«Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.»

1179

Описание

Доўгі час гісторыя Беларусі разглядалася скрозь прызму гісторыі Pacii. Вядомы беларускі гісторык, прафесар, грамадскі дзеяч Анатоль Грыцкевіч адраджае праўдзівую айчынную гісторыю, якая разам з беларускай мовай складае аснову нацыянальнай дзяржаўнасці беларусаў. Kнігa «Старонкі нашай мінуўшчыны» — зборнік унікальных артыкулаў пра знакавыя асобы i падзеі нашай гісторыі. Артыкулы напісаны грунтоўна i займальна i будуць цікавыя шырокаму колу чытачоў — ад аматараў гісторыі да навукоўцаў.



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы. (fb2) - Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы. 3179K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Анатолий Петрович Грицкевич

ЗВЕСТКІ ПРА АЎТАРА

Анатоль Пятровіч Грыцкевіч (нар. 31.01.1929, Менск), беларускі гісторык. Скончыў Менскі дзяржаўны медыцынскі інстытут (1950), Менскі педагагічны інстытут замежных моў (1955), гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта (завочна, 1958). Некалькі гадоў працаваў лекарам на Беларускай чыгунцы. У 1959-1975 гг. быў навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР, з 1975 г. працуе ў Менскім інстытуце культуры (з 1992 г. - Беларускі універсітэт культуры і мастацтваў). У 1975-2006 гг. загадваў кафедрай гісторыі Беларусі і музеязнаўства, з 2006 г. - прафесар кафедры. У 1996-2000 гг. узначальваў недзяржаўны Інстытут Цэнтральнай і Усходняй Еўропы (да яго закрыцця ўладамі).

Доктар гістарычных навук (1986), прафесар (1987), правадзейны сябар Міжнароднай Акадэміі навук Еўразіі (з 1999), ганаровы сябар МГА «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына»», ганаровы сябар Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, сябар Маскоўскага гісторыка-радаводнага таварыства (з 1990), ганаровы сябар Таварыства беларускай культуры ў Летуве, ганаровы сябар культурна-асветніцкага клуба «Спадчына».

Адзін з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту (19 кастрычніка 1988 г.) і Таварыства беларускай мовы (1989). Прэзідэнт МГА «ЗБС «Бацькаўшчына» ў 2001-2005 гг.

Даследчык гісторыі Беларусі феадальнага перыяду, прыватнаўладальніцкіх гарадоў на Беларусі і Летуве, гістарыяграфіі Беларусі. Аўтар публікацый па гісторыі шляхецкага саслоўя, генеалогіі беларускай шляхты (у т.л. Адама Міцкевіча і Ігната Дамейкі) і ўласнага радаводу. Даследаваў (яшчэ з савецкіх часоў) гісторыю праваслаўнай, каталіцкай і ўніяцкай цэркваў, пратэстантызму ― упершыню ў беларускай гістарыяграфіі.

Даследуе гісторыю нацыянальна-вызвольнай барацьбы беларускага народа ў 1918-1920 гг. Упершыню ў гістарыяграфіі Беларусі навукова даследаваў гісторыю Слуцкага збройнага чыну і паходу генерала С. Н. Булак-Балаховіча на Палессе. Аўтар гістарычных нарысаў па гісторыі Слуцка і Случчыны, адкуль паходзіць яго род.

Даследуе гісторыю расійска-польскай вайны 1919-1920 гг.

Аўтар 7 манаграфій і больш як 1300 навуковых артыкулаў, улічваючы і артыкулы ў энцыклапедыях.

У 2008 г. узнагароджаны дыпломам «Пшэглёнду Всходнего» імя Аляксандра Гейштара ў Варшаўскім універсітэце за шматгадовую арганізацыйную дзейнасць у асяроддзі беларускіх гісторыкаў. У 1998 г. міжнародным Кембрыджскім біяграфічным цэнтрам за навуковыя дасягненні прызнаны Чалавекам года. Выступае на міжнародных навуковых канферэнцыях у Рыме, Парыжы, Лондане, Будапешце, Кракаве, Варшаве, Вільні і Санкт-Пецярбургу.

Прамова ад "выдаўца"

На жаль, я не здолеў знайсці кнігу «Старонкі нашай мінуўшчыны. Анатоль Грыцкевіч. — Мінск: Кнігазбор, 2009». Не атрымалася і цалкам сабраць па частках з розных сайтаў. Затое ў дадзены варыянт ўвайшлі артыкулы, якіх няма ў арыгінале.

Велізарная падзяка сайтам /, /, /, -sluck.by/ і інш., чые матэрыялы выкарыстаны пры падрыхтоўцы.

Крыху пра фармулёўкі.

Часта ў гістарычных артыкулах і кнігах можна сустрэць фразы накшталт: «...у 1514 г. пад Оршай літоўсКА-беларускАЕ войска пабіла расейскае (ці рускае) войска...» ― і пачынаецца вялікая блытаніна...

Першае: Расейская Імперыя (Расія) з'явілася на карце свету высілкамі Пятра І толькі ў ХVIII стагоддзі, замяніўшы Вялікае княства Маскоўскае (Масковію), жыхары якога былі не расейцамі, а маскавітамі (маскалямі). А рускімі (русінамі) у той час звалі жыхароў сучаснай Украіны і часткі сучаснай Беларусі. Так што пабіта было менавіта маскоўскае войска (войска Вялікага княства Маскоўскага).

Другое: «літоўсКА-беларускАЯ» мяркуе ўдзел літоўцаў і беларусаў, а тут таксама ўсе няпроста.

Белай Руссю звалі свае ўладанні менавіта маскоўскія князі і цары. Усходняя частка ВКЛ стане Беларуссю пасля падзелу гэтай даўнейшай дзяржавы ў XVIII стагоддзі.

Літоўцамі (ліцьвінамі) клікаліся жыхары цэнтральнай і заходняй часткі сучаснай Беларусі (плюс Вільнюская вобласць рэспублікі Летува), дый усё, хто жыў у ВКЛ.

Так што «...у 1514 г. пад Оршай літоўскАЕ-беларускАЕ войска пабіла маскоўскае войска...» ― пэўна што, будзе слушней. Чаму не проста «літоўскае», а «літоўскае-беларускае»? Каб падкрэсліць гістарычную спадчыну: не жамойцкае ― продкаў большай часткі жыхароў сучаснай рэспублікі Летува, а літоўскае ― продкаў большай часткі жыхароў сучаснай рэспублікі Беларусь.

Гэта ня толькі мая асабістая думка, так лічаць многія сучасныя гісторыкі, якія, мяркую, з часам дэталёва разбяруцца ў гэтым спрэчным і слабавывучаным пытанні.

А пакуль я дазволіў сабе ўдакладніць фармулёўкі шаноўнага аўтара ў адпаведнасці з вышэйпрыведзенымі меркаваннямі.

З павагай да аўтара і чытачоў ― Polochanin72.

СЛАВУТЫЯ АСОБЫ

Іван Багданавіч Сапега (каля 1480–1546)

Ужо ў канцы XV ст. у палітычным жыцці Літоўскай-Беларускай дзяржавы ўсё большае значэнне набывае род Сапегаў, прадстаўнікі якога на працягу XV–XVIII стст. стала займаюць вышэйшыя дзяржаўныя, адміністрацыйныя і вайсковыя пасады. Сапегі лічыліся другім па значэнні (пасля Радзівілаў) магнацкім родам Вялікага Княства Літоўскага, маючы вялікія латыфундыі, свае гарады і мястэчкі, уласнае войска. Гэтае прыватнае войска складалася са службовай шляхты, выбранцаў і іншых вайсковых людзей, якія атрымлівалі як васалы ўчасткі зямлі з адным абавязкам — хадзіць у паходы ці абараняць крэпасці.

Род Сапегаў па паходжанні беларускі, і напачатку Сапегі былі праваслаўнымі магнатамі. У другой палове XVI ст. частка прадстаўнікоў роду далучылася да Рэфармацыі і стала пратэстантамі (кальвіністамі). Аднак ужо ў канцы XVI ст., падчас Контррэфармацыі, Сапегі прынялі каталіцтва. У гэты час род Сапегаў у значнай ступені паланізаваўся. У канцы XVII–XVIII ст., падчас жорсткай барацьбы за ўладу ў Вялікім Княстве Літоўскім супраць большасці шляхты, Сапегі нават спрабавалі ўтварыць самастойную дзяржаву, аддзяліўшыся ад Польшчы, якая з XVI ст. уваходзіла разам з Літоўскай-Беларускай дзяржавай у склад федэратыўнай дзяржавы Рэчы Паспалітай. Калі род Сапегаў знаходзіўся ў зеніце сваёй магутнасці, у XVII–XVIII стст. пачалі стварацца і друкавацца радаводы роду Сапегаў. Каб надаць роду большую павагу і аўтарытэт, складальнікі радаводаў, зразумела, са згоды Сапегаў, сцвярджалі пра быццам княжацкае паходжанне роду ад Нарымонта, сына Гедыміна. У XVIII–XIX стст. некаторыя даследчыкі выводзілі род Сапегаў ад троцкага кашталяна Сунігайлы, нібыта праўнука Нарымонта. Да гэтага сцвярджэння крытычна паставіліся польскія даследчыкі у галіне генеалогіі канца ХІХ ст. А. Банецкі і Ю. Вольф, а таксама гісторык першай паловы XX ст. У. Сямковіч. Яны ў сваіх даследаваннях даказалі, што Сапегі паходзяць ад Сямёна Сапегі (Сапігі), велікакняжацкага пісара ў 1440-х гг., з полацкіх баяраў. Першапачаткова вялікія маёнткі Сапегаў знаходзіліся ў Смаленскай зямлі (Ельня, Гарадзішча, Апакоў). У пачатку XVI ст. Смаленская зямля была страчана падчас войнаў Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім. Аднак Сапегі атрымалі і набылі новыя маёнткі на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Магнацкі род Сапегаў карыстаўся гербам «Ліс» — белая, павернутая ўгару вастрыём і двойчы перакрыжаваная, страла ў чырвоным полі.

У сыноў родапачынальніка Сямёна Сапегі засталіся асноўныя маёнткі на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Так, у пісара гаспадарскага 1488 г. Багдана Сямёнавіча Сапегі (да 1450 - пасля 1512) асноўныя маёнткі былі на Віцебшчыне і Полаччыне, якія склалі ядро сапегаўскіх латыфундый (11 маёнткаў), а ў яго брата Івана Сямёнавіча (каля 1450–1517) таксама пісара гаспадарскага Казіміра Ягайлавіча з 1488 г. (пасля брата) і ваяводы падляшскага ў 1511–1515 гг., маёнткі былі на Браслаўшчыне, Падляшшы і Берасцейшчыне. Багдан Сапега стаў пачынальнікам адной з галоўных ліній роду — чарэйска-ружанскай, а Іван Сапега — другой лініі — коданьскай (дадатковая назва гэтай лініі ў некаторых даследчыкаў — «северская» — з'яўляецца памылковай). Памылковыя таксама звесткі пра наданне роду Сапегаў графскага тытула ад германскага імператара Максіміліяна II 6 студзеня 1572 г. і пацвярджэнне гэтага тытула Жыгімонтам II Аўгустам 4 мая 1572 г. Гэтыя фальсіфікаваныя дакументы былі ўпісаны ў метрыку Вялікага Княства Літоўскага ў 1744 г. канцлерам Янам Фрыдэрыкам Сапегам і, такім чынам, сталі дзяржаўнымі дакументамі, на якія потым можна было спасылацца. Толькі 14 верасня 1700 г. германскі імператар Леапольд I, каб узмацніць свой уплыў у Рэчы Паспалітай, надаў прадстаўнікам чарэйскай-ружанскай лініі роду Сапегаў тытул князёў Свяшчэннай Рымскай імперыі германскай нацыі (Германскай імперыі).

Адным з першых прадстаўнікоў роду Сапегаў, дзейнасць якога была запісана ў Метрыцы Вялікага Княства Літоўскага і тагачасных хроніках, быў Іван Багданавіч Сапега, сын Багдана Сямёнавіча, старэйшага сына родапачынальніка Сямёна Сапегі, і князёўны Фядоры Фёдараўны Друцкай-Саколінскай (памерла ў 1519 ці ў 1522 г.), якая ўнесла ў род Сапегаў вялікі маёнтак ў Чарэі. Іван Багданавіч Сапега быў пляменнікам Івана Сямёнавіча Сапегі (якога часта запісвалі ў дакументах як Івашка Сапежыч) і карыстаўся падтрымкай як свайго бацькі, так і ўплывовага дзядзькі.

Іван Багданавіч Сапега пачаў службу пры гаспадарскім (велікакняжацкім двары) яшчэ ў час панавання Аляксандра Казіміравіча. Як гэта звычайна было ў феадальны час, характар службы меў спадчынны характар. І. Б. Сапега, як яго дзед, бацька і дзядзька, значнаю частку часу аддаваў службе ў канцылярыі вялікага князя, быў добра дасведчаны ў падрыхтоўцы дзяржаўных дакументаў, іх выдачы, назапашванні архіва (Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага), ведаў правілы дакументацыі (зразумела, уся перапіска ўнутры дзяржавы, часткова і ў дыпламатыі, вялася на беларускай мове). Гэтая служба не перашкаджала і дзяржаўнай кіраўнічай дзейнасці.

Першай самастойнай пасадай маладога Івана Багданавіча Сапегі была адміністрацыйная пасада намесніка (кіраўніка мясцовай велікакняжацкай адміністрацыі) юрборкскага ў Жамойціі, якую ён заняў у 1502 г. У 1505 г. ён быў прызначаны на пасаду намесніка бранскага (у Падляшскім ваяводстве). У 1508–1515 гг. да таго ж ён быў гараднічым троцкім і меў абавязак даглядаць замак у Троках.

Пасля ўзыходжання на велікакняжацкі трон Жыгімонта Казіміравіча (Жыгімонта Старога) у 1507–1516 гг. Іван Багданавіч Сапега займаў пасаду пісара гаспадарскага (велікакняжацкага), якую ў 1471–1488 гг. займаў яго бацька Багдан Сямёнавіч, а ў 1488–1501 гг. — яго дзядзька Іван Сямёнавіч. Дзядзька і далей захоўваў свае найвышэйшыя пісарскія функцыі: у 1506 г. быў прызначаны найвышэйшым сакратаром Вялікага Княства Літоўскага.

Як бацька і дзядзька, Іван Багданавіч Сапега выконваў і дыпламатычныя функцыі, удзельнічаў у пасольствах. Гаспадарская канцылярыя шмат у чым выконвала функцыі ведамства па замежных сувязях. Менавіта адсюль накіроўваліся пасольствы з адпаведнымі інструкцыямі, праектамі дагавораў дыпламатычнымі прапановамі замежным дварам. Пастаянных пасольстваў у замежных сталіцах тады яшчэ не было. За мяжу накіроўваліся пасольствы з канкрэтнымі місіямі і пасля заканчэння місіі вярталіся назад.

Іван Багданавіч ездзіў паслом за мяжу некалькі разоў. Так, ён быў паслом ў Маскоўскім вялікім княстве ў 1508, 1531–1532 і ў 1536 гг., у Турцыі ў 1534 г., у Польшчы.

У верасні 1508 г. Іван Багданавіч Сапега — пісар (сакратар) пасольства ў Маскве, дзе вёў пратакол перагавораў з маскоўскімі баярамі аб міры. У выніку перагавораў 19 верасня 1508 г. быў заключаны «вечны мір», якім скончылася вайна 1507–1508 гг. паміж абодвума вялікімі княствамі. Дзяржаўныя межы засталіся такімі ж, якімі былі да вайны. Падчас гэтых перагавораў Іван Сямёнавіч Сапега, які ўдзельнічаў у пасольстве, і сам Іван Багданавіч Сапега дамагліся вызвалення з маскоўскага палону свайго брата і бацькі — Багдана Сямёнавіча Сапегі, які быў кіраўніком ранейшага пасольства ў Маскве ў 1507 г. і быў там затрыманы, калі пачалася вайна. За вызваленне Багдана Сапегі пасольства Вялікага Княства Літоўскага дало згоду на свабодны выезд у Маскву з ВКЛ сваякоў князя Міхаіла Львовіча Глінскага, які падчас вайны перайшоў на бок маскоўскага вялікага князя Васіля III.

Паколькі Іван Багданавіч Сапега ўваходзіў у вузкае кола вышэйшай бюракратыі і карыстаўся даверам вялікага князя Жыгімонта Казіміравіча (Жыгімонта Старога), то выконваў далікатныя даручэнні гаспадара (вялікага князя), у тым ліку разглядаў судовыя справы гаспадарча-ўласніцкага характару пра спадчыннасць маёнткаў якія вяліся паміж магнатамі, заможнай і сярэдняй шляхтай. Іван Сапега складаў дакументы, апісанні маёнткаў, разам з іншымі суддзямі ўстанаўліваў межы паміж маёнткамі. У той час, калі тэрыторыя ВКЛ была ў большасці пакрыта лясамі і пушчамі, насельніцтва было адносна рэдкім, а сталай дакументацыі на зямлю на месцах амаль не было, такая дзейнасць была складанай і адказнай.

Іван Багданавіч Сапега, якому падчас чарговай вайны Маскоўскай дзяржавы з Літоўскай-Беларускай дзяржавай 1512–1522 гг. было за 30 гадоў, удзельнічаў у гэтай вайне са сваімі атрадамі, якія выстаўлялі ў войска ўсе тагачасныя паны і баяры (шляхта), што мелі зямельныя ўладанні (з пэўнай нормай коннікаў ад колькасці зямлі).

Ранейшыя гісторыкі часам блыталі, у якіх падзеях удзельнічаў Іван Багданавіч Сапега, а ў якіх яго дзядзька — Іван Сямёнавіч Сапега. Аўтарка біяграфічных артыкулаў пра Івана Сямёнавіча Сапегу і Івана Багданавіча Сапегу (пляменніка) у польскім біяграфічным слоўніку (Т. 34. 1993) Марыя Міхалевічава адзначае, што ў Аршанскай бітве 8 верасня 1514 г. удзельнічаў Іван Сямёнавіч Сапега са сваімі атрадамі, a ў біяграфіі Івана Багданавіча Сапегі абмінае факт яго ўдзелу ў гэтай бітве. Гэтая памылка паўтараецца ў іншых выданнях.

Аднак трэба адзначыць, што Івану Сямёнавічу Сапегу ў 1514 г. было па меншай меры 65 гадоў. Нават і ў наш час у такім узросце ў войску ўжо не служаць. А ў пачатку XVI ст. ваяваць на кані, удзельнічаць у атаках, камандаваць войскам было вельмі цяжка, а часам, улічваючы гады і хваробы гэтага ўзросту, і немагчыма. Ды і памёр Іван Сямёнавіч Сапега ў 1517 г. Таму слушна будзе казаць пра ўдзел у вайне Івана Багданавіча Сапегі, які быў гадоў на 30 маладзейшы за свайго дзядзьку.

Таму слушна будзе прызнаць, што ў кампаніі 1514 г. і ў Аршанскай бітве ўдзельнічаў Іван Багданавіч Сапега, як адзначана ў нашых артыкулах ў часопісе «Спадчына» (1992, № 6) і 1-м томе «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі». Гэтае меркаванне падмацоўваецца сведчаннем храніста Мацея Стрыйкоўскага, які ў сваёй «Хроніцы польскай, літоўскай, жмудзкай і ўсёй Русі Кіеўскай…» (Каралявец, 1582. С. 726) прама кажа пра ўдзел у баях напярэдадні Аршанскай бітвы «Івана Сапегі, які быў потым ваяводам віцебскім». Вядома, што дзядзька, Іван Сямёнавіч Сапега, быў ваяводам віцебскім у 1511–1513 гг., а потым, у 1513 г., атрымаў ад вялікага князя больш высокую пасаду ваяводы падляшскага, на якой заставаўся да канца жыцця. У Вялікім Княстве Літоўскім пасады ваяводы мелі розныя ступені прэстыжнасці, і ваяводаў падвышалі, пераводзячы з малых ступеняў на больш высокія.

Іван Багданавіч Сапега (пляменнік) атрымаў прызначэнне на пасаду віцебскага ваяводы ў 1520 г. (як пішацца ў «Хроніцы…», быў ваяводам віцебскім «потым») і займаў гэтую пасаду да 1529 г., калі быў пераведзены на пасаду падляшскага ваяводы і займаў яе да канца жыцця.

За некалькі дзён да Аршанскай бітвы войска гетмана найвышэйшага князя Канстанціна Іванавіча Астрожскага наступала пад Оршу з Барысава, дзе знаходзілася стаўка вялікага князя Жыгімонта. У авангардзе войска К. I. Астрожскага ішлі атрады пад камандаваннем Івана Багданавіча Сапегі. Першы бой арміі Канстанціна Астрожскага з непрыяцелем адбыўся на левым беразе Бярэзіны пры пераправе яго войска. Папярэдне, 27 жніўня 1514 г., артылерыйскай стральбой з гармат і гакаўніц (пішчаляў) былі нанесены значныя страты непрыяцелю. Гэтай часткай войска К. I. Астрожскага камандаваў Іван Багданавіч Сапега. Двойчы атакавалі ворага коннікі Івана Сапегі. У выніку атакі некалькі палкоў маскоўскага войска былі разбіты.

На наступны дзень, 28 жніўня, гэты авангард арміі К. Астрожскага нанёс паражэнне маскоўскаму палку перадавой стражы ўжо на рацэ Бобр. У баі было ўзята шмат палонных, якіх прывялі да гетмана Канстанціна Астрожскага, каб яны расказалі пра сілы і планы праціўніка. 1 верасня 1514 г. авангард войска Івана Багданавіча Сапегі нанёс паражэнне тром маскоўскім палкам. У баі было забіта некалькі соцень чалавек, ўзмацніўся баявы дух літоўскага-беларускага войска. Іван Багданавіч Сапега са сваімі коннікамі ўдзельнічаў у пераможнай бітве пад Оршай 8 верасня 1514 г. у шэрагах атрадаў, якімі непасрэдна камандаваў гетман Канстанцін Астрожскі.

Іван Сапега працягваў службовую кар'еру далей. У 1515 г. ён быў прызначаны на пасаду маршалка гаспадарскага, прыдворнага ўрадніка (чыноўніка). Выконваў спецыяльныя даручэнні вялікага князя (гаспадара) і кіраваў пэўнымі прыдворнымі службамі. Гэта сведчыла аб даверы вялікага князя і давала доступ да далейшых пасадаў. У 1520 г. Іван Багданавіч Сапега атрымаў намінацыю на пасаду віцебскага ваяводы. У гэты ж час ён ажаніўся з князёўнай Ганнай Андрэеўнай Сангушкай (памерла ў 1561 г.), дачкой старасты ўладзімірскага, а пасля і маршалка Валынскай зямлі. Улетку 1529 г. Іван Сапега быў прызначаны вялікім князем Жыгімонтам Старым на пасаду падляшскага ваяводы. Тады ж, у 1529 г., стаў і старастам драгічынскім.

У палітычных адносінах Іван Багданавіч Сапега належаў да групоўкі магнатаў Літоўскай-Беларускай дзяржавы — прыхільнікаў дзяржаўнай уніі з Польшчай. Гэтую групоўку ўзначальваў аўтарытэтны дзяржаўны дзеяч, гетман найвышэйшы і ваявода троцкі Канстанцін Іванавіч Астрожскі. Групоўка К. I. Астрожскага супрацьстаяла іншай магнацкай групоўцы, якая ўзначальвалася ваяводам віленскім і канцлерам Вялікага Княства Літоўскага Альбрэхтам Гаштольдам, прыхільнікам поўнага аддзялення дзяржавы ад саюзнага Польскага каралеўства, дзе каралём быў Жыгімонт Стары, вялікі князь літоўскі.

Групоўка А. Гаштольда на сойме Вялікага Княства Літоўскага ў Вільні 4 снежня 1522 г. дамаглася прызнання двухгадовага сына вялікага князя — Жыгімонта Аўгуста — вялікім князем літоўскім у выпадку смерці бацькі; так бы мовіць, абралі хлопчыка, насуперак звычаю, наперад, а не пасля смерці вялікага князя. Зроблена гэта было для таго, каб Вялікае Княства захавала сваю самастойнасць, бо польскую шляхту змушалі, такім чынам, або прызнаць самастойную палітыку Літоўскай-Беларускай дзяржавы, або выбіраць у будучыні караля, якога ім ужо падрыхтаваў літоўскі-беларускі бок. Пры гэтым улічвалася і тое, што Жыгімонт Стары гадамі не прыязджаў у ВКЛ. Іван Сапега быў сярод актыўных дзеячаў, якія спрычыніліся да прыняцця на сойме акта аб спадчыннасці літоўскага трона для сына караля і вялікага князя.

Працягваючы гэтую ж лінію ў палітыцы, Іван Багданавіч Сапега быў адным з удзельнікаў абвяшчэння вялікім князем літоўскім, рускім і жамойцкім ужо 9-гадовага Жыгімонта Аўгуста на сойме Вялікага Княства Літоўскага 18 кастрычніка 1529 г. пры жыцці бацькі, г. зн. другім вялікім князем. Гэта дало магчымасць Жыгімонту Старому і яго жонцы Боне Сфорцы дамагчыся на польскім сойме абрання сына польскім каралём (таксама другім). Зразумела, рэальная ўлада ў абедзвюх дзяржавах засталася ў руках бацькі. Але была забяспечана пераемнасць улады ў межах адной дынастыі і нават сям'і.

Іван Багданавіч Сапега працягваў і дыпламатычную дзейнасць. Так, у лютым 1531 г. ён разам з біскупам жамойцкім Мікалаем Вежгайлам паехаў паслом у Польшчу. Ад імя паноў рады Вялікага Княства Літоўскага, найвышэйшага дзяржаўнага органа, які кіраваў краінай і асабліва набыў вагу, калі гадамі Жыгімонт Стары не прыязджаў у Вільню, абодва паслы — I. Б. Сапега і М. Вежгайла — адмовілі Польшчы ў вайсковай дапамозе ў вайне, якую тая рыхтавала супраць малдаўскага гаспадара Рарэша. Іван Сапега некалькі месяцаў знаходзіўся ў Кракаве, тагачаснай сталіцы Польшчы, і вырашаў з каралём справы сваёй краіны, падпісваў розныя дакументы з тытуламі «ваявода падляшскі, маршалак, стараста драгічынскі».

У Вільню Іван Сапега вярнуўся ў канцы лістапада, а ўжо ў снежні 1531 г. выехаў на чале пасольства ў Маскву для перагавораў з вялікім князем Васілём III. Паколькі ў ВКЛ была пашырана эпідэмія, то пасольства было затрымана ў Оршы (маскоўскія ўлады не дазволілі пераехаць мяжу) на каранцін. Толькі ў сакавіку 1532 г. яно прыбыло ў Маскву, дзе было прынята 17 сакавіка Васілём III. Мэтай пасольства было заключэнне перамір'я на пяць гадоў, што дало б магчымасць пасля заключыць трывалы мірны дагавор. Вайна паміж Маскоўскім вялікім княствам і Літоўскай-Беларускай дзяржавай 1512–1522 гг. закончылася перамір'ем 1522 г. Потым новае перамір'е было заключана ў 1526 г. яшчэ на 6 гадоў.

Пасольства Вялікага Княства Літоўскага цяпер прапанавала заключыць «вечны мір» пры ўмове, што Васіль III адмовіцца ад Чарнігава з навакольнай тэрыторыяй. Аднак Васіль III заявіў што ніякіх саступак рабіць не будзе, і згадзіўся заключыць перамір'е толькі на адзін год. Ён рыхтаваўся да новай вайны з Вялікім Княствам Літоўскім, намагаючыся заваяваць новыя землі для сваёй дзяржавы.

Перамір'е ў Маскве было падпісана 10 красавіка 1532 г. да свята Божага нараджэння наступнага 1533 г. Праўда, у 1533 г. вайна не ўзнавілася, бо Васіль III памёр на пачатку снежня 1533 г., і ў Маскве пачалася барацьба за трон паміж удавой Васіля III Аленай Глінскай і братамі яе мужа. Вайну давялося адкласці да 1535 г.

У красавіку 1534 г. Іван Сапега быў паслом ад Жыгімонта Старога да прускага герцага Альбрэхта ў справе адносін паміж Вільняй і Масквой. У 1536 г. Іван Сапега разам са старастам брацлаўскім Іллёй Астрожскім і кіеўскім ваяводам Андрэем Неміровічам зноў ездзіў у Маскву для заключэння міру, але беспаспяхова.

Ва ўнутранай палітыцы дзяржавы Іван Сапега браў таксама чынны ўдзел. У 1536 г. ён быў уключаны ў камісію па правядзенні аграрнай рэформы ў гаспадарскіх уладаннях, якія належалі да Драгічынскага павета. Яму было прадпісана правесці валочную памеру, г. зн. размеркаванне зямлі на валокі (валока — 21,37 га) з устанаўленнем аднастайных павіннасцяў насельніцтва на валоках. Іван Сапега праводзіў рэформу ў Путковіцах, Малмотках, Качэрках, Вінярах, Чэрных, дзе зямля была размеркавана на валокі, а сяляне гэтых сёлаў былі «асаджаны на чынш, абы выплату гаспадарскую давалі».

Улетку 1541 г. раптам Іван Багданавіч Сапега быў пазбаўлены пасадаў ваяводы падляшскага, старасты драгічынскага і маршалка гаспадарскага, арыштаваны і пасаджаны ў вязенне замка вышэйшага ў Вільні. Былі секвестраваныя (часова адабраныя) маёнткі. Справа I. Б. Сапегі няясная, бо яе дакументы ў Метрыцы Вялікага Княства Літоўскага адсутнічаюць. Як сцвярджаў каралеўскі сакратар біскуп Станіслаў Гозіюш, I. Сапегу арыштавалі быццам за тое, што ён даў прысягу каралеве Боне, «што знішчыць усіх кіраўнікоў Вялікага Княства Літоўскага». Але такое абвінавачванне, як і такога кшталту прысяга не мелі рэальнага грунту.

У снежні 1541 г. з просьбай аб вызваленні Івана Сапегі звярнуліся да паноў-рады ў Вільні дарадцы караля ў Кракаве. У Вільню спецыяльна прыехаў польскі магнат Станіслаў Тэнчынскі, сваяк I. Сапегі, прасіць аб яго вызваленні. Кароль Жыгімонт Стары даў згоду на вызваленне I. Сапегі, калі знойдзецца паручыцель. За Сапегу хадайнічаў і вялікі князь, 21-гадовы Жыгімонт Аўгуст. Хутчэй за ўсё, палітычныя праціўнікі арганізавалі абвінавачванне і арышт.

Прасядзеў у вязенні Іван Сапега да вясны 1542 г. Праўда, пасады, якія ён займаў раней, нікому не далі, але і яму не вярнулі. Толькі ў 1545 г. яму было вернута Драгічынскае староства і секвестраваныя маёнткі. Ён быў рэабілітаваны. У красавіку 1546 г. у Івана Сапегі быў яшчэ судовы працэс з-за маёнткаў ля Талачына. А каралеўскі прывілей ад 19 лістапада 1546 г. быў выдадзены ўжо яго жонцы і сынам. Івана Сапегі не было ўжо ў жывых.

Іван Багданавіч Сапега быў спадчыннікам бацькоўскіх маёнткаў на Віцебшчыне і Полаччыне і прадаўжальнікам чарэйска-ружанскай лініі роду Сапегаў. У 1530 г. пры падзеле маёнткаў паміж братамі ён захаваў гняздо роду — Чарэю. Ён набыў новыя маёнткі ў Віцебскім і Полацкім ваяводствах ў 20-я гг. XVI ст. з азёрамі, дзе разгарнуў рыбны промысел. I. Сапега меў маёнткі і ў іншых мясцовасцях, у тым ліку і ў Віленскім павеце. Падчас вопісу войска Вялікага Княства Літоўскага 1529 г. Сапега выставіў у войска са сваіх маёнткаў 36 коней. 1 вершнік у апалчэнне выстаўляўся, згодна з ухвалай Віленскага сойма 1528 г, ад 8 сялянскіх службаў. Звычайна ў службе было 2 і больш двароў. М. В. Доўнар-Запольскі лічыць, што ў службу ўваходзілі 3–4 «дымы» (двары). Такім чынам, у маёнтках Івана Сапегі было прыкладна да 1 тысячы сялянскіх двароў і болей. Асобна трэба лічыць староствы. Такім чынам, Іван Багданавіч Сапега належаў да магнатаў, самай вышэйшай групы шляхецкага саслоўя.

Ад шлюбу з Ганнай Сангушкай Іван Багданавіч Сапега меў чатырох сыноў і адну дачку. Старэйшы сын Лука памёр у 1545 г. Нашчадкаў не меў. Другі сын, Іван, які памёр у 1580 г., быў старастам драгічынскім. Ён быў жанаты з князёўнай Багданай Друцкай-Саколінскай (з галіны Канопля). Іх сынам быў знакаміты і славуты дзяржаўны дзеяч Леў Іванавіч Сапега. Трэці сын Івана Багданавіча Сапегі, Міхаіл Іванавіч (памёр пасля 1592 г.), быў дваранінам гаспадарскім (прыдворным), а з 1580 г. сакратаром каралеўскім у Стафана Баторыя. Чацвёрты сын, Павел (памёр у 1580 г.), меў тытул кашталяна кіеўскага з 1566 г., а таксама быў дзяржаўцам любецкім і перавальскім. Такім чынам, сыны Івана Багданавіча Сапегі займалі пасады сярэдняга маштабу ў адміністарцыі. Адзіная яго дачка, Соф'я, была замужам двойчы: першы раз за Лукашам Курапецкім, другі раз — за Рыгорам Валовічам, кашталянам наваградскім.

Сам Іван Багданавіч Сапега атрымаў у спадчыну ад бацькі ў Віцебскім ваяводстве маёнткі Сялец, Лемніца, Палонна (дзе пабудаваў замак), Рудомля. У набытым маёнтку Астроўна пабудаваў замак. У год смерці Івана Багданавіча Сапегі (1546) яго ўдава і сыны Іван, Міхаіл і Павел атрымалі прывілей вялікага князя на ўвядзенне таргоў і корчмаў у маёнтках Палонна, Лемніца і Востраў і ўтварэнні там мястэчак з поўнымі ільготамі для іх насельніцтва. Гэта сведчыла пра пэўную ўжо колькасць насельніцтва ў гэтых мясцінах і неабходнасць стварэння лакальных рынкаў.

Стафан Баторый (1533–1586)

Стафан Баторый — кароль польскі і вялікі князь літоўскі, рускі і жамойцкі з'яўляецца адной з найбольш вядомых і значных асоб у гісторыі Беларусі XVI ст. Гэта быў чалавек незвычайнага лёсу, імя і прозвішча якога гучала па-рознаму ў трох краінах, дзе ён панаваў. Каралём у Рэчы Паспалітай ён быў толькі дзесяць гадоў. Але за час свайго панавання ў Польшчы і Літоўскай-Беларускай дзяржаве, аб'яднаных тады ў федэратыўную Рэч Паспалітую, ён праславіўся як палкаводзец, дыпламат, рэфарматар і мецэнат навукі і культуры.

Баторый у Сяміграддзі

Сапраўднае імя і прозвішча Стафана Баторыя — Іштван Батары або, як правільна будзе па-венгерску, — Батары Іштван, бо ў мадзьяраў спачатку пішацца прозвішча, а потым імя (так бы мовіць, назва роду больш галоўная, чым асабістае імя).

Паходзіў ён з даўняга венгерскага магнацкага роду ў Сяміграддзі (або Трансільваніі), якая ў той час была самастойнай краінай, асобнай ад Венгрыі, але ўжо падпарадкаваная турэцкаму султану як васальная дзяржава. У Сяміграддзі (назва ад сямі гарадоў) жыло змешанае насельніцтва: венгры, румыны і немцы. Род Баторыяў меў дзве галоўныя лініі. Стафан нарадзіўся ў сям'і з лініі Шомлё, якая валодала латыфундыямі ў вобласці Крышана, недалёка ад сучаснай дзяржаўнай мяжы Румыніі з Венгрыяй. Цэнтрам латыфундый роду Баторыяў быў гарадок Шомлё (цяпер па-румынску Сімлеўл Сільваней). Род Баторыяў з Шомлё валодаў у ваколіцы 35 мястэчкамі і вёскамі.

У замку Шомлё 27 верасня 1533 г. нарадзіўся Батары Іштван. Ён быў аднагодкам маскоўскага цара Івана Жахлівага, з якім потым ваяваў. Іштван быў трэцім, апошнім сынам Іштвана Батары, ваяводы (князя) Сяміграддзя, якое займала большую частку сучаснай Румыніі. Бацька праз год пасля нараджэння сына памёр. У маладыя гады Іштван выхоўваўся ў Вене пры двары рымска-германскага імператара (Свяшчэннай Рымскай імперыі) і караля Венгрыі Фердынанда I Габсбурга, дзе ягоны старэйшы брат Андрэй займаў высокую пасаду гофмайстра венгерскай кароны.

Тут ён атрымаў і адукацыю. Некаторы час вучыўся ў Падуанскім універсітэце ў Італіі, дзе ў свой час Францішак Скарына абараніў доктарскую дысертацыю. У Вене ён пачаў называцца Стафанам Баторыем. Стафан Баторый добра размаўляў на нямецкай, лацінскай, італьянскай і, зразумела, венгерскай мовах. А вось па-польску і па-беларуску ён гаварыць так і не навучыўся. Калі быў абраны каралём Рэчы Паспалітай, то тут ён гаварыў з мясцовымі жыхарамі на лацінскай мове альбо праз перакладчыка.

Пасля вучобы ў Італіі Баторый вяртаецца на радзіму, дзе разгарэлася барацьба часткі венгерскіх магнатаў на чале з прэтэндэнтам на каралеўскі трон Венгрыі Янам Жыгімонтам Заполья (ягоны бацька некаторы час быў венгерскім каралём) супраць германскага імператара. Малады Баторый падтрымаў Заполья, удзельнічаў у бітвах, набыў вопыт адміністратара і дыпламата. Баторый быў накіраваны на чале пасольства ў Вену на мірныя перагаворы з імператарам, але падчас перамоў па загаду імператара Максіміліяна II быў арыштаваны і інтэрнаваны ў Вене на працягу двух гадоў. Атрымаўшы свабоду, ён вярнуўся дадому і пасля смерці князя Трансільваніі Яна Жыгімонта 25 мая 1571 г. быў абраны на сойме князем Трансільваніі (Сяміграддзя), нягледзячы на супрацьдзеянне імператарскага двара. Але пасля войнаў Трансільванія была аслаблена і вымушана была прызнаць васальную залежнасць адначасова ад імператара (ён жа кароль Венгрыі) і ад турэцкага султана. Каб аказваць супраціўленне Габсбургам і султану, Баторый наладзіў добрыя стасункі з Рэччу Паспалітай і польскімі магнатамі.

Абранне каралём і вялікім князем

У гэты час (у 1574 г.) з Кракава ў Парыж патаемна ўцёк кароль польскі і вялікі князь літоўскі Генрых Француз (Валуа), каб заняць французскі трон пасля смерці свайго старэйшага брата Карла IX. Пагоня, арганізаваная польскімі магнатамі з мэтай затрымаць караля і сілаю вярнуць яго на трон, не паспела перахапіць уцекача. Ён паспяхова дабраўся да Парыжа, дзе стаў каралём Францыі Генрыхам III (апошнім з дынастыі Валуа). Трон у тагачаснай сталіцы Рэчы Паспалітай застаўся вакантным. Трэба было выбіраць новага караля. А на ўсходніх і паўночных межах ВКЛ працягвала існаваць пагроза з боку Масквы.

Кароль у Рэчы Паспалітай, у адрозненне ад многіх еўрапейскіх краін, дзе каралеўская ўлада была спадчыннай, выбіраўся толькі пажыццёва соймам, дзе асноўныя пазіцыі займала шляхта, а не магнаты. Большасць магнатаў Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага, а таксама сената была супраць кандыдатуры Баторыя, жадаючы мець каралём імператара Максіміліяна II, які быў далёка ў Вене і наязджаў бы ў краіну рэдка, а яны тады бесперашкодна кіравалі б дзяржавай. Кандыдатуру Баторыя падтрымалі уплывовы магнат Замойскі, сярэдне- і дробнамаянтковая шляхта. Дэпутаты ад Вялікага Княства Літоўскага ахвотна падтрымалі кандыдатуру Стафана Баторыя, бо ў гэты час вялася цяжкая барацьба з Маскоўскай дзяржавай і трэба было ратаваць Літву-Беларусь, а разам з ёю свае маёнткі ад бязлітасных воінаў Івана Жахлівага, якія захапілі Полацк, самы вялікі горад ВКЛ, рабавалі і знішчалі насельніцтва. Шляхце быў патрэбны спрактыкаваны палкаводзец і дыпламат. 12 снежня 1575 г. элекцыйны (выбарчы) сойм абраў Стафана Баторыя каралём Польшчы і вялікім князем Літоўскай-Беларускай дзяржавы.

Але нежанатаму Баторыю, якому было 44 гады, сойм паставіў абавязкам ажаніцца з каралеўнай Ганнай, дачкой караля і вялікага князя Жыгімонта Старога і сястрой апошняга з роду Ягелонаў Жыгімонта Аўгуста. Такім чынам як бы законна працягвалася панаванне дынастыі Ягелонаў. Баторый вымушаны быў прыняць гэтыя цяжкія ўмовы.

Ганна Ягелонка ніколі не была замужам, а ёй было ажно 54 гады. Але карона так вабіла Баторыя, што ён згадзіўся. Вядома, чакаць дзяцей ад гэтага шлюбу было дарэмна.

Стафан Баторый перад ад'ездам у Кракаў пераканаў трансільванскі сойм выбраць новым князем Трансільваніі ягонага старэйшага брата Крыстофа. Пасля гэтага ён назаўсёды пакінуў радзіму.

Баторый у Польшчы і Вялікім Княстве

Баторый прыехаў у тагачасную сталіцу Польшчы Кракаў. 29 красавіка 1576 г. ён быў каранаваны ў каралеўскім замку Вавель, а 1 мая ажаніўся з Ганнай. Але акрамя гэтай асалоды — каранацыі, трэба было яшчэ замацаваць сваё панаванне. Яшчэ шмат месяцаў у Польшчы ішла збройная барацьба з апазіцыяй, прыхільнікамі імператара Максіміліяна II. Супраціўленне аказаў і горад Гданьск. Толькі ў 1577 г. пасля паразы атрадаў, нанятых багатымі гараджанамі Гданьска, улада караля была прызнана апазіцыяй.

Пасля гэтага Стафан Баторый мусіў звярнуць увагу на адносіны з Маскоўскай дзяржавай. Іван IV Жахлівы, выкарыстаўшы палітычнае становішча ў Рэчы Паспалітай, занятай выбарамі караля, пачаў новы наступ у Лівоніі, авалодаў тэрыторыяй ад ваколіц Рыгі да Дынабурга (Даўгаўпілса) — усёй усходняй часткай цяперашняй Латвіі і паўднёвай часткай Эстоніі. Новая пагроза навісла над Вялікім Княствам Літоўскім. Сабраўшы войска і атрымаўшы грошы на вядзенне вайны, Стафан Баторый вырашыў спачатку вызваліць Полацк ад маскоўскай акупацыі. Кароль старанна падрыхтаваў паход на Полацк і Пскоў, каб адрэзаць войскі ў Лівоніі ад Масковіі. Апошняя нарада перад паходам адбылася ў Свіры. У ліпені 1579 г. вялікае войска Стафана Баторыя рушыла на Полацк. Яно складалася з літоўскага-беларускага войска і польскага, бо ў Рэчы Паспалітай кожная з дзвюх дзяржаў мела свае вайсковыя фармаванні. У войску былі таксама венгерскія атрады і наёмнікі-немцы. Разам армія Баторыя налічвала 40 тысяч чалавек. Яна накіравалася цераз Дзвіну да Полацка. Адначасова літоўскія-беларускія перадавыя атрады гетмана вялікага літоўскага Мікалая Радзівіла Рудога і яго сына гетмана польнага літоўскага Крыштафа Радзівіла занялі замкі Казяны, Сітна і Краснае, выбіўшы адтуль і знішчыўшы маскоўскія гарнізоны.

4 жніўня 1579 г. пачалася аблога Полацка. Спроба Івана Жахлівага прыслаць пяць тысяч коннікаў на дапамогу маскоўскаму гарнізону ў Полацку на чале з Барысам Шэіным і Фёдарам Шарамецевым скончылася няўдачай. Гэтае войска вымушана было схавацца ў крэпасці Сокал за 20 кіламетраў ад Полацка. Асаджаны ў Полацку, у крэпасці, абнесенай дубовымі сценамі, маскоўскі гарнізон на чале з ваяводамі Васіліем Целяцеўскім і Пятром Валынскім трымаўся больш за тры тыдні. Цяжка было і войску Баторыя, бо ўсе ваколіцы Полацка былі цалкам спустошаны яшчэ раней царскімі войскамі. Урэшце 30 жніўня 1579 г. драўляныя сцены крэпасці паддаліся агню, і гарнізон горада капітуляваў. 4 верасня штурмам была ўзята крэпасць Сокал, а праз месяц і Суша. Вызваленне Полацка адвяло бяду ад літоўскай-беларускай зямлі. Баторыя ў ВКЛ называлі Сцяпан Батура.

Наступную кампанію 1580 г. Стафан Баторый праводзіў ужо на маскоўскай тэрыторыі, там, дзе яго не чакалі. Іван Жахлівы раскідаў свае вайсковыя сілы ўздоўж мяжы з Лівоніяй і ВКЛ. Войскі Баторыя займалі крэпасці і гарады Усвят, Веліж; восенню 1580 г. былі ўзяты моцныя крэпасці Вялікія Лукі і Невель, заняты Завалочча і Езярышча, а ў канцы года — Холм і Старая Руса. Войскі Рэчы Паспалітай былі недалёка ад Ноўгарада, маскоўскія войскі ў Лівоніі былі адрэзаны ад асноўных камунікацый.

Стафан Баторый пад Псковам (малюнак Яна Матэйкі)

У вайсковай кампаніі 1581 г. Баторый пайшоў на Пскоў. Але ў гэты час феадальны парламент Рэчы Паспалітай адмовіў каралю ў павелічэнні грашовых сродкаў на вядзенне вайны. Гэта скарыстаў Іван IV і кінуў свае войскі на ВКЛ. І хаця яны былі адбітыя на сваю тэрыторыю, аднак ваколіцы Дуброўны, Оршы, Копысі, Шклова, Магілёва і Мсціслава, і так пацярпелыя раней, былі зноў спустошаны маскоўцамі. У верасні 1581 г. войскі Баторыя, падыходзячы з поўдня і з усходу, асадзілі Пскоў. Літоўскія-беларускія атрады Крыштафа Радзівіла, Філона Кміты, зрабіўшы глыбокі рэйд на Волгу, часова занялі Старыцу і Ржэў, не дайшоўшы 50 кіламетраў да Цвяры. Гэты рэйд вельмі напужаў Івана IV. Адтуль праз Таропец і Старую Русу яны пайшлі на Пскоў і далучыліся да Стафана Баторыя. Штурмы Пскова пры яго аблозе не далі вынікаў, але і гарнізон гэтай крэпасці ўжо не мог трымацца далей. 15 студзеня 1582 г. Масковія і Рэч Паспалітая падпісалі 10-гадовае замірэнне. Вялікае княства Маскоўскае адмаўлялася ад Прыбалтыкі (Лівоніі) і ад Полацкай зямлі і Веліжа, а Рэч Паспалітая вяртала ёй заваяваныя крэпасці на маскоўскай тэрыторыі. 24-гадовая Лівонская вайна скончылася. Паколькі Баторый не быў задаволены яе вынікам, ён пачаў рыхтавацца да новай вайны, але не паспеў яе пачаць.

Перамогі войска, якім камандаваў Стафан Баторый, уратавалі Вялікае Княства Літоўскае ад спусташэння і зруйнавання, ад жахлівай царскай акупацыі, ад жахаў унутранай палітыкі Івана Жахлівага — апрычніны са знішчэннем не толькі баяраў, але і іншых груп насельніцтва, уключаючы і сялян. Для шляхты перамога над Масковіяй азначала не толькі захаванне свайго жыцця і маёмасці, але і мясцовага самакіравання, заканадаўчага прадстаўніцтва, Статута Вялікага Княства Літоўскага 1566 г., асабістых правоў з правам асабістай недатыкальнасці. Гэтага, безумоўна, не было ў маскоўскай дзяржаве. На гэты раз незалежнасць была выратавана перш за ўсё дзякуючы патрыятызму і мужнасці літоўскага-беларускага войска.

Баторый-рэфарматар

Стафан Баторый увайшоў у гісторыю як рашучы рэфарматар. Ён намагаўся ўзмацніць дзяржаўны лад Рэчы Паспалітай. Ягоныя рэформы былі скіраваныя на ўзмацненне пазіцый сярэдне- і дробнамаянтковай шляхты і на аслабленне пазіцый магнатаў у дзяржаве. Ён таксама быў прыхільнікам узмацнення цэнтральнай улады, і перадусім каралеўскай. 3 найбольш важных ягоных рэформаў трэба адзначыць утварэнне галоўных судоў — Трыбунала Кароннага ў Польшчы і Галоўнага Трыбунала Літоўскага ў Літоўскай-Беларускай дзяржаве, склад якіх выбіраўся з шляхецкіх дэпутатаў, а не прызначаўся якім-небудзь органам улады.

Нягледзячы на прыбыццё ў Вільню і потым у іншыя гарады краіны прадстаўнікоў Ордэна езуітаў на хвалі контррэфармацыі і адваявання пазіцый, страчаных раней каталіцкай царквой, Стафан Баторый заставаўся прыхільнікам рэлігійнай талеранцыі. На нашай зямлі не палалі вогнішчы інквізіцыі.

Вялікім крокам у пашырэнні адукацыі ў нашым краі было ўтварэнне Баторыем 1 красавіка 1579 г. Віленскай акадэміі — вышэйшай навучальнай установы, роўнай у правах Ягелонскаму універсітэту ў Кракаве. У гэтай акадэміі вучыліся сотні студэнтаў з розных зямель на працягу больш чым 250 гадоў.

Вялікі князь літоўскі і кароль польскі Стафан Баторый (малюнак Яна Матэйкі)

Каб мець пастаяннае войска не з наёмнікаў, а з мясцовых ураджэнцаў у дадатак да шляхецкай апалчэнскай конніцы (якая збіралася падчас вайны), Стафан Баторый правёў вайсковую рэформу. Паводле ўзору венгерскай пяхоты («хайдукоў», «хайдутаў»), якая набіралася з вольных людзей, пераважна з сялян, Баторый стварыў атрады выбранцаў — салдат-пехацінцаў у 1578 г. у Польшчы, а пазней у Вялікім Княстве Літоўскім. Гэтыя атрады таксама складаліся пераважна з сялян каралеўскіх (дзяржаўных) маёнткаў, якія за сваю вайсковую службу мелі льготы і вызваленне ад усялякіх павіннасцяў, а таксама ўчасткі зямлі з 1–1,5 валокі (без падаткаў). Прывілеі выбранцаў распаўсюджваліся на іх нашчадкаў. Услед за каралём і магнаты пачалі ствараць свае выбранецкія атрады з сялян і шляхты. Выбранцы захаваліся як асобная група насельніцтва да XX ст. толькі на Случчыне — у Радзівілаў ― з такой жа назвай (аўтар гэтых радкоў сам з'яўляецца спадчынным выбранцам). Выбранцы ўдзельнічалі ва ўсіх войнах Рэчы Паспалітай у складзе польскага і літоўскага-беларускага войскаў. Так, у 1612–1615 гг. у вайне супраць Маскоўскай дзяржавы з 12 выбранецкіх рот войска Вялікага Княства Літоўскага ўдзельнічала 10 рот выбранцаў.

Стафан Баторый памёр 12 снежня 1586 г. у Гародні, у каралеўскім замку. Упершыню ў ВКЛ было праведзена медыцынскае ўскрыццё цела памёрлага караля, каб зрабіць патолагаанатамічныя высновы хваробы і прычыны смерці. Раней царква не дазваляла гэтага. Але пры каралеўскім двары былі людзі з еўрапейскай адукацыяй, і дазвол быў атрыманы. Пытаннем было, ці правільна лячылі Баторыя, бо ён памёр даволі хутка пасля таго, як вярнуўся з палявання ў лясах каля Гародні. Хутчэй за ўсё, Баторый прастудзіўся, захварэў на пнеўманію і памёр ад гэтай хваробы і сардэчнай недастатковасці. Ад таго часу на Беларусі пачаліся патолагаанатамічныя ўскрыцці памёрлых. А было тады Сцяпану Батуру 55 гадоў. Ягоным імем названы ў Польшчы таварыствы, карабель, да 1939 г. называўся Віленскі універсітэт.

Жыгімонт Ваза (1566–1632)

Адной з гістарычных асобаў, што актыўна ўплывалі на палітычнае жыццё федэратыўнай Рэчы Паспалітай, а значыць і Літоўскай-Беларускай дзяржавы, з'яўляецца Жыгімонт Ваза, больш вядомы з падручнікаў гісторыі як кароль Жыгімонт (Сігізмунд, Зыгмунт) III Ваза.

Жыгімонт Ваза. Малюнак Яна Матэйкі (1861).

Пад такім нумарам ён вядомы як польскі кароль. Так лічаць польскія гісторыкі, а з імі і расійскія. У гэтым праявілася свядомая няўвага да гісторыі Беларусі. На самай справе гэты кароль быў вялікім князем літоўскім і рускім пад нумарам IV (бо ў XV ст. вялікім князем у нас быў Жыгімонт Кейстутавіч, яшчэ да Жыгімонта Старога — першага польскага караля). Так што для Беларусі і Летувы яго трэба лічыць Жыгімонтам IV. Каралём Рэчы Паспалітай ён быў 45 гадоў.

Дзяцінства і юнацтва Жыгімонта Вазы

Жыгімонт Ваза нарадзіўся ў Швецыі 20 чэрвеня 1566 г. у Грыпсгольме ў сям'і шведскага прынца Яна (па-шведску Юхана), другога сына шведскага караля Густава I, заснавальніка каралеўскай дынастыі Вазаў, брата шведскага караля Эрыка XIV. Бацька Жыгімонта меў тытул герцага фінляндскага і кіраваў Фінляндыяй (тады Фінляндыя ўваходзіла ў склад Шведскага каралеўства). А маці Жыгімонта — Кацярына Ягелонка (1526–1583) — была дачкою караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Старога і Боны Сфорцы. Яна была старэйшая за мужа на 11 гадоў. Сын ад гэтага шлюбу быў названы ў гонар дзеда і меў усе падставы, каб потым прэтэндаваць на троны ў Кракаве і Вільні.

У гэты час у Швецыі вялася шматгадовая міжусобная барацьба паміж двума братамі — Эрыкам XIV і герцагам фінляндскім Юханам. Часова перамог кароль, які ўмацоўваў каралеўскую ўладу і абмяжоўваў уладу герцагаў, сваіх братоў на месцах. Юхан разам з жонкаю апынуўся ў замку, зняволены па загаду брата. Тут, у няволі, і нарадзіўся Жыгімонт. Але неўзабаве лёс палоннікаў змяніўся. Юхан вызваліўся і разам са сваімі прыхільнікамі атрымаў перамогу над каралём. Рыксдаг (парламент) скінуў Эрыка з трона і ў 1568 г. абвясціў каралём Швецыі Юхана III. Эрык быў у сваю чаргу зняволены пажыццёва і ў 1577 г. памёр у вязенні.

Маленькі Жыгімонт стаў кронпрынцам Швецыі, нашчадкам свайго бацькі-католіка. Маці і езуіты выхоўвалі яго ў каталіцкай веры, якой ён застаўся адданы на ўсё жыццё. Але гэта ўскладняла яго становішча ў пратэстанцкай Швецыі. Жыгімонт атрымаў добрую адукацыю. Размаўляў па-шведску, па-польску, па-беларуску, ведаў лацінскую, італьянскую, нямецкую мовы.

У 1586 г. у Гародні памёр кароль польскі і вялікі князь літоўскі Стафан Баторый. Удава караля, родная цётка Жыгімонта — Ганна Ягелонка — прапанавала кандыдатуру пляменніка на трон, аргументуючы гэта паходжаннем Жыгімонта Вазы па жаночай лініі ад Жыгімонта Старога. Кандыдатуру Жыгімонта падтрымаў уплывовы магнат, канцлер вялікі каронны і гетман вялікі каронны Ян Замойскі і сярэднемаянтковая шляхта. Яны былі супраць кандыдатуры другога прэтэндэнта — эрцгерцага аўстрыйскага Максіміліяна, брата германскага імператара. Частка шляхты падтрымала эрцгерцага. На выбарчым сойме 1587 г., дзе амаль не было прадстаўнікоў Вялікага Княства Літоўскага, Жыгімонт Ваза быў абраны каралём у Рэчы Паспалітай — гэта значыць каралём польскім і вялікім князем літоўскім.

Частка польскай шляхты абрала каралём Максіміліяна, які з вайсковымі атрадамі ўступіў на тэрыторыю Польшчы і нават асадзіў Кракаў, але быў адбіты, а потым разбіты і ўзяты Я. Замойскім у палон. Ён мусіў адмовіцца ад кароны і быў адпушчаны ў Аўстрыю.

Жыгімонт Ваза ўсё ж пачуваўся на троне Рэчы Паспалітай няпэўна. Ён імкнуўся атрымаць падтрымку літоўскіх-беларускіх магнатаў і шляхты. Таму адным з першых крокаў ягонай палітыкі было выданне ў Кракаве 28 студзеня 1588 г. прывілея, які зацвярджаў III Статут Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. Статут падкрэсліваў самастойнасць гэтае дзяржавы («панства»), як і да Люблінскай уніі 1569 г. А польская шляхта прызнавалася «суседзямі», «чужаземцамі» і не мела права набываць і атрымліваць у Вялікім Княстве маёнткі і дзяржаўныя пасады. За шляхтай замацоўваліся шматлікія прывілеі. Тым самым Жыгімонту была гарантаваная падтрымка Літоўскага-Беларускага гаспадарства.

Але ў самой Польшчы, дзе амаль увесь час знаходзіўся Жыгімонт, малады кароль не толькі не з'яднаў шляхты, але даволі хутка паспеў сапсаваць стасункі з Янам Замойскім і большасцю шляхты. Гэтаму спрыяла ягоная палітыка збліжэння з Габсбургамі і Германскай імперыяй. Нават двойчы (1592 і 1605 гг.) ён ажаніўся з аўстрыйскімі эрцгерцагінямі, дарэчы, сёстрамі. Да таго ж Жыгімонт абкружыў сябе езуітамі, чужаземцамі і вузкім колам магнатаў, што не вельмі падабалася вольналюбівым палякам. Не падабалася ім і тое, што кароль не выканаў перадвыбарчых абяцанняў — не перадаў Эстонію, што была ў складзе Швецыі, у склад Рэчы Паспалітай.

Жыгімонт — кароль Швецыі

У 1592 г. памёр бацька Жыгімонта кароль Швецыі Юхан III, і Жыгімонт заняў і шведскі трон. На Балтыйскім моры яго валоданні займалі большую частку зямель — ад Гданьска да нарвежскай мяжы са Швецыяй. Але Жыгімонт не выкарыстаў магчымасцяў, каб аб'яднаць свае каралеўствы і Вялікае Княства Літоўскае. Гэта быў ганарлівы, упарты і флегматычны чалавек, нерашучы і схільны да парадаў сваіх прыдворных.

Галоўнай сваёй мэтай ён паставіў знішчыць у Рэчы Паспалітай рэфармацыю і вярнуць былыя пазіцыі каталіцкай царкве пры падтрымцы ордэна езуітаў. Такая палітыка толькі раз'ядноўвала грамадства і жаданых усеагульных поспехаў не мела. Цалкам правалілася яна ў Швецыі. Другой ягонай мэтай было ўмацаванне каралеўскай улады, а гэта ў Рэчы Паспалітай сустракала жорсткі адпор з боку шляхты і магнатаў.

З дазволу сойма Жыгімонт паехаў у Швецыю, каб прыняць уладу і каранавацца, аднак, ад'язджаючы назад у Кракаў, вымушаны быў пакінуць рэгенцтва (кіраванне замест сябе) свайму роднаму дзядзьку Карлу, герцагу сёдэрманландскаму, пратэстанту, а не католіку, як неўзабаве высветлілася, кіраўніку апазіцыі каралю. Яшчэ адна паездка ў Швецыю толькі падштурхнула выбух. У 1599 г. шведскія дваране-пратэстанты на сойме скінулі Жыгімонта з трона, а ў 1604 г. абвясцілі ягонага дзядзьку, рэгента, каралём Карлам IX. Цяпер Жыгімонт рабіў намаганні, каб вярнуць сабе шведскую карону. Ён пачаў рыхтаваць вайну, якая праходзіла потым на тэрыторыі Прыбалтыкі.

Жыгімонт падтрымаў у 1596 г. падчас абвяшчэння Берасцейскай царкоўнай уніі іерархію і царкоўны сабор уніяцкай царквы на Беларусі і Украіне, аднак не дапусціў епіскапаў гэтай канфесіі ў склад сената Рэчы Паспалітай. Як шчыры католік Жыгімонт усяляк падтрымліваў ідэю царкоўнай уніі і дапамагаў яе праводзіць, але як палітык і галава дзяржавы вымушаны быў зыходзіць з рэальнага становішча ў Рэчы Паспалітай, а таксама дбаць аб яе знешнепалітычных інтарэсах. Таму кароль, заступнік езуітаў, прычыніўся да пастаноў сойма Рэчы Паспалітай 1609, 1618 і 1631 гг., якія гарантавалі правы праваслаўных.

Вайна з Масквой

Не толькі кароль Жыгімонт Ваза, але і група магнатаў і шляхты прапанавалі здзейсніць план далучэння Маскоўскага царства да Рэчы Паспалітай як члена федэрацыі, побач з Польшчай і Літоўскай-Беларускай дзяржавай. Жыгімонт і кіруючыя колы Рэчы Паспалітай разлічвалі таксама на правядзенне царкоўнай уніі ў Маскоўскай дзяржаве. У крайнім выпадку згаджаліся на саюз з Масквой, але з царом, які быў бы абавязаны трону, або з каралевічам польскім у якасці цара.

Жыгімонт падтрымаў Ілжэдзмітрыя I, даў яму дапамогу і дазволіў вербаваць у сваё войска польскую, літоўскую-беларускую і рускую-ўкраінскую шляхту. Калі ж Ілжэдзмітрый I быў забіты, а самазванец Ілжэдзмітрый II (дарэчы, выхадзец з ВКЛ) не здолеў узяць Маскву і стаў лагерам каля яе ў сяле Тушына, Жыгімонт пачаў дзейнічаць самастойна.

Ужо з 1600 г. ён вёў вайну са Швецыяй. У 1605 г. польскае і літоўскае-беларускае войска на чале з гетманам вялікім літоўскім Янам Каралем Хадкевічам нанесла смяротны ўдар шведскім войскам каля Кірхгольма (Саласпілс), на поўдзень ад Рыгі. Шведскае войска мела трохразовую колькасную перавагу, але не вытрымала ўдараў конніцы, асабліва палка Яна Пятра Сапегі. Падчас бітвы ў Хадкевіча было 2400 коннікаў і 1000 пехацінцаў. У шведаў — 10 800 салдат, у тым ліку 5000 коннікаў. Кароль Карл IX мусіў з нязначнай колькасцю пяхоты адплыць у Швецыю, а рэшткі конніцы адышлі ў Пярну (Эстонія). Аднак выкарыстаць вынікі перамогі Жыгімонт не змог.

Па просьбе маскоўскага цара Васіля Шуйскага кароль Швецыі Карл IX у 1609 г. падпісаў дамову аб дапамозе цару ў ягонай барацьбе з Ілжэдзмітрыем II. Корпус шведскага генерала Я. Дэлагардзі з баямі прасоўваўся да Масквы. Саюз Масквы са Швецыяй і ўступленне шведскіх войскаў на маскоўскую тэрыторыю сталі зачэпкай для пачатку вайны Рэчы Паспалітай супраць Масковіі.

Вайна была абвешчана ў верасні 1609 г. Сам кароль Жыгімонт узначаліў войска, да якога далучыліся польскія, літоўскія-беларускія і ўкраінскія атрады з-пад Тушына.

21 верасня 1609 г. Жыгімонт асадзіў Смаленск і затрымаўся тут надоўга: горад быў узяты толькі 3 чэрвеня 1611 г. Аднак за гэты час войска кароннага гетмана С. Жулкеўскага, якое складалася з польскай і літоўскай-беларускай конніцы і ўкраінскіх казакоў нягледзячы на вялікую перавагу ў людзях маскоўскай арміі князя Дз. Шуйскага, цалкам разграміла ворага ля вёскі Клушына 24 чэрвеня 1610 г.

Пасля гэтае перамогі войска С. Жулкеўскага падышло да Масквы. Там якраз адбыўся пераварот. Цар Васіль Шуйскі быў скінуты з трона, і баярская рада як часовы ўрад запрасіла ў Маскву на трон 15-гадовага сына караля — Уладзіслава, які быў абвешчаны царом. У верасні 1610 г. польскае і літоўскае-беларускае войска заняло Маскву. У гэтым паходзе ўдзельнічала не толькі шляхта, але і іншыя ваенна-служылыя людзі. Так, з 12 рот выбранцаў ВКЛ 10 бралі ўдзел у аблозе Масквы.

Кароль Жыгімонт Ваза не адпусціў сына ў Маскву. Ён больш схіляўся да дзяржаўнай уніі Рэчы Паспалітай і Масковіі. Дзеля гэтага ў Варшаву былі высланы ўсе магчымыя прэтэндэнты на маскоўскі трон, уключна з Васілём Шуйскім і мітрапалітам Філарэтам (з баярскага роду Раманавых). Толькі барацьба другога апалчэння пад кіраўніцтвам К. Мініна і Дз. Пажарскага перакрэсліла гэтыя планы, калі ў 1612 г. Масква была занята апалчэннем, а пазней, у лютым 1613 г., земскі сабор абраў на царства Міхаіла Раманава, заснавальніка царскай дынастыі Раманавых.

У наступныя гады Жыгімонт сам ужо не прэтэндаваў на маскоўскае царства, а дапамагаў сыну, каралевічу Уладзіславу, як «маскоўскаму цару» заваёўваць землі на ўсходзе. Вайна скончылася замірэннем ў сяле Дэуліне (1618 г.), паводле якога Смаленская і Северская землі адышлі да Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага.

Легальны мяцеж

Намаганні караля ўвесці ў Рэчы Паспалітай абсалютную манархію, спадчыннасць трона (а не выбары караля пажыццёва), зменшыць ролю палаты дэпутатаў («пасольскай ізбы») выклікала моцнае супраціўленне часткі магнатаў і шляхты, якія на сваіх з'ездах у красавіку і чэрвені 1606 г. выступілі за пазбаўленне Жыгімонта Вазы трона. У жніўні 1606 г. быў абвешчаны рокаш — легальны мяцеж шляхты супраць злоўжывання ўладаю каралём і сенатам.

Мяцеж узначаліў Мікалай Зэбжыдоўскі, ваявода кракаўскі і гетман надворны польскі, уплывовы магнат, які займаў трэцюю дзяржаўную пасаду ў Польшчы. Сярод правадыроў ракашан быў і Януш Радзівіл, муж апошняй слуцкай княгіні з роду Алелькавічаў — Соф'і, а пасля яе смерці ў 1612 г. — уладальнік Слуцкага і Капыльскага княстваў. Ракашане сабралі свае атрады, каб дэтранізаваць Жыгімонта Вазу і пасадзіць на трон трансільванскага князя Габрыэля Баторыя (раней яны прапанавалі кандыдатуру Ілжэдзмітрыя I, з якім многія хадзілі паходам на Маскву, але Ілжэдзмітрый быў забіты ў Маскве ў маі 1606 г.). Удзельнікі рокашу Зэбжыдоўскага — католікі, кальвіністы, лютэране, праваслаўныя — дамагаліся рэлігійнай талеранцыі, анулявання Берасцейскай царкоўнай уніі, правядзення нацыянальнай палітыкі, разрыву саюзу з Германскай імперыяй.

У ліпені 1607 г. бітва каля Гузава скончылася паражэннем ракашан, бо перавага была на баку прыхільнікаў караля на чале з С. Жулкеўскім і Я. К. Хадкевічам. Справу аб рокашы разглядаў сойм Рэчы Паспалітай на пачатку 1609 г. Для правядзення больш актыўнай палітыкі на ўсходзе Жыгімонту патрабавалася хаця б вонкавае адзінства шляхты, і ён пайшоў на кампраміс. З гэтае прычыны сойм абвясціў амністыю ракашан, зацвердзіў шляхецкія вольнасці, непарушнасць права выбару караля, пастаянную прысутнасць сенатараў ля караля дзеля кантролю за ягонымі дзеяннямі.

Палітыка Жыгімонта на паўднёвым напрамку

Адной з прычын няўдалага паходу на Масковію была не толькі нягнуткая палітыка ў дачыненні да маскоўцаў, але і пастаянная занятасць справамі на поўдні краю — дачыненні з Аўстрыяй, Малдавіяй, Крымам. Жыгімонт, зыходзячы са свайго ультракаталіцызму, падтрымліваў імператара ў ягонай барацьбе супраць Чэхіі і Трансільваніі. А паколькі Габрыэль Баторый меў падтрымку турэцкага султана, то на Украіну і паўднёвыя ваяводствы Польшчы пачалі пастаянна нападаць крымскія татары, хан якіх быў васалам султана. Урэшце пачалася вайна з Турцыяй. У 1620 г. польскае войска было разбіта туркамі ля Цацоры, дзе загінуў гетман С. Жулкеўскі. На наступны год пад Хоцінам быў узяты рэванш. Але і тут перамога не была выкарыстана з-за нерашучай палітыкі караля.

Падчас барацьбы з Турцыяй і Крымам узмацніліся пазіцыі казакоў на Украіне. У Хоцінскай вайне 1621 г. удзельнічалі 40 тысяч казакоў. Казацкі гетман Пётр Канашэвіч-Сагайдачны дамогся ўзнаўлення праваслаўнай мітраполіі ў Кіеве ў 1620 г. (канчаткова зацверджана ў 1632 г.). Наступныя гады чаргаваліся пагадненнямі з казакамі і ціскам на іх, на што казакі адказвалі паўстаннямі.

Напрыканцы жыцця Жыгімонт быў вымушаны прызнаць няўдачу сваіх планаў як унутры дзяржавы, так і ў знешніх адносінах. Шмат у чым палітыка Жыгімонта Вазы вызначыла далейшы заняпад дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай, яе паражэнні ў войнах сярэдзіны XVII ст. і змяншэнне яе вагі ў еўрапейскім палітычным жыцці.

Памёр Жыгімонт у Варшаве 30 красавіка 1632 г.

Уладзіслаў Ваза (1595–1648)

Кароль па паходжанні

Уладзіслаў Ваза, якога, дарэчы, нават у Польшчы называлі паводле старажытнага літоўскага-беларускага звычаю Уладзіславам Зыгмунтавічам, нарадзіўся 9 чэрвеня 1595 г. у Лобзаве, каля Кракава. Ён належаў да шведскага каралеўскага роду і быў старэйшым сынам Жыгімонта Вазы — караля Польшчы, вялікага князя Літоўскай-Беларускай дзяржавы і караля Швецыі, у склад якой уваходзілі Фінляндыя і паўночная частка Эстоніі.

Валоданні Вазаў займалі ўсё паўночнае, усходняе і значную частку паўднёвага ўзбярэжжа Балтыкі. Але калі Уладзіслаў быў яшчэ хлопчыкам, бацька страціў шведскі трон і доўгі час, як і сын, намагаўся яго адваяваць. Гэтая акалічнасць уздзейнічала на ўсю палітыку ў балтыйскім рэгіёне на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў. Уладзіслаў працягваў ужываць тытул шведскага караля, хоць ніколі не валодаў шведскім тронам.

Маці Уладзіслава — Ганна — была дачкою аўстрыйскага эрцгерцага Карла Габсбурга, а яе брат — Фердынанд II — потым стаў імператарам Свяшчэннай Рымскай імперыі германскай нацыі. Калі хлопчыку было тры гады, у часе родаў (пятых, дарэчы) маці памерла, бо медыцынская дапамога была яшчэ недасканалая, і жанчыны, нават у каралеўскіх палацах, часта паміралі пры родах. Праз некалькі гадоў бацька ажаніўся з малодшай сястрой маці.

Уладзіслаў Ваза. Малюнак Пітэра Паўла Рубенса. XVII ст.

Нягледзячы на тое, што кароль Рэчы Паспалітай выбіраўся пажыццёва, а не атрымліваў трон у спадчыну, пэўныя колы шляхты бачылі ва Уладзіславе караля-наступніка. Ён і сам рыхтаваўся да ролі гаспадара дзяржавы. Старанна вучыўся не толькі розным навукам, але і вайсковай справе.

На троне маскоўскім

Падчас вайны паміж Рэччу Паспалітай і Масковіяй на пачатку XVII ст., калі кароль Жыгімонт Ваза аблажыў Смаленск, для спынення вайны «тушынцы», былыя прыхільнікі Ілжэдзмітрыя II і ворагі цара Васіля Шуйскага, вылучылі новую кандыдатуру на царскі трон. Адным з ініцыятараў гэтага палітычнага кроку быў лідэр тушынскай групоўкі — тушынскі (альтэрнатыўны) патрыярх Маскоўскі Філарэт, бацька Міхаіла Раманава, заснавальніка царскай дынастыі Раманавых.

Дэлегацыя баяраў і дваранскіх тушынцаў прыбыла пад Смаленск і 4 (14) лютага 1610 г. падпісала дагавор з каралём. Паводле дагавора, кароль згаджаўся адпусціць Уладзіслава Зыгмунтавіча на маскоўскі трон, і там, у Маскве, каралевіча мусіў каранаваць патрыярх. Дагавор замацоўваў пануючае становішча ў дзяржаве баяраў і дваран, забяспечваў ім ды купцам свабодныя паездкі за мяжу, перш за ўсё ў Рэч Паспалітую. У Маскве дазвалялася пабудаваць касцёл, але схіляць да каталіцкага веравызнання людзей забаранялася. Палітычны сэнс дагавора заключаўся ў тым, што кандыдатура Уладзіслава на цараванне афіцыйна была зацверджана, хаця кароль свайго сына ў Маскву так і не адпусціў.

У ліпені 1610 г. цар Васіль Шуйскі быў скінуты з трона. Тым часам войска Рэчы Паспалітай падышло да Масквы з аднаго боку, а Ілжэдзмітрыя II — з другога.

Новы маскоўскі ўрад — «сямібаяршчына» — праз месяц заключае новы дагавор (на аснове лютаўскага) з каралём і абвяшчае Уладзіслава, ужо ў другі раз, царом. Дарэчы, у дарэвалюцыйных школьных падручніках, якія адпавядалі афіцыйнаму пункту погляду на гістарычныя падзеі, Уладзіслаў лічыўся ажно два гады, з 1610 да 1612 г. (да другога апалчэння пад кіраўніцтвам К. Мініна і Дз. Пажарскага), царом Расіі ў пераліку рускіх цароў.

I хоць пасля жнівеньскага дагавора 1610 г. Масква прызнала Уладзіслава царом, а жыхары прынеслі яму прысягу на вернасць, бацька і на гэты раз не адпусціў 15-гадовага сына на царства. Тым не менш маскоўскі ўрад кіраваў дзяржавай ад імя Уладзіслава. Каб падтрымаць маскоўскі ўрад і заняць трон, 17-гадовы Уладзіслаў разам з войскам, якое ўзначаліў гетман Вялікага Княства Літоўскага Ян Караль Хадкевіч, падступіў да Масквы, але быў адбіты войскамі другога апалчэння і казакамі князя Дз. Трубяцкога.

Маскоўскі баярскі ўрад спыніў сваё існаванне ўвосень 1612 г. — пасля заняцця Масквы войскам Мініна і Пажарскага і капітуляцыі Крамля, дзе знаходзіўся польска-літоўскі гарнізон і прыхільнікі ўрада Уладзіслава. Сярод іх, дарэчы, быў і Міхаіл Раманаў які неўзабаве на Земскім саборы 1613 г. быў абраны царом.

У 1617–1618 гг. нарэшце малады каралевіч Уладзіслаў, які меў у дадатак тытул цара маскоўскага і ўсяе Русі, ужо сам узначаліў паход на Маскву, каб вярнуць свой трон. Войска Уладзіслава на чале з гетманам Хадкевічам зноў пайшло на Маскву. З поўдня на дапамогу Уладзіславу паспяшаліся ўкраінскія казакі на чале з гетманам П. Сагайдачным. Падтрымалі Уладзіслава і данскія казакі, і рэшткі казацка-сялянскіх атрадаў часоў паўстання Івана Балотнікава. Такая іх пазіцыя падмацоўвалася шматлікімі дарчымі граматамі цара Уладзіслава розным групам насельніцтва (з пэўнымі ільготамі), а гэта вельмі напалохала дваранскі ўрад Міхаіла Раманава, хаця, між іншым, ён складаўся з людзей, якія раней цесна супрацоўнічалі з інтэрвентамі. Урад спешна пачаў рыхтаваць войскі.

Маскоўскія ваяводы здавалі Уладзіславу і Хадкевічу гарады. Здаўся Дарагабуж, потым Вязьма. У 1618 г. ваенныя дзеі адбываліся каля Масквы. Вычарпаныя баявыя рэсурсы і значныя страты ў людзях прымусілі абодва бакі пайсці на перамовы. Недалёка ад Масквы, у вёсцы Троіцка-Сергіеўскага манастыра Дэуліне 1 (11) снежня 1618 г. было заключана замірэнне тэрмінам больш як на 14 гадоў. Умовы Дэулінскага замірэння былі цяжкія для Масковіі. Да ВКЛ (было ў складзе Рэчы Паспалітай) фармальна адыходзілі адвечныя крывіцкія землі Смалешчыны (за выключэннем Вязьмы) з гарадамі Белая, Дарагабуж, Сярпейск, Рослаў, Старадуб і Трубчэўск, а да Польшчы — Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі, Глухаў Лебядын і Ахтырка на Украіне. Каралевіч захаваў тытул цара, але і Міхаіл Раманаў застаўся на троне.

У наступныя гады Уладзіслаў удзельнічаў у вайне Рэчы Паспалітай з Турцыяй (1621), у вайне са Швецыяй (1626–1629), у якіх удасканальваў сваё вайсковае майстэрства і навуку камандавання. Відаць, ваенная справа была яму даспадобы. Нават у часе падарожжаў па краінах Еўропы ён цікавіўся вайсковымі справамі…

Кароль, але не цар

30 красавіка 1632 г. памёр кароль Жыгімонт Ваза. Аўтарытэт Уладзіслава Зыгмунтавіча сярод шляхецкай масы быў вялікі, і на выбарчым сойме Рэчы Паспалітай 8 лістапада таго ж года ён аднагалосна быў абраны каралём польскім і вялікім князем літоўскім, рускім і жамойцкім.

Пачатак яго панавання быў незайздросны. Карыстаючыся бескаралеўем, Міхаіл Раманаў распачаў вайну супраць Рэчы Паспалітай. На Смаленск накіравалася армія пад кіраўніцтвам баярына М. Шэіна, які яшчэ ў 1609–1611 гг. узначальваў абарону Смаленска. Шэін ўзяў Дарагабуж і аблажыў Смаленск. З невялікімі сіламі гетман польны літоўскі Крыштаф Радзівіл здолеў двойчы ў сакавіку 1633 г. прарваць аблогу і падмацаваць смаленскі гарнізон атрадамі пяхоты і боепрыпасамі. Армія Шэіна затрымалася ля Смаленска. Абстрэл горада цяжкімі гарматамі і штурм вынікаў не далі.

30 жніўня 1633 г. ля Смаленска са сваім войскам з'явіўся кароль і цар Уладзіслаў. Маскоўскае войска было акружана войскамі Рэчы Паспалітай. Спроба Шэіна выйсці з акружэння не ўдалася, у ягоным лагеры не хапала ежы. Дваране, даведаўшыся, што конніца крымскага хана рабуе і паліць іхнія маёнткі ў Масковіі, пачалі ўцякаць з войска. Нарэшце маскоўцы капітулявалі (з дазволу цара Міхаіла Раманава) — з умовай вольнага адыходу з лагера са сцягамі і ручной зброяй. Але ўсю артылерыю давялося пакінуць пераможцам. Палянаўскі мір у чэрвені 1634 г. зацвердзіў умовы Дэулінскага замірэння, замацаваўшы Смаленшчыну ў складзе Літоўскай-Беларускай дзяржавы.

Аднак Уладзіслаў вымушаны быў адмовіцца ад тытула цара і вярнуць арыгінал крыжацалавальнай граматы 1610 г. маскоўскіх баяраў аб яго абранні царом.

Манета 1648 г. з выявай Уладзіслава IV Вазы.

Падчас свайго панавання ў Рэчы Паспалітай Уладзіслаў праводзіў знешнюю палітыку, скіраваную на забеспячэнне інтарэсаў сваёй дынастыі, а не краіны. Пачалі праяўляцца і ягоныя супярэчнасці з магнатамі (асабліва на Украіне), якія сталі моцнай апазіцыяй каралю і нават атрымалі мянушку «каралевяты» — з-за амаль самастойнай улады ў іх шырокіх латыфундыях.

На соймах таксама пачаліся спрэчкі паміж фанатычнымі прыхільнікамі каталіцызму, з аднаго боку, і некатолікамі і католікамі — прыхільнікамі рэлігійнай талеранцыі, з другога, якія стаялі на пазіцыях роўнасці хрысціянскіх веравызнанняў. Уладзіслаў прыняў бок апошніх, збіраў прадстаўнікоў пратэстантаў намагаючыся дасягнуць згоды з каталіцкай царквой. Ён спрыяў пагадненню паміж уніяцкай і праваслаўнай цэрквамі, і шмат цэркваў было вернута праваслаўным.

Больш памяркоўную палітыку, праўда, непаслядоўна, ён праводзіў і ў дачыненні да ўкраінскіх казакоў. У 1632 г. кароль прызнаў іерархію праваслаўнай царквы ў Рэчы Паспалітай на чале з кіеўскім мітрапалітам, якая была ўзноўлена ў 1620 г. пасля Берасцейскай царкоўнай уніі. У той жа час казацкія паўстанні на Украіне жорстка здушаліся. Перыяд з 1638 да 1648 г., калі паўстанняў не было, называўся гадамі «залатога спакою».

У сваёй знешняй палітыцы Уладзіслаў па-ранейшаму імкнуўся завалодаць шведскім тронам, асабліва пасля смерці караля Густава II Адольфа. Таму падчас Трыццацігадовай вайны, якая ахапіла ўсю цэнтральную частку Еўропы, кароль падтрымліваў непапулярны сярод шляхты саюз з германскім імператарам. Дзеля гэтага Уладзіслаў Зыгмунтавіч у свае 42 гады першы раз ажаніўся. Жонкай стала непрыгожая і некаханая 26-гадовая эрцгерцагіня Цэцылія Рэната, дачка імператара Фердынанда II. Гэта была стрыечная сястра караля, якая памерла праз сем гадоў нарадзіўшы яму дваіх дзяцей: сына Жыгімонта Казіміра, які пражыў усяго сем гадоў і смерць якога нанесла бацьку цяжкую душэўную траўму, і дачку, якая памерла праз месяц пасля нараджэння.

Не быў кароль шчаслівы і са сваёй другой жонкай, з якой ажаніўся ў 1646 г., Людвікай Марыяй Ганзага, дачкой герцага Мантуі. З ёй ён пражыў два гады і дзяцей не меў. Сапраўды ж кароль Уладзіслаў кахаў толькі сваю палюбоўніцу Ядвігу Лушкоўскую, але мусіў выдаліць яе з двара і аддаць замуж за свайго прыдворнага Выпыскага. Пазней ён шукаў і знаходзіў уцеху з іншымі жанчынамі. У караля быў пазашлюбны сын, граф Уладзіслаў Вазенаў які служыў капітанам гвардыі шведскай каралевы Крысціны, калі тая пасля адмовы ад шведскай кароны жыла ў Рыме.

Апошнія гады жыцця

У апошнія гады жыцця Уладзіслава Вазы характар знешняй палітыкі змяняецца з паўночнага напрамку на паўднёвы. Пад уплывам сваёй жонкі Людвікі Марыі Ганзага, а таксама канцлера вялікага кароннага Ежы (Юрыя) Асалінскага і венецыянскага пасла Цьепала кароль Уладзіслаў задумаў план вялікай вайны з Турцыяй у саюзе з Венецыяй. Кароль хацеў адцягнуць турэцкую пагрозу ад польскіх і ўкраінскіх зямель, спыніць вельмі частыя напады крымскіх татараў на ўкраінскія землі, якія ўваходзілі тады ў склад Кароны.

Трэба было шукаць новых саюзнікаў. У 1647 г. падпісана пагадненне з Масковіяй аб сумеснай барацьбе супраць набегаў крымскіх татараў. Адначасова становіцца больш лагоднай палітыка караля ў дачыненні да ўкраінскіх казакоў.

У 1646 г. у Варшаву прыехала дэлегацыя ўкраінскіх казакоў каб узгадніць умовы, паводле якіх казакі разам з польскім войскам удзельнічалі б у вайне супраць Турцыі. У складзе дэлегацыі былі прадстаўнікі казацкай старшыны і рэестравых казакоў. Казакі прапанавалі войска колькасцю 50 тысяч чалавек, у тым ліку з сялян, якіх запішуць у казакі. Але кароль абяцаў залічыць у рэестр — гэта значыць, у вольныя казакі — толькі 20 тысяч, а таксама выдзеліць на Украіне аўтаномную тэрыторыю для казакоў. Кароль пачаў таксама збіраць войска для вайны з Турцыяй.

Незадаволеныя магчымым узмацненнем каралеўскай улады магнаты і заможная шляхта выступілі супраць планаў караля. «Бой» быў дадзены на сойме 1646 г., дзе дэпутаты (паслы) ад шляхты рашуча выступілі супраць задумак караля, абвінаваціўшы яго ў падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту. Уладзіславу было выстаўлена патрабаванне распусціць набраныя войскі і больш не збіраць атрады без дазволу сойма. Дэпутаты пагражалі каралю, што калі ён не пагодзіцца на іх умовы, то ўся шляхта, узброіўшыся, выступіць супраць яго. Уладзіслаў вымушаны быў адмовіцца ад сваіх планаў распачаць вайну супраць Турцыі.

Аднак запарожскае казацтва не спынілася і працягвала рыхтавацца да вайны. Вайна гэтая была скіраваная не супраць Турцыі і яе васала — Крымскага ханства, а супраць польскіх шляхцічаў — найпершых прыгнятальнікаў украінскага сялянства. Кіраўнік будучага паўстання Багдан Хмяльніцкі быў моцна пакрыўджаны чыгірынскім падстаростаю Д. Чаплінскім, які, наехаўшы на хутар Хмяльніцкага, забраў каханую жанчыну ад Хмяльніцкага да сябе (праўда, не з найлепшай рэпутацыяй), закатаваў хлопчыка, сына Хмяльніцкага, і судова паставіў пад сумненне правы Б. Хмяльніцкага на маёнтак. Хмяльніцкі едзе ў Варшаву да караля, бо ведаў яго асабіста (разам ваявалі).

Кароль, які пацярпеў паражэнне ад магнатаў і шляхты на сойме, мог толькі паспачуваць Хмяльніцкаму: «А ці мала прыгажунь у Рэчы Паспалітай? Выбірай, якую хочаш, і ажаніся з ёю!» А на просьбу дапамагчы кароль адказаў: «Ты сам шляхціч, маеш зброю і ведаеш, як ёю карыстацца».

На Украіне рыхтавалася паўстанне. Кароль яшчэ дачакаўся яго пачатку. Хворы Уладзіслаў знаходзіўся ў мястэчку Мерач (на Нёмане, у Троцкім ваяводстве, на поўнач ад Горадні). Смерць настала 20 мая 1648 г. Ён паспеў даведацца аб першай перамозе казацкага (на чале з Б. Хмяльніцкім) і татарскага войскаў над польскім войскам ля Жоўтых Вод. Смерць Уладзіслава Вазы супала з пачаткам вялікага палітычнага крызісу Рэчы Паспалітай. Вырашалася пытанне існаваць далей гэтай дзяржаве ці не.

Ян Казімір Ваза (1609–1672)

Ян Казімір, сын караля Польшчы, вялікага князя літоўскага і караля Швецыі Жыгімонта Вазы, не з'яўляўся кандыдатам на каралеўскі пасад. Ён быў малодшым сынам караля ад другога шлюбу і малодшым братам каралевіча Уладзіслава, слыннага прэтэндэнта на маскоўскі трон. Маці Яна Казіміра — аўстрыйская эрцгерцагіня Канстанцыя, малодшая сястра першай жонкі караля Жыгімонта Вазы і германскага імператара Фердынанда II.

Ян Казімір Ваза (літаграфія Лессэра, адбіта ў тыпаграфіі Дзванкоўскага)

Маладосць

Нарадзіўся Ян Казімір 22 сакавіка 1609 г. у Кракаве і гадаваўся пры двары. Навучыўся некалькім мовам. Акрамя польскай, добра ведаў лацінскую, нямецкую, італьянскую і французскую. Звестак пра навучанне беларускай мове няма. Але паколькі дзяржаўнай мовай Літоўскай-Беларускай дзяржавы была беларуская, то, хутчэй за ўсё, пэўнае веданне мовы было, бо потым яму давялося — і шмат — займацца афіцыйнымі актамі дзяржавы.

Жыццё Яна Казіміра было неспакойным, напоўнена рознымі падзеямі і прыгодамі. У 1633–1634 гг. ён разам з братам Уладзіславам удзельнічаў у Смаленскай вайне, у якой маскоўская армія баярына Шэіна са згоды цара вымушана была капітуляваць, аддаўшы саюзным польскім і літоўскім-беларускім войскам усю артылерыю. Потым, у 1635 г., Ян Казімір браў удзел у Трыццацігадовай вайне, будучы палкоўнікам у аўстрыйскім войску. У 1637 г. кароль Уладзіслаў накіраваў брата ў Вену з дыпламатычнай місіяй — прывезці каралю жонку, эрцгерцагіню Цэцылію Рэнату, дачку імператара Фердынанда II Габсбурга, па сутнасці, стрыечную сястру Уладзіслава. Ян Казімір зблізіўся з венскім дваром і Габсбургамі і ў 1638 г. паехаў у Іспанію. Мэтаю было атрымаць там ад караля Іспаніі Філіпа IV Габсбурга чын іспанскага адмірала і пасаду віцэкараля Партугаліі (Партугалія ў 1581–1640 гг. была ў складзе валоданняў іспанскай кароны).

Падчас марскога падарожжа легкадумна затрымліваўся на стаянках у міжземнаморскіх партах Францыі. Якраз у гэты час Францыя ваявала з Іспаніяй. Па загаду прэм'ер-міністра Францыі ўсёмагутнага кардынала Рышэлье ў маі 1638 г. Ян Казімір быў затрыманы ў адным з партоў, арыштаваны і кінуты ў вязенне. Толькі праз два гады па просьбе кіраўніцтва Рэчы Паспалітай у лютым 1640 г. каралевіч быў вызвалены і вярнуўся дадому.

У маі 1643 г. Ян Казімір Ваза зноў едзе ў Еўропу. На гэты раз у Італію. Там насуперак волі караля, свайго брата, нечакана ўступае ў ордэн езуітаў. Але года толькі хапіла каралевічу вытрымаць манастырскія патрабаванні. I хоць кароль Уладзіслаў ужо пагадзіўся з абраным духоўным лёсам свайго брата, Ян Казімір неспадзявана выйшаў з ордэна езуітаў і неўзабаве атрымаў сан кардынала. Але адзенне насіў свецкае, вярнуўся ў Польшчу і нават пачаў думаць пра жаніцьбу. Усё гэта складвала пра яго меркаванне як пра чалавека няпэўных, зменлівых пазіцый і жаданняў.

І кароль, і князь

Кароль Уладзіслаў Ваза памёр 20 мая 1648 г. Гэта супала з пачаткам вялікага казацка-сялянскага паўстання на Украіне на чале з гетманам Багданам Хмяльніцкім. У Рэчы Паспалітай пачалася падрыхтоўка да выбараў новага караля. Дзве групоўкі магнатаў і шляхты вылучылі двух кандыдатаў на трон. Адным быў самы малодшы брат нябожчыка-караля Караль Фердынанд Ваза, каталіцкі біскуп. Яго падтрымлівала тая групоўка, якая патрабавала рашучай вайны супраць украінскіх казакоў і жорсткага задушэння паўстання. Другая групоўка дамагалася пагаднення з казакамі, каб потым пачаць вайну хрысціянскіх дзяржаў супраць мусульманскай Турцыі і яе васала — Крымскага ханства. На чале гэтай групоўкі былі вялікі канцлер каронны Ежы Асалінскі і каралева-ўдава Марыя Людвіка Ганзага-Мантуанская, другая жонка караля Уладзіслава Вазы, за якой стаяла Францыя.

Ян Казімір Ваза (малюнак Яна Матэйки)

Кандыдатуру Яна Казіміра падтрымалі імператарскія і папскія дыпламаты. Караль Фердынанд адмовіўся ад высокае пасады, і 20 лістапада 1648 г. на сойме шляхта абрала каралём Яна Казіміра. Так ён стаў каралём польскім і вялікім князем Літоўскага-Беларускага гаспадарства. Адначасова аўтаматычна атрымаў тытул караля Швецыі (хаця ім ніколі не быў). Яго бацька Жыгімонт Ваза ў свой час з'яўляўся каралём Швецыі, але быў скінуты з трона родным дзядзькам. Прадстаўнікі дынастыі Вазаў не адмаўляліся ад шведскага трона, часам нават вялі войны са шведскай галіной роду. Усе свае акты, якія Ян Казімір цяпер падпісваў, ён пазначаў не толькі агульнапрынятай датай, але і гадамі свайго панавання як караля польскага і «караля шведаў і готаў».

17 студзеня 1649 г. Ян Казімір быў каранаваны ў Кракаве і, атрымаўшы ад папы адпаведны дазвол, вызвалены ад духоўнага звання. Гэта дало магчымасць ажаніцца з каралевай-удавой Марыяй Людвікай, якой было 38 гадоў. Ад гэтага шлюбу нарадзіліся дзяўчынка (пражыла год) і хлопчык (пражыў паўтара месяца). Больш дзяцей у сям'і не было, сам Ян Казімір стаў наогул апошнім прадстаўніком дынастыі Вазаў (па мужчынскай лініі дынастыя Вазаў у Швецыі згасла ў 1632 г., калі вядомы палкаводзец Трыццацігадовай вайны кароль Густаў II Адольф загінуў у бітве).

«Нядоля каралеўства»

Так назваў час панавання Яна Казіміра ў Рэчы Паспалітай адзін з ягоных сучаснікаў. I, сапраўды, усе дваццаць гадоў валадарання апошняга Вазы — гэта суцэльны ланцуг войнаў, захопу тэрыторыі Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага рознымі ворагамі, перш за ўсё Масковіяй і Швецыяй, час паўстанняў казакоў і сялян, эпідэмій і голаду, вынішчэння насельніцтва. Аднак гэта і перыяд барацьбы за незалежнасць дзяржавы, за самастойнасць як Польшчы, так і Літоўскага-Беларускага гаспадарства, барацьбы розных саслоўяў феадальнай федэратыўнай дзяржавы — шляхты, гараджан і сялян.

Адразу пасля абрання каралём Ян Казімір праводзіў памяркоўную палітыку ў адносінах да Багдана Хмяльніцкага, разлічваючы на пагадненне і прыцягненне гетманскай Украіны да планаванай вайны з Турцыяй. Аднак ужо ў 1649 г. рэчаіснасць паказала, што такая палітыка нерэальная.

Улетку 1649 г. Ян Казімір сам сабраў армію і выступіў у паход, каб вызваліць крэпасць Збараж ад казацка-татарскай аблогі. Пасля бітвы, якая адбылася каля Зборава, быў падпісаны мір, паводле якога прызнавалася аўтаномія трох украінскіх ваяводстваў у складзе Польшчы. Наступная вайсковая кампанія 1651 г. закончылася перамогай польскіх войскаў над казацка-татарскай арміяй у бітве пад Берасцечкам і новым мірам, які скараціў тэрыторыю аўтаномнай Украіны да межаў аднаго Кіеўскага ваяводства.

У гэты час значная частка тэрыторыі ВКЛ была таксама ахоплена сялянскімі паўстаннямі, якія ад 1648 да 1651 г. падмацоўваліся казацкімі загонамі. Багдан Хмяльніцкі кідаў іх на тэрыторыю ВКЛ, каб адцягнуць літоўскае-беларускае войска ад паходаў на Украіну. З вялікай цяжкасцю гетману польнаму літоўскаму Янушу Радзівілу ўдалося здушыць паўстанне і разбіць казацкія атрады.

Напад Масковіі і Швецыі

Чарговае выпрабаванне вытрымала Рэч Паспалітая ў 1654–1655 гг., калі маскоўскія войскі на чале з царом Аляксеем Міхайлавічам пачалі наступ на тэрыторыю ВКЛ разам з украінскімі казакамі наказнога гетмана Залатарэнкі. Пасля баёў у 1654 г. маскоўскія войскі здабылі Смаленск, Полацк, Віцебск і іншыя гарады і мясцовасці. Гарады і крэпасці баранілі не толькі вайсковыя гарнізоны, але і шляхта, гараджане, часам сяляне. Войска вялікага гетмана літоўскага Януша Радзівіла з 10 тысяч чалавек манеўравала, каб супрацьстаяць тром маскоўскім арміям і войску ўкраінскіх казакоў агульнай колькасцю каля 100 тысяч. У 1655 г. была захоплена амаль уся сучасная Беларусь, за выключэннем Берасцейскага і часткі Наваградскага ваяводстваў ды гарадоў-крэпасцяў Слуцка і Быхава. Ворагі ўзялі сталіцу дзяржавы Вільню і горад Коўна. Царскія ратнікі і атрады дваранскай конніцы палілі гарады і вёскі, рабавалі маёмасць, забівалі ці выводзілі ў палон людзей. Цар планаваў (як Чынгісхан) вывезці ў Масковію 300 тысяч чалавек, здольных рамеснікаў-майстроў і сялян, каб падараваць памешчыкам новых прыгонных. Аляксей Міхайлавіч, абвясціўшы сябе вялікім князем літоўскім, далучыў захопленыя землі да Масковіі. Тады ж, улетку 1655 г., шведскі кароль са сваёй арміяй захапіў амаль усю тэрыторыю Польшчы, за выключэннем усходніх і ўкраінскіх ваяводстваў і Падляшша, заняў частку ВКЛ. Захапіўшы большую частку Польшчы, шведскі кароль Карл X Густаў прапанаваў цару Аляксею Міхайлавічу план падзелу Рэчы Паспалітай, аддаючы ўкраінскія землі ад Галіча і Львова праз Луцк да Прыпяці, потым землі ВКЛ па лініі Слуцк, Менск, Докшыцы і Дзісна. Але цар адмовіўся, бо ягоныя войскі паспяхова працягвалі захоп тэрыторыі. Нашто ж дзяліцца здабычай?

20 кастрычніка 1655 г. Януш Радзівіл з групай паноў і шляхты заключыў у Кейданах акт дзяржаўнай уніі Вялікага Княства Літоўскага са Швецыяй, прызнаючы караля Карла X Густава сваім вялікім князем. Аднак значная частка шляхты на чале з Паўлам Сапегам, ад 1656 г. ваяводам віленскім і вялікім гетманам літоўскім, працягвала барацьбу з заваёўнікамі.

Кароль Ян Казімір, пацярпеўшы паражэнне, у лістападзе 1655 г. выехаў у Аполе ў Сілезію, але праз месяц вярнуўся, каб гуртаваць сілы супраць ворага на чале з палкаводцам С. Чарнецкім. Пачаўся шырокі народны рух — шляхты, мяшчан і сялян — супраць шведаў. У 1656 г. польскія войскі нанеслі ворагам знішчальны ўдар. Ян Казімір кіраваў войскам, якое ў чэрвені 1656 г. вызваліла Варшаву. Цар Аляксей Міхайлавіч, захапіўшы вялікую тэрыторыю, вырашыў падпісаць з каралём замірэнне, а сам пачаў вайну са Швецыяй за Прыбалтыку.

А ў гэты час супраць Рэчы Паспалітай выступіла кааліцыя Швецыі, Брандэнбурга, Трансільваніі і Украіны. Саюз быў падпісаны ў снежні 1656 г. у вёсцы Раднот (па-румынску Ернут). Пасля перамогі Швецыя павінна была атрымаць каралеўскую (гэта значыць польскую) Прусію з Гданьскам, Ліфляндыю, Курляндыю, частку Літвы і Мазоўша; Брандэнбург — Вялікую Польшчу з Познанню; Хмяльніцкі — усю Украіну; усё астатняе — трансільванскі (сямігародскі) князь Юрый II Ракачы, а ваяводства Наваградскае планавалася пераўтварыць у асобнае княства для слуцкага князя Багуслава Радзівіла.

У 1657 г. Ракачы спрабаваў захапіць Польшчу, але быў разбіты. Масковія працягвала вайну ў Ліфляндыі, але беспаспяхова.

У гэты час Ян Казімір скасаваў саюз з імператарам, бо Аўстрыя не дапамагла Рэчы Паспалітай. Цяпер кароль пачаў арыентавацца на Францыю, дзе каралём быў Людовік XIV. Кароль, якога моцна падтрымлівала каралева Марыя Людвіка і якая мела на яго вялікі ўплыў, распрацаваў план рэформы дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай. Ён прапанаваў выбіраць новага караля не пасля смерці папярэдніка, а пры жыцці, каб не было безуладдзя ў час міжкаралеўя. Аднак сойм 1660 г. і соймікі 1661 г. выказаліся супраць такой рэформы. Узмацнення цэнтральнай улады не адбылося.

Апошнія гады панавання

Паступова палітычнае становішча Рэчы Паспалітай паляпшалася. Ворагі не маглі канчаткова дамовіцца аб сумесных дзеяннях, пачалі цярпець паражэнні і паступова выходзілі з вайны. У 1657 г. быў падпісаны мір з Брандэнбургам і Прусіяй, у 1660 — са Швецыяй. Нават з казацкай старшынай Украіны ў 1658 г. была падпісана Гадзяцкая ўмова, паводле якой Украіна, якая папярэдне адмовілася ад саюзу з Масковіяй, уваходзіла ў склад Рэчы Паспалітай у якасці трэцяга члена федэрацыі (так званае княства Рускае). Праўда, праз год другая частка старшыны (маскоўскай арыентацыі) адмовілася ад уніі, каб вярнуцца ў склад Масковіі на правах аўтаноміі.

Ян Казімір Ваза (малюнак Яна Матэйки)

Вайна з Масковіяй на тэрыторыі ВКЛ была ўзноўлена ў 1658 г. Ад 1660 г. аб'яднаныя войскі Рэчы Паспалітай разам з мясцовымі атрадамі пачалі наносіць удары маскоўскім войскам. У 1660 г. войскі пад камандаваннем С. Чарнецкага нанеслі маскоўскім войскам цяжкае паражэнне каля Палонкі і Чарэі. У 1661 г. маскоўскаму ваяводзе Хаванскаму было таксама нанесена паражэнне пад Кушлікамі на Полаччыне. У лютым 1661 г. паўсталі мяшчане Магілёва на чале з бурмістрам Леановічам і за адну ноч перабілі маскавітскі гарнізон. Мяшчане Дзісны, Себежа, Гомеля і іншых гарадоў таксама або знішчылі, або выгналі царскія фармаванні. У снежні 1661 г. была вызвалена сталіца краіны — Вільня. Такім чынам, царскія войскі былі выціснутыя з тэрыторыі ВКЛ. У студзені 1667 г. у Андрусаве (недалёка ад Мсціслава) было падпісана замірэнне на трынаццаць з паловаю гадоў. Маскоўская дзяржава захавала захоплены Смаленск і левабярэжную (па Дняпры) Украіну. У Прыбалтыцы не займела нічога.

Страты ВКЛ былі неймавернымі. Гэта была нацыянальная трагедыя. Загінула, было забіта, вымерла ад голаду і эпідэмій, вывезена сілком у Масковію палова насельніцтва ВКЛ. Насельніцтва Полацкага, Віцебскага, Мсціслаўскага і Менскага ваяводстваў скарацілася на 60–70 %. Тут застаўся толькі кожны трэці. Страты Наваградскага, Берасцейскага і Віленскага ваяводстваў у людзях складалі 35–45 %. Праваслаўны патрыярх Антыёхіі Макарый III (араб па нацыянальнасці) праязджаў у гэты час праз ВКЛ у Маскву, і ў яго дарожным дзённіку знайшлі адлюстраванне жахлівыя малюнкі, якія ён бачыў на сваім шляху. Прызвычаены да жорсткасці на Блізкім Усходзе, ён з цяжкасцю мог паверыць у тыя нялюдскія ўчынкі, якія рабілі войскі маскоўскага цара ў заваяванай краіне.

Супраць Яна Казіміра і яго планаў умацавання цэнтральнай улады ў дзяржаве ў Польшчы склалася апазіцыйная групоўка на чале з гетманам польным каронным Ежы Сэбастыянам Любамірскім. У 1665 г. яна падняла рокаш супраць караля. Хаця спачатку ракашане перамаглі каралеўскае войска, але потым мусілі капітуляваць. Любамірскага суд прыгаварыў да баніцыі (выгнання з радзімы). Але і спроба рэформаў была сарваная.

Новая бяда напаткала Яна Казіміра. У маі 1667 г. памерла ягоная жонка Марыя Людвіка, пастаянная дарадчыца, пад уплывам якой ён заставаўся да канца іх супольнага жыцця. Доўга кароль быў у смутку. Планы рэформаў не здзейсніліся, Рэч Паспалітая шмат пацярпела ў часе войнаў, частка тэрыторыі была страчана. Федэратыўная дзяржава аслабела. Усё гэта прывяло караля да думкі адмовіцца ад трона. 16 верасня 1668 г. Ян Казімір зрабіў гэты крок — адрокся ад трона і назаўсёды выехаў у Францыю да свайго саюзніка караля Людовіка XIV.

Памёр Ян Казімір 16 снежня 1672 г. у горадзе Неверы. Цела караля было перавезена ў Польшчу і ўрачыста пахавана ў студзені 1676 г. у Кракаве ў касцёле на Вавелі.

Міхал Карыбут Вішнявецкі (1640–1673)

Паходжанне

Пасля таго, як у верасні 1668 г. Ян Казімір Ваза адрокся ад трона каралём польскім і вялікім князем літоўскім стаў Міхал Карыбут Вішнявецкі.

Князь Міхал Карыбут Вішнявецкі паходзіў са старажытнага княжацкага роду. Радавод свой Вішнявецкія вялі ад князя Карыбута Дзмітрыя Альгердавіча, князя Ноўгарад-Северскага, аднаго з малодшых Альгердавых сыноў і таму да свайго прозвішча дадавалі яшчэ прыдомак Карыбут. Яны лічылі сябе нашчадкамі малодшага сына Карыбута Дзмітрыя — Фёдара, ад якога паходзілі князі Збаражскія і Вішнявецкія на Украіне.

Продак князёў Вішнявецкіх князь Міхал Збаражскі, які жыў на пачатку XVI ст., валодаў замкам Вішнявец на Валыні. Ён і ягоныя сыны ўжо насілі прозвішча Вішнявецкія. Гэта быў багаты праваслаўны княжацкі род у Вялікім Княстве Літоўскім і Рускім. Вішнявецкія былі ўладальнікамі значных маёнткаў, займалі адміністрацыйныя пасады ў розных частках гаспадарства, у тым ліку і на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Так, Іван Міхайлавіч Вішнявецкі быў дзяржаўцам эйшышскім, варнянскім, чачэрскім і прапойскім, яго брат Фёдар — таксама дзяржаўцам прапойскім і чачэрскім, а іх брат Аляксандр — рэчыцкім старостам. Але найбольш праславіўся ўнук заснавальніка роду — Дзмітрый Іванавіч Вішнявецкі, пра якога потым спявалі песні на Украіне. Гэты князь, староста чаркаскі і канеўскі, быў адным з кіраўнікоў барацьбы запарожскіх казакоў супраць туркаў і крымскіх татараў. У 1554–1555 гг. ён пабудаваў на дняпроўскай выспе Малая Хорціца крэпасць, з чаго і пачалася Запарожская Сеч. У знак пратэсту супраць загаду вялікага князя літоўскага (і караля польскага) Жыгімонта Аўгуста спыніць казацкія напады на Крым і Турцыю (каб не выклікаць нападаў у адказ) Дзмітрый Вішнявецкі перайшоў на бок маскоўскага цара Івана IV Грознага (Жахлівага) і двойчы ўдзельнічаў у паходах маскоўскага войска на Крымскае ханства. Праз колькі гадоў падчас Лівонскай вайны, Дзмітрый Іванавіч вярнуўся на Украіну — у Чаркасы. У 1563 г. запрашаецца баярамі на малдаўскі трон, але ягоны атрад быў разбіты ў бітве з войскамі гаспадара Стэфана IX. Вішнявецкі трапіў у палон, быў выдадзены туркам, якія не забыліся пра яго налёты на іх, і ў тым жа 1563 г. пакараны смерцю ў Канстанцінопалі.

Бацька Міхала Вішнявецкага

Праз два пакаленні род князёў Вішнявецкіх, як і многіх іншых магнатаў ВКЛ перайшоў з праваслаўя ў каталіцтва. Да другой галіны роду належаў славуты ў першай палове XVII ст. Іярэмія Міхал Вішнявецкі (1612–22.08.1651). Гэта быў буйны магнат на Украіне. Ягоныя асноўныя маёнткі знаходзіліся на Левабярэжнай Украіне і складалі цэлую латыфундыю з 56 гарадоў, мястэчак і вёсак з насельніцтвам 288 тысяч чалавек. Сталіцай яе быў горад Лубны (цяпер Палтаўская вобласць). У афіцыйных дакументах гэтае суцэльнае ўладанне называлася «панствам», «дзяржавай».

У князя Іярэміі (па-ўкраінску Ярэмы) было сваё 12-тысячнае войска. Ён прымаў замежных паслоў і пасылаў у іншыя краіны сваіх. Акрамя таго, князь Вішнявецкі меў крэпасці і маёнткі на Валыні і Палессі. У свой час вучыўся ў школе езуітаў і ведаў «навукі» на еўрапейскім узроўні, але гаварыў па-польску няправільна, са шматлікімі ўкраінскімі словамі і выразамі (так бы мовіць, «трасянкова»). Іярэмія Вішнявецкі ўзначальваў групу магнатаў, якая выступала супраць цэнтралізацыі ўлады ў Рэчы Паспалітай. 3 1646 г. быў ваяводам рускім (цэнтр ваяводства — горад Львоў).

Падчас казацка-сялянскай вайны на Украіне ў сярэдзіне XVII ст. Іярэмія Вішнявецкі з 6-тысячным войскам у 1648 г. прайшоў маршам па Паўночнай Украіне ад Чарнігава да Львова, адбіўшы атакі казацка-сялянскіх атрадаў. Паход суправаджаўся масавымі рэпрэсіямі ва ўкраінскіх вёсках і гарадах. Вішнявецкі выступаў супраць усякіх перамоў з Багданам Хмяльніцкім. Ён быў прыхільнікам жорсткай палітыкі супраць казакоў і сялян.

Пры выбарах караля ў 1648 г. Іярэмія Вішнявецкі падтрымаў кандыдатуру Караля Фердынанда Вазы, «кандыдата вайны», і быў супраць кандыдатуры Яна Казіміра Вазы, «кандыдата міру». Пасля абрання Яна Казіміра аказаўся ў няміласці. Вішнявецкі ўдзельнічаў у войнах з Багданам Хмяльніцкім. У 1649 г. ён вылучыўся пры абароне Збаражу, а ў 1651 г. — у бітве пад Берастэчкам. 22 жніўня 1651 г. Іярэмія Міхал Вішнявецкі падчас эпідэміі памёр. У выніку казацка-сялянскай вайны вялікія маёнткі на Левабярэжнай Украіне для сям'і Вішнявецкіх былі страчаны.

Іярэмія Вішнявецкі быў звязаны сваяцтвам з іншымі арыстакратычнымі сем'ямі. Ягоная маці Рэгіна была дачкой гаспадара Малдавіі Іярэміі Магілы і стрыечнай сястрой кіеўскага праваслаўнага мітрапаліта Пятра Магілы (памёр у 1647 г.). Жанаты князь Іярэмія быў з Грызельдай Канстанцыяй Замойскай, дачкой канцлера вялікага кароннага і ўладальніка багатай Замойскай ардынацыі (амаль аўтаномнага ўладання). Ад гэтага шлюбу ў князя Іярэміі і нарадзіўся адзіны сын Міхал, якому лёсам і людзьмі наканавана было стаць каралём.

Маладыя гады

Міхал Томаш Вішнявецкі нарадзіўся 31 жніўня 1640 г. у Вішняўцы на Валыні. Да 1642 г. знаходзіўся ў Замосці, у сваёй бабкі Кацярыны Замойскай. Пасля смерці бацькі з 1651 г. выхоўваўся пад наглядам біскупа плоцкага Караля Фердынанда Вазы, брата караля Яна Казіміра. Вучыўся ў езуіцкай школе, пазней, па стыпендыі караля, — у Празе Чэскай, а таксама ў Дрэздэне і Вене. Адукацыю атрымаў някепскую, ведаў некалькі замежных моў: французскую, нямецкую, італьянскую, турэцкую, татарскую і, безумоўна, лацінскую. Некаторы час служыў у аўстрыйскім войску і атрымаў ступень палкоўніка. Пасля вярнуўся да маці ў Замосце, дзе ўладальнікам вялікай латыфундыі (Замойскай ардынацыі) быў ягоны дзядзька, брат маці Ян Замойскі, ваявода сандамірскі.

У лістападзе 1663 г. Міхал Вішнявецкі прыняў удзел у ваеннай кампаніі караля Яна Казіміра на Украіну супраць маскоўскіх войскаў. Камандаваў уласным палком пяхоты з 600 чалавек. Гэты паход караля на Левабярэжную Украіну скончыўся безвынікова, бо маскоўскія войскі адступалі і ў вялікія бітвы не ўвязваліся. Больш нічым у гэты час Міхал Вішнявецкі не вызначыўся. Падчас рокашу (выступлення) магнатаў пад кіраўніцтвам Е. Любамірскага супраць караля малады Міхал Вішнявецкі падтрымаў караля Яна Казіміра. У 1668 г. кароль і вялікі князь Ян Казімір Ваза адмовіўся ад трона. У Рэчы Паспалітай пачалося бескаралеўе.

Абранне на трон

Вакантны трон адразу прывабіў шматлікіх кандыдатаў. У справу ўмяшаліся і замежныя двары, у першую чаргу французскі і аўстрыйскі, чые прыхільнікі былі сярод магнатэрыі Рэчы Паспалітай. Стаць каралём польскім і вялікім князем літоўскім намагаліся прынц Луі Кандэ («Вялікі Кандэ»), французскі палкаводзец, блізкі родзіч французскага караля Людовіка XIV. Прааўстрыйская групоўка вылучыла кандыдатуру герцага латарынгскага Карла. Былі названыя таксама кандыдатуры  маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча і яго сына царэвіча Фёдара. Кандыдатамі выступілі і брандэнбургскі курфюрст Фрыдрых Вільгельм Гогенцолерн, італьянскія прынцы, шведская экс-каралева Крыстына Ваза і брат англійскага караля Джэймз Сцюарт (з часам ― англійскі кароль Якаў II).

Аднак пэўная група магнатаў і шляхты выступіла супраць выбараў замежных кандыдатаў, прапануючы кандыдатуру «Пяста», г. зн. радавітага жыхара Рэчы Паспалітай. Пачалася агітацыя менавіта за такую кандыдатуру. Біскуп хэлмінскі і падканцлер каронны Анджэй Альшоўскі разаслаў па паветах на перадвыбарчыя соймікі пракламацыю «Цэнзура кандыдаторум» з прапановай выбраць абывацеля (грамадзяніна) Рэчы Паспалітай.

6 чэрвеня 1669 г. элекцыйны (выбарчы) сойм выключыў з выбараў кандыдатуру французскага прынца Кандэ. 17 чэрвеня шляхта, пасля нейкіх чутак, пачала страляць па сенатарскім павільёне, абвінаваціўшы магнатаў у здрадзе. Доўга вагаліся ў выбары дэпутаты ад Вялікага Княства Літоўскага. У складзе кіраўніцтва апазіцыі быў і швагер Яна Сабескага — падканцлер і гетман польны літоўскі Міхал Казімір Радзівіл з Нясвіжа. У апазіцыю новаму каралю ўваходзілі ваяводы і кашталяны з усёй Рэчы Паспалітай. Прадстаўнікі ваяводстваў і паветаў Літоўскага-Беларускага гаспадарства, нягледзячы на супраціўленне магнацкіх сем'яў Радзівілаў і Пацаў, выказаліся за кандыдатуру Міхала Вішнявецкага.

29 чэрвеня 1669 г. каралём быў абраны «Пяст» — Міхал Карыбут Вішнявецкі.

Гэта быў кандыдат шляхты, а не магнатаў. Шляхта лічыла, што малады, нежанаты і небагаты князь, не спрактыкаваны ў палітыцы, без вялікіх амбіцый і ў той жа час старанны вернік-католік не будзе для шляхты і для яе вольнасці небяспечным. Магнаты пад ціскам шляхты вымушаны былі пагадзіцца на выбар маладога Вішнявецкага, але не любілі яго. Яны цягнулі час з абвяшчэннем яго каралём, а потым перайшлі ў апазіцыю, перш за ўсё гэта прафранцузская партыя (ці, як іх называлі, «незадаволеныя») на чале з арцыбіскупам-прымасам (галавой каталіцкай царквы ў Рэчы Паспалітай) М. Пражмоўскім і гетманам вялікім каронным Янам Сабескім. Магнаты цяпер мусілі кланяцца беднаму, на іх погляд, князьку, які яшчэ перад сваёй элекцыяй (выбарам) пазычаў грошы ў замежных дыпламатаў, а цяпер «цудам» быў узняты на трон. Яны з пагардай гаварылі пра новага караля: «Ну што за караля абралі? У яго нават няма шастака (сярэбраная шасціграшовая манета. — А. Г.), каб купіць сабе грэбень». Апазіцыя распускала плёткі пра караля, быццам ён імпатэнт або гомасексуаліст. У сваіх лістах Ян Сабескі і яго жонка Марысенька называлі караля «малпай».

Панаванне Міхала Вішнявецкага

У такіх нялёгкіх абставінах пачалося нядоўгае панаванне Міхала Томаша Карыбута Вішнявецкага. 29 верасня 1669 г. Міхал Вішнявецкі каранаваўся ў Кракаве. Але ўжо першы каранацыйны сойм (з нагоды каранацыі) быў сарваны. Сойм засядаў ад 1 кастрычніка да 12 лістапада. На ім абмяркоўвалася даволі добрая палітычная праграма. Але апазіцыя магнатаў, карыстаючыся правам ліберум вета (аднагалоснага прыняцця законаў), сарвала гэты сойм. Дарэчы, заганная практыка зрыву соймаў працягвалася і далей. Усяго з шасці соймаў у часе панавання Вішнявецкага чатыры былі сарваны. У далейшым малады кароль вымушаны быў абапірацца на розныя магнацкія групоўкі і неўзабаве зрабіўся прыладай у барацьбе магнацкіх клік паміж сабой.

У лістападзе 1669 г. рада сената Рэчы Паспалітай разглядала важную дзяржаўную справу аб жаніцьбе караля. Гэта сапраўды была дзяржаўная справа, бо ад выбару нявесты залежала тое, з якой дзяржавай будуць саюзныя адносіны, а з якой могуць і сапсавацца. Магнаты, якія засядалі ў радзе Сената (асобы, што займалі вышэйшыя пасады ў Польшчы і Літоўскім-Беларускім гаспадарстве), выбралі для караля 16-гадовую нявесту, эрцгерцагіню аўстрыйскую Элеанору Марыю Юзэфу Габсбург, дачку імператара Свяшчэннай Рымскай (Германскай) імперыі Фердынанда III і сястру імператара Леапольда I. Міхал Вішнявецкі адказаў сенатарам, што згодзен з імі, «каб было выгадна і вам і быў пажытак для Рэчы Паспалітай». Каралю ў гэты час было 29 гадоў.

27 лютага 1670 г. у Чэнстахове адбыўся шлюб. Такі палітычна-сямейны саюз узмацніў пазіцыі Міхала Вішнявецкага. Цяпер ён у сваёй унутранай палітыцы абапіраўся на Габсбургаў і схіліў на свой бок аўстрыйскую партыю магнатаў. Ды і каралева Элеанора хутка стала вернаю сяброўкаю караля. Ад гэтага шлюбу дзяцей не было (у каралевы было два выкідышы), і гэта стала прычынаю дамаганняў апазіцыі разводу караля. (Праз чатыры гады пасля смерці мужа 25-гадовая каралева Элеанора выйшла замуж за герцага латарынгскага Карла, нарадзіла 6 дзяцей і стала продкам Габсбург-Латарынгскага дому, які панаваў у Аўстрыі і Аўстра-Венгрыі да 1918 г.)

Фактычна патрабаванні разводу былі спробамі разарваць саюз з Аўстрыяй. У красавіку 1670 г. апазіцыя сарвала чарговы сойм. Адзін з дэпутатаў выступіў з пратэстам супраць працягу тэрміну пасяджэнняў (дастаткова, каб сойм разышоўся). Наступны, асенні, сойм шляхта ўратавала, пагражаючы апазіцыі вайной. Шэраг законаў і пастаноў быў прыняты.

А ў гэты час нарастала пагроза вайны з Турцыяй. Крымскія татары пачалі нападаць на паўднёвыя раёны Рэчы Паспалітай на Украіне. Тым не менш барацьба апазіцыі супраць караля працягвалася. Наступныя соймы зноў зрываліся. У чэрвені 1672 г. апазіцыя патрабавала ад караля скласці карону, але, увогуле нерашучы чалавек, на гэты раз ён адмовіў. Вакол караля арганізавалася генеральная канфедэрацыя шляхты (вайсковы саюз, які меў характар сойма, але ўжо пастановы канфедэрацыі прымаліся не аднагалосна, як на сойме, а большасцю галасоў). Кароль абвясціў аб скліканні паспалітага рушэння (агульнага апалчэння шляхты).

Тады апазіцыя (ці «незадаволеныя», як іх называлі) абвясціла сваю канфедэрацыю. Мэтаю яе была дэтранізацыя Вішнявецкага і выбары новага караля з французскіх прынцаў. «Незадаволеныя» звярнуліся па дапамогу да караля Францыі Людовіка XIV. Гэты акт падпісалі 38 сенатараў, міністраў вышэйшых чыноўнікаў і афіцэраў на чале з прымасам М. Пражмоўскім і гетманам вялікім каронным Я. Сабескім. Апазіцыя вылучыла новую кандыдатуру на трон — французскага герцага Шарля дэ Лангвіля (нашчадка няшлюбнай лініі папярэдняй дынастыі Валуа). Нават прапанавалі развесці караля з каралевай і выдаць яе замуж за французскага герцага. Але герцаг загінуў 12 чэрвеня 1672 г. у бітве падчас вайны паміж Францыяй і Галандыяй. Апазіцыянеры пачалі збірацца ў Гданьску. Спробы караля неяк дамовіцца з апазіцыяй не ўдаліся. Тады кароль сабраў паспалітае рушэнне для барацьбы з ворагамі.

Вайна з Турцыяй и смерць караля

Унутраным непарадкам у Рэчы Паспалітай карысталіся суседнія дзяржавы. Так, у 1670 г. кароль, пацвердзіўшы Андрусаўскае перамір'е 1667 г. з Масковіяй, вымушаны быў пакінуць Кіеў Масковіі (хаця па ўмовах перамір'я Кіеў перадаваўся Масковіі толькі на два з паловай года). Брандэнбургскі курфюрст Фрыдрых Вільгельм загадаў арыштаваць на польскай тэрыторыі лідэра апазіцыі ў Прусіі Л. Калькштэйна-Сталінскага і пакараць смерцю ў Мемелі (Клайпедзе). Акрамя папяровага пратэсту, Міхал Вішнявецкі нічога не змог зрабіць.

Яшчэ ў сярэдзіне 1672 г. арганізаваліся дзве канфедэрацыі: адна за караля — Галомбская (у Галомбе), другая супраць яго — Шчэбжэшынская на чале з гетманам вялікім каронным (галоўнакамандуючым войскам) Янам Сабескім, за якім стаяла войска. Рэч Паспалітая раскалолася на два лагеры. Грамадзянскую вайну ў краіне прадухіліў напад Турцыі.

Улетку 1672 г. войскі турэцкага султана Мехмеда IV напалі на паўднёвыя межы Польшчы. 100-тысячная турэцкая армія 18 жніўня асадзіла моцную крэпасць Камянец-Падольскі і 27 жніўня 1672 г. прымусіла яе гераічных абаронцаў капітуляваць. Далей турэцкія войскі разгарнулі наступ на Бучач і Львоў. Але Львоў узяць не змаглі. Туркі здолелі захапіць гарады і замкі Збораў, Злочаў, Бучач. Атрады крымскіх татараў рассыпаліся па Украіне, знішчаючы і рабуючы населеныя пункты, ажно за ракой Сан. У гэтай сітуацыі Ян Сабескі з трыма тысячамі конніцы рушыў на поўдзень, разбіваючы па дарозе татарскія атрады. Зрабіўшы хуткі марш, у першай палове кастрычніка Ян Сабескі пры дапамозе мясцовых украінскіх сялян разбіў каля 20 тысяч татараў і вызваліў з палону каля 44 тысяч людзей.

Аднак становішча Рэчы Паспалітай было крытычным, і яна мусіла 18 кастрычніка 1672 г. заключыць з Турцыяй ганебны Бучацкі мір. Турцыя атрымлівала ад Польшчы Падолію разам з Камянцом, а Брацлаўскае ваяводства і паўднёвая частка Кіеўскага перадаваліся турэцкаму стаўленіку — казацкаму гетману Правабярэжнай Украіны Пятру Дарашэнку, які прызнаў залежнасць ад султана. Рэч Паспалітая была абавязана выплаціць выкуп за тое, што туркі знялі аблогу Львова (80 тысяч талераў) і мусіла выплачваць султану штогадовую даніну 22 тысячы злотых.

Нягледзячы на гэтае паражэнне, кароль Міхал не засцерагаў паўднёвыя землі краіны ад далейшых нападаў туркаў і іх саюзнікаў — крымскіх татараў і казакоў. Ён працягваў збіраць войска, каб расправіцца з апазіцыяй. Але на генеральным з'ездзе шляхты ў Варшаве напачатку студзеня 1673 г. перамаглі прыхільнікі патрыятычнай лініі. Некалькі тыдняў біскуп кракаўскі Анджэй Тшэбіцкі і ваявода віцебскі Ян Храпавіцкі пры дапамозе каралевы Элеаноры і папскага нунцыя Франчэска Буанвізі вялі перамовы з абодвума бакамі. I толькі новая турэцкая пагроза прымусіла абодва лагеры пайсці на згоду (сакавік 1673 г.). «Незадаволеныя» прыбылі ў Варшаву, а генеральны з'езд пераўтварыўся ў так званы пацыфікацыйны (міратворчы) сойм, які выпрацаваў праграму абароны краіны ад турэцкага нашэсця. Сойм зрабіў вялікую саступку шляхце Літоўскай-Беларускай дзяржавы. На сойме 1673 г. было пранятае рашэнне: кожны трэці сойм «станаў каронных і Вялікага Княства Літоўскага» збіраць не ў Кароне, а ў «Вялікім Княстве Літоўскім у горадзе Горадні, за выключэннем соймаў канвакацыйных, падчас міжкаралеўя, а таксама элекцыйных (выбарчых. — А. П) і каранацыйных, якія ў Кароне павінны адбывацца». Сойм адхіліў Бучацкі мірны дагавор у красавіку 1673 г., і вайна працягвалася. Ваенныя дзеянні адбываліся яшчэ і ўвосень.

Напачатку верасня 1673 г. кароль Міхал Вішнявецкі ўрэшце рушыў да вайсковага лагера, але да канца месяца даехаў толькі да Львова. Хаця адчуваў сябе кепска, усё яшчэ хацеў камандаваць арміяй. 8 кастрычніка кароль прыехаў у вайсковы лагер каля Сваравы (на ўсход ад Львова) і правёў агледзіны 40-тысячнага войска кароннага. Але нечакана здароўе караля пагоршылася, і 13 кастрычніка ён вярнуўся ў Львоў. Адразу ж паслалі ганца да каралевы, каб хутчэй ехала да мужа. А ў гэты час польскае войска і 12-тысячнае войска літоўскае пад камандаваннем Яна Сабескага рушыла на турэцкую армію, якая знаходзілася каля крэпасці Хоцін, за Днястром. Кароль Міхал Вішнявецкі ўжо не дачакаўся вестак пра генеральную бітву з туркамі, бо 10 лістапада 1673 г. памёр. Было каралю ўсяго 33 гады. Каралева так і не даехала да Львова і вярнулася ў Варшаву. Прах караля быў пахаваны ў Вавельскай катэдры ў Кракаве ў той самы дзень — 31 студзеня 1676 г., што і прах Яна Казіміра, прывезены з Францыі.

Чатырохгадовае панаванне караля Міхала Вішнявецкага было нешчаслівым для Рэчы Паспалітай. Ён аказаўся няздольным манархам, не змог сканцэнтраваць грамадскія сілы ні на пытаннях унутранай, ні на пытаннях знешняй палітыкі. Ягоная аўстрыйская арыентацыя ў знешняй палітыцы не прынесла поспехаў і не абараніла дзяржаву ад турэцкага нашэсця.

У ВКЛ ў 60-я - першай палове 70-х гг. XVII ст. найбольшага палітычнага ўплыву дамаглася магнацкая сям'я Пацаў. Пасля выбрання Міхала Вішнявецкага Пацы перайшлі на яго бок. Яны былі кіраўнікамі магнацка-шляхецкай прааўстрыйскай групоўкі. Заняўшы асноўныя дзяржаўныя пасады, на якія іх прызначыў кароль, яны фактычна кіравалі Вялікім Княствам Літоўскім. Такім вось чынам, падчас панавання караля Міхала Вішнявецкага, Вялікае Княства Літоўскае падтрымлівала караля.

Ян Сабескі (1629–1696)

Ян Сабескі быў другім «Пястам» на каралеўскім троне ў Польшчы і вялікім князем літоўскім. Шляхта зноў выбрала ў 1674 г. караля са свайго асяроддзя. Зноў не Радзівіл, Любамірскі, Патоцкі, Пац ці Сапега — не радавіты магнат, і не замежны прынц ці кароль, а нашчадак заможнай шляхты заняў трон у Рэчы Паспалітай.

Ян Сабескі (малюнак Яна Матэйкі)

З роду герба «Яніна»

Ян Сабескі належаў да старажытнага роду герба «Яніна», але не надта вядомага і не надта багатага. Продкі яго вызначыліся падчас Лівонскай вайны. Дзед Яна Сабескага — Марэк Сабескі — удзельнічаў у войнах канца XVI - пачатку XVII ст., быў спачатку харунжым надворным каронным (г. зн. польскім), потым кашталянам люблінскім, а з 1598 г. — ваяводам люблінскім. Марэк Сабескі атрымаў землі ў Заходняй Украіне ў якасці ўзнагароды за добрую службу. Родная цётка Яна — Ганна (дачка Марэка) — прыняла манаства, уступіўшы ў ордэн брыгітак у Горадні, пазней з'яўлялася настаяцелькай манастыра (памерла ў 1650 г.).

Бацька Яна — Якуб Сабескі (1580–1646) — некалькі разоў абіраўся дэпутатам соймаў Рэчы Паспалітай, а чатыры разы нават маршалкам (старшынёю) соймаў. Якуб Сабескі быў таксама дыпламатам, ездзіў з пасольствамі ў Рым, Вену, Парыж. Купіў у Заходняй Украіне маёнткі Злочаў, Памараны, Збораў… У 1641 г. стаў ваяводам рускім, а ў 1646-м — кашталянам кракаўскім, меў староствы Трэмбавельскае, Стрыйскае, Калушскае ды інш.

Маці Яна Сабескага Тэафанія Даніловіч (1607–1661), таксама з польскага шляхецкага роду (венгерскага паходжання) з Заходняй Украіны, выйшла замуж за ўдаўца — Якуба Сабескага — і нарадзіла яму двух сыноў і дачку. Тэафанія Даніловіч была дачкой Яна, ваяводы рускага, і Зоф'і Жулкеўскай, дачкі знакамітага палкаводца Станіслава Жулкеўскага, гетмана вялікага кароннага, пераможцы шведаў пад Рэвелем, маскоўскіх войскаў пад Клушынам (1610) і ў іншых бітвах. Гэта ён у 1610 г. на чале польскіх і літоўскіх-беларускіх атрадаў заняў Маскву. Так што Ян Сабескі быў праўнукам Станіслава Жулкеўскага.

Старэйшы брат Яна — Марэк (1628–1652) — з'яўляўся старастам краснастаўскім і явораўскім, але памёр маладым. Сястра Кацярына (1634–1694) была двойчы замужам: у першым шлюбе з князем Уладзіславам Дамінікам Заслаўскім-Астрожскім, у другім — з князем Міхалам Казімірам Радзівілам, ваяводам віленскім і гетманам польным літоўскім, уладальнікам Нясвіжа. Такім чынам, Сабескі быў звязаны сваяцтвам з магнацкімі сем'ямі на Украіне і Беларусі.

Маладыя гады

Ян Сабескі нарадзіўся 17 жніўня 1629 г. у замку Алеска (Рускае ваяводства, дзе галоўным горадам лічыўся Львоў). Дзяцінства прайшло ў Жолкве, маёнтку гетмана Жулкеўскага, выхаванне — у рыцарскай традыцыі роду Жулкеўскіх. У 1640 г. разам з братам хлопчык быў адпраўлены ў Кракаў, дзе абодва вучыліся ў калегіі Навадворскага, а з 1643 да 1646 г. — на філасофскім факультэце Кракаўскай акадэміі. У 1646 г. абодва паехалі на вучобу за мяжу — у Лейпцыг, Антверпэн, Парыж, Лондан, Гаагу. Займаліся вывучэннем замежных моў, літаратуры, вайсковых і палітычных спраў, а ў 1648 г. вярнуліся на радзіму.

Ян Сабескі ўдзельнічаў у вайне супраць казацкага войска Багдана Хмяльніцкага ў бітве ля Зборава. Абодва браты змагаліся супраць казакоў і татараў ля Берастэчка ў 1651 г. У гэтай бітве Ян Сабескі быў цяжка паранены ў галаву. Брат загінуў у бітве ля Батога. У той бітве Ян не ўдзельнічаў, бо лячыўся ў Львове: перад гэтым ён быў паранены на дуэлі з Казімірам Пацам, які потым стаў ягоным палітычным апанентам. У 1653 г. палкоўнік Ян Сабескі камандаваў казацкай харугвай (лёгкай конніцай) у бітве супраць украінскіх казакоў і крымскіх татараў.

Сабескі — палкаводзец

У кастрычніку 1655 г. падчас шведска-польскай вайны Ян Сабескі з войскам харунжага кароннага Аляксандра Канецпольскага прынёс прысягу на вернасць шведскаму каралю Карлу X Густаву, войскі якога захапілі амаль усю Польшчу. Але ў сакавіку наступнага года Ян Сабескі пакінуў шведаў і перайшоў у войска Стэфана Чарнецкага, удзельнічаў у баях супраць шведаў у Вялікай Польшчы, Прусіі і ля Торуня, чым цалкам рэабілітаваў сябе і атрымаў ад караля Яна Казіміра чын харунжага кароннага. Уліпені 1656 г. падчас бітвы ля Варшавы Сабескі камандаваў злучанымі вайсковымі атрадамі палякаў і крымскіх татараў, якія атакавалі шведаў і брандэнбуржцаў. Ян Сабескі браў удзел у баях супраць інтэрвенцыйнай арміі трансільванскага князя Юрыя II Ракачы, а ў 1658 і 1659 гг. — зноў супраць шведаў у Прусіі і ля Торуня. У тым жа 1659 г. Ян Сабескі ўпершыню быў абраны дэпутатам сойма. Праз год кароль Ян Казімір — за заслугі перад Айчынай — даў яму пажыццёва староства Стрыйскае. Восенню 1660 г. Ян Сабескі камандаваў палком у бітвах з казакамі гетмана Юрыя Хмяльніцкага і маскоўскімі войскамі на Украіне. Ягоны баявы вопыт у сутычках са шведамі, украінскімі казакамі, крымскімі татарамі і маскоўцамі гартаваў ягоны характар палкаводца і чалавека.

Каханне — раз i назаўсёды

Малады харунжы каронны быў ласкава прыняты пры каралеўскім двары. Яшчэ ў 1655 г., калі Яну было 26 гадоў закахаўся ён ў прыгажуню Марыю Казімеру дэ ля Гранж д'Арк'ен, выхаванку каралевы Людвікі Марыі, французскай жонкі караля Яна Казіміра. Дзяўчыне было толькі 14. Гэтая францужанка, ці, як Сабескі называў яе, Марысенька, стала адзіным моцным яго каханнем на ўсё жыццё. Каралева Людвіка спрыяла закаханаму вайскоўцу, якому, лічыла, наканавана вялікая кар'ера.

Нягледзячы на прыхільнасць Марысенькі, Ян Сабескі саступіў больш багатаму і ўплывоваму канкурэнту Яну Замойскаму (1627–1665), ваяводзе кіеўскаму і ардынату Замойскаму (Замосце з багатымі маёнткамі), які ў 1658 г. ажаніўся з Марыяй Казімерай д'Арк'ен. Але каханне Сабескага пакінула ў старапольскай літаратуры помнік прыгожага пісьменства: ягоныя лісты да каханай — найлепшыя ўзоры стылістыкі палкага і адукаванага закаханага. Шлюб Марыі Казімеры быў няўдалым. Яна па-ранейшаму сустракалася з Янам Сабескім (ён меў маёнтак па суседстве, у Піляшковіцах). Перапіска паміж імі ўзмацнілася. Больш за тое, у 1661 г. у варшаўскім касцёле кармелітаў Сабескі даў клятву на вернасць сваёй каханай.

Каралева канчаткова перацягнула Сабескага ў каралеўскі, прафранцузскі лагер. Ён абіраўся некалькі разоў дэпутатам соймаў, выступаў за ўзмацненне каралеўскай улады і абранне прынца Кандэ наступнікам трона ў Варшаве. У 1663 г. з войскам пад камандаваннем караля Яна Казіміра (разам з украінскімі казакамі гетмана Правабярэжнай Украіны Паўла Тэтэры) удзельнічаў у паходзе супраць Масковіі. Войскі дайшлі да Глухава і Сеўска, але вымушаны былі адступіць. Сабескі камандаваў ар'ергардам і мужна адбіваў атакі маскоўскіх войскаў і казацкага войска Левабярэжнай Украіны.

7 красавіка 1665 г. памёр ваявода Замойскі. Нягледзячы на жалобу, Ян Сабескі ўжо 14 мая патаемна абвянчаўся з Марыяй Казімерай Замойскай, багатай 24-гадовай удавой (дзяцей у яе не было). Афіцыйны шлюб адбыўся 5 ліпеня 1665 г. Ад гэтага шлюбу нарадзіліся тры сыны — Якуб-Людвік, Аляксандр, Канстанцін і дачка Тэрэса-Кунегунда (1676–1710), якая выйшла замуж за баварскага курфюрста Максіміліяна II. Яе сын Карл Альберт (унук Я. Сабескага) (1697–1745), таксама курфюрст, нават стаў у 1742 г. імператарам Свяшчэннай Рымскай (Германскай) імперыі. Дачка Якуба Людвіка (унучка Сабескага) Марыя Клементына выйшла замуж за Джэймза Эдварда Сцюарта, сына зрынутага ў 1688 г. англійскага каталіцкага караля Якава II, прэтэндэнта на англійскі трон.

У год (1665), калі нарэшце наладзілася сямейнае жыццё, Ян Сабескі стаў маршалкам вялікім каронным (лічыўся першым міністрам, вышэй за канцлера). Падчас рокашу гетмана польнага Е. С. Любамірскага, які выступіў супраць рэформаў дзяржаўнага ладу ў Рэчы Паспалітай, Сабескі ўзяў бок караля. Але часта ад'язджаў з войска, каб сустракацца з маладой жонкай. У 1666 г. атрымаў ад караля булаву гетмана польнага кароннага. Ваяваў ён супраць ракашан Е. С. Любамірскага неахвотна, нават пацярпеў паразу і ў ліпені 1666 г. з радасцю падпісаў з імі пагадненне, якое скончыла грамадзянскую вайну. Планы рэформаў былі перакрэслены. «Залатая вольнасць» шляхты і магнатаў захавалася.

Вайсковая i дзяржаўная дзейнасць

Толькі скончылася грамадзянская вайна, а ўжо зноў пачалася новая вайна на Украіне. Гетман Правабярэжнай Украіны Пётр Дарашэнка разам з крымскімі татарамі выступаў супраць Кароны. Андрусаўскае перамір'е паміж Рэччу Паспалітай і Масковіяй у студзені 1667 г. паказала, што ваяваць Рэч Паспалітая і Масковія ўжо больш няздольныя. Тады Турцыя выступіла супраць Рэчы Паспалітай, узяўшы пад сваю апеку казакоў і крымскіх татараў. Казацка-татарскае войска (да 30 тысяч чалавек) гетмана Дарашэнкі рушыла на Львоў. Насустрач выступіў атрад з невялікімі сіламі (3 тысячы конніцы, пяхоты і артылерыі). 6 кастрычніка 1667 г. адбылася бітва каля Падгайцаў (на ўсход ад Галіча). Войску Сабескага дапамагалі ўкраінскія сяляне, якія раней уцяклі ў Падгайцы. Атакі казакоў і татараў былі адбіты, і яны былі вымушаны заключыць мір, бо ў гэты час запарожцы на чале з атаманам Іванам Сірко напалі на Крымскае ханства (гэта той Сірко, што з'яўляецца аўтарам вядомага ліста запарожцаў да турэцкага султана: «Ты шатане турэцкі, чорта праклятага брат і таварыш…»).

Перамога пад Падгайцамі прынесла Яну Сабескаму вялікі аўтарытэт сярод шляхты. У лютым 1668 г. кароль Ян Казімір надаў яму годнасць вялікага гетмана кароннага.

Падчас выбараў новага караля ў 1669 г. (пасля адрачэння ад трона Яна Казіміра) Сабескі падтрымаў кандыдатуру прынца Луі дэ Кандэ, сваяка французскага караля. Але шляхта абрала каралём Міхала Карыбута Вішнявецкага. Ян Сабескі разам з галавой каталіцкай царквы ў Рэчы Паспалітай арцыбіскупам М. Пражмоўскім стаў на чале апазіцыі. Але апазіцыя вымушана была спыніць атакі на караля. На краіну напала Турцыя, а перш за ўсё крымскія татары. У 1671 г. Сабескі ў некалькіх бітвах разбівае крымскіх татараў на Украіне. Але туркі ў жніўні 1672 г. прымусілі капітуляваць моцную крэпасць Камянец-Падольскі, захапілі некалькі гарадоў. Крымскія татары рабавалі Украіну. Гетман Ян Сабескі з невялікімі сіламі нанёс паражэнне крымскім татарам. Тым не менш Рэч Паспалітая мусіла заключыць з Турцыяй ганебны Бучацкі мір і перадаць Турцыі Падолію, а Брацлаўскае ваяводства і паўднёвую частку Кіеўскага — казацкаму гетману Пятру Дарашэнку, васалу султана. Польшча павінна была плаціць штогадовую даніну султану.

У сакавіку 1673 г. кароль Міхал і апазіцыя прыйшлі нарэшце да згоды. Сойм адхіліў Бучацкі мірны дагавор, і вайна з Турцыяй працягвалася. Гетман вялікі каронны Ян Сабескі сабраў 40-тысячнае польскае войска. Да яго далучылася 12-тысячнае літоўскае-беларускае войска на чале з гетманам вялікім літоўскім Міхалам Казімірам Пацам і гетманам польным літоўскім Міхалам Казімірам Радзівілам. 11 лістапада 1673 г. аб'яднанае войска на чале з Янам Сабескім нанесла знішчальную паразу турэцкай арміі Хусейна-пашы. Гэтая перамога перапыніла наступ турэцкіх войскаў і ўславіла Яна Сабескага. За адзін дзень да вырашальнай бітвы памёр кароль Міхал Карыбут Вішнявецкі. Трон стаў вакантным.

Ян Сабескі — кароль

19 мая 1674 г. на выбарчым полі Ян Сабескі быў абраны каралём польскім і вялікім князем літоўскім. Супраць ягонае кандыдатуры актыўна выступіла прааўстрыйская групоўка магнатаў Вялікага Княства Літоўскага. Яе ўзначальвалі Пацы: канцлер вялікі літоўскі Крыштаф Пац, яго стрыечны дзядзька Міхал Казімір — гетман вялікі літоўскі і ваявода віленскі, брат апошняга Казімір — біскуп жмудскі. Яны патрабавалі аднагалоснага выбару, не хацелі прызнаваць Марысеньку каралевай, а сына Якуба — каралевічам. Аднак Сапегі і Радзівілы падтрымалі новаабранага караля, і 5 чэрвеня 1674 г. ён прынёс прысягу. З-за вайны з туркамі каранацыю адклалі, і яна адбылася ў лютым 1676 г. на сойме ў Кракаве.

У сувязі з моцнай апазіцыяй каралю Яну Сабескаму ў Літоўскай-Беларускай дзяржаве з боку прааўстрыйскай групоўкі на чале з Пацамі кароль пачаў пры нагодзе вылучаць на вышэйшыя пажыццёвыя пасады прадстаўнікоў сям'і Сапегаў якія, у сваю чаргу, падтрымлівалі караля. Радзівілы на чале са шваграм караля, уладальнікам Нясвіжа Міхалам Казімірам Радзівілам, натуральна, таксама былі за караля.

Восенню 1674 г. туркі зноў пайшлі на Украіну. Кароль Ян III (так яго афіцыйна называлі) сам павёў войска ў паход. У баях з туркамі каралеўскае войска адбіла гарады Бар, Магілёў-над-Днястром, Брацлаў. У 1675 г. Сабескі малымі сіламі затрымаў татарскі наезд, абараніў Львоў і пагнаў татараў ажно ў Малдавію. Восенню 1676 г. ля ракі Днестр, ля Жураўна, былі адбіты атакі турэцка-татарскага войска і заключаны мір з Турцыяй і Крымам, паводле якога захопленыя туркамі землі Падоліі заставаліся ў іх руках, але выплата штогадовай даніны памерам 22 тысячы злотых (паводле Бучацкага міру) скасоўвалася. Белая Царква і Павалоч вярталіся да Польшчы, але Камянец застаўся ў туркаў. Сойм не зацвердзіў гэты дагавор.

Стаўшы каралём, Ян Сабескі надумаў правесці рэформы, каб узмацніць дзяржаўны лад, у тым ліку ўладу караля, і абмежаваць сваволле магнатаў. Ён таксама намагаўся змяніць кірунак знешняй палітыкі дзяржавы — з усходу на захад. План грунтаваўся на намерах займець сталы мір з Турцыяй і палепшыць адносіны з Масковіяй. Рэч Паспалітая збіралася заключыць саюз з Францыяй і Швецыяй супраць Брандэнбургска-Прускай дзяржавы і Аўстрыі, далучыць да Польшчы так званую Княскую Прусію (герцагства Прусія з Кёнігсбергам, або Караляўцом) і такім чынам шырока выйсці да Балтыйскага мора, а таксама далучыць Сілезію да Польшчы (Сілезія тады знаходзілася пад уладай Аўстрыі). Дзеля гэтага Ян Сабескі заключыў з Францыяй у 1675 г. саюзны дагавор, падтрымаў антыгабсбургскае паўстанне куруцаў у Венгрыі і Славакіі пратэстанцкага графа Імрэ Цёкёя, а праз два гады заключыў саюз са Швецыяй. Габсбургі, уладальнікі Аўстрыі, Венгрыі, Чэхіі, Славакіі і імператары Свяшчэннай Рымскай (Германскай) імперыі, у сваю чаргу, пачалі актыўную палітыку ў Рэчы Паспалітай супраць Яна Сабескага і прафранцузскай групоўкі. Яны заключылі пагадненне з Масковіяй, а ў самой Рэчы Паспалітай з'ядналі магнацкую апазіцыю на чале з Пацамі ў ВКЛ, а ў Польшчы — з гетманам польным каронным Дымітрам Ежы Вішнявецкім (стрыечным братам былога караля Міхала Карыбута Вішнявецкага), біскупам кракаўскім А. Тшэбіцкім. Апазіцыя ўтварыла нават патаемную канфедэрацыю з мэтай пазбавіць Яна Сабескага трона (каб не даць каралю каранавацца), а потым ужо выступіла супраць дынастыйнай палітыкі караля і супраць яго знешняй палітыкі ў Венгрыі і Прусіі. Апазіцыя рэзка выказалася наконт таго, каб каралеўскі трон успадкаваў каралевіч Якуб, старэйшы сын Сабескага.

Змаганне з апазіцыяй

Вялікія планы караля рэфармаваць дзяржаўны лад краіны не ажыццявіліся. Занадта моцнай была апазіцыя магнатаў, якія не хацелі змяншэння сваёй улады як у Польшчы, так і ў Літоўскай-Беларускай дзяржаве. Ды і шляхта не хацела пазбаўляцца сваёй «залатой вольнасці». Планы караля ўрэшце не падтрымаў і асноўны саюзнік, французскі кароль Людовік ХІV. Яму ўдалося ў 1678–1679 гг. пашырыць тэрыторыю Францыі, заключыць мірны дагавор з шэрагам еўрапейскіх дзяржаў. Цяпер Аўстрыя і Брандэнбург замірыліся з Францыяй, а Брандэнбург стаў нават саюзнікам Францыі. У 1678 г. Масковія вярнула Літоўскай-Беларускай дзяржаве страчаныя раней Невель, Себеж і Веліж узамен за адмову Рэчы Паспалітай ад вяртання ёй Кіева, але гэта не ратавала ад новых пагрозаў вайны.

З Турэцкай імперыяй адносіны таксама не палепшыліся.

Ян Сабескі (малюнак Яна Матэйкі)

Урэшце Яну Сабескаму на гродзенскім сойме 1678–1679 гг. давялося пайсці на кампраміс з апазіцыяй і адмовіцца ад сваіх планаў адносна Прусіі і Венгрыі. Больш за тое, кароль зрабіў паварот у палітыцы да саюзу з Аўстрыяй супраць Турцыі. Апошняе падабалася шляхце — яна хацела вярнуць страчаную раней Падолію. Марыя Казімера пакрыўдзілася на Людовіка XIV, які не лічыўся з ёю як з роўнай сабе каралеваю, а па-ранейшаму глядзеў на яе як на сваю падданую. Ды і яе родных з сям'і Арк'ен Людовік XIV не ўзнёс у шэрагі самай радавітай арыстакратыі.

У 1680-я гг. апазіцыя каралю яшчэ больш узмацнілася. У Польшчы яе ўзначальвалі ваявода рускі С. Ябланоўскі і падскарбі вялікі каронны Я. Морштын, а ў Літве-Беларусі — падскарбі вялікі літоўскі Б. Сапега і гетман вялікі літоўскі Казімір Ян Сапега. Як бачым, Сапегі пры дапамозе караля ўзмацніліся, занялі месца Пацаў і самі ўзначалілі апазіцыю. Міхал Казімір Радзівіл, швагер караля, памёр у 1690 г. Цяпер каралю давялося шукаць іншых паплечнікаў.

Бітва пад Венай

У знешняй палітыцы Ян Сабескі пачаў фармаваць антытурэцкую лігу еўрапейскіх дзяржаў, бо Турцыя ў першую чаргу пагражала Рэчы Паспалітай. 1 красавіка 1683 г. быў падпісаны трактат аб сяброўстве з Аўстрыяй. У той жа год вялікая турэцкая армія рушыла на Аўстрыю і абклала Вену. У верасні 1683 г. з 27-тысячным войскам за восем дзён маршу з Кракава Ян Сабескі падышоў да Вены і ўзначаліў агульнае войска імператара і князёў Германскай імперыі (разам сабралася 70 тысяч чалавек). Войска Літоўскай-Беларускай дзяржавы ваявала ў Славакіі, выганяючы адтуль турэцкія атрады.

12 верасня каля Вены адбылася бітва, у якой удзельнічалі і асобныя палкі літоўскага-беларускага войска, у тым ліку цяжкая конніца маршалка надворнага літоўскага Ю. Слушкі і брыгада кашталяна віленскага Э. Дэнгофа. Бітва пад Венай скончылася разгромам турэцкага войска. Вена і Аўстрыя былі выратаваны. Больш туркі сюды не прыходзілі. Неўзабаве пачалося вызваленне асноўнай часткі Венгрыі ад турэцкага прыгнёту. Для Рэчы Паспалітай таксама турэцкая пагроза была знята. Вайна працягвалася, і ў 1699 г. Польшча вярнула сабе Падолію і крэпасць Камянец.

Пасля гэтай перамогі ўтварыўся антытурэцкі саюз (1684), у які ўвайшлі Рэч Паспалітая, Аўстрыя, рымскі папа і Венецыя. Да саюзу трэба было далучыць і Масковію. Дзеля гэтага ў Маскву накіравалася паўнамоцная дэлегацыя на чале з ваяводам пазнанскім К. Гжымултоўскім, якая 6 мая 1686 г. падпісала дагавор аб «вечным міры» з Масковіяй, які пацвердзіў умовы Андрусаўскага перамір'я 1667 г. У Масковіі засталася Левабярэжная Украіна, Кіеў, Смаленскае ваяводства. Рэч Паспалітая атрымлівала 146 тысяч рублёў, заключаўся саюз Рэчы Паспалітай і Масковіі супраць Крымскага ханства. Дагавор прадугледжваў права маскоўскага цара хадайнічаць за праваслаўных у Рэчы Паспалітай. Менавіта гэты пункт дагавору выкарыстоўваўся маскоўскімі царамі для ўмяшання ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай у XVIII ст.

Маскоўскі дагавор быў настолькі непапулярны, што Ян Сабескі не хацеў яго ратыфікаваць. Ён быў ратыфікаваны толькі ў 1710 г. (праз 24 гады!), калі войскі Пятра I пасля Палтаўскай перамогі гаспадарылі ў Рэчы Паспалітай.

Астатнія гады панавання Яна Сабескага прайшлі пад знакам барацьбы з апазіцыяй, у складзе якой былі прадстаўнікі і «аўстрыйскай», і «французскай» партый. Караля падтрымлівала толькі прыдворная групоўка і сярэдняя (нават не багатая) шляхта. З шасці соймаў, якія збіраліся ў 1688–1695 гг., чатыры былі сарваныя.

У Літоўскай-Беларускай дзяржаве супраць Сапегаў выступіла групоўка пад кіраўніцтвам біскупа віленскага Канстанціна Бжастоўскага.

У 1688 г. канфлікт паміж каралём і Сапегамі абвастрыўся з-за спробы караля авалодаць багатым Слуцкім княствам. Кароль хацеў ажаніць свайго сына Якуба са слуцкай княгіняй Людвікай Каралінай Радзівіл (1667–1695), дачкой Багуслава Радзівіла, якая была замужам за маркграфам брандэнбургскім Людвігам (1666–1687), сынам «вялікага курфюрста» Фрыдрыха Вільгельма, але ў красавіку 1687 г. аўдавела. Калі б гэты праект удаўся, то ў ВКЛ каралевіч Якуб атрымаў бы багатыя маёнткі з цэнтрамі ў Слуцку, Капылі, Біржах і іншых месцах. Сапегі на сойме рэзка выступілі супраць гэтага плана караля, і кароль вымушаны быў адступіць. Віленскі ваявода і гетман вялікі літоўскі Казімір Ян Сапега быў абвешчаны апекуном слуцкай княгіні, але яна неўзабаве выйшла замуж за графа Нейбургскага Карла Філіпа і ўсе яе ўладанні перайшлі да гэтага нямецкага прынца, які, праўда, ніколі ў ВК не прыязджаў.

Медаль да 200-годдзя Венскай бітвы. Аверс — бюст Яна Сабескага. Рэверс — трыумфальны ўезд Сабескага ў Вену.

У 1695 г. кароль цяжка захварэў. Усе яго планы былі парушаны. Яшчэ раней, выступаючы на адным з соймаў ён прадказваў няшчасці краіне, якая «не можа выкарыстаць перамогі ў войнах з-за пастаяннай барацьбы за ўладу паміж групоўкамі і супраць караля». 17 чэрвеня 1696 г. Ян Сабескі пасля апаплексічнага ўдару (інсульту) памёр. Зноў пачалося бескаралеўе. Зноў часова ўладу прыняў прымас (галава) каталіцкай царквы ў Рэчы Паспалітай — да выбараў наступнага караля.

Аўгуст II Моцны (1670–1733)

Кароль польскі і вялікі князь літоўскі ў 1697–1706 і 1709–1733 гг., курфюрст саксонскі ад 1694 г.

Колькі рысаў да партрэта

Ад канца XVII і амаль усю першую трэць XVIII ст. каралём польскім і вялікім князем літоўскім, рускім і жамойцкім быў Аўгуст II з саксонскай дынастыі Вэтынаў (з альберцінскай лініі). З ягоным імем гісторыкі звязваюць трагічныя для нашай краіны падзеі Паўночнай вайны, актыўнае ўмяшанне Масковіі-Расіі ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай, пастаянную барацьбу паміж рознымі групоўкамі, а таксама спробы ўзмацніць каралеўскую (г. зн. сваю) уладу.

Постаць Аўгуста II неадназначная. Ён і палкаводзец, і дыпламат, і мецэнат, любіў музыку і карціны. Гэта ён пабудаваў у 1710 г. у саксонскім горадзе Майсене фарфоравую фабрыку, якая з таго часу выпускае прадукцыю знакамітага саксонскага фарфору. Аўгуст цікавіўся алхіміяй і астралогіяй. Па веравызнанні, як і ўсе прадстаўнікі саксонскай дынастыі, лютэранін, ён па сутнасці быў абыякавы да рэлігіі.

Высокі і прыгожы, Аўгуст вызначаўся незвычайнай фізічнай сілай: мог, узяўшы ў руку падкову і сціснуўшы, зламаць яе. За гэта і атрымаў мянушку Моцны. Асабліва вызначаўся Аўгуст мужчынскім тэмпераментам. Ён не прапускаў ніводнай прывабнай кабеты — ні арыстакраткі, ні прыдворнай служанкі, ні акторкі, ні мяшчанкі, а калі здаралася, то і сялянкі. Яму прыпісвалі больш за дзвесце пяцьдзесят пазашлюбных дзяцей, хаця ад жонкі ён меў толькі аднаго сына. Сучаснікі жартавалі, што Аўгуст значна павялічыў колькасць насельніцтва ў Дрэздэне і Варшаве.

Узорам караля для Аўгуста II быў «кароль-сонца» Людовік XIV, абсалютны манарх Францыі. І Аўгуст намагаўся зрабіць сваю ўладу ў Рэчы Паспалітай неабмежаванай — насуперак законам і традыцыям.

Аўгуст II Моцны. Літаграфія Лессэра, адбіта ў тыпаграфіі Дзванкоўскага.

У Нямеччыне

Прынц Фрыдрых Аўгуст быў другім сынам саксонскага курфюрста Ёгана Георга III (1647–1691) і Ганны (1647–1717), дачкі караля Даніі Фрэдырыка III. Курфюрсты (на той час іх было восем) у Нямеччыне — князі-выбаршчыкі, якія выбіралі пажыццёва імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі германскай нацыі (праўда, гэта была фармальнасць: выбіралі заўсёды галаву дынастыі Габсбургаў). Фрыдрых Аўгуст не прызначаўся для трона, бо жывы быў яго старэйшы брат Ёган Георг (1668–1694), які і стаў курфюрстам пасля смерці бацькі пад нумарам IV. Ёган Георг IV быў жанаты, але дзяцей не меў.

Фрыдрых Аўгуст нарадзіўся ў Дрэздэне 12 мая 1670 г. Ён атрымаў павярхоўную прыдворную адукацыю, якую складалі агульныя звесткі з розных навук. Аднак дадатковыя (і неблагія) веды набыў падчас падарожжаў у Еўропу («падарожжы вучаць»): у нямецкія краіны, Францыю, Іспанію, Партугалію, Італію. У 1689–1693 гг. браў удзел у вайне дзяржаў Аўгсбургскай лігі (Галандыя, германскі імператар, Саксонія, Баварыя, Швецыя, Іспанія, Англія) супраць Францыі. Войска пад ягоным кіраўніцтвам разгарнулася ў Нідэрландах і на Рэйне. У студзені 1693 г. Фрыдрых Аўгуст ажаніўся з Хрысцінай Эбергардынай (1671–1727), дачкой маркграфа Брандэнбургска-Байройцкага. Жонка была лютэранкай, узгадаванай у маральна-рэлігійнай чыстай атмасферы маленькага нямецкага двара. Яна не магла прымірыцца з распустай і норавамі дрэздэнскага двара, а найбольш яе засмучалі амурныя прыгоды мужа. У 1696 г. нарадзіла сына — Фрыдрыха Аўгуста, кронпрынца, і фактычна з мужам больш не жыла, хаця засталася пры двары.

27 красавіка 1694 г. Ёган Георг памёр, і Фрыдрых Аўгуст стаў курфюрстам Саксоніі. У 1695–1696 гг. ён камандаваў імператарскай і саксонскай арміямі ў Венгрыі, дзе вёў барацьбу з туркамі. Смерць караля польскага і вялікага князя літоўскага Яна III Сабескага дала магчымасць Фрыдрыху Аўгусту выставіць сваю кандыдатуру на каралеўскі пасад. Пры гэтым ён дамагаўся дзвюх мэтаў. Па-першае, стварыць моцны саюз эканамічна развітай Саксоніі і Рэчы Паспалітай, а праз гэта дапяць імператарскай кароны для саксонскай дынастыі. Гэтай мэты ён не дасягнуў. Да другой жа імкнуўся ўсё жыццё: усталяваць у Рэчы Паспалітай моцную каралеўскую ўладу.

Абранне на каралеўскі трон

Перш за ўсё Фрыдрых Аўгуст (адбылося тое 2 чэрвеня 1697 г.) перайшоў у каталіцызм, бо пратэстанта на трон у Польшчы ніхто не выбраў бы. Потым ягоныя агенты пачалі агітацыю, падтрымліваючы грашыма прыхільнікаў саксонскага курфюрста. Больш уплывовым кандыдатам на трон быў французскі прэтэндэнт, якога вылучыла групоўка Любамірскіх і іншых магнатаў у Кароне (Польшчы) і Сапегаў у Літоўскім-Беларускім гаспадарстве. Французскі кароль Людовік XIV падтрымаў сваяка — прынца Франсуа-Луі дэ Канці (1664–1709) (па мянушцы Вялікі Канці), французскага палкаводца (з малодшай лініі Бурбонаў). Але супраць «французскай партыі» выступалі пэўныя колы шляхты як у Кароне, так і ў Літве, у тым ліку варожа настроеныя да Сапегаў Грыгоры Агінскі з літоўскім-беларускім войскам і шырокія колы шляхты ВКЛ, якім не даспадобы было самаўладнае ўмацаванне Сапегаў.

Кандыдатуру Фрыдрыха Аўгуста падтрымалі Масковія-Расія і Аўстрыя, якія не хацелі мець саюзніка Францыі пад бокам. Вялікую ролю ў выбарах караля адыграла грамата цара Пятра I да сойма, у якой ён папярэджваў, што абранне французскага прынца будзе парушэннем «вечнага міру» 1686 г. (дарэчы, так і не ратыфікаванага соймам Рэчы Паспалітай). Больш за тое, Пётр I пагражаў вайной, калі не будзе абраны ягоны кандыдат — саксонскі курфюрст.

Польская манета 1697 г. Аверс — бюст Яна III Сабескага. Рэверс — каранацыя Аўгуста II.

27 чэрвеня 1697 г. на выбарчым полі ў Варшаўскім прадмесці Воля большасць галасоў была пададзена за прынца дэ Канці, якога і абвясцілі каралём. Меншасць (падкупленая або запалоханая) прагаласавала за Фрыдрыха Аўгуста і абвясціла яго каралём. Французскі прынц спрабаваў нават высадзіцца з карабля каля Гданьска. Але Фрыдрых Аўгуст апярэдзіў саперніка і ўжо 15 верасня каранаваўся ў Кракаве на Вавелі і цяпер лічыўся законным каралём — Аўгустам II. Як адзначыў Карл Маркс у сваёй працы «Нямеччына і Польшча»:

«Узвядзенне гэтай прылады Расіі на польскі каралеўскі трон — падзея, ад якой пачалося панаванне маскавітаў у Польшчы» (г. зн. у Рэчы Паспалітай. — А. Г.).

Першы перыяд панавання

Пачатак панавання Аўгуста II у Рэчы Паспалітай прыпадае на заканчэнне вайны саюзнікаў з Турцыяй і Карлавіцкі мір, паводле якога Польшча вярнула сабе Падолію з крэпасцю Камянец-Падольскі.

А ў гэты час у Літоўскай-Беларускай дзяржаве разгарнулася грамадзянская вайна большасці шляхты на чале з Грыгорыем Агінскім і Вішнявецкімі супраць тыраніі Сапегаў, у якіх былі найважнейшыя дзяржаўныя пасады. Аўгуст II быццам для прымірэння варожых бакоў увёў на тэрыторыю ВКЛ саксонскія войскі, аднак на самай справе імкнуўся да распальвання барацьбы, каб узмацніць сваю ўладу.

У лістападзе 1700 г. пад Алькенікамі (паблізу Вільні) адбылася вырашальная бітва паміж атрадамі Сапегаў і шляхты. Войска Сапегаў было разбіта. Прыхільнікі Аўгуста II на чале з Г. Агінскім, а таксама магнацкія сем'і Радзівілаў, Пацаў і Вішнявецкіх выставілі праект аддзялення Вялікага Княства Літоўскага ад Польшчы і стварэння тут спадчыннай манархіі для Аўгуста ІI і яго нашчадкаў. Аднак гэты план не здзейсніўся.

Яшчэ ў жніўні 1698 г. Аўгуст II і Пётр I падчас спаткання ў Раве Рускай дамовіліся аб сумеснай вайне супраць Швецыі. Абодва хацелі далучыць Прыбалтыку (сучасныя Латвію і Эстонію) — кожны да сваёй дзяржавы. Польскі кароль свой план вайны захоўваў у таямніцы ад сойма і шляхты Рэчы Паспалітай. Саксонскія войскі канцэнтраваліся ў Літве, каб напасці на Рыгу. Аўгуст II (як курфюрст саксонскі), Пётр I і Данія пачалі вайну супраць Швецыі. Войска Аўгуста II пачало аблогу Рыгі. Аднак малады шведскі кароль Карл XII хутка разграміў і вывеў з вайны Данію, разбіў ля Рыгі войска Аўгуста II, а ў лістападзе 1700 г. пад Нарвай разграміў маскоўскую-расійскую армію. Пётр I выратаваўся і ўцёк аж у Ноўгарад.

Паўночная вайна

На тэрыторыю Рэчы Паспалітай прыйшла вайна. Тут яна цягнулася дзесяць гадоў, аднак страты былі неймаверныя. Шведская і расійская арміі рабавалі насельніцтва, накладвалі на гарады грашовыя кантрыбуцыі. Расійская армія збірала з насельніцтва прадуктовыя «порцыі» для сваіх салдат, вытрасаючы амаль усё з сялянскіх свірнаў. Вайна прынесла голад, разбурэнне гарадоў і эпідэміі. У выніку насельніцтва Літвы-Беларусі значна скарацілася. У 1700 г. колькасць жыхароў складала 2,2 мільёна чалавек, а пасля Паўночнай вайны — 1,5 мільёна.

Шведскае войска Карла ХІІ рушыла ў межы Рэчы Паспалітай. У пачатку 1702 г. шведы прайшлі праз Вільню і Горадню, разрабаваўшы гарады і навакольныя мястэчкі. 24 мая 1702 г. Карл XII авалодаў Варшавай, а потым і Кракавам. Праўда, Кракаў потым быў адваяваны. У ВКЛ арганізаваліся дзве групоўкі. Асноўная маса шляхты на чале з гетманам польным М. Вішнявецкім і Г. Агінскім была за саюз з Пятром I супраць шведаў, Сапегі і меншая частка шляхты — за саюз з КарламХІІ супраць Аўгуста II. Вясной 1703 г. была склікана генеральная канфедэрацыя Вялікага Княства Літоўскага, якая абвясціла саюз з Расіяй. У маі 1704 г. у Польшчы ствараецца Сандамірская канфедэрацыя прыхільнікаў Аўгуста II, якая ў жніўні 1704 г. заключыла саюз з Расіяй і абвясціла вайну Швецыі.

Аўгуст II, замест таго каб з'яднаць грамадства Рэчы Паспалітай, пачаў рэпрэсіі супраць апазіцыі. Баючыся за трон, ён загадаў арыштаваць каралевічаў Якуба і Канстанціна Сабескіх. Гэта выклікала хвалю абурэння, бо ў Рэчы Паспалітай без падставаў нельга было арыштаваць і простага шляхціча, не кажучы ўжо пра сям'ю папярэдняга караля. Стварылася Велікапольская канфедэрацыя, якая пераўтварылася потым ў Варшаўскую. Аўгуст II быў дэтранізаваны, хоць і не прызнаў гэтага. 13 ліпеня 1704 г. пад ціскам Карла XII і шведскага войска Варшаўская канфедэрацыя выбрала каралём польскім і вялікім князем літоўскім познаньскага ваяводу Станіслава Ляшчынскага (1677–1766), які і лічыўся каралём ад 1704 да 1709 г. Частка тэрыторыі Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага прызнала яго. Цяпер у Рэчы Паспалітай было ажно два каралі. І абодва выбраныя!

І хаця цар Пётр I падтрымліваў свайго караля, Карл XII нанёс некалькі моцных удараў па войсках Аўгуста II і расійскіх войсках у Польшчы. Станіслаў Ляшчынскі каранаваўся і цяпер таксама быў законным каралём. Пасля перамог у Польшчы Карл XII вырашыў нанесці ўдар па Саксоніі, якую страціць Аўгусту Моцнаму было немагчыма, бо гэта было княства, падуладнае яго роду сотні гадоў. Пасля спусташэння шведскім войскам Саксоніі Аўгуст II капітуляваў.

24 верасня 1706 г. у вёсцы Альтранштэт (памылкова называюць Альтранштат) быў заключаны мір паміж Карлам XII і Аўгустам II. Гэты дагавор пакрыў Аўгуста ганьбай. Ён не толькі выракся польскай кароны (і тытулу вялікага князя літоўскага і рускага), але і абавязаўся абмежаваць дзейнасць каталіцкай царквы ў Саксоніі (хоць і быў католікам). Самае ганебнае было тое, што ён выдаў Карлу XII кіраўніка антышведскай апазіцыі ў Ліфляндыі — Ёгана Рэйнгальда фон Паткуля, цяпер расійскага пасланніка і камандзіра расійскага атрада. Карл XII аддаў Паткуля пад суд як здрадніка, і ў 1707 г. той быў пакараны смерцю. Шляхта ацаніла гэты ўчынак як подласць.

Аўгуст Моцны цяпер скіраваў свае памкненні да Заходняй Еўропы. З часткай саксонскай арміі ён далучыўся да аўстрыйскай арміі прынца Яўгена Савойскага, якая аблажыла Ліль падчас вайны за іспанскую спадчыну. Аўгуст збіраўся стаць бельгійскім, неапалітанскім і нават… іерусалімскім каралём. Але акрамя гэтых фантастычных планаў у яго былі і больш рэальныя. Ён пільна сачыў за падзеямі ў Рэчы Паспалітай, падтрымліваў сувязь з польскімі і літоўскімі-беларускімі магнатамі, інтрыгаваў супраць Станіслава Ляшчынскага і рыхтаваўся да вяртання ў Рэч Паспалітую.

Палтаўская бітва (8 ліпеня 1709 г. па новым стылі, які тады быў у нашай краіне) зноў вярнула яму каралеўскую карону. Сандамірская канфедэрацыя запрасіла яго зноўку заняць трон. Аўгуст II абвясціў Альтранштэцкі мірны трактат неіснуючым, узнавіў саюз з Пятром I і вярнуўся ў Варшаву, аб'явіўшы сваё былое адрачэнне ад трону вымушаным. Тэрыторыя Рэчы Паспалітай была ачышчана ад шведаў і прыхільнікаў Станіслава Ляшчынскага ў выніку дзеянняў расійскіх войскаў, сандамірскіх канфедэратаў а таксама саксонскіх войскаў.

Шляхта… пярэчыць каралю!

Неўзабаве пасля вяртання Аўгуста II на пасад Пётр I у 1710 г. дамогся, каб урэшце сандамірская канфедэрацыя прызнала ўмовы «вечнага міру» 1686 г., што давала права маскоўскаму цару ўмешвацца ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай пад прэтэкстам «абароны правоў» яе праваслаўных жыхароў. Саксонскія войскі (30 тысяч чалавек), таксама як і расійскія (60 тысяч чалавек), з тэрыторыі Рэчы Паспалітай не выводзіліся.

У гэты час на тэрыторыі Літвы-Беларусі разгарэлася барацьба паміж прыхільнікамі шляхецкай «залатой вольнасці» на чале з гетманам вялікім літоўскім Людвікам Пацеем, які фактычна сканцэнтраваў у сваіх руках уладу ў ВКЛ, і прыхільнікамі караля на чале з гетманам польным літоўскім Станіславам Дэнгофам. Пацея падтрымлівалі Агінскія і іншыя магнаты, Аўгуста Моцнага — Расія і Прусія. Супраць Аўгуста II у Кароне 26 лістапада 1715 г. была ўтворана Тарнагродская канфедэрацыя, якая выступіла супраць прысутнасці саксонскіх войскаў у Польшчы і супраць абсалютысцкіх планаў караля.

23 сакавіка 1716 г. у Вільні была створана канфедэрацыя літоўскай-беларускай шляхты, якая выступала супраць абсалютысцкіх планаў караля і патрабавала вываду саксонскіх войскаў з тэрыторыі ВКЛ. Да патрыятычнай паставы шляхты далучыліся войска, магнаты, якія і да гэтага выступалі за абмежаванне ўлады караля. Атрады канфедэратаў змагаліся з каралеўскімі войскамі на тэрыторыі ўсёй Рэчы Паспалітай і мелі поспехі. Тады пасярэднікам выступіў расійскі цар Пётр I, абапіраючыся на расійскія войскі ў Рэчы Паспалітай. Пасля доўгіх, з перапынкамі, перамоў пад ціскам расійскіх дыпламатаў 3 лістапада 1716 г. было падпісана пагадненне паміж каралём і Тарнагродскай канфедэрацыяй.

1 лютага 1717 г. у Горадні на «нямым» сойме (без спрэчак) пад ціскам расійскіх дыпламатаў было зацверджана гэтае пагадненне. На яго падставе саксонскія войскі выводзіліся з Рэчы Паспалітай, улада гетманаў абмяжоўвалася, забараняліся канфедэрацыі, каронная армія скарачалася да 18 тысяч, а войска ВКЛ — да 6 тысяч. А ў гэты ж час суседзі мелі войскі з многіх дзесяткаў і сотняў тысяч салдатаў. Такім чынам, Пётр I дамогся аслаблення абароннай моцы федэратыўнай дзяржавы. Гэта яшчэ больш аблегчыла ўмяшанне ва ўнутраныя справы дзяржавы з боку Расіі, Прусіі і Аўстрыі. Адначасова расійскі пасол князь Р. Далгарукі дамогся захавання права ліберум вета (аднагалосся) у сойме і гарантыі Расіі захавання гэтага анархічнага правіла. Каб аслабіць апазіцыю Аўгусту II, расійскія дыпламаты дамагліся ад сойма абмежавання правоў дысідэнтаў (г. зн. некатолікаў, у тым ліку і праваслаўных!). Некаталіцкай шляхце было забаронена будаваць новыя храмы на ўласнай зямлі.

Апошнія гады панавання

Толькі цяпер Аўгуст II канчаткова зразумеў, што замест саюзніка ён стаў васалам цара. Адразу, з уласцівай яму энергіяй, ён спрабаваў вярнуць суверэнітэт і ўтварыць саюз з Аўстрыяй і Англіяй супраць Пятра I. У 1719 г. Аўгуст II падпісвае з Аўстрыяй і Англіяй Венскі трактат, у якім гаварылася пра абарону незалежнасці Рэчы Паспалітай. У адказ на гэта Расія і Прусія заключылі паміж сабой у 1720 г. дагавор, які гарантаваў захаванне слабага існуючага дзяржаўнага ладу ў Рэчы Паспалітай, а расійская дыпламатыя дамаглася адмовы ратыфікацыі Венскага трактата на сойме. Але шляхта ў Польшчы і Літоўскай-Беларускай дзяржаве не давярала каралю, які цынічна не адзін раз яе ашукваў, і таму не падтрымала яго. Тым не менш Аўгуст ІI яшчэ спрабаваў правесці рэформы, каб узмацніць цэнтральную, перш за ўсё каралеўскую, уладу. Дзеля гэтай мэты ён быў гатовы нават на саступку часткі тэрыторыі, напрыклад Прусіі, абы толькі на астатняй тэрыторыі ўсталяваць уладу сваёй дынастыі. Праўда, тады пытанне аб падзеле тэрыторыі Рэчы Паспалітай яшчэ не стаяла ў парадку дня еўрапейскай палітыкі, бо суседнія дзяржавы не згадзіліся, каб якая-небудзь з іх выключна адна займалася падзелам тэрыторыі Рэчы Паспалітай.

Так, яшчэ ў 1709 г. кароль Прусіі Фрыдрых I выпрошваў у Пятра I тэрыторыі Каралеўскай Прусіі (у складзе Польшчы), Жмудзь і Курляндыю, але Пётр I пераканаўча яму адмовіў. Цар быў супраць узмацнення якой-небудзь нямецкай дзяржавы за кошт польскіх і літоўскіх зямель. Ягонай палітыцы лепей адпавядала слабая і залежная ад Расіі Рэч Паспалітая.

Аўгуст Моцны ў 1726 г. спрабаваў пасадзіць на курляндскі герцагскі трон у Мітаве (цяпер Елгава) свайго пазашлюбнага сына графа Морыца Саксонскага (пазней маршала Францыі). Аднак планы не ажыццявіліся. Расійскія войскі выгналі яго адтуль, хоць Курляндыя была васалам Варшавы. Адначасова кароль рыхтаваў глебу да выбару пасля сябе на каралеўскі трон у Варшаве адзінага законнага сына, таксама Фрыдрыха Аўгуста (1696–1763), імкнуўся прадухіліць вяртанне на трон Станіслава Ляшчынскага. А ў гэты час, паколькі стан здароўя Аўгуста II пагоршыўся, замежныя дзяржавы пачалі шукаць сваіх кандыдатаў на каралеўскі пасад у Варшаве. Францыя падтрымала кандыдатуру Станіслава Ляшчынскага, які знаходзіўся ў эміграцыі ў Францыі і з дачкой Марыяй (1703–1768) якога быў жанаты (ад 1725 г.) малады французскі кароль Людовік XV (1710–1774). Расія і Аўстрыя ўжо ў 1730 г. заключылі патаемна дагавор аб супрацьдзеянні кандыдатуры С. Ляшчынскага і мелі на ўвазе выбранне каралём і вялікім князем саксонскага наследнага прынца (на ўмовах гэтых дзвюх дзяржаў) альбо каго-небудзь з польскіх шляхцічаў ці нават нямецкіх прынцаў. А няўрымслівы Аўгуст II працягваў спробы рэфармавання дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай. У чэрвені 1730 г. ён сустрэўся з прускім каралём Фрыдрыхам Вільгельмам I і прыняў разам з ім парад войскаў. Мэтай сустрэчы была падрыхтоўка саюзу Саксоніі і Рэчы Паспалітай з Прусіяй.

У 1732 і 1733 гг. Аўгуст II зноў спрабаваў правесці рэформу дзяржаўнага ладу, абапіраючыся на моцную групоўку магнатаў, якую ўзначалілі князі Чартарыйскія. Але на сойме 1732 г. супраць рэформаў выступіла апазіцыя, у тым ліку Гурко і Тадэвуш Агінскі, віцебскія дэпутаты, Сапега і Бужынскі, смаленскія дэпутаты, Рудаміна, браслаўскі дэпутат. 2 кастрычніка 1732 г. сваім воклічам «Не дазваляю!» сойм сарваў дэпутат з Польшчы Дунін. Пасля гэтага «супраць» сойм быў распушчаны. Аднагалосся не атрымалася. На гэтую дзейнасць апазіцыі пайшлі грошы расійскага ўрада, якія былі перададзены праз Патоцкіх і Юзафа Мнішка, маршалка вялікага кароннага. На пачатку 1733 г. Аўгуст II прыехаў з Саксоніі ў Варшаву, дзе быў скліканы надзвычайны сойм. Хадзілі чуткі, што кароль зноў хоча змяніць дзяржаўны лад, узмацніўшы сваю ўладу, і захаваць такім чынам трон за сваёй дынастыяй. Але Аўгуст II моцна захварэў і ў ноч на 1 лютага 1733 г. памёр у варшаўскім каралеўскім замку. Апошнія ягоныя словы: «Усё маё жыццё было адзіным неперарыўным грахом». Так скончылася доўгае і неспакойнае панаванне караля Саса, як яго называлі, з саксонскай дынастыі.

Аўгуст II пакінуў шмат дзяцей. Некаторых з іх (ад больш-менш пастаянных каханак) ён узвысіў. Так, ягоны сын ад графіні Аўроры Кёнігсмарк — граф Морыц Саксонскі (1696–1751) быў нейкі час герцагам Курляндыі, а потым маршалам Францыі. Ён нарадзіўся праз 11 дзён пасля нараджэння кронпрынца Фрыдрыха Аўгуста. Пазашлюбная дачка Морыца Саксонскага — Марыя Аўрора — была маці Дзюпэна дэ Франсэйля (бацькі французскай пісьменніцы Жорж Санд). Другі пазашлюбны сын Аўгуста Моцнага — Ёган Георг (ад Уршулі Любамірскай) — стаў саксонскім фельдмаршалам. Фельдмаршалам быў і граф Фрыдрых Аўгуст Рутоўскі (ад турчанкі Фацімы). Сваіх пазашлюбных дачок кароль павыдаваў замуж за польскіх і нямецкіх арыстакратаў, а адну — графіню Ганну Ажэльскую — за герцага галштэйнбекскага. Дачка ад графіні Ганны Канстанцыі Козэль была выдадзена замуж за Яна Машынскага, вялікага падскарбія кароннага.

Пасля Аўгуста II засталіся помнікі архітэктуры ў Дрэздэне і Варшаве, дзе былі пабудаваны Саскі палац, палац Бруля, перабудаваны Уяздоўскі замак і пасаджаны Саскі парк. Цікавыя архітэктурныя пабудовы ўпрыгожвалі ў той час і землі ВКЛ.

Станіслаў Ляшчынскі (1677–1766)

Кароль польскі і вялікі князь літоўскі ў 1704–1709 і ў 1733–1736 гг.

Постаць гэтага караля польскага і вялікага князя літоўскага, рускага і жамойцкага неадназначная. Нават гады ягонага кіравання часткова прыпадаць на час панавання двух каралёў Саксонскай дынастыі (Сасаў). Менавіта тады ў краіне былі два манархі, як гэта здарылася ў свой час у Вялікім Княстве Літоўскім і Рускім у 30-я гг. XV ст., калі нашы продкі мелі адразу двух вялікіх князёў — Свідрыгайлу і Жыгімонта Кейстутавіча, якія ваявалі паміж сабой за трон. Але адно можна з пэўнасцю сказаць: Станіслаў Ляшчынскі быў сапраўдным «сваім» каралём, са старажытнага магнацкага роду, чалавекам выхаваным, з добрай для свайго часу адукацыяй. Яшчэ адной адметнасцю Станіслава Ляшчынскага было тое, што ён паставіў рэкорд доўгажыхарства для каралёў польскіх і вялікіх князёў літоўскіх. Ён пражыў амаль 90 гадоў.

Паходжанне

Род Ляшчынскіх герба «Вянява» з'яўляўся адным з самых старажытных у Польшчы. Паводле радаводных крыніц і хронік, род Ляшчынскіх паходзіць ад чэшскіх феадалаў Перштэйнаў, адзін з якіх, Дабеслаў, быў маршалкам двара Дуброўкі, чэшскай князёўны, якая стала жонкай польскага князя Мешка I. З гэтага роду паходзіў Дабеслаў, які за часамі Ягайлы ўдзельнічаў у бітвах з крыжакамі. Другім вядомым прадстаўніком роду Ляшчынскіх быў Рафал, сын Рафала (памёр у 1501 г.), які стаў у 1489 г. маршалкам пры двары імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Фрыдрыха III Габсбурга ў Вене, дзе выконваў розныя дыпламатычныя даручэнні. Рафал Ляшчынскі так спадабаўся імператару, што той надаў яму ў 1473 г. тытул графа Свяшчэннай Рымскай імперыі «на Лешне» (горад, цяпер ваяводскі цэнтр на поўдзень ад Познані, у Вялікай Польшчы, які быў прыватнаўладальніцкім горадам роду Ляшчынскіх), а таксама адмысловы герб «Вянява» з залатым ільвом наверсе (замест страўсіных пёраў). Дарэчы, прозвішча Ляшчынскія было ўзята ад назвы іх уласнага горада. Але Ляшчынскія больш ганарыліся не графскім тытулам, а тым, што гэты Рафал падчас рыцарскага турніру ў Вене перамог венгерскага і чэшскага караля Мацея Корвіна, збіўшы яго дзідай з каня. Вацлаў Ляшчынскі (памёр у 1628 г.) быў канцлерам вялікім каронным (польскім) у час канцлерства ў нашай краіне Льва Сапегі, яго калегам. Гэты Вацлаў быў старостам генеральным Вялікай Польшчы. Ягоны сын Андрэй (памёр у 1658 г.) быў таксама канцлерам вялікім каронным і арцыбіскупам гнезненскім. Ян Ляшчынскі (памёр у 1678 г.) таксама быў канцлерам вялікім каронным і ваяводам кракаўскім (лічыўся першым па месцы і значэнні ў пасяджэннях сярод ваяводаў польскіх). Прадзед Станіслава Ляшчынскага Рафал (1579–1636) быў ваяводам бэлзскім, старостам гарадзельскім і грубяшоўскім, пісаў вершы, пакінуў артыкулы па механіцы, архітэктуры і музыцы. У 1621 г. удзельнічаў у вайне супраць Турцыі на чале 100 коннікаў і 100 пехацінцаў, якіх выставіў са сваіх маёнткаў. Дзед Станіслава — Багуслаў (1614–1659) — быў старостам генеральным Вялікай Польшчы, потым падскарбіем вялікім каронным і, урэшце, падканцлерам каронным. Цудоўнага прамоўцу, яго тройчы абіралі маршалкам на соймах. Бацька Станіслава з'яўляўся ваяводам пазнанскім ад 1687 г., старостам генеральным Вялікай Польшчы, а з 1702 г. — падскарбіем вялікім каронным, быў удзельнікам паходу караля Яна III Сабескага пад Вену ў 1683 г. і ў Венгрыю супраць туркаў і ўзначальваў пасольства ў Канстанцінопаль.

Безумоўна, Ляшчынскія былі багатымі і ўплывовымі магнатамі, займалі найбуйнейшыя дзяржаўныя пасады, мелі сваяцтва з іншымі польскімі і літоўскімі-беларускімі магнацкімі сем'ямі — Апалінскімі, Пацеямі, Валеўскімі, Нямірычамі, Рэямі, Дэнгафамі, Радзівіламі, Вішнявецкімі, Чарнецкімі, Зяновічамі, Мнішкамі, Бжастоўскімі, Патоцкімі.

Станіслаў Ляшчынскі. Невядомы мастак, да 1709 г.

Маладосць Станіслава

Станіслаў Ляшчынскі, адзіны сын Рафала Ляшчынскага (1650–1703) і Ганны Ябланоўскай (1660–1727), нарадзіўся 20 кастрычніка 1677 г. у Львове. Бацька ў гэты час быў яшчэ стольнікам каронным (значны, але не галоўны дзяржаўны і прыдворны тытул). Больш у сям'і дзяцей не было, і бацькі ўсю сваю пяшчоту і любоў аддалі сыну. Адукацыю Станіслаў атрымаў у доме бацькі. Яго вучылі гувернёры, якія далі яму агульныя веды па розных прадметах, як таго вымагала выхаванне. Дадаткова навучалі французскай мове. Аднак Станіслаў, мусіць, не меў здольнасцяў да моў, бо пісаў з арфаграфічнымі памылкамі і так і не навучыўся пісаць па-французску правільна.

Далейшай ступенню адукацыі былі замежныя падарожжы. Малады Станіслаў Ляшчынскі аб'ехаў амаль усю Еўропу, пабываў ва ўсіх вялікіх еўрапейскіх дварах. І вучоба, і падарожжы, і асабістыя рысы характару зрабілі з яго чалавека куртуазнага, добразычлівага, які лёгка знаходзіў сяброў. Станіслаў Ляшчынскі быў на той час чалавекам высокай культуры і добрага выхавання. Пасля вяртання на радзіму ён увайшоў у магнацкую эліту Рэчы Паспалітай.

У 1697 г. 20-гадовы Станіслаў Ляшчынскі атрымаў ганаровы тытул падчашага кароннага, а праз год ажаніўся з 18-гадовай Кацярынай Апалінскай (1680–1747), адзінай дачкой Яна Караля Апалінскага, кашталяна пазнанскага. Яна прынесла яму ў пасаг багатыя маёнткі і добрыя грошы, падвоіўшы ягонае багацце. Ляшчынскі стаў адным з найбагацейшых магнатаў Рэчы Паспалітай. Праўда, сямейнае жыццё было не з лепшых. Жонка, не вельмі прывабная і без фантазіі, літаральна прывязала яго да сябе. Жыла не з ім, а пры ім, дзяліла яго ўдачы і няўдачы, але памочніцай, дарадцам у ягоных справах не была.

Палітычная дзейнасць

Пачатак палітычнай дзейнасці маладога магната адносіцца да 1696 г., калі ён быў абраны паслом (дэпутатам) на канвакацыйны сойм пасля смерці караля Яна Сабескага. Потым быў дэпутатам выбарчага (элекцыйнага) сойма ў чэрвені 1697 г., дзе спачатку выступіў як прыхільнік сына Яна Сабескага Якуба, але, калі за яго выказалася меншасць, перайшоў на бок Аўгуста II Моцнага, які і быў абраны на каралеўскі трон. Падчас сойма выявіў своеасаблівыя здольнасці мірыць вяльможаў, гатовых узяцца за зброю.

За прыхільнасць новы кароль падчас сваёй каранацыі 15 верасня 1697 г. прызначыў Станіслава Ляшчынскага падчашым вялікім каронным (ганаровы тытул, які за некалькі стагоддзяў да таго абавязваў падчашага падносіць каралю кубак з віном, але спачатку мусіў пакаштаваць яго сам, каб упэўніцца, што там няма атруты). Праз два гады свайго валадарання Аўгуст II прызначыў Ляшчынскага ваяводам пазнанскім, даў яму пажыццёва Адалянаўскае, Дубенскае і Навадворнае староствы.

Бацька Станіслава ўзначальваў апазіцыю ў Вялікай Польшчы. Пасля ягонай смерці (1703 г.) Станіслаў Ляшчынскі ўзначаліў антыкаралеўскую апазіцыю сам. Сітуацыя ў Рэчы Паспалітай змянілася. У 1700 г. кароль Аўгуст II у саюзе з Пятром I пачаў вайну супраць Карла XII — караля Швецыі, але не як польскі кароль і вялікі князь літоўскі, а як курфюрст Саксоніі. Ён хацеў захапіць для сябе ў шведаў Ліфляндыю з Рыгай. Рэч Паспалітая спачатку заставалася нейтральнаю ў Паўночнай вайне. Саксонскія войскі каля Рыгі былі разбіты, і Карл XII з войскамі праз Літву ўвайшоў у Польшчу. Асноўнай мэтай Карла XII было пазбаўленне Аўгуста II трона ў Рэчы Паспалітай. Грамадства Рэчы Паспалітай было ў разгубленасці: адна частка выступала за тое, каб захаваць уладу за каралём Аўгустам II, другая частка патрабавала новых выбараў, трэцяя імкнулася да заканчэння вайны і замірэння з Карлам XII. Станіслаў Ляшчынскі становіцца прыхільнікам саюзу са Швецыяй і выступае за абранне каралём Якуба Сабескага. Ён — адзін з ініцыятараў Варшаўскай генеральнай канфедэрацыі, якая 14 лютага 1704 г. абвясціла дэтранізацыю Аўгуста II і бескаралеўе.

На каралеўскі пасад!

Карл XII схіляўся да думкі правесці на трон каралевіча Якуба Сабескага. Аднак Аўгуст II, прадухіляючы гэты крок, загадаў арыштаваць двух старэйшых сыноў Яна III Сабескага — Якуба (1667–1737) і Канстанціна (1680–1726), якія знаходзіліся ў Сілезіі. Яны былі пасаджаны ў саксонскую крэпасць Кёнігштайн. На волі застаўся іх брат Аляксандр (1677–1714), якому Карл ХІІ прапанаваў каралеўскую карону. Але той адмовіўся на карысць старэйшага брата. Тады шведскі кароль прапанаваў карону Станіславу Ляшчынскаму, якога высока цаніў.

Па загаду Карла XII на полі каля Варшаўскага прадмесця Воля сабраліся нешматлікія выбаршчыкі, якіх абкружылі шведскія войскі. У такіх абставінах 12 ліпеня 1704 г. Станіслаў Ляшчынскі быў абраны каралём польскім і вялікім князем літоўскім, пра што абвясціў біскуп пазнанскі Мікалай Свянціцкі. У наступным годзе, 4 кастрычніка, Ляшчынскі быў каранаваны ў Варшаве арцыбіскупам львоўскім Канстанцінам Зяліньскім. Тады ж Станіслаў Ляшчынскі заключыў з Карлам XII трактат аб прыязні, паводле якога Рэч Паспалітая знаходзілася ў поўнай залежнасці ад Швецыі. У Станіслава Ляшчынскага не было шматлікага войска і прыхільнікаў, і без шведаў улада яго была нетрывалая.

З абраннем новага караля грамадства Рэчы Паспалітай падзялілася на два лагеры: хаця Аўгуста II не любілі, але патрыятычныя колы мусілі пагаджацца з ім. Як казалі тады: «Адны пайшлі да Саса, другія — да Ляса» (Ляшчынскага). Калі Карл XII нанёс чарговую паразу Аўгусту II і расійскім войскам у Польшчы і перанёс ваенныя дзеянні ў Саксонію, Аўгуст Моцны вымушаны быў заключыць Альтранштэцкі мір (1706) і адмовіцца ад польскай кароны на карысць Станіслава Ляшчынскага.

Толькі тады Ляшчынскі быў прызнаны каралём большасцю магнатаў у Польшчы і ВКЛ. Ад самага пачатку яго падтрымлівалі саюзнікі шведаў — Сапегі. Цяпер караля Станіслава падтрымалі таксама Радзівілы, Пацы, Вішнявецкія, Чартарыйскія.

Аднак Сандамірская канфедэрацыя і генеральная канфедэрацыя Вялікага Княства Літоўскага на чале з польным гетманам Грыгорыем Агінскім, якія падтрымаў Пётр I, працягвалі барацьбу супраць шведаў і Станіслава Ляшчынскага. Большасць шляхты, што найбольш цярпела ад шведскіх парадкаў, Ляшчынскага не прызнавала. Праўда, у 1707 г. расійскія войскі былі выціснуты з Польшчы, у 1708 г. — з большай часткі ВКЛ. Некаторы час здавалася, што Станіслаў Ляшчынскі стане каралём. Ён прызначыў новых саноўнікаў і намагаўся навесці парадак у дзяржаве. Аднак бітва пад Палтавай у ліпені 1709 г. перакрэсліла ягоныя планы. Прыхільнікі Станіслава Ляшчынскага сталі пакідаць яго ў масавым парадку, асабліва пасля таго, як з усходу на тэрыторыю ВКЛ, а потым і Польшчы, зноў увайшлі расійскія войскі, а з захаду ў Рэч Паспалітую ўступілі саксонскія войскі на чале з Аўгустам II. З рэшткамі шведскіх войскаў Станіслаў Ляшчынскі адышоў на тэрыторыю Пярэдняй Памераніі, якая належала Швецыі, і застаўся ў Шчэцінскай крэпасці, а адтуль пераехаў у Швецыю. Яго маёнткі ў Польшчы былі канфіскаваныя.

У эміграцыі

Карл XII, які застаўся ў Бендэрах (Малдова) пасля паразы пад Палтавай, спрабаваў схіліць Турцыю да вайны з Расіяй. Адтуль ён прызначыў Станіслава Ляшчынскага камандаваць шведскай арміяй, якая ў 1712 г. павінна была пачаць наступ з тэрыторыі шведскай Памераніі на Польшчу.

Але фактычна арміяй камандавалі шведскія генералы. У Швецыі Станіслава Ляшчынскага не любілі, бо лічылі, што гэта менавіта з-за яго Швецыя вядзе бесперспектыўную вайну, на якую траціцца шмат грошай. Станіслаў Ляшчынскі бачыў, што і ў Рэчы Паспалітай яго не чакаюць. Ён вырашыў адмовіцца ад кароны.

Але дзеля гэтага трэба было атрымаць згоду Карла XII, і кароль Станіслаў з двума афіцэрамі паехаў у далёкае падарожжа ў Малдову. Пры сустрэчы Карл XII не згадзіўся з ягоным планам адмовы ад трона. Планы ўцягнуць Турцыю ў вайну скончыліся няўдачай, і ў 1714 г. абодва каралі адзін за адным вяртаюцца ў Швецыю. Карл XII перадае Станіславу Панятоўскаму ў кіраванне сваё спадчыннае графства ў Пфальцы (Заходняя Нямеччына) — Цвайбрукен (шведскі кароль па далёкай жаночай лініі паходзіў ад дому Вазаў, а па бацькоўскай — ад Вітэльсбахаў з Пфальца). Прадстаўнік шведскага караля — Станіслаў Панятоўскі (бацька апошняга караля і вялікага князя) абвясціў Станіслава Ляшчынскага мясцовым уладаром з захаваннем тытула караля польскага. Ляшчынскі меў шанцы зноў заняць трон у Варшаве — з-за вялікага незадавальнення Пятра I паводзінамі Аўгуста II, які спрабаваў пазбавіцца апекі расійскага цара. Да Аўгуста дайшлі звесткі, што шведскі міністр барон Гёрц, упаўнаважаны Карлам XII, вядзе перамовы з Пятром I аб міры і аб замене Аўгуста Станіславам Ляшчынскім.

Тады Аўгуст Моцны арганізаваў серыю замахаў на Ляшчынскага, намагаючыся захапіць або забіць канкурэнта. Саксонскі афіцэр Л. Лакруа з падкупленымі дванаццаццю салдатамі і крымінальнымі злачынцамі прыбыў у Цвайбрукен і запланаваў захапіць (або забіць) Станіслава Ляшчынскага 15 жніўня 1716 г. падчас ягонай паездкі ў капліцу Гравенталь са сталіцы графства. Аднак С. Панятоўскі выкрыў змову. Злачынцы былі арыштаваныя і судом прыгавораныя да смяротнага пакарання. Станіслаў Ляшчынскі памілаваў злачынцаў, даў ім свабоду і нават грошы на выезд у Саксонію. У Еўропе гэты акт амністыі падвысіў аўтарытэт С. Ляшчынскага: вестка пра тое шырока распаўсюдзілася ў Рэчы Паспалітай. Аўгуст II вымушаны быў выдаць публічную пратэстацыю, у якой заявіў, што нічога не ведаў пра змову і планы забойства Ляшчынскага.

Замах, смерць Карла ХІІ (загінуў у 1718 г. падчас аблогі крэпасці Фрыдрыхсгал у Нарвегіі), асабістае гора, калі Станіслаў Ляшчынскі страціў сваю любімую старэйшую 17-гадовую дачку Ганну, інтэлігентную і добрую дзяўчынку, — усё гэта прывяло Ляшчынскага і яго жонку ў роспач. Да таго ж пасля смерці Карла ХІІ графства Цвайбрукен перайшло да пфальцграфа Густава. Станіслаў Ляшчынскі звярнуўся з просьбай да французскага караля Людовіка XV даць яго сям'і прытулак у Францыі і атрымаў дазвол пасяліцца ў Эльзасе, у Вісэмбургу, куды сям'я пераехала ў 1719 г. Ад французскага караля ён атрымаў невялікую пенсію. Тут ён у асноўным займаўся навуковай працай і выхаваннем малодшай дачкі Марыі. Спробы ўзнавіць прэтэнзіі на польскую карону або пагадзіцца з Аўгустам ІI скончыліся няўдачай. С. Ляшчынскі лічыў ужо, што ягоная палітычная кар'ера скончылася.

Раптам усё змянілася. Каралеўскі ўрад Францыі пасля абвяшчэння паўналецця французскага караля Людовіка XV (1710–1774), якому споўнілася 14 гадоў, пачаў шукаць яму нявесту. Прыдворныя перш за ўсё паглядзелі ў еўрапейскі генеалагічны каляндар, у якім былі пералічаны ўсе члены каралеўскіх і княжацкіх сем'яў. Выбар упаў на каралеўскую дачку — Марыю Ляшчынскую (1703–1768), якой ужо быў 21 год. Разлічвалі, што яна — прыгожая дзяўчына, шчырая каталічка, добрага здароўя, значыць, можа даць каралю шмат дзяцей. Бралася ў разлік і тое, што яна бедная і яе сям'я не мае аніякіх уплываў на прыдворнае жыццё Францыі. Значыць, і каралева няздольная да прыдворных інтрыг, а будзе займацца толькі сямейнымі справамі. У гэтым яны не памыліліся. Каралю партрэт дзяўчыны спадабаўся, і ён вырашыў ажаніцца з ёй.

Нечакана для Станіслава Ляшчынскага ў Вісэмбург, гэтае невялікае мястэчка ў Эльзасе, з'явілася пасольства ад караля на чале з прынцам дэ Раганам, біскупам страсбургскім. Біскуп ад імя караля папрасіў у С. Ляшчынскага дазволу на шлюб з ягонай дачкой. Калі бацька гэта пачуў, ён самлеў ад нечаканасці і ўражання. Потым ужо Станіслаў Ляшчынскі перасяліўся ў Страсбург, дзе 15 жніўня 1725 г. ва ўрачыстай цырымоніі пракурацыйнага шлюбу ўдзельнічаў ад імя караля (на месцы жаніха ў касцёле) сваяк Людовіка XV — герцаг Луі Арлеанскі. Урэшце 5 верасня 1725 г. у Парыжы адбылася цырымонія шлюбу з удзелам самога караля. Каралева Марыя Ляшчынская, сапраўды, стала маці 10 каралеўскіх дзяцей (праўда, трое памерлі ў дзяцінстве).

Сын яе, дафін Луі (1729–1765), быў здольным чалавекам, але памёр раней за бацьку. Маці вельмі перажывала страту любімага сына, які, дарэчы, быў бацькам ажно трох каралёў Францыі — Людовіка XVI (загінуў на гільяціне ў 1793 г.), Людовіка XVIII і Карла X. Нашчадкі Марыі Ляшчынскай па жаночай лініі жывуць і цяпер (пармская лінія Бурбонаў, у тым ліку вялікі герцаг люксембургскі Жан I, Габсбургі, іспанская лінія Бурбонаў, у тым ліку цяперашні кароль Іспаніі Хуан Карлас I і іншыя).

Аднак сямейнае жыццё каралевы Марыі ўрэшце стала нешчаслівым. Малады муж стаў шукаць уцехі з іншымі кабетамі, з'явіліся вядомыя фаварыткі — маркіза Пампадур, графіня Дзюбары і шмат іншых жанчын і дзяўчат.

Але ўсё гэта было потым. Цяпер жа Станіслаў Ляшчынскі перасяліўся з жонкаю ў Парыж, жыў у блізкіх да сталіцы замках Версаль, Шамбор, Мядон, карыстаўся павагай як каралеўскі цесць.

Зноўку на троне

Сітуацыя зноў змянілася, калі ў ноч на 1 лютага 1733 г. у каралеўскім замку ў Варшаве памёр Аўгуст Моцны. Французская дыпламатыя, якую ўзначальваў кардынал Флеры, вылучыла на каралеўскі пасад у Рэчы Паспалітай кандыдатуру Станіслава Ляшчынскага. Кардынал, якога падтрымаў Людовік XV, разлічваў, што Расія і Аўстрыя будуць процідзейнічаць гэтай кандыдатуры. Станіслаў Ляшчынскі з дапамогай Францыі здолеў бы абараніць незалежнасць Рэчы Паспалітай, а гэта сарвала б планы Расіі і Аўстрыі канчаткова падпарадкаваць гэтую краіну.

У Рэчы Паспалітай, асабліва ў Польшчы, кандыдатура Ляшчынскага была ўспрынята добра, бо людзям надакучыла панаванне чужаземнага манарха, якое прынесла краіне шмат непрыемнасцяў, бяду і войны. Агітацыя ў Варшаве французскага пасла маркіза дэ Манці павялічыла колькасць прыхільнікаў Ляшчынскага. Ён патаемна выехаў у Варшаву і спыніўся ў французскага пасла. Праз два дні Ляшчынскага пазналі ў касцёле капуцынаў, і жыхароў сталіцы ахапіла радасць. 10 верасня 1733 г. ён сустрэўся з шляхтай-выбаршчыкамі ў касцёле Святога Крыжа, апрануты не як французскі арыстакрат, а як звычайны шляхціч. Прысутныя ўскрыкнулі: «Віват, кароль Станіслаў!» Вокліч быў паўтораны на вуліцах Варшавы. 12 верасня 12 тысяч выбаршчыкаў абвясцілі Станіслава Ляшчынскага каралём польскім і вялікім князем літоўскім. Ляшчынскі ў другі раз стаў законным каралём, які карыстаўся падтрымкай большасці, бо ў ім бачылі гаранта незалежнасці дзяржавы.

Але Расія і Аўстрыя не маглі пагадзіцца з гэтым. Меншасць выбаршчыкаў была супраць Ляшчынскага. Не падтрымалі яго і часці літоўскага-беларускага войска. На тэрыторыю ВКЛ праз Горадню і Смаленск і маршам далей на Варшаву прайшлі расійскія арміі генерал-аншэфа П. П. Ласі і генерал-паручніка Загражскага пад агульным камандаваннем генерал-фельдмаршала Б. К. Мініха. Ужо 1 кастрычніка расійская армія заняла прадмесце Варшавы Прагу. Туды з'ехаліся выбаршчыкі з меншасці выбарчага сойма, у тым ліку кракаўскі ваявода Т. Любамірскі, наваградскі ваявода М. Ф. Радзівіл, расійскі фельдмаршал Я. К. Сапега, Агінскі, Завіша і іншыя. Пад аховаю расійскіх войскаў яны 5 кастрычніка 1733 г. абвясцілі каралём і вялікім князем літоўскім саксонскага курфюрста Фрыдрыха Аўгуста IІ, сына караля Аўгуста Моцнага, які быў абвешчаны каралём польскім і вялікім князем Аўгустам III (1696–1763). Такім чынам, Станіслаў Ляшчынскі быў каралём у Варшаве толькі 14 дзён, а потым вымушана выехаў у Гданьск, дзе чакаў дапамогі з Францыі: каронныя войскі былі слабыя, і дастатковага адпору расійскаму войску даць не здолелі. Аднак вайна за польскую спадчыну цягнулася два гады (1733–1735). 7 ліпеня 1734 г. Гданьск капітуляваў. Хоць на баку Станіслава Ляшчынскага выступіла ў 1734 г. Дзікоўская канфедэрацыя шляхты, аднак экс-кароль не змог яе ўзначаліць. Ён здолеў уцячы з Гданьска ў Прусію. Вайна за польскую спадчыну перакінулася ў Еўропу. Францыя ваявала з Аўстрыяй і Саксоніяй, якім дапамагала Расія. Вайна скончылася ў 1735 г. прэлімінарным мірам (канчатковы быў падпісаны ў 1738 г.). Францыя прызнала польскім каралём і вялікім князем літоўскім Аўгуста III, Станіслаў Ляшчынскі адмаўляўся ад кароны і атрымліваў герцагства Латарынгію (на ўсходзе Францыі), якое пасля ягонай смерці павінна была перайсці да Францыі. За ім пажыццёва захоўваўся тытул караля польскага. 26 студзеня 1736 г. Станіслаў Ляшчынскі адмовіўся ад кароны на карысць Аўгуста III. Яму вярталіся маёнткі ў Польшчы. Сваім каралеўскім актам Станіслаў Ляшчынскі вызваліў усіх сваіх прыхільнікаў ад прысягі, дадзенай яму, і ў чэрвені 1736 г. вярнуўся ў Францыю.

У Латарынгіі

Раней некалькі стагоддзяў Латарынгія была асобным герцагствам у складзе Свяшчэннай Рымскай імперыі. Апошні герцаг латарынгскі Франц Стэфан на пачатку 1736 г. ажаніўся з дачкой імператара Карла VI Марыяй Тэрэзіяй, якой у спадчыну перайшлі ўсе аўстрыйскія землі. Францыя падчас вайны за польскую спадчыну фактычна адваявала Латарынгію для сябе, даўшы ў якасці кампенсацыі Францу Стэфану вялікае герцагства Таскану ў Італіі.

Ляшчынскі вёў шырокае будаўніцтва ў латарынгскіх гарадах. У Люневілі, Нансі, Камерсі былі пабудаваны палацы, пасаджаны паркі. Для насельніцтва будаваліся свірны для захавання зерня, праводзіліся дабрачынныя акцыі. Стваральная дзейнасць былога польскага караля павялічыла колькасць ягоных прыхільнікаў сярод насельнікаў Латарынгіі, якія спачатку не вельмі ахвотна прынялі чужынца з Усходняй Еўропы ў ролі валадара. Народ нават даў яму мянушку Дабрачынны. Захаваліся ягоныя партрэты гэтага перыяду, на пляцы Станіслава ў Нансі — ягоная статуя, у касцёле Нотр-Дам-дэ-Бон-Секур можна пабачыць ягонае надмагілле.

Апошнія дзесяцігоддзі Станіслаў Ляшчынскі, нягледзячы на свой век, прызвычаіўся да дзвюх рэчаў — добра пад'есці і прыемна правесці час з кабетамі. У апошнія гады жыцця ён ужо не нагадваў маладога стройнага прыгажуна. Гэта быў вельмі тоўсты стары, які хадзіў з палкай, абапіраючыся на яе. Але трымаўся ён даволі моцна і, бадай, мог пражыць яшчэ некалькі гадоў, каб не той няшчасны выпадак. 15 лютага 1766 г. ён стаяў ля каміна ў сваім кабінеце ў адным з аддаленых пакояў палаца, далёка ад слуг. Раптам яго шлафрок загарэўся. Ён хацеў патушыць агонь рукамі, але занадта нахіліўся і паваліўся ў агонь каміна, ягоная левая рука пачала гарэць.

Станіслаў Ляшчынскі доўга крычаў, клікаў на дапамогу, але ніхто яго не пачуў. Толькі дым і пах ад ахопленага агнём адзення і цела ўрэшце занепакоіла слуг. Калі яны прыбеглі ў кабінет, Ляшчынскі быў ужо непрытомны. У яго былі цяжкія апёкі цела. На жаль, дактары і тагачасныя лекі не дапамаглі. 23 лютага 1766 г. Ляшчынскі памёр і быў пахаваны ў касцёле Нотр-Дам-дэ-Бон-Секур, пра які мы згадвалі. Падчас Вялікай французскай рэвалюцыі натоўп выкінуў яго астанкі з труны, хтосьці адрэзаў галаву і панёс дахаты. Аднак былы прыдворны бляхар Мікалай Кранц, які ў 1766 г. першы прыбег на паратунак да Ляшчынскага, адабраў галаву і зноў склаў астанкі ў труну, якая была пастаўлена на ранейшае месца. Частка праху з труны была ў адмысловай урне ўзята ў 1814 г. генералам Сакальніцкім, які з салдатамі вяртаўся з Францыі ў Польшчу. Урна была перададзена кафедральнаму касцёлу ў Познані.

Постаць Станіслава Ляшчынскага мае супрацьлеглую трактоўку ў розныя перыяды ягонага жыцця, але ў кожным разе яна дастаткова прывабная і цікавая.

Аўгуст III (1696–1763)

Кароль польскі, вялікі князь літоўскі, курфюрст саксонскі ад 1733 г.

Наша краіна мела яшчэ аднаго валадара, які панаваў трыццаць гадоў. Гэта быў другі манарх з Саксонскай дынастыі, другі Сас. Пры ім дзяржаўны лад Рэчы Паспалітай значна аслабеў. Рэч Паспалітая знаходзілася ў яшчэ большай залежнасці ад суседніх краін, асабліва ад Расіі, чым на пачатку XVIII ст.

Гады маладосці і сталасці нямецкага прынца

Фрыдрых Аўгуст быў адзіным законным сынам свайго бацькі, караля польскага і вялікага князя літоўскага, курфюрста саксонскага Аўгуста Моцнага. Ён належаў да старажытнай нямецкай дынастыі Вэцінаў (вядомай з X ст.), уладароў Саксоніі. Ад 1089 г. Вэціны былі маркграфамі Майсенскай маркі, створанай нямецкімі феадаламі на захопленых землях заходніх славян па рацэ Лабе (Эльбе). У 1247 г. гэты саксонскі княжацкі род атрымаў ландграфства Цюрынгію. У 1485 г. род падзяліўся на дзве лініі — эрнесцінскую і альберцінскую. Апошняя атрымала Майсен і большую частку Цюрынгіі. У 1547 г. галава альберцінскай лініі атрымаў тытул курфюрста Саксоніі (г. зн. ён быў князем-выбаршчыкам у калегіі з сямі князёў, якая выбірала пажыццёва імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі).

Фрыдрых Аўгуст нарадзіўся ў сталіцы Саксоніі Дрэздэне 17 кастрычніка 1696 г. Маці яго, Хрысціяна Эбергардына (1671–1727), была дачкой маркграфа Брандэнбургскага-Байройт (з малодшай лініі Гогенцолернаў) з дробнага княства на поўдні Нямеччыны. Бацька — Аўгуст Моцны (1670–1733) — займаўся палітычнымі і вайсковымі справамі, атрымаў польскую карону, вольны час прысвячаў палюбоўным уцехам і зусім не займаўся сынам. Маці і бабка Ганна Соф'я (1647–1717), дачка дацкага караля, — лютэранкі, і Фрыдрыха выхоўвалі ў лютэранскай традыцыі. Маці не магла дараваць мужу, з якім фактычна разышлася, не толькі пастаянную здраду, але большае — тое, што ён стаў католікам, каб заняць каралеўскі пасад. Таму сама так ніколі і не стала каралевай польскай і вялікай княгіняй літоўскай. Маці маленькага прынца разлічвала, што яе сын здолее адстаяць пратэстанцкую (у большасці) Саксонію ад наступу «папістаў». Часам нават думала аб дзяржаўным перавароце, каб перадаць уладу сыну, адабраўшы саксонскі трон ад нялюбага мужа.

Бацька ж, наадварот, лічыў што раней ці пазней сын будзе ягоным наступнікам і на польскім троне, таму намагаўся знайсці ў Рэчы Паспалітай прыхільнікаў саксонскай дынастыі, а значыць і сына. Больш за тое, Аўгуст Моцны разлічваў атрымаць для сваёй дынастыі імператарскі трон. Дынастыя Габсбургаў вымірала ў мужчынскім родзе: у апошніх двух братоў Габсбургаў, Іосіфа і Карла VI, было толькі жаночае патомства. Аўгуст Моцны намагаўся ажаніць сына з адной з аўстрыйскіх эрцгерцагінь, якіх у Габсбургаў хапала.

Але для гэтага трэба было перавесці Фрыдрыха ў каталіцтва. Аўгуст II паабяцаў папе Кліменту ХІ, што ў знак удзячнасці за дапамогу ў вяртанні польскага трона, ён перахрысціць сына ў новую веру. У 1711 г. ён забірае ад маці сына нібы для таго, каб у Ярославе пазнаёміць юнага каралевіча з Пятром I. Адтуль адпраўляе яго ў падарожжа па еўрапейскіх краінах: у Нямеччыну, Францыю, Італію, у габсбургскія краіны — Чэхію, Аўстрыю, Венгрыю. Суправаджаў каралевіча інфлянцкі ваявода Ю. Кос, а ў Франкфурце-на-Майне да прынца далучыліся святары-езуіты Коглер і Салерна. 27 лістапада 1712 г. у Балоньі Фрыдрых Аўгуст перайшоў у каталіцтва, а потым абвясціў пра гэта публічна ў Вене. Падарожжа працягвалася да 1714 г. Ад таго часу Фрыдрых Аўгуст знаходзіўся пад уплывам езуітаў: гэта, безумоўна, сапсавала ягоныя адносіны з маці, і ён моцна перажываў.

20 жніўня 1719 г. малады каралевіч ажаніўся ў Вене з эрцгерцагіняй Марыяй Ёзэфай (1699–1757), дачкой імператара Ёзэфа I. Яна мела на мужа вялікі ўплыў і фактычна замяніла сваім уздзеяннем ранейшы ўплыў ягонай роднай маці. Ад гэтага шлюбу было 14 дзяцей (на працягу 20 гадоў), але трое памерлі ў дзяцінстве. Старэйшы сын, Фрыдрых Хрысціян (1722–1763), стаў пасля смерці бацькі яго наступнікам у Саксоніі, але быў курфюрстам толькі два месяцы. Хоць і здольны дзяржаўны дзеяч, але вельмі хваравіты. Ад яго пайшла далейшая саксонская дынастыя, прадстаўнікі якой дагэтуль жывуць у Нямеччыне. Адну дачку Фрыдрых Аўгуст выдаў замуж за іспанскага караля Карла III, другую — за курфюрста баварскага, трэцюю — за Людовіка, дафіна Францыі (бацькі каралёў Людовіка XVI, Людовіка XVIII і Карла Х). Па жаночай лініі ў Фрыдрыха Аўгуста цяпер шматлікае патомства ў каралеўскіх дамах Еўропы. Адзін з сыноў ― Франц Ксаверы (1730–1806) — зрабіў добрае ўражанне на варшаўскае грамадства і хацеў нават дабіцца кароны. Другі сын — Карл (1733–1796) — ажаніўся з польскай арыстакраткай Францішкай Красіньскай. Ён здолеў увайсці ў фавор да царыцы Лізаветы Пятроўны і нават у 1758–1763 гг. заняць трон Курляндыі, але быў пазбаўлены такога ганаровага месца Кацярынай II.

Аўгуст Моцны ў Польшчу сына не вазіў, засцерагаючыся апазіцыі, якая магла зрабіць ягонага сына сваім правадыром (што, дарэчы, здаралася ў XVIII ст. на еўрапейскіх дварах), але рыхтаваў яго да заняцця трона не толькі ў Дрэздэне, але і ў Варшаве. Фрыдрых Аўгуст прымаў удзел у пасяджэннях нешматлікага кабінета Аўгуста II у Дрэздэне, удзельнічаў у перамовах з дыпламатамі іншых краін.

Каб забяспечыць каралеўскі і велікакняжацкі пасад у Рэчы Паспалітайдля сваёй дынастыі, Аўгуст II заключыў пагадненні з магнацкімі групоўкамі, абяцаючы Рэчы Паспалітай моцную падтрымку і саюз з багатай, эканамічна моцнай Саксоніяй. Збіраючыся захаваць цэласнасць Рэчы Паспалітай, групоўка князёў Чартарыйскіх пайшла на такое пагадненне з Аўгустам Моцным, хоць фармальнага саюзу з Саксоніяй заключана не было. Гэтым забяспечвалася ў будучыні абранне Фрыдрыха Аўгуста каралём польскім і вялікім князем літоўскім, рускім і жамойцкім. Адначасова групоўка мела на мэце правесці рэформы дзяржаўнага ладу, умацаваць цэнтральную ўладу ў дзяржаве, правесці таксама эканамічныя рэформы.

Але і суседнія дзяржавы рыхтаваліся да магчымай смерці Аўгуста II, каб прадухіліць узмацненне Рэчы Паспалітай і захаваць у ёй паўанархічныя парадкі. У верасні - снежні 1732 г. Расія, Аўстрыя і Прусія падпісалі трактат, паводле якога на польскі трон павінен быць абраны кандыдат, які захаваў бы добрыя адносіны з суседнімі дзяржавамі. Выключалася кандыдатура Станіслава Ляшчынскага. На перыяд выбараў новага караля Расія, Аўстрыя і Прусія на межах Рэчы Паспалітай мелі намер выставіць адпаведную колькасць войскаў, каб пры неабходнасці аб'яднаць свае сілы на працягу чатырох тыдняў. Дамовіліся і наконт кандыдатуры на трон — гэта быў партугальскі прынц Эмануіл (1697–1766), малодшы брат караля Жуана V (1689–1750), а жонка караля даводзілася сястрой германскаму імператару Карлу VI. Суседнія дзяржавы мелі кандыдата, у якім манархі не сумняваліся. Да таго ж усе тры дзяржавы не хацелі саюзу Саксоніі і Рэчы Паспалітай.

Аўгуст III. Малюнак Яна Матэйкі.

Абранне Аўгуста каралём

На пачатку 1733 г. Аўгуст II Моцны і Чартарыйскія рыхтавалі сойм, на якім хацелі правесці рэформы. Аднак у ноч на 1 лютага ў Варшаве памёр кароль, вялікі князь і курфюрст. Пачалося бескаралеўе. Фрыдрых Аўгуст II заняў трон у Саксоніі. А ў Рэчы Паспалітай моцная групоўка магнатаў і шляхты падтрымала кандыдатуру Станіслава Ляшчынскага. Партугальскі кароль не згадзіўся на кандыдатуру Эмануіла, а прапанаваў другога свайго брата — інфанта Антонія. Таму імператар Карл VI вырашыў падтрымаць больш рэальную кандыдатуру — саксонскага курфюрста Фрыдрыха Аўгуста, якога падтрымлівала іншая групоўка. Трэба было перш за ўсё дамовіцца з Расіяй.

У жніўні 1733 г. Фрыдрых Аўгуст II дамовіўся з урадам імператрыцы Ганны Іванаўны. Ад імя Рэчы Паспалітай ён павінен быў адмовіцца ад прэтэнзій на Ліфляндыю, абяцаў як курфюрст саюз паміж Саксоніяй і Расіяй, на 18 гадоў прызнаваў за царыцай імператарскі тытул і запэўніваў, што пасля выбрання каралём зробіць усё магчымае, каб і Рэч Паспалітая прызнала гэты тытул. Ён абяцаў захаваць у Рэчы Паспалітай усе свабоды (па сутнасці анархічны лад). Фаварыту царыцы Ганны — Эрнэсту Ёгану Бірону — на словах збіраўся аддаць герцагства Курляндскае як васальную дзяржаву ў дачыненні да Рэчы Паспалітай. Мусіць, гэтае апошняе абяцанне пераважыла ўсе іншыя. Ганна Іванаўна падтрымала кандыдатуру саксонскага курфюрста. Аўстрыю ён таксама пераканаў. Карл VI быў апошнім мужчынскім прадстаўніком роду Габсбургаў. Спрэчка вялася за аўстрыйскую спадчыну пасля яго. Карл VI хацеў пакінуць усе свае краіны (Аўстрыю, Венгрыю, Чэхію, Аўстрыйскія Нідэрланды) дачцэ Марыі Тэрэзіі. Аднак Аўгуст Моцны раней прэтэндаваў на аўстрыйскую спадчыну ад імя сваёй нявесткі Марыі Ёзэфы, жонкі цяперашняга курфюрста, бо яна была дачкой старэйшага брата Карла VI — імператара Ёзэфа, які памёр у 1711 г. Яшчэ ў ліпені 1733 г. саксонскі курфюрст даў абяцанне Аўстрыі падтрымаць правы Марыі Тэрэзіі на ўсю спадчыну імператара.

Але 12 верасня 1733 г. 12 тысяч шляхты-выбаршчыкаў абралі Станіслава Ляшчынскага каралём польскім і вялікім князем літоўскім, спадзеючыся, што ён абароніць незалежнасць дзяржавы. Меншасць выбаршчыкаў пакінула сход выбарчага сойма. Гэтае выбранне і стала зачэпкай для ўвядзення на тэрыторыю Рэчы Паспалітай расійскіх войскаў. Пачалася вайна 1733–1735 гг. за польскую спадчыну. Прыхільнікамі Фрыдрыха Аўгуста былі польскія і ў значнай ступені літоўскія-беларускія магнаты і шляхта, залежная ад іх (Любамірскія, Радзівілы і Сапегі). Пераважалі Радзівілы і Сапегі. Яны ўлічвалі небяспеку з боку расійскіх войскаў сваім багатым маёнткам і да таго ж знаходзіліся ў апазіцыі да польскіх магнатаў.

Расійскі ўрад у верасні 1733 г. увёў свае войскі на тэрыторыю Рэчы Паспалітай. Ім супрацьстаялі малалікія часці кароннай арміі. Расійская армія генерал-аншэфа графа П. П. Ласі імклівым маршам падышла да Варшавы і заняла прадмесце сталіцы — Прагу. Туды пераехала тысяча прыхільнікаў саксонскага курфюрста (а хутчэй праціўнікі Станіслава Ляшчынскага). Яны абвясцілі канфедэрацыю. Галоўную ролю адыгрывалі кракаўскі ваявода князь Т. Любамірскі, наваградскі ваявода князь М. Ф. Радзівіл, расійскі генерал-фельдмаршал Я. К. Сапега. 5 кастрычніка 1733 г. гэтая меншасць выбаршчыкаў, у сваю чаргу, у вёсцы Камень, ля прадмесця Прага, абвясціла саксонскага курфюрста каралём пад імем Аўгуста III. У Еўропе Аўгуста III лічылі кандыдатам царыцы Ганны Іванаўны. Такая сітуацыя вельмі нагадвала абранне Станіслава Ляшчынскага каралём у 1704 г., але тады антыкароль не ўтрымаўся на троне.

Станіслаў Ляшчынскі мусіў адступіць у Гданьск, дзе дарэмна чакаў дапамогі ад Францыі. Дапамога прыйшла невялікая, ды і позна. Расійскія войскі займалі галоўныя пункты ў Польшчы. З захаду на тэрыторыю Польшчы ўступілі саксонскія войскі. Каб замацаваць сваё становішча, 17 студзеня 1734 г. Аўгуст III разам з жонкай каранаваўся ў Кракаве.

На баку Станіслава Ляшчынскага ў 1734 г. выступала канфедэрацыя, якая арганізавалася ў Дзікове (цяпер частка горада Тарнабжэга) пад камандаваннем люблінскага ваяводы А. Тарлы. Яе праграмай была барацьба за незалежнасць краіны і дзяржаўнае рэфармаванне. Але гэтая канфедэрацыя не здолела адбіць наступу інтэрвентаў. Расійскія войскі пад камандаваннем генерал-фельдмаршала Б. К. Мініха аблажылі Гданьск, і ў ліпені 1734 г. горад капітуляваў, а С. Ляшчынскі ўцёк у Прусію, потым эміграваў зноў у Францыю. Большасць польскіх магнатаў перайшла на бок Аўгуста III. І ўсё ж Аўгусту III давялося змагацца з Дзікоўскай канфедэрацыяй.

Вайна за польскую спадчыну набыла агульнаеўрапейскі характар. Фармальна ў абарону Станіслава Ляшчынскага выступіла Францыя — выступіла супраць Расіі, Аўстрыі і Саксоніі. Французы нанеслі паражэнне аўстрыйскім войскам у Італіі. Вайна закончылася ў кастрычніку 1735 г. падпісаннем прэлімінарнага дагавора. У лістападзе 1738 г. быў падпісаны канчатковы Венскі трактат паміж Аўстрыяй і Францыяй, да якога ў 1739 г. далучыліся Расія, Саксонія і Рэч Паспалітая. Францыя дамаглася аслаблення Аўстрыі. Каралём польскім і вялікім князем літоўскім, рускім і жамойцкім прызналі Аўгуста III. Станіслаў Ляшчынскі захаваў пажыццёва тытул караля і вялікага князя і атрымаў (таксама пажыццёва) герцагствы Латарынгію і Бар (тамсама, дзе і Латарынгія). Расія ўзмацніла свой уплыў на Рэч Паспалітую і захавала яе слабы, паўанархічны дзяржаўны лад, карысны для далейшых мэтаў расійскай палітыкі.

Панаванне Аўгуста III

Так ва ўмовах інтэрвенцыі пачалося панаванне навязанага Рэчы Паспалітай караля і вялікага князя. Але даволі хутка значная колькасць магнатаў і шляхты, з іх кансерватыўнымі поглядамі і жаданнем захаваць такое становішча, як было раней, не зважаючы на агульныя змены ў Еўропе ў XVIII ст., прымірылася з каралём і нават задаволілася тым, што федэратыўная дзяржава — Рэч Паспалітая (гэта значыць і Польшча, і Літоўскае-Беларускае гаспадарства) не рухалася наперад. У гэты час у шляхецкім асяроддзі была распаўсюджана прымаўка: «Пры каралі Сасе еш, пі і распускай пас». Шляхце падабаўся багаты каралеўскі стол: на абед у палацы падавалася не менш чым дваццаць страў. Ад гэтага пайшло крылатае выслоўе: «Я сёння еў, як кароль польскі». Шляхта і асабліва магнаты, перанялі ў караля любоў да раскошы. Але да караля вялікай любові ў шляхты не было.

Пацыфікацыйны (міратворчы) сойм, які засядаў у чэрвені - ліпені 1736 г., урэшце скончыў грамадзянскую вайну. Падчас панавання Аўгуста III гэта быў адзіны сойм, праведзены да канца. Наступныя соймы зрываліся дзякуючы правілу аднагалосся (ліберум вета). У асноўным інспіратарамі зрыву соймаў (ад 1738 да 1752 г.) была «рэспубліканская апазіцыя» на чале з Патоцкімі; яны выступалі супраць караля, а потым і Чартарыйскіх за захаванне так званых рэспубліканскіх вольнасцяў без каралеўскай цэнтральнай улады. Да зрыву соймаў мелі дачыненне таксама расійскі і прускі пасланнікі. Але і ў 1754–1762 гг. соймы таксама зрываліся. Наогул пры Аўгусце III было сарвана 14 соймаў. Ніводнага закону за гэты перыяд не было прынята. Цэнтральная ўлада была вельмі аслаблена. Фактычна кіраўніцтва дзяржавай было дэцэнтралізавана, а ўлада ў паветах перайшла да соймікаў, якія вырашалі фінансава-падатковыя праблемы зыходзячы з мясцовых, павятовых, задач і патрэбаў.

Сам Аўгуст III гэтай краіны не любіў і не ведаў. Ён так і не навучыўся гаварыць па-польску, ездзіў у Варшаву вельмі рэдка, і то пад прымусам абставін. Каб прымаць дзяржаўныя акты, трэба было знаходзіцца на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Аўгуст III прыязджаў з Саксоніі на некалькі дзён ці тыдняў у памежны горад Усхову, дзе адбываліся ягоныя нарады з Сенатам Рэчы Паспалітай, і намагаўся хутчэй вярнуцца ў Дрэздэн. Прыязджаў таксама на соймы. Двойчы наведаў Горадню, дзе збіраліся соймы ў 1744 і 1752 гг., але не столькі для удзелу ў соймах (дарэчы, сарваных), колькі дзеля паляванняў у Белавежскай пушчы. Аднак ліхалецце Сямігадовай вайны, калі прускія войскі займалі Саксонію, прымусіла Аўгуста III пераехаць у нейтральную Рэч Паспалітую.

Акрамя паляванняў у лясах Саксоніі, недалёка ад свайго замка Губертсбурга, Аўгуст III любіў страляць у сабак, якіх спецыяльна вабілі на двор ягонага замка, любіў выразаць фігуркі з паперы, ахвотна праводзіў час з прыдворнымі блазнамі. А ўвогуле гэта быў апатычны і недаступны чалавек, але вельмі давяраў сваім фаварытам, якіх праз некаторы час мяняў. Акрамя айцоў-езуітаў, спачатку вялікі ўплыў на караля меў ягоны сябра ў маладых гадах Аляксандр Юзаф Сулкоўскі, граф, а потым і князь Свяшчэннай Рымскай імперыі, лоўчы надворны літоўскі і першы міністр саксонскага кабінета (1733–1738), ён жа генерал саксонскай пяхоты. Але ў лютым 1738 г. Сулкоўскі патрапіў у няміласць караля і быў звольнены. Яго замяніў здольны і спрактыкаваны палітык — Генрых фон Бруль, які стаў і ягоным міністрам у Польшчы. Каля Аўгуста III былі ягоныя даўнейшыя прыхільнікі Я. Малахоўскі, Ліпскі, Я. Ф. Сапега, Я. К. Л. Браніцкі, Радзівілы, Вішнявецкія. У 1743 г. на першае месца ў Рэчы Паспалітай выйшлі Чартарыйскія, але ў 1752 г. «першую скрыпку» зноў займеў Бруль і Е. Мнішак (апошні прымірыў караля з Патоцкімі, якія былі ў апазіцыі).

З гэтага спісу трэба адзначыць Чартарыйскіх, якія, карыстаючыся даверам караля, намагаліся правесці неабходныя рэформы ў Рэчы Паспалітай: заснаваць спадчынную манархію, абмежаваць магнацкую алігархію і скасаваць ліберум вета. Але падтрымкі караля і ягонага двара не было, таму гэтая спроба скончылася няўдачай. Увогуле ж Аўгуст III цікавіўся рэформамі толькі ў той ступені, каб з іх дапамогай забяспечыць трон у Рэчы Паспалітай каму-небудзь са сваіх сыноў.

У асноўным магнаты Рэчы Паспалітай у перыяд панавання Аўгуста III падзяліліся на дзве групоўкі, якія аспрэчвалі ўладу ў краіне паміж сабой. Караля падтрымлівалі Чартарыйскія і іх шматлікія прыхільнікі, у тым ліку Радзівілы і Сапегі. Адзін з Чартарыйскіх, Міхал, доўгі час быў падканцлерам літоўскім (1752–1775). Ён меў вялікі ўплыў на падзеі ў Літоўскай-Беларускай дзяржаве. Арыентаваліся Чартарыйскія на Расію, а з 50-х гг. XVIII ст. і на Прусію.

Супраць караля і «прыдворнай партыі» Чартарыйскіх выступала групоўка на чале з Патоцкімі («рэспубліканцы», або «гетманская партыя»). Яны былі супраць абсалютызму, прыхільнікамі «залатой вольнасці» і захавання ліберум вета. Патоцкія атрымлівалі грашовыя сродкі ад урадаў Францыі і Расіі. У 40-я гады сябравалі з Прусіяй, а ў 50-я — сталі яе ворагамі. Менавіта апазіцыя і зрабіла марнымі спробы рэформаў на соймах 1746 і 1748 гг., сарваўшы іх.

Знешняя палітыка Аўгуста III

У знешняй палітыцы Аўгуст III арыентаваўся на Расію, бо дзякуючы ёй стаў каралём. Быў саюзнікам Расіі ўвесь час свайго панавання ў Рэчы Паспалітай і Саксоніі. Таму, маючы ў Пецярбургу падтрымку, Аўгуст III дазваляў сабе часам выступаць супраць Прусіі і Аўстрыі, спадзеючыся атрымаць частку аўстрыйскіх зямель пасля смерці апошняга Габсбурга — імператара Карла VI. Але ў гэтым кірунку актыўнай была Саксонія, якая ўдзельнічала ў еўрапейскіх войнах. Рэч Паспалітая захоўвала нейтралітэт. Але палітыка Аўгуста III ставіла Рэч Паспалітую ў рызыкоўнае становішча. Праз яе тэрыторыю на захад праходзілі расійскія войскі, побач узмацнялася Прусія.

Расія не лічылася з суверэнітэтам Рэчы Паспалітай. Калі ёй было патрэбна, яна ўводзіла войскі на тэрыторыю ВКЛ. Так, у 1735 г. па загаду урада Ганны Іванаўны для гвалтоўнага захопу расійскіх стараабрадцаў, якія пасяляліся ў сваім замежным цэнтры — Ветцы і яе наваколлі, сюды праз дзяржаўную мяжу было накіравана 5 палкоў якім было даручана «ачысціць Ветку» і суседнія слабоды. Дамы стараабрадцаў і манастырскія пабудовы былі спаленыя. У Расію вывезена больш як 13 тысяч чалавек. Такая ж акцыя была праведзена пазней (у 1764 г.), калі генерал Маслаў з двума палкамі вывеў у Расію 20 тысяч чалавек. Рэйды расійскіх войскаў на тэрыторыю нашай дзяржавы атрымалі назву «веткаўскія выгонкі». Расія таксама падтрымала паўстанне ў Крычаўскім старостве ў канцы 1743 - пачатку 1744 г., каб мець зачэпку для ўмяшання, калі гэта спатрэбіцца. Па загаду расійскіх улад камандзір расійскага пагранічнага фарпоста (заставы) падтрымліваў сувязь з Васілём Вашчылам.

Падчас вайны за аўстрыйскую спадчыну паміж еўрапейскімі краінамі (1740–1748) Саксонія прыняла ўдзел у вайне на баку Прусіі супраць Аўстрыі, а пасля перайшла на бок Аўстрыі. Аўгуст III хацеў атрымаць ад Аўстрыі «калідор» праз Сілезію ад Саксоніі да Польшчы. Прускі кароль Фрыдрых II у 1745 г. разбіў аўстра-саксонскую армію. Быў заняты Дрэздэн. Згодна з падпісаным мірам, Сілезія адышла ад Аўстрыі да Прусіі (была занята яшчэ ў 1742 г.), а Саксонія не атрымала нічога. Тэрыторыя Польшчы цяпер была абкружана паўколам прускімі валоданнямі на захадзе і поўначы.

Праўда, Аўгуст III пасля падпісання мірнага трактата з Прусіяй (25 снежня 1745 г. у Дрэздэне) падпісаў на пяць гадоў саюзны дагавор Саксоніі з Францыяй, атрымліваючы за гэта субсідыі ад французскага караля Людовіка XV. А калі скончылася дзеянне гэтага дагавора, то ў 1751 г. падпісаў такі ж дагавор з Англіяй, ахвяруючы ёй 6000 саксонскіх салдат за цяпер ужо англійскія субсідыі. Такая палітыка хістання паміж Англіяй і Францыяй прывяла ўрэшце да таго, што падчас Сямігадовай вайны (1756–1763) прускі кароль Фрыдрых II, супраць якога выступіла Саксонія разам з Аўстрыяй, Расіяй і Францыяй, нанёс паражэнне саксонскай арміі (капітулявала 15 кастрычніка 1756 г. каля Пірны). Аўгуст III мусіў ратавацца ў Варшаве, а пруская армія з невялікім перапынкам рабавала Саксонію ажно да вясны 1763 г.

І хаця Рэч Паспалітая заставалася нейтральнай і падчас Сямігадовай вайны, тэрыторыя яе выкарыстоўвалася абодвума бакамі для сваіх мэтаў. Праз яе праходзілі туды і сюды расійскія, прускія, а часам і аўстрыйскія войскі. Дзяржава не ўдзельнічала ў вайне, аднак насельніцтва яе шмат цярпела ад іншаземных салдат. Расія авалодала камунікацыямі, карысталася прадуктамі харчавання і зімовымі кватэрамі на тэрыторыі ВКЛ і Польшчы. Пры гэтым расійскія генералы не лічыліся з насельніцтвам, рабавалі яго пад выглядам дапамогі расійскай арміі. У сваю чаргу, прускі кароль Фрыдрых II у 1760 г. накіраваў свае войскі ў Польшчу, у Пазнанскае ваяводства, і абвясціў маніфест, у якім заявіў, што будзе карыстацца ўсімі прывілеямі, якія мелі ў гэтай краіне расійскія войскі.

Апошнія гады жыцця

Аўгуст III у канцы жыцця займаўся больш справамі сваёй сям'і. Павыдаваўшы дачок замуж за прынцаў каралеўскіх ці княскіх фамілій, ён намагаўся ўладкаваць сыноў. Старэйшы сын Фрыдрых Хрысціян, хваравіты чалавек, паводле законаў саксонскага дому прызначаўся да заняцця трона ў Дрэздэне. Для трона ў Варшаве больш надаваліся каралевічы Ксаверы (якога бацька чамусьці не любіў) і ўлюбёнец Карл. Пачынаючы ад 1751 г. Аўгуст III намагаўся шляхам дамоў з Англіяй, Расіяй і Аўстрыяй, ды нават і з Францыяй, гарантаваць абранне аднаго з іх каралём польскім і вялікім князем літоўскім. Атрымаўшы згоду імператрыцы Лізаветы Пятроўны, Аўгуст III здолеў зрабіць ленным (васальным) герцагам Курляндыі сына Карла. Але яго дынастычныя планы не здзейсніліся. У 1763 г. Расія патрабавала ад Карла пакінуць трон у Курляндыі, бо Кацярына II вярнула туды з высылкі Бірона. У Рэчы Паспалітай становішча караля стала менш надзейным, бо Кацярына II паміж Саксоніяй і Прусіяй зрабіла выбар на карысць апошняй, а крыху пазней заключыла з ёю саюз, Расійская імператрыца ва ўнутраных справах Рэчы Паспалітай таксама вырашыла падтрымаць Чартарыйскіх, якія ўжо рыхтаваліся на наступным сойме ўсё ж такі правесці рэформы дзеля ўзмацнення дзяржаўнага ладу, але не на карысць Аўгуста III. Эканамічнае становішча ў краіне пагаршалася. У Рэч Паспалітую плынямі ішлі фальшывыя манеты, іх білі па загаду караля Фрыдрыха II на манетным двары у Дрэздэне, захопленым прускімі войскамі. Анархія ў краіне набірала разгон…

Пасля заканчэння Губертсбургскага міру паміж Аўстрыяй з Саксоніяй і Прусіяй (15 лютага 1763 г.) і адыходу прускіх войскаў з Саксоніі Аўгуст III выехаў з Варшавы ў Дрэздэн, дзе прабавіў некалькі месяцаў выязджаючы на паляванні ці слухаючы любімыя оперы ў тэатры. Жонка яго памерла ў Дрэздэне яшчэ ў 1757 г. падчас акупацыі краю прусакамі. Памёр Аўгуст III раптоўна. Здарылася гэта ў Дрэздэне 5 кастрычніка 1763 г.

Панаванне Аўгуста III у Рэчы Паспалітай было перыядам палітычнага крызісу, дэзарганізацыі дзяржаўнай улады, павелічэння залежнасці краіны ад суседзяў і перш за ўсё ад Расіі. Але ў гэты час пачаўся ўздым гаспадаркі, пераход да чыншу ў панскіх гаспадарках (за кошт паншчыны), будаўніцтва мануфактурных прадпрыемстваў. Ды і ў асвеце былі зроблены новыя крокі: праводзілася рэформа адукацыі, адчыняліся школы піярскага ордэна, куды прымалі дзяцей бацькоў рознага маёмаснага стану, навучанне было бясплатнае, а прадметы адпавядалі патрабаванням, якія былі ў школах іншых еўрапейскіх краін. Аднак гэта ўсё было дасягнута не дзякуючы палітыцы Аўгуста III, а без ягонага якога-небудзь удзелу ўвогуле.

Станіслаў Аўгуст Панятоўскі (1732–1798)

Апошні кароль.

Апошнім каралём польскім і вялікім князем літоўскім, рускім і жамойцкім быў Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Ягонае панаванне — гэта перыяд палітычнага заняпаду Рэчы Паспалітай, спробы рэформаў і ўмацавання дзяржаўнага ладу краіны, інтэрвенцыі Расіі і яе саюзніка Прусіі. Гэта час, калі суседнія манархіі — Расія, Прусія і Аўстрыя — дзялілі тэрыторыю дзяржавы (падзелы 1772, 1793 і 1795 гг.), калі патрыятычныя сілы ў Польшчы і Літве-Беларусі на чале з Тадэвушам Касцюшкам узняліся на ўзброенае паўстанне ў 1794 г., каб ратаваць незалежнасць радзімы. Скончылася панаванне Станіслава Аўгуста ў 1795 г. ліквідацыяй Рэчы Паспалітай. Незалежнасць Польшчы і Літоўскай-Беларускай дзяржавы была скасавана Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй: сучасныя Беларусь і амаль уся Летува далучаны да Расійскай імперыі, а Польшча падзелена паміж Прусіяй і Аўстрыяй.

Паходжанне

Станіслаў Аўгуст Панятоўскі наогул не кранаўся гэтага пытання. Кароль польскі проста замоўчваў сваё паходжанне, бо належаў да дробнай шляхты.

Ужо потым, у час панавання Станіслава Аўгуста, у генеалагічных даведніках гаварылася, што род Панятоўскіх паходзіць нібыта з Італіі, са старажытнай дваранскай сям'і Тарэлі, прадстаўнік якой у XVII ст. перасяліўся ў Польшчу, пераклаўшы сваё прозвішча як Цёлак (цяля, бычок). Дарэчы, гэта герб Панятоўскіх. Але легенда не вельмі стасуецца з генеалагічнымі даследаваннямі, бо гербам «Цёлак» (на якім сапраўды выява бычка) карысталіся да 30 шляхецкіх родаў. У XVIII ст. і пазней хадзілі чуткі, што Панятоўскія з дробнай літоўскай-беларускай шляхты.

А ўвогуле прозвішча Панятоўскі паходзіць ад маёнтка і мястэчка Панятовы (цяпер горад Панятова) у Люблінскім ваяводстве. Першым з гэтага роду (паводле дакументаў) быў Марцін Цёлак Мацяёўскі з Панятовы, які жыў у другой палове XV ст. У XVII ст. Панятоўскія былі сярэдняй шляхецкай сям'ёй, служылі ў іншай, багатай, шляхты, займаючы розныя пасады па кіраванні гаспадаркай, або падстаростамі (г. зн. кіраўнікамі) асобных маёнткаў. Калі былі грошы, то часам нават арандавалі маёнткі. Ян Панятоўскі (памёр у трэцяй чвэрці XVII ст.), прадзед караля, паўставаў менавіта такім дробным шляхцічам.

Да гэтага роду належала літоўская-беларуская лінія Панятоўскіх (герба «Цёлак»). Нікадэм Тадэвуш Панятоўскі меў ганаровы тытул (праўда, нязначны) чэсніка мсціслаўскага на пачатку XVIII ст. Чэснікі калісьці налівалі віно ў кубак, які трымаў падчашы, перад тым, як падаць каралю або князю. Потым гэтая галіна роду пасялілася на Украіне. Але прадстаўнікі галіны засталіся ў ВКЛ і яшчэ на пачатку XX ст. жылі ў Смаленскай і Магілёўскай губернях.

Сын Яна Панятоўскага Францішак (памёр у канцы 1697 г.), дзед караля Станіслава Аўгуста, ад 1690 г. меў тытул чэсніка вышагродскага, спачатку служыў у князёў Любамірскіх у іх маёнтках у паўднёва-ўсходняй Польшчы. Выбіўся ў шэрагі сярэднезаможнай шляхты, калі ў 1670 г. быў прызначаны Г. А. Любамірскім на пасаду падстарасты жэшуўскіх маёнткаў князёў Любамірскіх. Гэта было пачаткам узвышэння роду Панятоўскіх. А ганаровы тытул чэсніка толькі пацвердзіў гэта.

Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Малюнак Яна Матэйкі.

Бацька караля

У Францішка Панятоўскага былі тры сыны — Юзаф (1675–1739), Станіслаў (1676–1762) і Міхал (1683–1716), манах-дамініканец. Найбольш вядомым стаў Станіслаў Панятоўскі (15.09.1676–29.08.1762), бацька караля, які выбіўся ў магнаты, зрабіўшы бліскучую кар'еру.

Атрымаў адукацыю ў Вене. Там запісаўся ў аўстрыйскае войска і ўдзельнічаў у бітвах супраць туркаў пад камандаваннем аўстрыйскага палкаводца, прынца Яўгена Савойскага. Вярнуўся на радзіму дасведчаным вайскоўцам і быў добра прыняты каралём Янам Сабескім. Далейшы лёс Станіслава Панятоўскага звязаны з Літвой-Беларуссю. Падчас канфліктаў Сапегаў з большай часткай літоўскай-беларускай шляхты С. Панятоўскі выступіў на баку Сапегаў. Ён удзельнічаў у вырашальнай бітве пад Алькенікамі 2 лістапада 1700 г., дзе атрады Сапегаў былі разбіты войскамі літоўскай-беларускай шляхты. С. Панятоўскі трапіў у палон, але здолеў збегчы ў Варшаву. Стаў палкоўнікам кароннага войска. Тады ж ажаніўся з Тэрэсай Война-Ясянецкай, з якой праз 10 гадоў развёўся.

Пасля ўваходу войскаў шведскага караля Карла ХІІ у Рэч Паспалітую, падчас Паўночнай вайны, С. Панятоўскі, як і яго былыя кіраўнікі Сапегі, перайшоў на бок Карла XII і стаў набліжаным да новаабранага караля польскага і вялікага князя літоўскага Станіслава Ляшчынскага. Далей ён дзяліў свой лёс з гэтым каралём і ўдзельнічаў у бітвах з войскамі Аўгуста II і расійскімі войскамі. Ён стаў генералам кавалерыі шведскага войска і дыпламатам Карла XII. Удзельнічаў у бітве пад Галаўчынам (14 ліпеня 1708 г.) і пад Палтавай (8 ліпеня 1709 г.), дзе ўратаваў жыццё шведскаму каралю. Разам з Карлам XII С. Панятоўскі ўцёк да туркаў у крэпасць Бендэры (у Малдове). Потым быў губернатарам у маленькім пфальцграфстве Цвайбрукен (недалёка ад Францыі), якое належала Карлу XII і дзе Станіслаў Ляшчынскі быў часовым уладальнікам паводле паўнамоцтваў шведскага караля.

Пасля таго як Карл XII загінуў на вайне ў 1718 г., С. Панятоўскі вярнуўся ў Польшчу і па просьбе шведскай каралевы Ульрыкі Элеаноры, сястры і пераемніцы Карла XII, атрымаў ад Аўгуста Моцнага свае маёнткі і ўвайшоў у давер да караля. Ён стаў генерал-лейтэнантам войска літоўскага. У 1722 г. атрымаў важную пасаду падскарбія вялікага літоўскага (адпаведнік міністра фінансаў у Літоўскай-Беларускай дзяржаве). Але яго кар'ера пачалася крыху раней, калі ён, удавец, у 1720 г. ажаніўся з маладзейшай за яго князёўнай Канстанцыяй Чартарыйскай (1696–1759), дачкой кашталяна віленскага Казіміра Чартарыйскага. Сям'я Чартарыйскіх дзякуючы гэтаму шлюбу ўзмацніла свае пазіцыі пры двары. У пасаг Канстанцыя атрымала 400 тысяч злотых, за якія сям'я Панятоўскіх у 1721 г. набыла ад фельдмаршала Я. Г. Флемінга маёнтак Воўчын і Радванічы (у Берасцейскім павеце). Ад гэтага шлюбу ў 1721–1736 г. нарадзілася 8 дзяцей.

Кар'ера Станіслава Панятоўскага працягвалася. У 1731 г. ён быў прызначаны каралём на пасаду ваяводы мазавецкага, у 1733-м стаў рэгіментарам (намеснікам гетмана) войскаў каронных, у 1752 г. — кашталянам кракаўскім. Ён быў таксама старостам Войніцкім і Люблінскім. Такім чынам, Станіслаў Панятоўскі ўвайшоў у найвышэйшае кола магнатаў Рэчы Паспалітай. Панятоўскія ўжо карысталіся графскім тытулам. Старт для кар'еры сына быў падрыхтаваны.

Маладыя гады

Станіслаў Аўгуст Панятоўскі нарадзіўся 17 студзеня 1732 г. у Воўчыне (цяпер Камянецкі раён), у маёнтку свайго бацькі. Ён быў чацвёртым сынам (з шасці). Атрымаў добрыя выхаванне і адукацыю. Малады чалавек быў інтэлігентным, здольным, з мяккім характарам. Ён, як было заведзена ў магнацкіх сем'ях, удасканальваў свае веды падчас падарожжаў у Еўропу — у Францыю і Англію праз Нямеччыну. Азнаёміўшыся з культурнымі дасягненнямі Захаду, ён на ўсё жыццё застаўся прыхільнікам еўрапейскай культуры. Гэтая ягоная цяга наогул праявілася пазней, калі ён стаў каралём і мецэнатам, што было добрым прыкладам і для магнатаў Рэчы Паспалітай у апошняй трэці XVIII ст.

Маладым чалавекам Станіслаў Аўгуст Панятоўскі праявіў цікавасць да палітыкі, па-за якой не змог застацца, бо найбліжэйшыя сваякі маці — Чартарыйскія («Фамілія») — якраз займалі кіруючыя пазіцыі ў палітычным жыцці Рэчы Паспалітай. Ён добра пазнаёміўся з сітуацыяй у краіне. У 1755 г. Станіслаў Аўгуст атрымаў ганаровы тытул стольніка літоўскага (калісьці ў пануючага вялікага князя стольнік займаўся справамі забеспячэння стала падчас урачыстых прыёмаў). Атрымаў таксама староства Пшэмысльскае, з якога меў даходы. Іншых пасад Станіслаў Аўгуст не атрымаў, так што меў даволі сціплыя тытулы ў параўнанні з іншымі магнатамі.

Малады Панятоўскі перайшоў на дыпламатычную службу, але не ў пасольствах Рэчы Паспалітай, а іншых дзяржаў, што тады не лічылася заганным. У 1755–1756 і 1757–1758 гг. знаходзіўся ў Пецярбургу спачатку як сакратар саксонскага пасла. Прыгожы, інтэлігентны і далікатны малады граф звярнуў на сябе ўвагу вялікай княгіні Кацярыны Аляксееўны, жонкі спадкаемцы расійскага трона, вялікага князя Пятра Фёдаравіча, старэйшай за Панятоўскага на два з паловай года. Пачаўся бурны раман, вялікая княгіня зацяжарыла. Нарадзілася дачка Ганна, якую Панятоўскі і ўвесь расійскі двор лічыў дачкой Станіслава Аўгуста Панятоўскага, хаця фармальна яна была дачкой мужа вялікай княгіні. Станіслаў Аўгуст нават хацеў, каб Кацярына Аляксееўна разышлася з мужам і выйшла замуж за яго. Тады ён мог бы прэтэндаваць на польскую карону. Але ў Кацярыны Аляксееўны былі зусім іншыя планы. Ды і дзяўчынка хутка памерла. Панятоўскі вельмі перажываў яе смерць, бо моцна любіў дзіця.

Праз Станіслава Панятоўскага англійскі пасол у Пецярбургу Уільямз звязаўся з вялікай княгіняй, падтрымаў яе ў прыдворных інтрыгах і даваў ёй буйныя грашовыя субсідыі, як і кіраўнікам знешнепалітычнага ведамства Расіі, што не лічылася заганным і крымінальным, але на палітыку ўплывала. У 1758 г. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі вярнуўся на радзіму. Ад яго рамана з вялікай княгіняй засталася перапіска.

Надзеі ўжо не было. Кацярына пакахала гвардзейскага афіцэра Рыгора Арлова, а потым, у 1762 г., у выніку палацавага перавароту была абвешчана ўсерасійскай імператрыцай Кацярынай II (яе муж, Пётр III, быў забіты праз некалькі дзён пасля перавароту). Аднак Кацярына II не забылася на свайго былога каханка. Ведаючы ягоны характар і яго ранейшыя пачуцці да яе, яна лічыла, што лепшай кандыдатуры на каралеўскі пасад у Варшаве для яе, а значыць, і для Расіі не трэба. Праз яго можна будзе праводзіць неабходную для Расійскай імперыі палітыку ў Рэчы Паспалітай. І не трэба ўжо будзе ўзгадняць кандыдатуру саксонскага прынца на выпадак смерці караля Аўгуста III з Аўстрыяй і Прусіяй. Расія ўжо была дастаткова моцнай, каб самастойна правесці на каралеўскі трон прыхільную да яе кандыдатуру.

Абранне каралём

5 кастрычніка 1763 г. памёр кароль польскі і вялікі князь літоўскі Аўгуст III (Саксонскі). Каралеўскі пасад у Рэчы Паспалітай стаў вакантным. Пачалася падрыхтоўка да выбараў новага караля.

Але Расія падрыхтавалася яшчэ раней. Неўзабаве пасля ўступлення на трон імператрыца Кацярына II у рэскрыпце расійскаму пасланніку ў Варшаве Г. К. Кайзерлінгу (8 лютага 1763 г.) у сувязі з чуткамі аб хваробе і магчымай смерці караля Аўгуста III паставіла задачу абраць караля, які быў бы цалкам падпарадкаваны ёй. Царыца загадала патрабаваць ад кандыдата ў каралі за яе падтрымку перадачы Расіі часткі тэрыторыі Рэчы Паспалітай і выдачы многіх тысяч сялян, якія ўцяклі з Расіі. 6 кастрычніка 1763 г. на нарадзе ў Кацярыны II былі пацверджаны гэтыя патрабаванні і прыняты праект па тэрытарыяльным пытанні, у якім вызначаліся вобласці, што павінны быць перададзены Расіі. Новая мяжа цалкам супадала з той, што была ўстаноўлена Расіяй потым, паводле першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г. Такім чынам, ужо ў 1763 г. Кацярына II першай паставіла пытанне аб далучэнні да Расіі ўсходняй і паўночнай частак сучаснай Беларусі і ўсходняй часткі сучаснай Латвіі. Пры гэтым расійскі царызм выступаў супраць падзелаў Рэчы Паспалітай з іншымі дзяржавамі, лічачы лепш мець слабага і цалкам залежнага ад Расіі суседа на сваёй заходняй мяжы.

А ў Рэчы Паспалітай паміж магнацкімі групоўкамі Чартарыйскіх і Патоцкіх ішла барацьба за трон.

Групоўка Чартарыйскіх, зыходзячы з пажаданняў Кацярыны II, вылучыла кандыдатуру свайго пляменніка — Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Патоцкія і іх «саксонска-рэспубліканская партыя» былі прыхільнікамі Фрыдрыха Хрысціяна (1722–1763), старэйшага сына Аўгуста III, але ён, курфюрст саксонскі, памёр праз два з паловай месяца пасля смерці бацькі, а ягоны сын Фрыдрых Аўгуст III (1750–1827) быў яшчэ падлеткам і для саксонскага трона прыдатны, а для польскага — не. Пазней Напалеон усё ж такі перадаў яму ў 1807 г. трон Вялікага княства Варшаўскага.

Па просьбе Чартарыйскіх Кацярына II паслала ў Рэч Паспалітую расійскія войскі. Адным з кіраўнікоў групоўкі Патоцкіх быў Кароль Радзівіл (Пане Каханку). У 1764 г. у ВКЛ прыхільнікі Чартарыйскіх стварылі генеральную канфедэрацыю, якая выступіла супраць Радзівілаў. Пачаліся ваенныя дзеянні. Літоўскае-беларускае войска сумесна з расійскімі атрадамі ў чэрвені 1764 г. захапіла радзівілаўскія крэпасці Нясвіж і Слуцк. Войска Радзівіла было разбіта, а сам ён уцёк за мяжу. Ягоныя ўладанні часова перайшлі ў кіраванне літоўскай генеральнай канфедэрацыі. У Польшчы праціўнікі Чартарыйскіх таксама былі падаўлены.

Абапіраючыся на сярэднюю шляхту, Чартарыйскія на канвакацыйным сойме (папярэднічаў выбарчаму і выпрацоўваў умовы, з якімі мусіў пагаджацца кароль пры абранні на выбарчым сойме), які адбыўся ў маі - чэрвені 1764 г., паспрабавалі правесці памяркоўныя рэформы дзяржаўнага ладу дзеля ўмацавання цэнтральнай улады. На сойме было абмежавана ўжыванне права ліберум вета (аднагалоссе), дэпутаты не абавязаны былі прытрымлівацца інструкцыі соймікаў, калі інструкцыі разыходзіліся з думкай большасці сойма. Былі прынятыя пастановы аб упарадкаванні фінансаў і суда, павелічэнні войска. Аднак у той няпэўнай сітуацыі, калі шмат хто выступаў супраць рэформаў, Чартарыйскія не пагадзіліся на перадачу Расіі усходняй часткі ВКЛ.

На выбарчым сойме, пад аховаю расійскіх войскаў і прыватных войскаў Чартарыйскіх («Фаміліі»), 6 верасня 1764 г. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі быў абраны каралём польскім і вялікім князем літоўскім, рускім і жамойцкім. Каранаваўся ён 25 лістапада таго ж года. На каранацыйным сойме 1764 г. браты караля і іх нашчадкі атрымалі княжацкі тытул.

Абранне на трон Станіслава Аўгуста адбылося ў неспрыяльных абставінах чарговай акупацыі краіны расійскімі войскамі. Папярэдне, 11 красавіка 1764 г. паміж Расіяй і Прусіяй быў заключаны саюзны дагавор, згодна з сакрэтным артыкулам якога абедзве дзяржавы ўзялі на сябе абавязак ахоўваць сілай зброі дзяржаўны лад Рэчы Паспалітай, не дапускаючы сур'ёзных рэформаў і ўзмацнення дзяржаўнага ладу і цэнтральнай улады ў краіне. Ужо ў 1765 г. Кацярына II у сваёй ноце заявіла сойму Рэчы Паспалітай аб неабходнасці «ўрэгулявання межаў паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй».

Панаванне Станіслава Аўгуста

Станіслаў Аўгуст не адразу стаў марыянеткай у руках Кацярыны II. Разам са сваімі сваякамі Чартарыйскімі ён спрабаваў вызваліцца ад поўнай залежнасці ад Расіі, шукаў шляхоў да саюзу з Аўстрыяй і Францыяй, каб супрацьстаяць Расіі і Прусіі. Ва ўнутранай палітыцы ён прагнуў пагаднення з групоўкай Патоцкіх («рэспубліканцамі»), каб усё ж такі адстаяць незалежнасць дзяржавы. Але кансерватыўная групоўка магнатаў засталася непрыхільнай да караля, захаваўшы свае погляды на дзяржаўны лад і свае сімпатыі да Саксонскай дынастыі.

Станіслаў Аўгуст Панятоўскі спрабаваў стварыць сваю групоўку з шляхты цэнтрысцкага характару. Але ажыццяўленне задумы прывяло да канфлікту з Чартарыйскімі, якія не хацелі саступаць каралю. Тым не менш першыя спробы рэформаў у 1764–1766 гг. праводзіліся разам з Чартарыйскімі, аднак яны былі перапынены Расіяй. Кацярына II выкарыстала дысідэнцкае пытанне (аб правах хрысціян-некатолікаў) і разам з Прусіяй запатрабавала ўраўнавання ў правах з католікамі пратэстантаў і праваслаўных, якія ў гэты перыяд складалі толькі 5 % насельнікаў дзяржавы. Пры гэтым у афіцыйных дакументах узгадвалася толькі пратэстанцкая і праваслаўная шляхта, а не ўсё насельніцтва. Кацярына II патрабавала даць ёй права займаць дзяржаўныя пасады. Пасля адмовы сойма ў Рэчы Паспалітай былі створаны з дапамогай расійскіх грошай шляхецкія канфедэрацыі пратэстантаў і праваслаўных і зноў уведзены расійскія войскі. Сойму ў лютым 1768 г. быў навязаны дагавор — «вечны трактат», у якім Расія гарантавала «кардынальныя правы»: захаванне анархічнага дзяржаўнага ладу, ліберум вета, выбарнасць караля, непахіснасць шляхецкіх прывілеяў, а таксама ўраўнаванне правоў праваслаўнай і пратэстанцкай шляхты разам з каталіцкай у заняцці дзяржаўных пасад.

Аднак дамогшыся сваёй мэты захавання анархічнага ладу дзяржавы пад расійскім кантролем, Кацярына II больш ужо не звяртала ўвагі на рэлігійнае пытанне. Праўда, апазіцыі не ўдалося дэтранізаваць Станіслава Аўгуста, але ўлада караля была цяпер пад большым кантролем Расіі, чым раней.

Новым выпрабаваннем для караля стала дзейнасць Барскай канфедэрацыі (1768–1772), калі шырокія колы патрыятычна настроенай шляхты ўзняліся ў Польшчы, Літве-Беларусі і на Украіне за аднаўленне сапраўднай незалежнасці Рэчы Паспалітай ад Расіі, супраць караля-«узурпатара». С. А. Панятоўскі вагаўся: ці дзейнічаць супраць канфедэратаў разам з Расіяй (бо расійскія войскі зноў былі ўведзены ў Рэч Паспалітую), ці праводзіць палітыку пасіўнага адпору Расіі (як раілі Чартарыйскія), ці паразумецца з барскімі канфедэратамі. Аднак канфедэраты 22 кастрычніка 1770 г. абвясцілі бескаралеўе і нават 3 лістапада 1771 г. арганізавалі на караля замах, праўда, няўдалы. Канфедэраты напалі на карэту Станіслава Аўгуста і захапілі яго, але ў цемнаце рассеяліся, і кароль здолеў вярнуцца ў палац.

Падчас першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г. (калі пад наглядам Кацярыны II дыпламаты Расіі, Прусіі і Аўстрыі падпісалі ў Пецярбургу канвенцыю) Станіслаў Аўгуст Панятоўскі спрабаваў пратэставаць і звярнуўся да еўрапейскіх двароў, але ніводная дзяржава не прыйшла яму на дапамогу. Суседнія манархі ва ўмовах чарговай расійскай акупацыі (расійскія войскі, якія змагаліся з барскімі канфедэратамі, заставаліся ў краіне і гарантавалі падзел) падзялілі дзяржаву. Расія забрала тэрыторыю з гарадамі Дынабург, Полацк, Віцебск, Орша, Магілёў і мястэчкам Гомель. Прусіі Кацярына II згадзілася аддаць Памор'е, а Аўстрыі — Галіцыю (Заходнюю Украіну) і паўднёвую частку Польшчы.

Пасля першага падзелу Станіслаў Аўгуст Панятоўскі паступова ўзмацніў сваю ўладу падчас барацьбы за яе паміж рознымі магнацкімі групоўкамі. У 1775 г. была створана Пастаянная рада, якая складалася з караля, 18 сенатараў і 18 дэпутатаў сойма, у 1773 г. — Адукацыйная камісія (першае ў Еўропе міністэрства адукацыі). Былі прыняты рашэнні, накіраваныя на паляпшэнне гандлю і прававога становішча гараджан, на развіццё прамысловасці. Кароль пераўтварыў Пастаянную раду ў орган цэнтральнай выканаўчай улады і імкнуўся ліквідаваць анархічны дзяржаўны лад.

Але давялося Станіславу Аўгусту пайсці на кампраміс з Кацярынай II і прызнаць над сабой кантроль расійскага пасла графа А. М. фон Штакельберга. Гэтым ён на пэўны час захаваў абарону тэрыторыі Польшчы ад далейшай прускай і аўстрыйскай анексіі. С. А. Панятоўскі дамагаўся ад Кацярыны II саюзу і яе згоды на павелічэнне арміі і правядзенне рэформаў, а таксама на забеспячэнне спадчыннасці трона для свайго пляменніка Станіслава Панятоўскага (1751–1833), які быў шэфам гвардыі пешай кароннай, а потым падскарбіем вялікім літоўскім у 1784–1791 гг. На сойме 1776 г. каралю ўдалося абмежаваць уладу гетманаў і падпарадкаваць войска. Але правядзенне далейшых рэформаў Расія не дазваляла. Супраць караля Расія падтрымлівала магнацкую апазіцыю на чале з гетманам вялікім каронным графам Я. К. Браніцкім, а пазней ваяводам рускім, графам С. Ш. Патоцкім.

І ўсё ж такі каралю ўдалося ў 1775–1778 гг. стварыць сваю групоўку, у якую ўвайшлі нават былыя канфедэраты. Гэта добра паказаў Адам Міцкевіч у асобе Мацька пад Мацькамі, які «з канфедэрата стаў прыхільнікам караля і падтрымліваў Тызенгаўза, падскарбія літоўскага».

Станіслаў Аўгуст Панятоўскі падтрымліваў асветніцтва і адукацыю, быў мецэнатам, ініцыятарам выдання газеты «Манітор», апекаваўся тэатрам і мастацтвам, намагаючыся ўзняць прэстыж Рэчы Паспалітай у Еўропе. Пры двары Станіслава Аўгуста былі сабраны найлепшыя мастакі і скульптары. У гэты час быў перабудаваны Каралеўскі палац у Варшаве, палацавы ансамбль у Лазенках. Кароль адчыніў пры палацы мастацкую школу, высылаў стыпендыятаў на вучобу за мяжу. Ён збіраў калекцыі гіпсавых бюстаў, гем і камей, манет, сабраў галерэю карцін. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі рыхтаваў адкрыццё акадэміі мастацтва, акадэміі навук і літаратуры, нацыянальнага музея. Асабіста падтрымліваў адкрыццё мануфактур, у тым ліку на тэрыторыі сучаснай Беларусі (з дапамогай А. Тызенгаўза), спрыяў прамысловай здабычы солі.

Апошнія гады панавання

Адносная раўнавага ў палітычным жыцці Рэчы Паспалітай была пахіснута дзеяннямі апазіцыі, якая прадстаўляла шырокія колы прагрэсіўнай шляхты і мяшчан (шляхецка-буржуазнага блоку). Гэты блок на Чатырохгадовым сойме (1788–1792) правёў шматлікія і грунтоўныя рэформы, набліжаючы дзяржаўны лад Рэчы Паспалітай да рэвалюцыйных змен Вялікай Французскай рэвалюцыі канца XVIII ст.

Кароль, насуперак жаданню расійскага пасла ў Варшаве графа А. М. фон Штакельберга, пайшоў на пагадненне з рэфарматарамі, кіраўнікамі сойма, супрацоўнічаў з імі. У снежні 1790 г. ён перадаў у сойм свой праект рэформы дзяржаўнага ладу, у якім прапаноўваў больш моцны манархічны лад і мадэрнізацыю дзяржаўнага апарату, але захоўваў саслоўны парадак. У значнай ступені прапановы караля былі ўкладзены рэфарматарамі ў прынятую 3 мая 1791 г. Канстытуцыю (Урадавую ўставу). Гэта падняло аўтарытэт караля, асабліва сярод мяшчанства, якому былі нададзены пэўныя правы.

У 1792 г. збройная інтэрвенцыя Расіі спыніла рэформы. Праціўнікі рэформаў — удзельнікі Таргавіцкай канфедэрацыі, - ідучы ў абозе царскіх войскаў, захапілі ўладу ў Вялікім Княстве Літоўскім і Польшчы. Да канфедэрацыі далучыўся і кароль, санкцыянаваўшы інтэрвенцыю і скасаванне рэформаў Чатырохгадовага сойма. На караля легла адказнасць як на капітулянта, які спыніў збройны адпор інтэрвентам. Цяпер Кацярына II трымала свае войскі ў Рэчы Паспалітай пастаянна. Кіраўнікі рэфарматараў вымушаны былі эміграваць і рыхтавалі паўстанне ў Польшчы і ВКЛ. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі падчас працы апошняга сойма Рэчы Паспалітай у Горадні (улетку 1793 г.) ужо дзейнічаў цалкам пад кантролем расійскага пасла графа Я. Я. Сіверса, калі сойм мусіў пагадзіцца з другім падзелам Рэчы Паспалітай, ад якой Кацярына II адарвала цэнтральную частку сучаснай Беларусі і Правабярэжную Украіну, а Заходнюю Польшчу аддала Прусіі. Станіслаў Аўгуст санкцыянаваў вынікі другога падзелу Рэчы Паспалітай.

Падчас паўстання 1794 г. у Польшчы і Літве-Беларусі  пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі (начальнік паўстання) кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі быў адхілены ад улады і займаў фармальнае становішча. Ён нават асцерагаўся за сваё жыццё. Яго малодшы брат, Міхал Ежы, арцыбіскуп гнезненскі, абвінавачаны ў здрадзе на карысць Прусіі і Расіі, каб пазбегнуць лінчавання натоўпам, скончыў жыццё самагубствам.

Пасля паражэння паўстання 1794 г. Станіслаў Аўгуст па загаду Кацярыны II выехаў з Варшавы ў Горадню, дзе жыў у каралеўскім палацы да смерці Кацярыны II. У Горадні ён даведаўся аб трэцім падзеле Рэчы Паспалітай і ліквідацыі дзяржавы. Тут 25 лістапада 1795 г. ён падпісаў акт адрачэння ад кароны на карысць Кацярыны II. Гэтым актам спынялася існаванне Рэчы Паспалітай і дзяржаўнасці Польшчы і Літоўскага-Беларускага гаспадарства. Калі Кацярына II памерла (лістапад 1796 г.), Павел I выклікаў Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Санкт-Пецярбург, дзе кароль пражыў да канца жыцця. Яму быў захаваны тытул караля і невялікі двор. Павел I ставіўся да яго з сімпатыяй і нават аднойчы пацікавіўся ў Панятоўскага, ці не з'яўляецца ён ягоным бацькам, як некаторыя гаварылі, але Панятоўскі не мог даць пэўнага адказу.

Кароль пісаў мемуары, у якіх апраўдваў сваю палітыку. Памёр ён у Санкт-Пецярбургу ў Мармуровым палацы 12 лютага 1798 г. і быў пахаваны ў каталіцкім касцёле на Неўскім праспекце. У 1938 г. рэшткі яго праху перададзены савецкім урадам польскім уладам і перапахаваны ў Троіцкім касцёле ў Воўчыне (Брэсцкая вобласць), дзе нарадзіўся Станіслаў Аўгуст. Пасля Другой сусветнай вайны грабніцу з прахам караля разрабавалі. Урна з прахам караля была разбіта настаўніцай-камсамолкай. У канцы 80-х гг. XX ст. сімвалічны прах караля перавезены ў Польшчу. Ад Троіцкага касцёла засталіся рэшткі. Пасля вайны ён выкарыстоўваўся як збожжасховішча.

У 1784 г. Станіслаў Аўгуст уступіў у марганатычны (законны, але без права перадачы каралеўскай годнасці) шлюб з удавой генерал-інспектара Войска Літоўскага Эльжбетай Грабоўскай і меў ад яе сына, які насіў прозвішча Грабоўскі. Пляменнік караля — Юзаф (1763–1813) — меў тытул ваеннага міністра і галоўнакамандуючага войскамі Варшаўскага вялікага Княства, камандуючага 5-м (польскім) корпусам арміі Напалеона падчас франка-расійскай вайны 1812 г., пазней ён — маршал Францыі. Ад сына старэйшага брата караля засталіся нашчадкі, якія жывуць у Францыі. Адзін з князёў Панятоўскіх — Мішэль — у 1973–1974 гг. быў міністрам аховы здароўя і сацыяльнага забеспячэння, а ў 1974–1977 гг. — міністрам унутраных спраў Францыі.

Станіслаў Булак-Балаховіч (1883–1940)

Пасля доўгага замоўчвання беларускімі гісторыкамі савецкага часу ўжо у 90-я гады мінулага стагоддзя беларускія нацыянальныя гісторыкі вярнулі з часовага нябыту імя аднаго з найактыўнейшых беларускіх вайсковых і палітычных дзеячаў — генерала Станіслава Булак-Балаховіча. Акрамя аўтара гэтых радкоў трэба згадаць працы Алега Латышонка з Беластока, Алеся Бяляцкага з Мінска. Артыкулы, прысвечаныя генералу і яго паходу ў Палессе, планаванаму як пачатак вызвалення Беларусі ад панавання ў ёй бальшавіцкай Расіі, увайшлі ў «Энцыклапедыю гісторыі Беларусі» і «Беларускую Энцыклапедыю». У Польшчы ў 1993 г. выйшла кніга М. Цабаноўскага «Генерал Станіслаў Булак-Балаховіч. Забыты герой». Вывучэнне біяграфіі С. Булак-Балаховіча і яго вайсковай і палітычнай дзейнасці працягваецца. Забытыя імёны Бацькаўшчыны вяртаюцца.

Маладосць. Першая сусветная вайна

Станіслаў Нікадзімавіч Булак-Балаховіч (10.02.1883–10.05.1940) нарадзіўся ў невялічкім маёнтку Мэйшты Відзаўскай воласці Браслаўскага павета Ковенскай губерні (за 10 км на паўночны захад ад Відзаў, цяпер у Шуленайскай апілінцы — воласці Літвы каля літоўска-беларускай мяжы). Яго бацька, Нікадзім Міхаіл, беларус-католік, працаваў кухарам ва ўладальнікаў маёнтка Мэйштовічаў, а маці, Юзэфа з Шафранаў, полька, была пакаёўкай. Паводле сямейнага падання Станіслаў Булак-Балаховіч паходзіў з дробнай беларускай шляхты.

Пасля нараджэння Станіслава яго бацька атрымаў ад Мэйштовічаў у арэнду маёнтачак Стакоп'ева (у тым жа Браслаўскім павеце), дзе нарадзіўся Юзаф (Язэп) (22.07.1896–13.06.1923), малодшы Станіславаў брат, таксама ў будучыні генерал. Станіслаў і Юзаф Булак-Балаховічы скончылі агранамічную школу. Станіслаў працаваў адміністратарам маёнтка Гарадзец-Лужкі ў Дзісенскім павеце. У 1905 г. ён выступаў на баку сялян у іх канфліктах з панамі, за што атрымаў мянушку Бацька.

Станіслаў Булак-Балаховіч перад Першай сусветнай вайной.

У пачатку Першай сусветнай вайны Станіслаў Булак-Балаховіч разам з братам Юзафам і сябрамі Дамброўскім і Мацкевічам добраахвотна ўступіў у расійскую армію і з 20 жніўня 1914 г. служыў у 2-м Курляндскім уланскім палку 2-й кавалерыйскай дывізіі спачатку шарагоўцам, а потым унтэр-афіцэрам. Ён удзельнічаў у баях на тэрыторыі Польшчы, а потым сучаснай Латвіі. Узнагароджаны георгіеўскім медалём і Георгіеўскімі крыжамі 4-й, 3-й і 2-й ступеняў. Быў неаднойчы паранены і кантужаны.

9 ліпеня 1915 г. (са старшынствам ад 9 чэрвеня) атрымаў першае афіцэрскае званне прапаршчыка (з адной зорачкай на афіцэрскім пагоне) ад вярхоўнага галоўнакамандуючага вялікага князя Мікалая Мікалаевіча. Удзельнічаў (3 верасня 1915 г.) у дзеяннях за лініяй фронту супраць немцаў у тылах праціўніка ў складзе армейскага партызанскага атрада (каля 500 чалавек) пад камандаваннем Леаніда Пуніна. С. Булак-Балаховіч быў спачатку камандзірам эскадрона, а пасля гібелі Л. Пуніна 1 верасня 1916 г. — камандзірам усяго атрада.

Станіслаў Булак-Балаховіч у канцы 1916 г.

Партызанскі атрад С. Булак-Балаховіча з-за лініі фронту рабіў кавалерыйскія налёты на камунікацыі, штабы і тылы германскіх войскаў, калі фронт знаходзіўся на тэрыторыі цяперашняй Латвіі. Атрад выконваў разведвальна-дыверсійныя заданні.

Неўзабаве Станіслаў Булак-Балаховіч атрымаў чарговыя афіцэрскія званні. У 1917 г. ён быў ужо штаб-ротмістрам (чатыры зорачкі на афіцэрскім пагоне).

У Прыбалтыцы

Вясной 1918 г. пасля працяглага знаходжання ў шпіталі ў Петраградзе (пасля ранення у пачатку сакавіка ў баі з немцамі) С. Булак-Балаховіч запісаўся ў Чырвоную Армію. У красавіку 1918 г. са свайго былога атрада ён у горадзе Луга (Петраградская губерня) сфармаваў 1-ы Лужскі конны партызанскі полк (у складзе 4-й Петраградскай дывізіі). У маі полк быў перайменаваны ў 3-і Петраградскі. Даўняя партызанская дзейнасць С. Балаховіча звярнула на яго ўвагу старшыні Рэўваенсавета Л. Троцкага, які выклікаў Булак-Балаховіча ў Маскву і прапанаваў яму пасаду інспектара кавалерыі Чырвонай Арміі. Аднак С. Булак-Балаховіч адмовіўся ад гэтай пасады, бо быў настроены супраць антысялянскай палітыкі савецкага ўрада.

С. Булак-Балаховіч асабіста падбіраў камандзіраў і байцоў. Ён яшчэ з часоў Першай сусветнай вайны карыстаўся вялікім аўтарытэтам у сваіх падначаленых. С. Булак-Балаховіч супрацьстаяў спробам мясцовых бальшавіцкіх уладаў накіраваць у яго полк камуністаў.

У кавалерыйскім палку пад яго камандаваннем служылі палякі (быў нават польскі эскадрон), беларусы, украінцы, латышы, літоўцы і значная група расіян, непрыхільных да савецкай улады. Полк налічваў 1121 чалавека.

Паступова канфлікты з прадстаўнікамі савецкай улады нарасталі. Булак-Балаховіч намагаўся ўратаваць сваіх камандзіраў (былых афіцэраў) ад арыштаў і рэпрэсій з боку ўлады. Тым не менш працягваў служыць у Чырвонай Арміі, паколькі побач — у Эстоніі і Латвіі — да канца 1918 г. знаходзіліся нямецкія войскі, а нямецкую армію ён па-ранейшаму разглядаў як галоўнага ворага.

Хуткая ўжо параза Германіі ў Першай сусветнай вайне і намаганні балтыйскіх краін атрымаць незалежнасць змянілі сітуацыю ў гэтым рэгіёне. На тэрыторыі Латвіі і Эстоніі была ўтворана «белая» расійская армія, сфармаваная пры дапамозе нямецкага камандавання. У канцы лістапада 1918 г. яна ўжо налічвала 4500 жаўнераў і ставіла задачу ўтрымаць Пскоў, калі яго пакінуць немцы. Яшчэ ў кастрычніку 1918 г. Станіслаў Булак-Балаховіч выслаў у Пскоў свайго прадстаўніка. Паручнік Відзякін паінфармаваў камандаванне гэтай Паўночнай арміі аб намеры С. Булак-Балаховіча перайсці са сваім палком на бок белых. У Пскове знаходзіўся для пастаянных кантактаў і паручнік Барыс Перамыкін.

16 кастрычніка 1918 г. у Елізараўскім манастыры ротмістр Станіслаў Булак-Балаховіч сабраў на нараду афіцэраў свайго палка, якім давяраў. Прыбыў і камандзір Чудскай флатыліі капітан 2 рангу Д. Д. Нелідаў. Афіцэры згадзіліся, што ў адпаведны момант пяройдуць на бок Паўночнай арміі. На наступны дзень Юзаф Балаховіч і Барыс Перамыкін падпісалі пагадненне з прадстаўнікамі штабу Паўночнай арміі аб умовах пераходу.

Першым перайшоў на бок белай арміі 26 кастрычніка 1918 г. 1-ы эскадрон палка на чале з Барысам Перамыкіным, які ахоўваў дэмаркацыйную лінію паміж Савецкай Расіяй і Германіяй на ўсход ад Пскова. За некалькі гадзін да пераходу Перамыкін паслаў віншавальную тэлеграму з нагоды першай гадавіны бальшавіцкай рэвалюцыі палітычнаму камісару раёна Гдоў - Тармошына таварышу Янісу Фабрыцыусу.

Пасля пераходу эскадрона Б. Перамыкіна на бок белых Я. Фабрыцыус выклікаў на чыгуначную станцыю Тармошына Ю. Булак-Балаховіча як намесніка камандзіра палка, а потым і С. Булак-Булаховіча. Абодва запэўнілі камісара ў сваёй лаяльнасці. Але падрыхтоўка да пераходу палка працягвалася. 28 кастрычніка 1918 г. камандзір Чудскай флатыліі Д. Д. Нелідаў таксама перайшоў на бок белых. Тры параходы з пяці, два катэры і сем малых катэраў з экіпажамі даплылі па Чудскім возеры да Пскова.

Полк С. Булак-Балаховіча сканцэнтраваўся ў раёне чыгуначнай станцыі Стругі Белая. У Стругах С. Булак-Балаховіч выдаў адозву да «братоў сялян». Ён абвяшчаў аб пачатку партызанскай вайны супраць бальшавікоў, за рускі народ, праваслаўную царкву, за мір і працу для людзей. Ён заклікаў сялян да выступу супраць бальшавіцкай улады і да ўступлення ў яго атрад. Падпісаўся: «Атаман сялянскіх партызанскіх атрадаў. Бацька Балаховіч».

Не маючы дастатковых сіл, каб самастойна змагацца з часткамі Чырвонай Арміі, Балаховіч ноччу з 5 на 6 лістапада 1918 г. перайшоў са сваім палком дэмаркацыйную лінію паблізу чыгуначнай станцыі Карамышава (20 км на ўсход ад Пскова). Аддзелы палка С. Булак-Балаховіча павялічылі колькасць Паўночнай арміі ад адной трэці да паловы яе складу.

Ротмістр С. Булак-Балаховіч быў прызначаны камандзірам асобнага коннага атрада. Змагаўся ён (пасля адыходу немцаў і белых з Пскова ў Эстонію 26 лістапада 1918 г.) у раёне Пячоры, на поўдзень ад Пскоўскага возера.

25 снежня 1918 г. часткі Паўночнай арміі падпарадкаваліся ўладзе незалежнай Эстоніі. Армія была пераўтворана ў Паўночна-Заходні корпус, які быў падзелены на дзве групы ў аператыўных адносінах. Адна група дзейнічала ў раёне Нарвы, другая — на пскоўскім напрамку.

У пскоўскай групе і змагаўся атрад С. Булак-Балаховіча. За удзел у вызваленні Тарту ад бальшавікоў С. Балаховіч атрымаў у студзені 1919 г. званне падпалкоўніка.

Ад студзеня 1919 г. конны партызанскі атрад падпалкоўніка С. Булак-Балаховіча дзейнічаў у складзе паўднёвай групы ў раёне Чудскага возера, на захад ад Пскова. Часта атрад прарываўся праз лінію фронту і наносіў удары ў тыле чырвоных. У лютым 1919 г. камандуючы паўднёвай групы генерал-маёр А. П. Радзянка перайменаваў атрад у конны полк імя Булак-Балаховіча, зразумела, пад камандаваннем самога С. Булак-Балаховіча.

Генэрал Булак-Балаховіч. 1919 г.

15 мая 1919 г. полк і іншыя часці, падпарадкаваныя ў гэтай аперацыі С. Н. Булак-Балаховічу, занялі горад Гдоў, за што С. Балаховіч атрымаў званне палкоўніка. Далей полк браў удзел у пскоўскай аперацыі. У выніку яе 25 мая 1919 г. Пскоў быў заняты эстонскай арміяй і часцямі белых. С. Булак-Балаховіча прызначылі на пасаду камандуючага Пскоўскага раёна. За ўдзел у баях за Пскоў галоўнакамандуючы корпусам генерал А. Радзянка прысвоіў С. Булак-Балаховічу званне генерал-маёра, а з часцей, падпарадкаваных яму, утварыў асобную зводную дывізію.

С. Булак-Балаховіч устанавіў адміністрацыю ў Пскове і Пскоўскім раёне. Па яго ініцыятыве былі ўтвораныя народныя суды, якія каралі злачынцаў і бальшавіцкіх актывістаў.

Як ваенных камендант Пскова і Пскоўскага павета С. Булак-Балаховіч разгарнуў антыбальшавіцкую прапаганду, друкуючы і распаўсюджваючы сярод насельніцтва і чырвонаармейцаў (на фронце і за лініяй фронту) рознага роду адозвы і улёткі, у якіх заклікаў «змагацца не за царскую ўладу і не за памешчыцкую, але за новую, вольную, дэмакратычную, народную, сялянска-рабочую Расію». Выступаў з эсэраўскімі лозунгамі: «За зямлю і хлеб для ўсяго народа, за правы для працоўных, за новы агульнанародны ўстаноўчы сход». У гэты час, у ліпені 1919 г., на бок С. Булак-Балаховіча перайшоў пяхотны полк Чырвонай Арміі.

Аднак у кіраўніцтве белай арміі наспяваў канфлікт паміж белымі генераламі М. Юдзенічам і А. Радзянкам, манархістамі, якія складалі большасць у палітычным і вайсковым кіраўніцтве Паўночна-Заходняй арміі, і рэвалюцыйна-дэмакратычнай групай у гэтай арміі на чале з С. Булак-Балаховічам, які быў на левым, эсэраўскім, крыле гэтай групы. Яшчэ ў жніўні 1919 г. генерал М. М. Юдзеніч, галоўнакамандуючы Паўночна-Заходняй арміі, прызначыў С. Н. Булак-Балаховіча камандуючым 2-м корпусам (з дзвюх дывізій) гэтай арміі. Аднак адносіны паміж Юдзенічам і Булак-Балаховічам усё больш абвастраліся.

22 жніўня 1919 г. галоўнакамандуючы М. М. Юдзеніч аддаў загад палкоўніку Б. Перамыкіну заняць Пскоў, арыштаваць С. Булак-Балаховіча і аддаць яго пад ваенны суд «за беззаконныя дзеянні». 23 жніўня Булак-Балаховіч быў зняты з пасады камандуючага корпусам. У той жа дзень Б. Перамыкін на чале чатырох палкоў 2 батарэй і іншых часцей паводле загаду М. Юдзеніча прыбыў у Пскоў і арыштаваў афіцэраў штаба корпуса. Пры арышце былі забітыя начальнік штаба палкоўнік Стаякін і гарадскі галава М. Іваноў. Толькі С. Булак-Балаховічу з дваццаццю коннікамі з яго асабістай сотні ўдалося ўцячы ў Гдоў, дзе ён падпарадкаваўся М. Юдзенічу. Булак-Балаховіча падтрымлівала эстонскае камандаванне як баявога генерала, неабходнага для далейшай барацьбы з бальшавікамі.

Булак-Балаховіч быў фармальна пасаджаны пад «хатні арышт», але адразу выехаў на фронт у раёне Вострава (60 км. на поўдзень ад Пскова) да сваёй коннай групы з 1200 чалавек. 26 жніўня 1919 г. часці Чырвонай Арміі, карыстаючыся крызісам у стане белых, занялі Пскоў. А Булак-Балаховіч працягваў на чале сваёй коннай групы ваенныя дзеянні, галоўным чынам партызанскага характару.

Падчас восеньскага наступу белай Паўночна-Заходняй арміі на Петраград група генерала С. Булак-Балаховіча наносіла ўдары па камунікацыях Чырвонай Арміі ў напрамку Порхава (75 км на ўсход ад Пскова). Яго атрады перарэзалі камунікацыі на чыгуначнай лініі Петраград - Полацк.

Генэрал Булак-Балаховіч. 1919 г.

Пасля паражэння белай Паўночна-Заходняй арміі пад Петраградам у лістападзе 1919 г. сярод яе камандавання ўзмацніліся рознагалоссі. Асабліва яны абвастрыліся пасля адыходу Паўночна-Заходняй арміі на тэрыторыю Эстоніі і пачатку мірных перамоў паміж Савецкай Расіяй і Эстоніяй (мірны дагавор паміж імі быў падпісаны ў Тарту 2 лютага 1920 г.). Расійская Паўночна-Заходняя армія была інтэрнаваная і падлягала ліквідацыі.

На пачатку 1920 г. С. Булак-Балахопіч у расійскай газеце ў Эстоніі «Верный путь» звярнуўся да галоўнакамандуючага эстонскай арміі генерала Й. Лайдамера з просьбай аб дазволе сабраць добраахвотнікаў для працягу барацьбы супраць бальшавікоў. Эстонскія ўлады неафіцыйна яго падтрымалі.

С. Булак-Балаховіч, каб атрымаць для свайго і іншых новых атрадаў сродкі, а таксама для выплаты грошай жаўнерам, вырашыў арыштаваць М. Юдзеніча і забраць грошы з касы яго арміі. У ноч на 28 студзеня 1920 г. С. Булак-Балаховіч, які з групай афіцэраў прыехаў у Талін, арыштаваў у гатэлі «Комерс» генерала М. Юдзеніча, генерала Крузэнштэрна і ад'ютанта. У пакоі М. Юдзеніча былі знойдзены 227 тысяч фунтаў стэрлінгаў, 250 тысяч фінскіх марак і 110 мільёнаў эстонскіх марак. С. Булак-Балаховіч прымусіў М. Юдзеніча аддаць гэтыя грошы вайсковаму пракурору арміі Вішнеўскаму. Грошы пайшлі на ліквідацыйныя меры, галоўным чынам на выплату жалавання салдатам і афіцэрам падчас ліквідацыі Паўночна-Заходняй арміі. Гэта павысіла аўтарытэт і папулярнасць С. Н. Булак-Балаховіча і ў некаторай ступені папоўніла яго атрад добраахвотнікамі.

Арыштаваных генералаў С. Булак-Балаховіч адвёз на станцыю, пасадзіў у таварны вагон і павёз на фронт з сабою. Толькі пад ціскам англійскай місіі ў Эстоніі са станцыі Тапа (на палове дарогі ад Таліна да Нарвы) цягнік затрымалі і вярнулі назад у Талін, дзе Юдзеніча адвезлі ў памяшканне англійскай ваеннай місіі. Пасля гэтага Юдзеніч выехаў за мяжу як прыватная асоба. С. Булак-Балаховіч вярнуўся на фронт, дзе працягваў камандаваць сваім атрадам з 1200 чалавек.

У гэты ж час, калі Эстонія выходзіла з вайны з Савецкай Расіяй, генерал Станіслаў Булак-Балаховіч, добра памятаючы пра сваё беларускае паходжанне, прапанаваў падпарадкаваць свой атрад ураду Беларускай Народнай Рэспублікі. Яго атрад меў у сваім складзе 75 % беларусаў-жаўнераў і палову афіцэраў-беларусаў. Называўся атрад Добраахвотным народным. С. Булак-Балаховіч надаў яму назву Беларускага. Атрад прыняў за свой штандар беларускі нацыянальны бела-чырвона-белы сцяг і кукарды на фуражках з нацыянальным гербам Пагоня.

Генерал Булак-Балаховіч атрымаў дазвол ад эстонскіх уладаў набіраць у сваю вайсковую адзінку добраахвотнікаў і з іншых часцей былой Паўночна-Заходняй арміі, пераважна беларусаў і палякаў.

Пасля звароту Булак-Балаховіча да вайскова-дыпламатычнай місіі Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ў Латвіі і Эстоніі, якую ўзначальваў у Рызе палкоўнік К. Езавітаў 22 студзеня 1920 г. Рада міністраў БНР прыняла Беларускі атрад «у склад войска БНР». К. Езавітаў афіцыйна звярнуўся 8 лютага 1920 г. да галоўнакамандуючага польскай арміяй Ю. Пілсудскага, каб той даў дазвол перавесці асобны атрад генерал-маёра Булак-Балаховіча з Эстоніі ў Беларусь і «прадставіць Асобнаму Атраду Беларускай Народнай Рэспублікі кавалак фронту на левым фланзе Польскай Арміі і ўзлажыць на Польскае інтэнданцтва павіннасць адпускаць для Асобнага Атраду ўсё яму патрэбнае».

У баях на Беларусі

23 лютага 1920 г. генерал С. Булак-Балаховіч падпісаў з польскім вайсковым прадстаўніком у Рызе пагадненне аб сумесных ваенных дзеяннях супраць Чырвонай Арміі. 3 сакавіка С. Булак-Балаховіч быў прыняты ў Дзвінску (Даўгаўпілсе) генералам Эдвардам Рыдз-Сміглым, а 14 сакавіка Беларускі Асобны атрад перайшоў Заходнюю Дзвіну, каб змагацца на савецка-польскім фронце ў Беларусі. Але спачатку ён быў накіраваны ў Брэст, дзе атрад дафармаваўся і атрымаў дадатковую колькасць зброі. Ад пачатку чэрвоня 1920 г. Беларуская група (або Беларуская Нацыянальная армія) генерала С. Булак-Балаховіча налічвала каля 2 тысяч шабель (кавалерыстаў). Яна брала актыўны ўдзел у баявых дзеяннях на Палессі супраць Чырвонай Арміі.

С. Булак-Балаховіч рабіў знянацку кавалерыйскія налёты на тылы савецкіх войскаў, штабы злучэнняў Чырвонай Арміі. Аператыўна група С. Булак-Балаховіча ўваходзіла ў склад Палескай групы польскіх войскаў, потым 3-й польскай арміі. Група папаўнялася. Паводле звестак аператыўнай разведкі Заходняга фронту Чырвонай Арміі, у канцы жніўня 1920 г. у атрадзе С. Булак-Балаховіча, калі ён знаходзіўся ў раёне Уладавы (на рацэ Заходні Буг), налічвалася 4 пяхотныя палкі (Партызанскі, Пскоўскі, Востраўскі і Вазнясенскі) агульнай колькасцю 1600 штыкоў з 16 кулямётамі, а таксама партызанскі кавалерыйскі полк з трох эскадронаў на 400 шабель. Характэрна, што палкі былі названыя па гарадах Пскоўскай губерні, дзе раней ваяваў Булак-Балаховіч і яго атрад.

Пры адступленні Чырвонай Арміі ад Варшавы ў верасні 1920 г. Беларускі атрад, прарваўшыся скрозь лінію фронту 4-й савецкай арміі, разбурыў чыгуначную лінію і 26 верасня ўварваўся ў Пінск, дзе знаходзіўся штаб 4-й арміі і запасны полк. Частка штаба паспела прарвацца цягніком на Лунінец, а камандарм, начальнік штаба і член рэўваенсавета арміі (паліткамісар) конна паехалі да лініі фронту. 4-я армія аказалася разрэзанай на дзве часткі, а яе кіраванне парушаным. Пінск быў заняты групай С. Булак-Балаховіча апоўдні 26 верасня. Атрады з групы С. Булак-Балаховіча працягвалі вайсковыя аперацыі на Палессі да самага заканчэння ваенных дзеянняў падчас савецка-польскай вайны.

12 кастрычніка 1920 г. у Рызе падчас савецка-польскіх мірных перамоваў былі падпісаны перамір'е і дагавор аб папярэдніх умовах міру. Паводле ўмоў перамір'я, ваенныя дзеянні на савецка-польскім фронце былі спынены праз 6 дзён — 18 кастрычніка 1920 г. а 24-й гадзіне. У гэтыя дні польскія войскі працягвалі наступ, заняўшы на поўдні БССР некаторыя раёны.

Перад С. Булак-Балаховічам стаяла задача працягваць барацьбу супраць Савецкай Расіі і за вызваленне Беларусі ад улады бальшавікоў. 20 ліпеня 1920 г. С. Булак-Балаховіч пайшоў на пагадненне з Б. В. Савінкавым, старшынёй Рускага палітычнага камітэта ў Польшчы, якога падтрымліваў начальнік Польскай дзяржавы Ю. Пілсудскі. 27 жніўня 1920 г. паміж Б. Савінкавым і С. Булак-Балаховічам было падпісана пагадненне аб аб'яднанні рускіх і беларускіх атрадаў у Польшчы ў адну армію для самастойнага наступу на ўсход. Палітычнае кіраўніцтва гэтай арміяй належала Б. В. Савінкаву, а ваеннае — С. Н. Булак-Балаховічу. Армія С. Булак-Балаховіча пачала рэарганізацыю. У яе склад уступалі мясцовыя партызаны, добраахвотнікі беларусы і расіяне, часам розныя разбэшчаныя на вайне людзі, якія ўжо не ведалі іншай працы, акрамя вайны. У войску С. Булак-Балаховіча фармаваўся і яўрэйскі конны эскадрон на чале з паручнікам Цэйтліным.

Падрыхтоўка паходу на Палессе

У выніку да пачатку лістапада 1920 г. значна папоўненыя атрады С. Булак-Балаховіча былі разгорнутыя ў Рускую народную добраахвотніцкую армію агульнай колькасцю каля 20 тысяч чалавек, з іх каля 15 тысяч у страі. У склад гэтай арміі ўваходзілі 3 пяхотныя і 1 кавалерыйская дывізіі, сялянская пяхотная брыгада, асобны туземны кавалерыйскі полк, полк данскіх казакоў, асабістая сотня генерала Булак-Балаховіча і чыгуначны полк, які яшчэ фармаваўся. Паводле асабовага складу найбольш шматлікімі былі 1-я дывізія «смерці» палкоўніка (потым генерал-маёра) Мацвеева і 2-я дывізія палкоўніка Мікошы, якія налічвалі па 4000–4800 жаўнераў і афіцэраў, і кавалерыйская дывізія палкоўніка С. Паўлоўскага (1100 шабель і штыкоў). Найбольш баяздольнай з іх была 1-я дывізія «смерці», якая складалася з 1-га Партызанскага, 2-га Пскоўскага, 3-га Востраўскага і 4-га Вазнясенскага палкоў і іншых падраздзяленняў. Асноўную частку дывізіі складалі жаўнеры і афіцэры Беларускага атрада, якія прыйшлі на фронт разам з С. Булак-Балаховічам з Эстоніі. У кавалерыйскай дывізіі найбольш баяздольным лічыўся 1-ы конны полк, які складаўся ў большасці з коннікаў, што прыйшлі з Эстоніі. У іншых частках арміі былі ў асноўным мясцовыя жыхары, якія не мелі дастатковага баявога вопыту, а таксама былыя палонныя камандзіры і чырвонаармейцы і дэзерціры з Чырвонай Арміі. Фармаванне арміі вялося і па паходжанні асноўнай масы жаўнераў. Так, 2-я дывізія палкоўніка Мікошы складалася з 4-х палкоў: Георгіеўскага, Мінскага, Смаленскага і Віцебскага. 3-я Волжская дывізія генерал-маёра Яраслаўцава складалася з Казанскага, Яраслаўскага, Ніжагародскага і Самарскага палкоў.

Задача арміі С. Булак-Балаховіча палягала на тым, каб адцясніць з Беларусі савецкія войскі, стомленыя доўгімі баямі на шляху ад Варшавы і, абапіраючыся на сялянства, амаль канчаткова змучанае бальшавіцкай палітыкай «ваеннага камунізму», прарвацца ў Расію для стварэння там дэмакратычнай рэспублікі.

Аднак у С. Булак-Балаховіча быў і свой, беларускі, план. Дзеля гэтага ён падпісаў 12 кастрычніка 1920 г. пагадненне з Беларускім палітычным камітэтам у Варшаве на чале з П. Алексюком. Камітэт стаяў на пазіцыях саюзу з Польшчай. Паводле гэтага пагаднення, пры вызваленні тэрыторыі Беларусі Булак-Балаховіч мусіў перадаць цывільную ўладу ўраду Алексюка. Сам С. Булак-Балаховіч разлічваў на сялянскае паўстанне ў Беларусі, якое падтрымае яго армію.

Напачатку лістапада 1920 г. армія С. Булак-Балаховіча была сканцэнтравана ў раёне Турава, які паводле савецка-польскага дагавора ад 12 кастрычніка 1920 г. належаў БССР, але пакуль знаходзіўся ў зоне, занятай польскімі войскамі. Перамір'е і папярэдні мірны дагавор не былі яшчэ ратыфікаваныя і не было яшчэ пагаднення аб вывадзе польскіх войскаў з занятай імі савецкай тэрыторыі. Аднак польскі бок фармальна спыніў адносіны з антысавецкімі сіламі на тэрыторыі Беларусі і Украіны. Так, польскі ўрад заявіў, што ён раззброіў атрад Балаховіча, што застаўся на польскай тэрыторыі, ― брыгаду цяжкай артылерыі і бронецягнік. Сапраўды, яны не ўдзельнічалі ў баях.

Паход Булак-Балаховіча на Палессе

6 лістапада 1920 г. армія С. Булак-Балаховіча пачала наступ у Палессі ад Турава па абодвух берагах Прыпяці на ўсход. Галоўны ўдар абрынуўся на 10-ю стралковую дывізію Заходняга фронту, якая панесла значныя страты і вымушана была адступаць. 8 лістапада войскі Булак-Балаховіча занялі Петрыкаў, 9 — мястэчка Скрыгалаў і вёску Скрыгалаўская Слабада. Пасля цяжкага бою Пскоўскі полк 1-й дывізіі «смерці» палкоўніка Мацвеева 10 лістапада заняў Мазыр, які стаў цэнтрам ваеннай і палітычнай дзейнасці Булак-Балаховіча. Камендант Мазыра генерал Яраслаўцаў загадаў у горадзе вывесіць беларускія нацыянальныя сцягі. Палкоўнік С. Паўлоўскі з палонных сфармаваў Мазырскі полк. 10 лістапада Востраўскі полк 1-й дывізіі арміі Балаховіча заняў Калінкавічы.

Частка яго войска — 2-я пяхотная дывізія і група палкоўніка Юзафа Булак-Балаховіча (малодшы брат камандуючага) — наступала на Рэчыцу, а другая частка войска — на Оўруч і на Чарнобыль. 16 лістапада атрады С. Н. Булак-Балаховіча з трох бакоў падышлі да Рэчыцы і пачалі баі на яе ўскраінах.

Пасля заняцця Мазыра С. Н. Булак-Балаховіч раскрыў свае ўласныя палітычныя планы. Насуперак намеру Б. Савінкава ён з 12 лістапада пачаў у Мазыры выдаваць палітычныя акты і загады, накіраваныя на стварэнне незалежнай Беларускай дзяржавы, абвясціў сябе «начальнікам Беларускай дзяржавы» (як Пілсудскі — Польскай) і пракламаваў незалежнасць Беларусі. 14 лістапада 1920 г. выдаў загад пра фармаванне Беларускай нацыянальнай арміі з беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі. За тыдзень з добраахвотнікаў былі сфармаваныя Сялянскі партызанскі атрад і Хабненскі полк (паводле назвы мястэчка Хабна). С. Н. Булак-Балаховіч абвясціў сябе галоўнакамандуючым усімі ўзброенымі сіламі незалежнай Беларусі. Камандаванне Рускай народнай добраахвотніцкай арміяй ён перадаў свайму брату Іосіфу (Юзафу, Язэпу), надаўшы яму воінскі чын генерал-маёра. Але фактычна С. Булак-Балаховіч па-ранейшаму камандаваў Саюзнай Народнай арміяй, як яна называлася ад 14 лістапада.

У Мазыр з Варшавы прыбылі сябры Беларускага палітычнага камітэта П. Аляксюк і В. Адамовіч, якія заключылі з С. Н. Булак-Балаховічам і Б. В. Савінкавым пагадненне аб прызнанні Рускай народнай добраахвотніцкай арміяй незалежнасці Беларусі з наступным узгадненнем Устаноўчымі соймамі Расіі і Беларусі канчатковай формы ўзаемаадносін. С. Н. Булак-Балаховіч прызначыў П. Алексюка старшынёй свайго ўрада, а эмігранцкі ўрад В. Ластоўскага і савецкі ўрад Чарняка (А. Чарвякова) у Менску абвясціў «звергнутымі».

У арміі С. Н. Булак-Балаховіча былі і свае вайсковыя ўзнагароды: вялікі крыж з мячамі і крыж мужных. У цэнтры крыжоў была выява чэрапа. На вялікім крыжы быў у цэнтры па кругу надпіс: «За нашу і вашу свабоду». А раней яго Асобны атрад меў і свае паштовыя маркі.

Барацьбу супраць арміі С. Булак-Балаховіча вяла савецкая 16-я армія Заходняга фронту. На фронт былі скіраваныя дадатковыя сілы Чырвонай Арміі. Рэгулярныя войскі Чырвонай Арміі мелі колькасную перавагу. 3 боку Жлобіна контрнаступленне Чырвонай Арміі пачалося 16 лістапада. Яе часці 17 лістапада з боем занялі Калінкавічы. Баючыся застацца адрэзанымі, перадавыя атрады С. Н. Булак-Балаховіча 18 лістапада спынілі атакі ў раёне Рэчыцы. 19 лістапада пачалося агульнае адступленне яго дывізій. 2-я пяхотная дывізія ўпарта абараняла Мазыр, але 20 лістапада горад быў захоплены праціўнікам.

Асноўнай частцы арміі Булак-Балаховіча ўдалося 22 лістапада прарвацца ляснымі дарогамі ў раёне Каплічы-Якімавічы (на поўнач ад Мазыра) праз заслоны чырвонаармейцаў 33-й Кубанскай казацкай дывізіі і 24 лістапада фарсіраваць Пціч. 26 лістапада войскі С. Булак-Балаховіча выйшлі праз Жыткавічы да чыгуначнай станцыі Сінкевічы ў раён размяшчэння польскіх войскаў. План камандавання Чырвонай Арміі абкружыць і знішчыць вайсковыя сілы арміі С. Н. Булак-Балаховіча не ўдаўся.

Армія С. Н. Булак-Балаховіча сабралася ў раёне Тураў - Давыд-Гарадок - Лахва і была раззброена польскімі войскамі. Частка ж арміі адышла ў нейтральную зону (па 15 км. па абодва бакі мяжы), якая існавала да заключэння міру ў сакавіку 1921 г., і адтуль асобнымі атрадамі вяла партызанскія дзеянні супраць Чырвонай Арміі і савецкай улады. Частка атрадаў падчас адступлення арміі засталася на месцы і працягвала весці партызанскую вайну. Налёты атрадаў С. Н. Булак-Балаховіча на тэрыторыю БССР працягваліся да 1922 г. Значная частка былых яго жаўнераў атрымала працу ў Белавежскай пушчы на тартаках і вырубцы лесу.

У Польшчы

Пасля савецка-польскай вайны Станіслаў Булак-Балаховіч быў прызнаны генералам, але не залічаны ў склад польскага войска як чынны генерал. Ён быў абраны як генерал брыгады старшынёй Саюза былых удзельнікаў нацыянальных паўстанняў (камбатантаў). Выдаваў публіцыстычныя кнігі, варожыя савецкай уладзе, бальшавікам і Гітлеру. У публіцыстычных творах ён паслядоўна выкрываў агрэсіўны характар палітыкі Савецкага Саюза і фашысцкай Германіі і папярэджваў аб рэальнай пагрозе агрэсіі з боку гэтых дзяржаў у дачыненні да суседніх народаў.

Падчас савецка-польскай вайны і пасля яе адмоўна да С. Булак-Балаховіча ставіліся і палітычныя сілы на Беларусі, не кажучы ўжо пра бальшавікоў, для якіх ён быў заўсёды ворагам. Адмоўна да яго ставілася і партыя беларускіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў (падчас вайны — саюзніца бальшавікоў, якую яны выкарысталі супраць Польшчы, а потым ёй здрадзілі і забаранілі яе). Беларускія эсэры не маглі дараваць генералу яго саюзу з Польшчай і таму падчас паходу на Палессе не падтрымалі яго. Такой тактыкі яны прытрымліваліся і пазней, нягледзячы на тое, што беларускае сялянства падтрымлівала генерала, бо С. Булак-Балаховіч выступаў за незалежнасць Беларусі і супраць антысялянскай палітыкі бальшавікоў.

Станіслаў Булак-Балаховіч быў і беларускім паэтам. Яго паэтычныя творы заўважыў і адзначыў беларускі грамадскі дзеяч і літаратуразнаўца Ігнат Дварчанін. Вядома, што ў Польшчы Станіслаў Булак-Балаховіч выдаў зборнік вершаў «Перш, пакуль голас свой даць», які згадваецца ў картатэцы Нацыянальнай бібліятэкі ў Варшаве. Самога зборніка нам знайсці не ўдалося.

Алесь Бяляцкі ў 1990 г. апублікаваў адшуканы ім у рэдкім і недаступным нам часопісе «На чужыне» (выходзіў у Рызе ў 1920-я гг.) верш С. Булак-Балаховіча «Покліч бацькі», напісаны 25 лістапада 1919 г. у Рэвелі (Таліне), калі Булак-Балаховіч змагаўся ў Эстоніі супраць Чырвонай Арміі.

Праз цёмныя хмары на чуждай старонцэ Зірнула на нас цёпла-роўнае сонцэ, I гоман пачуў я з радной стараны: «Свабода калоціцца ў нашэ ваконцэ, За бацькаўшчыну ўсталі яе ўсе сыны!» Сынкі! А мы што жа! Нам будзе нягожа, Каб мы не пайшлі на дапамогу! Сьмялей, не аглядайцесь, Хутчэй сабірайцесь I будзем гатовы ў дарогу!

I сапраўды, ужо ў студзені 1920 г. генерал С. Булак-Балаховіч пры дапамозе шэфа вайскова-дыпламатычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі пачаў перамовы аб накіраванні свайго Беларускага атрада пад назвай Беларуская Нацыянальная Армія на ўчастак савецка-польскага фронту ў Палессе, куды і прыбыў яго Беларускі атрад.

Алесь Бяляцкі таксама апублікаваў (са сваім каментарам) у часопісе «Спадчына» (1991. № 6. С. 17) два вершы С. Булак-Балаховіча: ужо прыведзены «Покліч бацькі» і «Шарак ці брысь», напісаны 19 ліпеня 1927 г.

Можна спадзявацца, што беларускія літаратуразнаўцы зацікавяцца літаратурнай спадчынай беларускага генерала і дапоўняць характарыстыку гэтага цікавага чалавека, патрыёта сваёй Бацькаўшчыны.

Пасля нападу гітлераўскай Германіі на Польшчу ў верасні 1939 г. генерал Станіслаў Булак-Балаховіч арганізаваў добраахвотны атрад, які спачатку складаўся з 200 жаўнераў пяхоты і эскадрону кавалерыі. Потым атрад павялічыўся. У дні аблогі Варшавы С. Булак-Балаховіч арганізаваў абарону сталіцы на паўднёвым участку. Удзельнікі абароны Варшавы пад кіраўніцтвам Станіслава Булак-Балаховіча рабілі партызанскія выпады ў тылы нямецкіх войскаў, здабывалі важную інфармацыю, нападалі на нямецкія патрулі. Супраціўленне ворагу скончылася з капітуляцыяй Варшавы ў канцы верасня 1939 г.

У канцы 1939 г. генерал Станіслаў Булак-Балаховіч разам з былымі афіцэрамі сваіх вайсковых фармаванняў стварыў падпольную вайсковую арганізацыю.

Загінуў Станіслаў Булак-Балаховіч 10 мая 1940 г., калі перад сваім домам на Саскай вуліцы, 103, быў акружаны агентамі гестапа пры спробе арышту падчас страляніны. Па некаторых звестках, Станіслаў Булак-Балаховіч быў забіты агентамі НКВД, якія ў гэты перыяд супрацоўнічалі з гестапа. Але больш праўдападобнай з'яўляецца версія пра ліквідацыю яго гестапа як адвечнага ворага Германіі і Гітлера, пра што С. Булак-Балаховіч адкрыта пісаў у сваіх кнігах.

Сімвалічная магіла генерала С. Булак-Балаховіча знаходзіцца на варшаўскіх Камунальных, былых вайсковых, могілках (кватэра А15, рад 8, магіла 12). На месцы гібелі генерала Станіслава Булак-Балаховіча стараннямі яго ўнука Мацея Булак-Балаховіча ўмацавана памятная дошка, прысвечаная гэтаму вайсковаму і палітычнаму дзеячу.

Адзначаючы 125-годдзе з дня нараджэння Станіслава Булак-Балаховіча, трэба падкрэсліць у першую чаргу патрыятычную дзейнасць генерала, які намагаўся не толькі мець беларускую нацыянальную армію, але і стварыць незалежную Беларускую дзяржаву.

ГІСТАРЫЧНЫЯ БІТВЫ I ДАТЫ

Бiтвa пад Оршай 8 верасня 1514 г.

Бітва еўрапейскага значэння

Адной з вялікіх бітваў ХVІ стагоддзя з'яўляецца бітва пад Оршай, якая адбылася 8 верасня 1514 г. паміж войскам Літоўскай-Беларускай дзяржавы, якім камандаваў князь Канстанцін Іванавіч Астрожскі, і маскоўскім войскам, што налічвала амаль утрая больш воінаў, чым у войску Канстанціна Астрожскага. Перамогу атрымала войска нашай дзяржавы.

Значэнне Аршанскай бітвы мела вялікі ўплыў на ход гістарычных падзей ва Усходняй Еўропе. Перамога пад Оршай уратавала незалежнасць Літоўскага-Беларускага гаспадарства і таму займае пачэснае месца ў нашай гісторыі. Дзень 8 верасня стаўся Днём Беларускай Вайсковай Славы. Штогод патрыятычная грамадскасць Беларусі адзначае яго як адно з галоўных нацыянальных святаў.

3амоўчаная ў савецкі час бітва

Аднак доўгі час пра гэты дзень сваёй вайсковай славы беларусы не ведалі. У савецкі час у афіцыйных падручніках нічога пра Аршанскую бітву не пісалі, як і ўвагуле пра захопніцкую палітыку Расіі ў дачыненні да Беларусі. Яна не ўпісвалася ні ў афіцыйную гісторыю Расійскай імперыі, ні ў афіцыйную гісторыю СССР як нашчадка Расійскай імперыі. Не пісалі пра яе і ў гісторыі БССР як складовай часткі СССР (а значыць, і імперыі). Толькі асобныя расійскія гісторыкі (М. М. Карамзін, С. М. Салаўёў) ды расійская Ваенная энцыклапедыя ў 1914 г. згадвалі яе, бо аб'ектыўна не маглі абмінуць.

Польскія гісторыкі адносілі яе да польскай вайсковай гісторыі, перабольшвалі ўдзел польскіх вайсковых аддзелаў у ходзе бітвы. У 90-х гадах XX ст. летувіскія гісторыкі цалкам прыпісвалі яе летувісам, бо наша агульная дзяржава насіла назву Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае, скарочана — Літоўскае. Наўмысна блытаючы пазнейшыя палітонім (назву грамадзян дзяржавы) і этнонім (назву нацыі, народнасці) летувіскія гісторыкі прыпісваюць жамойтам падзеі беларускай гісторыі. Нездарма, у школьных падручніках у Летуве фігуруе, напрыклад, Францішкас Скарына, «які пісаў свае кнігі на нацыянальнай мове» (зразумела, для летувіскіх гісторыкаў на летувіскай).

Узнаўленне гістарычнай памяці

Толькі пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі Дзень 8 верасня пачаў святкавацца беларускімі патрыётамі як Дзень Беларускай Вайсковай Славы.

Менавіта 8 верасня 1992 г. на Плошчы Незалежнасці ў Менску беларусы-афіцэры прымалі вайсковую прысягу на вернасць Беларусі. У прыняцці прысягі прымалі ўдзел афіцэры ў адстаўцы і палітычныя дзеячы Беларускага Народнага Фронту. Побач стаялі Васіль Быкаў, Зянон Пазьняк і аўтар гэтых радкоў. Захаваўся здымак Ул. Кармілкіна, які таксама прымаў прысягу як прапаршчык у адстаўцы.

8 верасня 1992 г. у «Народнай газеце» быў надрукаваны артыкул аўтара гэтых радкоў «Бітва пад Оршай». У той жа дзень ён быў надрукаваны на рускай мове ў газеце «Во славу Родины», органе Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Як бачым, тады і афіцыйныя органы шукалі карані беларускай вайсковай гісторыі.

Тады ж, у 1992 г., у 6-м нумары часопіса «Спадчына» быў надрукаваны мой артыкул «Бітва пад Оршай 8 верасня 1514 г.». Паколькі наклад часопіса тады меў каля 9 тысяч асобнікаў, а часопіс выпісвалі шматлікія падпісчыкі, то пра бітву пад Оршай даведаліся многія беларусы не толькі з газет, а з часопіса, які захоўваецца больш старанна, чым газета, і можна да тэксту вяртацца, калі гэта патрэбна. Ад таго часу кожны год я друкаваў артыкулы пра Аршанскю бітву ў розных газетах.

Я добра памятаю, як Мікола Ермаловіч, прачытаўшы мой атыкул у часопісе, сказаў мне: «Мне цяпер няма неабходнасці вывучаць дакументы. Тут усё сказана». Ен і ўзяў за аснову гэты артыкул, калі ў сваёй апошняй працы «Беларуская дзяржава Вялікае Княства Літоўскае» (Менск, 2000) пісаў старонкі пра Аршанскую бітву. Ад часу маіх публікацый 1992 г. і пазнейшых гадоў Аршанская бітва 1514 г. стала ўсеагульнавядомай.

На аснове артыкула ў часопісе змешчаны мае артыкулы пра Аршанскую бітву ў 1 томе «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» (Менск, 1993, с. 187–188) і ў 1 томе «Беларускай Энцыклапедыі» (Менск, 1996, с. 537–538). Пры далейшай працы з крыніцамі я ўнёс удакладненні ў тэкст артыкула ў часопісе «Спадчына» (1992, № 6), і яны былі ўлічаны ў «Беларускай Энцыклапедыі».

У 1-м томе Энцыклапедыі «Вялікае Княства Літоўскае» кіраўніцтва Беларускай Энцыклапедыі не ўсё гэта ўлічыла. Таму ў гэтым артыкуле я і хачу ўнесці дакладнасць і паўтарыць раней апублікаваныя мною лічбы. Справа датычыцца колькасці ўдзельнікаў бітвы з беларускага боку і прадстаўніцтва ў ёй польскіх аддзелаў. Пра гэта больш падрабязна будзе сказана ніжэй у тэксце гэтага артыкула.

За апошнія гады незалежнай Беларусі шмат ужо напісана пра вайсковую гісторыю Беларусі, у тым ліку, і пра дачыненні паміж Літоўскай-Беларускай дзяржавай і Маскоўскім Вялікім княствам. Адносіны паміж імі, паміж Расіяй і Беларуссю, былі рознымі — былі і мірныя гады, былі і жорсткія, знішчальныя войны.

Усё гэта ні інструкцыямі звыш, ні забаронамі, ні цэнзурай, ні фальсіфікацыяй з гісторыі ніхто не зможа выкрасліць.

Міжнародная сітуацыя ў пачатку ХVІ ст.

У канцы ХV - ХVІ стагоддзі адносіны паміж Маскоўскім Вялікім княствам і Вяліккім княствам Літоўскім, Рускім і Жамойцкім былі вельмі напружанымі. Ішла барацьба за землі — або пад панаваннем Масквы, або пад эгідай Вільні. Барацьба ішла тады з пераменным поспехам. Пра гэта трапна сказаў А. С. Пушкін (зразумела, з расійскага пункту гледжання):

Уж давно между собою Враждуют племена, Не раз клонились под грозою То их, то наша сторона.

Улетку 1514 г. падчас чарговай вайны маскоўскім войскам (з-за здрады князя Міхаіла Львовіча Глінскага) удалося захапіць Смаленск. Здавалася, шлях у глыбіню ВКЛ для яе захопу маскоўскімі войскамі быў адкрыты. Пасля капітуляцыі Смаленска Вялікі князь маскоўскі Васіль III накіраваў далей у Літву-Беларусь 80-тысячную конніцу з баяраў і «людзей вайсковых» (дваранаў і дзяцей баярскіх). Простых воінаў было мала.

На чале гэтага войска стаялі галоўныя ваяводы — баярын Іван Андрэевіч Чаляднін і баярын князь Міхаіл Іванавіч Булгакаў-Голіца, продак князёў Галіцыных.

Каб папярэдзіць наступ вялікай маскоўскай арміі, Вялікі князь Літоўскі (ён жа кароль польскі) Жыгімонт Казіміравіч, унук Ягайлы, накіраваў насустрач маскоўскаму войску 30-тысячнае войска Літоўскай-Беларускай дзяржавы пад камандаваннем Гетмана Найвышэйшага, князя Канстанціна Іванавіча Астрожскага — лепшага палкаводца нашай дзяржавы ў той час.

Звычайна, паводле польскай гістарыяграфіі, сцвярджаецца, што у войску К. Астрожскага было ажно 14 тысяч польскіх вершнікаў і 3 тысячы наёмнай польскай пяхоты, а войска Вялікага Княства Літоўскага мела 16 тысяч, аднак, спасылаючыся на кракаўскія архівы і далейшыя іх публікацыі (Акты Таміцкага, том 3-ці), расійскі гісторык М. К. Любаўскі ў кнізе «Літоўска-Рускі сейм» (Масква, 1900) адзначае, што земскае апалчэнне шляхты Вялікага Княства Літоускага збіралася вельмі марудна. Ні шляхта з Жамойціі, ні польскія жаўнеры да войска не паспелі далучыцца. А хто з жаўнераў падыйшоў, застаўся ў Берасці.

Жамойцкая шляхта ўвогуле намагалася бараніць свае межы з Тэўтонскім і Лівонскім ордэнамі, а ўкраінская шляхта, бараніла сваю тэрыторыю ад набегаў крымскіх татараў. I ў складзе войска К. Астрожскага, што сабралася ў Менску, дзе знаходзіўся сам Вялікі князь Жыгімонт, польскай конніцы і пяхоты было не больш як 4 тысячы. Гэтую лічбу называе польскі гісторык 3. Вайцяхоўскі, удакладняючы, што з польскіх аддзелаў конніцы была палова, а другая палова — польскія пехацінцы. Такім чынам, Канстанцін Астрожскі камандаваў у значнай ступені літоўскім-беларускім войскам, якое складалася з аддзелаў усіх паветаў з сучаснай тэрыторыі Беларусі .

У нашым біяграфічным нарысе пра К. І. Астрожскага («Славутыя імёны Бацькаўшчыны» Менск, 2003) таксама пададзены гэтыя лічбы.

У літоўскім-беларускім войску аддзеламі лёгкай конніцы (з лёгкім узбраеннем) камандаваў дасведчаны палкаводзец Юры Мікалаевіч Радзівіл, які пазней быў Гетманам Вялікім Літоўскай-Беларускай дзяржавы. Асобныя аддзелы конніцы ўзначальваў Іван Сямёнавіч Сапега. На чале свайго апалчэння быў слуцкі князь Юры Сямёнавіч Алелькавіч. Польскімі аддзеламі камандавалі Войцах Сампалінскі і Януш Свярчоўскі.

Падрыхтоўка да Аршанскай бітвы

Вялікі князь літоўскі і рускі Жыгімонт Казіміравіч выехаў на тэатр ваенных дзеянняў каб каардынаваць дзейнасць войска Вялікага Княства Літоўскага і польскіх аддзелаў (паколькі быў адначасова і каралём польскім).

Месцам, дзе павінна было сабрацца агульнае войска, быў вызначаны Менск і яго ваколіцы. У канцы ліпеня 1514 г. Жыгімонт прыбыў у Менск. Як адзначае расійскі гісторык М. К. Любаўскі, тут быў праведзены агляд войска, і выявілася, што польскія аддзелы прыбывалі марудна, а большая частка іх жаўнераў засталася ў Берасці. Кароль накіраваў да іх асобны ліст, каб спяшаліся на вайну, а сам з войскам зрабіў пераход з Менска ў Барысаў, дзе зноў быў праведзены агляд войска і яго вопіс (перапіс). Паколькі вораг паспеў захапіць Смаленск і паглыбляўся на тэрыторыю ВКЛ, Жыгімонт паслаў насустрач маскоўскім войскам (80 тысяч чалавек) войска Вялікага Княства Літоўскага начале з Гетманам Найвышэйшым Канстанцінам Іванавічам Астрожскім, якое налічвала 30 тысяч чалавек. Сам жа Вялікі князь застаўся ў Барысаве з войскам у 4 тысячы чалавек, галоўным чынам польскіх жаўнераў (па іншых звестках у яго заставалася 5 тысяч чалавек). Гэтыя лічбы — 80 тысяч чалавек у войску Вялікага Княства Маскоўскага і 30 тысяч чалавек у літоўскім-беларускім войску Канстанціна Астрожскага — прыводзяцца ў рускіх летапісах, звестках іншаземцаў, хроніках М. Стрыйкоўскага і А. Гваньіні. Згаджаюцца з гэтымі лічбамі і вайсковыя гісторыкі XX ст.

Першы бой паміж перадавымі палкамі адбыўся на левым беразе Бярэзіны пры пераправе цераз раку войска князя К. Астрожскага. Папярэдне ён правёў артылерыйскую стральбу з гармат і гакаўніц (пішчаляў), нанёсшы страты непрыяцелю. Гэтая бітва адбылася 27 жніўня 1514 года. Падчас бою некалькі маскоўскіх палкоў было разбіта. Непрыяцель страціў каля 1300 чалавек. На наступны дзень авангард арміі К. I. Астрожскага нанёс паражэнне маскоўскім войскам у баі над ракою Бобр і 1 верасня дасягнуў ракі Друць. Тут аддзелы Івана Багданавіча Сапегі нанеслі паражэнне тром маскоўскім палкам. Было забіта некалькі соцень воінаў, шмат узята ў палон.

Тады галоўны маскоўскі ваявода Іван Чаляднін, якому Вялікі князь Васіль III даручыў камандаванне ўсімі сіламі, адступіў са сваімі войскамі за Днепр і выбраў для наступнай, галоўнай бітвы, добрае месца на яго левым беразе. Тут паміж Оршай і Дуброўнай ля ракі Крапіўны на вялікім полі і размясціліся маскоўскія палкі — на ўзгорках каля вёсак Пугайлава і Рукліна, злева ад лесу на рацэ Днепр ля вёскі Рукліна, пакінуўшы свабодную прастору для непрыяцеля ў лукавіне Дняпра на яго левым беразе. Менавіта тут І. А. Чаляднін планаваў даць генеральную бітву гэтай кампаніі, а можа і ўсёй вайны, разбіць меншага амаль утрая непрыяцеля, захапіць палонных і скончыць вайну перамогай.

Канстанцін Астрожскі таксама вырашыў даць тут бой, нягледзячы на свае параўнальна малыя сілы. Ён лічыў, што адной вярсты ад Дняпра дастаткова, каб разгарнуць свае сілы. Быў і псіхалагічны разлік для свайго войска — немагчымасць адступлення да бліжэйшых крутых берагоў Дняпра.

7 верасня 1514 г. войска Астрожскага наблізілася да Дняпра ў раёне Оршы. Гетман вырашыў не рызыкаваць, бо пераправу цераз раку пільнавалі конныя аддзелы ворага. Не жадаючы фарсіраваць раку пад стрэламі маскоўскіх лучнікаў, князь Астрожскі правёў тут дэманстратыўны манеўр, намагаючыся паказаць маскоўскім ваяводам, што пераправа літоўскага-беларускага войска адбудзецца менавіта тут. Таму Канстанцін Астрожскі пад заслонай сваіх жаўнераў пераправіў у гэтым месцы ўброд толькі некалькі тысяч коннікаў. Але маскоўскія ваяводы бяздзейнічалі, чакаючы, пакуль не падыйдзе да пераправы ўсё войска ВКЛ, каб потым адным вытам знішчыць яго цалкам. Увечары Астрожскі перасунуў па віцебскай дарозе ўсё сваё войска на поўнач ад Оршы і спыніўся на правым беразе Дняпра.

У ноч на 8 верасня Канстанцін Астрожскі загадаў пабудаваць цераз Днепр у гэтым месцы два пантонныя масты. Яны былі зроблены са шчыльна заканапачаных і звязаных паміж сабой пустых бочак. Для пераправы скарысталі таксама плыты і лодкі з суцэльным насцілам, каб колы гармат не грукалі. У балоцістых мясцінах ля ракі былі зроблены гаці з паваленых і звязаных дрэў. Конніца войска князя Астрожскага перапраўлялася цераз Днепр па вузенькім бродзе недалёка ад Аршанскай цвердзі, страціўшы пры гэтым толькі аднаго вершніка, які патануў. На працягу ночы па двух пантонных мастах была перапраўлена ўся пяхота і артылерыя войска Літоўскай-Беларускай дзяржавы ў раён вёскі Пашына, што знаходзілася ў лукавіне Дняпра.

Перад бітвай

Бітва ў полі на беразе Дняпра, за пяць вёрст ад Оршы, адбылася 8 верасня 1514 г., у дзень нараджэння Багародзіцы. Гэты дзень увайшоў у гісторыю як Дзень Беларускай Вайсковай Славы.і

У маскоўскім войску галоўным ваяводам быў Іван Андрэевіч Чаляднін, другім самастойным ваяводам — князь Міхаіл Іванавіч Булгакаў-Голіца. Чаляднін паставіў раніцай усё сваё войска ў баявы парадак у тры выцягнутыя лініі. На флангах конныя аддзелы, каб падчас бою яны зайшлі ў тыл ворагу. Наперадзе стаяў полк перадавой варты. У цэнтры маскоўскі вялікі полк, па фронце шырынёй 5 кіламетраў. На правым фланзе — полк правай рукі, на левым, каля вёскі Рукліна, — полк левай рукі. На пагорку ў цэнтры за вялікім палком маскоўскага войска стаяў полк тылавой варты (рэзерва).

Усе маскоўскія палкі былі конныя, цяжкіх гармат войскі не мелі, бо вялікі князь Васіль III загадаў пакінуць іх у захопленых замках. Але, як сведчыць гісторык М. М. Карамзін, «агнястрэльны снарад» у маскоўскім войску быў.

Галоўны ваявода расцягнуў свае сілы таму, што яны амаль утрая перавышалі войска Канстанціна Астрожскага. Ён вырашыў акружыць супраціўніка, разбіць яго і скінуць рэшткі разбітых аддзелаў у Днепр. Таму маскоўскае войска расцягнулася па лініях і стварылася магчымасць прарваць іх. Адзіны сапраўдны кіраўнік у маскоўскім войску адсутнічаў, а кожны з двух галоўных ваяводаў камандаваў сваімі войскамі самастойна.

Гэта паўплывала на ход і вынікі бітвы пад Оршай. Адбілася на ходзе бітвы і тое, што ў маскоўцаў не было артылерыі. Да таго ж, яны, заспакоеныя сваёй колькаснай перавагай, былі ўпэўнены ў перамозе. Таму іх галоўныя ваяводы і ваяводы ніжэйшага рангу своечасова не заўважылі небяспекі, а калі яна выявілася падчас бітвы, то было ўжо позна.

Войска Канстанціна Астрожскага заняло баявыя пазіцыі па абодвух баках яра, які ішоў ад вёскі Пугайлава да пераправы цераз Днепр. Яны сталі паводле свайго старога баявога звычаю: наперадзе знаходзіліся два палкі літоўскай-беларускай конніцы Юрыя Радзівіла і польскай Януша Свярчоўскага. На правым і левым флангах стаялі па тры дапаможныя (рэзервовыя) палкі літоўскай-беларускай конніцы, якія складаліся з лёгка ўзброеных харугваў. На краі правага крыла К. Астрожскі размясціў ва ўкрыцці пад аховай лесу і паблізу ад берага Дняпра ўсе гарматы і частку пяхоты з рушніцамі (пішчалямі, самапаламі). Увогуле, войска гетмана Астрожскага было сцягнута ў моцныя і згрупаваныя аддзелы, гатовыя прабіць расцягнутыя лініі ворага.

Як сведчыць батальная карціна «Бітва пад Оршай» (намалявана каля 1520 г., знаходзіцца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве), К. І. Астрожскі быў апрануты ў баявое адзенне з шабляй у каштоўных похвах. Падчас бітвы літоўскае-беларускае войска выступала пад сцягам чырвонага колеру з срэбнай выявай Пагоні на адным баку і Багародзіцы з дзіцяткам Ісусам на руках на другім. Побач з Гетманам Найвышэйшым неслі і другі сцяг, гетманскі, блакітнага колеру. 3 аднаго боку на ім была срэбная Пагоня ў чырвоным полі, з другога — абраз святога Станіслава. Асобныя паны мелі ў аддзелах (дружынах) свае ўласныя сцягі.

Так, на карціне ў руцэ аднаго з вершнікаў можна разгледзець чырвоны штандар з выявай герба Радзівілаў — трох паляўнічых ражкоў. У кожнага з літоўскіх-беларускіх вершнікаў, паводле той карціны, у руцэ была доўгая дзіда з белым сцяжком-вымпелам, уздоўж якога пасярэдзіне праходзіць адна вузкая чырвоная палоска, якая перакрыжоўваецца бліжэй да тронца другой чырвонай палоскай. Гэта прадвеснік нашага гістарычнага нацыянальнага бела-чырвона-белага сцяга.

Славутая Аршанская бітва

У пятніцу 8 верасня 1514 года «на Рожество Пресвятыя Богородіцы» а 9-й гадзіне раніцы войска князя Канстанціна Іванавіча Астрожскага было ўжо пастаўлена ў баявых парадках на поле бітвы. Як тады было звычаем, перад бітвай святары з абодвух бакоў адслужылі малебень за перамогу.

Пры гэтым трэба нагадаць, што ў літоўскім-беларускім войску, таксама як і ў маскоўскім, за перамогу маліліся праваслаўныя святары і воіны[1]. Большасць у войску К. І. Астрожскага, як і ён сам, складалі праваслаўныя баяры-шляхта. У аддзелах яго войска малебень адслужылі і ксяндзы, бо ў войску было нямала і католікаў.

Пасля малітвы абодва крылы маскоўскай арміі крыху адышлі ад асноўнага войска, каб потым акружыць ворага з тылу. Галоўныя ж маскоўскія сілы засталіся ў баявых парадках у сярэдзіне поля, а некаторыя аддзелы нават прасунуліся наперад, каб выклікаць непрыяцеля на бой. Пасля гэтага перасоўвання на вольнай прасторы паміж літоўскім-беларускім і маскоўскім войскамі пачаліся «гарцы» — асобныя двубоі паміж вершнікамі з абодвух бакоў, каб заахвоціць астатніх воінаў да бітвы.

З невялікай прамовай да сваіх рыцараў звярнуўся Канстанцін Астрожскі. Ён нагадаў пра слаўныя баявыя традыцыі продкаў, заклікаў быць мужнымі, абараняць ад ворага Бацькаўшчыну. Пасля прамовы Астрожскі загадаў конным палкам вольна рушыць наперад. Гэта маскоўскія ваяводы палічылі сігналам да дзеяння. Затрубілі трубы, ударылі бубны. Сцягі і прапарцы (сцяжкі) распусцілі да бою.

Атаку пачаў полк правай рукі маскоўскага войска на чале з князем Міхаілам Іванавічам Булгакавым-Голіцам. Асобныя аддзелы I. Чаляднін паслаў на флангі, каб адразу зайсці ў тыл ворагу. Адбіўшы першую атаку непрыяцеля, літоўскія-беларускія вершнікі, якія атрымалі падмацаванне, пачалі самі наступаць. Полк Сампалінскага, які складаўся з цяжкай кавалерыі, адпаведна ўзброенай і з моцнымі даспехамі, праскочыўшы галопам перад фронтам літоўскага-беларускага палка, што заняў пазіцыю ў цэнтры поля бітвы, нанёс ворагу выт па флангу. Польскія вершнікі з доўгімі дзідамі валілі з коней маскоўскіх воінаў. М. Стрыйкоўскі ў сваёй «Кроніцы» распавядае, што ў паветры свісталі стрэлы, чуўся звон шабель, гучалі стрэлы з агнястрэльнай зброі. Вершнікі набіралі тэмп, уразаліся ў шэрагі маскоўскага войска. Разгарэлася жорсткая бітва.

Князь Міхаіл Булгакаў-Голіца таксама атрымаў падмацаванне і ўзнавіў шэрагі свайго фронту. Маскоўскія сілы на правым флангу пачалі другую атаку. Літоўскія-беларускія рыцары і польскія саюзнікі ўстаялі. Але нечакана яны расступіліся, і вораг апынуўся перад пяхотай. Пяхота, страляючы з рушніц (пішчаляў), збіла з коней шмат маскоўцаў. Шэрагі маскоўскага палка памяшаліся. У гэты момант Канстанцін Астрожскі звярнуўся да рыцараў: «Гэй! Вось цяпер наперад, дзеці!» (Для таго часу ён быў ужо стары. Яму было тады 54 гады). Ён казаў ім пра ўжо недалёкую перамогу і трыумф, пра тое, што непрыяцель ужо «млее». Заклікаў «мілых братоў» аднавіць мужнасць у гэтай хвілі:

«Цяпер будзьце мужамі, няхай кожны адновіць дзельнасць, бо шэрагі непрыяцеля ўжо паблыталіся. На нашым баку стаіць сам Бог і дадае нам з неба абарону».

Астрожскі заклікаў усіх ісці смела ў бой за ім, бо ён першы ставіць сваю галаву ў ахвяру і першы ідзе ў атаку на ворага з шабляй у руцэ, каб яе акрывавіць. Ен напомніў рыцарам пра слаўныя бітвы іх продкаў і каб яны чуліся сынамі сваіх бацькоў. Асаблівасці прамовы, перададзенай храністам, паказваюць, што яна была сказана па-беларуску. Гэтая прамова славутага палкаводца псіхалагічна ўздзейнічала на воінаў, і па яго закліку яны зноў рушылі ў атаку.

Зноў пачалася жорсткая бітва. Канстанцін Астрожскі, размахваючы гетманскай булавой, зноў вёў у атаку сваіх рыцараў. Яны збівалі ворага дзідамі і секлі мячамі. Урэшце маскоўская конніца Булгакава-Голіцы была зламана, разбіта і ў беспарадку кінулася наўцёкі. Літоўская-беларуская конніца і полк Сампалінскага ўварваліся ў другую лінію маскоўскага войска. Яны гналі рэшткі маскоўскага палка правай рукі і забівалі ўцекачоў, ужо няздольных весці бой.

Аднак Чаляднін не дапамог Булгакаву-Голіцы. Гэта тлумачыцца суперніцтвам паміж маскоўскімі галоўнымі ваяводамі і жаданнем кожнага з іх атрымаць перамогу самастойна, каб выслужыццца перад вялікім князем. Нават пасля разгрому войска, якім камандаваў Булгакаў-Голіца, у Чалядніна заставалася воінаў больш, чым у Канстанціна Астрожскага.

Яшчэ раней Іван Чаляднін накіраваў свой полк левай рукі у наступ на супрацьлеглае, правае крыло войска Канстанціна Астрожскага. Аднак гэты наступ быў не вельмі моцны і выконваўся нерашуча.

Гэта дало магчымасць літоўскай-беларускай лёгкай кавалерыі на працягу доўгага часу адбіваць атакі маскоўскага войска на гэтым флангу. Чаляднін чакаў, калі ў бой супраць правай рукі ўцягнуцца ўсе харугвы літоўскай-беларускай лёгкай конніцы, каб выцяць ім у тыл і адным моцным вытам разбіць іх.

Урэшце Івану Чалядніну здалося, што ён перамагае. У нейкі момант бітвы ён убачыў, што літоўская-беларуская конніца спыніла свае контратакі і па загаду Канстанціна Астрожскага пачала адступаць, а потым зусім кінулася ўцякаць. Тады Чаляднін, перакананы ў сваёй перамозе, кінуў у бой усе свае сілы. Аднак, у пэўны момант, недалёка ад лесу і кустоў у тыле літоўскага-беларускага войска, раптам па камандзе гетмана (ён падняў булаву, а за ім палкоўнікі паднялі свае шастапёры) конніца падзялілася на дзве часткі, якія хутка скочылі направа і налева. Уся бязладная маса маскоўскай конніцы аказалася перад гарматамі і пяхотай, што былі ў кустах на ўскраіне лесу і ўжо даўно падрыхтаваліся да аднаго моцнага залпу. Пярэднія і заднія рады маскоўскай конніцы былі расстраляны пасля першага залпу і далейшых стрэлаў гармат і рушніц. Яны панеслі вялікія страты ў людзях і конях.

Гэтая вайсковая хітрасць, якую Канстанцін Астрожскі прымяніў яшчэ ў бітве з крымскімі татарамі 28 красавіка 1512 года каля Вішняўца на Валыні, і стала пераломным момантам Аршанскай бітвы. Пасля расстрэлу гарматамі лавіны маскоўскага войска ў яго шэрагах пачалася паніка, і яно кінулася наўцёк. Цяпер ужо ўцякалі рэшткі абодвух флангаў маскоўскага войска.

Спачатку І. Чаляднін спрабаваў угаварыць сваіх вершнікаў затрымацца. Аднак яго ўжо ніхто не слухаў.

Валынскі кароткі летапіс сведчыць, што Аршанская бітва працягвалася тры гадзіны.

Пасол германскага імператара да Васіля III барон Сігізмунд Герберштэйн, едучы ў Маскву, наведаў у Вільні ў 1517 годзе палонных І. А. Чалядніна і М. І. Булгакава-Голіцу і размаўляў з імі пра бітву пад Оршай. У сваіх запісках ён расказвае пра манеўр К. Астрожскага, што навёў непрыяцеля на гарматы, і пра разгром маскоўскага войска:

«Ліцвіны, наўмысна адступіўшы да таго месца, дзе ў іх былі схаваны гарматы, накіравалі іх супраць маскавітаў, якія насядалі, і паразілі іх заднія шэрагі, што выстраіліся ў рэзерве, але занадта скучаныя, унеслі замяшанне ў іх шэрагі і рассеялі. Такі нечаканы баявы прыём прывёў маскавітаў у жах, бо яны лічылі, што ў небяспецы знаходзіцца першы шэраг, які б'ецца з ворагам, прыйшоўшы ў замяшанне і лічачы, што першыя шэрагі ўжо разбіты, яны кінуліся наўцёкі. Ліцвіны, разгарнуўшы і накіраваўшы ўсе свае сілы, пераследавалі іх, гналі і забівалі. Убачыўшы гэтыя ўцёкі, адступілі і абодва флангі маскавітаў. Толькі ноч і лясы спынілі гэтае вынішчэнне».

М. Стрыйкоўскі таксама прыводзіць жахлівыя сцэны гэтых уцёкаў. У паніцы маскоўскія коннікі ўцякалі ў лясы, балоты, кідаліся ў Днепр і танулі, а пераможцы гналі іх і забівалі. Параненыя крычалі ім: «Не сечи голову!», а цяжка параненыя: «Добей!» Кроў забітых была не толькі на палях, але і сцякала ў раку Крапіўну, вада якой стала крывавай. А. Гваньіні вобразна адзначыў, што рака Крапіўна паміж Оршай і Дуброўнай з-за вялікай колькасці трупаў замарудзіла свой бег. Шмат маскоўцаў падчас уцёкаў патанула ў рацэ. М. Бельскі, улічваючы пагоню за ўцекачамі, распавядае, што бітва цягнулася аж да заходу сонца. Вершнікі К. Астрожскага працягвалі пераследаванне ажно да васьмі літоўскіх міляў (на 60 кіламетраў). Адны з літоўскіх-беларускіх вершнікаў вярнуліся назад апоўначы, іншыя нават назаўтра. 3 сабою яны вялі вялікую колькасць палонных.

I расейскія гісторыкі гавораць тое ж самае пра заканчэнне Аршанскай бітвы. Так, М. М. Карамзін ў «Истории государства Российского» адзначыў:

«Ліцвіны ніколі не атрымлівалі такой славутай перамогі над расіянамі: гналі, рэзалі, тапілі іх у Дняпры і Крапіўне; целамі ўсеялі палі паміж Оршай і Дуброўнай»…

Вынікі Аршанскай бітвы

Страты бакоў у Аршанскай бітве ў летапісах і хроніках прыводзяцца прыкладна аднолькавыя. М. М. Карамзін і С. М. Салаўёў прыводзяць лічбу забітых воінаў у маскоўскім войску: 30 тысяч чалавек. Храністы М. Стрыйкоўскі, М. Бельскі і летапісы ўдакладняюць лічбу забітых на полі бою, і тых, хто загінуў ва ўцёках, — 40 тысяч чалавек. Страты маскоўскага войска палоннымі перавышалі 5 тысяч чалавек. У палон трапілі галоўныя ваяводы І. А. Чаляднін і М. І. Булгакаў-Голіца, 8 вярхоўных ваяводаў (што камандавалі аддзеламі па некалькі тысяч чалавек кожны), 37 начальнікаў ніжэйшага рангу, 2 тысячы дзяцей баярскіх (феадальная катэгорыя, блізкая да дваранаў) і больш за 2 тысячы іншых воінаў. 20 тысяч трафейных коней і палова вайсковага абозу былі перададзены пераможцам. Сярод трафеяў былі ўсе маскоўскія сцягі і агнястрэльная зброя. Трыумф князя Канстанціна Астрожскага быў поўны.

Як сведчыць храніст М. Бельскі, страты войска пераможцаў былі невялікія. Загінулі толькі чатыры знатныя паны, а рыцараў каля пяцісот чалавек. Колькасць загінуўшых простага паходжання ён не прыводзіць. Затое, у гэтай бітве было шмат параненых. Раны ў большасці былі сечаныя, ад вытаў шабель.

На наступны дзень святкавалі перамогу. Быў адслужаны праваслаўны малебень у «чэсць святой Троіцы і на хвалу Госпада Бога» і каталіцкі малебень. Падчас урачыстага абеду, на які былі прыведзены палонныя ваяводы, Канстанцін Астрожскі павіншаваў сваіх ваяводаў, ротмістраў і рыцараў з перамогай. Пазней, 3 снежня 1514 г., кароль Польскі і Вялікі князь Літоўскі і Рускі Жыгімон наладзіў у Вільні ўрачысты прыём у гонар гетмана Астрожскага і рыцараў-пераможцаў. Аб перамозе былі пасланыя каралеўскія граматы да манархаў Еўропы. Да некаторых з іх паслалі невялікія групы палонных. Палонныя ваяводы і дзеці баярскія былі разасланыя ў розныя замкі ў ВКЛ, а простыя воіны паселеныя ў вялікакняскіх і шляхецкіх маёнтках для выкарыстання на сельскагаспадарчых працах. I. Чаляднін і М. Булгакаў-Голіца знаходзіліся ў вязенні ў сталіцы Літоўскай-Беларускай дзяржавы Вільні. Дзесяткі гадоў заставаліся палонныя ў Вільні і іншых гарадах, цвердзях, гаспадарскіх дварах і воласцях Вялікага княства Літоўскага. Маскоўскі ўрад не цікавіўся сваімі палоннымі суайчыннікамі. Сам Вялікі князь Маскоўскі Васіль Іванавіч заявіў, што для яго «той, хто трапіў у палон, — мёртвы». Іван Андрэевіч Чаляднін памёр у Вільні праз некалькі гадоў. М. І. Булгакаў-Голіца і князь Іван Сямёнавіч Селяхоўскі вярнуліся на радзіму толькі ў 1552 г. падчас панавання цара Івана ІV. Булгакаў-Голіца памёр праз два гады манахам пад імем Іона.

Пасля Аршанскай бітвы Канстанцін Астрожскі зрабіў у Вільні багатую фундацыю (уклад) царкве Свята-Духаўскага манастыра ў падзяку Богу за дараваную яму перамогу. У памяць гэтай фундацыі была звонку прымацавана мармуровая дошка з надпісам па-беларуску аб фундацыі К. Астрожскага за дараваную яму Богам перамогу «над непрыяцелем і супастатам Праваслаўнай царквы» Вялікім князем Маскоўскім. Каля 1520 г. невядомы мастак, хутчэй за ўсё ўдзельнік бітвы пад Оршай, намаляваў карціну, якая лічыцца першай у батальным жывапісе Усходняй Еўропы.

Хутка пра Аршанскую бітву стала вядома і ў Заходняй Еўропе. У другой палове 1514 г. быў выдадзены па-нямецку ў Нюрнбергу адмысловы лісток з апісаннем бітвы. У 1515 г. зноў было надрукавана ў Нюрнбергу апісанне Аршанскай бітвы.

Бітву пад Оршай занатавалі ўсе тагачасныя летапісы, у тым ліку маскоўскія і ноўгародскія, а тасама замежныя кронікі. Аршанская бітва 1514 года пакінула глыбокі след у тагачаснай беларускай, украінскай і польскай літаратуры. У Валынскім кароткім летапісе была змешчана «Пахвала князю Астрожскаму» — сапраўдны літаратурны твор. 3 таго часу захавалася беларуская народная песня пра перамогу пад Оршай «Ой, у нядзельку параненька ўзышло сонца хмарненька…», якую цяпер спяваюць беларусія барды…

Бітва 8 верасня 1514 г. мела і дыпламатычныя наступствы. Германскі імператар Максіміліян I пасля бітвы разарваў саюз з Васілём III. Гэты саюз раней прадугледжваў падзел Польшчы і Літоўскай-Беларускай дзяржавы паміж Германскай імперыяй і Маскоўскім вялікім княствам. Аршанская бітва практычна замацавала ўсходнюю мяжу ВКЛ, якая існавала да канца ХVІІІ стагоддзя.

Бітва пад Оршай вывучалася ў вайсковых вучэльнях дарэвалюцыйнай Расіі. Як узор баявога майстэрства літоўскіх-беларускіх рыцараў, прыклад вайсковага таленту К. Астрожскага і вельмі ўдалай аперацыі яна прыведзена ў Расійскай ваеннай энцыклапедыі (1914 г.).

Бітва пад Оршай 8 верасня 1514 г. з'яўляецца славутай старонкай беларускай вайсковай гісторыі. Яна ўпісваецца ў агульны шэраг гераічных перамог войска ВКЛ на працягу некалькіх стагоддзяў падчас існавання нашай самастойнай дзяржавы, калі літоўскае-беларускае войска адстойвала незалежнасць нашай краіны. Дата 8 верасня таму і з'яўляецца Днём Беларускай Вайсковай Славы.

Рыжская дамова пра падзел Беларусі

18 сакавіка 1921 г. у Рызе савецкай расійска-украінскай дэлегацыяй, з аднаго боку, і польскай дэлегацыяй, з другога быў падпісаны мірны дагавор, якім фармальна спынялася савецка-польская вайна 1919–1920 гадоў. Быў зроблены без удзелу нават беларускай савецкай дэлегацыі БССР, падзел тэрыторыі нашай краіны, утварыліся Усходняя Беларусь (БССР) і Заходняя Беларусь (у складзе Польшчы), з'явіліся і такія назвы. Рыжская дамова 1921 г. шмат у чым вызначыла далейшы лёс беларускага народа, які быў гвалтоўна падзелены на часткі.

Беларусь і заканчэнне савецка-польскай вайны

Падчас наступу польскіх войскаў на пазіцыі Чырвонай Арміі ў Беларусі ў жніўні 1919 г. імі была занята тэрыторыя Літоўска-Беларускай ССР, штучнага марыянеткавага ў дачыненні да Масквы дзяржаўнага ўтварэння (якое, дарэчы, кіравалася кампартыяй бальшавікоў Літвы і Беларусі, што ўваходзіла як тэрытарыяльная арганізацыя у склад Расійскай камуністычнай партыі бальшавікоў). У склад ЛітБел, як яе скарочана называлі, уваходзіла толькі тэрыторыя Віленскай, Гарадзенскай і Менскай губерняў. Тэрыторыя Смаленскай, Віцебскай і Магілёўскай губерняў былі яшчэ 16 студзеня 1919 г. (праз 15 дзён пасля стварэння БССР) аддзелены ад БССР і ўключаны ў склад Расійскай савецкай федэрацыі (РСФСР). А ўжо 28 лютага 1919 г. па прапанове ЦК РКП(б) з Масквы Літоўская ССР і Беларуская ССР утварылі новую марыянеткавую, буферную дзяржаву — Літоўска-Беларускую ССР (ЛітБел.) са сталіцай у Вільні.

Калі ўлетку 1919 г. тэрыторыя ЛітБел была занятая польскімі войскамі, зноў па загаду з Масквы ЛітБел была скасавана без якога небудзь заканадаўчага акту. Урад РСФСР ад гэтага часу лічыў тэрыторыю Беларусі ўжо расійскай. Пра гэта сведчаць шматлікія штампы і пячаткі рэвалюцыйных камітэтаў (часовых органаў савецкай улады), створаных загадзя ў Смаленску пры штабе Заходняга фронту пры падрыхтоўцы наступу яго войскаў на Беларусь у 1920 г. На пячатках былі надпісы «Борисовский ревком Минской губернии РСФСР» ці «Новогрудский ревком Минской губернии РСФСР».

Паколькі савецкі ўрад Расіі лічыў тэрыторыю Беларусі расійскаю (пра БССР ужо забыліся), то падчас мірных перамоў у Маскве з урадам Літоўскай дэмакратычнай рэспублікі ён фактычна гандляваў беларускай тэрыторыяй, як сваёй, каб перацягнуць Літву і яе армію (з дзвюх дывізій) на свой бок ды скіраваць яе супраць Польшчы. Урад РСФСР 12 ліпеня 1920 г. падпісаў у Маскве мірную дамову з Літвой, аддаючы ёй значную частку беларускіх земляў. Так, у 2-м артыкуле мірнай дамовы вызначалася дзяржаўная мяжа «паміж Расіяй і Літвой», што ішла з Захаду ад Аўгустова, у 30 кіламетрах на поўдзень ад Гародні, якая перадавалася Літве. Потым па Нёмане да Дзяляцічаў (на поўнач ад Наваградка і Любчы, потым на Валожын, які разам з Маладэчнам заставаўся на расійскам баку (пры гэтым мяжа ўстанаўлівалася ля ўскраін абодвух гарадоў з трох бакоў). Далей лінія мяжы ішла на поўнач. Вілейка, Новы Мядзел, Маркаўшчына і Друя заставаліся на расійскім баку, а на захад ад іх ужо была, паводле гэтай дамовы, літоўская тэрыторыя.

Пасля наступу Чырвонай Арміі на Заходнім фронце ў ліпені 1920 г. Беларусь была зноў занятая савецкімі вайскамі. У жніўні 1920 г. калі войскі Чырвонай Арміі былі разбіты пад Варшавай, у Менску пачаліся мірныя перамовы паміж савецкай расійскаукраінскай дэлегацыяй і польскай аб прыпыненні ваенных дзеянняў і падпісанні мірнага дагавору. Чырвоная Армія адступала. Але савецкая дэлегацыя, нягледзячы на гэта, патрабвала, каб усе тэрыторыі Украіны і Беларусі былі перададзены Савецкаму боку. 2 верасня 1920 г. перамовы былі спыненыя. Польскія войскі працягвалі наступ. Хоць 31 ліпеня 1920 г. была зноў абвешчана Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь, яе прадстаўнікі на перамовы савецкім бокам запрошаны не былі, каб можна было дамаўляцца аб міры за кошт беларускай тэрыторыі. Ды і новая БССР была ўтворана толькі на тэрыторыі 18 паветаў — Менскай і Гарадзенскай губерняў.

Пасля ўдала праведзенай аперацыі ля Нёмана польскія войскі ўзмацнілі тэмп свайго наступу на ўсход. Камандуючы Заходнім фронтам Чырвонай Арміі М. М. Тухачэўскі загадаў сваім арміям, што адступамі да 2 кастрычніка 1920 г. заняць лінію старых расійска-германскіх акопаў 1915-1918 гг. і затрымацца тут. Аднак гэтая задача не была выканана. Польскія войскі яшчэ больш узмацнілі тэмп наступу з мэтай заняць больш тэрыторыі да моманту заключэння перамір'я на перамовах у Рызе. Кіраўнік Польскай дзяржавы і галоўнакамандуючы маршал Ю. Пілсудскі загадаў заняць Вільню і стратэгічныя пазіцыі: пераправы праз Нёман паблізу ад Менска, тэрыторыю на ўсход ад важнай чыгуначнай лініі Вільня - Ліда - Баранавічы - Лунінец, а таксама стварыць шырокі «калідор» паміж савецкімі войскамі і Літвой, пачынаючы ад Маладэчна і на поўнач да Друі.

У пачатку кастрычніка 1920 г. польскія войскі падыходзілі ўжо да Маладэчна, Койданава, Слуцка, набліжаліся да Менска. 11 кастрычніка яны занялі Слуцк, а ўжо пасля падпісання перамір'я 15 кастрычніка адзін польскі батальён на два дні заняў нават і Менск.

Перамовы ў Рызе

Савецкі ўрад У. І. Ульянава-Леніна ў такіх абставінах вырашыў хутчэй заключыць у Рызе перамір'е і папярэдні мір, каб спыніць далейшы наступ польскіх войскаў. Перад бальшавікамі стаяла яшчэ праблема ліквідацыі групоўкі белага генерала П. П. Урангеля ў Крыме і на поўдні Украіны да пачатку зімы. Грамадзянскую вайну ў Расіі трэба было скончыць хутчэй, бо хваля сялянскіх паўстанняў супраць улады бальшавікоў і іх палітыкі «ваеннага камунізму» у дачыненні да сялянства ахапіла ўсю Расію ад Тамбоўскай губерні і да Сібіры ўключна У. І. Ленін у сваім заключным слове на нарадзе старшынь уездных, валасных і сельскіх выканаўчых камітэтаў Маскоўскай губерні 15 кастрычніка 1920 г. адзначыў:

«Становішча Савецкай рэспублікі надзвычай цяжкае, што нас і прымусіла спяшацца з мірам перад зімовай кампаніяй. Нас прымусіла спяшацца з мірам жаданне пазбегнуць зімовай кампаніі, разуменне таго, што лепш мець горшую граніцу, г. зн. атрымаць меншую тэрыторыю Беларусі і мець магчымасць меншую колькасць беларускіх сялян вырваць з-пад прыгнёту буржуазіі, чым падвергнуць новым цяжкасцям, новай зімовай кампаніі сялян Расіі. Вось прычыны».

Крыху раней, 21 верасня 1920 г. у сталіцы Латвіі Рызе мірныя перамовы аднавіліся, але зноў без прадстаўнікоў Савецкай Беларусі. Старшынём савецкай расійска-украінскай дэлегацыі быў А. Іофэ, сябрамі дэлегацыі — С. Кіраў. Дз. Мануільчык, Л. Абаленскі. Старшыня ваенна-рэвалючыйнага камітэту БССР А. Чарвякоў (тагачасны фармальны кіраўнік Беларускай савецкай дзяржавы) прыехаў у Рыгу, але А. Іофэ пасля кансультацыі з савецкім расійскім урадам Леніна нават не дапусціў яго да перагавораў, паведаміў яму, што ўвогуле ўся тэрыторыя БССР можа быць перададзена Польшчы, таму яму ў перагаворах не трэба ўдзельнічаць. А. Чарвякову было ласкава дазволена быць толькі экспертам савецкай дэлегацыі.

Польская дэлегацыя прапанавала савецкай вывесці польскія і савецкя войскі з тэрыторыі Беларусі (уключаючы Смаленшчыну, якая лічылася ў складзе Беларускай Народнай Рэспублікі і была ўключана ў склад БССР 1 студзеня 1919 г. пры яе абвяшчэнні). Польская дэлегацыя таксама прапанавала савецкай правесці на ўсёй тэрыторыі Беларусі рэферэндум (пры адсутнасці савецкіх войскаў) для самавызначэння беларускага народу. Аднак савецкая дэлегацыя ад такой прапановы адмовілася, бо ведала, што народ прагаласуе за незалежнасць. Расія не хацела страціць выгадны стратэгічны плацдарм на Захадзе ад тэрыторыі самой Расіі, пры гэтым лёс Беларусі вырашаўся нават без удзелу мясцовых бальшавікоў.

Перад самым падпісаннем перамір'я і папярэдняга мірнага дагавору Савецкі ўрад лічыў, што можна саступіць Польшчы ўсю тэрыторыю тагачаснай БССР (г. зн. былой Менскай губерні), з Барысавам, Ігуменам (Чэрвенем), Бабруйскам, і Мазыром на ўсходзе. За гэта савецкі бок прапанаваў польскаму аддаць частку тэрыторыі на Заходняй Украіне: там глебы лепшыя і ўраджай большы. А ў Расіі ў гэты час быў голад. Іофэ атрымаў дырэктыву ад ЦК РКП(б) па гэтаму «абмену» тэрыторыяй.

Паведаміўшы пра дырэктыву ЦК партыі бальшавікоў А. Чарвякову, А. Іофэ наўпрост заявіў яму, што з Польшчай заключае мір Расія, а не Беларусь. Чарвякоў змаўчаў. Так Беларуская ССР была прынесена ў ахвяру і магла б зусім не існаваць. (Нагадваем, што тагачасная Віцебская і Гомельская губерні былі ў складзе РСФСР).

Аднак польская дэлегацыя нечакана адмовілася ад такога «падарунка». Кіраўнік польскай дэлегацыі Ян Домбскі і ўплывовы палітык і сябра дэлегацыі Станіслаў Грабскі лічылі, што далучэнне да Польшчы тэрыторыі тагачаснай БССР з мяжой за Бярэзінай будзе для іх дзяржавы небяспечным: зашмат у ёй будзе беларускага насельніцтва і гэта створыць потым унутрыпалітычны крызіс, бо беларусы будуць змагацца за сваю незалежнасць. Такім чынам, хоць і маленькая, Беларуская ССР засталася.

Заключэнне перамір'я і папярэдняга міру

12 кастрычніка 1920 г. у Рызе быў падпісаны «Дагавор аб перамір'і і прэлімінарных (папярэдніх — А. Г.) умовах міру паміж РСФСР і УССР, з аднаго боку, і Польшчай — з другога».

Паводле папярэдняга мірнага дагавору Польшча прызнавала Беларускую ССР і Украінскую ССР, г. зн. згаджалася на падпарадкаванасць іх тэрыторыі бальшавікам у Крамлі. Паводле гэтай дамовы ў Рызе была вызначана ўсходняя дзяржаўная мяжа Польшчы з Украінай і Беларуссю.

У 1-м артыкуле дагавора ад 12 кастрычніка 1920 г. было запісана:

«Расія і Украіна адмаўляюцца ад усіх правоў і дамаганняў на землі, якія знаходзяцца на захад ад гэтай мяжы».

Трэба заўважыць, што савецкая дэлегацыя адмаўлялася ад беларускай тэрыторыі, а беларускіх дэлегацый ні ад урада БНР, ні ад урада БССР на перамовах не было. Таму кіраўніцтва БНР не пагадзілася з гэтым дагаворам, а кіраўніцтва БССР прыняло яго без усялякага пратэсту.

Лінія дзяржаўнай мяжы праходзіла па густа населеных раёнах Беларусі. Савецкія і польскія дэлегаты дзялілі тэрыторыю нават не зважаючы на сувязь вёсак паміж сабою. Здарыўся такі выпадак, што адзін з польскіх дэлегатаў звярнуўся да савецкіх з просьбай пакінуць адну з вёсак на польскім баку: «Там жыве мая любімая цешча». Савецкія дэлегаты паступілі «гуманна», аддаўшы разам з цешчай і ўсю вёску.

Да дагавора была прыкладзена карта. Аднак вырашальным пры вызначэнні дзяржаўнай мяжы быў тэкст дагавора.

Янка Купала крыху раней пісаў пра такі падзел тэрыторыі Беларусі паміж суседзямі ў вершы «Новы год» (30 снежня 1919 г.):

Ідзеш у край, які бязбожна Жыўцом парэзалі на часці, А брат проць брата стаў варожка І памагае край раскрасьці.

Дзяржаўная мяжа паміж тагачаснай тэрыторыяй БССР (у складзе якой былі Барысаўскі, Менскі, Ігуменскі, Слуцкі, Мазырскі, і Бабруйскі паветы былой Менскай губерні) праходзіла на поўнач і захад ад Бягомля і далей на захад ад Плешчаніцаў, Заслаўя, Негарэлага. Далей мяжа ішла ад вёскі Коласава (у Польшчы), потым на поўдзень да сярэдзіны дарогі з Нясвіжа (у Польшчы) на Цімкавічы (на баку БССР) далей на поўдзень да сярэдзіны дарогі з Клецка (у Польшчы) на Цімкавічы, далей на поўдзень да Маскоўска-Варшаўскай шашы, перасякаючы яе на захад ад Філіпавічаў, далей найкарацейшым шляхам да ракі Лані ля вёскі Чудзін (у Польшчы), далей па рацэ Лань да яе ўпадзення ў раку Прыпяць, далей на поўдзень да Украіны.

Дадаткам да гэтае дамовы была дамова аб перамір'і паводле якой ваенныя дзеянні на фронце спыняліся праз 6 дзён ад моманту падпісання дагавора аб перамір'і і папярэдніх умовах міру, гэта значыць 18 кастрычніка 1920 г. а 24-й гадзіне паводле сярэднееўрапейскага часу. Войскі абодвух бакоў заставаліся на пазіцыях, якія зоймуць да 19 кастрычніка. Але была неспрыяльная ўмова для Чырвонай Арміі:

«Расійска-украінскія войскі павінны знаходзіцца не бліжэй за 15 кіламетраў ад зафіксаванага да моманту спынення ваенных дзеянняў польскага фронту».

Гэта значыць, што польскія войскі мелі права наступаць яшчэ 6 дзён, а пасля гэтага савецкія войскі павінны былі адступіць яшчэ на 15 кіламетраў.

Такім чынам, спачатку паміж абодвума франтамі (польскім і савецкім) вызначалася нейтральная ў вайсковых адносінах зона шырынёй 15 кіламетраў. На паўночным участку фронту ад раёну Нясвіжа да Заходняй Дзвіны польскія войскі павінны былі спыніцца на лініі дзяржаўнай мяжы, а савецкія адыйсці на 15 кіламетраў ад яе. А на поўдзень ад Нясвіжа польскія войскі пасля падпісання перамір'я наступалі яшчэ 6 дзён і спыняліся на лініі свайго найбольшага прасоўвання, а часткі Чырвонай Арміі адступалі ад іх яшчэ на 15 кіламетраў. Так прадухіляліся ваенныя сутычкі ў перыяд замірэння.

Фактычна гэтая ўмова давала перавагу польскім войскам, бо яны за 6 дадатковых дзён занялі значную тэрыторыю на поўдні БССР, чым маглі ўплываць на далейшы ход мірных перамоваў у Рызе.

Ужо пасля падпісання перамір'я польскія войскі наступалі далей. Так, на поўнач ад Радашковічаў у баях 13 і 14 кастрычніка польская кавалерыя захапіла 5 тысячаў палонных. 17 кастрычніка на поўначы Беларусі польскія войскі выйшлі на дзяржаўную мяжу.

Прарваўшы фронт чырвоных, 15 кастрычніка 55-ты пяхотны полк 14-й польскай дывізіі на чале з падпалкоўнікам Густавам Пашкевічам захапіў Менск, нягледячы на тое. што горад знаходзіўся за 35-40 кіламетраў на ўсход ад толькі што вызначанай мяжы.

Пры гэтым польскае камандаванне не дазваляла яму наступаць і праз два дні ён вымушаны быў пакінуць горад.

На паўднёвым участку Заходняга фронту Чырвоная Армія адступала з баямі па ўсіх кірунках. У некаторых месцах польскія войскі заглыбіліся да 70 кіламетраў ад дзяржаўнай мяжы. Яны занялі Тураў, Жыткавічы, былі ў Капцэвічах (на Пцічы), знаходзіліся ў 25 кіламетрах на ўсход ад Слуцка.

На поўнач ад Узды лінія фронту польскіх войскаў адыходзіла на поўдзень ад Шацка, на ўсход ад Амговічаў і Дарасіна, на Палессі — па лініі Камаровічы - Бобрык - Галубіца па Прыпяці і далей праз Махновічы на Ельск.

Адразу польскія войскі не адыходзілі, бо трэба было яшчэ ўзгадніць тэрміны іх адыходу за мяжу ў спецыяльнай Вайсковай камісіі з прадстаўнікоў абодвух бакоў.

Адыход польскіх войскаў затрымаліваўся. Гэта давала магчымасць розным палітычным сілам выкарыстаць няпэўную палітычную сітуацыю ў Беларусі і Расіі.

Адной з такіх акцыяў даволі хутка падрыхтаваных у кароткі перыяд пераходу ад вайны да міру быў паход беларускага генерала Станіслава Булак-Булаховіча ў лістападзе 1920 г. у Палессе для вызвалення Беларусі ад бальшавікоў. Другой акцыяй стаўся Слуцкі збройны чын у лістападзе — снежні 1920 года.

Далейшыя перамовы аб міры

Дагавор аб перамір'і і папярэдніх умовах міру ад 12 кастрычніка 1920 г. быў даволі хутка ратыфікаваны (зацверджаны) усімі бакамі. 21 кастрычніка — Украінскім цэнтральным выканаўчым камітэтам, 22 — Польскім соймам, 23 — Усерасійскім цэнтральным выканаўчым камітэтам і 27 кастрычніка — начальнікам Польскай дзяржавы Ю. Пілсудскім. Пасля гэтага быў праведзены абмен ратыфікацыйнымі граматамі (2 лістапада 1920 г.), і дагавор уступіў у сілу.

Пасля ратыфікацыі прэлімінарнага мірнага дагавору войскі абодвух бакоў мелі паступова адыходзіць кожнае на свой бок, за мяжу сваёй тэрыторыі і размяшчацца не бліжэй як за 15 кіламетраў па абодва бакі мяжы. Ад гэтага часу паабапал мяжы ўсталёўвалася нейтральная у вайсковых адносінах зона шырынёй 30 кіламетраў, якая (па 15 кіламетраў) адміністрацыйна кіравалася кожным бокам на саёй тэрыторыі. Перамір'е заключалася на 21 дзень, але кожны з бакоў меў права адмовіцца ад яго з папярэджаннем за 48 гадзінаў да канца тэрміну. Калі ж ніхто не адмаўляўся ад перамір'я, дык яно аўтаматычна працягвалася да ратыфікаыі канчатковага мірнага дагавору.

Становішча сапраўды было няясным. Міністр замежных спраў Польшчы князь Эўстафі Сапега пісаў у інструкцыі польскім дыпламатам за мяжой 10 кастрычніка 1920 г.:

«Мы не верым у трываласць бальшавіцкай сістэмы ў Расіі».

Разам з тым кіраўніцтва Польшчы спадзявалася на поспех белагвардзейскай арміі генерала Урангеля і таму не прэтэндавала на значнае перанясенне мяжы на ўсход. Міністр замежных спраў Э. Сапега у сваёй інструкцыі дыпламатам пісаў:

«… мы мелі магчымасць заняць Менск, Жытомір і Камянец, аднак не зрабілі гэтага, улічваючы інтарэсы будучай Расіі».

І польскае кіраўніцтва разглядала тэрыторыю Савецкай Беларусі, як і Савецкай Украіны, як тэрыторыю, падкантрольную Расіі, г. зн. рэальна ставілася да гэтага пытання.

Пасля абмену ратыфікацыйнымі граматамі абедзве дэлегацыі — савецкая і польская — 17 лістапада 1920 г. пачалі паседжанні мірнай канферэнцыі ў Рызе, польскай дэлегацыяй кіраваў Ян Домбскі, а яе сябрамі былі Станіслаў Каўзік, Эдвард Ляховіч, Генрык Страсбургер і Леан Васілеўскі. Савецкай дэлегацыяй кіраваў Адольф Іофэ, а яе сябрамі былі Якаў Ганецкі, Эмануіл Квірынг, Юрый Кацюбінскі і Леанід Абаленскі.

Перамовы праходзілі драматычна і быў момант, калі яны маглі скончыцца разрывам, але старшыні дэлегацый, каб пазбегнуць гэтага, спатыкаліся патаемна, размаўлялі паміж сабой па-нямецку і дасягнулі кампрамісу, які быў прыняты дэлегацыямі.

Абодва бакі ў нотах абвінавачвалі адзін аднаго ў зацягванні перагавораў, у парушэнні дасягнутай дамоўленасці.

У снежні 1920 - студзені 1921 г. асноўнае месца ў перамовах занялі пытанні фінансаў і эканомікі, вызначэння кошту польскай маёмасці ў Расіі, Украіне і Беларусі. Пазіцыя польскага боку падмацоўвалася і просьбамі часткі мясцовага насельніцтва аб далучэнні іх мясцовасцяў да Польшчы (заходняй часткі Лепельскага павету, часткі Менскага павету) паколькі ЦК РКП(б) на чале з Ул. Леніным патрабавала ад савецкай дэлегацыі хутчэй заключыць мір, 25 лютага 1921 г. народны камісар РСФСР Г. Чычэрын у тэлеграме на імя А. Іофэ даваў дазвол пайсці на некаторыя саступкі, бо «мы… жадаем міру з Польшчай як мага хутчэй». Было вырашана дадаткова перадаць Польшчы ў Палессі тэрыторыю плошчай у 12 тысяч квадратных кіламетраў.

Заключэнне Рыжскага міру

Урэшце 18 сакавіка 1921 г. у 10 гадзін 30 хвілін па мясцовым часе ў цэнтры Рыгі ў палацы «Чарнагаловых», у той самай вялікай зале, дзе 12 кастрычніка 1920 г. быў падпісаны дагавор аб перамір'і і папярэдніх умовах міру, адкрылася апошняе паседжанне мірнай каферэнцыі і быў падпісаны Рыжскі мірны дагавор, якім афіцыйна спыняліся савецка-польская вайна 1919 - 1920 г. Дагавор быў падпісаны дэлегацыямі Савецкай Расіі, Савецкай Украіны, і Польшчы. Расійская дэлегацыя падпісвала дагавор і за ўрад БССР.

Дагавор складаўся з прэамбулы, 26 артыкулаў і 10 дадаткаў. Ён быў складзены на польскай, рускай і украінскай мовах. Польшча афіцыйна прызнавала незалежнасць Беларусі і Украіны. Устанаўлівалася дзяржаўная мяжа паміж Польшчай і гэтымі дзвюма савецкімі рэспублікамі. У 2-м артыкуле дагавора падрабязна вызначалася лінія мяжы, якая паўтарала лінію, ужо ўстаноўленую ў дагаворы аб папярэдніх умовах міру 12 кастрычніка 1920 г. На тэрыторыі Беларусі былі зроблены папраўкі на карысць Польшчы. 12 тысяч квадратных кіламетраў на Палессі на поўдзень ад Вызны і Старобіна паміж ракой Ланью і да рэк Морачы і Случы, перадаваліся дадаткова Польшчы. Да Польшчы адыходзіла і мястэчка Радашковічы. Аднак Чыгуначная станцыя заставалася на Савецкім баку.

Да дагавору была прыкладзена карта з вызначанай лініяй мяжы. Аднак у спрэчных пытаннях перавага аддавалася тэксту дагавору, а не карце. На мясцовасці лінію мяжы непасрэдна вызначала змешаная памежная каміся з польскіх і расійскіх прадстаўнікоў.

Савецкі ўрад у Маскве і польскі ўрад адмаўляліся ўзаемна ад тэрытарыяльных прэтэнзій адзін да адного. І сапраўды, савецкі ўрад да 1939 г. неаднойчы падкрэсліваў у дамовах, нотах і выступах, што ён не прэтэндуе на Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну. У той жа час ужо ў 1924 - 25 гг. Савецкі Саюз рыхтаваў і інспіраваў партызанскі рух у Заходняй Беларусі, перакідваючы з БССР партызанскія атрады ў Польшчу — ішоў экспарт рэвалюцыі.

Тэрыторыя Беларусі ў выніку Рыжскай дамовы 1921 г. была падзелена на дзве часткі. Для Расіі (а потым СССР) захавалася стратэгічная прастора, якая па ранейшаму прыкрывала кірунак на Маскву. Для Польшчы тэрыторыя Заходняй Беларусі сталася часткай прыфрантавой (з бальшавізмам) зоны, часткай «санітарнага кардону» для Еўропы.

Польшча, паводле дагавору, абавязвалася прадаставіць беларусам, украінцам і рускім правы, якія б забяспечвалі свабоднае развіццё культуры, мовы і веравызнання. Аналагічныя правы прадастаўляліся палякам на тэрыторыі РСФСР, УССР і БССР. РСФСР вяртала Польшчы вайсковыя сцягі, захопленыя ў канцы ХVІІІ - першай поалове ХІХ ст., вярталіся і архівы (у гэтай камісіі быў прафесар У. І. Пічэта ― тагачасны рэктар Беларускага дзяржаўнага універсітэта).

Сярод вернутых Польшчы архіваў былі і дакументы па гісторыі Беларусі.

Рыжскі мірны дагавор быў ратыфікаваны прэзідыюмам Усерасійскага цэнтральнага выканаўчага камітэта 14 красавіка 1921 г., 17 красавіка — ЦВК Украінскай ССР, 16 красавіка — начальнікам Польскай дзяржавы Ю. Пілсудскім на падставе дадзеных яму 15 красавіка польскім соймам паўнамоцтваў. Абмен ратыфікацыйнымі граматамі адбыўся ў Менску 30 красавіка 1921 г., і дагавор уступіў у сілу.

Супраць гэтага ганебнага дагавору, які падзяліў Беларусь, выступілі прадстаўнікі інтэлігенцыі і палітычных сілаў БССР. Якубу Коласу прыпісваюць словы:

Далі шэсць паветаў. Дзякуй і за гэта.

Каб задушыць хвалю пратэсту цэнтральнае бюро Кампартыі (бальшавікоў) Беларусі дало загад Надзвычайнай камісіі (ЧК) правесці рэпрэсіі супраць дзеячаў і актывістаў партыі беларускіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў, саюзніцы бальшавікоў у барацьбе супраць Польшчы. У БССР было рэпрэсавана больш за 900 дзеячаў і актывістаў партыі беларускіх эсэраў, беларускай сацыялдэмакратычнай партыі і партыі сацыялістаў-федэралістаў.

25 сакавіка 1921 г. урад Беларускай Народнай Рэспублікі (за мяжой) прыняў зварот «Усяму культурнаму свету», у якой Рыжскі мірны дагавор характарызаваўся як ганебны. Урад БНР не прызнаў яго. Супраць Рыжскай дамовы выступілі дэлегаты першай Усебеларускай канферэнцыі ў Празе (1921 г.), а таксама і другой Усебеларускай канферэнцыі ў Берліне (1925 гг.). Беларускі народ, у адрозненне ад яго бальшавіцкага кіраўніцтва, не прызнаў гэты падзел Беларусі. Рыжскі мірны дагавор 1921 г. увайшоў у гісторыю як акт падзелу тэрыторыі Беларусі суседнімі дзяржавамі, як трагічная падзея ў гісторыі беларускага народа.

Слуцкае паўстанне. На крутым павароце гісторыі

Пад час мірных перагавораў у сталіцы Латвіі Рызе паміж савецкай расійска-ўкраінскай дэлегацыяй, з аднаго боку, і польскай, з другога, вызначаўся лёс Беларусі і савецка-польскай граніцы. Прапанова кіраўніка савецкай дэлегацыі А. А. Іофэ ўступіць Польшчы ўсю тэрыторыю тагачаснай БССР (да р. Бярэзіны) за тэрытарыяльныя ўступкі на Украіне не была прынята польскім бокам, бо улады баяліся аб’яднання ўсіх беларусаў у складзе Польскай дзяржавы. У выніку перагавораў 12 кастрычніка 1920 г. у Рызе было падпісана не толькі перамір’е, але і дагавор аб прэлімінарных (папярэдніх) умовах міру паміж РСФСР і УССР, з аднаго боку, і Польшчай — з другога. Польшча прызнавала абедзве савецкія рэспублікі ― Украінскую і Беларускую (тэрыторыя якой тады заканчвалася за Барысавым і Бабруйскам). Заходняя Украіна і Заходняя Беларусь прызнаваліся польскай тэрыторыяй. Да падпісання канчатковага міру ўстанаўлівалася нейтральная зона. Чырвоная Армія адыходзіла на адлегласць «не бліжэй 15 км ад зафіксаванага да моманту спынення ваенных дзеянняў польскага фронту». Польскія войскі на поўнач ад Нясвіжа спыняліся на лініі граніцы, а на поўдзень — на лініі свайго найбольшага прасоўвання. Толькі пасля ратыфікацыі гэтага дагавора войскі абодвух бакоў павінны былі паступова адводзіцца за межы сваёй тэрыторыі і размяшчацца не бліжэй 15 км па абодвух баках граніцы. Ад гэтага часу ўстанаўлівалася нейтральная зона шырынёй 30 км.

Гэта азначала, што ў бліжэйшы час, пасля ратыфікацыі прэлімінарнага мірнага дагавора, польскія войскі адыдуць за савецка-польскую мяжу з тэрыторыі Слуцкага павета. У выніку дагавора заходняя частка Слуцкага павета станавілася тэрыторыяй Польскай дзяржавы (Ляхавічы, Нясвіж, Клецк), а Капыль і Капыльская воласць — памежнай тэрыторыяй.

Слуцк і Слуцкі павет у перыяд так званай другой польскай акупацыі ў кастрычніку-лістападзе 1920 г. з’яўляліся месцам канцэнтрацыі 11-й і 16-й польскіх пяхотных дывізій. Тут жа ў кастрычніку 1920 г. фарміраваліся гусарскі, уланскі і Тульскі драгунскі палкі Саюзнай народнай добраахвотніцкай арміі беларускага генерала Станіслава Булак-Балаховіча. Армія фарміравалася з беларускіх і рускіх палкоў.

У Слуцку і Слуцкім павеце моцныя пазіцыі займала партыя эсэраў, якая абапіралася на беларускае сялянства і пад час савецка-польскай вайны разам з партыяй бальшавікоў вяла партызанскую барацьбу супраць польскай акупацыі. Пасля абвяшчэння БССР у другі раз, 31 ліпеня 1920 г., партыя беларускіх эсэраў (як саюзнік Кампартыі Беларусі) заставалася легальнай, хаця бальшавікі ўладай з ёй не падзяліліся. Эсэры па-ранейшаму стаялі за незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі, займалі антыпольскія пазіцыі, былі таксам праціўнікамі вайскова-палітычнага саюзу з Савецкай Расіяй або далучэння да Расіі. Рыхтуючыся да адыходу, польскія вайсковыя ўлады ў пачатку лістапада 1920 г. перадалі ўсю цывільную ўладу беларускім дзеячам.

Пасля заняцця Слуцка польскімі войскамі ў кастрычніку 1920 г. у павятовым цэнтры ўзнавіў сваю дзейнасць Беларускі Нацыянальны Камітэт, створаны яшчэ ў 1918 г. У ім дзейнічалі дзве групоўкі: прыхільнікі генерала Булак-Балаховіча, якія супрацоўнічалі з польскімі ўладамі, і беларускія эсэры, прыхільнікі незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі. Эсэры прапанавалі склікаць з’езд Случчыны (у пераважнай большасці з сялянства), каб вырашыць пытанні ўлады. У валасцях павета, у тым ліку і на Капыльшчыне, былі створаны абраныя мясцовымі сялянамі на чале з эсэрамі Беларускія нацыянальныя камітэты як органы народнай улады. Парадак падтрымлівала народная міліцыя з жыхароў мястэчкаў і воласці, і снаваў і рэзерв народнай міліцыі з добраахвотнікаў. Адміністрацыю ў Слуцку і гаспадарчую дзейнасць узначальвалі мясцовыя беларускія дзеячы. За некалькі дзён замест войтаў у валасцях і солтысаў у вёсках былі дэмакратычна абраны Беларускія нацыянальныя камітэты як органы мясцовай улады.

14–15 ліпеня 1920 г. у Слуцку адбыўся Першы беларускі з’езд Случчыны (з’езд сялянства Случчыны) з дэлегатамі ад горада і 15 валасцей, у тым ліку і Капыльскай. З’езд праходзіў пад уплывам беларускіх эсэраў, прыняў рэзалюцыю аб барацьбе за незалежную Беларускую Народную Рэспубліку і выбраў Беларускую Раду Случчыны з 17 сябраў у якасці выканаўчага і распарадчага органа ўлады Беларускай Народнай Рэспублікі. Паколькі з’езд прыняў пастанову аб падрыхтоўцы збройнага змагання, пасля яго закрыцця некалькі дэлегатаў выехалі ў вёскі Капыльскай, Цімкавіцкай, Грозаўскай, Быстрыцкай і іншых валасцей, каб рыхтаваць узброеныя атрады і заклікаць жыхароў да змагання.

Пры падтрымцы сялянства і гаражан Слуцкая рада за тры дні сфармавала з добраахвотнікаў 1-ю Слуцкую брыгаду стральцоў войск Беларускай Народнай Рэспублікі ў складзе палкоў: 1-га Слуцкага і 2-га Грозаўскага, прызначыла камандаванне брыгадай, палкамі, займалася забеспячэннем войска зброяй і харчаваннем.

2-гі Грозаўскі полк фарміраваўся ў Слуцку, мястэчках Грозаве і Семежаве з беларускай міліцыі і сялян-добраахвотнікаў. У Грозаве добраахвотнікі, сялянскія хлопцы, збіраліся ў памешчыцкім доме, адтуль і пашлі на фронт. Грозаўскі полк складаўся з 2 батальёнаў, а яны падзяляліся на роты. Камандзір палка — капітан Лука Семянюк (былы камандзір 1-га беларускага партызанскага атрада), намеснік камандзіра палка — капітан Гнароўскі, камандзіры батальёнаў — капітан Антон Самусевіч і штабс-капітан Мацэля. Пасля фарміравання (апроч рэзерву) у 2-м Грозаўскім палку было каля 2 тыс. чалавек. Узбраеннем (вінтоўкі і некалькі кулямётаў) была забяспечана толькі чвэрць асабовага саставу; за кошт трафеяў і дапамогі Беларускай вайсковай камісіі пазней была ўзброена палова жаўнераў палка. У пачатку паўстання полк займаў фронт у 60 км у нейтральнай зоне савецка-польскай граніцы на поўнач ад лініі фронту 1-га Слуцкага палка (лінія Грозаў — Капыль — Цімкавічы — Семежава) і рабіў напады на палявыя каравулы Чырвонай Арміі. Маючы дрэнныя разведвальныя звесткі, камандаванне Чырвонай Арміі спачатку прыняло жаўнераў Слуцкай брыгады за атрады генерала Булак-Балаховіча. Так, у аператыўнай зводцы палявога штаба Чырвонай Арміі ад 2 снежня 1920 г. гаварылася:

«У Слуцкім раёне ў 20 вярстах на паўночны захад (раён паміж Капылём і Грозавам. — А. Г.) і ў 25 вярстах на паўднёвы захад ад Слуцка (раён Вызны. — А. Г.) адбываюцца сутычкі з дробнымі вандроўнымі атрадамі балахоўцаў».

Баі вяліся ў раёне в. Быстрыца, ля мяст. Капыль і ў іншых населеных пунктах. У гэтых баях паўстанцы наносілі страты, бралі палонных, адбівалі населеныя пункты. Некаторыя чырвонаармейцы, у асноўным з расійскіх сялян, сілай мабілізаваных у Чырвоную Армію, добраахвотна здаваліся у палон або пераходзілі са зброяй.

У баі ля мяст. Капыль жаўнеры Грозаўскага палка захапілі ў палон роту чырвонаармейцаў з канцылярыяй і ўсёй амуніцыяй. Былі захоплены ў палон і сябры рэўкама, створанага савецкім камандаваннем. Пасля гэтага бою аддзелы 2-га Грозаўскага палка выцяснілі чырвоныя падраздзяленні з Цімкавічаў на ўсход.

Камандаванне 16-й арміі савецкіх войск вырашыла ачысціць нейтральную зону ад паўстанцаў. Польскія ўлады далі дазвол на ўваход 4 снежня савецкіх войск (8-й і 17-й стралковых дывізій) у нейтральную зону на тры дні, выказаўшы сваё адмоўнае стаўленне да паўстанцаў. Аднак камандаване Слуцкай брыгады, карыстаючыся падтрымкай насельніцтва, вывела асноўныя сілы з-пад удару савецкіх войск. Баі вяліся зноў у раёнах Капыля, Семежава і Вызны. Толькі ў раёне Семежава частка атрадаў паўстанцаў была разбіта і 7 снежня перайшла польскую мяжу. Польскія ваенныя ўлады раззброілі 30 афіцэраў і 400 жаўнераў. 9 снежня штаб Слуцкай брыгады прызнаў, што пасля баёў у раёнах Капыля, Семежава і Вызны аддзелы паўстанцаў адступілі да мяжы і дзве роты адышлі на польскую тэрыторыю, дзе былі раззброены польскімі ўладамі.

Штаб Слуцкай брыгады пасля адступлення знаходзіўся ў в. Грыцэвічы, у 2 км ад р. Лань, у нейтральнай зоне, але на тэрыторыі, якая паводле папярэдняга мірнага дагавора адышла да Польшчы. Перагрупіраваўшыся, паўстанцы зноў перайшлі ў наступ. У ноч на 10 снежня яны занялі вёскі Крывасёлкі і Навасёлкі, а потым в. Старынь. Жаўнеры брыгады зрабілі спробу адціснуць перадавыя адзінкі Чырвонай Арміі з занятых пазіцый. Быў распачаты наступ на мястэчкі Семежава і Вызна. У ноч на 13 снежня паўстанцы адбілі Семежава, дзе захапілі многа боепрыпасаў. Асаблівую адвагу выказалі жаўнеры 2-й роты 1-га Слуцкага палка на чале з паручнікам А. Курыловічам. Аднак савецкія падраздзяленні зноў адбілі ў паўстанцаў Семежава.

Э. Вайніловіч (фундатар Чырвонага касцёла ў Мінску і ўладальнік маёнткаў Пузава і Савічы) у сваіх успамінах згадвае, што пасля баёў ля Вызны і Семежава чырвоныя войскі зайшлі далёка за дзяржаўную мяжу, вызначаную дамовай 12 кастрычніка 1920 г., ажно за Пузаў, пад Ёдчыцы, што было ўжо на тагачаснай польскай тэрыторыі. Ён сведчыць, што польскія войскі нават адсунуліся за савю дэмаркацыйную лінію. Гэта было зроблена, каб даць магчымасць савецкім войскам разгарміць паўстанцаў. У наступных баях атрады паўстанцаў занялі Семежава, Вызну і прасунуліся на ўсход ад яе.

Сабраўшы значныя сілы, раніцай 19 снежня Чырвоная Армія пачала наступ, каб зліквідаваць узброенае паўстанне. У гэты ж дзень чырвонаармейцамі было адбіта мяст. Вызна. Паўстанцы пачалі адыходзіць на захад. 20 снежня яны былі выціснуты да р. Морач. У той жа дзень іх выбілі з Семежава. Па ўзгадненні расійскай савецкай і польскай дэлегацый на мірных перагаворах у Рызе войскам Чырвонай Арміі дазвалялася праследаваць паўстанцаў і ў нейтральнай зоне, нават на тэрыторыі Польшчы. Штаб Слуцкай брыгады Вымушаны быў перадыслацыравацца ў в. Заастравечча (Клецкі раён) каля р. Лань, за якой стаялі польскія войскі. Сюды збіраліся аддзелы паўстанцаў, якім было нанесена паражэнне. Рада Случчыны БНР прыняла рашэнне перайсці сваім вайсковым аддзелам раку ў раёне размяшчэння 41-га польскага палка. 29 снежня 1920 г. Слуцкая брыгада стральцоў БНР перайшла за р. Лань і была абяззброена і інтэрніравана польскімі вайсковымі ўладамі. Са складу брыгады адзін батальён (каля 400 чалавек) на чале са сваімі афіцэрамі застаўся ў нейтральнай зоне для працягу ваенных дзеянняў партызанскага характару. У асноўным гэта былі прыхільнікі генерала С. Булак-Балаховіча. Яны пайшлі на ўсход, у тым ліку ў лясы на Капыльшчыне і змагаліся яшчэ доўгі час. Камандаванне Чырвонай Арміі адзначала, што беларускія партызаны непакоілі савецкія вайсковыя адзінкі ў Слуцкім павеце ў студзені 1921 г., калі яшчэ вяліся канчатковыя перагаворы яб міры паміж Савецкай Расіяй і Польшчай. Камандаванне 16-й арміі адзначала сур’ёзны характар партызанскага руху, які «не лічыць сваю барацьбу супраць Савецкай Расіі скончанай» і намагаецца «стварэння незалежнай дэмакратычнай Беларускай Рэспублікі». Таму тут і пакінулі «найбольш вопытных кіраўнікоў, старых партызанаў і зброю». 17–24 лютага 1921 г. на гэтым участку нейтральнай зоны была праведзена сумесная акцыя «расійскіх і польскіх атрадаў, кожны ў складзе не больш 400 штыкоў (г. зн. пехацінцаў. — А. Г.) пры 4 кулямётах і 60 шабляў (г. зн. коннікаў. — А. Г.)». Аднак гэтая аперацыя не дала вынікаў. Партызаны, якіх падтрымлівала сялянства, выйшлі з-пад удару савецкіх і польскіх вайсковых аддзелаў, пра што сведчаць вайсковыя паведамленні. Нейтральная зона ў раёне Капыля была занята Чырвонай Арміяй да савецка-польскай дзяржаўнай мяжы толькі пасля падпісання 18 сакавіка 1921 г. у Рызе канчатковага мірнага дагавора паміж РСФСР і Польшчай, у выніку якога тэрыторыя Беларусі была разрэзана амаль папалам. У 2-м артыкуле савецка-польскага мірнага дагавора 1921 г. так апісвалася лінія дзяржаўнай мяжы:

«…далей да сярэдзіны дарогі паміж Нясвіжам і Цімкавічамі (на захад ад Кукавічаў) пакідаючы вёскі Свярынава, Кутец, Луніна, Язвіны Паўночныя, Белікі, Язвін, Рымашы і Кукавічы (усе тры) на баку Беларусі, а на баку Польшчы вёскі Куль, Бучнае, Дзвянопаль, Журавы, Пасекі, Юшэвічы, Лісуны Паўночныя і Паўднёвыя, Султанаўшчына і Пляшэвічы; далей да сярэдзіны дарогі паміж Клецкам і Цімкавічамі (паміж вёскамі Пузава і Праходы), пакідаючы на баку Беларусі вёскі Раёўка, Савічы, Заракаўцы і Пузава, а на баку Польшчы вёскі Марусін, Смолічы Усходнія, Ляцешын і Праходы; далей да Маскоўска-Варшаўскай шашы, перасякаючы яе на захад ад вёскі Філіпавічы Заходнія, пакідаючы вёску Цехава на баку Беларусі, а вёску Ёдчыцы на баку Польшчы…»

25 сакавіка 1921 г. было падпісана пагадненне польска-расійскай вайсковай камісіяй, якое ліквідавала нейтральную зону. Войскі 16-й арміі прасунуліся да лініі мяжы.

Такім чынам, ваенныя дзеянні на тэрыторыі Капыльскай і суседніх валасцей былі скончаны. На тэрыторыі ўсяго Слуцкага павета ўсталявалася савецкая ўлада.

Дзень 23 лютага і гісторыя гэтага свята

Дзень 23 лютага афіцыйна з'яўляецца святам вайскоўцаў — Днём Узброеных Сілаў Рэспублікі Беларусь. Неафіцыйна лічыцца ўвогуле днём мужчынаў, бо неўзабаве адзначаецца Жаночы дзень. Мала хто (ці амаль ніхто) ведае, ад якога часу пачала адзначацца гэтая дата. Хаця большасць дарослага насельніцтва нашай краіны ведае, што гэта свята Савецкай Арміі, а раней Чырвонай Арміі. Якое ж яно мае дачыненне да Беларусі?

Ва ўсіх даведніках 70-х гадоў мінулага стагоддзя (Вялікай Савецкай Энцыклапедыі, Савецкай Гістарычнай Энцыклапедыі, Савецкай Ваеннай Энцыклапедыі) пра гэтую дату гаворыцца агульа і ў той жа час канкрэтна. Паўсюды адны і тыя ж словы:

«У азнаменаванне ўсеагульнай мабілізацыі рэвалюцыйных сіл, масавага ўздыму народа па абарону сацыялістычнай Айчыны, а таксама мужнага супраціўлення першых аддзелаў Чырвонай Арміі германскім захопнікам 23 лютага штогод адзначаецца як усенароднае свята Дзень Савецкай Арміі і Ваенна-Марскога флоту».

Пачала адзначацца гэтая дата з 1919 года. Спачатку святкаванне Дня Чырвонай Арміі было прызначана ў першую гадавіну дэкрэту Саўнаркому ад 15 (28) студзеня 1918 г. аб стварэнні на дабраахвотніцкай аснове Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі ў Савецкай Расіі. Аднак святкаванне па нейкіх бюракратычных прычынах (пакуль мерапрыемства ўзгаднялася) аднеслі на люты 1919 г. і выбралі першую дату, якая трапілася пад руку: 23 лютага.

Спачатку самі бальшавіцкія кіраўнікі не ведалі, як адказаць, чаму менавіта гэты дзень яны звязваюць з народзінамі свайго войска. Напрыклад, вось што пісаў у сваім артыкуле «15 год Чырвонай Арміі» ў газеце «Правда» 5 сакавіка 1933 г. народны камісар па ваенных і марскіх справах СССР К. Я. Варашылаў:

«Дарэчы, прымеркаванне святкавання гадавіны РСЧА (Рабоча-Сялянскай Чырвонай арміі — А. Г.) да 23 лютага носіць даволі выпадковы і цяжка вытумачальны характар і не супадае з гістарычнымі датамі».

Клімент Варашылаў меў на ўвазе дату дэкрэта Савета Народных Камісараў Савецкай Расіі ад 15 (28) студзеня 1918 г. аб стварэнні Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі на добрахвотнай аснове ўзамен старой расійскай арміі, якая да таго часу, хоць насіла назву «Рэвалюцыйная», але ўжо амаль цалкам развалілася з-за масавага маштабнага дэзерцірства з арміі, як на фронце, так і ў тыле.

Трэба таксама адзначыць, што адразу пасля дэкрэту ад 28 студзеня 1918 г. Чырвоная армія арганізавана не была. Знаходзілася мала ахвотнікаў запісвацца ў яе шэрагі, пра што сведчаць тэлеграмы з губерняў у Петраград. Так, у Ніжнім Ноўгарадзе пайшлі служыць у Чырвоную армію 174 чалавекі, у Іркуцку — 350, у Царыцыне — 375. З Іванава-Вазнясенска паведамлялі, што «арганізацыя Чырвонай Арміі ідзе вяла», з Вязьмы — што «арганізацыя Чырвонай Арміі ідзе марудна». Бальшавіцкія агітатары на вакзалах буйных гарадоў звярталіся да ўцекачоў з фронту: «Таварышы дэзерціры! Мы не павінны кідаць вінтоўку! Рэвалюцыя ў небяспецы!» Бывалі выпадкі, што пад выглядам дабраахвотнікаў у армію запісваліся звычайныя марадзёры і крымінальнікі, якія рабавалі насельніцтва. Так, у сакавіку 1918 г. у Маскве была сфармавана «армія Пятрова» з больш чым 2 тысячаў чалавек. Пад Палтавай гэтая армія «займалася толькі рабаваннем, чым настроіла супраць Савецкай улады ўсё насельніцтва», а пры першай жа сутычцы з нямецкімі і ўкраінскімі войскамі «армія Пятрова» ўцякла ў Варонеж, дзе працягвала рабаваць людзей. Прыйшлося новым воінскім часткам яе раззброіць, а бальшавіцкім уладам яе распусціць.

У лютым 1918 г. Чырвонай Арміі яшчэ не было. Фактычна Савецкі ўрад Ул. Леніна ў сваім распараджэнні меў асобныя аддзелы матросаў, чырвонагвардзейцаў-рабочых і невялікія рэшткі старой арміі.

Больш канкрэтна дата нараджэння Чырвонай Арміі была ўстаноўлена ў 1938 г., у разгар масавых рэпрэсій, падчас якіх была вынішчана большасць сапраўдных стваральнікаў савецкіх войскаў. Была прыдумана і прычына для святкавання дня 23 лютага. У «Кароткім курсе гісторыі ВКП(б)» (с. 207), які асабіста рэдагаваў І. Сталін, сцвярджалася, што дзень адпору савецкіх войск нямецкім войскам (падчас наступу немцаў з 18 лютага 1918 г. на ўсім фронце ад Балтыйскага да Чорнага мора) якраз прыпадае на 23 лютага 1918 г. — маўляў, менавіта тады маладая Чырвоная Армія нанесла паражэнні нямецкім войскам у баях пад Нарвай і Псковам. Паколькі кніга гэтая была адрэдагавана Сталіным, то яна стала абавязковай для вывучэння на палітінфармацыях і палітзанятках савецкімі грамадзянамі ва ўсіх установах і калгасах, так бы мовіць, падручнік па савецкай ідэалогіі.

Так узнік міф пра першыя перамогі Чырвонай Арміі, а святкаванне 23 лютага атрымала «навуковае» абгрунтаванне. Потым савецкія гісторыкі распісвалі гэтыя перамогі, а адзін з мастакоў нават атрымаў Сталінскую (з 1956 г. ― Дзяржаўную) прэмію за карціну пра разгром немцаў. Гэты міф пра 23 лютага надоўга і трывала ўвайшоў ва ўсведамленне пакаленняў савецкіх людзей. Такім чынам, была канчаткова замацавана дзяржаўнае вайсковае свята сталінскага гатунку. У Вялікай Савецкай Энцыклапедыі (2-е выд.) у томе 35-м 1955 г., на с. 257–258 быў змешчаны артыкул. «Пскоўска-нарваўскія баі», дзе адзначалася, што гэта «першыя баі маладых частак Чырвонай Арміі, што фармаваліся, сумесна з аддзеламі Чырвонай гвардыі, рэвалюцыйных матросаў і салдатаў былой царскай арміі 18 лютага (4 сакавіка) 1918 г. у раёне Пскова і Нарвы супраць войскаў кайзераўскай Нямеччыны». Спасылкі ў гэтым артыкуле ёсць па артыкулы Ул. Леніна ў прэсе 1918 г. і на два сціплых зборнікі дакументаў і матэрыялаў, у якіх цмяна гаворыцца аб падзеях. Да таго, нямецкія войскі пачалі наступ на фронце апоўдні 18 лютага, і ў той жа дзень з-пад Рыгі да Нарвы і Пскова яшчэ не дайшлі.

Савецкія гісторыкі нават у 80-х гадах мінулага стагоддзя працягвалі распісваць ваенныя дзеянні, зразумела з перамогай Чырвонай Арміі. Праўда, у Савецкай Ваеннай Энцыклапедыі (том 5, 1978, с. 493) у артыкуле «Нарва» гаворыцца:

«У лютым 1918 аддзелы Чырвонай Арміі пад Нарвай уступілі ў бой з кайзераўскім войскам».

А ў томе 6 (1978, с. 621) у артыкуле «Пскоў»:

«У лютым 1918 у пачатку Грамадзянскай вайны пад Псковам і Нарвай аддзелы маладой Чырвонай Арміі ўступілі ў бой з германскімі інтэрвентамі».

Нават у сучасных падручніках па гісторыі Расіі, што выдаюцца ў Маскве, захавалася фраза «Чырвоная Армія спыніла немцаў пад Псковам». Такім чынам, захоўвацца версія з «Кароткага курсу гісторыі ВКП(б)» 1938 году.

Але ці былі ў лютым 1918 г. баі пад Нарвай і Псковам? Савецкі вайсковы гісторык М. Я. Какурын (1883–1936 гг.), былы палкоўнік царскай арміі, а потым камандуючы 3-й чырвонай арміяй (у кастрычніку-снежні 1920 г.) на Заходнім фронце і потым выкладчык Вайсковай акадэміі РСЧА, пазней рэпрэсаваны, у сваёй капітальнай працы «Як змагалася рэвалюцыя» (т. 1, 1925, перавыдадзенай ў 1990 г.) на с. 176 адзначае:

«… немцы 18 лютага 1918 г. перапынілі мірныя перагаворы і перайшлі ў наступ на ўсім фронце ад Балтыйскага да Чорнага мора.

Наступаючы па тэрыторыю Вялікаросіі і Беларусі, немцы, нідзе не сустракаючы супраціўлення старой арміі, якая ўжо зусім разлажылася, лёгка дасягнулі лініі Нарва-Пскоў-Полацк-Орша-Магілёў.

Наступ германцаў прымусіў Савецкі ўрад падпісаць мір, і 3 сакавіка 1918 г. ён быў урэшце падпісаны».

Аднак у 1930 г. М. Я. Какурын быў арыштаваны, потым асуджаны і памёр у Яраслаўскім палітізалятары у 1936 г. (праз 20 гадоў рэабілітаваны), а кніга яго была забаронена, і чытачы пра яе доўгі час не ведалі, ажно да 1990 г., бо яна абвяргала версію савецкіх гісторыкаў пра грамадзянскую вайну.

Першым у савецкі час афіцыйную версію пра падзеі 23 лютага 1918 г. самі таго не жадаючы, паставіў пад сумнеў чалавек пабочны. У 1951 г. пісьменнік А. М. Сцяпанаў (1892–1965 г). лаўрэат Сталінскай прэміі за раман «Порт-Артур» у 1946 г. Працуючы над раманам «Сям'я Званаровых» пра далейшы лёс сваіх персанажаў, ён зацікавіўся абставінамі першых баёў Чырвонай Арміі і ўстанавіў бясспрэчны факт: 23 лютага 1918 г. баёў пад Нарвай і Псковам не адбывалася.

Як сведчыць генерал-маёр, прафесар С. Ф. Найда («Военно-исторический журнал», 1964, № 5) у сваім артыкуле «Чаму дзень Савецкай Арміі і Ваенна-Марскога Флоту святкуецца 23 лютага?», пісьменнік А. М. Сцяпанаў звярнуўся з лістом да Сталіна па гэтым пытанні. Сталін пераслаў ліст пісьменніка ў сакратарыят галоўнай рэдакцыі «Гісторыі грамадзянскай вайны ў СССР», які ўзначальваў С. Ф. Найда. Праверыўшы архіўныя дакументы і газеты за люты - сакавік 1918 г. С. Ф. Найда і яго супрацоўнікі падцвердзілі выснову А. Сцяпанава: сапраўды, пад Псковам і Нарвай ніякіх баёў не было.

Звернемся да яшчэ аднаго сведкі. Гэта генерал-лейтэнант царскай арміі, а потым генерал-лейтэнант Савецкай Арміі Міхаіл Дзмітрыевіч Бонч-Бруевіч (1870–1956 гг) «бальшавіцкі генерал», як яго ахарактарызаваў у сваіх мемуарах А. І. Дзянікін. Дарэчы, генерал А. І. Дзянікін меў рацыю. Генерал М. Д. Бонч-Бруевіч быў старэйшым братам вядомага бальшавіка Уладзіміра Дзмітрыевіча Бонч-Бруевіча (1871–1955 гг), блізкага супрацоўніка Леніна, кіраўніка спраў Саўнаркома РСФСР у 1917–1920 гг. У лістападзе 1917 г. генерал-лейтэнанта М. Д. Бонч-Бруевіча, адукаванага і дасведчанага вайскоўца, прызначылі начальнікам штаба савецкага Вярхоўнага Галоўнакамандуючага прапаршчыка М. В. Крыленкі. Раней генерал М. Д. Бонч-Бруевіч быў галоўнакамануючым Паўночным фронтам. Стаўка М. В. Крыленкі знаходзілася у гэты час у Магілёве. Па загаду Ул. Леніна 19 лютага 1918 г. генерал М. Д. Бонч-Бруевіч быў выкліканы ў Петраград. Толькі вечарам 22 лютага 1918 г., праехаўшы цягніком дзве ночы і дзень, ён дабраўся да Смольнага на нараду да Леніна. Як успамінае М. Д. Бонч-Бруевіч («Вся власть Советам», М., Воениздат, 1964 г.) Ленін заявіў некалькім былым царскім генералам, што ў савецкага ўрада няма ніякіх войскаў для абароны Петраграда і што трэба іх фармаваць.

У той жа дзень, 22 лютага газеты апублікавалі прыняты напярэдадні дэкрэт Савета народных камісараў «Сацыялістычная айчына ў небяспецы!». У гэтым дакуменце нічога не гаварылася аб усеагульнай прымусовай мабілізацыі. Дэкрэт абавязваў «усе сілы і сродкі краіны» перадаць «на справу рэвалюцыйнай абароны».

М. Бонч-Бруевіч і яго супрацоўнікі ўжо 23 лютага стварылі выведгрупы, якія былі накіраваныя насустрач нямецкім войскам, што наступалі на Нарву і Пскоў і далей маглі пайсці на Петраград. У той жа дзень, 23 лютага 1918 г. у Петраградзе прайшлі мітынгі пад лозунгам «Абарона сацыялістычнай айчыны», фармаваліся аддзелы Чырвонай Арміі з дабраахвотнікаў. Аднак ніякіх баёў у гэты дзень не было, бо аддзелы Чырвонай Арміі яшчэ не былі сфармаваныя. Наадварот, як раз у гэты дзень германскае камандаванне аддало загад прыпыніць наступ (але пра гэта ў Петраградзе не ведалі). Узяцце Петраграда патрабавала б значных стратаў, а дагэтуль нямецкія войскі ішлі наперад трыумфальным маршам, часта ў цягніках, або ў аўтамабілях па шашы. Немцы без бою падыйшлі да Нарвы, але далей не пайшлі, высылаючы на ўсход ад Нарвы толькі выведвальныя кавалерыйскія раз'езды.

Пад Нарву М. Д. Бонч-Бруевіч накіраваў аддзел матросаў Балтыйскага флоту пад камандаваннем П. Я. Дыбенкі (былога старшыні Цэнтрабалту) з камісарам А. Р. Жалязняковым (тым самым, што быў начальнікам варты таўрычаскага палаца і сказаў дэпутатам пры разгоне Устаноўчага сходу: «Варта стамілася, пакіньце памяшканне!»).

Аддзел Дыбенкі, як сведчыць М. Д. Бонч-Бруевіч, адразу адступіў на бліжэйшую станцыю, як толькі матросы падышлі да Нарвы і ўбачылі ў полі нямецкі кавалерыйскі раз'езд — дзесятак коннікаў. Як піша М. Д. Бонч-Бруевіч:

«Замест барацьбы з немцамі разбэшчаныя матросы заняліся бочкай са спіртам, якую здабылі па дарозе».

Так скончылася «баявая аперацыя» пад Нарвай. Камандзіра і камісара аддзелу ваенна-рэвалюцыйны трыбунал прыгаварыў да расстрэлу, аднак, улічваючы іх рэвалюцыйныя заслугі, замяніў пакараннем адпраўкай на фронт. Аддзел матросаў быў расфармаваны. Такой была сапраўдная «перамога» пад Нарвай.

У Пскове, паводле звестак, змешчаных у «Правде», 22 лютага 1918 г., прайшоў мітынг пскоўскай залогі. «З вялікім уздымам» яго ўдзельнікі прынялі рэзалюцыю даць рашучы адпор нямецкім захопнікам. Аднак вечарам 24 лютага 1918 г.

«Пскоў быў заняты невялікімі сіламі немцаў. Горад удалося б адстаяць, калі б быў аказаны супраціў. На жаль, салдаты ў першы момант паддаліся паніцы і не прынялі ніякіх крокаў да адпору».

Так паведамляла бальшавіцкая газета. Нямецкая матацыклетная рота панесла страты ў 4 чалавекі (аўтамабіль наехаў на міну). Салдаты палка, што стаяў у Пскове разбегліся, і полк спыніў сваё існаванне. Такой была другая «перамога», на гэты раз «пад Псковам».

Такім чынам, свята Чырвонай (потым Савецкай) Арміі, а цяпер Узброеных сілаў Расіі мае міфічныя падставы прыдуманых перамог, у 30–80-я гады распрапагандаваных савец-кімі гісторыкамі і камуністычнай прапагандай.

Што тычыцца Беларусі, дык тут 23 лютага 1918 г. тым больш ніякіх гераічных падзей не адбывалася. Гэтая дата не мае аніякага дачынення да беларускай вайсковай гісторыі. На тэрыторыі Беларусі, дзе знаходзіўся фронт па лініі Дзвінск - возера Нарач - Смаргонь - Крэва - Карэлічы - Баранавічы - Пінск, як толькі салдаты «Расійскай рэвалюцыйнай арміі» (афіцыйная назва старой арміі) даведаліся аб ультыматыме германскага камандавання ад 16 лютага 1918 г., што нямецкія войскі пачнуць наступ, кінуліся наўцёк перад наступаючымі нямецкімі войскамі, рабуючы па дарозе панскія маёнткі. Пра гэта ёсць мноства сведчанняў, напрыклад, мемуары фундатара Чырвонага Касцёла ў Менску Э. Вайніловіча.

21 лютага 1918 г. у 3 гадзіны дня першы нямецкі цягнік прыбыў у Менск. 25 лютага немцы занялі Барысаў. Гэтым падзеям папярэднічалі ўцёкі з Менска ў Смаленск бальшавіцкага кіраўніцтва Заходняй вобласці і Заходняга фронту на чале з А. Мясніковым. Тут таксама можна прывесці дакументальныя сведчанні: Напрыклад, газета «Известия» ў нумары ад 26 (13) лютага 1918 г. (№ 34) прыводзіла звесткі з Менска ад 19 лютага з абласнога Савета народных камісараў (са спазненнем):

«На экстранным паседжанні Савета Народных Камісараў было пастаноўлена эвакуяваць абласны Савет» і «ў 4 гадзіны дня Савета ўжо не было».

Ніякіх баёў з нямецкімі войскамі ў Беларусі не было. Хто мог, уцякаў ад немцаў.

Мы бачым, што дата 23 лютага 1918 г. да Узброеных Сілаў Рэспублікі Беларусь ніякага дачынення ўвогуле не мае.

Аднак воляю лёсу менавіта на гэты дзень прыпадае яшчэ адна дата — прычым таксама звязаная з пэўнай вайсковай сілай. 23 лютага 1944 г. паводле загада генеральнага камісара Беларусі Курта фон Готберга пачала стварацца Беларуская Краёвая Абарона (БКА) — вайсковае фармаванне для барацьбы супраць бальшавізму.

Зразумела, кожны вырашае сам, што адзначаць 23 лютага — ці чарговую гадавіну стварэння БКА, ці памяць пра міфічныя перамогі Чырвонай Арміі Савецкай Расіі, ці неафіцыйнае «свята мужчынаў» (ёсць лішняя нагода падняць чарку і закусіць скваркай). Аднак варта было б узгадаць яшчэ адну падзею, якая, насамрэч, больш за ўсе іншыя нагадвае аб нашай вайсковай славе.

Падчас уздыму адраджэнскага руху ў канцы 80-х - пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя ўпершыню была адзначана сапраўды гераічная старонка нашай айчыннай гісторыі — гадавіна Аршанскай бітвы, калі 30-тысячнае войска К. Астрожскага цалкам разграміла 80-тысячную армію Маскоўскага вялікага княства. Адбылося гэта 8 верасня 1514 г. Вось чаму менавіта 8 верасня і адзначаецца беларускімі патрыётамі як наша нацыянальнае вайсковае свята — Дзень беларускай вайсковай славы.

ДАДАДЗЕНЫЯ АРТЫКУЛЫ

Гісторыя геапалітыкі Беларусі

І. Геапалітыка Вялікага княства Літоўскага у XIII–XVI стст

Першыя фэадальныя дзяржавы беларусаў ад самага пачатку мусілі весьці самастойную палітычную лінію ў дачыненьнях між сабой і суседзямі, блізкімі і больш далёкімі, такімі як Візантыя. Асабліва актыўную палітыку ў XI-XII стст. праводзіла Полацкае княства, Самая моцная беларуская дзяржава ў той час. Зьнешняя палітыка Полацка была перадусім накіраваная на адстойваньне незалежнасьці ў барацьбе з Кіеўскім княствам, а таксама на ўрэгуляваньне адносінаў з Ноўгарадам і суседзямі, у тым ліку зь літоўскімі, латгальскімі, ліўскімі і эсцкімі плямёнамі ў Прыбалтыцы. Латгалы і лівы ўвайшлі ў дзяржаўныя дачыненьні з Полацкім княствам, сталіся ягонымі васаламі. На тэрыторыі латгалаў былі ўтвораныя васальныя княствы Герцыке і Кукенойс з князямі полацкае дынастыі Ізяславічаў.

Напачатку XIII ст. Полацкае княства вымушана было распачаць барацьбу зь нямецкімі рыцарамі Ордэну мечаносцаў (Братоў Хрыстовага ваярства), які ў 1237 г. быў пераўтвораны ў Лівонскі ордэн у складзе Тэўтонскага.

Першыя дзяржавы беларусаў, як і іншыя тагачасныя эўрапейскія дзяржавы, часам вялі мірную палітыку, а часам ваявалі. Але ўсё ж гаварыць пра геапалітычныя дачыненьні беларускіх княстваў у гэты пэрыяд зарана. Іхная палітыка была абмежаваная рамкамі ўсходнеславянскага рэгіёну і толькі пачала выходзіць за ягоныя межы. Тым ня менш, зыходзячы з геаграфічнага становішча беларускіх дзяржаваў, вызначыліся кірункі актыўнасьці: дачыненьні з Кіеўскай Русьсю, з Прыбалтыкай, зь Візантыяй і нямецкімі ордэнамі.

Вялікае княства Літоўскае ― зьбіральнік усходнеславянскіх земляў

Новыя абставіны склаліся ў сярэдзіне XIII ст., калі ўтварылася Літоўскае-Беларускае гаспадарства з сталіцай у Наваградку. Ад самага пачатку існаваньня нашай гістарычнай дзяржавы яе ўладарамі, пачынаючы ад Міндоўга, і кіруючымі коламі праводзіцца актыўная зьнешняя палітыка на некалькіх кірунках. Калі нашыя землі аб'ядналіся ў адной дзяржаве, ва Ўсходняй Эўропе склалася новая геапалітычная сытуацыя.

Да 80-х гг. XIV ст. скончыўся працэс уключэньня асноўных беларускіх земляў у склад Вялікага Княства Літоўскага і Рускага (як яно называлася да сярэдзіны XV ст., калі дадалося і «Жамойцкага», бо жамойцкая зямля ўвайшла ў склад дзяржавы на правох аўтаноміі). У 1358 г. была далучаная Мсьціслаўская зямля, у 60-я гг., пасьля перамогі літоўскага-беларускага войска пад Сінімі Водамі, ― Кіеўская зямля, а разам зь ёю Мазырская і Брагінская воласьці, каля 1358 г. ― Бранскае княства, у 60–70-х гг. XIV ст. ― Чарнігава-Северскія землі. Урэшце, у 1395 г. падпарадкавалася Смаленскае княства, якое ў 1404 г. канчаткова ўвайшло ў склад ВКЛ.

Увесь гэты час ― ад сярэдзіны XIII да канца XIV ст. ― ішоў ня толькі працэс аб'яднаньня беларускіх земляў у адной дзяржаве, але і адбывалася ўмацаваньне ейных рубяжоў, заключаліся саюзы зь іншымі дзяржавамі, вяліся войны.

Адным з галоўных кірункаў зьнешняе палітыкі Вялікага Княства Літоўскага быў усходні. У ХІV ст., як ужо нагадвалася, галоўнаю мэтай яго сталася аб'яднаньне беларускіх земляў у адной нацыянальнай дзяржаве. А затым ― вызваленьне земляў Русі з-пад татарскае няволі ды ўключэньне іх у склад новай дзяржавы з сталіцаю ў Вільні. На працягу XIV ст. Вільня была цэнтрам аб'яднаньня ўсіх усходнеславянскіх земляў. Пры гэтым яна мела супернікам спачатку Галіцка-Валынскую Русь (але нядоўга), а потым ― Маскоўскае вялікае княства, якое пачало ўзмацняцца.

У XIV ст. ідзе палітычная барацьба за прамежкавыя княствы ― Кіеў, Цьвер, Ноўгарад, Пскоў. У другой палове стагодзьдзя пачынаецца вайсковае змаганьне Вільні і Масквы за землі Русі. Ноўгарад, Пскоў і Цьверскае вялікае княства шукалі падтрымкі супраць Масквы ў вялікіх князёў літоўскіх.

Да гэтага часу адносяцца тры паходы вялікага князя Альгерда на Маскву. У 1368 г. ён заключыў саюз зь цьверскім князем Міхаілам Аляксандравічам і двойчы (1368 і 1370 гг.) падыходзіў да Маскоўскага Крамля (горад быў узяты). Толькі каменныя муры Крамля, пабудаваныя ў 1367 г., выратавалі маскоўскага князя. У Хроніцы Быхаўца гаворыцца:

«I на самую Пасху раніцаю рана князь вялікі (Дзьмітры Іванавіч ― А. Г.) з баярамі і князямі ішоў з ютрані з царквы, а князь вялікі Альгерд з усімі сваімі сіламі, распусьціўшы сьцягі свае, паказаўся на Паклоннай гары.

І пабачыўшы гэта, вялікі князь Маскоўскі моцна спужаўся і жахнуўся, убачыўшы вялікага князя Альгерда зь ягонаю вялікаю сілаю, які прыйшоў да яго такім магутным. I, ня маючы сілаў даць яму адпор, паслаў да яго паслоў, просячы яго аб міры і абяцаючы даць яму вялікія падарункі, просячы яго, каб яго з вотчыны яго Масквы ня выгнаў… І князь вялікі Альгерд пашкадаваў яго… і не здабываў яго з Масквы, і заключыў зь ім мір».

У 1372 г., пасьля новага паходу Альгерда на Маскву, каля Любуцка быў заключаны канчатковы мір з маскоўскім вялікім князем.

Становішча на ўсходзе пагоршылася для Літоўскай-Беларускай дзяржавы пасьля сьмерці Альгерда ў 1377 г. і барацьбы за ўладу паміж Ягайлам і Кейстутам. Пасьля перамогі маскоўскага князя Дзьмітрыя Іванавіча ў 1380 г. на Куліковым полі над татарамі ў Маскву выехаў праваслаўны мітрапаліт літоўскі Кіпрыян, што паўплывала на настрой часткі насельніцтва дзяржавы. Спроба вялікага князя Ягайлы заключыць саюз з Масквой супраць татараў і крыжакоў (план жаніцьбы яго з дачкою Дзьмітрыя Данскога) скончылася няўдачай, бо літоўскія-беларускія князі і баяры лічылі, што больш страцяць, чым атрымаюць ад ваенна-палітычнага саюзу з Масковіяй, якая выкарыстае яго, каб павялічыць сваю тэрыторыю і на ўсходзе і на захадзе (таксама і за кошт саюзьніка), ужыўшы пры гэтым літоўскія-беларускія палкі.

Менавіта таму і быў тады прыняты план саюзу з Польшчай, найперш супраць крыжакоў. Гэта было аформлена Крэўскай вуніяй 1385 г., шлюбам Ягайлы з польскай каралевай Ядзьвігай і каранаваньнем яго на караля Польшчы.

Усходняя палітыка Вітаўта

Але барацьба за гегемонію ў рускіх землях паміж вялікімі княствамі Літоўскім і Маскоўскім працягвалася. У канцы XIV - першай палове XV ст. усходняя палітыка Літоўскай-Беларускай дзяржавы, акрамя ціску на Маскоўскае княства, прадугледжвала пашырэньне ўплыву на іншыя княствы, у тым ліку на Разанскае і Цьверскае вялікія княствы, бо яны займалі важнае стратэгічнае становішча ў дачыненьні да Маскоўскага княства, Залатой Арды, Ноўгарада й Пскова.

Зь сярэдзіны 20-х гг. XV ст. Вітаўт узнавіў актыўную палітыку на ўсходзе, спрабуючы падпарадкаваць Ноўгарад і Пскоў. Адначасова вялася палітыка, каб далучыць да саюзу зь Вільняй іншыя рускія княствы. У 1427 г. адбылася вялікая вайсковая экспэдыцыя Вітаўта ў Суздальскую зямлю. У выніку гэтага паходу княствы Разанскае, Пераяслаўскае, Пронскае, Навасільскае, Адоеўскае і Варатынскае прызналі зьверхняе апекаваньне з боку Вітаўта. Так, вялікі князь разанскі Іван Фёдаравіч даў Вітаўту грамату на вернасьць і падданства ды заверыў яе прысягаю, што як «господину господарю» свайму абяцае дапамогу супраць кожнага праціўніка, у тым ліку і супраць Масквы. У 1427 г. вялікі князь цьверскі Барыс Аляксандравіч заключыў дамову аб сяброўстве і ўзаемнай дапамозе зь Вітаўтам, «з своим господином з дедом, з великим князем Витовтом, Литовским и многих Русских земель господарем».

Дачыненьні Вітаўта з Масквою мелі зьменны характар. Яшчэ ў 1391 г. Вітаўт выдаў сваю адзіную дачку замуж за маскоўскага князя Васіля І Дзьмітравіча. Аднак працягваліся і вайсковыя канфлікты. Тым ня менш Васіль І Маскоўскі зьвяртаўся да Вітаўта: «Господин великий князь Витовт. Ты мне как отец…»

У сваёй духоўнай грамаце (тастаманце) 1423 г. вялікі князь Васіль I, які памёр у 1425 г., даручыў Вітаўту ўзяць пад сваю апеку ўнука ― малалетняга князя Васіля II і Маскоўскую дзяржаву. Тады ж у Смаленску адбылася сустрэча Вітаўта зь вялікаю княгіняю маскоўскаю Соф'яй Вітаўтаўнай, сваім унукам Васілём і маскоўскім мітрапалітам Фоціем, якія прадстаўлялі інтарэсы Васіля I. Яшчэ пры жыцьці свайго зяця Вітаўт Вялікі праз паслоў патрабаваў ад Ноўгарада і Пскова, каб прызналі яго сваім гасударам і давалі выхад (г. зн. дань), гаворачы:

«Вы даяцё выхад зяцю майму Васілю Маскоўскаму, які зьяўляецца маім васалам, а мне, уроджанаму гаспадару, даваць ня хочаце».

Пасьля гэтага Вітаўт пайшоў паходам на Наўгародзкую зямлю. Такім чынам, у першай трэці XV ст. рускія княствы знаходзіліся ў палітычнай залежнасьці ад Літоўскай-Беларускай дзяржавы.

Але посьпех на Ўсходзе быў часовы. Палітычныя падзеі пасьля сьмерці Вітаўта і фэадальная вайна паміж Жыгімонтам Кейстутавічам і Сьвідрыгайлам рэзка зьнізілі ўплыў Літоўскага-Беларускага гаспадарства ў маскоўскіх землях. У 1449 г. Казімір Ягайлавіч і Васіль II заключылі дамову аб сяброўстве і ненападзе. Абодва князі абавязаліся не прэтэндаваць на тэрыторыі кожнай зь дзьвюх дзяржаваў. Прадугледжваўся падзел сфэраў уплыву. У зону ўплыву Вялікага Княства Літоўскага ўваходзілі Цьвер і Вярхоўскія княствы, а ў сфэру ўплыву Масквы ― Ноўгарад, Пскоў, Разань. Праўда, дамова не вытрымлівалася, хаця і вайны між абедзьвюма дзяржавамі не было. Сярэдзіна XV ст. сталася пэўным рубяжом у дачыненьнях Вільні ды Масквы. Дагэтуль існавала адносная раўнавага між двума цэнтрамі аб'яднаньня Русі.

Дачыненьні з Ордэнам

Другім важным кірункам у міжнародных адносінах Літоўскага-Беларускага гаспадарства быў паўночна-заходні. Адносіны з крыжакамі ― гэта пастаянная барацьба з Тэўтонскім ордэнам, які рабіў напады на землі жамойтаў, яцьвягаў і пагражаў заваёваю земляў ВКЛ. Рыцары Лівонскага ордэну рэгулярна нападалі з поўначы.

Другая палова XIII - першая палова XV ст. для Вялікага Княства Літоўскага ― пэрыяд выпрабаваньняў, калі паўстала пытаньне пра далейшае існаваньне народаў ВКЛ.

Ня ўвесь час ішлі войны. Яны спыняліся мірнымі дамовамі. Некаторыя літоўскія князі заключалі нават часовыя пагадненьні з крыжакамі, прычым абодва бакі намагаліся выкарыстаць гэтыя саюзы з найбольшаю карысьцю для сябе.

Барацьба супраць ордэнскіх рыцараў, пачынаючы з другой паловы XIV ст., усё часьцей вялася сумесна з Польшчай, якая таксама знаходзілася ў небясьпечным становішчы. Гэта спрыяла аб'яднаньню дзьвюх дзяржаваў у вайскова-палітычным саюзе і амаль поўнаму спыненьню вайсковых канфліктаў між імі на Валыні, Падляшшы, нападаў на Мазовію. Лягічным вынікам было заключэньне Крэўскае вуніі 1386 г. паміж Польшчай і Вялікім Княствам Літоўскім і Рускім, зацьверджанай на зьезьдзе фэадалаў абодвух бакоў у Любліне 2 лютага 1386 г.

У выніку барацьбы групоўкі, якую ўзначальваў гарадзенскі князь Вітаўт Кейстутавіч і якая стаяла за незалежнасьць Літоўскае-Беларускае дзяржавы, у 1392 г. Вітаўт стаўся кіраўніком Вялікага Княства Літоўскага, а празь некаторы час і фармальна вялікім князем літоўскім і рускім.

Палітыка Вітаўта ў дачыненьні да Тэўтонскага ордэну была неадназначная. Так, каб узмацніць незалежніцкую ў адносінах да караля Ўладзіслава Ягайлы пазыцыю, Вітаўт у 1398 г. заключыў пагадненьне з крыжакамі, аддаючы ім частку Жмудзі. У 1399 г. у вялікую выправу супраць татараў на поўдзень разам з войскам Літоўскае-Беларускае дзяржавы рушылі таксама аддзелы крыжакоў ды былі разьбітыя на рацэ Ворскле разам з усім войскам Вітаўта.

Торуньскі мір 1411 г., які закончыў «вялікую вайну» 1409-1411 гг. Польшчы і Вялікага Княства, з аднаго боку, і Ордэну, з другога, быў толькі перадышкаю. І хаця агрэсія Тэўтонскага ордэну была спыненая, а Жамойць пажыцьцёва перададзеная Вітаўту, але вайна з рыцарамі працягвалася. Толькі ў 1422 г. урэшце Жамойць была канчаткова вызваленая ад нямецкага прыгнёту. Аднак Клайпедзкая зямля (Мэмэль) і Малая Літва (усходняячастка ордэнскай Прусіі) засталіся ў нямецкіх рыцараў. Практычна ў другой чвэрці XV ст. Вялікае Княства Літоўскае, спыніўшы разам з Польшчай нямецкую агрэсію, ужо не вяло антыордэнскай палітыкі.

Больш таго, ордэнскія войскі ўдзельнічалі ў фэадальнай грамадзянскай вайне 30-х гг. XV ст. у Літоўскай-Беларускай дзяржаве. Паколькі Сьвідрыгайла вёў барацьбу супраць вуніі Вялікага Княства Літоўскага з Польшчай за незалежнасьць адзінай Літоўскай-Беларускай дзяржавы, дык Тэўтонскі ордэн дапамагаў яму ў змаганьні супраць Жыгімонта Кейстутавіча, прыхільніка Польшчы, сваімі войскамі, найперш лівонскімі аддзеламі. Асноўныя сілы ордэну былі занятыя адпорам польскаму войску, што ўварвалася ў Прусію, а ў сьнежні 1433 г. Тэўтонскі ордэн падпісаў з Польшчаю замірэньне, згаджаючыся ад гэтага часу трымацца нэйтралітэту ў грамадзянскай вайне ў Вялікім Княстве Літоўскім. Але ў бітве пад Вількамірам 1 верасьня 1435 г. на баку Сьвідрыгайлы эноў удзельнічалі лівонскія рыцары, якія амаль усе паляглі на полі бою разам з сваім магістрам Керскорфам.

Так працягвалася да заключэньня «вечнага міру» Тэўтонскага ордэну з Польшчай 31 сьнежня 1435 г.

Дачыненьні Княства да Польшчы таксама зьмяніліся ў другой чвэрці XV ст. Вітаўт і фэадалы Літоўскае-Беларускае дзяржавы зрабілі спробу абвясьціць яе каралеўствам, г. зн. цалкам роўнай Польшчы. Аднак процідзеянне польскіх фэадалаў і сьмерць Вітаўта ў 1430 г. перашкодзілі гэтаму намеру.

Арда і Крым

Яшчэ адным кірункам палітыкі Вялікага Княства Літоўскага і Рускага быў паўднёвы, галоўным чынам, адносіны з татарамі. Пасьля вызваленьня ўкраінскіх земляў войскам ВКЛ з-пад панаваньня татараў (1362 г.) асноўнаю мэтаю на гэтым кірунку быў адпор нападам ардынскіх ханаў. Прадугледжавалася таксама пасоўваньне на поўдзень, у Дзікае Поле. Вялікія князі літоўскія намагаліся выкарыстаць татараў дзеля далучэньня рускіх земляў да сваёй дзяржавы. Яны выстаўлялі сваіх прэтэндэнтаў на сталец у Залатой Ардзе і ў Крыме.

Калі хан Тахтамыш (які ў 1382 г. узяў, разрабаваў і спаліў Маскву разам з Крамлём) быў выгнаны ў 1398 г. з Сарая, сваёй сталіцы, то знайшоў сховішча ў Вітаўта ў Кіеве. У бітве з татарамі на Ворскле 12 жніўня 1399 г., якая скончылася разгромам войска Вітаўта, удзельнічалі і татары Тахтамыша. Выратавалася толькі невялікая частка войска, Вітаўт, ягоны брат Жыгімонт, Сьвідрыгайла, Тахтамыш і ордэнскі комтур Маркварт фон Зальцбах.

Параза на Ворскле прыпыніла на доўгі час актыўную палітыку Вітаўта на паўднёвым захадзе. Літоўскія-беларускія войскі за Дон ужо не заходзілі. Але ў Дзікім Полі, на бязьлюдных прасторах Паўночнага Прычарнамор'я калянізацыйная палітыка працягвалася. На пачатку XV ст. да Літоўскай-Беларускай дзяржавы далучылася тэрыторыя на поўдзень ад Падоліі і Кіеўскай зямлі ― паміж Днястром і Дняпром.

У 1410-1411 гг, на беразе Чорнага мора былі пабудаваныя фартэцыя і рынак. Літоўская-Беларуская дзяржава на пэўны час сталася дзяржавай «ад мора і да мора». Выхад да Чорнага мора даў магчымасьць вялікаму князю літоўскаму ўстанавіць трывалыя сувязі з Малдовай.

Зноў актывізавалася палітыка ў дачыненні да Залатой Арды. Вітаўт выкарыстаў татарскае войска Джалал-ад-дзіна, старэйшага сына Тахтамыша, у бітве пры Грунвальдзе, а потым даў яму сваё дапаможнае войска, і Джалал-ад-дзін заняў золатаардынскі сталец пад пратэктаратам Вітаўта.

У 1423 г. хан Улуг-Мухамэд быў разьбіты сваім ворагам Барак-ханам і ўцёк да Вітаўта. Зьявіўся ён у Вільні ў канцы 1424 г., атрымаў ад Вітаўта дапамогу і згуртаваў свае сілы. У 1426 г. Улуг-Мухамэду ўдалося адваяваць у Барак-хана Сарай і ўзнавіць сваё панаваньне ў Ардзе. Пры падтрымцы Вітаўта Ўлуг-Мухамэд у 1428 г. пашырыў сваю ўладу на Крым. Такая палітыка Вітаўта аслабляла Залатую Арду, якая ўжо занепадала. Вялікі князь літоўскі і рускі такім чынам прадухіляў напады татараў на ўкраінскія і свае самыя ўсходнія землі.

Пасьля сьмерці Вітаўта і на паўднёвым кірунку дыпляматычныя справы Вялікага Княства Літоўскага пагоршыліся. У грамадзянскай вайне 30-х гг. XV ст. татарскія аддзелы выкарыстоўвалі і Сьвідрыгайла, і Жыгімонт Кейстутавіч. Але ў асноўным хан Саід-Ахмэд дапамагаў Сьвідрыгайлу. У канцы 30-х і ў 40-я гг. XV ст. гэты хан ужо выступаў на баку Жыгімонта Кейстутавіча, а пасьля ягонага забойства стаяў за Жыгімонтавага сына Міхайлушку супраць вялікага князя Казіміра Ягайлавіча.

У процівагу Саіду-Ахмэду Казімір і паны-рада вылучалі аднаго з нашчадкаў Чынгіс-хана. У 1449 г. у Кіеве на парадзе прадстаўнікоў Казіміра з крымскімі татарскімі мурзамі было зацьверджана пагадненьне аб прыняцьці ў Крыме за хана Хаджы-Гірэя, родапачынальніка крымска-татарскае дынастыі. Так Казімір стварыў на паўднёвай мяжы Літоўскага-Беларускага гаспадарства татарскі ўлус з сваім ханам, Казіміравым стаўленікам, ён аслабіў Залатую Арду і накіраваў крымскіх татараў супраць Маскоўскага вялікага княства. Аднак празь некаторы час Крымскае ханства ператварылася з саюзьніка ў ворага. 3 гледзішча пэрспэктывы дапамога крымскім татарам у стварэньні сваёй дзяржавы была стратэгічнаю памылкаю вялікіх князёў літоўскіх.

Рост усходняе пагрозы

Наступны пэрыяд у гісторыі геапалітыкі незалежнай Літоўскай-Беларускай дзяржавы ― гэта другая палова XV - першая палова XVI ст. Ягоныя асноўныя рысы ― абарона палітычных пазыцыяў і страта часткі тэрыторыяў на Ўсходзе на карысьць Маскоўскае дзяржавы, з аднаго боку, і больш шырокі выхад на Захад, на эўрапейскую арэну, з другога.

Асноўныя кірункі зьнешнепалітычнай дзейнасьці Вялікага Княства Літоўскага засталіся ранейшыя. Але адбыліся і зьмены. Была зьнятая пагроза заваёвы земляў ВКЛ нямецкімі рыцарамі. На руінах Залатой Арды паўстае Маскоўская дзяржава, якая будавала ўжо цэнтралізаваны апарат улады, і таксама агрэсіўнае Крымскае ханства.У гэты пэрыяд Літоўская-Беларуская дзяржава змушаная была значна больш займацца ўсходняю палітыкай, чым заходняю.

Адносіны з Польшчай заставаліся саюзнымі. Амаль увесь час вялікі князь літоўскі выбіраўся і каралём польскім (за выключэньнем пэрыяду 1492-1501 гг., калі манархі былі розныя). Але інтарэсы абедзьвюх дзяржаваў не супадалі і часам дыпляматыя Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага мела канфлікты з польскай дыпляматыяй (з-за Валыні, у дачыненьні да крымскіх татараў, да Тэўтонскага ордэну).

Адносіны Вільні з Масквою ў другой палове XV ст. сталіся напружанымі з-за Ноўгарада і Пскова, куды вялікі князь Казімір на просьбы наўгародцаў і пскавічоў ставіў князёў. Масква глядзела на гэта вельмі непрыхільна. Пагроза для Ноўгарада Вялікага страціць самастойнасьць і цалкам падпарадкавацца маскоўскаму вялікаму князю ўзмацняла ў наўгародзкіх баяраў імкненьне да саюзу зь Літоўскаю-Беларускаю дзяржаваю. Дзяржаўны лад яе, з палітычнымі і імунітэтнымі правамі фэадалаў, больш адпавядаў дзяржаўнаму ладу Наўгародзкай фэадальнай рэспублікі, чым маскоўская ўлада, заснаваная на цэнтралізацыі і самаўладзьдзі вялікага князя. Да таго ж Казімір падтрымліваў баярскае кіраваньне ў Ноўгарадзе і абмяжоўваўся меншымі патрабаваньнямі, чым маскоўскі вялікі князь, які лічыў, што Ноўгарад ― гэта ягоная «вотчына». У Ноўгарадзе між баярства існавала моцная групоўка незалежнікаў, (так званая «літоўская партыя») на чале з удавою пасадніка Марфай Барэцкай і ейнымі сынамі. «Літоўская партыя» выступала супраць «маскоўскай партыі», што імкнулася падпарадкавацца Маскве, бо была зьвязаная зь ёю эканамічнымі інтарэсамі, або стаяла ў апазыцыі незалежнікам. Кіроўная баярская групоўка абапіралася на пэўныя колы пасадзкага насельніцтва, якія таксама намагаліся захаваць незалежнасьць Ноўгарада. Баярская групоўка на чале з Марфай Барэцкай заявіла на вечы:

«Не хотим за великого князя Московского, ни зватися отчиною его; вольные есьмы люди Великий Новгород, а Московский князь великий многие обиды и неправду над нами чинит; но хотим за короля Польского и великого князя Литовского Казимира».

У лістападзе 1470 г. Ноўгарад запрасіў у якасьці князя-кармленшчыка (а практычна намесьніка Казіміра) слуцкага князя Міхаіла Алелькавіча, павадыра апазыцыі ў Вялікім Княстве Літоўскім. Але гэты князь ня здолеў аб'яднаць розныя групоўкі, ня меў падтрымкі з боку Казіміра і мусіў зьехаць з Ноўгарада ў сакавіку 1471 г. Тым ня менш у красавіку 1471 г. пасольства Ноўгарада ў Вільні падпісала дамову («даканчальную» грамату), паводле якой вызначаліся правы намесьніка Казіміра ў Ноўгарадзе і самога вялікага князя, які быў абавязаны абараняць Ноўгарад ад Масквы. Аднак правы вялікага князя літоўскага былі моцна абмежаваныя, а абавязкі наўгародцаў перад вялікім князем ― сьціплыя. Наўгародзкія баяры хацелі танна купіць ягоную вайсковую дапамогу.

Вялікі князь Казімір і паны-рада не пасьпелі дапамагчы Ноўгараду. Казімір да таго быў заняты вугорскімі і чэскімі справамі ў інтарэсах сваёй дынастыі (сын Казіміра Уладзіслаў стаўся каралём Чэхіі і рыхтаваўся на караля Вугоршчыны). Ды і апазыцыя праваслаўных князёў (ці, як іх тады называлі, «рускіх князёў») перашкаджала ўсходняй палітыцы Казіміра Ягайлавіча. Таму паход войска вялікага князя маскоўскага Івана ІІІ на Ноўгарад у ліпені 1471 г. скончыўся хуткаю перамогаю. Кіраўнікоў антымаскоўскай баярскай групоўкі пакаралі сьмерцю, а Ноўгараду забаранілі мець зносіны зь Вялікім Княствам Літоўскім. Паўторны паход Івана III у 1478 г. зьліквідаваў незалежнасьць Гаспадзіна Вялікага Ноўгарада. Так быў страчаны саюзьнік і фарпост Літоўскага-Беларускага гаспадарства, дзяржава, якая пашыралася да Ўралу і Паўночнага Ледавітага акіяну.

Праўда, у 1479 г. Казімір спрабаваў патаемна дамовіцца з братамі Івана III ― удзельнымі князямі вугліцкім Андрэем і валакаламскім Барысам, якія прасілі дапамогі супраць Івана III. Была зробленая спроба аднавіць наўгародзкі ўдзел, але няўдала. Свае сем'і браты Івана III адправілі ў Віцебск. Канфлікт скончыўся пагадненьнем паміж маскоўскімі братамі падчас паходу хана Ахмэда у 1480 г., ягонага адступленьня і ліквідацыі тым самым мангола-татарскага прыгнёту.

Вялікае Княства Літоўскае ня выкарыстала гэтай сытуацыі з-за «змовы рускіх князёў» (усе яны былі праваслаўныя князі літоўскага-беларускага паходжаньня). У 1485 г. яно страціла яшчэ аднаго саюзьніка ― Масква далучыла да сваёй тэрыторыі Цьверскае вялікае княства.

У 1480 г. крымскі хан Мэнглі-Гірэй заключыў саюз зь Іванам III супраць Вялікага Княства Літоўскага, і ад гэтага часу крымскія татары пачалі рэгулярныя, амаль штогадовыя наезды на Ўкраіну і Паўднёвую Польшчу, даходзячы часам да сучаснай Беларусі (асабліва напачатку XVI ст.).

Ад канца XV ст. ідзе сэрыя войнаў паміж Маскоўскай дзяржавай і Літоўскім-Беларускім гаспадарствам, пачынаючы ад гэтак званай памежнай вайны 1487-1494 гг. і да вайны 1534-1537 гг., з пастаяннымі стратамі тэрыторыі на карысьць Масковіі. Нават шлюб вялікага князя Аляксандра Казіміравіча з дачкою Івана III Аленаю ў 1495 г. не зьмяніў сытуацыі.

Паўдневая і эурапейская стратэгія

Дыпляматыя Вялікага Княства Літоўскага ў часе войнаў з Масквою ў першайпалове XVI ст. перадусім намагалася забясьпечыць спакой на паўднёвых тэрыторыях дзяржавы, наладзіць добрыя адносіны з Турцыяй і ейным васалам ― Крымам. Нягледзячы на пераважна мірныя дачыненьні, напады з абодвух бакоў працягваліся.

Падчас апошняга пэрыяду маскоўска-літоўскай вайны 1512-1522 гг. крымскія татары нападалі на Ўкраіну і Польшчу. У 1521 г. каля 5 тысячаў перакопскіх татараў захапілі і спалілі Мазыр, рабавалі і зьнішчалі насельніцтва паміж Слуцкам і Пінскам ды спакойна вярнуліся назад у Крым.

Але былі і пагадненьні з крымскімі татарамі. У тым жа 1521 г. сам хан Мухамэд-Гірэй выступіў з асноўнаю вайсковаю сілаю супраць Масквы. У крымскім войску быў стараста чаркаскі і канеўскі Астафі Дашковіч з сваімі казакамі. Крымскае войска дайшло да самых муроў Масквы, разрабавала глыбінныя раёны Масковіі і вярнулася ў Крым.

А потым, вясной 1524 г., экспэдыцыя князя К. Астроскага з коньніцай і А. Дашковіча на лодках па Дняпры напала на турэцкую цьвярдыню Ачакаў. Буйную перамогу над турэцка-татарскім войскам літоўскае-беларускае войска атрымала ў 1527 г. у бітве на Ўкраіне, на Альшаніцы, за 40 міляў ад Кіева. Камандавалі войскам вялікі гетман, князь Канстанцін Астроскі, слуцкі князь Юры Сямёнавіч Алелькавіч, гарадзенскі стараста Юры Мікалаевіч Радзівіл ды Астафі Дашковіч.

У 1532 г. быў заключаны мір Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага з Турцыяй і Крымам. Нападаў крымскіх татараў паменшала. На гэта паўплывала і тое, што ў 1534 г. на Ўкраіне пабудавалі каля двух дзясяткаў цьвярдыняў, а памежныя мястэчкі ўмацавалі. У 40-х гг. XVI ст. стаў прыкметны паварот у зьнешнепалітычным курсе караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Старога: пачалі ўзмацняцца ягоныя сувязі з Турцыяй і Крымам. Жыгімонт накіроўваў напады крымскіх татараў на Маскоўскую дзяржаву. Гэтым дасягалася падвойная мэта ― аслабляўся моцны праціўнік на ўсходзе, а крымскія татары спынялі напады на Вялікае Княства Літоўскае.

Такім чынам, у войнах першай паловы XVI ст. Маскоўская дзяржава заваявала значную частку ўсходніх земляў Літоўскага-Беларускага гаспадарства. Да сярэдзіны XVI ст. зьверхнікі нашае дзяржавы сутыкнуліся з прэтэнзіямі Івана IV на сучасныя беларускія і ўкраінскія землі. Паўставала пагроза існаваньню дзяржавы. Пастаянная барацьба з Масковіяй, лёгіка падзеяў вялі Літоўскую-Беларускую дзяржаву да шчыльнейшага саюзу з Польшчай, скіроўвалі да пашырэньня сувязяў з заходнеэўрапейскімі краінамі. Лівонская вайна і далейшыя міжнародныя акцыі Вялікага Княства Літоўскага былі выкліканыя і адносінамі з Масковіяй. Больш цеснаму дзяржаўнаму саюзу з Польшчай спрыяла таксама супольная барацьба супраць турэцка-татарскай пагрозы з поўдня, заснаваная на агульнай зьнешняй палітыцы ў XVI ст., і вайсковая дапамога Польшчы ў войнах супраць Маскоўскай дзяржавы.

У першай палове XVI ст. Вялікае Княства Літоўскае зноў шырока прадстаўлена на міжнароднай арэне Эўропы, як у часы Вітаўта, калі ў 1429 г. да яго на зьезд у Луцк зьехаліся германскі імпэратар Сыгізмунд Люксэмбурскі, польскі кароль Уладзіслаў Ягайла, вялікі князь маскоўскі Васіль ІI ды іншыя кіраўнікі дзяржаваў. Так, пасьля перамогі над маскоўскімі войскамі 8 верасьня 1514 г. вялікі князь Жыгімонт Казіміравіч (потым ― Жыгімонт Стары) перадаваў у падарунак эўрапейскім манархам маскоўскіх дваранаў-ваеннапалонных. Германскі імпэратар Максымілян І Габсбург вярнуў некалькі палонных Масковіі.

Сьведчаньнем удзелу Вялікага Княства Літоўскага ў эўрапейскай палітыцы быў Венскі кангрэс 1515 г. Тады ў Вене адбылася сустрэча імпэратара Сьвятой Рымскай імпэрыі Максыміляна I, караля Вугоршчыны і Чэхіі Ўладзіслава II Ягайлавіча і ягонага роднага брата ― караля Польшчы і вялікага князя літоўскага Жыгімонта. Імпэратар, які яшчэ ў 1514 г. намагаўся заключыць саюз з Масквой, пасьля бітвы пад Воршай зьмяніў плян. Кожны з манархаў дабіваўся сваёй мэты. Імпэратар Максымілян імкнуўся стварыць антытурэцкую кааліцыю, бо туркі прасоўваліся на Балканах усё бліжэй да імпэрыі і да аўстрыйскіх уладаньняў імпэратара. Ён таксама хацеў пашырыць уплыў Габсбургаў на Чэхію і Вугоршчыну шляхам дынастычных шлюбаў. Уладзіслаў II шукаў у імпэратара апоры супраць пагрозы турэцкага нашэсьця і сялянскіх рухаў. Жыгімонт Казіміравіч намагаўся прадухіліць пагрозу вайсковага нападу на Польшчу (а такім чынам і на Літоўскую-Беларускую дзяржаву) з боку імпэратара падчас маскоўска-літоўскае вайны 1512-1522 гг., а таксама зьліквідаваць патранат імпэратара над Тэўтонскім ордэнам. Папярэдне браты Ўладзіслаў і Жыгімонт Казіміравічы сустрэліся ў канцы сакавіка 1515 г. у Браціславе, а таксама правялі папярэднія перамовы з прадстаўніком імпэратара кардыналам Маціясам Лянгам. У Вене імпэратар адмовіўся ад патранату над Тэўтонскім ордэнам, які застаўся васалам польскага караля. Максымілян Габсбург таксама даў згоду на сваё пасярэдніцтва ў перамовах зь вялікім князем маскоўскім Васілём III пра спыненьне маскоўска-літоўскай вайны. Сапраўды, празь некаторы час у Маскву было накіравана імпэрскае пасольства на чале з баронам Сыгізмундам Гербэрштэйнам. Жыгімонт і Ўладзіслаў Ягайлавічы абяцалі ўступіць у антытурэцкую кааліцыю, якую павінен быў узначаліць папа Лявон X. Прынятыя пагадненьні здымалі напружанасьць паміж дзяржавамі і прадугледжвалі дружалюбныя дачыненьні Сьвятой Рымскай імпэрыі ды Польшчы й Літоўскай-Беларускай дзяржавы. Яны спрыялі далейшаму разьвіцьцю сувязяў паміж краінамі Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропы.

II. Геапалітыка літоўскай-беларускай дзяржавы у XVI-XVIII стагодзьдзях. Фэдэрацыя з Польшчай

У 1569 г. Польскае каралеўства і Вялікае Княства Літоўскае ўтварылі фэдэратыўную дзяржаву ― Рэч Паспалітую. Ейнае ўтварэньне было вынікам доўгага (ад канца XIV ст.) пэрыяду дзяржаўных зьвязаў (вуніяў) дзьвюх дзяржаваў, заснаваных спачатку на агульнай пагрозе з боку Тэўтонскага ордэну, а потым на супольных інтарэсах у Прыбалтыцы і, урэшце, на новай пагрозе з боку Маскоўскай дзяржавы, якая ў XV-XVI стст. узмацнілася. Пры гэтым дзяржаўныя вуніі падмацавалі дынастычнаю, а дакладней, пэрсанальнаю вуніяй: вялікімі князямі літоўскімі й рускімі ды адначасова польскімі каралямі амаль увесь час у другой палове XV-XVI стст. (да 1572 г.) былі адны і тыя ж асобы з дынастыі Ягелонаў (Ягайлавічаў).

Пэўным чыньнікам збліжэньня абедзьвюх дзяржаваў была і рыма-каталіцкая царква, паноўная ў Польшчы, вельмі значная для ўнутрыпалітычных дачыненьняў Літоўскай-Беларускай дзяржавы да сярэдзіны XVI ст., г. зн. да пашырэньня Рэфармацыі ў нашай краіне.

Рыма-каталіцкая царква ў ВКЛ адміністрацыйна ўваходзіла ў склад Віленскай эпархіі (біскупства). Толькі Берасьцейская зямля была ўключаная ў склад Луцкай. У сваю чаргу, каталіцкія біскупствы на тэрыторыі Літоўскай-Беларускай дзяржавы падначальваліся прымасу Польшчы, арцыбіскупу гнезьненскаму. У геапалітычным пляне гэтая царква спрыяла шчыльнейшым сувязям Літоўскай-Беларускай дзяржавы з эўрапейскімі краінамі і ў пэўным сэнсе ўсё болей збліжала зьнешнюю палітыку Польшчы й Вялікага Княства.

3 другога боку, усё больш небясьпечная для Вялікага Княства Літоўскага палітыка ўсходняга суседа, пастаянны націск зь ягонага боку, сэрыя войнаў канца XV - першай паловы XVI ст. з амаль няспыннаю заваёвай усходніх тэрыторыяў Літоўскай-Беларускай дзяржавы ― усё гэта скіроўвала зьнешнепалітычныя інтарэсы Польшчы на Ўсход. У маскоўска-літоўскіх войнах ад пачатку XVI ст. прымаюць удзел і польскія збройныя сілы, так што гэтыя войны ў пэўнай меры становяцца і войнамі Польскай дзяржавы.

Яшчэ адзін фактар палітычнага збліжэньня Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы ― гэта паўднёвы кірунак, дзе ў канцы XV-XVI стст. ішла безупынная барацьба з набегамі крымскіх татараў і з Турэцкай імпэрыяй, васалам якой з 1475 г. было Крымскае ханства. На паўднёвым кірунку зьнешня япалітыка Вялікага Княства Літоўскага каардынавалася са зьнешняю палітыкай Польшчы ад пачатку XVI ст.

Галоўным жа чыньнікам аб'яднаньня Польшчы й Літоўскай-Беларускай дзяржавы сталася Лівонска-Полацкая вайна, што доўжылася ў Княстве 24 гады (ад 1558 да 1582 г.).

Шляхта зь сучасных беларускіх і ўкраінскіх паветаў пасьля паходу 1562 г. перад роспускам шляхоцкага (паспалітага) рушаньня ў вайсковым стане каля Віцебска 13 верасьня 1562 г. накіравала вялікаму князю Жыгімонту Аўгусту ў Вільню акт з просьбай заключыць вунію з Польшчай, каб мець агульныя з польскаю шляхтаю соймы, разам выбіраць караля (і адначасова вялікага князя) і, галоўнае, ― карыстацца аднолькавымі правамі ды разам абараняцца ад ворагаў. Удзельнікі гэтага палявога сойму пад Віцебскам паслалі акт і да адсутных у стане, асабліва да жамойцкай шляхты, каб яны далучыліся да яго.

Супраць вуніі з Польшчай выступіла частка паноў-рады на чале зь Мікалаем Янавічам Радзівілам, віленскім ваяводам, канцлерам і маршалкам земскім. Такім чынам, шляхта была за вунію, а магнаты ― супраць фэдэрацыі, за захаваньне цалкам незалежнай дзяржавы. Некалькі гадоў барацьбы, абмеркаваньне пытаньня на розных соймах урэшце прывялі да абвешчаньня ў Любліне дзяржаўнай вуніі ды стварэньня фэдэрацыі ― Рэчы Паспалітае.

Падчас паседжаньняў сойму ўкраінскія ваяводзтвы й Падляшша, на жаданьне тамтэйшае шляхты, увайшлі ў склад Польшчы. Украінская шляхта ратавалася ў Польшчы ня гэтулькі ад маскоўскай, колькі ад турэцка-татарскай пагрозы. Толькі шляхта Мазырскага павету Кіеўскага ваяводзтва не захацела далучацца да Польшчы й засталася ў Літоўскім-Беларускім гаспадарстве, а Мазырскі павет з таго часу ўвайшоў у склад Менскага ваяводзтва.

Акт Люблінскай вуніі прынялі 1 ліпеня 1569 г. Кароль падпісаў яго 4 ліпеня. 11 жніўня абвесьцілі дадатковы акт («зацьверджаньне вуніі»), паводле якога вызначаўся склад сэнату й парадак месцаў у ім, Абедзьве дзяржавы, якія ўвайшлі ў склад Рэчы Паспалітай, захавалі асобную дзяржаўную адміністрацыю (з асобнымі кіроўнымі пасадамі), войскі, скарб і права біць аднолькавую манэту, адміністрацыйны й судовы апарат, свае законы, сваю мытную сыстэму і, натуральна, свае дзяржаўныя гербы ды сьцягі. Калі да Люблінскай вуніі польскім аддзелам падчас вайны трэба было плаціць грошы зь літоўскага скарбу, дык пасьля яе гэтыя войскі на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага ваявалі ўжо за свой кошт. Сойм Рэчы Паспалітай прымаў асобныя законы для абедзьвюх частак фэдэрацыі. Агульных законаў не было. Захоўваліся і свае дзяржаўныя мовы: у Польшчы ― лацінская, у Літоўскай-Беларускай дзяржаве ― беларуская.

Асобным актам 3 жніўня герцагства Курляндыя было абвешчана васалам Польшчы й Вялікага Княства Літоўскага. Ліфляндыя (Інфлянты) сталася іхным агульным валоданьнем (кандамініум). Цяпер Літоўская-Беларуская дзяржава мела агульную з Польшчай зьнешнюю палітыку. У сувязі з гэтым наша краіна пашырае свае геапалітычныя інтарэсы, больш актыўна выходзіць у Заходнюю Эўропу, уключаецца ў дыпляматыю балтыйскіх і нямецкіх дзяржаваў. Разам з тым для яе па-ранейшаму важнымі застаюцца ўсходні і паўднёвы кірункі зьнешняй палітыкі. І ўсё ж трэба зазначыць, што зьнешняя палітыка вялася цяпер з Варшавы, у значнай меры з улікам польскіх інтарэсаў.

Посьпехі і няўдачы ўсходняй палітыкі

Увесь пэрыяд XVI-XVIII стст. зь зьнешнепалітычнага гледзішча можна падзяліць на два этапы: другая палова XVI - сярэдзіна XVII ст. і другая палова XVII - XVIII стст. Іхны рубеж ― гэта вайна 1654-1667 гг. паміж Масковіяй і Рэччу Паспалітаю.

Да сярэдзіны XVII ст. усходняя палітыка Рэчы Паспалітай вызначалася настойлівымі спробамі ня толькі захаваць бясьпеку іхных межаў, але й аднавіць тэрытарыяльныя страты, якія панесла раней Літоўскае-Беларускае гаспадарства ў войнах з Масковіяй.

Гэта нашай фэдэратыўнай дзяржаве ўдалося. Усходняя палітыка Рэчы Паспалітай была таксама шчыльна зьвязаная зь яе прыбалтыйскаю палітыкай.

Пасьля Лівонска-Полацкай вайны да канца XVI ст. пэўны час захоўваліся мірныя дачыненьні з Маскоўскаю дзяржаваю. Тым ня менш яшчэ кароль Стэфан Баторы зьбіраўся пачаць новую вайну з Масквою, вярнуць Смаленск і Северскую зямлю. Аднак зьдзейсьніць свой плян не пасьпеў, бо памёр у Горадні ў сьнежні 1586 г.

На выбарчым сойме 1587 г. каралём польскім і вялікім князем Літоўскім быў абраны 20-гадовы спадкаемны прынц Швэцыі Жыгімонт Ваза, пляменьнік апошняга Ягайлавіча ― Жыгімонта Аўгуста, ультракатолік.

Пасьля сьмерці бацькі ў 1592 г. ён стаўся і каралём Швэцыі. У 1599 г. швэдзкія дваране-пратэстанты на сойме дэтранізавалі Жыгімонта, а ў 1604 г. абвесьцілі ягонага дзядзьку каралём Карлам IX. Цяпер Жыгімонт Ваза рабіў намаганьні, каб вярнуць сабе швэдзкую карону. У 1600 г. ён пачаў вайну з Швэцыяй, якая доўжылася ― пераважна ў Латвіі ды Эстоніі ― да 1611 г. У вайну была ўцягнутая і Літоўская-Беларуская дзяржава, яе войска, якое на чале з гетманам вялікім Янам Каралем Хадкевічам здабыло бліскучую перамогу над швэдзкім — 27 верасьня 1605 г. ля Кірхгольма (Саласьпілса), за 15 км ад Рыгі. Аднак выкарыстаць перамогу Жыгімонт ня здолеў. Вайсковыя дзеяньні ў гэтым раёне сьціхлі.

Новы паварот ва ўсходняй палітыцы адбываецца на рубяжы XVI і XVII стст. Пасольства на чале зь Левам Сапегам, адпраўленае ў 1600 г. у Маскву, прапанавала ўраду цара Барыса Гадунова заключыць «вечны мір» і шчыльны саюз паміж Рэччу Паспалітай і Масковіяй на аснове палітычнай вуніі, з супольнаю зьнешняю палітыкай і шырокімі сувязямі паміж людзьмі, нават з правам узаемна выслужваць вотчыны й маёнткі ў кожнай зь дзяржаваў, з дазволам узаемна пашыраць каталіцкую і праваслаўную канфэсіі, з агульным вайсковым флётам, з правам спадчыннасьці тронаў, зь вяртаньнем Смаленска, Северскай зямлі і трох цьвердзяў, што належалі Полацку, Вялікаму Княству Літоўскаму. Гэты плян стаўся праграмаю паступовага аб'яднаньня славянскіх дзяржаваў пад эгідаю Варшавы й Вільні. Маскоўскі цар адхіліў прапанову.

Пасьля гэтага кароль Жыгімонт і група магнатаў ды шляхты прапанавалі далучыць Маскоўскае царства да Рэчы Паспалітай як трэцяга ўдзельніка фэдэрацыі, побач з Польшчаю і Літоўскаю-Беларускаю дзяржаваю. У крайнім выпадку яны згаджаліся на зьвяз з Масквою, але з царом, які быў бы абавязаны ім тронам, або з каралевічам польскім у якасьці цара.

Магнаты й шляхта пераважна падтрымалі кандыдатаў на маскоўскі трон Ілжэдзімітрыя І ды Ілжэдзімітрыя II, выхадца ці то з Магілева, ці то са Шклова. Урэшце, у 1609 г., Жыгімонт распачаў вайну з Маскоўскаю дзяржаваю, бо цар Васіль Шуйскі запрасіў у Масковію для барацьбы з тушынцамі, прыхільнікамі Ілжэдзімітрыя ІІ, швэдзкі корпус Я. Дэлягардзі. Гэта быў акт супраць Жыгімонта Вазы, які ўперад меў тытул і караля Швэцыі.

Дэтранізаваны сваім дзядзькам Карлам IX і лютаранскім дваранствам, ён працягваў барацьбу за швэдзкі пасад. Вайна прывяла да заваёвы Смаленска й Северскай зямлі ды часовага абвешчаньня (1610-1612 гг.) Жыгімонтавага сына каралевіча Ўладзіслава маскоўскім царом. Яму прысягнулі ўрад у Маскве («сямібаяршчына»), жыхары Масквы ды іншых гарадоў. Аднак беларуска-польскі гарнізон у Маскве стаяў толькі два гады, і ў 1612 г. Маскву заняло другое апалчэньне на чале з К. Мініным і князем Дз. Пажарскім. Спроба польска-беларускага войска каралевіча Ўладзіслава на чале з гетманам Янам Каралем Хадкевічам разам з украінскім казацкім войскам атамана Пятра Канашэвіча Сагайдачнага заняць Маскву ў 1617-1618 гг. скончылася няўдачай. 11 сьнежня 1618 г. было заключана Дзявулінскае замірэньне на 14 з паловай гадоў. Да ВКЛ адыходзілі адвечныя крывіцкія землі Смаленшчыны (апроч Вязьмы) з гарадамі Белая, Дарагабуж, Сярпейск, Рослаў, Старадуб і Трубчэўск, а да Польшчы ― Чарнігава-Северская зямля. Каралевіч Уладзіслаў захаваў тытул «цара маскоўскага і ўсяе Русі», але ж і Міхаіл Раманаў застаўся на троне.

Іншыя кірункі зьнешняе палітыкі да сярэдзіны XVII ст.

Прычыны няўдалых паходаў на Масковію ― ня толькі ў нягнуткай палітыцы да Масквы, але і заўсёдная занятасьць на поўдні краю ― дачыненьні з Аўстрыяй, Малдовай, Крымам. Жыгімонт Ваза дзеля свайго ўльтракаталіцызму падтрымліваў германскага імпэратара ў яго барацьбе супраць Чэхіі й Трансыльваніі.

Якраз у першым пэрыядзе Трыццацігадовай вайны ў Эўропе (1618-1648 гг.) адбывалася чэскае паўстаньне супраць Габзбургаў, імпэратараў Германіі і ўладароў Аўстрыі. Жыгімонт Ваза падтрымаў імпэратара, хаця гэта не адпавядала стратэгічным інтарэсам дзяржавы. Варожае стаўленьне да князя Трансыльваніі Габрыеля Баторага (Габара Батары) прывяло да пагаршэнньня дачыненьняў з Турцыяй. Паколькі Габрыель Баторы меў падтрымку турэцкага султана, то на Ўкраіну і паўднёвыя ваяводзтвы Польшчы пачалі нападаць крымскія татары. Урэшце пачалася вайна з Турцыяй. У 1620 г. у бітве ля Цацоры (цяпер Тутора ў Румыніі, недалёка ад Ясаў) польскае войска разьбілі туркі. Наступным годам пад Хоцімам (цяпер Чарнавіцкая вобласьць Украіны) адбыўся рэванш. Тут дзейнічалі польскія, літоўскія-беларускія войскі і ўкраінскія казакі пад агульнаю камандаю гетмана Яна Караля Хадкевіча. Але і гэтую перамогу кароль Жыгімонт таксама ня выкарыстаў ― дзеля сваёй нерашучасьці.

У 1621-1629 гг. адбылася чарговая вайна паміж Рэччу Паспалітай і Швэцыяй. Ваенныя дзеяньні ішлі ў Прыбалтыцы ― на тэрыторыі Ліфляндыі, Курляндыі й Прусіі. У іх брала ўдзел і літоўскае-беларускае войска з гетманам польным літоўскім Крыштафам Радзівілам. У 1622 г. яно адбіла ў швэдаў Мітаву (цяпер Ёлгава). Швэдзкі кароль Густаў ІI Адольф у 1625 г. нават захапіў цьвердзь Біржы. Войска ВКЛ ўзначаліў гетман вялікі літоўскі Леў Сапега.

17 студзеня 1626 г. ля Вальмойзы (паміж Мітавай і Кокенгаўзэнам) Станіслаў Сапега, гетманаў сын, прайграў бітву каралю Густаву Адольфу. У 1627 г. было заключана замірэньне, а 26 верасьня 1629 г. і мір у Альтмарку. Тэрыторыя Ліфляндыі з Рыгай адышла да Швэцыі. У Рэчы Паспалітай засталася Латгалія (Інфлянты) і васальная Курляндыя.

Кароль Жыгімонт памёр у 1632 г. Пры канцы жыцьця ён быў вымушаны прызнаць няўдачу сваіх плянаў. Палітыка Жыгімонта шмат у чым вызначыла далейшы заняпад дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай, ейныя паразы ў войнах сярэдзіны XVII ст. і зьмяншэньне вагі ў эўрапейскім палітычным жыцьці. Лёс фэдэрацыі падзяляла і наша зямля. Новым каралём польскім і вялікім князем літоўскім быў абраны старэйшы Жыгімонтаў сын Уладзіслаў, якога нават у Польшчы называлі паводле нашага старажытнага звычаю Ўладзіславам Зыгмунтавічам. Пачатак ягонага кіраваньня быў незайздросны. Карыстаючыся міжкаралеўем, цар Міхаіл Раманаў распачаў у 1632 г. вайну, каб вярнуць Смаленск, абложаны маскоўскім войскам. У жніўні 1633 г. да горада падышоў са сваім войскам кароль. Літоўскае-беларускае й польскае войска ды ўкраінскія казакі абкружылі маскоўцаў. Тыя капітулявалі. Але Рэч Паспалітая не магла выкарыстаць перамогі з-за напружанасьці і пагрозы вайны з Турцыяй. У чэрвені 1634 г. быў падпісаны Палянаўскі мір. Ён зацьвердзіў умовы Дзявулінскага замірэньня, замацаваўшы Смаленшчыну ў складзе ВКЛ. Аднак Уладзіслаў мусіў адмовіцца ад тытулу маскоўскага цара і вярнуць арыгінал крыжацалавальнай граматы 1610 г. маскоўскіх баяраў аб ягоным абраньні царом. А Масковія адмовілася ад тэрытарыяльных прэтэнзіяў на Лівонію (Інфлянты). Гэты мір быў названы «вечным мірам», бо паслы абодвух бакоў урачыста абяцалі, што больш ніколі іхныя дзяржавы ня будуць ваяваць адна супраць аднае.

Але «вечны» мір цягнуўся толькі 20 гадоў.

Аслабленьне дзяржавы

Пераломным момантам у гісторыі Рэчы Паспалітай сталіся казацкія войны. Нутраны чыньнік палітычнага жыцьця Рэчы Паспалітай ператварыўся ў вонкавы. На ўсходніх землях Украіны ў выніку вызваленчай вайны запароскага казацкага войска на чале з гетманам Багданам-Зіновіем Хмяльніцкім, а таксама сялянаў і гараджанаў утварылася ўкраінская дзяржава з гетманскаю ўладаю і радаю казацкае старшыны на чале. ВКЛ, якое па-ранейшаму кіравалася магнатамі й шляхтаю, варожа паставілася да навастворанай дзяржавы, якая прэтэндавала на землі ВКЛ. У 1648-1649 гг. Багдан Хмяльніцкі безупынна скіроўваў на землі сучаснай Беларусі казацкія аддзелы, каб узьнімаць тут антыфэадальныя сялянскія паўстаньні, ― зьдзяйсьняў свайго роду «экспарт рэвалюцыі».

У сваю чаргу літоўскае-беларускае шляхоцкае войска на чале з гетманам польным Янушам Радзівілам толькі пасьля падаўленьня казацка-сялянскіх паўстаньняў на поўдні сучаснай Беларусі змагло ўрэшце ў 1651 г. нанесьці ўдар украінскаму казацтву і заняць Кіеў, чаго, дарэчы, так і ня здолелі зрабіць каронныя (г. зн. польскія) войскі.

У вайне 1654-1667 гг., што распачала супраць Рэчы Паспалітай Масковія, гетманская Ўкраіна выступіла хаўрусьніцай апошняй. За дзьве ваенныя кампаніі 1654 і 1655 гг. маскоўскіяскія войскі і ўкраінскія казакі захапілі большую частку сучаснай Беларусі, за выняткам Берасьцейскага павету, часткі Наваградзкага, Віленскага й Троцкага ваяводзтваў і гарадоў-цьвердзяў Слуцка й Быхава. Занятыя былі Вільня, Трокі й Коўна. Гэтая тэрыторыя была далучана да Масковіі, адкуль кіравалася новаўтвораным там Прыказам Вялікага Княства Літоўскага.

Цар маскоўскі і «ўсяе Русі» Аляксей Міхайлавіч абвесьціў сябе вялікім князем Літоўскім. Толькі ў самых заходніх раёнах ВКЛ шляхоцкае войска пад камандаю гетмана П. Сапегі працягвала барацьбу з маскоўскім войскам. У лістападзе 1656 г. паміж Масковіяй і Рэччу Паспалітай было заключана замірэньне.

У 1655 г. Швэцыя напала на Рэч Паспалітую. За тры месяцы яна заняла амаль усю тэрыторыю Польшчы, апроч яе ўсходніх раёнаў. Швэдзкая армія зь Ліфляндыі на чале з Габрыелем-Магнусам Дэлягардзі заняла Дынабург (Даўгаўпілс) і Жамойць. Гетман вялікі літоўскі Януш Радзівіл, слуцкі князь Багуслаў Радзівіл і прадстаўнікі часткі шляхты, пераважна кальвінісцкага веравызнаньня, 20 кастрычніка 1655 г. падпісалі ў радзівілаўскім горадзе Кейданах акт дзяржаўнай вуніі Вялікага Княства Літоўскага з Швэцыяй. Швэдзкі кароль (лютаранін) Карл Х Густаў абвяшчаўся вялікім князем літоўскім. Акт вуніі падпісалі 1135 чалавек. Аднак дзеяньне Кейданскае дамовы 1655 г. пашыралася толькі на акупаваную швэдамі тэрыторыю, дый кароль Швэцыі на гэтую дамову не зважаў. Я. Радзівіл і ягоныя прыхільнікі адступілі ў Падляшша, дзе Радзівіл неўзабаве памёр. Практычна дзяржаўная вунія з Швэцыяй не атрымалася. Вясной 1656 г. шляхта паўстала й выцесьніла зь Літвы швэдзкія гарнізоны. Тое ж самае адбылося ў Польшчы, толькі барацьба там зацягнулася да 1660 г.

Масковія, у сваю чаргу, у 1656 г. пачала вайну з Швэцыяй за Прыбалтыку, але, нічога не дабіўшыся, заключыла ў 1658 г. замірэньне, а праз 3 гады мір. Зьмянілася становішча на Ўкраіне й ВКЛ. Украінскія казакі ў ВКЛ мелі канфлікт з маскоўскімі ваяводамі. Казацкая старшына намагалася далучыць землі сучаснай Беларусі да Ўкраіны. Але маскоўскі ўрад не пагадзіўся на іхныя прэтэнзіі. Тады ў верасьні 1658 г. гетман Украіны Іван Выгоўскі і ўкраінская старшына адмовіліся ад зьвязу з Масковіяй і заключылі дамову з Рэччу Паспалітаю аб уваходжаньні Ўсходняй Украіны (Княства Рускага) у склад Рэчы Паспалітай як трэцяга складніка фэдэрацыі. Цяпер украінскія казакі ваявалі і ў ВКЛ разам з польска-беларускімі аддзеламі супраць маскоўскіх войскаў. Праўда, у кастрычніку 1659 г. новы гетман Украіны Юры Хмяльніцкі зноў падпісаў дамову аб уваходжаньні аўтаномнай Усходняй Украіны ў склад Масковіі. Пасьля гэтага ўкраінскія казакі былі выведзеныя з тэрыторыі ВКЛ. Такім чынам, аб'яднаньня прыдняпроўскай часткі сучаснай Беларусі й Палесься, з Украінаю не адбылося.

Літоўскія-беларускія і польскія войскі (таксама дзякуючы паўстаньням жыхароў Магілева ды іншых гарадоў) выгналі маскоўцаў з земляў ВКЛ. У студзені 1667 г. вайна, у выніку якой загінуў кожны другі жыхар, скончылася Андрусаўскім замірэньнем. Хоць Літва-Беларусь вызвалілася з-пад акупацыі, але Смаленскае ваяводзтва засталося пад Масковіяй, таксама як і Левабярэжная Ўкраіна.

Да канца XVII ст. войнаў з Вялікім княствам Маскоўскім не было. Нягледзячы на часовую перамогу, яна не змагла ўтрымаць землі ВКЛ. Рэч Паспалітая здолела адрадзіцца й даць адпор ажно тром заваёўнікам ― Масковіі, Швэцыі й Трансыльваніі. Масковія ж мусіла перайсьці да мірных дачыненьняў з Рэччу Паспалітаю і нават да вайсковага зьвязу зь ёю супраць Крымскага ханства й Турцыі, пагроза якой для краінаў Усходняй Эўропы зноў павялічылася. Рэч Паспалітая ня мела сілы, каб ваяваць супраць Масковіі. Яна зьмірылася з стратаю Смаленскага ваяводзтва, Кіева й Левабярэжнай Украіны. У траўні 1686 г. была падпісаная дамова аб «вечным міры» паміж Масковіяй і Рэччу Паспалітай. Гэтая дамова давала цару магчымасьць умешвацца ў нутраныя справы Рэчы Паспалітай. Таму сойм не зацьвердзіў яе. Гэта зрабіла толькі канфэдэрацыя прыхільнікаў Пятра І у 1710 г., падчас Паўночнай вайны. У 9-м артыкуле дамовы 1686 г. гаварылася, што кароль цэрквам, манастыром і брацтвам «Грэцкай веры і ўсім тым людзям, якія ў Каруне Польскай і ў Вялікім Княстве Літоўскім у той жа веры застаюцца, ніякага ўціску і да веры рымскай і да вуніі прымусу рабіць ня будзе…» Хоць у дакуманце не абмаўлялася права цара ўмешвацца ў нутраныя справы Рэчы Паспалітай, аднак царызм надалей выкарыстоўваў сэнс памянёнага артыкула для сваіх мэтаў.

У XVIII ст. на тэрыторыі ВКЛ (а практычна і ўсёй Рэчы Паспалітай) існавала толькі адна праваслаўная эпархія ― Магілеўска-Мсьціслаўская, з цэнтрам у Магілеве. 3 1718 г. значная частка праваслаўных падпарадкоўвалася непасрэдна Кіеўскай мітраполіі (цэнтар якой быў у Расейскай імпэрыі). Граматы пра назначэньне біскупаў выдаваў кароль, але фактычна назначэньне адбывалася ў Расеі. Так, у 1755 г. біскупам стаўся Георгі Каніскі (з дваранаў Чарнігаўскай губэрні), якога прыслалі з Расеі ў Магілеў. Паводле трактату пра «вечны мір» 1686 г., праваслаўных біскупаў у Рэчы Паспалітай фармальна прызначаў мітрапаліт кіеўскі, падпарадкаваны сіноду Рускай праваслаўнай царквы ў Расеі, расейскі падданы.

Апошняя трэць XVII ст. праходзіла пад знакам барацьбы з Турцыяй і Крымам. У 1672-1676 гг. Польшча вяла абарончую вайну з Турцыяй у зьвязе з Аўстрыяй, Вэнэцыяй і Масковіяй. Літоўскае-беларускае войска ўдзельнічала ў гэтай вайне, у тым ліку ў пераможнай бітве пад Хоцінам у 1673 г. Там дзейнічалі дзьве калёны пяхоты і коньніцы войска пад камандаю гетмана вялікага літоўскага Міхала Казіміра Паца і гетмана польнага Міхала Радзівіла. Удзельнічала Літоўскае-Беларускае гаспадарства і ў наступнай вайне Рэчы Паспалітай з Турцыяй 1683-1699 гг. (з тымі ж саюзьнікамі). Туркі ў 1683 г. аблажылі сталіцу Аўстрыі Вену. Навісла пагроза далейшага турэцкага наступу ў цэнтар Эўропы. На дапамогу Аўстрыі выступілі польскае й літоўскае-беларускае войскі. Польскае пайшло да Вены, дзе злучылася з аўстрыйскімі й нямецкімі сіламі. Літоўскае-беларускае рушыла ў Славаччыну (тады ў складзе Вугоршчыны) вызваляць гарады ад аблогі. Але частка нашага войска была і пад Венаю.

Больш як 300 гадоў таму, 12 верасьня 1683 г., у бітве пад Венай саюзныя войскі Кароны й Княства, аўстрыйскія й нямецкія пад камандаю караля польскага й вялікага князя літоўскага Яна Сабескага разьбілі туркаў. На правым крыле войска Рэчы Паспалітай дзейнічалі цяжкая коньніца маршалка надворнага літоўскага Юзафа Слушкі й брыгада пяхоты віленскага кашталяна Эрнэста Дэнгофа. Польшча ў выніку гэтай вайны вярнула сабе Падолію, страчаную яшчэ ў 1672 г. на карысьць Турцыі. Пасьля апошняй вайны 1683-1699 гг. турэцкая пагроза для Рэчы Паспалітай была практычна зьліквідаваная, бо Аўстрыя прасунулася далёка на Балканы, далучыўшы да сябе Вугоршчыну, Трансыльванію й значную частку Сэрбіі. Турцыя адступіла ад межаў Польшчы.

Расейская экспансія

У XVIII ст. Рэч Паспалітая становіцца ня гэтулькі суб'ектам геапалітычных дачыненьняў у Эўропе, колькі аб'ектам. На ейнае зьнешнепалітычнае становішча ўсё больш уплываюць суседнія моцныя манархіі з абсалютысцкім рэжымам ― Расея, Прусія й Аўстрыя. Пры слабой дэцэнтралізаванай уладзе ў Рэчы Паспалітай, барацьбе розных магнацкіх груповак за ўладу, іхнай арыентацыі на замежныя ўрады склалася вельмі небясьпечная для незалежнасьці дзяржавы сытуацыя. Трэба дадаць, што кандыдатуры выбарных каралёў перад іхным абраньнем таксама падтрымлівалі іншаземныя двары, і пасьля абраньня каралі праводзілі палітыку, спрыяльную адпаведным чужым дварам. Фактычна ўжо ў канцы XVIII ст. магнацкая групоўка расейскай арыентацыі гатовая была здаць ня толькі тэрыторыю, але й незалежнасьць сваёй дзяржавы расейскаму царызму.

Асабліва ўзмацніўся палітычны ўплыў Расеі падчас цараваньня Пятра I, які выкарыстаў Паўночную вайну 1700-1721 гг., каб весьці ваенныя дзеяньні супраць Швэцыі на зямлі Рэчы Паспалітай і найперш ВКЛ, а не на сваёй тэрыторыі.

Наша краіна такім чынам сталася стратэгічным перадпольлем Расеі, дзе можна было весьці баі, рабуючы пры гэтым мясцовае насельніцтва. Калі Пётр I аднавіў у 1709 г. на польскім і літоўскім стальцы свайго саюзьніка Аўгуста Моцнага, ён фактычна ўжо кіраваў Рэччу Паспалітай. 3 часоў Пятра І расейскія арміі амаль безупынна знаходзіліся ў Рэчы Паспалітай, звычайна без усялякага дазволу яе кіраўніцтва. Расея ва ўсіх сваіх войнах з Швэцыяй, Францыяй (гэта падчас вайны за польскую спадчыну 1733-1735 гг.), Прусіяй і Турцыяй разглядала тэрыторыю суседняй дзяржавы як сваю перавалачную базу. На працягу ўсяго XVIII ст. царскія дыпляматы безупынна ўмешваюцца ў нутраныя справы нашае дзяржавы.

У 1717 г., калі ў Рэчы Паспалітай стаялі 60 тысячаў расейскіх штыхоў, адбыўся «Нямы сойм» («нямы» ― бо бяз спрэчак і абмеркаваньняў). Ён на прапанову дыпляматаў Пятра І абмежаваў уладу гетманаў, скараціў польскую армію да 18, а армію ВКЛ ― да 6 тысячаў чалавек. Пад націскам Пятра I, які жадаў умацаваць уладу свайго саюзьніка Аўгуста II, на сойме 1717 г. былі абмежаваныя палітычныя правы некаталіцкай, у тым ліку і праваслаўнай шляхты (гэтак званых дысыдэнтаў), а ў 1733 г. і скасаваныя ― некаталіцкай шляхце не дазвалялася займаць дзяржаўныя пасады, выбіраць дэпутатаў у сойм і ўдзельнічаць у працы Галоўнага Літоўскага трыбуналу. Але, калі гэта было на карысьць Расеі, Кацярына II у 1766 г., наадварот, патрабавала зраўнаць правы каталіцкай і некаталіцкай шляхты. «Вечны мір» 1686 г. (дарэчы, зацьверджаны соймам генэральнай канфэдэрацыі, саюзьнікамі расейскага цара, толькі ў 1710 г. пад націскам Пятра I) дазваляў цару апекавацца праваслаўнымі жыхарамі ВКЛ, Украіны й Польшчы. Спасылаючыся на гэта, Кацярына выступіла ў ролі заступніцы ня толькі праваслаўных, але й пратэстантаў (на што ня мела аніякіх правоў). У 1767 г. царскі ўрад арганізаваў дзьве шляхоцкія канфэдэрацыі (узброеныя часовыя палітычныя зьвязы шляхты): у Торуні ― польскіх лютаранаў і кальвіністаў, а ў Слуцку ― кальвіністаў, лютаранаў і праваслаўных Вялікага Княства Літоўскага, якія патрабавалі зраўнаньня правоў з каталіцкаю шляхтаю. Пад актамі гэтых канфэдэрацыяў толькі 573 подпісы, прычым расьпісваліся і за адсутных. Тым ня менш Кацярына II абвесьціла, што абараняе інтарэсы шостай часткі насельніцтва Рэчы Паспалітай, і падтрымала абедзьве канфэдэрацыі. Між тым, паводле падлікаў гісторыка Т. Корзана, у 1771 г. у Рэчы Паспалітай праваслаўныя складалі 5 % ад усяго насельніцтва дзяржавы. У Рэч Паспалітую былі зноў уведзеныя расейскія войскі, якія разам з канфэдэратамі пайшлі на Варшаву й дамагліся ад сойму зраўнаньня дысыдэнцкае шляхты ў правох з каталіцкаю, а да таго ж ― зацьверджаньня анархічнага дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітае (1768 г.). Гэта было галоўнаю мэтаю, дзеля якой выкарыстоўвалі дысыдэнцкую шляхту.

Бесцырымонна ўводзіліся расейскія войскі на тэрыторыю ВКЛ, каб вярнуць у Расею тых, хто ўцёк ад жорсткага прыгону і рэпрэсіяў супраць старавераў-раскольнікаў, якія даўно ўжо пасяліліся ў слабодах Веткі ды ейных ваколіцах. У красавіку 1735 г. пяць расейскіх палкоў на чале з палкоўнікам Я. Сыціным «вывелі» зь Веткі й суседніх слабодаў 13 294 жыхароў, а ўсе будынкі, з манастырскімі ўлучна, былі спаленыя. Паколькі ўцёкі ў ВКЛ з Расеі працягваліся, дык на загад Кацярыны II генэрал-маёр Маслаў з двума палкамі зноў зрабіў налёт на Ветку («другая веткаўская выгонка») і вывеў у Расею новых пасяленцаў ― да 20 тысячаў душ, якія былі высланыя ў Сібір. Адначасова расейскі ўрад рыхтаваў далучэньне часткі тэрыторыі ВКЛ да Расейскай імпэрыі. Неўзабаве пасьля ўступленьня на трон Кацярына II у рэскрыпце расейскаму пасланьніку ў Варшаве Кейзерлінгу (8 лютага 1763 г.) у сувязі з чуткамі пра хваробу і магчымую сьмерць караля Аўгуста III пастанавіла выбраць караля, цалкам ёй падпарадкаванага. Царыца загадала патрабаваць ад кандыдата ў каралі за ейную падтрымку перадачы Расеі часткі тэрыторыі Рэчы Паспалітай, выдачы «многіх тысячаў сялянаў-уцекачоў, гарантыі рэлігійнае свабоды праваслаўным «абывацелям»».

6 кастрычніка 1763 г., наступным днём па сьмерці караля Аўгуста III, на нарадзе ў Кацярыны ІІ гэтыя патрабаваньні былі пацьверджаныя. Праект па тэрытарыяльным пытаньні вызначаў абшары, якія мелі адысьці да Расеі. Прапанаваная дзяржаўная мяжа цалкам супадала з будучаю мяжою паміж Расеяй і Рэччу Паспалітай пасьля першага разбору 1772 г. Гэтыя патрабаваньні былі прад'яўленыя ад імя царыцы ў канцы 1763 г. кандыдату ў каралі Станіславу Аўгусту Панятоўскаму. Такім чынам, у 1763 г. Кацярына II першая паставіла пытаньне пра далучэньне часткі тэрыторыі Рэчы Паспалітай да Расеі. Пры гэтым царызм выступаў супраць падзелаў Рэчы Паспалітай зь іншымі дзяржавамі, бо лічыў, што лепш мець слабога і цалкам залежнага ад сябе суседа на сваёй заходняй мяжы.

Кацярына II нават патрабавала, каб расейскія войскі ў ВКЛ, Украіне й Польшчы ўтрымліваліся за кошт скарбу Рэчы Паспалітай; імпэратрыца прымусіла сойм прыняць дамову аб кардынальных правох (1768 г.), якая захавала анархічны дзяржаўны лад. У адказ на адкрытае ўмяшаньне Расеі ў Рэчы Паспалітай пачаўся вызвольны рух. У лютым 1768 г. у Бары (на Ўкраіне) утварылася шляхоцкая канфэдэрацыя на чале зь Юзафам Пуласкім. У ВКЛ таксама ўзьнік канфэдэрацкі рух. Пачалася барацьба з расейскімі войскамі, якія акупавалі краіну.

У ВКЛ да Барскай канфэдэрацыі далучылася частка шляхты зь Берасьцейскага й Мсьціслаўскага ваяводзтваў, Ашмянскага, Ваўкавыскага, Аршанскага й Браслаўскага паветаў. У кастрычніку 1768 г. расейскія войскі разьбілі канфэдэратаў пад Дзярэчынам і занялі Нясьвіскую й Слуцкую фартэцыі. У 1769 г. аддзел берасьцейскіх канфэдэратаў на чале з Пуласкім здабыў перамогі ў баёх пад Бераставіцай, Слонімам, Мышшу. Найбольшы размах канфэдэрацкі рух у ВКЛ дасягнуў у 1770-1771 гг. Ад чэрвеня 1770 г. аддзел Сымона Касакоўскага, які складаўся пераважна з дробнай шляхты, дзейнічаў у раёне Мядзела, Радашкавічаў, Менска. Зноў узьнялася шляхта ў Ашмянскім і Браслаўскім паветах, Полацкім і Мсьціслаўскім ваяводзтвах. Неўзабаве аддзел Касакоўскага, які папаўняўся сялянамі й іншым нешляхоцкім элемэнтам пацярпеў паразу пад Наваградкам. У верасьні 1771 г. на бок канфэдэратаў перайшоў гетман вялікі літоўскі Міхал Казімер Агінскі, але ягоны 3-тысячны аддзел быў разьбіты А. Суворавым пад Стваловічамі. У 1772 г. канфэдэрацкі рух быў задушаны.

Разборы Рэчы Паспалітай. Страта незалежнасці

Разгром барскіх канфэдэратаў у Польшчы супаў з пачаткам першага разбору Рэчы Паспалітай. Яшчэ ўлетку 1771 г. пачаліся перамовы пра яе падзел паміж Прусіяй і Расеяй, зьвязанымі вайскова-палітычным саюзам. Кароль Прусіі Фрыдрых ІІ дамагаўся атрымаць частку польскай тэрыторыі, каб злучыць Усходнюю Прусію зь іншымі ягонымі ўладаньнямі. Аднак бяз згоды Расеі гэта было немагчыма. У сувязі са складанымі для Расеі абставінамі ў часе расейска-турэцкай вайны 1768-1774 гг., расейскі ўрад згадзіўся прыняць прапанову Фрыдрыха ІІ пра падзел Рэчы Паспалітай. Пазьней да іх далучылася Аўстрыя.

5 жніўня (25 ліпеня) 1772 г. у Пецярбурзе паміж гэтымі краінамі была падпісаная канвэнцыя. Расея далучыла да сваёй тэрыторыі Інфлянцкае ваяводзтва, большую частку Полацкага, амаль усё Віцебскае, усё Мсьціслаўскае і ўсходнюю частку Рэчыцкага павету Менскага ваяводзтва. Кацярына аддала Аўстрыі паўднёвую частку Польшчы й Заходнюю Ўкраіну. Прусія атрымала паморскія землі Польшчы.

Пасьля першага разбору Рэчы Паспалітай на яе тэрыторыі не засталося праваслаўных эпархіяў. Георгі Каніскі і расейскі пасланьнік у Варшаве Штакельбэрг запрапанавалі прызначыць для ўсіх праваслаўных у дзяржаве асобнага біскупа, які жыў бы ў Слуцку і быў бы таксама архімандрытам Слуцкага Траецкага (Трайчанскага) манастыра. Кацярына II згадзілася, і ў чэрвені 1785 г. у Кіеве ў сан біскупа пераяслаўскага (з рэзыдэнцыяй у Слуцку), вікарыя мітрапаліта кіеўскага, быў пасьвячоны Віктар Садкоўскі, расейскі падданы, выхаванец Кіеўскай духоўнай акадэміі, ад 1738 г. архімандрыт Трайчанскага манастыра, а да таго сьвятар царквы пры расейскім пасольстве ў Варшаве, падпарадкаваны сыноду Рускай праваслаўнай царквы.

У канцы 80 - пачатку 90-х гадоў XVIII ст. у Рэчы Паспалітай адбываліся прагрэсіўныя зьмены. Ішлі рэформы, мацаваліся і павялічваліся польская і літоўская-беларуская арміі, была прынятая канстытуцыя 1791 г., якая стварыла больш спрыяльныя ўмовы для разьвіцьця капіталістычных дачыненьняў. Варожа настроеная да рэформаў і ўмацаваньня незалежнасьці групоўка магнатаў і шляхты дзеля захаваньня прывілеяванага становішча вырашыла зьвярнуцца па дапамогу да Кацярыны II. Пад наглядам царыцы ўклалі акт канфэдэрацыі. Да ўсходніх рубяжоў ВКЛ і Ўкраіны падцягнуліся расейскія войскі, якія на загад Кацярыны перайшлі мяжу. Акт канфэдэрацыі быў падпісаны ў памежным мястэчку Таргавіца (на Ўкраіне) 14 траўня 1792 г. Прусія ўвяла свае войскі ў Польшчу. Вайна цягнулася да канца ліпеня. Літоўскае войска адступіла за Буг. Да канфэдэрацыі далучыўся кароль.

Улады Таргавіцкай канфэдэрацыі скасавалі рэформы. У Пецярбурзе 23 (12) студзеня 1793 г. Расея й Прусія падпісалі канвэнцыю пра другі разбор Рэчы Паспалітай. Паводле канвэнцыі Расея ў залік выдаткаў на «падтрыманьне парадку» у Рэчы Паспалітай (а фактычна за акупацыю краіны) забірала сабе цэнтральную частку ВКЛ з гарадамі Менск, Барысаў, Слуцак, Пінск, Бабруйск і Мазыр, а таксама большую частку Правабярэжнай Украіны.

А Прусія атрымала заходнюю частку Польшчы. Горадзенскі сойм 1793 г. маўкліва зацьвердзіў захоп Расеяй земляў ВКЛ ды Ўкраіны  і пад націскам царскага пасла, у акружэньні салдатаў расейскага войска, згадзіўся на перадачу Прусіі заходніх польскіх земляў.

Нацыянальна-вызвольны рух у Польшчы і ВКЛ, паўстаньне 1794 г. пад кіраўніцтвам Т. Касьцюшкі, задушанае расейскімі й прускімі войскамі, выклікалі трывогу Кацярыны II, прускага караля і аўстрыйскага імпэратара. Яны вельмі баяліся ўплыву рэвалюцыйнай Францыі на ўсходзе Эўропы. Таму ва ўмовах расейска-прускай акупацыі праведзены трэці разбор Рэчы Паспалітай. 24 (13) кастрычніка 1795 г. зноў у Пецярбурзе, зноў пад асабістым наглядам Кацярыны II паміж Расеяй, Прусіяй і Аўстрыяй была падпісаная канвэнцыя. Расея забірала сабе Курляндыю, землі ВКЛ (без Занямоньня і Беласточчыны) і Валынь. Аўстрыя атрымала Малую Польшчу зь Люблінам, Сандамірам, Кракавам і Міньскам-Мазавецкім. Прусія ― Варшаву, большую частку Мазовіі, Беласточчыну й Занямоньне. Кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі 25 лістапада 1795 г. зрокся трону на карысьць Кацярыны II.

На гэтым гісторыя незалежнай Рэчы Паспалітай скончылася. Тым самым была зьліквідаваная і незалежная Літоўская-Беларуская дзяржава. Амаль уся (акрамя Беласточчыны) тэрыторыя ВКЛ была гвалтоўна ўлучаная ў склад Расейскай імпэрыі. Падчас напалеонаўскіх войнаў, паводле Тыльзыцкае мірнае дамовы 1807 г. паміж Расеяй і Францыяй, Беластоцкая акруга перадавалася Расеі. Такім чынам, праз 12 гадоў усе землі ВКЛ апынуліся пад уладаю расейскага царызму.

Пачалася новая эпоха ў гісторыі нашага народу. Эпоха гвалтоўнай русыфікацыі, пазбаўленьня й выкараненьня нацыянальнай адметнасьці ды гістарычнай памяці, але і эпоха нацыянальна-вызвольнага руху, паўстаньняў, а потым ― і Адраджэньня.

III. Геапалітычнае становішча Беларусі ў XIX-XX стст. Беларусь ― стратэгічнае перадпольле Расейскай імпэрыі

Захоп Расейскаю імпэрыяй амаль усяе тэрыторыі ВКЛ ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793 і 1795 гг.) і далучэньне да Расеі ў 1807 г. Беласточчыны паводле француска-расейскага Тыльзыцкага міру стварылі новую геапалітычную сытуацыю. Цяпер Літоўскае-Беларускае гаспадарства ў складзе Рэчы Паспалітай страціла незалежнасьць, і Беларусь сталася памежным краем магутнай тады Расейскай дзяржавы. Такім чынам, Беларусь становіцца аб'ектам (а не суб'ектам) міжнароднай палітыкі і цалкам выкарыстоўваецца расейскім царызмам у ягонай эўрапейскай палітыцы.

Тэрыторыя Беларусі ад канца XVIII ст. стаецца стратэгічным пляцдармам для войнаў у Эўропе, месцам сталага разьмяшчэньня вялікіх кантынгентаў расейскай арміі і адначасова перадпольлем на выпадак наступальнай вайны з боку праціўніка, каб затрымаць тут варожую для Расеі армію і пазьбегнуць матэрыяльных і людзкіх стратаў на тэрыторыі Расеі. У сувязі з гэтым на Беларусі ў XIX ст. будуюцца моцныя Берасьцейская й Бабруйская фартэцыі ды іншыя фартыфікацыйныя ўмацаваньні.

Адначасова выкарыстоўваюцца і людзкія рэсурсы Беларусі. Тутэйшае сялянства дагэтуль ня ведала вайсковай службы, бо ў беларускім-літоўскім войску не служыла. Расейскі ўрад адразу пачаў праводзіць у Беларусі рэкруцкія наборы сялянаў у армію з доўгатэрміновай (да 25 гадоў) салдацкай службай. Беларускую шляхту набіралі ў юнкеры і афіцэры расейскага войска. Яны служылі імпэратару і фактычна выконвалі ролю ляндскнэхтаў у імпэрыі заваёўнікаў. Такім чынам, беларусы ўдзельнічалі ў войнах, змагаючыся дзеля чужых інтарэсаў і мэтаў. Пасьля захопу Беларусь сталася крыніцай узбагачэньня ўладароў Расеі за кошт падаткаў з насельніцтва і выкарыстаньня ейнай эканомікі, але перадусім была вельмі важным стратэгічным аб'ектам, што прыкрываў кірункі на абедзьве сталіцы Расеі ― Санкт-Пецярбург і Маскву.

Гэтае становішча Беларусі царызм падмацаваў нутраной палітыкай, узяўшы курс у першыя дзесяцігодзьдзі свайго панаваньня на падтрымку тутэйшых памешчыкаў, дагэтуль амаль цалкам апалячаных. Каб захаваць у краі спакой, на іх распаўсюдзілі правы і прывілеі расейскага дваранства з усімі наступствамі.

Былі захаваныя ранейшыя навучальныя ўстановы на чале зь Віленскім унівэрсытэтам (з польскай мовай навучаньня ў іх). Захавалася таксама справаводзтва на польскай мове ва ўрадавых установах, і толькі некаторыя дакуманты, якія падпісвалі губэрнатары ды іншыя вышэйшыя чыноўнікі, прыежджыя з Расеі, ды справаздачы, што ішлі ў Пецярбург, пісаліся па-расейску.

1812 г. на некалькі месяцаў зьмяніў сытуацыю. Падчас француска-расейскай вайны тэрыторыю Беларусі (за выняткам паўднёвай часткі) у другой палове 1812 г. занялі войскі «Вялікай арміі» імпэратара Напалеона I. Дэкрэтам Напалеона ад 1 ліпеня 1812 г. было ўзноўлена Вялікае Княства Літоўскае ў складзе Віленскага, Менскага, Горадзенскага дэпартамэнтаў (губэрняў), а «ўласна беларускія» губэрні ―Віцебская і Магілеўская ― атрымалі сваё асобнае кіраваньне кожная. Гэтыя губэрні не далучылі да Вялікага Княства Літоўскага, каб падчас эвэнтуальных мірных перамоваў з расейскім імпэратарам Аляксандрам І іх можна было б саступіць Расеі ўзамен за прызнаньне ёю Вялікага Княства Літоўскага.

Урадавыя і мясцовыя органы былі складзены з тутэйшых памешчыкаў. Ураду Вялікага Княства Літоўскага ў Вільні, урадавым камісіям у Віцебску і Магілеве, мясцовым органам кіраваньня пастанаўлялася набіраць дабрахвотнікаў у польскія злучэньні Напалеонавай арміі, ставіць коней для кавалерыі й абозаў, зьбіраць прадукты й фураж для францускай арміі. Сытуацыя давала магчымасьць аднавіць Беларускую-Літоўскую дзяржаву. Але Напалеон ня выкарыстаў гэтага, а таксама не дазволіў Вялікім Княствам Варшаўскаму і Літоўскаму зноў аб'яднацца ў Рэч Паспалітую. Рэальнай улады мясцовае насельніцтва ня мела. Таму бальшыня тутэйшых памешчыкаў і шляхты не падтрымала Напалеона. Не падтрымалі і сяляне. Шанц адрадзіць Беларускую дзяржаву быў страчаны. Перамога Расейскай імпэрыі ў гэтай вайне перакрэсьліла ўсе пляны стварэньня самастойнага ці ў фэдэрацыі з Польшчай Вялікага Княства Літоўскага. Беларусь па-ранейшаму засталася падзеленай на губэрні пад кантролем расейскага ўраду.

Пасьля перамогі Расеі ў вайне з Францыяй і далучэньня да Расеі паводле пастановы Венскага кангрэсу ў 1815 г. большай часткі Польшчы (Каралеўства Польскага) на правох аўтаноміі, перадавыя рубяжы былі перанесеныя на мяжу з Прусіяй і Аўстрыяй ― у раёны Каліша, Чанстаховы і Сандаміра, але для імпэрскага ўраду Расеі тэрыторыя Беларусі ня страціла свайго стратэгічнага значэньня. Яна і ў XIX - пачатку XX ст. заставалася блізкім перадпольлем, дзе пастаянна знаходзілася вялікая колькасьць расейскіх войскаў.

Дзяржаўныя праекты XIX ст.

Цяпер, калі Расейская імпэрыя тут замацавалася, былі адкінутыя спробы лібэралізацыі рэжыму, флірту з тутэйшаю шляхтаю й магнатамі. Пасьля задушэньня паўстаньняў 1831 г. і асабліва 1863 г. пачалася палітыка жорсткай русыфікацыі нашай краіны. Яшчэ раней, у 1811 г., цар Аляксандар І адхіліў праект вядомага палітычнага дзеяча канца XVIII - першай чвэрці XIX ст. Міхала Клеафаса Агінскага (вядомы цяпер больш як кампазытар і аўтар палянэзу «Разьвітаньне з Радзімай»). Агінскі дарэмна спрабаваў пераканаць імпэратара ўзнавіць на тэрыторыі Беларусі, Літвы й Правабярэжнай Украіны былую Беларускую-Літоўскую дзяржаву з адным з братоў імпэратара на чале. Ён прапанаваў плян утварэньня такой дзяржавы з урадам з тутэйшых ураджэнцаў. Аляксандар І у 1813 г. адхіліў таксама праект князя Адама Юрыя Чартарыскага аб'яднаць Польшчу і Вялікае Княства Літоўскае на чале з братам Аляксандра I. Імпэратар заявіў А. Чартарыскаму, што расейцы «ніколі не дапусьцілі б, каб Літва (г. зн. Беларусь. ― А. Г.), Валынь і Падолія зноў адышлі да Польшчы». Такім чынам, Расея разглядала Беларусь як сваю неад'емную здабычу.

У гэтым сэнсе яшчэ далей пайшлі дзекабрысты. Кіраўнік «Паўднёвага таварыства» П. Песьцель распрацаваў асноўныя палажэньні грамадзкага й дзяржаўнага ладу Расеі ў праграмным дакуманце «Руская праўда», зацьверджаным «Паўднёвым таварыствам». Ен быў ворагам фэдэратыўнага ладу і выступаў за адзіную ды непадзельную Расею. 4-ы разьдзел «Рускай праўды» так і завецца: «Расея ёсьць Дзяржава Адзіная і Непадзельная». Як вядома, лёзунг «Единая и неделимая Россия» шырока выкарыстоўваўся падчас грамадзянскай вайны расейскімі белагвардзейцамі, якія былі супраць самастойных нацыянальных дзяржаўных утварэньняў на тэрыторыі былой Расейскай імпэрыі.

Песьцель пералічваў народы і краіны, далучаныя да Расеі, і сярод іх згадаў Беларусь. Згадвае ён і беларусаў (як частку расейскага народу), што насяляюць Віцебскую і Магілеўскую губэрні. Але не гаворыць пра беларусаў у іншых губэрнях, бо гэтыя губэрні меркавалася, паводле пагадненьня з польскім Патрыятычным таварыствам, пасьля супольнай перамогі над царызмам перадаць у склад Польшчы. Песьцель адмаўляў ім у праве на самастойнасьць, бо беларусы «з-за слабасьці сваёй ніколі ня могуць складаць асобных Дзяржаваў, а з-за гэтага ўсе яны… павінны адмовіцца ад права асобнай Народнасьці».

16-ы разьдзел «Рускай праўды» меў праграмны загаловак «Усе плямёны павінны зьлітымі быць у адзін Народ». У гэтым разьдзеле ставіцца задача:

«…У адну агульную масу зьліць так, каб масельнікі цэлай прасторы Расейскай Дзяржавы ўсе былі Рускія».

Дзеля гэтага трэба:

«...(каб) на цэлай прасторы Расекскай Дзяржавы панавала адзіная толькі мова расейская: усе зносіны тым самыім надзвычайным чынам палягчэюць».

Песьцель таксама прапанаваў скасаваць заканадаўчым шляхам назвы нерасейскіх народаў і ўсіх назваць рускімі. Расейска-польская мяжа паводле «Рускай праўды»…

«...павінна ісьці ад Палангена (Палангі) самаю простаю рысаю на Дынабург (Дзьвінск або Даўгаўпілс). Ад Дынабурга Дзьвіною да Полацка. Ад Полацка па рацэ Ўшачы да Бярэзіны. Адсюль лініяй Бярэзінскаю ў кірунку да Прыпяці. Потым балотамі Прыпяцкімі ў кірунку да горада Астрога Валынскай губэрні. Ад Астрога да Карпацкіх гор».

Такім чынам, уся Горадзенская й Віленская губэрні ды большая частка Менскай адыходзілі б да Польшчы. У Менскай губэрні ад Барысава мяжа йшла проста на поўдзень, па Птычы, пакідаючы ў Польшчы Ігумен і Слуцак. П. Песьцель ды іншыя дзекабрысты дзялілі зямлю Беларусі з польскімі шляхоцкімі рэвалюцыянэрамі, не пытаючыся, натуральна, беларускага народу.

Паўстаньні беларускай шляхты разам з польскай і літоўскай у 1831 і 1863 гг. не зьмянілі геапалітычнага становішча Беларусі. Паўстанцкія ўлады бачылі ў будучыні Беларусь і Літву адзіным дзяржаўным утварэньнем з Польшчай, з цэнтрам у Варшаве, але з пэўнаю палітычнаю аўтаноміяй ці ў палітычным саюзе з Польшчай, як гэта прапаноўваў урад Вінцэнта Канстанціна Каліноўскага. Мяжою будучай вызваленай ад царызму дзяржавы паўстанцы лічылі мяжу Рэчы Паспалітай з Расеяй перад першым падзелам 1772 г. Значыцца, у XIX ст. польскія, літоўскія і беларускія шляхоцкія патрыёты мелі альтэрнатыўны ў параўнаньні з расейскаю палітыкай дзяржаўны падыход да будучага ўзноўленага гаспадарства, дзе прадугледжвалася пэўная адасобленасьць Беларускага-Літоўскага краю.

Паўстаньне 1831 г. у Беларусі, узьнятае сьледам за паўстаньнем у Польшчы (лістапад 1830 г.), прыцягнула ўвагу дыпляматыі эўрапейскіх дзяржаваў. Англія, Францыя, Прусія і Аўстрыя кожная па-свойму паставіліся да паўстаньня, якое лічылі «агульнапольскім». Справа паўстанцаў у міжнародных дачыненьнях аслаблялася тым, што Польшча была аўтаномным каралеўствам, а Беларусь і Літва лічыліся «рускімі губэрнямі» і ў дыпляматычны разьлік увогуле ня браліся. Эўропа не цікавілася іхным лёсам. Паўстанцкі сойм у Польшчы 25 студзеня 1831 г. дэтранізаваў імпэратара Мікалая І як караля Польшчы і з гледзішча эўрапейскай дыпляматыі страціў легітымнасьць, хаця сам Мікалай І безупынна парушаў канстытуцыю 1815 г. і паступова ліквідаваў незалежнасьць Польшчы. Англія пасьля дэтранізацыі Мікалая І наагул спыніла кантакты з дыпляматычнай місіяй паўстанцаў. Аўстрыя й Прусія занялі варожую пазыцыю да паўстаньня, бо баяліся страціць свае тэрытарыяльныя захопы ў Польшчы й Заходняй Украіне. У Францыі за некалькі месяцаў да паўстаньня адбылася рэвалюцыя, рэжым Бурбонаў быў заменены лібэральным урадам караля Люі-Філіпа з малодшай, Арлеанскай галіны каралеўскай дынастыі, і гэтая краіна сама толькі выходзіла зь ізаляцыі. Такім чынам, паўстанцы і Польшчы, і ― найперш ― Беларусі былі кінутыя на волю лёсу. Паўстаньне скончылася паразаю.

Аналягічная сытуацыя паўтарылася ў 1863 г. Зноў на паўстаньне ў Беларусі эўрапейская дыпляматыя не зважала: ейная ўвага была прыцягнутая да паўстаньня ў Польшчы. Але пасьля паразы Расеі ў Крымскай вайне 1853-1856 гг. Англія, Францыя і Аўстрыя выкарысталі слабасьць імпэрыі ды паспрабавалі кожная па-рознаму займець з паўстаньня карысьць. Меркавалася разгледзець на міжнародным кангрэсе пытаньне аб паўстаньні і запатрабаваць ад Расеі ўзнавіць канстытуцыю Польшчы 1815 г., а таксама аднавіць Рэч Паспалітую ў межах да 1772 г. Асабліва актыўна падтрымліваў гэтую ідэю францускі імпэратар Напалеон III. Аднак рознагалосьсі ў патрабаваньнях і зьмена сытуацыі (расейскія войскі ўжо душылі паўстаньне) дазволілі расейскай дыпляматыі адбіць націск эўрапейскіх дзяржаваў.

Першая Сусьветная вайна і незалежнасьць Беларусі

Геапалітычнае становішча Беларусі не зьмянілася да пачатку XX ст. Новая сытуацыя для нашай краіны склалася падчас першай сусьветнай вайны. Ваенныя дзеяньні на фронце паміж германскімі й расейскімі войскамі ў 1914 г. адбываліся на тэрыторыі Польшчы. Улетку 1915 г. фронт пачаў набліжацца да Беларусі.

Германскае камандаваньне зьбіралася абкружыць групоўку расейскіх войскаў у Польшчы і такім чынам пераможна скончыць вайну. Аднак расейскае камандаваньне пастанавіла вывесьці свае войскі з аблогі і выраўнаць лінію фронту ад Нарава да Берасьця й Ковеля. Асноўнаю задачаю Заходняга фронту расейскай арміі было замацавацца ў раёнах Горадні, Беластока і да Берасьця, а таксама прыкрываць шляхі на Беларусь. Аднак на пачатку верасьня 1915 г. германскія войскі перайшлі ў наступ, прарвалі лінію на стыку Паўночнага і Заходняга франтоў і ўдарылі на Сьвянцяны (Сьвянцянскі прарыў), куды кінулі стратэгічную коньніцу. У выніку далейшага германскага наступу і адступленьня расейскіх арміяў апошнія ў кастрычніку 1915 г. замацаваліся на лініі Дзьвінск - Вялейка - Баранавічы - Пінск і далей да Валыні. Гэтая лінія фронту заставалася амаль нязьменная да лютага 1918 г., падзяліўшы Беларусь на зону, акупаваную германскімі войскамі, і на ўсходнюю частку, якая сталася бліжэйшаю і далейшаю прыфрантавою паласою расейскіх арміяў. Тым самым тэрыторыя Беларусі зноў такі адыгрывала ролю стратэгічнага перадпольля для расейскіх губэрняў імпэрыі.

У адрозьненьне ад расейскай прыфрантавой зоны зь яе ваенна-паліцэйскім рэжымам, у нямецкай зоне акупацыі была дазволеная дзейнасьць нацыянальных грамадзкіх арганізацыяў, у тым ліку беларускіх, што паўплывала на далейшае разьвіцьцё беларускага адраджэнцкага руху. Нямеччына, зыходзячы ня толькі з задачаў сваёй усходняй палітыкі падтрымкі нацыянальных рухаў пад нямецкім кантролем, але і з мэтаю аслабіць праціўніка, абмежавана падтрымала і беларускі нацыянальны рух, не даючы яму ані тэрытарыяльнага самакіраваньня, ані якіх-небудзь палітычных абяцанак.

Становішча зьмянілася ў выніку падпісаньня Берасьцейскае мірнае дамовы 3 сакавнка 1918 г. Не зважаючы на спробы Беларускага нацыянальнага сакратарыяту ўзяць удзел у берасьцейскіх мірных перамовінах, абодва бакі ― і расейскі, і германа-аўстрыйскі з саюзьнікамі ― не прызналі за прадстаўнікамі беларускага народу права на самавызначэньне і не прынялі беларускую дэлегацыю.

Паводле ўмоваў Берасьцейскага мірнага пагадненьня, Расея адмаўлялася ад вярхоўнай улады над тэрыторыямі на захад ад абумоўленай лініі (артыкул 3-і). У дамове пісалася:

«Расея адмаўляецца ад усялякага ўмяшаньня ў нутраныя справы гэтых абшараў. Германія і Аўстра-Вугоршчына маюць намер вызначыць наступны лёс гэтых абшараў пасьля кансультацыі зь іхным насельніцтвам».

Новая расейская мяжа ішла па Дзьвіне да Друі, пакідаючы з расейскага боку Друю, Браслаў, Відзы, Паставы, Ашмяны, Дзевянішкі, потым па Нёмане на захад ад Наваградка, на захад ад Слоніма, Ружанаў, Пружанаў і на поўнач ад Берасьця, дзе мяжа абрывалася, бо далей ішла ўжо тэрыторыя Ўкраінскай Народнай Рэспублікі. Усталёўвалася таксама ўсходняя мяжа Эстляндыі й Ліфляндыі. Такім чынам, самую заходнюю частку Беларусі зь Вільняй, Горадняй, Лідай, Ваўкавыскам і Беластокам Расея аддала Германіі і Аўстра-Вугоршчыне для далейшага вызначэньня ейнай дзяржаўнай прыналежнасьці. Значная ж частка тэрыторыі Беларусі была захопленая нямецкімі войскамі падчас наступу з 18 лютага 1918 г. і да падпісаньня дамовы. Яна сталася зонаю часовай нямецкай акупацыі да заключэньня ўсеагульнага міру (г. зн. да сканчэньня сусьветнай вайны) і канчатковай расейскай дэмабілізацыі (артыкул 4-ы).

На акупаваных землях знаходзіліся Полацак, Ворша, Магілеў, Гомель. І толькі ў расейска-германскай дадатковай дамове ад 27 жніўня 1918 г. гаварылася:

«Германія ачысьціць яшчэ да заключэньня ўсеагульнага міру занятую на ўсход ад Бярэзіны тэрыторыю паралельна наяўным складкам, якія Расея мае плаціць паводле артыкула 2-га расейска-германскага фінансавага пагадненьня».

Г. зн. з пачатку выплаты Германіі 6 мільярдаў марак рэпарацыяў. Нямецкія войскі пачалі адступаць у кастрычніку 1918 г. ад Магілева і Воршы.

Аднак у Нямеччыне адбылася Лістападаўская рэвалюцыя 1918 г., і Ленін, скарыстаўшы гэта, правёў пастанову УЦВК (ВЦМК) аб ануляваньні Брэст-Літоўскае дамовы. Такім спосабам узнавілася расейская юрысдыкцыя над аддадзенымі Нямеччыне тэрыторыямі. Расейскі савецкі ўрад не прызнаў Беларускае Народнае Рэспублікі і па-ранейшаму ўважаў гэтыя землі за свае.

Утварэньне БССР на тэрыторыі Заходняй Камуны на зьезьдзе Кампартыі Беларусі было вымушаным крокам. 3 аднаго боку, з 25 сакавіка 1918 г. існавала Беларуская Народная Рэспубліка; з другога ― беларусы-камуністы, што знаходзіліся на тэрыторыі Расеі, патрабавалі стварэньня Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі накшталт іншых нацыянальных савецкіх рэспублік, у тым ліку і ў Балтыйска-Чарнаморскім рэгіёне. І зьезд КП(б)Б вызначыў тэрыторыю навастворанай БССР у межах Менскай, Магілеўскай і Горадзенскай губэрняў, большай часткі Віцебскай губэрні (бяз трох латгальскіх паветаў), Смаленскай губэрні (без чатырох усходніх паветаў), частку Нова-Аляксандраўскага павету Ковенскай губэрні, а таксама Вялейскі, частку Сьвянцянскага і Ашмянскага паветаў Віленскай губэрні і чатыры паветы Чарнігаўскай: Сураскі, Мглінскі, Старадубскі й Навазыбкаўскі.

Гэтая савецкая рэспубліка праіснавала ў сваіх вялікіх межах, улучна са Смаленскаю й часткаю Чарнігаўскай губэрняў, толькі два тыдні.

16 студзеня 1919 г. ЦК РКП(б) на чале зь Леніным прыняў рашэньне вылучыць са складу БССР тэрыторыю Смаленскай, Віцебскай і Магілеўскай губэрняў, пакінуўшы толькі дзьве ― Менскую і Горадзенскую. Цэнтральнае Бюро Кампартыі (бальшавікоў) Беларусі 22 студзеня дало згоду на зьмену мяжы з РСФСР. 3 лютага 1919 г. усходнія тэрыторыі ― Віцебская, Магілеўская і Смаленская губэрні ― адным росчыркам пяра былі забраныя ў склад РСФСР, а 28 лютага 1919 г. астатняя тэрыторыя БССР сумесным рашэньнем ЦВК Літвы й Беларусі аб'ядноўвалася з маленькаю тэрыторыяй Літоўскай ССР; утварылася новая марыянэткавая дзяржава ― Літоўска-Беларуская ССР (ЛітБел), у складзе якой быў толькі самы ўсходні акрайчык літоўскай тэрыторыі, г. зн. той, дзе стаялі аддзелы Чырвонай Арміі. Амаль уся Літва была пад юрысдыкцыяй дэмакратычнага ўраду незалежнай Літвы.

Абвешчаньне савецкіх нацыянальных рэспублік праходзіла без усялякіх кансультацыяў з насельніцтвам і было чыста фармальным актам. Абвешчаньне БССР адбылося наагул на партыйным зьезьдзе адной толькі партыі ― бальшавіцкай, а не на зьезьдзе Саветаў. Такім чынам, нават фармальнасьць не захоўвалася. Гэтая рэспубліка стваралася як буфэрная, каб пазьбегнуць непасрэдных канфліктаў паміж РСФСР і ўзноўленаю Польшчай.

Такім жа чынам, імгненна, як узьнікалі, гэтак і ліквідоўваліся нацыянальныя савецкія рэспублікі ― рашэньнем Леніна, ЦК РКП(б) і ўраду РСФСР, якія ён узначальваў. Незаўважна перастала існаваць і ЛітБел, калі падчас савецка-польскай вайны 1919-1920 гг. Беларусь захапілі польскія войскі, якія ў жніўні 1919 г. занялі прастору да Бярэзіны. Літоўскія войскі акупавалі паўночны захад гэтай тэрыторыі. Апарат ураду ЛітБел быў ліквідаваны бальшавіцкімі ўладамі, а сама рэспубліка скасаваная безь якога-небудзь заканадаўчага акту. ЦК Кампартыі Літвы і Беларусі сваёй назвы не зьмяніў і пераехаў у Смаленск. Яму было даручана празь Бюро нелегальнай работы пры ЦК кіраваць на тэрыторыі Беларусі барацьбою чырвоных (камуністычных) партызанаў супраць польскіх уладаў і войскаў. І ЛітБел таксама стваралася як буфэрная рэспубліка паміж РСФСР і Польшчай; калі ж яна адыграла сваю ролю, была ліквідаваная кіраўніцтвам кампартыі і ўраду РСФСР.

У 1919-1920 гг. нашая краіна заставалася аб'ектам геапалітыкі суседніх (і ня толькі суседніх) дзяржаваў. Урад РСФСР пасьля ліквідацыі ЛітБел лічыў тэрыторыю Беларусі расейскаю. Пра гэта сьведчаць шматлікія штампы й пячаткі рэўкамаў на дакумантах, падрыхтаваныя ў штабе Заходняга фронту ў Смаленску. Рэўкамы былі часоваю савецкаю ўладаю пасьля заняцьця Беларусі. Яны прызначаліся камандаваньнем Чырвонай арміі. Усе штампы й пячаткі мелі надпісы, напрыклад, «Борисовский ревком Минской губернии РСФСР» ці «Новогрудский ревком Минской губернии РСФСР» і г. д. Урад Леніна лічыў тэрыторыю Беларусі расейскаю (пра БССР ужо забыліся) падчас мірных перамовінаў з урадам Літоўскай рэспублікі ў Коўне. Каб перацягнуць Літву і яе дзьве дывізіі на свой бок ды скіраваць супраць Польшчы, урад РСФСР 12 ліпеня 1920 г. падпісаў у Маскве мірную дамову зь Літвой, аддаючы ёй значную частку беларускіх земляў. Так, у 2-м артыкуле дамовы вызначалася «дзяржаўная мяжа паміж Расеяй і Літвой», што ішла на поўдзень ад Аўгустова, у 30 км ад Горадні (якая перадавалася Літве), потым Нёманам да Дзяляцічаў (на поўнач ад Наваградка й Любчы), потым на Валожын, які разам з Маладэчнам заставаўся на расейскім баку (прычым мяжа йшла па ўскраінных вуліцах Маладэчна), і далей на поўнач. Вялейка, Новы Мядзел, Шаркаўшчына й Друя заставаліся на расейскім баку. Менавіта гэтую расейска-літоўскую мяжу паказваюць апошнімі гадамі на шматлікіх мапах у Літве.

Гэтаксама без удзелу ўраду зноў створанай 31 ліпеня 1920 г. БССР на мірных перамовінах у Рызе ў 1920-1921 гг. была ўсталяваная дзяржаўная мяжа паміж Польшчай і БССР. Хоць А. Чарвякоў і прысутнічаў у Рызе як экспэрт расейскай дэлегацыі (і, такім чынам, не прадстаўляў БССР), але да 19 лістапада кіраўнік савецкай дэлегацыі Іофэ не дапускаў яго да ўдзелу ў перамовінах. Пад папярэдняю расейска-ўкраінска-польскаю дамоваю 12 кастрычніка 1920 г. стаяць подпісы чатырох членаў савецкай дэлегацыі: А. Іофэ, С. Кірава, Дз. Мануільскага і Л. Абаленскага. Пад мірнаю дамоваю 18 сакавіка 1921 г. паміж Расеяй і Ўкраінай, з аднаго боку, і Польшчай ― з другога, што вызначыла канчатковую дзяржаўную мяжу Польшчы з БССР і ЎССР, ― подпісы пяці сябраў савецкай расейска-ўкраінскай дэлегацыі ― А. Іофэ, Я. Ганецкага, Э. Квірынга, Ю. Кацюбінскага і Л. Абаленскага. Праўда, у ёй гаворыцца, што ўрад РСФСР упаўнаважыў дэлегацыю падпісаць дамову за сябе і за ўрад БССР.

Падчас папярэдніх мірных перамовінаў у кастрычніку 1920 г. польская дэлегацыя прапанавала савецкай вывесьці польскія і расейскія войскі з тэрыторыі Беларусі (улучна са Смаленшчынай) і правесьці там плебісцыт для самавызначэньня Беларусі, аднак савецкая дэлегацыя адмовілася і згадзілася на альтэрнатыўны варыянт падзелу гэтага краю па ўказаньні ЦК РКП(б). Расея не хацела страціць выгадны пляцдарм. Пры гэтым лёс Беларусі вырашаўся нават без удзелу мясцовых бальшавікоў.

Перад падпісаньнем дамовы аб замірэньні і папярэдніх умовах міру ў кастрычніку 1920 г. савецкі ўрад, працягваючы мірныя перамовы, лічыў, што можа саступіць Польшчы і тую маленькую прастору БССР, якая яшчэ захоўвалася прыкладна ў межах шасьці паветаў былой Менскай губэрні. Дырэктываю ЦК РКП(б) Іофэ быў падрыхтаваны згадзіцца на самыя цяжкія ўмовы і падпісаць мір, чаго б гэта ні каштавала. Ён заявіў А. Чарвякову, што мір заключае Расея з Польшчай, а не Беларусь. Гэта была адназначная і цынічная заява, але Чарвякоў змаўчаў.

Пасьля падпісаньня прэлімінарнай дамовы пра варункі міру ўрад РСФСР улічваў магчымасьць перадачы тэрыторыі БССР у склад Польшчы пры заключэньні канчатковага міру.

Па-першае, 3 лістапада 1920 г. народны камісар замежных справаў Г. Чычэрын прапанаваў Палітбюро ЦК РКП(б) пабудаваць дачыненьні паміж БССР і РСФСР так, каб падпарадкаваць БССР расейскаму ўраду:

«...г. зн. пакідаючы Беларускую Рэспубліку па-за РСФСР, але фактычна аб'ядноўваючы цэлы шэраг галінаў дзяржаўнасьці…».

Тым самым БССР пазбаўлялася сувэрэнітэту і ў значнай ступені кіравалася ўрадам РСФСР.

Па-другое, народны камісарыят замежных справаў РСФСР 6 лістапада 1920 г. накіраваў сакратару ЦК РКП(б) М. Красьцінскаму новую запіску, у якой лічыў «нежаданым далучэньне да Беларусі якіх бы ні было частак Віцебскай або Магілеўскай губэрняў. Мы яшчэ ня ведаем, празь якія тэрыторыі можа прайсьці лёс Беларусі, і павялічыць загадзя тую тэрыторыю, якая праз гэтыя пэрыпэтыі будзе праходзіць, было б вельмі неасьцярожна». І толькі ў 1924 і 1926 гг. усходнія раёны цяперашняй Беларусі ― Віцебская, Гомельская і невялічкая частка Смаленскай губэрні ― былі далучаныя да БССР як свайго роду плата за ўступленьне Беларускай ССР у СССР.

Перш дзяржаўная мяжа БССР і Польшчы была ўсталяваная 12 кастрычніка 1920 г. паводле дамовы аб замірэньні і прэлімінарных умовах міру паміж РСФСР і УССР, з аднаго боку, і Польшчай ― з другога. У артыкуле 1-м гэтага дакуманта вызначалася ўсходняямяжа Польшчы з Украінай і Беларусяй прыкладна па лініі, што потым існавала як мяжа да 1939 г. У 2-м артыкуле мірнае дамовы паміж Расеяй і Ўкраінай, з аднаго боку, і Польшчай ― з другога, падпісанай у Рызе 18 сакавіка 1921 г., дзяржаўная мяжа замацоўвалася канчаткова. РСФСР і УССР перадавалі Польшчы дадатковыя тэрыторыі Беларусі: паміж Ланьню і Случчу на поўдзень ад Вызны й Старобіна, а таксама Радашкавічы. І зноў у складзе савецкай дэлегацыі не было прадстаўніка БССР. Тэрыторыя Беларусі падзялялася на дзьве часткі Расеяй і Польшчай. Для Расеі захавалася стратэгічная прастора, якая па-ранейшаму прыкрывала кірунак на Маскву. Для Польшчы тэрыторыя Заходняй Беларусі сталася часткаю прыфрантавой (з бальшавізмам) зоны, часткай «санітарнага кардону».

Такая сытуацыя адноснай раўнавагі існавала каля 20 гадоў. Аднак Савецкі Саюз, утвораны ў 1922 г., амаль на той жа тэрыторыі, што і Расейская імпэрыя, паўтараючы яе, не зьбіраўся прымірыцца зь існым становішчам. Спачатку для імпэрскай экспансіі выкарыстоўваўся лёзунг сусьветнай рэвалюцыі. Калі спроба Камінтэрну падняць такую рэвалюцыю ў Эўропе ў 1923 г. (Нямеччына, Баўгарыя) не ўдалася, кіраўніцтва СССР вяртаецца да іншай тактыкі: пры вонкавым захаваньні мірных дачыненьняў з эўрапейскімі краінамі зрабіць усё, каб вярнуць сабе перадавыя рубяжы ва Ўсходняй Эўропе, захопленыя царызмам у XVIII ст. (Прыбалтыка, Заходняя Беларусь) і напачатку XIX ст. (Фінляндыя, Польшча, Басарабія).

Падпісаўшы мірную дамову з Польшчай у 1921 г., Савецкая Расея, а потым Савецкі Саюз пачаў рыхтаваць ды інсьпіраваць паўстанцкі рух на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 1921-1922 гг. І хаця значная частка партызанскіх аддзелаў стваралася беларускімі эсэрамі, паступова кампартыя Заходняй Беларусі, якая накіроўвалася зь Менска й Масквы, у 1924-1925 гг. апанавала кіраўніцтва партызанскім рухам. У БССР ствараліся й перакідваліся празь мяжу партызанскія аддзелы, якія ў Заходняй Беларусі абрасталі мясцовымі сіламі ― ішоў экспарт рэвалюцыі. Кіраўнікамі партызанскіх аддзелаў і групаў сталі чэкісты С. Ваўпшасаў, В. Корж, К. Арлоўскі, А. Рабцэвіч, К. Такушэвіч ды іншыя. Мэтаю партызанскага руху было самавызначэньне Заходняй Беларусі і яе далучэньне да БССР. Аднак насельніцтва, перадусім сялянства, не падтрымала руху, і да канца 1925 г. ён быў падаўлены. Спроба СССР заняць гэтую тэрыторыю пад выглядам узьяднаньня беларускага народу не ўдалася.

Беларусь у савецка-нямецкіх дачыненьнях

Уся гэтая палітыка вялася пры прапагандысцкай крытыцы Вэрсальскае сыстэмы мірных дамоваў, што склалася пасьля першай сусьветнай вайны. Пры гэтым СССР спрабаваў зрабіць саюзьнікам Нямеччыну, якая прайграла вайну і была пакрыўджаная ўмовамі Вэрсалю, у тым ліку і ў тэрытарыяльным пытаньні. Пачаткам расейска-нямецкага саюзу сталася дамова ў Рапала ў 1922 г. і патаемнае вайсковае супрацоўніцтва СССР ды Нямеччыны. Райхсвэр атрымаў магчымасьць адчыніць на тэрыторыі СССР танкавую (у Казані), вайскова-паветраную (у Ліпецку) і вайскова-хімічную (у Саратаве) школы, абыходзячы тым самым артыкулы Вэрсальскага міру.

Прыход Гітлера да ўлады ў Нямеччыне 30 студзеня 1933 г. зьмяніў добрыя савецка-нямецкія дачыненьні, і яны пачалі пагаршацца. Яшчэ да гэтага, каб умацаваць сваё становішча на заходніх межах, СССР падпісаў сэрыю дамоваў аб ненападзе зь Фінляндыяй, Эстоніяй, Латвіяй і прадоўжыў у 1931 і 1934 гг. савецка-літоўскую дамову 1926 г. аб ненападзе і нэўтралітэце. У апошняй дамове гаварылася, што СССР па-ранейшаму прызнае расейска-літоўскую мяжу 1920 г., г. зн. у склад Літвы мела ўваходзіць тэрыторыя паўночна-заходняй Беларусі (хаця фактычна яна была ў складзе Польшчы). СССР тым самым прызнаваў сувэрэннай літоўскай тэрыторыю з гарадамі Вільня, Горадня, Ліда, Браслаў, Паставы ды інш. Усе дамовы аб ненападзе, заключаныя савецкім урадам з суседнімі ўсходнеэўрапейскімі дзяржавамі, мелі агульныя рысы; галоўным было захаваньне прынцыпаў непарушнасьці межаў.

25 ліпеня 1932 г. у Маскве была падпісаная савецка-польская дамова аб ненападзе, тэрмін якой 5 траўня 1934 г. прадоўжылі да 31 сьнежня 1945 г. Тэрытарыяльныя пытаньні на перамовінах нават і не ўзьнімаліся. Дзяржаўная мяжа паміж СССР і Польшчай, якая была вызначана Рыскаю мірнаю дамоваю 1921 г. і якая падзяліла Беларусь і Ўкраіну, заставалася нязьменнаю. У 1934-1936 гг. пазначылася альтэрнатыва савецка-германскаму пакту 1939 г.: заключэньне пагадненьня паміж СССР і заходнімі дэмакратычнымі краінамі для супраціву фашыстоўскай агрэсіі. Але гэтая ідэя не ажыцьцявілася. Англія й Францыя ня вельмі ахвотна йшлі на саюз з СССР, бо ня верылі Сталіну, які ў 1936-1939 гг., падчас грамадзянскай вайны ў Іспаніі, ня толькі праводзіў палітыку падтрымкі іспанскіх рэспубліканцаў, але й спрабаваў пашырыць ваенна-палітычны ўплыў СССР у Іспаніі, а значыць, і ў Заходняй Эўропе, узмацніць пазыцыі Кампартыі Іспаніі ва ўрадзе і на месцах. Усё гэта паказвала, што чакае кожную краіну, куды ўступяць войскі Чырвонай арміі. Эўрапейскія дэмакратычныя дзяржавы баяліся іхнага прыходу. Да гэтага трэба дадаць, што масавыя рэпрэсіі, якія асабліва шырока разгарнуў у СССР камуністычны рэжым у 1937-1938 гг., выклікалі ў эўрапейскіх краінах яшчэ большы недавер да савецкага ўраду, ягонай палітыкі ды прапановаў. Магчымыя ваенныя саюзьнікі ў эвэнтуальнай вайне супраць гітлераўскай Германіі лічыліся і з тым, што рэпрэсіі значна аслабілі Чырвоную армію.

Тымчасам, ад самага прыходу Гітлера да ўлады, Сталін захоўваў патаемную сувязь паміж Масквой і Бэрлінам. У сьнежні 1933 г. на зьезьдзе Саветаў кіраўнік ураду В. Молатаў і наркам замежных справаў М. Літвінаў заклікалі (у тым і Гітлера) паляпшаць савецка-нямецкія дачыненьні. Аднак Гітлер ігнараваў і гэтыя і пазьнейшыя заклікі. Адначасова Сталін вёў зандаж настрояў кіраўніцтва Англіі й Францыі.

Калі ў канцы 1938 г. кіраўнічыя колы фашыстоўскай Германіі пачалі дыпляматычны наступ на Польшчу, стварыўшы данцыгаўскі крызыс і рыхтуючыся да вайны, урад СССР у сакавіку 1939 г. пачаў у Маскве перамовіны з прадстаўнікамі ўрадаў Англіі й Францыі пра заключэньне дамовы аб узаемнай дапамозе. Пры гэтым Англія й Францыя былі зьвязаныя ўзаемнымі абавязкамі з Польшчай і муселі абвясьціць вайну Германіі, калі тая нападзе на Польшчу.

Падчас маскоўскіх перамовінаў дэлегацыя СССР прапанавала, акрамя заключэньня трохбаковага пакту аб узаемнай дапамозе, аказаць ваенную дапамогу ўсім усходне-эўрапейскім краінам, якія мяжуюць з СССР ад Балтыйскага да Чорнага мора. Такая меркаваная савецкая дапамога была б зьвязаная з парушэньнем межаў Польшчы й прыбалтыйскіх краінаў, прадстаўнікі якіх на перамовіны не запрашаліся. Але думка пра ўвод вайсковых аддзелаў Чырвонай арміі на тэрыторыю сумежных краінаў, у тым і ў Заходнюю Беларусь, усё больш авалодвала Сталіным і Молатавым, які, акрамя пасады кіраўніка савецкага ўраду, з 3 траўня 1939 г. заняў пасаду наркама замежных справаў.

11 траўня 1939 г. Польшча адмовілася ад заключэньня пакту пра ўзаемную дапамогу з СССР. Польскі ўрад добра ўяўляў, што абмежаваны кантынгент войскаў Чырвонай арміі, уведзены на тэрыторыю Польшчы, хутка ператворыцца ў неабмежаваны, што, пабудаваўшы тут вайсковыя базы, аэрадромы, склады, аддзелы Чырвонай арміі замацюуцца на гэтай тэрыторыі, а пасьля СССР, знайшоўшы зручную прычыну, зьменіць на сваю карысьць усходнюю мяжу Польшчы ды наагул памяняе яе дзяржаўны лад, аказваючы польскаму народу «брацкую дапамогу», як гэта потым, у 1940 г., адбылося ў краінах Прыбалтыкі. У Польшчы ж добра памяталі абвешчаньне ў 1920 г. у Беластоку Польскай Савецкай Рэспублікі, калі Чырвоная армія ўступіла на гэтую тэрыторыю.

Падчас перамовінаў ваенных місіяў Англіі, Францыі і СССР у Маскве маршал К. Варашылаў, які ўзначальваў савецкую ваенную місію, 14 жніўня 1939 г. паставіў для заключэньня дамовы пра ўзаемную дапамогу і ваеннай канвэнцыі пра ўзаемадзеяньне папярэднюю ўмову ― прапусьціць савецкія войскі «праз польскую тэрыторыю, празь Віленскі калідор і Галіцыю ды праз румынскую тэрыторыю», нават калі Польшча й Румынія дапамогі ў СССР не папросяць. Савецкая ваенная дэлегацыя прапанавала ўрадам Англіі й Францыі паўплываць на ўрады Польшчы й Румыніі ў гэтым пытаньні.

Польскі ўрад і асноўная маса насельніцтва не ўспрымалі сталінскага сацыялізму, ня верылі Сталіну й камуністычнаму рэжыму. Таму польскі міністар замежных справаў Ю. Бэк 20 жніўня 1939 г. адмовіўся ад пропуску аддзелаў Чырвонай арміі ў Памор'е, на Сувальшчыну і ва ўсходнюю Малапольшчу. Спроба заняць тэрыторыю Заходняй Беларусі й часткі Польшчы не ўдалася. Але Польшча не адмаўлялася ад уваходу Чырвонай арміі падчас вайны. Наступным днём, 21 жніўня, К. Варашылаў падчас паседжаньня ваенных місіяў на прапанову ангельскай і францускай дэлегацыяў перанесьці паседжаньне на 3-4 дні заявіў, што трэба адкласьці перамовіны на даўжэйшы тэрмін. Перамовіны былі сарваныя, паколькі ваенныя місіі больш не зьбіраліся. Сталін і савецкі ўрад фактычна палохалі германскаю пагрозаю Англію й Францыю ды спрабавалі дамагчыся іхнае згоды на далучэньне да СССР часткі тэрыторыі Польшчы ў абмен на ваенную дапамогу.

У той жа час Сталін і Молатаў ужо разьлічвалі дамагчыся сваіх імпэрыялістычных мэтаў з дапамогаю перамовінаў з Германій, нягледзячы на шэраг саступак, якія ўжо зрабілі дэлегацыі Англіі й Францыі.

Яшчэ ў сакавіку 1939 г. Сталін у спавешчаньні на XVIII зьезьдзе партыі двойчы заявіў, што СССР стаіць за ўмацаваньне дзелавых сувязяў з усімі краінамі. Гэты заклік да супрацоўніцтва Гітлер зразумеў. На пачатку 1939 г. пачаўся абмен думкамі наконт гандлёвае дамовы. У жніўні 1939 г. савецка-германскія кантакты ўрэшце прывялі да прапановы германскага боку заключыць пакт аб ненападзе і ўлічыць усе інтарэсы СССР у пытаньні аб Прыбалтыцы й Польшчы, пра што заявіў 3 жніўня Молатаву германскі пасол у Маскве граф Ф. фон Шуленбург. Найперш вырашаўся лёс Заходняй Беларусі.

14 жніўня 1939 г. германскі міністар замежных справаў Ё фон Рыбэнтроп даручыў Шуленбургу паўтарыць Молатаву германскія прапановы ды папрасіць аўдыенцыі ў Сталіна. Наступіў пэрыяд інтэнсыўных папярэдніх перамовінаў паміж Масквой і Бэрлінам. Гітлер сьпяшаўся заключыць дамову аб ненападзе з СССР, каб хутчэй пачаць вайну супраць Польшчы. Сталін жа сьпяшаўся выкарыстаць сытуацыю, каб захапіць новыя тэрыторыі ва Ўсходняй Эўропе.

17 жніўня Молатаў ад імя Сталіна і савецкага ўраду даў згоду на падпісаньне гандлёвае дамовы, а потым і пакту аб ненападзе. Прапаноўваўся і спэцыяльны пратакол да пакту па палітычных пытаньнях. 19 жніўня Шуленбургу перадалі савецкі праект дамовы аб ненападзе з дадаткам спэцыяльнага пратаколу па зьнешнепалітычных пытаньнях. Праўда, савецкі бок не канкрэтызаваў сваіх экспансіянісцкіх тэрытарыяльных памкненьняў. 20 жніўня Гітлер даў згоду на гэтыя ўмовы.

23 жніўня 1939 г. у Маскве Молатаў і Рыбэнтроп у прысутнасьці Сталіна падпісалі дамову аб ненападзе паміж Германіяй і Савецкім Саюзам. Да яе быў прыкладзены дадатковы сакрэтны пратакол, таксама падпісаны Молатавым і Рыбэнтропам. Гэтым пратаколам абедзьве таталітарныя імпэрыі падзялілі між сабой краіны Усходняй Эўропы, запісаўшы іх у «сфэры ўплыву Германіі й СССР» ды вызначыўшы іхны лёс. Паводле тэксту пратаколу, Літва пачаткова была ўключаная ў сфэру ўплыву Германіі, а Вільня прызнаная Літве. Заходняя Беларусь і частка Польшчы на ўсход ад Віслы ўвайшлі ў сфэру ўплыву СССР. Так дзьве імпэрыялістычныя дзяржавы вызначылі лёс мільёнаў людзей. Сталін дамогся ўрэшце ўсёй тэрыторыі Беларусі як стратэгічнага пляцдарму для наступальнай вайны ў Эўропе і адначасова абарончага перадпольля, якое прыкрывала б наступ з Эўропы на Маскву.

Другая Сусьветная вайна

17 верасьня 1939 г. на досьвітку Чырвоная армія перайшла савецка-польскую мяжу і пачала прасоўвацца да папярэдне абумоўленай з Гітлерам лініі. 19 верасьня з Масквы ў Бэрлін перадалі, што Сталін, які спачатку быў згодны зь існаваньнем польскай дзяржавы, прапаноўваў увогуле яе ліквідаваць і пачаць пра гэта перамовіны.

Дзяржаўная прыналежнасьць Заходняй Беларусі цяпер ужо вырашалася Сталіным. Пры гэтым ён не выключаў магчымасьці далучэньня Вільні й Віленскага краю да Беларускай ССР. Так, у 20-х днях верасьня 1939 г., пасьля таго як Вільня была занятая Чырвонай арміяй, савецкі прадстаўнік у гарадзкой управе загадаў працаўнікам складаць сьпісы выбаршчыкаў на беларускай мове для маючых адбыцца выбараў у Народны сход Заходняй Беларусі. І такія сьпісы па-беларуску складаліся. Але ў сярэдзіне першай дэкады кастрычніка 1939 г. (гэтым часам у Маскве вяліся перамовіны паміж урадамі СССР і Літоўскай рэспублікі пра падпісаньне савецка-літоўскага пакту аб узаемнай дапамозе) прыйшоў загад складаньне сьпісаў спыніць. Савецка-літоўская дамова была падпісаная 10 кастрычніка 1939 г. СССР аддаваў Вільню й Віленскі край Літве, а за гэта ўводзіў на тэрыторыю Літвы свае войскі. Так Вільня стала разьменнаю манэтаю ў сталінскай міжнароднай палітыцы Савецкага Саюзу.

25 верасьня 1939 г. Сталін прапанаваў Гітлеру абмен ― Літву аддаць СССР, а Люблінскае й частку Варшаўскага ваяводзтва з «порцыі» СССР перадаць Германіі. Гітлер згадзіўся, і 28 верасьня ў Маскве была падпісаная германа-савецкая дамова пра сяброўства й мяжу паміж СССР і Нямеччынай, у якой усталёўвалася новая дзяржаўная мяжа. У 3-м артыкуле дакуманта адзначалася, што ўрад СССР праводзіць неабходнае дзяржаўнае пераўтварэньне тэрыторыі на ўсход ад лініі мяжы. У сакрэтным дадатковым пратаколе была запісаная дамоўленасьць паміж Германіяй і СССР пра абмен Літвы на ўсходнія тэрыторыі Польшчы. Такім чынам, СССР цяпер афіцыйна атрымаў права праводзіць выбары ў народныя сходы Заходняй Беларусі й Заходняй Украіны і далучыць гэтыя тэрыторыі да СССР, што і адбылося ў канцы кастрычніка - першай палове лістапада 1939 г. Заходняя Беларусь (разам зь Беласточчынай) увайшла ў склад БССР. Вільня й Віленскі край былі перададзеныя Літве ў кастрычніку 1939 г. з тым, каб улетку 1940 г. далучыць і гэтую дзяржаву да СССР. А галоўнае ― Чырвоная армія без вайны прасунулася далёка на Захад.

Падчас уключэньня Літвы ў склад СССР на сэсіі Вярхоўнага Савету СССР на пачатку жніўня 1940 г. першы сакратар ЦК КПБ П. Панамарэнка абвесьціў аб перадачы Літве тэрыторыі большай часткі Сьвянцянскага і Гадуцішкаўскага раёнаў Вялейскай вобласьці.

Аднак на працягу другой сусьветнай вайны геапалітычнае становішча Беларусі зьмянілася. Пасьля нападу фашыстоўскай Германіі на СССР і акупацыі нямецкімі войскамі ўлетку 1941 г. тэрыторыі Беларусі Гітлер дзяліў ужо сам, без свайго контрагента па ранейшых перамовінах. Гітлер нават не прыняў патаемнай прапановы Сталіна падчас вайны, перададзенай праз Бэрыю ды ягоную службу, заключыць новы Берасьцейскі мір зь перадачай у распараджэньне Германіі Прыбалтыкі, Беларусі, Украіны і Малдовы.

Заходнія раёны Беларусі ― Беластоцкая вобласьць з Горадняй, Мастамі, Ваўкавыскам і Сьвіслаччу, паўночна-заходнія раёны Берасьцейскай вобласьці з Пружанамі, Камянцом і Высокім былі далучаныя да Ўсходняй Прусіі (Беластоцкая акруга). Беларускае Палесьсе зь Берасьцем, Бярозай, Пінскам, Туравам, Мазыром і Гомлем уключылі ў райхскамісарыят Украіна. Паўночна-заходнія раёны Вялейскай вобласьці з Ашмянамі, Смаргонямі, Відзамі далучылі да генэральнай акругі Літва. Віцебская, Магілеўская, большая частка Гомельскай вобласьці і ўсходнія раёны Менскай (з Чэрвенем, Пухавічамі, Старымі Дарогамі й Любаньню) засталіся ў зоне армейскага тылу групы арміяў «Цэнтар». І толькі Баранавіцкая, Вялейская, Менская (без усходніх раёнаў), паўночныя раёны Берасьцейскай і Пінскай абласьцей увайшлі ў склад генэральнай акругі Беларусь. Гэтыя землі (чвэрць тэрыторыі БССР) былі ўключаныя ў склад райхскамісарыяту Остлянд з цэнтрам у Рызе і падзеленыя на дзесяць акругаў. На тэрыторыі генэральнай акругі Беларусь акупанты паступова дазвалялі дзейнасьць беларускіх нацыянальных арганізацыяў. Аднак пра дзяржаўнасьць Беларусі размовы не было: нямецкія фашысты не плянавалі стварэньня беларускае нацыянальнае дзяржавы.

Пасьля вайны

Пасьля выгнаньня фашыстоўскіх акупантаў у выніку Беларускай апэрацыі чатырох франтоў у чэрвені - ліпені 1944 г. тэрыторыя Беларускай ССР скарацілася: Сталін безь ніякага юрыдычнага акту перадаў Беласточчыну ў падпарадкаваньне Польскаму камітэту нацыянальнага вызваленьня, альтэрнатыўнаму польскаму ўраду пад кантролем камуністаў і Масквы, улада якога ўсталёўвалася на польскіх тэрыторыях, занятых Чырвонай арміяй. Гэтым разам частка беларускіх земляў была перададзеная Польшчы. У каторы раз тэрыторыяй Беларусі вольна распараджаліся чужыя гаспадары.

Некалькі дзесяцігодзьдзяў БССР у геапалітычным пляне выконвала для СССР тую ж самую ролю, якая была вызначана ёй царскім урадам Расеі. Яна заставалася пляцдармам для ўварваньня ў Эўропу (праўда, пляцдармам другога рубяжу пасьля ГДР і Польшчы) ды перадпольлем для абароны Масквы й цэнтральных раёнаў Расеі. Толькі пасьля другой сусьветнай вайны беларускі рубеж абароны стаўся ядравым. На гэтай тэрыторыі павінны былі запускацца ядравыя ракеты ў бок праціўнікаў СССР або, наадварот, праціўнікі СССР мелі зьнішчаць разьмешчаныя тут савецкія ракеты разам з усім, што ёсьць на гэтай зямлі. Нават і пасьля абвешчаньня незалежнасьці Беларусі й ліквідацыі СССР нашая тэрыторыя і яе насельніцтва застаюцца закладнікамі ядравай стратэгіі расейскіх генэралаў, якія не жадаюць пераносіць рубеж абароны на Смаленшчыну. Таму на сувэрэнітэт і нэўтралітэт Беларусі з боку расейскіх шавіністычных колаў і вайсковага кіраўніцтва вядуцца палітычныя прапагандавыя наступы. Дзеля гэтага ў Беларусі актывізуюцца здрадніцкія сілы, калябаранцкія элемэнты, дзеля гэтага не выводзяцца расейскія войскі, прапануюцца вайскова-палітычныя саюзы, фэдэрацыя ці хаця б канфэдэрацыя з Расеяй або нават рэанімаваньне Савецкага Саюзу. Па-ранейшаму Беларусь і яе народ застаюцца мішэньню першага ўдару ў выпадку ядравага канфлікту. Такім чынам, лёс Беларусі па-ранейшаму шмат у чым залежыць ад тых, хто знаходзіцца ў Крамлі.

Вайсковыя традыцыі беларусаў у XVI–XVIII стст

Вайсковыя традыцыі народу — адзін з элементаў нацыянальнае культуры. Пра іх шмат пішуць у наш час, але толькі ў дачыненні да XX ст. Прытым больш увагі ўдзяляюць гэтаму пытанню прапагандысты ў вайсковых вучэльнях, чым гісторыкі. Амаль зусім не закранаюцца яны, калі адносяцца да больш далёкага часу.

Вайсковыя традыцыі беларусаў XVI–XVIII стст. развіваліся на падставе баявога досведу продкаў ранейшых стагодцзяў, часоў Полацкага княства й Літоўскае-Беларускае дзяржавы. Ужо адышлі ў мінулае змаганне супраць нямецкіх крыжакоў і крымскіх татараў. У шматлікіх бітвах літоўскія-беларускія вайскоўцы набывалі вопыт. Склаліся новыя формы вайсковай арганізацыі, змяняліся віды зброі, метады фармавання воінскіх адзінак, характар баявых дзеянняў. Адышло ў гісторыю ўсеагульнае апалчэнне мужчынаў племянной эпохі. Да XVI ст. вылучыліся людзі ваенна-служылага стану, асноўны абавязак якіх — абарона Радзімы ад нападаў ворагаў. Сяляне ўжо не ўдзельнічалі ў бітвах феадальнага перыяду больш позняга часу. Гэткі парадак захоўваўся да канца XVIII ст., пакуль Літва-Беларусь не была захоплена Расеяй з яе рэкруцкаю павіннасцю.

Такім чынам, вайсковая справа ў XVI–XVIII стст. належала аднаму стану — шляхце. У XVI ст. яшчэ ў паходах удзельнічалі й іншыя ваенна-служылыя людзі — баяры панцырныя, баяры путныя, слугі путныя, блізкія сацыяльным станам да шляхты, але з цягам часу гэтая катэгорыя вайскоўцаў змяншаецца і ў XVII–XVIII стст. ужо не вылучаецца асобна, бо часткова ўвайшла ў шэрагі шляхты, часткова склала прамежкавую групу паміж шляхтай і сялянамі. Толькі ў баях на сваёй зямлі ўдзельнічалі гараджане й сяляне.

Гісторык XVII ст. Шымон Старавольскі ў сваёй кнізе пра Рэч Паспалітую, выдадзенай у 1632 г., пісаў:

«Ніколі захопніцкіх войнаў з суседнімі народамі ня вядзём, калі толькі іх сілай спачатку нас не справакуюць, і то толькі, каб адпомсціць за крыўды і вярнуць захопленыя землі, а не для заняцця іх уладанняў і панавання над імі».

Гаворачы пра ўсю Рэч Паспалітую, аўтар заўважыў:

«Таму наша войска больш да абароны айчыны прыстасаванае, чым для здабывання гарадоў іншаземных… Таму таксама войска наша ў большасці складаецца з конніцы, амаль выключна са шляхты, і служыць для бітвы ў адкрытым полі, каб, ідучы наперад, супрацьстаяць непрыяцелю раней, чым ён прыйдзе да нашае граніцы».

Са старажытных часоў адной з вайсковых традыцыяў у нашых продкаў была конная атака. Таму з маленства шляхціцы рыхтаваліся да ваенных дзеянняў, пераважна ў конных шэрагах і ў паядынках на полі бою. Пачуццё годнасці выхоўвалася не толькі ў доме, але й на вайне. Валоданне тэхнікай блізкага бою, фехтаванне, уменне карыстацца агнястрэльнаю зброяй, тактыка коннага і пешага бою загартоўвалі шляхціца з маладых гадоў, развівалі пачуццё мужнасці, адказнасці, патрыятызму.

Менавіта гэтыя рысы шляхты й дапамагалі перамагаць колькасна большага ворага. Класічным прыкладам ёсць перамога літоўскага-беларускага войска на чале з гетманам найвышэйшым Канстанцінам Астрожскім над маскоўскімі ваяводамі й войскам у бітве пад Воршай 8 верасня 1514 г. У ёй і падчас уцёкаў маскоўскае войска страціла палову свайго складу — 40 тыс. чалавек з 80 тыс. А К. Астрожскі меў толькі 30 тыс. вайскоўцаў. У гэтай бітве праявілася маральная падрыхтоўка вайскоўцаў. Так, гетман найвышэйшы князь Канстанцін Іванавіч Астрожскі вёў сваё войска ў бой са сцяжкамі-вымпеламі (на дзідах) бел-чырвона-белага колеру, пра што сведчыць першая батальная карціна ва Ўсходняй Еўропе пра Аршанскую бітву (1520). Такім чынам, вайскоўцы ішлі ў бой са старадаўнімі баявымі сцягамі нацыянальных колераў. Войска Літоўскае-Беларускае дзяржавы выступала пад дзяржаўным чырвоным сцягам з сярэбранаю выявай Пагоні на адным баку і выявай Багародзіцы з дзіцяткам Ісусам — з другога. Побач быў і гетманскі сцяг блакітнага колеру. З аднаго боку на ім была Пагоня ў чырвоным полі, з другога — абраз святога Станіслава.

Як сведчыць гісторык XVI ст. М. Стрыйкоўскі, а 9 гадзіне раніцы ў пятніцу 8 верасня 1514 г., «на Рожество Пресвятыя Богородицы», князь К. Астрожскі паставіў войска ў баявых парадках. Як заўсёды гэта рабілася, праваслаўныя святары правялі багаслужбу за перамогу, бо бальшыню літоўскага-беларускага войска складалі праваслаўныя баяры-шляхта, але было нямала і каталікоў, то імшу служылі і ксяндзы.

Адзін з элементаў падрыхтоўкі — «гарцы» на пачатку бітвы. Гэта асобныя паядынкі паміж коннікамі з абодвух бакоў, каб заахвоціць астатніх вайскоўцаў да бою.

I, урэшце, перад наступам Канстанцін Астрожскі звярнуўся да свайго войска з заклікам ісці наперад. У адказны момант бою, калі войска Івана Чалядніна пайшло ў атаку й нечакана было расстраляна з гарматаў, пра якія не ведала, К. Астрожскі павёў войска ў контратаку. Скачучы на кані перад коннікамі, гетман звярнуўся да рыцараў: «Вось цяпер наперад, дзеці!» (яму было ўжо 54 гады). Ён казаў маладым рыцарам пра недалёкую перамогу і трыумф, што непрыяцель ужо «млее». Ён заклікаў «мілых братоў» аднавіць мужнасць у гэтай хвілі:

«Цяпер будзьце мужамі, няхай кожны адновіць дзельнасць, бо шэрагі непрыяцеля паблыталіся ўжо. На нашым баку стаіць сам Бог і дадае нам з неба абарону».

Астрожскі заклікаў усіх смела ісці ў бой за ім, бо ён першы ставіць сваю галаву ў ахвяру і першы ідзе ў атаку з шабляй у руцэ, каб яе акрывавіць. Ён напомніў рыцарам пра слаўныя бітвы продкаў і каб яны чуліся сынамі сваіх бацькоў. Гэтая прамова славутага палкаводца псіхалагічна ўздзейнічала на літоўскіх-беларускіх вайскоўцаў, і яны рушылі ў пераможную атаку.

На наступны дзень пасля праваслаўнае багаслужбы ў «гонар святое Тройцы і на хвалу Госпада Бога» і каталіцкай імшы, падчас урачыстага абеду, на які прывялі палонных, К. Астрожскі павіншаваў сваіх ваяводаў, ротмістраў і рыцараў з перамогай. Калі князь вярнуўся ў Вільню, ён зрабіў багатую фундацыю царкве Свята-Духаўскага праваслаўнага манастыра ў падзяку Богу за дараваную яму пад Воршай перамогу «над непрыяцелем і супастатам Праваслаўнае Царквы» — вялікім князем маскоўскім Васілём III. У памяць прымацавалі дошку з надпісам па-беларуску пра фундацыю К. Астрожскага.

Меншымі сіламі нашыя вайскоўцы выйгравалі й іншыя бітвы. Так, падчас Лівонскае вайны ў бітве на Іваньскіх палях над ракою Улай (на поўнач ад Чашнікаў), у сераду вечарам 26 студзеня 1564 г., гетман вялікі Мікалай Юр'евіч Радзівіл Руды са сваёю конніцай у 4 тыс. рыцараў і каля 6 тыс. казакоў і сялянаў напаў знянацку на лагер маскоўскага войска князя Пятра Шуйскага. Падчас бою загінулі 25 тыс. маскоўскіх вайскоўцаў, а 5 тыс. уцяклі ў Полацк. Ваяводу Пятра Шуйскага забіў сякерай просты селянін.

У бітве пад Кірхгольмам (Саласпілсам) 26 верасня 1605 г. коннае войска гетмана вялікага Яна Караля Хадкевіча з 8 тыс., з іх 1 тыс. пяхоты, цалкам разграміла войска шведскага караля Карла IX з 14 тыс. чалавек. Пры гэтым вызначылася конніца Яна Пятра Сапегі на правым крыле. 9 тыс. шведаў загінулі, некалькі сотняў узялі ў палон. Перамога была дасягнута дзякуючы ўдарам у флангі й тыл шведскае пяхоты разам з лабавой атакай.

Яшчэ адзін прыклад перамогі малымі сіламі — гэта бітва пад Клушынам 4 ліпеня 1610 г., калі 35-тысячная армія няздатнага палкаводца князя Дзмітрыя Шуйскага (брата цара) пацярпела паразу ад арміі гетмана Станіслава Жулкеўскага, з амаль цалкам коннага войска з 6,5 тыс. чалавек, у якое ўваходзілі атрады польскае, літоўскае-беларускае шляхты і ўкраінскіх казакоў. У выніку ў Маскве адбыўся дзяржаўны пераварот. Дваране на чале з Захарам Ляпуновым скінулі са стальца цара Васіля Шуйскага, і ў Маскве ўсталявалася ўлада сямібаяршчыны на чале з князем Ф. Мсціслаўскім.

У абарончых войнах бралі ўдзел і гараджане. Гарады ВКЛ апаясвалі моцныя фартыфікацыі, якія вытрымлівалі абарону на працягу некалькіх месяцаў. Для абароны выкарыстоўваліся гарнізоны з вайсковых людзей і наёмнае пяхоты. У буйных гарадах з мяшчанаў ствараліся палкі, якія баранілі вызначаныя ўчасткі гарадское сцяны й бліжэйшыя кварталы падчас штурму. Палкі падзяляліся на сотні й дзесяткі. Мяшчане ўзбройваліся мушкетамі, пісталетамі, бердышамі, шаблямі, а бедныя рыхтавалі і кідалі на штурмуючых вялікія камяні. Падчас штурму забаранялася крычаць і лаяць ворага, а трэба моўчкі змагацца, слухаючы каманды прыкамандзіраваных да апалчэння афіцэраў. У мірны час для гараджанаў ладзіліся вучэбныя стрэльбы з вызначэннем пераможцаў і ўзнагародамі для іх (напрыклад, вызваленне на год ад усіх падаткаў). Пераможцам спартовыя суддзі выдавалі адмысловыя атэстаты. Такія спаборніцтвы праводзілі рэгулярна (устава Слуцка 1621 г., у Нясвіжы згодна дэкрэту Міхала Казімера Радзівіла Рыбанькі ў 1731 г., у Быхаве ў XVIII ст. і г. д.). Асабліва актыўна гараджане абаранялі гарады падчас вайны паміж Масковіяй і Рэччу Паспалітай 1654–1667 гг. Калі гарады захопліваў вораг, то гараджане паўставалі і знішчалі варожыя гарнізоны (у 1661 г. у Магілеве, Дзісне й Себежы).

Падчас ваенных дзеянняў, якія суправаджаліся рабаваннем і масавым знішчэннем насельніцтва, супраць ворага паўставалі звычайна ціхія й паслухмяныя сяляне. Так, ужо з першых месяцаў вайны 1654–1667 гг. маскоўскім ваяводам прыйшлося ліквідаваць сялянскія паўстанцкія атрады, якія дзейнічалі партызанскімі метадамі (паводле расейскай тэрміналогіі — «шышы»). Гэтыя атрады часта аб'ядноўваліся з шляхоцкімі атрадамі й рабавалі й білі тую частку шляхты, якая падчас вайны прыняла прысягу на імя Аляксея Міхайлавіча. Яны дзейнічалі разам з казакамі, асабліва пасля Гадзяцкае вуніі 1658 г. Некаторыя камандзіры сялянскіх атрадаў тады ж атрымалі ад сойму Рэчы Паспалітае шляхоцтва, напрыклад, браты Дзяніс і Андрэй Мурашкі, Карнелій і Яўдоксій Драні (у шляхоцтве — Дранеўскія).

У другой палове XVIII ст. войскі Вялікага Княства Літоўскага паступова прымаюць тактыку й арганізацыю, уласцівую іншым еўрапейскім краінам, нават вайсковая форма ў гэты час таксама падобная да вайсковага адзення еўрапейскіх арміяў. Баявыя традыцыі захоўваліся, што праяўлялася падчас войнаў гэтага перыяду, падчас шляхоцкіх канфедэрацыяў і падчас паўстання 1794 г.

Беларуская шляхта

Паводле спавешчаньня на Устаноўчым Сойме Згуртаваньня Беларускае Шляхты 1 лістапада 1992 года.

Шляхта Беларусі мае сваю доўгую й славутую гісторыю. Шляхецкае саслоўе (стан) адыгрывала вялікую ролю ў гісторыі Літоўскага-Беларускага гаспадарства (Вялікага Княства Літоўскага і Рускага) у XIV–XVI стст. і потым да канца XVIII ст. у фэдэратыўнай Рэчы Паспалітай. Яна заўсёды займала выразна патрыятычную пазыцыю, якая асабліва праявілася падчас змаганьня за адраджэньне дзяржавы ў шляхецкіх паўстаньнях 1794, 1831 і 1863 гг. на Беларусі побач з братамі-паўстанцамі з польскай і літоўскай шляхты. На працягу вялікага пэрыяду беларускае гісторыі шляхта займала кіраўнічае становішча ва ўсіх галінах дзейнасьці сваёй дзяржавы і асабліва ў абароне Бацькаўшчыны, бо войска ВКЛ складалася пераважна са шляхты. Стагодзьдзямі шляхта мела значны ўплыў на разьвіцьцё культуры і сацыяльна-эканамічнае жыцьцё краіны. Вялікую ролю яна адыгрывала ў Адраджэньні XVI і канца XIX - пачатку XX ст., ва ўсталяваньні хрысьціянскіх і агульначалавечых каштоўнасьцяў. У адрозьненьне ад іншых саслоўяў шляхта ніколі ня мела комплексу непаўнацэннасьці, a заўсёды выступала з годнасьцю, гонарам і зь незалежніцкіх патрыятычных пазыцыяў.

У XIV–XVI стст. у ВКЛ канчаткова аформілася са сваімі правамі й прывілеямі вайскова-служылае саслоўе, у якога быў толькі адзін абавязак: выступаць у паход, бараніць Бацькаўшчыну, выганяць ворага са сваёй роднай зямлі туды, адкуль прыйшоў (Пагоня). Гэта былі нашчадкі родавых старэйшынаў, пляменных князёў і — у большасці — удалых ваяроў паспалітага рушэньня (апалчэньня). Слова «шляхта» паходзіць ад нямецкага schlagen — біць, a нямецкае слова Schlacht азначае «бітва». Даслоўны пераклад слова «шляхта» азначае: людзі бою, ваякі, ваяры. Есьць і другое, навуковае вызначэньне паходжаньня гэтага слова. Яно прыйшло ў нашу мову праз польскую ад старажытнаверхненямецкага slahte, што азначае «род, паходжаньне, парода».

Асноўную масу фэадалаў складалі нашчадкі ўдзельных князёў Полацкага, Тураўскага й Смаленскага і іншых княстваў, баяраў і дружыньнікаў гэтых княстваў, да якіх ў XV ст. далучыліся жамойцкія нобілі й дружыньнікі. Heкаторая частка апошніх асела ў адміністрацыйных цэнтрах ды атрымала тут маёнткі. Ужо да канца XIV ст. асноўная маса фэадалаў (за выняткам князёў) у ВКЛ называлася баярамі. Гэтая назва захавалася да XVI ст. Сэнс тэрміну «баяры» у ВКЛ цалкам адрозьніваўся ад сэнсу гэтага ж слова ў Маскоўскім княстве.

Пачынаючы ад Гарадзельскага прывілею 1413 г., у дзяржаўных актах разам з назвай «баяры» ўсё часьцей сустракаецца «баяры-шляхта» або «шляхта» (паводле польскага ўзору). У XV–XVI стст. у Берасьцейскай зямлі й на Падляшшы фэадалы таксама называліся «зямяне», зноў жа паводле польскае тэрміналёгіі. Гэтая назва ўжываецца ў Статуце Вялікага Княства Літоўскага 1529 г. для фэадалаў усёй дзяржавы, таксама як і «баяры», і «шляхта». Але з другой чвэрці XVI ст. назва «шляхта» стала займае месца ў дзяржаўных актах для вызначэньня фэадальнага саслоўя.

У XVI ст. 80 працэнтаў фэадалаў ВКЛ былі літоўскага-беларускага этнічнага паходжаньня, 19 працэнтаў — жамойцкага, 1 працэнт — іншага. Аднак якіх-небудзь вялікіх супярэчнасьцяў на этнічнай аснове тут не было. Уся шляхта разам бараніла сваю дзяржаву, выступала як адзінае саслоўе, зыходзячы ня толькі з карпаратыўных але і зь дзяржаўных інтарэсаў. Адзінства шляхты, яе правоў і прывілеяў выявілася ў феадальных кодэксах — Статутах Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага 1529, 1566 і 1588 гг.

Шляхецкія саслоўныя правы роду пераходзілі нашчадкам-мужчынам ды іхным нашчадкам у мужчынскім родзе, a таксама дачкам (але ня іхным дзецям, бо гэта быў ужо іншы род). Калі жанчына выходзіла замуж за няшляхціца, яна захоўвала шляхецтва, але не перадавала яго мужу й дзецям. Жанчына простага стану, выходзячы замуж за шляхціца, станавілася шляхцянкай пажыцьцёва, нават калі другі ці трэці раз выходзіла за няшляхціца. Шляхецтва можна было атрымаць ад вялікага князя літоўскага й рускага, a таксама ад гетмана на полі бою за мужнасьць. Ад Люблінскай уніі 1569 г. шляхецтва надаваў Сойм Рэчы Паспалітай (набілітацыя). Сойм прызначаў шляхецкі тытул і іншаземным дваранам. Шляхецтва можна было атрымаць і ўсынаўленьнем, абвешчаным у судзе (адопцыя).

Да XVI ст. уся шляхта дзяржавы, у тым ліку вялікія князі літоўскія (яны ж звычайна й каралі польскія), карысталася беларускай мовай — і як дзяржаўнай, і ў побыце. Нават на тэрыторыі Жамойці ў судох і гарадох беларуская мова ўжывалася паўсюдна. I толькі з XVI ст. у асяродзьдзе магнатаў паступова ўваходзіць польская мова, асабліва пасьля Люблінскай уніі 1569 г., калі Польшча і ВКЛ ўтварылі фэдэратыўную Рэч Паспалітую.

Толькі ў XVII ст. шляхта пачынае ўжываць і польскую мову, але драбнейшая шляхта карысталася беларускай заўсёды[2].

З рэлігійнага гледзішча таксама спачатку розьніцы не было. Літоўскія-беларускія баяры ў XIV ст. былі праваслаўныя. Пасьля хрышчэньня язычнікаў у 1387 г. паступова займае пазыцыі каталіцкая царква, перадусім у шляхецкім асяродзьдзі. У XVI ст. значная частка шляхты як з каталікоў, так і з праваслаўных, падчас рэфармацыі пераходзіць у кальвінізм (на чале з Радзівіламі) і ў іншыя пратэстанцкія плыні, але ў апошняй чвэрці XVI і пачатку XVII ст. пад уплывам Контррэфармацыі пераходзіць у каталіцызм. Да канца XVIII ст. й захопу Paceяй амаль уся шляхта ВКЛ была ўжо каталіцкай, прычым пераважна лацінскага a ня грэка-каталіцкага абраду, у адрозьненьне ад астатняга насельніцтва. Але захавалася і праваслаўная шляхта (пінская, давыд-гарадоцкая, ля Слуцка, Магілева), і кальвінісцкая. Такім чынам, працяглы час і ў шляхецкім асяродзьдзі захоўвалася шматканфэсійнасьць і талерантнасьць. Гэта, дарэчы, адбілася на разнастайнасьці элемэнтаў шляхецкай культуры. Верацярпімасьць грунтавалася на пастанове Сойму Рэчы Паспалітай 1573 г.

Яшчэ ў XIV ст. існавалі гербы князёў або родавыя знакі ў іншых фэадалаў. Да сталых шляхецкіх традыцыяў ад пачатку XV ст. (Гарадзельскі прывілей 1413 г.) належыць ужываньне гербаў, аднолькавых (альбо з мадыфікацыямі) з гербамі польскай шляхты. Менавіта ў 1413 г. пачалося гербавае братэрства з польскімі шляхецкімі родамі. Усяго налічваецца каля 5 тысячаў гербаў польскай, літоўскай-беларускай і ўкраінскай шляхты ў Рэчы Паспалітай. Шмат зь іх захавалася на Беларусі і ў XX ст.

Адным з дасягненьняў шляхецкай палітычнай культуры Вялікага Княства Літоўскага і Рускага, што адбілася на далейшых падзеях, было ўвядзеньне ў сярэдзіне XVI ст. замацаванага на стагодзьдзі ў законах права шляхты на самакіраваньне, на свабодныя выбары дэпутатаў (паслоў) на павятовыя соймікі й агульнадзяржаўныя соймы, у суды ўсіх узроўняў да Галоўнага трыбуналу Літоўскага ўлучна. Пры гэтым да самага захопу Кацярынаю II земляў ВКЛ у склад Расейскае імпэрыі кандыдаты на судовыя пасады мусілі ведаць беларускую мову як дзяржаўную, бо на ёй выдаваліся акты да 1696 г. У Рэчы Паспалітай уся шляхта магла выбіраць караля. У элекцыйным (выбарчым) сойме, на якім пажыцьцёва выбіраўся кароль, меў права ўдзельнічаць кожны шляхціц. Таму выбары караля часам праходзілі ў чыстым полі. Шляхта, якая ішла ў паход і знаходзілася ўжо на вайне, магла сабрацца ў войску ў асобны, палявы сойм, каб прыняць важнае рашэньне дзяржаўнага характару. Так адбылося ў 1562 г. на палявым сойме ля Віцебска — шляхта вырашыла аб'яднацца з Польшчай у фэдэратыўную дзяржаву дзеля барацьбы супраць войска цара Івана IV Жахлівага, які пагражаў існаваньню незалежнага ВКЛ.

У Рэчы Паспалітай уся шляхта была роўнай у правох. Тытулы князёў і графаў прызнаваліся пераважна як замежныя (у Радзівілаў, Сапегаў і іншых), бо іх звычайна надаваў імпэратар Сьвятарнай Рымскай імпэрыі германскай нацыі. Толькі нашчадкам старадаўніх княскіх родаў захавалі княскія тытулы. Але ўсе гэтыя тытулы не давалі ўладальнікам перавагаў над астатняю шляхтай. Нават самы бедны шляхціц, які часам ня меў зямлі й сваіх сялянаў, тэарэтычна быў роўны магнату, напрыклад, Радзівілу. Адсюль зразумела, чаму найбагацейшы чалавек у Рэчы Паспалітай у другой палове XVIII ст. — князь Караль Радзівіл (па мянушцы Пане-каханку) — называў шараговага шляхціца «панам-братам». Тэарэтычна кожны шляхціц мог быць абраны каралём. Усё гэта сьведчыла пра шырокую шляхецкую дэмакратыю.

Шляхціц, паводле Статута Вялікага Княства Літоўскага, ня мог быць арыштаваны й няслушна пакараны без рэчаісных доказаў віны, a судзіць яго маглі толькі роўныя яму, гэта значыць — шляхта. Права асабістай незачэпнасьці, выпрацаванае ў законах ВКЛ, і гарантыі ўласнасьці прычыніліся да стварэньня й захаваньня традыцыі шляхецкай годнасьці ў пакаленьнях шляхты. Нездарма ў Рэчы Паспалітай існавала выслоўе: «Шляхціц на загродзе роўны ваяводзе». Пачуцьцё годнасьці выхоўвалася й на вайне. Валоданьне тэхнікай блізкага бою, фэхтаваньне ня толькі халоднаю зброяй, але й агнястрэльнай, тактыкаю коннага й пешага бою з маладых гадоў загартоўвала шляхціца, разьвівала пачуцьцё мужнасьці, адказнасьці, патрыятызму. Шляхецкі гонар быў натуральны й неад'емны для шляхціца.

Калі трэба было вырашыць пытаньні карпаратыўных інтарэсаў, у Рэчы Паспалітай права дазваляла шляхце аб'ядноўвацца ў канфэдэрацыі (узброеныя зьвязы з палітычнымі й сацыяльнымі мэтамі) і дабівацца свае мэты збройным шляхам у караля й сойму.

Яшчэ адна адметная рыса нашай шляхты, уласьцівая таксама і польскай — гэта шматлікасьць. Калі ў суседніх дзяржавах — Расеі, Прусіі, Аўстрыі — у XVIII–XIX стст. удзельная вага дваранства складала каля 1 % насельніцтва, то у ВКЛ ў канцы XVIII ст. шляхты было 10–12 %, што тлумачыцца пастаяннымі войнамі й неабходнасьцю мець шырока прадстаўленае вайсковае саслоўе.

Менавіта гэтыя абставіны й прывялі да хуткага канфлікту шляхты з царскім урадам Расеі пасьля трох падзелаў Рэчы Паспалітай у 1772, 1793 і 1795 гг. і гвалтоўнага, захопніцкага далучэньня ВКЛ да Расеі. Хоць царскі ўрад і пашырыў на шляхту ВКЛ правы дваранскага саслоўя Расейскай імпэрыі, але адначасова скасаваў шляхецкае самакіраваньне, перавёў шматлікую дробную шляхту ў дваранаў 2-га разраду, зь меншымі правамі ў дваранскіх сходах, пачаў праверку гэтага шматлікага вольналюбівага і неспакойнага (з пункту гледжаньня ўраду) саслоўя, намагаючыся выкрасьліць шмат каго з расейскага дваранскага саслоўя або адразу не дапусьціць у ягоныя шэрагі.

Шляхта была асноўным чыньнікам у паўстаньнях 1794, 1831 і 1863 гг. Усе яны былі прагрэсіўнымі, a паўстаньне 1863 г. — наогул дэмакратычным, калі шляхта патрабавала ўтварэння Рэспублікі, незалежнасьці дзяржавы, вольнасьці і роўнасьці правоў для ўсіх грамадзянаў, надзяленьня сялянаў зямлёй. На чале паўстаньня ў Польшчы і ВКЛ ў 1794 г. стаяў нашчадак старадаўняга шляхецкага роду з-пад Берасьця Тадэвуш Касьцюшка, a пасьля таго як ён, цяжка паранены, трапіў у палон, — іншы прадстаўнік шляхецтва ― Тамаш Ваўжэцкі з-пад Браслава. У паўстаньні 1831 г. вызначыліся атрады Ю. Кошыца на Горадзеншчыне. Кіраўніком паўстаньня 1863 г. у ВКЛ быў таксама шляхціц з Горадзеншчыны Вікенці, (альбо Вінцэнт Канстантын) Каліноўскі.

Царызм пасьля паўстаньня 1831 г. нанёс рашучы ўдар па шляхце. Указам Мікалая I ад 19 кастрычніка 1832 г. быў распачаты разбор шляхты, калі ад усіх дваранаў-шляхты патрабавалі ў якасьці доказаў шляхецтва толькі арыгінальныя дакуманты — граматы каралёў, вялікіх князёў ды інш. Копіі дакумантаў, нават пацьверджаныя ў судох даўняй Рэчы Паспалітай, для доказу дваранства не прымаліся. Такім чынам на працягу некалькіх дзесяцігодзьдзяў былі выключаныя з дваранскага саслоўя сотні й тысячы. Так, у Менскай губэрні ў канцы XVIII ст. было 10 % дваранаў-шляхты, a ў канцы XIX ст. ужо толькі 3,5 %. Напрыклад, бацька Янкі Купалы трапіў у гэты разрад і лічыўся «недоказанным дворяннном», якому ўвогуле было адмоўлена хадайнічаць аб узнаўленьні дваранства. Такі ж лёс напаткаў і вайскова-служылых людзей у Слуцкім павеце — выбранцаў. Толькі некаторым сем'ям, у якіх захаваліся арыгіналы каралеўскіх граматаў, ― Лабановічам, Шпакоўскім ды іншым — удалося пацьвердзіць сваё дваранства. Тыя ж, у каго арыгіналаў дакумантаў не захавалася, былі ўрэшце (пасьля судовых працэсаў у розных інстанцыях, што цягнуліся некалькі дзесяцігодзьдзяў) указам сэнату Расейскай Імпэрыі, зацьверджаным Мікалаем I, залічаныя «не принадлежащими в крестьянство», але не залічаныя і ў дваранства, хаця ў некаторых сем'ях іншыя галіны роду былі зацьверджаны ў дваранстве. Аналягічная сытуацыя была і ў панцырных баяраў Полацкага й Віцебскага ваяводзтваў, дзе з 6168 чалавек (зь сем'ямі) пры разглядзе справы ў 1772–1807 гг. у дваранстве было прызнана толькі 22. З гістарычнага і юрыдычнага гледзішча, улічваючы традыцыі ВКЛ на працягу соцень гадоў, усе абмежаньні й выключэньне тысячаў сем'яў з саслоўя ня маюць праўнае падставы для нашчадкаў гэтых сем'яў, бо ВКЛ было далучана да Расеі гвалтоўна й царскі ўрад праводзіў такую палітыку незаконна.

Па-ранейшаму вялікую ролю адыгрывала шляхта на Беларусі ў XIX ст. у разьвіцьці яе гаспадаркі як да сялянскай рэформы 1861 г., так і пасьля яе. Спэцыялізацыя гаспадарак, наём рабочай сілы ў маёнтках, прапанова шляхты царскаму ўраду яшчэ ў першай палове XIX ст. вызваліць сялянаў, як і ў суседніх Польшчы, Прусіі, Прыбалтыцы (што, дарэчы, царскі ўрад адхіліў), ― усё гэта стварала ўмовы да пераходу на рынкава-капіталістычныя рэйкі разьвіцьця. Што да дробнай шляхты, якая жыла пераважна ў шляхецкіх ваколіцах і засьценках — шляхецкіх вёсках, ― дык яе эканамічнае становішча ў XIX ст. набліжалася да сялянскага.

Шмат пацярпела шляхта пасьля падаўленьня царскімі войскамі паўстаньняў 1794, 1831 і асабліва 1863 г. Цэлыя шляхецкія вёскі былі выселены ў расейскія губэрні або ў Сібір, a маёмасьць на загад генэрал-губярнатара Мураўёва-вешальніка канфіскавалася. Аднак шляхта распачала вызваленчы рух, дваранскі (шляхецкі) пэрыяд якога прыпадае на 1794–1863 гг. Менавіта шляхта пачала барацьбу за вызваленьне ад расейскага прыгнёту. Са шляхты пераважна выйшлі і кіраўнікі беларускага нацыянальна-вызваленчага руху і Адраджэньня канца XIX - пачатку XX ст. — як браты Луцкевічы, В. Іваноўскі, Аляізія Пашкевічанка-Кейрысовая, Янка Купала ды іншыя.

Пасьля буржуазных рэформаў 60–70-х г. XIX ст. расейскае дваранства мела кіраўнічыя пазыцыі ў губэрнскіх і павятовых земствах — органах абмежаванага мясцовага самакіраваньня. Аднак царскі ўрад ня ўводзіў земстваў у беларускіх губэрнях, не давяраючы мясцоваму дваранству. I толькі ў 1911 г. у беларускіх губэрнях і паветах было ўведзена яшчэ больш абмежаванае самакіраваньне. Але было зроблена ўсё, каб ня даць перавагі ў земствах мясцоваму дваранству каталіцкага веравызнаньня. Земствы не пасьпелі разгарнуць тут шырокай дзейнасьці.

Дваранства ў Расейскай імпэрыі ў апошняе чвэрці XVIII ст. мела карпаратыўныя структуры па губэрнях і паветах. Такая ж арганізацыя была ўведзена і на Беларусі: дваранамі губэрні і адпаведна павету выбіраліся губэрскі дваранскі дэпутацкі сход і павятовы дваранскі дэпутацкі сход, падпарадкаваны губэрскаму. На чале сходаў стаялі губэрскія й павятовыя маршалкі («предводители дворянства»). I маршалкі, і дэпутаты выбіраліся на сходах на альтэрнатыўнай аснове закрытым галасаваньнем, балатыроўкай белых (за) і чорных (супраць) куляў у адмысловыя скрынкі. Дваранскія дэпутацкія зборні і вырашалі ўсе саслоўныя пытаньні, у тым ліку радаводныя. Губэрская зборня мела дачыненьні з губарнатарам, міністрам нутраных справаў і ў разе патрэбы з самім Імпэратарам, адстойваючы свае карпаратыўныя інтарэсы. Такая структура захавалася да 1917 г.

Лютаўская рэвалюцыя 1917 г. у Paceі пазбавіла дваранскія арганізацыі ў губэрнях і паветах палітычнага ўплыву. У заходняй частцы Беларусі, акупаванай у верасьні - кастрычніку 1915 г. нямецкім войскам, яны таксама ня дзейнічалі. Пасьля паразы змовы генэрала Л. Г. Карнілава і абвешчаньня 1 верасьня 1917 г. Расеі дэмакратычнай рэспублікай, наступілі зьмены і ў становішчы дваранскіх арганізацыяў. Міністэрства нутраных справаў Расеі цыркулярам ад 5 верасьня 1917 г. паведаміла пра хуткае скасаваньне дваранскага саслоўя і зьліквідаваньне дваранскіх установаў (праўда, гэтага зрабіць не пасьпела). У кастрычніку 1917 г. у Менскай губэрні быў створаны «Зьвяз асобаў, запісаных у радаводныя кнігі Менскай губэрні» са старшынёй Георгіем Эмэрыкавічам Чапскім, уладальнікам Станькава (каля Койданава). Сход маршалкаў і дэпутатаў дваранства Менскай губэрні 16 кастрычніка 1917 г. перадаў гэтаму зьвязу ўсю маёмасьць, капіталы, архіў і радаводныя кнігі, a таксама будынак Менскага губэрскага дваранскага сходу і дваранскі клюб. Даходы ад маёмасьці й капіталаў мелі йсьці на культурна-асьветніцкую й дабрачынную дзейнасьць дзеля запісаных у радаводныя кнігі. 11 (24) лістапада 1917 г., пасьля кастрычніцкага перавароту ў Петраградзе і ўстанаўленьня савецкае ўлады, ЦВК і Савет народных камісараў дэкрэтам скасавалі дваранскае саслоўе і ягоныя карпаратыўныя арганізацыі ў губэрнях і паветах. У Менску, напрыклад, за 100 дзён (да пачатку нямецкай акупацыі ў лютым 1918 г.) мясцовыя органы савецкае ўлады на чале з бальшавікамі спынілі дзейнасьць дваранскіх арганізацыяў. Але толькі фармальна, бо на большае ў іх пакуль што не хапіла часу: арганізацыі не былі зьліквідаваныя, маёмасьць не канфіскавалі.

Таму 16 красавіка 1918 г. дзейнасьць дваранскіх установаў у Менскай губэрні была ўзноўлена на сходзе маршалкаў і дэпутатаў дваранства губэрні на чале з выканаўцам чыннасьці маршалка менскага дваранства барысаўскім павятовым маршалкам дваранства М. Н. Бурнашавым. Галоўнакамандуючы X нямецкай арміі генэрал ад інфантэрыі фон Фалькенган 14 ліпеня 1918 г. дазволіў узнавіць дзейнасьць дваранскага сходу ў Менскай губэрні, але толькі ў справах, непасрэдна датычных дваранства. Ніякаю палітычнаю дзейнасьцю дваранскаму сходу займацца не было дазволена. 29 верасьня 1918 г. на паседжаньні Менскага губэрскага дваранскага сходу, на якім прысутнічала 117 чалавек, былі выбраныя новыя кіраўнічыя асобы. Губэрскім маршалкам дваранства з 3-х кандыдатаў быў абраны граф Г. Чапскі. Ягонымі канкурэнтамі былі Эдуард Адамавіч Вайніловіч (што пабудаваў Чырвоны касьцёл у Менску) і Леў Львовіч Ваньковіч. Дзейнасьць дваранскай арганізацыі была зноў спынена ў сьнежні 1918 г., пасьля адыходу германскай арміі зь Беларусі, прыходу чырвоных і ўзнаўленьня савецкае ўлады. Але пасьля заняцьця ў жніўні 1919 г. большае часткі тэрыторыі Беларусі польскім войскам дваранскія ўстановы Менскай губэрні на чале з графам Г. Чапскім зноў дзейнічалі. Менскі губэрскі дваранскі сход быў фармальна самараспушчаны пасьля падпісаньня Рыскае мірнае дамовы ў сакавіку 1921 г. у Польшчы. Тады пасьля заканчэньня расейска-польскае вайны 1919–1920 гг. здолела пераехаць увосень 1920 г. частка сяброў сходу. Прычынамі самароспуску былі немагчымасьць і немэтазгоднасьць далейшай дзейнасьці шляхецкіх установаў.

Падчас рэвалюцыі й грамадзянскае вайны беларускае дваранства — шляхта ― панесла вялікія страты ад тэрору бальшавікоў. Гэтыя страты ўзмацніліся ў першыя дзесяцігодзьдзі савецкае ўлады, a для заходняй часткі Беларусі ў 1939–1941 гг. і пасьля вайны. Фактычна можна гаварыць пра генацыд дваранскага саслоўя і страту генафонду аднаго з саслоўяў беларускага народу. Тыя з дваранаў-памешчыкаў, хто не пасьпеў падчас грамадзянскае вайны пераехаць у Польшчу, былі зьліквідаваныя, a ў наступныя гады такі ж лёс падзялілі іншыя шматлікія дваране. Аднак з-за таго, што на Беларусі была й маса бедных дваранаў-шляхты, якія мала розьніліся побытам ад сялянаў ці гараджанаў, то шмат людзей і выжыла, працуючы, як усе. У Заходняй Беларусі яны займаліся гаспадарчай і культурнай дзейнасьцю.

Шляхта падзяліла лёс народу і ў час другой сусьветнай вайны. I таму яе гісторыя ў гэтыя 70 гадоў неаддзельная ад гісторыі ўсяго беларускага народу.

Нарэшце, пасьля доўгага — сямідзесяцігадовага — перапынку, арганізацыя й органы самакіраваньня беларускае шляхты ўзнаўляюць дзейнасьць. Арганізацыйная Рада Згуртаваньня Беларускае Шляхты склікала Ўстаноўчы Сойм аб'яднаньня. Аднаўленьне арганізацыі беларускае шляхты павінна адыграць значную ролю ў адраджэньні Беларусі й нашых патрыятычных традыцыяў.

1612 год у гісторыі Расіі …і яго тлумачэнне расійскімі палітыкамі і гісторыкамі

…сапраўдную гісторыю таго часу мы ні ад расійкіх гісторыкаў і кінематаграфістаў, ні тым больш ад палітыкаў не пачуем, і праўдзівых твораў не пабачым…

У апошнія гады ў Расіі ўлада і палітычныя дзеячы ўсё больш звяртаюцца да гістарычных падзей далёкага мінулага, каб падмацаваць свае пазіцыі і апраўдаць сваю па-ранейшаму імперскую палітыку.

Адной з такіх тэм з’яўляюцца гістарычныя падзеі, звязаныя з перыядам Смуты ў Маскоўскім царстве на пачатку XVII стагоддзя са зменай ва ўладзе цароў і самазванцаў і ўсеагульнага рабавання Расіі самімі расейцамі (маскоўцамі).

Паколькі савецкія гісторыкі абапіраліся на класавую барацьбу народа супраць эксплуататараў «працоўнага народа» (тады гэта сяляне), то тэрмін Смута не ўжывалі, а бачылі маторам падзей масавы народны рух, і перш за ўсё сялянскую вайну пад кіраўніцтвам Івана Балотнікава. Умяшанне ў падзеі ў Масковіі ў гэты час Рэчы Паспалітай (вайна 1609–1618 гг.) разглядалася савецкімі і разглядаецца расійскімі гісторыкамі як польская або польска-літоўская інтэрвенцыя. Гэтыя ж гісторыкі называлі і называюць захоп маскоўскімі войскамі беларускіх і ўкраінскіх земляў з іх пункту гледжання «вызваленнем брацкіх народаў» (альбо інакш адзінага рускага народу) ад чужаземных захопнікаў.

Доўгі час падзеі 1612 года не краналі расійскіх палітыкаў. Але на пачатку XXI стагоддзя тагачасны расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін успомніў і пра гэтую дату. Праводзячы агрэсіўную палітыку ў дачыненні да суседніх краін, расійскае кіраўніцтва вырашыла выкарыстаць дату вызвалення Крамля ад іншаземнага гарнізона (дарэчы, запрошанага ў Маскву самімі маскоўскімі баярамі ў 1610 г.), каб замацаваць гэтыя падзеі ў свядомасці расіян як дзяржаўнае свята антыпольскага характару, бо якраз у гэты час пагоршыліся адносіны паміж урадамі Расіі і Польшчы ў сувязі з уступленнем Польшчы ў НАТО і Еўразвяз.

Восенню 2004 года кіраўніцтва Рускай Праваслаўнай царквы, якое знаходзіцца пад поўным кантролем расійскай дзяржаўнай улады (і хіба па падказцы расійскага палітычнага кіраўніцтва), звярнулася да ўраду Расійскай Федэрацыі з ініцыятывай змяніць тады яшчэ расійскае дзяржаўнае свята 7 лістапада на іншы дзень, блізкі па часе. Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Алексій II прапанаваў дзень 4 лістапада як дзень заканчэння Смуты ў Расійскім царстве ў 1612 годзе, матывуючы гэта тым, што якраз у гэты дзень Масква была вызвалена расійскім апалчэннем ад польска-літоўскіх інтэрвентаў. Патрыярх прапанаваў абвясціць гэты дзень святам — Днём народнага адзінства, а 7 лістапада пакінуць ужо не святочным, а звычайным рабочым днём тыдня.

Сапраўды ж 4 лістапада з’яўляецца царкоўным святам цудатворнай іконы Казанскай Божай Маці, якую вельмі шануе праваслаўная царква. У выніку ініцыятыва была прынята і часам прыняцця адпаведнага закона Дзяржаўнай думай і Саветам федэрацыі, падпісанага прэзідэнтам Расіі, дата свята 4 лістапада была прынята і з 2005 г. стала адзначацца як Дзень народнага адзінства.

Для падмацавання святочнай даты мастацкімі сродкамі быў хутка падрыхтаваны фільм «1612 год», у якім паказана ў лепшых патрыятычных пазіцыях савецкага кіно гісторыя гераічнага змагання рускіх воінаў з «польскімі захопнікамі» (якія, дарэчы, нават гавораць па-польску, праўда, чамусьці з рускім акцэнтам).

Прымітыўная, прапагандысцкая ідэя фільма «1612 год» — «нашыя героі» і «захопнікі-ворагі» — вельмі нагадвае бяздарныя савецкія фільмы па гістарычнай тэматыцы і мае сваю мэту — распальваць сярод расіянаў шавінізм і варожасць да прадстаўнікоў іншых, «варожых» народаў у гэты важны для расійскіх палітыкаў момант. Такім чынам, у масавай свядомасці расіянаў павінна стварыцца ўражанне пра сапраўды народнае адзінства таго часу і перамогу над «польскімі захопнікамі», якіх самі маскоўскія баяры запрасілі ў Крэмль за два гады да таго…

Смута

Пачатак XVII стагоддзя ў Масковіі быў часам палітычнага і эканамічнага крызісу, які ахапіў усю дзяржаву. Гэты перыяд быў вынікам жудаснага панавання Івана IV Жахлівага (Грознага), панічна неўраўнаважанага цара, які праводзіў масавыя рэпрэсіі сярод ўсіх сацыяльных пластоў насельніцтва — ад баяраў да сялянаў. Асабліва жорсткія рэпрэсіі праводзіліся гвардыяй цара — апрычнікамі з абсалютным правам рабавання і пакарання ўсіх падазроных асобаў без ўсялякіх доказаў. Расійскі афіцыйны гісторык М. М. Карамзін (сучаснік А. С. Пушкіна) налічыў шэсць хваляў масавых рэпрэсій часоў Івана IV. Эканоміка Масковіі пацярпела за гэты час настолькі, што многія землі вярнуліся ў сельскагаспадарчы зварот толькі праз сто гадоў пасля смерці гэтага цара.

3-за таго, што, баючыся страціць уладу, цар Іван Жахлівы пазабіваў амаль усіх сваіх бліжэйшых сваякоў (нават старэйшага сына царэвіча Івана), пасля смерці Івана IV у 1584 г. засталіся толькі двое яго сыноў — Фёдар і маленькі Дзмітрый. Царом маскоўскім стаў Фёдар (1557–1598), у якога сыноў не было і які быў абмежаваным чалавекам. За яго царствам кіраваў брат жонкі Фёдара, баярын Барыс Гадуноў. У 1591 г. пры нявысветленых абставінах быў забіты 7-гадовы царэвіч Дзмітрый, і спадкаемцаў у цара не засталося. Таму пасля смерці цара Фёдара Іванавіча у 1598 г. наступіў дынастычны крызіс. У Масковіі не засталося мужчынскіх нашчадкаў маскоўскага вялікага князя Івана I Каліты (XIV ст.). Барыс Гадуноў умела арганізаваў сваё абранне царом Маскоўскім і Усяе Русі.

Аднак супраць яго выступіла маскоўская баярская апазіцыя, бо лічыла яго не баярскім, а дваранскім царом, і не магла дараваць яго дзейнасць у апрычніне. Гадуноў адказаў на гэта новымі рэпрэсіямі. Маскоўскія баяры падрыхтавалі планы звяржэння ненавіснага цара, палітыка якога сустракала таксама супраціў гараджанаў і сялянаў. Адзін з планаў маскоўскага баярства палягаў на тым, каб аб’яднаць Маскоўскае царства з Рэччу Паспалітай шляхам ўваходу дзяржавы ў склад Рэчы Паспалітай як чальца федэрацыі. Гэты план аб’яднання дзяржаваў прывёз на перамовы ў Маскву ў 1600 г. на чале пасольства канцлер вялікі літоўскі Леў Іванавіч Сапега, і маскоўскім баярам ён спадабаўся. Паводле гэтага праекта дзяржаўнай уніі, маскоўскія баяры і дваране маглі пераязджаць у Вялікае Княства Літоўскае і Польшчу і набываць там маёнткі. Можна было свабодна жаніцца з мясцовымі жанчынамі і дзяўчынамі з правам уласнасці на землі жонак. Маскоўскім баярствам (а не толькі панамі, як пішуць савецкія і паслясавецкія гісторыкі) быў падрыхтаваны свой кандыдат у цары, які ўвайшоў у гісторыю як Ілжэдзмітрый (каля 1581–1606), які выдаваў сябе за царэвіча Дзмітрыя, які быццам бы пазбег смерці ва Углічы (дзе быў забіты царэвіч Дзмітрый).

Асоба Ілжэдзмітрыя I не высветлена, існуе версія, што ён — збеглы манах маскоўскага Чудава манастыра Рыгор Атрэп’еў з дваранскага роду Атрэп’евых, продкі якіх выехалі з ВКЛ ў Маскоўскае княства. Па іншай версіі — сапраўды сын Івана IV, але няшлюбны (таму і трымаўся ўпэўнена, як царскі сын). Ілжэдзмітрыя I падтрымлівалі баяры Раманавы, Чаркаскія і інш., і нават патрыярх. Паводле іншых звестак яго падтрымліваў Леў Сапега.

Каб захаваць свайго кандыдата на царскі пасад маскоўскага цара, баярская апазіцыя перакінула яго ў Рэч Паспалітую, між іншым у Брагін, дзе ў 1603 г. яго падтрымаў уладальнік горада праваслаўны князь Адам Вішнявецкі. У 1604 г. з дапамогай караля польскага (і вялікага князя літоўскага) Жыгімонта Вазы і некаторых магнатаў з набраным войскам з шляхты, маскоўскіх дваранаў, казакоў і ўдзельнікаў сялянскіх паўстанняў Iлжэдзмітрый I авалодаў паўднёвай і паўднёва-заходняй часткай Маскоўскай дзяржавы, заняў Маскву і ў ліпені 1605 г. быў каранаваны як цар Дзмітрый I Іванавіч. Ён адмовіў Рэчы Паспалітай у яе прэтэнзіях на валоданне Смаленскай і Северскай землямі, якія раней абяцаў перадаць за патрымку яго выступлення. Баярам Ілжэдзмітрый I стаў непатрэбны пасля таго, як была скінута і ліквідавана дынастыя Гадуновых. Таму ў маі 1606 г. ён быў забіты змоўшчыкамі-баярамі на чале з князем В. I. Шуйскім падчас народнага паўстання ў Маскве, падрыхтаванага гэтымі баярамі. Царом быў абвешчаны Васіль Іванавіч Шуйскі. Новы цар даў крыжацалавальную грамату, якой гарантаваў баярству захаванне ўсіх яго прывілеяў.

Шырокія масы сялян і гараджан, частка дваранства выступілі супраць новага цара і яго палітыкі закабалення сялян і халопаў. Улетку 1606 г. у раёне Пуціўля пачалося паўстанне, асноўнай сілай якога былі халопы і сяляне, і ў якім удзельнічалі гараджане, стральцы, казакі, дваране. Кіраваў паўстаннем Іван Балотнікаў, які заклікаў да звяржэння цара Васіля Шуйскага і аднаўлення ўлады цара Дзмітрыя. Армія Балотнікава дайшла да Масквы, але ўзяць яе не здолела. У кастрычніку 1607 г. войскі цара Васіля Шуйскага ўзялі Тулу, дзе абараняліся галоўныя сілы Балотнікава. Кіраўнікі паўстання былі забітыя, як і шмат паўстанцаў. Астатнія разышліся асобнымі казацкімі атрадамі па Масковіі, рабуючы насельніцтва.

Іван Балотнікаў абвяшчаў сябе ваяводам цара Дзмітрыя. А хутка з’явіўся і сам цар, які выдаваў сябе за Ілжэдзмітрыя (цара Дзмітрыя). Гэта быў ужо стаўленнік не маскоўскага баярства, а Рэчы Паспалітай і маскоўскіх дваранскіх і казацкіх колаў Масковіі. Асоба яго таксама не высветлена. Магчыма, ён быў набліжаным Ілжэдзмітрыя I. Ёсць звесткі, што ён быў настаўнікам у Магілёве. Паводле іншых звестак — настаўнікам у Шклове. Улетку 1607 г. Ілжэдзмітрый II з’явіўся ў Старадубе. 3 атрадамі шляхты і данскіх казакоў зімой 1608 г. прыйшоў у Арол, улетку 1608 г. падышоў да Масквы, заняў сяло Тушына (адсюль мянушка «Тушынскі злодзей»), дзе сфармаваў урад з баяраў і дваранаў-перабежчыкаў. Мітрапаліта Растоўскага Філарэта (бацьку Міхаіла Раманава) ён прызначыў Патрыярхам Маскоўскім і Усяе Русі. У Масковіі стала два цары, дзве баярскія думы і два патрыярхі — у Маскве і ў Тушыне. Ва ўрад у Тушыне ўвайшлі баяры Раманавы і іх сваякі князі Чаркаскія, Трубяцкія і Сіцкія. Але Тушынскі лагер фактычна ўзначальвалі літоўскія-беларускія военачальнікі Ян Пётр Сапега (сваяк Льва Сапегі), М. Ражынскі, А. Лісоўскі. Да восені 1608 г. Ілжэдзмітрый II кантраляваў раёны на поўнач, усход і паўночны захад ад Масквы. У Маскоўскай дзяржаве было няўстойлівае становішча (як тады называлі «Смута»).

У гэтых умовах цар Васіль Шуйскі, каб пазбавіцца суперніка, хацеў заключыць дагавор з польскім каралём Жыгімонтам, але баярская апазіцыя ў Маскве, жадаючы пазбавіца ад В. Шуйскага, патаемна прапанавала царскую карону сыну караля, каралевічу Уладзіславу Жыгімонтавічу (як яго звалі ў Польшчы па беларускамоўнаму ўзору).

Тады цар Васіль Шуйскі заключыў саюз са Швецыяй, і з поўначы ў Масковію быў уведзены шведскі корпус на чале з Я. Дэлагардзі. Разам з войскам пляменніка цара, князя М. В. Скопіна-Шуйскага маскоўска-шведскае войска паступова ачышчала тэрыторыю паўночнай Масковіі ад атрадаў тушынцаў. Зразумела, што падчас ваенных дзеянняў усе арміі рабавалі насельніцтва.

Вайна

Узнік план увогуле далучыць Масковію да Рэчы Паспалітай, а агульным каралём і царом захацеў стаць сам Жыгімонт, і таму ён не адпускаў у Маскву юнака-сына.

Зачэпкай для пачатку вайны было ўвядзенне шведскіх войск на тэрыторыю Масковіі для барацьбы з атрадамі Ілжэдзмітрыя II. Паколькі Жыгімонт быў у стане вайны са Швецыяй (раней ён быў і каралём Швецыі, але быў там пазбаўлены трону шведскай шляхтай на карысць яго роднага дзядзькі), то ўвядзенне каралеўскіх шведскіх войск у Масковію і яе саюз са Швецыяй разглядаў як варожы акт.

Сабраўшы грошай і набраўшы войска, Жыгімонт абвясціў вайну Масковіі і сваёй арміяй пачаў наступ. У войска ўвайшлі і 12 пяхотных выбранецкіх рот Вялікага Княства Літоўскага. Да войска далучыліся польскія, літоўскія-беларускія і ўкраінскія атрады, адкліканыя з-пад Тушына. У верасні 1609 г. пачалася аблога Смаленска. Першымі да горада падышлі атрады Льва Сапегі, потым польскага гетмана польнага (палявога) С. Жулкеўскага. Аблогай кіраваў сам кароль, але толькі ў чэрвені 1611 г. Смаленск быў узяты.

У выніку распаду лагера Ілжэдзмітрыя II, які ўцёк у Калугу, тушынскія баяры і дваране не пайшлі на замірэнне з Васілём Шуйскім (а ён з імі), а накіравалі сваё пасольства пад Смаленск да Жыгімонта. Пасля перамоваў гэтае пасольства на чале з Міхаілам Салтыковым, князем Васілём Масальскім і іншымі, якія ад імя Тушынскага патрыярха Філарэта (Раманава) прапанавалі кандыдатуру каралевіча ў цары, падпісалі дагавор у лютым 1610 г. аб абранні царом 15-гадовага Уладзіслава, а кароль на гэта даў згоду. Уладзіслаў павінен быў дзяліць уладу з баярскай думай.

На дапамогу абложанаму Смаленску пайшло вялікае маскоўскае войска на чале з братам цара князем Дзмітрыем Шуйскім, хіба адным з самых бяздарных маскоўскіх палкаводцаў (дзеля яго прызначэння камандуючым жонка Д. Шуйскага атруціла ягонага пляменніка М. Скопіна-Шуйскага). 24 чэрвеня (4 ліпеня) 1610 г. адбылася бітва каля сяла Клушына пад Гжацкам (цяпер горад Гагарын). У складзе войска С. Жулкеўскага было 6325 чалавек конніцы, 200 пяхоты і 4 невялікія гарматы. Войска С. Жулкеўскага складалася з польскіх, літоўскіх-беларускіх коннікаў і ўкраінскіх казакоў. У маскоўскім войску Дз. Шуйскага было 35 тысяч чалавек, сярод якіх 5 тысяч складалі наёмнікі-шведы, французы і немцы. Але перад бітвай Дз. Шуйскі ім абяцанай сумы не заплаціў, разлічваючы, што ў бітве частка з іх загіне, а іх грошы ён забярэ ў сваю кішэню. Тады частка наёмнікаў адмовілася змагацца.

Пяць гадзін цягнулася бітва войска С. Жулкеўскага з маскоўскім войскам, і невялікае войска (у чатыры разы меншае) перамагло. Маскоўскія атрады пачалі ўцякаць, а потым уцяклі ўсе, пакінуўшы наёмнікаў. Маскоўскае войска страціла забітымі і палоннымі 15 тысяч чалавек, а астатнія разбегліся па сваіх дамах. Частка наёмнікаў перайшла на службу да караля, частка адпушчана па дамах. Пераможцы разрабавалі маскоўскі лагер і забралі ўсе боезапасы і іншыя рэчы.

Паражэнне маскоўскага войска было настолькі ганебным, што ў Маскве адбыўся дзяржаўны пераварот. Цар Васіль Шуйскі быў скінуты з трона і пастрыжаны ў манахі. Быў створаны баярскі ўрад («сямібаяршчына») на чале з князем Ф. М. Мсціслаўскім (унукам апошняга мсціслаўскага ўдзельнага князя).

Карыстаючыся паражэннем царскага войска пад Клушынам, Ілжэдзмітрый II зноў падышоў да Масквы. 3 другога боку да Масквы набліжаўся гетман С. Жулкеўскі, на бок якога пераходзілі царскія войскі і гарады. У самой Масковіі гарады прысягалі на вернасць Сямібаяршчыне ў Маскве. Частка баяраў і дваранаў ехала ў польскі лагер пад Смаленск да караля Жыгімонта, каб служыць будучаму цару Уладзіславу. Жыгімонт ужо раздаваў маёнткі ад імя сына баярам і дваранам, то было для чаго ехаць туды. Такім чынам, у Масковіі тады мелася некалькі ўрадаў.

Маскоўскія баяры вельмі баяліся Ілжэдзмітрыя II, які абяцаў (і рабіў гэта на справе) пераразмеркаванне зямельнай маёмасці. Таму кандыдатура гэтага цара была для іх непрымальнай. Найбольш адпавядаў ім Уладзіслаў Жыгімонтавіч (як яго называлі ўжо ў Маскве). Здавалася, што пры ім будзе наведзены парадак і гарантаваныя правы на баярскую і дваранскую маёмасць. Ён таксама мусіў разагнаць шматлікія банды маскоўскіх казакоў, польскіх і літоўскіх-беларускіх авантурыстаў, якія, карыстаючыся анархіяй, рабавалі насельніцтва.

Улетку 1610 г. Масква зноў апынулася ў блакадзе: у Каломенскім стаяў Ілжэдзмітрый II, у Мажайску — гетман С. Жулкеўскі. У канцы ліпеня Жулкеўскі ўжо падышоў да Масквы. Князю Ф. Мсціслаўскаму і іншым баярам С. Жулкеўскі прапанаваў ад імя караля ўсе тыя вольнасці, што мелі магнаты і шляхта ў Рэчы Паспалітай — без канфіскацый маёнткаў і смяротных пакаранняў без суда. Баяры з радасцю прынялі умовы.

Перамовы маскоўскіх баяраў з С. Жулкеўскім скончыліся дамовай, заключанай 17 жніўня 1610 года (паводле старога стылю). Уладзіслаў Жыгімонтавіч абвяшчаўся маскоўскім царом, а баяры і ўсе жыхары Масквы ўрачыста прынялі прысягу новаму цару Уладзіславу ў адмысловых шатрах і ва Успенскім саборы. Па гарадах Масковіі былі разасланыя граматы з наказам прысягаць Уладзіславу. Частка гарадоў прыняла прысягу каралевічу, а частка падтрымала Iлжэдзмітрыя II. Каралевічу была адаслана «крыжацалавальная грамата» з подпісамі баяраў і верхавіны гараджан.

Каб забяспечыць сябе ад Ілжэдзмітрыя II, баяры запрасілі войска С. Жулкеўскага ў Маскву, куды яно і ўвайшло ў верасні 1610 г. Разам з гэтым войскам у Маскву ўвайшлі і маскоўскія войскі, што падтрымлівалі новага цара Уладзіслава, былыя тушынцы на чале з Міхаілам Салтыковым, князем Васілём Масальскім, Міхаілам Малчанавым і іншымі.

Прыбыццё польска-беларускага войска і маскоўскага гарнізона вымусіла Ілжэдзмітрыя II адступіць у Калугу.

Працяг вайны

Заняцце Масквы польска-беларускім войскам рэзка змяніла сітуацыю ў Масковіі. Змянілася і палітыка караля Жыгімонта. Ён цяпер ўсё больш схіляўся да дзяржаўнай уніі з Масковіяй, г. зн. уключэння ў Федэрацыю Польшчы і Літоўскай-Беларускай дзяржавы яшчэ і Масковіі, зразумела, на чале з самім Жыгімонтам. Так кароль з-за сваіх асабістых амбіцый пахаваў баярскі праект заняцця маскоўскага царскага пасада Уладзіславам з устанаўленнем больш ліберальнага, у параўнанні з парадкамі Івана Жахлівага, ладу кіравання.

У снежні 1610 г. адпала і кандыдатура Ілжэдзмітрыя II. Ён быў забіты ля Калугі служылымі татарамі за тое, што загадаў забіць татарскага касімаўскага цара (удзельнае ханства на ўсход ад Разані). Цяпер былых тушынцаў яднала кандыдатура маленькага сына Ілжэдзмітрыя і Марыны Мнішак — цара Івана Дзмітрыевіча.

Яшчэ да ўвядзення ў Маскву войска С. Жулкеўскага польскі гетман арганізаваў пасольства ад маскоўскіх баяраў пад Смаленск да караля. Па настойванні С. Жулкеўскага маскоўскае пасольства ўзначалілі самыя ўплывовыя дзеячы ― князь В. В. Галіцын (які сам мог быць прэтэндэнтам у цары) і былы тушынскі патрыярх, а цяпер зноў мітрапаліт Філарэт (у міры Фёдар Раманаў). У склад пасольства былі ўключаны 1200 чалавек (амаль уся палітычная эліта Масковіі). Пасля ад’езда пасольства ад’ехаў і сам С. Жулкеўскі, пакінуўшы ў Маскве кіраўніком гарнізона (а фактычна гаспадаром) Аляксандра Гасеўскага. Ад’язджаючы з Масквы, Жулкеўскі ўзяў з сабою былога цара Васіля Шуйскага з двума яго братамі (усе яны памерлі ў польскім палоне).

Перагаворы пад Смаленскам паказалі, што Жыгімонт сам хоча сесці царом у Маскве, а таму не адпускае ў Маскву сына. Перамовы скончыліся нічым, і ўсіх паслоў адправілі ў Польшчу як палонных.

Урэшце 3 (13) чэрвеня 1611 г. польска-беларускае войска разам з украінскімі казакамі ўзяло Смаленск. У Маскву былі накіраваныя некаторыя мясцовыя дзеячы, якія атрымалі ад Жыгімонта маёнткі, і пачалі агітаваць за Жыгімонта. З іх быў створаны ўрад, што замяніў семібаяршчыну, але фактычна кіравалі Гасеўскі з Салтыковым. Урад падтрымліваў баяраў, але парушаў эканамічныя інтарэсы дваранаў і сялянаў. Гэта выклікала супраціўленне ў значнай колькасці маскавітаў.

Патрыярх Маскоўскі Гермаген адмовіўся прызнаць царом Жыгімонта і заклікаў пачаць барацьбу «супраць літоўскіх людзей» (большасць акупантаў складалі літоўская-беларуская шляхта і вайсковыя людзі). Яго пасадзілі ў вязьніцу, дзе ён пазней і памёр. У сакавіку 1611 г. у Маскве выбухнула паўстанне, якое скончылася паражэннем.

На пачатку красавіка 1611 г. да Масквы падышло першае апалчэнне рускіх дваранаў, стральцоў, казакоў і халопаў для вызвалення Масквы. Беларуска-польскія акупанты заселі ў Крамлі і Кітай-горадзе — умацаваных крэпасцях унутры горада. Аднак паміж кіраўнікамі першага апалчэння Пракопіям Ляпуновым (дваранства), князем Дз. Трубяцкім (тушынскім баярынам) і I. Заруцкім (казацтва) не было згоды. Дваране не хацелі адмаўляцца ад прыгонніцкай сістэмы, а казакі (большасць з халопаў і збеглых сялян) не хацелі вяртацца да старога ладу. Пачаліся сутычкі паміж дваранамі і казакамі. 22 ліпеня (1 жніўня) 1611 г. падчас бунту П. Ляпуноў быў забіты казакамі. Пасля гэтага дваране раз’ехаліся, а Трубяцкой і Заруцкі прынеслі прысягу Івану, сыну Iлжэдзмітрыя II і яго маці — «царыцы Марыне Юр’еўне ўсяе Русі».

Пасля распаду першага апалчэння смута працягвалася. Галава баярскай думы князь Мсціслаўскі разаслаў граматы, у якіх пераконваў народ не далучацца да Трубяцкога і Заруцкага, а падпарадкавацца Жыгімонту і Уладзіславу. Самі сябе яны называлі «баярамі цара Уладзіслава».

У ніжнім Ноўгарадзе восенню 1611 г. пачало фарміравацца другое апалчэнне на чале з князем Дзмітрыем Пажарскім як галоўным ваяводам і Кузьмой Мініным, земскім старастам у Ніжнім Ноўгарадзе, які больш займаўся гаспадарчымі справамі, але таксама камандаваў атрадамі. Мэтай апалчэння было вызваленне Масковіі ад чужаземцаў і абранне на Земскім сборы новага цара. У склад апалчэння запісваліся дваране, частка казакоў, гараджане, сяляне.

У сакавіку 1612 г. апалчэнне выступіла з Ніжняга Ноўгарада «супраць польскіх і літоўскіх людзей», але адразу на Маскву не пайшло, пакуль што другое апалчэнне падтрымлівалася толькі цывільнымі і царкоўнымі ўладамі Ніжняга Ноўгарада. Ды і пазіцыя казацтва была варожай. Таму апалчэнне павярнула на Яраслаўль, які яно заняло на пачатку красавіка 1612 г. Атрады другога апалчэння вялі барацьбу не толькі з інтэрвентамі, але і з казацкімі атрадамі Трубяцкога і Заруцкага.

Спачатку Пажарскі хацеў склікаць Земскі сабор для выбара цара ў Суздалі ці ў Яраслаўлі ў адсутнасці казакоў і ўсёй баярскай эліты, што была або ў Маскве, або ў палоне ў Польшчы. Тады царом быў бы абраны ён як прадстаўнік дынастыі Рурыкавічаў. Аднак Трубяцкой і Заруцкі сарвалі гэты план, заняўшы некалькі гарадоў. Пачынаць барацьбу с Жыгімонтам і з казакамі было бессэнсоўна. Таму кіраўніцтва другога апалчэння стварыла ў Яраслаўлі часовы ўрад — Савет усяе зямлі, які стварыў новыя дзяржаўныя кіраўнічыя структуры. У Яраслаўлі апалчэнне прабыло да ліпеня 1612 г. У гэты час вяліся перамовы з казацкімі правадырамі Дз. Трубяцкім і I. Заруцкім, каб унікнуць сутыкнення.

Сітуацыя змянілася, калі надышлі звесткі, што на Маскву ідзе беларуска-польскае войска на чале з гетманам вялікім літоўскім Янам Каралем Хадкевічам. Кіраўнікі другога апалчэння князь Дзмітрый Пажарскі і Кузьма Мінін — былі вымушаны змяніць планы (у т. л. абранне царом Дзмітрыя Пажарскага) і ісці на Маскву, каб увогуле яе не страціць. А пад Масквой прыходзілася дамаўляцца з казакамі аб сумеснай барацьбе супраць інтэрвентаў і ісці ім на ўступкі.

Пасля падыходу да Масквы атрадаў другога апалчэння у жніўні 1612 г. Заруцкі са сваімі казакамі адышоў у Каломну. Князь Трубяцкой з першага апалчэння застаўся са сваімі казакамі на месцы, але актыўных дзеянняў не вёў. У жніўні другое апалчэнне заняло пазіцыі вакол Масквы і частку горада. Становішча беларуска-польскага гарнізона ў Маскве было цяжкім: харчавання не хапала, гарнізон не атрымоўваў платы за службу і хацеў пакінуць Маскву. Але грошы кароль абяцаў выплаціць, а харчаванне вёз гетман Хадкевіч, войскі якога 21 (31) жніўня 1612 г. знаходзіліся ў 5 вёрстах ад Масквы, на Паклоннай гары. Атрады першага і другога апалчэння, якія аб’ядналіся супраць інтэрвентаў, былі значна большымі, чым войска Хадкевіча.

На наступны дзень Хадкевіч заняў падмаскоўны тады Новадзевічы манастыр і спрабаваў увайсці ў Маскву з захаду праз Чартольскую браму. Яго войску ўдалося прабіцца ў Замаскварэчча і дайсці да вуліц Большая Ардынка і Пятніцкая. Спроба прарвацца да Крамля і Кітай-горада, дзе засеў гарнізон, не ўдалася. 23 жніўня (2 верасня) Хадкевіч узнавіў атакі. Яго жаўнерам удалося дайсці амаль да самай Масквы-ракі, але апалчэнцы да ракі іх не дапусцілі. У выніку атакі атрада К. Мініна жаўнерам Хадкевіча прыйшлося адступіць.

Узяцце Крамля

У жніўні Аляксандру Корвін-Гасеўскаму са сваім атрадам удалося пакінуць Маскву. Частка гарнізона ў Крамлі і Кітай-горадзе была заменена. Камандаваць гарнізонам застаўся палкоўнік Мікалай Струсь (шляхціц з Падоліі), ён жа і камандзір аднаго з палкоў. Двума другімі палкамі, пераважна з літоўцаў-беларусаў, камандавалі шляхціцы Язэп (Юзаф) Будзіла, які меў ганаровы тытул харунжага Мазырскага, і Эразм Стравінскі (род паходзіў з Менскага і Мсціслаўскага ваяводстваў). Такім чынам, польскі элемент у крамлёўскім гарнізоне быў значна меншы, чым беларускі. Большасць гарнізону складалі літоўцы-беларусы. На другім месцы па колькасці былі немцы, на трэцім — французы, на чацвёртым — палякі. Так што вызваленне Крамля было не ад палякаў, а ад беларусаў і дапаможнага ім інтэрнацыяналу. Гарнізон налічваў 1,5 тысячы чалавек. Масква была ўжо занята апалчэнцамі Пажарскага і Трубяцкога.

Акупацыйнае войска ў кастрычніку адступіла ў Крэмль, пасля ўзяцця маскавітаамі Кітай-горада 22 кастрычніка (1 лістапада) 1612 года. У Крамлі гарнізон пратрымаўся яшчэ некалькі дзён, нягледзячы на страшэнны голад.

Камандаванне гарнізона Крамля, па дамоўленасці з князем Д. Пажарскім, выпусціла з Крамля жанчын — жонак баяраў, дваран і іншых людзей з ураду «цара Уладзіслава Жыгімонтавіча», а да таго баяраў і іншых з Тушынскага лагера.

Нягледзячы на пагрозы казакоў з першага апалчэння, што яны заб’юць князя Дзмітрыя Пажарскага, які не дазволіў ім рабаваць і гвалтаваць баярынь і іншых жанчын, Д. Пажарскі сам прыняў ля адной з крамлёўскіх брам жанчын і ўзяў іх пад сваю апеку.

Потым зусім згаладалы гарнізон згадзіўся на капітуляцыю з умовай захаваць жыццё палонным. Спачатку 27 кастрычніка (6 лістапада), выпусцілі з Крамля баяраў, што супрацоўнічалі з акупантамі. Сярод баяраў былі князі Ф. Мсціслаўскі, I. М. Варатынскі, баярын Іван Мікітавіч Раманаў з 15-гадовым пляменнікам Міхаілам Фёдаравічам Раманавым (якога Земскі сабор Масковіі ў лютым 1613 г. абраў царом). Разам з сынам выйшла яго маці Ксенія Іванаўна (якую за дванаццаць гадоў да таго цар Барыс Гадуноў загадаў пастрыгчы ў манахіні пад імем Марфа). Былі адпушчаны і іншыя баяры і дваране. Казакі прыбеглі і хацелі іх забіць, але апалчэнцы адстаялі баяраў і іншых людзей. Казакі толькі паспелі сарваць з некаторых з іх адзенне і абрабаваць. Д. Пажарскі прыняў баяраў з «вялікім гонарам».

На наступны дзень, 28 кастрычніка (7 лістапада) 1612 года, капітуляваў гарнізон Крамля. Язэп Будзіла выйшаў са сваім палком праз Траецкую браму да войска Д. Пажарскага, а М. Струсь з іншымі жаўнерамі — праз некалькі брам на Красную плошчу — да казакоў Трубяцкога. Жаўнеры Я. Будзілы засталіся цэлымі, а на Краснай плошчы жаўнераў, пасля таго, як тыя склалі зброю, абрабавалі, шмат каго забілі. Сведка гэтых падзей запісаў:

«По взятии же царствующего града Москвы многих литовских людей посекли, а больших панов по темницам засадили».

Як бачым, дзень 4 лістапада як дзень народнага адзінства не адпавядае гістарычным фактам і падзеям. Вызваленне Крамля адбылося 7 лістапада, але расійскія ўлады не пайшлі на перайменаванне свята ў гэты дзень. У выніку дзяржаўнае свята Расіі аказалася штучным і фальшывым. Гады два таму газета «Новые известия» зрабіла апытанне сярод чытачоў: «Калі вы святкуеце: 4 ці 7 лістапада?» і атрымала праз інтэрнет адказ: «П’ем і 4 лістапада, і 7 лістапада».

Зноў вайна…

Пасля ўзяцця Масквы апалчэннем К. Мініна і Д. Пажарскага Смута ў Масковіі працягвалася. Яшчэ дзейнічалі казацкі атрады, што былі прыхільнікамі царыцы Марыны (Мнішак) і яе маленькага сына Івана. Яны не прызналі выбар цара Міхаіла Раманава. У 1614 годзе Марына з сынам былі схопленыя. 3-гадовы хлопчык быў павешаны, а Марына памерла ў турме.

Уладу ў Маскве пасля яе вызвалення зноў узяла «сямібаяршчына» (за выключэннем двух яе ўдзельнікаў), якая ў 1610 г. капітулявала перад польска-беларускім войскам. У лютым 1613 г. на Земскім саборы ў Маскве разгарнулася барацьба за кандыдатуры на царскі пасад. Расійскі гісторык В. О. Ключэўскі адзначыў, што па саборы былі рознагалоссі, падкопы, інтрыгі і подкуп. Нават князь Дзмітрый Пажарскі з дапамогай грошай хацеў, каб яго выбралі царом.

Аднак справу вырашылі казакі:

«Галоўнае апірышча самазванства, казацтва, натуральна, хацела бачыць на пасадзе маскоўскім або сына свайго тушынскага цара, або сына свайго тушынскага патрыярха».

В. О. Ключэўскі адзначыў:

«…саборнае абранне Міхаіла было падрыхтаванае і патрыманае на саборы і ў народзе цэлым шэрагам дапаможных сродкаў: перадвыбарнай агітацыяй з ўдзелам шматлікай радні Раманавых, ціскам казацкай сілы, тайным дазнаннем у народзе, выкрыкамі сталічнага натоўпу на Краснай плошчы.»

Абраны быў 16-гадовы Міхаіл Фёдаравіч Раманаў.

У склад новага ўраду Масковіі ўвайшлі сваякі абранага цара. Гэта, акрамя чальцоў сямібаяршчыны, былі прадстаўнікі тушынскага лагера, што рашуча падтрымлівалі Iлжэдзмітрыя II, а пасля яго смерці другога цара — Уладзіслава.

Дарэчы, у дарэвалюцыйных расійскіх падручніках афіцыйна лічылася, што ў 1610–1612 гг. царом Расіі быў Уладзіслаў, бо быў абраны расійскімі баярамі, масквічамі і жыхарамі іншых гарадоў. У савецкіх падручніках царом ён не лічыўся. Таму тыя, хто быў у яго ўрадзе ў Маскве, праз 300 гадоў сталі здраднікамі.

У склад новага ўрада ў Масковіі ўвайшлі сваякі цара Міхаіла Раманава па бацькоўскай лініі князь Іван Чаркаскі, Фёдар Шарамецьеў, князь Барыс Лыкаў-Абаленскі, а перш за ўсё дзядзькі цара па матчынай лініі Барыс і Міхаіл Салтыковы. Амаль усе яны былі ўведзены ў склад Баярскай думы і сталі начальнікамі прыказаў (эквівалент міністэрстваў). Дзмітрыю Пажарскаму таксама надалі тытул баярына, а Кузьме Мініну — думнага двараніна (чальца думы). У наступныя гады маскоўскі ўрад разбіў казацкія атрады спачатку на поўдні, а потым і на поўначы, і ўстанавіў пэўны парадак.

Ніякага поўнага вызвалення не было. У наступныя гады пасля абрання царом Міхаіла Раманава кароль Жыгімонт ужо сам не прэтэндаваў на царства, а дапамагаў сыну, каралевічу Уладзіславу як маскоўскаму цару заваёўваць землі на ўсходзе, але недахоп грошай не дазволіў сабраць вялікае войска. У 1613 г. маскоўскае войска падышло да Смаленска, але ў красавіку 1614 г. літоўскае-беларускае войска вызваліла горад ад аблогі. У 1615 г. літоўскія-беларускія войскі Януша Кішкі і Аляксандра Лісоўскага зрабілі рэйды адпаведна на Старадуб і Бранск.

У 1617–1618 гадах Уладзіслаў Жыгімонтавіч узначаліў паход на Маскву, каб вярнуць свой трон. Побач з ім знаходзіўся гетман вялікі літоўскі Ян Караль Хадкевіч. Гэтае польска-беларускае войска пайшло праз ВКЛ на Маскву. Каралевіча падтрымліваў і канцлер Леў Сапега. З Украіны ў напрамку Масквы пайшлі ўкраінскія казакі на чале з гетманам Пятром Канашэвічам-Сагайдачным. Падтрымалі Уладзіслава данскія казакі і рэшткі казацка-сялянскіх атрадаў з часоў паўстання Івана Балотнікава. Уладзіслаў выдаваў дарчыя граматы, у т. л. і сялянам.

Дваранскі ўрад Міхаіла Раманава быў напалоханы. Ён спешна пачаў рыхтаваць войскі. Маскоўскія ваяводы пераходзілі на бок Уладзіслава. Яны здалі яму Дарагабуж і Вязьму. Дарога на Маскву была адкрыта. У кастрычніку 1618 г. Уладзіслаў з захаду, Сагайдачны з поўдня падышлі да Масквы. Але штурм горада вынікаў не даў. Не былі ўзяты таксама Мажайск і Троіцка-Сергіеў манастыр. Вычарпаныя рэсурсы і значныя страты ў людзях прымусілі абодва бакі пайсці на перагаворы. 1 (11) снежня 1618 года ў сяле Дэўліна было заключанае перамір’е тэрмінам на 14 з паловай гадоў (каб потым узнавіць войска ўлетку, калі цёпла). Умовы Дэўлінскага перамір’я былі цяжкімі для Масковіі. Да Вялікага Княства Літоўскага адыходзілі адвечна беларускія (крывіцкія) землі Смаленскага ваяводства (за выключэннем Вязьмы) з гарадамі Белая, Дарагабуж, Сярпейск, Рослаўль, Старадуб і Трубчэўск, а да Кароны Польскай — Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі, Глухаў, Лябедзін і Ахтырка на Украіне. Рэч паспалітая абавязалася вярнуць з палону Філарэта — бацьку цара Міхаіла Раманава. Каралевіч Уладзіслаў захаваў тытул «цара Маскоўскага і ўсяе Русі», але Міхаіл Раманаў застаўся на троне. Пытанне аб канчатковым міры было адкладзена.

Філарэт вярнуўся ў Маскву. Цар, вітаючы бацьку, пакланіўся яму да зямлі. 22 чэрвеня 1619 года ў Крамлі цар Міхаіл урачыста прасіў бацьку прыняць сан патрыярха, і бацька згадзіўся. 24 чэрвеня іерусалімскі патрыярх Феафан, які на той час быў у Маскве, асвяціў Філарэта як патрыярха. З гэтага часу Масковіяй кіравалі двое: бацька, патрыярх Філарэт, які падпісваў граматы злева — «вялікі гасудар» і сын, цар Міхаіл, які падпісваў граматы справа — «гасудар».

Калі ж падсумаваць адносіны Масковіі і Рэчы Паспалітай на пачатку XVII ст., то трэба адзначыць, што тут былі і інтэрвенцыя, і дапамога (дарэчы, незаўсёды поўная) прэтэндэнтам на царскі трон, і запрашэнне на трон Уладзіслава са стварэннем ўраду пры ім, і перабежкі з лагера ў лагер, і рабаванні насельніцтва Масковіі не толькі чужынцамі, але і сваімі казакамі (збеглым халопамі, сялянамі і гараджанамі). Уражвае, што пасля абрання царом Міхаіла Раманава тыя, хто кіраваў ў тушынскім лагеры, а потым у Маскве пад наглядам літоўскіх-беларускіх акупантаў, ад 1613 года сталіся патрыётамі і зацята баранілі яе незалежнасць, а дакладней, сваю ўладу.

Але сапраўдную гісторыю таго часу мы ні ад расійскіх гісторыкаў і кінематаграфістаў, ні тым больш ад палітыкаў не пачуем і праўдзівых твораў не пабачым. Замест гэтага ўведзена штучнае свята і прапагандысцкі кінафільм дня падтрымкі народнага адзінства.

Маргінальныя тэрыторыі Беларусі

Невель i Себеж зь іхнымі валасьцямі ― цяпер самыя паўднёвыя гарады Пскоўскай вобласьці ― у XVI-XVIII стст. былі маргінальнымі тэрыторыямі Беларусі, якія часова адыходзілі ў той пэрыяд да Расеі, а потым вярталіся назад, у склад Літоўскай-Беларускай дзяржавы. Канчаткова яны ўвайшлі ў склад Расеі пасьля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе, але захоўвалі сваю спэцыфіку да пачатку XX ст., уваходзячы ў склад Віцебскай губэрні.

Пры зьмене дзяржаўнай прыналежнасьці гэтых гарадоў i валасьцей склад тутэйшага насельніцтва зьмяняўся мала, з выняткам толькі адміністрацыйнай верхавіны i гарнізонаў. Асноўная маса насельніцтва даўняга крывіцкага паходжаньня, бясспрэчна, адчувала наступствы пераходу ў склад іншай дзяржавы зь іншымі дзяржаўным ладам i парадкамі. Але пры такім пераходзе не мянялася ягонае стаўленьне да сваіх суседзяў, таксама нашчадкаў крывічоў, якія размаўлялі на тых жа самых або вельмі блізкіх дыялектах. Перапісы насельніцтва гарадоў i вёсак XVII-XVIII стст. сьведчаць, што тут пражывалі беларусы (параўн. прозьвішчы Дубчонак, Касьпераў, Шашыла, Суднік, Дышлевіч).

Невель з воласьцю адышоў да Маскоўскага вялікага княства ў 1503 г. паводле ўмоваў замірэньня пасьля вайны 1500-1503 гг. У 1535 г., падчас чарговай вайны Масковіі зь Вялікім Княствам Літоўскім i Рускім (Літоўскай-Беларускаю дзяржаваю), маскоўскі ваявода Бутурлін заваяваў раён Себежа i пабудаваў тут фартэцыю. Паводле ўмоваў замірэньня 1537 г., Себеж застаўся ў Масквы. Толькi ў 1618 г., паводле Дзявулінскага замірэньня, Невель i Себеж былі вернутыя Вялікаму Княству Літоўскаму. Падчас Смаленскай вайны 1632-1634 гг. Невель i Себеж занялі маскоўскія войскі. Але гарады вярнулі назад паводле Палянаўскага міру 1634 г. Ix тады ўключылі ў склад Смаленскага ваяводзтва. 22 ліпеня 1634 г. маскоўскія ўлады перадалі Невель каралеўскім камісарам Рэчы Паспалітай. У акце двух «енералаў» (судовых прыставаў) паветаў Полацкага i Враслаўскага Я. Пнеўскага i М. Паўловіча значылася, што яны склалі перапіс будынкаў i гарматаў у Невельскім замку, а «той замак Невельскі пусты, i мястэчка пры нем пасаду барза малага». Невель i Себеж ды іхныя акругі, згодна з каралеўскім прывілеем ад 3 чэрвеня 1633 г., навечна перадаваліся гетману князю Крыштапу Радзівілу i ягоным нашчадкам. Пасьля працяглай вайны паміж Маскоўскай дзяржавай i Рэччу Паспалітай, якая адбывалася ў 1654-1667 гг., раёны Неўля i Себежа былі страчаныя Літоўскай-Беларускай дзяржавай паводле Андрусаўскага замірэньня 1667 г., але ў 1678 г. зноў вернутыя Масковіяй разам зь Вяліскім паветам i 200 тысячамі рублёў маскоўскіх за адмову Польшчы ад Кіева (гэта было канчаткова замацавана вечным мірам 1686 г., ратыфікаваным толькі ў 1710 годзе). Ад гэтага часу i да першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г. гарады з акругамі знаходзіліся: Себеж ― у складзе Полацкага ваяводзтва, а Невель ― Віцебскага.

Пасьля вяртаньня Неўля i Себежа ў склад Вялікага Княства Літоўскага i Рускага яны ― паводле прывілею караля Яна III Сабескага ад 27 верасьня 1676 г. ― былі перададзеныя ўнучцы Януша Радзівіла Людвіцы Караліне (дачцэ князя Багуслава Радзівіла, які быў зяцем i стрыечным братам гетмана Януша Радзівіла). У другім шлюбе Людвіка Караліна, спадчыньніца гэтай галіны роду Радзівілаў, была за пфальцграфам рэйнскім i герцагам Нойбурскім Карлам Філіпам (потым ён стаўся курфюрстам Пфальца). Нашчадкі іхныя ― прынцэсы Нойбурскія ― валодалі вялікімі лятыфундыямі ў ВКЛ («Нойбурскія маёнткі»), якія ўяўлялі сабой напаўсамастойнае фэадальнае ўтварэньне з цэнтрам у Слуцку, са сваім кіраваньнем, адміністрацыяй, скарбамі i войскам. Невельскае i Себескае ўладаньні называліся ў XVIII ст. грабствамі (графствамі) са сваімі губэрнатарамі (інакш - старастамі), якіх прызначалі ўладальнікі гэтых тэрыторыяў, i невялікім адміністрацыйным апаратам. Сама тэрыторыя кожнага ўладаньня падзялялася на дзясяткі (пазьней яны называліся таксама вайтоўствамі). У кожным дзясятку была розная колькасьць вёсак ― да 20 i болей. Але спачатку хіба дзясятак складаўся з 10 вёсак.

У 1744 г. прадстаўнік іншай лініі роду князёў Радзівілаў, Геранім Флярыян, выкупіў у нашчадкаў нойбурскай прынцэсы ўсе «Нойбурскія маёнткі», i яны былі вернутыя ва ўласнасьць асноўнай, нясьвіскай лініі роду Радзівілаў.

Пасьля далучэньня паўночнай i ўсходняй частак ВКЛ да Расейскай імпэрыі паводле першага падзелу Рэчы Паспалітай, Невель i Себеж разам з падпарадкаванымі 1230 вёскамі былі сэквэстраваныя i з валоданьняў віленскага ваяводы Караля Станіслава Радзівіла (Пане Каханку), цяпер ужо іншаземца для гэтых земляў, былі пераўтвораныя ў дзяржаўную ўласнасьць. Тэрыторыя спачатку ўвайшла ў склад Пскоўскай губэрні, а Невель i Себеж сталіся павятовымі гарадамі. Паводле зьвестак пачатку 1774 г., у Неўлі налічвалася 1013 чалавек, у Себежы ― 337, а ў 1230 вёсках ― 14478 чалавек (мужчынскага полу).

Саслоўны склад насельніцтва Невельскага i Себескага грабстваў не адрозьніваўся ад структуры насельніцтва іншых тэрыторыяў Вялікага Княства Літоўскага i Рускага. Асноўную частку жыхароў складалі сяляне, якія выконвалі павіннасьці, зафіксаваныя ў інвэнтарох (перапісах маёнткаў). Якіх небудзь істотных адрозьненьняў ад сялянства іншых раёнаў ВКЛ яны ня мелі.

Жыхары гарадоў Неўля i Себежа належалі да мяшчанскага стану. Колькасьць насельніцтва гарадоў у асобныя пэрыяды была розная, але Себеж заўсёды саступаў Неўлю ў колькасьці мяшчанаў. У 1679 г. у Неўлі налічвалася 314 дымаў (дамоў, на якія накладаўся спэцыяльны «дымовы» падатак), у 1733 г. ― 233 дымы, у 1746 г. ― 250 дымаў. Невель пацярпеў у гады Паўночнай вайны, з-за гэтага зьменшылася колькасьць насельніцтва. Себеж у 1688 г. налічваў толькі 87 дымаў.

Да горада Неўля прылягалі прадмесьці зь мяшчанскім насельніцтвам. Асноўным заняткам яго была сельская гаспадарка. Гэта былі (у 40-х гадох XVIII ст.) прадмесьці, якія знаходзіліся за гарадзкімі сьценамі i мелі арыгінальныя назвы ― «за Спаскай», «за Луцкай», «за Ягораўскай брамай» (меліся на ўвазе брамы ў гарадзкіх умацаваньнях). Да Неўля прылягала таксама слабада Сукіна (якая ў першай палове XVII ст. была яшчэ вёскай). Насельніцтва яе мела пэўныя льготы.

Адрозна ад іншых гарадоў ВКЛ, у памежных Неўлі i Себежы гэбраяў у XVII ст., натуральна, не было. Гэбраі пасяліліся ў Неўлі толькі тады, калі войны паміж Расеяй i Рэччу Паспалітай спыніліся, i таму ім не пагражала высяленьне або зьнішчэньне. Але i ў канцы XVIII ст. гэбраі складалі невялікую частку жыхароў. Так, у Неўлі ў 1780 г. было купцоў-хрысьціянаў 23 чалавекі, мяшчанаў-хрысьціянаў ― 815, гэбраяў ― 123 (мужчынскага полу). У Себежы ў 1780 г. было 6 купцоў-хрысьціянаў i 356 мяшчанаў-хрысьціянаў (мужчынскага полу). Гэбраяў у Себежы тады не было зусім.

23 сакавіка 1623 г. Себеж атрымаў самакіраваньне паводле магдэбурскага права, якое надаў кароль i вялікі князь Жыгімонт Ваза. На наступны дзень кароль падпісаў такі самы прывілей (грамату) i для горада Неўля. Такім чынам, у ВКЛ мяшчане гэтых гарадоў, якія сталіся прыватнаўладальніцкімі, карысталіся да апошняй чвэрці XVIII ст. самакіраваньнем i былі выведзеныя з падпарадкаваньня й падсуднасьці ўладальніцкай адміністрацыі. Магістрат працягваў дзейнічаць i ў пэрыяды войнаў. Натуральна, падчас перабываньня гэтых гарадоў у складзе Расеі права самакіраваньня не выконвалася.

Цяпер непасрэдна ў горадзе прадстаўніком уладальніка гораду ў магістраце быў войт, якога прызначаў уладальнік. У складзе магістратаў Себежа i Неўля былі прадстаўленыя напалам рымскія католікі i грэка-католікі, якія выбіралі трох бурмістраў для правядзеньня сэсіяў магістратаў.

Значнаю групаю насельніцтва ў Себескім i Невельскім валоданьнях былі вайскова-служылыя людзі, якія ахоўвалі мяжу Літоўскае-Беларускае дзяржавы. Яшчэ 17 лютага 1625 г. вялікі князь літоўскі i рускі (ён жа кароль польскі) Жыгімонт Ваза перадаў з фонду замкавых ворных земляў Невельскага замку 300 валок зямлі (1 валока = 21,37 га) «на 50 коней рыцарскай казацкай службы, па 6 валок на аднаго каня» ў спадчыннае валоданьне. Так была створаная памежная ахова, а таксама i гарнізон Невельскай цьвердзі. Расьсяленьню на гэтых валоках падлягала дробная шляхта, якая i павінна была несьці конную казацкую службу (г. зн. зь лёгкай зброяй) па адным коньніку з надзелу ў 16 валок (128 гектараў) зямлі. Можна было атрымаць i другі надзел: тады на службу выстаўляліся два коньнікі. Для будаўніцтва дому, гаспадарчых будынкаў, фальварку паном-казаком давалі 6 гадоў, вольных ад службы. Пасьля гэтых ільготных гадоў уводзілася рыцарская казацкая служба (па чарзе) у замку i «для патрэбаў замку». Невельскія казакі былі арганізаваныя на ўзор смаленскіх казакоў (якія потым, у сярэдзіне XVII ст., былі ўключаны ў склад расейскага дваранства), у казацкую харугву (эскадрон) на чале ca сваім капітанам. Рыцары-казакі (у сьпісах яны названыя «панамі») падлягалі суду паводле артыкулаў Статуту Вялікага Княства Літоўскага 1588 г., як i астатняя шляхта. У пэрыяд аблогі замку i гораду яны атрымоўвалі заплату па 8 залатых на каня за кожны квартал году. Іншых павіннасьцяў, апрача вайсковай, яны не павінны былі выконваць.

8 красавіка 1625 г. кароль Жыгімонт III выдау яшчэ адзін прывілей (грамату) аб перадачы зь зямельнага фонду Себескай акругі 120 валок зямлі «на 30 коней рыцарскай казацкай службы», па 4 валокі (85,5 га) на аднаго каня. З 30 паноў-казакоў была створаная асобная харугва з ротмістрам на чале. Функцыі себескіх паноў-казакоў былі аналягічныя функцыям невельскіх. Як i невельскія казакі, себескія кожную чвэрць году павінны былі станавіцца «на попіс», г. зн. перапіс ix самых, коней, становішча вайсковай формы й зброі, якія яны куплялі за ўласны кошт, з даходаў сваёй гаспадаркі.

Казакі Неўля i Себежа валодалі зямлёй на «ленным праве», з правам перадачы зямлі дзецям i нашчадкам, продажу зямлі i яе падараваньня (з дазволу караля або яго прадстауніка ў замку). Але перадаць зямлю ці прадаць яе можна было толькі шляхцічу, здольнаму да вайсковай службы.

Разам зь перадачай Невельскага i Себескага грабстваў у 1678 г. спадчыньніцы роду Радзівілаў рыцары-казакі аўтаматычна станавіліся вайскова-служылымі людзьмі гэтай князёўны ― Людвікі Караліны Радзівілянкі.

У XVIII ст. казакі ўваходзілі ў склад прыватных войскаў князёў Радзівілаў. Так, у 1746 г. у Невельскай коннай зямянскай (шляхоцкай) харугве (эскадроне) быў 1 паручнік, 1 харужы, 1 бубяністы (барабаншчык) i 50 казакоў, а ў 1748 г. яны разам зь себескімі казакамі складалі адну харугву: 1 паручнік, 1 харужы, 10 капралаў, 1 бубяністы, 90 шарагоўцаў, разам 103 чалавекі. У перапісах (інвэнтарох) валоданьняў яны па-ранейшаму маюць перад імем i прозьвішчам тытул «пан» (напрыклад, пан Аляксандар Лявіцкі, пан Самуэль Міхалоўскі, пан Ян Заблоцкі, пан Юры Вайткевіч). Некаторыя з гэтых паноў ужо ня мелі па 6 валок зямлі, а толькі па 3 валокі ці нават паўтары. Адпаведна іхныя павіннасьці зьмяншаліся ў два або ў чатыры разы. Але сама павіннасьць заставалася ранейшая: служба ў замку або на мяжы. Зьвестак аб уласных сялянах у гэтых казакоў няма. Зямлю апрацоўвалі яны самі ды іхныя сем'і.

Акрамя гэтых казакоў, памежную службу выконвалі на себескай мяжы «панцырныя баяры» (або казакі), але бяз тытулу «пан». Адрозна ад сялянаў, якія валодалі зямлёю цэлай сельскай грамадой, панцырныя баяры валодалі зямлёю індывідуальна. Гэта былі рэшткі катэгорыі вайскова-служылых людзей, пераходнай ад шляхты да вольных сялянаў i наадварот. Паводле загаду Кацярыны II большую частку себескіх панцырных баяраў выслалі на Алтай i ў раён Усьць-Каменагорска, дзе іхныя нашчадкі хутка былі асыміляваныя расейскім насельніцтвам.

Пры Невельскім замку знаходзілася невялікая група «лістовых казакаў», якія мелі па 1, 2 ці 3 валокі зямлі. Іхнаю асноўнаю павіннасьцяй была перавозка пошты зь Неўля ў Слуцак (цэнтар уладаньняў Радзівілаў слуцкай лініі), у Вільню або ў іншае месца за 70 міляў ― 3 разы ў год (ці на меншую адлегласьць), Акрамя таго, за кожную валоку зямлі яны плацілі чынш па 10 залатых у год у скарб уладальніка Неўля (магнацкі скарб).

Такім чынам, гэтая маргінальная тэрыторыя ВКЛ саслоўным складам насельніцтва мала розьнілася ад іншых тэрыторыяў дзяржавы.

Своеасаблівасьць Невельскай i Себескай акруг захоўвалася доўга. Яшчэ ў канцы XIX ст. Невель i Себеж, якія ўваходзілі тады ў склад Віцебскай губэрні, захоўвалі старое аблічча беларускіх гарадоў. У Неўлі былі ў 1886 г. 153 каталікі на 7263 жыхароў (у тым ліку 3530 гэбраяў), а ў Себежы - 393 каталікі на 4051 жыхара (у тым ліку 2436 гэбраяў). У абодвух гарадох былі ня толькі праваслаўныя цэрквы, але i касьцёлы. Касьцёлы былі i ў сельскай мясцовасьці. Захаваліся i кірмашы ў гандлёвыя дні, вызначаныя яшчэ ўладамі Рэчы Паспалітай у XVII стагодзьдзі.

Гэтая адметнасьць i склад насельніцтва гарадоў былі зьнівэляваныя пасьля рэвалюцыі. Але былая прыналежнасьць Невельскага i Себескага раёнаў Беларусі была прадметам дыскусіі падчас узбуйненьня тэрыторыі Беларускай ССР у 1924 годзе, калі ў пачатковым праекце перадачы БССР шэрагу раёнаў зь пераважна беларускім насельніцтвам былі названыя i гэтыя маргінальныя тэрыторыі. У апошнім варыянце праекту i ў адпаведнай пастанове ЦБК СССР яны ўжо не фігуравалі. 

Нацыянальнае пытанне ў праграме дзекабрыстаў

Праграмныя дакументы дзекабрыстаў ужо падрабязна разглядаліся ў гістарычнай літаратуры. Змешчаны яны і ў спецыяльнай публікацыі (Восстание декабристов. Документы. М., 1958. Т.7). Нацыянальнаму пытанню ў праграмах дзекабрыстаў удзелена менш увагі, чым іншым пытанням. Таму варта падкрэсліць некаторыя палажэнні такіх дакументаў і вытлумачыць ідэйнае абгрунтаванне дзекабрысцкіх поглядаў у гэтым пытанні, як у «Паўднёвым таварыстве», так і ў «Паўночным таварыстве».

Кіраўнік «Паўднёвага таварыства» П. І. Песцель распрацаваў асноўныя палажэнні грамадскага і дзяржаўнага ладу Расеі ў праграмным дакуменце «Руская праўда», які быў зацверджаны «Паўднёвым таварыствам». Песцель быў ворагам федэратыўнага ладу і прыхільнікам адзінай і непадзельнай Расеі. 4-ты раздзел «Рускай праўды» так і завецца: «Расея ёсць Дзяржава Адзіная і Непадзельная» (Восстание декабристов. Документы. Т.7, с.126). Як вядома, лозунг «Единая и неделимая Россия» шырока выкарыстоўваўся расейскімі белагвардзейцамі пад час грамадзянскай вайны, бо белагвардзейцы былі супраць самастойных нацыянальных рэспублік, у першую чаргу савецкіх, на тэрыторыі былой Расейскай імперыі. Расея, паводле праекта П. І. Песцеля, падзялялася на губерні, якія не супадалі з межамі рассялення розных народаў. Фармальна, паводле канстытуцыйнага праекта Песцеля, усе жыхары Расеі мелі аднолькавыя палітычныя правы. Аднак частка горскіх каўказскіх народаў была залічана ім да буяных, якіх трэба было выселіць ва ўнутраныя расейскія губерні і пасяліць іх там у невялікай колькасці па розных валасцях. Расейскіх каланістаў трэба было рассяліць на землях іншых народаў. Песцель пералічваў народы і краіны, далучаныя да Расеі, і сярод іх нагадваў Беларусь. Нагадвае Песцель і беларусаў (як частку расейскага народа), што насяляюць Віцебскую і Магілеўскую губерні. Ён не ўспамінае беларусаў у іншых губернях, бо гэтыя губерні меркавалася, паводле пагаднення з польскім Патрыятычным таварыствам, перадаць у склад Польшчы. Песцель адмаўляў ім у праве на самастойнасць, бо яны «з-за слабасці сваёй ніколі не могуць складаць асобных Дзяржаў, а з-за гэтага ўсе яны… павінны адмовіцца ад права асобнай Народнасці» (Тамсама, с.122).

16-ты раздзел «Рускай праўды» меў праграмны загаловак «Усе плямёны павінны злітымі быць у адзін Народ» (Тамсама, с.149). У гэтым раздзеле ставіцца задача:

«…у адну агульную масу зліць так, каб насельнікі цэлай прасторы Расейскай Дзяржавы ўсе былі Расейцы».

Для гэтага трэба:

«...(каб) на цэлай прасторы Расейскай Дзяржавы панавала адзіная толькі мова расейская: усе зносіны тым самым надзвычайным чынам аблегчацца».

Песцель таксама прапанаваў скасаваць заканадаўчым шляхам назвы іншых, нерасейскіх народаў і ўсіх назваць расейцамі (Тамсама, с.149). Выключэнне было зроблена толькі для Польшчы, якая павінна была застацца ў цесным палітычным і вайсковым саюзе з Расеяй. Жадаючы ўстанавіць сувязі з польскім Патрыятычным таварыствам для сумеснага паўстання супраць царызму і ўстанавіўшы іх, Песцель пайшоў на тэрытарыяльныя ўступкі на карысць Польшчы за кошт беларускіх, летувіскіх і ўкраінскіх зямель. У «Рускай праўдзе» вызначалася расейска-польская мяжа наступным чынам:

«Гэтая мяжа павінна ісці ад Палангена (Палангі) сама прамой рысай на Дынабург (Даўгаўпілс). Ад Дынабурга Дзвіною да Полацка. Ад Полацка па рацэ Ўшачы да Бярэзіны. Адсюль лініяй Беразінскаю ў напрамку да Прыпяці. Потым балотамі Прыпяцкімі ў напрамку да горада Астрога Валынскай губерні. Ад Астрога да Карпацкіх гор» (Тамсама, с.125).

Такім чынам, уся Гарадзенская і Віленская губерні і большая частка Менскай адыходзілі да Польшчы. У Менскай губерні ад Барысава мяжа ішла прама на поўдзень, па Пцічы, пакідаючы ў Польшчы Ігумен і Слуцак. Усходняя частка Беларусі ўключалася ў Вяршынную вобласць (з цэнтрам у Смаленску), у склад якой уваходзілі Смаленская, Віцебская і Чарнігаўская акругі (губерні), дзе знаходзілася сучасная тэрыторыя Беларусі.

У якасці кур'ёзнага падыходу да нацыянальнага пытання можна прывесці 14-ты раздзел «Рускай праўды» Песцеля, дзе ён гаворыць пра габрэяў, якія пераважна жывуць у губернях беларускіх, украінскіх і летувіскіх і якія

«тым адрозніваюцца ад усіх іншых народаў, што неймаверна цесную сувязь паміж сабою заўсёды захоўваюць, ніколі адзін другога не выдаюць ні ў якіх выпадках і абставінах і заўсёды гатовыя да ўсяго таго, што ўласна для іх грамады можа быць выгадным або карысным» (Тамсама, с.146).

Песцель прапанаваў сабраць усіх габрэяў (звыш двух мільёнаў) у адзін зборны пункт, узброіць іх і даць нават у дапамогу войска, каб яны прайшлі праз Эўрапейскую Турцыю (Балканы) у Азіяцкую і там дзе-небудзь стварылі сваю Габрэйскую Дзяржаву (Тамсама, с.148).

У адрозненне ад Песцеля Мікіта Міхайлавіч Мураўёў у сваім праекце канстытуцыі прапанаваў федэратыўны лад Расеі паводле ўзору Паўночна-Амерыканскіх Злучаных Штатаў. Расейская імперыя падзялялася на федэратыўныя адзінкі, якія былі названы дзяржавамі. Беларускія землі, паводле гэтай канстытуцыі, былі ўключаны ў дзве дзяржавы: Заходнюю са сталіцай у Вільні і Дняпроўскую са сталіцай у Смаленску. Аднак гэтыя дзяржавы не мелі якога-небудзь нацыянальнага характару, а былі тэрытарыяльна-гаспадарчымі адзінкамі накшталт паўночнаамерыканскіх штатаў.

Такім чынам, у канстытуцыі Мікіты Мураўёва нацыянальнае пытанне амаль не закраналася, што было звязана з ягонымі агульнымі дваранскімі поглядамі на Расею як выключна расейскую дзяржаву. У Песцеля гэтаму пытанню прысвечана шмат увагі. Ён перакананы прыхільнік «адзінай і непадзельнай» Расеі, як і сам цар і прадстаўнікі самадзяржаўя. Песцель прапанаваў у «Рускай праўдзе» правядзенне палітыкі жорсткай русіфікацыі ў Расеі пасля перамогі дваранскай рэвалюцыі дзекабрыстаў. Сродкі для гэтага, з нашага пункту гледжання, часам сур'ёзныя (увядзенне адзінай расейскай мовы), а часам паўанекдатычныя (заканадаўчыя забароны народнасцям называцца сваім імем). Праўда, неўзабаве Мікалай І выкарыстаў гэтую прапанову і ў 1840 годзе забараніў у афіцыйных актах называць беларускія губерні сваімі імёнамі, а называць іх «Северо-Западным краем России». Увогуле, трэба адзначыць, што на праектах канстытуцыі дзекабрыстаў ляжыць пячатка дваранскай абмежаванасці і вялікадзяржаўнага расейскага шавінізму. Асабліва характэрнымі былі прапановы па русіфікацыі нерасейскага насельніцтва Паўла Іванавіча Песцеля. Яны былі пастаўлены ў парадак дня тады, калі яшчэ царскі ўрад праводзіў палітыку культурнага апалячвання насельніцтва Беларусі (да паўстання 1831 года на яе тэрыторыі), пашырыўшы польскія школы і справаводства на польскай мове ў дзяржаўных установах. Цікава і тое, што ў гэтых праграмных палажэннях дзекабрысты мелі паслядоўнікаў і ў ХХ стагоддзі. Трэба таксама адзначыць, што П. І. Песцель і іншыя дзекабрысты дзялілі зямлю Беларусі з польскімі дваранскімі рэвалюцыянерамі, не пытаючыся, натуральна, аб гэтым у самога беларускага народа. І ў гэтым таксама праяўлялася абмежаванасць дваранскіх рэвалюцыянераў. 

Беларуска-літоўскія дачыненьні: 1918–1922 гг

Беларуска-літоўскія дачыненьні ў пэрыяд першай сусьветнай вайны, лютаўскай рэвалюцыі i кастрычніцкага перавароту 1917 г. у Расеі былі адным з чыньнікаў ў нацыянальна-вызваленчым руху абодвух народаў. Яны зыходзілі зь іхнага супольнага гістарычнага лёсу. Беларусы i літоўцы некалькі стагодзьдзяў мелі агульную дзяржаву — Вялікае Княства Літоўскае, Рускае i Жамойцкае, яны разам падымаліся на паўстаньні 1794, 1831 i 1863 гг. супраць царскай Расеі. У адзіным рэчышчы i ў тых самых умовах ішоў i нацыянальна-вызвольны дэмакратычны рух у другой палове XIX - пачатку XX ст.

Падчас германскага наступу ўвосень 1915 г. i адступленьня расейскай арміі Літва й заходняя частка Беларусі апынуліся пад нямецкай акупацыяй. Лінія фронту ўсталявалася да лютага 1918 г. у кірунку ад Дзьвінска (Даўгаўпілса) да Браслава, на Паставы, ля возера Нарач, да Смаргоняў, на захад ад Валожына, Міра, Гарадзеі, Ляхавічаў, Ганцавічаў, Лагішына i на ўсход ад Пінска.

У 1915 г. у літоўскіх правых колах разглядалася ідэя стварэньня Вялікага Княства Літоўскага зь літоўскіх i беларускіх земляў. Аднак гэтую ідэю не падтрымалі літоўскія дэмакратычныя арганізацыі, якія ўжо ў 1916 г. дамагаліся ўтварэньня самастойнай i незалежнай Літоўскай дзяржавы.

У верасьні 1917 г. з дазволу нямецкага ўраду i галоўнага камандаваньня літоўская канфэрэнцыя ў Вільні стварыла нацыянальную раду (Тарыбу) на чале з А. Сьмятонам. Канфэрэнцыя выказалася за ўтварэньне незалежнай Літоўскай дзяржавы. 16 лютага 1918 г. Тарыба абвясьціла Літву незалежнай.

Разам з тым i беларускія нацыянальныя дзеячы ў нямецкай зоне акупацыі ішлі на стварэньне незалежнай Беларускай дзяржавы. Так, Вацлаў Ластоўскі, які застаўся ў Вільні, у канцы 1915 г. заняў незалежніцкія пазыцыі.

Тым ня менш 19 сьнежня 1915 г. у Вільні прадстаўнікі беларускіх, літоўскіх, польскіх i габрэйскіх арганізацыяў апублікавалі Ўнівэрсал Канфэдэрацыі Вялікага Княства Літоўскага. У ім абвяшчалася ідэя ўтварэньня канфэдэратыўнай дзяржавы, якая мела складацца зь дзьвюх аўтаномных адзінак — беларускай i літоўскай. Да пачатку 1918 г. ідэя беларускай-літоўскай дзяржавы пераважала ў асяродзьдзі беларускіх арганізацыяў у зоне нямецкай акупацыі.

Пазьней, на пачатку 1918 г., В. Ластоўскі утварыў арганізацыю «Сувязь незалежнасьці i нёпадзельнасьці Беларусі», якая выпрацавала галоўныя кірункі стварэньня незалежнай Беларусі. У гэтую арганізацыю ўваходзілі пераважна прадстаўнікі каталіцкага сьвятарства, а таксама князь М. Сьвятаполк-Мірскі. Праз «Сувязь незалежнасьці» былі ўсталяваныя кантакты зь нямецкай каталіцкай партыяй цэнтру. Няцяжка заўважыць, што Вацлаў Ластоўскі i ягоная арганізацыя выкарыстоўвалі ўсё магчымае, каб дасягнуць незалежнасьці Беларусі. Ластоўскі рашуча выступаў супраць спробаў утварыць дзяржаву разам з Польшчай ці Літвой.

Адначасова, 25–27 студзеня 1918 г., на Беларускай канфэрэнцыі ў Вільні была абраная Віленская Беларуская Рада (старшыня Антон Луцкевіч), якая замяніла Беларускі Народны Камітэт у Вільні. Канфэрэнцыя выказалася за ідэю стварэньня фэдэратыўнага Літоўска-Беларускага гаспадарства. Але ў сувязі з абвешчаньнем 16 лютага 1918 г. незалежнасьці Літоўскай рэспублікі Віленская Беларуская Рада стала на цалкам незалежніцкія пазыцыі.

Такім чынам, у зоне нямецкй акупацыі ў лютым 1918 г. ужо выразна выявіліся моцныя тэндэнцыі да стварэньня незалежнага Беларускага гаспадарства. На большай частцы тэрыторыі Беларусі, якая знаходзілася ў складзе Расеі, гэтыя тэндэнцыі выяўляліся таксама, але не ў такой ступені, як у беларусаў Віленшчыны, што, дарэчы, паказаў Усебеларускі зьезд у Менску ў сьнежні 1917 г., дзе даваліся ў знакі аўтанамісцкія настроі.

Надалей, пасьля падпісаньня 3 сакавіка 1918 г. Нямеччынай i ейнымі саюзьнікамі ды Савецкай Расеяй Берасьцейскага міру, калі тэрыторыю Беларусі падзялілі, у Менску 9 сакавіка 1918 г. была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка. 18 сакавіка 1918 г. дзевяць сяброў Віленскай Беларускай Рады былі кааптаваныя ў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі, i 23 сакавіка яны прыехалі ў Менск. На гістарычным паседжаньні ў ноч з 24 на 25 сакавіка 1918 г. Антон Луцкевіч прапанаваў Народнаму Сакратарыяту абвесьціць незалежнасьць БНР. Уранку 25 сакавіка Рада БНР прыняла 3-ю ўстаўную грамату, якая абвесьціла незалежнасьць краіны.

У красавіку 1918 г. Віленская Беларуская Рада адхіліла прапанову Літоўскай Тарыбы дэлегаваць у ейны склад прадстаўнікоў «беларускае нацыянальнае меншасьці». Яна зыходзіла пры гэтым з 3-й Устаўнай граматы Рады БНР пра тэрыторыю беларускай часткі Віленшчыны й Горадзеншчыны, на якія прэтэндавала Тарыба.

У звароце ўраду БНР да ўраду Аўстра-Вугоршчыны аб прызнаньні Беларусі як «самастойнай рэспублікі, якая канчаткова аддзялілася ад Расеі», пра гэта гаварылася:

«На Захадзе мы стаім за абарону ўсёй тэрыторыі Беларусі там, дзе чуецца беларуская мова, з горадам Вільняй — нашай старажытнай сталіцай, а адтуль на ўсход да Дынабурга. Пры гэтым мы лічым неабходным нагадаць, што Вільня была ня толькі нашай сталіцай, але ваяўнічым цэнтрам i цэнтрам беларускага руху».

Але Германія i Аўстра-Вугоршчына не прызналі БНР, спасылаючыся на ўмовы Берасьцейскае мірнае ўгоды i разглядаючы большую частку тэрыторыі Беларусі як расейскую, за выняткам Беласточчыны, Горадзеншчыны й Віленшчыны, ад якіх адмовілася Савецкая Расея, а таксама ня лічачы беларускім Палесьсе, бо яно было ўключана ў склад Украінскай Народнай Рэспублікі.

Беларуска-літоўскія дачыненьні зьмяніліся ўвосень 1918 г. У верасьні 1918 г. А. Луцкевіч узначаліў урад БНР. Неўзабаве немцы пачалі вельмі нясьпешна выводзіць свае войскі зь некаторых усходніх паветаў Беларусі, атрымаўшы ад ураду РСФСР вялікую кантрыбуцыю золатам i таварамі. Над Беларусяй i Літвой навісла пагроза захопу чырвонымі расейскімі войскамі. З захаду паўставала небясьпека польскага ўмяшаньня. У лістападзе 1918 г. віленская Беларуская Рада на даручэньне А. Луцкевіча вяла перамовы зь Літоўскаю Тарыбаю.

Яны праходзілі 15, 20, 21, 23, 26 i 27 лістапада 1918 г. Пры літоўскім урадзе паўстала Міністэрства Беларускіх Справаў. 27 лістапада 1918 г. у склад Тарыбы ўвайшло 6 сяброў Віленскае Беларускае Рады: В. Ластоўскі, I. Луцкевіч, Я. Станкевіч, кс. В. Талочка, К. Фалькевіч i Д. Сямашка, а зь 1 сьнежня Язэп Варонка прыняў пасаду міністра беларускіх справаў у літоўскім урадзе. Потым яго замяніў Д. Сямашка, які спачатку быў уключаны ў склад літоўскай дэлегацыі на Вэрсальскай мірнай канфэрэнцыі.

Паводле пагадненьня паміж Тарыбай i Віленскай Беларускай Радай беларускім прадстаўнікам адводзілася 25 працэнтаў месцаў у Тарыбе (Сойме). Літоўскі ўрад абавязваўся асыгнаваць на арганізацыю беларускай тэрыторыі сумы прапарцыйна лічэбнасьці насельніцтва i велічыні тэрыторыі. Літоўскі ўрад браўся таксама абараняць цэласьць заходніх беларускіх земляў улучна зь Беластокам i Бельскам. Беларуская тэрыторыя ў Літоўскай дзяржаве павінна была скласьці аўтаномную адзінку зь беларускаю моваю як афіцыйнаю. Прызначэньне ўрадавых асобаў на беларускую тэрыторыю мела адбывацца толькі зь ведама i за згодаю «Беларускага Сакратарыяту» (г. зн. беларускіх дэлегатаў у Тарыбе).

Уступаючы ў склад Тарыбы, беларускія дэлегаты 27 лістапада злажылі дэклярацыю, у якой абапіраліся на пастанову Беларускай канфэрэнцыі 25–27 студзеня 1918 г. аб ідэі ўтварэньня фэдэратыўнае Літоўска-Беларускае дзяржавы. У дэклярацыі гаварылася:

«Беларуская Рада верыць, што два народы, злучаныя гістарычна i эканамічна, падаўшы адзін аднаму руку, патрапяць здабыць сабе вольнае i незалежнае жыцьцё, ідучы дарогай дэмакратычнага будаўніцтва агульнае Дзяржавы».

Ужо 3 сьнежня 1918 г., незадоўга да прыходу чырвоных войскаў у Менск, урад Беларускае Народнае Рэспублікі пераехаў зь Менска ў Вільню. Была зробленая спроба наладзіць шчыльнае беларуска-літоўскае палітычнае й вайсковае супрацоўніцтва. З-за пагрозы захопу бальшавікамі Вільні ўрад БНР на чале з Антонам Луцкевічам у канцы сьнежня 1918 г. выехаў у Горадню. Пакінуў Вільню i літоўскі ўрад, які пераехаў у Коўна. Міністэрства Беларускіх Справаў 2 студзеня 1919 г. пераехала ў Горадню. Ужо адтуль яно санкцыянавала прызначэньне літоўскіх урадавых камісараў у Беласток, Саколку, Белавежу, Бельск, Горадню, Дзятлава, Крынкі, Планты й Ліду, якія лічыліся беларускімі мясцовасьцямі. Аднак літоўскі ўрад бязь ведама міністра беларускіх справаў прызначыў сваіх камісараў у Ваўкавыск i Ашмяны. Міністэрства Беларускіх Справаў, між іншым, мела кантакты зь нямецкімі ўладамі i з амэрыканскай місіяй у Літве.

Асноўным пытаньнем, якім займалася Міністэрства Беларускіх Справаў, было стварэньне беларускіх узброеных сілаў. Дзеля гэтага ў міністэрстве арганізавалі вайсковы сакратарыят. Урад Літвы вельмі разьлічваў на беларускае войска, бо сілы самой Літвы былі нязначныя. Літоўскі афіцэр М. Вялікіс 24 сьнежня 1918 г, так ахарактарызаваў становішча ўсёй тагачаснай літоўскай арміі: «Першы полк — каля 30 афіцэраў i каля 200 салдатаў (…)» У другім пяхотным палку было ўсяго некалькі афіцэраў i некалькі салдатаў.

Вайсковым сілам Літвы вельмі бракавала афіцэраў. Таму ўсімі вайсковымі справамі Літвы спачатку займаўся запрошаны зь Менска беларускі генэрал К. Кандратовіч, які займаў пасаду віцэ-міністра абароны (міністрам абароны быў сам прэм'ер А. Вальдэмарас). Адначасова Кандратовіч лічыўся «галоўным камандзерам беларускага войска». Прызначэньне афіцэраў у беларускія вайсковыя часткі рабіў літоўскі ўрад, але з санкцыі Міністэрства Беларускіх Справаў. У наступным урадзе М. Сьляжавічуса міністрам абароны стаўся М. Вялікіс, якому падпарадкоўваліся беларускія вайсковыя адзінкі. Беларускія афіцэры адначасова лічыліся «беларускімі афіцэрамі літоўскай арміі».

Сярод ix былі i беларусы, i расейцы. Усе — афіцэры былой расейскай арміі, якія прайшлі сусьветную вайну.

Вайсковыя ступені ў беларускім войску былі аднолькавыя са ступенямі ў літоўскай арміі.

Старэйшыя афіцэры: палкоўнікі, палкоўнікі-лейтэнанты (г. зн. падпалкоўнікі), маёры;

малодшыя афіцэры: капітаны, старэйшыя лейтэнанты, лейтэнанты (або падпаручнікі);

падафіцэрскі склад: старэйшыя падафіцэры (узводныя) i малодшыя падафіцэры (аддзяленныя);

шараговы склад: стралкі (або салдаты).

Генэралы ў беларускім войску ў Літве не служылі, за выняткам Кандратовіча, які неўзабаве пайшоў у адстаўку.

Арганізацыя беларускага войска праводзілася пераважна ў Горадні ад пачатку студзеня да канца красавіка 1919 г., калі там знаходзілася Міністэрства Беларускіх Справаў. Тут найперш быў зарганізаваны штаб — Беларуская Камэндатура, потым беларускі полк пяхоты й эскадрон кавалерыі.

Тымчасам 23 красавіка 1919 г. польскім войскам удалося адарваць Вільню ў бальшавікоў. Калі 28 красавіка 1919 г. нямецкія войскі перадалі i Горадню палякам, Міністэрства Беларускіх Справаў i некаторыя афіцэры й салдаты беларускага войска пасьпелі вырвацца ў Коўна. З Горадні ў поўным складзе выйшлі кавалерыйскі эскадрон i 5-я рота Беларускага пяхотнага палка. 1 чэрвеня 1919 г. 1-ы Беларускі полк у Горадні быў раззброены палякамі.

Адначасова з арганізацыяй беларускіх вайсковых аддзелаў у Горадні асобныя беларускія вайсковыя групы тварыліся i ў Коўне, дзе існавала Беларускае Вайсковае Бюро. З гэтых групаў пазьней, у 1919 г., быў створаны Беларускі пяхотны батальён у складзе літоўскай арміі. Камандаваў ім маёр Аляксандар Ружанец-Ружанцоў (Алесь Смаленец). Асобнаю адзінкаю заставаўся беларускі кавалерыйскі эскадрон, які ў канцы красавіка 1919 г. вырваўся з Горадні. Гэтыя беларускія вайсковыя адзінкі прымалі ўдзел у баёх супраць польскіх войскаў у раёне Ляйпунаў i на паўночным фронце ля Дзьвінска (Даўгаўпілса).

У гэты ж час, у жніўні 1919 г., Міністэрства Беларускіх Справаў (у Коўне) выйшла на міжнародную арэну. Міністар Язэп Варонка праз урад Літвы перадаў урадам Англіі, Францыі, ЗША ды ішых дзяржаваў Антанты ноту пратэсту супраць перадачы Аўгустоўскага павету палякам. У ёй пералічаліся беларускія паветы, захопленыя палякамі: Берасьцейскі, Бельскі, Пружанскі, Белавескі, Кобрынскі, Беластоцкі, Слонімскі, Сакольскі, Ваўкавыскі, Горадзенскі, Лідзкі, Віленскі, Ашмянскі, Дзятлаўскі, Наваградзкі.

Гэтыя патрабаваньні прыблізна адпавядалі тэрытарыяльным патрабаваньням, якія выставіла дэлегацыя літоўскага ўраду на чале зь міністрам замежных справаў Ю. Шаўлісам (у складзе дэлегацыі былі літоўскі палкоўнік М. Вялікіс i беларускі палкоўнік К. Езавітаў), якая выяжджала ў красавіку 1919 г. у Варшаву. Дэлегацыя патрабавала прызнаньня дзяржаўнай мяжы Літвы ў межах Ковенскай, Віленскай, Сувальскай, Горадзенскай губэрняў i часткі Менскай. На перамовінах з польскім бокам палкоўнік К. Езавітаў пратэставаў супраць «пляну ўтварэньня Літоўска-Беларускай рэспублікі ў межах 1772 г.», аб'яднанай з Польшчаю. Перамовіны былі марныя. Ужо ў чэрвені 1919 г. літоўскі ўрад патрабаваў мяжы толькі па лініі Друя - возера Нарач - Дзярэўна - рака Нёман - Горадня з акругай. Пытаньні пра тэрыторыі на поўдзень ад гэтай лініі пакідаліся да ўрэгуляваньня на мірнай канфэрэнцыі. Літоўскі ўрад згаджаўся на выкарыстаньне польскімі войскамі гэтае спрэчнае тэрыторыі для барацьбы «супраць бальшавікоў». Урэшце на прапанову краінаў Антанты была ўсталяваная дэмаркацыйная лінія паміж літоўскімі i польскімі войскамі («лінія Фоша»).

Палепшыліся беларуска-літоўскія дачыненьні на пачатку 1920 г. Тады пасьля канфлікту з польскімі акупацыйнымі ўладамі 13 сьнежня 1919 г. бальшыня сяброў Рады БНР выбрала новы Прэзыдыюм Рады Беларускае Народнае Рэспублікі на чале з П. Крэчэўскім i новы ўрад БHP на чале з В. Ластоўскім. Польскія ўлады не прызналі гэтую Раду, арыштавалі В. Ластоўскага ды іншых кіраўнікоў. Ластоўскага пратрымалі ў астрозе паўтара месяца. В. Ластоўскі i ягоныя міністры ў лютым пераехалі ў Коўна, туды ж перабралася і Рада БHP.

Нягледзячы на прыязныя дачыненьні паміж урадамі Літвы i Беларускай Народнай Рэспублікі, літоўскі ўрад 12 ліпеня 1920 г. падпісаў у Маскве мірную дамову з Савецкай Расеяй. Паводле артыкула 2-га гэтае дамовы, «дзяржаўная мяжа паміж Расеяй i Літвой» праходзіла ад Дзьвіны па лініі на захад ад Друі - на ўсход ад Браслава - Казьяны - Паставы - азёры Мядзел i Мястра - на захад ад Вялейкі - па заходніх ускраінах Маладэчна i Валожына - па рэках Валожынка, Іслач, Бярэзіна да ўпадзеньня яе ў Нёман ля мястэчка Дзяляцічы - далей па Нёмане i за 30 км на поўдзень ад Горадні - на поўдзень ад Аўгустова. Такім чынам, Савецкая Расея перадавала на гэты раз беларускія землі Літве, а Літва прымала такі падарунак. Нідзе ў тэксьце дамовы ня згадвалася пра беларускую тэрыторыю, а толькі пра расейскую й літоўскую. Праўда, пасьля заняцьця гэтай тэрыторыі чырвонымі ў ліпені 1920 г. іхнае камандаваньне так і не дапусьціла літоўцаў на землі, вызначаныя Літве. Толькі пры адступленьні чырвоных у верасьні літоўцы захапілі Вільню, і то да прыходу палякаў.

Польска-літоўскія дачыненьні былі напружаныя. Войскі Л. Жалігоўскага (9 кастрычніка 1920 г.) захапілі Вільню й Віленскі край, дзе было абвешчанае дзяржаўнае ўтварэньне Сярэдняя Літва. З боку Польшчы існавала рэальная пагроза Літве. Літоўскі ўрад падпісаў 11 лістапада 1920 г. зь беларускім урадам (на эміграцыі) В. Ластоўскага пагадненьне аб узаемнай дапамозе.

Паводле гэтага пагадненьня Беларуская Народная Рэспубліка i Літва ўзаемна прызнавалі незалежнасьць абедзьвюх дзяржаваў. Такім чынам, пытаньне пра аўтаномію беларускіх земляў у складзе Літвы больш ня ставілася. Узаемна прызнавалася правамоцнасьць абодвух урадаў. Тэрытарыяльныя спрэчкі адкладваліся да моманту скліканьня беларускага ўстаноўчага сойму, які шляхам перамовінаў зь літоўскім соймам або праз прызначаны ім урад меўся вызначыць беларуска-літоўскую мяжу.

Беларускі ўрад абяцаў перадаць усе сфармаваныя ім на літоўскай тэрыторыі беларускія вайсковыя аддзелы ў распараджэньне літоўскага ўраду. А ў часе ўсеагульнага плебісцыту на Віленшчыне аб прыналежнасьці яе Літве або Польшчы беларускі ўрад абавязваўся заклікаць беларусаў аддаць свае галасы на карысьць Літвы. У мясцовасьцях Літвы зь перавагаю беларускага насельніцтва (амаль усе яны былі акупаваныя польскімі войскамі) мела ўсталявацца нацыянальна-тэрытарыяльная аўтаномія з адпаведным кіраваньнем. Літоўскі ўрад таксама абавязваўся дапамагчы ўраду В. Ластоўскага атрымаць замежную грашовую пазыку.

Апрача таго, літоўскі ўрад мусіў даць беларускаму афіцыйнае месца перабываньня на сваёй тэрыторыі — фактычна ў Коўне.

Урад В. Ластоўскага дазволіў літоўскаму ўраду выкарыстоўваць беларускія фармаваньні дзеля абароны Літвы. Ён абавязаўся распачаць арганізацыю беларускага нацыянальнага войска на тэрыторыі Літвы — «як шляхам добраахвотніцтва, так i шляхам мабілізацыі сваіх грамадзян на тэрыторыі Літвы i ў вызваленых частках уласнай тэрыторыі». Урад БНР быў гатовы падпарадкаваць беларускае войска генэральнаму штабу літоўскай арміі, у склад якога павінны былі ўвайсьці прадстаўнікі Міністэрства абароны Беларускай Народнай Рэспублікі. Усё ўтрыманьне беларускага войска й яго экіпаваньне меўся ўзяць на сябе літоўскі бок.

Аднак гэтае беларуска-літоўскае вайскова-палітычнае пагадненьне, заключанае перад пагрозай далейшага наступу польскага войска на Літву, практычных вынікаў ня мела. Ваенныя дзеяньні паміж літоўскай арміяй i войскамі генэрала Л. Жалігоўскага пад націскам вайсковай камісіі Лігі Нацыяў былі спыненыя 30 лістапада 1920 г. Дачыненьні паміж Польшчай i Літвой заставаліся напружанымі. Для ўраду Літвы, які ў распараджэньні меў дзьве літоўскія дывізіі, беларускія вайсковыя адзінкі былі дадатковай i неабходнай сілай.

Таму ўзаемадачыненьні літоўскага й беларускага ўрадаў заставаліся пэўны час саюзнымі. Літоўскі ўрад падтрымліваў урад В. Ластоўскага. Беларускі ўрад заставаўся ў Коўне да восені 1923 г. Толькі пасьля адстаўкі В. Ластоўскага 23 жніўня 1923 г. Рада i ўрад БНР пераехалі ў лістападзе 1923 г. у Прагу, сталіцу Чэха-Славаччыны. Да 1923 г. у складзе літоўскай арміі знаходзіліся беларускія падразьдзелы: асобны беларускі батальён, потым (з 25 красавіка 1923 г.) асобная беларуская з 209 чалавек рота. Справаводзтва й каманды ў гэтых падразьдзелах вяліся i аддаваліся на беларускай мове. Выходзіў часапіс «Вайсковы». Гэта былі ня толькі падразьдзелы, але i рэзэрва для разгортваньня беларускага войска пры магчымай зьмене палітычнай сытуацыі: для вайны супраць Польшчы або супраць Савецкай Расеі, каб вызваліць тэрыторыю Беларусі. У 1920–1923 гг. беларускі батальён, а потым рота стаялі на польска-літоўскай мяжы.

Палітычная сытуацыя зьмянілася ў 1922–1923 гг. 8 студзеня 1922 г. польскія ўлады Сярэдняй Літвы правялі выбары часовага Сойму, які 20 лютага 1922 г. пастанавіў далучыць тэрыторыю Віленскага краю да Польшчы. 24 сакавіка 1922 г. гэтае рашэньне пацьвердзіў польскі сойм. У сакавіку 1923 г. канфэрэнцыя паслоў Англіі, Францыі, Італіі i Японіі вызначыла літоўска-польскую мяжу, пакінуўшы Віленскі край Польшчы. Рашэньне канфэрэнцыі паслоў зацьвердзіла рада Лігі Нацыяў. I хоць літоўскі ўрад тае мяжы не прызнаў, аднак вымушаны быў лічыцца зь міжнародным арбітражам. Яшчэ раней, у студзені 1923 г., Клайпедзкі край быў далучаны да Літвы явачным парадкам, i 17 лютага 1923 г. канфэрэнцыя паслоў згадзілася з гэтым далучэньнем. Такім чынам, міжнароднае становішча Літоўскай рэспублікі стабілізавалася.

Становішча ж Беларусі i ўраду БНР пагаршалася. У выніку заключэньня Рыскае прэлімінарнае мірнае дамовы 12 кастрычніка 1920 г. i Рыскае мірнае дамовы 18 сакавіка 1921 г. тэрыторыя Беларусі была падзеленая Савецкаю Расеяй i Польшчаю бяз згоды беларускага народу i без удзелу прадстаўнікоў Беларусі. Урэшце, усё гэта прывяло да спыненьня афіцыйных дачыненьняў паміж урадамі Літвы й БНР i да ліквідацыі адзінак беларускага войска ў Літве. Было зьліквідаванае i Міністэрства Беларускіх Справаў. Там заставаліся яшчэ беларускія дзеячы В. Ластоўскі, К. Душэўскі, выдаваўся часапіс «Крывіч». Да 1924 г. дзейнічала выдавецтва Міністэрства Беларускіх Справаў. Але палітычная дзейнасьць ужо не вялася.

Такім чынам, беларуска-літоўскія дачыненьні ў 1918–1922 гг. зьмяняліся ў сувязі з палітычнаю сытуацыяй. Абодва бакі вырашалі свае нацыянальнадзяржаўныя пытаньні. Больш спрыяльныя для Літвы ўмовы дазволілі ёй захаваць незалежнасьць. Беларуская Народная Рэспубліка з-за вонкавых абставінаў не змагла адстаяць сваю незалежнасьць. У барацьбе за захаваньне дзяржаўнасьці i Беларусь, i Літва заключалі саюзныя пагадненьні. Аднак гэты саюз не прынёс Беларусі якіх-небудзь рэальных палітычных вынікаў.

Слуцкае паўстанне 1920 года

У 2005 г. спаўняецца 85 год падзеям на Случчыне, якія ўвайшлі ў гісторыю Беларусі пад назвай Слуцкі збройны чын, або Слуцкае паўстанне 1920 г. Падзеі пачаліся ў лістападзе, калі войскі Чырвонай Арміі яшчэ не занялі тэрыторыю Слуцкага павета пасля заключэння перамір'я паміж Савецкай Расіяй і Польшчай.

У 1992 г. упершыню на Беларусі шырока святкавалася гадавіна падзеяў 1920 г., пра якія савецкія гісторыкі амаль не ўспаміналі ў сваіх працах, бо гэта было нявыгадна для савецкай гістарычнай навукі, якая сцвярджала, што працоўныя людзі ад самага пачатку змагаліся за савецкую ўладу. У сапраўднасці было зусім не так. Таму і згадак пра Слуцкі збройны чын нават у навуковых працах амаль не было. Так, у 3-м томе пяцітомнай «Гісторыі Беларускай ССР» (1973) няма ніводнай згадкі пра паўстанне. Нават у «Нарысах гісторыі Беларусі» (1995, ч. 2) гаворыцца (са старых пазіцый савецкіх гісторыкаў), што «ніякага паўстання ў Слуцку не было».

Толькі ў асобных спецыяльных навуковых працах, у тым ліку ў кароткіх артыкулах Беларускай Савецкай Энцыклапедыі, гэтае паўстанне ўпаміналася. Аднак і гэтыя працы былі аднабаковыя, без уліку публікацый мемуараў і архіўных дакументаў, што знаходзяцца за мяжой. Таму яны (у тым ліку тагачасныя артыкулы аўтара гэтых радкоў) не былі поўнымі, а значыць, і аб'ектыўнымі.

Толькі ў 90-х гадах ХХ ст. пачаліся публікацыі артыкулаў і прац пра Слуцкі збройны чын, з'явіўся нарыс у кнізе «Памяць. Слуцкі раён. Слуцк» (Мн., 2000, кн. 1). Перавыдадзена кніга Я. Найдзюка «Беларусь учора і сяньня» (Мн., 1993), дзе аўтар прысвяціў падзеям на Случчыне некалькі старонак. Урэшце, у 2001 г. у Мінску выйшаў зборнік «Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах». Такім чынам, падзеі далёкай ужо мінуўшчыны вяртаюцца да нас і нашых нашчадкаў. Адраджаецца гістарычная памяць народа.

Чым жа быў Слуцкі збройны чын? Якімі мэтамі кіраваліся яго ўдзельнікі? Хто складаў кантынгент паўстанцаў? У якіх абставінах адбывалася паўстанне? На ўсе гэтыя пытанні аўтар паспрабуе адказаць.

Заканчэнне савецка-польскай вайны

Слуцкі збройны чын за незалежнасць Беларусі адбыўся ў самым канцы 1920 г., тады ішлі апошнія баі, якія вялі на нашай зямлі польскія і расійскія савецкія войскі. Пасля разгрому савецкіх войскаў пад Варшавай у жніўні 1920 г. Чырвоная Армія пачала адступаць на ўсход, аддаючы польскім войскам тэрыторыю Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. Спроба камандуючага Заходнім фронтам савецкіх войскаў М. Тухачэўскага затрымаць свае арміі на лініі старых германа-расійскіх акопаў (умацаваных падчас пазіцыйнай вайны 1915-1918 гг.) не ўдалася. Гэтую лінію акопаў Мядзел - Смаргонь - Валожын - Ляхавічы - Пінск польскія войскі лёгка пераадолелі і прасоўваліся далей на ўсход. У пачатку кастрычніка 1920 г. польскія войскі развілі наступ і набліжаліся да Полацка, Менска і Слуцка. Пасля вулічных баёў да вечара 11 кастрычніка польскія войскі занялі Слуцк (ужо другі раз падчас савецка-польскай вайны). Аднак чырвоныя на наступны дзень зноў уварваліся ў горад і вялі на яго вуліцах баі. Урэшце, у выніку контратакі польскіх войскаў адзінкі 17-й дывізіі чырвоных адступілі на ўсход.

А ў сталіцы Латвіі Рызе ішлі мірныя перамовы паміж урадавымі дэлегацыямі Савецкай Расіі і Савецкай Украіны, з аднаго боку, і Польшчы — з другога. Кіраўнік савецкай дэлегацыі А. А. Іофе не дапусціў прадстаўніка БССР А. Чарвякова да перагавораў, сказаўшы яму, што калі спатрэбіцца, то савецкі бок перадасць Польшчы ўсю тагачасную тэрыторыю Беларускай ССР (шэсць паветаў былой Менскай губерні — да Барысава, Бабруйска і Мазыра ўключна). І сапраўды, А. Іофе зрабіў польскай дэлегацыі такую прапанову, згодна з інструкцыяй урада РСФСР (які ўзначальваў У. І. Ульянаў-Ленін). Кіраўнік аб'яднанай савецкай дэлегацыі прапанаваў Польшчы гэтую тэрыторыю, каб толькі спыніць наступленне польскіх войскаў на ўсход. Аднак старшыня польскай дэлегацыі Ян Домбскі адмовіўся ад гэтага падарунка, бо Польшча лічыла немэтазгодным уключаць вялікую тэрыторыю (разам з Заходняй Беларуссю) з беларускім насельніцтвам у склад Польскай дзяржавы з-за магчымага ўздыму нацыянальна-вызваленчага руху беларускага насельніцтва.

Узамен польская дэлегацыя прапанавала правесці рэферэндум па ўсёй тэрыторыі Беларускай Народнай Рэспублікі, уключна са Смаленскай губерняй, пад міжнародным кантролем. Добра ведаючы, чым гэта можа скончыцца, — на прыкладзе галасавання за незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі, абвешчанай 25 сакавіка 1918 г., савецкая дэлегацыя рашуча адмовілася ад такой прапановы.

Паколькі і Чырвоная Армія, і польскія войскі вычарпалі свае асноўныя сілы, а ў Савецкай Расіі ўзнялася хваля сялянскіх паўстанняў супраць бальшавіцкай палітыкі ваеннага камунізму з канфіскацыяй прадукцыі сельскай гаспадаркі ў сялян-уласнікаў, а ў гарадах запанаваў голад, то савецкі ўрад спяшаўся заключыць калі не мір, то хаця б перамір'е.

12 кастрычніка 1920 г. быў падпісаны дагавор аб перамір'і і прэлімінарных (папярэдніх. — А. Г.) умовах міру паміж РСФСР і УССР, з аднаго боку, і Польшчай — з другога. Але фармальна стан вайны яшчэ працягваўся.

Паводле Рыжскага дагавора Заходняя Беларусь і Заходняя Украіна былі ўключаны ў склад Польшчы. Польшча прызнавала незалежнасць Украіны і Беларусі (савецкіх). Таксама ўстанаўлівалася дзяржаўная мяжа паміж Украінай, Беларуссю і Польшчай. Усходняя мяжа Польшчы вызначалася па Заходняй Дзвіне, праходзіла на захад ад Ветрына, Ушачаў, Бягомля, Плешчаніц, Заслаўя, Негарэлага, Капыля, Цімкавічаў, Семежава, Вызны (цяпер Чырвоная Слабада), Старобіна і Турава, а далей ішла на Украіну. За гэтую лінію павінны былі адысці польскія войскі, якія на поўдні Беларусі ўжо паспелі перайсці яе да падпісання перамір'я. Адыход павінен быў адбыцца пасля ратыфікацыі (зацвярджэння) дагавора аб перамір'і ў Маскве і Варшаве.

Так, без удзелу не толькі беларускага народа, але нават і ўрада БССР, быў вырашаны лёс народа і дзяржаўнасці. Як пісаў у сваім вершы «Новы год» Янка Купала:

Ідзеш у край, які бязбожна Жыўцом парэзалі на часці, А брат проць брата стаў варожна І памагае край раскрасці.

Аднак, паводле дагавора, ваенныя дзеянні спыняліся толькі праз шэсць дзён пасля падпісання дагавора, гэта значыць 18 кастрычніка 1920 г. а 24 гадзіне паводле сярэднееўрапейскага часу. Гэтыя дадатковыя шэсць дзён далі магчымасць польскім войскам узмацніць тэмп наступу, адцясняючы дэмаралізаваныя савецкія войскі яшчэ далей на ўсход ад вызначанай дзяржаўнай граніцы.

Паводле дагавора, вызначалася і нейтральная зона паміж польскімі і савецкімі войскамі. Савецкія войскі адыходзілі на 15 кіламетраў ад лініі фронту, польскія на поўнач ад Нясвіжа спыняліся на лініі дзяржаўнай мяжы, а на поўдзень ад яго — на лініі свайго найбольшага прасоўвання (да 18 кастрычніка ўключна). Такім чынам, савецкія войскі апынуліся ў горшай пазіцыі, чым польскія. У выніку значная частка тагачаснай БССР была або ў зоне польскай акупацыі (другая польская акупацыя, першая была ў 1919 - ліпені 1920 г.), або ў нейтральнай зоне і не кантралявалася савецкай уладай. Але, па ўмовах перамір'я, польскія войскі пасля ратыфікацыі дагавора павінны былі адысці, у сваю чаргу, за лінію дзяржаўнай граніцы і выйсці з нейтральнай 15-кіламетровай зоны на польскім баку мяжы.

Усходняя мяжа БССР была вызначана ўрадам РСФСР улетку 1920 г., пасля другога абвяшчэння БССР 31 ліпеня 1920 г. Мяжа паміж БССР і РСФСР супадала з мяжой былой Мінскай губерні на ўсходзе, ды і то не ўсёй. На баку БССР былі Бягомль, Халопенічы, Барысаў, Клічаў, Парычы, Азарычы, Мазыр, Ельск. А ў складзе РСФСР засталіся Лепель, Крупкі, Бялынічы, Рагачоў, Жлобін, Калінкавічы і Нароўля, якія раней уваходзілі ў склад Мінскай губерні. Тэрыторыя БССР узору 1920 г. складалася з 6 паветаў Мінскай губерні, дзе да 1917 г. іх было 9. У склад РСФСР і Польшчы ўвайшла не толькі тэрыторыя іншых губерняў, але і значная частка былой Мінскай. Як адзначыў тады Якуб Колас з горкай іроніяй:

Далі шэсць паветаў. Дзякуй і за гэта!

Глава Польскай дзяржавы і галоўнакамандуючы Ю. Пілсудскі аддаў загад сваім войскам прасоўвацца наперад і пасля падпісання перамір'я. Батальён польскага войска пад камандаваннем падпалкоўніка Пашкевіча 15 кастрычніка пасля атакі з поўдня заняў Менск, адкінуўшы савецкія часці на Магілёўскую шашу на 5-7 кіламетраў ад горада. Але, паводле ўмоваў перамір'я, 17 кастрычніка польскі батальён пакінуў горад. Разам з палякамі пайшлі тыя жыхары горада, якія ратаваліся ад рэпрэсій бальшавіцкіх уладаў.

На поўдні Беларусі 13 кастрычніка польскія войскі захапілі Тураў, а 16-га — Жыткавічы і Даманавічы, да 18 кастрычніка былі ў Капацэвічах. Да 18 кастрычніка пасля ўпартых баёў адзінкі Чырвонай Арміі былі адціснуты на 25 кіламетраў на ўсход ад Слуцка.

Да моманту спынення ваенных дзеянняў савецкія войскі ў Беларусі размяшчаліся за 15 кіламетраў ад новай мяжы — з поўначы Беларусі да раёна на поўдзень ад Негарэлага. На поўнач ад Узды лінія фронту адыходзіла на паўднёвы ўсход у бок Варкалаў (на поўдзень ад Шацка), далей на ўсход да Амговічаў (Слуцкі раён), Дарасіно і Закальнага (Любанскі раён), на Палессі — па лініі Камаровічы - Бобрык - Галубіца на Прыпяці і далей праз Махнавічы (Мазырскі раён) на Ельск. Такім чынам, польскія войскі на поўдні Беларусі кантралявалі раёны на ўсход ад толькі што вызначанай мяжы Польшчы і БССР. Тэрыторыя Слуцкага павета была цалкам занятая польскімі войскамі, а заходняя яго частка з Нясвіжам, Клецкам, Ляхавічамі і Дзяніскавічамі і афіцыйна ўключана ў склад Польшчы. Фармальна ўсходняя частка Слуцкага павета з горадам Слуцкам лічылася ў складзе БССР, але савецкай улады на яго тэрыторыі не было. Слуцкі рэвалюцыйны камітэт (рэўкам), часовы орган савецкай улады, прызначаны рэўкамам БССР, знаходзіўся за лініяй фронту Чырвонай Арміі — у Старых Дарогах.

Нацыянальна-вызваленчы рух на Случчыне

Слуцк і Слуцкі павет былі асяродкамі дзейнасці беларускага нацыянальнага руху. Тут і раней была моцная нацыянальна-вызваленчая традыцыя, якая падтрымлівалася ідэямі незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі.

Яшчэ ў 1918 г. у Слуцку быў створаны Беларускі нацыянальны камітэт на чале са старшынёй Паўлам Жаўрыдам, які адразу прыступіў да творчай дзяржаўнай працы. Тут у 1918 г. была арганізавана і адкрыта Слуцкая беларуская гімназія, адна з першых на Беларусі. Нацыянальны камітэт і гімназію ліквідавалі ў снежні 1918 г. бальшавікі. Аднак карані беларускага нацыянальнага руху тут засталіся. Частка інтэлігенцыі займала актыўныя патрыятычныя пазіцыі.

Да гэтага трэба дадаць і палітычную пазіцыю беларускага сялянства, якое было падманута палітыкай бальшавікоў у аграрным пытанні. Як гэта ні парадаксальна гучыць, аграрная палітыка, у тым ліку і ў галіне падаткаабкладання, якую праводзілі нямецкія (1918) і польскія акупанты (1919-1920), была не такой жорсткай, як палітыка ваеннага камунізму з амаль поўнай канфіскацыяй ураджаю і жывёлы (харчразвёрстка). Усе гэтыя абставіны толькі абвастралі сітуацыю і незадаволенасць беларускага сялянства палітыкай савецкай улады, палітыкай, якая пастаянна праводзілася ў дачыненні да расійскага сялянства і сялянства на самым усходзе Беларусі (у Гомельскай і Віцебскай губернях). Сялянства Случчыны, якое супраціўлялася палітыцы нямецкай, а потым і польскай акупацыйнай улады, таксама займала патрыятычныя пазіцыі.

Асноўным чыннікам паўстання было беларускае сялянства. А актыўным элементам, які падняў сялянства на барацьбу супраць іншаземнага нацыянальнага і сацыяльнага прыгнёту дыктатуры пралетарыяту, была свядомая беларуская інтэлігенцыя.

У Слуцку і Слуцкім павеце ў перыяд другой польскай акупацыі ў кастрычніку - лістападзе 1920 г. размяшчаліся 11-я і 16-я польскія пяхотныя дывізіі. Яшчэ ў лістападзе 1919 г., падчас першай польскай акупацыі, паводле інструкцыі нацыянальных дзеячаў з Менска, сход з 16 чалавек стварыў Беларускі нацыянальны камітэт Случчыны з 5 сяброў з прадстаўніком партыі беларускіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў Уладзімірам Пракулевічам на чале, які, маючы юрыдычную адукацыю, займаў пасаду суддзі ў Слуцку. Гэты камітэт вёў культурную і кааператыўную працу. Пасля заняцця Слуцка Чырвонай Арміяй у ліпені 1920 г. Беларускі нацыянальны камітэт Случчыны і яго кааператыў былі зачынены. Але з лета 1920 г. у горадзе працаваў камітэт партыі беларускіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў, бо ў часе савецка-польскай вайны 1919-1920 гг. партыя беларускіх эсэраў была саюзніцай бальшавікоў у барацьбе супраць Польшчы, стварыўшы шмат сялянскіх партызанскіх атрадаў, якія каардынавалі сваю барацьбу з чырвонымі партызанскімі атрадамі, якія былі арганізаваны бальшавікамі. Беларускія эсэры не мелі ніякага дачынення да расійскіх эсэраў, бо выйшлі з Беларускай сацыялістычнай грамады.

У кастрычніку 1920 г. Слуцк зноў занялі польскія войскі, і Беларускі нацыянальны камітэт адразу ўзнавіў сваю дзейнасць. Аднак сярод беларускіх нацыянальных дзеячаў у Слуцку не было адзінства. Тут існавалі групы розных палітычных поглядаў.

Адна з гэтых груп 2 лістапада (па іншых звестках, 1 лістапада) 1920 г. арганізавала сход «прадстаўнікоў горада» і двух чалавек з вёскі, на якім у склад Беларускага нацыянальнага камітэта Случчыны было ўведзена яшчэ 7 сяброў. Але стары склад камітэта, у які ўваходзілі ў асноўным беларускія сацыялісты-рэвалюцыянеры, не прызнаў паўнамоцтваў некаторых абраных сяброў, абвінаваціўшы іх у тым, што яны «русіфікатары».

Нават новы старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта Случчыны лекар Арсен Паўлюкевіч быў абвінавачаны ў тым, што ён дрэнна гаворыць па-беларуску, а дагэтуль наогул пагардліва ставіўся «да ўсяго беларускага». Гэтая групоўка дзеячаў у камітэце арыентавалася на супрацоўніцтва з польскімі ўладамі і генералам Станіславам Булак-Балаховічам, кіраўніком Беларускага асобнага атрада, які разам з польскімі войскамі ваяваў супраць Чырвонай Арміі. А беларускія сацыялісты-рэвалюцыянеры ставіліся непрыхільна да гэтага беларускага генерала. У Беларускім нацыянальным камітэце былі прыхільнікі генерала Булак-Балаховіча, прадстаўнікі Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў і інш. Першыя выступалі за саюз з Польшчай, другія — за поўную незалежнасць ад Польшчы і ад Расіі. Некаторыя былі схільныя да пагаднення з савецкай Расіяй.

Гэтае рознагалоссе сярод беларускіх палітычных дзеячаў адмоўна адбілася на далейшым ходзе падзей, бо быў страчаны час для лепшай арганізацыі беларускага войска.

Польскія вайсковыя ўлады даволі позна, толькі ў пачатку лістапада 1920 г., перадалі цывільную ўладу ў Слуцку і павеце Беларускаму нацыянальнаму камітэту Случчыны. У горадзе былі падняты бел-чырвона-белыя сцягі Беларускай Народнай Рэспублікі. Адміністрацыя і гаспадарка перадаваліся ў рукі беларусаў. Але польскія вайсковыя ўлады не дазволілі стварыць нацыянальнае войска, спасылаючыся на ўмовы Рыжскага дагавора. Толькі пачала фарміравацца ўзброеная беларуская міліцыя з пяці тысяч чалавек: 500 чынных, астатнія — у рэзерве міліцыі. Яе ўзначаліў паручнік Янка Мацэлі з Менскага рэзерву Беларускай вайсковай камісіі. Мацэлі быў прыхільнікам беларускага генерала С. Булак-Балаховіча і намагаўся выкарыстаць міліцыю як рэзерв для беларускіх адзінак арміі Булак-Балаховіча, якая была ўжо падрыхтавана для паходу ў Палессе ў лістападзе 1920 г.

У валасцях Слуцкага павета замест прызначаных польскімі ўладамі войтаў былі створаны беларускія камітэты як органы мясцовага самакіравання, абраныя сельскім насельніцтвам. Потым такія ж камітэты былі створаны і ў вёсках, яны замянілі солтысаў. Такім чынам, польскую адміністрацыю з яе прызначэннямі на пасады і савецкую адміністрацыю з вылучанымі штабам Заходняга фронту Чырвонай Арміі рэўкамамі на Случчыне замяніла дэмакратычная форма мясцовага кіравання. Ва ўсіх гэтых камітэтах знаходзіліся прадстаўнікі партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (скарочана — беларускіх эсэраў), якая карысталася падтрымкай сялянства.

З'езд Случчыны і Рада Случчыны

Прадстаўнікі беларускіх эсэраў у Слуцку і на Случчыне займалі незалежніцкія пазіцыі ў дачыненні як да Польшчы, так і да Расіі. Яны вырашылі склікаць з'езд Случчыны, каб устанавіць беларускую легальную ўладу. Былі праведзены выбары на з'езд: па 5 прадстаўнікоў ад кожнай воласці і па 1 прадстаўніку ад беларускіх культурна-асветніцкіх гурткоў, асяродкаў беларушчыны на тэрыторыі павета. Такія гурткі існавалі ў горадзе і на вёсках.

Польскія ўлады не запярэчылі скліканню з'езда Случчыны, таму што ў Рызе яшчэ толькі працягваліся мірныя перамовы. А ўсякае аслабленне савецкага боку на перамовах было на карысць Польшчы. Да таго трэба дадаць, што польскія войскі павінны былі пакінуць тэрыторыю БССР, якую занялі ў кастрычніку.

Паводле прэлімінарнага дагавора, перамір'е ўступала ў сілу пасля абмену ратыфікацыйнымі граматамі. Да канца кастрычніка 1920 г. дагавор быў ратыфікаваны. Дагавор аб перамір'і быў ратыфікаваны Усерасійскім Цэнтральным Выканаўчым Камітэтам 23 кастрычніка, Усеўкраінскім ЦВК — 21 кастрычніка, сеймам Польшчы — 22 кастрычніка, а абмен ратыфікацыйнымі граматамі адбыўся ў Лібаве (Ліепая) 2 лістапада 1920 г.

Пасля ўступлення ў сілу перамір'я войскі абодвух бакоў павінны былі адысці і размясціцца за 15 кіламетраў па абодвух баках ад лініі дзяржаўнай мяжы. Аднак польскія войскі не спяшаліся. У такіх палітычных стасунках разгортваліся падзеі ў Слуцку.

Першы беларускі з'езд Случчыны быў скліканы па ініцыятыве прадстаўнікоў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Адбыўся ён 14-15 лістапада 1920 г. у Слуцку ў вялікай зале дома Эдварда Вайніловіча (фундатара Чырвонага касцёлу ў Менску). На з'езд сабралася 107 дэлегатаў ад Слуцка, 15 валасцей Слуцкага павета і беларускіх культурна-асветніцкіх гурткоў з правам пастанаўляючага голасу і 10 дэлегатаў з правам дарадчага голасу.

З'езд адкрыўся 14 лістапада а 12 гадзіне дня ў багата прыбранай зале і працягваўся да 10 гадзін вечара 15 лістапада. Зеляніна ўперамешку з нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сцягамі запаўняла залу і трыбуну. Панаваў святочны, прыўзняты і ўсхваляваны настрой.

Кіравалі з'ездам беларускія эсэры. Старшынёю быў абраны Васіль Русак, а віцэ-старшынёю Уладзімір Пракулевіч.

Пасля адкрыцця з'езда і вітання дэлегатаў, як піша ў сваіх успамінах А. Сокал-Кутылоўскі, з дазволу старшыні з'езда на трыбуну ўзышоў малады чалавек, дастаў паперу і сказаў, што ён, Павел Жаўрыд, прызначаны эміграцыйным урадам Беларускай Народнай Рэспублікі камісарам Случчыны. Тут жа ён прачытаў дэкрэт аб сваім прызначэнні. Гучныя воплескі усёй залы былі адказам на гэтую заяву. Воплескі разам з тым былі выяўленнем падпарадкаванасці ўраду БНР. На з'ездзе выступала з прамовамі каля 10 дэлегатаў, у тым ліку Васіль Русак, капітан Анастас Анцыповіч, капітан Антон Самусевіч, Юльян Сасноўскі, Рыгор Грынько і іншыя. Яны выказваліся супраць чужой улады і толькі за тую, што выбрана беларускім народам.

На з'ездзе склалася даволі моцная групоўка прыхільнікаў генерала Булак-Балаховіча на чале з Паўлюкевічам, паручнікам Я. Мацэлі і некаторымі валаснымі начальнікамі міліцыі. Яны заяўлялі, што Булак-Балаховіч абароніць Случчыну ад бальшавікоў. Аднак прыхільнікі генерала былі ў меншасці. Значна больш прыхільнікаў на з'ездзе мелі беларускія эсэры. Яны заклікалі да адзінства беларускай інтэлігенцыі і сялянства. Былі на з'ездзе і людзі, якія не далучаліся да гэтых асноўных груповак.

14 лістапада з'езд прыняў рэзалюцыю, у якой вітаў Найвышэйшую Раду Беларускай Народнай Рэспублікі і заявіў катэгарычны пратэст «проці акупацыі родных зямель чужацкім наездам і проці самазванай савецкай улады». У рэзалюцыі змяшчаўся заклік «да ўсяго свету і Саюза Народаў (Лігі Нацый. — А. Г.) аб дапамозе ў стварэнні нашай вайсковай сілы».

З'езд Случчыны заявіў, што «ўсе свае сілы аддасць на адбудову сваёй Бацькаўшчыны». Павел Жаўрыд заклікаў да ўзброенага паўстання за незалежнасць Беларусі, а дэлегаты з розных валасцей і горада падтрымалі яго.

На з'ездзе былі абвешчаны патрыятычныя лозунгі, якія адлюстравалі інтарэсы беларускага народа аб «вольнай, незалежнай, дэмакратычнай Беларускай Народнай Рэспубліцы ў яе этнаграфічных граніцах», аб беларускай арміі і беларускім Устаноўчым сойме, аб братэрстве ўсіх славянскіх народаў. Як сведчыць газета «Беларускае слова» (Гродна) ад 30 лістапада 1920 г., з'езд Случчыны прыняў рэзалюцыю аб мабілізацыі для самаабароны ад бальшавікоў і аб пачатку збройнай барацьбы.

14 лістапада 1920 г. з'езд Случчыны выбраў Раду Случчыны Беларускай Народнай Рэспублікі (інакш Беларускую раду Случчыны) у складзе 17 чалавек на чале з Уладзімірам Пракулевічам, даверыў ёй цывільную ўладу ў горадзе і павеце і даручыў арганізацыю нацыянальнага войска. Рада Случчыны лічылася паўнамоцным часовым урадавым органам улады Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) на тэрыторыі Слуцкага павета аж да выбараў беларускага Устаноўчага сойма. Яна стала і палітычным органам кіраўніцтва Слуцкім збройным чынам.

У склад Рады Случчыны было абрана 17 сяброў: Уладзімір Пракулевіч (старшыня), Анастас Анцыповіч, Пётр Бабарэка, Барысавец, Янка Біруковіч, Улас Дубіна, Павел Жаўрыд, Янка Каўпак, Юрый Лістапад, Янка Мацэлі, Анупрый Няронскі, Арсен Паўлюкевіч, Рабы, Ю. Радзюк, Т. Раковіч, Васіль Русак, Юльян Сасноўскі. Кандыдатамі ў сябры Рады Случчыны былі абраны 5 чалавек: Пётр Маліноўскі, Цімафей Мяшочак, Піліп Валодзька, Міхайлоўскі, Дзятловіч.

У складзе Рады Случчыны было 8 беларускіх эсэраў (У. Пракулевіч, В. Русак і іншыя), спачуваючыя ім (Ю. Лістапад) і інш. Другой групоўкай у Радзе былі прыхільнікі Булак-Балаховіча — А. Паўлюкевіч, паручнік Я. Мацэлі і інш. Былі прадстаўнікі і нейтральных груп. Рада Случчыны пачала сваю дзейнасць на наступны дзень пасля заканчэння з'езда — 16 лістапада 1920 г.; нягледзячы на пэўныя ваганні, усе групоўкі згадзіліся ўзняць паўстанне за незалежнасць Беларусі, за інтарэсы сялян.

Адразу пасля закрыцця з'езда Случчыны некалькі дэлегатаў выехалі ў вёскі Грозаўскай, Грэскай, Раманаўскай, Чапліцкай, Быстрыцкай, Старобінскай, Вызнянскай, Капыльскай, Цімкавіцкай ды іншых валасцей, каб рыхтаваць узброеныя атрады і заклікаць жыхароў да змагання.

Першачарговай справай Рады з'яўлялася фарміраванне войска, дзеля чаго была створана «вайсковая тройка» з сяброў Рады — П. Жаўрыда, капітана А. Анцыповіча і паручніка Я. Мацэлі. Яны спешна пачалі рыхтаваць і збіраць узброеныя атрады. Іншыя сябры Рады займаліся арганізацыяй розных цывільных устаноў.

Рада занялася і дыпламатычнай дзейнасцю. Яна афіцыйна заявіла энергічны пратэст ураду Савецкай Расіі «проці агрэсіўных намераў савецкага ўрада з Кнорыным на чале», супраць «намераў савецкіх войскаў, якія пасля выйсця польскіх аддзелаў хочуць заняць Слуцк і павет, зневажаючы гэтым волю народа». Рада абвясціла, што яна «сваю ўладу перадасць толькі ўраду, створанаму Усебеларускім кангрэсам 1917 года». Слуцкая Рада заявіла таксама пратэст і польскаму ўраду супраць перадачы Слуцкага павета Чырвонай Арміі.

21 лістапада Слуцкая Рада выдала Дэкларацыю, якая заклікала сялянства на барацьбу «за незалежную Беларусь у яе этнаграфічных межах» і за «інтарэсы сялянства».

У Дэкларацыі Рады Случчыны гаварылася:

«У мамэнт самавызначэння ўсіх народаў і змагання іх за сваю самастойнасць і свабоду Беларуская Рада Случчыны, выконваючы волю сялянства, паслаўшага яе і даверыўшага ёй абарону незалежнасці нашай Бацькаўшчыны Беларусі, заяўляе ўсяму свету аб асноўных дамаганнях беларускага сялянства:

1. Беларусь павінна быць вольнай, незалежнай рэспублікай у яе этнаграфічных межах.

2. Абвяшчаючы аб гэтым і з'яўляючыся выразіцелькай волі народа, Слуцкая Рада дэкляруе цвёрда стаяць за незалежнасць роднае Беларусі і бараніць інтарэсы сялянства ад гвалту з боку чужаземных захопнікаў.

3. У выпадку патрэбы Слуцкая Рада будзе бараніцца нават сілаю аружжа, нягледзячы на лічбавую перавагу ворага.

Мы верым, што наша справа ёсць справа праўдзівая, а праўда заўсёды закрасуе».

Ужо пазней, у мястэчку Семежава, гэтая Дэкларацыя, відаць, была пашырана. З копіі чарнавіка Дэкларацыі ад 28-29 лістапада, зробленай В. Русаком, можна ўбачыць, што ў Дэкларацыю былі ўключаны пункты аб дэмакратычных свабодах і эканамічных правах насельніцтва, якія раней былі прыняты ў 2-й Устаўнай грамаце Рады Беларускай Народнай Рэспублікі 9 сакавіка 1918 г.

Слуцкая брыгада

Пры актыўнай патрыятычнай пазіцыі і падтрымцы сялянства і гараджан Слуцка «вайсковая тройка», вылучаная Радай Случчыны (Жаўрыд, Анцыповіч, Мацэлі) здолела за тры дні сфарміраваць з добраахвотнікаў у Слуцку і павеце 1-ю Слуцкую брыгаду стральцоў войскаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Брыгада складалася з двух палкоў: 1-га Слуцкага і 2-га Грозаўскага. Асноўным ядром збройнай сілы сталася беларуская міліцыя, створаная раней для падтрымання парадку ў Слуцку і павеце.

Фарміраванне войска рабілася паспешна, бо, паводле ўмоваў прэлімінарнага мірнага дагавора, польскія войскі павінны былі пачынаць адыход за лінію дзяржаўнай мяжы. Вывад польскіх войскаў пачаўся толькі пасля падпісання спецыяльнага пагаднення (14 лістапада) — з 22 лістапада. Адыходзілі за лінію фронту польскія вайсковыя адзінкі марудна, не па 20 кіламетраў у суткі, як гэта прадугледжвалася ўмовамі перамір'я, а па 10 ці трохі больш кіламетраў. У раёне Слуцка гэты адвод войскаў адбываўся ў апошняй дэкадзе лістапада 1920 г.

24 лістапада 1920 г. польскія войскі пакінулі Слуцк. Савецкія вайсковыя адзінкі паволі прасоўваліся наперад, не сутыкаючыся з польскімі войскамі. 26 лістапада апошнія польскія жаўнеры-ўланы адышлі за лінію мяжы. 29 лістапада 1920 г. савецкія войскі выйшлі на новую дэмаркацыйную лінію: мястэчкі Вызна - Леніна, заняўшы Слуцк. Да канца лістапада яны выйшлі на лінію ад Леніна па рацэ Случ да Турава і спыніліся там паводле ўмоваў перамір'я.

Паміж дзяржаўнаю мяжой і дэмаркацыйнай лініяй савецкіх войскаў утварылася 15-кіламетровая нейтральная паласа. Яна не была занята адзінкамі Чырвонай Арміі.

У Слуцку заставацца было небяспечна. Дастатковую яго абарону яшчэ не арганізавалі. Таму Рада Случчыны прыняла рашэнне, а камандаванне Слуцкай брыгады выдала загад 24 лістапада пакінуць Слуцк і адыходзіць па дарогах, што вядуць на захад, і збірацца ў Семежаве. Слуцк быў пакінуты надвячоркам у той жа дзень. У зводцы палявога штаба Чырвонай Арміі ад 29 лістапада паведамлялася, што часці Чырвонай Арміі занялі горад Слуцк.

Семежава (прыкладна ў 8 кіламетрах ад дзяржаўнай мяжы) знаходзілася ў 15-кіламетровай нейтральнай зоне з савецкага боку. Такая ж 15-кіламетровая нейтральная зона была і на польскім баку дзяржаўнай граніцы. У нейтральнай зоне (30 кіламетрах) не павінны былі знаходзіцца ні войскі Чырвонай Арміі, ні польскія войскі. Фармальна тут дзейнічала мясцовая міліцыя, арганізаваная кожным з двух бакоў на сваёй тэрыторыі для захавання парадку.

У раёне мястэчка Семежава канчаткова былі сфарміраваны абодва палкі Слуцкай брыгады.

Слуцкая брыгада, як сведчыла гродзенская газета «Беларускае слова» і як потым пацвердзіў камандзір брыгады А. Сокал-Кутылоўскі, першапачаткова складалася з чатырох тысяч чалавек. Але разам з рэзервам яна налічвала 10 тысяч чалавек. На ўсіх зброі не хапала. У пачатку паўстання ў Слуцкай брыгадзе налічвалася ўсяго 300 карабінаў, якія былі перададзены польскімі ўладамі, і 500 вінтовак, што прынеслі самі паўстанцы. Потым, праўда, выявілася, што 200 польскіх карабінаў былі перададзены са збітымі прыцэламі і для баёў аказаліся непрыдатнымі.

Пасля пачатку паўстання праз Беларускую вайсковую камісію з Лунінца Слуцкай брыгадзе былі перададзены яшчэ вінтоўкі і кулямёты. У снежні 1920 г. брыгада мела ўжо 2 тысячы вінтовак і 10 кулямётаў, частка з якіх былі трафейнымі. Аднак артылерыі ў брыгадзе зусім не было, і гэта значна змяншала магчымасць больш актыўных баявых дзеянняў. Забеспячэнне спачатку, дзякуючы добраахвотным ахвяраванням сялян, было наладжана добра, але потым, па меры скарачэння тэрыторыі пад кантролем паўстанцаў, пачало пагаршацца.

Камандзірам Слуцкай брыгады стральцоў войскаў БНР Беларуская рада Случчыны прызначыла капітана Анастаса Анцыповіча. Камандзірам 1-га Слуцкага палка быў прызначаны капітан Генеральнага штаба расійскай арміі П. Чайка (ураджэнец Случчыны), які да другой польскай акупацыі працаваў на пасадзе памочніка ваеннага кіраўніка Слуцкага павятовага ваенкамата. Камандзірам 2-га Грозаўскага палка быў прызначаны капітан Лукаш Семянюк, які з лютага 1920 г. быў камандзірам першага беларускага партызанскага атрада (створанага Беларускай вайсковай камісіяй у Менску). Былі арганізаваны штаб брыгады (начальнік штаба — капітан Антон Борык), аддзелы разведкі і контрразведкі пры штабе. Лекар Арсен Паўлюкевіч арганізаваў палявы шпіталь, а Янка Біруковіч — вайсковы суд. Дзейнічала таксама вайсковая школа для падрыхтоўкі камандзіраў на чале з паручнікам Фёдарам Данілюком. Асноўную частку афіцэрскага саставу складалі беларускія афіцэры з баявым вопытам. Яны былі ўдзельнікамі Першай сусветнай вайны.

Брыгада была пяхотнай; абодва палкі яе падзяляліся на батальёны і роты. У яе складзе таксама знаходзіліся конны атрад, палкавыя абозы і зброевая майстэрня. Быў сфарміраваны і асобны ад брыгады атрад з дзвюх рот. У палках былі створаны свае штабы.

1-шы Слуцкі полк брыгады фарміраваўся ў Слуцку і мястэчку Семежава з беларускай міліцыі, сялян-добраахвотнікаў і жыхароў Слуцка. У пачатку паўстання ў складзе Слуцкага палка налічвалася каля 2 тысяч жаўнераў. Меліся і рэзервы, але зброі і боепрыпасаў было мала. Вінтовак і некалькіх кулямётаў хапіла толькі на чвэрць асабовага складу. За кошт здабытых у баях трафеяў, зброі ад перабежчыкаў-дэзерціраў з Чырвонай Арміі і дапамогі ад Беларускай вайсковай камісіі ў снежні 1920 г. была ўзброена палова жаўнераў палка. 1-шы Слуцкі полк складаўся з 4 батальёнаў, кожны батальён — з 3 рот.

2-гі Грозаўскі полк фарміраваўся ў мястэчку Грозаве Слуцкага павета (цяпер Капыльскі раён), Слуцку, а потым і ў мястэчку Семежава з беларускай міліцыі, сялян-добраахвотнікаў, а таксама гараджан Слуцка. Усяго ў пачатку дзеянняў Грозаўскі полк меў каля 2 тысяч жаўнераў. Меўся і рэзерв. Намеснікам камандзіра палка быў капітан Антон Гнароўскі, камандзірамі 1-га батальёна — капітан Антон Самусевіч і 2-га батальёна — ужо штабс-капітан Янка Мацэлі. Узбраеннем (вінтоўкамі і некалькімі кулямётамі) была спачатку забяспечана толькі чвэрць асабовага складу палка. За кошт трафеяў і дапамогі Беларускай вайсковай камісіі пазней была ўзброена палова жаўнераў палка.

Такім чынам, за некалькі дзён была разгорнута 1-я Слуцкая брыгада стральцоў войскаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Брыгада была баяздольным вайсковым злучэннем рэгулярнага войска, мела добры афіцэрскі састаў і, галоўнае, жаданне жаўнераў ваяваць за незалежнасць Беларусі.

Слуцкі збройны чын

У канцы лістапада 1920 г. беларускае войска заняло пазіцыі за 35-40 кіламетраў на захад ад Слуцка. 1-шы Слуцкі полк займаў ужо франтавы ўчастак ад Семежава да Вызны, г. зн. працягласцю прыкладна 20 кіламетраў.

Баявыя дзеянні паўстанцаў пачаліся 27 лістапада, калі падраздзяленні 1-га Слуцкага палка зрабілі налёты на размяшчэнне адзінак 8-й дывізіі савецкіх войскаў, на яе палявыя варты і заставы на дэмаркацыйнай лініі.

Гэта быў пачатак Слуцкага збройнага чыну. Гэты дзень — 27 лістапада — адзначаецца як Дзень Слуцкага збройнага чыну 1920 г., як Дзень Герояў, як Дзень Узброеных сілаў Беларускай Народнай Рэспублікі.

У наступныя дні паўтараліся безупынныя атакі з нейтральнай зоны не толькі на фронце 1-га Слуцкага палка, але і на ўчастку 2-га Грозаўскага палка — на палявыя варты. Асабліва моцна атакавалі праціўніка жаўнеры 1-га і 2-га палкоў на ўчастку Капыль - Цімкавічы - Вызна, працягласцю 60 кіламетраў.

Найбольш значныя баі паасобныя батальёны 1-й Слуцкай брыгады вялі ля вёсак Садавічы, Дошнава, Быстрыца, Лютавічы, Морач, мястэчак Капыль, Вызна. У паасобных баях з чырвонымі паўстанцы наносілі ім значныя страты, бралі палонных, адбівалі назад населеныя пункты. Некаторыя чырвонаармейцы, у асноўным з расійскіх сялян, сілаю мабілізаваных у Чырвоную Армію, добраахвотна здаваліся ў палон або пераходзілі са зброяй у руках на бок паўстанцаў.

Тады камандаванне 16-й арміі савецкіх войскаў вырашыла ачысціць нейтральную зону ад паўстанцаў. Польскія ўлады далі дазвол на ўваход савецкіх войскаў у нейтральную зону 4 снежня, на тры дні. Такім чынам, і польскія ўлады адносіліся адмоўна да паўстанцаў.

Аднак карная аперацыя Чырвонай Арміі дала мізэрны вынік: было затрымана каля 50 дэзерціраў і 15 перабежчыкаў. Камандаванне Слуцкай брыгады, карыстаючыся падтрымкаю насельніцтва, вывела асноўныя сілы з-пад удару савецкіх войскаў. Толькі ў раёне Семежава частка беларускіх атрадаў была разбіта і 7 снежня перайшла лінію нейтральнай зоны на польскім баку. Польскія вайсковыя ўлады раззброілі 30 афіцэраў і 400 жаўнераў Слуцкай брыгады.

У гэты час рознагалоссі ў кіраўніцтве паўстанцаў прывялі да змены камандавання брыгадай. Камандзір 1-га Слуцкага палка капітан Павел Чайка быў арыштаваны па абвінавачванні ў здрадзе. П. Чайка праз аднаго старога спрабаваў перадаць пакет з сакрэтнымі дакументамі на савецкі бок. Аднак стары быў затрыманы, а пасля арыштаваны П. Чайка. Аднак пры дапамозе свайго сябра паручніка А. Мірановіча, начальніка контрразведкі, П. Чайка здолеў уцячы з-пад арышту ў Слуцк, але там ён быў арыштаваны за здраду савецкай уладзе і па прысуду «тройкі» асобага аддзела 16-й арміі расстраляны 9 студзеня 1921 г.

Рада Случчыны сабралася на надзвычайнае пасяджэнне і пастанавіла змяніць камандзіра брыгады і начальніка контрразведкі. Камандзірам 1-й Слуцкай брыгады 3 снежня 1920 г. быў прызначаны штабс-капітан Антон Сокал-Кутылоўскі, а камандзірам 1-га палка — падпалкоўнік Ахрэм Гаўрыловіч, раней камандзір 4-га батальёна гэтага палка. Начальнікам контрразведкі быў прызначаны паручнік Тодар Янушэнка. Камандзіру брыгады Рада Случчыны часова перадала дыктатарскія паўнамоцтвы.

Штаб Слуцкай брыгады пасля адступлення знаходзіўся ў вёсцы Грыцэвічы, за два кіламетры ад ракі Лані, у нейтральнай зоне, але ўжо на тэрыторыі, якая адышла да Польшчы паводле прэлімінарнага дагавора аб міры.

Пасля вяртання савецкіх войскаў з нейтральнай зоны на дэмаркацыйную лінію паўстанцы зноў пачалі нападаць на перадавыя часці Чырвонай Арміі. Звычайна гэта былі начныя налёты. Так, у ноч на 10 снежня жаўнеры напалі на вёскі Крывасёлкі і Навасёлкі, у ноч на 12 снежня — на вёску Старынь. Потым паўстанцы зрабілі спробу адціснуць перадавыя адзінкі Чырвонай Арміі з занятых пазіцый. Быў распачаты наступ на мястэчкі Семежава і Вызна.

У ноч на 13 снежня жаўнеры 1-га Слуцкага палка і кавалерыйскага атрада пасля жорсткага бою занялі мястэчка Семежава. Вораг страціў забітымі і раненымі 50 чалавек. Але потым паўстанцы з боем вымушаны былі адступіць.

Э. Вайніловіч у сваіх успамінах згадвае, што пасля баёў ля Вызны і Семежава чырвоныя войскі, наступаючы на падраздзяленні Слуцкай брыгады, зайшлі далёка за лінію дзяржаўнай мяжы, ажно за Пузаў, пад Ёдчыцы, што было ўжо тагачаснай польскай тэрыторыяй. Ён сведчыць, што польскія войскі нават адсунуліся далёка за сваю дэмаркацыйную лінію, каб даць магчымасць савецкім войскам разграміць паўстанцаў.

Штаб Слуцкай брыгады, а з ім і Рада Случчыны перамясціліся ў вёску Морач (за 20 кіламетраў на захад ад Вызны). У ноч на 18 снежня паўстанцы зноў занялі мястэчка Семежава і некалькі вёсак, узяўшы ў палон 25 чырвонаармейцаў, здабылі 1 кулямёт, шмат вінтовак, транспарт з коньмі. У ноч на 19 снежня з боем была занята Вызна. Жаўнеры брыгады прасунуліся на ўсход ад яе.

Сабраўшы значныя сілы, раніцай 19 снежня вайсковыя часці Чырвонай Арміі пачалі наступ, каб ліквідаваць узброенае паўстанне беларускіх вайсковых часцей. У гэты ж дзень чырвонымі была занята Вызна. Жаўнеры пачалі адыходзіць на захад да вёскі Смалічы (за 10 кіламетраў на захад ад Вызны). 20 снежня яны былі адціснуты да ракі Морач. У той жа дзень жаўнераў Слуцкай брыгады з боем выбілі і з Семежава.

Польская дэлегацыя на мірных перамовах у Рызе зноў дала згоду на ўвядзенне савецкіх войск у нейтральную зону, нават на польскую тэрыторыю, каб праследаваць паўстанцаў і там.

Штаб Слуцкай брыгады быў вымушаны перабрацца ў вёску Заастравечча (цяпер Клецкі раён), каля ракі Лань, за якой стаялі польскія войскі. У гэтую вёску збіраліся паўстанцы з разбітых атрадаў. Рада Случчыны прыняла рашэнне аб пераходзе ракі, бо ўжо не хапала ні боепрыпасаў, ні харчавання.

Перад самым адыходам за Лань 1-шы Слуцкі полк за ўдзел у баях атрымаў у знак узнагароды ад Рады палкавы сцяг залацістага колеру, 2 метры даўжынёю і метр шырынёю. Пасярэдзіне сцяга быў вышыты дзяржаўны герб Пагоня дыяметрам 45 сантыметраў, а навокал Пагоні надпіс: «Першы Слуцкі полк Беларускай Народнай Рэспублікі».

28 снежня 1920 г. Слуцкая брыгада перайшла раку Лань. 31 снежня на тэрыторыю, кантралюемую Польшчай, перайшоў апошні атрад слуцкіх паўстанцаў. Аднак днём заканчэння Слуцкага збройнага чыну лічыцца 28 снежня. Такім чынам, ваенныя дзеянні Слуцкай брыгады доўжыліся месяц.

Са складу брыгады адзін батальён (каля 400 чалавек) на чале са сваімі афіцэрамі не згадзіўся адысці на польскую тэрыторыю і застаўся ў нейтральнай зоне, каб працягваць ваенныя дзеянні, але ўжо партызанскага характару. У асноўным гэта былі прыхільнікі генерала С. Булак-Балаховіча. Гэты батальён падзяліўся на дзесятак груп, і яго жаўнеры партызанілі яшчэ некалькі гадоў.

Лёс паўстанцаў

Пасля пераходу на тэрыторыю, якую кантралявалі польскія войскі, афіцэры і жаўнеры Слуцкай брыгады былі раззброены і інтэрніраваны (да афіцыйнага заканчэння савецка-польскай вайны і падпісання канчатковага мірнага дагавора) спачатку ў часовы лагер у мястэчку Сіняўка (цяпер Клецкі раён), потым у лагер у Беластоку, а з пачатку сакавіка 1921 г. у лагер у Дарагуску (на рацэ Заходні Буг ля Хэлма). Яны былі вызвалены з лагера толькі ў маі 1921 г., пасля ратыфікацыі ўладнымі органамі РСФСР і УССР, з аднаго боку, і Польшчай, з другога боку, падпісанага ў Рызе 18 сакавіка 1921 г. канчатковага мірнага дагавора (зноў без удзелу БССР). Мірны дагавор быў ратыфікаваны прэзідыумам Усерасійскага ЦВК 17 красавіка і главой Польскай дзяржавы Ю. Пілсудскім 15 красавіка. Дарэчы, у выніку Рыжскага міру 1921 г. дзяржаўная мяжа паміж Польшчай і БССР была крыху зменена менавіта на тэрыторыі Слуцкага павета на карысць Польшчы. Да Польшчы адышла тэрыторыя паміж рэкамі Ланню і Случчу, а таксама некаторыя ўчасткі на поўнач ад Менска ў раёне Радашковічаў.

Інтэрніраваныя жаўнеры 1-й Слуцкай брыгады стральцоў войскаў БНР знаходзіліся ў цяжкіх умовах. Пры дрэнным харчаванні яны мусілі цяжка працаваць на розных работах. Тым не менш у лагеры праводзілася культурна-асветніцкая праца, часам на вечарынах ставіліся п'есы беларускіх аўтараў і дэкламаваліся вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа і Алеся Гаруна, хор выконваў беларускія песні. 20 красавіка 1921 г. інтэрніраваныя былі пераведзены ў стан жаўнераў і перададзены пад каманду камандзіра 1-й брыгады стральцоў войска БНР капітана А. Сокала-Кутылоўскага, а потым капітана Язэпа Залескага. Пасля вызвалення з лагера жаўнеры і афіцэры Слуцкай брыгады раз'ехаліся ў розныя мясціны Заходняй Беларусі.

Каля 2500 жаўнераў 1-й Слуцкай брыгады, якія не пагадзіліся пайсці ў лагер для інтэрніраваных, засталіся ў ваколіцах Нясвіжа. Яны разам з жаўнерамі аднаго з батальёнаў Беларускай арміі генерала С. Булак-Балаховіча і беларускімі дэзерцірамі з Чырвонай Арміі склалі разам каля 4 тысяч чалавек. Яны арганізоўваліся ў партызанскія атрады, і частка іх пераходзіла на тэрыторыю Савецкай Беларусі для барацьбы супраць савецкай улады.

Частка беларускіх паўстанцаў была арганізавана камандаваннем польскай 4-й арміі ў рабочыя дружыны і займалася адбудаваннем мастоў, дарожнымі і іншымі работамі ў прыфрантавой паласе. У пачатку лютага 1921 г. гэтыя рабочыя дружыны налічвалі больш за паўтары тысячы чалавек. Рабочыя дружыны папаўнялі і беларускія партызаны, якія ў пэўных акалічнасцях вымушаны былі перайсці на польскую тэрыторыю. Пасля ратыфікацыі мірнага дагавора галоўнае камандаванне Войска Польскага 24 красавіка 1921 г. аддало загад усе беларускія вайсковыя фарміраванні і рабочыя дружыны ліквідаваць, што і было выканана ў маі 1921 г.

Архіў Слуцкай брыгады ў ліпені 1921 г. капітан Сокал-Кутылоўскі адвёз у Вільню і перадаў Браніславу Тарашкевічу. Сцяг 1-га Слуцкага палка А. Сокал-Кутылоўскі прасіў епіскапа Пінска-Навагрудскага Панцеляймона прыняць у Навагрудскі сабор, але епіскап у просьбе адмовіў.

Шмат слуцкіх паўстанцаў засталося ў Заходняй Беларусі. Частка шарагоўцаў вярнулася ў Беларускую ССР пасля амністыі, абвешчанай савецкай уладай у сувязі з заканчэннем Грамадзянскай вайны ў Расіі. Амністыя была пашырана і на Беларусь. Але нягледзячы на амністыю, шмат шарагоўцаў, якія ўдзельнічалі ў Слуцкім збройным чыне, атрымалі прысуды на 1 год зняволення. Пасля яны працавалі, галоўным чынам, у калгасах. Аднак у 1937-1938 гг. удзельнікі паўстання зноў былі арыштаваны і зніклі бясследна.

Палітычныя і вайсковыя кіраўнікі паўстання ў большасці былі рэпрэсаваны савецкімі карнымі органамі, калі траплялі ім у рукі.

Некалькі афіцэраў Слуцкай брыгады пасля заканчэння паўстання былі перададзены польскімі ўладамі савецкім органам і расстраляны. Паводле сведчання А. Сокала-Кутылоўскага, сярод іх былі капітан Анастас Анцыповіч і Антон Самусевіч. Падпалкоўнік Ахрэм Гаўрыловіч і паручнік І. Багушэвіч вярнуліся праз некалькі гадоў на Случчыну, паддаўшыся бальшавіцкім абяцанкам аб амністыі, але былі арыштаваны, асуджаны і згінулі ў савецкіх канцэнтрацыйных лагерах. Такі ж лёс напаткаў і шараговых стральцоў, якія праз 4-5 гадоў вярнуліся з Заходняй Беларусі на Случчыну. Паручнік Бранявіцкі быў забіты ў Польшчы падасланым агентам НКУС. Паручнікі Тодар Янушэнка і Мікола Кернажыцкі былі арыштаваны ў 1939 г., пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР, і асуджаны да зняволення ў лагеры. Прапаршчык Рудзік быў рэпрэсаваны ў 1940 г.

Найбольш вядомыя дзеячы, удзельнікі Слуцкага збройнага чыну, таксама былі рэпрэсаваны савецкімі карнымі органамі.

Антон Сокал-Кутылоўскі двойчы арыштоўваўся НКУС — 19 чэрвеня 1941 г. у Баранавічах (але праз некалькі дзён з-за адступлення Чырвонай Арміі вызваліўся з вязніцы) і ў 1945 г. і адбываў пакаранне ў лагерах. Павел Жаўрыд, які вярнуўся на радзіму ў 1923 г., быў арыштаваны ў 1930 г. і памёр у 1939 г. у лагеры. Юрый Лістапад, сябар Рады Случчыны ўлетку 1922 г., вярнуўся на радзіму, тройчы арыштоўваўся, быў асуджаны і расстраляны ў 1938 г.

Макар Касцевіч (Краўцоў), аўтар гімна БНР «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», падпаручнік, загадваў друкарняй паўстанцаў у Клецку. У кастрычніку 1939 г. арыштаваны НКУС у Вільні і вывезены ў СССР. Далейшы лёс яго невядомы.

Язэп Лагіновіч (псеўданім Павел Корчык) быў жаўнерам (старшым пісарам) 2-й роты 1-га Слуцкага палка. У Заходняй Беларусі перайшоў на камуністычныя пазіцыі, прымаў удзел у рэвалюцыйным руху і стаў нацыянальным сакратаром камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Прыгавораны ў СССР да расстрэлу, ён памёр у 1940 г. у мінскай турме.

Сярод слуцкіх паўстанцаў было шмат слаўных людзей. Гэта былі палітычныя і грамадскія дзеячы, афіцэры і шарагоўцы, інтэлігенты, гараджане і сяляне, свядомыя беларусы. Усе яны выступалі за незалежнасць Бацькаўшчыны. Некаторыя працягвалі партызанскую барацьбу і пасля паўстання. Так, Лукаш Семянюк у 1921 г. загінуў у баі.

1-я Агульнанацыянальная палітычная канферэнцыя прадстаўнікоў беларускіх нацыянальных арганізацый з 6 краін, якая праходзіла ў сталіцы Чэхаславакіі Празе 25-28 верасня 1921 г., разглядала сярод іншых пытанняў і пытанне аб Слуцкім паўстанні. Пасля абмеркавання і спрэчак была прынята адпаведная рэзалюцыя аб Слуцкім паўстанні, апублікаваная ў шэрагу беларускіх газет Літвы, Заходняй Беларусі, Чэхаславакіі, у расійскай і ўкраінскай эміграцыйнай прэсе.

У рэзалюцыі канферэнцыі, прынятай 28 верасня 1921 г., адзначалася, што на Случчыне «народ, стыхійна паўстаўшы з аружжам у руках за незалежнасць і непадзельнасць сваёй бацькаўшчыны, напісаў на сваім штандары: ні польскіх паноў, ні маскоўскіх камуністаў. Беларуская нацыянальна-палітычная нарада канстатуе, што гэтае паўстанне было задушана пераважаючымі сіламі абодвух бакоў».

Слуцкія паўстанцы 1920 г. за кароткі тэрмін змаглі ўтварыць баяздольныя адзінкі беларускага нацыянальнага войска, якія здолелі ў неспрыяльных умовах на працягу месяца весці цяжкую барацьбу супраць значна больш мацнейшага праціўніка. Аднак у тых абставінах, якія склаліся ў канцы 1920 г., без якой-небудзь дапамогі звонку, пры варожай, па сутнасці, пазіцыі Польшчы, лёс паўстання быў прадвырашаны. Але гэта не змяншае яго значэння ў гісторыі Беларусі ХХ стагоддзя. Слуцкі збройны чын увайшоў у гісторыю як адна са слаўных старонак беларускага нацыянальна-вызваленчага руху.

Штогод 27 лістапада адзначаецца Беларускімі нацыянальнымі арганізацыямі ў розных краінах свету як Дзень Герояў, дзень Слуцкага збройнага чыну 1920 г. З 1992 г. гэты дзень святкуецца і нацыянальна свядомымі беларусамі на Бацькаўшчыне. У наш час, для ўмацавання суверэнітэту Беларусі, святкаванне гэтага дня набывае вялікую актуальнасць.

Адной з важнейшых падзей у барацьбе за незалежнасць і суверэнітэт Беларусі быў менавіта Слуцкі збройны чын 1920 г. 

Примечания

1

Пры гэтым трэба нагадаць, што каноны Рускай Праваслаўнай царквы Масквы моцна адрознівалася ад канонаў Рускай Праваслаўнай царквы Кіева, да якой прыналежаў К. І. Астрожскі і яго ваяры. Першае відавочнае адрозненне ― прынятае ў РПЦ Масквы па звычаях Арды абагаўленне персаніфікаванай свецкай улады ў асобе ханаў, князёў, імператараў і г. д., што не ўласціва ніводнай хрысціянскай канфесіі. ― Polochanin72.

(обратно)

2

Вынікае звярнуць увагу на тое, што ў той час польская і беларуская мовы адрозніваліся адзін ад аднаго ў значна меншай ступені.

Апроч таго, на пераход шляхты з беларускай мовы на польскую зрабіла велізарны ўплыў вайна а ў існасці ― нацыянальная катастрофа, 1654-1667 гг., у выніку якой ВКЛ страціла палову (ва ўсходніх абласцях да 80%) насельніцтва. Адпаведныя страты панесла і шляхта. Апроч таго, эканоміка ВКЛ была практычна знішчана. Так што на дзяржаўным узроўні Рэчы Паспалітай дзель і ўплыў беларускай мовы істотна зменшыліся.  ― Polochanin72.

(обратно)

Оглавление

  • ЗВЕСТКІ ПРА АЎТАРА
  • Прамова ад "выдаўца"
  • СЛАВУТЫЯ АСОБЫ
  •   Іван Багданавіч Сапега (каля 1480–1546)
  •   Стафан Баторый (1533–1586)
  •   Жыгімонт Ваза (1566–1632)
  •   Уладзіслаў Ваза (1595–1648)
  •   Ян Казімір Ваза (1609–1672)
  •   Міхал Карыбут Вішнявецкі (1640–1673)
  •   Ян Сабескі (1629–1696)
  •   Аўгуст II Моцны (1670–1733)
  •   Станіслаў Ляшчынскі (1677–1766)
  •   Аўгуст III (1696–1763)
  •   Станіслаў Аўгуст Панятоўскі (1732–1798)
  •   Станіслаў Булак-Балаховіч (1883–1940)
  • ГІСТАРЫЧНЫЯ БІТВЫ I ДАТЫ
  •   Бiтвa пад Оршай 8 верасня 1514 г.
  •   Рыжская дамова пра падзел Беларусі
  •   Слуцкае паўстанне. На крутым павароце гісторыі
  •   Дзень 23 лютага і гісторыя гэтага свята
  • ДАДАДЗЕНЫЯ АРТЫКУЛЫ
  •   Гісторыя геапалітыкі Беларусі
  •     І. Геапалітыка Вялікага княства Літоўскага у XIII–XVI стст
  •     II. Геапалітыка літоўскай-беларускай дзяржавы у XVI-XVIII стагодзьдзях. Фэдэрацыя з Польшчай
  •     III. Геапалітычнае становішча Беларусі ў XIX-XX стст. Беларусь ― стратэгічнае перадпольле Расейскай імпэрыі
  •   Вайсковыя традыцыі беларусаў у XVI–XVIII стст
  •   Беларуская шляхта
  •   1612 год у гісторыі Расіі …і яго тлумачэнне расійскімі палітыкамі і гісторыкамі
  •   Маргінальныя тэрыторыі Беларусі
  •   Нацыянальнае пытанне ў праграме дзекабрыстаў
  •   Беларуска-літоўскія дачыненьні: 1918–1922 гг
  •   Слуцкае паўстанне 1920 года Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

    Комментарии к книге «Старонкі нашай мінуўшчыны. Абраныя артыкулы.», Анатолий Петрович Грицкевич

    Всего 0 комментариев

    Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

    РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

    Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства