«Русіфікацыя беларускае мовы ў БССР і супраціў русіфікацыйнаму працэсу»

916

Описание

Упершыню асобным выданнем выпускаецца праца вядомага навукоўца Станіслава Станкевіча (1907—1980) пра ідэалогію і практыку русіфікацыі ў Беларусі ў 50-х — на пачатку 60-х гг. XX ст. Адрасуецца ўсім, хто цікавіцца пытаннямі культуры мовы, а таксама гісторыяй змагання за правы беларускае мовы ў часы таталітарызму.



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Русіфікацыя беларускае мовы ў БССР і супраціў русіфікацыйнаму працэсу (fb2) - Русіфікацыя беларускае мовы ў БССР і супраціў русіфікацыйнаму працэсу 332K (книга удалена из библиотеки) скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Станіслаў Станкевіч

Станіслаў Станкевіч Русіфікацыя беларускае мовы ў БССР і супраціў русіфікацыйнаму працэсу

«Дзеля беларускасьці беларускае мовы»

Д-р Станіслаў Станкевіч (23 лютага 1907 г., с. Арляняты Крэўскай воласці Ашмянскага павету Віленскай губерні - 6 лістапада 1980 г., Нью-Ёрк) - выдатны, хоць пакуль што амаль не вядомы на Бацькаўшчыне беларускі літаратуразнаўца, крытык, публіцыст, грамадскі дзеяч. Ужываў таксама псеўданімы Язэп Каранеўскі, Алесь Крыга, Дзівасіл. Паходзіць са знакамітага ў беларускім руху роду Станкевічаў. Ягоны родны дзядзька па матчынай лініі - адзін з найбуйнейшых беларускіх мовазнаўцаў Ян Станкевіч.

Станіслаў Станкевіч з юначае пары ўзгадоўваўся ў віленскім беларускім асяроддзі. Вучыўся ў Віленскай Беларускай Гімназіі, у 1933 г. абараніў у Віленскім універсітэце імя С.Батуры магістарскую дысертацыю на тэму «Беларуская стыхія ў творах Элізы Ажэшкі», а ў 1936 г. набыў годнасць доктара філасофіі ў галіне польскай і славянскай літаратуры за працу «Беларускія элемэнты ў польскай рамантычнай паэзіі». Дзеіў у Беларускім Студэнцкім Саюзе, рэдагаваў часопіс «Студэнцкая Думка», быў стваральнікам і старшынёй універсітэцкага Таварыства прыяцеляў беларусаведы. Шмат публікаваў на тэмы з гісторыі літаратуры ў віленскай беларускай прэсе. Пісаў і для адзінага беларускага мовазнаўчага часопіса «Роднае слова».

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР у 1939 г. працаваў выкладчыкам Настаўніцкага інстытута ў Наваградку. У часе другой сусветнай вайны, падобна як шматлікія іншыя дзеячы былой Заходняй Беларусі, застаўся на Бацькаўшчыне, спадзеючыся і пры чарговай акупацыі працаваць для беларускае справы ці прынамсі не аддаваць у чужацкія рукі адміністрацыйных пасадаў. Станіслаў Станкевіч пагадзіўся заняць пасаду старшыні Барысаўскай акругі ў зоне нямецкай тылавой вайсковай адміністрацыі. Гэта дало пасля вайны падставы абвінавачваць С.Станкевіча ў калабарацыянізме. Але захаваліся сведчанні, што гэты чалавек, маючы на сваёй цывільнай пасадзе вельмі абмежаваныя паўнамоцтвы, тым не менш рабіў усё магчымае, каб ратаваць мірных грамадзянаў. А.Шукелойць сведчыць, як С.Станкевіч папярэджваў габрэйскі актыў пра задуманую гітлераўцамі ліквідацыю барысаўскага гета; шырока вядомы факт, што Станкевіч уратаваў ад нямецкай расправы захопленага разам з савецкімі партызанамі старшыню Саюза савецкіх пісьменнікаў Беларусі і будучага аўтара гімна БССР Міхася Клімковіча. Станіслаў Станкевіч удзельнічаў у II Усебеларускім Кангрэсе (Менск, 27 чэрвеня 1944 г.).

Пасля вайны на эміграцыі С.Станкевіч разам з М.Абрамчыкам аднаўляе Раду БНР. Не пакідаючы беларускае палітычнае дзейнасці, зноў грунтоўна бярэцца за рэдактарскую і навуковую працу. У 1948-1962 гг. рэдагуе найбуйнейшую газету беларусаў у вольным свеце - «Бацькаўшчыну» (выпусціў каля паўтысячы нумароў). Стварыў філію нью-ёркскага Беларускага Інстытута Навукі й Мастацтва ў Нямеччыне, рэдагаваў усе чатыры кнігі «Запісаў» БІНіМ, выдадзеныя ў Мюнхене. Быў навуковым сакратаром і старшынёй навуковае рады буйнога саветалагічнага асяродка - Інстытута вывучэння СССР (Мюнхен), рэдагаваў «Беларускі зборнік» ды іншыя беларусазнаўчыя працы гэтага Інстытута (разам блізу 70). Укладаў выданні беларускае літаратурнае класікі выдавецтва «Бацькаўшчына» ды пісаў да іх прадмовы (вартая адзначэння праца «Янка Купала. Жыцьцёвы і творчы шлях паэты», якой распачынаецца фундаментальны том «Спадчына. Выбар паэзіі Янкі Купалы»).

З 1962 г. жыве ў Нью-Ёрку, з 1963 г. і да смерці - галоўны рэдактар газеты «Беларус», якой выпусціў каля 200 нумароў; стала супрацоўнічаў з радыё «Свабода». У ЗША выдаў кнігі «Беларуская падсавецкая літаратура першае паловы 1960-х гадоў» (1967) і «Янка Купала. На 100-я ўгодкі ад нараджэньня» (1982). Рэдка які нумар рэдагаваных д-рам С.Станкевічам перыёдыкаў абыходзіўся без ягонага артыкула на філалагічныя тэмы. Яго цікавіла і беларуская класіка, і актуальны літаратурны працэс. Сур'ёзных, глыбокіх артыкулаў з гісторыі літаратуры, літаратуразнаўчых і літаратурна-крытычных Станіслаў Станкевіч пакінуў па сабе мноства, і яны яшчэ чакаюць свайго даследніка і ўкладальніка.

Да мовазнаўчых пытанняў Станіслаў Станкевіч падыходзіў з агульнафілалагічнага гледзішча. Звяртаўся да сацыялінгвістычнага аналізу беларускае моўнае сітуацыі. Ягонае ўласнае мовазнаўчае ды рэдактарскае крэда сфармуляванае ў артыкуле пра Антона Адамовіча: «паглыбленьне, калі гэтак выразіцца, беларускасьці беларускае мовы й ейная дэрусыфікацыя». Гэтым апошнім тэрмінам С.Станкевіч акрэсліў істотнае паняцце, якім аперуюць прыхільнікі беларускага моўнага пурызму. Станіслаў Станкевіч - рэдактар знаходзіўся пад відавочным уплывам свайго дзядзькі, найбуйнейшага мовазнаўчага аўтарытэта на эміграцыі Янкі Станкевіча, хаця не ўсе з прапанаваных Я.Станкевічам унармаванняў і навацыяў ён прыняў на практыцы.

Дзейнасць С.Станкевіча - прынамсі з увагі на абыймо рэдагаваных ім тэкстаў - сталася істотным чыннікам эахавання і развіцця беларускае літаратурнае мовы на эміграцыі. Ён быў носьбітам класічнае моўнае традыцыі, а абазнанасць у беларускай літаратуры дазволіла яму развіць у сабе моўны густ, стылістычнае чуццё, бачанне моўных тэндэнцыяў і перспектывы. С.Станкевіч высока цаніў і ўважаў за аднаго з фармавальнікаў базы паваеннае літаратурнае мовы Антона Адамовіча, ухваляў яго за паслядоўнае пашырэнне граматычных формаў і словаў, «якія адрозьніваюць беларускую ад расейскае мовы». Адамовіч да вайны жыў і працаваў у БССР. Дык жа ў 1950-70-х гадах аблічча класічнае беларускае літаратурнае мовы ў згодзе фармавалі і віленчукі, і менчукі.

Прапанаваная чытачу праца складаецца з дзвюх асноўных частак. У пачатку Станіслаў Станкевіч робіць на падставе тагачаснае беларускае перыёдыкі аб'ектыўны аналіз моўнае сітуацыі ў Беларусі пры канцы 50-х - на пачатку 60-х гг. Кароткачасовая «адлега» выплеснула на старонкі друку праўду: Беларусь, беларуская мова жыла, сведамыя беларусы розных пакаленняў, як толькі з'явілася магчымасць, выступілі ў прэсе за пашырэнне функцыяў роднае мовы і за ейнае ачышчэнне ад русіфікатарскіх напластаванняў. Аналіз, зроблены С.Станкевічам, дужа прыдаўся б, каб быў даступны чытачам на Бацькаўшчыне, бо тады і цяжэй было б камуністычным уладам наноў душыць беларушчыну, і прасцей было б новай генерацыі адраджэнцаў 80-х гг. Бо публікацыі, сабраныя і пракаментаваныя Станіславам Станкевічам, надзіва падобныя да тых зваротаў і допісаў, што пачалі запаўняць смялейшы беларускі друк праз 25 гадоў. Аналіз бальшавіцкае моўнае палітыкі, увасаблення ў Беларусі іхняе канцэпцыі «збліжэння» ды наступнага «зліцця» моваў, зроблены аўтарам пад агульным назовам «Звужэньне сфэры ўжываньня беларускай мовы», захоўвае актуальнасць і сёння, на жаль, не толькі як праца па гісторыі мовы ці як даніна тым, хто за мову змагаўся.

Другі раздзел прысвечаны ўласна культуры пісьмовае мовы на ўзроўнях марфалогіі, словаўтварэння, сінтаксісу, фразеалогіі ды лексікі. Для асэнсавання стану беларускае мовы істотную вагу мае тэрміналагічная вызначанасць у называнні двух варыянтаў, на якія раскалола літаратурную мову рэформа 1933 г. і наступная яе русіфікацыя на іншых - акрамя правапіснага - узроўнях. Вось жа Станіслаў Станкевіч паслядоўна размяжоўвае «беларускі» ды «зрусыфікаваны савецкі» правапіс, «беларускую літаратурную мову» ды «савецкую беларускую літаратурную мову». Апошні тэрмін і служыць назовам згаданага раздзелу.

Каштоўным і слушным ёсць адзначэнне ролі пісьменнікаў у захаванні самабытнасці мовы, у непрыняцці русіфікацыі на лексічным і сінтаксічным узроўнях. Пісьменнік мусіць быць пасярэднікам між жывою народнаю, у тым ліку дыялектнаю, моваю ды літаратурнаю формаю беларускае мовы. Таму нават сэрвілістычна настроеныя пісьменнікі ў мове заставаліся непаслухмяныя, не зважалі на афіцыйныя моўныя даведнікі.

Станіслаў Станкевіч яшчэ ў 50-х гадах рабіў вельмі патрэбную справу, якую потым, у 80-х, падхапілі адраджэнцы на Бацькаўшчыне: шукаў і ўкараняў да найбольш часта ўжываных русізмаў уласнабеларускія адпаведнікі (параўн. ягоныя пераклады словаў подвиг, путевка, сделка, урок).

Можна было б дапаўняць і дапаўняць як аргументацыю Станіслава Станкевіча, гэтак і пералік пунктаў ягоных увагаў, можна пацвярджаць доказы сведамае русіфікацыі беларускае мовы дыялектным матэрыялам і гісторыяй мовы, можна прывесці яшчэ прыкладаў непаслядоўнасці афіцыйных граматыкаў ці слоўнікаў. І гэтая праца, упэўнены, будзе рабіцца. Яна пад сілу тым лінгвістам, якія бачаць будучыню беларускае мовы ў рэалізацыі ейнага велізарнага і самабытнага патэнцыялу, а не ў рашчыненні ў суседскай мове.

Пры перадруку скасаваныя толькі дзве, але ж надзвычай характэрныя для пісьмовае мовы Станіслава Станкевіча і наогул для літаратурнае нормы беларускай эміграцыі рысы: пазначэнне - паводле жывога вымаўлення - прыстаўнога [в] у словах на а- пасля прыназоўніка у (у васноўным, у вабароне), а таксама захаванне этымалагічнае цвёрдасці [с] у лацінізме русыфікацыя ды вытворных ад яго. У астатнім жа асаблівасці Станкевічавай мовы перададзеныя паводле арыгіналу, публікаванага ў «Запісах» Беларускага Інстытута Навукі й Мастацтва, кніга 1 (Мюнхэн, 1962).

Арыгінал прадмовы напісаны дарэформавым правапісам (заўв. рэд.)

Вінцук Вячорка

Русіфікацыя беларускае мовы ў БССР і супраціў русіфікацыйнаму працэсу

Паводля савецкай камуністычнай тэорыі, працэс зьліцьця ўсіх народаў Савецкага Саюзу ў г.зв. савецкую, або сацыялістычную, а як цяпер, асабліва пасьля XXII зьезду КПСС гаворыцца, у камуністычную нацыю адбываецца на базе ўзаемнага скрыжоўваньня нацыянальных элемэнтаў усіх народаў, засяляючых Савецкі Саюз, і фармаваньня зь іх новых, супольных для ўсіх народаў нацыянальных элемэнтаў і асаблівасьцяў, як асновы гэтае новае нацыі. У запраўднасьці-ж гэты працэс праводзіцца вылучна на расейскай нацыянальнай базе - на базе расейскае гісторыі, расейскае культуры, расейскае мовы й навет на базе расейскага патрыятызму. Такім парадкам фактычна праводзіцца не працэс заціраньня нацыянальных асаблівасьцяў усіх народаў СССР і тварэньня зь іх новае сацыялістычнае нацыі, адменнае ад усіх існуючых сяньня народаў СССР, у тым ліку й ад расейскага народу, але працэс усебаковае русіфікацыі ўсіх нерасейскіх народаў Савецкага Саюзу. У пляне гэткай нацыянальнай палітыкі праводзіцца ў шырокім маштабе й русіфікацыя ўсіх нерасейскіх моваў Савецкага Саюзу, у тым ліку й беларускай мовы.

Узьнятая яшчэ ў пачатку 30-ых гадоў кампанія супраць беларускае мовы ў БССР і палітыка ейнае русіфікацыі знайшлі сваё найшырэйшае сканкрэтызаваньне ў выдадзенай у 1931 годзе пад рэдакцыяй дырэктара Інстытуту Філязофіі Беларускай Акадэміі Навук акадэміка С.Вольфсона й пры галоўным ягоным аўтарстве кнізе «Навука на службе нацдэмаўскай контррэвалюцыі». Практычным завяршэньнем першае фазы гэтае кампаніі сталася ўрадавая пастанова Савету народных камісараў БССР за 28 жнівеня 1933 году «Аб зьменах і спрашчэньні беларускага правапісу», якая, аднак, датычыла ня толькі правапісу, але й фанэтычных ды марфалягічных асаблівасьцяў беларускае мовы.

Ужыцьцяўляная ў Беларусі моўная палітыка адначасна праводзілася й сярод усіх іншых нерасейскіх народаў Савецкага Саюзу. Таксама як у Беларусі, яна ўзьнікла ў пачатку 30-ых і дасягнула свайго найвышэйшага пункту пад сярэдзіну 30-ых гадоў. Для абгрунтаваньня яе выкарыстоўвалася агульна абавязваючая ў СССР да 1950 году лінгвістычная тэорыя акадэміка Н.Я.Марра пра паўстаньне й разьвіцьцё моваў. Паводля гэтае тэорыі, мова - гэта клясавая зьява, і на працягу ўсяе гісторыі адбываецца рэвалюцыйны працэс скрыжоўваньня моваў, які вядзе да поўнага іхнага зьліцьця ў вадну мову на ўсім сьвеце. Пры гэтым Марр ня прызнаваў паходжаньня ад супольнае мовы-асновы сваяцкіх моваў, якія твораць сям'ю або групу моваў, але цьвердзіў, што спачатку ў розных мясцох незалежна ад сябе паўстала шмат моваў.

Гэтая першая фаза бальшавіцкае моўнае палітыкі ў дачыненьні да беларускае мовы грунтоўна разгледжаная ў вольным сьвеце д-рам Я.Станкевічам[1], а ў дачыненьні да ўкраінскае мовы - праф. В.Чапленкам і праф. Р.Смаль-Стоцкім[2], прычым апошні, аналізуючы грунтоўны працэс русіфікацыі ўкраінскае мовы, коратка спыняецца над такімі-ж працэсамі ўва ўсіх нерасейскіх мовах СССР, у тым ліку й у беларускай мове. Смаль-Стоцкі даводзіць свой разгляд бальшавіцкай моўнай палітыкі да канца 1950 году, калі была Сталінам адкінутая моўная тэорыя Марра, як ненавуковая й «вульгарызатарская», і была ўсанкцыянаваная ім новая моўная тэорыя аб будучай інтэрнацыянальнай сусьветнай мове й папярэдніх ёй занальных мовах[3]. У 1950 годзе Сталін пісаў:

Мы будзем мець справу ня зь дзьвюма мовамі, ... а із сотнямі нацыянальных моваў, зь якіх у выніку даўгога эканамічнага, палітычнага й культурнага супрацоўніцтва нацыяў будуць выдзяляцца спачатку найбольш узбагачаныя адзіныя занальныя мовы, а потым занальныя мовы зьліюцна ў вадну супольную міжнародную мову, ...якая... будзе новай мовай, што ўбярэ ў сябе найлепшыя элемэнты нацыянальных і занальных моваў[4].

Гэткім парадкам, паводля Сталіна, адна з прадбачаных ім занальных моваў павінна паўстаць у Савецкім Саюзе, зразумела, на базе расейскае мйвы. Савецкая моваведа ў далейшым больш прамоўчвае пытаньне занальных моваў, і наагул не распрацоўваецца яно ідэялягічна, а асноўны націск кладзецца на паўстаньне аднае сусьветнае мовы. Савецкі вучоны М.Каммары гэтак фармулюе гэтую праблему:

Для лучнасьці вольных камуністычных нацыяў што раз больш настойлівай неабходнасьцяй будзе, на нашую думку, выдзяленьне зь існуючых моваў адзінае, якая магла-б легчы ў аснову будучай адзінай сусьветнай мовы як сяродка лучнасьці для ўсяго чалавецтва і ўвабрала ў сябе багацьце ўсіх іншых нацыянальных моваў і культураў[5] (падчыркнута тут і ў наступнай цытаце М.Каммары).

Каммары пакідае адкрытым пытаньне, якая-ж канкрэтна мова павінна легчы ў васнову «будучае адзінае сусьвстнае мовы», але лёгіка ягоных разважаньняў не пакідае сумлеваў, што гэтай мовай павінна стацца расейская мова. Крыху балонаў раней ён робіць выразную да гэтага алюзію:

Ленін падчыркваў, што вялікая расейская мова будзе зусім дабравольна вывучацца ўсімі народамі Расеі, калі не навязваць яе сілай, звужаючы правы іншых нацыяў і моваў. Патрэбы эканамічных, палітычных, культурных лучнасьцяў народаў у шматнацыянальнай дзяржаве й грамадзтве прыродна й законамерна прыводзяць да дабравольнага вывучэньня мовы бальшыні жыхарства ў якасьці сяродка міжнацыянальных лучнасьцяў разам з вывучэньнем сваей роднай мовы кажнай нацыяй. Практыка поўнасьцю пацьвердзіла справядлівасьць ленінскага прадбачаньня. Для часткі малых нацыяў, племяў і народнасьцяў расейская мова ўжо цяпер сталася ня толькі сяродкам міжнацыянальных лучнасьцяў, але й роднай мовай[6].

Як было ўспомнена на пачатку, у аснове ідэялягічных прынцыпаў камунізму ляжыць сьціраньне нацыянальных асаблівасьцяў паасобных народаў і іхнае будучае зьліцьцё ў адзіную камуністычную нацыю, а іхных моваў - у адзіную сусьветную мову. Спасярод, аднак, усіх нацыянальных асаблівасьцяў нацыяў і народаў сьціраньне й зьліцьцё моваў у адзіную мову мае закончыцца найпазьней. Гэтак новая Праграма КПСС канстатуе:

Зь перамогай камунізму ў СССР настане яшчэ большае збліжэньне нацыяў, павялічыцца іхная эканамічная й ідэйная супольнасьць, разьвіюцца супольныя камуністычныя рысы іхнага духовага аблічча. Аднак сьціраньне нацыянальных розьніцаў, у асаблівасьці моўных розьніцаў, куды даўжэйшы працэс, чымся сьціраньне клясавых асаблівасьцяў[7].

Дзеля тактычных і прапагандовых матываў у Савецкім Саюзе ўсьцяж гаворыцца аб поўнай свабодзе разьвіцьця ўсіх нацыянальных культураў і моваў ды іхнай раўнапраўнасьці. Навет у новай Праграме КПСС ясна сказана, што «ў умовах брацкай дружбы і ўзаемнага даверу народаў нацыянальныя мовы разьвіваюцца на аснове раўнапраўя і ўзаемнага ўзбагачэньня»[8]. Але ў запраўднасьці расейская мова знаходзіцца ў выняткавым палажэньні, што практычна дае ёй поўную гэгэмонію над усімі іншымі мовамі народаў Савецкага Саюзу, а ўспомнены прынцын «узаемнага ўзбагачэньня» ў практыцы зводзіцца да аднабаковага «ўзбагачэньня» нерасейскіх моваў з расейскае мовы, а не наадварот. Гэтае вылучнае і ўпрывілеяванае палажэньне расейскае мовы звычайна абгрунтоўваецца наступнай ейнай роляй:

1. Расейская мова «па свайму багацьцю, па грандыёзнаму значэньню тых каштоўнасьцяў, што створаны на гэтай мове, займае адно зь першых месц сярод вядучых моваў сьвету і ня можа не аказаць уплыву на другія мовы нашага Саюзу»[9].

2. «Руская мова займае асобнае месца сярод іншых моў Савецкага Саюзу. Зьяўляючыся мовай вялікага рускага народу, які аказвае нябачаны ў гісторыі прагрэсыўны ўплыў сваёй культурай на культуру іншых народаў, які вывеў гэтыя народы нашай краіны на шлях сацыялізму, згуртаваўшы іх у адзіную, моцную, многанацыянальную сям'ю, руская мова ў вышэйшай ступені ўзьдзейнічае на нацыянальныя мовы»[10].

3. Як запісана ў новай Праграме КПСС, «працэс дабравольнага вывучэньня, побач з роднай мовай, рускай мовы мае пазытыўнае значэньне, дзеля таго што гэта дапамагае ўзаемнай абмене дазнаньнем і далучэньню кажнай нацыі й народнасьці да культурных дасягненьняў усіх іншых народаў СССР і да сусьветнай культуры. Руская мова фактычна сталася агульнай мовай міжнацыянальных лучнасьцяў і супрацоўніцтва ўсіх народаў СССР»[11].

4. «Цяпер расейская мова сталася ўзапраўды другой роднай мовай народаў, што насяляюць тэрыторыю Савецкага Саюзу, і як такая, жывіць і ўзбагачае сабой мовы гэтых народаў»[12]. А як цьвердзіць цытаваны вышэй Каммары, «для часьці малых нацыяў, плямён і народнасьцяў расейская мова ўжо цяпер сталася ня толькі сяродкам міжнацыянальных зносінаў, але й роднай мовай... Паводле дадзеных перапісу насельніцтва 1959 году, звыш 10 мільёнаў насельніцтва нерасейскага паходжаньня назвалі расейскую мову сваей роднай»[13].

Заданьнем гэтага артыкулу ёсьць разгляд найсьвяжэйшага моўнага працэсу ў БССР, як выніку бальшавіцкае моўнае палітыкі апошняга часу, а таксама руху супраціву моўнае русіфікацыі, які пачаўся ў сувязі з пасьлясталінскай «адлегай», асабліва пасьля XX зьезду партыі ў 1956 годзе, і разьвіваецца з большым або меншым насіленьнем аж да апошняга часу. Падобна як і на працягу ўсяе русіфікацыйнае моўнае кампаніі, запачаткаванае ў 30-ых гадох, гэтак і ў ейнай цяперашняй фазе ўва ўсіх нерасейскіх мовах Савецкага Саюзу адбываецца больш менш адначасна аднолькавы працэс і аднолькавая ў дачыненьні да яго рэакцыя з боку паасобных народаў. Калі ходзіць пра славянскія нерасейскія мовы Савецкага Саюзу - беларускую і ўкраінскую, дык гэты працэс, у сувязі із сваяцтвам гэтых моваў як міжсобку, гэтак між імі й мовай расейскай - ува ўсіх навет дэталях ідэнтычны. Калі-ж ходзіць пра мовы неславянскія - цюрскія, мовы народаў Каўказу, а таксама мовы балцкіх народаў, якія ў дадатку, толькі ў 1940 годзе апынуліся ў складзе Савецкага Саюзу, дык у працэсе русіфікацыі іх, пэўна-ж, існуюць некаторыя фармальныя й колькасныя розьніцы ад такога-ж працэсу ў мове беларускай і ўкраінскай, але ў асноўных прынцыпах і галоўна мэтах, да якіх працэс гэты ськіраваны, розьніцаў няма ніякіх. Таму прадстаўленае ніжэй палажэньне беларускае мовы ў БССР можа ў поўнай меры ілюстраваць палажэньне і ўсіх нерасейскіх моваў народаў Савецкага Саюзу.

Рэалізацыя бальшавіцкай моўнай палітыкі ў БССР, падобна як і ў іншых нацыянальных рэспубліках, праводзіцца адначасна ў двух кірунках, якія ўзаемна сябе дапаўняюць і паступова, але пасьлядоўна вядуць да будучай поўнай нівэляцыі беларускае мовы: 1. у кірунку звужэньня сфэры ўжываньня беларускай мовы ў публічным жыцьці рэспублікі й замены яе расейскай, як «другой роднай мовай» беларускага народу; 2. у кірунку ўсебаковае русіфікацыі яшчэ дапушчанай да публічнага ўжываньня беларускай літаратурнай мовы. Абодвы гэтыя працэсы разгледзім асобна.

Звужэньне сфэры ўжываньня беларускай мовы

Афіцыйнае вызнаньне расейскай мовы ў якасьці «другой роднай мовы» нерасейскіх народаў Савецкага Саюзу ў сваім практычным выніку прывяло ня толькі да моўнага паралелізму ў БССР, але навет, як канкрэтна пабачым ніжэй, да нясумернай перавагі расейскай мовы над беларускай у публічным жыцьці БССР. Перш за ўсё гэтая гэгэмонія расейскае мовы мае месца ў школьнай практыцы БССР. Паводля афіцыйнага сьцьверджаньня, у Беларусі 95% школаў у 1955/56 навучальным годзе вяло навучаньне ў беларускай мове, а толькі 5% - у расейскай мове[14]. Але гэтак было толькі на паперы і, відаць, толькі паводля афіцыйнага назову школаў, як беларускіх і як расейскіх, бо ў запраўднасьці беларускія з назову школы ў вялізарнай бальшыні выкладаньне ўсіх школьных прадметаў, за выняткам беларускае мовы й літаратуры, праводзяць, як правіла, у расейскай мове. Будзе карысна прывесьці найбольш характэрныя выказваньні на гэтую тэму самых савецкіх настаўнікаў і студэнтаў савецкіх вышэйшых навучальных установах у БССР.

Супраць ігнараваньня беларускай мовы ў школьным навучаньні першым на ўвесь голас падняў трывогу ў канцы 1957 году студэнт аддзелу журналістыкі Беларускага Дзяржаўнага Ўнівэрсытэту малады беларускі пісьменьнік Барыс Сачанка. У сваім артыкуле «Шанаваць родную мову»[15] Сачанка, на довад сваіх цьверджаньняў аб дэградацыі беларускае мовы, прывёў шмат аўтэнтычных фактаў. Між іншым ён пераказаў размову з аднэй настаўніцай з Магілеўшчыны, якая яму расказала наступнае: «Я зь вёскі з-пад Магілева, вучылася ў беларускай школе, здаецца, да паступленьня ва ўнівэрсытэт нядрэнна і гаварыла пабеларуску. А там забыла ўсё. Ды гэта і ня дзіўна. Пяць год ня было чуваць на лекцыі беларускага слова!» Камэнтуючы гэтыя словы, Сачанка далей спасьцерагае: «Куды-б ты не паступаў - у тэхнікум або інстытут - беларускай мовы й літаратуры здаваць ня трэба. Зайдзі ў любую арганізацыю, у любую ўстанову - усе справы вядуцца на рускай мове. Родная мова амаль ня ўжываецца ні на шыльдах, ні на этыкетах». Каб надаць большае палітычнае вагі сваім словам ды, відаць, застрахавацца перад абвінавачаньнем у «нацыянальнай абмежаванасьці й вылучнасьці», аўтар, зацытаваўшы словы Леніна: «члены РКП на тэрыторыі Ўкраіны павінны на справе праводзіць права працоўных мас вучыцца й гаварыць ува ўсіх савецкіх установах на роднай мове, усяляк процідзейнічаючы русіфікатарскім спробам адцясьніць украінскую мову на другі плян, ператвараючы яе ў сяродак камуністычнай адукацыі народных мас» - заканчвае свой артыкул вывадам: «Гэта ленінскае палажэньне поўнасьцю адносіцца й да нашай беларускай мовы».

Артыкул Сачанкі выклікаў жывы водгук сярод беларускай савецкай інтэлігенцыі й распачаў цэлую кампанію за прывярненьне правоў беларускае мовы ў школьніцтве й наагул у публічным жыцьці. Адусюль пасыпаліся лісты ў рэдакцыю газэты «Літаратура і Мастацтва» ад настаўнікаў, студэнтаў і пісьменьнікаў у справе ненатуральнага выцісканьня беларускае мовы із школьнага жыцьця, так што гэтая газэта, дзеля друкаваньня некаторых з такіх лістоў, была змушаная адвссьці на працягу нейкага часу на сваіх балонах у аддзеле «З рэдакцыйнай пошты» спэцыяльную рубрыку п. н. «Шанаваць родную мову». Урыўкі зь некаторых такіх лістоў, як найбольш характэрныя, ня лішнім будзе тут прывесьці.

Гэтак студэнт 5-га курсу філялягічнага факультэту Беларускага Дзяржаўнага Ўнівэрсытэту В.Чамярыцкі піша:

Добрых 90 працэнтаў мастацкай і вучэбнай літаратуры, якую трэба перачытаць студэнту за 5 год, выдадзеная на рускай мове... І сапраўды, было сорамна сядзець на некаторых беларускіх уроках: столькі небеларускіх выразаў, столькі небеларускіх слоў. Адным словам, нейкі руска-беларускі дыялект. Правільна кажуць нашы выпускнікі, што ў сэньсе практычнага валоданьня беларускай мовай ва ўнівэрсытэце яны нічога не атрымалі, а, наадварот, больш забылі, чым навучыліся. А гэтак-жа абстаіць справа зь беларускай мовай і ў іншых ВНУ рэспублікі[16].

Далей аўтар, падобна як і Сачанка, робіць вывад: «Толькі тады, калі мы пачуем жывую беларускую мову з вуснаў выкладчыка і прадаўца, сакратаркі і інжынера, дырэктара заводу і міністра, калі мы знойдзем яе ў заявах і ў пратаколах судовых працэсаў, на старонках навуковых прац - толькі тады беларуская мова зойме належнае месца ў жыцьці». Таксама, падобна як Сачанка, дзеля большай палітычнай вагі сваіх словаў і застрахаваньня перад эвэнтуальным абвінавачаньнем у «буржуазным нацыяналізьме», ён канчае свой артыкул словамі: «Кажная нацыя можа разьвіваць сваю духовую й матарыяльную культуру толькі на сваёй роднай мове - так гаворыць марксізм. Ня ведаючы і не шануючы яе, нельга любіць па-сапраўднаму іншыя мовы».

А вось сьветчаньне настаўніка Валейкаўскай школы Смаргоньскага раёну:

Б.Сачанка правільна піша, што ў нашых вышэйшых навучальных установах цяжка пачуць роднае слова. А звычайна пра ўнівэрсытэт гавораць, што гэта «кузьня нацыянальных кадраў». Я ў мінулым годзе скончыў беларускае аддзяленьне нашага ўнівэрсытэту. Лекцыі на роднай мове слухаў толькі па беларускай мове й літаратуры. І я цяпер вельмі радаваўся-б за тых, хто там вучыцца, калі-б яны слухалі й іншыя дысцыпліны на роднай мове[17].

Ня менш вымоўныя заўвагі студэнта Менскага архітэктурна-будаўнічага тэхнікуму В.Голуба, у якіх знаходзім і цэнныя фактычныя дадзеныя:

Родная мова для нас - беларуская. Але як гэта ні дзіўна, яна займае мала месца ў сучасны мамэнт у нашым культурным жыцьці. У Менску зараз працуюць 58 сярэдніх школ. Зь іх толькі дзесяць - беларускія. Ды хіба-ж толькі ў Менску такое становішча? Прыкладна тое-ж наглядаецца ў Гомелі, Брэсьце, Магілеве і іншых гарадох[18].

Прывёўшы канкрэтныя прыклады із школьнай практыкі, аўтар сьцьвярджае падобнае занядбаньне беларускай мовы і ў іншых галінах культурнага жыцьця: «Не да гонару студыі «Беларусьфільм», што фільмы яе гучаць не па-беларуску, а Акадэміі Навук БССР тое, што такія кнігі, як «Гісторыя БССР», «Гісторыя Менску», «Беларускае мастацтва», выпушчаны ў сьвет у першую чаргу на рускай мове або павет толькі на рускай»[19]. Напасьледак, як іншыя аўтары, В.Голуб заканчвае свой артыкул патрабаваньнем, што «ў Беларусі беларуская мова павінна заняць належнае месца».

Асабліва цікавыя й цэнныя заўвагі на гэтую тэму выкладчыка беларускай мовы Майскай сямігадовай школы Крупскага раёну К.Санько:

У нашым раёне налічваецца 79 школ зь беларускай мовай навучаньня, дзе працуе вялікая армія настаўнікаў зь сярэдняй і вышэйшай адукацыяй. Аднак пераважная частка настаўнікаў урокі (апрача беларускай мовы) праводзіць на рускан мове... Я цалкам згодзен з аўтарам артыкулу (Б.Сачанкам - С.С.), што беларуская мова павінна ўвайсьці ў паўсядзённы побыт усіх слаёў насельніцтва... Беларуская мова не павінна адыходзіць на задні плян... Яна павінна быць сапраўды роднай[20].

Газэта «Літаратура і Мастацтва», зьмяшчаючы далейшыя матарыялы настаўнікаў і наагул сваіх чытачоў у абароне беларускае мовы ў школе, прыводзіць, між іншых, наступны характэрны прыклад: «Настаўнік У.Васілец (Пагосцкая сярэдняя школа Старобінскага раёну) піша, што ў школьнай бібліятэцы з праграмных твораў па беларускай літаратуры ёсьць толькі адна кніга К.Чорнага, дзьве кнігі Крапівы й тры экзэмпляры трылёгіі Я.Коласа «На ростанях» у перакладзе на рускую мову. Такое становішча ня толькі ў Пагосцкай школе, але і ў многіх іншых школьных бібліятэках»[21]. У тым-жа самым нумары, паклікаючыся на лісты чытачоў, «Літаратура і Мастацтва» робіць агульны вывад, што «чытачы праяўляюць клопаты аб далейшым росквіце беларускай нацыянальнай культуры, робяць слушныя заўвагі, выказваюць свае пажаданьні».

У сувязі з пачатай кампаніяй у абароне беларускае мовы ў школах Беларусі газэта «Літаратура і Мастацтва» ў нумары за 26 лютага 1958 году зьмясьціла наступнае паведамленьне:

Нядаўна міністар асьветы БССР тав. Ільюшын прыслаў у нашую рэдакцыю пісьмо, у якім дае адказ на закранутыя газэтай пытаньні. Тав. Ільюшын піша:

«Вывучэньню роднай мовы ў школах і пэдагагічных навучальных установах удзяляецца вялікая ўвага. Для пачаткавай і сярэдняй школы, сярэдніх і вышэйшых пэдагагічных навучальных установаў Міністэрствам асьветы БССР складзены праграмы, выдадзены падручнікі па мове і літаратуры, мэтадычныя дапаможнікі, зборнікі практыкаваньняў. Школьныя падручнікі па ўсіх іншых дысцыплінах таксама выдадзены на беларускай мове ў дастатковай колькасьці. Школьныя бібліятэкі ў асноўным камплектаваны праграмнымі творамі беларускай літаратуры.

Міністэрства асьветы правяло ў 1957/58 навучальным годзе шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на палепшаньне выкладаньня беларускай і рускай моваў, ліквідацыю недахопаў, якія маюцца ў гэтай справе. Ад настаўнікаў беларускіх школ строга патрабуецца весьці выкладаньне ўсіх прадметаў, за выключэньнем рускай мовы і літаратуры, на беларускай мове. Кіруючым работнікам народнай асьветы прапанавана ўлічваць пры камплектаваньні беларускіх школ настаўнікамі веданьне імі беларускай мовы...» А ў пэдагагічных інстытутах «выкладчыкам, што вядуць выкладаньне на рускай мове, вызначаны час для падрыхтоўкі да выкладаньня на беларускай мове».

Што гэтая заява Міністра асьветы БССР - адно папяровая спроба заспакаеньня ўстрывожанай запраўдным станам грамадзкай апініі, сьветчаць ня толькі далейшыя нараканьні на дэградацыю беларускай мовы ў школьніцтве, але пацьвярджае гэта й сама рэдакцыя газэты ў заўвазе пад лістом Міністра асьветы, дзе гаворыцца: «Міністэрства асьветы БССР, бясспрэчна, многае ўжо зрабіла й робіць, каб выправіць некаторыя ненармальныя зьявы ў школьнай справе, але адказ т. Ільюшына не паказвае ў поўнай меры сапраўднага становішча з выкладаньнем беларускай мовы й літаратуры ў школах і падагагічных ВНУ рэспублікі»[22].

Не зважаючы на патрабаваньні настаўнікаў, інтэлігенцыі й наагул беларускага жыхарства забяспечыць у школах рэспублікі выкладаньне ў роднай беларускай мове й не зважаючы на вышэй прыведзеную заяву Міністра асьветы БССР, школьная палітыка ў цэлым СССР пайшла ў кірунку зусім адваротным да гэтых патрабаваньняў. У канцы 1958 году сэсія Вярхоўнага Савету СССР прыняла закон «Аб умацаваньні сувязі школы з жыцьцём і далейшым разьвіцьці народнай асьветы ў СССР», а сьледам за гэтым і ў саюзных рэспубліках былі прынятыя падобныя законы. Гэты закон у БССР быў прыняты ўжо ў пачатку 1959 году. Артыкул 1.1 разьдзелу II-га гэтага закону гаворыць:

«Навучаньне ўва ўсіх школах Беларускай ССР ажыцьцяўляецца ў роднай мове вучняў. Бацькі маюць права пастанаўляць, у школу зь якой мовай навучаньня аддаваць сваіх дзяцей». І яшчэ далей: «Навучаньне расейскае мовы ў школах зь беларускай мовай навучаньня, а так-жа навучаньне беларускай мовы ў школах з расейскай або іншай мовай навучаньня праводзіцца згодна жаданьня вучняў і іхных бацькоў»[23].

Да ўваходу ў сілу гэтага закону ў расейскіх школах, што знаходзяцца на тэрыторыі саюзных рэспублік, абавязвала выкладаньне ў якасьці асобнага прадмету нацыянальнай мовы, як другой дзяржаўнай мовы тэй нацыянальнай рэспублікі, дзе знаходзіцца расейская школа. У той-жа самы час у нацыянальных школах тэй або іншай рэспублікі было абавязкавае і навучаньне расейскай мовы. Паводля новага закону пытаньне аб неабходнасьці навучаньня нацыянальнай мовы ў расейскіх школах пакідаецца на волю самых вучняў і іхных бацькоў тэй або іншай расейскай школы. Таксама на волю вучняў і бацькоў пакідаецца пытаньне аб навучаньні расейскай мовы ў тэй або іншай нацыянальнай школе рэспублікі. Тая акалічнасьць, што бацькі вучняў у Савецкім Саюзе знаходзяцца ў поўнай залежнасьці ад партыйных органаў і прафсаюзных арганізацыяў, пытаньне аб неабходнасьці навучаньня нацыянальнае мовы рэспублікі ў расейскіх школах, - а такіх школаў у кажнай нацыянальнай рэспубліцы нясумерна вялікая колькасць прапарцыянальна да жыхарства расейскае нацыянальнасьці - фактычна перадаецца на разьвязаньне мясцовых партыйных і прафсаюзных органаў, якія, як правіла, праводзяць палітыку зьмяншэньня сфэры ўжываньня нацыянальнае мовы й даваньня пяршынства расейскай мове, як гэтага вымагае цэнтральнае партыйнае кіраўніцтва.

Гэта датычыцца выкладаньня беларускае мовы, як прадмету, у расейскіх школах БССР, дзе, як мы бачылі, палажэньне беларускае мовы пасьля ўспомненае школьнае рэформы зьмянілася на горшае. А ейнае палажэньне ў беларускіх школах засталося такім самым, якім было й раней, і не зьмянілася на лепшае навет пасьля абвешчаньня цытаванага ліста Міністра асьветы БССР. Аб гэтым красамоўна сьветчыць выступленьне ў гэтай справе беларускага савецкага моваведа Я.Рапановіча ў самым канцы 1961 году з артыкулам пад вымоўным загалоўкам «Дбаць пра культуру мовы». Рапановіч, між іншым, сьцьвярджае:

Да сяньняшняга дня ў многіх школах рэспублікі (аўтар мае наўвеце афіцыйна беларускія школы - С.С.) беларуская мова вывучаецца як прадмет. Астатнія-ж дысцыпліны вядуцца як папала - то на рускай, то на «руска-беларускай» мове. Што атрымліваецца пры такіх парадках - няцяжка ўявіць. Вучні рыхтуюць хатнія заданьні па беларускіх падручніках і адказваюць пабеларуску. Настаўнік тлумачыць і задае пытаньні на рускай мове, а школьнікі часта адказваюць на мясцовым дыялекце. Становішча ўскладняецца яшчэ й тым, што нават падручнікам бракуе культуры мовы[24].

Вышэй прыведзеныя факты й прыклады даволі ілюструюць запраўднае палажэньне беларускай мовы ў школьніцтве БССР, якое знаходзіцца ў поўнай супярэчнасьці з прапагандовымі заявамі афіцыйных савецкіх дакумэнтаў аб «свабодным разьвіцьці й раўнапраўнасьці» ўсіх моваў народаў Савецкага Саюзу. З другога боку, зацытаваныя выказваньні настаўнікаў, студэнтаў і наагул інтэлігенцыі - бясспрэчны довад, што такая дэградацыя беларускае мовы на карысьць мовы расейскае праводзіцца наўсуперак жаданьняў і супраць волі беларускага жыхарства.

* * *

Другой, апрача школьніцтва, важнай галінай, у якой забясьпечаная гэгэмонія расейскай мовы, далёка нясумерная да колькасьці расейскага жыхарства БССР, пры адначаснай дэградацыі беларускае мовы, ёсьць выдавецкая справа. Каб мець дакладнае ўяўленьне, як гэтая справа ў запраўднасьці выглядае, будзе карысным прывесьці, за афіцыйнымі савецкімі крыніцамі, статыстыку выданьняў у БССР у беларускай і расейскай мовах за пэрыяд ад 1954 да 1960 году ўлучна.

Ніжэй прыведзеныя статыстычныя паказьнікі за сем апошніх гадоў гавораць самі за сябе й ніякага выясьненьня не патрабуюць. Адно застаецца адмеціць, што калі паводля назваў кнігаў у расейскай мове выдаецца куды болей, чымся ў беларускай, дык агульны іхны тыраж у беларускай мове значна большы, чымся ў расейскай мове. Што-ж да газэтаў, дык іхная колькасьць у беларускай мове амаль у чатыры разы большая, чымся колькасьць газэтаў у расейскай мове. Затое агульны тыраж выдаваных газэтаў у расейскай мове мала ўступае агульнаму тыражу ў беларускай мове, а за некаторыя гады тыражы ў абедзьвюх мовах блізу роўныя. За два апошнія гады (1959 і 1960) агульны гадавы тыраж газэтаў у расейскай мове ўжо перавышае тыраж у беларускай мове. Што-ж датычыцца часапісаў, дык маем зусім адваротную зьяву: у беларускай мове за шэсьць апошніх гадоў іх выдавалася спачатку амаль удвая, а пасьлей амаль утрая меней, чымся ў расейскай мове, затое іхны тыраж за ўсе гады быў больш як удвая вышэйшы за тыраж у расейскай мове.

Выданьні кніг у БССР за 1954-1960 гады[25]

Гады Колькасьць выдадзеных кніг Тыраж (у тыс.) Друкарскія аркушы (у тыс.) Арыгінальныя  Перакладныя 1954 733 15.914 153.370 481 252 У бел. мове 428 10.511 98.831 193 235 У рас. мове 305 5.403 54.539 288 17 1955 670 12.952 133.403 524 146 У бел. мове 260 7.198 76.080 131 129 У рас. мове 410 5.754 57.323 393 17 1956 742 13.736 160.358 591 151 У бел. мове 281 7.063 68.237 163 118 У рас. мове 461 6.673 92.121 428 33 1957 928 16.300 165.705 791 137 У бел. мове 393 9.097 84.580 280 113  У рас. мове 535 7.203 81.125 511 24 1958 1.191 14.512 160.492 1.043 148 У бел. мове 478 8.836 83.106 352 126  У рас. мове 709 5.675 77.385 687 22 1959 1.317 17.101 175.628 1.127 190 У бел. мове 571 9.499 84.249 421 150 У рас. мове 744 7.601 91.378 704 40 1960 1.602 14.231 147.454 1.487 115 У бел. мове 425 7.134 61.534 326 99 У рас. мове 1.175 7.096 85.917 1.159 16

Выданьні газэт у БССР за 1954-1960 гады[26]

Гады Колькасьць Разавы тыраж (у тыс. экз) Гадавы тыраж (у мільёных экз.) 1954 216 1.299 228,924 У бел. мове 176 761 130,229 У рас. мове 40 538 98,695 1955 218 1.314 233,203 У бел. мове 177 814 140,624 У рас. мове 41 497 92,579 1956 215 1.354 236,4 У бел. мове 172 776 128,8 У рас. мове 43 578 107,6 1957 234 1.530 268,7 У бел. мове 191 884 145,0 У рас. мове 43 646 123,7 1958 207 1.626 279,9 У бел. мове 164 872 140,6  У рас. мове 43 754 139,3 1959 213 1.770 291,0 У бел. мове 167 950 143,3 У рас. мове 46 820 147,3 1960 199 2.188 324 У бел. мове 154 1.134 150 У рас. мове 45 1.054 174

Выданьні часапісаў у БССР за 1955-1960 гады[27](улучна зь іншымі пэрыядычнымі выданьнямі, як зборнікі, бюлетэні й інш., што выходзяць пэрыядычна)

Гады Колькасьць Гадавы тыраж (у тыс. экз.) 1955 39 4.432 У бел. мове 14 3.047 У рас. мове 25 1.385 1956 43 4.898 У бел. мове 16 3.179 У рас. мове 27 1.719 1957 54 5.140 У бел. мове 19 3.580 У рас. мове 35 1.560 1958 88 6.709 У бел. мове 24 4.858 У рас. мове 64 1.851 1959 90 7.942 У бел. мове 24 5.807 У рас. мове 66 2.135 1960 92 10.393 У бел. мове 24 7.192 У рас. мове 68 3.201

Аб прысьпешаных русіфікацыйных тэмпах можа найлепей сьветчыць факт, што яшчэ ў 1930-1935-ых гадох, калі пачаўся ўжо працэс русіфікацыі беларускай мовы, у БССР выдавалася ў сярэднім 85% кніжак у беларускай мове й толькі 5% у расейскай мове[28].

Падобна ўва ўсіх іншых нацыянальных рэспубліках СССР колькасьць выданьняў у нацыянальных мовах нясумерна малая ў прыраўнаньні да колькасьці выданьняў у расейскай мове. Тым ня меней, ува ўсіх іншых рэспубліках, за выняткам адно Казахскай, дзе з прычыны наплыву чужога нацыянальна элемэнту ў сувязі з асваеньнем цаліны колькасьць выданьняў у казахскай мове з кажным годам моцна падае й павялічваецца колькасьць выданьняў у расейскай мове, суадносіны нацыянальнай і расейскай моваў значна выгаднейшыя для першай, як для другой, чымся ў БССР. Прычыну такое зьявы выясьніць ня цяжка. Калі ходзіць пра балцкія народы (Летувісаў, Латышоў і Эстонцаў), дык іхныя мовы, як неславянскія й тым самым ад расейскай мовы далёкія, маюць параўнальна большае пашырэньне. Апрача гэтага, прыбалцкія народы ў пэрыядзе між абедзьвюма сусьветнымі войнамі мелі собскія незалежныя дзяржавы й толькі ў 1940 годзе апынуліся ў складзе Савецкага Саюзу. Параўнальна ў найлепшым палажэньні грузінская й армянская мовы, што, з аднаго боку, застаецца ў сувязі з найменшым агульным працэсам русіфікацыі двух гэтых каўкаскіх народаў, а здругога боку - у сувязі з тым, што абедзьве гэтыя мовы, як неславянскія, таксама далёкія ад расейскай мовы. Гэтай апошняй акалічнасьцяй выясьняецца таксама параўнальна большая ступень ужываньня моваў цюрскіх народаў СССР. Навет украінская мова мае параўнальна да беларускай мовы большае пашырэньне ў друку, што можна выясьніць дзьвюма прычынамі: а) вялікай колькасьцяй украінскага народу и тым самым большай удзельнай вагой Украіны ў СССР, б) спэцыфічным палажэньнем Галіччыны, якая да 1939 году ніколі не ўваходзіла ў склад Расейскае імпэрыі й жыхарства якой да часу прылучэньня ў 1939 годзе Заходняй Украіны да СССР зусім ня ведала расейскае мовы.

Вышэй паказаныя суадносіны кніжных і газэтных выданьняў у беларускай і расейскай мовах на тэрыторыі БССР яшчэ ня ілюструюць запраўднага палажэньня. Трэба не забывацца, што БССР, падобна як і іншыя нацыянальныя рэспублікі, апрача собскіх выданьняў у расейскай мове навадняецца цэнтральнымі, як кніжнымі, гэтак і газэтнымі ды наагул пэрыядычнымі выданьнямі ў расейскай мове, што ўдзел беларускай мовы ў распаўсюджванай у БССР літаратуры зводзіць да зусім нязначных разьмераў. І гэта ў той час, калі паводля перапісу жыхарства з 15 студзеня 1959 году Беларусы ў БССР складаюць 81,1%[29].

Звычайна такія выданьні, як навуковая, палітычная й тэхнічная літаратура, за малымі выняткамі, выпускаюцца ў расейскай мове, а ў беларускай мове - галоўна мастацкая й масава прапагандавая літаратура. Але трэба з асаблівым націскам падчыркнуць, што арыгінальная мастацкая літаратура - творы беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, а таксама літаратурныя часапісы - выдаюцца такім малым тыражом, што яны ў ніякім выпадку ня могуць забясьпечыць патрабаваньняў чытача. Рэдактар Парыцкай раённай газэты «Ленінская перамога» С.Прач яшчэ ў 1958 годзе жаліўся:

На паліцах Парыцкай раённай кнігарні ляжыць многа кніг: палітычная, сельскагаспадарчая, навукова-асьветная літаратура, творы рускіх і заходняэўрапэйскіх клясыкаў, сучасных пісьменнікаў. Аднак патрэбную кнігу не заўсёды купіш. Асабліва мала тут беларускіх пісьменьнікаў... Уся прычына, відаць, у тым, што зь нейкага часу творы беларускіх пісьменьнікаў выдаюцца абмежаванымі тыражамі. Тыраж 3-5-8 тысяч экзэмпляраў далёка не задавальняе попыт... Да раённых цэнтраў даходзіць нязначная колькасць беларускіх кніг, а ў сельскіх крамах і ларкох іх зусім не прадаюць... Даволі часта можна сустрэць пагардлівыя адносіны да распаўсюджваньня беларускіх кніг[30].

Такія «пагардлівыя адносіны да распаўсюджваньня беларускіх кніг» - гэта агульная зьява ў БССР. Пісьменнік І.Шамякін, выступаючы на 4-ым Зьезьдзе беларускіх пісьменнікаў у лютым 1959 году, таксама сьцьвердзіў: «Але мы, пісьменнікі, часта чуем скаргі, што кніг не хапае. Гэтыя скаргі асабліва настойліва выказваюць вучні старэйшых клясаў і выкладчыкі беларускай літаратуры»[31]. Пра «пагардлівыя адносіны да распаўсюджваньння беларускіх кніг» найлепей сьветчыць наступны факт. У сувязі з XXII зьездам камуністычнай партыі адбыўся ў Менску 17 лістапада 1961 году адкрыты сход партарганізацыі Саюзу пісьменнікаў БССР. І характэрна: на сходзе менш за ўсё гаварылася аб партыйным зьезьдзе, а галоўная ўвага была зьвернутая на заганнае распаўсюджваньне беларускіх кнігаў. «Літаратура і Мастацтва», зьмяшчаючы справаздачу із сходу, пісала:

Гаворачы пра распаўсюджваньне беларускай літаратуры, пра тыражы беларускіх кніг і часапісаў, Р.Сабаленка прыводзіць наступныя лічбы. На 15 лістапада на часопісь «Полымя» падпісалася 3.128 чалавек. А між тым у нашай рэспубліцы каля 20 тысяч бібліятэк, каля 12 тысяч школ, сотні дамоў культуры і клюбаў. Часопісь да вельмі і вельмі многіх зь іх не даходзіць. Прамоўца крытыкуе заганныя моманты ў практыцы вызначэньня тыражоў кніг у Белдзяржвыдавецтве... Як і Сабаленка, прамоўца (пісьменьнік П.Панчанка - С.С.) спыніўся на пытаньнях распаўсюджаньня беларускай кнігі... Нажаль, часам атрымліваецца так, што чытачы проста ня маюць магчымасьці пазнаёміцца зь беларускай кнігай. П.Панчанка прыводзіць абураючы факт, калі кіраўніцтна Парку культуры і адпачынку г. Магілёва, маючы даволі вялікія сродкі на падпіску на газэты і часапісы, ня выпісвае ніводнага беларускага выданьня[32].

Старшы інспэктар праўленьня «Саюздруку» М.Палунічаў у артыкуле «Часапіс просіцца ў бібліятэку», прывёйшы некалькі фактаў байкатаваньня беларускіх кнігаў некаторымі бібліятэкамі гораду Магілева, паставіў пытаньне: «Ці ведамыя гэтыя факты Міністэрству культуры БССР і Беларускаму рэспубліканскаму савету прафсаюзаў?» І тут-жа даў адказ: «Так, ведамыя. Аднак ні Міністэрства культуры, ні Беларускі рэспубліканскі савет прафэсіянальных саюзаў па сутнасьці ніякіх практычных мер яшчэ ня прынялі... Ня выпісваюць беларускіх літаратурна-мастацкіх пэрыядычных выданьняў бібліятэкі сярэдніх і васьмігадовых школ. - Няхай гэтыя выданьні выпісваюць выкладчыкі за наяўны разьлік, - адказаў намесьнік Міністра асьветы БССР С.Умрэнка. - У нас грошай няма»[33].

Прыведзеныя факты даволі ілюструюць тую зьяву, што беларуская мова ў беларускай рэспубліцы адсунутая расейскай мовай зусім на задні плян. Яна дапушчаная да публічнага ўжываньня толькі ў некаторых галінах жыцьця, як мастацкая літаратура, у чым трэба бачыць наўперад заслугу беларускіх пісьменьнікаў, у штодзённай прэсе ды масава-прапагандавай літаратуры, што можна выясьніць палітыкай партыйнага кіраўніцтва, жыва зацікаўленага, каб гэтая літаратура й прэса даходзіла да найшырэйшых масаў жыхарства. Затое ўва ўсіх іншых галінах публічнага й грамадзкага жыцьця ўсяўладна пануе расейская мова, ня вылучаючы навет, як мы бачылі, і школьніцтва. Такім парадкам, расейская мова, як агульная для ўсяго СССР дзяржаўная мова, як мова «клясыкаў марксізму-ленінізму», «перадавой сацыялістычнай нацыі» й «вялікага рускага народу», як «мова міжнацыянальных лучнасьцяў» ды як «другая родная мова» ўсіх народаў Савецкага Саюзу, як яна афіцыйна абазначаецца, фактычна сталася першай мовай у грамадзкім, палітычным, адміністрацыйным і навет культурным жыцьці БССР. Беларуская-ж мова выціснутая на задні плян і дапушчаная фактычна да выконваньня адно падсобных ці пабочных і часткова паказальна-прапагандовых функцыяў.

Савецкая беларуская літаратурная мова

У самым гарце антыбеларускай кампаніі ў галіне мовы ў пачатку 30-ых гадоў галоўнае абвінавачаньне беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі зводзілася да таго, што яна рупілася аб чысьціні беларускае мовы й бараніла яе перад русіфікацыяй. Успомнены акадэмік Вольфсон у гэтай справе ў 1931 годзе пісаў: «Адным з паважнейшых заданьняў, якое паставілі перад сабой нацдэмаўскія пурыстыя, было вытруціць зь беларускае мовы ўсякія элемэнты расейскае мовы. Яны выганялі сотні агульна прынятых, арганічна ўрослых у беларускую мову расейскіх словаў. Яны карчавалі ўсё тое, што іх выабражэньню здавалася, як «русыцызм»[34]. Таксама ў уступнай часьці ўрадавага дэкрэту «Аб зьменах і спрашчэньні беларускага правапісу» з 28 жніўня 1933 году гаварылася, што «нацыянал-дэмакратызм імкнуўся ўсімі мерамі й спосабамі адарваць беларускую літаратурную мову ад мовы шырокіх беларускіх працоўных мас, стварыў штучны бар'ер паміж беларускай і рускай мовамі і засьмечваў беларускую мову рознымі сярэднявяковымі архаізмамі і буржуазнымі вульгарызмамі»[35].

Такім парадкам як рэформа беларускае мовы 1933 году, гэтак і ўся далейшая бальшавіцкая моўная палітыка разьвівалася ў кірунку зьнішчэньня гэнага «штучнага бар'еру» й мэханічнага збліжэньня беларускае мовы з расейскай мовай. Рэформа 1933 году ўвяла ў беларускую мову каля 30-ёх фанэтычных і марфалягічпых расейскіх асаблівасьцяў, жыўцом узятых з расейскае мовы, чужых і дагэтуль няўжываных у беларускай мове, але пытаньня папаўненьня беларускае мовы расейскім слоўнікавым матарыялам яшчэ практычна ня ставіла. Расейскі слоўнікавы матарыял, разам з далейшымі марфалягічнымі й сынтаксычнымі, а навет фразэалягічнымі асаблівасьцямі расейскае мовы ўводзіліся паступова ў беларускую мову пасьля ўспомненае рэформы і ўжо ня дэкрэтаваным шляхам, але ў парадку горача рэкамэндаваных «дабравольных запазычэньняў» і «ўзбагачваньня» беларускае мовы. І ўжо ў прадмове да «Расейска-Беларускага Слоўніка», выдадзенага Інстытутам Мовазнаўства Акадэміі Навук БССР у 1953 годзе, «навукова» й «аўтарытэтна» сьцьвярджалася, што «толькі пасьля Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі... беларуская мова, як і ўся культура беларускага народу, за гады савецкай улады дасягнула высокага разьвіцьця... выпрацавала свае літаратурныя нормы, значна папоўніла лексычны запас за лік слоў роднай ёй расейскай мовы». Далей у прадмове гаварылася, што беларускі народ, супрацьдзеючы беларускім буржуазным нацыяналістым, «верны дружбе народаў, бараніў чысьціню сваей мовы, папаўняючы яе зь нявычарпальных крыніцаў расейскай мовы»[36].

Ніжэй мы пакажам на канкрэтных прыкладах, узятых з тэкстаў беларускага савецкага друку за некалькі апошніх гадоў, як адбываецца гэтае «папаўненьне» беларускае мовы зь «нявычарпальных крыніцаў расейскае мовы» ўва ўсіх моўных галінах: марфалёгіі, сынтаксу, фразэалёгіі й лексыкі. Дзеля гэтае мэты было намі прастудыявана з моўнага гледзішча цэлы рад друкаваных тэкстаў дзьвюх катэгорыяў: I. палітычнай, навуковай і публіцыстычнай літаратуры рэспубліканскіх выданьняў БССР, мова якіх афіцыйна ўважаецца за правільную й агульна абавязваючую літаратурную мову; II. празаічнай мастацкай літаратуры, якая, як пабачым ніжэй, выяўляе найбольшы супраціў русіфікацыі й застаецца куды чысьцейшай за першую з гледзішча беларускасьці. Ніжэй пералічаем абедзьве катэгорыі дасьледаваных намі тэкстаў, падаючы ў дужках іхныя скароты:

I.

Гісторыя БССР, т. 2. АН БССР, Менск, 1958, бач. 626 (ГБССР);

Фарміраваньне і разьвіцьцё беларускай сацыялістычнай нацыі. АН БССР, Менск, 1958, б. 268 (ФР);

Камуніст Беларусі, № 10, 1959, б. 80 (КБ);

газэта «Зьвязда» за 15.05.1961, 15.06.1961, 15.07.1961, 18.08.1961, 19.09.1961, раўнавартасьць бачынаў кніжнага фармату 320 (З);

газэта «Літаратура і Мастацтва» за 16.05.1961, 16.06.1961, 21.07.1961, 18.08.1961, 19.09.1961, раўнавартасьць бачынаў кніжнага фармату 320 (ЛіМ).

Разам 1.514 бачынаў.

II.

І.Шамякін. Крыніцы. Менск, 1957, б. 364 (ІШ-Кр);

М.Лынькоў. Веканомныя дні. Менск, 1958, 4 т., б. 1722 (МЛ-ВД);

Л.Кулакоўскі. Расстаемся ненадоўга. Менск, 1955, б. 392 (АК-РНД);

А.Кулакоўскі. Дома. «Полымя», № 6 і 7, 1959, б. 77 (АК-Д);

П.Броўка. Калі зьліваюцца рэкі. Менск, 1957, б. 444 (ПБ-КЗР);

П.Глебка. Сьвятло з Усходу. «Полымя», № 11, 1957, б. 88 (ПГ-СУ);

У.Карпаў. За годам год. Менск, 1957, б. 614 (УК-ЗГГ);

У.Карпаў. Вясеньнія ліўні. «Полымя», № 2, 3 і 4, 1959, 7, 8 і 9, 1960, б. 283 (УК-ВЛ);

М.Пасьлядовіч. З табою побач. «Полымя», № 3, 1956, 11, 1958, 12, 1959, б. 175 (МП-ЗП);

К.Крапіва. Людзі і д'яблы. «Полымя», № 4, 1958, б. 50 (КК-ЛД);

І.Мележ. Дні нашага нараджэньня. «Полымя», № 12, 1958, б. 41 (ІМ-ДНН);

А.Бялевіч. Добрыя людзі. Менск, 1957, б. 179 (АБ-ДЛ);

Т.Хадкевіч. Даль палявая. Менск, 1959, б. 494 (ТХ-ДП).

Разам 4.723 бачыны.

Увага: Тэксты савецкіх аўтараў цытуюцца ў гэтым артыкуле, як і наагул у беларускіх выданьнях у вольным сьвеце, паводля беларускага, а не зрусіфікаванага савецкага правапісу, устаноўленага моўнай рэформай 1933 году. Затое прыводжаныя далей прыклады беларускае савецкае літаратурнае мовы зь пералічаных вышэй выданьняў пададзеныя бязь ніякіх зьменаў паводля савецкага правапісу.

Русіцызмы ў галіне марфалёгіі

Яшчэ рэформа 1933 году ўвяла ў беларускую мову некалькі чужых ёй расейскіх марфалягічных асаблівасьцяў, выкінуўшы зь яе адпаведныя ім беларускія асаблівасьці. Гэтак для бальшыні назоўнікаў мужчынскага роду ў родным склоне адзіночнага ліку рэформа ўвяла канчатак -а (завода, інстытута, сацыялізма), заміж ужыванага ў беларускай мове канчатку -у (заводу, інстытуту, сацыялізму), а таксама заміж беларускіх канчаткаў назоўнікаў мужчынскага й ніякага роду ў давальным і месным склоне множнага ліку -ом, -ох (братом, аб гарадох), уняла канчаткі з расейскае мовы -ам, -ах (братам, аб гарадах). Таксама рэформаю 1933 г. было ўведзена ў беларускую мову некалькі расейскіх марфалягічных асаблівасьцяў у галіне лічэбнікаў і дзеясловаў.

З расейскіх элемэнтаў у скланеньні назоўнікаў, якія праніклі ў беларускую мову незалежна ад рэформы й выказваюць тэндэнцыю далейшага пашырэньня, варта адцеміць капчаткі -ей у родным склоне множ. л. назоўнікаў жаноцкага роду, тымчасам як нармальна ў беларускай мове павінен быць канчатак -яў. Гэтак у разгледжаных намі друкаваных тэкстах знаходзім: непрыемнасцей, магчымасцей, масцей, выпадковасцей, нечаканасцей, абласцей, цяжкасцей, сувязей, народнасцей і г.д. заміж беларускіх формаў: няпрыемнасьцяў, магчымасьцяў, масьцяў, выпадковасьцяў, нечаканасьцяў, вобласьцяў, цяжкасьцяў, сувязяў, народнасьцяў. Формы зь -ей (-эй) нармальна сустракаюцца ў беларускай мове толькі ў некаторых рэдкіх выпадках, як у словах касьцей, мышэй, і пад. Цікава, што канчаткі -ей заміж -яў сталіся амаль агульным правілам у мове першай катэгорыі разгледжаных намі савецкіх друкаваных тэкстаў (навуковая, палітычная, тэхнічная й публіцыстычная літаратура), затое ў мове другой катэгорыі тэкстаў (творы мастацкае літаратуры) выступаюць шмат радзей і звычайна зьяўляюцца паралельна - -яў побач зь -ей - навет у тых самых словах.

Гэтта варта адцеміць яшчэ адну русіфікацыйную зьяву ў галіне назоўнікаў, якая асабліва апошнім часам выказвае тэндэнцыю далейшага пашырэньня, хоць яна належыць не да марфалёгіі, а да этымалёгіі. Гэта чужыя беларускай мове суфіксы назоўнікаў -цель (парасейску -тель): Амялян Кручын у марах бачыў ужо сябе вызваліцелем родных мясцін (ТХ-ДП, 54); ён з'яўляецца самым лепшым выхавацелем (КБ, 45); Камуністычная партыя была натхніцелем і арганізатарам усенароднай барацьбы (ГБССР, 427); Польскія правіцелі... самі праводзілі каляніяльную палітыку (тамсама, 326); Асаднікі былі злейшымі ворагамі беларускага народа, ...душыцелямі яго нацыянальна-вызвольнай барацьбы (тамсама, 337). Узноў-жа, тымчасам як у тэкстах першай катэгорыі словы із суфіксам -цель зьяўляюцца вельмі часта, у тэкстах другой катэгорыі зьнаходзім іх адно як рэдкія выняткі.

Асабліва пашыраным сяньня русіцызмам у галіне прыметнікаў ёсьць паралельнае будаваньне найвышэйшае ступені прыраўнаньня прыметнікаў, побач з прыстаўкай най-, як нармальна ў беларускай мове, яшчэ й пры дапамозе займеньніка самы й звычайнай формы ступені прыраўнаньня. Прыкл.: Мой калгас самы багаты (АБ-ДЛ, 126); У атрадзе ён лічыўся лепшым знаўцам самых глухіх і самых кароткіх сцежак (МП-ЗП, III, 1956, 21); вырасце будынак самага справядлівага грамадзтва на зямлі (З, 15.09.1961); прадукцыйнасць працы, гэта... самае важнае, самае галоўнае для перамогі новага грамадзкага ладу (З, 15.09.61); калектыў... здольны вырашаць самыя цяжкія задачы (КБ, 43); будуецца Бярозаўская ДРЭС - самая буйная ў Беларусі (КБ,5); Камуністычны лад стварыў самыя спрыяльныя ўмовы для росквіту талентаў народа (З, 15.06.61). Пабеларуску апрача звычайнай формы з прыстаўкай най-, найвышэйшая ступень прыметнікаў можа быць створана таксама апісальным спосабам, пры дапамозе прыслоўя сама, але ня пры дапамозе займеньніка самы. Прыкл.: Мой калгас сама багаты, у атрадзе ён лічыўся найлепшым знатаком сама глухіх і сама кароткіх сьцежак, і г.д.

Узаконеныя ўжо рэформай 1933 году дзеяпрыметнікі цяперашняга часу залежнага стану, якія беларускай мове зусім няведамыя й адчуваюцца як бясспрэчна русіцызмы, у сяньняшняй беларускай літаратурнай мове знайшлі поўнае пашырэньне. Мы іх знаходзім як у тэкстах першай, гэтак і другой катэгорыі: Сашка, самы меншы і, зразумела, самы любімы чалавек у сям'і (АК-РНД, 69); грунтоўны аналіз праводзімых мерапрыемстваў (КБ, 71); аналіз перажываемага мамэнту (ГБССР, 36); у цемры пачуўся трэск распорваемага мяшка (МП-ЗП, XI, 1958, 82); Польшча, падштурхоўваемая міжнародным імпэрыялізмам, ...напала на Савецкую Расію (ГБССР, 121). У беларускай мове ў гэтым значаньні ўжываюцца дзеяпрыметнікі залежнага стану прошлага часу: улюблены, праводжаных, перажыванага, распорванага, падштурхоўваная.

Беларуская мова таксама зусім ня ведае зваротнай формы дзеяпрыметнікаў, якая ў расейскай мове зусім нармальная й агульна пашыраная зьява. Але апошнім часам у БССР зваротныя формы дзеяпрыметнікаў пачалі пераносіць з расейскае мовы й у беларускую мову: Народныя масы... змучаныя вайной і ўсё ўзмацняючымся прыгнечаньнем (РФ, 21); Гэты плённы працэс быў перарван у сувязі з пачаўшайся акупацыяй заходніх раёнаў Беларусі (РФ, 29); адбыўшыеся беспартыйныя валасныя канфэрэнцыі былі... бурныя (ГБССР, 201); Сярод вызначаўшыхся ў барацьбе з ворагам... было нямала сыноў беларускага народа (ГБССР, 422); Большасць увайшоўшых у том работ (Леніна) прысвечана барацьбе супраць пагрозы набліжаўшайся сусветнай вайны (З, 15.09.61) і г.д. Няіснуючыя ў беларускай мове зваротныя дзеяпрыметнікі заступаем апісальнымі формамі, ужываючы дзеля гэтага даданыя азначальныя сказы з займеннікамі што або які. Прыкл., заміж «супраць пагрозы набліжаўшайся сусветнай вайны» пабеларуску скажам: «супраць пагрозы сусьветнай вайны, што або якая набліжалася». Заміж «Сярод вызначаўшыхся ў барацьбе з ворагам... было нямала сыноў беларускага народа», скажам: «Сярод тых, што (або якія) вызначаліся ў барацьбе з ворагам, было нямала сыноў беларускага народу» і г.д. Характэрна, што калі ў тэкстах першай катэгорыі, якіх мы прагледзілі ўсяго 1.514 бачынаў друку, даволі часта сустракаецца зваротная форма дзеяпрыметнікаў, дык на 4.723 бачынах тэкстаў другой катэгорыі мы не знайшлі яе зусім. Гэта паказвае, што толькі цяпер пачынаюць прапіхаць у беларускую мову гэтую форму пры выразным пасыўным супраціве беларускіх пісьменьнікаў. Гэтай формы таксама не ўвяла й рэформа 1933 году. Вельмі характэрна, што ў падручніку беларускай мовы для пэдагагічпых вучылішчаў і пэдагагічных інстытутаў з 1955 году, напісаным Н.Гурскім, М.Булахавым і М.Марчанкам, сказана, што «дзеяпрыметнікі зваротнай формы ў беларускай мове ўжываюцца рэдка»[37], у граматыцы беларускай мовы для сярэдніх школ М.Жыркевіча з 1956 году зваротныя дзеяпрыметнікі паказаныя, як нармальныя беларускія формы[38], а ў выдадзенай у тым-жа годзе «Граматыцы беларускай мовы» для ўніверсытэтаў і пэдагагічных інстытутаў Т.Ломцева[39] аб іх не ўспамінаецца зусім. Гэта хіба значыць, што Ломнеў не ўважае зваротных дзеяпрыметнікаў беларускімі формамі. Трэба адцеміць, што й у цяперашняй акцыі ў абароне беларускай мовы ў БССР некаторыя аўтары, як В.Красоўскі[40] і пісьменьнік Янка Скрыган[41], кваліфікуюць зваротныя дзеяпрыметнікі, як формы чужыя беларускай мове, рэкамэндуючы іх ня ўжываць. Гэтак Скрыган, прыгвёўшы пару прыкладаў із зваротнымі дзеяпрыметнікамі, піша: «Думка простая, а сказана Бог ведае як няпісьменна»[42].

Зь іншых асабліва пашыраных русіцызмаў трэба адцеміць што-раз часьцейшае ўжываньне іменнай (кароткай) заміж займеннай (поўнай) формы дзеяпрыметнікаў залежнага стану прошлага часу ў назоўным склоне: Пярэдні танк быў падбіт (МЛ-ВД, I, 41); Здымак зроблен у 1937 годзе (ЛіМ, 18.08.61); У Мінску быў адкрыт Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (ГБССР, 181); Быў закончан рамонт і ўведзен у строй рад... прадпрыемстваў (тамсама, 138); Быў праведзен дзень голаду (тамсама, 345); У гэтую вёску быў прыслан атрад паліцэйскіх (тамсама, 346); над будынкам германскага рэйхстага быў узнят сцяг перамогі (тамсама, 422); Будзе створана адзіная энергетычная сыстэма СССР (З, 15.09.61); За сем год будзе на 80 працэнтаў павялічан агульны выпуск прамысловай прадукцыі, падвоена вытворчасць электраэнергіі, патроена магутнасць хімічнай прамысловасці (КБ, 15). Ня ў прыклад расейскай мове, якая ўжывае дзеяпрыметнікі прошлага часу залежнага стану ў іменнай форме ў якасьці выказьніка ў сказе, беларускай мове ў гэтым выпадку ўласьцівыя займенныя (поўныя) формы гэтай катэгорыі дзеяпрыметнікаў. У прыведзеных прыкладах правільна пабеларуску мусіла-б быць: падбіты, зроблены, адкрыты, закончаны, уведзены, праведзены, прысланы, узьняты, створаная, павялічаны, падвоеная, патроеная. І ў гэтым выпадку іменныя формы ўжываюцца ў першай катэгорыі тэкстаў гэтак-жа шырака, як і ў расейскай мове, затое ў другой кагэгорыі тэкстаў займенныя формы выразна пераважаюць над формамі іменнымі.

І напасьледак, у абедзьвюх катэгорыях тэкстаў, побач зь беларускімі формамі прыслоўяў, утвораных ад прыметнікаў, паралельна зьяўляюцца й зусім чужыя беларускай мове расейскія формы: нешта па-дзіцячы радаснае, светлае параджалася ў грудзях (ТХ-ДП, 161), але: І ў гэтым было нешта па-дзіцячаму наіўнае і свежае (МП-ЗП, III, 1956, 37); Папрасіце па-чалавечы (УК-ВЛ, VIII, 1960, 84); засмяялася і па-хлапечы, вітаючыся, ударыла па яго далоні сваёю рукой (УК-ВЛ, III, 1959, 108). Кох пакутніцкі зірнуў на яго (МЛ-ВД, II, 36); царскае самадзяржаўе зверскі падаўляла нацыянальна-вызвольны рух народаў Расіі (РФ, 20). Пабеларуску ў прыведзеных прыкладах мусіла-б быць: па-дзіцячаму, па-чалавечаму або пачалавецку, пахлапецку, пакутніцка, зьверска.

Русіцызмы ў сынтаксе

Адна з характэрных сынтаксычных асаблівасьцяў беларускае мовы, якая адрозьнівае яе ад расейскае мовы, гэта ўжываньне розных склонаў пры дзеясловах з адмоўем і пры тых-жа дзеясловах без адмоўя. Гэтак дзеясловы без адмоўя ў ролі выказьніка ў сказе ў беларускай мове кіруюць вінавальным склонам, у якім стаіць дапаўненьне. Калі-ж гэтыя дзеясловы ўжываюцца з адмоўем, яны вымагаюць ад дапаўненьня роднага склону. У расейскай літаратурнай мове асабліва савецкага пэрыяду ў абодвых выпадках - пры адмоўі й безь яго - дапаўненьне заўсёды выступае ў вінавальным склоне. Гэтая апошняя сынтаксычная асаблівасьць расейскае мовы нагэтулькі пранікла ў беларускую мову, што сяньня яна сталася блізу вылучнай, а родны склон пры адмоўі зьяўляецца адно ў рэдкіх выпадках.

Прыклады: Мне не хацелася трывожыць той спакой і роздум (АБ-ДЛ, 28), заміж: таго спакою й роздуму; Не выставіў на пасмешышча дзікую безграматнасць Кісяля (МП-ЗП, III, 1956, 32), заміж: дзікай бязграматнасьці; Шукаць далёка прыклады ня трэба (ЛіМ, 18.08.1961), заміж: прыкладаў; не ўцяміўшы сэнс яго слоў (УК-ВЛ, IV, 1959, 145), заміж: ня ўцяміўшы сэнсу; Сымон не прамінуў здзейсніць свой запаветны план (МЛ-ВД, II, 26), заміж: не прамінуў зьдзейсьніць свайго запаветнага пляну; брыгады не забяспечылі патрэбны фронт работы (КБ, 42), заміж: не забясьпечылі патрэбнага фронту работы; Успомнім і тое, што за апошняе стагоддзе ніхто не перамагаў наш народ (АК-РНД, 252), заміж: ніхто ня пепамагаў нашага народу; Але першыя поспехі не ўскружылі галаву камуністам (З, 15.07.61), заміж: ня ўскружылі галавы, і г.д.

Варта адцеміць, што вінавальны заміж роднага склону пры адмоўях часамі, хоць і рэдка, зьяўляўся ў беларускай мове й перад русіфікацыйным пэрыядам, але такія сынтаксычныя канструкцыі разглядаліся тады, як русіцызмы ў беларускай мове, і кажны, хто рупіўся аб чысьціні беларускай мывы, змагаўся зь імі. Сяньня-ж, наадварот, гэты русіфікацыйны працэс у беларускай мове блізу закончаны, хоць некаторыя Беларусы ў БССР вычуваюць яго як чужы беларускай мове. Прыкладам, пісьменьнік Янка Скрыган радзіць ужываць толькі родны склон пры дзеясловах з адмоўем заміж вінавальнага склону, бо «найлепшым сьцьверджаньнем гэтага будзе тая самая народная гаворка»[43]. Пры гэтым трэба адцеміць, што расейская народная мова, падобна як і беларуская, вінавальнага склону дапаўненьняў пры адмоўях таксама ня ведае й ужывае нармальна роднага склону. Гэтая зьява ўвайшла ў расейскую літаратурную мову пад уплывам неславянскіх заходняэўрапэйскіх моваў, галоўна нямецкай (за пасярэдніцтвам жыдоўскага жаргону расейскае мовы) і асабліва пашырылася ў савецкія часы й асабліва ў мове газэтна-публіцыстычнай. Таму гэтая сынтаксычная форма павінна разглядацца наўперад як зьява саветызацыі самой расейскай мовы, адкуль яна пранікла й пашырылася ў беларускай мове, як зьява русасаветызацыі.

У беларускай мове дзеяслоў вучыць, навучаць, павучаць у ролі выказьніка ў сказе кіруе далейшым дапаўненьнем у родным склоне, тымчасам як у расейскай мове ў такіх выпадках вымагаецца давальны склон. У сяньняшняй беларускай літаратурнай мове БССР абедзьве формы - з родным і давальным склонам - выступаюць ужо паралельна, і то ў абедзьвюх катэгорыях разгледжаных намі тэкстаў. Вось колькі прыкладаў з гэтым русіцызмам: Люда Кляўшыц забывае ўжо тое, чаму яе вучылі ў тэхнікуме (ТХ-ДП, 231), заміж: чаго яе вучылі; Леначку шмат чаму трэба вучыць (УК-ВЛ, VIII, 1960, 76), заміж: шмат чаго трэба вучыць; Будзем вучыцца ў іх дысцыпліне (УК-ВЛ, VII, 1960, 50), заміж: вучыцца дысцыпліны; навучае гэтаму іншых (МП-ЗП, III, 1956, 63), заміж: навучае гэтага; ён і рухавік пусціў, і Кузьму навучае справе (ПБ-КЗР, 329), заміж: навучае справы; Многаму ў іх, вопытных хлебаробаў, трэба павучыцца (АБ-ДЛ, 175), заміж: многага павучыцца; Круглы год яны вучаць людзей аграправілам (тамсама), заміж: вучаць аграправілаў; Вядома, такое «апісанне» нічаму не навучыць (КБ, 71), заміж: нічога не навучыць; асабістым прыкладам вучылі іх мужнасьці і адвазе (ГБССР, 427), заміж: вучылі мужнасьці і адвагі, і г.д.

У беларускай мове дзеяслоў дзякаваць у якасьці выказьніка ў сказе кіруе давальным склонам, тымчасам як у расейскай мове адпаведных яму дзеяслоў благодарить кіруе вінавальным склонам. У сяньняшняй беларускай літаратурнай мове БССР, побач зь перавагаю правільных для яе формаў, пачынаюць ужо часамі зьяўляцца й расейскія формы. Прыкладам: Усе выступаючыя горача дзякавалі Савецкую Армію (ГБССР, 418), заміж: дзякавалі Савецкай Арміі, і г.д.

Напасьледак варта адцеміць частае ўжываньне ў сяньняшняй беларускай літаратурнай мове БССР прыназоўніка па ў тых сынтаксычных функцыях, у якіх ён нармальна ня ўжываецца ў беларускай мове, але ўжываецца ў мове расейскай. Гэтую зьяву найлепей ілюструюць наступныя прыклады: І толькі Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя, самая грандыёзная па маштабах, самая глыбокая па сваіх задачах і мэтах, разбіла асновы нацыянальнага прыгнечання (З, 15.08.1961). Правільна пабеларуску будзе: найбольш грандыёзная маштабамі, або, паводля маштабаў, найбольш глыбокая паводля сваіх задачаў і мэтаў. Канфэрэнцыя... пачала сваю работу ў дзесяць гадзін раніцы па мясцоваму часу (З, 16.05.1961). Паблр.: паводля мясцовага часу. План па выпуску валавой прадукцыі (КБ, 6). Паблр. у гэтым выпадку зусім будзе лішнім прыназоўнік па: плян выпуску валавой прадукцыі. Беларускі народ па праву ганарыцца поспехамі ў развіцці сваёй культуры, нацыянальнай па форме, сацыялістычнай па зместу (КБ, 4). Паблр. было-б гэтак: Беларускі народ поўным правам ганарыцца посьпехамі ў разьвіцьці сваёй культуры, нацыянальнай формаю, сацыялістычнай зьместам. Ракета... пайшла па зададзенаму курсу (КБ, 2). Паблр.: згодна з зададзеным курсам. Звяртаюць на сябе ўвагу таксама брашуры па асобных пытаннях палітычнай работы ў масах (КБ, 70). Паблр.: брашуры пра асобныя пытаньні, або, аб асобных пытаньнях. Пад выглядам барацьбы з цераспалосіцай па закону ад 31 ліпеня 1923 г. сялян гвалтоўна прымушалі пераходзіць на хутары (ГБССР 322). Паблр.: згодна закону, або паводля закону. Пачалося агульнае наступленьне Чырвонай Арміі супраць белапалякаў па ўсяму фронту (ГБССР, 147). Паблр.: на ўсім фроньце. Мы паклікалі вас па важнай справе (МЛ-ВД, II, 60). Паблр.: у важнай справе. Прэзідэнт і кіраўнік урада Рэспублікі Гана д-р Кваме Нкрума... прыбыў у Савецкі Саюз па запрашэнню Старшыні Савета Міністраў СССР М.С.Хрушчова (З, 15.07.61). Паблр.: на запросіны. Падобнае ўжываньне пад уплывам расейскае мовы прыназоўніка па, нязгоднае з вымаганьнямі беларускай мовы, асабліва часта сустракаецца ў мове першай катэгорыі тэкстаў, затое ў мове мастацкае літаратуры гэтая зьява здараецца рэдка.

Фразэалёгія й ідыёматычныя выразы

Кажная мова мае сваю спэцыфіку ня толькі ў строга вызначаных граматычных формах - фанэтыцы, марфалёгіі й сынтаксе, - але таксама й у некаторых апрычоных для гэтае мовы выразах, што пад ніякія агульныя граматычныя правілы не падпадаюць, бо кажная такая моўная зьява становіць правіла для сябе самой. Такія выразы звычайна ўваходзяць да галіны фразэалёгіі або да ідыёматычных выразаў. Вось-жа ў сучаснай беларускай літаратурнай мове БССР, галоўна ў тэкстах першай катэгорыі, а куды менш у мове мастацкай літаратуры, можна таксама знайсьці вялікую колькасьць спэцыфічна расейскіх выразаў, чужых і раней ня ўжываных у беларускай літаратурнай мове, а таксама няведамых і беларускім народным гаворкам. Ніжэй прыводзім колькі прыкладаў гэтай катэгорыі русіцызмаў.

1. заслугоўвае ўвагі пастаноўка пытаньня аб больш рацыянальным выкарыстанні рабочай сілы ў калгасах (КБ, 74); Вялікай увагі... заслугоўвае творчасьць беларускага жывапісца Пятра Сяргіевіча (ЛіМ, 16.05.1961). Тут маем даслоўныя пераклады расейскіх выразаў заслуживает внимания, большого внимания заслуживает, якім у беларускай мове адпавядае: заслугоўвае на ўвагу, на вялікую ўвагу заслугоўвае.

2. Толькі за апошнія гады ў сталіцы рэспублікі ўступілі ў строй заводы аўтаматычных ліній (КБ, 4); У адным з баёў я быў ранен, але цяпер ізноў уступаю ў строй (ГБССР, 402); Са строю выйшлі многія чыгуначныя лініі (тамсама, 405). Выразы гэтыя зьяўляюцца мэханічным перакладам расейскіх вступить в строй, выйти со строя, якія пабеларуску можна перадаць, як увайсьці ў дзеяньне, выйсьці зь дзеяньня.

3. Барацьба за тэхнічны прагрэс... не павінна выходзіць з поля зроку партарганізацыі прадпрыемстваў (З, 15.07.1961); Асабліва выпадаюць з поля зроку нашых агітатараў... рабочыя, занятыя ў начных зменах (КБ, 28). Тут маем даслоўныя пераклады тыпова расейскіх выразаў выходить из поля зрения, выпасть из поля зрения, якія ў беларускай мове можна перадаць, як выйсьці або выпасьці спад вока, як супрацьлежнае да ўспасьці на вока (гл. Ф.Янкоўскі. Беларускія народныя прыказкі і прымаўкі. Менск, 1957, б. 411).

4. На самай справе (КБ, 3). Гэта даслоўны пераклад спэцыфічна расейскага на самом деле. Пабеларуску гэта можна выразіць адным словам - узапраўды.

5. Ты яснасць унясі. Яснасць унясі (АБ-ДЛ, 124). Узноў-жа даслоўны пераклад расейскага внести ясность, што пабеларуску перадаём адным словам выясьніць або высьвятліць.

6. Паспяхова ўзяты рубяжы першых двух год сямігодкі (З, 16.05.1961); Адчуваецца іх імкненне і рашучасць зрабіць усё, каб датэрмінова ўзяць рубяжы сямігодкі (КБ, 28). Тыпова расейскі, фактычна савецка-расейскі выраз взять рубежи, які ў беларускай мове вычуваецца чужым і штучным.

7. Такой хуткасці ў што б там ні стала даб'ёмся (З, 15.09.1961); у што б там ні было выканаць адказнае заданне (КБ, 41). Пераклад тыпова расейскае фразы во чтобы там ни стало. Пабеларуску гэтую думку можна перадаць фразай за ўсякую цану.

8. Гандлюючыя арганізацыі закліканы аказваць актыўнае ўздзеянне на прамысловыя прадпрыемствы (КБ, 64). Даслоўны пераклад расейскага призваны оказывать активное воздействие. Правільна пабеларуску можна сказаць: Заданьне гандлёвых арганізацыяў актыўна ўплываць на прамысловыя прадпрыемствы.

9. Па ўсіх швах затрашчалі тылы імперыялізма (КБ, 17). Даслоўны пераклад расейскае прымаўкі - по всем швам. Пабеларуску ёсьць у гэтым значаньні на ўсе застаўкі (гл. Ф.Янкоўскі. Тамсама, 420).

10. З пачатку года мы ўкаранілі ў вытворчасць больш за дваццаць тэхнічных удасканаленняў (УК-ВЛ, IX, 1960, 103); За апошні час у вытворчасць укаранёна каля трох тысяч удасканаленняў (КБ, 26); усё новае, перадавое ўкаранялася ў вытворчасць (тамсама). Даслоўны пераклад расейска-савецкага выражэньня - внедрять в производство.

11. Піліп па праву лічыцца лепшым работнікам вытворчасці (З, 15.08.1961). Ідыёматычны расейскі выраз по праву. Замест яго можна сказаць: правільна лічыцца, справядліва лічыцца, і г.д.

12. З хваляваннем глядзіцца тая частка фільма, дзе паказана, як на завод прыехаў Мікіта Сяргеевіч Хрушчоў (ЛіМ, 19.09.1961); Цяпер, як ніколі, патрабуецца, каб прапагандыст добра валодаў тэорыяй (З, 15.07.1961); Сем мільёнаў дамоў мяркуецца пабудаваць у сельскай мясцовасці (КБ, 16). Тут маем аўтаматычнае перанясеньне ў беларускую мову спэцыфічных для расейскае мовы выразаў зь безасабовымі формамі зваротных дзеясловаў: смотрится та часть фильма, требуется, чтобы пропагандист, предполагается построить.

Насаджваньне ў беларускую мову спэцыфічных для расейскае мовы фразаў і ідыёматычных выразаў для беларускае мовы больш небясьпечнае, чымся русіцызмы, прыкладам, у галіне слоўніцтва, бо яно разбурае апрычоны характар мовы, ейную нутраную структуру. Гэтую нсбясьпеку добра бачаць і перад ёю перасьцерагаюць і некаторыя беларускія савецкія аўтары. Дзеля прыкладу цікава будзе прывесьці разважаньні на гэтую тэму маладога беларускага моваведа, кандыдата філялягічных навук Анатоля Аксамітава:

Каму з маленства не вядома байка Крылова «Мартышка и очки», дзе вялікі рускі байкапісец высьмейвае тых, хто, прыніжаючы годнасьць другіх, спрабуе выставіць сябе ў выгодным сьвятле. Выкарыстоўваючы народную мудрасьць, у маралі гэтай байкі аўтар заўважае: «Чем кумушек считать трудиться, не лучше ль на себя, кума, оборотиться». У беларускім фальклёры мы знаходзім такую прыказку: «Паглядзі, сава, якая сама».

І ў вадной і ў другой прыказцы размова йдзе аб адным і тым-жа. Тым ня менш мы бачым разыходжаньне ў сродках выражэньня. Яшчэ большае разыходжаньне можна бачыць у такіх параўнальных выразах, як беларускі «ўшыцца ў сабачую скуру» й рускі «черту душу продать», якія толькі ў некаторых сваіх значаньнях зьяўляюцца ідэнтычнымі. Першы ў большай ступені азначае: рабіць нясумленныя ўчынкі, траціць сумленьне й г.д.

Вельмі цяжка знайсці такі ўстойлівы выраз у рускай мове, які адпавядаў-бы беларускаму «сабакам сена касіць», г.зн. ганебна зьбегчы ад свае сям'і. У рускай мове ёсьць выраз «быть в нетях», які азначае адсутнічаць, невядома дзе хавацца. Аднак гэта ўсё-ж ня тое. Больш эквівалентнага выразу знайсьці ў рускай мове нам не ўдалося.

На чалавека сумленнага, бяскрыўднага, з добрай душой Беларус гаворыць, што «ён вока табе не запарушыць», а Рускі аб такім чалавеку заўважвае, што «он пальцем тебя не тронет»[44].

Русіцызмы ў галіне слоўніцтва

Працэс русіфікацыі беларускае мовы найшырэй закрануў ейны лексычны матарыял, што зьяўляецца зусім зразумелым, калі ўзяць на ўвагу агульна ведамы факт, што й нармальныя ўплывы аднэй мовы на другую звычайна лягчэй даступныя й шырэй адбіваюцца ў галіне лексыкі, чымся ў фанэтыцы, марфалёгіі або сынтаксе. Слоўныя запазычэньні з расейскае мовы можна падзяліць на тры агульныя катэгорыі: 1. словы, хоць із славянскімі, але чужымі беларускай мове каранямі або з каранямі ў беларускай мове непрадуктыўнымі, якія ня твораць у ёй марфалягічнага гнязда, але выступаюць адно ў паасобных словах, далёкіх паводля значаньня й славатворнай будовы ад адпаведных ім расейскіх словаў. 2. Словы з каранямі, ведамымі й прадуктыўнымі ў беларускай мове, якія, аднак, у тым значаньні, якое яны маюць у расейскай мове, у беларускай мове ня ўжываюцца, або маюць зусім іншую вонкавую структуру, чымся ў расейскай мове. 3. Словы, якія ў тэй самай форме існуюць і ў беларускай мове, але маюць у ёй зусім іншае значаньне, чымся ў расейскай мове. Беларускі савецкі мовавед М.Крукоўскі перадапошнюю групу словаў называе структуральнымі калькамі з расейскай мовы, а апошнюю групу - калькамі сэмантычнымі[45].

Ніжэй зьілюструем найбольш тыповымі й пашыранымі прыкладамі ўсе тры ўспомненыя катэгорыі слоўных запазычэньняў з расейскае мовы. (Словаў, абазначаных зоркамі, няма ў «Расейска-беларускім слоўніку» з 1953 г.).

А. Словы з рознымі ў абедзьвюх мовах каранямі

аберагаць* - оберегать: Падатковая палітыка аберагала інтарэсы памешчыкаў і кулакоў (ГБССР, 333). У беларускай мове ў гэтым значаньні ўжываюцца словы ашчаджаць, ахоўваць.

абвузданне* - обуздание: Прадстаўнікі СССР у Лізе Нацый выступілі з заклікамі да абвуздання агрэсіўных дзеянняў фашысцкіх дзяржаў (ГБССР, 259). Пабеларуску - утаймаваньне, уціхаміраньне.

абвяржэнне - опровержение: Пагражаеце і патрабуеце: надрукаваць абвяржэнне (З, 16.05.61); Не лічу патрэбным абвяргаць (КК-ЛД, 30); Яго можа навучыць толькі жыццё, неабвержны факт, перад якім ён апынецца (ТХ-ДП, 100). Паблр. адкліканьне, адклікаць, зьняпраўдзіць, запярэчыць, незапярэчны, у залежнасьці ад адценьня значаньня.

азнаменаваць - ознаменовать: Гэтую падзею працоўныя гарадоў і сёл рэспублікі азнаменавалі новымі творчымі перамогамі (ГБССР, 284). Паблр. адзначыць.

апасацца - опасаться: Ён апасаецца, каб праз гэта не павялічылі праграму наагул (УК-ВЛ, II, 1959, 25); Яны ж рабілі тут, што хацелі, нікога не баючыся, не апасаючыся таго, ніто нехта калі-небудзь можа папракнуць іх (МЛ-ВД, IV, 357)); Ваўчок адчуўшы, што Кашалёў мацней за яго воляй, апасаўся ўшчынаць з ім спрэчку (ТХ-ДП, 400). Паблр. баяцца, асьцерагацца, сьцерагчыся.

аплот* - оплот: бачаць у Савецкім Саюзе... аплот міру, дэмакрацыі і сацыялізма (КБ, 18); Разбурыць аплот эўрапейскай і азіяцкай рэакцыі - царска-самадзяржаўны лад - было нялёгкай задачай (ФР, 17). Паблр. апора (пераносн.).

аснашчэнне - оснащение: на гэтай аснове забяспечваецца аснашчэнне сельскай гаспадаркі навейшай тэхнікай (КБ, 49). Паблр. аснада, аснаджаньне, забясьпечаньне.

асобы* - особый: На долю працоўных Савецкай Беларусі выпала... асобая задача быць пастаянным вартавым савецкіх варот (ГБССР, 288). Паблр. адмысловы, асаблівы.

атражэнне* - отражение: Падрыхтавацца... атражэнню атакі (ІМ-ДНН, 11). Паблр. адбіцьцё, адбой, адпор.

ачаг - очаг: акупацыйны рэжым у Заходнім Берліне... ператварыўся ў небяспечны ачаг узнікнення новай вайны (КБ, 68). Паблр. вогнішча (пераносн.).

беззаветна* - беззаветно: беззаветна адданых справе камунізма (ГБССР, 351). Паблр. самааддана, самаахвярна.

беражлівасць* - бережливость: Спаборніцтва за эканомію і беражлівасць набыло шырокі размах (КБ, 46). Паблр. ашчаднасьць.

беражоны* - береженый: Беражонага і бог беражэ (ІМ-ДНН, 27). Паблр. сьцеражонага й Бог сьцеражэ.

ветка - ветка: на тэрыторыі Заходняй Беларусі была пабудавана толькі адна чыгуначная ветка Варапаева-Друя (ГБССР, 427). Расейскаму ветка адпавядае блр. галіна, але ў значаньні пераносным, як у прыведзеным прыкладзе, будзе адгаліненьне.

вопыт* - опыт: Накоплены ў гэтай справе вопыт трэба ўмела выкарыстаць (КБ, 63). Паблр. дазнаньне, практыка.

дзяшовы* - дешевый: Цяпер настае самы спрыяльны час для атрымання малака, ялавічыны, свініны на дзяшовых зялёных кармах (З, 31.05.61); клапоціцца цяпер аб тым, каб атрымаць дзяшовы тавар (ГБССР, 200); Удзяляем увагу і падзешаўленню вытворчасці ялавічыны (КБ, 38); зрабіць больш дзяшовай вытворчасць прадуктаў раслінаводзтва (тамсама, 39). Паблр. танны, танна, патаненьне.

доблесць - доблесть: Я згодзен прызнаць, што гэта працоўная доблесць (ІШ-Кр, 137); За доблесную працу Савецкі ўрад у снежні 1935 г. ўзнагародзіў іх ордэнамі Савецкага Саюза (ГБССР, 280). У старой белар. літаратурнай мове быў адпаведнік гэтаму дабрамужнасьць, дабрамужны. У цяперашняй мове яго можна замяніць словам гэраічнасьць, гэраізм, гэраічны.

залог - залог: У гэтым залог паспяховага выканання (КБ, 46); У рэвалюцыйнай творчасці саміх мас вялікі правадыр... бачыў залог трыумфу сацыялістычных адносін (ФР, 31). Паблр. зарука.

звяно - звено: Брыгады... сталі асноўным звяном у калгаснай вытворчасці (ГБССР, 280). Паблр. вязьмо, вянцо, злучво.

звяржэнне - свержение: закончыць вайну сапраўды дэмакратычным мірам без звяржэння буржуазіі немагчыма (ГБССР, 13); сілай зброі звергнуць уладу буржуазіі (тамсама, 33). Паблр. ськінуць, зрынуць.

здзелка - сделка: Не павінна быць здзелкі з уласным сумленнем (КБ, 23). У гэтым значаньні паблр. будзе угода, каншахт, кампраміс.

здзельшчына, здзельны - сдельщина, сдельный: уводзілася здзельшчына ў аплаце працы (ГБССР, 232); 85% рабочых перайшлі на здзельную аплату (тамсама). Паблр. у гэтым значаньні можна ўжыць выпрацоўка, выпрацавальны, выпрацоўны.

знешне, знешні - внешне, внешний: знешне сур'ёзна... адказала Вольга Калінаўна (ІШ-Кр, 132); Ноткі самахвальства... і знешняя глыбакадумнасць пытання закранулі Паходню (ТХ-ДП, 68). Паблр. вонкава, вонкавы. Слова вонкавы зусім выкінута зь бел. мовы БССР.

змычка - смычка: У адпаўленчы пэрыяд змычка паміж горадам і вёскай ішла галоўным чынам праз гандаль (ГБССР, 186). Тыповы расейскі саветызм, якога даўней ня было і ў расейскай мове. Яго можна замяніць словам злучнасьць.

ільгота - льгота: Калгасы атрымалі вялікія ільготы па нарыхтоўках сельгаспрадуктаў (КБ, 51). Паблр. палёгка.

іспыты - испытания: Ну як твас іспыты? (УК-ВЛ, VII, 60). Паблр. экзамены, выпыты.

ісціна - истина: Вы адказалі, пан Вейс, як і заўсёды, святую ісціну (МЛ-ВД, III, 459); У барацьбе за шчасце чалавек знаходзіць ісціннае прызначэнне (ПГ-СУ, 69). Паблр. праўда, праўдзівы, запраўдны.

каварны - коварный: Але ўсе гэтыя каварныя намеры ворагаў беларускага народа праваліліся (ГБССР, 338). Паблр. падступны, зрадлівы.

койка* - койка: У гасцініцы Андрэю ўдалося выпрасіць койку для Веры (АК-РНД, 97). Паблр. ложак. У белар. савецкай мове койка пакульшто ўжываецца ў значаньні ложка толькі ў дачыненьні да гасьцініцы, шпіталю й пад., у іншых выпадках яшчэ бытуе слова ложак. Але: На ўвесь Маладзечанскі павет функцыяніравала толькі адна бальніца з 30 ложкамі (ГБССР, 335).

крушэнне - крушение: ганебная сістэма каланіялізму знаходзіцца на мяжы свайго поўнага крушэння (З, 15.08.61); Кастрычніцкая рэвалюцыя паклала пачатак крушэнню капіталізма (КБ, 2). Паблр. развал. У іншых выпадках можна ўжыць слова катастрофа.

мяцеж - мятеж: яны... пачалі арганізоўваць на тэрыторыі нашай краіны мецяжы (ГБССР, 168). Паблр. бунт.

накапленне - накопление: звышпланавыя накапленні (УК-ВЛ, VII, 1960, 36); Накоплены ў гэтай справе вопыт трэба ўмела выкарыстаць (КБ, 63). Паблр. намнажэньне, назапашваньне, награмаджэньне, назапашаны, намножаны, награмаджаны.

намётка - наметка: Для распрацоўкі першапачатковых намётак плана былі прыцягнуты брыгадзіры (КБ, 31). Паблр. накід.

недаўменне* - недоумение: Мы глядзелі на яго з недаўменнем (АБ-ДЛ, 20). Паблр. зьдзіўленьне, зьбянтэжанасьць.

непазбежны - неизбежный: Зніклі галеча, беспрацоўе, крызісы - непазбежныя спадарожнікі капіталізма (ГБССР, 425). Паблр. нямінучы, няўхільны.

несакрушальны - несокрушимый: Беларускі народ прадэманстраваў сваё несакрушальнае маральна-палітычнае адзінства (ГБССР, 301). Паблр. нязломны.

падаўленне, падавіць - подавление, подавить: патрабавалі прыняць рашучыя меры для падаўлення паўстанцаў (ГБССР, 339); несліся патрабаванні: агнём і мячом падавіць нацыянальна-вызваленчы рух беларускага народа (тамсама). Паблр. здушэньне, здушыць.

падвяргаць - подвергать: Відаць, што яна не раз падвяргалася артылерыйскаму абстрэлу (ПГ-СУ, 21); Вострай крытыцы быў падвергнут начальнік пагрузачна-разгрузачнага цэха (КБ, 9); Яны падверглі рэзкай і прынцыповай крытыцы кіраўніцтва камбіната (тамсама. 21). Паблр. паддаваць, паддаць, падпадаць.

пазбягаць - избегать: Ва ўсякім разе пра гэта пазбягалі гаварыць (УК-ЗГГ, 406); Андрэй выпіў двума поўнымі глыткамі, і сам здзівіўся, што выпіў з ахвотаю, хоць раней заўсёды пазбягаў выпіўкі (АК-РНД, 274). Паблр. унікаць, ухіляцца ад, высьцерагацца.

папрок*, папракаць* - попрек, попрекать: хто кіне папрок на гэтую заўчасную магілу чалавека (МЛ-ВД, I, 31); але: Па сэрцах людзей прайшоў калючы халадок і нешта падобнае на дакор сабе, на сорам (тамсама); Заснеш дзе-небудзь! - поўжартам, аднак не без суровасці, папракнуў Андрэй (АК-РНД, 120); Забавіліся вы, - з дабразычлівым папрокам сказаў праваднік Андрэю (тамсама, 338), але: Андрэю здалося, што ў глыбока запалых, сумных вачах Марыі бліснуў нейкі дакор. І ён пачаў думаць, за што дакор? (тамсама, 191); Аднак і недалікатны ж чалавек! - уголас папракнуў самога сябе Паходня (ТХ-ДП, 193), але: Параска глянула на Яшчына з дакорам (тамсама 143). Паблр. дакор, дакараць. Прыведзеныя прыклады наглядна добра паказваюць, як беларускае слова дакор, дакараць выціскаецца расейскім словам папрок, папракаць, якія сяньня ўжываюцца паралельна, але ў тэкстах першай катэгорыі выразна пераважае расейскае слова, а ў тэкстах другой катэгорыі вялікая перавага яшчэ на баку дакор, дакараць.

пахаць* - пахоть: на кожны двор прыпадала ў сярэднім пахаці 5,20 дзесяціны (ГБССР, 190), але: у многіх раёнах ворныя землі прыйшлі ў заняпад (тамсама, 433). Паблр. ворная зямля, ральля, ворыва, у залежнасьці ад значаньня.

плацце - платье: ёй не падабалася плацце - завузкае (УК-ВЛ, VIII, 1960, 84). Паблр. сукенка.

подзвіг* - подвиг: Вядзі ж і далей нас на подзвігі, наш дарагі камандзір! (МЛ-ВД, IV, 216); сам ня быў гатовы на падобны подзвіг (ІШ-КР, 179); Так, жыць і ісці на подзвіг (УК-ЗГГ, 72). Паблр. вычын, дасягненьне, і пад., залежна ад адценьня значаньня.

поезд - поезд: Значыцца поезд у іх няма каму весьці? (ІШ-ДНН, 38); Але ўражанне, што поезд, у якім ехаў Васіль Пятровіч, стаіць, ня знікла: адплываў вакзал, а поезд стаяў (УК-ЗГГ, 596). Але: Ляснулі буферы, і цягнік плаўна крануўся з месца (тамсама); іх цягнік, як і раней, стаіць (тамсама); Набіраючы хуткасці, цягнік рушыў са станцыі (МЛ-ВД, II, 4). Паблр. цягнік.

прамы* - прямой: Ёсць і прамыя доказы (КК-ЛД, 36); Сума прамых падаткаў была вышэйшая, чым нават у царскай Расіі (ГБССР, 333). Паблр. просты, беспасярэдні.

прыўрочаны* - приуроченный: спраўлялі свята ўраджаю, прыўрочанае да дзесяцігоддзя калгаса (МЛ-ВД, 1, 52). Паблр. прытарнаваны, прымеркаваны.

пуць - путь: І толькі тут, ужо на станцыі, адбыўся выбух вагона, які нарабіў, вядома, вялікай шкоды і самому эшалону і станцыйным пуцям (МЛ-ВД, IV, 39); Перадайце генералу, што ўсіх, хто стане на нашых пуцях, растопчам (ІШ-ДНН, 40). Паблр. шлях. «Русско-белорусский словарь» падае шлях, а пуць толькі ў значаньні чыгуначнага шляху.

пуцёўка - путевка: пуцёўкі ў дамы адпачынку і санаторыі (ГБССР, 320). Паблр. ськіраваньне.

разараць, разарэнне - разорять, разорение: непасільныя падаткі разаралі жыхароў Беларусі (ГБССР, 93); беларускі народ... узнімаў з руін сваю разораную нямецка-фашысцкімі акупантамі гаспадарку (тамсама, 430); Вузкасць унутранага рынку буржуазнай Польшчы тлумачылася разарэннем і галечай сялянскіх мас (тамсама, 328). Паблр. руйнаваць, разбураць, спусташаць.

разграміць - разгромить: камуністы Беларусі разграмілі... як трацкісцка-зіноўеўскую, так і буржуазную апазіцыі (ГБССР, 215). Паблр. разбурыць, разьбіць, зьнішчыць, здрузгатаць.

раздуваць* - раздувать: Праціўнікі мірнага ўрэгулявання з Германіяй раздуваюць ваенны псіхоз (З, 15.09.61). Паблр. разьдзьмухваць.

раскол, раскалоць - раскол, расколоть: Сваім актам заходнія дзяржавы завяршылі раскол Германіі (КБ, 65); Раскол краіны выклікаў сур'ёзныя дыспрапорцыі ў эканоміцы ГДР (тамсама); спрабавалі захапіць кіраўніцтва Грамадой у свае рукі, каб затым раскалоць арганізацыю (ГБССР, 341). Паблр. разьбіцьцё, расшчапленьне, падзел, разбурэньне, разьбіць, расшчапіць, разбурыць.

распасцірацца - распростираться: распасціралася злавесная і страшная... зямля (УК-ВЛ, IV, 1959, 108); Навакол распасціраўся бяскрайні стэп (УК-ВЛ, IV, 1959, 115). Паблр. разьлягацца, расьсьцілацца.

рашэнне - решение: X з'езд партыі прыняў гістарычнае рашэнне аб замене харчовай развёрсткі харчовым падаткам (ГБССР, 169). Паблр. пастанова, а ў значаньні разьвёрстка паблр. раскладка.

рыданне - рыдание: з трывогай азірнуліся і пачулі ўжо глухія рыданні дзяўчыны (МЛ-ВД, IV, 366); Рыданні падступалі ў Зосі пад горла (УК-ЗГГ, 194). Паблр. узрыгі.

рэўнасць - ревность: Калі нарадзілася Соня і Леначка, рэўнасць яго не толькі не паменшала, але стала яшчэ больш лютай (УК-ВЛ, II, 1959, 13); Потым Алёша перастаў падабацца, рэўнасць да Каці знікла (ІШ-Кр, 236). Паблр. зайздрасьць.

састаў - состав: Павышалася майстэрства кіруючых савецкіх кадраў каманднага саставу (ГБССР, 371), але: Пленум пастанавіў перад... усім камандна-палітычным складам партызанскага руху... задачу далейшага расшырэньня партызанскай барацьбы (тамсама, 397). Паблр. склад.

сачыненне - сочинение: напісаў сачыненне на тройку (ІШ-Кр, 351). У гэтым значаньні ў бел. мове ўжываем укладаньне, праца.

свяшчэнны - священный: Замацаваць брацкі саюз рабочага класа з сялянствам - наш свяшчэнны абавязак (ГБССР, 196); Дастойны ўклад у гэтую свяшчэнную справу ўнёс і беларускі народ (КБ, 14). Паблр. сьвяты, сьвятарны.

скажаць - искажать: Рысы твару выцягваліся, скажаліся (МЛ-ВД, I, 4). Паблр. у гэтым выпадку выкрыўляцца, крывіцца.

скалочваць* - сколачивать: Імперыялісты... скалочвалі антысавецкі ваенны блок (ГБССР, 213). Паблр. зьбіраць, згуртоўваць.

скатваць - скатывать: Андрэй стаяў адным каленам на падлозе і скатваў шынель (АК-РНД, 91). Паблр. скручваць, згортваць.

смірны* - смирный: Нават шкада яго было, такога смірненькага, прычасанага (УК-ВЛ, II, 1959, 32). Паблр. рахманы, ціхмяны, пакорлівы.

спаймаць* - поймать: спаймалі і ўтаймавалі чубатага злодзея (УК-ВЛ, IV, 1959, 116). Паблр. злавіць.

спаяны - спаянный: Спаяныя брацкай дружбай (З, 15.8.61). Паблр. зьнітаваны, згуртаваны.

ствол - ствол: Прагаліна раптам павузела, а ніжэй паміж стваламі таполяў ператварылася ў нейкую незвычайную шчарбіну (АК-РНД, 5); Ствол яе быў гладкі і роўны (тамсама), але: Прайшлася Вера ўздоўж тоўстага, у некалькі абхватаў, камля (тамсама). Паблр. камель.

сугуба* - сугубо: Нарада наша склікана, панове неафіцыйна і сугуба тайна (ПГ-СУ, 55). Паблр. вельмі, асабліва, зусім.

сукупнасць - совокупность: Да гэтых фінансавых цэнтраў непасрэдна далучаліся і мясцовыя банкі, якія ў сукупнасці з імі кантралявалі ўсе рашаючыя пазіцыі ў эканоміцы перадрэвалюцыйнай Беларусі (ФР, 9); На базе грамадскай уласнасці на сродкі вытворчасці пачала мяняцца ўся сукупнасць вытворчых адносін (тамсама, 48). Паблр. у першым прыкладзе можна ўжыць разам, супольна, а ў другім - злучво, суцэльнасьць.

супруг* - супруг: Вашага паважанага супруга рэкамендуюць галоўным архітэктарам горада (УК-ЗГГ, 117). Паблр. муж.

угоддзе - угодье: Лепшыя землі і ўгоддзі знаходзіліся ў руках памешчыкаў і кулакоў (ГБССР, 330); плошча зямельных угоддзяў... павялічылася (тамсама, 313). Паблр. ужыткоўнасьць.

унушэнне, унушальна, унушаць - внушение, внушительно, внушать: Неаднаразовыя гутаркі і ўнушэнні брыгадзіра не давалі патрэбных вынікаў (КБ, 43); Сыдзі з дарогі, пудзіла! - суха і ўнушальна прапанаваў чалавеку Мішка (МП-ЗП, XI, 1958, 92). Слова чужое ў бел. мове. Замест яго можна ўжыць намова, намаўляньне, узьдзейваньне.

урач - врач: У 1940 г. у сельскай гаспадарцы Беларусі працавала ўжо больш... ветарынарных урачоў (ГБССР, 316). Паблр. лекар. Слова лекар ужо зусім выкінута зь бел. мовы БССР.

урок - урок: Беларускі народ атрымаў з барацьбы супраць інтэрвентаў і белагвардзейцаў сур'ёзны палітычны ўрок (ГБССР, 164). Паблр. лекцыя, навука.

хадайніцтва - ходатайство: яна акуратна вылажыла запоўненыя бланкі папярэдніх допытаў, заяў на прапускі, лісты, хадайніцтвы (МЛ-ВД, I, 126); Было задаволена хадайніцтва рабочых Ленінграда (ГБССР, 196). Паблр. стараньне.

шар - шар: весткі... абляцелі зямны шар (КБ, 2); Удары більярдных шароў гулка разлягаліся ў пустым пакоі (УК-ВЛ, IV, 1959, 103). Паблр. куля, гала.

чаканіць - чеканить: Роўным строем, чаканячы крок, ідуць салдаты (З, 15.07.61). Паблр. адбіваць, выбіваць.

чарцёж - чертеж: Інжынер Палякоў прынёс чарцяжы капра (КБ, 41). Паблр. рысунак.

член - член: У канцы вайны БССР прыняла ўдзел у стварэнні Арганізацыі Аб'еднаных Нацый і з 1945 г. з'яўляецца адным з яе членаў (ГБССР, 432). Паблр. сябра.

Б. Словы із супольнымі каранямі, але з расейскай структурай

абавязацельства - обязательство: Гэтае абавязацельства неабходна настойліва ажыццяўляць (КБ, 6); яна выконвае не ўсе абавязацельствы перад калгасам (ТХ-ДП, 80). Паблр. забавязаньне.

абнародаваць - обнародовать: У загадзе... абнародаваным у дзень вызвалення горада (ФР, 37). Паблр. абвесьціць.

абстаяць - обстоять: А вось з выданнем нот справа абстаіць зусім дрэнна (ЛіМ, 21.07.61); Асабліва дрэнна абстаялі справы на заводзе «Аўтазапчастка» (КБ, 27). У гэтым значаньні ў бел. мове можна ўжыць стаяць.

аб'ём - объем: Па аб'ёму прамысловай вытворчасці Савецкі Саюз абагнаў Францыю (ГБССР, 290). Паблр. абыймо, абсяг.

аб'явіць - объявить: Фронт барацьбы супраць белапалякаў быў аб'яўлен галоўным (ГБССР, 145). Паблр. абвесьціць.

авалодаць - овладеть: Спецыялісты... дапамаглі калгаснікам авалодаваць арганічнай навукай (ГБССР, 316). Паблр. апаноўваць або здабываць навуку.

адстаяць - отстоять: гэты дзяржаўны саюз патрэбен для таго, каб адстаяць самастойнае існаванне савецкіх рэспублік (ГБССР, 182). Паблр. абараніць.

бачны, бачнасць - видимый, видимость: Адсюль бачны два магутных хатных капры (КБ, 40); з'яўляюцца членамі калгаса толькі для бачнасці. (З, 16.05.61). Замест бачны паблр. можна ўжыць прыкметны, або былі відаць, а заміж для бачнасьці можна сказаць дзеля вока.

безагаворачны - безоговорочный: патрабавалася безагаворачная капітуляцыя Японіі (ГБССР, 423). Паблр. можна ўжыць або бязумоўны або бязь ніякіх умоваў.

бедства - бедствие: трэба ўзнагародзіць тых, якія пасля нязмерных бедстваў працягваюць праяўляць гераізм (ФР, 50); Усякае гвалтоўнае парушэнне гэтай агульнасці з'яўляецца нацыянальным бедствам (тамсама, 129). Паблр. бяда, няшчасьце.

ва - во: Ва ўзброенай сутычцы з паліцыяй былі забітыя і раненыя (ГБССР, 345); Становішча працоўных ва ўмовах эканамічнай дэпрэсіі заставалася па-ранейшаму цяжкім (тамсама, 347); Савецкая ўлада ў Беларусі была ўстаноўлена не ва ўсіх раёнах адначасова (ФР, 28). Прыйменьнік расейскі ва (во) сяньня ўжо поўнасьцяй выціснуў адпаведны яму ў бел. мове ува (ува).

відазмяніць - видоизменить: Новая гістарычная эпохаі... відазмяніла гэтую перспектыву сацыялістычнай рэвалюцыі (КБ, 11). Паблір. будзе проста зьмяніць, перамяніць.

воін - воин: Выключную ўвагу аддавалі працаўнікі тылу раненым воінам (ГБССР, 379). Паблр. ваяк, жаўнер.

воінскі - воинский: У адпаведнасці з законам аб усеагульным воінскім абавязку (З, 15.09.61). Паблр. вайсковы.

грабёж - грабеж: Капіталістычныя краіны здабывалі сродкі... шляхам ваенных грабяжоў (ГБССР, 212). Паблр. рабунак.

заніжаць - занижать: мэбля па заніжаемых цэнах (З, 16.05.61). Паблр. зьнізіць, зьніжаны.

злабадзённы - злободневный: Значнае месца прысвечана такім злабадзённым пытанням, як надбор і расстаноўка кадраў (КБ, 70). Паблр. надзённы, пякучы.

злашчасны - злосчастный: ці ўсё там у парадку ў гэтай злашчаснай кнізе (МЛ-ВД, I, 134). Паблр. можна тут ужыць няшчасны.

змяняемасць* - изменяемость: Дапускаецца вялікая змяняемаснь прапагандысцкіх кадраў (З, 15.07.61). Таму што ў бел. мове няма дзеяпрыметніка цяперашняга часу залежнага стану зьмяняемы, дык ня можа быць і ўтворанага ад яго назоўніка змяняемасць. Заміж яго павінна быць зьменнасьць, зьменлівасьць.

знамянальны - знаменательный: Гэтая знаменальная дата залатымі літарамі ўпісана ў летапіс (КБ, 11). Паблр. паказальны, важны, вялікі.

малейшы* - малейший: Нямецка-фашысцкія захопнікі люта распраўляліся з насельніцтвам за малейшае выказванне нездавалення акупацыйным рэжымам (ГБССР, 373). Такой формы вышэйшае ступені прыметніка малы бел. мова ня ведае. Паблр. найменшы.

насаджаць* - насаждать: яны насаджалі ў Беларусі кулацкія хутары і дробныя пасёлкі (ГБССР, 235). Гэты дзеяслоў у бел. мове із суфіксам -в- - насаджваць.

неймаверны - неимоверный: Сродкі да жыцьця мала-памалу знікаюць з прычыны неймаверных падаткаў (ГБССР, 93). Паблр. няверагодны.

непазбежнасць, непазбежны - неизбежность, неизбежный: Ленін... падкрэсьліваў непазбежнасьць паўтарэння асноўных рыс рускай рэвалюцыі ў міжнародным маштабе (КБ, 17). Паблр. няўхільнасьць, нямінучасьць, няўхільны, нямінучы.

непераўзыйдзены - непревзойденный: Ленін - непераўзыйдзены арганізатар (КБ, 12). Паблр. неперавышаны.

нямысліма* - немыслимо: Існаванне капіталізма без нацыянальнага прыгнёту таксама нямысліма, як нямысліма існаванне сацыялізма без вызвалення прыгнечаных нацый (ФР, 20). Паблр. у гэтым значаньні можна ўжыць не да падуманьня.

падзенне - падение: быў прыпынен працэс падзення сельскай гаспадаркі Беларусі (ГБССР, 179). Паблр. упадак, паданьне.

падзёж* - падеж: Скараціўся падзеж маладняку (ГБССР, 316). Паблр. вопадзь, памор, пошасьць.

пазбягаць - избегать: радыё таксама пазбягае аднаактовак (ЛіМ, 18.08.61). Паблр. унікаць, ухіляцца (ад чаго), высьцерагацца.

паплаціцца - поплатиться: Жорстка паплаціўся Піліп Ластоўскі за сваё маладушша (ЛіМ, 18.08.61). Гэтая форма дзсяслова ў бел. мове не ўжываецца. Замест яе можна сказаць проста - заплаціць.

параджаць - порождать: прычыны, якія параджаюць эксплаатацыю чалавека чалавекам (ГБССР, 257). Паблр. радзіць, нараджаць, выклікаць, спрычыняць.

паследаваць* - последовать: Яго прыкладу паследавалі іншыя (МЛ-ВД, II, 28). Паблр. за ягоным прыкладам пайшлі.

пастаянны - постоянный: На пастаянную работу ў вёску партыя паслала вялікі атрад кіруючых работнікаў (КБ, 50); Пры партыйных органах працавалі сотні пастаянных дэлегацкіх сходаў жанчын (ГБССР, 216). Паблр. сталы, заўсёдны.

паўсямесна* - повсеместно: Стварэнне і работа камітэтаў сялянскай беднаты... паўсямесна падтрымліваліся шырокімі слаямі бяднейшага сялянства (ФР, 34). Паблр. усюды, скрозь, паўсюдна.

перамоганосны - победоносный: Камуністычная партыя расчысціла дарогу нашаму перамоганоснаму руху ўперад (КБ, 51). Паблр. пераможны.

плацёж - платёж: Пры нявыплаце падаткаў плацяжы спаганяліся шляхам секвестра (ГБССР, 333). Паблр. плата, сплата.

правячы - правящий: Правячыя колы Польшчы імкнуліся задушыць рэвалюцыйны рух (ФР, 133). Паблр. кіраўнічы.

прадаставіць* - предоставить: сцэна тэатра была прадастаўлена Беларускаму ардэнаноснаму тэатру імя Янкі Купалы (ЛіМ, 19.09.61). Паблр. у гэтым значаньні будзе даць, аддаць.

прадстаць* - предстать: Яны прадсталі перад судом (ГБССР, 343). Паблр. стаць, зьявіцца, паўстаць.

прадузятасць - предвзятость: Адміністраванне ў гэтай справе магло выклікаць у сялян толькі прадузятасць супраць калектыўных форм гаспадаркі (ФР, 47). Паблр. упярэджаньне.

разрадка - разрядка: важнейшым укладам у справу разрадкі міжнароднай напружанасці ў Эўропе было б заключэнне германскага мірнага дагавору (З, 15.08.61). Паблр. разрэджаньне, распружаньне.

садружнасць - содружество: Іх садружнасць непарушная (КБ, 17); вучоныя ў садружнасці з работнікамі вытворчасці... зробяць новыя тэарэтычныя даследаванні (тамсама, 36). У першым выпадку паблр. будзе сяброўства, у другім - разам, у супрацоўніцтве.

састаяць* - состоять: У партыі састаялі? (МЛ-ВД, «Полымя», IX, 1957, 66). Паблр. быць, належаць (да).

саставіць - составить: вы сёння не саставіце мне кампанію на танцы (КК-ЛД, 15). Паблр. зрабіць, стварыць, у іншым значаньні - скласьці.

свяціла - светило: Як жа новае свяціла навукі? - А гэтае свяціла нарабіла мне столькі брыдотных прапаноў, што я дзіву давалася (МЛ-ВД, III, 425). Для абазначаньня гэтага паняцьця ў беларускай мове ўжываецца ў пераносным значаньні слова сьветач або зорка.

спешка - спешка: З завода давялося хутка выбрацца, бо праявіў тут Боўцік непатрэбную спешку (МЛ-ВД, III, 274). Паблр. пасьпех.

стрымаць - сдержать: Сваё слова мантажнікі стрымалі (КБ, 41). У гэтым значаньні ў беларускай мове ўжываецца датрымаць, а стрымаць скалькаванае з рас. сдержать.

убраць - убрать: яны спяшаліся ўбраць ураджай у свае сховішчы (ГБССР, 408). Паблр. зыбраць. У іншых выпадках - прыняць, забраць.

указаць - указать: З'езд асудзіў усе апазіцыйныя групоўкі, указаўшы, што яны дапамагаюць ворагам Савецкай улады (ГБССР, 169). Паблр. у гэтым значаньні - зазначыць.

унізіцельны - унизительный: Прыгнёт памешчыкаў і капіталістаў дапаўняўся ўнізіцельным нацыянальным зняволеннем (ФР, 12). Паблр. зьняважлівы, зьняважальны.

устараніць - устранить: манапалістычныя колы ЗША і Англіі імкнуліся ўстараніць нямецкіх і янонскіх канкурэнтаў з сусветнага рынку (ГБССР, 363). Паблр. адсунуць, у іншых значаньнях - прыняць, прыбраць, зьнішчыць.

уход - уход: аб забароне самавольнага ўходу рабочых прадпрыемстваў і ўстаноў (ГБССР, 310). Паблр. адыход.

цэласнасць - целостность: Савецкі народ змагаўся за захаванне цэласнасці і незалежнасці першай у свеце сацыялістычнай дзяржавы (ГБССР, 363). Паблр. цэласьць, суцэльнасьць.

шэсце - шествие: у перыяд трыумфальнага шэсця савецкай улады (ГБССР, 87). Паблр. паход.

В. Беларускія словы з расейскім значаньнем

адмяніць - отменить: трэба ня толькі звергнуць эксплуататараў,... ня толькі адмяніць іх уласнасць, трэба адмяніць яшчэ і ўсякую прыватную ўласнасць на сродкі вытворчасці (КБ, 52). Слова адмяніць ужываецца ў бел. мове толькі ў сваім беспасярэднім значаньні, а ў пераносным значаньні, як у вышэй прыведзеным прыкладзе, яно ня ўжываецца. Заміж яго павінна быць скасаваць.

дзяленне - деление: У 1938 г. у Беларусі было ўведзена новае адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне (ГБССР, 302). У гэтым значаньні ў бел. мове ўжываецца падзел, а дзяленьне ўжываецца толькі ў значаньні працэсу, найчасьцей - арытмэтычнага дзеяньня.

зыходзіць - исходить: Савецкі ўрад зыходзіць з таго,... што бакі праявяць сур'ёзныя адносіны да перагавораў (З, 15.09.61); Бальшавікі Беларусі, зыходзячы з ленінскіх указанняў... пачалі паўсюдна ствараць і ўмацоўваць саветы (ФР, 31). Паблр. гаворыцца зыходзіць уніз, зыходзіць з гары й пад., але ў значаньні, у якім ужываецца рас. слова исходить, ужываецца выходзіць.

колькі-небудзь - сколько-нибудь: У ёй амаль адсутнічала колькі-небудзь значная прамысловасць (КБ, 4). Колькі-небудзь у бел. мове ўжываецца ў значаньні неазначальнага лічэбніка, а ня прыслоўя, як у прыведзеным прыкладзе, дзе маем чысты русіцызм. Паблр. у гэтым выпадку гаворыцца хоць крыху, больш-менш.

мецца - иметься: у іх меліся яшчэ і сур'ёзныя недахопы (ГБССР, 226); меліся выпадкі разбазарвання грамадскіх зямель (тамсама, 458); недахопы... меліся на гэтым участку дзейнасці (КБ, 27). У беларускай мове гэты дзеяслоў у знаротнай форме ўжываецца ў значаньні адчуваць сябе й выступае галоўна ў пытальнай форме пры прывітаньні: як маешся?, як маецеся? Другое значаньне - спадзяванага або плянаванага дзеяньня (мы маемся пайсьці, гэта мелася быць учора, і пад.). У значаньні, якое мае гэты дзеяслоў у прыведзеных прыкладах, ужываецца быць.

некалькі - несколько: Карціна некалькі павярхоўная (ЛіМ, 16.05.61); прабіваліся на гэты бераг ужо некалькі іншым... спосабам (МЛ-ВД, I, 46); Натуральна, некалькі зменшыліся і заработкі (КБ, 42). У бел. мове некалькі ўжываецца вылучна ў значаньні неазначальнага лічэбніка, а ня прыслоўя, як у прыведзеных прыкладах. У гэтым выпадку паблр. будзе трохі, крыху.

пакуль - пока: Між тым стварэнню дамовых кухань пакуль не ўдзяляецца належнай увагі (КБ, 63). У гэтым значаньні паблр. павінна быць пакульшто.

узрост - возраст: Па ўзросту Андрэй і сапраўды быў старэйшы (АК-РНД, 113); Максім Сцяпанавіч наагул чамусці лічыў патрэбным успамінаць і спасылацца на свой узрост (УК-ВЛ, VII, 1960, 33); у Палескім ваяводстве няпісменных ва ўзросце старэй 10 год было 70% (ГБССР, 335). Слова ўзрост у беларускай мове абазначае вышыню або прагрэс росту, а ў значаньні, якое слова гэтае мае ў прыведзеных прыкладах, ужываецца слова век.

Прыведзеныя вышэй тры катэгорыі русіцызмаў - адно невялічкая частка слоўных запазычаньняў з расейскае мовы, выбраных намі з абмежаванай колькасьці друкаваных тэкстаў, якія, на нашую думку, найбольш характэрныя й пашыраныя. Успомнены беларускі савецкі мовавед Крукоўскі ацэньнае, што адно толькі беспасярэднія запазычаньні з расейскае мовы, якія мы аднесьлі да першай катэгорыі словаў з рознымі ў абедзьвюх мовах каранямі, становяць прыблізна 3-5% усяго слоўнага запасу сучаснай беларускай літаратурнай мовы ў БССР[46]. Беларускі мовавед Я.Станкевіч, рэцэнзуючы ўспомнены «Расейска-беларускі слоўнік» Інстытуту Мовазнаўства Акадэміі Навук БССР, які налічвае каля 86.000 словаў, уважае, што «ў беларускай часьці слоўніка ўведзена ня меней дзьвюх трэйціх словаў расейскіх, адно перапісаных беларускім ды часта сапсаваным менаванаю «рэформаю» («рэформаю» 1933 году - С.С.) правапісам»[47]. Як сказана ў прадмове да гэтага слоўніка, ён, «асабліва ў беларускай сваей часьці, ставіць сабе і заданьні нарматыўнага парадку», г.зн., што ён зьяўляецца абавязваючым для практычнага карыстаньня. Усё гэта сьветчыць, што працэс русіфікацыі беларускае мовы ў галіне слоўніцтва зайніоў ужо далёка.

Пры гэтым працэс гэты праводзіцца вельмі шыбка. Даючы вышэй пералік найбольш пашыраных у беларускай мове русіцызмаў у галіне лексыкі, мы абазначылі зоркамі тыя словы ў сучаснай беларускай літаратурнай мове БССР, якіх яшчэ няма ў менаваным «Руска-беларускім слоўніку» 1953 году. Як чытач мог заўважыць, такіх словаў, абазначаных зоркамі, даволі ладная колькасьць, што ўсяго некалькі год перад надрукаваньнем тэкстаў, адкуль мы бралі пададзеныя прыклады, яшчэ ня былі ўведзеныя ў беларускую літаратурную мову.

Крукоўскі ўважае за беспасярэднія запазычаньні з расейскае мовы толькі тыя словы, што мы выдзелілі ў першую катэгорыю. Затое словы, выдзеленыя ў другую й трэйцюю катэгорыю, ён адносіць да пасярэдніх запазычаньняў ці г.зв. калькаваньня (гэтак называецца ў моваведзе працэс тварэньня словаў і выразаў у дадзенай мове паводля ўзору й тыпу словаў і выразаў іншае мовы) з расейскае мовы. У запраўднасьці, аднак, зь нязначнымі выняткамі, маем таксама й тут дачыненьне зь беспасярэднімі запазычаньнямі, а толькі ў рэдкіх выпадках можа быць мова аб калькаваньні, працэс якога адбываўся-б унутры беларускай мовы. Гэты наш пагляд пацьвярджаюць дзьве важныя акалічнасьці. Папершае, зьяўляецца выключаным, каб на працягу такога кароткага часу, які нас дзеліць ад пачатку русіфікацыйнай кампаніі ў БССР, г.зн. на працягу ня болей, як трыццаць гадоў, маглі ўнутры самой беларускай мовы адбыцца такія вялікія зьмены ў кірунку ейнае русіфікацыі. Падругое, блізу ўсе запазычаньні з расейскае мовы, аднесеныя Крукоўскім да пасярэдніх запазычэньняў, маюць свае чыста беларускія адпаведнікі ў беларускай мове, якія або ўжываюцца й надалей паралельна з расейскімі запазычаньнямі, або ўжываліся ў беларускай мове перад русіфікацыйным працэсам, а толькі цяпер зь яе выкінутыя. Дык бадай як ва ўсіх трох групах словаў расейскага находжаньня, гэтак і ў расейскіх граматычных формах, уведзеных у беларускую літаратурную мову на месца выціснутых зь яе формаў собскіх, маем справу зь беспасярэднімі й навет у бальшыні выпадкаў мэханічнымі запазычаньнямі, як вынікам плянава праводжанага русіфікацыйнага працэсу.

Для беларускае мовы найбольш небясьпечнымі зьяўляюцца ўводжаныя ў яе расейскія словы, якія мы выдзялілі ў другую й трэйцюю катэгорыю. Дзеля таго, што яны маюць карані, супольныя расейскай і беларускай мове, а пры гэтым карані для абедзьвюх моваў прадуктыўныя, дык неспэцыялістаму ў галіне мовы нялёгка заўважыць іхнага расейскага паходжаньня. Хіба толькі гэтым можна вытлумачыць дзіўную на першы пагляд зьяву, што знаходзім даволі шмат русіцызмаў у мове навет некаторых тых беларускіх савецкіх аўтараў, якія ў іншых выпадках выступаюць як шчырыя абароньнікі чысьціні беларускае мовы. Значыцца, русіцызмы трапляюць у іхную мову часта зусім нясьведама. Затое русіцызмы першае катэгорыі, карані якіх або зусім ня існуюнь у беларускай мове, або зьяўляюцца непрадуктыўнымі ці мала прадуктыўнымі, легка ўспрыймаюцца, як чужыя для беларускай мовы.

Савецкі вучоны М.Каммары вызначыў агульныя прынцыпы, паводля якіх «падабенствы й адпаведнасьці ў мовах народаў СССР абумоўленыя ўплывам расейскае мовы». Гэтыя падабенствы й адпаведнасьці, паводля Каммары, выражаюцца, «папершае, у запазычаньні спэцыфічных расейскіх і асабліва новых савецка-расейскіх выразаў і ў калькаваньні іх; падругое, у засваеньні асноўнага фонду інтэрнацыянальнай лексыкі за пасярэдніцтвам расейскае мовы»[48]. Іншыя савецкія моваведы І.Беладзед і А.Мельнічук вызначаюць расейскай мове ролю «крыніцы ўдасканаленьня нацыянальных моваў»[49]. Усе беларускія савецкія моваведы адназгодна сьцьвярджаюць, што беларуская мова асабліва ў савецкі пэрыяд павялічыла свой слоўны запас шляхам запазычаньняў з расейскае мовы. І гэта таму, што, як піша М.Крукоўскі, «якімі-б шырокімі ні былі магчымасьці словаўтварэньня на базе ўласнага лексычнага матарыялу, яны ўсё-ж ня могуць поўнасьцю забясьпечыць задаваленьне імкліва растучых патрэб грамадзтва ў новых словах. Таму беларуская мова зьвяртаецца таксама за дапамогай да рускай мовы, запазычваючы зь яе неабходныя словы, якія на тых або іншых прычынах ня могуць быць утвораны на базе ўласных моўных сродкаў»[50]. Пагляд Крукоўскага дапаўняе іншы беларускі савецкі мовавед Ф.Янкоўскі, цьвердзячы, што «запазычаньне зьяўляецца неабходнасьцю толькі тады, калі ў мове няма адпаведнага слова»[51]. (Усюды падчыркнута намі - С.С.)

Адкладаючы на пазьней пытаньне словаў інтэрнацыянальнага паходжаньня, гэтта з асаблівым націскам трэба падчыркнуць, што толькі вельмі нязначная частка расейскіх запазычаньняў у сучаснай беларускай літаратурнай мове, як паказваюць прыведзеныя намі прыклады, можа быць абумоўленая вызначанымі савецкімі моваведамі прынцыпамі, якія пацьвярджалі-б, што расейскія запазычаньні прыйшлі ў беларускую мову, як «спэцыфічныя расейскія і асабліва новыя савецка-расейскія выразы», як «крыніца ўдасканаленьня» беларускай мовы, як «неабходныя словы, якія па тых або іншых прычынах ня могуць быць утвораныя на базе ўласных моўных сродкаў» ці калі ў беларускай мове «няма адпаведнага слова». У асноўным-жа расейскія запазычаньні адбываюцца ў тых выпадках, калі, папершае, беларускія словы маюць зусім іншыя карані, чымся адпаведныя ім расейскія словы; падругое, калі беларускія й адпаведныя ім расейскія словы, хоць і маюць супольныя карані, але ўзаемна розьняцца сваей структурай, г.зн. этымалягічнай будовай; патрэйцяе, калі беларускія й расейскія словы, супольныя каранямі й этымалягічнай будовай, розьняцца між сабой сэмантычна. У трох успомненых выпадках беларускія словы, як розныя тымі або іншымі элемэнтамі ад расейскіх словаў, мэханічна выкідаюцца із слоўнага запасу беларускае мовы й гэтак-жа мэханічна заменьваюцца чужымі ёй расейскімі словамі.

Пасьля ўсяго сказанага, не астаецца ніякае няпэўнасьці ў пытаньні, якая канчальная мэта такой моўнай палітыкі Савецкага Саюзу. Гэтая мэта сфармуляваная ўжо ў словах вышэй цытаванага М.Крукоўскага: «Збліжэньне» беларускай з расейскай мовай «зайшло ўжо настолькі далёка, што пачынае ўтварацца пласт новых агульных слоў, якія зьяўляюцца пачаткам новага, будучага лексічнага адзінства»[52]. Із зразумелых прычынаў Крукоўскі забыўся дадаць, што гэтае «будучае лексычнае адзінства» дасягаецца вылучна на базе аднэй расейскай мовы, а не ўзаемных уплываў усіх моваў Савецкага Саюзу, бо ў практыцы толькі нерасейскія мовы змушаныя «разьвівацца», «удасканальвацца» й «узбагачвацца» на базе мовы «вялікага рускага народу». Затое расейская мова мае ўсе ўмовы свабоднага й натуральнага разьвіцьця й практычна разьвіваецца безь якіх-небудзь «узбагачэньняў» з боку нерасейскіх моваў.

Неазнаёмленым з усімі аспэктамі палітычных умоваў у Савецкім Саюзе можа выдацца вельмі дзіўным і незразумелым, што ня толькі партыйныя асьветчаньні, але й савецкія спэцыялістыя ў галіне моваведы адназгодна інтэрпрэтуюць факт яўнай русіфікацыі беларускае мовы, як працэс для яе натуральны й навет карысны. Гэтак ужо цытаваны кандыдат філялягічных навук А.Аксамітаў, пасьля прыведзеных ім аргумэнтаў у абароне апрычонасьці й чысьціні беларускае мовы, неўспадзеўкі прыходзіць да супярэчнага із сваімі разважаньнямі выснаву: «У сучасны момант беларуская мова разьвіваецца па шляху няўхільнага зьбліжэньня зь вялікай рускай мовай. Але ў гэтым працэсе было-б памылкова бачыць заняпад беларускай мовы, бо якраз тут адлюстроўваецца найбольш поўнае й інтэнсыўнае яе разьвіцьцё»[53]. Яшчэ перад Аксамітавам амаль тымі-ж словамі цьвердзіў і Крукоўскі, што працэс зьбліжэньня беларускай мовы зь «вялікай рускай мовай» адбываецца «не як вынік дэградацыі, заняпаду беларускай мовы, а, наадварот, як вынік найбольш поўнага і інтэнсыўнага разьвіцьця яе»[54]. Ані Аксамітаў, ані Крукоўскі, хіба-ж, і самі ня вераць у тое, што гавораць, а разглядаюць свае выказваньні, як няўхільную даніну камуністычнай дыялектыцы.

Мова мастацкае літаратуры

Як было ўжо няраз адцемлена, сьведамы супраціў русіфікацыі беларускае мовы ў БССР наважана й сыстэматычна праводзяць беларускія паэты й пісьменьнікі пры выдатным падтрыманьні настаўніцтіва й студэнцтва. Гэты супраціў асабліва стаўся выразным і адкрытым, пачынаючы з 1956-1957 гадоў, калі ў сувязі з пасьлясталінскай «адлегай» і асуджэньнем г.зв. «культу асобы» Сталіна настала некаторае злагаджэньне палітычнага курсу.

Калі прыраўнаваць абавязваючую ў БССР афіцыйную літаратурную мову - мову навуковае, палітычнае, тэхнічнае й прапагандавае літаратуры, у тым ліку й мову рэспубліканскага пэрыядычнага друку - да мовы мастацкае літаратуры, дык апошняя, хоць таксама засьмечаная русіцызмамі, усё-ж нагэтулькі розьніцца ад першай з гледзішча на сваю рэлятыўную чысьціню, што можна гаварыць аб ёй, як мове да некаторай меры асобнай і ад першай у ладнай ступені рознай. Аналізуючы мову мастацкай літаратуры, ня цяжка заўважыць, як яна бароніцца перад накіданымі беларускай мове русіцызмамі і ўжывае іх у асноўным у тых выпадках, калі гэтыя русіцызмы сталіся ўжо агульна прынятымі, здабылі поўнае права грамадзянства й зусім выціснулі адпаведныя ім беларускія граматычныя формы й словы. Гэтак, апрача русіцызмаў, накінутых моўнай рэформай 1933 году, у мове мастацкай літаратуры ўжо поўнасьцяй укараніліся такія русіцызмы, як, прыкладам, форма роднага склону множ. ліку назоўнікаў жаноцкага роду няпрыемнасцей, магчымасцей, бесканчатковыя формы дзеяпрыметнікаў назоўнага склону адз. ліку падбіт, зроблен, узят, дзеяпрыметнікі цяперашняга часу залежнага стану любімы, ствараемы, а такжа сынтаксычныя формы дапаўненьня ў вінанальным склоне, заміж роднага склону, калі дзеясловы, што імі кіруюць, ужытыя з адмоўем. З русіцызмаў у галіне лексыкі ўвайшлі поўнасьцяй у мову мастацкае літаратуры, прыкладам, такія словы, як ачаг, аплот, знешні, доблесны, лікаванне, подзвіг, іспыты, рабяты, урок, ісціна, накапленне, рэўнасць, сачыненне, скажаць, урач, хадайніцтва, член, чарціць, абавязацельства, аб'ява, ва, воінскі, злабадзённы, беззаветны, шэсце, узрост (зам. век) і г.д., якія ўжо ад даўжэйшага часу агульна замацаваліся ў савецкай беларускай літаратурнай мове, а некаторыя зь іх выконваюць ролю адмысловых тэрмінаў.

Затое мова мастацкае літаратуры зусім яшчэ ня знае чужых для беларускай мовы формаў дзеяпрыметнікаў цяперашняга часу незалежнага стану зваротных дзеясловаў (пачаўшыйся, адбыўшыйся), якія ў афіцыйнай літаратурнай мове бытуюць, як-бы для яе былі нармальнымі. З расейскіх словаў, ужываных у афіцыйнай літаратурнай мове, мова мастацкае літаратуры зусім ня знае такіх русіцызмаў, як дзяшовы, састаў, здзелка, каварны, мяцеж, пахаць, адстаяць, змяняемасць, неймаверны, пазбягаць, плацёж, прадстаць, цэласнасць, сукупнасць і да г.п.

На канкрэтных прыкладах зь беларускага савецкага друку можна дакладна прасачыць і самы працэс русіфікацыі. Звычайна спачатку паяўляецца дадзенае расейскае слова ў афіцыйнай літаратурнай мове, прычым спарадычна й рэдка ды выступае паралельна з адпаведным яму словам беларускім. Гэтак ад некалькіх ужо год паралельна з агульна пашыраным у беларускай мове словам танны, пачало спарадычна паяўляцца й чыста расейскае слова дзяшовы, якое, аднак, яшчэ зусім ня мае доступу да мовы мастацкае літаратуры. У якім кірунку будзе разьвівацца працэс праніканьня ў беларускую мову гэтага слова, можна меркаваць з прыкладаў такіх русіцызмаў, як папрок або поезд. У афіцыйнай літаратурнай мове папрок і поезд ужываюцца сяньня паралельна з адпаведнымі ім беларускімі словамі дакор і цягнік, але расейскія адпаведнікі колькасна пераважаюць над беларускімі, і, наадварот, у мове мастацкай літаратуры словы дакор і цягнік спатыкаюцца шмат часьцей, чымся папрок і поезд. Значыцца, працэс развіваецца ў кірунку русіфікацыйным, а не адваротным яму.

На карысьць беларускасьці мовы мастацкае літаратуры прамаўляе й тая характэрная зьява, што прынятыя ўжо ёю русіцызмы ў колькасных дачыненьнях выступаюць шмат радзей, чымся ў афіцыйнай літаратурнай мове. Ствараецца таму ўражаньне, што дадзенае расейскае слова або форма становіць сьведамую даніну агульна абавязваючаму кірунку, а не агульную тэндэнцыю пісьменьніка, тымчасам як у афіцыйнай літаратурнай мове заўважваецца выразная тэндэнцыя адваротнага характару.

Ёсьць канкрэтныя довады, як паасобныя пісьменьнікі ў працэсе перарэдагоўваньня сваіх мастацкіх твораў ачышчаюць іх ад дапушчаных спачатна русіцызмаў. У БССР, як і ў іншых саюзных рэспубліках, вельмі пашыраная практыка, што паасобныя літаратурныя творы, у тым ліку й шматтомныя раманы, спачатку друкуюцца ў месячных літаратурных часапісах, а пазьней выходзяць асобнымі кніжнымі выданьнямі. Пры гэтым кніжныя выданьні часта тэксталягічна значна розьняцца ад іхных першадрукаў у часапісах, бо некаторыя аўтары ўводзяць тыя або іншыя зьмены й папраўкі ў кніжным выданьні, у тым ліку і ў галіне мовы. Звычайна бывае так, што шмат якія русіцызмы, уведзеныя аўтарам у тэкст твору першае рэдакцыі, бываюць выкінутыя з тэксту апошняе рэдакцыі й замененыя адпаведнымі ім паводля значаньня беларускімі словамі й формамі. Такія розьніцы ў галіне мовы мы прасачылі на прыкладах 3-га і 4-га тому раману М.Лынькова «Векапомныя дні», раману Ў.Карпава «За годам год» і раману І.Шамякіна «Крыніцы». Вынікі нашых параўнаньняў абедзьвюх рэдакцыяў былі нязвычайныя. Вось некаторыя зь іх:

«Полымя» Кніжнае выданьне М.Лынькоў «Векапомныя дні» Пасцябунчык - страстны патрыёт свае бухгальтарскае справы (1957, IX, 37). Пасцябунчык - заядлы патрыёт свае бухгальтарскае справы (III, 305). У партыі састаялі? (1957, IX, 66). У партыі былі? (III, 362). Ты ж не глядзі, што я такая баязлівіца і смірэнніца (1957, X, 29). Ты ж не глядзі, што я такая баяллівіца і паслушніца (III, 425). выказаў пажаданне прыўрочыць аперацыю да прыезду (1957, X, 33). выказаў пажаданне, каб усю аперацыю дапасаваць да прыезду (III, 32). слаба замаскіраваныя (1957, X, 34). слаба замаскаваныя (III, 433). вялі на сворках дзесятак аўчарак (1957, X, 39). вялі на павадках дзесятак аўчарак (III, 443). У кожнага свая страсць, генерал (1957, Х, 41). У кожнага свая слабасць, генерал (III, 448). Стаяла некалькі пушак, якія сваімі памерамі і сваім выглядам унушалі павагу (1957, XI, 105). Стаяла некалькі пушак, якія сваімі памерамі і сваім выглядам выклікалі да сябе павагу (IV, 101). страстнае жаданне дапамагчы ёй (1957, XI, 11). гарачае жаданне... памагчы ёй (IV, 237). не бачаць агоніі тых, хто падвяргаецца экзекуцыі (1957, XII, 19). не бачаць агоніі тых, хто падпадае пад экзекуцыю (IV, 261). на жывапісным узгорку (1957, XII, 39). на маляўнічым узгорку (IV, 316). Не згубілі, а садысцкі замучылі (1957, XII, 11). Не згубілі, а па-садысцку замучылі (IV, 238). ажаніўся на семнаццаці гадовай дзяўчыне (1957, XII, 66). ажаніўся з семнаццаці гадовай дзяўчынай (IV, 384). У.Карпаў «За годам год» Усе глядзелі на Васіля Пятровіча з недаўменнем (155, II, 16). Усе глядзелі на Васіля Пятровіча няўцямна (158). У кожным з іх ён як бы пачынаў бачыць праванарушыцеля (1955, II, 16). У кожным з іх ён як бы пачынаў бачыць правапарушальніка (169) І баючыся, што народжанаму ў яго марах гораду могуць нанесці ўрон недальнавідныя людзі (1955, II, 16). І баючыся, што народжанаму ў яго марах гораду могуць пашкодзіць... недалёкія людзі (169). У яе ссутуленай постаці, у нейкай пакорнай паходцы было штосці манашаскае (1955, II, 27). У яе згорбленай постаці, у нейкай пакорнай хадзе было штосці ад манашкі (187) Валя ўсё ж палічыла за лепшае спыніцца, апасаючыся, што іх могуць убачыць (1955, II, 49). Валя ўсё ж палічыла за лепшае спыніцца, баючыся, што іх могуць убачыць (226). Але справа абстаяла крыху прасцей (1956, VI, 90). Але справа стаяла крыху прасцей (448). Потым прымусіла сябе сесці цыраваць шкарпэткі... якіх накапіўся цэлы звязак (1956, V, 91). Потым прымусіла сябе сесці цыраваць шкарпэткі... якіх набраўся цэлы жмут (450). Перад ім стаяла дзяўчына, якую ён абажаў (1956, VII, 36). Перад ім стаяла дзяўчына, якую ён кахаў (527). людзі ўсё роўна праходзілі б пад ёй (пад аркай), ня стукаючыся аб своды галовамі (1957, VII, 40). людзі ўсё роўна праходзілі б пад ёй, ня стукаючыся аб скляпеньне галовамі (535). яны на прыватнай кватэры, за якую плацяць гаспадарам (1957, VII, 68). яны на прыватнай кватэры, за якую плоцяць гаспадарам (583). І.Шамякін «Крыніцы» запасная (шпулька з вудзільна) ў мяне ёсць, усё іншае таксама маецца (1956, IV, 75). запасная ў мяне ёсць, усё іншае таксама знойдзецца (119). Адчапіся ты, Кацька, ад мяне, - бясстрастна і абыякава сказала яна (1956, IV, 101). Адчапіся ты, Кацька, ад мяне, - абыякава сказала яна (164). Школу я кончу, не хвалюйцеся, - ціха і прымірыцельна сказаў ён (1956, V, 45). Школу я кончу, не хвалюйцеся, - ціха і прымірэнча сказаў ён (267).

З прычыны агульных русіфікацыйных тэндэнцыяў, накіданых зьверху, канечнасьці высьцераганьня «вузкіх правінцыяналізмаў» «архаізмаў» ды «штучна твораных нэалягізмаў», а з другога боку - з прычыны канечнасьці «ўзбагачваньня» мовы «зь нявычэрпных крыніцаў мовы вялікага рускага народу», беларускія паэты й пісьменьнікі вельмі абмежаваныя ў сваіх магчымасьцях нармальнага ўзбагачваньня й разьвіцьця сваей мовы на базе народнай мовы й дыфэрэнцыяваньня яе рознымі сэмантычнымі адценьнямі. Таму мова сучаснай беларускай савецкай літаратуры - гэта наагул мова бедная й бясхварбная. Зусім правільна пісаў аб гэтай зьяве беларускі літаратурны крытык у вольным сьвеце Алесь Беразьняк:

Лепшыя ды багатыя здабыткамі яшчэ нядаўна традыцыі беларускае літаратуры ў ейнай арыентацыі на ўзоры народнае мовы, на ейныя нацыянальныя асаблівасьці, на культуру й нацыянальную чысьціню літаратурнае мовы сяньня ў БССР мусова занядбаныя. Аснова разьвіцьця нацыянальнае літаратурнае мовы - мова народная ў сваёй першароднай някранутасьці чужароднымі ўплывамі абвяшчаецца аджылым і незразумелым правінцыялізмам. Да ўсяго гэтага прывяла нязьменная праз увесь час антынацыянальная палітыка бальшавікоў нівэляваньня беларускае літаратурнае мовы на расейскі ўзор, што разам з выгнаньнем зь беларускае літаратуры нацыянальнае праблематыкі пасьлядоўна й пэўна ськіроўвае яе ў правінцыянальнае адгалінаваньне літаратуры расейскай[55].

Усё-ж, ня гледзячы на вышэй прыведзенае сьцьверджаньне А.Беразьняка, сьцьверджаньне зусім правільнае, трэба аб'ектыўна адцеміць, што мова беларускае літаратуры ў тых межах, якія для яе магчымыя, дадатна вырозьніваецца ад афіцыйнай беларускай савецкай літаратурнай мовы ня толькі значна меншай колькасьцяй русіцызмаў, але й некаторымі, хоць і вельмі нясьмелымі спробамі не адрываецца ад мовы народнае. У мове мастацкае літаратуры часта-густа знаходзім ня толькі агульна пашыраныя ў народнай мове словы й выражэньні, ужо зусім няўжываныя ў афіцыйнай беларускай літаратурнай мове БССР, як моцна адрозныя ад адпаведных расейскіх словаў, але часамі й такія, якія зьяўляюцца ведамымі адно ў некаторых частках беларускае моўнае прасторы. Вось жменька прыкладаў на гэтую зьяву:

Яна бегма кінулася ў хату (МЛ-ВД, I, 104). Чыста народнае слона, якому ў рас. мове адпавядае бегом.

Яна ціхенька падышла і з павагаю, нават з нейкай бояззю паглядзела на сынавы дакументы (ПБ-КЗР, 3). Боязь - слова пашыранае і ў літаратурнай мове перад русіфікацыйнай кампаніяй.

Лёдзю нібы выцялі чым (УК-ВЛ, VII, 1960, 24); Андрэй з размаху выцяў (АК-РНД, 86). Першы вячэрні жук вытнуўся аб шыбіну акна (МЛ-ВД, I, 92). Выцяць - сынанім слова ўдарыць, які ў афіцыйнай літаратурнай мове сяньня ня ўжываецца.

Ёсьцека, - ... адказаў дзед Грыша (МП-ЗП, III, 1956, 25). Афіцыйная літаратурная мова ня вызнае ўзмацняльнай часьціцы -ка ў такіх словах, як ёсьцека, нямашака, тамака, вуньдзека й пад.

Немцы, па-вар'яцку пручыся паперад, не надта зырыліся на прасёлкавыя дарогі (АК-РНД, 187). Зырыцца - сынонім слова заглядацца, а ў форме абвеснага ладу ў значаньні ўціхамірыць, пастрашыць, шырака ведамае ў народзе, але зусім ня ўжыванае ў афіыйнай савецкай літаратурнай мове.

Кустаўё усюды, нізіна, то там, то сям ля кустоў пабліскваюць зоркі (АК-РНД, 99). Ведамая ў народзе, але няўжываная ў афіцыйнан савецкай літаратурнай мове зборная форма ад слова куст.

а тут вось ідзі насупраць ночы (МЛ-ВД, II, 24). Выраз насупраць ночы ў значаньні перад ночай, на спатканьне ночы - тыповы для беларускае мовы, але няўжываны ў афіцыйнай савецкай беларускай літаратурнай мове.

адшукаў садоўніка дзеда Грышу, чалавека ўжо сівога і нягеглага (МП-ЗП, III, 1956, 25). Слова нягеглы, сынанім да недалужлы, зьнясілены, у афіцыйнай савецкай літаратурнай мове ня ўжываецца.

Не гледзячы на сваю нямогласць, Адам Лабеня ня вытрываў і вышаў на працу (МП-ЗП, XII, 1959, 49). Слова нямогласьць у значаньні нездаровасьць, хворасьць, у афіцыйнай савецкай літаратурнай мове зусім ня ўжываецца.

Дзве пары ног захадзілі ў неўрымслівым рытме (МЛ-ВД, III, 14). Гэтае, пашыранае ў народзе, слова ў значаньні неспакойны, няўпынны, у афіцыйнай савецкай літаратурнай мове зусім ня ўжываецца.

На шашы рабілася несусвеціца. Усю дарогу зацягнула дымам (МЛ-ВД, I, 85). Чыста беларускае народнае слова, якое ў афіцыйнай савецкай літаратурнай мове ня ўжываецца.

ён адразу на нішчымніцу мяне пераводзіў (МЛ-ВД, I, 82). Гэтае тыпова народнае слова, утворанае з выразу ні з чым, абазначае посную ежу, ня ўжываецца ў афіцыйнай савецкай літаратурнай мове.

А вунь там, каля тае студні, пазалетась дзед Ахрэм паслізнуўся і зламаў нагу (МП-ЗП, III, 1956, 60). Пазалетась, падобна як і летась, сёлета, у афіцыйнай савецкай літаратурнай мове зусім ня ўжываецца.

да таго нылі ногі, збітыя аб пнеўе (МЛ-ВД, I, 26). Зборная форма пнеўе, бытуючая ў народзе, у афіцыйнай савецкай літаратурнай мове зусім ня ўжываецца. Заміж яе ўжываецца форма множнага ліку пні.

Пэўна, і прыгавор, які выносіць яму пасля смерці народны погалас, - самы справядлівы прыгавор (УК-ВЛ, IX, 1960, 107). Погалас, у значаньні расейскага молва, у афіцыйнай савецкай літаратурнай мове ня ўжываецца.

Вялікі клопат мне праз гэтыя плыты... Я праз гэтыя плыты ноч не спаў (МЛ-ВД, I, 98). У афіцыйнай савецкай літаратурнай мове звычайна ўжываецца ў гэтым выпадку пад расейскім уплывам другі прыназоўнік - з-за.

Дык я ж цябе просам прашу, чалавеча (МЛ-ВД, III, 334). Чыста народны выраз у значаньні вельмі, настойліва прасіць.

Стралялі відаць больш для прыліку (МЛ-ВД, II, 30). У афіцыйнай літаратурнай мове ў гэтым значаньні ўжываецца выраз для віду, запазычаны з расейскае мовы.

лечачыся ад раматусу. Дужа той раматус назаляў часам чалавеку (МЛ-ВД, I, 8). У афіцыйнай літаратурнай мове, паводля прынцыпу, што ўсе словы іншамоўнага паходжаньня павінны запазычвацца толькі за пасярэдніцтвам расейскае мовы й захоўваць ейныя формы, ужываецца толькі рэўматызм. Характэрна, што беларуская форма раматус у прыведзеным прыкладзе з Лынькова выступае ня ў гутарцы сялянскага гэроя твору, што не магло-б яшчэ быць дзіўным, але ў мове самога аўтара.

у пустую апоку на стале яе машыны рынулася чорная зярністая зямля (УК-ВЛ, VII, 1960, 25). Гэтае народнае слова ў значаньні кінуцца, зваліцца, у афіцыйнай літаратурнай мове ня ўжываецца.

Пакуль... гаспадар свежаваў зайца, яны пачалі размову з Алёшам (ІШ-Кр, 265). Сьвежаваць - чыста беларускае слова ў значаньні разьбіраць сьвежа забітую жывёліну.

Быў той слаўны вечар..., калі нават ноччу не адчуваеш яшчэ восеньскай стыні (МЛ-ВД, IV, 363). Стынь, у значаньні лёгкі холад, у афіцыйнай савецкай літаратурнай мове ня ўжываецца.

Нельга сказаць, каб такая сховань (зямлянка ў лесе - С.С.) падабалася Клышэўскаму (ПБ-КЗР, 127). Беларускае народнае слова, якое ў афіцыйнай савецкай літаратурнай мове ня ўжываецца.

На рынак, кажа, таечка, ездзіла (УК-ВЛ, VIII, 1960, 66). Асабісты зварот, пашыраны ў Магілеўшчыне й былой Чарнігаўшчыне.

Ложкі іх былі ссунуты ўпрытык (УК-ВЛ, VII, 1960, 56); Цімка прысунуўся да Юркі ўпрытык (тамсама, 43). Народны выраз ад тае-ж асновы й таго-ж значаньня, што і ў дзеясловах прытыкацца.

Ваня Труцікаў не вытрымаў, пайшоў на хацішча, пачаў разграбаць рукамі снег (АК-РНД, 385). Хацішча - чыста народнае слова, якое абазначае месца, дзе раней стаяла хата.

яшчэ пакажам, пачым хунт ліха (МЛ-ВД, I, 119). Згодна з абавязваючым прынцыпам, што іншамоўныя словы могуць прыходзіць у беларускую мову толькі за пасярэдніцтвам расейскае мовы, у афіцыйнай савецкай беларускай мове ўжываецца фунт.

Цёмначы, пратаптанымі Ладуцькам сцежкамі, яны без асаблівых перашкод дабраліся да кватэры Еўдакіі (АК-РНД, 344). Цёмначы - народны выраз у значаньні папоцемку.

Аднойчы паспытаў ужо ласкі ягонай (УК-ВЛ, VII, 1960, 19). Прыналежныя займеньнікі яго, яе, іх маюць у беларускай мове яшчэ й прыметнікавую форму ягоны, ейны, іхны, у якой у афіцыйнай савецкай літаратурнай мове ня ўжываюцца.

і яшчэ адна сям'я, каторая не выехаўшы, - абласнога пракурора жонка і трое дзетак (МЛ-ВД, I, 102). Тут маем вельмі характэрную асаблівасьць беларускае мовы - прошлы час абвеснага ладу ў форме «пэрфэкту» падобна да нямецкае, ангельскае ды іншых моваў. Зразумела, што гэтая чыста беларуская форма ня можа ўжывацца ў афіцыйнай савецкай літаратурнай мове.

Беларускі савецкі аўтар В.Красоўскі, прыводзячы многія прыклады заганных перакладаў, робленых з расейскай на беларускую мову ў рэспубліканскіх беларускіх газэтах і ў БЕЛТА, паказвае й асноўную прычыну гэтае заганнасьці. «Гэта адбываецца таму, - піша ён, - што да перакладу ня ўсюды падыходзяць творча - часта робяць так, каб, скажам, пяці словам рускага тэксту абавязкова адпавядалі пяць слоў тэксту беларускага»[56]. Гэтая вельмі трапная спасьцярога Красоўскага можа быць з поўным правам аднесеная да ўсяе афіцыйнае літаратурнае мовы БССР, як у перакладных тэкстах з расейскае мовы, гэтаксама і ў тэкстах арыгінальных. Затое да мовы мастацкае літаратуры, навет пры ейных русіцызмах, ейнай ненатуральнай убогасьці й вялікім адрыве ад мовы народнай, гэтай заўвагі Красоўскага прытарнаваць было-б нельга.

Пісьменнікі ў абароне мовы

Роля беларускіх паэтаў і пісьменьнікаў у захаваньні беларускай мовы й ейнай абароне перад русіфікацыяй у савецкіх абставінах асабліва вялікая. Бадай яны адныя з поўным зразуменьнем важнасьці гэтага пытаньня робяць сыстэматычныя натугі ў гэтым кірунку, стараючыся пісаць як мага чыстай беларускай мовай у межах, што яшчэ магчымыя ў сяньняшніх абставінах. З другога боку, зь пісьменьніцкага асяродзьдзя ўсьцяж выходзіць ініцыятыва ставіць на беспасярэдняе абмеркаваньне пытаньне чысьціні мовы, ейнае культуры й ейнага павароту да народных моўных крыніцаў. У многіх артыкулах, адумыслова прысьвечаных пытаньням мовы, у выступленьнях на пісьменьніцкіх зьездах, пісьменьніцкіх і культурных зборках дзеячы мастацкае літаратуры, а за імі й наагул працаўнікі культуры пачынаючы ад 1956 году вядуць бесьперапынную акцыю ў вабароне роднае мовы. Выходзячы з правільнага сфармуляваньня беларускага савецкага філялёга Ф.Янкоўскага, што «абыякавасьць да мовы - абыякавасьць да народу й яго культуры»[57], пытаньне мовы ў гэтай кампаніі расшыраецца на ўсе дзялянкі беларускае культуры й набывае сэнсу, раўназначнага з сэнсам пытаньня быцьця або нябыцьця беларускае культуры.

У першым разьдзеле гэтае працы мы паклікаліся на артыкул маладога беларускага пісьменьніка Барыса Сачанкі, які галоўна паказаў на ненармальнае звужэньне практычнага ўжываньня беларускае мовы ў публічным жыцьці рэспублікі, у першую чаргу ў школьніцтве й на выцісканьне яе расейскай мовай. Гэтта спынімся на выступленьнях іншых пісьменьнікаў і наагул працаўнікоў пяра, якія асноўную ўвагу засяроджваюць на іншых аспэктах гэтага пытаньня: на абароне перад русіфікацыяй тэй беларускай літаратурнай мовы, якая яшчэ дапушчаная да публічнага ўжываньня, і на зьбліжэньні яе з мовай народнай, як галоўнай крыніцай і базай разьвіцьця мовы літаратурнай.

У поўнай шырыні паставіў гэтае пытаньне й фактычна распачаў моўную дыскусію рэгабілітаваны ў 1956 годзе пісьменьнік Янка Скрыган, а ягоны артыкул пад сьціплым загалоўкам «Думкі аб мове» стаўся выходным пунктам для многіх спасьцярогаў і пажаданьняў іншых удзельнікаў гэтае дыскусіі. Асноўны стрыжань разважаньняў Скрыгана зьмяшчаецца ў наступных словах:

Ведаць мову - знача ведаць законы яе будаваньня, ведаць яе народную аснову. Бо толькі ведаючы народную аснову мовы, можна ведаць, як правільна і проста выказаць думку, як натуральна, паводля законаў гэтай мовы, набудаваць фразу, дзе якое сказаць слова, патрэбнае іменна для гэтага месца, дзе зрабіць націск, дзе і як вымавіць галосныя, зычныя, цьвёрдыя, мяккія, уласцівыя гучаньню гэтае мовы. Ведаць мову - гэта ў першую чаргу ведаць, як гаворыць народ[58].

«Ведаць, як гаворыць народ», і, зразумела, фармаваць сваю мову на базе мовы народнае - гэта галоўнае патрабаваньне, якое ставіцца перад беларускімі пісьменьнікамі і ўсімі тымі працаўнікамі культуры й мастацтва, сяродкам выказваньня якіх ёсьць слова. Далей Скрыган перасьцерагае перад тэй небясьпекай, якая станецца няўхільнай, калі творчыя працаўнікі культуры будуць аддаляцца ад мовы народнай, і, зварачаючыся пад іхным адрысам, кідае войстры дакор:

Мы зарана адрываемся ад народнага творчага асяродзьдзя і, ня ўсьпеўшы прычасьціцца яго народнаму багацьцю, адразу нападаем на работу ў кабінэт. Празь сьцены кабінэту да нас ужо вельмі трудна даходзіць і бляск народнай думкі, і гнуткасьць фразы, і стройная прастата мовы, і трапнасьнь прыказкі, і мудрасьць нагляданьня. Усё гэта мы ўжо чэрпаем з газэт ды з чужых кніг. Ад гэтага часта і нашая сухасьць, і бледнасьць, і канцылярызм, і аднастайнасьць[59].

Выказаныя Скрыганам думкі хутка падхапіў беларускі савецкі літаратурны крытык Алесь Адамовіч. Паказаўшы на адрыў пісьменьніка Івана Шамякіна ад народнай мовы ды адцеміўшы, што пісьменьнікі 1920-30-ых гадоў «лічылі сваім важнейшым абавязкам сачыць, каб беларуская літаратурная мова вырастала на аснове ўсіх багацьцяў народнай мовы», Ал.Адамовіч выказвае гэткія пажаданьні для сучаснае літаратурнае мовы:

Літаратурная беларуская мова за апошнія дзесяцігодзьдзі стала больш нармалізаванай, узбагацілася лексычна. І тое, што літаратурная, «кніжная» мова стала больш адрозьнівацца ад гутаркавай - зусім заканамерна. Але гэта не азначае, што нармалізаваная літаратурная мова павінна быць пазбаўленая бытавых, народных і навет мясцовых хварбаў, што яна можа нагадваць «перакладную» мову. Дыстыляваная вада хоць і чыстая, але мала прыемная на смак[60].

Як ужо гаварылася, у сілу русіфікацыйнага працэсу зь беларускай літаратурнай мовы сяньня выкідваюцца й заменьваюцца расейскімі ўсе тыя словы, якія сваім коранем або славатворнай будовай розьняцца ад адпаведных словаў расейскае мовы. Гэткая практыка абгрунтоўваецца патрэбай ачышчэньня літаратурнай мовы ад «вузкіх дыялектызмаў» або «правінцыяналізмаў». Вось-жа Ал. Адамовіч выразна бярэ ў вабарону такія «дыялектызмы». «І ня трэба нам занадта баяцца слова «дыялектызм», - піша ён, - раней неабходна прыслухацца, як слова гучыць, удумацца, на колькі яно трапнае і зразумелае. У любым, самым маленькім «засеку» жывой народнай мовы можна часам знайсьці буйныя зярняты народнай мудрасьці й дасьціпнасьці»[61].

Пытаньне беларускай мовы стаяла ў цэнтры ўвагі на сходзе актыву работнікаў літаратуры й мастацтва БССР, які адбыўся на пярэдадні 40-ой гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі. Спасярод многіх выступленьняў у вабароне роднае мовы й ейнае народнасьці на асаблівую заслугоўвала ўвагу выступленьне паэты Максіма Лужаніна. Ніжэй прыводзім найбольш харэктэрныя ягоныя словы:

Далейшае разьвіцьцё нашай культуры самым цесным чынам зьвязана з разьвіцьцём і пашырэньнем беларускай мовы. На жаль, некаторыя нашы таварышы па творчай рабоце, мастакі, артысты, кампазытары, людзі, чыё ўсе жыцьцё зьвязана зь беларускай культурай, вельмі часта ня ўжываюць мову народу. А ці можна стварыць нацыянальную культуру, не валодаючы ў дасканаласьці мовай народу? Гэтым самым людзі закрываюць сабе дарогу да народнай душы, да духоўных здабыткаў народу. Хочацца, каб мова чулася ня толькі ў творчых арганізацыях, але і ў установах, школах сярэдняй і вышэйшай, каб яна была і на папяроснай каробцы, і на трактары, і на станку. Гэта дасьць магчымагьць для разьвіцьця мовы, паспрыяе і прапагандзе беларускай кнігі[62].

Знаёмячы чытача з важнейшым матарыялам моўнае дыскусіі ў пісьменьніцкім асяродзьдзі БССР, нельга прайсьці міма цікавых і ўва ўсей шырыні пастаўленых заўвагаў Е.Ермаловіча аб г.зв. «дыялектызмах», пад якія, як ужо ўспаміналася, падцягваюцца адменныя ад расейскай мовы словы й формы і, як такія, мэханічна выкідаюцца з ужываньня. Ермаловіч піша:

Нераспрацаванасьць літаратурных нормаў часта прыводзіць да таго, што ў нас часамі лічаць дыялектызмамі такія словы, якія ніколі ня былі імі і ня могуць быць навет з пункту погляду самых элементарных патрабаваньняў лінгвістыкі... Дзе шукаць мяжу паміж дыялектызмамі й літаратурнай мовай? Такой абсалютнай мяжы, бадай, і быць ня можа. Але калі слова мае беларускі ці агульнаславянскі корань, бытуе ў народзе, калі народ яго разумее ці навет зможа зразумець па самой прыродзе кораня, пя трэба нашым крытыкам, рэдактарам прыдзірліва адносіцца да яго. Гэта значна ўзбагаціць і пашырыць нашу лексыку, якая ў ніякім разе не абмяжоўваецца слоўнікам у восемдзесят тысяч слоў (алюзія да «Руска-беларускага слоўніка» з 1953 г. - С.С.), а разы ў два, а можа і ў тры багацейшая[63].

Пытаньням культуры мовы, ейнай чысьціні й народнасьці шмат прысьвяціў увагі савецкі беларускі літаратурны крытык Уладзімер Юрэвіч. Спасярод многіх фактараў, што павінны фармаваць і разьвіваць беларускую літаратурную мову, Юрэвіч, падобна як і іншыя пісьменьнікі, высоўвае, як найважнейшы фактар - народнасьць мовы. У артыкуле пад вымоўным загалоўкам «Магутнае слова ты, роднае слова», узятым зь ведамага вершу Янкі Купалы аб ролі роднае мовы ў нацыянальным жыцьці народу, Юрэвіч піша:

Родная мова - гэта ў пэўнай ступені той грунт, на якім трымаецца народнасьць літаратуры, калі разумець яе, як імкненьне да праўдзівага адлюстраваньня ў мастацкіх творах нашай рэчаіснасьці, жыцьця народу. Праўдзівае асьвятленьне навакольнага жыцьця пад сілу толькі таму мастаку, які заўсёды з народам. Быць з народам абазначае для пісьменьніка ня толькі вывучаць зьмест яго жыцьця, але і формы выяўленьня гэтага зьместу. Аднэй з такіх форм, найбольш даступнай для ўспрыняцьця, як ведама, зьяўляецца мова народу. Здабыць хараство зь нявычэрпных народных скарбаў, якімі зьяўляецца жывая народная мова, і ёсьць адзін з найпершых клопатаў сапраўднага пісьменьніка[64].

Беларускія пісьменьнікі выступілі ня толькі ў вабароне народных элемэнтаў беларускае мовы, якія зь яе выкідваюцца пад прылікам «дыялектызмаў» і «вузкіх правінцыяналізмаў», але таксама, хоць і ня гэтак сьмела, і ейнае спадчыны із старой беларускай мовы, якая таксама афіцыйна адкідаецца пад прылікам «архаізмаў». Яшчэ ў самым пачатку моўнае дыскусіі ў 1957 годзе цытаваны вышэй Юрэвіч пісаў:

Беларуская мова існуе не адно стагодзьдзе. І ў сучаснай літаратурнай мове мы сустрэнем шмат элементаў, якія былі ўласьцівы мове XIX, XVIII і ранейшых стагодзьдзяў. Пісьменьнік ня мае права не зважаць на тыя традыцыі, якія складаліся стагодзьдзямі. Ігнараваць традыцыі - значыць адрывацца ад народу. Калі, напрыклад, паслухацца некаторых «рэфарматараў» і адмовіцца ад фанэтычнага прынцыпу, на якім будуецца правапіс сучаснай беларускай мовы, - гэта будзе азначаць адыход ад традыцыі, што ляжыць у васнове агульнанароднай мовы і складае яе адметную асаблівасьць[65].

Мы прывялі даволі шмат абшырных цытатаў з выказваньняў беларускіх пісьменьнікаў аб мове дзеля таго, што ўвесь гэты цікавы й каштоўны матарыял для чытача ў вольным сьвеце недаступны. А тымчасам ён - вельмі паказальнае сьветчаньне таго магутнага руху сярод пісьменьнікаў і наагул некаторай часткі беларускай інтэлігенцыі ў абароне роднае мовы перад русіфікацыяй. Вельмі характэрна і ў савецкіх абставінах зусім зразумела, што бадай кажны з аўтараў стараецца ня толькі філялягічна, але й палітычна абгрунтаваць сваё выступленьне ў вабароне мовы й неяк застрахаваць сябе перад эвэнтуальным абвінавачаньнем яго ў буржуазным нацыяпалізьме. Таму, як ужо ўспаміналася напачатку, адныя аўтары паклікаюцца на выказваньпі Леніна ў карысьць нерасейскіх моваў Савецкага Саюзу, іншыя на практыку ў галіне расейскае мовы, якая праводзіцца з мэтаю захаваньня ейнае чысьціні й культуры, яшчэ іншыя выясьняюць, што прышчапленьне масам камуністычных ідэяў можа быць найбольш пасьпяховым, калі яны будунь выкладацца ў іхнай роднай мове. Вельмі характэрнае з гэтага гледзішча цьверджаньне цытаванага вышэй Юрэвіча:

Хто хоча клапаціцца пра тое, каб усё больш шырокія масы савецкіх людзей далучыліся да вялікіх камуністычных ідэялаў, той павінен як мага глыбей і больш дасканала ведаць родную мову, бо на роднай мове гэтыя ідэялы дойдуць да народу хутчэй і паўней. Цяжка зразумець тых людзей, якія лічаць для сябе вялікай заслугай забыцьцё роднай мовы. Яшчэ цяжэй зразумець іх, калі яны працуюць на радыё, дзе жывое слова народу павінна складаць асноўны зьмест творчай дзейнасьці кажнага штатнага супрацоўніка й запрошанага выканаўцы. Беларускае радыё павінна набыць у эфіры сваё нацыянальнае аблічча[66].

Апрача тэарэтычных разважаньняў аб народнасьці мовы й ейнай чысьціні, у многіх успомненых і няўспомненых артыкулах падаюцца й канкрэтныя прыклады русіфікаваньня мовы, прыводзяцца многія словы й выразы, жыўцом перанесеныя з расейскае мовы ў беларускую мову, ды выясьняецца, якія заміж іх павінны ўжывацца беларускія словы. Але літаральна ў ніводным выпадку гэтыя чужыя нашай мове элемэнты не называюцца сваім собскім іменем, як русіцызмы. Навет найбольш зыркія й зусім яшчэ ў беларускай мове сырыя русіцызмы абходзяцца навакольнай дарогай, і ў такіх выпадках звычайна, як можна было спасьцерагчы ў прыведзеных цытатах, гаворыцца, што «гэтак не гаворыць народ», гэта «не народнае слова», гэта «канцыляршчына», «кніжная мова», «перакладная мова» й пад. У савецкім лексыконе існуюць тэрміны «палянізмы», «гэрманізмы» й пад., але ня існуе слова «русіцызмы», бо русіцызм не разглядаецца, як чужы ў дадзенай мове элемэнт, але як зьява зусім натуральная й пажаданая, што спрыяе разьвіцьцю і ўзбагачаньню дадзенае нерасейскае мовы.

* * *

Як ведама, старая беларуская літаратурная мова - мова гаспадарствавая Вялікага Княства Літоўскага, што разьвівалася на аснове паўночна-заходніх гаворак беларускага сярэдняга дыялекту і ўжо ў першай палавіне XV стг. сталася літаратурнай мовай[67], у сувязі з палітычным і нацыянальным заняпадам Беларусі ў XVII і XVIII стг. таксама ў гэным часе спыніла сваё існаваньне, як мова жывая. Новая беларуская літаратурная мова, што пачалася ў XIX стг. у выніку беларускага нацыянальнага адраджэньня, разьвівалася на аснове заходніх гаворак сярэдняга дыялекту беларускай мовы[68]. Як у сваім зараджэньні, гэтак і далейшым разьвіцьці яна ўжо не карысталася старой літаратурнай мовай, зь якой была страчаная ўсякая цягласьць разьвіцьця, але фармавалася й узбагачвалася на базе беларускай народнай мовы, чэрпала зь яе ўсе патрэбныя ёй словы й выразы, а таксама, як бывае нармальна ў разьвіцьці кажнае мовы, тварыла для новых паняцьцяў патрэбныя нэалягізмы згодна із законамі беларускае мовы. Гэткі кірунак разьвіцьця беларускай літаратурнай мовы трываў да пачатку 30-ых гадоў, калі ў сувязі із русіфікацыйным палітычным курсам у СССР ён быў раптоўна спынены. Пачынаючы ад гэнага часу, асноўнай крыніцай і базай далейшага разьвіцьця беларускае літаратурнае мовы сталася, як мы бачылі, вылучна расейская мова.

Пры гэтым расейская мова сталася ня толькі крыніцай далейшага разьвіцьця беларускай літаратурнай мовы, як цьвердзіць савецкая лінгвістыка й як афіцыйна вымагаюць ад нерасейскіх моваў партыйныя дырэктывы, але навет, як мы бачылі на мностве прыкладаў, зь беларускай мовы выкідваюцца тыя ейныя граматычныя формы й словы, якія ў ёй існавалі й былі агульна замацаваныя ўжо раней, але розьніліся ад адпаведных формаў і словаў расейскае мовы. Такім парадкам русіфікацыя йдзе ня толькі ў пары з разьвіцьцём беларускай літаратурнай мовы, але й расьцягваецца на той ейны стан, у якім знаходзілася яна перад русіфікацыйнай кампаніяй, аб чым ані савецкая моваведа, ані партыйныя дырэктывы ў галіне мовы зусім не ўспамінаюць.

Беларуская літаратурная мова, разьвіваючыся перад русіфікацыйным пэрыядам на базе народнае мовы, як і наагул кажная мова, для абазначэньня ўводжаных у мову новых паняцьцяў багата папаўняла свой лексычны запас словамі міжнароднага паходжаньня, якія ў сучасных мовах цывілізаванага сьвету набылі інтэрнацыянальны характар. У сувязі з тым, што беларуская культура ў сваім разьвіцьці арыентавалася на заходнюю культуру, дык і запазычаньні беларускай мовай словаў інтэрнацыянальных адбывалася за пасярэдніцтвам моваў Захаду. Такія словы, лучыўшы ў беларускую літаратурную мову, або й надалей захоўвалі ў сабе некаторыя фанэтычныя й марфалягічныя элемэнты тых заходніх моваў, зь якіх былі запазычаныя, або, будучы раней запазычанымі й агульна пашыранымі, поўнасьцяй засыміляваліся, так што іхны іншамоўны характар пачаў зусім зацірацца.

Вось-жа яшчэ ў самым пачатку русіфікацыйнага працэсу ў СССР як савецкая моваведа, гэтак і партыйная палітыка пачалі тарнаваць прынцып, што ўсякія іншамоўныя словы могуць запазычвацца нерасейскімі мовамі толькі й вылучна за пасярэдніцтвам расейскае мовы. Інакш кажучы, было пастаўленае перад нерасейскімі мовамі патрабаваньне, што ўсе запазычаныя імі раней словы іншамоўнага паходжаньня, як і запазычаныя ў будучыні, павінны захаваць у кажнай нерасейскай мове ўсе тыя фанэтычныя й марфалягічныя асаблівасьці, якія яны маюць у расейскай мове. Вышэй цытаваны савецкі мовавед М.Каммары выразна гаворыць, што агульная тэндэнцыя да моўнай інтэрнацыяналізацыі ў разьвіцьці моваў народаў СССР, побач з уплывам на гэтыя мовы расейскае мовы, выяўляецца «ў засвойваньні асноўнага фонду інтэрнацыянальнай лексыкі цераз пасярэдніцтва расейскае мовы»[69].

Пытаньня русіфікацыі іншамоўнага лексычнага матарыялу ў беларускай мове мы ў гэтым артыкуле не разглядаем з тае простае прычыны, што яно было тэарэтычна й у бальшыні выпадкаў практычна разьвязанае ўжо моўнай рэформай 1933 году, якая выходзіць за межы нашага разгляду. Адно варта прыпомніць, што ў самым пачатку русіфікацыйнай кампаніі, у пачатку 30-ых гадоў, у дачыненьні да нерасейскіх моваў народаў Савецкага Саюзу галоўная ўвага якраз была ськіраваная на раптоўнае й поўнае спыненьне моўных працэсаў, празь якія нерасейскія мовы папаўнялі свой лексычны запас інтэрнацыянальнымі словамі, арыентуючыся ў асноўным на мовы Захаду, абмінаючы пасярэдніцтва расейскае мовы. Прыкладам, у дачыненьні да ўкраінскай мовы, як паказаў праф. Р.Смаль-Стоцкі на падставе багатага матарыялу, русіфікацыйная кампанія фактычна й пачалася ад патрабаваньня ўніфікацыі на расейскай базе тэхнічнай і навуковай тэрміналёгіі, як і наагул усіх словаў іншамоўнага паходжаньня[70]. Таксама ў Беларусі галоўным аб'ектам бальшавіцкіх нападаў сталася дзейнасьць Тэрміналягічнай Камісіі Беларускай Акадэміі Навук з прычыны апрацоўваньня ёй беларускай навуковай і тэхнічнай тэрміналёгіі ў адрыве ад расейскае мовы.

Пасьлейшая моўная практыка ў СССР пасьля рэформы 1933 году працэс русіфікацьй словаў іншамоўнага паходжаньня ўжо поўнасьцяй завяршыла, так што беларускім элемэнтам у гэтай катэгорыі словаў астаўся адно правапіс, ды й той моцна зрусіфікаваны гэтай рэформай. Сяньня навет асабовыя собскія імёны разглядаюцца ў беларускай літаратурнай мове, як словы іншамоўнага паходжаньня й ужываюцца з расейскімі моўнымі асаблівасьцямі. Найбольш пракуднае для беларускай мовы ёсьць і тое, што ў яе цяпер мэханічна ўведзеныя з расейскай мовы зусім раней ня ўжываныя як у літаратурнай мове, гэтак і ў народных дыялектах імёны па бацьку («отчества»).

Савецкая сучасная моваведа згары залічае да расейскіх слоўных запазычаньняў наагул усе бяз вынятку словы іншамоўнага паходжаньня ў нерасейскіх мовах СССР, пры гэтым навет і такія словы іншамоўнага паходжаньня, якія ані фанэтычна, ані сваей словатворнай будовай нічым ня розьняцца ад расейскае мовы, а для дадзеных моваў усімі сваімі элемэнтамі становяць зусім незалежныя ад расейскае мовы запазычаньні. Гэтак успомнены беларускі савецкі мовавед М.Крукоўскі ўсе словы беларускае мовы інтэрнацыянальнага паходжаньня, якія ацэньвае на 13-15% усяго моўнага стану беларускае мовы, мэханічна адносіць да расейскіх запазычаньняў[71]. Такім парадкам савецкая моўная палітыка ськіраваная на спыненьне адначасна двух раўналежных працэсаў нармальнага й прыроднага разьвіцьця беларускае літаратурнае мовы: ейнага базаваньня на беларускай народнай мове й ейнай арыентацыі на Захад у галіне прысвойваньня патрэбных інтэрнацыянальных словаў, прымусіўшы ў першым і другім выпадку арыентавацца вылучна на расейскую мову.

Галоўным лёзунгам беларускага нацыянальнага адраджэньня было захаваньне роднае мовы. Яшчэ ў канцы мінулага стагодзьдзя першым Францішак Багушэвіч кінуў славуты лёзунг: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмёрлі». Пасьлей Янка Купала, пераняўшы на сябе духовае правадырства беларускага народу, у шмат якіх сваіх праграмных вершах вызначаў ролю роднае мовы, як найважнейшага й наймагутнейшага фактару нацыянальнага йснаваньня беларускага народу. Гэтую ідэю падхоплівалі й разьвівалі іншыя беларускія нацыянальныя паэты, як у пэрыяд нашаніўскага адраджэньня, гэтак і пасьля - у пэрыяд нацыянальна-вызвольны. Сяньня, у часох найжахлівейшага нацыянальнага паняволеньня, гэтае пачэснае гістарычнае заданьне захаваньня роднае мовы ўзялі на сябе таксама беларускія паэты й пісьменьнікі, будучы поўнасьцяй сьведамымі, што йснаваньне мовы зьяўляецца раўназначнае з нацыянальным існаваньнем беларускага народу й ягонай нацыянальнай культуры.

1

Я.Станкевіч. Моўная палітыка бальшавікоў у Беларускай ССР. «Беларускі Зборнік» Інстытуту Вывучэньня СССР, кн. 2, Мюнхэн, 1955. Тое-ж у скарачэньні паангельску - The Language Policy of the Bolsheviks in the Belorussian SSR. «Bielorussian Review» of the Institute for the Study of the USSR. No. 1. Munich, 1955.

(обратно)

2

Васіль Чапленко. Більшовіцька мовна політика. Інстытут Вывучэньня СССР, Мюнхен, 1956.

Roman Smal-Stocki. The Nationality Problem of the Soviet Union and Russian Communist Imperialism. Milwaukee, 1952.

(обратно)

3

«Правда», 20.06.1950.

(обратно)

4

И.Сталин. Марксизм и вопросы языкознания. Москва, 1950, б. 111-112.

(обратно)

5

М.Каммари. Строительство коммунизма и развитие национальных языков. «Политическое самообразование», № 4, 1960, б. 75.

(обратно)

6

Тамсама, б. 70.

(обратно)

7

«Правда», 02.11.1961.

(обратно)

8

Тамсама.

(обратно)

9

М.Крукоўскі. Рускі лексічны ўплыў на сучасную беларускую літаратурную мову. Менск, 1958, б. 5.

(обратно)

10

М.Крукоўскі ў калектыўнай кнізе «Фарміраванне і развіцьцё беларускай сацыялістычнай нацыі». Менск, 1958, б. 122.

(обратно)

11

«Правда», 02.11.1961.

(обратно)

12

М.Крукоўскі, тамсама, б. 122.

(обратно)

13

М.Каммари, тамсама, б. 70.

(обратно)

14

«Культурное строительство СССР». Москва, 1956, б. 186-187.

(обратно)

15

Барыс Сачанка. Шанаваць родную мову. «Літаратура і Мастацтва», № 99, 14.12.1957.

(обратно)

16

«Літаратура і Мастацтва», № 3, 08.01.1958.

(обратно)

17

Тамсама.

(обратно)

18

Тамсама.

(обратно)

19

Тамсама.

(обратно)

20

Тамсама.

(обратно)

21

«Літаратура і Мастацтва», № 17, 26.02.1958.

(обратно)

22

Тамсама.

(обратно)

23

«Советская Белоруссия», № 86, 12.04.1959.

(обратно)

24

«Літаратура і Мастацтва», № 103, 29.12.1961.

(обратно)

25

«Печать СССР. Всесоюзная Книжная Палата», 1954-1960. Москва, 1955-1961.

(обратно)

26

«Печать СССР. Всесоюзная Книжная Палата», 1954-1960.

(обратно)

27

Народное хозяйство СССР в 1959 году. Центральное Статистическое Управление при Совете Министров СССР. Москва, 1960, б. 782-783; Народное хозяйство СССР в 1960 году. Москва, 1961, б. 812-813.

(обратно)

28

«Летапіс друку БССР» за адпаведныя гады, Менск.

(обратно)

29

Народное хозяйство СССР в 1959 году. Центральное Статистическое Управление. Москва, 1960, б. 17.

(обратно)

30

«Літаратура і Мастацтва», № 11, 05.02.1958.

(обратно)

31

«Літаратура і Мастацтва», 18.02.1959.

(обратно)

32

«Літаратура і Мастацтва», № 92, 21.11.1961.

(обратно)

33

«Літаратура і Мастацтва», № 93, 24.11.1961.

(обратно)

34

«Навука на службе нацдэмаўскай контррэвалюцыі» пад рэдакцыяй дырэктара Інстытуту Філязофіі акадэміка С.Вольфсона, т. 1. Менск, 1931, б. 125.

(обратно)

35

Цытуецца паводля «Беларускай Граматыкі» Т.Ломцева. Менск, 1935.

(обратно)

36

Русско-Белорусский Словарь. Академия наук БССР. Институт языкознания, б. 6.

(обратно)

37

Н.Гурскі, М.Булахаў, М.Марчанка. Беларуская мова. Частка 1. Падручнік для педагагічных вучылішч і дапаможнік для педагагічных інстытутаў. Менск, 1955, б. 262.

(обратно)

38

М.Жыркевіч. Падручнік беларускай мовы. Частка 1. Фанетыка і марфалёгія для 5 і 6 клясаў сярэдняй школы. Менск, 1956, б. 129.

(обратно)

39

Т.П.Ломтев. Грамматика беларусского языка. Пособие для университетов и педагогических институтов. Москва, 1956.

(обратно)

40

В.Красоўскі. Аб мове газет. «Літаратура і Мастацтва», № 40, 18.05.1957.

(обратно)

41

Я.Скрыган. Яшчэ трохі аб мове. «Літаратура і Мастацтва», № 4, 12.01.1962.

(обратно)

42

Я.Скрыган. Тамсама.

(обратно)

43

Я.Скрыган. Думкі аб мове. «Літаратура і Мастацтва», № 15, 20.02.1957.

(обратно)

44

Анатоль Аксамітаў. Мова - душа народу. «Маладосць», № 9 (79), 1959, б. 139.

(обратно)

45

М.Крукоўскі. Рускі лексічны ўплыў.

(обратно)

46

М.Крукоўскі. Рускі лексічны ўплыў, б. 90.

(обратно)

47

Я.Станкевіч. Русско-Белорусский Словарь 1953 г. Рэц. «Беларускі Зборнік» Інстытуту Вывучэньня СССР, № 7, Мюнхэн, 1957, б. 165.

(обратно)

48

М.Каммари, тамсама, б. 72.

(обратно)

49

И.К.Белодед, А.С.Мельничук. Вопросы развития национальных языков в период перехода от социализма к коммунизму. «Вопросы языкознания», № 5, Москва, 1959, б. 11.

(обратно)

50

М.Крукоўскі. У кнізе «Фарміраванне і развіцьцё беларускай сацыялістычнай нацыі», б. 122.

(обратно)

51

«Літаратура і Мастацтва», № 38, 11.05.1957.

(обратно)

52

М.Крукоўскі. Рускі лексічны ўплыў, б. 163.

(обратно)

53

А.Аксамітаў, тамсама, б. 140.

(обратно)

54

М.Крукоўскі. Рускі лексічны ўплыў, б. 163.

(обратно)

55

Алесь Беразьняк. Убітым шляхам сацыялістычнага рэалізму. «Беларускі Зборнік» Інстытуту Вывучэньня СССР, № 7, Мюнхэн, 1957, б. 36.

(обратно)

56

В.Красоўскі. Аб мове газет. «Літаратура і Мастацтва», № 40, 18.05.1957.

(обратно)

57

Ф.Янкоўскі. Абыякавасць да роднага слова. «Літаратура і Мастацтва», № 38, 11.05.1957.

(обратно)

58

Я.Скрыган. Думкі аб мове. Тамсама.

(обратно)

59

Тамсама.

(обратно)

60

А.Адамовіч. Багацце творчых індывідуальнасцяў. «Літаратура і Мастацтва», № 21, 13.03.1957.

(обратно)

61

Тамсама.

(обратно)

62

«Літаратура і Мастацтва», № 88, 02.11.1957.

(обратно)

63

«Літаратура і Мастацтва», № 8, 25.01.1958.

(обратно)

64

«Полымя», № 3, 1960, б. 159.

(обратно)

65

«Літаратура і Мастацтва», № 34, 27.04.1957.

(обратно)

66

Ул.Юрэвіч. Мастацкае слова па радыё. «Літаратура і Мастацтва», № 6, 22.02.1961.

(обратно)

67

Я.Станкевіч. Доля мовы беларускае (яе вонкашняя гісторыя) ў розныя перыяды гісторыі Беларусі. «Веда», № 1 (28), Нью-Ёрк, 1954, б. 5.

(обратно)

68

Тамсама, б. 6.

(обратно)

69

М.Каммари, тамсама, б. 72.

(обратно)

70

R.Smal-Stocki, тамсама, б. 88, 108-122, 134 і нас.

(обратно)

71

М.Крукоўскі. Рускі лексічны ўплыў, б. 90.

(обратно)

Оглавление

  • Станіслаў Станкевіч Русіфікацыя беларускае мовы ў БССР і супраціў русіфікацыйнаму працэсу
  • «Дзеля беларускасьці беларускае мовы»
  • Русіфікацыя беларускае мовы ў БССР і супраціў русіфікацыйнаму працэсу
  • Звужэньне сфэры ўжываньня беларускай мовы
  • Савецкая беларуская літаратурная мова
  •   Русіцызмы ў галіне марфалёгіі
  •   Русіцызмы ў сынтаксе
  •   Фразэалёгія й ідыёматычныя выразы
  •   Русіцызмы ў галіне слоўніцтва
  •     А. Словы з рознымі ў абедзьвюх мовах каранямі
  •     Б. Словы із супольнымі каранямі, але з расейскай структурай
  •     В. Беларускія словы з расейскім значаньнем
  • Мова мастацкае літаратуры
  • Пісьменнікі ў абароне мовы Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

    Комментарии к книге «Русіфікацыя беларускае мовы ў БССР і супраціў русіфікацыйнаму працэсу», Станіслаў Станкевіч

    Всего 0 комментариев

    Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

    РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

    Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства