Жанр:

«Тэўтонскi ордэн - Ад Ерусалiма да Грунвальда (на белорусском языке)»

2822

Описание



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Алесь Краўцэвiч

Тэўтонскi ордэн

Ад Ерусалiма да Грунвальда

Уступ

Тэўтонскi ордэн моцна паўплываў на гiстарычны лёс Беларусi. Самыя цесныя адносiны з iм у Вялiкага Княства Лiтоўскага пачалiся з 80-х гадоў XIV ст. i працягвалiся больш за стагоддзе, да пачатку XV ст. Гэтыя адносiны нельга назваць добрасуседскiмi. Хутчэй мела месца зацятая барацьба, у якой абодва бакi адстойвалi свае жыццёвыя iнтарэсы.

Мы нiколькi не сумняваемся, што справядлiвасць у гэтай амаль безупыннай вайне была на баку нашых продкаў. Прышэльцамi i захопнiкамi з'яўлялiся ўсё ж рыцары ордэна - амаль выключна ўсе немцы, адкуль i назва ордэна - Тэўтонскi. Цяжка нават уявiць сабе, колькi жыццяў, намаганняў, матэрыяльных высiлкаў каштавала гэтая жорсткая барацьба.

У ёй гартавалася беларуская дзяржаўнасць. Пад пагрозай знешняй небяспекi вакол беларускага ядра ўсё цясней гуртавалiся землi былой Кiеўскай Русi ды Жамойцi. У прускiх суседзяў было чаму павучыцца i нашыя продкi скарысталi такую магчымасць. Новыя будаўнiчыя традыцыi i прыёмы (готыка), матэрыялы (вялiкапамерная цэгла, дахоўка) i шмат што яшчэ прыйшло да нас праз ордэнскую дзяржаву.

У барацьбе з лепшай эўрапейскай армiяй фармавалася i набiрала моцы беларускае прафесiйнае войска, якое затым доўга паспяхова стрымлiвала нацiск з усходу.

Цiкавы сам феномен Тэўтонскага ордэна. Гэта ўнiкальная ў гiсторыi з'ява, калi духоўна-рыцарскае аб'яднанне стварыла магутную дзяржаву, якая займала важнейшае месца ў тагачаснай Усходняй i Цэнтральнай Эўропе.

Наша праца - аб гiсторыi Тэўтонскага ордэна ад самых яго пачаткаў да Грунвальдскай бiтвы, з якой пачаўся паступовы заняпад ордэнскай дзяржавы.

СТВАРЭННЕ I ЎСТРОЙ ОРДЭНА БРАТОЎ-РЫЦАРАЎ ТЭЎТОНСКАГА ДОМУ ДЗЕВЫ МАРЫI Ў ЕРУСАЛIМЕ

Найвялiкшы ўздым магутнасцi Тэўтонскага ордэна адбыўся ў XIV - пачатку XV ст. на землях старажытнай Прусii. Аднак пачаткi гэтага цiкавейшага сярэднявечнага духоўна-рыцарскага аб'яднання i ў часе i ў прасторы ляжаць далёка ад часоў i мясцiн яго росквiту.

Ордэн абудзiўся да жыцця на зямлi Палестыны ў XII ст. пад час разгару крыжовых войнаў, калi амаль безупынныя баi крыжакоў з мусульманамi iшлi з пераменным поспехам. Пачатковая яго гiсторыя даволi цьмяная i шмат у чым легендарная. Вiдавочна, правобразам ордэна можна лiчыць аб'яднанне вакол шпiталю ў Ерусалiме, узнiкшае каля 1129 г. Адзiн немец, якi разам з жонкай асеў у Ерусалiме пасля заваявання горада крыжакамi, пачаў прымаць у свой дом убогiх i хворых суайчыннiкаў. Хворых было шмат, бо мясцовы клiмат стаўся нязвыклым i цяжкiм для выхадцаў з Германii. Пазней гэты добры чалавек (iмя яго невядомае) сваiм коштам збудаваў шпiталь i пры iм каплiцу ў iмя Дзевы Марыi. Жонка дабрачыннiка заснавала асобны жаночы шпiталь. У гэтых людзей з'явiлiся паслядоўнiкi. Многiя немцы ахвяравалi сродкi на карысць шпiталю i працавалi ў iм. Былi сярод iх рыцары i шляхта. Яны прымалi ўдзел у доглядзе за хворымi i адначасова ваявалi. Так пры шпiталi ўтварылася рыцарскае аб'яднанне. Яно ўзяло сабе за ўзор статуты ўжо iснуючых ордэнаў iанiтаў i тамплiераў*.

* Ордэн iанiтаў узнiк у Ерусалiме пры шпiталi i каплiцы Яна Хрысцiцеля ў ХI ст. Пазней вядомы як Мальтыйскi ордэн.

Ордэн тамплiераў з'явiўся ў 1128 г. у Палестыне. Меў мэтай абарону пiлiгрымаў з Эўропы ад нападаў мусульманаў i разбойнiкаў.

Пад час ваеннай выправы сябры шпiтальнай суполкi дзялiлiся на дзве часткi: старыя, калекi заставалiся на паслугах шпiталю, а баяздольныя iшлi ў паход. Такая падвойная служба дала iм назву шпiтальных братоў i рыцараў Дзевы Марыi па назве шпiтальнай каплiцы. У новага аб'яднання хутка ўзнiклi нейкiя непаразуменнi з ордэнам iанiтаў - рыцары Дзевы Марыi нейкi час падпарадкоўвалiся вялiкаму магiстру iанiтаў.

Афiцыйнае ўтварэнне ордэна адбылося на шэсць дзесяткаў год пазней, у 1190 г., пад час аблогi крыжакамi Акры - горада на ўзбярэжжы Мiжземнага мора. Хрысцiяне тады мелi шмат нягодаў ад голаду i хвароб. I вось некалькi немцаў з Брэмена i Любека зрабiлi з карабельных ветразяў палатку, сабралi ў ёй хворых, параненых i даглядалi iх. У гэтай дабрачыннай справе прынялi ўдзел i нямецкiя рыцары, адначасова спаўняючы вайсковую службу. Вiдавочна, да iх далучылiся i шпiтальныя браты, якiя пакiнулi заняты мусульманамi Ерусалiм. Швабскi князь Фрыдрых, застаўшыся правадыром нямецкiх крыжакоў пасля смерцi Фрыдрыха Барбаросы, прыняў гэтую справу пад сваю апеку.

Ён задумаў на яе аснове стварыць асобны рыцарскi ордэн. Энергiчна ўзяўшыся за справу, князь сабраў большую частку свецкiх i духоўных паноў, быўшых у Палестыне, у тым лiку вялiкiх магiстраў iанiтаў i тамплiераў. Сход адобрыў iдэю i вырашыў скласцi статут новага ордэна на аснове iанiцкага i тамплiерскага. Ад iанiтаў узяць тое, што тычыць догляду хворых, ад тамплiераў - ваенныя абавязкi. Такiм чынам, Тэўтонскi ордэн з самага пачатку стаў духоўна-рыцарскiм у адрозненне ад папярэднiкаў, першы з каторых - ордэн св. Яна спачатку быў толькi шпiтальным, а другi (тамплiераў) увогуле шпiтальным не быў.

У хуткiм часе папа рымскi зацвердзiў статут новага ордэна. Папа ўпаўнаважыў ерусалiмскага патрыярха надаць сябрам новага аб'яднання белую расу з чорным крыжам у якасцi iх асаблiвага адзення i прызначыць iм Тэўтонскi шпiталь Дзевы Марыi ў Ерусалiме. Германскi iмператар у сваю чаргу ўпаўнаважыў ерусалiмскага караля i Фрыдрыха Швабскага да зацвярджэння ордэна, апяразвання* першых рыцараў i надання iм права прымаць у ордэн новых сяброў, прычым толькi са шляхты даўняга роду.

* Галоўная частка абраду прыёму ў рыцары - апяразванне рыцарскiм поясам.

I вось перад князямi сталi 40 чалавек са старых шляхетных родаў i, укленчыўшы, прасiлi аб прыняццi ў новы ордэн. Ерусалiмскi кароль аперазаў пасам першага рыцара, Фрыдрых Швабскi другога, iншыя князi наступных. Затым новыя рыцары сталi на каленi i прынялi шлюбы. Патрыярх надаў iм Ерусалiмскi шпiталь i iмя: браты-рыцары Тэўтонскага дому Дзевы Марыi ў Ерусалiме.

Кароль ад iмя iмператара заклiкаў быць сапраўднымi рыцарамi, паўставаць на абарону Святой зямлi i ўсiх хрысцiянскiх земляў супраць ворагаў веры, падтрымлiваць i баранiць касцёл, духоўных, удоваў, сiрот i ўбогiх. Пасля сканчэння абраду кароль, швабскi князь i iншыя абралi з 40 рыцараў першага магiстра i надалi яму ўсе землi, якiя здабудзе ў няверных.

У 1191 цi 1192 г. папа Цэлестын III i германскi iмператар Генрых VI зацвердзiлi ордэн, якi абраў сабе за патронаў Дзеву Марыю i св. Юрыя.

Першы магiстр Генрых Вальпот заняўся выпрацоўкай рэгламенту жыцця i ўстройства ордэна. Пры iм сфармаваўся асноўны ўнутраны строй арганiзацыi, якая падначальвалася непасрэдна папе рымскаму.

Трэба сказаць, што суполка задумвалася i атрымалася надзвычай моцна з'яднанай, з абмежаваным доступам новых сяброў. Гэтая згуртаванасць у немалой ступенi паспрыяла небываламу ўздыму значнасцi i магутнасцi Тэўтонскага ордэна, а каставасць стала адной з прычын яго заняпаду.

Статут ордэна быў суровым i ў першыя стагоддзi iснавання вельмi дэталiзаваным. Пры прыняццi новых сяброў, абраннi магiстра кiравалiся падрабязна вызначанымi працэдурамi, гэтак жа як ва ўсiм распарадку жыцця.

Той, хто хацеў быць прынятым у ордэн, павiнны быў быць дужым, здаровым i належаць да нямецкай шляхты. Аб сваiм жаданнi ахвотнiк аб'яўляў пад час капiтулы*. Магiстр (або яго намеснiк) задаваў кандыдату пытаннi: цi не належыць да iншага ордэна, цi не служыць дзе-небудзь, цi не з'яўляецца чыiм-небудзь падданым, чалавекам простага звання, цi не мае даўгоў або ўтаёнай хваробы. Пасля адказаў на пытаннi паведамлялi, якiя неабходна прыняць шлюбы, а менавiта акрамя трох звычайных (беднасцi, бясшлюбнасцi, паслухмянства) яшчэ даглядаць хворых i ваяваць з ворагамi Крыжа, сумленна несцi службу, прызначаную магiстрам, бываць на капiтулах i дапамагаць радай, з ордэна не выходзiць, акрамя як з дазволу магiстра.

* Капiтула - збор сяброў ордэна, якi меў функцыi кiравання.

Калi кандыдат прымаў умовы, дазвалялi прысягаць: клаў два пальцы на Бiблiю i казаў: "Абяцаю i клянуся, што ўстрыманне цела будзе адным з маiх звычаяў, буду паслухмяным Богу, св. Марыi, а потым магiстру ордэна Нямецкага дому i вашым наступнiкам паводле статута i звычаяў ордэна Нямецкага дому аж да смерцi".

Затым новаму брату апiсвалi яго абавязкi ў наступных словах: "Калi мяркуеш у гэтым ордэне мець спакой i прыемнае жыццё, то ты вельмi памылiўся, бо ў гэтым ордэне прынята так: калi хочаш есцi, то мусiш пасцiцца, калi хочаш пасцiцца, то мусiш есцi; калi хочаш iсцi спаць, то мусiш быць нядрэмным, а калi хочаш быць нядрэмным, то мусiш класцiся спаць. Калi загадаюць iсцi туды цi сюды або стаць, то не можаш адмовiцца. Мусiш бацьку, мацi, брата, сястру i ўсiх сяброў нiжэй орэна паставiць, а ордэну быць паслухмянейшым i вярнейшым, чым iм. За гэта ордэн табе дае толькi хлеб i ваду ды сцiплую вопратку i нiчога болей дамагацца не можаш. Калi з часам набудзем лепшага i большага, тады будзеш ужываць нароўне з усiмi i на гэтым усё".

Потым новага брата ў поўнай зброi вялi ў касцёл i ў час iмшы апяразвалi рыцарскiм поясам. Магiстр, правiнцыйны магiстр або камандор (комтур) наносiў удар i казаў: "Рыцар, лепшы за слугу, у iмя нашай найяснейшай Дзевы; рыцар, лепшы за слугу, будзь паслухмяным свайму ордэну. Сцярпi гэты ўдар, але нiводнага болей". Затым зброю здымалi i святар апранаў рыцара паводле пэўнага абраду.

Тэўтонскi ордэн складаўся з трох катэгорыяў сяброў. На першым месцы былi рыцары, затым ксяндзы i, нарэшце, службовыя браты. Адзенне рыцараў - чорная тунiка i белы плашч з чорным крыжам на левым плячы. Ксяндзы - не абавязкова шляхетнага паходжання - адпраўлялi набажэнствы, удзялялi таямнiцы веры рыцарам i хворым у шпiталях, пад час вайны станавiлiся капеланамi. Насiлi такi ж убор, як i рыцары, толькi тунiка i плашч былi даўжэйшымi. Службовыя браты паходзiлi не са шляхты. Да iх належалi збраяносцы рыцараў, наёмныя жаўнеры, якiя часова прымалi шлюбы. Насiлi шэрыя плашчы з "паўкрыжам" - крыж без верхняй часткi (у выглядзе лiтары Т). Выконвалi ў войску функцыi падафiцэраў, загадвалi кузнямi, стайнямi, фальваркамi, шпiталямi.

Iснаваў яшчэ iнстытут паўбратоў, якiя жылi ў свеце, але былi звязаны з ордэнам. Да паўбратоў залiчвалi дабрадзеяў ордэна. Але гэтая катэгорыя сяброў, як i iнстытут ордэнскiх сёстраў, не атрымала значнага развiцця.

Iстотныя змены ў жыццi аб'яднання, такiя, як новае месца дзейнасцi, колькасны рост, стварэнне ўласнай дзяржавы, несумненна, уплывалi на яго статуты i структуру. Мы не маем мэтай высвятляць, як адбываўся гэты ўплыў, а паказваем ордэн пад час яго быцця ў Палестыне, а пазней у Прусii ўжо ў завершаным выглядзе.

Ордэнскiя браты жылi разам, спалi на цвёрдым ложы, елi ў сталоўцы, на першых часах небагата. Калi вялiкi магiстр (хохмайстар) сядаў за агульны стол, то яму давалi трохi большую, чым астатнiм, порцыю.

Рыцары абавязвалiся быць на iмшы або чытаць пэўную колькасць малiтваў. Не маглi без дазволу выходзiць з дому, пiсаць i атрымлiваць лiсты, мець што-небудзь пад замком, каб не было i думкi аб уласнасцi (уласнасць з'явiлася, калi ордэн разбагацеў). Адзенне найпростае, як i зброя з конскiм рыштункам. Належала мець добрага баявога каня i гартаваную зброю. Сябру ордэна нельга было размаўляць з жанчынай, асаблiва маладой, не мог нават мацi пацалаваць. Дазвалялася трымаць жанчыну для працы ў доме.

Ваенная арганiзацыя Тэўтонскага ордэна ў Палестыне абапiралася на братоў, завербаваных салдатаў i дапаможныя мусульманскiя аддзелы бедуiнаў i "туркапулаў". Адсюль у статутах згадваецца пасада туркапулёра, а слугi ўжо ў Прусii ўсё яшчэ звалiся каравановымi.

Спосаб маршу i прывалу, знаходжанне на пастоях i ў бiтве - усё дакладна рэгулявалася. На вайну бралi па тры-чатыры канi - столькi мела асноўная баявая адзiнка - кап'ё. Напярэдаднi Грунвальдскай бiтвы яно складалася з цяжкаўзброенага рыцара (дзiда, меч, шчыт), лёгкаўзброенага слугi цi збраяносца, стралка з лукам цi часцей з арбалетам. Чацвёрты конь служыў рыцару для пераходаў.

На маршы нельга было паiць каня без загаду, якi аддаваў харунжы прапорцам. Рыцар ехаў на паходным канi, побач з iм збраяносец. Калi не было небяспекi, баявы конь нёс частку зброi.

У бiтве рыцары перасядалi на баявых коней, а паходных пакiдалi слугам, якiя заставалiся ў тыле пад камандай аднаго са службовых братоў. Рыцары ў баi стаялi не паасобку, як заходнеэўрапейскiя, а самкнутымi аддзеламi; загады падавалiся не трубой (у тлуме бiтвы можна не пачуць), а харугвай.

На прывале нельга было злазiць з каня без загаду. Спачатку ставiлi палаткi для палявой каплiцы i камандзiра, толькi потым можна было злазiць з каня i размяшчацца на адпачынак. На прывале нельга было хадзiць у адведкi i аддаляцца больш чым на некалькi дзесяткаў крокаў. Пад час пераходаў i прывалаў загады аддавалiся трубой. На вайне не было агульнай кухнi. Кожнаму рыцару страву гатаваў яго канавод цi слуга. За войскам iшла палявая кузня, абоз з харчаваннем i фуражом. Здабытае харчаванне, за выключэннем травы i гароднiны, аддавалi гаспадарнiку. Крыжакi не распраналiся да сну, не здымалi абутку, елi два разы ў дзень, а ў посныя днi - адзiн.

На вайне i ў мiрны час iснавала жорсткая дысцыплiна. Спагнаннi можна было замянiць на пакаранне бiзуном, якое рыцар атрымлiваў у палатцы магiстра. У час адбывання спагнання забiралi каня i зброю, якую маглi часова аддаць iншаму. Гэта была вельмi цяжкая кара. У мiрны час каралi бiзунамi, зняццем плашча i працай разам з нявольнiкамi. Самай вышэйшай карай было выгнанне з ордэна без вызвалення ад шлюбаў, што ставiла вiнаватага па-за грамадствам. Такое пакаранне давалася за ўцёкi з поля бiтвы, адступленне ад веры, скаталожнiцтва, продаж пасадаў i годнасцяў i да т. п.

Лягчэйшай карай з'яўлялася пазбаўленне плашча на год за знiшчэнне дакументаў ордэна.

У мiрны час, каб не губляць навыкаў, крыжакi павiнны былi страляць з лукаў па птушках i паляваць на львоў (у Палестыне) i iншых буйных звяроў.

Войска Тэўтонскага ордэна адрознiвалася ад феадальных армiяў, яно мела ўзорна дысцыплiнаваныя аддзелы, якiя складалiся з майстроў ваеннай справы. Крыжакi ўмелi будаваць i здабываць замкi. Заўжды мелi добрую сiстэму разведкi.

Дакладна акрэсленым i адрэгуляваным было кiраванне. На чале Тэўтонскага ордэна стаяў вялiкi магiстр (па-нямецку хохмайстар). Ён выбiраўся пажыццёва генеральнай капiтулай, якая складалася з краёвых магiстраў (ландмайстраў), чыноў ордэна i сяброў сталiчнага канвента*. Пасля смерцi хохмайстра яго вопратку аддавалi ўбогiм, а аднаго ўбогага кармiлi цэлы год. Абраны намеснiк паведамляў аб скананнi кiраўнiка правiнцыйным магiстрам i прызначаў дзень выбараў новага хохмайстра. У дзень выбараў пасля малiтвы i iмшы аб Св. Духу чыталi правiлы i статут ордэна. Затым кожны брат прамаўляў 15 разоў "Ойча наш" i частавалi 13 убогiх.

* Канвент - орган мясцовага кiраўнiцтва, складаўся з рыцараў, святароў, службовых братоў.

Потым намеснiк (сам ён у выбарах не ўдзельнiчаў) выбiраў аднаго брата, якi кiраваў выбарамi, той абiраў другога выбаршчыка, другi трэцяга i так далей да 13. У iх лiку былi 8 рыцараў, ксяндзы, службовыя браты. Старалiся па меры магчымасцi абiраць прадстаўнiкоў розных правiнцый ордэна.

Выбаршчык не мог быць незаконнанароджаным або несцi ў гэты час пакаранне. Выбаршчыкi прысягалi, што нiчога не ўчыняць з-за непрыязi, нянавiсцi, страху, а будуць галасаваць за самага вартага. Разам з галоўнымi чынамi ўсе сябры капiтулы давалi прысягу прызнаць выбар пад пагрозай выгнання з ордэна. Калi хто з выбаршчыкаў сам быў кандыдатам на пасаду хохмайстра, то яго адсылалi да капiтулы, а тая прадстаўляла новага. Каб стаць хохмайстрам, патрэбна было набраць больш паловы галасоў выбаршчыкаў, гэта значыць не менш сямi.

Пасля выбару званiлi па ўсiх касцёлах, спявалi, праводзiлi ўрачыстасцi. Намеснiк вёў новага хохмайстра праз алтар, напамiнаў абавязкi, уручаў пярсцёнак i пячатку. Калi пад час выбараў хохмайстра не было на месцы, то аб выбраннi абвяшчалi толькi на капiтуле.

Хохмайстар з'яўляўся кiраўнiком ордэна, гаспадаром ордэнскай дзяржавы, камандзiрам войска. Аднак яго ўлада не была бязмежнай. Мусiў лiчыцца з думкай генеральнай капiтулы, якая збiралася штогод 14 верасня, i з голасам сталiчнага канвента, комтурам якога быў ён сам. Пастаянна пры хохмайстры знаходзiўся так званы кампаньён (ад'ютант). Хохмайстар не мог прызначаць свайго намеснiка, а толькi рэкамендаваць кандыдата на гэтую пасаду. Адчуваючы наблiжэнне смерцi, аддаваў пячатку аднаму з рыцараў i той вёў справы да выбару новага хохмайстра, калi ж капiтула хацела, то выбiрала новага намеснiка.

Пасля пераезду хохмайстра ў Прусiю ў Мальбарк пры iм утварылася рада, якая не прадугледжвалася статутам. Яна складалася з пяцi найвышэйшых саноўнiкаў (вялiкага комтура, вялiкага маршала, вялiкага шпiтальнiка, вялiкага шатнага, вялiкага скарбнiка) i аднаго з комтураў. Гэтыя шасцёра тварылi цесную раду. Яна часам пашыралася праз уключэнне ордэнскiх эканомаў (мальборскага i кёнiгсбергскага) i некаторых комтураў. З цягам часу функцыi большасцi саноўнiкаў адмерлi (за выключэннем маршала i скарбнiка), а тытулы засталiся.

На чале правiнцый стаялi правiнцыйныя магiстры (ландмайстры). У лепшыя часы iх было аж сем: прускi, нямецкi, iнфлянцкi (лiвонскi), аўстрыяцкi, апулiйскi, грэчаскi, арменскi. Потым iх колькасць зменшылася.

Вялiкi комтур быў намеснiкам хохмайстра ў кiраваннi дзяржавай. Пры адсутнасцi хохмайстра ў выпадку небяспекi ён меў права камандаваць армiяй. У мiрны час загадваў арсеналамi, вырабам рыштунку, складамi збожжа, а на вайне кiраваў абозам i быў галоўным iнтэндантам войска. Яму падначальваўся наземны i водны трапспарт. З'яўляўся адным з двух чыноў, якiя мелi ключы ад скрынi з пячаткай ордэна. Памочнiкам вялiкага комтура быў малы комтур.

Вялiкi маршал - намеснiк хохмайстра ў кiраўнiцтве войскамi, у выпадку адсутнасцi хохмайстра - кiраўнiк войска. У час мiру дбаў аб ваеннай падрыхтоўцы армii, у ваеннай выправе сачыў за парадкам на маршы, высылаў варту. Не меў права пачынаць бiтву без дазволу хохмайстра.

Вялiкi шатны загадваў складамi адзення, пральнямi, збраёўнямi, дзе захоўвалiся панцыры. Калi братоў было яшчэ няшмат, шатны ўсiх iх трымаў пад увагай, наглядаў за строямi i адпаведнасцю iх статуту. Новае адзенне выдаваў адзiн раз у год.

Вялiкi шпiтальнiк загадваў адпаведна шпiталямi (iх колькасць з цягам часу дасягнула некалькiх соцень), у першую чаргу галоўным шпiталем ордэна.

Вялiкi скарбнiк (гэтая пасада з'явiлася каля 1240 г., а да гэтага скарбам займаўся вялiкi комтур) вёў рахункi i распараджаўся скарбам ордэна. Золата i срэбра прымаў i складваў у скарбнiцу ў прысутнасцi хохмайстра з вялiкiм комтурам. Стан ордэнскага скарбу быў дзяржаўнай таямнiцай. Кожная з трох названых асоб мела па ключу ад скарбнiцы. Адчыняць яе маглi толькi разам. Скарбнiк плацiў грошы па даручэнню хохмайстра, вялiкага комтура цi вялiкага маршала, штомесяц складаў справаздачу.

Ордэнская дзяржава ў Прусах мела некалькi эканомаў. Два галоўныя з iх мальборскi i кёнiгсбергскi - называлiся вялiкiмi. Эканомы кiравалi ўсiм гандлем ордэна. Мальборскi экспартаваў у першую чаргу збожжа, кёнiгсбергскi бурштын, лён i вырабы з дрэва.

Дзяржава Тэўтонскага ордэна дзялiлася на акругi - камтурыi. На чале iх стаялi комтуры, якiя мелi вялiкую ўладу i самастойнасць. Комтур камандаваў войскам сваёй акругi, судзiў у земскiх судах сам або праз намеснiка, зацвярджаў змены гаспадароў у маёнтках, збiраў падаткi i ўвогуле правiў усёй акругай. Яму дапамагаў вiцэ-комтур. Комтурства iснавала там, дзе набiраўся поўны канвент - уласна кляштар крыжакоў. У канвенце мела быць сама меней 12 братоў-рыцараў, 6 братоў-святароў i па два службовыя браты на кожнага рыцара усяго 24. Ксяндзоў звычайна было менш чым 6, часта толькi адзiн, астатнюю колькасць набiралi з лiку клiрыкаў цi псаломшчыкаў. Увогуле духавенства не мела значнай ролi ў ордэне. Канвент быў самастойнай адзiнкай, сам распараджаўся даходамi з комтурства.

Там, дзе рыцараў да поўнага канвента не хапала, кiраваў не комтур, а войт або пракуратар, прызначаны суседнiм комтурам, цi хохмайстрам.

Суровы ў духу сярэднявечча статут Тэўтонскага ордэна, здавалася, прызначаўся для выхавання аскетаў, якiя ўсё ў зямным жыццi адрынулi i прысвяцiлi сябе змаганню за веру. Аднак зразумела, што браты-рыцары Тэўтонскага дому не былi такiмi набожнымi аскетамi, як можа здацца пасля знаёмства з iх статутам. Яны проста спаўнялi службу сродкам, уласцiвым iх саслоўю - гэта значыць са зброяй у руках.

Стварэнне Тэўтонскага ордэна, як i падобных яму на зямлi Палестыны, было выклiкана iмкненнем крыжакоў мець баяздольную добра арганiзаваную ваенную сiлу для барацьбы з ворагам, значна больш шматлiкiм. Час паказаў жыццястойкасць гэтага аб'яднання i яго здольнасць да дзейнасцi ў розных умовах.

Але на першай пары Тэўтонскаму ордэну прыйшлося не соладка...

З ПАЛЕСТЫНСКIХ ПЯСКОЎ У ПРУСКIЯ ЛЯСЫ

З самага пачатку, стаўшы ў шэраг воiнаў крыжа, рыцары Тэўтонскага ордэна неслi цяжкiя страты. Пад час адной з бiтваў з туркамi-сельджукамi ў сакавiку 1210 г. загiнула большая частка рыцараў, а вялiкi магiстр атрымаў смяротную рану.

Абраны на яго месца Герман фон Зальца сказаў, што быў бы рады страцiць вока, каб толькi мець да канца жыцця хоць дзесятак баяздольных рыцараў. Здарылася так, што менавiта пры гэтым хохмайстру i ў значнай ступенi дзякуючы яму справы ордэна пайшлi намнога лепш.

Герман фон Зальца не меў высокага арыстакратычнага паходжання, але быў чалавекам надзвычайных здольнасцяў. Пасада вялiкага магiстра давала яму магчымасць праявiць iх у поўнай меры. Умелы дыпламат, ён здолеў захаваць прыхiльнасць двух самых значных сiлаў Заходняй Эўропы - папства i рымскiх iмператараў, нават калi тыя варагавалi памiж сабой. Мала таго, фон Зальца выступаў пасрэднiкам пры iх прымiрэннi. Пры фон Зальца папы i iмператары надалi ордэну галоўныя прывiлеi ды маёмасцi ў Апулii, Арменii, Вугоршчыне i амаль ва ўсiх нямецкiх землях.

Iмператар прысвоiў Герману фон Зальца i ўсiм яго наступнiкам тытул князя Свяшчэннай Рымскай iмперыi з дазволам змяшчаць выяву iмперскага арла на гербах i харугвах. Яшчэ раней, у 1221 г., спецыяльным прывiлеем ордэн браўся пад апеку iмператара разам з усiмi рухомымi i нерухомымi маёмасцямi, як набытымi, так i будучымi, вызваляўся ад усякiх падаткаў i павiннасцяў.

Папа рымскi таксама абвясцiў хохмайстра князем i падараваў яму каштоўны пярсцёнак, а той пераказаў сваiм наступнiкам. Адсюль пайшоў звычай перадаваць кожнаму новаму хохмайстру разам з крыжам i гэты пярсцёнак.

Ерусалiмскi кароль як узнагароду за адвагу i цноту дазволiў хохмайстру i тым, хто прыйдзе на яго месца, насiць ерусалiмскi крыж над чорным ордэнскiм крыжам.

Тэўтоны былi ўдзельнiкамi ўсiх выпраў крыжакоў i паказалi сябе з найлепшага боку. Аднак ужо стала ясным, што перамога ў рэшце рэшт застанецца за мусульманамi. Герман фон Зальца пачаў рабiць захады для забеспячэння свайму ордэну iншага поля дзейнасцi.

Яшчэ ў 1211 г. вугорскi кароль Андрэй II запрасiў Тэўтонскi ордэн у Сямiграддзе, каб яны арганiзавалi адпор нападам качэўнiкаў. Крыжакi прыбылi туды ў значнай сiле i паспяхова справiлiся з задачай. Аднак у хуткiм часе кароль Андрэй скасаваў запрашэнне i выгнаў рыцараў. Затым у 1222 г. вярнуў назад, потым зноў адабраў падораныя землi. Замацавацца ў Сямiграддзi ордэну не ўдалося.

Тут якраз падышла прапанова з боку Польшчы. Мазавецкi князь Конрад вырашыў з дапамогай крыжакоў абаранiцца ад нападаў ваяўнiчых плямёнаў прусаў. Ордэн, не пакiдаючы поле бiтвы ў Палестыне, уступiў у балтыйскiя справы, а палякi атрымалi на сваю галаву новы клопат, якi праз нейкi час вырас у вялiкую бяду. Прусы былi язычнiкамi, што апраўдвала прысутнасць ордэна як арганiзацыi для барацьбы з нявернымi.

Конрад Мазавецкi ўжо спрабаваў сам стварыць спецыяльны ордэн для вайны з прусамi. Чатырнаццаць чалавек шляхты былi апранутыя ў белыя плашчы з вышытымi чырвоным мячом i зоркай i аб'яўленыя ордэнам Хрыста. Князь аддаў iм замак Добжынь, таму гэтае рыцарскае аб'яднанне вядома як Ордэн добжынскiх братоў. Аднак браты-рыцары з Добжыня не дасягнулi вялiкага поспеху ў вайне з прусамi, iх ордэн не здолеў набрацца моцы.

Тады Конрад вырашыў звярнуцца да сталай ужо арганiзацыi, якая мела значную сiлу. Ён выправiў паслоў да хохмайстра Тэўтонскага ордэна Германа фон Зальца з просьбай прыбыць на дапамогу са сваiмi рыцарамi. Абяцаў аддаць ордэну Хэлмiнскую i Добжынскую землi i ўсё, што той здабудзе ў паганаў. Рымскi iмператар Фрыдрых II у сакавiку 1226 г. выдаў акт, якiм навечна зацвярджаў наданне ордэну Хэлмiнскай зямлi i iншага, што здабудзецца ў няверных. У гэтым акце iмператар без лiшняй сцiпласцi выступае як уладар не заваяваных яшчэ Прусаў.

Што ж уяўляла сабой у тыя часы Прусiя? Гэтая краiна ляжала ля Балтыйскага мора, з усходу межавала з Жамойцю i Лiтвой, на поўднi - з Польшчай. Яна складалася з 12 вобласцяў, населеных балцкiмi плямёнамi. Усе гэтыя вобласцi ў пiсьмовых крынiцах называюцца "прускiмi землямi". На самой справе яны не былi заселеныя адным этнасам. У VI-XI стст. прусы насялялi паўвостраў Самбiю i паўднёва-ўсходняе ўзбярэжжа сучаснага Калiнiнградскага залiва. Да пачатку ХII ст. пад прускi ўплыў трапляюць тэрыторыi, якiя пазней атрымалi назвы "земляў": Памезанiя, Пагезанiя, Натангiя, Бартыя, Надровiя. Суседнiя плямёны (скальвы, ламаты, яцвягi) поўнасцю цi часткова прымаюць грамадскую арганiзацыю прусаў. Тэўтонскi ордэн пачынаў крыжовы паход непасрэдна супраць прусаў i для апраўдання тэрытарыяльных прэтэнзiй яму было выгодна называць усе гэтыя землi прускiмi. Ордэнскiя заваёвы спынiлi працэс утварэння дзяржавы на заходняй ускраiне балцкага арэала.

Прусiя - плоскi край, толькi на ўсходзе i поўднi ёсць пагоркi, прарэзаныя азёрамi. Месяцы травень, чэрвень, лiпень, жнiвень звычайна цёплыя, восень iмглiстая i пераменлiвая, зiма дастаткова суровая. Глеба ўраджайная - расце жыта, пшанiца, авёс, ячмень, проса, гарох, лён, каноплi, хмель. Многа было лясоў, дзе акрамя звычайнай дзiчыны ў тыя часы вадзiлiся туры, буйвалы i ласi. Прусы вялi гандаль футрам i бурштынам.

Герман фон Зальца паслаў да мазавецкага князя двух рыцараў з 18 людзьмi на агледзiны i высвятленне абставiн на месцы. Калi тыя прыехалi на мазавецкi двор, самога князя не было дома, гасцей прыняла яго жонка i прасiла пачакаць звароту мужа. Якраз у той час на Мазовiю напалi прусы. Тэўтонскiм рыцарам з'явiлася магчымасць прадэманстраваць свае баявыя вартасцi. Яны прынялi самы актыўны ўдзел у арганiзацыi абароны, магчыма, нават былi яе кiраўнiкамi. Бiтва з прусамi цягнулася цэлы дзень, урэшце мазуры кiнулiся наўцёкi i тут крыжакi паказалi сябе, прыкрываючы адступленне, пакуль не ўпалi пад мноствам стрэл. Перамога дасталася прусам дарагой цаной i яны ў тую ж ноч адышлi. Параненых рыцараў выхадзiлi i тыя прыступiлi да перагавораў з князем. Усе ўклады былi скончаныя ў 1230 г. Гэтым годам можна лiчыць пачатак будаўнiцтва ў Прусii ордэнскай дзяржавы.

Па просьбе крыжакоў князь збудаваў iм на гары левага берага Вiслы замак, названы Фогельзангам. У гэтым замку засела крыжацкая залога i баранiлася ад прусаў. Можна сказаць, гэты "птушыны спеў" (так перакладаецца з нямецкай мовы назва замка) стаў пачаткам пераможнай песнi крыжакоў над прускiмi абсягамi. Фогельзанг выканаў ролю ордэнскага плацдарма ў Прусах. Хохмайстар прыслаў падмацаванне з некалькiх рыцараў i сотнi конных. Рыцары былi надзеленыя пасадамi кiраўнiкоў новай правiнцыi (якой фактычна яшчэ не было). Галоўным сярод iх быў Герман Балк з тытулам намеснiка Прусii. З iм прыбылi прызначаныя ў новую правiнцыю маршал, комтур, дамавы комтур (камендант замка), шпiтальнiк. Напаўненне намiнальных пасадаў рэальным зместам залежала ад самiх рыцараў. Яны з запалам рынулiся "ў справу", гэта значыць у бойку, бо акрамя вайны iншых сродкаў не ведалi. Герман Балк адразу пачаў будаваць новы замак над Вiслай i назваў яго Няшава.

Конрад Мазавецкi прывiлеем у чэрвенi 1230 г. аддаў ордэну на вечныя часы Хэлмiнскую зямлю з рэкамi Дрвенцай i Мокрай i ўсё, што будзе здабыта ў Прусii. Адзiным абавязкам крыжакоў было змаганне супраць прусаў, пакуль тыя не прымуць хрысцiянства. Iмператар i папа зацвердзiлi гэтае наданне. Рымскi папа аб'явiў крыжовы паход супраць прусаў, яго ўдзельнiкам адпускалiся грахi нароўнi з крыжакамi, якiя хадзiлi ваяваць за Святую зямлю.

Забяспечыўшы сабе "прававую" падставу для заваёвы зямлi, жыхароў якой забылiся спытаць аб iх жаданнях, рыцары пачалi дзейнiчаць.

У 1231 г. Герман Балк з невялiкiм войскам на лодках перабраўся цераз Вiслу i дайшоў да аднаго з прускiх свяцiлiшчаў. Там стаяў дуб, якому пакланялiся мясцовыя жыхары. Крыжакi ўмацавалi гэтае месца - акружылi яго валамi i равамi, павесiлi на дубе сваю харугву i адбiвалiся ад насядаўшых прусаў, якiя iмкнулiся адагнаць чужынцаў ад святынi. Праз нейкi час на гэтым месцы быў закладзены замак i горад Торунь.

У хуткiм часе Герман Балк з дапамогай прыбыўшых з Эўропы крыжакоў выгнаў прусаў з усёй Хэлмiнскай зямлi. На месцы спаленага прускага гарадзiшча збудаваў горад Хэлмна, прызначыўшы яго на сталiцу Прусii. У 1234 г. аб'яднанае войска ордэна, Конрада Мазавецкага, сiлезскага князя Генрыка Барадатага, паморскага князя Святаполка, вялiкапольскага Ўладзiслава нанеслi прусам цяжкую паразу на рацэ Дзежгонь (Сiргуна). Пачалi будавацца новыя крыжацкiя замкi. 1237 год - Эльбланг, 1239 - Балга i г.д. Ордэн павольна прасоўваўся ўздоўж Вiслы, Нагаты, затым Вiслянскага залiва, каб не губляць воднай сувязi з базамi на Хэлмiнскай зямлi.

Так закладалiся асновы ордэнскай дзяржавы ў Прусii. Заваёвы новых земляў ажыццяўлялiся па простай i надзейнай схеме. На мяжы тэрыторыi, прызначанай для захопу, будаваўся замак, якi выкарыстоўваўся як апорны пункт для войска. Затым на адлегласцi 15-30 км углыб варожай зямлi (адзiн дзень дарогi) закладваўся новы замак i гэтак далей. Так стваралася сетка, якая з часам пакрыла ўсю Прусiю. У ХIII ст. крыжакi яшчэ не ставiлi шмат мураваных замкаў, бо не хапала сродкаў. Звычайна рабiлi ўмацаваннi з двух паралельных сценаў з ляжачых бярвенняў. Прамежак памiж iмi запаўнялi каменнямi i глiнай. Зверху адсыпалi вал з глiны i будавалi драўляныя вежы. Мураваныя замкi пачалi пашырацца пазней, у XIV ст. Вакол замка праводзiлi роў з вадой, праз яго да брамы вёў мост. Тэўтонскi ордэн прыняў нарманска-сiцылiйскi тып замкаў: квадрат з вежамi ў чатырох кутах. У ХIII ст. будавалiся i нерэгулярныя замкi з адной - дзвюма вежамi цi акрамя кутнiх мелася вежа i над брамай. Там, дзе быў поўны канвент, узводзiўся ўласна замак з будынкамi па ўсяму перыметру сценаў i падзамча за мурамi са стайнямi, iншымi гаспадарчымi пабудовамi. Там, дзе не набiралася поўнага канвента i кiраваў не комтур, а войт або пракуратар, замак меў адзiн цi два корпусы каля сценаў. На замку заўсёды была каплiца i агульная сталоўка. Звычайна яны размяшчалiся на другiм паверсе. Першы паверх займалi збраёўня, сядлярня, жыллё абслугi, кладоўка. Нiжэй былi скляпеннi. Комтур жыў на другiм паверсе. Пад дахам знахозiўся абарончы ярус з байнiцамi.

Прусiю наведваў хохмайстар Герман фон Зальца. Гэты чалавек справу рабiў заўсёды грунтоўна. Былi прыдуманыя меры для заваблiвання сюды каланiстаў, у першую чаргу нямецкiх. Для гэтага новым гарадам i жыхарам надавалiся ўсялякiя iльготы i прывiлеi. Гарады Хэлмна i Торунь атрымалi самакiраванне па магдэбургскаму праву. Была арганiзавана вайсковая служба на феадальнай аснове. Той, хто атрымлiваў у лен ад ордэна пэўную колькасць зямлi i iншую маёмасць, павiнны быў па заклiку станавiцца ў войска ў поўнай зброi i самае меншае з двума збраяносцамi. Хохмайстар загадаў бiць у Хэлмне манету з найчысцейшага срэбра.

Вялiкую дапамогу ў заваёве Прусii Тэўтонскаму ордэну давалi крыжакi з Эўропы, галоўным чынам з Германii, а таксама польскiя князi. Толькi па гэтай прычыне заваёва адбывалася так хутка.

Наступiла чарга iншых вобласцяў: Вармii, Натангii i Бартыi. У крыжакоў здаралiся i няўдачы. Пад час адной з выпраў у 1237 г. у Вармii залога прускага гарадзiшча Балга амаль цалкам знiшчыла ордэнскi атрад. Аднак крыжакi хутка адпомсцiлi - захапiлi Балгу i выразалi ўсiх, хто там быў. Прусы абклалi ў гэтым гарадзiшчы ландмайстра Балка з яго войскам i той выратаваўся толькi дзякуючы нечаканай падмозе крыжакоў з Германii. У хуткiм часе жыхароў Вармii, Натангii, Бартыi прымусiлi скарыцца i прыняць каталiцкую веру. Каб замацаваць перамогу, спешна будавалiся замкi: Кройцбург у Натангii, Бартэнштайн, Рэзель, Вiсемберг у Бартыi, Брунзберг i Хейлзберг у Вармii. Тутэйшыя землi падзялiлi памiж нямецкiмi шляхцiцамi, якiя далi згоду пасялiцца ў Прусii на аснове леннай службы. Мясцовых жыхароў старалiся па-ўсякаму зняволiць, маладых людзей пасылалi ў Германiю, дзе з iх выхоўвалi прапаведнiкаў хрысцiянства.

У 1237 г. да Тэўтонскага ордэна ўлiўся ордэн рыцараў Хрыста, якiх па выяве мяча на плашчы звалi яшчэ мечаносцамi. Гэтае рыцарскае аб'яднанне больш вядома як Лiвонскi ордэн. Мечаносцы перажывалi цяжкiя часы. Ваюючы з русiнамi, лiвамi, курамi, эстамi, семiгаламi, яны пастаянна канфлiктавалi яшчэ з рыжскiм архiбiскупам. Ордэн мечаносцаў займаў у Лiвонii даволi сцiплае месца - з усiх заваяваных земляў ён атрымлiваў толькi трэцюю частку, а мясцовыя бiскупствы дзве астатнiя. Аб'яднаннем з Тэўтонскiм ордэнам рыцары Хрыста спадзявалiся паправiць свае справы. Цяжкая параза ад лiцвiнаў у 1236 г. (тады загiнуў магiстр мечаносцаў) паскорыла аб'яднанне. Лiвонскiм правiнцыйным магiстрам (ландмайстрам) быў прызначаны нястомны заваёўнiк Прусii Герман Балк. Нейкi час ён заставаўся i прускiм ландмайстрам.

У 1239 г. памёр Герман фон Зальца - выдатны дзеяч Тэўтонскага ордэна. Менавiта дзейнасць гэтага хохмайстра стварыла тую аснову, на якой узняўся магутны будынак ордэнскай дзяржавы.

Маюцца звесткi, што войска ордэна прымала ўдзел у вайне з мангола-татарамi ў 1240-1241 гг., але не вельмi ўдала.Татары разбiлi аб'яднаныя хрысцiянскiя войскi ў 1241 г. пад Лягнiцай, у баi быў паранены прускi ландмаршал.

У саюз з прусамi супраць ордэна ўвайшоў паморскi князь Святаполк. Вiдавочна, ён першы зразумеў, што пасля заваёвы паганаў-прусаў прыйдзе чарга i да суседнiх хрысцiянскiх земляў. Пасля непрацяглай, але кровапралiтнай вайны ордэн з дапамогай польскiх князёў перамог. Па мiрнай дамове ў 1242 цi 1243 г. Святаполк абавязаўся дапамагаць крыжакам ва ўсiх войнах з паганамi. Аднак праз непрацяглы час князь, аб'яднаўшыся з прусамi Судовii, спустошыў Хэлмiнскую зямлю i разбiў крыжацкае войска, пры гэтым загiнуў прускi маршал. Святаполк патрабаваў вярнуць яго сына, якi знаходзiўся ў руках ордэна як закладнiк. Браты-рыцары адмаўлялiся, заклiкаючы князя скарыцца. Святаполк збудаваў на востраве пасярод Вiслы замак Зантыр i перакрыў крыжакам водны шлях. У ходзе новай вайны ордэн з дапамогай крыжакоў з Германii i Польшчы зноў узяў верх. Святаполк быў змушаны ў 1246 г. заключыць мiр, абавязацца парваць адносiны з прусамi, дапамагаць у барацьбе з паганствам, сына пакiнуць у закладзе. Аднак i гэтая сутычка была не апошняй. Толькi ў 1248 г., вычарпаўшы свае сiлы, Святаполк пры пасрэднiцтве папскага легата заключыў мiрную дамову.

Браты-рыцары таксама з дапамогай легата 7 лютага 1249 г. увайшлi ў пагадненне з новахрышчанымi прусамi з Памеранii, Вармii i Натангii. Мясцовыя хрысцiяне атрымлiвалi пэўныя правы: маглi самастойна купляць i прадаваць зямлю, распараджацца рухомай маёмасцю, уступаць у шлюб. Яны абяцалi крыжакам не палiць сваiх памёршых, трымацца хрысцiянства, быць вернымi ордэну. Аднак прусаў-хрысцiянаў было яшчэ вельмi мала, ды i тыя не цвёрда трымалiся новай веры. Яны ў хуткiм часе аб'ядналiся з язычнiкамi, перакрылi дарогi памiж крыжацкiмi замкамi, знiшчылi вялiкi атрад тэўтонскага войска.

Ордэну зноў дапамаглi крыжакi, якiя ў 1257 г. прыбылi з Германii ў вялiкай колькасцi. З iх дапамогай ордэн заваяваў Памеранiю, Вармiю, Натангiю, Бартыю i Галiндыю. Мясцовы люд быў змушаны прыняць хрысцiянства.

У 1252 г. ордэн ваяваў Памор'е, а праз год заключыў новы мiр са Святаполкам на ўмовах, што калi той што-небудзь зробiць супраць ордэна, то пазбавiцца горада Гданьска.

З дапамогай заходнеэўрапейскiх крыжакоў у 1254 г. была заваёвана Самбiя, а праз год збудавалi замак Кёнiгсберг. Супрацiўленне прусаў узмацнiлася пасля таго, як аб'яднанае войска прускай i лiвонскай частак ордэна разам з датчанамi пацярпелi моцную паразу ад лiцвiнаў у 1259 г. ля возера Дурбе. У тыя ж часы лiвонская фiлiя ордэна ваявала з мясцовымi плямёнамi, Псковам, Ноўгарадам i маладой яшчэ дзяржавай - Вялiкiм Княствам Лiтоўскiм.

У супрацьстаяннi з паганамi крыжакi не лiчылi абавязковым прытрымлiвацца нормаў хрысцiянскай маралi. Ордэнскi войт Вармii i Натангii брат Вальрад Мiрабiлiс сабраў на пiр да замка Ленцэнберг мясцовых арыстакратаў. Тыя прыйшлi без асаблiвай насцярожанасцi, бо такое адбывалася ўжо не адзiн раз. Калi госцi як след захапiлiся пiтвом i ежай, па загаду войта ў памяшканнi, дзе адбываўся пiр, былi зачынены дзверы i вокны, а дом падпалены. Вырвацца з полымя не здолеў нiхто. Гэты выпадак выклiкаў абурэнне ў Прусii i паспрыяў разгортванню паўстання супраць ордэна.

Толькi Хэлмiнская зямля i Памезанiя захавалi вернасць крыжакам, бо ўжо амаль поўнасцю былi заселеныя каланiстамi-хрысцiянамi. Самбiйскiя, натангiйскiя, вармiнскiя, пагезанскiя, бартыйскiя прусы паўсталi. Размах барацьбы, выбухнуўшай у вераснi 1260 г., быў такiм, што ледзь не знёс уладу ордэна ў Прусii. У шэрагу выпадкаў кiраўнiкамi паўстаўшых сталi людзi, якiх крыжакi ў маладых гадах выслалi да Германii для выхавання з iх руплiўцаў хрысцiянства. Тыя хрысцiяне, хто не паспеў схавацца па замках, былi забiтыя або захопленыя ў палон. Паўстанцы палiлi касцёлы, каплiцы, дамы хрысцiянаў, забiвалi святароў. Хранiст паведамляе, як аднаго святара самбiйцы паклалi галавой памiж двух бярвенняў i, сцiскаючы iх, павольна задушылi, гаворачы са здзекам, што ня смеюць пралiваць крывi такой святой асобы. Некаторых палонных прусы прыносiлi ў ахвяру сваiм багам. Так, у поўным узбраеннi на канi быў жыўцом спалены адзiн з палонных рыцараў.

Браты-рыцары сядзелi абложаныя ў замках. Двойчы з Германii да iх прыходзiла дапамога i двойчы прусы разбiвалi крыжакоў. Паўстанцы актыўна спрабавалi здабыць замкi Кёнiгсберг, Кройтцбург, Бартэнштайн i авалодалi двума апошнiмi. Залога Кройтцбурга пакiнула замак i ратавалася ўцёкамi, але яе дагналi i ўсю пабiлi. Залога з Бартэнштайна здолела ўратавацца дзякуючы хiтрасцi. Немцы ноччу цiшком выйшлi, а ў замку застаўся стары рыцар, якi рэгулярна званiў у звон, быццам заклiкаючы на набажэнства. Прусы не заўважылi падман. Доўга трымаўся замак Хейлзберг у Вармii, нягледзячы на пастаянныя штурмы i абстрэл з абложных машын. Урэшце залога здолела ўцячы i схавацца ў Эльблангу, прывёўшы з сабой 12 прускiх закладнiкаў. Iх асляпiлi i так выпусцiлi. Была выкрыта змова з прусамi двух крыжакоў. Ландмайстар загадаў спалiць здраднiкаў жыўцом. Каб спаленыя былi пагане, то ўсё скончылася б цiха, але тут за празмерную жорсткасць да хрысцiянаў ландмайстра пазбавiлi пасады.

Паўстанцы захапiлi малыя ордэнскiя замкi, а буйныя трымалi ў шчыльнай аблозе. Верныя ордэну Хэлмiнская зямля i Памезанiя аказалiся спустошанымi.

У 1263 г. крыжакам ўдалося задушыць паўстанне ў Самбii, аднак у iншых месцах вайна працягвалася. Натангiйскiя прусы разграмiлi крыжакоў у Хэлмiнскай зямлi, прычым загiнуў ландмайстар i некалькi дзесяткаў рыцараў. Шмат пацярпеў замак Радзынь. Яго двойчы захоплiвалi паўстанцы i двойчы крыжакi адбiвалi.

З Германii падыходзiлi ўсё новыя i новыя падмацаваннi. Урэшце з канца 1272 г. ордэн пачаў браць сiтуацыю пад кантроль. Пасля амаль 14-гадовай вайны былi прыведзеныя ў пакору Вармiя, Натангiя, Бартыя i iншыя вобласцi. Ужо ў 1274 г. заваёва новых вобласцяў у Прусii аднавiлася - на чаргу сталi Скаловiя, Надравiя, Судовiя. Аднак агонь паўстання ўсё яшчэ не патухаў. Крыжакi душылi яго з вялiкай жорсткасцю. Прускi ландмайстар Конрад фон Цiрберг амаль усiх жыхароў Пагезанii выселiў у iншыя вобласцi, шмат людзей уцяклi ў Беларусь i разам з сем'ямi аселi ў ваколiцах Гораднi.

Паўстанне паступова згасала i сведчанне таму тое, што ордэн змог вызвалiць частку сiлаў для новых заваёваў. Вайна вялася са звычайнай тады жорсткасцю i ўтрапёнасцю. Мемельскi комтур захапiў у палон аднаго з прускiх правадыроў у Скаловii. На прывале палоннага прывязалi да дрэва, каб не ўцёк. Калi варта заснула, той здолеў вызвалiцца, але ўцякаць не стаў. Схапiўшы меч, забiў рыцара i трох кнехтаў, чацвёртаму адсек руку. Астатнiя, разбуджаныя шумам, пасеклi раз'юшанага воя.

Апошняй у 1283 г. была заваявана Судовiя. Яна аказалася моцна спустошанай - шмат народу палягло ў вайне, частку крыжакi рассялiлi па iншых правiнцыях, частка выселiлася ў Вялiкае Княства Лiтоўскае. На месца загiнуўшых i ўцёкшых прыходзiлi каланiсты, галоўным чынам з Германii. Тыя мясцовыя жыхары, якiя прынялi хрысцiянства, доўгi час, нават яшчэ ў XVI ст., захоўвалi элементы сваёй даўняй веры.

Лiчачы ад 1231 г., калi Герман фон Балк упершыню пераправiўся з войскам праз Вiслу, да 1283 г., за 52 гады Прусiя была заваявана цалкам. Для гэтага спатрэбiлася намаганне не толькi Тэўтонскага ордэна, але i шляхты ўсiх германскiх земляў. Вайна нанесла такiя непапраўныя страты мясцовым плямёнам, што ў рэшце рэшт яны перасталi iснаваць як этнасы.

Унутраную палiтыку на тэрыторыi Прусii ордэн будаваў умела i мэтанакiравана. Каб прыцягнуць каланiстаў, крыжакi стварылi новае хэлмiнскае права. Было ўведзена фламандскае права спадчыннасцi- роўнасць мужчыны i жанчыны. Па вугорскаму праву дазвалялася свабоднае паляванне на дзiкага звера, акрамя баброў. Ужывалася яшчэ магдэбургскае i польскае права. Прусаў падзялiлi на дзве катэгорыi: вольныя i нявольныя. Тыя, хто захаваў вернасць ордэну пад час паўстання 1260-1274 гг., мелi больш правоў. Былыя паўстанцы - нявольныя хлопы - жылi ў асобных вёсках, мелi мiзэрныя гаспадаркi i мусiлi працаваць на крыжакоў. Яны не маглi сялiцца ў гарадах. Мясцовая шляхта анямечылася.

Каланiсты густа наплывалi да 1350 г., пасля iх прыток зменшыўся. Крыжакi стварылi 1400 новых вёсак (акрамя бiскупаў, царкоўных капiтулаў i феадалаў). Да 1410 г. у Прусii ўжо было 93 гарады. На пачатак XV ст. насельнiцтва Прусii ацэньваецца прыблiзна ў 400-600 з нечым тысяч чалавек.

Ордэнскiя ўлады шчыльна апякалi гаспадарчае жыццё краiны. Яны стварылi двайную сiстэму даходаў: праз адпрацоўкi, грашовы i натуральны падаткi (шляхта таксама iх плацiла) i яшчэ праз уласную гаспадарку (земляробства, жывёлагадоўля, рамяство, крэдыт, гандаль). Галоўным аб'ектам гандлю былi авёс, ячмень i солад. Ордэн злоўжываў уладай - сваiх эканомаў ставiў у больш выгодныя ўмовы гандлю, чым астатнiх купцоў. За некалькi дзесяткаў гадоў Прусiя ператварылася ў квiтнеючую краiну, з чаго ордэн меў немалую выгоду.

У знешняй палiтыцы Тэўтонскага ордэна пасля пакарэння Прусii галоўнай задачай стала вайна з Вялiкiм Княствам Лiтоўскiм.

БОЙКI З ЛIТВОЙ I ПОЛЬШЧАЙ

Пераломным у адносiнах Тэўтонскага ордэна з Вялiкiм Княствам Лiтоўскiм стаўся 1283 год. Крыжацкi хранiст Пётр Дзюзбург пiсаў: "Скончылася пруская вайна, пачалася вайна лiтоўская". Аднак першы этап барацьбы з Лiтвой* пачаўся задоўга да гэтага часу. Упершыню прэтэнзii на Лiтву былi выказаныя ў прывiлеi германскага iмператара Фрыдрыха II у 1245 г. Па просьбе хохмайстра iмператар аддаваў ордэну землi, якiя той здабудзе ў Куронii, Лiтве i Семiгалii. Яшчэ раней, з пачатку ХIII ст., агрэсiўныя намеры да Лiтвы мелi лiвонскiя крыжакi. Спачатку яны абаранялiся ад нападаў лiтоўцаў**, а калi замацавалiся памiж Дзвiной i Фiнскiм залiвам, перайшлi ў наступ. Пацярпеўшы паразу ад лiтоўцаў пад Шаўламi ў 1236 г., мечаносцы тут жа (1237 г.) аб'ядналiся з Тэўтонскiм ордэнам. Цяпер адной з галоўных задач лiвонцаў стала злучэнне з Прусiяй па сушы. Дарога на Прусiю вяла праз Куронiю i мечаносцы атакавалi гэтую вобласць. Як выключную з'яву ў адносiнах памiж крыжакамi i Лiтвой даследчыкi разглядаюць мiрнае пагадненне Мiндоўга з лiвонскiм ландмайстрам. Аслабiла ордэн як у Прусах, так i ў Iнфлянтах параза ля возера Дурбе (1259 г.).

* Пад Лiтвой тут разумеецца дзяржава Вялiкае Княства Лiтоўскае.

** Лiтоўцы - назва жыхароў гiстарычнай вобласцi "Лiтва" ў Верхнiм Панямоннi са змешаным славянска-балцкiм насельнiцтвам.

Iстотных зменаў на лiтоўска-лiвонскiм фронце не назiралася да 1283 г., пакуль на арэне барацьбы не з'явiўся новы магутны дзеяч - прускiя крыжакi. Ордэн выступiў з прэтэнзiямi на Вялiкае Княства, спасылаючыся на фальшывую (цi праўдзiвую) даравальную грамату Мiндоўга. Паводле яе зместу, вялiкi князь прызначаў сваю дзяржаву ордэну ў тым выпадку, калi застанецца без нашчадкаў. Здарылася так, што ўсе сыны Мiндоўга загiнулi (у тым лiку вялiкi князь Войшалк) i ордэн выставiў свае патрабаваннi.

Адразу пасля заваёвы Судовii ландмайстар Конрад фон Цiрберг у той жа год зрабiў першы паход на Лiтву. У наступным годзе зруйнавалi Горадню.

У 1291 г. пала апошняя апора крыжакоў у Палестыне - Акра. Хохмайстар Тэўтонскага ордэна адплыў на караблi ў Эўропу i абсталяваўся ў Венецыi. З гэтага часу Прыбалтыка становiцца галоўнай арэнай дзейнасцi ордэна, а праз 19 год хохмайстры назусiм перабралiся ў Прусiю.

Паходы на Лiтву арганiзоўвалi ландмайстар, ландмаршал i парубежныя комтуры. Цягнулася непарыўная вайна, якая складалася з дробных i буйных наездаў, сутычак, засадаў, адступленняў, уцёкаў i пагоняў. Паходы з аднаго i другога боку адбывалiся па падобнай схеме. Збiралася войска ў колькасцi ад некалькiх дзесяткаў да некалькiх тысяч вояў i iшло ў паход на варожую тэрыторыю. Выправа цягнулася ад 2-3 дзён да некалькiх тыдняў (калi iшло вялiкае войска). Мелi мэтай здабыць адзiн цi болей замкаў, рабавалi ваколiцы, палiлi жытло, забiвалi або бралi ў палон насельнiцтва, зводзiлi жывёлу.

Выйграваў той, хто здолеў сканцэнтраваць сiлы, нечакана ўдарыць i адысцi са здабычай i палоннымi, пакуль вораг не арганiзаваў адпор. Другi варыянт: вызнаць цi прадугледзець час i накiрунак паходу ворага, сабраць у пэўным месцы большыя сiлы i нанесцi яму паразу ў сустрэчным баi цi ў пагонi.

Вялiкую ролю адыгрываў фактар нечаканасцi. Войска збiралi тайна i трымалi ў сакрэце месца выправы. Часам спецыяльна распаўсюджвалi чуткi аб намеры напасцi на адну вобласць, а iшлi зусiм у другую. Iснавала добра арганiзаваная служба памежнай варты i разведкi з абодвух бакоў. Для выведаў выкарыстоваўвалiся вандроўныя манахi i гандляры. Аднак нечаканыя напады ўдавалiся часта. Пакуль збiралi войска, арганiзоўвалi абарону, праходзiў пэўны час. Той, хто нападаў, з самага пачатку меў перавагу ў iнiцыятыве. У выпадку, калi жыхары аказвалiся папярэджанымi, яны хавалiся па замках са сваёй рухомай маёмасцю. Часам дзякуючы нечаканасцi ўдавалася захапiць i замак. Нягледзячы на амаль пастаянны стан вайны, у тыя часы не трымалi ў адным месцы вялiкага войска па той простай прычыне, што яго немагчыма было пракармiць.

У вынiку безупыннай вайны памiж дзяржавамi ўтварылася амаль незаселеная прыгранiчная паласа. Жыццё тут было вельмi небяспечным - пастаянна праходзiлi вайсковыя атрады, гурты рабаўнiкоў, сядзелi засады.

У канцы ХIII ст. адбылося паўстанне ў Натангii, Самбii i Судовii, але крыжакам удалося задушыць яго ў самым пачатку праз здраду.

На Лiвонii разрастаўся канфлiкт ордэна з рыжскiм архiбiскупам. Апошнi разам з рыжанамi заключыў дагавор з вялiкiм князем Вiценем i той прыняў непасрэдны ўдзел у гэтай барацьбе. У 1298 г. ён разбiў лiвонскiх рыцараў, прычым у бiтве загiнуў лiвонскi ландмайстар. Толькi падмога кёнiгсбергскага комтура прымусiла лiцвiнаў выйсцi з Лiвонii.

Хохмайстар Готфрыд фон Гогенлоэ вырашыў у 1303 г. перанесцi сталiцу Тэўтонскага ордэна ў Прусiю. Яго выбар паў на Мальбарк (цi Марыенбург) на рацэ Нагаце. Перанос сталiцы ў Прусiю быў цалкам лагiчным, бо менавiта ў Прыбалтыцы для ордэна адкрывалiся найабшырнейшыя перспектывы. Тут хапала земляў для заваёвы, непадалёк знаходзiлася Германiя (не тое, што ў Палестыне), адкуль заўсёды можна было атрымаць хуткую дапамогу. Намер Гогенлоэ ажыццявiў яго наступнiк Зыгфрыд фон Фойхтванген.

У пачатку XIV ст. ордэн панаваў над Прусамi, Курляндыяй, Семiгалiяй, часткай Лiвонii, некалькiмi паветамi Жамойцi. У яго шэрагi ахвотна ўступала як шляхта, так i буйныя феадалы. Тут можна было атрымаць уладу, ганаровую пасаду i немалы матэрыяльны набытак. Суровы статут не вытрымлiваў выпрабавання багаццем i ўладай. Ордэн ужо нельга было назваць зборам аскетаў i фанатыкаў-хрысцiянаў.

Адразу пасля абрання хохмайстар Зыгфрыд фон Фойхтванген у 1309 г. выехаў у Прусiю да Мальбарка. Пасада прускага ландмайстра стала непатрэбнай, хохмайстар зрабiў Генрыха фон Плотцке вялiкiм комтурам i даручыў нагляд над жыўнасцю i суднаходствам. Вялiкi комтур жыў пры двары хохмайстра гэтак жа, як вялiкi скарбнiк. Прускi маршал рэзiдаваў у Кёнiгсбергу, вялiкi шпiтальнiк - у Эльбланiу, вялiкi шатны - у Хрыстбурзе.

Тэўтонскi ордэн у гэты час настолькi ўверыўся ў сваёй моцы, што, не спыняючы валкi з Лiтвою, увязаўся ў доўгую i крывавую вайну з Польшчай за Памор'е (1309-1343 гг.). Тут ужо не было гаворкi аб барацьбе з нявернымi. Крыжакi ваявалi за хрысцiянскiя землi з канкрэтнай мэтай - захапiць ласы кавалак зямлi i напрамую злучыцца з нямецкiмi землямi. Валоданне Памор'ем давала гарантыю пастаяннай сувязi з Германiяй па сушы.

На валоданне паморскiм княствам прэтэндавалi акрамя ўласных князёў яшчэ брандэнбургскiя маркграфы i польскiя каралi. У 1294 г. кароль Пжэмыслаў усталяваў на Памор'i польскую ўладу. Аднак праз два гады яго неспадзеўкi заспелi i забiлi брандэнбуржцы. Барацьбу за Памор'е прадоўжыў Уладзiслаў Лакетак. Тым часам брандэнбургскiя маркграфы ўзялi ў германскага iмператара прывiлей на сваё валоданне Памор'ем (1295 г.). Не могучы сваiмi сiламi адабраць гэтую зямлю, Лакетак звярнуўся за дапамогай да Тэўтонскага ордэна. Паводле ўмовы крыжакi абавязалiся баранiць ад брандэнбуржцаў гданьскi замак. Праз год яны павiнны былi атрымаць плату i пакiнуць Гданьск. Выканаўшы справу - з поспехам абаранiўшы замак, браты-рыцары ў наступным годзе запатрабавалi плату. Лакетак заплацiць не змог. Тады крыжакi закавалi ў кайданы палякаў, якiя былi ў замку, а праз некаторы час выразалi польскую залогу ў горадзе i авалодалi iм. Затым ордэн заплацiў адступнога (10 тыс. грыўнаў) брандэнбуржцам i тыя адмовiлiся ад сваiх правоў на Памор'е на карысць ордэна. Гэта адбылося ў вераснi 1309 г. У 1311 г. iмператар зацвердзiў не толькi гэтую куплю, але i будучыя набыткi ордэна на Памор'i. Крыжакi даволi хутка здабылi паморскiя замкi. Адны захапiлi сiлай, iншыя паддалiся без бою. Больш за iншых супрацiўлялася польская залога ў Швецы, але i яна ўрэшце здалася. Ордэн стаў гаспадаром абодвух берагоў Вiслы, пачынаючы ад Польшчы i да ўпадзення ў Балтыйскае мора.

Не спынялася вайна з Вялiкiм Княствам Лiтоўскiм. Вось некалькi эпiзодаў з яе. У 1305 г. вялiкi князь Вiцень сабраў нараду з найважнейшых паноў. Самбiйскi войт Пiлiп фон Голанд якраз напаў на Лiтву i памiж iншымi спалiў дзве вёскi вялiкага князя.

Той, разгневаны, кiнуўся ў пагоню з усiмi прысутнымi панамi. Крыжакi ўжо далёка ад'ехалi, таму былi бяспечнымi. Адзiн рыцар вёў войска, астатнiя, зняўшы зброю, вольна ехалi ззаду. Тут на iх ударыў вялiкi князь. Адразу быў забiты сын войта. Голанд, схапiўшы дзвюма рукамi меч, знёс галаву лiцвiну, але i сам палёг разам з iншымi рыцарамi.

Лiвонскiя крыжакi збудавалi ў вусцi Дзвiны замак i пачалi кантраляваць гандаль на рацэ, чым яшчэ ўзмацнiлi канфлiкт з Рыгай. Бiскупы з Лiвонii напiсалi да папы рымскага вялiкую скаргу на ордэнцаў. Рыцараў абвiнавачвалi ў розных грахах: ад забойства хрысцiянаў да дабiвання сваiх жа братоў-рыцараў, параненых у баi, i спальвання iх целаў па ўзору паганаў.

Актыўныя баявыя дзеяннi адбывалiся на берагах i водах Нёмана. Комтур Рагнеты прыдумаў збудаваць вялiкi i высокi карабель - сапраўдны плывучы замак - i паплыў на iм па Нёману ў выправу. Аднак карабель сеў на мель. Палiць яго было шкада (шмат каштаваў сродкаў i сiлаў), комтур спадзяваўся з часам вывесцi судна на глыбокую ваду. Пакiнуўшы на варце чатырох лучнiкаў, пайшоў за падмогай. Лiцвiны акружылi карабель на лодках. У гэты час ён неяк сышоў з мелкага месца i паплыў па цячэнню. Лучнiкi бесперапынна адстрэльвалiся з высокiх бартоў, аднак былi забiтыя, а карабель спалены.

Вайну з Лiтвой у гэтыя часы арганiзоўвалi галоўным чынам вялiкi маршал i комтуры пагранiчных замкаў. Хохмайстар быў заняты справамi з Польшчай. Цяжкую страту панёс ордэн у 1320 г. - загiнуў вялiкi маршал Генрых фон Плотцке. Пад час выправы да Меднiкаў, што на Жамойцi, ён быў акружаны лiцвiнамi i жамойтамi. Маршал з боем адступаў па адзiнай свабоднай дарозе, але яна аказалася перакрытаю ссечанымi дрэвамi. У роспачнай бойцы загiнулi разам з маршалам 20 рыцараў i шмат коннiцы. Памiж палоннымi быў самбiйскi войт. Яго, па паведамленню ордэнскага хранiста, у поўнай зброi прывязалi на канi i спалiлi жыўцом на ахвяру паганскiм багам. Немалыя страты крыжакам нанёс выдатны ваенны правадыр Давыд Гарадзенскi, зяць вялiкага князя Гедымiна.

Лiцвiны хадзiлi паходамi не толькi ў Прусiю, але i на Польшчу. Кароль Уладзiслаў Лакетак, уважаючы крыжакоў за галоўнага ворага, павёў палiтыку на саюз з Вялiкiм Княствам. Ён выправiў да Гедымiна паслоў з прапановай мiру i просьбай рукi яго дачкi Альдоны для свайго сына Казiмiра. Гедымiн даў згоду i ў якасцi пасага дачкi выпусцiў тысячу палонных палякаў.

Лакетак, не чакаючы сканчэння перамiр'я з крыжакамi (да Божага нараджэння 1326 г.), пачаў грамiць iх саюзнiкаў. Спачатку спустошыў землi мазавецкага князя. Затым надышла чарга маркграфства Брандэнбургскага. У 1326 г. разам з лiтоўскай падмогай на чале з Давыдам Гарадзенскiм палякi спустошылi ваколiцы Франкфурта-над-Одэрам. На адваротнай дарозе на прывале Давыд быў забiты ў спiну адным мазавецкiм шляхцiцам. Крыжакi ў 1327 г. разам з мазавецкiм князем Вацлавам спустошылi Куявы. На наступны год Лакетак зноў з лiтоўскай падмогай ваяваў Хэлмiнскую зямлю, а крыжакi з мазурамi хадзiлi на Куявы, дзе пацярпелi паразу. У 1341 г. пад час аблогi аднаго з крыжацкiх замкаў стрэлам з гарматы быў забiты вялiкi князь Гедымiн. Вайну з ордэнам прадоўжылi яго сыны Альгерд i Кейстут. На той жа год крыжакi захапiлi Добжынь. Польскi кароль, атрымаўшы падмогу з Аўстрыi, Лiтвы, Вугоршчыны, пайшоў на Хэлмiнскую зямлю. Аднак ордэнскае войска не давала яму пераправiцца праз раку Дрвенцу. Кароль 10 дзён стаяў на адным беразе, крыжакi - на другiм. Нарэшце палякi знайшлi новы брод. Каля яго затаiлася некалькi вайсковых аддзелаў, астатнiя пайшлi берагам да Броднiцы, ордэнскiя войскi iшлi паралельным курсам па другiм беразе. Схаваныя войскi Лакетка перайшлi раку i дымам падалi ўмоўны знак каралю, той рэзка павярнуў войска i на ўсю моц паiмчаў да броду. Крыжакi таксама павярнулi, але iх цяжкiя конi не паспелi за лягчэйшымi польскiмi i вугорскiмi, пераправа адбылася. Хохмайстар адступiў да Голуба. Было заключана перамiр'е, спрэчкi вырашылi перадаць на суд чэшскага i вугорскага каралёў. Тады ж заключылi перамiр'е i з Лiтвой - ордэн абавязаўся вярнуць заваяваную частку Жамойцi.

Лiвонскi ландмайстар абклаў горад Рыгу. Пасля працяглай абароны людны i багаты горад у 1330 г. з-за недахопу харчавання здаўся на ўнiжальных умовах. Самыя шаноўныя жыхары павiнны былi прыйсцi да ландмайстра i скласцi да яго ног усе свае прывiлеi. Ландмайстар загадаў засыпаць частку гарадскiх равоў, развалiць мур на 30 локцяў у шырыню i праз той пралом на чале войска ўступiў у Рыгу. Ландмайстар быў таўсцяком i адна кабета, пабачыўшы гэты ўезд, заявiла, што не дзiвiцца нежаданню крыжака прайсцi праз браму, як усе людзi. Каб трымаць горад у паслушэнстве, крыжакi заклалi ў Рызе свой замак. Яны доўга i без асаблiвых турбот жылi пад праклёнам папы, накладзеным за нежаданне вяртаць горад архiбiскупу.

Быў у ордэне рыцар заганных схiльнасцяў Ян фон Бендорф. Хохмайстар за гэта трымаў яго пад сваiм наглядам у Мальбарку. За нейкую правiннасць у Бендорфа адабралi каня. У дзень святой Элiзабеты, калi хохмайстар выходзiў з каплiцы, Бендорф нанёс яму смяротны ўдар нажом. Адзiны спадарожнiк хохмайстра - сабака пачаў так жахлiва брахаць i выць, што адразу збеглiся людзi. Забойца хацеў уцячы, але яго выкрылi па плямах крывi на белым плашчы i затрымалi. Рыцары не хацелi крывi свайго брата i аддалi яго на суд папе. Той прыгаварыў яго да пажыццёвага зняволення на хлебе i вадзе.

17 лютага 1331 г. генеральная капiтула абрала новага хохмайстра i прыняла меры для асабiстай бяспекi кiраўнiка ордэна. Яму далi варту з некалькiх рыцараў i жаўнераў. Капiтула ўзнавiла звычай выбару хохмайстрам у пастаяннае таварыства аднаго рыцара, званага кампаньёнам (ад'ютантам). У абавязкi кампаньёна ўваходзiла сачыць за бяспекай хохмайстра, прымаць звароты, просьбы i г.д. З часам хохмайстры мелi па тры i чатыры кампаньёны.

Перамiр'е ордэна з Польшчай скончылася, а мiрнага вырашэння спрэчак не адбылося. Вайна працягвалася далей. Крыжакi захапiлi ўсю Добжынскую зямлю. Пасрэднiкi - вугорскi i чэшскi каралi выдалi прысуд: Куяўскую i Добжынскую землi вярнуць Польшчы, Памор'е пакiнуць ордэну. Крыжакi не аддавалi захопленыя землi, патрабуючы ад караля Казiмiра пiсьмовай згоды з прысудам, а той яе не даваў. Нарэшце ў 1343 г. Казiмiр падпiсаў з ордэнам мiр у Калiшы, па ўмовах якога адрокся ад усiх правоў на Памор'е, Хэлмiнскую i Мiхалаўскую землi. Крыжакi перадалi Польшчы Куявы i Добжынь.

Пасля замiрэння з Польшчай вайна супраць Лiтвы павялася з небывалым размахам. З 1340 да 1410 г. было зроблена 97 паходаў на Лiтву. Галоўным чынам нападалi на Жамойць, а таксама на Горадню, Вiльню, Трокi, Берасце, Лiду, Наваградак. У адказ за гэты ж час лiцвiны ажыццявiлi каля 55 паходаў. Вялiкiя крыжацкiя выправы (па некалькi тысяч чалавек) адбывалiся ў 1382, 1383, 1384, 1390, 1391, 1394, 1402, 1403 гадах. Разам з тым штогод рабiлася 4-8 невялiкiх рабаўнiчых выпраў, якiя арганiзоўвалi комтуры Рагнеты, Балгi, Астроды.

У 1360 г. у крыжацкi палон трапiў Кейстут, ён быў акружаны i аддаў зброю лiвонскаму ландмайстру. Аднак князя хутка абмянялi на мноства палонных хрысцiянаў. Але ў хуткiм часе Кейстут зноў трапiў у палон. У бiтве яго скiнулi з каня, схапiлi i прывезлi да Мальбарка. Варта днём i ноччу стаяла ля дзвярэй цямнiцы, куды доступу не меў нiхто, акрамя крыжака з прыдворнай службы хохмайстра. Ён насiў князю ежу. Гэты крыжак быў родам лiцвiн, яго маладым узялi ў палон, ахрысцiлi на Адольфа, а па-простаму звалi Альфам. Доўгай i вернай службай ордэну Альф заслужыў давер хохмайстра. Кейстут знайшоў у адной сцяне вязнiцы выемку, якая мела глыбiню на 2/3 мура. Князь схiлiў Альфа на свой бок, атрымаў ад яго iнструменты i ламаў муроўку ў адтулiне, пакуль не прабiў выйсце. Ноччу Кейстут спусцiўся ў роў, вылез на другi бок па драбiнах, апрануў крыжацкi плашч i без перашкод выехаў з Мальбарка. Дабраўшыся разам з Альфам да лесу, кiнулi коней, некалькi дзён хавалiся па балотах, затым лясамi па начах дайшлi да Мазовii, дзе ўцекачоў прыняла княгiня Данута - родная дачка Кейстута.

У канцы 1379 г. ля ракi Нарвы з'ехалiся хохмайстар, Кейстут, Ягайла (бацька Ягайлы вялiкi князь Альгерд памёр у 1377 г.). Там яны прыйшлi да згоды i ў Троках заключылi мiр на 10 гадоў памiж пагранiчнымi раёнамi Прусii i Лiтвы. Па яго ўмовах з абодвух бакоў не павiнна было быць нiякiх нападаў. Жыхары пагранiчных раёнаў маглi ў складзе войскаў сваiх краiн удзельнiчаць у паходах на глыбiнныя раёны iншай варожай дзяржавы.

Ягайла, захацеўшы аднаасобна панаваць у Вялiкiм Княстве, увайшоў у тайную змову з крыжакамi супраць Кейстута. У 1380 г. была заключана патаемная дамова: вялiкi князь (Ягайла) гарантуе Тэўтонскамуордэну поўныя мiр i бяспеку. Калi ордэн пойдзе пустошыць край Кейстута цi яго сыноў, а вялiкi князь выведзе сваё войска ў поле, то мiр пры гэтым нiякiм чынам не будзе лiчыцца сарваным; толькi не павiнны ўступаць у бiтву з ордэнскiм войскам. Калi воi ордэна па няведанню ўвойдуць у землi вялiкага князя, зробяць шкоду, або захопяць палонных, то палон будзе выдадзены без выкупу, але каб дамоўленасць не адкрылася, рабiць выгляд, што выкуп атрыманы.

Ужо ў 1381 г. крыжакi пачалi ваенныя дзеяннi супраць Кейстута - пустошылi Жамойць. Кейстут арганiзаваў паход у адказ, якi меўся быць нечаканым, але крыжакi ўсюды былi гатовыя да яго прыходу, што здзiвiла старога князя. Усё стала яму зразумелым, калi атрымаў iнфармацыю аб дамове Ягайлы з крыжакамi. Кейстут сказаў аб здрадзе свайму сыну Вiтаўту, якi быў у вялiкай дружбе з Ягайлам i, можна сказаць, жыў пры iм. Вiтаўт не хацеў даваць веры, запэўнiваў бацьку, што вялiкi князь яму давярае i нiчога не робiць без яго ведама.

Праз нейкi час Кейстут нечакана авалодаў Вiльняй i ўзяў пад варту Ягайлу. Была знойдзена перапiска з крыжакамi i тэкст пагаднення. З Гораднi ў Вiльню прымчаўся Вiтаўт. Бацька яму сказаў: "Ты не хацеў мне верыць, глянь на гэтыя лiсты i даведайся аб змовах супраць нас. Дзякуй небу, што захавала нас ад згубы". Ягайлу пакiнулi ўдзел i ён пасялiўся ў Крэве.

У 1382 г. адбывалiся ўзаемныя напады з крыжакамi. Ягайла зноў наладзiў сувязь з ордэнам. Ён нечакана напаў на Вiтаўта, разбiў яго войска i захапiў Вiльню. Вiтаўт адступiў да Трокаў, потым пад Горадню. Ягайла злучыўся пад Трокамi з крыжацкiм войскам, захапiў горад i замак. Сюды падышлi Кейстут з Вiтаўтам. Варожыя войскi стаялi на адлегласцi ў 3-4 палёты стралы адно ад другога. Ягайла прыслаў свайго брата Скiргайлу з заклiкам да згоды i мiру. Кейстут паддаўся на гарачыя просьбы Вiтаўта, паверыў прысязе Скiргайлы аб бяспецы i разам з сынам паехаў да войска Ягайлы. Сам Ягайла, быццам для ўшанавання, выехаў насустрач з вялiкiм конным атрадам, якi адразу акружыў прыбыўшых князёў. Калi Кейстут сказаў аб мэце прыезду, Ягайла задумлiва адказаў: "Тут не месца для перагавораў, паехалi да Вiльнi". I тут жа конныя пачалi цяснiць прыехаўшых на вiленскую дарогу. У Вiльнi бацьку з сынам разлучылi. Кейстута ў кайданах вывезлi ў Крэва i пасадзiлi ў цямнiцу. Да вояў Кейстута прыбыў ганец i ад яго iмя перадаў, што князю ўжо не патрэбныя iх паслугi. Войска раз'ехалася па дамах. На пятую ноч зняволення ў Крэве Кейстут быў задушаны ў прысутнасцi кашталяна замка Проры. Памiж забойцамi быццам знаходзiўся нейкi крыжак. Ягайла загадаў прывезцi цела дзядзькi да Вiльнi i арганiзаваў пышнае пахаванне.

Вiтаўт у Вiльнi паводзiў сябе неспакойна, урэшце захварэў i быў таксама вывезены ў Крэва. Яго жонка княгiня Ганна дамаглася дазволу быць разам з мужам. Прыбылi на месца яшчэ перад смерцю бацькi. Пасля забойства Кейстута вырашылi ўцякаць. Княгiня ўзяла лiст бяспекi для сваёй паездкi ў Мазовiю. Аднойчы яна, як звычайна, прыйшла адведаць мужа i затрымалася ў яго. Вiтаўт перапрануўся ў адзенне адной са служанак, iмем Алена, а тая засталася на яго месцы. Потым князь быў спушчаны з мура i дабраўся да коней, прысланых ваўкавыскiм цiвуном. Хутка даiмчаў да Слонiма, затым праз Берасце на пяты дзень быў ужо на Мазовii ў Плоцку. Княгiня Ганна разам з дзецьмi таксама пакiнула Крэва. Алена так добра выдавала сябе за хворага князя, што ўцёкi адкрылiся толькi на трэцi дзень. Прор, атрымаўшы загад з пашанай вывезцi Вiтаўта да Вiльнi, зайшоў да князя, убачыў падмену i адразу забiў Алену. Некаторыя хранiсты пiшуць, што на месцы Вiтаўта засталася яго жонка.

Вiтаўт звярнуўся за дапамогай да ордэна i атрымаў яе. Прыбыўшы да Прусii, князь паслаў клiкаць на падмогу да сябе жамойтаў. Тыя доўга не хацелi даваць веры, што князь Вiтаўт можа быць у хаўрусе з крыжакамi.

У хуткiм часе Ягайла зрабiў важны палiтычны крок - згадзiўся прыняць польскую карону. У 1385 г. былi выпрацаваныя ўмовы Крэўскай унii, на наступны год Ягайла стаў польскiм каралём i прыняў каталiцтва з iмем Уладзiслаў.

Ягайла лiчыўся гаспадаром дзвюх дзяржаў каля 7 год. Барацьба Вiтаўта за бацькоўскi стол скончылася пагадненнем 1392 г. у Востраве. Ягайла фактычна прызнаў за стрыечным братам Вялiкае Княства Лiтоўскае, а сам застаўся толькi польскiм каралём, прыдумаўшы сабе на суцяшэнне тытул вярхоўнага князя Лiтвы.

НАБЛIЖЭННЕ ДА ВЯЛIКАЙ ВАЙНЫ

Адносiны ордэна з Лiтвой i Польшчай пастаянна былi напружанымi. Вiтаўт i Ягайла выдатна разумелi, што нясе iх дзяржавам далейшае ўзмацненне крыжакоў. Яны таксама ўсведамлялi ўсю цяжкасць змагання з ордэнам паасобку i Вялiкага Княства Лiтоўскага, i тым больш невялiкага каралеўства Польскага.

Небяспека з боку ордэна - вось аснова тагачаснага саюза Лiтвы i Польшчы. У iмя дзяржаўных iнтарэсаў вялiкi князь i кароль адкiнулi ўсе даўнiя крыўды, што было не простай справай, асаблiва для Вiтаўта. Памiж iм i Ягайлам ляжала смерць бацькi - вялiкага князя Кейстута.

У свой час Ягайла карыстаўся крыжацкай дапамогай у змаганнi за вярхоўную ўладу ў Вялiкiм Княстве. Потым ужо Вiтаўт быў змушаны звярнуцца да ордэна за дапамогай супраць Ягайлы. Высветлiўшы адносiны памiж сабой, стрыечныя браты ў сiлу абставiн (гэтыя людзi выдатна ўмелi ў iх разбiрацца) стварылi саюз дзвюх дзяржаў. Аб яго менавiта антыкрыжацкай накiраванасцi яскрава сведчыць тая акалiчнасць, што пасля разгрому ордэна ў Вялiкай вайне гэты саюз тут жа распаўся.

Прычын i повадаў для вайны хапала. Ордэн даволi бесцырымонна накладваў руку на землi, якiя Лiтва i Польшча здаўна лiчылi сваiмi. Асноўнай зонай канфлiкту з Вялiкiм Княствам была Жамойць. Крыжакi яшчэ з ХIII ст. iмкнулiся любым коштам захапiць яе, каб напрамую злучыцца з Лiвонiяй. Ва ўсiх перагаворах з лiтоўскiмi князямi ўзамен за дапамогу цi пры заключэннi мiру яны патрабавалi сабе Жамойць. Так было ў дамовах Вiтаўта з ордэнам у 1384, 1390 гадах, дагаворы дзвюх дзяржаў у 1398 г., укладзе Свiдрыгайлы з крыжакамi ў 1402 г. i, нарэшце, лiтоўска-польска-ордэнскiм трактаце 1404 г. у Рацяжы.

Усе гэтыя акты былi праявай дыпламатыi - жамойты не збiралiся скарацца крыжакам i тыя раз за разам хадзiлi паходамi на край, якi фармальна быў ужо iх уласнасцю. Пад пагрозай расправы жамойты далi вялiкую колькасць закладнiкаў i ў пачатку студзеня 1401 г. у Мальбарку было ўчынена паказальнае хрышчэнне жамойцкiх паноў. Аднак ужо ў сакавiку жамойты ўзнялi паўстанне. Лiтва iх падтрымала i пачалася вайна, якая скончылася трактатам 22 траўня 1404 г. у Рацяжы. Па яго ўмовах Польшча атрымала права выкупу ў крыжакоў Добжынскай зямлi, але Жамойць заставалася за ордэнам. Яго войскi зноў пачалi хадзiць туды паходамi. Тым не менш Жамойць заўжды была гатовая паўстаць, а Лiтва ў зручны момант падтрымаць яе.

Складанымi былi адносiны ордэна з Польшчай. У 1392 г. крыжакi адкупiлi Добжынскую зямлю ў князя Ўладзiслава Апольчыка (па-нямецку фон Опельн). Польшча, не гатовая да вайны, абмежавалася пратэстамi. Палякi не хацелi канчаткова адмаўляцца i ад Памор'я.

У 1402 г. Жыгiмонт Вугорскi намерваўся аддаць Польшчы Новую Марку (вобласць ля заходняй мяжы Польшчы) як заклад за грашовую пазыку. Аднак ордэн пазычыў Жыгiмонту суму значна большую, чым мог ахвяраваць польскi кароль, i такiм сродкам набыў Новую Марку для сябе. Польскiя землi аказалiся адрэзанымi ад саюзных заходнепаморскiх княстваў. Палякi, упусцiўшы ўсю здабычу, павялi спрэчку аб некалькiх замках на мяжы Польшчы з Новай Маркай, у першую чаргу аб Дрэздэнку. Яго ўладальнiк Ульрых фон Ост прысягнуў польскаму каралю, а калi Новая Марка дасталася ордэну, перайшоў на бок крыжакоў. Хохмайстар i ў гэтай спрэчцы не пажадаў саступiць, каб хоць трохi злагодзiць палякам горыч страты, i купiў у фон Оста яго ўладаннi.

Паступова станавiлася ясным, што справа дойдзе да вайны, i ўсе рыхтавалiся да яе. Ягайла i Вiтаўт старалiся трымаць свой саюз у тайне, крыжакi ж да апошняга не пакiдалi надзеi iх пасварыць.

Вялася актыўная дыпламатычная праца. Ордэн меў падтрымку ўсяго каталiцкага захаду, рознымi сродкамi здолеў зрабiць сваiмi саюзнiкамi паморскiх князёў. Па дагавору тыя абавязалiся за 4 тыс. коп грошаў даць падмогу супраць Вiтаўта i Ягайлы. Ужо ў ходзе вайны крыжакi аплацiлi i саюз з Жыгiмонтам Вугорскiм. Хоць у таго быў мiр з Ягайлам да 1413 г., але, атрымаўшы 300 тысяч дукатаў (фантастычная па тых часах сума), ён забавязаўся напасцi на Польшчу. Пасля перамогi Жыгiмонту павiнны былi дастацца Падолле, частка Русi i Малдова, а ордэну - Лiтва, Жамойць, Добжынская зямля i Куявы. Каб прыдаць сваiм дзеянням выгляд прыстойнасцi, Жыгiмонт запiсаў умову - ён дапаможа ордэну толькi ў тым выпадку, калi Ягайла будзе выкарыстоўваць у вайне паганаў або схiзматаў. Зараней было вядома, што разам з палякамi выступяць лiцвiны, жамойты (пагане), русiны (схiзматы) i татары (мусульмане).

Другi сусед - чэшскi кароль Вацлаў - меў саюз з Ягайлам, але i ён быў падкуплены ордэнам. У сваю чаргу Вiтаўт 14 верасня 1408 г. заключыў мiр з Маскоўскiм княствам i можна было не баяцца ўдару ў спiну. Рускiя гiсторыкi ацанiлi гэтую акалiчнасць як уклад Масквы ў разгром Тэўтонскага ордэна. Буйным поспехам дыпламатыi Вiтаўта з'явiлася адсутнасць войскаў лiвонскай фiлii ордэна ў важнейшых аперацыях вайны.

Паўсюды ў Эўропе па свецкiх i духоўных дварах вялася актыўная дыпламатычная барацьба. Галоўным козырам крыжакоў была святасць iх барацьбы з паганамi i схiзматыкамi. Польскага караля-каталiка яны абвiнавачвалi ў падтрымцы няверных. Ягайла ў адказ пiсаў, што ордэнскiя браты ў сваёй дзяржаве не прывялi да Бога прусаў, а пякуцца аб хрысцiянiзацыi Жамойцi i Лiтвы. З 1407 г. па Эўропе кружылi скаргi жамойтаў на ордэн, якiя, несумненна, iшлi праз дзяржаўныя канцылярыi Вiтаўта i Ягайлы. Хоць увогуле сiмпатыi ў Эўропе былi на баку крыжакоў, усё ж дыпламатычная актыўнасць саюзнiкаў прынесла пэўны плён. У гэтай вайне ордэн атрымаў значна менш падмогi ад iмперыi i заходнiх краiн, чым раней.

Калi разгледзець падзеi апошняга дзесяцiгоддзя перад вайной у храналагiчнай паслядоўнасцi, то атрымаецца такi малюнак:

1391 г. - сiлезскi Пяст Уладзiслаў Апольчык заклаў ордэну частку Добжынскай зямлi i Куяваў. Ордэнская армiя выгнала польскiя войскi, пасланыя ўтрымаць вобласць;

1392 г. - па прапанове таго ж Апольчыка хохмайстар узяў пад заклад усю Добжынскую зямлю, якая i так фактычна была пад ордэнам. Вiтаўт, атрымаўшы ўладу над Вялiкiм Княствам, замiрыўся з Ягайлам;

1392, 1393, 1394 гг. - крыжакi пустошылi лiтоўскiя землi;

1396 г. - польскi кароль заняў яшчэ не закладзеныя ордэну вобласцi Куявii i са згоды чэшскага караля Вацлава захапiў уладаннi Апольчыка ў Сiлезii;

1398 г. - па дагавору ордэна з Вiтаўтам да крыжакоў адыходзiла Жамойць. Ордэн з дапамогай марскога дэсанта заняў востраў Готланд;

1399 г. - параза Вiтаўта ад татараў на Ворскле;

1401 г. - жамойцкае паўстанне супраць ордэна, пачатак вайны ордэна з Лiтвой, узнаўленне саюза Вiтаўта i Ягайлы;

1403 г. - Ягайла атрымаў ад папы рымскага булу, якой тэўтонскiм рыцарам забаранялася праводзiць ваенныя паходы супраць хрысцiянаў-лiтоўцаў;

1402 г. - ордэн набывае Новую Марку ў Жыгiмонта Вугорскага;

1404 г. - Рацяжскi лiтоўска-польска-крыжацкi трактат. Польшча атрымала права выкупу Добжынскай зямлi, Жамойць адыходзiць крыжакам;

1407 г. - абранне хохмайстрам Ульрыха фон Юнгiнгена - прыхiльнiка актыўнай палiтыкi на ўсходзе.

Падзеi апошняга года перад вайной паказваюць немагчымасць мiрнага ўрэгулявання канфлiктаў. Абодва бакi гэта разумелi i актыўна рыхтавалiся да вайны. 6 студзеня 1408 г. у Коўна для вырашэння спрэчных пытанняў з'ехалiся Вiтаўт, Ягайла, Ульрых фон Юнгiнген. Прысутнiчаў i лiвонскi ландмайстар. Пасрэднiкам памiж Польшчай i ордэнам абралi Вiтаўта. Ягайла пажадаў ад хохмайстра вяртання Дрэздэнка. Той адклаў рашэнне справы да 24 чэрвеня, пазней аддаў яе на суд Вiтаўту, а ўрэшце выкупiў уладанне фон Оста. Ковенскi з'езд скончыўся беспаспяхова.

У чэрвенi 1408 г. крыжацкi войт Новай Маркi спалiў некалькi пагранiчных польскiх вёсак. Летам гэтага ж года сам хохмайстар аб'ехаў памежныя з Лiтвою i Польшчай замкi Астроду, Торунь, Штразбург, Голуб i iншыя. Ён прывёў у парадак iх арсеналы, арганiзаваў дастаўку з Мальбарка гармат, пракантраляваў забеспячэнне рыштункам i харчовымi прыпасамi. Прасачыў, як iдзе ўмацаванне замкаў Тыльзiт i Рагнета. Крыжацкi войт Жамойцi атрымаў загад парваць сувязi Жамойцi з Лiтвой i забаранiў лiцвiнам купляць на Жамойцi мёд, збожжа, жывёлу.

Малодшы брат Ягайлы Свiдрыгайла, якога крыжакi падтрымлiвалi супраць Вiтаўта, падаўся за падмогай у Масковiю. Узнiк канфлiкт. Вiтаўт правёў вайсковую дэманстрацыю на мяжы з Маскоўскiм княствам i 14 верасня 1408 г. заключыў з iм мiр.

7 верасня 1408 г. Дрэздэнка перайшоў ва ўладанне ордэна. Гэтай жа восенню жамойцкi войт i суседнiя комтуры паведамлялi ў Мальбарк, што Жамойць уздоўж i ўпоперак праходзяць лiцвiны, русiны i татары, часта апранутыя купцамi, i падбухторваюць насельнiцтва да паўстання. У снежнi 1408 г. адбылася тайная нарада Вiтаўта з Ягайлам у Наваградку. Магчыма, менавiта на гэтай сустрэчы аформiлася iдэя расправы з ордэнам.

Вiтаўт не хацеў пачынаць вайну заўчасна i здзiўляў крыжакоў сваёй памяркоўнасцю i iгнараваннем выклiкаў. Вясной 1409 г. адзiн з паслоў ордэна, раздражнены няпэўнымi адказамi Вiтаўта на пытанне, каго вялiкi князь будзе падтрымлiваць у пагранiчных спрэчках - Польшчу з Мазовiяй цi ордэн, дазволiў сабе абразу асобы Вiтаўта. У размове з людзьмi вялiкакняскага двара цi нават у прысутнасцi самога князя крыжак выказаўся ў тым сэнсе, што вялiкi князь ужо тры разы здрадзiў ордэну, а цяпер намерваецца зрабiць тое ж у чацвёрты раз. Гэтая нястрыманасць каштавала брандэнбургскаму комтуру Маркварду фон Зальцбаху галавы, але пазней, пасля Грунвальдскай бiтвы. Зараз жа Вiтаўт паслаў да хохмайстра запыт, цi ўпаўнаважваў той свайго пасла да такiх выказванняў. Хохмайстар быў вымушаны прасiць прабачэння.

У лiстах да кiраўнiка ордэна Вiтаўт завяраў таго ў сваiх намерах трымаць мiр i ў нейкай ступенi здолеў аслабiць пiльнасць крыжакоў. Тыя да апошняга моманту не гублялi надзеi ўбiць клiн памiж Вiтаўтам i Ягайлам. Без сумнення, вялiкi князь iмкнуўся выгадаць час для лепшай падрыхтоўкi да вайны. Хоць крыжакi не давяралi канчаткова нi яму, нi Ягайлу, тым не менш першымi вайну не пачыналi. Можа быць, не былi поўнасцю падрыхтаваныя або, як мяркуюць некаторыя даследчыкi, хацелi паказацца перад усiм светам у паставе абаронцаў.

31 траўня 1409 г. на Жамойцi выбухнула паўстанне. Жамойты нечакана напалi на Хрыстмемель i спалiлi замак. У сярэдзiне чэрвеня на Жамойць прыбыў староста ад Вiтаўта Румбольд Валiмунтавiч. Вiтаўт жа рабiў выгляд, што ён нi пры чым. У iх з Ягайлам была дамова пачаць вайну, "як паспее збожжа", гэта значыць у канцы лiпеня.

Ягайла выслаў пасольства, якое 10 чэрвеня ў Эльблангу, дзе знаходзiўся хохмайстар, прынесла яму скаргi наконт пагранiчных канфлiктаў. Ульрых фон Юнгiнген згадзiўся задаволiць большую частку прэтэнзiй. Потым хохмайстар у сваю чаргу выслаў да караля торуньскага комтура са скаргай на Вiтаўта, маўляў, паўстанне на Жамойцi паднялося з яго дапамогай. Затым прыходзiла яшчэ некалькi пасольстваў ад ордэна, меўшых на мэце выведаць, цi будзе Ягайла дапамагаць лiцвiнам i жамойтам. Ягайла сцвярджаў, што не можа даць адказ, пакуль не выкажацца каронная рада, якая павiнна адбыцца 17 лiпеня.

Сабраўшыся ў Ленчыцы, рада вырашыла не пакiдаць Лiтву. Тут жа Ягайла адправiў паслоў у ордэн, якiя 1 жнiўня сталi перад Ульрыхам фон Юнгiнгенам. Польскi кароль згаджаўся мiрна вырашыць усе спрэчкi праз трацейскi суд пры ўмове, што крыжакi да самага прысуду не будуць нападаць на Жамойць. Хохмайстар дабiваўся ад паслоў адказу на пытанне: цi будзе Польшча перашкаджаць ордэну пакараць паўстанцаў? Узамен абяцаў не чапаць нi Ягайлу, нi Вiтаўта, калi той пакiне жамойтаў. Кiраўнiк пасольства гнезненскi архiбiскуп Мiкалай Куроўскi ў запале заявiў, што калi ордэн уступiць у вайну з Лiтвой, то Ягайла ўдарыць на Прусы. Дакументы сведчаць, што хохмайстар падзякаваў архiбiскупу за яснае выражэнне пазiцыi караля i паведамiў аб намеры скiраваную супраць Лiтвы вайну абярнуць на Польшчу.

6 жнiўня 1409 г. з Мальбарка было паслана пiсьмовае аб'яўленне вайны, якое Ягайла атрымаў 14 жнiўня, а 16-га крыжацкiя войскi перайшлi гранiцу i пачалi пустошыць польскiя землi. Пачалася Вялiкая вайна...

ВАЕННАЯ КАМПАНIЯ 1409 г. I ПАДРЫХТОЎКА НОВАЙ

Наступленне было добра арганiзаваным i праводзiлася адначасова з некалькiх пунктаў. Галоўны ўдар пад кiраўнiцтвам хохмайстра i вялiкага маршала наносiўся на Добжынскую зямлю. Добжынь узялi прыступам, выбiлi залогу, спалiлi замак, разрабавалi горад. Яшчэ раней захапiлi Рыпiн i Лiпна. Потым здабылi Баброўнiкi. Упартае супрацiўленне аказала залога Златарыi, але i гэты замак апошнi пункт абароны ў Добжынскай зямлi - здаўся 2 верасня.

Адначасова комтуры з Тухолы i Члухава спустошылi Крайну (вобласць на захад ад Быдгашча) i рушылi на Быдгашч. Яны паведамлялi хохмайстру, што на працягу 8 дзён палiлi ўсiх i ўсё. Па дарозе вызвалiлi з польскага палону комтура са Швеца Генрыха фон Плаўэна - будучага выратавальнiка ордэна. Замак узялi без цяжкасцi, бо здраднiкi адчынiлi браму. Каля 1 верасня фон Плаўэн прыбыў у Быдгашч з вайсковым аддзелам i падрыхтаваў замак да абароны. У той жа час войт Новай Маркi Арнольд фон Бадэн пустошыў ваколiцы Дрэздэнка на паўночна-заходнiм пагранiччы Польшчы, а комтуры Астроды i Брандэнбурга - уладаннi Януша Мазавецкага. Тут крыжацкiя войскi сустрэлi супрацiўленне. Сын Януша Балеслаў уварваўся ў ордэнскую зямлю, спалiў Дзялдава (Зольдаў) i спустошыў ваколiцы да самага Растэнбурга.

Пачатак вайны быў нечаканым для палякаў. Вiдавочна, Ягайла спадзяваўся зацягнуць перагаворы на большы час. 4 верасня вялiкапольскае паспалiтае рушэнне было разбiта пад Велуням у Новай Марцы. У канцы жнiўня войска Вiтаўта злучылася са жамойтамi - першы адкрыты крок вялiкага князя да вызвалення гэтага краю. Паў ордэнскi замак Фрэдэбург, крыжацкi войт пакiнуў Дубiсу, спалiўшы замак. Быў захоплены горад Мемель (Клайпеда), замак жа застаўся ў руках крыжакоў. Каб спынiць далейшы рух Вiтаўта, вялiкi маршал з комтурамi Балгi i Брандэнбурга сабраў новае войска. Выйсцi насустрач Вiтаўту яно не змагло з-за дрэннага надвор'я i хваробаў, маршал толькi засланiў дарогу ўглыб краiны.

Да Волбажа, а затым пад Ленчыцу збiралася польскае паспалiтае рушэнне. Маецца звестка праз лiст вялiкага маршала да хохмайстра ад 15 верасня, што Вiтаўт з невялiкiм атрадам прыязджаў у гэты час да Ягайлы. Ад Коўна да Ленчыцы цi да Волбажа каля 600 кiламетраў, значыць, вялiкi князь быў у дарозе 8-10 дзён, калi ехаў на падменных конях. Вiдавочна, тады Вiтаўт з Ягайлам абмеркавалi становiшча i план далейшых дзеянняў.

Толькi 23 верасня польскiя войскi рушылi ў паход, а 28-га абклалi Быдгашч. На восьмы дзень аблогi яны штурмам здабылi замак. Яшчэ ў час аблогi ў лагеры Ягайлы знаходзiлася пасольства чэшскага караля, якое дамагалася спынення вайны i вырашэння спрэчкi праз пасрэднiцкi суд караля Вацлава. 5 кастрычнiка ўжо сам хохмайстар прапанаваў заключыць перамiр'е на наступных умовах: Ягайла спыняе аблогу i згаджаецца на пасрэднiцтва караля Вацлава. Ягайла адказаў, што ахвотна прыме прапанову, калi ордэн выведзе войскi з Добжынскай зямлi i да прысуду аддасць упраўленне ёю прадстаўнiкам чэшскага караля. 6 кастрычнiка палякi авалодалi Быдгашчам. Гэта, несумненна, паўплывала на ход справаў. Праз два днi, 8 кастрычнiка, памiж Польшчай i ордэнам было заключана перамiр'е да заходу сонца 24 чэрвеня 1410 г. Па яго ўмовах абодва бакi заставалiся пры ўладаннях, якiя мелi на момант падпiсання перамiр'я. Рашэнне спрэчак перадалi Вацлаву Чэшскаму, ён павiнны быў аб'явiць свой прысуд не пазней першага тыдня посту, гэта значыць 9 лютага 1410 г. Польскi бок абавязаўся нiякiм чынам не дапамагаць жамойтам i тым, хто iх падтрымлiвае. Калi якi-небудзь з бакоў парушыць хоць адну з умоваў, то чэшскi кароль мае права дапамагаць другому боку ўсiмi сродкамi, пакуль зноў не прыйдзе мiр. З умоваў перамiр'я вынiкала, што Польшча развязвае ордэну рукi для новага захопу Жамойцi i вайны з Лiтвой, паколькi перамiр'е не тычылася Вялiкага Княства Лiтоўскага.

Заключэннем перамiр'я скончыўся першы этап Вялiкай вайны 1409-1411 гг. Ён характарызаваўся ваенным i дыпламатычным поспехам крыжакоў у Польшчы. Добжынская зямля заставалася ў руках ордэна. З пасрэднiкам - каралём Вацлавам - можна было дамовiцца з дапамогай звонкай манеты. Перамiр'е з Ягайлам давала магчымасць спакойна заняцца Жамойцю i Лiтвой.

Нiхто не верыў у мiрнае вырашэнне спрэчак: нi бакi, якiя ваявалi, нi сам пасрэднiк. Ды i перамiр'е, заключанае толькi памiж Польшчай i ордэнам, цалкам не выключала працяг ваенных дзеянняў на Жамойцi i Лiтве. Аднак Тэўтонскi ордэн не скарыстаўся зручным момантам i нам не зусiм зразумела чаму. Iснуюць розныя меркаваннi на гэтую тэму. Адныя даследчыкi лiчаць, што ордэн не хацеў ваяваць да аб'яўлення прысуду чэшскага караля з дыпламатычных разлiкаў. Выказвалася думка, што калi разышлiся наёмныя войскi, то крыжакi не мелi армii для непасрэдных ваенных дзеянняў, асноўная частка iх уласных войскаў была раскiдана па замках. Таму, маўляў, крыжакi не маглi нават даць адпор нападу лiцвiнаў, калi тыя ўжо пасля заключэння перамiр'я пустошылi вобласцi ў ваколiцах Дзялдава i Нiборка.

Не пачынаючы ваенных дзеянняў супраць Лiтвы, ордэн арганiзаваў чарговую спробу развязаць у Лiтве мiжусобную вайну. Ужо калi пачалiся перагаворы аб перамiр'i з Польшчай, хохмайстар падпiсаў дагавор са Свiдрыгайлам, у якiм абяцаў таму дапамагчы атрымаць вялiкакняскi трон i не заключаць нi з кiм мiру, пакуль гэтая мэта не будзе дасягнутая. Свiдрыгайла збiраўся тайна перабрацца на тэрыторыю ордэна i адтуль пачаць вайну супраць Вiтаўта. Аднак пасланы ордэнскiмi ўладамi глейт бяспекi быў перахоплены, змова, такiм чынам, раскрытая, а Свiдрыгайла зняволены. Яго лёс вырашаўся на асабiстай сустрэчы Вiтаўта з Ягайлам.

Прыблiжаўся час аб'явы прысуду Вацлава Чэшскага. Да Прагi пачалi з'язджацца лiтоўскiя, польскiя, мазавецкiя, крыжацкiя паслы. Кароль Вацлаў не вытрымаў тэрмiну, яго рашэнне было агалошана не 9, а 15 лютага. Крыжацкiя паслы - вялiкi шпiтальнiк Вернер фон Тэццiнген i торунскi комтур граф Альбрэхт Шварцбург - прывезлi Вацлаву 60 тыс. фларэнаў "як кампенсацыю за сяброўскае пасрэднiцтва". Па прысуду абвешчана: кожны з бакоў застаецца пры тых землях, якiя меў перад вайной i на якiм мае правы паводле дакументаў папы, iмператара, каралёў i князёў. Добжынская зямля вяртаецца да Польшчы, а Жамойць - ордэну, але Ягайла атрымае Добжынскую зямлю не раней, чым крыжакi ўвойдуць ва ўладанне Жамойцю. Да гэтага часу ёю будуць кiраваць прадстаўнiкi чэшскага караля. Калi ўмова аб Жамойцi будзе выканана, то Добжынская зямля вернецца Польшчы, а калi не - то ордэну. Усе даўнiя дагаворы Польшчы i ордэна захоўваюць сiлу. Нi аднаму з бакоў нельга карыстацца дапамогай няверных або дапамагаць iм. Паслы Вялiкага Княства Лiтоўскага былi выключаны з перагавораў, лiсты Вiтаўта адвергнутыя i знiшчаныя перад усiмi ўдзельнiкамi.

Несумненна, прысуд быў на карысць ордэна. Па-першае, той заўсёды мог прад'явiць дакументы на ўладанне Памор'ем, а Польшча не хацела прымiрыцца са стратай гэтай вобласцi; гэтаксама ў крыжакоў здаўна мелiся праўдзiвыя (цi фальшывыя) дакументы на ўладанне Лiтвой. Па-другое, звязаўшы перадачу Польшчы Добжынскай зямлi з авалоданнем ордэнам Жамойцю, Вацлаў закладаў падставы для разладу памiж Вiтаўтам i Ягайлам. Польская дэлегацыя не прыняла гэты прысуд. Яшчэ пад час агалошвання рашэння прадстаўнiкi Польшчы i Мазовii пакiнулi памяшканне ў знак пратэсту таму, што дакумент чытаўся па-нямецку.

У пачатку чэрвеня 1410 г. крыжакi ўзялi ад Вацлава пацвярджэнне прысуду i сведчанне, што яны трымалiся ўмоваў выраку ў адрозненне ад Польшчы, таму ордэн таксама вольны ад яго далейшага выканання. Працяг вайны стаў непазбежнай рэальнасцю. Кожны бок узмоцнена вёў ваенную i дыпламатычную падрыхтоўку. Супернiчалi за саюз з вугорскiм каралём. Хоць у Жыгiмонта быў мiрны дагавор з Польшчай да 1413 г., ён пачаў схiляцца да саюзу з крыжакамi. За гэта ён атрымаў вялiкую суму грошай i "вадзiў за нос" Ягайлу з Вiтаўтам, прыняўшы яшчэ ад апошняга багатыя падарункi, у тым лiку 12 коней, падкаваных залатымi падковамi. Вiтаўт уручыў гэтыя дары на сустрэчы з Жыгiмонтам у Кежмарку. Ад вугорскага караля хацелi толькi, каб ён трымаўся мiру да 1413 г. Жыгiмонт дары прыняў, а потым даў зразумець, што ў выпадку далейшай вайны Ягайлы з ордэнам мiру з Польшчай ён не датрымае. У давяральнай размове Жыгiмонт прапанаваў Вiтаўту каралеўскую карону i саюз супраць Польшчы. Вялiкi князь прапанову не прыняў. Калi Вiтаўт пасля размовы вярнуўся на двор, дзе размяшчалася дэлегацыя, раптам у гэтай частцы горада ўспыхнуў пажар. Сярод тлуму i панiкi мела месца спроба замаху на вялiкага князя. Вiтаўт пакiнуў горад. Жыгiмонт дагнаў яго ў мiлi ад Кежмарка, развiтаўся, але ў перагаворы не ўступаў. Пасля Кежмарка Вiтаўт меў нараду з Ягайлам аб правядзеннi далейшай вайны з крыжакамi. Затым вялiкi князь спешна падаўся да Лiтвы i ўжо на чацвёрты дзень быў у Берасцi, адкуль даў загад усiм землям рыхтавацца да вайны з ордэнам. Тут ён правёў нараду з лiтоўскiмi i мазавецкiмi князямi, затым паехаў да Слонiма. У гэты час вялiкi маршал з войскам правёў хуткi i дзёрзкi паход у бок Берасця. 16 сакавiка 1410 г. ён нечакана напаў на Ваўкавыск, спалiў яго i пабiў шмат людзей, сабраўшыхся на набажэнства. Вiтаўт у гэты час знаходзiўся ў суседнiм Слонiме i, магчыма, рэйд маршала меў на мэце захоп вялiкага князя.

У траўнi ордэн прапанаваў Вiтаўту перамiр'е i яно было прынята да 24 чэрвеня, як i з Польшчай. Зноў вялася актыўная дыпламатычная барацьба па эўрапейскiх дварах. Праз паслоў, лiсты, падарункi апрацоўвалiся амаль усе эўрапейскiя духоўныя i свецкiя ўладары. Ворага лаялi, выкрывалi яго намеры. Поспех, аднак, мелi тыя выкрываннi, якiя падтрымлiвалiся звонкай манетай. Багаты ордэн тут меў перавагу, што вiдаць на прыкладзе з чэшскiм каралём Вацлавам i вугорскiм Жыгiмонтам. Вялася актыўная праца па вярбоўцы наёмных войскаў, прычым абодва бакi праводзiлi яе практычна ў адных i тых жа месцах: Чэхii, Аўстрыii, Мейсэне, Сiлезii, Швейцарыi. У прыватнасцi, швейцарцы ваявалi на абодвух баках. Былi выпадкi, калi вярбоўшчыкi ордэна i саюзнiкаў перахоплiвалi адныя ў другiх наёмныя аддзелы. Вiтаўт спецыяльна для вярбоўкi наймiтаў-прафесiяналаў прыслаў Ягайлу значную суму грошай.

У ордэна мелася рэальная магчымасць з дапамогай сваёй лiвонскай фiлii не дапусцiць актыўнага дзеяння Вiтаўта на прускiм тэатры вайны. Вельмi лагiчны план - лiвонскiя войскi скоўваюць Вiтаўта з паўночнага ўсходу, а ў гэты час пруская армiя распраўляецца з Ягайлам. У траўнi хохмайстар пажадаў, каб лiвонскi ландмайстар у выпадку няўдачы чэрвеньскiх перамоваў аб'явiў вайну Вiтаўту. Ландмайстар Конрад фон Фецiнгоф адказаў, што па ўмовах мiрнай дамовы з Вiтаўтам вайна можа пачацца толькi праз тры месяцы ад моманту атрымання яе аб'явы. Значыць, калi Фецiнгоф аб'явiў Лiтве вайну ў канцы траўня - пачатку чэрвеня, то ваенныя дзеяннi маглi пачацца толькi ў канцы жнiўня цi пачатку верасня.

Яўна, мясцовыя iнтарэсы лiвонцаў узялi верх над агульнай справай ордэна. У канцы 1409 г. Вiтаўт наладзiў добрыя адносiны з Ноўгарадам ды Псковам i Фецiнгоф асцерагаўся лiтоўска-пскоўска-ноўгарадскага саюзу. Таму ён нават не выслаў дастатковых падмацаванняў у Прусiю (на Грунвальдскiм полi была толькi адна харугва лiвонцаў), што, канешне, было адной з прычын паразы ордэна. Трохмесячны тэрмiн памiж аб'явай вайны i яе пачаткам даў магчымасць Вiтаўту прыняць удзел у Грунвальдскай выправе. Лiвонскiя войскi з'явiлiся ў Прусii толькi ў канцы жнiўня.

Вясной 1410 г. Жыгiмонт Вугорскi прапанаваў сваё пасрэднiцтва для мiрнага вырашэння канфлiктаў. Дамовiлiся правесцi перамовы ў Торунi 17 чэрвеня. Мiж тым падрыхтоўка да вайны iшла поўным ходам.

Паспрабуем параўнаць гаспадарчы патэнцыял i ўзброеныя сiлы краiн, якiя рыхтавалiся да рашаючага сутыкнення. Эканамiчны ўзровень ордэнскай дзяржавы быў вышэйшы, чым у Лiтве i Польшчы. Гаспадарка ордэна была ўзорнай у Эўропе. Скарбнiца ў сталiцы заўжды змяшчала значныя сумы грошай у паўнацэннай манеце. Акрамя таго, некаторыя ордэнскiя саноўнiкi трымалi яшчэ свае скарбнiцы. Вялiзнымi грашыма варочалi галоўныя ордэнскiя эканомы - мальборскi i кёнiгсбергскi. Ордэн змог вельмi шчодра аплацiць саюзы з чэшскiм i вугорскiм каралямi i выдзелiць вялiкiя грошы на наёмныя войскi.

У польскiм i лiтоўскiм скарбах не было такiх запасаў свабодных грошай, але мелiся iншыя iстотныя перавагi. Гэта ў першую чаргу перавага ў колькасцi насельнiцтва i памерах тэрыторыi, асаблiва ў Вялiкага Княства Лiтоўскага. Маленькую Прусiю даволi лёгка аказалася акупаваць, аднак немагчыма ўявiць, каб ордэнскiя войскi здолелi заняць абшары Вялiкага Княства. Каставасць ордэна, фiскальная палiтыка, яго адасобленасць ад насельнiцтва сваёй дзяржавы, у тым лiку i прускай шляхты, выклiкалi апазiцыю з боку падданых. Гэта праявiлася ў ходзе Вялiкай вайны, калi пасля Грунвальда ўладу саюзнiкаў вельмi хутка прызналi ледзь не ўсе гарады i землi Прусii.

З iншага боку, Тэўтонскi ордэн меў грунтоўную падтрымку ў Заходняй Эўропе, асаблiва ў нямецкiх землях. Апошняе зразумела, бо ордэн складаўся з малодшых сыноў нямецкай шляхты. У многiх краiнах захаду iснавалi фiлii ордэна са сваiмi землямi i замкамi. Яны складалi значную гаспадарчую сiлу i пры патрэбе праводзiлi актыўныя прапагандысцкiя кампанii.

У розных крынiцах i даследаваннях маюцца сур'ёзныя адрозненнi ў ацэнцы колькасцi войскаў, якiя ўдзельнiчалi ў Грунвальдскай бiтве. Называлiся лiчбы не тое што ў сотнi тысяч, а нават у мiльёны людзей. Прускiя хранiсты пiсалi толькi аб забiтых у бiтве 60 тыс. лiцвiнаў з палякамi i 40 тыс. ордэнскiх жаўнераў. Некаторыя даследчыкi ХIХ ст. называюць наступную колькасць войскаў: 163 тыс. - саюзнiкi, 83 тыс. - ордэнская армiя, цi адпаведна 90 i 83 тыс., i гэтак далей. Больш сур'ёзныя i дэталёвыя падлiкi складваюцца ў значна меншыя лiчбы. Вядомыя гiсторыкам пiсьмовыя крынiцы не ўтрымлiваюць звестак аб дакладнай колькасцi войскаў, але даюць падставы для высвятлення блiзкiх да рэальнасцi лiчбаў.

Мы пройдзем гэты працэс услед за даследчыкамi - нямецкiм М.Оэлерам i польскiм С.Кучыньскiм, якiя, на наш погляд, найбольш грунтоўна займалiся падлiкам. Асноўнай мабiлiзацыйнай i баявой адзiнкай у тыя часы было "кап'ё". Яно складалася з цяжкаўзброенага рыцара (меў двух коней) з дзiдай, мячом i шчытом, аднаго цi двух лёгкаўзброеных збраяносцаў, стралка з лукам або, часцей, з арбалетам. Двое слуг знаходзiлiся ў табары. Збраяносец, як i рыцар, належаў да шляхецкага стану, стралок мог быць мешчанiнам або селянiнам. Тры вершнiкi - найменшая лiчба кап'я. Заможныя рыцары ў сваiм кап'i мелi большую колькасць збраяносцаў i стралкоў. З коп'яў складалiся харугвы (палкi). Прычым у харугвах магла быць розная колькасць коп'яў - дзесьцi ад 20 да 150.

Асновай кап'я, яго галоўнай ударнай сiлай быў рыцар у сталёвых даспехах i з цяжкiм узбраеннем. Побач з iм змагаўся збраяносец у больш лёгкiх даспехах i стралок, таксама ў панцыры або паўпанцыры. Частка коннiцы Вялiкага Княства складалася з лёгкаўзброеных вершнiкаў i была незаменнай у разведцы, пагонi за адступаючым ворагам.

Татарская коннiца з армii Вiтаўта падзялялася, верагодна, на дзве групы: цяжкую i лёгкую. Цяжкая кавалерыя мела панцыры з гартаванай на агнi буйвалавай скуры, жалезныя цi з такой жа скуры шлемы з нашыйнiкам, якi засцерагаў шыю з бакоў i ззаду. Была ўзброена шаблямi, пiкамi, арканамi, чаканамi. Лёгкаўзброеныя татарскiя коннiкi не насiлi панцыраў, мелi шаблi, арканы, коп'i i па два лукi. Пяхоту ў тагачасных войсках складалi выключна сяляне i мяшчане. Яны галоўным чынам знаходзiлiся пры абозе, у абознай ахове (прыходзiлася прыблiзна па аднаму капейшчыку на аднаго вазнiцу). Акрамя дзiдаў на ўзбраеннi пяхоты мелiся лукi, арбалеты, сякеры, шчыты. Крыжацкая пяхота была лепш узброенай за польскую i лiтоўскую. Мелi паўпанцыры, жалезныя шлемы з нашыйнiкам, акрамя звычайнага ўзбраення яшчэ былi алебарды.

У сярэднявеччы на вайну мабiлiзоўвалася ад 2 да 20% насельнiцтва, у залежнасцi ад абставiн i эпохi. Тэўтонскi ордэн у 1410 г. правёў максiмальна магчымую мабiлiзацыю. Крыжацкая армiя складалася з уласна войска ордэна, войска чатырох прускiх бiскупстваў, прускага зямельнага апалчэння, гарадскiх апалчэнняў, наёмных аддзелаў, войскаў паморскiх князёў i харугваў "гасцей" замежных рыцараў. Усяго ордэн пад Грунвальдам меў каля 33 тыс. чалавек, з iх прыблiзна 21 тыс. конных, 6 тыс. пехацiнцаў i 5 тыс. чэлядзi. Акрамя таго, частка крыжацкага войска засталася ў замкавых залогах; на левым беразе Вiслы знаходзiлася група харугваў пад началам Генрыха фон Плаўэна для прыкрыцця накiрунку магчымага ўдару. Не ўдзельнiчалi ў бiтве войскi з Лiвонii i Новай Маркi.

Мабiлiзацыйныя магчымасцi Лiтвы i Польшчы былi намнога большымi, чым у ордэна. Вiтаўт браў з сабой на гэтую вайну далёка не ўсё войска. Большая яго частка засталася дома. Патрабавалася прыкрыцце на мяжы з Прусiяй i Лiвонiяй, неабходна было неяк прыкрываць паўднёва-ўсходнiя межы ад Акi да Чорнага мора. У замках пакiдалiся залогi. Хуткi i доўгi марш лiтоўскай армii на злучэнне з Ягайлам мог адбыцца толькi пры адсутнасцi ў ёй вялiкай колькасцi немабiльнай пяхоты i артылерыi. Войска Вiтаўта складалася пераважна з коннiцы. Па падлiках С.Кучыньскага, з Вiтаўтам было каля 10-11 тыс. збройных, або каля адной трэцi ўсяго войска Вялiкага Княства. Колькасць польскiх войскаў пад Грунвальдам ацэньваецца ў 18 тыс. коннiцы, 2-3 тыс. пяхоты i каля 18 тыс. у табары. У гэтую лiчбу ўваходзяць i аддзелы прафесiйных салдатаў, завербаваных на грошы, прысланыя Вiтаўтам.

Колькасць войскаў саюзнiкаў (без татараў) С.Кучыньскi ацэньвае наступным чынам:

польская кавалерыя - 18 тыс. разам з наймiтамi;

лiтоўская кавалерыя - 11 тыс., не лiчыўшы збройных слуг у табары;

польская пяхота - 2 тыс. (?), магло быць больш або менш;

лiтоўская пяхота - 500 чалавек.

Усяго 31 500 збройных. Кожны збройны браў з сабой харчаванне на 4-5 тыдняў. Акрамя харчавання войска везла палаткi, вопратку, запасную зброю, кухоннае начынне. На кожнае кап'ё мусiў быць хаця б адзiн воз. Усяго ў аб'яднаным войску магло быць каля 10,5 тыс. падводаў. Такая маса павозак iстотна замаруджвала рух армii.

Колькасць татараў, прымаўшых удзел у Грунвальдскiм паходзе, ацэньваецца прыблiзна ў 1-2 тыс. чалавек. Камандаваў iмi хан Джэлал-ад-Дзiн, якi разлiчваў на дапамогу Вiтаўта (i, як аказалася, недарэмна) у барацьбе за ўладу ў Залатой Ардзе. Магчыма, удзел у бiтве на баку саюзнiкаў прымалi малдаване, але ў невялiкай колькасцi.

Польскi гiсторык Ян Длугаш, якi пiсаў аб бiтве сорак з нечым гадоў пасля яе, па дакументах i ўспамiнах сведкаў, называе 50 польскiх i 48 лiтоўскiх харугваў.

Грунвальдскую бiтву з поўным правам можна назваць бiтвай народаў. На баку ордэна ў ёй удзельнiчалi перш за ўсё немцы з ордэна i розных частак Свяшчэннай Рымскай iмперыi. У ордэнскай армii былi палякi з Прусаў, самыя прусы i аддзелы заходнепаморскiх земляў пад началам князя Казiмiра Шчэцiнскага. Наёмныя аддзелы крыжакоў фармавалiся з чэхаў, мараўцаў, швейцарцаў. Саюзныя войскi складалiся з беларусаў, украiнцаў, палякаў, летувiсаў, былi яшчэ чэхi, татары, магчыма, малдаване.

На ўзбраеннi абодвух войскаў мелася артылерыя, але яна не зрабiла значнага ўплыву на лёс вайны i Грунвальдскай бiтвы. Выкарыстоўвалiся галоўным чынам бамбарды, якiя стралялi каменнымi ядрамi розных калiбраў. Да лёгкiх можна аднесцi бамбарды, якiя мелi ядры велiчынёй з кулак i вагой ад паловы да 10 фунтаў. Сярэднiя ядры важылi 10-25 фунтаў. Вялiкiмi лiчылiся бамбарды, якiя стралялi ядрамi (памерам з чалавечую галаву) вагой у 25 фунтаў i болей. Акрамя таго, ужывалiся гарматы, якiя стралялi свiнцовымi ядрамi. Яны мелi невялiкiя, зрэдку сярэднiя калiбры, найменшымi з iх былi рушнiцы. Перад Грунвальдскай бiтвай Тэўтонскi ордэн валодаў прыблiзна сотняй гармат. У 1408 г. у лiцейнай майстэрнi Мальбарка была зроблена асаблiва вялiкая бамбарда. Для яе адлiўкi было ўжыта каля 231 цэнтнера* металу (сумесь медзi, волава i свiнцу). Руля яе складалася з дзвюх частак, якiя сашрубоўвалiся; страляла ядрамi вагой у 9 цэнтнераў. Агнявы запас бамбарды ў паходзе 1409 г. складаўся з 14 ядраў, кожнае з якiх везлi на асобным возе. Яна вельмi паспрыяла здабыццю ордэнскiмi войскамi замкаў у Добжынскай зямлi. У саюзнiкаў артылерыi было менш, аб яе ўжываннi звестак няма. Вiтаўт наўрад цi браў з сабой шмат артылерыi, акрамя рушнiцаў i лёгкiх бамбардаў.

* Невядома, цi гэта метрычныя цэнтнеры (100 кг), цi нямецкiя XX ст. - 50 кг, цi сярэднявечныя - ад 50 да 65 кг.

У пачатку снежня 1409 г. Вiтаўт з Ягайлам сустрэлiся на тайнай нарадзе ў Берасцi. Хоць змест размоваў невядомы, але ён добра прачытваецца ў далейшых дзеяннях. Акрамя плану кампанii 1410 г. абмяркоўвалiся iншыя справы, адной з якiх быў лёс Свiдрыгайлы. Ягайла не даў згоды на пакаранне брата смерцю, але абяцаў пасля вайны перадаць Вiтаўту Падолле, якое падтрымлiвала мяцежнага Свiдрыгайлу.

План працягу вайны распрацоўвалi вельмi дэталёва. Вiтаўт i Ягайла - два буйных дзеячы, якiя выраслi на нiве беларускай дзяржаўнасцi, у стратэгiчным планаваннi паднялiся вышэй узроўню свайго часу. Галоўнай i адзiнай мэтай сярэднявечных войнаў амаль заўсёды быў захоп якой-небудзь прыгранiчнай вобласцi. Вялiкi князь з каралём задумалi i блiскуча правялi буйнамаштабную аперацыю па разгрому ўзброеных сiлаў Тэўтонскага ордэна. Былi абгавораныя час i месцы канцэнтрацыi войскаў, iх злучэння, накiрункi маршу, сродкi важнейшых пераправаў. Злучэнне войскаў у адну армiю i ўдар у цэнтр варожай краiны - на сталiцу давалi шэраг перавагаў саюзным войскам. Па-першае, iнiцыятыву i нечаканасць. Па-другое, ваенныя дзеяннi пераносiлiся на варожую тэрыторыю, тым самым свая засцерагалася ад вынiшчэння. Па-трэцяе, кiраўнiцтва ордэна мусiла сканцэнтраваць свае сiлы, каб перашкодзiць маршу i даць рашаючую бiтву. Тут павiнна была праявiцца перавага саюзнiкаў у колькасцi. Выкананне задумы ў значнай ступенi залежала ад захавання сваiх планаў у таямнiцы да акрэсленага часу, пакуль не будуць сканцэнтраваныя войскi. I гэта таксама было выканана. Сапраўдныя намеры хавалi з дапамогай дэманстрацый войскаў у розных месцах мяжы з ордэнам.

Ордэнскае кiраўнiцтва абрала абарончы варыянт вайны. Ульрых фон Юнгiнген разважаў катэгорыямi свайго часу i таго ж чакаў ад сваiх працiўнiкаў. Ён рыхтаваўся да ўдараў з розных бакоў: з Лiтвы, Польшчы i Мазовii. Адбiўшы гэтыя напады, хохмайстар меркаваў замацаваць за сабой Добжынскую зямлю, магчыма, i Куявы. Ордэнскае кiраўнiцтва энергiчна рыхтавала да абароны замкi i гарады, набiрала наёмныя войскi, вяло агiтацыйную кампанiю па заклiку на дапамогу рыцараў-"гасцей".

На лiтоўскiм фронце абарону трымалi комтуры Рагнеты, Рыну i Клайпеды (Мемель). Новую Марку i Дрэздэнак павiнны быў баранiць новы войт Новай Маркi Мiхал Кухмейстэр, Памор'е - комтуры Члухава, Тухолы, Швеца i аддзел з рагнецкага комтурства; Добжынскую i Мiхалаўскую землi - комтур Бежглава; рубеж па рацэ Дрвенцы - комтуры Броднiцы i Астроды. Галоўныя сiлы ордэна на чале з хохмайстрам павiнны былi сканцэнтравацца пад Швецам. Дзеяннi войскаў ордэна карэктавалiся ў залежнасцi ад зменаў сiтуацыi.

ГРУНВАЛЬДСКАЯ ВЫПРАВА

Наблiжалася заканчэнне перамiр'я. У Польшчы Ягайла актыўнасцю на гранiцы з Памор'ем i Новай Маркай дэманстраваў намер ударыць на Гданьскае Памор'е. Комтуры з лiтоўскай гранiцы паведамлялi хохмайстру аб канцэнтрацыi войскаў Вiтаўта i намеры яго нападу на Рагнеду цi Астроду. Яшчэ 26 траўня Вiтаўт пацвердзiў перамiр'е з ордэнам, 28 траўня прымаў вугорскага пасла, а гарматы ўжо былi высланыя ў невядомым кiрунку. 3 чэрвеня вырушылi войскi з Лiтвы i Жамойцi.

Каб дакладней паказаць разгортку падзей у iх дынамiцы, лепш за ўсё параўнаць дзеяннi бакоў.

Час Лiтоўска-польская армiя Ордэнская армiя

пачатак Збор лiтоўскiх войскаў ля ракi Умацаванне гранiц i замкаў. чэрвеня Нараў. Пераход ракi i марш на 1410 г. злучэнне з Ягайлам.

сярэдзiна Пачатак збору войскаў пад чэрвеня Швецам. 10 чэрвеня Ульрых

фон Юнгiнген прыбыў у

Энгельбург (ля Швеца).

24.06 Збор Ягайлы з наймiтамi i Хохмайстар у Торуне; па яго (сканчэнне апалчэннем МалаПольшчы каля просьбе перамiр'е прадоўжана перамiр'я) Волбажа блiз Пётркава. З захаду да 4 лiпеня. (Вiтаўта яно

прыблiжаюцца вялiкапаляне; зноў не тычылася.)

паўночней рыхтуюцца мазуры.

Жаўнеры руйнуюць ваколiцы

Торуня. Воi Вiтаўта, якiя

засталiся ў Лiтве, праводзяць

рэйд пад Юрбарг i Клайпеду.

Вiтаўт на маршы памiж

Бугам i Наравам.

26.06 Марш Ягайлы ў паўночным Комтуры Члухава i Тухолы

кiрунку да Любохнi i далей. зрабiлi рабаўнiчы напад

на прыгранiчныя польскiя

вобласцi.

27.06 Высакiнiцы - начлег.

28.06 Сеймiцы.

29.06 Казлоў - вестка ад Вiтаўта,

што ён ля ўпадзення Нарава

ў Вiслу.

30.06 Аб'яднанне Ягайлы з

вялiкапалянамi ў Чэрвiньску.

Пераправа цераз Вiслу па

наплаўному мосту.

Прыход Вiтаўта i мазураў.

1-2.07 Заканчэнне канцэнтрацыi войскаў. Марш да бродаў на Дрвенцы пад

Кужэтнiкам i iх умацаванне.

3.07 Марш да мяжы з ордэнам.

Кiраўнiк залогi ў Быдгашчы

перайшоў ордэнскую мяжу

i разбiў фон Плаўэна.

4.07 Войска фон Плаўэна ўзмоцнена (канец вялiкай колькасцю наймiтаў новага (600 коп'яў). перамiр'я)

5.07 Вугорскiя паслы ў лагеры

пад Ежавам прасiлi паведамiць

умовы мiру. Атрымалi iх:

Добжынскую зямлю - Польшчы,

Жамойць - Лiтве.

6.07 Агляд войскаў.

7.07 Дасягнулi ракi Вкры.

8.07 Дзень адпачынку - апошнi

прывал перад пераходам

ордэнскай мяжы.

9.07 Пераход гранiцы, зруйнаванне Да Кужэтнiка выступiў

Лiдзбарка (Лаўтэнбург). аддзел войска з Дзялдава

(Сольдаў).

10.07 Выступленне да бродаў на

Дрвенцы пад Кужэтнiкам.

11.07 Паварот назад да Лiдзбарка

i марш на Дзялдава.

12.07 У лагер пад Дзялдавам 11 цi 12.07 пераход на

прыйшла аб'ява вайны ад ўсходнi(левы) бераг Дрвенцы

Жыгiмонта Вугорскага па 12 мастах пад Брацянам

(войску аб гэтым i марш у паўночна-ўсходнiм

не паведамiлi). кiрунку.

13.07 Далейшы марш на поўнач; Верагодна, вечарам

заняцце Дуброўны. дасягнута Фрыгнава

каля 10 км ад Дуброўны.

14.07 Дзень адпачынку Падрыхтоўка пазiцыi

пад Дуброўнай. на месцы будучай бiтвы.

Дзеяннi Вiтаўта i Ягайлы адбывалiся паводле загадзя распрацаванага плана. Каб да апошняга хаваць задуму аб'яднаць свае войскi, саюзнiкi праводзiлi дэманстрацыi намераў ваяваць паасобку. Ягайла канцэнтраваў войскi на мяжы з Новай Маркай быццам для ўдару на Гданьскае Памор'е, нарыхтоўваў тут дрэва для мастоў. Калi Вiтаўт ужо рухаўся на злучэнне з Ягайлам, войскi, якiя засталiся ў Лiтве, зрабiлi паход на Прусiю.

Першая важная частка плана - аб'яднанне войскаў была выканана блiскуча. Заключыўшы перамiр'е з крыжакамi, Вiтаўт без перашкод правёў армiю ў Польшчу. Маршрут даўжынёй каля 600 км пралягаў уздоўж ордэнскай гранiцы. Злучэнне армiяў Вiтаўта i Ягайлы было поўнай нечаканасцю для хохмайстра. Не дапамагла i выдатна арганiзаваная ордэнская разведка. Калi адзiн са сведкаў пераправы саюзнiкаў цераз Вiслу паведамiў Ульрыху фон Юнгiнгену, што бачыў там Вiтаўта, той не хацеў даваць веры. Хохмайстар звярнуўся да быўшых тады пры iм вугорскiх паслоў, са смехам кажучы: "Гэта дробязi, i ўсё, што асмелiўся расказаць гэты чалавек, вельмi падобна на выдумку. Бо самыя надзейныя нашы разведчыкi прынеслi вестку, што польскi кароль знаходзiцца i раз'язджае каля ракi Вiслы i спрабуе, што праўда, але не можа пераправiцца цераз яе. Ужо шмат яго воiнаў загiнула ў хвалях пад час спробы перайсцi яе ўброд. Вiтаўт жа стаiць ля ракi Нараў i не асмельваецца яе перайсцi".

Невыпадкова месцам злучэння сiлаў абралi Чэрвiньск. Ён быў дастаткова аддалены ад ордэнскай гранiцы, каб не баяцца нечаканага нападу. Канцэнтрацыя тут войскаў магла азначаць намер удару ў розных кiрунках, што падтрымлiвала няпэўнасць камандавання варожай армii. Ад Чэрвiньска адразу пасля аб'яднання можна было без прамаруджвання пачынаць паход на Мальбарк.

Саюзнiкi зараней прадумалi i добра арганiзавалi пераправу цераз Вiслу. Зроблены за зiму i вясну пантонны мост падрыхтавалi да падыходу войскаў 30 чэрвеня. Пасля пераправы мост разабралi i сплавiлi да Плоцка, каб выкарыстаць на адваротным шляху.

Вiтаўт i Ягайла выдатна арыентавалiся ў абставiнах, якiя пастаянна змянялiся, i прымалi правiльныя рашэннi. Калi ўбачылi, што бой на бродзе пад Кужэтнiкам зараней ставiць iх у невыгоднае становiшча, то адышлi ўбок i зноў павярнулi на стары маршрут. Яны разумелi, што ордэнская армiя ўсё роўна павiнна заступiць iм дарогу на сталiцу. Шлях на Мальбарк быў разлiчаны такiм чынам, каб не пераходзiць раку, бо было ясна, што армiя крыжакоў не дасць пераправiцца без бою.

Абарончы варыянт Ульрыха фон Юнгiнгена меў шэраг недахопаў. Аб'яднанню саюзных войскаў магло перашкодзiць толькi рашучае наступленне ордэнскiх сiл. Раздрабленне iх для аховы гранiц прывяло да таго, што ў рашаючай бiтве адсутнiчалi моцныя групоўкi Генрыха фон Плаўэна i Мiхала Кухмайстра. З погляду на мiнулы вопыт няблага быў абраны зборны пункт армii - Швец. Напад найверагодней чакаўся ў кiрунку на захад ад Вiслы.

Умацаванне бродаў каля Кужэтнiка аказалася дарэмным, хоць дзякуючы разведцы быў дакладна вылiчаны прыход сюды ворага. Берагi Дрвенцы ўмацавалi палiсадамi i землянымi валамi, за якiмi паставiлi гарматы. Магiстр планаваў даць бой у выгодным для сябе месцы. Аднак гэта была не адзiная дарога на Мальбарк. Пасля адыходу саюзнiкаў ад бродаў Ульрых фон Юнгiнген, каб перакрыць накiрунак на сталiцу, прыйшоў на месца памiж возерам Лубень i паселiшчам Стэнбарк (Таненберг) i паспеў выбраць i падрыхтаваць пазiцыю.

Аднавiць ход Грунвальдскай бiтвы вельмi цяжка, хоць аб ёй захавалася даволi многа звестак. Непасрэдныя ўдзельнiкi апiсвалi асобныя эпiзоды, з якiх немагчыма скласцi агульны малюнак. Многiя дэталi вельмi цiкавыя i маляўнiчыя, але, на жаль, мала што даюць да рэканструкцыi агульнага ходу бiтвы. Напрыклад, вядома аб моцнай буры ў ноч перад бiтвай. Крынiцы паведамляюць, што на месяцы быў ясна вiдны рыцар, пранiзаны мячом, а ў хохмайстра Ульрыха фон Юнгiнгена з'явiлiся слёзы ад прадчування блiзкай смерцi i да т. п. Прычым частка такiх дэталяў - твор фантазii аўтараў. Грунвальдская бiтва мае на сабе яркi адбiтак сярэднявечча - у ёй рашаючае значэнне мела сутыкненне цяжкай панцырнай кавалерыi. Хаця класiчны перыяд сярэднявечнай ваеннай справы скончыўся яшчэ ў XIV ст. разам з буйнымi паразамi рыцарскай коннiцы ад сялянскай i гарадской пяхоты, усё ж асноўнай баявой адзiнкай заходнеэўрапейскiх армiй у той час заставаўся рыцар, закуты ў бронь, узброены дзiдай i мячом. Разам з iм бiлiся адзiн цi болей збраяносцаў, стралкi i слугi. У баi рыцары станавiлiся ў шэраг на адлегласцi некалькiх метраў адзiн ад другога. На няроўнай мясцовасцi ўжывалi пастраенне клiнам - калонай, якая звужваецца да пераду. Пад час атакi дрэнна трымалiся шэрагу i пасля першага ўдару бiтва распадалася на асобныя паядынкi. Рыцары вызначалiся iндывiдуалiзмам, неахвотна падпарадкоўвалiся камандам. Пяхота выдзялялася ў асобныя аддзелы, разам са стралкамi ставiлася перад коннiцай, i ў яе бывалi непрыемнасцi пры атацы сваёй кавалерыi - не паспявалi вызвалiць месца. Такой недысцыплiнаванай, маламанеўровай армiяй было цяжка кiраваць. Рэдка праводзiлiся абходныя манеўры, засады i г.д. Бiтвы вялiся наступным чынам: збiралiся войскi, сыходзiлiся, доўга рыхтавалiся да бою, у бiтве час ад часу рабiлi перапынкi для адпачынку. Перамагаў той, хто заставаўся на полi бою. Частка сiл выдзялялася ў рэзерв. Кiраўнiк войска звычайна станавiўся ў першыя шэрагi i вёў сваiх у бой. Пераможаныя адступалi, часта за iмi нават не гналiся.

Армiя Тэўтонскага ордэна вызначалася большай дысцыплiнаванасцю i арганiзацыяй, чым iншыя заходнеэўрапейскiя войскi. Для братоў-рыцараў вайна была безупынным заняткам. Аднак уласна ордэнскае войска ў Грунвальдскай бiтве складала меншасць сярод апалчэння прускай шляхты, "гасцей", наймiтаў i саюзнiкаў.

Ваеннае мастацтва беларусаў, якiя складалi аснову армii Вiтаўта, знаходзiлася на больш высокiм узроўнi. Актыўна ўжываючы рыцарскую коннiцу, беларусы i ўкраiнцы адначасова многае перанялi i ўдасканалiлi з ваеннага майстэрства ўсходнiх народаў. Iх войскi былi дысцыплiнаванымi, рухомымi, здольнымi на складаныя манеўры ў ходзе бiтвы, такiя, як флангавыя абходы, уяўныя адступленнi з падвядзеннем ворага пад удар свежых сiлаў i г.д. Гэтыя якасцi былi выдатна прадэманстраваныя ў Грунвальдскай бiтве.

Асноўныя падзеi разгарнулiся на няроўнай мясцовасцi памiж паселiшчамi Грунфельд (чамусьцi польскiя гiсторыкi перайменавалi яго ў Грунвальд, адкуль i назва бiтвы), Стэнбарк (Таненберг - у лiтаратуры бiтва называецца яшчэ Таненбергскай*) i Людзвiгава (Людзвiгсхоф). Тутэйшыя пакатыя пагоркi вышынёй каля 200 м падзялялiся даволi шырокiмi далiнамi. З трох бакоў месца бiтвы было акружана лясамi. Хохмайстар, дакладна вылiчыўшы маршрут ворага, першы прыбыў сюды з войскамi i прыняў меры да ўмацавання пазiцыi. Былi выкапаныя i замаскiраваныя ямы-пасткi, расстаўлены гарматы, арбалетчыкi i лучнiкi. Ульрых фон Юнгiнген разлiчваў затрымаць варожую коннiцу каля перашкодаў, засыпаць яе стрэламi з гармат, арбалетаў i лукаў. Адбiўшы такiм чынам атаку i нанёсшы ворагу страты, кiнуць у бой сваю коннiцу. Хохмайстар слушна iмкнуўся такiмi тактычнымi хiтрасцямi неяк кампенсаваць перавагу саюзных войскаў у колькасцi.

* Беларускi летапiс называе бiтву Дубровенскай па назве блiжэйшага горада.

Ноччу з 14 на 15 лiпеня перад узыходам сонца саюзная армiя выйшла з лагера пад Дуброўнай i рушыла ў накiрунку Стэнбарка i Ульнава. Праз 10 км войскi сталi абозамi каля возера Лубень. Ягайла ў спецыяльнай паходнай каплiцы якраз збiраўся слухаць iмшу, калi атрымаў паведамленне аб з'яўленнi ворага. Гэта былi высланыя на разведку ордэнскiя аддзелы. Аднак кароль не перапынiў набажэнства. Ян Длугаш увогуле апiсвае ўдзел Ягайлы ў бiтве як самы нязначны, а ўсё кiраўнiцтва прыпiсвае Вiтаўту. Спрэчкi аб тым, хто камандаваў саюзнай армiяй пад Грунвальдам, цягнуцца доўга. Акрамя Вiтаўта i Ягайлы называюцца яшчэ два кандыдаты. Мы схiляемся да думкi аб сумесным кiраўнiцтве вялiкага князя i караля. Абодва мелi акрамя дыпламатычнага яшчэ i немалы вайсковы вопыт. Вiтаўт з самых маладых гадоў прывучаўся бацькам да вайны з крыжакамi. У Грунвальдскай бiтве ролi былi падзеленыя. Вiтаўт знаходзiўся на пярэднiм краi, кiраваў войскамi непасрэдна ў баi, самой сваёй прысутнасцю натхняў i падбадзёрваў вояў. Ён арганiзаваў выдатны манеўр з уяўным адступленнем. Ягайла ж знаходзiўся ззаду войскаў, мог скласцi агульнае ўяўленне аб справе i ўплываць на яе, уводзячы ў бой рэзервы.

Вось саюзнае войска пачало выходзiць з лясоў i выстройвацца насупраць ордэнскага. На правым фланзе сталi лiтоўскiя аддзелы, на левым - польскiя. Значныя сiлы былi размешчаны ў рэзерве па лясах. Заняўшы фронт такой жа даўжынi, як i ордэнскае войска, армiя саюзнiкаў мела большую глыбiню пастраення. Паколькi мясцовасць была перасечанай, войскi, па ўсёй верагоднасцi, стаялi не ў лiнiю, а самкнутымi калонамi. Правы фланг лiтоўскай армii абапiраўся на балоцiстую пойму ракi Марэнзi. Левы польскi фланг, як i адпаведна правы фланг крыжакоў, прыкрывала балота.

Палкоў Вялiкага Княства было каля 50. На iх харугвах луналi гербы земляў, а таксама выява Пагонi - дзяржаўнага герба, якая рознiлася толькi дэталямi. На некаторых харугвах была выява радавога знака Вiтаўта - Калумны. Найслаўнейшыя рыцары стаялi ў харугвах: вiленскай, гарадзенскай, троцкай, ковенскай, наваградскай, лiдскай, меднiцкай, смаленскай, полацкай, вiцебскай, кiеўскай, пiнскай, берасцейскай, ваўкавыскай, драгiчынскай, мельнiцкай, крамянецкай, старадубскай i iншых. Буйнейшыя паны дзяржавы вялi ўласныя палкi. Татарскiм дапаможным аддзелам камандаваў хан Джэлал-ад-Дзiн, смаленскiмi i мсцiслаўскiмi палкамi - князь Сямён-Лiнгвен, брат Ягайлы, падольскiмi - Iван Жэдзявiд, лiтоўскiмi - Пётр Гаштольд i Манiвiд. Намеснiкам Вiтаўта, па ўсёй верагоднасцi, быў найслаўнейшы з усiх палкаводзец Сямён-Лiнгвен.

Пад галоўнай харугвай польскага каралеўства (белы арол у чырвоным полi) стаялi лепшыя рыцары. Побач размяшчалiся так званая Гоньча харугва (з двума залатымi крыжамi ў блакiтным полi) i надворная харугва Ягайлы з Пагоняй.

Затым iшлi харугвы ваяводстваў, мазураў, асобных паноў - усiх было 50.

Аб ордэнскiх харугвах захавалася больш звестак, бо 46 з iх апынулiся ў польскiм палоне i яшчэ ў 15 ст. былi апiсаныя i замаляваныя Длугашам. Галоўная ордэнская харугва мела выяву чорнага крыжа з арлом у цэнтры на белым полi. Разам з харугвамi прускiх комтурстваў стаялi палкi "гасцей", наймiтаў, саюзных паморскiх князёў пад уласнымi сцягамi. У цеснаце i тлуме сярэднявечнай бiтвы харугва была галоўным арыентырам. Ёю падавалiся сiгналы, да яе збiралiся пасля атакi цi адступлення. Калi харугва апускалася, гэта значыла, што полк разбiты. Невыпадкова харугву трымалi i ахоўвалi найлепшыя рыцары.

Нарэшце абодва войскi сталi, гатовыя да бiтвы. Яны займалi пакатыя схiлы пагоркаў, пасярэдзiне ляжала далiнка. Той, хто першы пойдзе ў атаку, павiнны спусцiцца трохi ўнiз, а затым падымацца на супрацьлеглы схiл.

Хоць бiтва яшчэ не пачалася, Ульрых фон Юнгiнген ужо меў пэўныя выйгрышы. Яго армiя здолела заступiць ворагу шлях на сталiцу, правiльна разлiчыць месца сустрэчы i падрыхтаваць пазiцыю. Цяпер патрэбна было зрабiць так, каб саюзнiкi пачалi атаку першымi i натрапiлi на перашкоды i абстрэл. Аднак, хоць сонца ўжо стаяла высока, з боку саюзнiкаў не назiралася нiякага руху.

Не спяшаўся, уласна, Ягайла, а Вiтаўт рваўся ў атаку. Кароль павольна апранаў латы, усаджваўся на баявога каня, потым выехаў на пагорак, агледзеўся... Затым вярнуўся ў далiну i пачаў пасвячаць у рыцары сваiх вояў. Сказаўшы прамову да новаспечаных рыцараў, Ягайла ўжо надзяваў шлем, калi прыйшла вестка, што ад ордэнскага войска прыбылi два герольды. У аднаго на грудзях быў знак Свяшчэннай Рымскай iмперыi: чорны арол у залатым полi, у другога - герб шчэцiнскiх князёў: чырвоны грыф на белым полi. Герольды прынеслi два аголеныя мячы - ад хохмайстра з вялiкiм маршалам каралю i вялiкаму князю - i на словах перадалi выклiк да бiтвы. "Калi ж, можа, вялiкаму князю i каралю не хапае прасторы, - сказалi пасланцы, - то мы адыдзем колькi трэба, каб даць месца". I на самой справе ордэнскiя войскi пасунулiся назад, адкрываючы далiну i пакiдаючы памiж сабой i ворагам прыгатаваныя перашкоды. Хутчэй за ўсё гэта перадавыя аддзелы вярнулiся да асноўнай групоўкi. Такi дзёрзкi выклiк меў на мэце падштурхнуць саюзнiкаў першымi пайсцi ў наступ. Так яно i здарылася. Лiтоўскае войска з поклiчам "Вiльня!" рушыла ў атаку. Затым пайшлi палякi, на хаду спяваючы "Багародзiцу". Паколькi наперадзе была лёгкая маняўровая коннiца, то страты ад ямаў-пастак аказалiся невялiкiмi. Крыжацкiя гарматы паспелi даць два залпы. Потым да канца бiтвы ўжо не было чуваць нi аб iх, нi аб стралках-лучнiках i арбалетчыках. Хутчэй за ўсё ў першым iмклiвым нацiску артылерысты, стралкi i пяхота, якая iх прыкрывала, былi выбiтыя. Затым у бой уступiла цяжкая коннiца. На правым лiтоўскiм фланзе i левым польскiм фактычна адбывалiся дзве асобныя бiтвы. "Калi шэрагi сышлiся, то ўзняўся такi шум i грукат ад ламання дзiдаў i ўдараў аб даспехi, як быццам абрушваўся нейкi велiзарны будынак, i такi рэзкi лязгат мячоў, што яго выразна чулi людзi на адлегласцi нават у некалькi мiляў" (Длугаш).

Вiтаўт знаходзiўся каля самых пярэднiх шэрагаў, Ягайла з моцнай аховай ад'ехаў на пагорак прыблiзна пасярэдзiне фронту.

Праз гадзiну цi болей на правым фланзе саюзнай армii адбылася падзея, якую даследчыкi ацэньваюць неадназначна. Пад нацiскам крыжацкiх войскаў частка лiтоўскiх аддзелаў адступiла. Адны разглядаюць гэта як уцёкi, iншыя гавораць аб тактычным манеўры. Такi прыём - уяўнае адступленне - часта ўжываўся на ўсходзе i прыносiў поспех. Вораг, паверыўшы ў перамогу, рассыпаўся ў пагонi за ўцекачамi i натыкаўся на засаду або свежае войска. Уцекачы раптам зноў аказвалiся сабранымi ў арганiзаваныя аддзелы i з новай сiлай нападалi на агаломшанага ворага. Беларусы i ўкраiнцы, якiя складалi большасць войска Вiтаўта, былi добра знаёмыя з такой тактыкай i карысталiся ёю. Галоўным аргументам за тое, што адступленне было манеўрам, з'яўляецца несумненны факт вяртання ў бiтву адступiўшых аддзелаў. Акрамя таго, не так даўно стаў вядомы дакумент, якi пацвярджае нашу думку аб адступленнi як арганiзаваным манеўры. Ужо пасля бiтвы адзiн з кiраўнiкоў ордэна папярэджваў хохмайстра, што ў новай бiтве вораг можа наўмысна выклiкаць уцёкi некалькiх атрадаў, каб прывесцi да разрыву баявых парадкаў цяжкай коннiцы, гэтак, як адбылося ў "вялiкай бiтве". Частка крыжацкiх войскаў, якiя гналiся за ўцекачамi, была акружаная i знiшчаная каля лiтоўскага табара. Манеўр з адступленнем планаваўся загадзя. Смаленскiя харугвы Вiтаўт пакiнуў на месцы, каб прыкрыць правы фланг палякаў i не даць крыжакам ударыць iм у спiну. Тры беларускiя палкi Смаленскай зямлi справiлiся са сваёй задачай, хоць панеслi значныя страты, а адзiн з iх амаль цалкам загiнуў.

На левым фланзе саюзнай армii, аддзеленым ад правага пагоркамi, iшла свая бойка. Палякi i немцы пакуль без асаблiвых маняўровых хiтрасцяў iшлi сценка на сценку. Бiтва працягвалася некалькi гадзiн без перапынку, людзi фiзiчна не маглi вытрымлiваць такой нагрузкi доўгi час, таму, вiдавочна, войскi на пярэднiм краi пастаянна змянялiся. Тут раней цi пазней павiнна была адчуцца перавага саюзнiкаў у коннiцы. Аднак пакуль палякам даводзiлася туга. Нечакана пакiнулi поле бою наймiты з Чэхii i Маравii. Яны адышлi ад поля i спынiлiся ў лесе. Толькi пасля таго, як каралеўскi падканцлер Мiкалай Тромба прысаромiў iх, воi вярнулiся ў бiтву. Пад нацiскам крыжакоў упала вялiкая каралеўская харугва з выявай белага арла. Аднак яе тут жа падхапiлi i паднялi зноў. У ордэнскiх шэрагах, пабачыўшых падзенне непрыяцельскага сцяга, пачуўся пераможны спеў "Хрыстос паўстаў". Гэта быў крытычны момант. Ягайла, вiдавочна, падаслаў падмацаваннi, якiя выправiлi становiшча. Праз лес пайшлi войскi для абходу правага фланга крыжакоў з захаду. У шэрагi ордэнскай армii стала частка рыцараў, якiя вярнулiся з праследавання лiтоўскiх войскаў. Жахлiвая бойка працягвалася далей. Ульрых фон Юнгiнген у сваю чаргу, убачыўшы, што шаля вагаў схiляецца не на карысць ордэна, прадпрыняў рашучую спробу перамянiць лёс бiтвы. Сфармаваўшы з рэштак свайго левага фланга i рэзерваў ударную групу ў 16 харугваў, ён стаў на яе чале i атакаваў каралеўскую армiю. Выкананне гэтай акцыi сведчыць аб добрай арганiзаванасцi войскаў ордэна i высокай вартасцi Ульрыха фон Юнгiнгена як военачальнiка.

Пад час гэтай атакi адбыўся напад на самога Ягайлу. Кароль са сваiм атачэннем знаходзiўся трохi ўбаку ад накiрунка атакi. Каб ордэнскiя рыцары не пазналi караля, быў апушчаны малы каралеўскi прапорац з белым арлом на чырвоным полi. Ягайлу з усiх бакоў засланiлi воi. Раптам з шэрагу крыжакоў вырваўся рыцар Леапольд фон Кёкерытц, апяразаны залатым поясам, i, разагнаўшы каня, цэлiў дзiдай у караля. Паводле рыцарскiх правiлаў Ягайла прыняў бой. Ён падняў сваю дзiду, выехаў насустрач i "ўласнай рукой паранiў" крыжака. Каралеўскi сакратар Збiгнеў Алешнiцкi заехаў збоку, ударыў Кёкерытца дзiдай i той упаў з каня мёртвы. У сваю чаргу польскi рыцар Дабеслаў Алешнiцкi напаў на хохмайстра, але той пазбегнуў удару лёгкiм адхiленнем галавы i падбiў дзiду паляка ўгору. Апошнi, убачыўшы сваю хiбу, павярнуў да сваiх. Ульрых фон Юнгiнген гнаўся за iм i паранiў каня, але мусiў вярнуцца, каб не трапiць у палон.

Адчайная атака ўдарнай групы ў 16 харугваў магла вырашыць лёс бiтвы, але працiўнiк быў занадта шматлiкi i дасведчаны. Войскi Вiтаўта пасля лiквiдацыi крыжацкiх аддзелаў, якiя прарвалiся да iх абозу, вярнулiся i напалi на групу хохмайстра з тылу i флангу. Пасланыя ў абход польскiя аддзелы пачалi акружаць правы фланг крыжакоў з захаду. Гэта быў пачатак канца.

Ударная група хохмайстра i правы фланг ордэнскай армii акружалiся паасобку. Некаторы час яны яшчэ вытрымлiвалi нацiск, але ўрэшце былi поўнасцю акружаныя i разбiтыя. Здалiся рыцары Хэлмiнскай зямлi. У бязвыхадным становiшчы аддалi сваю харугву замежныя "госцi" - у жывых засталiся толькi 40 рыцараў. Урэшце перасталi супрацiўляцца i астатнiя з тых, хто застаўся жывым.

Але гэта яшчэ не быў канец бiтвы. Шмат крыжакоў, якiя пазбеглi акружэння або вырвалiся з яго, умацавалiся ў абозе з намерам абараняцца. Акружаны ўмацаваннямi з вазоў, забяспечаны артылерыяй i аховай пяхоты абоз даваў такую магчымасць. Аднак паспяховай абароны не атрымалася. Рашучай атакай умацаваны лагер быў здабыты, а ўсе яго абаронцы пабiтыя. Вялiкую колькасць забiтых з боку ордэна ў абозе тлумачаць удзелам у гэтых эпiзодах бiтвы пяхоты саюзнiкаў, складзенай з сялян i гараджан. Простыя людзi найбольш цярпелi ад нападаў крыжакоў, таму мелi да iх асаблiвыя рахункi. Чалавек простага звання не мог атрымлiваць выкуп за палонных. Палонных пяхота не брала. Магчыма, якраз ад рук пехацiнцаў загiнуў хохмайстар Ульрых фон Юнгiнген.

Геройскую смерць на полi бiтвы прынялi амаль усе саноўнiкi Тэўтонскага ордэна. Акрамя хохмайстра загiнулi ў акружэннi вялiкi комтур, вялiкi маршал, вялiкi шатны, скарбнiк, хэлмiнскi, бежглоўскi, пакжыўнiцкi, грудзяцкi, гнеўскi, нешаўскi, астродскi, папоўскi, радзыньскi i iншыя комтуры.

Пад час уцёкаў страцiў жыццё Генрых фон Швельбок - камандзiр вайсковага аддзела з Тухолы. Яшчэ да бiтвы ён загадаў насiць перад сабой два аголеныя мячы i ўсiм казаў, што не ўкладзе iх у похвы, пакуль не афарбуе кроўю ворагаў. Брандэнбургскага комтура Маркварда фон Зальцбаха ўзялi ў палон i прывялi да вялiкага князя Вiтаўта. Той, убачыўшы даўняга ворага (комтур абразiў Вiтаўта, будучы паслом), сказаў: "А, ты тут, Марквардзе?" На што крыжак рэзка адказаў: "Так, i спакойна прыму тое, што мне ўгатаваў учарашнi дзень. А табе, князь, тое ж можа прынесцi дзень сённяшнi або заўтрашнi, бо не ў тваёй моцы вызначыць лёс!" Разгневаны Вiтаўт даў знак, комтура адвялi ў жыта i сцялi галаву.

Бiтва пад Грунвальдам - Стэнбаркам працягвалася ад 12 да 19 гадзiн i скончылася перад заходам сонца (па мясцоваму часу 15 лiпеня сонца заходзiць у 19 гадзiн 51 хвiлiну). Да ночы працягвалася пагоня за ўцекачамi. У захопленым абозе пераможцы знайшлi вялiкi запас кайданоў i вяровак, падрыхтаваных крыжакамi для палонных. Па загаду караля былi разбiтыя вiнныя бочкi, i вiно, змешанае з кроўю забiтых людзей i коней, бурным струменем вылiлася аж на лугi каля вёскi Таненберг (Стэнбарк). У бiтве з боку крыжакоў загiнула каля 18 тыс. салдат i абслугi табару, каля 14 тыс. трапiла ў палон, уратавалася каля паўтары тысячы чалавек. Вялiкiя страты панеслi i саюзнiкi. Усю ноч з 15 на 16 лiпеня войскi вярталiся з пагонi, везлi палонных, захопленыя харугвы i здабычу.

Назаўтра, у сераду 16 лiпеня, на полi бою былi адшуканыя целы хохмайстра i яго паплечнiкаў. Целы Ульрыха фон Юнгiнгена i некалькiх галоўных кiраўнiкоў ордэна адправiлi для пахавання ў Мальбарк. Астатнiх забiтых, сваiх i чужых, пахавалi на месцы.

Недалёка ад поля бiтвы адбылася вялiкая ўрачыстасць. На ёй пад слова гонару былi адпушчаныя палонныя, акрамя тых, хто належаў да ордэна. Затрымалi яшчэ саюзнiкаў крыжакоў - шчэцiнскага i алешнiцкага князёў.

Каб давесцi справу да канца, саюзнiкам патрэбна было заняць сталiцу ордэнскай дзяржавы. Таму замест абвешчанага трохдзённага прывалу армiя адпачывала толькi адзiн дзень i ўжо 17 лiпеня вырушыла на Мальбарк. Адлегласць да сталiцы па дарозе, абранай саюзнiкамi, складала 120 км. Праходзячы штодзённа каля 15 км, войскi без супрацiўлення займалi навакольныя гарады i замкi. Вельмi хутка большая частка ордэнскай краiны, у тым лiку i прускiя бiскупствы, прызналi ўладу пераможцаў. Мала таго, гараджане i шляхта самыя нападалi на ордэнскiя замкi, выганялi залогi i перадавалi ўмацаваннi саюзнiкам. Ордэнскi хранiст пiсаў, што такой здрады нiколi не было чуваць нi ў адной дзяржаве. Браты-рыцары Тэўтонскага ордэна ратавалiся ўцёкамi хто куды мог. Галоўнай прычынай такога хуткага i бяскроўнага падпарадкавання краiны быў, канешне, небывалы разгром армii ордэна пад Грунвальдам. Акрамя таго, дала аб сабе знаць каставасць ордэна, яго адасобленасць ад сваiх падданых, у тым лiку i шляхты.

Праз восем дзён маршу, 25 лiпеня, войскi стаялi пад Мальбаркам. Аднак яны спазнiлiся, сталiца крыжакоў ужо была гатовая да абароны. Яшчэ 18 лiпеня да яе прыбыў швецкi комтур Генрых фон Плаўэн з падначаленым яму войскам. Па загаду хохмайстра фон Плаўэн камандаваў групай харугваў, якая прыкрывала шлях на Памор'е. Цяпер жа, атрымаўшы вестку аб грунвальдскiм разгроме, фон Плаўэн з'арыентаваўся ў сiтуацыi i, не губляючы часу, паiмчаўся ратаваць сталiцу. За тры днi ён пераадолеў адлегласць каля 80-100 км i да прыходу саюзнага войска паспеў падрыхтаваць Мальбарк да абароны. У момант з'яўлення лiтоўска-польскай армii залога Мальбарка складала каля 2- 2,5 тыс. чалавек, не лiчыўшы абслугi, была забяспечана ваенным рыштункам i харчаваннем на пару тыдняў. Мальбарскi замак ў тыя часы быў магутнейшым абарончым збудаваннем i ўзяць яго з налёту магчыма было толькi да прыходу фон Плаўэна пры адсутнасцi арганiзаванай абароны.

25 лiпеня ордэнская сталiца была абложана з усiх бакоў. Генрых фон Плаўэн, даведаўшыся, што адзiны ўцалелы саноўнiк - вялiкi шпiтальнiк Вернер фон Тэццiнген - не думае аб уладзе, вырашыў узяць яе сам. Ён сабраў каго мог з рыцараў i тыя абралi Плаўэна намеснiкам да заканчэння вайны i абрання новага хохмайстра. Галоўнай сваёй задачай новаспечаны намеснiк лiчыў утрыманне сталiцы. Гэта быў адзiны шанц на ўратаванне дзяржавы. Мелiся яшчэ войскi ў Лiвонii, чакалася дапамога ад фiлiяў у Эўропе.

Здабыць Мальбарскi замак у XV ст. пры наяўнасцi там добрай залогi можна было толькi з дапамогай галоднай блакады або здрады. Па загаду Плаўэна спалiлi горад i мост цераз раку Нагату. Гарматны абстрэл з боку саюзнiкаў нiчога не даў. Адбылiся перагаворы Вiтаўта i Ягайлы з фон Плаўэнам. Намеснiк прапанаваў мiр на ўмовах: ордэну пакiнуць толькi Прусiю як зямлю, здабытую ў варвараў хрысцiянскай кроўю. У адказ яму прапанавалi здаць замак за абяцанне "паклапацiцца аб ордэне". Плаўэн адмовiўся.

Аблога замка была няшчыльнай, крыжакi атрымалi вестку аб намеры германскага iмператара аказаць дапамогу ордэну i паднялiся духам. Залога пачала рабiць вылазкi, часам паспяховыя.

У саюзнiкаў было тры варыянты рашэння: заключыць мiр, здабыць замак або адысцi. Плаўэн ужо не хацеў слухаць аб мiры. Здабыць замак надзеi не было, штурм нават не рыхтавалi. Заставаўся трэцi варыянт.

Да Кёнiгсберга ў другой палове жнiўня прыбыла частка лiвонскай армii пад камандай ландмаршала фон Хевельмана (ён замяняў хворага ландмайстра фон Фецiнгофа). У пачатку верасня канчаўся трохмесячны тэрмiн памiж аб'явай i пачаткам вайны лiвонцаў з Вялiкiм Княствам. Аднак iх сiлы былi недастатковыя для змагання з саюзнiкамi.

У гэты час прадстаўнiкi лiвонскага ландмайстра заключылi перамiр'е з "панамi лiтоўскiмi i рускiмi" на 10 тыдняў. Вiтаўт паслаў маршалу лiст з запытаннем, на якой падставе той, нягледзячы на перамiр'е, канцэнтруе войскi пад Кёнiгсбергам. Ландмаршал лiстом ад 4 верасня адказаў, што не ведае аб перамiр'i, паколькi яно, вiдавочна, заключана ўжо пасля яго выхаду з Лiвонii. Лiст Хевельмана быў напiсаны ў непрывычнай для братоў-рыцараў пакорлiвай манеры. Ён называў Вiтаўта "горача любiмым i ласкавым панам".

Вялiкi князь з 12 харугвамi выехаў насустрач лiвонцам пад Кёнiгсберг. 8 верасня ён меў размову з Хевельманам. Ландмаршал абавязаўся быць пасрэднiкам у перагаворах памiж фон Плаўэнам i саюзнiкамi. Ён прасiў аб двухтыднёвым перамiр'i з 9 па 22 верасня, каб у гэты час асабiста сустрэцца з фон Плаўэнам i давесцi справу да мiру. Дзеяннi лiвонскага рыцара цалкам зразумелыя. Яму патрэбна было любым коштам выйграць час. Чакалася дапамога з захаду. Польскае апалчэнне з кожным днём усё больш рвалася дамоў. Акрамя таго, з'яўлялася магчымасць абмеркаваць сiтуацыю непасрэдна з фон Плаўэнам i сумесна выпрацаваць план далейшых дзеянняў - калi толькi дапусцяць у Мальбарк. I яго дапусцiлi туды.

У вынiку давяральных размоў ландмаршала з намеснiкам, якiя адбывалiся некалькi дзён (змест застаўся невядомым), Вiтаўт з Ягайлам не атрымалi прапановы не толькi аб мiры, але нават аб перамiр'i. Пасля 22 верасня вайна павiнна была цягнуцца далей. Час працаваў не на саюзнiкаў. Не былi цалкам аплачаны паслугi замежных вояў. Жыгiмонт Вугорскi пагражаў Польшчы з захаду, шляхецкае апалчэнне, не звыклае да такiх доўгiх паходаў, iмкнулася дамоў. Наблiжалася зiма. Было прынята рашэнне адысцi ад Мальбарка i вярнуцца дадому. Да 18 верасня вырушыла войска Вiтаўта, за м пайшлi мазавецкiя князi.

19 верасня зняло аблогу польскае войска. Адыход адбываўся спакойна i нетаропка, войскi везлi багатую здабычу. Залога з замка нiякiх перашкод адыходу не чынiла.

Тое, што сталiца засталася ў руках ордэна, мела вялiкi ўплыў на далейшыя падзеi. Захаванне Мальбарка азначала, што ордэнская дзяржава не загiнула. Як толькi саюзныя войскi пакiнулi тэрыторыю Прусii, сiтуацыя ў ёй пачала рэзка мяняцца. З такой жа хуткасцю, як краiна паддавалася грунвальдскiм пераможцам, яна зараз пераходзiла на бок сваiх старых гаспадароў. Часткова, вiдаць, баючыся помсты, часткова з пераканання пруская шляхта пачала зноў захоплiваць замкi, толькi ўжо для ордэна. Першым было занята Дзялдава. Польская залога, заспетая неспадзеўкi, трапiла ў няволю. Лiвонскi маршал абклаў i здабыў Эльбланг. Затым замкi пайшлi да ордэна адзiн за другiм. У руках саюзнiкаў засталiся толькi замкi ў Торуне, Радзыне, Броднiцы i Няшаве; не пускалi крыжацкiя ўлады два багатыя гарады - Стары Торунь i Гданьск. Фон Плаўэн адклаў расправу з iмi i заключыў перамiр'е да падпiсання мiру з саюзнiкамi.

Здавалася, што кола фартуны павярнулася i ваеннае шчасце поўнасцю перайшло на бок крыжакоў, па меншай меры на польскiм тэатры вайны. Крыжакi вярнулi амаль усю сваю ранейшую тэрыторыю. Генрых фон Плаўэн i лiвонцы ачысцiлi ад ворага амаль усю Прусiю i паўночную частку Памор'я. У Новай Марцы за кошт падмацаванняў з Заходняй Эўропы ўзмацнялася групоўка Мiхала Кухмайстра. У колькасцi каля 4 тыс. чалавек яна выступiла на злучэнне з фон Плаўэнам. Аднак у бiтве пад Карановам меншыя па колькасцi войскi Ягайлы разбiлi Кухмайстра, а яго самога захапiлi ў палон. Рэваншысцкiя памкненнi крыжакоў трохi паўстрымалiся. Замежныя "госцi" ўсё неахвотней удзельнiчалi ў гэтай вайне, дзе ворага немагчыма было перамагчы ў адкрытым полi. Вайна працягвалася шэрагам дробных наездаў i сутычак, як на Лiтве, так i ў Польшчы. За памеры такiх баёў выйшлi два наезды на Польшчу войскаў Жыгiмонта Вугорскага, якi адпрацоўваў ордэнскiя грошы. Першы ў канцы 1410 цi пачатку 1411 г. скончыўся паразай 12 вугорскiх харугваў. Другi ў канцы студзеня таксама не прынёс значных вынiкаў, хоць i прыдаў бадзёрасцi фон Плаўэну. Можна сказаць, што Жыгiмонт не адрабiў за атрыманыя ордэнскiя грошы.

9 лiстапада 1410 г. Генрыха фон Плаўэна абралi на пасаду хохмайстра. Ужо ў гэтай новай якасцi ён павёў перагаворы аб перамiр'i. Доўгiя i цяжкiя, яны ўсё ж такi пасоўвалiся, бо вайна зацягнулася i стала непасiльным цяжарам для абодвух бакоў. Перамiр'е было заключана на 4 тыднi з 14 снежня 1410 г. да 11 студзеня 1411 г. У адрозненне ад перамiр'я 1409 г. яно тычылася адразу ўсiх: ордэна, Вiтаўта, Ягайлы, слупскага i двух мазавецкiх князёў.

Пасля сканчэння перамiр'я ваенныя дзеяннi працягвалiся, аднак не спынялася i праца па арганiзацыi мiрнай дамовы. 22 i 26 студзеня зноў заключалi перамiр'е i вялi перагаворы на вiслянскiм востраве пад Торунем. Крыжакоў прадстаўляў лiвонскi магiстр фон Фецiнгоф, саюзнiкаў - вялiкi князь Вiтаўт.

Асноўнай спрэчнай праблемай аказалася Жамойць. Ордэн не хацеў ад яе адмаўляцца, Вiтаўт i пагатоў. Урэшце знайшлi кампрамiс па гэтаму i некаторых iншых пытаннях. 1 лютага 1411 г. быў падрыхтаваны тэкст дагавора, яго адразу заверыў пячаткамi лiтоўска-польскi бок. Ордэн i прадстаўнiкi прускай шляхты свае пячаткi павiнны былi паставiць пазней, на сустрэчы пад Златарыяй.

На чацвёртую нядзелю пасля Вялiкадня адбылося ўрачыстае спатканне Вiтаўта, Ягайлы i хохмайстра ў атачэннi сваiх прыдворных на полi каля горада Златарыя. Там скончылi апошнiя фармальнасцi. Паводле Торуньскай мiрнай дамовы, усе замкi i гарады, здабытыя пад час вайны, вяртаюцца ўладальнiкам; Жамойцкая зямля перадаецца Вiтаўту, а пасля яго смерцi адыходзiць да ордэна. Добжынская зямля застаецца за Польшчай, а Памор'е, Хэлмiнская, Мiхалаўская землi, частка Куяваў - за ордэнам.

На сустрэчы пад Златарыяй хохмайстар даў згоду Вiтаўту, каб той паляваў на дзiкага звера ва ўсiх пушчах ордэна ўзамен за такое ж права для сябе ў лiтоўскiх пушчах.

Вялiкая вайна 1409-1411 гг. была скончана. Задавалася, пасля буйной перамогi ды амаль поўнай акупацыi ордэнскай дзяржавы саюзнiкам нельга было згаджацца на такiя спрыяльныя для ордэна ўмовы мiру. Аднак яны пайшлi на гэта i, вiдаць, ведалi, што рабiлi. Сярод прычын i рэальная ацэнка мiжнароднай сiтуацыi, i разуменне вынiкаў Грунвальдскай бiтвы (ордэн ужо не сур'ёзны вораг). Вiдавочна, мела месца i нежаданне Вiтаўта цалкам злiквiдаваць ордэнскую дзяржаву, бо ад яе падзелу больш выйгравала Польшча, чым Вялiкае Княства Лiтоўскае. Длугаш пiсаў: "...стараннямi Аляксандра, вялiкага князя Лiтоўскага (князь больш за ўсё iмкнуўся толькi да ўз'яднання свайго Лiтоўскага Княства i вяртання сабе Самагiтскай зямлi, якой яго пазбавiлi крыжакi) быў заключаны, зацверджаны i падпiсаны мiр на ўмовах для Польскага Каралеўства несправядлiвых i невыгодных".

Неадпаведнасць маштабаў перамогi пад Грунвальдам умовам падпiсанага мiру дала падставу некаторым даследчыкам ацанiць яго як "прайграны мiр" для саюзнiкаў. Длугаш жа лiчыў, што грунвальдская перамога "...не прынесла нiякай выгоды каралеўству Польскаму, але больш карысцi Вялiкаму Княству Лiтоўскаму".

Трэба сказаць, што дыпламатыя ордэна здолела дасягнуць максiмум магчымага пасля такога разгрому. Аднак Грунвальдская перамога мела намнога значнейшыя наступствы, чым здавалася на першы погляд. Яна разбурыла падмурак будынка Тэўтонскага ордэна i паклала пачатак яго заняпаду.

Комментарии к книге «Тэўтонскi ордэн - Ад Ерусалiма да Грунвальда (на белорусском языке)», А. Кравцевич

Всего 0 комментариев

Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства