Жанр:

«Дзённік пасольства да цара Міхаіла Фёдаравіча ад караля і вялікага князя Уладзіслава IV»

346

Описание

отсутствует



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Дзённік пасольства да цара Міхаіла Фёдаравіча ад караля і вялікага князя Уладзіслава IV (fb2) - Дзённік пасольства да цара Міхаіла Фёдаравіча ад караля і вялікага князя Уладзіслава IV 374K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Пётр Вяжевич

Пётр ВЯЖЭВІЧ

ДЗЁННІК ПАСОЛЬСТВА ДА ЦАРА МІХАІЛА ФЁДАРАВІЧА АД КАРАЛЯ І ВЯЛІКАГА КНЯЗЯ УЛАДЗІСЛАВА IV

Дыпламат і майстар слова

Пётр Вяжэвіч — дзяржаўны дзеяч і яркі беларускі пісьменнік эпохі Барока. Ён меў шляхецкі тытул і займаў пасаду мсціслаўскага стольніка. Пэўны час выконваў абавязкі каралеўскага пісара. У 1635 г. у якасці сакратара ўдзельнічаў у пасольстве ў Маскву.

Пяру Вяжэвіча належаць два празаічныя гісторыка-літаратурныя творы — «Дзённік пасольства да цара Міхаіла Фёдаравіча ад караля і вялікага князя Уладзіслава IV» і «Рэляцыя». Найбольш каштоўным у мастацкіх адносінах з’яўляецца першы. У ім раскрыты падрабязнасці аб’яднанага пасольства Вялікага Княства Літоўскага і Польскага Каралеўства ў Маскву ў 1635 г. Дыпламатычная місія на ўсход, як вынiкае з «Дзённіка...», ажыццяўлялася пад кіраўніцтвам Аляксандра Песачынскага і Казіміра Лявона Сапегі — сына знакамітага канцлера і віленскага ваяводы Льва Сапегі.

Аўтар «Дзённіка...» абараняў інтарэсы, перш за ўсё, дэлегацыі Вялікага Княства Літоўскага. Ён, відавочна, быў набліжаным К.-Л. Сапегі. Невыпадкова, пісьменнік часцей і больш падрабязна пісаў пра яго, чым пра Песачынскага. Падчас дыскусій і спрэчак паслоў па пытанні аб захоўванні пакта аб вечным міры, а таксама аб месцах за царскім сталом, як правіла, прымаў бок К.-Л. Сапегі.

Творчы метад і мастацкі стыль П. Вяжэвіча відавочна сфарміраваліся пад уздзеяннем эстэтыкі Барока. У творы арганічна спалучаюцца тры моўныя стыхіі — беларуская, руская і польская, што адпавядала мастацка-эстэтычным уяўленням гэтага часу. Аўтар «Дзённіка...» пісаў пераважна пра людзей і гістарычных асоб, якіх ведаў і з якімі кантактаваў. Таксама паведамляў пра факты і здарэнні, вядомыя яму асабіста.

Пётр Вяжэвіч у поўнай меры ўсведамляў пісьменніцкую адказнасць, выключную важнасць для гісторыі ўсяго таго, што адбываецца. Ённ пастараўся дэталёва асвятліць мэты і склад пасольства, маршрут руху, характар перамоў і іх вынікі. Выкладаў падзеі ў строгай храналагічнай паслядоўнасці, па месяцах, дзень за днём, пачынаючы з 20 студзеня да 8 красавіка 1635 г. Скрупулёзна зафіксаваў чарговасць, у якой рухаўся пасольскі абоз. Вельмі часта называў адлегласць, якую паслы пераадольвалі за вызначаны дзень, паведамляў пра месцы начлегаў і прыпынкаў, звяртаў увагу на шматлікія дэталі і абставіны. Старанна фіксаваў ўбранне і вупраж коней, падрабязна пералічваў стравы, якімі частавалі паслоў.

Кульмінацыя «Дзённіка...» — сустрэчы вялікіх паслоў з рускім царом Міхаілам Фёдаравічам у Крамлі, у Гранавітай палаце. Вяжэвіч падрабязна і вельмі маляўніча адлюстраваў сцэны афіцыйных прыёмаў, абмаляваў дыпламатычныя рытуалы таго часу, з пратакольнай дакладнасцю перадаў словы ўдзельнікаў перамоваў. Пісьменнік паказаў нябачанае напружанне і складанасць дыпламатычнай гульні, гістарычную адказнасць удзельнікаў перамоваў за прынятыя рашэнні.

На старонках «Дзённіка...» Вяжэвіч распавёў пра норавы і звычаі рускіх людзей, іх уважлівае стаўленне да замежных паслоў, непадробную цікавасць да іх.

Такім чынам, «Дзённік пасольства да цара Міхаіла Фёдаравіча ад караля і вялікага князя Уладзіслава IV» Вяжэвіча — сінтэтычны твор эпохі Барока, створаны таленавітым майстрам слова. Ён мае выключную мастацка-эстэтычную каштоўнасць, з 'яўляецца сапраўдным літаратурным шэдэўрам, унікальнай гістарычнай крыніцай, рарытэтным помнікам дыпламатыі і міжнародных адносін.

Пераклад «Дзённіка...» на беларускую мову ажыццёўлены паводле выд.: Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо-Запад­ной Руси. Вильня, 1867. Т. 4. С. 92—174.

Іван САВЕРЧАНКА

Пасля перамогі над маскоўскім войскам і ўзяцця Смаленска, у выніку доўгай і складанай аблогі, паўстала неабходнасць падпісання мірнай дамовы з Маскоўскім княствам. На двухтыднёвым Варшаўскім сойме ў 1634 годзе, які адкрыўся 18 ліпеня, было сфармавана пасольства ад яго міласці караля Уладзіслава IV і ад усіх саслоўяў Польскай Кароны і Вялікага Княства Літоўскага. Пасольства накіроўвалася да маскоўскага цара Міхаіла Фёдаравіча з мэтай падпісання вечнага міру і атрымання ад яго прысягі.

Сустрэчу паслоў з прадстаўнікамі маскоўскага цара намецілі на 20 лютага 1635 года паводле нашага календара і на 10 лютага па маскоўскім календары, каля ракі Палянаўка. Адтуль разам паслы і царскія баяры павінны былі ехаць у сталіцу.

Вялікае пасольства ўзначалілі: ад Польскай Кароны — Аляксандр Песачынскі, камянецкі і ўланоўскі кашталян, староста наваградскі; ад Вялікага Княства Літоўскага — Казімір Лявон Сапега, віленскі ваяводзіч і вялікакняскі пісар, ста­роста гродзенскі, волпенскі і любашанскі.

Іх міласці паслы — Казімір Лявон Сапега і Аляксандр Песачынскі — пісьмова дамовіліся аб папярэдняй сустрэчы ў Смаленску ў студзені 1635 года.

Віленскі ваяводзіч Казімір Лявон Сапега выехаў з Замосця, ад караля яго міласці, спачатку ў Львоў і знаходзіўся там непрацяглы час. Затым ён накіраваўся ў свае ўладанні ў беларускім краі — у Чарэю і Талачын, дзе пачаў рыхтавацца да ад’езду. Тады ж ён уступіў у перапіску са смаленскім ваяводам, які абараняў мяжу на ўсходзе. Неўзабаве пан Сапега выехаў з Талачына, з імем Божым на вуснах.

I

Студзень 1635 года.

20 студзеня ў суботу. Начавалі ўсім дваром у Старым Сяле. Праехалі пяць міль. Яго міласць пан Сапега начаваў на паўдарозе ў Дудокавічах, у пана Цеханавецкага, аршанскага земскага суддзі.

21 у нядзелю. Абедалі ў Старым Сяле. На ноч паехалі ў Копысь. Праехалі дзве мілі.

22 у панядзелак. На абед паехалі ў Сяльцо, маёнтак яго міласці пана маршалка Вялікага Княства Літоўскага. Начавалі ў тым жа месцы. Праехалі 5 міль.

23 у аўторак. Абедалі ў Горках. Праехалі пяць міль. Двор і падводы начавалі там жа. Яго міласць пан Сапега ўлегцы паехаў начаваць у Горы. Праехалі 2 мілі.

24 у сераду. Увесь двор і падводы карміліся ў Звяровічах. Праехалі пяць міль. Начавалі там жа. І яго міласць пан Сапега там жа начаваў.

25 у чацвер. Начавалі ў Зарнаўцы. Праехалі 5 міль.

26 у пятніцу. Прыехалі абедаць у Смаленск. Праехалі 6 міль.

27 у суботу. Знаходзіліся там жа. Яго міласць пан Сапега аглядаў сцены і пралом у іх.

28 у нядзелю. Знаходзіліся там жа. Падводы і пешых яго міласць пан Казімір Лявон Сапега выправіў паперадзе сябе. Сам ён, разам з усім сваім дваром, застаўся чакаць пана Аляксандра Песачынскага, камянецкага кашталяна. Пан К.-Л. Сапега накіраваў некалькі маладых людзей у Дарагабуж, каб папярэдзіць аб хуткім прыездзе туды паслоў.

У той жа дзень яго міласць пан К.-Л. Сапега даведаўся аб хуткім прыбыцці яго міласці камянецкага кашталяна ад яго слугі, пана Кавальскага, які спецыяльна прыехаў паведаміць аб хуткім прыбыцці свайго гаспадара.

29 у панядзелак. Пасля поўдня прыехаў яго міласць Аляксандр Песачынскі, кашталян камянецкі. Выйшаўшы з карэты, ён неўзабаве паведаміў яго міласці пану ваяводзічу віленскаму, што пакуль не можа яго наведаць, бо яшчэ не ўладкаваўся. Яго міласць пан ваяводзіч віленскі сам пайшоў да яго. Там некалькі гадзін яны правялі разам за агульнай гутаркай.

30 у аўторак. Яго міласць пан Аляксандр Песачынскі з усімі сваімі слугамі быў на абедзе ў яго міласці пана Казіміра Лявона Сапегі, ваяводзіча віленскага. Там іх міласці ўсё ўзгаднілі і напісалі паведамленне пану Крамянецкаму, капітану дарагабужскаму. Яны апавяшчалі яго, што 5 лютага хочуць спыніцца каля рэчкі Палянаўкі. Паслы гэтаксама прасілі яго звярнуцца з просьбай да вяземскага ваяводы, каб той выдзеліў корм і падводы для пасольства. Для нарыхтоўкі корму і падвод пан Сапега выслаў наперад сваіх слуг — пана Станіслава Кошчыца і пана Андрэя Дзевялтоўскага. Яго міласць пан Песачынскі з той жа мэтай выслаў наперад свайго прыяцеля пана Глагоўскага.

31 у сераду. Пасля набажэнства і сняданку яго міласць пан Сапега выехаў са Смаленска. Амаль усіх сваіх слуг ён накіраваў гасцінцам на Пнеўна. Сам жа, з некалькімі маладымі людзьмі, паехаў іншым шляхам. Пан Песачынскі, камянецкі кашталян, рухаўся трэцяй дарогай. Пасольства падзялілася на тры калоны па прычыне спустошанасці тамтэйшых зямель. Інакш бы ўзніклі цяжкасці з забеспячэннем іх харчаваннем.

Недалёка ад пана Сапегі знаходзіліся калёсы са ўсякай жыўнасцю, прывезенай з рускіх зямель; ён меў лепшы доступ да пачастункаў.

Пан Песачынскі вымушаны быў рухацца іншым гасцінцам, каб здабываць харчаванне, якое паслы заўсёды атрымлівалі дарма.

Яго міласць пан Сапега праехаў у той дзень 4 мілі, да вёскі Немікеры, якая належала смаленскай плябаніі.

II

Люты 1635 года.

1 у чацвер. Атрымалі прадукты харчавання ў Сяльцы, маёнтку пана Вярхоўскага. Праехалі 5 міль.

Ехалі па цеснай і гарыстай дарозе. Яна праходзіла паміж лясамі, якіх там нямала. Затым ўбачылі пана Песачынскага. Заехалі да яго. Начавалі ў вёсцы Куркова, над ракой Вужай. Праехалі 4 мілі.

2 у пятніцу. Яго міласць пан Сапега вырашыў прыбыць у Дарагабуж на досвітку, да набажэнстваў. Але па пэўных прычынах ён не хацеў сустракацца з маскоўскім паслом. Пан Сапега даведаўся ад сваіх людзей, спецыяльна дасланых наперад, аб прыбыцці таго маскоўскага пасла ў Дарагабуж і хуткім выездзе з яго. Таму яго міласць пан Сапега спыніўся ў вёсачцы, за паўтары мілі ад Дарагабужа, што складала паўдарогі да месца начлегу.

Абоз маскоўскага пасла быў наступным. Спачатку рухаліся падводы. Затым — верхавыя коні лікам 54, сярод якіх было некалькі турэцкіх, а астатнія нашы — вельмі несамавітыя. Адны коні ішлі пад дзерхамі і ў каптурах, іншыя — пад коўдрамі і гунямі. Некаторыя коні былі асядланыя і пад скупамі леапардаў. Частка коней ішлі ў хамутах; на кожным з хамутоў вісела па некалькі лісіных хвастоў. Наперадзе коней і ззаду іх ехалі конюхі. Затым рухаліся яшчэ сто коней. За імі ішоў 21 чалавек, узброены доўгімі і прыгожымі стрэльбамі.

Потым ехаў сам пасол на адным коні ў санях, стылізаваных пад белага мядзведзя. Перадок саней быў накрыты кармазінавым (ярка-чырвоным) сукном, вышываным кветкамі. Пасол сядзеў у аксамітавай чырвонай футры, падшытай собалямі. Старэйшы конюх кіраваў канём у санях. Два халопы, таксама апранутыя ў футры, стаялі на падножках.

Затым рухалася яшчэ больш за дзесяць саней. Людзі, якія знаходзіліся ў іх, былі ў аднолькавых футрах.

У канцы абозу ішло некалькі парожніх саней, а таксама пара запасных коней для пасла, накрытых зялёным сукном.

Яго міласці пану Сапегу неўзабаве прынеслі спіс абозу маскоўскага пасла. Маскавіты самі склалі дадзены спіс і перадалі яго праз пана Сакалінскага, падваяводу смаленскага.

Спіс дваран, пад'ячых, пасольскіх і дваранскіх людзей, а таксама коней і вазоў, якія былі з вялікім паслом, намеснікам суздальскім, баярынам і князем Аляксеем Міхайлавічам Львовым, падданым вялікага гасудара і вялікага князя Міхаіла Фёдаравіча — самаўладцы ўсёй Русі, валадара многіх зямель і ўладальніка царскага тытула.

З баярынам і суздальскім намеснікам, князем Аляксеем Міхайлавічам Льво­вым — 50 яго людзей, 100 коней, 80 фурманак.

З думным дваранінам і намеснікам шацкім Сцяпанам Мацвеевічам Праесцевым — 40 яго людзей, 80 коней, 30 фурманак.

З думным дваранінам Міхаілам Данілавым — 40 яго людзей, 80 коней, 20 фурманак.

З Іванам Пераносавым — 30 яго людзей, 42 кані, 15 фурманак.

Са стольнікам яго царскай вялікасці, князем Васілём Львовічам Пятровым — 22 чалавекі, 13 коней, 15 фурманак.

Стольнікаў дваран — 7. У кожнага з іх па 7 чалавек, па 10 коней, па 12 фурманак.

Дваран — 3 чалавекі. У кожнага з іх па 4 чалавекі, па 5 коней.

З перакладчыкам — 5 яго людзей, 7 коней з падводамі.

Старых пад’ячых — 3. У першага з іх — 4 чалавекі, у другога і трэцяга па 3 чалавекі; 15 коней, 7 фурманак.

Маладых пад’ячых — 5. У кожнага з іх па адным чалавеку, па 7 коней, па 15 фурманак.

Собальнікаў — 2. З імі — па адным чалавеку, па 2 кані і па 2 падводы.

Вартаўнікоў — 2 чалавекі. У кожнага з іх — 2 кані і 2 падводы.

Усіх людзей — 296, коней — 378, фурманак — 266.

Яго міласць, пан Сапега, даведаўшыся аб выездзе маскоўскага пасольства з Дарагабужа, выехаў з той вёсачкі, дзе ён стаяў, праехаў тры мілі і гадзіны за тры да вечара быў ужо ў горадзе, дзе і спыніўся на начлег. У гэты час горад пакідалі апошнія людзі маскоўскага пасольства, якіх яны бачылі на свае вочы.

Яго міласць пан Сапега заспеў у Дарагабужы пана Вяжэвіча, мсціслаўскага стольніка, сакратара пасольства, і пана Мадаленскага, мсціслаўскага войскага. Яны адразу ж пайшлі да вялікага пасла і праседзелі ў яго да позняй ночы, размаўляючы з ім.

3 у суботу. Яго міласць пан Сапега меў уд о сталь усякай ежы. Ён убачыў, што ў пана Песачынскага, камянецкага кашталяна, не хапае правіянту, які затрымліваецца ў дарозе. Таму ён распарадзіўся забяспечыць яго рыбай і некалькімі бочкамі аўса.

4 у нядзелю. Яго міласць пан Сапега выехаў з Дарагабужа. Адпачываў і еў у вёсцы у пана Мадаленскага. Начаваў у вёсцы Шамлова. Праехаў 13 міль.

У Шамлова да яго прыехаў яго каморнік Раецкі, слуга, які займаўся забеспячэннем пасольства ежай. Ён паведаміў Сапегу, што маскоўскія людзі, як здаўна ў іх павялося, груба паставіліся да прадстаўнікоў пасольства. Калі нашы ў першы дзень прыехалі па правіянт, маскавіты груба запыталіся:

— Навошта вы прыехалі і хто вы такія?

Нашы паведамілі пра сябе і хацелі з імі гаварыць пра тое, для чаго былі пасланыя да іх. Маскавіты не адрэагавалі. Затым нашы запатрабавалі сустрэчы з ваяводам, каб з ім асабіста пагаварыць пра патрэбы пасольства.

Маскоўскія людзі адказвалі ім:

— Ні ваявода і ніхто іншы з вамі не будзе нічога вырашаць. Прыстава і прыёмшчыка ад яго царскай вялікасці няма. Увесь корм гатовы, ды няма каму з вамі пра тое казаць.

І не пусцілі нашых людзей у прадмесце.

Маскавіты загадалі нам размяшчацца за горадам у хацінах, якія былі пачварна пабудаваны і не мелі ніякіх выгод.

У той дзень даставілі нашым людзям вельмі сціплы харч. Тыя людзі, што даставілі яго, перадалі на словах:

— Ваявода з міласэрнасці сваёй даслаў вам ежу. А заўтра, пакуль тут будзеце знаходзіцца, за грошы сабе ўсяго здабывайце.

Іх міласці паслы зразумелі, што дамовіцца з маскавітамі ў іх не атрымаецца. Яны накіравалі Раецкага да вяземскага ваяводы. Раецкі павінен быў перадаць ваяводу ліст ад пана Мадаленскага. Начаваць паны паслы засталіся на ранейшым месцы.

5 у панядзелак. Пасля набажэнства і сняданку іх міласці паны паслы рана адправіліся ў шлях. Яны рухаліся ў наступнай чарговасці. Спачатку, наперадзе вазоў, ішлі верхавыя коні лікам 49. З іх — 5 коней пана Сапегі ў прыгожых і багата ўпрыгожаных пакрывалах, з пазалотай, у зялёных аксамітных каўпаках; 10 коней пана Песачынскага і яго прыяцеляў; астатнія коні, таксама ў багатай збруі, належалі слугам паслоў. З ліку апошніх, трое коней належалі пану Вяжэвічу.

За верхавымі коньмі рухаліся вазы. Спачатку вазы прыяцеляў яго міласці пана Песачынскага, па пары. Затым вазы слуг яго міласці пана Сапегі, па тры, па чатыры, па пяць, па шэсць. Пасля іх у карэце ехалі самі паслы.

За карэтай, верхам на конях, рухаліся ахайна апранутыя маладыя людзі: 26 з іх суправаджалі пана Сапегу і 13 — пана Песачынскага. З двух бакоў карэту ахоўвалі: венгерская пяхота, лікам 60 чалавек, якая належала Сапегу, і 32 драгуны, якія належалі Песачынскаму. У канцы абозу рухалася некалькі сотняў фурманак і купецкі табар.

Прыехаўшы да рэчкі Палянаўкі, мы спадзяваліся, што нас там сустрэнуць. Але ніхто нас не чакаў. У адпаведнасці з ранейшымі дамоўленасцямі, паслы накіраваліся проста да Вязьмы.

Праз некалькі міль наперадзе нас з’явіліся два коннікі. Іх выслалі наперад, каб даведацца, ці едуць паслы. Убачыўшы паслоў, яны вярнуліся назад да сваіх. У паўмілі ад горада Вязьмы да нас пад’ехалі маскоўскія казакі на 40 конях. Трохі пакруціліся каля пасольскай карэты, а потым рыссю ад’ехалі ў горад.

Неўзабаве тыя казакі вярнуліся назад разам з царскімі дваранамі — Філонам Міхайлавічам, Аляксеем Іванавічам і Малютам, які з’яўляўся стольнікам над стральцамі. Дваране мелі даручэнне — сустрэць вялікіх паслоў. З царскімі дваранамі са сталіцы прыбылі 100 стральцоў, якія падпарадкоўваліся Малюту. Самі дваране сядзелі разам у адных санях, у якія былі запрэжаны двое коней. Кіраваў коньмі халоп. Калі дваране зраўняліся з карэтай паслоў, яны спыніліся. Паслы таксама загадалі сваім спыніцца. Дваране выйшлі са сваіх саней і сталі каля пасольскай карэты, чакаючы пакуль паслы высадзяцца.

Па даручэнні паслоў з карэты да царскіх дваранаў выйшаў пан Мадаленскі. Ён выказаў дваранам абурэнне ў сувязі з тым, што яны абняславілі паслоў, не сустрэўшы іх на мяжы. Маскавіты ўсклалі ўсю віну на пана Крэмяноўскага, які, як быццам бы, не папярэдзіў іх аб прыбыцці вялікіх паслоў. Пан Мадаленскі далажыў дваранам пра тое, што паслы, у знак крыўды і абурэння, не стануць высаджвацца з карэт.

Маскавіты адказвалі:

— Калі вялікія паслы не высадзяцца, мы з імі ні пра што размаўляць не будзем.

Пан Мадаленскі прапанаваў маскавітам падысці да карэты паслоў і выказаць ім прывітанне.

Маскавіты адказвалі:

— Гэта будзе знявагай для царскай вялікасці, калі мы так непрыгожа зробім.

Але затым яны знялі шапкі, адышлі ад свайго вазка і наблізіліся да пасоль-

скай карэты. Паслы свядома не спяшаліся, але ўсё ж высадзіліся адзін за адным з карэты. Праўда, яны далёка не адыходзілі ад карэты.

Філон звярнуўся да іх вялікасці паноў паслоў з наступнымі словамі:

— Ад вялікага гасудара, цара і вялікага князя Міхаіла Фёдаравіча, усяе Русі самаўладцы і многіх дзяржаў гаспадара і ўладальніка пасланыя сустракаць вас, вялікіх паслоў найяснейшага Уладзіслава Чацвёртага, Божай ласкай караля польскага, вялікага князя літоўскага і іншых, і корм вам даць у гаспадарстве яго царскай вялікасці.

Адказваў яму пан Аляксандр Песачынскі:

— Мы пасланыя вялікімі пасламі ад найяснейшего Уладзіслава IV, Божай ласкай караля польскага, вялікага князя літоўскага і іншых, да вялікага князя Міхаіла Фёдаравіча, усяе Русі самаўладцы і многіх дзяржаў гаспадара і ўладальніка — дзеля вялікіх спраў. Але вы нас абняславілі, не сустрэлі нас. Мы, нягледзячы на вашы глупства і гонар, прыехалі сюды, не чакаючы вашай сустрэчы.

Пасля сказаных прамоваў, яны выказалі ўзаемныя прывітанні. Затым паслы пайшлі ў сваю карэту, а царскія дваране селі ў свае сані. Яны суправаджалі карэту па глыбокім снезе, у той час як карэта рухалася павольна. Царскія дваране праводзілі паслоў да жытла, у якім паслы заначавалі. Калі мы праязджалі па вуліцах горада, па баках стаялі стральцы са стрэльбамі. Прыставы праводзілі паслоў да месца адпачынку і хацелі гаварыць з імі аб харчах для людзей і фуражы для коней. Але паслы ім сказалі, што для гэтага ёсць слугі, з якімі прыставам і варта абмяркоўваць пытанні забеспячэння пасольства.

Іх міласці паны паслы таксама заўважылі:

— Нам трэба будзе гаварыць з вашым гаспадаром пра вялікія справы. Не пасуе нам з вамі гаварыць і тым больш аб такіх грубых рэчах.

З такім адказам паслы сышлі.

Ужо хілілася да вечара.

Увечары даслалі нам вельмі сціплае забеспячэнне: ад ну ялавіцу, 30 вазкоў сена і патроху астатняга, чацвёртую частку ад таго, што патрабавалася для людзей і для коней. Мы ў знак пратэсту не прынялі дастаўленага нам забеспячэння.

Паслы даручылі перадаць маскавітам:

— Паколькі вы не далі нам удосталь усяго неабходнага, пакажыце, дзе мы можам самі купіць за нашы грошы неабходнае харчаванне для людзей і корм для коней. Мы яшчэ лепш абыдземся без вашых падачак. Ні аб чым вас больш прасіць не станем. Мы толькі рыхтуемся да сустрэчы з вашым гаспадаром.

Ад месца начлегу да Вязьмы пяць міль.

6у аўторак. Там жа. Увесь дзень патрацілі на гандаль з маскавітамі аб забеспячэнні пасольства. Ні да чаго грунтоўнага не прыйшлі. Вымушаны былі выкарыстоўваць асабістыя запасы. Яго міласць пан Сапега загадаў забяспечыць усім неабходным пана Песачынскага.

Увечары пана Сапегу наведалі прыставы. Яны прасілі яго не трымаць на іх зла, калі ў чымсьці не змаглі дагадзіць. Прыставы спасылаліся на тое, што край спустошаны і выпалены. Яны казалі, што нават за царскія грошы не могуць набыць усяго неабходнага для поўнага забеспячэння пасольства.

Пан Сапега адказваў прыставам:

— Я менш за ўсё пра тое турбуюся. У мяне дастаткова грошай у кашальку. Прашу толькі аб адным — пакажыце, дзе можна купіць усё неабходнае для нас. Дзіўлюся вашай нялюдскасці. Вы абыходзіцеся з намі, вялікімі пасламі, зусім не гэтак, як належыць і не гэтак, як было ў вас у ранейшыя часы, калі паслоў сустракалі з гонарам і з павагай. Мой бацька — Леў Сапега — прыязджаў у якасці пасла да вашых гаспадароў. Яго заўсёды сустракалі належным чынам, аказваючы павагу і пашану.

Прыставы зноў пачалі тлумачыць усе нязручнасці спустошанага краю. Яны клятвенна абяцалі:

— Як толькі вы прыедзеце да яго царскай вялікасці, то будзеце цалкам усім забяспечаны.

Сядзелі каля дзвюх гадзін, абмяркоўваючы розныя справы. Яго міласць пан Сапега загадаў прынесці віна. Ён наліў поўны келіх Філону. Прыстаў выпіў і спытаў у Сапегі, што гэта за віно. Сапега адказаў яму, што віно — вугорскае. Філон выпіў яшчэ трохі і перадаў чарку свайму таварышу. Калі пан Сапега спытаў Філона, чаму ён не выпіў да дна, той адказаў:

— У нас толькі гарэлку да канца п’юць, а гэта вельмі моцны напой.

Ён думаў, што віно больш моцны напой, чым гарэлка. Трохі пасядзеўшы, Філон сышоў ад пана Сапегі.

7 у сераду. Пасля доўгіх нараканняў і частых абурэнняў з нашага боку, маскавіты, нарэшце, прывезлі забеспячэнне для людзей і корм для коней. У пана Сапегі было, аднак, шмат людзей і коней. На ўсіх не хапала. Ён загадаў купляць за грошы ўсё неабходнае.

Пану Песачынскаму і пану Вяжэвічу хапала прывезенага забеспячэння, паколькі ў іх было менш людзей і коней. Экспедыцыя пана Сапегі ўключала звыш 400 чалавек. Ён загадаў свайму старэйшаму слузе, пану Пясрэцкаму, каб той звярнуўся да Песачынскага і Вяжэвіча падзяліцца з яго людзьмі харчаваннем для людзей і кормам для коней.

Увечары прыставы прыйшлі да пана Сапегі. Ён зноў загадаў прынесці віна для іх. Сапега выпіў за здароўе Філона. Прыстаў наліў сабе віна і спытаў пана Сапегу:

— Ці можна мне за цябе, вялікага пасла, выпіць?

Пан Сапега адказаў, што ён з удзячнасцю прымае яго тост.

Філон нізка пакланіўся і выпіў за здароўе пана Сапегі, жадаючы яму поспехаў у вялікай справе служэння дзяржаве, добрага здароўя, шчаслівага вяртання ў сваю Бацькаўшчыну і заслужанай узнагароды з боку караля.

На гэты раз прыстаў выпіў усё да кроплі, бо яму патлумачылі, што віно не такое моцнае, як ён думаў раней. Філон дазволіў наліць яму яшчэ раз. Паколькі слуга пана Сапегі наліў яму не занадта шмат, Філон прамовіў:

— Не правільна робіш.

Ён звярнуўся наўпрост да пана Сапегі:

— Пан, загадай напоўніць да краёў.

Сапега не рэагаваў.

Тады Філон зноў сказаў:

— Алтын на капейку не змяняеш, пане Казімір Львовіч.

Падчас доўгай гутаркі і шчодрага пачастунку з нашага боку, часта ўспаміналі пра бацьку пана Сапегі — вялікага гетмана літоўскага Льва Сапегу, які бываў паслом у Маскве і рабіў добрую справу — паспяхова пагаджаў абодва бакі.

Пасля пачастунку, прыставы сышлі, нізка кланяючыся.

Спіс забеспячэння, дастаўленага маскавітамі на 300 чалавек і 350 коней.

Па два калачы кожнаму з вялікіх паслоў, коштам адзін грош.

Кожнаму паслу па 6 чарак смаленай гарэлкі.

Усім паслам па 10 кубкаў патачнага мёду. Па адным вядры салодкага пітнога мёду. Па адным вядры моцнага мёду. На ўсіх паслоў па 6 вёдраў добрага піва.

Пасольскім людзям на кожнага па 4 чаркі гарэлкі.

Лепшым пасольскім людзям — па дзве конаўкі мёду, па куфлю піва. Усяго 75 вёдраў. Ялавіц на ўсіх — 6. Бараноў — 55. Поўных кабаноў — 10. Гусей — 15. Зайцоў — 10. Цецерукоў — 10. Курэй — 30. Воцату — 6 вёдраў. Яек — 350. Масла — 2 пуды. Солі — 3 пуды. Круп — 3 кракаўскія карцы. Цыбулі — чвэртка. Часнаку — чвэртка. Пшанічнай мукі — васьмушка. Свечак сальных — 30. Дроў колькі заўгодна. Фурманак — 300.

Гародніны і напояў не далі, тлумачачы іх адсутнасцю. Маскавіты абяцалі ўсё прадаставіць у сталіцы.

Рыбу даваць па меры яе здабычы. На кожнага пасла — да 10 шчупакоў замарожаных; шчупака запечанага, шчупака з хрэнам, шчупака з юшкай, шчупака салёнага. Лешч для смажання, лешч на засолку. Чорнай асятровай ікры — пуд на ўсіх.

Аўса — 45 чвэрцяў. Кожная меншая за тры кракаўскія карцы. Але прыставы яшчэ паменшылі меру.

Сена — 40 вазоў. Саломы на подсціл для коней — 20 вазоў.

Увесь атрыманы харч дзялілі на дзве часткі. Адну частку атрымліваў яго міласць пан Сапега. Яму і яго людзям не хапала, і ён вымушаны быў дакупляць прадукты і фураж. Другую частку атрымлівалі пан Песачынскі і пан Вяжэвіч. Яны як-кольвек абыходзіліся, паколькі людзей і коней у іх было значна менш, чым у Сапегі.

8 у чацвер. Выезд паслоў прыставы затрымлівалі. Затрымку яны тлумачылі тым, што не ўсе падводы пад’ехалі.

Перад абедам у доме, дзе размясціўся пан Песачынскі, адбывалася яго гутарка з панам Сапегам і панам Вяжэвічам. Неўзабаве туды прыйшлі царскія прыставы. Пан Песачынскі строга адчытаў іх за агіднае і непаважлівае стаўленне да вялікіх паслоў. Ён з абурэннем казаў ім пра тое, што ад голаду і холаду ноччу ў яго здохлі некалькі драгунаў. Песачынскі ва ўльтыматыўнай форме заявіў прыставам, што не жадае больш марнаваць час дарэмна і патрабуе неадкладна суправадзіць яго ў сталіцу. Прыставы спасылаліся на негатоўнасць фурманак і непагадзь. Яны не раілі паслам выпраўляцца ў дарогу. На самай справе, тады пачаўся моцны ўраган са снегам.

У сваю абарону пан Песачынскі сказаў:

— Мяркую, што вы затрымліваеце нас, не ўзгадніўшы сваіх паводзін з царом. У нас важная справа, і нам трэба спяшацца. Вы не даяце нам кармоў у дастатковай колькасці, а цяпер яшчэ і беспадстаўна затрымліваеце ў дарозе. Мы больш не можам стаяць тут. Выконваючы загад нашага караля, мы зараз жа сядзем на коней, пакінуўшы вазы і ўсе нашы рэчы, і рушым у сталіцу. Там нам не складана будзе расказаць цару, як вы з намі абыходзіцеся. Калі хочаце нас затрымліваць, затрымлівайце не тут, а калі мы сядзем на коней. Мы будзем рухацца наперад, нягледзячы ні на якія перашкоды.

Прыставы тлумачылі:

— Мы не можам вас праводзіць звычайнай дарогай па прычыне яе вузкасці і розных нязручнасцей.

Тады пан Сапега ўступіў у гутарку з прыставамі. Ён сказаў ім:

— Мы сюды прыехалі не для таго, каб марна траціць час. Мы павінны выканаць волю нашага караля. Нам не патрэбныя спецыяльныя дарогі. Калі вы не жадаеце нас суправаджаць, мы рушым у дарогу без вас. Шаблі нашых людзей, а таксама мае продкі — дзед і бацька, падчас здзяйснення пасольстваў, — праклалі для нас добрыя дарогі.

Збянтэжаныя моцнымі словамі паслоў, прыставы пайшлі ад іх. Затым яны звярнуліся да пана Мадаленскага:

— Гэта горш за бізуны, калі вялікія паслы абураюцца.

Увечары прыставы прыйшлі да пана Сапегі і далі яму ведаць, што яны гатовыя праводзіць паслоў звычайнай дарогай.

У той жа дзень пан Сапега, з-за недахопу кармоў, адправіў назад некалькі вазоў і некалькі дзясяткаў чалавек. Пан Песачынскі прасіў Сапегу не адсылаць людзей і падводы назад. Па яго перакананні, неабходна было падтрымаць прэстыж пасольства ў Маскве і не быць абсмяянымі там.

Па даручэнні паслоў я адправіў лісты да яго вялікасці караля.

Вайсковыя артыкулы і ніжэй змешчаны ліст, падрыхтаваны для абвяшчэння ўсім.

Паны паслы, якія кіруюцца добрай радай і супольнай згодай, увасабляюць годнасць яго каралеўскай міласці. Яны, перадусім, шчыруюць дзеля бяспекі і дабра таго народа, да якога выязджаюць. Толькі ад іх залежыць, ці здабудуць яны славу і пашану.

Іх міласці паслы мусяць імкнуцца, каб паміж усімі, хто накіроўваецца з пасольствам, панавалі спакой, згода, узаемная міласць і шанаванне. Аніякіх сварак, цяганіны, крыкаў і розных звадак сярод іх не павінна быць.

Усялякія эксцэсы, калі яны надарацца, будуць разглядацца ў двухбаковым судзе, які іх міласці паслы створаць з прадстаўнікоў двух народаў. Вінаватыя будуць жорстка пакараныя, паводле артыкулаў вайсковага права, пра якія неабазнаныя няхай спытаюць у абазнаных.

На працягу ўсяго шляху руху пасольства павінен захоўвацца выключны парадак. Адзін на аднаго не павінен наязджаць, не спіхваць з дарогі, не заязджаць наперад. Кожны мусіць пільнаваца вызначанага месца.

Калі некаму ўчынена шкода, ён не мае права дамагацца справядлівасці праз сварку і лямант, а абавязаны цярпліва паведаміць пра бяспраўе свайму старэйшаму і ў судзе спакойна распавесці пра здарэнне.

Кожны павінен слухаць трубы і пабудкі, а таксама без затрымкі выконваць каманды аб спыненні на адпачынак і пачатку далейшага руху пасля прыпынкаў.

Калі нехта не згодны выконваць вызначаны парадак і даведзеныя ўсім арты­кулы, няхай сумленна пра гэта спытае сябе, і мяжы з іх міласцю панамі пасламі не перасякае, а вяртаецца назад дадому.

Два суддзі, якія мусяць ажыццяўляць усе суды падчас пасольскай місіі: з боку Кароны — пан Ажэхоўскі, з боку Вялікага Княства Літоўскага — яго міласць пан Ерашынскі, падсудак рэчыцкі.

9 у пятніцу. Прыйшлі прыставы і паведамілі, што ўсе падводы сабраны і яны самі гатовыя, каб праводзіць далей паслоў. Не затрымліваючыся, мы ў той жа час выехалі з Вязьмы. Начавалі ў Царовым Займішчы. Там каля 40 хацін. Праехалі 8 міль па пратаптанай дарозе і па глыбокім снезе, які даходзіў коням да пуза. Таму коні рухаліся з вялікай цяжкасцю.

Прыставы прынеслі раманеі, віна і агародніны, а таксама падагналі неабходную колькасць фурманак, памятаючы пра ўчарашнія прэтэнзіі да іх.

10 у суботу. Выехалі рана. На начлег спыніліся ў Калачынскім манастыры. Шлях быў складаным і пустынным. За час дарогі не бачылі ніводнай хаціны. Рухаліся па вельмі глыбокім снезе.

11 у нядзелю. Да іх міласці паноў паслоў рана прыйшлі прыставы. Старэйшы прыстаў Філон, ад імя думнах баяраў, звярнуўся да паслоў:

— Прыйшлі да вас, вялікіх паслоў, сказаць ад імя баяраў, думных людзей, якія даслалі да нас грамату. У той грамаце паведамляецца, што вы парушаеце заключныя пагадненні і маеце з сабою больш людзей, чым было ўстаноўлена. Ты, Казімір Львовіч, маеш з сабой вельмі вялікую колькасць сваіх людзей. Твае таварышы — Песачынскі і Вяжэвіч — правільна зрабілі, што ўдвух узялі менш людзей, чымся ты адзін. Ты да таго ж прывёў з сабой гайдукоў. Вы, вялікія паслы, прыйшлі да нас, каб гаварыць аб добрай справе, а не на бойку. Таму вам варта частку людзей адправіць назад.

Водпаведзь маскавітам.

Дзівімся з незвычайнага гонару і пыхі нашых братоў — думных баяраў! Не разумеем іх непаважлівых да нас адносін! Хочуць вучыць нас пасольскім звычаям і, пры гэтым, прагнуць камандаваць намі, свабоднымі людзьмі! Паведаміце ім або напішыце, што мы адправіліся ў шлях па волі нашага караля, а не па загадзе цара і думных баяраў. Наш кароль ведаў, каго і з чым накіроўваць. Вы беспадстаўна патрабуеце ад нас адаслаць назад пяхоту. З намі няма лішніх людзей. Мы едзем з такім суправаджэннем, з якім звычайна наведваем нашага караля. Пяхота нам заўсёды патрэбна ў дарозе для розных патрэб, — для аказання паслуг, дапамогі ў перамяшчэнні цяжкіх вазоў і для ўзвядзення мастоў.

Ведайце, мы прыедзем у сталіцу ў такім складзе, у якім вы нас цяпер бачыце. Мы і з Вязьмы выехалі не паводле вашага запрашэння, а таму, што не маглі дастаць корму для людзей і коней.

Што тычыцца харчавання, то думныя баяры няхай не хвалююцца. Значную частку ежы і фуражу мы набываем за свае грошы. Мы трацім асабістыя сродкі і не наносім ім аніякай шкоды.

Нагадайце думным баярам, нашым братам, каб яны перасталі ставіцца да нас з дурной пыхай. Мы не перастаём здзіўляцца з іх высакамернасці.

Атрымаўшы такую рэзалюцыю ад паслоў, прыставы сышлі.

Пасля святой літургіі ў яго міласці пана Сапегі адбылося снеданне, на якім прысутнічалі пан Песачынскі, пан Вяжэвіч і царскія прыставы. Падчас сняданку шмат гутарылі. Паслы пілі за здароўе караля і маскоўскага цара. Затым прыставы прамаўлялі тосты за здароўе манархаў.

Калі пан Песачынскі выпіваў за здароўе старэйшага прыстава Філона, ён казаў пра неабходнасць вечнага міру і ў заключэнне, разам са словамі падзякі, прамовіў:

— Калі свет здохне, то і лес засохне!

Прыстаў у адказ распавёў аб бязмежнасці царскіх уладанняў:

— У нашага гаспадара, яго царскай вялікасці, ёсць зямля, у якой водзіцца шмат усялякіх звяроў і белых мядзведзяў. У той зямлі ў кастрычніку пачынаецца ноч, якая доўжыцца да паловы лютага. У той зямлі людзі не жывуць. Яны бываюць там альбо праездам, альбо з нейкай мэтай. Прыязджаюць туды ў канцы лютага і да кастрычніка там жывуць, а затым назад вяртаюцца.

Потым прыставы з добрым настроем сышлі. Віно ўсё ўпарадкавала. Не лаяліся, як было ў пачатку.

Пасля сняданку паслы адправіліся ў дарогу. Праехалі 4 мілі. Начлег прыйшоўся на Мажайск.

Як і ў Вязьме, тут, у Мажайску, прыставы не жадалі пускаць нас у горад. Яны прапанавалі нам начлег у заняпалым прадмесці. Там не было нават добрых чорных хат, а пра белыя хаты — і чуць не чулі! Такім мізэрным было іх існаванне!

12 у панядзелак. На ноч прыставы праводзілі нас у вёску Алексіна. Там усяго восем хацін. Праехалі чатыры мілі. Дарога была вельмі дрэннай. Вёска знаходзілася ў мілі ад галоўнай дарогі, таму давялося звярнуць убок. Большая частка двара пана Сапегі ўлегцы адправілася ў Кубінск.

Пан Вяжэвіч прыйшоў наведаць пана Песачынскага. Затым Вяжэвіч запрасіў туды прыставаў.

Пан Аляксандр Песачынскі паведаміў прыставам:

— Мы маем распараджэнне нашага караля, таму павінны неадкладна ехаць да вашага ўладара. Мы, выконваючы волю нашага манарха, гатовыя птушкамі паляцець у сталіцу. Але вы нам чыніце ўсякія перашкоды, на начлег адпраўляеце далёка ў бок ад гасцінца. Калі вы робіце з намі так па сваім меркаванні, то тэрмінова паведаміце пра гэта вашаму цару. Калі ж вы выконваеце загад думных баяраў, тэрмінова напішыце ім, каб яны не стваралі непатрэбных перашкод на шляху пасольства.

Прыставы паабяцалі напісаць. Нашы людзі пазней бачылі, што прыставы і на самай справе пісалі думным баярам пра нашу заклапочанасць.

13 у аўторак. Начлег прыйшоўся на Кубінск. Праехалі 4 мілі. У Кубінску налічвалася каля 60 хацін.

Мы раней шмат чулі аб пакаранні парушальнікаў закона ў Маскоўскім княстве. Тут жа мы змаглі на свае вочы ўбачыць, як сурова караюць злачынцаў. У той галодны час у іх было прынята рашэнне аб закрыцці ўсіх шынкоў. Усім і ва ўсіх месцах забаранялася гнаць гарэлку і варыць піва. Нашы купцы везлі ў Маскву гарэлку на продаж. Маскоўскія людзі гатовыя былі пераплачваць за яе і без усялякай меры піць з нашымі возчыкамі. З-за гарэлкі вясковыя халопы ўчынялі крывавыя бойкі. Яны збівалі адзін аднаго палкамі, дугамі, аглоблямі, пугамі. Біліся, хто чым мог.

Убачыўшы бясчынства, прыставы загадалі стральцам схапіць задзір. Ім прызначылі па некалькі дзясяткаў удараў бізуном. Калі задзір збівалі, іх па чарзе паварочвалі на чатыры бакі свету. Аднак, устаўшы з зямлі, халопы дзякавалі за ласку і мірна адыходзілі, нібы нікому нічога дрэннага не зрабілі.

Прыставы прыйшлі да пана Сапегі і папрасілі, каб ён загадаў купцам не прадаваць больш гарэлкі. Яго міласць пан Сапега загадаў старэйшаму слузе спыніць продаж гарэлкі.

Прыставы таксама папрасілі пана Сапегу, каб ім далі спіс дваран, слуг, маладых людзей і ўсяго складу пасольства, каб адправіць яго думным баярам для азнаямлення. Думныя баяры жадалі ведаць, колькі з пасольствам едзе ўсіх людзей

і якіх саслоўяў. Неўзабаве прыставы атрымалі падрабязны спіс усіх удзельнікаў пасольскай місіі. Прыставы адразу ж адправілі спіс у сталіцу.

14 у сераду. Начавалі ў Вязёмах. Праехалі 4 мілі. Хацін там каля 70. Туды прыставам прыйшла грамата ад цара і думных баяраў. У ёй гаварылася, каб мы да пятніцы былі ў сталіцы. Прыставы прыйшлі да паслоў і паведамілі ім гэтую прыемную навіну.

15 у чацвер. Начавалі ў Тушына. Па словах прыставаў, праехалі 6 міль, а на самай справе, больш за 10. Дарога была дрэнная, узгорыстая. Мы тройчы пераязджалі Маскву-раку. Мабыць, нам хацелі паказаць вёскі, што раскінуліся па берагах ракі. Да гэтага часу мы ехалі пустынным шляхам. Тут мы ўбачылі добра ўладкаваныя паселішчы.

16 у пятніцу. Да паслоў прыехаў баярын са сталіцы. Ён паведаміў, што цар выслаў насустрач паслам князя Міхаіла Казлоўскага і Грыгорыя Гарыхвостава з таварышамі. Яны павінны былі сустрэць паслоў у пяці мілях ад Масквы.

Паснедаўшы, паслы адправіліся ў дарогу. Калі паслы былі ўжо ў дарозе, да іх прыскакаў сотнік Малюта. Ад імя Казлоўскага і Гарыхвостава ён прасіў паслоў не трымаць зла за тое, што тыя не змогуць сустрэць паслоў каля рэчкі Ходынкі. Ён казаў, што гэта зроблена і для карысці паслоў, каб яны мелі магчымасць адпачыць. Малюта пры гэтым заяўляў, што калі паслы будуць настойваць, то іх усё ж сустрэнуць каля Ходынкі.

Перад рэчкай Ходынкай да нас пачалі пад’язджаць розныя людзі — немцы, маскавіты, татары. Яны з цікаўнасцю разглядалі нас. Людзі прыязджалі цэлымі палкамі, натоўпамі і паасобку, як каму падабалася. Чым бліжэй мы набліжаліся да сталіцы, тым больш людзей прыходзіла паглядзець на нас. Сярод тых, хто нас сустракаў, былі і багата апранутыя людзі, на дыхтоўных конях, а таксама шмат простых людзей.

Калі мы набліжаліся да сталіцы, па абодва бакі дарогі, на працягу паўмілі, шчыльна стаялі людзі. Іншыя з іх беглі па баках, суправаджаючы наш абоз. Зірнуць на нас прыязджалі таксама баяры. Яны былі апранутыя ў каштанавыя касцюмы, на выдатных конях. Ні адзін з іх, аднак, не сказаў нам ні слова. Паглядзеўшы, баяры з’язджалі да сваіх.

Набліжаючыся да сталіцы, мы рухаліся павольна. За чвэрць мілі ад горада, ці як кажуць маскавіты, за вярсту, нас з вялікім картэжам сустрэлі афіцыйныя асобы: князь Міхаіл Рыгоравіч Казлоўскі, Грыгорый Іванавіч Гарыхвостаў, Мікіта Навумовіч Ніглецкі, а таксама дзякі — Міхаіл Васільевіч Нявераў і Неронаў (Няўноў). Яны пад’ехалі на конях і спыніліся з левага боку ад карэты паслоў. Паслы таксама спыніліся, але не выходзілі з карэты.

Праз прыставаў, царскія пасланцы, якія сустракалі гасцей, папрасілі паслоў высаджвацца з карэты. Яны перадалі, што пасланыя царом для сустрэчы вялікіх паслоў абгаварыць з імі некаторыя пытанні.

Вялікія паслы адказалі праз прыставаў:

— Мы не станем выходзіць з карэты. Хай яны спачатку спусцяцца з коней, пешшу падыдуць да нас і перададуць прадпісанні цара. Да таго часу мы не выйдзем з карэты.

Дэманструючы звычайную грубасць і пыхлівасць, маскавіты заявілі:

— Мы не спусцімся з коней. Усю ноч будзем тут стаяць, пакуль яны не высадзяцца з карэт.

Паслам не спадабаўся такі ультыматум. Пан Песачынскі адказаў:

— Нават калі нам на гэтым полі трэба будзе змерзнуць, трываць невыносны голад і нават скласці нашы галовы, мы не паступім інакш. Мы, як вялікія паслы, накіраваныя яго вялікасцю каралём, не будзем губляць нашага гонару.

Прастаялі некалькі гадзін у чаканні. Пачало ўжо хіліцца да вечара. Прыставы зразумелі, што паслы не выйдуць з карэты, пакуль царскія людзі не сыдуць з коней і не падыдуць да іх.

Нарэшце прыставы паведамілі, што баяры хацелі б спусціцца з коней і падысці да паслоў першымі, але просяць, каб і паслы выходзілі з карэты.

Жадаючы пакараць царскіх прадстаўнікоў за грубасць, паслы заявілі ім, што ў нас не прынята выходзіць на левы бок. Яны запатрабавалі, каб сустракаючыя перайшлі на правы бок. Тыя выканалі просьбу паслоў і пераехалі на правы бок карэты. Затым яны спусціліся з коней, падышлі да карэты паслоў і спыніліся ў некалькіх кроках ад яе.

Паслы выйшлі з карэты, але не адыходзілі далёка ад яе. Баяры прасілі паслоў падысці да іх:

— Мы спусціліся з нашых коней, і адышлі далёка ад іх. Вы ж не хочаце насустрач нам зрабіць і кроку. Вы прыніжаеце гонар яго царскай вялікасці. Мы прыехалі сустракаць вас не ад сябе, а паводле распараджэння нашага цара. Вы ж вельмі непрыгожа робіце.

Затым Гарыхвостаў дадаў:

— Казімір Львовіч Сапега, твой бацюшка Леў Іванавіч Сапега — ваявода віленскі, вялікі гетман і першы канцлер — бываў у нас паслом для здзяйснення добрых спраў. Ён прыязджаў да ранейшых, светлай памяці, цароў. Ён добра ведаў звычаі і пасольскія норавы і не паступаў з намі гэтак, як робіце вы.

Адказваў ім пан Сапега:

— Мне добра вядома, што мой бацька тут паслом бываў і як ён паступаў з вашымі гаспадарамі і з вамі. Я іду яго слядамі і хачу абыходзіцца з вамі гэтак, як абыходзіўся мой бацька і як належыць абыходзіцца вялікаму паслу, які прыехаў здзейсніць вялікую справу.

Пан Песачынскі таксама звярнуўся да маскавітаў. Ён сказаў прамову на іх мове, каб яны лепш зразумелі яго:

— Калі б вы доўга з намі не таргаваліся, мы б выйшлі з карэты і самі да вас падышлі. Не хораша вы робіце. Так не прымаюць гасцей, з якімі хочуць жыць у любові і якія прыехалі для падпісання вечнага міру. Вы не ўдзячныя. Адмоўцеся ад сваіх грубых нораваў. Вам бы нас, вялікіх паслоў, варта было б з дабром і падзякай прымаць. Вы ж нас памарозілі, без патрэбы доўга трымалі ў полі.

Казлоўскі адказваў:

— Акажыце вы, вялікія паслы, нам хаця б крыху вашай павагі. І мы з вамі таксама пачнём па-братэрску абыходзіцца.

Паслы таго ж запатрабавалі ад маскавітаў. Тады царскія прадстаўнікі зрабілі некалькі крокаў насустрач. Паслы таксама да іх наблізіліся.

Князь Міхаіл Казлоўскі зняў шапку. За ім рушылі ўслед ўсе астатнія і знялі галаўныя ўборы.

Князь сказаў:

— Вялікі гаспадар, цар і вялікі князь Міхаіл Фёдаравіч, усяе Русі самаўладца і многіх дзяржаў гаспадар і ўладальнік, даслаў нас дваран, сваіх халопаў, да вас, вялікіх паслоў Уладзіслава Чацвёртага, Божай ласкай караля польскага, вялікага князя літоўскага і іншых. Цар загадаў нам сустракаць вас і прымаць. Яго царская вялікасць пытаецца, ці добра вы даехалі і ці ў добрым здароўі прыбылі ў Маскву.

Адказваў пан Песачынскі:

— Дзякуем яго царскай вялікасці за гасціннасць і клопат. Дзякуй богу, прыехалі ўсе ў добрым здароўі.

Прамовіў Гарыхвостаў:

— Яго царская вялікасць пытаецца вас, ці мелі вы, вялікія паслы, дастаткова людзей і коней у дарозе, і ці добра вы жылі ў дарозе.

Адказваў пан Сапега:

— Мелі столькі, колькі нам давалі. І за тое дзякуем.

Убачылі дваране, што нас у шляху забяспечвалі вельмі сціплым правіянтам.

Яны сказалі паслам:

— Вялікія паслы, не здзіўляйцеся. Зямля ў тых краях занадта спустошана. Не было вам чаго даваць. Але тут усяго ў дастатку. Усё кампенсуецца вам, дваранам, і вашым коням. А цяпер яго царская вялікасць загадаў паказаць вам двор.

Узаемныя папрокі і гандаль пра сыходжанне з коней, пра крокі паслоў насустрач баярам доўжыліся гадзіны дзве ў тым месцы, дзе нас сустрэлі. Нарэшце абодва бакі супакоіліся і прыйшлі да згоды. Паслы і баяры цёпла віталі адзін аднаго. Пасля гэтага царскія баяры селі на сваіх коней, а паслы на сваіх, і рушылі ў горад.

Уезд быў такі.

Спачатку ехалі два пакаёвыя яго міласці пана ваяводзіча віленскага — пан Палубінскі і пан Вайніловіч.

За імі аб’езджаныя коні, яго міласці ваяводзіча, — пяць выдатных скакуноў, упрыгожаных пазалочанымі капамі і шосты з каштоўным казацкім сядлом — адкрытым. А за імі вялі пару асядланых коней пана камянецкага.

Пасля коней стройна ехалі дваране іх міласцяў паслоў. Яго міласці ваяводзіча віленскага, на выдатных конях, каштоўна аздобленых — 21 асоба. Некаторыя з іх сядзелі з крыламі з белых пёраў. Яго міласці пана камянецкага — 6 прыяцеляў, 2 слугі. Яго міласці пана Вяжэвіча — 2 слугі.

Дзякі ехалі перад іх міласцямі пасламі, а потым ехалі іх міласці паслы разам 3 царскімі дваранамі.

За іх міласцямі рухалася моладзь яго міласці ваяводзіча віленскага ў барвовай вопратцы на цудоўных конях — 26 асоб. Яго міласці пана камянецкага — 13 асоб. У канцы рухалася чэлядзь пана Вяжэвіча, а таксама вялікая грамада слуг і чэлядзі яго міласці пана ваяводзіча віленскага.

Драгунаў яго міласці пана камянецкага — 22.

Венгерскай пяхоты яго міласці пана ваяводзіча віленскага налічвалася 60 асоб. Яны былі ў чырвоных жупанах, у зялёных катанках, падшытых футрам, усе з пасярэбранымі нажамі і стрэльбамі, а таксама з іншым патрэбным рыштункам. Мушкеты ў іх віселі на рамянях. Пяхота рухалася па абодвух баках у парадку адзін за другім.

Напрыканцы вазы іх міласцяў паноў паслоў. Тут жа калёсы са скарбам, кухоннымі рэчамі і вінамі ішлі парадкам.

Завяршалі поезд купцы сваім табарам, на санях і падводах.

Коннікаў, якія выехалі нам насустрач, магло быць каля дзесяці тысяч. А ў горадзе люду — на тых вуліцах, якімі мы ехалі, — на зямлі, у вокнах, на дахах цэркваў і дамоў, была незлічоная колькасць.

Праводзілі нас з Цвярскога прадмесця ў Белы горад. А ў Кітай-горад — праз другую браму.

У той другой крэпасці, названай Кітай-горад, далі нам двор. Ён быў непадалёк ад Крым-горада, новы, але вельмі цесны і не вельмі зручны.

Іх міласцям панам паслам далі асобныя гмахі, паблізу сябе.

Слугам прыйшлося размяшчацца паўсюль, паводле магчымасці.

Праз гадзіну пасля прыезду, калі пачало ўжо змяркацца, прыйшоў да іх міласцяў дзяк. Ён сказаў: «Царская вялікасць вас, вялікіх паслоў, даруе. Пасылае вам царкоўнае віно — раманею, мёд, рыбу і ўсякія прысмакі».

Усё, што ім было прывезена, прачытаў у рэестры іх міласцяў.

17 у суботу. Сышліся іх міласці да пана камянецкага. Туды да іх прыйшлі дваране — Карскі, Казлоўскі і Гарыхвостаў з таварышамі, а таксама нашы прыставы.

Іх міласці паслы прапанавалі прыставам: «Данесці ад нас думным баярам, братам нашым, каб яны білі чалом цару ад нас і ад сябе і прасілі яго прыняць нас да аўторка, за дзень да прызначанай даты. Каб ён не прапусціў вызначанага раней дня і прынёс прысягу, як папярэдне дамоўлена. Таксама перадаць, што нас вельмі ўразіла тое, што з намі абыходзяцца не як з пасламі, а як з палоннымі. Закрылі нас у вельмі цесным двары, у якім па некалькі дзясяткаў чалавек жывуць у адной ізбе. А пяхота і вялікая колькасць коней наогул стаяць на падворку пад адкрытым небам. Там жа знаходзяцца купцы і драбнейшая чэлядзь. Да таго ж, нас вакол двара акружылі вартай — стральцамі. Мы вольныя людзі, якія сюды прыехалі паводле добрай волі. Пра ўсё гэта просім вас, думных баяр, братоў нашых, паведаміць цару. Каб ён загадаў гэтак не паступаць з намі. Пры ўсёй цеснаце нашы людзі і коні ў дадатак церпяць яшчэ і голад. Да нас даходзіць вельмі скупы харч, а ў горад для набыцця патрэбных рэчаў нам забаронена вольна выходзіць».

Маскавіты, як народ паняволены, нічога на тое не сказалі. Яны толькі паабяцалі пра ўсе нашы клопаты перадаць думным баярам, а таксама прынесці іх міласці паслам адказ ад іх. Яны ад’ехалі і адразу накіраваліся да замка.

Увечары прыйшлі прыставы да яго міласці пана камянецкага з адказам. Яго міласці пана ваяводзіча віленскага там не было. Прыставы там крыху пасядзелі і, не зрабіўшы адказу, пайшлі.

18 у нядзелю. Пасля малебна сышліся іх міласці ў ізбе пана камянецкага. Туды прыставы прынеслі ім адказ ад думных баяр на ўчарашнія іх прапановы.

Думныя баяры адказалі: «Нельга вам, вялікім паслам, у тую пару, як вы хочаце, быць у царскай вялікасці. У гэтыя дні царская вялікасць занятыя набажэнствамі і духоўнымі справамі. А тое, што вы казалі аб варце, што стральцы вас і вашых людзей аберагаюць у двары і не выпускаюць з двара, дык гэта ў нас так заведзена. Пакуль паслы не ўбачаць годных царскіх вачэй, да таго часу будзеце пад вартай. Толькі потым, пасля аўдыенцыі, зможаце свабодна выходзіць з двара ў горад».

Выслухаўшы адказ, яго міласць пан ваяводзіч віленскі, прамовіў: «Дзівуемся з вычварэнстваў вашага народа. Вашы старэйшыя і вы ўсе чыніце перашкоды гэтакай добрай і Божай справе. Бо ёсць жа за што Пана Бога хваліць, які спыніў праліцццё крыві паміж хрысціянамі. А вы не ўдзячныя дабрачыннасці Божай і ласцы яго міласці караля нашага. Вашы паслы каля рэчкі Палянаўкі ўчынілі даканчальныя запісы і цалаваннем крыжа пацвердзілі агавораныя дні. Або яны не мелі з сабой святароў і календароў, каб усё дакладна выверыць? Калі ў тыя дні нешта перашкаджала, маглі б перанесці прысягу на іншы час. Але чаму б нам у гэтыя святыя дні не здзейсніць гэтую вялікую, прыемную Богу і мілую добрым людзям справу! Мы ад імя яго міласці нашага караля прыехалі ў прызначаны час і рыхтуемся належным чынам завяршыць распачатую справу. Таму патрабуем, каб папярэдне да цара наведаліся».

Яго міласць пан Вяжэвіч ва ўнісон яму гэтаксама прамовіў: «Спадзяюся, вы зразумелі, што сказаў яго міласць. Таго ж і я патрабую».

Яго міласць пан камянецкі потым дадаў: «Я не хачу страціць маёй дуты з-за таго, што прысягнуў на тыя даканчальныя запісы. Няхай не загінуць і вашы душы, што перашкаджаеце, а таксама вашых вялікіх паслоў, а па-нашаму камісараў, якія прысягнулі ў тым, што 10 лютага, паводле вашага календара, павінен быць вечны мір паміж нашымі гаспадарамі і гаспадарствамі, пацверджаны царскай прысягай. Дарэмна тады нас марынуеце. Бо калі захочаце далей затрымліваць, давядзецца нам атрымліваць новыя інструкцыі ад яго міласці нашага караля. Потым будзе вам вядомы іх вынік, калі дойдзе да таго. Таму давайце мы сядзем на нашых коней і паедзем да цара. Знойдзем спосаб прыйсці да яго. Той, хто пачне перашкаджаць, не зазнае радасці. Увесь свет будзе ведаць, што разарванне распачатай справы адбудзецца не па віне яго міласці нашага караля і не па нашай, яго паслоў, віне. Меч царскі, а шыі нашы. Мы гатовы за годнасць караля яго міласці галовы нашы скласці, каб не толькі Богу, які ведае пра ўсе, але і ўсяму свету была вядомая наша праўда і вашае вычварэнства. За яго непазбежна Божая помста вісіць над вамі. Таму хочам быць у вашага гаспадара і выконваць цалкам загад яго міласці нашага караля».

На тое Гарыхвостаў адказаў: «Немагчыма вам, вялікім паслам, у бліжэйшыя дні быць у царскай вялікасці. На наступным тыдні дапусціць вас да сваіх годных вачэй. А калі хацелі хутчэй быць у нашага гаспадара, чаму не прыехалі крыху раней?»

Яго міласць пан ваяводзіч віленскі зазначыў: «Калі б мы і раней прыехалі, хоць мы і цяпер не спазніліся, усё адно давялося б чакаць прызначанага дня. Нават, калі вы і кажаце пра ранейшую сустрэчу з вашым гаспадаром, яе належыць праводзіць акурат у той дзень, які пазначаны ў заключных запісах, за які і вашы паслы цалавалі крыж. Чаму вы займаецеся ашуканствам, спасылаецеся на набажэнства, не зважаючы на тое, што мы прыехалі раней за вызначаны час? Апрача таго, паводле нашых разлікаў і нашай язды, мы былі б тут у вас яшчэ раней на некалькі дзён. Але ваш Філон затрымаў нас у Вязьме прынамсі на тры дні. Мы нават хацелі насуперак яму ўзяць нашы вазы, усе рэчы і самастойна ехаць у сталіцу. Гэтаксама пасля Вязьмы нас наўмысна прымушалі далёка збочваць на частыя начлегі, каб нас і надалей даўжэй затрымаць у дарозе».

Прыставы адказалі: «Філон сцвярджае, што вас прыспешваў, але вы, вялікія паслы, ехалі павольна».

Прамовіў пан Вяжэвіч: «Ён бы засароміўся з-за сваёй хлусні, каб тут знаходзіўся».

Казлоўскі рэзка выказаўся на тыя словы: «Кажаце, што хацелі сесці на вашых коней і самастойна ехаць у сталіцу. Ды і цяпер хочаце самаўладна да гаспадара ехаць. Ня дапушчальна вам тут, у царстве нашага вялікага гасудара, такім чынам ездзіць. Гэта вам не ў Літве і не ў Польшчы!»

Адказаў яго міласць пан камянецкі з абурэннем: «Мы не халопы вашага цара, як вы! Мы вольны народ! Мы да вас прыехалі паводле ўласнай волі. Таму, калі не будзе ўсё зроблена ў прызначаны дзень, мы, сцяўшы нашыя вусны, хацелі б вольна ад’ехаць адсюль».

Казлоўскі паўтарыў, тое, што сказаў раней.

А яго міласць пан камянецкі адказаў яму: «Ты хоць ведаеш, што мне з табой наогул не выпадае размаўляць, бо ты мне ня роўня. Я вольны шляхціч, а вы — халопы гаспадарскія! Калі ты сядзеш тут, насупраць мяне, то гэта толькі з-за маёй чалавечнасці і майго высакародства! А за ваш падман, хлусню і непатрэбную валакіту, гатовы з табой і з кожным з вас сустрэцца па-за межамі пасольства і зброяй паквітацца. Зразумейце, кожнага з вас, хто сюды прыехаў, гатовы прымусіць шанаваць годнасць яго міласці нашага караля».

Казлоўскі адказаў: «Не той цяпер час, каб казаць пра асабістыя перавагі. Ты, Аляксандр, вельмі высокімі словамі прамаўляеш!»

Яго міласць пан ваяводзіч віленскі сказаў яму: «Ты, халоп, дурноцце кажаш!»

Гарыхвостаў прыкрываў свае паводзіны і словы хітрасцю. Гэтаксама Казлоўскі часта ўрываўся ў размову са сваёй грубасцю. Пасля гэтакага «ўшанавання» адышлі да сваіх ізбаў, якія знаходзіліся ў тым жа пасольскім двары.

Увечары, яго міласць пан камянецкі і пан Вяжэвіч сустрэліся ў яго міласці пана ваяводзіча віленскага і ўсё абмеркавалі паміж сабой.

Дваране яго міласці караля.

Пры яго міласці пану камянецкім прыяцелі, а пры яго міласці пану ваяводзічу віленскім слугі яго вялікасці за дваран былі.

Тут спіс усяго двара яго міласці.

Яго міласць пан Якуб Кароль Мадаленскі, войскі мсціслаўскі, дваранін караля яго міласці пры яго міласці ваяводзічу віленскім з Вялікага Княства Літоўскага.

Яго міласць пан Крэтоўскі пры яго міласці пану Камянецкім з Кароны.

Яго міласць пан Еранім Цехановіч, падсудак смаленскі, дваранін караля яго міласці з Вялікага Княства Літоўскага. Чэлядзі — 5. Коней — 8.

Яго міласць пан Масальскі, падстолій браслаўскі, дваранін караля яго міласці з Вялікага Княства Літоўскага. Чэлядзі — 5. Коней — 8.

Яго міласць пан Крыштоф Цеханавецкі, падстолій мсціслаўскі, дваранін караля яго міласці з Вялікага Княства Літоўскага. Чэлядзі — 5. Коней — 8.

Яго міласць пан Трэінскі, дваранін караля яго міласці з Кароны.

Яго міласць пан Глагоўскі, дваранін караля яго міласці з Кароны.

Яго міласць пан Галімскі, стольнік аршанскі, дваранін караля яго міласці з Вялікага Княства Літоўскага. Чэлядзі — 5. Коней — 7.

Яго міласць пан Гіроўскі, дваранін караля яго міласці з Кароны.

Яго міласць пан Мікалай Нерашынскі, падсудак рэчыцкі, дваранін караля яго міласці з Вялікага Княства Літоўскага. Чэлядзі — 5. Коней — 8.

Пан Ольштынскі, каморнік караля яго міласці.

Такім парадкам дваране караля яго міласці з Кароны і з Вялікага Княства Літоўскага былі ў рэестры.

Іншая асістэнцыя (суправаджэнне) яго міласці пана ваяводзіча віленскага.

Айцы Ордэна Ісуса Хрыста.

Айцец Тамаш Юргевіч.

Айцец Сімяон Пакулевіч.

Яго міласць пан Еранім Пястрэцкі, старэйшы слуга. Чэлядзі — 5. Коней — 6.

Яго міласць пан Пётр Юдзіцкі. Чэлядзі — 5. Коней — 6.

Яго міласць пан Гіларыуш Чыж. Чэлядзі — 5. Коней — 6.

Яго міласць пан Стафан Швяйкоўскі. Чэлядзі — 5. Коней — 6.

Яго міласць пан Аляксандр Прыстаноўскі. Чэлядзі — 4. Коней — 5.

Яго міласць пан Станіслаў Кошчыч. Чэлядзі — 4. Коней — 5.

Яго міласць пан Марцін Кошчыч. Чэлядзі — 4. Коней — 5.

Яго міласць пан Андрэй Дзевялтоўскі. Чэлядзі — 3. Коней — 4.

Яго міласць пан Крыштоф Міхалоўскі. Чэлядзі — 3. Коней — 4.

Яго міласць пан Андрэй Кмітавіч. Чэлядзі — 3. Коней — 4.

Яго міласць пан Ян Міланоўскі. Чэлядзі — 3. Коней — 4.

Яго міласць пан Ян Бярнацкі. Чэлядзі — 3. Коней — 4.

Яго міласць пан Казімір Корсак. Чэлядзі — 2. Коней — 3.

Яго міласць пан Ян Прушаноўскі, ротмістр пешы. Чэлядзі — 2. Коней — 3. Яго міласць пан Адам Ян Кражановіч. Чэлядзі — 2. Коней — 2.

Пан Якуб Кал, лекар.

Пан Захарыаш Шуле, цырульнік.

Кожны са слуг меў дадатковых коней і чэлядзь. На ўсіх дваран і ўсіх слуг выдаваўся аброк.

Моладзь.

Пан Мікалай Палубінскі, падскарбій і старшы пакаёвы.

Лукаш Длускі, канюшы.

Пан Імануэль Бжастоўскі.

Пан Ян Княжэвіч.

Пан Ян Дабашынскі.

Пан Траян Вайніловіч.

Пан Леў Дзюканіцкі.

Пан Аляксандр Пашкоўскі, шафар.

Пан Ежы Ятолд, станоўнічы.

Пан Ольбрыхт Празмоўскі.

Пан Габрыэль Піскун, кухмістр.

Пан Ян Вілканец.

Пан Казімір Казёл.

Пан Станіслаў Дзевялтоўскі.

Пан Мікалай Яновіч.

Пан Ян Станіслаў Станскі.

Пан Самуэль Яцыніч.

Пан Ян Раецкі.

Пан Ян Кошчыц.

Пан Пётр Рудаміна.

Пан Дамеры Француз.

Пан Стафан Дэмбінскі.

Пан Якуб Май.

Мелі пахолікаў: Канстанты Гратоўскі, Фрыдрых Ролехаус Шварц.

Піўнічы — Ян Колышка.

Мужыкоў — 4.

Халопаў у іх — 4.

Пяхоты — 60.

Сталовыя — 2.

Трубачы — 2.

Кравец і чэлядзь у яго — 2.

Кухоннай чэлядзі — 14.

Стаеннай чэлядзі — 33.

Кожнаму з маладых людзей на пару коней выдаваўся аброк, хаця іншыя і таго меней мелі. І на аднаго чалядніка выдавалася страва.

19 у панядзелак. Неўзабаве, як паны паслы наогул сышлі, прыставы прынеслі ад думных баяр грамату. Падчас уручэння граматы яны патлумачылі прычыны ўласных паводзінаў. Прыставы яшчэ раз паведамілі, што цар у тыя дні, напачатку посту, выконвае звычай сваіх продкаў. Ён прытрымліваецца царкоўных правілаў і не займаецца ані публічнымі, ані прыватнымі справамі. Ён цэлыя дні праводзіць у царкве, моліцца Богу са слязамі на вачах. Не апранае нават аздобленых сукняў, ходзіць у простым адзенні. Цалкам пакладаецца на Бога, таму нават ніводнаму чалавеку з думных баяраў, апрача спальнічых і акольнічых, да яго не дазволена хадзіць.

Яго міласць пан камянецкі мовіў да прыставаў:

— Скажыце думным баярам, няхай яны ад сябе цару б’юць чалом, каб нас неадкладна да цалавання сваёй рукі дапусціў.

Гарыхвостаў адказаў:

— Ніякай затрымкі з тэрмінамі і аніякага іх перагляду не будзе. Не адменіцца тое, у чым вашы вялікія паслы і нашы ў Палянаўцы крыж цалавалі. Калі цар завяршыць багамолле, ён выканае ўсё неабходнае і сваёй душой замацуе.

Сказаў яго міласць пан Камянецкі:

— Мы, паслы, нібы мяхі, што ў нас пакладзена, тое і нясём. Таму, канечне, патрабуем, каб папярэднія запісы былі выкананы неаспрэчна. Вашым голым сло­вам пра тое, што цар абяцае праз думных баяр выканаць усё своечасова, верыць небяспечна. Вы маеце камісарскую прысягу і запісы. Нельга ўсё адкладаць на прызначаны дзень прысягі, бо перад гэтым належыць яшчэ абгаварыць некаторыя артыкулы. Мы павінны ўжо раніцай быць у вашага цара. Калі ад яго асабіста пачуем, што з-за набажэнства зараз не можа ўсё неабходнае здзейсніцца і будзе адкладзена на пэўны час, мы будзем давяраць царскім словам і будзем мець цвёрдае пацвярджэнне добрага пачатку.

Масква была нібы замерзлая і не ўспрымала тыя цвёрдыя аргументы, якія часта паўтараліся.

Сказаў яго міласць ваяводзіч віленскі:

— Учарашні дзень стравілі і сённяшні дзень марнуеце, сеўшы на беспадстаўныя і смеху вартыя показкі. Нічога новага нам не прынеслі, толькі з тым набажэнствам на пляц выязджаеце, аб чым вам яшчэ ўчора дастаткова запярэчылі. Лепей будзьце з намі шчырымі. Каб скончыць пустыя спрэчкі, коратка і зразумела скажыце нам: «Не можа быць ніяк, як толькі царскай вялікасці будзе воля».

Затым запатрабавалі ад баяр канкрэтнага вуснага адказу ці пісьмовай граматы і з тым адышлі.

Іх міласці паны паслы дамовіліся міжсобку, калі ім дадуць адказ, вусны або пісьмовы, праз грамату, то яны на іх таксама будуць пісьмова адказваць. Спыніліся на тым, што і аб чым будуць пісаць у адказ.

Грамата думных баяраў да іх міласці паноў паслоў.

Вялікага валадара цара і вялікага князя Міхаіла Фёдаравіча, усяе Русі самадзержца і многіх дзяржаў гаспадара і ўладальніка, яго царскай вялікасці баяры, думныя людзі загадалі нам гаварыць.

Загадвалі раней вялікі валадар наш, яго царская вялікасць, нам, баярам, дум­ным людзям, каб вам быць у яго царскай вялікасці для завяршэння пасольства ва ўстаноўлены тэрмін —10 лютага. У той дзень вялікі васпан наш, яго царская вялікасць планаваў вечны мір замацаваць сваёй валадарскай душою, граматай і пячаткай.

І мы, царскай вялікасці баяры, думныя людзі, вам, вялікім паслам, тое аб’яўляем, што вялікі валадар наш, яго царская вялікасць, з братам сваім, з вялікім гаспадаром вашым, Уладзіславам, каралём польскім і вялікім князем літоўскім, братэрства, сяброўства і шагаванне будзе мець. І вечны мір сваёй гасударавай душой, граматай і пячаткай зацвердзіць паводле таго, як ободва вялікія паслы дамовіліся. І перагляду пасольскіх дамоў з яго, царскай вялікасці, боку ні ў чым не будзе.

Аднак у той абумоўлены тэрмін — 10 лютага — вам у яго царскай вялікасці быць немагчыма і таго завяршэння нельга давесці да канца, таму што пачаўся посны час, першы тыдзень Вялікага посту.

І ў той першы тыдзень, ён, вялікі васпан, а таксама і мы, царскай вялікасці думныя баяры, і ўсе людзі, у той першы тыдзень посцім, гавеем і ачышчаемся постам, малітваю і слязамі на працягу ўсіх дзён, як завяшчалі святыя апосталы і святыя айцы. І перамяніць тое ніякімі мерамі немагчыма.

У тыя дні не толькі хроснага цалавання наш вялікі гасудар здзейсніць не можа, нават выхаду яго царскай вялікасці да баяраў не бывае. І баяры да яго, уладара, не ходзяць, і вачэй яго валадарскіх не бачаць. І дбаюць у тыя дні аб душэўных дабрадзейных справах.

І таму ў той дзень — 10 лютага — вам нельга быць каля яго царскай вялікасці. Таксама немагчымае падпісанне таго вечнага міру на першым тыдні, як і вялікага валадара нашага замацавання яго гаспадарскай душой.

А на наступным тыдні, вы, каралеўскай вялікасці вялікія паслы, у вялікага валадара нашага, у яго царскай вялікасці, на пасольстве будзеце. І справы іх дзяржаўныя, і пасольскі дагавор пачнеце рабіць паводле іх, валадароў, загадзе і пасольскай дамове, і вечнаму міру. І парушэнняў у тым паміж вялікімі васпанамі, і перашкод для іх брацкай дружбы і любові, не будзе аніякімі спосабамі.

А абодва вялікія паслы, будучы на з’ездзе, той тэрмін запісалі, не ўгледзеўшы таго, што той час прыпадае на першы тыдзень посту. І за такі кароткі тэрмін мірнай дамовы і вечнага сяброўства здзейснена не будзе.

А тое, што вы, вялікія паслы, казалі прыставам, то вялікі валадар наш, яго царская вялікасць, не дазваляе вам у той дзень быць на пасольстве. А калі вы, сеўшы на коней, паедзеце да вялікага ўладара нашага самі, без указу, то вас нікуды не пусцяць. І тое нанясе шкоду завяршэнню пачатай справы і падпісанню мірнай дамовы, і тады мір не ў мір будзе.

А ў мірнай пасольскай дамове запісана, што вялікім валадарам быць у брацкім сяброўстве і любові, і садзейнічаць усяму лепшаму. А калі здарыцца якаянебудзь сварка паміж дзяржавамі, адшукваць яе прычыны і ўсё мірна ўладжваць. А вы хочаце нанесці шкоду мірнай дамове. І мы, царскага вялікасці баяры, усімі тымі словамі вельмі здзіўлены, і што вы, вялікія паслы, кажаце такія непрыстойныя словы. Яны не спрыяюць брацкаму сяброўству, любові і вечнаму міру паміж вялікімі васпанамі. Зусім не выпадае вам прыязджаць да вялікага ўладара нашай дзяржавы і чыніць самавольства.

А загадалі вам казаць усё для таго, каб вы засвоілі, што правілы святых апосталаў і святых айцоў не парушаюцца аніякімі чалавечымі новаўвядзеннямі. А вы кажаце, што вашых людзей з двара не выпускаюць. Але ў Маскоўскай дзяржаве так павялося не нова, а з даўніх часоў. Твой, Казімір Львовіч, бацька, ваявода віленскі і гетман Леў Іванавіч Сапега ў Маскоўскай дзяржаве з пасольствамі бываў, і неаднаразова. І яго, з яго людзьмі, гэтак жа аберагалі, як і вас цяпер. Ніхто вас не няволіць, харчавання вам пастаўляюць дастаткова і корму коням даюць у поўнай меры.

Вы кажаце, што вам стаяць цесна, але тое па вашай віне. Бо вы загадзя не даслалі спісаў, колькі з вамі людзей будзе. Мы не чакалі такой колькасці людзей з вамі, а цяпер, па ўказу царскай вялікасці, загадана даць вам новыя памяшканні.

А тое, што вы хочаце пайсці самавольна, дык тое вам зрабіць не дазволяць. Вы сваёй упартасцю зняславіце сябе. Мы вам, вялікім паслам, нагадваем, што вам, без загаду царскай вялікасці на пасольства не варта ехаць і не ганьбіць сябе тым.

А мы жадаем мець паміж вялікімі васпанамі брацкага сяброўства і любові, а вам, вялікім паслам, — усякага дабра!

Аніякай даты і подпісаў у той грамаце не было.

Адказ ад іх міласці паноў паслоў.

Ад найсвяцейшага і вялікага гаспадара Уладзіслава Чацвёртага, Божай лас­кай караля польскага і вялікага князя літоўскага і іншых, шведскага спадчыннага караля, ад нас, каралеўскай вялікасці вялікіх паслоў, адказ яго царскай вялікасці баярам і думным людзям.

Дасылалі надоечы праз дваран царскай вялікасці, князя Міхаіла Казлоўскага і Грыгорыя Гарыхвостава і іншых, да нас грамату вашую. У ёй даяце нам адказ на абгрунтаванае наша патрабаванне, каб вы прытрымліваліся дамоўных запісаў, здзейсненых паміж вялікімі пасламі абодвух валадароў і змацаваных хросным цалаваннем. Мы настойліва і неадкладна патрабуем, каб вялікі валадар і вялікі князь Міхаіл Фёдаравіч, цар усяе Русі, тую добрую справу ў прызначаны тэрмін сваімі валадарскімі скрэпамі, названымі ў запісах, замацаваў і зацвердзіў.

А вы той тэрмін на няпэўны час пераносіце, спасылаючыся на пост і набажэнства, чаму мы моцна здзіўляемся. Бо вашыя паслы на Палянаўцы не пярэчылі і ні ў чым не перасцерагалі, хоць сярод іх былі разумныя людзі, у тым ліку і духоўныя асобы.

А цяпер, калі мы прыехалі ў зацверджаны тэрмін, вельмі непрыстойна ўсё адкладаць, спасылаючыся на вялікі пост. Неабходна заключыць мір дзеля ўсіх нашых шырокіх зямель і народаў, над якімі ўладараць нашы васпаны. Бо справядлівая прысяга нікога не апаганіць, наадварот, — яна ачышчае і робіць Богу любым. Пра гэта сведчыць і Святое Пісанне, дзе гаворыцца: «Будуць пахвалены ўсе, якія на маё імя прысягаюць». Добрая справа ачышчацца постам і слязамі перад Царом Нябесным, але яшчэ лепш — здзейсніць прысягу і добрым пацвярджэннем спыніць праліццё крыві хрысціянскай, якой гэтак шмат і на працягу столькіх гадоў лілося! Злітуйся, Божа, над намі!

Пішаце пра тое, што мы непрыстойна і настырна дамагаемся таго, каб ехаць да вашага ўладара. Абвінавачваеце ў тым, што мы такім учынкам разрываем мірны пакт і прыязнасць. Пакідаем тое на ваш розум і ўсяго свету, хто з нас прыстойна паступае — мы ці вы? Мы прыехалі ў тэрмін і вам нагадваем аб тым, што прыйшоў час прысягі. Хіба ваша праўда, што не хочаце ў абумоўленыя тэрміны выканаць дагаворныя запісы і здзейсніць прысягу!? І пры гэтым пагражаеце нам нейкім сорамам, якога мы не баімся! Пакуль жыць будзем, наш гонар пры нас будзе! А калі міжнароднае і пасольскае права нас у вас не абароніць, гатовыя памерці за нашу праўду і за гонар найсвяцейшага гаспадара нашага і за гонар мілай Бацькаўшчыны, маці нашай!

А вам будзе заслужанае пакаранне ад Госпада Бога, які праўду любіць. І ад караля яго міласці пана нашага і ад усяго свету вам будзе пагарда, пра што час пакажа. Не тое мы спадзяваліся сустрэць у вас, братоў нашых, калі ехалі сюды з добрымі і канкрэтнымі намерамі!

Зыходзячы з нашых пасольскіх абавязкаў і прыстойнасці, мы павінны ўвесь час пра ўсё паведамляць каралю яго міласці і дзяржаве. А такое ваша з намі абыходжанне не толькі каралю яго міласці і нашай Бацькаўшчыне, але і ўсім іншым хрысціянскім манархам паказвае, як вы на справе выконваеце запісы і прысягі перад суседзямі.

Нас вы не напалохаеце вашымі пагрозамі і не адвернеце ад нашай праўды і абавязкаў! За іх мы гатовыя памерці! Але не толькі мы памром, але і вашы вялікія паслы ў Польшчы таксама памруць! Таму было б лепш, каб вы, браты нашы, білі чалом вялікаму гаспадару свайму. Каб добрая справа не пагоршылася і каб нашы дзяржавы адпачылі пасля доўгіх войнаў і намарна пралітай крыві. Каб ваш валадар уважыў вялікага гаспадара нашага, брата свайго, і пусціў да сябе нас, вялікіх паслоў найсвяцейшага караля яго міласці, у абумоўлены тэрмін для хроснага цалавання. А мы, агледзеўшы яго годныя царскія вочы і пацешыўшыся за здароўе яго ад імя караля яго міласці, з вуснаў яго валадарскіх пачуем, што цяпер, на гэтым тыдні, ён не зможа скончыць той вялікай справы. Тады мы, пачуўшы яго царскае запэўненне, некалькі дзён пачакаем. За гэты час з вамі, братамі нашымі, дамовімся аб іншых артыкулах. Мы будзем цярпліва чакаць прызначанага часу, каб добрую справу паставіць на трывалы падмурак. А інакш, што гэта за пэўнасць, якую вы нам на словах абяцаеце. І як верыць вашым словам, калі запісы вечнага міру і моцная прысяга вамі ламаецца!?

Пішаце таксама, што замыканне паслоў і пасольскіх людзей — даўні звычай у Маскве. А у нас, вольных людзей, — гэтак не прынята! А калі так у вас, то і ў нас з вамі ў будучыні таксама паступяць.

Кармоў і пражытку нам таксама не даяце ўдосталь. Палова нашых людзей і коней — галодная. Але мы царскага дабра не хочам выкарыстоўваць, дайце нам толькі свабоду купляць тое, што нам трэба. Мы прыехалі ў якасці вялікіх паслоў ад гаспадара нашага, караля яго міласці, да вялікага ўладара і цара з вялікай справай, таму не маглі ехаць у меншай колькасці. Але тут, разам з холадам церпім і голад. Больш за палову нашых людзей жывуць на марозе, без хат і без дроў. Не так у нас з вашымі пасламі абыходзяцца.

А затым, вам баярам, думным людзям, жадаем вялікага дабра!

Гэты адказ, а таксама наступныя, іх міласці паны паслы адправілі без подпісаў. А для таго, каб думныя баяры іх лепей зразумелі і дакладна ўсё прачыталі, напісалі іх на рускай мове.

Увечары прыставы прынеслі панам паслам грамату ад думных баяр. Яна была наступнага зместу:

«Вялікага валадара цара і вялікага князя Міхаіла Фёдаравіча, усяе Русі самадзержца і многіх дзяржаў валадара і ўладальніка, яго царскай вялікасці баяры, думныя людзі, загадалі прыставу князю Міхаілу Казлоўскаму з таварышамі гаварыць да вас, вялікіх паслоў.

Аб’яўляем вам, што вам, вялікім паслам, у вялікага валадара нашага, цара і вялікага князя Міхаіла Фёдаравіча, усяе Русі самадзержца, на першым тыдні Вялікага посту быць нельга. Вечнага міру царскай вялікасці на першым тыдні замацаваць аніяк нельга. Нават мы, царскай вялікасці баяры і думныя людзі, у тыя дні ў яго царскай вялікасці не бываем і вачэй яго валадарскіх не бачым.

Вы нам пераказалі праз прыставаў, што гатовыя быць у яго царскай вялікасці на пасольстве і заключыць вечны мір у іншы дзень. Цяпер мы вам, вялікім паслам, аб’яўляем, што на гэтым першым тыдні ніякім чынам немагчыма быць у яго царскай вялікасці. На наша прашэнне, вялікі валадар наш, яго царская вялікасць, загадвае вам, вялікім паслам, быць у яго на пасольстве ў бліжэйшую нядзелю.

Паводле цяперашняй хрысціянскай грэцкай веры, у дні посту зусім не варта вырашаць ніякія пытанні. У царскай вялікасці на гэтым тыдні і страва бывае не заўсёды.

Таму нагадваем вам, братам нашым, пра шанаванне. Просім не ўпадаць у роспач з-за таго, што некаторы час не зможаце бачыць яго царскай вялікасці і не зможаце быць у яго да нядзелі. Не прадпрымайце ніякіх недружалюбных крокаў і нічога дрэннага не задумвайце з-за таго, што ваша пасольства не пачнецца да нядзелі.

Мы вам, вялікім паслам, аб’яўляем і сведчым душамі нашымі, што ў вялікага валадара нашага, яго царскай вялікасці, няма ніякіх дрэнных думак і не будзе. У хуткім часе, праз некалькі дзён, абавязкова будзе падпісаны пасольскі дагавор і вечны мір паміж вялікімі васпанамі.

І спадзяёмся на ласку Божую, што паміж вялікімі васпанамі нашымі братэрскае сяброўства і шанаванне пачнуць множыцца. Таксама і мы, царскай вялікасці баяры і думныя людзі, паводле яго царскага загаду, будзем з вамі ў братэрскім сяброўстве і згодзе.

І жадаем вам усякага дабра».

20 у аўторак запусны. Адказна выконваючы ўласныя абавязкі, іх міласці паны паслы на працягу ўсіх дзён, ад моманту прыезду ў сталіцу, турбавалі дум­ных баяраў праз прыставаў, каб яны свайму гаспадару білі ад сябе чалом і прасілі, каб ён выканаў заключныя запісы і прысягу камісараў, зробленую ў Палянаўцы. Каб нічога не ламаў і ўсё ўчыніў у адпаведнасці з дамоўленасцямі, зафіксаванымі ў запісах. Каб не парушыў дня сваёй прысягі.

І ў гэты дзень паслы настойліва дамагаліся і выказвалі поўную гатоўнасць ехаць да замка. Нават коні былі гатовы. Яны, аднак, бачылі, што маскавіты ўпарта настойваюць на сваім, спасылаюцца на богаслужэнні, аб чым пісалі ў іх граматах. Выніку не ўдавалася дасягнуць, па-ранейшаму давялося заставацца замкнёнымі.

Маскавіты паставілі каля брамы ўзмоцненую варту, а двор наўкола акружылі стральцы.

Прыставы ўбачылі, што ў двары коні асядланыя і іх трымаюць напагатове конюхі. Яны зразумелі, што намерваліся зрабіць паны паслы. Таму прыставы прыйшлі да іх міласці паноў паслоў і папрасілі, каб коней рассядлалі. Яны запэўнівалі ад імя думных баяраў і хрысціліся, што ў наступную нядзелю, пасля завяршэння набажэнстваў, іх міласці паны паслы будуць дапушчаны да цара і ўсё адбудзецца ў адпаведнасці з заключнымі запісамі.

Частымі просьбамі прыставаў, а дакладней, упартасцю таго народа, іх міласці паны паслы былі змушаныя чакаць да нядзелі. Інакш, на жаль, не атрымлівалася, пачынаць рабіць нешта гвалтам не ўяўлялася магчымым.

Атрымаўшы, нарэшце, згоду паноў паслоў, прыставы падзякавалі ім і адышлі. Яны селі на свае вазы і накіраваліся да думных баяраў са справаздачай аб тым, што зрабілі.

Пасля абеду, калі іх міласці паны паслы сабраліся ў пана ваяводзіча віленскага, зноўку прыйшлі прыставы і падзякавалі ад імя думных баяраў за тое, што іх міласці не імкнуцца перашкаджаць набажэнству і далі згоду чакаць да нядзелі, як іх папрасілі. Прыставы ад імя думных баяраў абяцалі, што ўжо ў нядзелю іх міласці паны паслы змогуць убачыць царскія вочы. Ад імя цара абяцалі, што паведамяць каралю яго міласці, што перанос дня заключэння мірнага пакта абумоўлены выключна з-за набажэнстваў, а не дзеля нейкіх іншых прычын.

Распавядалі прыставы, што цар загадаў, каб іх міласці панам паслам давалі ўсё, паводле іх патрэбаў, нават звыш нормы. Сапраўды, неўзабаве прывезлі яшчэ 5 вазоў сена.

У той жа дзень, падзівіўшы нас, маскавіты нарыхтавалі ацясанага дрэва, каб распачаць будоўлю. Зараз жа паставілі зрубы чатырох будынкаў, апрача перакрыццяў, печаў і вокнаў. А таксама пабудавалі насціл, для большай зручнасці, паміж ізбамі пана ваяводзіча віленскага і пана камянецкага.

21 у сераду. Да іх міласці паноў паслоў прыйшлі прыставы і ад імя самога цара запэўнілі, што ў наступную нядзелю яны будуць да яго дапушчаны, а потым, неўзабаве, заключныя запісы будуць усе цалкам выкананы. А паколькі прызначаны тэрмін крыху зрушыўся, абяцалі ад імя цара накіраваць аб тым грамату да яго міласці караля.

У ізбах, якія ўчора ўзвялі, зрабілі перакрыцці, паставілі вокны і печы. Цяпер у іх можна было жыць, толькі належала прапаліць, каб трохі прасушыць.

У той жа дзень прывезлі крыху лепшую посную ежу. Яна была больш якаснай, чымся тая, якую давалі ў дарозе.

Харчаванне. У адпаведнасці з маскоўскім спісам, напісаным прыставамі.

Паслам, тром чалавекам, па два крупчастыя калачы. Па хлябцу жытнім, доб­рым, белым. Па тры блюды пірагоў, ды па тры блюды аладак з цукрам.

Пану Мадаленскому па смятанным калачы, у рыдлёўку, ды па хлябцу белым на дзень.

Дваранам, дзесяці чалавекам, па хлебу капеечным, ды па тры калачы двухграшовыя чалавеку на дзень.

Пасольскім і дваранскім людзям, 489 чалавекам, па хлебу капеечным, ды па калачы трохграшовым.

Пітво.

Двум паслам па 10 чарак, трэцяму 8 чарак віна баярскага на дзень, гэта значыць, гарэлкі. Паслам усім тром па дзве кружкі раманеі або мальвазіі, па дзве кружкі мёду вішнёвага, па 2 кружкі мёду малінавага, па дзве кружкі мёду адборнага, па вядры мёду патачнага, з гваздзікамі або без гваздзік, як захочуць. Па вядры мёду цэжанаго, добрага, па два вядры піва добрага.

Каралеўскім дваранам, 11 чалавекам, па 6 чарак віна добрага, гэта значыць, гарэлкі, па кружцы раманеі або рэйнскага, па кружцы мёду адборнага, па дзве кружкі цэжанага добрага мёду, па дзве кружкі мёду княскага, добрага, па палове вядра піва добрага, чалавеку на дзень.

Ды людзям пасольскім і дваранскім загадана даваць, першага артыкула 155 чалавекам, па 6 чарак віна, па дзве кружкі мёду княскага, па дзве кружкі піва чалавеку на дзень.

А астатнім, 334 чалавекам, па 4 чаркі віна, па кружцы мёду, па кружцы піва чалавеку на дзень.

Паслам, тром чалавекам, на дзень у посныя дні жывой рыбы: 9 шчупакоў на пар і на колоткі, і для юшкі, 6 язёў, 24 акуні. Рыбы мёрзлай і прасоленай: 3 сцерлядзі на пар, чачугі; 3 ляшчы на пар; 3 звяны асятрыны; 3 звяны сёмгі, або добрай, белай; 3 звяны бялужыны, добрай; 3 звяны асятрыны, добрай; ды па два блюды ікры чорнай чалавеку на дзень.

Дваранам у посныя дні даваць: па грывенцы ікры чорнай чалавеку, або чырвонай шчупаковай, або сёмгавай, або асятрынай, на выбар, як яны захочуць. Па адным ляшчы, не вельмі вялікім, па два язі на пар, па два шчупакі свежыя для юшкі, па два звяны добрай асятрыны, па два звяны бялужыны на дзень.

Пасольскім і дваранскім людзям лепшым, 155 чалавекам. Двум чалавекам: па блюду свежай юшкі, па блюду прасоленай рыбы, добрай асятрыны, па блюду добрай бялужыны. А астатнім, 334 чалавекам, на два чалавекі: па блюду юшкі з свежай рыбы, па блюду асятрыны ці бялужыны.

Паслам з дваранамі і людзьмі ў посныя дні — чвэрць алею арэхавага, алею драўлянага, па вядры алею канаплянага, воцату 6 вёдраў, па 3 пуды солі, пуд патакі, чвэрць грачаных круп, чвэрць гароху, чвэрць пшанічнай мукі.

Паслам, двум чалавекам, шэсць васковых вітых свечак на дзень. Паслам з дваранамі і з людзьмі — па сто свечак сальных грашовых.

Цыбулі і часнаку паслам з дваранамі і з людзьмі па дзесяць алтын. А калі трэба звыш таго, то хай загадзя скажуць, колькі яшчэ не хапае.

Ім жа на дзень па пяцьдзясят качаноў белай капусты, або квашанай, як яны пажадаюць.

А купляць тое ўсё цалавальнікам і ў пасольскі двор прыносіць.

Конскі корм.

Паслам, дваранам і пасольскім людзям — 50 чвэрцяў аўса, ды па 50 вазоў сена, ды на ўсіх коней па 20 вазоў саломы на падсціл.

А купцам харчоў даваць не загадана.

А дроў даваць колькі трэба. А дровы прывозіць колатыя.

А на двары вогнішчаў не распальваць.

Усе тыя харчы для людзей і корм для коней былі, аднак, падзелены не аднолькава. Іх раздзялілі на дзве часткі. Адна частка дасталася пану камянецкаму, а дру­гая дасталася пану ваяводзічу віленскаму і яго міласці пану Вяжэвічу. У выніку, пан камянецкі атрымаў прапарцыйна значна большую частку харчоў і правізіі, чымся пан Вяжэвіч.

Гэтаксама ў пасольскі двор бесперапынна прывозілі ваду ў кадках і бочках. Халопы налівалі ваду ў кадкі, якія паўсюль стаялі. Вады мелі дастаткова.

22 у чацвер. Іх міласці паны паслы звярнуліся да прыставаў з просьбай, каб выдзелелі асобны двор для купцоў, якія прыехалі з пасольствам.

Прыставы адказалі:

— Немагчыма таму быць і раней гэтак не бывала.

У выніку, нам давялося па-ранейшаму стаяць у цеснаце.

23 у пятніцу. Да іх міласці прыйшлі прыставы і агучылі дакладны час, калі паслам належала ў наступную нядзелю вітаць цара. А менавіта, а пятай гадзіне дня. Гэтаксама запыталіся іх міласць паноў паслоў пра тое, ці маюць яны нейкія падарункі цару ад караля і ад сябе.

Яго міласць пан камянецкі адказаў:

— Тое праўда, што калі паслы ідуць да манархаў, то каб з большай удзячнасцю і цеплынёй быць прынятымі, прызвычаіліся прыносіць розныя падарункі. І мы тое б зрабілі. Але паколькі ўбачылі, што вашы паслы, якія ішлі да яго міласці караля, не везлі аніякіх падарункаў, мы гэтаксама не будзем падносіць цару падарункаў ад сябе і ад караля яго міласці.

На тое маскавіты нічога не адказалі, ці то нічога аб тым не ведалі, або наўпрост хітравалі.

Гарыхвостаў прамовіў:

— Хіба маглі нашыя вялікія паслы ехаць без падарункаў да каралеўскай вялікасці!?

Яго міласць пан ваяводзіч віленскі адказаў:

— Будзьце вы з намі шчырамі! Даведайцеся ў сваіх старэйшых, ці павезлі вашы паслы падарункі ад цара і ад сябе для караля яго міласці, пана нашага. Дайце нам дакладна ведаць пра тое і ад нас адразу пэўна пачуеце, ці паднясём мы цару падарункі ад сябе і ад караля.

Гэтаксама іх міласці паны паслы абмеркавалі з прыставамі, каб слугі паслоў гэтаксама мелі магчымасць цалаваць царскую руку. Прыставы паабяцалі данесці іх словы думным баярам.

Пасля ад’езду прыставаў да іх міласці паноў паслоў прыйшоў Гарыхвостаў і сказаў:

— Яго царская вялікасць, наш валадар, вас, вялікіх паслоў вялікага гасудара вашага, брата свайго, у любові прымаючы, дазваляе і вашым дваранам цалаваць яго царскую руку. І вялікі валадар наш, яго царская вялікасць і ўсе мы ведаем, што ў вас у Літве і Польшчы каля вялікіх паноў шмат пры вас жыве людзей першага артыкула. І дзяржаўныя людзі і баярскія сыны пры вас служаць. І ўсім ім вялікі валадар наш, яго царская вялікасць, са сваёй ласкі загадвае цалаваць руку і чалом яму біць. Але вы б, вялікія паслы, таго сцерагліся, каб царскай вялікасці не стала нудна, калі шмат людзей пойдзе да яго годнай рукі.

Убачылі іх міласці паны паслы, што іх хочуць дэскрыдытаваць, таму паабяцалі патрафіць цару, каб яму не стала прыкра.

24 у суботу. Прыставы прынеслі ад думных баяраў адказ на папярэдні запыт іх міласці паноў паслоў.

У ім гаварылася:

«Вялікага валадара цара і вялікага князя Міхаіла Фёдаравіча, усяе Русі самадзержца і многіх дзяржаў гаспадара і ўладальніка, яго царскай вялікасці баяры і думныя людзі — вялікага гаспадара Уладзіслава Чацвёртага, Божай ласкай караля польскага, вялікага князя літоўскага і іншых, вялікім паслам Аляксандру Песачынскаму, ваяводзічу віленскаму Казіміру Лявону Львовічу Сапегу, стольніку і пісару каралеўскаму Пятру Вяжэвічу.

Прыслалі да нас, царскай вялікасці баярам і думным людзям ліст у адказ на наш ліст, які мы паслалі вам з прыставамі.

У тым лісце вы напісалі вялікага валадара нашага, яго царскую вялікасць, найменнем без «самаўладца». Не паводле ягонай валадарскай вартасці, і не паводле мірнай дамовы, заключанай праз прысягу. Тым самым, вы чыніце парушэнне мірнай дамовы. Гэта вельмі значная справа — берагчы гонар валадара. І надалей вам бы вялікага валадара нашага, яго царскае найменне ў лістах сваіх пісаць і ў прамовах сваіх казаць ва ўсім згодна пасольскаму дагавору, з поўным царскім імем і «самаўладцам», пра што ободва вялікія паслы крыж цалавалі.

А калі вы, вялікія паслы, надалей пачнеце да нас у лістах сваіх пісаць ці ў прамовах казаць найменне вялікага нашага валадара не цалкам і без «самаўладца», мы такіх прамоваў вашых слухаць і лісты ад вас прымаць не будзем.

А гэтак, як вы напісалі да нас, баяраў і думных людзей, пра тое, то вы нас тым абняславілі. А мы гаспадара вашага называем ва ўсім паводле пасольскай дамовы і да вас у лісце нашым напісалі ветліва, а не ганарлівым звычаем і не ў чым вас не абняславілі.

А пісалі да вас, вялікіх паслоў, абвяшчаючы вам, што вам у вялікага гасудара, цара нашага і вялікага князя Міхаіла Фёдаравіча, усяе Русі самадзержца, у першы тыдзень святога Вялікага посту быць немагчыма. А вы да нас пісалі, каб вам каля царскай вялікасці быць на пасольстве ў дамоўлены тэрмін.

Але вечны мір можна заключыць і ў іншы дзень. І мы да вас, вялікіх паслоў, раней пісалі і цяпер гэтаксама аб’яўляем, што вялікі гасудар наш, яго царская вялікасць, загадвае вам, вялікім паслам, быць у яго, гаспадара, на пасольстве ў бліжэйшую нядзелю.

Ніякіх прыкрых і зневажальных слоў мы нідзе да вас не пісалі. А вы, вялікія паслы, пісалі да нас, царскай вялікасці баяраў і думных людзей, непрыстойным звычаем, з дакорам, і быццам мы пагражаем вам сорамам. І вы пішаце нам, што мы вас ад таго вашага жадання не адвядзём аніякімі нашымі пагрозамі. І што вы гатовыя за вашу праўду і памерці. Ды і то ўзгадваеце, што вы не адны памраце, але і царскага вялікасці паслы ў Польшчы.

І мы, царскай вялікасці баяры і думныя людзі, вас, каралеўскай вялікасці вялікіх паслоў, зараз ні ў чым не зневажалі, і з дакорам, і з пагрозамі да вас не пісалі. І прыставам ні ў чым ганьбіць вас словам і пагражаць вам не загадалі. І паміраць вам, абодвум паслам, няма чаго.

А напісалі мы, царскай вялікасці баяры і думныя людзі, вам у адказ на вашыя словы, якія вы, вялікія паслы, перадавалі нам праз прыставаў. Толькі вялікі гасудар наш, яго царская вялікасць, не загадае вам у той, раней агавораны дзень, быць на пасольстве.

І калі вы, сеўшы на коней, паедзеце да вялікага ўладара нашага самі, без указа, то вас не пусцяць. І будзе парушэнне дамовы аб вечным міры, як быццам бы з нашага боку, і мір будзе не ў мір. А ў мірнай пасольскай дамове напісана менавіта, што вялікім гаспадарам быць паміж сабой у брацкім сяброўстве і любові, і належыць шукаць паміж сабой лепшае. А калі і будзе якая-небудзь сварка паміж дзяржавамі, то разбірацца ў прычынах і вырашаць іх папраўдзе. А мірнай дамове парушэнняў не чыніць.

А вы сёння сваімі словамі самі хочаце ўчыніць парушэнне мірнай дамовы.

І, акрамя таго, вам, вялікім паслам, ніякай ганьбы і пагроз не пісалі.

Вы пісалі, быццам вялікіх паслоў трымаюць у няволі і замыкаюць іх, а таксама, што з боку царскай вялікасці ёсць пагроза вялікім паслам, што хочаце гэтаксама ўчыніць і нашым вялікім паслам. Жаліцеся, што вашым людзям холадна і голадна. Мы дзівімся з таго, што вы нам пішаце. Паводле царскага ўказу ў вас ва ўсім ёсць дастатак, хапае ежы для людзей і корму для коней, ніякай патрэбы і голаду няма.

Вы жаліцеся, што вам цесна стаяць. Але цесната ў вас з-за вас саміх. Вы ўзялі з сабой людзей не паводле дамовы і да таго ж доўгі час не дасылалі спісы.

Таму для многіх з іх не падрыхтавана жыллё. Дзяржавец Ян Крамянеўскі пісаў з Дарагабужа ў Вязьму да ваяводы, князя Пятра Пронскага, што з вамі будзе чатырыста пяцьдзясят чалавек. А цяпер з вамі вашых людзей больш за шэсць соцень чалавек. Цяпер нават не ведаем, як рэагаваць на ваш ліст і як успрымаць лісты вашых дзяржаўцаў?

Вялікі гасудар наш, нягледзячы на ўсё, па нашай просьбе, загадаў дадаць вам памяшканняў. Але калі б мы толькі ведалі, ці хоць бы нам напісаў дарагабужскі дзяржавец, што з вамі будзе столькі людзей, мы б да таго падрыхтаваліся. Бо і раней у тым пасольскім двары спыняліся вашы вялікія паслы, з якімі бывала чалавек па восемсот і дзевяцьсот, але цеснаты не адчувалі.

Калі вы здзяйснялі прысягу на з’ездзе з вялікім паслом яго царскай вялікасці, баярынам і намеснікам пскоўскім Фёдарам Іванавічам Шарамецьевым з таварышамі, вы дамовіліся і пісьмова выклалі, што абодвум вялікім паслам узяць з сабой з кожнага боку па дзвесце чалавек і па трыста коней. Вы і ліст аб тым ад сябе даслалі да вялікіх паслоў царскай вялікасці. Але ў тым вашым лісце нічога не гаварылася аб большай колькасці людзей, інакш бы мы загадалі загадзя падрыхтаваць двары і стварылі ўсялякі спакой для вас, нашмат лепш цяперашняга.

Усё здарылася па вашай віне. Вы ўзялі з сабой людзей больш, чым прадугледжвалася пасольскай дамовай. Вы не паведамілі пра гэта ў лісце дарагабужскага дзяржаўцы.

А голаду і недахопу ў ежы вам, вялікім паслам, каля царскай вялікасці няма. У дарозе заўсёды даюць бедны корм, а ў стане ўсё далі належным чынам.

А што пагражаеце таксама і нашым паслам чыніць, то вам варта ведаць — паслы царскай вялікасці прывыклі васпаноў сваіх слухаць. І як ім вялікі гасудар загадвае быць на пасольстве, гэтак яны і ўчыняць. І самавольна на пасольства, без загаду вашага гаспадара, не пойдуць.

Мы да вас пасылалі грамату таму, што вы самавольна хацелі ехаць да вялікага ўладара нашага, без загаду царскай вялікасці. І які вам у тым гонар, каб ехаць да царскай вялікасці без загаду!?

А няволі вам, вялікім паслам, у Маскоўскай дзяржаве няма ніякай. Вам бы, вялікім паслам, на тое не крыўдаваць і не трымаць у думках ніякіх сумневаў.

Дасць Бог, каля царскай вялікасці неўзабаве будзеце. І мірны дагавор, і прысяга, дасць Бог, здзейсняцца! І парушэння мірнай дамовы не будзе!

Мы хочам заўсёды бачыць паміж нашымі вялікімі васпанамі брацкую дружбу і любоў, больш чым паміж іншымі васпанамі!

А вам, вялікім паслам, жадаем усякага дабра!»

Даведаўшыся пра дакладны час свайго візіту да цара, іх міласці паны паслы, прапанавалі для абгаварэння з думнымі баярамі пункты, якія ніжэй апісаны.

1. Каб цар, пытаючыся пра здароўе караля яго міласці, устаў і шапку зняў.

2. Каб самі іх міласці паслы і іх людзі, падчас знаходжання ў цара і яго прывітання, мелі пры сабе збоку зброю.

3. Каб у момант запытання пра здароўе караля яго міласці, паслы перад царом не ўставалі і каб мелі на чым сядзець.

4. Каб з коней іх міласці паны паслы там злазілі, дзе раней злазілі паслы слаўнай памяці яго міласці, пана Льва Сапегі, ваяводы віленскага, гетмана Вялікага Княства Літоўскага, а таксама іншыя, што былі пасламі перад яго міласцю.

З тым прыставы ад’ехалі да замка.

Калі вярнуліся з замка, пайшлі да іх міласці паноў паслоў.

Ад імя думных баяраў да іх міласці паноў паслоў прамаўляў князь Казлоўскі:

— Першы ваш, вялікіх паслоў, быў артыкул аб тым, каб царская вялікасць устаў, пытаючыся пра здароўе каралеўскай вялікасці. І на тое вам, вялікім паслам, адказ. Вялікі гасудар наш, яго царская вялікасць у той момант сядзець будзе ў вянцы, гэта значыць, у кароне, паводле ранейшага звычаю. Карону нельга здымаць з галавы. Так у валадароў нашых вядзецца. Вас царская вялікасць будзе пытацца стоячы.

На другі артыкул адказ. Даўно ў Маскоўскай дзяржаве павялося, вялікім паслам ад вялікіх васпанаў каралёў польскіх і вялікіх князёў літоўскіх і ад іншых вялікіх васпаноў бываць каля царскай вялікасці без зброі. І сёння немагчыма змяніць ранейшых звычаяў.

На трэці артыкул адказ. Вялікі гасудар наш, яго царская вялікасць, слухаючы ваша пасольства, толькі сам можа праявіць ветласць да вас, і, аказваючы вам асаблівы гонар, можа загадаць вам сядзець.

А з коней вашых там злазце, дзе заўсёды вашы ранейшыя паслы злазілі, і твой бацюшка, Казімір Львовіч Сапега.

Выслухаўшы гэткія іх адказы, паны паслы доўга з імі гутарылі, асабліва адносна зняцця шабель.

Яго міласць пан камянецкі сказаў:

— Калі ў нас нехта забірае зброю з пояса, нібы рабро з боку дастае, бо гэта ёсць наш гонар. Сапраўды, раней нашы паслы бывалі ў вашых гаспадароў без зброі, але на той час нашы гаспадары не былі ў такой узаемнай міласці, як цяпер. На гэты час кароль яго міласць, пан наш міласцівы, хоча жыць з вашым гаспадаром у брацтве і праз нас яго хоча ў тым запэўніць. Слушна было б, каб нашы шаблі былі пры нас, як знак прыязнасці нашага гаспадара да вашага, а таксама як сімвал нашай гатоўнасці ў момант патрэбы аказаць дапамогу вашаму гаспадару.

На тое настойлівае патрабаванне паслы атрымалі катэгарычную адмову:

— Нельга вам, вялікім паслам, каля царскай вялікасці з шаблямі быць. Так было паводле ранейшых звычаяў, гэтак і зараз будзе.

Яго міласць пан ваяводзіч віленскі сказаў ім:

— Калі ваш гаспадар учыніць нам такую знявагу, то аніякім чынам і аніякай узнагародай потым нам таго не верне. Нават найвялікшай ласкай сваёй да нас. Гэта гонар наш, бо шабляй наш народ здабываў вольнасці свае. Шабляй абараняем годнасць яго міласці караля, пана нашага, а таксама годнасць тых гаспадароў, якія знаходзяцца з нашым каралём у сяброўстве і брацкай любові. Данясіце нашы словы думным баярам, братам нашым, каб яны пазбаўленнем нас шабель не выказвалі нечуванай для нас знявагі.

Адказаўшы прыставам, іх міласці паны паслы накіраваліся да сваіх харомаў.

Увечары прыставы прыйшлі ад думных баяраў з такой рэзалюцыяй:

— Перадалі мы вашу, вялікіх паслоў, прамову думным баярам, каб вам дазволена было знаходзіцца каля царскай вялікасці на пасольстве з шаблямі. І загадалі вам даць адказ, што і вам самім, і вашым дваранам, і нікому іншаму з вашых людзей нельга быць з шаблямі. Бо так павялося ў Маскоўскай дзяржаве.

Іх міласці паны паслы адказалі:

— У такім разе мы раніцай не паедзем, бо вы нам, паслам, не аказваеце належнага гонару, не прымаеце зусім слушных думак.

Маскавіты адказалі:

— Калі вы, вялікія паслы, заўтра не жадаеце бачыць царскіх годных вачэй, кажыце апошняе слова, а мы баяраў аб тым апавясцім.

Яго міласць пан ваяводзіч віленскі адказаў:

— Мы хочам быць у вашага цара, калі нам не будзеце забараняць таго, што мы патрабуем.

Але намарна іх міласці паны паслы шпурлялі гарох аб сценку. Бо прыставы з чым прыйшлі, з тым і адышлі.

Першы прыём у цара.

25 (лютага) у панядзелак. У прызначаны час прыехалі прыставы, разадзетыя ва ўрачыстае адзенне, з пазалотай. Тыя расшытыя золатам дарагія касцюмы яны, мабыць, атрымлівалі з царскай казны, выкарыстоўваючы іх толькі падчас сустрэч з пасламі і на прыёмах у цара.

Прыставы паведамілі паслам, што наспеў час выязджаць на прыём да іх манарха. Паслы да таго часу былі гатовыя неадкладна садзіцца на коней і ехаць у Крым-горад (Крэмль).

Паслоў у дарозе суправаджалі слугі — два дзякі і дваране, а таксама прыставы: два з правага боку і адзін — з левага. Іх міласці паны паслы ехалі ў сярэдзіне. За пасламі рухаліся маладыя людзі. Падарункі везлі ў канцы. З абодвух бакоў, пачынаючы ад пасольскага дома і да самага Крамля, падводы з падарункамі ахоўвала пяхота.

У Крамлі паслоў сустракалі стральцы, ушыхтаваныя ў некалькі шэрагаў. Ззаду іх, шчыльна адзін каля другога, стаялі людзі, узброеныя шаблямі і самапаламі. Простых людзей, мужчын і жанчын, якія выйшлі паглядзець на паслоў, таксама сабралася вялікае мноства. Частка людзей стаяла на зямлі, іншыя ўзлезлі на верхавіну царквы і на дахі дамоў.

Іх міласці паны паслы і ўсе нашы людзі, якія суправаджалі паслоў, лічылі, што ў такой сітуацыі зняць з сябе шаблі перад уездам у Крэмль і застацца цалкам не ўзброенымі, было б неразумна. Таму кожны з нашых людзей меў пры сабе схаваную зброю.

Калі вялікія паслы заехалі ў Крэмль, яны ўбачылі царскіх слуг, якія сядзяць каля ганка. Слугі цара знаходзіліся і паблізу царквы.

Іх міласці паны паслы сышлі са сваіх коней ва ўстаноўленым месцы, там, дзе звычайна і іншыя паслы спускаліся са сваіх коней.

Калі паслы падымаліся па сходах, іх з двух бакоў суправаджалі прыставы. Яго міласць пан Сапега ішоў у сярэдзіне, справа ад яго знаходзіўся пан Песачынскі, а пан Вяжэвіч ішоў з левага боку, як яму і належала хадзіць. Пан Казлоўскі рухаўся з цяжкасцю і відавочна перашкаджаў паслу пану Песачынскаму. Пасол звярнуўся да Казлоўскага, каб той ішоў наперад або стаў ззаду яго. Казлоўскі з-за свайго прыроджанага гонару і ўпартасці не жадаў саступаць. Нарэшце пан Песачынскі не стрымаўся і прыгразіў яму:

— Калі і далей, халоп, станеш мне замінаць, будзь упэўнены, дам табе так, што паляціш да д’ябла. Зусім не пагляджу на тое, што мы накіраваліся да цара.

І моцна адштурхнуў Казлоўскага ад сябе.

Гонар саслужыў злую службу Казлоўскаму. Жадаючы захаваць твар і гонар, ён прапанаваў:

— Хай Казімір Львовіч ідзе наперадзе, а мы разам за ім.

Пан Сапега адказаў яму:

— Ты замахнуўся на вялікую справу, каб Сапега хадзіў прад табою! Ты не толькі дарэмна пра гэта сказаў, але і дарма нават падумаў так. Узваж добранька, ці варты ты наогул размаўляць з Сапегам, а тым больш церціся аб яго бок! І зусім неймаверна, каб ты пасмеў загадваць мне! Будзе правільна, калі ты пойдзеш напе­радзе нас, як і прыстала хадзіць прыслузе.

Калі паслы пераадолелі ганак і ўвайшлі ў дзверы першага палаца, іх сустракалі: дваранін і князь Афанасій Рыгоравіч Казлоўскі, дзяк Калістраці Анкіфіеў.

Дзяк Анкіфіеў, сустрэўшы паслоў, звярнуўся да іх:

— Вялікі гасудар, цар і вялікі князь Міхаіл Фёдаравіч, самаўладца ўсёй Русі, гаспадар і ўладальнік многіх дзяржаў, аказвае гонар брату свайму, вялікаму ўладару Уладзіславу Чацвёртаму, каралю польскаму, вялікаму князю літоўскаму і іншых зямель. Ён загадаў сустракаць вас, вялікіх паслоў, князю Афанасію Рыгоравічу Казлоўскаму і мне, дзяку Калістрату Анкіфіеву.

У сярэдзіне ізбы вялікіх паслоў з такімі ж словамі, але больш коратка, сустракаў князь, стольнік і дваранін Юрый Пятровіч Буйносаў-Растоўскі і дзяк Іван Фёдараў. У ізбе ў вялікім ліку сядзелі дваране, або баяры, апранутыя ў златаглавыя муфты і ў чорна-бурых шлыках.

Калі паслы ўвайшлі ў трэція дзверы палаца, які называецца Гранавітая пала­та, дзе ў той час ужо сядзеў цар, іх сустрэла трэцяя пара маскавітаў — дваранін і князь Іван Пятровіч Буйносаў-Растоўскі, старэйшы, і дзяк Грыгорый Волкаў. Яны, як і ранейшыя сустракаючыя, прамовілі арацыі (урачыстыя гаворкі).

Першымі ў палату ўвайшлі слугі паноў паслоў і сталі з двух бакоў. Верагодна, раней у Маскве існаваў звычай, паводле якога слугі ўваходзілі ў хату пасля паслоў. У той палаце ў некалькі шэрагаў, на спецыяльна пабудаваных лавах, сядзелі маскоўскія баяры. Некаторыя з людзей, якія там знаходзіліся, былі вельмі маладыя.

Палата нічым не абабіта. Усе сцены і скляпенне ў ёй размаляваныя. Падлога не ўся, а толькі паблізу цара, засланая дыванамі.

Цар сядзеў на троне, майстэрскай разьбяной працы, які быў размаляваны золатам. Манарх быў апрануты ў багатае адзенне, аздобленае дарагім жэмчугам і каштоўнымі камянямі. У правай руцэ ён трымаў скіпетр. На галаве ў цара ўзвышаўся вянок, гэта значыць, высокая карона. Яблык ляжаў каля цара.

Да трона вялі чатыры вялікія прыступкі, якія цягнуліся вакол усёй палаты. Яшчэ тры маленькія прыступкі знаходзіліся вышэй. Па іх трэба было ўсходзіць непасрэдна да трона, пераадолеўшы спачатку вялікія прыступкі.

Перад царом, у непасрэднай блізкасці ад яго, знаходзіліся чатыры маладыя целаахоўнікі (custodies corporis). Яны былі ў белых дамаставых накідках, падшытых гарнастаямі, а таксама ў шламовых шлыках з рысі. Кожны з іх быў накрыж перапаясаны залатымі ланцугамі. На рамянях яны трымалі барты, апраўленыя ў залацістае срэбра.

Увайшоўшы ў Гранавітую палату, іх міласці паны паслы спыніліся ў некалькіх кроках ад трона. Яны знялі галаўныя ўборы.

Першым пачаў прамаўляць пан Аляксандр Песачынскі, камянецкі кашталян. Ён зрабіў наступную прамову:

— Божай ласкай найяснейшы і вялікі гаспадар Уладзіслаў Чацвёрты, кароль польскі, вялікі князь літоўскі, рускі, прускі, жамойцкі, мазавецкі, кіеўскі, валынскі, падольскі, смаленскі, падляшскі, чарнігаўскі, полацкі, віцебскі, мсціслаўскі, інфлянцкі, эстонскі і іншых, а таксама шведскі, гоцкі і вандальскі дзедзічны кароль, князь фінляндскі і іншых яго каралеўская міласць. Табе, вялікаму ўладару, цару і вялікаму князю Міхаілу Фёдаравічу, усяе Русі самадзержцу, уладзімірскаму, маскоўскаму, наўгародскаму, цару казанскаму, цару астраханскаму, цару сібірскаму, гаспадару пскоўскаму і вялікаму князю цвярскому, югорскаму, пермскаму, вяцкаму, балгарскаму і іншых; гаспадару і вялікаму князю Ноўгарада, Нізоўской зямлі, разанскаму, растоўскаму, яраслаўскаму, белазерскаму, удорскаму, абдорскаму, кандзійскаму і Северскага боку; уладару і гаспадару Іверскай зямлі, карталінскіх, грузінскіх цароў і Кабардзінскай зямлі, чаркаскіх і горскіх князёў і іншых многіх дзяржаў гаспадара і ўладальніка, тваёй царскай вялікасці, брату свайму, добрага здароўя, добрых думак і прыязнасці ва ўсіх добрых справах сардэчна жадае і перадае праз нас, вялікіх паслоў.

Першы прыём у цара.

25 (лютага) у панядзелак. Цар устаў з трона, але кароны з галавы не зняў. Ён спытаў пра здароўе караля яго міласці наступнымі словамі:

— Брат наш, Уладзіслаў кароль, ці здаровы?

Яго міласць пан Песачынскі адказваў:

— Божай ласкай кароль наш на Польскім каралеўстве і іншых гаспадарствах шчасліва пануе. У добрым здароўі ён адправіўся ў горад Гданьск.

Затым іх міласці паслы ўтрох надзелі назад галаўныя ўборы.

Пан Песачынскі, камянецкі кашталян, зноў пачаў гаварыць. Але ён вымавіў толькі некалькі слоў, як яго перапыніў пячатнік Іван Тарасавіч Грамацін. Ён не дазваляў гаварыць далей, пакуль іх міласці паслы не здымуць галаўных убораў.

Пан Песачынскі адказваў яму:

— Я ўмею шанаваць яго царскую вялікасць. Мы здымалі шапкі, калі пералічвалі яго тытулы. Але цяпер іх не знімем, паколькі я надзелены годнасцю нашага караля. Хоць я паважаю яго царскую вялікасць, як брата нашага караля. Але не больш і не шырэй.

Пячатнік Іван Грамацін адказаў на словы пана Песачынскага наступным чынам:

— Тым і царскую вялікасць, гаспадара нашага, і свайго гаспадара не паважаеце. Бо вы ад асобы вашага гаспадара да асобы нашага вялікага гаспадара кажаце.

Адказваў яму пан Песачынскі:

— Калі б я ад свайго імя і са сваімі патрэбамі прыехаў да яго царскай вялікасці, я б не толькі шапку зняў, але і размаўляў бы з вашым гаспадаром на адлегласці. Але, будучы вялікім паслом такога вялікага гаспадара, інакш не магу паступаць.

Пячатнік Іван Грамацін сказаў:

— Бывалі мы і іншыя нашы паслы не адзін раз у Літве. Мы ведаем, як старанна аберагаюць гонар вашага гаспадара: звяртаюцца да яго, зняўшы галаўныя ўборы. Такім жа чынам і тут трэба паступаць. Тут, у нашага вялікага гаспадара, яго царскай вялікасці, бываюць паслы цара рымскага, турэцкага, нямецкія, ангельскія, персідскія і іншых навакольных гаспадароў паслы. Яны, заўсёды зняўшы шапкі, звяртаюцца да яго царскай вялікасці. Ды і твой бацька, Казімір Львовіч, не аднойчы бываў тут паслом і перад ранейшымі царамі, светлай памяці, шапкі на галаву ніколі не клаў. Ён добра ведаў, як трэба спраўляць пасольства. І Збароўскі, і Міхайла Гарабурда, і іншыя ранейшыя паслы тут бывалі, а такой ганьбы нашым гаспадарам не чынілі.

Адказваў яму пан Сапега, віленскі ваяводзіч:

— Я не быў, але захаваліся помнікі і запісы.

Пячатнік Іван Грамацін, аднак, пярэчыў Сапегу, а затым і наогул не дазволіў яму гаварыць. Ён нагадаў паслам:

— У мірных дагаворах, у заключных запісах, прысягай нашых і вашых вялікіх паслоў на Палянаўцы змацаваных, дзе і ты сам быў, пан камянецкі, менавіта запісана, што з двух бакоў ва ўсім варта засцерагаць гонар вашага і нашага гаспадара. А вы, вялікія паслы, парушаеце мірны дагавор, не жадаеце таго аберагаць і вялікім гаспадарам у тым ганьба ад вас робіцца.

Адказваў яму пан Песачынскі:

— Нідзе не пазначана, што паслы польскага караля, адпраўляючы пасольства, павінны здымаць шапкі. Не ўпершыню мне бываць паслом і да іншых манархаў, роўным царскай вялікасці. Нідзе мы не здымалі шапак пры адпраўленні пасольстваў, паколькі прадстаўлялі годнасць яго міласці нашага гаспадара і выконвалі яго волю.

Пячатнік Іван Грамацін не здолеў пераканаць паслоў і прымусіць іх зняць шапкі. Ён падышоў да цара, трохі з ім пашаптаўся і зноў звярнуўся да паслоў:

— Вы, вялікія паслы, не са звычаем, а да звычаяў прыехалі на дабро. Дык рабіце гэтак, як у Маскоўскай дзяржаве прынята.

Адказваў яму яго міласць пан Песачынскі:

— Мы бачым тут усіх у шапках, хто сядзіць і хто стаяць. Па ўсім відаць, і нам не варта здымаць галаўных убораў.

На яго словы пячатнік Іван Грамацін заўважыў:

— Пра паслоў я кажу. Ім належыць без шапак да царскай вялікасці прамаўляць. А мы прамовы вашыя і пасольства слухаць не будзем, калі шапак не знімеце.

Яго міласць пан Песачынскі адказваў яму:

— Паколькі вы не жадаеце выслухоўваць нашы прамовы, мы, засведчыўшы сваю пашану Богу, цару нябеснаму, а затым яго царскай вялікасці, ад’едзем у сваю Бацькаўшчыну. Не нашага караля і не наша віна будзе ў тым, што будзе разарвана добрая справа, добра і шчасліва пачатая.

Пячатнік Іван Грамацін змоўк, пачуўшы тыя словы. Ён падышоў да цара і пашаптаўся з ім. Затым пячатнік зноў звярнуўся да паслоў і ўжо не так настойліва, але запатрабаваў зняць шапкі.

Вялікія паслы звярнуліся да прыставаў. Праз іх да думных баяраў пра тое ж гаварылі. Баяры не пярэчылі паслам, але прыставы не пагаджаліся.

Іх міласці паны паслы заявілі ў прысутнасці цара.

— Наша вера больш годная, чым ваша. Не прыстала нашаму народу слухаць пустых слоў і бяссэнсіцы.

Пячатнік Іван Грамацін адказаў на тое паслам:

— Вялікія паслы валадара нашага, яго царскай вялікасці, якія паехалі да вашага гаспадара, маюць ад царскай вялікасці такі загад, каб усё рабіць паводле ўказу вашага гаспадара. Але калі вы гэтак робіце, то і мы ў наступны раз будзем паступаць падобным чынам.

Адказваў яму пан Песачынскі:

— Хіба ў шапках мы пазбаўляемся галоў, як вы мяркуеце.

Пячатнік Іван Грамацін ўбачыў, што не можа дамагчыся свайго. Ён пагадзіўся, сказаўшы:

— Кажыце.

Іх міласці паны паслы паведамілі ўсё, што жадалі. Яны не здымалі шапак, за выключэннем выпадкаў, калі згадвалі імя караля ці цара.

Вялікія паслы паспяхова адправілі пасольства.

Яго міласць пан Аляксандр Песачынскі, камянецкі кашталян, сказаў такую прамову:

— Па волі і дабраславенні Госпада Бога, у руках якога знаходзіцца мір і вайна, пасля працяглых баталій і багатага праліцця хрысціянскай крыві, вялікія паслы з абодвух бакоў, падчас сустрэчы на рацэ Палянаўцы, змаглі дамовіцца аб міры. Настаў час вечнай дружбы паміж вамі, вялікімі гаспадарамі, і вечная згода паміж вашымі дзяржавамі. З двух бакоў вечны мір быў змацаваны хросным цалаваннем.

Наш пан, яго міласць найяснейшы кароль, мае звычку цвёрда трымаць сваё слова і захоўваць веру, за што Гасподзь Бог аберагае яго ад усялякіх непрыяцеляў. Наш кароль заўсёды памятае і клапоціцца аб тым, каб нядаўна падпісаны дагавор і ўсе яго артыкулы бездакорна выконваліся. Такога ж разумення ён хоча і ад цябе, вялікага гаспадара і цара, вялікага князя Міхаіла Фёдаравіча, усяе Русі самадзержца. Наш кароль разлічвае, што і ты будзеш моцна трымацца дамоўленасцей і выконваць прынятыя рашэнні.

Яго міласць кароль прыслаў нас сюды, сваіх вялікіх паслоў ад Польскай Кароны і Вялікага Княства Літоўскага з тым, каб мы паведамілі, па-першае, пра прыемныя жаданні і ахвоту жыць у дружбе і міры, і, па-другое, давесці да ладу добрую і вялікую справу.

Мы прыбылі ў тэрмін, прызначаны вашымі вялікімі пасламі, гэта значыць, да 20 лютага, згодна з рымскім календаром. Мы гатовыя былі ў абумоўлены дзень паўстаць перад табой, вялікім гаспадаром, адправіць наша пасольства і змацаваць вынікі дамоўленасцей. Але твая царская вялікасць была занята святым постам і духоўнымі зносінамі з нябесным царом. Таму прыём нашага пасольства адклалі на больш позні тэрмін, пра што нам паведамілі баяры, думныя людзі.

Цяпер мы паўсталі перад тваёй царскім вялікасцю, каб ты пацвердзіў і пагадзіўся моцна трымацца тых артыкулаў і дамоўленасцей, якіх дасягнулі вялікія паслы і змацавалі іх хросным цалаваннем.

Няхай Гасподзь Бог дабраславіць пачатую добрую справу, злучыць вашыя сэрцы, вялікіх гаспадароў, невымернай і несмяротнай славай! Няхай Гасподзь Бог аб’яднае вас брацкім сяброўствам! Няхай Гасподзь Бог прывядзе вашы вялікія дзяржавы да згоды! Няхай Гасподзь Бог цвёрда злучыць вашыя рукі ў барацьбе з паганымі! Няхай злучыць вашыя сілы на застрашванне ўсяго астатняга свету!

Наш пан, найяснейший кароль, ад усёй душы і ўсяго сэрца жадае вечнай дружбы і міру.

Затым яго міласць пан Казімір Лявон Сапега, віленскі ваяводзіч, адправіў пасольства наступнай прамовай:

— Найяснейшы і вялікі гаспадар Уладзіслаў Чацвёрты, Божай ласкай кароль польскі, вялікі князь літоўскі, рускі, смаленскі, чарнігаўскі і іншых, дедзічны кароль шведскі і іншых. Табе вялікаму валадару і цару, вялікаму князю Міхаілу Фёдаравічу, усяе Русі самадзержцу і многіх дзяржаў гаспадару і ўладальніку загадаў сказаць.

Гасподзь Бог, у руках якога знаходзяцца сэрцы васпаноў і ўся ўлада над імі, схіліў сэрца нашага гаспадара да вечнага міру. Наш кароль прагне спыніць страшнае кровапраліцце паміж вашымі дзяржавамі, хоча ўсталяваць брацкія адносіны з табой, вялікім гасударам, царом і вялікім князем.

Дзеля надзейнай згоды і дружбы, ён гатовы добраахвотна пайсці на саступкі, абмежаванні сваіх правоў і ўладанняў, якімі Гасподзь Бог узнагародзіў яго. Як праўдзівы гаспадар, ён умее трымаць сваё слова, за што атрымлівае Божае дабраславенне і падтрымку ў барацьбе з ворагамі і ў перамогах над імі.

Наш кароль хоча, каб Польскае Каралеўства і Вялікае Княства Літоўскае жылі ў вечнай дружбе і міры з Маскоўскай дзяржавай.

Наш гаспадар мяркуе, што ты, вялікі гаспадар, і твае нашчадкі, жадаеце моцна трымацца тых артыкулаў і пагадненняў, аб якіх дамовіліся вялікія паслы і змацавалі свае дамоўленасці хросным цалаваннем з абодвух бакоў.

Падчас мінулай сустрэчы каля ракі Палянаўкі вялікія паслы дамовіліся аб міры, дружбе і вечным адзінстве паміж вамі, вялікімі гаспадарамі. У заключных актах вялікія паслы запісалі, што вы, вялікія гаспадары, тыя іх рашэнні аб вечным міры сваім хросным цалаваннем узмоцніце і замацуеце.

З мэтай усталявання дружбы, братэрства і вечнага міру, вашы вялікія паслы ўзялі некаторыя артыкулы і ўмовы на даклад табе, вялікаму гаспадару і цару, да цяперашняга моманту, часу хроснага цалавання.

Найяснейшы гаспадар наш, Уладзіслаў Чацвёрты, Божай ласкай кароль польскі, вялікі князь літоўскі і іншых, наш міласэрны пан, даслаў нас, вялікіх паслоў, да цябе, каб замацаваць дасягнутыя дамоўленасці, прыйсці да канчатковай згоды і паспяхова завяршыць добрую, шчасліва распачатую справу.

Яго міласць пан Вяжэвіч сказаў такую прамову:

— Найяснейшы і вялікі гаспадар Уладзіслаў Чацвёрты, Божай ласкай кароль польскі, вялікі князь літоўскі, рускі, смаленскі, чарнігаўскі і іншых, шведскі дедзічны (спадчынны) кароль і іншых. Табе, вялікаму гаспадару, цару і вялікаму князю Міхаілу Фёдаравічу, усяе Русі самадзержцу і многіх дзяржаў гаспадару і ўладальніку, загадаў сказаць: «Вам бы, вялікаму валадару і вялікаму князю Міхаілу Фёдаравічу, усяе Русі самадзержцу, загадаць баярам сваім з панамі каралеўскай вялікасці, вялікімі пасламі, дамовіцца аб тых артыкулах, якія раней былі адкладзеныя, і далажыць вам, вялікім гаспадарам. А дамовіўшыся, загадаць бы свой гаспадарскі запіс у пасольскую заключную грамату слова ў слова запісаць. І тое, пра што цяпер сумесна дамовімся, прапісаць, пячатку прыкласці і сваім гаспадарскім хросным цалаваннем перад намі, вялікімі пасламі, замацаваць. І паводле ўсяго таго, як у канчатковых запісах напісана будзе, тое няхай будзе і выканана».

Па здзяйсненні пасольства іх міласці паны паслы ішлі да царскай рукі. Яго міласць пан Аляксандр Песачынскі, кашталян камянецкі, перш за ўсё, аддаў у рукі цара крэдэнс (грамату) ад караля. Цар у той момант трымаў у правай руцэ скіпетр. Ён пераклаў жазло ў левую руку, а правай рукой узяў крэдэнс.

Яго міласць, пан Казімір Сапега, ваяводзіч віленскі, свядома не пацалаваў царскай рукі, а толькі дакрануўся да яе чалом. Калі ён адыходзіў ад цара, той спецыяльна выцягнуў руку і доўга трымаў яе. Цар лічыў, што адбылася памылка. Ён убачыў, што Сапега не звяртае на яго ўвагі і не збіраецца цалаваць рукі. Цар паклікаў да сябе пячатніка Івана Грамаціна і ціха паведаміў яму:

— Сапега не цалаваў рукі.

Пячатнік Іван Грамацін падышоў да віленскага ваяводзіча і спытаўся ў яго:

— Львовіч, чаму не цалаваў валадару рукі, як гэта зрабіў твой таварыш, пан Песачынскі. Не паводле звычаю падыходзіш да царскай вялікасці.

Адказваў пан Сапега:

— Я дастаткова выказаў гонару яго царскай вялікасці, калі галавой аддаў яму мой паклон. Я гатовы заўсёды паважаць яго царскую вялікасць.

Ён стаў на сваё месца і не думаў аб паўторным цалаванні царскай рукі.

Пячатнік Іван Грамацін убачыў, што не дачакаецца ад Сапегі цалавання царскай рукі. Ён паклікаў, паводле напісанага рэестра, пана Вяжэвіча, а затым іншых дваран, пасольскіх слуг.

Пакуль адбывалася тая цырымонія прывітання цара, іх міласці паны паслы сядзелі на лаве, якая для іх ласкава была прынесена.

Калі ўсе пацалавалі царскую руку, пячатнік Іван Грамацін ад імя цара спытаў паслоў пра іх здароўе. Іх міласці паслы адказалі, што здаровыя. Тое ж ён пытаўся і ў дваран. І яны гэтаксама адказалі. Цар аддаў каралеўскую грамату пячатніку. Ён, не спяшаючыся, чытаў перад імі.

Затым перайшлі да падарункаў. У той час, калі адпраўлялася пасольства, частка падарункаў знаходзілася ў сенцах, а іншыя — на падворку. Пячатнік Іван Грамацін па рэестры агучваў:

— Вялікаму гаспадару, яго царскай вялікасці, ад каралеўскай вялікасці вялікі пасол Аляксандр Песачынскі чалом б’е: конь кары турэцкі з караманскай паро­ды; шабля, рубінамі і бірузой упрыгожаная; камень рубінавы; гадзіннік з золата і крышталю; медны таз аўстрыйскай працы з налівачкай (рукамыйніца); залацісты аўстрыйскі кубак.

Вялікаму гаспадару, яго царскай вялікасці, ад каралеўскай вялікасці вялікі пасол Казімір Львовіч Сапега чалом б’е.

Такія ж словы пячатнік прамаўляў кожны раз перад уручэннем падарункаў панамі-дваранамі. Ён пералічваў назвы падарункаў па рэестры.

Ад яго міласці пана Сапегі, ваяводзіча віленскага: карэта ў чырвоным аксаміце, уся пакрытая золатам і срэбрам; да той карэты прыкладаецца шэсць выдатных гнядых коней, сярод якіх — два турэцкія кані. Вупраж аксамітная чырвоная, з залацістым срэбрам. Камень алмазны. Вялікі гадзіннік з выявай Уваскрэсення і механізмам унутры, які сам грае. Гадзіннік з боем.

Ад яго міласці пана Вяжэвіча, мсціслаўскага стольніка: турэцкі каштанавы конь з усёй збруяй, упрыгожанай дарагімі камянямі і рубінамі, з гусарскім сядлом, з аксамітнай папонай, вышытай золатам. Шэсць глядых неапалітанскіх коней. Г адзіннік аўстрыйскай працы.

Ад яго міласці пана Мадаленскага, мсціслаўскага войскага, двараніна караля яго міласці: кары конь, неапалітанскай пароды, з усім гусарскім рыштункам.

Ад яго міласці пана Крэтоўскага, двараніна караля яго міласці: шэсць пазалочаных кубкаў.

Ад яго міласці пана Цехановіча, смаленскага падсудка і двараніна: гняды турэцкі верхавы конь; залаты ланцуг з кольцаў.

Ад яго міласці пана Масальскага, подстольнічага браслаўскага і двараніна. Пярэсты конь, упрыгожаны на казацкі манер, з усім рыштункам. Чарка з меднай падстаўкай, з залацістага срэбра.

Ад яго міласці пана Цеханавецкага, мсціслаўскага подстольнічага і двараніна. Гняды верхавы конь. Пара пісталетаў у пальмавай аправе, да іх кабура з зялёнага аксаміту, упрыгожаная золатам.

Ад пана Трэцінскага, двараніна: шэсць срэбных залацістых кубкаў.

Ад пана Галімскага, аршанскага стольніка і двараніна: белы турэцкі конь са збруяй і сядлом, апраўленымі золатам.

Ад пана Гіроўскага, двараніна: залацістая шабля, упрыгожаная каштоўнымі камянямі.

Ад пана Нерашынскага, рэчыцкага падсудка і двараніна: верхавы валашскі конь з сядлом; сядло ўпрыгожана каштоўнымі камянямі, а таксама пазалочаныя страмёны, пазалочаны палаш і серабрыстыя павады.

Ад пана Пястрэцкага, старэйшага слугі ваяводзіча віленскага: залацістая шабля, апраўленая дарагімі камянямі.

Ад яго міласці пана Банецкага, прыяцеля Песачынскага: турэцкі конь з пазалочанай збруяй.

Затым пячатнік Іван Грамацін падышоў да паслоў і сказаў ім:

— Вялікі гаспадар, цар і вялікі князь Міхаіл Фёдаравіч, усяе Русі самадзержац, выслухаў грамату ад вялікага гаспадара вашага, свайго брата. Яна спадабалася яго царскай вялікасці і нам, баярам, думным людзям. Дасць Бог, у хуткім часе адбудзецца добрая справа. Яго царская вялікасць змацуе хросным цалаваннем вечны мір.

Пан Аляксандр Песачынскі адказваў:

— Просім яго царскую вялікасць сказаць нам, ці хутка тая вялікая справа здзейсніцца. Хай яго царская вялікасць загадае дваранам дамовіцца з намі за гэты час пра некаторыя артыкулы.

Пячатнік Іван Грамацін адказваў:

— Іншым часам будзе тое вам абвешчана праз прыставаў. А цяпер едзьце да пасольскага двара. Царская вялікасць узнагароджвае вас сваім абедам і кубкам віна.

Паслы селі на сваіх коней і ў суправаджэнні прыставаў паехалі да свайго двара. Праз некаторы час да іх прыехаў князь Фёдар Сямёнавіч Куракін, стольнік. З ім прыбылі каля трохсот чалавек, якія даставілі ежу і пітво.

Стольнік Куракін накіраваўся да пана Песачынскага. Каля дзвярэй ён спыніўся. Пасол Песачынскі прапанаваў яму:

— Гавары, што хацеў сказаць.

Куракін адказваў:

— Калі прыбудзе Казімір Львовіч Сапега, тады і буду гаварыць.

Пан Песачынскі паслаў па Сапегу і звярнуўся да Куракіна:

— Зараз прыйдзе пан Сапега, тады скажаш, што павінен сказаць нам.

Калі прыйшоў пан Сапега, стольнік Куракін вымавіў сваю прамову:

— Вялікі гаспадар, цар і вялікі князь Міхаіл Фёдаравіч, усяе Русі самадзержац і многіх дзяржаў гаспадар і ўладальнік, вам, вялікім паслам вялікага гаспадара і брата свайго, пасылае свой пачастунак і кубак віна праз мяне, стольніка.

Куракін загадаў накрыць стол цяжкім абрусам. На яго паклалі тры лыжкі, але не паставілі ні адной талеркі. Стольнік выпіў спачатку гарэлкі, а затым некалькі келіхаў віна (малмазіі) за здароўе цара. Паслы Аляксандр Песачынскі і Казімір Сапега прапанавалі тосты за здароўе караля.

Стольнік Куракін вымавіў:

— З двух бакоў усё складваецца належным чынам. Паміж нашымі васпанамі ўсталёўваецца любоў і братэрскае сяброўства.

Затым стольнік прапанаваў выпіць за здароўе караля. Калі пан Песачынскі прапанаваў стольніку выпіць і за баяраў, той адмовіўся. Ён папрасіў не крыўдзіцца, паколькі паводле пратаколу яму трэба было выпіць яшчэ за царскіх дзяцей.

Пра кожную страву і напой, што падаваліся да стала, паведамляў дзяк. Ён стаяў ззаду стольніка і зачытваў іх назвы па рэестры. Калі прыбіралі адну страву, на яе месца ставілі другую. Пан Сапега распарадзіўся нічога з тых страў і напояў не браць да сябе ў двор. Але слугі пана Песачынскага, страціўшы сорам, развалакалі іх па сваіх пакоях. Маскавіты потым не маглі сабраць сталовых прылад. Многія з дробных прыбораў зусім зніклі. Пра гэта потым паведамілі пану Сапегу. Слуга пана Песачынскага прыходзіў да старэйшага слугі пана Сапегі і прасіў паслаць частку страў і напояў да двара свайго гаспадара. Старэйшы слуга, пасля ўказання пана Сапегі, перадаў для Песачынскага стравы і напоі.

Неўзабаве стольнік Куракін пакінуў паслоў. Прыставы і дваране праводзілі яго дадому.

26 у панядзелак. Да паслоў прыйшлі прыставы. Ад імя думных баяраў яны папрасілі, каб паслы ўчарашнія іх прамовы перадалі ім у пісьмовым выглядзе. Паколькі гэта не супярэчыла пасольскім звычаям, паслы загадалі напісаць іх прамовы па-руску і перадаць баярам.

З тымі ж прыставамі паслы дамовіліся, каб думныя баяры ў дакладзе да цара выклалі дыскусійныя артыкулы. Паслы таксама прасілі дазволіць нашым людзям свабодна хадзіць паўсюль, дзе спатрэбіцца. Акрамя таго, паслы прасілі вылучыць прыстава, які б суправадзіў іх слугу да стольніка. Паслы хацелі паднесці стольніку падарункі за працу і намаганні. Прыставы абяцалі неўзабаве даставіць ім адказ ад думных баяраў.

У той жа дзень былі ўзведзены тры хаты для размяшчэння пасольства, а таксама збудаваныя стайні, або шопы, для коней. Па старым звычаі купцы таксама размясціліся з намі ў адным двары. Паслы не змаглі дамовіцца аб адмысловым двары для купцоў.

У гэты дзень усе пачалі ўсведамляць памылку пана Сапегі, які адмовіўся ўчора цалаваць царскую руку.

Пячатнік Іван Грамацін яшчэ тады адзначыў:

— Не паводле звычаю падыходзіш да царскай вялікасці.

Другі пасол адрэагаваў на словы пячатніка пытаннем:

— Ці годныя мы наогул таго, каб цалаваць руку такому вялікаму манарху!?

Пан Сапега тады не чуў слоў пана Песачынскага. Пану Сапегу аб пярэчаннях

Песачынскага пазней паведамілі яго людзі, якія чулі тыя словы.

Пан Сапега перад сваімі людзьмі настойваў, што абодвум паслам не прыстала цалаваць царскай рукі, паколькі цар з’яўляўся непрыяцелем іх караля і яшчэ не прынёс прысягі на дружбу і вечны мір.

Пан Сапега хадзіў да пана Песачынскага і абвінавачваў яго ў здрадзе. Па сло­вах Сапегі, той заслугоўваў смерці, разам з яго жонкай і дзецьмі. Пан Песачынскі апраўдваўся, казаў, што ён выканаў сумесныя дамоўленасці і таксама не цалаваў царскай рукі. Але калі б так было, то цар паказаў бы яму на гэта.

Пан Песачынскі аспрэчваў усе абвінавачванні на яго адрас у здрадзе і выказаў гатоўнасць адразу ж вярнуцца ў сваю Айчыну і даць пра ўсё справаздачу. Пан Сапега ў запале абвінавачванняў прапусціў міма вушэй усе апраўданні пана Песачынскага.

27 у аўторак. Прыйшлі прыставы і паведамілі адказ на ўчарашнія просьбы паслоў.

«Прыстава ды стольніка не можна вам, вялікім паслам, даць. У нас так вядзецца: стольніка ўзнагароджваюць у тую пару, пакуль ён сам ад паслоў не адыдзе. А калі ён ужо вярнуўся да царскай вялікасці, нельга яму без царскага ўказання нічога ад паслоў прымаць. Таму прыстава вам не будзе».

Пан Песачынскі адказваў на гэта:

— Грубыя ў вас звычаі. Не паважаеце знакамітых асоб. Заўсёды было прынята, каб паслы дарылі падарункі важным людзям, хай не адразу, але на наступную раніцу або праз некалькі дзён. Не ўзнагароджваць жа нам неадкладна людзей нізкага саслоўя, напрыклад, конюхаў! Мы хацелі б захаваць пасольскія звычаі і выказаць нашу чалавечую павагу да намаганняў стольніка, аддзячыць яму за працу. Аднак вам гэта здаецца няправільным.

Гарыхвостаў сказаў:

— Думныя баяры з вамі, вялікімі пасламі, не абмеркавалі няўзгодненых артыкулаў таму, што наступілі посныя дні. З-за гэтага ўсё адклалася.

Пан Сапега адказаў яму:

— Альбо вы нашых прамоў не перадаеце баярам, альбо яны вядуць з намі несумленную гульню, не жадаюць нас разумець і ствараюць непатрэбныя затрымкі. Нам абяцалі, што нашы людзі і купцы змогуць бесперашкодна хадзіць паўсюль, дзе пажадаюць, а вашы людзі змогуць наведваць пасольскі двор без усялякіх перашкод. Але замест гэтага, нас па-ранейшаму трымаюць пад замком. Не толькі ў вялікіх, але і ў малых рэчах кожны, хто пажадае, можа ўбачыць падступства і хітрасць вашага народа.

Гарыхвостаў адказваў:

— Пан Казімір! Ні адно ваша слова, якое вы нам кажаце, не забываецца намі. Мы ўсё даносім думным баярам. Нашы галовы для таго, каб мы запаміналі ўсё, што ад вас пачуем. Адносна таго, што вашых людзей не выпускаюць за сцены пасольскага двара, дык мы вас папярэджвалі, што будзеце бачыць толькі царскія вочы. Пра тое, каб быў царскі ўказ на бесперашкодны выхад вашых людзей і купцоў у горад, то гэты артыкул будзем абмяркоўваць з думнымі баярамі.

Пан Песачынскі дадаў:

— Неабходна, каб загадалі вывезці гной і адходы з пасольскага двара, бо паўсюль стаіць невыносны пах і цесната.

Прыставы абяцалі неадкладна вывозіць адходы з пасольскага двара.

Паслы таксама паведамілі прыставам, што хочуць паслаць ганца да караля. Для ганца неабходна вылучыць прыстава, які б бяспечна правёў яго да мяжы. Прыставы абяцалі прынесці адказ.

Пасля апоўдня прыставы прыйшлі да іх міласцяў паслоў і паведамілі, што яны данеслі баярам праблемы, якія абгаворваліся раней. Ад імя баяраў перадалі, што тыя абяцалі неўзабаве ўсё вырашыць з іх міласцямі пасламі. Праўда, дакладны час не акрэслілі.

Пра свабодны выхад з двара паведамілі, што з наступнай раніцы брама будзе адчынена і ўсе могуць вольна хадзіць і што трэба купляць або прадаваць. Але запатрабавалі, каб нашы не хадзілі вялікімі гурбамі, што можа прывесці да сутычак з мясцовымі людзьмі.

Не забаранілі даць прыстава для ганца, але толькі на той перыяд, калі ганец будзе вяртацца ад яго міласці караля. Як яны самі прызналі, ганца затрымаў вяземскі ваявода і паведаміў пра яго цару, каб валадар даў наконт ганца далейшыя ўказанні. Каб не затрымка, ганец быў бы ўжо ў Маскве на мінулым тыдні. Маскавіты і самі дзівяцца, чаму гэтак доўга ганец не вяртаецца. Спадзяёмся, аднак, што вечарам або раніцай ганец прыбудзе. Але думныя баяры паставілі пад сумненне тое, што ганца адразу праводзяць да пасольскага двара.

Пяць чацвярцей аўсу і столькі ж вазоў сена паступіла ў належным парадку. Гэтаксама паабяцалі, што ў выпадку патрэбы мець нешта дадаткова, цалкам задаволяць усе патрэбы.

Збудавалі чатыры клеці для купцоў і дзве каплічкі для набажэнства.

28 (лютага) у сераду. Пачалі выпускаць нашых з двара, апрача дробнай чэлядзі. За кожным з нашых хадзілі стральцы. Як мы заўважылі гэта, нам было спачатку вельмі прыкра. Але потым, калі нашы хадзілі да крамаў, то ўбачылі злодзеяў, якія там хадзілі натоўпамі. Там на іх няма аніякай управы. Яны толькі і чакаюць, каб нешта скрасці, якую вопратку ўхапіць ці нават рукаў ададраць. Менавіта стральцы, убачыўшы іх каля нашых, кіямі іх адагналі. Невядома, як яны іх распазнаюць, паводле якіх прыкметаў. Маскавіты нам патлумачылі, што ахова і нагляд за намі прыстаўлены якраз для таго, каб абараніць ад злодзеяў і розных непрыемнасцей.

Нам дазвалялася вольна выходзіць ад восьмай гадзіны да дзвюх гадзін дня. У нядзелю дазвалялася, каму трэба было, вольна выходзіць раней і вяртацца пазней.

З лістамі караля яго міласці прыехаў пасланнік з Дарагабужа Грабоўскі, за якім маскавіты накіроўвалі ганца.

Калі прыйшлі прыставы, іх міласці паны паслы размаўлялі з імі пра нявырашаныя пытанні, моцна дзівіліся з упартасці думных баяраў. Абураліся тым, што патрэбных рэчаў не толькі не скончылі, але нават і не прыступалі да іх.

Прыставы, не называючы пэўнага часу, абяцалі ад імя думных баяраў, што ў хуткім часе пачнуцца перамовы, а цар сваіх хросным цалаваннем зацвердзіць пастановы.

Прыставы гэтаксама абяцалі перадаць баярам клопаты, выказаныя пасламі.

III

Сакавік 1635 года.

1 у чацвер. Прыйшлі прыставы да іх міласцяў паноў паслоў і папрасілі пера­даць ім спіс купецкіх тавараў, які іх міласці абяцалі ім прадаставіць.

Іх міласці паны паслы абгаварылі з прыставамі ўмовы вызвалення нашых вязняў з палону. Прыставы адказалі, што тых, каго затрымалі звычайным парад­кам за дробныя парушэнні, хутка адпусцяць. Тых жа, каго адправілі ў вязніцы паводле загаду валадара, будуць надалей трымаць, а затым моцна іх пакараюць.

У той жа дзень персідскі пасол прыехаў да сталіцы. Загадана яму спыніцца ў Белым горадзе ў Ізмайлавым двары.

2 у пятніцу. Іх міласці паны паслы часта нагадвалі думным баярам пра пунк­ты, аб якіх яшчэ не была дасягнута згода. Нарэшце, праз прыставаў баяры перадалі іх міласцям панам паслам, каб у чатыры гадзіны апоўдні паводле іх часоўніка, гэта значыць, а палове дзясятай, былі ў замку.

Іх міласці гатовы былі неадкладна адпраўляцца. Прыставы запыталіся, як іх міласці хочуць ехаць.

Яго міласць пан камянецкі адказаў:

— У карэце.

Ім яго адказ быў не ў смак. Прыставы раілі ехаць вярхом паводле звычаю.

Але яго міласць пан камянецкі заўпарціўся і заявіў:

— Што пастанавілі, ад таго не адмовімся.

Прыставы з тым ад’ехалі да замка.

У іх прысутнасці яго міласці пану ваяводзічу віленскаму і яго міласці пану Вяжэвічу не выпадала пярэчыць патрабаванням яго міласці пана камянецкага. Але пасля ад’езду прыставаў настойліва раілі яму, каб ён не патрабаваў увядзення новых звычаяў, не ўносіў непатрэбных ультыматымаў, якія зацягваюць час. Угаворвалі ехаць да замка паводле ўстаноўленых звычаяў і каб ён не прыдумляў ехаць у карэце. Бо маскавіты, напэўна, таго не дазволяць. Яны заўжды трымаюцца даўніх звычаяў.

Пан камянецкі быў упэўнены, што прымусіць маскавітаў выканаць яго пажаданне. Ён адказаў іх міласцям:

— Міласцівыя панове, будзьце ўпэўненыя, што дамагуся свайго. Пакладзіцеся, ваша міласць, на мяне.

Вярнуўшыся з замка, прыставы прыйшлі да іх міласці паноў паслоў. Ад імя баяраў яны пераказалі паслам ехаць да замка не ў карэце, а вярхом на конях.

Яго міласць пан камянецкі запярэчыў:

— Ці ж мы халопы вашага цара, што вашы баяры нам намерваюцца загадваць?! Мы не з Астрахані і не з Казані прыбылі сюды. Мы вольныя людзі і прыехалі да вас ад караля яго міласці, нашага пана і вялікага гаспадара, які пануе над вольным народам. Мы не падпарадкоўваемся загадам думных баяраў і паедзем гэтак, як нам падабаецца. Па ўсім бачна, вы шукаеце розныя прычыны, каб толькі перашкодзіць падпісанню замірэння, дзеля якога мы сюды прысланыя. У такім разе, выпусціце нас, не прыдумваючы розных недарэчнасцей. І мы паедзем да караля яго міласці пана нашага.

Яго міласць пан ваяводзіч віленскі не паказваў перад маскавітамі ўнутраных разыходжанняў, бо ён згаджаўся ехаць вярхом на конях. Таму ён на словах падтрымліваў яго міласць пана камянецкага і ганіў маскавітаў. Ён даводзіў прыставам наступнае:

— Мы ездзілі ў карэце нават да Папы Рымскага. І не толькі ў вашага гаспада­ра, але і ў іншых манархаў бываем. Нам дазволена ездзіць гэтак, як нам зручна і ў адпаведнасці з нашым выбарам. А вы пярэчыце нам ва ўсім.

Прыставы адказалі:

— Вам, вялікім паслам, мы тое паведамілі, што нам загадалі думныя баяры. А вашы словы ў дакладнасці ім перададзім.

І адразу ж яны ад’ехалі ў замак.

Зноў вярнуўшыся, прыставы паведамілі іх міласці паслам:

— Яго царская вялікасць наш вялікі гаспадар і баяры, думныя людзі, загадалі сказаць вам, вялікім паслам, каб вы ўсё рабілі паводле ранейшых звычаяў, прыязджалі не ў вазках, а вярхом на конях.

Яго міласць пан камянецкі адказваў:

— Заўжды захоўваўся звычай, што паслы маглі ехаць гэтак, як яны жадалі, — вярхом на конях або ў вазку, або пешшу, або нават ляцець, чаго мы не патрабуем. І нам не цяжка ехаць вярхом або ісці пешшу да вашага гаспадара. Але, каб не саступаць вашай настырнасці і грубіянству, мы паедзем гэтак, як вам сказалі. Гэтым не будзе парушаны гонар вашага гаспадара. Мы шануем яго царскую вялікасць гэтак жа, як і караля, нашага гаспадара, пана нашага міласцівага.

Яго міласць пан ваяводзіч віленскі зазначыў:

— Мы, папраўдзе, да вашага цара пад’едзем не на возе. Там з яго выйдзем, дзе з коней зсядалі. І да цара пешшу пойдзем. Няхай думныя баяры не зневажаюць нас, няхай не вучаць нас розуму!

Яго міласць пан камянецкі дадаў:

— Пан Казлоўскі, я цябе люблю як добрага прыяцеля і сябра. Але не хачу табе казаць непрыстойных слоў, хоць і варта было б іх сказаць. Аднойчы, нас шэсць чалавек вярхом на конях ехалі адзін каля аднаго. З-за цеснаты штурхалі адзін аднаго. Ці ж не ты тады наслухаўся абразлівых слоў!? Вы, царскія дваране, вольныя ехаць так, як вам зручна, хоць за нашым возам, хоць перад намі, хоць вярхом, хоць у санях! Як хочаце так і рабіце, і мы рушым услед за вамі.

Яго міласць пан ваяводзіч віленскі падтрымаў яго міласць пана камянецкага. Ён прамовіў:

— Дагэтуль няма аніякіх заключных запісаў і грунтоўнага завяршэння распачатай справы. З-за вашай непатрэбнай настырнасці могуць быць разбураны добрыя намеры. Бог вам суддзя і ён пакарае ўсіх вас за ўчыненыя перашкоды.

Яго міласць пан камянецкі дадаў:

— Мы не адступімся ад таго, што сказалі.

Прыставы адышлі крыху ў бок і ў той жа ізбе пачалі раіцца паміж сабой. Потым, звяртаючыся да іх міласцяў, адказалі:

— А калі яго царская вялікасць па вас, вялікіх паслоў, свае сані пашле, ці пакінеце вы свае калёсы?

Яго міласць пан камянецкі адказваў:

— Мы таму не пярэчым. Прымем за вялікі гонар для сябе.

Убачылі прыставы, што іх міласці згодныя на такі варыянт, вымавілі:

— Вам, вялікім паслам, варта таксама ведаць, што з кожным паслом побач будзе ехаць царскі дваранін. Гэтак у нас прынята.

Яго міласць пан ваяводзіч віленскі, які зусім не дамагаўся той язды на возе, адно толькі падтрымліваў яго міласць пана камянецкага, на тыя словы прыставаў адказаў:

— Раней мне рак на гары свісне, чымся цар дакажа, што я абавязаны ехаць перад якім-небудзь яго дваранінам. Мы, абодва паслы, роўныя адзін аднаму, адзін другога нічым не пераўзыходзім і не можам ставіць сябе адзін вышэй за другога. Таму будзем сядзець на вазку побач адзін з адным.

Прыставы не мелі ад думных баяр аніякіх рэкамендацый пра тыя сані, таму ад сябе толькі паведамілі, што не могуць самастойна прыняць канчатковага рашэння і з тым адышлі. Яны селі на вазы і паехалі да замка. Там яны нядоўга забавіліся і зноў вярнуліся да іх міласцяў паноў паслоў. Прыставы паведамілі паслам волю думных баяраў:

— Нашага вялікага гаспадара яго царскай вялікасці баяры, думныя людзі, загадалі вам казаць, каб вы не на вазках, а вярхом ехалі.

Яго міласць пан камянецкі настойваў на пераглядзе іх ранейшых звычаяў. Ён казаў:

— Вы як пачалі з перагляду тэрмінаў ламаць прысягу, так і цяпер, не маючы дастатковых падстаў, толькі дзеля выдумак, яе ламаеце. У такім выпадку, дайце нам прыстава для нашага ганца, і мы ўсё аб’явім каралю яго міласці, што вы з намі паступаеце, нібы з нявольнікамі. Хочаце, каб мы рабілі так, як вам падабаецца. Сапраўды, калі б яго царская вялікасць на кані сядзеў, то нам бы не прыстала на вазку ехаць да яго. Таксама, калі б выслаў сваіх дваран вярхом на конях сустракаць нас, то мы, паважаючы гонар яго царскай вялікасці і аказваючы гонар дваранам, вярхом на конях ехалі б. Мы выконваем царскі наказ быць у яго і ўжо гатовыя ехаць, толькі загадайце вароты адчыніць, але думных баяраў слухацца не будзем. Яны не будуць нам указваць, якім чынам нам належыць ехаць. Як самі пажадаем, гэтак і паедзем.

Яго міласць пан ваяводзіч віленскі зазначыў:

— Мы прыехалі да вас ад вялікага гаспадара як вольныя людзі. Баяры не прымусяць нас адмовіцца ад слушных рэчаў. Той, хто адступіць ад іх — зламае прысягу і будзе сурова пакараны. Мы ў карэце ехаць хочам дзяля той прычыны, што цяпер, як бачыце, на дварэ непагадзь, дождж л’е. Няхай думныя баяры загадваюць сібірскім, астраханскім і казанскім людзям, а мы будзем чыніць гэтак, як нам, вялікім паслам, належыць і як нам дыктуе слушнасць. Прыехалі сюды цалкам паводле волі яго міласці караля і не падлягаем тут нічыёй уладзе.

Адказалі прыставы:

— І тое вам належыць рабіць, што і ранейшыя паслы рабілі.

Паколькі словы яго міласці пана ваяводзіча віленскага з’яўляліся яго асобнай думкай, яго міласць пан камянецкі дакараў Сапегу, што той адступіў ад яго задання і без пярэчанняў пагадзіўся з прыставамі ехаць вярхом на конях.

Яго міласць пан Мадаленскі заявіў прыставам:

— Зразумейце тое самі, што вашы баяры беспадстаўна распараджаюцца. Лепей дазволіць іх міласці паслам дзейнічаць паводле іх волі, каб хутчэй дасягнуць неабходнай згоды.

Прыставы з тым ад’ехалі да замка.

А калі вярнуліся, то ўжо не наведваліся да іх міласці паслоў.

Такім парадкам, той дзень быў змарнаваны на непатрэбныя спрэчкі пра карэты.

Пазней, яго міласць пан ваяводзіч віленскі, яго міласць пан Вяжэвіч і яго міласць пан Мадаленскі і іншыя дваране са складу пасольства, убачылі, што ўзнікла небяспека зрыву перамоваў з-за таго, што пан камянецкі не жадаў слухаць парад яго міласці ваяводзіча віленскага. Яны адкрыта, у вочы выказалі пану камянецкаму, што яго настырнасць і амбіцыі — сорамныя і неспрыстойныя.

3 у суботу. Прыставы прыслалі чалавека даведацца, ці могуць яны прыйсці да іх міласці паслоў. Тыя ў адказ паведамілі, каб прыставы не прыходзілі да іх з такімі ж плёткамі, якімі зглумілі ўчарашні дзень.

Прыставы паведамілі, што існуе звычай, паводле якога яны мусяць наведвацца да паслоў штодня і пытацца пра іх здароўе.

Іх міласці дазволілі прыставам прыйсці да іх і з удзячнасцю паведаміць пра здароўе.

Яго міласць пан камянецкі сказаў ім:

— Калі зноў прыйшлі нас розуму вучыць, можаце адразу ісці назад і ніколі з тым сюды не прыходзіць. Мы прыехалі поўнасцю пры сваім розуме. Кароль яго міласць бачыў, каго паслаў, — зусім не прастакоў, якія не разбіраюцца ў справе і якія гатовыя жыць чужым розумам. Учарашні дзень змарнавалі на непатрэбныя пункты, якія не адносяцца да заканчэння распачатай справы. Мы прыехалі да вашага гаспадара ўскласці карону на яго галаву ад імя караля, яго міласці пана нашага. А вы паводзіце сябе з намі як з нявольнікамі, пачынаеце дамагацца ад нас, каб мы ўсё чынілі паводле волі вашых баяраў. Ніхто ніколі не абгрунтуе, што вольным людзям павінны загадваць нявольнікі.

Адказаў Гарыхвостаў:

— Вялікія паслы, мы прыйшлі да вас паводле нашага звычаю і па загадзе гаспадара запытацца пра ваша здароўе. Пра тое, што адбывалася ўчора, мы апавясцілі думных баяраў. А цяпер прыйшлі, каб толькі ўбачыцца з вамі і размаўляць аб выездзе, і ні пра што іншае не маем даручэнняў.

Прамовіў яго міласць пан ваяводзіч віленскі:

— Учора да нас некалькі разоў прыязджалі і ад імя думных баяраў гаварылі, каб мы ехалі вярхом на конях. Невыносна для нас, вольных людзей, слухацца загадаў нявольнікаў. Ад іх імя прасілі нас, каб мы не ехалі возам. Мы падпарадкоўваемся толькі каралю, яго міласці пану нашаму, і Госпаду Богу. Менш за ўсё мы збіраемся слухацца вашага гаспадара, а тым болей, думных баяраў.

Прыставы, спасылаючыся на колішнія звычаі, адказвалі:

— Не можа інакш быць, а толькі так, як перад тым бывала.

Убачыўшы гэткае супрацьдзеянне, іх міласці паны паслы сказалі прыставам:

— Спытайцеся ў думных баяраў, патрэбныя мы тут ці не? Калі патрэбныя, няхай не перашкаджаюць нам быць у вашага гаспадара і пачынаюць абмяркоўваць з намі артыкулы, аб якіх покуль няма згоды. Прыйшоў час даводзіць да лагічнага завяршэння распачатую справу. Калі ж мы непатрэбныя, адпусціце нас у нашу Айчыну. Магутны Бог бачыць нашу праўду і вашу няпраўду, кожнаму паводле заслуг заплаціць.

Пры гэтым, іх міласці паны паслы дэкляравалі:

— Калі вы разлічваеце трымаць нас у вашай зямлі больш за восем зімовых тыдняў ад уезду да выезду, то мы страцім пасольскі статус і будзем ужо не пасламі, а палоннымі. У загадзе караля яго міласці сказана і тое ў заключных запісах выразна запісана, што мы на працягу васьмі тыдняў ад уезду ў вашу зямлю і выезду ад вас валодаем пасольскімі паўнамоцтвамі.

Маскавіты, аднак, інакш тлумачылі той пункт, занесены ў заключныя запісы. Яны лічылі два месяцы ад моманту прыезду ў сталіцу і выезду з яе.

Іх міласці паны паслы запатрабавалі даць прыстава да іх ганца, якога меліся накіраваць да думных баяраў. Яны хацелі данесці да іх свае патрабаванні і атрымаць адказ.

Учарашнія непатрэбная спрэчка з прыставамі, падчас якой пан камянецкі паказваў абсурднасць іх настырнасці, прывялі да таго, што ўвечары маскавіты выставілі вакол пасольскага двара варту ў колькасці тысячы стральцоў.

Яго міласць пана ваяводзіча віленскага і яго міласць пана камянецкага вартавала ўзброеная пяхота. Са стрэльбамі яны стаялі ля сеняў і ля брамы, нават, распалілі вогнішча. Прыставы, якія прыехалі з замка ўначы, залілі вогнішча. Аднак праз нейкі час яго зноў распалілі.

Паны паслы не захацелі маўчаць і напомнілі прыставам, каб яны таго другі раз чыніць не наважваліся. У абарону пехацінцаў яны паабяцалі прыставам, што той, хто асмеліцца заліваць агонь, страціць руку, ці, нават, на месцы нежывым застанецца. А затым можа быць нават бойка.

Паслы гэтаксама нагадалі прыставам:

— Паколькі вы нас у гэтым двары размясцілі, мы ў ім адказваем за парадак. Вашая справа чыніць тое, што мы перадаём праз вас думным баярам і тое, што яны нам перададуць цераз вас.

Нічога на тое не адказаўшы, прыставы ад’ехалі ў замак.

Гадзіны ў дзве прыставы вярнуліся з замка. За імі ў карэце прывезлі ўсё чыста, што было перададзена цару ў якасці розных незвычайных падарункаў. Ён, аднак, пакінуў сабе некалькі падарункаў, якіія яму былі паднесены ў знак удзячнасці. Існаваў такі звычай, каб і паслы падносілі ад сябе падарункі. Гэтак было ў часы першых цароў, гэтакі звычай заставаўся і цяпер. Але вернутае ў той карэце прынесла паслам клопат і прыкрасць. Паслоў надзвычай пакрыўдзіла такое абыходжанне з імі, якое яны патлумачылі ганарлівасцю маскавітаў.

Калі прыставы прыйшлі, яны прамовілі:

— Вялікі гасудар наш, яго царская вялікасць, вам, вялікім паслам, усё ваша адсылае.

Перайшлі на суровую мову, куды больш рэзкую, чымся перад тым было. Загучалі абвінавачанні ў клятваадступніцтве і невыкананні ў тэрмін заключных запісаў. Іх міласці паслы абвінавачвалі маскавітаў у няшчырасці і частай здрадзе. Крытыкавалі за тое, што не выконвалі ўзятых на сябе абавязкаў, спасылаючыся на спрадвечныя звычаі. Папракалі маскавітаў за тое, што яны, у адпаведнасці з іх натурай, чыняць падман і здраду.

Асабліва ўразілі іх міласць паноў паслоў выказванні супраць паездкі ў карэ­це. Пасля гэтага цяжка было паверыць у іх прыязнае стаўленне да нас. Яны часта змянялі ўласныя думкі, іх наогул цяжка было, часам, зразумець. Маскавіты гадзінамі ганьбілі паслоў, і не толькі іх, але і наогул усіх старэйшых.

У канцы, калі прыставы маўчалі, доўга нічога не адказваючы, і, нават, хацелі пайсці ўжо, яго міласць пан камянецкі ўзняўся. Ён узяў Казлоўскага і Г арыхвостава за рукі, зняў з сябе маску суровасці, падставы для якой дарэчы сам стварыў, і пачаў з імі гаварыць мяккімі словамі. Пан камянецкі паспрабаваў лагодна ўгаворваць іх, але толькі выклікаў новы выбух ганарлівасці.

Гарыхвостаў тут жа заявіў:

— Вялікія паслы, скажыце у рэшце рэшт, ці збіраецеся вы быць у вялікага гаспадара нашага? Калі жадаеце вярнуцца ў Літву, так і кажыце, а мы думным баярам паведамім. Царская вялікасць дасць вам грамату або праз ганца свайго пашле да вашага гаспадара, каб даслаў іншых паслоў для падпісання мірнай дамовы, калі вы такія ўпартыя.

Яго міласць пан ваяводзіч віленскі адказаў:

— Як мы разумеем, вы хочаце ўскласці віну за заламанне прысягі на наша пасольства. Але Бог бачыць ваш падман і вам цяжка схаваць вашу хлусню. Мы выконваем загад караля, яго міласці пана нашага, таму, выконваючы місію нашага пасольства, гатовы давесці да ладу распачатыя справы. Мы і не думаем ад’язджаць адсюль, нічога не здзейсніўшы. Хіба, калі гаспадар ваш і вы самі прычынай таму будзеце. Не зловіце нас тымі сілкамі, якія на нас паставілі сваімі хітрыкамі.

Яго міласць пан камянецкі, які спачатку моцна настойваў на карэце, цяпер пачаў з імі лагодна і прыязна аб усім размаўляць. Для ўсіх стала зразумела, што неабходна альбо працягваць бессэнсоўна ўпарціцца, або ўсё ж такі спыніць спрэчкі і завяршыць распачатую справу, не выклікаючы больш абурэння маскавітаў.

4 у нядзелю. Паводле заведзенага звычаю прыставы прыйшлі да іх міласцяў паноў паслоў. На гэты раз паслы пачалі размаўляць з імі вельмі лагодна. Яны, урэшце, дамовіліся пра завяршэнне добрай справы.

У той дзень, а шостай гадзіне ўдзень, паводле маскоўскага часу, персідскі пасол ехаў да Крым-горада ў наступным парадку.

Маскоўскія стральцы ў колькасці 170 чалавек, ідучы адзін за адным, неслі разнастайныя золатагаловыя персідскія матэрыі па адной штуцы. Кожная з іх была часткова адгорнута для бачнасці.

Затым ехаў канюшы, за якім персы пешшу вялі сем коней, прыкрытых чалдарамі, і двух мулаў.

За імі персы неслі ўпрыгожаныя сякеркі, персідскія калпакі, страмёны, вуздэчкі, лук, лубы і розныя сёдлы. Кожную рэч неслі паасобна, многія з якіх былі без усялякага аздаблення.

Потым 200 маскоўскіх стральцоў неслі нейкі напой, мядовага колеру, у шкляных акруглых слоіках з тоненькімі шыйкамі, накшталт збаноў. Кожны стралец нёс па адным слоіку.

За імі зноўку персы вялі пад чалдарамі сем коней.

За імі стральцы, у колькасці 70 асоб, неслі розныя лёгкія персідскія матэрыі. Кожны нёс па адной штуцы. Іншыя неслі каштоўныя чапрагі, рыхтаваныя золатам.

На заканчэнне маскоўскія стральцы неслі 12 шаўковых дываноў, упрыгожаных золатам. А таксама шэсць проста шаўковых, але вялікіх настолькі, што кожны разгорнуты дыван неслі па 8 стральцоў. А пару дываноў наогул неслі ажно 12 стральцоў.

Потым два конюхі вялі асядланых коней.

Затым сам пасол ехаў у маскоўскіх санях. Яго вёз маскавіт. Сам пасол сядзеў у залатой шапцы, меў пучок і пару фазанавых пёраў. Тыя, якія стаялі на санях перад ім, таксама былі ў пазалочаных шапках. З правага боку ехалі прыставы. З левага боку яго суправаджалі трое саней. Яны ехалі гэтак блізка да пасольскіх саней, што, здавалася, нібыта, яны разам звязаныя. Сані маскавітаў ні на крок назад або ўперад не выступалі, роўна з пасольскімі ехалі.

Па баках ішлі некалькі персаў з янычарамі, якія, па ўсім відаць, неслі нейкія рэчы ў падарунак цару.

За пасольскімі санямі персы (а па-маскоўску — казлубашы) неслі светлы лук з калчанам і лубай.

Ззаду ехалі персы, якіх было 17 чалавек, на белых царскіх конях, усе пад шэрымі пёрамі. Гэтаксама ў кожнага каня, якіх раней праводзілі, былі пёры заткнутыя на хрыбтах.

Той пасольскі поезд нават не спадзяваліся ўбачыць, але прыставы прыйшлі да іх міласці паноў паслоў і сказалі, што ўсе з пасольства могуць пайсці і паглядзець на тое.

Так давялося ўбачыць выхваленні маскавітаў. Яны такім чынам паказвалі, у якой надзвычайнай прыязнасці з іх гаспадаром жыве персідскі шах і якія падарункі дасылае яму.

5 у панядзелак, дзень святога Казіміра. Пасля прыходу прыставаў і доўгіх прывітанняў, распачалі з імі абмяркоўваць публічныя справы.

Яго міласць пан камянецкі прамовіў:

— Вы выдатна ведаеце, з чым мы да вас прыехалі. Але трымаеце нас некалькі тыдняў пад замком. Мы нават не пачалі гаварыць пра завяршэнне распачатай справы. Вы наўмысна ўсё зацягваеце. Будзе справядліва, калі вы паведаміце ад нас вашым думным баярам, каб надалей не затрымлівалі справы.

Гарыхвостаў адказаў:

— Усяму, што накіравана на здзяйсненне дабра, дзякуючы Богу, будзе добрае завяршэнне. Калі ёсць разыходжанні ў малых артыкулах, іх трэба пакінуць і казаць пра галоўнае. Вам, вялікія паслы, на гэтым свеце будзе слава на доўгія гады і ласка ад Бога, калі вы паміж вялікімі васпанамі і іх шырокімі дзяржавамі спыніце праліццё крыві хрысціянскай і здзейсніце вечны мір па абодва бакі.

Яго міласць пан ваяводзіч віленскі адказваў:

— Мы сабе таго ж гэтаксама жадаем. І прыехалі сюды не гуляць, а гатовыя да завяршэння давесці распачатую справу. Мы страцілі некалькі дзён з-за таго, што хацелі ехаць возам, а вы ад імя цара і думных баяраў загадвалі ехаць вярхом. Мы змушаны былі трохі пачакаць, а не адразу выконваць вашыя распараджэнні. Мы і цяпер хочам ехаць да вашага гаспадара паводле нашай волі, не слухаючы нічыіх загадаў. Паедзем гэтак, каб больш паміж намі не паўставала спрэчкі.

Прыставы заявілі, што не зразумелі слоў, сказаных ім. Яны прасілі іх міласцяў паслоў больш выразна выказацца адносна таго, што тыя згодныя ехаць вяр­хом на конях.

Яго міласць пан ваяводзіч віленскі адказаў:

— Неверагодна доўга вы вялі з намі непатрэбную спрэчку наконт той паездкі. Не жадаючы, каб тая добрая справа з-за цяганіны была разарвана, мы вам дэкляруем, што гэтак паедзем, як нам падасца зручным. І больш няхай не будзе аб тым аніякай кручыны. І ведайце, што мы тое ўчынім з нашай добрай волі, а не з дазволу цара або думных баяраў.

Яго міласць пан камянецкі сказаў прыставам:

— Да сённяшняга дня збіраўся ехаць на возе, паколькі ў мяне балела нага. Менавіта таму я жадаў ехаць да замка ў карэце. Цяпер мой боль прайшоў. Паеду паводле жадання маіх таварышаў вярхом на кані.

Ледзьве ён тое прамовіў, маскавіты вырашылі, што іх міласці паслы пагадзіліся ехаць вярхом на конях. Прыставы нізка пакланіліся іх міласцям панам паслам, а Гарыхвостаў прамовіў:

— Вялікія паслы, не з таго складаўся пачатак, на чым мы на доўгі час спыніліся, і не пра тое завяршэнні ішла гаворка! Аб вялшай справе нам усім ласкава трэба размаўляць і ўсякімі спосабамі яе чыніць. А калі Бог вечную дружбу і сяброўства паміж нашымі васпанамі ўмацуе, то і меншыя артыкулы самі сабой палагодзяцца. Хай здзейсніцца ўгодная Богу справа! А цяпер вам, вялікім паслам, за тое чалом б’ем. Паведамім думным баярам вашу волю і дамо вам адказ, калі зможаце быць у нашага гаспадара.

Калі скончылася святая імша, прыставы вярнуліся з замка да іх міласцяў паноў паслоў. Маскавіты далі знаць, што паслы могуць быць заўтра зранку ў цара.

Гарыхвостаў літаральна сказаў:

— Дасць Бог, добрая справа неўзабаве здзейсніцца. І вы, вялікія паслы, убачыўшы вочы гаспадара нашага, паводле яго загаду разам з баярамі, думнымі людзьмі, недамоўленыя артыкулы ўзгодніце. І вам за тое будзе вялікая Слава! І праліццё крыві хрысціянскай спыніце! За гэта вялікая хвала Госпаду Богу Ісусу Хрысту Спасу! І ўсім Божым анёлам і ўсім сілам нябесным вялікая будзе радасць! І ад усіх людзей, якія жывуць у дзвюх дзяржавах, вам будзе багамолле!

Яго міласць пан камянецкі адказаў:

— Спадзяёмся на ласку Бога, які над усім валадарыць, што ён гаспадароў нашых і іх вялікія дзяржавы прывядзе да сумоўя і згоды пасля жорсткага кровапраліцця, на доўгі час і наступныя вякі захавае тую дабраславенную згоду. Каб паміж нашымі гаспадарамі і дзяржавамі адбылося трывалае злучэнне сілы. Каб яны прыходзілі на дапамогу супраць паганых непрыяцеляў Крыжа Хрыстова.

Маскавіты ўсталі, узнеслі рукі да неба і дзякавалі іх міласцям панам паслам за іх шчырую працу на карысць заключэння вечнага міру. Прыставы, якія некалькі дзён перад тым хадзілі, як кажуць, павесіўшы насы і вельмі сумныя, цяпер выглядалі больш жвавымі і весялейшымі, і, здаецца, былі ўсім задаволенымі.

Яго міласць пан ваяводзіч віленскі на дзень святога Казіміра прымаў у сябе яго міласць пана камянецкага і яго міласць пана Вяжэвіча і іншых названых іх міласцяў і сваіх слуг.

Пасля набажэнства, якое кожны дзень у яго міласці пана ваяводзіча віленскага з музыкай праводзілася, прыйшлі да яго міласці прыставы, павіншавалі з імянінамі і пажадалі, з ласкі Божай і з ласкі вялікіх гаспадароў, добрага здароўя, шчаслівага і доўгага веку.

Свае добрыя пажаданнні прыставы выказалі на іх роднай мове. Яны гэтаксама паведамілі, што ў іх існуе звычай не толькі віншаваць падчас імянін, але і дараваць узаемныя крыўды і непаразуменні.

Прыставы прасілі іх міласцяў паноў паслоў абмеркаваць дагэтуль неабгавораныя артыкулы, каб пры гэтым, аднак, не прысутнічалі іншыя асобы. І каб толькі яны, ад імя думных баяраў, упаўнаважаных на тое царом, маглі заставацца падчас размовы.

Другі візіт да цара.

6 у аўторак. Надвор’е было выдатным. Крыху слушнай выглядала крытыка іх міласцяў, што ў гэтакі дзень, нібыта, з-за непагадзі ў карэце ехаць хацелі.

А палове на адзінаццатую выехалі іх міласці паны паслы гэтакім жа парад­кам, як і першы раз.

Узышоўшы на гару, накіраваліся да цара. Прайшлі праз адну ізбу і ўвайшлі ў Залатую палату. Там знаходзілася царскае атачэнне — дваране і дзякі ў строях, шатах і цэрыманіяльных вопратках. Без усялякіх перашкод яны сустракалі і праводзілі іх міласцяў паноў паслоў.

Цар сядзеў на меншым троне, чымся мінулы раз. Ён трымаў у руцэ жэзл, яблык ляжаў побач. На галаве ў яго была сабаліная шапка, а на ёй — карона, якая адрознівалася ад той, што была ў яго мінулы раз. Гэтая была менш каштоўнай. Цар сядзеў у шатах, аздобленых жэмчугам і каштоўнымі камянямі.

Палац, дзе праходзіла сустрэча, быў значна меншым, чымся той, дзе адбывалася першая аўдыенцыя. Навокал папярэдняга палаца паўсюль ішоў памост.

Неўзабаве іх міласці прыйшлі да цара і пакланіліся яму.

Пячатнік ад імя цара прамовіў да іх:

— Вялікі гасудар, цар і вялікі князь Міхайла Фёдаравіч, усяе Русі самадзержац і многіх дзяржаў гасудар і ўладальнік, вас, вялікага гасудара Уладзіслава

Чацвёртага, караля Польскага, вялікага князя Літоўскага і іншых, брата свайго, вялікіх паслоў пытаецца, ці здаровыя вы?

Іх міласці паны паслы адказвалі:

— Дзякуючы ласцы Божай, — мы здаровыя! І за такое падараванне царскай вялікасці выказваем падзяку.

Той жа пячатнік пачаў казаць зноў:

— Вялікі гасудар цар грамату вялікага гасудара Уладзіслава чытаючы слухаў, і тая, яго царскай вялікасці і нам усім баярам, думным людзям, спадабалася. На яе, яго царская вялікасць да вялікага гасудара вашага, дасць вам, вялікім паслам, сваёй граматай адказ.

У адказ на вашу просьбу і аб мірнай дамове, вялікі гасудар наш, яго царская вялікасць, загадаў баярам сваім дамовіцца з вамі, вялікімі пасламі.

Затым выступіў Васіль Іванавіч Стрэшнеў, акольнічы царскі. Ён зачытаў спіс тых думных баяраў, з якімі належала дамаўляцца. Весці перамовы з іх міласцямі пасламі даручалася — думнаму баярыну Фёдару Іванавічу Шарамецьеву; намесніку пскоўскаму, князю Дзмітрыю Міхайлавічу Пажарскаму-Старадубскаму; намесніку каломенскаму, князю Фёдару Фёдаравічу Валконскаму; акольнічаму і намесніку калужскаму, пячатніку, думнаму дзяку Івану Тарасавічу Грамаціну і думнаму дзяку Івану Апанасавічу Г аўранёву.

Пячатнік вымавіў:

— Ідзіце, вялікія паслы, дамаўляцца з намі, яго царскай вялікасці баярамі.

Яго міласць пан камянецкі папрасіў аўдыенцыі. Атрымаўшы яе, прамовіў да цара:

— Хацелі мы пачынаць наша пасольства не з таго артыкула, вялікі гаспадар, цар і вялікі князь Міхайла Фёдаравіч, усёй Русі самаўладца. Жадалі, найперш, вызвалення вязняў убогіх, бо яшчэ доўгі час да пачатку заключных запісаў і прысягі абодвух вялікіх паслоў. Яны затрыманы тут, у сталіцы, і ў іншых гарадах тваёй царскай вялікасці. Людзі з нашага народа просяць нас аб тым, каб мы тваёй царскай вялікасці білі чалом, молячы адпусціць адусюль на волю нашых палонных.

Вядома нам, што выйшаў загад тваёй царскай вялікасці, каб ніхто ў тваёй дзяржаве не наважваўся затрымліваць і хаваць нашых людзей. Знаходзяцца, аднак, такія, што не хочуць выконваць мірнай дамовы, прысягі вялікіх паслоў і загады тваёй царскай вялікасці.

Калі ён тое гаварыў, усе іх міласці паслы знялі шапкі. Бо спачатку, калі гаварылі ад караля яго міласці, то шапак не здымалі. А цяпер, калі гаварылі ад сябе, гэтак зрабілі. Але, калі іх міласці паслы нічога не гаварылі, то ўскладалі шапкі назад на галовы. І калі Грамацін гаварыў, у шапках яго слухалі і адказвалі яму. Здымалі толькі ў той момант, калі згадваўся кароль, яго міласць, або цар.

Дваране і слугі ўвесь час без шапак стаялі. Іх міласці паслы заўжды мелі лаўкі, каб прысесці.

Грамацін, выслухаўшы тыя просьбы, трохі наблізіўся да цара і пашаптаўся з ім. Затым звярнуўся да іх міласцяў паслоў са словамі:

— Па ўсім шырокім гаспадарстве выйшаў яго царскай вялікасці загад, каб з усіх гарадоў і ад баяраў усе палонныя сюды прыведзены былі. Той, хто не паслухаецца таго загаду царскага вялікасці і людзей вашых затрымае, заплаціць сваёй галавой. І ўжо прыйшлі больш за чатыры тысячы палонных з далёкіх гарадоў і цяпер яшчэ дасылаюць іх, і тут ім страву даюць. Калі тут усе збяруцца, паводле мірнага дагавору, без затрымкі, усе адпушчаныя будуць. Акрамя тых, якія па добрай волі на імя царскай вялікасці будуць цалаваць крыж.

Яго міласць пан камянецкі адказваў:

— Мы пра такіх не кажам. Кожны вольны, хто хоча, застацца. Аб тых толькі яго царскую вялікасць просім, каторыя хочуць вярнуцца да Айчызны.

Потым прыставы праводзілі ад цара іх міласцяў паноў паслоў да адведнай палаты. Туды гэтаксама прыйшлі і прызначаныя для размовы раней пералічаныя баяры.

Першая размова з баярамі.

Баяры першымі звярнуліся да іх міласцяў паноў паслоў з наступным.

1.Чаму кароль яго міласць у сваім лісце цара не называе братам?

2.Чаму той ліст нёс нехта з тых асоб, якія ішлі пешкі? Яго мусіла несці публічная асоба, а не чалавек нізкага паходжання.

3.Чаму іх міласці паны паслы, выконваючы пасольства да цара, не здымалі шапак?

4.Чаму іх міласці паны паслы, прызначаны дзень наведвання цара, наўмысна сапсавалі?

На тое іх міласці паны паслы адказвалі баярам:

— Па той прычыне яго міласць кароль, пан наш, не называе братам вашага гаспадара, што вашы паслы, якія знаходзіліся ў туркаў, разбуралі той мір. Навошта было разбураць рэшткі прыязнасці і артыкулы вечнага замірэння?

Баяры адказалі:

— Зусім не хавалася тая справа і вялікі гасудар наш і мы, думныя баяры, усёй дзяржавай той з вамі мір абвясцілі. І паведаміў аб тым вялікі гасудар наш, яго цар­ская вялікасць, усім навакольным вялікім гаспадарам — ангельскаму, імператару рымскаму, французскаму, дунскаму і царам — турэцкаму і татарскім.

На другі пункт баяраў іх міласці паслы адказвалі:

— Ліст караля яго міласці несла не асоба нізкага паходжання, яго нёс пан Кратоўскі, дваранін караля яго міласці, які ехаў з намі. А тое, што яго несла не публічная асоба, у тым вашая віна, бо вы нас не папярэдзілі аб гэтым.

У тым, што мы не здымалі шапак, нічога новага мы не прыўнеслі. Так рабілі, як і ранейшыя нашы паслы. Там, дзе была патрэба, не чакаючы нічыёй навукі і напамінаў, здымалі шапкі і надалей гатовыя здымаць. Як мы паступаем у вас, гэтак і вашыя паслы вольныя будуць паступаць у нас.

Дзень нашага знаходжання ў вашага гаспадара вы самі сапсавалі. Уласна на вас у значнай меры застаецца віна, бо загадвалі нам ехаць паводле вашай волі. Хоць тады нас вельмі ўразіла нечуваная рэч — падпарадкоўвацца вашаму ці царскаму загаду. Па вашай віне здарылася затрымка.

Маскавіты пярэчылі таму. Яны даводзілі, што не мелі намеру загадваць, але толькі ім, як любым братам, напаміналі.

Адказаўшы на пытанні баяраў і супакоіўшы іх, паны паслы пачалі размову аб неабгавораных артыкулах на Палянаўцы і ўключаных у даклад цару. Іх паслы перадалі баярам у пісьмовым выглядзе.

Уся гутарка заняла каля чатырох гадзін. Потым іх міласці паны паслы развіталіся з баярамі і ад’ехалі са сваімі прыставамі да пасольскага двара.

7 у сераду. Калі прыйшлі прыставы, іх міласці паны паслы запатрабавалі, каб яны данеслі баярам наступныя словы:

«На тыя пункты, якія іх міласці паны паслы пісьмова падалі, каб баяры далі адказ.

Дзень царскай прысягі, праз прызначаных абодвух паслоў, каб зараз быў дакладна вызначаны. Каб іх міласці паны паслы маглі пэўна ведаць дату і здолелі выправіць з паведамленнем ганца да караля яго міласці. Каб прыстава да ганца выдзелелі без затрымкі».

Гэта прыставы павінны былі данесці баярам.

Іх міласці паны паслы абмеркавалі з прыставамі справы купцоў. Яны прапанавалі, каб іх купцы да нашых, а нашы да іх хадзілі і ўзаемна вольна гандлявалі. Бо цяпер паміж маскоўскімі купцамі і нашымі пачаліся непразуменні, відаць, па той прычыне, што маскоўскія купцы не маюць царкага ўказання. Паслы ўказвалі на тое, каб купцы не толькі маглі вольна гандляваць таварамі, але каб ім не чыніліся перашкоды іншага парадку, напрыклад, не завышаліся наўмысна кошты, дазвалялася выкарыстоўваць розныя меры.

Прыставы адказалі:

— Вялікага гаспадара нашага яго царскай вялікасці выйшаў указ і загад, і дазвол усім купцам, якія жывуць у Маскоўскай дзяржаве, каб вольна, без усялякага страху, боязі і забаронаў нашым купцам з вашымі гандляваць, прадаваць і мяняць. Ці, як хто хоча, — за любоў аддаваць. Усё так, як вы, вялікія паслы патрабуеце. Мы едзем да баяр думных паведаміць ім вашу просьбу, каб вашым з нашымі купцамі ўсялякімі мерамі вольна было гандляваць.

У той дзень адзін немец, яго міласці пана камянецкага, прадаўся маскавітам. Ён быў капітанам над пяхотай.

Увечары прынеслі прыставы ад думных баяраў запячатаную грамату. Іх міласці паны паслы не сталі адразу чытаць яе, а адклалі да раніцы.

8 у чацвер. Іх міласці паны паслы прачыталі грамату ад думных баяр, прынесеную ўчора.

У гэты дзень прыставы не наведваліся да іх міласці паноў паслоў.

9 у пятніцу. На тую грамату іх міласці паслы накіравалі цераз прыставаў адказ думным баярам.

10 у суботу. Прыставы абедалі ў яго міласці пана камянецкага. У той дзень аніякіх публічных спраў не абмяркоўвалі.

11 у нядзелю. Прыставы былі ў іх міласцяў паноў паслоў і запэўнілі ад імя думных баяраў, што неўзабаве, без усялякіх затрымак, аб недамоўленых артыкулах пачнуць весці гутарку.

12 у панядзелак. Увечары прыставы прыйшлі да іх міласцяў паноў паслоў і паведамілі, што цар загадаў заўтра раніцай іх міласцям быць у яго.

Трэцяе наведванне цара іх міласцямі панамі пасламі.

13 у аўторак. Трэцяе знаходжанне іх міласцяў паноў паслоў у цара. А дзясятай з паловай ад’ехалі іх міласці паны паслы з прыставамі да Крым-горада. Усёй чэлядзі, апрача тых, каго ўнізе трымаць мелі, загадалі застацца ў двары.

Перад палацам стаяў тлум, а ў палацы натоўп, што здзівіла маскавітаў.

Пры паездцы іх міласцяў паноў паслоў, на конях сядзелі і рухаліся звычайным спосабам, нічога ні дадаць і ні адняць.

Папраўдзе, маскавіты заступілі тое месца на ўсходзе, дзе іх міласці паслы звычайна сыходзілі з коней. Але настойліва і рэзка іх міласці паны паслы коньмі адціснулі маскавітаў. Некаторым са слуг дасталося нагайкамі. Дзіўная цярплівасць іх!

Сустракалі іх міласцяў паноў паслоў тыя ж дваране і дзякі, выконвалі ўсе неабходныя цырымоніі звычайным спосабам. Прамаўлялі такія ж словы, якія выкарыстоўвалі падчас першых прыездаў паслоў да цара, у тым парадку, які раней апісаны.

Праводзілі нас на гару прыставы. Падвялі нас да драўлянага палаца, які быў збудаваны накшталт залы. Ён называўся Сталовая палата. Там у той час сядзеў цар на невялічкім і непрыкметным троне. Ён быў у шатах, аздобленых жэмчугам і камянямі, у нізкай сабальковай шапцы, на якой была невялічкая карона. Цар сядзеў і трымаў у руцэ скіпетр. Яблык ляжаў непадалек ад трона, з правага боку на прадаўгаватым пяньку, які быў зроблены накшталт вежачкі і акаваны залацістым серабром.

Асабістая ахова — чатыры чалавекі, як і ў мінулыя разы, апранутыя гэтак жа і з бердышамі, сталі перад царом.

Іх міласці паны паслы ўвайшлі ўслед за слугамі і, хутка пакланіўшыся, сталі перад царом.

Думны дзяк Гаўранёў прамовіў:

— Вялікаму ўладару і цару, і вялікаму князю Міхаілу Фёдаравічу, усяе Русі самадзержцу, вялікія паслы — Аляксандр, Казімір і Пётр — чалом б’юць.

Потым для іх міласцяў паноў паслоў прынеслі лаўку, накрытую дываном, якую яны называюць скамекай. Паслы селі на яе.

Ад імя цара пячатнік спытаў паслоў пра здароўе. Яны адказалі звычайным чынам.

Пячатнік падышоў да цара і ціха перамовіўся з ім. Затым ён адышоў ад цара і звярнуўся да іх міласцяў паноў паслоў.

Пячатнік сказаў:

— Вялікі гасудар наш, яго царская вялікасць вам, вялікім паслам, на тыя артыкулы, пра якія надоечы гаварылі і пісьмова прасілі, дае адказ праз тых сваіх баяраў, якія і раней з вамі дагавор чынілі.

Затым ён пералічыў усіх баяр, прызначаных для перагавораў, а сярод іх — і сябе.

Іх міласці паны паслы падзякавалі яму за гэта.

Пячатнік прапанаваў іх міласцям паслам, каб яны ішлі да іншай ізбы, у якой баяры чакалі іх для абмеркавання артыкулаў.

Другая размова з баярамі.

Выйшаўшы ад цара, іх міласці паны паслы накіравалаіся да Адведнай палаты. Туды прыйшлі і баяры, прызначаныя для перамоваў з імі. Баяры далі іх міласцям вусны адказ, зачытаўшы яго з карткі. Потым тую картку паслам пакінулі.

У сенях Адведнай палаты стаяла мноства смачных закусак з рознымі напоямі. Хапала і сярэбраных чарак, у якіх напоі насілі ў ізбу. Налівалі ў сенях з конаўкі і давалі нашым, калі хтосьці жадаў. Кожнаму з нашых было дазволена самому выйсці ў сені і выпіць любога напою, які пажадае. Ніводзін з маскавітаў не наважваўся нават пакаштаваць пачастункаў.

У тых сенях, перад тым, мабыць, ставілі вялікія сярэбраныя бочкі, якіх зараз не было відаць. Аніякіх цынкавых пасудзін, у цара асабліва, ніхто з нашых не бачыў. Відаць, з-за вайны іх зараз не хапае.

Правёўшы ў замку ў цара і баяраў каля чатырох гадзін, іх міласці паны паслы ад’ехалі да пасольскага двара.

14 у сераду. Іх міласці паны паслы запатрабавалі ад прыставаў, каб яны даведаліся ў думных баяраў дакладны дзень царскай прысягі і паведамілі ім пра вызначаную дату. Гэтаксама паслы запатрабавалі, каб баяры далі прыстава для ганца.

Паслы настойвалі, каб вязняў, якіх дагэтуль затрымлівалі, адпусцілі, у адпаведнасці з заключнымі запісамі і пасольскай прысягай.

Паслы ўказвалі, што маскоўскія купцы з нашымі паступаюць крывадушна, хаваюць лепшыя тавары, а горшыя паказваюць, а таксама не ўмеюць устанаўліваць справядлівыя кошты. Належыць, каб ім было дазволена вольна гандляваць з нашымі.

Яго міласць пан камянецкі дамагаўся, каб яму дазволілі выязджаць па яго асабістых справах у карэце.

На ўсе патрабаванні паслоў прыставы абяцалі прынесці адказ ад баяраў.

Трывога.

Пасля апоўначы ў горадзе пачаліся забурэнні. Ва ўсіх трох мурах у Крымгорадзе нязвыкла ўдарылі ў званы і ў бубны. Гэта называлася — ударыць у набат, у які білі падчас трывогі. Адусюль да Крым-горада і на іншыя муры беглі людзі. Маскоўская конніца за горад вываліла.

Нам той лямант давялося слухаць у двары. Нас ахоўвалі пехацінцы, усе аднастайна пастрыжаныя. Яны перарвалі сон і ўхапіліся за зброю.

Пяхота яго міласці пана ваяводзіча віленскага і драгуны яго міласці пана камянецкага са стрэльбамі і запаленымі кнатамі стала ля брамы. Усе ў пасольскім двары — моладзь і слугі, чэлядзь і купцы — згрупаваліся, паводле загаду іх міласцяў паслоў, і насцярожыліся.

Розныя думкі былі з нагоды таго забурэння, асабліва з-за недаверу да таго народа. Не навіна для іх здраджваць сваім панам, а нашых забіваць! Прыходзілі на памяць іх непрыглядныя ўчынкі са сваімі гаспадарамі і нашымі пасламі. Мы асцерагаліся і нашых здраднікаў, якіх у Маскве было больш за дзве тысячы, каб яны не ўздумалі сесці на карак іх міласці панам паслам, каб выбрацца з Масквы.

Да раніцы беспарадкі пачалі сціхаць. Але мы ўсе ажно да белага дня гатовыя былі да розных нечаканасцей. Не маглі ні ад каго дакладна даведацца аб прычынах таго забурэння. Сапраўды, бачылі невялікі агонь у Белым горадзе. Але з-за такога малога пажару не ўзнік бы гэтакі сполах!?

Калі нашы пачалі выходзіць з двара і пытацца пра прычыны тлуму, маскавіты на гэты раз былі на дзіва інфармаваныя і ўсе гаварылі, што прычынай стаўся пажар. Усе аднастайна, каго мы ні запытвалі, баяраў або простых людзей, тыя называлі галоўнай прычынай пажар. Яны распавядалі, што нядаўна перад тым горад выгараў дашчэнту. З-за пажару людзі аказваліся ў вялікай небяспецы. Таму ўсе прывыклі бегчы гасіць пажар, каб ратаваць горад і сябе.

Толькі потым іх міласці паны паслы даведаліся ад надзейных людзей аб сапраўдных прычынах той бурды. Як мы дачуліся, падчас нашага знаходжання ў Маскве, татары ўзімку напалі на Маскоўскую дзяржаву і ўчынілі краіне вялікую шкоду. Маскавіты хавалі ад нас тое. Іх міласці паслы, аднак, пры той аказіі, выпыталі і дакладна даведаліся, што татары спалілі горад Ялец і ўзялі вялікі палон. А той горад Ялец знаходзіцца ў 50 мілях ад сталіцы, усяго два дні язды для татараў.

З таго татарскага войска ў тую ноч у Маскву прывялі 16 палонных.

Менавіта таму беглі на муры і ў поле, што баяліся татарскага нападу. А халу­пы запалілі ў Белым горадзе менавіта для таго, каб людзі, якія прыбеглі туды, даведаліся ад асоб, на тое прызначаных, аб сапраўднай небяспецы ад татараў. Іншыя, аднак, даводзілі нам тое, што падпал зрабілі наўмысна, каб мы не даведаліся пра існаванне сапраўднай небяспекі для Масквы з боку татараў. Каб мы падумалі, што тыя забурэнні ўзніклі з-за пажару.

15 у чацвер. Прыставы ад імя думных баяраў адказалі іх міласці панам паслам:

— Паведамілі вашы словы думным царскай вялікасці баярам, і яны вам, вялікім паслам, адказ праз нас даюць, што хроснае царскае цалаванне будзе неўзабаве. І вы, вялікія паслы, шміж сабой думайце, калі маеце яшчэ якія-небудзь артыкулы недамоўленыя, і калі не маеце, альбо, калі маеце, то агучце ў тую пару, калі ў вялікага гасудара нашага будзеце. І вялікі гасудар наш, яго царская вялікасць, абавязкова дзень пэўны свайго царскага цалавання вам аб’явіць загадае.

Прыстава да ганца можна даць. Таксама загадалі паведаміць вам, думныя баяры, што другі ваш ганец да вас, вялікіх паслоў, ідзе. І лепш бы тое было, калі ён прыйдзе, і вам у тую пару, ведаючы пра дакладна прызначаны час царскага хроснага цалавання, адпусціць ганца з любіцельнай справай.

Усіх вязняў вашых адпускаюць пасля хроснага цалавання. Нікога сілай не затрымоўваючы, акрамя тых, якія на гасударава імя самі захочуць застацца і крыж цалаваць. А тых, якія хочуць у Літву, усіх адпускаюць да мяжы. І корм, і падводы паводле ўказу царскай вялікасці даюць. А калі вы нам не верыце, што шмат вашых вязняў на імя гасударава крыж хочуць цалаваць, то вам варта паслаць да іх сваіх дваран і спытаць пра тое.

Купцам усім не забараняецца з вашымі купцамі гандляваць. І калі хто асмеліцца вашым купцам перашкаджаць, няхай яны нам паведамяць. І паводле ўказу царскай вялікасці мы вінаватага пакараем.

А што ты, камянецкі, хочаш у фурманцы на прагулянку ехаць, на тое няма адказу.

Яго міласць пан ваяводзіч віленскі даведаўся ад прыставаў, што нядаўна з розных гарадоў прыслалі некалькі сот вязняў. Сярод іх было некалькі дзясяткаў з маёнтка яго міласці пана маршалка Вялікага Княства Літоўскага Горскага. Таму ён паслаў да іх свайго слугу пана Станіслава Кошчыца, каб ён запытаўся ў іх у прысутнасці маскавітаў, хто з іх хоча вярнуцца да Айчызны. Усе палонныя ў адзін голас папрасіліся, каб іх дамоў адпусцілі. А дзве жанчыны, якія выйшлі за татараў, хаця і сваіх мужоў мелі, пажадалі застацца і заявілі аб тым, што ім лепей застацца тут, у татараў.

16 у пятніцу. Прыставы не прыходзілі да іх міласцяў паноў паслоў, таму ні пра якія рэчы з імі перагаварыць не ўдалося. А калі прыставы бывалі ў іх міласці паноў паслоў раней, заўжды пыталіся пра час і заўжды на іх спатканне выходзіў пан Кратоўскі.

17 у суботу. Іх міласці паны паслы перадалі праз прыставаў для думных баяраў дзве граматы і пільна прасілі прызначэння пэўнага дня царскай прысягі.

Увечары прыйшлі прыставы і паведамілі панам паслам:

— Раніцай вам, вялікім паслам, вялікі гасудар наш, яго царская вялікасць, загадаў быць на перамовах з баярамі. Калі мы прынеслі баярам граматы ад вас, яны адклалі іх на наступны дзень, каб даць вам адказ. У панядзелак будзеце з імі на размове.

18 у нядзелю. У яго міласці пана ваяводзіча віленскага на абедзе былі прыставы. Калі яго міласць за здароўе караля і за здароўе іх гаспадара піў, яны гэтаксама пілі за іх здароўе. Яны не ўстрымаліся і абышлі ўсіх наўкол, хто сядзеў за сталом. Потым пілі за здароўе царскіх дзяцей і яны зноў з такімі ж рэверансамі абышлі ўсіх за сталом.

Адышлі прыставы вясёлыя, нахвальваючы венгерскае віно, якога яны, апроч він заморскіх, не мелі.

19 у панядзелак. Пасля паведамлення прыставаў іх міласці паны паслы ехалі да Крым-горада. Але там не былі ў цара, а толькі з баярамі ў Адведнай палаце зносіліся.

20 у аўторак. Пра прыстава для іх ганца іх міласці паны паслы гаварылі прыставам. Яны адзначылі, што прыстаў гатовы, і калі спатрэбіцца, зараз жа будзе ў двары.

21 у сераду. Царскім імем прыставы дазволілі іх міласці панам паслам ездзіць на прагулкі ў карэце. Яго міласць пан ваяводзіч віленскі, які іх аб тым не прасіў, таму і не дзякаваў. Ён і не збіраўся нікуды ездзіць, але яго моцна прасіў пан камянецкі, каб склаў яму кампанію і даў згоду. Двойчы пан камянецкі дасылаў свайго прыяцеля пана Кратоўскага, які прасіў пана ваяводзіча віленскага, каб той не адмаўляўся і паехаў разам з ім. На трэці раз пан Кратоўскі перадаў пану ваяводзічы віленскаму, што пан камянецкі гэтаксама нікуды не паедзе, калі той адмовіцца, ці, у крайнім выпадку, не загадае сваім слугам дзеля асістэнцыі ехаць з панам камянецкім. Варта, каб і ён сваіх людзей паказаў на публіцы, што будзе не лішнім.

У адказ на настойлівыя просьбы, пан ваяводзіч віленскі загадаў усім сваім людзям элегантна апрануцца. Належна падрыхтаваўшыся, яго міласць пан ваяводзіч віленскі выехаў у карэце.

Прыставы ў сваіх вазках, запрэжаных па аднаму каню, ехалі звычайна побач з карэтай, а, часам, і перад карэтай.

З горада нас праводзілі цераз Пакроўскую браму, у кірунку Рубцова сяла, якое знаходзілася ў чвэрці мілі ад горада. Як распавядалі прыставы, менавіта туды часта прыязджае цар для ўцехі і адпачынку. У тым сяле ёсць мураваная царква Пакрова.

З таго фальварка вярталіся назад цераз Краснае сяло, бачылі з правага боку Ямскую слабаду.

Праводзілі нас у Белы горад праз Цвярскую браму.

На той прагулцы іх міласці паны паслы правялі каля дзвюх гадзін. Яны не мелі аніводнай уцехі і, не ўбачыўшы нічога вартага, вярнуліся ў пасольскі двор.

22 у чацвер. Прыставы паведамілі іх міласці панам паслам, што заўтра зранку ім варта быць у замку на сустрэчы.

У той жа дзень іх міласці паны паслы адправілі ганца Грабоўскага, чалядніка пана камянецкага, з лістамі да караля яго міласці. Пан Грабоўскі перад тым якраз прывёз лісты ад караля яго міласці. Назад яго суправаджаў прыстаў. З Грабоўскім ад’ехалі некалькі нашых купцоў з таварамі, а таксама тыя людзі, якія прыехалі з іх міласцямі, каб адшукаць і вызваліць з палону сваіх кроўных. З імі адпусцілі ўсяго каля 60 чалавек вызваленых палонных.

23 у пятніцу. Іх міласці паны паслы былі ў баяраў на спатканні.

Адказ ім з карткі прачытаў Гаўранёў.

Потым, паміж іншымі прыватнымі размовамі, паведаміў ім пячатнік, што сюды, у часы караля Аляксандра, Іван Сапега перадаў каштоўны звон для царквы. Той звон і дагэтуль знаходзіцца ў сталіцы ў той жа царкве.

Увечары пасланец з Вялікага Княства Літоўскага Міхалевіч прывёз ад двара лісты да іх міласцяў паноў паслоў. Пра тое, што ён ідзе, маскавіты паведамілі панам паслам паўтара тыдня назад. Але недзе яго доўгі час затрымлівалі.

24 у суботу. Іх міласці паны паслы прасілі праз прыставаў думных баяр, каб яны той адказ, які ім надоечы зачыталі з карткі, даслалі ў пісьмовым выглядзе.

У тую ноч у Белай крэпасці згарэлі некалькі дамоў. Але аніякага тлуму і трывогі не назіралася. Хаця пажар быў дзесяцікроць большым, чымся папярэдні, усё было ціха, нібыта не існавала аніякай небяспекі. Ні ў званы, ні ў набат не білі. Прыставы, прыехаўшы да пасольскага двара, загадалі варце, каб іх міласцяў паноў паслоў нават не будзілі. Яны сказалі:

— Шмат ёсць гасударавых людзей. Ёсць каму абараняць і гасіць. Сюды, да пасольскага двара, агонь не прыйдзе.

25 у нядзелю. Іх міласці паны паслы былі на сустрэчы з думнымі баярамі ў Адведнай ізбе.

Калі яны вярталіся з замка і ўжо ўязджалі ў пасольскі двор, адбылося здарэнне. Адзін з нашых вязняў, якога доўга трымалі ў цяжкім палоне і гвалтам змусілі прысягнуць на царскае імя, уплішчыўся сярод моладзі, якая ехала з іх міласцю панамі пасламі, і хацеў трапіць у пасольскі двор.

Маскавіты падсцераглі вязня і кінуліся за ім, каб схапіць яго. Нашыя захацелі яго павесці з сабой, і пабілі стральцоў, якія пагналіся за ім, абухамі. Затым нашы адціснулі стральцоў коньмі і той вязень знік з іх вачэй, схаваўшыся недзе паміж забудовамі.

Прыставы былі на абедзе ў яго міласці пана Вяжэвіча. Потым, вярнуўшыся да сябе, паслалі да пана Пястрэцкага, старшага слугі яго міласці пана ваяводзіча віленскага, просячы, каб яны маглі ўбачыць таго чалавека, які заскочыў у двор і схаваўся. Яны хацелі дапытаць яго, якім чынам і пры якіх абставінах ён прысягаў на царскае імя. Паколькі, без яго міласці пана ваяводзіча віленскага тое адбыцца не магло, яго міласць паслаў да прыставаў, каб паведаміць, што хоча таго чалавека ім перадаць. Адзінае, што ён запатрабаваў ад прыставаў, каб яны, дапытаўшы таго чалавека, не затрымлівалі яго ў сябе і дазволілі вярнуцца назад, да слуг яго міласці.

Прыставы былі ўдзячныя яго міласці ваяводзічу віленскаму за яго ўчынак, але запатрабавалі, каб той уцякач пабыў у іх распараджэнні адну ноч. Яго міласць ні ў якай меры не хацеў згаджацца на тое, каб палонны заставаўся ў іх на ноч. Але прыставы паабяцалі, што пасля допыту адпусцяць яго без усялякай затрымкі. Яго міласць у суправаджэнні сваіх слуг адаслаў таго чалавека да прыставаў. Яны даведаліся ад палоннага, якім шляхам і ў якіх абставінах той цалаваў крыж на царскае імя, адпусцілі яго.

26 у панядзелак. Прыставы, прыйшоўшы да яго міласці пана ваяводзіча віленскага, дзякавалі яму ад думных баяраў і ад сябе асабіста, што не схаваў таго вязня, а дазволіў ім дапытаць яго. Паколькі высветлілася, што той палонны не здраднік, яму дазволена без перашкодаў вяртацца дадому. А той, хто яго несправядліва ўтрымліваў у палоне, будзе пакараны. Тое паведаміўшы, прыставы адышлі ад яго міласці.

Пазней дзяк Няміраў прынёс да іх міласці паноў паслоў спіс усіх вязняў, якіх яны, паводле заключнага пакта, адпускалі.

27 у аўторак. Праз сваіх прыставаў цар ад імя свайго сына Аляксея адарыў іх міласцяў паноў паслоў рознымі неардынарнымі пачастункамі і напоямі.

У той дзень у маскавітаў надарылася вялікая гулянка. І цар, здаецца, запрашаў да сябе на банкет думных баяраў.

28 у сераду. Іх міласці паны паслы былі ў замку на спатканні з думнымі баярамі.

29 у чацвер. Пасля працяглай цяганіны і настойлівых патрабаванняў паслоў быў канчаткова прызначаны пэўны дзень цалавання крыжа царом.

У дзесяць гадзін раніцы паслы выехалі ў Крэмль звычайным парадкам. Пры­ставы суправаджалі іх на гару, да Адведнай палаты. Там паслы затрымаліся з баярамі гадзіны на дзве. Затым паслоў апавясцілі, што ім варта ісці да цара. Без усялякіх перашкод і непаразуменняў паслы ў адпаведнасці з пасольскімі звычаямі здзяйснялі неабходныя цырымоніі. Яны сваімі ўчынкамі выказвалі павагу да цара.

Цар знаходзіўся ў Залатой палаце. У дарагой вопратцы ён сядзеў на троне. На яго галаве была нізкая карона, у руцэ ён трымаў скіпетр. Каля яго знаходзіўся яблык з крыжам.

Увайшоўшы да цара, паслы пакланіліся яму, зняўшы шапкі. Царскі акольнічы Стрэшнеў паведамляў цару, што першымі яму б’юць чалом паслы з Вільні, а затым б’юць яму чалом дваране. Цар спачатку пытаўся паноў паслоў пра іх здароўе, а затым пытаўся дваран пра іх здароўе.

Падзякаваўшы за царскую ўвагу, паслы і дваране адказалі, што здаровыя, дзякуючы Божай міласці.

Затым прынеслі лаўкі, накрытыя дыванамі. Паслы размясціліся на іх.

Пячатнік Іван Грамацін, зняўшы шапку, звярнуўся да паслоў:

— Вялікі гаспадар, цар і вялікі князь Міхайла Фёдаравіч, усяе Русі самадзержац і многіх дзяржаў гаспадар і ўладальнік, вялікага гаспадара Уладзіслава IV, брата свайго, караля польскага, вялікага князя літоўскага і іншых, вам, вялікім паслам, паведаміць загадаў.

Варта рабіць і выконваць усё гэтак, як нашы вялікія паслы з вялікімі пасламі гаспадара вашага пастанавілі на рэчцы Палянаўцы. Каб мы ўсталявалі вечны мір паміж нашымі вялікімі дзяржавамі, змацавалі яго сваімі душамі, пячаткамі і рукамі.

Усё, пра што вы, вялікія паслы, з баярамі і з нашымі думнымі людзьмі, з загаду нашага гаспадарскага, дамовіліся, усё тое, мы, вялікі гаспадар, цар і вялікі князь Міхайла Фёдаравіч, усяе Русі самадзержац і многіх дзяржаў гаспадар і ўладальнік, жадаем заключнай перамірнай граматай і пячаткай зацвердзіць і ўмацаваць нашай душой.

Усё, што запісана ў той заключнай грамаце, мы будзем цвёрда і няўхільна выконваць.

З вашым вялікім гаспадаром Уладзіславам Чацвёртым, каралём польскім і вялікім князем літоўскім і іншых, нашым братам, нам быць у брацкай дружбе і любові.

Спадзяёмся, што і наш брат, ваш вялікі васпан, таксама будзе выконваць тую заключную грамату і мірны дагавор.

Пячатнік Іван Грамацін казаў, нібы царскімі вуснамі. Іх міласці паслы слухалі яго, зняўшы шапкі.

Затым пячатнік падышоў да цара і ціха пра штосьці размаўляў з ім. Потым ён звярнуўся да паслоў:

— Наш цар і вялікі гаспадар хоча цалаваць крыж у пацверджанне таго, што запісана ў заключнай грамаце.

Паслы ўсталі са сваіх месцаў і наблізіліся да цара. Думныя баяры таксама сталі з двух бакоў трона перад царом. Затым усталявалі высокі столік, накшталт пюпітра. Ён быў накрыты царкоўным покрывам. На стале ляжаў крыж. Цар устаў са свайго трона, сышоў па прыступках і схіліў сваю галаву для зняцця кароны. Карону з царскай галавы зняў яго дзядзька Мікіціч і трымаў яе ў руках. Цар, стоячы, здзяйсняў прысягу, прамаўляючы наступныя словы:

— Божым наказам, мы, вялікі гаспадар, цар і вялікі князь Міхаіл Фёдаравіч, усяе Русі самадзержац і многіх дзяржаў гаспадар і ўладальнік, вялікаму гаспадару Уладзіславу Чацвёртаму, брату нашаму, каралю польскаму, вялікаму князю літоўскаму і іншых, гэты жыватворчы крыж цалуем. Усё тое, што запісана ў заключнай грамаце, будзем непарушна выконваць на вякі.

Сказаўшы тыя словы, цар схіліўся і пацалаваў крыж. Затым ён зноў надзеў карону і шапку і сеў на трон. Падчас прысягі баяры трымалі адкрытым заключны пакт. Калі цар зноў сеў, яны загарнулі пакт у чырвоную кітайку, і цар са сваіх рук аддаў пакт паслам. Яны ўсе разам узялі яго з царскіх рук.

Яго міласць пан Песачынскі звярнуўся да цара, павіншаваўшы яго з мірам. Ён пажадаў цару доўгага і шчаслівага валадарання і каб яго сын Аляксей, заняўшы месца свайго бацькі, таксама шчасліва валодаў дзяржавай.

Пячатнік Іван Грамацін, мабыць, не зразумеў слоў пасла, бо нічога на іх не адказаў. Ён толькі сказаў:

— Цяпер едзьце ў пасольскі двор. Царскі стол будзе потым.

Падчас знаходжання паслоў у цара ім усім кожны раз дазвалялася свабодна ўваходзіць у палаты, дзе жыў цар. Перад пасламі звычайна ішлі слугі, а ўслед за імі — маладыя людзі. Праціснулася нямала і чэлядзі. Нікому з простых людзей і вознікаў маскавіты не рашыліся забараняць уваход. Аднак, пан Сапега, віленскі ваяводзіч, даручыў свайму пяхотнаму ротмістру стаць з пяхотай ля ўвахода і ў дзверы і не прапускаць чэлядзь.

Выйшаўшы ад цара, паслы накіраваліся да свайго двара. Мсціслаўскі войскі, пан Мадаленскі, нёс наперадзе паслоў пакт аб вечным міры. Надвор’е сапсавалася, ішоў дождж уперамешку са снегам. А перад самай прысягай распагодзілася, было вельмі яснае надвор’е.

Неўзабаве паслы прыехалі ў двор. Да іх прыйшоў дзяк і паведаміў, што цар, выказваючы паслам сваю павагу, даслаў ім ежу і напоі.

Сышоўшы з коней, паслы ўсе разам накіраваліся да пана Песачынскага, дзе пан Мадаленскі паклаў на стол пакт аб вечным міры. Пан Вяжэвіч, як пісар і сакратар пасольскай місіі, хацеў забраць дакумент да сябе. Аднак пан Песачынскі папрасіў пакінуць той пакт на ноч у яго. Ён выказаў жаданне яшчэ раз перачытаць артыкулы вечнага міру.

Песачынскі тады сказаў:

— Пакт нікуды не знікне. Перачытаўшы артыкулы, я адпраўлю іх да вашай міласці і да пана Сапегі.

Я давяраў яго словам. Тым больш, што ні хто-небудзь адзін з нас, а ўсе мы ўтрох мелі права ведаць пра змест пакта. Таму яму не пярэчыў ні пан Вяжэвіч, ні пан Сапега. Утрох яны павінны былі ўсё ўзгадняць і знаходзіць паразуменне.

30 у пятніцу. Яго міласць пан Сапега, ваяводзіч віленскі, пажадаў яшчэ раз праглядзець артыкулы пакта. Ён паслаў па дакумент да пана Песачынскага. Аднак той не захацеў адсылаць пакт Сапегу. Песачынскі спасылаўся на тое, што дакумент не варта аддаваць яшчэ ў чые-небудзь рукі. Тады я асабіста заняўся гэтым пытаннем і сустрэўся з панам Песачынскім.

Праз некаторы час пан Песачынскі прыйшоў да пана Сапегі. Тут канчаткова праяснілася сутнасць учарашніх хітрыкаў з затрымкай пакта ў пана Песачынска­га. Ён пачаў абмяркоўваць з Сапегам пытанне аб тым, у каго павінен захоўвацца падпісаны пакт. Яго міласць пан Сапега незвычайна здзівіўся такой несумленнасці, паколькі сам з’яўляўся ўзорам ветлівасці і добрага выхавання.

Віленскі ваяводзіч прамовіў:

— На справе выйшла так, як маскоўскія цары прывыклі казаць: «Думайце баяры, што цар надумаў». Ваша міласць абышлі нас у сваёй хітрасці. Вы займелі пакт у свае рукі, і зараз пачынаеце непатрэбныя высвятленні, пытаючыся, у каго ён павінен захоўвацца. Відавочна, ваша міласць адзін хоча зжаць тое, што мы ўсе разам пасеялі. Шкада, што ўсё гэта адбываецца ў чужой дзяржаве і можа быць не правільна вытлумачана рускім народам. Інакш вы б не пазбеглі заслужанага пакарання.

Пан Песачынскі адказваў яму:

— Я толькі хацеў засцерагчы сябе і супакоіць вашу вялікасць.

Яго міласць пан Песачынскі развітаўся і сышоў.

Да паслоў прыйшлі прыставы і папрасілі скласці спіс асоб, якія будуць прысутнічаць за царскім сталом. З-за спісу адбылася другая сутычка.

Пан Песачынскі хацеў, каб за царскім сталом сядзелі ў той чарговасці, у якой ажыццяўлялася прывітанне цара. Ён не жадаў лічыцца з тым фактам, што з панам Сапегам прыехала шмат знакамітых асоб, важных земскіх (дзяржаўных) чыноўнікаў. Песачынскі настойваў на тым, каб з аднаго боку стала сядзелі прыяцелі пана Сапегі, а з другога боку — яго людзі.

Яго міласць пан Сапега, убачыўшы працяглае абдумванне панам Песачынскім і затрымку ім спіса, асабіста пайшоў да яго. Прыйшоўшы да Песачынскага, Сапега спытаў:

— Можа, ужо досыць высокіх разважанняў?

Пан Песачынскі абурыўся:

— Прыходзіш да мяне раптоўна і без папярэджання. Я пакуль не магу нічога сказаць.

Яго міласць пан Сапега сказаў:

— Ваша міласць ставіць нас у цяжкае становішча, паколькі яшчэ нічога не пачынаў. Што да вашых разважанняў, то я вельмі дзіўлюся. Чаму вы нам, годным людзям, не верыце, хоць сам кароль нам давярае? Чаму ты пакт скраў і трымаеш у сябе?

Пан Песачынскі парырываў Сапегу:

— Таму не веру, што асцерагаюся, як бы ваша міласць пакт у сябе не схаваў. Патрэбныя нейкія пацверджанні і зарука.

Пан Сапега спытаў:

— Скажы, ваша міласць, чым трэба пацвярджаць? Калі крывёю, то будзь упэўнены, што і з вашай міласці таксама не малако пацячэ. І шлях да Варшавы можа вам здацца вельмі далёкім.

Пан Песачынскі адказваў:

— Ваша міласць можа стаць мне на шляху і разбіць мяне. Я гатовы развітацца з маім жыццём.

Пан Сапега адплаціў яму за тыя яго словы:

— Ці не вучыліся разбіваць! Далёка ад Бескід жывём, аднак свайго дамагацца ўмеем. Ваша міласць — стары палкоўнік. Але будзьце ўпэўненыя, і ў мяне сэрца жаўнера. Да нашай Айчыны далёка, але і тут, за сталіцай, ёсць прасторнае поле, дзе можна пазмагацца.

Пан Песачынскі адказваў:

— Я цаню вашу ласку і вашу вайсковую мужнасць. Але і я не такі тоўсты і бездапаможны, каб не змог абараніць сябе.

Пан Сапега адказваў яму:

— Кожны ясна бачыць і прызнае, што пакт не належыць вам. Ваш учынак варта расцэньваць адназначна. Вы беспадстаўна затрымалі пакт у сябе, а прасцей сказаць — скралі. Цяпер усім трэба баяцца вашай напускной сумленнасці і пачцівасці, за якімі хаваецца хлусня. У пана Вяжэвіча, а не ў вашай міласці павінен захоўвацца пакт.

Пасля сваркі, якая доўжылася некалькі гадзін, вялікія паслы, нарэшце, разышліся. Пан Вяжэвіч, якога дадзенае пытанне датычылася ў першую чаргу, а таксама пан Мадаленскі, з’яўляліся пасрэднікамі ў дыскусіі паміж вялікімі пасламі.

Пасля працяглых спрэчак і ўзаемных папрокаў, паслы ўсё ж знайшлі згоду: захоўваць пакт у асобным сейфе з трыма замкамі. Па адным ключы атрымліваў кожны, каб ніхто ў адзіночку не меў доступу да пакта. Толькі пасля ўзгаднення і сустрэчы ўтрох, можна было адкрыць сейф і перадаць дакумент каралю. Таксама пастанавілі, што сейф будзе знаходзіцца на захоўванні ў пана Песачынскага.

31 у суботу. Паны паслы сустрэліся і паклалі пакт у сейф з трыма замкамі, спецыяльна набыты для гэтай мэты. Сейф замкнулі і перадалі пану Песачынскаму. Аднак пан Сапега пакінуў усе тры ключы ў сябе.

Неўзабаве пан Песачынскі даслаў да пана Сапегі свайго чалавека з патрабаваннем аддаць яму адзін ключ, як яны дамовіліся раней. Пан Сапега адмовіўся даваць ключ. Ён папрасіў на словах перадаць Песачынскаму:

— Дастаткова і таго, што ў пана Песачынскага знаходзіцца сейф. А ў мяне няхай застануцца ключы. У яго не будзе чым адкрываць, а ў мяне не будзе што адкрываць.

Пан Песачынскі быў уражаны учынкам Сапегі, які не выканаў дамоўленасцей і выказаў яму недавер. Песачынскі гнеўна абураўся тым, што пан Сапега называў яго злодзеем, а сам не аддаў яму ніводнага ключа.

У цара на банкеце.

У дзесяць гадзін прыехалі прыставы і запрасілі вялікіх паслоў у замак на абед.

Прыбыўшы ў замак, паслы адправіліся да цара на гару. У той час ён размяшчаўся там, у Залатых палатах. Паслоў і дваран ад царскага імя спыталі пра здароўе. Пры сустрэчы з баярамі і дзякамі вялікія паслы здзяйснялі неабходныя цырымоніі.

Калі іх міласці паны паслы селі, цар сказаў:

— Вялікія паслы, запрашаю вас да стала.

Пячатнік Іван Грамацін прапанаваў паслам накіроўвацца ў Адведную палату. Але паслы крыху затрымаліся. Пан Сапега папрасіў аб аўдыенцыі ў цара і атрымаў яе. Ад імя караля пан Сапега звярнуўся да цара з просьбай вызваліць з палону Рыгора Торна і Іосіфа Грыгаровіча — паслоў імператара Святой Рымскай Імперыі. Яны накіроўваліся з пасольствам у Персію, але былі затрыманыя і амаль 20 гадоў знаходзіліся ў цяжкай няволі. Цяпер кароль прасіў у цара аб іх вызваленні.

Пячатнік Іван Грамацін наблізіўся да цара і спытаўся ў яго, што яму належыць адказаць Сапегу.

Неўзабаве пячатнік адышоў ад цара і паведаміў:

— Вялікі гаспадар наш, яго царская вялікасць, для вялікага гаспадара вашага, свайго брата, дзеля братняй дружбы і любові, згодны выканаць вашу просьбу. Ён загадвае вызваліць тых людзей нямецкага імператара, калі яны будуць знойдзеныя жывымі.

Паны паслы пакланіліся цару, адышлі да Адведнай палаты. Там гадзіны дзве яны знаходзіліся разам з прыставамі. Затым прыйшоў князь Васіль МашукоўЧаркаскі і папрасіў паслоў да царскага стала. Ён праводзіў паслоў да Гранавітай палаты. Па шляху баяры трохразова сустракалі іх. Паслы раскланьваліся з баярамі і неўзабаве паўсталі перад царом.

Пячатнік Іван Грамацін ад царскага імя папрасіў паслоў садзіцца за стол.

У Гранавітай палаце стаялі чатыры сталы. За першым сталом сядзеў сам цар на троне, без кароны, у шапцы з чорна-бурай лісіцы. На ім было плацце, падшытае сабалямі. Перад ім ніхто не стаяў, акрамя крайчага і падчашага. Не было таксама і тых чатырох целаахоўнікаў.

Другі стол знаходзіўся справа ад цара, у шасці кроках ад яго. Ён размяшчаўся ўпоперак ізбы. За ім сядзелі думныя баяры. Першым сярод іх быў князь Чаркаскі. Перад ім сядзеў пратапоп саборнай царквы Звеставання Мікіта Васілевіч — царскі духоўнік. У той царкве цар звычайна прысутнічаў на службе.

Трэці стол, такі ж, як і другі, знаходзіўся злева ад цара. За ім сядзелі іх міласці паны вялікія паслы. Перад імі сядзеў царскі баярын Буйносаў, сляпы на адно вока

і з бяльмом. За ім сядзелі прыставы і дзякі. Далей сядзелі дваране і іншыя паны. Тут жа размяшчаліся і маладыя людзі, якія прыбылі ў складзе пасольства.

Чацвёрты стол знаходзіўся паблізу калоны. Ён размяшчаўся пасярэдзіне пала­ты. За ім сядзелі паны і маладыя людзі, якія не змясціліся за пасольскім сталом. Каля калоны і пасярэдзіне палаты стаяла прыслуга і шэсць шэрагаў са сталовымі прыборамі. Усе сталы былі накрыты абрусамі. На іх не было ніводнай талеркі.

Абед пачаўся ў гадзіну пасля апоўдня. Спачатку крайчы Васіль Енішавіч Суляшоў паднёс цару тонка нарэзанага хлеба, накшталт бісквіта. Цар спачатку паслаў праз свайго крайчага кавалачак таго хлеба Чаркаскаму, а затым — пану Аляксандру Песачынскаму. Потым зноў некаму са сваіх думных баяраў. Потым, пану Сапегу. Пану Мадаленскаму падалі вялікі кавалак нарэзанага хлеба. Перад усімі гасцямі і баярамі былі пакладзены тыя хлябцы. Але яны падаваліся не для стравы, а замест талерак.

Затым да цара паднеслі напоі. Той жа крайчы, разам з іншым, — Лявонам Апанасавічам Пляшчэевым, падавалі напоі цару ў вялікіх кубках. Затым цар з іх наліваў напоі ў куфлі. Асобны падчашы — Барыс Аляксандравіч Рэпнін-Абаленскі — спрабаваў кожны напой. Пасля яго цар піў з чары. Потым па чарзе пілі думныя баяры і паны паслы.

Цар піў гарэлку з невялікага крыштальнага келіха. Такія ж келіхі паставілі і паслам перад ужываннем розных страў. Налівалі раманею, мальвазію, петэрсэмон, піва і гарэлку.

У той час стольнікі, узяўшыся за рукі, парамі здзяйснялі вакол калоны нейкую працэсію. Яны не кланяліся цару і не здымалі шапак. Абышоўшы калону, яны выходзілі за дзверы, а праз некаторы час вярталіся з ежай. Спачатку яны прынеслі чорнай і чырвонай ікры, шмат цытрын, якія яны называлі халоднымі закускамі.

Першым стравы спрабаваў цар, затым яны падаваліся думным баярам, а затым — вялікім паслам. А пасля — усім іншым удзельнікам царскага застолля.

Крайчы Суляшоў, калі падносіў паслам чарговы напой ці страву, заўсёды казаў:

— Цар і вялікі князь падае.

А затым ён называў імя таго з вялікіх паслоў, каму падаваў напой або страву — Аляксандр Песачынскі, Казімір Львовіч Сапега і гэтак далей.

Ад царскага стала крайчы падаў пяць страў. Усяго было пададзена 12 страў. Адна страва змянялася другой. Частка з іх засталіся некранутымі нашымі, бо не ўсё прыходзілася даспадобы. Асабліва тыя прыйшліся не даспадобы, якія былі запраўлены цыбуляй і часнаком. Асобныя стравы былі прыгатаваныя без солі, таму на стале ўсюды густа стаялі срэбныя сальнічкі, у адпаведнасці з іх звычаямі. Прыборы на сталах былі з волава. Падобнага нашы людзі раней не бачылі ў сваіх краях. У нас было прынята ўсё падаваць на срэбры, а ў выпадку асаблівай пашаны — на залатых місках і паўмісках. Тут гэтага няма і ў паміне. Мабыць, царскай скарбніцы перад тым былі нанесены вялікія страты.

Перад сталом, дзе сядзелі паны паслы, стаў чашнік Юрый Андрэевіч Сіцкой-Яраслаўскі і яго другі таварыш. Ён браў у стольнікаў напоі і стравы, а затым аддаваў іх паслам са словамі:

— Цар і вялікі князь падае.

Паставіўшы пачастункі на стол, чашнік называў імя вялікага пасла. Той жа чашнік падаваў пачастункі і астатнім дваранам. Імя кожнага, перад якім ён ставіў страву або наліваў напой, чашнік зачытваў па рэестры. Той рэестр прыставы атрымалі ад іх міласці паноў паслоў. Маскавіты зрабілі з яго свой спіс і карысталіся ім.

У сярэдзіне абеду царскі акольнічы Стрэшнеў паведаміў паслам:

— Вялікі гаспадар, цар і вялікі князь Міхайла Фёдаравіч, усяе Русі самадзержац і многіх дзяржаў гаспадар і ўладальнік, яго царская вялікасць, п’е за здароўе вялікага гаспадара Уладзіслава Чацвёртага — свайго брата, караля польскага, вялікага князя літоўскага і іншых.

Цар устаў і пачаў піць. Паны паслы падняліся са сваіх месцаў і на тры крокі ад свайго стала сталі перад царом, чакаючы пакуль той вып’е. Калі цар выпіў да дна, паслы селі па сваіх месцах.

Стравы падавалі адна за адной. Затым пачалі падаваць мёд — вішнёвы, малінавы, парэчкавы, патачны.

Калі ад цара што-небудзь падавалі прыставам, яны ўставалі з-за стала і нізка кланяліся цару.

Ніхто з думных баяраў не піў за іх міласць паноў паслоў. Толькі калі ім падавалі ад царскага імя пачастунак, яны спачатку кланяліся цару, а затым здалёк кланяліся паслам. Думныя баяры сядзелі ў белых футрах, мабыць, пабеленых, не накрытых ніякай матэрыяй.

Той банкет доўжыўся да самай ночы. Калі стравы прыбралі са сталоў, перад царом паставілі некалькі падносаў з алівамі. Цар дазволіў стольнікам браць сваімі рукамі па дзве аліўкі, у знак сваёй павагі да іх. Яны адзін за адным ахвотна бралі аліўкі і ўцякалі. Калі ўсім стольнікам далі па дзве аліўкі, падносы з астатнімі пладамі прыбралі са стала.

Пасля адпраўлення ўсіх тых цырымоній, пячатнік звярнуўся да паслоў з наступнымі словамі:

— Вялікі гаспадар, цар і вялікі князь Міхайла Фёдаравіч, усяе Русі самадзержац і многіх дзяржаў гасудар і ўладальнік, з вялікім гаспадаром вашым Уладзіславам IV, сваім братам, каралём польскім, вялікім князем літоўскім і іншых, вам, вялікім паслам, ад сябе загадаў сказаць.

Мы, вялікі гаспадар, жадаем быць з ім у любові і братэрстве, а таксама і нашы вялікія дзяржавы. Жадаем, каб паміж сабой усялякі мір, братэрства і сяброўства моцна трымалі. Усё тое, што нашы паслы на рацэ Палянаўцы пастанавілі і што з дазволу нашага гаспадарскага думныя баяры тут з вамі, вялікімі пасламі, дамовіліся, у заключнай запісе, перамірнай грамаце, запісана. І ўсе тыя дамоўленасці граматай, пячаткай і душою нашай умацавалі. І грамата ад нас да гаспадара ваша­га будзе вам дадзена.

Затым паслы падышлі бліжэй да цара. Пан Песачынскі з рук цара ўзяў грамату і звярнуўся да яго з прамовай. Затым ён перахрысціў цара і пацалаваў царскую руку.

Потым да цара падышоў пан Сапега, узяў царскую руку ў сваю руку, пацалаваў яе і сказаў:

— Цяпер цалую руку тваёй царскай вялікасці, паколькі ты прынёс прысягу яго міласці каралю, нашаму пану міласэрнаму. Жадаю тваёй царскай вялікасці жыць у вечнай дружбе і сімпатыі з яго міласцю нашым каралём, доўга і шчасліва панаваць у тваіх уладаннях.

Пацалаваўшы руку, пан Сапега адступіў ад цара.

Затым пан Вяжэвіч і пан Мадаленскі, а за імі і ўсе астатнія, цалавалі цар­скую руку.

Калі паслы накіроўваліся з ізбы, думныя баяры падыходзілі да іх і віншавалі. Паслы і баяры радаваліся і абдымаліся без усялякіх цырымоній. Дзякі, якія заўсёды сустракалі і праводзілі паслоў, і цяпер выконвалі свае абавязкі. Затым яны таксама радасна абдымаліся з пасламі.

Спусціўшыся з гары, паны паслы селі на сваіх коней. У горадзе для асвятлення былі развешаны паходні (каганцы). Стральцы з запаленымі паходнямі праводзілі паслоў да пасольскага двара.

Неўзабаве, пасля таго як паслы селі на коней, паміж імі пачалася новая сварка з-за месца захоўвання царскай граматы. Пан Песачынскі, атрымаўшы грамату ад цара, схаваў яе спачатку ў сябе за пазухай, а затым аддаў пану Кратоўскаму, каб той занёс яе ў пасольскі двор. Але захоўванне граматы ўваходзіла ў абавязкі пана Мадаленскага, як старэйшага каралеўскага двараніна.

Пан Сапега пачаў з гэтай нагоды ўшчуваць пана Песачынскага:

— Ваша міласць добра злаўчыўся ў крадзяжы. Хіба недастаткова таго, што ты скраў пакт і схаваў яго ў сябе. А цяпер царскую грамату спачатку паклаў сабе за пазуху, а затым аддаў яе несці таму, каму менш за ўсё яе варта было несці, хіба толькі ў выпадку адсутнасці пана Мадаленскага. Ваша міласць падманулі нас, выкарысталі хітрасць і хлуслівыя словы. Асабліва закрануты гонар пана Вяжэвіча, у абавязкі якога ўваходзіць захоўванне пакта. І зараз яшчэ раз усё вылілася вонкі, — царская грамата перададзена ў рукі чалавека, які не мае паўнамоцтваў на яе захоўванне. Калі б не ішла гаворка пра маю рэпутацыю і рэпутацыі нашага караля, то я б, нягледзячы на маю стрыманасць і разважлівасць, знайшоў бы спосаб правучыць вашу ласку за нявартыя ўчынкі і здзекі. Але прыйдзе час і ваша міласць за ўсё адкажа.

Пан Песачынскі адказаў пану Сапегу на яго словы, патлумачыўшы, чаму ён падтрымліваў з ім адносіны:

— Я трываў вашу ласку да таго часу, пакуль ваш аўтарытэт і слава патрэбныя былі для карысці дзяржавы. Цяпер усё скончылася. Хачу падсумаваць, што больш няма ніякай неабходнасці клапаціцца пра прыязнасць да вас.

Пан Сапега адказваў:

— Вельмі рады, што ваша вялікасць, нарэшце, паведамілі мне аб сваёй уяўнай павазе да мяне. Упрыгожвалі сябе чужым пер’ем, а цяпер усё прысвойваеце сабе. Уражвае рэзалюцыя вашай міласці аб тым, што вы ніколі раней не стараліся аб узаемнай сімпатыі, а цяпер тым больш не будзеце пра яе думаць. На вашу падступнасць я адкажу адэкватна. Дасць Бог, і я паквітаюся з вамі.

Пан Песачынскі сказаў:

— Ваша міласць мог бы выказаць мне належную павагу, паколькі я сяджу там, дзе сядзелі знакамітыя продкі вашай міласці і цяпер сядзяць, — побач з яго вялікасцю каралём. Вашых пагроз я не баюся. Тады будзеш мне пагражаць, калі ў цябе будзе барада, як у мяне.

Пан Сапега адказваў:

— Вы першы з вашага роду, хто здолеў заняць месца ў Сенаце. Таму не занадта высока заносцеся. Мае продкі з даўніх часоў займалі высокія пасады, і зараз наш старэйшы высока сядзіць. Але ніхто з нас не быў камянецкім панам і не жадае ім быць. Няхай ваша міласць займае гэтак высокую пасаду і далей. А ад вашай казлінай барады, якой вы прыкрываецеся, няма ніякай карысці. Ніхто яе і не жадае мець.

З узаемнымі абразамі і лаянкай паслы прыехалі да пасольскага двара.

Неўзабаве да іх прыбыў царскі стольнік Куракін, які і раней прыязджаў. Ён прывёз царскае падараванне (узнагароджанне) — напоі і розныя стравы, якія былі ў замку на стале ў паслоў. Пан Сапега аддзячыў стольніка за два разы. Ён паслаў яму рострухан — двайны, срэбны i з пазалотай.

Уначы за белымі сценамі згарэла пяць хацін.

IV

Красавік 1635 года.

1 у каляровую нядзелю. Да царквы Святой Тройцы, што размешчана ў Кітайгорадзе, недалёка ад Крамля, з замка адправілася працэсія. Сам цар ішоў пешшу. Патрыярх сядзеў на муле і хрысціў людзей крыжам. Канец лейцаў знаходзіўся ў руках у цара, нібы ён вёў мула, на якім ехаў патрыярх. Пад правую руку цара падтрымліваў акольнічы і дварэцкі Стрэшнеў, а пад левую — князь Хаванскі. З царквы цар, здаецца, з’ехаў на санях.

Тром паслам прынеслі падарункі ад цара, — па чатыры саракі собаляў. Для двара пана Сапегі, — восем саракоў, а для двароў пана Песачынскага і пана Вяжэвіча, — па шэсць саракоў собаляў. Пан Песачынскі і пан Вяжэвіч падзяліліся падарункамі са сваімі людзьмі, але большую частку сабе пакінулі. Дваране пана Сапегі не прынялі собаляў паколькі яны аказаліся сапсаванымі. Яны перадалі іх капліцам святога Бэноні і святога Казіміра, што знаходзіліся ў Вільні. Ксяндзу Юргевічу, а таксама ўсім астатнім дваранам, пачынаючы з пана Мадаленскага, дасталася па сорак собаляў.

Таму, хто даставіў падарункі ад цара, пан Сапега ў адказ падарыў медны таз аўстрыйскай працы з налівачкай (рукамыйніцай).

Для нас прыгналі падводы, лікам 300.

2 у вялікі панядзелак. Пан Сапега ўзнагародзіў прыставаў. Казлоўскага — залацістай шабляй, упрыгожанай бірузой і каштоўнымі камянямі. Гарыхвостаў атрымаў пазалочаны меч, упрыгожаны камянямі. Міглецкаму дастаўся палаш, апраўлены ў золата. Абодвум дзякам Сапега падараваў па шаблі, якія былі апраўлены ў золата. Асобна ён узнагародзіў Пажарскага. Сапега паслаў яму гнядога скакуна турэцкай пароды. Усім, хто аказваў паслугі на пасольскім двары — піўнічым, цалавальнікам, пекарам, вартаўнікам, дазорцам, дворным і гэтак далей, — далі па некалькі дзясяткаў талераў.

Пасля абеду прыбылі дарожныя прыставы — Філон, Аляксей і Малюта. Пры­ставы паведамілі паслам, што са згоды цара яны прызначаныя ў якасці павадыроў да мяжы.

Працяглае знаходжанне, цесната і розныя нязручнасці вельмі надакучылі ўсім. З-за гарачага сонца і дажджоў, якія доўжыліся паўтара тыдня, пачало псавацца надвор’е. У вялікіх паслоў і ва ўсіх нас было велізарнае жаданне хутчэй выбрацца ў дарогу.

Прыставы, аднак, не дазвалялі ад’езду. Спасылаючыся на загад цара і думных баяраў, яны патрабавалі без прамаруджання выдаць ім каля 15 чалавек з нашых людзей, якія раней трапілі ў палон і вымушаныя былі цалаваць крыж цару. Цяпер яны схаваліся на нашым двары, жадаючы вярнуцца дадому. Мы паўсталі перад выбарам: альбо затрымацца і настойваць на вяртанні тых людзей, альбо выдаць іх прыставам і выракчы на верную і ганебную смерць.

Пан Песачынскі запатрабаваў:

— Выдаць усіх назад.

Некаторыя з названых людзей, даведаўшыся пра яго рашэнне, спрабавалі скончыць жыццё самагубствам. Яны такім шляхам хацелі пазбавіць сябе ад цяжкіх пакут.

Пан Сапега і пан Вяжэвіч не жадалі выдаваць прыставам тых «здраднікаў». Пан Сапега сказаў прыставам:

— Нават калі мне самому прыйдзецца застацца тут назаўсёды, я не выдам вам ні аднаго з гэтых людзей. Вы, відавочна, сілай прымусілі нашых людзей цалаваць крыж цару, супраць іх волі прымусілі прынесці яму прысягу на вернасць. У нас вашых людзей не трымаюць, а адпускаюць, калі яны пажадаюць выехаць з вашымі пасламі. Калі нават хто-небудзь жыў у нашай зямлі і 20 гадоў, ён мае права свабодна з’ехаць. Вы біце чалом вашаму цару і думным баярам, каб яны дазволілі тым нашым людзям, якія жадаюць, паехаць з намі. З-за іх не ўбудзе людзей у вашага гаспадара.

Прыставы з тым з’ехалі ў замак, а калі вярнуліся, заявілі:

— Вялікі гаспадар наш, яго царская вялікасць, паводле твайго, Казімір Львовіч, прашэння, загадаў усіх тых людзей, якія ў вас у двары, без затрымання вольна адпусціць. І вы б такое ў вашай зямлі рабілі, нашых людзей да нас адпускалі. Калі і іншыя з вашых людзей пажадаюць вярнуцца дадому, царская вялікасць загадвае іх свабодна адпусціць.

Гадзіны за дзве перад заходам сонца паны паслы выехалі з Масквы праз Цвярскія вароты. Калі пераехалі Маскву-раку, прыставы — Казлоўскі, Гарыхвостаў і Міглецкі, а таксама два дзякі, абняліся з вялікімі пасламі і развіталіся з усімі астатнімі.

Начлег правялі ў вёсачцы, названай Вяское. Там было каля 12 халуп. Праехалі 3 мілі па вельмі дрэннай дарозе.

3 у Вялікі аўторак. Начавалі ў Кубінску. Праехалі 8 міль па цяжкой дарозе.

4 у Вялікую сераду. Начавалі ў Мажайску. Праехалі 7 міль па дрэннай дарозе.

5 у Вялікі чацвер. Пан Сапега, пан Вяжэвіч і пан Мадаленскі начавалі разам з іх дварамі ў Калачынскім манастыры. Праехалі 4 мілі.

Пан Песачынскі пасля Мажайска паехаў іншым шляхам, абмінуўшы той манастыр.

Да пана Сапегі прыходзілі прыставы і скардзіліся на слуг пана Песачынскага, якія адказвалі за правіянт, за тое, што яны абразілі пад’ячага, які вёз правіянт, рознымі непрыстойнымі словамі і сілай адабралі ў яго авёс.

Прыходзіў да пана Сапегі прыстаў Філон. Ён сказаў наступнае:

— Вялікага гасудара нашага, яго царскай вялікасці, ёсць загад, каб вам, вялікім паслам, тут заначаваць. На ноч і на наступны дзень тут нарыхтаваны прадукты для людзей і корм для коней. А таварыш твой самавольна едзе. Пры табе, Казіміру, другі пасол і ўся шляхта едзе. А там з ім купцы паехалі. А той Аляксандр непрыгожае робіць. Калі ўжо вялікія гаспадары нашы памірыліся, нам бы ўсім трэба ў любові і ў брацкім сяброўстве быць. А яго слугі ліхімі словамі мацюкаюцца. Ды калі б мы самі ў тую пару тут былі, і ён бы сам такія словы слухаў, і нічога б не ўзяў. Калі б быў царскі ўказ, можна было б нам, прыставам, разлучацца: аднаму ехаць з Песачынскім, а другому тут з табой заставацца. Мы ўсё робім паводле ўказа яго царскай вялікасці. Мы не можам па сваёй волі ехаць з ім.

6 у Вялікую пятніцу. Выехалі ў поўнач, паколькі дарога да гэтага часу трохі выправілася, бо яе ледзь прымарозіла. Начавалі ў Царовым Займішчы. Праехалі 9 міль. Тут заспелі пана Песачынскага.

Ноччу да паслоў са сталіцы ад цара і думных баяраў прыскакалі князь Лявонцій Шахоўскі і дзяк Грыгорый Нячаеў.

У ноч перад Вялікай суботай рана пачало днець. Лявонцій Шахоўскі і дзяк Грыгорый Нячаеў прыйшлі да паслоў і былі прынятыя імі ў адпаведнасці

з пасольскім звычаем. Маскоўскія людзі, як і належала, зачыталі грамату. У ёй паведамлялася, што маскоўскаму паслу Львову не быў уручаны дыплом ад кара­ля, пана нашага. На думку Масквы, гэта азначала, што заключныя запісы і прысяга вялікіх паслоў на рацэ Палянаўцы, гублялі сілу. Маскоўскі пасол Львоў, як вынікала з граматы, не жадаў выслухоўваць прысягі яго каралеўскай міласці да таго часу, пакуль яму не будзе ўручаны дыплом. Усё гэта было шырока і шматслоўна апісана ў грамаце, прывезенай Шахоўскім і Нячаевым з Масквы. Тая грамата была ўручана паслам.

На словах Лявонцій Шахоўскі і дзяк Грыгорый Нячаеў выказвалі здзіўленне хлуслівымі, на іх думку, паводзінамі нашага караля і паноў сенатараў. Свайго цара яны выстаўлялі сумленным і адказным. Паводле іх словаў, ён рабіў усё, як і было дамоўлена. Асабістай прысягай ён зацвердзіў заключныя запісы і адпусціў паслоў з гонарам.

Лявонцій Шахоўскі і дзяк Грыгорый Нячаеў патрабавалі, каб кароль таксама паступаў сумленна, як іх цар, і прыклаў неабходныя намаганні для аднаўлення вечнай прыязнасці.

Пан Сапега адказаў ім:

— Не наша справа шукаць дыплом для вашага пасла. Мяркую, калі дыплом адшукаюць, яго адразу аддадуць яму. Вам варта ведаць, што прысяга нашага караля важней за ўсякія запісы. Няхай ваш цар і думныя баяры будуць упэўненыя ў тым, што наш кароль, як сапраўды вялікі манарх, умее трымаць сваё слова і веру. Прысяга нашага караля — важнейшая за ўсякія запісы. Таму ваш пасол і быў накіраваны да караля, каб выслухаць яго прысягу. Як толькі я, дасць Бог, вярнуся ў сваю Бацькаўшчыну, то прыкладу ўсе намаганні і старанні, каб адшукаць страчаную грамату. Калі знойдзем яе, то без усякай затрымкі яна будзе аддадзена вашаму паслу.

Маскоўскія людзі, выслухаўшы такі адказ, сышлі.

Пра падзеі пры каралеўскім двары ў Маскву паведаміў маскоўскі ганец, з якім мы размінуліся каля Мажайска. Калі б ён застаў нас у сталіцы, нам бы прыйшлося яшчэ надоўга там затрымацца.

Наступны начлег прыйшоўся на Вязьму. Праехалі 8 міль. Дарога была жудаснай з-за праліўнога дажджу.

8 у нядзелю. У такое цудоўнае свята і ўрачысты дзень не толькі вандроўнікі, але і коні заслугоўвалі адпачынку, хоць бы адзін дзень. Шлях быў доўгім і вельмі складаным. Але здарылася так, што давялося выехаць у напрамку мяжы ў той жа дзень.

Ютрань адслужылі ў доме, дзе размясціўся пан Сапега. Святая літургія прайшла ў звычайны час, з музыкай, з дазволу пана Сапегі. Пан Сапега і яго людзі ні пра што не турбаваліся, на службе яны правялі каля гадзіны. Але раптам пану Сапегу паведамілі, што другі пасол пан Аляксандр Песачынскі тэрмінова, з некалькімі сваімі людзьмі, выехаў з горада. Пан Песачынскі распарадзіўся, каб яго вазы і вазы яго людзей як найхутчэй выбіраліся з горада.

Пан Сапега меркаваў, што прычынай такога тэрміновага ад’езду Песачын­скага служыла сапсаванасць дарогі. Але ён пакуль што не ведаў сапраўднай прычыны, паводле якой пан Песачынскі спехам і ўлегцы выехаў з горада, пакінуўшы ззаду сябе вазы, а таксама, чаму за ім з такім трэскам рушылі ўслед яго людзі.

Неўзабаве, аднак, ад самога пана Песачынскага прыйшла вестка. Пасля таго ўжо, як Песачынскі пакінуў горад, ён прыслаў свайго ганца да пана Вяжэвіча з папярэджаннем, што ў сталіцы за імі рыхтуецца пагоня. Ён сцвярджаў, што мае аб тым дакладныя звесткі. Пан Вяжэвіч накіраваўся да пана Сапегі і перадаў яму тое, пра што паведамляў пан Песачынскі.

Даслухаўшы Боскую службу і рана паснедаўшы, пан Сапега аддаў загад усім людзям рыхтавацца ў дарогу. Пад пагрозай строгага пакарання, ён распарадзіўся, каб ніхто ў адзіночку не з’язджаў наперад і не заставаўся ззаду.

Ад’езд пана Сапегі здарыўся праз чатыры гадзіны пасля ад’езду пана Песа­чынскага. Як толькі былі падрыхтаваны вазы, сабраныя ўсе вознікі і пяхота, пан Сапега і пан Вяжэвіч з усімі іх людзьмі выехалі з Вязьмы.

Прыставам — Філону, Аляксею і Малюту — пан Сапега падараваў па трое коней, узнагародзіўшы, такім чынам, іх за работу. Прыставы не паехалі з панам Песачынскім, хоць ён і падарыў ім пярсцёнкі. Выказваючы ўдзячнасць пану Сапе­гу, прыставы праводзілі яго да самай мяжы, да рэчкі Палянаўкі. Яны пераехалі на наш бок ракі, абняліся на развітанне з панам Сапегам, а таксама развіталіся з усімі намі. Прыставы выказалі пажаданне часцей бачыць пана Сапегу ў іх зямлі. Яны пажадалі яму ўдачы ва ўсіх справах.

Весялей свет і ясней неба стала для кожнага з нас, як толькі мы пераехалі мяжу і апынуліся на нашым баку рэчкі. Ад Вязьмы праехалі амаль тры мілі. А ад мяжы да вёсачкі Шэмлова — адлегласць больш за дзве мілі. Начлег мелі ў той вёсачцы Шэмлова.

Пераклад Івана САВЕРЧАНКІ.

Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

Комментарии к книге «Дзённік пасольства да цара Міхаіла Фёдаравіча ад караля і вялікага князя Уладзіслава IV», Пётр Вяжевич

Всего 0 комментариев

Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства