«Таямніцы полацкай гісторыі »

2757

Описание

Чытача чакае захапляльнае падарожжа ў полацкую даўніну. Аўтар цікава і дасціпна апавядае пра незалежнае Полацкае княства і лёс нацыянальнай рэліквіі — крыжа святой Еўфрасінні, пра дзейнасць у Полацку ордэна езуітаў і падзеі 1812 года, пра Полацкі кадэцкі корпус і выдатных людзей, якіх даў Беларусі і свету найстаражытнейшы горад нашай краіны. Кніга адрасавана старшакласнікам і студэнтам, а таксама ўсім, хто імкнецца глыбей ведаць гісторыю Беларусі.



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Таямніцы полацкай гісторыі (fb2) - Таямніцы полацкай гісторыі 3820K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Владимир Алексеевич Орлов

ПРЫЗНАННЕ Ў ЛЮБОВІ

Любоў да горада нагадвае каханне да жанчыны.

Гэта вялікае шчасце, калі недзе ёсць горад, які чакае цябе, каб затуліць крылом спакою і зрабіць мацнейшым. Горад, чыё імя ты часта паўтараеш у думках, як імя блізкага чалавека, шукаючы і заўсёды знаходзячы нейкі патаемны сэнс з усё новымі і новымі адценнямі: чуеш у ім то ціхамірнае журчанне Палаты з яе расчасанымі плынню зялёнымі «русалчынымі косамі», то ваяўнічы поступ полацкіх палкоў, то вусцішны гуд полымя над абложанымі ворагам замкамі…

Любоў да горада — вялікая таямніца, у якой нялёгка прызнацца.

І ўсё ж я адважваюся зрабіць гэта. Маім прызнаннем будзе кніга, якую вы трымаеце ў руках.

Пра мой горад выйдзе яшчэ мноства кніг, але думаю, што напісаць адну з іх маю права і я. Бо радзільня, дзе з’явіўся на свет, месцілася на Верхнім замку, за нейкую сотню крокаў ад Сафійскага сабора, куды, як казала мама, выходзілі вокны палаты (значыцца, званіцы і крыжы святое Сафіі — маё, няхай сабе і неўсвядомленае, але першае ўражанне аб навакольным свеце). Бо нашай улюбёнаю дзіцячай гульнёй былі пошукі лёхаў, што ў сярэднявеччы выводзілі з полацкіх сабораў на другі бок Дзвіны. Бо, пачынаючы гадоў з сямі, мы з сябрамі натхнёна займаліся на дзвінскіх берагах археалагічнымі даследзінамі, і шчодрая рака пасля кожнае паводкі дарыла нам то старадаўнюю манету, то проста ржавыя жалязякі, якія здаваліся наканечнікамі дзідаў. Бо Дзвіна навучыла мяне плаваць і берагла, калі я, схаваўшы адзенне на беразе пад перакуленым чоўнам, упершыню пераплываў яе, не ведаючы, што тут, насупраць Сафійкі, — самая вірыстая мясціна. Бо на нашых дзіцячых вачах узрывалі Мікалаеўскі сабор, і мы ўжо разумелі, што чыніцца злачынства. Бо тут, у Полацку, я першы раз закахаўся, адсюль паехаў вучыцца на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта, тут упершыню скакаў праз купальскае вогнішча і напісаў свае першыя вершы і апавяданні. Бо і цяпер у маёй мінскай кватэры мне часта здаецца ўранні: вось падыду да вакна, а за ім — зялёныя берагі і поўная, як вока, вясновая Дзвіна.

Бо Полацк — радзіма маёй душы.

Мне хочацца, каб чытаючы гэтую кнігу, вы пачулі і непараўнальны пах выцвілых пергаменаў, і гаману полацкага веча, і артылерыйскую кананаду часоў Напалеона… Каб, прачытаўшы яе, ніхто не моршчыў лоб, пакутліва ўспамінаючы, што яму вядома пра дойліда Іаана, ювеліра Лазара Богшу або князя Усяслава Чарадзея. Буду ўсцешаны, калі нехта з маіх чытачоў паспрабуе намаляваць сваё радаводнае дрэва, нехта захоча падняцца ў келлю святой Еўфрасінні, а нехта ўсамотніцца ў бібліятэцы ці ў архіве, збіраючыся раскрыць пакінутыя полацкай гісторыяй шматлікія таямніцы.

Гэта не падручнік і не навуковае даследаванне. У сваім аповедзе я буду забягаць наперад, у сучаснасць, і зноў вяртацца ў далёкія стагоддзі. Буду выказваць небясспрэчныя гіпотэзы і меркаванні.

Я не абяцаю, што скажу пра Полацк усё — на гэта не хопіць і сотні тамоў. Але я абяцаю вам сказаць шмат новага, знаёмага дагэтуль толькі вузкаму колу гісторыкаў. Абяцаю распавесці пра таямніцу крыжа Еўфрасінні і пра загадкавы лёс бібліятэкі Сафійскага сабора, пра Полацкі кадэцкі корпус і пра той час, калі Полацк быў сталіцай ордэна езуітаў…

У нашым мінулым праўдзівыя летапісы вельмі часта перапісвалі або падмянялі хлуслівымі хронікамі, складзенымі на загад тых, хто быў пры ўладзе. Таму не дайшоў да нас Полацкі леmaпic. Таму асветнікі знаходзіліся ў чорных спісах цемрашалаў, а маскоўскія цары-тыраны абвяшчаліся нашымі вызваліцелямі. Праўдзівая гісторыя вяртаецца да нас толькі цяпер — уваскрашаючы наш гонар, даючы веру ў будучыню, зноў робячы беларусаў еўрапейскім народам.

У гарадоў, як і ў людзей, ёсць душы.

Нягледзячы на нягоды і ліхалецці, Полацк захаваў у сваёй душы чысціню і высакароднасць. Ён здольны вылечыць ад жыццёвай мітусні і прымусіць падумаць пра вечнае, успомніць, хто мы, адкуль і куды ідзём.

Калі хтосьці, загарнуўшы апошнюю старонку, палюбіць мой горад трошкі мацней, а хтосьці проста захоча прыехаць, каб упершыню пахадзіць па яго вуліцах, — буду ведаць, што дні, у якія я пісаў гэтую кнігу, пражытыя недарэмна.

Пачынаючы яе, яшчэ раз гляджу на старажытны полацкі герб надмаім сталом. Пад чыстым блакітным небам плыве праз стагоддзі па дзвінскіххвалях карабель зразгорнутымі ветразямі…

Аўтар выказвае шчырую падзяку

Кацярыне Вініцкай

Вітаўту Кіпелю

Сяргею Краўчуку

Жоржу і Лёлі Лапіцкім

Сяргею Рудакевічу

Алене і Міколу Сенькам

Тамары Стагановіч

УНУКІ БЕЛАБОГА

Колькі гадоў Полацку? Нядаўна споўнілася 1145, скажаце вы. Але пытанне зусім не такое простае, як здаецца. Летапісы ўпершыню згадваюць Полацк пад 862 годам, ад якога гісторыкі і вядуць адлік узросту бацькі беларускіх гарадоў. Тым самым годам пазначаны першы запіс летапісца пра Кіеў. Значыцца, у 1987-м абодва гарады-патрыярхі сустрэлі сваё афіцыйнае 1125-годдзе.

Палачане без вялікага розгаласу адсвяткавалі не надта круглыя ўгодкі, а вось Кіеў разам з усёй Украінаю ўрачыста адзначаў… пятнаццаць стагоддзяў сваёй гісторыі.

Не спяшайцеся абурацца самаўпраўствам паўднёвых суседзяў. Раскопкі паказалі, што на месцы сучаснай украінскай сталіцы людзі сапраўды жылі ўжо паўтары тысячы гадоў таму. Мы ж, беларусы, зноў засведчылі нашую празмерную сціпласць, бо мелі такія самыя падставы святкаваць 1500-годдзе Полацка.

На Верхнім замку археолагі знайшлі кераміку, вырабленую не пазней за V стагоддзе. Да таго ж часу адносіцца і згадка ісландскай «Сагі аб Дытрыку Бернскім» пра аблогу Полацка войскамі готаў якія былі хаўруснікамі славутага правадыра гунаў Атылы. Таму на будучых полацкіх юбілеях будзем мець на розуме, што насамрэч горад прынамсі на чатыры стагоддзі старэйшы.

А цяпер зазірнём у мінуўшчыну яшчэ глыбей.

Прыкладна за семсот гадоў да нашай эры бронзавы век на землях будучага Полацкага княства змяніўся на жалезны. У тую эпоху тут жылі балцкія плямёны. Паўтара тысячагоддзя таму, у часы Вялікага перасялення народаў сюды прыйшло з захаду магутнае племя крывічоў, што рассялілася ў вярхоўях Нёмана, Дзвіны, Дняпра і Волгі. Крывічы, што аселі вакол ракі Палаты і заснавалі названы па ёй горад, атрымалі найменне «палачане». (Доктар гістарычных навук Георгі Штыхаў лічыць, што «палачане» — назва жыхароў Полацкага княства, іначай кажучы, не этнонім, а палітонім.)

Апошнім часам пераважае меркаванне, што «крывічы» — гэта агульная назва вялікага саюза плямёнаў, куды апрача полацкіх уваходзілі крывічы смаленскія і ізборскія. Звернем увагу на тое, што найстаражытнейшыя летапісы падзяляюць славян на дзве вялікія групы: у адных назва мае суфіксы «ан-ян» (паляне, дзераўляне, севяране, бужане), у другіх — «іч» (крывічы, дрыгавічы, радзімічы, вяцічы, люцічы). Летапісы паведамляюць, што назвы радзімічаў і вяцічаў паходзяць ад уласных імён князёў — Радзіма і Вяткі. Дрыгавічы мелі Драгавіта (Дрыгавіта), люцічы — Люта. Падобная аснова, найверагодней, закладзеная і ў назве крывічоў. Іх родапачынальнікам або князем мог быць Крыў, імя якога перайшло пазней на цэлае аб’яднанне плямёнаў.

Ад крывічоў ідзе радавод беларускага народа, пачынаецца гісторыя нашай дзяржаўнасці і культуры. Беларускі гісторык, аўтар кнігі «Старажытная Беларусь» Мікола Ермаловіч, прааналізаваўшы першакрыніцы, археалагічныя, лінгвістычныя ды іншыя дадзеныя, прыйшоў да высновы: «Крывічы побач з дрыгавічамі адыгралі першаступенную ролю ў фармаванні беларускага народа. Яны, бясспрэчна, былі самым шматлікім усходнеславянскім племем. Пра гэта сведчыць тая вялікая прастора, на якой яны рассяліліся, а менавіта: ад верхняга (а магчыма, і сярэдняга) Панямоння да Кастрамскога Паволжа, ад Пскоўскага возера да верхняга Сожа і Дзясны». М. Ермаловіч падтрымаў і развіў гіпотэзу, упершыню прапанаваную ў 1920-я гады выдатным дзеячам беларускага адраджэння, пакутнікам нацыянальнай ідэі Вацлавам Ластоўскім. Паводле яго, да стварэння Полацкага княства існавала Вялікая Крывія — ад Заходняй Бярэзіны да ракі Дзітвы на поўдні і да Віліі на поўначы, уключаючы мясціны, дзе пазней выраслі Крэва і Вільня і дзе сканцэнтраваныя крывіцкія тапонімы.

Бясспрэчнае лідэрства крывічоў і іх нашчадкаў у нашай гісторыі сталася падставаю ўзнікнення полацка-крывіцкай канцэпцыі беларускай дзяржаўнасці і культуры. В. Ластоўскі абгрунтаваў яе на ўзроўні навуковай публіцыстыкі і мастацкай інтуіцыі. Філосаф Уладзімір Конан дасціпна заўважыў, што ідэя Вялікай Крывіі як архетыпу беларускай дзяржавы, культуры і мовы «прасвечваецца» ўжо праз назвы выдаванага Ластоўскім часопіса «Крывіч», а таксама яго славутых кніг «Расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» і «Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі».

У прадмовах да сваіх «Сялянскіх песняў з-над Нёмна і Дзвіны» называў наш народ крывічамі, а мову і паэзію крывіцкай Ян Чачот. Яго пяру належаць працы «Крывіцкія прыказкі і прымаўкі», «Слоўнік крывіцкіх выразаў». Крывічамі лічылі сябе выдатны беларускі фалькларыст і лексіколаг Іван Насовіч (яго ўпершыню выдадзены ў 1870 годзе «Слоўнік беларускай мовы» павінен, на маю думку, мець на сваёй паліцы кожны наш літаратар) і маладзейшы сучаснік Насовіча Вайніслаў Казімір Савіч-Заблоцкі, болш вядомы па псеўданімах Гаўрыла Полацкі і Граф Суліма з Белай Русі.

У сённяшнім беларускім друку можна сустрэць цалкам сур’ёзныя прапановы назваць беларусаў крывічамі, а Беларусь перайменаваць у Крывію. Аднак будзем памятаць, што пэўнасці на гэты конт не меў нават сам Вацлаў Ластоўскі. У 1926 годзе ён пісаў: «Крывія, Русь, Літва — патройны вузел, трохпаверхі лябірынт, у якім блудзіла і дагэтуль блудзіць Haшae нацыянальнае «я»… Адыходзіць удаль, але не замірае імя «Крывія», «Крывічы»… Недзе ў мінуўшчыне, а такжа глыбока ў народнай сьвядомасьці жыве і пакутуе, чакаючы дня свайго ўваскрэшэньня, напоўмістычнае імя «Крывія», якому прызначана ў гісторыі народу замкнуць круг часу, быць ачышчаюшчым агнём, магічным дарожным знакам, гаючай і жывучай вадой Адраджэньня Народу».

Было б вялікай памылкаю спісваць «крыўскую тэорыю» ў архіў. Хіба яна — сярод жывых і сёння міфаў аб тым, што беларусы не мелі сваёй дзяржавы і культуры, — не сведчыць пра шматвяковую традыцыю нашай дзяржаўнасці? Хіба не прымушае даследчыкаў заглыбляцца ў беларускую гістарычна-культурную рэтраспектыву?

У курганах вакол Полацка часта знаходзяць уласцівыя старажытным балтам шырокія арнаментаваныя і звярынагаловыя бранзалеты. Цікавыя адкрыцці чакалі археолагаў каля полацкай вёскі Дзмітрыўшчына, дзе ў пахаваннях курганнага могільніку знойдзеныя тыпова латгальскія нагрудныя ўпрыгожанні.

Сустрэчы даўнейшых і новых жыхароў Прыдзвіння, пэўна ж, не заўсёды былі мірныя. Балты і славяне шмат чым розніліся між сабою, але існавала і тое, што іх аб’ядноўвала, — агульная паганская (язычніцкая) вера. Відаць, менавіта яна дазволіла паразумецца, ужыцца і ўрэшце на пачатку II тысячагоддзя н. э. зліцца ў адну этнічную супольнасць.

Гісторыкі дагэтуль спрачаюцца, хто ж усё такі беларусы — славяне з моцным дамешкам балцкай крыві ці аславяненыя балты, аднак у любым выпадку цяперашнія латышы і літоўцы даводзяцца нам кроўнымі братамі. Сведчанні гэтага — аднолькавыя сюжэты песняў і паданняў, арнаменты, стравы, прыклады працы, наміткі і фартухі ў народных строях. Дый старажытнае Купалле апрача беларусаў захавалі толькі латышы, у якіх яно называецца Ліго.

Дастаткова верагодным выглядае і меркаванне, што сам этнонім «крывічы» цесна звязаны з найвышэйшым балцкім вешчуном Крыве-Крывейтам. Сакральнасць самога кораня «крыў» яскрава выяўляецца ў этнаграфічных матэрыялах Падзвіння. Русальны тыдзень меў тут паралельную назву — «крывы». Найбольш спрыяльныя для варажбы калядныя вечары на Полаччыне і цяпер называюць не толькі святымі, але і крывымі, а ў запісаных тут этнографамі чарадзейных казках можна прачытаць, што «гаспадар быў вялікі змей-чараўнік, ды яшчэ крывы» або што «вядзьмак і ведзьма абавязкова маюць крывізну».

Землі, дзе неўзабаве пасля прыходу крывічоў вырас Полацк і пачала мацнець Полацкая дзяржава, былі вядомыя яшчэ старажытным грэкам і рымлянам.

Памятаеце міф пра Фаэтона?

Гожы юнак прасіў свайго бацьку, бога сонца Геліяса, дазволіць хоць адзін дзень пакіраваць сонечнаю калясніцай. Бацька згадзіўся з неахвотаю, і змрочныя прадчуванні яго не падманулі. Адчуўшы няўпэўненую юначую руку, вогненная запрэжка кінулася ўбок, напалоханы Фаэтон выпусціў лейцы, і коні панесліся, не разбіраючы дарогі — то ўзлятаючы высока ў неба, то летучы над самай зямлёю і неміласэрна палячы яе агнём.

Угневаны Зеўс паразіў няшчаснага Фаэтона маланкаю, і той упаў у далёкую ад роднага Алімпа раку Эрыдан. Сёстры, што прыйшлі на яго магілу, воляю багоў зрабіліся дрэвамі, іх слёзы падалі ў празрыстыя рачныя хвалі, цвярдзелі і ператвараліся ў бурштын, а плынь, як пісаў Авідзій, несла іх па залатым пяску да мора на ўборы рымскім прыгажуням.

Чаго я раптам узгадаў гэты міф? Ды з тае прычыны, што Эрыдан, які прыняў Фаэтонава цела, успаміналі яшчэ Гамер і яго вучань Гесіёд, пра «хуткаплынны Эрыдан» пісаў у паэме «Арганаўтыка» ў III стагоддзі да н. э. Апалон Радоскі, а шмат паважных вучоных у XIX i XX стагоддзях сцвярджалі, шго Эрыдан — гэта нашая Дзвіна. Дарэчы, яна мела і іншыя старажытныя імёны: Рубон (адсюль і баявы кліч палачанаў з якім яны ішлі на ворагаў — «Рубон!») або Рудон, Дуна, а яшчэ Дзіна або Віна — так завецца рака ў некаторых скандынаўскіх сагах. У Палаты таксама было даўняе найменне — Турунт.

У прыліве шчырага патрыятызму беларускі краязнаўца Аляксей Сапуноў у канцы XIX стагоддзя пісаў што пра Дзвіну з большым правам, чым пра любую іншую раку свету, можна сказаць: яна нясе ў хвалях сваіх гісторыю і жыццё народа.

Ну а пакуль рака полацкай і беларускай гісторыі толькі пачынаецца. Нашы далёкія продкі будуюць на берагах Дзвіны і Палаты селішчы, аруць зямлю, палююць на зверыну, пакрысе асвойваюць усё больш складаныя рамёствы… Пра гэта мы, здаецца, збольшага ведаем са школьных падручнікаў. Таму пагаворым падрабязней пра тое, чаго ў падручніках няма, што дасюль ахутана таямніцаю: якой была вера продкаў да прыходу хрысціянства.

Свет, дзе жылі тагачасныя палачане, быў густа населены вялікімі і малымі багамі ды бажкамі. Усюдыісны і наймагутнейшы з іх, творца жыцця, бог неба і ўсяго Сусвету меў некалькі імён — Сварог, Стрыбог, Святавід, але найчасцей яго называлі Родам. Ён апладняў зямлю і ўсё жывое, кіраваў вятрамі і нябеснымі з’явамі. Невыпадкова з імем гэтага бога звязана ў нашай мове столькі найважнейшых слоў і паняццяў: народ, радзіма, родзіч, продак, радавод, нараджэнне, прырода, ураджай, адраджэнне…

Роду падначальваліся астатнія багі нябеснай сферы, зямлі і падземнага свету. Пярун валадарыў над громам ды маланкамі і займаўся вайсковымі справамі. Дажбог, Ярыла, Каляда і Хорс былі багамі сонца. Яны даравалі цяпло, клапаціліся пра ўрадлівасць зямлі, дабрабыт людзей, апекаваліся над земляробамі і рамеснікамі. Ім дапамагаў таксама звязаны з сонцам бог ураджаю і дастатку Купала. Сонцава звястунка Дзянніца ўранні давала чалавеку сілу на новы дзень, а сама скакала на кані ў той бок, куды ўвечары спускаецца нябеснае свяціла, каб падрыхтаваць яму да ночы залаты човен. У ім сонца ляжа спаць, і човен паплыве па сінім моры да новага дня.

Пасланніцамі Рода былі рожаніцы — багіня кахання і вясновага абуджэння Лада і маці ўраджаю Мокаш. Поруч з Ладаю шчыравала вясёлая і спрытная тройца: апекуны закаханых Леля ды Палель, а з імі — Любіч, або Любчык, што мусіў давесці маладых каханкаў да вяселля.

Кожны стараўся жыць у згодзе з багіняю восеньскага ўраджаю Цёцяй. Гарэзлівы Пераплут падносіў чалавеку чару з хмельным мёдам і дарыў весялосць, а вогненны Жыжаль саграваў агнём і дапамагаў кавалям. Ад бога Тура залежала жыццё дзікіх звяроў і поспех на паляванні. Вялесу належаў падземны свет, але былі ў яго турботы і на зямлі — клопат пра свойскую жывёлу і дапамога пастухам. Ён вёў статак на пашу і вяртаў дадому.

Яшчэ бліжэй да штодзённага жыцця продкаў стаялі драбнейшыя багі. Добрымі духамі, што спрыялі чалавеку, бераглі яго ад напасці, былі берагіні. На жытнёвым полі хаваўся Жыцень. Ён любіў пераносіць каласы, а то і цэлыя снапы з палетка нядбайнай гаспадыні да руплівае суседкі. У вольную хвіліну на мяжы нівы і пашы ён мог перакінуцца словам з авечым духам Аўсенем.

Пра дамавікоў, лесавікоў, русалак вы, магчыма, ведаеце болей за мяне, бо яны выявіліся ці не самымі жывучымі і, здаецца, сустракаюцца дасёння. Мая бабуля Прося з лясной вёскі непадалёку Полацка апавядала пра лесавіка амаль што як пра суседа: то цэлы дзень вадзіў яе з кашом баравікоў па лесе, то падаіў бабуліну казу, то перад Калядамі нахабна залез нанач у падпечча.

Існавалі духі, заўсёды настроеныя да людзей варожа. Яны засявалі каменнем поле, адбіралі ў кароў малако, пасылалі хваробы. Мара мучыла вусцішнымі снамі. Лядашчык пазбаўляў жыццёвае сілы. Бог холаду Зюзя імкнуўся замарозіць чалавека на зімовай дарозе і аддаць страхалюднаму Карачуну.

Як бачым, шчыльнасцю насельніцтва беларускі Алімп мог спрачацца з антычным. Нашы багі, гэтак сама як старажытнагрэцкія або рымскія, былі між сабою ў сваяцтве. Пярун лічыўся сынам вярхоўнага бога. У браты лёс паслаў яму жорсткага Зюзю. Замужам за Перуном была спагадлівая да людзей Жыва, якую па мужу часта называлі Грамавіцаю. 3 ёю, багіняю жыцця і лета, звязаны цікавы міф, які варта падаць як узор беларускай дахрысціянскай міфалогіі. Калі ў час свайго зімовага панавання Зюзя мучыў людзей маразамі, Грамавіца сышла з нябёсаў на зямлю, каб нарадзіць сына Дажбога-Хорса, якому наканавана было адолець Зюзю. Але той даведаўся пра Жывіны намеры, перакінуўся ў мядзведзя і разам з перамененымі ў ваўкоў злымі духамі — Завеямі пачаў ганяцца за ёю. Ратуючыся, Грамавіца ператварылася ў белую казу і схавалася ў кустоўі, дзе і нарадзіла Дажбога. Якраз таму калядоўшчыкі і водзяць з сабою «казу».

Гэты міф згадвае ў найцікавейшым дасціпным нарысе «Дахрысціянская вера нашых продкаў» вядомы рэлігійны дзеяч і гісторык айцец Леў Гарошка. Да ўжо знаёмых нам прадстаўнікоў беларускага язычніцкага пантэону айцец Гарошка дадае ў сваім даследаванні такіх каларытных і ўплывовых багоў, як Кон, што вызначаў долю ўсім і нават самім багам, як багіня надвор’я Пагода, як бог хмараў і непагадзі Пасвіст і багіня розуму Рада. Следам за імі ідуць злы бог хвароб Яшчар, яго прыяцелькі злыя духі ночы начніцы, якія перадалі сваё імя аднаму з відаў кажаноў, дух віхур Падвей, магільны дух Копша (гэта пра яго прыказка кажа: «3 грашыма і Копшу дагодзіш»)…

Угневацца і жорстка пакараць за нейкую правіну мог і самы памяркоўны з багоў. А паколькі стасункі між імі былі надзвычай складаныя, нечаканая бяда магла падпільнаваць і зусім невінаватага чалавека. Бог агню Жыжаль у сваёй падземнай кузні каваў зброю, каб нізрынуць з неба Перуна. Ён працаваў так зацята, што дол пераграваўся, трывала сухмень, загараліся лясы і тарфяныя балоты. Калі ж бог-каваль выходзіў з вогненнай кузні на зямлю, Пярун браўся кідаць у яго маланкі.

Наогул у свеце йшла няспынная барацьба шматаблічных Белабога і Чарнабога, якія ўвасаблялі святло і цемру, дабро і зло. У сярэдзіне жніўня штогод бывала залеўная ноч, калі неба разрывалі перуны, а бліскавіцы несупынна залівалі наваколле прывідным святлом. Гэтаю «рабінаваю», ці «вераб’інаю», ноччу ўсе добрыя духі ядналіся і вялі смяротны бой з сіламі цемры.

Каб жыць з багамі ў згодзе, іх трэба залагоджваць, маліцца за сябе і за блізкіх. Уранні продкі, просячы спрыяння, зазвычай прамаўлялі да ўсіх багоў адразу. Удзень маліліся Хорсу-сонцу. Увечары, пасля працы, прасілі Дажбога ацаніць пражыты дзень і даць кожнаму паводле заслуг. Паразумецца з нябеснымі і зямнымі валадарамі, не ўяўляючы іх саміх, было даволі цяжка, таму кожнага бога і бажка чалавечая фантазія надзяліла адметным абліччам.

Пярун — волат з сівымі або вогненна-рудымі кучарамі і барадой, які трымае ў руцэ лук і стрэлы-маланкі. Час Перуновае ўлады доўжыўся ад першае да апошняе навальніцы, а потым бог спаў да будучай вясны. Ярыла — гожы юнак у белым уборы. Ён ездзіў на белым кані па нівах, аглядаў ярыну, спрыяў ураджаю, а яшчэ распальваў юр, цялесную жарсць, клапоцячыся пры гэтым пра нараджэнне дзяцей. Каб лацвей хавацца паміж каласоў, Жыцень меў маленькі расточак, ды яму трохі замінала даўжэзная сівая барада. Вадзянік таксама ганарыўся барадою, але ўжо зялёнай, як багавінне. Своеасаблівымі дублёрамі дамавікоў былі вужы, іх трымалі ў хаце і, адводзячы ад сям’і бяду, усяляк ім дагаджалі. Пра абліччы большасці іншых багоў нічога пэўнага сказаць цяпер нельга. Ад некаторых ацалелі адно загадкавыя імёны — Вышань, Крышань, Таўсень… Пагатоў імёны некаторых багоў продкі лічылі за лепшае ў пэўных абставінах проста не называць. Беларусы дагэтуль захавалі звычай не ўзгадваць перад сном чорта, а калі надарыцца ўсё ж успомніць у размове нячысціка, дык адразу дадаюць: «Не пры вас кажучы».

У запаленых хрысціянскімі святарамі вогнішчах бясследна загінулі паганскія запісы на дошках і бяросце, дзе былі і малітвы.

Зрэшты, існуе і іншы погляд на праблему. Вам, магчыма, даводзілася чуць пра «Кнігу Вялеса», якую прыхільнікі яе аўтэнтычнасці называюць Святым пісаннем славян. Кніга гэтая нібыта была выразаная на букавых дошчачках ноўгарадскімі вешчунамі ў IX стагоддзі і прысвечаная богу Вялесу, а знайшоў яе ў час грамадзянскай вайны белагвардзейскі палкоўнік Ізенбек. Пакрытыя старажытнымі пісьмёнамі драўляныя старонкі Вялесавай кнігі трапілі разам з яе ўладальнікам за мяжу, а ў гады Другой сусветнай вайны зніклі.

Трэба сказаць, што такі знаўца старажытнай славянскай культуры, як акадэмік Дзмітры Ліхачоў і іншыя аўтарытэты лічаць «Кнігу Вялеса» падробкай, ці, далікатней кажучы, містыфікацыяй. Здзейсненыя за апошнія гады шматлікія публікацыі кнігі і каментарыі да яе не пераканалі і мяне ў сапраўднасці гэтага помніка паганскіх часоў.

Але ў любым выпадку аўтар ці аўтары «Вялесавай кнігі» грунтоўна ведалі і адчувалі дахрысціянскі духоўны космас нашых продкаў.

Вось як, напрыклад, у вольным перакладзе на беларускую мову гучыць пачатак малітвы да Валадара Сусвету:

«Кланяемся першаму табе, Род, і пяём табе вялікую славу. Хвалім цябе, пачынальнік усіх родаў чалавечых, Сварожа. Ты — крыніца вечная, што ніколі не замярзае, і хто п’е тую ваду, жыве, пакуль не трапіць на твае райскія лугі. Пяём песню табе, Святавідзе, бо ты ёсць святло, праз якое мы бачым гэты свет. Ты трымаеш моцна сонца і зоркі і даеш нам Яву, а беражэш ад Навы (смерці). Дык вырачымся злых думак і чыну злога і пойдзем дарогаю дабра…»

Пасля прамаўлялі да Перуна:

«Кланяемся табе, Пяруне-грамавержац, што не стамляешся круціць кола жыцця і вядзеш нас дарогаю праўды да бітвы і да трызны па тых, што аддалі жывот свой за праўду і ідуць да жыцця вечнага, да палка Перуновага. Слава табе, гонар і суд воінаў, што страляеш па ворагах нашых і адводзіш ад нас стрэлы іхнія. Слава табе, залатарунны, літасцівы і праўдзівы…»

Найпрасцей абвясціць гэтую рэканструкцыю паганскіх малітваў плёнам фантазіі. А мо не будзем спяшацца: а раптам у аўтара (няхай сабе ён — амаль што наш сучаснік) абудзілася памяць продкаў, і ён нічога не выдумляў, а проста ўспомніў?

Найбольш блізкія дачыненні з багамі продкі мелі на святы.

Пасля зімовага сонцастаяння Каляда прыбаўляла дні, і, хоць яшчэ трывалі лютыя маразы, пачыналася новае гадавое кола. Свята ў гонар Каляды было ці не самае вясёлае. Яго абрады дажылі ў Полацку да XIX стагоддзя. Па дварах і хатах хадзілі з песнямі калядоўшчыкі. Іх падхмеленая гаманкая грамада вадзіла з сабою «бусла», «мядзведзя» і галоўную дзейную асобу — «казу» або «казла» ў вывернутым кажусе, з рагамі і барадою-вяхоткай. Апошнімі гадамі такую каларытную сябрыну зноў можна сустрэць у калядныя дні на полацкіх ды наваполацкіх вуліцах. Каза ў продкаў увасабляла сонца, што памірала і ўваскрасала, пасылаючы зямлі ў новым годзе жыццядайную сілу і новы ўраджай. Таму калядны гурт і пяе:

Дзе каза хвастом, Там жыта кустом. Дзе каза рогам, Там жыта стогам.

Другая палова Калядаў (з 1 да 6 студзеня) называлася Вялесавымі днямі. Лічылася, што ў гэты час чалавек лягчэй, чым калі-небудзь яшчэ, можа ператварыцца ў ваўка.

Вясновым святам гукання добрых духаў, якія ажыўлялі зямлю пасля зімовага сну-нябыту, быў Вялікдзень, што пазней зліўся ў хрысціян са святым днём Хрыстовага ўваскрэсення. Паганскі каляндар меў святы маладых усходаў, пачатку і заканчэння жніва.

У крывічоў захоўваліся старажытныя абрады, што ўзніклі ў часы татэмізму, калі кожны род выводзіў сваю гісторыю ад нейкага звера або птушкі. Адно такое свята, звязанае з шанаваннем мядзведзя, — камаедзіца — было вядомае ў полацкім наваколлі яшчэ ў XIX стагоддзі. Яго спраўлялі ў сакавіку, калі лясны гаспадар прачынаўся і выходзіў з бярлогі. На камаедзіцу гатавалі стравы, якія нібыта любіў спадар мядзведзь: камы з гарохавай мукі і аўсяны кісель — жур. Пасля святочнага полудня сяляне клаліся на палаткі і, пераймаючы касалапага «продка», пераварочваліся з боку на бок, просячы спрыяння і абароны. У гонар мядзведзя наладжвалі скокі ў вывернутых кажухах.

На самым пачатку чэрвеня святкавалі Ярылаў дзень. Ад раніцы прыбіралі стужкамі маладую бярэзінку, аздаблялі жытло маем. Потым выбіралі найпрыгажэйшую дзяўчыну, апраналі яе ў белыя строі, садзілі на каня і вазілі па паселішчы, спяваючы і водзячы вакол карагоды, што выконвалі ў паганцаў прыкладна такую ж ролю, як хросны ход у хрысціянаў. На Ярылаву ноч прыпадала свята кахання, пра якое хрысціянскія аўтары пазней пісалі: «Отрокам осквернение, девам растление».

Ярыла «полю жыта радзіў людзям дзеці пладзіў». Ён меў схільнасць да жанчын і хмельных напояў. Яму мы абавязаныя такімі адметнымі беларускімі слоўцамі, як ярына, ярун, ярыцца. Хрысціянскім пераемнікам Ярылы стаўся святы Юры. Юр’е — адно з найбольш шанаваных сялянамі на Полаччыне і наогул у Беларусі святаў. У гэты дзень упершыню пасля зімы выганялі на пашу скаціну, а гаспадар выпраўляўся аглядаць свае палеткі. Кожны з нас мае магчымасць самастойна спраўдзіць, ці насамрэч у гэты дзень пачынае куваць зязюля, а таксама праверыць мноства звязаных з Юр’ем народных прыкмет.

Ад Ярылы зусім мала заставалася да Купалы. Гэтае свята супадала з летнім сонцастаяннем; пасля яго нябеснае свяціла «паварочвалася», і дні рабіліся карацейшыя. Купаллю папярэднічаў русальны тыдзень, калі дзяўчаты вадзілі ў святых гаях карагоды, прыносілі крыніцам і рэкам ахвяры — найчасцей птушак. «Убогая куряти, яже на жертву идолам режутся, иныя в водах потопляемы суть», — паведамляе старажытны рукапіс.

Прыгожых дзяўчат абвівалі зялёнымі галінкамі і аблівалі вадой, выклікаючы дождж.

Каля вёскі Свяціда на беразе полацкага возера Янова вам і сёння пакажуць пагорак Валатоўку. Разам з урочышчам Камяні, што паблізу вёскі Бікульнічы на тым самым возеры, Валатоўка ўваходзіла ў комплекс тыпу Стоўнхендж[1], дзе ў паганскія часы тутэйшыя жыхары святкавалі ўлетку сонцастаянне. Тут, за дваццаць кіламетраў на поўдзень ад Полацка, велізарныя валуны складаюць геаметрычную фігуру, якая дакладна арыентаваная па напрамках свету і сваімі контурамі нагадвае літару «П».

Аўтар кнігі «Маўклівыя сведкі мінуўшчыны» (Мінск. 1992) беларускі геолаг і краязнавец Эрнст Ляўкоў, які даследаваў культавыя камяні, вызначыў: валуны ў гэтай мясціне размешчаныя такім чынам, што, стоячы ў цэнтры фігуры, старажытны астраном толькі раз на год мог убачыць, як сонца сядае дакладна за Валатоўкаю. Гэта значыла, што ноч будзе найкарацейшаю, а наступны дзень — найдаўжэйшым.

3 нагоды сонцастаяння продкі запальвалі на Валатоўцы вогнішча ў гонар Купалы.

Пазней да купальскіх ігрышчаў хрысціянскія місіянеры прымяркуюць свята нараджэння Яна Хрысціцеля, або Янаў дзень, што святкуецца паводле грыгарыянскага календара 24 чэрвеня. Адсюль цалкам лагічна будзе вывесці паходжанне назвы возера, над якім у купальскую ноч і ў наш час загараюцца вогнішчы.

Яшчэ адну старажытную «абсерваторыю» палачан сёння можна пабачыць на возеры Дрысвяты за колькі кіламетраў ад аднайменнай вёскі, ва ўрочышчы Другая Камяніца. На паверхні цэнтральнага, амаль трохметровага ружавата-шэрага валуна захавалася паглыбленне — ахвярнік. Вакол з поўдня і захаду паўколам ляжаць меньшыя камяні-арыенціры, з дапамогаю якіх продкі вызначалі паганскія святы і дні, спрыяльныя для пачатку сельскагаспадарчых работ.

За маёй памяццю на поплаве водбліз Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра яшчэ збіраліся на Купалле старыя палачанкі ў дастаных з куфраў вышываных кашулях і андараках. Сёння падрабязна пісаць пра гэтае спрадвечнае свята не мае сэнсу, бо яно вярнулася ў наша жыццё і зыркімі агнямі, што люструюцца ў спакойных водах Дзвіны і Палаты, і непаўторнымі чарадзейнымі абрадамі, гульнямі і песнямі. Скажу адно, што ў паганскай старажытнасці скласці купальскае вогнішча даручалі жанчыне — «Маладая маладзіца, раскладзі купальніцу!» — і нельга было, як цяпер, прыходзіць на свята ў любым адзенні. Перавагу аддавалі беламу колеру, асабліва важнымі лічыліся жаночыя галаўныя ўборы: апрача вянкоў з кветак і зеляніны дзяўчаты надзявалі блакітна-нябесныя наміткі. Маліліся Купалу, як і ўсім іншым паганскім багам, не толькі з чыстым духам, але і з чыстым целам.

Продкі лічылі купальскую ноч самым прыдатным часам шукаць скарб. Паблізу таго месца, дзе ён закапаны, з’яўляўся блакітны агеньчык. Але нават калі і пашанцуе знайсці падземнае багацце, завалодаць ім нялёгка, бо скарб звычайна загавораны: чым глыбей капаеш, тым глыбей ён хаваецца, а можа і зусім праваліцца ў бездань, адкуль зарагочуць страшнымі галасамі нячысцікі.

Існавала таксама павер’е, што ў гэтую чароўную ноч зямля разыходзіцца, каб скарбы прасохлі. Не здабыў багацця, дык, можа, хоць пабачыш, як у глыбачэзных правалах вісяць на ланцугах велізарныя катлы з золатам, срэбрам ды каштоўнымі камянямі.

Самае змрочнае і трагічнае свята Рода і Перуна прыпадала прыкладна на 20 ліпеня. Тут не было ні песняў, ні карагодаў. Бог вымагаў крывавых ахвярапрынашэнняў — быкоў а часам і людзей (найверагодней, палонных ворагаў). Выбар ахвяраў быў вельмі адказным клопатам, яму прысвячаўся ўвесь папярэдні тыдзень. Якраз пачыналася жніво, і ў бога прасілі пагодлівых дзён. Каб засцерагчыся ад смяротных Перуновых стрэлаў, ставілі на будынках грамавы знак — круг з шасцю радыусамі. Адтуль, пэўна, і пайшоў у беларусаў звычай усцягваць на хату — пад буслянку — кола.

Дзеля размоў з валадарамі зямлі і неба продкі ладзілі паганскія бажніцы — капішчы, дзе гарэлі непагасныя агні. Памяць пакаленняў данесла да нас звесткі, што палачане пакланяліся Перуну каля Валовага возера. (Магчыма, і назву сваю яно атрымала ад валоў, чыёй крывёю залагоджвалі грознага бога.) Археолаг Сяргей Тарасаў, які ўжо шмат гадоў даследуе Полацк, мяркуе, што вакол возера існаваў цэлы комплекс капішчаў. Валовая азярына ацалела дасюль, і, як на маё адчуванне, нягледзячы на сучасны гарадскі краявід, атмасфера вакол яе густа настоеная на таямніцы.

Захавалася апісанне капішча ў гонар Перуна на памежных з Полацкам ноўгарадскіх землях. Па ім можна меркаваць і пра святыню на берагах Валовага возера: «Божышча гэтае мела выгляд чалавека з крэменем у руцэ, падобным да грамавой стралы. Каля яго і ўдзень, і ўначы, і ў залеву гарэла вогнішча з дубовых дроў. Таго, хто не ўпільнуе святога агню — зніча, і дазволіць яму патухнуць, чакала смерць».

Часам капішча нагадвала сапраўдную фартэцу: недзе на ўзгорку ці на высокім беразе стаяў абведзены ровам вастракол, за якім — паўкола глыбока ўкапаных драўляных ідалаў-стодаў. Калі даць волю ўяўленню, мы ўбачым іх суровыя цёмныя твары з водбліскамі святога вогнніча, падрыхтаваных да ахвяры быкоў з налітымі крывёю вачыма, звязаных палоннікаў і згуртаваны страхам і вераю натоўп, што прыцішана паўтарае словы малітвы.

Бажніцы далёкіх продкаў згадваюцца ў старажытных замовах і заклёнах: «А ў цёмным лесе стаіць гара высокая, там растуць дубы вячыстыя, там бяжыць вада цудоўная. А я ж тую ваду брала, балючае цела абмывала, піць давала…» На Полаччыне, як і ў іншых мясцінах Беларусі, і цяпер пачуеш такое прыслоўе: «У сасновым лесе — маліцца, у бярозавым — любіцца, у дубовым — волю каваць, у яловым — душу чорту прадаваць». Магчыма, тут намёк на тое, дзе якому богу маліліся паганцы.

Вядома, што дуб лічыўся дрэвам Перуна. Капішча багіні кахання Лады можна ўявіць якраз у сонечным бярозавым гаі. Ну а на сустрэчу з цёмнымі сіламі продкі сапраўды маглі прабірацца таемнымі сцежкамі паміж старых змрочных ялін з бародамі моху і лішаёў. Сляды адразу некалькіх адкрытых небу паганскіх святыняў вы знойдзеце сёння пад Полацкам на маляўнічым Павульскім возеры.

Святымі ў продкаў лічыліся не толькі асобныя, найчасцей пракаветныя дрэвы, але і вялізныя камяні, многія з якіх мелі ўласныя імёны. Адзін з іх, Перуноў камень, ляжыць у густым лясным зарасніку паблізу вёскі Папялы цяперашняга Глыбоцкага раёна. Сёння вам пакажуць гэты валун толькі старыя людзі, ад якіх вы даведаецеся, што неглыбокі метровы раўчук, які праразае паверхню каменя, — справа чалавечых рук. Акурат на працягу гэтай лініі, за дзвесце крокаў ад валуна, калісьці рос вячысты дуб на некалькі абхватаў.

Лічылася, што камяні жывыя, што яны могуць расці, перасоўвацца на вялікія адлегласці, дапамагаць або шкодзіць людзям. Каб магічная сіла святых валуноў служыла чалавеку, продкі прыносілі ім разнастайныя ахвяры — ад пацеркаў, калі дзяўчаты прасілі сабе жаніха, да парася, ці нават цяля, калі трэба была дапамога цяжка хвораму. На Полаччыне захаваліся паданні аб камянях-краўцах, на якія дастаткова было пакласці звечара кавалак палатна і сказаць, што трэба пашыць, каб на досвітку забраць дыхтоўна пашытую рэч.

Культ камянёў быў агульны для славян і ранейшага балцкага насельніцтва. Найбольш яскрава гэта выяўляецца ў паданнях пра гэтак званыя Чортавы камяні. Навукоўцы вылучаюць сем асноўных сюжэтаў гэтых паданняў, прычым яны вядомыя толькі ў беларусаў, літоўцаў і латышоў, Іначай кажучы, наш чорт — родны брат латышскага і літоўскага.

Кожны, мабыць, чуў паданні пра цэрквы, якія праваліліся пад зямлю. Гаворка, магчыма, ідзе яшчэ пра паганскія святыні, спаленыя ці зруйнаваныя на загад хрысціянскіх валадароў. Цэрквы часта будавалі на месцы ранейшых бажніц — каб больш надзейна сцерці памяць пра іх. Вельмі верагодна, што і наш Сафійскі сабор вырас на рэштках паганскага капішча: надта ж прыдатная мясціна. Калі будзеце каля Сафійкі, паспрабуйце ўбачыць, як выглядала тут усё за тысячу гадоў да нас. Мо так, як пяецца ў адной валачобнай песні?

А на той гары ды ляжаць брусся, Ды ляжаць брусся цясовыя. А на тым бруссі ды стаяць слупы, Ды стаяць слупы маляваныя. А на тых слупах ды вісяць катлы, Ды вісяць катлы адліваныя. А пад тымі катламі ды гараць агні, Ды гараць агні ясненькія. Ды гараць агні яснеткія, Ды ідуць дымкі сіненькія. Там сядзяць дзядкі сівенькія…

Цяпер самая пара сказаць пра гэтых сівенькіх дзядкоў, бо яны не проста дзядкі, а вешчуны, што непасрэдна гаварылі з багамі і прыносілі ім ахвяры. Летапісы называюць іх «волхвами» і «кудесниками».

Яны ведалі малітвы і любасныя багам песні. Ведалі заклёны ад засухі, ад чорнае немачы і ад сурокаў. Умелі завіваць бараду Жыценю, перакідацца ў ваўкоў і нават рабіць зацьменні сонца і месяца. Сярод іх былі хмараганяльнікі і кобнікі, што прадказвалі падзеі і чалавечы лёс па палёце птушак. Былі варажбіты, якія чыталі будучыню па самых розных прыкметах: па «вухазвоне» або «куракліку», «варонаграі» ці мышыным піску. Кашчуннікі і баясловы складалі і выконвалі сказанні-кашчуны — пра падземнага караля, перамогу над цмокам, пра залатое гаспадарства цара-Сонца… Зялейнікі ведалі лекавыя травы — зёлкі. Чараўнікі займаліся магічнымі дзеяннямі з вадою і зёльнымі адварамі, дзеля чаго карысталіся адмысловаю пасудзінай — чараю, ад якой і атрымалі сваё найменне.

Вешчунамі за іх складанае і загадкавае майстэрства лічылі кавалёў, блізка знаёмых з Жыжалем і з самім Сварогам. Сапраўдным дзівам выглядала тое, як бясформенны кавалак жалеза ў руках у каваля ператвараўся ў сякеру, меч ці ў наканечнік дзіды. Пра гэтых майстроў казалі, што яны могуць закуць у кайданы нячыстую сілу, выкаваць чалавеку лёс. Менавіта каваль адужаў у паданнях Змея Гарыныча і прыкуў яго за язык.

У вялікай пашаноце жылі «хранильники». Яны рабілі і дапамагалі выбраць абярогі, што прыносілі здароўе, багацце і шчасце, бераглі чалавека ад невідочных злых духаў, якія заўсёды чакалі зручнага моманту, каб высмактаць кроў, або ўчыніць іншае ліха. Абярогамі былі зубы дзікіх звяроў, пярсцёнкі, бурштынавыя пацеркі, бранзалеты, падвескі ў выглядзе качачак, сонца і месяца. Жыццё і ўрадлівасць сімвалізавалі падвескі-конікі, якія археолагі часта знаходзяць па ўсёй Беларусі. Рабілі абярогі і на ўзор побытавых рэчаў: грабянцоў лыжак, ключоў, што «замыкалі» чалавека, не даючы падступідца да яго злыдням.

Ад начніц, ваўкалакаў ды ўсіх нячысцікаў чалавечае жытло баранілі магічныя знакі, найперш розныя выявы сонца. Яно свяціла з дзіцячых зыбак, з прасніц, з карцоў, якімі чэрпалі ваду і хмельны мёд. Сонца мела шмат сімвалаў: кола, крыж, кола з кропкаю ці з крыжам. Знак бога Ярылы — шасціканцовы крыж з роўнымі папярэчынамі — сімвалізаваў вечнае жыццё: на зямлі і ў замагільным свеце. Берагла людзей і вышыўка на адзенні, дзе не было нічога выпадковага, усё — ад простага крыжыка да складанага ўзору — мела свой патайны сэнс. Абавязкова вышывалі каўняры, рукавы і падолы, бо якраз праз іх мерыліся падлезці да чалавечага цела нябачныя злыдні-крывасмокі.

Вяшчун звычайна жыў воддаль паселішча, у лясных нетрах, і, каб трапіць да яго, чалавек мусіў нацярпецца страху.

Вось выправілася ўвечары да чараўніка дзяўчына — прываражыць любага. 3 першых крокаў абступіла яе на лесавой сцяжыне тое, аб чым удзень і не думалася. Што там мільганула наперадзе светлым ценем? Ці не Мара выйшла з дзённых сховаў закоўваць сонных людзей страхам? А на гэтым пні трэба пакласці пачостку лесуну, бо іначай закруціць у лесе, зарагоча знянацку жудасным смехам, ад якога замярзае кроў у жылах. I тут, на кладцы праз рачулку, не спі. Плыве паміж дрэў халодны туманец — значыцца, вадзянік недзе паблізу: расклаў на дне сваё сцюдзёнае вогнішча і адганяе зялёнай барадою дым. Раптам абломіць кладку, ашчаперыць учэпістымі рукамі, зірне смяротным паглядам у вочы і пацягне ў вір?

Лес глухі, ногі патанаюць у моху, ірвецца з грудзей сэрца, а рука мацней сціскае касцяны конік-абярог. Ой, цяжка папасці да вешчуна! Усе дрэвы, камяні ды сцежкі вакол яго хаціны загавораныя. Не ўнаравіш яму нечым — возьме з твайго следу зямлі, пакладзе ў торбачку ды высушыць, а разам з той зямлёю і ты высахнеш на трэску.

У вешчуновым прыстанку яшчэ страшней, чым у лесе. Гаспадара не відаць, адно на стале п’е з чарапка малако вялізны вуж. Ці не сам гэта гаспадар і ёсць? Нап’ецца ды перакінецца ў замшэлага дзядка з вострымі вачыма. А вунь на печы дзве пары нейчых вачэй свецяцца. I назад дарога начная чакае: зашуміць апоўначы знячэўку лес, вада ў возеры зробіцца без усякага ветру неспакойная, заплешчаў берагі…

3 сярэдзіны 1990-х гадоў гісторыкі з Полацкага дзяржаўнага універсітэта і цэнтра этнакасмалогіі «Крыўя» праводзяць у Прыдзвінні экспедыцыі, якія засведчылі: на Асвейшчыне, Расоншчыне і нават у блізкіх ваколіцах Полацка яшчэ жывуць людзі, што валодаюць таямнічай энергіяй і незвычайнымі здольнасцямі. Яны з поспехам лечаць хворых аднавяскоўцаў і жывёлу, значна лепей за дыпламаваных спецыялістаў ведаюць зёлкі і лекавыя ўласцівасці вады, дрэў, каменю. Але сучасныя чараўнікі — нашчадкі старажытных вешчуноў — не вечныя. I можна толькі пагадзіцца з удзельнікам згаданых этнаграфічных экспедыцый маладым полацкім гісторыкам Уладзімірам Лобачам, які ў адным са сваіх артыкулаў піша, што будзе сапраўдным дзікунствам, калі мы абвесцім усё гэта цемрашальствам і не паспрабуем спасцігнуць сілу чароўнай крывіцкай крыніцы, што доўгі час жывіла наш народ.

Шмат неверагодна цікавага і, між іншым, карыснага могуць сказаць нам пра веру продкаў, іх глыбокую сувязь з прыродаю старыя звычаі і прыкметы.

Сабраўся, напрыклад, гаспадар ставіць хату. Дрэва на будоўлю ён пойдзе секчы, як месяц будзе ў ветаху. Толькі тады яно трывалае, ссечанае ж на маладзік хутка збуцвее, а нарыхтаванае на зменах месяцавых квадраў — паесць шашаль. Ні ў якім разе нельга браць дрэва, вывернутае бураю, бо яго паваліў нячысцік, каб разам з ім усяліцца ў новую хату. Трапіць у зруб бервяно з рыпучага дрэва — гаспадары будуць частах варэць. Найлепей, лічылі продкі, нарыхтоўваць лес перад Вялікаднем, калі бяжыць вясновы сок і Дажбог з Ярылам робяць драўніну наймацнейшаю.

Выбраўшы месца пад хату, гаспадар збіраў з чатырох палёў чатыры камяні, нёс іх у запазусе ля голага цела і клаў чатырохкутнікам, пазначаючы вуглы. Потым станавіўся пасярод і прасіў парады ў Рода. Засталіся камяні праз тры дні некранутыя — значыцца, выбар удалы.

Кладучы першы вянец зруба, уважліва сачылі, куды паляціць першая трэска: трапіць у сярэдзіну — будзе ў хаце жыццё заможнае. Паміж бёрнаў клалі сабраныя на Купалле зёлкі, а часам і жменю змеленай на новых жорнах мукі — каб злодзей, залезшы ў хату, не мог уцячы, пакуль не вернуцца гаспадары. Існавала і такая прыкмета: колькі разбурыў чалавек у маленстве птушыных гнёздаў столькі разоў мусіць ён на сваім вяку і хату мяняць.

Улазіны прымяркоўвалі да поўні. Напярздадні яшчэ раз правяралі, ці не ўплішчыўся куды нячысцік. Найлепшым рэвізорам быў певень, спеў якога значыў, што злыдняў у хаце няма.

I яшчэ, у адрозненне ад нас, продкі ніколі не будавалі жытла на чалавечых касцях. Адзін мой мінскі знаёмы расказваў як пакутаваў, пераехаўшы ў новую кватэру: не мог заснуць, усхопліваўся сярод ночы, бачыў у снах розныя жахі. Высветлілася, што дом паставілі на былых могілках.

Згаданы толькі што певень ва ўяўленні продкаў сімвалізаваў таксама мужчынскую сексуальную сілу. Дарэчы, зазначу, што ў параўнанні з іншымі славянскімі і неславянскімі народамі — нашымі блізкімі і далёкімі суседзямі — беларусы вельмі эратычныя. Шматлікія пацверджанні гэтаму можна знайсці ў расійскага гісторыка і фалькларыста, славутага збіральніка ўсходнеславянскіх казак Аляксандра Афанасьева, які адкрыў чытачам, што беларускі фальклор літаральна прасякнуты эратычнасцю. Прычыну, відаць, трэба шукаць у тым, што язычніцкае светаўспрыманне ў Беларусі, і асабліва на абшары Полацкай зямлі, цягам стагоддзяў паспяхова і мірна суіснавала з хрысціянствам. (Мы, між іншым, жывём ці не ў адзінай еўрапейскай краіне, дзе дахрысціянскія святы — Радаўніца і Дзяды — узаконеныя дзяржаўным календаром.)

Ну і паколькі зайшла гаворка на тэму, што да нядаўняга часу лічылася «непрыстойнай» (памятаеце сакраментальнае: «У нас сексу няма!»?), скажу колькі слоў пра старажытны культ фаласа, на які ў свой час «перахварэлі» ці не ўсе народы планеты, і нашы продкі не былі тут выключэннем.

На поўначы заселенага некалі палачанамі абшару, там, дзе цяперашні Гарадоцкі раён мяжуе з Расіяй, ляжыць прыгожае лясное возера Сеніца. Не кожны з жыхароў недалёкай вёскі Дорахі адважыцца сказаць незнаёмаму падарожніку, як завецца прыазёрны лес. Рэч у тым, што назва гэтая цалкам нецэнзурная. У лесе з цікавым найменнем і ў возеры людзі здавён знаходзяць мноства зробленых з цёмнашэрага пескавіка фаласаў (яны і далі наваколлю адмысловую назву), найбольшы з якіх дасягаў 80 сантыметраў. Гэта не што іншае, як сімвалы плоднасці і ўрадлівасці, звязаныя з культам Ярылы. Пра «цэлы шэраг беларускіх камянёў фалічнай формы» пісаў у першым выданні сваёй вядомай «Гісторыі рускай царквы» адзін са старэйшых беларускіх акадэмікаў Мікалай Нікольскі. (У пазнейшых выданнях пашчыравалі цнатлівыя цэнзары.)

Этнаграфічны і археалагічны матэрыял не дазваляе з пэўнасцю меркаваць, якіх рытуалаў вымагалі каменныя фаласы. Аднак згадаю, што валун Дзед, які стаў у Мінску на беразе Свіслачы, таксама выконваў фалічныя абавязкі. Нават на пачатку XX стагоддзя ён заставаўся месцам паломніцтва бясплодных жанчын, што сядалі на яго «голым месцам» і, закрыўшыся спадніцаю, прасілі падараваць дзіця. Варта, відаць, дадаць, што і добра знаёмая кожнаму нескладаная камбінацыя з трох пальцаў якую беларусы каларытна называюць дуляй, таксама з’яўляецца водгуллем даўнейшых фалічных рытуалаў. Яе і сёння лічаць эфектыўным сродкам супроць благога вока і злых духаў.

Мноства элементаў дахрысціянскай ахоўнай магіі сканцэнтравана ў беларускім вясельным абрадзе. Седзячы за сталом на вытрыманым у спрадвечных традыцыях вяселлі, госці часам і не здагадваюцца, што сталі дзейнымі асобамі магічных рытуалаў, народжаных у пракаветныя часіны. Хтосьці з дасведчаных людзей перад застоліцай абавязкова пакропіць святой вадой або абкурыць макам усе куты хаты. Адпрэчваючы злых духаў макам або льняным семем могуць абсыпаць хату і знадворку. Добра засцерагае ад нячысцікаў абведзенае касою кола і пастаўленыя навідавоку зубамі ўгору барана, вілы або граблі. Да вострых рэчаў-абярогаў, якія павінны «злавіць» злыя сілы, належыць і грэбень, што дораць маладой. Хтосьці з кабетаў перад вяселлем сачыў, каб шчыліны ў хаце і надворных будынінах былі пазатыканыя чартапалохам ці колкімі галінкамі агрэсту, і клаў маладому і маладой у кішэню па галоўцы часнаку. Ад сурокаў маладым уторквалі ў адзенне колькі іголак і шпілек. Надзейным сродкам лічацца таксама нож або нажніцы, убітыя ў стол, за якім сядзіць вясельная пара. (У Прыдзвінні дагэтуль вераць, што калі кінуць нож у віхор, то можна забіць чорта, які яго круціць.)

На працягу ўсяго вяселля сурова забараняецца згадваць не толькі нячысцікаў але і смерць, назвы хвароб. Каб не нашкодзіць вясельнікам і не наклікаць бяду на будучае жыццё маладой сям’і, нельга гаварыць пра нябожчыкаў і наогул пра любыя няшчасці. Затое надзвычай карысны ўсеагульны смех застоліцы — ці не самы дзейсны сродак ад цёмных сілаў.

На жаль, няшмат хто захоўвае старажытную беларускую этыку паводзінаў у час хаўтураў. Мая бабуля па маці (або, як казалі даўней, па кудзелі) Аўгіння вучыла нас, унукаў, што, калі ўдзельнікі пахавання кіруюцца з могілкаў дадому, першымі абавязкова павінны ісці старыя. Дзяцей нельга было садзіць за жалобны стол. I наогул, паводзіны на памінках маглі шмат у чым вызначыць лёс родных і сяброў нябожчыка.

Як і іншыя народы свету, нашы пра-пра-прадзеды верылі ў ачышчальную моц агню і вады. Чароўную сілу мелі купальскае вогнішча i раса, купанне на світанку пасля купальскае ночы, калі сонца «грала» — разыходзілася на тры і зноў сыходзілася ў адно. Верылі і ў магію лічбаў. 7 азначала чвэртку месяца, колькасць дзён у тыдні-«сядміцы». 4 — чатыры часткі сутак, чатыры пары года, чатыры бакі свету, што мелі сваю колеравую сімволіку. Сіняя або зялёная барва асацыявалася з захадам, белая — з усходам, чырвоная і чорная — з поўднем і поўначчу. 4 — гэта таксама чатыры пары жыцця: маладосць, сталасць, старасць і смерць, якім адпавядалі чырвоны, залаты, белы і чорны колеры. Штодзённай чорнай вопраткі продкі не насілі, бо гэты колер здавён успрымаўся як сімвал вядзьмарства, зла, тугі і смутку. Белы азначаў прыгажосць і духоўную чысціню; апрача таго, ён атаясамляўся з матчыным малаком і сімвалізаваў зямлю-карміцельку. Чырвоны здавён быў сімвалам агню і вечнага жыцця. Аб шанаванні гэтых колераў сведчыць наша народнае адзенне і сімволіка.

Магічны сэнс мелі таксама лічбы 9 і 12 — столькі месяцаў адпаведна жылі ў мацярынскім чэраве чалавечае дзіця і жарабя. Лічбу 7 звязвалі яшчэ з колькасцю зорак у Вялікім Возе (Вялікай Мядзведзіцы).

Прашчуры часта ўглядаліся ў бяздоннае начное неба. Зоркі былі знакамі людскіх душ. Прыйшло на свет дзіця, і запаліў Род ці багіня Жыва новую зорку, што будзе гарэць, пакуль не скончыцца нітка жыцця. Адляціць ад цела душа, і скоціцца з неба срэбная слязіна — знічка.

У гэтым беларускім слове схаванае імя паганскага бога пахавальнага агню Зніча. Ён прымаў нябожчыкава цела, а таксама неабходныя ў замагільным жыцці рэчы і ператвараў іх у попел. Сабраны з вогнішча прах палачане клалі ў гліняныя гаршкі і хавалі ў доўгіх, падобных да абарончых валоў курганах. У адной такой магіле спачывалі парэшткі пятнаццаці-дваццаці крывічоў. Пасля хаўтур заўсёды спраўляліся памінкі — «трызна» або «страва». Продкі разумелі, што найлепей ушанаваць памяць мёртвых можна паўнатою ўласнага жыцця.

Да нябожчыка прыляталі Жля і Карна, багіні тугі і пахавальнага плачу. Сама душа трымалася паблізу: глядзела, ці вельмі смуткуюць, слухала, што кажуць на памінках. Калі мала слёз ды гора, — яна раззлуецца і пачне помсціць, таму галасілі сваякі на ўсю шчырасць. Праводзілі чалавека ў іншы свет урачыста і жалобна, але да смутку развітання дамешвалася і радасць: нябожчык сустрэнецца з продкамі, наперадзе ў яго вечнае жыццё.

Крывічы верылі ў рай, што называўся выраем. Гэта казачна прыгожы, напоўнены птушынымі спевамі зялёны сад з павольнаплыннаю ракой. У адрозненне ад хрысціянскага раю, які трэба заслужыць дабрачынным жыццём, паганскі чакаў кожнага. Пекла не існавала, продкі называлі сябе не рабамі ці слугамі божымі, а божымі родзічамі, Дажбогавымі ўнукамі. Адлёт душы (яе ўяўлялі маленькім двайніком чалавека) у вырай быў такі самы непазбежны, як сама смерць.

Можа, таму людзі ставіліся да скону без вялікага страху. Гэта адлюстравалася ў паэтычным параўнанні смерці з нявестаю. Як пяецца ў старадаўняй народнай песні, крывавая бітва — вясельная бяседа, а непрабудны сон у магіле — салодкая ноч на шлюбным ложы. Паміраючы ад ран, малады ваяр просіць перадаць родным, што пабраўся з другою жонкаю, а сасватаў іх востры меч ды калёная страла.

Разам з тым паміраць ніхто не спяшаўся, і кашчавую стараліся абыходзіць як найдалей. Яна ж нястомна пасылала да людзей сваіх спадарожнід і памочніц — ліхаманак. Дванаццаць страхотных, худых і вечна галодных крылатых сясцёр-ліхаманак жылі ў прыцемных сырых сутарэннях. Халадэча, асабліва зімовая, выганяла іх на зямлю, і яны шукалі прытулку ды спажывы ў цёплых чалавечых хацінах. Гора таму, хто не меў надзейнага абярога, не пакрапіў прынесенай ад вешчуна вадою дзвярныя вершнікі. Непрадбачлівы чалавек трапляў у кіпцюры да бязлітасных ліхадзеек, кожная з якіх мела сваё імя і мучыла хворага на свой капыл: Трасея трэсла, Агнея паліла жарам, Лядзея змушала калаціцца ад холаду, Гняцея гняла і адбірала смак да едзіва, Грудзея ўскоквала на грудзі, прымушаючы чалавека хрыпець і керхаць, Глухея закладвала вушы, Ламея ламала косці і круціла сярэдзіну, Глядзея не давала заснуць, прыводзіла з сабою нячысцікаў што пазбаўлялі чалавека розуму… Самая страшная — найстарэйшая сястра Навея. Калі яна завалодае хворым, усялякая надзея на паратунак знікне, і чалавек хутка ператворыцца ў нябожчыка — наўца.

Канчаткова забірала жыццё агідная багіня смерці Яга, з дзяцінства да дрыжыкаў знаёмая нам з чарадзейных казак. Той, хто хоць здалёк убачыць Ягу, страцідь мову; той, да каго яна дакранецца, непазбежна памрэ. Кашчавая, як і Пярун, вымагала крывавых прынашэнняў. Аўтар выдадзенай у 1855 годзе ў Санкт-Пецярбургу кнігі «Исторические сведения о примечательнейших местах в Белоруссии» Міхаіл Без-Карніловіч сцвярджае, што побач са святыняю ў гонар Перуна на Валовай азярыне ў Полацку стаяла і капйпча Ягі. Гэтыя звесткі пацвярджае наш знакаміты гісторык, этнограф і археолаг XIX стагоддзя Адам Кіркор.

У хаўрусе з Ягою зазвычай дзейнічалі аднавокае Ліха, Кадук, Карачун, а яшчэ той самы казачны Кашчэй, вядомы ўсходнім славянам, мяркуючы па былінах і археалагічных знаходках з яго выяваю, не пазней чым з IX стагоддзя. Тысячу гадоў таму ў хатах над Палатою бабулі баялі ўнукам пра гэтую каларытную асобу амаль такія ж казкі, якія чулі ў дзяцінстве мы з вамі. Можна ўявіць, як бабуля садзіла малога на калені, брала касцяны грабянец-абярог і, чэшачы ўнучку заблытаныя кудзеры, перад казкаю загадвала загадку: «Цар Канстанцін гонідь коні цераз тын».

У тагачаснага Кашчэя было не толькі прозвішча — Бессмяротны, але і забытае цяпер імя па бацьку — Трыпятовіч. Сюжэт жа і герояў мы добра ведаем. Смелы ды зухаваты хлопец вызваляе з палону ў Кашчэя царэўну, аднак, каб перамагчы паганага, трэба знайсці яго смерць. Кашчэй адно прыкідваецца неўміручым: на дне мора ці на выспе сярод хваляў ляжыць скрыня, у скрыні — заяц, у зайцы — качка, у качцы — яйка, а ў яйку — нарэшце Кашчэева смерць. Шукаючы яе, юнак абавязкова патрапіць на гасціны да Бабы Ягі. Жыве тая ў вясёлай лясной мясціне, закіданай людскімі косткамі. Ягіна хаціна абторканая дванаццаццю (відаць, па колькасці бабіных памагатых — ліхаманак) вастраколінамі, і на кожнай — па чэрапе, толькі адна пустая: чакае галаву самога героя. Апісанне сведчыць, што крыважэрная багіня смерці любіла ахвяры са сцятымі галовамі.

У 80-я гады IX стагоддзя кіеўскі князь Уладзімір Краснае Сонейка вырашыў упарадкаваць заблытаную нябесную іерархію і зрабіць веру падданых дзяржаўнай рэлігіяй. Яго воляю на дняпроўскай строме паблізу княжага хорама падняліся шэсць драўляных багоў-куміраў: Пярун, Хорс, Дажбог, Стрыбог, Мокаш і Сімаргл. Пра пяць першых мы ўжо казалі. Сімаргал вартаваў скарбы і ахоўваў святое дрэва жыцця, ад якога паходзяць усе расліны.

Полацк трапіў тады на нейкі час у залежнасць ад Кіева. Верныя дзедаўскім традыцыям, палачане, пэўна ж, не пагадзіліся з рэформаю, ды знешне мусілі падпарадкавацца.

Вярхоўным божышчам замест Рода князь абраў Перуна. У адпаведнасці з рангам ён меў на кіеўскім капішчы срэбную галаву з залатымі вусамі. Бог-грамавержац спрыяў княжай дружыне, яго імем ваяры прысягалі Уладзіміру. Воііна, які паміраў на полі бітвы ад ранаў нябесны ўладар клікаў да сябе: «Хадзі, сыне, хадзі да палка майго Перуновага, да палка вечнага. Прытаміўся ты, і ноша на тваіх плячах цяжкая. Хадзі да палка майго, і ўбачыш там дзядоў і прадзедаў і яны ў радасці і вяселлі цябе ўбачаць. Плакалі яны дагэтуль па табе, а цяпер узрадуюцца, бо жыць ты будзеш вечна…» Ніхто тады не мог і падумаць, што зусім хутка з волі таго самага князя кіеўскіх куміраў назавуць акаяннымі, пасякуць і спаляць, а грознага Перуна скінуць у Дняпро, папярэдне намяўшы яму бакі доўбнямі.

На змену адным багам прыходзілі іншыя, аднак спрадвеку і ва ўсе часы палачане глыбока шанавалі продкаў. Людзей, што перасяліліся ў вырай, незалежна ад веку, калі тое адбылося — у старасці або ў маленстве, — называлі дзядамі. Сустрэчы з імі ладзіліся колькі разоў на год.

Увесну хадзілі на магілы з ежаю і пітвом, каб падзяліцца з дзядамі радасцю сонечнае цеплыні і зямнога абуджэння. Замагільных гасцей звалі па імёнах, запрашаючы папіць-паесці разам з жывымі. Увосень дзядоў чакалі на гасціны дома: адчынялі вокны і дзверы і сядалі за стол з багатай пачосткаю. «Святыя дзяды, ляціце сюды!» — клікаў гаспадар, і ўсе чуйна прыслухоўваліся, каб не прапусціць прыходу невідочных гасцей. Пра іх з’яўленне паведамлялі павеў ветрыку, ціхае рыпенне дзвярэй, восеньская жамярыца, заляцелая ў вакно срэбная павуцінка.

Продкі верылі, што дзядоў можна ўбачыць, але дзеля гэтагат рэба цэлы дзень не есці. Найсмялейшую ў доме дзяўчыну ці жанчыну з завязанымі вачыма саджалі на ўкапаны каля печы слуп. Адтуль яна намагалася «ўгледзець» гасцей і пазнаць іх у сваім уяўленні. Рызыкантка часта палохалася і ў непрытомнасці падала долу. Існаваў і іншы спосаб. Той, хто хацеў пабачыць душы продкаў мог выйсці ў сенцы і зірнуць у хату праз вакенца, прарэзанае над дзвярыма. Ахвочых знаходзілася няшмат, бо лічылася, што такога смельчака дзяды ў той самы год забяруць да сябе.

На стале дзядам ставілі адмысловыя міскі, сподачкі і кубкі. Гаспадары верылі, што невідочныя госці жывяцца параю, што падымаецца ад гарачых страў. Калі тым часам да дому падыходзіў жабрак, дзедаўская пачостка даставалася яму, калі не — яе аддавалі «чыстым» свойскім жывёлінам — каню, карове, сабаку, кату або птушкам. Болей за ласункі дзяды любілі паважную гаворку з успамінамі пра іх. Калі застоліца сканчвалася, старэйшы ў хаце зноў загаворваў да самых дарагіх гасцей:

Есці — пад’елі, Піць — напіліся, Гонар і слава вам! Цяпер скажыце нам, Чаго вам трэба? А лепей — ляціце ў неба!

Потым, у вечаровым сутонні, на магілах запальваліся агеньчыкі. Гэтак ушаноўвалі Зніча і нагадвалі пра неўміручасць душы. Дні сустрэч з продкамі так і зваліся — Дзяды. Беларусы спраўляюць мудрае паганскае свята і сёння.

Нашы далёкія родзічы ведалі тое, што цяпер паспяхова даказвае навука. Духоўная энергія папярэдніх пакаленняў не знікае — яна жывіць род і ўвесь народ, дазваляе яму выстаяць у найцяжэйшыя часіны. Таму мы і чуем гаючае ўзрушэнне каля старадаўніх сабораў і на палях славутых ратных перамогаў. Але дабратворны ўплыў гэтай энергй адчувае не кожны, а толькі той, хто захаваў з продкамі «канал сувязі» — памяць пра іх.

Нядаўна ў Полацку з’явіўся новы арыгінальны помнік. У ім нарэшце ўвасобіўся даўні намер скульптара Алеся Шатэрніка стварыць вобразы заснавальнікаў горада — крывічоў.

Як быццам з чоўна самога Часу глядзяць на нас жанчына з хлопчыкам і суровыя ваяры — іхнія абаронцы. Чалавеку, знаёмаму з полацкай мінуўшчынай, каля гэтай скулыітурнай кампазіцыі адразу ўспамінаюцца імёны князя Рагвалода, княгіні Рагнеды і яе сына Ізяслава, якія стануць героямі наступнага раздзела кнігі.

Памяць пра іх, першых вядомых асобаў нашай пісанай тысячагадовай гісторыі, не сцерлася, не сплыла па Дзвіне ў невараць, і гэта робіць нас сёння мацнейшымі.

Дасягнуўшы паўналецця, юнакі-крывічане здавалі своеасаблівыя іспыты на мужчынскую сталасць. Ім трэба было пераплысці хуткую ды глыбокую раку, зрабіць доўгі пешы пераход праз пушчу, упаляваць тура, мядзведзя або зубра, распаліць у залеву вогнішча, а яшчэ — абавязкова расказаць супляменнікам пра сваіх продкаў да пятага калена. Хто не ведаў іх — не меў права звацца мужчынам. Такому чалавеку не давяралі, яго маглі наогул асудзіць на выгнанне, бо лічылася, што бяспамятны лёгка зробіцца здраднікам.

Ці шмат хто з нас, сённяшніх палачан, нашчадкаў крывічоў распавядзе пра свой род няхай не да пятага, а хоць бы да трэцяга пакалення?

Дык, можа, паспрабуем адрадзіць гэты звычай у нашых сем’ях?

Кім былі вашы дзяды, прадзеды? Якая памяць засталася ад іх?

Беражыце старыя дакументы. Занатуйце ацалелыя імёны, даты, усе звесткі пра свой род. Некалі гэтыя запісы будуць з гонарам працягваць вашы дзеці і ўнукі.

Сёння радавод шмат у каго можа атрымацца вельмі кароткім, але — паверце — усё адно адбудзецца дзіва: дзяды пачнуць дапамагаць вам.

АД РАГВАЛОДА ДА БРАЧЫСЛАВА

Калі вы знайшлі вольны дзень на падарожжа ў полацкую гісторыю, пераадолейце спакусу і пачніце яго не ад велічнай Сафіі, што, кажучы словамі Уладзіміра Караткевіча, «плыве над Дзвіною, нібы карабель». Прыйдзіце спачатку на зялёны бераг Палаты, туды, дзе недалёка ад Чырвонага моста стаіць сціплая стэла з надпісам: «Гарадзішча. Помнік археалогіі IX стагоддзя».

Вось тут, за кіламетр ад галоўнага рачнога шляху — Дзвіны, і вырас першы, яшчэ цалкам драўляны Полацк, упершыню ўспомнены ў «Аповесці мінулых гадоў» у сувязі з дзяльбою гарадоў ноўгарадскім князем Рурыкам. Праз тры гады пасля гэтага, у 865-м, сюды прыйшло кіеўскае войска князёў Аскольда і Дзіра, што, як паведамляе Ніканаўскі летапіс, «ваявалі палачан і шмат зла ўчынілі».

Ва ўсіх народаў дзяржава пачынаецца з горада. Тагачасны Полацк — гэта абнесены драўлянымі сценамі, абведзены валам ды ровам град-дзядзінец, а таксама неўмацаваны вакольны горад — пасад, дзе жылі рамеснікі. Яны сяліліся і каля княжага дзядзінца, і трохі далей, дзе цяпер гарадскі стадыён. Полацк меў тысяч пяць жыхароў — крыху меней за Кіеў і Ноўгарад і болей за любы іншы ўсходнеславянскі горад.

У 907, 911 і 944 гадах полацкія дружыны, даручыўшы лёс Перуну, выпраўляліся адсюль у паходы на далёкі Царгорад-Канстанцінопаль, сталіцу Візантыйскай імперыі. Паганскі бог вайны спрыяў продкам. Полацк мы знаходзім у пераліку гарадоў, якім Царгорад плаціў даніну. Сілу галоўнай крывіцкай цвярдыні ведалі і паўночныя суседзі. У скандынаўскіх сагах ён згадваецца дзесяткі разоў пад назваю Палцеск’я — ад старажытных усходнеславянскіх найменняў Полацеск, Полцеск, Полацьск. Аўтару адной сагі нават прымроіліся вакол горада каменныя сцены.

Кожны з нас сустракаўся з тым, што Полацк называюць «древнерусским городом», адным з цэнтраў старажытнарускай дзяржавы, або Кіеўскай Русі. Але, па-першае, такой назвы — Кіеўская Русь — вы не знойдзеце ні ў адным летапісе. Па-другое, «дзяржава» гэтая была шматковая — нетрывалая, аб’яднаная сілаю зброі, а Полацк трапляў у яе зусім ненадоўга, супроць сваёй волі і заўсёды імкнуўся як найхутчэй вызваліцца. А па-трэцяе, «адзіная старажытнаруская народнасць» (гэтаксама, як і «адзіная старажытнаруская мова»), ад якой нібыта паходзяць тры ўсходнеславянскія народы, — міф, створаны дзеля абгрунтавання адвечных прэтэнзій маскоўскіх князёў і цароў на беларускія ды ўкраінскія землі. Логіка тут вельмі простая: паколькі мы, маўляў з аднаго кораня, значыцца, жыць павінны ў адной дзяржаве — зразумела, у расійскай.

Дзіўная рэч: усе славянскія народы вядуць адлік свайго жыцця з VI-VIII стагоддзяў а беларусы і ўкраінцы, калі верыць афіцыйным расійскім ды савецкім «герадотам», чамусьці выходзяць на гістарычную сцэну толькі стагоддзі ў XIV, быццам раней не мелі анічога адметнага. Аднак і летапісы, і старажытныя нашы храмы, і археалагічныя знаходкі абвяргаюць гэтыя выдумкі, сцвярджаючы, што мы — палачане, беларусы — вядзём сваю (не агульную з некім, а менавіта нашу ўласную, беларускую) пісаную гісторыю з таго самага гарадзішча на беразе Палаты.

Летапісы называюць Полацк сярод гарадоў, дзе сядзелі князі, якія прызнавалі старэйшым кіеўскага Алега. Разам з тым улада далёкага Кіева ніколі не была тут трывалай. Горад нашых продкаў імкнуўся жыць незалежна і будаваць сваю дзяржаву. Добрыя ўмовы гэтаму стварала выгаднае геаграфічнае становішча на шляхах, што звязвалі Арабскі халіфат і Хазарыю са Скандынавіяй і славянскім светам. Аб’яднанню прыдзвінскіх земляў спрыялі агульнасць прыродных умоў (а значыцца, і ладу жыцця) і, вядома, этнічныя асаблівасці тутэйшых жыхароў, у чыіх жылах змяшалася балцкая і славянская кроў.

Каб усталяваць у новых землях сваю ўладу, славяне павінны былі стварыць больш высокую сацыяльную арганізацыю — дзяржаву. Ад самага пачатку сваёй гісторыі Полацкае княства было не племянным, а тэрытарыяльным дзяржаўным утварэннем, дзе побач з крывічамі жылі дрыгавічы, а таксама рэшткі даўнейшага балцкага і, магчыма, фіна-угорскага насельніцтва. М. Ермаловіч слушна называе палачан «першай па часе мадэллю беларусаў».

У другой палове X стагоддзя ў Полацку кіраваў незалежны ні ад Кіева, ні ад Ноўгарада князь Рагвалод. (Магчыма, ён быў сынам полацкай княгіні Прадславы, згаданай у дамове, якую ў 945 годзе падпісалі Візантыя і кіеўскі князь Ігар.) Іначай кажучы, якраз у тыя часы і пачала існаванне першая беларуская дзяржава — Полацкае княства.

На хаўрус з ёю мог разлічваць той, хто возьме за жонку Рагвалодаву дачку Рагнеду. Магла віраваць над Палатою вясельная бяседа з хмельным мёдам і заморскім віном, з песнямі гусляроў і прысягамі на вечную ўзаемную вернасць. Гісторыя ж вырашыла па свойму: не рамейскае віно лілося на Рагнедзіным вяселлі, а кроў…

Спачатку Полацк прымаў сватоў ад кіеўскага князя Яраполка. Рагвалоду найвыгадней было, каб Кіеў ды Ноўгарад варагавалі, а крывіцкая дзяржава тым часам пашырала межы ды выходзіла на волакі, што злучалі Дзвіну з Дняпром і Ловаццю, дазваляючы трымаць у руках важную частку гандлёвага шляху «з варагаў у грэкі». Але ў такім разе Полацк апынаўся паміж двух агнёў. Князь мусіў выбіраць і аддаў сваю прыхільнасць мацнейшаму, на яго думку, Кіеву. Па бацькавай волі дванаццацігадовая Рагнеда (у такім вяку дзяўчынка ўжо лічылася тады нявестаю) дала Яраполкавым сватам згоду і ўзялася рыхтавацца да замужжа. I тут неспадзеўкі заявіліся сваты з Ноўгарада, ад Уладзіміра Святаславіча. Другі Рагнедзін жаніх пакіне ў полацкай гісторыі глыбокі і страшны след, а таму пра яго асобу варта сказаць падрабязней.

Уладзімір даводзіўся ўнукам князю Ігару, з якім крывічы два разы хадзілі на Візантыю. Разам з вайсковым талентам лёс надзяліў Ігара страшэннаю сквапнасцю, якая яго ўрэшце і загубіла. Аднойчы ён пайшоў другі раз за год збіраць з племені драўлянаў даніну, выклікаў гэтым паўстанне і быў забіты.

Княгіня Вольга помсціла за мужаву смерць з нечалавечай вынаходлівасцю. Калі паслы ад драўлянаў прыехалі да яе з прапановаю ісці замуж за свайго князя Мала, яна загадала жыўцом закапаць іх у яме з гарачым вуголлем. Пасольства драўлянскіх баяраў адправіла мыцца ў лазню, дзе іх усіх спалілі. Пайшлі дымам драўлянскія гарады, ляцелі галовы знаных мужоў. Пяць тысяч мужчын забілі кіеўскія дружыннікі на трызне па Ігары. Злітавалася Вольга адно з дачкі ды сына драўлянскага князя — з малых Дабрыні ды Малушы. Дзяўчынку княгіня зрабіла сваёй рабыняй-ключніцай, тая спадабалася Вользінаму сыну Святаславу і нарадзіла яму Уладзіміра, які і захоча пазней парадніцца з Полацкам.

Уладзіміраў бацька ў жорсткасці не саступаў бабулі. Перамогшы ў адным з паходаў балгар, Святаслаў загадаў укрыжаваць або пасадзіць на палі (тонкія завостраныя бярвёны) дваццаць тысяч палонных. Далейшыя падзеі паказалі, што ў такіх справах Рагнедзін жаніх быў годным наступнікам сваіх продкаў.

Вернемся да прыезду ноўгарадскіх сватоў. Вось што апавядае Лаўрэнцьеўскі летапіс: «Калі Рагвалод трымаў уладу і княжыў у Полацку, Уладзімір быў яшчэ паганінам і жыў у Ноўгарадзе. I меў ён дзядзьку Дабрыню, храбрага ваяводу… I паслаў той да Рагвалода людзей, і прасіў яго аддаць дачку за Уладзіміра. Запытаўся ў дачкі Рагвалод: «Ці хочаш за Уладзіміра?» Яна ж адказала: «Не хачу разуці рабыніча, а Яраполка хачу».

«Не хачу разуці» — тагачасная форма адмаўлення сватам. Існаваў звычай, што маладая жонка перад першай шлюбнаю ноччу здымала з мужавых ног абутак. Аднак тут не проста адмова, але і знявага, бо полацкая князёўна гучна абвясціла: жаніх — сын рабыні, а такі бязродны ёй не трэба.

Далей летапісы кажуць пра гнеў Уладзіміра і яго дзядзькі, што набралі з ноўгарадцаў, пскавічоў, чудзі, весі і меры, а таксама са смаленскіх ды ізборскіх крывічоў вялізнае войска і рушылі на Полацк, дзе ўжо збіраліся выпраўляць Рагнеду ў Кіеў. 3 Уладзімірам ішла дружына варагаў. Князь паабяцаў ім усіх жанчын і грыўню срэбра з кожнага захопленага двара.

Трэба зазначыць, што летапісцы часта па свойму падавалі гістарычныя падзеі — рабілі іх больш рамантычнымі, набліжаючы свой аповед да літаратурнага твора. Напраўду галоўная прычына нападу на Полацк — не адмова сватам, а паход палачанаў на ноўгарадскія воласці з мэтаю забраць волакі.

Недзе на падыходзе да горада варожую раць сустрэла Рагвалодава дружына. Уладзімір напаў раптоўна, і полацкі валадар не паспеў сабраць усе свае сілы. Нашы продкі былі разбітыя, князь вярнуўся ў Полацк, ды не здолеў ні ўратаваццаі сам, ні выратаваць сям’ю. «I паланілі Рагвалода, — піша летапісец, — і жонку яго, і дачку. I зневажаў Дабрыня яго, і прыгадаў Рагнедзе, як назвала князя рабынічам, і загадаў Уладзіміру быць з ёю перад бацькам і мацерай. Пасля ж Уладзімір забіў бацьку яе, а самую ўзяў за жонку. I назвалі Рагнеду Гарыславаю». Іншыя летапісы дадаюць, што на вачах у князёўны правадыр чужынцаў пазбавіў жыцця двух яе братоў і маці, вынішчыў увесь род.

Усё жыццё не магла Рагнеда забыць тое «вяселле»: папялішча на месцы крывіцкае сталіцы, целы бязлітасна выразаных мужчын і плач паланянак, якіх чакалі нявольніцкія рынкі. Можа, якраз у тыя чорныя дні нехта з багатых палачанаў ці давераны чалавек самога князя Рагвалода закапаў у зямлю скарб, што ў 1972 годзе знойдуць на свежаўзараным полі хлапчукі з полацкай вёскі Каз’янкі, — 7650 срэбных арабскіх манет (куфіцкіх дырхемаў) агульнай вагою дваццаць кілаграмаў. Напэўна, з тых далёкіх часоў Беларусь, а на беларускай зямлі — Полаччына, і пачала па колькасці знойдзеных скарбаў трымаць ці не першае месца ў Еўропе. Самалюбства наша праз гэтае лідэрства, вядома, цешыцца, аднак прычына ў яго сумная: хаваць набытак змушалі бясконцыя войны, што тры наступныя стагоддзі вогненнымі віхурамі праносіліся па Полацкай зямлі праз кожныя шэсць-сем гадоў.

Вядомыя яшчэ некалькі полацкіх скарбаў X-XI стагоддзяў. Адзін, які складаўся з куфіцкіх дырхемаў, заходнееўрапейскіх дэнарыяў, зліткаў і рэзанага срэбра, быў адкрыты ў 1910 годзе на Верхнім замку. Другі — 50 срэбных манет, бітых у часы Рагвалода ўладарамі Саманідскай дынастыі ў Самаркандзе і іншых сярэднеазіяцкіх гарадах, — знайшлі ў 1888-м у прыгарадным маёнтку Струня, што належаў памешчыку Філіпчанку. Скарб адправілі на даследаванне ў імператарскую Археалагічную камісію, якая выбрала 10 манет для калекцыі Эрмітажа.

У горадзе і ў радыусе 25 кіламетраў вакол яго ўжо знойдзеныя каля 30 старажытных скарбаў і можна адно здагадвацца, колькі яшчэ тоіцца ў зямлі. Палачанка Марыя Краснова ў 1984 годзе падняла проста з-пад ног камяк зямлі, а ў ім аказаліся пяць залатых бранзалетаў і кавалак залатой грыўні.

Мужчынская лінія полацкіх князёў была высечаная Уладзімірам пад корань. Рагвалод прайграў, але назаўсёды застанецца ў кнізе нашага мінулага не толькі як першы полацкі князь, імя якога вядома з летапісаў. Можна спрачацца, прыйшоў полацкі валадар з-за мора, як сцвярджаюць летапісцы, або быў крывічом. Можна спрачацца, славянскія ці скандынаўскія імёны мелі князь і яго дачка. Важней тое, што, гаворачы словамі гісторыка Міколы Ермаловіча, Рагвалод «першы ўбачыў і па сапраўднаму ацаніў вялікія магчымасці Полацкай зямлі, як асобнай дзяржавы са сваімі мэтамі і інтарэсамі, супрацьлеглымі мэтам і інтарэсам самога Кіева».

Драма на берагах Палаты адбылася каля 980 года, а праз колькі месяцаў Уладзімір Святаславіч ужо забіў Яраполка і зрабіўся князем кіеўскім. Знаную палачанку ён пасяліў водбліз сталіцы ў вёсачцы, якую пазней назавуць нібыта па імені Рагнедзінай дачкі Прадславіна.

Князь быў паганінам, а гэтая рэлігія дазваляла мнагажонства. Апрача полацкай князёўны, ён меў яшчэ сем ці шэсць жонак і трымаў восемсот наложніц. За неспатольную пажадлівасць Уладзімір заслужыў імя другога Саламона «в женолюбии»: біблійны герой, як вядома, выславіўся і розумам, і нястомнасцю ў плоцкіх уцехах.

Рагнеда нарадзіла сына Ізяслава. Князь бываў у Кіеве наездамі, у Прадславіна заяўляўся зусім рэдка. Бавячыся з малым, Рагвалодаўна бясконца вярталася думкамі на паняволеную радзіму.

Уладзімір, безумоўна, мае заслугі перад Руссю, аднак для палачан ён назаўсёды застанецца захопнікам і забойцам. Як жа павінна была ставіцца да яго Рагнеда, якую ён ударамі скрываўленага мяча пакінуў адну-аднюткую на свеце, а потым зневажаў як жонку, месяцамі не наведваючы яе і дзяцей? У княгінінай душы спялілася прага помсты.

Дадзім слова летапісцу: «Аднаго разу, калі Уладзімір прыйшоў да яе і заснуў, яна наважалася зарэзаць яго. I надарылася яму ў тую хвілю прачнуцца, і схапіў ён яе за руку I сказала яна з жалем: «Ты бацьку майго забіў і зямлю яго паланіў дзеля мяне, а цяпер не любіш мяне з гэтым дзіцем». I загадаў ёй князь прыбрацца па-царску, як перад шлюбам, і сесці ў хораме на белым ложы, а ён прыйдзе і заб’е яе. Яна па словах мужавых і зрабіла. I дала ў рукі сыну свайму Ізяславу аголены меч і навучыла: «Як зойдзе твой бацька, скажы яму: не думай, што ты адзін тут». I ўчыніў так Ізяслаў. Уладзімір жа прамовіў: «А хто ведаў што ты тут». I апусціў ён меч і, склікаўшы баяр, расказаў ім усё. Яны ж парадзілі: «Не забівай яе дзеля гэтага дзіцяці, а аднаві яе бацькаўшчыну і дай ёй з сынам сваім». I пабудаваў Уладзімір горад, аддаў яго ім і назваў горад гэты Ізяслаўлем. I з таго часу ўзнімаюць меч Рагвалодавы ўнукі супраць унукаў Яраслававых».

Рагвалодаў унук Ізяслаў меў тады ад нараджэння гадоў сем, Рагнедзе было трохі болей за дваццаць. Яраслававы ўнукі (нашчадкі князя Яраслава Мудрага) падымаць меч на полацкіх сваякоў яшчэ не маглі, бо не нарадзіліся. Праўда, ад гэтага двум парасткам спляжанага роду было не лягчэй. Рагнеду з сынам чакала невядомае, небяспечнае ад мужавай няміласці жыццё на крывіцка-дрыгавіцкім памежжы, дзе стаяла сярод лясоў маленькае драўлянае Заслаўе — летапісны Ізяслаўль.

Уладзімір неўзабаве абвянчаўся з грэцкаю прынцэсаю Ганнай, пасек над Дняпром паганскія стоды і ўзяўся прыводзідь да веры ў Хрыста падуладныя землі. (Між іншым, гісторык Сяргей Гаранін надрукаваў у часопісе «Беларуская мінуўшчына» артыкул «Пілігрымы», дзе сцвярджае, што накіраваную ў час выбару веры адмысловую місію з Кіева ў Волжскую Булгарыю, Рым і Канстанцінопаль Уладзімір Краснае Сонейка даручыў узначаліць палачаніну Іаану. Такім чынам, магло стацца, што меркаванне адукаванага полацкага мужа, які служыў у кіеўскага князя прыдворным лекарам і рытарам, адыграла вельмі істотную ролю ў вызначэнні гістарычнага лёсу падуладных Кіеву земляў).

Перад вянчаннем князь зазнаў багата клопату, бо, зрабіўшыся хрысціянінам, мусіў неяк пазбыцца ранейшых законных жонак, не кажучы ўжо пра сотні наложніц. Дзякуючы новай веры насельніцы велікакняжацкіх гарэмаў павярталіся дахаты, а жонак аддалі замуж за знатнейшых дружыннікаў. 3 Рагнедаю было болыьш складана, бо яна, у адрозненне ад іншых, паходзіла з княжацкага роду. Летапісы паведамляюць, быццам Уладзімір прапанаваў ёй выйсці за аднаго са сваіх баяраў, ды ганарлівая княгіня вырашыла лепей прысвяціць сябе Хрысту і стала першаю на ўсходнеславянскіх землях манашкаю, прыняўшы імя Анастасія. Магло быць і іначай, як рабілася ў такіх выпадках у Візантыі: Рагнеду пастрыглі ў манастыр, не пытаючы яе згоды, а малога Ізяслава павезлі з Заслаўя ў Полацк.

Лёс адмераў чарніцы Анастасіі яшчэ дванаццаць гадоў жыцця. Яны прамінуць у келлі бясконцаю чарадою аднолькавых дзён — без дзяцей, без улюбёнага сына-заступніка, у растанні з роднай зямлёй. Недзе там, у Заслаўі, яе і пахавалі. Будзеце ехаць праз старажытны Ізяслаўль-Заслаўе (чыгуначная станцыя там называецца Беларусь), паглядзіце ў вакно, успомніце, што тут знайшла апошні спачын выратавальніца полацкай княжацкай дынастыі. Праз гарадок плывуць у Свіслач дзве рачулкі з адметнымі гістарычнымі імёнамі — Княгінька і Чарніца. На пачатку мінулага стагоддзя заслаўцы яшчэ называлі ўзвышша па-над Чарніцаю Чорнай гарою і апавядалі, што на ёй і жыла Рагнеда.

Ізяслаў перажыў маці адно на колькі месяцаў. Такое супадзенне дае падставы лічыць, што Уладзімір мог атруціць іх, каб не дазволіць Полацку ўзмацніцца, а старэйшаму сыну — прэтэндаваць калі небудзь на кіеўскі княжы пасад.

Некаторыя гісторыкі наогул ставяць пад сумнеў тое, што Уладзімір даводзіўся Ізяславу бацькам і лічаць, што крывавае вяселле ў Полацку адбывалася, калі Рагнеда пасля прыезду Яраполка са сватамі ўжо чакала ад кіеўскага князя дзіця. Даволі сумнеўнымі выглядаюць і летапісныя звесткі аб тым, што дзецьмі Рагнеды былі Яраслаў (Мудры), Мсціслаў (які пазней стаў князем чарнігаўскім), Усевалад і Прадслава з Праміславай. Калі былі, дык чаму тады ў Заслаўе непакорлівую палачанку выслалі з адным толькі Ізяславам?..

Захаванае летапісцамі паэтычнае паданне пра добраахвотны пострыг Рагнеды ў манашкі, каб унявесціцца Хрысту, кажа, што пры гэтым прысутнічаў яе сын Яраслаў. Ён ад нараджэння не валодаў нагамі, але, горача ўхваліўшы матчын выбар, нібыта адразу ж падняўся і пайшоў. Паданне часткова пацвердзілася пры вывучэнні парэшткаў Яраслава Мудрага ў сярэдзіне XX стагоддзя. Высветлілася, што пасля перанесенай у дзяцінстве хваробы ён сапраўды кульгаў. Але з летапісаў вынікае, што Уладзімір выправіў Рагнеду ў Заслаўе яшчэ да свайго хрышчэння. (М. Карамзін, які карыстаўся ў напісанні «Истории государства Российского» летапіснымі тэкстамі, што загінулі пазней у Маскоўскім пажары 1812 года, драматычную сутычку Уладзіміра з Рагнедай і заснаванне Заслаўя аднёс да 985 года.) Прычым з княгіняю быў Ізяслаў, а не Яраслаў, што атрымаў пасля бацькавага хросту Растоўскае княства.

Колькасць дзяцей, якія летапісы прыпісваюць Рагнедзе, дрэнна стасуецца і з яе становішчам нялюбай жонкі, і з самой працягласцю замужжа. Супярэчнасці паміж рознымі спісамі Уладзіміравых сыноў наводзяць на думку пра неаднаразовае рэдагаванне гэтых тэкстаў.

Даследчык гісторыі старажытнага Заслаўя Юры Заяц мяркуе, што змены ў летапіс маглі быць унесеныя за часамі Уладзіміра Манамаха або яго сына Мсціслава, якія захапілі вярхоўную ўладу ў абход законных прэтэндэнтаў. Прылічваючы свайго продка Яраслава Мудрага да сыноў Рагнеды, Манамах і яго сын імкнуліся абгрунтаваць «законнасць» уласных прэтэнзій на Полацкае княства.

Доля Рагнеды ў розныя часы натхняла пісьменнікаў, кампазітараў, мастакоў. Паэтычныя творы прысвяцілі ёй Тарас Шаўчэнка і Янка Купала (няскончаная паэма «Гарыслава»). У сваёй гістарычнай драме «Рагнеда» Кандрацій Рылееў пісаў, што полацкая князёўна запальвала ў сэрцах «любовь к стране родной и к угнетателям презренье».

Ідэйна блізкая да Купалавай «Гарыславы» вершаваная драма «Рагнеда», напісаная ў 1923-м пісьменнікам і гісторыкам Пётрам Крэчэўскім. Праз пяць гадоў у БССР п’есу «Рагнеда» стварыў Міхась Зарэцкі, але яна так і не была надрукаваная, а пасля арышту аўтара рукапіс знік.

У наш час аб трагічным і шмат у чым загадкавым шляху Рагвалодавай дачкі расказаў у аповесці «Тры жыцці Рагнеды» Кастусь Тарасаў. Свае драматычныя і паэтычныя творы прысвяцілі полацкай князёўне Іван Чыгрынаў, Алесь Петрашкевіч, Таіса Бондар…

У Рускім музеі Санкт-Пецярбурга вы маглі бачыць створанае ў 1770 годзе палатно расійскага мастака Антона Ласенкі «Уладзімір перад Рагнедай».

На пачатку XX стагоддзя ў Расіі быў зняты мастацкі фільм «Рагнеда». 3 газет, якія пераказвалі яго кароткі змест, чытач даведваўся, што «ў першую ж ноч, калі Уладзімір і пераможцы балявалі ў княскім хораме, Рагнеда прабралася да палонных і вызваліла свайго каханага — варажскага віцязя Інгульфа, пакляўшыся яму жорстка адпомсціць забойцу свайго бацькі…»

Праз сем гадоў Інгульф пасля доўгіх блуканняў па свеце вяртаецца да Рагнеды і па дарозе ратуе Уладзіміра, які на паляванні трапіў у смяротныя абдымкі мядзведзя. Не пазнаўшы ворага, князь бярэ яго ў сваю дружыну, Рагнеда ж пад уплывам сустрэчы з каханым вырашае ў тую самую ноч выканаць старую клятву. Аднак замах не ўдаецца, і Рагнеда, просячы ў мужа літасці, вінаваціць Інгульфа. Той спрабуе ратавацца ўцёкамі, але, паранены стралой, гіне ў Дняпры.

Як бачым, сюжэт цяжка назваць блізкім да рэальных падзей X стагоддзя. Пры жаданні можна абвінаваціць аўтараў і ў імкненні да «дэгераізацыі» полацкай князёўны. Тым не меней фільм быў створаны, а пра новы, сучасны, нам застаецца толькі марыць. Як і пра помнік захавальніцы дынастыі Рагвалодавічаў на адной з вуліц яе роднага горада. Як і пра з’яўленне імя Рагнеды ў полацкай гарадской тапаніміцы.

Мы памятаем, што, сеўшы ў Кіеве, Уладзімір выбраў з мноства паганскіх багоў шэсць галоўных. Але вось стод Перуна, як звычайнае бервяно, паплыў да дняпроўскіх парогаў а раку Уладзімір Краснае Сонейка зрабіў велізарнаю купеллю. Сагнаным на бераг кіянам князь кінуў пагрозлівае: «Хто не са мною, той супраць мяне».

Баючыся суровай кары за непаслушэнства, паганцы заходзілі па шыю ў ваду і вярталіся ўжо хрысціянамі. Ноўгарадцаў, як сведчаць летапісы, кіеўскія ваяводы Дабрыня і Пуцята хрысцілі «агнём і мячом». Прыход новае веры ў беларускі Тураў таксама стаўся падзеяю драматычнай: нездарма там дагэтуль жыве паданне пра каменныя крыжы, што прыплылі з Кіева і афарбавалі Прыпяць крывёю.

А як прыняла Хрыстовую веру Полацкая зямля? Афіцыйныя гісторыкі ніякага пэўнага адказу не давалі — маўляў гэта частка Кіеўскай Русі, таму ўсё было тут, як у сталіцы ці, у горшым разе, як у Ноўгарадзе. Аднак звестак пра тое, як хрысцілася наша княства, мы не знойдзем ні ў адным з вядомых сёння летапісаў. Няхай Полацкі летапіс не захаваўся, але, калі б кіеўскія дружыннікі ўчынілі на берагах Дзвіны крывавы гвалт, гэта абавязкова адзначылі б іншыя летапісцы.

Ва Уладзіміра Святаславіча ўжо не было дастатковай сілы, каб хрысціць палачанаў прымусова. Княства няўхільна адраджала сваю самастойнасць. Яго валадары — нашчадкі Рагнеды, не мелі патрэбы сцвярджаць сваю ўладу пераводам у хрысціянства адразу ўсіх жыхароў, як зрабіў у Ноўгарадзе князь Уладзімір.

Язычніцкая вера несла ў сабе шмат светлага, такога, ад чаго чалавеку нялёгка адмовіцца. Полацкія князі, разумеючы гэта, тым не менш, не хацелі бачыць сваю зямлю паганскаю выспаю сярод хрысціянскай Еўропы. Яны цвяроза ацэньвалі перавагі, якія давала дзяржаве і яе народу новая вера. Таму Полацк прыняў яе і спрыяў мірнаму пашырэнню Хрыстовага вучэння на ўсім крывіцкім абшары.

Ужо ў 992 годзе была ўтвораная Полацкая епархія. Сёй-той з нашых продкаў мог надзець крыж яшчэ ў час паходаў на хрысціянскую Візантыю. Некаторыя гісторыкі мяркуюць, што хрысціянінам быў князь Рагвалод.

Магчыма, у Полацку ўзнік і першы ва ўсходніх славянаў манастыр. Дапусціць гэта дазваляе скандынаўская «Сага пра хрышчэнне», дзе апавядаецца пра падзеі X стагоддзя. Герой сагі, прылічаны пасля смерці да святых Торвальд Вандроўнік, хрысціўі Іландыю, адкуль выправіўся ў Ерусалім. Заслужыўшы вялікую пашану ў канстанцінопальскага патрыярха, паломнік вяртаўся на радзіму праз усходнеславянскія землі. У «Русіі» ён сканаў і быў пахаваны «ў высокай гары каля царквы святога Іаана, непадалёку Полацка».

Еэтая сага — першая па часе крыніца, дзе згадваюцца хрысціяне на полацкіх землях.

Узнікненне полацкага манастыра Іаана Хрысціцеля (Прадцечы) на Востраве, пра які ёсць шматлікія сведчанні, гісторыкі адносяць да XII стагоддзя. Але рэшткі самога манастыра дагэтуль не знойдзеныя, і казаць пра больш дакладны час яго заснавання можна будзе толькі пасля археалагічных даследаванняў. Пакуль што яны вызначылі толькі месца пошукаў.

Што да «высокай гары», дык яна існуе на левым беразе Дзвіны, насупроць Сафійскага сабора, і сёння.

«Аповесць мінулых гадоў», кажучы пра падзеі ў Полацку, пад 1007 годам змяшчае запіс: «Перанесены святыя ў святую Багародзіду».

Першыя кіеўскія (а потым агульнарускія) святыя Барыс і Глеб кананізаваныя, як лічаць сучасныя вучоныя, пасля 1020 года, а перанесеныя ў царкву ў 1072 годзе, пра што ёсць запіс у «Аповесці мінулых гадоў».

Іншых святых ні ў Кіеве, ні ў Ноўгарадзе тады не было і не магло з’явіцца, бо царква Кіеўскай Русі знаходзілася ў поўнай залежнасці ад Канстанцінопаля, дзе зацвярджалі любую кананізацыю.

Беларускі гісторык Сяргей Тарасаў мяркуе, што гаворка ў летапісе ідзе пра першых полацкіх і беларускіх святых, якімі маглі быць манашка РагнедаАнастасія, пабожны князь Ізяслаў і княжыч Усяслаў Ізяславіч, які памёр у дзіцячыя гады. Магчыма, да іх быў далучаны і святы Торвальд. Канстанцінопальскі патрыярх мог дазволіць кананізацыю мясцовых святых праз сваю зацікаўленасць у хрысціянізацыі Полацкай зямлі паводле ўсходняга абраду. Княстваж, безумоўна, хацела мець сваіх святых дзеля ўмацавання незалежнасці.

Дарэчы, у Полацку ўжо напэўна існаваў і храм Багародзіцы, бо, як мы пазней даведаемся, у часы Еўфрасінні цэркваў у гонар Божай Маці было ў горадзе дзве — старая і новая.

Першы вядомы нам сёння полацкі епіскап Нікіфар быў грэкам. У 1092 годзе з дазволу канстанцінопальскага патрыярха ён стаў мітрапалітам кіеўскім. Значыцца, заняць епіскапскую катэдру ён мог толькі з багаславення таго самага царкоўнага іерарха. Іначай кажучы, Нікіфар прыехаў у Полацк проста з Візантыі.

Усё сказанае вышэй, як і трывалыя сувязі Полацкага княства з Канстанцінопалем, што выяўляліся і ў дынастычных шлюбах, і ў магутным уплыве візантыйскае культуры, пераконваюць: новая вера прыйшла сюды непасрэдна з Візантыі.

Нягледзячы на тое, што царква абвяшчала вялікім грэхам не толькі размову пра паганства, але і думкі пра яго, хрысціянства на нашай зямлі яшчэ вельмі доўга мірна суіснавала са старым светаўспрыманнем.

Паганцамі ў душы заставаліся і простыя людзі, і некаторыя з вялікіх полацкіх князёў.

Як сведчаць дакументы, у XV-XVI стагоддзях на абшары былой Полацкай дзяржавы ў сялянскім асяроддзі яшчэ нярэдка сустракаліся дахрысціянскія імёны: Жыла, Ждан, Некраш, Размыслаў, Хвалей, Зорна, Нядзелька, Дабрыяна, Міласлава…

Нават у XVII стагоддзі праваслаўныя багасловы з абурэннем пісалі: «Шануюць старых бажкоў Леля і Палеля і агідныя Богу іхнія імёны крычаць на ігрышчах. Славяць на вяселлях і матку іх Ладу, і гэтага хрысціянам сцерагчыся трэба, каб унікнуць кары Божай. I нячысціка Купалу славяць, асабліва перад нараджэннем Іаана Хрысціцеля. Хлопцы і дзяўчаты звіваюць сабе вянкі з некаторых траў і ўскладаюць іх на галовы і па вадзе пускаюць, забыўшыся пра імя Госпада нашага. I агонь раскладаюць на тым д’яблавым ігрышчы, і скачуць праз яго, і карагоды вакол яго водзяць, і шмат чаго іншага на тых ігрышчах учыняюць, пра што і пісаць непрыстойна. I на свята Нараджэння Хрыстовага славяць нячысціка Каляду, і ўсё гэта спакусы д’яблавы. Ёсць і такія, што твары свае і ўсю гожасць чалавечую, на падабенства Божае створаную, хаваюць пад маскамі, на д’яблаў узор зробленымі, і тым як быццам Бога нашага дакараюць, пагарджаючы стварэннем рук ягоных». Гэтыя словы маюць непасрэднае дачыненне да Полаччыны, дзе карані паганскае веры былі асабліва глыбокія.

Сучасны даследчык беларускага паганства Уладзімір Лобач слушна параўноўвае працэс сцверджання новай веры на нашых землях з ірландскім варыянтам хрысціянізацыі, калі хрысціянскія святары, каб мець поспех, мусілі мірна кантактаваць з вешчунамі-друідамі, шмат чаго пераймаючы ад іх.

Негвалтоўны, паступовы прыход хрысціянства на старажытнабеларускія землі меў важныя наступствы. 3 часоў першай дзяржавы ў нас усталёўвалася паважнае стаўленне да іншадумцаў і іншаверцаў. Мы не ведалі царкоўных расколаў, як у Масковіі, і рэлігійных войнаў як на Захадзе. Язычніцкія традыцыі, звычаі, абрады былі прыстасаваныя да хрысціянства і сталіся неад’емнай часткаю беларускай культуры. Усё гэта таксама фармавала наш адметны нацыянальны характар.

Уладзімір Краснае Сонейка пасля хрышчэння пражыў яшчэ амаль трыццаць гадоў. У запавеце ён павучаў дзяцей: «Не давайце моцным губіць чалавека. Ні правага, ні вінаватага не забівайце і не загадвайце забіць яго. Калі і будзе варты смерці, усё адно не губіце ніякай хрысціянскай душы». Ці ўспамінаў князь пры гэтым жаніцьбу з Рагнедаю? Як успомніў дык хочацца верыць, што шчыра раскаяўся. А што да настаўлення не ліць крыві — не той быў час, каб нашчадкі да яго прыслухоўваліся.

Ці не найлепшым выканаўцам Уладзіміравага запавету мог бы стаць — каб дажыў да яго — князь Ізяслаў. «Бысть же сий князь, — паведамляе пра яго Ніканаўскі летапіс, — тих и кроток, и смирен, и милостив, и любя зело, и почитая священнический чин иноческий, и прилежаще прочитанию божественных писаний, и отвращаяся от суетных глумлений, и слезен, и умилен, долготерпив». Ёсць у гэтым партрэце відавочная ідэалізацыя, але ёсць і звесткі, вартыя даверу.

Ізяслаў — першы з усходнеславянскіх князёў, каго летапісы называюць кніжнікам. Менавіта ён увёў у Полацку пісьменства і навучанне грамаце. Пячатка з яго імем, якою змацоўваліся княжыя граматы, лічыцца адным з найдаўнейшых помнікаў беларускага пісьменства.

Рагнедзін сын застанецца ў гісторыі як першы беларускі асветнік і як князь, што аднавіў у старажытнай крывіцкай сталіцы полацкую дынастыю. Пачынаючы з яго, усе нашчадкі Рагвалода нязменна называлі сябе Рагвалодавічамі, а не Рурыкавічамі, як астатнія «рускія» князі.

Горад на той час ужо падняўся з папялішча. На высокім беразе Дзвіны, там, дзе яна прымае ў сябе Палату, стаяў рублены з бярвення новы дзядзінец, вакол якога рос пасад. Шырокую дзвінскую роўнядзь усё часцей упрыгожвалі ветразі купецкіх стругаў.

Князь Ізяслаў пакінуў Полацк і гэты свет неўзабаве па смерці маці. Цяжка сказаць, ці княжыў яго сканалы ў малалецтве старэйшы сын Усяслаў. Даты ствараюць загадкавы ланцужок: 1000 год — памірае Рагнеда, 1001 — Ізяслаў, 1003 — Усяслаў Ізяславіч. Сын і ўнук развітваюцца з жыццём значна раней за бацьку і дзеда, што дажыве да 1015 года. Відаць, доўгія рукі меў Уладзімір Краснае Сонейка, вялікі быў яго страх перад адраджэннем Полацка.

Пасля таямнічай бацькавай смерці полацкі пасад заняў Брачыслаў Ізяславіч, які канчаткова верне княству незалежнасць.

Ён застаўся сіратою ў раннія гады. Бацька паспеў пасадзіць хлопчыка на каня, даў патрымацца за меч, паслухаў, як, водзячы пальцам па пергамене, княжыч расчытвае кніжныя радкі. Далей яго выхаваннем займаўся нехта з полацкіх баяраў.

Брачыслаў застаўся апошнім жывым Рагвалодавічам. Палачане бераглі малалетняга князя, як вока, і глядзелі на яго з вялікімі спадзяваннямі.

У Кіеве яшчэ сядзеў ненавісны Уладзімір. Рагвалодаў забойца мусіў аднавіць Полацкае княства, але забраў у яго волакі на гандлёвых шляхах. Ключы ад іх — Віцебск і Усвят — перайшлі пад уладу Ноўгарада, куды плыло цяпер багатае мыта з праезджых купцоў. Полацкія «мужы моцныя» марылі павярнуць гэты залаты ручай да сябе, аб’яднаць крыўскія землі і прырасціць да іх дрыгавіцкія.

Узмужнеўшы і ўвабраўшыся ў сілу, князь спраўдзіў надзеі землякоў. Як тое адбывалася, апавядаюць летапісы і «Сага пра Эймунда».

Памёр Уладзімір Краснае Сонейка, успыхнулі крывавыя ўсобіцы. Пераможцам з іх выйшаў князь Яраслаў, празваны Мудрым.

Малады полацкі валадар у суседскія звады не ўвязваўся, рыхтаваўся да іншага. А тут як быццам само неба паспрыяла палачанам: у горад прыйшла з Кіева варажская дружына Эймунда. Яраслаў не заплаціў ёй за службу, і пакрыўджаныя варагі выбралі сабе новага гаспадара — Брачыслава, што было прызнаннем яго сілы.

Эймунд прывёз крывіцкаму князю важную навіну: яго кіеўскі дзядзька рыхтуецца да паходу ў Прыдзвінне. Полацк вырашыў не шкадаваць варагам грошай. Пагатоў Эймундава папярэджанне хутка пацвердзілася: Яраслаў прыслаў ганцоў вымагаючы памежныя з яго ўладаннямі полацкія гарады. Правадыр варагаў за бяседным сталом сказаў Брачыславу: «Падобна, уладар, што будзе бойка з хіжым ваўком. Саступім цяпер — захоча ўрваць яшчэ болей».

Параіўшыся з вечам, Брачыслаў Ізяславіч вырашыў не чакаць нападу, а самому ўдарыць на спадчыннае Яраславава ўладанне — Ноўгарад. У 1021 годзе палачане быццам з-пад зямлі выраслі перад магутнымі ноўгарадскімі сценамі і ўзялі горад прыступам. Сярэднявечны польскі гісторык Ян Длугаш піша, што ўслед за сталіцаю Брачыслаў завалодаў усім суседнім княствам. У захопленых гарадах ён паставіў намеснікаў і з багатым палонам вырушыў дадому. Часам даводзіцца чытаць, што такім чынам Полацк адпомсціў за Рагвалода і Рагнеду. Не трэба блытаць помсту з палітыкай. Палачане не помсцілі, а імкнуліся далучыць Ноўгарадскую зямлю, каб больш паспяхова змагацца з Кіевам.

На сёмы дзень вяртання з паходу крывіцкае войска ўбачыла перад сабою баявыя харугвы Яраслававай дружыны. Сеча адбылася на рацэ Судоме, і, калі верыць летапісам, разбіты Брачыслаў збег адтуль у родны горад. Аднак дзіўная гэта была перамога, бо кіеўскі князь не толькі не пайшоў ваяваць Полацкую зямлю, а яшчэ і аддаў Брачыславу Віцебск і Усвят — менавіта тыя гарады, якіх Полацку не хапала для моцных пазіцый на шляху «з варагаў у грэкі». Зноў мусім шкадаваць, што загінуў Полацкі летапіс: ён мог бы сказаць аб той бітве праўду.

Старажытнаісландская «Сага пра Эймунда» падае іншую версію падзей на Судоме. Сечы нібыта наогул не было. Кіяне з палачанамі стаялі насупроць адзін аднаго сем дзён, і Яраслаў чакаў пакуль ваяўнічы палачанін прышле паслоў з паклонам. Брачыслаў ірваўся ў бой, ды хітрамудры Эймунд прапанаваў яму таксама вырашыць спрэчку без крыві: выкрасці Яраслававу жонку, каб міру папрасілі самі кіяне.

Варагава задума прыйшлася Брачыславу даспадобы. Эймунд зрабіў у лесе за баявым кіеўскім станам засаду і ўрэшце захапіў княгіню ў палон, што і дапамагло атрымаць Віцебск і Усвят.

Як бы ні разгортваліся падзеі, Яраслаў Мудры прызнаў незалежнасць Полацка і з Рагвалодавічамі болей не ваяваў.

Пасля сустрэчы на Судоме полацкі і кіеўскі князі дамовіліся быць «братанічамі». Абодва мелі на кіеўскую зямлю роўныя правы, і таму адзін сядзеў у Полацку, другі — у Ноўгарадзе, а Кіевам кіравалі праз намеснікаў. Летапісы кажуць пра існаванне там «Ярославля» і «Брячиславля» двароў. «Будзь са мною заадно («за един»), — было сказана ў дамове пасля Судомы, — і ваявалі Брачыслаў з Яраславам разам усе дні жыцця свайго».

Як яны ваявалі разам, нічога невядома. Пасля 1021 года Брачыславава дружына найчасцей выпраўлялася ў той бок, куды сядае сонца. Пра паспяховасць тых паходаў гавораць сёння ўтвораныя ад імя полацкага князя геаграфічныя назвы.

На возеры Дрывяты стаіць горад Браслаў, што ў летапісах зваўся па імені заснавальніка — Брачыслаўль. За пару дзесяткаў кіламетраў ад Краславы, на беларуска-латышскім памежжы, ёсць на возеры Сівер вёска Браслаў са старажытным гарадзішчам. Паселішча з такой назваю існуе і трохі на поўнач ад Оршы, якая разам з Копысем і часткаю Прыдняпроўя трапіла пад уладу Полацка зноў такі за часам Брачыслава Ізяславіча.

Супастаўленне летапісных сведчанняў з «Эймундавай сагай» і археалагічнымі матэрыяламі даюць падставы казаць, што ў 1024 годзе паміж Брачыславам і Яраславам была заключаная новая дамова, паводле якой да Полацкага княства адышла Менская воласць.

У часы Брачыслава Полацкая дзяржава не зведала варожых нашэсцяў. Гэта быў рэдкі ў нашай гісторыі перыяд міру і спакою.

Пра тое, што сучаснікі разглядалі Полацкую зямлю як незалежную дзяржаву, красамоўна кажа і наступны прыклад. Калі ў 1015 годзе, пасля смерці вялікага князя кіеўскага Упадзіміра Святаславіча, паміж яго сынамі разгарнулася жорсткае змаганне за вярхоўную ўладу (сямёра з дзесяці жывых на той час Уладзіміравых сыноў у гэтых усобіцах загінулі разам з нашчадкамі), ніхто з іх не выявіў варожасці да Брачыслава Ізяславіча, ніхто не паквапіўся на яго ўладанні. Ужо тады кіеўскі княжацкі дом не лічыў Полацкую зямлю часткаю Кіеўскай Русі.

Калі б я быў мастаком, дык намаляваў бы два партрэты князёў, якіх нашыя жывапісцы пакуль што не надта песцяць увагаю. Асветнік Ізяслаў схіляўся б над кнігаю, расчытваючы выведзеныя на пергамене пісьмёны, а Брачыслаў гуляў бы з Эймундам у шахматы, абдумваючы паход на ноўгарадцаў.

ЧАС ЧАРАДЗЕЯ

Паспрабуем знайсці ў ранняй гісторыі ўсходніх славян прыклад, каб два князі — бацька і сын — трымалі дзяржаву цэлае стагоддзе. Нехта скажа, што такога і быць не магло: часам князь на пасадзе і году не сядзеў — каго браты зарэжуць, каго пляменнікі ў магілу звядуць. А вось жа і магло.

3 1003 да 1044 года ў Полацку валадарыў Брачыслаў, а пасля яго смерці, да 1101-га, — найславуцейшы з полацкіх князёў Усяслаў Брачыславіч, празваны Чарадзеем. Празваны, заўважым, нездарма.

Таямніца ахутвае ўжо яго прыход на свет. Як занатавана ў летапісе, маці нарадзіла Усяслава «от волхвования», гэта значыць, пры ўдзеле паганскіх чараўнікоў. На галаве немаўля мела загадкавае «язвено», што вешчуны наказалі маці завязаць, каб сын насіў яго да смерці. Можа, гэта была нейкая язва, а мо — вялікі радзімы знак, якім пазначае сваіх абраннікаў неба? Альбо прыкметная ад нараджэння «ваўчыная поўсць», што азначала магічную здольнасць па ўласнай волі перакідвацца ў ваўка?

Сучаснікі і нашчадкі верылі, што гэтага князя нябесныя сілы надзялілі вешчай душою, што ён умеў перакінуцца не толькі ў шэрага ваўка, але і ў яснага сокала, ці ў тура з залатымі рагамі. Ужо пры жыцці пра яго складалі паданні. Ва ўсіх усходнеславянскіх землях з пакалення ў пакаленне перадаваліся быліны пра Волха Усяславіча — мудрага ўладара, смелага воіна, сына князёўны і лютага Змея, пераможцу індыйскага цара. Правобраз Волха — полацкі князь-валхвец. Так лічаць і знаўцы славянскае даўніны акадэмікі Дзмітрый Ліхачоў і Барыс Рыбакоў.

Быліна пра Волха Усяславіча апавядае:

Пачаў сабе Волх дружыну збіраць, Дружыну збіраў ён сабе тры гады. Ён набраў дружыну сем тысячаў, Сам ён, Волх, меў пятнаццаць год.

У такім вяку, можна лічыць, Усяслаў стаў князем. Тады атрымаецца, што полацкія вешчуны трымалі на руках немаўлятка з язвенам на галаве ў 1029 годзе. Даю гэты разлік, спадзеючыся, што ў 2029-м Полацк і ўся Беларусь адзначаць 1000-гадовы юбілей свайго славутага сына.

                Помнік Усяславу Чарадзею у Полацку

Захоплена пісаў пра Усяслава Брачыславіча праз сто гадоў пасля яго гераічных дзеяў аўтар «Слова пра паход Ігаравы». У полацкім князі, удачлівым суперніку самога бога Хорса, ён бачыў дзяржаўнага мужа, якога так не ставала славянскім землям перад пагрозаю нашэсця з Усходу.

Усяслаў-князь людзям чыніў суды, радзіў князям гарады, а сам уночы ваўком рыскаў. 3 Кіева паспяваў да пеўняў да Тмутараканя, Хорсу вялікаму шлях перацінаў. Яму ў Полацку пазвоняць ютрань рана ў званы святое Сафіі, а ён той звон чуе ў Кіеве [2].

Праўда, як кажа далей «Слова»: «Хоць і вешчую душу меў у дзёрзкім целе, ды часта ад бедаў цярпеў ён».

Летапісы паведамляюць, што, выконваючы волю вешчуноў, князь усё жыццё так і насіў на галаве перавязь. Схаванаму пад ёю таямнічаму язвену прыпісвалі «нялітасцівасць Усяслава на кроў». Чарадзей сапраўды праліў нямала крыві, але большая частка яго доўгага княжання была ўсё ж прысвечаная мірным клопатам. Дзесяць гадоў ён жыў у згодзе з Яраславам Мудрым, потым яшчэ дзесяць з яго сынам, кіеўскім князем Ізяславам, якому палачане дапамагалі ваяваць з качэўнікамі-торкамі. Якраз з тых мірных часоў з паловы XI стагоддзя, плыве над Дзвіною велічны карабель Сафійскага сабора.

      Так выглядала найстаражытнейшая Сафія Полацкая.

Усяслаў узводзіў храм у гонар святой Сафіі, чым, паводле прыкладу Візантыйскай імперыі, падкрэсліваў незалежнасць дзяржавы, паведамляў свету пра роўнасць Полацка з Ноўгарадам і Кіевам, дзе такія саборы з’явіліся трохі раней. Дагэтуль мураваных храмаў палачане не ставілі, таму князь запрасіў у горад візантыйскіх дойлідаў. Да іх, на хаду асвойваючы будаўнічыя сакрэты, далучыліся мясцовыя муляры: нельга ж было, каб галоўны сабор Полацкай зямлі падымалі ў неба рукі адных чужынцаў.

Грэцкае слова «сафія» ў перакладзе значыць «мудрасць», «майстэрства». Продкі тлумачылі яго шырэй — як чалавечую супольнасць, з’яднаную агульнымі клопатамі і памкненнямі. Сабор мусіў стаць сімвалам адзінства і аднадумства ўсіх жыхароў княства. Яго будавалі ўсёй грамадой. На пакладзеным у парозе Сафіі вялізным камені-вапняку, што праз дзевяць стагоддзяў ператворыцца ў музейны экспанат, старажытныя полацкія майстры пакінулі нам свае імёны: Давыд, Тума, Мікула, Копысь, Варышка…

Шырыня падмуркаў амаль адпавядала таўшчыні будучых сцен — да двух з паловаю метраў. Сабор муравалі з плінфы — тонкай ды шырокай тагачаснай цэглы — і з неапрацаваных камянёў. Кожны другі рад плінфы быў прыхаваны ці, дакладней кажучы, патоплены ў глыбіню сцяны і зверху зацёрты вапнавай рошчынай. Знадворку храмы тады не атынкоўвалі, і тая Сафія мела нязвычны нашаму воку «паласаты» выгляд: вузкія чырвоныя слаі плінфы чаргаваліся з ружовымі ад дамешку тоўчанай цэглы слаямі рошчыны.

Услед за мулярамі прыйшлі тынкоўшчыкі. Іх змянілі жывапісцы, і сцены загучалі казачнымі колерамі: залаціста-вохрыстым, кармінавым, смарагдава-зялёным… На зямных людзей глядзелі святыя ва ўрачыстым адзенні з цяжкімі складкамі. Яны павучалі, схіляліся ў малітве, углядаліся ў душы вернікаў. Уражанне ад фрэсак дапаўняла выкладзеная жоўтымі, зялёнымі і брунатнымі паліванымі пліткамі падлога, падобная да дзівоснага кіліма.

Храм атрымаўся на той час грандыёзны: 31,5 метра ўдоўжкі і блізу 26 — ушыркі. План найстаражытнейшай полацкай Сафіі і яе ўнутраная прастора прасцейшыя, чым у кіеўскім ды ноўгарадскім саборах, але ў гэтым ёсць свая прыгажосць і выразнасць. Магутнасць сцен падкрэслівалі вузкія выцягнутыя вокны. Пад купаламі і ў алтары яны былі большыя, і праз іх у храм падалі залатыя снапы сонечных промняў. Дах з сямю купаламі пакрывалі алавяныя лісты. Са скляпення галоўнага купала на вернікаў пазіраў Хрыстос Пантакратар.

Усяслаў не пазнаў бы нашага сённяшняга белакаменнага сабора ні звонку, ні ў сярэдзіне. Дзе шаснаццаць слупоў што падтрымлівалі скляпенні? Дзе фрэскі, якія нагадвалі размалёўкі Сафіі кіеўскай? Дзе сем «вярхоў» з пазлачонымі крыжамі? Да нашых дзён ацалелі адно падмуркі таго храма, частка сцен ды невялікія фрагменты фрэсак. У лёсе Сафіі адбілася ўся драматычная мінуўшчына горада з яе войнамі, захопамі, пажарамі і разбурэннямі.

Але вернемся да муроў храма, што быў сэрцам Полацкае дзяржавы.

Тут не толькі маліліся: князь з сям’ёй і прыдворнымі ўверсе, на хорах, астатнія — унізе. У Сафіі прымалі паслоў, абвяшчалі вайну і падпісвалі мір, захоўвалі княжы скарб і заснаваную Ізяславам бібліятэку, узаконьвалі пячаткаю сталічнага горада гандлёвыя дамовы. Нездарма яна мела надпіс: «Печать Полоцьская і святоі Софіі». У час варожай аблогі храм ператвараўся ў магутную фартэцу. Ужо ў іншыя часы, у XV стагоддзі, у полацкай грамаце будзе запісана: «А се мы, полочане, вси добрыи люди и малыя, надзеючись на Бога святого, Софея милость и князя великого Витовта здоровья».

Недзе ля вузкага вакенца Сафіі вучоны манах выводзіў радкі Полацкага летапісу (урыўкі з яго ў XVIII стагоддзі чытаў расійскі гісторык Васіль Тацішчаў). Гады ў час Усяслава і яшчэ колькі стагоддзяў потым лічылі не ад Хрыстовага нараджэння, як мы цяпер, а ад стварэння свету. Перавесці летапісную дату ў наша сучаснае летазлічэнне вельмі проста: трэба адняць ад яе 5508, калі падзея адбывалася ад 1 студзеня да 1 верасня, і 5509 — калі пасля 1 верасня, бо ў гэты дзень пачынаўся тады новы год.

Відаць, мы ўжо ніколі не даведаемся, што занатавалі полацкія манахі пад 6574 (6574–5508 = 1066) годам. Кіеўскі ж летапісец пакінуў такія словы: «Прыйшоў Усяслаў і ўзяў Ноўгарад з жанчынамі і з дзецьмі, і званы зняў са святой Сафіі». За год да гэтага полацкая дружына ўжо хадзіла на Пскоў авалодаць якім, праўда, не ўдалося. Мірнае жыццё крывіцкага князя з суседзямі скончылася.

3 рашучасці ды імклівасці дзеянняў Усяслава-ваяра можна толькі дзівіцца. Не паспеў праехаць пераможцам, як некалі яго бацька Брачыслаў, па ноўгарадскіх вуліцах, не паспеў нацешыцца галасамі прывезеных з багатаю здабычаю званоў, як на пачатку 1067 года вырушыў на Новагародак (сённяшні Наваградак). Гэты горад некалі пабудаваў Яраслаў Мудры, каб завалодаць населеным літвою наваколлем і адтуль пагражаць Полацкаму княству.

Палачанаў зноў вяла зорка ўдачы. Яны выбілі з Новагародка кіеўскую дружыну і заявілі пра свае правы на літоўскія землі. Другая перамога запар страшэнна ўстрывожыла трох сыноў Яраслава Мудрага на чале з кіеўскім князем Ізяславам. У лютым таго самага года, аб’яднаўшы сілы, яны наважылі пераняць Чарадзея на шляху дадому.

Яраславічы правільна разлічылі, што вяртацца полацкія дружыны будуць праз Менск — умацаваны горад на паўднёвай мяжы свайго княства, — і вырашылі апярэдзіць Усяслава. Убачыўшы са сцен вялізнае варожае войска, менчукі пастанавілі ўсё ж бараніцца, бо чакалі, што вось-вось падыдзе дапамога. Як кажа летапіс, яны «затворишася в граде», але адбіцца ад злучаных сіл паўднёвых княстваў не здолелі. Абаронцаў напаткала лютая расправа: усіх мужчын пасеклі, а жанчын і дзяцей узялі «на шчыт», значыцца, у палон.

Гэта найстаражытнейшая згадка ў летапісе пра Мінск, ад якой традыцыйна адлічваецца яго гісторыя. Як мы бачым, 1067-ы — дата не заснавання нашай цяперашняй сталіцы, аэяе знішчэння.

Усяслаў не мог дазволіць ворагу прарвацца ў глыбіню свае краіны. 3 сакавіка войскі полацкага князя і Яраславічаў сышліся паблізу спаленага Менска на рацэ Нямізе. Тыдзень пагрозліва ашчаціньваліся дзідамі, стоячы ў глыбокім снезе, а потым «бысть сеча зла і мнози падеша с обе стороны». Дзякуючы «Слову пра паход Ігаравы» пра тую сечу ведаюць ва ўсім свеце.

Ha Нямізе галовы сцелюць снапамі, харалужнымі малоцяць цапамі, жыццё кладуць на таку злюцела, веюць галаву ад цела. Нямігі крывавыя берагі не збожжам былі засеяны зноў — засеяны косцьмі рускіх сыноў.

Пераважна з паэтычных радкоў «Слова» і можна сёння ўявіць бітву: адрывістыя загады ваяводаў, смяротныя ўдары дзідаў, звон мячоў, кіпенне крыві на здратаваным снезе і салодкае забыццё параненых, якіх мароз хутка выпраўляў у невараць. Летапісы дадаюць усяго некалькі слоў, праўда, істотных — пра тое, што сечу пачаў Усяслаў і што ён «бишася крепко».

Кіеўскі летапіс зусім лаканічны: Яраславічы, маўляў перамаглі, а полацкі князь уцёк. Пакінем гэта на сумленні летапісца. Відаць, ён шчыра хацеў той перамогі. Дзіўна, аднак, што насуперак відавочным фактам кіяніну вераць паважныя сучасныя гісторыкі. Вераць, не зважаючы на тое, што войска Яраславічаў не рушыла на Полацк, а замацавала «перамогу» адыходам на свае землі. Паводле ж тагачаснай традыцыі лічылася: хто застаўся «стаяць на касцях» (на полі бітвы), той і пераможца.

Усяслаў, хоць і дарагой цаною, абараніў крывіцкую дзяржаву. Ён пачуваўся ўпэўнена: за ім апрача збройнае сілы была глыбокая народная вера ў яго чарадзейныя здольнасці.

У Радзівілаўскім летапісе ёсць мініяцюра, што засведчыла стасункі паміж вешчунамі і ноўгарадскім князем. Злева стаіць князь з бердышом, епіскап з крыжам і дружыннікі, справа — безбароды вяшчун у доўгай белай апранасе і яго прыхільнікі, простыя людзі. У Полацку такога варожага супрацьстаяння не існавала. Вешчунам тут не секлі галоў не кідалі паганскіх святароў на разарванне мядзведзям, не палілі на вогнішчах. Верацярпімасць, ці, праўдзівей, дваяверства — і князя, і яго падданых — ня раз дазваляла Усяславу набіраць войска ў суседніх балцкіх або вугра-фінскіх землях, дзе яшчэ маліліся старым багам.

Яраславічы ўпэўненасці ў перамозе не мелі, таму замест адкрытага бою спадзяваліся на хітрасць ды злачыннае ашуканства.

Праз чатыры месяцы ворагі сустрэліся зноў, цяпер каля Оршы. Усяслаў стаяў з дружынаю на правым дняпроўскім беразе, Яраслававы сыны — на левым. Кіеўскі князь прапанаваў развязаць спрэчку палюбоўна, можа, нават нагадаў Чарадзею, як дамовіліся на Судоме іх бацькі. Ізяслаў даў прысягу, што не ўчыніць полацкаму валадару ніякага ліха, і замацаваў яе прынародным цалаваннем крыжа.

Тым разам вешчая душа схібіла: нельга было верыць ні словам, ні крыжоваму цалаванню, і юных Усяславічаў на перамовы браць таксама нельга было. Абяцанняў Ізяслава хапіла датуль, пакуль Чарадзей з сынамі не пераплыў 10 ліпеня на чоўне раку ды не зайшоў без аховы ў шацёр да кіеўскага князя. Той махнуў рукой, наляцелі дружыннікі, і ўмомант вока трое Рагвалодавічаў ляжалі на доле, звязаныя вяроўкамі.

Колькі разоў каяўся Усяслаў за сваю даверлівасць па дарозе ў Кіеў і потым, у жудаснай земляной турме-порубе, куды яго кінулі, закаваўшы ў кайданы. Намеры Яраславічаў зразумелыя — згнаіць, звесці Рагвалодаў корань са свету, учыніць тое, што рабіў ды не скончыў Уіадзімір з ваяводам Дабрынем. На літасць крывіцкі князь не спадзяваўся — ведаў, які прыклад даў спадкаемцам сам Яраслаў Мудры: пасадзіў у поруб роднага брата Судзіслава, і сядзеў ён там чвэрць стагоддзя, пакуль не пачаў дыхаць на ладан. Толькі тады выпусцілі пляменнікі дзядзьку на божы свет, каб праз манаскі зарок вырваць адмову ад усякіх княжых правоў. Такі, а мо і страшнейшы лёс чакаў і Рагвалодавічаў.

Вязніца — сырая яма, накрытая зверху ў тры накаты бярвёнамі з маленькім вакенцам, праз якое ледзьве точыцца паветра ды прасоўваюць палоннікам хлеб з вадою. Наперадзе безнадзейнасць, і, здаецца, лепей перагрызці зубамі жылы ды сплыць крывёю, чым ператварыцца ў лядачага старога і бачыць, як гасне жыццё ў сынах. Але князя трымала на гэтым свеце думка пра Бацькаўшчыну, якую рабавалі кіеўскія стаўленікі. Трымала і надзея на паганскіх багоў, з якімі Чарадзей ад нараджэння стараўся жыць у згодзе: не крыўдзіў вешчуноў, не руйнаваў капішчаў, будаваў над Дзвіною свой хрысціянскі сабор, ды здымаў званы з сабора ноўгарадскага.

Якому богу маліўся князь, у каго прасіў збавення ад палону — невядома. Аднак праз год вызваленне прыйшло.

У 1068 годзе на кіеўскую зямлю ўварваліся полаўцы. Яраславічы выйшлі насустрач і былі ўшчэнт разбітыя. «За грахі нашы наслаў Бог на нас паганых, і пабеглі рускія князі», — выводзіў летапісец, успамінаючы вераломства пад Оршаю.

Кіяне сабраліся на веча і запатрабавалі ад князя коней і зброі. Ізяслаў пабаяўся, што, перш чым ісці на полаўцаў падданыя расквітаюцца з ім самім. Вечавыя паслы вярнуліся ні з чым. У раз’юшаным чалавечым збоі ўсё часцей выгуквалі імя зняволенага ненавісным Ізяславам полацкага князя. Расійскі гісторык В. Тацішчаў адзначаў што кіяне пачалі дамагацца вызвалення Усяслава «яко искусного в войне» і патрабавалі адправіць яго «против неприятеля».

Палова натоўпу пабегла да поруба, другая рушыла на вялікакняжацкі двор. Кіеўскія баяры раілі свайму гаспадару паслаць верных людзей, каб падманам завабілі Усяслава да вакенца і працялі мячом. Ізяслаў не адважыўся — загадаў сядлаць коней.

«Людзі ж вызвалілі Усяслава з турмы на пятнаццаты дзень верасня, — сведчыць летапіс, — і праславілі яго пасярод княжага двара. Двор жа разрабавалі, безліч золата і срэбра ў манетах і злітках забраўшы». Ёсць падставы лічыць, што выбаўленню полацкага князя з вязніцы і абранню яго на велікакняжацкі пасад спрыяў ігумен Кіева-Пячорскага манастыра Феадосій. Вядома, што Чарадзей быў у прыязных дачыненнях і з адным з самых адукаваных людзей таго часу Антоніем Пячэрскім.

Яшчэ раз дадзім слова летапісцу, узгадаўшы перад тым падзеі лета 1067 года, калі полацкі князь прыехаў да Ізяслава на перамовы пад Оршу і быў захоплены ў палон. «Гэтым, — апавядае пра вызваленне Чарадзея летапіс, — Бог паказаў сілу крыжа, бо Ізяслаў цалаваў крыж, а пасля схапіў Усяслава. Таго ж выратаваў святы крыж, бо ў дзень Узвіжання Усяслаў уздыхнуўшы, сказаў: «О, святы крыжу! Я верыў у цябе, таму ты і выбавіў мяне з гэтай вязніцы». Бог жа паказаў сілу крыжа дзеля навукі зямлі Рускай, каб не пераступалі святога крыжа, пацалаваўшы яго; калі ж хто пераступіць, то і на зямлі будзе пакараны, і ў будучым прыме кару вечную. Вялікая сіла святога крыжа: крыжам бываюць пераможаныя сілы д’ябальскія, крыж князям у бітвах дапамагае і аберагае… Нічога не баяцца чэрці, толькі крыжа». Як мы пазней убачым, найбольш уважліва прачытае гэтыя словы Усяславава ўнучка Еўфрасіння.

Усяслаў Брачыславіч стаў вялікім кіеўскім князем. Адмерана на гэта яму было мала — усяго сем месяцаў. Ды на тое ён і Чарадзей, каб за месяц паспяваць столькі, на што іншаму і года мала. Зрабіў з Кіева імклівы паход на Тмутаракань, набыў там коней, якіх не хапала дзеля адпору «паганым». Напрыканцы таго ж года полаўцы адчулі сілу новага кіеўскага ўладара і, разгромленыя, адступілі ў сваё Дзікае Поле. Можа, у тыя сем месяцаў Усяслаў і заслужыў у аўтара «Слова пра паход Ігаравы» пахвалу за дзяржаўны розум і справядлівасць: «Всеслав князь людем судяше, князем грады рядяше»?

Зрэшты, ён не збіраўся надоўга затрымлівацца на кіеўскім пасадзе. Чужы горад, ненадзейная дружына, варожае баярства. Адмовіліся плаціць даніну ноўгарадцы, касавурацца паўднёвыя князі. Збеглы Ізяслаў таксама не хацеў развітвацца з вотчынай і набліжаўся да Кіева з войскам цесця, польскага караля Баляслава. На каго Усяслаў мог разлічваць? Адно на просты люд, што абвясціў яго сваім валадаром.

Князь вёў дружыну на Ізяслава, а праз сотні вёрст яго ўладна клікалі званы полацкае Сафіі. Апрача іншых прычын вяртання Усяслаў бачыў небяспеку полацка-польскай вайны. Пад Белгарадам ён таемна ад кіянаў пакінуў войска і накіраваўся ў Полацк. Аўтар «Слова» сказаў пра тыя падзеі надзвычай вобразна:

Ha сёмым веку Траяна кінуў жэрабя Усяслаў маўкліва на любую сваю абраную. Ды хітрасцю асядлаў коней рана і скочыў да горада Кіева, і дакрануўся дзідаю да залатога прастола кіеўскага. Скочыў ад іх лютым зверам апаўночы з Белгорада, сінім воблакам ахінуўся.

Князь вяртаўся на радзіму, у сваю дзяржаву, якой прысягнуў на вернасць. Ён ведаў, што трэба рыхтавацца да доўгай і зацятай барацьбы, што за незалежнасць давядзецца плаціць тысячамі жыццяў.

Павыколваўшы вочы ды пасцінаўшы галовы Чарадзеевым прыхільнікам, князь Ізяслаў з польскімі дружынамі рушыў з Кіева на Полацк. Усяслаў з купкаю найбліжэйшых прыдворных мусіў ратавацца ў фінскага племені водзь, адкуль, магчыма, паходзіла яго маці. Вадзякі былі паганцы, а таму прынялі князя-вешчуна гасцінна і далі яму войска дзеля паходу на Ноўгарад.

Крывіцкіх ваяроў Усяслаў пад рукою не меў, а фінскія не вытрымалі націску ноўгарадцаў і пабеглі. Князь трапіў у палон, але адразу ж выйшаў на волю. Ноўгарад памятаў, як тры гады таму палачане рабавалі горад, як грузілі на калёсы сафійскія званы, ды пачуццё помсты перамог палітычны разлік. Нават гнаны і палонны, Чарадзей быў небяспечны вораг, бо за ім стаяла Полацкая дзяржава. Такога выгадней адпусціць — няхай ваюе з Кіевам.

I Чарадзей ваяваў. На два гады знікшы з відавоку летапісцаў у 1074-м ён раптоўным ударам выгнаў з Полацка кіеўскага стаўленіка Святаполка.

Дзённы пераход коннага войска складаў тады паўсотні кіламетраў, а калі ваяры ехалі ўлегцы, з запасным канём на повадзе, дык маглі за летні дзень дапясці з Віцебска да Полацка — прайсці ўдвая болей. Галоўнай вайсковаю сілай была конніца з княжых дружыннікаў. На ўзбраенні яны мелі дзіды, мячы, вялікія шчыты-тарчы, на бліжні бой — сякеры, кісцяні, паліцы-шастапёры. Наперад у паходзе высылалі «старожы», што імкнуліся захапіць языка. Абавязкова дзейнічалі выведнікі. Воіны нярэдка мусілі рабіць масты і масціць грэблі. Кальчугі, панцыры, шаломы — усё цяжкае ўзбраенне ўсходнеславянскія дружыны заўсёды везлі асобна і надзявалі толькі перад небяспекаю. У арсенале вайсковых хітрасцей былі засады, падманныя ўцёкі, несапраўдныя станы з яркімі вогнішчамі. Перад боем на адкрытым месцы войска шыхтавалася: пасярод стаяў галоўны полк, які называўся чало, па баках — крылы. Адрознідь дружыны славянскіх князёў па знешнім выглядзе было цяжка, таму вялікая роля належала баявым харугвам і бунчукам.

Калі здабыць горад прыступам не ўдавалася, войска пачынала аблогу. Варожыя ўмацаванні абносілі тынам, або будавалі астрог, за якім хаваліся лучнікі. Пад прыкрыццём іх стрэлаў абложнікі падцягвалі камнямётныя машыны — парокі. Камяні з іх (адзін такі снарад, выжыльваючыся, падымалі два чалавекі) ляцелі на паўтара палёта стралы. Камнямёты маглі стаяць і на сценах, што ў тыя часы былі зазвычай драўляныя. Наблізіўшыся да горада, абложнікі завальвалі роў хлудам ды ссечанымі дрэвамі. У зробленых парокамі праломах завязвалася рукапашная. Ваяры лезлі па драбінах угору, адтуль на іх ляцела бярвенне і камяні, лілася гарачая смала.

Праз колькі гадоў пасля выгнання Святаполка на Полацк пайшоў вайною вядомы ў гісторыі Уладзімір Манамах, тады князь чарнігаўскі і смаленскі. Ласы кавалак быў не па зубах, і ў наступным, 1078 годзе Манамах сабраў дружыны ўсіх паўднёвых княстваў, паклікаўшы на падмогу ноўгарадцаў і палавецкую арду. I зноў адно аблізнуўся: Полацк выстаяў. Адступаючы, ворагі палілі і рабавалі полацкія воласці. У бяссілай лютасці яны дазвання знішчылі крывіцкі горад Одрск, які так і не быў адбудаваны.

Усяслаў з Манамахам сутыкнецца яшчэ няраз. Той нападзе з полаўцамі на Менск і не пакіне там «ні чалядзіна, ні скаціны». Будуць і іншыя бітвы, але, калі ўсходнеславянскія князі збяруцца ў 1097 годзе на з’езд у Любечы, каб дамовіцца кожнаму трымаць «вотчину свою», Чарадзей не прыедзе. Ён не меў патрэбы нешта з некім дзяліць: ёсць дзяржава, дзе мірна жывуць хрысціяне і паганцы, ёсць войска, што абароніць княства ад любога ворага.

Не будзе палачанаў і на двух наступных княжацкіх з’ездах, што мелі на мэце захаваць хаця б выгляд адзінства Кіеўскай Русі — у 1101 годзе ў Віцічаве на Дняпры і ў 1103-м — «у адзіным шатры» на беразе Далобскага возера.

Непрыхаванай варожасцю да Полацка і яго князя дыхаюць радкі кіеўскіх летапісаў. Не можа Кіеў заваяваць палачан, дык хоць выставіць іх зямлю кублом агіднае Богу нечысці. Пад 1092 годам з’яўляецца паведамленне пра страшныя дзівосы на берагах Палаты, якое трапіла потым у многія летапісы.

«У Полацку зусім благое прычынілася. Уначы на гарадскіх вуліцах чуліся як быццам енкі людскія, тупат ды конскае гігатанне. Гэта гойсала па горадзе д’яблава сіла. Хоць ніхто з палачанаў наўласныя вочы не бачыў што там чыніцца, але хто выйдзе з хароміны ці проста вакно прачыніць, той хутка паміраў ад нябачнае раны, якую яму сваім уколам д’ябал зрабіў. Калі ж пакінулі палачане ўначы выходзіць з харомінаў, д’яблава сіла пачала ўдзень лютаваць. Сярод стогну, плачу і тупату каналі людзі ў Полацку і ў воласці. Нібыта цэлае войска д’яблава скакала па зямлі на конях сваіх, нябачнае вачам людскім, пакідаючы за сабою толькі сляды капытоў. Тады і пачалі казаць у народзе: «Як мерцвякі б’юць палачанаў»».

Называецца гэты аповед «06 устрашениях и мечтах бесовских в Полотску при князе Всеславе» — відавочны намёк на прыхільнасць Чарадзея да паганства.

Прадоўжыць размову на гэтую тэму, адгарнуўшы невядомыя старонкі Усяславага жыцця і характару, дазваляе дакумент, які беларускі гісторык Марына Ліннікава нядаўна адшукала ў кнігасховішчы Маскоўскага цэнтральнага дзяржаўнага архіва старажытных актаў. Знаходку можна назваць сенсацыяй. У рукапісе XVII стагоддзя даследчыца выявіла памылкова пераплецены туды аркуш з іншым тэкстам. Уявіце яе хваляванне, калі ўжо ў першым радку вока сустрэла імя вялікага князя Усяслава Брачыславіча.

Знойдзены тэкст складаецца з некалькіх дастаткова самастойных частак. У адной — «Аб радзе Усяслава» — невядомы аўтар апавядае пра дзівосную праяву ў месяцы, убачыўшы якую полацкі ўладар вельмі занепакоіўся і «склікаў сход вялікі з вешчуноў і святароў». Калі яны не здолелі разгадаць праявы, Усяслаў паслаў па зняволенага ў вежы чараўніка Мантыя. «Той жа казаў яму: «Княжа, пакляніся вызваліць мяне і я супакою адчай твой». Усяслаў кляўся і абяцаў: «Душы тваёй не ўчыню благога!» Пасля гэтага Мантый даў сваё тлумачэнне ўбачанаму на месяцы: князю пагражаюць ворагі, але іх чакаюць хуткая ганьба і ўцёкі. «Усяслаў узрадаваўся і тут жа загадаў схапіць яго ды зноў зачыніць у вежы і казаў: «Душы тваёй дапраўды не ўчыніў благога, адно толькі целу благое ўчыніў бо шкода ж для душоы толькі ад граху ўсялякага — спакушэння д’ябальскага!»»

Другая гісторыя называецца «Аб закалоце Вадзілы». Там ідзе гаворка пра змову супроць Усяслава, што ўзнікла ў Полацку ў час эпідэміі чумы. На чале змоўшчыкаў стаў баярын Вадзіл, які ўзяўся вяртаць старыя звычаі — «слугаванне балванам ды бесаванне. I знепакоіў народ, манячы і гаворачы: «Усяслаў маладзён неразумны, і праклён багоў нашых на ім назаўсёды, бо верыць у таго раскрыжаванага…» I ўзброіў народ гарадскі і загнаў яго ў дворышча княскае. Вараг жа Эсцін з малым войскам лікам 99 адзін застаўся верны, і зачыніўся ў доме ягоным і пачаў бараніцца моцна… I не здолеў той Вадзіл іх запалоніць і стаяў тры дні. А на чацвёрты дзень загадаў запаленыя стрэлы кідаць, і падпаліў дом Усяславаў. I была моцная гарачыня, ад якой пагінула тшмат. Усяслаў жа Брачыславіч нейкім валхваваннем той агонь дажджом патушыў»… Урэшце князева дружына перамагла, сам Чарадзей параніў Вадзіла і захапіў яго ў палон. Дванаццаці ўдзельнікам закалоту сцялі на торжышчы галовы. Іх жа правадыра Усяслаў «загадаў у кайданы жалезныя закаваць па руках і нагах ды пакласці драўлянае ярмо на шыю, ды прысудзіў яму вочы рваць і паходнямі паліць да смерці».

Завяршаецца гэты напоўнены трагічнымі падзеямі змрочны тэкст фрагментам «Аб прамудрасці»: «Калі ж прайшоў адзін год, быў Усяславу ўначы цяжкі сон. Бачыў ён тройчы дзеву-ваярку ў чорным воблаку, асветленую бліскавіцамі, са святым крыжам у правай руцэ. А потым перамянілася хмара і з’явіўся храм, і дзева ўвайшла туды і зачынілася».

Каб чытач адчуў «водар» арыгіналу, сказ, на якім абрываецца рукапіс, пададзім без перакладу: «И глас бысть страшен зело: «Се Софея, сиречь Премудрость…»»

Пакуль ворагі скрыгаталі зубамі і выкрывалі будаўніка Сафіі ў бязбожнасці, крывіцкая зямля дасягнула вяршыні сваёй магутнасці. Абшарам Полацкае княства было роўнае такім тагачасным еўрапейскім дзяржавам, як герцагства Баварскае ці каралеўства Партугальскае. Апроч сталіцы яно налічвала васемнаццаць гарадоў: Віцебск, Браслаў, Заслаўе, Усвят, Копысь, Менск, Орша, Лукомль, Лагойск, Друцк, Галацічаск, Барысаў, Стрэжаў, Некалач, Емянец, Одрск, Гарадзец і Крывіч-горад, які потым будзе называцца Вільняй. Улада Полацка пашыралася на ніжняе Падзвінне да самага Балтыйскага, або, як яго тады называлі, Варажскага мора. На землях, дзе жылі продкі сучасных латышоў стаялі гарады Герцыка і Куканос, якімі кіравалі полацкія васалы. Такім чынам, Полацкае княства мела выйсце да мора, ці, іначай кажучы, было марской дзяржавай.

Унутраны запас стваральнай энергіі (вядомы гісторык і этнолаг Леў Гумілёў называе яе пасіянарнасцю) Полацкай дзяржавы быў настолькі магутны, што за адно XI стагоддзе яна дасягнула сваёй велічы: незалежная палітыка, ваенныя перамогі, эканамічны ўздым, высокі ўзлёт мастацтва… Усе спробы інкарпараваць княства ў склад Кіеўскай Русі заканчваліся правалам — і пры Уладзіміры, і пры яго нашчадках. Асобнае месца незалежнай Полацкай зямлі ва ўсходнееўрапейскай геапалітыцы сталася невырашальнай праблемаю для ўсіх «класічных» расійскіх гісторыкаў — ад Тацішчава да сучасных. Наша першая дзяржава ўпарта не клалася ў схему «адзінай старажытнай Русі», таму і ў падручніках, і ў манаграфіях на гэтую тэму Полацкае княства прыгадвалі ўскосна, а часам наогул не ўспаміналі.

Камусьці здаецца, што ўсё роўна гэта былі задворкі Еўропы. А вось візантыйскія імператары Камніны лічылі іначай. Як мяркуюць некаторыя гісторыкі, адзін з Камнінаў, Аляксей I, маючы вялікі выбар, узяў шлюб з Усяслававай дачкою. Сваяцтва дому Рагвалодавічаў з візантыйскай дынастыяй мела, як мы ўбачым, далёкія палітычныя і культурныя вынікі.

Акрэсліўшы межы княства, падплывём Дзвіною да яго сталіцы.

3 адносна невялікіх гарадзішча і селішча Полацк ператварыўся ў буйны горад, дзе жыло блізу дзесяці тысяч чалавек. На дзядзінцы каля Сафійскага сабора падняўся княжы двор: высокі драўляны хорам на два паверхі з шырокай галерэяй-сенямі, са святліцамі і пачывальнямі, з палатай, у якой магло сесці за сталы не меней за сотню гасцей. Вакол хорама вольна стаялі дамы баяраў і купцоў, будаваліся новыя храмы. (Полацк — адзін з сямі гарадоў Усходняй Еўропы, у якіх вядома дзесяць і болей помнікаў дойлідства XI–XII стагоддзяў). Гэтае высокае месца ў сутоку Дзвіны і Палаты пазней назавуць Верхнім замкам.

Тут жыла і дружына — галоўнае апірышча валадара. У вялікія паходы разам з дружынаю ішло народнае рушэнне (апалчэнне). Дзеля вайсковых патрэбаў князь трымаў запасы зброі і конскія табуны. Некалі кіеўскі Святаслаў меў тры тысячы кабыл і тысячу жарабцоў. Колькі коней білі капытамі ва Усяслававых стайнях, невядома, але лік, безумоўна, ішоў на сотні.

Дзядзінец з усіх бакоў абаранялі рэкі і роў. Адна брама выводзіла адсюль на мост праз Палату, другая — у Вялікі пасад, за якім пачыналіся старадаўнія курганныя могілкі. Рамесны люд сяліўся пераважна на пасадах — Вялікім і Запалоцкім. Археолагі мяркуюць, што ўжо ў часы Усяслава вакол Запалоцця ішоў роў і дубальтовая сцяна-тын.

Палачане жылі ў хатах з адсечанага ў лесе адразу па мерцы хваёвага (радзей яловага) бярвення. Плошчаю тыя будынкі былі трохі меншыя за нашы сучасныя кватэры — ад 12 да 25 квадратных метраў. Зруб стаяў на драўляных падкладах і часам меў прызбу. Падлогу рабілі з дошак. Палілі ў хаце па-чорнаму. Хлявы часта пераўзыходзілі памерамі чалавечае жытло. Пабудовы стаялі вельмі шчыльна, маленькія падворкі раздзяляліся адзін ад другога агароджаю з забітага ў зямлю колля. Вуліцы масцілі бёрнамі і драўлянымі плахамі. Сям-там трапляліся лазні: продкі таксама ўмелі цаніць асалоду ад распаранага бярозавага ці дубовага веніка.

Ад кожнае эпохі на зямлі, дзе жыве чалавек, застаецца свой слой, які археолагі называюць культурным. Слаі розных стагоддзяў маюць розную таўшчыню і розняцца колерам, захоўваюць адметныя рэчы. Гэты своеасаблівы летапіс нярэдка апавядае пра жыццё продкаў больш і цікавей за летапіс сапраўдны. Таўшчыня такога «фаліянту» на Верхнім замку дасягае шасці метраў а пра тое, што там знойдзена, напісаныя дзесяткі кніг.

Археолагі падлічылі, што ў горадзе жылі майстры больш як шасцідзесяці спецыяльнасцей. Ганчары, бондары, шаўцы, краўцы, замочнікі, ткачы, меднікі, гарбары, кажамякі… Агароднікі будавалі гарадскія сцены, ладзейнікі — ладдзі і стругі. Жарнасекі выштукоўвалі з каменю жорны, з пясчаніку — вастрыльныя брускі, з мяккіх пародаў — абразкі ды крыжыкі. Касцярэзы рабілі грабяні, накладкі да калчанаў-тулаў, гузікі, шахматныя фігуркі. У разьбяроў вельмі цаніліся маржовыя іклы — так званы рыбін зуб. Князі дарылі яго адзін аднаму нароўні з конямі, сабалямі ды шкурамі барсаў і белых ваўкоў.

Далёка славіліся полацкія ювеліры. Былі сярод іх чаканшчыкі, якія маглі акаваць турыны рог срэбрам і выбіць на ім ратнікаў, што змагаюцца з закутымі ў панцыры пачварамі. Былі спецыялісты па скані, чэрні, эмалі і зерні. На жаночую падвеску-колт памерам з пазногаць майстар мог налітаваць 325 металёвых зёрнаў. Ювелірныя майстэрні забяспечвалі прыгажуняў аздобаю — бранзалетамі, пярсцёнкамі, скроневымі кольцамі. Папулярным упрыгожаннем былі лунніцы (падвескі ў выглядзе месяца). Простыя гараджанкі любілі насіць шкляныя бранзалеты — сінія, блакітныя, чорныя, зялёныя. Князёўны перад вяселлем замаўлялі залатыя колты з эмалямі, на якіх сядзелі на дрэве два паўліны — сімвал маладой пары. Дачка рамесніка цешылася просценькімі падвескамі. Пакладзе дзяўчо паміж дзвюма пластачкамі ўпрыгожання змочаны пахкім алеем кавалачак тканіны, і ніякай іншай парфумы ёй не трэба.

Хтосьці з полацкіх ювеліраў зрабіў князю Усяславу срэбны з пазалотаю сігнет (пярсцёнак з пячаткаю), які ў 1914 годзе знойдзе на дзвінскім беразе, капаючы чарвей, дзісенскі рыбак, мешчанін Сымон Рудак і які праз год Вацлаў Ластоўскі набудзе для будучага Беларускага музея ў Вільні.

Аднойчы на малюнку ў кнізе я ўбачыў тагачаснага палачаніна ў лазовых лапцях, і ўвесь давер да масцітага мастака імгненна выветрыўся. Абутак у гараджанаў дый у вяскоўцаў быў тады скураны, жаночы і дзіцячы вышывалі каляровымі ваўнянымі ніткамі. Адзенне, вядома, залежала ад становішча чалавека і яго дастатку. Убор князя і баярына цяжка ўявіць без плашча-карзна. Князь насіў высокія мяккія боты з сіняга, жоўтага ці чырвонага саф’яну і круглую шапку з футравай аблямоўкай.

Сучасныя модніцы могуць параўнаць сябе з княгіняю, якая выходзіла ў святочны дзень з хорама ў вышываных золатам чаравіках і ў дзвюх падпаясаных залатым пасам парчовых сукнях — кароткай верхняй і даўгой ніжняй. Верхняя мела шырокія рукавы, а ніжняя — вузкія з залатымі поручамі. Шыю песцілі шырокія каралі з каштоўных камянёў, у валасах ззялі на сонцы залатыя або срэбныя колты з эмалямі і зерню.

Палачанкі ахвотна насілі бурштынавыя пацеркі, што, як верылі, спрыяла здароўю і дапамагала ад бяссоння. Раскапаўшы майстэрню старажытнага полацкага ювеліра, археолаг Сяргей Тарасаў знайшоў у ёй, апрача тыгляў, пінцэтаў, гірак ды іншага прычандалля, чатыры сотні кавалачкаў апрацаванага і «дзікага» бурштыну.

3 асаблівай павагай князь і яго акружэнне ставіліся да збройнікаў. Ваяры почасту назіралі, як у агні нараджаецца меч. Вось клінок дайшоў да чырвонага калення, цяпер трэба яго загартаваць: можна ў вадзе, а лепей «у буесці» — падаць хутчэй конніку, што чакае ля кузні, і той паімчыць у поле, трымаючы меч лязом насустрач ветру.

Мячы (кошт аднаго быў прыблізна роўны кошту каня) мелі такую вастрыню, што імі галіліся. Броннікі рабілі кальчугі-броні з безлічы жалезных кольцаў (часам іх колькасць даходзіла да 60 тысяч), а яшчэ броні дашчаныя — з металёвых пластачак. Незаменныя былі на вайне даўгія цяжкія коп’і — дзіды і лёгкія, прызначаныя для кідання — суліцы. Годнае месца ў арсенале полацкіх ваяроў займалі аднаручныя і дзвюхручныя баявыя сякеры. Калі верыць «Слову пра паход Ігаравы», якраз яны адыгралі вырашальную ролю ў час штурму Ноўгарада дружынамі Усяслава Чарадзея.

Ішла слава пра полацкіх майстроў-лучнікаў. На блізкай адлегласці ад стралы са сталёвым наканечнікам не ратавалі ні шчыты, ні кальчуга, ні панцыр. Нават праляцеўшы сотню метраў, такая страла лёгка прабівала дубовую дошку таўшчынёю з палец. Лук даставаў крокаў на 300 - 350. 3 ім паляўнічыя смела хадзілі на буйнога звера, а мімаходзь маглі сцяць гуся, качку або чаплю.

Паляванне служыла гараджанам не забаваю, а важнай часткаю гаспадаркі. Яно падзялялася на мясное (на зуброў, ласёў, аленяў, мядзведзяў, лебедзяў, гусей, цецерукоў) і футравае (на баброў, лісіц, вавёрак, ваўкоў, собаляў, куніц). На звярыных сцежках капалі ямы, ладзілі сілкі. Дзікіх птушак лавілі так званымі перавесамі — нацягнутымі высока над зямлёю сеткамі. Пра багацце нашых лясоў за часам князя Усяслава можна меркаваць па тым, што ў XVI стагоддзі собалі на полацкім рынку яшчэ прадаваліся вязкамі па 40 штук, а гарнастаі — па 250.

Жыхары Полацка аралі вакол горада зямлю, сеялі жыта, ячмень, пшаніцу, авёс, грэчку, гарох, лён. На полацкіх гародах тысячу гадоў таму раслі капуста і рэпа, боб і мак, цыбуля, часнок, кроп. Продкі ведалі смак салёнага агурка і расолу. Прыліплае да дна бочкі агурочнае зернетка археолагі знайшлі ў земляным слоі XIII стагоддзя.

Адзін беларускі паэт напісаў гістарычны раман пра эпоху Чарадзея. Яго героі, паскідаўшы кальчугі, сядзяць вакол вогнішча і цюмраць печаную ў прыску бульбу. Ім можна было б пазайздросціць, каб не адна акалічнасць: бульбу завезлі ў Еўропу з Амерыкі толькі ў XVI стагоддзі, а ў Беларусі наш цяперашні другі хлеб з’явіўся яшчэ гадоў праз дзвесце.

Увесну ў горадзе зацвіталі яблыневыя і вішнёвыя сады. У хлеўчуках рохкалі вепрукі, білі ў драўляныя даёнкі вострыя струменьчыкі сырадою, бляялі авечкі і мэкалі козы. Частка палачанаў кармілася з рыбарства. Рыбу лавілі нератам, брадніком, на кручок, білі восцямі. Калі яна ішла на нераст, на невялікіх рэчках рабілі закалоты: перагароджвалі рэчышча шчытна падагнанымі жардзінамі, а пакінуты праход закрывалі лазовымі мярэжамі.

У прыгарадных лясах ставілі борці. 3 калоды ў добры год бралі колькі карчагаў мёду. Галоўнымі канкурэнтамі бортнікаў былі, вядома, мядзведзі. Борці яны ведалі не горш, чым гаспадары, таму пад кожнаю, каб ласун не здолеў падабрацца да салодзенькага, вакол стаўбура ладзілі шырокі дашчаны шчыт — подкур.

Ласаваліся продкі не толькі мёдам, але і каўрыжкамі, пернікамі з макам, пірагамі з самым розным мясам, ад заечыны да мядзведзіны. Падчас варожае аблогі нядрэнна ішлі і каніна з сабачынай. Між іншым, хрысціянская царква забараняла есці «даўляніну» — мяса звяроў і птушак, што трапілі ў сіло або былі задушаныя сабакам, лоўчым сокалам ці ястрабам і не прырэзаныя чалавечай рукой.

На святочнай бяседзе хадзілі па застоліцы чары варанага перабрадзілага мёду. Пілі таксама мёд, настоены на перцы, прывезенае з поўдня вінаграднае віно, ячменнае піва і квас. Сёмую чару хмельнага зелля лічылі «богаўгнявіцельнай», бо пасля яе чалавекам завалодвалі нячысцікі і пачыналіся сваркі, лаянка і тузанне за валасы. Знаходзіліся, праўда, і тыя, што перабіралі меру. Да нас дайшлі апісанні тагачасных жлуктаў: «Ни се мертв, ни се жив, опухл и аки болван… налився аки мех до гортани, надомся (надзьмуўся) аки бочка, в ругание и посмех дав себе».

Горад любіў і ўмеў гандляваць. На торжышчы прапаноўвалі тавар тутэйшыя рамеснікі і сяляне. Кіеўскія купцы (яны трымаліся ў параўнанні з іншымі трохі фанабэрліва, ды ў Полацку на гэта ніхто не зважаў) прывозілі шкляныя вырабы, белы гліняны посуд з зялёнаю палівай. Яны ж вялі гандаль чарнаморскімі таварамі: віном, аліўкавым алеем, амфарамі. Багатыя гараджане з велікакняжацкага кола спыняліся каля прылаўкаў з візантыйскімі квяцістымі тканінамі, з усходнімі прыправамі і тонкімі шклянымі келіхамі.

Як сведчаць археалагічныя знаходкі, палачанін мог купіць на рынку грэцкія арэхі, грабяні з самшыту, што расце на каўказскіх схілах, сердалікавыя пацеркі з Сярэдняй Азіі. Знайшлі ў Полацку нават ракавінкі малюска каўры, радзіма якога — Індыйскі акіян. Чулася на торжышчы і нямецкая гаворка. 3 Заходняй Еўропы рамеснікі атрымлівалі волава, медзь і цыну. Першае месца ў полацкім імпарце колькі стагоддзяў займала соль, у экспарце — воск і футра.

Праведзеныя з дапамогаю рэнтгенаўскіх мікрааналізатараў даследаванні вырабаў полацкіх кавалёў паказалі, што мясцовае жалеза яны нярэдка спалучалі з якаснай сталлю з вострава Готланд, якая мела падвышанае ўтрыманне нікелю.

Разлічваліся срэбнымі зліткамі — грыўнямі. Грыўня дзялілася на 20 нагатаў або 50 кунаў. Конь, напрыклад, каштаваў дзве-тры грыўні. Плацілі таксама вязкамі футравіны.

Гаворачы пра гандаль, трэба ўспомніць і пра шляхі, па якіх ездзілі купцы ды іншыя падарожнікі.

Галоўнымі дарогамі былі водныя. Паблізу горада па Дзвіне снавалі невялікія выддубаныя чаўны-аднадрэўкі. Са стаўбура вячыстае ліпы тым самым спосабам можна было зрабіць лодку, куды змяшчалася некалькі коней з людзьмі. Ішлі па рацэ важка наладаваныя таварам пласкадонныя стругі. Паўсотні ваяроў з рыштункам падымала ладдзя (яны хадзілі пад ветразем і на вёслах). Вялікія ладдзі з палубай і носам, аздобленым выразанай з дрэва звярынай ці птушынай галавой, зваліся насадамі. У сярэднявеччы на беларускіх рэках сустракаліся піраты, якіх называлі расколамі. (Ці не адтуль пайшло жаргоннае слаўцо «раскалоць»?)

Праз валокі, дзе гандлёвыя караваны пераходзілі з адной рачной сістэмы ў другую, судны перапраўлялі на катках і колах, а невялікія перавозілі на запрэжаных некалькімі конямі калёсах або валакушах. Ездзілі па рэках і на санях, але тыя лёгка беглі адно на пачатку зімы, пакуль завірухі не перагароджвалі ледзяную дарогу сумётамі.

На высокіх берагах і прыбярэжных узлобках усцяж Дзвіны будавалі «глядзені», адкуль вартавы ўдзень і ўначы сачыў ці не набліжаецца вораг. У выпадку небяспекі загараўся сігнальны агонь, які бачылі з суседняга дазору. Ланцужок агнёў хутка дабягаў да горада, і жыхары бралі ў рукі зброю. Адзін з такіх «глядзеняў» стаяў на ўзгорку каля вёскі Падкасцельцы, што ўвайшла цяпер у межы Наваполацка.

Ездзілі не толькі рэкамі. Сухаземныя шляхі вялі з Полацка ў Пскоў, Ноўгарад, Менск… Першымі дарожнымі знакамі былі засечкі на дрэвах, а ўзімку — высокія тычкі з жмутком саломы на макаўцы. Закінутая дарога праз нейкія тры дзесяткі гадоў бясследна знікала.

У далёкае падарожжа купцы выпраўляліся абозамі па дваццаць - сорак падводаў, каб лягчэй было бараніцца ад лясных разбойнікаў. За дзень абоз праходзіў разы ў тры меней, чым княжая дружына. Адлегласць крывічы вызначалі не толькі вёрстамі, але і даўнейшымі, нязвыклымі нам мерамі — пералётам стралы або попрышчам, у якім была тысяча крокаў.

Полацкія купцы мелі сваё ўласнае гандлёвае месца ў Кіеве — «у двора Брячиславля». Да 1159 года адносіцца паведамленне пра пачатак рэгулярнага гандлю Полацка з Брэменам. Разам са смаленскімі калегамі палачане мелі сваё прадстаўніцтва ў Рызе. 3 хронік вядома, што ў 1212 - 1234 гадах там ужо існаваў цэлы «крывіцкі» квартал з праваслаўнай царквой святога Міколы.

Горад за часамі Усяслава рабіўся значным агменем асветы. Княжых і баярскіх дзяцей манахі вучылі дома. Дзейнічала школа пры Сафійскім саборы. Нямала пісьменных людзей сустракалася і сярод простых гараджанаў. Пра гэта, між іншым, кажуць графіці — зробленыя чым-небудзь вострым надпісы на сценах старажытных будынкаў. Адзін наш зямляк у XII стагоддзі такім чынам увекавечыў сваё імя ў кіеўскай Сафіі: «Воинег писал Журягович полочянин».

Малюючы тагачаснае жыццё, нельга не сказаць пра вечавыя сходы, што віравалі побач з Сафійскім саборам. Полацкае веча было ў горадзе другой уладай. Князь узначальваў войска, кіраваў дзяржавай, раздаваў васалам землі з гарадамі. Веча вырашала пытанні вайны і міру, слала пасольствы, вяршыла найвышэйшы суд, ацэньвала дзейнасць князя. Некалі Брачыслаў Ізяславіч прыняў на службу варажскую дружыну Эймунда толькі са згоды вечавога сходу, які пастанавіў даць князю грошы на разлік з наймітамі. Веча мела права запатрабаваць ад уладара адказу за прайграную бітву і нават за перамогу, калі тая каштавала занадта дорага.

Паступова полацкае веча набярэ такую сілу, што пачне само запрашаць князёў на пасад (праўда, абавязкова з роду Рагвалодавічаў) і пазбаўляць іх улады, выганяючы з горада. Пасля Усяслава двоеўладдзе прывяло да таго, што вялікія князі полацкія жылі ўжо не каля муроў Сафіі, а за Дзвіною, у Бельчыцах. Галоўнай асобаю ў дзядзінцы стаў епіскап. Ад яго імя гэтаксама, як і ад імя князя, веча заключала дамовы, іх пячаткамі змацоўваліся дзяржаўныя дакументы. Летапісы паведамляюць, што ўлада ў Полацку ў XII стагоддзі належала трыццаці «мужам», або «старцам». Па сутнасці, Полацкая зямля была баярска-вечавай феадальнай рэспублікай з выбарным манархам.

Мяркуючы па тым, што Усяслаў Брачыславіч валадарыў 57 гадоў, яго дачыненням з вечам мог пазайздросцідь любы князь.

Ніхто на гэтай зямлі не вечны. Мы пачыналі знаёмства з Чарадзеем радкамі «Слова пра паход Ігаравы», імі і закончым. Калі верыць «Слову», прыдворны паэт кіеўскага князя Баян склаў Усяславу такую прыказку:

Hi хітраму, ні спрытнаму, ні чарадзею дасціпнаму суда Божага не мінуць.

Час гэтага суда надышоў для Усяслава ў 1101 годзе. Значнасць яго асобы ў славянскім свеце падкрэслівае надзіва дакладны запіс летапісца: «Памёр Усяслаў, князь полацкі, месяца красавіка на чатырнаццаты дзень, а дзевятай гадзіне дня, у сераду».

У 2007-м у Полацку быў урачыста адкрыты конны помнік найславуцейшаму з Рагвалодавічаў, створаны скулыітарам Аляксандрам Прохаравым. Цяпер палачане мараць пра вуліцу імя Усяслава Чарадзея.

Усяслаў пакінуў на радаводным дрэве полацкіх уладароў магутную галіну. Апрача дачкі, дзякуючы якой у жылах візантыйскіх імператараў бегла крывіцкая кроў ён меў шасцёра сыноў: Барыса-Рагвалода, Давыда, Глеба, Рамана, Святаслава-Георгія і Расціслава.

Адзінай моцнай рукі ў крывічоў ужо не было. Менск, Віцебск, Друцк, Лагойск робяцца сталіцамі ўдзельных княстваў, дзе кіруюць Усяславічы. Той, хто лічыць драбленне старажытнабеларускае дзяржавы праяваю яе слабасці, памыляецца. Падзел на асобныя княствы быў гістарычна непазбежны. Першаю на ўсходзе Еўропы на гэты шлях ступіла Полацкая зямля, што сведчыць пра больш высокую прыступку яе гістарычнага поступу.

Удзельныя княствы далі новы ўсплёск эканамічнага і духоўнага жыцця. Разам з тым падзел Полацкай зямлі зусім не азначаў страты ёю адзінства. У знешняй палітыцы Усяславічы выступалі заадно, хоць у «сямейных» справах іх інтарэсы нярэдка сутыкаліся, і тады брат падымаў меч на брата.

На пасад у Полацку пасля бацькавае смерці сеў старэйшы Чарадзееў сын Барыс-Рагвалод. Падвойныя імёны — тагачасная полацкая традыцыя: адно было спрадвечна славянскае, другое, пераважна грэцкае, давалі пасля хрышчэння.

Названы ў гонар легендарнага Рагвалода полацкі князь у 1102 годзе зрабіў паход на балцкае племя яцвягаў і, перамогшы іх, пабудаваў горад Барысаў.

Пра князя Барыса Усяславіча нагадвае сённяшнім палачанам і турыстам чырванаваты гранітны валун побач з Сафійскім саборам. Паабапал шасціканцовага крыжа можна разабраць высечаныя словы: «ХС. Ника. Ги(Госпадзі) помози рабю своему Борісу». Гэты каштоўны помнік эпіграфікі (навукі, што даследуе старажытныя надпісы) — звыклая частка краявіду Верхняга замка. Не ўсе ўжо і памятаюць, што з’явіўся ён тут усяго нейкіх пару дзесяткаў гадоў таму, а датуль амаль дзевяць стагоддзяў ляжаў за пяць вёрст ад горада ўніз па Дзвіне. У вясновую паводку камень хаваўся глыбока пад вадою, у сухое лета да яго падыходзілі, падкасаўшы порткі.

Жыхары Падкасцельцаў ды іншых вёсак, якія пакрысе паглынуў Наваполацк, называлі валун Барысам Хлебнікам і сцвярджалі, што дасвеццем на ім ляжыць бохан свежага хлеба. Такія аповеды аднойчы натхнілі нас, полацкіх хлапчукоў на начную экспедыцыю. Самае неверагоднае, што ў ранішнім тумане мы сапраўды ўбачылі на Барысе хлебны бохан. Трэба прызнаць, што ён нічым не розніўся з крамным, але таямніца яго з’яўлення так і засталася неразгаданая.

Сямідзесяцітонны камень выцягвалі на бераг і перавозілі з дапамогаю японскай тэхнікі. Некалькі газет адгукнуліся на падзею байкамі пра тое, што, не жадаючы аддаць гарадскую славутасць на ганьбаванне ордам хана Батыя, палачане ў свой час вырашылі ўтапіць Барысаў камень у Дзвіне. Як пасля гэтага продкі без усякай замежнай тэхнікі адвалаклі махіну яшчэ на пяць вёрст, «гісторыкі» маўчалі. Няўцям ім было і тое, што ніякія Батыевы орды пад Полацк ніколі не прыходзілі, як не было ў Беларусі і татара-мангольскага прыгнёту.

Полацкі Барысаў камень — не адзіны. Некалькі валуноў з пісьмёнамі захаваліся ў розных месцах былога Полацкага княства. У мінулым стагоддзі іх было блізу дзесятка, але адны ўзарвалі, другія звезлі. Той, што ляжаў пры левым беразе Дзвіны каля яе сутоку з рэчкай Павянушкай і меў надпіс «Сулиборь хрьст», у 1879 годзе адправілі ў археалагічны музей у Маскву.

У томе III «Живописной России» (Санкт-Пецярбург, 1882 г.) чытаем: «За пяць вёрстаў ад павятовага горада Дзісны, паблізу вёскі Накоўнікі, у Дзвіне, на сярэдзіне ракі, ляжыць шэрага колеру гранітны валун даўжынёю 5 з паловаю сажняў вышынёю 2,3 сажня і ў акружнасці 14 сажняў. На ім высечаны крыж, па баках якога — надпіс: «Господи помози рабу Твоему Борису»… За дзве вярсты ад яго амаль на сярэдзіне дзвінскага рэчышча ляжыць таксама Барысаў камень, памерамі буйнейшы за ўсе іншыя. Вышыня ягоная ад дна 3,5 сажня, даўжыня 5,5 сажня, акружнасць каля 24 сажняў. На пляскатай паверхні яго высечаны шасціканцовы крыж, па абодва бакі надпіс»…

Думкі гісторыкаў пра паходжанне Барысавых камянёў разыходзяцца. Ёсць меркаванне, што да прыняцця хрысціянства валуны былі паганскімі святынямі, і, высякаючы крыжы, полацкі валадар змагаўся супроць старой веры, а адначасна і ўвекавечваў сваё імя. Акадэмік Б. Рыбакоў звязвае з’яўленне князевых просьбаў аб Божай дапамозе са страшэнным голадам 1127 - 1128 гадоў, калі снег ляжаў да траўня, мароз пабіў азіміну, людзі елі мох ды салому і ў суседнім з Полацкам Ноўгарадзе бацькі, каб уратаваць дзяцей ад галоднае смерці, задарма аддавалі іх у рабства.

Мікола Ермаловіч лічыць, што камяні — памяткі вайсковых дзеянняў полацкага князя, які напярэдадні паходаў прасіў ва Усявышняга перамогі. У 1102 годзе Бог паспрыяў яму разбіць яцвягаў, а праз чатыры гады, у паходзе на балцкае племя зямгалаў адвярнуўся ад палачанаў: «Победиша зимегалы Всеславича, всю братью і дружины убиша девять тысяч».

Старэйшы Чарадзееў сын памёр у 1128 годзе. Яго пахавалі ў Барысаглебаўскай царкве ў Бельчыцах. На тых, хто праводзіў Усяславіча ў апошні шлях, пазіралі з цудоўных фрэсак святыя Барыс і Глеб. Размалёўкамі гэтага храма вучоныя захапляліся яшчэ ў дваццатыя гады мінулага стагоддзя. Тады ў Бельчыцах, там, дзе ў сённяшнім Полацку завулак Юбілейны, стаялі сцены або падмуркі чатырох старажытных храмаў. Адзін з іх вельмі нагадваў цэрквы, што будавалі ў раннім сярэднявеччы ў Сербіі ды ў Балгарыі, а таксама ў Афонскім манастыры ў Грэцыі. Пастановаю Полацкага гарсавета комплекс Барысаглебаўскага манастыра ўзарвалі. Уладзе патрэбны быў матэрыял «строить новую жизнь». Разам з архітэктурнымі помнікамі і фрэскамі загінулі пахаванні Рагвалодавічаў у сутарэннях Пятніцкай царквы.

Летапісы не забываюць і астатніх сыноў Чарадзея.

Вядома, што Давыд Усяславіч у 1103 годзе хадзіў з паўднёварускімі князямі на полаўцаў.

У Менску сядзеў князь Глеб, наймацнейшая, здаецца, асоба ў тым пакаленні полацкай дынастыі. Ён, як і Усяслаў, мусіў ваяваць з Уладзімірам Манамахам. Змаганне скончылася для Полацка няўдала. У 1119 годзе Глеб трапіў у кіеўскі поруб, дзе некалі сядзеў у кайданах разам з бацькам. Гісторыя паўтарылася не да канца: паўстанне не вызваліла вязня, вярнуцца на Бацькаўшчыну яму не лёсіла. Калісьці Глеб пабудаваў у Кіева-Пячорскім манастыры трапезную і ахвяраваў манахам 600 грыўняў срэбра і 50 грыўняў золата. Чарнарызцы маліліся за князя, аднак ён падазрона хутка, не праседзеўшы ў порубе і года, сканаў.

Нягледзячы на расправу з менскім гаспадаром, Усяславічы і далей вялі сваю, незалежную ад Кіева палітыку. Як занатавана ў летапісе, «несупынна варагуюць паміж сабою ўнучаты Ізяслава і Яраслава, і меч трымаюць голы, да вайны гатовы».

1127 год адзначаны ў нашай гісторыі вялікім паходам на крывіцкую дзяржаву. Кіеўскі князь з хаўруснікамі наступалі адначасова з чатырох бакоў. Да сталіцы іх войска, праўда, не дайшло — задаволіліся Лагойскам і Заслаўем ды прызнаннем палачанамі вяршэнства Кіева.

Падуладнасць Полацка доўжылася да наступнага года, пакуль вялікі кіеўскі князь Мсціслаў не прыслаў крывічам загаду ісці ў паход на полаўцаў. Усяславічы не проста адмовіліся, а яшчэ і пакпілі з Мсціслава: «Ты с Боняком Шелудяком (зняважлівая мянушка палавецкага хана) здравствуйте оба и управляйтесь сами, а мы имеем дома что делать». Кіеўскі гаспадар «вельми оскорбяся» і адразу пасля вайны з качэўнікамі кінуў супроць нашчадкаў Чарадзея дружыны ўсіх паўднёварускіх земляў. Пяцярых полацкіх князёў ворагам удалося захапіць у палон і завезці ў Кіеў. Пасля паказальнага суда іх з жонкамі і дзецьмі адправілі ў Візантыю. Тады і нарадзілася беларуская прымаўка «Мсціслаў не аднаго сціснуў».

Візантыйскі кесар Іаан, да якога ў 1129 годзе прыбылі выгнаннікі, даводзіўся Рагвалодавічам сваяком, таму высылка была ганаровая. Крывіцкія князі не марнелі ў турмах, а займаліся звыклаю справай. Кесар паслаў іх на вайну з сарацынамі (арабамі), дзе палачане хутка вызначыліся вайсковым майстэрствам і атрымалі ўзнагароды.

Некаторыя сучасныя аўтары, спасылаючыся на неназваныя, на жаль, візантыйскія крыніцы, падаюць непасрэдна звязаную з высылкаю Рагвалодавічаў найцікавейшую гісторыю.

Калі ёй верыць, разам са сваякамі ў Візантыю трапіла ў 1129 годзе і народжаная ў апошнія гады жыцця Усяслава яго дачка Дабрадзея, у хрышчэнні Зоя. Мужчыны-Рагвалодавічы ваявалі, а жанчыны і дзеці засталіся пры імператарскім двары, дзе і адбылася сустрэча Зоі з пляменнікам кесара і спадкаемцам трону Аляксеем. Ён быў на чатыры гады маладзейшы за Усяслаўну, але так захапіўся прыгажосцю і розумам палачанкі, што ўжо праз месяц пасля з’яўлення той у Канстанцінопалі павёў яе пад вянец.

Зоя нарадзіла дачку і, увайшоўшы ў імператарскую сям’ю, выславілася як выдатная лекарка, што ўратавала шмат безнадзейных хворых. Зайздрослівыя калегі і сёй-той з прыдворных спрабавалі абвясціць палачанку «чарадзейкаю», але тая знаходзілася пад надзейнай абаронаю мужа, дзякуючы якому па часе магла стаць імператрыцаю. Ды Аляксей Камнін памёр малады, Усяслаўна не паспела нарадзіць ад яго хлопчыка і ў выніку, паводле тагачасных візантыйскіх законаў была выключаная са спісу прэтэндэнтаў на імператарскі трон. Аплакаўшы мужа, яна не пайшла ў манастыр, а працягвала сваю лекарскую практыку і пакінула пасля сябе кнігу пад назваю «Мазі». Гэта быў першы ў Еўропе медыцынскі трактат, напісаны жанчынай. У ім досвед усходнеславянскай медыцыны спалучаўся з вучэннем вядомага ў тыя часы лекара Феафракта. 3 пяці частак кнігі чытач апрача рэцэптаў мазяў меў магчымасць атрымаць звесткі пра чатыры тыпы чалавечага тэмпераменту, пра лекавы масаж, гігіену шлюбу, догляд за немаўлятамі. Цяпер трактат асвечанай палачанкі нібыта захоўваецца ў бібліятэцы Медычы ў Фларэнцыі.

Пакуль Рагвалодавічы ваявалі з ворагамі Візантыі, кіеўскія намеснікі рабавалі Полацкую зямлю, хадзілі паходамі на яе мірных даннікаў, секлі галовы гуслярам, што адважваліся спяваць пра подзвігі Чарадзея.

Трэці раз у гісторыі рабілася спроба звесці полацкую дынастыю са свету. I зноў — марна. Калі праз дзесяцігоддзе двое братоў Рагвалодавічаў вернуцца з высылкі на Бацькаўшчыну, тая ўжо будзе вызваленая ад захопнікаў. Полацкае веча ў 1132 годзе выганіць з горада кіеўскага стаўленіка Святаполка і абвесціць князем Усяслававага ўнука Васільку, якому нейкім чынам удалося пазбегнуць выгнання.

Спадкаемцы князя-вешчуна ўзбагацілі радавод Рагвалодавічаў шматлікімі атожылкамі.

Князёўна Сафія, дачка князя менскага і полацкага Валадара, у 1157 годзе ўзяла шлюб з каралём Даніі Вальдэмарам I. Яе дзеці сядзелі на дацкім, шведскім і французскім тронах.

Нямала Чарадзеевых нашчадкаў увойдзе ў гісторыю. Але найбольшую славу прынясе Полацку пасля Усяслава яго ўнучка Еўфрасіння. Яна стане нябеснаю апякункаю Беларусі, а ў зямным жыцці будзе найадукаванейшай жанчынаю свайго часу ва ўсёй Еўропе, выдатнай асветніцай, якую параўнаюць з арлом, што, «лунаючы ў небе, праляцеў ад захаду і да ўсходу і, нібы прамень сонечны, прасвятліў зямлю Полацкую».

АСВЕТНІЦА 3 РОДУ УСЯСЛАВА

Дзяўчынцы, што нарадзілася ў сям’і князя Святаслава-Георгія і княгіні Сафіі, далі старажытнае полацкае імя Прадслава. Так звалі яшчэ бабулю ганарлівай Рагнеды. Паводле тагачаснага звычаю, атрыманае адразу па нараджэнні імя пасля хрышчэння магло змяніцца, але маленькая князёўна засталася Прадславаю.

Яна з маленства чула паданні пра дзеда, пра Рагнеду-Гарыславу ды іншых славутых продкаў, чыё жыццё прайшло пад знакам адданасці Полацку. Пра іх апавядалі і запрошаныя бацькам настаўнікі — адукаваныя манахі, якія хутка навучылі Усяслававу ўнучку чытаць і пісаць. Падручнікамі служылі Святое Пісанне, жыццяпісы святых…

Прыйдзе час, і сама яна зробіцца гераіняю жыція — апісання зямнога шляху і духоўных подзвігаў святой. Створыць яго ў канцы XII стагоддзя ў Полацку невядомы аўтар, манах ці ігумен аднаго з манастыроў.

Найкаштоўнейшы помнік старажытнабеларускае літаратуры «Жыціе Еўфрасінні Полацкай» дойдзе да нас болей як у сотні спісаў і будзе галоўнай крыніцаю біяграфічных звестак пра знакамітую палачанку.

Навука давалася Прадславе значна лягчэй, чым яе аднагодкам. Княжая дачка з малых гадоў вызначалася любасцю да кніжнага слова. У бацькоўскім доме апрача царкоўных кніг яна чытала «Ізборнікі» з выслоўямі і афарызмамі, «Александрыю» — перакладзены з грэцкае мовы раман аб подзвігах Аляксандра Македонскага, вострасюжэтную «Аповесць пра Акіру Прамудрага». 3 кожным годам кнігі, над якімі заседжвалася дзяўчынка ў сваёй святліцы, рабіліся больш глыбокімі і мудрымі.

Дзяцінства князёўны праходзіла, вядома, не толькі ў бацькавым хораме. Яе вабіла шматгалосае і шматмоўнае торжышча, дзе можна было пачуць гусляра, убачыць «вясёлых людзей» — скамарохаў. На пасадзе Прадслава заходзіла да гандляроў і рамеснікаў. Пасля цесных хацін простага люду асабліва ўражвалі полацкія храмы і найперш Сафійскі сабор з яго дзівоснымі фрэскамі.

Ад карміцелькі, нянек, ад маці яна чула абрадавыя песні, замовы і заклёны. Як мы памятаем, дваяверства існавала на Полаччыне нават у княжым асяроддзі. Значыцца, Прадслава добра ведала паганскіх багоў. Яе юныя гады немагчыма ўявіць без гуканняў вясны, русалляў, Купалляў і Калядаў.

У тыя часы дзяцінства было карацейшае, чым сёння. Мінулася княжай дачцэ дванаццаць гадоў — трэба збірацца замуж. Пагатоў слава аб Прадславіных прыгажосці і розуме разнеслася «па ўсіх гарадах», і ў Полацк зачасцілі сваты.

Аднаго разу князь Святаслаў падняўся ў даччыну святліцу і загаварыў пра замужжа.

— Нявеста ты ўжо ў нас, князёўна.

— Гадамі — нявеста, — адказала Прадслава.

— Ці, можа, князі табе не па сэрцы?

— Не па сэрцы.

— Можа, непрыгожыя?

— Прыгожыя, дык неразумныя.

— А калі і гожыя, і разумныя? — пытаўся князь.

— Дык душою слабыя.

— Забудзеш пра гэта сярод забаваў і весялосці…

— Ведаю з кніг, што пасля забаваў будзе… Першая забава — срэбралюбства. Чым болей багацця, тым сквапнейшае ды падлейшае робіцца любое стварэнне. Ад другой забавы абвісае цела, крывяцца косці, хвароба ў нутро запаўзае. Гэтая забава завецца дагаджэнне чэраву. Ад трэцяе забавы траціць чалавек розум свой, забівае ў лютасці такога, як сам. Гэтая забава завецца блуд.

Князь глядзеў на дачку ўражана.

— Хіба ж няма ўцехі ў тым, каб княжычаў нарадзіць?

— Нараджаюцца княжычы, і ўсобіцы крывавыя між імі нараджаюцца, — сказала дзяўчынка.

— Што табе да мужчынскіх усобіц? Жыві за князем сваім, дзяцей гадуй.

— На меч упадзе мой князь, а дзяцей браты заб’юць.

— Дзе ж знойдзеш долю сваю, калі не за мужам?

— Ува мне доля мая.

— Як жа адна, без абароны мужавай жыць думаеш?

— Як трава без абароны расце…

— У каго ж розуму вучыцца будзеш, як не ў мужа?

— У кніг, што мудрасць сабралі, як пчолы мёд.

— Дзе ж сям’я твая будзе?

— Увесь свет — сям’я мая…

Так ці іначай адбывалася тая размова, але бацькі вырашылі выдаць Прадславу за сына нейкага багатага валадара. Княгіня Сафія рыхтавала пасаг, князь Святаслаў прыкідваў выгоды ад шлюбу. Яны яшчэ не ведалі, што дачка цвёрда выбрала іншую пуцявіну.

«Святым Духам напоўніўся розум яе, — гаворыцца ў «Жыціі», — і сказала сабе: «Што будзе, калі надумае бацька аддаць мяне замуж? Калі здарыцца так, смутку гэтага свету нельга будзе пазбыцца!» I яшчэ сказала сабе: «Што ж паспелі роды нашыя, якія былі да нас? Жаніліся і выходзілі замуж, і княжылі, але не вечна жылі; жыццё іх праплыло, і загінула слава іхняя, быццам прах, горай за павуцінне. Затое жанчыны, што жылі раней і, узяўшы моц мужчынскую, целы свае аддалі на пакуты, і паклалі галовы пад меч, а іншыя хоць і не схілілі шыі свае пад жалеза, але мячом духоўным адсеклі плоцкія асалоды — тых памятаюць на зямлі…»»[3]

Найпадобнейшая Еўфрасіння, ігумення Полацкая. Помнік у Полацку.

Прадслава прыходзіць у манастыр.

Удава князя Рамана Усяславіча, якая была ігуменняй, выслухала пляменніцу і, гледзячы на яе хараство, скрозь слёзы прамовіла: «Дзіця! Як магу я такое ўчыніць! Твой бацька даведаецца і гнеў свой абрыне на маю галаву. Ды і маладая ты яшчэ векам несці цяжар манаскага жыцця. I як здолееш ты пакінуць княжанне і славу гэтага свету?»

Але князёўна дамаглася свайго і пад імем Еўфрасінні таемна ад бацькоў прыняла пострыг, каб прысвяціць жыццё духоўнаму ўдасканаленню. Беларускі даследчык «Жыція» Аляксей Мельнікаў лічыць, што здарылася гэта найверагодней 25 верасня, удзень святой Еўфрасінні Александрыйскай.

Князь Святаслаў ад гора рваў на галаве валасы, а княгіня Сафія галасіла па дачцэ, як па нябожчыцы. Гэта было першае і вельмі цяжкае выпрабаванне юнай Хрыстовай нявесты.

Прыход Прадславы ў манастыр і звязаныя з гэтым акалічнасці даюць магчымасць удакладніць дату яе нараджэння.

3 «Жыція» вынікае, што пострыг адбыўся, калі будучай асветніцы было дванаццаць гадоў. Князь Раман, чыя ўдава кіравала манастыром, памёр каля 1116 года (па іншых звестках — у 1113 г.). Толькі пасля гэтага Прадславіна цётка магла зрабіцца ігуменняю. Значыцца, князь Святаслаў-Георгі з княгіняю Сафіяй спраўлялі даччыны радзіны не раней за 1104 або 1101 год.

Пакладзіце перад сабою таўшчэзныя тамы «Всемирной истории», пагартайце энцыклапедыі ды паспрабуйце знайсці ў Еўропе XII стагоддзя жанчыну, якую адукаванасцю і ўсім, зробленым дзеля асветы свайго народа, можна паставіць побач з Еўфрасінняй. Не ведаю, што атрымаецца ў вас, а мяне такія пошукі пераканалі: Усяславава ўнучка ў той эпосе не мела роўных сабе і ў славянскім свеце, і на ўсім еўрапейскім кантыненце.

Яна не сканчвала універсітэтаў. Па-першае, жанчын у сярэднявечныя універсітэты не прымалі. Па-другое, калі Прадслава нарадзілася, у Еўропе, здаецца, была ўсяго адна альмаматэр — у Балонні. У Парыжы і Оксфардзе яны адчыняцца пазней.

Еўфрасінніным універсітэтам была тагачасная літаратура.

Сярод кніг, якія перакладалі і перапісвалі, прыехаўшы на ўсход славянства, візантыйскія святары ды іх мясцовыя паслядоўнікі, большасць складалі, вядома, царкоўныя творы. Але ў княжыя палацы і ў манастыры траплялі таксама хронікі, гістарычныя аповесці, прыродазнаўчыя трактаты.

Маладая манашка змагла цалкам аддацца кнігам. Апрача Бібліі яна чытала творы рымскіх і візантыйскіх багасловаў, якіх называюць айцамі царквы. У полацкіх кнігазборах былі творы выдатнага хрысціянскага прапаведніка Іаана Залатаслова, што вобразна выкрываў чалавечыя заганы і навучаў чытачоў дабрачыннасці. Той самай мэце служылі пацерыкі — зборнікі кароткіх апавяданняў пра людзей, слаўных сваёй вераю. 3 іх старонак паўставаў фантастычны, поўны дзівосаў свет, дзе за людскія душы зацята змагаліся сілы дабра і зла. Пра будучыню гэтага свету і чалавечы лёс пасля смерці апавядала апакрыфічная кніга «Блуканне Багародзіцы па пакутах». Яшчэ за князем Ізяславам у Полацк маглі трапіць кнігі славянскіх асветнікаў Кірылы і Мяфодзія, вядомыя з апісання бібліятэкі Сафійскага сабора, што было зробленае ў XVI стагоддзі.

Полацкая зямля прыняла хрысціянства да яго афіцыйнага падзелу на заходнюю і ўсходнюю плыні, які адбыўся ў 1054 годзе. Хрысціўшыся паводле грэцкага абраду, нашы продкі не адчувалі варожасці і да вернікаў-лацінцаў. У часы Еўфрасінні ў Полацкім княстве пашыраліся жыціі рымскіх святых. Асаблівую папулярнасць з іх меў жыццяпіс Аляксея, чалавека Божага. «Родам рымлянін» быў адзін з першых беларускіх святых Меркур Смаленскі. Высакародны дух павагі да людзей іншае веры палачане захаваюць на працягу стагоддзяў.

Кожны адукаваны чалавек эпохі мусіў ведаць гісторыю свайго народа. Еўфрасіння вывучала Нестараву «Аповесць мінулых гадоў», візантыйскія летапісы. «Хроніка» Георгія Амартола, напрыклад, пачыналася ад стварэння свету, выкладала гісторыю вавілонскіх і персідскіх цароў, апавядала пра рымскіх і канстанцінопальскіх імператараў. Яе дапаўняла напісаная займальна і немудрагеліста «Хроніка» Іаана Малалы. Яна знаёміла з антычнымі міфамі і падзеямі Траянскай вайны, з жыццяпісамі Ромула і Рэма. Гэтую кнігу можна назваць тагачасным бестселерам, які ахвотна бралі ў рукі і свецкія, і духоўныя асобы. На старонках хронік змяшчаліся мініяцюры з сусветнай гісторыі — «Вывяржэнне Везувія», «Разбурэнне рымлянамі Ерусаліма»…

Еўфрасіння чытала так званыя «Шасцідзёны». Яны тлумачылі біблійны аповед, як за шэсць дзён (адсюль назва) Бог стварыў неба, зямлю, свяцілы, расліны, жывых істот і чалавека. «Шасцідзёны» былі зводамі ўсіх вядомых візантыйскай навуцы звестак пра жывую і нежывую прыроду. Навуковы характар мела і кніга «Фізіялог». Тут гаворка ішла пераважна пра жывыя стварэнні, сярод якіх побач з добра знаёмымі чытачу звярамі і птушкамі сустракаліся даволі рэдкія ў Прыдзвінні кентаўры і сірэны або неўміручая птушка Фенікс. «Фізіялог» апавядаў пра звычкі нейкай істоты і даваў іх сімвалічнае тлумачэнне, абавязкова звязанае з хрысціянскім светапоглядам. Еўфрасіння магла, напрыклад, даведацца, што львіца нараджае нежывое дзіцянё, а потым, праз тры дні, бацька, дыхнуўшы на львяня, ажыўляе яго (намёк на ўваскрэсенне Хрыста).

Зямля ў тыя часы была плоская, над ёю падымалася складзенае з вады нябеснае скляпенне. Над гэтым небам існавала яшчэ адно — нябачнае, дзе адмысловыя анёлы кіравалі рухам свяцілаў. Такую карціну светабудовы прапаноўвала «Хрысціянская тапаграфія» Касмы Індыкаплова. Не трэба паблажліва ўсміхацца. Побач з уяўленнямі, што здаюцца нам наіўнымі, тыя кнігі сцвярджалі ідэі, да глыбокага разумення якіх некаторыя з нас, магчыма, яшчэ не дараслі. Чалавека яны называлі «мікракосмасам» (малым сусветам), прыроду — космасам з прыдомкам «макра». Два сусветы мусілі існаваць у адзінстве і суладнасці. На прыроду Еўфрасіння і яе сучаснікі глядзелі, як на велічны храм, дзе чалавек здзяйсняе сваё творчае служэнне.

Да рук князёўны-манашкі траплялі трактаты, што пярэчылі афіцыйным багаслоўскім поглядам. Візантыйскі філосаф і пісьменнік Міхаіл Псел высмейваў веру ў дзівосы, даводзіў што кожная з’ява прыроды мае натуральную прычыну. Яго вучань Іаан Італ лічыў матэрыю вечнай і сумняваўся ў пасмяротным існаванні душы. На загад, магчыма, жанатага з цёткаю Еўфрасінні візантыйскага імператара Аляксея Камніна вучэнне гэтага філосафа аддаў анафеме царкоўны сабор. Полацкая кніжніца магла чытаць таксама працы Арыстоцеля і Платона, знаўцам якіх быў яе сучаснік, а можа, і знаёмы, пісьменнік і царкоўны дзеяч Клімент Смаляціч.

Пражыўшы колькі гадоў у манастырскай слабодцы, князёўна — каб быць бліжэй да бібліятэкі — папрасіла ў полацкага епіскапа Іллі дазволу пасяліцца ў Сафійскім саборы. Там, у келлі-галубніцы, як паведамляе «Жыціе», яна «нача книгы писати своими руками».

Працэс пісьма быў тады надзвычай складаны і марудны. Пісалі на пергамене ўставам — буйным і прамым, без нахілу, почыркам, у якім кожная літара аддзялялася ад суседняй. (Злітнае пісьмо з’явіцца толькі ў XV стагоддзі.) Каб тэкст хутчэй высыхаў, яго прысыпалі пяском. Атрамант рабілі з адмысловых гарэхаў, з адвару дубовай ці альховай кары, з жалезнай іржы, вішнёвага клею. Перапісчыку мала добра ведаць грамату — неабходна мець мастацкія здольнасці, бо пачатковыя літары і загалоўкі раздзелаў трэба аздабляць жывёльным ці раслінным арнаментам.

На маю думку, лепей за ўсіх гісторыкаў сказаў пра беларускіх майстроў гэтага мастацтва Максім Багдановіч:

На чыстым аркушу, прад вузенькім вакном, Прыгожа літары выводзіць ён пяром, Устаўляючы паміж іх чорнымі радамі Чырвоную страку; усякімі цвятамі, Рознакалёрнымі галоўкамі звяроў І птах нявіданных, спляценнем завіткоў Ён пакрашае скрозь — даволі ёсць знароўкі — Свае шматфарбныя застаўкі і канцоўкі, I загалоўкі ўсе, — няма куды спяшыць! Парой ён спыніцца, каб лепей завастрыць Пяро гусінае, і гляне: светла сонца Стаўпамі падае праз вузкае ваконца І круціцца ў іх прыгожы, лёгкі пыл, Як сіняваты дым нявідзімых кадзіл…

Дадам да паэтавых слоў хіба адно: гэта была нялёгкая фізічная праца, і ёю займаліся толькі мужчыны. Перапісчык часта пісаў не на стале, а на далоні левай рукі, якую ўпіраў локцем у калена. I так — доўгія гадзіны, напружваючы зрок, не дазваляючы руцэ здрыгануцца. Ужо тое, што за такую цяжкую справу ўзялася маладая жанчына, было подзвігам.

Праца перапісчыкаў цанілася настолькі высока, што царква абяцала ім адпушчэнне шмат якіх грахоў. Існуе паданне, як адна-адзіная кніга, а дакладней — адна літара з яе, выратавала манаха ад вечных пакутаў у пекле. Манах быў нібыта заўзяты грэшнік і на Божым судзе ні на што добрае не спадзяваўся. I вось, калі анёлы падлічылі перапісаныя чарнарызцам літары і ўчыненыя ім грахі, літар — о дзіва! — аказалася на адну болей, і шчаслівая душа ўзляцела ў рай.

Якія ж кнігі ад дзянніцы да першай вечаровай зоркі перапісвала Еўфрасіння ў сафійскай галубніцы? Святое Пісанне і творы айцоў царквы, пацерыкі і жыціі. Пяро асветніцы выводзіла радкі візантыйскіх хронік і Полацкага летапісу; папулярных тады зборнікаў афарызмаў. Яна пісала ўласныя творы — малітвы, павучанні, а яшчэ перакладала з грэцкай і лацінскай моваў, вяла ліставанне з Візантыяй, а магчыма, і са сваімі суайчыннікамі і братамі па духу Кліментам Смаляцічам і Кірылам Тураўскім, славутым майстрам прамоўніцкае прозы, якога называлі другім Іаанам Залатасловам. Частка Еўфрасінніных кніг ішла на продаж, а атрыманыя грошы згодна з яе просьбаю раздавалі бедным.

Гледзячы ў хвіліны адпачынку на шырокую і нястрымную дзвінскую плынь, маладая манашка марыла пра час, калі перапісваннем кніг будуць займацца ў Полацку не адзінкі, а дзесяткі пісьменных людзей.

«Жыціе» апавядае, што аднойчы ў сне анёл узяў Еўфрасінню за руку і адвёў за дзве вярсты ад горада ў Сяльцо, дзе на беразе Палаты стаялі драўляная царква Спаса і мураваны храм-пахавальня полацкіх епіскапаў. На тым месцы нябесны госць прамовіў: «Тут належыць быць табе!»

Сон паўтарыўся тройчы.

Тае самае начы нешта падобнае снілася нібыта і полацкаму епіскапу: анёл загадаў яму ўвесці рабу Божую Еўфрасінню ў Спасаўскую цэркаўку. Уладыка пачуў прароцтва пра богаабранасць князёўны, якую чакалі святое жыццё і царства нябеснае.

Паклікаўшы дзядзьку Еўфрасінні, полацкага князя Барыса, яе бацьку Святаслава і знаных палачанаў, епіскап Ілля абвясціў чарніцы, што аддае ёй Сяльцо. Тая памалілася ў Сафійскім саборы і выправілася на паказанае анёлам месца.

У царкве Спаса яна звярнулася да Усявышняга з такімі словамі: «Ты, Госпадзе, даючы святым сваім апосталам запавет, наказаў не насіць з сабою нічога, акрамя посаха. Я ж, слухаючыся слова Твайго, прыйшла сюды, нічога не ўзяўшы, маючы ў сабе толькі слова Тваё… Аз багацця ёсць у мяне адно гэтыя кнігі, з якіх мае ўцеху душа і ўзвесяляецца сэрца…»

У Сяльцы Еўфрасіння заснавала жаночы манастыр. Здарылася тое за жыццём Барыса Усяславіча, значыцца, не пазней 1128 года, калі князь памёр. Неўзабаве пры новай царкве Багародзіцы Чарадзеева ўнучка стварае яшчэ адзін манастыр — мужчынскі. Гэта зноў подзвіг: на пачатку XII стагоддзя такія цвярдыні Хрыстовага вучэння на ўсходнеславянскіх землях можна было злічыць на пальцах.

Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр без вялікага клопату знойдзе ў Полацку любы падарожнік. Ад Багародзіцкага ж аніякіх слядоў не захавалася. Праўда, тады была завядзёнка будаваць загарадныя жаночыя і мужчынскія манастыры ў блізкім суседстве, каб у выпадку небяспекі манахі баранілі абедзве Божыя цвярдыні. Таму гісторыкі мяркуюць, што манастыр Багародзіды стаяў прыкладна на тым месцы, дзе пазней з’явіўся касцёл святога Ксаверыя, пра які нагадваюць цяпер сваёй назваю полацкія Ксавер’еўскія могілкі.

У манастырах Еўфрасіння адчыніла майстэрні для перапісвання кніг — скрыпторыі. Адзін майстар рабіў тут каляровыя ініцыялы, другі — мініяцюры, трэці — пераплёты. Калі ўзнікала патрэба перапісаць кнігу хутчэй, яе дзялілі на колькі частак. Са скрыпторыяў кнігі разыходзіліся па ўсёй Полацкай зямлі і за яе межы.

Каб аздобіць полацкія храмы абразамі, Еўфрасіння стварыла таксама іканапісную майстэрню.

Людзей без навукі літаратура ХІІ стагоддзя часта параўноўвала з бяскрылымі птушкамі: як такі птах не здольны падняцца ў неба, так і чалавек не дасягне без кніг «совершенна разума».

Дзеці ў тагачасных школах вучыліся чытанню, пісьму, «цыфіры» і царкоўным спевам. Першымі падручнікамі былі царкоўныя кнігі — Псалтыр, Часаслоў, Апостал.

Так дзятва пачынала адольваць грамату і ў школах, адчыненых Еўфрасінняю. Аднак высокаадукаваная ігумення пашырыла межы звычайнае праграмы. Апрача царкоўнаславянскае, юныя палачане вучылі грэцкую і лацінскую мовы, атрымлівалі веды з прыродазнаўства і медыцыны, з навукі красамоўства — рыторыкі. 3 найбольш здатнымі праводзіліся заняткі па паэтыцы. Падручнікам мог служыць трактат «Об образех», які (у тым ліку на прыкладах з гамераўскіх «Іліяды» і «Адысеі») даваў уяўленне пра алегорыі, гіпербалы, метафары. Вялікая ўвага надавалася гісторыі. Вучні мусілі ведаць радавод полацкай дынастыі, важныя падзеі з мінуўшчыны княства і ўсяго ўсходняга славянства.

Аўтару «Жыція» Еўфрасінні Полацкай, напэўна, пашчасціла быць сярод тых, хто атрымліваў ад яе выдатныя ўрокі красамоўства. Дзякуючы яму мы таксама маем магчымасць ацаніць літаратурны і прамоўніцкі талент асветніцы: «Вось сабрала вас, нібы птушанятаў пад крылы свае і на пашы, нібы авечак, каб вы пасвіліся ў Божых наказах. А я з лёгкім сэрцам стараюся вучыць вас, бачачы плён вашае працы, і дождж вучэння на вас праліваю! Але ж вашыя нівы стаяць, не ўзыходзячы і не ўзрастаючы ўгору, а год ужо завяршаецца, і лапата ляжыць на гумне. I баюся, што будзеце вы пустазеллем, і аддадуць вас агню непагаснаму. Пастарайцеся ж, дзеці мае, пазбегнуць яго, і зрабіцеся пшаніцаю чыстай, і змяліцеся ў жорнах уміронасцю, малітвамі і постам, каб чыстым хлебам прынесціся на трапезу Хрыстову!»

Памочніцамі і апораю Еўфрасінні былі сёстры: родная Гардзіслава (у манастве Еўдакія) і стрыечная Звеніслава (Еўпраксія).

За манастырскія сцены яны трапілі па-рознаму.

Маладая ігумення папрасіла бацьку прыслаць да яе малодшую сястру ў навучанне грамаце, а потым таемна пастрыгла здольную вучаніцу ў манашкі. Бацька прыехаў у Сяльцо, горка плачучы, абдымаў Гардзіславу і ніяк не хацеў аддаваць Богу другую сваю дачку. «Жыціе» захавала словы князя, якія сведчаць пра глыбіню яго роспачы: «Дзеці мае! Ці ж дзеля гэтага вас нарадзіў я, ці ж на тое ўзгадавала вас маці? Дзеля чаго шлюб вам рыхтаваў? Няўжо шлюбныя ўборы ператворацца ў гора маё?»

Звеніслава прыйшла да сястры сама і ахвяравала храму Спаса свой багаты пасаг з каштоўных камянёў і залатога начыння. Еўфрасіння і Еўпраксія былі асабліва блізкія між сабою — «яко едина душа въ двою телесу».

Заўважым, што, у адрозненне ад сясцёр — Прадславы і Гардзіславы, бацька якіх не наследаваў полацкага пасаду, Звеніслава была дачкою старэйшага Усяслававага сына Барыса і мела высокія шанцы на выгодны шлюб. Аднак прывесці яе ў манастыр магло не толькі жаданне ахвяравацца Хрысту, але і важная вонкавая прычына — імкненне пазбегнуць (разам з іншымі Рагвалодавічамі) высылкі ў Візантыю.

Тры сястры заставаліся разам усё далейшае жыццё. Еўпраксію асветніца абрала спадарожніцаю, выпраўляючыся ў канцы зямнога шляху ў Ерусалім. Роднай сястры, пакідаючы Полацк, яна даручыла «ўладарыць і кіраваць абодвума манастырамі». Пазней Еўдакія заняла месца ігуменні і працягвала асветніцкую дзейнасць сваёй настаўніцы.

Перад ад’ездам у Святую Зямлю Еўфрасіння насуперак волі бацькоў зрабіла Хрыстовымі нявестамі дачок свайго ўлюбёнага брата Вячаслава Вольгу і Кірыяну. Не трэба вінавацідь асветніцу ў неміласэрнасці. Такіх учынкаў вымагаў ад полацкай ігуменні клопат пра будучыню яе справы. «Жыціе» сцвярджае, што князёўна мела ад Бога дар: зірнуўшы на кагосьці, адразу бачыла, ці ёсць у ім дабрадзейны дух і ці можа гэты чалавек быць Хрыстовым абраннікам.

Цягам стагоддзяў заснаваны Еўфрасінняю Спасаўскі манастыр перажываў і ўзвышэнні, і поўны заняпад. У некаторых расійскіх аўтараў вы прачытаеце, нібыта чарніцы пакінулі свой прыстанак у дні Батыевага нашэсця. Яшчэ раз успомнім, што Беларусь гэтае навалы не зведала і ў ганебную залежнасць ад татараў ніколі не трапляла.

Забягаючы наперад, зазначу, што сапраўды цяжкія выпрабаванні напаткалі манастыр, калі Масковія распачала настойлівыя спробы захапіць беларускія землі. У 1563 годзе на Полацк насоўваліся орды Івана Жахлівага. Начутыя пра звярыную жорсткасць цара манашкі з плачам развіталіся са сваім домам. Яны ўжо не вярнуліся туды ні ў гады маскоўскае акупацыі, ні пасля выгнання захопнікаў у 1579 годзе каралём і вялікім князем літоўскім Сцяпанам Батурам, які перадаў Спасаўскі манастыр ордэну езуітаў.

У1654 годзе Полацк зноў заняло расійскае войска. Праз два гады туды прыехаў цар Аляксей Міхайлавіч, які «ходил в Спасской монастырь, что бывал девичей монастырь благоверной великой княжны Евфросинии Полоцкой. Того ж месяца июля в 9 день было священие церкви Преображение Спасово».

Хутка горад паводле Андрусаўскага міру быў вернуты Рэчы Паспалітай. Вярнуліся ў манастыр і айцы-езуіты. Яны заставаліся тут гаспадарамі і пасля захопу Беларусі Расіяй у канцы XVIII стагоддзя, да самага выгнання езуітаў з царскай імперыі ў 1820 годзе. Да 1832 года манастыр належаў каталіцкаму ордэну піяраў а потым улады перадалі яго праваслаўным.

Адноўленую ў 1840-м Еўфрасіннеўскую Божую цвярдыню з прычыны яе старажытнасці прылічылі да «першакласных» расійскіх манастыроў. Пры манастыры стварылі жаночае вучылішча, многія выпускніцы якога сталі народнымі настаўніцамі.

У дзяржаўным архіве Віцебскай вобласці захоўваецца акт абследавання Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, складзены 15 жніўня 1920 года полацкай камісіяй аховы помнікаў старасвеччыны і мастацтва: «Древняя церковь византийско-белорусского зодчества… находится под угрозой разрушения; купол в нескольких местах пробит осколками снарядов, вследствие чего внутрь проникает дождь и стенная живопись в некоторых местах повреждена… Самые дорогие и интересные в историко-археологическом отношении предметы, как то известный крест Евфросиньи, старинные иконы, ковчег с древними крестиками и т. д., в 1915 году были эвакуированы из Полоцка и находятся в настоящее время в Ростове Ярославской губ., где они, может быть, частью расхищены, а частью портятся в ящиках… При осмотре маленькой часовни, построенной на холме в восточной стороне монастыря, в подвальном помещении обнаружена кладка из древних кирпичей вперемешку с новыми, заметны следы двустворчатых ниш. Почва холма имеет массу кирпичей и известки, так что следует предположить, что в этом холме могут быть обнаружены следы старинной церкви или усыпальницы полоцких князей. В этом холме, по рассказам монахинь, найдены два черепа: один — с кинжалом в нем, а другой — наполненный свинцом. В настоящее время сохранился лишь второй, который был осмотрен комиссией».

Зачынены бязбожнаю ўладай у 1928 годзе (тады ў ім налічвалася блізу 250 чарніц), манастыр аднавіў жыццё падчас нямецкае акупацыі. У паваенныя гады размешчаная паблізу вайсковая частка пачала браць з манашак… кватэрную плату. У 1960-м улада зноў павесіла свае пудовыя замкі, а сясцёр вывезлі ў Жыровіцкі мужчынскі (!) манастыр пад Слонімам. Ігумення Еляўферыя Новікава звярнулася да ўладаў з гнеўным словам, дзе гаварылася, што «пастановы пра закрыццё цэркваў нагадваюць часы Нерона, а таксама Напалеона, які ставіў у храмах коней». Ад «цёмнай манашкі» проста адмахнуліся. У Крыжаўзвіжанскім манастырскім саборы навакольныя жыхары парабілі свінухі.

Колькі чарніц адмовіліся пакінуць Полацк і назаўсёды пасяліліся ва ўспамінах майго дзяцінства. Маўклівыя, сухенькія, з нейкімі надзіва вялікімі вачыма, яны здаваліся нам істотамі з іншага, загадкавага, але чамусьці нястрашнага свету. Часам яны растулялі сурова падцятыя вусны і згадвалі якуюсьці маці Еўфрасінню і Бога, пра якога мы, хлапчукі, дакладна ведалі, што яго няма. Здавалася б, мы павінны былі дражніць гэтых амаль бесцялесных істотаў у чорным адзенні ды здзекавацца з іх, аднак за маёй памяццю такога ніколі не здаралася. Без іх, як і без зруйнаванага потым Мікалаеўскага сабора, я не магу ўявіць Полацка канца 1950-х - пачатку 1960-х гадоў.

Не ведаю, як склаўся лёс тых трох ці чатырох паслядоўніц святой Еўфрасінні. Магчыма, іх вывезлі з горада пад прымусам. Магчыма, яны дажылі ў жыровіцкіх келлях да новага адраджэння Спасаўскага манастыра, што пачалося ў 1990 годзе.

Полацкае княства паспяхова адстойвала незалежнасць ад Кіева. Апроч палітычных і эканамічных выгодаў гэта давала творчую свабоду дойлідам, жывапісцам, ювелірам, ад якіх ніхто не вымагаў абавязкова арыентавацца на кіеўскія ўзоры. Полацкае княства — не толькі першая беларуская дзяржава, але і калыска нашае культуры. Еўфрасіння была сярод рупных выхавальнікаў гэтага «дзіцяці». Нястомна збіраючы вакол сябе таленты, яна стала нашай першаю мецэнаткай.

Высокі ўзлёт полацкай школы дойлідства засведчыла стварэнне Спасаўскай, або Спаса-Праабражэнскай (цяпер яе часта не зусім правільна называюць Спаса-Еўфрасіннеўскай) царквы — неацэннага помніка сусветнай культуры.

3 чым параўнаць яе бялюткае дзіва? 3 лілеяй у цёплай завоіне блізкай Палаты? 3 казачнай птушкаю на зялёным поплаве? 3 журботна-светлай мелодыяй?.. А як выказаць словамі стан душы, якая тут нібыта выпростваецца і замірае, рыхтуючыся дакрануцца да Вечнасці?

Спасаўскі сабор, узведзены за 30 тыдняў дойлідам Іаанам. Рэканструкцыя.

А цяпер крыху фантазіі.

Бачыце ўжо немаладога станістага чалавека ў простай манаскай рызе, што ідзе сюды ад ракі скрозь смугу часу? Адкрыты абсівераны твар, сінія вочы з вугольчыкамі апантанасці, драбок будаўнічай рошчыны ў даўгіх жарых валасах. Пячатка вялікага клопату ляжыць на ўсім абліччы Іаана — полацкага манаха, кіраўніка арцелі муляраў, геніяльнага дойліда. Ён ужо збудаваў цэрквы Параскевы-Пятніцы ды Барыса і Глеба ў Бельчыцах. I вось стварае іншы, зусім непадобны да ранейшых храм.

Колькі разоў ён сніўся Іаану, змушаючы прахоплівацца сярод ночы і доўга ўглядацца ў цямрэчу манастырскае келлі!

Паводле «Жыція», дойлід няраз чуў на досвітку таямнічы голас, што клікаў яго на будоўлю сабора ў гонар Спаса — Хрыста-Збавіцеля. «I аднойчы падняўся ён, і прыйшоў да Еўфрасінні, і сказаў ёй: «Ці не ты, маці, пасылаеш па мяне?» Аяна адказала: «Не». Але, падумаўшы, кажа яму шчасная тая жанчына: «Нават калі і не я цябе абуджаю, усё адно паслухай шчыра і ўважліва таго, хто кліча цябе на чын…» Пасля ж гэтага паставіла Еўфрасіння царкву мураваную святога Спаса, і збудавалі тую царкву за трыццаць тыдняў».

Заўтра храм вырвецца з павуціны рыштаванняў як вылятае з вопрадня матылёк, і адкрыецца воку ва ўсёй сваёй прыгажосці. А пакуль Іаан яшчэ раз уважліва аглядае лёгка ўзнесены ў неба фасад, трох’ярусныя закамары з какошнікамі[4], купал-шалом. Заходняя сцяна таўсцейшая за астатнія. Па зробленых у ёй сходах дойлід падымаецца на хоры. Паабапал іх дзве вузенькія келлі: правая, калі стаць тварам да алтара, — Еўфрасінніна, левая — яе сястры Еўдакіі. У сярэдзіне царква здаецца значна вышэйшай, чым напраўду. Уражанне ўзмацняюць вузкія выцягнутыя вакенцы пад купалам.

Для Еўфрасінні і яе сучаснікаў храмы былі вобразамі і мадэлямі Сусвету. У іх увасабляліся ідэалы хараства і гармоніі. Калі палачане ўбачылі новы сабор без рыштаванняў, іх агарнулі пачуцці, сугучныя адчуванням візантыйца Міхаіла Псела, які ў сваёй «Хранаграфіі» пісаў пра храмы: «Вока нельга адвесці не толькі ад невыказнай прыгажосці цэлага, з цудоўных частак сплеценага, але і ад кожнае часткі паасобку, і хоць ад іх можна атрымліваць асалоду бясконца, ніводнаю не ўдаецца налюбавацца дасхочу, бо позірк да сябе прыцягвае кожная…»

Вядомы расійскі гісторык Леанід Аляксееў называе будаўніцтва Спасаўскага сабора найбуйнейшаю падзеяй полацкага і ўсяго старажытнага ўсходнеславянскага дойлідства. Здарылася гэтая падзея недзе паміж 1152 і 1161 гадамі. Князёўнаігумення была і фундатаркаю змураванага неверагодна хутка, за адзін будаўнічы сезон, храма, і дарадчыцай, натхняльніцай Іаана на творчы подзвіг.

«I асвяцілі царкву, — апавядае «Жыціе», — і была радасць вялікая ўсім хрысціянам. I сабраліся князі, і ўладарныя мужы і інакі з інакінямі, і просты люд, і вялікае было свята, і святкавалі яго шмат дзён…»

Наватарскія архітэктурныя ідэі Іаана пашыраліся на радзіме і ў суседніх княствах. Напрыканцы XII стагоддзя полацкія дойліды ўзвялі ў Смаленску сабор архангела Міхаіла (узорам для яго была княжая царква, што стаяла ў Полацку на дзядзінцы) і гэтым заклалі асновы смаленскай архітэктурнай школы. Прыкладна ў той самы час палачане пабудавалі на Сінічай гары ў Ноўгарадзе царкву Пятра і Паўла.

Такі выгляд набыла царква Спаса ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Сучасны здымак.

Спасаўскаму сабору выпаў нялёгкі лёс. Два з паловаю стагоддзі ён належаў ордэну езуітаў і быў касцёлам. Вернуты ў 1832 годзе праваслаўным храм часткова перабудавалі. У выніку геніяльны твор Іаана істотна змяніў аблічча: на месцы пазакамарнага пакрыцця з’явіўся трохсхільны дах, шалом купала ператварыўся ў «цыбуліну»… Але і сёння цудоўна ўштукаваны ў наваколле храм нараджае надзвычай моцнае адчуванне завершанасці і суладдзя.

Зойдзем у сабор.

У чуйным паўзмроку глядзяць на нас са сцен і слупоў старажытныя вобразы. Адухоўленасць, багацце і вытанчанасць каларыту, свежасць вішнёвых, сініх, брунатных, блакітных, ружовых, зялёных колераў і адценняў… Асноведзь (фон) фрэсак у храме мела фіялетавае адценне. Як паказалі доследы, мастакі рабілі фарбы з настою паленых яловых шышак. У келлі ў ігуменні сцены былі цёмнасінія са смарагдавым адлівам. Тут карысталіся фарбаю з паленай косці.

Гэта адзіны ў Беларусі храм, дзе размалёўкі XII стагоддзя ацалелі амаль цалкам. Іхняй заказчыцай таксама была Еўфрасіння. Цяпер значная іх частка закрытая познімі алейнымі фарбамі, а ў часы асветніцы фрэскі займалі ўсю саборную прастору. 3 вышыні купала багаслаўляў вернікаў Збавіцель. Шматфігурныя кампазіцыі чаргаваліся з аднафігурнымі. У келлі, дзе жыла ігумення, захавалася выява Дзевы Марыі, тонкія дасканалыя рысы якой нагадваюць найлепшыя грэцкія ўзоры.

Полацкія фрэскі ўражваюць псіхалагічнай глыбінёй, эмацыянальнасцю. Цяжка пазбыцца пачуцця, што перад намі не твары святых, а партрэты зямных людзей. Асабліва хвалююць жаночыя вобразы. На такое набліжэнне да рэальнасці не адважваліся ні кіеўскія, ні ноўгарадскія майстры.

Затрымаемся каля святой на паўночна-заходнім гранёным слупе, што падтрымлівае хоры. Твар з дугападобнымі бровамі і вочы, намаляваныя настолькі пранікнёна, з такой жыццёвай пераканаўчасцю, што міжволі ўзнікае думка: гэтая жанчына жыла сярод нас. Дапытлівы цвёрды позірк глыбокіх вачэй выпрабоўвае, выклікае на роздум пра годнасць чалавека і сэнс яго існавання. Нядзіва, што гэтую фрэску называюць партрэтам Еўфрасінні Полацкай. У кожным разе на мастака не магла не ўплываць цялесная і духоўная прыгажосць асветніцы і яе сясцёр.

Апошнім часам з прычыны неспрыяльнага тэмпературнага рэжыму фрэскі хутка самараскрываліся і разбураліся. На шчасце, у сабор прыйшлі мастакі-рэстаўратары на чале з Уладзімірам Ракіцкім. З’явілася надзея, што некалі мы ўбачым унікальныя размалёўкі ў іх спрадвечным харастве. Можа, да таго часу і сам храм верне сабе першапачатковае аблічча.

3 імем князёўны-ігуменні звязанае і з’яўленне на нашай зямлі абраза Божае Маці, вядомага як Адзігітрыя Полацкая.

Маці Божая Адзігітрыя Полацкая. ХІІ век.

Каб упрыгожыць сабор у заснаваным ёю мужчынскім манастыры, Еўфрасіння паслала свайго слугу Міхаіла (магчыма, ігумена) да візантыйскага імператара Мануіла Камніна і канстанцінопальскага патрыярха Хрысаверга. Пасланец вёз багатыя дарункі і грамату з просьбаю прыслаць абраз Багародзіцы Эфескай — адзін з трох, што яшчэ пры жыцці Дзевы Марыі намаляваў з яе першы хрысціянскі іканапісец апостал Лука. (3 гэтае прычыны ён лічыцца апекуном мастакоў.)

Адпраўленыя імператарам у Эфес сто воінаў прынеслі абраз у Царгорад, адкуль пасля патрыярхавага багаславення ў саборы святой Сафіі рэліквію адаслалі Еўфрасінні.

«А яна, — сканчвае аповед пра гэтую падзею «Жыціе», — унёсшы абраз у царкву святой Багародзіцы, паставіла яго і аздобіла золатам і самацветамі, і ўстанавіла насіць яго кожны аўторак па цэрквах».

Візантыйскі падарунак — самая ранняя Адзігітрыя (у перакладзе з грэцкае — Пуцяводная) на нашай зямлі. 3 такіх абразоў пачынаецца тое, што называюць мастацкай традыцыяй. Невыпадкова Адзігітрыю любілі маляваць беларускія іканапісцы розных стагоддзяў.

Наўрад у Полацк трапіў арыгінал старажытнага вобраза. Сапраўды, навошта патрыярху багаслаўляць твор самога апостала? Трэба пагадзіцца з гісторыкамі, якія сцвярджаюць, што гэта была зробленая візантыйскімі майстрамі копія, прычым не з Эфескай, а з Царгародскай Адзігітрыі. Ёсць звесткі, што ў 1239 годзе яе ўрачыста перанеслі ва Уваскрасенскую царкву горада Тарапца. Прычына шчодрага ахвяравання — вянчанне ў тым храме полацкай князёўны Параскевы з роду Рагвалодавічаў і князя Аляксандра Яраславіча, што неўзабаве атрымаў ганаровае найменне Неўскі. Паводле іншае версіі, Полацкая Адзігітрыя трапіла ў Тарапец падчас Лівонскае вайны XVI стагоддзя разам з чарніцамі Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, што ратаваліся ад «православнейшего» цара Івана Жахлівага.

Цяпер рэліквія захоўваецца ў Рускім музеі Санкт-Пецярбурга. Адзігітрыя «хаваецца» пад пазнейшымі фарбамі. Убачыць абраз, якому малілася Усяславава ўнучка, можна з дапамогаю электронна-аптычных прыбораў у інфрачырвоным святле. На фотаздымку — поўная спакойнай высакароднасці і чысціні святая са спагадлівым тварам і мяккай пяшчотаю ў шырока расплюшчаных вачах. Можа, калі-небудзь іх позірк зноў будзе сустракаць нас у адным з полацкіх храмаў?

Побач з імёнамі асветніцы Еўфрасінні і дойліда Іаана заўсёды ўзнікае трэцяе — Лазар Богша. Магчыма, у яго ювелірнай майстэрні юная Прадслава выбірала сабе аздобы, асцярожліва дакраналася да маленькіх тыгляў, захаплялася шматколернымі эмалевымі абразкамі. Зрабіўшыся ігуменняй, яна замовіла слыннаму майстру крыж дзеля прысланых з Царгорада і Ерусаліма хрысціянскіх рэліквій. Такі важны заказ ювелір мусіў выконваць пад наглядам ігуменні, якая, відаць, была аўтаркаю эскіза святыні і зробленага на ёй вялікага надпісу.

Еўфрасіння хацела мець так званы ўзвіжальны крыж, непасрэдна звязаны з вялікім хрысціянскім святам Узвіжання Крыжа Гасподняга. Гэты святочны дзень, як засведчыў летапісец, супаў з вызваленнем Усяслава Чарадзея ў 1068 годзе з кіеўскай вязніцы. Тым самым, лічыла асветніца, Бог паказаў магутную сілу крыжа і пакараў кіеўскага князя Ізяслава, што парушыў крыжовае цалаванне, падступна захапіўшы яе дзеда Усяслава Брачыславіча ў палон. Той незвычайнай падзеі полацкая ігумення і прысвяціла рэліквію.

Свой шэдэўр Богша стварыў у 1161 годзе.

Думаю, што наша нацыянальная святыня — сімвал хрысціянскай духоўнасці і старажытнай дзяржаўнасці беларусаў — вартая падрабязнага апісання.

Крыж мае шэсць канцоў-промняў што сімвалізуе створаны Богам за шэсць дзён свет.

Такая форма крыжа, дарэчы, ніколі не была на ўсходнеславянскіх землях пераважнай і найчасцей сустракалася на абшары, населеным продкамі сучасных беларусаў.

Вышыня рэліквіі каля 52 сантыметраў; даўжыня верхняе папярэчкі - 14, ніжняе - 21, таўшчыня - 2,5 сантыметры. Зверху і знізу дрэва закрывалі дваццаць дзве залатыя пласткі з каштоўнымі камянямі, арнаментамі і дваццаццю эмалевымі абразкамі, якія нічым не саступаюць сусветна вядомым візантыйскім эмалям.

На верхніх канцах крыжа майстар змясціў паясныя выявы Хрыста, Багародзіцы і Іаана Папярэдніка. У цэнтры ніжняга перакрыжавання — чацвёра евангелістаў: Іаан, Лука, Марк і Мацвей, на канцах — архангелы Гаўрыіл і Міхаіл. Унізе — патроны (нябесныя апекуны) заказчыцы і яе бацькоў: святыя Еўфрасіння Александрыйская, Георгій і Сафія. На адвароце размешчаныя выявы айцоў царквы Іаана Залатаслова, Васіля Вялікага, Грыгорыя Багаслова, апосталаў Пятра і Паўла, а таксама святых Стэфана, Дзімітрыя і Панцялеймана. Над кожным абразком часткова грэцкімі, часткова славянскімі літарамі зроблены надпіс.

У сярэдзіне крыжа ў пяці квадратных падпісаных гнёздах знаходзіліся рэліквіі: кавалачкі Крыжа Гасподняга з кроплямі Ісусавай крыві, драбок каменю ад дамавіны Багародзіцы, часткі мошчаў святых Стэфана і Панцялеймана ды кроў святога Дзімітрыя. 3 бакоў Богша абклаў дрэва дваццаццю срэбнымі з пазалотай пласткамі, а брыжы пярэдняга боку абвёў шнурком жэмчугу.

Найкаштоўнейшымі з пакладзеных у гнёзды хрысціянскіх рэліквій з’яўляліся часцінкі Святога Дрэва — крыжа, на якім, ратуючы чалавецтва, сустрэў смерць Ісус Хрыстос. Паводле задумы Еўфрасінні, святыня павінна была вечна «жыватварыць» душы палачанаў і ўсіх жыхароў роднай зямлі.

Крыж Еўфрасінні — яшчэ і каштоўны помнік нашага пісьменства. Кароткі надпіс каля мошчаў святога Панцялеймана паведамляе імя майстра: «Господи, помози рабоу своемоу Лазорю, нареченномоу Богъши, съделавъшемоу крьстъ сии црькви святаго Спаса и Офросиньи». На пазлачоных пластках выбіты вялікі тэкст з цікавымі гістарычнымі звесткамі. На беларускую мову ён перакладаеццат ак: «У лета 6669 (1161) кладзе Еўфрасіння святы крыж у сваім манастыры, у царкве святога Спаса. Дрэва святое бясцэннае, акова ж яго золата і срэбра, і камяні і перлы на 100 грыўняў, а да… [пропуск] 40 грыўняў. I хай не выносяць яго з манастыра ніколі, і не прадаюць, не аддаюць. Калі ж не паслухаецца хто і вынесе з манастыра, хай не дапаможа яму святы крыж ні ў жыцці гэтым, ні ў будучым, хай пракляты будзе ён святой жыватворнаю Тройцаю ды святымі айцамі… і хай напаткае яго доля Юды, які прадаў Хрыста. Хто ж насмеліцца ўчыніць такое… валадар або князь, або епіскап ці ігумен, або іншы які чалавек, хай будзе на ім гэты праклён. Еўфрасіння ж, раба Хрыстова, што справіла гэты крыж, здабудзе вечнае жыццё з усімі святымі…»

У першай частцы тэксту паведамляецца кошт каштоўных металаў і камянёў, што пайшлі на аздабленне крыжа. 40 грыўняў — мабыць, атрыманая Богшам плата. Гэта вялікія на той час грошы: прыкладна столькі плацілі за 8000 локцяў (4000 метраў) драўлянай мастоўкі або за паўтараста лісіных шкур. Лазар быў заможны і асабіста свабодны чалавек. Богша — яго першае, дадзенае да хрышчэння славянскае імя.

Змешчаны на крыжы заклён, безумоўна, дзейнічаў на сучаснікаў Еўфрасінні, але страх перад Божаю карай быў не ўсемагутны. Недзе ў канцы XII стагоддзя рэліквію вывезлі з Полацка смаленскія князі. Захапіўшы ў 1514 годзе старажытны крывіцкі Смаленск, вялікі князь Васіль III забраў крыж з кафедральнага Успенскага сабора ў Маскву. Смаленцы, дарэчы, ужо мелі копію святыні.

Пад 1563 годам Ніканаўскі летапіс паведамляе: «Когда же боголюбезный царь и великий князь (Іван Жахлівы. — У. А.) мысля итти на отступников хрестьянския веры на безбожную Литву, бе же тогда в его царской казне крест Полоцкий украшен златом и камением драгим». У час аблогі горада цар спыняўся паблізу пакінутага чарніцамі Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра. Магчыма, тады, просячы ў неба перамогі, Іван Жахлівы і наказаў пакласці святыню на яе ранейшае месца. Мог ён зрабіць гэта і трохі пазней — калі замольваў грахі пасля ўчыненых у Полацку крывавых злачынстваў.

3 таго часу, як храм Спаса воляю караля і вялікага князя Сцяпана Батуры перайшоў да езуітаў, палачане захоўвалі крыж у Сафійскім саборы, што з канца XVI стагоддзя быў уніяцкім. Добра разумеючы ўплыў рэліквіі на вернікаў, айцы-езуіты распачалі судовы працэс, каб вярнуць крыж у Спасаўскую царкву. Галоўным іх аргументам стаў, між іншым, старажытны надпіс. Ёсць сведчанні, што, прайграўшы суд, яны паспрабавалі атрымаць крыж хітрасцю. Аднойчы, калі на свята Узвіжання рэліквію выносілі на сярэдзіну храма, хтосьці падмяніў яе, паклаўшы на аналой падробку. Але вернікі заўважылі падлог і вярнулі святыню на месца.

Калі ў 1812 годзе Полацк на колькі месяцаў трапіў у рукі да французаў, крыж захоўваўся ў сцяне Сафіі ў замураванай нішы.

Пасля аднаўлення праваслаўнага Спасаўскага сабора з’явілася магчымасць перанесці рэліквію туды, дзе ёй пакланялася сама Еўфрасіння. Полацкі архіепіскап Васіль Лужынскі, збіраючы ахвяраванні на патрэбы епархіі, зрабіў з крыжам падарожжа ў Маскву і ў Пецярбург. У Зімовым палацы беларускую святыню аглядаў Мікалай I. Існавала небяспека, што крыж застанецца ў імператарскіх зборах, але тым разам надпіс-заклён, відаць, падзейнічаў.

Гэта павінна было хоць неяк суцешыць архіепіскапа Васіля, бо Маскву ён пакідаў далікатна кажучы, не ў гуморы: усе сабраныя ва Успенскім саборы грошы ў полацкага ўладыкі забралі на карысць крамлёўскіх цэркваў.

23 траўня (ст. стылю) 1841 года хросны ход перанёс рэліквію з Сафійскага сабора ў храм Спаса. Крыж паклалі ў келлі, дзе асветніца пражыла свае апошнія гады.

У адным з беларускіх летапісаў — «Хроніцы Быхаўца» — ёсць згадка пра дачку полацкага князя Васіля Параскеву, якую абвясцілі ў Рыме святою пад імем Праксэды. Князёўна нібыта пастрыглася ў манастыр Спаса над Палатой і сем гадоў перапісвала кнігі. Потым прыехала ў Рым і жыла, аддана служачы Богу. Там памерла і была пахаваная, прычым у яе гонар пабудавалі царкву. Некаторыя гісторыкі лічаць гэтае летапіснае апавяданне каталіцкаю версіяй жыццяпісу Еўфрасінні. Захаваліся звесткі пра крыж з надпісам, што ў ім ёсць частка святога дрэва, падараванага Праксэдзе рымскім папам Аляксандрам ІV. Гэты крыж-рэліквія быў копіяй Богшавага твора. Цяпер ён знаходзіцца ў Яраслаўска-Растоўскім музеі-запаведніку.

I зноў мы пераносімся ў нашае стагоддзе. Гэтага вымагае вартая дэтэктыўнага рамана адысея крыжа ў гады савецкай улады. Пакуль раман не напісаны, прапаную аматарам дэтэктываў колькі наступных старонак.

У 1921 годзе крыж святой Еўфрасінні рэквізавалі. Напрыканцы дваццатых гадоў мінулага стагоддзя пачынаецца знішчэнне беларускай інтэлігенцыі, раскручваецца махавік сталінскіх рэпрэсій. Тым трывожным часам дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея Вацлаў Ластоўскі ладзіць адмысловую экспедыцыю ў Полацк і перавозіць шэдэўр Лазара Богшы ў сталіцу рэспублікі.

17 студзеня 1927 года калегія народнага камісарыята асветы ў прысутнасці наркама Антона Баліцкага разгледзела пытанне «Аб перадачы Беларускаму дзяржаўнаму музею з Полацкага Сафійскага сабора карціны «Забойства Сьцяпана» («Укаменаванне святога Стэфана» славутага Сальватора Розы. — У. А.) і з Полацкага акрвыканкаму — крыжа Еўфрасіньні Полацкай».

21 лістапада 1929 года супрацоўнік адзьдзела фельд’егерскай сувязі паўнамоцнага прадстаўніцтва АДПУ па Беларускай вайсковай акрузе Лугаўцоў атрымаў ад начальства даверанасць «на право получения ценностей из Государственного Музея, для отправки таковых в гор. Могилев». Тым днём датаваны і акт аб перадачы крыжа.

Вацлаў Ластоўскі ўжо не працаваў дырэктарам музея, але нацыянальную рэліквію перадаваў фельд’егеру яшчэ за сваім подпісам: відаць, быў за яе асабіста адказны.

Цікава параўнаць гэты акт з вопісам крыжа, зробленым у канцы XIX стагоддзя сябрам рады Полацкага царкоўнага брацтва святаром Міхаілам Дуброўскім. Паводле яго, з дваццаці эмалевых абразкоў на крыжы няма аднаго, а пяць — пашкоджаныя. У 1929 годзе тры выявы святых ужо выламаныя, а трынаццаць — папсаваныя. 3 усіх каштоўных камянёў ацалелі два — аметыст і гранат. На месцы іншых засталіся пустыя гнёзды або з’явіліся кавалачкі каляровага шкла. На верхняй папярэчыне не хапала двух кавалкаў золата і дрэва.

На новым месцы крыж Еўфрасінні змясцілі ў музейную экспазіцыю, але наведнікі, асабліва жанчыны, перад святыняю маліліся і адбівалі паклоны. Напэўна, і з гэтай прычыны крыж перавезлі з музея ў былы зямельны банк, дзе ў 1930-я гады мясціліся абкам і гаркам партыі. Будынак меў адмысловы пакой-сейф з масіўнымі кратамі на вокнах і браняванымі дзвярыма таўшчынёю 15 сантыметраў, за якімі былі яшчэ адны — кратаваныя. Менавіта там на пачатку вайны разам з іншымі найкаштоўнейшымі музейнымі экспанатамі захоўваўся крыж Еўфрасінні Полацкай. Паводле шырока растыражаванай афіцыйнай версіі, яго нібыта вывезлі на захад фашыстоўскія захопнікі.

Але ж Магілёў знаходзіўся за паўтысячы кіламетраў ад дзяржаўнае мяжы, і час дазваляў правесці эвакуацыю скарбаў. Так узнікла думка, што рэліквія паехала тады на ўсход.

У 1960-я гады Магілёўскі абласны музей звярнуўся з запытам пра рэліквію ў Эрмітаж, адкуль прыйшоў адказ, што крыж Еўфрасінні Полацкай адразу па вайне прададзены на аўкцыёне ў Заходняй Еўропе ў калекцыю мільянераў Морганаў і цяпер у Нью-Ёрку. (Дарэчы, яшчэ ў трыццатыя гады мінулага стагоддзя ў газетах з’яўляліся звесткі, быццам балыпавікі меліся прадаць крыж у Швецыю.)

У розныя часы пошукамі нацыянальнай святыні займаліся нашы вядомыя вучоныя Георгі Штыхаў і Адам Мальдзіс, журналіст Алесь Лукашук, першы міністр замежных справаў незалежнай Беларусі Пётр Краўчанка…

Рэліквію вырашыў пашукаць і супрацоўнік Эрмітажа Бебут Шаўкоўнікаў. Гэты прадпрымальны чалавек прыватна паехаў у ЗША, імкнуўся там пранікнуць у Морганаўскія зборы, але выявіў празмерны імпэт, трапіў на падазрэнне, і ў адзін цудоўны дзень некалькі маладзёнаў атлетычнага выгляду ветліва прапанавалі яму ўгамавацца. У адваротным выпадку яны не гарантавалі вяртання дадому. На жаль, дадаць да маіх слоў спадар Шаўкоўнікаў нічога не можа, бо ўжо пакінуў гэты свет.

Лёс крыжа святой Еўфрасінні не пакідаў абыякавай і беларускую дыяспару. У Нью-Ёрку мне давялося гутарыць з Антонам Шукялойцам, які ў свой час узначальваў Мінскі гістарычна-мастацкі музей. Ці не апынуўся крыж, як ходзяць чуткі, у Аўстраліі? Ці не разабралі яго, каб паасобку прадаць золата, срэбра і каштоўныя камяні з эмалямі?

Як мяркуе спадар Шукялойц, шэдэўр Лазара Богшы вывезлі на ўсход. Да яго даходзілі весткі, што крыж бачылі ў адным з маскоўскіх музеяў. Версія пра разбор крыжа на часткі малаверагодная, бо кошт яго золата і камянёў параўнаўча невялікі. Галоўная вартасць крыжа для яго магчымых гаспадароў у тым, што гэта — высокамастацкі твор.

У пошуках полацкага крыжа (сёння да іх падключаны і Інтэрпол) выкарыстоўваліся таксама нетрадыцыйныя сродкі кшталту зваротаў да вядомых экстрасэнсаў. Трое з іх, у тым ліку і сусветна знакамітая балгарка Ванга, выказалі ўпэўненасць, што наша рэліквія цэлая і раней ці пазней будзе знойдзеная.

Калі? Можа, тады, калі мы, беларусы, будзем заслугоўваць вяртання свайго Жыватворнага крыжа?

У расследаванні загадкавай гісторыі крыжа Еўфрасінні нямала зрабіў супрацоўнік упраўлення Камітэта дзяржаўнай бяспекі па Магілёўскай вобласці Сяргей Багдановіч. У 1997 годзе газета «Рэспубліка» змясціла яго артыкул пад красамоўнаю назваю «I ўсё ж след вядзе на ўсход». Там выкладзеная найбольш верагодная, на думку С. Багдановіча, версія. Жыхар Магілёва Пётр Паддубскі ўпэўнены, што менавіта ён на пачатку вайны вывозіў на сваёй машыне музейныя каштоўнасці разам з крыжам святой Еўфрасінні на ўсход.

У разгар баёў за Магілёў вайсковаму шафёру Падцубскаму загадалі забраць з абкама партыі важны груз. Раніцою 13 ліпеня 1941 года Пётр пад’ехаў да патрэбнага будынку, і некалькі людзей у цывільным узяліся грузіць мяхі і пакункі. Найдаражэйшыя рэчы запакоўвалі ў акутую жалезам скрынку. Паддубскі памятае, як хтосьці з «грузчыкаў» усклікнуў: «Які крыж прыгожы!»

Наступнае раніцы невялікая аўтакалона спынілася на магілёўскай ускраіне, дзе ў кабіну да Паддубскага сеў першы сакратар ЦК КПБ П. Панамарэнка. Далей машыны рухаліся па маршруце Магілёў - Горкі - Смаленск - Мажайск - Масква. Нямецкія самалёты не раз бамбілі іх, але катастрофы ўдалося пазбегнуць. Паводле словаў Паддубскага, у дарозе Паннмарэнка часта паўтараў: «Каштоўнасці трэба давезці, што б ні здарылася». Праз два дні і дзве ночы машыны спыніліся на Ленінскіх гарах у Маскве каля ўпраўлення кадраў Чырвонай Арміі…

Аповед былога вайсковага шафёра ўскосна пацвярджаецца апублікаванымі ўспамінамі як самога П. Панамарэнкі, так і тагачаснага каменданта Магілёва I. Ваяводзіна.

Аднак дагэтуль ніводная з магілёўскіх рэліквіяў не знойдзеная. «Нельга выключыць, — піша С. Багдановіч, — што іх лёс можа быць звязаны з Эрмітажам альбо музейнымі сховішчамі Уфы і Самары, дзе знайшлі ў час вайны прытулак вывезеныя архівы абкама партыі. Словам, неабходнасць пошуку каштоўнасцей з магілёўскага збору на тэрыторыі Расіі відавочная».

Даючы інтэрв’ю газеце «Звязда» (19 чэрвеня 1997 г.), з думкаю магілёўскага калегі збольшага пагадзіўся і тагачасны кіраўнік цэнтра інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ Беларусі Генадзь Сенюкоў: «…можна меркаваць, што ўсе рэчы (з Магілёва. — У. А.) аселі дзе-небудзь у правінцыйным расійскім музеі ці архіве».

Пасля абвяшчэння незалежнасці ў Беларусі ўзнікла ідэя адраджэння вобраза крыжа святой Еўфрасінні — старажытнага сімвала святасці і дзяржаўнасці нашай зямлі. Прапанову аб сімвалічным вяртанні святыні падтрымаў у снежні 1992 года Першы сход беларусаў блізкага замежжа. Арганізатарам сходу было Згуртаванне беларусаў свету (ЗБС) «Бацькаўшчына» — грамадская арганізацыя, адным з накірункаў дзейнасці якой з’яўляецца вяртанне Беларусі яе нацыянальных скарбаў.

Менавіта «Бацькаўшчына» і ўзяла на сябе высакародны і няпросты абавязак выканаць волю беларускай грамады і стварыць крыж на вобраз і падабенства страчанай святыні найпадобнейшай Еўфрасінні. Гэты надзвычай складаны заказ Згуртаванне даручыла вядомаму беларускаму мастаку-ювеліру Міколу Кузьмічу. Распачатая праца была падтрыманая дзяржавай і атрымала багаславенне царквы.

«Бацькаўшчына» звярнулася да прадпрымальнікаў і грамадскасці з заклікам далучыцца да святой справы адраджэння вобраза Жыватворнага крыжа полацкай князёўны-ігуменні, а таксама Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, дзе захоўвалася рэліквія. Да ўвасаблення ідэі далучыліся беларусы з іншых краін. Сярод тых, хто зрабіў значны ўнёсак, — нашы суайчыннікі Анатоль Лук’янчык з ЗША і Мікола Сулкоўскі з Расіі. Найбольш сродкаў выдаткаваў на праект прадпрымальнік-беларус з сібірскага горада Сургута Анатоль Сілівончык.

Пяць гадоў доўжылася ахвярная праца. Майстар Мікола Кузьміч здзейсніў сапраўдны навуковы і творчы подзвіг, здолеўшы адрадзіць страчаную восем стагоддзяў таму старажытную тэхніку перагародкавай эмалі. У выніку намаганняў Беларускага экзархату крыж, створаны на ўзор узвіжальнага крыжа святой Еўфрасінні, мае ўсе тыя хрысціянскія рэліквіі, якія знаходзіліся ў яго старажытным правобразе. Таму можна сцвярджаць, што Беларусь атрымала не проста выдатны твор мастацтва, але і неацэнную сакральную каштоўнасць.

27 верасня 1997 года, на свята Узвіжання, вобраз крыжа святой Еўфрасінні быў урачыста вернуты ў Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр, а 6 снежня хросны ход перанёс яго на спрадвечнае месца старажытнай святыні — у збудаваны на замову полацкай асветніцы Спасаўскі храм. (Пазней Мікола Кузьміч, якога гісторык Леанід Аляксееў назваў «сучасным Лазарам Богшам», створыць для крыжа стаўратэку (футарал), а ў 2007 годзе завершыць узнаўленне ракі для мошчаў найпадобнейшай Еўфрасінні.)

Напярэдадні вяртання вобраза святыні ў царкву Спаса Рада «Бацькаўшчыны» прыняла заяву, дзе гаварылася: «Верым, што адроджаны Крыж будзе ўмацоўваць нашу веру, уваскрашаць памяць, яднаць беларусаў незалежна ад іх канфесій і палітычных поглядаў і дапаможа нам пабудаваць свабодны і заможны Беларускі Дом».

Згуртаванне беларусаў свету звярнулася да ўрада краіны з прапановаю надаць Дню памяці Еўфрасінні Полацкай (5 чэрвеня) статус агульнадзяржаўнага свята. Разам з тым удзельнікі адраджэння вобраза крыжа заўсёды падкрэслівалі неабходнасць працягваць пошукі аўтэнтычнай нацыянальнай святыні, каб урэшце вярнуць яе на Радзіму.

Згаданыя вышэй падзеі выклікалі хвалю цікавасці да гісторыі полацкага Крыжа з боку гісторыкаў, літаратараў і журналістаў. Новыя даследаванні, архіўныя знаходкі, навуковыя гіпотэзы прывялі да з’яўлення ў 1998 годзе адразу двух прысвечаных нашай нацыянальнай святыні выданняў: на заказ Згуртавання беларусаў свету выйшла кніга «Жыватворны сімвал Бацькаўшчыны», а экзархат Беларускай праваслаўнай царквы падрыхтаваў кнігу «Крест — красота Церкви». Іх можна разглядаць як сапраўдную энцыклапедыю, чытач якой знойдзе, бадай, усе вядомыя сёння звесткі пра крыж Еўфрасінні.

Ігумення Еўфрасіння ніколі не губляла сувязяў са знешнім светам. Падчас высылкі Рагвалодавічаў у Візантыю Усяславава ўнучка, укрыўшыся за манастырскімі сценамі, была своеасаблівым сцягам змагання палачанаў за незалежнасць.

У гістарычна-археалагічным запаведніку ў Ноўгарадзе можна ўбачыць пячатку Еўфрасінні, знойдзеную там на Рурыкавым гарадзішчы. Пячатка пацвярджае вялікую ролю князёўны-ігуменні ў палітычным жыцці княства. Праз веча яна ўплывала на запрашэнне ў Полацк князёў і на прызначэнне епіскапаў. Са згоды Еўфрасінні ў 1132 годзе горад пазбавіў улады кіеўскага стаўленіка і абвясціў князем роднага брата ігуменні: «Полочане же рекше: «лишается нас» и выгнаша Святополка, а Василка посадиша Святославича».

Надзеленая ясным розумам і моцнай воляю, асветніца не магла стаяць убаку ад падзей 1151 года, калі полацкае веча адмовіла ў даверы Рагвалоду-Васілю. Апальнага князя выслалі ў Менск і трымалі ў няволі, а на яго месцы валадарыў запрошаны адтуль Расціслаў Глебавіч. Сеўшы ў сталічным Полацку, ён раздаў удзельныя княствы сынам ды братам і вёў палітыку, выгодную найперш Менску. Веча вырашыла, што князь здрадзіў полацкім інтарэсам. Праз сем гадоў, верагодна, не без удзелу ігуменні палачане зноў захацелі бачыць на сваім пасадзе Рагвалода. Пра гэта пад 1158 годам падрабязна апавядае Кіеўскі летапіс: «Вялікі мяцеж быў тады ў горадзе сярод палачанаў бо шмат хто хацеў Рагвалода. Ледзьве ўгамаваў людзей Расціслаў, адарыў шмат каго падарункамі, прыводзіў іх крыж цалаваць, а сам пайшоў з Усеваладам і з Валадаром, і з усімі братамі на Рагвалода пад Друцк. Рагвалод жа зачыніўся ў горадзе. I біліся моцна, і шмат з абодвух бакоў палегла. Дручане ж вельмі дакаралі братоў. I замірыліся Расціслаў з Рагвалодам, і цалавалі крыж адзін аднаму, і аддалі воласці Рагвалоду. I вярнуўся Расціслаў з братамі дамоў.

Таго ж лета ўчынілі змову палачане супроць князя свайго Расціслава Глебавіча і пераступілі праз крыжацалаванне, і паслалі пакрыёма да Рагвалода Барысавіча ў Друцк, кажучы яму: «Саграшылі мы перад Богам і перад табою, княжа наш, што пайшлі супроць цябе, і багацце ўсё тваё і твае дружыны парабавалі… Калі ж ты не прыпомніш нам усё тое… і крыж нам пацалуеш, то мы — людзі твае, а ты — наш князь. Расціслава ж схопім і аддамо табе ў рукі, і што захочаш, тое яму і ўчыніш». I Рагвалод прысягнуў палачанам на крыжы».

Замах на Расціслава прызначылі на дзень святога Пятра. Князя запрасілі на братчыну (пачостку) каля царквы старой Багародзіцы. Аднак папярэджаны некім Расціслаў надзеў пад святочны ўбор кальчугу і захапіў з сабою моцную ахову. Наступнага дня яго прыхільнікаў пазбівалі на вечы, а сам князь з дружынаю ўцёк і «многа зла створи волости Полотьской, воюя и скоты, и челядь».

Усобіцы працягваліся з пераменным поспехам. Вялікія ахвяры прынесла ў 1162 годзе бітва полацкага Рагвалода з менскім Валадаром. Рагвалод марна спрабаваў пачаць сечу ўдзень. Менскае войска, большасць у якім складала літва, напала на палачанаў сярод ночы, што і вырашыла лёс перамогі. Шмат ваяроў палегла, яшчэ болей трапіла ў палон. Рагвалод ведаў, што Полацк не даруе яму, і туды ўжо не вярнуўся.

На полацкі пасад сеў пляменнік Еўфрасінні Усяслаў Васількавіч. Ён мог толькі зайздросціць славе і магутнасці свайго аднайменніка Чарадзея. Менскі князь Валадар сабраў сілы і ў 1167 годзе разбіў Усяслава II. Веча прызнала пераможцу, але ўтрымацца ў сталіцы Полацкае зямлі ён не здолеў.

Паспрыяць Усяславу Васількавічу ўзяліся сваякі — віцебскі князь Давыд і смаленскі Раман. Спачатку на беразе Дзвіны сышліся дружыны Валадара і Давыда. Уначы ўсхадзіўся вецер, несупынна білі перуны. Літоўскія паганцы з Валадаравага войска ўгледзелі ў гэтым гнеў свайго вярхоўнага бога і разбегліся па лясах. Тым разам вяртанне полацкага князя на пасад абышлося без крыві.

Еўфрасіння заўсёды прымала нягоды роднае зямлі блізка да сэрца. «Жыціе» кажа, што яна не хацела нікога бачыць ворагамі: «Ни князя со князем, ни бояри с боярином, ни служанина со служанином — но всех хотяше имети, яко едину душю».

Князёўна-ігумення дапамагла Усяславу II прыпыніць міжусобныя спрэчкі Рагвалодавічаў. У канцы яго валадарання шэсць полацкіх князёў разам хадзілі на Друцк і выгналі адтуль смаленскага стаўленіка.

Міратворчыя клопаты Еўфрасінні адлюстраваліся ў царкоўных спевах, створаных у яе гонар у XII стагоддзі: «Князем сродником друг на друга дерзающе подьяти мечь возбранила еси, яко оружие обоюдоостро словесем божим устрашающем…» Што нагадвае нам наказ асветніды? Так, заклік аўтара «Слова пра паход Ігаравы»:

Яраславе і ўнукі вы ўсе Усяслава! Апусціце ўжо сцягі свае, Пахавайце мячы пашчарбаны, бо слава Ужо дзедава вас не спаўе!

Таму і нарадзілася ў гісторыкаў думка, што невядомы геніяльны паэт і знакамітая палачанка — людзі аднаго кола і блізкіх перакананняў, магчыма, нават знаёмыя. Між іншым, яшчэ ў XIX стагоддзі няраз выказвалася меркаванне, што стваральнік «Слова» быў ураджэнцам ці жыхаром Полацкага княства. Нездарма ж так добра ведаў ён нашу гісторыю, падзеі якой шмат разоў згадваў у сваім неўміручым творы. Нездарма прысвяціў узнёслыя словы Усяславу Чарадзею.

На схіле жыцця Еўфрасіння вырашыла здзейсніць духоўны подзвіг паломніцтва ў Святую Зямлю. Брат Вячаслаў з іншымі сваякамі і ўсе палачане сабраліся ў Спасаўскім манастыры і прасілі ігуменню не пакідаць іх, але тая яшчэ раз паказала свой рашучы характар. «Не пакінуць вас хачу, а памаліцца за сябе і за вас», — сказала яна землякам на развітанне.

У той час у далёкія вандраванні — каб запабегчы бездарожжа — выпраўляліся зазвычай на пачатку зімы або раннім летам. Выехаўшы з Полацка неўзабаве па Калядах, увесну можна было дапясці межаў Візантыі.

Пасля свята Хрыстовага нараджэння вырушылі ў дарогу і полацкія паломнікі.

Еўфрасінню суправаджалі стрыечныя сястра Еўпраксія і брат Давыд. Спярша падарожнікі, напэўна, ехалі па рэках на санях, а потым — то сухазем’ем, то вадою, пераадольваючы за дзень 30 - 40 вёрст. Паўсюль ва ўсходнеславянскіх княствах славутую палачанку чакаў гасцінны прыём. На сваім шляху яна сустрэлася з імператарам Мануілам Камнінам, які ішоў вайною на вуграў (венграў). Кесар прыняў сваячку вельмі прыязна і «з вялікай пашанаю паслаў яе ў Царгорад». Там паломнікі наведалі сабор святой Сафіі, набылі залатое кадзіла, дарагія фіміямы і іншыя неабходныя ў Святых Мясцінах рэчы і, атрымаўшы ад патрыярха багаславенне, паехалі далей.

Сустрэча Еўфрасінні з імператарам Мануілам ставіць пад сумнеў агульнапрынятую дату паломніцтва і смерці святой (1173). Згаданы візантыйскі кесар апошні раз ваяваў з вуграмі ў 1167 годзе, прычым выйшаў у паход на Вялікдзень, 8 красавіка. Прыкладна тады яго дзяржавы дасягнулі і полацкія паломнікі. Еўфрасінніных пляменніц Вольгу і Кірыяну перад ад’ездам ігуменні пастрыгаў у манастыр уладыка Дыянісій, які стаў полацкім епіскапам пасля 1166 года. На аснове гэтых фактаў годам смерці святой Еўфрасінні можна лічыць 1167-ы. Менавіта гэтую дату падае том III «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі».

У канцы красавіка ігумення і яе спадарожнікі прыйшлі да ерусалімскіх муроў. Еўфрасіння паслала слугу Міхаіла да патрыярха прасіць, каб ёй адчынілі браму, праз якую з боку Элеонскае гары калісьці ўвайшоў у горад у Вербную нядзелю Ісус Хрыстос. Цяжкасцей з дазволам не ўзнікла. Ерусалім належаў крыжакам, а валадарыў у ім кароль Амальрых I. Ён таксама мог даводзіцца полацкай князеўне сваяком — праз жонку французскага караля Генрыха I Ганну, якая ыла дачкою Яраслава Мудрага.

Еўфрасіння шчыра малілася і кадзіла з залатой кадзільніцы дарагімі фіміямамі каля труны Гасподняй. Пасяліўшыся ў манастыры святой Багародзіцы, асветніца прыходзіла да труны тры дні запар. На трэці дзень яна пакінула там кадзільніцу і іншыя залатыя дарункі і папрасіла Усявышняга, каб дазволіў ёй памерці ў святым горадзе, дзе адбылося збаўленне чалавечага роду.

У хуткім часе Еўфрасіння захварэла. Яна ўжо не змагла сама схадзіць на раку Ярдан, дзе хрысціўся Сын Божы, і паслала туды брата з сястрою і слуг. Тыя прынеслі гаспадыні ярданскае вады, і паломніца, падняўшыся з ложа, напілася і акрапіла сябе ёю, а потым зноў легла, просячы Госпада хутчэй узяць яе душу.

«Жыціе» апавядае, што Еўфрасінні быў пасланы анёл, які паведаміў, што малітвы пачутыя і на небе ўжо чакаюць сустрэчы з ею. На дваццаць чацвёрты дзень хваробы яна пачула блізкі скон, паклікала святара і, паспавядаўшыся і прыняўшы прычасце, аддала сваю душу Усявышняму.

Зямное жыццё асветніцы завяршылася.

«Давыд же и Евпраксия и с прочими спряташа тело ея честно». Пахаваўшы Еўфрасінню ў Феадосіевым манастыры святой Багародзіцы ў Ерусаліме, паломнікі павезлі журботную вестку ў Полацк.

Ёсць пэўныя падставы меркаваць, што якраз Еўпраксія-Звеніслава магла быць аўтаркаю «Жыція» або мець да яго стварэння непасрэднае дачыненне. Па-першае, шматякія эпізоды жыцця асветніцы ўбачаныя і пераказаныя надта ж па-жаночы (напрыклад, плач князя Святаслава, ці сустрэча Прадславы ў манастыры яе цёткаю-ігуменняй). Па-другое, найбольш падрабязная частка «Жыція» прысвечаная паломніцтву, у якім улюбёная сястра (памятаеце: «як адна душа ў двух целах») была спадарожніцаю святой.

Неўзабаве пасля смерці полацкай паломніцы Святой Зямлі пачалі пагражаць магаметане. У 1187 годзе, рыхтуючыся да прыступу Ерусаліма, султан Саладзін за выкуп дазволіў хрысціянам пакінуць горад разам са сваімі рэліквіямі. Як велізарны скарб усходнеславянскія манахі везлі з сабою раку (своеасаблівы куфар, дзе захоўваюцца святыя мошчы) з нятленнымі парэшткамі Еўфрасінні.

Калі верыць паданню, манахі меліся перанесці святыню адразу ў Полацк, але гэтаму перашкодзіла адвечная варажнеча кіеўскіх і полацкіх князёў. Мошчы перадалі ў славуты Пячорскі манастыр, дзе ў падземным храме Звеставання Найсвяцейшай Багародзіцы рэліквіі давялося спачываць больш за сем стагоддзяў. На радзіме грымелі войны, занепадаў і зноў адраджаўся Спасаўскі манастыр, а тут панаваў вечны спакой. Вечка срэбнай ракі было адчыненае і прымацаванае да сцяны, парэшткі найпадобнейшай Еўфрасінні — закрытыя покрывам; у галавах вісеў абраз святой, і гарэла непагасная лампадка.

Першыя спробы перанесці мошчы заступніцы Беларусі ў родны горад адбыліся ў цараванне імператара Аляксандра II. Пра гэта хадайнічалі жыхары Полацка, а потым, у 1864 годзе, ад імя насельніцтва трынаццаці воласцяў Полацкага павета і, ведама ж, са сваімі мэтамі — душыцель нацыянальна-вызваленчага паўстання Кастуся Каліноўскага граф Мураўёў-«вешальнік». Пасля трэцяга хадайніцтва полацкага епіскапа Савы ў 1871 годзе ў Спасаўскі манастыр была ўрачыста перанесеная малая частачка мошчаў — сярэдні палец правай рукі.

Наступныя просьбы Пецярбург нязменна адхіляў а пры Аляксандры III палачанам наогул забаранілі звяртацца з гэтай прычыны ў вышэйшыя інстанцыі. Духоўная і свецкая ўлады царскае Расіі былі супраць вяртання рэліквіі, бо ведалі, што, паводле векавой традыцыі, Еўфрасінню Полацкую шанавалі як сваю святую і прыхільнікі гвалтоўна скасаванай Уніі. Насмеліўся на аўгусцейшы дазвол толькі Мікалай II.

У красавіку 1910 года Кіеў развітваўся з полацкай князёўнаю. На другі дзень Вялікадня ў падземным храме Звеставання прайшло ўсяночнае набажэнства. Назаўтра святыню пераклалі ў новую кіпарысавую раку і вынеслі да тысяч багамольцаў. Жыхары горада запоўнілі вуліцы і схілы пагоркаў, галубцы і дахі дамоў. Уздоўж дарогі з Пячорскай лаўры да Дняпра стаялі вайсковыя шыхты.

Мошчы і асобы, якія іх суправаджалі, падарожнічалі на трох дзяржаўных параходах. У насавой частцы аздобленага кветкамі, маем і сцягамі флагмана флатыліі стаяла капліца з люстранымі вокнамі, абапал яе — дзве залатыя харугвы. Раку з мошчамі паставілі пад балдахінам на карме сляпуча белага карабля.

Флатылія з мошчамі прайшла па Дняпры ад Кіева да Оршы 695 вёрст, паўсюль сустраканая сціжмамі вернікаў. Асабліва маляўніча яна выглядала ўначы, калі на берагах, ля самае вады, гарэлі зыркія вогнішчы, параходы мігцелі агеньчыкамі сотняў свечак, якія адбіваліся ў люстрах капліцы, а на макаўцы фокслямгі флагманскага карабля ззяў крыж.

3 Оршы да Полацка мошчы святой везлі сухазем’ем. Пра яе сустрэчу ў родным горадзе прэса пісала: «Преподобная мать, княжна Евфросиния вернулась! Вернулась при звоне колоколов, при торжественном пении пасхальных стихир; по пути, усыпанному руками юных полочанок зеленью и весенними цветами, среди коленопреклоненных тысяч народа… Встреча святых мощей произошла в двух верстах от города, за Витебской заставой, у железнодорожного виадука, где была устроена увитая зеленью и украшенная национальными флагами сень с возвышением…

Около трех часов дня от градского Николаевского собора, собравшись и устроившись на корпусном плацу, пред историческим величественным памятником событий 1812 года, двинулся крестный ход от всех полоцких церквей и монастырей с многочисленным духовенством во главе с четырьмя епископами и в сопровождении великого князя Константина Константиновича».

Пад перазвон усіх гарадскіх званоў рэліквію змясцілі спачатку ў кафедральным Мікалаеўскім саборы. 22 траўня па дарозе да Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра ўрачыстая працэсія расцягнулася на дзве вярсты.

Аб тым, якое значэнне надавалі пераносу мошчаў святой Еўфрасінні царскія ўлады, сведчыць і ўдзел у хросным ходзе каралевы Грэцыі Вольгі Канстанцінаўны і вялікай княгіні Лізаветы Фёдараўны, роднай сястры царыцы.

23 траўня 1910 года, у дзень памяці святой[5], яе нятленныя парэшткі вярнуліся ў Спасаўскі сабор. Іх чакала абкладзеная срэбрам кіпарысавая рака, зробленая ў візантыйскім стылі на ахвяраванні вернікаў. Рака каштавала велізарныя на той час грошы — 12 тысяч рублёў.

Звычайна мошчы святых выяўляюць цудадзейную сілу. Пра адно з дзівосаў расказаў 25 траўня 1910 года ў «Полоцком листке» старэйшы лекар кадэцкага корпуса доктар медыцыны А. Мансветаў.

У Спасаўскім манастыры жыла чарніца, якая хварэла на верад страўніка і праз цяжкія нутраныя крывацечы і крывавыя ваніты так знясілела, што ўжо амаль не падымалася з ложка. Доктар страціў усякую надзею выратаваць хворую: цела было ў пролежнях, а боль сунімалі наркотыкамі. Калі ў манастыр прыбылі мошчы, сёстры, выконваючы просьбу хворай, прывялі яе ў храм, дзе яна пацалавала святой Еўфрасінні руку. Пасля гэтага манашка адчула такі прыліў сілаў што здолела падняцца і ісці без чужой дапамогі. У чарговы візіт доктар Мансветаў сустрэў пацыентку на двары і не даў веры вачам: учарашняя хворая падбегла да яго з радаснаю ўсмешкаю на вуснах. Лекар прызнаецца, што ў гэтым выпадку сутыкнуўся са з’яваю, якая выходзіць за межы чалавечага разумення.

Манастырская хроніка тых часоў на жаль не захавалася. Магчыма, Еўфрасіння працягвала чыніць дзівосы, але з няўмольнасцю навальнічнае хмары ўжо насоўвалася іншая эпоха.

Пасля 1917 года, калі пачалася бязлітасная вайна супроць рэлігіі, святыя мясціны і рэліквіі зазналі на сабе варварства і здзекі новае ўлады. Драма не абмінула і Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр.

Люты 1919-га. Народны камісарыят юстыцыі РСФСР, куды ў той час уваходзіла Віцебская губерня з Полацкам, выдае пастанову аб арганізаваным «выкрыцці» мошчаў цудатворцаў па ўсёй краіне.

У 1922 годзе ў Полацку адбылося злачыннае ўскрыццё дамавіны з мошчамі святой Еўфрасінні. (Першы раз іх зняважылі ў красавіку 1920-га ў Аўраміеўскім манастыры г. Растова Яраслаўскай губерні, у які святыню разам з крыжам Лазара Богшы і іншымі манастырскімі каштоўнасцямі эвакуявалі ў 1915-м у сувязі з набліжэннем фронту.) Уяўленне пра атмасферу, у якой гэта адбывалася, дае змешчаны ў канцы пратакола ўскрыцця зварот камісіі «атэістаў» да жыхароў Полацка: «Тов. крестьяне, крестьянки, рабочие и работницы, красноармейцы и рабоче-крест. молодежь. Запомните духовенству их вековой обман. Научная экспертиза актом ликвидировала таковой, но монахини, попы и монахи, пользуясь невежеством и темнотой истеричных старух и не нормальных кликуш будут и в дальнейшем через них сеять черное зло… Разоблачайте их темные дела. Гоните от себя подальше! Долой невежество, попов и монахинь! Да здравствует свет и разум человека». (Правапіс і стыль змагароў за «свет и разум» захаваныя.)

Пасля ўскрыцця мошчы адправілі на атэістычную выставу ў Маскву, адтуль — у Віцебск, дзе іх дэманстравалі ў краязнаўчым музеі. За год да гэтага ў Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры рэквізавалі ўсе каштоўнасці і сярод іх срэбную раку, у якой ляжала святыня.

У нямецкую акупацыю, калі былі зноў адчыненыя храмы і адноўленыя манастыры, віцябляне перанеслі нятленныя парэшткі з музея ў Свята-Пакроўскую царкву. У кастрычніку 1943 года яны вярнуліся ў Полацк. Рабілася гэта з дазволу і з дапамогаю акупацыйных уладаў, якія, вядома, мелі свой разлік.

Непасрэдны ўдзельнік тых падзей пісьменнік Юрка Віцьбіч у сваёй выдадзенай у Нью-Ёрку ў 1975 годзе кнізе «Мы дойдзем!» прыгадваў:

«Позьнім вечарам зь Віцебска ў Полацак прыйшоў вагон з мошчамі сьв. Еўфрасіньні… Наступным днём адбылося перанясенне мошчаў з Сафійскага сабору ў царкву Спаса… Па старадаўнім звычаі дарожку да царквы выслалі льняной тканінаю».

3 таго часу мошчы князёўны-ігуменні спачываюць у Спасаўскім храме.

Палачане прызналі сваю асветніцу святой яшчэ восем стагоддзяў таму. Аўтар яе «Жыція» скончыў свой твор натхнёным хваласпевам: «Якою мовай, братове, уславіць мне светлую памяць найблажэннейшай нявесты Хрыстовай Еўфрасініі! Была яна памочніца пакрыўджаным, зажураным суцяшэнне, распранутым адзенне, хворым наведанне, ці, проста кажучы, — для ўсіх была ўсім. Еўфрасіння сэрца сваё ўспойвала Божаю мудрасцю. Еўфрасіння — незвядальная кветка райскага саду. Еўфрасіння — арол, што, лунаючы ў небе, праляцеў ад захаду да ўсходу і, нібы прамень сонечны, прасвятліў зямлю Полацкую. Тым жа, братове, пахваляецца Селунь аб святым Дзімітрыі, а Вышгарад — пакутнікамі Барысам і Глебам; я ж пахваляюся: шчасны ты, горадзе Полацку, што ўзрасціў парастак такі — найпадобнейшую Еўфрасінню».

Выглядае верагодным, што адна з першых пачала дабівацца кананізацыі сястры Еўдакія-Гардзіслава, якая пасля скону Еўфрасінні ўзначаліла манастыр. 3 гэтай мэтаю яна магла ліставацца з Кірылам Тураўскім, што ўжо заняў епіскапскую кафедру і меў вялікі ўплыў у царкоўных колах.

Да паловы XVI стагоддзя Полацк быў галоўным духоўным цэнтрам беларускіх земляў. Адсюль шанаванне князёўны-ігуменні пашыралася па ўсёй Беларусі. Паступова святая Еўфрасіння стала ў свядомасці вернікаў нябеснаю заступніцай — патронкаю не толькі Полацка, але і ўсёй Бацькаўшчыны. На гэтую ролю прэтэндавалі таксама іншыя святыя — Казімір (сын вялікага князя літоўскага і караля Казіміра IV), Параскева Полацкая, Андрэй Баболя (закатаваны ў 1657 годзе царскімі казакамі на Беларусі каталіцкі місіянер). Народная памяць зрабіла свой выбар.

Расійская праваслаўная царква не спяшалася шырока прызнаваць найпадобнейшую Еўфрасінню, бо ёй пакланяліся уніяты. Варожасцю царскіх уладаў да Уніі, якая захоўвала нацыянальную самабытнасць беларусаў, тлумачыцца, пэўна, і знікненне створанага ў 1839 годзе мастаком Токаравым родам з Бешанковічаў абраза Еўфрасінні, прызначанага для полацкага Сафійскага сабора. На абразе святая была намаляваная на поўны рост, у левай руцэ трымала крыж, а праваю паказвала на карону і мантыю — знакі княжацкае ўлады.

Сёння акрамя шматлікіх праваслаўных абразоў полацкай асветніцы яе выявы можна ўбачыць на размалёўках падземнай царквы Звеставання ў Кіева-Пячорскай лаўры, на фрэсках кіеўскага Уладзімірскага сабора (аўтарства апошніх належыць В. Васняцову).

У 1997 годзе ў Навасібірску быў асвечаны намаляваны ў мясцовых традыцыях абраз найпадобнейшай Еўфрасінні, якая цяпер лічыцца і патронкаю беларусаў Сібіры.

На пачатку XX стагоддзя ў друку прамільгнулі звесткі, што полацкая князёўна бьша кананізаваная папам Ерыгорыем X на другім Ліёнскім саборы ў 1274 годзе. Гэты факт не пацвярджаецца дакументальна, але, паводле даўняе традыцыі, Еўфрасінню прызнае святою і каталіцкая царква. У сучасных літургічных выданнях для католікаў усходняга абраду (уніятаў) яна ўпісаная ў календары на адпаведным месцы.

Такім чынам, сёння найпадобнейшую Еўфрасінню Полацкую разам з праваслаўнымі беларусамі глыбока шануюць іх браты-католікі. Патронка Беларусі дае духоўную падтрымку і нашым суайчыннікам за мяжою.

У беларускай дыяспары існуе культ святой Еўфрасінні. Яе імем назвалі першы замежны беларускі праваслаўны прыход, заснаваны ў нямецкім горадзе Рэгенсбургу. Беларусы, што апынуліся там у лагеры перамешчаных асобаў, за адзін месяц збудавалі сабе храм, прысвяціўшы яго полацкай ігуменні. Пры царкве быў створаны хор, якім кіраваў выдатны кампазітар, аўтар музыкі да нашага духоўнага гімна «Магутны Божа» Мікола Равенскі.

Паблізу Нью-Ёрка, у горадзе Саўт-Рывэр, штат Нью-Джэрсі, знаходзіцца яшчэ адна беларуская царква ў гонар Еўфрасінні. Яна стаіць на ўзгорку каля аўтамагістралі. Кожную нядзелю і ў святы з далёкага і блізкага наваіколля з’язджаюцца туды старыя, маладыя і зусім маленькія беларусы, каб памаліцца, пачуць роднае слова і адчуць сябе часцінкаю Бацькаўшчыны.

Беларускі праваслаўны прыход Еўфрасінні Полацкай існуе і ў сталіцы Вялікабрытаніі.

На Захадзе неаднаразова друкаваліся іконы святой, выходзілі прысвечаныя ёй даследаванні. Адным з першых была кніга айца Льва Гарошкі «Сьвятая Еўфрасіня-Прадслава. Ігуменя манастыра сьв. Спаса ў Полацку, патронка Беларусі», што пабачыла свет у 1949 годзе ў Парыжы.

Беларуская дыяспара годна адзначыла 800-годдзе завяршэння зямнога шляху нашай нябеснай заступніцы. Мастак Алег Махнюк намаляваў новую ікону асветніцы, выдадзеную потым літаграфічным спосабам, а вядомы венгерскі скульптар Пол Вінчэ стварыў на заказ нашага суайчынніка гісторыка і калекцыянера Міхася Белемука вытанчаны срэбны абразок з барэльефам святой.

Іконы святой Еўфрасінні ў замежжы былі напісаныя таксама беларускімі мастакамі Лідзіяй Каліноўскай (для царквы ў Рэгенсбургу), Змітром Чайкоўскім, Верай Кубраўцовай. Адметныя вобразы полацкай ігуменні стварылі ў сваіх жывапісных і графічных працах Івонка Шыманец-Сурвіла, Уладзімір Шыманец, Галіна Русак, Тамара Стагановіч.

А першым беларускім праваслаўным храмам у Паўночнай Амерыцы стала царква Еўфрасінні Полацкай у канадскім горадзе Таронта. Набажэнства ў ёй упершыню адбылося 25 сакавіка 1950 года, у дзень абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Аднаго разу мне давялося паказваць Полацк беларускаму спеваку з Нью-Ёрка Багдану Андрусішыну, або проста Данчыку, і яго маці, спадарыні Юлі. Пакуль мая жонка Валянціна гатавала да сустрэчы гасцей полацкія дранікі з «душамі», мы на заканчэнне экскурсіі завіталі ў Спасаўскую царкву. Да вячэрні было яшчэ далёка, аднак, даведаўшыся, што госці са Злучаных Штатаў стараста царкоўнае рады Таццяна Храпавіцкая дазволіла і агледзець храм, і падняцца ў келлю князёўны-ігуменні. Ну а пасля таго, як стараста пачула пра царкву нашай святой каля Нью-Ёрка, госці атрымалі ў падарунак вялізны пакунак прасвірак.

Сёння паміж католікамі і праваслаўнымі ў Беларусі часам узнікаюць непаразуменні. Агульная для гэтых канфесій святая, Еўфрасіння Полацкая як бы закліканая паяднаць іх, прынесці ўсім мір, згоду і ўзаемапавагу. У зацверджанай рымскім папам малітве за беларускі народ гаворыцца: «Цябе, Прачыстая Багародзіца і наша нябесная Маці, просім: прычыніся за намі, а ты, святая Еўфрасіння Полацкая — патронка Беларусі, ды ўсе святыя заступнікі Беларускага народу, апякуйцеся намі, каб мы сталіся народам святым, што выконвае волю Божую і сваё пасланство, каб прычыніліся да агульнага дабра тут, на зямлі, а ў прышлым жыцці атрымалі вечнае шчасце, і Табе, прадвечнаму Валадару, прыносілі славу, чэсць і паклон на векі вечныя. Амін».

Еўфрасіння высока ўзнялася над сваёй эпохай. Яе прыклад натхняў Францішка Скарыну, Васіля Цяпінскага, Сімяона Полацкага…

Часы мяняюцца, і зорка Еўфрасінні на небасхіле народнай памяці ззяе ўсё ярчэй і ярчэй. Беларускія гісторыкі, пісьменнікі, мастакі разам з царквою вярнулі святое імя ў наш культурны і духоўны кантэкст. Наогул жа літаратура пра жыццё і подзвігі Еўфрасінні налічвае больш за чатырыста назваў на беларускай, лацінскай, польскай, нямецкай, англійскай, украінскай, царкоўнаславянскай, расійскай ды іншых мовах. Колькасць кніг і артыкулаў няўхільна расце. На маім стале ляжыць атрыманы з ЗША часопіс з публікацыяй пра лёс мошчаў святой. Часопіс, дарэчы, называецца «Полацак», а выходзіў ён па-беларуску ў амерыканскім горадзе Кліўлендзе, дзе ёсць беларускі культурны цэнтр — зноў жа з назваю «Полацак».

Пералік літаратурных твораў, прысвечаных святой Еўфрасінні, дойліду Іаану, Лазару Богшу, заняў бы ў гэтай кніжцы добрую старонку.

Сярод свецкіх партрэтаў святой вылучаюцца палотны жывапісцаў Аляксея Марачкіна і Нінэль Шчаснай, графічныя аркушы Арлена Кашкурэвіча. У тэхніцы габелена вобраз Еўфрасінні стварыў Сымон Свістуновіч. Яе імя ўзнікае ў памяці, калі бачыш адухоўленыя скульптуры старажытных палачанак Алеся Шатэрніка.

У 1992-м, напярэдадні святкавання 1000-годдзя прыходу на беларускія землі хрысціянства, у Полацку з’явілася вуліца святой Еўфрасінні. Яна вядзе да заснаванага асветніцаю манастыра, які кожны дзень сустракае паломнікаў і турыстаў.

Палачане даўно марылі пра помнік сваёй выдатнай суайчынніцы. У 2000 годзе гэтая мара здзейснілася. Святая Еўфрасіння яшчэ раз — у бронзе — вярнулася ў родны горад і цяпер вітае ўсіх, хто кіруецца ад Сафійскага сабора ў бок Спасаўскага манастыра. Скульптар Ігар Голубеў убачыў найславуцейшую палачанку велічнай і мудрай, поўнай чалавечай годнасці і духоўнай сілы. Яшчэ раней I. Голубеў стаў аўтарам помніка асветніцы, які знаходзіцца ў сталіцы нашай краіны, у скверы Беларускага дзяржаўнага універсітэта.

Хочацца верыць, што ў будучыні ў Полацку з’явяцца і помнікі славутым сучаснікам Еўфрасінні — дойліду Іаану і ювеліру Лазару Богшу, а таксама Гардзіславе-Еўдакіі і Звеніславе-Еўпраксіі — сёстрам і паплечніцам князёўны-ігуменні, што працягвалі яе справу. Яны маглі б стаць суладнай часткаю архітэктурна-ландшафтнай прасторы Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра або Верхняга замка.

Ужо колькі гадоў у маёй душы не заціхае водгулле глыбокага хвалявання, перажытага ў тыя хвіліны, калі пад скляпеннямі Сафійскага сабора, дзе калісьці знайшла прытулак юная Еўфрасіння, гучалі спевы, напісаныя ў гонар асветніцы восем стагоддзяў таму.

Придете, любомудрении, песнями богокрасными воспоимо достохвалнии и смиреннии. Ефросинии всечесней…

Прыдзіце, любамудрыя, у храм найпадобнейшай. Пакланіцеся яе мошчам, паглядзіце ў яе вочы на фрэсцы. Падыміцеся ў келлю святой, дзе так узнёсла думаецца пра вечнасць Хараства, пра чалавечае прызначэнне на гэтай зямлі.

СМЕРЦЬ КНЯЗЯ ВАЛОДШЫ

Малітвы Еўфрасінні за родны Полацк, яе парады князю Усяславу Васількавічу не пайшлі марна. Пасля смерці князёўны Бацькаўшчына, няхай і нядоўга, але пажыла ў спакоі і міры. Аціхлі ўсобіцы, аднавілася адзінства Полацкай зямлі. Хоць яна ўжо была падзеленая на добры тузін удзельных княстваў, агульныя інтарэсы гуртавалі іх у магутны ваенны і палітычны хаўрус.

Калі ў Друцку сеў смаленскі стаўленік, шэсць полацкіх князёў зрабілі ў 1180 годзе пераможны паход і вярнулі горад пад уладу Усяслава II. У злучаным войску разам з крывічамі ішла літва і ваяры з падуладнага Полацку племя ліваў, што жыло на ўзбярэжжы Варажскага мора.

Літва была хаўруснікам моцным, а таму і ненадзейным. Праз пяць гадоў полацкі князь у баі з ёю загінуў і ў Бельчыцкі княжы хорам прыйшоў новы гаспадар, малодшы Усяславаў брат, якога дагэтуль і ў навуковай, і ў мастацкай літаратуры называлі Уладзімірам. Ні раней, ні пазней Уладзіміраў у полацкай дынастыі не было. Чаму — растлумачыць няцяжка, варта толькі згадаць крывавае Рагнедзіна вяселле. Рагвалодавічы не давалі сынам імя заклятага ворага.

Адкуль жа тады пайшло гуляць па кнігах нялюбаснае палачанам княжае імя? 3 напісанай па-лацінску «Хронікі Лівоніі», якая называе полацкага ўладара каралём Вальдэмарам, што заўсёды перакладалі як «князь Уладзімір». У сваім даследаванні «Старажытная Беларусь» Мікола Ермаловіч давёў: напраўду «караля Вальдэмара» звалі Валодшам.

Валодша займаў полацкі пасад трыццаць гадоў і ўвесь гэты час мусіў змагацца з новым смяротна небяспечным ворагам — рыцарамі-крыжакамі. На пачатку 1216 года ён рыхтаваўся да вялікага паходу на Рыгу.

Валодшу не спалася.

Думна было ў князевай галаве, неспакойна на сэрцы. Уваччу яшчэ стаяла гаворка з пасламі, у зацішнай пачывальні як быццам гучалі іх галасы.

— Наша неба не сіняе, як мора і азёры, — гаварыў чудскі старэйшына, — а чорнае ад хаўтурных вогнішчаў. Крыжакі забілі столькі ваяроў, што я ўжо не памятаю, хто жывы, а хто склаў галаву. Нашы жанчыны выплакалі вочы, а мужчынам ад частых трызнаў мёд здаецца горкім, а піва — салодкім.

Першыя паслы з Чудскай зямлі прыйшлі ў Полацк на Вадохрышча, у самыя лютыя маразы, калі мядзведзь пераварочваецца ў берлагу на другі бок. На мірныя паселішчы эстаў наляцелі немцы з атрадамі перавернутых у новую веру ліваў. Мужчын забівалі на месцы, а жанчын, дзяцей і гавяду гналі ў Лівонію. Дзесяць дзён эсты адбіваліся ў замку, а на адзінаццаты, калі з абложнае вежы нямецкія латнікі з лукаў і прашчаў перабілі палову абаронцаў, мусілі скарыцца: пусцілі ў замак лацінскага святара і аддалі немцам у закладнікі сыноў сваіх старэйшын. Паслы прасілі полацкага князя ісці на Рыгу, а самі абяцалі паўстаць і цясніць вайной ліваў і летаў.

Новыя паслы скардзіліся, што суддзі, якіх шлюць немцы ў скораныя землі, дбаюць не пра справядлівасць, а пра сваё багацце. Эсты не хочуць плаціць дзесяціну, не хочуць карміць святароў і хадзіць з немцамі на вайну, каб потым цярпець помсту ад суседзяў.

Чудзіны зноў прасілі ў Полацка падмогі.

Ён, Валодша, прыняў іх ласкава, ад сваіх ранейшых слоў не адмаўляўся, аднак не гэтых паслоў ён чакаў.

На поўню наплыла хмара, і ў вакне князь бачыў толькі вогнішча з чорнымі постацямі ваяроў са зменнай начной варты. Але ён ведаў што вунь там, праваруч, падняты на ноч мост цераз роў, там і там — вялізныя, укапаныя ў зямлю медныя катлы для вару, які пальецца на галовы тым, хто адважыцца напасці на Бельчыцы. Харчу і вайсковых запасаў у складах хопіць хоць на два гады аблогі. Ды ўсё гэта не магло развеяць нялёгкіх князевых дум.

Валодша прачыніў вакно, і ў спачывальню пацёк волкі начны халадок з лёгкім пахам дыму.

Трыццаць гадоў носіць ён гэтыя думы ў сабе, трыццаць гадоў яны падпільноўваюць яго, каб у адну з начэй зноў прыціснуць сэрца каменем-жарнавіком, і з кожным годам камень гэты робіцца цяжэйшы і цяжэйшы. Але мудра пісана ў кнігах: «Хто, рабуючы чужое, будуе на тым дом свой, той складае яго на лёдзе. Прыйдзе вясна, і сплыве дом за мора».

Неразумна ўсё жыццё вінаваціць сябе, але хіба забудзеш, што калісьці як дарагіх гасцей прымаў людзей з чорнымі душамі, якія ў сэрцы сваім хацелі пагібелі і яму, і ўсёй Полацкай зямлі.

У тое ж лета, як ён сеў на полацкі пасад, у горад прыйшоў па Дзвіне разам з брэменскімі купцамі першы лацінскі манах. Быў ён у падшытай ветрам, лапленай сутане і выгляд меў такі, быццам ніколі не еў уволю хлеба.

У княжым хораме заморскі госць трымаўся цішэй за халопа, толькі бесперастанку маліўся і праз тлумача прасіў аднаго: дазволу прапаведаваць слова Божае ў падуладнай полацкаму князю зямлі ліваў.

Полацку здавён не надта рупіла, што яго даннікі моляцца не ў цэрквах, а ў святых гаях і дубровах; іх багі любілі мяса аленяў і тураў, а найлепшым пачастункам была ім кроў палонных чужынцаў. Але ён, Валодша, даў манаху згоду, бо полацкія купцы казалі, што маюць добры гандаль у Брэмене і Любеку. Мала таго, на адвітанне ён адарыў ціхмянага госця кунамі і вавёрыцамі са сваіх клецяў.

Там, дзе Дзвіна сканчвае шлях да мора, манах Мейнард паставіў царкву і пачаў хрысціць ліваў паводде лацінскага абраду. Увёўшы лівам у вушы, што хоча абараніць іх ад набегаў, ён прывёз нямецкіх муралёў і збудаваў замак. Хутка замак стаяў ужо і ў суседнім Гольме, а ціхмяны манах стаў біскупам. Даніна ў тую пару ішла ў Полацк яшчэ па-ранейшаму спраўна, як і дзвесце гадоў дагэтуль, аднак ён, князь, разумеў, што замкі бароняць не ліваў а немцаў. Усё часцей ён думаў, што памыліўся і за памылку гэтую давядзецца плаціць вялікай крывёю.

Яго пабойванні спраўдзіліся скора. Стары біскуп Мейнард памёр, а новы да полацкага князя ўжо не паехаў. Прыкрываючыся Божым словам, немцы сталі адбіраць у ліваў зямлю. Папа ў Рыме ўжо абвясціў адпушчэнне грахоў усім, хто нашые крыж і пойдзе служыць у біскупава войска на беразе Варажскага мора. Полацкія купцы прывезлі навіну, што папа і нямецкі кесар прыраўнялі паход у Лівонію да крыжовых паходаў у Палесціну.

Праўда, новаму біскупу Бертальду сонца свяціла тут нядоўга. У бітве спалоханы конь занёс яго ў гушчу ліваў; двое схапілі ненавіснага крыжака за рукі, а трэці працяў яго дзідаю. Выведнікі данеслі, што пасля біскупавай смерці лівы доўга мыліся ў лазнях, змываючы там, а потым у дзвінскіх водах хрышчэнне. Яны пілі хмельны мёд, зрывалі з дрэваў укрыжаванні і пускалі іх на плытах у мора. Але ён прыняў гэтыя навіны без вялікай радасці, бо ведаў, што рыцары вернуцца.

Яны вярнуліся, і з году ў год іх караблі падымаліся па Дзвіне ўсё вышэй і ўжо даходзілі да падуладных яму, Валодшу, гарадоў Куканоса і Герцыкі, дзе сядзелі крывіцкія князі…

Можна ўявіць, як знадворку, недзе за блізкай сцяной цёмнага бору, завухаў пугач, як князь перахрысціўся на абраз з кволым агеньчыкам лампадкі. Пугач падаў голас акурат тады, калі ён падумаў пра біскупа Альберта. Валодша раптам зразумеў, што яны падобныя: рыжскі валадар і гэтая вушастая птушка з такою самаю, як у Альберта, круглай галавой і вялікімі слепаватымі вачыма. Князю зрабілася ніякавата, яму здалося, што загадкавае начное стварэнне можа невідочна заляцець у спачывальню і падслухаць яго пакрыёмыя думкі. Ён міжволі ўспомніў пра ваяроў, што гэтаю парой за пяць пералётаў стралы адсюль стаяць варту пад старым дубам у лесе і ў прыдзвінскіх зарасніках алешніку. Там выходзяць наверх лёхі, што пачынаюцца з княжага двара: адна — якраз пад яго спачывальняй.

Пугач зарагатаў зноў і князь зачыніў вакно на зашчапку, адразу адчуўшы на душы палёгку.

Не, ён не баяўся Альберта. Цяпер ён хацеў засцерагчыся ад тых таемных сіл, што ўладараць у глухую начную часіну і могуць умяшацца ў любую чалавечую справу. Што да рыжскага біскупа, дык Валодша ведаў: далей ім двум на берагах Дзвіны не жыць. Застанецца нехта адзін: або ён, вялікі князь полацкі, або гэты пугач з чалавечым абліччам.

Валодша думае пра біскупа так даўно і так шмат, што часта ў яго з’яўляецца дзіўнае і, відаць, грахоўнае жаданне хоць на дзень, на гадзіну самому стаць Альбертам, атрымаць яго розум і сэрца. Тады ён здолеў бы вызнаць гэтую душу, уведаў бы, што біскуп мысліць пра яго, полацкага караля Вальдэмара.

Няўжо рыжскі пугач смяецца з яго? Так, смяяцца ёсць з чаго. Дагэтуль амаль заўсёды выйграваў ён, Альберт. Але біскуп ніколі не мог лічыць сябе поўным пераможцам. Нават тады, пад Гольмам, у дзень ганьбы полацкага войска.

I цяпер, праз дзесяць гадоў, князь не можа прыгадаць той паход спакойна. Аднекуль з глыбіні падымаецца і туманіць розум цёмнае воблака лютасці, ад якой самі сабой сціскаюцца кулакі.

Ён ізноў бачыць недаступныя шэрыя вежы Гольма. Лучнікі з полацкага войска не даюць немцам і носа выткнуць з-за каменных зубцоў. Першая страла яшчэ не сустрэлася з зямлёй ці варожым панцырам, а наўздагон кожны лучнік паспявае паслаць яшчэ тры. Але немцы паставілі балісты і пачалі кідаць на табар абложнікаў камяні і цяжкія бёрны. Тады ён загадаў таксама збудаваць абложныя машыны. Палоннаму рыцару абяцалі жыццё, калі навучыць рабіць балісту.

Як абложнікі выцягнулі з лесу свае катапульты, у Гольме стала так ціха, нібы ўсім немцам заняло мову. Аднак палачане радаваліся рана.

Здаецца, усё было як належыць — і даўгія асверы, і цяжкія супрацьвагі, і трывалыя кашы, куды кладуць камяні, ды, калі ратнікі напялі вяроўкі і разам стрэлілі з усіх пяці балістаў, двухпудовыя камлыгі паляцелі не цераз замкавыя сцены, а ў другі бок, акурат туды, дзе стаяла гатовае да прыступу полацкае войска. Пятнаццаць ратнікаў былі забітыя на месцы, а тут яшчэ каменны град пасыпаўся з замка, брама расчынілася, і немцы пайшлі на вылаз. Ён, князь, даў знак адысці, і тае ж хвілі з неба гахнуў камень і забіў пад ім каня. Раць ужо кінулася да выратавальнага лесу. Рыцары несліся на яго з думкаю, што кароль Вальдэмар у іх руках, а ён стаяў з аголеным мячом і рыхтаваўся як найдаражэй аддаць жыццё. Але малады дружыннік на скаку павярнуў каня, і той выратаваў іх абодвух ад вернае смерці.

Назаўтра ганцы ад ліваў паведамілі, што на моры паказаліся караблі, і ён зняў аблогу. Так закончыўся той паход, аднак і тады рыжскі біскуп не перамог.

I не пераможа ніколі.

Хай, прыйшоўшы на падмогу Куканосу, ён, Валодша, застаў на месцы горада галавешкі, бо князь Вячка пасля лютай сечы з крыжакамі мусіў падпаліць сваю дзедзіну і ісці з дружынаю ў свет. Хай ездзіў на паклон у Рыгу князь Усевалад з Герцыкі. Хай ужо не ідзе ў Полацк даніна ад ліваў і летаў. Ён загадаў сваім людзям не мець літасці ні да смердаў, што будуць хаваць хлеб, ні да баяраў, калі нехта думае адседзецца за дубовымі вотчыннымі сценамі. Хто бунтуе — або галаву з плячэй, або ланцуг у вязніцы на княжым двары. I так будзе з кожным, хто пойдзе супраць яго волі, бо не павінны пусцець збройні, свірны і мядушы ў Бельчыцах. Бо Полацку цяпер, як ніколі, трэба адзінства.

Ён, князь Валодша з роду Рагвалодавічаў не пусціў і не пусціць немцаў на крывіцкія землі. Не пусціць, пакуль за плячыма веча, а яно стаіць за яго ўжо трыццаць летаў і будзе стаяць, пакуль жывы. I баяры, і епіскап не пойдуць супраць, бо гораду і княству трэба моцны абаронца.

Неспадзявана яму прыгадаліся дзвінскія парогі вышэй Віцебска. Раку перагарадзілі там вялізныя каменныя валы, але яна, не могучы перапілаваць іх, не здаецца — паволі падымаецца на вал, абрываецца ўніз, творачы вадаспад, і зноў б’е ў камень, зацята точыць яго і ўсё ж праразае сабе вузкі ды глыбокі ход скрозь парог і ляціць з шалёнай хуткасцю, неўтаймоўна і пераможна. Гэтае змаганне ракі і парогаў, што назаўсёды запала яму ў памяць, цяпер, у бяссонную ноч, прынесла нейкую палёгку.

За біскупам — кесар, папа, нямецкія гарады, але за ім, князем Валодшам, — зямля яго прадзедаў. За ім — купцы і рукамеслы люд, за ім — цёмныя смерды з вотчын і глухіх весяў. За ім — пастаўленая вялікім князем Усяславам Сафія і кніжная мудрасць, сабраная ў манастырах і цэрквах. Калі б чужынцы прыйшлі ў полацкія храмы, калі б яны пачалі паліць кнігі і на свой капыл выпраўляць летапісы, продкі ўсталі б са сваіх магіл і ўзбунтавалася б сама зямля. Праўда — за ім, князем, а не за крыжакамі.

Рогат пугача пачуўся ўжо зусім блізка, але гэтым разам Валодша не перахрысціўся.

Хутка паплывуць яз па рацэ полацкія стругі. У яго вотчыне за Барысавым каменем стаяць дзесяць балістаў, таемна зробленыя на ўзор тых, што князь Вячка некалі адбіў у крыжакоў і прыслаў у Полацк. Цяпер камяні не паляцяць у сваіх. I войска ў яго будзе не такое, як калісьці.

Яшчэ ў студзені, пасля першых чудскіх паслоў ён на радзе з самымі вернымі баярамі наважыў збіраць сілу. Па езджых дарогах і звярыных сцежках ён адправіў пасланцоў у літоўскія лясы, да земіголы і ў балотную краіну кураў, якія ідуць на бітву, закрыўшыся белымі шчытамі, і адсякаюць сваім параненым галовы, каб пазбавіць іх ад пакутаў, Ён паслаў людзей да дручанаў і лагажанаў, у Менск і Віцебск…

У Смаленск паслы не паехалі. Смаленскі князь сам глядзіць, каб адарваць кавалак ад Полацкай зямлі, ад сваіх братоў-крывічоў. Добра, калі ў спіну не ўдарыць. Затое ён, князь Валодша, моцна спадзяваўся на паўночных суседзяў.

Не з лёгкай душой, а заціснуўшы гонар у кулак, пісаў ён ім граматы. Ноўгарадцам і пскавічам нямецкія замкі на Дзвіне выгодныя: больш купцоў едзе да мора сухаземным шляхам цераз іх княствы. Пскоўскія ратнікі нават хадзілі купна з немцамі вайною на эстаў. Суседзі не разумелі, што нядоўга будуць багацець ад сваіх выгодаў. Рыцары паставяць на калені чудзь і пойдуць далей на ўсход. Прыспеў час забыць старыя крыўды і стаяць за свае рубяжы плячо ў плячо. Іначай палягуць паасобку, як дружына князя Ігара ў палавецкім стэпе. А выступаць трэба цяпер, калі рыжскі біскуп Альберт паехаў да папы і кесара разбіраць спрэчкі з мечаносцамі.

Валодша ўсміхнуўся, павесялеў. Ён разумны, біскуп. Кожны раз, як едзе ў Нямеччыну, ён набірае сабе не толькі рыцараў, але і майстроў, каб глыбей пусціць карані ў чужую зямлю. Нядаўна ён дазволіў лівам замест дзесяціны плаціць меру збожжа з аднаго каня. Цяпер лівы не паўстануць. Біскуп вельмі разумны, але здаралася аступацца і рыжскаму пугачу. Відаць, не раз гатовы быў кусаць сябе за локці, што заснаваў ордэн. Войска Альберта служыла яму толькі ад лета да лета, а потым, зарабіўшы адпушчэнне грахоў і ў жадобу парабаваўшы, крыжакі вярталіся на караблях дадому. Ён думаў, ордэн мечаносцаў памножыць яго моц. Але браты-рыцары, увабраўшыся ў дужасць, зрабіліся не памагатымі, а заклятымі ворагамі. Не першы год біскуп і ордэн грызуцца, як злыя сабакі за смачную костку. Некалі Альберт даваў ім траціну заваяванай зямлі, а цяпер ужо мечаносцы дакляруюць яму гэтую траціну, дый то на словах. Пакуль не замірыліся, пакуль няміласцівы да біскупа папа ў Рыме, і трэба біць псоў.

Ён загадаў паслам сказаць у Ноўгарадзе ды Пскове і пра тое, што не сёння, дык заўтра можа прыйсці на берагі Варажскага мора новы вораг. Угорскі кароль пусціў на свае землі рыцараў-тэўтонаў, што дагэтуль ваявалі з сарацынамі. Полацкія князі здавён маюць сярод купцоў верных людзей, якім наказана ў падарожжах дбаць не толькі аб добрым гандлі, але мець вушы і вочы дзеля сілы і прышласці роднага гнязда. Летась купцы прывезлі вестку, што ляшскія князі просяць у тэўтонцаў падмогі супроць прусаў…

Чакаючы паслоў з адказам, Валодша цешыўся надзеяю, што адыдзе ў мінулае задаўненая варажнеча. У смелых думках ён бачыў як будзе сватаць за старэйшага сына Барыску дачку ноўгарадскага князя. Тады Полацк і Ноўгарад стаялі б на сваіх межах непарушна.

Праз месяц паслы вярнуліся з невясёлымі навінамі. Ноўгарадцы крычалі на вечы, што пойдуць ваяваць немцаў, калі Полацк прышле назад званы, што Усяслаў Чарадзей з іх Сафіі зняў і на сваю павесіў. Пскавічы таксама ўспомнілі, як іх Усяслававы палкі палілі. Як быццам Полацку няма чаго згадаць! Можа, і папусціўся б ён, адаслаў назад званы, але ж нічога добрага з гэтага не выйдзе. Адно што пасмяюцца ў Ноўгарадзе: маўляў дазвання растрос Полацк былую славу і гонар.

Валодша ўжо даўно зразумеў: каб адолець біскупа, мала адной сілы. Ён стаў асцярожны. Калі маеш справу з Рыгаю, хітрасць — не загана. Ён добра памятае, як колькі гадоў таму нямецкія паслы выведалі яго задумы і таемна паслалі біскупу вестку аб зборах полацкага князя ў паход. Рыцары, што меліся адплываць за мора, нечакана засталіся ў Рызе. Ён так і не дазнаўся, каго з полацкіх моцных мужоў падкупілі немцы.

Пра новы паход ведаюць лічаныя людзі, а ўвесь Полацк гаворыць, што князь пойдзе ў набег на бязбожную літву. Хай мянцяць языкі — літоўскім князям не горай, чым яму, вядома, што гэта будзе за набег. Літоўцы ўмеюць трымаць язык за зубамі.

Чатыры гады, як у Полацка з Рыгаю вечны мір. Не, рыжскі біскуп не верыць, што ён, Валодша, скарыўся. Альберт, пэўна ж, разумее, што ён проста хоча выйграць час, і таму адкладваць паход далей не выпадае.

Вечны мір… Днямі ў Дзвіне ўтапілі двух выведнікаў-нямчынаў, якія труцілі полацкія студні. Сам князь таксама пабойваецца варожага зелля і падчас застоліцы заўсёды кідае ў сваю чару прывезены купцамі пярсцёнак з адмысловым каменем, ад якога атрута траціць сілу.

Не са сваёй волі нараджаецца чалавек, думаў лежачы без сну, князь. Але, калі прыйшоў ужо на свет, мусіць зразумець свой лёс і заўжды трымацца той невідочнай стралы, што ляціць цераз дні і гады, пазначаючы кожнаму яго шлях. Смерду трэба карміць гаспадара. Еўфрасіння жыла, каб сеяць зерне кніжнае навукі. А ён прыйшоў абараніць Полацкую зямлю. Надыдзе пара, і крыжакі зломяць сабе хрыбет.

Праз тыдзень Валодша прымаў у княжай палаце паслоў з Герцыкі.

Колькі гадоў таму, здабыўшы бліжэйшы ад Рыгі Куканос, біскуп Альберт на чале вялікага войска падступіў да Герцыкі, дзе сядзеў Усевалад з роду Рагвалодавічаў. Крыжакі прыйшлі помсціць за вернасць Полацку, за тое, што Усеваладава дружына няраз шкуматала Лівонію. У набегі князь хадзіў зазвычай разам з аўкштайтамі, бо іх магутны кунігас Даўгерут даводзіўся яму цесцем. У Рызе ваяўнічага памежнага князя пабойваліся, а Герцыка ды Полацк любілі яго — не толькі за адвагу ў бітве, але і за часты шанцунак, за тое, што свяціла яму з неба шчаслівая зорка.

То яго ваяры знянацку з’явяцца пад самымі рыжскімі мурамі, захопяць гарадскі статак і двух лацінскіх святароў у прыдачу і беспакарана вернуцца ў свой удзел. То, надзеўшы нямецкія панцыры, без бою ўвойдуць у замак і палоняць тузін рыцараў і самога комтура. То, як быццам ні з чога ні з якога, загарацца сярод ночы нямецкія караблі ў завані…

Відаць, і тады Усевалад верыў у сваю шчаслівую зорку, бо не зачыніўся ў замку, каб трываць аблогу, а вырашыў біцца ў полі. Аднак людзей у Альберта было болей, а паміж Усеваладавых вояў не кожны нават меў кальчугу. Разы са два герцыкскія ратнікі наляцелі на немцаў ды адпалі, як выжлы ад мядзведзя, і кінуліся бегчы назад да брамы. Услед за імі крыжакі ўварваліся ў горад і пачалі сеяць смерць. Праўда, князь з дружынаю і многімі мужамі прабіўся да стругаў і ўратаваўся за Дзвіной, але жанкі і дзеці трапілі ў палон. Два дні крыжакі рабавалі Герцыку, выганялі з хлявоў худобу, зносілі да княжага хорама золата, срэбра і пурпур. На трэці дзень, утапіўшы царкоўныя званы і пасекшы мячамі абразы, немцы падпалілі горад і берагам пагналі палон у Рыгу. Прывязаная да калёсаў са скарбам, басанож ішла разам з усімі і проставалосая Усеваладава жонка з дачкою на руках.

У чоўне-аднадрэўцы пераплыў раку адпушчаны палонны. Усевалад, ашчаперыўшы голаў, сядзеў на краі бераговага ўрвішча і моўчкі гайдаўся з боку ў бок. Пушчанік перадаў словы біскупа Альберта. Калі князь хоча вярнуць жонку з дзіцем і палон, няхай адзін едзе ў Рыгу. Усевалад кінуўся на вестуна з мячом, ледзьве не ўчыніўшы смертазабойства.

Але князь мусіў утаймаваць свой гнеў і паехаць у варожае кубло. Перад рыцарамі, клірыкамі і купцамі ён назваў Альберта бацькам і перадаў яму Герцыку з зямлёй і вотчынамі, паабяцаўшы быць верным лацінскай царкве і не хадзіць ў набегі. Зняважаны Усевалад ішоў адбудоўваць горад з палонам і трыма атрыманымі ад біскупа чужынскімі сцягамі.

Гаварыць з людзьмі з Герцыкі Валодша вырашыў сурова, хоць у душы і хаваў радасць. Князь ведаў: хай сабе і схіліў Усевалад галаву перад рыжскім біскупам, але ніколі ён не паставіць дружыну ў варожы строй, не ўчыніць крывіцкім мячам такой нязбыўнай ганьбы.

У княжую палату, дзе ў вясёлыя вечары збіралася бяседа на сто чараў, зазірала сонца. Яно запальвала агнём медныя бляхі на каваных шчытах, што віселі на сценах, чаргуючыся з раскідзістымі рагамі аленяў і ласёў. Адсюль, з другога паверха, была відаць мураваная царква пад свінцовым крыццём і выцягнутыя ўсцяж вастраколу абымшэлыя дахі жылых клецяў, на якіх падчас аблогі стаялі абаронцы.

Размова з пасламі мне ўяўляецца прыкладна так.

— Ну, распавядайце, ці добра жывецца пад нагой у біскупа? Ці смачнейшы стаў ваш хлеб, ці саладзейшы мёд? — пачаў Валодша. На ім ладна сядзела сіняя світа з чырвонаю аблямоўкай і залатымі закаўрашамі, на нагах былі расшытыя срэбрам боты з чырвонай скуры.

— Не такія мы словы чуць хацелі, — глуха сказаў стары Усеваладаў ваявода.

— Не льюць міру духмяную ў паганы посуд. Можа, гэта не ваш князь рыжскага біскупа за роднага бацьку прызнаў? Можа, не ён прысягаў адкрываць Рызе ўсе намеры палачанаў?

— Ты, князь, не сядзеў на тым рубяжы. Твае жонка і дзіця не паміралі ад голаду, і немцы не кідалі ім, акі псам, скарынкі на зямлю. Але і ты падпісаў з біскупам вечны мір.

— Мір мірам, а лацінцаў братамі не зваў і, пакуль жывы, не назаву!

Пасланы біскупам святар і яго схіляў некалі прыняць новую веру. «Асвяці душу і розум ісціным законам Божым, — пранікнёна казаў красамоўны рыжанін, — і Бог прыспорыць табе і твайму каралеўству велічы і моцы». Пасля новага хрышчэння, абяцаў клірык, вучоны святар Генрых, што піша лівонскі летапіс, праславіць імя полацкага караля на ўвесь хрысціянскі свет. Валодша ўспомніў як адказаў тады: «Ад Адама і Евы да патопу, ад царства Саламонава да Аўгуста, ад страсці да ўваскрэсення — пра ўсё я ведаю і вучэння ад вас не прыму. Дасць Бог, здабуду славу ад іншага чыну».

— Не лацінец мой бацька! — усхапіўся з лавы Усеваладаў сын. — Па-старому моліцца! Рымская царква ўпусце стаіць! Вокны каменнем пабілі, а лацінскі поп у Рыгу ўцёк.

— Любіш бацьку, — пахваліў Валодша. — Толькі, княжыч, вокны ў пустой царкве біць — подзвіг невялікі.

— Дазволь мне слова сказаць, княжа, — устаў герцыкскі ваявода.

Валодша ў згодзе нахіліў голаў. Ён ведаў, пра што скажа стары ваяка, і чакаў яго словаў, бо час ужо быў пакідаць папрокі і кпіны ды прыступацца да галоўнага.

— Як князь Усевалад біскупа слухае, ты чуў. Ад той самай пары ў Альберта не быў і на граматкі яго не адпісваў. Ты пра вялікі пажар у Рызе знаеш. Нашы людзі чырвонага пеўня пусцілі. Згарэла царква лацінскае Багародзіцы, згарэў дом біскупаў, згарэла царква братоў-рыцараў. I летась добра паслужыла Герцыка біскупу, калі пабілі рыцараў з Куканоса.

Валодша кіўнуў. Сапраўды, летась герцыкскія ваяры няблага адмыліся ад ганьбы ў чужынскай крыві, а за дзесяць знаных нямчынаў Рыга пасылала багаты выкуп.

— Кажы, з чым цябе князь Усевалад прыслаў! — загадаў Валодша старому ваяводу.

— Жадалі і жадаем быці з Полацкам. А другі раз у Рыгу хочам з табой схадзідь. Ад Герцыкі пойдуць твае стругі купна з нашымі.

— Добра мовіў. А пад якімі сцягамі ў паход пойдзеце? Пад тымі, што біскуп даў?

— Пад полацкімі! — апярэдзіў ваяводу княжыч.

— А ты якія весці прынёс? — загаварыў Валодша да старэйшыны аўкштайтаў, што прыйшоў у Полацк разам з герцыкскімі пасламі.

— Тры леты мінула, як крыжакі схапілі кунігаса Даўгерута. Мы будзем помсціць, пакуль помнім яго імя.

I Усеваладавы людзі, і полацкі князь добра ведалі, як Даўгерут паехаў на перамовы з ноўгарадцамі і на зваротным шляху трапіў у палон да мечаносцаў. Звыклага да лясных разлогаў кунігаса пасадзілі ў каменную цэлю з кратамі заместа столі. Яму днямі не давалі вады, а калі ён засынаў вартавы калоў яго зверху дзідай. Сам ордэнскі магістр Волквін падпальваў Даўгеруту ў розных месцах валасы і бараду.

Вольналюбівы кунігас не стрываў здзекаў і забіў сябе.

— Мы аддаём нябожчыкаў агню, а немцы закапалі нашага князя, як сабаку. Даўгерут не трапіў на неба і нябачна блукае па нашай зямлі. Ён дае слабым сілу, а моцных робіць яшчэ мацнейшымі. Нашы ваяры прыйдуць да нямецкіх замкаў. Мы кінулі дзіду ў раку. Гэта — вайна.

— Які знак паслаць вам, калі пайду на Рыгу? — усцешана спытаўся Валодша.

— Будзем сачыць твае караблі на Дзвіне.

Пачатак паходу князь прызначыў на травень, калі падсохнуць дарогі. У Полацк сабраліся палкі з удзелаў. Пешыя ратнікі, прашчнікі і лучнікі павінны былі рухацца далей на плытах і стругах, конная дружына — сухазем’ем.

Адстаяўшы з дружынаю ютрань у Сафіі, вялікі князь Валодша першы ўзбег па сходах на княжы струг і павярнуўся тварам да Полацка. Бераг быў чырвоны ад шчытоў. Травеньскае сонца грала на шаломах ратнікаў. што стаялі пад шматкалёрнымі сцягамі і белымі харугвамі. Душу князя прасвятліла радасць, ён падумаў, што чужынцы з крыжамі на плашчах ніколі не будуць гаспадарамі гэтай зямлі.

«Слава! Слава!» — крычаў бераг. Але не паспела аціхнуць над Дзвіною водгулле, як полацкі валадар на вачах княгіні, малалетніх сыноў Барыскі ды Глеба і ўсяго горада схапіўся аберуч за слямгу і пачаў асядаць на памост.

Так загадкава абарвалася жыццё князя Валодшы.

Летапісец рыжскага біскупа Генрых не насмеліўся запісаць у сваёй хроніцы, што полацкага князя пакарала неба. Відаць, біскуп сам страшыўся кары за грахі і не хацеў каб згадка пра іх дайшла да будучых пакаленняў.

У лета 6724-га, а паводле сучаснага летазлічэння, 1216-га, крыжакі дамагліся свайго. Абезгалоўленае войска ў паход не пайшло. Дарэмна ў вотчыне за Барысавым каменем грузілі на караблі грозныя катапульты. Дарэмна чакала герцыкская дружына.

Ужо ў год смерці полацкага князя вялікі атрад мечаносцаў і рыцараў біскупа Альберта напаў на Ноўгарадскую зямлю. Каб ударыць раптоўна, крыжакі пачалі вайну якраз на Каляды, а вялікі магістр перад гэтым адпусціў з дарамі дахаты палонных ноўгарадцаў. Праз колькі гадоў былы князь Куканоса Вячка загінуў у рукапашнай, баронячы ад крыжакоў горад Юр’еў, цяперашні Тарту, дзе сёння імем адважнага князя з роду Рагвалодавічаў названая вуліца.

Аднак збылося не толькі благое. Спраўдзіліся і князевы надзеі. Не ўзяў сабе Барыска жонкі з Ноўгарада, але ноўгарадскі князь Аляксандр Яраславіч вянчаўся з Параскеваю, дачкой полацкага Брачыслава. Цяпер два княствы радніліся не так, як у часы Рагвалода і Рагнеды, не пад звон мячоў, а пад радасныя галасы царкоўных званоў. Разам з пасагам везла маладая княгіня абраз Багародзіцы, што прыслаў некалі ігуменні Еўфрасінні яе сваяк візантыйскі кесар Мануіл. Праўда, Аляксандр Яраславіч, якога яшчэ не звалі Неўскім, больш разлічваў не на цудадзейны абраз, а на сілу полацкіх палкоў.

У сечы на неўскіх берагах здабыў сабе вечную славу лоўчы князя Аляксандра палачанін Якаў. Узброены адным мячом, ён бліскуча вытрымаў бой з некалькімі дзесяткамі рыцараў і заслужыў асабістую княжую пахвалу.

Мінулася яшчэ два гады, і побач з ноўгарадцамі і пскавічамі полацкія ратнікі, што разам з віцяблянамі складалі траціну ўсяго войска, насмерць стаялі каля Варонінага Каменя на Чудскім возеры. Пасля Лядовага пабоішча яны супольна гналі палонных тэўтонаў да Пскова, а адтуль павярнулі на радзіму, у Полацк.

У той дарозе, каля вясёлых вечаровых вогнішчаў старэйшыя векам дружыннікі неаднойчы згадвалі Валодшу. Палачане верылі, што князь бачыў усё з захмараных высяў і радуецца цяпер разам з імі.

(Дзякуючы некаторым аўтарам і вядомаму савецкаму кінафільму «Аляксандр Неўскі» сеча на Чудскім возеры шмат каму ўяўляецца грандыёзнай баталіяй, у якой былі знішчаныя тысячы нямецкіх рыцараў. Не прымяншаючы значнасці Лядовага пабоішча для свайго часу, заўважым, аднак, што насамрэч страты крыжакоў былі адносна невялікія. Не варта, вядома, цалкам давяраць лівонскай Рыфмаванай хроніцы, якая паведамляе ўсяго пра 20 забітых і 6 палонных рыцараў. Але і ноўгарадскія летапісцы (натуральна, схільныя перабольшваць страты непрыяцеля) вядуць гаворку толькі пра 400 - 500 палеглых і 50 палонных. Дзеля параўнання: у Грунвальдскай бітве нашых продкаў з войскам Тэўтонскага ордэна ў 1410 годзе, паводле большасці пісьмовых крыніц, крыжакі страцілі 40 тысяч забітымі і 15 тысяч — узятымі ў палон.)

Полацкія ваяры яшчэ няраз святкавалі перамогу над захопнікамі з захаду. Разам з літвой, латышамі і эстамі яны ўшчэнт разбілі крыжакоў ля возера Дурбэ ў 1260 годзе. Праз два гады палачане дапамаглі пскавічам і ноўгарадцам прыступам узяць Юр’еў. Але гэта былі апошнія старонкі гісторыі магутнай Полацкай дзяржавы. Пад Юр’еў нашых продкаў вадзіў ужо не Рагвалодавіч, а літоўскі князь Таўцівіл.

Надыходзілі новыя часы. Нараджалася новая дзяржава — Вялікае Княства Літоўскае.

HOBAЯ ДЗЯРЖАВА

Першая палова XIII стагоддзя адзначаная з’яўленнем дзвюх варожых славянству сілаў: татараў на ўсходзе і Тэўтонскага ордэна на захадзе. Паміж імі і паднялася новая еўрапейская краіна. Яе стваральным ядром сталі землі, размешчаныя на сучасным абшары Беларусі, яе моваю — старабеларуская, яе гербам — старажытны беларускі сімвал «Пагоня», а першай сталіцаю — беларускі Наваградак. Прааналізаваўшы летапісы, гісторык Мікола Ермаловіч прыйшоў да высновы, што старажытная «летапісная» Літва знаходзілася ў Верхнім Панямонні, паміж Менскам і Наваградкам, Пінскам і Крэвам. Пра Літву менавіта на гэтым абшары пісаў і сярэднявечны польскі храніст Мацей Стрыйкоўскі, які адзначаў што яна «здаўна прыслугоўвала Наваградскаму княству».

Дзяржава хутка расла і рабілася агульным домам некалькіх народаў. Першае найменне княства — Літоўскае — было яму ўжо цеснае, і афіцыйна яно пачало называцца Вялікім Княствам Літоўскім, Рускім і Жамойцкім. Геаграфічна назва расшыфроўваецца так: Літоўскае — гэта паўночна-заходні абшар Беларусі і паўднёвы ўсход сённяшняй Літоўскай Рэспублікі (Ліетувы); Рускае — усходняя частка беларускіх і ўкраінскія землі; Жамойцкае — Жамойць, захад сучаснай Літвы. Замежны беларускі гісторык Леў Акіншэвіч, гаворачы пра дзяржаву нашых продкаў і яе нацыянальны характар, зазначаў, што Вялікае Княства вяло ў XIV–XVI стагоддзях удалую палітыку, накіраваную на «задзіночанне вакол беларускае Вільні ўсіх галоўных частак усходнееўрапейскага цыклу».

Усіх, хто жыў у Княстве (а скарочана — проста ў Літве), незалежна ад нацыянальнасці ў сярэднявеччы звычайна называлі па дзяржаве. Для Масковіі і ў ХIV, і ў XVII стагоддзях жыхары Беларусі былі літоўцамі або ліцвінамі. Так звалі полацкіх або менскіх купцоў, ліцвінамі для ўсходніх суседзяў былі Францішак Скарына і яго паслядоўнік Пятро Мсціславец. Войска, што няраз прыходзіла пад сцены Масквы і часта на 9/10 складалася з продкаў беларусаў расійскія летапісы таксама называлі літоўскім. 3 тае самае прычыны жыхары Маскоўскай Русі былі для нашых продкаў «маскавітамі», а пазней «маскалямі».

Прычым на працягу стагоддзяў не толькі суседнія народы мянавалі нас ліцвінамі, а Беларусь — Літвою. I дома, і трапляючы за мяжу, ураджэнцы Вялікага Княства таксама з гонарам называлі сябе ліцвінамі. «Радзіма Літва! Як здароўе, так ты дарагая…» — пачынае сваю паэму «Пан Тадэвуш» беларус па бацьку Адам Міцкевіч. Паэт мае на ўвазе родную Наваградчыну. Чытаючы ў 40-я гады XIX стагоддзя лекцыі ў Парыжскім універсітэце, ён, між іншым, казаў: «На беларускай мове, якую называюць русінскай альбо літоўска-русінскай, гаворыць каля дзесяці мільёнаў чалавек[6]; гэта самая багатая і самая чыстая гаворка, яна ўзнікла даўно і цудоўна распрацаваная». Літвой зваў радзіму Кастусь Каліноўскі. За ліцвіна меў сябе першы прафесійны беларускі пісьменнік новага часу Вінцук Дунін-Марцінкевіч. Праўда, у XIX стагоддзі Літвою называлі ўжо толькі заходнія беларускія губерні, а ўсходнія — Смаленская, Магілёўская і Віцебская, куды ўваходзіла Полаччына, — зваліся Беларуссю.

Разам з тым славяне ў самім Вялікім Княстве Літоўскім часта мянавалі сябе «русінамі» або «рускімі». Вось чаму «рускім» зваўся заснаваны палачанамі ў Рызе гандлёвы двор, а Скарына друкаваў «Библию Руску». Уносячы яснасць, гуманіст XVI стагоддзя Сымон Будны пісаў пра славянскія народы так: «Рускія, маскавіты, сербы і іншыя славяне». Але былі выпадкі, калі не толькі чужаземцы, але і самі беларусы, як, напрыклад, асветнік Лаўрэн Зізані, называлі нашу мову «літоўскай» або «літоўска-рускай».

Гэтая гісторыя з назвамі спрычынілася да вялікай блытаніны. Адны памыляюцца незнарок, другія — з выгодаю. Сучасныя лтоўскія (летувіскія ― ад назвы сучаснай лзяржавы ― Lietuva ― Polochanin72) гісторыкі любяць абвяшчаць сваім усё, што мела дачыненне да Вялікага Княства, якое да 1569 года (калі Украіна адышла да Польшчы) было тэрытарыяльна найбуйнейшаю еўрапейскай дзяржавай. У віленскіх музеях мы са здзіўленнем даведваемся, што знакамітыя слуцкія паясы — вырабы «літоўскіх» рамеснікаў, што ў Полацку, Віцебску ды Оршы існавалі «літоўскія» друкарні і «літоўскія» тэатры, што ваявода Канстанцін Астрожскі і філосаф-атэіст Казімір Лышчынскі — таксама «літоўцы»… Любяць «памыляцца» і расійскія аўтары. Назваў, маўляў, Францішак Скарына сваю Біблію «рускай», дык які ж ён беларус?

Каб болей не блытацца, будзьма надалей памятаць, што Літва — гэта гістарычная назва беларускіх земляў.

Сярэднявечная Расійская дзяржава будзе называцца Масковіяй, а яе жыхарства — маскавітамі.

Колькі слоў пра «захоп Беларусі літоўскімі феадаламі». Летапісы неабвержна сведчаць, што амаль усе землі продкаў аб’ядналіся ў новай дзяржаве мірным шляхам, бо мелі ў гэтым вялікую зацікаўленасць: нікому не хацелася трапляць ні пад татараў, ні пад крыжакоў. А вось некаторыя балцкія землі (прынамсі ― Жамойць (захад сучаснай Летувы) ― Polochanin72) нашы прапрапрадзеды мусілі сапраўды далучаць сілаю зброі. Такім чынам, заваёўнікамі былі якраз «заваяваныя».

Як дасціпна напісаў адзін расійскі вучоны, перамагла не Літва, а яе назва. Падобная, але больш трагічная гісторыя здарылася з балцкім племем прусаў. Крыжакі заваявалі і цалкам анямечылі яго; створаная на тых землях нямецкая дзяржава стала называцца Прусіяй, а самі рыцары тэўтоны — прусамі.

Але што чынілася ў той час у Полацку?

У 1262 годзе полацкае веча прыняло ў горад літоўскага князя Таўцівіла — з далёкім разлікам, бо той меў моцны ўплыў у летапіснай (балцкай) Літве. Паганін Таўцівіл прыняў праваслаўе і ажаніўся з дачкою князя Брачыслава, што быў цесцем Аляксандра Неўскага. Названы пасля хросту Феафілам, полацкі валадар здзейсніў удалы паход на Юр’еў.

Полацк жыў надзеямі далучыць Літву і стаць аб’яднальнікам славянскіх і балцкіх земляў. Яе вялікасць Гісторыя вырашыла іначай.

Час быў неспакойны, багаты на княжыя закалоты ды забойствы. Ад рук змоўшчыкаў у 1263 годзе загінуў заснавальнік Вялікага Княства, каранаваны ў 1253-м Міндоўг і «во всей земле Литовськой и Жемойти» пачаў уладарыць Транята. На Таўцівіла новы літоўскі гаспадар глядзеў як на аднаго з самых небяспечных ворагаў, гатовага ў першы зручны момант заняць велікакняжацкі пасад. Найлепшым выйсцем з такога становішча кожны лічыў смерць суперніка.

Транята запрасіў Таўцівіла дзяліць Міндоўгаву спадчыну, цвёрда вырашыўшы, што нічога, апрача сталёвага клінка ў сэрца, госць не атрымае. Полацкі князь ехаў з вялікай баярскай світаю і таксама з намерам скончыць дзяльбу смяротным ударам. Полацкія баяры былі не супраць, але сярод іх знайшоўся здраднік Пракоп, што выдаў планы землякоў Траняту.

Таўцівіл развітаўся з жыццём, а полацкае пасольства, гатовае ўжо абвясціць свайго князя гаспадаром Літвы і Жамойці, у імгненне вока ператварылася з паважаных гасцей у палоннікаў. Каб выбавіць знаных мужоў з няволі, палачане прынялі да сябе Транятавага стаўленіка.

Полацк прайграў. Страціўшы ў барацьбе з крыжакамі балцкія землі ўніз па Дзвіне і развітаўшыся з планамі падначаліць Літву, горад на нейкі час развітаўся і з галоўнай роляй у драме беларускай гісторыі.

Праз колькі месяцаў пасля гібелі Таўцівіла са смерцю сустрэўся і Транята. Па дарозе ў лазню, помсцячы за гаспадара, яго зарэзалі чацвёра Міндоўгавых стайнікаў Даведаўшыся пра гэта, палачане выгналі вернага Траняту князя Канстанціна і запрасілі Гердзеня.

Пачынаць ён мусіў з адрасаванай рыжскаму біскупу і ордэну граматы, дзе Полацк канчаткова адмаўляўся ад Латгаліі. Уладанні крыжакоў цяпер непасрэдна межавалі з крывіцкімі. Але Полацкая зямля, хоць і моцна аслабленая, усё адно заставалася паважнаю сілай. Таму наваградскі (сучасны Навагрудак ― Polochanin72) князь Войшалк, якому ўдалося захапіць уладу ў Літве, умела нацкоўваў на Полацк суседняга пскоўскага князя Даўмонта. Аднойчы, калі Гердзень быў у ад’ездзе, пскавічы напалі, захапілі багатую здабычу і паланілі княгіню Еўпраксію з двума сынамі. У наступным годзе Даўмонт прыйшоў ваяваць Полацк разам з ноўгарадцамі (Ноўгарад Вяялікі ― Polochanin72). Адбіваючы напад, князь Гердзень загінуў.

Палачане палічылі за лепшае жыць з Наваградкам у міры, што, па сутнасці, азначала ўваходжанне ў Вялікае Княства Літоўскае. Канчаткова Полацкая зямля стала яго часткаю ў 1307 годзе.

Полацк захаваў вялікую самастойнасць, якую літоўскія гаспадары шмат разоў падкрэслівалі пісьмовымі абяцаннямі «не рухаць старыны, не ўводзіць навіны». Напачатку становішча Полацкай зямлі ў новай дзяржаве нагадвала палітычны альянс. Дамова, што Вялікае Княства Літоўскае падпісала з Лівонскім ордэнам у 1338 годзе, называе полацкага князя, як і гаспадара ўсёй дзяржавы, каралём: «Гэты мір заключаны ў дзень усіх святых са згоды магістра і ландмаршала і многіх іншых дастойных і рады Рыжскай і са згоды караля Літвы і яго дзяцей і ўсіх ягоных баяраў і са згоды епіскапа полацкага і караля полацкага…»

Тры стагоддзі Полацк заставаўся найбуйнейшым горадам Вялікага Княства.

Прызнаннем ў дзяржаве асобага статусу крывіцкай зямлі былі свае ўласныя князі, якія звычайна даводзіліся блізкімі сваякамі самім гаспадарам (так афіцыйна мянавалі вялікіх князёў літоўскіх).

Полацкі валадар Васіль-Воін быўродным братам Гедыміна, пры якім у Вялікае Княства Літоўскае ўвайшлі ўжо амаль усе беларускія землі, а Наваградак саступіў ролю сталічнага места Вільні. Хто быў на экскурсіі ў сталіцы сучаснай Літвы, чуў аповед, як Гедымін заснаваў горад пасля ўдалага палявання, убачыўшы ў сне велізарнага ваўка, а ў ім — сто іншых ваўкоў. Пакліканы да князя паганскі вяшчун вытлумачыў сон так: на месцы, дзе выў магутны звер, павінен вырасці горад, якому наканавана зрабіцца сталіцаю Літвы і заслужыць у свеце вялікую славу. Легенда гэтая не толькі прыгожая, але і хітрая, бо на месцы Вільні ўжо трыста гадоў стаяў збудаваны палачанамі на заходняй мяжы свайго княства Крывіч-горад.

Пазней полацкі пасад заняў Гедымінаў унук Андрэй, сын вялікага князя літоўскага Альгерда.

Кожны з нас, безумоўна, штосьці чуў пра Івана Каліту, пра яго спадкаемца Івана Краснага ды іншых маскоўскіх князёў — збіральнікаў расійскіх земляў. Яно б, можа, і няблага, каб адначасова мы ведалі і гаспадароў сваёй дзяржавы, той, дзе жылі дзесяткі пакаленняў нашых продкаў.

Што мы чулі пра таго ж князя Альгерда?

Ці ведаем, што ён у два разы пашырыў межы Вялікага Княства, што пры ім наша мова зрабілася дзяржаўнай? На ўроках і універсітэцкіх лекцыях у 1970-я нам чамусьці не казалі, што ўзначаленае ім войска, дзе было шмат палачанаў у 1362 годзе разбіла на Сіняй Вадзе татараў і вызваліла ад іх прыгнёту Украіну.

Не казалі пра пераможныя паходы Альгерда на Маскву і пра тое, як ён адбіў шэсць крыжацкіх нападаў. Як быццам гэты выдатны ваявода і мудры палітык трыццаць гадоў не кіраваў нашаю Бацькаўшчынай.

Згаданы раней Андрэй Полацкі — найстарэйшы з дванаццаці Альгердавых сыноў (яго маці ― віцебская княжна ― Polochanin72). Ён паспяхова ваяваў з Лівонскім ордэнам і пасля бацькавай смерці разлічваў заняць пасад у Вільні. Аднак вялікім князем стаў Ягайла (сын Альгерда ад другой жонкі ― тверской княжны ― Polochanin72).

Полацкім валадаром Ягайла прызначыў брата Скіргайлу. Прыязджаючы кіраваць у крывіцкую сталіцу, усе князі мянялі веру на праваслаўе. Скіргайла, недаацаніўшы самапавагу палачанаў, наважыў адступіць ад завядзёнкі і захаваў вернасць паганству. Скончылася гэта для яго вельмі сумна. Раз’ятраны збой полацкіх месцічаў прывязаў князя задам наперад да старой кабылы і пад свіст і агатуканне пагнаў яе да гарадской брамы. У Прыдзвінні яшчэ і цяпер можна пачуць прымаўку: «Паехаў, як Скіргайла з Полацка».

Зняважаны Альгердавіч вярнуўся з моцным войскам, якое разам з лівонскімі рыцарамі ўзяло Полацк у аблогу. Чатыры месяцы палачане адстойвалі родныя сцены і перамаглі. Навука была Скіргайлу на карысць: зноў прыехаўшы праз колькі гадоў у Полацк як велікакняжацкі намеснік, ён прыняў хрост пад праваслаўным імем Іван.

Андрэй Альгердавіч разам з братам Дзьмітрыем Бранскім удзельнічаў у Кулікоўскай бітве[7]. Ен прывёў з сабою дзве тысячы полацкіх ратнікаў. Добра, калі хоць траціна Андрэевай дружыны вярнулася дахаты. Аднак і на радзіме не кожны з гэтых ваяроў памёр сваёй смерцю. Андрэй па-ранейшаму варагаваў з Ягайлам. Марачы пра велікакняжацкі пасад, ён падпісаў дамову з крыжакамі, назваў, як некалі герцыкскі князь Усевалад, лівонскага магістра бацькам і дарагім сябрам і прызнаў сябе яго васалам. Крыжацкія мячы расчысцілі князю дарогу назад у Полацк, ды на кані яму давялося быць нядоўга. Андрэй быў разбіты і трапіў у вязніцу. Трымалі яго за кратамі на ўсякі выпадак далёка ад дзвінскіх берагоў, у Польшчы. Адтуль князя вызваліў ужо наступны гаспадар Вялікага Княства Літоўскага — Вітаўт (Ягайла быў абраны каралем Польшчы ― Polochanin72).

Дзякуючы вялікім дзяржаўным амбіцыям Андрэя Альгердавіча, Полацкае княства дзесяць гадоў (1377 - 1387) афіцыйна праіснавала як Вялікае. Апрача самога Андрэя тытулам вялікага князя полацкага карысталіся яго сыны Міхаіл, Сямён і Іван.

Доўгае і бурнае жыццё найстарэйшы Альгердаў сын скончыў як і належыць рыцару, на полі бітвы. Вітаўтава войска ў 1399 годзе напаткала цяжкая параза ад татараў. Доўга балявалі над ракой Ворсклай ваўкі і крумкачы. Пажываю ім былі целы паловы ўсіх воінаў Вялікага Княства і шасці дзесяткаў князёў.

Ратуючы сябе, баявыя таварышы пакінулі іх непахаванымі. Вусцішнае відовішча адкрывалася на месцы сечы праз колькі гадоў: безліч вымытых дажджамі чалавечых касцякоў.

Там, далёка ад роднай зямлі, трава прарасла і праз косці Андрэя Альгердавіча. У дзень, калі князь астатні раз бачыў сонца, яму ішоў семдзесят пяты год. Ён застаўся ў гісторыі як апошні полацкі князь. Пасля яго местам і Полацкай зямлёй кіравалі велікакняжацкія намеснікі.

У1504 годзе на абшарах колішняга княства ствараецца Полацкае ваяводства, найбольшымі гарадамі і мястэчкамі якога былі Дрыса, Дзісна, Ула, Асвея, Себеж, Ушачы, Бешанковічы, Лепель, Кублічы, Ветрына, Чашнікі, Лукомль і Глыбокае.

Я гляджу на старажытны герб — вершніка на ўздыбленым кані — і думаю, што любы іншы сімвал нашай сярэднявечнай дзяржавы выглядаў бы неяк недарэчна. У «Пагоні» адлюстравалася гераічная барацьба за існаванне, якую краіна вяла амаль несупынна. 3 сярэдзіны XV да сярэдзіны XVI стагоддзя Вялікае Княства Літоўскае адбіла 75 набегаў крымскіх татараў, што кожны раз выводзілі з сабою палон. (Да прыкладу, у 1506 годзе князь Міхал Глінскі, разбіўшы крымчакоў пад Клецкам, вызваліў сорак тысяч палонных беларусаў). Смяротная небяспека пагражала і з захаду. 3 канца XIII стагоддзя да 1410 года 150 разоў урываліся на абшары Княства крыжацкія войскі.

Ратных клопатаў хапала, вядома, і палачанам. На багаты гандлёвы горад прагна паглядала рыцарства Лівонскага ордэна, што быў прыбалтыйскай філіяй Тэўтонскага. У 1333 годзе пад Полацк заявіўся з войскам і флотам магістр Эбергард фон Мангейм. I тады, і праз год немцы вярталіся дадому, як той казаў шылам патакі хапіўшы. 1366, 1375, 1382, 1386-ты — у гэтыя гады палачане зноў бараніліся ад крыжакоў, што рабавалі крывіцкія землі.

Полацкае рушэнне мужна білася ў 1348 годзе на рацэ Стрэве, дзе саракатысячнаму войску Вялікага Княства супрацьстаялі рыцары з Нямеччыны, Чэхіі, Францыі і нават з Англіі. Каб адбіцца і выжыць, продкі заўсёды былі напагатове. Паводле ўсходнеславянскай традыцыі, пасля раптоўнага нападу мужчыны пеша і конна даганялі ворага, каб вызваліць палонных і паквітацца за забітых. Іначай кажучы, выпраўляліся ў пагоню. Так было яшчэ за Усяславам Чарадзеем, а ў 1387 годзе ў адрасаванай жыхарам Полацка ды іншых беларускіх земляў грамаце Ягайла пісаў: «У тым жа разе, калі давядзецца гнацца за ворагамі і непрыяцелямі нашымі, дык у гэтае сцігаванне, што па-народнаму завецца пагоняй, абавязаныя ісці не толькі рыцары, але і кожны мужчына, незалежна ад паходжання і багацця, абы ён здольны быў насіць зброю».

Трэба дадаць, што сімвалы «Пагоні» — белы конь і вершнік на ім — вельмі старажытныя і звязаныя з індаеўрапейскай міфалогіяй. 3 яе ў беларускія казкі прыйшоў сюжэт пра зялёныя лугі і запаведныя мурагі, на якіх пасецца белы жарабец. Ідучы змагацца са злом і пачварамі, людскі абаронца трапляе ў непраходную пушчу, дзе жывуць у хатцы на галявіне трое сівых дзядоў, што ўвасабляюць продкаў. Яны дапамагаюць герою злавіць і асядлаць чарадзейнага каня. Народны заступнік на кані меў агульныя рысы з паганскім богам Ярылам, а ў хрысціянскія часы пачаў у песнях і казках атаясамлівацца са святымі Юрыем і Міколам.

Упершыню летапісы паведамляюць пра «Пагоню» каля 1270 года: «Чалавек на кони з мечом, а то знаменуючы через той герб пана дорослого лет, хто бы мог боронити мечом Отчизны своее». У 1295-м вялікі князь Віцень зрабіў «Пагоню» дзяржаўным сімвалам. Вось як гаворыцца пра гэта ў Густынскім летапісе: «Витен нача княжети над Литвою измысли себе герб и всему княству Литовскому печать: рыцерь збройны на коне з мечем, еже ныне наричут, Погоня»».

Найбольш раннія такія выявы, вядомыя сёння навукоўцам, знаходзіліся на пячатках Аляксандра Яраславіча Неўскага, што княжыў у 1236 - 1251 гадах у Ноўгарадзе. Пячаткі былі двайныя: на адным іх баку коннік трымаў дзіду, на другім — меч. З’яўленне ў Неўскага дадатковага герба ў выглядзе добра знаёмага нам сімвала археолаг Міхась Чарняўскі тлумачыць тым, што, ажаніўшыся ў 1239 годзе з полацкаю князёўнаю (каб мець моцных хаўруснікаў у барацьбе з нямецкімі і шведскімі рыцарамі), Аляксандр Яраславіч у якасці своеасаблівага пасагу ўзяў і жончын герб — крывіцкую полацкую «Пагоню», што было цалкам у традыцыях сярэднявечча.

Пры Ягайлу на шчыце гербавага конніка з’явіўся шасціканцовы крыж. Сваімі абрысамі ён нагадваў полацкую святыню, зробленую Лазарам Богшам для Еўфрасінні.

Згодна з законамі дзяржавы, герб змяшчаўся на пячатках паветаў (Выразаную з пясчаніку пячатку з «Пагоняй» археолагі знайшлі і ў Полацку.) Збройны вершнік упрыгожваў гарадскія брамы, вежы магістратаў і сцягі ваяводстваў. Полацкае ваяводства, як высвятліў доктар гістарычных навук Міхась Ткачоў, атрымала спачатку жоўты штандар з «Пагоняй» на белым полі. Рыцар з узнятым мячом скакаў і на сцязе Вялікага Княства. У XVI стагоддзі гэты штандар меў выгляд палотнішча з пурпуровага або чырвонага ядвабукітайкі (кітайскага шоўку) з вышытымі на ім «Пагоняй» і Багародзіцай з немаўляткам. 3 баявым воклічам «Багародзіца! Памагай!» войска ішло ў бой, «Багародзіцу» спявалі ў самыя цяжкія хвіліны бітвы.

Канчаткова склаўшыся, герб дзяржавы выглядаў як пурпуровы шчыт з белым конным рыцарам. Пурпур лічыўся самым шляхетным колерам. Ён сімвалізаваў агонь, мужнасць, ваяўнічасць, ратную доблесць. Белы колер, што ў геральдыцы адпавядае срэбру, азначаў у вачах нашых продкаў ваду, чысціню, дабро, незалежнасць. Золата шасціканцовага крыжа на чырвоным шчыце было сімвалам жыцця, святла, надзеі і высакароднасці.

Па ўсёй Еўропе ў XVI стагоддзі з’яўляюцца дзяржаўныя сцягі, колеравая гама якіх звычайна ўтваралася ад гербаў. Прынцып быў такі: гербавая выява давала асноўную барву сцяга, а геральдычны шчыт — дадатковую. Срэбная «Пагоня» на чырвоным шчыце дала бел-чырвона-белы сцяг. Гаворка пра сэнс яго колераў будзе няпоўная, калі не сказаць пра іх сувязь з хрысціянскай сімволікай. Бел-чырвона-белыя стужкі вы маглі бачыць на адзенні маскоўскага патрыярха ды іншых праваслаўных іерархаў. Белы колер сімвалізуе тут чыстую душу верніка, а чырвоны — слова праўды, пасеянае ў ёй праз пакуты і смерць Хрыста.

Ведаючы, якія сцягі натхнялі продкаў, пагаворым пра здабытыя пад імі перамогі.

Першае месца належыць тут, бясспрэчна, Грунвальдскай бітве.

Раніцою 15 ліпеня 1410 года на пагорках каля вёскі Грунвальд (у перакладзе — Зялёны Гай) сустрэліся дзве велізарныя сілы: найлепшае ў Еўропе, закутае з ног да галавы ў браню войска Тэўтонскага ордэна і злучаныя палкі-харугвы Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы.

Гаспадар Вітаўт прывёў сорак харугваў. Трыццаць з іх, у тым ліку і полацкі полк на чале з ваяводам Іванам Нямірам, прыйшлі пад баявымі штандарамі з «Пагоняй». Харугвы мелі розную колькасць воінаў і налічвалі ад шасці дзесяткаў да некалькі сотняў коп’яў. Кап’ём называлася баявая тройка: рыцар, збраяносец-парабак і лучнік. Полацк, як найбуйнейшы горад Княства, выставіў адну з самых вялікіх харугваў — не меней за паўтары тысячы ратнікаў.

Пад Грунвальдам з двух бакоў сышліся больш за сто тысяч воінаў. Гісторыя еўрапейскага сярэднявечча такіх буйных бітваў ведае няшмат. Пра Грунвальд, пачынаючы з хронік і паэмы нашага лацінамоўнага паэта XVI стагоддзя Яна Вісліцкага, напісана столькі, што я ад гэтага ўстрымаюся. Незадаволеным раю пачытаць гістарычную аповесць Кастуся Тарасава «Пагоня на Грунвальд» або яго ж кнігу «Памяць пра легенды». На маю думку, менавіта там вы знойдзеце грунтоўную рэканструкцыю падзей. А наогул, дзякуючы гісторыкам і пісьменнікам, бітва абрасла рознымі небыліцамі. Прыклаў да гэтага руку і аўтар «Крыжакоў» Генрык Сянкевіч. Ён падхапіў і расквеціў словам выдумку (каб узвялічыць ролю польскага войска) свайго суайчынніка гісторыка Яна Длугаша пра разгром і ўцёкі з поля сечы Вітаўтавых палкоў.

Славу Грунвальда трэба справядліва дзяліць сярод усіх пераможцаў. Не меней, а мо і болей за іншых заслужыла яе полацкая харугва. Палачане і віленцы прыкрывалі адыход пасечаных палкоў гетмана Пятра Гаштольда. Кожны біўся супроць пяці рыцараў князя Валенрода і амаль не меў надзеі выжыць. Палачане гераічна гінулі пад сваім сцягам, на якім паміж залатым (жыццё) ічорным (смерць) палямі ляцела «Пагоня».

Я спрабаваў уявіць іх твары, іх перадсмяротныя словы, калі хадзіў па залаціста-зялёным грунвальдскім наваколлі 15 ліпеня 1990 года. Польшча і Літва адзначалі 580-ю гадавіну перамогі як нацыянальнае свята. На месца бітвы (яно ў Вармінска-Мазурскім ваяводстве) прыехалі сотні аўтобусаў, прыляцелі тагачасныя прэзідэнт Польшчы Войцех Ярузельскі і старшыня літоўскага парламента Вітаўтас Ландсбергіс.

Дзіва, што ўдалося прарвацца праз мяжу нашаму аўтобусу з маленькімі дэлегацыямі ад гарадоў-«удзельнікаў» бітвы. У параўнанні з літоўцамі (летувісамі — Polochanin72) нас прыехала жменька, але мы (дзякуй мастакам і гісторыку Міхасю Ткачову) прывезлі баявыя сцягі нашых грунвальдскіх харугваў, чаго ніхто іншы зрабіць не здагадаўся. Польскія жаўнеры салютавалі нашым штандарам, а я, стоячы на месцы смерці вялікага магістра Ульрыха фон Юнгінгена, забітага адным з Вітаўтавых ваяроў, марыў пра час, калі ў Полацку з’явіцца вуліца, дзе на шыльдачках будзе напісана «Грунвальдская» або «Івана Няміры».

Не, не ўсе полацкія ратнікі палеглі пад дзвюхручнымі мячамі рыцараў Валенрода. Хтосьці з іх вывешваў на віленскіх вежах палонныя крыжацкія сцягі і адрэзаныя ў ворагаў бароды. А адзін з пераможцаў, якому пашчасціла вярнуцца ў свой лясны і азёрны край, заснаваў вёску Грунвальд, што дагэтуль існуе ў Пастаўскім раёне.

Разгром Тэўтонскага ордэна ўратаваў беларусаў ад фізічнага вынішчэння, як гэта здарылася, напрыклад, са славянскімі плямёнамі бодрычаў і люцічаў, на чыіх былых землях пабудаваны Берлін. Грунвальд — сярод найгалоўнейшых падзей нашай гісторыі. Дзеля параўнання яшчэ раз нагадаю, што ў бітве на Чудскім возеры воінаў удзельнічала разоў у дзесяць меней, а забітых крыжакоў было пяцьсот супроць 40 тысяч вынішчаных пад Грунвальдам. (Яшчэ 15 тысяч былі захопленыя ў палон.)

Пасля бітвы ордэн настолькі аслаб, што да Першай сусветнай вайны нага ўзброенага немца на беларускія землі не ступала. Князь Вітаўт (у гісторыкаў ёсць версія, што ён устрымаўся ад канчатковага разгрому Ордэна, каб пакінуць той як супроцьвагу Польшчы) бачыў сны пра каралеўскую карону, і пад канец жыцця яны ледзь не спраўдзіліся. Гаспадар Беларусі, Літвы, Жамойці і Украіны ўжо сабраў гасцей са сваіх уладанняў і з замежных краін. На ўрачыстасць была запрошаная і полацкая дэлегацыя. Пакуль з Рыма везлі карону і прывілей на каралеўскі тытул, князь з дваром і прыезджыя ад раніцы да вечара балявалі. Летапісец занатаваў: «И мешкали вси тыя гости у великого князя Витовта сем недель, а оброку им выходило на стравы на кожный день по пяти сот бочок меду, по пяти сот яловиц, по пяти сот баранов, по пяти сот вепров, по сту зубров, а по сту лосей, а иных речей и чысла не было». Палачане сядзелі на гэтых шчодрых пачостках на ганаровым месцы і, прынамсі, дзесятак зуброў і сотню бараноў умялі. Чаканне, аднак, скончылася нявесела: палякі перахапілі рымскіх паслоў, рассеклі Вітаўтаву карону напалам і, як паведамляе беларуская «Хроніка Быхаўца», «приложили ко короне бискупа королевского, которая при замку Краковском у костеле святого Станислава есть».

Грунвальдская перамога заваявала Вялікаму Княству павагу еўрапейскага свету. Праз тры гады пасля разгрому тэўтонцаў на нашыя землі прыехаў прапаведаваць сваё вучэнне найбліжэйшы паплечнік Яна Гуса магістр Геранім Пражскі. У Віцебск ён прыбыў па Дзвіне на караблях разам з князем Вітаўтам. На палымяныя Геранімавы казанні адгукаліся і сэрцы палачанаў.

Вацлаў Ластоўскі быў перакананы, што ў вядомым навуцы данясенні лацінскага манаха пра падарожжа Гераніма Пражскага ў Вялікае Княства зробленая памылка і пад згаданым там наведваннем «Плескава» трэба разумець прыезд не ў Пскоў як часам лічыцца, а ў Полацк, дзе высокі госць з Чэхіі «ўвайшоў у царкву тых русінаў і няверных у часе адправы дзеля пакланення абманным іх сакрамантам і, укленчыўшы, паў ніц перад гэтымі мнімымі сакрамантамі».

Калі пачаліся добра вядомыя нам з гісторыі сярэднявечча гусіцкія войны, чэхі прапанавалі Вітаўту стаць іх каралём. Той у 1422 годзе паслаў на дапамогу гусітам свайго пляменніка Жыгімонта Карыбутавіча з пяцітысячным літоўскім-беларускім войскам, каля паловы якога складалі праваслаўныя жыхары Прыдзвіння. Шмат хто з іх ваяваў побач з чэхамі болей за дзесяць гадоў, да трагічнай Ліпанскай бітвы, дзе былі канчаткова разгромленыя сілы табарытаў. (Між іншым, гусіцкая вера пусціла на літоўскіх-беларускіх землях такія моцныя карані, што ў 1436 годзе дзеля барацьбы з ёю тут увялі інквізіцыю. Праўда, у нашай верацярпімай дзяржаве гісторыя адмерала інквізіцыі на існаванне ўсяго сорак тры гады.)

Тым часам на Бацькаўшчыне зноў лілася братняя кроў. Вітаўт сышоў у магілу, і разгарэлася змаганне за віленскі пасад паміж князямі Свідрыгайлам і Жыгімонтам Кейстутавічам. Полацкая зямля прызнала гаспадаром прыхільнага да праваслаўных Свідрыгайлу. Сюды ён і прыехаў збіраць сілы. Князя пагубіла жорсткасць: распраўляючыся з Жыгімонтавымі прыхільнікамі, ён спаліў на камені пад віцебскім замкам самога праваслаўнага мітрапаліта Герасіма. Дараваць гэтага палачане і віцябляне не маглі. Іх мячы адмаўляліся служыць такому гаспадару, і Свідрыгайлу непазбежна спасцігла доля ўцекача.

Вялікі князь Жыгімонт Кейстутавіч, які вечна азіраўся на Польшчу, таксама прынёс продкам мала радасці. Вестку пра яго забойства Полацк сустрэў з палёгкаю. Князя звялі са свету ў стылі той эпохі. У Трокі (цяперашні Тракай), дзе жыў гаспадар дзяржавы, прыйшоў абоз з трох сотняў вазоў, на кожным з якіх хавалася ў сене пяць воінаў. Жыгімонт, зачыніўшыся, маліўся ў замкавай капліцы. Па замку хадзіў князеў улюбёнец-мядзведзь, які «падказаў» змоўшчыкам, што рабіць. Адзін з іх пачаў драпаць на дзвярах пазногцямі, князь палічыў, што да яго просіцца касалапы, і павярнуў у замку ключ, пускаючы ў капліцу сваю смерць.

Княства спыніла націск тэўтонскіх рыцараў але сутыкнулася з не менш небяспечным ворагам на ўсходзе.

Вызваленне ад татарскага ярма, гэтай найвялікшай трагедыі расійскага народа, было толькі знешнім. Замест забытых дэмакратычных вечавых традыцый Масковія ўспадчыла дзяржаўную пабудову Арды і, па сутнасці, зрабілася яе адлюстраваннем. Тут мы бачым і жорсткае адзінаўладдзе, і сляпую падначаленасць «холопов государевых», і чынгісханаўскую ідэю ўлады над усім светам — «Два Рима пало, а Москва третий есть, а четвертому не быти». Усходні сусед абвяшчаў сябе спадкаемцам апошняга «истинно христианского царства» — Візантыі, а значыцца, выратавальнікам хрысціян ад усіх «паганых» і «раскольнікаў». Маскоўскія князі старанна падтрымлівалі байкі пра сваё паходжанне ад імператара Аўгуста. Свецкія і духоўныя ўлады не цярпелі ніякага іншадумства, душачы ўсякую свабодную і незалежную думку.

У татараў пазычылі і арганізацыю войска, і тактыку выпаленай чужой зямлі, і вайну не ўменнем, а колькасцю, і нялюдскія расправы з насельніцтвам сумежных дзяржаў.

Са старажытных часоў усходнія славяне мелі тры асноўныя дзяржаўныя і народаўтваральныя цэнтры: Кіеў, Полацк і Ноўгарад (некаторыя даследчыкі гавораць нават пра самастойны ноўгарадскі этнас). Цяпер на паўночным усходзе ўзнік чацвёрты цэнтр, што ўвасобіўся ў Маскоўскай дзяржаве, якая з неверагоднай жорсткасцю знішчыць Ноўгарадскую рэспубліку, дзе захоўваліся дэмакратычныя вечавыя традыцыі.

Ужо напрыканцы XV стагоддзя Масква заявіла аб прэтэнзіях на Беларусь і Украіну, крывадушна называючы іх «искони русскими». Падставаю для вайны магло стаць усё, што заўгодна: напрыклад, нежаданне літоўскіх-беларускіх гаспадароў называць маскоўскіх князёў царамі. Полаччына, як усходні рубеж Вялікага Княства, няраз прымала на сябе першыя ўдары. Войны сталі амаль бесперапыннымі. Яны вяліся ў 1492 - 1494, 1500 - 1503, 1507 - 1508, 1512 - 1522 гадах.

У 1502 годзе ўсходнія суседзі спустошылі і спалілі ўсе вёскі паміж Віцебскам і Полацкам. Князь Васіль Шуйскі аддаў горад агню ў 1513-м. Наступны раз варожае войска з’явілася пад полацкімі сценамі праз два гады. У траўні 1518-га палачане зноў частавалі няпрошаных гасцей кіпячай смалой і варам. Замак ворагам узяць не ўдалося, але места гарэла, жанчыны галасілі над забітымі, а мужчыны давалі прысягу адпомсціць і ўспаміналі, як білі прыхадняў у верасні 1514 года пад Оршай.

Там наша войска здабыло адну з самых бліскучых перамогаў у сярэднявечнай ваеннай гісторыі. 35 тысяч продкаў на рэчцы Крапіўне ўшчэнт разбілі 80-тысячнае маскоўскае воінства Васіля III, што меў прыслоўе: «Пакуль конь мой хадзіць будзе і меч секчы, не дам спакою Літве».

Князь быў хвалько: захапіўшы старажытны крывіцкі Смаленск, ён загадаў ваяводам «войскі літоўскія і польскія з каралём да Масквы, як быдла пугамі, прыгнаць». Каля Оршы выйшла іначай: літоўская-беларуская конніца пяць вёрст гнала і высякала ашалелых ад страху заваёўнікаў. Целы забітых загацілі Крапіўну, і рачулка выйшла з берагоў. Загінула 40 тысяч непрыяцельскіх ратнікаў, у палон трапілі дзесяць ваяводаў.

Гэтую бітву можна ўбачыць на жывапісным палатне невядомага мастака XVI стагоддзя ў Нацыянальным музеі ў Варшаве. На дзідах літоўўскіх-беларускіх воінаў — бел-чырвона-белыя сцяжкі.

У гонар перамогі былі пабудаваныя храмы святой Тройцы і святога Міколы, што і цяпер стаяць на вуліцы Дзіджоі ў Вільні. А выйграў бітву пад Оршай гетман Канстанцін Асгрожскі, праслаўлены палкаводзец Вялікага Княства, які перамагаў у шасцідзесяці сечах. Ён жа, па сутнасці, спыніў набегі татараў. Раней яны даходзілі нават да Полацка, які ў 1508 годзе спалілі. Разам з татарскай конніцай палілі полацкія прадмесці і ўмацаванні ў 1519-м маскоўскія ваяводы Гадуноў, Ялецкі і Засекін.

У выніку такіх дзеянняў расла варожасць да агрэсіўных усходніх князёў-дэспатаў. Нашы продкі пачыналі сумнявацца: ці сапраўды там жывуць іх аднаверцы — праваслаўныя хрысціяне? Збудаваўшы сваім коштам віленскую Траецкую царкву, пераможца Васіля III загадаў зрабіць у ёй гэткі надпіс: «В лето 1514 церковь сю созда Константин Острожский, гетман Великого Княжества Литовского, в память победы под Оршею над врагом и супостатом веры христианское, православное, князем Московским».

М. Карамзін у сваёй «Истории государства Российского» пісаў, што войскі Вялікага Княства яшчэ «ніколі не атрымлівалі такой славутай перамогі над расіянамі». Пра бітву на Крапіўне ведала ўся Еўропа: яе вывучалі як прыклад бліскучых пераможных дзеянняў малалікай арміі супроць значна большай збройнай сілы праціўніка. Гетмана Астрожскага называлі другім Ганібалам ці Сцыпіёнам, а яго ваяроў часта параўноўвалі з мужнымі воінамі антычнай Македоніі.

Каб выстаяць на мяжы дзяржавы, Полацк мусіў увесь час клапацідца пра надзейнасць абароны. У 1517 годзе гарадскія ўмацаванні асабіста аглядаў вялікі князь літоўскі Жыгімонт Казіміравіч. Сцяной з вежамі былі абведзеныя не толькі Верхні замак і Запалоцце, але і неўмацаваны раней Вялікі пасад. Высокага госця вадзіў па месце трэці па ліку полацкі ваявода Пятро Гаштольд. Двума першымі былі Станіслаў Глябовіч і Альбрэхт Гаштольд, чацвёртым — Пятро Станіслававіч Кішка, пятым — Ян Юр’евіч Глябовіч. Пасля яго на ваяводства заступіў Станіслаў Давойна, якому лёс рыхтаваў сустрэчу з войскам Івана Жахлівага.

Пры шостым ваяводзе ў 1552 годзе адбылася рэвізія места Полацкага, дакументы якой дайшлі да нашага часу.

Горад дзяліўся тады на шэсць пасадаў або канцоў. Побач з замкам — Вялікі пасад з 771 мяшчанскім дворышчам. На правым беразе Палаты — Запалоцкі з 191 дваром. Насупроць Сафійскага сабора на Дзвіне тады быў востраў даўжынёю каля вярсты, дзе вакол манастыра Іаана Прадцечы стаяў 151 двор Астроўскага пасада. Чацвёрты, Якіманскі, налічваў 269 гаспадарак. Пяты, на рэчцы Бяльчанцы, называўся Слабадскім (103 двары). Самы малы — на трыццаць двароў — Крыўцоў пасад быў таксама ў Задзвінні, на берагах Крыўцовай ручаіны. Паміж Верхнім замкам і Вялікім пасадам знаходзілася прыстань.

Дзякуючы рэвізіі захавалася для гісторыі колькі назваў тагачасных полацкіх вуліц — Вялікая, Пятроўская, Ільінская, Падольная, Пятніцкая; і завулкаў — Андронаў і Узнясенскі. На гэтых вузкіх і няроўных вулках стаялі прысадзістыя, крытыя гонтай або саломаю дамы з невялічкімі вокнамі.

Замак быў рублены з хваёвага бярвення і налічваў дзевяць вежаў, паміж якімі ішлі дубальтовыя сцены. Іх рабілі са злучаных між сабою зрубаў, накшталт тых, што рыхтуюць на будаўніцтва хаты, але больш доўгіх. Гарадская сцяна атрымлівалася перагароджанай на шмат клетак, што называліся гараднямі. У час рэвізіі полацкі замак меў 204 гарадні. Большасць з іх была засыпаная зямлёй і каменнем, а ў пустых знаходзіліся склады вайсковага прыпасу, харчу і памяшканні для абаронцаў. Дах у гарадзён — з тоўстых бёрнаў з дашчаным крыццём. Там ставілі гарматы і ўзброеную варту.

У сутоку Дзвіны і Палаты падымалася Усценская вежа. Яна мела даўгі уздымны мост на ланцугах. Палата была зусім не такая, як сёння, — кату па пятў; яшчэ ў гады майго дзяцінства ў ёй нярэдка танулі.

Зайшоўшы ў замак праз браму Усценскае вежы, рэвізоры рушылі налева. Праз тры гарадні стаяла другая вежа, рубленая, як і астатнія, у тры сцяны, за ёю, праз сорак дзве гарадні, — трэцяя, яшчэ праз шаснаццаць — чацвёртая… Пятая вежа звалася Міхайлаўскай, шостая — Багародзіцкай. Назваў сёмай і восьмай, брама якой выходзіла на мост у Вялікі пасад, «рэвізія» не дае. Дзевятая — Сафійская. Памеры вежаў лягчэй уявіць, калі ведаеш, што на перабудову адной з іх перад прыездам рэвізораў нарыхтавалі 1200 бярвёнаў і 300 брусоў.

Вышыню вежы мелі розную — ад двух да трох з паловаю сажняў[8]. Каб ворагі не маглі падпаліць іх знізу, пабудову вышэй чалавечага росту абкладвалі дзёрнам. Пазней, у гады Лівонскае вайны, на Верхнім замку паўстала магутная мураваная вежа, вядомая пад назваю Каралеўскай, або Краснай.

Удоўжкі вежы былі прыблізна па пяць сажняў, гарадні — па тры. Такім чынам, абнесеныя ровам і валам замкавыя ўмацаванні цягнуліся на 660 сажняў (1400 метраў). Агульная ж даўжыня гарадскіх сцен складала на той час 2249 сажняў або 4,8 кіламетра.

У замку стаяў гаспадарскі палац, а пры ім — шэсць дамоў на падклецях. Адзін дом са святліцай, каморай і сенцамі з ганкам месціўся проста на замкавай сцяне. Палац меў таксама стайню, пякарню, кузню, піўніцу і лазню. Каля галоўнай брамы ў «каралеўскай клеці» захоўвалі запасы зброі і збожжа. Полацкі епіскап жыў побач з мурамі святой Сафіі. Дамоў духоўных асобаў налічвалася 21, княжых і шляхецкіх — 65, мяшчанскіх — 44. Тамсама ў замку знаходзіліся рэзідэнцыя ваяводы і драўляная турма. А яшчэ — пяць цэркваў і два манастыры: Уваскрасенскі і Пятроўскі.

Астрог вакол Вялікага пасада і Запалоцця, як паведамляе «рэвізія», рублены з дубу. Рабіць і рамантаваць яго мусілі ўсе палачане. Яны ж будавалі чатыры вежы і сорак замкавых гарадзён. Астатнія ўмацаванні ставіла жыхарства Полацкага ваяводства.

«Полацк на Дзвіне — месца драўлянае, вялікае, шырокае, парканамі ды густымі астрогамі абгароджанае. Замак у ім з дрэва, але добра ўмацаваны прыродаю і выгодамі месца. Абведзены ён наўкола сценамі ды вежамі». Такім убачыў наш горад у сярэдзіне XVI стагоддзя італьянец Аляксандр Гваніні, які служыў ротмістрам у войску Вялікага Княства Літоўскага.

За полацкімі сценамі людзі жылі не толькі вайсковымі клопатамі — гандлявалі і займаліся рамяством, судзіліся, спраўлялі радзіны, пілі на памінках…

Полацк быў адным з найбуйнейшых еўрапейскіх гарадоў: блізу ста тысяч жыхароў. Ён вёў бойкі гандаль, у якім галоўным партнёрам і канкурэнтам колькі стагоддзяў заставалася Рыга. У пераліку прывазных тавараў — сукно з Англіі, Францыі і Фландрыі, галандскае і вестфальскае палатно, соль, жалеза, медзь, волава, цына, селядцы, піва і віно, прыправы. Наша зямля прапаноўвала Еўропе воск, футра, сала, мачтавы лес і дзёгаць, лён і пяньку, збожжа і хмель… Тры разы на год па два тыдні ў горадзе віравалі кірмашы, куды з’язджаліся сотні купцоў з Вялікага Княства і суседніх краін. Нямецкія гандляры з Ганзейскага марскога хаўрусу захоўвалі тавар у сутарэннях збудаванай імі ў Полацку мураванай царквы святога Пятра.

Яшчэ лепей усведамляеш багацце і значнасць Полацка ў Вялікім Княстве, калі даведваешся, што гандлёвага мыта тут на пачатку XVI стагоддзя збіралі ў 25 разоў болей, чым, напрыклад, у таксама немалой Гародні.

Шматлікія дамовы горада з Рыгай абвяшчалі Дзвіну і сухаземныя дарогі ўсцяж яе вольным гандлёвым шляхам. Праўда, рыжане нярэдка не выпускалі нашых купцоў у мора, і тады Полацк не дазваляў канкурэнтам падымацца па рацэ. Звычайна гарадам удавалася ўрэшце паразумецца, і цяжка наладаваныя двухпалубныя полацкія стругі (такі карабель падымаў ад шасці да дванаццаці тысяч пудоў) выходзілі ў балтыйскія хвалі, кіруючыся ў бок Каралеўца (Кёнігсберга), Гданьска і паўночнанямецкіх гарадоў.

У гандлёвых пагадненнях нязменна падкрэслівалася, што ні з лівонскага, ні з літоўскага-беларускага боку ніякіх мытных межаў няма. Да драбніц распісваўся парадак карыстання мерамі і вагамі. Прывазную соль узважвалі тымі самымі гірамі, што і прадаваны немцам воск. Уступаючы ў пасаду, важнікі мусілі цалаваць крыж і прысягаць, што не будуць чапаць шалі рукамі і не пойдуць на іншыя хітрыкі. У змацаванай пячаткамі полацкага князя Глеба і епіскапа Грыгорыя дамове з лівонскім магістрам і Рыгаю гаварылася: «А вести чистый воск без подсады, без смолы, без сала, как верх, тако и спод». Нягледзячы на такія засцярогі, і сярод нашых продкаў і сярод немцаў знаходзілася, трэба прызнаць, нямала махляроў. Да воску дамешвалі сала, пясок, гарох і жалудовую муку, хавалі ў ім камяні і кавалкі жалеза. Нямецкі купец не набываў васковага круга, папярэдне не абстукаўшы яго і не пракалоўшы. Са свайго боку палачане наракалі, што прывезенае сукно ў сярэдзіне сувоя горшае, а селядцовыя бочкі меншыя, чым дамоўлена, дый на дне селядцы драбнейшыя і нясмачныя.

Спрэчкі паміж двума гандлёвымі гарадамі няраз разбіраў сам Вітаўт. «Шаноўныя, разумныя і мудрыя людзі, — звяртаўся ён у 1397 годзе да рыжскай гарадской рады. — Калі вашых купцоў затрымалі ў Полацку, дык спытайцеся ў свайго магістра, чаму ён напаў на палачанаў. Мы ж паведамляем вам, што, калі палачанам у хуткім часе не заплацяць за страты, можа стацца, што гэтыя вашы купцы ды іхнія тавары ніколі не вернуцца». Праз два гады вялікі князь пісаў у Рыгу не менш ветліва: «Любасныя нашы сябры! Раней мы сурова каралі тых, хто пасылаў вам няякасны тавар, пазбаўляючы гэтых людзей тавару, а калі яны будуць чыніць такое надалей, мы пакараем іх пазбаўленнем жыцця, чаго і ад вас чакаем». Да 1405 года адносіцца паведамленне пра нямецкі «двор» у Полацку. У наступным годзе князь Вітаўт даў немцам дазвол пабудаваць у горадзе каталіцкую царкву са свірнамі для тавараў.

Лёгкі на пад’ём Вітаўт часта ездзіў па дзяржаве. Дні за тры ён мог з Вільні дапяць да Полацка. Гадоў сто таму мясцовыя жыхары яшчэ называлі старажытную дарогу з Полацка на Вільню праз Бяздзедавічы і Чортаў мост Вітаўтавым шляхам. Імя гаспадара, за якім Вялікае Княства дасягнула найвышэйшай магутнасці, захаванае і ў назве ўрочышча Вітаўтаў Камень, што знаходзіцца ў лясных ваколіцах Варонечскага возера цяперашняга Лепельскага раёна. Ва ўрочышчы да 1844 года ляжаў валун, у верхняй частцы якога былі выдзяўбаныя шэсць паглыбленняў накшталт талерак. У тых мясцінах Адам Кіркор запісаў паданне, згодна з якім на адметным камені палуднаваў вялікі князь Вітаўт, калі ў 1426 годзе хадзіў здабываць замак Варонеч. А валун тамтэйшыя сяляне так і называлі — Вітаўтавы талеркі.

Горад быў навідавоку, і высокія госці наведваліся туды часта. На пачатку мінулага стагоддзя яшчэ паказвалі Альгердаў шлях: з Полацка праз рэчку Ушачу, маёнтак Бяздзедавічы, паўз Мядзведжае возера, на Чортаў мост і Баханькову гару ў накірунку на Глыбокае і далей, на Вільню.

У 1470 годзе ў Полацку прымаў пскоўскіх паслоў вялікі князь літоўскі і кароль польскі Казімір Ягайлавіч. На схіле дзён гэты манарх сярод іншых дзяржаўных справаў займаўся, між іншым, скаргаю маскоўскіх паслоў на зухаватага полацкага купца Лукаша Скарыну. У часе памежнай вайны 1492 года з Масковіяй бацька будучага першадрукара супольна з Пракопавым сынам Гапонам Пасадніковічам учыніў напад на купецкі абоз і ў якасці трафея прывёз у Полацк тавары нейкага купца з Вялікіх Лукаў «на сорок рублев».

У іменным паказніку да выдадзенага ў 1882 годзе ў Пецярбургу першага тома «Памятников дипломатических сношений древней России с державами иностранными» пазначана выключна канкрэтна: «Скорина Лукьян, купец полотский; грабит москвичей». Але згаданае вышэй здарэнне на велікалуцкім гасцінцы выглядае дзіцячым свавольствам у параўнанні з апісаным у тым самым гістарычным зборніку нападам маскавітаў на віленскага мешчаніна Багдана Онкава (аднаго з мецэнатаў Ф. Скарыны), якога «на лутцкои дорозе розбили, листы у него отняли… в одном листу четыреста коп широких грошей, а в другом листу пять сот коп грошей, полтораста рублев денег готовых, чара серебряна позолочена, ложка, святость…». Дарэчы, таксама ў пасольскіх дакументах пералічваюцца назвы тагачасных полацкіх валасцей: «Мошники, Дрыса, Освия, Нещорда, Лисна, Непоротовичи, Вербилова Слобода, Кубок, Вязьмо, Клино, Ситняны, Себеж, Замошье».

Праз чвэрць стагоддзя пасля візіту гаспадара Казіміра горад сустракаў на шляху ў Вільню заручоную нявесту вялікага князя Аляксандра маскоўскую князёўну Алену. Гэта яна ледзь не загіне потым пад нагамі ў зубра, калі на каралеўскім паляванні паранены звер кінецца крышыць памост з гледачамі, — і з гэтае прычыны трапіць у славутую паэму Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра». У Полацку маскавітка слухала палудніцу ў святой Сафіі і бавіла час са знакамітымі месцічамі. Жонка полацкага шляхціча Івана Зіноўева з дочкамі паднесла госці «две камки (узорыстыя ядвабныя тканіны. — У. А.) бургскія с золотом», за што тая літасціва дазволіла ўсім з сабою пацалавацца.

Дарыць заезджай князёўне камкі мог, вядома, не кожны палачанін. Адны ледзьве зводзілі канцы з канцамі, у другіх багацця было, як у купца Якуба Хадыкі, гаспадара чатырох крам і маёнтка на Палаце. Калі верыць яго запавету, купец меў 476 коп літоўскіх грошай (копа — 60 манет), 1600 чырвоных злотых, 349 шведскіх талераў, 69 срэбных талерак, сподаў і кубкаў. Дзевятнаццаць Хадыкавых запазычнікаў мусілі вярнуць яму яшчэ 3850 коп грошай. Свой запавет гэты палачанін складаў у доме, сцены якога аздаблялі «на полотне картин шестьнадцать».

Значную долю полацкага жыхарства складалі людзі, абавязаныя несці вайсковую службу. Будзем называць іх па-еўрапейску — рыцарамі. Попіс войска Вялікага Княства Літоўскага засведчыў што ў 1528 годзе іх у Полацку было 384. Шмат хто з рыцарства абыходзіўся з купецкімі вагамі гэтаксама ўпэўнена, як і са зброяю. Але, калі пачыналася вайна, выбіраць не даводзілася. Згодна з законам, той, хто пазніўся ў вызначаны дзень на месца збору, плаціў вялікі грашовы штраф. За спазненне на тыдзень або самавольны адыход ад войска падчас баявых дзеянняў чакала смерць.

Пад уплывам Заходняй Еўропы ў Літве-Беларусі ўжо ў ХIV стагоддзі нярэдка адбываюцца рыцарскія адзінаборствы. Яшчэ праз дзвесце гадоў у Вялікім Княстве надышоў, так бы мовіць, час класічных дуэляў-двубояў. Цікава, што закон забараняў дуэлі (для іх удзельнікаў прадугледжваліся адміністрацыйныя і крымінальныя санкцыі ажно да пакарання смерцю), але забарона была няпоўнаю. Вялікі князь ці гетман маглі даць адпаведны дазвол, калі на тое будуць «прычыны вялікія і выдатныя». Забягаючы наперад, адзначым, што да разраду якраз такіх прычын трэба аднесці абразлівы ліст, дасланы ў 1581 годзе вялікаму князю літоўскаму Сцяпану Батуру маскоўскім царом Іванам Жахлівым. Кіраўнік нашай дзяржавы адказаў выклікам на двубой: «Вазьмі зброю, сядзь на каня, сыдзіся са мною ў абраны час, пакажы, які ты муж і як давяраеш праўдзе сваёй; рассудзім спрэчку нашу мячом, каб меней крыві хрысціянскай лілося». Маскоўскі валадар праўдзе сваёй, відаць, зусім не давяраў бо не знайшоў мужнасці даць хаця б пісьмовы адказ, чым канчаткова пераканаў Еўропу, што ў асобе гэтага цара яна мае справу з азіяцкім дэспатам.

Нягледзячы на забароны, двубоі — найперш сярод людзей шляхецкага стану — рабіліся ўсё больш пашыранымі. Дэпутаты соймаў і соймікаў хапаліся за пісталеты і шаблі пры вырашэнні спрэчных пытанняў. Афіцэры на вайне таксама выкарыстоўвалі гэтыя аргументы ў якасці апошніх. Хапала і тых, для каго бясконцыя дуэлі ператвараліся ў спосаб жыцця. Да апошніх належаў князь Багуслаў Радзівіл, якому на радзіме было ўжо цесна, і ён, падрыхтаваўшы добрыя шаблі і пісталеты, выправіўся ў Еўропу, дзе дзесяткі разоў выступаў ініцыятарам двубояў, за што аднойчы (праўда, толькі на дзень) быў кінуты ў Бастылію.

Мужнасць і спрыт у абыходжанні са зброяй шляхта выпрабоўвала і на паляваннях. Зверыны ў полацкіх лясах, відаць, ужо паменела, бо ўрад вялікага князя Жыгімонта Аўгуста забараніў сялянам страляць зуброў і казуль. У тым самым законе — «Уставе на валокі» — было запісана, каб штогод да сярэдзіны траўня ўраднікі давалі справаздачы з полацкіх бабровых лоўляў: «А калі б дзе, у рэках і азёрах нашых, бабры паказаліся зноў дык і там сяляне іх лавіць мусяць, а браць ім пятага бабра або падчарэўе ад кожнага».

Тады ж велікакняжацкім загадам была складзеная агульнадзяржаўная «Ревизия пущей и переходов звериных», дзе стараста Рыгор Валовіч малюе зусім не ідылічную карціну: «У падданых ручницы есть, и звер стреляют, и шкоду великую пущам чинять».

Большасць гараджанаў кармілася з рамяства. Да ўжо вядомых нам полацкіх прафесій дабавіліся новыя: з портам было знітаванае жыццё пільнікаў, стырнавых, майстроў у вырабе ветразяў, з вайсковаю справаю — парахоўнікаў, мечнікаў, шабельнікаў, пішчальнікаў.

Дзеля абароны сваіх інтарэсаў рамеснікі, як і ва ўсёй Еўропе, аб’ядноўваліся ў цэхі — своеасаблівыя сярэднявечныя прафсаюзы, кожны са сваім статутам. Полацкі цэх гарбараў і кушняроў меў напрыклад, зацверджанае гарадскімі ўладамі права за тры мілі ад горада адбіраць ва ўсіх майстроў-аднаасобнікаў тавар, а іх саміх саджаць у турму.

Іерархія ў цэхах была не менш складаная, чым на якім-небудзь сучасным прадпрыемстве. На верхняй прыступцы стаялі старасты-цэхмістры, за імі — старэйшыя і малодшыя майстры, падмайстры-чаляднікі, яшчэ ніжэй — пахолкі і вучні. Каб падняцца па гэтай лесвіцы, найперш трэба мець дакумент пра сваё законнае нараджэнне, потым — доўгія гады вучыцца і плаціць складкі.

Нарэшце ахвочы перайсці з чаляднікаў у майстры здаваў экзамен — «рабіў штуку». Прыдзірлівыя калегі часта крывіліся, не хочучы прызнаваць чужую «штуку» сапраўдным шэдэўрам майстэрства. Тады, паводле цэхавай завядзёнкі, чаляднік даставаў з гаманца пятнаццаць злотых і клікаў экзаменатараў на пачостку ў карчму. 3 кожнай чаркаю «штука» рабілася ўсё больш дасканалаю, а запаветнае званне майстра — бліжэйшым.

Карчма, дарэчы, была ўстановаю вельмі дэмакратычнай: і шляхціч, і мешчанін, і селянін, асабліва ніштавата ўзяўшы гарэліцы, пачуваліся тут раўнёю. У корчмах продкі прызначалі важныя сустрэчы, спраўлялі святы, дзялілі чубы з непрыяцелямі. Але трэба было памятаць: «Прыйшоў у карчму — чорт за кучму». Гэтыя вясёлыя і часам небяспечныя дамы стаялі пры дарогах, на скрыжаваннях, каля перавозаў, мастоў і бродаў. Успаміны аб прыдзвінскіх корчмах пакінуў у сваіх «Запісках» вядомы падарожнік XVI стагоддзя пасол Святой Рымскай імперыі Зыгмунд Герберштэйн. Паколькі нямала важных падзей адбывалася якраз у корчмах, гістарычныя дакументы захавалі іх дасціпныя гучныя назвы: Пагулянка, Пачакай, Зладзейка, Апошні Грош, Рым, Парыж, Мардоўня…

Гаворачы пра полацкіх майстроў нельга не згадаць добрым словам срэбнікаў і злотнікаў, якія годна трымалі славу Лазара Богшы. Трое з іх — Васіль Шыш, Рыгор Снітка і Васіль Траянскі — сталі на чале злотніцкага цэха ў Вільні і вывучылі не адзін дзесятак суайчыннікаў з розных гарадоў Літвы-Беларусі.

Трывалыя сувязі Полацка з Заходняй Еўропай прычыніліся да таго, што тут раней, чым дзе-небудзь яшчэ на літоўскіх-беларускіх землях, узнікла скулыітура. Полацкія разьбяры рабілі паліхромныя (шматкалёрныя) алтары. Яны аздаблялі гарадскі касцёл дамініканцаў і езуіцкія храмы ў Экімані[9] і Загацці.

Яшчэ ў Полацкім ваяводстве жылі так званыя панцырныя баяры — служылыя людзі, што займалі становішча, сярэдняе паміж шляхтаю і сялянствам. Народ гэты заўсёды любіў вольніцу. Сабраць з баяраў грошы на земскія патрэбы палачанам аднаго разу ўдалося толькі дзякуючы адмысловай грамаце Казіміра Ягайлавіча. 3 дакументаў вядома, што гэтыя грошы горад захоўваў у куфры з чатырма замкамі, ключы ад якіх даручылі надзейным выбарным людзям.

Той самы гаспадар Казімір даў Полацку ўстаўную грамату, у якой наказваў гарадскія справы вырашаць «па-старому» і сыходзіцца ўсім на тым месцы, дзе і даўней сыходзіліся. Гаворка, відавочна, ідзе пра колішнія вечавыя сходы.

У параўнанні з Масковіяй, дзе набірала сілу самаўладдзе, жыццё нашай дзяржавы ішло куды больш дэмакратычна. Тут працягваліся палітычныя традыцыі Полацкага княства. Уладу манарха абмяжоўвала, з аднаго боку, рада з буйных магнатаў і вальны (усеагульны) сойм шляхты, што збіраўся ў найважнейшых выпадках, а з другога — прывілеі, якімі карысталіся асобныя землі.

Места Полацкае колькі стагоддзяў жыло па ўласных старадаўніх законах. Яно само прымала замежных паслоў і вырашала галоўныя гарадскія клопаты на агульных сходах гараджан-месцічаў. Нават за самае цяжкае злачынства вялікі князь не меў права судзіць палачаніна і павінен быў «писати лист к воеводе полоцкому хотя бы о смертной вине». Ваяводу прызначалі толькі са згоды месцічаў і гаспадар Княства пісьмова абяцаў: «А который будет нелюб им, иншого дати по их воли». Новы ваявода ў першы ж дзень «крест целовал к Полочаном на том, што без их справы Полочанина не казнити ни в чом».

На абшары ўсёй дзяржавы жыхары яе найстарэйшага і найбуйнейшага места вызваляліся ад гандлёвага мыта. Прызнаннем выдатнай ролі жанчын у гісторыі Полацкай зямлі было іх права самастойна валодаць маёнткамі і атрымліваць спадчыну.

Грунтоўна распрацаванае было полацкае крымінальнае і працэсуальнае права. Пакаранне чакала толькі таго, чыю віну давядуць на судзе. Сведчанні, вырваныя пад катаваннем, за юрыдычныя доказы не лічыліся. Чалавек, выкрыты ў хлуслівым абвінавачванні, мог атрымаць такую кару, якая пагражала абылганаму. Найвышэйшыя суды Вялікага Княства не маглі пераглядаць аб’яўленага ў Полацку выроку.

Полацк разам з Ноўгарадам і Псковам належаў да тых трох усходнеславянскіх гарадоў, дзе дэмакратычныя вечавыя традыцыі былі развітыя ў найбольшай ступені. Такі спосаб развязання найважнейшых дзяржаўных спраў спрыяў умацаванню палітычнай культуры, выхоўваў павагу да дэмакратычных каштоўнасцей. I раней, і ў часы Вялікага Княства Літоўскага гэта істотна адрознівала нашых продкаў ад бліжэйшых усходніх і заходніх суседзяў. Мітрафан Доўнар-Запольскі пісаў пра тое, што і польская шляхецкая арыстакратыя, і маскоўская баярская алігархія выключалі дэмас з палітычнага жыцця, «тады як беларускі народ быў перш за ўсё, па сваіх гістарычных і народна-побытавых традыцыях, у вышэйшай ступені дэмакратычны».

Паступова гэты дэмакратызм, чые асновы былі закладзеныя яшчэ ў часы Брачыслава і Усяслава Чарадзея, рабіўся адметнай рысаю ўсіх ліцвінаў-беларусаў. У спалучэнні з магдэбургскім правам (першаю з ліцвінскіх-беларускіх гарадоў у 1387 годзе яго атрымала Вільня) ён фармаваў дух свабоды, маральныя і праўныя ўяўленні пра незалежнасць, разуменне каштоўнасці чалавечай асобы.

Полацкае права ўплывала на агульнадзяржаўныя законы і шырока выкарыстоўвалася ў падрыхтоўцы статутаў Княства. Апошні, прыняты ў 1588 годзе, Статут рэдагаваў канцлер Леў Сапега, родам з-пад Бешанковічаў. Гэты звод законаў ужо тады абвяшчаў ідэю праўнай дзяржавы і быў самы перадавы ў сярэднявечнай Еўропе. Ён уводзіў крымінальную адказнасць шляхціча за забойства простага чалавека, вызваляў ад смяротнага пакарання падлеткаў і цяжарных кабетаў, прадугледжваў больш суровую кару за злачынствы супроць жанчын. Чужаземцам зарабанялася займаць у Вялікім Княстве дзяржаўныя пасады і набываць зямлю.

Кожны вольны чалавек меў права выехаць за мяжу. Закон абараняў прыроду, каштоўных звяроў і птушак. За разбурэнне сакалінага або лебядзінага гнязда злачынец плаціў ад трох да шасці коп грошаў, за адлоў ці адстрэл бабра — ад дзвюх да чатырох. (Дзеля параўнання: рабочы вол ці жарабец каштавалі дзве капы.)

Дзеля пакарання аматараў лаянкі раздзел «Аб вольнасцях шляхецкіх» меў адмысловы артыкул «Пра знявагу ў тым, што хто-небудзь ёсць «непрыстойнай маці сынам»». Парушальнік гэтай праўнай нормы мог адхапіць паўгода турмы або велізарны штраф.

Напісаны і выдадзены па-беларуску. Статут замацоўваў нашу мову як дзяржаўную: на ёй складаліся дакументы, ішлі лісты з канцылярыі вялікага князя, на ёй гаварылі і пісалі гаспадары і ўсе першыя асобы Княства. У прадмове да зводу законаў Леў Сапега з гонарам зазначаў: «Не обчим яким языком, але своим власным права списаные маем и каждого часу чого нам потреба ку отпору всякое крывды ведати можем». Паводле гэтага Статута, Полацк і ўся ўсходняя Беларусь жылі ажно да 1831года.

Дарэчы, у літоўскіх-беларускіх сярэднявечных законах, а таксама ў летапісах і ў рэлігійнай літаратуры нярэдка сустракаюцца словы «спадар» і «спадарыня», якія нядаўна ўвайшлі ў наш сённяшні ўжытак. Сёй-той лічыць іх штучнымі, створанымі «нацыяналістамі».

Напэўна, заўзятым нацыяналістам быў і паэт Андрэй Рымша, які ў XVI стагоддзі ў сваёй одзе на герб Льва Сапегі пісаў:

При которих з оружием конный воин стоить, Знаком того иж ся з них ни один не боить. Служить своим спадарем ку кождой потребе, Не литуючи скарбов, ни самого себе.

А ў апісанні Баркулабаўскім летапісам голаду 1602 года мы знойдзем такі вось зварот жабракоў да жанчыны: «Матухна, зязюлюхна, утухна, панюшка, спадарыня, сонца, месяц, звёздухна, дай крошку хлеба».

Шмат каго, напэўна, цікавіць і тое, як продкі звярталіся адзін да аднаго ў побыце і ў афіцыйных дакументах. Пісьмовыя помнікі Княства сведчаць, што дыяпазон гэтых зваротаў быў досыць шырокі. Жыхароў нашай дзяржавы называлі па імені — князь Іван, пан Ярош, шынкар Ждан. Хутка ішлі працэсы адаптацыі царкоўных імёнаў да нашай фанетыкі. У дакументах таго часу ўжо фігуруюць Апанасы, Якубы, Піліпы, Юстыны, Лявоны, Ганны, Кацярыны… Нярэдка людзей называлі па мянушцы-прозвішчу: пан Баркулаб, пісар Гарнастай, карчмар Сухі. Больш шырока выкарыстоўваўся варыянт з імем і прозвішчам: Міхал Рагоза, Ігнат Губа. Калі гаворка ішла пра асоб знатных, магло дадавацца і імя па бацьку: князь Міхайла Іванавіч Мсціслаўскі. Што да жанчын, дык апрача іх уласнага імя было зазвычаена дадаваць імёны бацькі і мужа («земянки господарское повету менского пани Васильевое Данильевича пани Ганны Молоденовны») або проста падаваць мужавы імя, прозвішча і пасаду («пани Миколаевая, пани войтавая»).

У XVІ стагоддзі, калі культура Княства дасягнула свайго росквіту, а жыццё дзяржавы рэгламентавалася Статутамі, у якасці асноўнага канчаткова сцвердзіўся так званы двухкампанентны еўрапейскі ўзор называння: імя плюс прозвішча. Гэта засведчылі шматлікія акты велікакняжацкай канцылярыі (Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага), судовыя паперы, помнікі пісьменства іншых жанраў. Пад Статутам 1588 года стаяць подпісы: «Лев Сапега, подканцлерый Великого князьства Литовского, Кгабриель Война, писар». Гэтаксама называліся ўсе знаныя асобы: Мацей Война, Ян Кішка, Пётра Тышкевіч, Мікалай Пац, Януш Радзівіл… Той жа формаю карысталіся і ў дачыненні да прадстаўнікоў ніжэйшых саслоўяў. Без імя па бацьку падпісвалі свае творы нашы славутыя дзеячы культуры Францішак Скарына, Васіль Цяпінскі, Сымон Будны, Лаўрэн і Стафан Зізаніі, Андрэй Рымша… Не выходзілі за межы гэтага правіла і выпадкі з двума імёнамі ці з падвойнымі прозвішчамі: Андрэй Пачобут-Адляніцкі, Мікалай Крыштоф-Радзівіл.

Трэба сказаць, што і тады раз-пораз сустракаліся напісанні з імем па бацьку («пан Константин Константинович Острожский жаловал»), але зроблены ў Інстытуце мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук статыстычны аналіз пісьмовых помнікаў паказвае, што форма з імем і прозвішчам была фактычнай нормаю.

Напрыклад, у актавай кнізе Метрыкі Вялікага Княства за 1596 год у загалоўках дакументаў з 164 мужчынскіх найменняў імя па бацьку маюць усяго 16.

7 кастрычніка 1498 года вялікі князь Аляксандр даў месту Полацкаму прывілей на самакіраванне па магдэбургскім праве, паводле якога жылі еўрапейскія гарады і якога ніколі не было на ўсход ад Літвы-Беларусі. (Арыгінал полацкага прывілею цяпер можна ўбачыць у маскоўскім Цэнтральным дзяржаўным архіве старажытных актаў).

3 тае пары ў Полацку гаспадарыў магістрат. Ён чыніў суд, збіраў падаткі, сачыў за правільнасцю мераў і вагаў на рынках… У магістраце засядала гарадская рада з дваццаці чатырох радцаў на чале з чатырма бурмістрамі. Гандлёвыя справы разглядаў так званы радзецкі суд, крымінальныя — лаўны. Вялікі князь прысылаў месту свайго прадстаўніка — войта, але той мусіў прысягаць на крыжы, што будзе служыць Полацку.

Наводзячы парадак, полацкія ўлады не цырымоніліся з парушальнікамі. Мешчанін Марцін Какорка аднойчы ўзяў ды аблаяў бурмістра. Відаць, потым і дзесятаму заказаў бо гарадскі кат публічна адлічыў Марціну на рынку сорак бізуноў, а рада на цэлы год забараніла яму займацца рамяством.

Герб Полацка, зацверджаны пасля атрымання горадам магдэбургскага права.

Здараліся і выпадкі больш трагічныя. У сярэдзіне XVII стагоддзя ў Полацку жыў вясёлы чалавек Базыль Брыкун. Любіў пацвяліць суседзяў ды пасмяяцца з людскіх забабонаў. Пакрыўджаныя пусцілі пагалоску, што Базыль — чараўнік: можа зрабіць жабраком, «растрэсці» сям’ю, рэжа позіркам сцены і ўвогуле здатны на любое ліхадзейства. «Чарадзея» пасадзілі ў вязніцу. Сорак чалавек сведчыла, што Брыкун здольны быў да прыкладу, «так заморщиць твар, на оболок гледзя», што перакідваў на тры сажні воз з дровамі. Адвакат лёгка абвергнуў усе абвінавачанні, аднак магістрат, дзе, мабыць, таксама хапала ахвяраў Базылёвага дасціпнага языка, прызнаў мешчаніна вінаватым. Каб пазбегнуць ганебнай і пакутлівай смерці на вогнішчы, Брыкун у хвіліну роспачы зарэзаўся.

Аднак такія падзеі былі не правілам, а выняткам з яго. Большасць звязаных з чарадзействам заяваў проста запісваліся ў магістрацкія «гродскія» кнігі і не разглядаліся. Калі ж справа даходзіла да судовага разбору, то маёмасць асуджаных не сканфіскоўвалася (як гэта рабілася ў Заходняй Еўропе), а іх сваякоў не пераследавалі. Прычым на абшары былога Полацкага княства прадстаўнікі царквы на падобных працэсах звычайна не прысутнічалі і ўчынкі чарадзеяў разглядаліся не як злачынствы супроць Бога (ерась), а з гледзішча канкрэтнай учыненай шкоды. Такога не было ні ў заходнееўрапейскіх краінах, дзе лютавала інквізіцыя, ні ў Масковіі, дзе ў XVI-XVII стагоддзях велізарнае пашырэнне атрымалі «ведаўскія справы».

Апрача рамесніцкіх цэхаў, у Полацку і ў іншых вялікіх гарадах Княства існавалі моцныя аб’яднанні месцічаў, якія называліся брацтвамі. Яны ствараліся пры манастырах і цэрквах дзеля абароны нацыянальных ды рэлігійных правоў. Братчыкі будавалі храмы, сірочыя прытулкі і багадзельні, адчынялі шпіталі, друкарні і школы. Вядомасцю ў дзяржаве карысталася полацкае праваслаўнае брацтва пры Богаяўленскім манастыры. У яго статуце была запісаная галоўная мэта — «працаванне супольнае брацкае дзеля душы збавення».

Братчыкаў жанілі і хавалі з агульнае касы паводле асабістых заслуг. Кожны здольны да музыкі мусіў запісацца ў хор ці ў аркестр. Па святах на гарадскіх вуліцах з’яўляліся брацкія працэсіі з крыжамі, абразамі і харугвамі. Улетку брацтва наладжвала «пілігрымку» — паломніцтва ў святыя мясціны. Гаворка ішла не пра Ерусалім, а пра суседні манастыр ці пра нейкае месца вёрст за дваццаць ад горада, дзе калісьці з’явілася Багародзіда або прычынілася яшчэ якое дзіва. Братчыкі закуплялі колькі ялавак, дзесятак бараноў, варылі піва і мёд, грузілі на вазы харч і кухарскае прычындалле і па чатыры ў рад, пад музыку і спевы свайго хору выходзілі з гарадской брамы. Адолеўшы палову шляху, паломнікі раскладалі вогнішча і рабілі першую папаску.

Наогул пачосткі займалі ў жыцці брацтваў вельмі істотнае месца. На банкетах гаспадарылі выбраныя на год стольнік, падчашы і маршалак. Першы адказваў за стравы, другі — за пітво, трэці рассаджваў братчыкаў і кіраваў усёй застоліцай. Абавязковым дадаткам да брацкага статута былі зацверджаныя агульным сходам і ўхваленыя духоўнай уладай правілы этыкету. Гэтая «Навука прыстойнасці брацкай», у прыватнасці, вымагала:

«1. Седзячы за сталом, не класці локцяў на стол, не адварочвацца задам да суседа.

2. Не сморкацца на памост са ўзгляду на святое месца і не калупаць носу.

3. Не кідаць пад стол абгрызеных костак.

4. Не гаварыць голасна і не перабіваць субяседніка, пакуль ён не кончыць гаварыць.

5. Садзячыся да столу на сваё мейсца, пакланіцца галавой старшызне, а пасля суседзям направа, лева і насупраціў

6. Не гаварыць з напоўненай ядой губай.

7. Прыходзіць на банкет, маючы за халявай лыжку і нож.

8. Не прыносіць з сабой на брацкі банкет ніякага свайго пітва».

Вялікае Княства Літоўскае было часткаю Еўропы, і Полацк меў шмат агульнага з яе тагачаснымі гарадамі. Жылі тут, напрыклад, свае звездары-астролагі, што складалі знаным палачанам гараскопы, а ў вольную часіну штудыявалі трактаты па сваім мастацтве: «Шестикрыл», «О седми звездах великих яже ся наричаются планеты», або «12 звезд, што владеют ко 12 частям человеческим». Будучыню прадказвалі і па авечай лапатцы. Настаўленнем у гэтым старажытным спосабе варажбы служыў гэтак званы «Лапатачнік», які цалкам называўся «Книга от Петра египтянина, иже научаются ведати неисходимого плеча овец».

Шырока вядомы сучасны астролаг Павел Глоба, чыімі паслугамі нярэдка карыстаюцца нават буйныя дзяржаўныя дзеячы, у 1996 годзе выступіў з цыклам публікацый, якія з гледзішча полацкай гісторыі можна назваць сенсацыйнымі. Іх героем стаўся забыты калега Глобы Васіль Нямчын, што прыйшоў на свет на пачатку XV стагоддзя ў Полацку, а недзе паміж 1450 - 1470 гадамі напісаў кнігу прароцтваў, якую яго сённяшні брат па прафесіі ставіць вышэй за славутыя прадказанні Настрадамуса.

Павел Глоба паведамляе, што вывучаў зробленыя ў XVIII стагоддзі спісы Нямчынавай кнігі, і неаднаразова цытуе яе фрагменты, сцвярджаючы, што сярэднявечны полацкі астролаг прадбачыў будучыню ўсходнеславянскага свету ажно да канца III тысячагоддзя. Прароцтвы Васіля Нямчына (калі гэта, вядома, не таленавітая містыфікацыя) сапраўды ўражваюць. Ён, напрыклад, прадказаў, што праз пяцьсот гадоў пасля яго нараджэння «ўзнікне сатанінскае валадарства, храмы будуць разбураныя, святыя кнігі знішчаныя, святароў будуць жыўцом закапваць у зямлю, для царскай жа дынастыі ўзнікне смяротная небяспека». Прадбачыў Нямчын і паход Напалеона, і з’яўленне ў Расіі цара «двухметровага росту і з тварам, быццам у ката», у якім нескладана пазнаць Пятра I. Але ўсё гэта падзеі былыя. А вось што праз безліч гадоў убачыў Васіль Нямчын на роднай яму беларускай зямлі ў XXI стагоддзі. Тут нібыта ўзвысяцца і будуць мець асаблівую значнасць для лёсу краіны тры гарады: Полацк, Віцебск і Магілёў. Прычым калі апошняму прызначаная роля найбуйнейшага прамысловага цэнтра, дык Полацк і Віцебск павінны стаць культурнымі і духоўнымі цэнтрамі, а магчыма, і сталічнымі гарадамі. Не ведаю, як для вас, а для мяне гэтае прадказанне ў святле сусветнай тэндэнцыі пераносу сталіц зусім не выглядае неверагодным.

Будзем спадзявацца, што некалі мы здолеем пазнаёміцца з кнігаю Васіля Нямчына не з чужых словаў. А пакуль зазначым, што яго сучасны тлумач Глоба вядзе гаворку пра цэлую дынастыю полацкіх астролагаў Нямчынаў. Адзін з іх, Мікалай (пляменнік ці ўнук Васіля), як быццам быў асабістым лекарам і «планетнікам» у вялікага князя маскоўскага Васіля III. Ёсць згадкі і пра іншых звездароў з гэтага таямнічага полацкага роду — пра Івана і Міхаіла Нямчынаў.

Уначы, за замкнёнымі дзвярыма, адукаваныя палачане разгортвалі пераклад крамольнай кнігі «Арыстоцелева Брама». 3 яе даведваліся «о премудростех особных и тайниц хованых и о каменех дорогих», «о премудрости порсунной, о белости, о власех, о бровех, о ноздрех, о челе, о устех, о лице, о ушию, о гласе, о шии, о чреве и о персех, о плечех и хребте».

Папулярнасцю карысталіся беларускія пераклады «Гісторыі пра Атылу», «Аповесці пра Трышчана і Іжоту» і «Аповесці пра Баву», якія ўводзілі палачанаў у рыцарскі свет тагачаснай Заходняй Еўропы. Найбольш пашыраным з твораў гэтага жанру быў прыгодніцкі раман «Александрыя», дзе апавядалася аб паходзе Аляксандра Македонскага на загадкавы Усход. Можна ўявіць, як, выгодна ўладкаваўшыся каля цёплай кафлянай грубкі з выявамі букетаў альбо з «Пагоняй» ці шляхецкімі гербамі (археолагі сведчаць, што якраз гэтыя матывы былі характэрныя для полацкай кафлі), ваш далёкі продак пад завыванне завірухі ўважліва сачыў за фантастычнымі прыгодамі легендарнага заваёўніка.

Дачытаўшы «Александрыю», полацкі кніжнік меў магчымасць узяцца за «Аповесць пра Трою». Два названыя творы былі на пачатку XVI стагоддзя ў Беларусі настолькі папулярныя, што Францішак Скарына ўспомніць іх у сваёй прадмове да Бібліі: «Аще ли же кохание имаши ведати о военных а о богатырских делех, чти книги Судей, или книги Махавеев; более и справедливее в них знаидеш, нежели во Александрии или во Троі».

Былі ў горадзе і алхімікі, якіх на нашых землях называлі чарнадзеямі. Як і іх калегі з Лондана ці Парыжа, нехта з продкаў зачыняўся з горанам і перагонным кубам і, свецячы запаленымі ад бяссоння вачыма, намагаўся стварыць у колбе штучнага чалавека — гамункулуса, або апантана шукаў філасофскі камень — тое дзівоснае рэчыва, што ператварае простыя металы ў золата і дорыць вечную маладосць.

Знаходзіліся сярод палачанаў і чарнадзеі з клопатамі, больш блізкімі да рэальнасці. У студзені 1493 года магістр Лівонскага ордэна Ёган фон Ларынгхофен пісаў са сваёй сталіцы Вендэна (цяперашні Цэсіс у Латвіі) бургамістрам і ратманам Рэвеля (Таліна): «Па-сяброўску вам паведамляем, што нейкія людзі прыехалі ў Рыгу з Полацка, маючы з сабой фальшывыя манеты, выбітыя на ўзор нашых вендэнскіх шылінгаў. I аднаго з тых людзей схапілі ў Рызе, і сказаў ён, што такіх манет выбілі ў Полацку 1/2 ласта (960 кг). Некалькі гэтых падманных манет пасылаем вам, каб вы іх агледзелі і маглі засцерагчыся». Лівонскі шылінг важыў 1,15 грама. Нескладаны падлік паказвае, што полацкія здольнікі выпусцілі тым разам блізу 850 тысяч фальшывых манет.

Разам з магдэбургскім правам Полацк атрымаў першы герб: трохмачтавы карабель з разгорнутымі ветразямі ў блакітным полі на срэбнай вадзе. Падкрэслім, што менавіта гэты, «карабельны», герб — самы старажытны.

Расказаўшы пра горад, згадаю і найстаражытнейшыя полацкія вёскі. Мы ўжо ведаем пра вядомае з IX стагоддзя Сяльцо, дзе Еўфрасіння заснавала свой манастыр, і пра рэзідэнцыю полацкіх князёў — Бельчыцы, упершыню ўспомненыя летапісцамі пад 1158 годам. 3 X стагоддзя існавала Струнне (Струнь). 3 XV стагоддзя сустракаюцца згадкі пра Бабынічы (яны належалі баярыну Корсаку, а потым яго нашчадкам), Ветрына (Ветраная) і вёску Вуглы (цяперашняга Бабыніцкага сельсавета), дзе гаспадарыў пан Русецкі. XVI стагоддзе робідь гэты пералік шматкроць даўжэйшым: Арэхаўна (у 1552 годзе, калі ім валодаў Баркулаб Іванавіч Корсак, там было 50 двароў), Бяздзедавічы (Астроўшчынскі сельсавет) і яшчэ адны Бяздзедавічы пад Ветрынам, Варонічы (Варонеч), Вусце (Астроўшчынскі с/с), Вялікае Сітна, Гарадзішча (Заазерскі с/с; да пачатку нашага стагоддзя там быў маёнтак паноў Вярыгаў-Дарэўскіх), Гомель (Гомля), Двор Саланевічы (Бабынідкі с/с), Загацце (таго ж сельсавета), Замошша, Заскаркі, Захарнічы (Захарынічы), Кушлікі (Адамовіцкі с/с), Малое Сітна, Палюдавічы, Ропна, Сівошын Перавоз (Сівошына), Туроўля, Юравічы, Якаўцы… 3 XVI стагоддзя вядомыя вёскі Семянец і Блізніца (Варонецкі с/с; сто гадоў таму гэта быў комплекс з некалькіх паселішчаў, якімі валодалі паны Мяніцкія, чые нашчадкі цяпер жывуць у Полацку). У XVIII стагоддзі ўжо існавала вёска Банонь, якая і не падазравала, што ў 1930-я там будзе выходзідь газета «За сацыялістычную свінагадоўлю». Равесніцамі Баноні былі Баравуха I (Баравух), Венцавое (Астроўшчынскі с/с), Глінішча (Экіманскі с/с), Жарцы і Казімірава[10].

3 часоў Полацкага княства, дзе мірна жылі хрысціяне і паганцы, пачынаецца ў нашай дзяржаве традыцыя нацыянальнай ды рэлігійнай цярпімасці — талерантнасці. Яе абвясціў яшчэ князь Гедымін. Роўнае стаўленне да людзей незалежна ад іх веры замацоўваў Статут 1588 года. Дачыненні паміж вернікамі розных плыняў былі, безумоўна, не ідылічныя. Здараліся ўспышкі варожасці, але ўвогуле на нашых землях няблага ўжываліся і праваслаўныя з католікамі, і пратэстанты, і юдзеі, і мірныя татары-магаметане. Законы дазвалялі магнатам і шляхце самім вырашаць пытанні веры падданых. У гарадах храмы розных канфесій стаялі побач на адным пляцы. Такога нельга было ўявіць ні ў большасці еўрапейскіх краін (узгадаем, як французскія католікі выразалі тысячы пратэстантаў-гугенотаў у Варфаламееўскую ноч), ні, пагатоў, у Масковіі, дзе ўсе не «истинно православные» лічыліся гатовымі дзяржаўнымі злачынцамі.

У XVI стагоддзі большасць палачанаў захоўвала веру продкаў, аднак паміж праваслаўнымі з’явіліся ўжо, апрача католікаў, лютэране і кальвіністы. У горадзе знаходзілі гасцінны прытулак ерэтыкі з Маскоўскай дзяржавы. Дзесяць гадоў тут жыў і прапаведаваў вучань вядомага маскавітскага вальнадумца Феадосія Касога — Фама, што, як і настаўнік, уцёк у Літву-Беларусь ад вернае смерці.

Па вуліцах, не баючыся ні вогнішча, ні допытаў у сутарэннях інквізіцыі, хадзіў шляхціч Полацкага павета Васіль Цяпінскі. Ён выкрываў у невуцтве праваслаўнае духавенства: і іншых не навучаюць, і самі не вучацца. Дзеля асветы народа, з якім гатовы быў «разам уратавацца ці разам загінуць», ён пераклаў на беларускую мову Евангелле і сваім коштам выдаў яго ва ўласнай друкарні ў маёнтку Цяпіна (цяпер гэта Чашніцкі раён).

На дыспут з манахамі-езуітамі ў Полацк прыязджаў добры знаёмы Цяпінскага філосаф-гуманіст і дзеяч Рэфармацыі Сымон Будны. У вучонай спрэчцы (якую, дарэчы, прайграў) ён адстойваў тэзіс пра тое, што няма ні пекла, ні раю, а душа памірае разам з целам. Паспрабаваў бы ён займацца такімі дыспутамі з маскоўскімі багасловамі!

Наша Бацькаўшчына была самай верацярпімаю краінай у Еўропе.

Ва ўсходніх суседзяў панаваў зусім інакшы дух. «Няхрышчаным немцам» нават не дазвалялі заходзіць у царкву, а калі нехта з іх і трапляў туды, яго адразу выганялі і падмяталі падлогу. Сымон Будны абураўся, што «маскавіты і тое месца, дзе «лацінец» сядзеў, сціраюць і змываюць, каб не запэцкацца». Ерась і «хулу» ў Маскоўскай дзяржаве шукалі ў кожнай драбніцы, трымаючы на падазрэнні і чужынцаў з лацінскага захаду, і сваіх аднаверцаў.

Калі ў Маскве не знайшлі ніводнага чалавека, які разумеў бы па-грэцку і пераклаў на царкоўнаславянскую мову патрэбныя кнігі, князь Васіль III напісаў ліст да манахаў Афонскае гары ў Грэцыі. Адтуль прыехаў дапамагчы братам па веры Максім Грэк. Ён пераклаў «Талковы Псалтыр» і яшчэ колькі кніг, а ў выніку быў абвінавачаны ўдзячнымі гаспадарамі ў «еллинских и жидовских ересях» і доўгія гады пакутаваў у кайданах па манастырскіх астрогах. За вязня спрабавалі заступіцца самі ўсяленскія — антыяхійскі, канстанцінопальскі ды ерусалімскі — патрыярхі, але вялікі князь Васіль III і мітрапаліт Данііл баяліся выпускаць высокаадукаванага манаха, каб той не раскрыў свету невуцтва і дзікія забабоны маскоўскага духавенства ды княжага двара, дзе панавалі звычаі і парадкі, запазычаныя ў татараў. Максім Грэк сапраўды мог бы распавесці пра жыццё ў Масковіі нямала. Напрыклад, як там па велікакняжацкім загадзе зарэзалі пад мостам, быццам авечку, лекара Антона Нямчына (бо дрэнна лячыў), як сцялі галаву другому прыезджаму лекару венецыянцу Лявону Жыдовіну, або як здзекаваліся з вядомага дойліда Арыстоцеля Фіяраванці.

Адна з грамат XVII стагоддзя настаўляла маскоўскіх людзей:

«А иже имуть в наше царствие из Литовския страны ученые люди приезжать и о себе говорити, яко они благочестивые и от благочестивых родителей рожденные и воспитанные в православной вере, словесам их не верити… А за хуление православновосточное веры без всякого милосердия да сожжется. И книги еретические сожигати…»

3 часоў Вітаўта ў Вялікім Княстве жыла ідэя уніі — аб’яднання праваслаўнай і каталіцкай цэркваў. Да гэтага вялі цесныя сувязі з Еўропай, навучанне моладзі ў каталіцкіх універсітэтах і, вядома, захопніцкая палітыка Масковіі з яе пагрозлівай ідэяй «трэцяга Рыма». Надзвычай цікавы факт: дакументы сцвярджаюць, што каталіцкія манахі-бернардзіны, якія заснавалі свой кляштар у Полацку ў 1498 годзе, займаліся місіянерскай дзейнасцю, захоўваючы ў храме ўсходні (грэцкі) абрад.

Праваслаўная царква на беларускіх землях ужо моцна рознілася з маскоўскай. У полацкіх храмах дзіця пры хросце маглі не акунаць у ваду, а абліваць. Імёны давалі не строга па святцах, але і паводле жадання бацькоў. У цэрквах дапускаліся скулыітурныя выявы. Адрозненняў існавала столькі, што маскоўскія мітрапаліты называлі праваслаўную веру нашых продкаў «літоўскай схізмай» (расколам).

Вельмі розніўся і агульны культурны ўзровень Літвы-Беларусі і Масковіі. Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае жыло ў Еўропе. Літва-Беларусь была ўсходнім рубяжом агульнаеўрапейскага Адраджэння, або Рэнесансу.

На вялікі жаль, нашы ўсходнія суседзі ў Масковіі, у адрозненне ад Літвы-Беларусі, не мелі ў сваім мінулым ні эпохі Адраджэння, ні другой вызначальнай для лёсу еўрапейскай цывілізацыі з’явы, якая засталася ў гісторыі пад назваю Рэфармацыі. У той час, як культурная традыцыя і Літоўскі Статут узводзілі наш люд паспаліты ў грамадзянскі стан, народ маскоўскі, паводле слоў выдатнага расійскага гісторыка В. Ключэўскага, быў асуджаны на ролю «государевых людишек», чыё жыццё ва ўсіх сваіх праявах залежала не ад уласнага выбару, а выключна ад волі цара-дэспата.

Жыхары нашай дзяржавы мелі непараўнана болей правоў і духоўнай свабоды, нязмерна большыя магчымасці атрымаць адукацыю.

Дадзены ў 1447 годзе прывілей вялікага князя Казіміра IV адкрываў продкам вольны шлях у замежжа: «Абы княжата и панове хоруговные, шляхта и бояре преречоные, кождый человек рыцерский и всякого стану мели вольную моц выйти с тех земель наших Великого князьства для набытья лепшого щастья своего и навчения до земель чужих, кром неприятелей наших». Тысячы юнакоў-ліцвінаў здабывалі асвету ў Чэхіі, Нямеччыне, Італіі, Швейцарыі, Францыі. У метрычных кнігах Пражскага універсітэта за XV — першую палову XVI стагоддзя захаваліся імёны трыццаці трох студэнтаў з Вялікага Княства, сярод якіх палачане Іван Багдановіч, Мацвей, Пятро і яшчэ адзін Іван.

Шмат падарожнічаў па Еўропе, жыў у Лейпцыгу і Альтдорфе ўраджэнец Полацкага ваяводства Саламон Рысінскі — асоба адметная і таленавітая, але, на жаль, вядомая пакуль толькі жменьцы гісторыкаў ды філолагаў. Наш зямляк — ці не першы і адзіны з той эпохі, які па-за межамі Бацькаўшчыны з гонарам мянаваў сябе не «рутэнус» — русін, не «літуанус» — ліцвін, не «палонус» — паляк, а — «леўкарусус», іначэй кажучы, беларус (грэцкае слова «леўкас» у перакладзе значыць «белы»), Сваю родную зямлю Саламон таксама называў Леўкарусіяй. Яго малой радзімай была вёска Рысін на поўначы Полацкага ваяводства недалёка ад Себежа (пазней гэтыя землі захапіла Расія).

Смуга, што ахутвае жыццё Рысінскага, трохі развейваецца каля 1600 года. Тым часам ён служыў прыдворным паэтам і выхавальнікам дзяцей у князёў Радзівілаў і ўжо набыў славу паэта, перакладчыка і філосафа.

Апраўдваючы сваё біблейнае імя, ён сабраў неверагодна багатую бібліятэку. Знаёмыя лічылі яго бедным. Ён і сапраўды амаль заўсёды жыў у нястачы, аднак бедняком ніколі сябе не прызнаваў: у яго кабінеце стаялі на паліцах творы ўсіх, бадай, антычных аўтараў — ад Гамера і Герадота да Тацыта, Авідзія і Ювенала. 3 імі суседзілі кнігі зорак еўрапейскага Адраджэння — Томаса Мора, Ульрыха фон Гутэна, Яна Каханоўскага…

Пісаў Рысінскі пераважна на лацінскай і польскай мовах, якія тады хутка пашыраліся сярод нашых асвечаных суайчыннікаў. Паэзію меў за вялікае, святое мастацтва. Пасля смерці паэта ў 1625 годзе засталася яго тысячатомная бібліятэка, выдадзены зборнік прыказак і багата вершаваных твораў. Найбольшай мастацкай дасканаласці Саламон Рысінскі дасягнуў у жанры эпітафіі. I сёння могуць расчуліць чытача развітальныя словы на смерць немаўлятаў з роду Радзівілаў. Паклапаціўся майстра эпітафій і пра сябе:

Межы заходніх краін я дарэмна крокамі мераў, Землі германскія я абышоў і сарматаў краі. Час непазбежнага скону для ўсіх, як заўжды, застаецца, Смерць крыважэрная ў кожны прытулак ціха ўпаўзе. Вось я, каго нарадзіла ля межаў Масковіі снежнай Слаўная зверам, дрымучымі нетрамі й борамі Русь… [11]

Большасць беларускіх студэнтаў вярталася на радзіму, хтосьці заставаўся служыць навуцы і музам на чужыне, трапляючы ў аналы іншых краін і народаў.

Англійскія гісторыкі, напрыклад, добра ведаюць: друкарскую справу ў Лондане запачаткаваў іншаземец Джон Літоў (Jon Lettou) — Іван або Ян Літвін. У 1480 годзе ён заснаваў у лонданскім Сіді друкарню, дзе выдаў антытурэцкую індульгенцыю папы рымскага Сікста IV, потым лацінамоўны трактат «Разважанні пра 12 кніг з метафізікі Арыстоцеля», каментары да псальмаў і шэраг іншых кніг. Праз тры гады ён пакінуў Брытанскія астравы і, на думку некаторых гісторыкаў, падаўся бліжэй да радзімы, у Кракаў.

Трон у тагачаснай сталіцы Польскага каралеўства «па сумяшчальніцтве» займаў вялікі князь літоўскі Казімір Ягайлавіч, што меў славу мілосніка і апекуна «літоўскага» мастацтва. Якраз у гады яго валадарання выйшлі ў Кракаве першыя ў гісторыі славянскія кнігі, друкаваныя кірыліцай. Вельмі верагодна, што ў іх падрыхтоўцы прыдаўся досвед лонданскага першадрукара.

Такім чынам, Ян Літвін быў першым сярод нашых суайчыннікаў паслядоўнікам бацькі кнігадрукавання Ёгана Гутэнберга. Беларускі гісторык і пісьменнік Аўген Калубовіч меркаваў што загадкавым Янам Літвінам мог быць нехта з двух згаданых раней Іванаў з Полацка, што прыкладна ў той час скончылі філасофскі факультэт Пражскага універсітэта.

Не будзем на гэтым настойваць: Полацку славы хопіць і так. У эпоху Адраджэння ён даў свету чалавека, чыё імя вельмі натуральна выглядае побач з імёнамі Рафаэля або Эразма Ратэрдамскага.

Як вы здагадаліся, гэтага палачаніна звалі Францішак Скарына.

У ГАСПОДЗЕ ПАДУАНСКАЙ

Года ад нараджэння Сына Божага 1512-га, у пятніцу, 5 лістапада ў храме святога Урбана ў горадзе Падуі, які сто гадоў таму ўвайшоў у склад Венецыянскай рэспублікі, сабралася калегія найслаўнейшых падуанскіх дактароў мастацтва і медыцыны.

Вучоныя мужы ціха перамаўляліся. Прайшла чутка, што сённяшняе пасяджэнне будзе разглядаць не зусім звычайную справу.

Слова ўзяў віцэпрыёр калегіі доктар Фадзей Мусаці:

— Вашы дастойнасці! Прычына склікання высокага сходу вымагае ад кожнага з нас паважнасці і добрае волі. Да нас прыбыў вельмі вучоны і бедны малады чалавек, доктар вольных мастацтваў родам з надзвычай далёкіх краін, што знаходзяцца, магчыма, за чатыры тысячы і болей міляў ад гэтага слаўнага места. Імем любові да Бога ён просіць дазволу здаць пры нашай калегіі экзамен па медыцыне. 3 ласкі вашых дастойнасцей адрэкамендую яго: Францыск, сын Лукі Скарыны з Полацка.

Віцэпрыёр зрабіў знак рукою, і ў залу ўвайшоў сам падарожнік. На ім быў убор чалавека, якога кормяць вольныя мастацтвы, — строгі каптан з квадратным выразам, але нязвычныя італьянцам вусы, валасы колеру восеньскае саломы і нетутэйшы халаднаваты блакіт вачэй выдавалі ў ім чужаземца.

Сябры калегіі глядзелі на яго трохі насцярожана і з цікавасцю. Гэты малады доктар прыйшоў з паўночнай, амаль казачнай краіны гіпербарэйцаў. Аўтары некаторых кніг сцвярджаюць, што зоркі свецяць там удзень і ўначы, а паветра замярзае і падае на дол, што золата ў той краіне нязмерна болей, чым жалеза, што па гарадскіх вуліцах гуляюць белыя мядзведзі, а людзі, не раўнуючы, як цыклопы, маюць па адным воку пасярод ілба.

Як ні дзіўна, вачэй у сына Лукі з Полацка было двое, і гаварыў ён на лаціне, якая нічым не саступала лацінскай мове прысутных. Францыск пацвердзіў свой намер здаць экзамен і, паводле звычаю, дакляраваў паўсюль спрыяць славе Падуанскага універсітэта. Калі пачалося абмеркаванне, прамоўцы пазіралі на іншаземца, ужо не хаваючы прыхільнасці.

Віцэпрыёр Мусаці прапанаваў:

— Хто не пярэчыць супроць таго, каб шаноўны пан Францыск атрымаў званне доктара медыцыны з усімі адпаведнымі перавагамі, няхай пакладзе на знак згоды свой шар у чырвоную вазу, а хто нязгодны, няхай пакладзе ў зялёную.

Адзін за адным шары сябраў калегіі падалі ў чырвоную вазу.

Па дарозе ў заезны двор — гасподу — Францішак паспеў яшчэ зайсці ў знакамітую сямікупальную царкву святога Антонія і пабачыць у капліцы пры ёй фрэскі Тыцыяна і яго вучняў. Пашанотліва спыніўся ён перад рэнесансавым будынкам Падуанскага універсітэта, заснаванага яшчэ ў 1222 годзе.

Павячэраўшы ў карчме на першым паверсе, полацкі вандроўнік падняўся да сябе ў пакой, запаліў свечку і разгарнуў адну з раскладзеных на стале кніг. Хоць першы экзамен прызначылі на заўтра, гэтым вечарам розум і сама душа не былі настроеныя на навуковыя заняткі. Перад вачыма паплылі малюнкі маленства: двор Лукаша Скарыны на Верхнім замку, бераг Палаты, адкуль у летнюю спёку так цудоўна даць нырца ў чыстую халаднаватую ваду, паездкі ў бацькаў маёнтак Тройдавічы, навучанне ў полацкіх манахаў-бернардзінаў…

На змену гэтым успамінам прыйшлі іншыя — Кракаў, універсітэт. Юнакі з Вялікага Княства, а сярод іх і палачане, ужо даўно праклалі туды шлях, атрымоўваючы там і асвету, і навуковыя званні. У канцы мінулага XV стагоддзя магістр Ян з Полацка чытаў студэнтам Кракаўскай альмаматэр «Лісты Цыцэрона», а яго калега і аднайменнік Ян з Мастоў выкладаў «Этыку» і «Метафізіку» Арыстоцеля. Францішак узгадаў лекцыі знакамітага прафесара Яна Глагоўскага, у якога на колькі гадоў раней таксама на факультэце вольных мастацтваў вучыўся Мікалай Капернік. У памяці ажывалі дыспуты і калёквіумы, заняткі паэтыкай і астралогіяй. Успаміналася святая цішыня універсітэцкае бібліятэкі, калі яго суразмоўнікамі рабіліся Платон і Сенека, Вергілій і Авідзій.

Галоўныя навучальныя дысцыпліны на факультэце — «сем вольных мастацтваў», аб’яднаных у два цыклы. Першы, трывій, уключае граматыку, рыторыку і дыялектыку; другі, квадрывій, — арыфметыку, геаметрыю, астраномію і музыку.

Францішак згадаў тых, хто грыз навуку разам з ім, — Яна і Паўла з Гародні, Станіслава з Клецка, Вінцэся са Слуцка, Міколу з Ашмянаў, Марку з Нямігі. Цяпер у Кракаве вучыцца Георгі з Забалоцця (ён стане аўтарам жамойцкага «Катэхізіса», пра які згадвае ў вядомай навеле «Локіс» Праспер Мерымэ).

Сярод землякоў з Вялікага Княства знаходзіліся, праўда, і такія, што ішлі ў люпусы. «Люпус» у перакладзе з лаціны — воўк, дый як яшчэ назваць таго, хто, часам не паспеўшы навучыцца папрасіць па-лацінску кашы ў бурсацкай сталоўцы, ужо бегаў дакладаць начальству, што таварышы парушаюць статут і гавораць, заміж лаціны, сваёй моваю. Люпусы самі напрошваліся на пакаранні — не надта каб жорсткія, аднак па-студэнцку дасціпныя. Як той бурсак, каго пасадзілі ўначы ў мех і, ніштавата натоўкшы бакі, прысудзілі ўтапіць у Вісле. Заместа ракі, вядома, кінулі ў калюжыну насупроць бурсы, але і гэтага хапіла: выбавіўшыся з меха, пачаў бядак славіць райскія сады, а суддзяў сваіх называў не іначай як паночкамі анёламі.

Францішак не стрымаў усмешкі.

Тамсама, у старажытнай польскай сталіцы, пасля факультэта вольных мастацтваў у яго жыцці быў яшчэ медыцынскі. I вось ён тут, у Падуі, універсітэт якой мае права зацвярджаць вучоныя ступені ў лекарскіх навуках.

У яго дзяржавы неблагія сувязі з Італіяй. Купцы гэтай зямлі атрымалі прывілей гандляваць у Вялікім Княстве бязмытна. Едуць у далёкую паўднёвую краіну і ліцьвіны. Вільнянін Ян Філіповіч ужо стаў у Балонні доктарам права, а сярод падуанскіх студэнтаў яшчэ ў мінулым стагоддзі быў ліцвін Станіслаў. Падуя вабіць вальнадумствам і талерантнасцю — тут, як і ў Кракаве, могуць вучыцца і католікі, і праваслаўныя. Вабіць сваімі саборамі, размаляванымі найлепшымі італьянскімі мастакамі — Джота, Мантэньі, упрыгожанымі рэльефамі і скульптурамі Данатэла.

Гэтыя дні ў Падуі ён, Скарына, мусіць выкарыстаць на ўсю поўніцу. Заўтра ён абавязкова сходзідь у капліцу Аветары. Кажуць, фрэскі Мантэньі ў ёй нагадваюць адлітых з бронзы антычных герояў…

Францішак заснуў адно тады, як пасвятлела вакно.

Увечары ў царкве святога Урбана зноў сышлася высокая калегія. Універсітэцкі сакратар запісаў: «Пан Францыск, сын нябожчыка Лукі з Полацка, на прапанаваныя яму пытанні з медыцыны бліскуча адказаў па памяці і, выдатна аргументуючы, абвергнуў усе выстаўленыя пярэчанні. 3 агульнае згоды ён быў ацэнены як падрыхтаваны і варты быць дапушчаным да асобага экзамена пад апекаю шаноўных паноў магістраў Францыска дэ Ноалі, Францыска дэ Эстэ, Гераніма Амела, Барталамео Барызона і Гераніма дэ Урбіна».

Дакументы, на жаль, не паведамляюць пытанняў падуанскай прафесуры і адказаў полацкага вандроўніка — пра гэта можна толькі здагадвацца. Медыцынская навука ў Скарынавы часы лічыла, што псіхічныя і фізічныя хваробы найперш залежаць ад Божай або д’яблавай сілы. Целу вярталі здароўе адварамі, настоямі ды іншым лекавым зеллем, а душу ўздараўлялі святым словам. Магчыма, Францішак казаў экзаменатарам, што гаючае жыццядайнае слова найлепей браць з псальмаў цара Давіда ды з Саламонавых прыпавесцей, з пасланняў апостала Паўла ды з Евангелля ад Лукі. Пазней ён напіша пра святога Луку: «Будучи лекарем телесным досконалым, видя и вси речи телесные, иже суть суетны и минущи, возжале быти лекарем душ наших… Знал убо, иже не толико жив ест человек хлебом или лекарством, но более всяким словом». Цудоўна ведаючы лекавыя ўласцівасці раслін, Скарына разам з тым быў перакананы, што галоўная мэта медыка — вярнуць хвораму спакой душы.

I зноў дадзім слова дакументу: «У аўторак 9 лістапада ў Падуі, у біскупавым палацы пад старшынствам знанага доктара Фадзея Мусаці і ў прысутнасці выдатнага вучонага ў галіне мастацтваў і медыцыны пана Францыска Фульманэлі з Вероны, а таксама перад усімі дактарамі калегіі выбітны доктар мастацтваў Францыск, сын Лукі Скарыны з Полацка, здаваў экзамен у адмысловым і строгім парадку па пытаннях, прапанаваных яму раніцою таго дня, і атрымаў аднадушную ўхвалу прысутных вучоных. Пан віцэпрыёр абвясціў яго паводпе ўсіх адпаведных правілаў доктарам медыцынскіх навук, пасля чаго вядомы доктар мастацтваў і медыцыны пан магістр Барталамео Барызон ад свайго імя і ад калегаў паднёс яму знакі доктарскае годнасці».

Той вечар Скарынавага жыцця не абышоўся, відаць, без келіха добрага віна.

Ён — першы сярод усходніх славянаў доктар у лекарскіх навуках. Яго імя ўжо навечна запісанае ў аналы Падуанскага універсітэта. У шмат якіх еўрапейскіх краінах доктарскае званне дае права на дваранства. Вялікае Княства Літоўскае і Каралеўства Польскае такой традыцыі, праўда, не маюць, ды ўсе адно перад доктарам медыцыны адкрываюцца вялізныя магчымасці. Ён можа мець добрую практыку, стаць прыдворным лекарам у кагосьці з уладароў гэтага свету.

Але, застаўшыся сам на сам з сабою, Францішак болей думаў пра іншае. Так, ён будзе змагацца з хваробамі і паморкамі, што нярэдка спусташаюць на Бацькаўшчыне гарады і вёскі. Ды найбольш рупіць яму духоўнае здароўе народа. На захадзе польская Карона з яе апетытамі, на ўсходзе — агрэсіўная Масковія. Розум падказвае яму, што Літве-Беларусі наканаваныя цяжкія выпрабаванні.

Дзе ж тыя лекі, той філасофскі камень, тыя «броні духоўныя», што ўмацуюць веру народа ў самога сябе, прымусяць паважаць яго ва ўсім свеце? Францішак ведае: лекі гэтыя — кнігі. У свой апошні прыезд у Полацк ён бачыў фаліянт, перапісаны земляком Мацеем, дзесятым сынам у сям’і, якога маці так і называла з дзяцінства — Дзесяты. Гартаючы паўтысячы аркушаў, запоўненых каліграфічнымі радкамі, шматкаляровымі застаўкамі і ініцыяламі, ён, Скарына, аддаваў належнае подзвігу Мацея Дзесятага, аднак марыў пра тысячы кніг для простага, паспалітага люду — не рукапісных, а друкаваных, якія ўжо шырока пайшлі па свеце дзякуючы вынаходніцтву Ёгана Гутэнберга.

Гісторыкі падлічылі, што да пачатку XVI стагоддзя ў Заходняй Еўропе выйшла не меней за 40 тысяч друкаваных кніг агульным накладам 12 мільёнаў. Друкарні існавалі ў 260 гарадах, у адной Венецыі іх налічвалася паўтары сотні. Выходзілі і кірылічныя кнігі на царкоўнаславянскай мове. Яшчэ ў Полацку і потым, ва універсітэце, да Скарынавых рук траплялі «Актоіх», «Часаслоў» і «Трыёдзі» — кракаўскія выданні немца Швайпольта Фіёля на кірыліцы.

Можа, якраз там, у падуанскай гасподзе, падарожнік з горада асветніцы Еўфрасінні канчаткова ўмацаваўся ў рашэнні: ён дасць свайму народу магутную духоўную зброю — друкаваную кнігу на зразумелай мове.

Наперадзе ў Скарыны было яшчэ чатыры дзесяцігоддзі жыцця.

Праз пяць гадоў, 6 жніўня 1517 года (гэты дзень павінен стаць у незалежнай Беларусі адным з галоўных святаў) у Празе ён разгорне «Псалтыр» са свежым пахам друкарскай фарбы. У яго прадмове да першай друкаванай беларускай кнігі будзе напісана: «И видечи таковые пожиткы в так малой книзе, я, Францишек, Скоринин сын с Полацка, в лекарских науках доктор, повелел есми Псалтырю напред ко чти и к похвале богу в троици единому и пречистой его матери Марии… а потом к пожитку посполитого доброго, наболей с тое причины, иже мя милостивый бог с того языка на свет пустил».

Ён пакіне нашчадкам 23 біблейныя кнігі, перакладзеныя на блізкую да народнай мову, і гэтым увядзе Літву-Беларусь у агульнаеўрапейскую цывілізаваную сям’ю.

Ён застанецца ў гісторыі як беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар.

Як наш першы пісьменнік — празаік і паэт, што служыў не эліце або нейкаму аднаму стану, а ўсяму народу.

Як гуманіст, што пакінуў сугучны і нашаму часу запавет: «То чинити иным всем, что самому любо ест от иных всех. И того не чинити иным, чего сам не хотеши от иных имети. Сей закон прироженый, написан ест в сердци единого кажного человека».

Застанецца як выдатны перакладчык з некалькіх старажытных і новых моваў.

Як рэдактар і выдавец, што дасягне сапраўднай суладнасці слова і друкарскага мастацтва.

Як патрыёт, пяру якога належыць самы прачулы ў беларускай гісторыі, геніяльна просты хваласпеў любові да Бацькаўшчыны. Памятаеце? «Понеже от прирожения звери, ходящие в пустыни, знають ямы своя, птици, летающие по воздуху, ведають гнезда своя, рибы, плавающие по морю и в реках, чують виры своя, пчелы и тым подобная боронять ульев своих, — тако ж и люди, игде зродилися и ускормлены суть по бозе, к тому месту великую ласку имають».

Як волат усяго еўрапейскага Адраджэння, што не толькі стане ўпоравень са сваімі выдатнымі сучаснікамі, але ў нечым і перасягне іх.

Скарынава Біблія выйдзе ў свет раней за нямецкі пераклад Лютэра. Кніга кніг выдатнага палачаніна будзе першай друкаванай Бібліяй ва ўсходне і паўднёваславянскіх народаў. Яна амаль на паўстагоддзя апярэдзіць польскую Біблію і на 47 гадоў — «Апостала» Івана Фёдарава і Пятра Мсціслаўца, першую датаваную друкаваную кнігу ў Расіі.

У 1925 годзе пасля наведвання Вільні службовец Брытанскага Біблейнага таварыства Уайзман са здзіўленнем, павагай і спачуваннем напіша ў справаздачы: «Беларусы — адзін з першых народаў, якія надрукавалі Святое Пісьмо на сваёй мове. Гэта было ў 1517 г., за восем гадоў да першага друкаванага выдання па-англійску. Можна ўявіць, кім беларусы былі б цяпер, калі б пераслед і ўціск не прывялі іх да заняпаду».

Сын народа, што жыве на еўрапейскім памежжы, Скарына геніяльна знітуе ў сваёй творчасці традыцыі візантыйскага Усходу і лацінскага Захаду.

Ён аздобіць свае кнігі высокамастацкімі гравюрамі, па якіх можна вывучаць тагачаснае жыццё продкаў беларусаў — побыт, адзенне, тэхніку будоўлі (у драўляным палацы цара Саламона на адной з гравюр мастацтвазнаўца Генадзь Лебедзеў «пазнае» дом Скарынаў у іх загарадным маёнтку). Смела адступаючы ад канонаў, ён дасць у Бібліі ўласны партрэт. Нават самога Госпада чытачы ўбачаць без узаконенага духоўнымі ўладамі німба.

За парушэнне царкоўных правілаў выдання Бібліі Скарыну маглі б не меней за трынаццаць разоў спаліць на вогнішчы як ерэтыка.

Галоўным жа «злачынствам» у вачах многіх быў сам яе пераклад дзеля таго, каб гэтую натхнёную Богам кнігу мудрасці мелі магчымасць чытаць усе.

Перад намі партрэт Скарыны, змешчаны ў 1517 годзе ў кнізе «Ісус Сірахаў». Угледзімся ў яго больш уважліва, паспрабуем пранікнуць у свет сімвалаў, бо ў іх сярэднявечныя мастакі зашыфроўвалі ўсе чалавечыя якасці, здольнасці і памкненні, і часам сімвалы казалі пра асобу болей за аблічча.

Мы бачым першадрукара ў кабінеце, сярод кніг і навуковых прыкладаў. Пакой аздоблены гірляндамі з дубовага лісця, што ўвасабляюць сілу духу і рашучасць намераў, а яшчэ нагадваюць гаспадару пра родныя мясціны з іх старажытнымі святымі дубровамі. Цішыню і глыбокі роздум вучонага ахоўваюць скульптурныя львы. Цары звяроў уладкаваліся ў яго за плячыма на падстаўках-кансолях, каля ног кожнага — тры шары, што сімвалізуюць тры хрысціянскія цноты: веру, надзею, любоў.

У лапах ільвы трымаюць шчыты з загадкавымі знакамі, якія даследчыкі тлумачаць па рознаму. Адны, напрыклад, бачаць у іх схематычныя выявы медычных шаляў і друкарскага варштата — сведчанні галоўных жыццёвых заняткаў Скарыны. Асабіста мне найбольш верагодным здаецца арыгінальнае тлумачэнне скульптара Алеся Шатэрніка. Левы знак ён расшыфроўвае як слова «Бог».

I сапраўды, калі мы паглядзім на палову гэтага сімвала, дык лёгка знойдзем літару Б, якая змяшчае ў сабе О і Г. (Поўны знак атрымліваецца ў выніку люстранога адбітку.) Правы знак — выява кароны, сімвала дзяржаўнае ўлады. Такім чынам, на партрэце дэвіз выдатнага палачаніна — служыць Богу і дзяржаве.

Ніжэй шчыта з каронаю, нагадваючы пра хуткаплыннасць часу, стаіць вадзяны гадзіннік — клепсідра. Леваруч Скарыны над кнігамі вісіць астралябія, неабходная ў занятках астраноміяй і астралогіяй. Пад ёю, на лаве, — мяккія падушкі для хвілінаў адпачынку. Яшчэ ніжэй — свечнік з люстэркам, што скіроўвае святло ў патрэбны бок. Пагаслая свечка — алегорыя марнасці зямнога жыцця, але спрэчку з ёю вядзе пчала — увасабленне таленту, ахвярнасці і працавітасці, дзякуючы якім чалавечае жыццё доўжыцца ў памяці нашчадкаў. Пчолы лічыліся боскімі стварэннямі, што выкормлівалі нектарам таленавітых людзей.

Перавёўшы позірк у процілеглы ніжні куток партрэта, убачым кошыкі пад зёлкі, што былі неабходныя ў медычнай практыцы.

Сам Скарына ў доктарскіх мантыі і берэце сядзіць пры невялікім рабочым століку. У руках у вучонага пяро, перад ім — ёмісты сшытак, а праваруч — разгорнуты фаліянт на пюпітры. Скарына перакладае Біблію. Яго позірк скіраваны ўдалеч, у ім — задуменнасць і засяроджанасць. На твары ляжыць адбітак глыбокай мудрасці і стомы чалавека, што дзень пры дні займаецца цяжкай разумовай працаю.

Столік, за якім піша першадрукар, засланы сурвэтаю з вытканым або вышытым гербавым шчытом, на якім сонца і месяц у стане зацмення. (Тады Скарына яшчэ не меў шляхецтва, таму называць яго сімвал гербам будзе не зусім правільна.) Гэты сонечна-месяцавы знак мае шматслойны сэнс. У ім — сутыкненне дня і ночы, пераход ад ранейшых рэлігій да хрысціянства, ад Сярэднявечча да Рэнесансу. У ім — зліццё мужчынскай апладняльнай сілы Сонца з улоннем самога Сусвету, у выніку чаго пасля зацмення прадаўжаецца жыццё, а ў спрыяльных умовах можа нарадзіцца і дасканалая матэрыя — філасофскі камень… 3 мноства гэтых значэнняў часам выбіраюць нейкае адно, але Францішак Скарына відавочна глядзеў на сэнс свайго герба вельмі шырока. Знак першадрукара сімвалізуе перамогу святла над цемраю, ведаў над невуцтвам, жыцця над смерцю.

Францыск Скарына з Полацка. 1512. Фрэска ў падуанскай «Зале сарака». 

Скарынава жыццё будзе напоўненае падарожжамі па Еўропе, узлётамі да вышыняў славы і горкімі расчараваннямі. У ім адаб’ецца ўся тая вірлівая, авантурная і ўзнёслая эпоха.

Ён заснуе ў сталіцы Вялікага Княства друкарню і выдасць там «Малую падарожную кніжку» і «Апостала» — першыя друкаваныя кніжкі на абшары сваёй дзяржавы.

Ён будзе сустракацца з Лютэрам і дыскутаваць у Вільні з сусветна вядомым медыкам і алхімікам Парацэльсам, чалавекам, які, калі верыць паданню, мог спаліць ружу і магічным словам аднавіць яе з попелу. Будзе сакратаром і прыдворным лекарам у віленскага біскупа Яна. Будзе запрошаны на службу да апошняга гросмайстра Тэўтонскага ордэна герцага Альбрэхта Брандэнбургскага, які надасць яму шляхецтва. Будзе браць удзел у складанні Статута Вялікага Княства Літоўскага 1529 года.

Ён возьме шлюб з удавою аднаго з сяброў і фундатараў Маргарытай Адвернік і праз чатыры гады пахавае яе, застаўшыся з малым сынам.

Імкнучыся пашырыць святло навукі сярод усходніх суседзяў, ён прывязе вялікую партыю сваіх выданняў у Маскву, прапануе тамтэйшым свецкім і духоўным уладарам наладзіць кнігадрукаванне і замест удзячнасці ўбачыць, як на загад маскоўскага князя з яго кніг раскладуць вялізнае вогнішча.

За братавы даўгі крэдыторы пасадзяць Скарыну ў турму, адкуль яго вызваліць сам кароль і вялікі князь Жыгімонт Стары.

На знак прызнання заслуг вучонага палачаніна перад Айчынаю манарх дасць яму адмысловы прывілей: «Няхай ніхто, апрача нас саміх або спадкаемцаў нашых, не мае права прыцягваць яго да суда і судзіць, якой бы ні была важнай ці нязначнай прычына яго выкліку ў суд… Няхай ніхто не адважыцца затрымліваць або арыштоўваць яго самога ці ягоную маёмасць пад страхам цяжкага пакарання… Дайце названаму доктару Францішку, якога мы прынялі пад сваю апеку, магчымасць карыстацца і валодаць прыгаданымі вышэй правамі, льготамі і прывілеямі. Забараняю наогул умешвацца ў яго справы, учыняць яму які небудзь гвалт, змушаць да выканання нейкіх павіннасцей ці гарадскіх службаў нароўні з іншымі жыхарамі таго горада, які ён сам абярэ для жыцця».

Такім горадам неўзабаве пасля вяртання Францішка Скарыны з вязніцы на волю стане Прага. Тут ён скончыць свой зямны шлях знаным лекарам, тут будзе пахаваны. Тут у 1996 годзе, у самым цэнтры старой Прагі, непадалёк ад каралеўскага замка на Градчанах, яму будзе адчынены помнік, трэці ў свеце пасля помнікаў у Полацку і Лідзе. (Чацвёртым стане манумент у Калінінградзе-Кёнігсбергу, пятым — нарэшце! — у Мінску.)

Найзнакаміцейшы з палачанаў пакіне па сабе мноства таямніц.

Дагэтуль дакладна невядома, ні калі ён прыйшоў на свет, ні калі навекі заручыўся з зямлёю.

Невядома, у каго ён служыў сакратаром перад экзаменам у Падуі — у караля Даніі ці ў гаспадара Дакіі (Валахіі).

Невядома, хто ствараў да яго кніг гравюры. (Некаторыя скарыназнаўцы лічаць, што першадрукар быў і выдатным мастаком.)

Вучоныя спрачаюцца пра яго веравызнанне, пра час паступлення ў Кракаўскі універсітэт, пра тое, хто ж у сапраўднасці займаў у чэшскага караля пасаду садоўніка — Францішак Скарына ці італьянец Франчэска Банафардэ…

Дагэтуль у розных краінах знаходзяць невядомыя раней экзэмпляры Скарынавых выданняў. Перад Калядамі 1997 года выдатны падарунак атрымала лонданская Беларуская бібліятэка імя Францішка Скарыны: яе дырэктар Аляксандр Надсон на сусветна вядомым аўкцыёне «Крысці» набыў пяць сабраных у адным пераплёце пражскіх выданняў нашага першадрукара — кнігі Іова, Прыпавесцяў Саламонавых, Ісуса Сірахава і Прамудрасці Божай. А адшукаў гэты зборнік дзякуючы «Інтэрнэту» беларускі перакладчык і журналіст Сяргей Шупа.

Што да спрэчак — Францыск ці Францішак? — дык трэба памятаць, што гэта дзве формы аднаго і таго ж імя, толькі першая — афіцыйная, лацінізаваная, а другая — беларуская. Сам Скарына, пражыўшы большую частку сталага жыцця далёка ад Бацькаўшчыны, карыстаўся абодвума, для бацькоў жа і землякоў ён, безумоўна, заўсёды быў Францішкам.

Пра найвыдатнейшага сына Полацка напісаны дзесяткі кніг і тысячы артыкулаў на розных мовах, аднак загадак скарыназнаўцам хопіць яшчэ не на адно стагоддзе. Багата наперадзе працы і ў аднаўленні гістарычнай справядлівасці. Мы заслужана ставім Скарыну ў адзін шэраг з Мікеланджэла, Дзюрэрам або Сервантэсам, а ведаюць пра яго ў свеце непараўнана меней.

Геніяльны палачанін толькі пачынае вяртацца да нас, выступаючы ва ўсёй сваёй велічы з туману забыцця і бяспамяцтва.

Гарыць свечка ў падуанскай гасподзе. Не ідзе сон да доктара медыцыны і вольных мастацтваў.

Дзе ён распачне выпуск кніг? Хто дасць патрэбныя грошы? Як паглядзіць на яго чыннасць царква? Пытанні, пытанні…

Як чалавек эпохі Адраджэння, ён марыць пра славу — не любую, а такую, што можна заслужыць, толькі ахвяраваўшы жыццё вялікай справе.

Ён абраў гэтую справу. Ён не адступіць, і слава знойдзе яго — і на радзіме, і тут, у Італіі.

Роўна праз 430 гадоў на заказ Падуанскага універеітэта мастак Джакома Форна размалюе фрэскамі ў традыцыях Рэнесансу залу, дзе адбываліся ўрачыстыя пасяджэнні высокай калегіі. Там з’явяцца сорак партрэтаў выдатных людзей, што некалі вучыліся ці выкладалі ў Падуі. У верхнім ярусе фрэсак у доўгай, аздобленай залатой ніткаю і футрам гарнастая мантыі падымецца на поўны рост чалавек, твар якога на вохрыста-брунатнай асноведзі будзе свяціцца розумам, рашучасцю і духоўнай чысцінёю. Над галавой у яго мастак напіша на лаціне: «Францыск Скарына з Полацка». Тут, у «Зале сарака», яму не будзе самотна. Побач — партрэт выдатнага польскага паэта Яна Каханоўскага, далей — Галілео Галілей, Мікалай Капернік…

1990 год ЮНЕСКА абвесціць годам Скарыны. Яго 500-годдзе будзе адзначацца паўсюль, дзе жывуць беларусы, дзе ведаюць пра подзвіг палачаніна — у Беларусі, Літве і Латвіі, у Расіі і Польшчы, у Аўстраліі і ЗША, дзе нашы суайчыннікі Вітаўт і Зора Кіпелі разам з вядучым аўтарытэтам у Скарыніяне на Захадзе Вітаўтам Тумашам сабралі ў Нью-Ёркскай публічнай бібліятэцы найбагацейшы фонд скарыназнаўчых выданняў.

У першыя вераснёўскія дні на полацкія вуліцы прыйдзе свята, якога горад яшчэ не ведаў. 3 урачыстымі набажэнствамі і канцэртам званоў. 3 кірмашом старадаўніх рамёстваў, дзе сівавусыя ганчары выштукуюць любому ахвочаму адмысловы збанок, а маладыя барадатыя хлопцы з Саюза беларускіх кавалёў выкуюць кандэлябру ці ружу з дваццаццю пялёсткамі. 3 адкрыццём Музея беларускага кнігадрукавання. I нават — на ўцеху дзятве — з рыцарскім турнірам.

На мове Скарыны з палачанамі будуць гаварыць прафесары універсітэтаў з Лондана, Берліна, Прагі і яшчэ добрага дзесятка еўрапейскіх гарадоў. 3 Манрэаля прыедзе прапрапра… праўнук першадрукара, вядомы ў Канадзе вучоны Станіслаў (Стэнлі) Скарына, які, у адрозненне ад нас, створыць музей свайго знакамітага родзіча гадоў за дваццаць да юбілею.

У Полацку спадар Станіслаў між іншым, раскажа, што яны з калегамі займаліся праблемаю геннай памяці і заўважылі ў радаводах вядомых асоб цыклічнасць таленту. Іначай кажучы, Божы дар таленту не знікае, а абавязкова (хоць звычайна і не надта хутка) праяўляецца ў нашчадкаў. Сам манрэальскі Скарына будзе жывым сведчаннем гэтага. Як і яго слынны продак, ён стане двойчы доктарам навук, у тым ліку і медыцынскіх. Як і палачанін Францішак, ён народзіцца са шматстайнымі здольнасцямі і захапленнямі: будзе вывучаць філасофію і архітэктуру, пісаць кнігі па медыцыне і музыку да балета, гаварыць на сямі мовах…

(Праз некалькі гадоў дырэктар Нацыянальнага навукова-асветнага цэнтра імя Францішка Скарыны Адам Мальдзіс атрымае нечаканы ліст са сталіцы далёкай Мексікі. Высветліцца, што там, у Мехіка, жыве яшчэ адзін нашчадак славутага палачаніна — Ежы (Юры) Скарына, які, дарэчы, даводзіцца стрыечным братам жыхару Манрэаля Станіславу. Юры Скарына таксама не абдзелены талентамі, што найбольш выявіліся ў журналістыцы. Мексіканскі Скарына піша па-іспанску і па-польску, пэўны час выдаваў уласную газету, дзе часта з’яўляліся яго публікацыі. Адна з галоўных тэмаў спадара Юрыя — гісторыя і культура Беларусі, якімі ён здаўна цікавіцца, падтрымліваючы духоўную лучнасць з радзімаю продкаў).

А ў Полацку будзе стаяць з кнігаю ў руках бронзавы Скарына. Стаяць, зажурана думаючы, што ў яго родным горадзе на яго роднай мове вучаць дзяцей толькі ў адной школе.

I ўсё ж у яго будуць падставы не толькі для смутку.

Але ўсё гэта здарыцца потым, праз стагоддзі, а пакуль

Маўчыць гаспода ў Падуі старой, і толькі ў Скарыны мігціць агеньчык ніцы [12]…

ПОЛАЦКАЯ ВАЙНА

Рака беларускай гісторыі не давала Полацку спачываць у ціхай завоіне, зноў і зноў выносячы яго на самую строму. Так здарылася і ў сярэдзіне XVI стагоддзя.

1558 год. Маскоўскае войска з агнём і мячом уварвалася ў Інфлянты (Лівонію). Напачатку фартуна спрыяла маскавітам, і ім удалося захапіць Нарву і Тарту. Шукаючы падтрымкі, лівонскі магістр прызнаў сябе васалам Вялікага Княства Літоўскага. Палкі гетмана Радзівіла Рудога рушылі на дапамогу лівонцам. Вялікі князь і кароль Жыгімонт Аўгуст прапанаваў цару Івану ІV узаемна адвесці войскі, ды той меў іншыя планы. «Мы з’яднаем свае сілы, каб Польшча і Літва не выслізнулі ад нас», — пісаў ён нямецкаму імператару. Вайна Інфлянцкая (Лівонская) ператварылася ў вайну Літоўскую.

Царскія ваяводы пляжылі Літву-Беларусь, неслі смерць і здзекі. Князь Андрэй Курбскі хадзіў на Віцебск. «Острог взяли и пожгли, — апавядае маскоўскі летапісец, — и посады у города у Витебска все пожгли и наряд в остроге поимали и людей в остроге многих побили и села, и деревни около Витебска пожгли и повоевали». Апрача касцёлаў Курбскі спаліў дваццаць чатыры праваслаўныя храмы і люта расправіўся з палонам, але цар усё адно пазіраў на яго скрыва, бо пад Невелем князь, маючы пятнаццаць тысяч ваяроў, не здолеў разбідь чатырох тысяч ліцвінаў.

«Уся Літва ёсць вотчына гасудароў маскоўскіх!» — абвясціў Іван IV на саборы, а дваране сказалі: «Мы, халопы царскія, за адну дзесяціну зямлі Полацкага або Азярышчанскага павета галовы скласці гатовыя». Масковія рыхтавалася да вялікага паходу. Напрыканцы 1562 года палкі сабраліся ў Мажайску, і да іх выехаў цар. Яму сніўся Полацк, ютрань у святой Сафіі, срэбныя берагі і залатое дно Дзвіны.

У вядомым рамане В. Костылева «Иван Грозный» намаляваны вобраз цара-бацюхны, які аддана служыць Богу і народу, клапоцячыся пра вызваленне аднаверцаў з чужынскай няволі.

      Іван IV. З гравюры XVI в.

Які ж быў «вызваліцель» напраўду? Каб не здавацца занадта старонным, спачатку дам слова славутым расійскім гісторыкам. М. Кастамараў называў Івана IV «чудовищем, которое лжет в каждом слове», В. Ключэўскі — «зверем от рождения», a С. Салаўёў пісаў што гісторык ніколі не прамовіць такому чалавеку слова апраўдання.

У дзяцінстве цар любіў бавіцца, скідваючы з высокіх дахаў катоў і здзекуючыся з дробнай жывёлы. Гадоў з пятнаццаці пачаў «упускаць» з вышыні таварышаў сваіх дзіцячых гульняў і з асалодаю глядзеў як тыя канаюць. Павянчаўшыся на царства, семнаццацігадовы валадар учыніў нялюдскую расправу над пскоўскімі пасламі, што прыехалі скардзіцца на намесніка, — загадаў сарваць з сямідзесяці немаладых шаноўных людзей адзенне, пакласці іх на каменную падлогу, а сам паліваў ім галовы спіртам і свечкаю падпальваў валасы. Калі цару прывезлі з Персіі слана, ён закамандаваў таму стаць перад памазаннікам Божым на калені. Няшчасная жывёліна, не разумеючы рускай мовы, не паслухалася і была за гэта пасечаная на кавалкі.

Садызм зрабіўся для цара жыццёвай патрэбаю. Ён катаваў колішніх сяброў, уласнаручна зарэзаў у застоліцы князя Абаленскага-Аўчыніна, абарваў жыццё свайго сына… У часы так званай апрычніны царовы слугі цэлы месяц забівалі ў Ноўгарадзе штодня па 500 чалавек. Людзі шэптам перадавалі адзін аднаму, што цар рукі з кішэняў прылюдна не дастае, бо не можа з іх кроў адмыць.

Тады ж на нядаўна захопленых Масковіяй ноўгарадскіх і пскоўскіх землях нарадзілася песня:

У того царя да у Собаки А окол двора да тын железный, А на каждой-то на тычинке По человечей-то сидит головке.

Крывавая тыранія напоўніла краіну даносчыкамі і катамі. «Няхай цар пакажа нам сваіх здраднікаў, а мы самі вынішчым іх», — крычалі памазаніку сталічныя купцы і мяшчане. «На рабы своя, от бога данныя ему, жестокосерд вельми, и на пролитие крови и на убиение дерзостен и неумолим, множество народу от мала и до велика при царстве своем погуби», — сказаў пра цара маскоўскі летапісец. I побач таксама пра яго: «Муж чюдного рассуждения, в науке книжного поучения доволен и многоречив зело».

Багата прысвечаных цару захопленых слоў знойдзецца і ў расійскім фальклоры. Рэкі крыві, войны і захопы чужых земляў успрымаліся як доказы богаабранасці Івана IV, што, маўляў змагаецца з ворагамі ў дзяржаве і за яе межамі. Манархічныя ілюзіі тады канчаткова зрабіліся рысаю расійскага нацыянальнага характару. Менавіта гэты цар пакінуў Расіі ў спадчыну ўжо цалкам сфармаванае самаўладдзе, што трымалася на тэроры супроць свайго народа. (Нядзіва, што Іванам IV захапляўся Сталін.) Нават князёў і баяраў ён прымусіў называць саміх сябе «халопамі». Перабегшы ад свайго гаспадара ў ЛітвуБеларусь, Андрэй Курбскі пісаў Івану, што той «затворил землю русскую, сиречь, свободное естество человеческое, аки в адовой твердыне».

Еўропа глядзела на маскоўскага ўладара як на дэспата, роўнага якому не было ні ў Старым, ні ў Новым свеце. Смешна чытаць у некаторых расійскіх гісторыкаў што цар быў выдатны дыпламат. Наўрад Масковія заваявала ў еўрапейскіх краінах павагу ад таго, што Іван IV абвяшчаў сябе найвышэйшым з усіх каранаваных валадароў. Англійскую каралеву Лізавету «выдатны дыпламат» ахрысціў «пошлою девицей». У свайго суседа шведскага караля Юхана, бацька якога быў просты дваранін, Іван Васільевіч пагардліва дапытваўся ўлісце: «А ты скажи, отец твой Густав чей сын, и с какими государями был в братстве, и какого ты роду государьского?»

Пра нашага манарха Жыгімонта Аўгуста цар казаў: «Паче худеиша худеиших рабов суща». Тым больш, што маскоўскія сваты атрымалі ад вялікай князёўны літоўскай адмову, і цар мусіў ажаніцца з чэркескай князёўнаю, якая, паводле М. Карамзіна, мела дзікі нораў і жорсткае сэрца і яшчэ болей умацоўвала ў душы ў цара зло.

Не Грозным, а Жахлівым называлі яго на паняволеных землях.

Будучы «вызваліцель» павёў палкі з Мажайска на Тарапец, потым на Вялікія Лукі і Невель, а адтуль лясной і цеснай дарогаю — на Полацк.

Вайна Літоўская зрабілася Полацкаю.

3 Іванам Жахлівым ехалі казанскія цары Аляксандр і Сімяон, царэвічы Ібак, Тахтамыш, Бекбулат ды Кайбула, дванаццаць думскіх баяраў, пяць акольнічых і шаснаццаць дзякоў. Калі верыць маскоўскім пісцам, цар вёў 200 тысяч конніцы, 60 тысяч пяхоты і 80 тысяч абозных людзей. Гісторыкі лічаць такія лічбы моцна завышанымі і пагаджаюцца на 60 тысяч усяго воінства, але ўсё роўна гэта была велізарная сіла: здавалася, на Полацк вырушыла ўся Масковія. Войска мела 200 гармат, у тым ліку чатыры вялікія сценабітныя і 36 камне і вогнекідальных. Са збройнымі людзьмі ішло шэсць тысяч грабароў — правіць дарогі. Гарматы, порах, кулі ды іншы вайсковы рыштунак цягнулі на сабе 40 тысяч «чорных людзей» (цар ашчаджаў коней). Першую сценабітную гармату везлі на змену болей за тысячу чалавек, другую — тысяча, трэцюю — дзевяцьсот…

31 студзеня 1563 года гэтая арда спынілася на дзвінскіх берагах. Перад ёю ляжаў найбагацейшы горад Вялікага Княства і яго галоўная цвярдыня — з дзевяцівежавым замкам, з дванаццаццю манастырамі і васемнаццаццю храмамі.

Насупраць полацкіх умацаванняў адразу падняліся зробленыя ворагам за тры вярсты ад горада абложныя туры, праз сцены паляцелі ядры і агонь. Над месцам паплылі клубы чорнага дыму.

Невялічкая ў параўнанні з непрыяцелем залога (гарнізон) здавацца тым не менш не збіралася. Палачане нават задумалі адбіць у маскавітаў гарматы і аднае начы ўчынілі вылаз. Некалькіх тутэйшых жыхароў, што прывезлі ад цара граматы з прапановаю скласці зброю і служыць «истинному государю», абаронцы пакаралі смерцю як здраднікаў.

Невядома, колькі яшчэ трывалі б аблогу нашы продкі, каб не памылкі ваяводы Станіслава Давойны. Першы раз ён спудлаваў, выправіўшы з Полацка дзве тысячы сялянаў, што ўмацоўвалі сцены. Ваявода хацеў паменшыць колькасць едакоў ды паспрыяў не сабе, а ворагу. Царскія людзі палавілі сялянаў і прымусілі іх паказаць лясныя ямы з гарадскімі запасамі збожжа. Другі раз Давойна схібіў, калі адвёў абаронцаў у замак і падпаліў астрог з пасадамі. Пад прыкрыццём густога дыму стральцы ўварваліся ў места і перацягнулі туды гарматы. У той дзень палоннымі сталі 11 тысяч навакольных сялянаў, што хаваліся за полацкімі сценамі. Цар раздаў палон князям, баярам ды «приказным» людзям, і няшчасных пагналі ў Масковію.

Варожая артылерыя стаяла ўжо зусім блізка ад замка. Апрача таго, маскавіты падвялі падкоп і ўзарвалі вялікі парахавы прыпас, ад чаго выгарала трыста сажняў сцяны.

Татары з царскага войска злавілі двух «літоўцаў» — Марка Іваніча і Фядка Хлябовіча. Тыя распавялі, што на падмогу Полацку ідзе гетман Мікалай Радзівіл і што ён даў каралю слова выратаваць места ад ганьбы. Аднак гетман не адважыўся на бітву. Дый на што ён мог разлічваць са сваімі трыма з паловаю тысячамі жаўнераў і дваццаццю гарматамі? Тым часам маскоўскае воінства нішчыла Полацкую зямлю, выпальваючы ад Дзісны да Дрысы вёску за вёскай.

14 лютага цар загадаў князю Васілію Сярэбранаму біць з вогненных гарматаў, і за пяць гадзін да світання полацкая фартэца загарэлася. Абаронцаў душыў дым, харчовыя запасы канчаліся, надзей на Радзівіла ўжо не было. Пасля сёмага варожага прыступу ваявода Давойна, віленскі ваяводзіч Ян Ілябовіч, полацкі епіскап Арсені і лепшыя людзі ад шляхты выйшлі з замка і папрасілі літасці. Полацкая шляхта і 500 «каронных рыцараў» адмовіліся здавацца і адбіваліся яшчэ некалькі дзён, аднак лёс горада быў вырашаны.

Цар дакляраваў ваяводу і праваслаўнаму епіскапу, што пакіне кожнаму палачаніну волю і маёмасць. Давойна выступіў з фартэцы з усім войскам і артылерыяй, прайшоў паміж двума шыхтамі стральцоў і стаў на вызначанае месца. Пасмяяўшыся з веры ў яго абяцанкі, цар Іван акружыў палонных моцнай аховаю і загадаў пяць дзён не даваць ім есці. Гарадскі скарб і ўласнасць купцоў, шляхты ды ўсіх заможных жыхароў ён прысабечыў і адаслаў у сваю сталіцу. Мірных месцічаў выгналі ў поле і таксама ўзялі пад варту.

18 лютага пераможца ўехаў у горад, прыняў тытул князя полацкага, слухаў палудніцу ў Сафійскім саборы і напісаў свайму мітрапаліту Макарыю: «Се нынче исполнилось пророчество, что вознесет Москва руки свои на плеща врагов ея. Господь наш Иисус Христос истинный бог наш излиял на нас недостойных великого дара несказанную свою милость, вотчину нашу град Полтеск нам в руки дал».

Палоннае войска і гараджанаў пайменна перапісалі, і цар узяўся чыніць суд. Абяцаную волю атрымалі толькі польскія рыцары, якіх надзялілі сабалінымі футрамі ды залатымі манетамі і адпусцілі на радзіму. Яны мусілі паведаміць каралю Жыгімонту, што маскоўскі валадар вайны не прагне, а хоча адно вярнуць «свае» Валынь, Галіччыну і Літву-Беларусь да самае Вільні.

Ваяводу Давойну з жонкаю і дзецьмі, епіскапа Арсенія, віленскага ваяводзіча Глебавіча, знаных полацкіх шляхцічаў Неміровіча, Корсакаў, Ешманаў ды іншых цар адправіў у Масковію. Ваяводзіха Пятронія з роду Радзівілаў у палоне сканала, а самому Давойну праз чатыры турэмныя гады ўдалося выкупіць сябе і сям’ю за дзесяць тысяч чырвонцаў.

Палоннымі абвясцілі ўсіх палачанаў. Шляхту, мяшчанаў і тых, хто хаваўся ў месце, Іван загадаў вязаць і гнаць на ўсход. Удзельнік вайны італьянец Аляксандр Гваніні, які быў віцебскім камендантам, у сваёй «Хроніцы Еўрапейскай Сарматыі» паведамляе, што маскоўскі цар вывеў з Полацка 50 тысяч нявольнікаў. Гісторык Мацей Стрыйкоўскі (ён на той час таксама служыў у Віцебску) дадае, што гналі іх не па-хрысціянску, а як юдзеяў да Вавілона: і кабет, і дзяцей вялі злыганых вяроўкамі і абыяк апранутых. Людзей амаль не кармілі, і яны сотнямі паміралі на зімовых дарогах ад голаду і марозу.

Мала каму з палоннікаў лёсіла вярнуцца дадому. Тых, хто не застаўся ў сумётах, развезлі па розных гарадах і маёнтках. 665 палачанаў па царовым наказе зарэзалі ў вязніцах. Камусьці пашанцавала вырвацца на волю і неяк уладкавацца на чужыне. Полацкія шляхцічы Бурцавы і Курчэевы згадваюцца, напрыклад, у ліку першых будаўнікоў Уфы. Сярод удзельнікаў сібірскага паходу Ермака быў казак Корсак, які пражыў доўгае жыццё і на мяжы XVII стагоддзя напісаў Пагодзінскі спіс Есіпаўскага летапісу. У сувязі з гэтым адзначым дзве істотныя акалічнасці: Корсакі — старадаўні полацкі шляхецкі род, а Есіпаўскі летапіс запачаткаваў усё сібірскае летапісанне.

А вось яшчэ адзін трагічны чалавечы шлях, пачаты ў доме над Дзвіною. У адзьдзеле рукапісаў Публічнай бібліятэкі імя Салтыкова-Шчадрына ў Пецярбургу захоўваецца «Псалтыр» 2-й паловы XVI стагоддзя, дзе можна прачытаць: «Написана сия книга рукою многогрешного и недостойного раба божего Ивана полоняника полоцкого в заключении и во двоих путах связанного на Волоку Ламском».

У здранцвелым горадзе ўсталёўваліся новыя парадкі. Заваёўнікі панішчылі полацкае рыцарства, якое адмовілася перайсці на службу да тырана. А той вынаходзіў ахвярам усё новыя катаванні. Палоннаму іншаземцу-найміту Андрэю Гесэ цар за адмову служыць яму загадаў адстрэліць абедзве рукі па локаць, выкалаць адно вока і выпаліць палову барады, а потым адвезці з сям’ёю ў Маскву і трымаць там да смерці.

У месце жыло нямала юдзеяў. Ім, ад старых да немаўлятаў, выпала страшная доля — загінуць пад лёдам Дзвіны і Валовай азярыны. Пскоўскі летапіс апавядае: «Которыя были в городе люди жидове, и князь великий велел их с семьями в воду в речную вметати и утопили их». Такі самы лёс напаткаў католікаў. Царскія татары пасеклі шаблямі манахаў-бернардзінаў і пусцілі дымам іх храм. У 1940 годзе ў час гістарычна-этнаграфічнай экспедыцыі на Прыдзвінні Юрка Віцьбіч запісаў у Полацку паданне, паводле якога Іван Жахлівы ўласнаручна тапіў полацкіх бернардзінаў у Валовым возеры. У той дзень апошні раз маліліся Богу і браты-дамініканы. Пазбаўлялі жыцця ўсіх, хто хрысціцца не па-праваслаўнаму. Пасля той разні ў горадзе з’явіліся першыя мясцовыя каталіцкія святыя — пакутнікі Адам, Дамінік і Пётр, што загінулі ад стралецкіх шабляў.

Паданне кажа, што ў Полацку, калі трэба было змацаваць грамату пячаткай, цар выганяў усіх прэч, каб не бачылі, як з яго рук капае кроў. А маскоўскі летапісец выводзіў: «Божиим же неизреченным великим милосердием и государьскою теплою верою к Богу и его государьским умыслом в Полотцску и в остроге ротмистров и королевских дворян и всяких воинских людей и черных из наряду много бесчисленно побили. И мы благодарим Бога и приснодевую Богородицу, заступницу христианскую о даре их великом и будем молить их и святых великих чудотворцев за государя царя и великого князя Ивана и за его царицу великую княгиню Марью и за детей его царевича Иоанна и царевича Федора, дабы и впредь даровал нам победу над всеми врагами зримыми и незримыми и давал мир и тишину со всеми странами и на пользу всему православному христианству».

Напрыканцы лютага палачане пачулі хоць нейкую палёгку: цар накіраваўся дахаты. Пакідаючы горад, ён, як сведчаць дакументы, загадаў сваім ваяводам: «Равы паправіць, старыя пачысціць і новыя пакапаць, каб былі стромыя ды глыбокія; у астрозе за Палатой паглядзець, і якое месца выгарала, тое да ладу прывесці, сцяны тры або чатыры зрабіўшы, і зямлёю засыпаць, і стральніцы ды вежы дзеля сценнага бою парабіць; есці ў сухмень усім за местам у полі варыць, апрача адных баяраў і ваяводаў. А літоўскіх людзей прыезджых і тутэйшых, і шляхту, і баяраў і чорных людзей адных у замак не пускаць, а калі ў які дзень урачысты на вялікае свята папросяцца да Сафіі прамудрасці Божай, тады іх пусціць, але не разам усіх, а купкамі малымі, але асцярогу ў месце ўчыніць і паўсюль стральцоў дабавіць. А ведаць баярыну князю Пятру Іванавічу Шуйскаму браму Усціцкую, а баярыну князю Васілію Сямёнавічу Сярэбранаму браму Вялікую, а Пятру Сямёнавічу Сярэбранаму — Сафійскую, а баярыну Івану Васільевічу Шарамецьеву — Багародзіцкую. А гараднічым Васілію Галавіну і Васілію Замыцкаму хадзіць па начах з ліхтаром, мяняючыся, па ўсіх вартах і места замыкаць, а ключы да баярына князя Шуйскага адносіць».

Горад ператварыўся ў велізарнае пажарышча. Згарэла ўся ўмацаваная частка — астрог, дзе было тры тысячы двароў. Гарэлі полацкія вёскі. Сялянаў вялі ў няволю або змушалі цалаваць крыж на вернасць цару і ваяваць супроць братоў. Захопнікі занеслі з сабой чуму, што касіла жыхароў Прыдзвіння ў 1563, 1566 і 1567 гадах. Не хапала святароў, каб адпяваць нябожчыкаў.

У рукі да маскавітаў трапіла бібліятэка Сафійскага сабора з цудоўнымі Скарынавымі выданнямі. Царскія дзякі разглядалі іх са здзіўленнем і засцярогаю: ці не ад д’ябла тое штукарства? У Вялікім Княстве Літоўскім друкарні існавалі ўжо сорак гадоў. У Масковіі свая друкаваная кніга дзякуючы Івану Фёдараву і Пятру Мсціслаўцу (абодва, дарэчы, ліцьвіны-беларусы) з’явіцца толькі праз год пасля захопу Полацка.

Каб вынішчыць памяць палачанаў пра сваю дзяржаву і колішнія вольнасці, царскія служкі палілі ці вывозілі старажытныя граматы. (Можа, тады мы і страцілі неацэнны Полацкі летапіс?)

Полацкіх збройнікаў, меднікаў, кавалёў змушалі задарма працаваць на цара. Раз-пораз найлепшых майстроў адпраўлялі пад вартаю ў Маскву. На дарогах панаваў разбой.

Яшчэ нядаўна багатая зямля пусцела і галела. Маршалак Вялікага Княства Астах Валовіч назваў тады Прыдзвінне «няшчасным полацкім краем, дзе ад бяды страпянуўся і абудзіўся стары Рубон».

Пра драматычныя падзеі тых дзён жыхарам Вялікага Княства Літоўскага паведамлялі лістоўкі-аднаразоўкі, якія мы маем права лічыць правобразам беларускіх газет. У Бадлейнскай бібліятэцы славутага Оксфарда дапытлівы чытач можа адшукаць «Навіны грозныя а жалостлівые о нападе княжаті Московского Івана на землю рускую, которі то князь паленьем, тыранством, мордованьем мест, замков добываньем, веліку і знаменіту шкоду вчыняет. 3 доданьем релацыей Его Мілості Гетмана В. К. Л. княжаті Радзівілла о поражцы места Полоцкаго, 1563», а таксама яшчэ адно тагачаснае выданне — «Новіна іста а правдіва о добытьі тыраном московскім места Полоцкаго, 1571».

Страта фарпоста еўрапейскай цывілізацыі і жорсткасць, з якой маскоўскі цар расправіўся з абаронцамі і мірным насельніцтвам найбуйнейшага ліцьвінскага-беларускага горада, выклікалі гучны рэзананс у іншых краінах. «Лятучыя лісткі» з апісаннем полацкай трагедыі выходзілі па-нямецку, чэшску, англійску, французску, галандску, лацінску ў розных гарадах Еўропы ад Любека да Ліёна. Найбольш арыгінальным сярод тых спецвыпускаў першых еўрапейскіх газет іх даследчык Генадзь Сагановіч называе выдадзеную ў Нюрнбергу «Вельмі страшную новую газету пра Маскавіта, які некалькі дзён таму з дзікім тыранствам захапіў і падавіў Полацк — высакародны горад і фартэцу Літоўскай зямлі…». Гэтае вершаванае апавяданне, напісанае інфлянцкім немцам Ёганам Райнгардам, мае падзагаловак — «Жаласны плач горада Полацка».

Некаторыя выдаўцы побач з тэкстамі друкавалі партрэты маскоўскага цара, часта ў выглядзе турка, а адзін з выпушчаных у горадзе Аўгсбургу «лятучых лісткоў» прапаноўваў заходняму чытачу нават выяву штурму горада.

Заваёўнікі ні дня не пачуваліся ў бяспецы. На месцы спаленага пасада на захад ад адбудаванага Верхняга замка яны рукамі палачанаў паставілі Ніжні. (Цяпер там стадыён «Спартак».) Ён меў дзесяць ці адзінаццаць вежаў з дубовага бярвення. Паміж дзвюма суседнімі вежамі цягнулася сцяна з гарадзён, у адной з якіх рабілі малую стральніцу для ручной агняпальнай зброі і вялікую — дпя гарматы. Зверху на сценах месціліся крытыя баявыя пляцоўкі, адкуль у аблогу можна было страляць, скідваць камяні, ліць вар і смалу. У паўднёвай частцы замка была сажалка з крыніцаю, дзе пазней утварылася так званае Папова балота. У замку жылі толькі царскія ваякі, ад чаго і паходзіць яшчэ адно яго найменне — Стралецкі. (Полацкая тапаніміка дагэтуль захавала дзве тагачасныя назвы: Стралецкую вуліцу і вал Івана Грознага — ім быў абнесены Ніжні замак.)

Два замкі злучаліся ўздымным мостам. Моцнай фартэцаю з драўлянай сцяной і глыбокім ровам стала Запалоцце. 3 Верхняга замка туды пры самым вусці Палаты вёў драўляны мост на палях. 3 Ніжняга выходзіла на Віцебск дарога, што звалася Крывічанскай. (Чаму б не аднавіць у гарадской тапаніміцы і гэтую назву?)

Пад маскоўскія залогі ў наваколлі ўзводзіліся новыя замкі. Аўтар «Запісак пра Маскоўскую вайну» Рэйнгольд Гейдэнштэйн піша: «На пскоўскай дарозе на паўвыспе паміж рэкамі Дрысаю і Нішчаю, супроць літоўскіх фартэцаў Дзісны і Дрысы маскавіты пабудавалі фартэцы Сокал і Нешчарду на возеры з тою ж назваю, Сітна па дарозе на Вялікія Лукі, потым Казьян на рацэ Обалі і Усвят на суднаходнай рацэ з тым самым назовам, што зліваецца з Дзвіною каля Суража. Казьян супроцьстаяў Уле, Усвят — Віцебску і Суражу. На левым баку Дзвіны цар пабудаваў у вусці аднайменнай ракі Туроўлю, а на месцы, вельмі ўмацаваным і абкружаным з усіх бакоў вадою (на возеры Суша за трыццаць вёрст ад Туроўлі), узведзеная фартэца Суша, што пагражае Літве». Апрача таго, ён дадаў да пералічаных замкаў Красны, «які таксама ляжыць на высокім месцы ў накірунку да Літвы».

У снежні 1563-га ў Полацкай зямлі надарылася нечуваная залева. Паводка з гучным, як гарматныя залпы, трэскам узламала лёд, і караблі па Дзвіне хадзілі да самых Калядаў. Тым часам Жыгімонтавы паслы спрабавалі ў Маскве на паўгода замірыцца з царом. Як зазвычай, з абодвух бакоў выстаўляліся велізарныя прэтэнзіі, але ўрэшце Іван IV перадаў літоўскаму пасольству, што можа падпісаць мір і на дзесяць гадоў, абы аддалі Маскве Лівонію і Полацкую воласць. Да гэтага цар дадаў яшчэ колькі слоў у сваім дыпламатычным стылі: «Не хоча мне кароль царскага імені даваць — вольнаму воля! Не маю патрэбы ў тытуле, бо ўсім вядома, што род мой ад рымскага кесара Аўгуста». Паслы не сталі спрачацца наконт генеалогіі, але прызнаць Полацка за Масквою не захацелі.

Вайна працягвалася. Царскія палкі падчас перамоваў ужо збіраліся ў Вязьме, Дарагабужы і Смаленску. Полацкаму намесніку Пятру Шуйскаму было наказана выступіць да Оршы і, сустрэўшыся паблізу яе з ваяводамі Сярэбранымі-Абаленскімі, выпальваючы Літву, ісці на Менск і Наваградак.

Шуйскі з 25-тысячнай раццю рухаўся, быццам па сваёй зямлі: дазоры наперад не пасылаў, панцыры і зброю вёз на санях — і быў за гэта жорстка пакараны. Найвышэйшы гетман Мікалай Радзівіл, што стаяў у Лукомлі, узяў з сабою адборных коннікаў і каля вёскі Іванск на беразе Улы раптоўна ўдарыў па ворагу. Стральцы не паспелі ні надзець браню, ні стаць у палкі. Надвечар царскія ваякі, кінуўшы абоз, пабеглі.

Пераследаваць і дабіваць захопнікаў Радзівілу дапамагалі тамтэйшыя жыхары. Просты селянін з Іванска забіў сякераю самога ваяводу Пятра Шуйскага. Ад куляў, шабляў і дзідаў палегла дзевяць тысяч чужынцаў і столькі ж патанула. Пераможцы захапілі дванаццаць ваяводаў і абоз з трох тысяч вазоў. Мацей Стрыйкоўскі паведамляе, што ў 1580 годзе падарожнікі яшчэ бачылі на месцы бітвы кучы непахаваных костак.

Цела князя Шуйскага знайшлі ў рацэ. Радзівіл урачыста ўехаў на яго кані ў Вільню, а царскага ваяводу з пашанаю пахавалі таксама ў царкве Багародзіцы. Вызваліўшыся з палону, Станіслаў Давойна марна намагаўся абмяняць парэшткі Шуйскага на прах сваёй жонкі, які так і не вярнулі.

На пачатку лютага таго ж 1564 года адбылася яшчэ адна важная для далейшага ходу вайны бітва. Пад Оршай авангард войска Маскоўскай дзяржавы, якім камандаваў ваявода П. Сярэбраны (аўтар «Хронікі польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» М. Стрыйкоўскі піша, што маскавітаў было 50 тысяч), сутыкнуўся з войскам Вялікага Княства на чале з Ф. Кмітам-Чарнабыльскім і Ю. Осцікавічам. Заваёўнікі палічылі, што ім супроцьстаяць асноўныя збройныя сілы нашай дзяржавы, якія выйгралі бітву на Уле, і паспешліва адступілі, у выніку чаго паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Масковіяй была адноўленая ваенная раўнавага.

Раз ’ятраны разгромам на Уле і ўцёкамі ў Літву князя Андрэя Курбскага, цар шукаў спачыну ў крыві. Штодня перад Крамлём ставілі плахі, ён выязджаў, як сам князь цемры Вельзевул, у чорным уборы на чорным кані і глядзеў, як каты па роспісу караюць смерцю знакамітых людзей. Найбольшую радасць Іван чуў чынячы расправу над полацкім палонам. Аднаго разу проста ад бяседнага стала цар і застоліца кінуліся ў крамлёўскія сутарэнні, дзе сядзелі вязні. Здаволіліся адно тады, як перабілі болей за сотню бяззбройных, знясіленых людзей, а потым вярнуліся да сталоў — дапіваць. Вядома, што ў той разні полацкі шляхціч Быкоўскі выхапіў у цара з рук дзіду, але сілаў на тое, каб адправіць тырана ў магілу, ужо не хапіла.

Увосень таго самага 1564 года да Полацка падступіла войска Радзівіла і Курбскага. На прапанову здавацца царскі ваявода Пётр Шчанятаў ведаючы, што да яго ідуць палкі з Вялікіх Лукаў адказаў гарматнымі стрэламі. Баючыся акружэння, гетман зняў аблогу і пераправіўся на левы бок Дзвіны. Пасля гэтага на працягу пятнаццаці гадоў значных баявых дзеянняў у полацкім наваколлі не было. Час ад часу адбываліся адно памежныя сутычкі. Напрыклад, аддзел Бірулі (між іншым, продка знакамітага беларускага мастака Вітольда Бялыніцкага-Бірулі) разбіў у 1566-м пад Сітнам чатыры сотні стральцоў, захапіў 120 цяжкіх стрэльбаў-гакаўніц, а саму фартэцу спаліў.

Зацішша доўжылася, пакуль вялікім князем літоўскім і каралём польскім не быў абраны сяміградскі ваявода вугорац (венгр) Стэфан Баторы, або, як яго называлі ліцьвіны-беларусы, Сцяпан Батура. Стаўшы на чале дзяржавы, ён да скону дзён так і не вывучыў ні польскай, ні беларускай мовы і размаўляў з падданымі толькі па-лацінску, ці праз перакладчыка. Гэты недахоп кампенсаваўся тым, што Батура быў выдатны палітык (дарэчы, ён вучыўся ў Падуанскім універсітэце) і таленавіты палкаводзец. Каранаваўшыся, ён прысягнуў заўсёды асабіста ўзначальваць войска і вярнуць усе заваяваныя маскоўцамі землі.

Іван IV адгукнуўся на каранацыю зняважлівымі словамі, што сам ён, маўляў не царом сябе і не памятае, бо зрабіўся манархам «по божию изволению, а не многомятежному человечества хотению». Заява крамлёўскага тырана не збянтэжыла Батуру. У Полацкай вайне набліжалася развязка.

Чэрвень 1579 года адзначаны прыездам вялікага князя з Вільні ў Свір, дзе вайсковая рада пастанавіла авалодаць Полацкам, «ключом Лівоніі і самой Літвы». Батура выдаў два маніфесты: да жаўнераў і да народа, дзе абвясціў што падымае меч на цара, а не на мірных жыхароў, якіх будзе літаваць і мілаваць.

На пачатку жніўня яго палкі падыходзілі да горада. Войска падымалася берагам уверх па Дзвіне, і царскі гарнізон, каб запалохаць непрыяцеля, забіваў у горадзе палонных а знявечаныя целы прывязваў да плытоў і пускаў па плыні.

У Дзісне Батура пераправіўся цераз Дзвіну па зладжаным з чаўноў пантонным мосце. Рухацца далей было цяжка, бо прыдзвінскія палі за гады чужой улады зараслі густым лесам. Вугорская пяхота ішла наперадзе, робячы прасекі і насцілаючы дарогу праз балоты. Ліцьвінскія-беларускія вайсковыя аддзелы вялі ваявода троцкі Сцяпан Збаражскі, ваявода полацкі Мікалай Дарагастайскі і кашталян полацкі Юры Зяновіч. Неўзабаве да іх далучылася дзевяць сотняў ліцьвінскай-беларускай конніцы на чале з менскім кашталянам Янам Глябовічам. Прыбылі таксама добраахвотнікі з Украіны, сярод якіх вылучаўся сын героя Аршанскай бітвы 1514 года князь Канстанцін Канстанцінавіч Астрожскі з аддзелам адборных коннікаў.

11 жніўня 40-тысячнае шматмоўнае войска ўзяло Полацк у аблогу. Падрабязнае апісанне тых падзей пакінулі польскія храністы Мацей Стрыйкоўскі ды Марцін Бельскі і каралеўскі сакратар Рэйнгольд Гейдэнштэйн.

Непрыкметна аб’ехаўшы горад з канцлерам Янам Замойскім і ваяводам Каспарам Бекешам, Батура расставіў збройную сілу наступным чынам. На правым фланзе бераг Дзвіны насупроць Запалоцця занялі Бекешавы вугорцы. Ліцьвіны-беларусы Мікалая Радзівіла стаялі ад Дзвіны да бязлюднага Спасаўскага манастыра. За Палатою ад манастыра да Валовага возера размясціліся палякі з велікакняжацкаю стаўкаю. Левы фланг ад возера да Дзвіны трымалі нямецкія палкі. Аблога пачалася з артылерыйскага абстрэлу Запалоцкага пасада. Стральцы пакінулі яго і перабраліся па мосце ў Верхні замак. Адступаючы, яны з чатырох бакоў падпалілі пасад, дзе жыло мірнае насельніцтва, і за колькі гадзін Запалоцце дашчэнту выгарэла.

Каспар Бекеш (дарэчы, вальнадумца, які не вызнаваў ніякай рэлігіі, і асабісты сябар вялікага князя) бамбардаваў Верхні замак, але ядры адно прабівалі сцены, не разбураючы іх. Не меў поспеху і абстрэл ядрамі, папярэдне распаленымі на агні. Знаходзілася нямала смельчакоў, якія, набраўшы сухіх смаляных дроў, пераходзілі ўброд Палату, пад градам куляў і бярвення караскаліся да замкавых сценаў і падпальвалі іх. Абаронцы спускаліся па вяроўках, гінулі адзін за адным, ды ўсё ж паспявалі патушыць агонь. Аддаючы належнае ворагу, Батура пісаў, што «маскавіты ў абароне фартэцаў стойкасцю і мужнасцю пераўзыходзяць усе іншыя нацыі».

Цар Іван паслаў пад Полацк адборную частку войска з ваяводамі Барысам Шэіным і Фёдарам Шарамецьевым. Тыя дайсці да горада не здолелі і спыніліся ў замку Сокал, адкуль нападалі на дзісненскую дарогу, па якой каралеўскім палкам падвозілі правіянт.

Полацкая аблога была неверагодна цяжкая. Штодня ліло з неба, і па войску паўзлі чуткі, нібыта дождж пасылаюць чараўнікі, якіх у Масковіі надзіва багата. У сваім намёце не мог знайсці сухога месца нават вялікі князь і кароль. Абозы з харчам захрасалі ў глыбачэзнай гразі, коні падалі ад знямогі, і ў лагеры абложнікаў запахла голадам. Польская ды вугорская пяхота ела дохлых коней, немцы хварэлі на крываўку. Найбольш стойка трымаліся ліцьвіны-беларусы: ім прыспорвала сілы прага помсты за сваю здратаваную зямлю.

Жаўнеры не хацелі болей пакутаваць і рваліся на прыступ: здабыць Полацк або загінуць. Батура меў свой план. Герольды апавясцілі ўказ: хто падпаліць замак так, каб яго ўжо не патушылі, атрымае па-каралеўску шчодрую ўзнагароду. Дзесяткі ваяроў узброіліся вязкамі сухой лучыны і падаліся да полацкіх сценаў. Фартуна ўсміхнулася нейкаму львоўскаму майстру-медніку, які апрача лучыны цягнуў на плячах кацёл з жарам. Ён падпаліў кутнюю вежу, адкуль вецер перакінуў моцнае полымя на сцены. Гэта здарылася ў першы за ўсю аблогу сухі і сонечны дзень.

Сцяпан Батура надаў параненаму стрэламі герою шляхецкую годнасць, прозвішча Палацінскі (ад ракі Палаты) і адпаведны герб: працятая стралою рука з паходняй.

Гарнізон думаў пра капітуляцыю і дзесяць маскавітаў спусціліся са сцяны на перамовы. Бекеш паслаў пяцярых парламенцёраў да Батуры, але вугорскія жаўнеры пасеклі іх, бо разлічвалі на багатую здабычу, а таму хацелі не добраахвотнай здачы горада, а прыступу.

За дзень значны кавалак замкавай сцяны згарэў. Вялікі князь адклаў вырашальны бой да раніцы, аднак Батуравы суайчыннікі, падагрэтыя аповедамі пра полацкія скарбы, не маглі больш утаймоўваць сябе і самахоць пайшлі на прыступ. Яны тройчы за ноч кідаліся на Верхні замак і тройчы адкочваліся назад. У запале штурму прычынілася крывавая сутычка паміж імі і палякамі.

Уначы абложнікі пусцілі чырвонага пеўня яшчэ на адну вежу і падкапаліся ўсутыч да сценаў. Ваявода Пётр Валынскі паведаміў, што залога складзе зброю, калі Батура захавае ўсім жыццё. Вялікі князь паабяцаў даць свабодны праезд таму, хто захоча вярнуцца дахаты, і права вольна жыць у Полацку таму, хто пажадае застацца.

Іншыя царскія ваяводы і пастаўлены Масквою епіскап Кіпрыян паспрабавалі ўзарваць Верхні замак, але самі ж стральцы не дапусцілі гэтага. Баючыся кары за здачу горада, ваяводы і ўладыка зачыніліся ў Сафійскім саборы, адкуль пераможцы выводзілі іх жывасілам. Разам з Верхнім замкам здаўся і Стралецкі.

У маскоўскіх Разрадных кнігах пра капітуляцыю горада запісана так: «Король Стефан Полотск взял изменою, потому что изменили воеводы, что были худы, а милы были им жены, а как голов и сотников побили, то воеводы город сдали, а сами били челом королю в службу с детьми, с людьми и со стрельцы. Всего воинского люду в Полоцке было 6000».

Сярод тых, хто вызначыўся пад сценамі Полацка ў 1579-м, быў запарожскі казак Карніла Перавал, які даслужыўся ў войску Вялікага Княства Літоўскага да ротмістра. Адрэкамендаваны вялікаму князю і каралю, ён папрасіў сабе спадчыннае шляхецтва і атрымаў герб з выяваю нацятага лука са стралой. Праз дзесяць гадоў Карніла ад шматлікіх ранаў выйдзе ў адстаўку і нажыве сыноў Рыгора і Багдана, запачаткаваўшы славуты род Перавальскіх, якія па часе стануць на польскі капыл звацца Пржавальскімі. Ажаніўшыся з ліцьвінскай-беларускай шляхцянкаю Хрысцінаю Гасціловіч, Рыгор атрымае за ёю ў пасаг прыдзвінскія маёнткі Раманава, Замерына і Скуратава пад Віцебскам, дзе і цяпер жывуць нашчадкі ротмістра Карнілы.

Еўропа адгукнулася на вызваленне Полацка новымі «лятучымі лісткамі». Адзін з іх, выдадзены ў 1579 годзе ў Нюрнбергу і знойдзены нядаўна ў Цэнтральнай бібліятэцы Цюрыха, мае для нас асаблівую каштоўнасць, бо ў ім змешчаная расфарбаваная гравюра, дзе адлюстраваныя ўсе асноўныя падзеі аблогі горада. Аўтар (ім мог быць прыдворны картограф, геаметр і гравёр Батуры Петэр Франк) дастаткова праўдзіва перадае і выгляд мясцовасці, і размяшчэнне войскаў. На гравюры відаць, як на пляцы за полацкімі сценамі царскія людзі яшчэ катуюць палонных, але па драўляным мосце цераз Палату ўжо бяжыць наша пяхота, а з гарадской брамы выязджае частка маскоўскага гарнізону, каб здацца на міласць вялікага князя і караля, які едзе насустрач пераможаным са свайго лагера. 3 усходу цяжкая абложная артылерыя абстрэльвае замак, а ўздоўж правага берага Палаты з разгорнутымі сцягамі наступаюць палякі, вугорцы і ліцьвіны.

31 жніўня Сцяпан Батура ў сваім намёце дзякаваў Богу за пасланую ўдачу. Памаліцца ў Сафіі пераможцы не маглі, бо там яшчэ ляжала безліч непахаваных трупаў і трываў жудасны смурод.

Войска вялікага князя ўзяло ў Полацку трыццаць гарматаў, трыста гакаўніц, блізу шасці сотняў даўгіх рушніц-мушкетаў. У лік трафеяў трапіла прарэджаная заваёўнікамі, але ўсё роўна найбагацейшая ў Вялікім Княстве бібліятэка Сафійскага сабора. Сакратар Батуры Рэйнгольд Гейдэнштэйн пісаў, што ў вачах людзей адукаваных яна мела не меншую каштоўнасць, чым уся астатняя здабыча. Апрача летапісаў у ёй было шмат твораў айцоў грэцкае царквы, у прыватнасці «Нябесная і царкоўная іерархія» Дыянісія Арэапагіта — першага афінскага епіскапа, якога перавярнуў у хрысціянскую веру сам апостал Павел. Большую частку гэтых кніг нібыта пераклалі на славянскую мову святыя Кірыла і Мяфодзі. У кніжнай скарбніцы маглі быць аўтографы Усяслава Чарадзея і фаліянты, перапісаныя рукою Еўфрасінні.

Лёс Сафійскае бібліятэкі — яшчэ адна таямніца нашага мінулага. Пасля 1579 года згадкі пра яе знікаюць. Сёння вядома адно некалькі былых полацкіх кніг і рукапісаў, што знаходзяцца ў замежных кнігазборах. Дзесяць рукапісаў на славянскай мове (у тым ліку «Зборнік» 1500 - 1501 гадоў) захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве, а «Евангелле вучыцельнае» XVI стагоддзя — у бібліятэцы Львоўскага універсітэта.

Дзе ж астатнія?

Арыгінальны адказ дае гістарычна-фантастычная аповесць «Лабірынты», што належыць пяру Вацлава Ластоўскага.

Герой аповесці, аматар беларускае старасвеччыны, сустракаецца на пачатку мінулага стагоддзя з калегамі з полацкага археалагічнага гуртка. Знаўца мясцовых сутарэнняў і лёхаў апавядае госцю: «Кажуць, пад Верхнім замкам, за магілай невядомага валадара, ёсць склады з багаццямі вялікімі. Кажуць, у абход абшырнай грабніцы, направа, ёсць мураваны праход, крокаў шэсцьдзесят даўжыні, і праз яго ўходзіцца ў сховы са старымі кнігамі… Зложаны кнігі ў каваных серабром скрынях, у сярэдзіне абітых скурай. 3 гэтай кніжні пракавечнай ёсць ход у скарбец…»

Потым размова перакінулася непасрэдна на славутую Сафійскую бібліятэку і яе долю ў часы Івана Жахлівага і Сцяпана Батуры. «Усе аднагалосна ўтрымлівалі, што бібліятэка гэтая была тады добра схавана і сягоння ёсць недзе ў падземных полацкіх лёхах». Адзін з прысутных уласнымі вачыма чытаў у архіве віцебскай лютэранскай кірхі, што «ігумен Бельчыцкага манастыра перад аблогаю горада Масковіяй, злажыўшы ўсе манастырскія скарбы і кнігі, паплыў уніз Дзвіны, каб захаваць усё гэта ў падзямеллях Верхняга замка. Стары чыноўнік вылічаў, якія кнігі маюцца ў захаванай бібліятэцы. А ёсць там, казаў ён, летапіс Полацкага княства, пісаны рукой св. Еўфрасінні, праўдзівы экзэмпляр «Повести временных лет», далей — уласнаручныя пісанні братоў Кірылы і Мяфодзія, візантыйскія хранографы»… Зразумела, што потым герой аповесці трапляе ў полацкія лабірынты і трымае пералічаныя скарбы ў руках.

Фантастыка фантастыкай, а існаванне пад сярэднявечным Полацкам шматлікіх лёхаў — гістарычны факт. Іх даследаваў у 1864 годзе расійскі мастак і археолаг Дзмітры Струкаў. У бібліятэцы Віленскага універсітэта захоўваецца складзены ім план і нататкі пра падземнае падарожжа. 3 колішняга езуіцкага сабора святога Стэфана (тады ўжо праваслаўнага Мікалаеўскага) адна лёха прывяла Струкава прыкладна да таго месца, дзе стаяў помнік воінам 1812 года (далей быў завал), другая ішла ў накірунку да Дзвіны.

Прыкладна тады ж, у 1865-м, беларускі гісторык і археолаг Ксенафонт Гаворскі (у свой час ён быў выкладчыкам Полацкай духоўнай семінарыі) змясціў у выдаваным ім у Вільні гістарычна-літаратурным часопісе «Вестник Западной России» апісанне Барысаглебаўскага манастыра, якое працягвае тэму таямнічых полацкіх сутарэнняў. «Паводле агульнага ў горадзе падання, пад паўночнай сцяной царквы св. Параскевы знаходзіліся дзверы ў падземны ход (тунель), пракладзены ў старажытнасці пад ракою Дзвіною да Верхняга замка і царквы св. Спаса… Слядоў такіх дзвярэй (атвора) цяпер не відаць. Але полацкія старажылы апавядаюць, нібыта неўзабаве пасля 1812 года манахі Барысаглебаўскага манастыра наважыліся знайсці гэты ўваход, што і ўдалося ім каля паўночнай сцяны храма, і нібыта дзякуючы доўгаму шасту яны ўпэўніліся ў існаванні падземнага хода ў накірунку да Дзвіны, але з прычыны надзвычай благога і шкоднага паветра, якое ішло з гэтага хода, мусілі зноў засыпаць яго зямлёю. Народная пагалоска падазравае існаванне ў згаданай лёсе незлічоных скарбаў, як быццам схаваных там полацкімі князямі і баярамі з прычыны нашэсця на Полацк татараў, па іншых звестках — літвы, а па іншых — лівонскіх рыцараў».

Каб ужо не вяртацца потым да загадкавай гісторыі падземных хадоў, што нібыта ідуць пад Дзвіною, злучаючы полацкія манастыры і храмы, пагаворым пра іх больш грунтоўна.

У 1920 годзе, калі гарадское Задзвінне было акупаванае польскімі войскамі, падземнымі хадамі зацікавіўся раскватараваны ў Полацку асобы адзьдзел 15-й бальшавіцкай арміі. Яго займала праблема: якім чынам польскія шпегі так хутка перадавалі звесткі праз лінію фронту? 3 асабістаў і прадстаўнікоў гарадской камісіі аховы помнікаў старасвеччыны і мастацтва была створаная пошукавая група, да якой прыкамандзіравалі ўзвод сапёраў. У гэтую групу ўваходзіў полацкі краязнавец Іван Дэйніс, што пакінуў успаміны пра пошукі ў сваім рукапісе «Полоцк в XX веке. 1905 - 1967» (захоўваецца ў фондах Полацкага гістарычна-культурнага запаведніка). Шукальнікі лёхаў абследавалі сутарэнні ўсіх храмаў, капліц, манастыроў і кляштараў на абодвух баках Дзвіны. Паўсюль прастуквалі сцены і кожнае падазронае месца дзяўблі ламамі і кіркамі. «Пошукі выявілі, — піша Дэйніс, — што ніякага падземнага хода пад Дзвіною няма, гэтаксама як і няма лёхі з-пад Мікалаеўскага сабора ў Струню».

Аднак пасля гэтай скептычнай высновы рукапіс яшчэ мацней заінтрыгоўвае чытача. Мяркуйце самі. «Выяўлена, што з-пад Мікалаеўскага сабора да Дзвіны сапраўды вядзе лёха, спачатку высокая і шырокая — можна ісці ўдваіх і не згінацца. Ход пачынаўся з паўднёвага адсека сутарэння, пад паўднёвымі дзвярыма сабора… Сцены хода змураваныя з цэглы, столь — цаглянае скляпенне, у якім сям-там зробленыя квадратныя люкі, закладзеныя дошкамі. У правай сцяне хода, калі ісці наперад да Дзвіны, была бакавая цагляная труба, заплылая пяском і зямлёю. Гэты ход быў завалены пад будынкам кадэцкага корпуса… Завал быў пракапаны, і ўжо меліся цераз пракоп паўзці, як зноў адбыўся абвал, калі дзеля праверкі ўгору засунулі рыдлёўку. Адкапаўшы завал… зноў патрапілі ў такі самы ход, але хутка ён закончыўся і перайшоў у вузкую лёху з цэглы, што вяла кудысьці ўніз. Прабіўшы скляпенне вялікай лёхі, мы апынуліся ў кладоўцы флігеля, размешчанага ў садзе за сцяною кадэцкага корпуса, што ідзе раўналежна вуліцы Леніна. Пачалі спуск па гэтай трубе, па ёй можна было толькі паўзці… Неўзабаве мы пачулі шум вуліцы: галасы, крокі, грукат калёсаў, потым зноў запанавала цішыня, і ў хуткім часе ход закончыўся земляным завалам».

Пошукавая камісія вырашыла, што яна мае справу з дрэнажнай сістэмаю, закладзенай у свой час спрактыкаванымі езуіцкімі будаўнікамі дзеля адводу грунтавых вод і засцярогі ад плывуноў. 3 гэтай думкаю пагадзіўся і гісторык Аляксей Сапуноў, да якога звярнуліся па кансультацыю. Паспяховую дзейнасць польскіх выведнікаў растлумачылі тым, што перад адыходам чырвонаармейцы не перарэзалі тэлефоннага кабелю, што звязваў горад цераз Дзвіну.

Магчыма, усё менавіта так і было. А магчыма…

Але спярша яшчэ адна вынятка з Дэйнісавых успамінаў. «У Мікалаеўскім саборы, напярэдадні яго зруйнавання, быў знойдзены таемны ход у паўночнай сцяне. Ён вёў у схоўку пад саборам, дакладней пад ягоным уваходам. Схоўка зачынялася жалезнымі дзвярыма з вісячым замком. Пра гэтае сутарэнне і жалезныя дзверы хадзілі паданні, але знайсці ўваход у яго ў 1920 годзе нам не пашчасціла. Калі пра схоўку даведаліся ўлады і калі яны трапілі туды, дзверы аказаліся ўжо адчыненымі і за імі нічога не знайшлі…

Можна меркаваць, што езуіты выкарыстоўвалі гэтыя хады-дрэнажы дзеля пранікнення ў любы будынак езуіцкай акадэміі, што яны маглі мець сутарэнні, дзе трымалі ворагаў і злачынцаў а таксама захоўвалі скарбы.

Мы знайшлі дрэнажную сістэму эпохі езуітаў у Барысаглебаўскім манастыры. Адна труба выходзіла на бераг ракі Бельчыцы. У абследаваных лёхах мы сустрэлі шмат надпісаў, прозвішчаў і імёнаў, відаць, кадэтаў з Полацкага корпуса, а ў малой лёсе, што ішла да Дзвіны, знайшлі стражніцкую нагайку — спіральную спружыну са свінцовым шарыкам на канцы. 3 гаворак са старымі палачанамі, якія служылі ў кадэцкім корпусе, вядома, што кадэты любілі лазіць у сутарэнні і хавацца ў іх, таму дырэктар корпуса Ваўлін загадаў заваліць ход пад корпусам і замураваць лёхі ў корпусных падзямеллях пад саборам… Адсек падвала сутарэння пад саборам, адкуль пачынаўся ход, быў ізаляваны ад астатняга памяшкання і атынкаваны. Тут, згодна з паданнем, — пакуль сабор быў касцёлам — захоўваліся мошчы каталіцкага святога Андрэя Баболі… Накіраванасць некаторых хадоў на ўсход спарадзіла легенды пра лёхі ў Струню, дзе была загарадная рэзідэнцыя полацкіх уніяцкіх біскупаў, а спускі да Дзвіны — пра падземныя хады пад ракою з выхадам у Барысаглебаўскі манастыр або ў Экімань».

Нельга ўтрымацца і ад цытавання яшчэ адных найцікавейшых успамінаў на гэтую тэму, надрукаваных у 1992 годзе ў першым нумары часопіса «Полацкі летапісец». Аўтар успамінаў палачанін па нараджэнні Міхаіл Андрэеў — літаратар і мастак, што надае яго сведчанням (яны падмацаваныя графічнымі малюнкамі) асаблівую каштоўнасць.

«У Полацку, годзе прыкладна ў 1926-1927, будучы яшчэ хлапчуком, я пачуў ад старажылаў, што ад Мікалаеўскага сабора (ён знаходзіўся на тым месцы, дзе цяпер стаіць дом з адздзелам ЗАГС) ёсць падземны ход, пракладзены пад Дзвіною на другі яе бок, у царкву, што месцілася перад цяперашняй псіхіятрычнай лякарняю.

Гаворачы пра гэты ход, старажылы апавядалі гісторыі, як цяпер разумею, шмат у чым легендарныя. Напрыклад, сцвярджалі, што лёха мае лабірынты, у якіх назаўсёды знікалі людзі; што няпрошаных гасцей там нібыта чакаюць пасткі ў выглядзе прыкрытых адмысловым чынам ямаў; што ў падзямеллі можна сустрэць памяшканні з каванымі дзвярыма, зачыненымі на масіўныя замкі… Апавядалі, што камусьці ўдалося адчыніць адны такія дзверы. Калі туды зайшлі, дык быццам убачылі плоскі камень, на якім стаяла струхлелая дамавіна са шкілетам, а на грудзях у яго — масіўны залаты крыж.

У Полацкай гарадской бібліятэцы мне ўдалося знайсці кнігу (назву і аўтара не памятаю), у якой даволі падрабязна расказвалася пра гэты ход. Не ўсё з пачутага мною пацвярджалася ў кнізе, але галоўнае пацвярджалася: лёха існуе!

Я задумаў асабіста ўпэўніцца ў яе наяўнасці. Разам з адным равеснікам мы пачалі збірацца ў нашую «экспедыцыю» (падрыхтавалі паходні, шпагат і г. д.).

Гэта было ўзімку. Мы выправіліся да Мікалаеўскага сабора… праніклі ў сутарэнне. Яно аказалася не надта высокім. Скляпеністая столь абапіралася на досыць шырокія — верагодна, блізу 4 метраў — квадратныя ў плане слупы, якія стаялі непадалёку адзін ад аднаго і ўтваралі сабою як быццам асобныя адсекі.

Мы доўга блукалі па адсеках, шукаючы ўваходу ў падзямелле. У адным месцы заўважылі пралом у сцяне ў сярэдзіну слупа. Зазірнуўшы туды, убачылі, што слуп пусты і ў ім на зямлі валяюцца чалавечыя косці, у тым ліку і чарапы. Мы пралезлі ў пралом і сярод касцяных рэшткаў знайшлі чэрап і сцегнавую костку, якая калісьці была зламаная і няроўна зраслася. Насавая і вочная яміны ў чэрапе былі залітыя свінцом. Гэтыя знаходкі мы ўзялі з сабою.

Пошук падземнага хода працягваўся. Нарэшце ў адной секцыі мы ўбачылі сцены, спісаныя вугалем, фарбамі, крэйдаю і г. д. Запомніўся надпіс прыблізна такога зместу: «Здесь были кадеты…», затым — прозвішчы і дата. (Калі не падводзіць памяць: 1910 г.)».

Нарэшце ў той секцыі, што была падножжам паўднёвай званіцы, сябры знайшлі ўваход у лёху. «Гэта быў калідор, — працягвае Андрэеў — з прыкметным нахілам у бок Дзвіны. Сцены і столь выкладзеныя чырвонаю цэглай. Падлога — земляная, шчыльна ўтрамбаваная. (Магчыма, пад пластам зямлі — цэгла?) Шырыня лёхі — прыблізна 130-140 см, вышыня такая, што да столі можна дастаць рукой. На столі было мноства кажаноў.

Мы прайшлі па лёсе, як мне цяпер здаецца, метраў 300-400. Ход быў просты, без паваротаў і адгалінаванняў. Нарэшце мы дасягнулі таго месца, дзе столь аказалася абрынутай і знаходзілася ў вадзе. Прайсці далей было немагчыма…»

Варта дадаць, што нешта накшталт пачатку лёхі з сутарэнняў Богаяўленскага сабора ў накірунку да Дзвіны мы з сябрамі знайшлі ў сярэдзіне 1960-х гадоў.

Карацей кажучы, мяне не пакідае вера ў будучыя сенсацыйныя адкрыцці.

У часе паходу войскі Батуры здабылі і замкі, набудаваныя маскавітамі на захопленых землях. Першыя — Казьян і Красны — казакі пад камандаю Францішка Жука ўзялі яшчэ да пачатку аблогі Полацка. Казьян адразу зруйнавалі, з Красным атрымалася не зусім гладка. Прыставіўшы ўначы да сценаў драбіны, казакі раптоўным нападам захапілі разам з гарнізонам багатыя харчовыя запасы і колькі бочак з віном. Святкуючы ўдачу, ваякі хапянулі лішняга і паснулі. Пакуль тое, з замка Суша ціха падышоў аддзел з васьмі сотняў стральцоў, перабіў сонных пераможцаў а фартэцу спаліў.

Пасля ўзяцця Полацка князь Канстанцін Лукомскі павёў частку нашага войска на Туроўлю. Маскавіты палічылі, што на іх ідзе ўся варожая сіла, і разбегліся, пакінуўшы ваяводаў на вырак лёсу. Праз колькі дзён князь з радасці загадаў страляць з усіх гарматаў і фартэца згарэла, аб чым М. Стрыйкоўскі напісаў: «Лёгка здабытае лёгка і загінула».

Пад Сокал кароль паслаў палякаў і немцаў. Гарматчыкі выпусцілі па драўляных вежавых умацаваннях тры распаленыя ядры, чаго хапіла, каб падпаліць сцяну. Напалоханы пажарам гарнізон кінуўся бегчы ва ўсе замкавыя брамы. Шарамецьеў з конніцай стаўся здабычаю палякаў. Людзям ваяводы Шэіна пашанцавала меней. Яны наскочылі на немцаў, а тыя ўчынілі разню, якая ўразіла нават жорсткія сэрцы тагачасных ваяроў. Немцы на плячах маскавітаў уварваліся ў замак. Разумеючы, што літасці не будзе, стральцы зачынілі браму і перабілі блізу пяцісот Батуравых ландскнехтаў, каб неўзабаве самім загінуць ад агню і жалеза. Найміт Веер, які бачыў на сваім вяку нямала еўрапейскіх бітваў сцвярджаў, што такога мноства наваленых трупаў нідзе раней не сустракаў. Яго апісанне немагчыма чытаць без жаху. Толькі адна дэталь: нямецкія маркітанткі даставалі з забітых чалавечы тлушч, які прыкладалі да ранаў.

Вестку пра страту Полацка і Сокала цар атрымаў у Пскове. Ён паспешліва ад’ехаў у глыб дзяржавы, а з дарогі паслаў у замак Суша грамату, дзе, адступаючы ад свайго звычаю, дазваляў гарнізону адысці, але папярэдне закапаць у зямлю абразы і сапсаваць гарматы ды порах. Выканаць волю цара яго людзі не захацелі або не паспелі. Мураваны замак з сямю вежамі здаўся, і шасці тысячам заваёўнікаў было дазволена ад’ехаць з маёмасцю ў Масковію. Полацкі ваявода Мікалай Дарагастайскі ўзяў у фартэцы 21 вялікую гармату, 136 гакаўніц, 123 даўгія рушніцы, 100 бочак пораху вагаю 2500 пудоў і тры тысячы жалезных ядраў.

Дзеля аматараў гістарычных даследаванняў паспрабую паведаміць больш дакладнае месцазнаходжанне бліжэйшых ад Полацка замкаў, ад якіх сёння не засталося ніякіх бачных слядоў. У гэтым мне дапаможа публікацыя Аляксея Сапунова ў зборніку «Полоцко-Витебская старина» за 1912 год.

На месцы Тураўлянскай фартэцы, паведамляе ён, цяпер урочышча Гарадзішча паблізу вёскі Туроўля. «Замак Красны, відаць, стаяў там, дзе цяпер пас. Гарадок, на захад ад пагоста Цётча, за 33 вярсты ад Полацка». Сцены Сітна падымаліся на высокім беразе аднайменнага возера, дзе сёння вёска з такой самаю назвай. Казьян быў там, дзе ў 1912 годзе ішоў кацярынінскі шлях з Полацка ў Гарадок, на месцы, вядомым тамтэйшым жыхарам як Гарадзішча — водбліз вёскі Красамай.

Замак Суша стаяў на выспе пасярод возера з такою ж назваю, за дзесяць вёрст ад сяла Бачэйкава, якое цяпер у Бешанковіцкім раёне. Пра Сокал А. Сапуноў піша наступнае: «Сёння тут ляжыць мыза Сакалішча, а недалёка і вёска таго ж наймення. Сяляне дагэтуль знаходзяць тут рэшткі зброі, косткі ды інш. Мясцовасць гэтая адметная яшчэ і тым, што якраз тут, у сутоках рэк Нішчы і Дрысы, на роўнай лугавіне, узвышаецца выцягнуты, даволі стромкі пагорак, парослы старымі бярэзінамі; на гэтым пагорку, званым «Гарадзец» або «Гарадок», у засені бярэзін быў спачатку пахаваны герой Айчыннай вайны 1812 года Я. П. Кульнеў, забіты вёрст за 5 ад гэтага месца, каля Сівошына перавоза».

Пра выгляд фартэцаў часоў Полацкай вайны мы можам меркаваць па малюнках сакратара каралеўскай кароннай канцылярыі Станіслава Пахалавіцкага. Яму ж належыць і план-малюнак Полацка часоў аблогі, на якім аўтар пакінуў такі надпіс: «Да часоў узяцця горада маскавітамі ён па колькасці і дабрабыту сваіх жыхароў пераўзыходзіў самую Вільню».

Пасля вайны Полацк і ваколіцы так абязлюдзелі, што на адбудову гарадскіх умацаванняў бралі сялянаў з-пад Магілёва.

Жудасную карціну спусташэння ствараюць дакументы зробленай у 1580 годзе каралеўскай рэвізіі горада і вызваленай часткі Полацкага ваяводства.

«В том селе замковом на Вличох, — пісалі рэвізоры, браслаўскі стараста Фёдар Скумін і князь Юры Друцкі-Сакалінскі, — было людей отчычов чоловеков сорок… Повинность тых людей быша: ку двору владычнему уроком на год по шесть недель служат; дани меду пуд один, солоду шестнадцать четьверток, овса дванадцать четьверток, сена чотыры возы, хмелю пуд один… к тому по реце Ушачы и по реце Сосне на владыку бобры гонять. Там же, на Вличох, чоловек один с пашни своее всякого збожа четьвертый сноп даеть. А по взятию непрыятеля господарьского Московского Полоцка тое село спустошало, ни одного чоловека нет, все в пусте».

«В пусте», гэта значыць зусім без жыхароў стаялі таксама полацкія вёскі Крынкі, Дзяготкі на Каменцы, Вяркуды, Усвіца, Завечалле, Варонічы, Вусце, Мосар, Сосна, Мошнікі, Забаровічы, Нешчарда, Міхалаўшчына, Захарнічы, Якунцы, Чарніцы, Шашо, Груздзівічы, Бортнікі, Домнікі, Тросніца, Яўкавічы, Глыбокае, Копцева… Згодна з тагачаснымі сведчаннямі, усё Прыдзвінне на пяцьдзесят вёрст вакол Полацка ператварылася ў лясную пустэльню.

Як і кожны старажытны горад, Полацк мае сваіх прывідаў — гэтых своеасаблівых удзельнікаў і сведкаў далёкіх, пераважна трагічных падзей. Паводле маіх падлікаў, заснаваных на пісьмовых крыніцах, а таксама на гарадскіх легендах і паданнях, спіс полацкіх зданяў уключае блізу дваццаці прадстаўнікоў розных эпох. Магчыма, у новых выданнях «Таямніцаў» з’явіцца прысвечаны ім адмысловы раздзел. А пакуль адзначым, што гісторыя самых даўніх тутэйшых прывідаў непасрэдна звязаная з Полацкай вайной. Гаворка ідзе найперш пра белатварую яўрэйскую дзяўчынку, якую мясцовыя жыхары нібыта шмат разоў сустракалі каля Валовай азярыны. (Памятаеце, якраз там стральцы Івана Жахлівага кідалі пад лёд полацкіх юдзеяў.) Маленькую яўрэечку з белым — відаць, ад жаху — тварам бачылі, чуючы яе ціхі плач, не толькі ў XIX стагоддзі, але і ў часы майго дзяцінства. А недалёка ад Валовай азярыны, каля Ксавер’еўскіх могілкаў у месяцавыя ночы, кажуць, і цяпер можна спаткаць трох мужчынаў у манаскім адзенні. На пачатку мінулага стагоддзя полацкія краязнаўцы лічылі іх зданямі закатаваных у 1563 годзе каталіцкіх манахаў Адама, Дамініка і Пятра.

3 часоў Інфлянцкай вайны ў гісторыі горада яшчэ здараліся ўзлёты, ды вярнуць сабе былога багацця і велічы ён ужо ніколі не змог. Толькі гісторыя не канчаецца, і наш час дае Полацку магчымасць зноў адыграць для лёсу краіны асаблівую ролю.

КРЫВАВАЕ СТАГОДДЗЕ

Пасля вызвалення Полацк апынуўся ўжо ў іншай дзяржаве, што з’явілася на еўрапейскай карце ў 1569 годзе. Тады адбылася Люблінская Унія: Польскае каралеўства (яго часта называлі проста Карона) аб’ядналася з Вялікім Княствам Літоўскім у федэрацыю пад назваю Рэч Паспалітая.

Кожная з дзвюх частак Рэчы Паспалітай жыве па сваіх законах, у кожнай сваё войска, свае грошы, межы і мытная служба. Дзяржаўных моваў таксама дзве: у Кароне — лаціна, у нас па-ранейшаму, яшчэ больш за стагоддзе, — старабеларуская. Вядомы нам Статут 1588 года ўсюды падкрэслівае суверэнітэт Княства, не дазваляе палякам займаць тут пасады і набываць зямлю. Княства мае сваё кіраўніцтва, галоўнай асобаю якога застаецца вялікі князь, што ўладарыць з удзелам рады і сойма. Праўда, князь гэты ад Люблінскай уніі адначасова быў і польскім каралём, прычым пасля смерці Жыгімонта Аўгуста перадача трона ў спадчыну скончылася, і манарха выбіраў агульнадзяржаўны сойм.

Нягледзячы на захаванне вялікае самастойнасці, над Літвой-Беларуссю падзьмуў новы вецер. Для палачанаў першым яго павевам стала запрашэнне Батурам у горад манахаў-езуітаў і шчодрае надзяленне іх маёмасцю.

Паводле рэвізіі 1580 года, у месце і ў яго блізкім наваколлі былі: «Церковь светого Софеи в замку соборная, манастыр светого Спаса, который заведывала игуменя Полоцкая; манастыр светого Ивана Предтечы на острове; манастыр светого Петра в замку; манастыр Мошоноцкии Воскресения Христова в замку; церков дворная светого Николы в замку; церков другая святого Николы в замку на Полупете; манастыр светых Кузьмы и Демяна в месте; церков Рожества Христова в месте, наданье панов Корсаков, земян полоцких; церков светого Дмитрыя в замку; манастыр светого Юря в поли за местом, наданье панов Зеновичов Корсаков; церков Вознесенья Христова в месте; церков Благовещене светого в месте; церков светого Василья в месте; манастыр светых Борыса и Геба на Белчыцы, наданье земян полоцких панов Корсаков всих; манастыр Городецкий светого Михаила; манастыр светого Николы Лученских; церков светое Пятницы в месте, наданье от давных часов мещан полоцких». Землі і маёнткі большасці гэтых манастыроў і храмаў (за выняткам кафедральнага Сафійскага сабора) атрымалі езуіты.

У Рэчы Паспалітай Полацкае ваяводства мела сцяг чырвонага колеру з «Пагоняй» на белым полі. Перад адкрыццём агульнадзяржаўнага сойма, што адбываўся папераменна то ў Горадні, то ў Варшаве, у Полацку праходзіў ваяводскі сойм, дзе выбіралі сваіх паслоў-дэпутатаў. У выпадку вайны ў горад збіралася з паветаў рушэнне.

Сцяпан Батура загадаў адбудаваць Верхні замак, выселіўшы адтуль усіх цывільных жыхароў. Гандлёва-рамесная частка горада пакрысе «пераязджала» з Запалоцця на ранейшае месца, дзе аднаўляўся Вялікі пасад. Апрача клопатаў пра абарону месца, вялікі князь навекі вызваліў палачанаў ад абавязку кожны год плаціць дзяржаве дзвесце коп літоўскіх грошаў за магдэбургскае самакіраванне. Полацк атрымаў права на два штогадовыя тыднёвыя кірмашы, дзе гандлявалі, не плацячы мыта. Дзякуючы адмысловаму Батураваму прывілею жыхары маглі мець уласныя лазні, а дзеля прыезджых кароль загадаў пабудаваць грамадскую «мыйню», прыбытак ад якой ішоў на патрэбы магістрата.

Продкаў чакалі і іншыя змены. Напрыклад, перавод са старога юліянскага на грыгарыянскі каляндар, паводле якога ўжо жыла ўся Еўропа. (У Расіі гэта будзе зроблена толькі праз тры стагоддзі з гакам.) Палачане ж спрадвеку вылучаліся самапавагай і прыхільнасцю да старых парадкаў ды традыцый і ў дамовах з першымі вялікімі літоўскімі князямі, як мы памятаем, ставілі абавязковае патрабаванне «не ўводзіць навіны».

Каралеўская «навіна» не выклікала захаплення найперш таму, што разам з пераходам на новы каляндар улада загадвала «выконваць» усе каталіцкія святы. Пра тое, як палачане адгукнуліся на пастанову, апавядаецца ў заклапочаным лісце канцлера Льва Сапегі да князя Крыштофа Радзівіла. На каталіцкія святыя дні праваслаўныя гараджане замест таго, каб сядзець па хатах, «гандлявалі яшчэ больш старанна і ад самае раніцы, а калі іх папярэдзіў лянтвойт (намеснік войта) полацкі, прыгразілі пабіць яго камянямі».

9 студзеня 1584 года Батура выдаў грамату, дзе ўшчуваў полацкіх месцічаў за непаслушэнства, а тым, хто ў святочныя дні насмеліцца займацца рамяством або гандлем, абяцаў канфіскацыю тавару і ўтаргаваных грошай. Калі гарадскія ўлады паспрабавалі выканаць пагрозу, жыхары, «сабраўшыся ў натоўпы — нібы непрыяцель з трубамі і бубнамі, — нападалі і грамілі дамы шляхецкія». Вялікі князь ужо 21 студзеня мусіў запэўніць падданых, што «люди греческого обряда до той поправы нового календаря без произволения старшего патриарха своего гвалтом примушаны быть не мают». Зрэшты, з часам страсці ўгамаваліся, і полацкія праваслаўныя з католікамі навучыліся ўзаемна паважаць святыя дні.

Калі б мы з вамі жылі ў слаўным месце Полацкім у той час, дык, мабыць, няраз чухалі б патыліцу: як разлічыцца з падаткамі? Іх было шмат: вайсковы, падымны, пагалоўны, піцейны, які называўся «чопавым», або «сосавым». Хто варыў піва, рабіў віно ці гнаў нешта мацнейшае, плаціў ваяводзе і войту «капшчызну». Палачане па чарзе вартавалі горад, рамантавалі сцены і вежы, трымалі на пастоі велікакняжацкіх жаўнераў. Як і ўсе гарады і мястэчкі Рэчы Паспалітай, Полацк плаціў «падводны» падатак — на падводы і коней паслам, кур’ерам ды іншым дзяржаўным людзям. Сваё патрабаваў і магістрат, што збіраў так званыя «складанкі», або «паслугі».

Багатыя жыхары хацелі кіраваць паўнаўладна, бяднейшыя змагаліся за свае правы. Месцічы вымагалі, каб іх дэпутаты правяралі ўсю дзейнасць магістрата. Такія рэвізіі-ператрускі выяўлялі шмат злоўжыванняў, вельмі падобных на сучасныя. Замяць некаторыя было цяжка, і тады парушальнікамі займаліся суддзі.

Полацк доўга гаварыў пра суд над бурмістрам Даніэлем Клібневічам. Праз подкуп ён дабіўся выбрання радцам свайго швагра Курбатовіча, прысабечваў падаткі і рознымі хітрыкамі паклаў у кішэню тысячу злотых. Побач з ім на лаве падсудных сядзеў радца Міхневіч, які наклаў лапу на падаткі з полацкіх корчмаў. Бурмістр Мікола Зелядніцкі вызначыўся тым, што, карыстаючыся службовым становішчам, прызначыў свайго зяця Яна Лашкевіча магістрацкім пісарам і пачаў разам з ім чыніць суд не ў ратушы, як належыць, а ў сябе дома.

Сябры магістрата не грэбавалі хабарамі. Полацкі купец Цімох Броўка, пазалаціўшы патрэбным людзям руку, атрымаў напрыклад, «вольность от старого мыта». Не ведаю, як наконт «блату», а слова «карупцыя» (гэтаксама, як і «сесія») тым часам ужо было добра вядомае. У чэрвені 1676 года ў горадзе адбыўся сход «магистратских особ всех трох сессий и посполитых», які запрапанаваў полацкім уладам скласці падатковую ведамасць разам з «поспольством» (простымі гараджанамі) і, збіраючы падаткі, «не отступать як пана радного, так и посполитого, богатого и убогого, без ниякое корупции, не так, як перед тем».

Даведаўшыся пра ўсё гэта, будзем, тым не менш, спадзявацца, што большасць месцічаў зарабляла сабе на жыццё сумленна.

У XVII стагоддзі, як і раней, палачанаў кармілі не толькі рамяство ды гандаль, але і зямля. Горад меў сваё ворыва, пашу, сенажаці і пушчу. Ужо знаёмы нам італьянец Аляксандр Гваніні піша, што зямлю на Полаччыне ў тыя часы ўраблялі так. Улетку, пачынаючы з Пятровага дня і да Успення Багародзіцы, высякалі лес і хмызняк. Ссечаныя дрэвы засыпалі саломаю і пакідалі на зіму. Увесну, пасля Вялікадня, калі прыгрэе сонца, ляда зноў пакрывалі саломаю і выпальвалі дачыста. На ачышчанай ад вуголля і галавешак зямлі спачатку сеялі пшаніцу. «Там бывае такі ўраджай, — зазначае іншаземец, — што можна сцвярджаць: якраз тут і нарадзілася Цэрэра[13]. Тым самым парадкам сеялі ячмень. Зямля на месцы выпаленага лесу без усякага ўгнаення давала добры ўраджай шэсць-восем гадоў запар». Карысталіся і такім спосабам сяўбы: «Да дзвюх частак ячменю дамешваюць адну частку жыта і гэтую сумесь сеюць увесну. Ячмень жнуць у тое самае лета, а жыта застаецца зімаваць. На наступны год яно такое ўраджайнае і густое, што праз яго цяжка праехаць верхам, і такое высокае, што ледзь бачна конніка, прычым адно зерне дае трыццаць і болей каласоў». Продкі, паводле Гваніні, найчасцей сеялі таксама авёс, гарох (яго сушылі і захоўвалі каля гумнаў на азяродах), грэчку і рэпу.

У 1600 годзе Прыдзвінне напаткаў страшэнны голад. Хто не сканаў ад яго, стаў ахвяраю чумнага паморку. У Полацку памерлі пятнаццаць тысяч жыхароў і людзей, што сабраліся сюды з наваколля, шукаючы нейкага паратунку.

1607-ы — новая бяда. Верхні замак знішчаны пажарам. Агонь не злітаваўся і над Сафійскім саборам. Паслы Полацкага ваяводства прывезлі з сойма пастанову: «Руины церкви старой святой Софии забудовать и поправить, абы там коштам своим обыватели книги земские и градские своего воеводства ховали». Адбудоваю святыні кіраваў арцыбіскуп (архіепіскап) полацкі і віцебскі Ясафат Кунцэвіч. Як сведчаць дакументы, ён аднавіў старажытныя муры, «а ў чатырох рагавых вежах непатрэбныя вярхі, што царкве ніякай красы не дадавалі, скінуў, а сярэднюю вежу, прыгожа аздобіўшы, зрабіў яшчэ больш высокаю».

Ясафат Кунцэвіч быў уладыка не праваслаўны і не каталіцкі, а уніяцкі. Уніятам ужо належала і святая Сафія, што ў 1620 годзе зноў прыняла вернікаў.

Хто ж такія уніяты?

Пасля дзяржаўнай уніі Кароны і Княства на беларускіх землях пачынае ўзмацняцца каталіцтва, што нясе з сабою пагрозу паланізацыі. У Масковіі тым часам з’яўляюцца свае патрыярхі, якія заадно з царамі глядзяць на Літву-Беларусь як на сваю вотчыну і дзеля яе захопу збіраюцца выкарыстаць праваслаўную веру нашых продкаў. Дапамагчы пазбавіцца ад прэтэнзій Варшавы і Масквы, а таксама ад небяспекі рэлігійнае варожасці ў самой краіне магла новая вера, якая паяднала б у адным храме каталіцтва з праваслаўем. Гэта разумелі і свецкія, і духоўныя асобы Вялікага Княства — прыхільнікі яго самастойнасці.

Такую веру магла даць рэлігійная Унія.

3 лаціны гэтае слова перакладаецца як адзінства, аб’яднанне.

Ідэя уніі ажыццявілася ў 1596 годзе на Берасцейскім саборы. Літоўскія-беларускія і русінскія-ўкраінскія праваслаўныя ўладыкі прызналі вяршэнства рымскага папы, але захавалі ўсе свае ранейшыя, «грэцкія» абрады. Вялікі князь Жыгімонт Ваза адразу выдаў прывілей пра зраўнаванне ў правах грэка-каталіцкага духавенства з рыма-каталіцкім і пра вечную падтрымку уніяцкай царквы ўладай.

Пад саборнай граматай аб уступленні ў унію стаіць і подпіс полацкага ўладыкі: «Григореи Герман, милостью Божою архиепископ Полоцкий, владыка Витебский и Мстиславский, рукою властною». Гэта ён 9 кастрычніка 1596 года ў берасцейскай царкве святога Міколы ўрачыста прачытаў напісаны на пергамене тэкст уніі, абвясціўшы гэтым самым пастанову сабора.

Кажучы пра гістарычны лёс беларусаў, некаторыя аўтары параўноўваюць унію з перамогаю пад Грунвальдам. Разгром тэўтонцаў адвёў пагрозу фізічнага вынішчэння продкаў, аб’яднанне цэркваў выратавала ад смерці духоўнай. Выратавала найперш дзякуючы жывой народнай мове, якая жыла ва уніяцкіх храмах і манастырах — у казаннях, у навучанні і царкоўных спевах. У грэка-каталіцкай царкве верніку не трэба было спяваць на незразумелай стараславяншчыне. (Упадзімір Караткевіч быў, магчыма, не надта далёкі ад праўды, калі пісаў, што нашы прабабкі замест «И супдам во гробех живот даровал» старанна выводзілі сваімі галасамі — даруй ім, Госпадзі! — «I сухі верабей заплот паламаў».)

Ва уніяцкім Сафійскім саборы палачане спявалі:

Ты стварыў, Ты адкупіў, Ты мяне, Божа, асвяціў. Няхай Табе, дзе ёсць людзі, Чэсць і хвала будзе. Цалуючы Твае раны, Збавіцелю наш каханы, Рукі, вочы к небу ўзносім, Адпушчэння грахоў просім. 0 Марыя! Маці Божа! Ты найчыста і прыгожа. Прычыніся к Богу за намі, Нягоднымі грэшнікамі!

Новая царква стала адной з дзяржаўных рэлігій Рэчы Паспалітай і была падпарадкаваная непасрэдна папу. Яна паступова пераможа як сапраўды народная, таму што будзе аб’ядноўваць большасць хрысціянскага насельніцтва Літвы-Беларусі, найперш сялянаў, і шырока карыстацца мовай народа. Як народную яе разглядалі Кастусь Каліноўскі, Максім Багдановіч, Вацлаў Ластоўскі, а таксама, між іншым, і Фрыдрых Энгельс, які грунтоўна вывучаў гісторыю Рэчы Паспалітай.

У канцы XVIII стагоддзя грэка-католікамі былі тры чвэрткі ўсіх жыхароў Беларусі. Уніяты добра ведалі, што яны не палякі і не расійцы. Таму, як мы пазней убачым, так ненавідзелі унію маскоўскія цары ды іх верныя прыслужнікі ў рызах. Царскі сатрап М. Мураўёў, які атрымае пасля распраў з паўстанцамі Каліноўскага мянушку «вешальнік», цалкам слушна казаў, што уніяты замінаюць «пашыраць рускі дух на беларускіх землях».

Унія пачалася з палітыкі, а працягвалася як лёс народа. Адзін з сучасных яе даследчыкаў пісаў: «Два з паловаю стагоддзі праіснавала уніяцкая царква на Беларусі. Гэты час не быў літасцівы да нашае Бацькаўшчыны. Страта дзяржаўнасці, няўхільнае ўзмацненне нацыянальнага ўціску — спачатку паланізацыя, пасля русіфікацыя, выкіданне беларускае мовы з дзяржаўнага ўжытку, забарона беларускага слова ўвогуле, нечуваны духоўны гнёт — і ўсё гэта пасля велічы і славы, пасля ўзлёту нацыянальнае культуры й навукі ў азораныя вышыні чалавечага духу. I адзінае, чым трымалася ў тыя жахлівыя часы беларушчына, — гэта нацыянальная уніяцкая царква. Яна была дадзена Богам нашаму народу, каб выстаяў ён, не зламаўся пад варожымі бурамі, не знік з твару зямлі, каб знайшоў ён, адкрыў і явіў свету сваю пакутніцкую, сваю святую праўду… I яна, уніяцкая царква, гэтая жывая душа Беларусі, давала народу веру ў сваю праўду, давала красу і моц беларускаму духу дзеля творчасці і змагання. I магчыма, дзякуючы толькі ёй, уніяцкай царкве, мы, беларусы, яшчэ ёсць у свеце, і гучыць яшчэ пад вечным небам нашая дзівосная мова».

Можна, вядома, ставіцца да Уніі па-рознаму, але ў кожным разе будзем памятаць: гэта велізарная і неад’емная частка нашага гістарычнага быцця і нашае культуры. Гэта вера мільёнаў беларусаў, вера дзесяці пакаленняў нашых продкаў.

Усталяванне новае веры ішло напачатку няпроста. Гэта сімвалічна засведчыў жыццёвы шлях полацкага арцыбіскупа Ясафата Кунцэвіча.

Найвядомейшы з полацкіх царкоўных уладароў нарадзіўся ў 1580 годзе ва Уіадзіміры-Валынскім на Украіне ў сям’і перасяленцаў з Літвы-Беларусі. Пераняўшы ад бацькі-шаўца любасць да кніг, ён юнаком прыехаў у Вільню, каб стаць купцом, зрабіўся прыхаджанінам уніяцкай Святатраецкай царквы і спяваў там у хоры. Здольнага пабожнага хлапца заўважыў віленскі мітрапаліт Іпаці Пацей. Ён узяў Кунцэвіча ў кляштар паслушнікам і адправіў вучыцца ў Віленскую акадэмію. У 1604 годзе, калі Ясафат скончыў курс навук, мітрапаліт сам пастрыг яго ў манахі. Неўзабаве Кунцэвіч стаў іераманахам (манахам у чыне святара), а потым і архімандрытам (ігуменам) Святатраецкага кляштара.

Ясафатаваму ўзыходжанню па царкоўнай лесвіды паспрыяў выпадак. Паміж віленскімі вернікамі ўзнікла спрэчка за храмы. Праваслаўныя вырашылі забіць уніяцкага мітрапаліта. Сярод белага дня каля рынку на старога ўладыку кінуўся з аголенай шабляю мешчанін Іван Тупека. Залаты святарскі ланцуг уратаваў Пацея ад смерці, шабля адно адцяла яму два пальцы. На шчасце, побач апынуўся айцец Ясафат. Ён дапамог параненаму абараніцца, перавязаў яго і давёў да кляштарных муроў.

Пра іераманаха Ясафата гаварыла ўжо ўся Вільня. Будучы полацкі ўладыка вызначаўся выключным красамоўствам. Ён часта прапаведаваў проста на вуліцах і пляцах, смела заходзіў у хаціны да рамеснікаў і ў магнацкія палацы. Ворагі далі яму мянушку «душахват» — лавец душ. За заслугі перад уніяцкай царквою, у лона якой ён перавёў тысячы віленчукоў Кунцэвіч быў узведзены ў біскупскі чын.

У першы прыезд Полацк сустрэў яго святочным ходам з абразамі, царкоўнымі і цэхавымі харугвамі. Ад людзей з Вільні гараджане ведалі і пра біскупава ўменне пераканаць самага ўпартага, і пра тое, што гэты яшчэ малады, высокі і танклявы чалавек з вострым поглядам носіць пад адзеннем цяжкія вярыгі і выпрабоўвае свае дух і цела доўгімі пастамі і самабічаваннем.

Зрабіўшыся ў 1618 годзе полацкім арцыбіскупам, Ясафат атрымаў ад вялікага князя і мітрапаліта права на падначаленне сабе ўсіх праваслаўных манастыроў і храмаў у Полацку, Віцебску, Магілёве і Оршы.

У тым самым годзе велікакняжацкія камісары склалі для новага ўладыкі інвентар нерухомай маёмасці, дзе, у прыватнасці, чытаем: «Напервей: двор архиепископский, стоячий в замку Вышнем Полоцком, а мяновите: светлица столовая поземная, старая, в ней окон чотыре, оконницы на завесах, оболонки шкляные и двери одны на завесах з замком нутреным; печь старая побеленая; на противкутое светлице светелка вопокоевая… печь новая поливаная; в тыле тое светлицы другая светелка упокоевая… за тым упокойцом — двое схованье для сена и шопа до возов; подле тое шопы стайня; подле стайни ворота уезные до двора; а подле ворот свирен на подклете, за тым свирном знову ворота великие уезные, и фортка; подле тых ворот звоночок малый, што до столу звонят; подле тых ворот светелка з коморою, окна и двери на завесах… за тою светлицею пекарня; на противку пекарни светлица служная, двери и оконницы на завесах, оболон две шклянных; од тое светлицы спижаренка простая, то есть лазня; на противку светелка кухмистровская, в сенех кухня, в боку бровар, подле светелки пивница. Перед вороты уезными того двора церковь соборная Святое Софии…» (Вось так тады продкі гаварылі-іпісалі.)

Факты кажуць, што ўладыку Ясафату не заўсёды ставала талерантнасці. Не шкадуючы сябе, гэты чалавек не шкадаваў і іншых.

Кунцэвічу супроцьстаялі аб’яднаныя ў брацтвы праваслаўныя месцічы, якіх падтрымлівала яшчэ шматлікая праваслаўная шляхта. Шляхцічы скардзіліся сойму: «Той жа біскуп полацкі пяць гадоў трымае ў Оршы і ў Магілёве цэрквы запячатаныя. У Полацку і ў Віцебску няма ні царквы, ні дома, дзе дазволена ў месце набажэнства. Таму месцічы мусяць па нядзелях і на іншыя святы слухаць службу ў полі за местам, і то без святара, бо яму забаронена жыць у месце і паблізу…» Уладыка Ясафат быў сынам і ахвярай сваёй нялітасцівай эпохі. Але перш чым распавесці пра яго пакутніцкую смерць, згадаем яшчэ адну выдатную асобу таго часу.

Самым небяспечным супернікам Кунцэвіча ў барацьбе за душы вернікаў быў праваслаўны полацкі архіепіскап Мялеці Сматрыцкі. Выпускнік філасофскага факультэта Віленскай акадэміі, гэты «русін» з Украіны падарожнічаў па Еўропе, потым прыняў у Вільні манаскі пострыг. У манастыры ён напісаў і выдаў «Граматыку славенскую» (па ёй праз сто з лішнім гадоў вучыўся Ламаносаў).

Бліскучая эрудыцыя, літаратурны і палемічны талент Сматрыцкага выявіліся ў напісанай ім у абарону праваслаўя кнізе «Трэнас, або Плач усяленскай усходняй царквы». Твор выклікаў такі розгалас, што кароль забараніў кнігу прадаваць — як накіраваную на раскол дзяржавы. Ад пакарання аўтара ўратавала адно тое, што ён прадбачліва выпусціў «Трэнас» пад псеўданімам.

У 1620 годзе праз Рэч Паспалітую вяртаўся з Масквы канстанцінопальскі патрыярх. На ўжо занятыя уніятамі епархіі ён паставіў праваслаўных епіскапаў. Адзіным вартым кандыдатам на полацкую архіепіскапскую кафедру быў прызнаны Сматрыцкі. У высокім царкоўным чыне ён павёў сябе не надта разумна. Прыбыўшы ў Віцебск, абвясціў напрыклад, што адлучае Кунцэвіча ад царквы, і разаслаў па епархіі адпаведныя граматы. Такая дзейнасць не давала ніякага плёну, апрача распальвання рэлігійнае варажнечы.

Увосень 1623 года Кунцэвіч прыехаў у Віцебск, каб уціхамірыць развярэджанае Сматрыцкім места. Гэта было яго апошняе падарожжа. Увайшоўшы ў змову з палачанамі і аршанцамі, віцебскія мяшчане пастанавілі пазбавіць айца Ясафата жыцця. Нейкі шляхціч папярэдзіў уладыку, але той рашуча ішоў насустрач лёсу.

12 лістапада ўдарылі званы, і тысячны ўзброены натоўп напаў на арцыбіскупаў дом каля царквы Багародзіцы. Айцец Ясафат толькі што адслужыў ютрань. Пачуўшы крыкі, ён выйшаў да людзей і, перахрысціўшы іх, паспрабаваў угаварыць мірна разысціся. Хтосьці выцяў уладыку друкам па галаве, і той паваліўся. Двума ўдарамі бердыша яму рассеклі галаву. Верны сабака ўскочыў на цела, каб абараніць гаспадара, і ўмомант вока быў пасечаны на кавалкі.

Непрытомнага арцыбіскупа бесчалавечна дабілі, а пасля, як сведчаць судовыя дакументы, «здзекаваліся з цела, цягалі яго за ногі па двары, сарвалі адзенне, пакінуўшы ў адной валасяніцы, якую, утаймоўваючы сваю плоць, насіў гэты пастар, білі нагамі нябожчыка па твары, ранячы яго і пасля смерці». Цела, узяўшы за ногі, скінулі з Прачысценскае гары, потым адвезлі ў чоўне ўверх па Дзвіне за горад і там, прывязаўшы да ног і шыі цяжкія камяні і насыпаўшы камення ў валасяніцу, утапілі. Пасля гэтага забойцы разрабавалі арцыбіскупаў дом, выбілі ў ім вокны, разламалі печы, пазбівалі слугаў і адзначылі свае подзвігі знойдзеным у склепе віном.

Рымскі папа Урбан VIII адгукнуўся на тыя падзеі лістом да караля і вялікага князя Жыгімонта Вазы: «Няхай пракляты будзе той, хто ўтрымае меч свой ад крыві! Няхай ерась адчуе, што ёй няма літасці».

У мяцежны горад прыехалі суддзі на чале з Львом Сапегам. Паводле прысуду, Віцебск пазбавілі магдэбургскага самакіравання, ратушу разбурылі, а званы знялі і адправілі на пераплаўку. (Праз колькі гадоў кароль верне гораду ўсе правы за перамогу над маскавітамі.) 3 плячэй у бунтаўнікоў паляцелі галовы.

Развітаўся з гэтым светам і палачанін Пятро Васілевіч, які, «заявіўшыся ў Віцебск, дапамагаў змоўшчыкам словам і чынам і хацеў заблытаць суд камісарскі, на допыце ж прызнаўся, што полацкія месцічы мелі сувязь з Віленскім праваслаўным брацтвам і з іншымі, часта рабілі змовы і грашовыя складкі на бунты, а ён спісы змоўшчыкаў і грашовых складак трымае ў сябе ў Полацку ў сваім доме, і сын ягоны Васіль быў тут, у Віцебску, падчас забойства айца ўладыкі». Ёсць звесткі, нібыта яшчэ адзін непасрэдны арганізатар расправы з арцыбіскупам Навум Воўк раскаяўся і памёр уніятам, прыняўшы смерць як пакуту за злачынства.

Паданне сцвярджае, што ўладыку знайшлі па снопе святла, якое ішло проста з Дзвіны. Цела прывезлі па рацэ ў Полацк і пахавалі ў Сафійскім саборы. У хуткім часе прах дасталі з зямлі і пасля ўрачыстага адпявання віленскім мітрапалітам паклалі ў срэбную раку. Прах не меў спакою: яго блізу дзесяці разоў перазахоўвалі ў Літве-Беларусі і далёка за яе межамі.

Ужо праз год пасля смерці Рым прызнаў айца Ясафата блажэнным (на ўрачыстасцях з гэтай нагоды ў Полацку гучалі прамовы па-беларуску, лацінску і польску), а ў 1867-м папа ПійIX абвясціў яго святым. Пасля Другой сусветнай вайны мошчы полацкага пакутніка перавезлі з Вены, дзе яны тады захоўваліся, у Рым і ў 1963 годзе пахавалі ў галоўным храме католікаў свету — саборы святога Пятра ў алтары Васіля Вялікага.

Кроў арцыбіскупа і яго забойцаў нагадала вернікам, што яны зайшлі занадта далёка. Змаганне праваслаўных з уніятамі ў Прыдзвінні хоць і працягвалася, але ўжо ніколі не было такім жорсткім.

Вялікі князь Уладзіслаў IV загадваў праваслаўнаму архіепіскапу Сільвестру Косаву, каб у Полацк не прыязджаў і набажэнства там не служыў. Архіепіскап, карыстаючыся тым, што жыве ў талерантнай краіне, насуперак манархавай волі прыязджаў і служыў. У адказ полацкі, кіеўскі і галіцкі уніяцкі арцыбіскуп Антоні Сялява падаваў каралю скаргу, а полацкі ваявода выдаваў загад, «каб уніяты схізмацкай праваслаўнай царквы не наведвалі, а па нядзелях і святочных днях бывалі б у Сафійскай, пры базылянскім кляштары».

Асуджанаму на смерць злачынцу, які дакляраваў прыняць з усёй сям’ёй унію, гарадскія суддзі пакінулі жыццё. Мешчанін, што згадаў імя Кунцэвіча без нададзенай яму папам годнасці, мусіў пасядзець у астрозе, а палачаніна Івана Хадыку за пераход з уніяцтва ў праваслаўе мітрапаліт Цыпрыян Жахоўскі ў 1682 годзе аддаў анафеме і пазбавіў апекі свецкіх і духоўных законаў. Праваслаўнае жыхарства таксама скардзілася вялікаму князю, ад якога прыходзіў мітрапаліту наказ «не чыніць цяжкага прыгнёту да спакусы ўсяго хрысціянскага свету». Для той эпохі ўсё адбывалася досыць цывілізавана, прынамсі, без нялюдскіх катаванняў і спаленняў, як у Масковіі, дзе выкаранялі «раскольнікаў».

У полацкай магістрацкай кнізе за 1646 год захавалася яшчэ адно цікавае сведчанне рэлігійнае барацьбы — скарга лянтвойта Есмана на кушняра Фёдара Алексяевіча, які сцвярджаў, што Унія — спараджэнне д’ябла. Лянтвойт быў на гасціне ў бурмістра пана Крыштофа Старымовіча. Позняй парою ў той самы дом заявіўся, відаць, пад добраю чаркаю, згаданы кушнер і, як паведамляе скарга, «наступал на веру светлую униатскую, мовечы и повтараючы не раз, не десять, же то есть дьябельская и шатанская вера униатская и не от Бога, але от дьябла тая вера вышла шалберская».

Тым часам застоліца працягвалася. Лянтвойт, «видечи оного кушнера легкомысльность, почал того кушнера навпоминати, абы он, рачей не блюзнечы веру святую, скромнее седел». Не стрываўшы далейшага п’янага блюзнерства, ён падняўся ад стала, «а пан бурмистр Старымович, яко господарь, его милости пана лянтвойта не пущал. А в том он Федор, кушнер, прыпадшы до его милости пана лянтвойта, шкленицою в палец руки правое его милости кроваве обронил и зранил».

Напэўна, і пазней знаходзіліся такія, як кушнер Фёдар, але праваслаўе няўхільна здавала пазіцыі. Яго духавенства ў большасці сваёй вылучалася кансерватызмам і неадукаванасцю. Яно амаль не ведала лацінскай і грэцкай моваў, было адарванае ад навуковых ды культурных дасягненняў еўрапейскай цывілізацыі. Перакладчык Евангелля Васіль Цяпінскі пісаў, што праваслаўныя папы часта не атрымлівалі ніякай адукацыі і нават не разумелі славянскае мовы, на якой маліліся. Разам з тым яны варожа ставіліся да мовы народа: не дапускалі яе ў храм, не дазвалялі друкаваць на ёй кнігі. Праваслаўная царква не дала ў XVII стагоддзі прыкладаў заступніцтва за нацыянальныя правы, а часам наогул падтрымлівала захопнікаў. Таму палачане, як і жыхары іншых гарадоў нашае зямлі, пакідалі змаганне за праваслаўе (асабліва пасля жудаснай вайны з Масковіяй у 1654-1667 гадах) і мірна рабіліся грэка-католікамі.

Перакладчык Евангелля на беларускую мову, шляхціц Полацкага павета Васіль Цяпінскі.

Адметна, што супроць Уніі выступалі пераважна гараджане, а не вяскоўцы. Гэта яшчэ раз пацвярджае, што хрысціянізацыя сельскага жыхарства па-ранейшаму заставалася досыць павярхоўнай. Яе паглыбленне адбудзецца ў 2-й палове XVII-XVIII стагоддзі, што супадзе з пашырэннем і перамогаю грэка-каталіцкай царквы.

Уніяты Рэчы Паспалітай мелі Полацка-Віцебскае арцыбіскупства і дзевяць біскупстваў. Полацкая грэка-каталіцкая дыяцэзія (акруга) саступала толькі кіеўскай і была на Літве-Беларусі найбуйнейшай. Яе межы абдымалі Полацкае, Віцебскае і Мсціслаўскае ваяводствы. У 1664 годзе ў ёй налічвалася болей за тысячу цэркваў. Полацкія грэка-каталіцкія ўладыкі афіцыйна называліся арцыбіскупамі полацкімі, біскупамі віцебскімі, мсціслаўскімі, аршанскімі, магілёўскімі. 3 полацкіх арцыбіскупаў звычайна выбіралі мітрапалітаў. Горад з яго кафедральным Сафійскім саборам, дзе захоўваліся мошчы Ясафата Кунцэвіча, зрабіўся сталіцаю грэка-католікаў і Меккаю ўсіх уніяцкіх паломнікаў.

Умацаванню Уніі спрыяў створаны ў 1617 годзе манаскі ордэн базылянаў. Яго назва паходзіць ад імя аднаго з айцоў царквы, змагара за адзінства хрысціянства святога Васіля Вялікага. Новы ордэн апавясціў, што прымае на сябе адказнасць за выхаванне моладзі. Базыляне друкавалі царкоўную літаратуру, адчынялі пры кляштарах школы і калегіі, дзе вучылі дзяцей і юнакоў на іх роднай мове. Яны былі вельмі адукаваныя людзі, і ў асвеце уніятаў маюць, бадай, не меншыя заслугі, чым езуіты ў католікаў. Кляштар манашак-базылянак у Полацку быў заснаваны Ясафатам Кунцэвічам. Пасля яго забойства ў горадзе з’явіліся і браты-базыляне. Абодва уніяцкія кляштары мясціліся каля Сафійскага сабора.

У Полацку дзейнічалі таксама каталіцкія манаскія ордэны бернардзінаў (з 1498 г.), у якіх навучаўся лаціне малы Францішак Скарына, дамініканаў (з 1670 г.), францысканаў (з 1684 г.) і запрошаныя Сцяпанам Батурам у 1579-м езуіты. Часам можна прачытаць, што базыляне, і наогул уніяты, маўляў, цалкам прадаліся лацінству, паслухмяна скакалі пад езуіцкую дудку. Гэтую выдумку пусцілі царскія праваслаўныя гісторыкі. Дакументы сведчаць пра іншае.

Базыляне судзіліся з езуітамі за крыж святой Еўфрасінні і не аддалі святыню з Сафійскага сабора. Пісар полацкай магдэбургіі католік Міхал Другавіна ў 1764 годзе даваў пісьмовае перадшлюбнае абяцанне, што «будучую жонку сваю, дачку віцебскага ратмана Апалонію, уніятку, не толькі не будзе змушаць да лацінскае веры, а, наадварот, будзе ўмацоўваць яе ў Уніі». У 1802 годзе езуіты, якіх тады падтрымлівалі царскія ўлады, падалі ў суд скаргу на полацкіх і ўшацкіх базылянаў за тое, што уніяты «произносили неистовые слова против католической религии, что все католики суть погибшие и что религия римская не соглашается со святым Евангелием». У згаданай раней аповесці Вацлава Ластоўскага «Лабірынты», магчыма, зусім небеспадстаўна сцвярджаецца, што базыляне ведалі, дзе схаваная полацкая бібліятэка, але, не хочучы, каб яна трапіла да езуітаў, два стагоддзі захоўвалі таямніцу.

Яшчэ ў 1636 годзе Віленская кангрэгацыя (з’езд) грэкака-таліцкага духавенства ўзаконіла ва уніяцкіх цэрквах літоўскую-беларускую мову. Цяжка казаць пра гвалтоўную паланізацыю вернікаў уніяцкім духавенствам, калі Ясафат Кунцэвіч у сваім «Уставе прасвітарам» загадваў святарам карыстацца народнай мовай, а ў XVIII стагоддзі полацкія уніяцкія біскупы рассылалі па прыходах загады з патрабаваннем звяртацца да вернікаў «са словам Божым на зразумелай мове». Урэшце, перад намі жывы прыклад украінскай Галіччыны. «Кіеў — сталіца Украіны, а Львоў — сталіца ўкраінцаў», — да нядаўняга часу казалі нашы суседзі. Чаму? Ды таму, што Унія, якая жывіла нацыянальны дух народа, на захадзе Украіны, у Галіччыне, захавалася да 1946 года (калі яе здратаваў, загнаўшы ў падполле, Сталін).

На заканчэнне размовы пра унію згадаем праваслаўнага полацкага архіепіскапа Мялеція Сматрыцкага. Абвінавачаны ў падбухторванні віцяблянаў да забойства свайго суперніка, ён выправіўся ў паломніцтва па Святых Мясцінах. У вандроўцы ўладыка Мялеці прыйшоў да высновы, што праваслаўная царква заражаная ерассю, а Унія — ад Бога. Вярнуўшыся, ён выракся сваіх антыўніяцкіх твораў і напісаў іншыя, у якіх заклікаў суайчыннікаў прыняць новую веру дзеля міру на роднай зямлі.

Міру ў Літве-Беларусі, аднак, не было. Не паспела яна загаіць раны, пакінутыя Інфлянцкай вайною, а крумкачы, чуючы шчодрую пажыву, ужо зноў радасна віталі заваёўнікаў.

1633 год — сярод чорных датаў нашай мінуўшчыны. Маскавіты зрабілі яшчэ адну спробу захапіць Полаіцк. Ім паспрыяла звадка месцічаў з падваяводам Янам Лісоўскім. У чэрвені да горада падыходзіла збройная сіла з усходу. Падваявода выступіў на пасяджэнні магістрата з патрабаваннем як найхутчэй адрамантаваць вежу Ніжняга замка і ўвесці туды войска. Палачане Мікуліч, Хаткевіч, Семяновіч, Паплешыч (няхай прозвішчы дапамогуць каму-небудзь у складанні радаводу) і яшчэ дзесяць жыхароў падпісалі пратэст, адмовіўшыся даць на рамонт вежы нават дрэва. Спрэчка скончылася тым, што праз два дні непрыяцель уначы авалодаў Запалоццем і аддаў горад агню. Цэлы і незабраны застаўся адно Верхні замак. Яго абаронцы не давалі ворагу спакою: вялі абстрэлы, хадзілі на вылаз і змусілі чужынцаў адступіцца.

У той вайне 1632-1634 гадоў браў удзел народжаны ў Віцебскім ваяводстве шляхціч Казімір Семяновіч. Ён стане аўтарам выдадзенай у 1650-м у Амстэрдаме па-лацінску кнігі «Вялікае мастацтва артылерыі». Не пройдзе і года, як гэты трактат на трыста з лішнім старонак будзе перакладзены на французскую мову, затым з’явяцца выданні на англійскай, нямецкай, галандскай, дацкай… Англійскі перакладчык Джордж Шэлвак амаль праз стагоддзе пасля выхаду «Вялікага мастацтва артылерыі» прызнаваў што «аўтарытэт аўтара гэтай кнігі быў і дагэтуль застаецца для ракетнікаў і феервейкераў святым». Трактат таленавітага сына Прыдзвіння да канца XVIII стагоддзя будзе адзіным у свеце грунтоўным падручнікам (а адначасна і навуковым даследаваннем) артылерыі і ракетабудавання. На падставе ўласных эксперыментаў наш суайчыннік здолеў сказаць у гэтай галіне сапраўды новае слова. Гісторык Міхась Ткачоў у прысвечанай вучонаму ліцвіну кнізе, што выйдзе ў серыі «Нашы славутыя землякі» напіша: «Даўняя спрэчка пра тое, хто вынайшаў шматступеневую ракету — рускі К. Цыялкоўскі, бельгійскі інжынер Р. Бінг або амерыканец Р. Говард — вырашаецца для многіх нечакана: канструкцыю такой ракеты болей чым за 250 гадоў да іх апісаў у сваёй кнізе Казімір Семяновіч».

Але, як гэта ні горка, вернемся ў крывавае XVII стагоддзе.

Невясёлым стаўся палачанам 1642 год. На Верхнім замку праз неасцярожнасць п’яных жаўнераў успыхнуў пажар. Ён ператварыў у попел усе будынкі і, што самае небяспечнае, драўляныя сцены і вежы. Праз пяць гадоў замак збольшага адбудавалі, аднак усходні фарпост Рэчы Паспалітай па-ранейшаму жыў у заўсёднай трывозе.

Выгляд тагачаснага места дапаможа ўявіць зроблены ў 1654 годзе вопіс полацкіх умацаванняў. Верхні замак меў пяць васьмі- або шасцікутных рубленых у два бервяны вежаў: Усценскую, Машну, Красную, Уязную і Гуську. Ніжні замак — сем: Кабыльчыну, Наўгольную, Невельскую, Карліцкую, Іллінскую, Міронаўскую і Варвару. Яны былі круглыя, з шатровымі вярхамі і двума паверхамі — «з ніжнім і верхнім боем». Даўжыня замкавых сценаў складала блізу дзвюх тысяч сажняў. Ёсць сведчанні, што астрогам палачане абнеслі на той час і Запалоцце. Вакол яго ішоў роў, берагі якога былі ўмацаваныя завостранымі палямі. Над Дзвіною ўзвышалася рубленая ў дванаццаць сценаў новая Богаяўленская царква, пры якой быў праваслаўны манастыр. У Вялікім пасадзе стаяла на пляцы ратуша з заезным домам і гандлёвымі радамі, а побач — драўляны касцёл езуітаў і іх «мураваныя палаты». Кожныя паўгадзіны над горадам плыў звон: на езуіцкім двары адлічваў час гадзіннік з боем.

Такім убачыла Полацк улетку 1654 года 30-тысячнае маскоўскае войска. Пачуўшы пра яго падыход, большасць палачанаў добра памятаючы папярэднія «вызваленні», на чаўнах, пароме і наўплаў пераправілася праз Дзвіну і пакінула горад. Манахі-базыляне везлі з сабою срэбную дамавіну з прахам блажэннага Ясафата.

Пасля адчайнай сечы гарнізон мусіў здаць горад. У маскоўскіх Разрадных кнігах запісана: «Боярин и воевода Василий Петрович Шереметьев со товарищи пришли под Полоцк июня в 17 день и у литовских людей перевоз и слободы и дороги к Витебску и к Вилие застали и в Полоцку литовских людей осадили, и к городу со всеми ратными людьми бились целый день; и полоцкие сидельцы польские и литовские люди, езовиты и шляхта и мещане, видя под городом промысл, государю добили челом и город Полотеск сдали и учинились под государевою высокою рукою; и они, боярин и воеводы, со всеми ратными людьми в город вошли того же числа».

Цар Аляксей Міхайлавіч змацаваў сваёй чорнай на воску дзяржаўнай пячаткаю з двухгаловым арлом грамату «о внесении в царский титул наименований Полоцкого и Мстиславского помежду титулами Рязанский и Ростовский», а праз год палічыў што ўжо мае права менавацца вялікім князем Літвы.

Заваёўнікі зрабілі ў Полацку перапіс. Горад разам з Задзвіннем, Экіманню і Востравам меў усяго 839 жылых двароў і пяць тысяч жыхароў. Дзевяць сотняў двароў, чые гаспадары не захацелі трываць чужой улады, стаялі ўпусце.

Пра тое, як жылося тым, хто застаўся, красамоўна сведчаць гістарычныя дакументы.

Усцешаны лёгкай перамогаю цар спярша дазволіў палачанам бязмытна гандляваць, судзіцца ў ратушы сваім судом і на тры гады вызваліў іх ад падаткаў. Ухваліўшы спаленне стральцамі «шкодных лацінскіх кніг», Аляксей Міхайлавіч даў Богаяўленскаму манастыру ўсе вёскі, раней перададзеныя каралеўскаю ўладай католікам. «А что собирано в Полотеске в ратушу на короля, — загадвала яго царская вялікасць, — с торговых, с проезжих, и всяких людей, которые ездят мимо Полоцка со всякими товары водою, и сухим путем, и с Полочан, которые держат вино, и пиво, и мёд, пошлину с пустошей и с рыбных ловель, и со всяких угодий, и с мельниц обрыные деньги, и ныне те сборы указали есмя сбирать на ратушу попрежнему, на нас великого государя; а к тому сбору выбрати им меж себя целовальников, кому можно верить, и тех целовальников привести к вере…» Ашчаслівіў цар нашых продкаў і тым, што дазволіў «им Полочаном, посадским людем, видя к себе нашу государскую милость, жити в домах своих в Полотеске попрежнему, и во всем нам великому государю, нашему царскому величеству по вере по святому Евангелию служить, и всякого добра хотеть и искать прибыль».

Ніякай ахвоты шукаць цару прыбытку палачане не мелі, таму заваёўнікі шукалі самі. Першым чынам паводле даўняй завядзёнкі ўсё ў захопленым горадзе перапісалі і абвясцілі «исконно» сваім. Вопіс Сафіі пачынаўся так: «Соборная церковь Софеи Премудрости Божии, строение прежних государей и великих князей Московских…» (Вось жа не ведаў Усяслаў Чарадзей, што быў вялікім князем не полацкім, а маскоўскім!) Сярод перапісанага да меднае чары «в чом воск топят» царкоўнага багацця былі, між іншым, пяць куфраў з друкаванымі і рукапіснымі кнігамі і «со всякими литовскими письмами». Цару належала цяпер усё, нават дзверы — «на колокольнице два колокола больших, один в 100 пуд, а другой в 50 пуд, три колокола по 30 пуд, и у церкви и у паперти трои двери железные…»

Адрасаваныя цару чалабітныя малююць змрочныя, але каларытныя абразкі тагачаснага полацкага жыцця. Мешчанін Мішка, Карнілаў сын, Шнітка біў чалом у тым, што царскія людзі схапілі на дарозе яго зяця Рамана з таварам на сорак рублёў, прывезлі ў Полацк і, відаць, каб не дакучаў просьбамі вярнуць тавар, кінулі на 18 тыдняў у вязніцу. Пасля ні ў чым не вінаватага Рамана абмянялі ў Дзісну на палоннага маскоўскага стральца, прычым за гэта здзерлі з цесця сорак талераў і сем залатых чырвонцаў.

Вынаходлівасць акупантаў у рабунках не ведала межаў. У корчмах стральцы вымагалі «за так» паіць іх мёдам. Незадаволеных гэткай формай разліку білі бізунамі і катавалі агнём. Не баючыся Божае кары, стралец Асташка Іванаў «со товарищи» ўкраў у папа Івана з саборнай Сафійскай царквы срэбны пас і пару караляў — жамчужныя і «чырвоныя». Ва ўдавы Матронкі Есіпавай стральцы рэквізавалі «девять блюд цыновных, да стопу цыновую ж, да лихтар медной тройной, а цена блюдам, стопе и лихтарю 5 рублев».

Не грэбаваў рабункамі і сам пастаўлены царом ваявода Мікіта Вельямінаў. Полацкі лаўнік Васка, Міхайлаў сын, Свянціцкі біў чалом на ваяводу, што той «сторговал часы серебрены позолочены, а цена часам 20 ефимков и 3 ефимки и за те, государь, часы уплатил он мне только 5 ефимков, а 18 не отдает». Мешчанін Цітко Іванаў у ліхалецце закапаў на сваім падворку трыццаць рублёў, дзве срэбныя чаркі і сёе-тое яшчэ, а як пачаў выкопваць, быццам з-пад зямлі выраслі побач ваяводавы людзі і растлумачылі, што трэба дзяліцца, іначай ніякія грошы гаспадару ўжо ніколі не спатрэбяцца.

Вось яшчэ адна з полацкіх чалабітных таго часу: «Царю государю… бьет челом раба твоя полоцкая шляхтянка Гаврилова жанишка Гославского Маринка Григорьева дочь. В прошлом, государь, году пришол ко мне полоцкой приказной избы подьячей Иван Матфеев во дворишко мое, а я, раба твоя, в то число спала; и он, Иван, пришед, положил в избе образ на окно и сказал, бутто я, раба твоя, образами окно зачиняю, и за то меня, рабу твою, взяли в приказ и в приказе сажали в чоп двожды и от того, он, стольник Микита Ондреевич Вельяминов, взял у меня шубу рысью под сукном под красным с нашивкою золотою, и ожерелье было у той шубы рысье ж… Царь государь, смилуйся, пожалуй!»

На чалабітных захаваліся царовы, кажучы сучаснай моваю, рэзалюцыі. Выгнаныя са сваіх дамоў лепельскія «девицы законные католицкие шляхтянки честные» просяць дазволу жыць пры кляштарах і сваіх маёнтках. Рэзалюцыя вельмі падобная да сённяшніх — «Отказать». Галоўная ж рэзалюцыя Аляксея Міхайлавіча, немаведама за што празванага Цішайшым, была такая: «Царское величество николи Полоцкого воеводства никому не уступит».

У ліпені 1656 года цар заявіўся ў горад уласнай персонаю. У полі за Барысаглебаўскім манастыром яго сустракала праваслаўнае духавенства. Ігумен Богаяўленскага манастыра паэт і красамоўца Ігнат Іяўлевіч сказаў прывітальную прамову: «Долговременная и прискорбная наша желания благо нам мздовоздашася, егда напресветлаго лица твоего царского величества пренасветлейшия очи, страннаго нам, благодарного, во граде сем недостойнии ти рабы, благодарственно взираем, правоверия зельный рачителю, пресветлый, благоверный, Богом хранимый, и христолюбивый» і гэтак далей.

Прамова «пресветлому» спадабалася, і манастырская брація атрымала новыя дарункі. Цар паўдзельнічаў у асвячэнні назад у праваслаўе Спасаўскае царквы і Сафійскага сабора і, забраўшы адтуль цудатворны абраз Божае Маці, паехаў да свайго войска пад Рыгу. Абраз Цішайшаму дапамагаць не захацеў і ўвосень таго ж года, вяртаючыся ні з чым дадому, яго вялікасць зноў усцешыла палачанаў прыездам. «Блаженный град Полотеский пресветлаго твоего царского величества… — заліваўся салаўём хітрамудры ігумен Ігнат. — А по летах долгих да сподобишися венчан быти диадимою блаженства вечнаго, с Константином и Владимиром равноапостольными…»

Цара павадзілі па замках. Полацкі майстар Івашка Далёў з таварышамі ўжо адбудаваў Красную вежу. Яна была трохпавярховая, рубленая ў восем сценаў (васьмікутнікам), мела шатровае пакрыццё і падымалася на трыццаць вянцоў (блізу дзевяці метраў). Трохі ніжэйшыя былі вежы Усценская і Машна, якія будавалі палачане Івашка Андрэеў і Мацюшка Маркаў. Вялікі пасад палачане абкапалі ровам і абнеслі астрогам. Ваявода Вельямінаў лісліва зазіраючы гасудару ў вочы, дакладваў, што «Полоцку учинена великая крепость, мочно из тех башен весь город очищать и посады, и слободы». «Очищали» за адным разам і храмы з манастырамі. 3 царквы Параскевы Пятніцы ў Растоў было вывезенае Евангелле VI стагоддзя, замоўленае полацкім архіепіскапам Нафанаілам.

А на нашай зямлі доўжылася вайна. Вельмі хутка сапраўдныя намеры цара-бацюхны ўбачылі і тыя праваслаўныя, што паверылі абяцанкам вызваліць іх ад польскага ўціску. Загадам Аляксея Міхайлавіча стральцы спалілі Копысь, Чавусы, Бабруйск, Глуск, Свіслач… Яшчэ раней амаль цалкам было выразанае насельніцтва Мсціслава, які не захацеў здацца. Пасылаючы ў жніўні 1655 года ў Беларусь вялізнае войска ваяводы Трубяцкога, цар наказаў яму на сваім шляху ўсё разбураць і паліць, а каб болей панішчыць, «назад итти целыми жилыми местами». У сваіх допісах ваявода паведамляў: «Слуцкие посады и слободы велели мы все выжечь, а идучи дорогою до Слонима, села и деревни и хлеб и сено по обе стороны жгли и людей побивали и в полон имали, и разоряли совсем без остатку, а у Клецку у городе и на посаде литовских людей побили всех».

У 1657 годзе царскія казакі закатавалі на Палессі каталіцкага місіянера Андрэя Баболю, якога праз два стагоддзі папа рымскі абвесціць святым. (Мошчы Баболі будуць захоўвацца ў сутарэннях полацкага храма святога Стэфана, а пасля яго ператварэння ў XIX стагоддзі ў Мікалаеўскі праваслаўны сабор рэліквію перанясуць у бабінец дамініканскага касцёла.)

Полацкі епіскап Каліст, якога нельга было западозрыць у непрыязі да заваёўнікаў, у 1661 годзе пісаў «письмо увещательное» князю Івану Хаванскаму, што стаяў у Полацкім ваяводстве з ноўгарадскім і пскоўскім палкамі: «Вои твои вся пуста и нежительна сотвориша, вся в конец разориша царскими воинствующе оброки, яко ничего же во препитание сирым оставиша». У тым самым 1661 годзе, ўвосень, войска на чале з Жыромскім ушчэнт разбіла ваяводу Хаванскага пад Кушлікамі, за трыццаць вёрст ад Полацка. Пераможцы ўзялі ў якасці трафеяў 130 баявых варожых сцягоў.

Чужынцы пачуваліся на нашай зямлі ўсё больш няўтульна. Паланёны ў Кушлікаўскай бітве, а потым адпушчаны ноўгарадскі стралец Сценька Андрэеў вярнуўся з Вільні ў Полацк з трывожнай навіною. У сталіцу Вялікага Княства таемна прыходзіў нейкі віцебскі мешчанін «а ростом толст и высок, с писмами для того, чтоб под Витебск и под Полоцк полские и литовские люди подошли, а они де, мещане великого государя ратных людей вырубят и города полским и литовским людем здадут». Ваяводы ведалі, што гэта не пустая пагроза. Жыхары Магілёва, не стрываўшы ўціску і здзекаў ужо выразалі за адну ноч трохтысячны царскі гарнізон, які ў свой час мірна пусцілі ў горад. Жывы застаўся адзін-аднюткі стралец, што быў у самаволцы, цешачыся на печы з каханкаю.

І гараджане, якіх цар пазбавіў магдэбургскіх вольнасцей, і шляхта, і сяляне — усё часцей бралі ў рукі зброю, ствараючы партызанскія аддзелы. Найбольш чынна народ змагаўся з ворагам на ўсходзе, дзе, даведзеныя рабункамі да страшнага голаду, людзі елі ў вёсках уласных дзяцей. Палітыка цара прывяла да таго, што праваслаўная шляхта пераходзіла ў каталіцтва, а сяляне рабіліся уніятамі.

Тактыка выпаленай зямлі ажыццяўлялася адначасова з прымусовым перасяленнем у Масковію. Аляксей Міхайлавіч і маскоўскі патрыярх Нікан пастанавілі вывесці ў палон трыста тысяч ліцьвінаў-беларусаў, і гэты «велічны план» паспяхова выконваўся. На астраханскіх нявольніцкіх рынках стральцы бойка гандлявалі палоннымі з-пад Полацка, Віцебска і Мсціслава, прадаючы іх персам і туркам у вечнае рабства па тры рублі за галаву. Дзесяткі тысяч ліцьвінаў-беларусаў сталі прыгоннымі памешчыкаў-маскавітаў. Тысячу палонных пасяліў у падмаскоўных маёнтках баярын Марозаў. Сотнямі выводзілі людзей у свае вотчыны баяры Куракін, Трубяцкой і Хітраво. Царскія дзякі пасылалі з захопленых земляў шыфраваныя «тарабарскія» граматкі з усё новымі і новымі паведамленнямі, што «холопи идут в Московскую сторону».

Вялікую частку палону цар загадаў сяліць у сваёй апусцелай пасля чумнага паморку 1654 года сталіцы. Праз дваццаць гадоў толькі ў маскоўскай Мяшчанскай слабадзе жыло 612 беларускіх сем’яў. Іх дзеці вучыліся ў школе, якую трымаў беларус Якуб Якаўлеў. Народжаны ў Полацку манах Варлаам з лістапада 1665 года навучаў маскоўскіх дзяцей польскай і лацінскай грамаце. Сучасныя расійскія гісторыкі здзіўлена пішуць, што ў цёмнай, амаль цалкам непісьменнай Маскве ледзь не палова жыхароў Мяшчанскай слабады ўмела чытаць і пісаць. Апрача гэтае слабады нашых суайчыннікаў рассялялі па ўсім горадзе. Кожны пяты жыхар Масквы быў тады беларусам. 3 тае пары Масква і пачала па-наску «акаць», хоць вакол яе дагэтуль «окаюць».

Вядома, самымі каштоўнымі палоннікамі былі людзі майстравітыя, абазнаныя ў розных навуках. Такія, як друкары з Аршанскага Куцеінскага манастыра, што воляю патрыярха Нікана паехалі на чужыну разам з друкарняю. (У Масковію вывезлі тады ўсе беларускія друкарні з кірылічным шрыфтам.) Такія, як полацкія кафляры-цаніннікі, якія і сёння захапляюць археолагаў сваімі кафлямі з выявамі скамарохаў і цмокаў з расліннымі і геральдычнымі арнаментамі. На ўсход гналі «взятых по государеву указу» разьбяроў, ювеліраў, збройнікаў…

Гэта яны стваралі шэдэўры крамлёўскіх палатаў. Гэта яны аздаблялі Іверскі манастыр на Валдаі, саборы Новаерусалімскага манастыра на Істры, Круціцкі хорам і царскі палац у Каломенскім. Яны выштукавалі разьблёны іканастас Смаленскага сабора Новадзявочага манастыра. Яны, беларусы з Мяшчанскае слабады, сталі акцёрамі першага ў Расіі прыдворнага тэатра… Нашых майстроў, якіх бралі працаваць пры царскім двары, абавязкова «прыводзілі да веры» і змушалі даваць царкоўную прысягу. Ніхто не зважаў, што добрую палову «литовских иноземцев» складалі праваслаўныя.

У 1662 годзе ў маскоўскай Срэбнай палаце служылі Аляксею Міхайлавічу болей за сорак беларускіх майстроў, пераважна з Віцебска і Полацка. Шмат нашых паднявольных суайчыннікаў прымнажалі царовы багацці ў Збройнай, Залатой і Майстроўнай палатах. Тут таксама было нямала палачанаў: шабельнік Рыгор Іванаў, чаканшчык Іван Андрэеў (ён зрабіў царэвічу Пятру Аляксеевічу пазалочаны срэбны «рукамый» з фініфцю), «скорых ковчежных дел мастер» Сымон Якаўлеў, сярэбранікі Сцяпан Астаф’еў, Васіль і Фяклістка Грыгор’евы, Мікіта Сямёнаў, Іван і Фёдар Палачанінавы… У Маскве працавалі таксама полацкія ювеліры Сцяпан Мандрыкін, Міхаіл Якаўлеў, Іван Пракоп’еў, ганчар Кузьма Савельеў, збройнікі Анісімка Мікалаеў і Грышка Стасюкоў.

Спіс гэты, безумоўна, далёка не поўны. 3 нашай зямлі перасялілі майстроў шасцідзесяці спецыяльнасцей. Некаторых з гэтых рамёстваў (вырабу каляровае кафлі, разьбы па дрэве з пазалотаю) у Масковіі датуль не ведалі. Але Аляксею Міхайлавічу Цішайшаму ўсё было мала, і ён пасылаў ігумену Богаяўленскага манастыра Іяўлевічу загад «призвать к нашей, великого государя милости воспевака Ивана Коклю, чтобы он ехал к нам, великому государю, к Москве, с женой и с детьми, а мы его за то пожалуем». Заканчваўся ліст традыцыйным крывадушным абяцаннем: «И буде он на Москве быть не похочет и мы, великий государь, велим его отпустить назад в Полотеск».

Палонны беларускі шляхціч Адам Каменскі-Длужык, родам з-пад Оршы, знаходзячыся з 1658-га блізу дзесяці гадоў за Уралам, напісаў успаміны пра сваё доўгае падарожжа праз усю Сібір, якія сталі першай крыніцаю звестак з этнаграфіі яе народаў. Дарэчы, недахоп у Сібіры царкоўнай маёмасці маскоўскія ўлады кампенсоўвалі яе вывазам з Вялікага Княства Літоўскага. Напрыклад, у царкоўных вопісах табольскіх храмаў неаднаразова сустракаюцца кнігі «печати литовской».

Яшчэ адна звязаная з той вайною цікавостка. Аднекуль з Прыдзвіння цар выслаў пад Уфу нядобранадзейных шляхцічаў са старадаўняга смаленска-полацкага роду Тураўскіх. 3 часам яны сталі звацца па-расійску — Туравы, а потым — Дуравы. Гены ваяўнічых продкаў праз паўтара стагоддзя загаварылі ў Надзеі Дуравай, што ў 1806 годзе пад прыдуманым імем запісалася ў Гарадзенскі ўланскі полк, стала першай у расійскай арміі жанчынай-афіцэрам, ваявала ў Беларусі ў 1812-м, дайшла з войскамі да Парыжа і зрабілася прататыпам гераіні фільма «Гусарская балада».

1664 год. Замест Вельямінава цар прысылае ў Полацк новага ваяводу Багдана Нашчокіна. Той зрабіў падрабязны вопіс полацкай вайсковай маёмасці, з якога мы даведваемся, напрыклад, што ў палку ў князя Івана Хаванскага было «2198 корабинов порчаных, 312 пар пистолей порчаных, 232 пары починеных; 630 стволов мушкетных, 37 стволов мушкетных раздутых, 14 пар литавр пробитых, 900 колчаданов, 400 кремнев, 60 шпаг ломаных, 740 мушкетов починеных, 1530 мушкетов порченых, 4 знамени без древок полотняных, 6 бердышов, 7 сабель с ножнами худых, 14 пуд свинцу». Полацкі гарнізон складаўся тады з 13 557 ратных людзей і 198 мяшчан. У замкавых вежах, брамах і на сценах стаялі 50 гармат і 59 затынных пішчалей.

Але ні замены ваяводаў ні царскія інспекцыі і застрашлівыя ўказы не маглі выратаваць Масковію ад паразы. Паводле Андрусаўскага міру 1667 года, царскія войскі пакінулі Полацк, жыхароў якога вялікі князь на чатыры гады вызваліў ад дзяржаўнага падатку і ўсіх павіннасцей.

Хоць і прыйшло вызваленне, язык не паварочваецца назваць вайну пераможнай. У выніку ваенных дзеянняў, голаду і хваробаў у 1654-1667 гадах Беларусь страціла палову свайго насельніцтва. Загінуў кожны другі, а ва ўсходняй Беларусі — кожныя 80 чалавек са 100. У Полацку ацалела 102 дамы з болей чым пятнаццаці сотняў, у Віцебску — 50 з 982. Полацкае ваяводства на пачатку вайны мела 19 580 гаспадарак, напрыканцы — 5840. За гэтымі вусцішнымі лічбамі — абарваныя чалавечыя лёсы, вынішчаныя пад корань роды, мільёны ненароджаных працавітых і таленавітых людзей, будучыя беды нашай зняможанай зямлі… Ад мора пралітай крыві сучаснікі называлі тыя гады не вайною, а патопам. У аднайменным рамане той час досыць праўдзіва апісаў Генрык Сянкевіч. (Цікава, што правобразам галоўнага героя «Патопу» стаў наш зямляк аршанскі войт Самуэль Кміціц з беларуска-ўкраінскага роду Кмітаў-Чарнабыльскіх.)

Велізарнай незваротнаю стратай для Бацькаўшчыны былі не толькі палеглыя, але і жывыя — тыя сотні тысяч беларусаў, якіх вайна назаўсёды адарвала ад родных агменяў.

МУЖ ДАБРАВЕРНЫ, ЦАРКВЕ I ДЗЯРЖАВЕ ПАТРЭБНЫ

Незайздросная доля ў таго, хто сядзіць у турме — пазбаўлены сонца і неба, адарваны ад блізкіх людзей і ўлюбёных заняткаў. А калі звініш кайданамі, не ведаючы за сабой аніякай правіны, трываць пакуты шматкроць цяжэй. Тады агортвае роспач, і ў душы нараджаюцца вершы-малітвы:

Призри оком милости на мене скорбяща, От неправедна мужа клевету терпяща. Их же ум мой не мыслил, он на мя клевещет, А душа в невинности от страха трепещет. Крови моея хощет, пагубы желает…

Радкі гэтыя напісаў Самуіл Гаўрылавіч Пятроўскі-Сітняновіч, што ўвайшоў у гісторыю як славуты беларускі і расійскі пісьменнік, асветнік і філосаф Сімяон Полацкі. Напісаў, калі яго па даносе кагосьці са зласліўцаў кінулі ў 1659 годзе ў вязніцу на Верхнім замку.

Вязень меў трыццаць гадоў. Бацькам яго быў заможны палачанін Сітняновіч, але потым хлопчыка выхоўваў айчым, які і даў яму другое прозвішча — Пятроўскі. Дакументы полацкай рэвізіі сярэдзіны XVI стагоддзя кажуць, што Пятроўскія здавён жылі недалёка ад Скарынаў і, пэўна, таксама належалі да купецкага стану.

Навуку малы Самойла пачаў з брацкай школкі полацкага Богаяўленскага манастыра. Тут выкладалі мовы — лацінскую, грэцкую і славянскую, арыфметыку, рыторыку, спевы. Побач ужо паўстагоддзя стаяў езуіцкі калегіум, куды прымалі і праваслаўных. Езуіты вучылі добра, прычым задарма. Ды Пятроўскія моцна трымаліся дзедаўскай веры і выправілі сына вучыцца ажно на Украіну, у Кіева-Магілянскую калегію, якую называлі кіеўскімі Афінамі. Там Самуіл вывучаў «сем вольных мастацтваў», багаслоўе, мовы (да школьнага пераліку дадалася яшчэ і польская). На занятках лацінай полацкі шкаляр быў выдатнікам, а вось старажытнагрэцкая паддавалася цяжкавата.

Рэктар калегіі прафесар Інакенці Гізэль, які здабываў асвету ў англійскіх універсітэтах, чытаў студэнтам курс натурфіласофіі. Ён здагадваўся пра закон захавання матэрыі і энергіі, што пазней сфармулююць Лавуазье і Ламаносаў. Самуіл Пятроўскі занатоўваў у канспекце, што «матэрыя існуе ў аднолькавай колькасці і аднаго віду ў целе дрэва, а потым у целе агню, які ўзнік з гэтага дрэва». Гізэль прытрымліваўся рэнесансавай думкі, што творца не адзін — іх тры: Бог, прырода і мастацтва.

Наш зямляк слухаў на лекцыях такія, напрыклад, крамольныя разважанні: «Шмат хто з філосафаў называе прычынаю руху зорак, а таксама марскіх прыліваў і адліваў дзеянні анёлаў. Так вырашаць праблему сапраўды лёгка, але філосафу — сорамна». Рызыкуючы наклікаць на сябе гнеў багасловаў рэктар нёс выхаванцам ідэі Каперніка: «Сонца — планета, якая знаходзіцца ў цэнтры іншых планет і як бы ўзвышаецца на каралеўскім троне, уліваючы сваю сілу ў зменлівую прыроду».

У Кіеве пасталела паэтычная муза нашага суайчынніка. 1648 годам пазначаныя першыя яго творы, якія захаваліся да нашых дзён — «Акафіст» і «Канон».

Як шмат хто з выпускнікоў «Афінаў», ён паступіў у Віленскі універсітэт. Маючы ахвоту, у Архіве старажытных актаў у Маскве можна пагартаць напісаныя на лаціне ўласнаручныя канспекты полацкага студэнта з розных навучальных курсаў: «Багаслоўскія разважанні», «Палемічнае багаслоўе», «Разважанні Тамаша Аквінскага». Рыторыку ва ўніверсітэце выкладаў тады вучоны з еўрапейскаю вядомасцю Жыгімонт Лаўксмін, курсы паэтыкі і антычнае культуры грунтаваліся на працах бліскучага новалацінскага паэта Мацея Казіміра Сарбеўскага, які некалі чытаў лекцыі і ў Полацкім калегіуме. На той час Самуіл, апрача роднай беларускай, ужо настолькі дасканала авалодаў лацінай, царкоўнаславянскай і польскай мовамі, што пісаў на ўсіх чатырох вершы.

Адукаваны палачанін зрабіўся прыхільнікам мірнага паяднання хрысціянскіх цэркваў. Гэта прывяло яго ў грэка-каталіцкі ордэн базылянаў.

Чуючы ў сабе магутныя сілы, ён марыў прысвяціць жыццё літаратурным і навуковым заняткам. Час не надта спрыяў. Вайна Рэчы Паспалітай з Масковіяй не дала давучыцца. Летам 1655 года Самуіл стаўся сведкам штурму Вільні войскамі царскага ваяводы Чаркаскага і казацкага атамана Залатарэнкі. Яны сотнямі выразалі бяззбройных — мужчын, кабет і дзяўчат. Царскія стральцы і казакі рабавалі храмы: здымалі званы, абдзіралі з абразоў каштоўныя аправы, нішчылі арганы. У кляштарах гвалцілі і забівалі манашак, выкідвалі з дамавінаў мерцвякоў. Касцёл святога Міхала ўбачыў разбурэнне магілы канцлера Льва Сапегі. Заадно спалілі і праваслаўную царкву за Вострай Брамай.

У раскошнай, абабітай чырвоным аксамітам французскай карэце па горадзе ехаў цар Аляксей Міхайлавіч. Фурманы былі ў высокіх каўпаках і вішнёва-жоўтых каптанах. Дарогу перад царом па-азіяцку засцялілі крывава-чырвонай тканінаю. Апроч войска цара ніхто не сустракаў. Палова віленцаў загінула, астатнія ратаваліся, хто дзе мог.

Самуіл падаўся ў Полацк.

Родны горад сустрэў нядаўнімі пажарышчамі і ліпучымі паглядамі маскоўскіх стральцоў. Падарожнік палічыў, што самы надзейны прыстанак у такі час — сцены Божай цвярдыні. Ігуменам Богаяўленскага манастыра над Дзвіною быў знаёмы яшчэ з Кіева прафесар вольных мастацтваў Ігнат Іяўлевіч. 3 яго прапановы Самуіл прыняў пострыг і стаў Сімяонам.

Выкладаў у брацкай школе (яе драўляны будынак знаходзіўся якраз на месцы сучаснага Музея беларускага кнігадрукавання), дзе некалі вучыўся, стварыў там тэатр, пісаў для яго п’есы. Але галоўным захапленнем настаўніка-дыдаскала была паэзія. У манастыры склаўся цэлы гурт таленавітых паэтаў. Сам ігумен, іераманах Філафей Утчыцкі, выхаванцы брацкай школы Васіль Яновіч і Сава Капусцін. Манаства вызваляла ад матэрыяльных клопатаў, а адначасна і ад абавязкаў перад сям’ёй і дзяржаваю. Наконт шкоды свецкага жыцця для паэта і вучонага Сімяон выказаўся так:

Ибо не будет мощно с книгами сидети, Удалит от них жена, удалят и дети… Препятствие мудрости женитву вещает, Ей неудобно книги довольно читати, И хотение жены в доме исполняти.

Хутка надарылася магчымасць паказаць свой паэтычны дар самому цару. Дванаццаць вучняў маладога дыдаскала выступілі перад Аляксеем Міхайлавічам з чытаннем твора пад даўжэзнаю, сапраўды «мятроваю» назвай: «Метры на пришествие во град отчистый Полоцк пресветого благочестивого и христолюбивого государя царя и великого князя Алексия Михайловича, всея Великия и Малыя и Белыя России самодержцы и иных царств, и князств, и государств обладателя от отроков, знайдучыхся во училище при церкве святых богоявлених монастыря брацкого полоцкого мовеные при привитаню пресветлого его царского величества, а наготованные през господинов отцов и братию тоеиж святой обители в лето от создания мира 7164, а от воплощения Божьего Слова 1656 месяца июля, 5 дня».

Хлопчыкі старанна дэкламавалі:

Веселися, о царю пресветлый з востока, Россом светячий светом от Бозкаго ока…

Гэтыя «Метры» Сімяон складаў, як сказалі б цяпер, у сааўтарстве з ігуменам і з Філафеем Утчыцкім, аднак на колькі дзён раней ён прымудрыўся з’ездзіць у Віцебск, дзе шкаляры чыталі цару яшчэ адны «Метры», яго ўласныя:

Витаем тя, православный царю, праведное солнце, Здавно бо век прагнули тебе души наши и сердце. Витаем тя, царю, от востока к нам пришедшего. Белорусский же от нужды народ весь освобождашаго.

Для сяго-таго з сучасных гісторыкаў такія радочкі, вядома, знаходка. Аднак не будзем забывацца, што базылянін Сімяон жыў у часы крывавага патопу і цудоўна ведаў, як цар і яго войска вызвалялі «от нужды народ весь». А яшчэ адкрыю сакрэт: крыніцаю звернутых да маскоўскага валадара вершаў было не натхненне, а… выдадзеная на паўстагоддя раней «Прасфоніма», дзе такія самыя параўнанні адрасаваліся кіеўскаму мітрапаліту. Карацей кажучы, наш зямляк пісаў вітанні цару без творчага перанапружання, так, як вы перараблялі б дзеля знаёмай дзяўчыны, напрыклад, «Алесю» Аркадзя Куляшова.

Чаго ж тады Сімяон займаўся славаслоўем? Па-першае, трэба было спрыяць манастыру, што даў яму прытулак. Па-другое, — і гэта галоўнае — як чалавек разумны і праніклівы, ён шукаў мецэната, пад абаронаю якога ў тую жорсткую эпоху мог бы адносна спакойна служыць сваёй музе.

Видите меня, как я муж отраден, Возрастом велик и умом изряден. Ума излишком, аж негде девати, Купи, кто хочет, а я рад продати.

Паэт празмерна сціплы. Ён разумеў: знайсці такога апекуна ў тагачаснай знясіленай вайною Рэчы Паспалітай амаль немагчыма, і спадзяваўся, што пакупцом будзе не «кто хочет», а расійскі цар. Тут наш суайчыннік быў паслядоўнікам славутага Макіявелі: мэта апраўдвае сродкі.

Надзея простага манаха Сімяона зрабіцца прыдворным паэтам можа здацца занадта смелай, але ён ведаў свайму таленту цану:

Кто ся со мною может поровнати, Разве из мертвых Голиафу встати?

Аляксей Міхайлавіч атрымліваў з Полацка новыя і новыя творы, тым больш вялікіх намаганняў яны ад Сімяона не вымагалі. Толькі прайшоў почут, што цара могуць абраць вялікім князем літоўскім і каралём польскім, а ўжо гатовае віншаванне з абраннем.

3 такой самай лёгкасцю пісаліся «Стихи к осударыни царицы» і «Стихи к осударю царевичу».

Душу Сімяон адводзіў пішучы вершаваную калядную драму «Беседы пасия». Шчырасцю дыхаюць і радкі малітвы да святой Еўфрасінні Полацкай, якую паэт просіць хутчэй вярнуць вывезены ў Маскву цудадзейны абраз Багародзіцы.

Убо, о мати, припади за нами К Господу Богу твоими рабами, Да возвратит нам икону святую, Просвети землю белорусскую.

А потым яго героямі зноў рабіліся то маскоўскі патрыярх Нікан, то пастаўлены ім у абход царкоўных законаў (беларускія землі былі пад эгідаю патрыярха канстанцінопальскага) епіскап полацкі і віцебскі Каліст.

Лобзаем тебе пастыру, нам об Бога даны, От царя праваславна на сей сан избраны. Тебе пастырем овец своим познаваем И пастырску гласу твойму послушаем.

Можна абурацца з непераборлівасці Сімяонавай музы, але, учытаўшыся, успрымаеш верш як з’едлівую іронію. Асабліва калі ведаеш, што пазней паэт пісаў пра незаконнага ўладыку: «Гэты агіднік і п’яніда быў вялікі хабарнік, а не пастыр. Зато і пакараны: 15 лютаіа 1663 года ўначы, з нядзелі на панядзелак, сорамна павесіўся».

Пэўна, тую іронію адчуў і сам епіскап. А мо ён проста зайздросціў манаху Сімяону, як ва ўсе часы нікчэмнасць зайздросціць вольнаму таленту. Якраз «услаўлены» паэтам уладыка Каліст і прызначыў яму за нейкую правіну ганебнае пакаранне — працаваць у хляве, а потым, скарыстаўшыся з даносу, пасадзіў у турэмную камору. Нібы небяспечных злачынцаў паэта і яшчэ пяцярых настаўнікаў брацкай школы вяла на Верхні замак варта з пяцідзесяці царскіх стральцоў. У астрозе ногі ўсім зняволеным закавалі ў кайданы. Праз два тыдні Сімяон выйшаў на волю, але пякучая крыўда засталася навекі. Мо акурат тады ён і наважыўся ехаць у Маскву.

Зрэшты, да ад’езду падштурхоўвалі і іншыя падзеі. Іяўлевіч, настаўнік і заступнік, ужо не быў ігуменам. Раней ці пазней маскоўскія войскі пакінуць горад. Ніхто тады не будзе разбірацца, шчыра ці не, пісаў ён прывітальныя вершы цару і патрыярху. I яшчэ — няміласць праваслаўнага ўладыкі…

Увесну 1664 года Сімяон апошні раз глянуў з прыдарожнага пагорка на Полацк.

Что я стяжу в дому? Что изучуся? Лучше в странствии умом обогачуся.

Разам з ім у Масковію ехалі маці і пляменнік. Таго самага года ён пісаў у лісце да сябра, што, як толькі дазволяць абставіны, вернецца на радзіму. Лёс, аднак, вырашыў па-свойму: паэт развітаўся з родным горадам назаўсёды.

Цар не забыўся на таго, хто калісьці лагодзіў яго слых мілагучнымі вершамі. Сімяон (у Маскве ён пачаў падпісвацца як Полацкі) атрымаў адказнае даручэнне: стварыць у Заіконаспасаўскім манастыры лацінскую школу для царскіх людзей з Прыказа таемных справаў. Выпускнікі школы паехалі з галавой Пасольскага прыказа баярынам Ардын-Нашчокіным з дыпламатычнай місіяй у Курляндыю. Так наш зямляк прыклаў руку і да развіцця расійскае разведкі.

Ён ахвотна карыстаўся запрашэннем з’яўляцца ў царскі палац з любога ўрачыстага выпадку. Калі нарадзіўся царэвіч Сімяон, паэт паднёс усцешанаму бацьку свайго аднайменніка нешта нябачанае дагэтуль ні царом, ні прыдворнымі: паэтычныя віншаванні мелі форму крыжа, васьміканцовае зоркі, ромбу, сэрца, стужкі серпанціну. Менавіта Сімяон Полацкі стаў у расійскай паэзіі пачынальнікам эксперыментаў з фігурнымі вершамі.

Частыя сустрэчы вучонага палачаніна з царом не прайшлі марна. На царкоўным саборы, што судзіў патрыярха Нікана і разглядаў пытанне пра раскольнікаў, Сімяон быў сакратаром і перакладчыкам двух усяленскіх патрыярхаў — александрыйскага і антыяхійскага. Выконваючы іх волю, ён напісаў трактат «Жезл правления», накіраваны супроць правадыроў царкоўнага расколу. 3 яго ідэйным натхняльнікам і правадыром пратапопам Авакумам Полацкі меў з просьбы цара гутарку. Гэта была сустрэча дзвюх выдатных асобаў і двух антыподаў, людзей з супрацьлеглымі поглядамі і жыццёвымі мэтамі.

Пратапоп — рэлігійны бунтар, надзелены несумнеўным літаратурным талентам (яго пяру належыць пранізлівае сваёй трагічнасцю прызнанне: «Выпросил у Бога Россию Сатана»), які хоча захаваць несапсаваную адукацыяй маскоўскую старасвеччыну, «простоту души». Выказваючы погляды найбольш рэакцыйных колаў маскоўскага грамадства, ён пісаў, што «Христос не учил нас диалектики, а ни красноречия, потому что ритор и философ не может быти христианин… а нынешних философов наречем разве песьими сынами».

Раскольнікі з фанатычнай зацятасцю выступалі не толькі і не столькі за «старыну», як супроць усяго новага і найперш супроць заходнееўрапейскай мудрасці.

Сімяон — прадстаўнік усходнеславянскай барокавай культуры — быў прыхільнікам асвечанага абсалютызму. Надзвычай важнай для барока была ідэя нязменнасці чалавечай душы насуперак зменлівасці свету, неабходнасць духоўнага супроцьстаяння злу. Полацкі лічыў сваім абавязкам падымаць культуру суседняй краіны, бо чым вышэй культура, чым шырэй светапогляд, тым вышэй чалавечая маральнасць. Нядзіва, што ён назваў Авакума невукам — «Се не умеет науки». А пратапоп пасля сустрэчы з ненавісным «лаціннікам» запісаў: «Зело было стязания много: разошлись, яко пьяни, не мог и поесть после крику».

Разглядаючы стан духоўнага жыцця маскоўскага грамадства XVII стагоддзя, расійскі даследчык I. Татарскі ў кнізе «Симеон Полоцкий» (М., 1886) пісаў: «У Маскве не было ва ўласным сэнсе школ, у якіх выкладалі б якія-небудзь навукі. Галоўнымі пашыральнікамі пісьменства і нейкай кніжнай адукацыі былі толькі манастыры… Аднак манастырская адукацыя была ўсё ж вельмі невысокая: яна складалася пераважна толькі з адной начытанасці, з простага ўмення чытаць і перапісваць кніжкі, і нават у такім выглядзе распаўсюджвалася не на многіх. Таму нават манастырскае духавенства было разрадам людзей, у большасці сваёй, цёмных. Лепшым доказам гэтага з’яўляецца той факт, што нават найвышэйшыя іерархічныя пасады ў Маскоўскай Русі былі занятыя асобамі не заўсёды з дастатковай для таго адукацыяй. Такім, на нашу думку, быў і патрыярх Філарэт…»

Востры дэфіцыт у краіне адукаваных людзей непазбежна прывёў да таго, што Полацкага прызначылі выхавальнікам і настаўнікам царскіх дзяцей. Ён асабіста вучыў спадкаемцаў трона царэвічаў Аляксея ды Фёдара і царэўну Соф’ю, а таксама наглядаў за выхаваннем царэвіча Пятра. Палачаніну даручылі праэкзаменаваць дзяка Мікіту Зотава, каб высветліць, ці здатны той быць настаўнікам будучага расійскага імператара.

Для васьмігадовага Пятра Сімяон Полацкі выдаў лемантар (буквар) з уласнай вершаванаю прадмовай. 3 яго парады ўрад даручыў прыдворнаму жывапісцу зрабіць копію вялікай карты зорнага неба. Гэтыя «Бегі нябесныя» змясцілі на столі ў палацавай трапезнай.

Хоць паэт і вучоны быў пад абаронаю цароў — спачатку Аляксея, а потым свайго гадаванца Фёдара Аляксеевіча, жылося яму ў Маскве не надта соладка. Не меней, чым раскольнікі, «лацінніка» ненавідзелі вярхі расійскага праваслаўя. Гэтая вера з яе кансерватызмам і падазронасцю да навукі заўсёды была Сімяону чужая. Пратапоп Авакум адкрыта называў яго «рымлянінам».

Прыгняталі Полацкага і жорсткія маскоўскія парадкі. У Рэчы Паспалітай змаганне рэлігійных плыняў ішло звычайна ў выглядзе літаратурнай палемікі і багаслоўскіх дыспутаў. У Масковіі — каб не казалі ерасі — людзям выразалі языкі. На вачах у Сімяона загінуў на вогнішчы вучань пратапопа Авакума, таксама таленавіты літаратар Аўраамі. Пасля маскоўскага Меднага бунту сем тысяч чалавек пазбавіліся галавы, а пятнаццаці тысячам адсеклі руку ці нагу. У Трубчэўскім манастыры стральцы закатавалі Сімяонавага брата іераманаха Ісакія. Паэт у чалабітнай патрыярху з глыбокім смуткам пісаў, што гаротніка «били убииством смертным не вестимо, за какову вину, и покинули его за мертва. А за непризрением игумена Нектария без исповедания и причастия божественных тайн отошел из света сего».

Але і ў той задушлівай атмасферы палачанін мужна і аддана служыў богу асветы. Ён стаў першым у Расіі прафесійным пісьменнікам. Ён перакладаў з лацінскай ды польскай моваў і літаратурна апрацоўваў царкоўныя і свецкія творы, удзельнічаў у падрыхтоўцы поўнага перакладу расійскае Бібліі. Ён адчыніў «в царских хоромах, против нижней стряпчей избы» сваю, незалежную ад патрыярхавай цэнзуры друкарню (у ёй працавалі аршанскія майстры, вывезеныя з Куцеінскага манастыра), першай кнігаю якой быў «Букварь языка славенска». Заўважым, што пасля стварэння гэтай друкарні іх колькасць у Маскоўскай дзяржаве адразу падвоілася: была адна, стала дзве. У той самы час у нашай дзяржаве налічвалася 134 друкарні. (Як кажуць, адчуйце розніцу.)

Полацкі напісаў праект першай у Расіі вышэйшай навучальнай установы, паводле якога потым стваралася маскоўская Славяна-грэка-лацінская акадэмія. Яе студэнт Міхайла Ламаносаў па Сімяонавых творах упершыню пазнаёміўся з вершаскладаннем.

Полацкі стаяў ля вытокаў першага ў Расіі тэатра, адчыненага ў 1672 годзе пры царскім двары. У трупу набралі дваццаць шэсць юнакоў і дзяўчат, амаль усе — беларусы з Мяшчанскае слабады. Некаторыя з іх, безумоўна, удзельнічалі раней у тэатральных паказах на полацкай, аршанскай ці віцебскай сцэнах.

Праз колькі гадоў акцёраў са слабады стала ўжо шэсцьдзесят. Пасольскі прыказ, абавязаны клапаціцца пра тэатр, часта забываўся заплаціць іншаземцам, і пасля рэпетыцыі тыя, па-мастацку перабольшваючы свае злыбеды, пісалі цару: «Платьишком ободрались, сапожнишками обносились, а пить-есть нечего и помираем мы, холопи твои, голодною смертью». Адну з такіх чалабітных ад імя ўсіх акцёраў падпісаў Родка, сын Івана Харытонава, пераселенага ў Маскву з Дуброўны, другую — Івашка Іванаў сын селяніна з вёскі Красулі, што паміж Горкамі і Оршай.

Цар паказваў чалабітныя Сімяону, а той заступаўся за землякоў. Тэатр, для якога ён напісаў п’есы «Комедия притчи о блудном сыне» і «О Навходоносоре царе», даваў яму ўцеху і адпачынак. Тут першы ў Масковіі пастаноўшчык чуў мову свайго дзяцінства і юнацтва, мову сваіх першых вершаў. Памяшканне для тэатра ў Крамлёўскім палацы над царскай аптэкай прыводзілі да ладу Хведар Юр’еў з-пад Вільні і яшчэ з дзесятак беларусаў, якія «делали к комедийному строению всякое плотницкое дело». Дваццаць пяць краўцоў пад кіраўніцтвам былых шклоўскіх жыхароў Трафіма Данілава і Сцяпана Фёдарава шылі тэатральныя ўборы. Лаўрушка Сцяпанаў родам з Асвеі і ўраджэнец Віленскага павета Даніла Іванаў рабілі рэквізіт — напрыклад, «Бахусу место и под бочку станок на колесах».

Педагагічных, выдавецкіх ды іншых асветніцкіх клопатаў у Сімяона было, як кажуць, пад завязку, але найперш ён жыў літаратурнай творчасцю. Яго маскоўскі вучань і сябра Сільвестр Мядзведзеў захапляўся працавітасцю настаўніка: «На всякий день име залог писати в полдесть по полу тетради, а писание его бе зело мелко и уписисто». Іначай кажучы, Сімяон штодня пісаў дробным почыркам восем старонак — вершы, п’есы, прамоўніцкую прозу. Толькі паэтычная яго спадчына налічвае больш за пяцьдзесят тысяч радкоў.

Наш суайчыннік стварыў велізарны і непаўторны свет, падарожнічаць па якім цікава ды пазнавальна. Адзін з найбольш адукаваных людзей XVII стагоддзя і, несумненна, самы адукаваны ў Масковіі, ён лічыў абавязкам несці людзям веды і ў літаратурных творах. У яго ёсць вершаваная мінералогія, адкуль можна даведацца пра ўласцівасці магніту, крэменю, горнага крышталю… А вось як паэт казаў пра тыпы чалавечага тэмпераменту:

Юпитер - Венус полнокровных родит, Веселы чада их по нивам ходят. Марс холериков вождем ся являет, Биет, сечет, палит и войны свершает. Мерзко вещают, сами ся вешают Меланхолици — от Сатурна, бают.

Уяўленне пра светабудову Сімяон даваў сучаснікам у трактаце «Венец веры кафолическия». Там сцвярджаецца, што ёсць тры небы: самае высокае і нерухомае — эмпірэйскае, дзе знаходзяцца святыя і іншыя незямныя істоты; за ім — рухомае крышталёвае; потым — нябесная цвердзь, якая падзяляецца на пояс нерухомых зорак і рухомых планет. Дапамагаючы ўявіць астранамічныя адлегласці, асветнік піша, што калі б мы ехалі ад Зямлі да эмпірэйскага неба з хуткасцю 80 міляў у гадзіну, дык вандроўка доўжылася б 50 тысяч гадоў. Зоркі ён апісваў так: «Веществом чисты, образом круглы, количеством велики, явлением малы, качеством светлы, дольних вещей родительны» (значыцца, уплываюць на зямныя падзеі).

Полацкі прытрымліваўся заходнееўрапейскай касмалагічнай гіпотэзы, што грунтавалася на вучэннях Арыстоцеля і Пталамея. У Масковіі ж панавала старая візантыйская традыцыя, згодна з якой Зямля ўяўлялася плоскай, а неба — увагнутым, як чаша.

Захапляючыся астралогіяй, Полацкі быў майстрам вершаваных гараскопаў, якія складаў царскай сям’і і прыдворным вяльможам. Вялікі поспех меў яго гараскоп царэвіча Пятра, уручаны бацькам у дзень хрэсьбінаў. Як сведчаць палацавыя запісы, паэту шчодра аддзячылі: «Наставнику старцу Симеону поднесено с царского стола четыре головы сахару весом по три фунта голова, два блюда по полфунту, сахаров зеренчатых блюдо, ягод винных фиников по фунту на блюде, трубочку корички… да полоса арбузная, другая дынная».

Ён складаў оды, элегіі, гімны, панегірыкі, эпітафіі, загадкі, «плачи», «утешения»… Сваімі сатырычнымі і павучальнымі вершамі ён змагаўся з дзікімі расійскімі забабонамі. У «Поучении против суеверий» паэт абураўся такой папулярнай маскоўскай методай лекавання, як мазанне дзяцей граззю ад сурокаў.

Як і яго славуты папярэднік Скарына, Полацкі ўсё жыццё цікавіўся медыцынай. Выступаючы супроць чараўнікоў і шаптуноў ён паважліва ставіўся да традыцыйных народных сродкаў «Естественных врачеств не пренебрегайте», — вучыў ён і з сімпатыяй пісаў у адным з вершаў пра мудрую лекарку, што ратавала хворых настоенымі на віне зёлкамі. Чалавека асветнік параўноўваў з горадам, які — па колькасці органаў пачуццяў — мае пяць брамаў. Дбаючы пра гэтыя «брамы», ён прапаноўваў рацыянальную сістэму харчавання — раіў не злоўжываць тлушчамі, бо «похоть умножают», але не ўхваляў і пастоў, бо «плоти изнемогший ум не добр бывает». Ён пакінуў натхнёныя радкі пра віно, што «сердце утверждает и возвеселяет», і адначасна з агідаю пісаў пра жлуктаў.

Героі яго твораў — найчасцей жывыя людзі з іх клопатамі, пакутамі і заганамі. Ён услаўляе пакрыўджанага невукамі філосафа і выкрывае суддзю-хабарніка і манаха, на душы ў якога грахі абжорства і п’янства.

Друг твой в пиве, в горелце, в тобаце, Если тя выдал, налай, як собаце.

Паэтава дасціпнасць добра відаць у вершы «Пьянство». Напіўшыся да божай моцы, бацька прыходзіць дадому і замест двух сыноў бачыць чатырох. Ва ўладзе страшнага падазрэння ён вырашае праверыць жонку распаленым жалезам.

Кемлівая жанчына, не надта спадзеючыся на Гасподні суд, просідь раўніўца падаць ёй чырвонае жалеза сваёй рукою. Вінапівец хапае яго, і чацвёра сыноў імгненна ператвараюцца ў двух.

Жывучы ў сталіцы жорсткай краіны, дзе штодня кагосьці каралі смерцю, Сімяон не баяўся павучаць самога цара:

Мало есть правды царю мудру быти И подчиненных мудрости лишити… Вели и рабом мудрости искати, И того тебе будут работати… От искусных муж ищи совета И от разумных вопроси ответа. Милостив буди, и скор оставляти, Косен казнити, а готов слушати…

Шырокую славу прынёс нашаму земляку пераклад Псалтыра — зборніка біблійных гімнаў і песняў, па якім тады звычайна вучыліся чытаць. Пераклад, зразумела, быў зроблены вершамі і выдадзены з цудоўнымі гравюрамі ў Сімяонавай друкарні. Гэтая «Псалтырь рифмотворная» зрабілася ў адукаваных месцічаў папулярным спеўнікам. Яе называў сярод трох кніжак — яго «врат учености» — Ламаносаў (Яшчэ аднымі «вратами» была «Граматыка», напісаная полацкім архіепіскапам Мялеціем Сматрыцкім.)

Абдзеленыя прамоўніцкім талентам святары дзякуючы Сімяону Полацкаму атрымалі два падручнікі — зборнікі царкоўных словаў і казанняў пад назвамі «Обед душевный» і «Вечеря душевная». У кожным болей за паўтары тысячы старонак, на якіх — узоры высокага красамоўства, што прыводзяць на памяць «другога Златаслова» Кірылу Тураўскага.

Большасць сваіх вершаваных твораў паэт сабраў у аб’ёмістыя рукапісныя кнігі «Рифмологион, или Стихослов» і «Вертоград многоцветный». У прадмове да першай ён прыгадвае юнацтва:

Писах в начале по языку тому, Иже свойственный бе моему дому. Таже увидев многу полъзу быти, Словенскому ся чисту учити.

«Вертоград» з яго размешчанымі ў алфавітным парадку вершамі быў своеасаблівай энцыклапедыяй. Чытач мог атрымаць звесткі з гісторыі, геаграфіі, заалогіі, паразважаць над царкоўнай прыпавесцю, пасмяяцца з анекдота… Сярод герояў энцыклапедыі — антычны філосаф Дыяген, персідскі цар Артаксеркс і біблейны волат Самсон, што паразіў аслінаю сківіцай тысячу філісцімлянаў…

Камусьці гэтыя вершы здадуцца сёння грувасткімі і няўцямнымі, але тут, пэўна, той выпадак, калі вінаваты не аўтар, а чытач, які дрэнна ведае эпоху, свет яе ідэй і вобразаў. Для свайго часу Сімяонавы творы былі наватарскімі і мелі вядомасць не толькі ў Масковіі.

Полацкі належаў да заўзятых аматараў паэтычных эксперыментаў. Мабыць, яны кампенсавалі «натхненне», з якім складаліся даўжэзныя прыдворныя оды. Апрача фігурных вершаў ён ствараў са сваіх радкоў цэлыя архітэктурныя спаруды, якія можна і чытаць, і разглядаць як цікавы малюнак. У спадчыне нашага суайчынніка часта сустракаюцца ўзоры так званай макаранічнай паэзіі, калі верш складаўся адразу на дзвюх ці на трох мовах з чаргаваннем «славянскіх», польскіх і лацінскіх радкоў. Такой творчай методаю ён напісаў колькі твораў, адрасаваных баярыну Багдану Мацвеевічу Хітраво, які доўга і падазрона разбіраў велягурыстыя пажаданні вучонага «заходніка». 3 прафесійнай лёгкасцю Сімяонава пяро стварала вершы ў два слупкі, што чытаюцца і паасобку, і разам:

Бог сый в небе     Радостъ тебе        Да дарует               Честъ и славу          Мужу праву             Да готует              За то, яко              Всем благ всяко                   Бываеши  Бедным милость      Скорбным радость   Боже благий Свете драгий Да храниши Марфу здраву В твою славу Юже зриши Тя, любяшу И служашу Сердцем правым Умом десным Словом честным.

Сучасныя паэты могуць пазайздросціць яго ўменню пісаць у жанры «рэха», калі дасягаецца эфект гэтай прыроднай з’явы.

Рцы, Щасте, кому служыш, кто ест сей? — Алексей. Чыя кров? — Сын Михайлов. Государев? — Царев. Кто саном? — Цар роксаном. Коли дуж? — Храбрый муж…

Такая мудрагелістасць наогул была ўласцівая культуры барока, да якой належыць Сімяон.

У Маскве ён здабыў еўрапейскую славу. Пра яго вершы вёў гаворку ў кнізе «Расійская граматыка» оксфардскі лінгвіст XVII стагоддзя Лудольф. Яшчэ раней аб першым прафесійным расійскім літаратары, беларусе з Полацка Сімяоне апавясціў Еўропу курляндскі арыстакрат Якуб Рэйтэнфельс. Ён напісаў выдадзеныя па-лацінску ў Падуі і па-нямецку ў Нюрнбергу «Сказанні пра Масковію», чые чытачы даведаліся, што ў сталіцы паўночнай дзяржавы жыве «пісьменнік, манах базылянскага ордэна Сімяон, які ў высокай ступені поўны лацінскай вучонасці».

Паэт не шкадаваў сябе ў працы, часта хварэў, і 25 жніўня 1680 года Маскву абляцела вестка пра яго смерць. Адных яна засмуціла, другіх усцешыла. Цяжка сказаць, каго было болей: асветнік нашмат апярэджваў свой час.

Развітаўся з гэтым светам Сімяон у яснай свядомасці, загадзя пакінуўшы запавет, які сведчыць, што ў апошнія дні жыцця ён шмат думаў пра родную Літву-Беларусь. 3 пакінутых сямісот рублёў срэбрам і шасцісот золатам сваю долю, згодна з запаветам, атрымалі беларускія манастыры ў Полацку (Богаяўленскі), Віцебску, Оршы (Куцеінскі), Дзісне, Міёрах, Менску і Вільні.

Выхаванец асветніка цар Фёдар загадаў скласці эпітафію і «на двух каменных таблицах вырезать, позлатить и устроить над гробом иеромонаха Симеона своею государскою казною, из Приказа каменных дел». Пісаў надмагільныя вершы Сільвестр Мядзведзеў. Цар зацвердзіў толькі пятнаццаты варыянт эпітафіі, які высеклі над магілай у маскоўскім Заіконаспасаўскім манастыры. 3 верша Мядзведзева і ўзяты радок для назвы гэтага раздзела кнігі.

Пасля Сімяона засталася найбагацейшая ў Маскве бібліятэка, вопіс якой сведчыць пра энцыклапедычныя веды і захапленні гаспадара. Творы Цыцэрона, Тамаша Аквінскага, Эразма Ратэрдамскага, айцоў царквы. Граматыкі, слоўнікі, зёльнікі (зборнікі звестак пра лекавыя расліны), медычны трактат XIII стагоддзя «Книга преудивительная таинств женских, еще о силах трав, каменей, зверей, птиц и рыб»… Дзяку, што рабіў вопіс, не заўсёды хапала адукацыі, каб прачытаць і перакласці назву таго ці іншага фаліянта, і ён запісваў: «Книга о каменнях различных, творение Андриана Тулия, латинская» або проста: «Книга всего мира описание». (Калі будзеце на радзіме асветніка, абавязкова наведайце цудоўны музей-бібліятэку Сімяона Полацкага, якая з’яўляецца часткаю Музея беларускага кнігадрукавання. У той зале з галерэяй сярод тысяч тамоў на розных мовах вы сапраўды падыхаеце паветрам эпохі выдатнага палачаніна.)

Сімяон пакінуў пасля сябе цэлую школу расійскіх паэтаў. Пакінуў друкарню, дзе ўжо пасля яго смерці выйшлі «Обед душевный» і «Вечеря душевная». Галоўнае ж багацце, што засталося нашчадкам, — літаратурная спадчына асветніка і паэта. Яна была патрэбная не толькі асобам знаным ды асвечаным, але і паспалітаму люду. У 1698 годзе маскоўскі патрыярх атрымаў ад запарожцаў просьбу прыслаць у іх царкву зборнікі казанняў вучонага палачаніна. Напэўна, асабліва прываблівала казацтва надрукаванае ў «Вечере душевной» узнёслае «Слово к православному и христоименитому запорожскому воинству». Казакі не ведалі, што праваслаўная царква ўжо абвясціла Сімяонавым творам анафему і забараніла згадваць іх як ерэтычныя.

Яго магілы не захавалася, а надмагільная пліта захоўваецца ў маскоўскім Спасаўскім саборы былога Заіконаспасаўскага манастыра на вуліцы Нікольскай.

Вакол яго асобы дагэтуль не заціхаюць спрэчкі.

Якой культуры найперш належыць Сімяон — беларускай ці расійскай? I наогул — хто ён? Патрыёт, што мусіў падпарадкавацца жорсткім абставінам, але ў душы застаўся верны юначым перакананням? Альбо, як сцвярджаюць некаторыя, рэнегат, які кінуў у цяжкія часы радзіму і падаўся вучыць царскіх дзяцей у варожую Масковію?

Свае аргументы ў гэтай дыскусіі ёсць у кожнага. Але ісціну, як звычайна, трэба шукаць пасярэдзіне.

Перавыдаюцца яго творы, па іх абараняюцца ў Маскве і ў Мінску дысертацыі. Кніга пра нашага земляка выйшла ў папулярнай серыі «Жизнь замечательных людей». У 1980 годзе ЮНЕСКА ўнесла імя Сімяона Полацкага ў каляндар міжнародных датаў выдатных дзеячаў славянскае культуры.

Тым, хто захоча глыбей пранікнуць у свет думак і вобразаў знакамітага паэта, раю разгарнуць важкі том яго «Виршей», выдадзеных колькі гадоў таму «Мастацкай літаратурай».

Угледзьцеся ў партрэт сівабародага манаха, што абапёрся рукамі на кнігу. У гэтых вачах свеціцца жывая чалавечая мудрасць, якая ніколі не старэе.

КАРАНАВАНЫ ЗАБОЙЦА

Царэвіч Пётр Аляксеевіч, што некалі прыціхаў перад вучоным манахам Сімяонам, вырас, узышоў на трон і ўзяўся прасякаць вакно ў Еўропу.

У Паўночнай вайне са Швецыяй хаўруснікам расійскага імператара быў вялікі князь літоўскі Аўгуст II. Кіруючыся на сустрэчу з ім у Біржайскі замак, Пётр I у лютым 1701 года на паштовых падводах праязджаў праз Полацк.

Пасля пажараў і разбурэнняў мінулага стагоддзя горад ужо трохі акрыяў. Колькасць будынкаў у ім набліжалася да тысячы. Прыстойны выгляд набылі замкі. У неба падымаліся адноўленыя цэрквы і касцёлы. Зноў набіралі сілу рамесніцкія цэхі. У Экімані пачыналі рабіць лёгкія рачныя судны — «екіманкі»…

Першае з’яўленне Пятра ў Полацку, калі не лічыць грамавых імператаравых тостаў на абедзе, абышлося ціха. А вось другі прыезд… Лепей бы шляхі расійскага ўладара пралеглі дзе-небудзь убаку. Праўда, тады б сёй-той з полацкіх экскурсаводаў не меў бы магчымасці з правінцыйным гонарам казаць, што «в нашем городе останавливался царь Петр I». Шмат хто і сёння не можа ўцяміць, што мемарыяльная шыльда на адной з прыдзвінскіх камяніц, якая нагадвае пра гэта, зневажае нашу нацыянальную годнасць.

Але ўсё па парадку.

Пачатак XVIII стагоддзя зноў зрабіў Літву-Беларусь тэатрам ваенных дзеянняў. Частка магнатаў, узначаленая Сапегамі, падтрымала шведскага караля Карла XII і дапамагла яму войскам. Прыхільнікі шведаў абралі вялікім князем і каралём Станіслава Ляшчынскага. Такім чынам Рэч Паспалітая займела адразу двух гаспадароў, паміж якімі таксама разгарэлася вайна. Тым часам скандынавы занялі Гарадзеншчыну. Пётр I накіраваў у Беларусь 70-тысячную армію.

Значныя сілы на чале з князем Аляксандрам Меншыкавым у лютым 1705 года рушылі да Полацка і сталі за горадам вайсковым лагерам. У чэрвені сюды прыехаў сам цар. Ён жыў то ў келлях Спасаўскага манастыра, што належаў тады езуітам, то ў зграбнай, пабудаванай у 1694 годзе мураванцы недалёка ад Богаяўленскага манастыра, на якой цяпер вісіць мемарыяльная дошка. Сто гадоў таму палачане яшчэ маглі бачыць над вокнамі гэтага будынка ляпную выяву двух геніяў, што трымалі ў руках стужку з лацінскім надпісам: «Petrus Primus. Anno Domini MDCCV» — «Пётр Першы. Год Гасподні1705».

Імператар прабыў у Полацку блізу месяца. Тут ён выдаў маніфест, дзе забараняў шляхце збірацца на з’езды або ехаць у Варшаву на зацвярджэнне новага манарха. Парушальнікаў Пётр абяцаў пакараць як здраднікаў Айчыны і «истребить их имения огнем и мечем». Горад цар меўся ператварыць у велізарную фартэцу, умацаванні якой ахоплівалі б замкі, Вялікі пасад, востраў на Дзвіне і прылеглыя ўзвышшы. На плане Полацка 1707 года драўляных сценаў і вежаў ужо няма, а паказаныя бастыёны з зямлі і каменю. Разам з тым царскі генерал фон Вердэн атрымаў загад: у выпадку набліжэння да горада пераважных сілаў шведаў адступіць толькі пасля таго, як узарве полацкія замкі.

29 чэрвеня, у дзень імянінаў, Пётр прыняў ад айцоў-езуітаў запрашэнне паабедаць у іх у калегіуме. Прывітальную прамову цару, яго сыну Аляксею і князю Меншыкаву казаў рэктар Казімір Бельскі. Дакументы дадаюць, што «при заздравном тосте о благоденствии высокого именинника производилась стрельба из пушек, поставленных на площади пред коллегиумом». Таго разу гаспадары зрабілі на імператара неблагое ўражанне (пазней ён падпіша ўказ, якім забароніць езуітам знаходзіцца ў межах Расіі). Падчас абеду Пётр апавядаў рэктару пра свае падарожжы па розных краінах, а потым міласціва назіраў імшу ў езуіцкім касцёле.

Цар не вылучаўся пабожнасцю. Хоць ён і заходзіў у храмы, зняўшы парык, але не цырымоніўся нават з расійскім духавенствам. Што ўжо казаць пра неправаслаўных! Уніятаў Пётр проста ненавідзеў. У хвіліну шчырасці ён сказаў Аўгусту II, што ў Вялікім Княстве Літоўскім павінны застацца толькі «ваша (значыцца, каталіцкая) і наша царква». У Віцебску цар загадаў пасекчы ўсе абразы з выяваю Ясафата Кунцэвіча. Не спадзеючыся на лепшае і ў Полацку, манахі-базыляне (яны мелі тады мужчынскі і жаночы кляштары пры Сафійскім саборы і Барысаглебаўскі ў Задзвінні) адправілі срэбную труну з мошчамі святога Ясафата ў Жыровіцкі манастыр пад Слонімам.

Сваё стаўленне да тагачаснай веры большасці нашых продкаў імператар засведчыў не дзе-небудзь, а ў кафедральным Сафійскім саборы.

Назаўтра пасля імянінаў Пётр з Меншыкавым і некалькімі афіцэрамі, ніштавата выпіўшы, зайшоў у галоўны полацкі храм. Простых вернікаў-уніятаў у Сафіі гэтай парою не было, маліліся адно шасцёра святароў і манахаў. Выгляд рахманых чарнарызцаў, якія ў параўнанні з двухметровым імператарам і прыдворнымі не вылучаліся ні ростам, ні дужасцю, надаваў падпітым візітантам смеласці. Цар гучна запатрабаваў зрабіць яму экскурсію па храме.

Вікарый Канстанцін Зайкоўскі мусіў перапыніць імшу і падпарадкавацца. У кожным алтары цар спыняўся, і святар апавядаў пра паходжанне абразоў, з халадком на сэрцы чакаючы, калі яны падыдуць да выявы Ясафата, якую уніяты ўсё ж не знялі.

Адвесці небяспеку было ўжо немагчыма. «Хто гэтатакі?» — зароў Пётр, убачыўшы знаёмае аблічча полацкага арцыбіскупа. Айцец Канстанцін, не страціўшы мужнасці, распавёў пра жыццё і пакутніцкую смерць Кунцэвіча. «Хто ж яго адправіў на той свет?» — дапытваўся імператар з шалёным агнём у вачах. Вікарый цвёрда адказаў: «Святога айца Ясафата пазбавілі жыцця віцебскія схізматыкі».

Гэтага хапіла, каб цар выцяў немаладога святара пудовым кулаком. Зайкоўскі ўпаў і Пётр пачаў біць ляжачага вікарыя кіем, а потым секчы шабляй. Меншыкаў выхапіў палаш і адным ударам забіў прапаведніка Феафана Кальбячынскага — той якраз прымаў перад алтаром блажэннага Ясафата прычасце. Беручы прыклад з раз’юшанага гаспадара, афіцэры ўжо секлі рэгента саборнага хору Якуба Кнышэвіча, айцоў Юзафа Анкудовіча і Мялеція Кандратовіча. Святыя глядзелі з абразоў, як па храме плыве крывавая ручаіна.

Старога архімандрыта Якуба Кізікоўскага царовы служкі забралі ў свой лагер і ўсю ноч катавалі, патрабуючы паказаць, дзе схаваны саборны скарб. Уранні айца Якуба павесілі. У пятлі сканаў і зранены вікарый Зайкоўскі. Уратаваўся ад каранаванага ката з памагатымі адзін Юзаф Анкудовіч — толькі з тае прычыны, што яго палічылі забітым. Целы пяцярых ахвяр, паводле волі Пятра, спалілі, а попел развеялі над Дзвіной, каб магілы пакутнікаў не сталі месцам паломніцтва.

Забойства святара — найцяжэйшы грэх перад Богам, а калі яно ўчыненае яшчэ і ў храме, падчас набажэнства… Пётр I прэтэндаваў на ролю цывілізаванага манарха, але дзікунскае злачынства ў Сафійскім саборы выстаўляла яго сапраўдным азіяцкім тыранам. Трэба было неяк спыніць непажаданыя размовы пры еўрапейскіх дварах, і на свет нарадзіўся падпісаны царскай рукою мемарыял — выдатны ўзор таго, як у царскай імперыі ва ўсе часы з чорнага бессаромна рабілі белае:

«Униатские духовные непрестанно с неприятели шведы и сапежинцы (прыхільнікі Сапегаў — У.А.) имеют тайную корреспонденцию и опасныя намерения противу войск царского величества… Однако ж его царское величество, уничижая те их злобы и снося великодушием своим, никакой противности им учинить не повелевал. Но последи, егда случилось его величеству итти мимо их костела и желая видеть их церемонии, пошел с несколькими знатными особами двора своего, тогда помянутые злочестивые не токмо его величества с подобающего честью не приняли, но наипаче со всяким безчестием… Еже царское величество, однако ж, по благоутробию своему снес и пришед к некоторому ту паче прочих украшенному образу, вопрошал их: «Чей то образ?» Но сии злочестивцы ругательно отвещали, что сей образ священномученика их Иосафата, котораго де ваши единоверцы еретики и богоотступники и мучители, как и вы, убили. За которую мерзкую хулу возъярився, повелел его царское величество при себе тогда обретающимся людям оных хульников и уличенных изменников взять и привесть за арест для осуждения, изшед сам вон от сих богомерзких. Но оные, видя наших малолюдство, начали сим его царского величества людям противитися и кричать о помощи, так что еще иные к ним из их причету на монастыре со оружием пристали, хотя их отбить, и в том супротивлении некоторых из его царского величества людей ранили; за что оные, озлобясь, начали сами сих злодеев не щадя рубить, так что четыре из них, против воли царского величества, смертельно ранены и померли, избавя себя по отчуждению от достоиной смертной безчестной казни… Сие есть такое истинное возвещение того случая, еже всякому ко известию да служит, дабы клеветники того, ко вреду его царского величества высокой справедливости и приятственных к Речи Посполитой поступков, не могли инако розглашати».

Каб пазбыцца сумнеўнай славы забойцы духоўных асобаў, Пётр пад уплывам свайго хаўрусніка Аўгуста II і з аглядкаю на рымскага папу выдаў полацкім базыльянам універсал на вольную адправу набажэнства і вызваленне кляштарных маёнткаў ад усялякіх павіннасцей. Паводзіны імператара і яго людзей сведчаць, чаго быў гэты дакумент варты. Параненых манахаў, што прыбеглі ў дзень злачынства ратаваць вікарыя ды архімандрыта, цар зняволіў, а Сафію і базылянскія кляштары аддаў на рабаванне салдатам. Тыя выцягнулі з храма ўсе каштоўнасці і тры тысячы злотых, а начальніку полацкага гарнізона прыйшоў загад скаргі «богомерзких» грэка-католікаў не разглядаць.

Выступіўшы перад сабранаю ў Полацк беларускай шляхтай, імператар папярэдзіў: няхай уніяты і надалей не чакаюць літасці. Тут царскае слова не разыходзілася з чынам. Узімку 1707 года да полацкіх айцоў-базылянаў прыйшлі журботныя навіны з Менска. Расійская кавалерыя абчысціла там жаночы уніяцкі манастыр святой Тройцы (ад яго пайшла назва сённяшняга Траецкага прадмесця). Шукаючы золата, зладзеі паламалі ў манастырскім саборы алтар і ўзадралі падлогу. Потым надышла чарга Святадухаўскай царквы на Высокім рынку (цяпер пляц Волі) ды іншых храмаў і кляштараў. Па слядах гэтых рабаўнікоў ішлі царскія казакі і калмыкі. Здабычы засталося мала, таму казакі палезлі і ў цэрквы да аднаверцаў. Менскае праваслаўнае брацтва заклікала месцічаў да зброі, і рабаўнікі атрымалі адпор на Нямізе.

Ад такіх саюзнікаў Беларусь за гады Паўночнай вайны зазнала гора не меней, чым ад шведаў. Продкі апынуліся паміж двух агнёў, і разабрацца, які пячэ мацней, было нялёгка. Нядзіва, што віцябляне прызналі новым валадаром Станіслава Ляшчынскага і таемна паслалі шведскаму каралю сем тысяч талераў. Даведаўшыся пра «здраду», Пётр даў казакам і калмыкам каманду падпаліць места Віцебскае з усіх бакоў. Згарэлі замкі, ратуша, чатыры касцёлы і дванаццаць цэркваў.

Наогул расійскі імператар і яго вяльможы трымаліся на Літве-Беларусі не як хаўруснікі, а як акупанты або, у лепшым разе, глядзелі на яе, быццам на сваю вотчыну. Магілёўскі ігумен Арэст пакінуў запіскі пра побыт у горадзе князя Меншыкава. Яны дазваляюць уявіць, як тое магло адбывацца і ў Полацку.

Князь і вялікая світа ехалі ў Магілёў з азіяцкаю пышнасцю на вярблюдах і мулах. Каб залагодзіць небяспечнага госця, магістрат сустрэў яго хлебам-соллю, бочкаю вугорскага віна і багатымі дарункамі. Усё было марна. Афіцэры па-гаспадарску сталі на пастой у дамах у заможных месцічаў, а князь з дваром уладкаваўся ў замку і запатрабаваў ад горада ўзяць на сябе поўнае, «ад вялікіх да малых патрэбаў», забеспячэнне расійскага войска.

«3 прычыны загаду, — піша ігумен Арэст, — дастаўлялі князю віно венгерскае і французскае бочкамі, мёд і піва варамі, капусту і соль бочкамі, штодзённа вала жывога, колькі дзесяткаў бараноў, гусей і курэй статкамі і чародкамі, хлеба сітнага і ружовага на ўсякі дзень па 100 булак, гарэлкі простай і наліўкі моцнай меркамі, мыла на мыццё бялізны па колькі дзесяткаў фунтаў на тыдзень, рыбы прасольнай вазамі, а жывой — колькі магчыма было даставаць, рыбы вяленай пудамі, вострыя прыправы, разынкі, міндаль па колькі дзесяткаў фунтаў, жалеза на каванне коней і акоўку караванаў пудамі, мукі пшанічнай найлепшай меркамі, рыбы асятрыны цэлымі асетрамі і пасечанымі, рыбы саміны на колькі дзесяткаў фунтаў, калачы печаныя штодзённа былі дадзеныя, за выключэннем святочных дзён, штодзённа таксама бліны грачаныя па колькі дзесяткаў і масла каровіна. А таксама, калі чаго-небудзь здарыцца не паставіць, тады магістрацкія асобы браны пад варту і экзекваваны, штрафаваны».

Магілёў дачакаўся і падзякі за гасціннасць. Горад, што лічыўся тады адным з найпрыгажэйшых у Еўропе, быў разрабаваны і дашчэнту выпалены. На працягу месяца па царовым загадзе былі таксама спаленыя Орша, Быхаў, Мсціслаў… Менавіта Пётр загадаў знішчыць замак Белы Ковель у Смалянах пад Оршай, руіны якога і сёння нагадваюць пра нашага «саюзніка».

Цар Пётр пакараў і саму святую Сафію. Адразу па забойстве пяці святароў, храм апячаталі і зрабілі вайсковым складам. Тут трымалі амуніцыю, а часам і коней. Полацкі грэка-каталіцкі ігумен Лаўрэн пісаў у Рым папу: «Не толькі кляштар дагэтуль заняты маскавітамі, але нават сама кафедральная царква, апаганеная зверскім забойствам манахаў, пазбаўленая столькі гадоў магчымасці адпраўляць святыя малітвы і даваць святое прычасце верным уніятам, бо ў выніку выгнання адтуль манахаў з яе выкінулі ўсе царкоўныя рэчы». Праз два стагоддзі Аляксей Сапуноў знойдзе ў архіве Полацкай духоўнай кансісторыі запіс пра тое, што пятроўскі камендант Озераў забраў цудатворны абраз Найсвяцейшай Дзевы Марыі «в серебряной, позолоченной ризе, украшенный крупными драгоценными камнями».

Гэты факт рабавання пацвярджаецца і полацкім інвентаром 1712 года: «Чудотворный Образ Пресвятой Девы, находившийся в Кафедральной церкви Полоцкой, увезен комендантом Озеровым в Смоленск».

У сутарэннях сабора мясцілася царскае парахавое сховішча.

Досыць было іскрынкі, каб беларуская святыня ўзляцела ў паветра. I такая іскра ўспыхнула 1 траўня 1710 года, якраз напярэдадні — дзіўнае супадзенне! — адыходу з Полацка расійскіх войскаў.

Выбух знішчыў сцяну, левы бакавы алтар, пашкодзіў калоны і скляпенні. Куродымныя руіны трыццаць гадоў стаялі на Верхнім замку, выклікаючы ў сэрцах у палачанаў і тых, хто плыў па Дзвіне, глыбокі смутак, нагадваючы пра цяжкія страты роднай зямлі.

За Паўночную вайну трохмільённы беларускі народ скараціўся на восемсот тысяч.

Зрэшты, першы расійскі імператар, як вядома, не цырымоніўся і са сваімі падданымі. «Дабы защитить Отечество от врагов, Пётр опустошил его больше всякого врага», — пісаў Васіль Ключэўскі.

У палітычным запавеце цар адкрыта сказаў, што народ трэба трымаць у беднасці, бяспраўі і непісьменнасці, каб лягчэй выкарыстоўваць і «расходовать» яго на дзяржаўныя патрэбы.

Сучасны расійскі гісторык Ігар Буніч наогул бачыць у асобе Пятра крывавага маньяка. Згадваючы шматлікія пакаранні смерцю (напрыклад, насельніцтва сібірскага горада Тараўца, «уличенное в расколе», воляю цара было ўсё цалкам, улучна з немаўлятамі, пасаджанае на палі), Буніч падае і такі факт: «У прысутнасці імператара дваццацідвухгадовай дзяўчыне (прыдворнай красуні Марыі Гамільтон. — У. А.), нягледзячы на яе маленні, адсякаюць галаву. Пётр бярэ мёртвую галаву з эшафота, цалуе яе ў вусны, нечакана для ўсіх падымае над натоўпам і пачынае чытаць лекцыю з анатоміі, тлумачачы, «какая жила в голове для чего предназначена»».

У Полацк вярнулася толькі малая частка месцічаў, рассеяных ліхалеццем па свеце.

У 1716 годзе сойм Полацкага ваяводства паслаў у Вільню дэпутацыю з просьбаю вызваліць горад ад падаткаў. Ён так збяднеў, што абраныя праз дзесяць гадоў бурмістры не мелі за што паехаць на зацвярджэнне да войта. Даваеннай колькасці насельніцтва Полацк дасягнуў адно ў 70-я гады XVIII стагоддзя, калі ў ім зноў налічвалася блізу тысячы дамоў.

1738 год у полацкіх аналах пазначаны пачаткам адбудовы святой Сафіі. Нялёгкі клопат усклаў на сябе уніяцкі арцыбіскуп Фларыян Грабніцкі — ужо за адно гэта ён варты нашай удзячнасці. На запрашэнне ўладыкі Фларыяна з Вільні прыехаў вядомы ў Вялікім Княстве дойлід Ян Глаўбіц.

Перад выбухам парахавога сховішча Сафія мела выгляд храмафартэцы з прысадзістымі вежамі. У 1750 годзе сабор канчаткова набыў добра знаёмае нам сучаснае аблічча і стаў выдатным помнікам архітэктуры так званага віленскага барока. Я. Глаўбіц і кіраўнік муляраў Б. Касінскі ўштукавалі ў новы храм падмурак і часткі сценаў ранейшай Сафіі — не столькі дзеля эканоміі, як з павагі да старажытных дойлідаў а яшчэ — каб паказаць пераемнасць уніяцтва ў дачыненні да праваслаўя.

Новы сабор павінен быў сцвярджаць самастойнасць і сілу уніяцкае веры.

Ад яруса да яруса імкнуць у вышыню вежы, якія робяць усю велічэзную спаруду зграбнай і лёгкай. У суладнасці са знешнім абліччам — унутранае: багатая ляпніна, васьмікалонны алтар. 3 блакітнага нябеснага астраўка над ім глядзіць Тройца: Хрыстос і Саваоф, над якімі ўвасабленнем Святога Духа лунае голуб.

Цёплая палевая афарбоўка сценаў урачыста спалучаецца з пазалотаю і белым колерам алтароў. Напрыканцы ХIX стагоддзя гзымсы (карнізы) галоўнага алтара яшчэ былі ўпрыгожаныя скульптурамі святых. У 1752-1768 гадах побач з саборам падняліся, утвараючы з ім адзіны ансамбль, трохпавярховыя карпусы мужчынскага базылянскага кляштара, знішчаныя ўжо ў XX стагоддзі.

Адноўленая, а дакладней, нанова пабудаваная Сафія шмат пабачыла. Была здратаваная Унія, прыйшлі праваслаўныя, якія, між іншым, занядбалі храм да таго, што ў час пераносу мошчаў святой Еўфрасінні набажэнствы там адбываліся толькі адзін месяц на год.

За савецкім часам сабор служыў то збожжасховішчам, то архівам. Была ідэя стварыць там музейную экспазіцыю, але пасля палічылі, што для музея Полацку хопіць і разоў у дзесяць меншай лютэранскай кірхі.

У Другую сусветную вайну вежы Сафіі зрабіліся арыенцірамі для артабстрэлаў і бамбавання, у выніку якіх амаль дазвання быў разбураны гістарычны цэнтр горада, што потым спісалі на нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Адраджэнне Сафіі да новага жыцця палачане святкавалі ў 1983-м, калі храм стаў канцэртнаю залай. Цяпер тут выступаюць славутасці з усяго свету, а на першым канцэрце ў выкананні мінскага ансамбля старадаўняй музыкі «Кантабіле» гучалі творы эпохі барока, створаныя уніяцкімі кампазітарамі ў XVII стагоддзі.

За ўзнёслыя пачуцці, што ахопліваюць нас сёння ў храме, мы павінны дзякаваць і Яну Глаўбіцу, і аўтару праекта рэстаўрацыі Валерыю Слюнчанку. (Паводле яго ж праектаў у Полацку аднаўляліся Богаяўленскі і Крыжаўзвіжанскі саборы.) Поруч з беларускімі рэстаўратарамі ў Сафіі працавалі спецыялісты ў ляпніне з Летувы і арганныя майстры з тагачаснай Чэхаславакіі.

Паміж праваслаўнымі і ўніятамі раз-пораз узнікаюць спрэчкі, каму з іх у будучым быць у саборы гаспадарамі. На маю ж думку, Сафійскі сабор павінен належаць нам усім. Вернікі розных канфесій маглі б у вялікія святы па чарзе адпраўляць набажэнствы, як гэта робіцца ў ерусалімскіх храмах, а атэісты прыходзілі б у храм высокага мастацтва. Толькі тады Сафія будзе не яблыкам разладу, а сімвалам адзінства і велічы Полацкай зямлі, сімвалам адраджэння ўсёй Беларусі.

Тут, у саборы, дзе лекуе душу сімфонія архітэктуры і колераў, музыкі і скулыітуры, нескладана перанесціся праз два з паловаю стагоддзі і ўбачыць, як каля амбоны прыпыніўся ў задуменні Фларыян Грабніцкі. Ён застаўся ў гісторыі будаўніком новага храма і дбайцам пра ўнію, чалавекам цвёрдым інезалежным, які не баяўся змагацца нават з усемагутнымі езуітамі.

Бацькам будучага полацкага уніяцкага ўладыкі, народжанага ў 1684 годзе, быў беларускі шляхціч з Полацкага ваяводства. Пасля Віленскага універсітэта Фларыян атрымаў ступень доктара багаслоўя. У трыццаць два гады стаў біскупам віцебскім, у трыццаць пяць заняў полацкую арцыбіскупскую кафедру. Яго з пашанай прымаў папа Бенядыкт XIII.

Тамсама, у Рыме, палачанін блізка сышоўся з кардыналам Ламберціні, якога потым абралі папам пад імем Бенядыкта ХIV. Сведчанне іх сяброўства — выдадзеная гэтым папам у 1747 годзе (тады Ф. Грабніцкі быў узведзены ў сан мітрапаліта) гэтак званая «Полацкая» індульгенцыя. Яна давала вызваленне ад усіх грахоў і пакаранняў тым, хто «на працягу якогане-будзь года дванаццаць разоў наведае прызначаныя мясцовым біскупам сем алтароў у Полацкай мітрапалітавай Сафійскай царкве ва ўстаноўленыя біскупам дні і шчыра памоліцца пра мір хрысціянскіх валадароў, выкараненне ерасяў і ўзвышэнне Рымскай царквы». У канцы індульгенцыі папа Бенядыкт дадаваў: «Такое пілігрымства роўнае таму, калі б нехта асабіста наведаў сем алтароў у базіліцы князя апосталаў (гэта значыць, у саборы святога Пятра. — У. А.) у Рыме».

Грабніцкі паспяхова і мірна перавёў у унію праваслаўных жыхароў Барысава. Ён быў адной з галоўных дзейных асобаў на царкоўным саборы ў 1720 годзе ў Замосці. Сабор вядомы тым, што ўніяты пагадзіліся на ім з некаторымі рымскімі дагматамі: пра сыходжанне Святога Духа не толькі ад Бога-Бацькі, але і ад Бога-Сына; пра бязгрэшнасць рымскіх папаў; пра невядомы праваслаўным чысцец, дзе душа ачышчаецца ад грахоў, каб трапіць у рай. Было таксама ўстаноўленае свята ў гонар святога Ясафата Кунцэвіча. Пасля сабору ва уніяцкіх храмах пачалі здымаць іканастасы. Да адыходу ад праваслаўя не столькі прычыняліся намаганні Рыма, колькі штурхала агрэсіўная палітыка, якую вялі ў дачыненні да Літвы-Беларусі праваслаўныя расійскія цары. У той час пераважная большасць палачанаў, як і ўсіх беларусаў, малілася Богу ўжо ва ўніяцкіх храмах.

Уладыка Фларыян нястомна клапаціўся пра ўмацаванне базылянскага ордэна, і гэта прывяло яго да барацьбы з полацкімі езуітамі. Мітрапаліт лічыў, што кароль і вялікі князь літоўскі Сцяпан Батура перадаў ім маёмасць праваслаўных манастыроў незаконна. Доўгі судовы працэс, паводле адных звестак, уладыка выйграў а паводле другіх — прайграў і быў абавязаны заплаціць 60 тысяч злотых судовых выдаткаў. Спрэчку канчаткова вырашыў папа — загадаў абодвум бакам захоўваць «вечнае маўчанне».

Памёр мітрапаліт у 1762 годзе ў сваёй рэзідэнцыі ў Струні пад Полацкам. У апошні шлях уладыку праводзіў увесь горад. Месцам яго пахавання стаў храм Сафіі, з чыёй амбоны Грабніцкі выступаў з пранікнёнымі казаннямі.

Гісторыя ўладыкі Фларыяна атрымала нечаканы працяг у XX стагоддзі. У 1913 годзе будаўнікі знайшлі замураваную ў сцяне сабора з левага боку ад алтара труну з прахам высокай духоўнай асобы. Па горадзе папаўзлі розныя чуткі, паляцелі тэлеграмы ў Пецярбург. На агляд знаходкі ў Полацк прыехаў прадстаўнік Віцебскай вучонай архіўнай камісіі Аляксей Сапуноў.

Нішу адчынілі ў прысутнасці святароў, мясцовых краязнаўцаў, гарадскога галавы і паліцмайстра. У драўлянай, абабітай брунатным аксамітам труне са срэбным пазументам ляжаў чалавек у мітрапаліцкім уборы. На грудзях у яго быў срэбны з пазалотаю крыж з гнёздамі пад рэліквіі, на правай руцэ — залаты пярсцёнак з сердалікавым каменем. Выразаны на ім герб дакладна паўтараў герб з пячаткі «стаўленай граматы» 1747 года, што пачыналася словамі: «Флориан Гребницкий, Божиею и Святого Апостольского Римского Благодатию, Архиепископ Полоцкий, епископ Витебский, Мстиславский, Оршанский и Могилевский, Трону Папесскаго Ассыстент», а канчалася подпісам: «Флориан, Архиепископ Полоцкий рукою власною». Дзеля сучасных аматараў пошуку старадаўніх скарбаў дадам, што пярсцёнак, нагрудны крыж і астатнія каштоўныя рэчы з пахавання А. Сапуноў забраў у архіўную камісію.

На календары была сярэдзіна XVIII стагоддзя.

Два разы на год у Полацку па-ранейшаму збіраліся кірмашы. На іх гралі самадзейныя і прафесійныя аркестры, якія былі ў шмат якіх беларускіх гарадах і мястэчках. Людзей пацяшалі выхаванцы Смаргонскае акадэміі — так называлася радзівілаўская муштроўня мядзведзяў, адкуль павадыры вадзілі бурых цыркачоў па дарогах Еўропы, даходзячы да Парыжа. Касалапыя танцавалі мазурку, паказвалі, як вяртаецца з хрэсьбінаў дзячок, як дзеляць чубы падпітыя наведнікі Бэркавай карчмы, і мноства іншых абразкоў з паўсядзённага жыцця, ад якіх усе браліся за жываты.

Гледачоў збіраў і народны лялечны тэатр — батлейка, ці, як яе называлі ў Прыдзвінні, жлоб. Гэта была даволі складаная канструкцыя, якая знешне нагадвала двух’ярусную царкву з трыма купаламі. У адных вакенцах публіка бачыла лялькі, у другіх, заклееных прамасленай папераю, рухаліся цені. У жлобе ставілі біблейныя сцэны — уцёкі ў Егіпет, падарожжа вешчуноў, паход цара Ірада.

Да кірмашовых і святочных дзён прымяркоўвалі спектаклі школьныя тэатры. Дарэчы, на Полаччыне, у Забельскім дамініканскім калегіуме (вёска Валынцы цяперашняга Верхнядзвінскага раёна) у 1789 годзе была пастаўленая першая беларуская аперэта — «Апалон Заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас».

Полацкія кірмашы былі ўжо не такія багатыя і шматлюдныя, як некалі. Горад займеў магутнага канкурэнта — Санкт-Пецярбург. Даўней купцы глядзелі на Полацк, як на мэту свайго падарожжа, цяпер ён стаўся толькі прыпынкам на шляху ў новую расійскую сталіцу.

Тым не меньш, наша Прыдзвінне яшчэ заставалася значным партнёрам Рыгі і іншых гандлёвых цэнтраў. Меркаваць пра тагачасны асартымент экспарту дазваляе пашпарт, выдадзены ў лютым 1719 года падскарбіем і земскім пісарам Вялікага Княства Літоўскага Міхалам Катлом знаёмаму нам арцыбіскупу Фларыяну Грабніцкаму. Полацкі ўладыка атрымаў дазвол сплавіць у Рыгу два «ўласнаручна нагружаныя» (чым, на жаль, не сказана) стругі, а назад уверх па Дзвіне падняць на гэтых стругах 20 ластаў солі, дзве піпы (выцягнутыя бочкі) віна з дзіўнаватаю назваю «Секта», чатыры бочкі віна заморскага або французскага, дзесяць скрынак шкла, 100 штаб жалеза, 30 паставоў сукна-люндыша і розных усходніх прыправаў на 500 злотых. Праз два месяцы падскарбі даў гандлёвы пашпарт віцебскаму кашталяну Марцыяну Агінскаму, які падрыхтаваў да сплаву ў Рыгу на шасці стругах і дзевяці шкутах 160 бунтоў[14] пянькі, 600 бочак канаплянага семя, 20 бунтоў фрахтовай купецкай пянькі і 200 бочак семя льнянога…

Весткі з суседняй дзяржавы прыходзілі пераважна застрашлівыя. Вакол Масквы лютавалі разбойнікі. Урад вёў сапраўдную вайну са стараверамі, якіх палілі, выкопвалі з магіл і кідалі сабакам. Паспаліты люд не меў чым пасаліць лусту хлеба, дый самога хлеба было ў адшчык. Пятрова «дщерь» імператрыца Лізавета рвала языкі тым, хто сказаў неасцярожнае слова пра яе ці пра выпісанага ёю сабе на замену немца.

Пётр III завёў у войску палачную дысцыпліну. За дробную правіну салдат мог атрымаць смяротную «норму» ў дзве-тры тысячы ўдараў. Цар не толькі выбіваў душы са старых грэнадзёраў, але і лупцаваў прыдворных, прычым самых знакамітых — Нарышкіных, Строганавых. Шляхціч Вялікага Княства Літоўскага не прысніў бы такога і ў страшным сне, бо войска ў нашай дзяржаве было прафесійнае, а дваранства — свабодным станам, а не «холопами государевыми».

У Рэчы Паспалітай манархаў выбіралі, у Расіі — забівалі. Пятра III прыхільнікі Кацярыны браты Арловы зарэзалі кінжалам, а потым яшчэ, дзеля пэўнасці, і душылі. Твар у нябожчыка так учарнеў, што, калі яго выставілі перад пахаваннем у Аляксандра-Неўскай лаўры, людзі ў глаху адхістваліся ад труны: там ляжаў не імператар, а чарнаскуры эфіоп. Пецярбуржцы шапталіся, быццам хаваюць не цара, а яго арапа-камердынера. Народу «высочайше» паведамілі, што «бывший император волею Божьей внезапно скончался от геморроидального припадка и прежестокой боли в кишках». Спыняцца каля дамавіны было забаронена, гэтаксама як і сумнявацца ў афіцыйным тлумачэнні смерці. Парушальнікі пазбаўляліся языка і навечна ехалі ў Сібір.

Дадзім права сказаць пра тагачасныя парадкі ў імперыі расійскаму даследчыку Тэльбергу, які ў 1912 годзе выдаў кнігу «Законность в России». «При московских царях, — піша ён, — круг политических преступлений допускал широкое толкование. К ним относилось все, что таковым считал носитель верховной власти… Извещение о «государьских лиходеях» почиталось нравственным долгом. Постепенно политический извет обрел черты обязанности, подкрепленной угрозой: уклонившегося от доноса «казнити смертию безо всякия пощады». Если жены и дети «тех изменников про тое измену ведали, и их по тому же казнити смертию. А буде кто изменит, а после его в московском государстве останутся отец или мати, или братья родные и неродные, или дядья или иной кто в роду, да буде допряма сыщется, что они про измены ведали, и их казнити смертию»». Злачынцаў трэба было хапаць хутка і таемна — «ночным временем, чтобы никому не было ведомо».

Ад царскіх законаў і ад голаду, ад прыгоннага ўціску ў Вялікае Княства з Расіі штогод уцякалі тысячы людзей. Цэлымі сёламі ў суседнюю талерантную краіну перасяляліся стараабрадцы. Шмат з іх асела на Полаччыне, напрыклад, у вёсцы Жарцы, дзе і цяпер жывуць іх нашчадкі, якіх дагэтуль называюць маскалямі. Вядома, што ў 1763 годзе ў адным толькі Мсціслаўскім ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага жыло блізу 50 тысяч уцекачоў з адарванай ад нашай дзяржавы ў 1667-м беларускай Смаленшчыны.

Пра гэта савецкія «герадоты», зразумела, маўчалі, старанна вышукваючы нешматлікія прыклады перасялення ў адваротным напрамку або проста падтасоўваючы факты. Між тым расійскі гісторык С. Салаўёў піша, што ў сярэдзіне XVIII стагоддзя ўрад імператрыцы Лізаветы Пятроўны вымагаў ад сойма Рэчы Паспалітай вярнуць мільён (!) уцекачоў. Але дыпламатычныя дэмаршы ў імперыі ва ўсе часіны былі другарадным палітычным сродкам. У 1735 годзе царскі палкоўнік Сыцін напаў на памежны літоўскі-беларускі горад Ветку, дзе сяліліся стараверы, захапіў 14 тысяч уцекачоў і пагнаў іх на здзекі назад у Расію. Гэты рэйд быў не адзіны. Як бачым, калі звярнуцца да фактаў, выдумка аб нечуваным прыгнёце праваслаўных у Рэчы Паспалітай увачавідкі распаўзаецца па швах.

3 другой паловы XVIII стагоддзя ў расійскіх архівах захавалася багата дакументаў, у якіх царскае чынавенства і памешчыкі памежных губерняў тлумачаць падставы шматтысячных перасяленняў сваіх сялянаў у Літву-Беларусь. Пскоўскія землеўладальнікі бачылі прычыну ў тым, што «в России крестьяне подвержены как государственным податям, так и прочим разным отягощениям». Дваране суседняга з Полаччынай Апочацкага павета ўдакладнялі: «…всем в России живущим крестьянам ведомы литовские поведения, что всякии их житель по их вольности имеет винную, соляную продажу и что у них набора рекрутского не бывает, равно и сбора для платежа казенных податей». На пачатку свайго царавання Кацярына II атрымала ад сенатара П. Паніна дакладную запіску з падрабязным пералікам «обстоятельств, делающах поползновения к побегам из России»: «строгость духовенства к раскольникам»; наборы рэкрутаў ды іх утрыманне, як скаціны, «до отправления к полкам»; «ничем не ограниченная помещичья власть с употреблением подданных в работы, не только превосходящае примеры ближних заграничных жителей, но частенько у многих выступающих из сносности человеческой»; «возвышение цен без уважения ближнего заграничного примеру соли, без коей никто питаться не может» і гэтак далей. Значыцца, хітравалі тыя памежныя памешчыкі, якія даносілі ў Пецярбург, што іх халопы ўцякаюць «безо всякого от владельцев своих отягощения и безо всяких на то резонов», ды яшчэ і «клевещут на господские тяглы».

Жыхарам Полацка цяжка было даць веры аповедам купцоў ды расійскіх перасяленцаў пра норавы пецярбургскага двара.

Новая імператрыца Кацярына II каханкаў нібыта мяняла хутчэй, чым уборы. Казалі — і гэта была праўда, — што ў палацы побач з яе апачывальняй ёсць адмысловы пакой, дзе ўвесь час напагатове чакае свае хвіліны нехта з фаварытаў. Спіс іх бясконцы: ад братоў Салтыковых з арыстакратычнага роду да каханка на адну ноч — якога-небудзь бамбізы-грэнадзёра, ці грубніка Чарназубава, які аднойчы ўначы запаліў пагаслы камін, а потым на просьбу царыцы сагрэў яе яшчэ і ў ложку, за што ўранні атрымаў званне палкоўніка, спадчыннае дваранства, прозвішча Цяплоў, 10 тысяч прыгонных і загад неадкладна пакінуць Пецярбург.

Кацярына разлічвалася з каханкамі з дзяржаўнай казны, а таму грошай не шкадавала. Казалі, у аднаго з чарговых фаварытаў — Корсакава (яго сваяк сенатар Рымскі-Корсакаў на пачатку мінулага стагоддзя валодаў вёскаю Бяздзедавічы, што побач з сучасным Наваполацкам) — раніцою пасля першай ночы з царыцаю страшэнна сапсаваўся настрой. У шуфлядзе стала ён знайшоў нібыта адно 100 тысяч асігнацыямі, а чуў што Пацёмкіну за тыя самыя паслугі імператрыца адразу адваліла мільён. Удзельнік забойства Пятра III Рыгор Арлоў зарабіў графскі тытул, а таксама званні сенатара, генерал-ад’ютанта, генерал-аншэфа і гэтак далей. Узяўшы з дзяржаўных сродкаў два мільёны «на паляпшэнне артылерыі», палову ён прагуляў з выляжанкамі, а другую падараваў Кацярыне, якая за гэта расстаралася яму тытул князя Рымскай імперыі.

Безумоўна, жыццё імператрыцы не абмяжоўвалася алькоўнымі забавамі. Яна мела добрую адукацыю, пакінула даволі цікавыя літаратурныя і гістарычныя творы, ліставалася са слыннымі вальнадумцамі Вальтэрам і Дзідро.

Зрэшты, услаўленне свабоды ў лістах да знакамітых французаў не замінала царыцы канчаткова запрыгоніць сялянаў, якіх пры ёй пачалі называць рабамі. Яна забараніла вучыць мужыкоў і іх дзяцей грамаце. Раб, паводле закону, не мог скардзіцца на рабаўладальніка. Расійскія памешчыкі мелі права ссылаць сялянаў у Сібір, засякаць бізунамі да смерці, прадаваць, на заўсёды разлучаючы маці з дзецьмі, мужа з жонкаю. Пецярбургскія і маскоўскія газеты друкавалі аб’явы аб продажы, дзе людзі стаялі ў адным пераліку з пародзістымі сабакамі. Памешчыца Салтычыха вытанчанымі катаваннямі звяла са свету 127 прыгонных дзяўчат. Іх пахаваў не паведамляючы ўладам, поп з яе вотчыны. Кацярынінскія фаварыты ў атрыманых маёнтках заводзілі больш цывілізаваныя парадкі. Румянцаў напрыклад, забараніў даваць сваім рабам болей за 1700 бізуноў.

Імператрыца нецярпліва ставілася да ўкраінцаў: запрыгоніўшы іх, яна зачыніла ўсе школы, якія былі амаль у кожным сяле. Аднак раз-пораз з-пад яе пяра выходзілі і надзвычай дэмакратычныя ўказы накшталт загаду мужчынам і жанчынам мыцца ў лазнях не разам, як раней, а паасобку. Або накшталт дазволу мастакам вольна заходзіць у народныя лазні, каб вывучаць чалавечае цела «по живым моделям».

Скінуўшы Людовіка XVI, французскія рэвалюцыянеры-рэспубліканцы папрасілі ў царыцы партрэт — на знак яе спачування вальтэр’янскім ідэям. «Самая аристократическая из европейских императриц никогда не пошлет своего портрета людям, свергнувшим монархию», — пагардліва адказала яна.

Расію душыла самаўладдзе, чый партрэт мужна намаляваў Аляксандр Радзішчаў: «Чудище обло, озорно, огромно, стозевно и лаяй». Рэч Паспалітая была, па сутнасці, шляхецкай рэспублікай. Гэта падкрэслівала сама назва: найменне «рэч паспалітая» цалкам адпавядае лацінскаму res publica.

Шляхты ў Вялікім Княстве адносна да ўсяго жыхарства было значна болей, чым у іншых еўрапейскіх дзяржавах: 10-12 працэнтаў. Пераважная яе частка належала да так званай засцянковай або шарачковай, што мела герб і права насіць шаблю, але не мела прыгонных. Пра такога шляхціча Упадзімір Караткевіч пісаў, што ён араў сваё поле «высакародна», а гной з хлява на палетак вёз, уторкнуўшы побач з сахаром дзедаўскую шаблю. Тым не менш, значная частка нашых продкаў была асабіста незалежная і магла вырашаць мясцовыя і дзяржаўныя справы, засядаючы на павятовых, ваяводскіх і дзяржаўных соймах.

Не будзем ідэалізаваць шляхецкую дэмакратыю: яна мела і адваротны бок — анархію. Раней сойм Рэчы Паспалітай прымаў пастановы большасцю галасоў, аднак з 1652 года ўступіла ў дзеянне права «liberum veto» — «вольнае забараняю» (рашэнне прымалася толькі ў выпадку аднадушнага галасавання). Які небудзь падкуплены лепельскі шляхціч гарлаў «Вета!», і пастанова не праходзіла.

У 1652-1764 гадах былі сарваныя сорак чатыры соймы з васьмідзесяці. Калі разгаралася спрэчка паміж магнацкімі групоўкамі, дэпутаты пускалі ў ход зброю і колькі дзяржаўных мужоў зазвычай перасяляліся на той свет. Шабельным звонам часта канчаліся і павятовыя ды ваяводскія соймікі. Каб дасягнуць патрэбнага аднагалосся, збітую апазіцыю выкідвалі праз дзверы, але «Вета!» гучала з вокнаў, а адзін полацкі шляхціч прымудрыўся вярнуцца ў залу пасяджэнняў ваяводскага сойма праз камінны дымаход.

Статут 1588 года, што дзейнічаў у Вялікім Княстве Літоўскім, быў непараўнана больш прагрэсіўны, чым законы Расійскай імперыі, ды выкананню яго нормаў часта замінала феадальнае самавольства. У сваіх уладаннях магнаты трымалі ўласныя войскі і нярэдка вялі з фамільнымі ворагамі сапраўдныя войны. Шляхта, гледзячы на гэта, учыняла напады на суседзяў — пра адзін з іх распавёў у «Пане Тадэвушы» Адам Міцкевіч. Такія наезды, ад якіх пакутавалі найперш сяляне, былі ў XVIII стагоддзі звычайнаю з’яваю і ў Полацкім ваяводстве. Пра амаль поўную незалежнасць багатых беларускіх родаў ад караля і вялікага князя гаворыць тагачасная прымаўка: «Кароль у Варшаве, а Радзівіл у Нясвіжы».

Да ўсяго іншага Рэчы Паспалітай не шанцавала з манархамі. Памёр колішні хаўруснік Пятра I у Паўночнай вайне Аўгуст II. На троне мог замацавацца Станіслаў Ляшчынскі, за якога выступала і Полацкае ваяводства, аднак гэты прэтэндэнт не задавальняў Санкт-Пецярбург. У Літву-Беларусь зноў прыйшло расійскае войска. Як досыць дасціпна пісаў у сваіх дэпешах адзін тагачасны царскі генерал, «присутствие наших солдат придает соответствующее направление мыслям здешних жителей».

Апрача таго, на лёсе Полацка і Прыдзвіння чорнай пячаткаю адбіліся голад ды паморкі 1741-1746 гадоў. А яшчэ — спрадвечнае полацкае няшчасце — пажары. На працягу XVIII стагоддзя горад гарэў пяць разоў — у 1708, 1738, 1750, 1757 і 1770 гадах.

Царскія штыкі ўзвялі на варшаўскі трон Аўгуста III. Новы вялікі князь і кароль з амаль трыццаці гадоў валадарання жыў у дзяржаве гады два, прыязджаючы сюды адно на паляванні і соймы, а астатні час бавіў у роднай Саксоніі. Ён не лічыў патрэбным вывучыць мову хоць бы аднаго з падуладных народаў, затое не шкадаваў іх грошай на карціны для славутай цяпер Дрэздэнскай галерэі.

За часам Аўгуста III краіна трыццаць гадоў жыла без войнаў. Але гэты шанец не быў выкарыстаны на ўмацаванне дзяржавы. Рэч Паспалітая (а ў ёй найперш Літва-Беларусь) перастала быць полем бітваў, аднак ператварьтася ў прахадны двор для іншаземных армій. Яшчэ ў 1717 годзе Расія дабілася згоды сойма Рэчы Паспалітай на сваю ваенную прысутнасць і апеку «над ладам дзяржавы».

Адначасова працягвалася зацятая барацьба магнацкіх родаў, якія былі нярэдка цалкам пазбаўленыя патрыятычных пачуццяў і не толькі варагавалі між сабою, але часта служылі інтарэсам варожых дзяржаў. Дробная ж шляхта, збітая з панталыку магнацкімі ўсобіцамі, усё больш уяўляла сабою небяспечную непадуладную нікому стыхію. Магутны некалі будынак Рэчы Паспалітай быў спрэс паточаны шашалем. Караля-немца гэта не абыходзіла.

А на свет ужо прыйшоў беларус па крыві Станіслаў Панятоўскі, што стане апошнім у гісторыі вялікім князем літоўскім і польскім каралём.

Жыццёвы шлях Станіслава дзіўным чынам пераплёўся з лёсам Кацярыны II. Яны пазнаёміліся, калі тая яшчэ не займала трона, спадабаліся адно аднаму і зрабіліся каханкамі. Абаіх натхняла, здаецца, сапраўднае пачуццё. Шмат каму з сучаснікаў і ў голаў не прыходзіла назваць Кацярыну прыгожай. А вось Панятоўскі пакінуў у сваіх нататках такі яе партрэт, ад якога не адмовілася б любая красуня. Пазнаёмімся з ім, бо ў наступным раздзеле нам давядзецца гуляць побач з імператрыцаю (праўда, ужо пастарэлаю) па полацкіх вуліцах. «Яна брунетка з асляпляльна белаю скурай — піша будучы кароль пра будучую царыцу. — Бровы ў яе чорныя і вельмі доўгія, нос грэцкі, рот як быццам кліча да пацалунка, рост я назваў бы высокім, талія тонкая, лёгкая хада, мілагучны голас і вясёлы, як і характар, смех. Яна лёгка пераходзіць ад гарэзлівай гульні да сур’ёзнай табліцы лічбаў, якія яе зусім не палохаюць». Перад Калядамі 1758 года будучая царыца нарадзіла ад свайго Стася дзяўчынку, але дзіця неўзабаве памерла.

Кацярына і Станіслаў кахаліся. Кароль Аўгуст III збіраў карціны і слухаў музыку. А гадзіннік гісторыі ўжо пачаў адлічваць апошнія гады існавання Рэчы Паспалітай.

Польскія гістарыёграфы любяць традыцыйна называць яе краінаю Двух Народаў. Мы цудоўна ведаем, што гэта не так. Добра вядома тое і нашым заходнім суседзям. Самі ж польскія крыніцы падаюць звесткі, згодна з якімі ў межах Рэчы Паспалітай у 1772 годзе жылі 7,5 мільёна беларусаў і ўкраінцаў, 5,5 мільёна палякаў, 2,1 мільёна яўрэяў 1,9 мільёна літоўцаў (жамойтаў) і 200 тысяч расійцаў.

За Аўгустам III Полацк заставаўся галоўным горадам усходняй Беларусі па колькасці уніяцкага, каталіцкага і праваслаўнага духавенства. Падарожнік бачыў тут самавітыя будынкі базылянскага, езуіцкага, дамініканскага, францысканскага і бернардзінскага кляштараў і храмаў. Кожны ордэн меў свае навучальныя ўстановы, дзе лідэрства ўпэўнена трымаў езуіцкі калегіум. Дзяўчынак-шляхцянак прымалі пансіёны пры кляштарах базылянак і марыявітак. На Дзвіне, паміж местам і Экіманскаю слабодкай, яшчэ існаваў востраў, дзе гаспадарылі езуіты.

Тым часам Кацярына зрабіла Станіслава Панятоўскага вялікім князем і каралём. Забягаючы наперад, зазначым, што яна ж, урэшце, і пазбавіла яго кароны, разарвала на часткі яго дзяржаву, а самога загадала арыштаваць.

Але да гэтага заставалася яшчэ тры дзесяцігоддзі, у якія Рэч Паспалітая паспрабуе разгарнуць крылы, рыхтуючыся ўзляцець, але ў вырашальны момант ёй не хопіць сілаў.

Завітаўшы на пачатку валадарання Станіслава Аўгуста ў Варшаўскі замак, мы маглі б стаць сведкамі славутых «абедаў па чацвяргах», куды вялікі князь і кароль запрашаў інтэлектуальную эліту. Сярод гасцей бывалі і прафесары Полацкага калегіума. Запрошаныя сядалі разам з манархам за круглы стол, што падкрэслівала роўнасць прысутных. Панятоўскі аддаваў перавагу французскай кухні ў яе спалучэнні з лепшымі рэцэптамі старапольскай і старабеларускай. Сярод падаваных страваў былі буракі з вушкамі, кілбасы, вяндліна, пікантныя марынады. Ганаровае месца ў меню абавязкова займала ўлюбёная гаспадарова смажонка з бараніны, якую слуга выносіў на вялізным срэбным сподзе з воклічам: «Баран!» Пры жаданні ў заслугу Панятоўскаму можна залічыць тое, што ў адрозненне ад гасцей ён наталяў смагу не цудоўнымі гішпанскімі вінамі, а свежай крынічнай вадой. Прычым гэта было не толькі традыцыяй «абедаў па чацвяргах». Узышоўшы на трон, Станіслаў Аўгуст абвясціў вайну надзвычай пашыранаму ў Рэчы Паспалітай пры яго папярэдніках п’янству. Нельга сказаць, што змаганне з Бахусам атрымала ўсеагульную падтрымку. Тагачасны паэт Ігнацы Красіцкі вуснамі аднаго са сваіх герояў звяртаўся да вялікага князя з такімі словамі:

Ты адвучыў ліцвінаў весяліцца… А каб табе ні разу не напіцца!

3 другога боку, знаўца і відавочца той эпохі Лукаш Галембёўскі з ухвалаю пісаў: «За цвярозым Станіславам Аўгустам у выніку лепшага выхавання, высакароднейшых прыкладаў і ўзнёслых пачуццяў п’янства спыняецца».

На вялікі жаль, гэта была адзіная выйграная нашым апошнім манархам кампанія.

Выкарыстоўваючы эканамічную знясіленасць краіны ў выніку шматгадовых войнаў, а таксама феадальную анархію і змаганне розных магнацкіх груповак за ўладу, Кацярына II усё часцей умешвалася ў справы суседняй дзяржавы, дзе амаль бесперапынна стаялі расійскія войскі. Яны пакуль што падтрымлівалі былога каханка яе вялікасці, ды фінал драмы быў зусім блізка.

Пецярбург. 5 жніўня 1772 года. Расія, Прусія і Аўстрыя падпісваюць канвенцыю пра першы падзел Рэчы Паспалітай. Кацярына забірае сабе ўсходнюю Беларусь з той часткаю Полацкага ваяводства, што ляжала па правы бок Дзвіны.

Полаччына на паўтара стагоддзя трапіла ў кіпцюры двухгаловага царскага арла. Гэта будзе час жорсткага прыгнёту, але разам з тым і час змагання за мову, культуру, за будучую незалежнасць.

ЗА ДЗВІНОЮ — ІНШАЯ КРАІНА

Спачатку цары, а потым іх бальшавіцкія спадкаемцы ня раз паласавалі нашу зямлю па жывым, перакройвалі яе межы, адразалі кавалкі сабе і прыразалі суседзям.

1772 год праклаў мяжу праз Полацк. За Дзвіною ляжала іншая дзяржава. Сафійскі сабор быў у царскай імперыі, а бернардзінскі кляштар і старажытныя Бельчыцы — у Рэчы Паспалітай.

«Уз’яднаная» частка Полацкага ваяводства спярша была названая Полацкай правінцыяй і далучаная да Пскоўскай губерні. У 1776 годзе з яе беларускіх паветаў утварылі Полацкую губерню, праз два гады перайменаваную ў намесніцтва. Тым часам на левабярэжжы Дзвіны яшчэ існавала Полацкае ваяводства, сталіцаю якога былі пачарзе Лепель (1773-1776), Ушачы (1776-1791), а з 1791 года — Чашнікі, дзе склікаліся ваяводскія соймы.

У 1781 годзе Полацк набыў новы герб: «В серебряном поле на коне воин, держащай в правой руке саблю, а на левой надетый красный плат с двойным на оном крестом». Пацверджання ранейшых гербаў не атрымаў ніводны з далучаных да імперыі гарадоў усходняй Беларусі.

Кацярына (аднойчы яна сфармулявала сваё імперскае крэда наступным чынам: «Людзі народзяцца, аземлі — не») пажадала агледзець далучаныя абшары. У траўні 1780-га яна выехала з Царскага Сяла і праз дзевяць дзён, сустрэтая беларускім генерал-губернатарам Чарнышовым і губернскім маршалкам («предводителем» дваранства) Корфам, перасекла мяжу Полацкага намесніцтва. Магчыма, тады яна ўжо мела свой славуты экіпаж, у які запрагалі трыццаць коней і які складаўся з кабінета, гасцёўні на восем чалавек, бібліятэкі і прыбіральні.

3 імператрыцаю выправілася ў Беларусь світа з былых, цяперашніх і будучых фаварытаў. Па дарозе Кацярына «сустракалася з народам». Яе віталі натоўпы святочна прыбраных прыгонных рабоў з хлебам-соллю. Яны дзячылі за шчаслівае жыццё, вадзілі карагоды і спявалі народныя песні. Скардзіцца на паноў было забаронена пад страхам смерці. Часам, каб пацешыць царыцына вока, усцяж дарогі будавалі дэкарацыі з багатымі вёскамі і гаямі.

На паштовай станцыі Даласцы (цяпер у Пскоўскай вобласці Расіі) імператрыца пісала ў лісце да сына Паўла: «Вчера приехала я из Острова в Опочку; а оттуда выехала сего утра и на 18-й версте въехала в Белоруссию; с самого Острова тянутся все холмы да холмики, между которыми множество озер, что очень красиво; здесь население самое разнородное, сплошь да рядом обитают православные, католики, униаты, евреи, русские, поляки, чухонцы, немцы, курляндцы, словом, не увидишь двух крестьян одинаково одетых и говорящих правильно на одном наречии; смешение племен и наречий напоминает Вавилонское столпотворение».

Царыца праехала праз Клясціцы і «изволила кушать обед» на станцыі каля Сівошына. Тут яе чакала шляхта Полацкага павета. А палове сёмай вечара конны поезд яе вялікасці пакінуў за сабой гарадскую заставу. Усё гэта выглядала надзвычай маляўніча, і мне з дапамогаю відавочца падзеяў каталіцкага манаха Сцябельскага хочацца апісаць побыт імператрыцы ў Полацку больш падрабязна: няхай прыдасца аўтару гістарычнага рамана пра тыя часы.

Наперадзе поезда на багата аздобленых конях гарцавалі найзнакаміцейшыя шляхцічы, за імі — паштмайстар з дванаццаццю паштальёнамі і пікінёры. Імператрыца сядзела ў пазалочанай карэце з апушчанымі шклянымі вокнамі і на два бакі кланялася палачанам. Праваруч экіпажа ехаў генерал-губернатар, следам — эскадрон лейбкірасірскага палка і запрэжаныя шасцерыком карэты прыдворных. Салют з расстаўленых на валах гарматаў зліваўся з галасамі ўсіх полацкіх званоў.

На ўездзе ў горад была ўзведзеная трыумфальная брама, на якой граў аркестр. За брамаю, абапал вуліцы, стаялі ў святочных строях яўрэі, потым, пад сваімі сцягамі, рамесніцкія цэхі, «кои приносили ея имераторскому величеству поздравление преклонением, по обычаю своему, знамён и барабанным боем». На галоўным пляцы перад прысутнымі месцамі чакала чынавенства ў парадных мундзірах: белых камзолах і чырвоных з белымі гузікамі каптанах, якія мелі палевы падбой і гэткія ж каўняры, штрыфелі і закаўрашы. Насупраць, каля езуіцкага сабора, стаяла каталіцкае і уніяцкае духавенства. На саборных вежах шчыравалі музыкі.

Кацярына выйшла з карэты і пешкі накіравалася ў адзіную тады ў Полацку «рускую» царкву Богаяўленскага манастыра, адкуль паехала ў падрыхтаваны ёй драўляны палац над Дзвіной. Спыніцца ў пышным мураваным палацы на рынку імператрыца, баючыся за сваё здароўе, не захацела: у збудаванай ударнымі тэмпамі камяніцы яшчэ не высахлі сцены.

Увечары ўсхадзіўся вецер, загрымеў гром. Ілюмінацыя не надта атрымалася, але ва ўсіх вокнах гарадскіх будынкаў загарэліся свечкі, а ў езуіцкім кляштары і калегіуме — піраміды з каляровых ліхтарыкаў. Паслухаўшы ў палацы канцэрт і згуляўшы ў карты, царыца села пісаць сыну ліст: «Между окнами моими й Польшею только одна Двина, которая здесь не очень широка. Въезд мой в Полоцк представлял прекрасную картину… Весь день был жаркий и теперь сильный гром. При въезде я видела зрелище совершенно для меня новое: иезуиты, доминиканцы и жиды, стоящие фронтом; последние весьма неопрятны, первые представляли собою величественный маскарад…»

Паставіўшы кропку, яна ўзяла з талеркі яблык, які ўсё жыццё з’ядала нанач, і падышла да вакна. У дзвінскай плыні люстраваліся агні ілюмінацыі. На тым баку было па будзённаму цёмна. Там пачыналася дзяржава яе былога каханка, без якога калісьці яна не магла пражыць і дня. Кацярына падумала пра зменлівасць чалавечага лёсу. Яна прыехала ў Расію, маючы ўсяго тры сукенкі, паўтузіна кашуляў і столькі ж насовак. Цяпер яна — гаспадыня найвялікшай у свеце дзяржавы, якой хутка будуць належаць і тыя землі, што ляжаць за Дзвіной.

Хто шаптаў ёй у тую ноч «зоренька» — так на жаданне царыцы называлі яе ўсе фаварыты — невядома. Можа, малады і падобны да Гамлета Ланской, якога ў сталіцы яна, хаваючы ад прыдворных дам, трымала пад замком. А мо князь Пацёмкін, што неўзабаве атруціць пецярбургскага Гамлета.

Наступнага дня імператрыца дапусціла да цалавання рукі вярхі полацкага духавенства, «высочайше обозрела присутственные места» і наведала сабор святога Стэфана. Седзячы на падрыхтаваным айцамі-езуітамі раскошным троне, яна ўпершыню ў жыцці слухала каталіцкае набажэнства. Рэктар Полацкага калегіума Станіслаў Чарневіч сказаў у гонар госці прамову па-італьянску і ад імя ордэна ўручыў ёй напісаныя на лаціне вершы, назву якіх яе вялікасці і прыдворным пераклалі так: «Августейшей Екатерине II, императрице всея России, победительнице турок, умиротворительнице царств, распространительнице общественного счастия, всемилостивейшей охранительнице Общества Иисуса, стихи, поднесенные членами этого обшества, поддаными ея величества и оберегаемые ея покровительством во время посещения ею областей Белоруссии». Пасля імшы царыца зрабіла візіт у езуіцкі кляштар, міласціва прыняла паднесеныя ёй малюнкі навучэнцаў калегіума з выявамі трыумфальных калонаў і пахваліла сталоўню, выказаўшы сумнеў, што абеды ў гаспадароў такія ж цудоўныя, як іх трапезная.

Увечары пачаўся маскарад, што доўжыўся да трэцяй гадзіны ціхай і цёплай ночы. Рынак, вуліцы, храмы — увесь горад гарэў агнямі. Перад касцёлам святога Стэфана ўздымаліся чатыры залітыя залатым святлом драўляныя піраміды, роўныя вышынёю самому храму. На адной пераліваўся рознымі колерамі лацінскі надпіс: «Слаўная перамогамі і яшчэ больш славутая дабрачынствам», на другой — «Страх ворагаў, апірышча сяброў, любоў падданых». Пятая расквечаная ліхтарамі піраміда была пад царыцынымі вокнамі. 3 верхняга яруса вежаў езуіцкага сабора плыла музыка. Базыляне ў аздабленні сваіх будынкаў нічым не саступалі суседзям. Яўрэйскі кагал наладзіў ілюмінацыю проста на Дзвіне.

Другі полацкі дзень, асабліва візіт да езуітаў, пакінуў у душы ў царыцы найлепшыя ўражанні. «Я была у них нынче утром, — пісала яна, — слушала «Тебе Бога хвалим» и посетила их дома. Там полное веселие. Вчера, въезжая сюда, я была поражена великолепием их представительности. Все остальные католические ордена — свиньи в сравнении с ними. Одно только, что эти люди не пляшут. К нам они пожаловали изо всех стран. Ей-ей покладные люди! У них здесь прекраснеишая церковь. Мне они наговорили всяческих сладостей, на всяких языках, кроме только тех, впрочем, которые я разумею. Ах, что за плутовские физиономии есть между ними!» I яшчэ: «С тех пор, как я здесь, постоянный куртаг. Здесь большое стечение мужчин и женщин высшего полета, приехавших из Польши… Везде ленты голубые, да красные, и духовные лица всякого покроя. Вчера я смотрела город и посетила коллегию иезуитов. Последние — народ очень веселый».

3 падзеяў трэцяга дня адзначым абед на сто персон («при питии за высочайшее здравие производилась пушечная стрельба») і баль у палацы, дзе танцавала паўтысячы гасцей. Царыцу чакалі ў той дзень у кафедральным Сафійскім саборы, але да уніятаў яна не завітала — нібыта з тае прычыны, што праваслаўныя знарок зацягнулі службу ў Богаяўленскай царкве, дзе малілася Кацярына. Полацк зноў зіхацеў агнямі. На пірамідзе перад вокнамі палаца цяпер быў партрэт яе вялікасці, абкружаны гербамі галоўных гарадоў імперыі.

Праводзілі Кацярыну гэтаксама пышна, як і віталі: пад званы, страляніну і крыкі «ўра!». За пяць вёрст ад горада, на віцебскім тракце, імператрыцу сустракаў арцыбіскуп Ясон Юнаша-Смагаржэўскі. Там, у Струні, месцілася летняя рэзідэнцыя полацкіх уніяцкіх уладыкаў. Смагаржэўскі пабудаваў у ёй царкву з дзвюма падобнымі да мінарэтаў вежамі пры браме і дванаццаццю круглымі келлямі-капліцамі, зробленымі ў зубчастай каменнай агароджы. Арцыбіскупаў дом стаяў у садзе, паміж домам і царквою серабрылася сажалка з дагледжанымі берагамі. Сёння аб тым маляўнічым кутку забылі ўжо і струнеўскія старажылы. Апошняя знойдзеная мною згадка пра яго датуецца 1925 годам.

Кацярынін візіт у Полацк засведчыў што, царскі двор пакрысе набывае хоць вонкавую цывілізаванасць. Прынамсі, тым разам нікому з палачанаў не сцялі галавы, нікога не зарэзалі на малітве ў храме. Дзякуй і за гэта.

У Полацку для імператрыцы сабралі звесткі пра горад і губерню. Калі ім верыць, суды і прысутныя месцы «отправляли дела с успехом», у губерні не было ніводнага небяспечнага злачынца-калодніка, а недаборы па падатках складалі ўсяго дваццаць рублёў. Кацярына даведалася, што напярэдадні далучэння да імперыі Полацк, ведама ж, «имел одно токмо именование города, и кроме евреев, мелкий торг производящих, в нем не было почти других мещан». Пад мудрым кіраўніцтвам новай улады горад, зразумела, надзіва хутка багацее і дасягае таго, што палачане адпраўляюць за год збожжа, пянькі, лёну і паташу на 25 тысяч рублёў, а па ўсёй губерні гэтая лічба складае 300 тысяч. Зноў жа, дзякуючы Расіі, «умножилось изобилие и дешевизна в съестных припасах».

Жыта тым часам прадавалася па кошце ад 1 руб. 60 кап. да рубля за чвэрць (210 л), авёс — ад 1 руб. 20 коп. да 80 кап. Пуд сена каштаваў меней за дзесяць капеек, фунт мяса — найбольш дзве капейкі. У сумеры тагачасных расійскіх цэнаў гэта напраўду даволі танна, ва ўсякім разе, значна танней, чым у глыбіні імперыі.

Губерня мела шэсць розных вучэльняў з трыма сотнямі шляхецкіх дзяцей і 130 мяшчанскімі. «Дороги и почты в надлежащей исправности находятся, — дакладвалі царыцы. — В Полоцке и Витебске построены особливо каменные магазейны для хлеба. Нищие в богодельнях призрены, больницы же заводятся». Ідылію, праўда, трохі парушалі скаргі месцічаў на адсутнасць медных грошай і залатых ды срэбных манет на размен асігнацый.

Імператрыца прыкінула свае магчымасці, дастала гаманец і адлічыла 500 рублёў на Богаяўленскі праваслаўны манастыр, па 100 — на гарадскія школы, па 50 — на дваццаць чатыры губернскія багадзельні і 320 рублёў — на жабракоў. Не ўсё ж аддаваць фаварытам!

Вярнуўшыся з вандроўкі, яе вялікасць загадала генерал-інжынеру Баўру агледзець далучаныя беларускія гарады з мэтаю іх умацавання. У кастрычніку 1780 года генерал даносіў: «В городе Полоцке, хотя высота, окружающая монастырь св. Софии (на которой еще видны остатки древнего укрепления), составляет самое высокое место всей окружности правого берега р. Двина, но лежащая против нея высоты на левом берегу той же реки весьма вредны для ея фортификационных расположений, а потому надежнейшей и твердой крепости в Полоцке нельзя построить, а можно на берегу Двины для малого числа людей сделать большое каменное укрепление».

Тым самым годам датуецца выдадзеная Пецярбургскай акадэміяй навук кніга «Топографические примечания на знатнейшие места путешествия ее императорского величества в Белорусские наместничества». Цяпер гэта вялікая бібліяграфічная рэдкасць, таму выпішу з яе старонку пра знешні выгляд і насельніцтва Полацка. «Сие древнее Россииских государей наследие, претерпевшее толикие перемены, многия силы и славы своей лишилось. Укрепления полотские ничего почти не значат: с приезда в оный от С. Петербурга находится земляной замок, который вследствие крутого берега реки Полоты, с северной стороны под ним текущей, и двинского берега, крепкое имеет положение; но он оставлен был без надлежащего призрения. Вал, окружающий весь город, также весьма унизился. Итак, знаменитейшее здание в сем городе составляет иезуитский монастырь, основанный часто упоминаемым королем Стефаном; он как наружною огромностью, так и внутренним украшением все иезуитские коллегии в Белоруссии превосходит; к нему принадлежит пространное каменное строение, где иезуитское заведено училище. Кроме сего, есть в нем монастырь доминиканский деревянный, францисканский каменный и базилианский каменный… В том же замке деревянный монастырь униатских монахинь да греческий деревянный монастырь в Нижнем городе и три униатские церкви. Прочее строение в городе простое, деревянное, состоящее из 250 домов мещанских и 100 жидовских. Ныне же казенным иждивением город сей украшается и каменные, порядочно расположенные застраиваются дома… Купечества в городе 42 человека, мещан 395 и 478 жидов… Полоцк по древнему обыкновению построен частию на покатом берегу реки Двины и называется Нижним городом, а большая часть оного — на равнине, от поката идущей, и сия часть называется Вышним городом. Уезд Полоцкий составляет 1247 деревень. Жителей во всем уезде 25 649 душ и 841 жид».

3 кацярынінскім часам звязана з’яўленне ў Полацку яшчэ аднаго архітэктурнага помніка — мураванага Богаяўленскага сабора, які разам з Сафіяй сустракае сёння сваімі белымі сценамі і зялёнымі купаламі кожнага, хто ўязджае ў горад з дзвінскага левабярэжжа.

Будаваць сабор на месцы знішчанага пажарам драўлянага манастырскага храма пачалі ў 1761 годзе, яшчэ ў Рэчы Паспалітай, скончылі ў 1779-м, у Расійскай імперыі. Тады ж узводзіцца будынак манастырскіх келляў, дзе цяпер Музей беларускага кнігадрукавання.

Сваёй мастацкай значнасцю Богаяўленскі сабор, безумоўна, не можа спрачацца з Сафійскім, тым больш манастырскі храм няраз рамантавалі ды перараблялі, і яго архітэктурнае аблічча, у якім спалучаюцца рысы класіцызму і барока, за два стагоддзі істотна змянілася.

Некалі над сценамі ўзвышаліся чатыры франтоны, але ў 1839 годзе (запомнім гэтую дату, яна яшчэ неаднойчы сустрэнецца ў нашай размове) заходні і ўсходні «как придающие католический вид» разабралі, а два другія паменшылі. У паўночнай з дзвюх саборных вежаў месцілася званіца з сямю званамі. Падымаліся туды праз хоры з ажурнаю металёвай агароджаю, якую можна ўбачыць і сёння. Сцены і купал упрыгожвалі размалёўкі. Вернікаў уражваў выцягнуты на ўсю шырыню храма чатырох’ярусавы ў цэнтры і трох’ярусавы па баках іканастас з трыма царскімі варотамі.

Напрыканцы XIX стагоддзя знешняе аблічча сабора дапоўнілі намаляваныя мясцовымі іканапісцамі абразы: тры на сценах і два на франтонах.

Падчас майго дзяцінства гэтая краса была ўжо ў мінулым. (Сабор зачынілі яшчэ ў 1920-х, зрабіўшы там спартовую залу.) Храм стаяў упусце, на ржавым купале полацкія хлапчукі, выпрабоўваючы смеласць і глыбіню пачуццяў, пісалі імёны дзяўчынак, якія ім падабаліся. Заваленыя смеццем сутарэнні былі месцам пошуку лёхаў на той бок Дзвіны.

Пасля рэстаўрацыі ў храме блізу дзесяці гадоў знаходзілася карцінная галерэя, а ў 1991-м сабор перадалі вернікам.

Паколькі зайшла гаворка пра архітэктуру, трэба сказаць, што ў апошняй чвэрці XVIII стагоддзя Полацк, асабліва цэнтральны пляц, робіцца помнікам горадабудауніцтва ў стылі класіцызму. Яго ідэі леглі ў аснову расійскіх праектаў «узорных» гарадоў. У тлумачэннях да іх гаварылася: «Регулярство, предлагаемое при строении города, требует, чтобы улицы были широки и прямы, площади большие, публичные здания на способных местах, все дома, в одной улице стоящие, строить надлежит на всю улицу с обеих сторон, до самого пересечения другой улицы одной сплошной фасадой…»

План перабудовы Полацка быў зацверджаны ў 1778 годзе. Згодна з ім выраслі будынкі магістрата і ўправы, рэзідэнцыя губернатара (сёння гэта адпаведна дамы № 4, 6 і 8 на праспекце Карла Маркса), дамы віцэ-губернатара, каменданта і будынак пошты (завулак Замкавы, 2 і 4; вуліца Еўфрасінні Полацкай, 3). Іх аўтар — губернскі архітэктар I. Зігфрыдэн.

Скажам колькі словаў пра дарогі, пракладзеныя пры Кацярыне II праз Полацкую губерню.

На загад генерал-губернатара Захара Чарнышова каморнікі неадкладна размецілі накірунак і шырыню новых шляхоў і праз кожную вярсту (700 сажняў або 1,5 км) паставілі паласатыя верставыя слупы. Сем вёрст складалі мілю, якую пазначалі мураванаю цаглянаю пірамідай на паўтара сажня вышынёю. На новых дарогах выраслі паштовыя станцыі, праз рэкі ды балоты пралеглі масты і грэблі. Шляхі ў два рады абсадзілі бярэзінамі, што пазней утварылі цудоўныя прысады, падобныя да жывога зялёнага калідора. Усцяж, асабліва на раздарожжах і скрыжаваннях, мясцовыя жыхары набудавалі прыгожа крытых гонтай і ўвянчаных каванымі крыжамі драўляных і мураваных каплічак з выявамі Хрыста і Багародзіцы.

За будаўнідтва дарог (патрэбных найперш дзеля хуткага руху войскаў, каб больш надзейна трымаць захопленыя землі пад сваёй уладай) генерал-маёр Кахоўскі ў 1774 годзе атрымаў званне генерал-паручніка, і гэта была заслужаная ўзнагарода. Нямала пракладзеных тады гасцінцаў захавалася, і людзі дагэтуль завуць іх кацярынінскімі.

На дарогах новыя гаспадары наладзілі сваю паштовую службу. 3 усіх, хто ехаў праз Полацкае намесніцтва, на станцыях бралі па 12 капеек за дзесяць вёрст на каня; той, хто патрабаваў ад васемнаццаці да трыццаці коней, плаціў удвая болей. Паштальёны ў прыдзвінскім краі выглядалі імпазантна: каптан з чырвонага сукна з зялёнымі закаўрашамі, зялёны картуз, на грудзях — мядзяны дзяржаўны герб, цераз правае плячо — таксама мядзяны паштовы ражок на чорна-жоўтым гарусным шнуры. На ўтрыманне пошты ў беларускіх губернях з кожнае душы збіралі па 12 капеек, а з яўрэяў — па 24.

Колькасць паштовых коней знаходзілася ў непасрэднай залежнасці ад рангу падарожніка. Капітаны ездзілі двойкай, палкоўнікі — чацверыком, генералы — шасцерыком.

На самым пачатку XIX стагоддзя па кацярынінскіх шляхах праз Прыдзвінне праехаў расійскі акадэмік В. Севяргін, аўтар выдадзеныху 1803-м «Записок путешествия по западным провинциям Российского государства». Заезджы вучоны пакінуў найпадрабязнейшае апісанне прыродных багаццяў Полаччыны, сярод якіх былі адзначаныя «крамяні шэрыя і бурыя, агат стракаты і буры, ружовы кварц, граніт, яшма кававага і іншых колераў, серпенцінавы камень… гаршковая, трубкавая і цагляная гліна, гліністыя вохры, вапнавы камень, белы алябастр…» У езуіцкім фальварку «Спас», які займаў тады тэрыторыю Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, акадэмік агледзеў мінеральную крыніцу, адкуль бегла каламутная вада з «серкава-пячонкавым пахам». Пасля адстойвання яна рабілася «светлай, смачнай і здаровай». Педантычна было занатаванае і ўсё пабачанае на полацкіх гародах: бульба, капуста, буракі, гарох, боб, морква, агуркі, рэдзька, мак, часнок, цыбуля, хрэн, пятрушка, сельдэрэй, пастарнак. Калі гэты пералік параўнаць з сённяшнім, не будзе хапаць хіба толькі памідораў.

Іншы расійскі падарожнік А. Башняк, батанік і па сумяшчальніцтве царскі шпіён, прыстаўлены да Пушкіна, у сваіх апублікаваных у 1820-я гады «Дневных записках путешествия в разные области Западной и Полуденной России» сярод іншага падае полацкі рэцэпт нарыхтоўкі агуркоў, які можа прыдацца і сённяшнім гаспадыням: «Агуркі на зіму соляць добрым спосабам — кладуць іх у бочкі радамі, перасцілаюць дубовым і вішнёвым лісцем, дамешваюць кропу, у меру перасыпаюць соллю і, не заліваючы нічым, апускаюць на вяроўках у калодзежы або ставы. Прыгатаваныя такім чынам агуркі не толькі вельмі доўга захоўваюцца, але і набываюць дужа прыемны смак».

Новая ўлада адчыніла ў 1789 годзе ў Полацку народнае вучылішча з чатырма класамі. У кожным праводзіліся заняткі па расійскай мове, арыфметыцы, катэхізісе і «свяшчэннай гісторыі». Вучні трэцяга і чацвёртага класаў праходзілі таксама фізіку, механіку, геаметрыю, прыродазнаўства, расійскую гісторыю і геаграфію. У першы навучальны год установу ўшанаваў візітам «его превосходительство генерал-аншеф двора ея императорского величества действительный камергер, сенатор и разных орденов кавалер» беларускі генерал-губернатар Пётр Пасек. На гістарычную падзею настаўнік Сакольскі адгукнуўся одай:

О град прекрасной Гориславы, Забудь бореев страшный рев! Се правый муж, исполнен славы, Суровость воздуха презрев, Приходит от зыбей Днепровых Тебе щедрот явити новых. Приходит? нет; своей душей Благой правдивыми делами, Как Феб блестящими лучами, Он свет дает стране твоей…

3 тагачаснай справаздачы даведваемся, што педагогі гэтай навучальнай установы сабралі «обширную по тем временам библиотеку — 425 названий книг». Гэта, безумоўна, добра, што ў вучэльні было чатыры сотні кніжак і расійскія настаўнікі чыталі Ламаносава, Фанвізіна, а часам нават і Вальтэра. Але заўважым, што ў той самы час полацкія школы пры кляштарах мелі непараўнана большыя кнігазборы, а бібліятэка езуіцкага калегіума налічвала дзесяткі тысяч тамоў на многіх мовах — ад твораў антычных аўтараў да навінак еўрапейскіх літаратур.

За кацярынінскім часам кірмашы ў Полацку адбываліся чатыры разы на год. Цяпер тут верхаводзілі расійскія купцы з Апочкі, Тарапца, Смаленска. Ішоў гандаль збожжам, салам, лёнам, скурамі, футрам, драўляным посудам, ваўнянымі, ядвабнымі і баваўнянымі тканінамі. Кірмашы пакрысе занепадалі, бо полацкія купцы ўжо гандлявалі прамысловымі таварамі ў гарадскіх крамах, якіх было болей за паўсотні. У Рызе, Круляўцы (Кёнігсбергу) і Маскве ведалі, што купцоў з Полацка найперш цікавяць тканіны, посуд, соль, віно, селядцы. Тады ў горадзе працавала блізу 250 рамеснікаў: 40 краўцоў, 48 шаўцоў, 18 хлебапёкаў, 16 цесляроў, 12 кавалёў… Меў горад і майстроў больш рэдкіх прафесій — ювеліраў, шкляроў, пераплётчыкаў, шабельнікаў, жывапісцаў. Будаўніцтва мураваных дамоў паклікала да жыцця ў гарадскіх ваколіцах некалькі невялікіх цагельняў, дзе зараблялі на хлеб па тры-пяць работнікаў. Частка месцічаў, як і шмат стагоддзяў таму, жыла з зямлі, або займалася лесасплавам.

Чацвёртым губернатарам Полацкага намесніцтва ў 1784 годзе, паводле пратэкцыі ўсемагутнага кацярынінскага фаварыта князя Пацёмкіна, быў прызначаны Аляксандр Лунін, чый радавод, як прызнаваўся сам намеснік, пачынаўся «з Польшчы».

Нашчадак ліцвіна Луні выявіў сябе асобай досыць неардынарнаю і вартай пэўнай увагі будучых служак музы Кліо. Пагатоў, захаваліся трохтомавыя губернатаравы запісы, што дазваляюць уявіць побыт, звычаі і ўзровень адукаванасці тагачаснага высокапастаўленага расійскага чыноўніка і яго акружэння.

У доме ў Луніна жылі шасцёра афіцыянтаў і апальшчыкаў, якіх гаспадар ледзьве не штодня муштраваў, як вытанчана падаваць на стол, разліваць віно і запальваць свечкі. У вольны ад службы час ён аддаваўся такому арыгінальнаму захапленню, як складанне рэцэптаў ад чумы і каросты, а таксама нібыта вынайшаў рэцэпт «лучшего русского пива». Дзеці ў сям’і нараджаліся кожныя два гады. Старэйшага сына аддалі ў навучанне полацкім езуітам, астатніх выхоўвалі французскія гувернёры Бугрэ і Мелер. Царскі намеснік паспяхова спалучаў выкананне дзяржаўных абавязкаў з паляваннем. Губернскі пракурор I. Мендзялееў даносіў у Сенат, што Лунін мог на цэлы месяц адлучыцца «в поля на звериные ловли» або што, насамрэч знаходзячыся ў Маскве, пасылаў падначаленым «предписания, будто бы он обозревал в некоторых местах Полоцкой губернии дворцы и станции, но такового обозрения совсем не делал».

Тым не менш праз пяць гадоў губернатарства гэты шылахвост атрымаў чын генерал-паручніка. Аднак радасць з такой нагоды азмрочылі вялікія пазыкі. Лунін мусіў адмовіцца ад паслугаў апошняга гувернёра і пусціў мужчынскую слязіну, калі з дому ўцёк кухар, які каштаваў 250 рублёў.

У чаканні «почетной отставки на полном жалованьи» губернатар спрабаваў займацца прадпрымальніцтвам, але найбольш аддаваўся марам, сярод якіх ганаровае месца займалі намеры завесці ў губерні пчол у шкляных вуллях і разводзіць на Полаччыне шаўковых чарвей-папрадух. Падобныя пражэкты тады ў Расіі нікога асабліва не здзіўлялі. Сама Кацярына II у лісце да Вальтэра пісала, што «была бы рада, если б экватор изменил свое положение: приятна мысль, что через 2000 лет Сибирь будет покрыта апельсиновыми и лимонными деревьями». У адзін цудоўны дзень полацкі намеснік прачнуўся з думкаю падзяліцца з адукаванай імператрыцаю сваімі ведамі і грандыёзнымі планамі, дзеля чаго ўступіў у сталічнае Вольнае эканамічнае таварыства і заняўся навуковым апісаннем даверанай яму губерні. Вынікі праведзенай Луніным у 1791-1792 гадах этнаграфічнай экспедыцыі сапраўды ўражваюць. Былі, у прыватнасці, зробленыя глыбокія высновы пра тое, што жыхары Прыдзвіння займаюцца «простым хлебопашеством и безрасщотным курением вина, имеют отвращение к городской жизни, все ходят пешком и один перед одним не выставляются…»

Падначаленым няўрымслівага губернатара быў Францішак Рысінскі, што меў у Полацкім павеце маёнтак і займаў у намесніцтве розныя досыць высокія пасады. Замест даносаў на начальніка ён пісаў па-польску і па-беларуску зграбныя эпіграмы, лірычна-філасафічныя і гумарыстычныя вершы, якія пашыраліся ў спісах і вусна. Сярод аматараў паэтычнай музы Рысінскага быў і полацкі маршалак С. Грабніцкі, што сабраў нямала твораў земляка ва ўласным архіве.

Яшчэ адна, здаецца, зусім невядомая цікавостка з полацкае мінуўшчыны. У 1796 годзе ў Полацку пачалося абсталяванне манетнага двара з гадавой прадукцыйнасцю 1 мільён рублёў. Аднак двор так і не пачаў працы, бо ў снежні таго ж года імператар Павел I падпісаў указ пра спыненне падрыхтоўчае працы. На наступны дзень выйшаў указ пра скасаванне Полацкай губерні. (Вядома, што пасля гэтага выхаванец імператарскай Акадэміі мастацтваў гравёр Самуіл Аляксееў з полацкага манетнага двара паступіў на пецярбургскі.)

Полацк страціў магдэбургскія вольнасці і быў прыраўняны да іншых гарадоў імперыі. Судовымі ды маёмаснымі справамі і размеркаваннем падаткаў займаўся магістрат. Выбарная гарадская дума мусіла клапаціцца пра добраўпарадкаванне і кіравала гаспадарчым жыццём: збірала падаткі, здавала ў арэнду гасцініцы, корчмы, млыны. Да 1800 года горад меў каменданта, пасля — гараднічага. Мяркуючы па прозвішчах (губернскі паштмайстар — Раўшэрт, камендант — генералмаёр фон Рытэр, губернскі маршалак— Корф), у Прыдзвінні Кацярына часта рабіла стаўку на немцаў.

Беларускі народ галасаваў за «ўз’яднанне» нагамі: за два дзесяцігоддзі пасля трагічнага 1772-га з захопленага Расіяй абшару Полацкага, Віцебскага і Мсціслаўскага ваяводстваў за мяжу ў Вялікае Княства Літоўскае перайшло больш за 30 тысяч сялянаў. У сваіх нотах кацярынінскі ўрад называў гэтыя ўцёкі «неразумнай эміграцыяй», ацэньваючы агульную колькасць перасяленцаў з імперыі ў 300 тысяч «голов».

Але далёка ўцячы ад двухгаловага арла паспаліты чалавек не мог. У 1793 годзе Расія, Аўстрыя і Прусія ўчынілі новы разбор Рэчы Паспалітай, у выніку чаго царская імперыя захапіла цэнтральную Беларусь. Апошні полацкі ваявода Тадэвуш Жаба развітаўся з пасадай: левабярэжная частка ваяводства была далучаная да Полацкага намесніцтва.

Але мы крыху апярэдзілі падзеі.

Першы падзел Рэчы Паспалітай паскорыў у ёй прагрэсіўныя пераўтварэнні. Там дзейнічала першае ў свеце міністэрства народнай асветы — Адукацыйная камісія, што адчыніла на Беларусі дзвесце пачатковых школ. 3 траўня 1791 года сойм зацвердзіў першую ў Еўропе і другую ў свеце (пасля ЗША) канстытуцыю. Гэта быў магутны ўдар па магнацкім самаўладстве і феадальнай анархіі.

Рэч Паспалітая рабілася канстытуцыйнай спадчыннай манархіяй, дзе абвяшчаліся свабода друку і сумлення, галоснасць суда, адмена неабмежаванага прыгоннага прыгнёту. Скасоўвалася права «ліберум вета». Дзяржава давала свабоду ўсім іншаверцам-уцекачам нешляхецкага паходжання і абяцала захоўваць рэлігійную талерантнасць. З’яўляліся тэрміны і фармулёўкі, знаёмыя нам з сучасных газет і тэлеперадач: справаздача міністраў, адстаўка ўрада на патрабаванне 2/3 дэпутатаў сойму, падзел улады на заканадаўчую, выканаўчую і судовую. Гараджанам гарантавалася недатыкальнасць асобы без судовага рашэння. «Земляробчы люд, — было запісана ў канстытуцыі, — з-пад рукі якога плыве шчодрадайная крыніца багацця краіны, з’яўляецца найбольш колькаснай часткаю народа, а ў выніку — наймагутнейшай сілай краіны, і таму павінен быць у апецы права і ўрада».

8 траўня былі імяніны караля Станіслава Аўгуста. Прыхільнікі рэформаў у Літве-Беларусі выкарысталі гэта, каб шырока адсвяткаваць прыняцце канстытуцыі. Шумелі балі, звінелі тосты, успыхвалі феерверкі. Ілюмінацыя загарэлася і ў левабярэжнай частцы Полацка. Цераз Дзвіну, з расійскага боку, на яе насцярожана глядзелі царскія чыноўнікі, вайскоўцы і праваслаўнае духавенства. Тут канстытуцыяй і не пахла. Імператрыца выказалася на гэты конт так: «Конституция обошлась бы стране еще дороже самодержавия. Лучшая из конституций ни к черту не годится, потому что она делает более несчастных, нежели счастливых. Добрые и честные страдают от нее, и только негодяи чувствуют себя при ней хорошо, потому что набивают карман, и никто их не наказывает».

У сваім маёнтку Лявонпаль недалёка ад Полацка граф Лапацінскі ўзвёў у гонар Канстытуцыі 1791 года мемарыяльную калону, якая і цяпер узвышаецца ў парку на левым беразе Дзвіны. Радасць графа і яго аднадумцаў была нядоўгая: праз год у межы Рэчы Паспалітай уварваліся расійскія і прускія войскі, што скончылася другім падзелам дзяржавы.

Імперыя набыла тры мільёны новых падданых. Каб ні ў кога не засталося сумневу ў намерах Кацярыны II, ва ўсіх храмах на далучаных землях чыталі маніфест: «С особливым соболезнованием ее императорское величество всегда взирало на те притеснения, которым земля и грады, к Российской империи прилеглые, некогда сущим ее достоянием бывшие и единоплеменниками ее населенные, созданные и православною христианскою верою просвещенные и по сие время оную исповедующие, подвержены были… И потому имеет все и каждый, начиная от знатнейшего дворянства, чиновников и до последнего, кому надлежит, учинить в течение одного месяца торжественную присягу в верности. Если же кто из дворянства и из другого сословия, владеющии недвижимым имением, небрежа о собственном своем благополучии, не захочет присягать, тому дозволяется на продажу недвижимого своего имения и добровольный выезд вне границ 3-месячный срок, по прошествии которого все остающееся имение его секвестровано и в казну взято быть имеет. Духовенство высшее и нижнее долженствует подать собою, яко пастыри душевные, первый во учинении присяги пример и в повседневном Господу Богу публичном принесении теплых молитв о здравии ее императорского величества всемилостивейшей государыни и дражайшего ее сына и наследника цесаревича великого князя Павла Петровича и всего высочайшего императорского дому по тем формам, которые им для сего употребления дадут».

Каб «узаконіць» падзел, па волі імператрыцы ў Горадні склікалі сойм, які ўвайшоў у гісторыю пад назваю «нямога». Пратэстуючы, дэпутаты тры дні маўчалі. Царыцыных назіральнікаў цяжка было збіць з панталыку: хтосьці з іх задаволена абвясціў што маўчанне — знак згоды.

Продкі не збіраліся пратэставаць адно маўчаннем.

Увесну 1794 года Літва-Беларусь і Польшча выбухнулі паўстаннем, правадыром якога стаў беларус з паходжання Тадэвуш Касцюшка. На літоўскіх-беларускіх землях інсургентамі кіраваў трыццацітрохгадовы палкоўнік Якуб Ясінскі. Ён быў гарачы прыхільнік ідэяў Французскай рэвалюцыі, хацеў знішчыць прыгон, пісаў па-беларуску звернутыя да сялянаў вершаваныя пракламацыі. Паўстанцы спявалі «Песню беларускіх жаўнераў»:

Помнім добра, што рабілі, Як нас дзёрлі, як нас білі. Дакуль будзем так маўчаці? Годзе нам сядзець у хаце! Нашто землю нам забралі? Пашто ў путы акавалі? Дочкі, жонкі нам гвалцілі. Трэ, каб мы ім заплацілі! Здрада ёсць ужо ў сенаце, А мы будзем сніць у хаце? Возьмем косы ды янчаркі, Будзем гордыя гнуць каркі! Коней нам пазаязджалі, Што хацелі, то і бралі. Пойдзем жыва да Касцюшкі! Рубаць будзем маскалюшкі!

Паўстанцы ўзялі Браслаў. Недалёка адтуль ваяваў атрад Міхала Клеафаса Агінскага, які напісаў не толькі славуты паланез, але і «Марш паўстанцаў 1794 года». 3 занятай інсургентамі Вільні іх 3-тысячная калона набліжалася да Паставаў. У шэрагах змагароў ваяваў ужо немалады пасол сойму і патрыёт Вялікага Княства Тадэвуш Корсак, малой радзімаю якога была полацкая вёска Заскаркі. На пачатку паўстання ён з’явіўся ў Вільні на чале некалькіх дзесяткаў узброеных уласных і навакольных сялянаў. У жніўні 1794-га Корсак атрымае ад Касцюшкі званне генерал-маёра, а ў лістападзе загіне падчас абароны Пражскага прадмесця Варшавы і разам з Якубам Ясінскім знойдзе вечны зямны прыстанак пры варшаўскім касцёле «На Камёнку».

Паўстанне не мела шанцаў на перамогу. Касцюшка баяўся абаперціся на просты народ. Яго палохала рэвалюцыйная праграма Якуба Ясінскага і намер таго аднавіць дзяржаўную самастойнасць Вялікага Княства. Адначасова царызм вёў хітрую прапаганду сярод беларускіх сялянаў, абяцаючы ім забраную ў «паноў-бунтаўшчыкоў» зямлю.

Жалезнай хваткаю душыла паўстанне рэгулярная, загартаваная ў захопніцкіх паходах армія. На чале яе стаяў Аляксандр Сувораў. На працягу ўсёй сваёй кар’еры ён аддана служыў жандарскай палітыцы царызму і, дарэчы, не ўдзельнічаў ні ў адной абарончай вайне. Для Расіі ён сапраўды выдатны палкаводзец, для Беларусі — найперш карнік, камандзір захопнікаў. За здзейсненыя яго салдатамі ў 1794 годзе крывавыя подзвігі імператрыца падаравала Сувораву Кобрынскую воласць і іншыя беларускія землі з 13 279 душамі прыгонных сялянаў-мужчын. Значыцца, агулам генерал-фельдмаршал атрымаў у падарунак болей за 25 тысяч беларусаў.

Пазбаўленыя нацыянальнае годнасці нашчадкі паўстанцаў будуць зусім спакойна ўспрымаць тое, што імем Суворава названыя ў Беларусі 60 вуліц у гарадах і мястэчках. Гэта пры тым, што вуліцы імя Касцюшкі ў нас можна пералічыць на пальцах адной рукі. А ёсць жа яшчэ сувораўская вучэльня, Кобрынскі ваенна-гістарычны музей імя Суворава.

Што б сказалі людзі Якуба Ясінскага, каб убачылі кветкі ля пастаўленых на беларускай зямлі помнікаў Сувораву? Але кветкі вы сустрэнеце ўжо і ў Відзах пад Браславам, на магіле нашага суайчынніка генерала Тамаша Ваўжэцкага, што пасля паланення Касцюшкі ўзначальваў збройныя сілы паўстанцаў. Першымі ў наш час знайшлі туды сцежку сябры полацкага гістарычнага клуба «Вытокі».

1795-ы стаўся годам трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай і яе гістарычнага скону. Былы фаварыт імператрыцы, былы вялікі князь і кароль Станіслаў Аўгуст 25 лістапада падпісаў адрачэнне і ператварыўся ў вязня. Пазалочаны каралеўскі трон прывезлі з Варшавы ў Пецярбург, і імператрыца распарадзілася прыстасаваць яго для сваіх штодзённых фізіялагічных патрэбаў а папросту кажучы, ператварыла ва унітаз. На ім, дарэчы, увосень 1796 года яе і разбіў параліч.

Станіслаў Аўгуст перажыў жанчыну, якую некалі называў «уладаркаю свайго сэрца і лёсу», на паўтара года. Павел I дазволіў яму пасяліцца ў Пецярбургу, дзе ён і быў без усякіх урачыстасцей пахаваны ў касцёле на Неўскім праспекце. Улетку 1939-га прах манарха вярнуўся на радзіму і быў перазахаваны ў Траецкім касцёле радавога маёнтка Воўчын пад Берасцем. Пасля Другой сусветнай вайны касцёл з прахам Станіслава Аўгуста абрабавалі. Шукаючы золата, зладзеі растрыбушылі ўсю каралеўскую магілу. Тамтэйшыя жыхары апавядаюць, што вясковы каваль забраў сабе пазалочаную карону і любіў танцаваць у ёй на вяселлях.

Перш чым пагаварыць пра драматычныя вынікі далучэння Беларусі да Расійскае імперыі, зазначым, што ў 1796 годзе адбылася чарговая бюракратычная перабудова: Полацкае і Магілёўскае намесніцтвы аб’ядналі ў Беларускую губерню з цэнтрам у Віцебску. Прабыўшы дваццаць гадоў губернскай сталіцаю, Полацк мусіў задаволіцца рангам павятовага горада. Услед за адміністрацыйнымі чынамі ў Віцебск пацягнуліся заможныя жыхары, асабліва купецкага стану. Гарадскія ўлады зачынілі народную вучэльню. Да ўсіх гэтых непамыслотаў дабавіўся пажар, які вынішчыў 240 дамоў.

Аматарам статыстыкі дазволю зазірнуць у пададзеную першым гараднічым губернскаму начальству «Ведомость о состоянии Полоцка на 1799 год». Яна паведамляе, што ў горадзе жыве 7535 чалавек (меней, чым у XII стагоддзі): гарнізонных вайскоўцаў іх жонак і дзяцей — 1398, чыноўнікаў — 294, духоўных асобаў — 171, дваранаў — 135, купцоў-хрысціянаў — 547, купцоў-яўрэяў — 105, мяшчанаў-мужчын — 2305, жанчын — 2540. Полацк меў пяць цэркваў, два касцёлы, шэсць манастыроў, дамоў скарбовых (казённых) драўляных і мураваных — 20, гарадскіх — 1, прыватных — 1183, з іх мураваных — 21… На Ніжнім замку мясціўся вайсковы гарадок з баракамі і пляцам для муштравання гарнізонных салдатаў.

Палачане прызвычайваліся да павятовага жыцця ды існавання ў новай дзяржаве. Знікненне Рэчы Паспалітай з еўрапейскай карты вяло да ўсталявання на беларускіх землях усё больш жорсткіх парадкаў.

Створаная царызмам імперыя, у адрозненне, напрыклад, ад Брытанскай, была не заморская, а кантынентальная. Іначай кажучы, калоніі знаходзіліся побач з метраполіяй. Такая геаграфічная, а часам і этнічная (падабенствамовы, народных традыцый) блізкасць давала магчымасць не толькі маскаваць прыгнёт, але яшчэ і навязваць паняволенаму народу чужую гісторыю, падсоўваць яму чужых герояў.

Пры ўсіх яе хібах Рэч Паспалітая была шляхецкай рэспублікай, дзе ўжо даволі хутка развіваўся капіталістычны ўклад. У Расіі ж дасягнула вяршыні магутнасці абсалютысцкая феадальная манархія з сярэднявечнымі законамі, ці, дакладней, беззаконнем. Беларусь захапіла краіна, якую Маркс і Энгельс называлі жандарам Еўропы, а Ленін — турмой народаў.

Кацярына II і яе сын Павел I раздалі ў беларускіх губернях сваім памешчыкам паўмільёна сялянскіх душ, прычым значная частка гэтых людзей раней была асабіста свабодная. Генерал-фельдмаршалу Пятру Румянцаву «в вечное и потомственное владение пожаловано» 17 750 душ, статсдаме графіні Скаўронскай — 3823, генерал-аншэфу Салтыкову — мястэчка Ракаў ды іншыя маёнткі з 3735 душамі… Спіс гэты бясконцы.

За кошт нашай Бацькаўшчыны Кацярына шчодра надзяліла і сваіх фаварытаў. Браты Арловы, што некалі дапамаглі ёй сесці на трон, пераважна ў далучаных губернях атрымалі 50 тысяч прыгонных. Прозвішчы сялянам нярэдка давалі па панах. У адной з «арлоўскіх» вёсак у Магілёўскай губерні праз сто гадоў пасля захопу Беларусі нарадзіўся мой дзед Арцём Арлоў.

Феадальная гаспадарка ў Расіі вылучалася прымітыўнасцю. Беларускіх сялянаў, якія ў большасці сваёй раней плацілі грашовы аброк-чынш, пагналі на паншчыну. Формы прыгону ў імперыі былі больш жорсткія. Якраз пасля першага этапу «ўз’яднання», у 1773–1775 гадах, яе трэсла пугачоўшчына.

Беларускія гарады пазбавіліся магдэбургскага самакіравання і старых гербаў. Дробную шляхту, што не магла давесці дакументамі сваіх правоў, пераводзілі ў падатковы стан. Падаткі ў беларускіх губернях, у адрозненне ад расійскіх, дзяржава да 1811 года збірала не ў асігнацыях, а ў звонкай манеце. Паводле неафіцыйнага курсу 100 папяровых рублёў былі роўныя 22 рублям срэбра. Значыцца, на нашую зямлю лёг цяжар падаткаў, у чатыры-пяць разоў большых, чым ва ўнутраных губернях.

На змену расфармаванаму новымі ўладамі прафесійнаму войску Вялікага Княства Літоўскага прыйшлі невядомыя дагэтуль Беларусі рэкруцкія наборы. У рэкруты бралі маладых здаровых мужчын ва ўзросце з 19 да 35 гадоў. Мірным часам Пецярбург вымагаў з 500 душ аднаго жаўнера, у вайну — чатыры, пяць і нават восем. Родныя праводзілі іх, не раўнуючы, як на той свет. Да 1793 года рэкруты служылі ўсё жыццё, потым тэрмін абмежавалі «ўсяго» чвэрцю стагоддзя. Наступнае скарачэнне службы да дваццаці гадоў адбылося толькі ў 1834-м.

Згодна з падлікамі Кастуся Тарасава, да канца XVIII стагоддзя беларускія губерні далі расійскаму войску 109 тысяч салдатаў без уліку шляхты, якая папаўняла афіцэрскі корпус. У 1811 годзе наш народ складаў дзесятую частку 40-мільённага насельніцтва імперыі, але пастаўляў ёй кожных пятнаццаць рэкрутаў з сотні. Паднявольныя салдаты нярэдка ўцякалі з царскага войска і таемна вярталіся на радзіму. Пра гэта сведчыць зацверджаны царом у сакавіку 1812-га ўказ, у якім чытаем: «Мелкопоместный шляхтич, в поместье своем пребывающий, за водворение у себя дезертира, должен платить 2 тысячи рублеи, а если не в состоянии заплатить, отдается в военную службу; а в случае неспособности к оной, подвергается ссылке в Сибирь. Управляющий деревнею, где допущен будет к водворению дезертир, подвергается равному наказанию».

Беларусы рабіліся гарматным мясам у захопніцкіх царскіх паходах. У 70-я гады XVIII стагоддзя быў створаны Полацкі мушкецёрскі полк. Той, хто цікавіцца геральдыкай, можа занатаваць колеры і сімвалы яго баявога сцяга: у залатым правым полі шчыта — палова чорнага расійскага арла, у чырвоным левым — «Пагоня». Між іншым, полацкім мушкецёрам належыць галоўная роля ў здабыцці Суворавым Ізмаіла: якраз яны першыя ўварваліся ў фартэцу. Палачане ўмелі ваяваць і ў тыя часы. Згадку пра Полацкі полк вы сустрэнеце нават у паэме Байрана «Дон Жуан».

Расія ніколі не ведала нацыянальнай і рэлігійнай талерантнасці. Беларусаў наогул не прызнавалі за народ, лічылі крыху папсаванымі пальшчызнаю расійцамі. Адпаведнае стаўленне было да мовы. Продкаў пазбавілі нават права на ўласныя імёны і прозвішчы. Адразу пасля захопу ўсходніх беларускіх земляў царскія пісарчукі пазапісвалі Язэпаў — Іосіфамі, Міхасёў — Міхаіламі, а Тамашоў — Фамамі. Жукі ператварыліся ў Жукавых, Каты — у Котавых, Кавалі — у Кавалёвых… Загадам Кацярыны II «для собственного употребления по упражнению ея в исторических сочинениях» з беларускіх манастырскіх, царкоўных і прыватных бібліятэк у Пецярбург забралі летапісы і радаводы найбольш славутых шляхецкіх родаў (Існуе меркаванне, згодна з якім менавіта расійская імператрыца загадала знішчыць Полацкі летапіс.) Крыху пазней з Полацка будуць вывезеныя Евангелле XII стагоддзя, што належала Траецкаму манастыру і два Евангеллі ХIV стагоддзя з манастыра Іаана Прадцечы. Цяпер гэтыя унікальныя помнікі знаходзяцца ў бібліятэках Масквы і Санкт-Пецярбурга.

Адносіны царскіх уладаў да яўрэяў відаць ужо з цытаваных раней дакументаў. Кацярына II абяцала юдзеям карыстанне правамі «без различия закона (религии) и народа наравне с лицами других состояний российского подданства», аднак іх пачалі ўсяляк абмяжоўваць. Антысемітызм будзе насаджацца на дзяржаўным узроўні. З’явіцца так званая мяжа аселасці, за якой яўрэям забароняць сяліцца.

Царызм не мог пакінуць без увагі і навучальныя ўстановы. Над некаторымі ўвялі вайсковы нагляд. Новых падданых пазбавілі трохсотгадовага права набываць адукацыю ў замежных універсітэтах. Рабіліся спробы вярнуць тых, хто ўжо вучыўся ў Еўропе. За імі сачылі, кантралявалі іх карэспандэнцыю. Такога паняцця, як таямніца ліставання, у Расіі ніколі не існавала.

Моваю навучання ў абсалютнай большасці беларускіх школ і вучэльняў у першыя дзесяцігоддзі пасля далучэння была польская. Гэта можа здавацца дзіўным, але якраз тады, ужо ў Расійскай імперыі, паланізатары дасягнулі вялікіх поспехаў. У Пецярбургу лічылі, што на захопленых землях лепей мець справу з аднымі палякамі. (Пазней сэнс такой палітыкі сфармулююць у сталінскім акружэнні: ёсць народ — ёсць праблема, няма народа — няма праблемы.)

3 другога боку, няўхільна набірала абароты русіфікацыя. Забягаючы наперад, адзначым, што за 150 гадоў Расійская імперыя, выкарыстоўваючы прыродныя, эканамічныя і чалавечыя рэсурсы Беларусі, не дазволіла адчыніць ніводнай беларускай школы. Беларускія кнігадрук і прэса былі афіцыйна дазволеныя, але вельмі абмежавана і без дзяржаўнай дапамогі, толькі пасля рэвалюцыі 1905 года.

У палітыцы русіфікацыі царызм карыстаўся падтрымкай практычна ўсёй расійскай інтэлігенцыі на чале з валадарамі яе думаў. Непахісныя імперскія перакананні меў і Аляксандр Пушкін. Выказваючыся пра рускую мову, ён сцвярджаў, што яна, «как материал словесности, имеет неоспоримое превосходство перед всеми европейскими». А ў час нацыянальна-вызваленчага паўстання 1830–1831 гадоў у Беларусі, Літве і Польшчы «певец свободы» ў лісце да П. Вяземскага, прызнаючы мужінасць інсургентаў пісаў: «Все это хорошо в поэтическом отношении. Но все таки их надобно задушить и наша медлительность мучительна». (Не, зусім не памыляўся расійскі гісторык і філосаф Г. Фядотаў, калі называў Пушкіна «певцом империи».)

Не было даверу нават лаяльнаму да Пецярбурга мясцоваму праваслаўнаму духавенству. Яшчэ да канчатковага захопу Беларусі верны служка Кацярыны II менскі епіскап Віктар Садкоўскі, сабраўшы ў Слуцку святароў наказаў ім гаварыць толькі па-расійску. Прыхільнікаў роднае мовы ўладыка настаўляў на шлях ісцінны такімі словамі: «Я вас скореню, уничтожу, чтоб и языка не было вашего проклятого литовского и вас самих. Я вас в ссылки порассылаю или в солдаты поотдаю, а своих из-за кордона понавожу».

Калі мяжа імперыі пасунулася на захад, святароў-беларусаў пераводзілі ў глыб дзяржавы, а на вызваленыя месцы ехалі расійцы, што не ведалі ні мовы, ні мясцовых традыцый і глядзелі на прыхаджанаў як на схізматыкаў. Яны падазрона перачытвалі спісы тутэйшых святых, паніжалі іх у рангах, бязлітасна змагаліся са святкаваннем Калядаў, Купалля ды з іншымі спрадвечнымі звычаямі. Пра стаўленне вернікаў да гэтых праваслаўных місіянераў губернатары дакладвалі Паўлу I: «Присланные из Смоленской епархии священники не способны к исполнению своих обязанностей и к поддержанию хороших отношений с людьми, этот край населяющими. Они стали ненавистны народу».

Наш край упарта не хацеў рабіцца «истинно русским». «Как сильно чувствуется разница между Россией и Белоруссией тотчас за межою, которая отделяет Псковскую губернию от Витебской. Другой воздух, другая жизнь в моих жилах!» — пісаў улетку 1822 года юнкер коннага палка Аляксандр Адоеўскі.

Гэтая вялізная розніца не давала Пецярбургу спакою.

Для расійскага самаўладдзя беларусаў як асобнага народа не існавала, а уніяцкая царква з яе народнаю мовай сцвярджала адваротнае. (Гісторык і выдавец, выкладчык Полацкай духоўнай семінарыі Ксенафонт Гаворскі, які ўхваляў усе русіфікатарскія крокі царскіх уладаў, невыпадкова называў беларускую мову «униатским наречием».) Нагадаем, што уніятамі ў Беларусі тады былі кожныя тры жыхары з чатырох, а праваслаўнымі — 6,5 працэнта. Ужо за Кацярынай з небяспечнай Уніі ў надзейнае ручное праваслаўе расійскага ўзору перагналі паўмільёна нашых продкаў. Ішла апрацоўка грэка-каталіцкіх іерархаў. Уніяцкі мітрапаліт Лісоўскі ў 1806 годзе загадаў у малітвах царова імя згадваць раней за Папава.

Асабліва старанна змагаўся з нашай вераю ўкраінец з паходжання уніяцкі біскуп Іосіф Сямашка, які цалкам перайшоў на службу царызму. Ён прымусова ўводзіў ва уніяцкіх духоўных семінарыях і ў царкоўных справаздачах расійскую мову. Святары мусілі адпраўляць набажэнствы па служэбніках, прысланых з Масквы і Пецярбурга. Нязгодных чакаў суд, як царкоўных і дзяржаўных злачынцаў. На вачах у вернікаў з храмаў выкідалі бакавыя алтары, ламалі арганы. Сведка тых падзеяў беларускі архімандрыт Мікалай піша: «На арганах ігралі некалькі дзён амаль бесперапынна, а народ «крыжам» ляжаў у царкве. Усярэдзіне і на цвінтары людзі са слязьмі на вачах гучна спявалі песні з любімага імі богагласніка — апошні раз пад гукі арганаў». Усе гэтыя здзекі расійская афіцыйная гістарычная навука назаве вызваленнем беларусаў ад рэлігійнага прыгнёту.

Шмат хто з уніятаў шукаў паратунку ў каталіцтве. Толькі ў 1834 годзе 35 тысяч беларускіх дзяцей з уніяцкіх сем’яў бацькі ахрысцілі паводле рымскага абраду.

Полацкага праваслаўнага епіскапа Смарагда і віцебскага генерал-губернатара Шрэдэра сяляне-уніяты з маёнтка Азярышча Гарадоцкага павета за спробу перавярнуць іх у праваслаўе пастанавілі ўтапіць, і «воссоединители» ледзьве ўратаваліся. У снежні 1834-га на дваранскіх выбарах у Віцебску 172 шляхцічы падпісалі акт з пратэстам супраць пераследу грэка-католікаў. Аўтарам акта быў полацкі павятовы маршалак Людвік Беліковіч. Ён шмат ездзіў па Беларусі, агітуючы шляхту не аддаваць на здзек народную веру.

Урад прыгразіў незадаволеным дваранам судом і секвестрацыяй маёнткаў.

Увосень 1838 года ў Беларускай епархіі абвясцілі пра сваю нязгоду з такой палітыкай у дачыненні да Уніі 111 святароў пад кіраўніцтвам інспектара Полацкай духоўнай семінарыі Адама Тамкавіда і святара Іаана Ігнатовіча. Сабраўшы подпісы, яны падалі на імя імператара прашэнне аб прыпыненні прымусовага «ўз’яднання» уніятаў з праваслаўнай царквой. Тамкавід быў адлучаны ад пасады і высланы ў адзін з манастыроў Курскай губерні.

Вайна самаўладдзя з уніяй афіцыйна завяршылася 12 лютага 1839 года. Гэтым днём у Полацку пачаўся царкоўны сабор, рэй на якім вёў Сямашка. Святая Сафія, што 243 гады была грэка-каталіцкім храмам, пачула пастанову пра вяртанне сваіх прыхаджанаў «в лоно прародительской православной веры, дабы пребывать отныне в послушании Святейшего Правительствующего Всероссийского Синода».

Нават ва ўмовах жорсткага ўціску ў Беларускай уніяцкай дыяцэзіі — царкоўнай акрузе, куды ўваходзіла Полаччына, — у 1838 годзе з 680 святароў за далучэнне да праваслаўя падпісаліся толькі 186. Больш за мільён уніятаў перайшло пасля Полацкага сабору ў каталіцтва. Ды гэта не перашкодзіла прывезенаму з Расіі епіскапу Смарагду заявіць, што Унія «расползлась, как ветхий и дырявый мех».

Беларусь пазбавілі народнай рэлігіі, быў замацаваны падзел беларусаў на католікаў і праваслаўных. Тут адна з галоўных прычын слабай нацыянальнай кансалідацыі беларусаў ад чаго мы зазналі столькі няшчасцяў і ў XX стагоддзі.

У гонар перамогі над уніяй імператар Мікалай I пастанавіў выбіць медаль з надпісам: «Отторгнутые насилием (1596) возсоединены любовию (1839)». Любоў тая вельмі часта выяўлялася ў бізунах, якімі уніятаў, у тым ліку і дзяцей, змушалі прымаць новую веру. Пра здзекі з беларускіх грэка-католікаў абурана пісаў Леў Талстой. Аляксандр Герцэн надрукаваў у 27-м нумары свайго «Колокола» за 1858 год артыкул «Секущее православие», дзе Іосіфа Сямашку называў «Иудой во Христе, который высек себе новый памятник на спине жертв».

Вось прыклад радаснага «ўз’яднання» цэркваў: «Со стороны гражданского начальства истязанием заведовал окружной Новицкий. Этот полицейский апостол сек людей до тех пор, пока мучимый не соглашался принять причастие от православного попа. Один четырнадцатилетний мальчик после двухсот розг отказался от такого общения со Христом. Его снова начали сечь, и только тогда, уступая страшной боли, он согласился. Православная церковь восторжествовала!» Няхай той, хто любіць паразважаць пра радасць, з якой беларусы прынялі праваслаўе, часцей успамінае слёзы і енкі таго хлопчыка-уніята.

Падрыхтаваўшы здратаваннем Уніі адпаведную глебу, імператар у наступным, 1840 годзе зрабіў новы ўдар па нацыянальным быцці нашага народа — адмысловым указам забараніў у афіцыйных дакументах ужываць назвы «Беларусь» і «Літва», увёў для беларускіх губерняў найменне «Северо-Западный край».

Параўноўваючы татара-мангольскую няволю на расійскіх землях з імперскім прыгнётам у Беларусі, філосаф Уладзімір Конан пісаў што першы быў лягчэйшы, бо татары рабавалі гаманцы, дамы і свірны, а царскія ўлады — душы і розумы, выграбаючы адтуль мову, памяць і пашану да продкаў.

Праваслаўю была даручаная галоўная роля ў русіфікацыі і дэнацыяналізацыі беларусаў. У 1840-м выйшла забарона прамаўляць па-беларуску царкоўныя казанні. Епіскапы патрабавалі ад святароў ды іх жонак карыстацца расійскай мовай і ў прыватным жыцці, каб даць прыклад парафіянам. Прысланыя з глыбіні імперыі праваслаўныя папы і мясцовыя рэнегаты дапамагалі душыць нацыянальна-вызваленчы рух, наводзілі карнікаў на атрады паўстанцаў 1863 года. Вядома, што за такі гераізм Сямашка прадставіў да ўзнагароджання медалём 496 духоўных асобаў свае епархіі.

Не, я зусім не супраць праваслаўя. Я хрышчаны ў царкве, хрысціў там і сваіх сыноў. Але праваслаўная царква ў Беларусі павінна стаць беларускай. Павінна дабіцца аўтакефаліі — царкоўнай незалежнасці. Іначай з кожным годам яна будзе губляць усё больш і больш вернікаў, якія хочуць гаварыць з Богам на сваёй мове і не хочуць, каб іх духоўнымі пастырамі камандавалі з Масквы.

Разам з гвалтоўным пераводам нашых продкаў у «истинную» веру знішчаўся велізарны пласт беларускай культуры. Тут пашчыраваў полацкі епіскап Сава Ціхаміраў, фанатык і чалавек з надзіва вузкім ды кароткім мысленнем. Самі ж праваслаўныя царкоўныя гісторыкі адзначалі яго, уладзімірца па нараджэнні, нянавісць да ўсяго мясцовага.

У часы Сававай дзейнасці гарышчы і сутарэнні прыдзвінскіх храмаў былі перапоўненыя уніяцкай драўлянай скульптурай. Амаль усе тыя скарбы згарэлі ў запаленых праваслаўным епіскапам вогнішчах. У храмах нават падлогу перасцілалі «па-праваслаўнаму». Вернікі з жахам глядзелі, як пілуюць уніяцкія ўкрыжаванні (з XVIII стагоддзя яны адрозніваліся ад праваслаўных тым, што ногі ў Хрыста былі прыбітыя не двума, а адным цвіком). Знішчэнне ўкрыжаванняў магло проста выклікаць паўстанне. Таму вынаходлівы Сава вырашыў іх распілоўваць. Тады на Полаччыне хадзіў анекдот, што потым трапіў у «Церковно-общественный вестник» за 1879 год: «На некотором обеде одно высокопоставленное лицо выразило сожаление, что не прибыл владыка N. — Недосуг ему, — отвечало другое высокопоставленное лицо, — занят весьма важным делом. — Каким таким важным делом? — Спасителю ноги распиливает».

Па Сававым указе з сабора святога Стэфана быў вынесены і пачаў свае блуканні па пакутах абраз «Пабіццё святога першапакутніка Стэфана камянямі», аўтарам якога быў славуты жывапісец Сальватор Роза. На той час сабор ўжо быў пераасвячоны і ператвораны ў праваслаўную царкву ў гонар св. Мікалая Мірлікійскага. Пазней ён стане кафедральным саборам Полацкай епархіі.

Малюнак з натуры беларускага мастака Напалеона Орды сведчыць, што ў 2-й палове XIX стагоддзя значных зменаў у сваім вонкавым выглядзе гэты помнік архітэктуры позняга барока яшчэ не зазнаў. Ён заставаўся дамінантаю гарадскога сілуэта і на пачатку XX стагоддзя. Але прадаўжальнікі варварскай дзейнасці епіскапа Савы, якія называлі сябе «ваяўнічымі атэістамі», паклапаціліся пра тое, каб храм святога Стэфана папоўніў архітэктурны мартыралог Беларусі. Пра лёс сабора пойдзе гаворка ў адным з наступных раздзелаў.

Бібліятэку Полацкай уніяцкай семінарыі (болей за 10 тысяч тамоў) завезлі ў Віцебск, а пазней загадам Сінода адправілі ў Кіеўскую духоўную акадэмію. У 1881–1883 гадах расійскія чыноўнікі прадалі архівы полацкага і бельчыцкага уніяцкіх кляштараў у Рыгу: 3000 пудоў па рублю за пуд.

На цвінтарах гарэлі вогнішчы з кніг. Гінула не толькі царкоўная літаратура, праваслаўныя фанатыкі адпраўлялі ў агонь усе даўнейшыя беларускія выданні. Літоўскі і віленскі мітрапаліт Сямашка ў 1852 годзе асабіста назіраў, як гараць 1295 кніг, знойдзеных у былых уніяцкіх храмах. У сваіх «Запісках» ён з гонарам паведамляе, што за тры наступныя гады па яго волі спалілі яшчэ 2 тысячы тамоў.

Каланіяльны стан былога Вялікага Княства Літоўскага змушаў многіх патрыётаў пакідаць радзіму. Сотні беларусаў уступілі ў створаныя ў Мілане касцюшкаўскім генералам Янам Дамброўскім легіёны і ваявалі ў напалеонаўскай арміі супроць Аўстрыі, адной з магільшчыц Рэчы Паспалітай. Яны марылі, што Напалеон дапаможа Бацькаўшчыне адрадзіцца.

Набліжаўся 1812 год, вайна, якая для Беларусі была зусім не Айчыннай, як для Расіі.

ДЗЕНЬ НАРАДЖЭННЯ НАПАЛЕОНА

Яго войска перайшло расійскую мяжу ў ноч на Янаў дзень. Цару Аляксандру I паведамілі пра гэта, калі ён танцаваў на раскошным балі ў Вільні.

Праз чатыры дні былая сталіца вітала французскага імператара. Дамы закідвалі яго кветкамі, юнакі пыталіся ў світы, як запісацца ў Вялікую армію. Вільня, зноў марачы зрабіцца сталічным местам, грымела воклічамі: «Vive l’empereur! Vive le liberateur!»[15]

Першы пад сваімі бел-чырвона-белымі сцягамі ўвайшоў у горад беларускі 8-ы полк кавалерыі Дамініка Радзівіла.

«На вашым месцы, — стомлена казаў віленцам імператар, — я думаў бы і рабіў як вы, бо любоў да Айчыны — галоўная дабрачыннасць адукаванага чалавека. У маім становішчы я мушу лічыцца з мноствам інтарэсаў і выконваць безліч абавязкаў, але, калі б я быў імператарам французаў у час падзелаў вашае радзімы, я ўзброіў бы ўвесь мой народ, каб падтрымаць вас… Я люблю вашу нацыю. Вось ужо шаснаццаць гадоўя бачу вашых воінаў, што змагаліся поплеч са мною на палях Італіі і Гішпаніі. Няхай Літва, Віцебск, Полацк і Магілёў натхняюцца тым самым духам, які сустрэў я ў Польшчы, і Усявышні пашле поспех вашай святой справе».

У той дзень віленцы не хацелі задумвацца, чаму адмовіўся ўдзельнічаць у напалеонаўскім паходзе Тадэвуш Касцюшка, што жыў у эміграцыі. У сэрцах жыло столькі надзеяў…

На прыдзвінскай зямлі багата мясцін, звязаных з Напалеонам. У Бешанковічах вам пакажуць дуб, пад якім ён адпачываў, у Віцебску — палац губернатара, дзе імператар жыў колькі летніх дзён. Магчыма, на дне нейкага з нашых азёраў дагэтуль ляжыць кінуты ім скарб. У Полацку Банапарт не быў, але горад дзесяткі разоў успамінаецца ў яго лістах, загадах і мемуарах.

20 ліпеня ў Полацку спынялася на днёўку 1-я расійская армія, што адыходзіла з Дрысы на Віцебск. Услед за ёю ў горад уступілі войскі маршала Нэя. У свой час уніяцкія святары адмовіліся чытаць у храмах пасланне царскага Сінода, дзе Напалеона абвяшчалі папярэднікам Антыхрыста. Тым не менш манахі-базыляне ў 1812-м палічылі за лепшае замураваць крыж святой Еўфрасінні ў сцяне Сафійскага сабора. Яны не памыліліся: сярод Нэявых жаўнераў знайшлося шмат аматараў лёгкай здабычы. Рабункі рашуча спыніў толькі маршал Удзіно, чые войскі перайшлі Дзвіну і занялі Полацк 14 ліпеня.

Маршал са штабам размясціўся ў езуіцкім кляштары. Ён меў задачу наступаць на Санкт-Пецярбург. Шлях на паўночную сталіцу прыкрываў корпус генерала Вітгенштэйна. Удзіно паспрабаваў абысці яго і заняць пецярбургскі гасцінец. У рэляцыях замільгацела найменне невядомай датуль нікому вёскі Клясціцы, паблізу якой у жорсткіх баях 30–31 ліпеня і 1 жніўня расійскі корпус здабыў важную перамогу.

У Вітгенштэйна было 18 тысяч войска і 108 гармат, Удзіно меў 25 тысяч і 114 ствалоў артылерыі. Французы авалодалі Клясціцамі, але адну з трох сваіх дывізій пакінулі ахоўваць пераправу праз Дрысу. Выкарыстаўшы гэта, генерал выбіў маршала з яго пазіцый і адкінуў за раку. Удзіно, сабраўшы сілы, перайшоў Дрысу назад і атакаваў варожы авангард.

Французам супрацьстаялі лейб-гвардзейцы Гарадзенскага палка, якіх праціўнік з павагаю называў «сінімі гусарамі». Баявыя штандары ў «сініх» былі амаль такія, як у згаданых кавалерыстаў Дамініка Радзівіла, толькі ў адных з двухгаловым царскім арлом, а ў другіх — з вершнікам «Пагоні».

Авангардам камандаваў папулярны ў расійскіх войсках генерал-маёр Якаў Кульнеў, чыё дзяцінства прайшло ў Віцебскай губерні. Гэта ён 31 ліпеня адбіў Клясціцы, захапіў амаль увесь абоз Удзіно і блізу тысячы палонных. Безразважна адарваўшыся ад галоўных сілаў ён пераправіўся праз Дрысу, трапіў у засаду і ў баі каля вёскі Сівошына быў смяротна паранены. Большасць аўтараў пішуць, што непрыяцельскае ядро трапіла Кульневу ў ногі, аднак француз Марбо, які бачыў гэтую смерць на свае вочы, сцвярджаў, што генерала ўдарамі шаблі ў горла забіў конны напалеонаўскі стралок. Тымі днямі Банапарт паслаў у Парыж дэпешу: «Адзін з найлепшых афіцэраў расійскай лёгкай кавалерыі генерал Кульнеў забіты пад Дрысаю».

Героя пахавалі паблізу месца гібелі, пад бярэзінамі ў сутоку Нішчы і Дрысы — якраз там, дзе ў Лівонскую вайну стаяў замак Сокал. Пазней прах перанеслі ў маёнтак Кульневых Ільзенберг (па-латышску — Ільзенскалнс), што недалёка ад сучаснага латвійскага горада Рэзэкнэ.

Пра тыя ліпеньскія баі сённяшняму падарожніку нагадае помнік у Клясціцах. У 1830-м па волі Мікалая I месца смерці генерала Якава Кульнева на стромкім дрысенскім беразе таксама было адзначанае помнікам, што, як ні дзіўна, захаваўся да нашых дзён. На ім — радкі з верша Васіля Жукоўскага:

Где Кульнев наш, рушитель сил, Свирепый пламень брани. Он пал, главу на щит склонил И стиснул меч во длани. Где жизнь судьба ему дала, Там брань его сразила. Тде колыбель его была, Там днесь его могила.

Пяты радок вымагае тлумачэння: паводле сямейнага падання, маці будучага генерала, едучы некалі на конях, першы родавы боль пачула менавіта там, дзе яе сыну наканавана было развітацца з жыццём.

Пасля Клясціцаў Напалеон узмацніў сваё левае крыло — корпус Удзіно — дзвюма баварскімі дывізіямі пад камандаю генерала Гувіяна Сен-Сіра. У выніку кароткага бою з Вітгенштэйнам каля вёскі Свольна злучаныя сілы французаў адступілі да Полацка. Натхнёныя ўдачай расійскія войскі выйшлі да Дзвіны і 17 жніўня атакавалі непрыяцеля. Бітва доўжылася чатырнаццаць гадзін. Маршал Удзіно атрымаў у ёй сваю 27-ю па ліку рану, і яго замяніў Сен-Сір. Частка напалеонаўскіх сілаў пачала перапраўляцца на дзвінскае левабярэжжа. Адтуль, з Экімані, іх батарэі абстрэльвалі Запалоцце і падыходы да моста цераз Палату.

Наступнага дня афіцэры Вітгенштэйна ўбачылі, як за французскімі ўмацаваннямі адбываецца нешта накшталт вучэнняў Сен-Сір выставіў на валах шэсцьдзесят гармат і раптам, па сігналу званоў езуіцкага касцёла, шасцю калонамі рушыў у наступ. Бой ішоў з пераменным поспехам. «Сінім гусарам», што помсцілі за смерць камандзіра, удалося прарвацца на полацкія вуліцы. Калі верыць звесткам, што падае ў сваёй кнізе «Полоцкий кадетский корпус» (Полоцк, 1910) падпалкоўнік В. Вікенцьеў толькі баварскія дывізіі страцілі за два дні 117 штабных і обер-афіцэраў ды пяць тысяч ніжэйшых чыноў. Сам Напалеон нібыта пашыраў чуткі, што пад Полацкам супроць яго змагалася 100-тысячная армія. (Думаю, што падпалкоўнік у сваім патрыятызме часам перабірае.)

Горад урэшце застаўся ў руках у французаў Сен-Сір адагнаў непрыяцеля да Сівошына і атрымаў маршальскае званне. Пасля гэтага баявыя дзеянні ў полацкім наваколлі да кастрычніка абмяжоўваліся дробнымі сутычкамі.

За колькі дзён да апісаных падзеяў 15 жніўня, імперыя Напалеона — ад Гішпаніі да Беларусі — адзначала яго дзень нараджэння. У Полацку, як і ў іншых гарадах былога Вялікага Княства, віселі партрэты са святочнымі надпісамі накшталт такіх: «Уся цвердзь зямная памятае: у гэты дзень прыйшоў на свет той, хто пакараў пыхлівых і вызваліў слабых» або «Усемагутны і справядлівы Госпад выяўляе волю сваю ў Напалеоне». Газеты пісалі пра «веліканскія крокі непераможных палкоў вялікага імператара» і пра ахвяраванні на Вялікую армію, сярод якіх былі дзесяць валоў і дванаццаць бараноў ад князёўны Радзівіл і рэшата яек з трыма фунтамі масла ад нейкага дробнага шляхціча. У шляхецкіх дамах падымалі тосты і крычалі «віват», аднак келіхі звінелі зусім не так радасна, як паўтара месяца таму.

Літва-Беларусь афіцыйна называлася «вызваленай ад расійскага прыгнёту», але на сапраўднае адраджэнне дзяржавы гэта было падобна мала. Створаны Часовы ўрад мусіў падпарадкоўвацца імператарскім камісарам. За абяцанне аднавіць Вялікае Княства Напалеон патрабаваў 100-тысячнае войска і велізарных паставак фуражу і харчу. Апрача новых падаткаў ён загадаў заплаціць у яго казну і ўсе старыя даўгі цару. Пачаліся бясконцыя рэквізіцыі. Сяляне марна чакалі скасавання прыгону, патрыёты Княства — дазволу на федэрацыю з Польшчай.

Французскі імператар вёў сваю буйную гульню.

Роўна праз месяц пасля Вільні ён уступіў у Віцебск. У баях на падыходах да горада вызначыліся 3, 11 і 23-я расійскія дывізіі, дзе служылі пераважна палачане, віцябляне і віленцы. Яны бачылі, што ніякай палёгкі для Беларусі Напалеон на сваіх штыках не прынёс, а таму біліся зацята. На дзесяці вёрстах дарогі ад Астроўна да Лучосы тры пералічаныя дывізіі страцілі па 375 жаўнераў на кожную вярсту, прыкладна столькі ж загінула і французаў. Паранены ці забіты ляжаў на кожным метры. Такім коштам была выратаваная 1-я расійская армія, што адступала на Смаленск.

Чытач мемуарных «Запісак» маркіза Амедэя Пастарэ, якога прызначылі французскім губернатарам Віцебска, даведаецца, што ключы ад горада Напалеону перадала дваранская дэпутацыя пад кіраўніцтвам адстаўнога армейскага брыгадзіра і былога кацярынінскага фаварыта графа Храпавіцкага. Сустрэча з аточаным войскамі імператарам так паўплывала на старога адстаўніка, што праз тры дні ён звар’яцеў. Ва ўладзе жаху знаходзілася і яго жонка, якая ўвесь дзень стаяла на парозе свайго дома, частуючы віном французскіх жаўнераў. Такім спосабам жанчына спадзявалася ўратаваць сямейнае гняздо, але толькі спрыяла яго рабаванню.

Не зважаючы на цяжкія страты, Банапарт прайшоў ад памежнага Нёмана сотні вёрст і набыў пяць мільёнаў новых падданых. Гэта дапамагала яму адпрэчыць думкі пра дэзерцірства жаўнераў, пра сялянскія бунты і паразу пад Клясціцамі, пра тое, што ў яго «літоўскіх» палках замест 100 тысяч у лепшым разе толькі чвэрць гэтага, і той бракуе рыштунку і зброі.

У Віцебску імператар быў яшчэ ў добрым гуморы. А шостай гадзіне раніцы абавязкова прысутнічаў на разводзе войскаў. Кіраваў праз кур’ераў парыжскім жыццём. Штодня пісаў па сто лістоў. У царкве святога Сімяона ён паставіў гарматы, ператварыўшы вокны храма ў амбразуры. Успенскі сабор зрабіў шпіталем, царкву Уваскрэсення на рынку — фуражным складам.

Перад паходам ён казаў маршалам: «Я скончу кампанію ў Смаленску і ў Менску. У Вільні, дзе ў гэтую зіму будзе мая галоўная кватэра, я займуся ўпарадкаваннем Літвы, якая прагне скінуць з сябе расійскае ярмо. Я не перайду Дзвіны. Рухацца сёлета далей — значыць ісці насустрач сваёй гібелі». У першы віцебскі дзень ён адшпіліў шпагу, кінуў яе на завалены разгорнутымі картамі стол і абвясціў: «Тут я спынюся, злучу карпусы маёй арміі, дам ёй спачын і вазьмуся за ўладкаванне гэтай краіны. Кампанія 1812 года — скончаная! 1813 год убачыць мяне ў Маскве, 1814-ы — у Пецярбургу».

Хто ведае, як павярнулася б кола гісторыі, каб Банапарт папраўдзе спыніўся, прыслухаўся да сваіх прыхільнікаў з Беларусі і Літвы, даў волю сялянам, як зрабіў гэта ў Варшаўскім герцагстве? Але ў Віцебску, напярэдадні дня нараджэння, ён прыняў фатальнае рашэнне ісці на Маскву. Былы рэвалюцыйны генерал-рэспубліканец, а цяпер валадар велізарнай імперыі, страціў пачуццё рэальнасці. Імкненне народаў да незалежнасці мала хвалявала яго: у галаве выспяваў план сусветнага панавання, на картах з’явіліся стрэлкі, што пазначалі будучы паход на Індыю. Чым усё закончылася, нам добра вядома.

Тым часам у Полацку і вакол яго стаяла 30-тысячнае напалеонаўскае войска. Штаб мясціўся ў мурах у айцоў-езуітаў. Грамадскія будынкі і вялікія прыватныя дамы былі аддадзеныя пад шпіталі. Палачане — хто з ахвотаю, хто пад прымусам — разам з французамі ўмацоўвалі горад. Жаўнеры займалі расійскі вайсковы гарадок на Ніжнім замку. Афіцэры жылі ў дамах у мясцовай шляхты. Паміж імі было, безумоўна, шмат высакародных людзей, аднак хапала і такіх, хто глядзеў на гаспадароў (хоць тыя належалі да аднаго з імі стану і часта гаварылі на бездакорнай французскай мове), быццам на пустое месца. Маўляў на вайне, як на вайне. У пакоях можна было ўбачыць, як паміж фамільнымі партрэтамі вісяць кумпята зарэзаных гаспадарскіх вепрукоў. На фартэпіянах стаялі рондалі і патэльні. Дзеншчыкі рабілі з дагледжаных садоў стайні і пашы, ламалі на дровы платы, секлі старадаўнюю мэблю. Пракарміць такую сціжму людей горад не мог, і над ім навісла пагроза голаду.

Марачы пра волю, сяляне Полацкага краю спачатку сустракалі напалеонаўскіх жаўнераў прыхільна: паказвалі дарогу, разам з імі нападалі на маёнткі верных цару паноў. Карціну прыходу французаў у прыдзвінскую вёску каларытна і з гумарам намаляваў у сваім вершы «Рабункі мужыкоў» адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры Ян Баршчэўскі:

Як пранцузская сіла Із-за Дзвіны наступіла, Нам стала карціць, Штоб парадак прыўраціць. Аднака ж сядзелі ціха. Аж тут прыносіць ліха Пранцузаў у наш двор — І нутка дзелаць збор. Клеці паразбівалі, Паноў нашых сагналі, Нас казалі пазбіраць І гарэлку піць і браць. Пранцузы нас пахвалялі, Аб нашым краі ўпаўнялі І на мігі нас прасілі, Каб мы з імі двор лупілі. І мы доўга там гулялі, Што хацелі, пілі, бралі… Той браў плацце на вяроўку, Чым абшыць жонцы шнуроўку, Цыны, медзі, колькі мог, Чым абліць дуду і рог… Іншы быдла занімаець, Другі адзенне хапаець, Іншы толькі есць i п ’ець, Другі шабляй куры б’ець. Калі ўжо так гуляюць, Пачулі: з пушак страляюць. «Галён! галён!» '[16] — закрычалі І ўсе з двору высыпалі. У Клясціцах, а дзве мілі, Крывавую вайну чынілі. Як французы выйшлі, самі Мужыкі былі панамі. І калі так пагулялі, Раду сабе ўкладалі. Першы Мінка сеў за стол, У куты глядзіць, як сакол, На крэсле, дзе сядзеў пан — Пуза як барабан. «Помню я тыя векі, Як жылі паноў прэдкі: Нас у рэкруты не бралі. Ах, што за паны бывалі! 3 адной палы ў тых паноў  Семера б пашыў штаноў! А гэтыя і нас паелі, І самі ўжо згалелі. Полы сабе паабразалі, Хвасты ззаду паадсякалі, I цяпер ужо усякай Кусай ззаду…»

Верш датаваны 1812 годам. Паэт распавёў выпадак, які адбыўся ў маёнтку полацкага шляхціча Маліноўскага ў Шнітаўках. Гаваркі Мінка, што «першы сеў за стол», служыў у пана лёкаем і на загад гаспадара потым быў павешаны.

Дачыненні сялянаў з «пранцузам» хутка змяніліся. Па вёсках, пакідаючы за сабой пустыя хлявы і адрыны, гойсалі рэквізітары. Пад выглядам ахвяраванняў жаўнеры забіралі з кожнага двара па два пуды сена і саломы і па пяць — жыта і аўса. У жніўні Напалеон падпісаў новы ўказ аб рэквізіцыях, паводле якога з пяці заваяваных губерняў Вялікая армія павінна была атрымаць 528 тысяч тон збожжа, 100 тысяч тон аўса і 53 тысячы кароў.

Сяляне браліся за косы і сякеры. Барацьбой з французамі ў Полацкім павеце выславіліся жыхары вёсак Варонькі і Жарцы. У навакольных лясах дзейнічалі аддзелы з некалькіх дзесяткаў партызанаў, узброеных адбітымі ў непрыяцеля стрэльбамі.

Не ведаю, ці памятае хто ў сённяшніх Жарцах пра Максіма Маркава, што ў 1812-м стаў на чале тутэйшых мсціўцаў. Пасля вайны царскі ўрад узнагародзіў жарцаўскіх партызанаў крыжамі і медалямі. Героі палічылі сябе за вольных людзей і адмовіліся ісці на паншчыну. Іх пан Жаброўскі меў на гэты конт іншую думку. У дадатак да медалёў ён загадаў усыпаць кожнаму ніштаватую колькасць бізуноў і сам назіраў за экзекуцыяй, прыгаворваючы: «Вось табе вольнасць, вось табе крыж».

Вызначылася падчас напалеонаўскага нашэсця і сялянка з вёскі Пагуршчына (цяпер у межах горада) Фядора Міронава. Паклаўшы ў кошык сёе-тое на продаж, яна колькі разоў хадзіла ў Полацк, прыносячы адтуль у расійскі штаб звесткі пра размяшчэнне войскаў і сховішчаў. Фядора таксама спадзявалася вырвацца з няволі, аднак пан не ўлічыў баявых заслуг сваёй рабыні і пасля вайны прадаў яе ў іншы павет. Колішняя выведніца выправілася шукаць праўды ў Санкт-Пецярбург. Былы камандзір вітгенштэйнаўскага авангарда генерал Упастаў узяўся хадайнічаць, і ў выніку Фядора вызваліла з прыгону і сябе, і ўсю сям’ю. Апрача таго, наша прадпрымальная зямлячка атрымала срэбны медаль і пяцьсот рублёў — фантастычнае для тагачаснага селяніна багацце.

Перамена ў стаўленні з боку жыхароў Вялікага Княства істотна блытала Напалеону карты. 3 Часовага ўрада Літвы выйшаў і загінуў у жніўні пры загадкавых абставінах заўзяты банапартыст Аляксандр Сапега, што няраз выконваў асабістыя разведвальныя даручэнні французскага імператара. Перад Барадзінскаю бітвай (у ёй на баку Напалеона брала ўдзел і беларуская кавалерыя Дамініка Радзівіла) валадар Еўропы мусіў накіраваць 10 тысяч жаўнераў на дапамогу 12-тысячнаму віцебскаму гарнізону, які партызаны фактычна трымалі ў аблозе. Граф Гагендорп, што быў ваенным генерал-губернатарам Вялікага Княства Літоўскага, паведамляе ў сваіх мемуарах пра масавае дэзерцірства баварцаў, з якіх складалася значная частка полацкага гарнізона: «Баварскія жаўнеры, кідаючы сцягі, сотнямі прыходзілі ў Вільню, нібыта з прычыны хваробы, і імкнуліся трапіць у шпіталь. Я іх дапытваў і загадаў сабраць на вайсковым пляцы, каб асабіста агледзець. Іх было болей за тысячу, а згодна з афіцыйнымі рапартамі французскіх ваенных лекараў не налічвалася і сотні сапраўды хворых. Абураны гэтым падманам, я адразу ж загадаў ім пакінуць горад і вярнуцца да сваіх частак у Полацк, але замест таго, каб вяртацца да баявых сцягоў яны рассеяліся па наваколлі, рабуючы і палячы вёскі».

Увосень у расійскай і французскай стаўках зноў загаварылі пра Полацк. Корпус Вітгенштэйна, атрымаўшы падмацаванне, налічваў 40 тысяч салдат і афіцэраў і 10 тысяч пецярбургскіх апалчэнцаў барона Штэйнгеля. На пачатку кастрычніка прыйшоў загад Кутузава: узяць Полацк!

Штабныя афіцэры Сен-Сіра са званіцы сабора святога Стэфана сачылі за рухам варожых палкоў у вялізны зямны тэлескоп, пазычаны ў езуітаў. Тры расійскія калоны наблізіліся з поўначы да горада і сталі біваком. Левы фланг французскіх пазіцый пачынаўся ад берага Палаты, у цэнтры перад імі ляжала Валовая азярына, правы фланг цягнуўся да віцебскага тракта. Абозы і шпіталі ўжо былі адпраўленыя на захад. Барон Штэйнгель занатаваў уражанні апошніх гадзін перад бітваю за горад: «Мрачная октябрьская ночь спустилась над равниной, окруженной темным лесом, и на ней загорелись тысячи костров, от коих возносящийся кверху дым с искрами составлял красное, рдяное облако, и небо получало от него багряное зарево; казалось, само небо требовало крови — это предзнаменование как бы указывало на предстоящий кровопролитный бой».

А шостай гадзіне раніцы 18 кастрычніка расійскія войскі атакавалі непрыяцеля каля вёсак Юравічы і Белае. Бліжэй да паўдня бой пад нізкім восеньскім сонцам кіпеў ужо на ўсёй прасторы ад Палаты да возера. Французы раз за разам падымаліся ў контратакі. Калі на зямлю апусціўся прыцемак, поле было заваленае знявечанымі целамі, падбітымі лафетамі і мёртвымі конямі. Трава пацямнела ад застылай крыві. Без-Карніловіч сцвярджае, што расійцы мелі шмат клопату ад варожай батарэі, размешчанай у Еўфрасіннеўскім манастыры, а сцены Спасаўскага сабора былі да паловы разбураныя ядрамі.

Царскія палкі спыніліся каля Грамоў, французы ж адступілі пад абарону ўзведзеных на Ніжнім замку ўмацаванняў. Прапаршчык пецярбургскага апалчэння Зотаў пісаў пра пакінутыя пазіцыі: «В первый раз нам удалось видеть землянки, отделанные для долговременного военного житья: рамы, двери и даже камельки, столы, стулья, диваны, зеркала. Все это было набрано французами в разоренных ими поместьях вокруг Полоцка и, по их расчету, верно назначено на зимовку, но ошиблись в расчете: с 6-го октября они уж больше не видали своих роскошных жилищ».

Назаўтра а пятай гадзіне вечара Вітгенштэйн загадаў атакаваць. Маршал Сен-Сір, падпаліўшы казармы, адышоў з Ніжняга замка ў горад. Абнесены дубальтовым палісадам і глыбокім ровам, ён быў добра прыстасаваны да абароны. Расійская артылерыя засыпала Полацк гранатамі і распаленымі ядрамі. У некалькіх месцах успыхнулі пажары. Загарэўся драўляны дамініканскі касцёл на пляцы перад калегіумам. Прагучала каманда: «На прыступ!» — і на фоне крывавае паланіцы пачаўся вусцішны спектакль са смерцю ў галоўнай ролі.

3 поўначы ў горад вёў адзіны драўляны мост праз Палату, які французы трымалі пад двух’ярусным агнём з батарэяў і акопаў. Высокія і стромкія берагі таксама спрыялі абаронцам. Першыя з сякерамі ў руках кінуліся на мост і ўзяліся пад кулямі секчы завал пецярбургскія апалчэнцы. Адначасова расійцы перайшлі ўброд Палату і палезлі на вал.

А трэцяй гадзіне ночы дружына пецярбуржцаў пад камандай палкоўніка Нікалаева ўварвалася ў горад. У той самы час абарона была прарваная і з боку віцебскага тракту. На вуліцах ішоў смяротны рукапашны бой, у якім удзельнічалі, між іншым, і жарцаўскія партызаны. Зноў даю слова відавочцу:

«Изломав штыки, французы оборонялись прикладами. Почерневшие от порохового дыма, они, медленно отступая по улицам к переправе, сражались с неизъяснимою храбростью, внушаемою отчаянием и страхом попасть в плен. Теснимые со всех сторон, успели однако ж переправиться за Двину и снять мосты: два понтонные, которые частью изрубили, и один плавучий из бревен на канатах».

Яшчэ да світання нядаўнюю кватэру Сен-Сіра заняў граф Вітгенштэйн. Тут ён нецярпліва разарваў атрыманы напярэдадні ад цара пакет з надпісам: «Распечатать по взятии Полоцка». У пакеце ляжаў указ пра ўзвядзенне графа ў «поўныя» генералы ад кавалерыі.

Цьмянае ад дыму сонца асвятліла жудаснае відовішча: безліч трупаў, разбураныя артылерыяй будынкі, бяздомныя людзі, што, быццам цені, блукалі сярод руінаў.

Калі падлічылі страты, выявілася, што абодва бакі ў баях за горад страцілі прыкладна па сем тысяч забітымі. Сорак пяць напалеонаўскіх штаб і обер-афіцэраў трапілі ў палон. У ліку трафеяў былі тры гарматы і правіянцкі магазін. Муры езуіцкага кляштара далі прытулак тром сотням параненых пераможцаў.

21 кастрычніка ў Сафійскім саборы адбылося падзячнае праваслаўнае набажэнства, а потым — паніхіда па палеглых воінах. Храм, паводле ўспамінаў расійскіх афіцэраў, зеўраў выбітымі вокнамі і дзвярыма, палохаў расколатымі абразамі. Гарматнае ядро трапіла ў самы вялікі гарадскі звон, і ён крыху псаваў сваімі брынклівымі ноткамі агульную мелодыю ажно да 1904 года, калі «ветэрана» пералілі і зноў паднялі на званіцу колішняга храма святога Стэфана, які ўжо быў праваслаўным Мікалаеўскім саборам.

Будзем памятаць, што французаў хавалі на Ніжнім замку, расійцаў — на гарадскіх могілках. Прах адных і другіх ляжыць таксама на ўзгорку ўсцяж Палаты недалёка ад Сафіі. Час зраўняў магілы з зямлёю, і гэта не робіць Полацку гонару. У 1970-я гады ў час раскопкаў на стадыёне археолагі ўскрылі французскія брацкія пахаванні. Месца вядома, і там трэба хоць сціплым помнікам ушанаваць памяць тых, хто прыйшоў на беларускую зямлю, паверыўшы геніяльнаму палкаводцу і авантурніку, як верыў яму шмат хто з нашых суайчыннікаў.

Падняўшыся на вежу езуіцкага сабора, генерал Вітгенштэйн камандаваў абстрэлам праціўніка, што акопваўся ў Задзвінні (тое месца палачане дагэтуль называюць Батарэяй). 11 кастрычніка расійцы фарсіравалі раку і пачалі пераслед варожых аддзелаў. На маршы салдаты спявалі складзеную ў тыя дні песню:

Как из-за рвов, из-за окопов Сен-Сир лыжи навострил. Витгенштейн — второй Суворов, Полоцк — новый Измаил…

За плячыма ў іх заставаўся абязлюднены і галодны горад. Перад вайною ён меў дванаццаць вуліц, восем вулачак, 29 завулкаў, 1300 дамоў і 9 тысяч жыхароў. Вайна перапланавала Полацк па-свойму і ў некалькі разоў скараціла яго насельніцтва. Ёсць звесткі, што падчас кампаніі 1812 года памерла ад голаду і хваробаў дзве тысячы полацкіх яўрэяў. Наведаўшы Полацк праз шэсць гадоў пасля вайны, лейб-гвардзеец Фінляндскага палка будучы дзекабрыст А. Розен яшчэ бачыў у прадмесцях глыбокія акопы і чалавечыя косці на месцы баёў.

Неўзабаве пасля вайны 1812 года праз Полацк ехаў ужо вядомы нам з папярэдняга раздзела расійскі навуковец і шпіён Аляксандр Башняк, які занатаваў такія ўражанні: «Горад даволі дрэнна збудаваны, вуліцы прамыя, крамы мураваныя, але ўвагі не вартыя, затое на чатырохвугольны пляц паглядзець прыемна: з аднаго боку ён упрыгожаны езуіцкім кляштарам і акадэміяй, з другога — дамініканскім, а з двух іншых — мураванымі скарбовымі і прыватнымі дамамі, крытымі бляхай або дахоўкаю… 3 іншых будынкаў заслугоўвае ўвагі грэка-рускі манастыр на беразе Дзвіны, мураваны, пад бляшаным дахам. Прадмесце за Дзвіной пабудаванае бедна, але аздобленае мураваным бернардзінскім кляштарам. Полацк вельмі пацярпеў ад вайны; шмат якія дамы пашкоджаныя ядрамі, а некаторыя і зусім зруйнаваныя або спаленыя… Пераехаўшы па драўляным мосце цераз Палату і абмінуўшы Пецярбургскі бок, статую абаронцы горада святога Яна, французскія ўмацаванні і батарэі, ехаў я далей праз бярозавыя лясы і гаі да мястэчка Белае, што складалася з аднаго мураванага касцёла і карчмы». У Клясціцах падарожнік не заўважыў ніякіх слядоў «адчайнай бітвы, ад якой залежаў магчыма, лёс Пецярбурга».

Даваенная колькасць жыхарства ў горадзе аднавілася толькі ў сярэдзіне XIX стагоддзя, але і тады насельнікаў у Полацку было не болей, чым за князем Усяславам Чарадзеем.

Падымаючыся з руінаў, горад значна змяніў свой твар. Замкі зусім страцілі абарончую значнасць, на Ніжнім палачане ўжо ставілі сялібы. Равы пакрысе заплылі зямлёю. Астрогі і вежы сталі даўнім успамінам.

Аб ваенным ліхалецці нагадвалі памяткі тых дзён. У калідорнай сцяне езуіцкага кляштара захрасла шасціфунтавае ядро, якое, згодна з паданнем, параніла маршала Удзіно. Пазней, калі ў старадаўніх мурах адчынілі кадэцкі корпус, над ядром выбілі на мядзянай пластцы дату здабыцця Полацка. Выява рэліквіі стане эмблемаю навучальнай установы, і з аздобленых ёю парцалянавых куфляў будуць у 1910 годзе піць «русский мед» удзельнікі святкавання 75-годдзя корпуса.

На пачатку мінулага стагоддзя на гарадскіх могілках яшчэ можна было знайсці помнік над прахам афіцэраў 3-й дружыны пецярбургскага апалчэння. Вечным помнікам стаў мост цераз Палату, што палачане называюць Чырвоным — не з прычыны нейкіх рэвалюцыйных падзеяў, як мне аднойчы давялося пачуць з вуснаў ідэйна падкаванага гіда, а ад крыві, што заліла мост і афарбавала ваду ў рэчцы ў ноч штурму горада Вітгенштэйнам.

7 верасня 1850 года, у гадавіну Барадзінскай бітвы, на корпусным пляцы быў адкрыты 25-метровы манумент перамогі расійскай зброі ў Полацку. На ўрачыстасці прысутнічаў спадкаемец трона будучы імператар Аляксандр II, які праз трыццаць гадоў загіне на набярэжнай Кацярынінскага канала ў Пецярбургу ад бомбы беларуса-нарадавольца Ігната Грынявіцкага.

Помнік зрабіўся адной з найадметнейшых дэталяў гарадскога краявіду. Падаю яе апісанне з кнігі В. Вікенцьева «Полоцкий кадетский корпус»: «Памятник представляет восьмистороннюю пирамиду, увенчанную чешуйчатым куполом с позолоченным крестом. Основание его круглое; средняя часть украшена восьмью бронзовыми, золочеными орлами, поставленными на колоннах, которые поддерживают верхнюю коническую часть. Общая высота памятника 33 аршина и 5 вершков. На двух противоположных его сторонах начертаны золотыми буквами следующие надписи: на стороне, обращенной к Витебской улице, — «Битва при Полоцке 5 и 6 августа и взятие сего города приступом 7 октября 1812 года. Поражение Удино и Сен-Сира графом Витгенштейном»; на стороне, обращенной к Николаевскому собору, — «Взято в плен неприятеля 4500 человек, отбито 3 орудия». Под этой надписью находится в киоте образ святых Сергия и Вакха, в день памяти которых, т. е. 7 октября, войска наши вступили в Полоцк. Памятник окружает ограда из железных цепей, подвешенных между 20 круглыми чугунными тумбами. На уступе второго яруса к верхней стороне карниза привинчена чугунная граната, найденная в земле, когда была вырыта яма для закладки фундамента памятника. Отливка его произведена в Луганском заводе Екатеринославской губернии и обошлась в 58 000 руб., а постановка — в 14 721 руб. 94 коп. Употреблено металла 13 486 пудов 8 фунтов (чугуна — 13 417 пуд. 26 фун., бронзы — 55 пуд. 24 фун., железа — 12 пуд. 38 фун.)».

Існавала, праўда, думка, што аднаўляць разбураны ў 1932 годзе манумент няварта, бо ён, маўляў, таксама сімвал нашай каланіяльнай залежнасці. Але ж помнік гэты пастаўлены не цару і не якому-небудзь дзеячу кшталту Суворава ці Мураўёва-«вешальніка», у якога рукі ў крыві беларусаў. Адноўлены манумент нагадвае пра ўсіх палеглых на Полаччыне ў той вайне з абодвух бакоў (тым больш, што іх памяць у горадзе ніяк не ўшанаваная), а заадно — і пра тагачасныя няспраўджаныя надзеі нашых землякоў вырвацца з імперыі.

На заканчэнне размовы пра помнікі падзеям 1812 года да месца будзе згадаць і такі своеасаблівы, як востраў Полацк у групе Паўднёвых Шэтландскіх астравоў каля берагоў Антарктыды. Яго даўжыня дасягае дваццаці кіламетраў шырыня — адзінаццаці, а плошча — 150 км2. Востраў з’явіўся на картах у выніку вядомай экспедыцыі Ф. Белінсгаўзена i М. Лазарава. Асабісты дзённік першага з іх паведамляе, што адкрыццё адбылося ў лютым 1821 года. «Остров Полоцк в широте 62°24’30 южной, долготы 59°46’ западной, в окружности 21 миля, невысок и поверхности достаточно ровной», — запісаў начальнік экспедыцыі. Разам з некалькімі іншымі адкрытымі астравамі, якія атрымалі назвы Барадзіно, Малаяраславец, Лейпцыг і Смаленск, невядомы раней шматок зямной паверхні быў названы знакамітым адміралам на ўспамін пра вайну 1812 года і замежны паход расійскай арміі. Застаецца дадаць, што на сучасных картах свету востраў Полацк прасцей знайсці пад назваю Робертс.

Напалеонаўская авантура каштавала Беларусі мільён яе жыхароў, кожнага чацвёртага. Адны загінулі ў баявых дзеяннях, другія — ад голаду і паморкаў. Частка беларускіх палкоў Вялікай арміі, дзе служылі 25 тысяч нашых суайчыннікаў, была разбітая, частка адступіла і ваявала ў Еўропе — зноў на чужыне і за чужыя інтарэсы.

Апошні бой на роднай зямлі рэшткі войска Вялікага Княства прынялі 22 снежня 1812 года на вуліцах Вільні. 3 царскімі салдатамі мужна біліся там егерскі батальён Плятэра, нацыянальныя гвардзейцы Казельскага, жандармерыя Храпавіцкага і татарскі эскадрон Ахматовіча. А вернуцца на радзіму апошнія жаўнеры Княства ў 1818-м, калі скончыцца тэрмін іх шасцігадовай службы.

На гэтым і завяршыцца гісторыя арміі «адноўленага» Напалеонам Вялікага Княства Літоўскага.

Ёсць нешта наканавана сімвалічнае ў тым, што падчас адступлення Банапарт зняў сваю трохвуголку, надзеў мундзір польскага улана і назваўся чужым імем у беларускім мястэчку Смаргонь, дзе князі Радзівілы трымалі сваю мядзведжую акадэмію. Маскарад з пераапрананнем таксама быў своеасаблівым цыркам. Можа, якраз тады імператар на ўсю поўніду спасціг горкую мудрасць уласнага выслоўя, што ад вялікага да смешнага — адзін крок.

Касалапыя цыркачы, якія зусім нядаўна весялілі яго жаўнераў, паказваючы, як цар дае драла ад Вялікай арміі, ужо дэманстравалі нешта падобнае перад расійцамі. Толькі ў ролі ўцекача быў цяпер ён, валадар Еўропы. Але ён яшчэ збіраўся зрабіць крок назад, ад смешнага да вялікага — прыйсці з 300 тысячамі жаўнераў і ўсё ж паставіць Расію на калені.

У выгнанні, на закінутай у акіяне скалістай выспе Святой Алены, Напалеон, як сведчаць яго паперы, шмат разоў вяртаўся ў думках на беларускую зямлю: узгадваў сустрэты на ёй дзень нараджэння з марамі пра сусветную ўладу, зноў трыумфальна ехаў па віленскіх вуліцах.

(3 таго часу, дарэчы, папоўніўся спіс полацкіх прывідаў. Паблізу колішняга Ніжняга замка, у цёмных прысадах вала Івана Грознага, пачала з’яўляцца, палохаючы закаханыя парачкі, постаць мужчыны ў мундзіры французскага гусара. Паводле адной з версій, гэта пакутны дух напалеонаўскага афіцэра, атручанага за здраду юнай каханкай з вядомага ў горадзе шляхецкага роду. Згодна з іншым тлумачэннем, якое некалі пачуў у Полацку Вацлаў Ластоўскі, сваімі начнымі праменадамі «Чорны афіцэр» нагадвае пра несупакоеныя душы французаў, пахаваных тут, на беразе Палаты, у брацкіх магілах.)

Кажуць, Банапарт меў адмысловы спосаб засынаць у любой абстаноўцы. Ён уяўляў, што яго галава складаецца з безлічы высунутых шуфлядак, наладаваных мноствам планаў, картаў і рэляцый, а потым намаганнем волі адразу зачыняў іх, і сон прыходзіў імгненна.

На выспе Святой Алены з гэтых шуфлядак часта вытыркаліся карты з нязвыклымі французу назвамі: Вільня, Віцебск, Полацк…

Наўрад Напалеон раскайваўся ў тым, што прынёс народам Еўропы незлічоныя няшчасці. Аднак дакладна вядома: на схіле дзён ён лічыў зробленыя ў Беларусі памылкі — не столькі ваенныя, як палітычныя — галоўнай прычынаю свайго разгрому ў 1812 годзе.

ALMA MATER POLOCENSIS[17]

Што мы ведаем пра езуітаў?

У Расійскай імперыі не надта шанавалі ўсе каталіцкія ордэны, але найболей даставалася сябрам Таварыства Ісуса (так афіцыйна называецца езуіцкі ордэн). Класавая нялюбасць гісторыкаў, а разам з ёю варожасць праваслаўнай царквы ўшрубавалі ў нашы галовы ўяўленне пра айцоў-езуітаў як пра цемрашалаў, людзей небяспечных ды акрутных і наогул з усіх бакоў не нашых. Быў час, калі рэдактар газеты, дзе я працаваў, на ўсякі выпадак выкрэсліваў з артыкулаў нават само слова «езуіт», незалежна ад таго, што пра іх гаварылася.

Як толькі ў кінафільме ці на старонках гістарычнага рамана з’яўляецца прадстаўнік гэтага ордэна, мы ўжо чакаем падкопаў і злачынстваў: падсыпанай у віно атруты, падасланай каханкі ці ўдару кінжалам у цёмных палацавых калідорах. У тым, што Таварыства Ісуса мусіць быць на вечным падазрэнні, пераконваюць і энцыклапедыі. Разгорнеш адну і чытаеш: «Езуіты ўнушалі народным масам ідэі пакорнасці, цярпення і падпарадкавання эксплуататарам». Другая страшыць яшчэ больш: «Сярод іх быў пашыраны шпіянаж, існавала разгалінаваная сетка даносчыкаў». Карацей, і ўначы не спалі, каб паболей нашкодзіць.

Зусім не збіраючыся адпускаць езуітам усіх грахоў зазначу, што яны зрабілі ў гісторыі і шмат карыснага: займаліся дабрачыннасцю, змагаліся з паморкамі, адчынялі аптэкі і шпіталі, друкавалі кнігі… А найперш — стварылі самую перадавую для свайго часу сістэму асветы. «Бярыце прыклад з езуіцкіх школ, — пісаў філосаф Фрэнсіс Бэкан, — бо лепшых не існуе на свеце». Пералік сусветна вядомых вучоных і палітыкаў, пісьменнікаў і мастакоў, якія выхоўваліся ў навучальных установах айцоў-езуітаў, заняў бы некалькі старонак. На іх сустрэліся б імёны Мальера і Вальтэра, Дэкарта і Мантэск’ё, Казіміра Лышчынскага і Сімяона Полацкага…

Ордэн, бацькам якога быў выдатны чалавек сваёй эпохі, гішпанскі дваранін Лаёла, рымскі папа зацвердзіў у 1540 годзе. Адной з асноўных задач Таварыства Ісуса лічыла змаганне з ерасямі праз літаратурную і навуковую палеміку, тэалагічныя дыспуты, выхаванне і адукацыю моладзі.

У 1579-м манахі ордэна ўключылі ў сферу сваёй дзейнасці Полацк. Сярод першых езуітаў, што ўбачылі крыжы святой Сафіі, быў, між іншым, бліскучы матэматык Станіслаў Лянчынскі, а іх місію ўзначальваў першы рэктар Віленскай акадэміі знакаміты каталіцкі прапаведнік, пісьменнік і палеміст Пётр Скарга, што, дарэчы, добра валодаў беларускай мовай і напісаў на ёй шэраг твораў. З’яўленне езуітаў звязанае з зарокам Сцяпана Батуры: падчас цяжкай аблогі Полацка ён дакляраваў у выпадку перамогі зафундаваць у горадзе іх кляштар.

Гісторыкі ордэна сцвярджаюць, што пасля вызвалення Полацкага ваяводства ад войскаў Івана Жахлівага ў ім налічвалася не болей за дзесяць шляхцічаў каталіцкага веравызнання, а ў самім горадзе — яшчэ меней. Нядзіва, што езуіцкіх пасланцоў варожа сустрэў і паспаліты полацкі люд, і сам ваявода Мікалай Дарагастайскі, цвёрды прыхільнік кальвінізму, а для Таварыства Ісуса — небяспечны ерэтык. Прыязна прыняў гасцей хіба што адзін полацкі камендант Францішак Жук. Ён даў ім ахову ад «схізматыкаў» і пасяліў у Верхнім замку, на пляцы пад назваю Ваўкова вежа, дзе раней стаяў праваслаўны манастыр Пятра і Паўла.

Ваявода выкрываў манахаў ва ўсіх магчымых і немагчымых грахах, а тыя пад абаронаю каралеўскай граматы рабілі сваю справу: выбіралі месца пад кляштар і калегіум, рыхтавалі планы будучых будынкаў двароў і садоў.

Палачане сталі сведкамі ладжаных езуітамі багаслоўскіх дыспутаў, дзе спрактыкаваныя ў такіх справах манахі перамаглі спярша кальвіністаў, а потым арыянаў, якіх прадстаўляў Сымон Будны. (Своеасаблівым прызнаннем выдатнай здольнасці езуітаў пераканаць любога апанента з’яўляецца адзін з аповедаў беларускага Мюнхгаўзена — Караля Радзівіла па мянушцы «Пане Каханку». Паміж гісторыямі пра тое, як ён меў раман з русалкай, пасля чаго ў Балтыйскім моры пачалі весціся селядцы, і пра злоўленага ў Налібоцкай пушчы чорта, якога тры дні адмочвалі ў святой вадзе, гэты славуты манюка апавядаў, быццам у часе падарожжа па Міжземнамор’і ён праз вулкан Этну залез у пекла і бачыў там безліч езуітаў, якія сядзелі ў надзейна закаркаваных і запячатаных бутэльках. Госцю расказалі, што іначай айцы-езуіты перавярнулі б усіх рагатых ды хвастатых у каталіцтва.)

Батура падараваў ордэну маёмасць большасці полацкіх і навакольных манастыроў ды цэркваў, а таксама млын пад Верхнім замкам і перавоз цераз раку. У выніку абмену з горадам манахі набылі востраў на Дзвіне і слабодку Экімань. Падканцлер Вялікага Княства Астах Валовіч адмовіўся прыкласці да дарчай граматы дзяржаўную пячатку. Манарх апусціў руку на эфес мяча і рашуча заявіў: «Вось у нас пячатка, каб здзейснілася ўсё, што загадаем». Воля вялікага князя перамагла і тады, калі беларуская шляхта патрабавала выгнання езуітаў з Полацка на сойме.

У дадатак да манастырскіх зямлі і сялянаў велікакняжацкія камісары адабралі на карысць езуітаў шмат маёнткаў у мясцовай шляхты і мяшчан: Палюдавічы ў пана Каніцкага, Духаравічы ў Глінскага, Улазавічы і Міткевічы ў Георгія Бучынскага, Межышча ў Сялюты, Іванск Вялікі і Кунцавічы ў князёў Лукомскіх, Іванск Малы ў Кярсноўскага, Туроўлю і Іванскае ў Якуба Губы, Якаўлевічы, Глыбокае і Міхайлаўшчыну ў Рэўтаў, Начу і Кушлікі ў архіепіскапа полацкага Нафанаіла Сяліцкага, частку Обалі і Гушчына ў Гушчаў, Гарэплю і Бортнікі ў Сяляваў, Семянец і Вокараўшчыну ў мешчаніна Івана Місуны, Вяжышча, Гняздзілавічы, Учанавічы і Комлі ў Храпавіцкіх, Сляды і Сіверкава ў Гіжыцкіх. Ваяводу Мікалаю Дарагастайскаму непрыязнасць да ордэна каштавала маёнткаў Мосар, Кугоні і Некраж. Як вы здагадаліся, гэты падрабязны пералік адрасаваны аматарам генеалагічных росшукаў ды тым спадкаемцам старажытных полацкіх родаў, якія захочуць выставіць ордэну маёмасныя прэтэнзіі.

Трэба сказаць, што ў параўнанні з тутэйшымі панамі езуіты былі эксплуататары больш дасведчаныя і ўмелыя. Складзены ў 1623 годзе інвентар маёнткаў Полацкага езуіцкага калегіума налічвае 522 сялянскія гаспадаркі і 110 дамоў агароднікаў. Палова сялянаў мела валоку (20 дзесяцін, або 21 гектар) зямлі. На адну гаспадарку прыпадала ў сярэднім па два кані. Чынш (грашовы аброк) быў пяць злотых з валокі, паншчына — ад аднаго да чатырох тыдняў на год. 3 валокі быў вызначаны аброк прадуктамі: паўбочкі (дваццаць вёдзер, або каля 250 л) жыта, асьміна (восьмая частка бочкі) пшаніцы, дзве асьміны ячменю, адна курыца, дзесятак яек, рабец, а з кожных дзвюх валокаў — баран і заяц. Жыхары паблізных вёсак былі не супраць памяняцца месцамі з прыгоннымі езуітаў. Калі ў 1600 годзе Полаччыну напаткаў голад, ордэн карміў у сваім кляштары ад трох да чатырох сотняў сялян, што прыйшлі ў горад ратавацца ад смерці.

Спачатку айцы-езуіты меліся будавацца на дзвінскім востраве. Гарадскія ўлады адхілілі такі план: муры перашкаджалі б абароне замка ў выпадку аблогі і былі выдатным прыкрыццём непрыяцелю. Пад кляштар і касцёл манахі атрымалі месца паміж Верхнім замкам і Запалоццем. Свой першы, драўляны храм, прысвечаны нябеснаму апекуну Батуры святому Стэфану, езуіты паставілі ў Полацку праз колькі гадоў пасля іх з’яўлення. Вакол яго, як на дражджах, раслі кляштарныя будынкі.

Цяжкія выпрабаванні чакалі сяброў Таварыства Ісуса ў час захопніцкіх паходаў цара Аляксея Міхайлавіча. Пяцёра манахаў трапілі ў палон, дзе іх, далікатна кажучы, не вельмі шанавалі.

За сем гадоў з 1738 да 1745-га, езуіты рукамі полацкіх муляраў ўзвялі на месцы колішняга драўлянага мураваны сабор у гонар святога Стэфана. Полацк пабагацеў на новы выдатны твор архітэктуры. Пабудаваны ў стылі позняга барока храм узнёс дзве вежы параднага фасада на 60 метраў і запанаваў над горадам. Дойліды зрабілі перад саборам пляц, адкуль, якраз насупраць парадных дзвярэй храма, пачыналася галоўная гарадская вуліца — Віцебская. Адна з саборных вежаў мела гадзіннік з боем, які заводзілі на шэсць дзён з дапамогаю некалькіх пяціпудовых гіраў. Гадзіннік з датай свайго стварэння — 1745-ы — адбіваў чвэрці і хутка стаўся адной з полацкіх славутасцей.

Дваццаць гадоў доўжылася ўнутранае аздабленне сабора святога Стэфана, якім поруч з нашымі майстрамі займаліся мастакі і скульптары з Італіі. Вернікаў уражвалі мармуровыя калоны, цудоўныя абразы і сярод іх «Сабор святых пакутніц» і «Святая Тройца», маляваныя ў Вероне славутым Сальваторам Розам. У 1765 годзе ў храме з’явіўся алтар, у стварэнні якога ёсць даробак беларуса Сымона Чаховіча, які атрымаў мастацкую адукацыю ў Рыме (пазней ён намалюе для калегіума сорак чатыры карціны). Цэнтральным алтарным абразом стаў яшчэ адзін твор італьянца Розы — «Пабіццё святога першапакутніка Стэфана камянямі», або «Закаменаванне Стэфана». Праз год упершыню паспрабавалі голас саборныя арганы — твор Дамініка Адама Каспарыні.

Пасля таго, як у полымі жудаснага пажару 1750 года загінулі ўсе драўляныя езуіцкія дамы, кляштар пачаў апранацца ў камень. Побач з саборам, з заходняга боку, падняўся магутны трохпавярховы будынак, парадны пад’езд якога выходзіў на Іллінскую (пазней Верхнепакроўскую) вуліцу. Езуіты будавалі на вякі: дрэнажавалі зямлю, стварылі складаную сістэму падземных вадасцёкаў у выглядзе галерэй, праклалі ў мурах вентыляцыйныя хады. Трохпавярховая камяніца мела прыбудову на два паверхі, але такой самай вышыні. У верхняй зале мясцілася бібліятэка, у ніжняй — раскошная сталоўня. Паблізу была мураваная студня 30-метровай глыбіні. У галоўным будынку налічвалася 84 аднапакаёвыя келлі з адным вакном, сем двухпакаёвых, а таксама дванаццаць пакояў на два вакны і два пакоі — на тры.

Займацца духоўнымі практыкаваннямі манахі любілі ў поўнай цішыні. Келлі аддзяляліся адна ад другой тоўстай сцяною. Над галавой іх насельнікі мелі скляпеністую столь. Грубак было небагата. У сцены паасобных келляў будаўнікі ўштукавалі каміны, а большасць, як і залы, ацяпляліся праз цагляную і кафляную падлогу, дзе ішлі цеплаправоды.

Да канца XVIII стагоддзя езуіты змуравалі каля сабора Стэфана ўжо колькі дзесяткаў будынкаў. Насупроць яго паўднёвага фасада стаяла трохпавярховая пабудова з друкарняй, кнігарняй і тэатрам. У шматлікіх флігелях асталяваліся піваварня з медаварняй, свечны заводзік, васкабойня, сукнавальня, пякарня, кузня, фарбавальня, разніца. У сутарэннях аднаго з флігеляў манахі мелі запасную студню, наверсе — аптэку, фармацэўтычную лабараторыю і сушыльню для зёлак. Разам з навучальнымі карпусамі, з дамамі святароў і шпіталем, з разнастайнымі майстэрнямі і свірнамі, з багадзельняй, вяндлярняй, дзвюма стайнямі на 24 і 14 коней, з батанічным садам — усё гэта было горадам у горадзе, цалкам прыстасаваным да самастойнага існавання.

Езуіты ўмелі ўладкоўваць сваё жыццё грунтоўна і прыгожа. Паўднёвы схіл пагорка, дзе знаходзілася ордэнская сядзіба, быў схаваны за сцяной, чые рэшткі можна ўбачыць з дзвінскай набярэжнай і сёння. Тэрасу за гэтым мурам упрыгожвала пара ліпавых алеяў, паміж якімі раслі фруктовыя дрэвы і ад ранняй вясны да позняе восені мяняў усе барвы прыроды вялізны кветнік.

Не зважаючы на зацверджаны царскімі ўладамі генеральны план горада, езуіты перагарадзілі Іллінскую вуліцу новым трохпавярховым корпусам з калонамі. Яго шыкоўныя размаляваныя фрэскамі залы далі прыстанак карціннай галерэі, музею, хімічнай лабараторыі, фізічнаму, гістарычнаму і этнаграфічнаму кабінетам.

Тут займаліся вучні Полацкага калегіума.

Пра тое, як сябры Таварыства Ісуса «ўбівалі ў галаву працоўнаму люду ідэю пакорлівасці», у нас напісана шмат. Я хачу распавесці, як яны вучылі. Бо выраз «езуіцкая адукаванасць» мае не меншае, а, бадай, большае права на існаванне, чым звыклыя нам словазлучэнні тыпу «езуіцкая хітрасць» або «езуіцкае вераломства».

Гісторыя Полацкага калегіума бярэ пачатак 2 ліпеня 1580 года. На яго закладзінах прысутнічаў Сцяпан Батура, а першым рэктарам быў Пётр Скарга. Спярша калегія размяшчалася на востраве — магчыма, у сценах колішняга манастыра Іаана Прадцечы. Напэўна, ордэн кіраваўся меркаваннямі бяспекі, але тут былі і свае мінусы: на пачатку і ў канцы зімы ненадзейны лёд адразаў вучняў і настаўнікаў ад горада. Таму калегіум хутка перабраўся на бераг.

У першы навучальны год бацькі прывялі да манахаў усяго пяць хлопчыкаў ды неўзабаве бар’ер недаверу быў зламаны, і ў калегіум паступілі нават сыны праваслаўнага полацкага епіскапа Феафана і самога ваяводы Дарагастайскага.

Калі б вы жылі ў Полацку ў 2-й палове XVI — пачатку XIX стагоддзя і вырашалі, куды пайсці вучыцца, або куды аддаць у навуку дзяцей, я параіў бы вам — да езуітаў. Балазе, вучылі яны не толькі добра, але і задарма, і ад шкаляроў не патрабавалася быць католікамі ад нараджэння або мяняць веру. Неабавязкова было належаць і да шляхецкага ці духоўнага стану: манахі з Таварыства Ісуса ахвотна прымалі ў свае школы дзяцей сялянаў і мяшчанаў.

Якраз у 1581 годзе, калі адчыніў дзверы Полацкі калегіум, генеральная кангрэгацыя ордэна пастанавіла падрыхтаваць для езуіцкіх школ агульную праграму і методыку. У аснову гэтага дакумента пад назваю «Спосаб і лад навучання» леглі працы педагогаў эпохі Рэнесансу і прынцыпы адукацыі Парыжскага ды іншых еўрапейскіх універсітэтаў «Спосаб і лад», абавязковы для ўсіх калегіумаў і акадэмій, быў складзены так прадбачліва, што дзейнічаў да XIX стагоддзя. Паводле яго вучыліся ў езуіцкіх школах у Мадрыдзе, Рыме і Лісабоне, у Старым і Новым свеце. Паводле яго ішло навучанне і ў Полацку.

У палове XVIII стагоддзя ў сучасных межах Беларусі існавала дзевяць езуіцкіх калегіумаў якія можна з пэўнымі агаворкамі назваць вышэйшымі навучальнымі ўстановамі гуманітарнага кшталту, блізкімі да універсітэтаў. Полацкі калегіум належаў да гэтак званых поўных і адрозніваўся ад універсітэта фактычна толькі тым, што не меў яго аўтаноміі ды права прысуджаць навуковыя ступені.

Паспрабуем уявіць, што мы нарадзіліся два з паловаю стагоддзі таму і бацькі даручылі клопат пра нашую адукацыю полацкім езуітам.

Парог калегіума мы пераступім у дзесяць гадоў ужо навучыўшыся ў парафіяльнай школцы або ў хатняга настаўніка-дарэктара чытаць ды пісаць і — абавязкова — трохі ведаючы лаціну. Узыходжанне да вяршыняў ведаў пачынаецца з пяцікласнай гімназіі. Тут выкладаюцца дысцыпліны з цыкла вольных мастацтваў— граматыка, рыторыка, паэтыка… За шэсць гімназічных гадоў (у апошнім, пятым, класе вучыліся два гады) трэба засвоіць гэтыя навукі і дасканала авалодаць лацінскаю ды старажытнагрэцкаю мовамі.

Пашыранай думцы пра забарону ў езуіцкіх школах беларускай мовы пярэчаць факты. Мяркуючы па гадавых справаздачах калегіумаў навучанне ў малодшых класах, пакуль хлопчыкі не зусім вольна пачуваліся ў лаціне, прынамсі да сярэдзіны XVII стагоддзя, ішло менавіта па-беларуску. 3 1584 года старабеларуская мова выкладалася ў Полацкім калегіуме як самастойная дысцыпліна. Потым прыйшла пальшчызна, бо так хацела сама шляхта. Але і пазней у навучальнай праграме прысутнічаў адмысловы курс беларускай, ці, як яна называецца ў дакументах калегіума, «заходнерускай», мовы. Сам статут Таварыства Ісуса вымагаў, каб прыбываючы ў чужую краіну, сябры ордэна адразу авалодвалі яе мовай.

Мы — навучэнцы Полацкага калегіума. У першым гімназічным класе нашы галоўныя намаганні прысвечаныя лаціне — мове ўсёй адукаванай Еўропы. Мы займаемся граматыкай, чытаем выбраныя лісты Цыцэрона, падступаемся да старажытнагрэцкае мовы. Праграма другога класа ўскладняецца: творы Юлія Цэзара, «Журботныя элегіі» Авідзія… Трэці клас: тонкасці лацінскай граматыкі, Цыцэронава прамова «Аб сяброўстве», «Энеіда» Вергілія, байкі Эзопа. Новая прыступка называецца класам паэтыкі. Узровень ведаў ужо дазваляе нам чытаць антычных гісторыкаў, оды Гарацыя, урыўкі з Гесіёда, Феагніда ды іншых любамудрых грэкаў.

Завяршае гімназію клас рыторыкі. Мы цудоўна ведаем рымскую і грэцкую міфалогію і ніколі не пераблытаем Афіну з Афрадытай. Мы гаворым на лаціне не горш, чым на матчынай мове, — можам узнёсла прызнацца на ёй у каханні, можам скласці вясёлую эпіграму на аднакласніка або — таемна — на кагосьці з педагогаў. Шмат часу ў нас забірае штудыяванне Цыцэронавых трактатаў з тэорыі красамоўства. Мы ўжо даволі лёгка спраўляемся з тэкстамі філосафа-стоіка Сенекі, гісторыкаў Лівія і Тацыта. У арыгінале даступныя нам слынныя прамовы Дэмасфена і звонкая медзь «Іліяды».

Гімназія дала кожнаму ўменне гожа і дакладна выказваць думкі, упэўненае валоданне мастацкім словам і святой лацінаю. Цяпер можна вучыцца далей на трохгадовым курсе філасофіі. Існуе яшчэ разлічаны на чатыры гады тэалагічны, аднак туды маюць права паступаць толькі сябры і кандыдаты ордэна. Падмурак філасофскага курса — трактаты Арыстоцеля, тэалагічнага — погляды Тамаша Аквінскага. Скончыўшы філасофію, вы можаце стаць выкладчыкам з навуковай ступенню магістра, пасля тэалогіі — атрымаць пасаду прафесара.

Апрача ўжо названых дысцыплін у Полацкім калегіуме вывучаюцца арыфметыка і геаметрыя, фізіка і астраномія, гісторыя і геаграфія, музыка і логіка.

Шмат хто з выпускнікоў вучыўся далей ва універсітэтах. Большасць выбірала блізкую Вільню, дзе ў 1579 годзе адчынілася акадэмія з усімі правамі альмаматэр. Неўзабаве яна ўжо паспяхова спаборнічала са сваёй старэйшай сястрою ў Кракаве.

Універсітэцкае жыццё ў нас наперадзе. Пакуль што мы пераходзім з класа ў клас. Урокі, гульні на паветры, самастойныя заняткі — кожны дзень педагогі рацыянальна размяркоўвалі літаральна да хвіліны. Штодзённае набажэнства, багаслоўскія дыспуты, y нядзелю — казанне. I ўсё ж парадкі ў нашай школе больш нагадваюць не кляштарныя, а свецкія. Манахі іншых ордэнаў выхоўваюць вучняў доўгімі пастамі і шматгадзіннымі малітвамі. Айцы-езуіты выконваюць наказы іх духоўнага бацькі Лаёлы, які лічыў, што Таварыству Ісуса трэба не аскеты, а здаровыя, моцныя людзі, і, парушаючы ўсе царкоўныя законы, загадваў у пост даваць хворым манахам мяса.

Нас, вучняў добра і смачна кормяць. Мы развучваем бальныя танцы і правілы паводзінаў сярод простага люду і ў найвышэйшым свеце. Мы займаемся плаваннем, верхавой яздой і фехтаваннем. У аўторак і ў чацвер — рэкрэацыі. Мы выпраўляемся з настаўнікамі ў лес ці на дзвінскі поплаў, гуляем з мячом, наладжваем дуэлі-двубоі на кіях.

Аднак на першым месцы, вядома, практыкаванні не фізічныя, а разумовыя.

Вучыцца нялёгка, ды надзвычай займальна, бо ўвесь час ідзе цудоўна наладжанае спаборніцтва паміж вучнямі і класамі. На пачатку навучальнага года прафесар дае класу складанае заданне. Двое тых, хто найлепей выканае яго, робяцца камандзірамі, або консуламі. Астатніх прафесар дзеліць па памылках прыкладна на роўныя пары, і з кожнае консулы выбіраюць аднаго ў сваю каманду. Потым дзве гэтыя паловы бяруць сабе назвы: «грэкі» і «македонцы», «рымляне» і «карфагеняне», «грэкі» і «рымляне».

Дапусцім, што наш клас падзяліўся на «грэкаў» і «рымлянаў». Кожны мае ў іншай камандзе асабістага спаборніка. Мы сядзім у аўдыторыі двума «станамі», на сцяне перад камандай — табель. Калі «рымлянін» не можа адказаць на пытанне, падымаецца роўны яму па здольнасцях «грэк», і так доўжыцца, пакуль прафесар не пачуе правільнага адказу. Нашы адзнакі зусім не такія, як у сучасных школьнікаў і больш нагадваюць балы ў спартовай гульні: 10 пахвал, 50 пахвал, 100 пахвал. Іх запісваюць у табель, і напрыканцы тыдня або месяца вызначаецца лепшая каманда, якая рассаджваецца на лаўках пераможцаў.

Асабістае спаборнідтва — рэч таксама захапляльная. У ім можна заваяваць не толькі медаль, кнігу ці абразок, але і нешта больш істотнае — ганаровае званне: імператара, аўдытара, цэнзара. Найвышэйшую прыступку гэтага п’едэстала займае дыктатар — той, хто адзін з усяго класа справіўся з цяжкай задачай.

Уладальнікі тытулаў маюць паважныя прывілеі. Імператары сядзяць у класе на першых лаўках, выступаюць ад калегіума на святах і ўрачыстасцях. Аўдытары перад урокам правяраюць у аднакласнікаў хатняе заданне. Цэнзараў не надта любяць: яны назіраюць за паводзінамі таварышаў і запісваюць правіны ў сшытак, які потым уважліва чытае прафесар або магістр.

Калі табе пашанцуе выбіцца ў дыктатары, атрымаеш асобную лаўку побач з настаўніцкай кафедрай, не будзеш залежаць ад цэнзараў і аўдытараў а ў класным спаборніцтве зможаш аддаваць свае балы любой камандзе. Становішча ў дыктатара высокае, але разам з тым і надта адказнае. Раптам прафесар высветліць, што не ведаеш задання, і — канец усялякім прывілеям, ідзі, апусціўшы голаў пад кплівымі позіркамі, на «асліную» лаву.

На гэтай лаве, што зазвычай стаяла ў куце пры печы, прысаромлена сядзелі лайдакаватыя вучні. Зацятых гультаёў вянчалі саламянаю каронай. Самых нядбайных вадзілі па калегіуме ў аслінай шапцы са званочкамі і гучна абвяшчалі на лаціне: «Асёл з аслоў навекі вякоў!»

Час ад часу шкаляры зараблялі бярозавай кашы. Вінаватага каралі каля настаўніцкага стала, прычым самім педагогам біць вучняў забаранялася. Гэта рабіў запрошаны служка, узброены звычайнай розкаю або «дысцыплінай» — вераўчаным бізуном з канчурамі. Інструкцыя дазваляла прызначаць не болей за пятнаццаць удараў. Такая метода выхавання выкарыстоўвалася досыць рэдка. Калі ў яе знаходзіліся залішне заўзятыя прыхільнікі, езуіцкае начальства слала абежнік накшталт таго, што ў 1720 годзе атрымаў рэктар Віцебскага калегіума: «Вашы адносіны да выхаванцаў прымушаюць усю правінцыю чырванець ад сораму, паўсюль ужо праляцела чутка, якая шкодзіць імені ордэна, а саміх выхавальнікаў называюць не прафесарамі, а ліктарамі»[18].

Не заклікаючы сучасных настаўнікаў неадкладна запасацца «дысцыплінамі», распавяду яшчэ сёе-тое з педагагічнай практыкі айцоў-езуітаў.

У іх школах дзейнічаў прынцып канцэнтрацыі, што вымагаў ад выкладчыка засяродзіцца падчас уроку толькі на адной праблеме. У адзін дзень, напрыклад, праходзілі не больш аднаго граматычнага правіла. Прынцып практычнасці патрабаваў выкарыстання засвоеных ведаў у жыцці. Завяршыўшы тэму, вучні пісалі адпаведныя ёй лісты і вершы, выступалі з прамовамі і ставілі спектаклі. Перагружаць выхаванцаў забаранялася. Дзённая норма навучальнага матэрыялу ў другім класе складалася з аднаго правіла і чатырох сказаў антычнага пісьменніка. Гэтулькі ж прафесар задаваў на дом.

Педагогі кіраваліся таксама прынцыпамі індывідуальнага падыходу і паступовага ўскладнення заданняў. Вучні малодшых класаў пачыналі з дыктантаў, якія перакладалі на родную мову, а потым рабілі пераклад выпраўленага настаўнікам тэксту назад на лаціну. У класах паэтыкі і рыторыкі пісалі празаічныя і паэтычныя наследаванні старажытным аўтарам.

Глыбейшаму засваенню лаціны служыў метад заглыблення ў моўную стыхію, які цяпер выкарыстоўваюць на курсах паскоранага вывучэння замежных моваў. Яго сутнасць у забароне вучням старэйшых класаў гаварыць на ўроках і наогул паміж сабой па-свойму. Езуіцкія настаўнікі вынайшлі просты і надзейны спосаб кантролю за гэтым патрабаваннем. Аднаму з найлепшых у класе вучняў уручалі драўляны жэтон — знак мовы. Пачуўшы, што нехта загаварыў па-беларуску ці па-польску, гаспадар жэтона аддаваў яго вінаватаму. Той адразу настаўляў вушы, каб найхутчэй пазбыцца небяспечнай рэгаліі. Уранні і па абедзе прафесар пачынаў урок з пытання, у каго знак мовы. Няўдальца брыў на «асліную» лаву, а мог і пакаштаваць розкаў. Цяперашнія школьнікі часам «губляюць» дзённікі з двойкамі. Вучань, які спрабаваў «згубіць» знак мовы, нічога не выйграваў, бо настаўнік пытаўся, хто меў знак перадапошнім, і лёгка выкрываў любыя хітрыкі. Былі яшчэ жэтоны, якімі «ўзнагароджвалі» неахайнікаў ці парушальнікаў школьных інструкцый. Тым не менш шкаляры не вылучаліся ціхмянасцю. Убачыўшы наперадзе шумную гурму навучэнцаў калегіума, полацкі месціч на ўсякі выпадак зварочваў з дарогі куды-небудзь у завулак. Зняважаныя кімсьці студэнты лічылі справаю гонару расквітацца з крыўднікамі і няраз карысталіся прыёмамі, засвоенымі на ўроках фехтавання.

Аднак дачыненні з месцічамі вызначала, безумоўна, не гэта. Горад быў шмат за што ўдзячны калегіуму. Напрыклад, за тэатр, заснаваны яшчэ ў 1585 годзе, дзякуючы чаму Полацк можа лічыцца найстарэйшым тэатральным горадам Беларусі.

У трупу набіралі юнакоў, што скончылі курс рыторыкі і вытрымалі экзамен у дэкламацыі. Першым спектаклем, што ўбачылі палачане, стала трагікамедыя «Навухаданосар» з інтэрмедыямі, балетнымі і опернымі фрагментамі. Актрыс у трупе не было, жаночыя ролі выконвалі юнакі ў масках. На дэкарацыі, уборы і асвятленне некаторыя сённяшнія нашы тэатры глядзелі б з пякучай зайздрасцю. Удзельнікам усіх сцэнічных відовішчаў быў хор.

Спектаклі прымяркоўвалі да Калядаў, Вялікадня, да заканчэння навучальнага года. Ідэя і змест пастаноўкі мусілі адпавядаць падзеі. На масленку гледачам прапаноўвалі «Баляванне сярод голаду і смагі» або «Чару памяці з чэрапа кіеўскага князя Святаслава», перад святам Хрыстовага Уваскрэсення — «Бязмежную любасць да крыжа». Напярэдадні выпускнога дня на сцэну выходзілі персанажы п’есаў, дзе ўслаўлялася любоў да навукі, — «Увянчаная мудрасць», «Паэзія Вергілія, узвышаная да хрысціянскай філасофіі». У 1710 годзе студэнты калегіума, магчыма з нейкім намёкам, паказалі князю Аляксандру Меншыкаву драму «Аляксандр Вялікі».

У камедыях i інтэрмедыях дзейнічалі месцічы i сяляне, цыганы і яўрэі. Гледачы бачылі знаёмыя сцэнкі, нярэдка пазнавалі на падмостках саміх сябе. На пачатку XIX стагоддзя полацкі тэатр ставіў спектаклі на лацінскай і французскай мовах, а таксама на польскай, прычым персанажы з ліку паспалітых людзей гаварылі на сцэне па-беларуску.

Ордэнскае кіраўніцтва пільна сачыла за школьнымі тэатрамі і загадвала рэктарам увесь час абнаўляць рэпертуар «дзеля славы нашых вучэльняў, каб гледачы пазбеглі сумоты». Раз на год у зале ці пад адкрытым небам Полацкі калегіум ладзіў вялікі публічны спектакль, дзе акцёры выступалі перад педагогамі, бацькамі і ўсімі ахвочымі. Найлепшыя месцы займалі знаныя гараджане. Пабожная маці захоплена глядзела на сына ў абліччы святога ці анёла. Бацька задаволена падкручваў шляхецкі вус і думаў, што аддаўшы спадкаемца да езуітаў не памыліўся.

Пры калегіуме, дарэчы, існаваў так званы канвікт для дзяцей з багатых сем’яў. Тут выкладаліся тыя самыя навукі, але падбор педагогаў быў лепшы і час навучання не абмяжоўваўся. У канвікт прымалі хлопчыкаў ад васьмі да чатырнаццаці гадоў. Правілы былі даволі суровыя: галоўнай дабрачыннасцю лічылася паслушэнства, забаранялася начаваць у іншым месцы, усё жыццё ішло на вачах у выхавацеляў. Уяўленне пра побыт юных шляхцічаў дае пералік рэчаў, што гадаванец набываў сваім коштам: пасцель, шырма, святочнае і будзённае адзенне, шлафрок, канапка да стала, рукамый, куфар… Езуіты, як заўсёды, клапаціліся пра харчаванне: абед складаўся штодня з пяці разнастайных страваў, а вячэра — з чатырох.

Пры ўсіх езуіцкіх калегіумах Вялікага Княства ствараліся музычныя бурсы, якія зрабілі неацэнны ўнёсак у развіццё музычнага мастацтва Беларусі. Дзейнасць полацкай бурсы можна прасачыць з 1597 года, калі яна была адчыненая, да 20-х гадоў XIX стагоддзя. У ёй звычайна займаліся дванаццаць-шаснаццаць адораных юнакоў. Кола абавязкаў навучэнцаў бурсы было досыць традыцыйнае: касцёльныя ўрачыстасці, свецкія прыёмы знакамітых гасцей, тэатральныя пастаноўкі. 3 1668 года аркестр калегіума штопятніцы граў у касцёле святога Ксаверыя. У 1671 годзе «трубы і капела» бурсакоў аздобілі гарадское свята з нагоды кананізацыі Францыска Борджыа, а ў 1705-м бурсакі дэманстравалі свае здольнасці разам з аркестрам Пятра I.

Музыкі з езуіцкага калегіума ніколі не адмаўлялі і уніятам. Яны ўдзельнічалі ва ўрачыстасцях з нагоды беатыфікацыі Ясафата Кунцэвіча і ў пахаванні грэка-каталіцкага мітрапаліта Фларыяна Грабніцкага (нягледзячы на тое, што ўладыка ледзь не ўсё сваё жыццё судзіўся з Таварыствам Ісуса з-за маёмасці).

Я дагэтуль не сказаў, што ў Полацкім калегіуме выкладалі асобы, вядомыя па ўсёй Еўропе.

Шэпцік захаплення прабягаў па аўдыторыі, калі да кафедры падыходзіў Мацей Казімір Сарбеўскі (1595–1640), філосаф і слынны паэт-лацініст. Студэнты ведалі, што вершы ён пісаў з дзесяці гадоў, што, аддаўшы ў юнацтве колькі гадоў выкладанню ў Полацкім калегіуме, паступіў у Віленскую акадэмію, а адтуль за выдатныя здольнасці быў пасланы вучыцца ў Рым. Там, у Вечным горадзе, яго паэтычны дар так расквітнеў, што Мацей заслужыў найменне «хрысціянскага Гарацыя». Папа Урбан VIII, першага са славянаў, увянчаў яго лаўровым вянком на Капіталійскім узгорку, дзе з часоў імператара Аўгуста ўшаноўвалі найталенавіцейшых паэтаў, а перад ад’ездам Сарбеўскага на радзіму падараваў яму залаты ланцуг са сваім партрэтам.

3 Італіі «хрысціянскі Гарацый», абрабаваны і жорстка збіты на еўрапейскіх дарогах разбойнікамі, вярнуўся ў 1626 годзе ў Полацк, дзе некалькі семестраў чытаў рыторыку, паэтыку і антычную міфалогію і ўдалечыні ад сталічнага тлуму плённа займаўся паэтычнай творчасцю і навукай. Неўзабаве ён пераедзе ў Вільню, дзе стане дэканам філасофскага і тэалагічнага факультэтаў. Полацкія курсы лекцый Сарбеўскага лягуць у аснову яго трактатаў «Пра дасканалую паэзію», «Пра трагедыю і камедыю». «Пра жарт ідасціпнасць», «Адметнасці лірыкі».

Першая паэтава кніга «Лірычныя творы» выйшла ў 1625 годзе ў Кёльне і вытрымала пры жыцці аўтара пяць перавыданняў у розных гарадах Еўропы. Самым дарагім ён лічыў антверпенскае: яго ілюстраваў Пітэр Паўль Рубенс. У Полацку Мацей Сарбеўскі напісаў даследаванне з антычнай міфалогіі «Багі паганскіх народаў» і «Паэтыку», якім таксама была наканаваная еўрапейская слава. Яго вершы два стагоддзі вывучаліся ва універсітэтах і гімназіях як дасканалы ўзор новалацінскай паэзіі, уплывалі на творчасць Сімяона Полацкага і Мялеція Сматрыцкага, паэта-лацініста XVIII стагоддзя Міхала Карыцкага і народжанага ў Віцебску польскага паэта і драматурга Францішка Князьніна, які нейкі час таксама спасцігаў навуку ў полацкіх езуітаў. Зборнікі паэтычнай спадчыны Сарбеўскага перавыдаваліся ў Парыжы, Лейпцыгу, Дрэздэне, Страсбургу, Вільні, Варшаве, Львове, Лос-Анджэлесе…

Паэзію ён лічыў сферай духоўнай свабоды, а створаны ёю мастацкі свет — ідэальнай рэальнасцю, што існуе побач са светам, які нарадзіла Божая воля. Гэтую ідэальную рэальнасць доктар філасофіі і тэалогіі Мацей Сарбеўскі ствараў не толькі паэтычным словам, але і музыкаю, бо выдатна граў на клавесіне і арфе, меў цудоўны голас.

«Чалавек— сімвал свету, бо ўтрымлівае ў сабе дасканаласць усяго існага». Мне здаецца, менавіта гэтымі сваімі словамі Сарбеўскі пачынаў лекцыі перад студэнтамі Полацкага калегіума, якім чытаў універсітэцкія курсы паэтыкі і рыторыкі. Падкрэсліваючы высокі ўзровень выкладання ў Полацкім калегіуме, паэт і вучоны называў яго акадэміяй.

Праз колькі гадоў выкладаць рыторыку ў Полацк прыехаў славуты знаўца гэтае навукі Жыгімонт Лаўксмін, які потым стане настаўнікам Сімяона Полацкага ў Вільні. Кніга Лаўксміна «Практычнае красамоўства» пасля выдання ў Вялікім Княстве Літоўскім будзе адзінаццаць разоў выходзіць у друкарнях Вены, Мюнхена, Прагі, Франкфурта… «Красамоўства, — пісаў ён, як быццам звяртаючыся да сённяшніх палітыкаў — гэта вартасць і дасканаласць чалавечай натуры. Яно настолькі карыснае, што без яго не толькі нічога не можа як след адбывацца ў грамадстве, але нават, здаецца, не можа існаваць і само жыццё. Мова — гэта адлюстраванне душы. Па мове і нас пазнаюць, і мы пазнаём іншых. Трапна сказаў Дыяген: «Той збан не купляюць, які не звініць»».

Цікава, што пяру Жыгімонта Лаўксміна належыць і першы вядомы падручнік харальнай музыкі для навучэнцаў езуіцкіх калегіумаў.

У сваёй кнізе «Беларусы ў ЗША» Вітаўт Кіпель піша пра тое, што ў 1659 годзе ў будучым Нью-Ёрку, а тады яшчэ Нью-Амстэрдаме, з’явіўся выкладчык Полацкага калегіума доктар Куртыус (гэта лацінізаваная форма прозвішча Курта або Курчэўскі), які стаў першым выкладчыкам лаціны і гэтак званай «рускай», а насамрэч беларускай мовы сваёй радзімы ў першай лацінскай школе (яна была вышэйшай навучальнай установай) будучай сталіцы Злучаных Штатаў.

Свае радкі ў гісторыі Полацкага калегіума пакінуць аўтар папулярнага ў свой час падручніка грэцкае мовы Максім Вайцахоўскі і прафесар архітэктуры Тадэвуш Жаброўскі (ён кіраваў будаўніцтвам полацкага езуіцкага кляштара). Тут выкладаў беларус з-пад Горадні Марцін Пачобут-Адляніцкі — вучоны-энцыклапедыст, будучы рэктар Віленскага універсітэта, сябра Каралеўскага астранамічнага таварыства ў Лондане, сябра-карэспандэнт Парыжскай акадэміі навук.

Такія педагогі выхоўвалі годных вучняў.

Полацкіх настаўнікаў успамінаў беларускі жывапісец Валенці Ваньковіч, аўтар знакамітых партрэтаў Міцкевіча, Напалеона, Пушкіна (ён лічыўся найлепшым партрэтыстам Санкт-Пецярбурга). Са сценаў Полацкага калегіума з яго выдатнай мастацкай школай выйшаў славуты расійскі медальер, скульптар і гравёр Фёдар Талстой.

Вучыўся ў Полацку, а потым чытаў у калегіуме курс тэалогіі польскі паэт, драматург і гісторык Нікодам Мусніцкі, які напісаў для полацкага школьнага тэатра трагедыі «Смерць Цыцэрона», «Флавій» і камедыі «Дзівак» і «Падазронасць». У полацкай друкарні пабачылі свет яго кнігі «Тэатральныя забаўкі» і «Забаўкі драбнейшыя паэтычныя», а таксама эпічная паэма «Палтава».

Яшчэ адзін выхаванец калегіума, чыё імя ўвайшло ў энцыклапедыі, — Караль Фларыян Карыцкі, педагог і царкоўна-палітычны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, доктар філасофіі, прафесар Віленскай акадэміі і рэктар Нясвіжскага калегіума. Званне доктара філасофіі меў і гадаванец полацкіх езуітаў Францішак Папроцкі, які з 1760 года ўзначальваў друкарню Віленскай альмаматэр і быў выдаўцом і рэдактарам «Літоўскага кур’ера» — першага ў Княстве інфармацыйнага тыднёвіка.

Спадзяюся, вы ўжо мелі асалоду чытаць кнігу «Шляхціч Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях», якую першыя рэцэнзенты захоплена параўноўвалі з казкамі «Тысячы і адной ночы». Тым, у каго знаёмства са шляхцічам Завальнем і яго гасцямі яшчэ наперадзе, скажу, што гэтую кнігу стварыў выпускнік Полацкага калегіума Ян Баршчэўскі. Яго карані — у прыдзвінскай, полацкай зямлі, таму пра яго пагаворым падрабязней.

Радзіма Баршчэўскага — вёска Мурагі над вялікім возерам Нешчарда, што дасюль захавала першабытную прыгажосць. Прывезены бацькам, небагатым шляхцічам-уніятам, у калегіум, уразлівы і чуллівы падлетак хутка заслужыў у таварышаў мянушку Паэт. Янкавы творы гучалі на школьных святах, сябры перапісвалі ў сшыткі паэму «Пояс Венеры», дзе юны вершатворац наракаў, што ў найноўшыя часы ўжо няма на свеце кахання. Прычынаю такой сумнае высновы была, мабыць, панна Максімавічанка з Мурагоў першае паэтава захапленне. Аднойчы, прыехаўшы ў родную вёску на вакацыі, ён прысвяціў каханай верш «Ды чым жа твая, дзеванька, галоўка занята», які стаў папулярнай у шляхецкіх дварах песняю. У Мурагах напісанае і вядомае ўжо нам вершаванае апавяданне «Рабункі мужыкоў», звязанае з падзеямі 1812 года.

Пасля Полацкай альмаматэр Ян з нейкім дзесяткам рублёў у кішэні апынуўся ў Пецярбургу. Зарабляў з урокаў грэцкай і лацінскай моваў, выдаваў літаратурны альманах «Незабудка», а штовясны браў у рукі кій, закідваў за плечы кайстру і пешкі выпраўляўся са сталіцы імперыі ў роднае Прыдзвінне, дзе збіраў полацкія паданні, легенды і казкі: пра заклятыя скарбы і ваўкалакаў, пра вужыную карону і цмока, што вылупіўся з пеўневага яйка… Вершы Баршчэўскага прыхільна ацаніў сам Міцкевіч, але вечны след у літаратуры пісьменнік з Мурагоў пакінуў дзякуючы фантастычным гісторыям, якімі ў доўгія зімовыя вечары падарожнікі разлічваюцца са шляхцічам Завальнем за гасціннасць. Дарэчы, ва ўяўленні Завальні Полацк быў не толькі сталіцаю асветы і кніжнае навукі, але і вельмі небяспечным месцам, дзе звілі сабе кубло чарнакніжнікі і дзе атабарыўся сам легендарны верхавод беларускіх чараўнікоў пан Твардоўскі.

Паміж аповедамі пра полацкіх чарнакніжнікаў і злую чараўніцу Белую Сароку аўтар «Шляхціча» з сентыментальнай замілаванасцю ўзгадвае блаславёныя гады студэнцтва. Вось ён у адну з летніх вандровак, адмераўшы колькі сотняў вёрст па пецярбургскім гасцінцы, падыходзідь да горада свайго юнацтва. «Сады Спаса нагадваюць мне травеньскія праходкі, тэатр сярод густых ліпаў на вольным паветры; там юначае ўяўленне пад клапатлівым вокам настаўнікаў вучылася пазнаваць Творцу гэтага свету, яго турботы пра кожную тварыну і захапляцца прыгажосцю неба і зямлі.

Недалёка ад Палаты стаіць мураваны касцёл святога Ксаверыя; тут магілы, дзе спачывае прах цноталюбівых манахаў езуіцкага ордэна, свецкай моладзі і старых, з якімі я некалі быў знаёмы і сябраваў…

За Палатою, на шырокай роўнядзі, як люстэрка, адбівае сонечнае святло плямка вады, званая Валоваю азярынай. Кажуць, што калісьці яна была ў самім горадзе і да хрышчэння стаялі пры азярыне святыні Перуна і Бабы Ягі, але цяпер не засталося аніякіх слядоў той старажытнасці.

У ваколіцах Полацка кожная мясціна ў расказах тутэйшых жыхароў мае нейкую гістарычную памятку. На другім баку Дзвіны за колькі вёрст адсюль ёсць невялікі касцёл святога Казіміра; тут, апавядаюць, з’явіўся Казімір перад войскам сваіх суайчыннікаў і перавёў іх праз імклівую рачную плынь; і сёння паказваюць у тым месцы пад Струннем пясчаны падводны вал, па якім пераходзіла войска. Царква Барыса і Глеба, нібыта пабудаваная цудоўным чынам самімі святымі; Экіманія — маёнтак паноў Беліковічаў ля самае Дзвіны на стромым беразе ў прыгожай мясціне; увесь горад відаць адтуль як бы ў чароўнай панараме, а вясною, у паводку, ля падножжа гары чуваць музыку і песні са стругаў, што плывуць да Рыгі.

Прабіў гадзіннік на вежы былога езуіцкага касцёла, і гэты голас, як прывітанне адданага сябра, крануў маю душу. Ён знаёмы мне з дзяцінства: колісь адлічваў час вучэння і адпачынку, будзіў на світанні да новае працы.

…Набліжаецца Вялікдзень; з якім пачуццём, з якой вераю ўсе выконваюць рэлігійныя абавязкі! Пасты, падрыхтоўка да споведзі — якую асалоду і спакой прыносяць яны душы! У Чысты чацвер кожны клас з настаўнікам наведвае астрогі і шпіталі, раздаючы ўсюды грошы і міласціну.

У езуіцкіх школах вакацыі пачыналіся звычайна першага жніўня… У той дзень Полацк мог быць сталіцаю ўсёй Белай Русі; шум і грукат вазоў адзываўся па ўсім горадзе: адны ехалі на ўрачыстасці ў дзень святога Ігнація Лаёлы; другія — каб падзякаваць за турботы тым, хто выхоўваў іх дзяцей; іншыя — «каб пабыць у тэатры», бо вучні рыхтавалі да гэтых дзён пастаноўку…»[19]

У фантастычных аповедах Яна Баршчэўскага блукае па полацкім наваколлі таямнічая Плачка, аплаквае заняволеную зямлю, дзе чужынцы завялі свае парадкі. Калі пісалася кніга, сяброў Таварыства Ісуса ў Полацку ўжо не было, ніводнага з іх не засталося і ва ўсёй імперыі. Тым не менш, прынамсі, двух праваслаўных расійскіх манархаў самы каталіцкі на свеце ордэн успамінае цёплым словам. Манархі гэтыя — Кацярына II і Павел I. Я не здзівіўся б, даведаўшыся, што ў сённяшняй галоўнай ордэнскай рэзідэнцыі вісяць іх партрэты, а паміж імі — гравюра з барокавымі сілуэтамі старадаўняга Полацка.

Адразу пасля захопу ўсходняй Беларусі Кацярына пісала генерал.губернатару Чарнышову: «Иезуитским монастырям и училищам сделайте особую опись. Вы за сими наипаче недреманно смотреть имеете, яко за коварнейшими из всех прочих латинских орденов». Здавалася, пасля такіх словаў сябрам Таварыства Ісуса трэба было пакаваць валізы. Але муза гісторыі Кліо ўжо пякла на сваёй кухні адзін з парадоксаў эпохі.

Рымскія папы называлі езуітаў «вачыма свайго розуму». Яго святасць Клімент_/ХIV трымаўся іншай думкі. Пасварыўшыся з ордэнам, ён вырашыў, што пражыве і без гэтых занадта пільных вачэй. У 1773 годзе ён выдаў булу пра скасаванне Таварыства Ісуса і пазбавіў яго ўсіх пасадаў, маёмасці і навучальных установаў.

На левабярэжжы Дзвіны, якое засталося ў Рэчы Паспалітай, апісвалі езуіцкія маёнткі велікакняжацкія рэвізоры. Архівы захавалі іх справаздачу, і мы, хоць крыху і адхілімся ўбок ад тэмы, усё ж не прамінём выпадку асцярожна пагартаць ломкія старонкі.

Экімань пакінула ў рэвізораў невясёлае ўражанне. Мяшчане скардзіліся, што манахі забралі ў калегіум старыя граматы на карыстанне выганамі ды лясамі і на права гнаць гарэлку, а ў выніку доўгага пастою царскіх салдатаў мястэчка зусім заняпала. У тагачаснай Экімані былі драўляны касцёл, прыходская уніяцкая царква і вялікая гаспода, дзе мясціўся расійскі лазарэт. За чвэрць мілі адсюль пачыналася Бельчыцкая слабада, якую тады чамусьці называлі Кабаком. Экіманскаму фальварку падпарадкоўваліся вёскі Хаценічы і Палюдавічы — з касцёлам і рэзідэнцыяй каталіцкіх місіянераў.

Казімірова на дзвінскім беразе насупроць Струні мела будаўнічы лес, тры азярыны і добры млын. Касцёл святога Казіміра стаяў нахіліўшыся і ніякіх каштоўнасцей, апрача абразоў, не меў. Падрабязна апісаўшы Туроўлю, Загацце, Мосар, Наўліцы і больш далёкія ад Полацка маёнткі, рэвізоры ў другой частцы справаздачы пераходзяць да выстаўленых езуітам прэтэнзій.

Полацкая шляхта несла камісарам вялікага князя закладныя паперы, дамовы і запаветы, даводзячы правы на забраную ў ордэна маёмасць. Прэтэнзіі да Таварыства Ісуса былі ў полацкага канюшага Падзвінскага, паноў Ігната Садоўскага, Каспара Чыжа, Пятра Шыстоўскага, Рамана Крука, Міхала Бяганскага, Базыля Валькоўскага, у браслаўскага падкаморага Мірскага, земскага суддзі Полацкага ваяводства Пятра Буйніцкага. На сваю долю ў дзяльбе смачных езуіцкіх пірагоў разлічвалі духоўныя асобы: прыёр Барысаглебаўскага кляштара Чудоўскі і прадстаўнік уніяцкага арцыбіскупа Аўгусцін Война — манах-базылянін і полацкі архівіст. У рэвізорскіх вопісах сустракаюцца і іншыя прозвішчы ваколічнай шляхты: Булгакі, Бутовічы, Бялевічы, Васілеўскія, Вішыцкія, Іласковічы, Жабы, Корсакі, Рэуты, Стаброўскія, Цяліцы, Шышкі…

Цікава зазірнуць у тую частку «рэвізіі», дзе гаворыцца пра шляхі павелічэння панскіх прыбыткаў і паляпшэння сялянскіх гаспадарак. У прыватнасці, у фальварках прапануецца стварыць збожжавы фонд дапамогі сялянам, штогод прадаваць кожнаму двару ў крэдыт і па самых нізкіх коштах паўбочкі солі, пару лемяшоў, касу і дванаццаць пачкаў тытуню. Панам раілі паклапаціцца, каб мужыкі заводзілі пчолы і садзілі сады. «Трэба таксама палепшыць жыццё падданых, — пісалі рэвізоры, — і дабіцца, каб кожны меў бульбу. Тады ён і збожжа захавае, і травы есці не будзе».

Усё гэта чынілася, аднак, на левым беразе Дзвіны, у іншай дзяржаве, а на правабярэжжы адбываліся рэчы, на першы погляд, неверагодныя. Замест таго, каб выкарыстаць пастанову Клімента ХІV для выгнання езуітаў праваслаўная імператрыца давала ім прывілей за прывілеем. Палітыка ордэна святкавала перамогу над самім рымскім папам.

Механізм перамогі быў досыць просты. Калі беларускія землі далучылі да імперыі, уніяцкае і лацінскае духавенства стала да новай улады ў адкрытую апазіцыю. Прысягаць на вернасць Кацярыне яно не спяшалася, адпаведным чынам настройвала і вернікаў. Выконваючы царыцын наказ, людзі генерал-губернатара Чарнышова нястомна сачылі за паводзінамі езуітаў і слалі ў сталіцу поўныя здзіўлення рэляцыі, чытанне якіх прыносіла Кацярыне не трывогу, а зусім іншыя пачуцці. Полацкія езуіты першыя прысягнулі ёй і з гэтае прычыны адправілі ў саборы святога Стэфана ўрачыстае набажэнства. Літургія прайшла ў храме і ў дзень імянінаў імператрыцы.

Mяінчане i шляхта слухалі казанні ў яе гонар і таксама пачыналі прысягаць расійскаму трону.

Рэктар Полацкага калегіума Станіслаў Чарневіч выправіўся ў Санкт-Пецярбург. Дэпутацыя не марнавала часу. Чарневіч зачараваў вучонасцю і манерамі беларускага генерал-губернатара, а полацкі прапаведнік Язэп Катэбрынг так уразіў імператрыцу красамоўствам, што атрымаў пажыццёвую пенсію. «Надо сознаться, что эти мошенники — отличные люди, — пісала Кацярына ў лісце. — Нигде еще не смогли устройть что нибудь подобное их школам».

Імператрыца выдатна разумела выгоды сяброўства з езуітамі. Па-першае, яна ставіла сабе на службу багаты ордэн і заваёўвала сімпатыі новых падданых каталіцкага веравызнання. Па-другое, не трацячы ні рубля, захоўвала на далучаных землях высокаразвітую сістэму адукацыі. Абараняючы айцоў-езуітаў Кацярына распачала з папскім дваром барацьбу, якая напоўніла архіў расійскага міністэрства замежных справаў заявамі і нотамі, дзе Полацк згадваўся часцей за любую іншую кропку на геаграфічнай карце. Бясконца гаварылі пра далёкі беларускі горад і ў Ватыкане. Чуючы пра Полацк, папы моршчыліся, быццам ад зубнога болю: недзе там багацеў і набіраў сілу забаронены імі ордэн.

Сгіробы папаў уздзейнічаць на Кацярыну праз еўрапейскіх манархаў не далі плёну. У межах сваёй праваслаўнай імперыі царыца не дазволіла ні надрукаваць, ні публічна абвясціць пастанову пра скасаванне ордэна. На ўсе ўшчуванні і пагрозы з Ватыкана полацкія езуіты, сціпла апусціўшы вочы, з тонкай усмешкаю адказвалі, што дзеля выканання рымскіх загадаў яны гатовыя ахвяраваць нават уласным жыццём, ды гэтага не дазваляюць ім свецкія расійскія ўлады.

Папскі нунцый Аркеці сядзеў у Варшаве з заданнем што б там ні было знішчыць непакорлівы ордэн. У Полацк таемна паехаў нунцыяў агент-святар. Паводле распрацаванага плана, той павінен быў заявіцца ў калегіум, сабраць у залу ўсіх манахаў і прачытаць ім папскі загад аб забароне Таварыства Ісуса. Езуіцкія выведнікі таксама не сядзелі склаўшы рукі. Не паспеў пасланец Аркеці ступіць на правы бок Дзвіны, як мусіў блізка пазнаёміцца з паліцыяй, развітацца са сваімі паперамі і сесці назад у човен.

Полацкія езуіты ўсё больш убіраліся ў сілу. Мы ўжо ведаем, як пышна яны прымалі імператрыцу. У Пецярбургу манахі знайшлі сабе апекуна ў асобе царыцынага фаварыта князя Пацёмкіна. Самы магутны чалавек у імперыі прагнуў пераканаць сябе і астатніх, што ён ніякі не выскачка, не просты смаленскі шляхціч, а вядзе радавод ад старой і знакамітай фаміліі. Езуіты хутка знайшлі адпаведныя дакументы, і новы рэктар Полацкага калегіума Францішак Каро быў з Пацёмкіным ужо ў такім сяброўстве, што разам з лістамі абавязкова пасылаў яму тузін пляшак мёду-трайняку са сваіх скляпоў.

Кацярына дала дазвол адчыніць у Полацку навіцыят — установу для падрыхтоўкі езуіцкіх паслушнікаў-навіцыяў. У лютым 1780 года некалькіх навіцыяў урачыста прынялі ў забаронены ордэн. Вестка пра гэта разнеслася па еўрапейскіх краінах і перасекла на караблях акіян. Яна азначала, што Полацк зрабіўся сталіцаю Таварыства Ісуса.

Езуіцкія місіі існавалі і ў іншых беларускіх гарадах, але Таварыства Ісуса абрала для сваёй часовай сталіцы менавіта Полацк. У гэтым, безумоўна, выяўлялася разуменне выключнай ролі горада ў гісторыі беларускай дзяржаўнасці і культуры. Гнаныя прыхільнікі ордэна знайшлі горад на картах і рушылі туды з усяго свету. Дзвінскія берагі замянілі ордэну берагі Тыбра. (Гэта доўжылася да 1814 года, калі папа Пій VII выдаў булу пра аднаўленне Таварыства Ісуса і ім зноў пачалі кіраваць з Рыма.)

Езуіты Злучаных Штатаў прыслалі ў Полацк просьбу зацвердзіць амерыканскую філію ордэна пад назваю Беларускай правінцыі.

Ахвочыя ўступіць у Таварыства (найбольш іх знаходзілася ў Італіі, Францыі, Нямеччыне, Швейцарыі і Польшчы) прыбывалі да расійскага пасланніка ў Вене, атрымлівалі пашпарт і дабіраліся да Варшавы. Адтуль у Полацк ехалі праз Горадню і Вільню. Кожнага папярэджвалі, што на шляху са сталіцы Вялікага Княства ён абавязкова павінен завітаць у мястэчка Ушачы і зрабіць візіт да заўзятай прыхільніцы ордэна графіні Жабы. Пасля дрогкіх экіпажаў і небяспечных начлегаў у прыдарожных корчмах вандроўніка чакалі пасланыя насустрач браты-манахі, заліты агнямі палац і каралеўскі пачастунак.

На дзвінскія берагі кіраваліся юнакі і старыя. У ліку першых палачанінам стаў дваццацісямігадовы італьянец Каятан Анджыяліні, які на радзіме меў славу таленавітага прапаведніка, жывапісца і дойліда. Гэта забяспечыла яму месца прафесара багаслоўя і архітэктуры. Полацк даў прытулак і тром яго братам, якіх Бог таксама шчодра надзяліў талентамі. Нічым не саступаў айцу Каятану малады парыжанін Дзідзье (Дэзедэры) Рышардо, прафесар Сарбонскага універсітэта, паліглот, знаўца гісторыі і археалогіі, які пазней стане рэктарам Аршанскага калегіума. Італьянец Алоіз Руснаці пісаў у гэты час на лаціне «Элегію да рыбаў ракі Палаты». Пасаду прафесара спеваў і касцёльных абрадаў заняў, прыехаўшы з Рыма, айцец Калумбан Пфайфер, немец з паходжання, які ведаў шэсць моваў і славіўся надзвычайнай эрудыцыяй. Пераадолеўшы акіян, праз Лісабон і Данцыг Полацка дасягнуў амерыканскі мільянер Тэнорыа дэ Карваял, што ахвяраваў ордэну ўсё сваё багацце. Яго вітаў былы рэктар калегіума, а цяпер ужо віцэ-генерал Таварыства Ісуса Станіслаў Чарневіч. Пачынаючы з яго, Полацк стаў рэзідэнцыяй езуіцкіх генералаў — найвышэйшых асобаў ордэна.

Ці бачыў калі-небудзь горад у сваёй гісторыі столькі бліскуча адукаваных талентаў? Сюды ехалі літаратары, мастакі, медыкі, бібліяфілы і гісторыкі, хімікі і астраномы. На полацкіх пляцах і вуліцах, у калідорах і залах калегіума гаварылі тады на добрым дзесятку еўрапейскіх моваў. Аднак, паводле старога ордэнскага правіла, усе іншаземцы, нават вельмі старыя, вучылі мову народа, сярод якога пасяліліся.

Полацк перажываў новы ўзлёт. На нейкі час ён стаў адной з інтэлектуальных сталіц Еўропы, што спрыяла ўздыму калегіума (напрыканцы стагоддзя ў ім было трыста студэнтаў) і ўсёй адукацыйнай справы ў Беларусі. Праграма 1796 года сведчыць, што студэнты езуіцкіх калегіумаў, апрача ранейшых дысцыплін, вывучалі беларускую, расійскую, французскую і нямецкую мовы, агульную гісторыю, фізічную і палітычную геаграфію, алгебру, тэарэтычную і практычную механіку і гідраўліку, цывільную і вайсковую архітэктуру, тэорыю жывапісу, балістыку, піратэхніку і розныя рамёствы. На філасофскім курсе выкладаліся этыка і псіхалогія, логіка, анталогія (вучэнне пра быццё), этыялогія (медычная навука аб прычынах і ўмовах узнікнення хваробаў), касмалогія, астраномія, эксперыментальная фізіка, оптыка, найвышэйшая матэматыка.

У вольны ад ачмурэння народных масаў час рэктар калегіума, а потым і генерал ордэна Габрыэль Лянкевіч папаўняў бібліятэку, набыў у астранамічны кабінет тэлескоп і збор рукапісаў астранома з еўрапейскім імем Хрыстафора Эрмарта. У параўнанні з езуіцкімі школамі навучальныя ўстановы імперыі былі настолькі прымітыўныя, што расійская знаць, каб даць дзецям прыстойную адукацыю, часта прывозіла іх у Беларусь.

Імператар Павел у дачыненнях з полацкімі езуітамі браў прыклад з маці. Гэтым часам генералам быў Францішак Каро, аднак у сапраўднасці кіраваў ордэнам славенец з паходжання Габрыэль Грубэр, асоба, выдатная ў полацкай гісторыі і прыкметная ў гісторыі сусветнай.

Горад яго дзяцінства — Вена, год нараджэння — 1740-ы. У дваццаць пяць гадоў Габрыэль уступіў у Таварыства Ісуса і рыхтаваў сябе да місіянерскай працы ў Кітаі. Забарона дзейнасці ордэна змусіла змяніць планы і ў 1784 годзе з’явіцца ў Полацку.

Спачатку ён выкладаў у калегіуме матэматыку, механіку, эксперыментальную фізіку, маляванне і архітэктуру ды рупліва абсталёўваў кабінеты і аўдыторыі ўсім неабходным — для заняткаў і для таго, каб уразіць любога госця. Частку прыладаў прывезлі з замежжа, большасць зрабілі ў полацкіх майстэрнях, прычым аўтарам шматлікіх вынаходак быў сам Грубэр. У астранамічнай зале, напрыклад, знаходзіўся тэлескоп даўжынёю восем футаў[20] і яшчэ тры рэфлектарныя тэлескопы, барометры, тэадаліты, экватарыялы, секстанты, квадранты, тры астранамічныя гадзіннікі, нябесны і зямны глобусы. Калекцыя мінералагічнага кабінета зрабіла б гонар любому універсітэту: алмазы, рубіны, смарагды, сапфіры, гранаты, тапазы, узоры глебы, руды і металаў, залатыя, плацінавыя і срэбныя самародкі. У фізічным кабінеце стаялі тры электрычныя машыны і электрафор болей за шэсць футаў у дыяметры.

Нагадаю, што яшчэ ідзе XVIII стагоддзе.

Вучоныя майстры захапляліся рознымі аптычнымі і механічнымі эфектамі. Непадрыхтаванаму наведніку калегіума здавалася, што ён трапіў у сапраўднае царства дзівосаў. Зірнуўшы ва ўштукаванае ў вакно ўвагнутае люстэрка, можна было ўбачыць самога сябе на крыжы над званіцаю базылянскага кляштара. Па залах ездзіў у калясцы Купідон, у краме гандляваў купец-робат — яшчэ адзін твор полацкіх механікаў. Пра галоўнае калегіумнае дзіва паведамляе том III «Живописной России»: «Чудовищною редкостью, приводившею в восторг и трепетное любопытство, служила колоссальная говорящая человеческая голова. Высоко в стене, почти под потолком, вделана была голова старца с длинными седыми волосами.

Подвижная, c глазами, принимавшими разные выражения, и, главное, говорящая на всех употребительных языках, голова эта, понятно, приводила в недоумение, восторг и в то же время возбуждала страх. Иезуит, сопровождавший посетителей музея, приглашал их задавать какие угодно и на каком угодно языке вопросы. Голова немедленно отвечала внятно, громко, логично, с полным знанием обстоятельств и обстановки спрашивавшего, так что тот приходил просто в ужас».

Езуіцкі збор рэдкасцей меў мноства мастацкіх вырабаў з каштоўных камянёў, каралу і бурштыну. Ад выгляду ўсіх гэтых табакерак, пячатак, мазаік, кубкаў разбягаліся вочы. Захапленне ў гасцей выклікалі зробленыя са слановай косці партрэт Кацярыны Вялікай у срэбнай асадзе і яйка з мініяцюрнымі шахматамі, шашкамі і кеглямі. Сем ёмістых скрынак займала нумізматычная калекцыя. Дадайце сюды археалагічныя знаходкі, кітайскі посуд, біўні мамантаў, зброю розных плямёнаў і народаў, рукапісы старажытных актаў, велізарную калекцыю ракавін… Адметнасцю Полацкага музея была прызначаная для заняткаў маляваннем зала архітэктонікі з унікальным зборам копій і мадэляў старажытных будынкаў, мастоў, калонаў.

Прайшоўшыся па залах музея, пабудаванага па тыпу кунсткамеры і адчыненага ў 1787 годзе, затрымаемся ў карціннай галерэі. Яе, як і музей, таксама стварыў Габрыэль Грубэр. Ад напісаных на дрэве карцін Рубенса «Смерць Архімеда» і «Пошукі Архімедавай магілы» пяройдзем да вельмі добрых копіяў з Рафаэля і Тыцыяна. На процілеглай сцяне цэлы шыхт партрэтаў еўрапейскіх манархаў, побач з якімі дзеячы Рэфармацыі Марцін Лютэр і Жан Кальвін. Скульптуры, дзве тысячы гравюраў. Некалькі вялікіх палотнаў самога Грубэра, майстра перспектывы і аўтара вельмі прафесійных фрэскавых размалёвак музейных сценаў. Мастацкі летапіс калегіума ў выглядзе дзесяткаў выяваў вядомых педагогаў і выпускнікоў. Адзін з гэтых партрэтаў — магістра архітэктуры і жывапісу Язэпа Прозара — захоўваецца сёння ў Маскве, другі — прафесара старажытных усходніх моваў Міхала Квіена — у калекцыі Беларускага мастацкага музея.

Яны могуць належаць пэндзлю мастака I. Дарэці, які працаваў у Полацку ў 60-я гады XVIII стагоддзя.

Можа, нам пашанцуе, і каля выхаду з галерэі, побач з трыма драўлянымі манекенамі ў рыцарскіх панцырах, мы сустрэнемся з маэстрам Грубэрам. «У гэтай прыгорбленай постаці, — пісаў пра яго сучаснік, — з вялізнай, зусім непрапарцыйнай малому целу і завостранай уверсе галавой, змяшчаліся розум і талент дэмана і найзлейшае сэрца; у заўсёды апушчаных долу вачах блішчэла нейкае злавеснае святло; сціплая і як быццам нясмелая хада хавала самыя ганарлівыя і дзёрзкія планы душы».

Аўтар партрэта відавочна не належаў да Грубэравых сяброў, але ў тым, што да розуму і дзёрзкасці планаў, не памыляўся.

Здаецца, нельга знайсці такую галіну навукі ці мастацтва, у якой прырода не надзяліла б прафесара талентам. Матэматык, гісторык, хімік, музыка, медык, кандытар… Жывапісец і спрактыкаваны гравёр з цвёрдай рукой, ад якога атрымаў першыя ўрокі майстэрства Фёдар Талстой. Мовазнаўца, што вольна валодаў лацінай, італьянскай, французскай, нямецкай, польскай, расійскай і беларускай мовамі. Такая універсальнасць спрыяла Грубэру-палітыку. Калі расійскі трон заняў Павел I, дзвюх думак наконт таго, хто паедзе з місіяй да новага імператара, у Полацку не ўзнікла.

Айцец Габрыэль адразу займеў уплывовыя знаёмствы ў найвышэйшых сталічных колах. Аднойчы, калі ўсе прыдворныя медыкі распісаліся ў бяссіллі, ён вылечыў імператрыцу Марыю Фёдараўну ад зубнога болю. Павел узнагародзіў Грубэра ордэнам, але той сціпла адмовіўся, растлумачыўшы, што статут Таварыства Ісуса не дазваляе прымаць свецкія ўзнагароды, а абавязвае служыць валадарам толькі дзеля славы Божай.

Уражаны адукаванасцю полацкага прафесара імператар з прыемнасцю бавіў з ім вечары. Неяк Павел паскардзіўся, што ў сталіцы ніхто не ўмее гатаваць такі смачны шакалад, які ён піў некалі ў італьянскім езуіцкім кляштары. Грубэр прапанаваў свае паслугі, i, пакаштаваўшы напой, цар пацвердзіў: у Італіі яго частавалі дакладна такім.

Прафесар атрымаў дазвол наведваць імператара ў любы час і заходзіць у кабінет без дакладу. Пад уплывам Грубэра Павел I у 1801 годзе дабіўся ад Ватыкана афіцыйнага прызнання езуіцкага ордэна ў Расійскай імперыі. Пра давераную асобу цара дачуўся Напалеон. Ён наладзіў з прафесарам таемнае ліставанне, маючы на мэце разарваць хаўрус Санкт-Пецярбурга з Лонданам. Неўзабаве расійскія газеты ўзяліся ганіць усё англійскае. Справа ішла так паспяхова, што быў спалены ўвесь наклад выдадзенага ў полацкай езуіцкай друкарні календара на 1800 год, куды трапіў ухвальны артыкул пра брытанскі каралеўскі флот.

Грубэр заняў пасаду рэктара створанага ім у Пецярбургу калегіума. Тут вучыліся сыны шмат каго з расійскіх арыстакратаў. Дзевяць выпускнікоў сталі ўдзельнікамі снежаньскага паўстання 1825 года на Сенацкай плошчы, і гэта дало падставы аднаму з гісторыкаў ордэна сцвярджаць, што ідэі дзекабрызму ўзгадаваныя Таварыствам Ісуса. (У 1991 годзе на італьянскім востраве Капры адбыўся адмысловы семінар на гэтую тэму.)

У 1802 годзе айца Габрыэля абралі генералам ордэна. Яго называлі «душой, розумам і правадыром беларускіх езуітаў». Можна ўявіць, колькі ворагаў у праваслаўнай сталіцы прагнулі яго смерці. Праз тры гады пецярбургская рэзідэнцыя Таварыства Ісуса загарэлася і езуіцкі генерал задыхнуўся ў дыме. Прах прывезлі ў Полацк і пахавалі побач з парэшткамі іншых генералаў у сутарэннях Спасаўскага храма. (У 1808-м у сталіцу Таварыства Ісуса быў перанесены з Пінска прах закатаванага ў 1657 годзе і кананізаванага Рымам прапаведніка Андрэя Баболі.)

Магчыма, у свае апошнія хвіліны Грубэр успомніў даўнюю мару: ператварыць Полацкі калегіум у другі пасля Віленскага універсітэт на землях былога Вялікага Княства.

План Габрыэля Грубэра ажыццявіў наступны генерал ордэна паляк па нацыянальнасці Тадэвуш Бжазоўскі (1749–1820). У 1782 годзе гэты варты нашай памяці сябра Таварыства Ісуса атрымаў у Полацкім калегіуме кафедру тэалогіі; адначасова ён выкладаў французскую мову і распачаў актыўную дзейнасць у перакладзе твораў французскай і італьянскай літаратур. Маючы прамоўніцкія здольнасці і добра валодаючы пяром, Бжазоўскі паспяхова падтрымліваў сувязі з уплывовымі расійскімі палітыкамі Р. Пацёмкіным, А. Галіцыным, А. Разумоўскім. Апошняму ён і падаў у 1810 годзе просьбу аб стварэнні ў Полацку акадэміі.

Надзейным і моцным хаўруснікам Бжазоўскага ў гэтым клопаце стаў вядомы ў Еўропе філосаф і дыпламат граф Жазэф дэ Мэстр, які тады служыў у Расіі пасланнікам сардзінскага караля і меў значны ўплыў на цара і многіх пецярбургскіх арыстакратаў. Праграмаю дэ Мэстра была еўрапеізацыя ў Расійскай імперыі ўлады і адукацыі, і галоўную стаўку ў дасягненні мэты ён рабіў на беларускіх езуітаў. У лістападзе 1811 года на асабістай сустрэчы з Аляксандрам I сардзінскі граф дабіўся згоды на адкрыццё ў Полацку вышэйшай навучальнай установы. Імператар быў ужо падрыхтаваны, бо за месяц да аўдыенцыі атрымаў праз А. Галіцына афіцыйны рапарт на сваё імя, напісаны Тадэвушам Бжазоўскім.

Дэманструючы да Таварыства Ісуса спадчынную прыхільнасць, імператар Аляксандр I 12 студзеня 1812 года выдаў указ: «Во уважение представленного Нам желания Белорусского дворянства и пользы для наук от соревнования между несколькими училищами равной степени, признали Мы за полезное возвести Полоцкую иезуитскую коллегию на степень Академии с присвоением ей преимуществ, дарованных университетам». Alma mater Polocensis стала шостай па ліку ў Расійскай імперыі вышэйшай навучальнай установай з універсітэцкім статусам.

У пераліку дадзеных акадэміі прывілеяў было запісана: «Академия имеет право возводить в ученые степени, как то: в достоинство магистров и докторов свободных наук и философии, также в доктора богословия и права. По уважению того, что Полоцкая академия возведена на равную степень с университетами, существующими в государстве, аттестаты, от оной выдаваемые, имеют равную силу с аттестатами, выдаваемыми от помянутых университетов. Студенты, удостоенные по испытанию аттестатов и похвальных свидетельств от ректора академии, при вступлении в службу получают чины 14 класса (калежскі рэгістратар. — У. А.). Академия может беспрепятственно выписывать из чужих краев, как морем, так и сухим путем, все нужные инструменты и книги… Все здания, принадлежащие академии, равно и загородный дом, близ Полоцка состоящий, дабы профессоры и самые ученики могли во всякое время ходить туда для пользования чистым воздухом и отдохновением от тягостных ученых занятий, будут свободны от военного постоя. В академии позволено будет пользоваться знаками отличия, введенными в употребление во всех академиях европейских». Згодна са статутам, у Полацкую альмаматэр прымаліся юнакі ўсіх саслоўяў і канфесій.

Адкрыццё акадэміі адбылося 10 чэрвеня, перад самым пачаткам напалеонаўскага паходу. Сваёй пышнасцю свята пераўзышло сустрэчу Кацярыны II. 3 усёй Літвы-Беларусі ў горад сабралася каталіцкае і уніяцкае духавенства, шляхта, прыехалі граф Жазэф дэ Мэстр і беларускі генерал-губернатар герцаг Аляксандр Вюртэмбергскі. 3 літургіі ў саборы святога Стэфана ўсе рушылі ў вялікую езуіцкую залу, дзе на залатой падушцы ляжала грамата, якая абвяшчала Полацк універсітэцкім горадам. Прывітальныя прамовы і вершы з гэтае нагоды прагучалі на сямі мовах, у тым ліку і па-беларуску.

Пад гукі аркестраў і артылерыйскі салют працэсія перанесла гэты дакумент у сабор. Наперадзе ішлі падзеленыя на пяць класаў выхаванцы калегіума, за імі — манахі-езуіты, далей — менскі каталіцкі біскуп з граматай, пячатку і кутасы якой падтрымлівалі двое шкаляроў у белых строях, потым — герцаг са світаю. Па-над галовамі лунала семдзесят сцягоў з гербамі народаў імперыі. У саборы святога Стэфана грамату чакаў упрыгожаны пурпурам трон, на які яе ўсклалі пасля ўрачыстага чытання. Уся дзея адбывалася паводле старадаўняй беларускай традыцыі афіцыйных святкаванняў, якая склалася ў гарадах з магдэбургскім правам.

На шыкоўным абедзе пілі за новы беларускі універсітэт. Увечары пляц перад акадэміяй успыхнуў агнямі ілюмінацыі. У цёмнае зорнае неба павольна падняўся аграмадны размаляваны жывапісцамі шар з лацінскім надпісам: «Лячу радасна і бесклапотна пад абаронаю Аляксандра».

Езуіты неадкладна выкарысталі права прысуджаць навуковыя ступені: першага рэктара акадэміі Антона Люстыга ўзвялі ў дактары тэалогіі, а айца Анджыяліні — у дактары тэалогіі і філасофіі. Апярэджваючы падзеі, заўважым, што з 1814 да 1820 года 33 выкладчыкі акадэміі сталі дактарамі тэалогіі, 11 — дактарамі тэалогіі i кананічнага права. Ступені магістра тэалогіі атрымалі 13 чалавек, магістра філасофіі — 9, кандыдата філасофіі — 27.

Незалежна ад сапраўдных мэтаў расійскіх уладаў, ээххадкрыццё новай акадэміі сталася прызнаннем і пацверджаннем значнасці Полацка як старажытнай сталіцы беларускіх земляў і цэнтра іх асветы. Варта заўважыць, што акадэмія была выведзеная з падпарадкавання Віленскай навучальнай акрузе, што азначала незалежнасць ад першай вышэйшай школы былога Вялікага Княства. Разам з падначаленымі ёй езуіцкімі калегіумамі alma mater Polocensis утварала, па сутнасці, асобную навучальную акругу, што абумоўлівала ўзнікненне паміж Полацкам і Вільняй пэўнай напружанасці.

У сувязі з вайной (амаль усе сябры Таварыства Ісуса былі эвакуяваныя ў Волагду, але некалькі студэнтаў ваявалі на баку Напалеона) заняткі ў Полацкай акадэміі пачаліся 8 студзеня 1813 года. Студэнтаў прынялі тры факультэты: тэалагічны; моваў і літаратур; філасофіі і вольных навук. Пасля праведзенай у 1815-м рэарганізацыі факультэтаў засталося два — філасофіі і моў і тэалагічны. У дадатак да дысцыплін, знаёмых нам з праграмаў калегіума, тут вывучалі прыкладную матэматыку, хімію, заалогію, батаніку, мінералогію, трыганаметрыю, палітычную эканомію і статыстыку, права.

На філалагічным факультэце выкладаліся такія мовы і створаныя на іх літаратуры, як лацінская, грэцкая, старажытнаяўрэйская, польская, расійская, французская, нямецкая, італьянская, арабская. Курс той ці іншай мовы вёў педагог, для якога яна была родная і які ведаў яе да найтанчэйшых нюансаў. Узровень адукацыі ў Полацкай акадэміі дазваляў яе выхаванцам практыкавацца ў перакладах з нямецкай на старажытнагрэцкую або з французскай на лаціну.

Навучальны год доўжыўся з 15 верасня да 15 ліпеня. Штодня студэнты мелі па шэсць гадзінных лекцый; у аўторак і ў чацвер — толькі тры, астатні час прызначаўся для заняткаў гімнастыкай, маляваннем, музыкай і танцамі.

Стварэнне акадэміі прычынілася да сапраўднага росквіту ў Полацку музычнай культуры. Штодзень урачыстай імшы ў саборы святога Стэфана акампанаваў студэнцкі аркестр з сарака музыка. Пра яго склад сведчыць вопіс інструментаў: дзве скрыпкі, бас, два кларнеты, дзве флейты, дзве валторны, фагот, тры трубы, бубен, турэцкі барабан, дзве пары літаўраў, талеркі, трохвугольнік… У акадэмічным музеі дэманстраваўся сканструяваны полацкімі майстрамі унікальны інструмент — нешта накшталт скрыпкі для двух смычкоў. А ўявіце ўражанні вернікаў, калі да гэтага аркестра далучалі свае галасы найвялікшыя ў Беларусі арганы.

Курс тэорыі музыкі ў акадэміі чытаў прафесар Якуб Кондру, які «выкладаў па панядзелках, серадах, пятніцах і суботах з 9 да 10 і з 13 да 15 гадзін. У акустыцы звяртаў увагу на правілы і ўласцівасці гукаў простых, адбітых і складаных. У матэматычнай музыцы выкладаў тэорыю тонаў музычныя інструменты і правілы згоды галасоў».

У друкарні ці, дакладней, у выдавецтве, што дзейнічала пры акадэміі, выходзілі падручнікі замежных моваў матэматыкі, паэтыкі і рыторыкі. Тут друкаваліся навуковыя трактаты, календары і літаратурныя зборнікі. У Полацку пабачылі свет «Слоўнік старажытнасцей» і «Лацінска-польскі лексікон», былі перавыдадзеныя творы Фэдра, Цыцэрона, Гарацыя, Тыбула, Непота. Выйшлі кнігі Пятра Скаргі, Язэпа Руцкага, Міхала Карыцкага, Яна Каханоўскага, Адама Нарушэвіча. 3 канца XVIII стагоддзя мясцовыя жыхары атрымлівалі «Каляндар Полацкі».

Выходзіў ілюстраваны літаратурна-навуковы часопіс на польскай мове «Месячнік Полацкі» (першы часопіс на сучасным абшары Беларусі), дзе побач з гістарычнымі, статыстычнымі і літаратуразнаўчымі матэрыяламі надрукаваны, да прыкладу, пераклад трагедыі Еўрыпіда «Арэст», зроблены віцяблянінам Янам Мігановічам.

Заснавальнікам часопіса быў выпускнік Полацкага калегіума філосаф Вінцэнт Бучынскі, адказным рэдактарам — прафесар фізікі i доктар філасофіі Юзаф Цытовіч (ён жа фігуруе ў дакументах і як «наглядчык музеума»), Аўтары — пераважна выкладчыкі і студэнты.

Праваслаўныя гісторыкі імкнуліся ўсяляк зняважыць «Месячнік Полацкі», называючы яго не іначай, як «журнальчиком». (Дый што іншае магло выходзіць у «гняздзе абскурантызму», як яны характарызавалі акадэмію?) Між тым, часопіс меў шэсць аддзелаў: літаратуры і вольных навук, маральна-філасофскі, фізіка-матэматычны, гістарычны, крытыкі і літаратурных навінаў. У чатырнаццаці нумарах, якія паспелі пабачыць свет з 1818 да 1820 года, змешчаныя 85 артыкулаў у тым ліку ўрыўкі са старажытных рукапісаў акадэмічнай бібліятэкі. Тытульны ліст кожнага выпуска аздаблялі словы Гарацыя: «Quid verum atque decens curo et rogo, et omnis in hoc sum. — Што праўдзіва i прыгожа, пра тое клапачуся і пытаюся і ўвесь таму адданы».

Перагорнем старонкі трох першых сшыткаў «Месячніка» за 1818 год, дзе друкаваліся «Кароткія звесткі пра Полацк». 3 іх можна, у прыватнасці, даведацца, што з 1782 да 1817 года найвышэйшая тэмпература ў горадзе была 22 ліпеня 1805 года — +30,5 °C, а найніжэйшая 26 студзеня 1816 года — -32 °C.

Часопіс паведамляе, што ў Полацку васемнаццаць садоў пераважна вішнёвых і яблыневых. 3 дванаццаці вялікіх вуліц толькі тры брукаваныя, а па 34 малых увесну лепей прабірацца, трымаючыся як мага бліжэй да плота. Праз горад праходзяць тры паштовыя тракты (пецярбургскі, рыжскі ды віцебска-магілёўскі) і пяць купецкіх: віленскі, лепельскі і бешанковіцкі на левым баку Дзвіны, дзісненскі з невельскім — на правым. Шырыня Дзвіны сягае 90 сажняў («вада чыстая і здаровая»), а Палаты — 20 сажняў.

Насельніцтва: 171 духоўная асоба, 2178 хрысціянаў 9 цыганоў і 2588 яўрэяў. Высокая смяротнасць, асабліва сярод яўрэйскіх дзяцей. У 1817 годзе памерла 85 хрысціянскіх дзяцей і 308 юдзейскіх. Яўрэі не дазвалялі рабіць сваім малым прышчэпкі супраць воспы, што і было галоўнай прычынаю шматлікіх смярцей.

Чытаем далей. У Полацку 932 дамы, з іх 59 мураваныя. Тры разы на тыдзень — у нядзелю, сераду і пятніцу — у горадзе таргі. Двойчы на год — кірмашы: Краснік і Збор. На Зборы 1817 года бочка (прыблізна 500 літраў) жыта каштавала 40 рублёў асігнацыямі, пшаніцы — 55, аўса — 18, ячменю — 16, грэчкі — 25, гароху — 35.

Як сведчыць артыкул, акадэмія займалася дабрачыннасцю. 56 дзяцей беднай шляхты мелі дармовае жытло, кнігі, ежу і лекі. 67 полацкіх шкаляроў задарма кармілі. Дзяўчаты-беспасажніцы вучыліся ў доме для бедных. Езуіты апекаваліся і адной з дзвюх гарадскіх багадзельняў.

За гады сваёй дзейнасці (1787–1820) полацкае выдавецтва, пры якім існавала кнігарня, выпусціла больш за паўтысячы назваў кніг пераважна на польскай і лацінскай, а таксама на расійскай, італьянскай, нямецкай, французскай і іншых мовах, у тым ліку літоўскай і латышскай. Па-беларуску выходзілі, праўда, толькі зборнікі духоўных песняў. (Дзе ты, сучаснае полацкае выдавецтва?)

Папаўняліся экспанатамі музей і карцінная галерэя. (На начатку гэтага стагоддзя ў адным з адрэстававаных карпусоў колішняй Акадэміі адчынілася Полацкая галерэя з багатым зборам беларускага мастацтва XVIII–XX стст.) Студэнты і выкладчыкі змайстравалі славуты сонечны гадзіннік, які знаходзіўся на акадэмічным пляцы і заўсёды збіраў шмат народу, бо апрача таго, што паказваў час, даваў багата іншай астранамічнай інфармацыі.

Сорак тысяч тамоў налічвала акадэмічная бібліятэка, якая была ў XIX стагоддзі найбагацейшым кнігазборам у Беларусі. Тут захоўваліся Полацкія евангеллі — тры рукапісы XII-ХIV стагоддзяў на пергамене (цяпер у Расійскай нацыянальнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу). Разам з імі гонарам бібліятэкі былі калекцыя велікакняжацкіх і каралеўскіх грамат і не менш каштоўны збор Біблій XVI–XVII стагоддзяў, які налічваў каля ста кніг. Захавалася апісанне галоўнай бібліятэчнай залы. На ўваходзе, у нішы паміж двума маршамі сходаў быў гіпсавы грот са статуямі Дзевы Марыі з немаўлём і ўкленчанага перад імі Лаёлы. Паабапал дзвярэй наведніка сустракалі гадзіннік з боем і ртутны барометр у паліраваных жоўтых футлярах. У самой бібліятэцы — дваццаць даўжэзных разьблёных шафаў з цёмнага дрэва з бюстамі і вазамі ды яшчэ шэсць меншых. Дзевяць масіўных сталоў на паўтара сажня даўжынёю і пры кожным — пяць абцягнутых скураю крэслаў.

Вам не захацелася схавацца ў гэтай чытальнай зале хоць на тыдзень?

Нягледзячы на тое, што прафесура бліжэйшых універсітэтаў — Віленскага і Дэрпцкага — лічыла полацкіх калегаў правінцыяламі, альмаматэр над Дзвіной упэўнена ішла да таго, каб стаць іх годнай канкурэнткаю. Ёй падпарадкоўваліся ўсе езуіцкія калегіумы і школы Расійскай імперыі, якія існавалі, апрача Полацка, у Пецярбургу, Віцебску, Оршы, Магілёве, Мсціславе, Чачэрску, Клімавічах, Рызе, Астрахані, Адэсе, Саратаве.

Аркадзь Смоліч, аўтар надоўга схаванай бальшавікамі ў спецсховішчы «Геаграфіі Беларусі», піша, што Полацкая акадэмія мела шэсцьсот студэнтаў і сорак прафесараў. Нейкі час у ёй выкладаў выхаванец Полацкага калегіума паэт Юзаф Маралёўскі, чыёй музе былі аднолькава падуладныя лацінская, польская і расійская мовы, а ў творчасці выяўляліся характэрныя рысы пераходу ад класіцызму да рамантызму. Вось як апяваў Маралёўскі малодшую сястру Дзвіны ў сваім вершы «Да Палаты»:

Княгіня рэк малых у Русі Белай! Сястра Дзвіны! Як многа адляцела Кудысьці дзён маіх тых векапомных Каля вады твае ў дубровах цёмных. У якое мора ўсе мае прыгоды Сплывалі незваротна, як і воды? Дзе радасці мае і як далёка 3 вадою ўпалі ўсе ў Дзвіну глыбока?[21]

3 полацкіх аўдыторый пачалі свой шлях гісторык, археолаг і этнограф Канстанцін Тышкевіч, астраном і філосаф Якуб Накцыяновіч, пісьменнік Юзаф Масальскі, які служыў гувернёрам у Юліуша Славацкага, быў арыштаваны па справе філаматаў а за ўдзел у паўстанні 1830–1831 гадоў сасланы за Урал. У Полацкай акадэміі вучыўся згаданы раней жывапісец Валенці Ваньковіч, чые творы ўпрыгожваюць сёння мастацкія галерэі Польшчы, Літвы, Францыі, Расіі… Яе дыплом атрымаў Ян Баршчэўскі. Пералік вядомых імёнаў мог быць шматкроць даўжэйшы, каб Полацк не заставаўся універсітэцкім горадам усяго восем гадоў.

Навучальныя ўстановы зрабіліся на захопленых землях асяродкамі духоўнай апазіцыі царызму. Улады хутка разгледзелі небяспеку і рыхтавалі расправу. Полацкай акадэміі было наканавана сысці з гістарычнай сцэны першаю.

Таварыства Icyca абвінавацілі ў тым, што яно пераварочвае ў каталіцкую веру праваслаўных юнакоў са знакамітых расійскіх сем’яў. Сярод неафітаў апынуўся нават пляменнік міністра асветы князя А. Галіцына. Іншая «ахвяра», расійскі езуіт Іван Гагарын выдасць у 1872 годзе ў Парыжы твор ананімнага аўтара XVIII стагоддзя «Нататкі пра тое, як было захаванае ў Беларусі Таварыства Ісуса».

Полацкую прафесуру выкрывалі ў выхаванні антыўрадавых настрояў. Цікавыя звесткі на гэты конт падае ў кнізе «Иезуиты в России» (Пецярбург, 1867) Міхаіл Марошкін: «Известно, что иезуиты владели монастырем Спаса, находящимся недалеко от Полоцка; здесь была летняя резиденция иезуитских генералов и их усыпальница; в мае месяце иезуиты давали здесь рекреации воспитанникам своей коллегии; на рекреациях позволялось петь разного рода песни; песни эти были большею частию революционно-польского содержания или, как называли их, патриотические, следовательно, явно возмутительные и антипатриотические, с точки зрения русского подданного. Чтобы обмануть бдительность правительства и избежать судебного преследования, иезуиты придумали такую хитрость: они переложили все революционные песни на напевы самых употребительных русских, так что под самый обыкновенный и общеизвестный напев вроде «Сени мои, сени» или «Вниз по матушке по Волге» пелась самая бунтовщицкая песня, вышедшая из шайки Костюшко. Русское правительственное туземное чиновничество, слушая подобные песни, восхищалось родными мотивами и русскими звуками и не подозревало в этом ничего революционного; не подозревало, что в этих революционных песнях участвуют дети русских родителей, может быть, его собственные дети, которые под русские звуки призывают гибель своему отечеству и все мщения и кары неба…»

На Каляды 1815 года ўсіх пецярбургскіх сябраў Таварыства Ісуса чакаў падарунак у выглядзе высылкі ў Полацк. У наступным годзе акадэмія мусіла спыніць наданне навуковых ступеней. 3 1817-га ў Полацкай альмаматэр маглі навучацца толькі студэнты каталіцкага веравызнання. Гуртку пецярбургскіх арыстакратаўкаталікоў на чале з графамі А. Разумоўскім і Ф. Растапчыным і княгінямі В. Галавіной i А. Галіцынай удавалася нейкім чынам стрымліваць ціск на акадэмію, аднак пасля таго, як у лютым 1820 года памёр Тадэвуш Бжазоўскі, ворагі ордэна перайшлі ў рашучы наступ. Тым больш, галоўны абаронца акадэміі Жазэф дэ Мэстр ужо вымушаны быў пакінуць Расію і жыў у Неапалі. Цвёрдая пазіцыя апошняга полацкага рэктара Раймунда Бжазоўскага паўплываць на развіццё падзеяў не магла.

Увесну 1820 года з царскай канцылярыі выйшаў указ: «Иезуитов, как забывших священный долг не только благодарности, но и верноподданической присяги и потому недостойных пользоваться покровительством российских законов, выслать под присмотром полиции за пределы государства и впредь ни под каким видом и наименованием не впускать в Россию. Полоцкую иезуитскую академию и подведомственные ей училища упразднить». На той час у Полацку было 120 сябраў Таварыства Ісуса. Яго маёмасць апячаталі, кожнаму, хто адмовіўся пакінуць ордэн, выдалі ад 25 да 50 чырвонцаў і пад наглядам паліцыі завезлі на паштовых конях на мяжу імперыі.

Педагогі і многія выхаванцы Полацкай акадэміі рассеяліся па свеце, зрабіўшы вялікі ўнёсак у культуру шмат якіх краін і народаў.

Прафесар філасофіі Вінцэнт Бучынскі (гэта ён, як мы памятаем, заснаваў «Месячнік Полацкі») надрукаваў у Вене свае трохтомавыя «Філасофскія разважанні» — «Метафізіку», «Этыку» і «Логіку». Яны трапілі да рук бельгійскага караля, і той асабіста запрасіў Бучынскага на пасаду прафесара філасофіі Лювенскага універсітэта.

Сярод выгнаннікаў апынуўся і полацкі студэнт Джордж Браўн, сын італьянкі Марыі Росі і англічаніна Джона Браўна, што служыў лейбмедыкам у жонкі імператара Паўла I. Бацькі аддалі хлопчыка ў заснаваны Грубэрам пецярбургскі калегіум. Пасталеўшы, ён выправіўся ў Полацк, дзе ў 1817 годзе стаў сябрам Таварыства Ісуса і паступіў на філасофскі факультэт Акадэміі. Змушаны пакінуць межы імперыі, Джордж Браўн доўгія гады аддаў выкладанню ў езуіцкіх калегіумах Цярнопаля і Львова, што ўваходзілі тады ў склад Аўстрыі. Вольны час ён прысвячаў вывучэнню гісторыі ордэна ў Беларусі і Польшчы. У выніку быў створаны напісаны на лаціне унікальны біябібліяграфічны слоўнік пад назваю «Бібліятэка пісьменнікаў польскай часткі Таварыства Ісуса». Туды ўвайшлі звесткі пра ўсіх сяброў ордэна, якія жылі з 1564 да 1852 года ў Беларусі, Літве і Польшчы і пакінулі прыкметны след у літаратуры, гісторыі, філасофіі, тэалогіі, педагогіцы і гэтак далей. Былы студэнт таго ж філасофскага факультэта Упадзіслаў Кяйноўскі пераклаў слоўнік на польскую мову, і ён выйшаў у 1862 годзе асобнай кнігай у Познані. Браўн, які пасля ўступлення ў ордэн атрымаў імя Юзаф, сканаў у 1879-м у Львове, пакінуўшы рукапісную гісторыю езуітаў у Беларусі. Цяпер гэты манументальны манускрыпт захоўваецца ў рымскім архіве Таварыства Ісуса.

Яшчэ адна выбітная асоба, чый лёс звязаны з Полацкай акадэміяй, а потым са Злучанымі Штатамі Амерыкі — айцец Францішак Дзеружынскі. Ён з’явіўся на свет у 1779 годзе ў Оршы і быў, як сцвярджае яго біёграф Вітаўт Кіпель, нашчадкам старажытнага шляхецкага роду Дзеружынскіх-Ястрабцоў Пятнаццацігадовым юнаком ён уступіў у Полацку ў Таварыства Ісуса. Скончыўшы ў калегіуме чатырохгадовы курс тэалогіі, Дзеружынскі быў рукапакладзены ў святарскі сан. Нейкі час перад гэтым ён выкладаў французскую мову, фізіку і музыку ў адчыненым полацкімі езуітамі калегіуме ў Пецярбургу, пасля чаго вярнуўся ў Полацк, дзе чытаў курсы расійскай мовы, дагматычнай тэалогіі і апалагетыкі.

Забарона ордэна ў імперыі прывяла айца Францішка ў Італію. Балоння, востраў Эльба, Порта-Ферарыо, Рым... Кіраўніцтва Таварыства Ісуса накіроўвае Дзеружынскага разам з яшчэ некалькімі полацкімі выгнанцамі ў ЗША. Месца прызначэння — Джорджтаўнскі каледж (крыху пазней — універсітэт, які існуе і цяпер) у Вашынгтоне, дзе былы палачанін чытае тэалогію. Праз два гады Францішак Дзеружынскі становіцца на чале езуітаў Злучаных Штатаў.

У штаце Місуры ён стварае ордэнскі навіцыят і шэраг місіянерскіх школ, выпускнікі якіх працуюць сярод індзейцаў. Неаспрэчная заслуга нашага суайчынніка — адкрыццё ў 1829 годзе Сент-Луіскага універсітэта. Дзякуючы намаганням айца Францішка      горад Уорчэстар, штат Масачусетс, таксама атрымлівае новую навучальную ўстанову — каледж святога Крыжа. Інтрыгі каталіцкай іерархіі ЗША прыводзяць да адыходу Дзеружынскага ад кіраўніцтва амерыканскімі сябрамі ордэна, але ён не пакідае сваіх клопатаў на ніве асветы і дабрачыннасці: выкладае ў Джорджтаўнскім універсітэце, усяляк дапамагае беларускім эмігрантам — паўстанцам 1830–1831 гадоў. Апошні зямны прыстанак ён знаходзіць у горадзе Фрэдрыку, штат Мерылэнд, дзе ў свой час адчыніў каледж святога Яна.

Такім чынам у гісторыі ЗША наш зямляк застаўся як заснавальнік сістэмы каталіцкіх школ. Сёння, дарэчы, у езуіцкіх вышэйшых навучальных установах Злучаных Штатаў навучаюцца блізу 125 тысяч студэнтаў. Дыплом аднаго з такіх універсітэтаў мае Біл Клінтан.

У 1822 годзе праз Беларусь ехаў агент Брытанскага біблейнага таварыства Роберт Пінкертон. «Полацк, — занатаваў ён, — працягвае быць рэзідэнцыяй розных каталіцкіх ордэнаў: дамініканаў, бернардзінаў, трынітараў, піяраў, францысканаў, базылянаў. Усе маюць у горадзе кляштары і храмы, многія з якіх вельмі багатыя. Гэтыя шыкоўныя грамадскія будынкі спрыяюць таму самавітаму ўражанню, што пакідае Полацк, асабліва калі да яго набліжаешся. У ім параўнаўча мала пратэстантаў і паслядоўнікаў грэка-рускай царквы. Колькасць жыхароў не пераўзыходзіць шасці тысяч».

Аднаму з пералічаных англійскім падарожнікам ордэнаў — піярам — у тым самым годзе царскія ўлады перадалі маёмасць акадэміі, абавязаўшы іх адчыніць ліцэй або калегіум.

Разам з іншымі манаскімі зарокамі піяры абяцалі навучаць моладзь. Яны спаборнічалі з езуітамі і таксама давалі адукацыю высокага ўзроўню. У піярскія школы прымалі дзяцей з розных станаў. Навучальная праграма прадугледжвала выкладанне лацінскай мовы, рыторыкі, гісторыі, матэматыкі, фізікі, палітыкі і права… Шмат увагі надавалася культуры паводзінаў, фізічнаму і эстэтычнаму развіццю. На такіх прынцыпах будавалася і дзейнасць піярскае вучэльні ў Полацку.

Некаторыя аўтары называюць яе калегіумам, гэта значыць, навучальнай установай сярэдняга тыпу, што, аднак, не адпавядае сапраўднасці. У Полацку дзейнічала вышэйшая піярская вучэльня, сведчаннем чаго можа служыць справаздача прафесара Пецярбургскага універсітэта В. Сянкоўскага, які ў 1826 годзе наведаў полацкіх піяраў з мэтаю рэвізіі. Паводле сталічнага візітатара, навучальная ўстанова мела тры аддзяленні: падрыхтоўчы клас, чатыры ніжэйшыя класы з гімназічным курсам і тры класы, якія Сянкоўскі называе «курсами высших наук». Тут, сцвярджаў аўтар справаздачы, «курс гимназических наук не только не заканчивался, но и далеко выходил за их пределы». 3 гэтага ён рабіў наступную выснову: «Полоцкое Высшее училище, относительно числа и объема наук много походило на наши лицеи». Далей пецярбургскі рэвізор вядзе гаворку пра вучэльню выключна як пра вышэйшую школу, якая прыраўноўвалася да універсітэтаў.

Працягвала дзейнічаць перададзеная піярам акадэмічная друкарня. У 1828 годзе тут выйшла першая кніга трохтомавай філасофскай працы Анёла Доўгірда «Логіка тэарэтычная і практычная».

Асобнай гаворкі заслугоўвае выкладанне ў ліцэі дысцыплін з тэорыі і практыкі выяўленчага мастацтва. Ліцэй, дзе працягваліся традыцыі заснаванай Габрыэлем Грубэрам мастацкай школы, меў добрых выкладчыкаў і выдатныя залы для малявання. Навучальныя праграмы спрыялі засваенню эстэтыкі класіцызму. Дзякуючы піярам Полацк захоўваў сваю ролю другога (пасля Вільні з яе універсітэтам) мастацкага цэнтра Беларусі. Гэты факт заўсёды гатовы будзе засведчыць выпускнік ліцэя беларускі жывапісец Іван Хруцкі, пра якога мы падрабязней пагаворым у адным з наступных раздзелаў.

Калегіум піяраў пад Пінскам узгадаваў Тадэвуша Касцюшку. Вальнадумныя ідэі звілі гняздо і ў Полацкім ліцэі. У 1822 годзе тут чытаў лекцыі выдатны польскі гісторык і грамадскі дзеяч Іаахім Лялевель, якому належыць звернуты да дэмакратаў Расіі і былой Рэчы Паспалітай крылаты заклік: «За вашу і нашу свабоду!».

У 1823-м паліцыя раскрыла ў вучэльні таемную арганізацыю. Яна была філіяй віленскага таварыства філаматаў, куды ўваходзіў Адам Міцкевіч з сябрамі. Прэфекта ліцэя Лашкевіча і выкладчыкаў Львовіча і Брадовіча абвінавацілі ў «ненадежном образе мысли и в воспитании в молодых белорусах ненависти к русскому правительству». Прэфект пазбавіўся пасады, а яго калегі «требованы были из Полоцка в следственную комиссию в Вильно, где и находились долгое время под арестом». Ксяндза Львовіча мы сустрэнем пад яго сапраўдным прозвішчам сярод персанажаў паэмы Міцкевіча «Дзяды». Мяркуючы па ўсім, Львовіч — пазней ён стане прэфектам (загадчыкам навучальнай часткі) Полацкай вучэльні — быў чалавек мужны і не пазбаўлены пачуцця гумару. Звяртаючыся да зняволеных сяброў, што сабраліся ў камеры ў Конрада (самога Адама Міцкевіча), і маючы на ўвазе нядаўна арыштаванага Жэготу (пад гэтым імем аўтар паэмы вывеў Ігната Дамейку, будучага вядомага вучонага і нацыянальнага героя Чылі), полацкі ксёндз кідае папрок:

Скажу вам, навічка не надта мы сустрэлі. Ну хіба плачуць у Літве на наваселлі?[22]

Юных нелегалаў, якія пашыралі антыўрадавыя вершы, улады вырашылі проста папалохаць. Гэта дапамагло ненадоўга: у 1826 годзе на карчме ў самым цэнтры горада нехта павесіў вершаваны заклік скінуць ненавіснае імперскае ярмо. Паліцэйскі следчы здолеў знайсці толькі аўтара вершаў. Выхаванец піяраў, сын незаможнага шляхціча Восіп Дабашынскі тых, хто «внушил ему преступную мысль о покушении на августейшую фамилию», не выдаў, усю віну прыняў на сябе, а допыт вытрымаў «с замечательной решительностью, показывающей, что, сочиняя сей новый пасквиль, он знал всю важность своего преступления».

Таемнае таварыства працягвала дзейнічаць пад кіраўніцтвам вучня і паслядоўніка Лялевеля, выкладчыка гісторыі Андрэя Міхайловіча, што, як высветліла следства, патрабаваў ад студэнтаў захоўваць змест сваіх лекцый у сакрэце. Шэф жандараў Бенкендорф выдаў загад шукаць Міхайловіча і тых, хто слухаў курс яго крамольных лекцый, па ўсёй імперыі. Выпускнікоў полацкіх піяраў арыштоўваліў Віцебску, Вільні, Санкт-Пецярбургу…

Такі рассаднік вальнадумства быў каланізатарам як бяльмо на воку, і ў 1830-м піярскую вучэльню спасціг лёс акадэміі. Палачанін Каятан Касовіч мусіў ужо заканчваць Віцебскую гімназію. Ён здабудзе славу знанага ў свеце ўсходазнаўца, складзе першы «Санскрыта-расійскі слоўнік», будзе перакладаць «Махабхарату» і кнігі зараастрыйцаў (за што персідскі шах узнагародзіць яго ордэнам Льва і Сонца), а ў Брытанскім музеі аднойчы зверне ўвагу супрацоўнікаў на тое, што асірыйскія клінапісныя тэксты ў іх павешаныя дагары нагамі.

3 Полацкім піярскім ліцэем звязаныя яшчэ некалькі лёсаў што, засталіся ў аналах беларускай гісторыі.

У 1833 годзе генерал-губернатар Смаленскай, Віцебскай і Магілёўскай губерняў князь М. Хаванскі загадаў узяць пад варту навучэнца Віцебскай гімназіі Міхала Брама, а заадно і яго настаўніка, выхаванца Полацкай акадэміі Радзіслава Шапялевіча. Падставаю арышту паслужыў данос выключанага за п’янства з губернскай гімназіі «отпущенного на волю господского человека Грибачева», які сігналізаваў паліцыі, што ў Віцебску спяваюць і пашыраюць песні супроць «государя императора и России». «Дело о патриотической песне» пачало хутка разгаліноўвацца. У паперах Шапялевіча была знойдзеная «злонамеренная переписка» студэнта Маскоўскага універсітэта, ураджэнца Віцебшчыны Тадэвуша Лады-Заблоцкага са шляхцічам Зянонам Міхайлоўскім, службоўцам Віцебскага дваранскага сходу. Цяпер ужо справаю заняўся сам імперскі шэф жандараў і начальнік III аддзялення граф А. Бенкендорф. На допыце Міхайлоўскі прызнаўся, што «чувство противности к русским» выхаваў у ім у гады навучання ў Полацкім ліцэі ксёндз Міхайловіч, які выкладаў усеагульную гісторыю паводле твораў Лялевеля і «говорил всегда в отношении к России с дурной стороны, особенно поставлял неправильность забрания Белоруссии и Литвы».і

Няцяжка здагадацца, што наступным арыштантам стаў Лада-Заблоцкі. Апрача «возмутительного» ліставання яму інкрымінавалі і ўдзел у дзейнасці «Таемнага польскага літаратурнага-таварыства», куды разам з іншымі студэнтамі Маскоўскага універсітэта ўваходзіў і наш знаёмы, гадаванец полацкіх піяраў Каятан Касовіч. Следства высветліла, што наймалодшы з прыцягнутых да адказнасці, пятнаццацігадовы Міхал Брам спачатку таксама займаўся ў Полацкай вучэльні. Небяспеку для ўладаў несумненна ўяўляў і на год старэйшы віцебскі гімназіст Іван Шаняўскі, «сын довольно достаточного помещика Полоцкого уезда», які аднойчы зняважліва выказаўся пра гербавых арлоў і вензель імператара.

Адным з лістападаўскіх дзён таго ж 1833 года князь Хаванскі ўжо чытаў рапарт віцебскай «комиссии об открытии возмутительных сочинений и возмутителей». Паводле яе выраку, настаўніка Шапялевіча звольнілі з пасады з адпаведным запісам у паслужным спісе. Брам быў выключаны з гімназіі з забаронаю паступаць у будучым на дзяржаўную службу. Найсуровейшы прысуд напаткаў Івана Шаняўскага: аддаць у вайсковую службу і выслаць шараговым на Каўказ.

Працэс супроць Тадэвуша Лады-Заблоцкага цягнуўся з перапынкамі чатыры гады і завяршыўся жорсткім выракам, які адмераў двацдаціпяцігадоваму паэту 24 гады катаргі з адбыццём яе простым салдатам у каўказскім корпусе. Там таленавіты сын Прыдзвіння дзякуючы сваёй эрудыцыі і таварыскаму характару пазнаёміцца з выдатнымі прадстаўнікамі закаўказскай інтэлігенцыі Мірзой Фаталі Ахундавым, Георгам Эрыставі, Нікалозам Бараташвілі, якія высока ацанілі літаратурны талент беларуса. Знаёмства ў Тыфлісе з намеснікам Каўказа, бібліяфілам і мецэнатам князем Варанцовым дапамагло Ладзе-Заблоцкаму ўзняцца да афіцэрскага звання, аднак дазволу вярнуцца на Бацькаўшчыну ён так і не дабіўся. Адзіную суцеху душы давалі вершы і паэмы, што друкаваліся ў шматлікіх польскамоўных выданнях і прыйшлі да чытача ў двух зборніках, якія пабачылі свет у 1845 годзе ў Пецярбургу і Парыжы.

Праз два гады, так і не здзейсніўшы сваёй мары напіцца вады з прыдзвінскіх крыніцаў Лада-Заблоцкі памёр ад халеры… Засталіся поўныя тугі і болю строфы:

О срэбная Дзвіна! праз гай цячэш халодны. Як снег растопіць сонечны прамень лагодны, Вясна на берагах тваіх найлепш квітнее І ўся сваёй чароўнасцю вакол яснее… 0 Беларусь! Зноў ты ўспамінаў будзіш роі! Ах, дзе ж цяпер твae даўнейшыя героі, Што некалі вялі адважна ў бітву роты? І дзе твae вялікай славы вайдалоты, Што ўмелі здабываць на арфе тыя ноты, Якія гартавалі сэрцы патрыётаў? Ужо пра тых герояў аніхто не знае, А лютні бардаў час няўмольны пажырае… [23]

Праз два гады царызм патушыў яшчэ адзін агмень навукі і імкнення да свабоды — Віленскі універсітэт. Новы міністр асветы Увараў і Мікалай I былі вартыя адзін аднаго. Першы казаў: «Чым меней людзі ведаюць, тым лягчэй імі кіраваць». Другі любіў паўтараць: «Мне не трэба разумных падданых, мне трэба верныя і паслухмяныя». Улады пераходзілі да мэтанакіраванай палітыкі канчатковага выключэння Беларусі з еўрапейскага цывілізацыйнага кантэксту.

Услед за выгнаннем піяраў уся колішняя маёмасць езуітаў перайшла ў казну. Музейныя зборы і лепшыя творы карціннай галерэі паехалі ў Пецярбургскую акадэмію мастацтваў. Паштовы рэестр зафіксаваў дзве велізарныя скрыні, на 160 перагародак кожная, з полацкімі калекцыямі, дзве скрыні з карцінамі і яшчэ тры з сонечным гадзіннікам, мазаікамі і антыкварыятам. Друкарню перавялі ў Кіеў.

Горад развітаўся з бясцэннай акадэмічнай бібліятэкай. Каланізатары пагрузілі на фурманкі 256 пудоў кніг. Публічная бібліятэка ў сталіцы прысабечыла «все редкие и роскошные издания, коих она не имеет и, следовательно, могущие служить ее украшением» — 177 кніг і 106 рукапісаў. Пецярбургскі універсітэт папоўніў свае зборы на 6274 тамы, Маскоўскі — на 454 (пераважна з медыцыны). Галоўнае імперскае ўпраўленне духоўных справаў «иностранных вероисповеданий» атрымала 3056. Дзве тысячы тамоў пакінулі для будучага кадэцкага корпуса. У сталіцу імперыі трапіў і згаданы вышэй сонечны гадзіннік, вакол якога нязменна стаяў натоўп пецярбуржцаў.

Ішла варварская дзяльба абсталявання навучальных кабінетаў. 3 фізічнага большую частку прыладаў адправілі ў сталіцу. Царская камісія знішчыла патайное памяшканне з сістэмаю правадоў, адкуль механікі кіравалі сваімі робатамі. Галаву, якая давала мудрыя парады «на всех употребительных языках», відаць, проста выкінулі на сметнік. Калі верыць Яну Баршчэўскаму, яна вандравала з дому ў дом, палохаючы гаспадароў, што імкнуліся як найхутчэй збыць яе суседзям. Падрабязней пра гэта можна даведацца з казачна-філасофскай аповесці «Драўляны Дзядок і кабета Інсекта», якая ўвайшла ў кніжку Баршчэўскага «Шляхціч Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях».

На ўсход царскія рабаўнікі павезлі і архіў акадэміі з манускрыптамі, дзе, магчыма, быў Полацкі летапіс ці яго копія. У Першую сусветную вайну частку архіва знайшоў у Сімбірску расійскі генерал А. Жыркевіч. Некаторыя рукапісы яму ўдалося выкупіць і перадаць мясцовым архіварыусам, астатняе інтэнданты адправілі з цэйхгаўза на рынак і прадалі на пуды як абгортачную паперу.

Трагічна склаўся лёс храма святога Стэфана. Новыя гаспадары похапкам пераабсталявалі яго і перахрысцілі ў Мікалаеўскі сабор. Перабудова, паводле праекта, «более приспособленного к стилю греческой архитектуры», каштавала болей за паўмільёна рублёў. Архімандрыт Богаяўленскага манастыра Паісій выправіўся ў Маскву з наказам «обозреть в столице православные храмы новой постройки и приобрести паникадило, подсвечники и лампады новейшего образца и величины соответственно всей массы Николаевского собора». Акадэмікі імператарскай Акадэміі мастацтваў Якаўлеў і Васільеў атрымалі выгодны заказ на 12 тысяч рублёў — маляваць «истинно православные» іконы.

Тым часам капітанам Елістратавым (храм спачатку належаў кадэцкаму корпусу) быў зроблены вопіс сабора: «Кафедра перенесена с правой стороны на левую, где у первого столба имеется резная фигура изображения Веры. В обеих половинках царских врат находятся образа с изображениями Девы Марии и Ангела, благовествующего о Рождестве Христовом, а в нижней части этих же врат образа с изображениями четырех евангелистов; местные образа Христа Спасителя и Девы Марии, царицы Александры и Николая Чудотворца; на северных и южных дверях помещены изображения архангела Гавриила и архистратига Михаила, на горнем месте главного алтаря — большой образ в резной раме, озолоченной червонным золотом, с изображением убиения святого архидиакона Стефана; над главным карнизом вверху — образ в такой же раме с изображением целования Марии и Елизаветы. Над куполами обеих колокольных башен утверждены кресты, как равно и над главным куполом, но последний с шаром; кресты выкованы из полосного железа и обтянуты листовою медью, а шар под крестом на главном куполе озолочен червонным золотом. Купола над колокольными башнями и над фонарем главного купола со шпилями у крестов покрыты листовой медью, остальные все части крыш покрыты листовым железом».

23 скрынкі з іконамі і царкоўнымі рэчамі, што засталіся ад езуітаў паручнік Вішнякоў у 1843 годзе завёз у Варшаву і здаў памочніку інтэнданта былога каралеўскага замка.

Разбіраць саборныя арганы камандзіравалі чамусьці не каго-небудзь, а кансерватара заалагічнага кабінета Віленскай медычна-хірургічнай акадэміі магістра Брунэра. (Міжволі згадваецца показка пра тое, як адзін з папулярных герояў савецкага фальклору марыў набудаваць паболей кансерваторый, каб у краіне не было праблемаў з кансервамі.) Здаецца, само неба не хацела разлучаць Полацк з яго гонарам: у час працы магістр памёр.

Калі захочаце ўбачыць полацкія арганы святога Стэфана сёння, давядзецца з’ездзіць у Вільню і наведаць Святаянаўскі сабор, што на тэрыторыі ўніверсітэта. 3 1840 года там амаль два дзесяцігоддзі быў арганістам Станіслаў Манюшка, на ўспамін аб чым пад арганамі ўстаноўлены бюст кампазітара.

Перахрышчаны сабор быў корпусным, затым гарадскім кафедральным, бачыў расійскіх імператараў, сустракаў вернутыя на радзіму мошчы найпадобнейшай Еўфрасінні, а потым зазнаў здзекі бальшавіцкіх варвараў. «Па просьбах працоўных палачанаў» яго зачынілі і абезгалосілі — скінулі і адправілі на пераплаўку званы. Косці пахаваных у саборных сутарэннях людзей паскідалі ў адно месца, а ў падвалах зрабілі склад гародніны.

У 1936-м быў знішчаны унікальны старадаўні гадзіннік з боем, створаны віленскім майстрам Густавам Мундзі. (Званы знялі яшчэ на пачатку 1930-х.) Потым улады вырашылі выкарыстаць знявечаны сабор у якасці… «тэатральнай дэкарацыі». А ў 1963-м у выканкаме гарсавета нарадзілася рашэнне № 328 «О мероприятиях по сносу церкви и правого крыла бывшего кадетского корпуса». Пасля выбуху з гарадскога бюджэту было выдаткавана 40 тысяч рублёў — «на вывоз мусора».

У сярэдзіне XIX стагоддзя ў Беларусі не засталося ніводнай вышэйшай навучальнай установы. Каланізатары зачынялі іх, баючыся росту нацыянальнага руху. Вышэйшая школа піяраў у Полацку, Віленскі універсітэт, ГорыГорацкі земляробчы інстытут…

Першай ахвяраю была Полацкая акадэмія.

Сёння яе лепшыя традыцыі аднаўляе Полацкі дзяржаўны універсітэт, гістарычна-філалагічны факультэт якога нядаўна пераехаў у старадаўнія акадэмічныя муры.

КАДЭЦКІ КОРПУС

Калі загаворыш з сярэднестатыстычным палачанінам пра кадэцкі корпус, звычайна пачуеш адно тое, што яго ўзарвалі. Знішчаючы старыя езуіцкія муры, сучасныя вандалы амаль дазвання зруйнавалі і памяць пра навучальную ўстанову, гісторыя якой налічвае ні многа ні мала — без чвэрці стагоддзе.

Яна пачынаецца ў 1830 годзе, калі Мікалай I зацвердзіў «Положение о губернских кадетских корпусах», што прадугледжвала стварыць корпус на чатырыста кадэтаў і ў Полацку. Вялікіх праблем з будаўніцтвам і абсталяваннем не ўзнікала, бо, як мы ведаем, якраз тады царскія ўлады зачынілі Вышэйшую піярскую вучэльню і прысабечылі ўсю былую маёмасць акадэміі. Корпусу дасталіся будынак кляштара, дзесяць ордэнскіх дамоў і шэсць дамоў скарбовых. Прызначаны архітэктарам Антоні Порта дакладваў начальству, што ўсю неабходную перабудову езуіцкай рэзідэнцыі можна закончыць за тры гады. Урад выдаткаваў на гэта 580 тысяч рублёў.

Цікава ўчытвацца ў тагачасныя казённыя расійскія паперы. Іх стыль і лексіка часам дзіўна нагадваюць нешта вельмі знаёмае з падзеяў нядаўніх часоў. Вось, напрыклад, «комиссия об устроении Полоцкого кадетского корпуса» на чале з беларускім генерал-губернатарам князем Хаванскім загадвае прыёру піярскага кляштара Барташэвічу «очистить помещение» ад кніг, музейных экспанатаў, карцін, музычных інструментаў і нотаў а таксама «от своего жительства». А вось некаторыя вынікі «очистки»: акадэмічная бібліятэка скарацілася па колькасці тамоў у дваццаць разоў, багадзельню ператварылі ў корпусную пральню, у батанічным садзе зрабілі дрывотню.

Кадэцкія карпусы афіцыйна былі сярэднімі навучальнымі ўстановамі з ваенным рэжымам, з выпускнікоў якіх камплектаваліся вайсковыя вучэльні. На захопленых Расіяй землях яны, аднак, адыгрывалі значна большую ролю. Пра яе скажа на 50-гадовым юбілеі корпуса яго выпускнік, сапраўдны стацкі саветнік Пятроў: «Прошу всех иметь в виду, что Полоцкий кадетский корпус волею императора Николая Павловича учрежден для проведения в Западном крае идеи русского просвещения, русского патриотизма и русского дела. Западный край историческими обстоятельствами был оторван от России, и в нем едва не был забыт русский язык, и едва не было уничтожено древнее православие. Но мы, получившие образование в Полоцком корпусе, в тех стенах, где некогда иезуиты строили свои ковы, должны всеми силами стремиться поднять в крае русское дело и заботиться об окончательном воссоединении этого искони русского края с православною Россиею».

Адкрыццё новай навучальнай установы адбылося 25 чэрвеня 1835 года. На той дзень у корпус былі прынятыя са шляхецкіх сем’яў 54 падлеткі ва ўзросце з дванаццаці да чатырнаццаці гадоў. Раніцой іх пашыхтавалі ў рэкрэацыйнай зале. Дырэктар адрэкамендаваў кожнага пайменна генерал-губернатару і даў каманду: «На молитву направо, скорым шагом марш!» Пасля літургіі ў Мікалаеўскім саборы праваслаўны полацкі епіскап Смарагд сказаў перад вернікамі прачулае слова. Хлапчукі ў навюткай кадэцкай форме пачулі, што мусяць «образоваться прилично благородному сословию и стать полезными сынами России». Потым корпусныя будынкі пакрапілі святой вадою, і госці селі палуднаваць. У другой палове абеду ў сталоўню запрасілі выхаванцаў. Тыя ласаваліся дэсертам, крычалі пры тостах «ура!» і ломкімі галасамі спявалі «Боже, царя храни». Увечары яны гулялі па ілюмінаваным пляцы, над якім гарэў на саборы царскі вензель.

Назаўтра свята скончылася, пацягнуліся кадэцкія будні.

Першым дырэктарам корпуса стаў удзельнік вайны з Напалеонам генералмаёр Павел Хвашчынскі. Дакументы сведчаць, што падчас штурму Полацка ў кастрычніку 1812-га падпаручнік Хвашчынскі ў якасці ад’ютанта «неоднократно попадал в весьма опасные места для отдачи приказаний по фронту, причем выделялся неустрашимостью при сильном неприятельском огне и крайней расторопностью в исполнении возлагавшихся на него поручений, за что и был переведен в Могилевский пехотный полк поручиком».

Мяркуючы па загадах і лістах першага дырэктара, гэта быў чалавек дападкі і ўедлівы: сам правяраў зручнасць мэблі і вызначаў на якой гадаванцы хутчэй праціраюць казённыя штаны. Яшчэ ён быў такі зацяты антысеміт, што меўся перагарадзіць кратаваным плотам прылеглыя да корпуса вуліцы, каб полацкія яўрэі нават не набліжаліся да кадэтаў.

У першыя дні хлопчыкі з задавальненнем займаліся «фронтам», асвойвалі сігналы, вучыліся танцаваць і спяваць хорам. Праграма называла гэтыя заняткі «приятными искусствами». Праз пару тыдняў навучальны камітэт наладзіў праверку ведання іншых, менш прыемных дысцыплін. Высветлілася, што з 65 кадэтаў 37 зусім не ведаюць «французской азбуки», а 29 — нямецкай. Двое вызначаліся тым, што не ведалі амаль нічога і з цяжкасцю разбіралі расійскі тэкст. Згодна з падрыхтоўкай, выхаванцаў падзялілі на тры класы.

Расклад уключаў закон Божы, названыя раней мовы, арыфметыку, алгебру, геаграфію, гісторыю, чыстапісанне і маляванне. На тыдзень прыпадала 24 урокі па паўтары гадзіны. Кіраўніцтва раіла педагогам звярнуць увагу на правільнасць чытання і маўлення, «так как большинство поступивших детей из губерний белорусских с грубым местным наречием». Каб дакладней вызначаць узровень ведаў у карпусах існавала 12-балавая сістэма ацэнак.

Педагагічны арсенал кадэцкіх настаўнікаў у параўнанні з вынаходкамі іх папярэднікаў езуітаў выглядае досыць убога. У класах стаялі чырвоныя і чорныя дошкі, куды запісвалі прозвішчы выдатнікаў і тых, чые поспехі цяжка было ацаніць нават пяцёркай. Калі ў клас заходзіў нехта з начальства, вучні станавіліся кожны каля сваёй дошкі. За нядбайнасць кадэтаў маглі на тыдзень ці два пазбавіць адной з найсмачнейшых страваў, прычым у сталоўні пакараным загадвалі стаяць і глядзець, як ласуюцца таварышы.

Дзень пачынаўся з пад’ёму а палове шостай раніцы і заканчваўся адбоем а палове дзесятай вечара. Шмат часу адводзілася заняткам на свежым паветры, дзе пад наглядам выхавальнікаў кадэты гулялі ў мяч і ў валаны, бегалі навыперадкі, лазілі па канатах, шастах і драбінах, скакалі цераз драўлянага каня, перацягвалі палкі, хадзілі з чыгуннымі шарамі ў руках, узбягалі на стромыя дашчатыя горкі. Узімку праграму дапаўнялі гульня ў снежкі, канькі, будаўніцтва снегавых фартэцаў. Шэсць гадзінаў на тыдзень прысвячалася вайсковай падрыхтоўцы («фронту») і шэсць — гімнастыцы, фехтаванню, танцам і спевам.

Вольны час рэкамендавалася бавіць з двухтыднёвікам пад прывабнаю назвай «Журнал для чтения воспитанников военно-учебных заведений». Пазнаёмімся са зместам аднаго з выпускаў за 1840 год: «Медный крест», стихи; «Роща и огонь», басня Крылова; путевые письма из Англии, Германии и Франции; история и нынешнее состояние Черногории; дело под Витебском и действия князя Багратиона от Несвижа до Мстиславля». Пад рубрыкай «Смесь» друкаваліся нататкі «Резиновая лодка» и «Похищение ребенка орлом».

Аматарам добра пад’есці (да якіх, прызнаюся, належу і сам) прапаную тыднёвае абедзеннае меню полацкіх кадэтаў за 1841 год. Панядзелак: суп бульбяны; адбіўная з ялавічыны; пірагі са свежай капустай і яйкамі. Аўторак: капуста; ялавічына пад соусам з бручкі і морквы; кнышы (ватрушкі). Серада: локшаны; ялавічына пад бульбяным соусам; пірагі з варэннем. Чацвер: суп манны; смажаная ялавічына з гуркамі; пірагі з грэцкаю кашай. Пятніца: суп бульбяны; адбіўная з ялавічыны; слаёныя пірагі з капустай і яйкамі. Субота: суп з каранёў; ялавічына з бульбай; рысавая каша з маслам. Нядзеля: капуста і да яе пірагі з грэцкаю кашай; смажаная ялавічына з гуркамі; слаёныя пірагі з варэннем. Штораніцы выхаванцам давалі яшчэ збіцень з булкай. Аўтар выдадзенай у 1910 годзе кнігі «Полоцкий кадетский корпус» падпалкоўнік Васіль Вікенцьеў называе гэтае меню «малоразнообразным». Трэба меркаваць, што недахоп быў выпраўлены. Дарэчы, у вялікай сталоўні са скляпеністай столлю яшчэ з часоў езуітаў вісела велічэзная копія «Сіксцінскай мадонны» Рафаэля, што нязменна выклікала раздражненне ў корпусных праваслаўных святароў.

Падобныя, як два боты, кадэцкія будні напрыканцы снежня асвятляла радасць калядных вакацый. На полацкіх вуліцах звінелі бомы прысланых па хлапчукоў коней. Падлеткі марылі, як дома пад захопленымі позіркамі сясцёр і малодшых братоў выйдуць да святочнага стала ў сваіх цёмназялёных мундзірах з чырвонымі каўнярамі і пагонамі, з залатымі галунамі і нашараванымі да бляску гербавымі гузікамі. Адпускалі толькі тых, чые бацькі жылі не далей чым за 75 вёрст, але на Каляды корпус пусцеў: большасць выхаванцаў паходзіла з былога Полацкага ваяводства.

Яшчэ адзін прасвет у аднастайнасці — першы летні паход з біваком. Кадэцкія роты ў поўным узбраенні шыхтаваліся на корпусным пляцы. Выгляд яны мелі самавіты і досыць ваяўнічы: мундзіры і ківеры, стрэльбы на пасах з чырвонага юхту, лакаваныя ладункі з патронамі і гранатамі, ранцы з бляшанымі біклажкамі…

Здараліся ў строга рэгламентаваным жыцці і падзеі непрадугледжаныя. Аднае чэрвеньскае ночы 1837 года загарэўся прыватны дом на пляцы. Вецер імкліва разносіў полымя, і за тры гадзіны пажар знішчыў у горадзе тры сотні дамоў. Колькі разоў за ноч загараўся і двухпавярховы будынак корпуса, але яго ўдалося выратаваць. Тады ж, у чэрвені, Дзвіна затапіла берагавую частку горада і шмат прыбярэжных вёсак ды мястэчак. Корпус збіраў пагарэльцам і ахвярам паводкі грошы.

1839 год — першы выпуск у сталічны Дваранскі полк, дзе кадэты праходзілі адмысловы курс і атрымлівалі афіцэрскі чын. У сувязі з гэтым выхаванцы не раз’ехаліся на летнія вакацыі, а жылі ў лагеры за Віцебскай заставай і правялі манеўры: паходным маршам прайшлі праз вёску Гараны і фарсіравалі раку Обаль. Услед за гэтым восем вялікіх тарантасаў павезлі выпускнікоў у Санкт-Пецярбург.

У траўні 1845 года Полацк наведаў Мікалай I. Агледзеўшы Мікалаеўскі сабор, ён накіраваўся да кадэтаў. Тых развялі па ротах і паставілі пры ложках. Яго вялікасць зазірнуў у класы і ў рэкрэацыйную залу грэнадзёрскай роты, прайшоўся па спальнях. Выхаванцу Нагорнаву ён загадаў распрануцца і зняць шкарпэткі. Паглядзеўшы на кадэтавы ногі і бялізну, цар, павярнуўшыся да генерал-ад’ютанта графа Арлова, зазначыў: «А они почище нас с тобой». У спальні мушкецёрскай роты Мікалай пытаўся ў кадэтаў прозвішчы і звяраў іх з шыльдачкамі над ложкам. Сэнс гэтае працэдуры застаецца для мяне загадкаю.

Пасля адбыліся паказальныя выступленні: «Во время ученья было произведено 36 перестроений, и, несмотря на нестерпимый зной и на усталость, кадеты, одушевленные присутствием обожаемого Монарха, были бодры, внимательны, и ни один из них не оставил строя». Задаволены імператар узнагародзіў дырэктара корпуса Фёдара Арэўса ордэнам святой Ганны першай ступені.

1848 год. У Полацк прыйшла збіраць свой страшны ўраджай халера. Гадаванцаў пасялілі ў намётах у корпусным садзе. Поўная ізаляцыя ад горада дапамагла выратаваць усіх падлеткаў, а вось паручнік князь Пуцяцін і некалькі ніжніх чыноў сталі ахвярамі паморка.

1850-ы запомніўся корпусу ўдзелам у адкрыцці помніка героям вайны з Напалеонам. Праз чатыры гады кадэты аплаквалі Мікалая I і прысягалі новаму цару Аляксандру II.

Ішла Крымская вайна. На чорных мармуровых дошках у корпуснай царкве з’явіліся імёны выпускнікоў, што загінулі на севастопальскіх валах: капітан Мікалай Фядотаў, паручнікі артылерыі Васіль Маркевіч, Андрэй Пісарэўскі і Аляксандр Бушкоўскі. Кадэты сабралі на патрэбы параненых і знявечаных маракоў чарнаморскай эскадры 163 руб. 80 кап.

Гэтым часам дырэктарам стаў генерал-маёр Павел Кіновіч, нястомны змагар за дысцыпліну і маральнасць. Ён забараніў выхады ў горад без суправаджэння, загадаў пакараць розкамі кадэта, які залез у сялянскі гарод па рэпу і моркву. Адначасова генерал клапаціўся і пра «пернік» — запрашаў заезджых артыстаў, на масленку кадэтаў каталі на тройках.

У корпусе адчынілі адмысловыя класы, выпускнікі якіх адразу паступалі на вайсковую службу прапаршчыкамі. Тут разам з агульнаадукацыйнымі дысцыплінамі выкладаліся ваенныя: тактыка, артылерыя, вайсковая гісторыя і фартыфікацыя. На лагерных зборах праводзіліся практычныя заняткі ў тактыцы, тапаграфіі, інжынернай справе і асвойваўся грунтоўны курс стральбы. Дваране з вышэйшай і сярэдняй адукацыяй, а таксама юнакі нешляхецкага паходжання з дыпломам універсітэта або інстытута маглі атрымаць афіцэрскае званне экстэрнам. Такім чынам, з 1859 да 1861 года корпус даў расійскай арміі 172 афіцэры.

Надышоў 1863-і — год, калі ўслед за Польшчаю Літва-Беларусь зноў паднялася супроць іншаземнага прыгнёту.

Першымі звестунамі паўстання сталі нумары нелегальнае газеты «Мужыцкая праўда», што з’явіліся ў полацкіх ваколіцах. Найбольшы страх ва ўладаў выклікала тое, што газета ўжо сваёй назваю была звернутая да сялянаў і друкавалася лацінскімі літарамі, але на «местном наречии», якое русіфікатары ў сваіх планах даўно асудзілі на смерць. Колькі нумароў апынулася і ў сценах корпуса. Можна ўявіць, з якімі пачуццямі чытала іх кадэцкае кіраўніцтва, якімі эпітэтамі ўзнагароджвала таямнічага Яську-гаспадара з-пад Вільні[24], што ставіў пад газетаю свой подпіс.

А пісаў гэты Яська і сапраўды страшныя рэчы: «Глум, здзерства і несправядлівасць выходзяць ад самога цара, — ён то з нас выбірае войска, ён то з нас выдзірае грошы нібы на патрэбы народу, а, узяўшыся з усімі гіцлямі за рукі, адно нас цяменжыць, трымае ў няволі. Но прыходзіць яму ўжо канец, бо мужык пачуў вольнасць, а мужыцкая вольнасць — гэта ўсё роўна, што шыбеніца для ўсіх здзерцаў і глуміцеляў народу!..

Помняць яшчэ нашы дзяды, паказваюць яны, што з іх часоў мужыкі рэкрута і не зналі. Было войска, то праўда; но войска было ўсё са шляхты, а калі мужыкі часам і захацелі ісці на вайну, так зараз з іх знімалі мужыцтва да і паншчыну: давалі зямлю, а ўсю вёску рабілі шляхтаю. Стуль то ў нас і парабіліся гэтыя аколіцы шляхецкія. Так за тое, што чалавек ішоў на вайну, бараніў сваю бацькаўшчыну, то ронд (урад. — У. А.) даваў зямлю, даваў вольнасць, даваў шляхецтва, а маскаль чы так робіць? За тое, што мы яму 25 лет на войнах служым, без людскай стравы і адзежы, мала таго, што не дае шляхецтва, но, сабача юха, не дае нават куска зямлі, каб, хаця цяжка гаруючы, дабіціся да спакойнай смерці. Праслужыўшы 25 лет, да і торбу ўзяўшы, ідзі жабраваці! А што грэху набярэшся перад Богам, спрыяючы маскалю, таго ніколі Бог не даруе. Ідзе француз даваці вольнасць мужыкам, бунтуюцца местачковыя да і маладзёж за сваю і нашу вольнасць і веру, а мы то даем рэкрута, і нашымі грудзьмі цар маскоўскі застаўляецца, і нашымі рукамі ўсмірае бунты і запрагае нас усіх у вечную няволю. Таго, хто нам добра думае, мы выганяем, таму, хто нам ліха робіць, мы памагаем, чы ж не грэшна перад Богам, а не стыдна перад цэлым светам?..

Гэта цар маскоўскі, перакупіўшы многа папоў, вялеў нас у сызму загнаці, ён то плаціў грошы, каб толькі пераходзілі на праваслаўе, і, як гэты антыхрыст, адабраў ад нас нашу справядлівую уніяцкую веру і пагубіў нас перад Богам навекі; а зрабіў гэта для таго, каб мог нас без канца драці…

Падумайце добра да, памаліўшыся Богу, станьма дружна разам за нашую вольнасць! Нас цар ніц не падмане — не падвядуць маскалі: няма дпя іх у нашых сёлах ні вады, ні хлеба, для іх мы глухія і нямыя — нічога не бачылі і не чулі. А пакуль яшчэ пара, трэба нашым хлопцам спяшаць з віламі ды з косамі там, гдзе дабіваюцца волі да праўды, а мы, іх бацькі да жонкі нашы, сцерагчы будзем да ўведамляць, адкуль на іх сягне нячыстая маскоўская сіла, да ад душы памагаць усялякімі спосабамі дзецюкам нашым, што за нас пойдуць біцца. А будзе ў нас вольнасць, якой не было нашым дзядам ды бацькам».

Паўстанне 1863–1864 гадоў застанецца адным з нешматлікіх у гісторыі XIX стагоддзя прыкладаў, калі, па сутнасці, купка ўзброеных людзей, баронячы сваю чалавечую і нацыянальную годнасць, выступіла супроць велізарнай імперыі.

Тры еўрапейскія народы — беларусы, палякі і літоўцы — коштам жыццяў сваіх найлепшых сыноў выказалі пратэст расійскаму феадалізму, абсалютызму і дэспатызму, засведчыўшы прыхільнасць да канстытуцыйнасці і дэмакратыі.

Баі паўстанцаў з царскімі карнікамі грымелі яшчэ далёка на захадзе. Прынамсі, з вонку ў Полацку ўсё было ціха, але ўвесну на вуліцах з’явіліся людзі, дэманстратыўна апранутыя ў даўнейшыя шляхецкія строі з чатырохвугольнымі шапкамі-канфедэраткамі. У дамініканскім касцёле распачаліся палітычныя маніфестацыі: гучалі патрыятычныя казанні, вернікі спявалі пад арганы рэвалюцыйныя гімны. Горад напоўніўся чуткамі пра арышты навакольных паноў, якія спачувалі інсургентам. То ў карчме, то ў краме ці нават у казённым прысутным месцы знаходзілі «подмётные письма» з паведамленнямі, што пад Полацкам збіраюцца ў лясах вялікія сілы паўстанцаў і горад будзе ўзяты. У рукі паліцыі траплялі перапісаныя ад рукі песні накшталт вось гэтай:

Гэй жа, хлопцы, досыць спаць! Пара косы прыбіраць! Косы, косы і сякеры — Бараніці сваю веру. Пара! Ірад нашы дзеткі б’е, А кроў нашу, як вуж, п ’е. Лепей быці мучанікам, Як цэсарскім невальнікам. Пара! Вы за печкаю на полу, Мы ў лесе зямлю голу Прытулілі б, як пярынку, Бы заснулі хоць гадзінку. Пара!

Хто са страхам, а хто з захапленнем казаў пра маладога графа Лявона Плятэра, чый атрад захапіў каля Краслаўкі царскі транспарт са зброяй. Палачане яшчэ памяталі сваячку адважнага інсургента — графіню Эмілію Плятэр, збіральніцу фальклору, паэтку і рэвалюцыянерку. У 1831 годзе, у час папярэдняга вызваленчага паўстання, яна стварыла на памежжы Віцебскай і Віленскай губерняў баявы адзел, была прызначаная ганаровым камандзірам роты паўстанцкага войска і напрыканцы таго самага года ў дваццаціпяцігадовым веку памерла, як быццам сімвалізуючы сваёй смерцю скон паўстання.

Да кадэтаў даходзілі звесткі, што ў блізкіх полацкіх ваколіцах, каля Янова і Бікульнічаў знаходзяцца базы паўстанцкага адзела Отана Грабніцкага. Сёй-той з асабліва дасведчаных ведаў, што камандзір інсургентаў нарадзіўся ў маёнтку Арэхаўна пад Лепелем, што Грабніцкі-бацька быў віцебскім губернскім маршалкам шляхты, а сын-паўстанец служыў у Крыме юнкерам уланскага палка, але за «шкодны склад думак» і за сувязь з антыцарскім татарскім падполлем быў на два гады кінуты ў Петрапаўлаўскую цытадэль, а потым адпраўлены шараговым у Сібірскі корпус.

Паўстанцы з’явіліся і ў Зябкаўскіх лясах і лясных урочышчах, што падступалі да полацкіх вёсак Рабчонкі, Заполле, Вуглы і Бабынавічы.

Гарнізона горад не меў і кадэцкае начальства зрабіла захады на выпадак штурму. Аднаго красавіцкага дня палачане ўбачылі, як на пляц выкочваюць з корпуснай брамы гарматы. Іх паставілі так, каб трымаць пад абстрэлам Віцебскую і Пецярбургскую вуліцы. Выкладчыкі артылерыі рыхтавалі карцеч. Салдатаў «служыцельнай» роты ўзброілі кадэтавымі стрэльбамі. Даверу да саміх выхаванцаў не было. Некаторыя не вярнуліся з калядных вакацый і, як казалі, далучыліся да інсургентаў. Шмат хто меў сярод паўстанцаў блізкіх сваякоў.

Як вядома, падманутыя ўладамі (маўляў, паны хочуць вярнуць скасаваны царом прыгон) беларускія сяляне падтрымлівалі змагароў без вялікага імпэту, а нярэдка і дапамагалі карнікам. Адначасна варшаўскае кіраўніцтва інсургентаў баялася рэвалюцыйнай рашучасці Каліноўскага і яго паплечнікаў. Паўстанне было асуджанае на смерць.

Захопленага ў палон графа Плятэра ў траўні расстралялі ў Дынабургскай фартэцы. Прабіты васьмю кулямі, упаў на рукі баявых таварышаў камісар Дзісненскага павета таленавіты скульптар Генрык Дмахоўскі, родам з-пад Мёраў які ў маладосці быў удзельнікам паўстання 1831 года. (Жывучы ў ЗША, ён зрабіў для Кангрэса бюсты Тадэвуша Касцюшкі і Томаса Джэферсана, аўтара Дэкларацыі незалежнасці Злучаных Штатаў). Застрэліўся, каб пазбегнуць палону, паручнік Баляслаў Кульчыцкі. У Юхнавіцкіх лясах, што на поўнач ад Полацка, ён камандаваў адзелам, дзе змагаліся пераважна полацкая ды себежекая шляхта і тутэйшыя студэнты Пецярбургскага універсітэта.

Быў рассеяны і паўстанцкі адзел Отана Грабніцкага, дзе ваяваў будучы беларускі паэт Фелікс Тапчэўскі, з якім мы яшчэ сустрэнемся. Сам Грабніцкі будзе засуджаны на шэсць гадоў катаргі і памрэ па дарозе ва ўжо знаёмую яму Сібір.

У Зябкаўскіх лясах царскія карнікі схапілі васемнаццацігадовага сына шляхціча з Дрысенскага павета Яна Чэрскага (1845–1892), якому наканавана будзе стаць даследчыкам сібірскай Поўначы і пакінуць нашчадкам сваё імя ў назвах горных хрыбтоў і вяршыняў, далін, гарадоў і вулканаў.

Царызм жорстка расправіўся з беларускімі паўстанцамі. Агульная колькасць палеглых у баях у «Северо-Западном крае» невядомая. Пакараных вайскова-палявымі судамі і ў «адміністрацыйным парадку» (без суда) было васемнаццаць з паловаю тысяч: 128 інсургентаў былі засуджаныя да расстрэлу і шыбеніцы, 853 — да катаргі, 11 502 чакала ссылка. Сярод высланых быў шляхціч Дзісненскага павета Стэфан Грынеўскі, бацька будучага пісьменніка Аляксандра Грына.

У Полацк увайшлі роты рэзервовага Галіцкага палка. Корпусныя гарматы адкацілі з пляца за браму. Уладальнікі канфедэратак пахавалі іх на дне фамільных куфраў. Калі верыць падпалкоўніку Вікенцьеву, пад канец лета 1863 года размовы пра паўстанне зусім заціхлі, і яно зрабілася для горада гісторыяй. У сваёй кнізе ён піша, што да «мятежа в Северо-Западном крае» з ліку полацкіх кадэтаў далучылася, «к счастью, всего человека четыре». Здаецца, гэтая лічба, узятая з рэляцыі дырэктара корпуса душыцелю паўстання Мураўёву-«вешальніку», моцна заніжаная. За 1863/64 навучальны год з Полацка выбыў 171 кадэт пры агульнай іх колькасці 289. Большая частка, мяркуючы па афіцыйных справаздачах, пакінула корпус з прычыны пераводу ў іншыя ўстановы або «по домашним обстоятельствам», «за неуспехи» і «за дурное поведение». Безумоўна, за гэтымі словамі найчасцей хавалася сувязь с паўстаннем.

Не, крывіць душой Вікенцьеў сцвярджаючы, што Прыдзвінне гэтак хутка супакоілася. Наўрад ён мог, напрыклад, не ведаць, што ў лютым 1864 года за правоз зброі быў арыштаваны ў Дынабургу (цяпер Даўгаўпілс) выпускнік Полацкай духоўнай семінарыі Аляксандр Будзіловіч, што адмовіўся ад кар’еры святара і стаў актыўным дзеячам падпольнага «Камітэта рускіх афіцэраў у Польшчы».

Невыпадкова ў траўні 1864 года ў Полацк наведаўся з інспекцыяй сталічны генерал Корсакаў. Апрача ўсяго іншага ён павінен быў далажыць наверх сваё меркаванне наконт таго, ці не заслугоўвае кадэцкі корпус расфармавання. «Генерал, — асцярожна піша В. Вікенцьеў — нашел заведение в большом порядке, но замеченные у воспитанников длинные волосы сильно испортили впечатление. Вообще говоря, заметно было среди молодежи желание выйти из рамок законности во всяких пустяках. Только педантичная требовательность даже к мелочам будничного обихода сдерживала массу кадет». Відаць, усё ж не даўгія валасы выхаванцаў сталі прычынаю таго, што ў Пецярбургу было пастаўленае пытанне аб расфармаванні корпуса, а яго дырэктар генерал-маёр Дзмітры Паўлоўскі развітаўся са сваім крэслам з фармулёўкаю «отчислить от должности».

У 1865-м Полацкі кадэцкі корпус быў пераўтвораны ў ваенную гімназію, якая праіснавала да 1882 года. Выпускнікі такіх гімназій працягвалі навучанне ў вайсковых вучэльнях. Разам з агульнаадукацыйнымі дысцыплінамі ў пералік абавязковых заняткаў уваходзілі шыхтовая падрыхтоўка, плаванне, танцы, спевы, музыка і розныя рамёствы, «полезные в смысле педагогическом». У апошнім, сёмым класе гімназістам выдавалі стрэльбы. Перад выпускам іх чакаў летні вайсковы лагер.

Паводле матэрыялаў рэвізіі, у першы навучальны год гімназія налічвала 351 выхаванца ва ўзросце ад дзевяці да васемнаццаці гадоў (221 праваслаўны, 109 католікаў, 18 лютэранаў, двое армянаў і адзін мусульманін). Шмат вучняў, нават у малодшых класах, курылі. Як найцяжэйшае парушэнне дысцыпліны рэвізоры адзначылі спяванне чатырма хлапчукамі рэвалюцыйнага гімна, за што «злачынцаў» бязлітасна адлічылі.

Рэвізоры цікавіліся харчаваннем гімназістаў. Уранні тыя атрымлівалі збіцень або аўсяны суп з булкай, аб адзінаццатай гадзіне — па пірагу. Пасля абеду з трох страваў перад вячэраю быў яшчэ падвячорак — кавалак жытняга хлеба.

Корпус і гімназія ведалі тое, што ў наш час называюць «дзедаўшчынай». У снежні 1868 года вучні выпускнога класа на горкі яблык збілі пяцікласніка. Расследаванне выявіла, што «они считали себя вправе так расправиться с младшим товарищем, нарушившим, по их понятиям, правило товарищества и забывшимся перед ними до непочтительности, а право это они основывают на памятных им примерах прошлого времени, когда они сами безропотно несли весь гнет старших товарищей».

Тым не менш, успамінаючы дзяцінства, я часам трохі шкадую, што вучыўся ў 1-й сярэдняй школе, а не ў Полацкай ваеннай гімназіі. Мы, напрыклад, ніколі не грузіліся ўлетку са сваімі настаўнікамі і з дырэктарам у лайбу і не выпраўляліся па Дзвіне на экскурсію ў Бешанковічы — якраз той парою, калі там шумеў конскі кірмаш са скачкамі. А ў рэкрэацыйнай зале ў нас віселі не рыцарскія панцыры і калекцыі старадаўняй зброі, а маральны кодэкс будаўніка камунізму.

Гімназісты — шмат хто быў з афіцэрскіх сем’яў — уважліва сачылі за падзеямі расійска-турэцкай вайны 1877–1878 гадоў. Жалобны спіс на мармуровых дошках корпуснага храма папоўніўся імёнамі полацкіх гадаванцаў падпалкоўніка Канстанціна Чарнова (загінуў у баі расійскага карабля «Веста» з турэцкім браняносцам), палеглых на балгарскай зямлі капітана Паўла Базілеўскага, штабс-ротмістра Васіля Ліцвінава і паручніка Іосіфа Ясовіча.

Натхнёныя перамогай пад Плеўнаю і здачаю ў палон войска Асман-пашы, гімназісты замовілі ў сваю царкву ікону ў гонар святых Стэфана і Андрэя. Выкладчыкі ўтрымлівалі на сабраныя сродкі лазарэт на дзесяць параненых і хворых афіцэраў. Шасцёра «палачанаў» сталі ў той вайне георгіеўскімі кавалерамі. Палкоўнік Мікалай Кутневіч атрымаў крыж святога Георгія за бой пад Шыпкай. Генерал-маёр Васіль Бунакоў у дадатак да ордэна быў узнагароджаны залатой зброяй.

Гэты баявы генерал 6 снежня 1885 года прымаў парад на святкаванні 50-годдзя корпуса. Кадэты запомнілі ўрачыстасць яшчэ і сваімі страўнікамі. Меню юбілейнага абеду, здаецца, задаволіла б і пераборлівых гурманаў:

1. Суп з фрыкадэлькамі.

2. Слаёныя піражкі з ялавічынай і яйкамі.

3. Заліўное з дзічыны і цяляціны пад соусам правансаль.

4. Смажаныя індычкі з брусніцамі і печанымі яблыкамі.

5. Бісквітны торт з варэннем.

6. Мёд.

7. Цукеркі, яблыкі і вінаград.

Дзевяты дырэктар генерал-маёр Канстанцін Анчуцін застаўся ў гісторыі корпуса як тонкі знаўца мастацтва і апякун музаў. Ён запрасіў выпускніка Брусельскай кансерваторыі Маршала выкладаць кадэтам ігру на струнных інструментах. Тады, у 1888–1891 гадах, у корпусе існаваў прыстойны аркестр з сарака выканаўцаў. Да ліку гадаванцаў дырэктара-мецэната належыць вядомы ў свой час кампазітар С. Траілін, аўтар балетаў «Чароўная карона» і «Востраў фантазіі», оперы «Хаджы Абрэк» і сімфанічнай паэмы «Рыцар і Фея».

На змену вытанчанаму Анчуціну прыйшлі людзі менш узнёслага складу. Генерал-маёр Георгі Елчанінаў пачаў дырэктарства з таго, што кожнаму кадэту ўручыў брашуру пад назваю «Подание помощи мнимоумершим от утопления». На колькі месяцаў гэтая навука зрабілася ў корпусе ледзь не галоўнаю: яе выкладалі корпусныя медыкі, па ёй наладжвалі практычныя заняткі ў летнім лагеры. Новы дырэктар быў апантаны змагар за санітарыю. Дзякуючы яму, калі ў 1892 годзе Полацк зноў наведала халера, ніводны кадэт не толькі не памёр, але і не захварэў.

Шэраг неардынарных падзеяў корпуснага летапісу прыпадае на пачатак 1900-х гадоў.

На збудаванай сваімі рукамі шлюпцы «Канстанцін» каманда з сямі кадэтаў зрабіла падарожжа ў Рыгу. Выхаванцы ездзілі на экскурсію ў Маскву, Паволжа і на Каўказ.

У 1903 годзе дырэктар са шчаслівым трымценнем у голасе чытаў у Аляксандраўскай зале тэлеграму ад вялікага князя Канстанціна Канстанцінавіча. Там паведамлялася, што яго малодшы сын Алег здаў экзамен на права паступлення ў першы клас Полацкага кадэцкага корпуса.

Вучылася яго высокасць, зразумела, адмысловым чынам. Спярша ў сталіцу адправілі пагоны. Потым, каб юны кадэт меў уяўленне, дзе ён будзе пераходзіць з класа ў клас, дэпутацыя выкладчыкаў і навучэнцаў павезла ў Санкт-Пецярбург шыкоўны альбом з малюнкамі і фатаграфіямі. На тытульным лісце была намаляваная ружовашчокая баярыня, што ўвасабляла Расійскую імперыю, а за ёю ў пыльным павуцінні хавалася нешта непагляднае — алегорыя «цяжкай» полацкай мінуўшчыны.

Вялікі князь Канстанцін быў тады галоўным начальнікам ваенных навучальных установаў імперыі. Чаму з дваццаці пяці расійскіх кадэцкіх карпусоў ён выбраў сыну менавіта полацкі? Патрыёты корпуса сцвярджаюць, што прычынаю былі традыцыі «палачанаў», нейкі асаблівы дух таварыскасці, што панаваў тут. Мне здаецца, вялікі князь спыніў свой выбар на павятовым беларускім горадзе з іншае прычыны. Полацк мог крануць душу Канстанціна Раманава сваёй гісторыяй і непаўторным абліччам. Князь умеў цаніць такія рэчы. Ён быў заслужана вядомы як таленавіты лірычны паэт (друкаваўся пад ініцыяламі К. Р.), на яго вершы пісалі музыку С. Рахманінаў і П. Чайкоўскі. У старых полацкіх дамах дзе-небудзь на былой Ніжнепакроўскай яшчэ можна знайсці зайграную грамафонную кружэлку, з якой бас Шаляпіна заспявае «Умер бедняга в больнице военной.. — песню на словы Канстанціна Раманава, якую калісьці спявала ўся Расія. На вершы вялікага князя напісаны, дарэчы, і папулярны раманс Чайкоўскага «Растворил я окно».

Князь Канстанцін часта наведваўся ў Полацк. Карыстаючыся яго цягніком, у горад прыязджалі на гастролі драматычныя і цыркавыя трупы. У асабістым вагоне К. Р. упершыню прыехаў кінематограф, дзякуючы чаму кадэты ўбачылі на экране егіпецкія піраміды, англа-бурскую вайну і славутага акцёра нямога кіно Макса Ліндэра. У якасці эксперымента вялікі князь увёў у Полацкім корпусе пазакласнае чытанне расійскай і замежнай літаратуры.

Што да Алега Канстанцінавіча, дык ён скончыў навучанне з бліскучымі адзнакамі, служыў у кавалерыі і на самым пачатку Першай сусветнай вайны быў смяротна паранены ў кавалерыйскай сутычцы з непрыяцелем. Здаецца, гэта адзіны прадстаўнік Раманавых, што непасрэдна ўдзельнічаў у баях з немцамі.

Пачатак расійска-японскай вайны натхніў палачанаў на патрыятычную маніфестацыю. 19 лютага 1904 года натоўп выхаванцаў гарадской вучэльні з партрэтам імператара наперадзе, спяваючы гімн, выйшаў па Верхнепакроўскай вуліцы на пляц перад корпусам. Кадэты сустрэлі дэманстрантаў крыкам «ура!», а іх аркестр далучыўся да працэсіі, якая, абрастаючы гараджанамі, паднялася на Верхні замак. Там павятовы вайсковы начальнік палкоўнік Кепен сказаў прамову ў тым духу, што «Маньчжурия не может не принадлежать России».

Дэманстранты абышлі ўсе галоўныя вуліцы, памаліліся ў Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры і выслухалі корпуснага палкоўніка Палтарацкага, які па-вайсковаму немудрагеліста з гаўбца гарадской вучэльні прамаўляў: «Сегодня в манифестации участвовали русские, поляки и евреи. Сохраняй каждый свою национальность, верь во что хочешь, но будь верным слугой царю и отечеству».

Царскія войскі на Далёкім Усходзе цярпелі паразу за паразай. Суцеху патрыётам даваў толькі гераізм абложанага японцамі гарнізона Порт-Артура. Яго сухапутнаю абаронай камандаваў адзін з найталенавіцейшых расійскіх военачальнікаў таго часу, гадаванец Полацкай вайсковай гімназіі генерал Раман Кандраценка.

У Полацк народжанага ў Тыфлісе хлопчыка прывезлі ў 1867 годзе. Атэстацыйны сшытак кадэта Кандраценкі паведамляе, што гэта быў «религиозный, спокойный мальчик, вдумчивый и правдивый, с меланхолической и нежной натурой». На вакацыях ён заставаўся ў гімназіі і пісаў дадому лісты, дзе захавалася апісанне тагачаснага горада: «Дома в Полоцке большей частию одноэтажные и только теперь начинают появляться более высокие, улицы сохраняют некоторое приличие только в главной части города, да и то на самой большой из них, играющей роль проспекта, стоит летом около рынка, поместившегося в самой середине ее, такое зловоние, что желающий избежать головной боли должен как можно скорее ретироваться. Но подобная обстановка всетаки сносна в сухое время, что же касается дождливого, то уж лучше и не показываться на улицу, иначе рискуешь утонуть в потоках грязи, в особенности в тех местах, где чувствуется недостаток в мостовых, так что, собственно говоря, только здание гимназии, которое простояло уже около 300 лет, только и заслуживает некоторого внимания в архитектурном отношении, тем более, что к нему примыкает храм во имя святого Николая». (Як бачым, знаўца архітэктуры з будучага героя быў неважнецкі.)

Раман закончыў гімназію па 12-балавай сістэме з адзнакаю. Пасля Акадэміі генеральнага штаба ён служыў у Беларусі і ў лістах, між іншым, паказаў прыстойнае веданне полацкай гісторыі. Сучаснікі адзначалі падабенства яго характару з натураю талстоўскага капітана Тушына. Задоўга да вайны з японцамі ён падаў начальству паспяхова пакладзены пад сукно рапарт аб непадрыхтаванасці расійскай арміі да баявых дзеянняў.

Абаронцы Порт-Артура бачылі генерала ў самых небяспечных месцах. Ён няраз сам вадзіў палкі ў атаку, а як ваенны інжынер за колькі месяцаў умацаваў пазіцыі гарнізона лепей, чым ранейшае камандаванне за сем папярэдніх гадоў. Аднак варожае кальцо сціскалася ўсё шчыльней. Японцы безупынна бамбардавалі фартэцу з сушы і з мора. Аднойчы цяжкі снарад трапіў проста ў бліндаж, дзе генерал праводзіў афіцэрскую нараду.

Парэшткі былога полацкага кадэта ўрачыста, з удзелам дэлегацыі палачанаў хавалі ў сталічнай Аляксандра-Неўскай лаўры.

«Душою обороны Порт-Артура, — напіша ў аўтабіяграфічнай кнізе «Путь русского офицера» А. Дзянікін, — был генерал Кондратенко, и, если бы его не сразил неприятельский снаряд, крепость продержалась бы, быть может, еще несколько недель.

Во всяком случае, гарнизон выказал доблесть необычайную. На незаконченных и далеко не совершенных верках крепости гарнизон силою в 34 тысячи в течение 233 дней отбивал яростные атаки японцев, удерживая почти треть японской армии, т. е. 70–80 тысяч, не считая пополнений». На гібель Кандраценкі адгукнуліся, бадай, усе буйныя газеты свету. Англійскі карэспандэнт Нарыгард у рэпартажы з фронту нават сцвярджаў, што, каб не гэтая смерць, Порт-Артур мог выстаяць.

Жыццё корпуса ў 1905–1907 гады яго летапісец падпалкоўнік Вікенцьеў малюе лаканічна і з уласцівай яму непрыязнасцю да яўрэяў: «17 октября 1905 года высочайшим манифестом России были даны разные свободы, но этот величайший акт милосердия Русского Государя был истолкован врагами Отечества по-своему, и дарованная свобода проявилась по всей России в диких, необузданных проявлениях, заливая русскую землю слезами и кровью. Полоцк, населенный евреями, тоже принял участие в этои анархии и разнузданности. В это тяжелое время жизнь заведения, благодаря бдительному надзору, ничем не нарушалась; правда, в некоторые дни кадеты совсем не выводились гулять на плац, где происходили сборища манифестантов-евреев. Последние чувствовали себя хозяевами положения; часто среди них раздавались бессильные угрозы по адресу корпуса и кадет, которых в насмешку они звали опричниками.

Безумное проявление злобы и преступности наполняло собой столбцы газет левых и еврействующих партий. К счастью, весь этот поток грязи и инсинуаций по адресу ко всему русскому не коснулся корпуса, и если расшатанность дисциплины среди кадет и замечалась, то их патриотические чувства не были поколеблены, и они остались верными доброй славе полочан».

«Расшатанность дисциплины» выяўлялася ў «массовых заявлениях неудовольствия», дзёрзкіх размовах з выкладчыкамі. «Кадеты целыми группами позволяли себе частые отлучки в город, на Двину и даже на другой ее берег, где устраивались настоящие кутежи». Незвычайную папулярнасць набыло старое захапленне кадэтаў — вылазкі ў падземныя хады, што пачыналіся з корпусных будынкаў і з Мікалаеўскага сабора. У лёхах можна было цікава бавіць час, шукаючы скарбы, распіваючы побач са шкілетам далёкага продка віно або проста хаваючыся ад гневу начальства. Змагаючыся за дысцыпліну, дырэкцыя загадала заваліць лёху пад корпусам і надзейна замураваць усе ўваходы і лазы. Аднак прага падземных прыгодаў аказалася такой моцнаю, што гэтую аперацыю трэба было паўтараць кожнае лета, калі кадэты раз’язджаліся на вакацыі.

Наводзячы парадак, дырэкцыя зрабіла стаўку на «смягчающее и облагораживающее влияние искусств». У корпусе ладзіліся літаратурнамузычныя вечарыны і спектаклі, у якіх дазвалялася ўдзельнічаць дамам і паненкам. Пад старажытнымі скляпеннямі спявалі вядомыя капэлы Славянскага і Архангельскага, выступалі гастралёры з пецярбургскіх тэатраў Падтрымліваць баявы дух і традыцыі закліканы быў рукапісны кадэцкі часопіс «Полочанин», тры нумары якога выйшлі ў 1906–1907 гадах.

Мноства яскравых фактаў і дэталяў тагачаснага кадэцкага жыцця можна знайсці ва ўспамінах Барыса Вержбаловіча, які вучыўся ў Полацкім корпусе ў 1901–1909 гадах.

Тады ў горадзе яшчэ жыў апошні сведка напалеонаўскага паходу, што памятаў сустрэчу французаў і штурм Полацка расійскімі войскамі Вітгенштэйна. Гэты сівенькі згорблены стары ў ірваным палітончыку і ў атопках з анучамі, якога ўвесь Полацк называў Напалеонам (на іншае імя ён проста не адгукаўся), штодня прыходзіў на пляц да корпуснай брамы. Кадэты па чарзе аддавалі яму сваё сняданне — катлету з трохкапеечнай французскай булкай.

Аб падзеях 1812 года нагадвалі і экспедыцыі ў лёхі. Адно з сутарэнняў пад корпусам было, згодна з прыгадамі Вержбаловіча, запоўненае чалавечымі чарапамі і косткамі, сярод якіх кадэты знаходзілі медныя вайсковыя гузікі з двухгаловымі арламі. У другім сутарэнні з такім самым вусцішным змесцівам часта трапляліся пляскатыя гузікі з вензелем Напалеона і каронаю. На думку былога кадэта, у гэтых замураваных (каб не разносіўся трупны пах) скляпах пасля штурму былі пахаваныя целы расійскіх і французскіх ваяроў.

«Хотя окна в подвалах собора, — піша Б. Вержбаловіч, — были заделаны так же, как и все наши окна, железными peшётками, но умелые руки кадет так искусно научились подпиливать в окнах прутья, что для непосвященного человека они выглядели совершенно целыми. Во время прогулок на кадетском плацу надо было выждать, когда дежурный офицер-воспитатель пройдет в дальний от собора угол плаца, успеть около самого собора затеять какую-нибудь игру, образуя целую толпу кадет и, под прикрытием играющих, незаметно раздвинуть решетки и нырнуть в соборный подвал. Затем решетка закрывалась, и обследователи подземелий имели возможность побродить по этим тайным ходам. С такими же мерами предосторожности приходилось и возвращаться на плац. За такую прогулку карцер был обеспечен, а главное — лишение отпуска на несколько воскресных дней».

Кадэты нярэдка спрабавалі прайсці па лёхах у бок Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра. Праўда, перад цяжкімі экзаменамі яны на нейкі час забываліся пра небяспечныя падземныя вылазкі, выпраўляліся ў манастыр па гарадскіх вуліцах і, хоць не вылучаліся набожнасцю, як «истые христиане» вымольвалі ў святой Еўфрасінні высокія балы.

Узімку на корпусным пляцы залівалі каток, дзе граў мясцовы яўрэйскі аркестр. Кадэт Вержбаловіч браў удзел у першых футбольных матчах. Адмысловай формы гульцы не мелі, і адна з камандаў каб адрознівацца ад другой, завязвала цераз плячо белыя ручнікі. Зрэшты, футбол яшчэ не вытрымліваў канкурэнцыі з гарадкамі і лаптой. У час звальненняў у горад кадэты ўжо маглі паглядзець кіно. Сталага кінатэатра ў Полацку пакуль не было, і гастралёры паказвалі фільмы ў якой-небудзь пустой краме, беручы па 10 капеек за паўгадзінны сеанс.

Аўтар мемуараў з цеплынёю апісвае кадэцкую традыцыю імянінаў ядра, што засталося ў сцяне корпуса з часоў вайны з Напалеонам. Штогод 7 кастрычніка кадэты ўрачыста, з аркестрам чыталі «бомбе» віншаванне з яе «днём анёла», а потым усе падыходзілі і цалавалі імянінніцу. Корпусная адміністрацыя на гэтых святах дыпламатычна адсутнічала, бо там абавязкова дэкламаваліся новыя раздзелы з «засакрэчанай» паэмы-песні «Звериада», у якіх зазвычай перападала начальству. Пачынаўся гэты твор, напісаны некалькімі пакаленнямі кадэтаў так:

Державной волей Николая Боздвигнут мрачный монастырь. В нем не монахини святые, И не монахи в нем живут. Тот монастырь по всей России Кадетским корпусом зовут…

Выкладчык спеваў Мацісон, напрыклад, заслужыў у сваіх выхаванцаў гэткі вось куплет:

Бедный мальчик Матиссон. Все его имение — Три цепочки, камертон Да медаль за пение.

Між іншым, кадэт Вержбаловіч захапляўся піратэхнікай, у прыватнасці, рабіў бутафорскія бомбы, якія разам з сябрамі выпрабоўваў у блізкім лесе. Аднойчы ён змайстраваў такую бомбу на просьбу кадэта Пятроўскага. Праз колькі дзён яна выбухнула ў пакоі дзяжурнага па роце афіцэра, што ад страху залез пад пісьмовы стол. Паколькі ў тыя гады ледзь не штодня эсэры кідалі ў міністраў, сенатараў і ў простых гарадавых не бутафорскія, а зусім сапраўдныя бомбы, здарэнне прызналі надзвычайным. Дырэктар корпуса генерал Ваулін перад шыхтом кадэтаў паабяцаў, што калі праз паўгадзіны яму не назавуць імя «тэрарыста», кожны дзесяты выхаванец будзе звольнены. Юнакі вырашылі не выдаваць таварыша, аднак з правага фланга выйшаў кадэт сёмага класа віцэ-фельдфебель Грушвіцкі і адрапартаваў дырэктару, хто кінуў бомбу. Такі ўчынак быў яшчэ больш надзвычайны за сам выбух. Здраднік атрымаў найганебнейшую мянушку — «стараха» і мусіў да самага выпуску жыць ва ўмовах усеагульнага байкоту: з Грушвіцкім кадэты не толькі не размаўлялі, але нават рабілі выгляд, што яго наогул не існуе.

Яшчэ крыху пра традыцыі «палачанаў».

У час навучання Вержбаловіча (ён быў дарэчы, сцяганосцам) на корпусным сцягу не хапала ўжо каля чвэрці палотнішча: кадэты таемна прабіраліся ў сваю царкву, дзе стаяў штандар, і адрывалі сабе на памяць па кавалачку ядвабнай тканіны. Адразу пасля паступлення ў корпус падлеткі абавязкова атрымлівалі мянушку. Афіцыйна кадэтаў называлі па прозвішчы, неафіцыйна ж усе сем гадоў навучання яны звярталіся адзін да аднаго толькі па мянушках — часам трапных, а часам даволі недарэчных. Выхаванца корпуса Глеба Аляхновіча, які потым стане адным з першых пілотаў чатырохматорных расійскіх самалётаў «Ілья Мурамец», за малы рост ахрысцілі Асьмушкам, а вось высокі стройны Вержбаловіч усе кадэцкія гады пакутаваў праз сваю мянушку Жаба.

Адрозна ад усіх астатніх расійскіх карпусоў, дзе кадэты старэйшых класаў звярталіся да малодшых на «ты», а тыя абавязаныя былі адказваць ім «вы», у Полацкім корпусе ўсе казалі адзін аднаму «ты», прычым гэтае правіла дзейнічала ўсё жыццё. Падчас агульнай святочнай бяседы ў дзень гадавіны корпуса можна было пачуць, як карантыш-першакласнік казаў генералу: «Ваше превосходительство, передай мне, пожалуйста, солонку». Гэтая, так бы мовіць, дэмакратычная традыцыя пярэчыла субардынацыі, бо, паводле правілаў выкладчыкі павінны былі звяртацца на «вы» да ўсіх кадэтаў пачынаючы з першага класа. Калі верыць Б. Вержбаловічу, сярод педагогаў і выхавальнікаў Полацкага корпуса — каб не парушаць ні субардынацыі, ні традыцыі — не было ніводнага «палачаніна».

3 мемуараў былога кадэта можна даведацца і пра апошнія гады гісторыі корпуса. Калі пачалася сусветная вайна, першая корпусная рота з дырэктарам і сцягам была, па сведчаннях Вержбаловіча, эвакуяваная ва Уладзікаўказ, другая — у Маскву (Ляфортава), трэцяя — у Сумы, а ў старадаўніх мурах размясціўся вялікі вайсковы шпіталь. У 1919 годзе Дзянікін сабраў на Каўказе полацкіх і ўладзікаўказскіх кадэтаў і аднавіў змешаны корпус, які на пачатку 1920-га перавялі ў Крым.

Калі генерал Урангель праводзіў эвакуацыю сваіх войскаў, пра кадэтаў неяк забыліся. Праз колькі дзён да борта расійскага карабля «Рыён», што стаяў у канстанцінопальскай гавані, падышлі дзве вялікія баркі з полацкімі і ўладзікаўказскімі кадэтамі. У штармавое восеньскае надвор’е яны прыйшлі на вёслах з Севастопаля. Корпус аднавіў заняткі ў Югаславіі, аднак фінансавая дапамога былых хаўруснікаў царскай Расіі хутка скончылася, а разам з гэтым завяршылася і гісторыя навучальнай установы. Сёй-той з былых «палачанаў» рознымі шляхамі вярнуўся на радзіму, а большасць закончыла жыццё на чужыне.

Улады, як чорт крыжа, баяліся праяў сепаратызму і сачылі, каб на чале корпуса не апынуўся прадстаўнік мясцовага дваранства. Да ўраджэнцаў Беларусі належыць толькі трынаццаты дырэктар генерал-маёр Мадэст Чыгір. Здаецца, у прыхільнасці да музаў ён мог паспрачацца з Анчуціным. Кадэты ставяць камедыю Аляксандра Астроўскага «Свои люди — сочтемся», адзначаюць вялікай літаратурнай вечарынаю 100-годдзе Гогаля. Канцэртуюць корпусны хор, струнны і духавы аркестры. Кадэты захапляюцца барацьбой і гімнастычнымі практыкаваннямі, канькамі і лыжамі. У корпусе з’яўляюцца першыя, яшчэ вельмі дарагія ровары. Да барцоў і гімнастаў далучаюцца жанглёры з клоунамі, і горад гаворыць, што ў корпусе вельмі нават неблагі цырк.

Пры гэтым дырэктары ў Аляксандраўскай зале корпуса быў пастаўлены бюст-помнік Раману Кандраценку. На цырымоніі прысутнічала каралева Грэцыі Вольга, што прыбыла ў горад з нагоды пераносу мошчаў святой Еўфрасінні. У тым самым 1910 годзе корпусу стукнула семдзесят пяць. Да юбілею і выйшла няраз цытаваная тут кніга Вікенцьева. Дзякуючы яму мы ведаем, што корпус даў адукацыю і выхаванне тром тысячам афіцэраў расійскай арміі. Чатырнаццаць з іх былі на той час георгіеўскімі кавалерамі.

Прамаўляючы да першых кадэтаў, епіскап Смарагд хацеў бачыць іх вернымі слугамі праваслаўнага трона. Шмат хто з гадаванцаў корпуса меў сваё ўяўленне пра абавязак перад Бацькаўшчынай. Расійскі дэмакрат Мікалай Агароў аднойчы трапна назваў кадэтаў пакутнікамі, якіх вузкае, нярэдка тупое і бесчалавечнае выхаванне «домучило до разумения свободы».

3 тых, для каго свабода была не абстрактным паняццем, — выхаванец корпуса ўкраінскі шляхціч з Палтаўшчыны Андрэй Патабня. Прапаршчыкам ён трапіў служыць на польскія землі і стаў адным з кіраўнікоў падпольнага «Камітэта рускіх афіцэраў у Польшчы». Быў знаёмы з Герцэнам, з Яраславам Дамброўскім і Зыгмундам Серакоўскім. Калі край паўстаў, былы полацкі кадэт не бачыў іншага выйсця, апроч пераходу на бок інсургентаў. Жыццё Андрэя Патабні абарвалася на дваццаць пятым годзе ў баі з карнікамі пад Кракавам, каля мястэчка Пяскова Скала, дзе захавалася яго магіла з мемарыяльнай плітой.

Афіцыйны спіс кадэтаў-«палачанаў», забітых ці памерлых ад ранаў, сведчыць, што не ўсе яны гінулі так годна, як Патабня. (Яго ў пераліку, вядома, няма.) Прапаршчыка Эдуарда Дамброўскага сустрэла ў 1845 годзе куля вальналюбнага каўказскага горца. Капітан Мікалай Абухаў сканаў пасля бою з «польскими мятежниками». Паручнік Фёдар Сандзецкі быў пасечаны шаблямі ў захопніцкім паходзе расійскага войска ў Туркестан. Забіты «при подавлении бунта» ў 1906 годзе паручнік Уладзімір Нішчынскі. Прозвішчы кажуць: большасць гэтых афіцэраў — не з расійскіх дваранскіх фамілій, а са шляхты далучаных на захадзе земляў. Значыцца, гінулі за чужую палітыку, чужыя інтарэсы. Нехта заліваў сумленне гарэлкаю, як капітан Пора-Леановіч з навелы Караткевіча «Паром на бурнай рацэ». А нехта аддана служыў «Отечеству», што душыла яго паднявольны народ. Кожны рабіў свой выбар.

У Полацкім кадэцкім прайшлі юначыя гады яшчэ адной выбітнай асобы, палачаніна з нараджэння Дзмітрыя Кайгародава. Развітаўшыся пасля корпуса з вайсковым жыццём, ён заслужыў у сучаснікаў імя бацькі расійскай феналогіі, летапісца прыроды. Колішні кадэт унікліва вывучае лясную гаспадарку ў Нямеччыне, Швецыі і Швейцарыі, у трыццаць шэсць гадоў робіцца прафесарам. Дзесяць выданняў вытрымлівае яго адрасаваная педагогам і дзецям кніга «Беседы о русском лесе».

Вежы Сафійскага і Мікалаеўскага сабораў корпусныя калідоры і класы снілі сакратар Расійскай акадэміі навук, аўтар кніг пра вайну 1812 года і Крымскую кампанію Мікалай Дубровін, расійскія гісторыкі Васіль і Міхаіл Сямеўскія, полацкія дваране браты Леў, Канстанцін, Віктар, Міхаіл і Ніл Кірпічовы — вядомыя ваенныя навукоўцы, генералы, прафесары вайсковых акадэмій. Полацкім кадэтам быў літаратар Уладзімір Тунашэнскі, чыя п’еса «Губернская Клеопатра» ў канцы XIX стагоддзя часта ставілася на сталічных і правінцыйных сцэнах. У Полацку вучыўся аўтар рамана «Порт-Артур» Аляксандр Сцяпанаў.

Выхаванцам корпуса быў і сын шляхціча Менскай губерні Ян Тарасевіч. Яго вайсковыя студыі завяршыліся паступленнем… на фартэпіянны факультэт Пецярбургскай кансерваторыі. Пасля яе паспяховага заканчэння Ян робіцца студэнтам кампазітарскага аддзялення. Талент бліскучага піяніста і кампазітара падаруе яму сяброўства з Сяргеем Рахманінавым і Янам Сібеліусам. У кансерваторскія гады Тарасевіч пазнаёміцца з адным з лідэраў Беларускай Сацыялістычнай Грамады, фактычным кіраўніком выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша ваконца» Вацлавам Іваноўскім і зробіцца гарачым прыхільнікам ідэі нацыянальнага адраджэння. Ён напіша першыя музычныя творы на вершы Максіма Багдановіча, назаўсёды захавае захапленне беларускай народнай песняй. Апошняя частка доўгага жыцця Яна Тарасевіча пройдзе ў Беластоку, дзе ён будзе мець заслужаную славу выдатнага педагога, дасць першыя ўрокі майстэрства дырыжору, піяністу і кампазітару Ежы (Юрыю) Максімюку, якім ганарыцца сучасная музычная Польшча.

Гаворка пра выпускнікоў корпуса шмат страціць, калі не ўзгадаць светлага імя Іосіфа Стаброўскага — археолага і гісторыка, заснавальніка Слонімскага гістарычна-краязнаўчага музея, унука паўстанца 1863-га, прыкутага да тачкі на царскай катарзе.

Пакінуўшы горад кадэцкага юнацтва, Іосіф скончыў Маскоўскі археалагічны інстытут, у чыне палкоўніка завяршыў Першую сусветную вайну, крыху паслужыў у Чырвонай Армйіі і вярнуўся ў родны Слонім.

Стаброўскі быў сынам афіцэра, да апошніх дзён не здымаў шыняля, ды навуковыя інтарэсы перамаглі ў ім прафесійнага вайскоўца. У Слоніме вы пачуеце пра яго сапраўдныя легенды, у якіх, аднак, няма нічога прыдуманага.

Гонарам Стаброўскага была яго калекцыя, што легла ў аснову гарадскога музея. Сабраныя гэтым апантаным чалавекам рарытэты ўпрыгожылі б любую гістарычную экспазіцыю: галава паганскага ідала, першае выданне Статута Вялікага Княства Літоўскага 1588 года, аўтографы Карамзіна, Дзяржавіна і Льва Талстога, лісты Пушкіна да Наталлі Ганчаровай… Паўстагоддзя ён шукаў і ўсё ж знайшоў і даставіў у музей метэарыт, што калісьці ўпаў у яго на вачах паблізу горада.

Напэўна, ад бацькі, удзельніка севастопальскай абароны ў Крымскай вайне, ён успадчыў неверагодную смеласць. Калі ў Слоніме з’явіліся нацысты, Стаброўскі запакоўваў і хаваў свае экспанаты. Нямецкі афіцэр зайшоў у музей акурат тады, як сівы сямідзесяцігадовы дырэктар здымаў са сцяны карціну Верашчагіна. «Для гэтай карціны знойдзецца месца ў Дрэздэнскай галерэі», — сказаў няпрошаны візітант. Полацкі кадэт закруціў «мастацтвазнаўцу» дулю і толькі дзівам пазбегнуў смерці.

Свой зямны шлях ён завяршыў у 1968-м, на дзевяноста дзевятым годзе жыцця.

За чатыры гады да гэтага Полацкі гарвыканкам узнагародзіў ганаровымі граматамі ўдзельнікаў «хорошо выполненных работ по обрушению здания бывшего кадетского корпуса».

У кожнай эпохі — уласныя героі, але мінае час, і Гісторыя робіць свой выбар.

СТАРОНКІ ПРАВІНЦЫЙНАГА РАМАНА

Жыццё горада, як і жыццё чалавека, можна ўявіць раманам — з сюжэтам, галоўнымі і другараднымі героямі, з гераічнымі, будзённымі і трагікамічнымі старонкамі. У XIX стагоддзі, пасля закрыцця Акадэміі і піярскага ліцэя, полацкі раман стаў правінцыйным. Нямала яго старонак мы ўжо перагарнулі ў папярэднім раздзеле, але багата і засталося.

Пачнём з гераічнай.

Існуе думка пра адвечную санлівую пакорлівасць нашага народа. Аднак не хто-небудзь іншы, а якраз беларусы на працягу няпоўных ста гадоў пасля захопу Літвы-Беларусі Расіяй тройчы падымаліся, каб вырвацца са смяротных абдымкаў імперыі. Пра паўстанні Касцюшкі і Каліноўскага мы казалі. Крываваю разораю пралёг праз нашу гісторыю і 1831 год.

У лютым у Оршы ў рукі таемнага агента, які праглядаў пошту, трапіў ліст надзвычайнай важнасці. Полацкі шляхціч-масон Пётра Рамановіч пісаў сваяку пра падрыхтоўку паўстання ў Беларусі і, у прыватнасці, пра існаванне папскай булы, што нібыта вызваляла католікаў ад прысягі цару. Рамановіча арыштавалі, але на допытах ён трымаўся мужна і імёнаў «своих сообщников в Белоруссии или в Санкт-Петербурге не открыл».

Нягледзячы на рэпрэсіі, прадухілідь паўстання царскія ўлады не змаглі.

У Прыдзвінні найбольш чынныя дзеянні інсургентаў разгарнуліся ў суседнім з Полацкам Дзісенскім павеце.

13 красавіка ў мястэчку Лужкі сабралася пяцьдесят шляхцічаў, якія прысягнулі змагацца за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 года. У склад абранага кіраўніцтва ўвайшлі прадстаўнікі вядомых родаў былога Полацкага ваяводства: прызначаны начальнікам артылерыі Міхал Храпавіцкі, Антон і Язэп Корсакі, Алейзі Буйніцкі… Паўстанцкі камітэт заклікаў да зброі, і праз дзесяць дзён у Лужках стаяла тры тысячы гатовых да бою шляхцічаў і сялянаў. Гэты аддзел заняў і колькі дзён утрымліваў Дзісну. Сілы былі, безумоўна, няроўныя, і інсургенты мусілі адступіць на Віленшчыну.

Якраз напярэдадні тых падзеяў улады і зачынілі ў Полацку піярскі ліцэй. Падбадзёраныя першымі поспехамі змагароў з царызмам, манахі марудзілі са складаннем вопісаў маёмасці і адмаўляліся прызначаць таргі. У паўстанне пайшло, паводле няпоўных звестак, блізу трох сотняў палачанаў. В. Вікенцьеў піша, што «только твердость и благоразумные решительные меры полковника Данилова, как коменданта города, держали население в повиновении и спокойствии». Тады ж у Полацку лютавала і халера, якая забрала жыцці 596 месцічаў.

У траўні 1831 года следства па справе паўстанцаў учыніў у мястэчку Глыбокае царскі сатрап Міхаіл Мураўёў. Пятнаццаць арыштаваных інсургентаў ён адправіў у Дынабургскую фартэцу і пагрозліва заявіў: «Кроме самых злобных мятежников и прочие помещики действовали с усердием, и хотя чувствовали нелепость своего предприятия, но не смели уже отстать, опасаясь мщения прочих».

«С усердием» дзейнічаў і арыштаваны за ўдзел у падрыхтоўцы паўстання выпускнік Віленскага універсітэта, гісторык і публіцыст Міхал Балінскі, які прыйшоў на свет у маёнтку Цярэспаль Полацкага павета. (Пазней ён выдасць па-польску сваю трохтомавую «Гісторыю горада Вільні» і зойме пасаду віцэ-старшыні Віленскай археалагічнай камісіі.)

У грамадскіх колах Францыі, Вялікабрытаніі ды іншых заходніх краінаў існавала спачувальнае стаўленне да змагання паняволеных царызмам народаў за свае нацыянальныя правы. Еўрапейскі друк паведамляў пра жорсткія расправы з інсургентамі і іх сем’ямі. Пушкін адгукнуўся знакамітым вершам «Клеветникам России»:

О чём шумите вы, народные витии? Зачем анафемой грозите вы России? Что возмутило вас? волнение Литвы? Оставьте: это спор славян между собою, Домашний, старый спор, уж взвешенный судьбою…

Адметна, што гэтыя радкі, апрача ўсяго астатняга, сведчаць: абараняючы імперскія інтарэсы, Аляксандр Сяргеевіч не сумняваўся, што гістарычная Літва — славянская краіна.

Ва унісон з Пушкіным спяваў яшчэ адзін абаронца імперыі Фёдар Цютчаў, што бачыў місію Расіі ў тым, каб:

Славян родные поколенья Под знамя русское собрать И весть на подвиг просвещенья Единомысленных, как рать.

Улады канфіскоўвалі маёнткі, пазбаўлялі паўстанцаў дваранскіх правоў (усяго ў Беларусі адабралі шляхецтва ў дзесяці тысяч чалавек), ліквідоўвалі навучальныя ўстановы. У 1832-м, адначасова з Віленскім універсітэтам, спыніла існаванне знакамітая піярская школа ў Лужках, заснаваная за сто гадоў да гэтага полацкім кашталянам Валяр’янам Жабам. Не спраўдзіліся планы пераўтварэння адчыненай у 1806 годзе Полацкай уніяцкай семінарыі ў духоўную акадэмію. На дзвярах семінарыі, дзе напярэдадні паўстання было блізу двухсот вучняў, з’явіліся замкі і пячаткі з расійскім арлом.

Мацнеў рэлігійны ўціск.

Падтрымка паўстання беларускім уніяцкім духавенствам, у тым ліку полацкімі манахамі-базылянамі, паскорыла знішчэнне Уніі. Базылянаў павыганялі з келляў проста ў белы свет. 3 кляштара знялі і адправілі ў расійскую сталіцу на будову Ісакіеўскага сабора медзяны дах. Потым колішні манаскі прытулак загарэўся. Пасля пажару ўлады пакінулі яго на руйнаванне прыродзе.

Магутная спаруда вытрымала да 1913 года, пакуль яе, як піша ў «Лабірынтах» Вацлаў Ластоўскі, «не прадалі нейкаму маскалю падрадчыку, які, разабраўшы шацоўныя муры, сплавіў лайбамі цэглу ў Рыгу».

Адначасова з двума полацкімі базылянскімі кляштарамі ўлады ліквідавалі яшчэ сорак. Імператар Мікалай I з гэтае нагоды заўважыў: «Слава Богу, вот и еще несколько неприятельских крепостей уничтожили».

У горадзе зачынілі таксама францысканскія (мужчынскі і жаночы) і бернардзінскі мужчынскі кляштары. Ад першага дасюль ацалеў двухпавярховы дом на вуліцы Леніна, у якім цяпер адзьдзел міліцыі. Заснаваны ў 1648 годзе францысканскі сабор бальшавікі ў 1930-я знеслі. Пра бернардзінскі кляштар, адчынены яшчэ ў дзіцячыя гады Францішка Скарыны, а ў 1758-м упрыгожаны барочным саборам, сёння нагадвае корпус псіхіятрычнай лякарні.

Напярэдадні Другой сусветнай вайны і нейкі час пасля яе там знаходзілася турма НКВД, куды звозілі «бандытаў» і «нацыяналістаў» з Віцебскай вобласці. Там катавалі пастаўскую дзяўчынку Алесю Умпіровіч з «Саюза беларускіх патрыётаў», вінаватую ў тым, што намалявала «Пагоню» ды хацела вучыцца па-беларуску. Каб засудзіць на 25 гадоў гэтага было трохі замала, і чэкіст з дапамогаю гіпнозу здабыў у Алесі паказанні, што яна — амерыканская і англійская шпіёнка.

«Ворага народа» — селяніна з Бельчыцаў, якому перад гэтым тыдзень не давалі есці, следчы Сіманоўскі біў тут па твары свежым хлебным боханам. Беларускі пісьменнік Мікола Хведаровіч, таксама вязень сталінскага ГУЛАГа, успамінаў, што чэкісты з полацкай перасыльнай турмы карысталіся і такім метадам «выхавання»: ахвяру ставілі ў яму, якую залівалі чалавечымі экскрэментамі, чакаючы, пакуль жыжка дойдзе да ніжняй губы, каб яшчэ можна было вырваць прызнанне. Гэта называлася «зрабіць шакаладавым».

Пазней, калі ў старых мурах гаспадарылі ўжо медыкі і ім спатрэбілася цэгла, бабінец (пярэднюю частку) бернардзінскага храма разабралі, а скляпы-пахавальні пад ім разбурылі. Косці продкаў раскідалі па двары, проста пад нагамі ў хворых. Што і казаць, цудоўны сродак вынайшлі псіхіятры, каб вярнуць псіхічнае здароўе пацыентам.

Услед за францысканамі і бернардзінамі Полацк мусілі пакінуць і манахі-дамініканы. Іх мураваны касцёл, пабудаваны на цэнтральным пляцы замест спаленага расійскай артылерыяй у 1812-м драўлянага, доўга заставаўся ў горадзе адзіным каталіцкім храмам. Бальшавікі трываць такі непарадак не маглі і павесілі на дзвярах пудовы замок. Старыя палачане памятаюць, як на вуліцы валяліся трубы ад зламаных арганаў. Сам дамініканскі сабор загіне ў гады нацысцкае акупацыі. Гэта адзіны каштоўны помнік полацкай архітэктуры, знішчаны немцамі, на якіх спрабавалі спісаць свае злачынствы бальшавіцкія вандалы. У Венгрыі я аднойчы трапіў у царкву, купал якой быў размаляваны пад звон. Мне здалося, што, калі б такі храм быў у Полацку, здзейснілася б дзіва, і гэты «звон» зазваніў бы па цэрквах і касцёлах, па ўсіх архітэктурных шэдэўрах, знішчаных «немецко-фашистскими захватчиками» ў 1930-я, 1950-я і 1960-я гады.

Беларусь апынулася ў складзе эканамічна адсталай у параўнанні з еўрапейскімі краінамі Расіі, дзе рэформы праводзіліся са спазненнем і непаслядоўна. Наш народ не мог разлічваць на эканамічнае спрыянне, бо дзяржаўныя заказы, крэдытная і мытная палітыка, чыгуначныя тарыфы служылі найперш інтарэсам рускага насельніцтва. Апрача таго, разам з іншымі народамі імперыі беларусы сталіся ахвярамі ідэі стварэння расійскай нацыі. У межах гэтага утапічнага злачыннага праекта да 1871 года ў Беларусі трывала вайсковае становішча і да 1905-га існаваў рэжым асобага кіравання. Ажыццяўляліся нацыянальная дыскрымінацыя ў прадпрымальніцтве і татальная русіфікацыя ў гуманітарнай сферы.

Царскія ўлады планамерна вытоптвалі на нашай зямлі ўсё самабытнае, беларускае. Адразу пасля паўстання 1831 года ў Віцебскай і Магілёўскай губернях было скасаванае дзеянне Статута Вялікага Княства Літоўскага. Цар зацвердзіў пастанову пра перасяленне ў Беларусь «выходцев из внутренних губерний, которые принесут с собою в сей край, чуждающийся России, наш язык, обычай, приверженность русских к престолу». На ўсе дзяржаўныя пасады прызначалі толькі расійскіх чыноўнікаў.

Прыдворны гісторык Устралаў у другім томе сваёй выдадзенай у 1839 годзе «Русской истории» для універсітэтаў выносіў прысуд нашаму старажытнаму пісьменству: «Белорусское наречие, господствовавшее в Литовском княжестве, представляло безобразную смесь слов и оборотов русских, польских и латинских». Асабліва «безобразной» у вачах царскага «вучонага» была лаціна, на якой некалькі стагоддзяў пісала і гаварыла ўся адукаваная Еўропа. (Каб канчаткова зняць праблему, у 1867-м цар-«вызваліцель» Аляксандр II забароніць ужываць беларускую мову ў друку.)

Літва-Беларусь рэзалюцыяй Мікалая I у 1840 годзе ператварылася ў «Северо-Западный край», які хацелі зрабіць зацішным, узорна-паказальным кутком імперыі. (Грунтуючыся на здзейсненым папярэднікамі, гэтую мару не без поспеху ажыццяўлялі бальшавікі.) Усё мусіла тут трымацца на трох кітах — «самодержавие, православие, народность» (вядома, расійская).

Насуперак гэтаму ў народзе мацнела пачуццё нацыянальнае годнасці. Сярод паўстанцаў 1863-га было ўжо шмат тых, хто ваяваў не за Рэч Паспалітую, а за Беларусь, будучыню якой яны бачылі ў дэмакратычнай дзяржаве, заснаванай на парламенцкім досведзе ЗША, Францыі ды іншых заходніх краінаў. Інсургенты мелі беларускую газету, у іх шэрагах змагаліся беларускія пісьменнікі. Гэта прагучала для ўладаў трывожным сігналам, і нацыянальны прыгнёт пасля задушэння трэцяга вызваленчага паўстання рэзка ўзмацніўся.

Велізарныя заслугі перад царскім тронам належаць тут Міхаілу Мураўёву. Яго імя ўсплывае не толькі ў спалучэнні з мянушкаю «вешальнік». Галоўны начальнік «Северо-Западного края», якога за крывавую дзейнасць на карысць імперыі праз год пасля смерці Каліноўскага цар уганараваў графскім тытулам, быў яшчэ і «будаўніком»: руйнуючы нашае дойлідства, панастаўляў на Полаччыне і па ўсёй Беларусі праваслаўных псеўдавізантыйскіх храмаў, якія народ празваў «мураўёўкамі». «Вешальнік» нястомна клапаціўся і пра асвету беларусаў. Гэта яму належаць сказаныя неўзабаве пасля паўстання Каліноўскага праграмныя словы: «Што на гэтай зямлі не зрабіў рускі штык, даробіць руская школа».

Звяртаючыся да прадстаўнікоў беларускага дваранства, граф настаўляў: «Забудьте наивные мечтания, занимавшие вас доселе, господа, и помните, что если вы не станете здесь по своим мыслям и чувствам русскими, преданными Отечеству, то вы будете здесь иностранцами и должны тогда покинуть этот край».

Іншаземцамі рабіліся тысячы сумленных і таленавітых сыноў Беларусі. Паўстанец 1831 года паэт прыдзвінскага краю Аляксандр Рыпінскі выдаваў свае беларускія і польскія творы, жывучы ў Парыжы і ў Лондане. У Аўстра-Венгрыі, Нямеччыне, Францыі і Егіпце пісаў вершы наш суайчыннік Граф Суліма з Белай Русі — Вайніслаў Савіч-Заблоцкі (1850–1893), які нярэдка падпісваўся псеўданімам Гаўрыла Полацкі. Яго пяро вывела ўсхваляванае прызнанне: «Дзвіна, Дунай маёй Айчыны, самая дарагая рэчка на свеце, табе я абавязаны рытмам маіх песняў!» А колькі беларусаў марылі вымыць твар дзвінскай вадою, снілі абрысы полацкіх сабораў у начлежках і багадзельнях Старога і Новага Свету?..

Падчас сустрэчы з начальнікам краю Мураўёвым патрыёты «русского дела» з унутраных губерняў імперыі захоплена прызнаваліся, што тут пачуваюць сябе расійцамі болей, чым дома. (Дзіва што, калі апроч безлічы іншых прывілеяў яны атрымлівалі яшчэ і 50-працэнтавую надбаўку «на содержание».) Трэба дадаць, што ва ўсе часы бацыламі вялікадзяржаўнага шавінізму былі заражаныя і расійскія дэмакраты. Някрасаў прысвяціў «вешальніку» оду, дзе ўслаўляў яго такімі словамі:

Бокал заздравный поднимая, Еще раз выпить нам пора, Здоровье миротворца края! Так много ж лет ему. Ура!

У маладосці Міхаіл Мураўёў быў адным з пачынальнікаў руху дзекабрыстаў і стваральнікаў іх статута «Союза благоденствия», аднак потым адрокся ад сяброў і іх мараў. Ну а як глядзелі на Беларусь першыя расійскія рэвалюцыянеры, што няраз падарожнічалі па ёй, праветрывалі тут «гвардзейскі душок» на пятнаццацімесяцавых манеўрах пасля вядомага паўстання Сямёнаўскага палка? Па полацкіх вуліцах шпацыраваў Міхаіл Лунін, аўтар бліскучага афарызма: «У Расіі два праваднікі: язык да Кіева, а пяро да Шлісельбурга». У Полацку жыў прыяцель Пушкіна пісьменнік Аляксандр Бястужаў-Марлінскі, а ў Віцебску працаваў над праектам сваёй «Канстытуцыі» Мікіта Мураўёў.

Пра дзекабрыстаў напісана ў Беларусі болей, чым, напрыклад, пра паўстанцаў Касцюшкі. Напісана, зразумела, з нязменнай прыхільнасцю. У чытача сама сабою нараджаецца выснова, што слаўныя сыны Расіі — адначасова і нашы героі. Напэўна, яны хацелі беларусам свабоды і, калі б перамаглі… 3 такімі думкамі мы разгортваем «Русскую правду» Паўла Пестэля і даведваемся, што беларусы, аказваецца, не здольныя стварыць сваёй дзяржавы, а таму «должны отказаться от права особой народности». I наогул, на абшарах імперыі ўсе павінны быць рускімі і размаўляць па-руску, на «общепонятном». Назвы іншых народаў Пестэль прапаноўваў проста адмяніць. Полацк атрымоўваў шанц зноў стаць памежным горадам, разарваным паміж дзвюма дзяржавамі, бо землі за Дзвіною дзекабрысты меліся аддаць Польшчы.

Як бачым, народу заставалася разлічваць адно на ўласныя сілы. Яны яшчэ драмалі, але душа беларусаў жыла — у казках і песнях, у звычаях і ў мове, што чакала лепшых часоў.

Няхай наступнай старонкаю правінцыйнага рамана будзе, умоўна кажучы, этнаграфічная.

Эпіграфам да яе маглі б стаць словы пра беларускі нацыянальны характар з выдадзенага ў 1905 годзе IX тома «Полного географического описания нашего отечества»: «Белорус отличается гостеприимством, склонностью к веселию и доверчивостью, хотя ее можно и не сразу снискать. Отсутствие злопамятности в белорусе резко бросается в глаза всякому, кто с ним сталкивается. Вообще он обладает кроткой натурой».

Праўда, я абавязкова зазначыў бы, што «кроток» беларус толькі да той пары, пакуль яму стае цярпення, а потым ворагу лепей трымацца ад яго за рэчкай.

А што да полацкіх людзей — і ў мінулым, і ў нашым стагоддзі, — дык рызыкну дадаць яшчэ колькі штрыхоў. Па-мойму, палачане маюць большую, чым іншыя беларусы, схільнасць да іроніі і гумару, якая дзіўным чынам спалучаецца ў іх з балцкай стрыманасцю. (Каб пераканацца, схадзіце ў нядзелю хоць сабе і на сучасны полацкі рынак. Нядаўна мне давялося пачуць там такую, напрыклад, показку. Двое жлуктаў пытаюцца ў прахожага: «Скажы, шаноўны, вечар цяпер ці раніца?», а той ім: «Не ведаю, браточкі, не тутэйшы».)

Палачане любяць і ўмеюць смачна пад’есці і ўзяць з паважнай прычыны добрую чарку, але пры гэтым не напіваюцца да божае моцы.

Дарэчы, колькі словаў пра напоі — моцныя і не вельмі. Найбольш пашыраным з іх не толькі на Полаччыне, але і на ўсім абшары Беларусі да пачатку XX стагоддзя заставаўся хлебны квас. Продкі мелі да яго адно галоўнае патрабаванне — каб быў такі рэзкі і востры, што драў бы вочы. Найлепшым у Прыдзвінні, паводле сведчання этнографа М. Нікіфароўскага, лічылі квас насычанага чырвонага колеру, зроблены на падсмажаных сухарах. Апрача хлебнага гатавалі квас з буракоў, бярозавіку, а таксама ягадныя квасы — калінавік, бруснічнік, журавіннік, рабінавік. Такія напоі зазвычай ашчаджалі на зіму. 3 адборнай антонаўкі выраблялі яблычны квас. Не саступаў яму смакавымі якасцямі прыгатаваны са спелых пладоў і грушавы. У полацкіх дамах нарыхтоўвалі кляновік. 3 сушаных яблыкаў і грушаў-дзічак варылі з цукрам, мёдам або сочывам цудоўныя ўзвары. Заможныя гаспадары пілі гарбату і каву, простыя ж сяляне заварвалі ліпавую квецень, мяту, святаяннік, чабор, маліннік. Існавала тэхналогія прыгатавання «кавы з жалудоў»: падсмажвалі да румянку ячмень, змешвалі яго з нарэзанымі морквай ды чырвонымі буракамі і разам са смолатымі жалудамі заварвалі кіпенем. Рэдзька, хрэн, мёд і соль служылі асноўнымі кампанентамі рытуальнага прыдзвінскага напою — хрэсьбіннага збіценю, які павівальная бабка падносіла шчасліваму бацьку дзіцяці.

I, вядома, піва, што на Полаччыне некалькі сем’яў супольна варылі ў вялізных катлах. Найсмачнейшым півам называлі «марцовае», якое пэўны час выстойвалася. Яно было цёмнае, густое, добра пенілася і магло б, відаць, скласці годную канкурэнцыю папулярным сучасным маркам.

3 2-й паловы XIX стагоддзя пачалі вырабляць гарэлку з бульбы. На заключным этапе яе зафарбоўвалі ў ружовы, блакітны, фіялетавы, зялёны колеры. У выніку настойвання гарэлкі на розных ягадах, каранях, зёлках атрымлівалі настойкі: малінаўку, аераўку, мятную. Полацкія гаспадыні славіліся сваімі наліўкамі, асабліва з вішняў і парэчак.

А яшчэ, гаворачы пра адметнасці полацкага светабачання, я адзначыў бы, што душа нашага чалавека здавён, з пракаветных паганскіх часоў надзвычай схільная да веры ў дзівосы, што цудоўна засведчыў сваім «Шляхцічам Завальнем» Ян Баршчэўскі. Ва ўступе ён піша: «Шмат паданняў кружыць у тым краі сярод простага люду… Русалкі, калі жыта красуе ў полі, з распушчанымі доўгімі валасамі гушкаюцца на бярозах і спяваюць песні; іхні смех адгукаецца ў глыбіні лясоў і трывогай працінае тых, хто збірае грыбы або ягады. Лясны бог — пан дзікіх пустэчаў. Каб чалавечы зрок не мог яго ўгледзець, ён пад размытымі абліччамі хаваецца ў сваіх уладаннях; мінаючы лугі, так змяншаецца, што яго нельга ўбачыць у густой траве; ідучы праз пушчы, раўняецца з самымі высокімі хваінамі. Кажуць, што бачылі велізарныя чароды вавёрак, якіх лясны бажок перапраўляў з адной пушчы ў другую, бо прадбачыў дзе выбухне пажар.

Ноч Купалы ў тым баку Беларусі поўная незвычайных здарэнняў. На думку простых людзей, уся прырода ў гэтую ноч весяліцца. Рыбакі бачаць азёрнае люстра, якое раскашуе ў месяцавым ззянні, і хоць неба яснае і паветра спакойнае, бліскучыя хвалі, удараючы ў берагі, разбіваюцца на кроплі, якія, нібы зоркі, свецяцца ў паветры.

Дрэвы ў лесе могуць пераходзіць з аднаго месца на другое і шумам сваіх галінаў размаўляюць паміж сабою. Апавядаюць, што нехта, блукаючы гэтай ноччу ў лесе, знайшоў кветку папараці і бачыў не толькі скарбы, схаваныя ў зямлі, але і дзівы ў прыродзе: разумеў гаворку кожнага стварэння; чуў як дубы сыходзяцца з розных мясцін і, зрабіўшы кола, гамоняць шолахам галінаў прыгадваючы, быццам старыя ваяры, свае гераічныя ўчынкі і даўнія заслугі. Ліпы і бярозы, збіраючыся там, хваліліся сваёй прыгажосцю; сярод іх былі некаторыя, нібыта госці з суседніх садоў класічна падстрыжаныя і выпрастаныя; тыя гаманілі пра залётнасць дваровых дзяўчат і свавольствы панічоў, сведкамі чаго яны няраз былі…

Узыходзіць сонца, уздымаецца над гарамі і лясамі і на вачах усяго люду рассыпаецца ў небе на дробныя зіхатлівыя зорачкі, а потым зноў збягаецца ў адзін агністы шар; яго акружае безліч вясёлкавых кругоў і ён мігціць, кружачыся вакол сваёй восі».

Жыхары Прыдзвіння верылі ў разрыў-траву, што разрывала замкі ды кайданы і расколвала ў касцоў косы-літоўкі, а таксама ў лятучае зелле, або траву-пералёт, якая блішчэла ў небе, нібы зорка, і магла выканаць любое чалавечае жаданне. Верылі, што ў ваколіцах Полацка блукаюць здані двух вялізных чорных сабак, што некалі належалі паганскаму асілку Бою з-пад цяперашняга Краснаполля, што на Расоншчыне. У сярэдзіне XIX стагоддзя яшчэ спраўлялі ў гонар гэтых таямнічых стварэнняў адмысловае свята. Гаспадар браў ласы кавалак, нахіляўся пад стол і тры разы клікаў: «Стаўры, Гаўры, гам, хадзіце к нам!» Было шмат сведкаў, што пасля гэтага ў хаце сапраўды на імгненне з’яўляліся два чорныя цені.

Маці і бабулі апавядалі дзецям пра трох каралёў: кашэчага — Варгіна, пеўневага — Будзіміра і мышынага — Паднора.

Малыя туліліся бліжэй, чуючы пра волатаў Дубіну, Пруда і Гарыню або пра шматаблічную нечысць, што ахоўвае закапаныя вакол Полацка скарбы. Мурашкі густа бегалі ў слухачоў па спіне, калі згадвалі вадзяніка, што жыў у Палаце па вірах і краў людзей: жанчыны рабіліся зеленакосымі русалкамі, а мужчыны самі ператвараліся ў вадзянікоў. Праўда, Бог не даваў нячысціку спакою: на зімовае свята Вадохрышча выганяў яго ў лазу і толькі ў жніўні, пасля Спаса, дазваляў зноў нырцануць у раку.

Убачыць у Прыдзвінні чорта сто гадоў таму было значна прасцей, чым сёння, — адно падпільнуй, як будзе каціцца па зямлі віхура (чортава вяселле), плюнь у яе тройчы і скажы: «Чорт, чорт, пакажы хвост!» Чэрці любілі музыку і сходкі, жаніліся між сабою, і ў іх нават нараджаліся дзеці.

Меліся надзейныя сродкі распазнавання ведзьмаў. Казалі, што дастаткова сабраць з дзесяці цэркваў святую ваду і зварыць на ёй аўсяны кісель — жур, як ведзьмы збягуцца на яго з усіх ваколіцаў. Быў іншы спосаб: схаваць на загавінах перад вялікім постам кавалак сыру і насіць да Вялікадня ў мяшэчку пад пахай. На велікоднай ютрані, як толькі святар абвесціць: «Хрыстос уваскрэс!» — трэба ўслед за ім прамовіць: «А ў мяне сыр ёсць», і тады ўсе ведзьмакі пачнуць слёзна прасіць у вас сыру.

У насельнікаў прыдзвінскага краю жыла вера ў варажбу і ў розныя магічныя дзеянні. Вось, напрыклад, не вельмі апетытны рэцэпт, «як закахаць у сябе любую жанчыну», выпісаны мною з даўнейшай зачытанай кнігі без пачатку і канца, якую знайшоў у Полацку ў старой прыватнай бібліятэцы: «Забіць чорнага ката, вырваць у яго вочы і ўкласці іх у яйкі ад чорнай курыцы — два вокі ў два яйкі. Пасля яйкі павінны адляжацца і пратухнуць пад кучай конскага гною. 3 кожнага яйка вылупіцца па д’ябляняці, і абодва будуць служыць, прыносячы гаспадару ўсе ўцехі, якія бываюць на свеце».

Ёсць звесткі пра цікавы супрацьпажарны сродак. Калі ў каго загараўся дом, дык у суседзяў, каб туды не перакінулася полымя, голая дзяўчына ці маладзіца аббягала з поўным гарлачом малака вакол свайго дворышча і кідала гарлач у агонь. Відаць, у цывілізаваным XIX стагоддзі гэты спосаб барацьбы з чырвоным пеўнем ужо адміраў, а калі і не — дык быў малаэфектыўны, бо ў 1837 годзе пажар знішчыў у Полацку трыста дамоў у 1848-м — усю цэнтральную частку горада.

Найбольшую папулярнасць мелі, бадай, гісторыі пра пярэваратняў-ваўкалакаў. У святочны дзень на кірмашы ці каля карчмы можна было пачуць аповед чалавека, якому самому давялося пабегаць у воўчай шкуры. Людзі, затаіўшы дыханне, слухалі, як небарака пасварыўся з суседкай-ведзьмаю і тая адплаціла яму страшнаю помстаю. Аднойчы ў дарозе цёмная сіла змусіла яго, маўляў распрэгчы каня і пралезці праз хамут. А як пралез — ваўком зрабіўся і ў лес пабег. Тры зімы і тры леты бегаў адзінцом, пакуль не прынялі ў гайню. А самае страшнае: баяўся забыцца, што ён не звер, а чалавек. Таму кожнае раніцы мыўся, водзячы пысаю па роснай траве, а ўвесну, калі людзі аруць і сеюць, разграбаў лапамі зямлю. Так і жыў гаротнік, пакуль аднаго разу, як цягнуў з чарады авечку, пастух не перахрысціў яго дванаццаць разоў пугаю, пасля чаго воўчая шкура і злезла.

Даруйце, што захапіўся. Але ж я — палачанін, а нас хлебам не кармі, а дай паслухаць нешта загадкавае ды вусцішнае.

Можа, каб засцерагчыся ад шматаблічнай нячыстай сілы, продкі часта давалі паселішчам і іх наваколлю чыстыя «святыя» найменні. Ёсць на Полаччыне Святыя ручаі, азёры Свяцец і Свяцінец, вёскі Свяціца і Свяцілішча.

У працяг размовы пра натуру жыхароў Прыдзвіння пазнаёмімся з тым, якімі ўбачыў іх у сярэдзіне XIX стагоддзя гісторык і этнограф генерал-маёр М. Без-Карніловіч: «Незнакомый с роскошью белорусец довольствуется малым: не скучает своею жизнью, ни трудами; от него все можно получить справедливостью, умеренностью, ласкою: верный и признательный за добро, не стерпит оказанной ему несправедливости. Мужчины — охотники курить табак; оба пола любят попировать на похоронах, свадьбах, крестинах. Потомки принявших христианство кривичей откровенны, суеверны, до сих пор сохранили одежду, язык и некоторые обычаи своих предков».

Беларускія святы і звычаі Полаччыны зачаравалі мастака I. Захарава. У сваёй кнізе «Путевые записки русского художника» (Санкт-Пецярбург, 1854) ён пісаў: «Надарылася мне быць на кірмашы ў Беларусі. На гэтыя святы з’язджаецца звычайна безліч народу, што танцуе да позняе ночы… Беларускія танцы разнастайныя і вельмі падобныя да неапалітанскай тарантэлы: такія самыя павароты, жвавасць і амаль тыя ж матывы музыкі. Пачынаюцца танцы так: дзве дзяўчыны, дамовіўшыся танцаваць, бяруцца за рукі і падыходзяць да дудара, што сядзіць улетку на прызбе каля карчмы, а ўзімку — у самой карчме. Кожная дзяўчына павінна заплаціць яму за танец капейку срэбрам або падараваць яйка, абаранак ці блін. Потым яны пачынаюць танцаваць — спярша проста адна перад адной, потым укругавую, зноў проста і завяршаюць танец вальсам; некаторыя скачуць з прыпевам і пстрыкаюць пальцамі. Ледзь паспее адна пара закончыць танец, як адразу з’яўляецца другая, і беднаму дудару ўвесь дзень не дадуць ні хвілінкі спакою».

Уражлівая натура мастака ўбачыла падабенства Полаччыны з Італіяй не толькі ў танцах, але і ў краявідах: «Дзівосны від адкрываўся на Полацк: сабор, манастыр і царква святой Сафіі — разам на схіле гары, а на беразе паўразбураныя яўрэйскія хаціны; на рацэ Дзвіне мільгацелі лодкі з ветразямі і без іх. Людзі ў розных уборах: рускія, яўрэі, яўрэйкі, беларускія сяляне… а ў дадатак да гэтай прывабнай карціны — сонца, што, заходзячы, асвятляе рэдзенькія аблачынкі такім спякотным каларытам, якога мне не даводзілася бачыць і ў Італіі. Бераг і будынкі былі зацененыя, адно вярхі люстраваліся ў вадзе, і паміж ценямі мільгалі ад хуткае плыні залацістыя струменьчыкі. Я не мог стрымацца, каб не замаляваць гэты краявід, апотым намаляваў карціну алейнымі фарбамі». Апавядаючы пра выдатнасці полацкага дойлідства, Захараў зазначаў: побач з імі «забываеш, што ты не ў сталіцы, а ў павятовым горадзе».

Дарэчы, захапленне падарожніка тутэйшымі храмамі было настолькі вялікае, што з-пад яго пяра выйшлі такія словы: «Мікалаеўскі сабор — вялізных памераў і надзвычай цікавай архітэктуры; потым — Сафійская царква, з архітэктурай такой лёгкай і вытанчанай, што нельга налюбавацца, дый не дзіўна: кажуць, нібыта дзве гэтыя царквы пабудаваны па малюнках Мікеланджэла».

Дадам да гэтых цытатаў і сказанае пазней, ужо ў 1912-м, выдатным расійскім пісьменнікам Іванам Буніным: «Гостил, между прочим, у A. С. Черемнова, в северной части Витебской губернии. Громадный лесной край, необычайно интересный в бытовом отношении. Мне довелоеь очень много ходить пешком, вступать в непосредственные отношения с местными крестьянами, присматриваться к ним, изучать их язык. У крестьян этой полосы, по-моему, в наиболее чистом виде сохранились неиспорченные черты славянской расы. В них видна порода. Да и живут они хорошо, далеко не в тех ужасных некультурных условиях, как наш мужик в средней России».

Пісьменнікава жонка, Вера Мурамцава, у лісце з таго самага беларускага маёнтка Клееўкі Себежскага павета пісала: «Имение очень благоустроенное, чувствуется, что хозяева культурные люди. Да и сами мужики чище, лица определеннее наших. Есть и особая поэзия этого края: в саду живет семейство аиста, коров сзывают рожком…»

Да болю шкада некаторых крывічанскіх звычаяў, жывых яшчэ на пачатку XX стагоддзя. Вось, скажам, імёны. Нас паспяхова прывучылі да, как бы мовіць, «агульнасаюзных». Цяпер становішча выпраўляецца, з’яўляюцца Янкі, Усяславы, Вітаўты, Адэлі, Францішкі, Міхаліны, ды па-ранейшаму набор імёнаў у школьным класе ў Полацку мала чым розніцца, напрыклад, з уладзівастоцкім.

Даўней імёны і ў гарадскіх, і ў сялянскіх беларускіх сем’ях давалі па святцах — царкоўнай кнізе, з пералікам усіх святых і іх дзён у каляндарным парадку. Прыйшоў на свет хлопчык у дзень апосталаў Пятра і Паўла — будзе Пятрусь ці Паўлюк, нарадзілася дзяўчынка на святую Ганну — наканавана ёй быць Ганусяй. Апрача таго, кожнае імя мела звычайна пяць формаў. Нататкі пра гэты звычай пакінуў знаўца нашае старасвеччыны Вацлаў Ластоўскі, радзіма якога — былы фальварак Калеснікаў пад Мёрамі.

Зусім малых дзяцей, што бегалі без порткаў у даўгіх кашулях, звалі пяшчотна: Анцік, Гаўрык, Петрык, Юрцік. Ды вось хлопчыку надзелі порткі, і ён з пестуна стаўся работнікам — пасвіць гусі і куры, скубе пёры, едзе з бацькам у лес ці на поле. Такіх памочнікаў называюць ужо больш самавіта: Антук, Гаўрук, Пятрук, Юрка. Калі хлапцы падрастуць і пачнуць хадзіць на вячоркі ды ігрышчы, Пятрук абавязкова ператворыцца ў Петруся, Юрка — у Юрася. Набяжыць час жаніцца, пераходзіць «з рабяцкага стану ды ў мужчынскую славу», і Пятрусь стане звацца Пятром. Палятуць гады «мужавання і баявання», неўпрыкмет падыдзе пара жаніць сына. Нявестка будзе зваць Пятра — Петрашом, Астапа — Асташом, Рыгора — Грынём. Вось некалькі такіх поўных імянных ланцужкоў Аляксандр: Вольцік, Валюк, Алесь, Алехна, Вольша. Уладзімір: Валодзік, Валодзька, Валодусь, Валадар, Валодша або Ладзік, Ладук, Ладысь, Ладамір, Ладша. Раман: Ромцік, Рамук, Рамась, Раман, Рамаш. Трохі меней формаў мелі жаночыя імёны: Наська, Настка, Настуля, Наста; Верця, Верка, Вяруся, Вера.

Хто захоча адрадзіць гэты звычай у сваёй сям’і, няхай знойдзе «Расійска-Крыўскі (беларускі) слоўнік» Вацлава Ластоўскага, а ў ім — «Крыўскі іменнік».

…У свой час, прааналізаваўшы творчасць полацкіх літаратараў я прапанаваў увесці паняцце «полацкі менталітэт». Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін падтрымаў гэтую ідэю, адгукнуўшыся на яе аднайменным вершам:

Ёсць полацкі менталітэт — Ад Еўфрасінні, ад Скарыны, Ад той абрынутай адрыны, Дзе сон шукаў Свой сонны след… Ад Полацка пачаўся свет. Пра небачолых кажам: 3 нашых! Ёсць Беларусь, А гэта значыць — Ёсць полацкі менталітэт!

Пасля перагляду царскімі ўладамі дакументаў і масавага пазбаўлення шляхецкіх правоў дваранства на Полаччыне складала ўжо не такую, як за часамі Рэчы Паспалітай, але ўсё адно вельмі значную долю насельніцтва. Віцебскі генерал-губернатар у 1840 годзе дакладваў міністру ўнутраных справаў, што ў губерні налічваецца 5106 дваранаў, якія маюць сялянаў і маёнткі, 14 875 — з зямлёю і 5761 безмаёнткавец. «Высший круг дворянства вообще отличается тою образованностью, которая в некоторой степени уравнивает все просвещенные сословия Европы; дворянство среднего разряда также довольно образованно… Прямая искренняя приверженность к правительству и самостоятельные достоинства русского характера встречаются весьма редко и служат исключением; большая часть дворянства, будучи польского происхождения, сохраняет свою нацию и чуждается всего русского». Апошнія губернатаравы словы вымагаюць удакладнення. Мясцовую шляхту нельга называць польскаю: яна, хоць і гаварыла пераважна па-польску, была мясцовага паходжання, ніколі не захоплівала гэтае зямлі, а, наадварот, бараніла яе ад ворагаў, паўставала супроць акупантаў, добра ведала беларускую мову, фальклор і традыцыі народа.

Гэта былі вальналюбныя гасцінныя людзі, якія ўмелі ваяваць і любілі добрую застоліцу. Баюся, што не скажу пра шляхецкі стол лепей, чым Уладзімір Караткевіч у «Дзікім паляванні караля Стаха». У яго апісаннях няма хіба што такіх полацкіх (не толькі шляхецкіх) страваў, як вараная бульба з бруснічным варэннем і малочны суп з ляшчом, а таксама папулярнай на Полаччыне палёнкі — гарачага трунку з палёнай гарэлкі, журавінаў і мёду. Славіўся некалі і мёд-трайняк полацкіх езуітаў. Адзін з герояў «Шляхціча Завальні» з цёплым пачуццём згадвае айца Папэ, якому быў даручаны нагляд за вінным склепам. Там, у зацішным кутку кляштара, стаялі велізарныя дубовыя бочкі з выдатным старым мёдам, кухаль якога адразу вылечваў любую прастуду.

У маёнтку Крашуты па дарозе з Полацка на Невель мастак I. Захараў аглядаў «выдатную карцінную галерэю са шматлікімі арыгінальнымі палотнамі». Самым каштоўным у гэтым мастацкім зборы было выразанае з косці распяцце, якое, па словах гаспадара — палкоўніка A. I. К. (на жаль, падарожнік падае толькі ініцыялы), належала французскай імператрыцы Жазэфіне. Затым Захараў апісвае срэбны сервіз, на кожнай рэчы якога замест кляйма быў партрэт Напалеона. Гэтыя рарытэты палкоўнік вывез у 1814 годзе з Парыжа, дзе тады знаходзіліся расійскія войскі. Апрача галерэі A. I. К. ганарыўся «цудоўнай бібліятэкай».

У шляхецкіх дамах чыталі збольшага польскую літаратуру. Аматары прыгожага пісьменства выпісвалі з Пецярбурга і з Вільні штогоднікі «Незабудка» і «Рочнік літарацкі». У другім нумары «Рочніка» за 1844 год быў надрукаваны ўрывак з «Гісторыі ў легендзе» — рамана-жыццяпісу, прысвечанага святой Еўфрасінні. Ён належаў пяру Міхала Борха, уладальніка недалёкага ад Полацка маёнтка Прэлі Дынабургскага павета. Выбраны ў 1850-м маршалкам шляхты Віцебскай губерні, Борх займаўся гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага, перакладаў на французскую Адама Міцкевіча, выдаў у Вільні па-польску кнігу «Два словы пра Дзвіну».

Паўтары сотні падпісчыкаў меў у Прыдзвінні яшчэ адзін польскамоўны альманах сярэдзіны XIX стагоддзя «Рубон» (як мы памятаем, гэта старажытнае найменне Дзвіны), назва якога вызначала і кола аўтараў.

Першы нумар «Рубону» адкрываўся праграмным вершам «Дзвіна» фалькларыста і грамадскага дзеяча (а з 1880 года — віцебскага губернскага маршалка) Ігната Храпавіцкага, што павінен быў будзіць беларусаў:

У цемры схованая рэчка спачывала, Цяпер глыбокія зноў замуціла хвалі: Стары Рубон прачнуўся і зірнуў удалеч, Азваўся, быццам бура громіста сказала: «Мой дзень! Хто ж вас ад сну мярцвяцкага абудзіць?» Чакаю — шмат чакаць — лятуць гады, стагоддзі, Канец іспытам нашым так і не прыходзіць, Ах! як жа безнадзейнасць мучыць тут і нудзіць. Ля Віліі і Нёмна чутны бардаў спевы, Над Віслаю паўсталі, расквітнелі сёлы, А тут пустэча — цішыні глухой рассевы, Як збеглі ад мяне гурты сыноў вясёлых. [25]

1843 годам датаваны напісаны Храпавіцкім у роднай вёсцы Каханавічы Дрысенскага павета нарыс «Погляд на паэзію беларускага народа», які таксама з’явіцца ў «Рубоне».

Старэйшы сучаснік аўтара «Дзвіны» Ян Аношка аддаваў перавагу іншаму метаду пашырэння ўласнай паэтычнай прадукцыі: замест публікацыі, чытаў яе ў прыдзвінскіх корчмах. Яго кнігу полацкія піяры выдадуць толькі пасля смерці паэта, у 1828-м, але немудрагелістыя шчырыя вершы Аношкі будуць згадвацца пры кухлях і чарках і ў часы «Рубону».

Адукаваная публіка добра ведала імёны Яна Чачота і Тамаша Зана, сяброў Адама Міцкевіча і таксама паэтаў-рамантыкаў што служыліў 1830-1840-я гады ў Лепелі.

У полацкіх дамах з’яўляліся першыя ластаўкі новай беларускай літаратуры: творы Яна Баршчэўскага, паэмы «Тарас на Парнасе» і «Энеіда навыварат», вершы Вінцука Дуніна-Марцінкевіча і Уіадзіслава Сыракомлі, адзін з якіх, «Добрыя весці», напісаны ў рэвалюцыйны для Еўропы 1848 год, гучаў так:

Заходзіць сонца пагодняга лета, Вее вецер з заходніх нябёс. Здароў будзь, вецер з далёкага света: Добрыя ж весці да нас ты прынёс! Там, на Захадзе, праліваюць кроў, Б’юцца для славы, свабоды і чэсці І робяць вольных людзей з мужыкоў. Эй, згіне вораг, як Бог нам паможа  За нашу крыўду, за горкі наш жаль. Запяём песню «Хваліць цябе, Божа!» Лягчэй будзе сэрцу, як згіне маскаль [26]. Зямля ты наша, зямля ты святая, Радзі нам збожжа ды судзі пажаць. Не прыйдзе вораг з маскоўскага краю На магазын наша зерне браць!

Пісьменнік Вайніслаў Савіч-Заблоцкі, родам з Дзісенскага павета, прыгадваў што ў 1868 годзе згуртавалася кола маладых шляхцічаў, якія, «даўшы кожны па сто рублёў та й болей», зафундавалі ў Пецярбургу «Крывіцкі Вязок». Суполка, паводле задумы яе заснавальнікаў мелася распрацоўваць беларускую мову ў якасці літаратурнай, выдаваць на ёй кніжкі, адчыняць беларускія школы, спрыяць развіццю беларускай навукі. «Сталі падгатаўляць мы беларускую слоўніцу, сабіраць песні чорна люда, капіць матэрыялы па гісторыі нашага руства. Я пісаць меў з Полацку…» Але ўлады хутка разгледзеліся, куды дзьме вецер: «Вязок» прыкрылі, а яго сродкі пусцілі на ўмацаванне ў «Северо-Западном крае» праваслаўя.

У апошняй чвэрці XIX стагоддзя ў маёнтку Ухвішча Лепельскага павета (цяпер гэта Полацкі раён) служыў аканомам беларускі паэт Фелікс Тапчэўскі, што пісаў пад псеўданімам Хвэлька з Рукшэнід. У змагарным 1863-м ён са зброяй у руках з’явіўся на зборны пункт паўстанцкага аддзела Отана Грабніцкага ў Бікульнічах, якія былі зусім блізка ад роднага паэтавага фальварка Будзішча. Уладам не ўдалося давесці ўдзелу Тапчэўскага ў барацьбе і яго вызвалілі з-пад арышту, пакінуўшы пад наглядам. Голас ліры Хвэлькі з Рукшэнід быў надзвычай блізкі да паэтыкі аўтара «Тараса на Парнасе», што дало некаторым літаратуразнаўцам падставы назваць Тапчэўскага стваральнікам гэтага шэдэўра, хоць апошнія даследаванні і не пацвярджаюць такой версіі. На месцы колішняга родавага гнязда Тапчэўскіх сёння вы пабачыце адно некалькі старых ліпаў. А вось паэтава магіла з помнікам захавалася ў вёсцы Глыбачка на Ушаччыне дасёння.

3 мястэчка Кублічы Лепельскага павета паходзіў пісьменнік-дэмакрат Арцём Вярыга-Дарэўскі — паўстанец 1863-га, сібірскі высланец, аўтар першага перакладу на беларускую мову паэмы Міцкевіча «Конрад Валенрод», уладальнік славутага «Альбому», дзе пакінулі запісы Упадзіслаў Сыракомля, Адам Кіркор, Вінцэсь Каратынскі, Вінцук Дунін-Марцінкевіч, Аляксандр Рыпінскі…

У маёнтку Іванаўшчына таго ж павета прыйшоў на свет кампазітар і збіральнік музычнага фальклору Антон Грыневіч. Жывучы ў Пецярбургу, ён уваходзіў у выдавецкую суполку «Загляне сонца і ў наша ваконца», заснаваў уласнае выдавецтва, якое выдала блізу дзесяці беларускіх кніжак амаль трыццацітысячным агульным накладам. У 1925-м Антон Грыневіч вернецца з Вільні, дзе працягваў сваю кнігавыдавецкую справу, у Савецкую Беларусь, будзе сакратаром музычнай секцыі Інбелкульту і старшынёй песеннай камісіі, будзе запісваць на Полаччыне народны мелас. НКВД палічыць, што гэтага больш чым дастаткова для арышту ў 1933-м і расстрэлу ў 1937-м.

На працягу ўсяго мінулага стагоддзя і на пачатку нашага каля паловы, а часам і болей жыхароў Полацка і вакольных мястэчак складалі яўрэі. У 1855 годзе іх у горадзе было 66 працэнтаў, у 1891-м — 49. У сваіх «Исторических сведениях о примечательнейших местах в Белоруссии» М. Без-Карніловіч піша пра гэты народ: «Предприимчивы, любопытны, проницательны. С первого взгляда, с первых слов поймут, с кем имеют дело. Заранее рассчитывают барыши, какие может доставить предпринимаемая операция; исчислят расходы, и тогда только возьмутся за дело. В Белоруссии вся торговля в их руках. Винные откупы, почтовые станции, перевозы через реки содержат евреи; для них никакой труд не тяжел, если только от него предвидят для себя пользу. Евреи — народ, глубоко знающий нрав, склонности и привычки людей и умеющий пользоваться их слабостями. Избегают утомительных работ: между ними найдете много портных, сапожников, шапочников, стекольщиков, лудильщиков, жестянщиков, разносчиков, резчиков печатей, золотых и серебряных дел мастеров; редко встретите кузнеца, плотника, пильщика. В вере тверды до фанатизма, богомольны, единодушны, любят помогать своим, в особенности, когда те пострадают от пожара».

Па полацкіх вуліцах бегала з аднагодкамі яўрэйская дзяўчынка Марыя, якая ў 1891 годзе ў дзесяцігадовым веку пераедзе з бацькамі ў ЗША і здабудзе вядомасць як пісьменніца Мэры Энцін (Mary Antin). Яе творчасць яшчэ чакае сваіх даследчыкаў на радзіме. Дадзім мінімум звестак на пачатак працы: у 1899-м у Бостане выйшла першая кніжка М. Энцін «3 Полацка ў Бостан» («From Polotzk to Boston»), потым пабачыла свет «Зямля запаветная» («The Promised Land». Boston-New York, 1912), a праз два гады — «Тыя, што стукаюцца ў нашы брамы» («They who knock at our Gates»).

Другое з названых выданняў цалкам аўтабіяграфічнае. На яго фотаілюстрацыях можна ўбачыць жыхароў Полацка, гарадскія крамы, яўрэйскую школу-хедэр, зімовую Дзвіну. Да аб’ёмістай, амаль на чатыры сотні старонак, кнігі быў дададзены слоўнік-гласарый, адкуль амерыканскі чытач атрымліваў магчымасць даведацца пра шэраг беларускіх геаграфічных назваў, імёнаў і пабытовых рэчаў. Аўтарка лічыла, напрыклад, патрэбным патлумачыць, дзе знаходзяцца Віцебск і Вільня, што такое талакно і як у нашых мясцінах спажываюць гарэлку.

Полацк — радзіма опернага спевака і рэжысёра Аляксандра Альтшулера, вядомага пад сцэнічным псеўданімам Альтуці. У дваццаць тры гады ён дэбютуе ў маскоўскай Італьянскай оперы, стане спяваць разам з легендарным Леанідам Собінавым, у 1920-я зойме пасаду галоўнага рэжысёра Харкаўскага опернага тэатра.

Мястэчка Лужкі праславіць на ўвесь свет народжаны там у 1858 годзе Эліэзер Бен-Іягуда (Перэльман), дзякуючы якому яўрэі адродзяць іўрыт у якасці жывой размоўнай мовы, што станецца дзяржаўнай моваю Ізраіля.

Не абыдземся мы і без старонкі эканамічнай, а ў ёй без статыстыкі, хоць нехта са знакамітых палітыкаў і назваў гэтую навуку адным з відаў хлусні.

У 1861 годзе ў Полацку жыло 15 тысяч чалавек — трэцяе месца сярод павятовых гарадоў Беларусі. Слыннае некалі, а цяпер правінцыйнае места Полацкае мела 330 крамаў. Няхай лічба вас асабліва не ўражвае, бо 170 з іх разам з гаспадарамі падарожнічалі па вуліцах і былі звычайнымі лёгкімі шапікамі, з якіх прадавалі хлеб, муку, садавіну, цвікі і свечкі, мыла ды іншы дробны тавар. 3280 купцоў кожны пяты — у залежнасці ад капіталу — належаў да адной з трох гільдыяў. Яны і трымалі сапраўдныя крамы з прывазным таварам — суконнымі, ядвабнымі і баваўнянымі тканінамі, галантэрэяй і бакалеяй. Гільдыйныя купцы займаліся буйным гандлем з Рыгаю, пастаўляючы туды збожжа, сала, лён і льняное семя, пяньку і лес. Шумных і багатых кірмашоў, куды прыязджалі за сотні вёрст, Полацк ужо не ведаў. Іх замянілі штотыднёвыя базары па серадах, пятніцах і нядзелях з даволі сціплым абаротам каля пяцісот рублёў.

Рамеснікаў у гэты час налічвалася 421. Магу сказаць, каго было болей, каго меней: 151 шавец, 97 краўцоў, 25 хлебапёкаў, 22 цесляры, 20 муляраў і тынкоўшчыкаў, 16 разнікоў (мяснікоў), 11 сталяроў, па шэсць кавалёў і гарбароў. Зніклі шабельнікі, пішчальнікі, наогул усе збройнікі, з’явіліся гадзіншчыкі і фартэпіяннікі. Пачалася рэгістрацыя прадстаўніц найстаражытнейшай прафесіі. 1 жніўня 1889 года ў Полацку было на ўліку восем прастытутак, у губернскім Віцебску — дзеля параўнання: — 53.

Сярэднявечныя цэхі дажывалі свой век, на змену ім прыходзілі капіталістычныя прадпрыемствы.

На 1865 год статыстыка налічвае ў Полацку ўжо 18 «заводаў» — сем гарбарняў, тры піваварні і тры вапнярні, тытунёвая і свечкавая фабрыкі, цагельня, медаварня і бровар, што забяспечваў палачанаў і наваколле гарэлкаю. У наступным годзе горад убачыў першы паравоз: пачаўся рух на ўчастку Полацк - Дзвінск (цяперашні Даўгаўпілс) Рыжска-Арлоўскай чыгункі.

Галоўнаю працаўніцай пакуль што, аднак, заставалася Дзвіна. У тым самым 1865-м па ёй прайшло 13 300 плытоў. Кожны складаўся з дзвюх «лаваў» метраў па шэсцьдзесят уздоўж і на дзесяць з лішнім ушыркі. Дзесятка паўтара плытоў — гонка. Пры ёй абавязкова меўся асобны плыт з прыгожым стромістым дамком, падзеленым на дзве палавіны: у адной была печка — гатаваць ежу, у другой плылі прыказчыкі ці сам гаспадар. Добрым надвор’ем з Полацка да Рыгі гонка даходзіла за дзесяць дзён.

Уладкаваўшыся з вудаю дзе-небудзь паблізу святой Сафіі, вы не толькі пачулі б песні асначоў-плытагонаў, але і ўбачылі б на пустэльнай сёння Дзвіне жвавы рух самых разнастайных вадаплаўных сродкаў. Моста цераз раку яшчэ няма, таму паміж горадам і Задзвіннем ходзіць паром і снуюць рознакаліберныя чаўны. Ёмістыя лайбы вязуць вапну і камень. Стругамі сплаўляюць на Балтыйскае ўзбярэжжа клёпкі, абады і гонту. На карме завіхаецца стырнавы, побач з ім стаіць лоцман і яго памочнік, якога па-мясцоваму называюць «дзяцінам».

Напрыканцы XIX стагоддзя рака прывыкне да паравога флоту. 3 Віцебска да Дзвінска з заходам у Полацк пачнуць курсіраваць параходы «Гигант», «Атлет», «Надежда», «Герой», «Силач», «Борец» і «Друя». Гаспадарамі маршрута стануць спадары 3. Гіндзін i Рахмілевіч.

Што яшчэ? Простыя гараджане па-ранейшаму трымалі козаў, авечак, свіней і кароў. У панскіх хлявах побач з тутэйшымі маларослымі кароўкамі жавалі жуйку халмагоркі і галандкі, капалі капытамі зямлю тырольскія быкі. 3 прыгарадных вёсак масла адпраўлялі ажно ў Смаленск, Рыгу і Санкт-Пецярбург. На агародах нічога новага, апрача хіба бульбы, з часоў сярэднявечча не з’явілася.

Тагачасныя пчаляры збіралі з калоды ў год ад дзесяці да пятнаццаці фунтаў мёду і ад васьмі да дзесяці — воску. У багатых маёнтках апроч садоў былі аранжарэі, дзе, як піша М. Без-Карніловіч, выспявалі абрыкосы, персікі, вінаград, лімоны і апельсіны.

Уяўленне пра багацце тагачасных беларускіх садоў даюць сведчанні гісторыка Міколы Угашчыка, які ў сваёй кнізе «Была такая вёска» піша, што напрыканцы XIX стагоддзя ва ўраджайны год калёсы самых лепшых яблыкаў вагою пудоў на дваццаць каштавалі ў Менску пяць рублёў, гэта значыць, пуд ішоў за 25 капеек. Каб не везці тавар дахаты, гаспадар мог аддаць увесь воз і за два рублі. Столькі ж каштавалі і цэлыя калёсы вішняў.

Калі ўжо загаварылі пра кошты, дык пуд ячменю прадавалі тады за 70–80 капеек, кілаграм масла — за 45. Конь каштаваў ад 100 да 200 рублёў, жарабя — 25–30, карова — 35–40, цяля — 4–5. За зроблены ў Віцебскіх саматужных майстэрнях аднаконны плуг плацілі 3 рублі, за жняярку і малатарню — па 120.

Цяпер — пра паляванне, якое тады яшчэ не зусім ператварылася ў спорт.

Цяжка даць веры, але ў сярэдзіне XIX стагоддзя мядзведзяў у лясах вакол Полацка вадзілася столькі, што, калі за адну аблаву здабывалі меней трох касалапых, гэта лічылася няўдачаю. Вядома, што ў 1859 годзе Віцебская губерня адправіла Дзвіною ў Рыгу 215 пудоў ласіных шкураў i 15 пудоў рагоў. Мядзведжыя шкуры каштавалі ад 3 да 12 рублёў рысіныя — 2-5. Мы вось проста кажам: «мядзведзь», а тагачасныя полацкія паляўнічыя адрознівалі тры пароды: мурашніка, аўсяніка і сцярвятніка. Апрача традыцыйнага палявання, калі абкружалі асочаны бярлог, лясных гаспадароў лавілі сілом або жалезнымі пасткамі, што ставілі ў атворах борцяў. Прасунуўшы галаву да пчолаў мядзведзь ужо не мог выцягнуць яе назад. Існаваў і такі спосаб: на дне адмыслова выкапанай ямы пакідалі місу з разведзеным гарэлкаю мёдам. Прываблены пахам буры ласун адважна «браў чарку», пасля чаго соладка засынаў і рабіўся лёгкаю здабычай.

Але нярэдка здаралася, што нецікавая перспектыва апынуцца ў ролі здабычы выпадала самому паляўнічаму. На такія выпадкі ў лесе сям-там рабілі прымацаваныя да дрэва на вышыні чатырох-пяці метраў круглыя дашчаныя пляцоўкі, да якіх прыстаўляліся лескі. Ратуючыся ад звера, чалавек хуценька падымаўся на пляцоўку і ўсцягваў за сабой лесвіцу. Мядзведзь лёгка залазіў да ўзроўню пляцоўкі, але яе шырокія краі не дазвалялі касалапаму дапасці да крыўдзіцеля.

У Прыдзвінні вадзілася шмат ваўкоў. На іх палявалі звычайна ў другой палове лета. Звяроў прываблівалі голасам, тыя адгукаліся, а тым часам кола паляўнічых сціскалася. У гэтую пастку запускалі ганчакоў, якімі кіраваў конны сабакар. За дзень здабывалі да трох ваўчыных выпладкаў. Маладых драпежнікаў бралі, заганяючы сабакамі, жыўцом. Шкуры забітых звяроў фарбавалі і прадавалі як «беларускіх янотаў».

Знаёмы ўжо чытачу расійскі акадэмік Севяргін занатаваў на Полаччыне і іншы спосаб палявання на небяспечных драпежнікаў. У лясных нетрах капалі глыбокую яму, у сярэдзіну яе забівалі вялізны кол, чыя макаўка выступала над узроўнем зямлі. Яму маскавалі саломай і галлём, да якіх узімку дабаўляўся снег. Да кала прывязвалі качку або гуся, што, як вядома, не любяць сядзець ціха. Прываблены птушкаю воўк трапляў у яміну, прычым часам звяроў там набіралася штук па пяць. Севяргін лічыў што адтуль пайшла беларуская прымаўка: «I гусь цэлая, і воўк злоўлены». Аднак паквапіцца на прынаду мог і чалавек. Мастак I. Захараў пачуў пад Полацкам аповед пра тое, як у ваўчынай яме апынуўся добра падпіты дудар, якому таксама заманулася паласавацца гускай. Ноч небарака соладка праспаў на дне, а ўранні на яго грымнуўся велічэзны ваўчара. Музыка меў адзіную зброю — дуду, што нібыта і выратавала яго, бо воўк пад яе мелодыю выў і скакаў пакуль не падаспелі людзі.

Сёння чытаеш такія звесткі, быццам фантастычны раман.

Лясы і пушчы, дарэчы, хутка збяднелі пасля паўстання 1863 года, калі на загад расійскага ўрада пачалося высяканне запаведных абшараў, дзе маглі хавацца інсургенты.

Дзе паляванне, там і рыбалка. Гэтую старонку прысвячаю тым, хто, як некалі і сам аўтар, закідваў вуду ў Дзвіну і не зводзіў вачэй з патанка. Праўда, папярэджваю: чытаць лепей з валідолам…

На маім стале кніга Аляксея Сапунова «Река Западная Двина» (Віцебск, 1893). Чытаю, што «сомы нередки» і сярэдніх памераў дзвінскі сом важыць 3–3/4 пуда, ды ўспамінаю дохлага соміка (мо апошняга?) з адной галавы і хваста, які плыў дагары чэравам па каламутнай вадзе, калі ў 1990 годзе наваполацкае вытворчае аб’яднанне «Палімір» атруціла Дзвіну нейкай хімічнаю заразай да самай Рыгі.

Самоў нашы прадзеды лавілі сеткамі або вялікім кручком на моцным шнуры. Прынада — жывая і мёртвая рыба, кавалкі мяса і ўлюбёны саміны ласунак — пячонка. Трапіўшы на кручок, трохпудовая рыбіна вазіла рыбака з лодкай добры дзесятак вёрст уніз і ўверх па рацэ.

Самы XIX стагоддзя ўяўляюцца нечым накшталт акулаў: яны пачуваліся так упэўнена, што і самі былі не супраць злавіць чалавека. Газеты пісалі, як у 1820 годзе ў Краслаўцы сом схапіў дзяўчынку і адгрыз ёй руку. У 1884-м у раце Дрысе каля сутоку з Дзвіной купалася дваццацігадовая дзяўчына; як толькі яна адплыла на колькі сажняў рачны разбойнік пацягнуў яе за нагу на дно. Перапалоханую купальшчыцу ледзьве выратавалі.

Магчыма, гэткіх самоў лавіў у блаславёныя гады юнацтва ўраджэнец Дрысы Аляксандр Пальмбах (1897–1963), цюрколаг і адзін са стваральнікаў тувінскага пісьменства і першай граматыкі тувінскай мовы.

«Лещ, — піша А. Сапуноў — водится во множестве, достигая до 2 футов длины и до 18 фунтов весу». Гэтая рыба добра бралася на ракавую шыйку. (Паспрабуйце сёння здабыць таго рака!) У Дзвіне і ў яе прытоках жыравалі «шараспёры», або «жывасцёры» (жэрахі), што бывалі вагою да 20 фунтаў. Яны любілі паласавацца дробнаю рыбкай, якую, высока падскокваючы ўгору, глушылі сваім пругкім хвастом і пры гэтым так разганяліся, што нярэдка самі апыналіся на беразе. Шчупакі дасягалі пудовай вагі. Лавілі іх, апрача вядомых сённяшнім рыбакам снасцяў, шастамі з пятлёй на канцы.

Успамінаю, як напрыканцы 1960-х гадоў у піянерскім летніку пад Ветрынам мы з сябрамі яшчэ рыбалілі такім спосабам. Шчупакі трапляліся не пудовыя, а разоў у сто меншыя, ды ўсё адно гэта было непаўторна: залацісты жвір плыткаводдзя, зялёныя цені рыбінак на дне (яны заўсёды стаялі галавой у бок сонца), сіло з працягнутай паміж пазногцямі травіны, якое заводзіш з галавы пад шчэлепы…

Сапуноў апавядае, як гэтае хлапечае шчасце выглядала ў пазамінулым стагоддзі: «В полуденную летнюю пору, время щучьего сна, мальчики и подростки охотятся за щуками с петлей, которая представляет силок из конских волос на шесте или прочном удилище. Такая петля осторожно надевается на морду щуки и также осторожно доводится до жабер, при подъеме которых во время дыхания она быстро затягивается. В петлю попадает иногда довольно крупная щука, что составляет торжество юного рыболова».

Яшчэ адно дзіва той Дзвіны — ласосі. Каля Полацка яны сустракаліся даволі рэдка, але чым ніжэй па рацэ, тым часцей.

3-пад Рыгі іх прывозілі свежых, марынаваных і вэнджаных у ядлоўцавым дыме. У сярэднявеччы, паводле хронік, ласосяў у дзвінскіх нізавінах было гэтулькі, што, наймаючыся на службу, работнікі ў дамове з гаспадаром адмыслова абумоўлівалі, каб гэтаю рыбай іх болей двух разоў на тыдзень не кармілі.

Вугорычы ў XIX стагоддзі найлепей ловяцца перад Купаллем. Судакі «водятся в Двине в очень достаточном количестве» і дасягаюць шаснаццаці фунтаў, ментузы — дванаццаці, язі — васьмі. Акуні драбнаватыя, усяго фунты па трычатыры. У пераліку дзвінскіх рыбаў разам з печкурамі (па-полацку — курмялямі), верхаводкамі, плоткамі, краснапёркамі і джхірамі сустракаем ліноў, гусцяру, рыбца, сіга, гальца і яльца, стынку (снятка)…

Дазвольце на заканчэнне яшчэ колькі словаў пра рыбарскія прылады. Невады на вялікіх, накшталт Нешчарды, азёрах бывалі, калі верыць Сапунову, даўжынёю з вярсту. Папулярнасцю карысталіся восці — жалезны грабянец з пяццю-сямю вострымі зубамі на доўгім тонкім шосце, — якімі білі ўвесну шчупакоў і наогул буйную рыбу. На пачатку зімы, калі рэкі і азёры зацягваў тонкі празрысты лёд, рыбар даставаў куку — ніштаваты драўляны молат на сажнёвай цавейцы. Яго ўдарамі глушылі рыбу, што ў бязветранае надвор’е збіралася ля берага.

I зноў цытата: «Каждый порядочный полоцкий рыболов непременно имеет один или несколько шнуров, длина которых бывает от 10 до 30 сажней и более. По длине такого шнура, в расстоянии полутора аршин, прикрепляются на короткой привязи крючки. При забросе шнур или перегораживает реку, или растягивается по длине ее». На шнур лавілі і ў Палаце, якая тады мела шырыню ад шасці да дзесяці сажняў і глыбіню чатыры-восем футаў а ў паводку разлівалася месцамі на 350 сажняў (без чвэрці кіламетр), маючы да пятнаццаці футаў углыбкі.

Полацкія рыбакі былі перакананыя, што любое возера мае рыбінага цара. Рыбіна гэта ці нейкае іншае стварэнне — невядома, бо ніхто яго не бачыў. Па волі цара рыба велізарнымі чародамі па рэках або падземнымі воднымі шляхамі пераходзіць з аднаго возера ў другое. Шчасце таму, хто падпільнуе такое падарожжа: у яго невад зойдзе ўся чарада.

Як і цяперашнія вудалі, іх прадзеды верылі ў розныя прыкметы. Сетку яны браліся плесці толькі на маладзік. Выправу на рыбалку хавалі нават ад сямейнікаў — іначай нічога не зловіш. Спаткаўшы на дарозе жанчыну, паварочвалі дахаты. Любы самаробны кручок цанілі вышэй за крамны — рыжскі або англійскі. Дзень лічыўся страчаным, калі першым на вуду трапляўся джгір. Сустрэўшыся на беразе з канкурэнтамі, віталіся: «Поўны сеці!» Злы язык мог дадаць: «Жаб ды мышэй», і закіпала сварка, якая почасту канчалася бойкаю і купаннем непрыяцеля.

Вяртаемся з дзвінскіх берагоў у горад.

Ідуць 1860-я гады. Дамоў у Полацку трохі болей за тысячу. Цэнтральныя вуліцы забрукаваныя, увечары на іх загараюцца ліхтары. Ускраіны ўвесну і ўвосень патанаюць у гразі. У 1865 годзе адчыняецца першая гарадская лякарня на сорак ложкаў. Прыкладна столькі месцаў і ў полацкай багадзельні.

Горад, як і раней, пакутуе ад пажараў. Улетку 1862-га згарэла 150 будынкаў. Праз дзевяць гадоў палачанаў напаткала новая бяда. Загарэўся дом недалёка ад вайсковай гімназіі. Хутка гімназічныя карпусы акружала суцэльнае мора агню. Вецер пераносіў праз корпусны пляц вуглі і цэлыя галавешкі. Вартымі жалю выглядалі спробы вёдрамі цягаць ваду з Дзвіны. Каля полымя бездапаможна мітусіліся пажарнікі. Як высветлілася, іх абоз меў усяго дзесяць бочак. Адна толькі кадэцкая гімназія пацярпела на 23 тысячы рублёў.

Выгляд пажарышча і стан некалькіх сотняў пагарэльцаў змусілі гарадскія ўлады падумаць пра пампоўню і водаправод. Фармацэўты Фох і Ляховіч зрабілі дзеля гэтага аналіз дзвінскай вады. Яго вынікі: «…угольнокислые известь и магнезия, фосфорнокислая известь, железо в соединении с хлором, сернокислые известь и магнезия, глина, кремневая кислота в соединении, органические вещества; зловредных металлических примесей не оказалось». Падрыхтоўка да будаўніцтва водаправода разгортвалася такімі тэмпамі, што пачалася вайна з Турцыяй і ў дзяржавы не знайшлося неабходных грошай.

Пра магдэбургскае права палачане даўно забылі. 3 1875 года імі кіравала гарадская дума, якая, кажучы канцылярскай моваю, займалася пытаннямі добраўпарадкавання, народнай адукацыі і аховы здароўя. Думу выбіралі на чатыры гады жыхары, што плацілі гарадскія падаткі. Дэпутаты гэтага «гарсавета» называліся «гласнымі». Ім належала права выбіраць са свайго складу гарадскую ўправу і гарадскога галаву, які быў і думскім старшынёй. За гэтымі органамі ўважліва сачылі губернскае ў гарадскіх справах «присутствие» і губернатар. Ён мог прыпыняць пастановы, якія супярэчылі закону. Росквіт расійскае «дэмакратыі» прывёў да таго, што з 1893 года ў выбарах дазволена было ўдзельнічаць толькі гараджанам з нерухомай маёмасцю не меней чым на тысячу рублёў. Такіх у Полацку набраўся ўсяго адзін працэнт.

У дзейнасці «бацькоў горада», як і ва ўсе часы, хапала злоўжыванняў. У 1913-м з прычыны фальшавання вынікі выбараў у думу двойчы апратэстоўваліся. На пачатку таго стагоддзя залез у гарадскую скарбоўню абраны галавою буйны купец Шпакаў. Гісторыя выплыла на свет, і злодзей развітаўся з утульным крэслам.

Аддадзім царскім уладам належнае: такіх, як Шпакаў яны на іншае цёплае месца звычайна не ўладкоўвалі. На просьбу адстаўнога думскага старшыні пакінуць яго на пасадзе нават без грашовага ўтрымання міністэрства ўнутраных справаў наклала з’едліва-суровую рэзалюцыю: «Проворовавшийся городской голова нам не нужен, даже при согласии служить бесплатно».

Магчыма, сённяшнім полацкім ахоўнікам закона будзе цікава даведацца, што стагоддзе таму галоўная доля крымінальных і грамадзянскіх справаў у гарадскім і павятовым судах прыпадала на нявыплату падаткаў, адмаўленне ад штрафаў патраву панскіх палёў і недазволеныя рыбалку ды высечку лесу. Асуджаныя адбывалі пакаранне не толькі за турэмнымі кратамі, але і ў манастырах. Напрыклад, Акуліна Міхайлава, што атрымала «за блудную жизнь» сем гадоў з якіх адзін, паводле пастановы павятовага суда, мусіла бавіць у Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры — каючыся, ходзячы наўсе набажэнствы і завяршаючы кожнае 25 «коленопреклонениями».

Спіс полацкіх навучальных установаў, адчыненых царскімі ўладамі пасля разгрому акадэміі, піярскага ліцэя і кляштарных школ, недасведчанага чалавека можа і здзівіць. Аднак гэтыя ўстановы былі невялікія і адкрытыя не для ўсіх станаў. У сярэдзіне XX стагоддзя горад меў пяцікласную дваранскую вучэльню і платны «ўзорны» пансіён для шляхцянак. Тры дзесяткі дзяцей незаможных месцічаў хадзілі ў прыходскую вучэльню. Былі яшчэ павятовае вучылішча і дзве духоўныя навучальныя ўстановы — вучэльня і семінарыя, куды зазвычай ішлі сыны праваслаўных папоў, дыяканаў і псаломшчыкаў.

У параўнанні з пачаткам таго самага стагоддзя адукацыя ў Полацку, як і ва ўсёй Беларусі, упала да катастрафічна нізкага ўзроўню.

Паступова адчыняліся царкоўна-прыходскія школы, асобныя платныя школы для дзяўчынак і хлопчыкаў з забяспечаных сем’яў. Колькасць настаўнікаў і вучняў павялічвалася, не мяняўся толькі дух, заведзены Мураўёвым і мураўёўцамі, што абсалютна слушна лічылі: руская школа зробіць у Беларусі для заняволення народа болей за любую армію.

Нястомны «вешальнік», прэтэндуючы і на ролю асветніка, падаў імператару дакладную запіску: «Для утверждения русского владычества в Северо-Западном крае необходимо заместить все преподавательские места учителями из России. Обратить особенное внимание на правильное преподавание русской истории и в особенности истории западной России. Подтвердить окончательно о повсеместном введении русского языка…» Інструкцыя царскага міністэрства народнай асветы (мы, беларусы, маем усе падставы называць яго міністэрствам народнага зацямнення) літасціва дазваляла карыстацца ў школе «белорусским наречием» толькі ў тлумачэнні незразумелых дзецям расійскіх словаў.

Кожны вучань павінен быў атрымаць цвёрдае перакананне, што яго зямля заўсёды была і будзе расійскаю. Юных палачанаў умела вучылі пагарджаць сваёй мовай ды звычаямі. На Беларусь магутным русіфікатарскім валам абрынуўся 75-тысячны наклад прызначанай вучням «Книги для чтения на простонародном наречии». Яна складалася з расійскіх песняў ды гімнаў, з аповедаў пра маскоўскіх князёў і цароў. Беларусы прывыкалі мець за герояў і вызваліцеляў людзей, што пазбаўлялі іх радзіму незалежнасці, ператваралі яе ў калонію. Хто падлічыць, колькі талентаў загубіла гэткае «просвещение», на колькі дзесяцігоддзяў замарозіла інтэлектуальныя сілы нашага народа?

Больш грунтоўнай гаворкі заслугоўвае Полацкая настаўніцкая семінарыя, на адкрыцці якой у верасні 1872 года прысутнічаў міністр асветы граф Д. Талстой.

Такія ўстановы рыхтавалі выкладчыкаў народных пачатковых вучэльняў. Паступаць ва універсітэты і інстытуты выпускнікі семінарыі не маглі, бо не атрымлівалі агульнай сярэдняй адукацыі. Займаліся тут збольшага дзеці мяшчанаў і сялянаў Віцебскай губерні, якім ужо споўнілася шаснаццаць гадоў, прычым выключна праваслаўныя. Сродкаў на гэтую «кузню педагагічных кадраў» дзяржава адпускала мала. Частка семінарыстаў была сваякоштавая (вучылася за ўласныя грошы), частка атрымлівала стыпендыі ад губернскіх сялянскіх таварыстваў і полацкага царкоўнага брацтва. На адну гадавую сторублёвую стыпендыю раскашэлілася полацкае «благородное собрание».

Праграма навучання ў падрыхтоўчым і ў трох асноўных класах: закон Божы, педагогіка і асновы методыкі, расійская і царкоўнаславянская мовы, арыфметыка, геаметрыя, расійская гісторыя, геаграфія, прыродазнаўства, чыстапісанне, гімнастыка. На музычных занятках семінарысты вучыліся спяваць па нотах, граць на скрыпцы і кіраваць хорам. На ўроках ручной працы асвойвалі пераплётнае майстэрства і пляценне кошыкаў. Бібліятэка семінарыі на пачатку стагоддзя налічвала восем тысяч тамоў пры трох з нечым тысячах назваў кніг. Практыкумы на семінарскай метэаралагічнай станцыі падрыхтоўвалі выпускнікоў да самастойных метэаназіранняў у той мясцовасці, куды іх пасылалі народнымі настаўнікамі. Знаёмства з вопісамі навучальных кабінетаў і калекцый змушае з жалем згадаць разрабаваныя зборы Полацкай акадэміі.

У пераліку найважнейшых падзей у жыцці семінарыі знаходзім святкаванні 100-годдзя з дня нараджэння імператара Аляксандра І, 25-годдзя кіравання цара-«освободителя» Аляксандра II, дня каранацыі цара-«миротворца» Аляксандра III, 50-годдзя «воссоединения» беларускіх уніятаў з праваслаўнай царквой, 100-годдзя смерці Суворава… Дванаццаць тостаў я налічыў у апісанні «дружеского, в полном смысле педагогического обеда», прысвечанага 25-гадоваму юбілею навучальнай установы.

Прыкметная падзея прычынілася ў сакавіку рэвалюцыйнага 1907-га. Навучэнцы адмовіліся выконваць рэлігійныя абрады, а заадно і хадзіць на заняткі. Педагагічная рада зачыніла семінарыю, а ўсіх выхаванцаў абвясціла выключанымі.

Не, я далёкі ад таго, каб глядзець на Полацкую настаўніцкую семінарыю звысоку.

Першым яе дырэктарам быў фалькларыст, этнограф і гісторык Юльян Крачкоўскі. Выпускнік сталічнай духоўнай акадэміі, рэнегат-«обруситель» паводле сваіх поглядаў ён, тым не менш, зрабіў і сёе-тое вартае — напрыклад, пакінуў першую грунтоўную працу пра радзінны абрад беларусаў і традыцыйнае выхаванне дзіцяці. Трэці дырэктар Яўграф Смірноў выдаў курс гісторыі хрысціянскай царквы, што быў навучальным дапаможнікам для духоўных семінарый. Выкладчык закона Божага протаіерэй Міхаіл Дуброўскі даследаваў жыццё святой Еўфрасінні.

За першыя трыццаць гадоў існавання семінарыі (у 1900-м ёй надалі імя Якава Кульнева) пасведчанні народнага настаўніка атрымаў 521 юнак, а апошні з яе сарака чатырох выпускаў адбыўсяў 1918 годзе.

Полацкім семінарыстам быў паэт-«нашанівец» Янка Журба, да літаратурных заслугаў якога далучым і той факт, што менавіта ён пераканаў пісаць па-беларуску будучага аўтара «Міколкі-паравоза» Міхася Лынькова. (Удзячныя нашчадкі будуць так шанаваць паэтаву памяць, што ў 60-я гады мінулага стагоддзя нават імя на ўбогім помнічку з мармуровай крошкі на полацкіх Ксавер’еўскіх могілках напішуць з памылкаю: «Янко».)

Семінарыю скончылі латышскі журналіст Юрыс Крэйц, рэдактар газеты «Витебские губернские ведомости», I. Пілін і даволі шмат будучых рэвалюцыянераў, адзін з якіх, К. Ніканёнак, у гады грамадзянскай вайны стаў старшынёй полацкага рэвалюцыйнага камітэта, а завяршыў кар’еру на пасадзе намесніка наркама асветы рэспублікі паволжскіх немцаў.

Яшчэ адна прыкметная асоба з ліку полацкіх семінарыстаў — Даніла Васілеўскі. Разам з таварышамі па навучанні ў 1909 годзе ён увайшоў у гурток «Вястун ведаў», які знаходзіўся пад уплывам ідэяў народніцтва. Даніла збіраў на Полаччыне фальклор, а паступіўшы ў Віцебскі настаўніцкі інстытут, стаў карэспандэнтам газеты «Наша Ніва». Сярод яго краязнаўчых працаў вылучаецца даследаванне «Лячэбніка» Ганны Шаранды, які быў настольнай кнігаю прыдзвінскіх знахараў і знахарак. Васілеўскі (пісаў ён і пад псеўданімамі А. Вітэнь, Д. Шчыры, М. Дабраведаўскі) лічыў «Лячэбнік» помнікам «чарадзейнай літаратуры» канца XVII - пачатку XVIII стагоддзя. Былы полацкі семінарыст займаўся гісторыяй кнігадрукавання ў Прыдзвінскім краі, вывучаў творчасць Яна Баршчэўскага. У савецкай краіне лёс людзей з такімі інтарэсамі звычайна сканчваўся трагічна. Дэкан Магілёўскага педінстытута Д. Васілеўскі ў 1936-м стаў вязнем ГУЛАГа і «перакваліфікаваўся» ў варкуцінскага буравіка…

Большасць звестак, што вы прачыталі, я адшукаў у кніжцы А. Сапунова «Полоцкая учительская семинария за 30 лет ее существования» (Віцебск, 1902). Ці знойдзе сабе такога летапісца сённяшні Полацкі педагагічны каледж імя Скарыны і што лічыць пачаткам сваёй гісторыі адкрыццё семінарыі? Ці напіша хто-небудзь летапісы іншых полацкіх вучэльняў?

I яшчэ адна дэталь. У 1870-я гады Полацк ледзьве зноў не зрабіўся універсітэцкім горадам. Адчыніўшы настаўніцкую семінарыю, граф Д. Талстой «во всеподданнейшем отчете указал на желательность устройства в Полоцке университета для поднятия русского дела в Западном крае». Граф параўноўваў Полацк з захопленым немцамі Страсбургам, дзе тыя неадкладна адчынілі нямецкі універсітэт. Аляксандр II паставіў на прапанове рэзалюцыю «Да», а на словах пра тое, што альмаматэр магла б мясціцца ў будынку вайсковай гімназіі, напісаў: «Снестись с военным министром». Ваеннае ведамства запатрабавала 400 тысяч рублёў і ідэю пахавалі ў нетрах канцылярый.

Нагадаем, што царская сістэма адукацыі не дапускала беларускай мовы ні ў школьныя класы, ні ва універсітэцкія аўдыторыі. Для імперскіх «просветителей» заўсёды актуальней заставалася запіска куратара Віленскай альмаматэр Навасільцава, накіраваная цару яшчэ ў 1831 годзе: «…начиная с университета, вводить преподавание наук на языке русском, ибо разность в языках всегда питает взаимную недоверчивость. Филологическое исследование языка и даже его простое изучение пробуждают исторические воспоминания о некогда бывшей самостоятельности и независимости государства, а в сих источниках кроются семена беспрерывных мятежных усилий, а также чувств ненависти и зависти, что все, совокупляясь вместе, рождает злые умыслы…»

Нацыянальная дыскрымінацыя беларусаў, якая выклікала пратэсты ў Еўропе, стала прадметам абмеркавання на Усеславянскім з’ездзе прагрэсіўных студэнтаў, што адбыўся ў 1908 годзе ў Празе. У клопаце пра драматычны лёс культуры братняга славянскага народа дэлегаты з’езда прынялі рэзалюцыю з наступных пунктаў:

1. Усеагульнае навучанне ў Беларусі павінна весціся на роднай мове.

2. У сярэдніх навучальных установах неабходна ўвесці вывучэнне беларускай мовы і гісторыі Беларусі.

3. У Вільні (тады менавіта яна была бясспрэчнаю сталіцай беларускага адраджэння) неабходна адчыніць беларускі універсітэт…

Трэці пункт рэзалюцыі, як нам добра вядома, не выкананы і сёння: нацыянальнага беларускага універсітэта ў краіне дагэтуль няма.

У дзяцінстве я часта ездзіў у грыбы пад полацкую вёску Захарнічы. Не памятаю, каб нехта з настаўнікаў — гісторыі ці малявання — казаў нам, што там пражыў большую частку свайго веку выбітны беларускі жывапісец Іван Хруцкі, аўтар бліскучых партрэтаў, нацюрмортаў, пейзажаў і інтэр’ераў, параскіданых цяпер па мастацкіх музеях розных краінаў.

Нарадзіўшыся за два гады да напалеонаўскага паходу ў сям’і уніяцкага святара айца Фамы з Улы, Янка ў 1827-м скончыў факультэт вольных мастацтваў Полацкага піярскага ліцэя. Адтуль юнак накіраваўся ў Санкт-Пецярбург, дзе браў прыватныя ўрокі ў англічаніна Джорджа Доўва, стваральніка вядомай галерэі 1812 года ў Зімовым палацы.

Уніяцкае паходжанне, якое падкрэслівае беларускасць Хруцкага, вызначыла яго ментальнасць, калізіі лёсу і творчую індывідуальнасць.

У дваццаць шэсць гадоў — дыплом пра заканчэнне Акадэміі мастацтваў. Яшчэ праз тры, у 1839-м, у журнале акадэмічнай рады з’яўляецца запіс аб наданні Івану Хруцкаму звання акадэміка жывапісу. Зазначым, што прадстаўлены радзе нацюрморт меў з пункту гледжання сталічных мэтраў, адценне крамольнасці: у акадэміі заахвочвалі маляванне кветак і садавіны, беларускі ж мастак змясціў на палатне гародніну, грыбы і рыбу, а ў дадатак і сялянскі гладыш.

У тым самым 1839 годзе мастак пасля бацькавай смерці (стары не перажыў дратаванне Уніі) перавёз маці, двух братоў і трох сясцёр у Захарнічы. Непадалёку ад ляснога возера Шчалапок Хруцкі паводле ўласнага праекта забудаваў сядзібу і пасадзіў сад. (Калі гляджу на вінаград з яго нацюрмортаў, заўсёды думаю, што ён выспяваў у захарніцкай аранжарэі.) Па суседству стаяў маёнтак Навагуршчына, дзе гаспадарыў Ксаверы Бянбноўскі, былы капітан паўстанцкага войска Касцюшкі. На дванаццаць гадоў маладзейшая за мастака суседава дачка Ганна пайшла з ім пад вянец.

3 Захарнічаў Хруцкі выпраўляўся на выставы ў Пецярбург, а таксама ў Вільню і Коўна, дзе атрымліваў замовы на размалёўку храмаў. Апошнія тры дзесяцігоддзі яго жыцця яшчэ чакаюць даследчыка: пра іх амаль нічога невядома.

Мастак развітаўся з гэтым светам у 75 гадоў і знайшоў прыстанак на захарніцкіх могілках. Полацкія краязнаўцы браты Уладзімір і Сяргей Глушковы з дапамогаю праўнучкі Хруцкага, кіеўскай мастачкі Ядвігі Маціеўскай (яе дзяцінства прайшло ў Захарнічах) выявілі месца, дзе была разбураная за бальшавікамі магіла. Яны, здаецца, яшчэ не губляюць надзеі знайсці каменнае надмагілле і (разам з аўтарам гэтых радкоў) мараць, што некалі з Полацка можна будзе з’ездзіць у мемарыяльны музей-сядзібу водбліз возера, якое тутэйшыя сяляне, забыўшы яго афіцыйную назву, звычайна называюць Хруцкім.

Канчаецца стагодцзе, і на адвітанне з ім яшчэ крыху статыстыкі.

1891 год. У Полацку — 20 321 жыхар: 6989 праваслаўных, 204 «адзінаверцы» (стараабрадцы, якія падпарадкаваліся расійскаму Сіноду), 407 старавераў-«раскольнікаў», 1534 католікі, 299 лютэранаў 10 797 яўрэяў i 1 магаметанін. Будынкі: 366 мураваных і 1604 драўляных. Прадпрыемствы: мылаварня, пяць гарбарняў, тры ганчарні, два тытунёвыя заводзікі, па адным — з вытворчасцю запалак і сельтэрскай вады. Крамы: 238 каменных і 274 драўляных. Паліцэйскія будкі: дзве.

Паводле першага ўсерасійскага перапісу 1897 года, у горадзе жылі 20 751 чалавек. Полацкія жанчыны мелі пэўныя праблемы з замужжам: іх было 10 794 супроць 9957 прадстаўнікоў моцнага полу. 28 працэнтаў палачанаў працавалі ў прамысловасці, 4 працэнты займаліся сельскай гаспадаркай, 33,5 — гандлем. Падзёншчыкаў і людзей на прыватнай службе — 14,5 працэнта, чыноўнікаў, вайскоўцаў і духавенства — на чатыры болей.

I такая вось важная лічба. Дакументы перапісу сведчаць: сярод палачанаў ва ўзросце ад дзевяці да сарака чатырох гадоў пісьменныя складалі 39,6 працэнта. Мала гэта ці шмат? Сярэдні паказчык па беларускіх губернях быў 32,6, агульнаімперскі — 28. Адрасую гэтыя звесткі нейкаму В. Славіну, які ў 1991 годзе з блаславення рэдакцыйнага невука змясціў у наваполацкай гарадской газеце нататку «Что дал нам Ленин». Надрукаваная на месцы перадавога артыкула, яна беспардонна пудрыла чьітачу мазгі: «До 1917 г. в России было 28 процентов грамотных, в Белоруссии — в три раза меньше…» Зрэшты, што там невядомы нікому Славін, калі ў той самы час пра суцэльную непісьменнасць, адсталасць ды забітасць «дарэвалюцыйных» беларусаў з паталагічнаю асалодаю дзяўблі з розных трыбун першыя асобы рэспублікі.

Калі глядзець з сучаснасці, XIX стагоддзе скончылася ў Полацку досыць сімвалічна: у 1900-м туды, хаваючыся ад паліцыі, прыехаў і стаў на кватэру ў пасёлку гарбарнага завода адзін з падручных Леніна Іван Бабушкін. Пра тое, як ён прыкінуўся сталяром, як змайстраваў там зэдлік з «сакрэтам» і пашырыў пятнаццаць асобнікаў «Искры», нашыя гісторыкі і краязнаўцы панапісвалі столькі, што я адразу стаўлю кропку. Прапушчу і тэму «роста классового самосознания и организованности народных масс». Яна даследавана так грунтоўна, што зроблена адкрыццё пра бальшавіцкі характар полацкай філіі РСДРП у гады першай расійскай рэвалюцыі, хоць ніякіх бальшавіцкіх арганізацый тады ў Беларусі ўвогуле не было.

Надышоў 1905 год. На вуліцах Полацка пачаліся дэманстрацыі, залуналі чырвоныя сцягі, загучалі стрэлы. Схілім галовы, успомніўшы палачанаў, што загінулі 18 кастрычніка, назаўтра пасля абвяшчэння царскага маніфеста пра дэмакратычныя свабоды, калі паліцыя без папярэджання пачала страляць па мірным мітынгу на Верхнім рынку. Ушануем памяць забітых у вулічных баях 23 кастрычніка. Прыпынімся каля мемарыяльнай дошкі на праспекце Карла Маркса і падумаем пра тых, хто загінуў у перастрэлцы салдатаў і паліцыі з баевікамі, што заселі ў мэбляваных нумарах «Парыж» і «Залаты якар». Ахвярамі былі і адны, і другія.

3 іскры разгаралася полымя. Яно ператворыцца ў пажар, дзе згараць і задыхнуцца дзесяткі мільёнаў людзей.

Мала хто з жыхароў дзевятнаццатага стагоддзя прадбачыў што ўслед за ім надыдзе дваццатае…

TPABEHЬ, 1910

Так, травень 1910-га. Полацк толькі што сустрэў мошчы святой Еўфрасінні, дзякуючы чаму на колькі дзён апынуўся ў цэнтры ўвагі расійскае прэсы. Урачыстасці ўжо сталі гісторыяй. Завяла зеляніна святочных аркаў. Адышлі ад перона Мікалаеўскага вакзала цягнікі з каралевай Грэцыі Вольгай і полацкім кадэтам яго высокасцю князем Алегам Канстанцінавічам, што, выкарыстаўшы нагоду, здаў у корпусе два выпускныя экзамены. Раз’ехаліся сталічныя ды замежныя рэпарцёры. Горад прытомлена заціх, вяртаючыся да свайго звыклага правінцыйнага жыцця.

Прапаную вам затрымацца тут на дзень-два: пахадзіць па вуліцах, падыхаць полацкім паветрам, без святочнае мітусні прыгледзецца да твару і прыслухацца да душы горада.

Вы спыніліся ў адной з трох полацкіх гасцініц: «Віленскай», «Славянскай» ці ў «Грандгатэлі». Зрэшты, у залежнасці ад густу і сродкаў вы маглі ўзяць нумар і ў мэбляваных пакоях, якіх найболей на вуліцы Спасаўскай. Чаго вартыя адны назвы: «Лондан» (гэты будынак з барэльефамі львіных галоў лёгка знайсці каля цяперашняга кінатэатра «Радзіма»), побач з ім — «Брыстоль», потым «Пецярбург» і «Італьянскія нумары», «Парыж» і «Залаты якар», дзе ўжо нічога не нагадвае пра крывавыя падзеі 1905 года. На Спасаўскай, самай гасціннай у горадзе вуліцы, да вашых паслугаў яшчэ і заезныя дамы Міхала Піятровіча ды Іцака Міндліна. Усяго заезных дамоў у Полацку чатыры, а мэбляваных пакояў — па сутнасці, маленькіх гатэльчыкаў — дванаццаць. Ёсць тут, вядома, і свой «Метраполь», і свая «Еўропа», і «Рыга» з «Франкфуртам».

Спусціўшыся з нумара ўніз і няспешна паснедаўшы, вы разгарнулі за каваю куплены ўчора «Путеводитель по городу Полоцку», выдадзены мясцовым царкоўным брацтвам з нагоды перанясення Еўфрасінніных мошчаў. Апрача таго, што горад ляжыць па 46°26’ усходняй даўгаты й 55°29’ паўночнай шыраты, або што ён на 435 футаў вышэй узроўню Балтыйскага мора, вы знойдзеце ў гэтым даведніку і больш патрэбныя цікаўнаму падарожніку звесткі.

Вось раздзельчык пра манастыры, храмы і малітоўныя дамы. Манастыроў тры: мужчынскі Богаяўленскі, жаночы Барысаглебаўскі на рэчцы Бельчыцы і Спаса-Еўфрасіннеўскі. Кожны мае па некалькі храмаў. Богаяўленскі — сабор і цёплую Кацярынінскую царкву, Барысаглебаўскі — халодную царкву ў гонар сваіх святых і храм шматпакутніцы Параскевы. У Спасаўскай Божай цвярдыні побач са старажытным дзівам дойліда Іаана стаяць асвечаны ў 1897 годзе сабор Узвіжання крыжа, а таксама цёплая Еўфрасіннеўская і трапезная цэрквы. Храмы па за межамі манастырскіх сценаў: Сафія («Святыню собора составляет древняя, особенно чтимая народом икона Божьей Матери, пред которой в течение мая месяца ежедневно в 7 ч. утра при большом стечении народа совершается акафист»); Мікалаеўскі сабор, які ў 1873 годзе пераняў у Сафійскага статус кафедральнага; Пакроўская царква, «строящаяся на месте сгоревшей в мае 1900 года»; Іаана-Багаслоўская, «освященная в православный храм после упразднения бернардинского костела 11 сентября 1852 года»; Міхайлаўская царква на Міхайлаўскіх могілках у Запалоцці; дамавыя цэрквы святога Мікалая пры кадэцкім корпусе і настаўніцкай семінарыі; дамавы храм у гонар цудатворца Сергія Раданежскага пры духоўнай вучэльні; адзінаверніцкая Святадухаўская царква; стараверскі храм; рымска-каталіцкі касцёл; лютэранская кірха; сінагога (даведнік чамусьці маўчыць яшчэ пра 22 юдзейскія малітоўныя дамы); Крыжаўзвіжанскі храм у Струні, «построенный униатским архиепископом Ираклием Лисовским, в котором по правую сторону иконостаса покоится прах этого знаменитого борца с католичеством за сохранение восточных обрядов в униатской церкви».

Перш чым выйсці з гатэля, вы грунтоўна пазнаёміцеся са змешчаным у «Путеводителе» планам горада і ваколіцаў.

Полацк, як і ў сярэднявеччы, дзеліцца на пяць частак: Верхні і Ніжні замкі, Горад, Запалоцце і Задзвінне. Праз Дзвіну ўжо перакінуты мост, але ён — чыгуначны. Пешаходна-транспартны пабудуюць у гады Першай сусветнай вайны, а пакуль ахвочыя трапіць у Задзвінне садзяцца на паром ці ў лодку.

Раўналежна Дзвіне ідуць вуліцы Ніжнепакроўская, Вялікая, Верхнепакроўская і Віцебская. Далей у бок Палаты пралеглі Спасаўская, Азараўская, Невельская, Плігаўская, а за ёю — Канаўная, Заканаўная, Гарбузоўская і Салдацкая слабодка. Пад простым вуглом іх перасякаюць вуліцы Стралецкая, Рыжская, Прабойная, Крыжовая, Узнясенская, Наддзвінская, Крапасная, Задзвінская, Яўрэйская, Гогалеўская, Баравая і Старавакзальная. Такім чынам утвараецца сістэма даволі рэгулярных кварталаў.

«На способных местах» — восем пляцаў названых паводле месцазнаходжання або прызначэння: Корпусны (цяпер Свабоды), Гандлёвы, Базарны (Скарыны), Сянны, Дрывяны, Конны, Верхнязамкавы і Задзвінскі. У межы Полацка ўжо ўваходзіць пасёлак каля Мікалаеўскага вакзала (цяперашняя станцыя Грамы), але напраўду горад канчаецца за пару сотняў метраў ад Старавакзальнай, а далей, да новага вакзала, — поле.

Перанясёмся ў наш час і прыслухаемся да спрэчкі наконт перайменавання полацкіх вуліц. Адны — за тое, каб вярнуць старыя імёны, другія — каб адлюстраваць у назвах гісторыю горада і Полацкай зямлі. Я не супраць таго, што вуліца Горкага зноў зрабілася Стралецкай, аднак наўрад шмат хто з сённяшняй вуліцы Скарыны захоча стацьжыхаром Плігаўскай. Гістарычная тапаніміка — рэч тонкая. Здаецца, ісціна ў спрэчцы ляжыць пасярэдзіне, і я разумею тых, хто хацеў бы жыць не на Заканаўнай, а, да прыкладу, на вуліцы Сімяона Полацкага. А пакуль што вы на Спасаўскай. 3 «Путеводителем» у кішэні вы выходзіце з гатэля і пачынаеце сваё падарожжа.

Герой шмат у чым аўтабіяграфічнай «Жизни Арсеньева» Івана Буніна таксама меўся прыехаць сюды, «поселиться в какой-нибудь старой гостинице, пожить зачем то некоторое время в полном одиночестве». Прыезд расчараваў яго: «В Полоцке шел зимний дождь, улицы были мокры, ничтожны».

Вам у параўнанні з Буніным пашанцавала. Свеціць ужо палетняму гарачае сонца, зелянеюць дрэвы, сям-там у гародчыках яшчэ цвіце бэз. Прыемна ісці па чыстым бруку і тратуарах-ходніках з часанага вапняку, глядзець на адметныя двух-, зрэдку трохпавярховыя мураванкі, супроць якіх сапраўднымі хмарачосамі выдаюць гмахі кадэцкага корпуса і чыгуначнага батальёна ў Задзвінні. У канцы кожнай цэнтральнай вуліцы тое, што архітэктары называюць дамінантай. Спасаўская выходзіць на дамініканскі касцёл, Віцебская — на Мікалаеўскі сабор з помнікам 1812 года перад ім, у перспектыве вуліцы Верхнепакроўскай добра праглядаецца Сафія.

Зрэшты, пазней, ва ўспамінах, уражанні Буніна таксама пераменяцца: «У мяне дагэтуль два Полацкі — той, прыдуманы, і сапраўдны. I гэты сапраўдны я таксама бачу цяпер ужо паэтычна…» А першы, выдуманы горад найперш будзе звязаны ў свядомасці пісьменніка з яго яшчэ дзіцячым захапленнем паданнямі пра Усяслава Чарадзея. (Напэўна, падавала голас кроў продкаў бо «Гербовник дворянских родов» паведамляе, што «род Бунина идет от Симеона Буниковского, мужа знатного, выехавшего в XV веке из Литвы со своей дружиной».)

Цяпер у Полацку раскашуе вясна.

Вы пройдзецеся па Віцебскай вуліцы — паўз прыватную жаночую прагімназію ў доме Кацнельсона, паўз друкарні Сраліовіча і Клячко (у апошняй, дарэчы, выдадзеныя кніга Вікенцьева пра кадэцкі корпус і ваш «Путеводитель»), паўз цэлы шыхт з сямі аптэкаў і аптэкарскіх крамаў (усіх разам іх у Полацку дзевяць), паўз каланіяльныя лаўкі Бакаева, Гольдзіна, Эпштэйна і Кацнельсона, паўз мануфактурныя крамы Мінца, Сакалінскага, Лібермана і Ушацкай, паўз галантарэйныя — Коца і Капейкіна. Палюбуецеся на футры, выстаўленыя ў чысцюткай, як сляза, вітрыне крамы Дзімянштэйна. Потым павернеце на Верхнепакроўскую з яе канцылярыяй павятовага маршалка Бондырава, з будынкамі дваранскай апекі, настаўніцкай семінарыі, жаночай прыходскай і мужчынскай духоўнай вучэльняў.

У жаночай гімназіі на Ніжнепакроўскай вучыцца трынаццацігадовая Люба Казьяніна. Не, яна не выб’ецца ў знакамітасці. Проста праз шмат гадоў у Полацкі краязнаўчы музей трапіць яе выпускны атэстат з пяцёркамі па паводзінах, чыстапісанні, гігіене, маляванні, гімнастыцы і спевах, з чацвёркамі па законе Божым, геаграфіі, гісторыі, літаратуры, фізіцы, педагогіцы і рукадзеллю, а таксама са здавальняючымі адзнакамі па матэматыцы і нямецкай мове. У атэстаце будзе запісана, што выхаванка жаночай гімназіі мае званне хатняй настаўніцы і пасля кожнага года заняткаў у прыватным доме павінна падаваць дырэктару гімназіі справаздачы і ўхвальныя сведчанні пра сябе ад гаспадароў і павятовага маршалка.

Выконваючы гэтыя правілы, настаўніца праз дваццаць гадоў службы атрымлівала права на пенсію або на «поступление в дом призрения бедных девиц благородного звания на казенное содержание».

Гімназістка Люба ўжо не паспее заслужыць ні таго, ні другога, бо ўжо зусім блізкія «вихри враждебные» наладжанае жыццё перакуляць. А пакуль яна радуецца блізкаму лету і рыхтуецца да гімназічнай экскурсіі ў Крым і на Украіну. У праграме — святыя пагоркі Кіева, поле Палтаўскай бітвы, севастопальскія бастыёны, скалы пад Ялтаю…

Каля гімназіі вы можаце сустрэцца з самавітай бяляваю дамай пад летнім парасонам. Гэта педагог Вільгельміна Фёдараўна Рульковіус. Між іншым, выпускніца Кембрыджскага універсітэта. Неўзабаве яна зробіцца начальніцай гімназіі, а за бальшавіцкім часам «буржуінка» з яе англійскім дыпломам і веданнем сямі моваў будзе жыць у галечы, зарабляючы на хлеб прыватнымі ўрокамі.

Вы ўглядаецеся ў твары прахожых, спрабуючы адгадаць, хто яны, прачытаць іх будучыню. Магчыма, вы спаткаеце выкладчыка літаратуры ў кадэцкім корпусе Івана Іванавіча Далгова. Гэта тутэйшая славутасць. Прыезджы выпускнік Пецярбургскага універсітэта, ён — палачанін па духу: даследуе і абараняе полацкія помнікі, дыхае пылам архіваў, чытае лекцыі, праводзіць экскурсіі. На жаль, дні Івана Іванавіча ўжо злічаныя. У наступным годзе горад правядзе яго ў апошні шлях, а «Витебские губернские ведомости» надрукуюць прачулы некралог:

«Город Полоцк в лице Ивана Ивановича потерял своего Нестора… Целую четверть века, как свеча, горел он в славном стариною, но глухом уездном городе. Достаточно сказать, что в самые последние дни своей жизни Иван Иванович предполагал начать раскопки на месте обнаружения в Спасо-Евфросиниевском монастыре древней кладки неизвестного здания XI–XII веков; произвел интересную археологическую разведку под одним из курганов села Ситна Полоцкого уезда; приобрел от крестьян этого села коллекцию старинных монет для корпусного музея; накануне смерти прочел кадетам в корпусе лекцию… Будучи человеком европейски образованным, путешествовавшим за границу, свободно говорившим и читавшим на иностранных языках, Иван Иванович имел широко прогрессивные убеждения, хотя по свойствам своей художественно-настроенной психики не всегда мог осмыслить задачи националистической политики… Как старый студент-идеалист, Иван Иванович жил и умер бессребреником. «Долгов, кроме долгов, ничего не имеет», — так иногда острил покойный касательно своих материальных и имущественных дел.

Его кости положены на историческом месте: возле нетленных останков небесной покровительницы белорусского края…» (Аўтарам некралога будзе Д. С. Леанардаў, пяру якога належыць змешчанае ў «Полоцко-Витебской старине» даследаванне «Полоцкий князь Всеслав и его время».)

Дзе магіла Івана Далгова?

На свята пераносу мошчаў нябеснай апякункі Беларусі з’ехалася шмат палачанаў, якія вучацца ці служаць далёка ад роднага горада. Не выключана, што вунь той юнак з моднымі вусікамі, які далікатна падсаджвае сваю юную спадарожніцу ў пралётку, — Юры Аляксееў. Пакуль яго ведаюць хіба што тэатралы правінцыйных гарадоў, па якіх ён гастралюе з драматычнымі трупамі. Але прыйдзе пара, і Юры Аляксееў стане заснавальнікам беларускага кінематографа Юрыем Тарычам.

Вы маеце шанц сустрэцца і са студэнтам універсітэта ў Юр’еве (Тарту) Сяргеем Сахаравым. Гэты паважны малады палачанін ужо праз год зробіцца сакратаром Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, а пазней — вядомым беларускім этнографам і фалькларыстам, будзе кіраваць беларускім адзьдзелам у міністэрстве асветы незалежнай Латвійскай Рэспублікі, працаваць дырэктарам Дзвінскай (Даўгаўпілскай) беларускай гімназіі, збярэ сотні казак, легендаў і песняў латвійскіх беларусаў. Вернай спадарожніцаю Сахарава на яго цярністай жыццёвай дарозе, дзе давядзецца перажыць і абвінавачванні ў беларускім нацыяналізме ў даваеннай Латвіі і пяць гадоў сталінскіх лагераў, будзе выпускніца Полацкай гімназіі Вольга, дачка святара Нікановіча з Лепельскага павета. Праз шмат гадоў фотаздымак Вольгі Сахаравай сустрэнецца з мужавым партрэтам на суседніх старонках біябібліяграфічнага даведніка «Беларускія пісьменнікі», які назаве найбольш значнай часткаю яе спадчыны два сцэнічныя творы: казачную феерыю «На Полацкім замчышчы» і п’есу ў трох дзеях «Птушка на волі».

А вось пра сялянскага сына з прыдзвінскай вёскі Цельцы Макара Шалая даведнік, на жаль, маўчыць. У дні нашай вандроўкі па Полацку чатырохгадовы Макар бегаў без портак. Бурапенныя 1920-я прынясуць яму аўтарытэт таленавітага крытыка. Ён уступіць у літаратурнае аб’яднанне «Маладняк», а праз нейкі час як «вораг народа» апынецца ў славутай менскай «амерыканцы» — унутранай турме ДПУ, дзе дасць следчаму здзеклівыя паказанні, што разам з сябрамі-пісьменнікамі хацеў адарваць БССР ад Савецкага Саюза і далучыць да Індыі. Са сталінскіх катавальняў Макар выйдзе на волю вар’ятам, не здольным пазнаць ні колішніх сяброў ні роднае маці…

Звестак аб прыездзе ў гэтыя дні 1910 года з Санкт-Пецярбурга ў Полацк прафесара Браніслава Эпімах-Шыпілы няма, аднак візіт ужо масцітага на той час вучонага, выдаўца, апекуна Янкі Купалы і рэдактара яго першай кніжкі выглядае цалкам магчымым. 3 тае простае прычыны, што дзяцінства Браніслава прайшло на Полаччыне ў фальварку Залессе, дзе бацькам належала дваццаць дзесяцін ворнай зямлі і дзесяць дзесяцін лесу. Браніслаў Ігнатавіч быў там штогод: збіраў фальклор, збудаваў двухпавярховы дом, меркаваў адчыніць у ім музей, для якога ўжо назапашана было нямала экспанатаў. Мары пра музей згарэлі ў тым самым 1910-м у полымі пажару — разам з маёнткам, бібліятэкай і экспанатамі. Купала адгукнуўся на бяду старэйшага сябра шчырым вершам-спачуваннем, што, як прызнаваўся ў лісце гаспадар Залесся, «быццам жыватворчы бальзам, вылечыў пачынаўшую балець смутную душу».

У святочным натоўпе можна было спаткаць і юнака П. Арла, які не заваюе шырокай вядомасці, але ў 1959-м, жывучы ў Маскве, напіша свае ўспаміны «Горад Поладк у перадрэвалюцыйныя гады», дзе ўваскрашаюцца шмат якія незваротна сцёртыя часам рысы тагачаснага жыцця. Дзеля стэрэаскапічнасці партрэта горада зірнем на яго праз прамінулыя паўстагоддзя і вачыма былога полацкага кадэта Арла:

«Задзвінне з горадам звязваў паром каля Ніжняга рынку. Паром цягнулі ўручную на канаце, і на ім перавозілі коней з калёсамі. Для пераправы людзей у той і другі бок хадзілі на вёслах лайбы (баркасы). Такія самыя паромы былі ў вусці Палаты — для сувязі з Запалоццем і паблізу мястэчка Экімань — цераз Дзвіну. Перавознікі бралі за пераправу з чалавека па 1 кап., а за коней — па 3 кап.

Амаль увесь гандаль знаходзіўся ў руках яўрэяў і канцэнтраваўся пераважна ў раёне двух базарных пляцаў — Новага і Старога рынкаў. Воддаль іх сустракаліся збольшага адно бакалейныя крамкі; яны мясціліся ў тым жа доме, дзе жыў іх уладальнік. Новы рынак у самым цэнтры горада быў з усіх бакоў абкружаны ў выглядзе чатырохкутніка каменнымі магазінамі з адкрытымі галерэямі. Тут гандлявалі гатовым адзеннем, тканінамі, абуткам, скабянымі і гаспадарчымі таварамі, посудам. У базарныя дні ўвесь пляц запаўнялі сялянскія вазы, чые гаспадары прывозілі на продаж малако, масла, тварог, яйкі, курэй, парасятаў, свіней, садавіну, гародніну. Сям-там на Старым пляцы сядзелі мянялы. За размен бралі з кожнага рубля 3–5 капеек.

Большасць гараджанаў хлеб для сябе пякла дома. У булачных гандлявалі толькі здобай і булкамі з белай мукі…

Цэнтральным месцам адпачынку і забаваў доўгі час служыў кадэцкі пляц. Гэта быў вялікі, гладка ўтрамбаваны чатырохкутнік з шырокімі прысадамі з усіх чатырох бакоў. Дрэвы, перадусім таполі, у тым ліку пірамідальныя, а таксама дзікія каштаны дасягалі велізарнай вышыні і таўшчыні. Шмат якія дрэвы падымаліся да званіцаў сабора. Увечары, асабліва па суботах, пляц густа запаўнялі святочна апранутыя людзі. У так званыя табельныя дні тут адбываліся парады кадэтаў. У зімовы час вольнапажарнае таварыства рабіла на пляцы каток-коўзанку. Яе абсаджвалі ялінкамі, у нядзелю граў аркестр пажарнікаў. У 1905 годзе пляц стаўся месцам збору для розных дэманстрацый. Пасля гэтага гарадская дума перадала пляц ва ўласнасць кадэцкага корпуса. Адміністрацыя абвяла яго жалезнай агароджай і пазбавіла гараджанаў права карыстацца пляцам для прагулянак, калі туды выводзілі гуляць кадэтаў. У той час каток рабілі на Дзвіне.

Улетку Дзвіна заўсёды прываблівала мноства гараджанаў. Улюбёным месцам купання быў пляж насупраць вусця Палаты. Вечарамі пляж быў поўны мужчын і падлеткаў. Жанчыны выпраўляліся найчасцей на Палату. Усе купаліся галяком.

Увесну шмат хто з палачанаў хадзіў па чаромху на Чорную рэчку. Так называлася рукаво Дзвіны, якое аддзялялася насупраць Богаяўленскага манастыра і зноў злучалася з Дзвіною каля мястэчка Экімань. Чорная рэчка ўтварала вялікі востраў. Моладзь любіла хадзіць на шпацыр у лес за Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыром. Верхні замак улетку — асабліва ў травені, калі ў Сафійскім саборы штодня а шостай гадзіне раніцы чыталіся акафісты перад шанаваным абразом Божае Маці, — таксама запаўняўся народам. Людзі доўга стаялі над стромай, назіралі за плытамі, слухалі песні асначоў і іх ігру на гармоніку.

Вольнапажарнае таварыства, якое мела ўласны духавы аркестр, часта ў летнія месяцы наладжвала гулянні ў гарадскім садзе. Сад знаходзіўся побач з вакзалам. Ён займаў досыць значную прастору з вялікімі прысадамі. У садзе была ракавіна для аркестра, адкрытая сцэна для канцэртаў і спектакляў. Заўсёды шматлюдна было ў буфеце…

У апошняе дзесяцігоддзе некаторыя крамы, а найперш гадзіннікавыя майстэрні, мелі ровары, якія ахвотна выдавалі напракат за 15 кап. на гадзіну.

Паблізу рыначнага пляца, у доме ў купца Лебедзева, была гарбатня таварыства цвярозасці. Тамсама выдзеленыя былі два пакоі: адзін пад бібліятэку, другі пад чытальню. У нядзельныя вечары, калі гарбатня зачынялася, у зале часам наладжваліся чытанні з карцінамі з дапамогаю «чароўнага ліхтара».

Свайго тэатра горад не меў. Спектаклі ставілі аматары сцэнічнага мастацтва. Некалькі разоў прыязджалі папулярныя тады хары Славянскага, Архангельскага. Аднойчы ў Полацку выступала Камісаржэўская. Спектаклі давалі ў зале «благородного собрания» — так называўся клуб, у якім аб’ядноўваліся пераважна чыноўнікі і афіцэры. Частымі гасцямі бывалі і павятовыя памешчыкі. У клубе гулялі ў більярд і ў карты. Драўляны будынак «благородного собрания» стаяў у садзе на тым месцы, дзе цяпер пабудаваны дом афіцэраў. Побач, на пустцы, спыняўся заезджы вандроўны цырк…

Пасля задушэння рэвалюцыі 1905 года сярод моладзі запанавалі ўпадніцкія настроі. Зачытваліся вершамі Надсона, чыталі Саніна, размаўлялі пра нашумелую кнігу «Пол і характар»…

Аднак адарвемся ад крыху настальгічных успамінаў колішняга кадэта і зноў паспрабуем уявіць сябе на полацкіх вуліцах і пляцах у травені 1910-га.

Агледзеўшы помнік падзеям 1812 года, Мікалаеўскі сабор і класічныя будынкі Корпуснага пляца, вы прысядзеце на лавачку ў засені старых ліпаў. Кінеце вока на густоўныя газавыя ліхтары (першая электрастанцыя дасць ток яшчэ праз два гады) і зноў дастанеце з кішэні гарадскі даведнік.

Адрасы сямі булачных і пякарняў: усе на Віцебскай, галоўнай гандлёвай вуліцы горада. Пералік навучальных установаў. Іх у Полацку дваццаць адна. Апрача ўжо знаёмых вам, гэта шасцікласная і чатырохкласная гарадскія вучэльні; жаночая епархіяльная вучэльня пры Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры (начальніца — манахіня Ніна); прыватная шасцікласная рэальная, мужчынская прыходская і яшчэ адна, жаночая (два агульнаадукацыйныя класы і трэці рукадзельны); пачатковая вучэльня пры настаўніцкай семінарыі. Потым ідуць шэсць царкоўна-прыходскіх школ, пачатковая яўрэйская і талмудтора. Неўзабаве адчыняцца гарадская і чыгуначная гімназіі.

Кароткі спіс бальніц: земская на Верхнім замку і яўрэйская на Невельскай. Галоўны гарадскі лекар Я. Ольдэнбург жыве ў «Грандгатэлі», павятовы Н. Гнядоўскі — ва ўласным доме на Ніжнепакроўскай. Прозвішчы і адрасы чатырох лекараў (у тым ліку двух дактароў медыцыны А. Мансветава i А. Арлова), двух фельчараў і двух ветэрынараў, што маюць прыватную практыку. (Выклік доктара дахаты каштуе ад аднаго да пяці рублёў плюс плата за рамізніка.)

Дабрачынныя ўстановы: царкоўнае брацтва ў гонар святога Мікалая і найпадобнейшай Еўфрасінні (утрымлівае жаночую багадзельню і сірочы прытулак), яўрэйскае таварыства дапамогі бедным і таварыства без назвы, на чале якога — спадарыня Л. Іярдан.

У спісе галоўных крамаў вы ўбачыце магазін «железной торговли» на Гандлёвым пляцы. Гаспадар яго — наш знаёмы купец Шпакаў, той, што задарма згодны быць гарадскім галавой.

Даведнік падкажа і адрасы шасці полацкіх кнігарняў, куды вы неадменна збіраецеся завітаць. Па дарозе вам захочацца зрабіць на памяць здымак у адной з трох полацкіх фатаграфій, дзе чакаюць кліентаў спадары Бермант, Шыф і Бернштэйн.

Усе кнігарні невялікія, затое прыватныя, і вас тут сустрэнуць як дарагога госця. Вы ў Полацку ўпершыню? Вам абавязкова трэба «Путеводитель». Ужо набылі? Тады раім вось гэтую кніжку — «Минувшее и настоящее Полоцка». Вы ведаеце, аўтар — палачанін, педагог-мовазнавец з настаўніцкай семінарыі, піша проста, але ад душы.

Вы наўздагад разгорнеце сціплую кніжачку: «Суровый упрек несется к вам с высот Верхнего замка от храма святой Софии Премудрости Божьей. Печальный, обезглавленный стихией, почти оставленный и полузабытый (службы в нем совершаются только в течение одного мая месяца), этот храм, дорогое сокровище и сердце древнего Полоцка, теперь с находящимися вокруг него развалинами когда-то красивого и величественного здания, вызывает краску стыда и чувство горькой обиды…»

Вы зразумееце, што аўтар гэтых слоў Мікалай Іванавіч Зорын, — палачанін не толькі паводле месца жыхарства (праз паўстагоддзя ён прынясе сваю кніжачку ў гарадскі краязнаўчы музей), і дастанеце партманетку з грашыма.

На дадатак вам прапануюць наборы паштовак з краявідамі горада, а можа, нават прачытаюць пра іх маленькую лекцыю. Вы даведаецеся, што першыя полацкія паштоўкі на самым пачатку XX стагоддзя выдалі Гёлер з Дрэздэна і Гофеншэфер з Полацка. Што іх пачынае выпускаць вядомае кніжнае прадпрыемства Суворына, але невядома яшчэ, ці ўдасца ў Маскве дасягнуць выдатнай якасці паштовых картак, за якія горад удзячны нямецкім выдаўцам Краўскопфу з Кёнігсберга і Штыке з Берліна. Колькі добрых словаў будзе сказана пра новыя паштоўкі мясцовых выдаўцоў Ліўшыца, Гофеншэфера і Рафайловіча, пагатоў у кнігарні другога з іх — самай вялікай у горадзе — вы і знаходзіцеся.

За царскім часам выйшла дзве з паловаю сотні паштовых картак пра Полацк (за савецкім — разоў у дзесяць меней), і вы будзеце мець багаты выбар. Вось чорна-белыя паштоўкі, вось прафесійна расфарбаваныя каляровыя. На гэтых — архітэктурныя выдатнасці, а на гэтых — проста эпізоды гарадскога жыцця: людзі на вуліцах, рынак, зімовая Дзвіна з санямі на ёй. А тут цікавыя карткі з Сафійскім саборам, кадэцкім корпусам і непрэтэнцыёзнымі вершаванымі радкамі:

У Двины и Полоты Стоит Полоцк-город. Посети его и ты, Сразу станешь молод.

Вашу ўвагу звернуць таксама на стос нерэгулярнай газеты «Полоцкий листок». Якраз у сённяшнім нумары доктар медыцыны Мансветаў піша пра дзіва, учыненае мошчамі святой Еўфрасінні з невылечна хвораю манашкай.

Паміж расійскіх кніг і падручнікаў вы заўважыце колькі кніжак першай легальнай беларускай выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша ваконца»: Цётчына «Першае чытанне для дзетак беларусаў», «Беларускі лемантар» Каруся Каганца, Дунін-Марцінкевіч, Купала… А можа, трапіцца на вока і выдадзены ў Вільні першы нумар беларускага каляндара «Нашай Нівы», і ў ім вы прачытаеце рэкламу самой газеты — «люстра душы, думак і патрэб Беларусі». (Такі каляндар на 1912 год паведамляе, што галоўны кірмаш у Полацку адбываецца на дзень святой Еўфрасінні.)

Адмысловая беларуская кнігарня адчыніцца ў аднапавярховым цагляным доме Бакаева на Спасаўскай толькі праз пяць гадоў. Загадчыцаю будзе паэтка Канстанцыя Бўйла (памятаеце: «Люблю наш край, старонку гэту…»?), а першую яе кніжку «Курганная кветка» аформіць у стылі мадэрн геніяльны беларускі мастак родам з Дзісеншчыны Язэп Драздовіч, што, як ніхто глыбока, адчуваў наш нацыянальны космас.

Улетку 1916-га ў спадарыні Канстанцыі з’явяцца нядрэнныя памагатыя — Янка Купала, які да восені наступнага года будзе служыць у Полацку ў вайсковым дарожна-будаўнічым атрадзе, і яго жонка Уладзіслава. Памяць полацкага краязнаўца Івана Дэйніса захавае ўспамін пра яскравы Купалаў выступ перад настаўнікамі ў жаночай гімназіі. Паводле ўспамінаў спадарыні Канстанцыі, паэт атабарыўся за горадам, каля паўстанка Баравуха, у невялікім драўляным дамку, што стаяў у садовым зацішку.

У кнігарнях міжволі думаеш пра бібліятэкі. На час вашага падарожжа ў горадзе, апрача кнігазбораў кадэцкага корпуса, настаўніцкай семінарыіі і «благородного собрания», ёсць прыватная платная бібліятэка пры кнігарні Яхніна. У 1912-м бібліятэчнае таварыства адчыніць яшчэ адну, самую вялікую і даступную любому, хто заплаціць штомесяцавую складку 25 капеек. На пачатак 1915 года яе каталогі налічаць 3256 кніг. Гадавая справаздача засведчыць наяўнасць адзьдзелаў белетрыстыкі, дзіцячага, польскага, яўрэйскага, навуковага і мясцовага, які збіраў матэрыялы пра Полацк і Полаччыну. (Ці ёсць такія адзьдзелы ў сённяшніх гарадскіх бібліятэках?) «Благодаря пожертвованиям Белорусской книгарни, — адзначыць справаздача, — библиотека имеет ряд белорусских книг».

Але на календары яшчэ травень 1910-га, і вы не на гасцінах у Канстанцыі Бўйлы, а ў краме ў Гофеншэфера.

Час палуднаваць. Паслужлівы даведнік параіць восем полацкіх рэстарацый ды сталовак і гарбатню «Попечительства о народной трезвости». Падзякаваўшы «попечителям», вы, напэўна, выбераце нешта больш панаднае, а за адным разам прагледзіце зацверджаную гарадской думай таксу на продаж у Полацку з 15 траўня да 1 чэрвеня 1910 года прадуктаў першай жыццёвай неабходнасці. Фунт простага жытняга хлеба — 3 капейкі, шатраванага (на муку ішло зерне, ачышчанае ад абалонкі) — 4, пытляванага (з добра размолатай і прасеянай мукі) — 5. Фунт белага хлеба ці булак у залежнасці ад гатунку каштаваў ад 8 да 6 капеек, паўфунтовая булка — 5, чвэрцьфунтовая — 3 капейкі. Кошты на мяса першага гатунку: ялавічына — 18 капеек за фунт, цяляціна — 15, бараніна — 13, свініна — 25, сала — 25, вяндліна — 25, вэнджаныя кілбасы мясцовага вырабу — 22, нявэнджаныя — 20. За курыцу ці пеўня плацілі рубель, свежыя курыныя яйкі ішлі па 2 капейкі за штуку, вараныя — па 3. Да гэтага можна дадаць, што ваш нумар у гатэлі каштуе рубель за суткі, «Беларускі каляндар» — 15 капеек, гадавая падпіска на «Нашу Ніву» — 2 руб. 50 кап.

Пра даходы палачанаў «Путеводитель» не кажа, але вядома, што рабочы без кваліфікацыі атрымліваў 50–60 капеек за дзень. Гэта быў мінімум. Дзённы заробак кваліфікаванага майстра складаў рубель і болей. Падлікі паказваюць, што сям’ю мог утрымліваць толькі той, хто зарабляў больш за 30 рублёў на месяц.

Аднак былі і рабочыя (паравозныя машыністы, механікі), чый месячны заробак перасягаў сто рублёў. На службу такі пралетар надзяваў скураную бельгійскую тужурку, а пасля працы мог у пінжачнай пары і кацялку выправіцца ў більярдню. Ён зазвычай жыў ва ўласным доме з прыстойным абсталюнкам, а на дапамогу жонцы наймаў кухарку.

Як жыў сярэдні клас, да якога належалі, напрыклад, педагогі? На жаль, полацкі даведнік не дае адказу, колькі зарабляў скажам, дырэктар гімназіі. Але вядома, што яго калега з менскай мужчынскай урадавай гімназіі апрача 1800 рублёў гадавога заробку меў яшчэ 800 рублёў надбавак і скарбовую кватэру з ацяпленнем і асвятленнем. Агулам яго грашовае забеспячэнне складала 4400 рублёў на год або 370 на месяц. Выкладчык мовы і літаратуры той самай навучальнай установы атрымліваў за год 2800 рублёў. У прыватных гімназіях настаўніцкія даходы былі ў паўтара-два разы вышэйшыя.

Можна задаволіць і тых, хто цікавіцца тагачаснымі коштамі паслугаў прадстаўніц найстаражытнейшай прафесіі. «Салдацкая» прастытутка, якая абслугоўвала кліентаў у прыдзвінскіх зарасніках, атрымлівала за «сеанс» 30 капеек; «мяшчанская», што працавала на найманай кватэры, — рубель; «купецкая» (яе запрашалі ў гатэльны нумар) — ад трох да пяці рублёў.

Але вернемся за рэстаранны столік.

Вы падмацаваліся, пералічылі фінансы і вырашылі дазволіць сабе паездку ў Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр. Усё задавальненне будзе каштаваць 15 капеек у адзін канец. Перад тым, як сесці ў экіпаж да аднаго з некалькіх дзесяткаў полацкіх рамізнікаў (першы аўтамабіль спалохае месцічаў, сабак і козаў праз тры гады), вы прабяжыцеся вачыма па старых і новых абвестках на рэкламным слупе. Запрашэнні на гістарычныя і літаратурныя лекцыі Івана Далгова. Аб’явы аб пасяджэннях дабрачыннага і вольнапажарнага таварыстваў, «общества вспомоществования учащейся молодежи», камісіі разгляду архіўных дакументаў, камітэта рамонту Сафійскага сабора…

Магчыма, якраз у гэтыя дні перад полацкай публікай з’явіцца «самы высокі чалавек планеты», наш зямляк-прыдзвінец Хведар Махноў, які паспеў аб’ездзіць Еўропу і гастраляваў у ЗША. 3 газет вы ведаеце, што, пачаўшы з неверагоднай хуткасцю расці пасля сямі гадоў, сялянскі сын Махноў ужо вымахаў на 285 сантыметраў, а падчас сваіх выступаў дэманструе не толькі банальныя нумары кшталту згінання падкоў, але лежачы падымае драўляную платформу, дзе грае цэлы аркестр.

Напрыканцы гэтага лета ў Полацку з ’явяцца афішы першага прафесійнага беларускага тэатра Ігната Буйніцкага, гаспадара недалёкага ад горада маёнтка Палівачы каля Празарокаў. Артысты прывязуць спектакль «Модны шляхцюк» паводле п’есы Каруся Каганца, а таксама разнастайныя канцэртныя нумары ў выкананні хору, салістаў, танцораў і дэкламатараў. Будзе аншлаг і велізарны поспех.

А пакуль дасведчаны рамізнік, згадаўшы прамінулыя Еўфрасіннеўскія дні, паведаміць вам, што ўвесь цырыманіял перанясення мошчаў нябеснай заступніцы Беларусі ў яе родны горад з даручэння Свяцейшага сінода распрацаваў архіепіскап полацкі і віцебскі Серафім. Калі б ваш спадарожнік, несумнеўны патрыёт роднага горада, мог зазірнуць на колькі гадоў наперад, ён не прамінуў бы адзначыць, што адным з пераемнікаў уладыкі Серафіма ў кіраванні Полацкай епархіяй станецца епіскап Кірыён Садзегелі. У жніўні 1917-га ён пакіне кафедру, вернецца на радзіму і будзе абраны каталікосам — першаіерархам аўтакефальнай Грузінскай праваслаўнай царквы.

Цокаюць капыты, коціцца пралётка, і вы ўвачавідкі пераконваецеся, што 25-тысячны павятовы горад складаецца не толькі з паглядных цэнтральных вуліц. Ускраіны забудаваныя стыхійна, без намёку на планіроўку. Да з’яўлення бруку і ходнікаў тут мінецца яшчэ не адно дзесяцігоддзе. Пра стан вуліцы Плігаўскай «Полоцкий листок» піша: «Следует дать детям возможность не утонуть в грязи, пока дойдут до школы», а наконт слабодкі Гарбузоўкі зазначае, што ўвосень яна праз непраходную гразюку робіцца зусім адарванаю ад горада.

За межамі цэнтра забудова амаль спрэс драўляная. Пажар 1912 года пакіне на Невельскай, Азараўскай, Рыжскай і Наддзвінскай вуліцах лічаныя дамы. Вадаправодам і не пахне. Заможнейшыя жыхары бяруць ваду з артэзіянскіх студняў у вадавозаў, астатнія — з Дзвіны і Палаты. Адсюль і пошасці, апошняя з якіх, халерная, абарвала летась не адну сотню жыццяў.

Гаваркі рамізнік распавядзе вам яшчэ сёе-тое з таго, чаго няма ў даведніку. Напрыклад, што раней працаваў на спіртзаводзе (зірнуўшы на рамізнікаў нос, вы адразу паверыце) у купца першай гільдыі Корытца, але не вытрымаў тамтэйшых парадкаў. Спознішся — плаці штраф 25 капеек; закурыш ці адлучышся без дазволу — паўрубля; вып’еш, не адыходзячы ад працоўнага месца, — выкладвай рубель.

Самым буйным прадпрыемствам у горадзе напярэдадні Першай сусветнай вайны будзе лесапільна-бандарны завод з сотняй рабочых. Нашмат адстануць ад яго лесапільня (45 работнікаў), паравы млын і тытунёва-махорачная фабрыка (па 30), цагельня і фабрыка бетонных вырабаў. На запалкавай фабрыцы будуць зарабляць на жыццё 11 пралетарыяў, столькі сама — на заводзе сельтэрскай вады. У дадатак да гэтага Полацк будзе мець тры вадзяныя млыны на Палаце, карлікавыя вінны і цукерачныя заводзікі, дзве мылаварні, маслабойню… А вось чыгунка з яе майстэрнямі дасць заробак без малога тысячы палачанаў.

Едучы ў экіпажы, вы з лёгкім сумам падумаеце і пра сваё блізкае развітанне з горадам. Штодзённымі пасажырскімі цягнікамі ён звязаны з Дзвінскам, Рыгаю, Варшавай, Віцебскам, Масквой, Арлом. Туды ад’язджаюць з Рыжска-Арлоўскага вакзала, а на Невель, Пецярбург, Вільню і Сядлец — з Мікалаеўскага. Праезд у першым класе ў 2,5, аў другім — у 1,5 раза даражэй, чым у вагоне трэцяга класа. (Пуд багажу можна везці задарма.) Калі ахвота праехацца па Дзвіне, дык а трэцяй гадзіне ночы пойдзе параход да Дзвінска, а заўтра ўдзень — да Віцебска. Параходны білет да губернскае сталіцы каштуе ў першым класе 1 руб. 50 кап., у другім — 95 кап.

Вашы думкі будзе займаць і тое, як прабавідь вечар. Можна, вядома, схадзіць у лазню Эцінгофа каля Чырвонага моста альбо ў лазню Рабіновіча на Ніжнепакроўскай. Можна паглядзець у клубе аматарскі спектакль. А можа, лепей выправіцца ў кінематограф? Першы прыватны кінатэатр «Лотас» з залаю на сто месцаў адчыніў дзверы чатыры гады таму. Цяпер замест яго на Віцебскай вуліцы збудаваны «Эдэм», зала якога ўдвая большая. Палачане любяць кіно, і «Эдэм» дае неблагі прыбытак. Яго гаспадар паставіць побач яшчэ адзін кінатэатр — «Калізей», а потым пабудуе крытую летнюю залу. Такім чынам, напярэдадні Першай сусветнай вайны ў горадзе будзе тры кінатэатры.

Не ведаю, як вы, ая дорага даў бы, каб замест усіх гэтых задавальненняў трапіць на пасяджэнне гуртка полацкіх аматараў старасвеччыны, дасціпна апісанага Вацлавам Ластоўскім у «Лабірынтах». Утрымацца ад цытавання проста немагчыма.

«Днём пабываў у Івана Іванавіча, дзе аглядаў цікавыя кахлі і металёвыя бляшкі з раскопак у даўняй княжай сялібе ў Бельчыцах. Пазнаёміўся ў яго з двума ўдзельнікамі, як яны называлі, «Археалагічнай Вольнай Контэрфратэрніі».

Адзін з іх быў мясцовы чыноўнік, абруселы немец, якога я знаў з брашуры, напісанай ім калісь, калі было яшчэ моднае і паплатнае для чыноўніцкай кар’еры русіфікатарства. У гэтай брашуры ён задаваўся мэтай давесці, што па-расійску трэба пісаць назву горада не «Полоцк», а «Полотск» і што быццам у гэтым перайменаванні старой назовы крыўся сам цэнтр «абрусення краю»…

Другі быў колішні акалічны памешчык, які злажыў гаспадарку, распрадаў зямлю і цяпер жыў у Полацку, у сваім уласным доміку з садам, з гатовага граша. Бацька яго меў нейкія блізкія адносіны да Васільянаў[27], а ён сам цікавіўся галоўна дэманалогіяй, кабалістыкай і г. п. Меў, як зарэкамендаваў мне яго Іван Іванавіч, у сябе «чарнакніжную бібліятэку», якой нікому не паказваў і не даваў чытаць. Знаў ён яўрэйскую мову і любіў час ад часу пайсці ў жыдоўскую сінагогу падыскутаваць.

Вечарам прыбыло яшчэ двое.

Мясцовы полацкі мешчанін Грыгор N., маўклівы, сівавусы старац, які ўпарта гаварыў толькі па-беларуску, а часам прытвараўся, што не разумее некаторых слоў па-расійску, і па некалькі разоў перапытаўшы, паўтараў слова ў перакладзе на беларускую, з асаблівым на яго націскам. Мне яго зарэкамендавалі пад найменнем «Падземны Чалавек», спецыяльнасцю яго было знанне розных легенд аб падзямельных хадах і дзівах, скрытыху іх…

I, урэшце, апошнім учаснікам «Контэрфратэрніі» быў сярэдніх гадоў вучыцель гарадской школы, які цікавіўся галоўна мясцовай гісторыяй да прыняцця хрысціянства крывічамі.

Пазнаёміўшыся, расселіся мы за сталом на выгодных, «клубных крэслах», глыбокіх і мяккіх, з шырокімі поручамі. На стале вясёла шумеў самавар і красавалася бутэлька, запарушаная пылам і плесню, з водкай-старкай. На талерках панадна была параскладана ўсякага гатунку дымляніна: кумпячына, сальцэсона, каўбасы, якія не маюць роўных сабе ў свеце, калі бываюць прыгатаваны паводле старасвецкіх рэцэптаў рукамі беларускіх гаспадарчых кабет.

Пасля другой-трэцяй чаркі «Падземны Чалавек» нахінуўся да мяне і пачаў даводзіць, што гара, на якой стаіць Верхні замак, — насыпная….

Гаспадар чарнакніжнай бібліятэкі вёў сваю тэму: «Нашы продкі перажылі стадыю высокай культуры. Дагэтуль сярод нашага простага народу, які паўтысячы лет ходзіць у чужым ярме, маюцца ўласныя назовы важнейшых нябесных знакаў. Напрыклад, гвязду Венеру дасягоння сяляне называюць Чагір, Вялікую Мядзведзіцу — Стажарамі, Плеяды — Сітцом, або Вуціным Гняздом, Арыгонаў пояс — Кігачамі; тры гвязды каля Млечнай Дарогі называюць Прахамі, або Жалезным Абручом, у галаве Млечнай Дарогі знаюць Касьбітаў (Касцоў), а саму называюць Вайсковым Станам…»»

Адбываецца ўсё гэта на кватэры ў археолага Івана Іванавіча, у якім няцяжка пазнаць «полацкага Нестара» Івана Далгова.

Апроч вусцішнаватых гісторый пра падземныя лабірынты ды развагі пра племя яцвягаў на пасяджэнні вы пачулі б і неадменныя ў той час у любой адукаванай полацкай сябрыне дыскусіі наконт лёсу Сафійскага сабора. Думкі палачанаў падзяліліся: адны стаялі за поўнае аднаўленне найстаражытнейшай Сафіі з сямю вярхамі, другія — толькі за рэстаўрацыю сучаснага храма, пабудаванага «в изящном западном стиле». Далгоў належаў да гарачых прыхільнікаў другога праекта, аднак лічыў, што ў храме трэба зрабіць падземную царкву або капліцу, дзе можна было б убачыць муроўку старажытных сценаў і слупоў.

Там, каля Сафіі, вы, не забыўшыся заплаціць рамізніку сумленна заробленыя паўтара рубля, і выйдзеце з пралёткі.

Вы пераканаецеся, што полацкі педагог Зорын праўдзіва апісаў у сваёй кнізе занядбанне Верхняга замка. Але ў гэты блакітнанебы сонечны дзень пачуццё сораму і крыўды абміне вас.

У Запалоцці будуць дацвітаць сады. Над замчышчам і над высокай яшчэ Дзвіною будуць крыху прытомлена залівацца жаўрукі. Будзе хіліцца да небакраю сонца і канчацца нашае падарожжа ў часе.

I святая Сафія будзе, хоць і знявечаная (каторы ўжо раз!), але жывая. Як горад, як зялёнае Прыдзвінне. Як Беларуская зямля, што насуперак усім навалам зберагла сваю жывую душу.

Зберагла дзеля нашай будучыні.

СТО ДАТАЎ ПОЛАЦКАЙ МІНУЎШЧЫНЫ

V ст. н. э. ― На тэрыторыі сучаснага Полацка ўжо жывуць людзі.

862 ― Першыя летапісныя звесткі пра Полацк.

865 ― Полацк ваюе з кіеўскімі князямі Аскольдам і Дзірам.

907, 911, 941, 944 ― Полацкія дружыны ўдзельнічаюць у паходах на Царгорад (Канстанцінопаль).

2-я палова X ст. ― У Полацку княжыць Рагвалод. Узнікненне Полацкай дзяржавы.

Каля 980 ― «Крывавае вяселле» Уладзіміра з Рагнедай. Забойства Рагвалода і двух яго сыноў.

Каля 988 ― Замах Рагнеды на Уладзіміра. Высылка яе з княжычам Ізяславам на радзіму.

992 ― Заснаванне Полацкай епархіі.

1000 ― Cмерць княгіні Рагнеды, у манастве Анастасіі.

1001 ― Смерць полацкага князя Ізяслава.

1003 - 1044 ― Княжанне Брачыслава Ізяславіча. Аднаўленне незалежнасці Полацкага княства.

1021 ― Паход князя Брачыслава на Ноўгарад і бітва на рацэ Судоме.

1029 ― Нарадзіўся князь Усяслаў Брачыславіч Чарадзей.

1044 - 1101 ― Княжанне Ўсяслава Чарадзея.

Паміж 1044 - 1066 ― Будаўніцтва Сафійскага сабора.

1066 ― Паход князя Ўсяслава на Ноўгарад.

3 сакавіка 1067 ― Бітва на Нямізе.

Ліпень 1067 ― Паланенне князя Ўсяслава з сынамі пад Оршай.

Верасень 1068 ― Кіяне вызваляюць Усяслава Чарадзея з вязніцы і абвяшчаюць яго вялікім князем кіеускім.

Сакавік 1069 ― Усяслаў вяртаецца ў Полацк.

1078 ― Перамога палачанаў над войскам Уладзіміра Манамаха.

14 красавіка 1101 ― Памёр князь Усяслаў Чарадзей.

Каля 1104 ― Нарадзілася Еўфрасіння Полацкая.

1129 ― Высылка полацкіх князёў у Візантыю.

1132 ― Палачане выганяюць кіеўскага стаўленіка і садзяць на княжы пасад Васільку з роду Рагвалодавічаў.

1151 ― Полацкае веча высылае князя Рагвалода-Васіля і прызнае Расціслава Глебавіча.

Паміж 1152 - 1161 ― Дойлід Іаан і арцель полацкіх майстроў за 30 тыдняў будуюць царкву Спаса (Спаса-Еўфрасіннеўскую).

1157 ― Князёўна Сафія, дачка князя менскага і полацкага Валадара, выходзіць замуж за караля Даніі Вальдэмара I.

1158 ― Выгнанне палачанамі князя Расціслава і вяртанне Рагвалода-Васіля.

1161 ― Ювелір Лазар Богша стварае крыж Еўфрасінні Полацкай.

1167 ― Паломніцтва ігуменні Еўфрасінні ў Святыя Мясціны і яе смерць у Ерусаліме.

1186 - 1216 ― Княжанне вялікага князя полацкага Валодшы і яго барацьба з крыжакамі.

1187 ― Перанясенне мошчаў святой Еўфрасінні Полацкай з Ерусаліма ў Кіева-Пячорскую лаўру.

1239 ― Вянчанне полацкай князёўны Параскевы з Аляксандрам Яраславічам (Аляксандрам Неўскім).

1240 ― Удзел полацкай дружыны ў бітве са шведамі на Няве.

1242 ― Ваяры з Полацкай зямлі ўдзельнічаюць у разгроме нямецкіх рыцараў на Чудскім возеры.

1260 ― Палачане разам з продкамі літоўцаў, латышоў і эстонцаў разбілі крыжакоў каля возера Дурбэ.

1262 ― Веча запрашае ў Полацк князя Таўцівіла.

1307 ― Полацкая зямля ўваходзіць у Вялікае Княства Літоўскае.

1325 - 1399 ― Андрэй Альгердавіч, апошні полацкі князь.

1333, 1366, 1375, 1382, 1386  ― Паходы рыцараў Інфлянцкага (Лівонскага) ордэна на Полацкую зямлю.

1362 ― Войска вялікага князя Альгерда разграміла татараў у бітве на Сіняй Вадзе.

1380 ― Князь Андрэй Полацкі камандуе правым флангам войска ў Кулікоўскай бітве.

15 ліпеня 1410 ― Полацкі полк на чале з Іванам Нямірам бярэ ўдзел у Грунвальдскай бітве.

1422 ― Полацкія ваяры ідуць у Чэхію на дапамогу гусітам.

7 кастрычніка 1498 ― Горад атрымлівае прывілей на магдэбургскае права.

Каля 1490 - пасля 1551  ― Жыццё і дзейнасць Францішка Скарыны.

1504 ― Утварэнне Полацкага ваяводства.

1512 ― Скарына атрымлівае ў Падуанскім універсітэце навуковую ступень доктара медыцыны.

1513, 1515, 1518, 1519 ― Напады маскоўскіх войскаў на Полацк.

8 верасня 1514 ― Перамога над маскавітамі пад Оршай.

6 жніўня 1517 ― У Празе выходзіць «Псалтыр», першая беларуская друкаваная кніга.

1517 - 1519 ― Францішак Скарына выдае ў Празе на зразумелай народу мове 23 кнігі Бібліі.

Люты 1563 ― Полацк захоплены войскам Івана Жахлівага. Знішчэнне і вывад у палон полацкага жыхарства.

Люты 1564 ― Найвышэйшы гетман літоўскі Мікалай Радзівіл разграміў маскавітаў на рацэ Уле.

1569 ― Унія Вялікага Княства Літоўскага з Польшчай і ўтварэнне Рэчы Паспалітай.

Жнівень 1579 ― Войскі Сцяпана Батуры вызваляюць Полацк ад маскавітаў.

1581 ― Адкрыццё Полацкага езуіцкага калегіума.

1585 ― У Полацку створаны тэатр.

1588 ― Прыняты III Статут Вялікага Княства Літоўскага, які дзейнічаў у Прыдзвінні да 1831 года.

1596 ― Берасцейская царкоўная унія.

1623 ― Забойства полацкага уніяцкага арцыбіскупа Ясафата Кунцэвіча.

1629 - 1680 ― Жыццё і дзейнасць Сімяона Полацкага.

1633 ― Маскавіты захапілі і спалілі Полацк.

1654 - 1667 ― Горад захоплены царскім войскам. Вайна паміж Масковіяй і Рэччу Паспалітай, у гады якой загінуў кожны другі жыхар Беларусі. На тэрыторыі сучаснай Віцебскай вобласці засталося каля 20 адсоткаў насельніцтва.

Кастрычнік 1661 ― Разгром маскоўскага войска князя Хаванскага пад Кушлікамі.

1684 - 1762 ― Жыццё і дзейнасць полацкага уніяцкага арцыбіскупа Фларыяна Грабніцкага.

Чэрвень 1705 ― Пётр I з прыдворнымі забівае ў Сафійскім саборы уніяцкіх святароў.

Травень 1710 ― Перад адыходам з горада царскае войска ўзрывае храм святой Сафіі.

1738 - 1750 ― Адбудова уніяцкага Сафійскага сабора.

1738 - 1745 ― Будаўніцтва ў Полацку мураванага каталіцкага сабора святога Стэфана.

1740 - 1805 ― Жыццё і дзейнасць Габрыэля Грубэра.

1761 - 1779 ― Пабудова праваслаўнага Богаяўленскага сабора.

1772 ― Першы падзел Рэчы Паспалітай.  Правабярэжная частка Полацка і Полацкага ваяводства захопленая Расійскай імперыяй.

1776 ― Утварэнне Полацкай губерніі.

1780 ― Полацк робіцца сталіцаю забароненага рымскім папам ордэна езуітаў.

Травень 1780 ― Візіт у Полацк імператрыцы Кацярыны II.

1787 ― У Полацкім езуіцкім калегіуме адчыненыя музей і карцінная галерэя.

1787 - 1820 ― Дзейнасць полацкага выдавецтва, дзе выйшла болей за паўтысячы кніг на дзесяці мовах.

1793 ― Другі падзел Рэчы Паспалітай. Расія захапіла левабярэжную частку Полацкага ваяводства.

1794 ― Паўстанне на чале з Тадэвушам Касцюшкам.

1794(?) - 1851 ― Жыццё і дзейнасць Яна Баршчэўскага.

1806 ― Адчыненая Полацкая уніяцкая духоўная семінарыя.

1810 - 1885 ― Жыццё і дзейнасць мастака Івана Хруцкага.

10 чэрвеня 1812 ― Адкрыццё Полацкай акадэміі, якая мела правы універсітэта.

Ліпень 1812 ― Полацк занялі войскі французскага маршала Удзіно.

7 - 8 кастрычніка 1812 ― Штурм і ўзяцце горада расійскімі войскамі генерала Вітгенштэйна.

1818 - 1820 ― Выходзіў ілюстраваны літаратурна-навуковы часопіс «Месячнік Полацкі».

1820 ― Царскі ўказ пра закрыццё Полацкай акадэміі.

1822 - 1830 ― Дзейнасць Полацкага піярскага ліцэя.

1823 ― Паліцыя раскрыла ў піярскім ліцэі падпольную арганізацыю.

1830 - 1831 ― Нацыянальна-вызваленчае паўстанне ў Беларусі, Літве і Польшчы.

1835 ― Адкрыццё Полацкага кадэцкага корпуса.

1839 ― Царкоўны сабор у Полацку прымае акт аб ліквідацыі Уніі.

1840 ― Забарона ўжываць назву «Беларусь» у афіцыйных дакументах.

1850 ― У Полацку адкрыты помнік воінам 1812 года.

1863 ― Паўстанне Кастуся Каліноўскага.

1866 ― Праз горад прайшла Рыга-Арлоўская чыгунка.

1872 ― Адкрыццё Полацкай настаўніцкай семінарыі.

1875 ― Выбары першай гарадской думы.

Кастрычнік 1905 ― Агульная забастоўка, маніфестацыі і баі на полацкіх вуліцах.

1906 ― У горадзе адчынены першы кінатэатр.

Красавік - травень 1910 ― Вяртанне з Кіева ў Полацк мошчаў найпадобнейшай Еўфрасінні.

Верасень 1910 ― Гастролі ў Полацку першага прафесійнага беларускага тэатра Ігната Буйніцкага.

1912 ― Адчынілася гарадская публічная бібліятэка.

1913 ― Дала ток першая полацкая электрастанцыя.

1915 ― У горадзе з’явіўся першы аўтамабіль. Адкрыццё ў Полацку беларускай кнігарні.

5 чэрвеня (23 траўня ст. ст.) ― Дзень памяці святой Еўфрасінні Полацкай, нябеснай апякункі горада і ўсёй Беларускай зямлі.

Примечания

1

Старажытная абсерваторыя (XIX ст. да н. э.) у Англіі. Сто валуноў, з якіх складаецца гэты мегалітычны помнік, зарыентаваныя на кропку, дзе 21 чэрвеня, у дзень летняга сонцастаяння, з’яўляецца сонца.

(обратно)

2

Урыўкі са «Слова» падаюцца ў перакладзе Рыгора Барадуліна.

(обратно)

3

Тут і далей урыўкі з «Жыція святой Еўфрасінні Полацкай» падаюцца ў перакладзе Аляксея Мельнікава.

(обратно)

4

Закамара — паўкруглае ці кілепадобнае завяршэнне часткі сцяны будынка, якое адпавядае форме ўнутранага скляпення.

Какошнік — несапраўдная закамара, што мае дэкаратыўнае прызначэнне.

(обратно)

5

Паводле новага стылю дзень памяці святой Еўфрасінні Полацкай святкуецца 5 чэрвеня.

(обратно)

6

Такую, на першы погляд, завышаную лічбу А. Міцкевіч называе зыходзячы з этнаграфічных межаў Беларусі, якія абдымалі амаль усю Смаленшчыну, Віленшчыну, Дзвіншчыну (землі, прылеглыя да сучаснага Даўгаўпілса), усходнюю частку Беласточчыны, некаторыя раёны цяперашніх Пскоўскай, Бранскай і Чарнігаўскай абласцей. Паглядзіце змешчаныя ў дасавецкіх выданнях карты, пачытайце дадзеныя ўсерасійскага перапісу насельніцтва 1897 года.

(обратно)

7

«Битва шла за Московское княжество, которое захватил Альгерд (в 1373 году (за 7 лет до битвы)). Именно поэтому в ней участвовали литовские князья Андрей и Дмитрий Альгердовичи, а на помощь им шел еще и Ягайло. Но узнав о том, что его братья разгромили Мамая, он повернул назад.»

В. Деружинский «Тайны Беларуской истории». Глава 14. Литва и Куликовская битва. ― Polochanin72.

(обратно)

8

Сажань роўны тром аршынам, або 2,134 м.

(обратно)

9

Назва паходзідь ад пабудаванай тут у старажытнасці царквы ў гонар святых Іаакіма і Ганны (Якіманія — Екімань — Экімань).

(обратно)

10

Звесткі пра гэтыя вёскі ўзятыя пераважна са складзенага палачанінам, выкладчыкам Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта Ігарам Шарухам «Геаграфічна-статыстычнага слоўніка Полаччыны», які яшчэ чакае свайго выдаўца.

(обратно)

11

Пераклад з лацінскае мовы Анатоля Цыркунова.

(обратно)

12

Радкі з верша Наталлі Арсенневай.

(обратно)

13

У старажытнарымскім пантэоне багіня земляробства, палёў і збожжа.

(обратно)

14

Бунт быў роўны 40 камяням, а камень — 20 фунтам.

(обратно)

15

«Слава імператару! Слава вызваліцелю!» (франц.).

(обратно)

16

Ідзём! Ідзём! (франц.).

(обратно)

17

Полацкі універсітэт (лац.).

(обратно)

18

Ліктары — ганаровыя ахоўнікі ў Старажытным Рыме, узброеныя сякерамі і пучкамі розкаў.

(обратно)

19

Урыўкі са «Шляхціча Завальні» падаюцца ў перакладзе з польскай мовы Міколы Хаўстовіча.

(обратно)

20

Фут роўны 30,48 см.

(обратно)

21

Пераклад з польскай мовы Уіадзіміра Мархеля.

(обратно)

22

Пераклад Кастуся Цвіркі.

(обратно)

23

Фрагмент з паэмы Т. Лады-Заблоцкага «Віцебскія ваколіцы». Пераклад з польскай мовы Пятра Бітэля.

(обратно)

24

 Псеўданім К. Каліноўскага.

(обратно)

25

Пераклад с польскай мовы Віктара Шніпа.

(обратно)

26

Тут — царскі салдат.

(обратно)

27

Манахаў-базыльянаў.

(обратно)

Оглавление

  • ПРЫЗНАННЕ Ў ЛЮБОВІ
  • УНУКІ БЕЛАБОГА
  • АД РАГВАЛОДА ДА БРАЧЫСЛАВА
  • ЧАС ЧАРАДЗЕЯ
  • АСВЕТНІЦА 3 РОДУ УСЯСЛАВА
  • СМЕРЦЬ КНЯЗЯ ВАЛОДШЫ
  • HOBAЯ ДЗЯРЖАВА
  • У ГАСПОДЗЕ ПАДУАНСКАЙ
  • ПОЛАЦКАЯ ВАЙНА
  • КРЫВАВАЕ СТАГОДДЗЕ
  • МУЖ ДАБРАВЕРНЫ, ЦАРКВЕ I ДЗЯРЖАВЕ ПАТРЭБНЫ
  • КАРАНАВАНЫ ЗАБОЙЦА
  • ЗА ДЗВІНОЮ — ІНШАЯ КРАІНА
  • ДЗЕНЬ НАРАДЖЭННЯ НАПАЛЕОНА
  • ALMA MATER POLOCENSIS[17]
  • КАДЭЦКІ КОРПУС
  • СТАРОНКІ ПРАВІНЦЫЙНАГА РАМАНА
  • TPABEHЬ, 1910
  • СТО ДАТАЎ ПОЛАЦКАЙ МІНУЎШЧЫНЫ Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

    Комментарии к книге «Таямніцы полацкай гісторыі », Владимир Алексеевич Орлов

    Всего 0 комментариев

    Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

    РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

    Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства