зацікаўленыя ў вынішчэньні гэтага нацыяналізму, замоўчвалі яго сьвядома.

Цікавую характарыстыку грамадзкіх настрояў прывёў Антон Адамовіч, тагачасны менскі журналіст:

…Думалася больш-менш усім, што горш жа, як пад саветамі, проста быць ня можа, дык і ня будзе, што «цяпер будзе іначай», а мо нават і лепш хоць у сім-тым хоць бы для беларускае нацыянальнае справы, а з гледзішча яе — і для Беларусі наагул. Магчымасьці для гэтае справы, а, значыцца, і пэрспэктывы былі ж адчыніўшыся адразу — беларуская мова, прынамсі, атрымала адразу ж статус адзінае афіцыйнае мясцовае мовы, прызнаванай за гэткую новым акупантам — толькі ў беларускай мове быў дапушчальны і друк, і тэатар, і школьніцтва. Бесьперашкодна дэманстраваліся й адпаведна ўшаноўваліся нацыянальныя эмблемы — бел-чырвона-белы сьцяг, гімн «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», герб «Пагоня» чаго, між іншага, не было на суседняй Украіне, і прыежджыя ды праежджыя ўкраінцы вельмі дзіваваліся з гэткага «нацыянальнага рэнэсансу» на Беларусі.

І сапраўды, нягледзячы па супраціў бэрлінскіх уладаў і перашкоды з боку партызанскага руху, упартыя намаганьні Кубэ ў галіне беларусізацыі пачалі прыносіць усё больш і больш плёну. На другі год акупацыі было адчынена каля 30 сярэдніх школаў — агульнаадукацыйных і прафэсійных, яны сталі асяродкамі нацыянальнага выхаваньня моладзі, базаю СБМ. Выйшлі новыя газэты і часопісы, разьвівалася выдавецкая дзейнасьць, узьнікалі творчыя аб'яднанні, аматарскія культурныя суполкі ў правінцыі, на добрым узроўні працаваў тэатар у Менску, у яго рамках была створана беларуская опэра. Усё гэта ўздымала нацыянальную сьвядомасьць сярэдняга грамадзяніна і асабліва моладзі. Такім чынам, без увагі на стаўленьне да «вялікай палітыкі», расло процідзеяньне савецкай ідэалёгіі. Вынікі карных апэрацыяў не маглі стрымаць росту гэтай сьвядомасьці: паўсюдна асуджаліся ня толькі злачынствы карных атрадаў, але і прычыны, што іх выклікалі, — маральнага аўтарытэту савецкага партызанскага руху яны не павялічвалі. Варта адзначыць і тое, што рост нацыяналістычных настрояў адбываўся падчас адступленьня Вэрмахту на Усходнім фронце, калі ў грамадзтве расло перакананьне, што немцам ня ўдасца пазьбегнуць паразы.

Польскае падпольле і мясцовае польскае насельніцтва ня ўсюды аднолькава ставіліся да гэтых тэндэнцыяў. Ужо ўвосень 1942 г. Галоўнае камандаваньне АК справядліва прадбачыла, што

пры захаваньні цяперашняга стану рэчаў нацыянальная сьвядомасьць беларускіх масаў будзе, напэўна, узрастаць.

Таму было вырашана гэтыя тэндэнцыі абярнуць на карысьць Польшчы. Тым часам кіраўніцтва Віленскай і Наваградзкай акруг АК, абапіраючыся, напэўна, на назіраньні мясцовага польскага насельніцтва, расцэньвала беларускі нацыяналізм як зьяву, варожую польскім інтарэсам на гэтых землях, зь якой неабходна весьці змаганьне. Хутчэй за ўсё антыпольская кампанія, якую ў сярэдзіне 1942 г. паліцыя бясьпекі распачала, не зважаючы на пратэсты генэральнага камісара, дала падставы для такіх меркаваньняў. Гэтая акцыя хутка парушыла сыстэму польска-беларускіх стасункаў, якую стварыў і падтрымліваў Кубэ. Папраўдзе, яна па-сапраўднаму не задавальняла ні адзін, ні другі бок, але на працягу многіх месяцаў яна забясьпечвала хаця б вонкавы спакой ува ўзаемаадносінах. Цяпер замест гэтага паліліся ўзаемныя абвінавачваньні і прэтэнзіі, навісла атмасфэра антыпольскіх цкаваньняў, пачаліся новыя нацыянальныя канфлікты.

Увосень 1942 г. у Слоніме сярод польскай інтэлігенцыі 84 чалавекі былі расстраляныя, да канца акупацыі ў акрузе з працы выгналі каля 1000 палякаў — іх замянілі беларусамі. Увесну 1943 г. тут каля 500 палякаў падалі прашэньне аб прызнаньні іх беларускай нацыянальнасьці. У чэрвені 1942 г. у акрузе ўвялі грашовае пакараньне за выкарыстаньне ў працоўны час «іншай мовы» — г. зн. не беларускай ці нямецкай. Відаць, гэта не дапамагло, бо ў верасьні 1943 г. акруговы камісар Эрэн паўтарыў сваё распараджэньне і загадаў распаўсюдзіць яго па ўсіх установах гораду і Слонімскай акругі. Акруговы камісар Наваградку падаваў, што 80 % беларускага насельніцтва ставілася да палякаў адмоўна, адначасова ён наракаў, што звальненьне палякаў зь іх пасад прынесла вялікія цяжкасьці — гэта была

больш інтэлігентная і значна больш карысная для нас частка насельніцтва.

У Наваградку 31.7.1942 г. таксама было расстраляла некалькі дзясяткаў палякаў, між іншым, некалькі ксяндзоў, а 1.8.1943 г. — 12 манашак. Тое самае адбывалася і ў Вялейскай акрузе: улетку 1942 г. сярод польскай інтэлігенцыі тут загінула больш за 100 чалавек.

Бясспрэчна, паліцыйныя ўлады ад самага пачатку разьлічвалі ўцягнуць у антыпольскую кампанію беларускае насельніцтва. Не выпадкова ў канцы траўня 1942 г., г. зн. напярэдадні ўсёй акцыі, беластоцкая «Новая Дарога» апублікавала перадавы артыкул пад назваю «Больш актыўнасьці!» — ён быў разьлічаны на распальваньне варожасьці да палякаў і заклікаў беларусаў прыняць удзел у плянаваных «чыстках». Газэта, між іншым, пісала:

Але і цяпер яшчэ вельмі часта мы сустракаемся з тым самым старым «польскім» духам сярод паасобных солтысаў, войтаў, паліцыі і службоўцаў, варожа настроеных да беларусаў. Гэтыя панове, займаючы да 1939 году тыя ці іншыя пасады ў адміністрацыі, відаць, забываюцца на тое, чый хлеб ядуць, і ўяўляюць сябе ў старой ролі. Прыкладаў гэткага стаўленьня можна знайсьці вельмі многа. Там, дзе ёсьць актыўныя беларусы, гэтыя стасункі вельмі хутка выпраўляюцца і справядліва ўладкоўваюцца нямецкімі ўладамі. Мы, аднак, не заўсёды выяўляем належную актыўнасьць. Менавіта гэтым у сапраўднасьці можна растлумачыць факт, што нават там, дзе жыве амаль 100 % беларусаў, паміж нямецкаю ўладай і насельніцтвам часта стаіць польскі чыноўнік.

Такія палітычныя матывы ў будучыні павінны былі прывесьці да аслабленьня польскага элемэнту і ўзмацненьня беларускага, і яны знаходзілі водгук сярод часткі беларусаў — супрацоўнікаў адміністрацыі, паліцыі, а таксама дзеячоў БНС, якія рознымі шляхамі дапамагалі СД у ажыцьцяўленьні гэтай кампаніі. Пра гэта згадваюць ня толькі польскія, але і беларускія крыніцы. Не выклікае сумненьняў удзел мясцовых арганізацыяў БНС у прызначэньні на працу ў Нямеччыне ў першую чаргу палякаў і нават беларусаў каталіцкага веравызнаньня, якіх падазравалі ў прапольскіх сымпатыях і абыякавасьці да «адраджэньня Бацькаўшчыны». Трэба сказаць, што ўжо ў ліпені 1942 г. у вэрбоўчыя камісіі Заходняй Беларусі паліцыя пераслала загад — высылаць на працу ў Райх найперш палякаў, так што гэтыя камісіі, напэўна, маглі абысьціся і без дапамогі БНС. Значыць, яе ўдзел у адсылцы працоўнай сілы ў Нямеччыну паліцыя выкарыстоўвала дзеля распальваньня новых канфліктаў паміж польскім і беларускім насельніцтвам.

Ацэньваючы гэтыя падзеі, камандзір Віленскай акругі АК, палкоўнік Аляксандар Кжыжаноўскі («Дзяміда»), пісаў у кастрычніку 1942 г.:

Беларусы гэтак жа, як і літоўцы, лічаць, што ад немцаў няма чаго спадзявацца, але супрацоўнічаюць зь імі, бо лічаць за больш карыснае для сябе зьнішчэньне польскага духу. Яны расцэньваюць гэта як расчыстку плацдарму для сваёй будучай дзейнасьці.

Кжыжаноўскі трапна акрэсьліў значэньне гэтай кампаніі ў зьмене кадравай сытуацыі ў Заходняй Беларусі, аднак, складаючы свой рапарт, яшчэ ня ведаў яе вынікаў. Толькі пасьля вайны стала вядома, што ў 1943 г. доля беларусаў у складзе адміністрацыйнага апарату ўзьнялася на землях Генэральнай акругі да 80 %, а ў паліцыі — да 60%. Гэта былі вельмі значныя зьмены на карысьць беларусаў, тым больш, што ім выпала заняць кіраўнічыя пасады.

На рост перавагі беларусаў і аслабленьне польскіх пазіцыяў акоўскае падпольле адказала антыбеларускім тэрорам. Самых вялікіх памераў ён дасягнуў у Лідзкай акрузе. Паводле беларускіх крыніц, там загінула каля 1200 беларусаў. Праўдзіц-Шляскі падае, што карны аддзел яго штабу ў гэты час выканаў 300 сьмяротных прысудаў над «здраднікамі і прадажнікамі». Звычайна пад такую клясыфікацыю падпадалі праціўнікі адбудовы польскай дзяржаўнасьці на гэтых землях. Звыш таго, падначаленыя яму ячэйкі АК выдалі ў рукі Гестапа і палявой жандармэрыі «чальцоў камуністычнай арганізацыі», у выніку было арыштавана 80 чалавек, частку зь якіх расстралялі, а частку вывезьлі на працу ў Нямеччыну. Нават калі гэтыя лічбы і не зусім дакладныя, яны даюць уяўленьне пра трагічны размах такіх падзеяў. Лідзкі акруговы камісар адзначаў, што

ў выніку тэрарыстычных акцыяў белапалякаў (Weisspolen) беларускі ўплыў неўзабаве зьнік, так што ўрэшце стала немагчыма прыцягнуць беларускія адміністрацыйныя сілы на кіраўнічыя пасады.

Камісар дадаваў, што 500-асабовая дапаможная паліцыя ў гэтай акрузе па-ранейшаму складалася з палякаў, ён лічыў гэтых людзей за цалкам ненадзейны элемэнт. Напэўна, яны былі зьвязаныя з польскім падпольлем. Лідзкая акруга займала выключную пазыцыю па размаху і эфэктыўнасьці антыбеларускай тэрарыстычнай кампаніі на абшары ўсёй Генэральнай акругі Беларусь. У іншых акругах, дзе беларусы ў вялікай ступені авалодалі апаратам, атрады АК да восені 1943 г. былі невялікія, а тэрарыстычныя акцыі здараліся досыць рэдка.[126]

Магчыма, абвастрэньне нацыянальных адносін паміж беларускім і польскім насельніцтвам адбывалася ў адпаведнасьці з плянам RSHA, які быў скіраваны на ўзбуджэньне варожасьці паміж усімі народамі былых «крэсаў усходніх». Пра гэта сьведчаць аналягічныя падзеі ў Заходняй Украіне і літоўскай Віленшчыне. Апэрацыя, што прайшла на Беларусі, была ўсяго толькі мініятурай у параўнаньні з той, што адбывалася на польска-ўкраінскіх землях, аднак і яна прывяла да паглыбленьня ўзаемнай варожасьці. Апрача гэтага, на настроі беларусаў таксама ўплываў заняпад палітычнага прэстыжу Польшчы пасьля таго, як СССР разарваў стасункі з урадам генэрала Сікорскага — пра гэта паведамлялі акоўскія крыніцы.

Сярод беларускіх палітычных згуртаваньняў «на радасьць і на гора» зьвязалі свой лёс з Трэцім райхам групы Акінчыца і Ермачэнкі. Абодва яны былі людзьмі Розэнбэрга, перад якімі ён паставіў прыкладна аднолькавую задачу: актывізацыя беларускага нацыяналізму, мабілізацыя матэрыяльных і духоўных сілаў народу на барацьбу з бальшавізмам, а ў будучыні — стварэньне пад крылом пераможнай Нямеччыны асобнай беларускай дзяржавы. Палітычнае крэда Акінчыца гучала наступным чынам:

Мы, беларусы, не павінны глядзець на гэтую вайну з гледзішча вылучна беларускіх інтарэсаў… Мы павінны ўсьвядоміць сабе, што вайна вядзецца ў імя будучыні ўсяго культурнага сьвету. Ад таго, якая сіла возьме верх, будзе залежаць лёс усіх народаў. Гэта зусім зразумела, і таму мы ня можам абмежавацца фальшывай у сваёй сутнасьці формулаю: «Пачакаем і паглядзім, якая сіла будзе карысьнейшаю для беларускай справы…» Апрача ўсяго іншага, вайна вядзецца за перабудову Эўропы на новых гаспадарчых і палітычных падставах. Якая б гэтая Эўропа ні была ў бліжэйшай будучыні, нам, беларусам, шкадаваць даваеннай Эўропы не даводзіцца. Нічога ў ёй мы ня мелі і мець не маглі… У сваім краі, дзе ніколі мы ня мелі ніякіх магчымасьцяў да нацыянальнае, ня толькі паводле духу і зьместу, але і паводле формы, працы — цяцер мы гэтую магчымасьць маем. А гэта ў сучасны момант плюс вельмі важны.

Акінчыц зьвязваў усе свае палітычныя надзеі з Трэцім райхам і падкрэсьліваў, што

лёс беларускай справы залежыць выключна ад лёсу антыбальшавіцкага фронту.

Ён рашуча паўставаў супраць тых беларускіх дзеячоў, што не падзялялі яго спадзяваньняў на нямецкую перамогу, а разьлічвалі на іншыя пэрспэктывы заканчэньня вайны і адначасова імкнуліся ўзмацніць свае нацыянальныя пазыцыі ўва ўмовах акупацыі. Акінчыц, такім чынам, заклікаў змагацца ня толькі з савецкім падпольлем і яго прыхільнікамі, ён дамагаўся ліквідацыі дзеячоў,

якія хацелі б займаць залатую сярэдзіну.

Гэтыя прынцыпы Акінчыц імкнуўся рэалізаваць з дапамогаю сваіх людзей, асабліва тых, што працавалі ў прапагандысцкім апараце беларускіх акруговых камісараў. Паводле шматлікіх сьведчаньняў, гэта былі самыя апантаныя даносчыкі, якія прыкладалі руку да беспасярэдняга зьнішчэньня сваіх палітычных праціўнікаў альбо вывазу іх у Нямеччыну. Бясспрэчна, гэтая «бескампраміснасьць» адлюстроўвала мізэрнае грамадзкае значэньне нацыянал-сацыялістычнай групы Акінчыца, якое ён спрабаваў узмацніць шляхам ліквідацыі патэнцыйных канкурэнтаў.

Ермачэнка, хоць і быў далёкі ад «залатой сярэдзіны», усё ж такі лічыўся з грамадзкімі настроямі і бачыў поўную непрыдатнасьць догмаў Акінчыца для практычнай дзейнасьці. Найперш — прагматык, ён спрабаваў пагадзіць інтарэсы нямецкай палітыкі з нацыянальнымі імкненьнямі беларусаў. Пры гэтым яго поўнасьцю падтрымліваў Кубэ. Але і Ермачэнку не ўдалося дасягнуць шырокага грамадзкага прызнаньня. Сучасныя крыніцы зьвязваюць гэта з даволі нязначнай колькасьцю сяброў БНС. На самай справе ў зэніце ягонай кар’еры, г. зн. у кастрычніку 1942 г., лічба сяброў БНС не перавышала і 30 тысяч. Аднак гэты паказчык не адлюстроўваў усёй праблемы і ня быў вызначальным у яе вырашэньні. Сярод насельніцтва панаваў настрой чакальня: у які бок перавесяцца шалі на Ўсходнім фронце? Да таго ж БНС не змагла дабіцца неабходных паўнамоцтваў у адміністрацыйнай і вайсковай галіне. Пазыцыю Ермачэнкі, як і пазыцыю Акінчыца, маглі ўмацаваць адпаведныя рашэньні з Бэрліна — яны абодва спадзяваліся на гэта і паміж сабой вялі бескампрамісную барацьбу. Увесну 1943 г. настала яе разьвязка: у сакавіку Акінчыц быў забіты ў выніку замаху, а ў красавіку Ермачэнка быў вымушаны пакінуць Беларусь.

Крытыка Акінчыца магла быць скіравана супраць Партыі беларускіх нацыяналістаў (ПБН), якую ўзначальвалі Вацлаў Іваноўскі і Ян Станкевіч. І сапраўды, яны разьлічвалі, што параза Нямеччыны найперш адбудзецца на Заходнім фронце і яна капітулюе перад Злучанымі Штатамі і Вялікай Брытаніяй, і менавіта ад гэтых краін трэба спадзявацца на падтрымку для беларускай незалежніцкай ідэі. У 1942 г. такая канцэпцыя выглядала ня менш рэальна, чым стаўка Акінчыца і Ермачэнкі на перамогу Нямеччыны, больш за гэта — яна супадала з аналягічнымі канцэпцыямі шмат якіх некамуністычных згуртаваньняў ува Ўсходняй Эўропе. З разьлікам на такі ход падзеяў ПБН плянавала за час акупацыі стварыць неабходныя для ажыцьцяўленьня сваёй ідэі перадумовы: на першым месцы стаялі задачы апанаваньня адміністрацыі, стварэньне беларускіх узброеных сілаў і прапагандысцкая апрацоўка насельніцтва. У вялікай ступені гэтага ўдалося дасягнуць шляхам супрацоўніцтва з акупацыйным рэжымам, таму на Беларусі, як і ў Прыбалтыцы, па сутнасьці не адбылося стварэньня антынямецкага нацыянальнага партызанскага руху.[127]

Іваноўскі, які займаў пасаду менскага гарадзкога старшыні, а з канца чэрвеня 1943 г. яшчэ і старшыні Камітэту даверу, вёў вельмі тонкую гульню. Пад канец 1941 г. ён прыняў на працу ў Менскай гарадзкой управе афіцэра 2-га аддзелу ГК АК Вітальда Буткевіча («Бэрнард», «Гурыновіч»), а ў лютым 1942 г. — Гражыну Ліпінскую («Данута»), якая неўзабаве ўзначаліла акоўскую экспазытуру ў Менску. Ён палегчыў выведнікам іх працу, запрасіўшы на такія пасады, дзе яны ня толькі трымалі пад кантролем свае раёны, але ў дадатак мелі доступ да гаспадарчай інфармацыі вайсковага значэньня. У канцы 1942 г. Іваноўскі выкарыстаў свае магчымасьці, каб вырваць з рук Гестапа Буткевіча, якога арыштавалі па даносе за прыналежнасьць да польскага падпольля, перасьцярог польскіх дывэрсантаў ад учынкаў, якія маглі парушыць кансьпірацыю. Паводле сьведчаньняў удзельнікаў польскага падпольля ў Менску, ад Іваноўскага яны атрымлівалі бясспрэчна вялікую дапамогу. Пры такіх абставінах яго колішняя адмова ад супрацоўніцтва з ЗУБ, аб якой ён паведаміў Зану ў верасьні 1941 г. («Я вам дапамагаць ня буду, але і перашкаджаць ня буду»), магла азначаць жаданьне захаваць як мага большую самастойнасьць стасоўна кіраўнікоў польскага падпольля: ён хацеў быць партнэрам, а не падначаленым.[128]

Варта спыніцца на дапамозе, аказанай Іваноўскім польскаму падпольлю ў Менску, зь дзьвюх прычын. Па-першае, гэта ілюструе яго фактычнае стаўленьне да нямецкіх інтарэсаў, якія ён выразна не падтрымліваў. Па-другое, ён не разьлічваў на пасярэдніцтва акоўскай экспазытуры ў арганізацыі кантактаў паміж ПБН і кіраўніцтвам польскага падпольля, калі прымаў іх на працу ў Менскую гарадзкую ўправу. Вырашальную ролю ў гэтай справе адыграў Кастравіцкі, які пасьля сустрэчы ў Менску ў канцы 1941 г. дапамог пераадолець нежаданьне размаўляць зь беларусамі ў Галоўным камандаваньні АК. Вясною 1942 г. пры ўдзеле Кастравіцкага было апрацавана спэцыяльнае данясеньне, прысьвечанае беларускай праблеме, гэты рапарт праз Галоўнае камандаваньне быў перасланы Сікорскаму. У ім паведамлялася, што некаторыя беларускія дзеячы шукаюць кантактаў з польскім падпольлем, каб дасягнуць паразуменьня ў справе супольнай абароны ад Расеі, вызваленьня ўсёй Беларусі з дапамогаю Польшчы і заключэньня з Польшчай цеснай фэдэрацыі. У рапарце прапаноўвалася тэрмінова ўвайсьці ў кантакт з гэтымі дзеячамі.

Размовы прадстаўнікоў ГК АК і ПБН распачаліся з ініцыятывы беларусаў у лінеш 1942 г. у Менску, яны працягваліся ў студзені 1943 г. у Варшаве, а пад канец таго ж году — у Вільні.

Прадстаўнік ПБН — Ян Станкевіч — спрабаваў зацікавіць кіраўніцтва польскага падпольля і польскі ўрад у Лёндане пэрспэктывамі стварэньня беларускай дзяржавы на тэрыторыі, якая б ахоплівала, у прынцыпе, увесь беларускі моўны абшар, гэта азначала, што заходняя мяжа плянаванай дзяржавы праходзіла б уздоўж лініі Керзона. Пасьля вайны Беларусь заключыла б з Польшчай міждзяржаўны саюз, так што прадстаўляць яе перад сьветам павінна было супольнае міністэрства замежных спраў. Дзейнічаць самастойна на міжнароднай арэне ПБН не магла, таму прадстаўляць беларускія справы перад брытанскім кабінэтам павінен быў, згодна з праектам, польскі ўрад у Лёндане. Такім чынам, Польшча стала б галоўным архітэктарам будучай беларускай дзяржавы. З другога боку, Польшча атрымлівала б магчымасьць гэтай самай дзяржавай адгарадзіцца ад Расеі. Пасьля далучэньня да праекту Украіны ўва Ўсходняй Эўропе магла б паўстаць цалкам новая палітычная сыстэма.

Уся гэтая далёкасяжная ідэя ў галоўных абрысах паўтарала канцэпцыю Пілсудзкага 1919–1920 г. і сьведчыла пра тое, як моцна адбіўся колішні праект у сьвядомасьці Іваноўскага і іншых беларускіх палітыкаў. Яны рабілі стаўку перш за ўсё на антыбальшавізм Чэрчыля і яго зацікаўленасьць у спыненьні камуністычнай экспансіі ў Эўропе. Аднак беларусы недаацэньвалі фармальна-праўных аспэктаў Рыскага трактату, а менавіта яны вызначалі пазыцыю прадстаўнікоў Галоўнага камандаваньня АК і варшаўскай дэлегатуры эміграцыйнага ўраду. Таму на перамовах палякі былі гатовыя даць гарантыі на пазьнейшае пашырэньне ўдзелу беларусаў у адміністрацыі і гаспадарчым жыцьці, належнае задавальненьне іх патрэбаў у галінах мовы, культуры, школьніцтва і рэлігіі, аднак беларусы пры гэтым павінны былі заставацца нацыянальнай меншасьцю ў пасьляваеннай польскай дзяржаве з даверасьнёўскімі межамі на ўсходзе.

Даволі рана пачаў дабівацца кантактаў з кіраўнікамі польскага падпольля і Радаслаў Астроўскі. 21.11.1942 г. ён спатыкаўся ў Варшаве з Уладзіславам Тамкевічам («Кшыштафам»), дзеячам БІП. Ад імя беларускага згуртаваньня «Цэнтар» ён прапанаваў наладзіць перамовы, якія прывялі б да супрацоўніцтва на аснове фэдэрацыі і польскай дапамогі ў пабудове беларускай дзяржавы. Адначасова Астроўскі перасьцярог Тамкевіча ад кантактаў з Акінчыцам, кс. Гадлеўскім і Ермачэнкам, ён казаў, што гэтыя дзеячы

знаходзяцца цалкам у руках акупанта і стаяць па-за рамкамі незалежніцкай барацьбы.

Пра Я. Станкевіча ён таксама гаварыў зьняважліва. Такім чынам, ён імкнуўся зьняславіць у вачох польскага падпольля сваіх палітычных праціўнікаў, а заадно прадэманстраваў прываблівую «падатлівасьць» у тэрытарыяльных і іншых пытаньнях. Астроўскі казаў:

Інтэлігенцкія кадры ў нас слабыя, таму Польшча павінна дапамагчы ў гэтай справе, высылаючы на гэтую тэрыторыю сваіх людзей, якія б былі большымі беларусамі за саміх беларусаў.

У Тамкевіча засталося ад размовы непрыемнае ўражаньне і асьцярога, што гэта была правакацыя. Пасьля ГК АК праігнаравала прапанову Астроўскага.

Перамовы прадстаўнікоў беларускіх нацыянальных згуртаваньняў з польскім падпольлем адбываліся падчас розных сытуацыяў на фронце: калі нямецкія войскі рваліся на Волгу і Каўказ, цярпелі паразу пад Сталінградам, каціліся назад, на Захад. Мянялася і палітычнае становішча польскага ўраду: саюзьніцтва з СССР перайшло ў варожую адчужанасьць пасьля разрыву стасункаў. Аднак ні пры якіх абставінах паразуменьня дасягнуць не ўдалося. Беларусы не маглі пагадзіцца на аднаўленьне Рыскай мяжы і новы падзел сваёй краіны, палякі не прымалі канцэпцыі фэдэралізму ў такой ступені, якая прапаноўвалася на перамовах: спачатку галоўнаю перашкодай тут былі стасункі з СССР, пазьней — нерэальнасьць самога праекту. Такім чынам, слабела значэньне Польшчы як альтэрнатыўнага фактару ў палітычных меркаваньнях беларускіх нацыяналістычных груповак. Стаўка на Нямеччыну ўсё яшчэ здавалася больш прывабнай.

IV НАПЯРЭДАДНІ ТАТАЛЬНАЙ КАТАСТРОФЫ

Апошні этап акупацыі (верасень 1943 —ліпень 1944)

Пералом у вайне, які пачаўся пад Сталінградам, пасьля Курскай бітвы (5.7.— 23.8.1943) вызначыўся канчаткова. Савецкія ўзброеныя сілы здолелі перайсьці ў контранаступ па ўсёй лініі фронту. У верасьні — кастрычніку Чырвоная Армія заняла амаль усю тэрыторыю левабярэжнай Украіны і 6 лістапада ўвайшла ў Кіеў. На цэнтральным участку фронту 17 верасьня быў заняты Бранск, 21 — Чарнігаў, 25 — Смаленск, а назаўтра — Хоцімск, раённы горад Беларусі. 26 лістапада Чырвоная Армія ўвайшла ў Гомель, у сьнежні апынулася перад брамамі Віцебску, а 14 студзеня заняла Калінкавічы і Мазыр на Палесьсі. З гэтага часу аж да наступнай буйной апэрацыі ў чэрвені 1944 г. лінія фронту перарэзала Беларусь на дзьве часткі. Затое на поўдні наступ савецкіх войскаў не спыняўся, так што ў студзені 1944 г. перастаў існаваць райхскамісарыят Украіна.

Перамогі Чырвонай Арміі і высадка саюзьніцкага дэсанту на Сыцыліі[129] неўнікнёна павінны былі прывесьці да паразы Трэцяга райху. У прадчуваньні гэтай катастрофы 3.9.1943 г. Італія абвясьціла аб сваёй капітуляцыі. 19–30 кастрычніка ў Маскве адбылася канфэрэнцыя міністраў замежных скіраваў СССР, Вялікай Брытаніі і Злучаных Штатаў Амэрыкі, дзе была прынята даклярацыя аб вядзеньні вайны аж да поўнай капітуляцыі Нямеччыны і яе саюзьнікаў. Кіраўнікі ўрадаў вялікай тройкі пацьвердзілі гэтае рашэньне на канфэрэнцыі ў Тэгеране (28.11.—1.12.1943). Для Нямеччыны гэта азначала ня проста паразу, але поўны, татальны разгром. Такім чынам, пад канец 1943 г. ваеннае і палітычнае становішча зьмянілася кардынальна, разьлічваць на паўтарэньне сытуацыі, што склалася пад канец Першай сусьветнай вайны,[130] было ўжо немагчыма, ранейшыя пляны страцілі пад сабою грунт. Вымалёўваўся ўпэўнены абрыс будучыні: уваход чырвоных войскаў у Нямеччыну, а значыць — і ўва Усходнюю Эўропу.

Але і ў гэтай сытуацыі Гітлер не рашыўся зьмяніць сваёй ранейшай ўсходняй палітыкі. Напэўна, на гэтую пазыцыю ўплывалі яго асабістая ўпартасьць, і палітычнае дактрынэрства. Аднак усё гэта ня можа вытлумачыць праблемы да канца. Становішча на фронце напярэдадні 1944 г., калі большая частка Ўкраіны і амаль адна пятая Беларусі ўжо былі страчаныя, не пакідала ілюзій: ніякія новыя палітычныя ініцыятывы зьмяніць яго ўжо не маглі. Супрацьстаяць Чырвонай Арміі нямецкія войскі былі ня ў стане, таму любыя дэклярацыі нямецкага ўраду наконт будучыні ўсходніх народаў ніхто б сур’ёзна не ўспрыняў, і Гітлер асьцерагаўся рабіць такія заявы — цяпер яны толькі лішні раз засьведчылі б слабасьць Трэцяга райху. Фюрэр па-ранейшаму быў супраць фармальнага стварэньня прадстаўнічых органаў усходніх народаў. Ён адхіліў гімлераўскі праект наданьня абмежаванай аўтаноміі Эстоніі і Латвіі.

Пазыцыя Гітлера не зьмянілася, і ўсходняя палітыка Нямеччыны кацілася па старой каляіне. Яна па-ранейшаму зводзілася да эксплуатацыі гаспадарчага і чалавечага патэнцыялу акупаваных земляў. Нямецкія ўлады жадалі шырэй выкарыстаць мясцовыя сілы дзеля спраў абароны, аднак часта іх стараньні не прыносілі чаканых вынікаў. Ваенныя няўдачы Вэрмахту толькі вышэй узьнялі хвалю дэзерцірстваў сярод салдат Осттрупэн. Ўвосень 1943 г. гэта спарадзіла сапраўдны крызіс даверу да такіх часьцей. У кастрычніку сярод чальцоў вышэйшага камандаваньня Вэрмахту паўстала думка, што лепш увогуле ня мець ніякіх дапаможных атрадаў, чым мець такія, якія здраджваюць у крытычны момант і пераходзяць па бок партызан. Аднак людзкія патрэбы Нямеччыны былі настолькі вялікія, што распусьціць Осттрупэн Вэрмахт не рашыўся. Замест гэтага большасьць зь іх перакінулі з савецкай тэрыторыі на Захад: у Францыю, Галяндыю, Італію і на Балканы.

Гэты недавер да Осттрупэн, бадай, і прывёў да таго, што паўнамоцтвы па стварэньні мясцовых фармаваньняў на ўсходзе перайшлі ў рукі Гімлера: меркавалася, што пад эгідаю СС удасца арганізаваць больш надзейныя паліцыйныя нацыянальныя адзінкі.[131] Натуральна, такое рашэньне павялічвала значэньне СС на ўсіх землях акупацыі. У жніўні 1943 г. шэф Галоўнай управы СС Бэргер, які раней быў сувязным афіцэрам Гімлера ў міністэрстве Розэнбэрга, цяпер атрымаў пасаду шэфа дэпартамэнту палітыкі ОМі (з гэтага моманту перайменаванага ў Fuhrungstab Politik) і стаў такім чынам фактычным кіраўніком нямецкай усходняй палітыкі. Істотных зьменаў у палітыцы з гэтага, праўда, не адбылося. Тым ня менш менавіта гэтае прызначэньне перадвызначыла хаду шмат якіх пядзяў на Беларусі, асабліва пасьля забойства Кубэ.

Пасьля начнога выбуху ў доме гаўляйтара абавязкі генэральнага камісара Беларусі пачаў выконваць Готбэрг як фактычны HSSPF RM und WR. Гэта адпавядала пагадненьню паміж Гімлерам і Розэнбэргам, якое было заключана 19.11.1941 г. на выпадак адсутнасьці кіраўніка цывільнай адміністрацыі. 25.9.1943 г. Розэнбэрг пацьвердзіў паўнамоцтвы Готбэрга як намесьніка генэральнага камісара. Аднак само фармальнае прызначэньне мог выканаць толькі Гітлер — так значылася ў яго дэкрэце ад 17.9.1941 г. аб арганізацыі цывільнай адміністрацыі на акупаваных землях СССР. Даўняя варожасьць паміж Гімлерам і ОМі і тут прывяла да новай сваркі. У кастрычніку 1943 г. Розэнбэрг пасьля ўзгадненьня зь Лямэрсам вырашыў прапанаваць на пасаду генэральнага камісара кандыдатуру свайго супрацоўніка — Шыкеданца. Але Бэргер, зацікаўлены ў тым, каб прывесьці на гэтае месца чалавека СС, рашуча запярэчыў. На думку Даліна, Гітлер пад націскам СС пайшоў на саступку, таму Готбэрг захаваў сваю пазыцыю. Аднак гэта не зусім дакладнае сцверджанне: да канца вайны Гітлер так і не падпісаў таго прызначэньня, і Готбэрг па-ранейшаму толькі выконваў абавязкі генэральнага камісара Беларусі.[132] Цяжка сказаць, чаму так атрымалася. Магчыма, Гітлер не хацеў надаць такой ролі СС, а магчыма, палічыў усю справу за ня вельмі важную ў тагачаснай ваеннай сытуацыі.

Новае становішча на фронце стварала новыя спэцыфічныя праблемы ў галіне кіраўніцтва. Па-першае, восеньню 1943 г. значна паменшала тылавая зона групы армій «Цэнтар», а па-другое, ад колішняга RKU[133] ў немцаў застаўся толькі невялічкі паўночна-ўсходні кавалак — Берасьцейская, Пінская і Кобрынская акругі. Таму Готбэргу была перададзена ўлада ня толькі на абшары Генэральнай акругі, але і цывільныя справы ўва Усходняй Беларусі, там, дзе яшчэ гаспадарыў Вэрмахт, аў лютым — з згоды Гітлера — ён часова прыняў пад сваё кіраўніцтва і застаныя тры паветы RKU. Фармальна гэтыя «набыткі» на ўсходзе і на поўдні так і не былі ўключаны ў адміністрацыйны склад Генэральнай акругі Беларусь, якая па-ранейшаму заставалася часткаю райхскамісарыяту Остлянд.

Спэцыфічны характар падначаленага Готбэргу абшару, які ў вялікай ступені быў прыфрантавой зонай, быў вызначальнай перадумовай незалежнасьці пазьнейшых яго паводзінаў. Да таго ж ён быў чалавекам СС, прэстыж ведамства значна пашыраў яму свабоду яго ўчынкаў. Ён мог ігнараваць залежнасьць ад уладаў RKO і адначасова — карыстацца шырокімі паўнамоцтвамі, якія Розэнбэрг прызнаў за генэральным камісарам Беларусі ў траўні 1943 г. Готбэрг імкнуўся вывесьці Беларусь з-пад фармальнага падначаленьня Остлянду, каб беспасярэдне падпарадкоўвацца Бэрліну. 1.4.1944 г. Гітлер выдаў дзеля гэтага спэцыяльны дэкрэт і тым самым узаконіў становішча, якое рэальна існавала з той нары, як памёр Кубэ. Варта заўважыць, што гэты дэкрэт ня быў апублікаваны і, такім чынам, не выкарыстоўваўся прапагандай.

Готбэрг не зьбіраўся працягваць палітычны курс Кубэ: ні Гітлер, ні Гімлер не былі прыхільнікамі палітычнага супрацоўніцтва з славянскімі народамі. Да таго ж станавілася зразумела, што Вэрмахту ня ўдасца ўтрымаць у сваіх руках тэрыторыю Беларусі. Готбэрг прадбачыў, што неўзабаве давядзецца праводзіць эвакуацыю, і загадзя распарадзіўся, каб галоўныя аб’екты ў Менску былі замінаваныя. Прапанова маршала Бунта наконт адступленьня да лініі Бярэзіны дзеля скарачэньня працягласьці фронту толькі ўзмацніла настрой няпэўнасьці. І хаця Гітлер адкінуў гэтую прапанову і загадаў не здаваць беларускай тэрыторыі, яго распараджэньне, як і шмат папярэдніх, не магло ўжо стрымаць нямецкага адыходу. Працягваць палітыку Кубэ папросту ня мела сэнсу.

Готбэрг не жадаў рабіць стаўку на беларускі нацыяналізм і меў на гэта яшчэ і асабістыя прычыны, асабліва — недавер, дакладней кажучы, варожасьць да старшыні Камітэту даверу — Вацлава Іваноўскага. Готбэрг не забыўся, як сябры Камітэту выступалі з пратэстам супраць барбарскіх мэтадаў карных атрадаў СС на сумесным пасяджэньні ў жніўні 1943 г. Былі ў яго і іншыя нагоды для падазрэньняў. Дэлегацыя Камітэту (Іваноўскі, Сабалеўскі, Калубовіч) прымала ўдзел у пахаваньні Кубэ ў Бэрліне. 25 верасьня гэтыя дзеячы мелі спатканьне з сталым намесьнікам Розэнбэрга, Альфрэдам Мэерам, і прапанавалі яму праект аб прызнаньні аўтаноміі Беларусі і ўзьяднаньня яе тэрыторыі. Гэты візыт не ўзгадняўся з Готбэргам, бо адбываўся ён у момант «міжцараваньня» і мог расцэньвацца як спроба вынесьці на суд ОМі вельмі непрыемную для СС інфармацыю пра вынікі карных экспэдыцыяў на Беларусі. Таму пераемнік Кубэ цалкам ігнараваў Камітэт даверу і нават выношваў намер яго роспуску.

Такім чынам, у першыя тыдні свайго праўленьня Готбэрг не выказваў намеру палітычнага супрацоўніцтва зь беларусамі. Выведка Арміі Краёвай адзначала гэтыя тэндэнцыі на Беларусі. У лістападзе яна паведамляла:

Саступкі, зробленыя гаўляйтарам Кубэ (стварэньне Рады даверу, Саюзу беларускай моладзі, Навуковага таварыства і г. д.), фармальна стаяць пад пытальнікам, прычынаю — сьмерць гаўляйтара, а таксама — набліжэньне фронту. Генэральная акруга Беларусь будзе ліквідаваная і трапіць, прынамсі часткова, пад кіраўніцтва палявога камандаваньня — з гэтым трэба лічыцца.

У іншым данясеньні таго пэрыяду гаварылася:

Палітычныя штабы беларусаў і літоўцаў ужо задумваюцца аб эміграцыі… Усе беларускія ўстановы з Магілёва, Менску і да т. п. альбо распушчаныя, альбо эвакуіруюцца і развальваюцца самі.

Напэўна, Готбэрг разьлічваў на тое, што свае асноўныя праблемы: барацьбу з партызанамі і выкарыстаньне гаспадарчых рэсурсаў Беларусі — ён здолее выканаць і без дапамогі палітычных сродкаў. Такая лінія цалкам супадала з пазыцыяй Бэрліна. Зь вясны 1943 г. у руках Готбэрга апынулася практычна ўся паліцыйная ўлада на землях Генэральнай акругі Беларусь і Ўсходняй Беларусі. Цяпер ён хацеў поўнасьцю падпарадкаваць сабе і гаспадарчую дзейнасьць і ня толькі на тэрыторыі цывільнай адміністрацыі, але і ў зоне вайсковай адміністрацыі.

У выніку, на цэнтральным участку фронту ўжо ў лістападзе 1943 г. вайсковая гаспадарчая інспэкцыя была распушчана, а яе супрацоўнікі перайшлі ў генэральны камісарыят у Менску. Такім чынам, пад кіраўніцтвам Готбэрга на Беларусі ўтварыўся суцэльны гаспадарчы абшар. У лютым 1944 г. яго тэрыторыя павялічылася за кошт ужо прыгаданых былых трох паветаў RKU. Пры гэтым падкрэсьлівалася асаблівая неабходнасьць падначаліць аднаму кіраўніцтву сельскую гаспадарку. У сьнежні 1943 г. у сыстэме генэральнага камісарыяту ў Менску паўстаў новы галоўны аддзел харчаваньня і сельскай гаспадаркі. Яго дзейнасьць пашыралася на тэрыторыі цывільнай і вайсковай адміністрацыі. Усё гэта рабілася дзеля таго, каб узмацніць эксплуатацыю беларускай сельскай гаспадаркі, значэньне якой узрасло пасьля страты немцамі Ўкраіны.

Гаспадарчая палітыка Кубэ адышла ў нябыт. Пад канец акупацыі людзі балюча адчулі на сабе гэтыя перамены. Акупацыйныя ўлады раз за разам павялічвалі нормы паставаў мяса і жорстка дамагаліся іх выкананьня. Жывёлагадоўля прыйшла ў глыбокі заняпад. Паводле зьвестак слонімскага акруговага камісара, у выніку інтэнсіўнага нарошчваньня харчовых паставаў для Нямеччыны і партызан пагалоўе жывёлы ў гэтай акрузе ў 1944 г. зьменшылася на 50 % у параўнаньні з 1942 г., ад ранейшага пагалоўя сьвіньняў і авечак засталося ўсяго 10 %, а птаства было вынішчана амаль цалкам. У адной вёсцы на 80 гаспадарак прыходзілася 10 коней, а ў шасьці вёсках налічылі толькі 11 сьвіньняў. Напэўна, гэта адзін з найзырчэйшых прыкладаў, які праўдзіва адлюстроўваў становішча беларускай жывёлагадоўлі таго пэрыяду.

Аднак найважнейшым клопатам Готбэрга па-ранейшаму заставалася барацьба з савецкімі партызанамі. Іх дзейнасьць пагражала ня толькі выкананьню гаспадарчых задач — цяпер, з набліжэньнем фронту, навісла небясьпека дэзарганізацыі беспасярэдніх тылоў дзейнай арміі. Папярэднія супрацьпартызанскія акцыі не далі жаданых вынікаў, апрача таго, выклікалі пратэсты Кубэ, якія ўсё ж такі падзейнічалі пэўным чынам: пасьля атрыманьня апошняга рапарту ў кастрычніку 1943 г. Бройтыгам прапанаваў Бэргеру заняцца расьсьледаваньнем карных мэтадаў СС на Беларусі. Праўда, Бэргер адкінуў гэтую прапанову, тым ня менш мусіў прызнаць, што адзін з самых лютых атрадаў СС пад камандаваньнем Дырлевангера дзейнічаў «абсалютна безадказна». Такія выказваньні ў найвышэйшых эсэсаўскіх колах прымусілі Готбэрга перагледзець свае мэтады барацьбы з партызанамі. Да таго ж разам зь сьмерцю Кубэ зьнікла галоўная крыніца канфліктаў сярод нямецкага кіраўніцтва на Беларусі.

Свае новыя погляды Готбэрг прывёў падчас канфэрэнцыі, якая адбылася ў ОМі ў канцы лістапада 1944 г. Па-першае, ён прызнаў, што ранейшыя бесчалавечныя сродкі абыходжаньня з насельніцтвам былі памылкаю, бо «парушаюць яго пачуцьцё справядлівасьці», а па-другое, карныя экспэдыцыі ня могуць прынесьці чаканых вынікаў. Неўзабаве ў вайсковыя часьці была разаслана спэцыяльная інструкцыя, дзе падрабязна расьпісваліся паводзіны ў часе карных экспедыцыяў. Забаранялася «залішне жорсткае» абыходжаньне з цывільнымі жыхарамі; нельга было адлучаць матак ад дзяцей, палонных, якіх раней папросту расстрэльвалі, цяпер было загадана трымаць у перавалачных лягерах і трактаваць належным чынам. Хворыя, старыя, а таксама маткі зь дзецьмі да 10 гадоў павінны былі перасяляцца ў больш спакойныя мясьціны, прычым ім дазвалялася перавезьці з сабою ўсю сваю маёмасьць. У пачатку сакавіка 1944 г. Розэнбэрг падпісаў дэкрэт, які даваў права памілаваньня ўдзельнікам партызанскага руху ў Беларусі.

Зьмякчэньне тэрору да насельніцтва было адным з элемэнтаў новай антыпартызанскай стратэгіі Готбэрга. Ён крытычна ацаніў вынікі ранейшых карных апэрацыяў і цяпер імкнуўся дамагчыся прыхільнасьці насельніцтва, каб уцягнуць яго ў барацьбу супраць партызан. Гэта быў паварот да ранейшай канцэпцыі Кубэ. Аднак сытуацыя ў канцы 1943 г. аказалася ўжо зусім іншая: цяжка было спадзявацца на сапраўдную шырокую падтрымку беларусаў у антыпартызанскай кампаніі. Не апраўдаліся і надзеі на стварэньне беларускіх паліцыйных батальёнаў замест некалі распушчанай самааховы. Нягледзячы на доўгія стараньні, да верасьня 1943 г. арганізавана ўсяго два такія атрады.[134] Паралельна зь імі дзейнічалі толькі паліцыя парадку і чыгуначная ахова. Гэтых сілаў было недастаткова, таму летам 1943 г. для барацьбы з партызанамі апрача нямецкіх войскаў прыбыло некалькі нацыянальных паліцыйных батальёнаў, сярод іх літоўскія, латыскія, украінскія, расейскія і нават адзін польскі. Але і гэтых сілаў усё ж такі не хапала.

Таму, нягледзячы на недавер і кадравы дэфіцыт, ўвосень 1943 г. была зроблена нясьмелая спроба пашырэньня беларускіх паліцыйных батальёнаў, нягледзячы на пэўны недавер і недахоп кадраў. У верасьні — кастрычніку была абвешчана лякальная мабілізацыя ў Баранавіцкай і Слонімскай акругах. Вынікі яе былі нечаканыя: на заклік вайсковых аддзелаў адгукнулася столькі прызыўнікоў, што гэтай колькасьці хапіла зь верхам, каб сфармаваць два заплянаваныя батальёны, — частку людзей давялося нават пераправіць у Слуцак, дзе павінен быў арганізавацца яшчэ адзін батальён. Неўзабаве быў сфармаваны даволі вялікі добраахвотны батальён у Наваградку, яго ядром сталі вучні мясцовай настаўніцкай сэмінарыі. Меркавалася стварыць добраахвотныя батальёны ў Глыбокім і Лідзе, аднак тут не набралася нават роты добраахвотнікаў.

Такім чынам, пад кіраўніцтвам HSSPF RM und WR на пачатку 1944 г. тэарэтычна было створана 7 батальёнаў, у якіх разам налічвалася 2167 чалавек. Тры з гэтых сямі батальёнаў (№ 64, 66 і 67) яшчэ знаходзіліся ў стадыі фармаваньня. Паводле зьвестак Кушаля, сюды яшчэ трэба было дадаць батальён № 13, што падпарадкоўваўся паліцыі бясьпекі (каля 1000 чалавек), батальён чыгуначнай аховы (каля 1000 чалавек), а таксама паліцыю парадку (каля 20 000 чалавек).[135]

Агульная колькасьць гэтых фармаваньняў па тэрыторыі Генэральнай акругі Беларусь складала разам больш за 24 тысячы чалавек. Відаць, ува Ўсходняй Беларусі колькасны склад паліцыі парадку быў ня меншы. Апрача таго, на ўсходзе Беластоцкай акругі ў 1943 г. распачалося стварэньне беларускіх паліцыйных атрадаў. З улікам усіх гэтых зьвестак атрымліваецца, што ў пачатку 1944 г. у шэрагах вайскова-паліцыйных атрадаў па ўсёй Беларусі знаходзілася ня менш як 50 тыс. чалавек, калі не лічыць яшчэ чужых нацыянальных часьцей.

Готбэрг, хоць і пачаў разбудову беларускіх паліцыйных батальёнаў, па-ранейшаму ня меў да іх вялікага даверу і таму імкнуўся трымаць іх пад самым пільным наглядам. Дзеля гэтага 2.12.1943 г. ён зьвярнуўся да паліцыйных уладаў у Бэрліне з просьбаю прыслаць на Беларусь па 8 нямецкіх афіцэраў, 2 адміністрацыйных чыноўнікаў, 58 падафіцэраў, 4 перакладчыкаў і 2 шофэраў на кожны батальён. Усяго — па 74 чалавекі на кожны батальён. Менавіта тут крылася галоўная крыніца недаверу да часьцей былой самааховы, у якіх не было такога суворага кантролю нямецкага пэрсаналу. Кушаль у сваёй працы ня раз адзначаў, што нямецкія афіцэры імкнуліся выжыць з гэтых батальёнаў беларускіх афіцэраў і падафіцэраў і занізіць іх ролю, у выніку чаго і ўзьнікалі канфлікты. Несумненна, што галоўным тормазам фармаваньня беларускіх узброеных сілаў быў недавер нямецкага камандаваньня, а не праблема зь беларускімі кадрамі.

З аднаго боку, у немцаў былі падставы для недаверу: у кепска ўзброеных, слаба падрыхтаваных атрадах, якія ня мелі ў гэтай барацьбе палітычнай мэты, панавала дэзерцірства, аднак, з другога боку, улады нічога не рабілі дзеля таго, каб гэты недавер разьвеяць. Таму тут на-ранейшаму панавала ўзаемнае напружаньне. Нават вынікі лякальнай мабілізацыі ў Баранавічах і Слоніме, якія сьведчылі пра жаданьне беларусаў удзельнічаць у заведама безнадзейнай барацьбе на баку Нямеччыны, не маглі пераканаць немцаў. Справа ў тым, што гэтая мабілізацыя вялася пад зманлівымі лёзунгамі патрыятызму і арганізацыі беларускага войска — менавіта яны і прадвызначылі посьпех усёй справы. І сапраўды, цяжка падабраць нейкае іншае тлумачэньне такому наплыву добраахвотнікаў: прызыўнікам, папраўдзе, пагражалі нямецкія рэпрэсіі ў тым выпадку, калі б яны не зьявіліся па закліку ўладаў, але, з другога боку, іх чакала партызанская расправа, так што ўсякі выбар быў небясьпечны.

Другім кірункам дзейнасьці, які не патрабаваў ад Готбэрга палітычных рашэньняў, а быў пакліканы палепшыць стан бясьпекі і рэалізацыю гаспадарчых задачаў, была арганізацыя абаронных вёсак, задуманых як лякальныя антыпартызанскія базы. 19.10.1943 г. Готбэрг выдаў новае распараджэньне: паліцыйныя ўлады Генэральнай акругі Беларусь і іх акруговыя камісары павінны былі распачаць арганізацыю абаронных вёсак — пасьля ачышчэньня абраных населеных пунктаў ад ненадзейных элемэнтаў было загадана раздаць жыхарам па 50–100 вінтовак. Гэта быў яшчэ адзін зварот да колішняй канцэпцыі Кубэ. 22 лістапада на канфэрэнцыі ў ОМі Готбэрг паведамляў, што ў абаронных вёсках распачалася новая асадніцкая кампанія: туды адмыслова сталі перасяляць ахоўнікаў-паліцыянтаў, некаторыя зь іх ужо атрымалі зямельныя надзелы. Готбэрг запэўніў, што арганізацыя такіх гарнізонаў «спраўджвае сябе надзвычайна» і становіцца важным фактарам грамадзкай бясьпекі на Беларусі. На пачатку 1944 г. гэтая апэрацыя распачалася і ўва ўсходнебеларускіх раёнах. Па зьвестках Гэсэ, у працэсе стварэньня абаронных вёсак ня раз паўставалі перашкоды. Па-першае, шмат у якіх вызначаных усходнебеларускіх паселішчах не хапала мужчын: іх альбо вывезьлі на працу ў Нямеччыну, альбо нанялі на будоўлю вайсковых аб’ектаў Вэрмахту. А па-другое, насельніцтва папросту страціла давер да акупантаў — у некаторых вёсках людзі кідаліся ўцякаць, убачыўшы нямецкіх салдат, пасланых для арганізацыі абароннай вёскі. Таму вынікі гэтай кампаніі аказаліся досыць сьціплыя.

Па тэрыторыі Генэральнай акругі Беларусь гэтая кампанія праходзіла больш пасьпяхова. У Баранавіцкай акрузе было арганізавана 14 абаронных вёсак, паўсталі яны і ў Глыбоцкай, Слонімскай, Наваградзкай, Слуцкай і іншых акругах, прычым нярэдка ў такіх паселішчах асядалі прыбыльцы, якіх гнаў з усходу наступ Чырвонай Арміі. Сярод іх аказваліся ўцекачы зь Віцебшчыны, казакі, каўказцы і салдаты з брыгады Камінскага, якія разам зь сем’ямі эвакуяваліся з Браншчыны. 5 такіх вёсак было створана і па ўсходзе Беластоцкай акругі. Такім чынам, на Беларусі паўстала ня менш як некалькі дзясяткаў супрацьпартызанскіх вясковых пунктаў супраціву. Тым ня менш даць адназначную ацэнку іх дзейнасьці даволі цяжка. Пасьля адступленьня глыбоцкі акруговы камісар пісаў у сваёй справаздачы, што ў яго акрузе абаронныя вёскі «ня выканалі сваёй задачы», дзьве зь іх партызанам удалося цалкам абяззброіць. Затое баранавіцкі акруговы камісар ацаніў іх дзейнасьць дадатна. Як бы там ні было, ува ўсёй гэтай справе можна заўважыць яшчэ адзін вельмі істотны аспэкт: упершыню нямецкія ўлады рашыліся на перадачу значнай колькасьці зброі ў рукі насельніцтва.

У канцы 1943 г. акупацыйныя ўлады вырашылі актывізаваць польскія сілы для барацьбы з савецкім партызанскім рухам і прыцягнуць да супрацоўніцтва атрады АК. Дзеля гэтага яны адмовіліся ад ранейшага антыпольскага курсу, які быў абраны імі ў сярэдзіне 1942 г. Немцы разьлічвалі на тое, што слаба ўзброеныя акоўскія атрады, якія варагавалі з савецкімі партызанамі і нават мелі зь імі крывавыя сутычкі, цяпер не адмовяцца ад прапановы паправіць стан свайго ўзбраеньня.

І сапраўды, некаторыя атрады АК пагадзіліся з такою прапановаю. 9.12.1943 г. камандзір стаўпецкай групоўкі АК капітан Адольф Пілах (псэўданім «Гура») заключыў зь немцамі дамову і да канца акупацыі атрымліваў ад іх зброю і амуніцыю, якія высылаліся зь Менску. Крыху пазьней (пасьля 24.12.1943 г.) такое пагадненьне заключыў у Лідзе камандзір прынёманскай групоўкі, паручнік Юзаф Сьвіда (псэўданім «Лех»), які на працягу студзеня, лютага і сакавіка 1944 г. атрымаў пяць транспартаў зброі. Абодва камандзіры сьцьвярджалі, што камандаваньне АК Наваградзкае акругі ўхваліла гэтыя пагадненьні, прычым Сьвіда і акруговы камандзір палкоўнік Януш Праўдзіц-Шляскі дамовіліся аб тым, што нямецкія паставы зброі і амуніцыі пяройдуць у поўнае распараджэньне камандзіра акругі. Галоўнае камандаваньня АК у Варшаве і лёнданскі галоўнакамандуючы асудзілі гэтыя ўгоды. 17.1.1944 г. зь Лёндану прыйшоў загад разарваць супрацоўніцтва зь немцамі і разабрацца з тымі, хто прыняў у ім удзел. Сьвіда быў высланы з Наваградчыны, а Пілах насуперак загаду не спыніў супрацоўніцтва.

Пасьля першых посьпехаў з наваградзкімі атрадамі Готбэрг вырашыў пашырыць кантакты і зьвязацца зь віленскім акруговым камандаваньнем АК. 19.1.1944 г. прадстаўнік менскай дэлегатуры СД у Вялейцы Зэйдлер сустрэўся зь віленскім акруговым камандзірам АК палкоўнікам Аляксандрам Кжыжаноўскім і прапанаваў яму наладзіць нямецка-польскае супрацоўніцтва ў барацьбе з савецкімі партызанамі, паабяцаўшы пры гэтым забясьпечыць групоўкі, падначаленыя віленскай камэндатуры, зброяй і амуніцыяй. Паводле кароткага рапарту, адзінае, чаго ўдалося дабіцца Зэйдлеру, — гэта згоды на яшчэ адно спатканьне, на гэты раз перамовы з Кжыжаноўскім павінен быў весьці сам шэф вялейскай дэлегатуры СД Гравэ. Але неўзабаве такую самую прапанову Кжыжаноўскі атрымаў ад літоўскага камандаваньня Вэрмахту, пасьля чаго вырашыў перапыніць кантакты з СД на Беларусі і распачаў перамовы ў Літве з шэфам віленскага Абвару Юліюсам Хрысьціянсанам.

Тым ня менш ініцыятыва Готбэрга не прапала марна. 1 сакавіка падчас выступленьня на канфэрэнцыі ў ОМі ён паведаміў:

Чатыры тыдні таму (г. зн. — недзе на сутыку студзеня і лютага. —Ю. Т.) на наш бок перайшлі тры буйныя польскія атрады (Banden) і спачатку таксама добра ваявалі.

Готбэрг не падаў дакладных зьвестак пра гэтыя фармаваньні, аднак, хутчэй за ўсё, гэта былі віленскія атрады, бо апрача Наваградзкай акругі, зь якой немцы заключылі пагадненьні ў сьнежні, толькі Віленская акруга АК часткова знаходзілася на тэрыторыі Генэральнай акругі Беларусь. Адначасова Готбэрг скардзіўся, што ініцыятыва нямецкіх службаў у Вільні перашкодзіла далейшым перамовам з Кжыжаноўскім, і таму неўзабаве надзейнасьць гэтых атрадаў пачала хутка слабець. Аднак новы курс акупацыйных уладаў на Беларусі што да польскага падпольля ад гэтага не зьмяніўся. Пра гэта сьведчыць загад Готбэрга ад 23.2.1944 г. наконт мабілізацыі ў Беларускую краёвую абарону: з гэтага загаду былі выключаны ўся Лідзкая акруга, а таксама пэўныя раёны Вялейскай і Глыбоцкай, дзе гаспадарыла АК.

Нямецкія ініцыятывы зыходзілі, такім чынам, з двух цэнтраў — Менску і Вільні, але крыніца ў іх была адна — агульнае распараджэньне цэнтральных бэрлінскіх уладаў. 10 лютага Хрысьціянсан паведаміў на перамовах з Кжыжаноўскім, што пагадненьне, якое яны зьбіраюцца заключыць, было складзена зь ведама і даручэньня вышэйшага нямецкага камандаваньня. Паводле акоўскіх дакумэнтаў, гэты праект гучаў так:

1. Гэта вайсковая, а не палітычная дамова, яна скіравана на тое, каб ачысьціць край ад савецкіх бандаў.

2. Ніякіх зьменаў у кіраваньні краем і адміністрацыйнай палітыцы не прадугледжваецца. Польскі бок абавязуецца не кранаць нямецкай арміі, нямецкай і літоўскай адміністрацыі. Харчовыя паставы для войска павінны ладзіцца безь перашкод.

3. У кожнай акрузе выступаць у якасьці прадстаўніка партызанскіх атрадаў павінна толькі адна паўнамоцная асоба. Паміж польскім і нямецкім камандаваньнем прызначаецца сувязны.

4. Польскія атрады атрымліваюць поўны боекамплект, аж да лёгкай артылерыі ўлучна.

5. Польскія атрады атрымліваюць права на збор харчовых паставаў на вызначаных землях.

6. Некаторыя віды зброі могуць выдавацца толькі на пэрыяд баявых дзеяньняў з умоваю, што яны будуць абавязкова вернутыя пасьля іх заканчэньня.

7. Прадугледжваецца польска-нямецкае баявое супрацоўніцтва.

Аднак гэтае пагадненьне не было падпісана — Кжыжаноўскі спаслаўся на тое, што паміж Польшчаю і Нямеччынай працягваецца вайна, і адкінуў праект дамовы. Хрысьціянсан паставіўся да гэтага з разуменьнем, ён прапанаваў варыянт, які дазволіў бы АК, не мяняючы прынцыповай пазыцыі, атрымліваць ад немцаў зброю і амуніцыю і іншае вайсковае забесьпячэньне. Ежы Дабжанскі, які прысутнічаў пры гэтай размове, сьведчыць, што гаворка ішла пра стварэньне сыстэмы вайсковых складоў з слабай аховай. З маўклівай згоды Вэрмахту акоўскія атрады маглі б нападаць на іх і такім чынам здабываць сабе ўсю неабходную экіпіроўку. Гэтая аднабаковая пазыцыя немцаў вырашыла справу — немагчыма было адмовіцца ад зброі, якая ледзь не сама падала ў рукі.

Такім чынам, фармальная дамова была заменена камуфляжам, прычым настолькі ўдалым, што пасьля вайны вяліся доўгія спрэчкі вакол становішча акоўскіх атрадаў у апошняй фазе акупацыі. І сапраўды, вясною 1944 г. не атакаваныя немцамі атрады АК зрабілі шэраг нападаў на іх склады і гарнізоны, аднак цяжка вызначыць, у якой меры гэта былі аўтэнтычныя дзеяньні і ў якой — інсьпіраваныя Абвэрам. Апошнюю вэрсію пацьвярджае той факт, што немцы рознымі іншымі спосабамі падкідвалі зброю ў раёны разьмяшчэньня акоўскіх атрадаў. Кампэтэнтныя дзеячы АК сьведчаць, што гэткім шляхам немцы паляпшалі ўзбраеньне наваградзкіх атрадаў, а таксама брыгад паручніка Грацыяна Фруга (псэўданім «Шчэрбец») і паручніка Зыгмунта Шандзаляжа («Лупашкі») у Віленскай акрузе.

На Віленшчыне і Наваградчыне нямецкая патаемная дапамога АК сталася сакрэтам палішынеля, аднак нельга было голасна разважаць пра яе. Віленскі публіцыст Юзаф Мацкевіч быў бадай што першым польскім аўтарам, які не пабаяўся гневу апалягетаў «палітычнай праўды» і загаварыў пра гэта публічна. Ён пісаў:

А пакуль што існуе дамова Немцы паціху даюць нам зброю — лічыцца, што мы яе здабываем, — і не кранаюць. А ўзамен хочуць, каб мы разагналі савецкіх партызан. Як спаткаецца наш атрад з жандарамі на дарозе, дык адны глядзяць у адзін бок, а другія — у іншы, так і разыходзяцца, як дзьве лялі. Апошнім часам лідзкі гебітскамісар, уласна кажучы, перадаў увесь свой «гебіт» у нашыя рукі, каб мы яму ўзамен ачысьцілі павет ад бальшавікоў. І мы «ачышчаем», калі ўдаецца… Хаця… справа ўжо да таго дайшла, што наш камандзір пры поўным парадзе: на канфэдэратцы — тры зоркі, «маўзэр» пры пасе, «жолнеж польскі» ў пілётцы — на козлах сярод белага дня заяжджае ў нямецкую гарадзкую камэндатуру. Выходзіць нямецкі камандзір, салютуе пад казырок. Ідуць на нараду. Выходзяць — зноў пад казырок, наш сядае і ад’яжджае ў лес. Во што робіцца.

Новы курс нямецкай палітыкі да палякаў і асабліва падкормліваньне зброяй спрыялі ўзмацненьню пазыцыі АК у некаторых раёнах Заходняй Беларусі. А ў Лідзкай акрузе склалася ўвогуле ўнікальная сытуацыя: на пачатку 1944 г. нямецкая акупацыйная адміністрацыя тут папросту пакінула свае воласьці і толькі ў гарадох і на дарогах яшчэ падтрымлівала свой кантроль. Трапныя назіраньні Мацкевіча пацьвярджае акоўская справаздача з Наваградзкага ваяводзтва, у якой апісваецца сытуацыя, што панавала ў лютым — сакавіку 1944 г. Варта прывесьці зь яе шырокую цытату:

Пад канец 1943 — на палатку 1944 г. абставіны склаліся такім чынам, што шэраг паветаў Наваградчыны апынуўся, уласна кажучы, цалкам у польскіх руках. Немцы, заўважыўшы антыбальшавіцкую актыўнасьць Войска польскага, выкарысталі яе дзеля ўласнай бясьпекі. Яны не чапаюць польскіх атрадаў і нават у многіх выпадках аказваюць ім дапамогу. Натуральна, гэта прыводзіць у замяшаньне палітычныя погляды польскага грамадзтва і ў сэнсе прапагандысцкім і палітычным можа прынесьці вялікую шкоду… Шчучынскі павет уваходзіць у склад Лідзкага гебітскамісарыяту… Гэта астравок Польшчы, на якім мясцовыя нямецкія ўлады выказваюць максымум цярпімасьці і разуменьня да арганізаванага і ўзброенага польскага грамадзтва. Шчучынскі павет нагадвае раёны Жлобіна і Бабруйску часоў Доўбара-Мусьніцкага.[136] Нямецкая ўлада існуе толькі ў мястэчках, а чырвоных — па той бок Нёмна.

Польскія атрады праводзяць рэгулярную мабілізацыю — старасты афіцыйна разносяць імянныя прызыўныя позвы… Кожнае нядзелі, на кожнае сьвята ў вёсках спраўляюць палявую імшу з казаньнем… Млыны, дзяржаўныя маёнткі і вёскі плацяць даніну натурай і грашыма. Варшавяне з УКБ (Ударны кадравы батальён Баляслава Пясочнага. — Ю. Т.) кажуць, што ўва ўсёй Польшчы няма такіх спрыяльных умоў для стварэньня падпольнай арміі, як у Шчучынскім павеце. Натуральна, што справа тут ня толькі ў настроях насельніцтва, але і ў нямецкай паблажлівасьці. Немцы вызвалілі з шчучынскага астрогу дзевяць хлопцаў, гаворачы, што вяртаюць ім свабоду пры ўмове, што яны пойдуць да «белых».

Пры такой сытуацыі ў першай палове 1944 г. акоўскія шэрагі пачалі хутка разрастацца. Справа пайшла з асаблівым размахам пасьля таго, як на вызначаных Готбэргам землях была праведзена веснавая мабілізацыя мужчын у АК. Аб гэтым вымоўна сьведчыць статыстыка: колькасны асабовы склад акоўскіх атрадаў у Наваградзкай акрузе ў чэрвені 1944 г. дасягнуў 7,7 тыс. чалавек, прычым 40 % зь іх складалі праваслаўныя беларусы. Цікава, што з гэтай агульнай колькасьці на невялікую Лідзкую акругу прыйшлося 6,5 тыс. чалавек, г. зн. амаль 85 % ад агульнай лічбы жаўнераў ува ўсёй Наваградзкай акрузе АК. Затое ў іншых раёнах, дзе Готбэрг не даваў спэцыяльнага дазволу, вынікі мабілізацыі ў АК былі досыць сьціплыя.

Напярэдадні адыходу немцаў сілы АК нямала зрабілі для таго, каб расправіцца з патэнцыйнымі праціўнікамі аднаўленьня польскай улады ў Заходняй Беларусі. Як падаваў Пільх, пачынаючы зь сьнежня 1943 г. да канца чэрвеня 1944 г. чальцы яго атраду забілі каля 6 тысяч «бальшавікоў». Думаецца, што пераважная частка забітых — гэта мірныя беларускія жыхары, якіх западозрылі ў сувязях з савецкімі партызанамі. Вынішчэньне беларусаў павялічылася і ў Лідзкай акрузе. Паводле беларускіх крыніц, зь сярэдзіны лютага да паловы красавіка 1944 г. ад рук акоўцаў там загінула некалькі тысяч чалавек.

Нямецкая адміністрацыя да канца акупацыі не спыняла заляцаньняў з акоўцамі ў Беларусі і ў Літве, нягледзячы на тактычнае ўзмацненьне антынямецкіх дывэрсійных акцыяў АК. У адрозьненьне ад нападаў савецкіх партызан, гэтыя акцыі нават не знайшлі адлюстраваньня ў тагачасных нямецкіх дакумэнтах. Акупацыйныя ўлады настолькі пераканаліся ў бяскрыўднасьці Арміі Краёвай, што нават вырашылі паспрабаваць яе сілы выкарыстаць пры абароне Вільні ад Чырвонай Арміі. Разглядаўся нават праект стварэньня польскага прадстаўніцтва (Vertrauenstelle) у Літве, саступак у галіне школьнай асьветы, культуры і г. д.

Аднак да такога супрацоўніцтва не дайшло, бо пад канец акупацыі, у ліпені, АК паспрабавала выбіць нямецкія войскі зь Вільні. Гэтая апэрацыя стала свайго роду гістарычнай індульгенцыяй АК, яна павінна была засьведчыць, што ўсе стасункі зь немцамі былі проста тактычнымі сродкамі, якія служылі іншай, вышэйшай мэце — умацаваньню ўласных сілаў дзеля адбудовы польскай дзяржаўнасьці на ўсходніх землях.

Паводзіны Готбэрга ў справе разьвіцьця беларускіх паліцыйных атрадаў, стварэньня казацкіх батальёнаў, арганізацыі абаронных вёсак, нарэшце, ператварэньне часткі Слонімшчыны і Наваградчыны ў «самаўладную рэспубліку» расейскай брыгады Камінскага[137] сьведчаць аб тым, што ён найперш кіраваўся ўласнымі інтарэсамі ў барацьбе з савецкімі партызанамі, а не якімі-кольвек меркаваньнямі беларускай палітыкі. 'Таму меў рацыю супрацоўнік ОМі Кляйст, калі сьцьвярджаў, што Готбэрг быў праціўнікам ранейшага курсу Кубэ.

Такім чынам, можна меркаваць, што ўсе зьмены, якія неўзабаве пачаліся ў гэтым напрамку і завяршыліся стварэньнем Беларускай цэнтральнай рады (БЦР), былі вынікам ініцыятывы Астроўскага, а ня Готбэрга. Сьмерць Кубэ нарэшце дазволіла Астроўскаму вярнуцца на радзіму, дзе ён спадзяваўся адыграць важную палітычную ролю. Не пазьней за пачатак кастрычніка 1943 г. разам з штабам камандуючага цэнтральным участкам фронту Клюге Астроўскі перабраўся з Смаленску ў Баранавічы. Тым часам у Менску разьмясьцілася смаленскае СД. Астроўскі пастараўся ня страціць кантактаў, завязаных з вайсковымі і паліцыйнымі ўладамі ў Смаленску, і цяпер, маючы іх рэкамэндацыі і падтрымку новага шэфа Готбэрга, адчуваў сябе на кані.

Бессумненна, што менавіта Астроўскі (асабіста альбо праз пасярэдніцтва сваіх нямецкіх спонсараў) адразу ж узяўся за справу і пасьпяшаўся пераканаць Готбэрга ў мэтазгоднасьці стварэньня на Беларусі органа цэнтральнага самакіраваньня. Аднак ёсьць нямала доказаў таго, што Готбэрг не адразу даў сябе намовіць. Тры важкія акалічнасьці перашкаджалі ажыцьцяўленьню гэтага праекту: па-першае, бэрлінскія інструкцыі забаранялі стварэньне такога органа, па-другое, фармальна яшчэ існаваў Камітэт даверу, але зь ім Готбэрг супрацоўнічаць не хацеў, бо ня мог пагадзіцца з пазыцыяй Іваноўскага, нарэшце, па-трэцяе, ён ня верыў у магчымасьці беларускага нацыяналізму і не сьпяшаўся разыгрываць гэтую карту. З другога боку, Готбэрг разумеў, што такі орган адыграе пэўную прапагандысцкую ролю і стане карысным інструмэнтам у барацьбе з партызанамі.

Свае ідэі і асьцярогі ў галіне беларускай палітыкі Готбэрг упершыню прадставіў на канфэрэнцыі, якая адбывалася ў ОМі 22–23.11.1943 г. У ёй прымалі ўдзел вышэйшыя кіраўнікі гэтага міністэрства на чале з пастаянным намесьнікам Розэнбэрга — Мэерам. Готбэрг па-ранейшаму не выказваў да беларусаў даверу, абвінавачваў у супрацоўніцтве з савецкімі партызанамі, даводзіў, што яны ня ведаюць уласнай мовы, быў супраць адкрыцьця культурных установаў накшталт Менскага тэатру і лічыў, што культурная праца не павінна выходзіць за межы самага прымітыўнага ўзроўню. Тым ня менш ён выказаўся за як мага хутчэйшае выданьне школьных падручнікаў, за далейшую працу арганізацыяў самапомачы і Саюзу беларускай моладзі, бо лічыў, што ў грамадзтве яны адыгрываюць дадатную прапагандысцкую ролю.

У той момант Готбэрг палічыў, што стварэньне органа, пра які так старанна клапаціўся Астроўскі, — справа другарадная. У агульных фразах, нават не падаўшы яго будучай назвы, не акрэсьліўшы кола яго паўнамоцтваў, Готбэрг паведаміў толькі, што такі орган мог бы выконваць некаторыя дарадчыя функцыі. У прыватнасьці, ён тады не праводзіў ніякай сувязі паміж праектам стварэньня БЦР і разьвіцьцём беларускіх узброеных сілаў, што між тым пазьнейшыя дасьледчыкі палічылі за галоўны матыў яе стварэньня. Калі ўжо казаць дакладна, дык на гэтай канфэрэнцыі Готбэрг вёў гаворку не пра стварэньне новага органа, а пра актывізацыю раней створанай Рады даверу, каб такім чынам пераканаць удзельнікаў канфэрэнцыі, што выданьня нейкіх дадатковых праўных актаў у гэтай справе не спатрэбіцца. Готбэрг спадзяваўся, што такім шляхам яму ўдасца абмінуць складаную фармальную працэдуру.

Вынікі канфэрэнцыі ўказваюць на тое, што Готбэрг усё ж такі зьбіраўся выкарыстаць праект Астроўскага, але надышоў канец лістапада, а справа ня рушылася зь месца. Усё ўпіралася ў праблему кіраўніцтва: стаць старшынём рэарганізаванай Рады даверу Астроўскі мог толькі пасьля таго, як гэтую пасаду пакіне Іваноўскі. Аднак Готбэрг, хаця і быў зацікаўлены ў тым, каб пазбыцца Іваноўскага, ня стаў яго звальняць ці патрабаваць, каб ён падаў у адстаўку, а пакінуў гэтую справу Астроўскаму і яго паслугачам.

Спачатку яны думалі, што ананімнымі лістамі ім удасца запалохаць Іваноўскага і прымусіць яго пакінуць Менск, але спроба не ўдалася. І тады пачалася падрыхтоўка да замаху. 6 сьнежня, калі Іваноўскі ў адкрытай брычцы вяртаўся дадому з гарадзкой управы, на яго напалі двох мужчын, адзін зь якіх — Аляксандар Камінскі — раней служыў у менскай паліцыі і «ўцёк» у партызаны, — прагучала некалькі стрэлаў. Іваноўскі быў паранены, але не сьмяротна. Яго адразу ж перавезьлі ў гарадзкі шпіталь і кінулі бязь лекарскай дапамогі. Назаўтра, 7.12.1943 г., Вацлаў Іваноўскі памёр. Готбэрг ужо 23 лістапада падчас раней згаданай канфэрэнцыі выразна наменьваў на тое, што на Іваноўскага рыхтуецца замах і выканаюць яго самі беларусы. Ён зьвязаў гэта зь неабходнасьцю актывізацыі Рады даверу. Адказнасьць за сьмерць Іваноўскага кладзецца як на плечы Астроўскага, так і Готбэрга — першы быў ініцыятарам замаху, другі ведаў пра яго ад пачатку і дазволіў, каб ён адбыўся.

Зь сьмерцю Іваноўскага зьнікла апошняя перашкода на шляху Астроўскага да БЦР. Неўзабаве пасьля замаху, 12.12.1943 г., акруговы баранавіцкі камісар Рудольф Вэрнэр склікаў сход мясцовага актыву, на якім кандыдатуру Астроўскага вылучылі на пасаду прэзыдэнта БЦР. Гэта і быў той самы «выраз народнага даверу», на які пазьней спасылаліся Готбэрг і Астроўскі.

Праз тыдзень, 21.12.1943 г., у Менску адбыўся ўрачысты сход, на якім Готбэрг абвясьціў стварэньне Беларускай цэнтральнай рады і прызначыў Астроўскага яе прэзыдэнтам. Тут жа быў абвешчаны статут, у якім БЦР менавалася прадстаўніцтвам беларускага народу, а яе галоўнай мэтаю ставілася мабілізацыя ўсіх нацыянальных сілаў на барацьбу з бальшавізмам. Перадаваць акупацыйным уладам адпаведныя праекты стала правам і абавязкам БЦР. Адсюль вынікае, што Рада павінна была стаць галоўным чынам дарадчым органам, аднак у некаторых галінах (сацыяльная абарона, культура і школьніцтва) яна мела права на самастойную дзейнасьць і магла выдаваць распараджэньні ад уласнага імя.

Дарэчы, у зачытаным Готбэргам статуце не было ніякіх спасылак на нейкія загады альбо іншыя рашэньні цэнтральных бэрлінскіх уладаў, якія маглі б лічыцца праўнай падставай дзейнасьці БЦР. І сапраўды, такой падставы не існавала: БЦР узьнікла ў выніку рэарганізацыі Рады (дакладней кажучы — Камітэту даверу), прычым Готбэрг выкарыстаў плён свайго папярэдніка— Кубэ. Аднак БЦР не была фармальным працягам Камітэту даверу, які быў толькі дарадчай адміністрацыйнай камісіяй генэральнага камісарыяту, а не асобным беларускім органам. Функцыі і паўнамоцтвы БЦР і Камітэту даверу былі розныя, таму такая рэарганізацыя стала толькі прыкрыцьцём для самавольных рашэньняў Готбэрга. Бэрлінскае начальства заплюшчвала вочы на гэтую праўную фікцыю, тым больш, што яе аўтарам быў чалавек СС, а ў Менску ніхто не спрабаваў спэцыяльна ў гэтым разабрацца.

У прамове з нагоды абвяшчэньня БЦР Готбэрг паабяцаў паляпшэньне жыцьцёвых умоў: павелічэньне заробкаў, забесьпячэньне харчовымі і прамысловымі таварамі, мэдыцынскімі паслугамі — і заклікаў насельніцтва да арганізацыі абаронных вёсак. Беларускі народ, якому яшчэ зусім нядаўна ў Бэрліне ён выказваў недавер, цяпер Готбэрг называў ня іначай як «фанатычным ворагам бальшавізму». Нядаўні праціўнік разьвіцьця беларускай навукі і культуры, які лічыў дзейнасьць Менскага тэатру залішняй раскошай, цяпер абяцаў яму ўсебаковую падтрымку. Готбэрг разьлічваў, што гэтыя тыпова прапагандысцкія дэклярацыі створаць уражаньне зьмены кірунку нямецкай палітыкі на Беларусі, а заадно адцягнуць увагу ад сапраўднай сутнасьці новага органа.

Апрача фармальных паўнамоцтваў, пералічаных ува ўступнай частцы, у статуце БЦР былі пункты, якія абмяжоўвалі яе дзейнасьць толькі тымі заданьнямі, якія выстаўлялі перад ёй акупацыйныя ўлады. Абмежаваньні датычылі нават такіх кірункаў дзейнасьці БЦР, дзе яна мела права на самастойныя рашэньні: культуры, школьніцтва і сацыяльнага забесьпячэньня апекі. Усе распачынаньні ў гэтых галінах павінны былі зацьвярджацца акупацыйнымі ўладамі. Прэзыдэнт БЦР прызначаўся і здымаўся з пасады паводле рашэньня генэральнага камісара, згодна з прапановамі прэзыдэнта ён прызначаў таксама і сяброў Рады. Такім чынам, БЦР нават з фармальнага гледзішча не была самастойным органам. Варта адзначыць, што ані ў статуце, ані ў інаўгурацыйнай прамове Готбэрга нічога не гаварылася пра задачы БЦР у вайсковай галіне. У рэшце рэшт, 21 сьнежня стала днём абвяшчэньня БЦР, а не яе стварэньня, бо, апрача Астроўскага, ня быў яшчэ прызначаны ніводзін сябра Рады. Значыцца, Готбэрг па-ранейшаму дзейнічаў вельмі асьцярожна.

Астроўскага гэта, здаецца, не расчаравала. У адказ на прамову Готбэрга ён выказаў разуменьне, што ў часе вайны нельга разьлічваць на поўнае і канчатковае вырашэньне беларускага пытаньня, але заявіў, што не губляе надзеі на вырашэньне гэтай праблемы

згодна з інтарэсамі беларускай нацыі — саюзьніцы вялікай нямецкай нацыі.

Ён выказаў словы падзякі і вернасьці і заклікаў нацыю да супольнай зь Нямеччынай барацьбы

да канчатковае перамогі.

Астроўскі ведаў межы сваёй кампэтэнцыі і разумеў асьцярогі Готбэрга, таму вырашыў абраць тактыку малых крокаў і адваёўваць саступкі спакваля.

Астроўскі вырашыў зрабіць стаўку на тое, што зараз было найбольш патрэбна Готбэргу і што ён сам трымаў цяпер у сваіх руках, — на прапаганду. Адразу ж пасьля абвяшчэньня БЦР з дапамогай мясцовых службаў БНС у правінцыі ён арганізаваў шматлікія маніфэстацыі падтрымкі БЦР пад лёзунгамі беларускай незалежнасьці і барацьбы з партызанскім рухам. 10.1.1944 г. Астроўскі выступіў з адозвай да нацыі, якая распаўсюджвалася па ўсіх даступных каналах масавай інфармацыі. Ён заклікаў партызан і жыхароў, што знаходзіліся пад іх аховай, адмовіцца ад супраціву і вярнуцца дадому. Да гэтай акцыі была далучана і праваслаўная царква. Такой інтэнсіўнай прапаганды на Беларусі ня бачылі ад пачатку акупацыі.

Сапраўднай прычынай гэтай прапагандысцкай кампаніі была псыхалягічная падрыхтоўка грамадзтва Беларусі да вайсковай мабілізацыі. Готбэрг, праўда, у студзені яшчэ не атрымаў дазволу на гэта з Бэрліна, але спадзяваўся, што неўзабаве ён паступіць. Пра тое сьведчылі прыгатаваньні да мабілізацыі ў Прыбалтыцы. Толькі ў гэты момант нарэшце была склікана БЦР. 22 студзеня адбылося т. зв. канстытуцыйнае пасяджэньне Рады, на якім быў публічна абвешчаны яе 14-асабовы склад на чале з прэзыдэнтам Астроўскім і двума яго намесьнікамі — Шкялёнкам і Сабалеўскім. 24 студзеня было створана 12 аддзелаў БЦР, сярод іх — вайсковы, кіраўніком якога прызначылі Кушаля.

У лютым пасьля дазволу Гітлера на правядзеньне на Беларусі мабілізацыі ў БЦР адбыліся новыя перамены. 23 лютага Готбэрг «у адказ на прапанову прэзыдэнта БЦР ад 18.2.1944 г.» выдаў загад аб стварэньні Беларускай краёвай абароны (далей — БКА) і даручыў БЦР правесьці на пэўных землях Генэральнай акругі Беларусь вайсковую мабілізацыю. БЦР адразу ж узялася за падрыхтоўку гэтай акцыі. 25 лютага ў Менску адбыўся вялікі мітынг, на якім так званы «беглы» капітан Чырвонай Арміі Ігар Капер «абнародаваў» таемны загад Сталіна аб поўным вынішчэньні беларускай нацыі, пасьля чаго была падрыхтавана рэзалюцыя аб гатоўнасьці гэтай нацыі да барацьбы з бальшавізмам. У той самы дзень БЦР прызначыла сваіх акруговых камандзіраў у Менску, Баранавічах, Глыбокім, Наваградку, Слоніме, Слуцку і Вялейцы. Ім было загадана ўзначаліць працу прызыўных камісіяў у сваіх акругах.

Готбэрг разумеў, што, калі адзінай справаю БЦР будзе мабілізацыя, ніякай грамадзкай папулярнасьці ёй гэта не прынясе, і таму, згодна з раней абвешчанай праграмай, вырашыў пашырыць яе паўнамоцтвы і ў іншых галінах. Гэта б сьведчыла пра аўтарытэт Рады і яе самастойнасьць. Пра гэта Готбэрг гаварыў 1 сакавіка на чарговай канфэрэнцыі ў ОМі, прычым падкрэсьліваў, што акупацыйныя ўлады, калі б яны перадаручылі БЦР некаторыя галіны адміністрацыі, па-ранейшаму маглі б трымаць іх пад сваім кантролем і агульным кіраўніцтвам. Аднак з чыста фармальнага боку вырашыць такое пытаньне было вельмі цяжка, наколькі ОМі не магло кіраваць дзейнасьцю БЦР — яно не дало санкцыяў на яго стварэньне. Пры гэтым «паўнамоцтвы» БЦР у вайсковай галіне ня мелі істотнага значэньня — падобная мабілізацыя праводзілася таксама і на іншых землях Беларусі, якія знаходзіліся па-за межамі Генэральнай акругі і не падлягалі кампэтэнцыі БЦР.

Таму Готбэргу даводзілася дзейнічаць так, каб атрымаць як мага большы прапагандысцкі эфэкт і адначасова не парушыць інструкцыяў свайго начальства. Такім чынам, 1 сакавіка ён апублікаваў у сваім афіцыйным весьніку статут БЦР, пазначыўшы яго задняю датаю — 21.12.1943 г., з спасылкай на распараджэньне Розэнбэрга ад 24.4.1942 г., якое не давала права на стварэньне такога органа. У лютым ён дазволіў Астроўскаму прызначыць сваіх акруговых намесьнікаў, якія тэарэтычна павінны былі заняцца фармаваньнем мясцовага апарату БЦР, а на самай справе — сачыць за правядзеньнем мабілізацыйнай кампаніі. Таму іх ня сталі прызначаць у тых акругах, дзе не праводзілася мабілізацыя (Лідзкая, Ганцавіцкая і Барысаўская акругі). Готбэрг пагадзіўся, каб БЦР пераняла на сябе кіраўніцтва арганізацыямі самапомачы, але ніякага практычнага значэньня такая іх перадача ня мела, бо сацыяльнае забесьпячэньне па-ранейшаму заставалася ў руках акруговых камісараў. Тое самае адбылося і ў галіне народнай асьветы. 21 лютага Готбэрг загадаў акруговым камісарам перадаць БЦР школьныя справы, аднак аддзелы асьветы і школьныя інспэктараты да канца акупацыі заставаліся ў складзе акруговых камісарыятаў. Цяпер акруговыя прадстаўнікі БЦР маглі толькі аказваць нейкі ўплыў па школьную працу.

Трэба заўважыць, што пытаньне ўлады было цесна зьвязана з пытаньнем фінансаваньня гэтых галінаў грамадзкага жыцьця. БЦР існавала на датацыі генэральнага камісарыяту, ня маючы ўласнага бюджэту, і гэта зноў жа было вынікам яе юрыдычнага становішча. Таму «рэальна» яна магла распараджацца толькі ў такіх сфэрах дзейнасьці, дзе не магло паўстаць фінансавых праблемаў. Да такіх належалі Беларускае навуковае таварыства, Беларускае культурнае згуртаваньне (яно было створана ў пачатку лютага 1944 г.), бібліятэкі, што дагэтуль былі ўвогуле зачыненыя, а таксама народныя дамы. Тое самае было і зь менскім гарадзкім тэатрам — у красавіку 1944 г. пасьля рамонту ён быў перададзены на балянс БЦР, але фінансавала яго па-ранейшаму гарадзкая ўправа. Усе гэтыя перамены на самай справе мала што давалі, аднак вакол іх разьдзімалі шумную прапаганду. Маляваліся пышныя пляны на будучыню, праекты разьвіцьця народнай асьветы, адкрыцьцё ўнівэрсытэту і іншых вышэйшых школаў, пабудовы новых тэатраў, пэнсійныя праграмы і г. д., як бы забываючыся, што дні нямецкай акупацыі ўжо палічаныя.

Шуміха наконт перадачы БЦР адміністрацыі мела глыбейшы сэнс. Яня была разьлічана на тое, каб стварыць уражаньне, што на Беларусі і сапраўды паўстаў краёвы орган улады, і ад яго імя абвясьціць мабілізацыю ў «нацыянальнае» войска, бо менавіта так растлумачвалі мэты мабілізацыі і характар БКА. Але нічога супольнага з сапраўднымі намерамі Готбэрга гэта ня мела. 1 сакавіка на ўжо згаданай канфэрэнцыі ў ОМі ён прадставіў праект стварэньня ў Беларусі на працягу 4–6 тыдняў антыпартызанскага фармаваньня, т. зв. Kampfgruppen von Gottberg, сілаю 20 тыс. чалавек. У яго павінны былі ўліцца казацкія і каўкаскія часьці, брыгада Камінскага і беларускія батальёны. Такім чынам, БКА была задумана як адно з гэткіх фармаваньняў Готбэрга. Праўда, ён не называў праектаванага колькаснага складу БКА, але з тых дадзеных, якія падаў, можна зразумець, што гаворка вялася пра 10-тысячны кантынгент.[138]

Амбіцыі Астроўскага сягалі значна вышэй: паводле яго загаду аб мабілізацыі, на прызыўныя пункты склікалі каля 40 тыс. мужчын. І гэта зрабіла вялікае ўражаньне. Пра гэта ня толькі гаварыў сам Астроўскі і пісалі тагачасныя газэты, якія можна падазраваць у тэндэнцыйнасьці, але і Готбэрг, і акруговыя камісары адзначалі ў сваіх справаздачах, што мабілізацыя прайшла ўдала і толькі гаспадарчыя ўмовы не дазволілі дасягнуць яшчэ лепшых вынікаў. Наваградзкі акруговы камісар паведамляў, што на яго тэрыторыі мабілізацыйнае распараджэньне выканана амаль поўнасьцю, прытым частка прызыўнікоў зьявілася нават з тых раёнаў, дзе гаспадарылі партызаны. За малым выняткам так было паўсюль, рэдкім дысанансам прагучала справаздача слонімскага акруговага камісара: ён пісаў, што прызыўнікі ўкрываюцца ад мабілізацыі, аднак, магчыма, тым ён хацеў апраўдаць асабістае, вельмі адмоўнае, стаўленьне да такой акцыі. Кіраўніцтва польскага падпольля ўважліва сачыла за ходам мабілізацыі і атрымлівала інфармацыю аб яе масавым характары, а камандуючы АК паведамляў:

Беларусы — цалкам за немцаў пасьля апошніх саступак, большасьць зь іх ідзе ў войска ахвотна.

Аднак Готбэрг не плянаваў ствараць 40-тысячнага войска: гэта пагражала зрывам працы многіх патрэбных для Нямеччыны прадпрыемстваў і ўстановаў. Таму акруговыя камісары забракавалі больш за 50 % прызыўнікоў і адаслалі іх дахаты. Так ці іначай, 15 сакавіка ў шэрагі БКА ўлілося 19 тыс. чалавек. Пад канец сакавіка іх стала яшчэ больш — нешта каля 22 тыс. Да БКА было далучана і некалькі паліцыйных батальёнаў. Такім чынам асабовы склад БКА да канца сакавіка ўзьняўся да 24–25 тыс. чалавек, а праз паўмесяца зь іх ужо было сфармавана 39 пяхотных і 6 сапёрных батальёнаў. На загад Готбэрга ад 10 сакавіка скасоўвалася пасада нямецкага камандзіра паліцыйных атрадаў, а самі гэтыя атрады разам з новастворанымі батальёнамі БКА пераходзілі пад камандаваньне Кушаля. На базе вайсковага аддзелу БЦР паўстала вярхоўнае камандаваньне БКА, часам называнае яе штабам. Гэтыя захады сьведчылі аб стварэньні асобнага беларускага вайсковага фармаваньня.

Хаця акруговыя камісары адправілі дамоў многіх прызыўнікоў, Беларуская краёвая абарона ўсё ж была большай, чым плянаваў Готбэрг. Астроўскі меркаваў, што, паставіўшы яго перад фактам, зможа неяк вырашыць матэрыяльныя і арганізацыйныя праблемы, якія зьявіліся адразу ж пасьля мабілізацыі. Асабліва не хапала афіцэраў, зброі і абмундзіраваньня. Готбэрг спрабаваў выбіць у Бэрліне для БКА 20 тыс. вінтовак, аднак іх не прыслалі і, прынамсі, да сярэдзіны траўня. Таму давялося абмежавацца зброяй зь мясцовых складоў — на 6–7 чалавек выдалі па адной вінтоўцы. Пры гэтым сапёрныя батальёны выкарыстоўвалі на розных працах у рамках арганізацыі Тота. Магчыма, такім шляхам Готбэрг «карэктаваў» непамерныя амбіцыі Астроўскага.

Ня дзіва, што дысцыпліна ў войску пачала падаць, а дэзерцірства расло, чаму спрыяла партызанская прапаганда. Таму ў сярэдзіне траўня Астроўскі быў вымушаны выставіць праект абмежаваньня колькаснага стану БКА да колькасьці адзінак зброі, якімі яна валодала. Гэты праект быў, практычна беручы, зацьверджаны БЦР пад прэтэкстам неабходнасьці пазбыцца нежаданых элемэнтаў. Так паступова асабовы склад БКА зьмяншаўся, і ў апошнія тыдні акупацыі ён быў ужо шмат ніжэйшы, чым адразу пасьля мабілізацыі. А ў другой палове траўня пачалі паступаць партыі зброі. Толькі цяпер усё яшчэ слаба ўзброеныя батальёны пачалі выкарыстоўваць у барацьбе з партызанамі. 15 чэрвеня, г. зн. за два тыдні да канца акупацыі, у Менску была адкрыта афіцэрская школа БКА.

Апошнім мерапрыемствам БЦР на Беларусі стаў Другі ўсебеларускі кангрэс, які адбыўся ў Менску 27.6.1944 г. пад гукі франтавой кананады. На яго зьехалася 1039 дэлегатаў зь беларускіх раёнаў, а таксама зь Літвы, Латвіі, Варшавы, Лодзі, Кракава, Вены, Кёнігсбэргу, Прагі і Бэрліна. Магчыма, санкцыю на скліканьне кангрэсу Готбэрг атрымаў з Бэрліна, хутчэй за ўсё — ад Бэргера. Дакумэнтальных сьведчаньняў пра гэта не сустракалася, ёсьць толькі ўскосныя: на кангрэс сабраліся дэлегаты з-па-за межаў Генэральнай акругі Беларусь, але яны павінны былі мець на гэта афіцыйны дазвол.

Кангрэс абвясьціў сябе паўнапраўным і найвышэйшым прадстаўніцтвам беларускага народу і прыняў рэзалюцыю, якая спасылалася на Дэклярацыю незалежнасьці Беларусі ад 25.3.1918 г., прынятую Радай БНР у Менску, аднак толькі на тую яе частку, дзе гаварылася аб поўным разрыве Беларусі з Расейскай дзяржавай ува ўсіх яе формах. Кангрэс выказаў сваё непрызнаньне БССР як формы беларускае дзяржаўнасьці, абвесьціў неправамоцнымі ўсе польска-савецкія пагадненьні, якія датычылі Беларусі, і пацьвердзіў, што адзіным законным прадстаўніцтвам беларускага народу і яго краю ёсьць сёньня БЦР па чале з прэзыдэнтам Астроўскім. Апошні пункт рэзалюцыі стаў апатэозам усёй дзейнасьці Астроўскага за час акупацыі. Разам з тым гэта была адзіная згадка пра тагачасны момант, таму што палітычнае становішча на Беларусі за пэрыяд нямецкай акупацыі і яго пэрспэктывы на кангрэсе не разглядаліся. Таму рэзалюцыя аб разрыве дзяржаўных стасункаў з Расеяй аніяк не магла замяніць даклярацыі аб нацыянальнай незалежнасьці. І справа была ня ў тым, што прыняць такую даклярацыю перашкодзіла набліжэньне Чырвонай Арміі. Рэжысёрам кангрэсу было СД, а тэксты выступленьняў — зацьверджаны Готбэргам. Таму яго рэзалюцыі не маглі супярэчыць тагачаснай лініі нямецкай усходняй палітыкі.

Магчыма, Астроўскі спадзяваўся, што рэзалюцыя кангрэсу, у якой БЦР была названа адзіным законным прадстаўніцтвам беларускага народу, прымусіць нямецкія ўлады паскорыць рашэньне аб наданьні ёй такога статусу, бо, нягледзячы на ўсе стараньні Готбэрга, жаданых перамен у гэтай справе не было. 26 чэрвеня, г. зн. напярэдадні эвакуацыі зь Менску, у ОМі згаджаліся, што можна было б пашырыць задачы БЦР, ды толькі да пэўнай ступені, але аб тым, каб ператварыць яе ў нацыянальны ўрад,

пакуль што ня можа быць гаворкі.

Таму да канца акупацыі праўнае становішча БЦР так і не было вызначанае, і дзеля гэтага пераняць на сябе адміністрацыйныя функцыі яна не магла. Такім чынам, за шэсьць месяцаў свайго існаваньня БЦР ня стала ня чым іншым, як толькі прапагандысцкім інструмэнтам Готбэрга, чыім заданьнем было да канца акупацыі ўтрымліваць нямецкія пазыцыі на Беларусі. Тое самае датычыць і БКА — яе дзейнасьцю фактычна кіравалі немцы. Пасьля вайны яе намінальны камандзір Кушаль прызнаваў:

Немцы зусім ня мелі намеру дазволіць беларусам стварыць нейкую беларускую збройную сілу, ім патрэбны былі толькі людзі, якіх беларусы павінны ім даць, а кіраваць людзьмі меліся яны самі бяз нашай помачы.

Т. зв. штаб БКА, які пасьля правядзеньня мабілізацыі павінен быў займацца выключна прапагандаю сярод салдат, мог зь імі кантактаваць толькі з згоды нямецкага начальства.

Такім чынам, Готбэрг ніколі ня быў прыхільнікам беларускага нацыяналізму: ён зрабіў стаўку на БЦР, каб супрацьпаставіць яе ўплыву савецкай прапаганды на грамадзтва, стварыць міражы нацыянальнай дзяржавы з сваім урадам, нацыянальнай культурай і дабрабытам. На гэта працавала ўсё: і прэса (яе наклады ў той пэрыяд значна павысіліся), і СБМ, і іншыя ініцыятывы. Менскі гарадзкі камісар Бэкер адкрыта прызнаў гэта ў сваёй справаздачы, зробленай ужо пасьля эвакуацыі: праведзеныя ў апошнія месяцы акупацыі акцыі (аднаўленьне зруйнаваных дамоў, спаборніцтва садаводаў, разьвіцьцё гарадзкога трамвайнага транспарту, закладка новых могілкаў, правядзеньне конкурсу на самы прыгожы дом, адкрыцьцё музычнай школы, аднаўленьне спэктакляў гарадзкога тэатру, актывізацыя культурнага жыцьця, нарэшце, сьвяткаваньне ўгодкаў «вызваленьня» (22 чэрвеня)) былі рэалізаваныя з палітычных меркаваньняў дзеля таго, каб процідзейнічаць эвакуацыйнаму псыхозу.

Астроўскі таксама вёў складаную гульню. Улетку 1941 г. ён быў упэўнены ў перамозе Нямеччыны, аднак ужо ў лістападзе 1942 г. засумняваўся ў выніках вайны, пра гэта сьведчаць згаданыя яго перамовы з Галоўным камандаваньнем АК. Тым больш не магло ў яго ўзьнікнуць ілюзій праз год. Магло б здацца, што ён сьвядома зрабіў стаўку на безнадзейную карту, калі распачаў стварэньне БЦР. Але гэта не зусім так. Галоўным матывам яго дзейнасьці быў разьлік на тое, што беларусам удасца з дапамогай Нямеччыны ўзмацніць свае нацыянальныя пазыцыі і, перш за ўсё, стварыць уласныя ўзброеныя сілы, зь якімі пасьля можна было б распачаць барацьбу за незалежнасьць Беларусі. З гэтага гледзішча тактыка Астроўскага, па сутнасьці, не адрозьнівалася ад паводзін віленскіх і наваградзкіх атрадаў АК. Аднак на гэтым і канчалася аналёгія: польскія атрады разьлічвалі на тое, што СССР прызнае даверасьнёўскія межы, і заставаліся ў большасьці сваёй на месцы, затое Астроўскі мог спадзявацца толькі на эвакуацыю і пазьнейшую вайну паміж заходнімі альянтамі і Савецкім Саюзам пасьля перамогі над Нямеччынай.

Астроўскі, калі пачаў разьвіваць гэтую канцэпцыю, даволі рана прыйшоў да высновы, што менавіта Польшча магла б стаць галоўнай апорай яе рэалізацыі, і ўзяўся рыхтаваць глебу для будучага саюзу. Яго ня вельмі турбавалі ранейшыя няўдачы беларускіх дзеячоў у гэтай галіне, і ён не зьвяртаў увагі на польска-беларускія канфлікты ў правінцыі, якія абвастралі ўзаемную варожасьць. У студзені 1944 г. ён выступіў з прамовай, у якой заклікаў усе нацменшасьці на Беларусі прыняць удзел у супольнай барацьбе з бальшавізмам. У ГК АК гэты заклік успрынялі як прапанову польска-беларускага супрацоўніцтва. Адначасова акоўская выведка ў Менску выслала ў Варшаву паведамленьне, якое павінна было заахвоціць кіраўнікоў падпольля да перамоў з Астроўскім. Магчыма, ён сам быў яго ініцыятарам. А гаварылася ў ім вось аб чым:

Беларусы лічаць, што завэрбаваныя і ўзброеныя немцамі беларускія атрады неўзабаве пяройдуць на бок польскай арміі для супольнай барацьбы з Расеяй за ўсходнія крэсы. Беларусы, сярод якіх ёсьць былыя польскія, савецкія і нямецкія грамадзяне і якія цяпер займаюць самае высокае становішча, 2,5 гады працавалі ў савецкай Беларусі, пазналі ўплыў расейскага камунізму, пазналі патрэбы і жаданьні насельніцтва, і, што характэрна, амаль усе яны перакананыя, што лёс Беларусі будзе вырашаць Польшча, а не Расея. Польшча павінна зразумець, што беларускі і польскі народ, які 25 гадоў жыў за кардонам, сумаваў па ёй і чакаў яе прыходу. Параза Польшчы ў 1939 г. была для яго вялікім ударам, ён бедаваў аб Польшчы і яе нязьдзейсьненых спадзяваньнях. Аднак сёньня, асабліва пасьля абвастрэньня польска-савецкага канфлікту, вера ў Польшчу ажыла з даўняй сілай. Фраза «толькі Польшча нам паможа» ў кожнага на вуснах, толькі шэпчуць яе паціху. Традыцыі 1919–1920 г. не аслаблі.[139]

Аднак з Варшавы водгуку не было. Затое мабілізацыя ў БКА зрабіла тут значна большае ўражаньне, і ня дзіва — зь Менску ў Варшаву ішлі разьдзьмутыя зьвесткі, гаварылася нават аб стварэньні 200-тысячнага беларускага войска. Таму ў красавіку 1944 г. Астроўскі адчуваў сябе больш упэўнена і выслаў для перамоў у Варшаву свайго даверанага супрацоўніка Адама Дэмідэцкага-Дэмідовіча з новымі прапановамі. Размова павінна была весьціся аб заключэньні будучай беларуска-польскай фэдэрацыі, а ў дадзены момант, падчас вайны, — аб стварэньні беларускага прадстаўніцтва пры польскім лёнданскім урадзе: гэты ўрад рэпрэзэнтоўваў бы інтарэсы Беларусі на міжнароднай арэне.

Такія прапановы ўзбудзілі пэўнае зацікаўленьне. 2 траўня камандуючы АК паведамляў ураду:

Крызіс Беларускай цэнтральнай рады. Астроўскі шукае паразуменьня з нашымі палітычнымі коламі.

А 17 траўня даносіў:

Астроўскі і Кушаль, нягледзячы на пранямецкую тактыку, бачаць апору для Беларусі ў Польшчы.

Дэталёвае абгрунтаваньне мэтазгоднасьці супрацоўніцтва з Астроўскім ГК АК прывяло ў рапарце ад 20 траўня. У дакумэнце з разуменьнем гаварылася аб палітыцы БЦР і зьвязаных зь ёю дзеячоў, пісалася аб тым, што рабіць стаўку на заходніх саюзьнікаў ім ня мае сэнсу, бо тыя

пра беларусаў нічога ня ведаюць, дый справа беларуская — для іх не праблема.

У сувязі з гэтым Галоўнае камандаваньне падкрэсьлівала дадатную ролю Астроўскага, які, нягледзячы на супраціў у сваім грамадзтве, заклікае да беларуска-польскага супрацоўніцтва і мяркуе адвесьці беларускія ўзброеныя сілы на польскую тэрыторыю. 3 гэтага можна зрабіць выснову: Астроўскі выдатна разумеў, што ў найбліжэйшы момант яму давядзецца пакінуць Менск, таму лічыў сваю дзейнасьць на Беларусі зыходным пунктам для далейшай палітычнай гульні.

Астроўскі разыгрываў адначасова дзьве партыі: яўную — зь немцамі і патаемную — з палякамі. І пры ўсім тым не забываўся і пра савецкі варыянт.[140] У Менску ён займаў такую пазыцыю, якая дазваляла яму даволі празрыста і публічна гаварыць аб прынцыпах сваёй палітычнай тактыкі.

Мы не фантасты, а рэальныя палітыкі і, маючы 25-гадовы досьвед нацыянальнай трагедыі, добра разумеем, што пры сучасных абставінах беларускай нацыі, ідучы па шляху да зьдзяйсьненьня свайго найвышэйшага ідэалу, павінна шукаць сабе помачы з боку больш магутнага прыязнага суседа. Палітычная каньюнктура ў сучасны момант злажылася так, што гэтым апекуном-пратэктарам для беларускага народу ёсьць Нямеччына.

Менавіта ў гэты час ён распачаў тайныя перамовы з АК, значыць, чакаў зьмены палітычнае каньюнктуры.

З гледзішча галоўнай задачы, г. зн. барацьбы з партызанскім рухам, усе паліцыйныя (надзвычайнае становішча, спэцыяльная ахова Менску) і прапагандысцкія захады Готбэрга не прынесьлі жаданага посьпеху. Праўда, у Менску зьменшылася колькасьць дывэрсіяў, цэлыя партызанскія зоны ўдалося заблякаваць, але дабіцца пералому ў партызанскай вайне было ўжо немагчыма.[141] Дзейнасьць БЦР таксама не аказала на яе вялікага ўплыву. У красавіку 1944 г. Готбэрг паведамляў, што толькі невялікая частка насельніцтва Беларусі радасна сустрэла стварэньне БЦР, затое ў масе сваёй людзі занялі пазыцыю абыякавасьці або чаканьня. Падобнае меркаваньне выказваў і камісар Менскае акругі. Тое самае адбывалася і ў Баранавіцкай акрузе, якая лічылася за апірышча БЦР. Яе акруговы камісар Вэрнэр сьцьвярджаў, што вакол Рады гуртавалася толькі невялікая жменька інтэлігентаў, а большая частка беларусаў трымалася абыякава і пасіўна, галоўным чынам, з увагі на партызанскую пагрозу. Лідзкі камісар пісаў, што ў яго акрузе наогул не існавала БЦР і БКА.

Цікавыя заўвагі падае ў сваёй справаздачы глыбоцкі акруговы камісар Бахман:

Не магло быць ніякай гаворкі пра давер беларускага насельніцтва да БЦР.

На яго думку, адною з важкіх прычын гэтага былі канфлікты, зьвязаныя зь дзейнасьцю абранага «нешчасьлівай рукою» акруговага прадстаўніка БЦР Івана Касяка. Сваімі дзеяньнямі ён болей шкодзіў справе, чым дапамагаў, так што ў акрузе сярод беларусаў нават павялічыліся прапольскія сымпатыі. Бахман пісаў, што культурная праца апынулася ў застоі пасьля таго, як ёю пачаў загадваць прадстаўнік БЦР.

Спатрэбіўся ўвесь мой аўтарытэт, каб хоць працягваць культурную дзейнасьць, якую распачала нямецкая цывільная адміністрацыя.

Натуральна, стаўленьне насельніцтва да БЦР аб’ектыўна залежала ад ваенна-палітычнай сытуацыі. У гэты час ужо ні ў каго не заставалася ілюзій, канец акупацыі непазьбежна набліжаўся, і трэба было лічыцца з тым, што савецкая ўлада неўзабаве вернецца. Аднак гэта не азначала, што прапагандысцкія захады Готбэрга, у т. л. і БЦР, не прынесьлі ніякага плёну. Ужо сам факт яе стварэньня істотна ўплываў на рост нацыяналістычных тэндэнцыяў у грамадзтве. Нягледзячы на яе няпэўны статус, які звычайна мала каго бянтэжыў, на гэты орган глядзелі як на пэўную форму беларускага ўраду, як на праяву новай нямецкай палітыкі на Беларусі, урэшце, як на своеасаблівы прывілей, зроблены для яе. Язэп Малецкі, прадстаўнік Астроўскага ў Вялейцы, быў упэўнены, што за час панаваньня Готбэрга Беларусь у галіне дзяржаўнага будаўніцтва значна апярэдзіла краіны Прыбалтыкі і Ўкраіну, дзе такіх органаў стварыць не дазволілі. І гэта была даволі распаўсюджаная думка. У той час вярбоўка людзей для працы ў Нямеччыне вялася ўжо больш памяркоўнымі мэтадамі, і гэтыя перамены людзі таксама зьвязвалі з уплывам БЦР.

І сапраўды, новыя, больш канкрэтныя мэтады прапаганды лепш узьдзейнічалі на сьвядомасьць, чым колішнія дэклярацыі і выступленьні, якія не ўзбуджалі асаблівага даверу. Нарэшце перасталі замоўчваць дзейнасьць партызан, бо раней гэтай тэмы сарамліва пазьбягалі. Цяпер публікавалі паасобныя факты з адпаведнымі камэнтарамі, якія павінны былі скампрамэтаваць партызанскі рух у вачох грамадзкасьці. Пры гэтым асаблівы націск рабіўся на антыбеларускія выступленьні партызан, якія і сапраўды здараліся не адзін раз. Закіды прапаганды было няпроста аспрэчваць: паленьне партызанамі беларускіх школаў, забойствы і запалохваньне настаўнікаў — усё гэта былі сапраўдныя факты, зь якіх рабіліся высновы аб тым, што такая дзейнасьць супярэчыла элемэнтарным нацыянальным інтарэсам, у прыватнасьці, разьвіцьцю беларускай нацыянальнай школы.[142] У адным з выступленьняў Астроўскі дэмагагічна абвясьціў, што сам пайшоў бы ў партызаны, каб толькі меў пэўнасьць, што яны змагаюцца за незалежнасьць Беларусі.

Адной з мэтаў новага курсу Готбэрга стала актывізацыя нацыяналістычных настрояў сярод сяброў СБМ. Фармальна Саюз беларускай моладзі да канца акупацыі заставаўся ў распараджэньні генэральнага камісарыяту і таму апынуўся ў лепшым матэрыяльным становішчы, чым іншыя грамадзкія арганізацыі, што перайшлі пад кампэтэнцыю БЦР. Восеньню 1943 г. быў адкрыты яшчэ адзін навучальны цэнтар у Фларыянаве Баранавіцкай акругі, а ў пачатку 1944 г. — яшчэ дзьве школы ў Менску. Па-ранейшаму арганізоўваліся экскурсіі ў Нямеччыну. Пры гэтым колькасьць сяброў СБМ хутка ўзрасла. Нягледзячы на ўсе стараньні партызан, перашкодзіць разьвіцьцю СБМ ім не ўдалося. Уласная ўніформа і эмблемы, палітычная адукацыя, спэцыяльныя публікацыі, культурна-асьветная дзейнасьць, нарэшце, вайсковая муштра, каманды, лагеры і беларускія маршавыя песьні, якія загучалі на Беларусі ўпершыню і былі чымсьці абсалютна нечуваным ня толькі для моладзі, але і для старэйшых, — усё гэта прываблівала ў шэрагі СБМ новых і новых сяброў. Палітычнае значэньне Саюзу беларускай моладзі было значна большае за тое, што мелі аналягічныя арганізацыі ў Латвіі і Эстоніі.

Таму акруговыя камісары, якія ў сваіх справаздачах, як правіла, рэзка крытыкавалі БЦР, звычайна вельмі дадатна ацэньвалі дзейнасьць СБМ. Яны ўхвалялі ня толькі выхаваўчую працу ў беларускім нацыянальным духу, якую праводзіла гэтая арганізацыя, але і паступленьне моладзі на працу на заводах Люфтвафэ ў Менску і ў Нямеччыне. У чэрвені 1944 г., напярэдадні наступу Чырвонай Арміі, у Нямеччыну выехалі амаль 5000 сяброў СБМ, якія добраахвотна запісаліся ў дапаможную службу Люфтвафэ.

Гэрцаг, разглядаючы вынікі гэтай акцыі, заўважыў, што добраахвотнае паступленьне на дапаможную службу ў нямецкую армію летам 1944 г. — факт «амаль неверагодны». Ён дашукваўся прычын такой зьявы, спрабаваў вытлумачыць яе нянавісьцю да бальшавізму, цягаю да прыгодаў ці іншымі матывамі, аднак нідзе не абмовіўся аб прымусовых наборах. Далін, а таксама адзін з колішніх дзеячоў СБМ М. Лужынскі, які быў вучнем Маладэчанскай сярэдняй гандлёвай школы, пацьвярджаюць, што акцыя мела добраахвотны характар. Лужынскі апісваў, як у пачатку траўня 1944 г. у гэтую школу прыбылі акруговы кіраўнік СБМ Сьценьнік і лейтэнант паветраных сілаў Фэрман, які сказаў вучнёўскай грамадзе:

Сёньня разыгрываецца лёс усяе Эўропы, а таксама вашае Бацькаўшчыны. Беларусы ўжо стварылі сваю армію ў форме Беларускае Краёвае Абароны. Аднак мадэрная армія ня можа быць эфэктыўнай без свайго лётніцтва. Я заклікаю вас, юнакі, ісьці ахвотнікамі ў паветраныя збройныя сілы. Некаторыя з вас стануць пілётамі, іншыя — навігатарамі або бортмэханікамі.

І пайшлі — 46 хлапцоў.

Як паведаміў Янка Жамойцін, акруговы кіраўнік СБМ у Наваградку, у яго акрузе даводзілася нават стрымліваць напор моладзі, якая жадала служыць у Люфтвафэ. 16–20-гадовым хлопцам падабалася прыгожая лётчыцкая форма, яны думалі, што атрымаюць зброю, стануць лётчыкамі. Адзіным ідэалягічным матывам быў страх перад вяртаньнем Чырвонай Арміі.

Сярод дарослых таксама адзначаўся пэўны рост антысавецкіх і нацыяналістычных настрояў, аднак акрэсьліць іх дакладна цяжэй, чым у моладзевым асяродзьдзі. Так, у красавіку 1944 г. Готбэрг паведамляў, што шмат у якіх раёнах жыхары выказвалі жаданьне арганізаваць у сябе абаронныя вёскі, але зьдзейсьніць гэтыя пажаданьні было немагчыма толькі таму, што не хапала зброі. Менскі гарадзкі камісар Бэкер зь зьдзіўленьнем сьцьвярджаў, што 8000 жыхароў гораду добраахвотна, без прынукі выйшлі на пабудову ўмацаваньняў вакол гораду перад наступам Чырвонай Арміі. Бэкер адзначаў, што 80 % менчукоў «не вітала» набліжэньня савецкіх войскаў. Пэўная частка мясцовых жыхароў лепш згаджалася жыць у акупацыйных умовах і мець перад сабой імглістую нацыянальную пэрспэктыву, чым апынуцца зноў у савецкай рэчаіснасьці. Такія ж настроі несьлі з сабой і ўцекачы з усходу.

У гэтых адносінах цікава разглядзець справу БКА з увагі на яе шматвымернасьці. Мабілізацыя, бясспрэчна, была актам прымусовым, і, напэўна, большасьць прызыўнікоў не адчувала маральнай адказнасьці за сваю службу. Тым ня менш нельга абмінуць маўчаньнем і той факт, што 40 тыс., а паводле зьвестак Кушаля нават і 50 тыс., чалавек прыйшлі ўсё ж такі на прызыўныя камісіі БКА. Гэтыя людзі ведалі, што іх будуць выкарыстоўваць для барацьбы з савецкімі партызанамі, і не іх віна або заслуга, што не хапіла часу, каб даць ім зброю, і большай частцы давялося вярнуцца дадому, а ваяваць пайшлі толькі нямногія батальёны. У тагачасных умовах яны маглі пазьбегнуць мабілізацыі і сысьці ў партызаны. Гэтага, аднак, яны не зрабілі. Улады, безумоўна, пагражалі за такія ўчынкі рэпрэсіямі, але ў адваротным выпадку тыя самыя рэпрэсіі ўчынялі і партызаны. Цяжка таму спрачацца з тым, што мабілізацыя ў БКА стала сур’ёзным палітычным посьпехам Готбэрга і Астроўскага.

Варта таму прыгледзецца больш уважліва да таго, як паводзілі сябе гэтыя людзі ў дні наступу Чырвонай Арміі, які пачаўся 23 чэрвеня і разьвіваўся вельмі шпарка. 3-га ліпеня савецкія войскі ўвайшлі ў Менск, 5-га — у Маладэчна, 8-га — у Баранавічы, 9-га — у Ліду, а 16-га — у Горадню. Такім чынам, часу для эвакуацыі большасьці батальёнаў БКА было дастаткова. Але гэтая эвакуацыя ня толькі не праводзілася — яна нават не плянавалася; батальёны не атрымалі загадзя адпаведных загадаў. Перад тым, як пакінуць Менск, Готбэрг нібыта зьбіраўся загадаць акруговым камандзірам паліцыі адвесьці часьці БКА на Захад, аднак, на думку Кушаля, гэтыя камандзіры больш сьцераглі ўласную шкуру і шмат дзе абвесьцілі дэмабілізацыю батальёнаў БКА. Але ж гэта не зусім дакладна: пра такія рашэньні павінны былі ведаць акруговыя камісары, а ў справаздачах, якія складаліся пасьля эвакуацыі, на гэты конт нічога ня значыцца. Пасьля таго, як 27 чэрвеня зь Менску зьнік т. зв. нямецкі штаб сувязі БКА, Астроўскі і Кушаль не змаглі выдаць атрадам БКА аніякіх распараджэньняў.

Беларускія батальёны засталіся кінутыя на ўласны лёс і ў пошуках выйсьця кіраваліся пераважна загадамі сваіх камандзіраў. А. Вініцкі выпадкова аказаўся беспасярэднім сьведкам гэтых падзеяў у Баранавіцкай акрузе, і вось што ён пісаў:

Пад вечар 30-га чэрвеня я прыйшоў на пляц каля казармаў… і выпадкам быў сьведкам дэмабілізацыі батальёну, які налічваў каля 700 жаўнераў. Перад фронтам выстраеных ваякаў стаў камандзір батальёну. Пасьля кароткай інфармацыі аб заіснаваўшай сытуацыі на фронце ён скончыў гутарку так: «Хто паедзе з намі, дык застаецца на месцы ў шэрагу, а рэшта можа ісьці дамоў». Раптам жаўнерская маса ўзварухнулася і рынула ў казармы, каб забраць там свае рэчы і бегчы дамоў. На месцы ў шэрагу засталося 18 ваякаў, пераважна — падафіцэраў, а назаўтра на выезд зьявілася ўжо меншая іх колькасьць.

Такім чынам, тыя самыя людзі, што ў сакавіку паслухмяна ішлі на прызыўныя пункты, цяпер, калі ўлада пачала крушыцца, хутка пакінулі войска, у якое яна іх прызвала. За самы кароткі час, бяз бою, БКА перастала існаваць; толькі невялічкая частка салдат адышла на Захад. І гэтае адступленьне, як і добраахвотны запіс моладзі ў Люфтвафэ, на думку некаторых нямецкіх дасьледчыкаў, «амаль немагчыма было зразумець». Акруговы баранавіцкі камісар Вэрнэр адзначаў:

Палова сялян з абаронных вёсак эвакуявалася, а батальёны БКА ўцяклі.

Прыклад з БКА асабліва важны і характэрны: ён вельмі выяўна адлюстроўваў сьвядомасьць і тыповыя паводзіны «цьвярозых рэалістаў» — пераважнай большасьці грамадзтва, што пад славутай пасіўнасьцю прыкрывала сваё поўнае бясьсільле перад дзьвюма вялікімі армадамі, якія ў страшным двубоі вырашалі яе лёс. Насельніцтва, што апынулася паміж молатам і кавадлам, проста не магло ўвесь час адстойваць нейкія сапраўдныя палітычныя погляды, уся яго так званая пазыцыя зьмяшчалася ў адным слове — «выжыць!». Таму нярэдка здаралася, што вонкавыя праявы сымпатыяў і нават колер і фасон мундзіра ўводзілі ў зман: яны маглі быць і пранямецкія і прасавецкія. Салдацкая прысяга на вернасьць Беларусі ў тагачаснай сытуацыі мела для гэтых людзей ня большае значэньне, чым колішняя іх прысяга Польшчы альбо Савецкаму Саюзу. Зрэшты, ужо праз пару тыдняў, пасьля пераходу часткі салдат БКА ў шэрагі Чырвонай Арміі, яны маглі яшчэ раз выявіць сваю вернасьць. Такую «пазыцыю» прадвызначала не само насельніцтва, а пануючая ўлада — за апошнія некалькі гадоў яна зьмянялася занадта часта.

Пераважная частка беларускага грамадзтва прадчувала блізкую зьмену гэтай улады і таму ня вельмі цягнулася да БЦР. Нягледзячы на гэта, моцны парыў нацыяналізму ня мог не пакінуць сьледу ў людзкой сьвядомасьці. Міт пра будаўніцтва беларускай дзяржавы і войска, арганізацыю нацыянальных установаў і скліканьне кангрэсу так удала быў пушчаны Готбэргам і Астроўскім, што жыве і да сёньняшняга дня.

Дзейнасьць БЦР у Нямеччыне

Летам 1944 г. Чырвоная Армія дасягнула лініі Віслы, а войскі заходніх хаўруснікаў здабылі Парыж і наблізіліся да нямецкай мяжы. Разгром Трэцяга райху стаў справаю найбліжэйшай будучыні. Толькі ў гэтай сытуацыі ў штабе Гімлера высьпела канцэпцыя стварэньня супольнага антыбальшавіцкага фронту народаў Расеі пад камандаваньнем генэрала Уласава. Туды павінны былі ўвайсьці ня толькі расейцы, але і ўкраінцы, беларусы і г. д. Нямеччына ўжо страціла амаль усю тэрыторыю СССР, таму для барацьбы з Чырвонай Арміяй немцы меркавалі выкарыстаць усходніх работнікаў, ваеннапалонных альбо ўцекачоў, што апынуліся на тэрыторыі Райху. Ставіўся разьлік і на прапагандысцкі эфэкт, нават на антысталінскую рэвалюцыю ў СССР. Першае спатканьне Гімлера з Уласавым было прызначана на канец ліпеня, але ў гэтыя пляны ўварваўся замах на Гітлера, таму сустрэчу давялося адкласьці.

Тым часам Розэнбэрг па-ранейшаму трымаўся думкі, што галоўным матывам супрацоўніцтва нерасейскіх народаў СССР зь немцамі была надзея на стварэньне ўласных нацыянальных дзяржаў, незалежных ад расейскага ўплыву. Таму ён прадбачыў, што прадстаўнікі гэтых народаў будуць супраць гімлераўскага праекту, які прадугледжваў падпарадкаваньне іх нацыянальных органаў і вайсковых часьцей Уласаву. І хаця канчатковая мэта абедзьвюх канцэпцыяў была тая самая — г. зн. абарона Нямеччыны ад чырвоных войскаў, — але сродкі яе дасягненьня прынцыпова адрозьніваліся. Гітлер цяпер не займаў цьвёрдай пазыцыі ў гэтай справе: ён не падтрымліваў і не перашкаджаў Гімлеру і Розэнбэргу ажыцьцяўляць іх праекты, якія ўжо не маглі перамяніць сытуацыю.

Падобна на тое, што меркаваньні Розэнбэрга падзяляла Галоўная ўправа СС. Пра гэта сьведчыць адзін цікавы факт: у лінеш, калі Гімлер плянаваў правесьці першае спатканьне з Уласавым, у рамках яго ведамства ўзьнік спэцыяльны аддзел, т. зв. Freiwilligen-Leitstelle Ost (Аддзел добраахвотных сілаў з Усходу), над кіраўніцтвам штурмбанфюрэра СС доктара Фрыца Арльта. Задачаю новага органа стала арганізацыя ўсходніх вайсковых фармаваньняў. Арльт падзяліў свой аддзел на шэраг нацыянальных сэктараў, сярод якіх быў і беларускі. Па ўсім было відаць, што для кожнай нацыянальнасьці меркавалася стварыць асобныя часьці Waffen-SS. У ОМі таксама былі створаны асобныя падсэкцыі (Leitstelle), якія павінны былі сачыць за нацыянальнымі арганізацыямі, разьмешчанымі ў Нямеччыне. Кіраўніком беларускай сэкцыі (Weissruthenische Leitstelle) стаў доктар Любэ.

Усе гэтыя арганізацыйныя зьмены распачаліся ў момант адступленьня нямецкіх войскаў зь Беларусі, таму Астроўскі падчас ад’езду зь Менску яшчэ нічога пра іх ня ведаў. Ён, безумоўна, прадбачыў, што немцаў пагоняць зь Беларусі, аднак ня думаў, што гэта станецца так хутка і ператворыцца ў сапраўдны разгром. Яго плян арганізаванай эвакуацыі войска быў перакрэсьлены, а разам зь ім патанулі і ўсе далейшыя палітычныя камбінацыі. Ён стаў палкаводцам бяз войска — не было чаго і разьлічваць на кантакт з польскім падпольлем, якое пасьля сутыкненьня з Чырвонай Арміяй само апынулася ў крызісе. Мяркуючы па ўсім, у гэты час ён лічыў, што роля БЦР скончылася, ці, у найлепшым выпадку, стала пад пытальнік.

Паасобныя дэталі эвакуацыі пацьвярджаюць, што БЦР у гэты час апынулася ў няпэўным становішчы. 30 чэрвеня Рада БЦР пакінула Менск. Большасьць яе сяброў скіравалася ў Кёнігсбэрг. Тым часам Астроўскі адкалоўся ад сваіх сяброў і вярнуўся ў Лодзь, куды пераехаў і Кушаль. БЦР рассыпалася на часткі. Аднак гэтае няпэўнае становішча працягвалася нядоўга. Ужо прыкладна 10 ліпеня Кох даручыў Бэкеру, які акурат тады прыбыў у Кёнігсбэрг, перавезьці сяброў Рады ў Бэрлін і перадаць іх у распараджэньне ОМі. Астроўскага адшукалі ў Лодзі, і 12 ліпеня ён апынуўся ў Бэрліне. Усе гэтыя абставіны ўказваюць на тое, што дзейнасьць БЦР у Нямеччыне была ўзноўлена на загад ОМі.

Толькі пасьля таго, як Рада пераехала ў Бэрлін, Розэнбэрг прызнаў яе за «выключнае і адзінае прадстаўніцтва беларускага народу». У новых умовах Розэнбэрг вызначыў для БЦР новую палітычную ролю, таму прызнаньне, на якое ОМі не магло рашыцца зь сьнежня 1943 г., наступіла толькі цяпер. У адрозьненьне ад прадстаўнічых органаў іншых усходніх народаў, Рада была створана ў краі, а не ў эміграцыі і магла спаслацца па мандат Другога ўсебеларускага кангрэсу. Адсутнасьць адпаведнага дэкрэту ОМі, які ўва ўмовах акупацыі па сутнасьці рабіў Раду бяспраўным органам, цяпер станавілася козырам, маўляў, законнасьць БЦР грунтуецца на волі народу, а не на распараджэньні акупацыйнай улады. Больш за гэта, зараз можна было ахарактарызаваць дзейнасьць Рады ў эміграцыі як вынік будаўніцтва беларускай дзяржавы пад нямецкай акупацыяй, перарваны прыходам Чырвонай Арміі.

20 жніўня, неўзабаве пасьля таго, як Розэнбэрг прызнаў БЦР, Астроўскі абвесьціў пратэст, адрасаваны «ўсім урадам і народам сьвету» ў сувязі з тым, што Беларусь занялі савецкія войскі.

Гэтыя акты бальшавіцкай Масквы БЦР разглядае як новае гвалтоўнае парушэньне міжнароднага права. Цяперашнюю акупацыю бальшавікамі тэрыторыі Беларусі БЦР разглядае як часовую ваенную акупацыю і мабілізуе ўвесь беларускі народ як у краі, так і за ягонымі межамі да хутчэйшага вызваленьня свае Бацькаўшчыны.

Такім чынам, БЦР і пасьля эвакуацыі не перастала быць інструмэнтам прапаганды, толькі ня Готбэрга, а Розэнбэрга. Гэты пратэст, хаця і адлюстроўваў сапраўдную пазыцыю БЦР, несумненна, нарадзіўся зь ведама і ўхвалы Розэнбэрга, інакш ён папросту ня быў бы апублікаваны.

Рэальныя задачы і паўнамоцтвы Рады на тэрыторыі Нямеччыны былі вызначаны ў інструкцыі ОМі. Яны зводзіліся да гэткіх палажэньняў:

1) Барацьба з бальшавізмам шляхам:

- удзелу ў падрыхтоўцы да стварэньня беларускіх вайсковых фармаваньняў;

- удзелу ў стварэньні партызанскіх групаў за лініяй фронту;

- актыўнай прапагандысцкай дзейнасьці сярод беларускіх работнікаў.

2) Аб’яднаньне ўсіх беларусаў у Саюзе вызваленьня Беларусі (гэты Саюз павінна была стварыць БЦР. — Ю. Т.).

3) Культурная, сацыяльная і праўная апека над усімі беларусамі ў Нямеччыне.

4) Моладзевая праца (СБМ, вайсковая дапаможная служба).

5) Жаночая праца.

Грамадзкай базай для дзейнасьці БЦР павінна было стаць беларускае насельніцтва, якое апынулася ў Нямеччыне альбо на тэрыторыі Польшчы і Чэхаславаччыны, што заставаліся яшчэ пад нямецкай акупацыяй. Пераважную частку гэтых людзей немцы гвалтоўна вывезьлі зь Беларусі на прымусовую працу, іх агульная колькасьць дасягала 378 тыс. чалавек. Апрача таго, у Нямеччыне знаходзілася некалькі тысяч маладых людзей, якія паступілі ў дапаможную службу Люфтвафэ, а таксама нешматлікая даваенная эміграцыя. Такім чынам, у суме атрымлівалася нешта каля 400 тыс. чалавек, прычым сярод выхадцаў зь Беларусі пэўную частку складалі польскія і расейскія работнікі. У ліпені ў гэтую масу ўлілося некалькі дзясяткаў тысяч уцекачоў, так што агульная колькасьць беларусаў у Нямеччыне і на акупаваных землях дасягала 500 тысяч.

Культурнай і сацыяльнай апекай ад імя БЦР павінны былі займацца бэрлінскае Беларускае прадстаўніцтва (Vertrauenstelle) і Камітэт самапомачы. Абедзьве арганізацыі мелі свае аддзелы ў найбуйнейшых беларускіх асяродках. Цяпер і адна і другая былі падпарадкаваны БЦР. Толькі зараз, у Нямеччыне, пад кіраўніцтва Рады быў пераведзены СБМ. Яго штаб зь Менску пераехаў у Тропаў у Судэтах. Дзейнасьць Рады ў гэтых галінах зводзілася толькі да пераказваньня нямецкім уладам сваіх пажаданьняў. Стараньнямі БЦР быў атрыманы дазвол на адкрыцьцё беларускіх школаў пры ўмове, што такое жаданьне выкажуць бацькі ня менш як 20 дзяцей школьнага веку. Некалькі такіх школаў і сапраўды было адчынена. У верасьні 1944 г. пры бэрлінскай арганізацыі «Вінэта» была створана гастрольная тэатральная трупа пад назвай «Жыве Беларусь», якая ў лістападзе — сьнежні дала 46 прадстаўленьняў у розных эміграцыйных беларускіх асяродках. Арганізавана таксама і рэлігійнае жыцьцё. Увосень 1944 г. у Нямеччыне выходзілі тры беларускія пэрыёдыкі — «Раніца» (яе апошні нумар выйшаў 21.3.1945 г.), «Малады Змагар» (для моладзі) і «Беларускі Работнік», а радыёстанцыя ў Гамбургу да сакавіка 1945 г. вяла штодзённыя 15-хвілінныя перадачы на беларускай мове.

Аднак самай галоўнай задачай Рады быў удзел у нямецкай абарончай кампаніі. Па сутнасьці, толькі гэтая мэта схіляла немцаў да падтрымкі існаваньня БЦР, яе сяброў і супрацоўнікаў. Астроўскі апынуўся ў цяжкай сытуацыі: з аднаго боку, ён разумеў непазьбежнасьць разгрому Нямеччыны, а з другога — адступаць ад супрацоўніцтва зь немцамі яму не было куды. Апанэнты Астроўскага на Беларусі і ў эміграцыі папракалі яго ў тым, што ў гэты безнадзейны для Трэцяга райху пэрыяд ён верна служыў яго інтарэсам, заклікаў беларусаў да канца змагацца з Чырвонай Арміяй і такім чынам падштурхоўваў людзей да дарэмнага кровапраліцьця. У сувязі з гэтымі закідамі варта бліжэй разгледзець вайсковую дзейнасьць БЦР.

У ліпені 1944 г. зь Беларусі былі звакуяваны шматлікія нацыянальныя паліцыйна-вайсковыя фармаваньні. Яны сканцэнтраваліся на тэрыторыі Усходняй Прусіі і Паўночнай Мазовіі.[143] Сярод іх было шмат беларускіх часьцей: рэшткі БКА і яе афіцэрская школа, 13-ты батальён СД, атрады дапаможнай паліцыі і інш. На думку Кушаля, можна было набраць каля 10 тыс. салдат і афіцэраў — гэтага хапіла б на фармаваньне адной беларускай дывізіі. Можна было спадзявацца і на згоду Арльта з Галоўнага ведамства СС. Пра гэта сьведчыць стварэньне іншых разнастайных усходніх часьцей СС, тым больш, што ў кастрычніку Арльт гаварыў, што намераны арганізаваць беларускую брыгаду СС.

Выкарыстаньне гэтых магчымасьцяў залежала ў вялікай ступені ад Астроўскага, паколькі ўжо ў ліпені ён гаварыў пра гэта з Арльтам. Аднак прапанову аб стварэньні беларускага легіёну Астроўскі накіраваў не ў Галоўную ўправу СС, а ў штаб генэрала Кёстрынга, камандзіра Вэрмахту па справах ненямецкіх фармаваньняў, дзе ніхто не займаўся гэтым пытаньнем, і таму было мала шанцаў на яго хуткае вырашэньне. Прапанова была зроблена ў сярэдзіне ліпеня, акурат тады, калі Галоўная ўправа СС вырашала лёс войскаў, што эвакуяваліся ў Мазовію.

Гэтая ініцыятыва Астроўскага мела паважныя наступствы. З аднаго боку, гэта дазволіла пераканаць чыноўнікаў ОМі, што беларусы стаяць на добрым шляху да стварэньня свайго легіёну, і прапанову БЦР поўнасьцю падтрымалі. Але з другога боку, Галоўная ўправа СС прыняла рашэньне ўлучыць усе беларускія часьці або іх рэшткі, што знаходзіліся ў Мазовіі, у наваствораную 30-ю пяхотную дывізію СС пад камандаваньнем обэрштурмбанфюрэра Зіглінга. Гэтую дывізію называлі яшчэ расейскай дывізіяй СС № 2. Яе нацыянальны склад быў вельмі пярэсты. Найбольшую частку складалі беларусы, шмат было расейцаў, палякаў, украінцаў і іншых. Пасьля кароткай падрыхтоўкі 23 жніўня 30-ю дывізію накіравалі на Заходні фронт, дзе яна пачала хутка раставаць у выніку дэзерцірства. Частка ўцекачоў з гэтай дывізіі, пераважна палякаў і беларусаў, восеньню 1944 г. уступіла ў войска генэрала Андэрса.

Гэтай гульні Астроўскага ня мог зразумець Кушаль, які імкнуўся да стварэньня беларускай нацыянальнай вайсковай часьці — пра гэта сьведчаць ужо цытаваныя яго ўспаміны. Астроўскі тым часам працягваў сваю лінію і высылаў Кушаля ў штаб Кёстрынга, каб падштурхнуць немцаў і хутчэй дабіцца рашэньня аб фармаваньні беларускага легіёну. Гэтыя стараньні не прыносілі ніякага плёну. Астроўскі рабіў выгляд занепакоенага, зьвяртаўся ў беларускую сэкцыю ОМі, але справа ня зрушылася ні на крок. Нарэшце 11 кастрычніка да Кёстрынга напісаў Бройтыгам з ОМі, але і гэта не дапамагло. І толькі 6 лістапада на пасяджэньні БЦР было сказана, што, «як высьветлілася», справа арганізацыі беларускага войска належыць да кампэтэнцыі СС, а не Вэрмахту. Такім чынам, каб разблытаць гэтую справу, спатрэбілася чатыры месяцы.

Аднак зацягваць чаканьне далей было небясьпечна, таму, каб апраўдацца перад уладамі і паказаць, што, апрача лёзунгаў і заклікаў, робіцца нешта яшчэ для барацьбы з бальшавізмам, БЦР у сярэдзіне верасьня арганізавала пад сваёй фірмай т. зв. батальён БКА. Было прынята рашэньне, што, паколькі афіцыйна БКА не была распушчана, ня трэба ствараць яе нанова. Праўда, не было атрымана ніводнай вінтоўкі і ніводнага мундзіра, аднак у бэрлінскай камэндатуры ўдалося здабыць памяшканьне нібыта для параненых салдат БКА, якія вярталіся з шпіталяў. Пад гэты дах сабралася некалькі сотняў салдат і афіцэраў, а таксама іх сямейнікі і іншыя цывільныя асобы, якія прабылі ў гэтым «батальёне» пяць месяцаў — да канца студзеня 1945 г. Для бяздомных уцекачоў гэта быў не найгоршы прытулак. Усё гэта вонкава выглядала як батальён БКА, афіцэрская школа і да т. п., рабілася многа шуму, ОМі па-ранейшаму дабівалася яго легалізацыі, але вынікаў гэта не прынесла ніякіх. Больш рэальнае значэньне мелі атрыманыя ад міністэрства пэўныя грашовыя датацыі пад гэты праект.

І толькі ў сярэдзіне сьнежня 1944 г. справа беларускага вайсковага фармаваньня апынулася ў Галоўнай управе СС, тут яе абяцалі вельмі хутка ўладзіць. Аднак менавіта цяпер Астроўскі пачаў «траціць надзею» на атрыманьне гэтага рашэньня, распарадзіўся прыпыніць дзейнасьць вайсковага аддзелу БЦР і нават зьбіраўся распусьціць вучэбны батальён. Прыблізна 10 студзеня БЦР атрымала вуснае паведамленьне, што Галоўнае ведамства СС згаджаецца на стварэньне беларускай брыгады пад назваю Waffen-SS Grenadier-Brigade «Weissruthenien». Афіцыйнае пісьмовае пацьвярджэньне аб гэтым было атрымана 26 студзеня. А на наступны дзень Астроўскі абвясьціў заклік да барацьбы і распарадзіўся падрыхтавацца да вярбоўкі валянтэраў. У гэты час Чырвоная Армія ўжо прабіла нямецкую абарону на Вісьле і наблізілася да Одэру. У Бэрліне ўзьнялася такая паніка, што і гаворкі быць не магло пра вярбоўку добраахвотнікаў. Зрэшты, у лютым, пасьля налёту амэрыканскай авіяцыі, перастала працаваць ОМі, а БЦР распачала паступовую эвакуацыю сваіх супрацоўнікаў у заходнюю частку Нямеччыны. Такім чынам, брыгада «Беларусь» засталася толькі папяровым праектам.

Паходжаньне вайсковай адзінкі, якая ў беларускай эміграцыйнай літаратуры атрымала назву дывізіі «Беларусь», было зусім іншае. Яно зьвязана з пазьнейшым лёсам 30-й дывізіі Зіглінга. Пасьля шматлікіх дэзерцірстваў, а таксама пасьля перадачы пад канец 1944 г. шэрагу яе падразьдзяленьняў у войска Уласава, асабовы склад 30-й дывізіі значна паменшаў. У студзені Зіглінг атрымаў загад папоўніць сваю дывізію шляхам вярбоўкі беларусаў. У сувязі з гэтым ён зьвязаўся з Астроўскім, і той перадаў яму вучэбны батальён. Так 28 студзеня частка гэтага батальёна, здатная да вайсковай службы, адышла да 30-й дывізіі, а сама дывізія зьмяніла назву. З гэтай пары яна ўжо звалася: 30 Waffen-SS Grenadier-Division (Weissruthenische № 1)—замест ранейшага Russische № 2. Пунктам яе фармаваньня стала мясцовасьць Гіршаў, што ў Баварыі. Але камплектаваньне гэтай дывізіі так і не насьпела скончыцца, і на фронт яна так і не трапіла. 30 красавіка яна апынулася ў амэрыканскім палоне. У гэты час у яе ўваходзілі 3 батальёны — 1094 чал., зь іх 182 афіцэры і падафіцэры.

Такім чынам, шмат фактаў указвае на тое, што, нягледзячы на заклікі і дэклярацыі, Астроўскі па магчымасьці стрымліваў фармаваньне асобнай беларускай вайсковай адзінкі ў Нямеччыне. Прыкладна такую самую тактыку ён абраў і ў справе арганізацыі Саюзу вызваленьня Беларусі. Гэтае пытаньне шмат разоў разглядалася на пасяджэньнях Рады, вяліся дэбаты вакол назвы, статуту і праграмы, ствараліся камісіі для распрацоўкі дэталяў. Усё гэта цягнулася аж да тае пары, пакуль уся справа ня страціла сэнсу перад абліччам непазьбежнай катастрофы, да якой кацілася Нямеччына.

Стаўленьне Астроўскага да дзейнасьці Ўласава было лягічным працягам ужо апісанай яго тактыкі. Сустрэча Гімлера з Уласавым, плянаваная на ліпень, адбылася толькі 16 верасьня. Было дамоўлена стварыць т. зв. Камітэт вызваленьня народаў Расеі і армію, якая б падпарадкоўвалася гэтаму Камітэту. Галоўная ўправа СС пачала рэалізацыю праекту. 13 кастрычніка ў гэтай установе прайшла канфэрэнцыя з удзелам Арльта, Крогера і Бухарта, было прынята рашэньне аб тым, каб даручыць Астроўскаму ўступіць у Камітэт. На думку кіраўніцтва СС, гэта не павінна было само па сабе перакрэсьліць ідэю незалежнасьці Беларусі. Аднак Астроўскі рашуча адмовіўся ад гэтага праекту. І не дапамаглі тут ні ўшчуваньні Арльта, ні націск Кальтэнбрунэра. Торвальд піша, што ў часе спатканьня з Уласавым у Галоўнай управе бясьпекі Райху Астроўскі сказаў яму: «Нашыя шляхі розныя. Вы — за вольную Расею, а я — за вольную Беларусь». Сваю пазыцыю Астроўскі «вельмі адназначна» пацьвердзіў падчас візыту ў Розэнбэрга — недзе ў апошнія дні кастрычніка.

Аднак знайшліся беларусы, украінцы і іншыя, якія пагадзіліся на ўдзел у абвешчаным 14 лістапада ў Празе Камітэце вызваленьня народаў Расеі. У адказ на маніфэст гэтага Камітэту прадстаўнікі дзевяці народаў СССР, у т. л. і БЦР, 18 лістапада выдалі супольную заяву, у якой адмовіліся ад прызнаньня кіраўнічай ролі Ўласава і запатрабавалі, ваб ён абмежаваў сваю дзейнасьць справамі этнаграфічнай Расеі. Пачаліся новыя перамовы зь нямецкімі ўладамі, але яны не дапамаглі вырашыць спрэчку паміж «сэпаратыстамі» і камітэтам Ўласава. Ды, зрэшты, было ўжо занадта позна гаварыць аб гэтым.

Група афіцэраў і моладзевых дзеячоў крытычна паставілася да паводзін Астроўскага ў справе ўдзелу ў камітэце Ўласава і асудзіла маруднасьць пры арганізацыі асобнага беларускага вайсковага фармаваньня. Гэтыя людзі, што рваліся да безнадзейнай барацьбы, гуртаваліся вакол палітычна-вайсковай арганізацыі — Беларускай незалежніцкай партыі (БНП). Яе кіраўнікі — Усевалад Родзька, Міхаіл Вітушка і іншыя — супрацоўнічалі з Абвэрам, прадстаўлялі БНП як патрыятычную кансьпірацыйную арганізацыю і выдавалі быццам бы нелегальны «Бюлетэнь БНП», на старонках якога заклікалі даўзброенай барацьбы за незалежную Беларусь.[144]

БНП была створана ў Менску ў ліпені 1942 г., але больш значную дзейнасьць разгарнула толькі ў чэрвені 1944 г., арганізуючы некалькі кансьпірацыйных выведна-дывэрсійных групаў у тылах Чырвонай Арміі. У ліпені, а найпазьней — у жніўні 1944 г. Абвэр арганізаваў у Дальвіцы ўва Усходняй Прусіі навучальны цэнтар і рыхтаваў там добраахвотнікаў для дывэрсійнай працы на Беларусі. Палітычным кіраўніком цэнтру быў Родзька.

Істотную ролю ў вярбоўцы добраахвотнікаў адыгрывала прапаганда БНП. Кансьпірацыйны арэол дазваляў ёй карыстацца такімі прыёмамі, якія былі недапушчальныя ў афіцыйнай прапагандзе, і гэта выклікала да яе большы давер. БНП ня толькі выкарыстоўвала патрыятычную фразэалёгію, але дазваляла сабе і крытыку нямецкай акупацыйнай палітыкі на Беларусі, хоць гэтыя праблемы сталі ўжо справаю мінуўшчыны. Што да прагнозаў на будучыню, дык тут БНП малявала непазьбежны канфлікт паміж саюзьнікамі пасьля перамогі над Нямеччынай. Зыходзячы з такіх меркаваньняў, БНП прапагандавала ўзмацненьне ўласных сілаў як вырашальнага фактару для будучыні Беларусі. У «Бюлетэні БНП» гаварылася:

Гэтыя сілы, — і перш за ўсё нацыянальнае войска і антысавецкі партызанскі рух, што ахапіў усю краіну, — ужо дзейнічаюць на Беларусі, і трэба далучыцца да іх, каб споўніць свой сьвяты абавязак перад Бацькаўшчынай.

Пад заклікам БНП: «Здабудзем беларускую дзяржаву — альбо згінем у барацьбе за яе!» — шмат беларусаў накіравалася ў Дальвіц, а адтуль — на Беларусь, цешачы сябе ілюзіяй аб ангельска-амэрыканскім канфліктце з СССР.

Праблема неадкладнага ўдзелу ў баявых апэрацыях летам 1944 г. перарасла ў канфлікт — на гэтым грунце сутыкнуліся палітычныя амбіцыі Астроўскага і Родзькі. У выніку БНП перайшла ў апазыцыю да Астроўскага і БЦР. Лідэры гэтай партыі абвінавачвалі Раду ў няздольнасьці кіраваць незалежніцкім рухам і выкрывалі яе марыянэтачны характар. У канцы 1944 г. гэты канфлікт перарос у адкрытую варожасьць — Астроўскага крытыкавалі за палітычнае згодніцтва, ускладалі на яго адказнасьць за эвакуацыйны хаос, у якім была страчана пераважная частка сілаў БКА, за няздольнасьць арганізаваць беларускае войска ў Нямеччыне, за нежаданьне супрацоўнічаць з Уласавым і г. д. На пачатку 1945 г. Родзька ўвогуле адмовіўся ад супрацоўніцтва з Астроўскім і выказаў шкадаваньне аб тым, што зьвязваўся зь ім у мінулым.

Фармальна БНП мела ўсе падставы, каб крытыкаваць Астроўскага, але ніякай разумнай альтэрнатывы яна не сфармулявала. Усе закіды БНП папросту адлюстроўвалі нямецкія абарончыя інтарэсы, якія вымагалі мабілізацыі ўсіх даступных сілаў і сродкаў для ўзброенай барацьбы. Матывы паводзінаў Астроўскага ў Нямеччыне былі прынцыпова іншыя. Яго адносіны да арганізацыі войска, Саюзу вызваленьня Беларусі і камітэту Ўласава сьведчылі аб разуменьні бескарыснасьці і бяссэнсавасьці ўдзелу ў абароне Райху. Астроўскі прыклаў усе стараньні да таго, каб запэўніць сабе і БЦР магчымасьць дзейнічаць і пасьля капітуляцыі Нямеччыны. Супрацоўніцтва з Уласавым магло б пасьля вайны ўскладніць і нават зусім перакрэсьліць яго палітычную працу ў эміграцыі. Лідэр БЦР не жадаў адмаўляцца ад такіх шанцаў і таму пад канец 1944 г. узяўся перакройваць статут Рады, падганяючы яго пад новую сытуацыю. Пленум БЦР прыняў гэты статут 14–17 студзеня 1945 г., калі Чырвоная Армія зь берагоў Віслы рушыла ў паход на Бэрлін, а ОМі ўжо не заглыблялася ў гэткія справы.

ЗАКЛЮЧЭНЬНЕ

У выніку вайны і акупацыі Беларусь панесла вялікія людзкія страты. Калі беспасярэдне перад нападам Нямеччыны ў ёй налічвалася 9,2 млн. жыхароў (у цяперашніх межах), дык пад канец 1944 г. іх засталося толькі 6,3 млн. Такім чынам, насельніцтва зьменшылася на 2,9 млн., альбо на 32%. Аднак і па сёньняшні дзень гэтыя лічбы дэталёва не ўдакладненыя. Савецкія крыніцы шмат гадоў сьцьвярджалі, што нямецкія акупанты зьнішчылі 1408 тыс. цывільных жыхароў Беларусі і 378 тыс. выслалі на прымусовую працу ў Нямеччыну. Адначасова пісалася, што летам 1941 г. адсюль на ўсход, у эвакуацыю, было вывезена 1,5 млн. чалавек і больш за 500 тыс. мабілізавана ў Чырвоную Армію. Акрамя таго, у ліпені 1944 г. у войска было прызвана яшчэ звыш 600 тыс. чалавек. Разам гэта складала 4,4 млн чалавек, альбо на 50 % больш за афіцыйна названыя людзкія страты (2,9 млн.), пры гэтым варта ўлічыць, што да канца 1944 г. толькі невялікая частка эвакуяваных у глыб СССР магла вярнуцца на радзіму. Лічбы відавочна не сыходзіліся, і таму колькасьць жыхароў, забітых акупантамі, ацэньвалі пазьней ня больш як 750 тыс. На думку аўтара, гэтая апошняя ацэнка больш адпавядае сапраўднасьці, аднак яна па-ранейшаму завышаная.

Гаспадарка Беларусі таксама панесла вялікія страты. У 1945 г. узровень яе прамысловай вытворчасьці складаў толькі 20 % ад даваеннай. У шмат разоў скарацілася і сельскагаспадарчая вытворчасьць, адною з прычын гэтага былі антыпартызанскія карныя акцыі, у выніку якіх было спалена некалькі тысяч вёсак. Летам 1944 г. савецкія ўлады засьпелі на Беларусі толькі 39 % ад даваеннага пагалоўя коней, 31 % — буйной рагатай жывёлы, 11 % — сьвіньняў і 22 % — авечак і козаў. Аднак цяжка вызначыць, у якой ступені прычынілася да гэтага нямецкая гаспадарчая эксплуатацыя. Справа ў тым, што самыя вялікія разбурэньні ў беларускай прамысловасьці адбыліся ў выніку эвакуацыі на ўсход машын і абсталяваньня, а таксама — зьнішчэньня партызанамі дробных прадпрыемстваў у правінцыі. У дадатак немцы ўлетку 1944 г. правялі эвакуацыю некаторых заводаў. Не выклікаюць даверу зьвесткі пра выкарыстаньне або вынішчэньне свойскай жывёлы нямецкімі акупантамі — у некаторых выпадках гэтыя лічбы перавышаюць стан даваеннага пагалоўя (сьвіньні, козы і авечкі), і гэта — без уліку вынікаў эвакуацыі на ўсход, задавальненьня патрэбаў партызан і самога мясцовага насельніцтва.

Аднак асаблівым аспэктам акупацыйнай гісторыі Беларусі было яе палітычнае становішча. Тут міжволі напрошваецца паралель з пэрыядам Першай сусьветнай вайны. Усходняя палітыка кіраўнічых колаў другога і трэцяга Райху грунтавалася на розных прынцыпах, а іх стаўленьне да беларускага пытаньня як палітычнага фактару было, па сутнасьці, аднолькавае. У 1918 г. Беларусь была для Бэрліна «нязнанай краінай Эўропы», а слабы нацыянальны рух і нямецкая палітыка што да Расеі не дазвалялі нямецкаму ўраду прыняць і падтрымаць канцэпцыю беларускай дзяржаўнай незалежнасьці. У міжваенны пэрыяд аўтарытэт Беларусі ў бэрлінскіх палітычных колах зноў-такі ня ўзьняўся — перашкаджала адсутнасьць уласнай нацыянальнай дзяржаўнасьці і аслабленьне ў 30-х г. палітычных, эканамічных і культурных пазыцый беларускага руху. Нездарма напярэдадні другой акупацыі Гейзэнбэрг вельмі скептычна ацэньваў шанцы пэрспэктыўнага разьвіцьця Беларусі ў рамках «новага парадку» ў Эўропе. Гэтая яго пазыцыя так і не зьмянілася да канца акупацыі.

Але пры бліжэйшым знаёмстве зь ёй Беларусь выйгравала. Пра гэта сьведчаць падобныя дзеяньні Фалькенгайна і Кубэ — кіраўнікоў мясцовай адміністрацыі ў пэрыяд першай і другой акупацыі. Іх праца мела значныя палітычныя вынікі. Так, Фалькенгайн насуперак пазыцыі Бэрліна пасудзеяў стварэньню і нядоўгаму існаваньню Беларускай Народнай Рэспублікі, якая заклала традыцыю сучаснай беларускай дзяржаўнасьці. Кубэ, у сваю чаргу, — у значна горшых варунках — паспрыяў адраджэньню падаўленых у 30-я г. нацыянальных пачуцьцяў беларусаў і ідэалу іх дзяржаўнай незалежнасьці. Акалічнасьці канфлікту «беларускага гаўляйтара» з СС сьведчаць аб тым, што яго паводзіны грунтаваліся ня толькі на тактычных разьліках — падзеі адбываліся ў той час, калі параза Нямеччыны не здавалася яшчэ непазьбежнай. Пасьля сьмерці Кубэ яго намесьнік Готбэрг пераняў гэтую палітычную лінію і надаў ёй эфэктнае прапагандысцкае гучаньне.

Вынікі цывільнага праўленьня — гэта паступовая беларусізацыя адміністрацыі, роспуск калгасаў, арганізацыя школьніцтва, СБМ, культурнай і выдавецкай дзейнасьці, беларусізацыя царкоўнага жыцьця і, нарэшце, БНС, Камітэт даверу і БЦР, якія, хоць і не атрымалі да канца акупацыі фармальнага прызнаньня ў Бэрліне як органы нацыянальнага прадстаўніцтва, фактычна ўсё ж такі адыгрывалі гэтую ролю. Ідэю корпусу Самааховы, якую Кубэ ня змог да канца ажыцьцявіць ува ўмовах канфлікту з СС, пазьней рэалізаваў Готбэрг у выглядзе БКА. У акупаваных краінах, якія мелі нацыянальную незалежнасьць, такія вынікі нельга было б палічыць за дасягненьні, але ўва ўмовах Беларусі яны набывалі цалкам іншае значэньне, бо стваралі магчымасьці для ўзмацненьня і распаўсюду нацыянальнай сьвядомасьці, для арганізацыі нацыянальнага грамадзкага жыцьця.

Выкарыстаньне гэтых магчымасьцяў, заблякаваных доўгі час ува Усходняй і Заходняй Беларусі, усе беларускія нацыянальныя палітычныя групы ацэньвалі як гістарычны шанец. Праўда, некаторыя зь іх арыентаваліся на Польшчу і заходніх саюзьнікаў, аднак пры гэтым не адмаўляліся ад актыўнага ўдзелу ў грамадзкім жыцьці, а ў некаторых выпадках — і ад палітычнага супрацоўніцтва зь мясцовай акупацыйнай адміністрацыяй, бо яно павінна было спрыяць узмацненьню беларускага нацыяналізму. Пры гэтым гістарычны досьвед паказваў, што магчымасьць дамінаваньня Нямеччыны і небясьпека германізацыі беларусам наўрад ці пагражала. Зрэшты, зь цягам часу меншалі страхі перад нямецкім дамінаваньнем, затое расло перакананьне ў немінучым вяртаньні савецкай улады. І тут дасягненьні нацыяналізму павінны былі ўзбагаціць нацыянальную сьвядомасьць, прышчапіць ёй імунітэт супраць русіфікацыі, урэшце, стварыць гістарычныя аргумэнты, якія ўжо нельга будзе абмінуць ува ўмовах савецкай Беларусі.

Цікава, што працэс палітычнай палярызацыі беларускага грамадзтва няспынна ўзмацняўся, нягледзячы на злачынствы акупантаў, непазьбежнасьць паразы Нямеччыны і вяртаньня савецкай улады. Большасьць насельніцтва жыла ў страху і чаканьні, але ўжо на самым пачатку акупацыі побач зь ёю абазначыліся дзьве крайнія плыні — камуністычная і нацыяналістычная, якія разьвіваліся ў вострай ідэалягічнай і ўзброенай барацьбе. Пік гэтага супрацьстаяньня прыйшоўся на апошнюю фазу акупацыі, калі дзясяткі тысяч беларусаў сталі з зброяй у руках па розныя бакі барыкады. Сярод іх, несумненна, было шмат людзей выпадковых, якія трапілі туды пад прымусам, але шмат было і такіх, якіх вяла толькі ўласная рашучасьць і нават фанатызм, які адлюстроўваў разуменьне сэнсу барацьбы.

Цяжка ацаніць іх пазыцыі адназначна. Удзельнікі камуністычнага руху, якія гуртаваліся ў партызанскіх атрадах і савецкім падпольлі, мелі за сабой традыцыі, арганізацыйны грунт і — самае галоўнае — усебаковую падтрымку з-за лініі фронту. Тым часам нацыяналісты, маючы за сабою горкі досьвед недалёкага мінулага, пры ўсёй непасьлядоўнасьці нямецкай палітыкі (справа Ермачэнкі) і адсутнасьці перад сабою абяцальнай пэрспэктывы паволі адваёўвалі свае пазыцыі. Факт, што ў гэтых неспрыяльных умовах нацыяналізм стаў важным грамадзкім фактарам і відавочнай процівагай для камуністычнага руху, быў, безумоўна, вынікам хуткага авалоданьня нацыянальнай ідэі грамадзтвам, асабліва моладзьдзю. Тую самую зьяву адзначаў у 1918 г. Куршман, аднак на гэты раз яна ўзьнялася да непараўнальна вышэйшага ўзроўню. Асабліва ўражвала нацыянальная актыўнасьць у апошнія месяцы акупацыі. Ксёндз Зянон Ігнатавічус, літоўскі капэлян у Менску, слаба зарыентаваны ў сутнасьці справы, ацэньваў убачанае на Беларусі як прызнаньне яе «поўнай незалежнасьці» і шкадаваў, што Літва не дачакалася такога ад немцаў.

Савецкія ўлады рашуча выступілі супраць актывізацыі беларускага нацыяналізму. Шмат фактаў сьведчаць аб тым, што найбольшую небясьпеку яны бачылі не ў стварэньні антыпартызанскіх беларускіх фармаваньняў, а ў пранікненьні пачуцьця нацыянальнай асобнасьці і сэпаратысцкіх тэндэнцыяў у масавую сьвядомасьць. Найбольш інтэнсіўна гэтыя працэсы ішлі на абшары Генэральнай акругі Беларусь — тут на грамадзтва ўзьдзейнічалі шматлікія палітычныя сродкі. Таму на гэтай тэрыторыі барацьба з нацыяналізмам была адной з найважнейшых задач партызанскага руху, і вялася яна больш зацята, чым на Украіне ці ў Прыбалтыцы. У часе вайны пра гэта сьведчыла, у прыватнасьці, стаўленьне партызан да беларускага школьніцтва, а пасьля вайны — прыняцьце ў лютым 1945 г. спэцыяльнай рэзалюцыі ЦК КП Беларусі аб перавыхаваньні грамадзтва ў духу савецкага патрыятызму і нянавісьці да нямецкіх акупантаў, якіх не было там ужо некалькі месяцаў. У Польшчы такія захады былі папросту непатрэбныя.

Абнародаваньне адпаведна падабраных злачынных аспэктаў нямецкай акупацыі ў пасьляваенны час сталі аднымі з асноўных аргумэнтаў у барацьбе зь беларускай мовай, культурай, нацыянальнай сьвядомасьцю і, урэшце, — з самімі нацыянальнымі дзеячамі. Усё гэта рабілася дзеля таго, каб адцягнуць грамадзкую ўвагу ад палітыкі русіфікацыі, якая праводзілася пад шырмай зьліцьця ўсіх пародаў СССР у адзіную сям’ю. Яна была скіравана на аслабленьне нацыянальнага касьцяка краіны, і дзеля гэтага прымаліся самыя разнастайныя захады: масавыя дэпартацыі беларусаў, расейская калянізацыя, выцясьненьне беларускай мовы з шырокага грамадзкага ўжытку і яе зьвядзеньне да мовы сялянства і вузкіх колаў творчай інтэлігенцыі. Прывядзём некалькі прыкладаў.

Паводле афіцыйных зьвестак, з 1950 да пачатку 60-х г. зь Беларусі «выехала» на ўсход, галоўным чынам у Сібір і Казахстан, каля 900 тыс. чалавек. Так, з 1945 г. туды перасялілася прыкладна звыш мільёна чалавек. У 1970 г., калі насельніцтва БССР яшчэ не дасягнула даваеннага ўзроўню, колькасьць расейцаў на яе тэрыторыі павялічылася да 938 тыс. чалавек і, такім чынам, перавысіла ўдвая даваенны ўзровень. У выніку, доля расейцаў у структуры насельніцтва рэспублікі ўвесь час узрастала і ў 1970 г. дасягнула 10,4 %, аднак іх сапраўдная ўдзельная вага была яшчэ большая; трэба ўлічыць, што ў іхніх руках апынуліся ключавыя гаспадарчыя і палітычныя пазыцыі.

Зь першых пасьляваенных гадоў пачалася русіфікацыя вышэйшай школы (па-беларуску выкладаліся толькі некаторыя дысцыпліны на факультэтах беларускай філялёгіі). Натуральна, гэта адбілася на стане сярэдняй і пачатковай адукацыі. Школьнікі, якія марылі працягваць навуку, бачылі, як падае грамадзкае значэньне беларускай мовы, і выяўлялі большую зацікаўленасьць у вывучэньні расейскай мовы. Але і гэты мэханізм быў недастаткова эфэктыўны, таму ў 60–70-х г. пачаўся масавы перавод беларускіх школаў на расейскую мову навучаньня адміністрацыйным шляхам. У выніку поўнасьцю былі зьліквідаваны беларускія школы ў гарадох, а на вёсках яны часьцей за ўсё заставаліся беларускімі толькі намінальна, бо па-расейску там выкладалася вельмі многа дысцыплінаў.

Выдавецкая дзейнасьць таксама выяўна адлюстроўвала вынікі такой нацыянальнай палітыкі. За пэрыяд з 1950 па 1985 г. агульны тыраж кніжак, выдадзеных у БССР, павялічыўся з 12,5 млн. да 53,3 млн. экзэмпляраў, пры гэтым доля беларускамоўных выданьняў зьнізілася з 10,7 млн. да 5,0 млн. экзэмпляраў, а іх доля ў агульнай кнігавыдавецкай прадукцыі зьменшылася з 85 % да 9 %.

Русіфікатарская палітыка савецкіх уладаў ёсьць найважнейшым крытэрам для ацэнкі пазыцыі і дзейнасьці беларускіх палітычных колаў і той часткі грамадзтва, якая ўва ўмовах нямецкай акупацыі імкнулася да захаваньня і ўзмацненьня сваёй нацыянальнай ідэнтычнасьці. Досьвед падказваў ім, што даваенныя прынцыпы савецкай нацыянальнай палітыкі ня зьменяцца і пазьней, а пасьляваенная рэчаіснасьць пацьвердзіла гэтыя прагнозы. Таму, з гледзішча нацыянальных інтарэсаў, іх дзеяньні былі апраўданыя, дарма што яны не маглі прывесьці да стварэньня самастойнай беларускай дзяржавы. Гэтыя дзеяньні ўмацоўвалі нацыянальную самасьвядомасьць грамадзтва і стварылі факты, якія сьведчаць, што стаўленьне нямецкай цывільнай адміністрацыі да беларускай справы было лепшае, чым пры савецкай уладзе. Той факт, што ў зьняволенай беларускай сталіцы працавалі толькі беларускія школы, аў вызваленай — амаль толькі расейскія, дастаткова сымбалічны і не патрабуе камэнтараў. Гэтай ацэнкі не мяняе факт нацысцкага генацыду, бо колькасьць ахвяраў НКВД у саміх толькі Курапатах пад Менскам не саступае памерам эсэсаўскіх злачынстваў падчас усіх карных акцыяў у Беларусі.

Сьпіс скаротаў

АК — Армія Краёвая

БІП — Бюро інфармацыі і прапаганды Галоўнага камандаваньня АК

БКА — Беларуская краёвая абарона

БКС — Беларускі камітэт самапомачы

БНА — Беларускае народнае аб’яднаньне

БНК — Беларускі нацыянальны камітэт

БНП — Беларуская незалежніцкая партыя

БНС — Беларуская народная самапомач

БНР — Беларуская Народная Рэспубліка

БНТ — Беларускае навуковае таварыства

БСА — Беларуская самаахова

БССР — Беларуская Савецкая Сацыялістычная рэспубліка

БЦР — Беларуская цэнтральная рада

ВКЛ — Вялікае Княства Літоўскае

ГАБ — Генэральная акруга Беларусь

ГГ — Генэральнае губэрнатарства

ГК АК — Галоўнае камандаваньне Арміі Краёвай

ГПО — Генэральны плян «Ост»

КП(б)Б — Камуністычная партыя (бальшавікоў) Беларусі

КПЗБ — Камуністычная партыя Заходняй Беларусі

НДР — Нямецкая дэмакратычная рэспубліка

НСРПН — Нацыянал-сацыялістычная рабочая партыя Нямеччыны

ПБН — Партыя беларускіх нацыяналістаў

РННА — Расейская нацыянальная народная армія

РОА (Русская освободительная армия) — Расейская вызваленчая армія

СБМ — Саюз беларускай моладзі

СД — Служба бясьпекі

СС (Schutzstaffeln) — Ваенізаваныя ахоўныя атрады

УКП(б) — Усесаюзная камуністычная партыя (бальшавікоў)

УКБ — Ударны кадравы батальён

УПА — Украінская паўстанцкая армія

ФРН — Федэрацыйная Рэспубліка Нямеччына

ЦА ЦК ПАРП — Цэнтральны архіў Цэнтральнага камітэту Польскай аб’яднанай рабочай партыі

AAN — Архіў новых актаў у Варшаве

AGKBZH — Архіў галоўнай камісіі па расьсьледаваньні гітлераўскіх злачынстваў у Польшчы

ATW — Амэрыканскі вайсковы трыбунал

HJ — Гітлерюгенд

HSSPF (Hoherer SS-und Polizeifiihrer) — Галоўнакамандуючы СС і паліцыі

HSSPF RМ u WR (Hoherer SS-und Polizeifiihrer Russland-Mitte und Weissruthenien) — Галоўнакамандуючы СС і паліцыі Цэнтральнай Расеі і Беларусі

ОКН (Oberkommando des Heeres) — Галоўнае камандаваньне сухадольных войскаў

ОТ — Ваенна-будаўнічая арганізацыя Тота

RFSS (Reichsfiihrer SS) — Райхсфюрэр СС

RKO — Райхскамісарыят Остлянд

RKU — Райхскамісарыят Украіны

RMfdbO (Reichsministerium fur die besetzten Ostgebiete), ОMi — Імпэрскае міністэрства ўсходніх земляў

RSHA (Reichssicherheitshauptamt) — Галоўная ўправа бясьпекі Райху

SSPF (SS-und Polizeifiihrer) — Начальнік СС і паліцыі

ZWZ ((Zwiazek Walki Zbrojnej) — Зьвяз узброенай барацьбы

Примечания

1

Права пераможцы.

(обратно)

2

БССР — Беларуская Савецкая Сацыялістычная рэспубліка.

(обратно)

3

СС (Schutzstaffeln) — Ваенізаваныя ахоўныя атрады.

(обратно)

4

Галоўная ўправа СС — вядучы кіраўнічы орган гэтай арганізацыі, да кампэтэнцыі якога належалі справы кадраў, права, адміністрацыі і г. д. — А. П.

(обратно)

5

Бэргер Готлаб (1896–1975) — генэрал войскаў СС. 20 жніўня 1943 г. быў прызначаны начальнікам 1-га галоўнага аддзелу імпэрскага міністэрства акупаваных усходніх земляў. — А. П.

(обратно)

6

Цанава Лаўрэнці (1900–1955) — у канцы 1930 — пачатку 1950-х кіраўнік органаў дзяржаўнай бясьпекі БССР, фармальны аўтар кнігі «Всенародная партизанская война в Белоруссии против фашистских захватчиков». — А. П.

(обратно)

7

Панамарэнка Панцеляймон (1902–1984) — былы першы сакратар ЦК КП(б)Б і начальнік Цэнтральнага штабу партызанскага руху. — А. П.

(обратно)

8

AAN — Архіў новых актаў у Варшаве.

(обратно)

9

НСРПН — Нацыянал-сацыялістычная рабочая партыя Нямеччыны.

(обратно)

10

ЦА ЦК ПАРП — Цэнтральны архіў Цэнтральнага камітэту Польскай аб’яднанай рабочай партыі.

(обратно)

11

ФРН — Федэрацыйная Рэспубліка Нямеччына.

(обратно)

12

Вацлаў Іваноўскі нарадзіўся 7.6.1880 у фальварку Лябёдка Лідзкага павету Віленскай губ. у памешчыцкай сям’і. Скончыў V клясычную гімназію ў Варшаве (1899 г.), восеньню таго ж году паступіў на факультэт хіміі Пецярбурскага тэхналягічнага інстытуту, які скончыў у 1904 г. Заснавальнік і старшыня выдавецкіх таварыстваў у Пецярбургу (1906–1913) і Вільні (1913–1915). У 1915–1917 г. — кіраўнік Беларускага камітэту дапамогі ахвярам вайны ў Вільні і Петраградзе. У 1918 г. — выкладчык пэдагагічнага інстытуту ў Менску і міністар асьветы БНР. Пасьля няўдалых спробаў па стварэньні беларускай дзяржавы ў 1921 г. сышоў з палітычнай арэны. У 1922–1939 г. — прафэсар Варшаўскага політэхнічнага інстытуту, а ў 1940–1941 г. — Віленскага ўнівэрсытэту. У лістападзе 1941 г. стаў бурмістрам г. Менску, дзе і памёр ад ранаў, нанесеных у часе замаху на яго асобу.

(обратно)

13

У 1906 г. у Пецярбургу было створана першае беларускае легальнае выдавецтва, а ў Вільні пачалі выходзіць першыя газэты: «Наша Доля» і «Наша Ніва». Гэтая дзейнасьць хутка пашыраецца, і ўжо празь некалькі год зьяўляюцца новыя выдавецкія суполкі і часопісы, між іншым, у Менску («Саха», «Лучынка»), вандроўны аматарскі тэатар, Беларускі настаўніцкі саюз — з дапамогай яго сяброў былі арганізаваны першыя беларускія школы, па-ранейшаму яшчэ нелегальныя. Да беларускага руху далучаюцца беларускія каталіцкія ксяндзы, арганізуецца беларускі гурток у Пецярбурскай рыма-каталіцкай духоўнай акадэміі, у сьвет выходзіць беларуская каталіцкая літаратура, між іншага — штотыднёвік «Беларус» у Вільні.

(обратно)

14

Першая кніжка, прысьвечаная Беларусі, — «Weissruthenien Land — Bewohner — Geschichte — Volkswirtschaft — Kultur — Dichtung» пад рэдакцыяй Вальтэра Егера (Walter Jager), — зьявілася ў Бэрліне толькі ў 1919 г. і практычна амаль цалкам абапіралася на матэрыялы, атрыманыя ў часе акупацыі.

(обратно)

15

Гаворка пра Нямеччыну і Аўстра-Вугоршчыну. — А. С.

(обратно)

16

Варта адзначыць, што ў жніўні — верасьні 1914 г. канцлер Райху Тэабальд фон Бэтман Гольвэг прызнаваў неабходнасьць ліквідацыі панаваньня Расеі над нерасейскімі народамі і лічыў, што мэтазгодна стварыць паміж Нямеччынай і Расеяй шэраг буфэрных дзяржаваў. Аднак гэтыя погляды не распаўсюджваліся на Беларусь.

(обратно)

17

На жаль, аўтар не пацьвярджае дакумэнтальна, хто зь беларускіх адраджэнцаў і калі распрацаваў канцэпцыю стварэньня залежнай ад Нямеччыны буфэрнай беларускай дзяржавы. — А. С.

(обратно)

18

Выкарыстаны ў тэксьце тэрмін «беларускія землі» датычыць толькі тэрыторыі сучаснай Беларусі і не ўлучае ў сябе земляў, што ўваходзяць цяпер у склад Польшчы (паветы Беластоцкі, Бельскі, Сакольскі, а таксама частка Ваўкавыскага і Гарадзенскага). У такім самым значэньні ўжывае яго і В. Круталевіч. Тым ня менш мы разумеем усю яго ўмоўнасьць: улучаныя ў склад Польшчы землі належаць да зоны кампактнага пражываньня беларусаў. Паводле падлікаў аўтара, з агульнай плошчы Беластоцка-Гарадзенскай акругі, улучанай у склад Обэр Осту (2664 тыс. км кв.), на тэрыторыю Польшчы прыпадала каля 9,2 тыс. км кв., а на Беларусь — каля 17,2 тыс. км кв.

(обратно)

19

Паводле арт. 4 Берасьцейскага трактату, акупаваныя беларускія землі, разьмешчаныя на ўсход ад Обэр Осту, павінны былі далучыцца да Расеі пасьля заключэньня ўсеагульнага міру і дэмабілізацыі расейскай арміі, аднак у дадатковай умове нямецка-расейскай дамовы ад 27.8.1918 г. прадугледжваўся больш раньні зварот тэрыторый на ўсход ад Бярэзіны — па меры таго як Расея будзе выконваць фінансавыя забавязаньні перад Нямеччынай.

(обратно)

20

Аўтарскія разьлікі зроблены на падставе статыстыкі насельніцтва Гарадзенскай, Ковенскай, Курляндзкай і Віленскай губэрняў 1896 і 1914 г.

(обратно)

21

Першая беларуская народная школа была заснаваная ў Вільні на Лукішках 13 лістапада 1915 г. 15 сьнежня пачала працаваць школа на Антокалі. У стадыі падрыхтоўкі да працы знаходзілася па стане на 15 сьнежня школа на Сьніпішках. 15 сьнежня пачалі працаваць 6-тыднёвыя настаўніцкія курсы на Лукішках (у тым памяшканьні, дзе і першая школа). — А. С.

(обратно)

22

Паводле Цэмке, толькі ў адной Беластоцкай акрузе існавала 417 польскіх пачатковых школаў, створаных без папярэдняга ўзгадненьня зь нямецкімі ўладамі.

(обратно)

23

Газэта «Grodnoer Zeitung», якая выдавалася для жыхароў Беластоцка-Гарадзенскай акругі, у 1916 г. выходзіла на трох мовах: расейскай, польскай і габрэйскай, але не па-беларуску. Урадавы «Befehls-und Verordnungsblatt» зьмяшчаў тэксты на літоўскай, латыскай і польскай мовах, аднак не на беларускай. Напэўна, такая сытуацыя тлумачылася адсутнасьцю перакладчыкаў зь нямецкай на беларускую мову.

(обратно)

24

Для першага набору слухачоў курсы былі трохмесячныя, для наступных — шасьцімесячныя.

(обратно)

25

Абіхт Рудольф (1850–1921) — нямецкі славіст, прафэсар Уроцлаўскага (Брэслаўскага) унівэрсытэту. Дасьледаваў беларускую мову і літаратуру, спрыяў адраджэньню беларускага пісьменства. — А. П.

(обратно)

26

У артыкуле «Вільня, 13 жніўня 1918 г.» (Homan. 1918. 13 жніўня) А. Луцкевіч пісаў, што «беларускія народныя школы дайшлі ў нас даволі вялікай цыфры — 150». У брашуры «Польская акупацыя ў Беларусі» (1920) і артыкуле «Дзесяцілецьце Беларускае школы» (Жыцьцё Беларуса. 1925. 12 лістапада) ён адзначаў, што ў Віленшчыне і Гарадзеншчыне ў пэрыяд нямецкае акупацыі было закладзена 153 школы. Гэтая лічба названая і ў зборніку «Наша Ніва» (Вільня, 1920. С. 48). — А. С.

(обратно)

27

М. Семаковіч піша, што ў сьнежні 1918 г. існавала каля 400 беларускіх школаў: 135 — на Гарадзеншчыне, 150 — на Віленшчыне, 54 — на Наваградчыне. Лічбу школаў на Меншчыне аўтар не назваў. — А. С.

(обратно)

28

Гаворка пра ўнівэрсал Канфэдэрацыі Вялікага Княства Літоўскага, пісаны І. Луцкевічам, і адозву Канфэдэрацыі, аўтарам якое быў Ю. Шаўліс. — А. С.

(обратно)

29

Гаворка пра зварот «беларускага арганізаванага грамадзянства» да Галоўнай камісіі Райхстагу, апублікаваны ў «Homanie» 28 верасьня 1917 г. — А. С.

(обратно)

30

Вядомыя таксама звароты да райхсканцлера, пісаныя 26 сакавіка 1917 г. і 16 кастрычніка 1917 г. — А. С.

(обратно)

31

Усебеларускі зьезд пачаў працу 5(18) сьнежня 1917 г. Ініцыятыва яго скліканьня, акрамя Выканаўчага камітэту Вялікай беларускай рады, належыць таксама Выканаўчаму камітэту Цэнтральнай вайсковай беларускай рады і Беларускаму выканаўчаму камітэту Заходняга фронту. Зьезд пастанавіў утварыць з свайго складу орган краёвай улады Беларусі — Усебеларускі савет сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў. — А. С.

(обратно)

32

У НАРБ захоўваецца машынапісная копія пратаколу паседжаньня агульнага сходу сяброў 1-га ўсебеларускага зьезду ў дэпо Лібава-Роменскай чыгункі раніцай 18 сьнежня 1917 г. На гэтым паседжаньні Рада зьезду была абвешчана часоваю краёваю ўладаю. Тамсама маецца копія рэзалюцыі Рады зьезду, прынятай 21 сьнежня. Рада прызнала сябе часоваю ўладаю і вырашыла папоўніць свой склад прадстаўнікамі сялян, рабочых і салдатаў, а таксама нацыянальных меншасьцяў у асобе іх сацыялістычных партыяў. Было вырашана вылучыць з складу Рады выканаўчы камітэт 1-га ўсебеларускага зьезду. Рада даручала Выканаўчаму камітэту прыняць на сябе функцыі выканаўчай улады ў Беларусі. Мелася на ўвазе, што Выканкам сфармуе ўрад, якому была дадзена назва «Урад народных камісараў». — А. С.

(обратно)

33

Ф Турук піша, што дэлегаты Рады зьезду ўдзельнічалі ў берасьцейскіх перамовах як дарадчыкі ў складзе ўкраінскай дэлегацыі і не маглі аказваць уплыву на іх хаду.

(обратно)

34

Выйшаўшы з падпольля 19 лютага 1918 г., Выканаўчы камітэт рады Усебеларускага зьезду выдаў загад № 1, у якім абвясьціў, што «ўзяў уладу ў свае рукі», а «для наладжаньня парадку ў гор. Менску» прызначыў камэнданта — Канстанціна Езавітава. 20 лютага было абвешчана аб стварэньні рэвалюцыйнай улады — Народнага сакратарыяту Беларусі. У той самы дзень Народны сакратарыят прыняў на сябе абавязкі Часовага беларускага ўраду. 21 лютага была апублікаваная 1-я Устаўная Грамата да народаў Беларусі і абвестка пра тое, што Народны сакратарыят «ужо прыступіў да спаўненьня сваіх абавязкаў». Да ведама грамадзян даводзіўся асабовы склад Народнага сакратарыяту. — А. С.

(обратно)

35

Тэлеграму кайзэру выслала ня Рада БНР, а яе дзеячы: старшыня Рады Я. Серада, старшыня Народнага сакратарыяту Я. Варонка, сябры Рады Р. Скірмунт, А. Аўсянік, П. Аляксюк, П. Крачэўскі і Я. Лёсік. Пасьля таго, як тэлеграма была пасланая ў Бэрлін, у Радзе і Народным сакратарыяце вынік крызіс. Калі б пытаньне аб пасылцы тэлеграмы абмяркоўвалася на пленарным паседжаньні Рады, гэтая ідэя наўрад ці была б ухваленая. — А. С.

(обратно)

36

У верасьні 1918 г. зь Яраслаўля вярнуўся Менскі настаўніцкі інстытут. Яго далейшую дзейнасьць фінансавалі ўрад БНР і акупацыйныя ўлады. Вялася падрыхтоўка да пераўтварэньня яго ў вышэйшую навучальную ўстанову, аднак адкрыцьцё Менскага беларускага пэдагагічнага інстытуту адбылося ўжо пры бальшавіках — у канцы 1918 г. — А. С.

(обратно)

37

Наконт Украіны, якую ўжо прызнала Нямеччына, Вільгельм ІІ выказаўся так:

«Мы не павінны паддавацца ілюзіі, нібыта Украіна надоўга застанецца адарваная ад Расеі. Украіна, як і Расея, — славянскі край. Яны зьяднаюцца нанова».

Людэндорф заўважыў:

«Жыцьцяздольнай украінскай дзяржавы ня будзе ніколі. Нацыянальны дух Украіны існуе і ўтрымліваецца толькі дзякуючы прысутнасьці нашых войскаў».

(обратно)

38

Рапальская дамова паміж РСФСР і Нямеччынай была падпісана 16 красавіка 1922 г. і прадугледжвала аднаўленьне дыпляматычных стасункаў паміж дзьвюма краінамі, бакі адмаўляліся ад узаемных фінансавых прэтэнзіяў, надаваўся статус найбольшага спрыяньня двухбаковым гандлёва-эканамічным зносінам, а таксама прадугледжвалася супрацоўніцтва ў вайсковай сфэры. На іншыя савецкія рэспублікі, у тым ліку і БССР, дзеяньне дамовы пашырылася 5 лістапада 1922 г.

(обратно)

39

Апрача кнігі В. Егера «Weissruthenien…», у 1918 г. ува Ўроцлаве (Брэслаў) быў выдадзены падручнік беларускай мовы, апрацаваны немцам Рудольфам Абіхтам і беларусам Янам Станкевічам, пад назваю «Просты спосаб у кароткім часе стацца граматным».

(обратно)

40

Акінчыц Ф. (20.1.1886 — сакавік 1943), адвакат, палітычны дзеяч, з 1906 г. — у партыі эсэраў, у 1925–1927 гг. — у БСРГ, а 1933 г. — лідэр беларускіх нацыянал-сацыялістаў, прыхільнік супрацоўніцтва з Трэцім райхам, загінуў у часе замаху, арганізаваным ў Менску.

(обратно)

41

КПЗБ — Камуністычная партыя Заходняй Беларусі.

(обратно)

42

БКС — Беларускі камітэт самапомачы.

(обратно)

43

Па зьвестках «Раніцы» (1942. 22 сакавіка), у пачатку 1942 г. колькасьць сяброў Беларускага камітэту ў Варшаве складала амаль 6000. Мікола Ждановіч, былы сябра кіраўніцтва Камітэту, пацьвердзіў гэты факт у сваім паведамленьні, зробленым для аўтара 12.3.1977 г. Аднак колькасьць беларусаў у Варшаве ў 1940 г. складала ўсяго толькі каля 1000 чалавек, пра што даносіў Акінчыц у сваім рапарце ў Oststelle NSDAP 1.11.1940 г. На думку Ждановіча, кіраўніцтва Камітэту мірылася з такай сытуацыяй, бо ад колькасьці сяброў залежалі памеры фінансаваньня, выдзяленьне харчовай дапамогі і інш.

(обратно)

44

Іван Ермачэнка нарадзіўся 1.5.1894 г. у Капачоўцы Барысаўскага павету, скончыў гімназію ў Маскве, потым, у часе Першай сусьветнай вайны, афіцэрскую школу, служыў у расейскім войску, пад канец вайны быў ад’ютантам генэрала Ўрангеля, меў ранг палкоўніка. У 1920 г. эвакуяваўся ў Канстантынопаль, дзе з даручэньня ўраду БНР выконваў функцыі генэральнага консула на Балканах. У 1922 г. пераехаў у Прагу. Тут атрымаў мэдычную адукацыю (1929), займаўся лекарскай практыкай і палітычнай дзейнасьцю сярод беларускай эміграцыі. З 1938 г. — прыхільнік беларуска-нямецкага супрацоўніцтва. Пасьля Другой сусьветнай вайны жыў у эміграцыі ў ЗША. Памёр 25.2.1970 г.

(обратно)

45

Захаваўся пратакол, здабыты немцамі ў Менску, з тэкстам допыту савецкімі органамі аднаго з чальцоў гэтай дыверсійнай групы, Браніслава Валасэвіча. Ён быў чальцом польскага падпольля, уступіў у Беларускі камітэт у Варшаве, там яму дапамаглі знайсьці працу, а 10.6.1941 г. накіравалі на перанавучаньне ў Лямсдорф. Курс быў скончаны 13.6.1941 г. На допыце Валасэвіч назваў некалькі прозьвішчаў удзельнікаў сваёй групы (Сядынскі, Акінчык, Тачаноўскі, Станкевіч, Галчынскі). Увогуле церазь мяжу перакінулі ня ўсіх, а толькі 41 чалавека.

(обратно)

46

Радаслаў Астроўскі нар. 25.10.1897 г. у фальварку Запольле Слуцкага павету, скончыў гімназію ў Слуцку (1908), унівэрсытэт у Пецярбургу і Дэрпце (1908–1913), палітычны дзеяч у Слуцку і Менску (1917–1918), у войску ген. Дзянікіна (1920), дырэктар беларускай гімназіі ў Вільні (1924–1936), пераведзены ў адміністрацыйным парадку ў Лодзь (восень 1936). У лютым 1924 г. стаў заснавальнікам прапагандысцкага Польска-беларускага таварыства, пасьля яго распаду — супрацоўнік КП(б) Беларусі і КПЗБ, куратар падпольнага камсамолу ў гімназіі (1924–1925); чалец кіраўніцтва БСРГ і дырэктар Беларускага каапэратыўнага банку ў Вільні, празь які праходзілі сродкі з СССР на фінансаваньне Грамады (1925–1926); сябра КПЗБ (1926). Арыштаваны (студзень 1927) і абвінавачаны на працэсе Грамады. Зьмяніў свой палітычны кірунак і стаў арганізатарам і прапагандыстам супрацоўніцтва з санацыяй (1928–1936). Пасьля вайны — палітычны дзеяч у эміграцыі. Памёр 17.10.1976 г. у ЗША.

(обратно)

47

Ян Станкевіч нар. 26.11.1891 г. у вёсцы Арляняты Ашмянскага павету, скончыў беларускую гімназію ў Вільні (1921), унівэрсытэт у Празе. Доктар філязофіі (1926), выкладчык беларускай мовы ў Варшаўскім (1928–1932) і Віленскім (1927–1940) унівэрсытэтах, пасол польскага сойму (1928–1930), публіцыст, палітычны дзеяч, аўтар шматлікіх прац з мовазнаўства й гісторыі, пасьля вайны жыў на эміграцыі ў Нямеччыне і ЗША, памёр 16.07.1976 г.

(обратно)

48

14 сакавіка 1939 г. славацкі сойм абвясьціў «самастойную і незалежную Славацкую дзяржаву», якую 18 сакавіка Нямеччына ўзяла «пад сваю абарону». — А. П.

(обратно)

49

Адпаведны запіс у інструкцыі гучаў у арыгінале наступным чынам: «Ziel eines Reichskommissars fur Estland, Lettland, Litauen muss es sein, die Form eines deutschen Protektorats zu erstreben…». Пазьней пасьля «Litauen» алоўкам было дапісана «Weissruthenien». Як высьветлілася на Нюрнбэрскім працэсе, названая інструкцыя была часовым праектам і ў такой форме не высылалася ведамствам Розэнбэрга.

(обратно)

50

Паводле прызнаньняў сьведкаў, «усё вышэйшае кіраўніцтва, міліцыя, служба бясьпекі і нават шэф грамадзянскай абароны разам з сваім штабам пакінулі горад (Менск. — Ю. Т.) за тры дні да заняцьця яго немцамі. Ніхто нават не спрабаваў гасіць пажары…»

(обратно)

51

Гэтыя зьмены былі прадугледжаны ў польска-савецкай дамове ад 16.8.1945, паводле якой СССР перадаў на карысьць Польшчы 17 раёнаў Беластоцкай і 3 раёны Берасьцейскай вобласьці. Фактычна гэтыя землі польская адміністрацыя пераняла ўжо ўлетку 1944 г.

(обратно)

52

Пад перасяленнямі трэба разумець высылку беларускіх сялянскіх сем’яў у Расею падчас калектывізацыі, прымусовыя «вэрбоўкі» моладзі на «будоўлі сацыялізму» і г. д. — А. С.

(обратно)

53

У шэсьцідзясятых гадох фігуравала значна ніжэйшая лічба эвакуяванага насельніцтва (звыш 1 млн. чалавек). Крыніцай гэтай інфармацыі быў даведнік — праваднік па залях Беларускага музэю гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, выдадзены ў Менску ў 1960 г.

(обратно)

54

Трэба мець на ўвазе і цяжкі досьвед «уцякацтва» падчас Першае сусьветнае вайны. Акрамя таго, сярод насельніцтва заходніх паветаў Беларусі захавалася неблагая памяць пра «першых немцаў» як пра культурны народ. — А. С.

(обратно)

55

Кошт асноўных вытворчых фондаў, у т. л. машын, абсталяваньня і будынкаў, ува ўсходніх абласьцях БССР на 1.1.1941 г. складаў 1321,8 млн. рублёў. Нельга параўноўваць з гэтай сумай кошт эвакуяваных сродкаў вытворчасьці (478,1 млн. руб.), бо сюды не ўвайшлі прамысловыя будынкі.

(обратно)

56

Лічыцца, што пры адгоне на ўсход каля 15 % свойскай жывёлы загінула, 20–25 % было перададзена вайсковым часьцям і дзяржаўным арганізацыям. На пачатку 1942 г. у розных абласьцях РСФСР знаходзілася ўжо каля 200 тыс. галоў жывёлы, эвакуяванай зь Беларускай ССР.

(обратно)

57

На думку Вакара, страты гэтыя былі «непараўнальна большыя» за тыя, што прычынілі немцы падчас акупацыі.

(обратно)

58

Бах-Залеўскі Эрых Юліюс Эбэргард фон дэм (1899–1972) — обэргрупэнфюрэр СС і генэрал паліцыі, з 1941 па 1944 г. — вышэйшы кіраўнік СС і паліцыі цэнтральнай Расеі зь сядзібай спачатку ў Магілёве, а пасьля ў Менску. Арганізатар масавых пакараньняў сьмерцю ў Менску і Магілёве. Восеньню 1944 г. — адзін з кіраўнікоў падаўленьня Варшаўскага паўстаньня. — А. П.

(обратно)

59

Айнзацгрупа «А» дзейнічала ў тыле групы армій «Поўнач», г. зн. у Прыбалтыцы, у тым ліку і ў некалькіх сельсаветах Беларусі, далучаных немцамі да Літвы. — Ю. Т.

(обратно)

60

Па зьвестках беларускіх дасьледчыкаў, агульная колькасьць польскіх чыноўнікаў, цывільных і вайсковых асаднікаў і іншых службоўцаў, якія ў 1921–1939 г. перасяліліся ў Заходнюю Беларусь, даходзіла да 300 тыс.

(обратно)

61

У міжваенную пару ў Польшчы была распаўсюджаная практыка накіраваньня на кіроўныя пасады на т. зв. «усходніх крэсах» палякаў з тэрыторыі Галіччыны і Сылезіі. Гэтыя тэрыторыі перад Першай сусьветнай вайной уваходзілі ў зону германскага ці аўстрыйскага «забораў». Таму многія з гэтых людзей у той ці іншай ступені ведалі нямецкую мову. — А. П.

(обратно)

62

Тое самае пацьвярджае і орган падпольнай Нацыянальнай партыі: «Першыя цывільныя ўлады, створаныя нямецкім войскам, камплектаваліся з улікам антыкамуністычнай палітыкі, таму наймалі шмат польскай інтэлігенцыі…»

(обратно)

63

Тым ня менш былы шэф Віленскага прадстаўніцтва ўраду Сікорскага Зыгмунт Федаровіч напісаў у сваіх успамінах наступнае: «Нямецкая акупацыйная адміністрацыя на тэрыторыі нашых Крэсаў абапіралася на літоўцаў і беларусаў».

(обратно)

64

Маецца на ўвазе — афіцэр ІІ аддзелу польскага Генэральнага штабу. ІІ аддзел займаўся пытаньнямі выведкі і контравыведкі. — А. П.

(обратно)

65

У 1928–1940 г. на тэрыторыі Ўсходняй Беларусі пагалоўе коней з 1079 тыс. паменшала да 597 тыс., буйной рагатай жывёлы — з 2218 тыс. да 1622 тыс., сьвіней — з 2399 тыс. да 1411 тыс., авечак і коз — з 3817 тыс. да 1213 тыс.

(обратно)

66

Парцэляцыя — падзел тэрыторыі на невялікія ўчасткі. — Polochanin72

(обратно)

67

Ha падставе гэтых даносаў немцы арыштавалі ў Стоўпцах 19 беларускіх службоўцаў, у т. л. Юр’я Сабалеўскага і Віктара Чабатарэвіча, а ў Валожыне — 22 адміністрацыйных супрацоўнікаў на чале з кіраўніком управы Канстанцінам Касяком.

(обратно)

68

ГК АК — Галоўнае камандаваньне Арміі Краёвай.

(обратно)

69

Адначасовае прызначэньне на адміністрацыйныя пасады беларусаў побач з палякамі ў тых самых рэгіёнах можна было б расцэньваць як распальваньне міжнацыянальных канфліктаў, аднак, на думку аўтара, гэты аргумэнт не пераканаўчы. З аднаго боку, немцы былі вымушаны наймаць на службу палякаў, з другога боку, нельга лічыць правакацыяй імкненьне СД стварыць беларускую адміністрацыю. Аднак у выніку гэта прыводзіла да канфліктных сытуацыяў, якія ішлі на карысьць акупантам.

(обратно)

70

У гэты час Смаленшчыну ўжо трактавалі як «заслон супраць беларускага шавінізму».

(обратно)

71

Райтлінджэр піша, што Гітлер загадаў на кароткі час зьмясьціць Кубэ ў канцлягер. І сапраўды, ён быў у канцлягеры Дахаў, але ня вязьнем, а камандзірам вартаўнікоў, і тое — толькі на два месяцы.

(обратно)

72

Такое выказваньне адлюстроўвала непрыязныя адносіны паміж Гэбэльсам і Кубэ. Справа ў тым, што Кубэ дазволіў сабе публічна крытыкаваць кнігу Гэбэльса «Vom Kaiserhof zur Reichskanzlei», акрэсьліўшы яе як «Я — аб сaбe».

(обратно)

73

На гэта ўказвае і памылковая вэрсія Райтлінджэра, нібыта прызначэньне Кубэ адбылося па просьбе Лёзэ.

(обратно)

74

У параўнаньні з БССР 1940/41 г. (у сучасных межах) на долю Генэральнай акругі пад цывільнай адміністрацыяй прыпадала 26 % ад яе тэрыторыі, 26 % — насельніцтва, 27 % — ад агульнай колькасьці школаў, 22,5 % — ад агульнай лічбы вучняў.

(обратно)

75

Так, напрыклад, у Вялейскай акрузе каля паловы школаў у канцы 1941 г. было з польскай мовай навучаньня. Падобная сытуацыя панавала і ў Лідзкай акрузе.

(обратно)

76

Праўдзіц-Шляскі піша, што сваё прызначэньне на пасаду камандзіра Наваградзкай акругі ЗУБ ён атрымаў 1.9.1941 г. Аднак ужо ў ліпені — жніўні на тэрыторыі Заходняй Беларусі распачалося стварэньне агентурнай сеткі ІІ аддзелу ГК ЗУБ.

(обратно)

77

Так, напрыклад, у Наваградку адзін паляк у верасьні 1941 г. данёс, што беларускі бурмістар гэтага гораду — камуніст. Сьледзтва высьветліла, што абвінавачваньне было падманнае, і даносчыка расстралялі.

(обратно)

78

На думку Вакара, на пачатку цывільнай адміністрацыі на Беларусі не было яшчэ вядома дакладна, які лёс чакае мясцовую цывільную адміністрацыю: ці паўстане над ёю «надбудова» накшталт беларускага нацыянальнага «ўраду», ці будзе яна падпарадкоўвацца беспасярэдне нямецкаму правінцыйнаму начальству.

(обратно)

79

Не зусім ясна, якімі матывамі кіраваўся Шчорс, калі пакінуў Менск і вярнуўся ў Варшаву ў верасьні 1941 г. Паводле інфармацыі СД, Шчорс, Тумаш і іншыя дзеячы «Цэнтру» расчараваліся ў нямецкай палітыцы і асьцерагаліся, што пасьля выхаду зь Менску ранейшых паліцыйных уладаў (Айнзацгрупы «Б») яны ўвогуле страцяць усялякую падтрымку. Аднак нельга выключаць і другой вэрсіі: Шчорс мог гэта зрабіць па дамоўленасьці з Астроўскім, які вёў складаную палітычную гульню і адчуваў, што ў Варшаве яму неабходна мець вернага чалавека.

(обратно)

80

Пасьля вайны Астроўскі называў іншыя прычыны свайго ад’езду зь Менску. Ён пісаў, што абразіўся на Кубэ, калі паліцыя паспрабавала канфіскаваць у яго радыёпрымач, альбо што быў расчараваны палітыкаю Кубэ і ня меў чаго рабіць у Менску.

(обратно)

81

Самуэль Кастравіцкі нар. 4.12.1902 г. у Лідзе ў сям’і доктара Амброжага Кастравіцкага. У 30-х г. ён працаваў у Варшаўскай зямельнай палаце, а перад самай вайной жыў у Вільні, адтуль у 1939 г. яго прызвалi ў войска. Пасьля верасьнёўскай кампаніі ён прыбыў у Варшаву. У 1939–1944 г. быў у падпольлі і супрацоўнічаў з Станкевічам. Іваноўскі ведаў Самуэля зь дзяцінства. Перад Першай сусьветнай вайною ён працаваў на беларускай выдавецкай ніве разам з бацькам Самуэля, Амброжым, і дзядзькам Казімерам — дзеячам Беларускай сацыялістычнай грамады і вядомым беларускім навэлістам і драматургам, які выступаў пад псэўданімам Карусь Каганец. Напэўна, нешта з гэтых сямейных традыцыяў засталося і ў Самуэля — Іваноўскі аказваў яму вялікі давер.

(обратно)

82

УКП(б) — Усесаюзная камуністычная партыя (бальшавікоў).

(обратно)

83

У рапарце адзначаецца, што насельніцтва ня толькі не падтрымлівае партызан, але нават актыўна выступае супраць іх дзеля захаваньня сваёй маёмасьці. Вакар таксама падае, што савецкія дывэрсанты і выведнікі спачатку не знаходзілі падтрымкі ў мясцовага насельніцтва, іх часта выдавалі, арыштоўвалі і расстрэльвалі. Затое савецкія крыніцы абыходзяць гэтыя сьведчаньні маўчаньнем і прыводзяць толькі прыклады падтрымкі і дапамогі савецкім партызанам з боку беларускага насельніцтва.

(обратно)

84

Савецкія аўтары таксама паведамляюць, што «глыбокай восеньню 1941 г. многія партызанскія атрады перайшлі да падпольнай дзейнасьці».

(обратно)

85

Кубэ сьцьвярджаў, што на тэрыторыі Генэральнай акругі «самы глыбокі спакой» утрымліваўся толькі да канца траўня, а ў некаторых акругах Заходняй Беларусі — да чэрвеня — ліпеня 1942 г.

(обратно)

86

Гэта супярэчыць зьвесткам савецкіх крыніц: яны паказваюць значна большую колькасьць вагонаў і значна меншую колькасьць лякаматываў.

(обратно)

87

У літаратуры, прысьвечанай гэтаму пытаньню, найчасьцей фігуруе лічба 1500 — столькі «бурмістраў» было зьнішчана партызанамі па зьвестках, якія падаў Розэнбэрг у жніўні 1942 г. Аднак пры гэтым ён не адзначаў, што забойствы адбыліся менавіта на Беларусі. Можна меркаваць, што названая лічба датычыла ўсіх акупаваных земляў СССР.

(обратно)

88

Выкарыстаньне рэлігійных пачуцьцяў насельніцтва ў партызанскай прапагандзе не было зьяваю выключна беларускай — на іншых акупаваных землях СССР таксама ўжывалі такія мэтады для здабыцьця прыхільнасьці мясцовых жыхароў. Гэта можа сьведчыць аб існаваньні адпаведнай агульнай дырэктывы Цэнтральнага штабу партызанскага руху. Так, напрыклад, ува ўкраінскай вёсцы Тонеж на месцы спаленай немцамі царквы партызаны ўсталявалі крыж і ганаровую варту.

(обратно)

89

Камандзір партызанскага атраду «Спартак» дакладваў, што 24.9.1942 ён сустрэўся з кіраўніком Браслаўскага павету Васілеўскім і яго намесьнікам Кавалеўскім, якія паведамілі, што гатовыя да супрацоўніцтва з савецкімі партызанамі і даставілі 2 кулямёты, 7 вінтовак, 5 пісталетаў, больш за 5 тыс. патронаў, а таксама інфармацыю аб перамяшчэньнях карнага атраду і іншыя зьвесткі.

(обратно)

90

У беларускай эміграцыйнай публіцыстыцы здаўна ўсталявалася меркаваньне, што нямецкія карныя экспэдыцыі, якія прывялі да росту партызанскіх шэрагаў, былі сьвядома справакаваныя савецкімі партызанамі. Менскія гісторыкі катэгарычна аспрэчваюць такі погляд і ў сваю чаргу называюць яго «бессаромнай правакацыяй». I сапраўды, нялёгка выносіць ацэнку ў гэтай справе: з аднаго боку, нямецкія рэпрэсіі не ў такой ступені закранулі раёны, дзе партызаны ня дзейнічалі, з другога боку, на Беларусі было досыць многа добраахвотнікаў, якія самі ішлі ў партызанскія атрады, так што не было сэнсу выкарыстоўваць такія жудасна жорсткія мэтады вярбоўкі.

(обратно)

91

Абавязковая ўмова.

(обратно)

92

Гэты праект не захаваўся. Мы можам толькі меркаваць пра яго прынцыповыя палажэньні, абапіраючыся на крытычныя заўвагі Эргарда Вэтцэля з Rassenpolitischesamt, зьмешчаныя ў яго мэмарыяле «Stellungnahme und Gedanken zum Generalplan Ost des Reichsfuhrers SS» ад 22.4.1942.

«Генэральны плян Ост» знойдзены у 2009 годзе. — Polochanin72

(обратно)

93

На другі дзень вайны, 23.6.1941, я стаў выпадковым сьведкам таго, як самалёты Люфтвафэ скідвалі зброю для літоўскіх партызанаў. Справа дзеялася пры дарозе, паблізу гасьцінца, што вёў зь мястэчка Дукшты Сьвянцянскага павету ў вёску Гіруцішкі. На невысокім узгорку былі адпаведна раскладзеныя і ўмацаваныя каменьнямі вялікія сувоі белага палатна, якія паслужылі за ўмоўны знак.

(обратно)

94

Новы варыянт ГПО быў перасланы Гімлеру 15.2.1943 г. Гімлер доўга не выказваў сваіх меркаваньняў наконт праекту, і таму Мэер-Гетлінг зьвярнуўся да яго з дадатковым запытаньнем у гэтай справе. У красавіку 1943 г. ён атрымаў наступны адказ Гімлера: «Так, я прыпамінаю сабе. Ён ляжыць на маім стале. Я ўжо мысьлю аб гэтай справе».

(обратно)

95

У склад Галоўнай рады БНС уваходзілі: старшыня — I. Ермачэнка, сябры: А. Адамовіч, кс. В. Гадлеўскі, Грынкевіч, С. Кандыбовіч, В. Казлоўскі, архіяпіскап Нарко, Нікалаевіч, Я. Найдзюк, Ю. Саковіч, Сянкевіч, П. Сьвірыд.

(обратно)

96

Цікавую інфармацыю падае на гэты конт Кіслы, слонімскі гарадзкі начальнік, у сваім лісьце ў акруговы камісарыят ад 12.3.1943 г.: «…цяпер самаахова слонімскай БНС ужо не існуе, але калі яшчэ існавала, яна не падпарадкоўвалася паліцыйнаму камандаваньню…»

(обратно)

97

УПА — Украінская паўстанцкая армія.

(обратно)

98

Пазначаная колькасьць спаленых вёсак (692) датычыць толькі паселішчаў, дзе налічвалася ня менш за 50 жыхароў. БелСЭ падае яшчэ большыя лічбы карных апэрацыяў (звыш 100), напэўна, з улікам самых дробных акцыяў.

(обратно)

99

Дакладную дату гэтага прызначэньня аўтару ўстанавіць не ўдалося. Аднак вядома, што Готбэрг прадставіўся Екельну ў Рызе 3.11.1942 г., пасьля чаго выехаў у Менск, каб заняць сваю пасаду.

(обратно)

100

У сваім лісьце ад 9.11.1942 г. Кубэ пісаў наступнае:

«Шаноўны пане райхсьляйтэр CC!

Дарагі аднапартыец Гімлер!

Сардэчна дзякую Вам за прысланьне майго старога супрацоўніка з часоў барацьбы (за перамогу НСРПН. — Ю. Т.) обэргрупэнфюрэра СС генэрала фон дэм Баха. Такім чынам, барацьба з партызаншчынай нарэшце апынулася на правільным шляху. Ужо ў першыя ж дні обэргрупэнфюрэр фон дэм Бах у двух выпадках дасягнуў рашучых посьпехаў супраць партызанаў, якія ўзбуджаюць ува мне надзею, што цяпер нарэшце мы спынім балаган на Беларусі. Больш за гэта, магу паведаміць, што людзі майго ведамства заўсёды ахвотна супрацоўнічаюць у гэтых справах з C і паліцыяй і кожную хвіліну гатовы змагацца зь вінтоўкаю супраць чырвонаармейцаў. Мы — CC і цывільная ўправа — працуем тут у найлепшай згодзе. Я перадаў у распараджэньне обэргрупэнфюрэра СС фон дэм Баха 40 беларускіх прапагандыстаў і даручыў усім маім установам безумоўна спрыяць обэргрупэнфюрэру пры выкананьні яго загадаў і быць у яго распараджэньні.

Сардэчнае прывітаньне і Гайль Гітлер!

Заўсёды моцна адданы Вам

Вільгельм Кубэ».

(обратно)

101

Неўзабаве пасьля ўрачыстага сьвяткаваньня дня нараджэньня Кубэ, якое адбылося 13.11.1942 г., ён напісаў Ермачэнку ліст, дзе гаварылася:

«…Вы можаце быць упэўнены, што ў далейшым я буду супрацоўнічаць з вамі ў духу нашага вялікага фюрэра Адольфа Гітлера над адраджэньнем беларускага краю, які перажыў такія цяжкія выпрабаваньні».

(обратно)

102

Лёзэ энэргічна супрацьдзейнічаў выхаду Беларусі з PKO. 16.4.1943 ён выслаў па гэтай справе ліст асабіста да Розэнбэрга.

(обратно)

103

У гэтай атмасфэры быў арыштаваны і закатаваны ксёндз Гадлеўскі. Іваноўскага, у сваю чаргу, абвінавачвалі ў падтрымцы прапольскага элемэнту і намерваліся сьпіхнуць з пасады менскага бурмістра. Аднак пацьверджаньня яго палітычных сувязяў зь Ермачэнкам не знайшлі. Гэтая акалічнасьць і выратавала Іваноўскага.

(обратно)

104

Шэф СД у Менску Штраўх скардзіўся, што канчатковае вырашэньне справы Ермачэнкі заняло ў яго цэлы год.

(обратно)

105

Такі варыянт разглядаўся ў сувязі з артыкулам сакратара ЦК КП(б) Беларусі Ц. Гарбунова «Белоруссия борется», апублікаваным у часопісе «Славяне» (1942. № 1. Чэрвень). Гарбуноў падкрэсьліваў адзінства славянскіх народаў у барацьбе зь нямецкім імпэрыялізмам. Гэта стала прычынаю т. зв. Aktion Gorbunow, якую правяло СД у Менску.

(обратно)

106

Меркаваньне аб прыналежнасьці беларусаў да нардычнай расы выказвалася на старонках органа PKO «Остлянд». Публіцыст В. Эссэн сьцьвярджаў, што беларусы, дарма што гавораць на славянскай мове, у мінулым паглынулі шматлікія балтыйскія плямёны і нават — нямецкія элемэнты.

(обратно)

107

У канцы 1943 г. інстытут эвакуяваўся ў Новую Вялейку. 10.6.1944 г. адбыўся першы і апошні выпуск яго навучэнцаў, 32 чалавекі. У 1944/45 г. ён працягваў сваю працу ў Нямеччыне.

(обратно)

108

Варта прыгадаць тыя намаганьні, што прыклаў В. Іваноўскі для адкрыцьця тэхналягічнага інстытуту і ўнівэрсытэту ў Менску.

(обратно)

109

RKO — Райхскамісарыят Остлянд.

(обратно)

110

Цікава, што гэтае распараджэньне Розэнбэрга ад 24.4.1942 г. фон Готбэрг успрыняў як праўную падставу для стварэньня ў сьнежні 1943 г. Беларускай цэнтральнай рады, хоць паўнамоцтваў на ўтварэньне такога органа яно не давала (гл. наступны разьдзел).

(обратно)

111

Гэта былі: Канстанцін Гуло (Менская акруга), Сымон Цытовіч (Слонімская), Уладзімер Казёл (Глыбоцкая), Віктар Трахімовіч (Барысаўская), Цімафей Гаргесгаймер (Ганцавіцкая), Мадэст Яцкевіч (Лідзкая), Язэп Душэўскі (Слуцкая), Булак (Наваградзкая), Ян Галяк (Вялейская).

(обратно)

112

ОТ — Ваенна-будаўнічая арганізацыя Тота.

(обратно)

113

Рапарт Кушаля да старшыні Рады даверу ад 6.8.1943 быў зьмешчаны цалкам у зборніку дакумэнтаў «Преступные цели — преступные средства» (Москва, 1968. С. 142). Тым часам у кнізе В. Раманоўскага «Саўдзельнікі ў злачынствах», выдадзенай у Менску, была зьмешчана толькі адпаведна падабраная частка гэтага рапарту (С. 146), каб падмацаваць сьцьверджаньне, што Кушаль «6 жніўня 1943 г. з захапленьнем даносіў кіраўніку т. зв. “рады даверу” пра крывавыя расправы над мясцовым насельніцтвам у мясьціне, дзе ён нарадзіўся» (С. 153). Справа ў тым, што Кушаль нарадзіўся ў Пяршаях, а ў суседняй вёсцы Доры загінулі яго браты, спаленыя разам з царквою, куды іх сагналі карнікі. З дапамогаю гэтай фальшыўкі Раманоўскі імкнуўся падаць свайго палітычнага праціўніка Кушаля ў найгоршым сьвятле.

(обратно)

114

Калубовіч, напэўна, памыліўся наконт Цэнэра, які ў ліпені 1942 г. быў адкліканы зь Менску і ў сувязі з гэтым пакінуў Беларусь. Напэўна, меліся на ўвазе або Готбэрг, або Корзэман.

(обратно)

115

Кок-сагыз — шматгадовая травяністая расліна роду Дзьмухавец, выкарыстоўвалася для вытворчасці каўчука. — Polochanin72

(обратно)

116

У ліку забітых быў Яраслаў Кушаль — сын Н. Арсеньневай і Ф. Кушаля. — А. С.

(обратно)

117

Кубэ тады сказаў Штраўху: «Такога характару паводзіны ня вартыя немца і Нямеччыны Канта і Гётэ. Калі нямецкі аўтарытэт будзе падарваны на цэлым сьвеце, дык станецца гэта з нашай віны».

(обратно)

118

Спадзяваньні Готбэрга грунтаваліся на прынцыпах супрацоўніцтва, узгодненых з Гімлерам і Розэнбэргам, паводле якіх падчас доўгай адсутнасьці райхскамісара яго абавязкі павінен быў выконваць HSSPF.

(обратно)

119

СА — штурмавыя атрады (Sturmabteilung). Ваенізаваныя фармаванні НСДАП. У 1934 годзе страцілі значэнне, і галоўнай баявой арганізацыяй стала СС. Атрады СА, моцна скарочаныя колькасна, праіснавалі да 1945 года. Вярхоўным кіраўніком СА з 1930 года і да канца Трэцяга райху быў Гітлер. — Polochanin72

(обратно)

120

НДР — Нямецкая дэмакратычная рэспубліка.

(обратно)

121

В. Быкаў, які паходзіў зь Віцебшчыны, сьведчыў, што ў часе вайны ягоныя родныя «ад’еліся»: «І хлеба было, і да хлеба. Калгасы распусьцілі, абраблялі свае надзелы. Было і немцам, і партызанам, і сабе заставалася». — А. С.

(обратно)

122

Зь сярэдзіны 1942 г. у Віцебску, Бабруйску і Барысаве пачалі выдаваць непэрыядычныя беларускамоўныя дадаткі да мясцовых газэт, якія выходзілі на расейскай мове. Толькі 25.3.1943 г. у Віцебску пачала выходзіць беларуская газэта «Беларускае Слова» накладам 20 000 экз. Пры канцы 1943 г. у сувязі са становішчам на фронце яе рэдакцыю перанесьлі ў Дзьвінск (Латвія).

(обратно)

123

Так, напр., за 100 кг жыта селянін атрымліваў 2,50 райхсмаркі, прычым ён мусіў атрымліваць вотруб’е для пашы па цане 6 райхсмарак за 100 кг.

(обратно)

124

У лютым 1942 г. на тэрыторыі Генэральнай акругі Беларусь налічвалася 275 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы, г. зн. 25 % ад даваеннай колькасьці. У чэрвені 1942 г. гэтая колькасьць ацэньвалася ў 40–45 % ад даваеннага ўзроўню. У жніўні 1943 г. Кубэ, у сваю чаргу, паведамляў, што на абшары Генэральнага камісарыяту Беларусь знаходзіцца яшчэ 450 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы, г. зн. 50 % ад нармальнага пагалоўя. Аднак пагалоўе не павялічвалася, а зьмяншалася, адсюль вынікае, што ў 1942 г. зьвесткі заніжаліся.

(обратно)

125

Улады Генэральнай акругі падавалі, што ў зоне дзеяньня партызан знаходзілася ў 1942 г. 60 % сельскагаспадарчых угодзьдзяў. Гэта было грубае перабольшаньне, якое павінна было апраўдаць слабыя вынікі апэрацыі па вярбоўцы работнікаў у Нямеччыну. Паводле савецкіх крыніц, у гэты час тэрыторыя, якую займалі і часткова кантралявалі партызаны, складала толькі 30 % ад усяго беларускага абшару (гл. падразьдзел «Разьвіцьцё савецкага партызанскага руху»). Трэба мець на ўвазе, што гэты паказчык быў значна вышэйшы ўва ўсходніх раёнах Беларусі і нашмат ніжэйшы на землях Генэральнай акругі.

(обратно)

126

Лічыцца, што самай вялікай акцыяй AK было ўзяцьце мястэчка Жодзішкі ў жніўні 1943 г. У гэтай акцыі, апрача некалькіх беларускіх паліцыянтаў, якія загінулі ў баі, былі забіты жонка і двое дзяцей камандзіра паліцыі Віктара Каркоза і даваенны каталіцкі беларускі дзеяч Тамаш Трызна, якога застрэлілі ў ложку.

(обратно)

127

Паводле С. Хмары, беларускі партызанскі рух паўстаў у 1941 г. на Палесьсі пад камандаваньнем падпалкоўніка Шанька. У гэтым руху ўдзельнічала каля 3000 чалавек. Ён існаваў да канца 1943 г., пакуль ня быў разьбіты савецкімі партызанамі. Аднак гэты партызанскі рух не праводзіў актыўных нападаў на немцаў.

(обратно)

128

Гэтая самастойнасьць Іваноўскага мела, зрэшты, і адмоўныя вынікі, непазьбежныя ўва ўмовах кансьпірацыі. Пра гэта сьведчыць наступнае беспадстаўнае меркаваньне, выказанае віленскім аддзяленьнем дэлегатуры эміграцыйнага ўраду пасьля сьмерці прафэсара:

«Праф. Іваноўскі на пасадзе старшыні беларускай Рады даверу быў паслухмяным выканаўцам нямецкіх жаданьняў, да канца жыцьця ён верыў у магутнасьць немцаў, у іх перамогу… Падчас панаваньня праф. Іваноўскага што да польскага насельніцтва нязьменна праводзілася лінія перасьледаваньняў».

Ня больш праўды было і ў абвінавачваньнях беларускіх апазыцыянэраў, паводле якіх Іваноўскі быў «польскім агентам», які дзейнічаў на шкоду беларускаму народу.

(обратно)

129

Высадка саюзьнікаў у Сыцыліі адбылася падчас Курскае бітвы (10.07.1943). Наступствам гэтай апэрацыі быў арышт Б. Мусаліні (25 ліпеня). Калі 3 верасьня амэрыкана-брытанскія войскі высадзіліся на поўдні Апэнінскае паўвыспы, Італія выйшла з вайны. Гэта змусіла Гітлера зьняць войскі зь іншых франтоў і ўвесьці іх у Паўночную Італію. — А. С.

(обратно)

130

Нягледзячы на тое, што ў траўні 1917 г. у вайну ўступілі ЗША, сілы саюзьнікаў былі аслабленыя выхадам з кааліцыі Расеі, дзе да ўлады прыйшлі бальшавікі. Гэта дазволіла Нямеччыне і Аўстра-Вугоршчыне ня толькі пратрываць яшчэ цэлы год, але нават павесьці наступ на Ўсходнім фронце ў лютым і на пачатку вясны 1918 г. — А. С.

(обратно)

131

У канцы 1943 г. шляхам мабілізацыі павялічылі свае сілы эстонскія і латыскія атрады СС, было збольшага ўжо скончана фармаваньне ўкраінскай дывізіі СС у Галіччыне. Затое ў выніку супраціву мабілізацыі не ўдалася спроба стварэньня літоўскага атраду СС, зь цяжкасьцю пасоўвалася справа фармаваньня паліцыйных батальёнаў на Беларусі.

(обратно)

132

Да канца акупацыі Беларусі ён падпісваўся як в. а. генэральнага камісара.

(обратно)

133

RKU — Райхскамісарыят Украіны.

(обратно)

134

Для Готбэрга працэс фармаваньня гэтых батальёнаў быў павучальны. Стварэньне першага батальёну № 49 Шымана распачаў яшчэ ў жніўні 1942 г. на Меншчыне. Нямецкія камандзіры набіралі туды людзей пад прымусам і абыходзіліся зь імі жорстка, нават білі. Пры гэтым навабранцаў апранулі ў непапулярныя паліцыйныя мундзіры. Падчас падрыхтоўкі часта здараліся выпадкі дэзерцірства, так што толькі ў красавіку 1943 г. нарэшце завяршылася фармаваньне гэтага батальёну, а ў траўні яго ў складзе 300 чалавек перадалі ў распараджэньне Готбэрга. Батальён, у прынцыпе, займаўся вартаўніцтвам, радзей яго выкарыстоўвалі для барацьбы з партызанамі. Другое фармаваньне — беларускі спэцыяльны батальён № 13, арганізаваны на пачатку 1943 г. паліцыяй бясьпекі ў Менску з прапагандысцка-вэрбоўчай дапамогай беларускіх дзеячаў. Ён атрымаў лепшае забесьпячэньне, шэра-зялёную ўніформу Waffen-SS зь бел-чырвона-белай павязкай на рукаве і ў значнай ступені знаходзіўся пад камандаваньнем беларусаў. I гэта прынесла посьпех: летам 1943 г. батальён удзельнічаў у антыпартызанскіх акцыях, аднак дэзерцірства ў яго шэрагах не было. Восеньню 1943 г. батальён быў пераведзены ў Вялейку ў складзе трох рот, дзе налічвалася каля 1000 чалавек.

(обратно)

135

Ацэнку Кушаля можна прызнаць за кампэтэнтную: у жніўні 1943 г. Готбэрг прызначыў яго на пасаду гаўптбэтраўэра (галоўнага апекуна) усёй беларускай паліцыі.

(обратно)

136

У студзені — лютым 1918 г. польскі корпус расейскай арміі пад камандаваньнем ген. Юзафа Доўбара-Мусьніцкага дысьлякаваны ў раёне Рагачоў — Жлобін — Бабруйск, пры матэрыяльнай падтрымцы Антанты ўчыніў антысавецкі мяцеж і захапіў шэраг гарадоў і мястэчак. — А. С.

(обратно)

137

Гэтая акруга была створана ў лютым 1944 г. Яна не падлягала ўладзе акруговых камісарыятаў у Наваградку i Слоніме, а падпарадкоўвалася Камінскаму.

(обратно)

138

Асабовы склад брыгады Камінскага мусіў налічваць каля 7 тыс. чалавек, а казацкіх і каўкаскіх атрадаў — 2–3 тыс. Два казацкія батальёны былі сфармаваны ў Наваградзкай акрузе, а два каўкаскія — у Слонімскай.

(обратно)

139

Гэта была адзіная інфармацыя зь Беларусі такога зьместу, бо рапарт, відаць, быў зроблены на спэцыяльнае заданьне. Іншыя паведамленьні АК сьведчылі аб росьце сярод беларусаў прасавецкіх настрояў і варожасьці да палякаў. Імаверна, што аўтарам гэтай інфармацыі быў Вітальд Буткевіч альбо Адам Дэмідэцкі-Дэмідовіч, у пачатку 1944 г. — чалец AK і супрацоўнік Астроўскага, удзельнік Другога ўсебеларускага кангрэсу.

(обратно)

140

Паводле паведамленьня, зробленага мне Анэляй Катковіч, яе даўняя прыяцелька зь Віленскай беларускай гімназіі Дуня Казёл пасьля вайны прыяжджала два-тры разы з БССР у Польшчу і расказвала, што ў 1944 г. у Менску на загад Астроўскага яна перадавала савецкім партызанам даручаныя ёй інфармацыі наконт БЦР і што пасьля вайны за гэтую дзейнасьць яна павінна была атрымаць нейкі мэдаль. Спраўдзіць гэтую інфармацыю ў маіх умовах нельга, аднак прыклад Баляслава Пясэцкага з генэралам Сяровым сьведчыць, што такая магчымасьць не была выключана.

(обратно)

141

У тым ліку была i апэрацыя «Fruhlingfest», праведзеная вясною 1944 г. у раёне Полацку і Лепеля. Нягледзячы на моцную авіяцыйную падтрымку з-за лініі фронту (толькі за адну ноч на партызанскім лётнішчы Сарочына прызямлілася каля 100 савецкіх самалётаў), партызаны панесьлі вялікія страты: 7011 чалавек загінула ў баі, 6928 — трапіла ў палон, а 349 перайшло на бок немцаў. Тым ня менш каля 4000 партызанаў здолела выйсьці з абкружэньня.

(обратно)

142

У Слонімскай акрузе партызаны спалілі агулам 80 школаў і забілі, выгналі, забралі пэўную колькасьць настаўнікаў. У выніку гэтых дзеяньняў вясною 1944 г. у Наваградзкай акрузе не працавала амаль палова школаў, а ў Менскай акрузе — каля 80 %.

(обратно)

143

Апрача часткі беларускіх атрадаў, там яшчэ знаходзілася брыгада Камінскага, казацкія, каўкаскія, украінскія і іншыя батальёны, а таксама чальцы дапаможнай паліцыі беларускай, польскай і расейскай нацыянальнасьці. Акула лічыць, што іх агульныя сілы перавышалі некалькі дзясяткаў тысяч чалавек.

(обратно)

144

Зьвесткі аб стварэньні і дзейнасьці БНП вельмі скупыя. Раманоўскі піша, што яна была створаная на заданьне Абвэру. Магчыма, так яно і было, калі ўлічыць, што лідэр БНП Родзька зь вясны 1941 г. супрацоўнічаў з Абвэрам і ўдзельнічаў у арганізаванай ім дывэрсійнай апэрацыі на Беларусі напярэдадні нападу Нямеччыны на СССР. Пра сувязь БНП з Абвэрам сьведчаць таксама і некаторыя эміграцыйныя крыніцы. Затое шараговыя сябры БНП былі перакананыя, што маюць дачыненьне да сапраўднай падпольнай арганізацыі.

(обратно)

Оглавление

  • Юры Туронак БЕЛАРУСЬ ПАД НЯМЕЦКАЙ АКУПАЦЫЯЙ
  •   .
  •   УСТУП
  •   І НЯМЕЧЧЫНА І БЕЛАРУСЬ У 1915–1941 ГАДОХ
  •     Нямецкая палітыка на Беларусі ў часе Першай сусьветнай вайны
  •     Узаемныя інтарэсы, кантакты і дачыненьні ў міжваенную пару
  •     Напярэдадні нападу гітлераўскай Нямеччыны на СССР
  •   ІІ З НАДЗЕЯЙ НА ХУТКУЮ ПЕРАМОГУ (чэрвень — сьнежань 1941)
  •     Савецкая эвакуацыя зь Беларусі
  •     Беларусь пад нямецкай вайсковай адміністрацыяй (чэрвень — жнівень 1941)
  •     Пачаткі акупацыйнай цывільнай адміністрацыі (верасень — сьнежань 1941)
  •   ІІІ АД МАСКВЫ ДА КУРСКУ — БЕЛАРУСКІ КАЛЕЙДАСКОП СУПЯРЭЧНАСЬЦЯЎ І КАНФЛІКТАЎ (сьнежань 1941—верасень 1943)
  •     Разьвіцьцё савецкага партызанскага руху
  •     Дзьве лініі бэрлінскай усходняй палітыкі
  •     Мэтады акупацыі на Беларусі
  •   IV НАПЯРЭДАДНІ ТАТАЛЬНАЙ КАТАСТРОФЫ
  •     Апошні этап акупацыі (верасень 1943 —ліпень 1944)
  •     Дзейнасьць БЦР у Нямеччыне
  •   ЗАКЛЮЧЭНЬНЕ
  •   Сьпіс скаротаў Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

    Комментарии к книге «Беларусь пад нямецкай акупацыяй», Юрий Туронок

    Всего 0 комментариев

    Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

    РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

    Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства