«Слодыч і атрута»

724

Описание

Раман “Слодыч і атрута” апавядае пра гісторыю заходнебеларускай сям’і, на долю якой выпалі шматлікія сацыяльныя катаклізмы; пра вялікае каханне і нянавісць, пранесеныя праз жыццевыя нягоды і варункі лёсу; пра сілу творчай думкі, здатнай рабіць геніальныя адкрыцці, апярэджваючы час і дасягненні навукі.



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Слодыч і атрута (fb2) - Слодыч і атрута 1153K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Зинаида Дудзюк

ЗІНАІДА ДУДЗЮК СЛОДЫЧ І АТРУТА

Дудзюк, З. Слодыч і атрута : раман / Зінаіда Дудзюк.— Мінск : Маст. літ., 2013.— 398 c.

КНІГА ПЕРШАЯ

1

Маладзенькія дочкі збіраліся на вяселле, прыхарошваліся перад люстэркам. Бацька, седзячы ля стала, назіраў за імі з-пад насупленых броваў, а ў душы ціха радаваўся, што збярог дзяцей, выгадаваў адзін, пасля заўчаснай смерці жонкі. А колькі няшчасцяў давялося перажыць: вайну, бежанства, рэвалюцыю, халеру, тыф, голад... Старэйшая Каця, нізенькая, хваравітая з маленства, стрыманая ў пачуццях і, як здавалася Кірылу, разум­нейшая, кроку не ступіць, пакуль не ўзважыць усё як след, адно кніжкі яе псуюць. Што б ні рабіла, пры сабе трымае які-небудзь раман. Аладкі пячэ — і то з чытаннем. Малодшая Зося тварам і паставаю ўдалася ў бацьку, высокая і тоненькая, як былінка, але характар узяла матчын, такая ж гаманкая, мітуслівая, паспявала і сябе агледзець, і зрабіць заўвагу сястры:

— Навошта табе чорны каснік? Ці ты манашка?

— Я хустку завяжу, а касу закручу ў куксу, касніка не будзе відно, — адказала Каця. — А ты перш на сябе паглядзі! Так і пойдзеш, як расамаха, недаплеценымі коскамі матляць?

— І пайду! Мне так падабаецца, — малодшая сястра наравіста крутнула галавою.

Каця падціснула вусны і павучальна сказала:

— Гэта ў Самары камсамолкі трэслі падстрыжанымі патламі, а тут, на радзіме, іншыя звычаі. Дзяўчаты павінны хадзіць у хустках.

— Нічога я нікому не вінная. А калі мне горача ў хустцы?

— Тата, скажы ты ёй, — настойвала Каця.

— І чаго прычапілася? Ну, на табе... Завяжу. Цяпер супакоішся? — адказала Зося, ускідваючы на галаву лёгкую светлую хустку, аздобленую шаўковымі кутасамі.

Кірыла нічога не адказаў, прытоена ўздыхнуў. Каця нагадала пра Сама­ру — і ён міжвольна падумаў, што бежанства забрала ў яго ўсё лепшае. Каб не вайна, жылі б яны прыпяваючы. Хоць на гаспадарцы працаваць было цяжка, але нястачы не ведалі, не галадалі. Трымаў чатыры каровы, парку коней, дзесятак свіней, восем авечак, гусей, курэй, качак. Усё гэта давялося кінуць і па загадзе цара ехаць у свет, бо на Расію пайшоў вайною немец. Калі вярнуліся, дык засталі хату без даху, дзвярэй і вокнаў — адны голыя сцены. Каб яшчэ трохі затрымаліся, дык і сцены расцягнулі б на дровы свае ж аднавяскоўцы. Давялося жыць у брата Карпа. Усю зіму шчыраваў Кірыла, ладзіў дах, столь, печ, толькі пад вясну перабраўся з дочкамі ва ўласнае жытло. Ён лічыў, што прычынай нягод была неабачлівасць бацькі, які купіў зямлю паблізу чыгункі, хацеў жыць пры дарозе, каб прасцей было даехаць да Берасця, Кобрына і Жабінкі. Пралічыўся, не падумаў, што войны таксама рухаюцца па дарогах. Каб сям’я Барэйшаў жыла сярод балота, можа, прасядзелі б ціха акупацыю. А так пагналі сямейку Барэйшаў у Жабінцы на цягнік з мноствам гэтакіх жа гаротнікаў і павезлі на злом галавы ў Бог ведае якую Самару. Там і жонка памерла, пайшла аднойчы з бежанкамі ў стары здзічэлы сад, каб натрэсці яблыкаў, залезла на тоўстую галіну, а тая абламалася, бедная Палая абрынулася і ўвярэдзіла спіну. Забралі ў шпіталь. Прыйшоў Кірыла праведаць жонку, а яму сказалі, што яна ў трупярні. З цяжкім сэрцам вярнуўся дамоў, узяў апратку для нябожчыцы, наняў вазака, каб забраць яе ды пахаваць, а тут паведамілі, што жонку пахавалі, нават не сказалі, дзе магіла...

Заняты сваімі думкамі, Кірыла не заўважыў, што дочкі працягваюць спрэчку.

— Малая ты яшчэ, падлетак... Нават пашпарта не маеш, — упікнула Каця Зосю.

— Гэта я малая? Паглядзі, хто з нас большы?

Зося, смеючыся, стала перад люстэркам побач з Кацяй і аказалася вышэйшаю ледзь не на галаву.

— Вырасла да неба, а дурная як трэба, — адказала Каця і адышла.

Кірыла звёў бровы на пераноссі і незадаволена, але без злосці сказаў:

— Годзе вам, сарокі, сакатаць! Збірайцеся, бо без вас вяселле згуляюць.

— Я гатовая, тата, — адказала старэйшая дачка.

— Усё ўзяла? — спытаў бацька.

— Так. Пляшку самагонкі, булку хлеба, міску журу.

— Тады пойдзем з Богам. А дзе ж Серафім? — спахапіўся Кірыла.

— Напэўна, на дварэ.

Кірыла, высокі, жылісты, устаў з-за стала, няспешна апрануўся, узяў кайстру з гасцінцамі і накіраваўся да дзвярэй. Зося яшчэ раз паспела крутнуцца перад люстэркам і засталася задаволеная сваёй хоць і хударлявай, але стройнай постаццю. Лёгкаю птушкаю выпырхнула з хаты ў пахмурны вясновы дзень, адзін з тых, калі яшчэ спала не адагрэтая зямля, а душа дзяўчыны спявала і жыла прадчуваннем нечага незвычайнага і шчаслівага. Хацелася выглядаць лепш за маладую, каб нават малады паглядзеў на яе з захапленнем, а пра астатніх вясковых хлопцаў і казаць няма чаго. Усе яны будуць стаяць у чарзе, каб паскакаць з ёю польку ці сербіянку.

— Серафім, дзе ты? — гукнуў Кірыла з ганка.

Худзенькі падлетак выглянуў з хлява з віламі ў руках.

— Я тут. А што? — спытаў ён.

— Чаму ты не пераапрануўся? З гною на вяселле пойдзеш? — незадаволена спытала Каця.

— Не. Я не пайду.

— Чаму? — здзівілася Зося.

— А што я там не бачыў? Ідзіце, весяліцеся, а я гаспадарку дагледжу.

— Ну, як хочаш, — махнуў рукою Кірыла і накіраваўся з двара.

— Нейкі ён дзікі ў нас расце, — заўважыла Каця.

— Бо сірата, — адказала Зося. — Жыве, бы палын пры дарозе.

— Мы ж яму не чужыя, і бацька ў яго ёсць недзе ў Расіі, мо калі вернецца, дык будуць разам, — разважыў Кірыла дачок і, каб перапыніць пустую гаворку, размашыста пакрочыў па падсохлай дарозе.

Аднак Зося раз-пораз вытыркалася ўперад бацькі, абганяючы яго. Так вабіла яе чужое вяселле. Яна зусім не ведала маладога. Маладую бачыла толькі адзін раз, калі тая забегла днямі з дружкамі, каб запрасіць іхнюю сям’ю на вяселле. Дзяўчына была родзічка па маме. Зося не ўдакладніла, што гэта за радня, і наогул мала каго помніла з ранняга маленства. За тыя гады, пакуль Барэйшы былі ў Самары, у Крачках шмат што змянілася. Падрасло новае пакаленне, сталыя крачкаўцы пастарэлі, нехта не вярнуўся з бежанцаў, старыя паўміралі. Аднак Зосю мала турбавала тое, што яна не ведала тутэйшых, дзяўчына лічыла: свята ладзіцца для яе.

2

Вясельная дружына спявала і скакала, апантаная агульным уздымам. Нават у тых гасцей, якія не адважваліся кідацца ў скокі, нешта замірала і трымцела ў грудзях, калі яны слухалі залівісты гармонік і гучны бубен, на абадку якога меддзю пазвоньвалі круглыя бляшкі. Бубнач гаціў кулаком у такт музыцы па нацягнутай скуры, часам даставаў стукнуць нават локцем, выяўляючы адметны спрыт, пры гэтым голасна нешта выкрыкваў, што, на ягоную думку, павінна было падбадзёрыць і распаліць танцораў. Гарманіст паводзіў сябе больш стрымана, шырока расцягваў гармонік і глядзеў некуды перад сабой, не зважаючы на танцораў. Ведаў: галоўны тут ён. Змоўкне гармонік — скончыцца танец, людзі, якія толькі што былі захоплены мелодыяй і рытмам, разыдуцца, быццам імгненна счужэюць і страцяць цікаўнасць адзін да аднаго. Ягоныя тонкія і лоўкія пальцы так хутка бегалі па гузіках гармоніка, што прысутным толькі заставалася дзівіцца, як ён запамінае процьму ладоў і басоў, каб гэтак хораша выводзіць мноства знаёмых і невядомых мелодый. Гарманіст часам некаму ківаў, усміхаўся, але знаёмых было мала, бо ён запрошаны з іншае вёскі. Хлопец хіліў галаву да гармоніка, прыслухоўваўся да ягонага голасу, нібы гэта быў ягоны найлепшы суразмоўца.

За сталамі засталіся толькі людзі сталага веку. Моладзь высыпала на вуліцу. Каця і Зося таксама стаялі ў гурце дзяўчат. Вылучаліся яны крамнаю вопраткаю, якую прывезлі з бежанства. Тутэйшыя дзяўчаты былі ў суконных паласатых андараках, вышыванках, з рознакаляровымі пацеркамі на шыях. Усе да адной у квяцістых хустках. Было золка, аднак ніхто з моладзі і не збіраўся апранаць світкі. Шчокі палалі, вочы блішчалі, усё навокал кружылася вясёлкаю колераў. Знаходзіліся і асабліва спрытныя пявунні і танцоркі, што, здавалася, маглі пераспяваць каго хочаш. Перад такімі шырэй расступалася кола гасцей, але вось нехта не вытрымліваў і кідаўся ў спаборніцтва. Адбывалася вясёлая перапалка, да якой далучаліся новыя ахвотнікі. Урэшце скакаць і спяваць пачыналі ўсе, ужо не слухалі адзін аднаго, не зважалі на ўзмакрэлыя спіны і прытомленыя ногі. Пакуль граў гармонік, ніхто не мог спыніцца.

— Чаго засумавалі, прыгажуні? — спытаў у Каці і Зосі высокі чарнявы юнак, схапіў абедзвюх за рукі і пацягнуў у гурт танцораў. Каця адбілася, адышла далей да плота, а Зося безразважна рынулася ў скокі, звонка заспявала прыпеўку:

А на печы пры лучыне Дзеўкі грошы палічылі, Налічылі паўталера І купілі кавалера.

Хлопец не застаўся ў даўгу і зацягнуў прыпеўку ў адказ. Калі ён спяваў, ніжняя таўставатая губа ў яго трохі адвісала, гэта смяшыла Зосю.

Дзяўчыначка мая люба, Мядовая твая губа. Адзін разок пацалую — Тры дні ў роце мядок чую.

Зося кінула на хлопца гарэзлівы позірк, усміхнулася, паказаўшы роўныя зубкі, па-заліхвацку сарвала з галавы хустку і, памахваючы ёю, заспявала:

У мястэчку на базары Хлопцы прадаюцца: На капейку — сорак штук І то задаюцца.

Танцор у адказ упарта хітнуў галавою, адступіў на колькі крокаў ад Зосі, нібы любуючыся ёю, і заспяваў:

Хлопцы знаюць, хлопцы знаюць, З кім трэба знаёміцца: У каго нясуцца куры І карова доіцца.

У гэты момант музыка абарвалася, пэўна, гарманісту спатрэбіўся адпачынак. Зося зрабіла рэверанс, як вучыла старая немка-выхавацелька ў самарскім дзіцячым прытулку. Хлопец у адказ пакланіўся і сказаў:

— А я ведаю, чыя ты — Кірылы Барэйшы дачка.

— Ну і што? — задзірыста спытала Зося.

— Нічога. Давай пазнаёмімся. Мяне Гардзеем завуць.

— А я Зося.

— Зосечка, Зоська, — хлопец хітравата прыжмурыўся і падміргнуў дзяўчыне. — А гэта твая сястра?

— Так. Гэта Каця, пазнаёмцеся, — адказала дзяўчына, падыходзячы да сястры.

— Добры дзень, Каця, — сказаў Гардзей. — Чаго не скачаш?

— Прыглядаюся.

— Правільна. Спачатку трэба зарыентавацца на мясцовасці — і ў наступ, — весела прамовіў Гардзей.

— Ні на каго я наступаць не збіраюся, — адказала Каця, робячы абыякавы выгляд.

— А на жаніхоў? — засмяяўся хлопец.

— А чаго на іх наступаць? Яшчэ каго, крый Божа, раздушым, — са смехам адказала Зося.

— Вясёлыя дзяўчаты! Пайшлі падмацуемся.

У хаце, калі гасцям налілі па чарцы, Гардзей крыкнуў:

— Горка!

За ім усе дружна сталі паўтараць:

— Горка! Горка! Горка!

Маладыя сарамліва пацалаваліся. Госці задаволена загарланілі і выпілі. Зося з Кацяй толькі прыгубілі.

— Э, дзяўчаты, так нават на хаўтурах не п’юць, — незадаволена пакруціў галавою Гардзей. — За шчасце маладых трэба піць да дна, каб ніякай горычы ім не пакідаць у сумесным жыцці.

— Мы не ўмеем піць гарэлку. Вось узвару можна і цэлую шклянку, наліце мне, калі ласка, — папрасіла Зося.

— З вялікім задавальненнем, — адказаў Гардзей і наліў сёстрам па шклянцы ўзвару з паліванай гладышкі. — Піце, дзяўчаткі, расціце тоўстыя.

— Гэтае пажаданне Зосі, яна ў нас, як тычка, — заўважыла Каця.

— Нічога, былі б косці, а мяса нарасце, — адказаў Гардзей, цікаўным позіркам акідваючы дзяўчат.

Яму больш падабалася старэйшая, невысокая, з прывабнымі дробнымі рысамі твару, але яна паводзіла сябе стрымана, нават грэбліва да іншых, ён так і адзначыў для сябе: «Пераборлівая нейкая». Малодшая, Зося, была высокая і худая, затое адкрытая, усмешлівая і даверлівая. Кідалася ў вочы адзенне дзяўчат, у якім яны выглядалі быццам паненкі. Каця красавалася ў барвовай сукні, пашытай на гарадскі манер, з карункавым каўнерыкам і манжэтамі, белая хустачка, вышытая дробнымі чырвонымі ружамі і завязаная «на бабку» вельмі пасавала дзяўчыне; малодшая сястра была ў больш про стай зялёнай клятчастай сукенцы. Яна як скінула хустку ў час скокаў, дык больш яе і не завязвала, сядзела за сталом неяк па-свойску. Дзве тоўстыя светлыя касы ляжалі на грудзях. Гардзей не ўтрымаўся, каб не дакрануцца да адной і не закінуць яе дзяўчыне за плячук. Пры гэтым нібы незнарок крануў грудзі. Зося ўспыхнула, залілася чырванню, схілілася над талеркаю, робячы выгляд, што есць. Гардзей паглядзеў на яе вострыя плечукі, пасміхнуўся з гэтае цнатліўкі.

— Чаму ў цябе дзве касы? — шэптам спытаў ён.

— А што? Мне так падабаецца. Немка-выхавацелька патрабавала, каб мы гэтак запляталі валасы, — адказала Зося.

— У нас такі звычай: дзяўчаты да замужжа носяць адну касу, бо яны яшчэ не маюць пары, а жанчыны — дзве, бо ўжо спараваныя.

— Гэта праўда? Ты не жартуеш? — збянтэжана спытала Зося і паспешліва завязала хустку на галаву.

Гардзей доўга апекаваўся Кірылавымі дочкамі, толькі калі пад вечар вясельная дружына сабралася везці нявесту да жаніха, неяк атрымалася, што Гардзей і Зося ўваліліся разам у нейкі вясельны вазок, дзе цесна сядзела грамада гасцей, і коні паімчалі іх у суседнюю вёску Сцяблова.

Людзі на вазку зацягнулі песню. Зося таксама ўключылася ў бязладны хор, невядома скуль вынесла яе памяць гэтую песню, можа, некалі чула яшчэ ад нябожчыцы мамы:

Ой, у лузе стаяла каліна, Я мілому вячэру варыла. Ужо вячэра кіпіць, закіпае, Мой міленькі на ганак ступае. «Ой, сядзь, мілы, прысядзь на парозе, Раскажы, што ты чуў у дарозе».

Побач у самае вуха басаваў Гардзей, хітравата жмурачы чорныя вочы, абдымаючы Зосю, каб не вывалілася з траскага вазка.

«Чуў я, міла, такую навіну, Што ты маеш малую дзяціну». «Гэта, мілы, навіна пустая, Што ў мяне ёсць дзяціна малая. Стаялі цыганы на мураўцы, Пакінулі дзіцятка на лаўцы».

Ніколі ў жыцці яшчэ гэтак не весялілася Зося, ніколі ў жыцці не была такой шчаслівай. Што і казаць, мала ёй ласкі выпала на яе долю. Мама рана памерла. Давялося Зосі гадавацца ў прытулку. Калі вярнулася зноў у сям’ю, адчувала сябе адчужана, жыла пад колкім і прыдзірлівым наглядам старэйшай сястры ды безуважнага бацькі, маўклівага, унуранага ў клопаты. Зараз яна не здатная была нешта думаць. Пад цяплом Гардзеевага позірку душа яе нібы разгарнулася, расцвіла, быццам кветка пад сонцам, і дзяўчына цешылася святам еднасці і разумення.

Хутка даляцеў вазок да жаніховай хаты. Толькі тут Зося заўважыла, што ні бацька, ні Каця ў Сцяблова не прыехалі, але гэта зусім не засмуціла яе, наадварот, яна падумала: «Вось і добра! Ніхто не будзе мяне тузаць і вучыць, як трэба сябе паводзіць».

Госці дзялілі каравай, частаваліся, спявалі і скакалі пад нястомны гармонік і бубен, а Зося нікога не бачыла, акрамя Гардзея. Разам яны нешта пілі, нечым закусвалі, смяяліся, пускаліся ў скокі, схамянуліся толькі тады, калі заўважылі, што хата апусцела, заціх гармонік. Свята скончылася.

— Напэўна, позна ўжо? Трэба дахаты вяртацца, — сказала Зося.

— Ага, пойдзем, — кіўнуў галавою Гардзей, і, ні з кім не развітаўшыся, накіраваўся да дзвярэй.

Зося рушыла за ім. На парозе азірнулася, убачыла незнаёмага п’янага чалавека, не старога, але са змораным тварам, чорнымі ўскудлачанымі валасамі, які ціхамірна спаў, паклаўшы галаву ў пустую талерку. Дзве маладзіцы прыбіралі са сталоў посуд і абгаворвалі нейкую Галену, якая ў сенцах сама сябе шчыпала за шчокі, каб быць ружоваю. Дзяўчына ступіла ў цёмныя сенцы, дзе сутыкнулася з некім у цемры і ледзь не ўпала, але Гардзей падтрымаў яе і вывеў на вольнае паветра.

3

Хмарнае начное неба навісала над маўкліваю вёскаю, толькі там-сям праглядвалі праз кудзелю аблачын гарэзлівыя зорачкі. У цемры ледзьве віднеліся чорныя абрысы хат і дрэў. Ад блізарукасці ў мораку Зося амаль нічога не бачыла, таму моцна трымалася за Гардзееву руку.

— Божа, я нават не ведаю, у які бок ісці! Вось дык нагасцявалася! — бесклапотна сказала Зося.

— Затое я тут усё ведаю, не адны лапці стаптаў, — адказаў Гардзей, тулячы да сябе дзяўчыну. — Табе не холадна?

— Мне горача, горача...

— Тады і мяне пагрэй.

Гардзей абняў Зосю, паспрабаваў пацалаваць. Яна спачатку спалохана тузанулася, але хлопец утрымаў яе. І дзяўчына наўздзіў аддалася прыемнаму, яшчэ невядомаму ёй да гэтага пачуццю мілавання і пяшчоты. Калі Гардзей, нарэшце, аслабіў абдымкі, прыціхлая на імгненне Зося, як бы жадаючы прыглушыць сваю сарамлівасць, сказала насмешліва:

— Ажно вусны здранцвелі. Ледзь не загрыз.

— Ці тое яшчэ будзе! У нас усё жыццё наперадзе, — іранічна адказаў Гардзей.

— Ты мяне ўсё жыццё збіраешся грызці? — з напускным абурэннем спытала Зося.

— А чым жа з табою можна яшчэ займацца? Не ў «дурня» ж гуляць! — засмяяўся Гардзей, зноў абхапіў дзяўчыну і доўга цалаваў, пакуль яна не стала вырывацца.

— Мы так нікуды не дойдзем, — сказала Зося.

— А куды нам спяшацца? Ноч доўгая...

Гардзей падхапіў Зосю пад руку, і яны пайшлі ўдоўж ціхай вясковай вуліцы. Вокны скрозь былі цёмныя, і неба ўсё гусцей зацягвалася хмарамі.

— Ужо, напэўна, пераваліла за поўнач? — спытала Зося.

— Можа, і пераваліла, а нам што з таго? — адказаў Гардзей і раптам, спатыкнуўшыся, прываліўся плячом да дзяўчыны. — У такой цямрэчы і ногі не доўга пераламаць.

— Ты, напэўна, напіўся, хлопец, вось і валішся?

— А нягож... Чаго б я дарма час марнаваў. Вяселле для таго і даецца, каб гарэлку піць ды дзяўчат любіць, — засмяяўся Гардзей.

На яго голас азваўся з двара нечы сабака, суседскі забрахаў у адказ.

— Пойдзем хутчэй адсюль, абрыдла слухаць сабачы галас, — сказаў Гардзей, узяў Зосю за руку, і яны паспешліва рушылі ў канец вёскі.

Якая гэта была прыемная хада. Зося адчувала пяшчотнае цяпло ягонай далоні, чула ягонае дыханне побач, старалася ісці з ім крок у крок. Паступова сабачы брэх аціх, вёска скончылася, яны трохі запаволілі рух. Гардзей спытаў:

— Дзе ты жыла ў бежанцах?

— У Самары. А ты чаму не выязджаў?

— Бацька захварэў, а тады памёр. Маці наша яшчэ раней памерла. Мне было трынаццаць, як застаўся за гаспадара. Тры сястры — і ўсе малыя.

— Хапіла табе ліха.

— Нічога, выжылі. Раскажы, што там у Расіі?

— Да вайны, пэўна, няблага жылі. Заможныя нас, бежанцаў, шкадавалі. А потым рэвалюцыя, вайна. Па тры разы на тыдзень улада мянялася. Калі ў прытулку жыла, мы з-за занавескі цікавалі, з якімі сцягамі па вуліцы вайскоўцы едуць: з белымі ці чырвонымі. Па тых сцягах і даведваліся, якая ўлада ў горадзе. Голадна было, лютавалі халера, тыф. Як замацавалася ўлада бальшавікоў, нашага бацюшку, што выкладаў у прытулку Закон Божы, арыштавалі і расстралялі. Выпусцілі злачынцаў з турмы. Такое бязладдзе пачалося! Каб было соладка, напэўна, на радзіму не вярнуліся б...

— А як жа бальшавіцкія лозунгі пра роўнасць і братэрства?

— Ну, гэта як мяне і Кацю падраўняць сякераю...

— Ну, ты і сказала...

— Усіх жа багатых выслалі некуды, казалі, што адных пастралялі, іншых у Волзе ў баржах патапілі. Хадзілі чуткі, што прытулак з маленькімі дзеткамі, дзе ўсчалася халера, спалілі разам з выхавацелямі. Дарэчы, я і Леніна бачыла.

— Маніш...

— Пабажуся, як не верыш, — перажагналася Зося. — Прыязджаў да нас на Новы год, рыжы, маленькі.

— Трэба ў твайго бацькі распытаць, як там было. Здаецца, ты трохі выдумляеш.

— Навошта мне выдумляць?

Ішлі дарогай праз поле. Пранізлівы начны вецер прадзімаў Зосіну світку наскрозь, але яна старалася не зважаць на холад, хоць дрыжыкі гулялі па ўсім целе.

— Замерзла? — спахапіўся Гардзей. — Трэба трохі пагрэцца.

— Проста на дарозе?

— Ведаю я адну мясцінку.

Гардзей збочыў з дарогі і накіраваўся да нейкай будыніны.

— Куды ты ідзеш? — устрывожана спытала Зося.

— Тут адзін хутаранец жыў, бабыль бяздзетны. Памёр, дык спадчыну між пляменнікамі падзялілі. Яны хату разабралі і перавезлі некуды, а клуня стаіць, нас чакае.

— Не пайду я туды, — заўпарцілася дзяўчына.

— Я цябе на руках панясу...

Гардзей лёгка падхапіў дзяўчыну і панёс. Яна не вырывалася, прытулілася да грудзей, чула, як б’ецца ягонае сэрца. Дзверы ў клуню былі незамкнёныя. Гардзей адпусціў Зосю, расчыніў дзверы, увайшоў у сярэдзіну. Следам за ім ступіла і дзяўчына. Пад нагамі зашаргацела ўляжалая салома, пахла цвіллю.

— Бачыш, як тут цёпла, — сказаў Гардзей. — Пайшлі ў той кут, пасядзім, пачастуемся.

— Ты тут усе куткі ведаеш? — здзіўлена спытала Зося, асцярожна ступаючы, выцягнуўшы наперад рукі, бо нічога не бачыла.

— Летась колькі разоў тут ад дажджу хаваўся.

Селі на саломе, мяккай, цёплай, быццам яна ўсё яшчэ захоўвала ў сабе энергію сонца.

— А тут мышэй няма? — насцярожана спытала Зося.

— Знайшла чаго баяцца. Ты такая доўгая, што вельмі шмат мышэй трэба, каб цябе з’есці.

Гардзей дастаў з кішэні пляшку, падаў Зосі.

— Прычасціся трохі. Есці хочацца, ажно няма дзе пераначаваць.

— Не падабаюцца мне твае жарты.

— Не бяда, абы я табе падабаўся, а жарты на кожны выпадак знойдуцца новыя. Давай глытні, сагрэйся... Будзь здаровая.

— Што тут?

— Вада свянцоная.

Зося зрабіла глыток, папярхнулася, закашлялася.

— Як малое дзіця, піць не ўмееш з пляшкі.

— Гэта ж гарэлка! — абурылася Зося. — Я не люблю гарэлку.

— Ты проста яшчэ не рассмакавалася. Вучыся ў мяне.

Гардзей адпіў трохі, зноў падаў пляшку Зосі.

— Пакаштуй яшчэ, сагрэйся. У мяне цукерка ёсць. Закусіш, і будзе фай­на, — запэўніў дзяўчыну Гардзей.

— Баюся.

— Чаго ж ты такая баязлівая?

Зося зрабіла глыток, у грудзях запякло, прыемнае цяпло разлілося па ўсім целе. Гардзей паклаў ёй у рот цукерку і спытаў:

— Ну, як? Палепшала?

— Сапраўды, цёпла стала. Дзе ты ўзяў гарэлку?

— Дзе ўзяў, там няма. Давай дап’ём. Посуд любіць чысціню.

Зося яшчэ раз адпіла з пляшкі, гарэлка была нясмачная, ад яе завадзіла ў галаве. Дзяўчына прылегла на саломе, захацелася супакоіцца і заснуць. Гардзей узяў з яе рукі пляшку, пахваліў:

— Волат-дзеўка.

— Я зусім сп’янела.

— Нічога, да раніцы ўсё пройдзе.

Ён нахіліўся над дзяўчынай, пачаў цалаваць. Ёй было прыемна купацца ў ягонай пяшчоце. Адчула, як усё цела налілося лагодай, твар гарэў. Гардзеевы рукі, быццам шукаючы крыніцу яе цяпла, блукалі па целе, гладзілі, лашчылі, імкнуліся вызваліць ад адзення.

— Зосечка, Зоська, не бойся мяне. Я цябе не пакрыўджу. Бачыш, як добра нам зараз. А будзе яшчэ лепт... Нічога не бойся. Не адштурхоўвай мяне. Бачыш, як добра... Салодкая мая дзяўчынка...

Закалыханая пяшчотнымі словамі, ачмурэлая ад любасці і гарэлкі, яе душа безразважна патанула ў жарсці, быццам заснула, даверыўшы сябе жаданням і памкненням Гардзея.

4

Зося прачнулася ад холаду, расплюшчыла вочы. Праз шчыліны дзвярэй прабівалася святло, напэўна, ужо развіднела. Побач спаў Гардзей, раскінуўшы шырока рукі, тварам дагары. Яна пацягнула світку, каб накрыць азяблае плячо, і толькі тады зразумела, што распранутая. Душу працяла страшная здагадка: «У нас усё было?.. Як жа я цяпер буду жыць? Як жа я вярнуся дадому?.. Які жах!»

Яна асцярожна паднялася з саломы. Дрыжыкі праціналі цела. І ад холаду, і ад хвалявання. Сабрала адзенне, паспешліва, непаслухмянымі рукамі нацягнула бялізну, а потым сукенку, панчохі, абула чаравікі, усцягнула на плечы світку, зірнула на Гардзея з нянавісцю, хацела выбегчы з клуні, але затрымалася, моцна патузала хлопца за плячо.

— Ачніся, чуеш, ачніся...

Ён расплюшчыў вочы, усміхнуўся:

— А, Зоська, паспі, яшчэ рана. Куды сабралася?

— Што ты нарабіў, Гардзей? Як я цяпер буду?..

— Ці забылася, як усё было? Ты ж сама папрасіла...

— Што прасіла?.. Як ты можаш? Ты ж казаў, што нічога не будзе, — разгублена сказала Зося.

— А нічога і не было...

— Што ж мне цяпер рабіць? — у роспачы спытала дзяўчына.

— Нічога не рабіць. Ужо не з адною я тут быў — і, дзякаваць Богу, усе жывыя, здаровыя... Цяпер самі мяне сюды запрашаюць...

Гэтыя Гардзеевы словы быццам сцебанулі Зосю па твары, яна залілася чырванню, абурана выкрыкнула:

— Які ж ты нягоднік! Поскудзь!

Дзяўчына заплакала, затуліла твар далонямі і выскачыла з клуні. Яна ненавідзела і праклінала Гардзея, які пераконваў яе, што нічога дрэннага не здарыцца, а сам забраў яе дзявоцкасць. Зося вінаваціла сябе, што даверылася яму, паспадзявалася на ягоную прыстойнасць, што пашкадуе яе, сірату, сам жа вырас без бацькоў. Як жыць далей? Выйшла на дарогу, выцерла слёзы, агледзелася. Злева расхінуўся шырокі поплаў, акрыты з ночы інеем, справа — чорнае поле, уверсе — бясколернае неба і далягляд, затуманены яе блізарукасцю. Зося пазнала гэтую мясціну і пашыбавала да свайго хутара. На дарозе сустрэлася ёй незнаёмая маладзіца, павіталася з дзіўнаю ўсмешкаю. Зосі падалося, што тая пра ўсё ведае — жах апанаваў душу: «Як цяпер жыць? Як вярнуцца дадому? Як паглядзець у вочы бацьку і сястры?»

Калі ўвайшла ў хату, Каця ўжо варыла сняданак: у печы патрэсквалі паленцы, кіпеў чыгунок з бульбаю. Бацькі і Серафіма ў пакоі не было.

— Дзе валачылася? — абурана спытала Каця, злосна пазіраючы на малодшую сястру круглымі шэрымі вачамі, трымаючы пры гэтым рукі ў бокі.

— На вяселлі была, — ціха адказала Зося.

— Я з бацькам таксама там была, але ж начавала дома.

— Мы ездзілі ў Сцяблова да маладога.

— Хто гэта мы?

Зося, зразумеўшы, што ледзь не прагаварылася, патлумачыла:

— Усе людзі... госці...

— А хто цябе туды клікаў?

— Я думала, што так трэба. Людзі едуць — і я...

Каця ўзяла з прыпечка анучу, пагрозліва наблізілася да малодшай сястры і крыкнула:

— Ты мне зубы не загаворвай! Ведаю я, дзе была! З гэтым Гардзеем нача­вала! У яго ж дзеўка ёсць, акрамя цябе.

У Зосінай галаве гэтая вестка быццам узарвалася. Не ведала, куды падзецца, што рабіць? Ці то бегчы да Гардзея, ці распытваць у сястры, што яна ведае яшчэ? Не, з Гардзеем сустракацца больш не хацела, але і тут, дома, ёй, напэўна, жыцця не будзе: сястра заесць.

— Ніякага Гардзея я не ведаю, — сказала Зося, напускаючы на твар абыякавасць.

— А той, што увесь час каля цябе ўвіваўся.

— Які гэта? Той, з адвіслаю губою? Я і забылася, як яго завуць.

Каця з недаверам паглядзела на сястру:

— Ніякая ў яго не адвіслая губа. Прыгожы хлопец, толькі цётка там адна казала, што ён даўно ўжо да Дуні Краўчуковай ходзіць.

— А мне якая справа? Няхай хто куды хоча, туды і ходзіць.

— Дык дзе ж ты была?

— Выйшла з хаты поначы, пайшла не ў той бок і заблудзілася. Ты ж ведаеш, я дрэнна бачу, а ў цемры дык і зусім... Блукала ўсю ноч, як развіднела, толькі тады знайшла дарогу дадому.

Каця пагардліва паківала галавою, здзекліва сказала:

— Што сабе думаеш? У вёсцы ж усё навідавоку. Людзі на цябе, гулёну, паглядзелі і пра мяне будуць гэтак жа думаць.

— Мне ўсё роўна, хто і што падумае, — абыякава адказала Зося.

— Затое мне не ўсё роўна! Цябе бацька паўночы шукае. Цяпер да дзядзькі Карпа пайшоў! Ганьба на ўсю ваколіцу! Я табе пакажу, як па начах швэндацца!

Каця раз’юшана накінулася на Зосю, хвастала яе анучаю. Малодшая сястра, захінаючы твар рукою, выскачыла за дзверы і пабегла з двара. Накіравалася ўбок лесу, бязлістага і чорнага. Толькі там можна схаваць сваё гора ад чужых вачэй. Даўкі камяк перахапіў горла, слёзы паліліся з вачэй. Плакала, з адчаем думала пра тое, што ёй не варта жыць. Нішто яе тут не трымае. Як памрэ, дык, напэўна, ніхто і плакаць не будзе.

«Мамачка мая родная, вазьмі мяне да сябе! Уратуй і абарані! Ніхто мяне не любіць і не шкадуе! Не магу я так жыць, не магу! Дзе ж ты? Дзе мне цябе шукаць? — шаптала Зося. — Ты да Каці больш хінулася, бо яна з твару падобная на цябе. А я, няшчасная, удалася ў бацьку. За гэта ты мяне і не любіла. А ці ж я вінаватая? Так Бог судзіў. Мама, мамачка мая, адгукніся. Дай пара­ду, што рабіць, як жыць? Забяры мяне на той свет. Забяры...»

Зося ведала, што некалі маму сілком выдалі замуж, яна так і не здолела пераадолець сябе — пакахаць нялюбага. Непрыязь да мужа адбілася і на халаднаватым стаўленні да малодшай дачкі, знешне падобнай на бацьку. Яшчэ калі жылі ў Самары, Зося, адчуваючы адчужанасць у сям’і, часам уцякала з дому, мусіць, рабіла гэта падсвядома, каб звярнуць на сябе ўвагу. Найчасцей ішла на рынак, дзе лагодныя гандляркі частавалі яе, дзяўчынкубежанку, семкамі і баранкамі. Маці карала дачку за самавольства, найчасцей біла ручніком ці анучаю, як цяпер Каця. Ад гэтых успамінаў Зосі яшчэ больш зрабілася шкада сябе, такую гаротную і нікому непатрэбную. Як толькі зайшла ў нетру, пад лясныя шаты, упала на мяккі мох пад высокімі елкамі, завыла-загаласіла, быццам маленькае звераня, што згубілася і не мае ніякае надзеі на выратаванне. Выплакаўшы слёзы, яна забылася цяжкім сном душэўна зморанага чалавека.

5

Абудзілася на змярканні. Ногі і рукі здранцвелі ад холаду і ад нерухомасці. Села, агледзелася, згадала пра няшчасце, якое здарылася з ёю, захацелася заснуць зноў, каб ніколі не прачынацца і нічога не помніць пра мінулую ноч. Па целе хваляю пракаціліся дрыжыкі. Яна паднялася і пайшла па гушчары, жадаючы хоць трохі сагрэцца. З прагалаў паміж вяршынямі елак на яе паглядвалі цікаўныя вочкі першых зорак. Нават ад іх імкнулася схавацца, бо здавалася, што яны смяюцца і асуджаюць яе. Нікога не хацела бачыць, толькі смерць прынесла б палёгку. Ішла ў лясныя нетры з надзеяю сустрэць гэтую збавіцельку. Голле чаплялася за світку, балюча сцябала па твары. Зося не затульвалася, толькі зажмурвалася, часам рукою адводзіла свавольнае і неміласэрнае вецце. Уявілася, як будзе ляжаць у труне, апранутая ў белую сукенку і вэлюм. Некалі ў маленстве бачыла, як гэтак жа хавалі прыгожую дзяўчыну, якая, калі зацяжарыла без шлюбу, скакала з вышак, каб забіць дзіця, але забілася сама. Над ёю галасіла маці і сёстры, усе шкадавалі нябожчыцу.

Зося падумала, што, можа, нехта паплача і над яе труною. Уявіла заплаканую Гэльку, стрыечную сястру, дачку дзядзькі Карпа, а таксама ягоную жонку, старую Агатэлю. Яны, можа, і заплачуць. Толькі Гардзей з Кацяю будуць смяяцца з яе, памерлай.

Паступова лес расступіўся, аціх ягоны гул. Пад нагамі зачвякала твань, праз халяўкі чаравікаў налілася вада. Зося зразумела, што ў цемры ўбілася ў балота. Уявіла, як уваліцца ў «чортава акно», патоне і ніхто ніколі не знойдзе яе. Не, яна не жадала такой смерці. Усё ж такі хацелася ляжаць у труне ў белым вэлюме, і каб людзі ішлі ўслед за труною і шкадавалі яе. І тады яна абавязкова ажыла б, паднялася б і пайшла б разам з імі. Ёй даравалі б грэх, ніхто ніколі не папракнуў бы нават...

Нага ўвалілася ў твань па калена, Зося ледзьве выцягнула яе, але тут ужо правалілася другой нагой. Дзяўчына спалохана схапілася за галіну нейкага куста, ускараскалася на купіну. У сутонні нічога не было відно. Выламала галіну, стала абмацваць шлях перад сабою і паціху вяртацца назад, дзе быў цвёрды бераг. Сапраўды праз колькі крокаў яна зноў апынулася на грудку. Цяпер было ўсё роўна куды ісці, абы толькі не загінуць у балоце. Калі тапіцца, дык лепш у сажалцы, дзе патанула некалі яе малодшая сястрычка Люба і цяпер жыла недзе сярод русалак.

Раптам Зосяй апанавала злосць. «Чаму я павінна паміраць? Таму што Каця не любіць мяне? Таму што ён, гэты гад, пакарыстаўся маёю даверлівасцю? А раптам у мяне завяжацца дзіця, як у той дзяўчыны? — падумала яна са страхам. — Тады вось і памру, накладу на сябе рукі», — цвёрда вырашыла яна.

Пайшла па лясной дарозе, што вілася між чорнага голага кустоўя, спусцілася ў нізінку. Потым узнік вузкі, як праехаць падводзе, мосцік, перакінуты цераз канаву ці забалочаную рэчку. Зося зразумела, што ў гэтае балотца яна і ўлезла, калі пайшла напрасткі, і, напэўна, загінула б, каб своечасова не павярнула назад. Вада ўсё яшчэ чвякала ў чаравіках, мокрыя панчохі студзілі ногі, дрыжыкі хвалямі хадзілі па спіне, зводзіла сківіцы, і зубы ляскалі, не трапляючы адзін на адзін. Захацелася цяпла і спакою, на печ, каб сагрэцца на чарэні. Здалёку пачуўся спеў першага пеўня, мусіць, недзе недалёка было жытло, і яна пайшла на ягоны голас, быццам сам Бог паклікаў яе.

Паступова пачало світаць. Зося ўбачыла, што дарога вядзе да хутара дзядзькі Карпа. Узрадавалася і агародамі накіравалася да ягонай хаты. Трохі атрэсла твань са спадніцы і панчох, увайшла ў цёмныя сені, дрыготкімі рукамі намацала клямку, ступіла ў пакой. Цётка Агатэля ўжо завіхалася ля печы, дзядзька Карп сядзеў ля стала і курыў самакрутку. Гэлька яшчэ спала на запечку.

— Добры дзень вам у хату, — ціха сказала Зося.

— Здарова была, — адказаў дзядзька Карп.

— Куды ж ты прапала? Бацька цябе скрозь шукае? — пляснула ў ладкі цётка.

— Нікуды я не прапала, — сціскаючы зубы, каб суняць дрыжыкі, адказала Зося.

— Цябе з дому выгналі? — са спачуваннем спытаў дзядзька.

— Н-н-не, я сама пайшла, — дрыжучы, адказала Зося.

Абудзілася Гэля, села на запечку, здзіўлена спытала:

— Ты чаго такая?

Зося нічога не адказала, слёзы паліліся з вачэй ад гэтай шчырай увагі і спагады, затуліла твар рукамі.

— Чаго ты, Зоська? — спачувальна дапытвалася Гэля.

— Яна ж уся мокрая! Паглядзі, Карп, якая лужына нацякла! Хуценька распранайся і лезь на печ, — загадала цётка Агатэля Зосі. — Зараз малака паранага дам папіць.

Цётка памагла Зосі сцягнуць мокрыя чаравікі, спадніцу, дала сухую сарочку, памагла залезці на печ. Зося, дрыжучы як асінавы ліст, прыпала да цёплай чарэні, падлезла пад кажух і аціхла. Гэля залезла на печ, хацела распытаць, што ж здарылася.

— Не чапай яе, няхай паспіць, — загадала дачцэ Агатэля. — Вельмі яна ўражлівая, уся ў сваю маці ўдалася. Тая таксама ўвесь час пра нешта дума­ла, плакала, нейкія сны расказвала. Такая парода ўжо... Збегай, Гэлька, да Кірылы, скажы, што Зося знайшлася.

— Іду, — адказала Гэля, апранаючыся і з трывогаю пазіраючы на Зосю. Ёй было шкада сястру, заўсёды такую вясёлую, гаманкую, а зараз скаванай нечаканаю навалаччу.

6

Пад вечар у Зосі пачалася гарачка, сэрца тахкала, ледзь не вылятала з грудзей, галава зрабілася цяжкая, як не свая, усё цела абдымаў і працінаў боль. Злезла на запечак, дзе было халадней, пасядзела, пачакала, пакуль ёй слалі на шырокай лаве. Гэля паднесла гарачага малака з маслам. Зося папіла, быццам супакоілася і задрамала, а потым пачала трызніць, звалілася з лавы. Цётка

Агатэля перавяла хворую на запечак, паклала спаць там. Прыйшлі паглядзець Зосю бацька з Кацяю. Зося нікога не пазнавала, клікала маму, мусіць, ёй было вельмі блага.

— Што з ёю такое прычынілася? — сам у сябе спытаў Кірыла. — Прастудзілася ці што? Мо трэба да доктара везці?

— Пачакай са сваім доктарам, — параіў Карп. — Тым лекарам толькі і трэба, каб з нас грошы садраць.

— Пайду паклічу старую Каваліху, няхай пашэпча, — прапанавала Агатэля.

— Схадзі, гэта будзе надзейней, — падтрымаў жонку Карп.

Каця схілілася над сястрою, пагладзіла гарачы лоб, паклікала яе:

— Зоська, Зоська, ці ты пазнала мяне? Гэта ж я, Каця?

Зося расплюшчыла вочы, паглядзела на сястру затуманеным позіркам і прашаптала:

— Мама, мамачка, даруй. я больш ніколі, ніколі не буду. Даруй, мамачка.

Агатэля накінула на плечы вялізную клятчастую хустку і пайшла з хаты. У пакоі ўсталявалася гнятлівая цішыня. Каця глядзела на змарнелы і пасталелы за адны суткі Зосін твар і дакарала сябе за тое, што так сурова сустрэла сястру. Трэба было з ласкаю распытаць, яна, напэўна, расказала б усё, бо няма ў яе іншае сяброўкі, акрамя старэйшай сястры. Усе яе хаўрусніцы засталіся ў самарскім прытулку. Характар у Зосі быў няроўны. Магла быць ласкавай, лагоднай і ціхай, як лясное азярцо, ці раптам зрывалася і рабілася непакорнаю, як задзірысты ветравей, ніхто яе тады не мог ні ў чым пераканаць. Каця зноў дакранулася да гарачага Зосінага лба, паклікала:

— Зося, Зося, ці ты мяне чуеш?

Сястра няўцямна зірнула на Кацю, слаба ўсміхнулася і прашаптала:

— Мамачка, мамачка, пабудзь са мною, не адыходзь... Мне так цяжка... цяжка...

— Зоська, гэта я, Каця...

— Мамачка, Каця злосная... Яна мяне не любіць. Лаецца і б’ецца... Ніхто мяне не любіць...

— Што ты кажаш, дурненькая? Хіба ж я магу цябе біць? — сумелася Каця. — Ты ж большая і здаравейшая за мяне...

Зося ў адказ прастагнала і папрасіла піць. Гэля, якая ўвесь гэты час маўкліва сядзела каля стала, падышла да печы, узяла з прыпечка чыгунок з цёплаю вадою, наліла ў кубак, паднесла хворай, прыўзняла яе галаву.

— Пі, Зоська, пі...

Хворая папіла і стомлена адкінулася на падушку. Кірыла цяжка ўздыхнуў, бездапаможна развёў рукамі, апусціў іх на калені. Гэля паставіла кубак на прыпечак і зноў села, пачала вязаць карункі шыдэлачкам. Вясковыя людзі не звыклі сядзець без працы, асабліва жанчыны, іхнія рукі заўсёды знаходзілі сабе справу, якая ратавала ад смутку і гаркоты. Ці мала якія мітрэнгі здараліся ў жыцці сялянкі, колькі даводзілася ёй трываць дакораў і абраз ад свякроўкі і свёкра, ад уласнага мужа і шматлікай ягонай радні. Дзяўчаткі з маленства прывучаліся да разнастайнай жаночай працы і звычкі ўвесь час нешта рабіць.

Хата паступова напаўнялася змрокам. Карп зняў шкло з лямпы, падвешанай над сталом, чыркнуў запалкай, запаліў кнот, працёр шкло анучкаю і паставіў яго на месца. Цьмянае святло запоўніла прастору хаты, высвеціла абраз Хрыста з палаючым сэрцам у чырвоным куце. Гаспадар зацягнуў на вокнах марлевыя занавескі. Усе маўчалі. Гэтыя людзі не звыклі да пустых і бязладных гаворак. Рэдка ім удавалася сядзець вось так без працы.

На ганку пачуўся тупат, у хату ўвайшла Агатэля з маленькай, жвавай і гаваркой бабуляй, якая з парога голасна павіталася:

— Добры вечар добрым людзям. А чаго гэта вы такія смутныя?

— Будзь здарова, цётка, заходзь. Можа, ты дасі якой рады, — сказаў Кірыла. — Дачка мая захварэла.

— Зараз пабачым, што тут у вас. Распалі печ, Агатка, мне трэба вугельчыкі.

У хаце з прыходам Каваліхі ўсё прыйшло ў рух. Карп падаўся па дровы. Агатэля дастала колькі сухіх паленцаў з-пад печы, што трымала на распал, адмыслова паклала іх і пачала распальваць агонь. Зрабіла гэта так спрытна, што сквапныя языкі агню ў адзін момант пачалі лізаць сухую драўніну, весела патрэскваючы.

Каваліха схілілася над Зосяю, паклала далонь на лоб, потым прытулілася вухам да грудзей, паслухала дыханне.

— Агатэлька, дай мне лустачку хлеба.

Гэля, не чакаючы, пакуль маці падасць хлеб, адгарнула ручнічок, якім было накрыта паўбохана, адрэзала лусту і падала Кавалісе. Знахарка адламала скарыначку, пачала жаваць, а мякіш памяла і скачала тры камячкі. Скінула з Зосі кажух, якім была тая накрытая, загаліла сарочку, пачала качаць на Зосіным жываце шарыкі з мякішу і шаптаць малітву.

Карп кінуў на падлогу бярэмя дроў, атрос з рукавоў смецце, распрануўся, сеў. Агатэля падклала ў печ дроў, агонь заіскрыўся і падскочыў, аблізваючы новую здабычу.

Каваліха тым часам дастала з кішэні грамнічную свечку і пасмачку кудзелі, няспешнымі рухамі распрастала, патрымала над запаленай свечкай. Кудзеля задымілася. Знахарка пачала з малітваю акурваць Зосю. Дзяўчына аціхла, больш не стагнала і, здаецца, нават дыхаць стала лягчэй. Калі і гэтае дзейства было скончана, знахарка папрасіла:

— Дай мне, Агатка, вугельчык, калі ласка.

Гаспадыня паднесла бабулі некалькі вугельчыкаў у місачцы. Знахарка ўзяла маленькімі абцугамі вугельчык і з малітваю тройчы праняла яго праз Зосіну сарочку, перахрысцілася сама, тройчы перахрысціла хворую. На гэтым лячэнне скончылася. У аддзяку за працу Агатэля дала старой дзесятак яек, завязаных у палатняную анучку. Тая прыняла падарунак, паабяцала зайсці заўтра і хуценька пайшла з хаты.

Кірыла таксама падняўся, разважліва сказаў:

— Калі Зося да вас прыйшла, дык няхай пабудзе. Куды я яе, хворую, павяду. Я табе, Карпе, адпрацую за гэта.

— Пра што ты кажаш? Мы ж свае, адна сям’я, — адказала Агатэля. — Не хвалюйся, мы Зосю ў крыўду не дамо.

Каця на развітанне доўгім і спачувальным позіркам зірнула на малодшую сястру і пайшла да дзвярэй услед за бацькам з цяжкім пачуццём віны. Ці магла яна падумаць, што тая ранішняя сутычка скончыцца такою бядою? Ці мала яны сварыліся раней, ды не было яшчэ выпадку, каб сястра сыходзіла з дому. Зусім здзічэла ў тым прытулку.

7

Зося хварэла месяц. Доўга трымаўся жар, трэсла ліхаманка. Часам дзяўчына страчвала прытомнасць. Тройчы прыходзіла Каваліха. Выгаворвала хваробу. Нарэшце Зосі палепшала. З самага ранку яна адчула палёгку, захацелася на вуліцу. Накінула на плечы кароткую світку.

— Куды ты? — крыкнула ўслед Гэлька.

— Нікуды. Зараз вярнуся...

Зося, жмурачы вочы ад зыркага сонца, выйшла за весніцы, убачыла, што людзі вяртаюцца па дарозе са Сцяблова з царквы. Здагадалася, што сёння нядзеля. Каб не сустракацца з імі, павярнула да сажалкі, села на беразе, грэлася на сонцы, глядзела ў празрыстую і халодную ваду. Недзе тут, у гэтай чыстай і настылай вадзе, русалкаю жыве яе малодшая сястрычка, можа, чакае яе і кліча, інакш чаму б так цягнула Зосю да вады. «Зараз я прыйду да цябе, і мы будзе заўсёды разам, — вырашыла Зося. — Нам будзе добра разам. Як засумуем, выйдзем з вады, наведаем сваю сядзібу і зноў вернем­ся назад, каб ніколі больш не сустракацца з гэтым ненавісным Гардзеем, з Кацяю і іншымі людзьмі, якія, напэўна, распускаюць пра мяне розныя брудныя плёткі».

Пасля зімы сажалка ачысцілася ад каламуці, здавалася гаючаю. Зосі заха­целася зачарпнуць у далоні вады і ўмыць твар. На імгненне нават здалося, што з глыбіні ўсміхаецца сястрычка Люба, махае ручкаю, кліча яе.

«Зараз, зараз, Любка, я прыйду да цябе. Насумавалася тут адна» — пра­шаптала Зося, скінула світку, пайшла ў сажалку. Настылая вада абхапіла ногі, сціснула, быццам абцугамі, сутаргі прабеглі па ўсім целе. Ступіла яшчэ крок, каб кінуцца ў гэты холад і патушыць пажар, які выпальваў душу. Хвалі пабеглі ад яе кругамі. Зося ўлезла ў ваду да барады, апякла ўсё цела, і раптам быц­цам нешта выштурхнула яе. Зося выскачыла на бераг і скурчылася, працятая холадам. Акрылася світкай, але цяпла не адчула. Усю яе калаціла. Пераадольваючы сутаргавы боль у нагах, пабегла, спатыкаючыся, да Карпавай хаты. У двары яе сустрэла Гэлька, пляснула рукамі:

— Божачкі, зноў мокрая! Ты знарок прастуджваешся, ці што?

— Ц-цяпер мне доб-б-ра, — дрыжучы ўсім целам, адказала Зося.

— Зусім звар’яцела! Лезь хутчэй на печ, гора маё чубатае!

Зося ўвайшла ў хату, скінула мокрае адзенне, апранула сухую сарочку, залезла на печ, накрылася кажухом і аціхла на ратавальнай цёплай чарэні пад калматай поўсцю. І раптам адчула, што цела вылучае прыемнае цяпло, ажывае, наліваецца сілаю. Грукнулі дзверы — у хату ўвайшоў дзядзька Карп і здзіўлена спытаў:

— Гэлька, ці ты здурнела? Нейкую бялізну развесіла на вуліцы ў святы дзень. Людзі падумаюць, што мы бязбожнікі.

— Не, тата, бялізну я не мыла. Гэта Зося зноў прыйшла ўся мокрая. Яе адзенне і сушыцца...

— Клін клінам выбіваюць... мо ачуняе хутчэй!

Праз колькі дзён Зося сапраўды адчула сябе здаровай. Раніцай злезла з печы, дапамагла цётцы Агатэлі абіраць бульбу. Гэля ў гэты час прычэсвалася перад невялікім люстэркам, якое паставіла на стале.

— Мама, у цябе Зося за памочніцу будзе, — сказала яна, — а я пайду ў маёнтак.

— Чаго? — здзівілася Агатэля.

— Учора на вячорках казалі, што да пана Райскага з Варшавы прыехаў пісар, работнікаў набірае да нейкага графа. Я таксама хачу запісацца.

— А ты ў бацькі спытала? — насцярожылася маці.

— Спытаю...

Гэлька выбегла з хаты. Зося, засяроджаная на сваіх думках, не чула, пра што размаўлялі маці з дачкою.

— Што яна надумала? Куды ёй ехаць? Дзіця горкае, нідзе ж яшчэ не была, свету не бачыла, — уздыхнула цётка.

— Куды яна едзе? — здзіўлена спытала Зося.

— Ці ты не чула? Толькі ж казала, што хоча ў Варшаву...

— Прабачце, задумалася...

Цётка спачувальна паглядзела на дзяўчыну, паківала галавою:

— Што з табою такое робіцца? Быццам згубілася ты, ніяк да розуму не прыйдзеш.

— Ужо прыйшла. Скажыце, чаго Гэлька ў Варшаву едзе?

— На працу туды запісваюць.

— І я хачу. Няхай і мяне запішуць, — папрасіла Зося.

— Малая ж ты яшчэ...

— Я ўсё рабіць умею.

У хату ўбегла вясёлая Гэлька, абвясціла:

— Мне бацька дазволіў.

Маці незадаволена паморшчылася:

— Вечна ён патурае тваім капрызам. Як ты будзеш там адна сярод чужых людзей?

— Яна будзе не адна, я з ёю паеду, — цвёрда сказала Зося.

— Цябе не возьмуць, трэба мець хоць шаснаццаць гадоў, — запярэчыла Гэлька.

— Я за цябе вышэйшая. Хто ведае, колькі мне гадоў? Трэба шаснаццаць, скажу, што мне столькі і ёсць.

— Ох, і рызыкоўная ты, Зоська! — засмяялася Гэлька. — Добра, паснедаем і пойдзем. Мне весялей будзе, праўда, мама?

Агатэля моўчкі кіўнула, стала распальваць у печы, а Зося ўсё абірала бульбу, радасна думаючы пра тое, што яна з’едзе з дому, не будзе сустракацца з Гардзеем. Як добра было ў прытулку сярод чужых! Там яна хораша спявала, а яшчэ танцавала ў «Лебядзіным возеры». Ніхто з выхаванак не ўмеў так хадзіць у пуантах на пальчыках, як яна! Там было іншае, цікавае жыццё. А тут адна чорная праца з ранку да вечара. Ды яшчэ гэтая бяда, што звалілася знянацку.

— Зоська, хопіць бульбы, — сказала цётка. — Ідзі ўжо, прыхарошвайся. У маёнтак жа пойдзеш.

Зося паклала нож, памыла рукі ў чыгуне, зірнула на Гэльку, паглядную, упэўненую, якая падпаясвала новы андарак узорыстым паскам, і яе душа радасна захвалявалася ў прадчуванні нейкіх добрых перамен.

Пасля сняданку дзяўчаты пайшлі ў панскі маёнтак. Дарога іхняя пралягала праз грэблю, якая раздзяляла дзве сажалкі. Зося глядзела ў ваду і згадвала, як яе цягнула туды, як хацела ўтапіцца, каб не адчуваць болю, сораму, страху. І каб гэта здарылася, яна была б зараз русалкай і разам са сваёй малодшай сястрой Любкай жыла б на дне сажалкі, пазірала б на Гэль­ку з дна, усміхалася б ёй. А Гэлька не бачыла б нічога. Напэўна, добра, што яна тады не ўтапілася. Цяпер Зосі хацелася жыць, а для гэтага трэба было забыць праклятае чужое вяселле, якое для яе абярнулася вялікім горам. Зося стоена ўздыхнула.

— Чаго ты бядуеш, Зося? — спачувальна спытала Гэлька.

— Сама не ведаю, нешта цяжка на душы. Згадала малодшую сястрычку, якая некалі ўтапілася вось у гэтай сажалцы...

— Ага, нешта і я чула пра гэта.

— Бачыш, няма яе, а я помню і сумую. І маму шкада, што так рана памерла.

— Нябожчыкам не трэба, каб па іх сумавалі. У Хрысціны Піваваравай памёр сын, дык яна па ім дзень і ноч плакала, ледзь не аслепла ад слёз. А потым прысніўся ёй сон, што сынава труна стаіць у вадзе, а нябожчык просіць маці больш не плакаць, бо ён хутка патоне ў яе слязах.

— Няўжо і закапаныя ў зямлю нябожчыкі нешта адчуваюць? — здзівілася Зося.

— Яшчэ як адчуваюць!

— Мусіць, ад нуды і на тым свеце не схавацца, — уздыхнула Зося.

— А мяне мама так вучыла: як агорне смутак, аддай яго каменю і ўкінь у ваду. Твая маркота і сплыве з вадою.

— Я так і зраблю, — узрадавалася Зося.

Яна падняла ладны камень, які ляжаў на беразе, уявіла, што так акамянеў Гардзей і ўсё тое зло, якое абрынулася на яе пасля сустрэчы з ім, і шпурнула ў сажалку. Камень цяжка пялёхнуўся. Па вадзе пабеглі кругі. Зосі здалося, што ёй сапраўды зрабілася лягчэй.

8

Графскі пісар сядзеў за шырокім сталом, на якім стаяла чарніліца, ляжалі паперы. Быў гэта яшчэ не стары чалавек, чарнявы, з вялікімі залысінамі, з вусамі, па-заліхвацку закручанымі ўгору, апрануты ў гарнітур у дробную клетку і белую сарочку з чорным гальштукам. Паглядзеў на Зосю і Гэлю паверх круглых акуляраў і спытаў:

— Што вы, дзяўчаты, умееце рабіць?

— Усялякую сялянскую працу, — адказала Гэля.

— Там давядзецца шмат працаваць, — папярэдзіў пісар.

— Мы працы не баімся.

— А ці ёсць вам па шаснаццаць гадоў.

— Ёсць, ёсць, — пераконвала Зося пісара.

— Вашы бацькі не супраць?

— Не, не супраць, — упэўнена адказала Гэля.

— У такім разе мне трэба запісаць усе звесткі пра вас, як завуць, колькі вам поўных гадоў, назву вёскі.

— Барэйша Сафія, дачка Кірылы, з хутара, які знаходзіцца каля вёскі Крачкі, маю шаснаццаць гадоў, — сказала Зося і паружавела ад хлусні — яна дадала сабе два гады.

Потым пісар запісаў звесткі, якія тычыліся Гэлі і сказаў, што заўтра ранічкай яны павінны быць на чыгуначным вакзале ў Жабінцы. Туды прыйдуць яшчэ чалавек дзесяць моладзі з ваколіц, каб ехаць у Варшаву на працу да пана графа. Зося з жахам падумала, раптам там будзе і Гардзей, але тут жа супакоіла сябе, што ён, напэўна, гаспадарку не пакіне дзеля нейкіх прывідных заробкаў.

На другі дзень Зосю з Гэляй на вакзал у Жабінку прывёз Карп. Хлопцы і дзяўчаты ў шэрых сялянскіх світках, з кайстрамі за плячыма стаялі на пероне. Каля іх быў і пісар у капелюшы і зеленаватым плашчы.

— Вось і нашы, — узрадавана прамовіла Зося.

Карп агледзеў малады гурт і сказаў:

— Дзяўчаты, калі там будзе дрэнна, адразу вяртайцеся. І паводзьце сябе добра, каб мне пасля не давялося за вас чырванець. У працу надта не ўлягайце, каб не падарвацца на панскім хлебе. Як з маладых гадоў здароўе згубіш, дык пасля нідзе яго не прыдбаеш.

— Добра, тата, не хвалюйся. Едзь ужо дахаты, а мы пойдзем да пісара, — папрасіла Гэлька.

— Ідзіце з Богам, — блаславіў Карп дачку і пляменніцу, тузануў лейцы, і конь крануўся з месца.

Дзяўчаты падышлі да моладзі. Пан пісар адзначыў іх у спісе, і ўсе засталіся чакаць цягніка. Сонца, яскравае і цёплае, свяцілася на ўсходзе над рэйкамі, яны гарэлі, адлюстроўваючы зыркія промні, і недзе далёка сыходзіліся ў адну кропку. Адтуль чакаўся цягнік, які мусіў адвезці Зосю далёка ад яе бяды. Перад ад’ездам яна так і не зайшла дахаты, толькі папрасіла цётку Агатэлю папярэдзіць бацьку. Баялася, што зноў пачнуцца папрокі. А ў яе не было сілы гэта трываць. Хацелася спакою, самоты і працы, якая ратавала б душу ад чорных думак.

Цягнік, як казачны змей, пыхкаючы параю, спыніўся насупраць цаглянага вакзала з чубатым дахам і забраў у сваё чэрава хлопцаў і дзяўчат, якія хоць і жылі ў вёсках абапал чыгункі, але большасць з іх упершыню выпраўляліся так далёка ад роднай хаты. Пісар паказаў, дзе каму сесці, раздаў квіткі, загадаў захаваць іх да канца паездкі, папярэдзіў, што ў Варшаве перасядуць на іншы цягнік. Вагон крануўся, міма паплылі знаёмыя краявіды. Зосі пашчасціла сесці ля акна, яна неадрыўна глядзела праз шкло, быццам баючыся нешта прапусціць. Гэлька больш назірала за тым, што адбываецца ў вагоне.

— Пісар пайшоў, — адзначыла яна. — Хіба ж пан з хамам сядзе на адну лаўку?

— Можа, пайшоў паснедаць у рэстарацыю.

— Не, Зося, у цягніку для паноў іншыя вагоны.

— Ну і няхай. Якая табе розніца?

— Хоць бы адным вочкам зірнуць на той панскі вагон, — мройліва ска­зала Гэлька.

Зосі міжвольна прыгадалася яе самая першая паездка ў цягніку, калі ехалі ў Самару. Тады яшчэ была жывая мама. Яна ўвесь час бедавала, што сям’я пакінула гаспадарку, што ехалі немаведама куды і прагнула хутчэй вярнуцца назад. Малая Зося яшчэ не ўмела маркоціцца, а з дзіцячай цікаўнасцю глядзела навокал. І ўсё ўбачанае адбілася ў памяці, быццам каляровыя фотаздымкі.

— Калі ехалі ў бежанцы, нас на нейкім вакзале сама царыца сустракала, — сказала Зося.

— Маніш! — не паверыла Гэля.

— Навошта мне маніць? Царыца арганізоўвала шпіталі для параненых. Такая прыгожая, у блакітнай сукенцы, у белым капелюшы. Каб ты бачыла!

— Якая ты шчаслівая, Зоська, паўсвету аб’ехала...

Зося нічога не адказала. Не хацелася разважаць ні пра шчасце, ні пра гора. Яна ўцякала ад свайго нядаўняга мінулага, якое хацела забыць назаўсёды, у невядомае наступнае. Якое яно будзе?

9

Белы графскі дом высіўся ў канцы доўгай прысады з раскідзістых высокіх дрэваў, якія яшчэ не распусціліся. Двухпавярховы будынак, з калонамі і маленькімі балкончыкамі на другім паверсе, вабіў і палохаў сваёй веліччу. Злева ад яго былі гаспадарчыя пабудовы. Туды і павёў моладзь пісар. У невялікім, але прыгожым будынку іх чакала сустрэча з аканомам, хударлявым старым з сівою галавою. Той узяў з рук пісара спіс, пачаў чытаць прозвішчы, часам смешна ставячы націск па-польску. Моладзь стрымана ўсміхалася.

Кожны адгукаўся на сваё прозвішча. Калі дайшла чарга да Зосі, аканом нават акуляры зняў і здзіўлена сказаў:

— Гэта ж яшчэ зусім дзіця. Тонкая, як саломіна!

— Абы працу любіла, а пастарэць паспее, — адказаў пісар.

— Ці разумееце па-польску? — спытаў аканом у наймітаў.

Моладзь згодна заківала галовамі.

— Тады слухайце. Працаваць давядзецца ўвесь дзень. Плаціць будзем добра і карміць таксама добра. Хто не будзе ленавацца, не пашкадуе, што прыехаў сюды. Зараз пані ахмістрыня вас завядзе і пакажа, дзе будзеце жыць, дзе харчавацца, а заўтра з самага ранку — на працу.

Моладзь пасялілі ў невялікі аднапавярховы будынак, дзе жыла прыслуга. У пакоі, адведзеным для дзяўчат, ужо жылі сямёра ўкраінак. Там стаялі двух’ярусныя ложкі, некалькі табурэтак і стол. Зося выбрала сабе ложак наверсе, нават залезла і прылегла на хвілінку на новай пасцелі. Коўдра і посцілкі былі хоць і старыя, але чыстыя.

Потым іх павялі вячэраць, далі па талерцы густых смачных крышаноў з бобам, бульбу, смажаную з маленькімі кавалачкамі мяса, і кісель. Усе засталіся задаволеныя вячэраю. Нехта з хлопцаў, пэўна, з вельмі беднай сям’і, сказаў, што ён не ў кожнае свята гэтак харчуецца.

— Шукай тут сабе жонку, — параіў яму нехта з сяброў. — Палякі жывуць лепш, чым мы.

— Каб полька ды пайшла замуж за хама? Я такога зроду не чула, — засмяялася Гэля.

— Дзяўчаты, а вы з якога сяла? — спытаў у Гэлі бялявы хлопец.

— З Крачак, чуў такую вёску?

— Чуў. Цяпер буду ведаць. А я са Здзітава.

— У нас дзяўчат шмат прыгожых, прыязджай, пасватаем якую, — прапанавала Гэля.

— А я цябе і выбраў бы.

— Ласы на чужыя каўбасы, — засмяялася Гэля. — Ты спачатку грошай зарабі. Няма чаго з пустою торбаю сватацца.

— Ведаеце, дзяўчаты, колькі ў нас грошай, не заробленых, — весела сказаў другі, спрабуючы абняць Зосю.

Дзяўчына адскочыла, як апечаная, злосна зірнула на нахабніка.

— Ты чаго такая дзікая? — здзіўлена спытаў ён.

— А чаго ты наскокваеш на мяне, як бычок?

— Хто б мог падумаць, што ў Крачках такія злосныя дзяўчаты жывуць, — па-бабску прытрымліваючы шчаку рукою, скрушна прамовіў хлопец.

Зося нічога не адказала. Пачыналася новае жыццё, і яна не жадала, каб нехта яго сапсаваў, зняважыў, знішчыў. Не, цяпер яна ў свой лёс нікога не пусціць.

Назаўтра хлопцы вывозілі гной на поле, а дзяўчаты раскідвалі яго. Праца была не вельмі цяжкая, але ж за дванаццаць гадзін так накідаліся, што з поля вярталіся моўчкі. Зося была задаволеная тым, што ўсім далі рабочае адзенне і гумовыя боты. А так бы сваё адзенне прасмердла гноем, што не было б у чым на свята выйсці.

Пасля працы хапіла сілы толькі на тое, каб пераапрануцца, умыцца над балеяю, павячэраць і легчы спаць. І гэта не палохала Зосю. Няхай працы будзе мора, каб толькі ні пра што не думаць, нічога не згадваць.

У нядзелю пасля сняданку дзяўчаты пайшлі ў касцёл. Хоць Зося была праваслаўнага веравызнання, але лічыла, што Бог адзін, таму даравання за грахі можна прасіць і ў царкве, і ў касцёле. Глядзела на абраз Божай Маці і шчыра прасіла ў яе супакою для душы і мудрасці для сэрца. На вочы навярнуліся слёзы, і праз іх Зосі раптам здалося, што Маці Божая ўсміхнулася ёй куточкамі вуснаў.

— Чаго ты плачаш? — спытала Гэля, якая сядзела побач.

— Маму ўспомніла, — адказала Зося першае, што прыйшло ў галаву.

Па абедзе на палянцы сярод старых ліп моладзь наладзіла танцы. Гэля пусцілася ў скокі, а Зося пайшла ў парк і толькі цяпер заўважыла пад нагамі першыя белыя вясновыя кветкі. Тут жа дзіўна цвіло ружовымі кветачкамі нейкае кустоўе, падобнае на лазу. Далей красаваліся нізкія кусцікі з галінкамі, усыпанымі жоўтымі пялёсткамі. Зося падумала з сумам, што хутка стане зусім цёпла, усё зацвіце, закрасуе, але ў яе душы ўжо ніколі не будзе ранейшай бесклапотнай радасці. Трэба было б напісаць дадому, але вырашыла: няхай Гэля піша, а праз яе можна перадаць родным прывітанне.

— Чаго паненка сумуе? — пачуўся нечы голас за спінаю.

Зося павярнулася і ўбачыла невысокага, худога хлопца з кучаравай рыжай галавой. Валасы яго залаціліся ў промнях сонца і здаваліся чырвонымі.

— Я не сумую, проста аглядаю парк. Тут шмат раслін мне невядомых.

— Граф замаўляў іх у розных краінах свету. Я тут працую памочнікам садоўніка. Кожную раслінку ведаю.

Хлопец пачаў паказваць і называць дрэвы, кустоўе.

— Не турбуйцеся, пане, я ўсё роўна не запомню.

— Як паненку клічуць? — нясмела спытаў хлопец.

— Зося, — адказала дзяўчына.

— А я Юлек. Вось і пазнаёміліся. Вельмі прыемна. Прыходзьце да мяне ў сад часцей. Летам будзе шмат кветак, яблыкаў, груш, ягад...

— Дзякую. Да лета трэба дажыць. Бывайце.

Зосі хацелася застацца адной, бо гора, якое спрабавала ўтапіць з сабою ў сажалцы, прыехала з ёю сюды, у графскі маёнтак Стараволя, і ціснула, не давала спакою. Яна праганяла чорныя думкі, але душа існавала ў прытоенай жалобе.

10

Гэля атрымала ліст ад бацькі і пачытала яго Зосі. Ён пісаў па-мужчынску коратка, паведамляў галоўныя навіны. Удала прадаў на кірмашы ў Берасці парасят, адсеяліся, з Крачак пабралі хлопцаў у войска. Дзядзька пералічыў усіх, у тым ліку і Гардзея.

Зося, пачуўшы пра Гардзея, са злосцю падумала, няхай бы ён з таго вой­ска не вярнуўся. З гэтаю весткаю зваліўся з Зосінай душы цяжар, бо вінавайца яе граху і ганьбы быў зараз недзе далёка, і гэта разнявольвала яе. Па нядзелях пачала хадзіць на вячоркі, весялілася, скакала, спявала прыпеўкі. На яе звярталі ўвагу, наперабой запрашалі на танцы і свае хлопцы з-пад Жабінкі, і ўкраінцы, і палякі. Той-сёй нават спрабаваў заляцацца, але Зося трымала залётнікаў на адлегласці. Да Юлека ставілася па-сяброўску, бо не адчувала з ягонага боку той жорсткай мужчынскай агрэсіі, якая ішла ад іншых хлопцаў.

Месяцы праз два Зося таксама атрымала з дому ліст. Сядзела на сваім высокім ложку і ўжо трэці раз перачытвала яго. Каця напісала, што ўсё лета працавала нянькаю ў Кобрыне, але не спадабалася гаспадыня, таму пакінула службу. Бацька адзін з цяжкасцю ўпраўляўся па гаспадарцы, навярэдзіў спіну, цэлы тыдзень ляжаў, цяпер падняўся, ходзіць па двары, але пакуль з яго работнік ніякі. Старэйшая сястра звярталася да малодшай так, быццам нічога не здарылася, нібыта прапаноўвала прымірэнне. І Зося прыняла яго, бо іншай радні, акрамя бацькі і Каці, у яе не было.

У пакой забегла ўсхваляваная Гэлька, паклікала Зосю:

— Хадзі хутчэй, паглядзі, маладая графіня прыехала!

За ўвесь той час, пакуль найміты жылі ў маёнтку, яны не бачылі нікога з гаспадароў. Казалі, што стары граф жыў ці ў Парыжы, ці ў Рыме, а ягоная дачка — у Варшаве. Усімі справамі кіравалі аканом, ахмістрыня, пісар і іншыя слугі. Зося ніколі ў жыцці не бачыла жывой графіні, цікаўнасць так авалодала ёю, што саскочыла з ложка і за Гэлькаю пабегла на двор, далучылася да невялікага гурту слуг, што і ў святочны дзень былі занятыя на гаспадарчым двары, даглядалі коней, даілі кароў, кармілі свойскае птаства.

Каля ўвахода ў палац яна ўбачыла самаход з адкрытым верхам, ля якога завіхаўся мужчына ў скураной куртцы, галіфэ і высокіх бліскучых ботах. Маладая жанчына, апранутая ва ўсё чорнае — ад карункавага капялюшыка з шырокімі палямі да доўгай сукенкі, — падымалася на ганак. Пакаёвыя слугі выйшлі ёй насустрач, кланяліся, вітаючы.

— Чаму яна ва ўсім чорным? — спытала Зося.

— Мужа пахавала, — адказала нейкая жанчына.

— І што з ім здарылася?

— Забілі.

— Хто? — яшчэ больш здзівілася Зося.

— Пра гэта нават паліцыя не ведае.

— Напэўна, ён быў вельмі прыгожы?

— Прыгожы, але бедны. Графіня Віслава выйшла замуж без дазволу бацькі, — адказала жанчына і падалася ўперад, каб лепш разгледзець, што адбываецца на ганку.

«Вось як бывае, — з жалем падумала Зося. — І прыгожая, і багатая, а шчасця няма. Чаго мне на лёс наракаць?»

— Якая графіня прыгожая! — ціха, з захапленнем сказала Гэлька.

— Каб цябе так апрануць, мо і ты была б, як графіня, — адказала Зося.

— Пра што ты кажаш? У яе ж тварык, бы з іконы змаляваны...

Зося памаўчала. Яна падумала, што, сапраўды, прыгажосць — рэч важ­ная, але ж усе твары не могуць быць на манер ікон. Кожны чалавек па-свойму нечым прывабны. Галоўнае, каб душу меў спагадную, каб не прымушаў пакутаваць іншых.

Графіня ўвайшла ў палац, за ёю падаліся пакаёвыя слугі. Гэля і Зося селі на лаўку пад ліпаю каля будынка, дзе яны жылі.

— Добра быць графіняю, — сказала Гэля.

— Дзіва што, — адгукнулася Зося.

— Глядзі, твой Юлек з саду ідзе.

— Які ён мой? Нашто мне ён?

— Застанешся ў Польшчы, будзеш паняй.

— Не застануся. Мне іхняя гаворка не падабаецца...

Юлек павітаўся яшчэ здалёк, ён нёс кошык з яблыкамі, такімі спелымі, што яны здаваліся празрыстымі.

— Я да вас. Частуйцеся, калі ласка, — сказаў хлопец, ставячы кошык на лаўку.

— Якая смаката! — усклікнула Гэлька, адкусіўшы сакавітую мякаць.

— Цябе не будуць лаяць за яблыкі? — спытала Зося.

— Гэта ж падалкі. Я іх збіраю і аддаю на гаспадарчы двор. А ці прыйдзе сёння панна Зося на скокі?

— Прыйду, Юлек. Скокі я люблю. Хутка восень, а потым зіма, там ужо не паскачаш. Дзень кароткі.

— Зімой наша моладзь весяліцца ў карчме.

— Не, у нас у карчму толькі сталыя людзі ходзяць, — заўважыла Гэля. — Мы ладзім вячоркі па хатах, дзе ёсць хлопцы ці дзяўчаты.

— На які тэрмін вас узялі на працу? — спытаў Юлек.

— На два гады, — адказала Зося.

— Гэта добра, папрацуеце, нешта заробіце. Частуйся, панна Зося, — прапанаваў Юлек.

Зося ўзяла яблык, выцерла яго, патрымала ў далонях, быццам саграваючы, потым надкусіла, пажавала, сказала:

— Вельмі смачна, Юлек. Ты мне свеціш і саграваеш, як сонца.

Юлек паружавеў ад гэтай пахвалы, апусціў вочы, хаваючы сваю збянтэжанасць.

— Пайду я, — сказала Гэля, хітравата падміргваючы Зосі, — у мяне спра­вы ёсць.

— Панна Гэля, вазьміце яшчэ яблыкаў, — прапанаваў Юлек.

Гэля ўзяла ў рукі колькі яблыкаў і пайшла. У двары было пуста, толькі чалавек, які прывёз графіню, усё завіхаўся каля машыны.

— Што здарылася з мужам графіні? — спытала Зося.

Юлек азірнуўся па баках, ці няма каго побач і адказаў:

— Абраннік маладой графіні не падабаўся графу. Людзі кажуць, што наняты забойца забіў нежаданага зяця. Толькі ты нікому пра гэта не кажы.

— Які жорсткі свет, — прамовіла Зося. — Якія жорсткія людзі...

— Людзі ёсць розныя, — адказаў Юлек.

Усім сваім выглядам ён нібы паказваў, што не такі, што на Зосю ягонай дабрыні, напэўна, хопіць, але дзяўчына нічога не заўважыла, душа яе была абцяжарана ўласнымі трывогамі і згадкамі, праз якія Юлеку ніяк не ўдавалася дастукацца да яе душы.

11

Непрыкметна прайшоў адзін год, пацягнуўся другі. Найміты ўсё часцей думалі і загаворвалі пра дамоўку, хацелася сваёй стравы на стале, няхай і простай, але звыклай, сваіх людзей і роднай гаворкі навокал. Зосі таксама карцела вярнуцца дамоў. Каця пісала падрабязныя лісты, расказвала пра бацьку і Серафіма. Хацелася адначасова быць дома і тут, у Стараволі. Хоць Зося лічыла, што найлепш ёй жылося ў прытулку, дзе шмат чытала, спявала, займалася ў танцавальным гуртку, але ж у прытулку нельга было жыць вечна, прыйшла б пара і давялося б ісці на свой хлеб.

У адзін з цёплых восеньскіх вечароў аканом пан Падгурскі сабраў наймітаў, прызначыў некалькі хлопцаў завезці на фурманках яблыкі ў бліжэйшы гарадок на кансервавы завод. Акінуўшы позіркам гурт дзяўчат, тыцнуў паль­цам у Зосю:

— Ты таксама паедзеш. Заўтра а шостай гадзіне выязджаем.

Гэля тузанула Зосю за рукаў, з зайздрасцю пасміхнулася:

— Аканом цябе вылучыў, напэўна, ты яму спадабалася.

— Гэта ж стары дзядзька! Што ты вярзеш? — абурылася Зося.

— Паны старыя не бываюць. Хто багаты, той заўсёды малады.

— Сціхні! Бо пасварымся, — папярэдзіла Зося.

Зрэшты, Зосі было прыемна, што менавіта яна, а не хто-небудзь іншы паедзе ў горад, і ў прадчуванні цікавай вандроўкі заснула.

Раніцай шасцёра хлопцаў паселі на падводы. Запрэжаныя коні ўжо застаяліся ў чаканні, нецярпліва пераступалі з нагі на нагу. Зося выбірала, на які воз лепш сесці, вырашыла, што на першы. Але тут пад’ехаў аканом на двухколавай брычцы і запрасіў Зосю да сябе. Абоз рушыў з маёнтка па дарозе праз лес, потым пацягнулася восеньскае перааранае поле. Удалечыні павольна круціліся крылы ветрака, пэўна, ужо малолася зерне новага ўраджаю. Праехалі некалькі шэрых вёсак, дзе сустракаліся там-сям каменныя пабуды з чарапічнымі дахамі. Гарадок аказаўся недалёка, дзве гадзіны няспешнай язды. Каля завода было дзесяткі два фурманак, гэта не спадабалася аканому, але давялося чакаць.

Калі нарэшце дайшла іхняя чарга, аканом спытаў:

— Паненка пісьменная? Лічыць і пісаць умееш?

Зося згодна кіўнула галавой.

Хлопцы ставілі на вагі скрынкі з яблыкамі, аканом сачыў, каб работнік завода не памыліўся, а Зося старанна запісвала вагу. Узважаныя яблыкі высыпалі ў вялікі бункер. Потым яшчэ ўзважылі пустыя скрынкі. Аканом загадаў хлопцам вяртацца дамоў, а сам заняўся падлікамі, потым параўнаў свае лічбы з тым, што налічыў работнік завода, усё сышлося.

— Павартуй брычку, — сказаў пан Падгурскі Зосі, — а я пайду ў кантору і атрымаю грошы.

Зося села ў брычку і ганарыста паглядвала на паненак, якія праходзілі міма. Напэўна, ніхто не здагадваецца, што яна з глухой палескай вёскі, а думаюць: нейкая багачка, калі ў такой брычцы сядзіць.

Аканом вярнуўся хутка, нязграбна ўскараскаўся ў брычку, паправіў капялюш, упрыгожаны рабенькімі пёркамі, які насунуўся на самыя вочы, весела падміргнуў Зосі і сказаў:

— Паненка добра папрацавала. Мушу заплаціць. — Ён дастаў грошы, падаў Зосі. Яна пасаромелася пералічваць, але зразумела, што сума ніштаватая.

— Дзякую вам, пане Падгурскі, — адказала, моцна заціснуўшы ў руцэ грошы.

Аканом тузануў лейцы, конь весела зацокаў капытамі па брукаванцы. Аднак гаспадар хутка спыніў яго каля некалькіх крамаў.

— Я пайду куплю таго-сяго, — сказаў аканом.

— А можна мне зайсці ў гэтую краму? — паказала Зося рукою на вітрыну, дзе было вывешана жаночае адзенне.

— Зайдзі, толькі не доўга, — папярэдзіў пан Падгурскі.

Зося ўвайшла ў краму. Яе ветліва сустрэў сіваваты габрэй:

— Што паненка хоча? — спытаў ён.

Зося расціснула кулак, паклала свой скарб на прылавак і сказала:

— Мне б пінжачок са спадніцаю і блузку.

Габрэй спрактыкаваным вокам агледзеў Зосю і прынёс ёй шэры касцюмчык і белую блузку.

— Тут можна памераць, — прапанаваў габрэй і паказаў прымерачную.

Зося ведала, што ёй нельга затрымлівацца, аднак не вытрывала, каб не памераць гэтае шыкоўнае, як ёй здавалася, адзенне. Зайшла за шырмачку, паспешліва пераапранулася і з захапленнем паглядзела на сябе ў люстэрка. Шэры колер вельмі пасаваў да вачэй, а каўнерык блузкі асвяжаў, рабіў твар выразным. Яна ў гэтым адзенні выглядала не як наймічка, а як выхаваная і адукаваная шляхцянка.

Дзяўчына згарнула сваё адзенне і выйшла з прымерачнай. Стары габрэй задаволена зацмокаў языком, зняў з вітрыны белы капялюшык, упрыгожаны далікатнымі штучнымі рамонкамі, надзеў Зосі на галаву, падвёў да люстэрка, што стаяла пры сцяне.

Зося была ў захапленні ад сябе, убачанай у люстэрку. Шчыра падзякавала габрэю, зрабіла рэверанс, як вучыла выхавацелька ў прытулку, і выбегла на ганак. Аканом сядзеў у брычцы і чакаў яе.

— Прабачце, калі ласка, што затрымала вас.

— Паненка, цябе ж не пазнаць! Што гэта з табою зрабілася? — задаволена ўсміхнуўся пан Падгурскі — і мноства маршчынак разбеглася ад ягоных вачэй да скроняў.

— Дзякую вам за ўсё, — збянтэжана адказала Зося, усаджваючыся побач з панам.

Аканом шпарка пагнаў каня. Але як толькі выехаў за гарадок, звярнуў з брукаванкі на палявую дарогу.

— Куды мы едзем? — занепакоілася Зося.

— Справа тут у мяне ёсць, — буркнуў сабе пад нос Падгурскі.

За полем пацягнуўся невялікі лясок, за якім раптам адкрылася прыгожае і круглае, як сподак, азярцо. Аканом спыніў каня, прывязаў лейцы да дрэва. Конь адразу пачаў скубці траву. А пан Падгурскі разаслаў посцілку, паклаў на яе вяндліну, хлеб, цукеркі, паставіў пляшку з віном, нават дзве чаркі аднекуль узяліся.

— Сядай, паненка! Паабедаем, — запрасіў аканом. — Дарэчы, як цябе завуць?

— Зося.

— Выдатна, Зоф’я — азначае мудрая...

Пан Падгурскі адкаркаваў пляшку, напоўніў чаркі, сказаў тост:

— Каб нам заўсёды гэтак удала ездзілася.

Зося пакаштавала напой. Віно было духмянае і салодкае.

— Пі, Зося, і закусвай... Не саромейся.

Пілося лёгка, елася з апетытам. Аканом адкаркаваў яшчэ адну пляшку, весела падміргнуў дзяўчыне:

— Хто добра працуе, той мусіць добра есці.

— Сёння для пана не працоўны дзень, а святочны, — засмяялася Зося.

— Што праўда, то праўда. Свята трэба каваць сваімі рукамі. Ты такая малайчына, дай я цябе хоць пацалую за тваю кемлівасць.

Пан Падгурскі цмокнуў Зосю ў шчаку, крэкнуў і сказаў:

— Якая ты салодкая, быццам цукерку праглынуў.

— Вы і прыдумаеце, пан Падгурскі, — засмяялася Зося, ад віна ёй зрабілася весела.

— А цяпер ты мяне пацалуй, — пан Падгурскі падставіў шчаку.

Зося гатовая была не раз, а і дзесяць разоў пацалаваць аканома за той падарунак, які ён ёй зрабіў. Між тым Падгурскі падліваў Зосі чарку за чаркаю салодкае пітво. Яна не заўважыла, як захмялела. Галава закружылася, яна прылегла на апалую лістоту, удыхнула сыры пах зямлі.

— Адпачні, адпачні... І я з табою — побач.

Падгурскі лёг побач з Зосяй, пачаў цалаваць, а ў яе не было сілы нават рукою варухнуць. Свавольныя аканомавы рукі гладзілі яе, лашчылі, абдымалі.

— Годзе вам, пан Падгурскі. Нечым вы мяне напаілі, што я быццам калода стала, нават язык не слухаецца. — знясілена прамармытала дзяўчына.

— Ах, Зоська, Зоська. Старасць шмат хоча, ды мала можа.

Аканом адпоўз ад Зосі, абаперся спіною аб дрэва, цяжка дыхаў.

— Вось халера. Думаў паспрабую яшчэ раз. Мо з маладою атрымаецца. Ні віно піць, ні паненак любіць. Усё мінула.

Аддыхаўшыся, пан Падгурскі сабраў посцілку, дапамог Зосі ўскараскацца ў брычку, пагнаў каня, нешта мармычучы сабе пад нос. Зося задрамала. Пакуль ехалі, хмель выветрыўся. Ужо ў прыцемку з’явілася Зося перад наймічкамі, вясёлая і ўбраная ў новыя строі, чым выклікала нездаволенасць і зайздрасць. Дзяўчаты пачалі паміж сабою пераміргвацца і з’едліва пасміхацца.

— Чым гэта ты прываражыла аканома? — здзекліва спытала Ульяна са Здзітава.

— А каго ён мог выбраць, мо цябе, непісьменную, у андараку? — злосна адказала Зося і пайшла да свайго ложка, распранулася і легла спаць.

— Раскажы хоць, што бачыла ў горадзе? — папрасіла Гэля.

— Нічога не бачыла, — адказала Зося, не маючы жадання дзяліцца ўражаннямі.

— А за што строі купіла? — дапытвалася Ульяна.

— Зарабіла і купіла.

— Не цяжка здагадацца пра твае заробкі.

— Здагадвайся, калі няма чаго рабіць.

Зося і сама яшчэ не ўсвядоміла, якая прыгода з ёю здарылася, але ніякага граху за сабою не адчувала. Ну, пацалаваў яе колькі разоў па-бацькоўску пан Падгурскі. Дык што з таго? Чалавек ён прыемны, і добра да яе паставіўся. Можа, упершыню за ўвесь час, пакуль жыла ў маёнтку Стараволя, яна хутка і лёгка заснула, быццам адступілася ад яе адчуванне віны, якое яна насіла ў сваёй душы. Маладосць жадала вясёлага і разняволенага жыцця. Цяпер Зося не сумнявалася, што абавязкова аднойчы сустрэне сваё шчасце, для гэтага ў яе, дзякуючы добраму пану Падгурскаму, нават новыя строі з’явіліся.

12

Па вяртанні са Стараволі Зося звыкла ўцягнулася ў бясконцы калаўрот сялянскай працы на полі і сенажаці, у хаце і хляве. За два гады яна выкруглілася ў стройную дзяўчыну, прыкметна вылучалася ў гурце дзяўчат. Бацька і Каця былі задаволены яе заробкам. Аканом пан Падгурскі разлічыўся з наймітамі збожжам і паклапаціўся, каб яно было завезена на чыгуначную станцыю і таварным вагонам адпраўлена ў Жабінку. Кірыла прадаў збожжа габрэю-скупшчыку. Грошай хапіла на тое, каб купіць каня і яшчэ заставалася невялікая рэшта на хатні абыходак. Мець свайго каня ў гаспадарцы — спра­ва вялікая. У вёсцы без каня ты не гаспадар, не чалавек. Безумоўна, Кірылу падтрымліваў брат Карп, даваў свайго каня, калі трэба было пераараць поле, пасадзіць бульбу, але не тады, калі трэба было Кірылу, а калі конь быў вольны. А яшчэ за гэта трэба было адпрацоўваць. Што можа ведаць чалавек пра наступны свой лёс? Хіба думаў Кірыла, што аднойчы яму давядзецца страціць усё і з пустой калітой ставіць на ногі гаспадарку? Некалі ягоны бацька і сямёра іншых гаспадароў купілі зямлю ў старога бяздзетнага пана. Перасяленцы, ці «купчыкі», як іх сталі называць тутэйшыя людзі, заснавалі паселішча з некалькіх хутароў каля вёскі Крачкі. Зямлі ў бацькі было даволі, але ж ён меў пяцёра сыноў. Як хлопцы выраслі ды пачалі жаніцца, давялося дзяліць патроху зямлю і аддаваць ва ўладанне сынам. Атрымалася так, што адзін Кірылаў брат памёр маладым ад сухотаў, другі загінуў на вайне, трэці — Серафімаў бацька, быў сасланы ў Сібір на катаргу за забойства. Ці жывы? Невядома. Гэта была даўняя гісторыя. Сяляне з Крачкаў узненавідзелі «купчыкаў», бо былі перакананыя, што зямля, якую купілі прыхадні, пасля смерці пана дасталася б ім. Яны, як маглі, шкодзілі прыезджым гаспадарам, кралі плугі і бароны, заганялі свой статак на хутаранскую рунь, а аднойчы ноччу нехта падпаліў хату Марціна, старэйшага брата Кірылы. Марцін паспеў вынесці з агню малога сына Серафіма, а жонка задыхнулася дымам і згарэла. Каб адпомсціць за падпал, «купчыкі» падпільнавалі гурт крачкаўцаў, калі тыя вярталіся з сенакосу міма хутароў, і пачалі біць. Аднаму мужыку прабілі каменем галаву, у хуткім часе ён памёр. Смяротна параніў чалавека Карп, але яму на той час было толькі пятнаццаць гадоў, маці ўпрасіла старэйшага сына Марціна, каб ён узяў віну на сябе. Марціна асудзілі на катаржныя работы ў Сібіры. Ягоны сын Серафім гадаваўся спачатку ў дзеда з бабаю, а пасля іхняй смерці — пры дзядзьках, спачатку — у Карпа, а цяпер — у Кірылы.

Патроху жыццё ўсталёўвалася. Серафім з восені пайшоў працаваць на чыгунку, жыў на кватэры ў Жабінцы, наведваўся дамоў раз ці два на месяц. Каця і Зося займаліся гаспадаркаю. Кірыла мо ўпершыню адчуў сябе заспакоеным, слухаючы, як дочкі спяваюць за прадзівам, ці шэпчуцца пра нешта дзявочае, задаволена думаў, што ўжо ў іх свае сакрэты завяліся, і хмыкаў у абвіслыя вусы. Увесь вольны час сёстры цяпер пралі, бо на крамную тканіну трэба грошы. Дзе іх набрацца? Палатно сваёй работы пускалася на ўсе патрэбы сям’і: ад верхняга і сподняга адзення, да ручніка, мяшка ці якой торбачкі пад крупу. Ткаць ні Зося, ні Каця не ўмелі, але дамовіліся, што натчэ ім палатна цётка Агатэля, а за гэта яны і для яе спрадуць колькі фунтаў кудзелі, бо Гэлька адна не ўпраўляецца.

Толькі пасля каляд Каця і Зося выбраліся на вячоркі ў Крачкі. Музыка ў той вечар ладзілася ў хаце Марфы Хвясюк, бойкай дзеўкі, з тых, пра якіх кажуць: маладая ды ранняя. Каля хаты тоўпіліся курцы, яны і запрасілі дзяўчат, маўляў, заходзьце, без вас не пачыналі. Гэта, безумоўна, быў жарт. Ужо ў двары было чутно, што грае гармонік і тумкае ў такт яму бубен. Каця першай увайшла ў хату. Следам за ёю пераступіла парог Зося і аслупянела. Каля печы побач з расчырванелаю і ўзбуджанаю Марфаю стаяў Гардзей у вайсковым мундзіры. Зося зніякавела, апусціла вочы, каб не сустрэцца з ягоным позіркам, толькі бачыла блішчастыя гузікі на ягоным жаўнерскім фрэнчы. Зазыўна загучала полька. Моладзь кінулася ў скокі. Гардзей падышоў да Зосі і Каці, павітаўся.

— Як жа я вас даўно не бачыў, — сказаў Гардзей. — Якія вы прыгожыя сталі! Распранайцеся, кідайце адзенне на запечак.

Ён павёў Кацю да запечка, як бы памагаючы распрануцца. Зося пастаяла, не ведаючы, што ёй рабіць: уцякаць адсюль ці застацца. Не, лепш зрабіць выгляд, што ёй да Гардзея няма ніякае справы. Яна працікавала, як Гардзей пусціўся ў скокі з Кацяю, суняла хваляванне, скінула світку на запечак, і адразу яе падхапіў пад руку Мікола Іванюк, павёў у круг. Яны закружыліся ў віхры полькі. Ды Зося паспела заўважыць, што Гардзей, гарцуючы каля Каці, раз-пораз кідаў позіркі ў яе бок. «Паглядзі, паглядзі, каб табе вочы павылазілі, — злосна падумала Зося. — Лепш бы ты не вяртаўся! Як жа мне цяпер жыць?»

Паскакаўшы колькі полек ды сербіянак, Зося папрасіла Кацю:

— Пойдзем дахаты, позна ўжо.

Каця пагадзілася. Ёй не вельмі падабаліся танцы. Стой і чакай, пакуль цябе выберуць. Яна мо і зусім не хадзіла б на гэтыя зборышчы, але ж трэба было думаць пра замужжа, прыглядваць сабе хлопца.

Дзяўчаты апрануліся, раскапаўшы між чужымі апранахамі свае, выйшлі на вуліцу, скіраваліся ў бок хутара. Хутка ззаду пачуліся крокі. Нехта іх даганяў. Удзвюх яны не баяліся, таму і не азіраліся. Хто іх мог пакрыўдзіць?

— Дзяўчаты, вы чаго так рана пайшлі? Музыка ў самым разгары.

Гэта быў Гардзееў голас. Зося сцялася, быццам у прадчуванні бяды. Ён дагнаў іх, пайшоў паміж імі, падхапіўшы пад рукі. Дотык ягонай рукі трапяткой хваляй пракаціўся па Зосіным целе, якое помніла ягоную пяшчоту і сілу.

— Рана тым, у каго мацяркі раніцай печ топяць, а нам трэба ўсё самім рабіць, — адказала Каця.

— У мяне таксама няма маткі, — заўважыў Гардзей.

— У цябе Паўліна за матку, — пакуль ты ў войску служыў, яна за мужыка і за бабу ўпраўлялася. Што ты будзеш рабіць, як яна замуж пойдзе? — за­смяялася Каця.

— Не пушчу яе замуж, а ў горшым выпадку сам ажанюся.

— Жаніцьба для цябе — горшы выпадак? — перапытала Каця.

— Сама падумай, як я магу жаніцца, пакуль не выдаў замуж трох сясцёр?

Каця з Гардзеем весела гутарылі, а Зося маўчала і пакутліва думала, як бы хутчэй дайсці да хутара, каб не чуць і не бачыць яго.

— Зося, чаго ты маўчыш як вады ў рот набрала? Раскажы, як жывеш? — спытаў Гардзей.

«Яшчэ і пытаецца, як жыву! Нахабнік!» — гняўліва падумала яна, але адказала стрымана і насмешліва:

— Лепш за ўсіх.

— Наша Зося была на заробках у Польшчы. Бацька каня купіў, — пахвалілася Каця.

Гардзей ад здзіўлення прысвіснуў і спытаў:

— Дзе ж гэта ў Польшчы можна зарабіць?

— Каля Варшавы, у маёнтку Стараволя, — зноў адказала Каця.

— Шкода, што я не ведаў. Служыў жа ў войску ў Варшаве, знайшоў бы...

Зося змоўчала, разумеючы, што гэта пустая гаворка. «За два гады ліста не напісаў, — падумала яна, — не пацікавіўся, як я, ці жывая, ці здаровая, а тут раптам такая патрэба пабачыцца... Ляці, саколік, міма...»

— Пэўна, Зоська, залётніка там завяла? — спытаў ён.

— А як жа? Хіба я горшая за іншых? — з напускным гонарам адказала Зося.

— Мо і замуж пойдзеш за пшэка?

— Пажыву — пабачу.

— Ёй жа толькі шаснаццаць. Дзіця зялёнае. Які замуж? Няхай хоць трохі пасталее. Яна ж сабе два гады прыпісала, калі ехала на працу да графа, — адказала Каця.

— Толькі шаснаццаць? — шчыра здзівіўся Гардзей. — Я думаў, старэйшая...

Снег скрыпеў пад нагамі. Неба святочна зіхцела зоркамі. Каця весела гаманіла з Гардзеем, а Зося адчувала сябе прыгнечанай, няўпэўненай, ішла з апушчанай галавой. На паваротцы яна вызваліла сваю руку з Гардзеевай, трохі адстала і пайшла з Кацінага боку. Адчула, нібыта вызвалілася ад ягонай улады, уздыхнула вальней, паглядзела ў зорнае неба. Зоркі, здавалася, былі зусім побач, бухматыя, калючыя. Мароз трымаўся нямоцны, але ўсё ж кусаў за шчокі, а душу студзіў скразняк недаверу. Так яны дайшлі да весніц. Зося адразу скіравалася ў хату, а Каця затрымалася з Гардзеем.

Калі старэйшая сястра ўвайшла ў хату, Зося ўжо ляжала на запечку, прыкінулася, што спіць. Аднак Каця памылялася. Зося зазнала ў тую ноч бяссонне, усё не магла вырашыць, як ёй жыць далей. Дзівілася хітрасці Гардзеевай: «Бач, як усё павярнуў, зрабіў выгляд, што заляцаецца да Каці, круціцца, як уюн на патэльні. Пабачым, што будзе далей. Няхай не думае, што я за ім буду бегаць. Не дачакаецца... »

З гэтай цвёрдай перакананасцю Зося заснула недзе пад ранне. Прыснілася, што зноў яна на вячорках, бачыць Гардзея з Марфай каля печы, выбягае ў цёмныя сенцы. Тут яе даганяе Гардзей і доўга-доўга цалуе...

Абудзілася задыханая, і з горыччу падумала: «І ў сне ад яго няма ратунку... »

13

Правёўшы Кірылавых дачок на хутар, Гардзей вярнуўся на «музыку», дзе было яшчэ даволі шматлюдна і шумна.

— Дзе ты быў? — спытала Марфа ў Гардзея, незадаволена і сярдзіта бліснуўшы вачамі.

— З хлопцамі пагаманіў на дварэ, пра службу распытвалі.

— Я выходзіла на вуліцу, цябе там не было.

— Стаяць холадна, дык мы трохі прайшліся...

Марфа супакоілася, папрасіла:

— Пойдзем, паскачам трохі...

— Пойдзем, — адказаў Гардзей, абдымаючы яе за стан.

Яны закружыліся ў вальсе. Марфа шчасліва ўсміхнулася. Гардзей таксама пасміхнуўся і адвёў пагляд. Не любіў ён узірацца ў дзявочыя вочы, бо яны нечага чакалі ад яго. А ён нікому нічога не хацеў абяцаць. Воля даражэй.

Марфа раптам некаму памахала рукой у знак прывітання:

— Хлопцы са Сцяблова прыйшлі, — узрадавана сказала яна, жадаючы выклікаць рэўнасць Гардзея.

— У Сцяблове, безумоўна, хлопцы лепшыя, чым у Крачках, — насмешліва адказаў Гардзей.

— Гэта ж Захар Маркевіч з сябрамі!

— Ведаю я гэтага Захара, — хмыкнуў Гардзей. -— Пасрэдным вучнем быў у школе.

— Успомніў леташні снег!

Гармонік аціх. Марфа адышла ад Гардзея да сцяблоўцаў. Захар Маркевіч узняў руку і загаварыў:

— Землякі, я прынёс вам навіны. Народ Заходняй Беларусі ўпарта змагаецца з польскімі акупантамі. Мы не дазволім запалохаць нас і ператварыць у рабоў памешчыкаў і капіталістаў.

Усе прысутныя павярнуліся тварам да прамоўцы. Маркевіч выцягнуў з кішэні паперку і пачаў чытаць:

«“Крэсы” ў агні. Разрастаецца партызанскі рух на Віленшчыне. Часта здараюцца падпалы панскіх сядзібаў. Улады праводзяць масавыя арышты, людзей кідаюць у турмы, выносяць смяротныя прысуды. Цяпер пачалі працаваць палявыя суды. Па іх прысудах расстраляны 16 партызанаў. Сяляне адмаўляюцца плаціць падаткі. <...> Трагічным з’яўляецца становішча беларускіх школ. Іх колькасць зведзена да нуля. Значная частка беларускіх настаўнікаў знаходзіцца ў канцлагерах, астатнія разагнаныя і пазбаўленыя магчымасці працягваць педагагічную дзейнасць. Беларускія школы разгромленыя ці рэквізаваныя пад польскія. Далоў ваенна-палявыя суды! Далоў акупантаў з Заходніх Беларусі і Украіны! Няхай жыве салідарная рэвалюцыя барацьбы рабочых і сялян Заходняй Беларусі, Заходняй Украіны і Польшчы за савецкую ўладу рабочых, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў!»

Маркевіч, чытаючы заключныя лозунгі, узмахваў кулаком, нібы некаму пагражаў. Ягоныя хаўруснікі паўтаралі за ім слова «далоў»!

Гардзей падышоў да Маркевіча, заглянуў у паперку, убачыў, што гэта была лістоўка, і сказаў:

— Ты адзін тут пісьменны? Мы таксама ўмеем чытаць. І разабрацца, што да чаго.

— Чытай, — падаў яму паперку Маркевіч.

З натоўпу выйшаў Іван Валошчык, зацікаўлена спытаў:

— На паперы напісана гладка, але ж тое быццам не пра нас. Ты скажы, што нам рабіць?

— Толькі паспрабуй дзейнічаць супраць улады — адразу суд, турма, або расстрэл! — сказаў Гардзей. — Ты ж толькі што чуў.

— Усіх у турму не паперасаджваюць, — заўважыў Маркевіч. — Мы павінны змагацца так, як народы СССР, і дамагчыся перамогі!

— Гэта ўсё агульныя словы, — расчаравана сказаў Іван Валошчык. — Ты скажы, што я павінен зрабіць сёння, зараз?

Маркевіч адкінуў пасму валасоў, якая ўпала на лоб, і заявіў:

— Тое, што і іншыя: не плаціць падаткі, патрабаваць для сваіх дзяцей беларускую школу, шукаць аднадумцаў. Калі ты думаеш так, як я, прыходзь у Сцяблова да мяне дахаты, пагутарым. Бачыш, я не баюся, што здадуць мяне дэфензіве, бо ўсе мы пакутуем ад польскага прыгнёту, гэта наша агульная бяда. Але ў нас ёсць агульная мара — жыць лепш. На яе нам і варта працаваць усім разам.

— Зразумела, — адказаў Іван. — Трэба падумаць...

— Гарманіст, урэж польку, каб ажно хата заскакала! Эх, і прыгожыя ў вас дзяўчаты! — крыкнуў Маркевіч, падхапіў Марфу і закружыўся з ёю.

Гардзей абдумваў пачутае. Ваяваць з дзяржаваю — справа апошняя. Але ж калі ў сейме ёсць камуністычная фракцыя, дык змагацца за свае правы можна і законным шляхам, праз выбары сваіх дэпутатаў. Гэты шлях яму падабаўся. Зрэшты, ён і сам не адмовіўся б пахадзіць у дэпутатах сейма. «А гэты Маркевіч паразумнеў, нездарма ж кажуць, што праца ператварыла малпу ў чалавека» — з’едліва падумаў Гардзей. Яго сапраўды ўразіла змена ў былым аднакласніку. Той быццам і ростам стаў вышэйшы, больш паважны і ўпэўнены ў сабе.

Пасля танца Марфа вярнулася да Гардзея, абмахваючыся хусткаю.

— Растрэслася, — пасміхнуўся ён.

— Раўнуеш, ці што? — спытала яна, напускаючы на твар пакрыўджанасць.

— Каб раўнаваць, трэба кахаць...

— Гардзей, чаму ты такі жорсткі?

— Я справядлівы. На сцяблоўскіх дзевак не кідаюся.

— Сам нядаўна каля Кірылавых дачок аціраўся.

— Яны хоць і з хутара, але ж крачкаўскія, нашы... Ідзі яшчэ паскачы з Маркевічам. Нешта ён без цябе засумаваў.

— Дурненькі ты мой, апранайся, пойдзем, пакуль маці на печы задрамала. Я чакаю цябе ў клуні, — горача прашаптала Марфа.

Яна зняла з крука кажушок, што вісеў каля дзвярэй, і выслізнула з хаты, кінуўшы на Гардзея позірк, які клікаў і абяцаў асалоду. Гэты позірк трапятаннем і напружанасцю працяў Гардзеева цела. Ён, не апранаючыся, выйшаў услед за Марфаю.

14

Гардзей не быў фантазёрам або адчайным і безразважным юнаком, які гатовы быў голымі рукамі змагацца за вызваленне сваёй зямлі ад палякаў. Лічыў, што можна паспрабаваць нечага дамагчыся ад улады гуртам, выкарыстаўшы пэўныя законы. Чаму адукаваная меншасць кіруе, як хоча, непісьменнымі сялянамі? Бальшавіцкія ідэі прываблівалі па-свойму і яго. Сярод сялян таксама ж ёсць людзі з галавой, дай ім толькі магчымасць выявіць сябе. Да ліку тых, хто мае галаву на плячах, адносіў Гардзей і сябе. Ён падлеткам застаўся круглым сіратою, са старэйшаю сястрою Паўлінаю вёў гаспадарку і гадаваў малодшых сясцёр. Працуючы на зямлі, цяжка выкараскацца з галечы, таму ён час ад часу знаходзіў працу ў Берасці. З зарабку плаціў падаткі і набываў патрэбнае гаспадарчае начынне. Там жа, у Берасці, ён пазнаёміўся з гандлярамі-габрэямі, якім збываў збожжа, лён і бульбу па больш выгадным кошце, чым той, які прапаноўвалі скупшчыкі. Сам скупляў у аднавяскоўцаў збожжа і бычкоў, перапрадаваў габрэям. І меў ад гэтага добрую капейку. Такім чынам, нягледзячы на сваю маладосць і сіроцтва, Гардзей лічыўся ў вёсцы разумным і моцным гаспадаром. Але хацелася большага ад жыцця. Шкадаваў, што не меў добрай адукацыі, скончыў толькі пачатковую школу. Тады настаўнік сказаў ягонаму бацьку, што навучыў сына ўсяму, што сам ведаў, а больш нічога яму даць не можа. Аднак Гардзей працягваў цікавіцца навукаю. Па-першае, перачытаў усе чатырыста дваццаць пяць кніжак, якія былі ў школьнай бібліятэцы, па-другое, купіў у тутэйшага бацюшкі за гусака Біблію і вывучаў яе паціху кожную вольную хвіліну. Перад ім разгортвалася жыццё старажытных людзей. Іхнія ўладары таксама далёка не заўсёды былі справядлівыя да сваіх падданых, але ў пакутах і аблудах нараджалася ў душах людзей разуменне справядлівасці, сумленнасці і маральнасці. Гардзей усведамляў, што немагчыма пражыць жыццё і не спатыкнуцца, вельмі яму не хацелася быць апошнім у гэтым жыцці і цягнуць сваю долю бязрадасна, як той конь цягне цяжкі воз. Сэрца жадала свята, перамог, нейкіх незвычайных падзей, якія б наталялі душу святлом і радасцю. Не можа таго быць, каб чалавек нараджаўся толькі для беспрасветнай працы і рэдкіх святаў.

У нядзелю пад вечар Гардзей сабраўся ў Сцяблова, дзе меў намер сустрэцца з Захарам Маркевічам. Трымаўся добры марозчык, які бадзёрыў і падганяў хлопца. Ды і няблага было ісці маладым нагам па дарозе, адпаліраванай палазамі саней. Яшчэ і сонца не схавалася за лесам, а на небе ўжо выкруглілася поўня. Вісела яна празрыстая, як лядзяш у палонцы. Гардзей узіраўся ў яе таямнічае аблічча і вельмі ж хацелася дазнацца, як утварылася яна, як з’явіўся гэты свет. Чытаў ён астраномію, але не надта верыў навукоўцам. Усё, што там пісалася, было толькі здагадкамі. Ён быў перакананы, што чалавечы розум занадта абмежаваны, таму і не можа спасцігнуць Боскае таямніцы стварэння свету. Аднак была надзея, што аднойчы менавіта яму адкрыецца гэтая недасяжная ісціна.

Ужо змерклася, калі Гардзей увайшоў у хату да Захара Маркевіча. Гаспадар падняўся з-за стала, пайшоў насустрач госцю з працягнутай рукой, прамаўляючы:

— Малайчына, што прыйшоў.

— Як жа было мне не прыйсці?

— Болей яго слухай, — пачуўся з печы жаночы голас. — Ён табе нарасказвае тры бочкі арыштантаў.

— Годзе, маці, бурчаць, — незадаволена азваўся Захар.

— Табе хоць бурчы, хоць маўчы, хоць кол на галаве чашы — усё адно. У бацьку ўдаўся, такі ж упарты. А што ён меў з тае ўпартасці? Толькі здароўе страціў і пайшоў на той свет без пары.

— Маці, я прашу цябе, — настойліва і выразна сказаў сын.

Жанчына забожкала, уздыхнула і змоўкла.

— Сядай, адпачні з дарогі. Мо галодны?

— Не, дзякую. Сыты я. Яшчэ і цябе пачастую.

Гардзей высыпаў на стол жменю семак. Падышоў да печы, каб пачаставаць гаспадыню. Захар тым часам распаліў газніцу. У хаце стала ўтульна і светла.

— Дзякую, шкада, што няма чым есці, — сказала жанчына.

— Унукаў пачастуеце.

— Хіба толькі...

Жанчына працягнула руку, і Гардзей, усыпаўшы ёй у жменю семак, сеў на лаву.

— Чаму не прывёў з сабою яшчэ каго з надзейных хлопцаў? — спытаў Захар.

— Іншым разам прыйду з хлопцамі, а пакуль мо пазнаёміш мяне з вашымі дзеўкамі.

— Ажаніцца хочаш?

— Пакуль толькі агляд раблю. Калі служыў у Варшаве, нагледзеўся там розных паненак, што тут няма на чым і воку адпачыць.

— Гарадскія — распусныя, лёгка ў вочы западаюць, умеюць сябе паказаць, тым і прывабліваюць нас. А вясковыя сціплыя, сарамлівыя, таму цяжка іх разгледзець за хустачкамі ды фартушкамі.

— Можа, і твая праўда. Але ж хочацца такую ўзяць, каб усё жыццё на яе глядзець і не нагледзецца.

— Так не бывае, — сказаў Захар. — Усе людзі старэюць, каханыя — на жаль, таксама. Добра, пойдзем на вячоркі...

Захар ускінуў на плечы світу, і яны выйшлі ў настылы марозны вечар. Каля весніц спыніліся. Гаспадар дастаў капшук, прапанаваў пакаштаваць самасаду.

— Дзякую, не куру, — адмовіўся Гардзей. — Прачытаў аднойчы, што курэнне шкодзіць здароўю.

— А мне падабаецца, супакойвае.

Захар скруціў цыгарку, прыкурыў.

— Я зразумеў, што ты хочаш далучыцца да нашай барацьбы? — спытаў раптам, без усялякай падрыхтоўкі.

— Хачу паспрабаваць. Не ведаю, ці здатны я на такія ахвяры.

— А чаго ты чакаеш у выніку?

— Вядома, перамогі. Можа, не надта вялікай, але ж нечага, думаю, можна дамагчыся.

— Чаго, напрыклад? — зацікаўлена спытаў Захар.

— Мяне не задавальняе, што войтам выбіраюць каторы раз запар асадніка Юзафа Бялецкага. Я думаю, а чаму не мяне?

— Сапраўды, чаму не цябе? — засмяяўся Захар.

Гардзея нядобра ўкалоў Захараў смех. Ён нават хацеў спыніць на гэтым гаворку, аднак вырашыў перш высветліць, чым жа ён насмяшыў Маркевіча.

— Не крыўдуй, — ляпнуў яго па плячы Захар. — Смяюся я ад радасці, што ёсць у нас хлопцы, якія маюць гонар і гатовыя змагацца за свае правы. Я пастараюся зрабіць усё для таго, каб ты стаў войтам нашага павета. Дам табе рэкамендацыю для ўступлення ў Камуністычны саюз моладзі, а калі праверым цябе як след на справе, прымем у партыю бальшавікоў. Ты пакуль падбірай надзейных хлопцаў, каб стварыць у Крачках камсамольскую ячэйку.

— Колькі трэба чалавек?

— Чалавекі тры разам з табою. Неабходна захоўваць канспірацыю, каб не заваліць справу. Кожны завал — гэта суды, турмы, кара, разбураная падпольная сетка, якую нялёгка наладзіць зноў.

— Разумею.

— А пакуль запрашаю цябе на нашы вячоркі. У нас, як і ў Крачках, шмат прыгожых дзяўчат, не горшых за варшавянак.

— Э не, варшавянак трэба бачыць, — запярэчыў Гардзей.

Хлопцы пайшлі ўдоўж вёскі. Наперадзе чуліся галасы.

— Бачыш, нашы ўжо весяляцца.

— Яшчэ не бачу, пакуль толькі чую.

— Любіш дакладнасць і канкрэтнасць? Гэта ў табе са школы засталося.

Захар з Гардзеем увайшлі ў хату. Моладзь тоўпілася ля дзвярэй. Гармонік рэзаў польку. Пасярэдзіне скакалі парамі дзяўчаты. Хлопцы не спяшаліся далучацца, дымілі цыгаркамі, рагаталі.

Твары ў танцорак расчырванеліся, вочы гарэлі, вусны ўсміхаліся, ражкі хустак разляталіся. Гэтае імклівае кружэнне зачароўвала, зацягвала, хацелася кінуцца ў гурт, перакаламуціць яго, падпарадкаваць і прымусіць круціцца вакол аднаго цябе. Аднак полька скончылася, дзяўчаты паскідалі хусткі з галоў і, абмахваючыся імі, разышліся. Каб даць адпачынак самым бойкім танцоркам, гарманіст зайграў павольны вальс.

— Выбірай каторую, — прапанаваў Захар.

— Нешта ў мяне вочы разбегліся, — адказаў Гардзей.

— Бяры, якая бліжэй стаіць.

Захар запрасіў высокую станістую дзяўчыну, павёў на сярэдзіну хаты, закружыўся з ёю ў вальсе, так, што толькі непаслухмяная пасма валасоў матлялася над ягоным ілбом. Гардзей выбраў тоненькую дзяўчыну з доўгаю, ніжэй пояса, касою. Вялікія сінія вочы здзіўлена паглядзелі на незнаёмага хлопца, маленькія вусны расцягнуліся ў ніякаватай усмешцы. Гэта была дзяўчынка, падлетак, якая мо ўпершыню прыйшла на вячоркі.

— Запрашаю на вальс, — сказаў Гардзей, ужо шкадуючы, што зрабіў такі няўдалы выбар.

Яна ў адказ толькі згодна кіўнула галавой. Пазіраючы ў яе мілы тварык, падумаў: «Дзіця горкае, але гадкоў праз колькі, напэўна, вырасце ў прыгожую дзяўчыну».

Гардзей запрасіў яе яшчэ на некалькі танцаў, а потым прапанаваў:

— Хадзем, малая, правяду цябе дахаты.

— Не, я з братам пайду.

Дзяўчына махнула рукою. Да Гардзея падышоў высокі хлопец, незадаволена спытаў:

— Чаго ты да яе прыліп? Ці табе тут дзевак мала?

— Дзевак шмат, ды яна найлепшая.

— Ведаю цябе. Ідзі, скуль прыйшоў, па-добраму.

— Што здарылася? — спытаў Захар, спяшаючыся прадухіліць сварку.

— Нічога, усё добра, — адказаў Гардзей. — Бывайце здаровыя, сцяблоўцы. Прыходзьце да нас. Мы за сваіх дзяўчат сварыцца не будзем.

Павярнуўся і пайшоў з хаты. Захар паімкнуўся за ім, правёў трохі па вёсцы, сказаў на развітанне:

— Трэба рыхтаваць народ да паўстання супраць акупантаў, раздаваць лістоўкі, вывешваць сцягі, патрабаваць беларускую школу.

— З голымі рукамі ваяваць?

— Усё будзе. Ёсць у нас сябры на Усходзе.

— А як наконт таго, каб мне выставіць сваю кандыдатуру на пасаду войта?

— Абавязкова будзем працаваць і ў гэтым накірунку, — паабяцаў Захар.

Гардзей рушыў у бок сваёй вёскі, раздумваючы, з кім з вясковых хлопцаў можна было б стварыць камсамольскую ячэйку. Можна было б пагутарыць з Маркам, не благі хлопец, трохі, праўда, скупаваты, але ж усім вядома, што свая сарочка бліжэй да цела. І жыве па суседстве, калі што спатрэбіцца, дык не давядзецца далёка шукаць. Сімпатызаваў Гардзей і Мацею, маўкліваму, але адважнаму хлопцу, што было праверана яшчэ ў маленстве, калі бегалі латашыць аканомаў сад. Ідэя пачаць працаваць на камунку так захапіла Гардзея, што ён і не заўважыў, як дайшоў да сваёй вёскі. Высокія бухматыя зоркі спагадна падміргвалі яму, самотная поўня паспяшала за ім услед, не адстаючы, быццам не мела іншае патрэбы. Безумоўна, і ёй самота не даспадобы, шукае хаўрусніка, каб перабыць ноч. Снег шаргацеў пад нагамі. Заінелыя старыя бярозы горбіліся абапал дарогі. Зямля спала, толькі Гардзеева вёска Крачкі свяціла там-сям цьмянымі агеньчыкамі, быццам чакала яго, позняга хадака, дадому. Напэўна, Паўліна не спала таксама, жыў у ёй мацярынскі інстынкт. Пра ўсіх яна клапацілася, узваліўшы яшчэ падлеткам на плечы адказнасць за асірацелую сям’ю.

15

Каля Марфінай хаты тоўпілася моладзь. Гардзей павітаўся за руку з некалькімі хлопцамі.

— Ты на разбор шапак, — сказаў Мікола Іванюк.

— Памыляешся, на разбор дзевак, — адказаў Гардзей.

— Твая Марфа сёння занятая. Якуб каля яе цэлы вечар пеўнем ходзіць.

— Яна такая ж мая, як і твая. А хто ходзіць, той даходзіцца.

— Я думаў, у вас сур’ёзна.

— Не думай шмат, ад гэтага, кажуць, галава можа забалець. Пайду ў хату, змерз. Прытулюся да якой, мо сагрэюся...

Гардзей увайшоў у хату, дзе апантана заліваўся гармонік, тупацелі абцасы ботаў і мяккія лапцікі, кружыліся пары, аддаючыся танцу. Марфа сядзела з Якубам на запечку, нешта шаптала таму на вуха. Аднак, як толькі пабачыла Гардзея, пайшла насустрач.

— Дзе ты быў цэлы вечар?

— Дзе быў, там няма.

— Чаму ты такі? Ці я пакрыўдзіла цябе нечым? — вінавата спытала Марфа.

— Не, наадварот, я вельмі рады, што ты без мяне не сумавала, а любілася з Якубам.

— Дурненькі! Што мне той Якуб? Я з яго ці жартую, ці збыткую, а ён нічога не разумее, як дзіця малое.

Яна грэбліва пасміхнулася, паправіла цёмную пасму валасоў, тужэй зацягнула ражкі хусткі, потым узяла яго за руку, прыўстала на дыбачкі, горача зашаптала яму на вуха:

— Пойдзем у клуню. Я так засумавала па табе.

— Ага, бачыў я, як ты сумавала! Гардзей выйшаў у цёмныя сенцы, следам за ім, ускінуўшы на плечы вялікую хустку ў клетку, выслізнула Марфа.

У клуні было зацішна, пахла сенам, збожжам, летам, тымі знаёмымі пахамі, з якімі сялянская душа зрастаецца, знітоўваецца назаўжды. Ледзьве зачыніўшы дзверы, Марфа кінулася ў абдымкі да Гардзея, прагна цалуючы ягоны твар, вочы, вусны. Ён падхапіў яе, панёс і паклаў на сена, рукой слізгануў па назе, загаляючы спадніцу.

— Пачакай, нешта скажу, — папрасіла Марфа.

— Што гаварыць, — прашаптаў Гардзей з жарсцю прыпадаючы да яе вуснаў.

Марфа вызвалілася з абдымкаў, настойліва сказала:

— Ты не кажы, ты слухай, прашу цябе.

— Добра, добра, слухаю.

— У нас будзе дзіця, — сказала яна.

— Якое дзіця?

— Наша.

Гардзей адкінуўся на сена і роблена зарагатаў.

— Ты чаго? — насцярожана спытала Марфа.

— Ну і хітрая! Яшчэ і месяца не мінула, як вярнуўся з войска, а ты мне хочаш навязаць дзіця, якое з Якубам ці кім нагуляла?

— Тваё гэта дзіця, тваё! Я толькі цябе кахала заўсёды. І з войска чакала. Ты ж у мяне быў першы!

— Разбярэш тут вас, хто першы, хто апошні.

— Адзін ты ў мяне.

— Ведаеш, не магу я жаніцца. Гаспадарка ў мяне занядбаная. Два гады без мужчынскіх рук была. На вяселле грошы трэба, а я...

— Ты адмаўляешся ад мяне і свайго дзіцяці? — абурана перабіла яго Марфа.

— Толькі ад цябе. А дзіцяці пакуль ніякага няма. Не тлумі мне галавы. Я не дурное хлапчаня.

— Гэта тваё апошняе слова?

— Апошняе, Марфа.

— Ты да войска Дуні чэрава нагуляў, а пасля адмовіўся. Давялося ёй пайсці замуж за ўдаўца на трое чужых дзяцей, — Марфа ўсхліпнула.

— Дуня напісала мне ў войска адзін ліст і спытала, ці варта ёй мяне чакаць. Адказаў, каб не чакала.

— Як яна магла напісаць табе пра дзіця? Яна ж непісьменная!

— Пра Дуню не ведаю, а табе не веру! Не можа гэтага быць!

Марфа паднялася, злосна сказала:

— Ніколі табе не дарую! Ты яшчэ пашкадуеш! Плакаць будзеш, прасіць, маліць, але позна будзе! Позна!

Марфа моцна грукнула дзвярамі. Гардзей трохі паляжаў на сене, жуючы сухую травінку і думаючы пра тое, якія ж хітрыя пайшлі цяпер дзеўкі. Тры разы ў сене пакуляешся — і маеш дзіця. Такая непрыкрытая хлусня яго страшэнна абурыла. Вырашыў, што цяпер на Марфу і не гляне. У Крачках хапае дзяўчат, хоць бы тыя ж дочкі Кірылавы! Выбірай любую: ці старэйшую — маленькую ды разумную швачку, майстрыху, ці малодшую — вясёлую і даўгарукую, добра будзе сена на стог закідваць. Ды і ў Карпа неблагая дзеўка. А колькі прыгажунь яшчэ падрастае, як тая, што сёння бачыў у Сцяблове.

Абтрос з адзення сена, выйшаў з клуні, ціха прычыніў за сабою дзверы, удыхнуў марознае паветра на поўныя грудзі, зірнуў у зорнае неба і адчуў невымоўную радасць ад хараства, якое ззяла і зіхцела, абяцала нешта дзівоснае ў будучыні. З хаты выйшаў гарманіст, зацягнуў марш, але раптам згарнуў гармонік, які жаласліва выдаў апошні зык і аціх. Хлопцы і дзяўчаты разыходзіліся па хатах. Да клуні нехта ішоў. Калі пара параўнялася з Гардзеем, ён пазнаў Марфу і Якуба.

— Дабранач, — сказаў здзекліва.

Яму нічога не адказалі. «Баба з воза — каню лягчэй», — падумаў Гардзей, каб прыглушыць рэўнасць, якая ўсё ж варухнулася ў душы. Выйшаў з апусцелага двара, павярнуў да сваёй хаты, прыспешыў крок і дагнаў двух хлопцаў — Яўсея і Марка, якія жылі па суседстве.

— Як павесяліліся?

— Нічога, — адказаў Яўсей, — але дзевак не хапіла. А ты дзе быў, што Якуб тваю Марфу павёў у клуню?

— Якраз яе і рыхтаваў, каб яна да яго пайшла, — Гардзей бестурботна засмяяўся.

— І не шкода табе было?

— Хопіць на наш век дзевак, Яўсей. Вунь колькі маладых прыгажунь падрастае?

— Маладых трэба вучыць, а старэйшыя ўжо навучаныя, — заўважыў Марк.

— Скрозь ты рахубу шукаеш! — заўважыў Гардзей.

— Ты ад роду ўжо ёсць Рахуба, — хмыкнуў Марк, нагадваючы Гардзею ягонае прозвішча.

— Мо нам падацца да камуністаў? Абяцаюць рай яшчэ на гэтым свеце? — спытаў Гардзей.

— Мне б зямлі дзесяцін сто, — сказаў Марк, — я б сабе сам рай на зямлі зладзіў. А тут сястра замуж сабралася. Давядзецца дзяліцца.

— Зямля — гэта ўсё, — уздыхнуў Яўсей.

— Памыляецеся! Усё — гэта ўлада, — адказаў Гардзей.

— Маркевіча наслухаўся? — спытаў Марк. — Пустабрэх ён!

— Ты думай не пра яго, а пра тых, хто за ім стаіць. А раптам саветы сапраўды насунуцца?.. — адказаў Гардзей.

Хлопцы задумаліся. Кожны з іх, нягледзячы на маладосць, адчуваў сябе сталым гаспадаром, бо з ранняга маленства быў далучаны да працы, ведаў яе і смак, і цяжар. Усялякае жыццёвае рашэнне прымалася імі ўзважана, з вялікай адказнасцю, пасля доўгага роздуму.

— Дык як наконт камункі? — яшчэ раз спытаў Гардзей.

— Ідзі ты першы, а мы паглядзім. Як заўважым, што разбагацеў, дык і кінемся ў гэты вір за табою, — адказаў Марк.

— Э, не, даражэнькія, камунка пераборлівая, яна слабакоў не прымае.

— Мусіць, я пайду... Мне губляць няма чаго. Зямлі як кот наплакаў... — сказаў Яўсей.

— Падумай і зайдзі да мяне, абмяркуем. Мо разам да чаго дадумаемся. Дабранач! — развітаўся Гардзей і завярнуў у свой двор.

16

Вясна ўпарта стукалася ў цвёрды снежны покрыў сонечнымі промнямі, як у шкарлупіну яйка. За дзень снег прыкметна раставаў, наздраваты і ашэрхлы, шаргацеў пад нагамі, нават вецер дзьмуў па-вясноваму цёплы. І гэта была не проста адліга, набліжаўся сакавік — першы вясновы месяц, калі гаспадар мусіў агледзець усё начынне: плуг, воз, барану, вупраж, каб быць гатовым да сяўбы. Праўда, па начах яшчэ прыпякаў мароз, і неба на захадзе было чырвонае і чыстае. Так думаў Гардзей, ідучы да Маркевіча. Ужо прыкметна змерклася. У крайніх сцяблоўскіх хатах запаліліся кволыя агеньчыкі. Вёска сцішана рыхтавалася да адпачынку, толькі гаманлівая дзятва каля абмерзлага калодзежа наладзіла сабе коўзанку. Хто на санках, хто на адным самаробным драўляным каньку сшурваліся з ледзянога ўзгорачка, шчабяталі, смяяліся.

Каля Маркевічавых варот Гардзея сустрэлі два незнаёмыя хлопцы, павіталіся, прапанавалі махоркі. Крачкавец адмовіўся.

— Ты да Захара? — спытаў адзін. — Пачакай трохі. Цябе паклічуць.

— Якія навіны ў Сцяблове?

— Ніякіх. А што ў вашых Крачках?

— Таксама нічога, — адказаў Гардзей.

Гаворка не ладзілася. Хлопцы памаўчалі, патапталіся на месцы. Потым адзін сказаў:

— Пайду спытаю.

Ён пайшоў у хату, неяк дзіўна шырока ставячы ногі і выцягнуўшы ўперад шыю, як гусак. Гардзей правёў яго позіркам, думаючы, што ёсць жа такія няўклюды.

Хлопец праз хвіліну вярнуўся, запрасіў Гардзея ў хату. У пакоі было моцна накурана, чалавек сем хлопцаў сядзела вакол стала і пра нешта гутарылі. Калі Маркевіч сказаў, што прыйшоў новы кандыдат у камсамольцы, усе павярнуліся да крачкаўца.

— Мой узрост дазваляе стаць адразу камуністам, — усміхнуўся Гардзей.

— Не, спачатку трэба праверыць цябе на камсамольскай працы, — сказаў незнаёмы мужчына ў шэрым гарнітуры.

Гардзей здагадаўся, што гэта нейкі падпольны бальшавіцкі начальнік. Маркевіч паглядзеў на Гардзея з прыязнасцю:

— Рэкамендую кандыдатуру Рахубы Гардзея для ўступлення ў Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі. Чалавек надзейны. Ведаю яго даўно, разам вучыліся ў школе. Палітыку Савецкай дзяржавы і Камуністычнай партыі разумее правільна, не злоўжывае алкаголем, не курыць, таварыскі, устойлівы і стрыманы. Гатовы змагацца за шчасце беларускага народа, за вызваленне яго ад польскай акупацыі і за ўз’яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі.

— Ці здолееш ты адмовіцца ад уласнай зямлі, калі гэтага запатрабуе Камуністычная партыя бальшавікоў? — спытаў незнаёмец у Гардзея, упіваючыся ў хлопца жорсткім позіркам.

— Зямля — гэта сродак майго існавання, яна дае мне хлеб надзённы. Калі ў мяне з’явіцца іншая крыніца грошай, дык я з задавальненнем адмоўлюся, — Гардзей шырока ўсміхнуўся і дадаў: — Прызнаюся шчыра, што з радасцю памяняў бы сваю пасаду селяніна на пасаду сеймавага дэпутата ці нават самога Пілсудскага.

— Ты, брат, і замахнуўся, — ніякавата хітнуў галавою Маркевіч.

Прысутныя зарагаталі.

— Свядомасць пралетарская, — задаволена адзначыў падпольны началь­на, як ахрысціў яго Гардзей. — Думаю, варта прыняць.

— Гардзея Рахубу, — падказаў Маркевіч.

— Так, Гардзея Рахубу ў шэрагі Камуністычнага саюза моладзі Заходняй Беларусі, — сказаў «начальнік» і працягнуў Гардзею лісток паперы. — Прачытай уголас клятву.

Гардзей узяў жаўтаватую памятую паперу, відаць, шмат ношаную ў кішэні, пачаў чытаць урачыстым голасам, як таго патрабавалі абставіны:

— Я, сын прыгнечанага народа, добраахвотна ўступаю ў шэрагі Камуністычнага саюза моладзі Заходняй Беларусі, клянуся да канца жыцця змагацца супраць капіталістаў і памешчыкаў за Савецкую ўладу ў Польшчы, за ўз’яднанне Заходняй і Савецкай Беларусі. Ад цяперашняга моманту лічу камсамол сваёй роднай сям’ёй, а камсамольскія справы — крэўнаю справаю.

Апошнія словы трохі збянтэжылі Гардзея. Што за сямейнікі, якіх ніколі не бачыў? А іх набіраецца цэлы саюз! Аднак ён нічога не сказаў, толькі на момант адарваў ад паперы вочы, паглядзеў на прысутных і стаў чытаць далей:

— Абяцаю дакладна выконваць ускладзеныя на мяне задачы на карысць камсамола, а ўсе таямніцы трымаць у строгім сакрэце. Калі давядзецца аддаць жыццё за справу КПЗБ і камсамола, не просячы ў ворагаў літасці, забяру тайны падполля з сабою ў магілу.

У галаве Гардзея прамільгнула з’едлівая думка: «Добра, што яшчэ на крыві не прымушаюць клясціся. Гэта ж я сябе прадаю на ўсё астатняе жыццё! Вось уліп!»

— Заўсёды і скрозь, не шкадуючы сілы, а калі трэба, — і жыцця, абараняць Савецкі Саюз — радзіму прыгнечаных. Усялякая здрада КПЗБ, камсамолу, дадзенай клятве няхай будзе асуджана маімі таварышамі па барацьбе і пакарана гневам працоўнага народа.

Маркевіч падняўся з-за стала, абцягнуў саматканую вышываную сарочку, падпяразаную дзягаю, урачыста сказаў:

— Прагаласуем, таварышы.

Усе прысутныя дружна паднялі рукі, задаволена перакінуліся позіркамі, усміхнуліся.

— Віншуем з уступленнем у камсамол, — сказаў чалавек у шэрым гарнітуры.

Гардзею карцела спытаць, ці доўга яшчэ Савецкі Саюз будзе краінаю прыгнечаных, але ён устрымаўся. Заспявалі «Інтэрнацыянал». Гардзей чуў гэтую песню, яшчэ калі служыў у войску, але слоў не ведаў, таму падпяваў толькі мелодыю.

— На гэтым наш сход лічу закрытым, — абвясціў «начальнік».

Ён выйшаў з-за стала, зняў з цвіка кароткае паўпаліто, ускінуў на плечы. Усе прысутныя замітусіліся, вакол пачалі таксама апранацца.

— Я правяду таварыша Віктара сам, — сказаў Маркевіч.

«Начальнік» жэстам спыніў яго:

— Праводзіць мяне не трэба, разыходзімся па адным. Далей я пайду са сваімі хлопцамі, — кіўнуў галавою ў бок вуліцы, дзе чакалі яго двое.

Астатнія ў нерашучасці тапталіся ля парога. Гардзей стаў перад Маркевічам:

— Прынялі вы мяне ў камсамол, а далей што рабіць?

— Абмяркуем. Пасядзі пакуль.

Гардзей разглядаў хлопцаў. Трое былі са Сцяблова, двое — з суседняй вёскі, трое — з больш дальняй ад пана Райскага. Гэты пан лічыўся дзівакаватым. Размаўляў з мужыкамі на тутэйшым дыялекце, часам апранаўся ў вясковую палатняную апратку, але пры гэтым падкрэсліваў: «У што я ні апрануся, усё роўна панам буду, а мужык — ці ў золаце, ці ў аксаміце застанецца мужыком».

Калі ўсе падпольшчыкі выйшлі з хаты, гаспадар сказаў:

— Таварыш Віктар прынёс добрыя навіны. Барацьба сялянства і рабочых Заходняй Беларусі разгортваецца шырокім фронтам. Першае заданне табе, Гардзей, — стварыць ячэйку. Другое — збіраць грошы для рэвалюцыянераў свету, трэцяе — арганізаваць выступленні насельніцтва за беларускую школу ў нашым павеце. Дастаткова?

— Дастаткова пакуль. Бывай здаровы, — адказаў Гардзей і паспяшаў пакінуць хату Маркевіча.

Што і казаць, заданні былі малапрыемныя. Хадзі і прасі грошы ў аднавяскоўцаў, як жабрак! Рабіць гэта Гардзею зусім не хацелася. Ён вырашыў, што пры нагодзе аддасць свае злотыя. Ішоў да Маркевіча з жаданнем рабіць вялікую справу, магчыма, а атрымалася, што мусіць займацца драбязой. Наконт школы таксама заданне не радавала. Хадзіць і ўгаворваць бацькоў змагацца за беларускую школу не хацелася. Не звык Гардзей кланяцца. Зрэшты, трэба пачынаць з першага задання — ствараць ячэйку. А потым падначаленыя яму, сакратару, камсамольцы няхай і выконваюць заданні. Гэтая думка Гардзея суцешыла, і ён, весела насвістваючы, рушыў у свае Крачкі.

17

За два сонечныя сакавіцкія тыдні расталі высокія гурбы снегу, расцякліся зіхоткімі ручаінамі ў сажалкі, нізінкі, паплавы і балотцы. Снег чапляўся за зямлю ў цяньку за хатаю ці пад варотамі, счарнелы і наздраваты, хворы, не падобны да сябе, а свет радаваўся доўгачаканаму цяплу. І душы людзей прыхавана хваляваліся ў прадчуванні росквіту, шчасця, цуда. Гэтак жа пачуваліся і Кірылавы дочкі — Каця і Зося. Праўда, свае сардэчныя хваляванні яны не выказвалі адна адной і паводзілі сябе стрымана. У вольны час чыталі, вышывалі ці шылі сукенкі да Вялікадня. Шыла старэйшая сястра, добрая краўчыха, а малодшая — Зося, дапамагала толькі што-небудзь сфастрыгаваць ці падгарнуць. На большае ў яе не хапала ўседлівасці. Зося бавіла самотныя вечары ў сям’і, хоць і любіла паскакаць ды паспяваць. Каця ж думала пра Гардзея, згадвала, як добра пагутарыла з ім у апошні раз. Яна шмат думала пра новую сустрэчу, што скажа, пра што спытае, быццам размаўляла з ім. Гэтыя ўяўныя дыялогі іншы раз доўжыліся гадзінамі.

Гардзей сапраўды аднойчы завітаў надвячоркам. Каця прыхавала радасна-пераможны агонь у вачах, схіляючыся над шытвом. А Зося адразу пачала ўпраўляцца па гаспадарцы — выцягваць з печы чыгуны і рабіць мешанку свінням. Не хапала ў яе смеласці адкрыта паглядзець Гардзею ў вочы. Як рабіць выгляд, што нічога не здарылася амаль тры гады таму? Здарылася! Нічога не паправіш. І адначасова яна адчувала, што яе няўхільна цягне да гэтага дзецюка, нібы няма побач іншых хлопцаў.

— Як пажываеце, дзяўчаты? — спытаў госць.

— Нічога, дзякаваць Богу, — адказала Каця. — Адкуль ідзеш і куды?

— Іду з дому і проста да вас. Даўно не бачыў, засумаваў, — сказаў ён, з усмешкаю пазіраючы ў вочы Каці, бо Зося ў тую хвіліну выйшла ў сенцы, каб узяць таўкач. — Падумаў нават, ці, крый Божа, не захварэлі часам, што з хутара нікуды не паказваецеся.

— Здаровыя мы! — бадзёра адказала Каця. — На наш хутар зімою рэдка хто забрыдае. І хваробы мінаюць нас.

— Чым жа вы займаецеся?

— Шыю сукенку Зосі да Вялікадня.

— А сабе ці пашыла ўжо?

— Пашыла.

— Як бы я хацеў паглядзець на цябе ў новай сукенцы! Хоць ты мне і ў гэтай будзённай вельмі падабаешся! — сказаў госць з блазнаватаю ўсмешкаю.

Каця пачырванела. Той хлопец, які з першай сустрэчы яшчэ тры гады таму спадабаўся ёй, нарэшце заўважыў яе, ацаніў і нават сказаў пра гэта. Гардзей паглядзеў на русявую Каціну галаву, на маленькі носік, на ўвесь яе далікатны твар і падумаў, што ёй трэба было нарадзіцца не сялянскаю дзяўчынаю, а паненкаю. Яна і шые неяк па-свойму, тонкія пальчыкі трымаюць іголку пяшчотна, як каштоўнасць, увішна ўздымаецца рука над шытвом, шво кладзецца роўненька і гладка.

Зося таўкла бульбу ў вялізным чыгуне, пара запоўніла пакой. Старэйшая сястра незадаволена падняла вочы і сказала:

— Зоська, вынесі бульбу ў сенцы. Усю хату засмуродзіла. Колькі разоў прасіла: не рабі гэтак.

Зося кінула незадаволены позірк на сястру, узяла трапкач, падхапіла вялізны чыгун і панесла да дзвярэй.

— Пачакай, я дапамагу, — падхапіўся Гардзей.

— Не трэба мне ніякіх памагатых, — адказала дзяўчына.

— То хоць дзверы ў сенцы адчыню...

— Адчыні, калі няма чаго рабіць.

— Як ты размаўляеш з чужым чалавекам? — абурылася Каця.

На заўвагу Зося нічога не адказала, падумала: «Чужы чалавек! Гэта табе ён чужы, а мне. Ніяк не разбяруся, чаго ўва мне да яго больш: кахання ці нянавісці.»

Зося заўзята таўкла бульбу, з сілаю раз-пораз апускала таўкач, быццам тым самым забівала свае лепшыя пачуцці да Гардзея. Не, яна не будзе жыць прыгнечаная і расчараваная. Па Вялікадні, як скончыцца пост, пачне хадзіць на вячоркі і будзе скакаць з усімі хлопцамі, а ён няхай паглядзіць. У яе сваё жыццё, і яна нікому не дазволіць яго псаваць.

Даваць свінням есці яшчэ было рана, аднак Зося пайшла ў хлеў, няхай жывёла пахлебча цёплую мешанку і скажа дзякуй маладзейшай гаспадыні. Каця нічога па гаспадарцы не рабіла, насілася са сваёю грыжаю, штораніцы надзявала тугі шырокі пояс, які сцягваў жывот. Уся гаспадарка — на Зосіных руках. А сястра адно кніжкі чытае. Праўда, сукенку Зосі новую шые — і на тым дзякуй.

Калі Зося вярнулася ў хату, Каця з Гардзеем ціха пра нешта гутарылі. Стала няёмка. Яна не ведала, ці сысці, каб не замінаць, ці нахабна слухаць. Няхай ідуць на вуліцу, а хата належыць Зосі таксама. Яна марудна скінула ста­рую світку, павесіла ў парозе, развязала хустку, паправіла валасы, раздумваючы, дзе сесці: на лаве ці пайсці на запечак? Гардзей міжвольна залюбаваўся яе стройнай постаццю і звярнуўся да яе:

— Я, Зося, прыйшоў да вас па справе.

У грудзях у Зосі раптам нешта ўскалыхнулася, сэрца ўсхвалявана закалацілася і заспяшалася насустрач нечаму невядомаму, але ўжо жаданаму, быц­цам і забылася, колькі бяды зведала яно праз Гардзея. Яна напусціла на сябе абыякавасць, села да стала насупраць Гардзея і адважна зірнула яму ў вочы, чорныя, непраглядныя, — яны прыязна ўсміхаліся, нешта невымоўна абяцалі. Зося адвяла позірк, паглядзела на Кацю. Тая старанна шыла.

— Такая ў мяне просьба да вас, дзяўчаты. У свеце людзі жывуць па-рознаму. У нас ёсць дах над галавой, хоць нішчымны, але кавалак хлеба, а ў іншых і гэтага няма. Папрасілі мяне добрыя людзі, а я вас прашу, збіраць сродкі для бедных абяздоленых людзей. Дамо нейкі грош, і, можа, ён выратуе жыццё якому чалавеку. Нам добры наш учынак залічыцца на тым свеце, а мо і на гэтым, — сказаў Гардзей.

— А дзе ж мы будзем збіраць тыя грошы? — здзіўлена спытала Каця.

— Думаю, можна па хатах пахадзіць, можна на вячорках з моладдзю пагаманіць.

— Няёмка неяк. Яшчэ што падумаюць.

— Я магу, — нечакана для сябе самой раптам згадзілася Зося. — І па хатах пахаджу, і ля царквы папрашу, і на вячорках.

— Малайчына, Зоська! Я на цябе вельмі спадзяваўся, — узрадаваўся Гардзей.

— Добра, я таксама паспрабую. Мы з Зосяй заўсёды заадно, — разважліва сказала Каця.

— Дзякую, дзяўчаты! Я яшчэ зайду! Рады быў пабачыцца!

Гардзей падняўся, накіраваўся да дзвярэй.

— Пабудзь яшчэ. Хутка бацька вернецца ад дзядзькі Карпа, павячэраем разам, — прапанавала Каця.

— Дзякую, іншым разам, — адказаў Гардзей і паспяшаўся з хаты.

Каця паглядзела на Зосю з дакорам, спытала:

— Нашто ты згадзілася? Сорам прасіць у людзей грошы!

— Табе сорамна, ты і сядзі дома. Я сама ўсё зраблю, — дзёрзка адказала Зося.

18

Вялікдзень прыйшоў сонечны і ясны. Хоць лістота яшчэ не праклюнулася на дрэвах, вясна цешыла сэрцы і вочы. Святочна ўбраныя крачкаўцы міжвольна пацягнуліся за вёску, дзе на невысокім пагорку расло пяць старых ліп. Сёння на прасторнай палянцы было асабліва тлумна. Прыйшла не толькі моладзь, але сталыя людзі і дзеці. Дзяўчаты вадзілі карагод, а хлопцы, разбіўшыся на гурты, гулялі ў «біткі» ці ў «качанкі». Каця з Зосяй стаялі на ўскрайку паляны, прыглядаліся да вяскоўцаў.

— Можа, сёння пачнём грошы збіраць? — спытала Зося.

— Паспрабуй, — адказала Каця, але ў яе голасе не было ўпэўненасці. — Мне лягчэй сваё аддаць, чым прасіць чужое.

— Мы ж не для сябе просім, а для людзей.

— Мне сорамна, — прызналася Каця.

— А мне не, — адказала Зося. — І я зраблю тое, што паабяцала Гардзею.

Яна рушыла да гурту хлопцаў, што качалі яйкі па жалабку і сачылі, хто выйграе.

— Хрыстос уваскрос, — сказала Зося.

— Сапраўды ўваскрос, — весела адказалі ёй дзецюкі.

— Хлопцы, вось мы тут святкуем, радуемся, а ў свеце ёсць людзі, у якіх няма грошай на бульбіну. Мне даручылі сабраць, колькі змагу, грошай для такіх бедакоў.

— Валачобніца! — хмыкнуў Якуб.

— Паспявай нам, — сказаў Мікола Іванюк, — а мы аддзячым.

— А што ж вам паспяваць?

— Ну, вядома, валачобную песню, — падказаў Якуб.

— А я і не ведаю, якія песні спяваюць на Вялікдзень валачобнікі, — сумелася Зося.

— А хіба ў Расіі не святкуюць Вялікдзень? — здзівіўся Мікола.

— Да рэвалюцыі святкавалі, але я жыла ў прытулку. Там былі свае парадкі. На Вялікдзень нас частавалі белымі булкамі з вішнёвым кісялём. А ў апошнія гады не да булак было. Хоць бы што-небудзь пажаваць.

— Спявай, што хочаш, — сказаў Мікола.

— Ведаю я адну песню. Яе некалі мая мама спявала.

Зося азірнулася, пашукала вачамі Кацю, убачыла яе зводдаль, пад ліпаю. Сястра старалася застацца незаўважанай.

— Каця, хадзі сюды, дапаможаш, — клікнула яе Зося.

— Мы падцягнем, — паабяцаў Мікола.

Каця падышла, насцярожана паглядзела на хлопцаў. Зося звонка зацягнула старадаўнюю песню:

Вой, ляцела зязюлечка Цераз круту гору. Не выжала пшанічанькі, Выжала палову. Нашто мне тая палова, Як зерня не маю, Нашто мне жыць на свеце, Як мамы не маю?

Каця падцягвала другім голасам. Да дзяўчат далучыліся хлопцы, спявалі стройна і зладжана, прыслухоўваючыся адзін да аднаго, каб не збіцца і не сапсаваць песню.

Сем раз ваду прыносіла З сіняга Дунаю. Сем раз ваду прыносіла, Восьмы напілася, Каб я мела родну маму, Я й не журылася б.

Зося вяла пранікнёна, бо песня была нібы пра яе. Яна адчула, што зараз заплача ад жалю да сябе, таму зажмурыла вочы, з-пад павек выкаціліся дзве буйныя слязіны. Зося змахнула іх, усміхнулася і працягвала спяваць:

Прыйшла яна на могілкі, Ды стала плакаці: Прыйдзі, прыйдзі, родна мама, Косы расчасаці. Ідзі, доня, дадоманьку, Сядай вячэраці. А я прыйду па вячэры Косы расчасаці.

Паступова вакол спевакоў сабраліся людзі, якія таксама ўцягваліся ў песню, тужлівую, сардэчную. І хутка ўзгорак пад ліпамі і ваколіца напоўніліся моцнымі галасамі, з’яднанымі кранальнаю песняю пра сірочую долю.

Пайшла доня дадоманьку, Стала вечараці, Ждала, ждала родну маму, Дый стала плакаці.

— Вой дзяўчаты, каб на вас шчасце вялікае, у свята ў жальбу ўвялі, — сказала нейкая маладзіца, выціраючы вільготныя вочы.

— Яны не проста так спявалі. Гэта ж валачобніцы! Давайце па грошыку, добрыя людзі, на добрую справу, — весела сказаў Мікола і першы паклаў на Зосіну далонь манетку.

Тыя, хто меў пры сабе якія дробныя грошы, таксама падалі іх дзяўчатам. Зося дастала з рукава вышываную насовачку, высыпала грошы ў яе, было відно, што засталася задаволеная. Калі ўсе разышліся працягваць свае гульні, а Зося з Кацяй засталіся ўдзвюх, да іх наблізіўся Гардзей.

— Малайцы, дзяўчаты, добра прыдумалі, — пахваліў ён.

— Гэта ўсё Зося, я і не здагадвалася, што яна такая адважная, — сказа­ла Каця, яе блакітныя вочы свяціліся. — Уяўляеш, як артыстка, яшчэ і запла­кала.

— Я ж не знарок, так атрымалася, песня на душу легла. Трымай, Гардзей, — сказала Зося і аддала насоўку, у якую былі загорнуты сабраныя грошы.

— Можа, яшчэ пазбіраеце? — спытаў Гардзей.

— Пазбіраем, як дажывём да якога-небудзь новага вялікага свята. А на сёння з мяне хопіць, — адказала Зося.

Вочы яе раптам зрабіліся сумныя, яна паглядзела ўдалячынь і зноў адчула, што зараз заплача. Каб не выдаць свой настрой, сказала Каці, хаваючы позірк:

— Свята святам, а мне пара гаспадарку ўпраўляць.

— Бацька ж дома застаўся, управіцца.

— Бацьку таксама трэба калі-небудзь адпачыць. Ты заставайся, пабудзь сярод людзей, а я пайду.

— Разам прыйшлі, разам і дамоў пойдзем, — адказала Каця, заўважыўшы, што Гардзей ужо адвярнуўся да хлопцаў.

Дзяўчаты вадзілі карагод і спявалі. Хлопцы спрабавалі на зуб яйкі, правяралі, ці не падробка, налітая волавам, дамаўляліся, хто будзе біць, хто трымаць. На тоўстай галіне старой ліпы дзеці гушкаліся на арэлях. Зося пагля­дзела на іх і раптам сказала:

— Як бы я хацела ўзляцець высока-высока, пад самыя хмары!

— Ага, высока ўзляціш, балюча падаць будзеш. Табе не здаецца, што гэты Гардзей выкарыстаў нас?

— У якім сэнсе? — здзівілася Зося.

— У простым. Мы сабралі грошы, аддалі яму, а што далей?

— А што ты хочаш?

— Ну, не ведаю. Падзяку нейкую.

— Бог аддзячыць, — лёгка адказала Зося.

19

Гардзей апошнім часам пачуваўся радасна і трывожна. Ягонае імя трапіла ў спіс кандыдатаў у дэпутаты гміны. Гэтым ён быў абавязаны найперш Маркевічу і тым людзям, якія стаялі за ім. Яны рыхтавалі не толькі патрэбныя паперы, але агітавалі сялян. Удзел у працы гміны мог бы паўплываць на жыццё тутэйшага люду, бо праз прадстаўніцтва ва ўладзе можна было вызначаць памер бюджэту воласці і збораў за карыстанне месцам на рынку, за арэнду памяшкання, прыняць разумнае рашэнне наконт выкарыстання зямлі, займу ды ці мала яшчэ што. Аднак у Гардзея былі свае планы. Яму карцела стаць не проста радным гміны, а войтам. У выпадку дасягнення гэтай мэты можна было выставіць сваю кандыдатуру дэпутатам сейма, выбары якога чакаліся ў 1928 годзе. Ён дамовіўся сустрэцца з Захарам Маркевічам у нядзелю на вячорках, каб абмеркаваць далейшае.

У нядзелю яшчэ да змяркання моладзь сабралася пад ліпамі. Хлопцы стаялі асобным гуртам, курылі, жартавалі. Дзяўчаты сядзелі на бервяне і спявалі. Гардзей кінуў позірк спачатку на хлопцаў, пасля на дзяўчат, як бы выбіраючы, да якога гурту далучыцца. Аднак спярша пайшоў да хлопцаў. Маркевіча пакуль не было. Гардзей вырашыў, што гэта да лепшага — у прыцемку лягчэй гаварыць. Чым менш людзей будзе ведаць пра тое, што ён мае стасункі з Заха­рам Маркевічам, тым будзе лепей. Зрэшты, маглі б яны сустрэцца дзе-небудзь у лесе, дык мо і зусім сведак не было б, але ж Захару трэба пакрасавацца перад людзьмі, правесці, як ён сам кажа, масоўку, раздаць лістоўкі. Не асцерагаецца, што знойдзецца разумнік, які захоча выслужыцца перад уладаю, тады бяда нашаму змагару.

Здалёку пачуўся меладычны голас гармоніка. Моладзь адразу павярнула галовы ў той бок, чакала, нахвальваючы гарманіста Сымона Чмяля. Хлопец толькі нядаўна вярнуўся з войска, засумаваў па роднай вёсцы і цяпер пры кожнай нагодзе браў у рукі гармонік, цешыў землякоў вясёлым граннем. З’яўленне музыкі перамяшала дзявочы і хлапечы гурты. Моладзь парамі кінулася ў агністую польку, пасля загучаў павольны вальс, даючы нядоўгі роздых.

Гардзей і не заўважыў, калі ў час «сербіянкі» на сярэдзіну гурту выйшла Зося, заспявала прыпеўку, павольна ўзмахнула рукою з вышыванаю хусцінкаю і затупацела нагамі, гнуткая, стройная, як бярозка, што вырасла пры дарозе. Ён міжвольна залюбаваўся дзяўчынаю. Бадай, яе шэры касцюмчык з белаю блузкаю не надта пасаваў да гэтага народнага танца, але затое вылучаўся сярод паласатых андаракоў ды вышываных кашуль. Зося не была прыгажуняю, але ў ёй палаў невынішчальны прыродны агонь жыцця, які і рабіў яе непадобнаю да іншых, асабліваю, прыцягальнаю. Гэты агонь разбудзіў у памяці Гардзея даўняе перажытае пачуццё, прымусіў устрапянуцца, наліцца прагаю жадання.

Калі змерклася, прыйшоў Маркевіч, як звычайна сказаў кароткую прамову пра тое, як прыгнечаны люд змагаецца супраць польскіх акупантаў, раздаў некалькі лістовак. Паспрабаваў праспяваць «Інтэрнацыянал», але моладзь гэтай песні не ведала. Голас у Маркевіча быў слабы, ён абарваў свае спевы, загадаў гарманісту:

— Падыграй!

Гарманіст націскаў гузікі, рыпаў гармонікам, але падабраць мелодыю не здолеў. Маркевіч незадаволена махнуў рукою і крыкнуў:

— Гуляйце!

Гардзей схаваўся за ліпу, Захар спытаў у хлопцаў, ці не бачылі Гардзея. Яму адказалі, што бачылі, быў тут, хіба мо з якою дзеўкаю ў карчы адышоў. Захар накіраваўся ўбок сваёй вёскі. Тут яго і дагнаў Гардзей.

— Ты тут? А я збіраўся паўшчуваць за парушэнне дысцыпліны.

— Я ўвесь час быў тут, прамову праслухаў, хораша ты гаварыў.

Маркевіч, усцешаны пахвалою, не стаў больш марнаваць час на папрокі, растлумачыў, як належыць паводзіць сябе Гардзею да выбараў у гміну.

— Малайчына, што не выстаўляешся на людзях. Ты цяпер павінен быць, як цнатлівая дзеўка перад вяселлем. Каб ні вяскоўцы, ні ўлады не мелі да цябе ніякіх прэтэнзій.

— А як жа агітацыя за беларускую школу? — пацікавіўся Гардзей.

— Пакінем гэтую справу на восень. Не турбуйся. Рыхтуй новых камсамольцаў. Яны ўсё зробяць.

— А дзяўчат можна прымаць?

— Сустракаў я ў Берасці дзвюх рэвалюцыянерак. Разумееш, гэта такія жанчыны.

Маркевіч задумаўся, падбіраючы патрэбныя словы.

— Жалезныя бабы! Ім хоць макаўку растаўчы, будуць маўчаць. Нікога не выдадуць! Загартаваныя! Сярод вясковых такіх не знойдзеш. Нашы пачнуць плакаць, галасіць, усё раскажуць. Святая прастата.

— Сапраўды, лепш абыходзіцца без дзяўчат, — згадзіўся Гардзей. — Хоць, калі табе прызнацца шчыра, дык дзве красуні дапамагалі мне агітаваць за беларускую школу. Няблага ў іх гэта атрымлівалася, і грошай трохі сабралі для рэвалюцыянераў свету.

Гардзей дастаў з кішэні грошы і аддаў Маркевічу.

— Што за дзяўчаты?

— Кірылы Барэйшы дочкі.

— Ну, не дзіўна. Гэтыя ж былі ў Расіі ў эвакуацыі, напэўна, пранікліся там рэвалюцыйнымі ідэямі, — выказаў здагадку Захар. — Што ж, малайчы­на, што работу памалу вядзеш. Летам, бадай, у нас будзе зацішна, а ўвосень з’явіцца шмат працы. Ну, бывай здаровы.

Захар моцна паціснуў на развітанне руку Гардзею, быццам выпрабоўваючы яго моц, але ў адказ атрымаў такі ж магутны поціск.

— Мацак! Малайчына, — задаволена засмяяўся Захар.

— А ты думаў, што ў Крачках зломкі жывуць? — адказаў Гардзей, узмахнуў рукою на развітанне і пашыбаваў туды, дзе заліваўся гармонік.

Зося стаяла за спінаю гарманіста і абмахвалася хустачкаю. Каця размаўляла з Гэляю. Гардзей наблізіўся да Зосі, абняў яе за стан, прашаптаў на вуха:

— Адыдзем. Трэба пагаманіць.

Зося здзіўлена павярнула да яго твар, паўзіралася, нібы спрабуючы зразумець, што яму трэба, пасля паслухмяна пайшла з ім убок карчоў. Калі адышлі ад ліп так далёка, што і музыка была ледзь чуваць, Зося спытала:

— Куды ты мяне вядзеш?

— Не ведаю. Проста іду абы-куды. Хачу табе хустачку аддаць, у якую ты сабраныя грошы закручвала.

— Не варта было турбавацца. Пакінь сабе на памяць.

— Дзякую. Але на памяць я хачу пакінуць сабе нешта іншае.

— Што? — цікаўна спытала Зося.

— Зоська, я так засумаваў па табе, — сказаў Гардзей, абняў дзяўчыну і пачаў горача цалаваць.

Яна не вырывалася, прытулілася да яго, забываючы пра мінулыя крыўды і нягоды, аддаючыся ва ўладу пачуцця і ягоных дужых рук. Яны доўга цалаваліся і ніяк не маглі наталіць тую смагу, якая выспела за доўгі час расстання.

— Давай прысядзем, — прапанаваў ён, рассцілаючы на траве кіцель.

— Толькі не доўга, бо там Каця з Гэляю будуць мяне шукаць.

— Пашукаюць і не знойдуць, мы добра схаваліся, — засмяяўся Гардзей. Яны селі. Зося зноў апынулася ў жаданых абдымках, з якіх у яе не было ні сілы, ні жадання вырывацца. Гардзей кахаў яе, а яна дзеля гэтага кахання была гатовая на ўсялякую ахвяру. А зрэшты, зараз яна ні пра што не думала, проста існавала гэтаю шчасліваю ноччу і хацела, каб яна доўжылася вечна.

20

Каця прымярала Гэлі вясельныя строі, любавалася прыгожаю паставаю стрыечнай сястры, ганарылася сваёю працаю. Сукенка з белага тонкага батысту з карункавым каўнерыкам выглядала вельмі хораша і далікатна.

— Ты будзеш самая прыгожая на вяселлі, — сказала швачка задаволена.

— Чаму ж мне не быць прыгожай? Я ж не Марфа, што спачатку пуза нагуляла, а пасля замуж пайшла.

— Няўжо? — здзівілася Каця.

— Пуза выперла ўжо вялізнае, твар зрабіўся рабы, брыдкі.

— І чыя ж гэта работа? Якубава?

— Не, кажуць Гардзеева.

— Не можа гэтага быць! — абурылася Каця. — Плёткі збіраеш, абы добрага чалавека ачарніць.

— Людзі кажуць, што Марфа, калі зацяжарала, пайшла да Гардзея і ўсё яму расказала, а ён не захацеў прызнаць сваё дзіця. Тады яна хуценька і пабралася з Якубам.

— Такія распусніцы самі падстаўляюцца, каб хлопца захамутаць, а потым шукаюць вінаватых, — сказала Каця і памеціла іголачкай, дзе трэба было падгарнуць прыпол. — Так не коратка будзе?

— Рабі даўжэйшую, бо ў мяне чаравікі стараватыя.

Зося моўчкі назірала за сёстрамі і пакутліва думала пра сваё. Яна адчувала, што пасля апошняй сустрэчы з Гардзеем таксама зацяжарала і зараз не ведала, што рабіць. Калі пачула пра Марфіну гісторыю, зразумела: прасіць парады ці дапамогі ў Гардзея няма сэнсу. Ён любіць толькі сябе, а дзяўчатамі карыстаецца пры зручным выпадку. Цяпер яна вельмі шкадавала, што дазволіла авалодаць сабою. Гэта здарылася нечакана для яе самой. Зашаптаў, замілаваў Гардзей яе душу, а яна вельмі прагнула ягонай пяшчоты і кахання, таму і не цяміла, што робіць. Ды хіба ж можна хоць у чым-небудзь адмовіць каханаму чалавеку?

«Ні мамы няма, ні другой якой блізкай душы, хто б даў добрую параду. Няўжо ж мне зноў шукаць якой пагібелі? А ён будзе жыць ды дзяўчат любіць і не заплача на магіле, — з жалем падумала Зося. — Куды падзецца ад ганьбы? Бедная я, няшчасная. Мяне ж Каця загрызе, а бацька наогул з хаты прагоніць. Не будзе мне жыцця ні дома, ні ў вёсцы. Усе ад мяне адвернуцца. І толькі з-за дзіцяці, якое завязалася з-за вялікага майго кахання. Несправядліва гэта, несправядліва... Калі ніхто не жадае, каб маё дзіця з’явілася на свет, дык і я не павінна жадаць яго. Трэба пайсці да якой знахаркі, мо чым дапаможа. Хаця б да той жа Каваліхі. Аднойчы яна выратавала мяне.»

— Зося, Зося! Што з табою? Ці ты заснула? — Каця клікала сястру, а тая глядзела некуды перад сабою і быццам нічога не чула.

— Не заснула. Чаго табе? — вярнулася да рэчаіснасці Зося.

— Паглядзі, ці роўны прыпол, — папрасіла Гэля.

— Роўны, роўны, — абыякава адказала Зося, паднялася з лавы і пайшла з хаты.

— Што гэта з ёю? — спытала Гэля.

— Бог яе ведае. Ходзіць ужо з тыдзень, як прыгаломшаная.

Зося зайшла ў камору, знайшла ў куфэрку чатыры злотыя, якія хавала яшчэ з таго часу, як прыехала з Варшавы, і пашыбавала ў суседнюю вёску да Каваліхі. Яна была перакананая, што толькі гэтая жанчына магла выратаваць яе ад ганьбы і гневу блізкіх людзей. Дзяўчына не сумнявалася, што сястра і бацька любяць яе, але і яна сваімі паводзінамі павінна адпавядаць іхнім уяўленням пра маральнасць. Калі ж адважыцца парушыць пэўныя забароны, дык літасці не будзе. Ганьба дачкі кладзецца на ўсю сям’ю. Ды і сама яна разуме­ла, што не мае права нараджаць дзіця без шлюбу. Гэта вялікі грэх.

Зося не помніла, як дайшла да хаты Каваліхі. І калі б у яе спыталі, што яна бачыла ў дарозе, напэўна, дзяўчына не здолела б нічога ўспомніць, настолькі была ахоплена гаротнымі думкамі. Некалі яе мама, аддадзеная замуж без кахання, нарадзіла тры дачкі: адна з якіх утапілася малою, Каця была хваравітая з маленства, а Зося хоць удалася знешнасцю і здароўем у бацьку, адчувала сябе няшчаснаю з-за няўдалага кахання. Невыносна балела яе душа і не знаходзіла сабе адхлання.

Каваліха сустрэла дзяўчыну прыязна, усміхнулася, заглянула ў вочы і спалохана спытала:

— Што з табою, дзіцятка? Пакрыўдзіў хто?

— Сама сябе.

— Як гэта? А, разумею. З хлопцам не ладзіцца. Прычараваць трэба?

— Зацяжарала я, паратуй, цётачка, — заплакала Зося і прыпала да цётчынага пляча.

— Годзе, годзе плакаць. Даўно цяжарная?

— Не, трохі больш за месяц.

Цётка акінула яе позіркам і спытала:

— Можа, гэта і не цяжарнасць, а так затрымка.

— Не ведаю, цётачка. Зрабіце што-небудзь, бо рукі на сябе накладу.

— Пачакай паміраць раней часу. Смерць лепш ведае, каго і калі забраць. Скажы мне, а той раз, як табе было блага, таксама з-за яго?

Зося моўчкі гаротна кіўнула галавой. Каваліха правяла даланёю па яе галаве і сказала спачувальна:

— Бедная сірацінка, няма маці, няма каму цябе розуму навучыць. Паслухай мяне, ніколі не падпускай да сябе гэтага хлопца, нічога, акрамя няшчасця, ён табе не прынясе.

— Дзякую, цётачка, я і сама думаю, што больш у яго бок ніколі не гляну. Але што ж мне цяпер рабіць?

— Дзіця не хочаш нарадзіць? Усё мінецца, а дзіця застанецца.

— Баюся. Што бацька. сястра. людзі. Жах падумаць, — Зося затуліла твар далонямі, заплакала.

— Не плач. Годзе. Гора прыйшло і пойдзе. Глядзі на гэтую зёлку. Зязюліна мыла называецца. Расце на балоце, — паказала Каваліха некалькі каліў засушанага зелля.

— Ведаю, ведаю, — сказала Зося.

— Нарві, завары і папі ўзвар тыдзень па паўшклянкі тры разы на дзень, дасць Бог, і паможа.

— Дзякую, цётачка.

— За гэта дзякуй не кажуць. Запомні, пі не больш як тыдзень, бо сплывеш крывёю.

— Добра, добра. Я тут прынесла колькі злотых. — сказала Зося і мітусліва стала разгортваць хустачку, у якую былі загорнуты грошы.

Каваліха спыніла яе рухам рукі, кусцістыя бровы навіслі над глыбокімі старымі вачамі, якія пазіралі сурова. Яна сказала, як адрэзала:

— За такую дапамогу плату не бяру. Абедзвюм нам — грэх вялікі. Маліся, дзевачка, Бог літасцівы. Ён даруе. Трымай зелле, каб не пераблытала.

— Цётачка, каб не ты, я б, напэўна, памерла б.

— Ідзі з Богам. Ідзі.

Зося выйшла з хаты, паглядзела на сонца. Яно яшчэ было высока. Дзяўчына спачатку накіравалася да свайго хутара, а на паўдарозе завярнула да балота. Ішла і маліла Бога, каб нікога не сустрэць, ды каб удалося знайсці ёй зязюліна мыла, якое вымые з яе ўлоння Гардзеева насенне, адвядзе бяду і дазволіць жыць далей.

21

Гэліна вяселле гулялі пасля Пятровага посту. Гасцей было мала, хутаранец Карп запрасіў толькі самую блізкую радню, аднак пад вечар на музыку найшла моладзь з Крачкаў і Сцяблова. І як было не прыйсці? Сваю дзяўчыну аддавалі ў далёкую вёску, цяпер гады ў рады сустрэнешся. Зося памагала цётцы Агатэлі, цэлы дзень круцілася, бы вавёрка ў коле, падносіла свежыя стравы, прыбірала брудны посуд, мыла міскі. Не весела ў яе было на душы. Папіла зелле, якое нараіла Каваліха, дык два тыдні страшэнна балелі жывот і паясніца. Некалькі дзён Зося не ўставала з запечка, знясілела зусім ад страты крыві і болю, аднак не скардзілася ні сястры, ні бацьку. Чакала, што Бог дасць. Але варта ёй было ўявіць, што труну з яе целам апускаюць у зямлю, сэрца сціскалася ад жудасці. Паступова боль адступіўся, дзяўчына супакоілася, вярнулася да звычайнага жыцця, толькі не было ў сэрцы ранейшай радасці, яно, як прывялая кветка, абыякава і асуджана ўспрымала свет. Амаль два месяцы яна не бачыла Гардзея. Ні разу ён не наведаў іхні хутар. Зося зразумела, што ён проста карыстаецца ёю, як бяздумнаю дурніцаю, і весела жыве сабе далей. Няма яму ніякае справы да яе турбот і няшчасцяў. Адна ноч — разам, а потым зноў расстанне на доўгія месяцы. «Няхай жыве! Няхай жыве, як хоча! Больш я ніколі нават не зірну ў ягоны бок! — з крыўдаю думала Зося. — Праўду казала цётка Каваліха, ён мне толькі бяду прыносіць».

Кацю таксама турбавала тое, што Гардзей забыў дарогу на іхні хутар, яна нават іншы раз пыталася ў Зосі:

— Чаму гэта Рахуба да нас не заходзіць?

— Ён жа твой залётнік. Адкуль я магу ведаць, — з’едліва адказвала Зося.

Каця не пярэчыла. Ёй сапраўды здавалася, што Гардзей заляцаецца да яе.

А чаму б і не? Яна і з твару нябрыдкая, і шмат цікавых кніжак прачытала, з ёю ёсць пра што пагутарыць, і швачка добрая. Хоць вяскоўцы і мала шыюць з крамнай тканіны, але ж як з’яўляецца патрэба пакроіць ці пашыць нешта далікатнае, дык ідуць да Каці.

Без Гардзея дні цягнуліся бясколерна і сумна. Хоць працы было шмат на гаспадарцы, але рабілася яна без ахвоты і настрою. Нават тут, на вяселлі, Зося хоць і ўсміхалася гасцям, але гэта была сумная ўсмешка. Дзяўчына адчувала сябе непатрэбнаю, як на чужым свяце.

Цётка Агатэля толькі недзе пад вечар стомлена сказала Зосі:

— Ідзі да моладзі. Хопіць таўчыся са мною. Ужо ўсе напіліся і наеліся, той-сёй за сталом нават носам клюе.

— Мне тут лепш, — сумна ўсміхнулася Зося.

— Што з табою, дзіця?

— Нічога. Стамілася за дзень.

— Якая стома ў маладосці? Ідзі польку паскачы — уся стома атрасецца.

— Пайду, бадай.

Зося выйшла на двор. Каля хаты заліваўся гармонік, п’янаватыя дзядзькі і цёткі спрабавалі танчыць, але куды ім было да маладых, якія скакалі з такім імпэтам, што толькі пыл курыўся з-пад ног. Зося не паспела агледзецца, як нехта падхапіў яе пад руку. Яна зірнула і аслупянела. Гэта быў Гардзей.

— Чаго ты спалохалася? — засмяяўся ён.

— Нічога, — злосна падціснула вусны Зося.

— Пойдзем, паскачам.

— Не хачу.

— Ну, чаго ты? Мы так даўно не бачыліся, — Гардзей бліснуў роўнымі белымі зубамі, нахіліўся да яе вуха і прашаптаў. — Ты не ўяўляеш, як я па табе засумаваў!

Зося паспрабавала вырваць сваю руку з ягонай, але Гардзей трымаў моцна.

— Пусці, бо зараз бацьку паклічу, вунь ён стаіць, — злосна сказала Зося.

Гардзей расчаравана выпусціў яе руку, паціснуў плячыма, сказаў:

— Што на дзеўку найшло?

Зося стала ля плота. Гардзей тым часам запрасіў на вальс Кацю. Яны закружыліся ў павольным танцы. Каця была ў прыгожай паркалёвай сукенцы, на чырвоным полі красаваліся белыя рамонкі і сінія званочкі. Кветкі проста гарэлі ў вечаровых промнях.

«Няхай скачуць, а я сваё адскакала. Грэх на мне вялікі.» — падумала Зося і пайшла. На момант ёй здалося, што сілы зусім пакінулі яе. Як старая бабуля, прыгорбіла спіну, села на лаўцы каля сваёй хаты, ні пра што не дума­ла, глядзела перад сабой і бачыла, як калышацца быльнёг пры дарозе. «Вось так і я жыву беспрытульна, хілюся туды, куды лёс паверне. І не ведаю, у які бок ісці, дзе мяне чакае бяда, а дзе заблудзілася маё шчасце».

Здалёку пачуліся ўзбуджаныя галасы. Зося вызвалілася ад здранцвення, паглядзела ў той бок і ўбачыла Гардзея і Кацю. Дзяўчына паднялася, пайшла ў двор, не ведаючы, куды ёй схавацца ад гэтага ненавіснага і невыноснага Гардзея. Яна адамкнула дзверы, убегла ў хату, пачала варочаць чыгуны, дастаючы іх з печы, прынесла карыта з сяней, стала рыхтаваць мяшанку. Усё чакала, што Гардзей і Каця вось-вось увойдуць у хату, а яны пастаялі каля весніц, і Зося нават не заўважыла, у які бок пайшлі. Яна выбегла ў двор, але блізарукія вочы нічога не маглі разгледзець у вечаровай смузе. Яна выцерла слёзы крыўды і адчаю, вярнулася ў хату, думаючы, што Кацю ён не абдурыць. Ды і сама сястра хіба адважыцца развязаць свой пасак, які ахоўвае яе падарваны жывот. «Не, не на тую нарваўся. Каця будзе стаяць, як сцяна. Ростам малая, затое дух мае нязломны. Хоць, хто яго ведае, як яна здолее супрацьстаяць каханню?»

Зосю зараз больш турбавала, як паставіцца Гардзей да Каці. Раптам ён захопіцца ёю? Яна ж знешне прывабная і разумная, каму хочаш галаву задурыць.

22

Сонца зайшло. Толькі на захадзе неба яшчэ свяцілася чырванню, як шчака маладзенькай дзяўчыны, якую ўпершыню пацалаваў закаханы хлопец. Зямля апускалася ў млявасць летняе ночы, кароткай і ціхай. Над поплавам рассцілаўся пульхны сувой туману. Гэта быў час спакою, калі птушкі аціхлі ў гнёздах, толькі назойлівы камар, шукаючы спажывы, часам з галодным зумканнем азываўся каля вуха. Гардзей ішоў па траве, акрытай вечаровай расой, Каця побач — па вузкай сцежцы. Ішлі няспешна, удумліва вялі гаворку, прыглядваючыся адно да аднаго. Вусны дзяўчыны час ад часу расквечваліся прыязнаю ўсмешкаю, гэта заспакойвала Гардзея. Ён разумеў, што падабаецца ёй. І гэтага было ўжо дастаткова. Сур’ёзная і абачлівая Каця, як здавалася яму, была процілегласцю вясёлай і няўрымслівай Зосі. Калі старэйшая сястра хацела прадбачыць усё наперад, малодшая жыла адным імгненнем, загаралася шчасцем, як запалка, і згасала пры няўдачах, але новая радасць здатная была адрадзіць яе душу зноў.

Гардзея не хвалявала, што адбываецца з Зосяй, чаму яна пазбягае яго. Ён жа ёй у каханні не кляўся. Яму не хацелася прывязвацца да некага душою. Наперадзе яго чакалі невядомыя, але, ён спадзяваўся, вельмі добрыя падзеі. У прадчуванні іх Гардзей ашчаджаў душу, бярог сілы, каб дзейнічаць у новых умовах.

— Кажуць, цябе вылучылі кандыдатам у дэпутаты гміны? — спытала Каця і з цікавасцю заглянула яму ў вочы.

— Так, — і на твары Гардзея адбілася ўпартасць і, як падалося Каці, ганарыстасць.

— Для цябе гэта важна?

Гардзей адказаў не адразу, памаўчаў, а потым загаварыў, узважваючы кожнае слова. Ён упарта вучыўся гаварыць нетаропка, нешматслоўна, каб слухач змог глыбока зразумець ягоную думку.

— Думаю, што гэта важна нам усім, вяскоўцам, малапісьменным ці непісьменным людзям. Мы ж не дурнейшыя за паноў і асаднікаў, якія засядаюць у гміне. Іх па пальцах можна пералічыць, а яны трымаюць у руках лейцы і кіруюць тысячамі бедных людзей, абіраючы іх да ніткі. Сялянскія дзеці не маюць магчымасці ні вучыцца, ні набываць прафесіі, бо гэта каштуе вялікіх грошай. Як людзі праваслаўныя мы не можам сякераю зганяць багацеяў з прыбытковых месцаў. Трэба спрабаваць законным шляхам браць тое, што належыць нам. З-за сваёй непісьменнасці і недасведчанасці мы ж нават не ведаем ні законаў, ні сваіх правоў. А калі паглядзець, скуль узяліся гэтыя паны ды падпанкі? Набрыдзь нейкая панаехала з Польшчы!

Гардзей пачынаў губляць раўнавагу, у голасе ягоным стаў прарывацца гнеў і нянавісць да прыхадняў:

— Асаднікі атрымалі па сорак і болей гектараў зямлі. За што? Ці бачыце, яны Польшчу баранілі! Дык няхай бы іх Польшча і ўзнагародзіла сваёй зямлёю. Не, яны нашу знайшлі!

— Я цалкам згодная з табою, Гардзей. Але ж ці ўдасца табе перамагчы, — выказала сумненне Каця.

Гардзей засмяяўся нервовым смехам.

— А гэта, даражэнькая, ужо залежыць ад вас, выбаршчыкаў. Прагаласуеце за мяне ці мо аддасце перавагу асадніку...

— Безумоўна, за цябе, — адказала Каця.

— Ну, вось і выдатна, я магу разлічваць на поспех, — прамовіў Гардзей, спрабуючы абняць Кацю, але яна выслізнула з-пад яго рукі.

— Гэта цяпер для цябе галоўнае? — спытала яна.

«Яе так проста не прыгорнеш. Ёй, напэўна, спярша трэба прынесці клят­ву на вернасць», — незадаволена падумаў Гардзей. Хаваючы прыкрасць у душы, ён напусціў на сябе сур’ёзнасць і адказаў:

— Галоўныя для мяне цяпер маці-радзіма і бацька-народ, а яшчэ вера ў Бога, бо толькі на ягоную дапамогу я магу разлічваць у жыццёвых нягодах. Можа здарыцца, што і радзіма адвернецца, і народ не зразумее, а Бог прыме кожнага. Гаворыцца ж у Бібліі, што «Ідзе Гасподзь выкрыць усіх нячыстых ва ўсіх жорсткіх словах, якія прамаўлялі на яго бессаромныя грэшнікі».

— Усё наша вернецца нам па справах нашых, — згадзілася Каця.

Гардзей здзіўлена зірнуў на дзяўчыну і сказаў:

— А ведаеш, ніколі яшчэ ў жыцці не сустракаўся мне чалавек, які б так разумеў мяне.

— Часам і я чытаю Біблію.

— А я думаў, што цябе цікавяць толькі любоўныя раманы.

— Раманы, між іншым, я больш люблю гістарычныя, але і любоўныя — таксама. А цікавасць да Бібліі ў маёй душы абудзіў ты. Я спрабую зразумець цябе, твае парыванні.

— О, калі сказаць папраўдзе, дык я і сам сябе далёка не заўсёды разумею.

— Я гатова табе дапамагчы, — сказала Каця, і хітры агеньчык мільгануў у яе вачах.

— Паспрабуй. Як ты гэта зробіш?

Гардзей апантана ўцягваўся ў гульню, якую прапанавала яму дзяўчына. Зрэшты, абаім абрыдла сур’ёзная гутарка. Хіба для гэтага даюцца цёплыя і ціхія вечары?

— Калі ты збіраешся жаніцца? — спытала Каця.

— Не ведаю. Мне спачатку трэба пааддаваць замуж сясцёр, ды і ў мяне ж яшчэ і дзяўчыны няма.

— Дзяўчат у цябе цэлая вёска! Шмат хто гатовы пакахаць цябе.

— Каханне — рэч узаемная, даецца адно на дваіх, — заўважыў Гардзей.

— Няўжо ты яшчэ не кахаў?

— Не. Праўда, здараліся іншы раз залёты. Нічога сапраўднага. Але, Каця, больш я табе не скажу ні слова. Ты ж не поп. Не жадаю спавядацца, а хачу цалавацца.

Гардзей ашчаперыў Кацю, пацалаваў у вусны. Яна сумелася ад нечаканасці і сказала з папрокам:

— Ты ж мяне не кахаеш. Тады навошта.

— Цалавацца я магу і без кахання, — засмяяўся Гардзей.

— Без кахання? — разгублена перапытала Каця.

— А што тут такое, калі што якое.

Каця адступіла на два крокі, непрыязна паўзіралася ў твар хлопца, раптам павярнулася і хутка пайшла ў бок сваёй хаты.

— Каця, ты чаго? Пакрыўдзілася? Я ж нічога благога не думаў, — пачаў апраўдвацца Гардзей, дагнаўшы Кацю. — Ты дзяўчына, я хлопец. Гэта ж звычайная справа. Мы ж нават ворагаў сваіх павінны любіць, а што ўжо да бліжняга, дык гэта ж зусім не забараняецца!

— Я ў такім разе не хачу быць тваёй бліжняй. Лепш буду дальняй!

Гардзей пасміхнуўся сам сабе і вырашыў перавесці ўсё ў жарт.

— Ты ведаеш, што ў Бібліі напісана на гэты конт?

— Што? — спытала і спынілася Каця.

— Падумай сама, калі мы будзем любіць толькі тых, хто любіць нас, якая ж нам будзе ўзнагарода? Я абавязаны любіць усіх, — з пафасам заявіў Гардзей.

Каця памаўчала, быццам спрабуючы схаваць свой гнеў, але не стрымалася і прамовіла са злосцю:

— Любіць ты можаш увесь свет, а кахаць толькі адну! Гэтаму цябе вучыць бацька-народ, які стварыў два словы ў нашай мове: любоў і каханне. Нават маці-радзіму не кахаюць, ёй дастаткова любові. І Богу патрэбны твая любоў і вера. А цалаваць дзяўчыну ты можаш толькі тады, калі пакахаеш яе.

— Кацечка, як жа я яе пакахаю, калі не пацалую, — жаласліва прастагнаў Гардзей.

— Не блазнуй і не праводзь мяне. Дарогу дамоў і ўпоцемку знайду, не сляпая.

— Не, ужо дазволь, я правяду цябе туды, дзе ўзяў.

— Як хочаш, — абыякава адказала Каця.

«Бач ты, як вылезла Кірылава парода! Якая гарачая, які імпэт, толькі прыхаваныя пад разважлівасцю. Парода ёсць парода, — думаў Гардзей, ідучы побач з маўклівай і пакрыўджанай Кацяй. — Нічога, не апошні дзень жывём на свеце. У нас яшчэ будзе час упэўніцца, хто мацнейшы і разумнейшы».

— Дзякуй, што правёў, — сказала Каця, праходзячы ў свой двор.

— Пачакай, — папрасіў Гардзей.

— Бывай, — адказала яна з цемры, ужо адчыняючы дзверы ў хату.

«Няўжо не ўдасца скарыць гэту цнатліўку? — падумаў з запалам. — Не адкруціцца! Сама прыпаўзе. Будзе маліць. Вазьмі мяне! А я не вазьму! Не, зрэшты, магу і пакарыстацца».

Гардзей засмяяўся і, насвістваючы, падаўся ў бок Крачак па палявой сцежцы, абапал якой цягнулася духмянае жыта. Яно дыхала пахам хлеба, змяшаным з водарам лугавога разнатраўя. З асцярогаю падумаў пра русалак, якія жывуць на полі, але адагнаў прымхлівы страх, пакепліваючы з сябе, маўляў, да якога жыцця дайшоў, што нават дзяўчына толькі што не захацела з ім цалавацца. Ну, няхай сама сябе цалуе...

23

Зося ўважліва назірала за сястрою. Бачыла, як сумуе Каця па вечарах: сядзіць каля хаты, быццам і чытае кніжку, а сама раз-пораз падымае галаву і пазірае ў бок Крачак. Пэўна, выглядае Гардзея. «Чакай, чакай, нічога ты не дачакаешся, — думала Зося. — Гардзея разумнымі размовамі не ўтрымаеш. Яго наогул нічым немагчыма прывязаць да сябе. Нездарма яго прозвішча Рахуба. Ён гэтую самую рахубу скрозь шукае. І мне трэба пра яго забыць назаўсёды. Не кахае ён мяне. Зрэшты, ён нікога не кахае».

Зосі згадалася нядаўняя выпадковая сустрэча з Марфаю. Тая ішла, перавальваючыся з нагі на нагу і несучы перад сабою вялікі жывот. Павіталася, спыніла Зосю, спытала:

— Ці ходзіць да цябе Гардзей?

— А табе якая справа? — злосна адказала Зося.

— Не вер яму.

— Чаго ты пра мяне клапоцішся, пра сябе думай.

— Вось, дурніца, я ж табе дабра жадаю.

— Соль таму ў вочы, хто нам дабра хоча, — прымхліва прамовіла Зося вядомую ў тутэйшых мясцінах прымаўку і пайшла далей, не азіраючыся, з пагардаю і прыкрасцю думаючы пра тое, што вось і Марфа хацела забраць у яе Гардзея, ды во што выйшла.

Зося села побач з Кацяй на прызбе, спытала:

— Цікавая кніжка?

Каця нехаця адвяла вочы ад старонкі, абыякава паглядзела на Зосю, адказала:

— Вельмі...

— А як называецца?

— «Графіня Козель».

— Я таксама пачытала б, каб бачыла. Вельмі ж дробныя тут літаркі.

— Табе трэба акуляры купіць, — параіла Каця.

— Не буду я ў акулярах хадзіць, людзей смяшыць, — заўпарцілася Зося.

— Ты ж не бачыш сапраўдных колераў, чытаць не можаш.

— Тое, што трэба, я і без акуляраў разгледжу. А ты мне раскажы, пра што там напісана?

— Пра каханне. Як дачытаю да канца, тады і раскажу.

— Каця, сёння святая нядзелька. Давай сходзім на вячоркі, — прапанавала Зося.

— Не люблю я гэтых зборышчаў, не пайду.

— А я пайду! Мне ж не сто гадоў, каб на прызбе сядзець!

— Ідзі. Ці цябе хто трымае? — безуважна адказала Каця і зноў схілілася над кніжкаю.

Зося пругка паднялася, пайшла ў хату, а праз колькі хвілін выйшла ў блакітнай паркалёвай сукенцы, якую па-майстэрску пашыла ёй Каця.

— Паглядзі на сваю работу, — папрасіла Зося ўсмешліва.

Каця адарвалася ад чытання, акінула Зосіну постаць позіркам, задаволена сказала:

— Ідзі, пахваліся маёй працай.

— Абавязкова буду ўсім казаць, што гэта ты пашыла, няхай нясуць табе шытво.

— Яны звыклі хадзіць у андараках.

— Не, ужо зрэдку дзяўчаты і ў крамным прыходзяць, — запэўніла сястру Зося.

Зося выйшла за вароты і, здавалася, не пайшла, а паляцела над высокім недаспелым жытам, над сінімі валошкамі, што прывабна сінелі зорачкамі паміж сцяблін. Прыпол лёгкай сукенкі развяваўся, як ветразь, валасы вакол ілба закучаравіліся. Уся яна была лёгкая, нібы аблачынка на ясным летнім небе. Гэтая лёгкасць напаўняла душу, хацелася падскочыць, падбегчы або закружыцца на палявой сцежцы, як кружылася ў вальсе з Гардзеем. І яна пачала вальсіраваць, уяўляючы, што каханы трымае яе за стан і вядзе, вядзе. Галава закружылася, Зося расплюшчыла вочы і ўбачыла перад сабою Гардзея.

— Ты? Тут? Адкуль? — здзівілася яна.

— Адразу і столькі пытанняў. Добры дзень, Зоська, — адказаў Гардзей, абдымаючы дзяўчыну. — Я да вас ішоў.

Яна адскочыла ад ягонай рукі так, быццам уджаліла гадзюка.

— Не дакранайся да мяне!

— Ты чаго? — ён паглядзеў неўразумела і пакрыўджана.

— Я ненавіджу цябе! Ненавіджу твае вочы, рукі! Зразумеў?

— За што? — з напускным здзіўленнем спытаў Гардзей.

— Ідзі, там цябе Каця чакае.

— Няўжо ты раўнуеш мяне да сваёй сястры? Я ж да цябе ішоў.

— Да мяне ты ўжо адхадзіў! Хопіць! — закрычала Зося, голас сарваўся на плач, каб схаваць слёзы, яна кінулася бегчы да вёскі.

— Пачакай, шаляніца, — крыкнуў Гардзей услед, але Зося яго ўжо не пачула.

Яна бегла па сцежцы, каласы балюча сцябалі па руках і па твары, а здавалася, што яе даганяе няшчасце, ад якога абавязкова трэба ўцячы, схавацца. Задыхана спынілася толькі тады, калі выбегла на гасцінец, выцерла потны лоб, агледзелася. Гардзея не было. З палёгкаю падумала, што хлопец пайшоў да Каці.

З-пад ліп чуўся заліхвацкі голас гармоніка. Зося накіравалася туды няспешнаю хадою, даючы спачын разгарачанаму целу. Як толькі наблізілася да гурту дзяўчат, адразу побач апынуўся Мікола Іванюк, запрасіў на польку. Танец завіхурыў іх, закружыў, прымушаючы два юныя целы рухацца, як адно. Рыжаваты Міколаў чуб узлятаў над ілбом, рабіў яго падобным да маладзенькага пеўніка, які толькі спрабуе голас, смешна выцягвае шыю. Нават нос у Міколы быў падобны на пеўневу дзюбу, востры і трохі прыгнуты ўніз. І вочы ён меў па-курынаму круглыя і бездапаможныя.

Увесь вечар Мікола не адыходзіў ад Зосі. Адскакалі незлічоную колькасць розных танцаў, а калі месяц цікаўна звесіўся з неба, зоркі яскрава разгарэліся, вабячы сваім хараством, і час пераваліў за поўнач, Зося стомлена сказала:

— Годзе, павесялілася. Пара дахаты, бацька будзе сварыцца.

— Я правяду цябе, Зоська, — з гатоўнасцю прапанаваў Мікола.

— Пайшлі, калі ног не шкада, — спакойна адказала яна.

— Няўжо ты не баішся хадзіць адна?

Зосі раптам згадалася тая ноч, калі яна блукала ў лесе ў пошуках смерці, аднак прырода выратавала яе, дала магчымасць выжыць, адказала:

— Каго мне баяцца? Ліхадзеі ў нас не жывуць, а злы дух добрых людзей не чапае.

— Адважная ты! Я і то часам баюся хадзіць адзін поначы.

— Калі баішся, дык лепш не праводзь, — адказала Зося.

— Мне так добра з табою, што не хочу развітвацца, — прызнаўся Мікола.

Яны пайшлі поруч да дарогі. За іхнімі спінамі ўсё яшчэ не сціхаў гармонік, дзяўчаты і хлопцы спявалі прыпеўкі.

Зося раптам спатыкнулася, войкнула. Мікола падтрымаў яе за руку.

— На камень наступіла, ледзь не ўпала. Ажно нага забалела, — паскардзілася Зося.

— Можа, на руках паднесці? — з гатоўнасцю спытаў Мікола.

— Паднясі, хоць адпачну, — засмяялася Зося.

Мікола лёгка падхапіў дзяўчыну на рукі і панёс.

— Які ты дужы! — здзівілася яна.

— Ці такія мяхі з бульбаю ды жытам цягаю! — усміхнуўся Мікола.

Раптам пяском сыпнула ў твар Зосі з-за Міколавай спіны.

— Што гэта? — ускрыкнула дзяўчына.

Мікола адпусціў Зосю, азірнуўся. Крокаў за пяць ад іх стаяў Гардзей.

— Звар’яцеў? Будзеш каменнем кідацца! — пайшоў Мікола на Гардзея, сціснуўшы кулакі.

— Буду! А ты што думаў? Адыдзем, пагаворым!

Хлопцы, тузаючы адзін аднаго, адышлі ўбок, пачалі лаяцца. Раззлаваная Зося паглядзела на іх з пагардай, хмыкнула, прабурчала сабе пад нос: «Пеўні! Пеўні дурныя!» і пайшла да свайго хутара, думаючы пра тое, што Гардзей і сам не жыве, і ёй жыцця не дае. І колькі ж гэта будзе доўжыцца?

Калі была недалёка ад сваёй хаты, яе дагнаў Гардзей, схапіў за руку, папрасіў:

— Пачакай, калі ласка, малю цябе. Скажы, чым я перад табою вінаваты? Я ж не ведаю, што цябе турбуе? Што я зрабіў не так? Чым пакрыўдзіў? Думаў, у Каці дазнаюся. А яна таксама нічога не здолела патлумачыць.

Ён быў зараз такі пакорлівы, бездапаможны, што Зосі раптам зрабілася шкада яго. Яна адказала, каб заспакоіць хлопца:

— З чаго ты ўзяў, што я крыўдую?

— Ты ж крычала, што ненавідзіш мяне.

— Мне на вячоркі хацелася, паскакаць, павесяліцца. А тут ты раптам выскачыў, як Піліп з канапель. Ну, думаю, зараз зноў задурыць галаву! Трэба неяк адбіцца. Толькі і ўсяго, — схлусіла Зося.

— Прабач маю дурноту. Давай прысядзем тут, на муражку. Так цябе даганяў, што стаміўся.

Ён разаслаў пінжак на траве, сеў, пацягнуў за руку Зосю, пасадзіў побач. Абняў за плечы.

— Не чапай мяне, — ухілілася ад абдымкаў Зося.

Гардзей прыняў рукі, паглядзеў у пасвятлелае неба, потым перавёў вочы на дзяўчыну, прашаптаў:

— Ты мяне напалохала! Пабачыў цябе з ім — ледзь не звар’яцеў...

— Чаго ж гэта ты так захваляваўся? — насмешліва спытала Зося.

— Чаго, чаго! А таго!

Гардзей нахіліўся, сарваў кветачку рамонка і гарэзліва кінуў Зосі за пазу­ху. І з гэтым белым венчыкам, які акаляў залатую сярэдзінку, быццам упала дзяўчыне за пазуху само сонца, распаліла сэрца, напоўніла душу невыказным пачуццём любасці, жадання, прагі, якую можна было наталіць толькі ягонымі пацалункамі і абдымкамі. І забылася Зося пра свае нядаўнія беды і мітрэнгі, аддалася на волю лёсу і Гардзеевых жаданняў. І зноў не было на свеце жанчыны шчаслівейшай за яе.

24

Жніво вывела ўсіх сялян на поле. На досвітку людзі на вазах ехалі да сваіх палеткаў, прыглядаліся да каліў, ці няма заломаў, ці хто не наслаў на хлеб псоты. Шапталі малітвы і замовы, па старадаўняй звычцы просячы Бога, каб даў добрага ўраджаю і здароўя шчасліва завяршыць жніво без вераду ў спіне ці якой іншай немачы.

Сям’я Барэйшаў — Кірыла, Каця, Зося і Серафім — таксама выйшла на свой палетак. Маладыя жалі сярпамі. Кірыла круціў перавяслы, звязваў снапы, ставіў іх у бабкі. Зося адразу пачала паказваць свой спрыт, пайшла так хутка ўперад, што Серафім і Каця, як ні стараліся, не здолелі яе дагнаць. Дзве русыя касы матляліся за спінаю, часам падаючы ўперад на грудзі.

— Няхай ляціць! — насмешліва сказала Каця Серафіму. — Пабачым, наколькі яе хопіць.

— У Зосі рукі доўгія. Як захопіць, дык адразу цэлы сноп зразае.

— Вы б замест балбатні жалі хутчэй. Як сонца высока падымецца, тады ўжо напоўніцу не напрацуеш — спякота адолее, — агрызнулася Зося.

— Хоць бы хустку завязала, сонца галаву напячэ, — папярэдзіла Каця.

— Горача мне.

— Годзе вам! Знайшлі дзе сварыцца! — прыкрыкнуў на дачок Кірыла. — Грэх на хлебным полі спрэчкі заводзіць — праца не зладзіцца.

Дзяўчаты аціхлі, чутно было толькі, як добра назубленыя сярпы ўразаюцца ў даспелыя сцябліны жыта, сцінаюць іх, пакідаючы пасля сябе калючую пожню, там-сям перавітую зялёнаю коскаю мышынага гарошку. Жніво — гэта не проста праца, гэта вянец цыкла сялянскага года. З восені гаспадар рыхтаваў глебу, сеяў азіміну, дасяваў ці перасяваў, калі нешта вымярзала зімой, назіраў за сваім палеткам, прасіў у Бога дажджу, сонца і ветрыку на час апылення, а зараз збіраў плён сваёй працы. Але і пасля жніва збажыну яшчэ трэба было змалаціць, правеяць, высушыць, змалоць і толькі пасля гэтага рашчыніць і замясіць цеста ды спячы хлеб са свежага ўмалоту. У нядбайнага чалавека зерне магло загінуць на ўсялякім з гэтых этапаў, таму да хлеба ў сялян было асабліва пачцівае стаўленне. Крый божа, зняважыць або пакрыўдзіць хлеб, тады будзеш галадаць рэшту жыцця.

Зося з асалодаю жала. Яе цела, налітае здароўем і сілай, любіла аддавацца працы да цяжкай стомы, ад гэтага яна атрымлівала задавальненне і ўпэўненасць у тым, што патрэбная сям’і, гэтаму палетку і наогул свету. Праца натхняла, прыносіла радасць, праз яе дзяўчына сцвярджалася, пачуваючы сябе годным чалавекам і забываючы ўсе свае дзявочыя турботы і мітрэнгі.

Каця разагнулася, расціраючы паясніцу, пастаяла хвіліну і пачала зноў жаць. Следам за ёю і Серафім разагнуўся, дастаў капшук, скруціў цыгарку, прапанаваў Кірылу:

— Давай перакурым, дзядзька.

Кірыла няспешна падышоў да пляменніка. Закурылі, са смакам зацягваючыся.

— Жыта не спаліце, — засмяялася Зося. — Шукаеце прычыны, каб адпачыць.

Кірыла не стаў увязвацца ў гаворку з дачкою, а падхапіў сноп і панёс да капы. Размовы ў час працы не патрэбны, не доўга і руку парэзаць, асабліва цяпер, калі сонца прыпякае, а пот залівае вочы. Рэдка якой жнейцы ўдаецца перажыць жніво і хоць трохі не параніцца.

Зося жала і ўвесь час думала пра Гардзея. Згадвала іхнія сустрэчы, напоўненыя мілаваннем і пяшчотаю. Сэрца замірала, і гарачая хваля залівала цела, калі яна згадвала ночы, праведзеныя разам з каханым. Але ўжо два тыдні ён быццам забыўся пра яе, таму Зося нудзілася і пакутавала ў здагадках, якая кошка прабегла паміж імі. Раптам адчула, што ёй робіцца млосна. Галава закружылася, усё паплыло перад вачамі. Зося яшчэ паспела адвесці руку ўбок, каб не напароцца на серп, і ўпала ў жыта.

— Што з табою? — першаю кінулася да сястры Каця. — Памажыце, дайце вады.

Над Зосяю схіліліся ўсе сямейнікі. Каця паднесла ёй да вуснаў вады, лёгенька паляпала па шчацэ — і да Зосі вярнулася прытомнасць. Яна расплюшчыла вочы, са здзіўленнем паглядзела на родных, спытала:

— Што здарылася?

— Нічога, — адказаў Кірыла. — Перапрацавалася ты, адпачні трохі пад капою, у цяньку.

Зося паднялася, каб ісці, і адчула, што яе водзіць у бакі. Так-сяк даплялася да капы, схавалася ў цянёк.

— Казала ж я, што сонца галаву напячэ, — упікнула сястру Каця.

— Ідзі, дачка, дамоў, адпачні. Заўтра мо палепшае, дык дажнеш сваё, — сказаў Кірыла. — Ніхто не ведае, дзе каго хвароба напаткае.

Зося папіла вады са збанка, зрабілася трохі лягчэй, дастала з торбы хустку, завязала, паглядзела на сямейнікаў, якія зноў узяліся за працу. Бацька падняў Зосін серп, пачаў таксама жаць, цяжка нагінаючыся. Яму, немаладому ўжо чалавеку, гэтая справа давалася нялёгка.

«Што ж гэта са мною? — занепакоілася Зося. — Няўжо зноў цяжарнасць? Божа мой, што ж мне рабіць? Гэта ж будзе дзіця ад Гардзея, адзінага, майго каханага...»

Але тут жа здрадліва варухнуўся на дне душы страх, нагадваючы пра ганьбу, якая чакае дзяўчыну, што прыгуляла дзіця: «Застаецца адно: ісці на балота шукаць зязюліна мыла? Дык вось чаму Гардзей не трапляе на вочы, адчувае, што нарабіў ліха. А калі сказаць яму? Што будзе? Нічога. Не прызнае, як не прызнаў Марфіна дзіця, ды яшчэ плёткі распусціць па сяле. Божа літасцівы, паратуй... Чаго гэта я тут разлеглася, трэба ісці бацьку памагчы. Цяжарнасць не хвароба. Наадварот, трэба працаваць як мага больш, каб пазбавіцца ад яе.»

— Мне палепшала ўжо, тата, — сказала Зося, забрала ў Кірылы серп, пачала жаць.

— Не спяшайся, — папярэдзіў бацька. — Дзень доўгі, беражы сілы.

Зосіна весялосць зляцела з твару, рукі захадзілі павольна, так што Каця з Серафімам хутка абышлі яе. Яна працавала механічна, занятая думкамі пра тое, як пагаварыць з Гардзеем і што рабіць з новаю і такою нежаданаю цяжарнасцю.

Па абедзе Зосі зноў зрабілася блага, яе пачало ванітаваць. Сямейнікі вырашылі, што дзяўчына атруцілася. Бацька настояў, каб дачка пайшла дамоў. Зося не працівілася.

Па дарозе яе дагнаў Мікола Іванюк. Ён ішоў побач з возам, на якім узвышалася гара снапоў, павітаўся з дзяўчынаю і хацеў тупаць далей, але Зося спытала:

— Ты злуеш на мяне?

— А чаго мне злаваць? — паціснуў ён плячыма. — Ты ж Гардзеева. Ён казаў, што ў цябе з ім ужо даўно ўсё было.

Чырванню заліло Зосін твар, яна абурана сказала:

— Пляткар ён. Не вер яму!

— Ды мне што? Дзяўчат хапае, — абыякава адказаў Мікола.

Зося ўжо не пачула яго, яна рашуча павярнула ў бок балота. Востры прыліў нянавісці і абурэння выціскаў з душы закаханасць. Гардзей не толькі пакарыстаўся ёю, але яшчэ і хваліцца сваімі перамогамі! Цяпер яна бачыла сваё выратаванне толькі ва ўзвары з зязюлінага мыла.

25

Лета і восень для Гардзея падаліся тлумнымі і турботнымі. Давялося шмат часу патраціць на сустрэчы з сялянамі ў бліжэйшых вёсках у якасці кандыдата ў радныя гміны. Сустракаўся з моладдзю на вячорках, да старых падыходзіў, падсаджваўся да гурту на лаўках, часам з ім хадзіў Захар Маркевіч. Тады было значна лягчэй весці гутарку, бо цяжкая гэта справа нахвальваць сябе самога і прасіць, каб на выбарах прагаласавалі за цябе. Іншы раз ён браў з сабою хлопцаў з ячэйкі — Яўсея Пуха і Івана Валошчыка, але толку з іх было мала, не ўмелі яны ці не хацелі сказаць людзям добрае слова пра свайго сябра, а больш псавалі справу. Іншы раз Гардзею здавалася, што хлопцы з ячэйкі зайздросцяць яму. Вядома, няма прарока ў сваёй Айчыне.

На вяселлі сястры Дашы і Нічыпара Гардзей наогул пасварыўся з Яўсеем з-за пасагу. У сенях схапіліся загрудкі, пачалі біцца, ды людзі разнялі. Гардзей з упартасці не павялічыў надзел зямлі, які аддаваў Дашы, ні на адну дзесяціну, так што з першага дня стаў ворагам новым сваякам. Баяўся, што Яўсей пачне распускаць пра яго розныя плёткі, і людзі не падтрымаюць Гардзея на выбарах, аднак усё абышлося. Абранне ў раду гміны, бадай, было найвялікшаю радасцю за апошні час для Гардзея. Вестка сама сабою разнеслася па сяле, а ён пазбягаў лішні раз паказвацца на людзі, каб даўжэй нарадавацца. Ён хацеў стаць войтам, каб самому кіраваць гмінаю. І гэтая Гардзеева мара пачынала збывацца.

Першы сход, дзе сабраліся новыя радныя, прайшоў урачыста. Спачатку выступіў былы войт, асаднік Бяляцкі, невысокі, тоўсты і круглы, як жорны. Ён доўга апавядаў пра задачы і праблемы, якія належыць вырашыць новаму складу гміны. Школы, дарогі, масты, паселішчы, могілкі — усё гэта патрабавала пільнай увагі і фінансаў, якія трэба было сабраць з грамадзян. Але што можна сабраць з беднякоў? Таму радным трэба падтрымліваць сяброўскія кантакты з панамі, каб з іх ласкі папаўняць казну на патрэбы гміны і ўсяго грамадства.

Уважліва слухаючы Бяляцкага, Гардзей па-свойму разумеў і ацэньваў кожную фразу і прыйшоў да высновы, што менавіта асаднік, які добра прыгрэўся на пасадзе войта, і будзе галоўным ягоным ворагам у гміне. Але, паколькі сярод радных колькасць сялян пераважала, была надзея, што яны падтрымаюць яго пры абранні на пасаду войта.

Пачалі выбіраць праўленне гміны тайным галасаваннем. І зноў Гардзею давялося пахвалявацца. Аднак у ліку пяці чалавек праўлення аказалася і прозвішча Гардзея. Гэта была перамога! Заставалася дамагчыся войтаўства. А як гэта зрабіць? Тым часам сход ішоў сваім парадкам. Цяпер слова ўзяў пан Райскі, ён сказаў, што радныя абавязаны паклясціся ў вернасці дзяржаве і народу. Раздаў усім тэкст клятвы, узмахнуў рукою, і ўсе пачалі чытаць: «Як член рады абяцаю, што буду працаваць у імя дабрабыту і росквіту гміны, заўсёды дзейнічаць згодна з законамі і на карысць гміны і яе жыхароў, сумленна служыць інтарэсам сваіх выбаршчыкаў і не шкадаваць сілы дзеля працы на гміну. Клянуся!»

Апошняе слова ўсе прамовілі прачула і даволі голасна, так што прагучала яно зладжана і ўрачыста. Пана Райскага гэта вельмі задаволіла. Ён належным чынам выканаў пэўную частку праграмы, але наперадзе было самае галоўнае: абранне войта. Райскі звярнуўся да грамады:

— Панове, я віншую вас. З сённяшняга дня гміна пачынае працаваць, дзейнічаць на карысць грамадзян. Але для таго, каб яе дзейнасць была выніковай і разумнай, нам трэба абраць войта, мудрага і адказнага чалавека. У гэтай працэдуры бяруць удзел толькі члены праўлення. Прашу падаваць кандыдатуры. Але паколькі я стаю перад вамі, дык я прапаноўваю кандыдатуру пана Бяляцкага, які ўжо добра выявіў сябе на гэтай пасадзе, мае пэўны вопыт працы і кіравання гмінаю.

Гардзей агледзеў сялян, якія панура маўчалі, але не адважваліся пярэчыць пану, падняўся са свайго месца, хоць унутры ўсё кіпела, спакойна сказаў:

— Я прапаноўваю сваю кандыдатуру. Думаю, што і ў мяне няблага атрымаецца кіраваць гмінаю, бо я з сялян і добра ведаю ўсе патрэбы працоўнага чалавека.

— Добра, запішам яшчэ адну кандыдатуру, як прозвішча пана? — спытаў Райскі.

— Рахуба, Гардзей Рахуба, мы яго падтрымаем, — адказаў адзін з сялян.

Ад гэтых слоў Гардзею зрабілася добра на душы. Упэўненасць запаланіла яго. Ён нават усміхнуўся таму селяніну, імя якога не ведаў.

— Якія кандыдатуры будуць яшчэ? — спытаў пан Райскі.

Людзі маўчалі. І зноў для Гардзея пачаўся час сумнення і няўпэўненасці. А тым часам пісар напісаў на палосках паперы прозвішчы кандыдатаў, раздаў членам праўлення. Тыя выкраслілі непатрэбную кандыдатуру і ўкінулі паперкі ў скрынку. Спатрэбілася некалькі хвілін, каб падлічыць галасы. Пан Райскі, не хаваючы расчаравання на паружавелым твары, абвясціў, што па выніках галасавання праўлення гміны войтам абраны пан Рахуба. Сяляне весела загаманілі, пачалі віншаваць Гардзея, паціскаць руку.

— Во, цяпер і мы ў панах паходзім, — сказаў той селянін, прозвішча якога Гардзей не ведаў, і па-сяброўску ляпнуў будучага войта па плячы.

— Як цябе завуць? — спытаў Гардзей.

— Адам Ступа.

— Дзякую, брат.

— Панове, цішэй, — зазваніў у званочак пан Райскі. — Абранне пана Рахубы войтам трэба яшчэ пацвердзіць у пана ваяводы, а пасля радавацца.

Гэтая заўвага астудзіла Гардзееву радасць, аднак усё ў руках Бога. Толькі на яго трэба цяпер спадзявацца. Што ж, калі ваявода не зацвердзіць селяніна на пасаду войта, дык гэта толькі пакажа марнасць ідэалізму, а заадно і тое, што з акупантамі трэба змагацца іншым спосабам. Не хацелася думаць пра благое. Трэба было прыняць той дарунак, які паслаў лёс. І Гардзей ціха радаваўся, што дасягнуў таго магчымага, чаго прагнуў. Але больш трымаць у сабе гэтую радасць ён не мог, хацелася падзяліцца ёю хоць з некім, і ногі самі сабою панеслі яго на Кірылаў хутар. Дзень надарыўся дажджлівы, ветраны, але Гардзей быццам не заўважаў слоты, наадварот, яму было прыемна падстаўляць твар кроплям дажджу.

Абедзве Кірылавы дочкі былі дома. Каця, якая нешта шыла, седзячы за ручною машынкаю, узрадавана ўскінула на госця вочы і сказала:

— Зусім ты забыў да нас дарогу, Гардзей.

— Не забыў, проста быў вельмі заняты.

Ён зірнуў на маўклівую Зосю, якая вязала панчоху з шэрай воўны і, як яму здалося, нават ні разу не падняла галавы, спытаў:

— Як вы пажываеце?

— Без перамен. Бацька з Серафімам пайшлі да дзядзькі Карпа, у іх там нейкія свае мужчынскія справы, а мы дома, — адказала Каця.

— Ты ўсё шыеш?

— Трохі зарабляю шытвом. Але табе пра гэта лепш не ведаць. Ты ж цяпер радны гміны, яшчэ падаткам абкладзеш, — засмяялася Каця.

— Пашыеш мне які пінжак, бо я ўсё хаджу ў гэтым вайсковым кіцелі, і адкупішся, — весела адказаў Гардзей.

— Пашыю, — з гатоўнасцю паабяцала Каця. — Будзеш самы прыгожы радны ў гміне!

Зося злосна бліснула вачамі на сястру і падумала: «Бач, як падмазваецца! Ну і няхай! Ненавіджу яго! І яе разам з ім! Што я тут раблю? Трэба ісці!»

— А я, між іншым, ужо не радны, — загадкава сказаў Гардзей.

— Не радны? — расчаравана перапытала Каця. — А хто?

— Пан войт!

— Праўда? Цябе выбралі войтам!

— Выбралі, але маю кандыдатуру пакуль не зацвердзіў ваявода.

— Шчыра за цябе радуюся! — усклікнула Каця і ажно сціснула рукі перад грудзьмі, нібы ў маленні.

Зося паднялася, закінула на печ сваё вязанне і выйшла з хаты.

— Чаго гэта яна? — спытаў Гардзей.

— А хто яе ведае? Дзівакаватая яна ў нас нейкая.

— Можа, вы пасварыліся?

— Сёння сварак не было. Яна апошнім часам маўклівая. Аднойчы чула ноччу, што ўсхліпвае, плача. Пачала пытацца ў яе, што здарылася. А яна нічога не адказала, прыкінулася, што спіць... Дзіця горкае... — заспакоіла Гардзея Каця.

— А ты як?

— Цябе чакала, — прызналася Каця і сарамліва апусціла вочы.

— Калі была патрэба, прыйшла б.

— Што ты, Гардзей, кажаш? Ці ж можна? Людзі засмяюць, скажуць, што бегаю за табою.

— Добрая ты дзяўчына, Каця, але небяспечная, — засмяяўся Гардзей.

— Вельмі ты любіш, каб усё было правільна.

— А ты што любіш?

— Я найбольш люблю волю! Яна адна мне — жонка, каханка, сястра і сяброўка.

— Бог нас рассудзіць. Я спадзяюся на Бога, — адказала Каця. — Ён нам дае надзеі і здзяйсняе іх.

— Я буду радавацца за цябе, як ты за мяне, калі ў цябе ўсё будзе добра, — усміхнуўся Гардзей, нахіліўся і пацалаваў Кацю ў круглую бледную шчочку.

Каця сумелася, а потым усхвалявана спытала:

— Чаму ты кажаш адно, а робіш процілеглае?

— Хачу, каб ты ведала, што мы з табою сябры. Нам не трэба крыўдаваць з-за нейкага неасцярожна вымаўленага слова.

— Я не разумею цябе, Гардзей, — бездапаможна сказала Каця.

— Я сам сябе не разумею. Бачу прыгожую дзяўчыну — і адна думка ў мяне ўзнікае, што трэба яе пацалаваць.

Каця на імгненне зніякавела, а потым разгублена спытала:

— Ніколі не думала, што ты такі ветраны чалавек.

— Я нават горш, чым ветраны, але гэта ўжо назаўсёды, — усміхнуўся Гардзей. — Рады быў сустрэцца, а цяпер пайду.

— Заходзь калі, — папрасіла Каця і ўстала, каб правесці хлопца да парога.

Гардзей абняў яе, пачаў цалаваць, адчуваючы трапяткое ўсхваляванае цела. Падхапіў на рукі, панёс на запечак, пытаючы на хаду:

— Твае не вернуцца?

— Не ведаю, — разгубілася Каця.

— Ну мы ж пачуем, — адказаў ён, кладучы яе на пасцель і загаляючы спадніцу.

— Не! Што ты! Што надумаў? — крыкнула Каця і з усяе сілы адштурхнула Гардзея.

— Нічога такога. А ты для чаго мяне запрашала? — у сваю чаргу запытаў ён.

— Грэх табе! Грэх!

— Вядома, грэх. Але ж без яго і людзей не было б на свеце.

Каця затуліла твар рукамі і заплакала.

— Прабач, — сказаў Гардзей. — Не хацеў цябе пакрыўдзіць. Жыццё і мары — рэчы розныя. Бывай!

Гардзей выйшаў з хаты, акінуў позіркам двор і ля клуні ўбачыў Зосю. Ён хмыкнуў сабе пад нос і весела падумаў: «Вось дзе ты схавалася. Ад мяне не ўцячэш...» Хлопец няспешна выйшаў з двара, нават не зірнуўшы на вокны, адкуль за ім магла назіраць Каця, накіраваўся ў бок вёскі, але як толькі дайшоў да кустоўя, адразу павярнуў да клуні.

26

Зося складвала дровы, якія ранкам насек Серафім. Раптам нехта моцна абняў яе за плечы. Яна ажно ўскрыкнула ад нечаканасці. Азірнулася, убачыла Гардзея, рашуча вызвалілася з ягоных абдымкаў.

— Ты чаму такая злосная? — спытаў хлопец, напускаючы на твар выраз крыўды.

— Чаго накідваешся, як галодны на сала? Я ж табе не жонка!

— Зоська, які дурань жонак абдымае? — засмяяўся Гардзей.

— Ага, вам абы запрэгчы, а пасля не да абдымкаў.

— Я так даўно цябе не бачыў, засумаваў страшэнна, а ты нават паглядзець на мяне не хочаш, — упікнуў дзяўчыну Гардзей і стаў таксама падбіраць паленне і складваць у касцёр.

Нейкі час яны працавалі моўчкі, як бы цалкам занятыя справаю. Але калі абедзве рукі пацягнуліся да апошняга паленца, а хлопец і дзяўчына сутыкнуліся лбамі і ледзь не зваліліся, Гардзей засмяяўся, падтрымліваючы Зосю пад локаць. І яна таксама не здолела стрымацца, залілася звонкім смехам. Тады Гар­дзей абняў яе і пачаў цалаваць. Так, цалуючы, і завёў у клуню, далей ад чужых вачэй. Зося раптам схамянулася, адштурхнула Гардзея і сказала з дакорам:

— Зноў за сваё?

— Пра што ты, Зоська? Няўжо я калі цябе пакрыўдзіў? Давай пасядзім, пагамонім. Я так даўно твайго голасу не чуў. Толькі ў хату зайшоў, дык ты адразу збегла.

Гардзей узяў Зосю за руку, павёў у глыбіню клуні, сеў на сена, пасадзіў дзяўчыну побач, палез у кішэню, дастаў загорнутага ў бліскучую паперку цукровага «пеўніка», даў Зосі са словамі:

— Частуйся.

— Вой, «пеўнік»! Такія на рынку ў Самары прадаваліся! — здзівілася дзяўчына і міжвольна пацягнулася рукою да ласунка, якога не каштавала ўжо шмат гадоў.

Яна разгарнула паперку, лізнула цукерку і з асалодаю прашаптала:

— Смаката! Здаецца, што смачней, чым было ў маленстве. Пакаштуй, — Зося працягнула «пеўніка» Гардзею.

Хлопец лізнуў і задаволена сказаў:

— Давай па чарзе.

Зося павярнулася да Гардзея тварам, з усмешкаю падносіла «пеўніка» да сваіх вуснаў, а потым падавала хлопцу. Так аддаюць пяшчоту і каханне, захапленне і таемныя пацалункі. Яны лізалі цукерку, пакуль тая не стала зусім празрыстаю, як пачуцці, што свяціліся ў маладых вачах. Тады Гардзей узяў гэтую смактульку і кінуў у дальні кут:

— Няхай мышкі пачастуюцца за наша здароўе. А я зліжу слодыч з тваіх вуснаў.

Гардзей пачаў цалаваць Зосю, навальваючыся на яе ўсім целам. Яна знясілена папрасіла:

— Не чапай мяне. Ты і ўявіць сабе не можаш, колькі ўжо гора мне прынёс!

— Якое гора? Я ж нічога не ведаю. Чаму ты са мною ніколі не дзелішся сваімі нягодамі?

— Як дзяліцца з хлопцам дзявочымі бедамі? Ты ж мне чужы чалавек!

— Не ведаю, мо я табе і чужы, але ты мая! Мая! — горача прашаптаў Гардзей ёй на вуха.

Ягонае дыханне раптам адгукнулася ў яе целе гарачым прылівам пяшчоты і жарсці. Прыйшло адчуванне, што ён кахае яе, але яна ўсё яшчэ не верыла свайму шчасцю і спытала:

— Чаму ты забываеш пра мяне, месяцамі не заходзіш, а потым раптам з’яўляешся, як снег на галаву? Я не разумею цябе і сябе! Зусім заблыталася. Не ведаю, як і чым жыць.

Ён усміхнуўся. Прыгладзіў яе валасы, што выбіліся з-пад хусткі. Яна скінула хустку і ўздыхнула вальней, як быццам толькі гэта і замінала ёй.

— Прасцей трэба жыць. Ты ж разумееш, быў я вельмі заняты: вяселле сястры, выбары ў гміну, гаспадарка і яшчэ шмат што. Прабач, калі цябе гэта крыўдзіць, але ж ад мяне таксама не ўсё залежыць...

— А што ад мяне залежыць? Задавальняць твае патрэбы?

— Зоська, Зоська, якая ж ты сур’ёзная! Мне ж нічога не трэба. Толькі слухаць твой голас, адчуваць тваё дыханне побач...

Гардзей заплюшчыў вочы, быццам задрамаў. Зося схілілася над ім, з любасцю ўзіралася ў прыгожы твар і міжвольна пацягнулася вуснамі да яго вуснаў. Ён быццам чакаў гэтага моманту, абняў яе, пачаў горача цалаваць, шаптаць нешта няўцямнае. Зосіна душа вырвалася з цела і безразважна паляцела насустрач каханню, якое лілося з ягоных вачэй, рук, наталялася, як жывою вадою, і не магла наталіцца. Бо каханне — гэта толькі фантом, што нечакана з’яўляецца і гэтак жа нечакана знікае, пакідаючы гарачы след. Гэтак маланка разразае напалам неба, здаецца, зараз дзве ягоныя палавіны са страшэнным грукатам зваляцца на зямлю. Але маланка знікае, а чорнае неба па-ранейшаму нерухома грувасціцца над зямлёю. Зноў і зноў маланка апярэзвае неба ў марным намаганні раскалоць яго, пакуль не аціхне навальніца і не прыйдзе час спакою. Тады толькі выяўляюцца расколатыя дрэвы, абабітая лістота, зламаныя галіны. Такое ж і чалавечае жыццё — з хваляваннямі, нягодамі, наваламі і часовым спакоем. Напэўна, трэба прымаць усё, што яно прыносіць, не палохацца, не хавацца, не адгароджвацца ад яго, каб пасля не шкадаваць пра няспраўджаныя спадзяванні, недасягнутыя мары, непадзеленае каханне. Зося была, як тая знічка, што губляе жыццё за адзін момант палёту. І, напэўна, гэта была не легкадумнасць, а падсвядомая мудрасць яе чалавечай сутнасці, бо аддавала сябе таму, каго кахала. Дзеля яго была гатовая ахвяраваць жыццём, калі толькі гэта яму спатрэбіцца. Здаецца, вечна ляжала б побач, паклаўшы галаву на яго плячо, і больш нічога ў жыцці не трэба.

27

Радныя сабраліся на чарговы сход гміны. Сядзелі ў прасторным пакоі, дзе на сцяне вісеў бронзавы польскі герб у выглядзе арла з распасцёртымі крыламі і стаяў на стале бела-чырвоны сцяг. Сяляне абменьваліся вясёлымі позіркамі, спадзеючыся, што ўпершыню войтам стане чалавек з сялянскага асяроддзя. У Гардзеевай душы змяёй варочалася сумненне. Занадта ўрачыстымі выглядалі паны Райскі і Бельскі. Стваралася ўражанне, што яны ўжо адсвяткавалі перамогу.

Пан Райскі выйшаў да стала, накрытага зялёным сукном, з паперамі ў руках і звярнуўся да прысутных:

— Панове, маю гонар абвясціць вам, што ваявода зацвердзіў кандыдатуру войта нашай гміны. І ад сённяшняга дня ў нас ёсць усе магчымасці для таго, каб плённа працаваць, да каляд зацвердзіць бюджэт гміны і памеры збораў, вызначыць асноўныя напрамкі дзейнасці і супрацоўніцтва з прадпрыемствамі і ўстановамі.

Сэрца Гардзея сцялося ад напружання. Ён ледзьве стрымліваў сябе, каб не крыкнуць: «Годзе малоць пустое!» А пан Райскі не спяшаўся называць імя чалавека, прызначанага войтам, а ўсё балбатаў пра перспектывы і планы будучай працы, пра адкрыццё новай польскай школы і бібліятэкі, пра наладжванне кірмашоў, нават падлічыў, якія прыбыткі з гэтага можна мець, і запланаваў ураджай збожжавых на наступнае лета. Нехта з сялян не вытрымаў і сказаў:

— Каб гэтыя словы ды Богу ў вушы.

— Не бойцеся, Бог усё чуе і робіць так, як належыць, — строга азваўся пан Бяляцкі. — Майце гонар паводзіць сябе прыстойна, калі выступоўца трымае прамову.

Пан Райскі нарэшце зразумеў, што ён перабраў меру ў інтрыгаванні прысутных і сказаў:

— Прашу ўвагі. Настаў урачысты момант, я хачу абвясціць імя новага войта. Вось загад ваяводы, у якім гаворыцца наступнае: радны гміны пан Гардзей Рахуба не можа быць прызначаны войтам, бо з 1926 года лічыцца ненадзейным грамадзянінам, таму войтам прызначаецца пан Здзіслаў Бяляцкі, чыя кандыдатура таксама выстаўлялася на пасаду войта. Павіншуем жа пана Бяляцкага і пажадаем яму плённай працы на карысць гміны.

Пан Райскі запляскаў у далоні, але яго ніхто не падтрымаў. Сяляне незадаволена загаманілі. Гардзей падняўся і выйшаў, нікому не кажучы ні слова. Усе яго спадзяванні на тое, што з уладаю можна супрацоўнічаць, абрынуліся ў адзін момант. Акупанты ведалі сваю карысць і не жадалі адступаць ні на крок.

«Наіўны дурань, захацеў войтам стаць! Столькі часу дарма страціў! Столькі сілы і надзеі ўклаў! І ўсё сабаку пад хвост! — лаяў сам сябе Гардзей. — Ды хто ж табе дазволіць? Дзякуй богу, што яшчэ ў турму не загрэблі. А што? Да гэтага трэба быць гатовым. Сёння ж перагледжу літаратуру, усё лішняе прыхаваю, каб ні адна нюхаўка не знайшла. А камуністы мараць прайсці пятым спісам у сейм! Нічога ў іх не атрымаецца! Дарэмныя надзеі! Няўжо ўладары нам даюцца ад Бога? Можа, і так! У якасці пакарання і навукі!»

Гардзей разважаў сам з сабою, размахваў рукамі, нават час ад часу нешта прамаўляў услых. Ён і не пачуў, як яго дагнала фурманка.

— Здароў, Гардзей! — аклікнуў хлопца знаёмы голас. — Сядай, падвязу.

Гардзей зірнуў на фурмана. З воза прыязна ўсміхаўся Марк. Гардзей паціснуў працягнутую руку, ускочыў на воз.

— Ты чаго такі змрочны? — спытаў Марк. — Ці заганарыўся, што ў начальства трапіў?

— Няма чым ганарыцца. Іду з гміны. Войтам абралі мяне, а прызначылі асадніка Бяляцкага.

— Хвароба ім у бок! Паны хітрыя, іх не абкруціш. Ну, нічога, у цябе і так пасада добрая. Радны — не апошні чалавек у гміне. Можа, і за мяне калі заступішся, — выказаў спадзяванне Марк. — Я вось ад сястры еду, маці пасылала праведаць.

— І як ёй там у замужжы? — спытаў Гардзей.

— Жывуць, хлеб жуюць. Сэрца забалела, як зірнуў на тое поле, што бацькі ёй аддалі ў пасаг. Пераарана абы-як! Зглумілі зямлю!

— Што пасеюць, тое і сажнуць. Чаго табе бедаваць?

— Ай-яй! Шкада зямелькі, — скавытаў Марк. — Яна ж жывая. Усё разумее. Мне здалося, што яна, як убачыла мяне, гэтак цяжанька ўздыхнула.

— Хто ўздыхнуў? — перапытаў Гардзей.

— Зямля па мне плача, што страціла гаспадара. Эх, мець бы столькі зямлі, як у асадніка!

— Для гэтага трэба быць асаднікам, — суха адказаў Гардзей.

Яны памаўчалі пад скрып колаў і тупат конскіх капытоў. Зямля ўжо ашэрхла, узялася марозам, але снегу яшчэ не было. Уздоўж дарогі цягнулася зялёная асаднікава рунь.

— Няма снегу. Азіміна памерзне, — сказаў Марк.

— То ж асаднікава! — з’едліва сказаў Гардзей.

— Жыта не вінаватае, яго ўсялякага шкада. Паслухай, Гардзей, які пасаг ты даў бы за Паўлінаю, каб я да яе пасватаўся?

— Табе што, няма да каго больш сватацца?

— Чаму? Ёсць. Але ж я выбіраю. Хочацца ўзяць дзяўчыну з добрым пасагам.

— Ведаеш, Марк, хлопец ты добры, але занадта скупы. Не аддам я за цябе Паўліну!

— Яна ж у цябе ўжо старая дзеўка! Хутка ніхто на яе не гляне!

— Яна мне самому трэба. Гаспадыня добрая. Дзе вазьму такую, як яна пойдзе замуж?

— Табе прымака ў хату трэба, тады Паўліна будзе дома.

— Ідзі ты. Знайшоўся мне дабрадзей! Сам разбяруся! — злосна адказаў Гардзей.

Аднак Марк не адступаўся. Пацягнуў лейцы, падагнаў каня і зноў запытаў:

— А малодшанькую таксама не аддасі?

— Прыйдзе пара — аддам добраму чалавеку.

— А мне аддасі? Я сватоў прышлю.

— Слухай, чаго ты да мяне прычапіўся? Калі хочаш ажаніцца, сам спачатку ў дзеўкі згоды папытай.

— Хто гэта і калі ў дзеўкі пытаўся? Як бацькі вырашаць, так і будзе. Ты старэйшы ў сям’і, таму ў цябе і пытаюся. А дзеўка што? У яе сем пятніц на тыдні. Сёння з адным польку паскача, заўтра — з другім. Сама не ведае, каго выбраць. Мне ўсё роўна з кім пабрацца, абы зямлі далі ў пасаг паболей!

— У мяне зямлі не шмат, Марк. Не аддам я за цябе сваіх сясцёр.

— А я падумаў: ты хутка з радных у пана перакінешся. Разумны, адукаваны, знойдзеш нейкую службу сабе ў горадзе. А нашы хаты побач, агароды можна з’яднаць.

— Як я пагляджу, дык ты, Марк, за мяне разумнейшы. Гэта табе трэба радным быць, — усміхнуўся Гардзей. — Не падмазвайся да мяне. Паўліна мне расказвала, як ты сваю сястру Антолю ледзь пад цягнік не кінуў. Ты ж за дзесяціну задушыць можаш. Навошта мне такі сваяк?

Марк з абурэннем паглядзеў на Гардзея, і крыкнуў:

— Ану, злазь! Прыгрэў гада, а ён яшчэ на мяне вярзе абы-што!

Гардзей саскочыў з воза, паглядзеў услед фурманцы, якая хутка патарахцела ўперад, і сказаў сам сабе: «І з гэтым пасварыўся. А навошта? На халеру ён мне трэба?»

Хлопец зірнуў у змрочнае неба, навіслае над зямлёю, на нізенькую хатку, урослую ў зямлю ледзь не па вокны, уздыхнуў і пайшоў шырокім размашыстым крокам па цвёрдай замерзлай дарозе. У Сцяблове Гардзей зайшоў да Маркевіча, застаў яго дома. Гаспадар не надта ўзрадаваўся, але не падаў выгляду, толькі сказаў з дакорам:

— Ты не павінен да мяне так часта наведвацца.

— Прабач, у мяне ёсць навіна. Мяне не зацвердзілі войтам.

— Чаму?

— Для гэтай улады я чалавек ненадзейны, зацвердзілі Бяляцкага.

— Ненадзейны? Значыць, ты ўжо пад каўпаком? Тым больш нам не трэба сустракацца на людзях.

— Цяпер я пераканаўся, што з гэтай уладай трэба змагацца сілай, а сілы ў нас малыя, — падвёў рысу Гардзей.

— У народа сіла невычэрпная, трэба толькі яго падняць. У хуткім часе адбудзецца чарговая канферэнцыя, чакай ад мяне сувязнога. Сам мяне не шукай. Гэта загад.

— Я зразумеў, — адказаў Гардзей, развітаўся і выйшаў у вечаровыя прыцемкі.

Змрок, які ахутаў зямлю, запаўзаў у душу, сеяў смутную трывогу, апаноўваў стомай і безнадзейнасцю. Гардзей шукаў адказ на пытанні, чаму нікому не патрэбны ні ягоны розум, ні здольнасці, ні імкненне зрабіць людзей шчаслівейшымі, і не знаходзіў ніякага тлумачэння. Міжвольна падумалася, што, мабыць, гэтак жа адчуваюць сябе тысячы іншых людзей, а нехта нават і не задумваецца, жыве, як набяжыць. Для нечага ж дае нам Бог жыццё. Трэба толькі разгадаць, зразумець, знайсці той адзіны свой шлях.

28

Апошнім часам Зося жыла ў трывозе і марных спадзяваннях. Штодня чакала Гардзея, думала, можа, сёння заявіцца пад вечар. Чым заняты? Няўжо так цяжка знайсці вольную гадзінку? Ён не прыходзіў. Не было ў яго патрэбы сустракацца з дзяўчынаю, якая яго кахала. Яна зноў адчула, што зацяжарыла, зноў у яе душы закаханасць пачала паступова выцясняцца нянавісцю. Праклінала сябе за даверлівасць і няўменне сказаць «не» гэтаму баламуту, які карыстаўся яе наіўнасцю і каханнем, праклінала яго і тое дзіця, якое ўжо завязалася і жыло ў яе целе. Колькі было ў яе душы цяпла і любові! Як бы адорвала шчасцем гэтае дзіця і ягонага бацьку! Але, калі няма бацькі, не павінна быць і дзіцяці! Гэта адвечны патрыярхальны закон вёскі, пераступаць які дзяўчына не мае права! Пераступіш — і ганьба абрынецца на цябе і тваю сям’ю! З адчуваннем віны і сораму не кожны здатны выжыць. Некаторыя вясковыя дзяўчаты накладвалі на сябе рукі ці гінулі, спрабуючы забіць сваё дзіця. Зосі таксама іншы раз здавалася, што яна не хоча жыць. Лепш памерці, чым нарадзіць дзіця і зганьбіць сваю сям’ю. Але яна не магла памерці, не адпомсціўшы Гардзею. Таму доўга думала, як жа забраць яго з сабою на той свет, калі ім не пашчасціла быць разам на гэтым. Вырашыла схадзіць да цёткі Каваліхі, знахаркі, якая раней ратавала яе, можа, і цяпер што-небудзь параіць.

Зося выйшла з дому па абедзе ў змрочны дзень, калі здавалася, што святло вылучаў толькі снег, які шчодра выбеліў прастору. Зіма надарылася позняя, затое трывала ўсталявалася пасля першага снегападу. У гэтай аднастайнасці шэрага і белага колераў не было ніякай радасці воку. А, зрэшты, хіба магчыма знайсці радасць звонку, калі ў душы суцэльны смутак і страх перад будучыняй. Дарога падалася Зосі занадта доўгай. Пэўна, так яна стамілася душою, што і фізічныя сілы незаўважна пакідалі яе.

Цётка Каваліха сустрэла дзяўчыну прыязна, спытала ўсмешліва, ажно маршчынкі разбегліся ў куточках вачэй:

— Што з табою, дзіця? Ці не захварэла?

— Бяда ў мяне, цётачка.

— Я ж цябе ўжо вучыла.

— Не, не тое. Я тую навуку помню. Не хачу я жыць, але і паміраць адна не жадаю. Няхай і ён са мною ідзе на той свет.

— Што ты надумала, дзяўчына? — ажно пляснула ў далоні знахарка. — Грэх гэта вялікі! Выкінь з галавы дурноту.

— Не хачу жыць, не магу! І ён няхай не жыве!

— Я і слухаць цябе не жадаю! — замахала рукамі Каваліха, быццам адганяючы хмару камароў.

— Цётачка, дай мне якой атруты, але так, каб напэўна памерці, каб не пакутаваць. Усё ў мяне ўнутры выгарала!

— Бачу я, што ты зноў дзіця чакаеш.

— Яно памрэ разам са мною.

— А ты хлопцу казала?

— Ён не кахае мяне. Прыйдзе, пераспіць і знікае надоўга. На вочы не паказваецца. А праз паўгода раптам заявіцца, быццам нічога не здарылася.

— Забудзь яго.

— Не магу, цётачка. Гэта як насланнё нейкае. Я нічога не разумею. Як мне жыць? Чым? Дайце, дайце якой атруты.

Знахарка падышла да покуці, перахрысцілася на ікону, прамовіла:

— Даруй нам, Божа, грахі нашы свядомыя і несвядомыя.

Пакланілася Божай Маці, потым строга паглядзела на Зосю і сказала:

— Ніхто табе не вінаваты ў тваёй бядзе. Расплюшчы вочы, ты ж не адна на свеце. Вартых цябе хлопцаў шмат. А ты зацялася на няшчасным каханні і свету не бачыш. Сама кажаш, што не кахае ён цябе, значыць, не твой гэта лёс. Не твой! Нават калі ты прывяжаш яго да сябе, не будзе табе з ім шчасця. Асудзіш сябе на пажыццёвую пакуту!

— Я і так пакутую. Што ж мне рабіць?

— Ідзі дамоў і вазьміся за розум!

Каваліха пайшла проста на Зосю, быццам хацела хутчэй выпхнуць за дзверы. Дзяўчына адступіла да парога, націснула рукою клямку і выбегла з хаты. На дварэ пачынала цямнець, свет зрабіўся зусім бясколерны, у ім можна было схавацца ад чужых пільных вачэй, застацца сам-насам з сабою. Думкі ў галаве бязладна мітусіліся. Яна была расчараваная і пакрыўджаная, што не здабыла атруту. А зрэшты, як і дзе яна здолела б яго атруціць. Хіба што пайшла б да яго дахаты? Дык на гэта, мабыць, ніколі не адважыцца. Пакуль не скончыцца Піліпаўскі пост, вячорак ніякіх не будзе. Ды і не ходзіць ён на вячоркі. Заняты надта ў гміне, мо падбірае сабе жонку з паненак. Ці пра яго трэба цяпер думаць? Яму што? Ён жывы і здаровы. А як і чым ратавацца Зосі? Нарадзіць дзіця? Людзі будуць пальцам тыкаць! А што скажа бацька? Каця наогул загрызе! Як бы добра было памерці, нічога не балела б і не турбавала б, а толькі ўсе шкадавалі б, што такая маладая і так рана загінула.

Зося ўявіла, як ляжыць яна ў белай сукенцы і вэлюме, а побач у другой труне Гардзей у сваім фрэнчы з бліскучымі гузікамі, невыказна прыгожы, што і вачэй ад яго немагчыма адарваць. Але вось труну накрываюць векам. І яна разумее, што іх пакладуць у розныя магілы. Страх агарнуў душу, быццам цемра апраметнай паглынула яе. Зося спалохана перахрысцілася, паглядзела па баках. Яна і не заўважыла, як выйшла за вёску. Было пуста і холадна. Усчаўся марозны вецер, але ён дзьмуў у спіну, быццам, як і Каваліха, праганяў дзяўчыну дамоў. Яна ўзіралася ўдалячынь, каб хутчэй убачыць агні роднага хутара. Само сабою прыйшло рашэнне: яна забудзе Гардзея назаўсёды. Ніколі нават не зірне ў ягоны бок! Так параіла цётка Каваліха, яна мудрая жанчына і ведае, што кажа. Ён здраднік, паскуднік, баламут. Колькі б яна ні была з ім, ён заўсёды будзе вось гэтак жа пакідаць яе адну ў бядзе. А цяжарнасць? Што ж, ад яе можна пазбавіцца зязюліным мылам.

Рэдкія сняжынкі закружыліся ў паветры. Зося прыспешыла крок, баючыся заблудзіцца ў кудасе. Прага жыцця паступова вярталася да яе праз смутак адзіноты, боль расчаравання і трывогу за заўтрашні дзень.

29

Гардзей заседзеўся ўвечары, доўга чытаў Біблію. Паўліна сварылася за дарэмнае, як лічыла, выпальванне газы, але і сама не клалася, вышывала ручнік. Калі ж брат нарэшце стаў уладкоўвацца на лаве, Паўліна хуценька згарнула вышыванне і, каб самой не тушыць лямпу, легла на запечку. Гардзей хмыкнуў сабе пад нос, маўляў, якая хітрая, прыўзняў пузаценькае шкло, патушыў цьмяны агеньчык, які трапятаў на язычку кнота, умасціўся на лаве, накрыўся кажухом, а заснуць доўга не мог. Усё ў галаве круціліся словы з Бібліі пра Ісуса: «Прыйшоў да сваіх, а свае Яго не прынялі». Ад Божага сына адмовіліся тыя, хто абавязаны быў яго пазнаць, прыняць і зразумець. Ён прыйшоў да сваіх, каб стаць для іх выратавальнікам і царом. Аддаваў ім сябе, рабіў усё магчымае, каб гэтыя людзі паверылі яму, палюбілі яго, пайшлі за ім. Але яны адмовіліся ад яго і асудзілі на смерць. Аднак нават смерць Хрыста стала сведчаннем ягонай любові да людзей. Падзеі жыцця Божага сына Гардзей пераносіў на сябе. Яму, звычайнаму грэшнаму чалавеку, таксама карцела нешта добрае зрабіць людзям, ды ягоныя парыванні былі адхілены людзьмі ад улады. Зрэшты, Гардзей пакуль знаходзіўся нават у лепшым становішчы. Свае ад яго не адвярнуліся, а жадалі бачыць войтам, іншая справа, што гэта не задавальняла палякаў. Па чыёй жа волі ён не стаў войтам? Па Боскай? Ці гэта здарылася з-за нейкай чалавечай прыхамаці? Калі Бог за мяне, дык хто супраць? Мне яшчэ раз нагадалі, што я беларус, залежны ад польскай улады. Каб змяніць становішча да лепшага, трэба дамагацца таго, каб у беларусаў была свая, беларуская, улада. Яму згадалася, як у час службы ў войску адзін з капралаў пры зручным выпадку называў беларусаў не інакш, як хамамі з крэсаў. Выходзіць, што мірным шляхам да ўлады прыйсці немагчыма. А іншы шлях Бог не бласлаўляе, бо гэта ён пасылае тую ўладу, якую мы заслугоўваем. Трэба пачытаць нешта пра нашу гісторыю, каб разабрацца, чаму ж мы дайшлі да такога жыцця.

З гэтаю думкаю Гардзей задрамаў. Прачнуўся ад моцнага стуку ў шыбу, сеў на лаве, зірнуў у акно, убачыў цёмную постаць. Мільганула думка: «Напэўна, Маркевіч прыслаў сувязнога». Аднак на ўсялякі выпадак спытаў:

— Хто там?

— Паліцыя!

Прачнулася Паўліна, перапалохана пачала бажыцца, шукаючы ў цемры вялізную канапляную хустку, каб захінуцца ёю ад чужых вачэй. Гардзей запаліў газніцу, ускінуў кажух, якім накрываўся, на плечы, пайшоў у халодныя сенцы, каб адамкнуць дзверы. У хату ўвайшлі тры паліцыянты і адзін чалавек у цывільным. Адзін з іх сказаў:

— Ну, што, Рахуба, даскакаўся?

— Да чаго? — спакойна спытаў Гардзей.

— Сам ведаеш. Зараз зробім вобыск, — папярэдзіў паліцыянт, позірк якога ўпаў на кніжку, што ляжала на стале.

Паліцыянт пагартаў яе і здзіўлена спытаў:

— Ты і Біблію чытаеш?

— Чытаю, гэта ўсім кнігам кніга.

— А што яшчэ чытаеш?

— Што трапіцца. На жаль, газеты дарагія.

Прыхадні пачалі заглядваць па кутках, нават пад печ зазірнулі, нехта пайшоў у камору. Чалавек у цывільным стаў на лаву, уважліва агледзеў ікону, што вісела на покуці, і задаволена дастаў з-за яе скрутак паперак, але разгарнуўшы іх, убачыў, што гэта квіткі аб выплачаных падатках, расчаравана кінуў на стол. У Гардзея ўсё кіпела ўнутры, але ён не падаваў выгляду і злосна радаваўся таму, што некалькі забароненых брашур добра прыхаваў у клуні пад сенам. Зараз прыкідваў, хто ж паклапаціўся пра тое, каб ён апынуўся ў руках паліцыянтаў? Бяляцкі з Райскім? А мо Марк адпомсціў? Ці, можа, Яўсей Пух? Нажыў ён сабе ворагаў за апошні час.

Сёстры назіралі за тым, што адбываецца, не хаваючы страху. Туліліся адна да адной, акрытыя вялікімі канаплянымі хусткамі, і дробна калаціліся.

— Збірайся, Рахуба, пойдзеш з намі, — сказаў пузаты паліцыянт, бліскучыя гузікі на фрэнчы якога, здавалася, гатовы былі паадлятаць, варта толькі набраць паболей паветра ў грудзі.

— Куды вы яго-о-о? За што-о-о? — раптам загаласіла Паўліна і ўпала на калені. — Паночкі, пашкадуйце на-а-ас. Мы ж бедныя сіроты-ы-ы! Ён жа нам і за бацьку, і за брата-а-а!

— Ціха! Чаго галосіш, як па нябожчыку? — прыкрыкнуў тоўсты на Паўліну. — Мазгі яму трохі прачысцім, адшліфуем, каб стаў добрым грамадзянінам нашай дзяржавы.

Паўліна замоўкла, хуценька зняла з бэлькі белую палатняную торбу, выбегла ў сенцы і, пакуль Гардзей няспешна апрануўся, вярнулася ў хату. Торба была поўная і цяжкая. Брат з удзячнасцю паглядзеў на сястру, зазірнуў у торбу, убачыў, што там ляжыць і ежа, і бялізна — усё неабходнае арыштанту.

— Спрытная ў цябе сястра, Рахуба. Не кожная жонка здольная даўмецца, што трэба чалавеку ў турме. Звычайна бегаюць, плачуць і не могуць сцяміць, што ім рабіць, — усміхнуўся чалавек у цывільным.

— Пайшлі, — сказаў тоўсты паліцыянт.

Мужчыны выйшлі з весніц. На вуліцы іх чакаў конь, запрэжаны ў сані. Усе селі, Гардзею таксама дазволілі сесці і пагналі каня ў пастарунак. Над зямлёю вісела чорнае неба, на якім зіхцелі калючыя дзівосныя зоркі. Ад хуткай язды здавалася, што яны скакалі ў небе. Гардзей, узіраючыся ў гэты зорны карагод, на момант нават забыўся на сваю бяду.

— Што, Рахуба, на неба захацелася? — спытаў тоўсты паліцыянт. — Дык мы можам арганізаваць.

— Усё ў руках Боскіх, яму відней, каго і куды забраць, — спакойна адказаў Гардзей. — А зрэшты, каб ад жыцця была хоць якая карысць, трэба аддаць яго Богу.

— Вы паглядзіце на яго! Пся крэў! Проста святы анёл, а не чалавек!

— абурыўся адзін з паліцыянтаў.

— Тыя, што ўмеюць прыкідвацца святымі, самыя небяспечныя! — сказаў таўсматы. — Для іх няма нічога святога, ім каб толькі здабыць якую карысць.

— Я звычайны чалавек. Вы ўварваліся ў мой дом сярод ночы, напалохалі сясцёр. Чаму не прыйшлі ўдзень? Напэўна, няёмка. Трэба ж нечым абгрунтаваць самаўпраўства.

— Не хвалюйся, усё абгрунтавана!

У пастарунку таўсматы паліцыянт і чалавек у цывільным з закручанымі вусікамі распачалі допыт. Яны расклалі перад арыштаваным дзесяткі два фотаздымкаў і спыталі, каго ён ведае. Гардзей абыякава паглядзеў на абліччы незнаёмцаў, аднак калі прыгледзеўся, пазнаў на фотаздымку таварыша Віктара, Захара Маркевіча, яшчэ некаторых людзей, якія сустракаліся яму на падпольных канферэнцыях.

— Вось гэтага ведаю, — сказаў Гардзей і паказаў на здымак Захара Маркевіча. — Мы з ім вучыліся ў школе ў адным класе.

— А гэтага? — таўсматы паліцыянт тыцнуў у фотаздымак.

— Не, яго не ведаю, — адказаў Гардзей.

— Гэта Сымон Свістун, тэхнік з Жабінкаўскага райкама. Ён сказаў, што ты ўзначальваеш камсамольскую ячэйку ў Крачках.

— Хлусня ўсё гэта, — як мага спакайней адказаў Гардзей.

— Ён даў нам спіс усіх сакратароў. Тваё прозвішча там ёсць таксама.

— Быў час, каля я трохі цікавіўся палітыкаю, аднак пасля таго, як мяне выбралі радным гміны, я адмовіўся ад гэтай справы. Магчыма, людзі з камункі мяне ўносілі ў якія перспектыўныя спісы, але мне пра гэта нічога не вядома. Я радны гміны і збіраюся сумленна і годна выконваць свае абавязкі.

— Ты думаеш, што мы будзем тут з табою разважаць, спрачацца, нешта даказваць? Памыляешся! — выкрыкнуў таўсматы паліцыянт. — Мы будзем выбіваць з цябе паказанні. Гэта больш дзейсны спосаб.

Паліцыянт схапіў гумавую палку і з усяе сілы аперазаў Гардзея — той цяжка прастагнаў і зваліўся з крэсла.

30

Кірыла доўга таптаўся ў парозе, страсаючы снег з шапкі і каўняра кажуха, пахвальваючы надвор’е:

— Добра снегу насыпала, пядзі на тры, азіміну акрыла, бы пярынаю.

— Затое з двара выграбаць той снег — мала радасці, — заўважыла Каця.

— У жыцці, дачка, наогул мала радасці. Век грабешся ў зямлі, свету не бачыш і не заўважыш, як старасць напаткае.

Зося быццам і не чула іхняй гаворкі. Увесь час яна думала пра Гардзея. Можа, пайсці і расказаць яму пра цяжарнасць? Павінен жа і ён адчуваць нейкую адказнасць, няўжо пасля таго, што ў іх было, яна па-ранейшаму застаецца яму чужою і непатрэбнаю? Не, так не павінна быць. Але чаму ж ён не прыходзіць? Чаму не цікавіцца, як яна, Зося, жыве? Ці жывая наогул? Колькі разоў на дзень думка пра самазабойства прыходзіць ёй у галаву! Дзяўчына пакуль упарта адбівалася ад яе. Бяда, што нідзе яго не відно. Колькі разоў Зося праходзіла па вёсцы ў надзеі спаткацца з ім. Усё дарэмна. Праўда, у хату да яго зайсці пакуль яшчэ не адважвалася, але ўжо рыхтавала душу да таго, каб здзейсніць гэты ганебны ўчынак. Дзе гэта бачана, каб дзяўчына сама да хлопца хадзіла?

— Што чуваць у вёсцы? — спытала ў бацькі Каця, якая таксама ўвесь час думала пра Гардзея.

— Дрэнныя навіны. Паліцыянты лютуюць. Арыштавалі Гардзея Рахубу і яшчэ некалькіх хлопцаў са Сцяблова. Кажуць, што і ў Жабінцы прайшлі арышты.

— Гардзея арыштавалі? — уражана спытала Каця. — А за што? Ён жа радны!

— Хто яго ведае, хіба паліцыянты будуць тлумачыць? Прыйшлі, забралі і павялі ў турму.

Тое, што гавораць пра Гардзея, быццам абудзіла Зосю. Яна перапытала:

— Каго ў турму забралі?

— Ты, я бачу, не толькі сляпая, але і глухая, — здзекліва заўважыла Каця.

— А ты злая, як сабака, — адказала Зося. — Тата, каго арыштавалі?

— Хлопцаў са Сцяблова і Гардзея з Крачак.

Гэтая навіна ашаламіла Зосю. Яшчэ ёю валодала нянавісць, і яна помсліва сказала:

— Так яму і трэба!

— Што ты вярзеш? Здурнела зусім! Такому чалавеку зла жадаць! — абурылася Каця.

— Што ўжо ён за чалавек? За што ты ўпадабала гэтага баламута?

— Ціха, дзяўчаты! Змоўкніце! — прыкрыкнуў на дачок Кірыла. — Замуж вам трэба выходзіць, а не сварыцца. Нейкія знерваваныя вы ў мяне. Дземіха падыходзіла, нахвальвала вас, асабліва Кацю, за тое, што швачка добрая. Пыталася, ці ёсць жаніх, не супраць пасватаць за свайго Апанаса.

— Яшчэ чаго мне не хапала! Апанаса крывалапага! — абурылася Каця.

— Ну не такі ён ужо і крывалапы. Хлопец, як хлопец, здаровы, працавіты, — пачаў бараніць Апанаса бацька.

— І польку скача хораша, — заўважыла Зося, прыкідваючы, што ёй значна лягчэй жылося б, каб сястра пайшла замуж.

— Вось і выходзь за яго сама, будзеш з ім скакаць.

— Гэта ж не мяне сватаюць, а цябе, — агрызнулася Зося.

Бацька ўважліва паглядзеў на малодшую дачку і сказаў:

— Спачатку трэба, каб пашлюбілася старэйшая сястра, а потым ужо можна і малодшай думаць пра замужжа. Зося, калі табе падабаецца Апанас, дык я скажу Дземісе.

Зося на момант уявіла сябе побач з Апанасам, і ёй стала не па сабе. Немагчыма пражыць жыццё з чужым чалавекам. Пакуль ёсць Гардзей, яна нікога іншага побач з сабою ўявіць не магла.

— Не, тата, не трэба. Апанас хлопец добры, але ён чужы маёй душы, — запярэчыла Зося.

— Абедзве пераборлівыя. Глядзіце, каб не засталіся векавухамі, — прабурчаў Кірыла, сеў за стол. — І Серафіма трэба было б ажаніць з якою добраю дзяўчынаю. Няхай прырастае да зямлі, заводзіць гаспадарку. Звалочыцца ён на гэтай чыгунцы. Адно адзенне рве жалязякамі, а заробку хапае толькі пракарміцца.

Каця дастала з печы чыгунок, па хаце паплыў апетытны пах. Перад калядамі Кірыла закалоў парсючка, цяпер можна было пацешыцца свежыною. Дачка наліла паўнюткую міску капусты, забяліла смятанаю, паставіла перад бацькам. Ён перахрысціўся, узяў лыжку, але зірнуў на Зосю, ціха сказаў:

— Ідзі есці, Зоська. Нейкая ты сама не свая.

Зося моўчкі села да стала. Есці не хацелася. Глытала цераз сілу і ўжо шкадавала Гардзея. Так дрэнна думала пра яго, а ён сядзіць у турме. На вуліцы вунь сонца выглянула, марозік невялікі, снег зіхціць дыяментамі, а яму, нявольніку, трэба сядзець за кратамі, падпарадкоўвацца турэмным законам, есці нейкую брыдоту. Божа, дапамажы яму хутчэй вызваліцца, паспрыяй ва ўсялякай прыгодзе, агарадзі яго ад злых людзей, іх нянавісці, зайздрасці і зладзейства. А што ж будзе са мною? Што рабіць? Ехаць да яго ў турму? А хто я яму? Ні сястра, ні жонка — ніхто. Мне ж нават спаткацца з ім не дазволяць.

Аднекуль здалёку пачула Кацін голас, якая, стоячы ля печы, спытала ў бацькі:

— А ці можна мне наведаць Гардзея ў турме?

— Здурнела дзеўка! — абурыўся Кірыла. — Чаго ты туды пойдзеш? Ды і куды? Невядома ж, дзе яго трымаюць да суда, ці ў Жабінцы, ці ў Кобрыне, ці ў Берасце завезлі. Яшчэ на цябе падумаюць, што ты яго паплечніца!

— Няхай думаюць, што хочуць, — абыякава адказала Каця.

— Не, даражэнькая, гэтак ставіцца да жыцця нельга, — запярэчыў бацька і адклаў убок лыжку. — Я не хачу, каб мая дачка па турмах цягалася. Вунь Серафімаў бацька як трапіў у Сібір, дык і прапаў. Ужо дваццаць гадоў ніхто не ведае, ці жывы ён, ці ўжо ў магіле і косці сатлелі. Сваім жыццём трэба даражыць. Яно адно!

— І што, нават родныя не ведаюць, куды павезлі Гардзея? — спытала Каця.

— Пойдуць у пастарунак і даведаюцца. Пакуль ідзе следства, пазней будзе суд. Потым яго могуць завезці куды заўгодна — у Польшчу ці на Украіну, каб родныя не надта турбавалі наведваннямі ды перадачамі.

— Які жах, — уздыхнула Каця. — І колькі ж яго там будуць трымаць?

— Як суд вырашыць. Хто ж ведае, у чым яго абвінавачваюць? Годзе байкі баяць, сядай абедаць, — сказаў Кірыла, зноў беручыся за лыжку.

Каця села да стала, утаропілася ў міску і сёрбала капусту. Зося раптам хуценька паднялася з-за стала і пабегла ў сенцы, затуляючы рот рукою.

— Што гэта з ёю? — устурбавана спытаў бацька.

— Зноў нечым атруцілася, — адказала Каця.

— Чым яна можа атруціцца? Мы ж усе разам ямо адно і тое ж — і здаровыя.

— Хто яе ведае? Нешта раптам цягне на ваніты, а потым само праходзіць.

— Мо да якой шаптухі звазіць? — спытаў Кірыла. — Каб не захварэла, крый божа. Помніш, як тады ў Карпа колькі хварэла.

Зося ўвайшла ў хату, выцерла твар ручніком, легла на запечку.

— Блага табе, дачка? — спытаў Кірыла.

Зосі так хацелася хоць з кім-небудзь раздзяліць бяду, але не магла яна нікому расказаць пра сваю ганьбу — цяжарнасць.

— Нічога, ужо адпускае, — адказала.

Кірыла падышоў да дачкі, паклаў руку на лоб, ці не гарачы, спачувальна спытаў:

— Што ў цябе баліць?

— Раптам жывот зарэжа. А потым выверне ўсё, што з’ела. І робіцца лёгка.

— Можа, да доктара цябе?

— Не трэба, трохі паляжу — і палепшае.

Зося адвярнулася да сцяны, каб схавацца ад бацькавых і сястрыных вачэй, падумала: «Адзін мой ратунак — зязюліна мыла. Запару, як усе павыходзяць з хаты, ды і пачну піць патроху. Колькі разоў выратоўвала ад ганьбы, а мо і ад смерці. Даруй, Божа, грахі мае цяжкія. Даруй і паратуй.»

31

Пасля трох дзён допытаў Гардзея перавезлі ў павятовую турму, але паколькі з-за пабояў дрэнна сябе адчуваў, яго адразу змясцілі ў турэмны шпіталь. Бадай, душа яму балела больш, чым цела. Такога прыніжэння, як у пастарунку, ён не перажываў нават у войску. Хоць там даводзілася адчуваць залежнасць ад самадураў-афіцэраў, але і яны асцерагаліся без дай прычыны зневажаць жаўнераў. Тут жа ніхто не лічыўся з чалавечай годнасцю і ніхто не турбаваўся, б’ючы арыштанта, за грэшнасць і агіднасць сваіх паводзін, за якія давядзецца адказваць на Страшным судзе. Бо, па глыбокім перакананні Гардзея, нават на судзе ніхто не мае права зневажаць чалавека, а тым больш не дазваляецца рабіць гэта да суда, калі віна чалавека яшчэ не даказана.

Разам з Гардзеем у палаце ляжала яшчэ пяцёра незнаёмых хлопцаў, насцярожана маўклівых, пэўна, баяліся здрады ці якога іншага паскудства. Бралі кніжкі ў шпітальнай бібліятэцы і чыталі. Паколькі гэтая турма і пры цары, і пры паляках аддана служыла ўладзе, дык тут меліся кніжкі як на польскай, так і на рускай мовах. Не было толькі беларускіх кніжак, бо чужая ўлада пра гэта не клапацілася. Палата была невялікая, з закратаванымі вокнамі, за якімі на дзіва яскрава свяціла сонца. Пачынаўся новы 1928 год, у якім, як чакаў Захар Маркевіч, на выбарах у сейм перамогуць камуністы пад спісам № 5. Дзіўныя, наіўныя мары! Хіба ж могуць перамагчы камуністы, калі іх адлоўліваюць, як шалёных сабак, і саджаюць за краты? Гардзей быў перакананы, што і Маркевіч недзе ў турме. Проста арыштантаў, якія маюць дачыненне да камуністычнага падполля, развозяць па розных гарадах, каб разбіць іхнюю салідарнасць, парушыць напрацаваныя сувязі. А калі і ўдалося Захару пазбегнуць гэтае долі, дык, напэўна, ненадоўга. Ужо ходзяць шпікі па слядах, высочваюць, нібы дзікага звера.

У палату ўвайшоў доктар у такім жа шэрым халаце, як і ўсё ў пакоі — ад сцен да пасцелі. Гэта быў сталы чалавек з вялікімі акулярамі на мясістым носе, пад якім красавалася тонкая палоска вусоў над сухімі прывялымі вуснамі. Ён сеў на зэдлік каля Гардзея, загадаў падняць сарочку, памацаў жывот, паслухаў дыханне, нічога не кажучы і не пытаючы, падсеў да другога хворага. Гардзей паназіраў за доктарам, у твары якога не было ні спачування, ні цікавасці, нібы ён меў справу не з людзьмі, а з нежывымі рэчамі. Міжвольна падумалася, што дзяржава можа быць страшнай пачварай для сваіх грамадзян. А яны, між іншым, забяспечваюць яе існаванне і дабрабыт. За непаслушэнства падданых яна не проста моцна карае, а нават знішчае тых, хто парушае заведзены ёю лад. Дзяржаву не цікавяць здольнасці і памкненні асобнага чалавека, яна найбольш заклапочана ўласнымі мэтамі.

Доктар сеў да стала, моўчкі зрабіў запісы і пайшоў з палаты.

— Ні табе «добры дзень», ні «да пабачэння». На могілкі прыходзіш, дык і то вітаешся з памерлымі, а тут на жывых глядзіць і быццам не бачыць, — сказаў светлавокі хлопец, што ляжаў ля самага акна; сонца высвечвала ягоны твар, вочы мелі такі дзівосна блакітны колер, які бывае мо толькі ў анёлаў.

На ягоную заўвагу ніхто не адгукнуўся, адно Гардзей адказаў:

— Мы для іх як мерцвякі. Што хочуць, тое з намі і зробяць. Могуць забіць, і могуць дазволіць яшчэ трохі пажыць. Да наступнага арышту.

— Не, ужо другі раз я не дамся, — адказаў хлопец. — Хутка ім канец, ад страху і лютуюць.

— Калі тое свята будзе, — хмыкнуў Гардзей і ўнурыўся ў кніжку.

Ён чытаў падручнік гісторыі і прыходзіў да высновы, што ўсе дзяржавы з іхнім механізмам знешніх і ўнутраных зносін і рознаю ўладаю існуюць нібыта для абмежавання несправядлівасці, але адначасова самі няшчадна эксплуатуюць грамадзян. А варта якой краіне набрацца сілы, добра ўзброіцца, дык яна драпежна азіраецца па баках з намерам заваяваць суседні народ і ператварыць яго ў рабоў. Выходзіла, што свет стаяў на несправядлівасці. Для таго, каб дзяржава хутка развівалася, патрэбны былі рабы. Але паколькі яна, як пачварная маці-людаедка, знішчала сваіх падданых, дык урэшце і сама развальвалася. Гэтак здарылася з усімі імперыямі. Адпаведна, і Польшчу чакаў такі самы канец, але калі гэта здарыцца? Праз дзесяць гадоў ці праз сто, Гардзей не ведаў. І таму рабілася страшна за свой кароткі чалавечы век, за няспраўджаныя парыванні. Гардзей сеў на ложку, паглядзеў у акно, за якім была заснежаная чыстая прастора, абмежаваная высачэзным плотам, аблямаваным клубкамі калючага дроту. На снезе не было нават птушыных слядоў, быццам крылатыя істоты пазбягалі залятаць на гэтыя абшары, прапахлыя няволяю. Там, за плотам, было мноства шляхоў, былі свабодныя людзі, якія пакуль адчувалі сябе годна і, можа, нават шчасліва. У ягоным уяўленні раптам выплылі родныя Крачкі, старая хата, што засталася пасля смерці бацькоў, якую трэба было б перасыпаць, а лепш пабудаваць новую. Згадалася Паўліна, якая з зацятаю ўпартасцю штодня займаецца гаспадаркаю, і раптам зрабілася яе шкада. Калі яны асірацелі, сястра была яшчэ зусім малая. Колькі выпала на яе долю рознай працы, а выжыла, вырасла. Моцны, дужы род Рахубаў! Не, яны так проста не здаюцца! Яны выжывуць і перажывуць усіх сваіх ворагаў.

32

Праз тыдзень Рахубу палепшала, у яго з’явіўся апетыт, ажылі, засвяціліся вочы. Як толькі доктар заўважыў гэтую перамену ў свайго пацыента, адразу загадаў перавесці яго ў турму. У выніку Гардзей апынуўся ў вялікай камеры, дзе было ўжо трынаццаць вязняў. За ім праскрыгаталі жалезныя дзверы, і змрочнае памяшканне сустрэла яго непрыемным кіслым пахам і цікаўнымі позіркамі. Гардзей паўзіраўся ў твары, нікога знаёмага не ўбачыў, а гэта азначала, што і верыць тут няма каму. Месца на нарах яму дасталося ў самым кутку. Моўчкі лёг і павярнуўся да сцяны. Нехта патузаў за плячо і спытаў:

— Ты адкуль?

— А табе што? Шмат тут вас, цікаўных. Так і шукаеце, каб свае грахі на каго спіхнуць!

— За каго ты нас прымаеш?

— Ні за каго. Мне ўсё роўна, хто вы і адкуль.

Гардзея сапраўды разбірала злосць: мала таго, што следчыя душу вымотваюць, дык яшчэ і тут, у камеры, допыты ўчыняюць. Няма мяжы чалавечай цікаўнасці, усё хочацца ведаць. Мо і ёсць на свеце такія дурні, што пра сябе расказваюць, але толькі не Гардзей.

— За што цябе ўзялі?

— Я і сам хацеў бы гэта ведаць, — адказаў Гардзей, павярнуўся да хлоп­ца, які надакучваў сваімі пытаннямі, убачыў вадзяністыя вочы пад светлай грыўкай.

— Мы тут усе палітычныя. Цябе нездарма да нас пасадзілі.

— Далі магчымасць пазнаёміцца з вамі бліжэй, — з’едліва заўважыў Гардзей.

— Пакінь яго ў спакоі. Бачыш, чалавек не ў гуморы, — сказаў нехта з другога канца пакоя.

Хлопец з грыўкай над вачамі адышоў ад Гардзея, сеў зводдаль, назіраў за новым вязнем. Усталявалася гнятлівая цішыня. Новы вязень не ўпісваўся ў прыняты ў камеры лад і быццам замінаў астатнім адчуваць сябе вольна і раскавана. Гардзей зноў лёг тварам да сцяны, заплюшчыў вочы, падумаў: «Тут я ўжо адасплюся за ўсе дні і ночы, калі губляў сілу ў цяжкай працы, на вайсковай службе ці мілаваўся з дзеўкамі. Хапіла ў жыцці ўсяго». Раптам згадаў, як карчаваў з Паўлінаю ў лесе пень на дровы. Такую працу не ўсякі здаровы мужык пацягне. Трэба абкапаць пень, абсячы тоўстае карэнне, вывернуць. Да крывавых мазалёў і знямогі працавалі, а свайго дамагліся. Адкуль і сіла ўзялася. «Эх, каб сюды дзеўку пад бок, дык можна было б і патрываць колькі месяцаў. Жарты жартамі, а хутчэй бы на волю. Ніводнай паперы не падпішу, ніякае віны не прызнаю... »

Час да абеду доўжыўся пакутліва яшчэ і таму, што сялянская душа не звыкла сядзець без працы, на гаспадарцы чалавек заўсёды знойдзе сабе занятак, а тут няма за што воку зачапіцца, не тое што рукам. Гардзей зірнуў на закратаванае акенца пад столлю, на лапік пахмурнага неба і ціха ўздыхнуў. Калі, нарэшце, забразгалі за дзвярыма апалонікам, Гардзей зразумеў, што прынеслі абед, падняўся і ўбачыў: усе сядзяць нерухома, не бяруць у рукі ні лыжак, ні місак. Смутная здагадка працяла яму сэрца: вязні абвясцілі галадоўку. Гэтага яшчэ не хапала.

— Вы чаго такія? — спытаў Гардзей у свайго суседа.

— Галадаем у знак пратэсту за забойства нашага таварыша, — адказаў той.

— А як яго звалі? — спытаў Гардзей.

— Нядаўна нас папракаў за цікаўнасць, а цяпер і сам туды ж...

— Ваш таварыш загінуў, вы і галадайце.

— Глядзі, каб табе тая ежа не стала ўпоперак горла, — папярэдзіў хлопец з грыўкай.

Гардзей не пайшоў з міскай да дзвярэй, дзе праз адкрытае акенца падавалі абед, а дастаў кавалачак сала і лустачку сухога хлеба, што клапатліва ўкінула на развітанне Паўліна, пачаў марудна жаваць. Ён адчуў, што не жадае падпарадкоўвацца гэтым людзям, з якімі яго аб’яднала сляпое ліха. Ён не жадае падпарадкоўвацца нікому! Але супраць сілы адзін не паваюеш, ёй трэба падначальвацца, каб не проста выжыць, але яшчэ і перажыць яе. Гардзей заўважыў на сабе асуджальныя позіркі, згарнуў торбачку, папіў вады і зноў лёг на пасцель, узіраўся ў столь, стараўся ні пра што не думаць і хутка заснуў трывожным і чуйным сном.

33

З-за таго, што вязні распачалі галадоўку, ім забаранілі сустрэчы з роднымі. Гардзей глядзеў на гэтых зацятых палітычных фанатыкаў і дзіву даваўся іхняй тупой упартасці. Ён не разумеў, навошта здзекавацца з уласнага цела, канчаткова псаваць сабе здароўе і без таго падарванае біццём і прыніжэннем, перажытым у час допытаў? Значна разумней было б перачакаць, выйсці на волю, а там ужо змагацца з акупантамі. Хоць скептычныя думкі ўзнікалі ў Гардзея і наконт змагання. З касою супраць дзяржавы не паваюеш. У яе зброя, сіла, войска, навучанае забіваць. Які сэнс у вывешванні сцягоў, раскідванні лістовак і падбухторванні людзей? Нікому ад гэтага не робіцца лепш. Дзяржава бязлітасна знішчае непаслухмяных. Не, ён канчаткова расчараваўся ў метадах падпольнай барацьбы. Не яго гэта шлях па-сабачы падбрэхваць з-за плота, а потым хавацца, каб не злавілі. Нічога няма вечнага на гэтым свеце. Скончыцца аднойчы і акупацыя, як гінулі ў свой час шматлікія імперыі: Рымская, Візантыйская, Асманская, шкада толькі, што жыццё чалавека кароткае, не кожны дачакаецца вызвалення.

Зусім разгневаўся Гардзей, калі яму прынеслі перадачу, але не далі магчымасці пабачыцца з сястрою. Ён, узбуджаны і знерваваны, распакаваў торбачку, агледзеў ладны кавалак сала, два клінковыя сыры, масла, хлеб, цыбулю, часнок, потым зноў ашчадна паскладваў усё ў торбачку. Пахам роднага дома павеяла ад харчоў, ажно сэрца затрапятала. Адрэзаў кавалак сала, узяў зубок часнаку. Духмяны водар разліўся па камеры. Людзі павярнулі галовы, пазіралі на Гардзея, быццам чакалі, што ён і іх пачастуе. Аднак хлопец жаваў сала, ціха пасопваў і па ўсім было відаць, ні з кім не збіраўся дзяліцца харчамі.

— Ці не разапрэ цябе, калі сам усё паясі? — спытаў хлопец з бяляваю грыўкаю.

— Ты за мяне не турбуйся, — абыякава адказаў Гардзей.

— Хутка нехта з нас таксама атрымае перадачу і тады.

— Я вашага не хачу і свайго не дам. Гідую есці чужое! Разумееш? Сваё пакаштую, вочы заплюшчу — і быццам дома пабыў!

— А што ты скажаш, калі мы табе байкот абвесцім?

— Гэта ваша справа! Вы ўмееце абвяшчаць байкоты, галадоўкі, лямантаваць, шмат гаварыць, толькі рабіць нічога не ўмееце! Хапаюць вас, як зайцоў, па адным, адстрэльваюць! А вам застаецца толькі хавацца. Вось і ўсе вашы справы!

— Усіх не пераловяць.

— Пажывём — пабачым.

— Слухайце, і хто нам гэтага штрэйкбрэхера падсадзіў?

— Ён проста несвядомы, — пачуўся голас старасты Якіма Гарошкі, які карыстаўся ў камеры аўтарытэтам.

— Можа, яму шыю намыліць? — спытаў хлопец з грыўкаю.

Гардзей падняўся, распрастаў плечы. Ён быў на галаву вышэйшы за белабрысага хлопца і па ўсім відаць, значна дужэйшы.

— Паспрабуй, — сказаў Гардзей.

— Ты не думай, што такі дужы, гуртам асілім.

Гардзей зноў сеў на пасцель, паглядзеў на хлопца са спачуваннем і сказаў:

— Ідзі далей ад граху. Няма ў мяне жадання біцца ні з табою, ні з кім іншым. У вас сваё жыццё, у мяне сваё. Можа, днямі адбудзецца суд, мяне ад вас, напэўна, некуды пераселяць, так што патрывайце мой індывідуалізм яшчэ трохі.

— Пакінь яго ў спакоі, Лёня. Гарбатага магіла выпрастае, — сказаў Якім Гарошка.

Белабрысы вязень пайшоў да гурту, дзе хлопцы гулялі ў карты, і хутка ўжо стуль пачуўся ягоны надакучлівы голас. Гардзей лёг на пасцель, задумаўся. Яго турбавала, які вырак вынесуць на судзе. У час аднаго з допытаў яму ўчынілі сустрэчу з тым самым чалавекам, які назваў ягонае прозвішча. Раху­ба яго бачыў упершыню. Хлопец Гардзея таксама не пазнаў, бо чуў толькі прозвішча. Выходзіла, што хоць Гардзея і назвалі, але ці той гэта Рахуба, ніхто канчаткова не сказаў. Іншых сведкаў пакуль не знайшлося. Было відавочна, што зусім не Пух выдаў яго і не ад кіраўнікоў гміны пайшла ініцыятыва на ягоны арышт. Яго маглі выдаць Маркевіч або таварыш Віктар, яшчэ колькі чалавек. Але людзей гэтых было не так і шмат, яны, мусіць, заставаліся на волі. Гардзей, седзячы ў турме, пакляўся сабе, што больш ніколі не будзе ўвязвацца ў палітыку.

34

У ліпені Гардзея Рахубу судзіў Пінскі акруговы суд на выязной сесіі ў Брэсце, у выніку чаго вынесена была яму кара — два гады зняволення. У Брэсцкай турме і адбываў ён свой тэрмін. З людзьмі, якіх сустрэў у камеры, быў больш памяркоўны, чым у Кобрынскай турме. Нават пасябраваў з Анто­нам Клімчуком, настаўнікам з Федзькавіч, які апекаваўся Гардзеем, здабываў для яго кніжкі, з якімі можна было бавіць час і меней пакутаваць ад таго, што тваё жыццё нікуды не рухаецца, быццам тонеш у балотнай дрыгве.

Першае, што зрабіў Гардзей — намаляваў каляндар на той тэрмін, які яму належала тут адбыць, і пачаў выкрэсліваць дзень за днём. Быў удзячны Паўліне, якая здагадалася перадаць некалькі сшыткаў, ведаючы яго звычку запісваць назіранні за з’явамі прыроды, падзеі, што адбываюцца, ды ці мала што. Ён чытаў гісторыю, геаграфію, тое-сёе з мастацкай літаратуры, рабіў канспекты і кароткія анатацыі на прачытаныя творы. Дні ў турме цягнуліся аднастайна, але часам прыходзілі ў галаву думкі, якія хацелася занатаваць. Зрэдку ён перачытваў свой дзённік, згадваў пражытае і перажытае. На жаль, далёка не пра ўсё можна было пісаць. Ён пагартаў і перачытаў свой дзённік.

29 сакавіка. У камеры холадна. Але ўдалося пагрэцца ўласнымі рэсурсамі, бо з крымінальнікамі мыў падлогу. Гэтыя камяні, жалеза, бетон ледзяняць душу. Рукі ажно заходзіліся ад халоднай вады, у пальцы калола, як іголкамі, затое спіна была потная. Што ж, нехта павінен дбаць пра чысціню. Шкада, душы людскія гэтак не памыеш, не пачысціш. Вось і збіраецца там мноства хлуду і сажы, рады б чалавек узняцца і ўзляцець над сабою, але старыя грахі цягнуць уніз.

10 красавіка. Апеляцыя мне дадала яшчэ адзін год турмы. Няўжо дзяржава мае карысць ад таго, што трымае людзей у смярдзючых камерах, прывучае жыць, нічога не робячы, нават не зарабляючы сабе на хлеб. Ці не больш гуманна было б прымушаць людзей вучыцца, спасцігаць законы жыцця ў грамадстве, набываць прафесію. А пасля таго, як чалавек вызваліцца, дапамагчы яму знайсці сваё месца працы, занятак, які мог бы пракарміць бедака. А так атрымліваецца, хто сеў за крадзёж, выйдзе яшчэ большым злодзеем, бо пройдзе тут «турэмныя універсітэты». Мала дасканаласці і гармоніі ў жыцці, таму і турмаў шмат. Адна толькі прырода жыве ў харастве і замілаванасці.

Пачалася вясна. Зноў Паўліна будзе араць ды сеяць без мяне. Зямля паволі забывае мае рукі. А я люблю яе не толькі таму, што яна карміла мяне ад нараджэння, а таму, што стварала мяне моцным і незалежным. Ужо падлеткам я ведаў, што няма ад каго чакаць дапамогі, акрамя як ад Бога і зямлі-карміцелькі.

17 жніўня. Перад сном чытаў геаграфію, дзівіўся разнастайнасці прыроды. Ніякі чалавек, нават самы разумны, не здатны стварыць тое, што зрабіў Бог. Ды і што стварае чалавек? Нейкую нягеглую хату, завод, чыгунку? Больш руйнуе ды спажывае і думае, што ўсё навокал існуе толькі для яго. Наіўны! Прападзі ён, а зямля ўсё роўна будзе красаваць дзікай незацуглянай красой. Зацягне, зашые маладою травою і кустоўем дарогі і сцежкі, старыя котлішчы і могілкі, равы і курганы. Зямля — вялікая майстрыца!

21 кастрычніка. Траіх палітычных перавозілі ў іншую турму, кажуць, у Седлец. Турма праводзіла іх песнямі. Ажно ў мяне ўсхвалявана закалацілася сэрца. А ці пра мяне хто-небудзь падумаў бы, праспяваў бы песню? Як заслужыць павагу і спагаду людзей? Чым? Дабрынёю? Ёю будуць толькі карыстацца. Сілаю? Дык заўсёды знойдзецца нехта дужэйшы. Каб схіляць людзей на свой бок, трэба мець нейкі асаблівы талент. Ці ёсць ён у мяне? Мабыць, нейкія здольнасці ёсць. Здолеў жа я падгаварыць людзей, каб абралі ў гміну. Але тады і Маркевіч добра пастараўся. Так, часам мне таксама хочацца шчырага сяброўства, павагі, любові. Але колькі разоў разбіваліся гэтыя пачуцці аб зрэбную будзённасць. Найчасцей схіляюся да думкі, што аднаму лепш. Сяброўства і сям’я забіраюць душу і волю. Зрэшты, вынік тых праводзін горкі: за спевы вязням забаранілі спатканні. Зноў Паўліна прывязе перадачу і не пабачыць мяне.

8 лістапада. Восень змрочная і халодная. Палітычныя наладзілі святкаванне. У час шпацыру адзін дзеяч расказваў пра поспехі Савецкага Саюза, пра бясплатныя школы і бальніцы, пра заводы і фабрыкі, пра спакойнае і шчаслівае жыццё. Проста рай на зямлі. Ад яго дазнаўся пра смерць З. Маркевіча, шкада хлопца, царства яму нябеснае. Лёс падпольшчыка — кароткі шлях на той свет.

27 студзеня. Дні марозныя. Здаецца, і сцены турмы прамярзаюць наскрозь. Сную па камеры цэлы дзень, каб сагрэцца. Прыходжу да высновы, што турмы існуюць не для перавыхавання, а для маруднага знішчэння лю­дзей, якія не падабаюцца дзяржаве. Турма абмяжоўвае волю, рух, парыванні, гэта маруднае, загадзя разлічанае ворагамі забойства. Спачатку стамляецца і памірае душа, потым знясільваецца, самазнішчаецца цела.

3 красавіка. Снег растаў. Пацяплела, пасвятлела на свеце і на душы. Сёння пісаў паштоўку дадому вельмі дробнымі літаркамі і даволі шмат тэксту ўдалося змясціць. Доўга валаводзіўся, але праца атрымалася ювелірная. Сам залюбаваўся.

12 ліпеня. У час шпацыру пайшоў дождж. Палітычныя дзяўчаты не хаваліся ад дажджу, а бегалі пад ім, быццам умываліся, падстаўляючы твары і рукі, шчасліва смяяліся. Цікава, ці здолелі б яны адчуць такую асалоду на волі? Няволя — смерць душы. Рабы няздатныя ствараць, бо іхні дух заняволены. Яны жывыя мерцвякі.

14 верасня. Напісаў канспект па палітэканоміі. Цікава, ці дазволяць мне забраць з сабою дадому мае сшыткі? Я тут і сам сабе не належу. А калі належаў? Мяне могуць забраць у войска, на вайну, на прымусовую працу і не спытаюць згоды. Ненавіджу залежнасць ва ўсіх яе праявах. Сястра Маня выходзіць замуж. Што ж, гэта яе выбар, дай, Божа, ёй шчасця. Жанчыны лягчэй прыстасоўваюцца да жыцця і людзей. Але гэта так здаецца нам, староннім людзям.

26 кастрычніка. Пераглядаю запісы, днямі выклічуць на «цэнзуру». Калі ўсё забяруць, нешта застанецца ў галаве і сэрцы.

35

Восень, надзіва сухая і пагодная, не шкадавала апошняга цяпла. У мінулыя гады на Пакровы часам і снег выпадаў, а на гэты раз надвор’е трымалася, як летам. У Жабінку сабраліся людзі з навакольных вёсак на кірмаш, каб нешта прадаць ці купіць ды наведаць царкву. Гарадок стракацеў ад квяцістых хустак сялянак, ад іхніх паласатых андаракаў. Каля царквы і на кірмашы было шматлюдна, людзі сустракаліся, гаманілі, бедавалі ці радаваліся. Кірыла з дочкамі таксама прыехаў у Жабінку, каб прадаць колькі мяшкоў жыта. Каця засталася з ім, а Зося папрасілася ў царкву. Бацька і не пярэчыў, няхай дачка пабудзе сярод людзей, памоліцца за свой лёс і за ўсю сям’ю. Неспакойная Зося характарам, ці весяліцца не ў меру, ці панура маўчыць. Хварэе часта на жывот. Каця больш разважлівая, але ж, напэўна, яна сваё адхварэла ў маленстве. Рознай немачы набіраецца на чалавечы век, каб даймаць ды ўрэшце даканаць.

Кірыла прадаў збожжа і збіраўся ехаць да царквы па Зосю, а потым яшчэ меўся наведаць пляменніка, які працаваў на чыгунцы. Аднак Серафім сам вынырнуў з натоўпу.

— Малайчына, што сам знайшоў нас. Я збіраўся ехаць да тваёй гаспадыні, каб пакінуць табе сала ды хлеба, — узрадавана сказаў Кірыла.

— Дзякую, — сказаў, Серафім. — Толькі я ўжо там не жыву.

— Чаму? — здзівіўся дзядзька.

— Звольнілі мяне. Я з рэчамі, да вас сабраўся, — пляменнік паказаў на хатуль у руцэ.

— Чым жа ты цяпер будзеш займацца? — незадаволена спытала Каця.

— Не ведаю, — адказаў хлопец.

— Нічога, бывае і горш, — суцешыў пляменніка Кірыла. — Ці сказалі, за што звольнілі?

— Сказалі, толькі я ў тым не вінаваты. Нехта ўначы вывесіў на нашай канторы чырвоны сцяг. Начальства выбрала трох самых маладых дурняў і звольніла, маўляў, больш няма каму. А я ні сном, ні духам. Бажуся, дзядзька.

Серафім гаварыў шчыра, ажно слёзы на вачах выступілі. Кірылу зрабілася шкада хлопца. Цяжка цяпер маладым: няма дзе грошай зарабіць, няма за што зямлі купіць. Пры цары ўсё-ткі было неяк вальней. Хоць заўсёды для ўсялякай улады тутэйшы люд заставаўся недаверлівым.

— Што ж, справа зроблена. Звольнілі дык звольнілі. Паедзем дахаты, будзеш працаваць на гаспадарцы. Пасватаем, ажэнім, і зажывеш, як усе людзі, — разважыў дзядзька.

Серафім з палёгкаю кінуў свой хатуль у воз, сам скокнуў туды ж і павесялелымі вачамі паглядзеў на дзядзьку і стрыечную сястру.

— Ён цяпер будзе ўсю восень без работы сядзець з намі? — спытала Каця і нездаволена паморшчыла носік.

— На гаспадарцы працы хопіць яму і мне. Трэба дровы нарыхтоўваць, гной выкідаць, карова хутка да столі рагамі дастане, ды ці мала спраў?

— Але ж ён малады хлопец, мог бы і ў Берасці працу пашукаць, — запярэчыла дзяўчына.

— Жаніцца яму пара. Яму трыццаць гадоў. Трэба абрастаць сям’ёю, дзецьмі. Што ён адзін, як палец, на свеце будзе бадзяцца па гэтых чыгунках, — катэгарычна спыніў гаворку бацька. — Сядай на воз, паедзем.

Каця ўмасцілася на возе спінаю да Серафіма. Кірыла ўзяўся за лейцы і пагнаў гнядога коніка ў напрамку царквы. Колы затарахцелі па брукаванцы. Насустрач ішлі па-святочнаму апранутыя сялянкі, смяяліся, размаўлялі. Людзі радаваліся магчымасці адпачыць ад будзённай цяжкай працы. Местачкоўцаў амаль не было відно, толькі хлапчукі снавалі паміж вазамі. Зосю Кірыла заўважыў не адразу. Яна стаяла пад высокімі дрэвамі і размаўляла з Гэляю, Карпаваю дачкою. Даўнейшае іхняе сяброўства і сумесная паездка ў Польшчу ўсё яшчэ звязвала дзяўчат цёплымі пачуццямі. Гэля радасна павіталася з родзічамі, кожнага абняла і тройчы расцалавала.

— Гэлька, ты такая круглая стала, — сказала Каця насмешліва.

— Выйдзеш замуж — і ты пакруглееш, — весела адказала Гэля.

— Як табе ў тым замужжы?

— Усяляк бывае, але ўжо дабудоўваем хату, дык хутка буду сама сабе гаспадыня.

— Чаму не заходзіш у госці? — спытаў Кірыла ў пляменніцы.

— Зайду, дзядзечка, на каляды. Абавязкова ўжо зайду. То ж былі дзеці малыя, прывязалі да хаты. А цяпер падраслі, дзякаваць богу.

— А колькі ж іх у цябе? — зноў спытала Каця.

— Чацвёрка, — весела адказала Гэля. — Як бобу ў хаце.

— Няхай гадуюцца здаровыя, — усміхнуўся Кірыла.

— Навошта столькі дзяцей? — грэбліва перасмыкнула плячамі Каця.

— Колькі Бог даў, столькі і добра. Яны ў мяне ўсе прыгожанькія, беленькія, як анёлы.

Кірыла ўсміхнуўся Гэлі, падбадзёрваючы ці падтрымліваючы яе, а потым звярнуўся да Зосі:

— Сядай, паедзем дахаты.

— Едзьце, я трохі пабуду з Гэляю. Вельмі ж даўно мы не бачыліся.

— А пасля пешкі будзеш тупаць з Жабінкі? — спытала Каця.

— Нічога, я люблю хадзіць. Ногі доўгія, данясуць.

— Паедзем, разам і паабедаем. Вось і Серафім з намі, — прапанаваў Кірыла.

— Не, я трошкі яшчэ пабуду. Заняла чаргу да споведзі. Людзей шмат.

— Ну, рабі, як хочаш, але асабліва не баўся. Асенні дзень кароткі, — папярэдзіў Кірыла, тузануў лейцы і паехаў па вуліцы, пакідаючы шумнае і святочнае мястэчка.

Гэля зазірнула ў вочы Зосі і спытала:

— А ты яшчэ замуж не збіраешся?

— Пакуль не. Прыслаў тут нейкі Кананчук ліст, хоча пазнаёміцца.

— А хто ён, адкуль?

— Жыве ў Берасці, нядаўна з Амерыкі вярнуўся.

— Дык згаджайся, — параіла Гэля. — Чаго ты чакаеш?

— Сама не ведаю, чаго чакаю. Не магу сустрэць чалавека такога, каб быў да душы.

— Дзе ты яго сустрэнеш, калі родзічы аднае крыві між сабою не ладзяць, а ты хочаш, каб табе чужы чалавек стаў радней роднага.

— А ты як са сваім? — спытала Зося.

— Дзе стрываю, дзе агрызнуся, дзе і гаўкну — так і жывём.

— А мне хочацца, каб жыццё было, як свята, у каханні і шчасці, — мройліва сказала Зося.

— Гэты вы з Кацяю ў кніжках пра такое чытаеце, а ў жыцці так не бывае. Перш чым ружа вырасце, трэба пад яе гною пакласці. Помніш, як мы ў пана графа вясной кветнік даглядалі?

Зося ўздыхнула, абняла Гэлю, сказала:

— Бывай, сястрычка. Радая была цябе пабачыць. Пайду паспавядаюся. Нешта душа не на месцы.

Сёстры развіталіся цёпла. Рознае цяпер у іх было жыццё, розныя турботы, якія разводзілі іх і не давалі глыбока зразумець душу адна адной, думкі і парыванні. І шчырасці ранейшае не было, паступова счужэлі душы. Зрэшты, хіба можна расказаць пра тое самае патаемнае, што атручвае душу, шчыміць і баліць? Чужая бяда старонняму воку здаецца недарэчнай і смешнай.

Пасля споведзі Зося адчула сябе быццам вальнейшай і лягчэйшай. Калі бацюшка спытаў пра яе грахі, адказала, што грэшная. Ён заспакоіў дзяўчыну, што Бог даруе ўсім, хто пакаяўся, і блаславіў яе. Зося выйшла з царквы, удыхнула на поўныя грудзі свежага паветра, спусцілася з ганка, выглядваючы аднавяскоўцаў, з кім можна было б ісці дахаты. На вочы ёй трапіўся Мікола Іванюк, які размаўляў з незнаёмым хлопцам. Дзяўчына падышла да іх.

— Зоська, пазнаёмся, гэта Міхась з Ракітніцы, мой далёкі родзіч і добры чалавек, — прадставіў Іванюк хлопца.

— Вельмі прыемна, — адказала Зося і падала руку незнаёмцу. — Дахаты пойдзеце, ці тут заначуеце?

— Пойдзем. Начаваць нас тут ніхто не запрашаў, — смеючыся, адказаў Мікола.

— Дык пайшлі, — прапанавала Зося. — Бо ў лесе ваўкі перастрэнуць.

— Зараз ваўкі сытыя, на людзей не накідваюцца, — заўважыў Міхась.

— Зося, гэтаму хлопцу можна верыць. Ён настаўнік, усё ведае, — папярэдзіў Мікола.

— Настаўнік? — здзівілася Зося.

— Так, быў настаўнікам у Расіі. А цяпер беспрацоўны. Мне ж ніхто не дазволіць у польскай школе працаваць.

— А дзе вы жылі ў Расіі?

— У Ноўгарадзе.

— А мы ў Самары.

Гаворка завязалася сама сабой, Зося з Міхасём згадвалі пра мінулае, якога Мікола не ведаў, але ён слухаў уважліва і зусім не адчуваў сябе лішнім. Незаўважна для сябе яны выйшлі з Жабінкі, пакрочылі па дарозе, дзе было не так шматлюдна, як у горадзе. Паціху пхаліся і рыпелі вазы, тупацелі конскія капыты, людзі вярталіся дахаты з кірмашу.

— Я нават царыцу бачыла. Яна наведала вайсковы шпіталь і сустракала эшалон з параненымі. Такая прыгожая! Уся ў бела-блакітным адзенні, у вялікім капелюшы! — з захапленнем расказвала Зося, жадаючы здзівіць новага знаёмага. — А потым, калі ўжо ў прытулку жыла, дык да нас на Каляды прыязджаў Ленін. Такі маленькі, рыжы, лысы. Ён мне здаўся вельмі непрыгожым.

— Затое які разумны! — сказаў Міхась. — Усю Расію дагары нагамі перавярнуў.

Зося нічога не паспела адказаць. Раптам нехта падхапіў яе пад руку і хутка-хутка павёў уперад. Яна зірнула ўбок, убачыла Гардзея і адчула млявасць ва ўсім целе, напэўна, каб не трымаў яе пад руку, знепрытомнела б, упала б тут проста пасярод дарогі. Але ён так моцна трымаў яе, што яна не змагла б ні ўпасці, ні вырвацца. Зося зноў паглядзела на яго, як бы не верачы сваім вачам, і раптам радасць запоўніла душу: Гардзей вярнуўся з турмы, жывы і здаровы. Усё здарылася так, як ёй марылася. Адчула, як ад хвалявання дрыжыць яго рука. Гэтае дрыжанне перадалося ёй. Так яны ішлі пад чужымі позіркамі, адкрытыя ўсяму свету. І нішто зараз не магло іх раз’яднаць. Старонні чалавек мог бы падумаць, што гэта ідуць муж і жонка, якія вельмі кахаюць адно аднаго, бо дзяўчатам і хлопцам гэтак хадзіць нельга.

Але Зосі было зараз усё роўна, што пра яе падумаюць. Яна была шчаслівая, што яе вядзе пад руку каханы чалавек. І няхай вядзе, куды хоча, каб толькі гэтая дарога не канчалася ніколі.

36

Незаўважна Зося з Гардзеем дайшлі да раздарожжа, дзе ёй трэба было зварочваць на хутар. Яна спытала:

— А цяпер ты куды?

— А ты як хочаш? Давай правяду цябе дахаты.

— Правядзі. Зойдзем да нас. Каця будзе радая, — сказала бесклапотна Зося, быццам выпрабоўваючы яго.

— Як яна?

— Звычайна. Шмат шые для людзей. Калі ёсць час, чытае. Пачала хадзіць да баптыстаў у Сцяблова.

— Да баптыстаў? — здзівіўся Гардзей. — Ніколі б не падумаў, што яна адмовіцца ад праваслаўя.

— Яна пакуль яшчэ не адмовілася. Проста ёй там больш падабаецца.

— Ну, ну, цікава будзе з ёю пагутарыць. Пайшлі да вас.

Гардзей павярнуў на сцяжыну, якая вяла да хутара, і пайшоў поруч з Зосяй.

— Як даўно я тут не быў! Ажно сэрца шчыміць.

Перад імі абапал сцежкі з сухою травой ляжала перааранае поле, быццам жыццё, на якім яшчэ трэба было нешта сеяць і чакаць ураджаю.

— Нават пах гэтай зямлі забыўся ў той смярдзючай турме.

— За што яны цябе трымалі?

— Сам не ведаю. Пэўна, уладзе трэба, каб частка насельніцтва сядзела за кратамі, тады ёй спакайней спіцца. Не будзем пра горкае.

Гардзей абняў Зосю, пацалаваў. Яна вырвалася. Адскочыла ад яго.

— Ты чаго такая дзікая? На дарозе былі людзі, а тут — нікога.

— Хто-небудзь з нашай хаты пабачыць.

— Добра, патрываю да вечара.

— Не ўпэўнена, што ўбачымся ўвечары, — адказала дзяўчына.

— Чаго гэта? Можа, ты зноў з Іванюком. Дык я яму.

— Ах, Гардзей, які ж ты. Так і будзеш мне галаву тлуміць. Не ведаю, што і думаць.

Каця, пабачыўшы Гардзея, ледзь не кінулася ў абдымкі, але, заўважыўшы яго спакойны позірк, так і засталася стаяць каля стала. Кірыла і Серафім моцна па-мужчынску паціснулі Гардзею руку.

— Вярнуўся-такі, — задаволена сказаў Кірыла. — Ну, сядай, раскажы, што чуў, што бачыў.

— А што, дзядзька, у турме пачуеш? Туды і саджаюць, каб вырваць чала­века са звыклага жыцця, прымусіць жыць, як жывёлу, у клетцы. Каб маглі падаіць, дык, напэўна, падаілі б, на іхняе няшчасце я не карова, — адказаў Гардзей, уладкоўваючыся на шырокай лаве.

Моладзь засмяялася. Кірыла паскроб патыліцу, сказаў:

— Дзіўна ты расказваеш. А што за людзі з табою былі?

— Трымалі мяне з палітычнымі. Гэта такія дзівакі! Увесь час нешта прамаўляюць, мараць свет захапіць, а самі нічога не робяць, толькі як сабакі з-за плота падбрэхваюць. Паспрабаваў, як яны, у мяне не атрымалася. Былі там і крымінальнікі. Наконт гэтых магу сказаць, што ў іх наогул нічога святога няма. Украў ці абрабаваў каго — ім шчасце.

— Цяжка табе там было?

— Няволя — самая агідная рэч на свеце. Што гэта ўсё пра мяне? Раскажыце пра сябе, як вы тутака?

— Дзякаваць Богу, усе жывыя і здаровыя, — адказаў гаспадар.

— А як дзяўчаты? Жаніхі ўсе парогі паабівалі? — весела спытаў Гардзей, пазіраючы на Кацю.

— Было, было, сваталіся людзі добрыя. Але адмаўляюцца мае дочкі, не ідуць замуж, — скрушна пахітаў галавою Кірыла.

Каця выхапіла з-за іконы ліст ад Кананчука і сказала:

— Вось тут адзін амерыканец з Берасця да Зосі сватаецца.

Гардзей узяў з Кацінай рукі ліст, сказаў:

— Не хацеў бы я, каб Зося мела што-небудзь агульнае з гэтым чалавекам.

— Ты яго ведаеш? — здзіўлена спытала Каця.

— Не ведаю і ведаць не жадаю, — нервова засмяяўся Гардзей і кінуў ліст у печ, дзе весела скакала полымя.

Зося, маўкліва назіраючы за тым, што адбываецца ў хаце, задаволена адзначыла сама сабе: Гардзей не хоча, каб яна ішла замуж за другога, значыць, жадае пакінуць яе для сябе. Няхай, няхай будзе так, як ён хоча.

— А ты як пажываеш? — спытаў Гардзей у Каці. — Зося казала, што да баптыстаў ходзіш.

— Хаджу. Там вельмі цікавыя людзі збіраюцца, мудра прапаведуюць, спяваюць малітвы.

— Калі так, вазьмі калі і мяне з сабою, — прапанаваў Гардзей, пазіраючы на Кацю з цікаўнасцю.

— З задавальненнем, — радасна адказала Каця.

Яна адчувала, што пачынае збывацца яе мара. Увесь час, пакуль Гардзей быў у турме, Каця марыла, што ён далучыцца да яе царквы. Такі разумны хло­пец здолее атрымаць духоўную адукацыю і стаць пастарам. Разам яны могуць паехаць у Амерыку і там ладзіць сумеснае шчаслівае жыццё. Толькі Гардзея і больш нікога яна ўяўляла сваім мужам.

— Што ж там прапаведуюць?

— Нас вучаць, што трэба жыць адпаведна святому пісанню. Як сказаў святы апостал Якаў, будзьце ж выканаўцамі слова, а не толькі слухачамі, якія падманваюць саміх сябе.

— Каця, ды ты выдатная прапаведніца. Каб цябе залучылі да сябе камуністы, табе не было б там цаны.

— Табе абы пасмяяцца, а, між тым, усё вельмі сур’ёзна. Часам не ўсё ў нас атрымліваецца, як хочацца, таму што мы не чуем Бога, нешта робім не так, не па-хрысціянску. Трэба слухаць Госпада, не адступаючы ад яго, і тады здарыцца вялікі цуд.

Каця нешта казала і казала, Гардзей і ўсе прысутныя ўважліва слухалі. Зося адчула тут сябе непатрэбнаю, лішняю. Яна пашаптала бацьку на вуха, што пойдзе да дзядзькі Карпа, перадасць прывітанне ад Гэлі, і ціха выйшла з хаты з думкаю: няхай гутараць, няхай ім добра будзе. Гардзей нікога не кахае. Ён любіць толькі сябе і хоча, каб усе навокал захапляліся ім. Але сёння ён мяне не пабачыць, не знойдзе нідзе, няхай задавольваецца Кацінымі пропаведзямі.

37

Спала Каця трывожна. Абудзілася з пачуццём крыўды на Гардзея, а заадно на Зосю. Цяпер яе найбольш цікавіла, дзе сястра сустрэлася з ім, чаму яны прыйшлі разам, куды знікла Зося, што нават дома не начавала? Каця прыўзняла галаву, пабачыла, што бацька ўжо сядзіць за сталом і пацягвае сваю цыгарку.

— Дзе тая Зося валочыцца? Чаму ты, бацька, не пакараеш яе за гэтыя адлучкі? — раздражнёна спытала Каця.

— У Карпа яна начавала. Гэля папрасіла, каб Зося наведала яе бацькоў, перадала прывітанне, вось яна і пайшла.

У Каці ад пачутага трохі адлегла ад сэрца, бо яна ўжо ўявіла, што сястра знарок пайшла з хаты, каб падпільнаваць Гардзея. Бацькавы словы супакоілі дзяўчыну, яна хуценька апранулася, умылася, запляла касу, падхапіла чыстую даёнку і пабегла ў хлеў, а калі вярнулася, Зося ўжо была дома, варочала вялізныя чыгуны.

— Ты ўжо дома? Што чуваць у дзядзькі Карпа? — спытала Каця, цікуючы за выразам твару сястры.

— Усё добра. Цётка, праўда, трохі хварэе, нейкі кашаль усчаўся, але як пра Гэлю пачула, дык і пра хваробу забылася.

— Хто карову пагоніць на пашу? Я ці ты? — спытала Каця. — Потым зірнула на бацьку. — А мо Серафіма пашлём? Вунь ён яшчэ спіць, як пан вяльможны.

— Не, Серафім няхай застаецца мне за памочніка, — запярэчыў бацька.

— Ідзі ты, а я пайду лён церці, — прапанавала Зося сястры.

Пасвіць карову было працаю, якая звычайна даставалася хваравітай Каці. Яна ніколі не адмаўлялася, бо там можна было спакойна чытаць цэлы дзень кніжку, зрэдку адрываючыся на тое, каб паглядзець, дзе пасвіцца жывёла.

Каця пагнала карову пад лес, дзе быў выган для Сцяблова і Крачак. Здалёку заўважыла, што там пасвіцца некалькі кароў. Падышла да пастушкі. Убачыла прыгожую дзяўчынку з вялізнымі сінімі вачамі і тварам, як у таго анёла, што малююць на абразах, здзіўлена спытала:

— Ты чыя такая?

— Базылёва.

— Са Сцяблова?

— Я ж кажу Базылёва.

Каця мала ведала людзей з суседняй вёскі, таму і не стала распытваць, хто такі Базыль, аднак дзяўчына патлумачыла:

— Мой бацька памёр, калі я была зусім малая. Але нас па-ранейшаму называюць Базылёвымі.

— І з кім жа ты жывеш?

— З маці і жанатым братам. Цесна ў нас, дзеці малыя плачуць. Адна радасць, што сыду куды з хаты.

— Хлопец у цябе ёсць?

— Няма. Мой брат нікому не дазваляе на мяне нават паглядзець. Як яшчэ быў нежанаты, дык колькі разоў хадзіла на вячоркі разам з ім, а цяпер нікуды з хаты не пускае.

— А колькі ж табе гадоў? — спытала Каця, аглядаючы танклявую постаць дзяўчынкі.

— Шаснаццаць.

— Табе ўжо і замуж можна. Ці пайшла б, каб пасваталі? — пасміхнулася Каця, але дзяўчынка не звярнула ўвагі на яе з’едлівасць.

— Напэўна, пайшла б, бо дома проста невыносна. Маці хворая ляжыць. Нявестка адчувае сябе гаспадыняю, што хоча, тое і робіць.

Дзяўчынка апусціла вочы, глядзела туды, дзе кіёк упіраўся ў зямлю. Каця ўтаропілася ў гэты чысты анёльскі тварык з маленькімі вуснамі, ружовымі шчочкамі, ювелірна вытачаным носікам і міжвольна падумала: «Гэта ж трэба было нарадзіцца ў вясковай хаце гэтакаму хараству! А яна і сама не ведае, які скарб атрымала. Яшчэ трапіць замуж за якога нелюдзя, што будзе здзекавацца з яе ўсё жыццё».

— Чаго замаркоцілася? Як цябе завуць? — спытала Каця.

— Надзя.

— А мяне Каця. Вось і пазнаёміліся.

— Маю хросную маму таксама Кацяю завуць, — радасна сказала дзяўчынка, зірнула ў бок статка. — Вой, зараз ваша кароўка ўваб’ецца ў азіміну. Я збегаю і адганю.

Каця правяла пастушку вачамі і прыкінула, што з яе атрымаецца неблагая жонка для Серафіма, чулая, паслужлівая, спакойная. А што гэтаму слізняку яшчэ трэба? Зрэшты, ён не вінаваты, што давялося з маленства туляцца па чужых кутках. Вядомая справа, сірата. Зрэшты, хлопец ён не благі, паслухмяны, цярплівы. Добрая пара атрымаецца.

— А вы чыя? — нясмела спытала Надзя, калі вярнулася.

— Хутарская, Кірылава.

— Пра вас людзі хораша кажуць, што вы добра шыеце, а яшчэ чытаеце розныя кніжкі, — шчыра ўсміхнулася Надзя. — Я таксама вельмі люблю чытаць, але кніжак няма. Біблію чытаю па вечарах.

— Малайчына, — пахваліла Каця. — Хочаш, я табе дам гэтую кніжку пачытаць?

Каця дастала з кайстры раман Юзафа Крашэўскага «Графіня Козель», надрукаваны па-польску.

— Хачу, вельмі.

— Вазьмі. Я яго ўжо трэці раз перачытваю.

— А калі я вас зноў пабачу? — спытала Надзя.

— Хутка. Ведаеш, што я надумала: пасватаю цябе за свайго брата. Ён хоча ажаніцца, а такі нясмелы, што сам сабе жонку не можа выбраць. Пойдзеш за нашага Серафіма?

— Не ведаю, што брат скажа.

— Няхай, што хоча, тое і кажа. А будзе так, як ты вырашыш.

Увечары, калі ўся сям’я Кірылы сабралася падчас вячэры за сталом, Каця

абвясціла дома, што знайшла добрую дзяўчыну для Серафіма. Хлопец занерваваўся, вочы ягоныя забегалі, ён бездапаможна зірнуў на дзядзьку.

— Чыя дзяўчына? — спытаў Кірыла.

— Базылёва са Сцяблова.

— Ну, нічога, гаспадарка з сераднячкоў.

— Ці хоць прыгожая? — спытала Зося.

— Чыста анёлак, — адказала Каця, а сама задаволена падумала: «Вось ажэнім гэтага дурня, не будзе ён блытацца ў мяне пад нагамі».

38

Гардзей назіраў за Паўлінаю, як яна снуе каля печы, ці ставячы на агонь патэльню з налітым цестам, ці дастаючы гатовы блінец, і думаў пра сваё далейшае жыццё. Зрэшты, турма нічога не змяніла, хіба толькі тое, што ён больш не будзе радным. Давядзецца займацца гаспадаркаю і трохі гандлем — скупляць бычкоў у вяскоўцаў і перапрадаваць габрэям. Днямі заходзіў да яго Яўсей Пух з такім выглядам, быццам і не было паміж імі ніякае спрэчкі, быццам забыўся, што яны некалькі гадоў не віталіся, распытваў, як было ў турме, што збіраецца рабіць Гардзей далей. Прапаноўваў зноў распачынаць падпольную працу. Гардзей на гэта адказаў катэгарычнай адмовай:

— Я больш у такія гульні не гуляю. Бессэнсоўна змагацца з тысячагаловай пачварай, я не Пакацігарошак.

— А як жыць? Невыносна ж сядзець, склаўшы рукі, — прыгнечана сказаў Яўсей.

— Ты яшчэ турэмнага хлеба не каштаваў, не ведаеш, як пахнуць гумавыя кіі дэфы, табе здаецца, што можна ўладу падмануць. Згадай Захара Маркевіча. Арлом лётаў! А дзе ён цяпер? Я жыць хачу!

— Трэба змагацца за агульнае шчасце!

— Вось ты і змагайся, калі такі разумны! Набяры сабе падшыванцаў у ячэйку і гойсай па лясах, а мне гэта не падыходзіць.

— І як ты будзеш жыць? Грызці гэтую зямлю да самае смерці?

— Навучы мяне, як лягчэй хлеб зарабляць. Падзяліся мудрасцю, Саламоне! Я да гэтага часу не ведаю, за што сядзеў у турме і хто на мяне данёс. Я нікому не веру! Бо кожны дрыжыць за сваю шкуру! Ты ўявіць сабе не можаш, колькі «сыпакоў» бывае сярод палымяных барацьбітоў за народную волю! Пакуль не схопяць за жабры, скача пеўнікам. А як прыпруць да сцяны ды ўваляць, як каню, адразу язык развязваецца.

Яўсей Пух пайшоў ад Гардзея расчараваны, а гаспадар застаўся задаволены: не будзе гэтая няздара больш назаляць пустымі размовамі. Без войска ніякі ўрад скінуць немагчыма. Ніякае падполле і партызаншчына не дапамогуць, толькі прынясуць новыя ахвяры.

Паўліна паклала ў міску новы залацісты блінец. Гардзей міжвольна пацягнуўся да яго, адарваў кавалак, пачаў жаваць. Паўліна лагодна зірнула на брата, сказала:

— Снедай, не чакай мяне. Пасля таго, як Даша з Маняю павыходзілі замуж, я звыкла позна снедаць.

Гардзей наліў кубак малака, пачаў са смакам есці. Ці ж можна параўнаць гэтую смакату з тою бурдою, якую штораніцы прыносілі ў турме на сняданак і называлі па-панску каваю. Ды тое пойла не елі б нават свінні.

— Адкармлю цябе, падужэеш. Вярнуўся з турмы, бы з крыжа зняты, — лагодна сказала сястра.

— Годзе табе, пані-ахмістрыня, шкадаваць мяне, лепш раскажы, колькі ты грошай назапасіла.

— Не шмат, але заплаціць падаткі хопіць.

— Давай сюды свой скарб, — загадаў Гардзей.

— Навошта? — здзівілася Паўліна.

— Паеду ў Берасце, справы ёсць.

— Вох, Гардзей, глядзі, каб табе яшчэ і за нявыплачаныя падаткі не давялося сядзець, — Паўліна скрушна паківала галавою, выйшла ў сенцы, праз колькі хвілін вярнулася і паклала на стале перад Гардзеем грошы.

Ён згроб іх, не лічачы, пакуль не перадумала, бо яшчэ плакаць пачне.

У Берасці прайшоўся Гардзей па вуліцах, засыпаных апалым лісцем. Хоць дзень выдаўся засмужаны, аднак горад выглядаў ажыўленым і вясёлым. Ля вялікага асабняка спыніўся аўтамабіль, з яго выйшла гожая пані ў суправаджэнні маладога чалавека, які пацалаваў ёй руку. Гардзей ведаў, што тут жыве знакаміты доктар, у якога лячыліся толькі багатыя людзі. З зайздрасцю паглядзеў на асабняк, адзін ганак якога выходзіў проста на вуліцу, другі — у двор. Пані з маладзёнам усё яшчэ гутарылі ля ўвахода. Гардзей міжвольна падумаў, што ён нічым не горшы за гэтага хлопца, толькі трэба набыць сабе цывільны гарнітур. Спярша накіраваўся на рынак да знаёмага габрэя, які трымаў бойню і прадаваў мяса ў сваёй лаўцы. Янкель у зашмальцаванай камізэльцы, чорным капелюшы, з-пад якога звісалі стручкі пэйсаў, шчыра ўзрадаваўся госцю, заклапочана спытаў:

— Зусім, Гардзей, да мяне забыў дарогу? Я ўжо думаў, ці не пакрыўдзіў цябе чым?

Гардзей не стаў палохаць Янкеля тым, што сядзеў у турме і не да бычкоў яму было, яшчэ пабаіцца супрацоўнічаць, таму сказаў:

— Апошнім часам знаходзіліся пакупнікі ў Жабінцы. Плацілі няблага, але ж рыба шукае, дзе глыбей, а чалавек, дзе лепей. Вось я і прыехаў да цябе на разведку.

— Праўду кажаш, заўсёды трэба мець пэўную інфармацыю.

— Як жывецца, пан Янкель?

— Ат, перабіваюся з бычкоў на цялушак.

— У вёсках падрастаюць і бычкі, і цялушкі. Я гатовы накіраваць іх сюды, на бойню.

Янкель весела засмяяўся, агаліўшы шчарбінку паміж пярэднімі зубамі, а гэта азначала добры настрой і жаданне супрацоўнічаць. Гардзей сапраўды хутка дамовіўся аб цане з гандляром за кілаграм жывой вагі, прыкінуўшы, што з кожнага бычка ён можа мець неблагі прыбытак.

Развітаўшыся з Янкелем, Гардзей зайшоў у бакалейную лаўку, дзе ста­рая габрэйка, хоць было яшчэ даволі цёпла, стаяла над гаршком з гарачым вуголлем: ці ў яе мерзлі ногі, ці мо якая немач прывязалася. Агледзеў вітрыну. Папрасіў зважыць ледзянцоў, засунуў невялікі пакунак у кішэню, папярэдне кінуўшы колькі цукерак у рот, з асалодаю пачаў смактаць. Пасядзеў на бульва­ры, назіраючы за панямі і паненкамі, потым накіраваўся на вуліцу Шырокую, дзе знаходзіўся будынак з чырвоным ліхтаром. Яшчэ здалёку ўбачыў жывы манекен — аголеную дзяўчыну, якая стаяла ахінутая празрыстаю тканінаю ў шырокім акне і ўсміхалася ўсім, хто праходзіў міма. Гардзей падняўся па прыступках на невысокі ганак. У вялікім пакоі з ядвабнымі фіранкамі яго прыязна сустрэла даўняя знаёмая Стэпка.

— Пан Гардзей! Я ўжо думала, што ты ў манахі запісаўся!

— Спрабаваў — не выйшла, — адказаў Гардзей з усмешкаю блазна.

— Да каго хочаш?

— Да панны Дароткі.

— Няма яе, звёз пан афіцэр у Варшаву.

— Тады да панны Люцыі.

— Шмат што змянілася ў нас, пан Гардзей. Пакінула нас панна Люцыя з панам адвакатам.

— Вядзі да якой хочаш, — весела адказаў Гардзей. — Я ўсіх на свеце дзевак люблю!

— Ну, ідзі ў гэтыя дзверы. Там цябе панна Марцэля сустрэне.

— Марцэля дык Марцэля, дзякую, Стэпка.

— Панна Эвеліна, — паправіла яго дзяўчына.

— Прабач, я памыліўся, — адказаў Гардзей і штурхнуў скрыпучыя дзверы, за якімі чакала яго асалода, купленая за невялікія грошы, усяго восем зло­тых за гадзіну, пасля якой можна адчуваць сябе ўпэўненым і вольным, дужым і адважным, быццам увесь свет ляжыць каля тваіх ног.

39

Каця настойвала, каб бацька з Серафімам хутчэй сваталі Базылёву Надзю, бо дзяўчына вельмі прыгожая, каб хто не перабег дарогу. Кірыла ўсё адкладваў, знаходзіў нейкую прычыну, спасылаўся на дрэннае надвор’е, на пост ці нейкія прымхі. Серафім таксама ўхіляўся ад сватання, баючыся перамен у жыцці. Яшчэ больш яго палохала, што, крый божа, давядзецца ісці ў прымы. Аднак пасля каляд усё ж сватаўство адбылося. Знешне Серафіму дзяўчына вельмі спадабалася, прыгожая, сціплая, сядзела і вочы баялася падняць на будучага мужа, але ж хто ведае, якая ў яе душа? Дзядзька разумеў пляменнікавы хваляванні і паабяцаў дапамагчы паставіць хату, дзе маладыя змогуць уладкаваць уласнае жыццё. А пакуль прапаноўваў пажыць з маладою ў яго дома. Такі план цалкам задаволіў Серафіма. Ён супакоіўся і пачаў па нядзелях ды святах наведваць сваю дзяўчыну. Каця асабліва старанна рыхтавалася да вяселля. Па-першае, яна пашыла новы каптан і сарочку Серафіму, які, апрануўшы абнову, нават папрыгажэў і зрабіўся самавіты, быццам пан. Пашыла Каця новыя строі сабе і сястры, каб выглядаць не горш за маладую. Зосі дасталася яркая чырвоная сукня, якая гарэла, бы мак, з невялікім каўнерыкам, паскам і рукавамі на манжэтах. Сабе Каця выбрала тканіну бэзавага колеру, якая пасавала да яе сініх вачэй.

Клапаціўся пра Серафіма і дзядзька Карп, адчуваючы сваю віну і абавязак перад бацькам пляменніка, які недзе згінуў у Сібіры. Аднойчы надвячоркам ён прынёс свой унёсак у агульную справу — трохі грошай. Абяцаў яшчэ і на вяселле падараваць злотыя.

— А дзе ж наш малады?

— Вядома дзе, у маладой, — засмяялася Каця.

— Гэта добра, што ён да яе прыляпіўся. Мо і шлюб будзе ўдалы.

— Дзе ты грошай набраў? — спытаў Кірыла ў брата.

— Бычка прадаў Гардзею.

— Навошта Гардзею твой бычок? — здзівілася Каця.

— Ён жа, як прыйшоў з турмы, заняўся гандлем.

— Галава ў гэтага хлопца працуе спраўна, — пахваліў Гардзея Кірыла.

Мужчыны селі за стол, сталі абмяркоўваць, як лепш зладзіць вяселле.

Каця паглядзела на Зосю, якая моўчкі прала кудзелю, мусоліла нітку, навіваючы яе на верацяно, шмыгала носам, прастудзілася, выбягаючы на холад распранутая, і падумала: «Дарэмна я раўнавала Гардзея да Зосі. Навошта яна яму, саплівая? З ёю і пагутарыць няма пра што». Каця ўзяла Біблію і палезла на печ. Пасля таго, як прыняла хрышчэнне ў баптыстаў, пастар дазваляў ёй прапаведаваць, таму яна старанна рыхтавалася да кожнага сходу вернікаў.

— Вось дзеўка, за кніжку — і на печ! — засмяяўся Карп.

— Каб замужняя была, дык не было б часу на чытанне, а так, што з яе возьмеш, — махнуў рукою Кірыла.

— Пара табе, брат, аддаваць іх замуж.

— Я і рады, дык не ідуць жа за тых, што сватаюцца, нечага чакаюць, а час ідзе.

Карп не заседзеўся ў брата. Зося зірнула на Кацю, якая сляпіла вочы на печы, і папрасіла:

— Пачытай услых.

— Не магу, пропаведзь рыхтую.

— Вазьмі мяне з сабою, я хачу цябе паслухаць.

— Добра, — неахвотна згадзілася Каця. — Пойдзем заўтра, але пры ўмове, што ты будзеш маўчаць як рыба.

— А што я магу сказаць? Я ж нічога не ведаю, — адказала Зося.

Ёй вельмі захацелася пайсці да незнаёмых людзей, пабыць у новым асяродку. Апошнім часам яна і на вячоркі перастала хадзіць. Зосіны равесніцы ўжо ўсе замужам. Выспеўваюць ды выскокваюць маладзенькія дзяўчаткі. Няёмка неяк выбрыкваць сярод іх. Не было таго дня, каб яна не думала пра Гардзея. Але ж думай не думай, а калі ён не шукае з ёю сустрэчы, дык на тое ёсць свае прычыны. Можа, пакрыўдзіўся, можа, прыгледзеў іншую. Вырашыла для сябе: няхай будзе, што Бог дасць. Сваю долю і на кані не аб’едзеш.

40

Баптысты збіраліся на сходы ў прасторнай сялянскай хаце, дзе жыў прэсвітэр. Прыйшло чалавек трыццаць, расселіся на загодзя падрыхтаваных услонах. Кацю сустракалі прыхільна, віталіся з ёю, абдымалі за плечы, называлі сястрой.

Адна цікаўная жанчына змерала вачамі Зосю і спытала ў Каці:

— Гэта твая родная сястра?

— Не, гэта сяброўка, — паспешліва адказала Каця. — Прывяла яе паглядзець ды паслухаць, можа, і яна захоча далучыцца да нас.

— Добра, добра, — заківала галавою жанчына. — Трэба далучаць моладзь, накіроўваць на шлях ісціны.

Зосю балюча ўкалола тое, што Каця адцуралася ад яе. Чаму? Яна хацела адразу запатрабаваць тлумачэння. Але ў гэты час прэсвітэр устаў з-за стала, прывітаў усіх прысутных. Гэта быў чарнявы мужчына, гадоў сарака, прыемнай знешнасці, чыста паголены, з бліскучымі валасамі, зачэсанымі назад і быццам намазанымі тлушчам. Паступова голас ягоны з прыветнага зрабіўся ўрачысты, і ён загаварыў узнёсла, уздымаючы рукі ў неба, нібы просячы ў яго блаславення:

— Блаславёны Гасподзь, які суцяшае нас ва ўсялякім нашым смутку, каб і мы маглі падтрымаць тых, хто знаходзіцца ў жалобе. Калі на нашу долю выпадаюць нейкія выпрабаванні, мы абвінавачваем сябе саміх. Нам здаецца, што мы заслужылі гэта. Безумоўна, цвяроза ацэньваць сябе чалавеку на карысць. Але караць і знішчаць сябе за памылкі не варта. Яшчэ горш, калі ў сваіх няўдачах мы абвінавачваем іншых. Так, як рабіў гэта Еліфаз, сябар Іова, хоць быў чалавекам, які шанаваў Бога і Ягоныя запаведзі. Еліфаз упарта шукаў прычыну ўсіх бед Іова ў ягоных грахах і памыляўся.

Зося ўважліва слухала праведніка і думала: «Гаворыць, як пра мяне. Гэта я ўвесь час грызу сябе за тое, што даводзіцца піць зязюліна мыла, за тое, што не магу спадабацца Гардзею. А ці ёсць у гэтым мая віна? Калі б я яму падабалася, дык не шукаў бы нікога, даўно ажаніўся б са мною, а ён і на вочы не паказваецца. Вельмі заняты бычкамі! Ну і няхай! І на Кацю пакрыўдзілася, што ад мяне адраклася, а крыўдзіцца нельга, трэба ўсё дараваць.»

— А зараз прапаведаваць будзе сястра Кацярына, — сказаў прэсвітэр і шырокім жэстам рукі запрасіў Кацю да стала.

Зося захвалявалася, праводзячы вачамі невысокую ладную постаць сястры. Каця спынілася ля стала, абвяла вачамі прысутных, усміхнулася і пачала сваё казанне:

— Дарагія браты і сёстры, самы большы гонар, які нам дадзены, — гэта магчымасць размаўляць з Богам. Здавалася б, навошта? Ён жа і так усё бачыць. Дык для чаго маліцца? Адказ на гэтыя пытанні мы знаходзім у пісанні. Калі ёсць д’ябал, дык супрацьстаяць яму можна толькі малітваю. Бог так задумаў, каб толькі з малітвамі сваімі мы атрымлівалі тое, што пажадаем. Нам дадзена малітва, каб мы, гаворачы з Богам і дзякуючы Яму, вызваляліся ад трывог і набывалі «мір Божы». Дастаткова прачытаць запаведзь «Няспынна маліцеся», каб зразумець: Бог хоча, каб мы з ім размаўлялі. Усе мы толькі тады пачынаем жыць па-сапраўднаму, калі звяртаемся да жывога Бога.

Кацін твар свяціўся, вочы гарэлі, голас гучаў пяшчотна і ўзнёсла. Слухаючы яе, Зося міжвольна падумала: «Напэўна, я мала малюся, што Бог не дае мне шчасця. Я буду маліцца і ўдзень, і ўначы. Якая ў мяне чыстая, светлая, разумная сястра, як хораша і проста ўмее гаварыць».

Каця скончыла прапаведаваць, вярнулася на сваё месца.

— Ну, ты і малайчына, — зашаптала Зося ў захапленні.

Вернікі маліліся, спявалі, шчыра прасілі ў Бога літасці і блаславення, а Зося вымольвала аднаго, каб знайшло яе шчасце. Сход скончыўся па абедзе. Людзі не спяшаліся разыходзіцца, нешта абмяркоўвалі, дзяліліся ўражаннямі. Калі сёстры Барэйшы ўжо выйшлі з хаты, знайшліся спадарожнікі, якія ішлі ў другі канец Сцяблова, і ўвесь час адзін перад адным выяўлялі веданне Бібліі. Зосі было сорамна, што яна амаль нічога не ведае. Нават адстала ад гурту і на сваіх доўгіх нагах ледзьве сунулася за людзьмі. Толькі за вёскаю Каця і Зося нарэшце аказаліся ўдзвюх, малодшая сястра папракнула старэйшую:

— Чаму ты схлусіла, што я твая сяброўка?

— Бо мы з табой па-рознаму верым у Бога. Ты толькі па крыві мне сястра, а па духу — не.

— Вось так ты ва ўсім! То ты мне, як маці родная, а раптам — як мачаха! Ніколі не ведаю, што ад цябе чакаць. Ты ж ад мяне адраклася, як святы Пятро ад Хрыста, — сказала Зося.

— Годзе табе! Разышлася! Пакаешся і цябе пахрысцім! І тады ты будзеш мне сапраўднай сястрою. Ведаеш, як Хрыстос сказаў: «Забудзь бацьку свайго, забудзь брата і сястру і ідзі за мною!» Зразумела? Ідзі за мною!

Каця пайшла па вузкай сцежцы паперадзе сястры.

— Не, я так хадзіць не магу. З тваёю курынаю хадою мне ніяк не сысціся! — сказала Зося, зрабіла два шырокія крокі, абагнала сястру і размашыста пакрочыла паперадзе.

41

Вяселле Серафіма і Надзі прызначылі на Масленіцу. Спачатку меркавалі пачастунак наладзіць у хаце Кірылы, а пасля прыкінулі, што надта малое памяшканне, і вырашылі ладзіць вяселле ў Карпа. Ён жа таксама родны дзядзька, да таго ж Агатэля як сталая жанчына, напэўна, лепш справіцца з абавязкамі названай маці, чым дзве сястры, равесніцы маладога.

У той самы час, калі малады выправіўся да маладое, каб разам ехаць у царкву вянчацца, усчалася мяцеліца. Завойкала Агатэля, пачала маліцца, стала казаць, маўляў, нешта благое здарыцца, хоць адкладай вяселле. Але адклад, як вядома, не ідзе на лад. А калі зазвінелі званочкі, пачуліся спевы, гаспадар і гаспадыня выйшлі з хаты, каб хлебам-соллю сустрэць маладых.

Зося, як толькі выбегла на вуліцу, сутыкнулася позіркам з Гардзеем, але зрабіла выгляд, што не заўважыла яго. Каця ж адразу кінулася яму насустрач, пачала нешта з усмешкаю прамаўляць. Зося тым часам схавалася ў камору, мыла посуд, насіла стравы на сталы. Прабягаючы міма Гардзея, Зося крадком кідала на яго позірк, хацелася глядзець на яго і глядзець. Такі ён быў прыгожы ў новым цёмна-сінім гарнітуры з гальштукам у чырвоную, белую і блакітную палоску, зусім не падобны на вясковага хлопца. Быццам нейкі паніч завітаў на свята да сялян. Госці трохі выпілі, закусілі і пусціліся ў скокі проста ў хаце, аднак тут было цеснавата. Душы прасілі прасторы. Пачалі наладжваць скокі на вуліцы, хоць у гарманіста мерзлі пальцы, але ўсім астатнім было горача.

Незаўважна сцямнела, а моладзь усё весялілася, змалоўшы ступакамі снег на муку. Зося таксама не ўтрымалася, каб не паскакаць на вяселлі. Калі на імгненне змоўк гармонік, Гардзей адвёў Зосю ўбок, прапанаваў:

— Давай пройдземся трохі. Нешта галава ачмурэла.

— Дзе тут пройдзешся? Столькі снегу наваліла.

— Я люблю хадзіць пад снегам і дажджом!

— Дзівак! — засмяялася Зося. — Ты такі дзівак! Дзе твая шапка?

— Згубіў недзе! Ты не заўважыла: што я і галаву побач з табою губляю, — засмяяўся ён і пачаў цалаваць Зосю.

Ад гэтага мілавання і ў яе галава пайшла кругам. Да таго ж змораная была яна вельмі. Апошнія трое сутак амаль не спалі, зарэзалі вялікага парсюка, гатавалі пад кіраўніцтвам Агатэлі розныя стравы.

— Пайшлі ў хату, замерзнеш без шапкі, — прапанавала Зося.

— Не, у хату не пайду. Як ты жыла? Раскажы?

— Звычайна. Прала, вышывала, да вяселля рыхтавалася. А ты?

— А я таксама быў заняты. Гаспадарка апынулася ў заняпадзе, пакуль мяне не было. Трэба было пастарацца хоць нешта зарабіць.

— Пэўна, зарабіў? Я ўжо заўважыла, як ты апрануты. Прыгожа!

— Дзякую, што разгледзела. Для цябе стараўся.

Толькі цяпер Зося заўважыла, што Гардзей агародамі вядзе яе да клуні.

— А чаго мы сюды? — спытала ўстрывожана.

— А дзе ж яшчэ мы можам схавацца ад зімы? Пойдзем, пагрэемся трохі, сама ж казала, што галава мая адмерзне.

Зося правяла рукою па ягоных валасах, страсаючы снег.

— Ты проста Дзед Мароз, — засмяялася яна.

— А ты мая Снягурка.

Яны ішлі па цаліку, дзе снегу было па калена, але дзіўна, што Зося зусім не адчувала холаду. Сэрца яе ўсхвалявана калацілася, як у перапалоханай птушкі. Яна ведала, што гэты паход у клуню можа скончыцца новаю пакутаю, але зараз не ў стане была думаць пра наступнае, жыла толькі гэтым шчаслівым імгненнем, калі Гардзей быў побач і належаў толькі ёй. Дзверы клуні жалобна праспявалі, быццам шкадуючы дзяўчыну. Але дужыя рукі падхапілі ўжо Зосю і панеслі на сена.

Пасля мілавання, калі яны ляжалі стомленыя, Зося прашаптала:

— Я больш не хачу разлучацца з табою.

— Не будзем разлучацца. Я гатовы штодня хадзіць у гэтую клуню.

— А як я даведаюся, што ты прыйшоў?

— Зайду да вас у хату, пасяджу, пагаманю, а потым па адным выйдзем і сустрэнемся тут. Дамовіліся?

— А як хто даведаецца?

— А чаго нам саромецца? Мы ж нікому шкоды не робім.

Гардзей абняў Зосю, прытуліў да грудзей і яна падумала, што гатовая на ўсялякую ахвяру, толькі б ён заўсёды быў побач, і няма ёй чаго баяцца, пакуль адчувае абдымкі ягоных дужых рук, пакуль гараць ягоныя пацалункі на яе вуснах.

Раптам ён спытаў:

— Як Серафіму ўдалося такую прыгожую дзяўчыну сасватаць?

— Сасватаў бы ён! Гэта Каця вырашыла яго ажаніць, думаю, для таго, каб з хаты выжыць. Цеснавата ў нас. — засмяялася Зося.

— Няўжо яна такая хітрая?

— Кацю трэба ведаць. Яна ўсё пралічыць на чатыры крокі наперад. Ты думаеш, чаго яна да баптыстаў ходзіць?

— Чаго?

— Марыць з’ехаць за мяжу!

— Жаданне лепшага жыцця — рыса добрая. І калі чалавек усё робіць для таго, каб дасягнуць сваёй мэты, дык яго за гэта можна толькі пахваліць.

— А мяне ты калі-небудзь пахваліш?

— Пра цябе няма гаворкі! Ты лепшая дзяўчына Крачак, не сумнявайся! — весела сказаў Гардзей.

— Пойдзем адсюль. Крый божа, пазасынаем ды пазамярзаем.

Зося паднялася, пачала абтрэсваць салому, потым засмяялася і прамовіла:

— У мяне за пазухаю поўна саломы.

— Ах ты, мая красуня саламяная, дай павыграбаю, — адказаў Гардзей, абняў яе і зноў паваліў на духмянае і шапатлівае сена, падмінаючы пад сябе яе падатлівае гарачае цела.

42

Пасля вяселля Серафім і Надзя пасяліліся ў Кірылы. Маладыя сталі спаць на запечку, а Зося і Каця на лавах. Стары Кірыла звычайна ўладкоўваўся нанач на печы. Маладая жонка была не надта ўвішная, крыўдлівая ды слязлівая. Варта было зрабіць ёй якую заўвагу, як яе вялікія сінія вочы напаўняліся слязамі, яна хавалася ў куточак за печ і плакала, як малое дзіця. Кацю вельмі раздражнялі такія паводзіны нявесткі, і яна, як назнарок, заўсёды знаходзіла падставы для таго, каб дапячы маладзіцы. Сварка магла ўсчацца з нічога.

— Ты чаго павешала на бэльку свае транты? — злосна пыталася Каця ў Надзі.

— А хіба нельга? — здзіўлена пазірала шырока расплюшчанымі нябеснымі вачамі юная нявестка.

— Нельга! Да нас чужыя людзі прыходзяць, а тут розныя рызманы, як у цыганоў, вісяць!

Пад «чужымі людзьмі» Каця разумела не тых кліентаў, што прыносілі шыць адзенне, а Гардзея, які пачаў па вечарах наведвацца да Барэйшаў.

— У камору ўсё сваё хавай! Зразумела? Як вы мне ўсе абрыдлі! Ноччу шушукаюцца ды запечкам скрыпяць, удзень пад нагамі блытаюцца!

— Дык куды ж нам падзецца сярод зімы? — крыўдліва ўсхліпвала Надзя.

Серафім маўчаў, ніколі не бараніў маладую жонку, бо звык трываць у сваім сіроцкім жыцці ўсялякія крыўды і ўжо ніяк на іх не рэагаваў. Надзю гэта яшчэ больш абражала. Яна зрабілася непрыкметнаю, шэраю, сінія вочы патухлі, быццам набегла на іхнюю нябесную чысціню цёмная хмарка.

Кірыла часам абрываў Кацю:

— Чаго прычапілася да маладзіцы? Адной анучаю больш, другой менш, што з таго?

— Нічога! Толькі скажы, бацька, колькі яны тут будуць жыць?

— Вясной паспрабую купіць для іх якую хату, няхай і старую, падладзім тое-сёе і няхай жывуць. Праўда, Серафім?

Серафім згодна кіўнуў галавою.

— Навошта чакаць вясны? Вясна ўжо на носе. Хутка снег растане. Трэба дамаўляцца цяпер, каб вясною пачаць нешта рабіць, — сказала Каця.

— Можа, і так, — згадзіўся бацька.

На другі дзень ён пайшоў у Сцяблова, вярнуўся пад вечар з добраю весткаю: дамовіўся з адным чалавекам, што не дорага прадасць старую хату. Трэба будзе там падладзіць страху, зрабіць падлогу ды і можна жыць.

— А чыя хата? — усхвалявана спытала Надзя.

— І не ведаю, дзіця. Жыла там маці гэтага чалавека, памерла месяц таму, вось і асірацела хата.

— А дзе тая хата стаіць?

— Каля самага лесу.

— Ведаю, там старая Банадыся жыла, — здагадалася Надзя.

— Добрая мясціна, — сказаў Кірыла, — і карову ёсць дзе пасвіць, і качак можна развесці, побач азярынка невялікая. А тое, што хата стараватая, — нічога. Узаб’юцца нашы маладыя на дастатак, дык новую паставяць.

Надзю вельмі ўзрадавала вестка пра тое, што хутка сама сабе будзе гаспадыняю. Яна быццам зацвіла, раскрылася і зрабілася прыгожаю, як тая кветка, што расцвітае нечакана на золку і радуе свет сваім хараством. Калі ўвечары зноў завітаў Гардзей, Надзя весела яму ўсміхнулася, засвяцілася ўся, ледзьве стрымалася, каб не падзяліцца радасцю.

— Ну і жонку ты сабе ўзяў, Серафім! — захоплена сказаў Гардзей. — Яна пакуль маладзенькая, як валошка ў полі, а калі набярэцца жаночай сілаю, аброць табе давядзецца на яе надзяваць.

Такое прароцтва не спадабалася Серафіму і, можа, упершыню ў жыцці ён агрызнуўся:

— Меней на чужых жонак заглядвайся. Ажаніся, дык дурныя думкі ў галаву не палезуць. Саракоўку размяняў, а ўсё па дзеўках шастаеш!

— Серафім, ты што, звар’яцеў! — накінулася на брата Каця. — Як ты чалавека сустракаеш? Сядай, Гардзей, не слухай яго. Некаторыя хлопцы, як толькі ажэняцца, дык адразу пачынаюць жончыным розумам жыць.

Гардзей сеў на лаву, паглядзеў на Кацю, акінуў позіркам Зосю, што мітусілася каля печы: лінула на гарачае вуголле кубак вады, каб патушыць яго да рання і зачыніць бляхаю. Вада злосна зашыпела.

— Што чуваць у Крачках? — спытаў Кірыла.

— Нічога, дзякаваць богу, — адказаў Гардзей. — А вось каля Івацэвічаў, кажуць, нейкі чалавек аб’явіўся, называе сябе прарокам. Прозвішча яго Мурашка. Ён кажа, што хутка канец свету. Людзі ідуць, прадаюць усю маёмасць, а грошы аддаюць Мурашку і жывуць адной сям’ёю, як родныя людзі.

— Хапае прайдзісветаў на свеце, — хмыкнула Каця. — Толькі наша царква самая правільная. Калі ты, Гардзей, збярэшся да нас? Каб ты пабачыў, якія ў нас людзі далікатныя! Якія пропаведзі чытаюць мудрыя, заслухаешся!

— Кожны цыган сваю кабылу хваліць, — заўважыў Серафім.

— Нешта ты сёння разгаварыўся. Ці ўжо адчуў сябе гаспадаром някупленай хаты? Вось што з чалавекам робіць маёмасць!

— Серафім хату купляе? — перапытаў Гардзей і перахапіў радасны Надзін позірк. — Малайчына! Незалежнасць робіць раба чалавекам.

Зося тым часам завязала хустку і апранула паліто.

— Куды ты сабралася? — спытаў бацька ў малодшай дачкі.

— Пайду на вячоркі, — бесклапотна адказала дзяўчына.

— Такая цемра на вуліцы, пабыла б дома хоць вечар.

— Абрыдла слухаць вашы сваркі. Паскачу, паспяваю, адвяду душу.

З гэтымі словамі Зося выслізнула за парог у начную цемру і пайшла ў бок клуні. Над ёю было хмарнае неба. Ні адна зорка не магла прабіць шлях свайму святлу праз морак. Месяц і той заблудзіўся ў кудзелі аблокаў. Вясна змагалася з зімою за права ўладарыць светам, наталяць яго святлом і цяплом, упрыгожваць і вяртаць да жыцця. Ды ясней за ўсе зоркі свету свяцілі Зосі Гардзеевы вочы. Нават у цемры, калі ён нахіляўся над ёю, здавалася, што яна бачыць іх прытоены і спакушальны бляск.

43

Шчасліва і бесклапотна пражыла Зося прадвесне, напоенае любасцю, пяшчотай і мілаваннем. Гардзей ставіўся да яе ўважліва і далікатна, папярэджваў кожнае яе жаданне. Хоць час ад часу прачыналася ў Зосінай душы прадчуванне, што можа здарыцца нешта нядобрае. Калі заўважыла, што зноў зацяжарыла, не спалохалася, вырашыла, як звычайна, папіць узвар з зязюлінага мыла. Хацела прыручыць каханага да сябе, прывязаць, а вестка пра цяжарнасць, як ёй здавалася, магла разладзіць іх добрыя адносіны. Гэта яна ведала на прыкладзе Марфы.

Аднак здарылася непрадбачанае. Дзіця, якое толькі завязалася пад яе сэрцам, не хацела вымывацца. Што Зося ні рабіла, і скакала з сена ў клуні, што ледзьве ногі не паламала, і падымала цяжкія чыгуны з бульбаю, і грэлася на чарэні — дзіця не хацела выходзіць. Калі жывот прыкметна акругліўся, Зося сказала пра сваю цяжарнасць Гардзею. Адбылося гэта ў клуні. Яны сустрэліся як звычайна, ён пажадліва колькі разоў пацалаваў яе, а потым нецярпліва папрасіў:

— Распранайся хутчэй.

— А нам цяпер нельга скаромнага, — засмяялася Зося.

— Чаму гэта раптам?

— У нас хутка будзе дзіця.

— Дзіця? — здзівіўся ён. — Якое ў цябе можа быць дзіця? Столькі гадоў сустракаемся — нічога не было, і раптам на табе — маеш!

— Гэта для цябе не было.

— Ты хочаш сказаць. Дык дзе яны?

— Што было, тое сплыло. Што мне рабіць цяпер?

— Пакуль Паўліну не аддам замуж, сам жаніцца не буду.

— Што ж, у такім разе тваё дзіця будзе расці бязбацькавічам. Я выгадую яго так, як захачу, а табе да нас няма ніякае справы, жыві сабе, радуйся.

— Яшчэ трэба паглядзець, якое ты дзіця народзіш. Ты ж падслепаватая.

Крыўда перахапіла дыханне, Зося ўсхліпнула і залілася слязамі. Плакала яна доўга. Усё чакала, што ён знойдзе слова, каб суцешыць, супакоіць. А калі падняла галаву, дык пабачыла, што Гардзея ў клуні няма.

Употай Зося яшчэ спадзявалася, што Гардзей адумаецца, прыйдзе, папросіць прабачэння, і ўсё ў іх будзе добра. Аднак ён больш ні разу не наведаў хату Барэйшаў. Нават Каця занепакоена аднойчы спытала:

— Нешта Гардзей не прыходзіць. Абяцаў пайсці са мною ў царкву.

— Скуль я ведаю? Ён жа да цябе хадзіў, — адказала Зося.

— Мо што чула пра яго?

— Не чула і чуць не жадаю, — адрэзала Зося.

— Ты чаго такая злосная! З Іванюком пасварылася? Нешта перастала на вячоркі бегаць.

— Пост цяпер. Няма ніякіх вячорак.

— І што табе замінае з ім сустракацца ў пост?

— Абрыдзеў ён мне, як вы ўсе, — злосна адказала Зося. — Чаго ты лезеш мне ў душу? Ідзі да сваіх баптыстаў.

Пачалася сяўба, поле забірала ўсе сілы. А ў перапынках паміж сяўбою, ладзілі Серафімаву хату. Зранку ўсе разыходзіліся, толькі Каця заставалася дома, каб даглядаць скаціну, палоць грады, варыць абед ды вячэру. Уставалі ўсе вельмі рана, звычайна снедалі кубкам малака ды лустаю хлеба. Асабліва стараліся Серафім і Надзя. Яны пазней за ўсіх прыходзілі з працы, кожную вольную хвілінку выкарыстоўвалі, каб нешта зрабіць у сваёй хаце. Вельмі ж хацелася хутчэй пераехаць туды. Хоць яшчэ жытло не зусім было гатовае, але пасля Пятроўкі мусілі перасяляцца. Ніякіх улазін не святкавалі. Сялянскія спрадвечныя клопаты наплывалі адзін за адным. Святы і будні падпарадкаваліся адной мэце — выжыванню. Зося, як магла, хавала сваю страшную тайну, туга перавязвала жывот, надзявала бацькаў стары каптан, імкнулася прыхаваць перамены ў сваёй паставе. Каця аднойчы нездаволена спытала:

— Навошта табе гэты падраны каптан? Яго толькі ў агародзе на пудзіла засталося надзець.

— Я і ёсць пудзіла. З ранку да вечара сяджу на градах ды ў бульбе. Дзіву даюся: на кожную карысную расліну па дзесяць каліў пустазелля вырастае. Дык якая ж тут можа быць праўда на зямлі?

— Праўда ёсць толькі адна — Боская, — адказала Каця, думаючы пра нешта сваё.

Зося разумела: Каця крыўдуе на Гардзея. Што будзе, калі яна даведаецца праўду? Не мела Зося ні мужнасці, ні сілы заглядваць у будучыню. Калі заставалася адна, клала руку на жывот, прыслухоўвалася да дзіцяці, шкадавала сябе і яго і маліла Бога, каб ён выратаваў яе ад ганьбы і знішчэння.

44

На пачатку лістапада Зося адчула: жывот яе быццам бы апусціўся ўніз, апаў. Зразумела, што, мабыць, хутка надыдуць радзіны, і тады ўжо не схаваешся ад чужых вачэй, ад плётак і асуджэння. «Ну, і няхай. Няхай гавораць!

— у адчаі думала яна. — Нікому няма справы да мяне і майго дзіцяці. Калі яно ўтрымалася ў маім целе, дык гэтага хоча Бог. Можа, бацька не выганіць з хаты. А калі і выганіць, дык пайду ў свет жабрачкаю. Няўжо каханне — толькі пакута, якую я перажываю на працягу шматлікіх гадоў? Чаму мне было не пазнаёміцца з тым чалавекам з Берасця, як жа яго прозвішча: Кананчук ці Канановіч? Можа, ён быў не горшы за Гардзея? І жыла б я з ім, бяды не ведаючы. А вось Гардзей мне свет завязаў, і нічога не магу з сабою зрабіць.»

Гэтыя думкі яна бясконца пракручвала ў галаве і не знаходзіла адказу. Усё спадзявалася на нейкі цуд, на шчаслівы зыход, што з’явіцца Гардзей і вырашыць усе яе праблемы, адвядзе бяду. Але ён не прыходзіў, і цуд не здараўся.

У адзін з вечароў Зося адчула сябе зусім блага. Залезла на печ, моўчкі курчылася ад болю, які распіраў жывот, быццам дзіця хацела разарваць цела маці па жывому і выйсці вонкі. Калі ж боль паласнуў быццам нажом, яна прытоена прастагнала.

— Зоська, чаго ты там? — заклапочана спытаў бацька, заглядваючы на печ.

— Нічога. Жывот вельмі баліць. Падарвалася, мусіць, учора, як лён насіла.

— Не кіла, дык ураз, а ўсё не гаразд, — насмешліва сказала Каця.

Зося зноў цяжка прастагнала.

— Што з ёю рабіць? — бездапаможна развёў рукамі бацька.

— Тата, пакліч цётку Агатэлю. Яна мне паможа, — папрасіла Зося.

— Чым яна табе паможа? Яна шаптаць не ўмее, — сказала Каця.

— Хоць памоліцца нада мною перад смерцю.

— Няўжо табе так блага раптам зрабілася? — здзівіўся бацька. — Добра, патрывай, зараз паклічу братавую.

Кірыла хутка апрануўся — і за ім моцна грукнулі дзверы. Каця палезла да сястры на печ.

— Чаго ты пячэшся на чарэні, ідзі на запечак, там паветра больш.

Зося паслухмяна пачала спаўзаць з печы.

— Нейкая мажная ты зрабілася, як я раней не заўважала?..

Хутка Кірыла прывёў Агатэлю. Цётка кінула світку на лаву, развязала канаплянку, засталася ў паркалёвай белай хустцы. Хукаючы на замерзлыя рукі, падышла да Зосі, спытала:

— Што з табою, дачушка? Што ў цябе баліць?

— Жывот, — прашаптала Зося скрозь зубы, каб не закрычаць ад болю.

— Кладзіся на спіну. Пабачым, што там з тваім жыватом.

Агатэля схілілася над Зосяю і ціха прамовіла:

— Ах ты, дурнічка! Дабегалася-такі. Ну, дыхай вальней. Зараз мы твой жывот вылечым, як рукою здыме.

— Што там з ёю? — устурбавана спытаў Кірыла.

— Нічога, нічога асаблівага. Рыхтуйце вялікую міску і цёплую ваду. А яшчэ якую падраную сарочку. І нож дайце мне. Але папярэдне патрымайце над агнём.

— Нашто гэта? Яна толькі ўчора ў балеі мылася, — запярэчыла Каця.

— Учора было ўчарашняе, рабі, што кажу, — загадала старая.

Цётка нахілілася над Зосяю, гладзіла жывот, падводзіла плод да выхаду і шаптала на вуха:

— Тужся, тужся памаленьку, — шаптала Агатэля. — Не бойся, усё будзе добра. Як жа ты папалася, небарачка? Ну, нічога. З кім не бывае. Усё дрэннае праходзіць, а добрае застаецца. Дзеці на свет з’яўляюцца для дабра. Каб на старасці дагледзець бацькоў ды пацешыць унукамі. Тужся, тужся, не лянуйся.

Кірыла сеў каля стала. У душы варушылася нейкае нядобрае прадчуванне.

Каця прынесла з сяней вялікую медную міску, набытую яшчэ некалі ў Самары, дастала, крэкчучы, з печы вялікі чыгун гарачай вады, паставіла на прыпечку, пачала наліваць кубкам ваду, якая звонка білася ў дно і цурчэла.

— Пастаў міску на лаве, каля стала, — сказала цётка. — Нясі старую апранаху і нож.

— Вось, ужо ўсё ляжыць, — адказала Каця. — Нож — на стале, ануча на лаве.

Зося прарэзліва закрычала.

— Ды што з ёю? — не вытрываў Кірыла. — Агатэля, што ты ёй робіш?

— Нічога, нічога, усё будзе добра. Зоська малайчына. Здаровая, дужая.

Раптам хату напоўніў дзіцячы енк. Агатэля захінула малое ў палатняную латку, паказала сямейнікам.

— Во, глядзіце, якога Зоська волата нарадзіла! З першым унукам, Кірыла! Увосень нарадзіўся, багаты будзе.

45

Каця кіпела ад злосці, але маўчала, чакала, што бацька першы пачне гаворку пра ганьбу, якая раптам абрынулася на іхнюю сям’ю. Кірыла чакаў, калі Зося падужэе, дык сама сустрэнецца з бацькам дзіцяці. З разумным хлоп­цам можна неяк дамовіцца ды ўсё зрабіць па-чалавечы, запісаць немаўля, а мо і пабрацца. Кацю абурала, як асмелілася Зося гэтак легкадумна прыгуляць байструка. Цяпер уся вёска будзе пляткарыць і пра яе, Кацю, таксама нешта нядобрае плявузгаць. Не, тут заставацца нельга. Трэба тэрмінова пагутарыць з Гардзеем і схіліць яго да таго, каб ён прыняў хрышчэнне ў баптыстаў, а потым разам вырашаць, дзе і як жыць. Але ж і гэтай прыдуркаватай Зосі неяк трэба дапамагчы. Які ж ён хітры, Іванюк! За ўвесь час, пакуль з Зосяю сустракаўся, ні разу ў хату не зайшоў. Няхай бы паказаўся, я паглядзела б яму ў вочы! Цяпер давядзецца бацьку ісці пытацца, што ён думае рабіць, калі ў яго нарадзіўся сын. Якое няшчасце! Гэта ж калі даведаюцца браты і сёстры па царкве, што скажуць? Родную сястру не ўберагла ад граху! Трэба як мага хутчэй аддаць Зосю замуж за Іванюка, каб змыць ганьбу.

Пасле вячэры Каця не ўтрымалася і сказала бацьку:

— Трэба нешта рабіць, тата.

— Ты пра што? — спытаў бацька, на яго твары было напісана: хто наламаў дроў, той няхай і разбіраецца.

— Ідзі да Міколы Іванюка, няхай варушыцца.

— Дык ты думаеш, што гэта яго работа?

— Ну, а чыя ж яшчэ? Зося мне колькі разоў казала, што з ім сустракаецца. Так, Зося?

Малодшая сястра нічога не адказала, ляжала і быццам не чула гэтае гаворкі. Каця наблізілася да яе, паглядзела, што вочы Зосі заплюшчаныя, а з-пад павек коцяцца слёзы, здзіўлена спытала:

— Ты чаго, дурная? Што здарылася, тое здарылася. Цяпер гэтае дзіця назад не запхнеш. Не маўчы, скажы што-небудзь!

Зося не азвалася. Каця незадаволена махнула рукою, прабурчала:

— Яе лепш не чапаць, бо зноў у поле пабяжыць. Ідзі, бацька да Іванюка.

— Зося, ісці мне, ці што? — спытаў бацька ў малодшай дачкі.

— Не трэба, нічога не трэба.

— Як гэта не трэба? — узвілася Каця. — Ты тут будзеш разлежвацца, а я плёткі слухаць! Калі ты бацьку не дазваляеш, дык я сама пайду да твайго Іванюка.

— Гэтае дзіця не ад Іванюка, — слаба запярэчыла малодшая сястра.

— Не ад Іванюка? — здзіўлена запытала Каця. — А ад каго?

Зося нічога не адказала, адвярнулася да сцяны.

— Ад каго, я ў цябе пытаюся? — закрычала Каця.

— Не скажу, — буркнула Зося.

— Скажы, дачушка, — лагодна папрасіў бацька. — Неяк трэба вырашаць лёс дзіцяці.

— Зараз жа кажы, — настойвала Каця. — Таямніцу яна робіць ад сваіх! Можа, з якім жанатым прыгуляла, паскудніца!

— Не твая справа, — агрызнулася Зося.

— Як гэта не мая? Ты зганьбіла ўвесь наш род! Цяпер і пра мяне будуць людзі абы-што казаць!

— Абыдзешся, святая! Я тваёй чысціні не запэцкаю!

— Скажы, дачка. Рана ці позна, усё роўна даведаемся. Я схаджу да таго хлопца. Мо ён і неблагі чалавек. Чаго табе пакутаваць дарма? Пагутару з ім, мо дамовімся, каб ажаніўся, ды і ўся бяда на гэтым скончыцца.

— Кажы, чыё дзіця, бо зараз выкіну яго за лапы з хаты, — закрычала Каця, наліваючыся праз край гневам і сапраўды адчуваючы вялікую нянавісць да сястры і да пісклявага камячка, які час ад часу падаваў голас.

Зося раптам села на запечку. Нядобра паглядзела на Кацю і ціха сказала:

— Гэта Гардзееў сын.

— Што? Што ты сказала? — не паверыла сваім вушам Каця.

— Гэтае дзіця ад Гардзея, — паўтарыла Зося.

— Маніш! Такога не можа быць! — Каця схапілася за галаву, здавалася, што свет абрынуўся на яе, прыдушыў, і яна ніколі не здолее падняцца.

— Схадзі ды сама ў яго спытай. Ён усё ведае.

— Як ты магла? Сучка, сама падаслалася пад яго! Я цябе ведаю! Так і круціла азадкам каля печы, калі ён прыходзіў!

— А што табе? Што хачу, тое і раблю!

— Паслухай, бацька! Паслухай яе! Яна што хоча, тое і робіць! — задыхалася ад гневу Каця. — Як я цяпер у вочы людзям буду глядзець? Я ўтаплю гэтага вылюдка ў сажалцы, каб не смярдзеў тут!

Зося схапіла дзіця і закрычала:

— На, ідзі тапі, святая душагубка! А я пагляджу на цябе! Табе твае браты і сёстры грэх адпусцяць! І зноў будзеш прапаведаваць і вучыць, як трэба жыць!

— Бацька, выгані яе з хаты! Няхай гэтая поскудзь не ганьбіць нашу сям’ю!

— Я сама пайду ад вас! Пайду назаўсёды! Жывіце! Няхай вам будзе добра! А я з сыночкам не прападу. Родныя не прынялі, чужыя злітуюцца і дапамогуць!

Зося паднялася з запечка, ліхаманкава ўхутала дзіця, апранулася сама і пайшла з хаты. Бацька ўскінуў на плечы світу і пайшоў услед за ёю. Дагнаў на двары, пачаў прасіць:

— Вярніся, Зося. Куды ты супраць ночы?

— Тапіцца.

— Не рабі глупства, не губі сябе і дзіця. Зараз я схаджу да Гардзея і ўсё вырашыцца. Ён хлопец разумны. Усё будзе добра.

Ці ад халоднага паветра, ці ад хвалявання Кірыла закашляўся.

— Не ведаю, тата. Мы з ім ужо тры месяцы не бачыліся.

— Ты ж казала, што ён ведае пра дзіця.

— Ён сказаў, пабачым, якое дзіця народзіцца.

— Дык дзіця ж нарадзілася добрае, чаго ты хвалюешся?

— Як мне не хвалявацца? Ён жа тры месяцы не цікавіўся мною. Можа, другую знайшоў.

— Няхай шукае, каго хоча. А ў цябе ягоны сын! Гэта важна. Не рабі нічога.

— Добра. Я пабуду ля сажалкі, — згадзілася Зося. — Калі адмовіцца, утаплюся ды і ўсё. Мне жыць не хочацца.

— Я прашу цябе, Зоська. Беражы майго ўнука. Ён вырасце і будзе мне памочнік. Не хвалюйся. Гардзей — чалавек добры. Чакай, я хутка вярнуся з ім. Чакай нас.

Бацька знік у цемры. Зося пайшла сцежкаю да сажалкі, села на бервяно, услухалася ў ноч, ціхую і цёмную. Пачыналіся першыя замаразкі. Наперадзе была яшчэ слота лістапада, а потым — зіма. Сажалка дыхала вільгаццю, але вада заставалася нябачнай у цемры. Недзе там, у глыбіні, жыла яе маленькая сястрычка русалка Любка. Толькі яна заўсёды радавалася Зосі, клікала да сябе і была гатова прыняць яе ў падводны свет, каб агарадзіць ад жорсткіх людзей. Зося ўявіла, як яна ўвойдзе ў настылую ваду, як будзе курчыцца ад холаду і плакаць яе дзіця. Сэрца працяў боль. Стала нясцерпна шкада сына. Зося заплакала, малое таксама заенчыла, нібы прадчуваючы свой страшны скон. Каб уціхамірыць дзіця, яна расшпіліла світку, расхінула сарочку на грудзях і дала дзіцяці цыцку. Яно пачало прагна смактаць, пасопваючы носікам.

— Гаротнічак мой маленькі! Што ж нас чакае?.. Чаму нас ніхто не любіць?.. А ты ж так падобны на Гардзея. Вочкі такія ж чорненькія, і губка ніжняя адтапыраная. Божа, чаму ж я такая нешчаслівая?...

Зося залілася слязамі, яна ўсхліпвала, гледзячы на сына, тварык якога бялеў у цемры. Разам са слязамі выцякалі крыўда, страх, разгубленасць. І раптам яна адчула, што зусім не хоча паміраць, а хоча жыць, разам з Гардзеем гадаваць сына, што б ні крычала ёй у твар сястра, што б ні шапталі за спінаю людзі! Яна перамагла, нарадзіла здаровенькага хлопчыка, у яе ёсць Гардзеева дзіця, нават калі сам Гардзей адмовіцца жыць з ёю, яна выгадуе ягонага сына, плод кахання! На злосць усім яна будзе жыць!

46

Кірыла спыніўся каля Гардзеевых весніц, паглядзеў у асветленыя вокны, прайшоў у двор, ціха пастукаў у шыбу.

— Хто там? — спытала Паўліна.

— Кірыла Барэйша, — адказаў стары і цяжка ўздыхнуў.

— Заходзьце, дзядзька Кірыла, — пачулася з хаты, а праз хвіліну расчыніліся дзверы ў сенцы, з іх высунулася галава Паўліны, якая ўсё тым жа прыязным голасам запрасіла старога ў хату.

Кірыла ўвайшоў, зняў шапку, сеў на лаве. Гардзей павітаўся і ўтаропіўся ў госця, з насцярожанасцю чакаючы вестак ад яго.

— Як пажываеце, дзядзька? — спытала Паўліна.

— Ды нічога, жывём, хлеб жуём. Зрэшты, я прыйшоў пагутарыць па справе з Гардзеем.

— Што. Ужо?.. — спытаў Гардзей.

— Ужо.

— Ну і хто ж там у нас?

— Хлопчык. Сынок, значыць.

Паўліна пільна глядзела то на брата, то на госця, раптам раздражнёна спытала:

— Пра што гэта вы гаворыце? Які сынок?

Кірыла ўсміхнуўся і адказаў:

— Радасць у нас, Паўлінка, Гардзей мяне дзедам зрабіў.

— Ай, Божухна! — усклікнула гаспадыня. — Што ж гэта робіцца? Як жа так можа быць, каб не жаніліся-не вянчаліся, а дзеці нараджаліся.

— Іншы раз і так бывае, — адказаў Гардзей.

— Што ты такое кажаш, грахаводнік? — абурылася Паўліна.

— Памаўчы. З табою потым абмяркуем, дай з чалавекам пагутарыць, — катэгарычна сказаў Гардзей і зноў утаропіўся ў Кірылу.

— Разам з гэтай радасцю прыйшла ў хату вайна. Каця гоніць Зосю з дому. Што рабіць? Зося схапіла дзіця і пабегла да сажалкі тапіцца. Сядзіць там.

Гардзей падняўся, стаў апранацца.

— Куды гэта ты? — злосна спытала Паўліна.

— Куды трэба, — адказаў Гардзей.

— Не, ты пачакай. Толькі мы сталі абжывацца. Дзве кароўкі, цялушка, два кані, як на табе — новая гаспадыня знайшлася! Божа літасцівы! Я цягнула, як вол, свету Божага не бачыла! І вось маеш!

— Сціхні, — злосна кінуў Гардзей.

Аднак Паўліна не сунімалася. Яна заламала рукі і загаласіла, як па нябожчыку:

— А хатачка мая родная! Цяпер мне тут месца не будзе-е-е! Выжывуць, выведуць.

— Не хвалюйся, я ў прымы пайду, калі табе каровы даражэй за роднага брата, — злосна сказаў Гардзей. — Пойдзем, бацька.

Яны выйшлі з хаты пад Паўлініна галашэнне. Кірыла дыхаў цяжка, час ад часу кашляў.

— Вось дыхавіца паскудная, адкуль і ўзялася.

— Не дзіва, з нашае сялянскае працы толькі хваробу нажывеш, — азваўся Гардзей.

— Але ж інакшага жыцця ў нас не будзе. Якое Бог даў.

— Бог шмат дае, ды ліхія людзі лепшае наша сабе забіраюць, а нас прымушаюць жыць па законах, якія яны напісалі.

— Што ж зробіш, сынок, улада і закон патрабуюць да сябе павагі, без гэтага яны існаваць не могуць. А хто ідзе супраць, таму галовы, як тым пеўням, скручваюць.

На самым падыходзе да сажалкі Кірыла паклікаў дачку:

— Зося, Зося, мы тут! Дзе ты?

Яна пачула «мы», узрадавалася, але не адклікнулася, а проста пайшла на голас.

— Зося, Зося, адгукніся, — гучней крыкнуў Кірыла і толькі тады заўважыў у цемры постаць дачкі.

— Замерзла? — спытаў Гардзей. — Дай дзіця.

Зося нічога не адказала, яна зусім не адчувала холаду. Жыццё быццам спынілася, а яна нібыта і не жыла зусім, а толькі сніла тое, што з ёю зараз адбываецца. Гардзей узяў скрутак з Зосіных рук, паўзіраўся ў маленькі белы тварык, усміхнуўся нечаму.

— Хадзем у хату, — прапанаваў Кірыла.

— Сапраўды, пойдзем, яшчэ, крый божа, дзіця прастудзіцца, — падтрымаў яго Гардзей.

— Куды пойдзем? — няўцямна спытала Зося.

— Дадому, — адказаў бацька.

— Як? Там жа Каця.

— Там не толькі Каціна хата, там і твая, а цяпер і Гардзеева, і вашага сы­на, — упэўнена адказаў Кірыла. — Мне халоднае паветра забівае дыхаўку.

Стары закашляўся і рушыў да хаты, за ім — Гардзей з дзіцем на руках, следам — Зося.

Каця сустрэла іх папрокам:

— Прыйшлі! Лепшага месца не знайшлі!

— І не збіраліся шукаць, — адказаў бацька. — Тут наша хата.

— Як ты мог, Гардзей? — абурана спытала Каця.

— Справа не хітрая, — з усмешкаю адказаў Гардзей.

— Ці ты хоць кахаеш яе?

— Для мяне галоўнае, каб яна кахала мяне, — адказаў ён з нейкай неўразумелай усмешкай.

— Не думала я, што ты такі.

— Які?

— Цяпер ужо ўсё роўна, — адказала Каця. — Але ты ж абяцаў пайсці са мною ў царкву.

— Абяцаў, а пасля перадумаў. Не хачу здраджваць сваёй веры.

— Вера ў нас адна, Гардзей.

— Не, не адна. Ці магу ўзяць цябе за куму? — спытаў ён, заглядваючы Каці ў вочы. — Не пойдзеш. Нельга табе.

З гэтага часу ў хаце Барэйшаў усталявалася гнятлівая цішыня. Усяго і гукаў было, што па начах глуха кашляў Кірыла, зрэдку плакала дзіця, ціха яго закалыхвала маладая маці. Зося з Кацяю не размаўлялі, быццам не бачылі адна адну. Кожная займалася сваімі справамі. Зося гатавала і даглядала скаціну, Каця звычайна нешта шыла на заказ для людзей — збірала грошы. Ця­пер сястра мела сваю сям’ю, няхай яе забяспечвае муж. А пра Кацю думаць няма каму.

Зося саромелася пры родных выказваць любасць да Гардзея і гутарыла з ім толькі тады, калі яны заставаліся сам-насам. Яна толькі моўчкі назірала за ім і адчувала, што такога вялікага шчасця не перажывала яшчэ ніколі. Гардзей быў з ёю назаўсёды! У хуткім часе яны аформілі шлюб у гміне, пахрысцілі і запісалі сына, назвалі яго Орастам, у імя святога, імяніны якога прыпадалі на дзень нараджэння малога. За куму ўзялі Паўліну, каб улагодзіць сястру, якая асуджала грахоўны шлюб, а кумам стаў дзядзька Карп. Хрысціны і вяселле адзначылі разам у Гардзеевай хаце. Акрамя самых блізкіх сваякоў, запрасіў Гардзей па-суседску Марка, які пасля трэцяй чаркі ціха сказаў Гардзею:

— Ну і хітры ты! Ажаніўся — не зажурыўся. Сваю гаспадарку цэлую захаваў, а сам у прымы пайшоў ды яшчэ адну гаспадарку займеў! Я да такога не дадумаўся!

— Не зайздросці, Марк! Хопіць на наш век зямлі! Абы здароўе было.

— Не, ты не як усе, Гардзей. У цябе галава нейкая іншая! На цябе ўсё само валіцца. Вось табе адразу і жонка, і сын! А я трэці год жанаты, а дзяцей няма.

— Будуць у цябе дзеці. Ты, галоўнае, не будзь такі скупы. Усё вылічваеш, колькі дзіця твайго хлеба з’есць, вось яно і не ідзе да цябе.

— А скуль ты ведаеш? — пакрыўджана спытаў Марк.

— Дык у цябе ж на лобе напісана.

Марк выцер лоб, п’яна ўсміхнуўся:

— Хлусіш ты, не можаш ты нічога пра мяне ведаць. Хоць і хітры, як жыд.

— Гэта я хлушу? — абурыўся Гардзей, у якім хмель абудзіў агрэсіўнасць. — Ды ці ведаеш ты, паскуднік, што праўдзівейшага чалавека няма на свеце?

Гардзей узяў за грудкі Марка і панёс да парога. Іх разнялі. Так і скончылася гэтае вяселле-хрысціны. Людзі пачалі паступова разыходзіцца, жадаючы маладым доўгага сумеснага жыцця і шмат дзетак. Зося дапамагла Паўліне прыбраць, начаваць маладыя пайшлі ў Кірылаву хату, там цяпер быў іхні дом.

47

Каця пражывала пакутлівыя дні. Невыносна было назіраць шчасце сястры і толькі ў марах уяўляць сябе на яе месцы. Ёй здавалася, што заўчасна пачала старэць, ад няўцешных думак пралегла непрыгожая маршчынка ўпоперак пераносся. Чым жа яна горшая, што вымушана трываць адзіноту? Зося з Гардзеем занялі запечак. Каця спала на мулкай і вузкай лаве. Сон яе быў такі чуйны, што прачыналася ад кожнага гуку: шэпту, рыпення, уздыху. Ёй уяўлялася, як Гардзей у цемры мілуецца з Зосяю, і тады ад злосці і нянавісці ажно ў роце рабілася горка. Каця не знаходзіла для сябе суцяшэння ні ў чым. Той чалавек, якога яна шмат гадоў шчыра кахала, на якога спадзявалася, цяпер быў назаўсёды страчаны. Разам з ім яна згубіла мары і надзеі, не ведала, чым жыць далей. Калі Гардзей быў дома, Зося ні на крок не адыходзіла ад мужа, быццам баялася, што Каця можа звесці яго. Толькі аднойчы некалькі хвілін Каці ўдалося пабыць сам-насам з Гардзеем. Яна спытала:

— Ці шчаслівы ты, Гардзейка?

— Ведаеш, каб не нарадзіўся сын, я ніколі ні з кім не ажаніўся б, прабач, такі ўжо я.

— І ты ніколі і нічога не адчуваў да мяне?

— Ты прыгожая і разумная дзяўчына, а мужчыны любяць не надта ра­зумных, але даступных. Я ж табе аднойчы прапаноўваў, ты адмовілася.

Каця грэбліва перасмыкнула вуснамі і пагардліва сказала:

— Не чакала, Гардзей, што ты такі цынічны.

— Я і сам не чакаў, але жыццё робіць сваю справу. Спакушае, наталяе, расчароўвае, зноў спакушае.

На парозе з’явілася Зося, і размова абарвалася. Каця пераканалася, што для Гардзея яна нічога не азначала. Але сама кахала яго, і гэтае пачуццё разбурала душу, размывала той моцны падмурак маральнасці, на якім яна трымалася апошнія дзесяць гадоў. Гардзей быў побач. Увечары ён распранаўся і клаўся спаць з сястрою, але Каця магла з жарсцю глядзець на яго. Яна ведала кожны мускул на ягоным целе, абдымала яго, цалавала, лашчыла позіркам. Гэта былі пякельныя пакуты. Яна дакраналася да ягоных рэчаў, удыхала пах ягонага цела, які заставаўся ў сарочцы, і ўсё ўбірала душою і памяццю. Страшныя думкі прыходзілі ёй часам у галаву. Яна думала, што, можа, трэба атруціць Зосю, і тады Гардзей застанецца з ёю. Разам яны будуць гадаваць асірацелага Ораста. Аднойчы, ідучы з поля, нарвала блёкату. Паклала ў падаткнуты фартух, адчула смяротны дух атрутнай травы і, здалося, нават супакоілася. Яна яшчэ не ведала, што будзе рабіць з атрутаю, але разумела, што гэта яе зброя ў барацьбе за шчасце.

Да вячэры крадком зрабіла моцны адвар атруты. Заставалася дачакацца зручнага моманту, каб уліць атруту Зосі ў страву. У сям’і крупнік усе сёрбалі з адной вялікай міскі. Труціць бацьку або Гардзея Каця не збіралася.

У час вячэры Каця сачыла за Зосяю, усё чакала, калі ж яна сядзе есці. А Зося тапталася ля печы. Звычайна за стол яна садзілася апошняю, быццам і не трэба была ёй тая ежа, жывілася каханнем. Заплакала дзіця. Зося адразу кінулася да яго, пачала карміць цыцкаю. Мужчыны пад’елі і пайшлі з хаты пакурыць ды пагутарыць. Каця зазірнула ў гаршчок з крупнікам, на дне якога заставалася трохі стравы. Яна дастала з судніка атруту і ўліла ў страву, потым спытала:

— Зося, будзеш есці крупнік ці свінні выліць?

— Няхай пастаіць, мо яшчэ паем.

Каці хацелася прыспешыць смерць саперніцы, і яна сказала:

— Давай я пабаўлюся з Орастам, а ты хоць раз паеш па-чалавечы.

— Не трэба з ім бавіцца. Пад’еў, дык няхай спіць.

Зося паклала дзіця ў калыску, прамовіла ласкава:

— Мы спаткі будзем, праўда? Каб заўтра прачнуцца здаровенькімі і вясёленькімі, — з замілаваннем прамовіла Зося і праспявала. — Баю, баю, песеньку спяваю, хлопчыку малому, каб ён жыў пры дому, не блукаў па свеце, як у полі вецер. Баю, баю, баю, песеньку спяваю.

Дзіця сапраўды сцішылася і заснула. Зося пачала прыбіраць са стала, паклала ў рот крошку хлеба, што адкацілася, калі кроілі хлеб, глынула глыток вады, недапітай Гардзеем. У Каці ажно мурашкі пабеглі па спіне ад зайздрасці, што сама яна ніколі не здагадвалася дапіць з Гардзеевага кубка.

— Што ты сёрбаеш пустую ваду, вось крупнік цябе чакае, — сказала Каця.

— Зараз, мусіць, з’ем крупнік ці што? Быццам і есці не хочацца.

Зося паскладвала лыжкі і кубкі ў вялікую міску, ставячы на прыпечак брудны посуд, незнарок штурхнула гаршчок з крупнікам. Ён перавярнуўся, і варыва вылілася на прыпечак.

— Ах, і разява ж я! — прамовіла Зося, схапіла анучу і пачала падціраць прыпечак і падлогу.

Каця паглядзела на яе і адчула палёгку, быццам камень зваліўся з душы. Ужо лежачы на лаве у цёмнай хаце, калі ўсе спалі, яна прасіла Бога дараваць ёй грэшныя памкненні. Ноччу прысніўся жудасны сон, быццам за ёю гоняцца нейкія пачвары. Выратавалася толькі таму, што прачнулася.

Каця адчувала, што часам губляе розум ад нянавісці і рэўнасці. Скрозь, дзе б ні ішла, трапляліся ёй на вочы брудна-белыя ў цёмных пражылках кветкі блёкату, быццам прасіліся, каб сарвала іх. Трэба было некуды ўцякаць, каб ратаваць сваю душу. Часцей, чым звычайна, яна стала хадзіць да баптыстаў, шчыра малілася, каб Бог паслаў ёй спакой. Тады і пачала прасіць прэсвітэра, каб пры магчымасці паслаў на вучобу, бо яна хоча цалкам прысвяціць сябе служэнню Богу.

— А ці гатова ты, сястра Каця, паехаць за мяжу? — спытаў пастар.

— Гатова, — адказала Каця.

— А калі раптам здарыцца так, што ты ніколі больш не здолееш вярнуцца на Радзіму?

У Каці ледзь не вырвалася, што яна і не хоча сюды вяртацца, бо невыносна тут жыць. Трэба раз і назаўсёды адрэзаць усё, што здарылася, забыць і пачаць новае жыццё, але яна спакойна і стрымана адказала:

— Усё ў руках Боскіх, калі на тое будзе Ягоная воля, я прыму гэта як падарунак.

— Добра, сястра, я буду мець на ўвазе тваю просьбу.

Праз тры месяцы пастар папрасіў Кацю затрымацца пасля служэння і сказаў, што ёсць магчымасць паехаць вучыцца ў Амерыку, даў польска-англійскі слоўнік і паабяцаў памагчы аформіць неабходныя дакументы. З гэтага дня Каця адчула сябе вальней. Наперадзе было новае і цікавае жыццё. Адно засмучала, што Гардзей заставаўся тут. А які з яго атрымаўся б выдатны святар: прыгожы, разумны, прыцягальны. Ды няма сэнсу шкадаваць няздзейсненую мару. Каця да апошняга тыдня трымала ў сакрэце тое, што збіраецца ехаць у Амерыку. Калі сказала бацьку, ён прыгнечана спытаў:

— Куды ты паедзеш у свет? Шчаслівага чалавека шчасце і на печы знойдзе, а няшчаснага і на бітай дарозе абміне.

— Не пра шчасце ўжо я дбаю. Як мне тут жыць? Сам падумай. Ні кала, ні двара, ні сям’і, ні заробку. Быць нянькаю Зосіных дзяцей — гэта мая доля? Дык яна мяне не задавальняе.

— Глядзі сама, дачка. У кожнага чалавека свой лёс. Можа, гэта твой шлях. Скуль жа я ведаю? Век наш кароткі, і той адпакутуе чалавек, напрацуецца ды і рукі складзе ў дамавіне. Можа, ты ў той Амерыцы паняю станеш. Дай божа, каб табе пашчасціла. Але я думаю, як жа ты будзеш адна сярод чужых людзей? Тут жа які-ніякі, а ў цябе ёсць дом.

— Усё ў Боскіх руках. Як ён пажадае, дык дасць мне ўсё, што трэба. Там таксама жывуць нашы браты і сёстры, людзі маёй веры, яны мяне сустрэнуць, дадуць прытулак. Два гады я буду там вучыцца, а пасля мяне накіруюць на працу.

— Куды?

— Пакуль гэта невядома.

— Я жадаю табе дабра. Калі там не спадабаецца, вяртайся дадому. Заўсёды буду рады табе, — сказаў бацька з жальбою ў голасе, з левага вока выкацілася слязіна, ён апусціў галаву і непрыкметна выцер шчаку.

48

У расстайны тыдзень Каця быццам прымірылася з доляю. Даравала Зосі яе здрадлівасць, а Гардзею неразборлівасць. Даравала і сабе паразу, якую давялося перажыць у першым вялікім каханні. Душа яе была вольная і чыстая для таго, каб перасяліцца ў новае жыццё, служыць Богу і людзям, несці святло Святога Пісання як яскравую паходню, каб ёю асвятляць сэрцы вернікаў. Менавіта ў гэты тыдзень маленькі Ораст, які сядзеў у калысцы, паказаў на Кацю пальчыкам і сказаў, быццам упершыню прызнаючы яе:

— Цёця, цёця, цёця.

Нешта цёплае разгарнулася ў Каці пад сэрцам, і яна прыняла ў сваю душу пляменніка, як родную і крэўную істоту, якая зусім не вінаватая, што з’явілася на свет, і гатовая любіць усё і ўсіх, нават яе, Кацю, якая так часта адчувала нянавісць да яго.

— Цёця, цёця, цёця, — зноў заціўкаў малы.

Каця падхапіла дзіця на рукі, прытуліла да сябе, адчула ягонае дыханне, стук маленькага сэрца і зрабілася так шкода і сябе, і яго, быццам яны адна істота, якую жывасілам раздзяляюць, разлучаюць назаўсёды. Такім, у лёгкай белай сарочачцы, і запомніла Каця свайго пляменніка на ўсё астатняе жыццё.

Паколькі грошай у Каці было мала, толькі на дарогу ды на першы абыходак у Амерыцы (нешта сабрала сама, трохі падтрымала царква, нават Гардзей даў дваццаць злотых і бацька — трыццаць), дык каб дарма не траціць грошы на цягнік да Берасця, Гардзей з Зосяй вырашылі падвезці Кацю на кані. Яна нават узрадавалася, што апошні раз праедзе па родных ваколіцах, надыхаецца родным паветрам.

На пачатку ліпеня 1937 года рушыла Каця з хутара ў невядомае новае жыццё. Абапал дарогі спачатку цягнуўся лес, прыдарожныя елкі і сосны чапляліся зялёнымі лапамі за воз, нібы хацелі затрымаць. Каця з жалем глядзела на іх. Бывай, лес, ці ўбачымся яшчэ калі? Потым расхінуліся палі. Жыта даспявала, быццам сонечнае святло разлілося па зямлі. Толькі зблізку паміж жоўтымі калівамі жыта можна было разгледзець сінія зорачкі васількоў, фіялетавыя кутасікі мышынага гарошку, а па межах рассыпаліся белыя рамонкі ды там-сям яскрава чырванеў мак-самасейка.

«Якая прыгожая наша зямля, чаму ж тады свет людзей такі недасканалы? Ты кахаеш, а цябе не кахаюць. Няўжо не можна зрабіць так, каб родныя душы не памыляліся і знаходзілі адна адну, — думала ў скрусе Каця, пазіраючы на шырокую спіну Гардзея, які сядзеў наперадзе і кіраваў канём. — Не, не можа зрабіць Бог так. Бо ён даў чалавеку волю, каб той сам выбіраў, з кім і як яму жыць. Чалавек захапляецца, спакушаецца, губляецца сам у свеце, і не знаходзіць тую адзіную дарогу, якая можа прывесці да шчасця. Ад таго і пакутуе». Каця расчулена выцерла няпрошаныя слёзы, скоса зірнула на Зосю, якая сядзела да яе спінаю.

Малодшая сястра адчувала сябе ўзрушанай ад таго, што яе саперніца з’язджае за акіян, і адначасова вінаватай, бо разумела, чаго крыўдуе на яе Каця. Няхай едзе шчасліва, няхай усё ў яе будзе выдатна, няхай вывучыцца і стане багатай паняй.

На вакзале яны развіталіся. Каця папрасіла Зосю і Гардзея не чакаць адыходу цягніка, бо гэта толькі наганяе лішні смутак. Гардзей паціснуў на развітанне Каці руку, пажадаў шчаслівай дарогі і пайшоў да каня, якога пакінуў на прывакзальнай плошчы. Зося затрымалася каля Каці, гаворачы развітальныя зычанні.

І раптам спытала са спачуваннем:

— Не страшна табе адной выпраўляцца за свет?

— А чаго баяцца? Скрозь людзі жывуць.

— Але ж там іншая мова.

— Мову вывучу, а ўсё астатняе неяк утрасецца. Там жыве шмат беларусаў і ўкраінцаў. Еду я не адна, у Варшаве да мяне далучацца яшчэ тры чалавекі.

— Я б, напэўна, не адважылася.

Каця паглядзела на сястру прасветленымі вачамі і адказала:

— Адважылася б. Помніш, як ты ў Варшаву паехала?

Зося ніякавата ўсміхнулася. Не ведае Каця, што тады яна таксама ўцякала ад кахання да Гардзея.

— Я пакідаю цябе з самым найлепшым мужчынам на свеце, — сказала Каця на развітанне. — Будзь з ім шчаслівая. Інакшай з ім і нельга быць. Беражы яго. І няхай Бог дасць вам моцнага здароўя і доўгага веку. А цяпер ідзі! Ідзі, бо я заплачу!

Каця адштурхнула ад сябе Зосю, падхапіла валізку і пайшла ў памяшканне вакзала.

Праз тры месяцы з Амерыкі прыйшоў ліст, у якім Каця паведамляла, што вучыцца на пастара. Па нядзелях іх возяць на экскурсіі, паказваюць краіну. Людзі тут жывуць заможна. Калі чалавек працуе, сумленна выконвае свае абавязкі, дык можа купіць дом і мець усё неабходнае для жыцця.

Сям’ю Барэйшаў гэта суцешыла і трохі супакоіла. Бацька перастаў задумвацца і цяжка ўздыхаць. Ад Зосі адступіла пачуццё віны, што сястра вымушана была паехаць з дому з-за яе. Апошні ліст ад Каці прыйшоў летам 1939 года. Яна пісала, што вучоба заканчваецца і яе збіраюцца паслаць місіянерам у Індыю. Ехаць з Амерыкі ёй не хочацца, але на ўсё воля Боская.

З-за гэтага ліста Кірыла Барэйша зноў зрабіўся задуменны і сумны. А ў Зосіным жыцці нічога не змянілася, бо яна знайшла сваю долю, цяпер заставалася адно: берагчы шчасце ад нягод. Зося спявала, завіхаючыся каля печы; спявала і тады, калі палола бульбу ці грады; спявала, калі жала жыта ці зграбала сена, быццам у душы яе пасялілася вясёлая птушка радасці. Як кажуць старыя людзі, так спяваюць толькі на вялікую бяду, а яна ўжо была не за гарамі.

КНІГА ДРУГАЯ

Раздзел першы Прымак

1

Настаў трывожны 1939 год. У Еўропе ішла вайна. Крачкаўцы непакоіліся, што яна, можа, не абміне іх, бо Германія мае звярыную хватку, тым больш, што палякі з немцамі заўсёды былі на нажах. Праўда, польскі ўрад настойліва пераконваў насельніцтва: айчыннае войска абароніць краіну ад нападу ўсялякага агрэсара, аднак гэта не здымала напружанасці ў грамадстве. Гардзей уважліва сачыў за падзеямі ў свеце ды прыслухоўваўся да чужых меркаванняў. Часам да яго заходзіў Яўсей Пух, і яны звычайна разважалі пра палітыку, але, было, іншы раз спрачаліся да хрыпаты, кожны адстойваючы свае перакананні.

— Нам трэба клікаць на дапамогу Савецкі Саюз, — даводзіў Яўсей. — Там справядлівы лад, няма багацеяў, дзеці маюць магчымасць набываць бясплатна адукацыю. Ды што казаць, такой краіны, як Саветы, няма ва ўсім свеце. Там жа народ кіруе!

— Скажы, калі там усё так добра, як ты кажаш, дык чаму столькі ворагаў народа? Ці народ не так кіруе краінай, ці жыццё не такое ўжо і добрае? — пытаўся Гардзей.

— Ты не разумееш! Ворагі народа — гэта ж недабіткі буржуазіі, што зашыліся ў шэрагі народных мас і шкодзяць маладой краіне.

— Ведаеш, Яўсей, быў час, што і мы з табою варагавалі, аднак жа нарэшце зразумелі, што лепш жыць мірна. Так трэба і дзяржаве жыць мірна са сваімі грамадзянамі.

— А яна іх выхоўвае...

— Так не выхаваеш.

— А як? Народ жа мусіць адчуваць моцную руку.

Гардзей адкінуў з ілба пасму цёмных валасоў і засмяяўся.

— Паглядзеў бы я на цябе, каб над табой вісела такая рука. У якім настроі ты жыў бы?

— Не смейся, я перакананы, што нас Расія выратуе!

— Выратуе! А для чаго? Падумай сам, чаму была зачынена кампартыя Заходняй Беларусі? Выходзіць, што ты са сваімі камуністычнымі ідэямі ўжо непатрэбны! Калі так, ты можаш стаць першым ворагам Савецкай Расіі!

— Гэтага не можа быць! Я рызыкаваў жыццём дзеля перамогі справядлівасці і дабра ва ўсім свеце.

— А свет жыў і не заўважаў тваіх намаганняў, хіба толькі дэфа цікавілася табой, — засмяяўся Гардзей.

— Заўважаць і ацэняць, не сумнявайся!

— А што ты запяеш, калі сюды прыйдуць немцы? Якія знішчаюць камуністаў і яўрэяў.

— Гэта будзе жах, — уздыхнуў Яўсей. — Але я перакананы, што немцы сюды не дойдуць.

Гардзей памаўчаў, усміхнуўся сваім думкам і сказаў:

— Я помню немцаў, якія стаялі у Крачках у Першую сусветную. Вядома, і яны былі розныя. Вунь, узяць тых, што жылі ў маёй хаце ды ахоўвалі чыгунку. Дык адзін, яго звалі Вілі, вучыў мяне нямецкай мове. Пакажа рэч, скажа, як называецца, а я за ім паўтараю. Калі ад’язджалі, мне карову падаравалі. Хвалілі мяне, што адзін вяду гаспадарку. Маіх сясцёр малалетніх кватаранты частавалі чым-небудзь смачным. Карацей, былі яны як і ўсе людзі.

— А карову тую яны ў некага адабралі. Такога ж, як мы з табой. Можа, нечых дзяцей толькі яна і карміла. І яшчэ скажу: не могуць рабаўнікі і забойцы быць людзьмі, — упэўнена адказаў Яўсей.

— А ты ведаеш, здаецца мне, што мяне і цябе вучылі ў войску забіваць. Усе вайскоўцы патэнцыяльныя забойцы. А ўсе мужчыны — вайскоўцы. Але вось што страшна, Яўсей. Нешта ў нашым чалавечым асяродку адбываецца не так.

Гаворка іншы раз канчалася мірна, іншы раз суразмоўцы разыходзіліся расчараваныя і злосныя з-за таго, што не маглі адстаяць сваю думку, абгрунтавана і доказна зрабіць прагноз развіцця палітычных падзей на будучыню. Вядома, кожны гаварыў так, як думаў і лічыў сваё ўспрыняцце і разуменне жыцця ці не адзіна правільным.

Гардзей уважліва чытаў газеты, якія толькі ўдавалася здабыць; калі наведваўся ў Брэст, слухаў у знаёмага яўрэя радыёпрыёмнік «Тэлефункер» і прыходзіў да высновы, што без вайны не абыдзецца, занадта напружанае становішча склалася вакол Польшчы. Немцы толькі шукалі зачэпку, каб рушыць сваё войска на ўсход. Пра гэта сведчылі падзеі ў Гданьску ды і шмат іншых правакацый. Гардзей па-свойму рыхтаваўся да магчымай вайны, якая магла дакаціцца і да Крачак. Ён мала займаўся гаспадаркаю, скупляў у вяскоўцаў бычкоў і перапрадаваў яўрэям, запасаўся соллю, запалкамі, газаю, крупамі, гарэлкаю. Яўрэі лёгка давалі тавары напавер, прадчуваючы час выпрабаванняў і разумеючы, што са звычайнага пакупніка спагнаць доўг лягчэй, чым з якой улады, якая, калі ёй трэба, можа канфіскаваць усё чыста і дзякуй не скажа.

У пачатку верасня да Крачкаў даляцела вестка пра тое, што Германія напала на Польшчу. З захаду ў Брэст і Жабінку пацягнуліся бежанцы — людзі з разгубленымі і ўстрывожанымі тварамі. Гардзей узіраўся ў іхнія вочы і занепакоена думаў, што, магчыма, і ягонай сям’і давядзецца перажыць нешта падобнае. Трэба быць гатовым да ўсяго, а гэта азначала, сушыць сухары, прыкопваць дзе-якую маёмасць.

Праз тыдзень нямецкі самалёт скінуў некалькі бомбаў на Брэст, загінулі людзі. Тры дні ішлі баі за крэпасць. Неба грукатала і набрыняла чырванню, водгулле яго далятала да Крачкаў, трывожыла і палохала вяскоўцаў невядомасцю. Нехта з крачкаўцаў бачыў немцаў у Берасці, нехта — у Жабінцы, казалі, што паводзілі прыхадні сябе спакойна, нікога не чапалі, пераважна сачылі за працаю чыгункі. Пасля прыйшла навіна, што і Савецкі Саюз уступіў у вайну і рушыў сваім войскам насустрач нямецкаму. Людзі пачалі чакаць добрых перамен: усё ж такі прыйдуць вызваліцелі з краіны, дзе няма прыгнятальнікаў, і прынясуць братэрскую любоў і роўнасць, дадуць сялянам зямлю і волю.

Гардзей пад уплывам агульнага настрою ў Крачках таксама пачаў спеліць надзею на лепшыя зрухі ў сваім жыцці. Якія яны будуць, не ведаў, але спадзяваўся, што спатрэбяцца дзяржаве ягоны розум і жаданне працаваць на агульную карысць.

2

Як толькі крачкаўская моладзь даведалася, што Чырвоная Армія ўжо ў Баранавічах, адразу распачала падрыхтоўку да сустрэчы вызваліцеляў: у канцы вёскі з боку Жабінкі хлопцы паставілі трыумфальную браму, дзяўчаты ўпрыгожылі яе дзеразою і познімі восеньскімі кветкамі, вывесілі чырвоныя сцягі. У гэтай справе самы актыўны ўдзел бралі былыя падпольшчыкі Яўсей Пух і Іван Валошчык, да іх далучыліся Серафім Барэйша, Марфа Хвясюк, а таксама цікаўныя падлеткі з Крачкаў ды Сцяблова.

Якраз дні за два да гэтай падзеі ў Паўліны прапаў сувой палатна, які яна бяліла на поплаве. Палатно было памечана асаблівымі меткамі. І калі яна прыйшла да брамы, дык адразу і заўважыла на адным з чырвоных сцягоў літару «П», вытканую чорнымі ніткамі па краі палатна, якую не здолелі зафарбаваць чырвонаю фарбаю. Паўліна захвалявалася, пазнаўшы сваю метку, і спытала:

— А хто ж гэта даў сваё палатно на сцягі? Такое прыгожае!

— Цётка Марфа, — адказала нейкая дзяўчынка.

Паўліна зразумела, хто ўкраў яе сувой, але не адважылася падысці да Марфы і выказаць сваё падазрэнне. Яна з жалем глядзела на сваё палатно, такое тонкае, хоць праз пярсцёнак працягвай, меркавала некалі выкарыстаць яго на хусткі ды фартушкі, а мо Бог пашле якога прымака (гаспадарка ж у яе цяпер заможная), дык і на пасаг можна было адкласці, бо як пойдуць дзеці, тады ўжо будзе не да прадзіва. Паўлініны вочы напоўніліся слязьмі ад крыўды, а сэрца трывожна закалацілася. Колькі працы было ўкладзена ў гэтае палатно, колькі любові! І вось знайшлася на яго гаспадыня-зладзейка, украла, прысвоіла сабе, а цяпер раздае, не сваё — не шкода. Паўліна не ведала, што ёй рабіць, дзе шукаць рады, разгублена пазірала на сцягі.

Раптам пачуўся конскі тупат — людзі ўбачылі, што з боку Жабінкі ляціць да Крачак польская конніца. Што гэта палякі не цяжка было пазнаць па квадратных канфедэратках на галовах коннікаў. Вяскоўцы кінуліся ад брамы хавацца хто куды. Паўліна таксама пабегла праз Марысін двор за хлеў і прытаілася ў жыце, стуль назірала, як польскія ваякі саскочылі з коней, лаючыся, звалілі браму, пасеклі дзеразу і чырвоныя сцягі ды паскакалі ў накірунку Сцяблова.

Вяскоўцы, калі ўпэўніліся, што небяспека мінула, зноў сабраліся каля разбуранай брамы, пабожкалі, шкадуючы змарнаваную працу, але аднаўляць збудаванне не сталі, вырашылі, што зарана пачалі свята сустракаць, так нядоўга і бяду на вёску наклікаць. Марфа сабрала чырвоныя латкі пасечаных сцягоў, мусіць, мела намер яшчэ іх нейкім чынам выкарыстаць.

Паўліна, хаваючы хваляванне, моўчкі назірала за тым, што адбывалася. Яна так і не адважылася сказаць хоць каму-небудзь пра скрадзенае ў яе палатно, палічыла за лепшае паскардзіцца на Марфу Гардзею, адзінаму свайму заступніку. Яна цяпер рэдка бачылася з братам. Ён быў вельмі заняты, часта ездзіў у Брэст, да Паўліны не наведваўся, быццам счужэў. Сястра крыўдавала, аднак выгляду не падавала, бо разумела, што ў яго свая сям’я, хапае іншых турбот.

Паўліна ўважліва агледзела Гардзееў двор, чыста падмецены, гарод пусты, бульбу пакапалі ўжо, толькі каля плота ляжала гара пярэстых гарбузоў, і адзначыла сама сабе: Зося ўсё ж гаспадыня дбайная. Брата яна знайшла ў хаце і парадавалася, што на той час ні старога Барэйшы, ні ягонай дачкі дома не было, не мела асаблівага жадання сустракацца са сваякамі лішні раз.

Гардзей плёў лазовы кош, седзячы на нізенькім услончыку каля печы. Паўліну выслухаў, не спыняючы працу, спытаў:

— Ты хочаш, каб я пайшоў да Марфы адбіраць тваё палатно?

— Не ведаю, але ж нешта трэба рабіць.

— Самаўпраўствам я займацца не буду. Бачыш, цяпер безуладдзе, нават паскардзіцца няма каму, гэтым зладзеі і карыстаюцца. Вайна пачалася, Паўліна. Тут не маёмасць, а душу трэба ратаваць. Не будзь скупою, сёння ты згубіла, а заўтра табе Бог мо ўтрая больш дасць.

— Ага, табе што? Ты не ткаў, не праў! Табе маёй працы не шкада, — з дакорам адказала сястра.

— Шкада, Паўліна. Але, прабач, я нічога не магу зрабіць.

У хату ўбег Ораст, хлопчык гадоў чатырох, жвавы, усмешлівы.

— Вой, хто ж гэта прыйшоў? — сентыментальна прамовіла Паўліна.

— Оласт, — адказаў хлопчык.

— Ах ты мой пляменнічак залаты, — Паўліна падхапіла дзіця, шчасліва заўсміхалася, тулячы яго да сябе і цалуючы ў ружовую шчаку. — Як жа ты на бацьку падобны! Наша кроў! Рахубаў! А я табе яблычкаў смачных прынесла. Хочаш яблычак?

— Я цукелку хацу!

— Бач ты, які пераборлівы!

Паўліна паставіла малога на падлогу, пільна паглядзела зверху ўніз, задаволена сказала:

— А ён і характарам у цябе ўдаўся, Гардзей. Вой будзе табе з ім турботы, як падрасце! Бачыш ты, цукерку ён хоча!

— Які будзе, такі і будзе, што нам з табой варажыць. Бульбу пакапала?

— Пакапала, адна латачка каля хлява засталася.

— Гэта добра. Калі якая дапамога трэба, дык кліч. А з Марфаю сама разбірайся. Я з бабамі не ваюю.

Паўліна зразумела, што на тым гаворка скончылася, і заспяшалася дамоў, не стала распытваць пра Зосю і чакаць яе, не хацела лішні раз сустракацца і прыкідвацца, што вельмі радая сустрэчы.

3

Невялікі атрад чырвонаармейцаў усё ж зазірнуў аднойчы ў Крачкі. Камандзір ехаў на кані, астатнія вайскоўцы ішлі пешкі. Крачкаўцы сабраліся вакол гэтых здарожаных людзей, разглядвалі іх, іхнія чубатыя шапкі з чырвонымі зоркамі.

Сярод вяскоўцаў былі Гардзей і Марк, да іх падышоў Яўсей Пух, павітаўся.

— Ну, вось і дачакаўся ты, Яўсей, вызваліцеляў, — сказаў Гардзей. — Як яны табе?

— Сокалы!

— Нешта гэтыя сокалы надта здарожаныя, — заўважыў Марк.

— Пераможцы, — адказаў Яўсей. — А ты чуў, што немцы палякаў у Берасці і пад Кобрынам так пабілі, што тыя не ведалі, куды бегчы. Цяпер возьмуць нас у Савецкі Саюз, і зажывём мы ў міры і згодзе роўныя сярод роўных.

— Чаму гэта нас, як дзеўку-векавуху, абы-хто павінен забіраць? — спытаў з усмешкаю Гардзей. — Ці не можам мы самі жыць самастойна? Было ж ужо! Жылі! Ад мора да мора цягнулася наша зямля!

— Савецкі Саюз — такая дзяржава, што кожны палічыць за гонар быць у яе складзе. Толькі дурань можа адмаўляцца ад такой прапановы, — запярэчыў Яўсей.

— Я часам слухаю радыю і дзіўлюся, колькі ў асяродку саветаў ворагаў народа развялося. А ці не можа быць, што яны і ў нас пачнуць ворагаў вышукваць?

— Гародзіш абы-што, — абурыўся Яўсей.

Іхнюю гаворку перарваў гармонік. На вуліцу выйшаў Сымон Чмель, заспяваў прыпеўкі:

Не судзіце, добры людзі, Што я абшарпаўся, Мой татулька такі быў, Я ў яго ўдаўся.

З натоўпу выскачыла Марфа і пусцілася ў скокі. Перад ёю ўзнік чарнавусы чырвонаармеец і пайшоў паўкругам упрысядкі. Танцоры расчырванеліся, усміхаючыся адно аднаму, здаецца, нікога і не бачылі вакол, столькі жарсці, упэўненасці і сілы было ў іхніх рухах. Чырвонаармеец сцягнуў чубатую шапку, агаліў чарнавалосую галаву. У адказ і Марфа сарвала з галавы паркалёвую хустачку і, размахваючы ёю, усё прытупвала ды кружылася вакол смуглявага напарніка. А гарманіст тым часам сыпаў прыпеўкамі, голас ягоны быў моцны, гарэзлівы.

А, мілашачка мая, Стаў я разжывацца. Прадаў сенцы, купіў дзверы, Буду зачыняцца.

— Марфа нідзе не разгубіцца, — заўважыў Марк.

— Ёй няма чаго губляць, акрамя свайго Якуба, які абрыд ёй, як вашывы кажух, — сказаў Гардзей.

— Агонь-баба! — з задаволенаю ўсмешкаю прамовіў Яўсей.

— Зараз рэвалюцыю зробіць з гэтым чарнявым ды кучаравым, — засмяяўся Гардзей.

— Для паляпшэння Якубавай пароды — не шкодзіла б, — азваўся Марк.

Тым часам да гарманіста падышоў чырвонаармеец, нешта сказаў — і гармонік сціх. Камандзір ускочыў на лаўку, дзе сядзеў Чмель, абдымаючы гармонік, звярнуўся да прысутных:

— Таварышы! Непераможная Чырвоная Армія на штыках прынесла вам свабоду! Я віншую вас са святам вызвалення. Цяпер у вас пачнецца новае светлае жыццё! Я жадаю вам плённага і шчаслівага будаўніцтва.

Далей камандзір пачаў хваліць савецкі лад жыцця і расказваць пра поспехі, якіх дасягнуў савецкі народ, пра бязмежныя перспектывы новых здзяйсненняў і перамог. Калі прамоўца скончыў гаварыць, на ягонае месца ўскочыў малады хлопец са Сцяблова Леванюк і пачаў дзякаваць вызваліцелям за тую ласку, якую яны зрабілі.

— Дзе гэта ён навучыўся так спрытна гаварыць? — здзівіўся Гардзей.

— Мая школа! З паўгода быў у мяне камсамольцам, пакуль партыю не распусцілі, — з гонарам адказаў Яўсей.

— Можа былым партыйцам цяпер пасады будуць даваць? — пацікавіўся Марк.

— Не ведаю, — паціснуў плячамі Яўсей. — Адзін сябар з Берасця казаў, што да былых капэзэбоўцаў новая ўлада ставіцца з насцярогаю.

— Эх, Яўсей, казаў я табе, што мы нікому не трэба, а нашая ахвярнасць — тым больш, — з усмешкаю заўважыў Гардзей. — Як былі мы нічым, так і застаёмся.

— Ты памыляешся, не можа быць, каб новай уладзе не спатрэбіліся адданыя людзі, — упэўнена адказаў Яўсей.

— Зрэшты, напэўна, палякаў зараз пагоняць з цёплых месцаў, дык мо нам што-небудзь дастанецца. Пайду я, хлопцы, няма ахвоты слухаць гэтага самавука, — грэбліва кіўнуў Гардзей у бок Леванюка.

4

Новая ўлада паціху ўсталёўвалася. У Сцяблове адчынілі сельсавет у хаце заможнага чалавека, нядаўна вывезенага невядома куды. Старшынёю прызначылі «васточніка», чалавека пахмурнага, насцярожанага, які прыехаў аднекуль з Расіі. З ранку да вечара гарлала чорная талерка радыё, прымацаваная на слупе; над дахам сельсавета развяваўся чырвоны сцяг; а ў памяшканні вісеў плакат з партрэтам Сталіна, які пільна прыглядаўся са сцяны да кожнага прысутнага. У склад сялянскага камітэта ўвайшлі крыклівая Марфа, безгалосы Серафім, паслужлівы Леванюк і яшчэ некалькі непісьменных сялян. Гардзей назіраў збоку за тым, што адбывалася, і здзіўляўся сваёй наіўнасці. У глыбіні душы ён усё яшчэ спадзяваўся: аднойчы згадаюць пра тых, што сядзелі ў турмах, якія імкнуліся змяніць да лепшага жыццё тутэйшага люду. Аднак таемныя яго спадзяванні былі дарэмныя. Наступіў новы час. Новыя людзі імкнуліся стаць гаспадарамі жыцця. А калі пайшла пагалоска пра тое, што вывезлі ўсіх асаднікаў, леснікоў і таго-сяго з больш багатых сялян, нават Марка збіраюцца раскулачваць за нявыплачаныя падаткі, Гардзей зразумеў, што трэба сыходзіць у горад. Там людзям пры ўсялякай уладзе жывецца лягчэй. Адпрацаваў належныя гадзіны, атрымаў заробак, і жыві сабе, як хочаш. Зрэшты, у хаце Кірылы Гардзей лічыўся толькі прымаком. Гаспадарка ж была даволі вялікая: тры каровы, пара коней, чатыры адкормленыя парсюкі. Усю гэтую жывёлу трэба было тэрмінова збываць і рабіцца бедняком, пра гэта і сказаў зяць цесцю. Той спачатку заўпарціўся, а потым згадзіўся з Гардзеем і здаў у нарыхтоўчую кантору жыўнасць, пакінуўшы сабе самае неабходнае, дзякуючы чаму разлічыўся з падаткамі і трапіў у лік сераднякоў.

Паколькі гаспадарка паменшылася ўтрая, дык Гардзей палічыў за лепшае пашукаць сабе які заробак у Брэсце, бо дома цесць з Зосяю і самі добра спраўляліся. Летам Гардзею знайшлася добрая, на яго думку, пасада памочніка каморніка на складзе вагоннага дэпо. Паколькі каморнік аказаўся не надта пісьменным «васточнікам», але затое адданым рэвалюцыі камуністам з Ленінграда, які прыехаў дапамагаць братам-беларусам усталёўваць новы лад жыцця, дык Гардзей рабіў за яго справаздачы і ўсялякую цяжкую і чорную работу: насіў скрыні, прыбіраў склад, а каморнік выдаваў рабочым спецвопротку і рознае начынне. З месяц Гардзей штодня пасля працы дабіраўся нанач дадому, а потым знайшоў сабе кватэру. Гаспадыняю аказалася ўдава цырульніка, прыемная гладкая маладзіца гадоў сарака з гакам. Дзяцей яна не мела, таму ўзялася шчыра апекаваць свайго кватаранта.

— Муй каханы! Муй пенькны прыйшоў! — такімі словамі звычайна сустракала яго пані Ванда, замілавана складваючы пульхныя ручкі на грудзях, як перад малітваю, а праз тыдзень-два — дык і гарачымі абдымкамі ды пацалункамі.

Гардзей, уражаны такой нечаканай прыхільнасцю, стаў рэдка наведвацца дадому. Занадта прэсным і стрыманым падалося яму каханне Зосі, якая пры бацьку ніколі нават не абняла мужа. Сам жа ён, як яму здавалася, нікога не кахаў. Праўда, аднойчы, калі яшчэ служыў у войску ў Варшаве, убачыў у двары аднаго багатага асабняка дзяўчыну ў блакітным каптурыку і сінім плашчы. І такая яна была прыгожая і пяшчотная, што, здавалася, за яе і жыцця не пашкадаваў бы. Дзяўчына знікла за цяжкімі дзвярыма, якія перад ёю адчыніў лёкай у ліўрэі, аблямаванай залацістым шлякам. Колькі пасля ні прыходзіў да той агароджы Гардзей, дзяўчыну яму больш убачыць не давялося. Ён быў перакананы, што тую юную палячку ён, напэўна, кахаў бы да канца свайго жыцця. Гэта было б не проста існаванне, а свята. Тое, чым цяпер жывілася яго душа, здавалася шэрым і не цікавым, часовым упрыгожаннем будзённасці стала цырульнікава ўдава.

Праз паўгода Гардзей вырашыў, што з Зосяю больш жыць не будзе, а застанецца з Вандаю. Ён захапляўся сваёю пранырліваю гаспадыняю, якая здолела ўладкавацца прадаўшчыцаю ў новую толькі што адчыненую прадуктовую краму і забяспечвала сябе і кватаранта харчамі, якія ўвогуле цяжка было купіць у горадзе. Прыватныя гандлёвыя кропкі былі зачынены, а ўсё, што мелася ў продажы ў дзяржаўных магазінах, скуплялі тыя, у каго былі савецкія грошы. Злотыя нідзе не прымалі. Тутэйшае насельніцтва, калі і хацела купіць якія тавары, дык не мела чым заплаціць.

Сказаць Зосі пра сваю новую сям’ю Гардзей не адважваўся, хоць зрэдку наведваўся дамоў, каб пабачыцца з сынам і завезці яму якога гасцінца. Але ўсё гэта было не так важна, калі-небудзь яна і сама дазнаецца. Такім чынам, Гардзееў лёс павярнуў у новае рэчышча, аднак здарылася непрадбачанае. Аднойчы, калі ён прыйшоў на працу, загадчык склада сказаў яму, што яго тэрмінова выклікаюць у аддзел кадраў.

У аддзеле кадраў Гардзея чакала непрыемная навіна. Дзябёлая маладзіца, з шэрым невыразным тварам і з дрэнна прамытымі чорнымі валасамі, зачэсанымі на прабор і закручанымі ў куксу на патыліцы, паклала перад ім на стале працоўную кніжку і загад, сказала:

— Пазнаёмся.

Гардзей прабег вачамі напісанае ў загадзе і зразумеў, што ён звольнены з працы як чалавек палітычна ненадзейны і шкодны для савецкай улады.

— Гэта хлусня! Я сядзеў у польскай турме за стварэнне камсамольскай ячэйкі і ўдзел у падпольнай працы! — абурана запярэчыў Гардзей.

— Усе вы цяпер патрыётамі сталі! А сам выбіраўся радным у гміну! Хацеў утаіць гэта ад савецкай улады! Мы ведаем усё пра ўсіх! Скажы дзякуй, што не паслалі туды, куды Макар цялят не ганяў! А мы яшчэ і разлік табе даём! Ідзі ў бухгалтэрыю і атрымай.

Гардзей пакінуў кабінет, трымаючы ў руцэ загад і яшчэ не верачы таму, што з ім здарылася, аднак у касе яго ўжо чакаў поўны разлік. Ён згроб у кішэню грошы, якія яму дала касірка, і выйшаў на вуліцу. Хацелася хутчэй удыхнуць свежага паветра, пабыць аднаму, каб асэнсаваць непрыемную падзею. Ніяк не мог зразумець, чаму так здарылася, што ён быў ненадзейным для палякаў, а цяпер стаў такім і для саветаў, хоць з ахвотаю працаваў і, зрэшты, быў задаволены жыццём.

Гардзей рушыў уздоўж рэек, раздумваючы, што ж яму рабіць далей: заставацца з Вандаю і паспрабаваць пашукаць новую працу, ці... Але з тым запісам, які яму зрабілі ў працоўнай кніжцы, напэўна, яго нікуды не возьмуць. Адразу ўзнікла пытанне: гэта кляймо на ўсё жыццё? За што? Гардзей адчуў нязвыклую стому ў нагах і накіраваўся ў будынак вакзала, каб там пасядзець у зале чакання і ўсё як след абдумаць. Раптам яго нехта паклікаў. Ён азірнуўся і ўбачыў Яўсея Пуха і Івана Валошчыка, пастаяў нерухома, пакуль хлопцы падышлі і павіталіся з ім за руку.

— Ты чаго такі прыгаломшаны? — спытаў Яўсей.

— З працы звольнілі, палічылі, што палітычна ненадзейны, — адказаў Гардзей.

— Знайшоў пра што бедаваць! На наш век працы хопіць, — ляпнуў яго па плячы Валошчык.

— Не, ты не разумееш, што адбываецца. Я ў польскай турме сядзеў, здароўе губляў, жыццё, лепшыя гады кату пад хвост, а яны. — горача запярэчыў Гардзей. — Гэта несправядліва!..

— Знойдзем табе справу, трымайся мяне. І ўсё будзе выдатна, — супакоіў Гардзея Яўсей.

— А што ты ўжо такі вялікі начальнік?

— Працую следчым па асабліва важных справах. Лаўлю бандытаў, жулікаў, спекулянтаў. Ат, рознай набрыдзі наехала ў Брэст, што выдаюць сябе за бежанцаў. Уяўляеце, у аднаго багаценькага аўтамабіль канфіскавалі, дык ён ходзіць да нас, скардзіцца і піша заявы. Думаю, што яго і самога хутка возь­мем за каршэнь, каб не надакучваў.

— І ты задаволены такою працаю?

— А чаму ж не? Зарплата добрая, кватэру далі як адказнаму і важнаму работніку. А зрэшты, чаго мы тут стаім? Пайшлі да мяне, адзначым улазіны, — гасцінна запрасіў Яўсей.

— Я дахаты сабраўся, амаль месяц сына не бачыў, — пачаў аднеквацца Гардзей.

— Заўтра ж нядзеля. Паедзеш і пабачыш. Нікуды твой сын не дзенецца. Пайшлі... Пасядзім цёплым мужчынскім гуртам, успомнім маладосць. Калі яшчэ такі выпадак надарыцца?

Гардзей паглядзеў на хлопцаў і згодна махнуў рукою, маўляў, колькі таго жыцця, і тое абы-якое.

— Мо ў складчыну купім якую пляшку? — спытаў Валошчык.

— Нічога не трэба, у мяне ёсць што выпіць і нават на закуску сала знойдзецца, — сказаў Яўсей. — Трымаю недатыкальны запас. Часам вярнуся з задання, у вачах чорныя плямы скачуць ад стомы, дык вазьму стограмовачку — і ад сэрца адляжа.

— А што? Страшна бывае? — спытаў Валошчык.

— Усяляк бывае: і страшна, і паскудна, і агідна... Але не будзем пра дрэннае.

— Мо сярод следчых чуваць што пра Мацея? Як ён там перайшоў мяжу ды ўладкаваўся, — раптам згадаў Гардзей.

— Нічога не чуў, але, хлопцы, паміж намі, кажуць, перабежчыкаў расстрэльвалі, — адказаў Яўсей шэптам.

— За што? — здзівіўся Гардзей.

— Быў бы чалавек, а артыкул для пакарання знойдзецца...

Пачутае збянтэжыла і ўстрывожыла Гардзея: няўжо так? Што ж гэта робіцца на свеце?..

Яўсеева кватэра была недалёка ад вакзала, у тым самым будынку, дзе раней Гардзееў знаёмы яўрэй прадаваў бакалейныя тавары. Маёмасць у гандляра забралі, а яго з сям’ёю некуды выслалі.

Новы гаспадар адамкнуў дзверы невялікага пакоя, у якім стаялі незасланы ложак, абшарпаны стол і пара табурэтак. Пры сцяне мясцілася вялікая скрыня, размаляваная кветкамі. Шырокім жэстам гаспадар запрасіў гасцей:

— Заходзьце ў маю хату, чым багаты тым і рады. Сядайце, каму дзе зручна.

Яўсей дастаў са скрыні пляшку гарэлкі, тры шклянкі, паклаў на стол кавалак сала, бохан хлеба, дзве цыбуліны, ляпнуў у ладкі:

— Балюем!

— Балюем! Яшчэ як! — бадзёра падхапіў Валошчык.

Першы раз паднялі шклянкі за здароўе і сустрэчу. Пасля трэцяга тоста на стале з’явілася яшчэ адна пляшка. Паплылі ўспаміны пра маладосць і маленства. Усе пра нешта гаварылі, і хоць, здавалася, што ніхто нікога не слухаў, ім было добра сядзець разам сярод ночы і згадваць той час, які назаўсёды прамінуў, і была надзея, што наперадзе іх чакае нешта яшчэ больш цікавае і светлае.

5

Гардзей прачнуўся ад таго, што яго тузаюць за плячо, але ніяк не мог расплюшчыць вочы. Галава гарэла ў пякельным агні, пад грудзьмі быццам віўся клубок змей.

— Уставай, уставай, Гардзей! Будзем пахмяляцца, — тармасіў яго Яўсей.

Гардзей перасіліў боль, расплюшчыў вочы і ўбачыў над сабою доўгую выцягнутую, як гарбуз, галаву Яўсея. Сцяна за ім калыхалася, столь пераварочвалася.

— Што гэта з табою? Чаму ты такі? — здзіўлена спытаў Гардзей.

— Які?

— Як пачвара.

— Сам ты пачвара! Уставай! Мне на працу трэба!

Гардзей са стогнам сеў, абхапіў галаву рукамі, хістаўся з боку ў бок.

— Што, галава баліць? Трымай шклянку, пахмяліся, — прапанаваў Яўсей.

— Чым ты мяне напаіў?

— Нічым. Што я піў, тое і ты.

— Ты атруціў мяне, — прастагнаў Гардзей.

— Ты абвінавачваеш мяне, савецкага следчага, у злачынстве? Ты ведаеш, што табе за гэта пагражае?

Гардзей падняўся з ложка, няпэўным крокам рушыў да парога, мармычучы сабе пад нос:

— Атруціў і хочаш канцы ў ваду. Не выйдзе, не дамся.

Ён штурхнуў перад сабою дзверы, якія лёгка адчыніліся, лесвіца павяла яго ўніз драўлянымі прыступкамі. У двары Гардзей удыхнуў свежага паветра, ледзь не страціў прытомнасць, прыхінуўся да сцяны, трохі пастаяў з заплюшчанымі вачамі. У галаве гарэла так, быццам там распалілі агонь, нясцерпна пякло ў грудзях. Гардзей няпэўным крокам выйшаў з двара і рушыў у бок Кобрынскага моста. Раптам спахапіўся, што забыўся ў Яўсея партфель з гасцінцамі для сына, але вяртацца не стаў. Думкі блыталіся, адчуваў, што вось-вось страціць прытомнасць ці наогул розум. Раптам згадаўся Валошчык. Узнікла пытанне, куды ён падзеўся? Мо і яго атруціў Яўсей, каб не мець сведкаў? Ці, можа, наадварот, Валошчык падліў атруту Гардзею і схаваўся? Гардзей бег па вуліцы, апантаны жывёльным страхам. Мільганула думка, што цягніком прыехаў бы дамоў хутчэй. Спыніўся на хвіліну, праверыў кішэні, грошай не знайшоў і зноў кінуўся бегчы. Людзі саступалі яму дарогу, глядзелі ўслед. Нехта сказаў:

— Шаленец нейкі. Увесь рот у пене.

Гардзей не зразумеў, што гэта кажуць пра яго. Ён наогул цяпер мала што цяміў, падсвядома імкнуўся схавацца ад жаху, які апанаваў ягоную істоту, ад злоснага свету і жорсткіх людзей. За сваё жыццё ён нямала пахадзіў пешкі і паездзіў на кані з дому ў Берасце і назад, таму ногі самі знаходзілі тую палявую дарогу, якая вяла яго проста на хутар да жонкі і сына. Там было выратаванне. Ён выжыве і здзейсніць тое, што прызначана яму Богам. Не чалавечая сіла абудзілася раптоўна ў ім і несла ўперад ад пагоні страху і жуды.

Ён прыбег задыханы, з мокраю, хоць выкручвай, сарочкаю, з чырвоным потным тварам, убачыў Зосю, і сказаў з парога:

— Я вар’ят. Але ўсё роўна буду вялікім мысліцелем!

— Што з табою? — устрывожылася жонка.

— Мяне атруцілі! Галава мая гарыць! У грудзях пячэ!

Ён набраў кубак вады, прагна выпіў, але палёгкі не адчуў?

— Хто атруціў?

— Пух з Валошчыкам! Я ім зараз! Пачакай!..

Гардзей выскачыў у сенцы схапіў сякеру, пабег у Крачкі. Зося кінулася за ім, прасіла-маліла вярнуцца. Але ўсё было дарэмна. Ахоплены жаданнем помсты, Гардзей ляцеў так хутка, што Зося адстала ад яго, бегла, трымаючыся за правы бок, там раптам пачало калоць. Ужо ў Крачках трапіўся яму насустрач Серафім, здзіўлена спытаў:

— Куды ты, Гардзей?

— Я заб’ю іх!

— Каго?

— Пуха і Валошчыка.

— Дык яны ж у Берасці.

У гэты час да мужчын падбегла Зося, шапнула Серафіму:

— Забяры ў яго сякеру.

— Дай сякеру, навошта яна табе? — папрасіў Серафім.

— І ты, камітэтчык, супраць мяне? Я і цябе знішчу.

На галасы падбеглі гаспадары з бліжэйшых хат, скруцілі Гардзею рукі, забралі сякеру.

— Эх, вы! Я за вас у турме сядзеў! Лепшыя гады згнаіў ні за нюх табакі, а вы — на мяне! — абурыўся Гардзей, адкідаючы ад сябе аднавяскоўцаў.

— Пойдзем, Гардзей, дадому, — папрасіла Зося. — Чаго ты ўзбунтаваўся? Людзі вунь сабраліся! Глядзяць як на вар’ята!

— Я і ёсць вар’ят! Мяне атруцілі! Але я адпомшчу ім усім! Яны атрымаюць за ўсё!

Серафім, які быў ніжэйшы ростам за Гардзея, павіс у яго на спіне і прыгаворваў:

— Ідзі дахаты! Чуеш! Ідзі!

Зося падхапіла Гардзея пад руку і таксама цягнула ў бок хутара, але ён не згаджаўся.

— Дзе гэтыя мярзотнікі? — крычаў Гардзей? У Берасці пахаваліся? Чакайце, я вас і там знайду.

— Знойдзеш, знойдзеш, — абяцала Зося. — Я табе дапамагу. А цяпер пойдзем дадому.

Нехта з мужчын сказаў:

— Няма тваіх крыўдзіцеляў тут, ідзі дахаты, Гардзей.

Гардзей раптам супакоіўся, аціх і пакорна пайшоў у суправаджэнні Зосі і Серафіма, быццам прыступ вар’яцтва адступіў і даў яму магчымасць хоць нядоўга пажыць цвярозым розумам. Аднак гэты спакой вярнуў хвораму адчуванне болю. Ён абхапіў галаву рукамі і закрычаў:

— Трымайце маю галаву! Яна зараз разляціцца на дробныя кавалкі! Трымайце мяне! Трымайце!

Зося з Серафімам падхапілі Гардзея пад пахі і павалаклі ў бок хутара. Ён хістаўся, плёўся, як п’яны, і ўвесь час скардзіўся на боль у галаве.

— Нічога! Нічога! — супакойвала мужа Зося. — Зараз запражом каня і паедзем у Жабінку да доктара. Ён дасць табе ад галавы лекаў, і ты ачуняеш. Ціха! Ціха! Не крычы!

— Ад вар’яцтва няма лекаў! Мяне атруцілі! Я ім адпомшчу! — Гардзей зноў пачаў вырывацца з рук.

— Ціха! Ціха! Не смяшы людзей! Маўчы! Няхай ворагі не радуюцца нашай бядзе. Тых, хто нашкодзіў табе, пакарае Бог. А ты супакойся, пойдзем дахаты, там цябе сынок чакае, — упрошвала мужа Зося, і ён аціх, скарыўся яе цёплым рукам, ласкаваму голасу, яе просьбе не гнявіць Бога і не смяшыць людзей.

6

Серафім, не шкадуючы каня, імчаў у Жабінку. За яго спінаю курчыўся на возе Гардзей, абхапіўшы галаву рукамі, побач з якім сядзела Зося і ўгаворвала мужа, як малое дзіця, каб ён не нерваваўся, патрываў боль, хутка яны прыедуць да доктара, і той дасць рады. Гардзей сапраўды аціх, быццам задрамаў. А Зосі згадаўся сон, які прысніў бацька, пасля таго, як яна з Гардзеем пачала жыць разам. Прыснілася бацьку, што перад хатаю вырас дуб з падсохлаю вершалінаю. Сон аказаўся як у руку. Хоць і спачувала Зося Гардзею, аднак не магла дараваць таго, што ён застаўся нанач невядома з кім, замест таго, каб ехаць да сям’і. «Гэта яго Бог пакараў, што зусім ад дому адбіўся, — думала яна. — Затое цяпер ён ужо будзе са мною. Бог усё бачыць і вучыць некаторых разумнікаў, як трэба жыць. А тым, хто не слухаецца Божага голасу, пасылае немач, каб астудзіць гарачую галаву».

Каля амбулаторыі Зося пабудзіла Гардзея і сказала:

— Прыехалі ўжо, пойдзем да доктара.

— Дзе? Дзе той доктар? — закрычаў Гардзей, саскочыў з воза і пабег уздоўж вуліцы, Зося і Серафім кінуліся ўслед за ім.

Наўрад ці ўдалося б ім затрымаць дужага мужчыну, апантанага хваробаю, які не надта разумеў, што з ім робіцца, а кіраваўся логікаю парушанай свядомасці, каб ён не ўбачыў будынак, дзе раней мясціўся пастарунак, а цяпер знаходзілася Жабінкаўскае аддзяленне міліцыі, і не ўбег туды і не пачаў крычаць, што тут знаходзяцца душагубы, якія пры Польшчы яго гнаілі ў турме, а цяпер наогул вырашылі звесці са свету. Тры міліцыянеры накінуліся на Гардзея, ды ён раскідаў іх і пачаў ламацца ў нейкія замкнёныя дзверы. Адзін з міліцыянераў моцна стукнуў яго па паясніцы — Гардзей войкнуў і прысеў, і тады ўсе трое накінуліся на яго, звалілі на падлогу, скруцілі. У гэты момант прыбеглі Зося і Серафім.

— Што вы робіце? Ён жа хворы! Ён вар’ят! Спыніцеся! — закрычала Зося, адцягваючы міліцыянераў.

Міліцыянеры пакінулі Гардзея ў спакоі, цяжка дыхалі. Адзін спытаў:

— Як прозвішча?

Зося хуценька сказала, як завуць мужа, дзе жыве, дзе працуе, расказала пра хваробу, якая ўсчалася нечакана.

— Завядзіце яго да доктара, няхай агледзіць і дасць заключэнне. Калі гэта не вар’ят, вядзіце сюды. Мы з ім хутка разбяромся, хто такі, — сказаў адзін міліцыянер, відаць, старшы.

Зося і Серафім падхапілі Гардзея пад пахі, два міліцыянеры ішлі ззаду, суправаджаючы іх. Хворы хапаўся рукамі то за галаву, то за грудзі, скардзіўся, што душа яго палае, прасіў піць. Зося супакойвала мужа, як магла, маўляў, галоўнае — дайсці да доктара, а там усё вырашыцца.

Доктар пажадаў застацца з хворым сам-насам, а хвілін праз дваццаць выйшаў з пакоя з супакоеным Гардзеем, падаў Зосі нейкія паперы, сказаўшы:

— Гэта накіраванне ў псіхіятрычную бальніцу. Вам трэба везці яго ў Баранавічы.

— Доктар, мы ж не гатовыя... Не думалі... Можа, можна дома. Нейкія там лекі. — з мальбою ў вачах спытала Зося.

— Нельга. Яму патрэбна лячэнне ў стацыянары. Патрэбныя добрыя спецыялісты.

— Дык ён сапраўды вар’ят? — спытаў адзін з міліцыянераў.

— Душэўна хворы, — падкрэслена адказаў доктар. — Дапамажыце, калі ласка, хвораму і ягоным родзічам сесці на цягнік, пра гэта я вас прашу асабіста.

Міліцыянеры ніякавата паціснулі плячыма і пайшлі ўслед за Гардзеем, якога Зося і Серафім павялі пад рукі да выхада.

На вакзале сапраўды спатрэбілася іхняя дапамога. Міліцыянеры загадалі расступіцца чарзе, і Зося купіла білет сабе і Гардзею на цягнік. Серафім бязладна таптаўся каля сястры. Яна сказала яму, каб ехаў дамоў, бо на вакзале столькі набрыдзі, яшчэ, крый божа, хто каня ўкрадзе. Брат уздыхнуў з палёгкай і пайшоў. Пайшлі і міліцыянеры.

Пасля наведвання доктара Гардзей паспакайнеў і драмаў, седзячы на лаўцы. Зося нават падумала, можа дарэмна яго выпраўляюць у псіхбальніцу, можа гэтая хвароба і сама пройдзе? На вакзале было шматлюдна, таўкліся нейкія мужчыны і жанчыны, не тутэйшыя — ці бежанцы, ці тыя, што ехалі з Савецкай Расіі, каб тут знайсці новае месца для працы. Апрануты былі хто ў што, сустракаліся тут і дарагія суконныя апраткі і нешта накшталт рабочай уніформы. Тутэйшых было мала, яны вылучаліся адзеннем з палатна сваёй работы, паводзілі сябе сціпла, бо кожны ў крамным адзенні ім уяўляўся па ранейшай звычцы панам.

Незадоўга да прыходу цягніка людзі заспяшаліся на перон. Зося разбудзіла Гардзея. Ён расплюшчыў вочы, няўцямна зірнуў на жонку, быццам не пазнаючы, потым падняўся і спытаў:

— Што мы тут робім?

— Зараз паедзем у бальніцу.

Твар Гардзея нервова перасмыкнуўся. Ён спытаў:

— Ты захварэла? Чаму мне гэтак блага?..

— Гардзейка, гэта ж ты захварэў. Паедзем цябе лячыць, — пяшчотна і спакойна адказала Зося, каб не вывесці яго з раўнавагі. Пойдзем на перон, зараз будзе наш цягнік.

Муж паглядзеў на яе з недаверам, але пайшоў да выхада. Зося ў напружанні чакала цягніка. Калі людзі стоўпіліся ля ўвахода ў вагон, яна трымаючы Гардзея пад руку, супакойвала сябе і яго:

— Не спяшайся. Без нас цягнік не пойдзе. Усё будзе добра.

Муж слухаўся, стаяў спакойна, пакуль не падняўся ў вагон і раптам кінуўся да акна і пачаў стукаць кулакам.

— Што ты? Што з табою? — закрычала Зося, цягнучы мужа за сарочку!

— Там Пух! Я яго бачыў!

Праваднік накінуўся ззаду на Гардзея, зваліў яго на падлогу.

— Не чапайце яго! — закрычала Зося. — Ён душэўна хворы!

— Ён яшчэ і хворы! — абурыўся праваднік. — Мы яго зараз звяжам, хутка супакоіцца.

Гардзея звязалі і паклалі адпачываць. Знясілены чарговым прыступам хваробы, ён сапраўды хутка заснуў. У Баранавічах увайшлі пагранічнікі і пачалі правяраць білеты. Спачатку Зосю і Гардзея завялі ў аддзяленне міліцыі, трымалі да раніцы ў пакоі, падобным на турэмную камеру з закратаваным акном пад столю, а потым іх разлучылі. Ёй паабяцалі, што хворага ў псіхбальніцу завязуць самі, а яна няхай вяртаецца дамоў.

Выйшла Зося з аддзялення міліцыі, раздумваючы, што ж ёй рабіць далей? Усе грошы, якія мела пры сабе, аддала Гардзею. Выручыла яе тое, што па даўняй бежанскай звычцы надзела на сябе дзве сукенкі. Адну яна зняла ў прыбіральні, пайшла на рынак, што мясціўся побач з вакзалам, і прадала там нейкаму вайскоўцу, прасіла грошай не шмат, толькі пару рублёў, каб хапіла даехаць да Жабінкі, а ён вельмі ўзрадаваўся нечаканай удачы — з радасцю танна набыў яе сукенку.

7

Дома Зосю сустрэў устрывожаны бацька і сказаў, што яго памылкова запісалі ў кулакі і наклалі кулацкі падатак.

— Чаму ж яны так зрабілі? Мы ж збылі ўсю жыўнасць, — абурылася Зося.

— У іх, ці бачыш, нейкія старыя звесткі.

— Дык едзь у Жабінку да начальства і скажы ім, няхай прышлюць камісію, правераць, якія мы тут кулакі.

— Баюся я, дачка, начальства. Якая ім справа да простага чалавека? Яны ж, можа, і размаўляць са мною не захочуць.

— Не захочуць і не трэба. Напішам ім заяву, што ты не кулак. Няхай разбіраюцца, але заяву завязеш сам, аддасі ў рукі і чакай, што скажуць.

— Хіба што так, — згадзіўся бацька. — А нешта мне ўсё ж трывожна.

— А калі цябе вышлюць за свет? Тады не будзе не страшна?

— Страшна жыць, дачка, страшна. Усё жыццё перакалоцішся як рыба аб лёд. даруй божа. Адно выратаванне смерць.

— Што ты, бацька, раней часу паміраць сабраўся?

— Я сваё аджыў. Што там з Гардзеем? Серафім расказваў.

— Не ведаю, бацька. Забрала яго міліцыя, абяцалі завезці ў бальніцу самі. Далей Баранавіч нікога не пускаюць. Мяжа, як была, так і стаіць на месцы. Адчуваў ён сябе блага. Не ведаю, што там з ім будзе.

— Усё ў руках Боскіх, будзем спадзявацца на лепшае.

На другі дзень Кірыла павёз заяву ў Жабінку. Пахадзіў па будынку райвыканкама, спыніўся ля дзвярэй старшыні, каля якіх стаяў стол сакратаркі, паклаў перад ёю заяву.

Дзяўчына прабегла паперу вачамі і сказала:

— Вам трэба ў той кабінет, пойдзем, я вас правяду.

Яна падвяла Кірылу да адных дзвярэй, пастукала ў дзверы, ёй ніхто не адказаў, яна адчыніла іх, заглянула ў пакой і спытала:

— Хрол Еўграфавіч, можна да вас?

— Заходзь, Эсфір, заходзь.

— Я не адна.

Сакратарка прапусціла ўперад Кірылу, потым увайшла сама, паклала перад начальнікам заяву і сказала:

— Дапамажыце гэтаму сімпатычнаму дзеду, Хрол Еўграфавіч. Дабро дабром вяртаецца.

Яна выйшла нетаропка. Начальнік узяў Кірылаву заяву, пачытаў, моўчкі ўстаў, пачаў перабіраць папкі з паперамі. Нарэшце разгарнуў адну, пачаў чытаць:

— Значыць так. Барэйша Кірыла Іпатавіч, жыхар вёскі Сцяблова, дом нумар дваццаць пяць. Два кані, чатыры каровы.

— Прозвішча маё, а гаспадарка і адрас чужыя. Я на хутары каля Крачкаў жыву. Адзін у мяне конь і карова адна. Прыязджайце, паглядзіце, калі не верыце. Са мною жывуць яшчэ дачка з мужам і ўнук. Чатыры душы, неяк жа трэба жыць і харчавацца.

Кірыла нават сам здзівіўся, як асмялеў, разгаварыўся з чужым чалавекам, ды яшчэ начальнікам. А зрэшты начальнікамі ж не нараджаюцца, імі становяцца.

— Добра, разбяромся, — спакойна адказаў гаспадар кабінета. — Можа, і ў госці наведаемся, каб гаспадарку агледзець.

— Калі ласка, прыязджайце, буду рады, — гасцінна адказаў Кірыла. — І падатак кулацкі здыміце з мяне. Які ж я кулак? Перажыў эвакуацыю, бежанства. Вярнуўся на голае месца, пачаў з нічога.

— Добра, добра, разгледзім, дзед, тваю заяву, не хвалюйся.

Кірыла падзякаваў, развітаўся і выйшаў з кабінета заспакоены тым, што добра пагаварыў з чалавекам. Едучы з Жабінкі дамоў, ён падганяў свайго рахманага каня і ўсё згадваў гаворку з начальнікам ды раздумваў, хто ж прыпісаў яму чужую гаспадарку? Хто гэты вораг? І што яшчэ ад яго можна чакаць? Каб ведаць, дык пайшоў бы, проста пагутарыў з чалавекам, спытаў, за што той трымае злосць на яго, за што помсціць? А так, можа, і век зжывеш і не даведаешся, хто цябе хоча са свету звесці. Можа, гэта ўсё з-за Гардзея робіцца? Хоць і разумны хлопец, а неасцярожны, лёгка ворагаў нажывае. Сябе самога не ўбярог, хваробу такую страшную знайшоў. Не здарма ж кажуць, як захоча Бог пакараць, дык розум адбярэ.

— Ох, грахі нашы цяжкія! — уздыхнуў Кірыла. — Дня не пражывеш, каб не саграшыць. Я ўжо і ворагаў сабе навыдумляў. А гэта, можа, проста нейкая памылка атрымалася. Памылка! Але ж магла каштаваць мне жыцця. Хіба ж я выжыву ў той Сібіры?

Стары пакашляў у кулак, паглядзеў навокал і здзівіўся, што так вось, разважаючы сам з сабою, непрыкметна даехаў да Крачкаў. Пачалі сустракацца знаёмыя людзі, і ён вітаўся з кожным ветліва і падкрэслена, але і пільна ўзіраўся ў вочы. Можа, менавіта гэты чалавек за нешта не любіць яго і гатовы адпомсціць намоваю.

Каля свайго двара стаяла Марфа з дзіцем на руках. Кірыла зычліва павітаўся з ёю:

— Добры дзень, Марфачка. Я думаў, ты ўвесь час цяпер у сельсавеце засядаеш. А ты каля сваёй хаты.

— Здароў, дзядзька Кірыла. Засядаю я, калі паклічуць. А так дома ўпраўляюся. Адкуль едзеш?

— Нешта ў сельсавеце наблыталі, мяне кулаком запісалі. Ездзіў скардзіцца.

Марфа здзіўлена ўтаропілася ў старога.

— Чаго маўчыш? Можа, ведаеш, хто мяне падвёў пад дурнога хату?

— У вас свой дурань у хаце завёўся. Як ваш шаленец, ці ачуняў?

— А табе што за клопат?

— Ды нічога. Так сабе. Не ведаю я, хто цябе ў кулакі запісаў, а каб ведала, дык не сказала б. Гэта справа дзяржаўная. Як дзяржава робіць, так і трэба.

— Дзяржава робіць? — абурана перапытаў Кірыла. — А вы што робіце ў сваім сельсавеце? Для чаго вы там? Каб сумленных людзей злачынцамі рабіць? І з якога гэта часу ў гаспадарцы сталі лішнімі карова ды конь?

Ён не стаў чакаць адказу і працягваць гаворку, а сцебануў каня і паехаў дадому. У свядомасці ягонай закралася здагадка, ці не Марфіных гэта рук справа? Казалі ж людзі, што некалі Гардзей да яе заляцаўся. Невядома, што між імі было, а вось чамусьці, мусіць, трымае яна злосць на Гардзея да гэтага, вось і помсціць ягонай сям’і. Цяпер яна ў сялянскім камітэце. Там яны, самахоць, каб за што-небудзь адпомсціць, сябе паказаць, да чаго хочаш могуць дадумацца, якія заўгодна спісы складуць. Эх, людзі, людзі! За ўсё ж давядзецца адказваць перад сваім сумленнем і перад Богам!

Дома Кірылу нецярпліва чакалі дачка і брат, хваляваліся, бо ўжо нямала каго з вяскоўцаў абвясцілі кулакамі і гразіліся вывезці немаведама куды.

— Ну, што табе сказалі? — спытаў Карп.

— Паабяцалі, што разбяруцца, — адказаў Кірыла, стараючыся не паказваць трывогі, і дадаў: — Я ўсё думаю, хто ж гэта мог мяне ўнесці ў спіс? Гэта ж нехта з нашых людзей. Жабінкаўскае начальства мяне не ведае.

— Вядома, нехта з нашых, — пацвердзіў Карп. — Запісалі адзін раз, яшчэ колькі хочаш разоў запішуць.

— А можа, і ўсё будзе добра, — сказала Зося і абурылася, — як людзі граху не баяцца?

— Яны ж бязбожнікі, — адказаў Карп.

— Звычайна людзей арыштоўваюць і забіраюць па начах. Баюся, што прыйдуць па мяне, а заадно і Зосю з малым схопяць, — сумна сказаў Кірыла. — Для мяне гэта будзе двайная пакута. Можа, трэба было б ёй пажыць дзе ў каго? Мо да Паўліны пойдзеш, дачка, га?

— Да Паўліны не пайду, — цвёрда адказала Зося. — Лепш з табою.

— Са мною табе нельга. Вернецца Гардзей, а цябе няма. Сыну бацька трэба, — Кірыла з пяшчотаю зірнуў на ўнука, які бавіўся на запечку.

— Няхай Зося з сынам начуюць у нас, яна ж нам не чужая, — прапанаваў Карп. — Ці згодная, Зося?

— Згодная, але бацьку шкада. Як ён тут адзін?

— Дык ты ж цэлы дзень будзеш дома, толькі начавацьмеш у нас. Што тут такога? Раней жа ты ад усялякіх нягодаў у нас хавалася.

— Было, было, — цёпла ўсміхнулася Зося, згадаўшы далёкае юнацтва і тыя свае мітрэнгі, калі яна шукала смерці, нават хацела ўтапіцца.

— Дык і прыходзь сёння ж, будзем чакаць. Можаце нанач і карову з канём у мяне ставіць.

— А калі і па цябе прыйдуць? — выказаў сумненне Кірыла.

— Пакуль я лічуся серадняком. А на цябе кулацкі падатак усклалі, гэта як першае папярэджанне, — адказаў Карп.

Кірыла цяжка ўздыхнуў, памаўчаў, потым узняў вочы на дачку, сказаў:

— Як ехаў з Жабінкі, сустрэў Марфу. Нейкая яна злосная. Мо ты, Зося, з ёю пасварылася за што?

— Не сварылася я з ёю і не мірылася. Яна, па ўсім відаць, на Гардзея зуб мае.

— Няўжо яна магла? — здзівіўся Карп.

— Чаму б і не? Яна ж цяпер начальства, у сялянскі камітэт уваходзіць.

— Дык і наш Серафім там жа, — нагадала Зося.

— А што той Серафім? Ён як цяля дурное. Трымаюць яго там для прыліку, — сказаў Карп. — Бач якая гадаўка! Нічога, гэта ёй бокам вылезе.

«Вось што надумала Марфа, мяне з бацькам выслаць у Сібір, каб з Гар­дзеем застацца, — разгневана падумала Зося. — А куды яна свайго Якуба падзене? Ці пры камунізме і мужы будуць агульныя? Не дачакаецца. Гардзей мой! Нікому яго не аддам! Што ад зайздрасці з ёю робіцца! Але Бог усё бачыць!»

8

Кірылу забралі цёмнай снежаньскай ноччу. Як гэта здарылася, на Карпавым хутары не чулі і не бачылі. На снезе каля Кірылавай хаты засталіся сляды ад санных палазоў, якія вялі да Крачкаў, напэўна, павезлі яго спярша ў Жабінку. Калі ранічкай Зося, як звычайна, прыйшла дамоў, у хаце ўсё было перавернута дагары нагамі. Канфіскавалі швейную машынку, выграблі ўсё аддзенне са скрыні, а таксама забралі сала з кубла і кумпякі з вышак. Нават курэй пералавілі ўсіх да адной. У куратніку толькі там-сям бялела выскубанае пер’е. Зося аглядала гаспадарку, галасіла і праклінала. Напэўна, рабавалі свае аднавяскоўцы, якія ведалі, дзе што можа ляжаць у сялянскай хаце.

— Каб вы сваёй крыві напіліся! Каб вам век долі не было! Каб вы падавіліся нашым дабром! — Зося крычала на ўвесь голас, выціраючы слёзы, хацела каб увесь свет пачуў яе.

Следам хадзіў маленькі Ораст і з перапалоху таксама паціху румзаў. Зося было ўзялася парадкаваць хату, а потым спахапілася, што, магчыма, бацьку яшчэ можна заспець у Жабінцы, бо ведала: людзей, якіх высылалі, часам па некалькі сутак трымалі на вакзале. Яна пабегла да Карпа, каб расказаць пра страшную навіну ды разам падумаць, што рабіць далей.

Карп, не раздумваючы, запрог каня і пад ціхі плач і божканні жонкі, якая прынесла ў сані вялізную торбу з харчамі для Кірылы, выехаў з Зосяй з двара. Свежы сняжок злёгку прыцерушыў дарогу. Сані беглі лёгка. Пад ранішнім сонцам снег гарэў, іскрыўся дыяментамі. Такое прывіднае хараство, ажно глядзець балюча. Зося жмурыла вочы і думала пра тое, што варта ўзяць у руку зіхоткую сняжынку — адразу растане, застанецца на далоні расінка. Вось так і ў жыцці зіхціць нешта, грае, свеціцца, а толькі дацягнешся рукою — і гэта хараство знікае, раствараецца, працякае праз пальцы, як вада. Выходзіла замуж за Гардзея, думала, што век будзе шчаслівая, але злыя людзі ўкралі шчасце.

Хоць перон быў чорны і затаптаны мноствам слядоў, на вакзале было нязвыкла пуста, не так, як тады, калі Зося ехала з Гардзеем у Баранавічы. «Напэўна, ужо з усімі разабраліся, каго ў Сібір, каго ў турму, — змрочна падумала Зося. — Было дрэнна, і цяпер не лепш».

— Напэўна, спазніліся мы, — сказаў дзядзька Карп. — Пасядзі ў санях, а я пайду спытаю на вакзале ў начальства, ці вывозілі сёння каго.

Зося засталася адна ў санях, ямчэй села, ухутала ногі сенам, каб не мерзлі, назірала за зграяй вераб’ёў, якія са звонкім шчабятаннем нешта знаходзілі і дзяўблі на брудным снезе перона.

«Добра птушкам, — падумала Зося, — няма ў іх маёмасці, няма крыўды, лётай і радуйся жыццю. Адзіныя ўладары ў іх — ноч ды дзень, дождж ды вецер. Людзям бы ў іх павучыцца жыць».

Раптам два вераб’і не падзялілі нешта, пачалі голасна ціўкаць, налятаць адзін на аднаго, дзяўбціся. Іншыя вераб’і таксама ўстурбавана заціўкалі, чародка ўзнялася і пераляцела на дрэва. Але і тут два задзірыстыя вераб’і ўсё працягвалі нешта даводзіць адзін аднаму. Зноў заціўкала ўся чарада і паляцела некуды за вакзал.

«У птушак таксама няма ладу, — расчаравана падумала Зося. — Што ім дзяліць? Нейкую крошку? Дык чаго чакаць ад людзей, калі вочы ў іх сквапныя, душы пажадлівыя, здаецца, праглынулі б увесь свет. А ці шмат трэба чалавеку для шчасця? Толькі была б родная душа побач, якую ты любіш, кахаеш, без якой і жыцця свайго не ўяўляеш. Бедны мой бацька, як ён перажыве дарогу? Як наогул выжыве? Стары ўжо чалавек, стомлены жыццём, не надта здаровы. Як там мой Гардзей? Хоць бы з ім чаго дрэннага не здарылася. Ён часам бывае такі адкрыты. Што думае, тое і скажа, а людзі гэтага не любяць, не разумеюць».

Вярнуўся Карп, агледзеў вупраж, падаткнуў сена, што выбілася праз драбіны.

— Ну што, дзядзька? — спытала Зося.

— Спазніліся мы. І зусім на мала. Начальнік вакзала сказаў, што эшалон адправіўся паўгадзіны таму.

Зося роспачна заплакала, размазваючы слёзы па твары.

— Годзе, годзе плакаць. Будзем спадзявацца, што Кірыла вернецца. Без веры жыць нельга. А будзеш плакаць, у яго толькі душа будзе балець.

— Добра, я не буду плакаць. Сёння ж вярнуся дамоў. Няхай прыходзяць і забіраюць мяне. Усё з хаты згрэблі! Ні сумлення, ні сэрца ў іх няма! Не разбагацеюць яны, нават калі душу маю забяруць. Пачвары, гіцлі, нелюдзі!

— Што ж, вяртайся. Думаю, што цябе пакуль чапаць не будуць. Кірыла за ўсіх адпакутуе. Не плач, не бядуй. Можа, бацька хутка ліст прышле.

— Адна я засталася! Муж у псіхушцы. Невядома, што і як там ён. Ці выжыве? Бацьку таксама вывезлі на катаргу. Што ж мне цяпер.

— Табе трэба сына гадаваць ды сябе шанаваць, — спакойна адказаў Карп, усаджваючыся на сані і паганяючы каня. — Бог на тое нам і пасылае выпрабаванні, каб мы не толькі іх перамагалі, але і гартавалі сваю душу.

У той жа дзень Зося вярнулася ў бацькаву хату, прыбрала раскіданыя рэчы, вымыла, адшаравала дзеркачом падлогу, каб і духу злых прыхадняў не засталося. Ораст быў на дзіва паслухмяны, стараўся дапамагаць маці. Калі ўсё было зроблена, яна прытуліла да сябе сына, пацалавала ў лоб і падумала: «Будзем неяк жыць далей.»

9

Зося прала кудзелю. Не надта тонкія ніткі ў яе атрымліваліся, але спатрэбяцца хоць на якую посцілку. Кожная рэч, якая выкарыстоўваецца ў хатнім пажытку, каштуе грошай. А дзе іх набрацца? Побач гартаў Каціну кніжку Ораст. Чытаць ён яшчэ не ўмеў, але ведаў асобныя літары, называў іх час ад часу ды разглядваў малюнкі, нешта тлумачыў маці, а яна нічога не чула. Дума­ла пра бацьку ды пра мужа. Як яны? Дзе? Ці здаровыя? Ці жывыя? Да Гардзея яна не магла паехаць, бо ведала, што далей Баранавіч яе не пусцяць. Для таго, каб паехаць у Савецкую Беларусь патрэбен быў нейкі асаблівы дазвол.

У пачатку восені з псіхбальніцы за подпісам галоўнага ўрача прыйшоў кароткі ліст, у якім паведамлялася, што яе муж знаходзіцца на лячэнні, а таксама прасілі выслаць для яго цёплае адзенне. Тады Зося і паслала пасылку. Колькі яшчэ збіраліся яго лячыць, заставалася невядомым. Суцяшала тое, што жывы і на сваіх нагах, напэўна, выходзіць на вуліцу, калі спатрэбілася цёплае адзенне.

Хоць Зося была занятая справай, але краем вока заўважыла, што за акном мільгануў цень і падумала, што прыйшоў дзядзька Карп.

Чалавек патупаў на ганку, атрасаючы снег, увайшоў у сенцы, пашкрабаў па сцяне ў цемры, знайшоў клямку, дзверы адчыніліся, і на парозе ўзнік. Гардзей.

— Ораст, наш татка прыехаў! — радасна ўскрыкнула Зося і кінулася да мужа.

Ён, нібы чужы, адступіў ад яе, захінаючыся рукою, угледзеўся ў твар, быццам спрабуючы згадаць, хто такая, нарэшце зняў шапку, агаліў астрыжаную нагола галаву, стала бачна, як змарнеў ягоны твар, сказаў:

— Добрага здароўя.

— Божа мой, добра, што хоць ты вярнуўся. Я ўжо не ведала, што і думаць. Бацьку некуды звезлі, ад цябе ніякіх вестак, — разгублена сказала Зося.

— Хто звёз?

— Тыя, што раскулачваюць. Я з Орастам у тую ноч начавала ў дзядзькі, прыйшла раніцаю, а тут такі вэрхал, што за галаву схапілася. Усё лепшае вынеслі гэтыя сельсаветчыкі. Добра, што карову ды каня ў Карпа схавалі.

— Ты думаеш, што гэта яны?

— А хто ж яшчэ? Каб іх яма пазавальвала! Каб яны нашым дабром падавіліся!

— І хто ж там, у сельсавеце?

— Хапае навалачы рознай. Наш Серафім нават туды прабіўся. Марфа, гэтая лярва паскудная, каб ёй дабра не было. Хіба ты не помніш?

— Мала што помню. Прабач. Я яшчэ не вельмі здаровы. А каня таксама забралі?

— Не, каня мы схавалі ў Карпа. Ай што ж гэта я? Ты ж здарожыўся. Распранайся, зараз пакармлю цябе, — спахапілася Зося.

Гардзей павесіў паліто на крук каля парога, сеў каля стала, паглядзеў на Ораста, прыгладзіў рукою грыўку сыну, спытаў:

— Ты ўжо кніжкі чытаеш?

— Не, я цытаць не ўмею.

— Нічога, я цябе навучу, — упершыню за ўвесь час Гардзей усміхнуўся.

Зося пачала бразгаць посудам ля печы. Гардзей нервова скрывіўся, быццам кожны гук працінаў яго болем. Ён папрасіў:

— Дай мне піць.

Зося зачэрпнула кубак вады з вядра, што стаяла на лаве каля парога, паднесла мужу. Ён панюхаў, паспытаў ваду і адставіў убок. Зося здагадалася: усё яшчэ баіцца атруты. Каб разупэўніць мужа, сказала:

— Вада ў нас смачная, табе заўсёды падабалася.

— А ты можаш быць упэўненая, што яе не атруцілі? Дарэчы, дзе Пух з Валошчыкам?

— У Берасці, мусіць. Прынамсі, мне ў Крачках на вочы яны не трапляліся.

— Нічога, яшчэ трапяцца.

Зося наліла ў міску капусты, паставіла перад мужам. У другую міску паклала прасяную кашу.

— Прабач за сціплы абед, хоць заўсёды чакала цябе, але не адчула той дзень, калі ты можаш з’явіцца, — сказала яна, сапраўды шкадуючы, што не зварыла чаго смачнейшага.

Гардзей нічога не адказаў, доўга прынюхваўся да капусты і кашы, з’еў зусім мала. Потым сядзеў за сталом і доўга маўчаў.

— Хоць раскажы што-небудзь, як табе там былося? — папрасіла Зося. — Ты вельмі схуднеў. Дрэнна кармілі?

— Не пытайся, я нічога не помню, а што і помню згадваць не жадаю. Прыбяры са стала.

— Можа, табе сальца прынесці салёненькага?

— Не кажы больш пра ежу.

Зося хоць і бачыла, што Гардзею цяжка, але не магла маўчаць, душа яе поўнілася радасцю. Хацелася прытуліцца да мужа, абняць яго моцна, але не адважвалася першаю выявіць пяшчоту ды і сына саромелася. Ужо ж вялікі хлопчык, усё разумее.

— Гардзейка, табе ж абмыцца трэба з дарогі. Я дастану чыгун гарачай вады, налью ў балею.

— Налі, — азваўся муж.

Зося замітусілася, рыхтуючы яму чыстую бялізну і ручнік, ставячы балею пасярод хаты. Ораст з цікавасцю назіраў за тым, што адбывалася. Гардзей распрануўся, улез у балею ў сподніх нагавіцах, сеў, плёхнуў сабе на грудзі вады. Было відно, што яму не хочацца нават рукамі варушыць.

«Зусім знясілеў чалавек, — падумала Зося, пазіраючы на ягоную схуднелую спіну, на якой рэзка вымалёўваўся хрыбет. — Такі спраўны быў мужчына. Нічога, адкармлю яго, абы здароўе трохі наладзілася».

— Давай я табе спіну пашарую, — прапанавала Зося.

— Ну, пашаруй, — адказаў ён вяла.

— Ах ты мой вандроўнічак, зараз мы змыем з цябе стому і нягоды, — ска­зала Зося закасваючы рукавы.

Яна пяшчотна правяла рукою па Гардзеевай спіне і адчула як маладая колішняя жарсць напоўніла яе цела, забруілася, запульсавала ў жылах. Яна нахілілася да мужа і прашаптала яму на вуха:

— Як жа я засумавала па табе!

Ён нічога не адказаў, сядзеў абыякавы і стомлены, на твары чыталася незадаволенасць, быццам ён хацеў, каб гэтае мыццё хутчэй скончылася.

— Нічога, Гардзейка, нічога! Усе няшчасці і хваробы аднойчы мінаюць. Адкармлю я цябе — падужэеш, дык і жыццё да лепшага пераменіцца.

— Годзе мыцца. Затулі мяне якою посцілкаю, я апрануся ў чыстую бялізну.

«Бач які сарамлівы стаў! А мо ён і не здагадваецца, хто я такая? Халера яго ведае, што з ім зрабілася. Быццам падмянілі мужыка», — з крыўдаю падумала Зося і сказала, хаваючы сваё расчараванне:

— Можа, адпачнеш з дарогі? Вунь ужо і змяркаецца. Я пайду карову падаю, пакармлю свінчо і курэй, ды і ляжам спаць раней. Чаго нам дарма газу паліць?

Гардзей паглядзеў у акно і кіўнуў галавою ў знак згоды. Зося падышла да запечка, пачала слаць пасцель, Гардзей спыніў яе:

— Мне пасцялі на лаве.

— Чаму? — здзівілася Зося.

— Хлопец ужо вялікі. І мне нельга хвалявацца. Гэтак доктар сказаў.

— Добра, — з гатоўнасцю адказала Зося.

Яна паслала мужу на лаве, сыну сказала, каб лез на печ, бавіўся там і не замінаў бацьку адпачываць. Гардзей лёг на лаве. Зося накрыла яго посцілкаю, а зверху яшчэ і кажухом, сказала ласкава:

— Адпачывай, сонца маё, яшчэ нагаворымся. У нас цэлае жыццё наперадзе.

Ён заплюшчыў вочы. Потым Зося, калі ўпраўлялася па гаспадарцы і па справе забягала ў хату, усё кідала хуткія позіркі ў бок мужа, але ён адвярнуўся да сцяны і ягонага твару яна не бачыла. Душа Зосіна спявала, цвіла, радавалася вяртанню Гардзея, спадзявалася на шчаслівы працяг. Цяпер і сын будзе пры бацьку. Напэўна, ж Гардзей не паедзе больш у Берасце да той палячкі, якая так прыгрэлася каля яго, што ледзь назусім не прывязала. Зося ўявіла, як яны будуць разам сядзець доўгімі піліпаўскімі вечарамі, размаўляць, цешыцца сынам і проста па-чалавечы жыць. Каб яшчэ бацька вярнуўся ды ад Каці атрымаць хоць які ліст. Дзе яна, небарачка? Няўжо паехала ў Індыю? Ды не варта журыцца, аплакваць жывых людзей. Няхай Бог беражэ бацьку і сястру, дзе б яны ні былі. Трэба жывіцца і той радасці, якая здарылася сёння.

10

Неўзабаве Зося атрымала ліст ад незнаёмага чалавека. Нейкі Панас Халімонавіч Дзямчук пісаў, што Барэйша Кірыла Іпатавіч памёр па дарозе на Калыму. Рукі яе затрэсліся ад хвалявання, сэрца закалацілася, вусны скрывіліся ад плачу. Яна кінулася да Гардзей з пытаннем:

— Ці можна гэтаму верыць?

Муж прабег вачамі кароткі тэкст напісаны непісьменна і сказаў:

— Мусіць, трэба верыць. Дзякуй гэтаму чалавеку, што здагадаўся напісаць, а то б мы і не ведалі нічога.

— Божа, дзе ж ён пахаваны? Гэта ж і на магілку не сходзіш, — сказала Зося і загаласіла: — Татачка мой родненькі, навошта ж ты ад нас пайшоў, навошта пакінуў нас?

— Не плач, не палохай сына, — спыніў яе Гардзей.

— А што мне рабіць? Якой рады шукаць?

— Няма праўды на свеце. Нічога ты не знойдзеш. Не рві дарма сэрца.

— Пайду да Серафіма. Можа, ён што ведае, камітэтчык жа.

— А ты не падумала, што, можа, гэта Серафім і дапамог свайму роднаму дзядзьку Кірылу выправіцца ў свой апошні шлях?

— Серафім? За што? Мой бацька ставіўся да яго як да роднага сына!

— Гэта табе так здаецца, а ён, можа, адчуваў і разум еў усё па-іншаму. Хто ведае? Можа, яму здавалася, што абдзялілі яго, абышлі ласкаю. Адсюль крыўды і жаданне адпомсціць.

— Вось пра гэта я ў яго і спытаю.

Зося ішла да Серафіма і згадвала бацьку. То ён прыходзіў ёй на памяць лагодны за святочным сталом, то самаадданы ў працы, то разважлівы ў асяродку мужчын. Непрыемны сустрэчны вецер холадам калоў твар, забіваў дыханне. Яна размахвала рукамі, час ад часу папраўляючы хустку, ішла памужчынску шырокім крокам. Снег рыпеў пад нагамі, нібы просячы патолі. А яна думала пра тое, што жыццё раструшчыла яе сям’ю, разнесла па свеце. І тут жа папракнула сябе, што таемна радавалася, калі Каця ад’язджала ў Амерыку, а цяпер сэрца баліць за сястру і грызе дакор за сваю несправядлівасць.

Серафім і Надзя былі дома. Сустрэлі яны Зосю не надта ветліва. Серафім ніколі не выказваў да Зосі асаблівай прыязнасці, ён наогул быў чалавекам занадта замкнёным. Надзя трымала даўнюю крыўду на Кірылавых дачок за тое, што яны дрэнна ставіліся да яе, калі яна маладзенькая выйшла замуж за Серафіма, жыла ў іхняй хаце і баялася нават слова сказаць ім супраць. Цяпер яна пасталела і паразумнела і, напэўна, змагла б сябе абараніць.

Зося павіталася і спытала Серафіма:

— Скажы мне, брат, хто гэта залічыў майго бацьку ў кулакі?

— Адкуль мне ведаць? — напускаючы на сябе абыякавасць, адказаў Серафім.

— Ты ж камітэтчык.

— Там ёсць каму без мяне займацца гэтаю справаю.

— Чаму ж ты не папярэдзіў нас, што яго чакае?

— Я нічога не ведаў.

— Нявіннага чалавека паслаць на смерць! Гэта ж вялікі грэх, Серафім. Якое там у нас багацце?

— Якое багацце, пытаеш? Маю ўрадлівую зямлю дзядзькі сабе прысвоілі, а мне прыкупілі пясок! Гэта ж была мая спадчына, што ад бацькоў мне дасталася! Пакрыўдзіць сірату — ці не грэх? Родныя дзядзькі Кірыла і Карп майго бацьку на катаргу адправілі, а самі трымалі мяне, як сабаку, на хлебе і вадзе, адно толькі падганялі: зрабі тое, зрабі гэта.

— Як ты можаш такое казаць? Усе ж мы працуем на гаспадарцы ад рання да змяркання! Ніхто цябе не крыўдзіў! Грэх табе!

— А з мяне колькі здзекаваліся! І спадніцу не туды павесіла, і міску не так паставіла, і не тое зварыла, і зашмат з’ела! А я ж цяжарная была, мне есці за трох хацелася! — з крыўдаю ў голасе сказала Надзя, ажно слёзы на вочы навярнуліся.

Зося паглядзела на Серафіма і Надзю, сустрэлася з іх варожымі позіркамі і сказала:

— Няўжо ты, Серафім, помсціў роднаму дзядзьку за тое, што жыў у яго­най сям’і, з адной міскі еў, разам працаваў на полі? Няўжо ж ты такі дурны?

— Гэта яшчэ трэба паглядзець, хто з нас дурнейшы, — злосна адказаў Серафім.

— Радуйся, брат, твой дзядзька памёр па дарозе на катаргу. Радуйся! Але помні, што і цябе аднойчы можа напаткаць такая ж ганьба і такая ж смерць!

Зося адчула, што вочы яе набрыняюць слязамі і рынулася да дзвярэй. Яна выйшла на мароз, на вецер, акінула позіркам белую прастору, акрэсленую чорнай сцяною лесу, што падступаў да самага агарода, выцерла слёзы і рушыла ў зваротны шлях, гнеўна думаючы пра няўдзячнасць Серафіма: «Як ён не разумее, што ў той час, калі яны вярнуліся з бежанцаў, усім было цяжка. Не было ні грошай, ні ежы, ніякага жытла. Першую зіму перабіваліся аўсом ды гарохам, што даў дзядзька Карп, вясну і лета да першага ўмалоту пратрымаліся лебядою ды шчаўем. А колькі сілы каштавала бацьку аднавіць хату, абжыцца гаспадаркаю? І такая смерць! У дарозе, недзе пахавалі пад першым карчом! Доля мая, доля! Не ведаю, дзе магіла мамы, дзе магіла таты! Хоць бы пайшла параілася з імі, памаўчала, даравання папрасіла, магілку прыбрала б, прывяла б да яе сына, каб ведаў, дзе ляжаць ягоныя дзед з бабаю. Разнесла, развеяла нас па свеце, як насенне дзьмухаўца!»

Зося вырашыла не расказваць Гардзею пра тое, як яе сустрэў дваюрадны брат, каб не хваляваць дарма мужа. Ён і так дзень пры дні ходзіць нейкі ўнураны. Усё валіцца з ягоных з рук. Чытае Біблію, нешта запісвае, думае. Зосі і карціць пачытаць, што ён там піша, але без акуляраў яна дрэнна бачыць, а набыць іх і насіць саромеецца, нязвыкла гэта ў вёсцы. Будуць казаць, што сляпая.

На жаль, усё атрымалася не так, як таго жадала Зося.

— Што сказаў Серафім? — спытаў Гардзей, як толькі Зося пераступіла парог сваёй хаты.

— Ён нічога не ведае.

— Дзіўна. А як ён наогул паставіўся да цябе?

Зося хоць і не хацела нічога расказваць, аднак жа вырвалася ў яе, што крыўдуе брат на дзядзьку.

— Вось у гэтым уся прычына. Вырашыў адпомсціць дзядзьку! — зрабіў выснову Гардзей. — Што ж будзе і яму аднойчы адплата.

— Пра што ты, Гардзей? — устрывожана спытала Зося.

— Ні пра што. За грахі, кажу, кожнаму давядзецца адказваць.

Да Зосі падышоў Ораст, папрасіў:

— Мама, я малака хачу.

— Ах ты мой маленькі, чаму ж ты ў таты не папрасіў?

— Баяўся.

— Тата добры. Ён цябе любіць.

— Не, не любіць. Абяцаў навучыць цытаць, а ніцога не паказвае, толькі сам усё цытае і цытае.

Гардзей падхапіў сына на рукі, усміхнуўся і сказаў:

— Прабач, я зусім забыўся пра сваё абяцанне. Зараз жа будзем займацца тваёй адукацыяй.

— Цым? — перапытаў малы.

— Чым трэба. Ідзі, папі малачка, падмацуйся, і пачнём займацца, — адказаў Гардзей і правёў сына цёплым позіркам.

11

Гардзей адчуваў сябе блага, галава была цяжкая, звон у вушах не даваў спакою. Хоць клаліся спаць рана, ён паўночы пакутаваў ад таго, што не мог заснуць, а пасля абуджэння доўга нерухома ляжаў з заплюшчанымі вачамі. Не хацелася варушыцца, уставаць, што-небудзь рабіць па гаспадарцы. Зося ля печы з ранку грымела кухонным прычындаллем, але мужа не турбавала. Гардзеева душа хвалявалася, нечага чакала, на нешта спадзявалася, прасіла нейкага зруху і аднойчы ён наважыўся паехаць у Берасце, паглядзець, як жыве горад, як пачуваюць сябе людзі і такім чынам паспрабаваць вярнуць сябе да жыцця. Не пакідала жаданне сустрэцца з Пухам і Валошчыкам, каб спытаць у іх, за што яны яго ледзь не адправілі на той свет.

Марозным ранкам Гардзей прачнуўся яшчэ да ўзыходу сонца, пагаліўся, паснедаў, апрануў святочны гарнітур, пайшоў запрагаць каня. Зося выйшла за ім, занепакоена спытала:

— Куды ты сабраўся?

— У Берасце.

— Вазьмі мяне з сынам.

— Прастудзім малога. Бачыш, які мароз.

— А ты са сваім здароўем як паедзеш? Можа, лепш цягніком?

— Нічога, у сена закапаюся і праедуся, развеюся трохі. Заседзеўся я дома.

Зося пастаяла, паназірала за ім, спытала:

— Нанач чакаць?

— Збіраюся вярнуцца. Хіба толькі што.

— Не шукай Пуха, малю цябе, ён пры ўладзе.

— Не вучы мяне, сам ведаю, што рабіць, — раздражнёна адказаў Гардзей.

— На табе пару рублёў. Без грошай у горадзе няма чаго рабіць, а польскія грошы не бяруць.

Гардзей узяў каляровыя паперкі, разгледзеў герб з сярпом і молатам, прачытаў «Казначейский билет СССР», схаваў грошы ў кішэню, спытаў у жонкі:

— Савецкія грошы. Дзе ты іх узяла?

— Вазіла на рынак у Жабінку яйкі, масла і сыр, прадала, і вось. Едзь з Богам. Мы будзем цябе чакаць.

Яна яшчэ хацела папрасіць Гардзея, каб ён не наведваў гаспадыню, у якой жыў на кватэры, але стрымалася, баялася ўгнявіць мужа. Ён накінуў на плечы паверх паліто кажух, ухутаў ногі ў сена, тузануў за лейцы і выехаў з двара. Рахманы конь, які застаяўся ў стайні, бадзёра рушыў з месца. Ад хуткай язды Гардзей расчырванеўся, адчуў прыліў сілы, быццам да яго вярнуўся далёкі паўзабыты час маладосці. Старыя ліпы каля шляху, дзе звычайна збіралася летам моладзь на вячоркі, заінелі, стаялі, дзівосна аздобленыя белымі карункамі.

Насустрач ішла маладзіца ў квяцістай хустцы, у абшарпаным кажушку. Гардзей пазнаў Марфу, яна нешта крыкнула яму ўслед. Але ён не спыніўся, каб перакінуцца словам. Не хацелася псаваць такі прыгожы дзень. За Крачкамі пацягнуўся стары лес. Заінелыя елкі і сосны стаялі нерухома, быццам баяліся разбурыць свае дзівосныя строі са снегу і інею. Даўно Гардзей не бачыў гэтае прыгажосці, якая ачышчае душу, наталяе сэрца хараством, дае адхланне вачам. На галіне сасны заўважыў цікаўную і спрытную вавёрку. Заўсміхаўся, ціха прысвіснуў па-птушынаму, каб не напалохаць звярка, а толькі прымусіць насцярожыцца. Вавёрка ў імгненне скокнула на іншую сасну і знікла з вачэй. На снезе было мноства слядоў, птушыных і звярыных. Ды і дарога была добра ўбітая, адшліфаваная палазамі. Людзі варушацца, некуды ездзяць, нешта робяць, турбуюцца, жыццё цячэ сваёю плынню, а Гардзей быццам сышоў са шляху, разгубіўся, не ведаў, чым і як жыць. Зараз ён падумаў, як было б добра перасяліцца ў якую-небудзь пушчанскую мясцовасць, дзе тыднямі чалавека не пабачыш, і пажыць там сам-насам з лесам, з птушкамі і звярамі, завесці пасеку, вялікую гаспадарку і раптам спахапіўся, што цяпер не той час, каб працаваць на сябе, цяпер іншая дзяржава, якая вымагае працы найперш на яе.

Мінуўшы яшчэ дзве вёскі Косічы і Вычулкі, выехаў Гардзей на шырокі шлях, абапал якога цягнулася балота, дзе нават і цяпер з-пад снегу тырчалі няўклюдныя пні ад гнілых дрэў і купіны, парослыя шорсткаю асакою. Аднак і на гэтую заснежаную прастору было прыемна глядзець. Нешта ёсць у нашай прыродзе гаючае, свежае, што супакойвае і дае сілу, акрыляе душу добрымі спадзяваннямі..

Калі Гардзей пад’ехаў на кані да гарадскога рынку, каб наведаць старога знаёмага яўрэя з бойні, аказалася, што бойня замкнёна. Гардзей прывязаў каня каля чайной, а сам вырашыў прайсціся да бліжэйшай аптэкі, каб купіць валяр’янкі. Сярод гараджан часта сустракаліся вайскоўцы, нават шмат хто з цывільных людзей былі апрануты ў шынялі. Сімпатычная паненка ў пухнатым футры спынілася перад Гардзеем, усмешліва павіталася.

— Панна Эвеліна! Вачам сваім не веру! — усклікнуў ён узрадавана, пазнаўшы Мікуліну Антольку, зямлячку, якая раней працавала ў публічным доме. — Толькі цябе і згадваю з найбольшаю асалодаю, калі вяртаюся думкамі ў мінулае.

— Цяпер не Эвеліна, а таварыш Антаніна, — загадкава прашаптала яна.

— Цябе хоць як назаві, ты ўсё роўна аднолькава прыгожая, — пачаў па звычцы асыпаць яе кампліментамі Гардзей. — Дзе ты, як ты?

— Добра. Муж працуе ў аблвыканкаме, нядаўна атрымалі новую кватэру, прыемны такі дамок у раёне парку. Я таксама працую ў ціхай канцылярыі. Адно дрэнна: муж занадта раўнівы. Зверам рыкае, як на мяне хто паглядзіць, баіцца, каб які прайдзісвет не спакусіў мяне, цнатлівую, — яна звонка засмяялася, агаліўшы роўны рад белых зубоў з двума залатымі каронкамі.

— А дзе ж ты зубы згубіла?

— Гэта ж цяпер мода такая, — патлумачыла яна. — Пайду, мне на працу трэба. Выйшла трохі падыхаць. Ці ведаеш, цяжкавата мне даецца гэтая служ­ба, паперы, пыл. Не звыкла я да гэтага.

— А што ў горадзе чуваць і наогул. Ты ж каля начальства блізка.

Антолька пацягнулася да яго вуха і прашаптала:

— Кажуць, што вайна будзе. Але калі, невядома. Некаторыя ўжо цяпер запасаюцца соллю ды запалкамі.

— А твой што кажа? — зацікаўлена спытаў Гардзей.

— Мой такі дуб! Ён нікому не верыць, толькі Сталіну. Кажа, калі і будзе вайна, дык гэта мы першыя пойдзем рабіць сусветную рэвалюцыю! Ну і няхай кажа, што хоча! Якая мне розніца, у што ён верыць, абы зарплату аддаваў! — яна зноў засмяялася.

— Малайчына, таварыш Антаніна. Шчаслівы быў бачыць, — Гардзей узмахнуў на развітанне рукою і пайшоў у аптэку.

Аптэка з прыгожымі вокнамі ў выглядзе арак, пафарбаваная ў жоўты колер, стаяла на рагу вуліцы. Псавалі фасад толькі выбоіны. У пачатку верасня трыццаць дзявятага года тут упала бомба і пасекла асколкамі сцены. Раней тут пакупнікоў абслугоўвала старая лагодная яўрэйка, цяпер працавала маладая дзяўчына з тоўстаю чорнаю касою, у белым халаце, сур’ёзная і нешматслоўная. Яна падала Гардзею маленькую пляшачку валяр’янкі. Ён павярнуўся, каб ісці, і тут яму на вочы трапіў партрэт Сталіна. Вочы правадыра падазрона глядзелі на наведвальнікаў аптэкі, быццам пыталіся: «Хто такі? Ці не вораг народа?»

Вестка пра вайну ўстрывожыла Гардзея. Калі пра яе гаворыць начальства, пэўна, яна не за гарамі. Немцы побач, за Бугам! Ён падумаў, што трэба купіць якіх газет. Пачытаць, хоць хто там праўду напіша?

З гэтымі думкамі ён забег да гаспадыні, дзе да хваробы кватараваў. Пані Ванда кінулася да яго ў абдымкі з вільготнымі пацалункамі, прыгаворваючы:

— Муй каханы! Муй каханы пшыехаў!

Ён паглядзеў у яе прыкметна пастарэлы твар, развёў пульхныя рукі, якія абшчаперылі ягоную шыю, і сказаў:

— Я прыйшоў забраць рэчы.

— Застанься нанач, — папрасіла яна. — Мне столькі трэба табе расказаць!

Ягоны позірк прабег па яе зморшчанай шыі. Ён з агідай і здзіўлена падумаў, ці не праз чараўніцтва раней прываблівала яго гэтая кабета. Узяў пад паху некалькі сваіх кніг, нешта з адзення, кіўнуў на развітанне і хутка выйшаў за дзверы. І толькі на вуліцы ўздыхнуў з палёгкай. Кінуў рэчы ў сані, сцебануў каня, праехаў па вуліцы, шукаючы дзе-якую краму, каб купіць сыну гасцінца за тых пару савецкіх рублёў, што дала Зося. Раней крамаў было процьма, цяпер ледзьве адшукаў абшарпаны будынак, на якім напісана «Магазін №3». Увайшоў у памяшканне і адразу адчуў смярдзючы пах гнілых селядцоў, гаспадарчага мыла і яшчэ нечага непрыемнага. Трое мужчын стаялі ля бочкі з іржавымі абадамі і пілі разліўное піва. Гардзей убачыў прадаўшчыцу ў брудным халаце, прабег вачамі па беднай вітрыне, дзе роўнымі шэрагамі стаялі пляшкі з гарэлкай. З цукерак убачыў толькі падушачкі, папрасіў прадаўшчыцу:

— Зважце калі-ласка дзвесце грамаў цукерак.

Жанчына неўразумела паглядзела на яго, нездаволена перапытала:

— Чаво?

— Падушачак, — Гардзей паказаў пальцам на фанерную скрынку, у якой стаялі падушачкі.

Яна кіўнула галавою, згарнула папяровы пакуначак, усыпала жменю цукерак, паклала на вагі, аддала Гардзею. Ён разлічыўся, атрымаўшы рэшту капейкамі, хацеў ужо выйсці, але заўважыў мужчынскія гарнітуры, падышоў бліжэй, агледзеў іх, неахайна пашытыя, з нейкай вузлаватай, няроўна пафарбаванай тканіны, дрэннай якасці.

— Далучайся да нас. Што ты там мацаеш? — сказаў адзін з мужчын Гардзею.

— Дзякую, другім разам, — адказаў Гардзей і выйшаў.

Пасля таго, як яго атруцілі, Гардзей быў у гэтым упэўнены, цяпер ён асцерагаўся што-небудзь піць з незнаёмымі людзьмі. Ужо сядаючы ў сані, горка падумаў: «Дарма сюды прыязджаў, толькі расчараваўся. І тых, каго хацеў пабачыць, не пабачыў. Нічога, яшчэ сустрэнемся. Бог усё бачыць і разумее. Ды і я буду за сваімі ворагамі сачыць, можа, і прыдумаю, як адпомсціць. Каб даведацца, чым мяне атруцілі, дык, мабыць, прасцей было б знайсці лекі. Ды ці ж яны прызнаюцца.»

12

Настала вясна з заўсёднымі хлебаробскімі клопатамі. Паступова Гардзей уцягнуўся ў працу і, здавалася, што нават хвароба адступіла, часова пакінула яго ў спакоі. Праўда, калі вельмі стамляўся, дык у вушах пачынала звінець, а сэрца ледзь не вылятала з грудзей. І яшчэ турбавала яго тое, што жывучы побач з маладою прыгожаю жонкаю, ён не адчуваў да яе цягі. Блізкасць з ёю палохала яго, як і тая атрута, якую ён, выпіўшы аднойчы, усё баяўся незнарок спажыць зноў і атруціцца насмерць. Яго наогул перасталі цікавіць жанчыны. Згадвалася толькі адна, тая, якую ён некалі бачыў у Варшаве праз агароджу. Яму здавалася, калі б яна была на месцы Зосі, напэўна, ён быў бы шчаслівы. Жонка не разумела ні яго стану, ні болю, ні думак, ні нават слоў. Яна толькі спраўна варочала чыгуны каля печы, завіхалася па гаспадарцы і ў полі і кахала яго па-свойму, але яе пачуцці яго зусім не цікавілі і не хвалявалі. Усё, што ён раней адчуваў да яе, назаўсёды засталося ў незваротным мінулым. Ён пакутаваў ад гэтага, не ведаючы, як растлумачыць такі дзіўны свой стан. Раней жа мог за ўсялякай спадніцай увівацца, карыстацца згаворлівасцю і падатлівасцю маладзіц, перажываў сапраўдную асалоду, а цяпер душа быццам здранцвела.

Калі адсеяліся, наважыўся ён з Зосяю паехаць да доктара і параіцца, як яму жыць далей. Зося засталася ў калідоры, а Гардзей пайшоў у кабінет да псіхіятра. Саромеючыся, блытаючыся, Гардзей расказаў сівому доктару пра сваё атручэнне і праблемы, якія ўзніклі ў выніку яго. Той уважліва выслухаў і сказаў:

— Атручэння магло і не быць. Нешта здарылася з вашаю псіхікаю, якая адключыла пэўны сектар мозгу, таму ў вас адпалі ўсе сексуальныя захапленні і патрэбы.

— Што ж мне рабіць?

Доктар весела пацёр далонь аб далонь, дробна засмяяўся і сказаў:

— Вы ведаеце, а мяне таксама ўжо даўнавата не цягне да жанчын. І я цалкам задаволены. Як гаворыцца, імпатэнцыя — гара з плячэй!

— Жонка ў мяне яшчэ маладая. Зрэшты, яна мне цяпер без патрэбы, думаю, што мог бы з ёю разысціся, але ж сын расце.

— Прывядзіце да мяне сваю жонку, я ёй усё растлумачу.

— Яна тут, у калідоры чакае, — Гардзей узрадавана памкнуўся да дзвярэй.

— Паклічце, паклічце яе, — сказаў доктар. — А гэта вам рэцэпт, папіце мікстурку для супакаення нервовай сістэмы.

Гардзей узяў рэцэпт, адчыніў дзверы, паклікаў Зосю, прапусціў яе ў кабінет, а сам выйшаў у калідор. Хваляванне, сорам, дакука — усе гэтыя пачуцці змяшаліся ў ягонай душы. Аднак сяк-так супакоіўшыся, ён сеў на крэсла, якое стаяла каля дзвярэй, утаропіўся ў акно і напружана чакаў, што скажа яна, Зося, калі выйдзе з кабінета доктара. Цяпер яму згадалася тая першая сустрэча з ёю, калі ён падпаіў яе маладзенькую і наіўную. Бадай, ні адной перамогаю над жанчынамі ён не ганарыўся так, як тою! Бо і сам тады яшчэ быў зусім зялёны! Можа, за тое цяпер нясе пакаранне, што тады сарваў недаспелы яблык? Колькі гэтых яблыкаў было ім сарвана! Ды ці можа быць пакаранне за каханне? А ці было каханне? Хутчэй толькі полымя жарсці бяздумна ахоплівала душу — і тады шукаў, з кім наталіць тую невыносную прагу. Не так важна было, якая будзе дзяўчына — свая вясковая ці з публічнага дома. Ён так жыў, яму гэтае жыццё падабалася, бо забяспечвала незалежнасць, тым больш, што дома яго даглядала старэйшая сястра. Не маючы ўласнай сям’і, яна замяняла яму клапатлівую і чуйную маці. Калі б Зося не нарадзіла сына, напэўна, ён так і халасцякаваў бы да гэтага часу. Але ж, як кажуць, ад лёсу не ўцячэш.

Зося выйшла ад доктара паружавелая, ласкава і прысаромлена зірнула на Гардзея і сказала:

— Паедзем дахаты.

Яна накіравалася да выхада, Гардзей пайшоў следам. Моўчкі селі на воз. Гардзей тузануў за лейцы, развярнуўся, выехаў на правы бок вуліцы. Недзе непадалёку гарлала радыё песню пра тое, што «от избы и до избы зашагали телеграфные столбы». Рэзкія гукі раздражнялі, Гардзей злосна плюнуў у бок і пагнаў каня на Кобрынскі мост. Доўгі і няўклюдны будынак бальніцы застаўся ззаду. Толькі калі ўехалі ў Трышын, назойлівая музыка сціхла, зрабілася спакайней на душы, Гардзей насцярожана азірнуўся на Зосю. Вельмі ж карцела даведацца, што ёй сказаў доктар, і як яна паставілася да таго тлумачэння. Жонка прыглядалася да хат, міма якіх праязджалі, да кветак, што раслі ў гародчыках. Заўважыўшы на сабе Гардзееў позірк, сказала:

— Паглядзі, якія кветкі! Я такія хачу таксама завесці. Мусіць, у нашым сяле ні ў адной гаспадыні такіх няма. Якое хараство!

Гардзей адвярнуўся. Жонка пазбягала гаварыць з ім пра ягонае здароўе. Чаму? Не паверыла доктару? Ці наадварот праніклася праблемаю настолькі, што гатова быць для мужа за маці і сястру? Быць замужам і жыць па-манаску? Гардзей уявіў тую процьму гадоў, якія яму належыць пражыць побач з гэтаю жанчынаю і раптам яму зрабілася страшна той будучыні, якая яго чакала. Ён стаў супакойваць сябе, што не трэба думаць пра благое, інакш хвароба можа вярнуцца, а ён ізноў апынецца ў псіхлячэбніцы, дзе яго будуць прывязваць да ложка і даваць уколы, ад якіх свет робіцца пачварным, а людзі выродлівымі. Хоць навокал красавала лета, была самая яго макаўка, дзень здаваўся Гардзею змрочным і бясколерным. Ягоныя думкі раптам перакрыў Зосін голас, яна ўсё яшчэ нешта казала пра кветкі:

— Каб ведаць, дзе пахаваны бацька, я на ягонай магілцы пасадзіла б розныя кветкі, каб цвілі яны з ранняй вясны да позняй восені. Гэта была б самая прыгожая магілка.

«Вось так жывём разам, спажываем разам хлеб, а мары і беды ў кожнага свае, — горка пасміхнуўся ў думках Гардзей. — Што ж нас зводзіць разам, такіх розных? Няўжо толькі інстынкты? Ці нешта высокае і неспасціжнае? Нейкая вышэйшая сіла надзяляе нас радасцямі і прымушае дорага плаціць за памылкі і грахі? Ці мо ніякай звышнатуральнасці і няма, а ёсць толькі наша сумленне, якое судзіць нас у горкую часіну. Бо пакуль усё добра, дык і жывеш, як набяжыць. А здарыцца бяда — міжвольна разважаеш: чаму гэта са мною здарылася? Чаму я такі няшчасны? Чаму лёс такі несправядлівы да мяне? А ці не сваімі ўласнымі рукамі мы ствараем гэтае няшчасце? Самі ж выбіраем сабе сяброў, якія потым ператвараюцца ў ворагаў, якія жадаюць нам смерці. Самі жэнімся Бог ведае з кім і невядома дзеля чаго. Маючы адно дзіця, ужо не хочаш мець з ёю іншых дзяцей. Ды і нічога не хочаш мець. А яна прагне прызнання ў каханні, захаплення, шчасця. Як навучыцца захапляцца жанчынай, якая з ранку і да позняга вечара ходзіць у атопках, у замызганай спадніцы ад печы ў хлеў і назад? І толькі ў свята на якую гадзінку апране чыстую сукню. А ў тваіх вачах яна па-ранейшаму не больш, чым свінарка, даярка, кухарка.» Адначасова Гардзей разумеў, што Зося ні ў чым не вінаватая, калі б ён стварыў ёй адпаведныя ўмовы жыцця, яна таксама хадзіла б, як пані ў капялюшыку з сумачкаю пад пахаю. Але ўся прычына ў тым, што і святы свае, і будні мы ствараем уласнымі рукамі. А душа яго быццам і не прагнула ніякае ўрачыстасці, бо ніяк не магла выбавіцца з хваробы.

Раздзел другі Ліхалецце

1

Гардзей прачнуўся ад невыразнага гулу, падумаў, што недзе далёка разгулялася навальніца. Расплюшчыў вочы, зірнуў у акно. Было ўжо даволі светла. Ночы чэрвеньскія кароткія. Ён паляжаў, услухоўваючыся ў далёкія грымоты, потым падняўся, выйшаў у двор, паглядзеў на захад, скуль далятаў гул, убачыў, што неба там падсвечанае чырванню. «Здаецца, за ноч свет дагары нагамі перавярнуўся, — падумаў Гардзей. — Сёння сонца ўзыдзе на захадзе». Ён павярнуў галаву на ўсход, але ўбачыў, што неба і там заружовілася. Гардзей яшчэ раз паўзіраўся ў бок Берасця і раптам зразумеў: «Гэта б’е артылерыя! І занадта моцна для вучэнняў. Гэта вайна? — спытаў сам у сябе і тут убачыў, што на ўсход рухаецца ромбам зграя цяжкіх самалётаў з крыжамі на крылах. — Вайна з немцамі!»

Ад гэтай здагадкі сэрца Гардзея трывожна захвалявалася, але яму адразу згадаліся тыя вясёлыя немцы, што жылі ў папярэднюю вайну ў ягонай хаце, а на развітанне падаравалі карову. Гэта яго адразу супакоіла. Ён падумаў, што, можа, яшчэ сустрэне каго з тых ваякаў, але прыкінуўшы, што ўжо з таго часу мінула чвэрць веку, зразумеў: цяпер прыйдуць дзеці тых, хто ў пятнаццатым прыходзіў на Беларусь.

З хаты выйшла Зося, спытала, хаваючы трывогу:

— Чаго ты ўсхапіўся, яшчэ рана?

— Слухаю, што гэта гудзе.

— Ну і няхай гудзе. Мо на чыгунцы што.

— Гэта вайна, Зося.

— Вайна? — спалохана перапытала Зося. — І што ж нам рабіць? Трэба выязджаць?

— Няма куды. Самалёты з крыжамі толькі што паляцелі на ўсход. Не тая гэта вайна, ад якой можна схавацца.

— Божа, Божа, што цяпер будзе, — заламала рукі Зося, гатовая загаласіць.

— Цішэй, сына напалохаеш. Што будзе — пабачым.

Раніцай на хутар забеглі два маладзенькія салдаты, астрыжаныя нагала, без гімнасцёрак, апранутыя толькі ў споднія белыя сарочкі і кальсоны, босыя. Яны папрасілі піць і хлеба.

— Пакармі, — загадаў Гардзей Зосі. — Заходзьце, хлопцы, у хату.

— Не, дайце нам хлеба і мы пойдзем, — сказаў адзін з вадзяністымі напалоханымі вачамі.

Гардзей са спачуваннем паглядзеў у мурзатыя юныя твары і прапанаваў:

— Можа, умыецеся з дарогі?

Салдаты адмоўна пакруцілі галовамі.

— Што ў Брэсце? — спытаў Гардзей.

— Немцы занялі горад.

— Выходзіць, вайна? — спытаў Гардзей.

— Вайна.

Зося прынесла бохан хлеба і гладышку малака. Хлопцы выпілі малако нагбом, хлеб адзін узяў пад паху. І яны подбегам рушылі далей.

— Бедныя дзеці, — сказала Зося са шкадаваннем, праводзячы позіркам хлопцаў.

— Усе мы бедныя. Няма нам ні радасці, ні спакою на гэтай зямлі.

У гэты час выбухі пачуліся і на ўсходзе, мусіць, бамбілі чыгуначную станцыю ў Жабінцы.

— Ужо з усіх бакоў грыміць. Божа літасцівы, уратуй, — уздыхнула Зося, перахрысцілася і пайшла ў хату, бо ў гаспадыні заўсёды адна турбота, пакуль ёсць сям’я, трэба дбаць пра яе, каб была накормленая і дагледжаная.

У тую нядзелю Гардзей амаль цэлы дзень праседзеў на лаўцы каля весніц. Лічыў крыжастыя самалёты, што хмарамі ляцелі на ўсход, а потым вярталіся назад. Прабягалі міма чырвонаармейцы, але ўжо не спыняліся каля Гардзея, а кіраваліся ў лес, каб не быць навідавоку. Толькі адзін малады мужчына, што быў апрануты ў камандзірскую гімнасцёрку з ромбамі, папрасіў цывільную вопратку. Зося вынесла яму бацькаву даматканую сарочку і такія ж нагавіцы. Вайсковец падзякаваў, тут жа пераапрануўся, і хацеў аддаць гаспадыні вайсковую форму, але Зося адмовілася, замахала рукою, маўляў, не трэба, насіце на здароўе і сваё, і наша.

Ужо ў самым канцы дня да Гардзея падышла маладая жанчына, адразу было відно, што з гарадскіх, з падплоенымі валасамі, у светлай сукенцы з бэзавымі кветкамі. Было з ёю двое дзетак: дзяўчынка гадоў пяці ішла, трымаючыся за прыпол маці, на руках жанчына несла немаўля. Ніякіх рэчаў у яе з сабою не было, толькі маленькая сумачка.

— Добры дзень вам. Наш цягнік разбамбілі, засталіся мы ні з чым. Дайце, калі ласка, дзецям паесці, — папрасіла яна.

— Заходзьце ў двор, — запрасіў Гардзей. — Зося, пакармі дзяцей і жанчыну, — крыкнуў ён жонцы, якая корпалася ў гародзе.

Зося выбегла насустрач гасцям, прывіталася, і павяла іх у хату, а Гардзей вярнуўся на свой назіральны пункт, як па-вайсковаму ён называў лаўку каля весніц. У Берасці ўсё яшчэ то гуло, то глуха вухкала, быццам хто малаціў молатам у дно пустой бочкі. «Напэўна, крэпасць дабіваюць», — падумаў Гардзей.

Зося, накарміўшы, правяла да весніц жанчыну з дзецьмі. Тая падзякавала гаспадыні і гаспадару за гасціннасць і спытала, ці можна спыніцца ў кагонебудзь у вёсцы на кватэры:

— Можа, якая самотная бабулька жыве? Вы не глядзіце, што я гарадская. Сама з вёскі, толькі вучылася ў горадзе, а потым замужам.

Яна недагаварыла, мусіць, баючыся, што падрабязнасці могуць нашкодзіць ёй.

— Самі бачылі, хатка ў нас маленькая, — сказала Зося. — Ідзіце ў вёску, папытайце там.

Жанчына яшчэ раз пакланілася на развітанне і пашыбавала па палявой сцежцы праз поле да Крачкаў.

— Божа, Божа, дзе ж гэтая бедная жанчына галоўку прыхіліць? — уздыхнула Зося.

— Трэба было ў сябе пакінуць, — сказаў Гардзей.

— Пакінула б, каб не была яна такая прыгожая.

Зося хітравата ўсміхнулася.

— А мне цяпер усё роўна, — абыякава адказаў Гардзей. — Табе ж доктар усё растлумачыў.

— Растлумачыў? Што ён мне мог растлумачыць, — як бы здзівілася Зося. — Ён мне толькі сказаў, што табе нельга хвалявацца, бо хвароба можа назад вярнуцца.

— Ну?

— Я даўно заўважаю, што не хвалюю цябе. Ты мне ніколі нават «кахаю» не сказаў.

— А хіба пра гэта трэба абавязкова казаць?

— Пажадана, — усміхнулася Зося.

— Вам, бабам, абы языкамі ляскаць, — незадаволена буркнуў Гардзей.

— Ты толькі не злуй і не хвалюйся. Усё ў нас будзе добра.

З двара выбег Ораст, несучы ў рукаў адламаную галіну, падсеў да бацькі, папрасіў:

— Тата, зрабі мне дудку.

— Нашто яна табе?

— Хачу граць.

— Падрасцеш, я табе гармонік куплю. Будзеш ты гарманістам на ўсю вёску.

— Не, я дудку хачу, — заўпарціўся сын, на чорныя, як у Гардзея вочы, навярнуліся слёзы.

— Добра, не плач. Які ты слязлівы, увесь у маму.

Гардзей выцягнуў з кішэні сцізорык, пачаў выразаць дудку. Зося таксама села на лаўку побач, з любасцю паглядвала на сына і мужа. Гэта была рэдкая хвіліна шчаслівага спакою, і трэба было радавацца ёй, бо ніколі не ведаеш, што прынясе заўтрашні дзень.

2

Зося нервавалася, чакала мужа з Крачкаў. Раніцаю прыбег солтысаў унук і загадаў гаспадару ісці на сход. Яна шкадавала, што не пайшла замест яго. Праўда, Гардзей, які апошнім часам пазбягаў розных сходаў, раптам упарта сказаў, што пойдзе ў Крачкі сам. Зося баялася, каб, крый божа, не вярнулася да яго зноў вар’яцтва, бо хто цяпер будзе яго лячыць па ваенным часе? Ужо гатовая была пакінуць гаспадарку і пайсці на пошукі мужа, як, нарэшце, ён з’явіўся сам, увайшоў у хату ўзрушана вясёлы, усмешлівы.

— Што там табе сказалі? — спытала Зося.

— Шмат чаго.

— А чаго ты такі вясёлы?

— Сказалі, што будуць такіх, як Пух, лавіць і адстрэльваць як шалёных сабак. Адплача ён крывавымі слязамі за тое, што атруціў мяне.

— Ай, Гардзей, не радуйся чужой бядзе, дык і свая, можа, не кране.

— Ты мяне не ведаеш, я яму гэтага ніколі не дарую! Ён жа мяне калекам зрабіў! Хто я такі цяпер па-твойму? Вар’ят! Дурань! Шызафрэнік! Памыляешся, галубка! Людзі ведаюць, хто пустазвон, а хто разумны чалавек! Мяне аграномам абралі!

— Аграномам? — як рэха паўтарыла Зося.

— Аграномам. Немцы мне будуць грошы плаціць. А я буду працаваць!

— Нашто табе тое аграномства з хвораю галавою? — усхвалявана спытала Зося.

— Так Бог даў. Усялякая ўлада ад Бога. І гэтая таксама. Спрабаваў я аднойчы паўстаць супраць польскай улады, ды апынуўся ў турме, пакаштаваў гумавых палак, памарнеў у цямніцы і зразумеў, што супраць сілы толькі сілаю можна ваяваць. А з голымі рукамі нічога не дасягнеш, толькі раней часу ў магілу ляжаш. Супраць саветаў, здаецца, нічога не меў, а сябры, якія ім служылі, атруцілі. А немцам паспрабую паслужыць, мо хоць яны мяне зразумеюць. А калі што, дык хто нашых людзей абароніць, калі не я?

— Здаецца мне, што ты зашмат на сябе бярэш. І што ж ты будзеш рабіць?

— Планаваць пасевы, кантраляваць пастаўкі, а, зрэшты, усё, што скажуць.

— Паабедай, адпачні ды падумай, мо табе варта адмовіцца.

— Не, не буду абедаць, няма калі, — адказаў Гардзей, трымаючыся за клямку дзвярэй.

— Куды ты?

— Павяду карову і здам немцам.

— Карову? — жахнулася Зося. — А чым жа мы дзіця будзем карміць?

— Цялушка ацеліцца.

— Дык і здай цялушку! Дадумаўся! Карову здаваць!

— Я вяртаю немцам карову, якую яны мне далі некалі! Як ты не можаш зразумець? — злосна сказаў Гардзей. — А малако для сына будзем браць у Паўліны.

— У тваёй Паўліны снегу зімою не дапросішся.

Гардзей грукнуў дзвярыма і выйшаў у сенцы. Зося спахапілася, што расхвалявалася сама і прымусіла мужа злавацца, але ж яна не ўяўляла, як можна жыць па цяперашнім часе без каровы. Яна пайшла ўслед за Гардзеем, з двара прасачыла, як ён пашыбаваў на поплаў, дзе Ораст пасвіў невялікі хутарскі статак, запыніў карову і пагнаў у Крачкі.

Зося заплакала і сказала ўголас:

— Што зробіш з гэтым вар’ятам? Давядзецца трываць. Няхай робіць, што хоча, толькі б зноў не захварэў.

Не паспела Зося аплакаць карову, як вярнуўся Гардзей, выгнаў з хлява свінню.

— Куды ты яе? — насцярожана спытала Зося.

— Я аграном, таму павінен паказаць асабісты прыклад. Здаў карову, здам свінню, няхай людзі бачаць і робяць, як я, — спакойна адказваў Гардзей.

— Ад цябе ж ніхто гэтага не патрабуе, — паспрабавала разважыць мужа Зося, — чым я цябе буду карміць зімою? Нішчымніцаю будзем давіцца?

— Мне не прывыкаць. Ведаю я і пост, і голад. Усяго пакаштаваў. Ты думаеш, калі мы сіротамі засталіся, дык раскашавалі? Тыднямі галадалі. Пакуль жыць навучыліся!

Зося стала ў весніцах і катэгарычна сказала:

— Свінню не дам! Не дам і ўсё тут!

— Зося, ты лепш мне не пярэч! Будзе па-мойму! Ты ведаеш, я за цябе дужэйшы.

Гардзей узяў жонку за плячо, зазірнуў у вочы і спытаў:

— Што табе доктар сказаў? Каб ты мяне не хвалявала. А ты што робіш?

Зося саступіла, апусціла галаву і пайшла ў хату. «Каб ты ведаў, што ў сапраўднасці мне сказаў доктар, дык так сябе не паводзіў бы, — горка падумала яна. — Як я буду жыць? Што мяне чакае наперадзе? Як гадаваць сына? Каб хоць быў жывы мой бацька, можа, Ораст браў бы прыклад з дзеда. Які сын вырасце побач з бацькам-вар’ятам? Божа літасцівы, пакараў ты мяне за мае вялікія грахі. Я вытручвала сваіх ненароджаных дзяцей, а цяпер мой атручаны муж атруціць мне ўсё маё астатняе жыццё».

Зося ўвайшла ў хату, стала на калені перад іконаю Божай Маці, якая вісела ў кутку, і доўга малілася, пакуль на душу не прыйшла палёгка.

3

Солтыс Баранчык вельмі здзівіўся, калі ўбачыў Гардзееў унёсак у справу ўмацавання Германіі, і спытаў узрушана:

— Што ты робіш, чалавеча?

— Тое, што патрабуе дзяржава, якой я наважыўся служыць.

— Яна ж можа падавіцца тваёю кароваю, — грэбліва пасміхнуўся солтыс, які ва ўсім ведаў меру, бо яшчэ пры Польшчы нязменна выбіраўся на гэтую пасаду і добра разумеў, колькі дзяржаве ні давай, заўсёды будзе мала.

Баранчык быў сярэдняга росту, хударлявы, з вострым позіркам глыбока пасаджаных вачэй, якія выблісквалі з-пад калматых броваў і казырка вылінялай шапкі-васьміклінкі. Ён пазіраў на Гардзея, як на неразумнае дзіця, і чакаў, што дадатковыя тлумачэнні не спатрэбяцца. Аднак было відно, што да новаспечанага агранома нічога не даходзіла, таму давялося выказвацца прамым тэкстам.

— Забірай, Гардзей, сваю карову і гані дахаты. Не смяшы людзей, — сказаў Баранчык.

— Я ж ад шчырага сэрца.

Солтыс згадаў, што ў Гардзея ад вялікага розуму нешта здарылася з галавою, таму вырашыў больш не настойваць, бо дурня вучыць — дарэмна час траціць, толькі сказаў з горкаю ўсмешкаю:

— Калі табе сваёй каровы не шкада, дык я па ёй таксама плакаць не буду.

— Дальбог, не шкада мне нічога. Я толькі хачу, каб пакаралі тых, хто атруціў мяне.

— Не хвалюйся, калі яны сапраўды цябе атруцілі, іх Бог пакарае. Паслухай, якая ў мяне праблема. Немцы ахоўваюць чыгунку і наогул раскідваюць па вёсках для парадку групы вайскоўцаў. Трэба іх рассяліць на хатах. Там такі афіцэр памаўзлівы, яму б маладзічку цёплую. Як ты думаеш, куды яго лепш падсяліць? Можа, да Марфы? Яна баба згаворлівая.

Гардзей хвіліну падумаў і адказаў:

— Думаю можна было б да Серафіма.

— Ён жа твой сваяк!

— Жонка ў яго прыемная, спакойная, пакорлівая, — патлумачыў Гардзей.

— Нешта ты недагаворваеш, хлопец, — заўважыў Баранчык.

— Калі па праўдзе сказаць табе, дзядзька Пракоп, дык Серафім быў камітэтчыкам і заслугоўвае кары як бальшавіцкі прыслужнік.

Вочы солтыса спахмурнелі, бровы ссунуліся да пераносся, і ён ціха сказаў:

— Ніколі не бяры на сябе ролю суддзі. Помніш, як у Бібліі сказана: не судзі і несудзімы будзеш. Кожны за свае грахі адкажа сам.

— Але ж Германія патрабуе, каб мы змагаліся з яўрэямі і камуністамі! — запярэчыў Гардзей.

— Серафім — не яўрэй і не камуніст. А каб і быў такі, дык хіба мы з табою маем права судзіць яго? Ты ж, помніцца мне, некалі таксама вадзіў хаўрус з камсамольцамі, у польскай турме за гэта сядзеў. Дык што з табою цяпер рабіць?

Гардзей апусціў галаву, абдумваючы пачутае, потым сказаў, нібы апраўдваючыся:

— З-за таго, што быў я камсамольцам, нікому дрэнна не стала. А з-за такіх, як Серафім, Леванюк, Марфа майго цесця вывезлі, старога, нямоглага чалавека, які нават да Сібіры не даехаў і сканаў у цягніку.

— Нікому, кажаш, не было дрэнна? А за што Маркевіча застрэлілі? Ці не з-за тых чырвоных сцягоў, што ты развешваў? Дурныя яны, Марфа, Леванюк, Серафім і іншыя, не ведалі, што рабілі. А ты не павінен у сваіх паводзінах паўтараць іх. Брудную сарочку можна памыць. Запаскуджаную душу нічым не адмыеш! Ідзі і падумай пра тое, што я табе сказаў.

Гардзей выйшаў ад Баранчыка і адчуў страшэнны боль у галаве. Падалося, што хвароба вяртаецца, ён устрывожана прыслухаўся да звону ў вушах. «Нічога, трымайся, трымайся, — падбадзёрыў ён сябе. Галоўнае — не з’ехаць з глузду. Галоўнае — трымацца за рэчаіснасць. Ён зірнуў у яснае неба, на залатыя дрэвы і на душы пасвятлела. Убачыў, як купаюцца ў дарожным пыле вераб’і і ўсміхнуўся, аднак птушынае цвыркатанне ледзьве пачуў з-за шуму ў вушах. Зноў яму згадаліся тыя, хто быў вінаваты ў ягонай хваробе, і ўзнікла жаданне адпомсціць крыўдзіцелям, але ўспомніў наказ солтыса і прыцішыў свой гнеў. Унурыўшы галаву, няспешна пайшоў дахаты, змагаючыся з тымі думкамі, якія з’яўляліся і клікалі дзейнічаць у абарону сваёй годнасці, здароўя, аўтарытэту. Ён вымушаны быў душыць у сабе гэтыя парыванні. Яму згадалася біблейскае выслоўе: «Палюбі ворагаў сваіх». І ён вырашыў нікому не помсціць, усім дараваць і жыць у міры і ладзе з уласнай душою.

Гардзей вельмі здзівіўся, калі ўбачыў каля сваёй хаты нямецкі матацыкл. На двары, седзячы на прызбе, галасіла Зося, абдымаючы сына. Над ёю стаялі немец і паліцыянт, хлопец з суседняй вёскі, Гардзей імя яго не помніў, толькі ведаў, што гэта сын Паўлюся Ткачука.

— Што тут адбываецца? — усхвалявана спытаў Гардзей.

— Данеслі немцам, што твая жонка была камуністкаю. Прыйшлі яе арыштоўваць, — адказаў паліцыянт.

— Зося камуністка? — уражана спытаў Гардзей. — Ды гэта бессаромная хлусня!

— Напісалі, што яна збірала грошы на падтрымку камуністаў!

— Гэта мая жонка! Я працую аграномам! Спытайце ў солтыса! Толькі што я завёў карову і свінню для падтрымкі нямецкага войска!

— У нас загад, — у нерашучасці заўважыў паліцыянт.

Гардзей сам пачаў тлумачыць немцу, як мог, выкарыстоўваючы тую сотню слоў, якую вынес з маленства, што ягоная сям’я гатовая верай і праўдай служыць Германіі. Зося ўсхліпвала і туліла да сябе Ораста.

Немец згодна паківаў галавою:

— Гут, гут!

— У такім разе прашу ў хату, госці дарагія, — Гардзей гасцінна расчыніў дзверы ў сенцы. — Зося, збяры нам што-небудзь паесці.

Немец і паліцыянт адразу селі за стол. Зося мітусілася каля печы. Гардзей, наразаючы хлеб, сказаў паліцыянту:

— Ведаю, што ты Паўлюсеў сын, а як завуць не помню.

— Антон, а гэта пан Фогель.

— Рады пазнаёміцца. Скажы, Антон, хто ж гэта на Зосю такое напісаў?

— Ды ёсць тут у вас адна баба, — ухіліўся ад адказу паліцыянт.

Гардзей прынёс з каморы пляшку самагонкі, паставіў на стол. Вочы

паліцыянта і немца адразу палагаднелі. Зося паднесла талеркі з нарэзанымі гуркамі і салам. У печы ўжо смажылася яечня са шкваркамі, і смачны дух разносіўся па хаце.

— Дык што за баба такая? — зноў спытаў Гардзей.

— Марфа.

— Марфа? — перапытаў Гардзей. — Што ж ёй трэба ад нас?

— А хто гэтых макрахвостых разбярэ, што ім трэба? Грызуцца як сабакі, самі не ведаюць за што, — адказаў паліцыянт, наліваючы чаркі. — Будзьма здаровыя.

Немец і Гардзей таксама паднялі свае чаркі і выпілі.

— Закусвайце, госці дарагія, — запрасіў гаспадар.

Немец падчапіў відэльцам сала, пачаў са смакам есці. Паліцыянт сквапна жаваў на дзве шчакі, а Гардзей пакутліва думаў: «Вось і жыві тут у міры і згодзе! Як можна дараваць такое? Спазніся я на хоць трохі — і звезлі б маю жонку разам з сынам. Не ведаў бы, дзе шукаць? Іх жа маглі расстраляць! Гэтага Марфе не дарую! Яна мне крывавымі слязьмі адплача за сваю подласць. Няўжо разлічвае, што вазьму яе замуж, калі нешта з Зосяю здарыцца? Ці ёй на радасць — мая бяда? Паскуда! Пачакай! Ты ў мяне атрымаеш.»

У душы Гардзея закіпаў гнеў, ён і не спрабаваў яго тушыць. Не, ён не святы, каб дараваць такое. Забралі здароўе, а цяпер да сям’і падбіраюцца.

4

Прамінула колькі тыдняў, і Гардзей быццам забыўся на сваю крыўду на Марфу. У ваганнях — помсціць ці дараваць, ён схіляўся да думкі, што, можа, не варта браць грэх на душу. Няхай тая Марфа задушыцца ад злосці, пэўна, яна сама сябе пакарала, калі носіць у душы столькі злосці, што гатовая знішчыць ягоную жонку і дзіця. Але жыццё як бы знарок выштурхоўвала яго на шлях помсты. Аднойчы Зося прыйшла з Крачкаў і сказала, што Марк вярнуўся. Гэтая навіна шчыра парадавала Гардзея. Чалавек вярнуўся з Поўначы, лічы, з таго свету. Ён неадкладна сабраўся і пайшоў наведаць былога суседа. Марка ён застаў дома і не адразу пазнаў. За два гады той ператварыўся ў старога дзеда, высах на трэску, запалыя вочы глядзелі насцярожана.

— Здароў, Марк, — Гардзей радасна паціснуў руку гаспадара.

— Здароў, — вяла азваўся Марк. — Сядай, расказвай. Ты, кажуць, у начальства выбіўся.

— Ды якое там начальства? Аграном і толькі. Ніхто не хацеў ісці на гэтую пасаду, баяліся адказнасці.

Марк скруціў самакрутку, закурыў, закашляўся, раздражнёна прабурчаў:

— Каб цябе халера.

— Кідаў бы гэтае курыва.

— Прывык, не магу кінуць.

— Раскажы, як табе ўдалося ўцячы. Зосін бацька памёр у дарозе, не даехаў нават да месца прызначэння.

Марк уздыхнуў, памаўчаў, пазіраючы на чырвоны агеньчык цыгарэты, потым сказаў:

— Хіба раскажаш? Гэта трэба перажыць, адчуць. Спаць у снезе, галадаць і працаваць пад дажджом на паўночным ветры, калі, здаецца, і душа ў цябе вымерзла. Не, браце, лепш не згадваць. Мінула, і дзякаваць богу.

— Як жа ты ўцёк?

— Як пачалася эвакуацыя, зэкаў таксама вывозілі. Удалося нам выдраць дошку ў падлозе вагона. І ноччу ў час стаянкі збегла нас чалавек дванаццаць. Прайшоў пешкі мо кіламетраў тысячу. Думаў не дайду, але ёсць Бог на свеце.

— Малайчына ты, Марк. Галоўнае, што дайшоў.

— А што тут у нас?

— Нічога пакуль, жыць можна. Але трэба плаціць падаткі. Так што рыхтуй свінню або карову. Нямецкі салдат не можа галадаць.

Марк злосна зірнуў на Гардзея:

— Нічога не дам!

— Тады цябе расстраляюць!

— Вось трапілі ў нерат. — сказаў Марк. — Напэўна, хутка анямечваць пачнуць?

— Прызнаюся табе шчыра, хоць немцы і прыйшлі надоўга, але наўрад ці прынясуць яны нам шчасце, — вось над чым я думаю. — Ды што немцы? Свае душу дастануць.

— Ды ўжо ж. Саветы проста вывозілі. А гэтыя знішчаюць без лішніх размоў.

— Ведаеш, каб дзе сустрэў Пуха, задушыў бы, і рука не здрыганулася б! За што ён мяне атруціў? Я малады і здаровы мужчына штодня адчуваю сябе старым і нямоглым. І ўсё праз яго!

Марк насцярожана зірнуў на Гардзея, як бы нешта ўзважваючы.

— Ты разумееш мяне? Я ўжо не мужчына, душою я стары дзед! Душэўна хворы чалавек! Разумееш? — гарачыўся Гардзей.

— Ты сапраўды хочаш яму адпомсціць?

— А як бы ты адчуваў сябе на маім месцы? Уяві, што прыходзіць нейкі злыдзень, дае табе выпіць атруту — і ты ператвараешся ў жывёлу, няздатную самастойна ні жыць, ні разважаць. Свет навокал напаўняецца пачварамі, якія нараджае твой мозг, а ты бачыш іх, быццам у сапраўднасці!

— Няўжо ён мог гэта зрабіць?

— Зрабіў, зрабіў.

— А Пух таксама вярнуўся, — раптам нечакана для сябе самога сказаў Марк.

Гардзей ажно падскочыў з лавы.

— Вярнуўся? А дзе ж ён?

— Кажуць, хаваецца. Спрабаваў збегчы разам з саветамі, але недзе пад Магілёвам трапіў у акружэнне і мусіў вяртацца дамоў.

— Адкуль ты ведаеш? — узбуджана спытаў Гардзей.

— Яго баба маёй пахвалілася. Не ўтрымала язык за зубамі.

«Пух вярнуўся, Пух вярнуўся!» — білася ў скронях. — Галоўны вораг, які падкасіў здароўе, які знішчыў ува мне мужчыну, жыве побач не адпомшчаны. А ў мяне ёсць магчымасць знішчыць яго нават не сваімі рукамі, а з дапамогаю немцаў. Знішчыць. Ці хачу я ягонай смерці? Проста мне трэба напалохаць яго, каб ён перажыў тыя ж пакуты, што і я, атруціць яго існаванне, як ён атруціў маё жыццё».

Марк яшчэ нешта казаў, але Гардзей ужо няздатны быў яго слухаць, жаданне помсты апанавала ягоную душу. На паўслове ён спыніў гаспадара, развітаўся і заспяшаўся дахаты. Дома сеў за стол і склаў спіс на савецкіх работнікаў і актывістаў, у які трапілі ў першую чаргу: Яўсей Пух, Марфа Хвясюк, Серафім Барэйша, тыя, хто непасрэдна прыносілі зло ягонай сям’і. Гардзея апанавала жаданне дзейнічаць, і ён вырашыў неадкладна завезці спіс у Жабінку і здаць у паліцыю.

Зося падсела да стала і спытала:

— Што ты ўсё пішаш ды пішаш?

— А табе што?

Гардзей хоць і ведаў, што жонка блізарукая, але на ўсялякі выпадак прыкрыў паперу рукою.

— Разумееш, Гардзей, не дае мне спакою тое, што аднойчы наш сын вырасце і прачытае ў дакументах, што нарадзіўся ён раней, чым мы з табою пажаніліся.

— Ну і што?

— Нядобра гэта. Зараз можна атрымаць новыя дакументы. Давай зробім Орасту новае пасведчанне аб нараджэнні. Зробім яго трошкі маладзейшым. Што тыя некалькі месяцаў азначаюць? А для нас гэта важна. Мы распісаліся ў лістападзе, а дзень нараджэння давай зробім яму хоць бы праз сем месяцаў, быццам ён сямімесячны нарадзіўся.

— Ад каго ты хочаш схаваць праўду? Ад сябе? Людзі ўсё ведаюць.

— У людзей кароткая памяць. Я хачу, каб у нас была прыстойная сям’я ва ўсіх адносінах. Каб ні дзеці, ні ўнукі не сумняваліся ў нашым каханні, — з запалам сказала Зося.

— Добра, — паабяцаў Гардзей. — Трэба з’ездзіць у Гэбітскамісарыят, а можа, і ў Жабінкаўскі пастарунак. Сёння ж і паеду.

— Гардзей, калі ты гэта зробіш, я буду проста шчаслівая.

— Не думаў я, што ты такая ганарліўка. Цяпер разумею, чаму тапіцца бегала.

У той жа дзень Гардзей паехаў у пастарунак. Першы паліцай, якога сустрэў Гардзей, быў той самы Антон, які прыязджаў арыштоўваць Зосю.

— Паглядзі, я тут склаў спіс актывістаў, — сказаў Гардзей, разгортваючы перад хлопцам паперу.

Антон прабег вачамі прозвішчы і сказаў:

— Ты разумееш, што робіш? Іх жа ўсіх расстраляюць.

Гардзея нібы абдалі варам, ён адчуў, як твар пачаў гарэць, усё цела абліла гарачая хваля. У галаве ўсчаўся страшэнны шум. Яму падалося, што зноў хвароба бярэ над ім верх. Ён выхапіў з рук Антона паперу, скамечыў яе, павярнуўся і подбегам кінуўся да выхада, уваліўся ў вазок, сцебануў без жалю каня. Трэба было хутчэй дабіцца дамоў, каб там супакоіцца і прыйсці да розуму. Калі хвароба завалодае ім у дарозе, дык гэта будзе азначаць самагубства, яна пакіруе як захоча, адключыць свядомасць. У такім стане, крый божа, нарвешся на якога немца, дык без ваганняў расстраляе, як шалёнага сабаку. Гардзей не хацеў бязглузда паміраць, ён быў перакананы, што заслугоўвае добрага і доўгага жыцця.

5

Тыдні два Гардзей адлежваўся пасля ўзрушэння, перажытага ў Жабінцы. Ва ўсім целе пасялілася млявасць і слабасць, балела галава. Удзень хіліла да сну, а ўначы ён пакутаваў ад бяссоння, згадваў мінулае, даўно пражытае і перажытае, думаў пра наступнае. У начны час сілы быццам вярталіся да яго, ён гатовы быў устаць і ісці шукаць Пуха ў пуні, на вышках, ці дзе ён там хаваецца, трэсці яго за грудкі і патрабаваць прызнання, чым ён яго атруціў, мо дактары знайшлі б супрацьяддзе. Зрэшты, Гардзей і разлічваў на тое, што Пуха будуць судзіць толькі за спробу атручвання чалавека. Гэта ж справа крымінальная. Добра было б даведацца, з якою мэтаю ён гэта зрабіў? Што кіравала ім? Гардзей уяўляў суд, дзе за кратамі сядзіць паніклы Пух у сваім міліцэйскім фрэнчы, а суддзя пытаецца ў яго: «Ці прызнаеш ты сябе вінаватым у атручэнні Гардзея Рахубы?» — І Пух адказвае: «Так, вінаваты. І вельмі шкадую, што так здарылася». «Шкадаваць мала, трэба адказваць за сваю віну, — кажа суддзя. — Давядзецца табе пасядзець у турме дзесяць гадоў». Менавіта дзесяць гадоў прызначаў Гардзей Пуху за ягонае злачынства, падсвядома спадзеючыся, што за такі тэрмін прыцішацца і ягоная хвароба, і ягоная нянавісць да злачынцы. Аднойчы ён узяў свой спіс і насупраць кожнага прозвішча напісаў віну чалавека, хто быў сельсаветчыкам, хто хаваў параненага чырвонаармейца і зброю. А насупраць Пуха пазначыў, што той працаваў следчым і атруціў яго, Рахубу Гардзея, невядомым рэчывам. Гэта прывяло апошняга да цяжкай псіхічнай хваробы. Аднак псіхічную хваробу ён выкрасліў, каб немцы не прынялі заяўніка за вар’ята.

Як толькі Гардзей адчуў сябе трохі лепш, адразу ж зноў паехаў у Жабінку. На гэты раз ён паспрабаваў аддаць свой спіс немцу, але той грэбліва зірнуў на просьбіта і нават не стаў браць пакамечаную паперу ў рукі, буркнуў нешта неўразумелае і выставіў Гардзея з кабінета кароткім: «Вэк!»

Ды на гэты раз Гардзей вырашыў дзейнічаць больш рашуча. Бо адчуваў, што яшчэ раз не адважыцца на гэтую рызыкоўную справу. Гардзей пайшоў проста да начальніка паліцыі, які сядзеў у пракураным кабінеце, смаліў цыгарку, рэдкія валасы прыліплі да потнага лба. У пакоі было душна і смуродна. Гардзей павітаўся, працягнуў спіс і сказаў:

— Гэта спіс савецкіх актывістаў Сцяблоўскай воласці.

— Ага! Добра! Давай сюды! Хутка мы з імі разбяромся! А ты хто такі і адкуль?

— З Крачкаў, працую аграномам.

— Малайчына! Адзначым за службу! Германія высока цэніць адданых людзей.

— Вы ж разумееце, яны мае аднавяскоўцы. Я не хачу, каб з імі нешта здарылася благое. Проста трэба заняцца іхнім перавыхаваннем.

— Не хвалюйся, немцы ўмеюць перавыхоўваць выдатна!

— А ты мяне не ведаў раней? — спытаў начальнік паліцыі з самаздаволенай усмешкай. Я ж быў асаднікам.

— Асаднікаў было шмат.

— Шмат, шмат! Я адзін такі! Дольскі! — раздражнёна сказаў гаспадар кабінета.

— Вельмі прыемна пазнаёміцца, — стрымана адказаў Гардзей, баючыся нарвацца на нечаканую непрыемнасць і адступаючы да парога. — Я пайду з вашага дазволу. Бывайце здаровы.

Гардзей выслізнуў за дзверы, не чакаючы адказу, адчуваючы палёгку на душы, быццам цяжар зваліўся з плячэй. Ён адпомсціць сваім крыўдзіцелям. Спі спакойна, Кірыла Іпацьевіч Барэйша, ты адпомшчаны. Серафім, Марфа і іншыя сельсаветчыкі, якія ўнеслі цябе ў спіс кулакоў, адкажуць за тваю заўчасную смерць перад справядліваю нямецкаю ўладаю. Трымайся і ты, Пух. Цябе знойдуць, дзе б ты ні хаваўся! Ты ўжо цяпер жывеш у страху, ці тое яшчэ будзе, калі цябе схопяць і кінуць у турму, а потым будуць справядліва судзіць! Напэўна, ты атруціў не аднаго мяне.

Воз паволі цягнуўся па мокрай дарозе. Позняя восень размотвала сувоі хмар, засцілала неба, як бы ратуючы зямлю ад холаду, але сама гэты холад і нараджала. Так і людзі, як бы ратуючы душу ад гвалту, самі чыняць гэты гвалт і не разумеюць, што робяць. Дзе ж набрацца мудрасці, разважлівасці, розуму, а можа, трэба слухацца свайго сэрца і толькі яму падпарадкоўвацца. У глыбокім задуменні Гардзей і не заўважыў, што конь ягоны, які да гэтага ледзьве сунуўся, зусім спыніўся, а перад ім узнік патруль з аўтаматам наперавес і запатрабаваў:

— Аўсвайс!

Гардзей дастаў з нагруднай кішэні пасведчанне агранома з гербавай нямецкай пячаткаю. Патруль пачытаў, сказаўшы: «Гут! Гут!» — загадаў Гардзею ехаць управа, у процілеглы бок ад Крачкаў.

«Што гэтаму немцу растлумачыш? — злосна падумаў Гардзей, разварочваючы каня. — Прыйшлі на нашу галаву новыя гаспадары!» І раптам ён убачыў краем вока, што ўдалечыні на краі насыпу ў радочак стаялі людзі. А насупраць іх некалькі нямецкіх аўтаматчыкаў. На дарозе чакалі дзве грузавыя машыны і легкавік. Заўважыўшы Гардзееву цікаўнасць, патруль злосна крыкнуў:

— Шнэль!

Гардзей сцебануў каня. Той ад нечаканасці тузануўся ўперад, пайшоў подбегам. У гэты час прагучалі аўтаматныя чэргі. Гардзей азірнуўся. Людзей, што стаялі на краёчку ямы, ужо не было. Засталіся толькі аўтаматчыкі. Па спіне Гардзея прабеглі дрыжыкі, быццам гэта яго самога кінулі ў яму, прашытага аўтаматнаю чаргой. Ён нават адчуў пах халоднай настылай восеньскай зямлі. Раптам выплылі ў памяці словы паліцая Антона: «Іх расстраляюць». І ўявілася, што ў яме ўжо ляжаць Пух, Серафім, Марфа. Зрабілася жудасна. Ён сказаў сабе: «Гэтага не можа быць. Я ж толькі аддаў спіс. Хацеў, каб толькі пастрашылі. Гэта пабілі яўрэяў». Нейкі чужы голас раптам спытаў: «А іх забіваць можна?» — «Нікога не трэба забіваць, Госпадзі!» — закрычаў Гар­дзей, як бы апраўдваючыся. — «Тады ідзі і забяры назад свой спіс», — сказаў той жа голас. — «Я не магу, яны вінаватыя! Вінаватыя! Вінаватыя! Яны грэшнікі!» — «А ты?»

Гардзей узняў угору вочы, адкуль прылятаў голас, убачыў над сабою калматыя хмары і раптам зразумеў, што хвароба зноў бярэ яго ў абцугі. Шум у вушах, няпэўнасць, знясіленасць апанавалі ягонае цела. Яшчэ імгненне — і, здавалася, ён страціць прытомнасць, а далей невядома што чакае яго, мо тая самая яма, якая толькі што праглынула радочак бязвольных людзей, якія так пакорліва і маўкліва стаялі і чакалі сваёй смерці. Гардзей раз’юшана пачаў біць каня і крычаць:

— Хутчэй! Хутчэй! Дамоў! Чаго валачэшся, як нежывы? Воўчае мяса.

Конь тузануў вазок і шпарка пабег па няроўнай падмерзлай дарозе.

6

Прамінула два месяцы. Гардзей зусім супакоіўся, бо нікога з тых людзей, каго ён унёс у свой спіс, не арыштавалі, хоць часам і мільгала з’едлівая думка: святыя яны, ці што? Напэўна, начальнік паліцыі некуды закінуў той спіс. І хай! Ці ж Гардзей жадае смерці сваім аднавяскоўцам? Ён толькі хацеў, каб іх трохі настрашылі немцы. Гэта ж трэба было так здзічэць, каб сваіх людзей без жалю запісваць у кулакі і па сутнасці асуджаць іх на пагібель разам з дзецьмі і ўнукамі!.. А як тут можна спакойна жыць? Пакуль ён здатны нешта помніць, будзе жыць крыўда на таго, хто забраў у яго здароўе, хоць Гардзей і Біблію чытаў, і супакойваў сябе, і пераконваў, што трэба дараваць людзям іхнюю подласць. Здаралася, што і забываўся пра ўсё, заняты аграномскімі справамі і разлікамі, колькі жыта і жывёлы павінна здаць вёска. Як сабраць падаткі з людзей, каб нікога не пакрыўдзіць, бо ёсць сем’і шматдзетныя, дзе па ваенным часе людзі галадаюць. Забіраць у іх апошняе не падымаецца рука. Глыбокую Гардзееву задуменнасць парушыла Серафімава Надзя. Яна ўбегла ў хату ў расшпіленым кажушку, задыханая, загаласіла:

— Ратуй, Гардзей, Серафіма забралі!

— Хто забраў? — спытаў, быццам нічога не разумеючы, Гардзей.

— Паліцаі і немцы з бляхамі на грудзях. Жандармерыя ці што.

— Шкода. Але што я магу зрабіць?

— Як што? Ты ж у немцаў служыш! Ідзі і скажы ім, што Серафім ніколі мухі не пакрыўдзіў.

— Уяві сабе, Надзя, я пайду і скажу, выпусціце майго сваяка. Ён добры чалавек. А заўтра прыйдзе нехта іншы і скажа, што Серафім быў камітэтчыкам. І мяне за хлусню да сцяны паставяць разам з тваім мужыком.

Прыгожы Надзін тварык пакутліва скрывіўся, вялікія сінія вочы напоўніліся слязьмі, яна прашаптала:

— Божачкі, што ж мне рабіць? І Эрых паехаў некуды на цэлы тыдзень.

— Які Эрых? — зацікаўлена спытаў Гардзей.

— Афіцэр нямецкі, што ў нас кватаруе.

— Вось яго і папрасі, як вернецца, — параіў Гардзей.

Зося, якая да гэтага моўчкі сядзела на запечку, раптам саскочыла, як курыца з седала, замахала доўгімі рукамі, крычучы:

— Бач ты на яе! Прыйшла дапамогі шукаць! А ты помніш, што сказаў Серафім, калі я хадзіла пытацца, хто майго бацьку ў кулакі запісаў? Помніш?

Роднага дзядзьку, старога чалавека са свету зжылі, што я не магу нават на ягоную магілу пайсці! Ён вас у сваёй хаце прытуліў, хлебам карміў, дапамог сваё жытло здабыць А вы яго — на смерць!

— Серафім сапраўды нічога не ведаў! — слаба баранілася Надзя.

— Ты ведаеш, што Гардзей хварэе? Яму нельга нервавацца! Самі награшылі, самі і замольвайце свае грахі! Прэч з хаты!

Надзя спалохана і бездапаможна адступіла да парога, коратка ўсхліпнула і выбегла з хаты.

Вусны Гардзея нервова тузануліся, ён прайшоўся да парога, паглядзеў у акно, праводзячы позіркам зграбную Надзіну постаць, якая спяшалася дамоў па вузкай сцежцы, пракладзенай паміж гурбаў снегу.

— Чаго ты на яе напусцілася? — упікнуў ён жонку.

— Чаго? Чаго? Няхай не ходзіць тут лярва бальшавіцкая і не псуе настрой добрым людзям.

— Трэба ж ёй некуды ісці. Без мужыка сялянцы не выжыць, сама ведаеш. Вось і бяжыць яна, каб якой рады пашукаць. Да таго ж там таксама сын расце. І не чужая яна нам.

— Табе ўсялякая баба амаль родзічка, — пасмейваючыся адказала Зося, каб не пакрыўдзіць мужа.

— Зрэшты, так яно і ёсць. Ніколі не ведаеш, з якою наканавана век векаваць.

Зося насцярожана зірнула на сына, які бавіўся на запечку клубкамі нітак, і ціха спытала:

— Гардзей, ці ты адчуваеш што-небудзь яшчэ да мяне?

— Адчуваю. Яшчэ і як.

— Чаму ж ніколі не кажаш пра гэта.

— А навошта? Само сабой усё зразумела.

— Ты памыляешся. У каханне, як у вогнішча, увесь час трэба падкладваць паленцы шчырых і захопленых слоў, каб не патухла.

Гардзею падалося, што Зося мае на ўвазе не толькі словы, а і тое галоўнае, чаго не хапае ў іхнім сямейным жыцці. Ад бяссілля і крыўды на ўвесь свет ён закрычаў:

— Пакінь мяне! Знайдзі сабе іншага, хто будзе табе плесці лапці слоў і спаць з табою на запечку! Я стары і хворы! Пакінь мяне! Я не хачу жыць!

Ораст напружана заглядваў у твары бацькоў, хныкаў з перапуду. Зося кінулася да мужа абняла, стала супакойваць:

— Не трэба нервавацца! Я прашу цябе! Мне нічога і нікога не трэба! У нас жа сын! Мы цудоўна жывём! Усё ў нас будзе выдатна!

Гардзей скінуў з плячэй жончыны рукі. Сеў за стол, звесіў галаву, думаючы пра тое, што вось і пачаліся арышты. Што цяпер чакае Серафіма і іншых? Захавай ім, Божа, жыцці.

7

Надзя з нецярплівасцю чакала Эрыха. І калі яго легкавушка спынілася ля весніц, яна радасна кінулася да акна, каб упэўніцца, што гэта ён. Убачыла яго, высокага, стройнага, маладога, і радасна замітусілася каля печы. Да ягонага прыезду яна падрыхтавалася добра: засмажыла вялікі кавалак мяса, згатавала наварысты суп з грыбамі, напякла наліснікаў, склала ў гаршчочак, заліла смятанай і паставіла ў печ, каб былі цёплыя, зварыла густую прасяную кашу, а таксама журавінавы кісель, які так любіў Эрых. Нават сына завяла да брата, каб не замінаў.

Кватарант з усмешкаю увайшоў у хату, павітаўся па-нямецку. Надзя адказала яму і адразу пачала ставіць ежу на стол. Пакуль Эрых здымаў шынель і мыў рукі, абед ужо чакаў яго на стале, вылучаючы апетытныя пахі. Ён удзячна ўсміхнуўся, сеў за стол і пачаў няспешна есці. Надзя выйшла з хаты, каб не замінаць яму, падалася ў пуню, падгрэбла салому і занесла абярэмак, падаслала пад карову, са скрухаю думаючы пра тое, як папрасіць Эрыха заступіцца за Серафіма. Кватарант жа нічога не разумее па-нашаму. Яна шчыра шкадавала мужа. Казала ж яму: «Не прыся ў начальства. Які з цябе начальнік?» А ён, мяккацелы, апраўдваўся: «Людзі выбралі, не мог адмовіцца». А яшчэ яна вельмі баялася застацца ўдавою, бо ведала — не пацягне сама мужчынскую працу. А як сына гадаваць без бацькі? Бяда! Кругом адна бяда! Ад гэтых думак першая скрушная зморшчынка легла ўпоперак яе лба.

Калі яна вярнулася ў хату, каб прыбраць посуд, Эрых усё яшчэ сядзеў за сталом, але не еў, а курыў тоненькую духмяную цыгарэту.

— Можна прыбраць са стала? — спытала Надзя.

— Найн, — адказаў Эрых. — Зітцен зі біттэ!

Ён запрасіў Надзю сесці да стала, і яна паслухмяна прымасцілася на ўскрайку ўслона.

— Эссэн, біттэ, — прапанаваў ён.

— Дзякую, пан афіцэр, мне не хочацца, — адказала Надзя.

Яна не магла сабе нават уявіць, што адважыцца есці пры гэтым далікатным і прыгожым маладым чалавеку. Эрых устаў з-за стала, дастаў са свайго партфеля, у якім трымаў нейкія паперы, маленькую пляскатую пляшку з каньяком, паставіў на стол. Надзя дастала з судніка чарку. Працерла чыстым ручніком, паднесла Эрыху.

— Цвай, біттэ, — Эрых паказаў два пальцы, патрабуючы дзве чаркі.

Надзя паставіла на стол яшчэ адну чарку. Эрых напоўніў іх, адну падняў, абвясціў тост:

— Цум воле!

Надзя ў нерашучасці глядзела на чарку.

— Біттэ, біттэ! — прыспешваў кватарант.

«Ну і вып’ю, смялей буду, — адчайна падумала Надзя. — І раскажу яму пра сваю бяду. Можа, зразумее і дапаможа?»

Сарамліва, дрыготкаю ад хвалявання рукою яна ўзяла чарку і выпіла пітво адным глытком. Скрывілася, выцерла рот даланёю і ўтаропілася ў кватаранта пакутлівым позіркам. А ён разглядваў яе, быццам вывучаў твар. Надзя адчула, як ад выпітага каньяку прыемнае цяпло разлілося па целе, а разам з ім прыйшла ўпэўненасць.

— Пан афіцэр, бяда ў мяне, — сказала яна. — Серафіма арыштавалі. — Дапамажыце, пан афіцэр, на вас адна надзея.

Надзя са здзіўленнем убачыла разуменне ў ягоных вачах. «Ён жа не разумеў па-нашаму! — падумала яна. — А тут ківае галавою, здаецца, нават спачувае».

— Серафім — чалавек бяскрыўдны. Нікому нічога благога не зрабіў. Выбралі людзі ў сялянскі камітэт, а ён не здолеў адмовіцца. Вы разумееце мяне? Якая ж тут віна? Дапамажыце, пан афіцэр. Прападу я адна! Прападу, — Надзя ціха заплакала.

— Не трэба плакаць, — раптам сказаў афіцэр па-руску.

— Вы разумееце па-нашаму? — узрадавана спытала Надзя.

— Мае бацькі з тых абруселых немцаў, якія вымушаны былі ўцякаць з Расіі на сваю гістарычную радзіму пасля перавароту тысяча дзевяцьсот сямнаццатага года. Хто забраў твайго мужа?

— Два чалавекі з паліцыі і адзін быў з жандараў.

— Я абслугоўваю чыгунку, далёкі ад паліцыі і жандармерыі, але ёсць у мяне адзін добры знаёмы афіцэр. Давай вып’ем за поспех нашай справы.

— Дзякую, пан афіцэр. Не п’ю я, выпіла для смеласці. З мяне і той чаркі хапіла, п’яная ўжо. Піце, закусвайце, на здароўе. Сам Бог вас паслаў сюды.

— Бадай, — згодна кіўнуў галавою Эрых.

Ён усміхнуўся так шчыра, што ў Надзі ажно сэрца закалацілася ад хвалявання і захаплення. Які ж прыгожы ў яго твар, чысты, паружавелы з марозу, і валасы светлыя, хвалістыя. Адна пасмачка гарэзліва ўпала на лоб.

— Я вось усё думаю, як у такой глухамані, у сялянскай сям’і магла нарадзіцца жанчына з абліччам сіксцінскай мадонны? Неверагодна! Табе б хадзіць у багатых строях, красавацца на балях! Чаму ж такое несправядлівае жыццё! Давай вып’ем за цябе, за тваё хараство. Ніколі я не сустракаў жанчыны прыгажэйшай, чым ты, мілая сялянка!

Эрых разглядваў яе твар у захапленні, дакрануўся рукою да шчакі. Надзя не адважылася адвесці яе.

— Гатовы памерці за адзін твой пацалунак, — сказаў Эрых, хілячыся да яе.

— Што вы, пан афіцэр, — спалохалася Надзя. — Вы такі адукаваны, пры­гожы. — А я цёмная, забітая баба. Да таго ж замужняя. Грэх гэта.

— Палюбі бліжняга, як самога сябе — заклікае Біблія. — Чаму ж ты не любіш мяне?

Эрых напоўніў чаркі і сказаў:

— Вып’ем за нас, за нашу нечаканую сустрэчу. Страшна падумаць, што я мог бы не ведаць, што ты ёсць на свеце. У нас такое кароткае жыццё, якое можа абарвацца ва ўсялякі момант. Забудзем пра мінулае, будзем жыць толькі ў цяперашнім часе.

Надзя выпіла і адчула лёгкі хмель. Хутка на стале з’явілася яшчэ адна пляшачка, потым яшчэ адна. Яны цэлы вечар размаўлялі. Эрых распытваў пра яе жыццё. І Надзя расказала, як пасвіла статак, як спадабалася дваюраднай Серафімавай сястры і тая пасватала яе за свайго брата. Хлопец Надзі не спадабаўся, але яна не хацела далей жыць пад адным дахам з братавой і згадзілася пайсці замуж. А ў выніку трапіла яшчэ ў большае пекла. Бо давялося пакутаваць пад назіркам вечна незадаволеных Серафімавых дваюрадных сясцёр.

Эрых слухаў, усміхаўся, часам смяяўся. Калі заўважыў, што яна зусім захмялелая хіліцца да сну, падняў яе на рукі і, цалуючы, панёс да сябе на ложак:

— Ах ты мая цудоўная пастушка! Я люблю цябе! Люблю!

Упершыню мужчына прызнаваўся Надзі ў каханні. Ніколі такіх слоў не чула яна ад Серафіма. Ёй і ў галаву не прыходзіла размаўляць з мужам пра каханне, проста жылі разам, вялі гаспадарку, гадавалі сына. Яна раптам адчула да гэтага маладога немца неверагодную пяшчоту, прыгладзіла яго хвалістыя светлыя валасы. Ён пацалаваў яе далонь і прытуліў да грудзей, потым знайшоў вусны і доўга не мог адарвацца, п’ючы з іх асалоду. Ягоная любасць прымусіла Надзю забыцца на ўсе ўмоўнасці і забабоны свету.

8

Серафім вярнуўся дамоў праз месяц. Напрадвесні. Увайшоў у хату раздражнёны, не вітаючыся, спытаў у Надзі:

— Пра што гэта мне немец намякаў? Што я табе і яму абавязаны жыццём?

— Ты не зразумеў, што цябе вызваліў Эрых?

— Ён казаў, што палюбіў цябе, — муж паглядзеў так, быццам хацеў прачытаць усе яе думкі.

— Гэта яго справа.

— Прызнавайся, ты спала з ім, пакуль мяне не было? — закрычаў Серафім па-жаночы высокім голасам, ягоны няголены падбародак задрыжэў ад крыўды і абурэння.

Надзя сама здзівілася спакою, які апанаваў яе істоту. Зрэшты, хіба яна вінаватая, што і сама закахалася ў Эрыха. Што зробіш, калі каханне раптам напаткала яе? Ніколі раней яна не перажывала такіх пачуццяў і, можа, ніколі не зведала б іх, каб не гэтае ліхалецце, якое закінула ў забыты Богам куток адукаванага еўрапейца.

— Пакінь мяне, і жыві шчасліва, — адказала яна. — Я нічога да цябе не маю.

— Затое я маю! І табе не сорамна сына, людзей.

— Можа, і сорамна, можа, і балюча, можа, і горка, але ні пра што не шкадую. Ты жывы, здаровы — і дзякаваць богу. Невядома, дзе б ты быў, каб не я. Помні пра гэта. Тут гаспадараць немцы, і твая смерць зноў будзе выцікоўваць цябе, калі ты забудзеш пра гэта.

Серафім хацеў нешта сказаць яшчэ, але тут расчыніліся дзверы — і на парозе з’явіўся Эрых.

— Мая цудоўная пастушка! — усклікнуў ён па-руску і працягнуў Надзі пакунак, загорнуты ў каляровую паперу.

Жанчына з удзячнаю ўсмешкаю ўзяла падарунак і сказала:

— Навошта вы, пан афіцэр?

— У гонар вяртання святога Серафіма, — з усмешкаю адказаў квата­рант. — Гэта наша агульная перамога. П’ём чырвонае віно!

Ён дастаў з партфеля цёмную бутэльку, паставіў на стол. Серафім скрывіўся. Гатовы завыць ад роспачы, ён выскачыў з хаты, забег у пуню, схапіў касу, гатовы зарэзаць і жонку, і ненавіснага немца. Рынуўся ў двор, але толькі цяпер убачыў салдата з аўтаматам, які стаяў ля весніц, і спыніўся, разумеючы, што тут з касою не паваюеш. «Бачыш, які хітры, сабе ахову прывёз! Нічога. Я падпільную вас, калі вы будзеце адны. Я прыкончу вас у пасцелі. А сам пайду ў свет, — гняўліва падумаў Серафім, — але не варта гарачыцца, зручны момант абавязкова надарыцца. Трэба знішчыць немца, чаго б гэта ні каштавала.»

Надзя была тою адзінаю шчодраю душою, у якой Серафім знайшоў спагаду і разуменне, яна была добраю жонкаю, клапатліваю маці для іхняга сына. Чаму ж прадалася немцу за нейкія каляровыя пакуначкі? Чаму здрадзіла? Гэтага ён, Серафім, не мог ні зразумець, ні дараваць. Серафім паспрабаваў разважаць спакойна. Так, немец малады і прыгожы, разумны і адукаваны, напэўна, наплёў ёй сорак карабоў рознай лухты, а яна і развесіла вушы. Ці, можа, падпаіў дурную? А мо прымусіў? Халера іх ведае, гэтых жанчын? Ім пакажы якую бразготку, дык і душу прададуць! І зноў апанавала Серафімам злосць і нянавісць, ён пачаў праклінаць і называць рознымі брыдкімі словамі жонку, але ні палёгка, ні раўнавага не прыходзілі.

З вуліцы прыбег сын, убачыў Серафіма, кінуўся ў абдымкі:

— Татка, татка вярнуўся! А мама галасіла, казала, што цябе забралі ў турму.

— Галасіла-такі?

— І я плакаў. І маліліся мы кожны вечар, каб табе Бог дапамог вярнуцца.

— Ах ты маё гора, — уздыхнуў Серафім і чмокнуў сына ў шчаку, а сам падумаў: «Дзеля яго і буду жыць на свеце. Толькі свайму сыну я і патрэбны. Няхай яна хоць задушыцца!» — Пойдзем, сынку, паглядзім нашу гаспадарку. Мы ж тут гаспадары ці як?

— Гаспадары, — упэўнена адказаў сын.

Серафім увайшоў у хлеў, пабачыў, што назбіралася шмат гною — карова хутка дастане да столі і сказаў:

— Бачыш, трэба гной выкідваць. Вясна на носе, хутка будзем араць ды сеяць. Трымай вілы. Табе меншыя, мне большыя, будзем працаваць.

Серафім усю злосць укладваў у працу, рваў утаптаны гной віламі, выносіў і кідаў у кучу пад дзічкаю, што вырасла каля самага хлява. Сын браў прыклад з бацькі, праўда, на вілы набіраў гною трошкі, бо не шмат яшчэ мог падняць шасцігадовы хлопчык.

«Што там можна рабіць так доўга ў хаце? Чаму яны сядзяць там удваіх?» — час ад часу ў галаве ўзнікалі пытанні. Кроў шалёна пульсавала ў жылах ці ад працы, ці ад нянавісці, а мо ад усяго разам.

«Пачакайце! Вы ў мяне даседзіцеся! Пачакайце! Будзеце ведаць Серафіма!» — мармытаў ён сам сабе пад нос.

— Што ты кажаш? — спытаў сын.

— Нічога. Гэта я так, сам з сабою. Кажу, добры гной, дык і добры ўраджай будзе. А ты ў мяне працавіты ўдаўся, малайчына.

У чарговы раз выходзячы з хлява, Серафім убачыў Эрыха і Надзю, яны ішлі да весніц. Немец нёс у адной руцэ партфель з паперамі, у другой — чамадан.

«Няўжо з’язджае? — радасна мільганула думка ў галаве Серафіма. — Далікатны. Адчуў, што ён тут трэці лішні! Сабака! Валацуга! А гэтай сучцы я хваста прышчамлю!»

У двор Надзя вярнулася адна, устрывожаная, засмучаная.

— Правяла палюбоўніка? — з’едліва спытаў Серафім.

— Сына пасаромеўся б, — спыніла яго Надзя.

— Хто б казаў! На сябе паглядзі!

— Эрых будзе наведваць нас, а ты не забывайся, чыя тут улада.

Яна павярнулася і пайшла да ганка. Серафім кінуў вілы ёй услед, але міма, каб толькі напалохаць. Вілы са свістам уткнуліся ў снегавую гурбу. Надзя нават не азірнулася, быццам была гатовая прыняць смерць. Яна ўвайшла ў сенцы, зачыніла за сабою дзверы, нібы разам з імі зачыніла перад Серафімам і сваё жыццё.

9

Серафім загадзя рыхтаваўся да чарговага прыезду Эрыха. У сенцах прыхаваў сякеру. Вілы знарок увесь час пакідаў навідавоку ля хлява. Ён часта ўяўляў, як у сенцах сякераю будзе забіваць ненавіснага Надзінага палюбоўніка, як з ягонай пасечанай шыі будзе ліцца кроў, а Серафім, наталяючы сваю нянавісць, будзе назіраць за тым, як памірае ягоны вораг. Іншы раз Серафім уяўляў, як віламі праткне немца ў пасцелі, калі ён будзе ляжаць побач з Надзяю, і тая будзе крычаць ад страху, а Серафім рассмяецца ёй проста ў твар.

Аднак усё адбылося зусім не так, як ён сабе ўяўляў. Эрых прыехаў у суботу з двума салдатамі-аўтаматчыкамі, калі Серафім у двары аглядаў воз, бо з панядзелка збіраўся вывозіць гной на поле. Гаспадар паглядзеў на чорныя аўтаматы і адчуў, як халадок прабег па спіне, быццам смерць на момант кранула яго крысом сваёй чорнай апраткі. Эрых прывітаў Серафіма ўзмахам рукі і ўвайшоў у хату, а два аўтаматчыкі застылі каля ганка.

Серафім гняўліва плюнуў сабе пад ногі і агародамі падаўся з двара, разумеючы ўсю недарэчнасць сваёй прысутнасці тут. Кроў у жылах пульсавала так, што, здавалася, сэрца вылеціць з грудзей і разарвецца на частачкі. Ён успамінаў самыя брыдкія словы, якія яму калі-небудзь даводзілася чуць і няславіў жонку, якая, як яму ўяўлялася, зараз мілавалася з немцам! З фашыстам! Як яму хацелася спаліць уласную хату, зруйнаваць, зраўняць з зямлёй! Ён прасіў Пяруна ляснуць у страху і спапяліць нахабных палюбоўнікаў, прасіў зямлю расступіцца і пахаваць пад сабою яго і яе. Але ні праклёны, ні абразы — нішто не дапамагала.

Серафім упаў на дол, рваў рукамі леташнюю сухую траву, якая толькі што выбавілася з-пад снегу, біўся галавою аб зямлю, потым ускочыў, пачаў тузаць лазовы куст, але той не паддаваўся, толькі ледзь-ледзь агаліў карэнне. Калі ж Серафім зусім знясілеў у марнай барацьбе сам з сабою, зваліўся на дол і на нейкі час быццам страціў прытомнасць ці заснуў. Ачомаўся ён ад таго, што пачуў над сабой нечыя галасы. Расплюшчыў вочы, падняў гала­ву, убачыў некалькі ўзброеных мужчын, якія разглядвалі яго. Аднаго з іх ён адразу пазнаў. Гэта быў Леванюк, з якім яны разам былі камітэтчыкамі ў Сцяблоўскім сельсавеце. Серафім сеў, паклаўшы рукі на калені, павітаўся з мужчынамі, здагадаўся: партызаны. Ведаў, што Леванюк з самага пачатку вайны хаваўся ў лесе.

— Ты п’яны, Серафім, ці якая трасца з табою? — весела спытаў Леванюк.

— Цверазей не бываю, — з уздыхам адказаў Серафім.

— Дык што, захварэў?

— Душа баліць.

— Чаго? З такою жонкаю, як у цябе, усялякую хваробу за ноч можна выгнаць.

— Ідзі паглядзі, на тую сучку! Яна ж з немцам спуталася! — злосна адказаў Серафім.

Хлопцы заўсміхаліся, такога прызнання ніхто не чакаў. Серафім раптам ускочыў з зямлі, схапіў за рукаў Леванюка і стаў прасіць:

— Ідзі, забі іх! Яны там у хаце! Мая сучка і гэты фрыц!

— Няўжо праўда? — з недаверам спытаў Леванюк.

— Ён яшчэ пытае!

— Няўжо злюбілася з адным з тых, што ў цябе ў хаце стаялі?

— А з кім жа!

— Вось, хлопцы, што дзеецца! Ужо фашысты нашых баб разбіраюць. А ці важная птушка гэты фрыц?

— Ахоўвае чыгунку, толькі і ўсяго.

Серафім насуплена пазіраў на Леванюка, чакаючы ад яго дапамогі, спачування ці хоць бы абяцання, якое б абнадзеіла, супакоіла, дало магчымасць спадзявацца, што аднойчы вораг будзе знішчаны.

— Шкада, што такі нікудышны немец трапіўся. Аднак не бядуй, Серафім, мы падумаем, як адпомсціць твайму крыўдзіцелю.

— Ага, вы будзеце думаць, а ён будзе ездзіць у маю хату і спаць з маёю жонкаю, — не хаваючы крыўду, сказаў Серафім. — Вас чацвёра. А ля ганка стаяць толькі два аўтаматчыкі. Пойдзем і расправімся з імі!

— У нас цяпер іншае заданне. Да таго ж, у атрадзе моцная дысцыпліна, мы не маем права дзейнічаць без дазволу камандзіра. Патрывай трохі, мы з тваім крыўдзіцелем расправімся. Скажы лепш, у якія дні немец наведвае тваю жонку?

— Калі хоча, тады і наведвае, але найчасцей па суботах або нядзелях.

— Патрывай, брат! Не доўга твайму немцу засталося наталяць свой юр! — паабяцаў Леванюк, клікнуў хлопцаў, і яны пайшлі ў глыб лесу.

З тае сустрэчы ў лесе прамінула болей за два месяцы. Ужо май закрасаваў на зямлі, расквеціў сады, птушыным гоманам напоўніў лес і прысады, а Эрых усё працягваў наведваць Надзю. Серафім хадзіў злосны, кожную хвіліну зрываўся на крык, накідваўся з кулакамі на жонку. А яна быццам і не заўважала яго, маўкліва зносіла праклёны, абразы і пабоі, толькі атуляла жывот рукамі. Употай назіраючы за ёю, ён часам заўважаў, як яна нечаму ўсміхаецца. Твар яе робіцца светлы і такі прыгожы, што хочацца счарніць яго на вугаль, каб ніводнае рысы не было відно. Серафіму здавалася, што не будзе канца ягоным пакутам, аднак у самым пачатку чэрвеня прагрымеў выбух паміж вёскамі Сцяблова і Крачкі. Казалі, што нейкі немец-матацыкліст падарваўся на міне. Гэтая вестка супакоіла Серафіма. Нарэшце Надзін палюбоўнік загінуў, можна было жыць спакойна, аднак крыўда не давала жыцця, грызла, падточвала душу.

На другі дзень пасля таго, як загінуў нямецкі матацыкліст, з Жабінкі прыехалі немцы і паліцаі, падпалілі Крачкі і Сцяблова з тых канцоў, якія злучала дарога, дзе была падкладзена міна. Абедзве вёскі згарэлі напалову. Аднак на гэты раз Серафіму пашанцавала, бо ягоная хата стаяла ў другім канцы Сцяблова.

10

Ноччу нехта пастукаў у шыбіну. Серафім падхапіўся з запечка, падбег да акна, у святле поўні ўбачыў некалькі постацяў, спытаў:

— Хто там?

— Свае, — адказалі з надворку.

Серафім пазнаў голас Леванюка, хуценька патупаў у сенцы, адчыніў дзверы і ўпусціў начных гасцей, распаліў газнічку.

— З цябе магарыч, Серафім, — зычна сказаў Леванюк, ставячы ў куток вінтоўку. -— Забіў я твайго немца.

Надзя ажно сцялася, слухаючы партызана. «Няўжо забілі Эрыха? За што? Навошта? Ён жа нікому нічога дрэннага не зрабіў, не ваяваў, толькі сачыў за чыгункаю. Ах, Эрых, Эрых, лепш бы ты пабярогся і не ездзіў да мяне. Такі малады, разумны, прыгожы. Няма ў мяне сілы ўявіць цябе мёртвым! Не веру, не веру, што ты мог загінуць. А як жа я? Як жа наша дзіцятка, якое я нашу пад сэрцам? Як мне жыць без цябе, Эрых?»

Серафім падышоў да Надзі, штурхнуў яе ў бок, злосна сказаў:

— Уставай, сучка, пачастуй гасцей! Разлеглася як карова.

Ён знарок паводзіў сябе так, хацеў пры людзях падкрэсліць, як ганьбіць жонку, грэбуе ёю. Надзя моўчкі паднялася, акрыла сябе паверх сарочкі вялікай шэрай канаплянкай, пайшла ў камору, нарэзала сала, наклала ў міску квашанай капусты і гуркоў, у думках праклінаючы забойцаў Эрыха: «Каб вам гэтая ежа ўпоперак горла стала! Каб вы белага свету не бачылі, калі вы знішчылі такога чалавека! Каб вас яма пазавальвала! Каб вам век дабра не было!»

Калі вярнулася ў хату, убачыла, што муж ужо налівае кілішкі. Самагонку ён далёка не хаваў, звычайна трымаў у судніку, разам з посудам.

— Серафім, а каўбасы ў цябе не знойдзецца? — спытаў адзін з трох партызанаў, якія сядзелі за сталом.

— Каўбасы няма, а сцягно на вышках вісіць. Зараз прынясу.

Серафім з нажом пайшоў у сенцы. Надзя паставіла талеркі на стол, нарэзала тоўстымі лустамі хлеб. Леванюк паляпаў яе ніжэй спіны рукою. Яна злосна зірнула на яго і адышла да запечка.

— Бач, якая наравістая! — злосна сказаў Леванюк. — Як з фашыстам, дык яна — вась-вась, а з партызанам — кусь-кусь! Ты тут не вельмі. Аб’ездзім! Га, хлопцы!

Мужчыны за сталом засмяяліся. Надзя нічога не адказала, толькі падумала: «Хутчэй бы Серафім вярнуўся! А хіба ён за мяне заступіцца? Ён жа сам сябе абараніць не можа, цяльпук гэты!»

Серафім узрушана-вясёлы ўвайшоў у пакой, паклаў на стол ладны кавалак мяса.

— Вось гэта ежа! — пацёр далоні Леванюк. — Каб пасля такой вячэры ды бабу цёплую пад бок! Зусім райскае жыццё было б.

— Дык у цябе ж ёсць жонка, — сказаў Серафім. — Зайдзі, яшчэ ўся ноч наперадзе.

— Развёўся я з ёю за тое, што дзяцей не ўпільнавала.

— Гэтыя бабы — адна распуста. Ні на што не вартыя, — сказаў Серафім, падсаджваючыся да стала. — Ну вып’ем, хлопцы, за ўсё добрае ў нашым жыцці. Будзьце здаровыя!

Мужчыны выпілі, пачалі закусваць. Было відно, што яны вельмі галодныя, бо елі моўчкі і хутка. Праз колькі хвілін міскі апусцелі, і Надзя зноў пайшла набіраць капусту, гуркі і наразаць сала. Са злосцю яна думала пра Леванюка, што пакараў ужо яго Бог страшнаю караю, забраў дзяцей, а ён не пакаяўся, а працягвае жыць, быццам нічога не здарылася. Леванюк хаваўся ў лесе з самага пачатку вайны. Нехта яго выдаў. Прыехалі немцы арыштоўваць, а гаспадара з гаспадыняю няма, толькі дзеці дома. Немцы хату падпалілі. Дзве Леванюковы дачкі-блізняткі згарэлі зажыва. Вось і вінаваціць ён жонку, што схавалася, а дзяцей пакінула. А сам жа ва ўсім вінаваты. Не хоча прызнаць, што дзеці праз яго загінулі.

Надзя паставіла закуску на стол, а сама палезла на печ, дзе стаілася і ціхенька аплаквала Эрыха. З таго часу, як дазналася пра ягоную смерць, яна пачала насіць чорную хустку ды ўсё прыслухоўвалася да штуршкоў у жываце, гэта падавала знакі Эрыхава дзіця. Часам яна хадзіла на дарогу і доўга стаяла на тым месцы, дзе загінуў Эрых, размаўляла з ім, расказвала пра ўсё, што адбывалася з ёю.

Аднойчы якраз там, на дарозе, і сустрэў яе солтыс Баранчык, павітаўся, спытаў:

— Чаго ты, Надзя, тут стаіш?

— Хацела святаянніку назбіраць, — зманіла жанчына.

— Добра, што я цябе сустрэў. Табе ліст прыйшоў. Трымай.

Надзя з недаверам узяла белы канверт, і сэрца яе закалацілася ад радасці. Ліст прыслаў Эрых. Ён быў жывы!

— Дзякую, пане солтыс, — разгублена падзякавала яна.

— Чым ты прычаравала таго афіцэра, што нават лісты табе піша?

— Якое тут чараванне, пане солтыс? Вайна. Цяжка ўсім. Вось і цягнуцца людзі адно да аднаго. Маладзенькі ён. Я яму была за сястру і за маці.

— Яно ў жыцці ўсяляк бывае, — згадзіўся солтыс. — Бывай здаровая.

Ён сцебануў каня і паехаў далей. А Надзя дрыготкімі рукамі разадрала канверт і ўпілася вачамі ў паперу, да якой дакраналіся Эрыхавы рукі. Яна чытала, плакала, перачытвала зноў і зноў. Эрых пісаў: «Добры дзень, мая цудоўна пастушка! Мяне так нечакана выслалі на фронт, што я не паспеў ні папярэдзіць цябе, ні развітацца з табою. Германіі патрэбны не інжынерычыгуначнікі, а салдаты, здатныя сядзець у акопах, страляць і забіваць. Што б ні здарылася са мной, ведай, што я кахаю цябе. І калі мая душа заўчасна адляціць на неба, я буду чакаць цябе там, мая дзівосная пастушка. Я ведаю, што ты чакаеш наша дзіця. Калі народзіцца ў нас сын, назаві яго Георгіем, калі дзяўчынка — няхай будзе яшчэ адна Надзея. Надзея на нашу будучую сустрэчу. Горача цалую і абдымаю цябе. Застаюся кахаць і сумаваць. Твой Эрых».

З гэтым лістом Надзя не разлучалася. Удзень яна насіла яго пад сарочкаю на грудзях, нанач клала пад падушку і жыла надзеяю, што аднойчы вернецца яе Эрых, каб ніколі-ніколі не разлучацца.

11

Аднойчы, сустрэўшыся з паліцыянтам са Сцяблова, які прыязджаў арыштоўваць Зосю, Гардзей даведаўся, што Пуха расстралялі.

— Сабаку — сабачая смерць, — сказаў Антону, так звалі паліцыянта, Гардзей. Хоць я не жадаў яму такога канца, спадзяваўся, што з ім разбярэцца суд, і я даведаюся, чым быў атручаны. На жаль, цяпер ужо. А што з астатнімі? З Марфаю?

— Марфу і іншых выслалі ў Германію. Толькі твайму сваяку Серафіму пашанцавала, выпусцілі яго, дзякуючы жонцы і яе немцу-палюбоўніку, — сказаў паліцай.

12

Непрыкметна за справамі ды турботамі настала слотная восень. Завяршыліся ўсе палявыя работы, і цяпер сям’я Рахубаў звычайна знаходзіла сабе які занятак у хаце. Зося з Паўлінай, зрэдку перакідваючыся словам, пралі кудзелю. Сядзелі яны на розных лавах, слінявілі пальцы, скручвалі ніткі. Паўліна прала тоненька-тоненька, у Зосі нітка атрымлівалася тоўстая з-за таго, што жанчына дрэнна бачыла. Ораст прымасціўся на ўслончыку і плёў лазовы кошык. Справа ў яго ішла не надта хутка, лаза ўпарта не хацела класціся так, як трэба. Гардзей тым часам рабіў справаздачу, колькі зерня сабралі, колькі здалі на падтрымку нямецкага войска і не прыслухоўваўся да размоў жанчын, але Зося аклікнула яго:

— Гардзей, ты чуеш? Серафіміха сына нарадзіла.

Гардзей, не адрываючы галавы ад справаздачы, адказаў:

— Ну і дзякаваць Богу. Няхай расце здаровы.

— Гэта ж дзіця ад таго немца, што ў іх кватараваў, — удакладніла Паўліна.

— А хто гэта ведае, ад немца ці ад Серафіма?

— Дык сам Серафім і казаў, што нарадзіўся немец. Але, кажуць, вельмі прыгожае дзіцятка, як лялька. Такія толькі ад сапраўднага кахання нараджаюцца, — адказала сястра.

— Можа, Зося, трэба было б схадзіць у адведкі? Ён жа табе брат, — прапанаваў Гардзей.

— Ага, ён майго бацьку на той свет паслаў, а я пайду ягонага вылюдка падарункамі адорваць. Не дачакаюцца! — абурылася Зося. — Як табе хочацца, дык сам ідзі і праведвай.

— Яшчэ не хапала мне турботы!

Паўліне падабалася, калі брат сварыўся з нявесткаю, тады яна душыла ў сабе незразумелы смех. Гэта не была радасць, а хутчэй горкі сарказм. Яна была перакананая, што ніякая жонка не можа быць лепшаю за сястру, бо па сутнасці жонка — чужы чалавек. Калі Гардзей і Зося аціхлі, Паўліна прадоўжыла апавядаць пра жыццё Серафіма і Надзі. Пра гэта яна даведалася ад маладзіц, калі хадзіла ў вёску:

— Кажуць, што той немец прыслаў Надзі ліст і загадаў назваць сына Георгіем. Так немаўля і ахрысцілі. А Серафім спачатку нічога і не ведаў. Але аднойчы знайшоў той ліст у Надзі пад падушкаю. Як прачытаў, дык давай яе малаціць! Па дварэ за косы валачыў! А яна маўчала, ні слова, ні слязінкі! Пакуль прытомнасць не страціла!

— Мала ён ёй даў. Трэба было насмерць забіць! — злосна сказала Зося.

— За каханне забіваць нельга. Палюбі бліжняга свайго, — вучыць Біблія, — з блудліваю ўсмешкаю адказаў Гардзей.

— Якое гэта каханне? Гэта распуста. З Серафімам венчаная, а жыла з немцам, — злосна сказала Зося.

— Гэты немец Серафіму жыццё выратаваў, — нагадала Паўліна. — Можа, Надзя сабою ахвяравала, каб выратаваць твайго брата.

— Ага, ратавала яна! Толькі Серафіма забралі, дык яна і пачала жыць з немцам. І пасля ён да яе ездзіў. Людзі казалі, што немец прыедзе, з Надзяю балюе ў хаце ды цешыцца, а Серафім жоўты ад гневу ходзіць па ваколіцы, месца сабе не знаходзіць.

— Сам вінаваты, такі слізняк. Я б таго немца сваімі рукамі задушыў бы, — сказаў Гардзей з пагардаю.

— І сам загінуў бы. А Серафім усё-ткі выжыў, — разважліва дадала сястра. — Дзіця, ад каго б яно ні было, нічым не вінаватае. Яму Бог даў жыццё, дык няхай жыве.

— Такая сучка будзе нараджаць без шлюбу ад першых сустрэчных, а мы будзем апраўдваць і хваліць? Ніколі гэтага не будзе! — злосна сказала Зося.

Паўліна хмыкнула, падцяла ніжнюю трохі абвіслую губу і з дакорам сказала:

— Ты ж сама без шлюбу нарадзіла.

Зося падскочыла з лавы, кінула верацяно, схапілася рукамі за галаву і загаласіла:

— Людзі добрыя, ды што ж гэта робіцца? У маёй уласнай хаце мяне зневажаюць! Ды як жа мне жыць, сіраціне? Хто ж мяне абароніць ад няславы? Хто заступіцца? Колькі ж я буду трываць гэты здзек? Паспачувала я ёй, гэтай гадзіне, пусціла да сябе ў дом, падзялілася хлебам і дахам, а яна мяне пры маім сыне і мужы брудам аблівае! Ці ж я па чужых руках хадзіла? Ці ж я распуснічала? Ці ж я.

— Сціхні! Здурэла ці што? — галосіш, як па нябожчыку! — крыкнуў Гардзей, ніжняя губа ў яго адвісла, як у Паўліны, і задрыжэла ад гневу.

— Вы абое зневажаеце мяне! Абое здзекуецеся, а я павінна трываць! Пайду, пайду ў свет ад вас!

Зося, не апранаючыся, выскачыла з хаты, яе постаць мільганула за акном.

— Навошта ты чапала гэтую вар’ятку? — упікнуў сястру Гардзей.

— Я сказала праўду. Толькі і ўсяго. Нічога. Пасядзіць у свайго дзядзькі Карпа, супакоіцца і вернецца.

Ораст адклаў убок недаплецены кошык, падняўся, атрос нагавіцы і сказаў:

— Пайду ўгавару маму.

— Ідзі, ідзі, сынок, занясі ёй якую адзежыну. Прастудзіцца можа.

Ораст няспешна апрануўся, зняў з цвіка матчыну світку і хустку. Выйшаў за дзверы.

— Не чапай яе больш, — папрасіў Паўліну Гардзей.

— Я не вінаватая, што яна праўды не любіць.

— Ты трымай сваю праўду пры сабе, і тады нікому не будзе шкоды.

— Пайду я ад вас. Пайду да Адаркі.

— Якраз там цябе і чакаюць, дзе чацвёра дзяцей. Хоць яна нам і сястра, але ж свая сям’я ёй даражэй.

Паўліна затуліла твар рукамі і заплакала, прамаўляючы:

— Нікому я не трэба. Няма мне да каго і галавы прытуліць! Ва ўсім ты вінаваты. Не пусціў замуж. Зараз бы ў мяне быў муж і дзеці. А я.

Гардзей падняўся з-за стала сеў побач з сястрою. Пагладзіў яе па галаве, як малую, пачаў супакойваць.

— Не плач. Я нікому цябе ў крыўду не дам. Усё будзе добра. Не звяртай увагі на Зосю. Я тут гаспадар. Як скажу, так і будзе. Ціха! Годзе!

Словы спагады выклікалі ў Паўліны новы прыліў істэрыкі. Яна прыпала да Гардзеевых грудзей і заплакала наўзрыд.

13

Солтыс пацягваў самакрутку, з задавальненнем жмурыў вочы ад едкага дыму, так што зрэнкі амаль хаваліся ў складках між павек. Гардзей адсунуўся на край стала, каб не ўдыхаць атрутны пах, але дым доўгімі шэрымі пасмамі абвіваў яго, здавалася, з усіх бакоў, ад чаго дзерла ў горле.

— Што ты ў гэтым курыве знаходзіш? — спытаў Гардзей. — Такі смурод, няма чым дыхаць.

— Па звычцы, браце. Уцягнуўся неяк сам сабою па дурноце, па маладосці, а цяпер кінуць не магу. Карціць. Што тут зробіш? Пачытай вось новы Дэкрэт аб утварэнні самаахоўных вёсак ды давай падумаем, што будзем рабіць, — адказаў солтыс.

Гардзей узяў газету, у якой на першай старонцы быў надрукаваны дэкрэт, хутка прачытаў, устрывожана зірнуў на Баранчыка:

— Дык што, немцы скапыціліся?

— Ты ж бачыш.

— Выходзіць, яны са сваім магутным войскам не змаглі адбіцца ад бальшавікоў, а мы выйдзем сялом і абаронімся ад Чырвонай Арміі. Ці ад каго нам бараніцца?

— Гардзей, не прыкідвайся дурнем. Загадана ствараць самаахову, будзем ствараць. Па ваенным часе загады не абмяркоўваюцца.

Гардзей памаўчаў, спрабуючы ўявіць тую самаахову, але зноў раздражнёна спытаў:

— І хто па-твойму пойдзе ў самаахову?

— Ты ды я, а яшчэ падлеткі за вайну падраслі.

— Ты хочаш гэтых дзяцей бязвусых накіраваць супраць рэгулярнага вой­ска? Ці, можа, баб збіраешся мабілізаваць?

— Калі не хочаш загінуць сам і прывесці да пагібелі сям’ю, рабі, што загадана. Стварай самаахову, накіроўвай моладзь у Беларускую службу «Бацькаўшчына», у Беларускую Краёвую Армію, чорту лысаму ў пашчу. Усё гэта само сабою разваліцца, калі немцы адступяць. Раскруцілася, пакацілася назад кола вайны. Яго ўжо не стрымаць. А нас ціснуць з двух бакоў. Немцы сабе трымаюць пад прыцэлам, партызаны — сабе, а прыйдуць саветы — дадуць дык дадуць. Ці чуў? Антона, паліцая са Сцяблова, пасеклі на кавалкі і пакінулі пад сасною.

— Хто?

— Адкуль я ведаю. Напэўна ж, партызаны.

— А што з намі будзе? — устрывожана спытаў Гардзей.

— Дрэнна нам будзе. Але, калі добра падумаць, дык можна неяк прыстасавацца да новай улады, калі адразу не расстраляюць.

— Ты збіраешся сядзець і чакаць смерці?

— Не ведаю, — адказаў солтыс. — Стары я ўжо, як-ніяк пад семдзесят валіць. Немцам такі ваяка не трэба. З сабою не возьмуць. Што будзе, тое і прыму. Ты яшчэ малады, можаш адступіць з немцамі, выехаць за мяжу, а там, куды хочаш. Безумоўна, табе лепш у Амерыку махнуць, тым больш што ёсць на першым часе ў каго спыніцца. Там жа Зосіна сястра ўжо абжылася. Зрэ­шты, у Амерыцы шмат людзей з Берасцейшчыны. Не прападзеш.

— Не ўяўляю свайго жыцця без гэтай зямлі.

— Ляжаш у гэтую зямлю навечна ў свае сорак гадоў з хвосцікам. Такая будучыня цябе грэе?

— Ты лічыш, што мне трэба ўцякаць?

— У цябе, Гардзей, свая галава на плячах. Думай сам. Спіс насельніцтва вёскі маеш? Ты ў нас чалавек пісьменны, складзі спіс людзей, прыдатных служыць у самаахове, а далей пабачым, што будзе.

— Добра, зраблю, — вяла адказаў Гардзей. — Я пайшоў.

— Ідзі.

Гардзей выйшаў з хаты, зажмурыўся ад сляпучага красавіцкага святла. Была самая пара думаць пра сяўбу, а тут, аказваецца, трэба рыхтавацца да бою з Чырвонай Арміяй. Вось табе і непераможная Германія, якая скарыла ўсю Еўропу, а тут скрышыла зубы! Але якая яму справа да чужой краіны? Трэба ратаваць сваю галаву. «Што будзе з Зосяю і сынам? Няўжо ім будуць помсціць за мяне? — з трывогаю падумаў Гардзей. — Недзе ж я чытаў, што ў саветаў прынята, што сын за бацьку не адказвае.»

Па дарозе ён вырашыў наведаць Марка. Пасля доўгага маўчання, яны зноў пачалі размаўляць, і гэта цешыла абодвух. Марк сядзеў на лаве, падшываў дратваю старыя боты.

— Заходзь, Гардзей, пасядзі, — запрасіў гаспадар.

Гардзей сеў побач з Маркам, спытаў:

— Як жывеш?

— Сам бачыш як. Апошнія боты даношваю. З гэтымі вызваліцелямі з Усходу ды з Захаду хутка без штаноў застануся. Добра, што лапці ўмею плесці, а так бы.

— Дзе твае сямейнікі?

— Халера іх ведае. Швэндаюцца недзе гэтыя лайдакі: і жонка, і дзеці. А што чуваць? Ці хутка вайна скончыцца?

— Мусіць, хутка, — няпэўна адказаў Гардзей.

— Што, далі рускія немцам па храпе?

— Даюць да гэтага часу, — крыва пасміхнуўся госць.

— Цябе чырвоныя, відаць, распнуць.

Апошняя фраза, сказаная Маркам, балюча ўразіла і нават пакрыўдзіла Гардзея, але ён стрымаўся і спытаў:

— Як лічыш, што мне трэба рабіць?

— Не ведаю, мабыць, трэба ўцякаць, як мага далей і як мага хутчэй.

— Мабыць, трэба, — сказаў Гардзей і дадаў, — бывай, Марк, рады быў пабачыць. Жыві шчасліва.

— Бывай, — адказаў Марк, абразаючы дратву і аглядаючы вынікі свайго шытва. — А няблага атрымалася.

Калі ён падняў вочы, Гардзей ужо зачыніў за сабою дзверы ў сенцы. Марк нават пашкадаваў, што сусед не ацаніў ягонае штукарства.

Некалькі дзён Гардзей абдумваў становішча, у якое трапіў, прыкідваў то так, то гэтак, але нарэшце вызначыўся канчаткова, праўда, пра сваё рашэнне ні жонцы, ні сястры нічога не сказаў. Аднойчы ён паехаў у Берасце да доктара і дамоў больш не вярнуўся.

Зося з Паўлінаю хадзілі шукаць яго ў Берасце, але Гардзея нідзе не было. Ні ў турме, ні ў пастарунку, ні ў доктара. Солтыс Баранчык таксама нічога пэўнага пра яго не мог сказаць. Паўліна пачала аплакваць брата, галасіла, заломвала рукі.

— Сціхні! — абарвала яе Зося. — Пакуль я не бачыла яго мёртвым, для мяне ён застанецца жывы. Грэх — аплакваць жывога.

— Ён жа хворы на галаву. Мо найшло на яго што, дык і пайшоў немаведама куды. А немцы разбірацца не будуць. Пальнуць — і гатова!

— Гэта толькі твая выдумка. Гардзей не дурань, каб падстаўляць грудзі пад нямецкія кулі. Ён нават калі быў моцна хворы, памяці не губляў, толькі рваўся адпомсціць тым, хто яго атруціў.

— Апошнія дні перад тым, як знікнуць, ён хадзіў нейкі насуплены. А, можа, і партызаны забілі!

— Гардзей лепш за нас ведае, што і як рабіць. Набярыся цярпення. Будзем чакаць.

З таго дня Паўліна хоць і бедавала па браце, але моўчкі. З Зосяй яны больш не сварыліся, часам толькі раіліся, што і як лепш зрабіць па гаспадарцы. Кожная цягнула сялянскую працу, мужчынскую і жаночую, без скаргаў і нараканняў, прымаючы той лёс, які ім выпаў.

Праз месяц немцаў выгналі з Брэстчыны, пачала ўсталёўвацца савецкая ўлада. Праўда, змена рэжыму амаль не закранула жыццё хутаранцаў. Пакутліва і доўга цягнуўся першы год вызвалення, галодны і цяжкі. Партызана Леванюка, які быў паранены ў нагу і прыкметна прыкульгваў, абралі старшынёю сельсавета. Цяпер ён з камітэтчыкамі збіраў людзей на сходы, патрабаваў плаціць падаткі. Зайшоў аднойчы пад восень на хутар да Зосі, сказаў, што хутка хутаранцаў будуць перасяляць у вёску.

— Перасяляйце, калі маеце куды, — здзекліва пасміхнулася Зося. — Мо і Паўліне хату дасце замест той, якую немцы спалілі?

— Маўчы, не чапай яго, — Паўліна тузанула Зосю за рукаў.

— Ты, баба, у мяне яшчэ заробіш на баранкі!.. Сядзіце тут, свету не бачыце! А ты ведаеш, што твой брат памёр? — раптам спытаў Леванюк.

— Няма ў мяне ніякага брата.

— А Серафім табе хіба не брат?

Зося не адказала, павярнулася і пайшла ў хату. Паўліна засталася гутарыць з Леванюком, жадаючы згладзіць дзёрзкасць нявесткі, якая неабачліва магла сказаць усё, што ў галаву ўзбрыдзе. Леванюк жа — старшыня сельсавета, начальнік. Яшчэ напіша каму трэба — мала не будзе: муж жа — вораг. Вунь солтыса Баранчыка, як ворага, узялі разам з жонкаю. Дзе яны зараз — нават дачка не ведае. Так што трэба маўчаць.

14

Зося злавала на Серафіма і ягоную жонку. Лічыла іх вінаватымі ў смерці бацькі, нават вестка пра смерць брата не змякчыла яе сэрца, напоўненае трывогаю за мужа. Вайна скончылася, той-сёй з мужчын, хто быў на фронце, вярнуўся дамоў. Але ж на большасць прыходзілі пахавальныя, маўляў, загінуў смерцю храбрых... Пра Гардзея яна нічога не ведала. Было такое адчуванне, быццам спыніўся час. Зося нешта рабіла на полі ці ў хаце, а ўсё думала пра Гардзея, шкадавала, што не паспела ні нагледзецца на яго, ні нажыцца з ім.

— Зося, Серафіма заўтра будуць хаваць, — сказала Паўліна, заходзячы ў хату. — Леванюк кажа, што там такая галеча, няма нават з чаго труну зрабіць. У нас ёсць некалькі дошак. Можа б.

Зося павярнула да Паўліны злосны твар і сказала:

— Гэта мае дошкі! А яму няхай сельсавет дасць!

— Нядобра гэтак, Зося.

— Майго бацьку таксама без труны недзе закапалі па дарозе ў Сібір, а Серафім і пальцам не паварушыў, каб яго выратаваць. Вырас жа на нашым хлебе. На гэтай лаве спаў!

— Бог з табою, рабі, як хочаш. А я пайду на пахаванне.

— Бульбу трэба капаць, а не шукаць прыгод.

— Бульба пачакае, а чалавека трэба ў апошні шлях правесці. Няма ў мяне ніякае маёмасці, дык хоць паплачу. Можа ад маіх слёз яму лягчэй на тым свеце будзе.

На другі дзень Зося з сынам капала бульбу. Не пусціла яго ў школу, няхай памагае. Хлопчык з задавальненнем гробся ў зямлі. Школу ён не любіў. Неяк піянерважатая ўпікнула Ораста, што ягоны бацька служыў у немцаў. Хлопчык адчуў у яе словах варожасць да сябе, стаў пазбягаць сустрэч з ёю. У піянеры яго не прынялі.

Ораст не вылучаўся сярод вучняў, але словы піянерважатай запалі ў душу. І ён спытаў у маці:

— Чаму кажуць, што мой бацька — вораг народа?

Зося выпрасталася, ласкава паглядзела на сына і адказала:

— Толькі дурань можа такое казаць. Не слухай нікога. Ніякі ён не вораг.

Яна абняла сына, прытуліла да сябе і сказала:

— Аднойчы ён вернецца, і ты ўбачыш, што твой бацька самы разумны, добры і прыгожы чалавек на свеце.

— Але ж ён працаваў на немцаў.

— Ён працаваў, каб мы з табою не памерлі з голаду, хоць сам быў хворы. Часта ў яго балела галава. А ён не думаў пра сваю хваробу, а клапаціўся, каб ты быў здаровы. У цябе ёсць адзін бацька, іншага не будзе, любі яго, які ёсць. Няхай яны на сваіх бацькоў глядзяць і іх судзяць. А ты свайго любі! — паўтарыла Зося. — А цяпер давай працаваць, бо нас тут з табою і зіма напаткае.

Ораст задумаўся, пачаў моўчкі выбіраць бульбу, дапамагаць маці.

Па абедзе да іх далучылася Паўліна, якая прыйшла з пахавання Серафіма.

— А чаму ты на памінкі не засталася? — здзівілася Зося, — убачыўшы яе.

— Якія там памінкі? Можа, Надзя і паставіць якую пляшку самагонкі ды міску гуркоў на закуску тым хлопцам, што магілу выкапалі. Пахавалі Серафіма ў скрынцы. Астанкі нейкага немца выкінулі, а туды яго паклалі. Палат­ном накрылі ды апусцілі ў магілу. А Леванюк яшчэ і прамову нейкую сказаў. Не сорамна яму! — Паўліна ўсхліпнула, выцерла вочы, села на зямлю, стала разграбаць корч бульбы.

— Ад чаго ён памер?

— Счарнеў увесь. Кажуць, жоўць разышлася. Увесь год хварэў.

У Зосінай душы варухнулася жаласць да брата, бо не салодкае жыццё выпала яму, сіраце. Усялякі саб’ецца з тропу без падтрымкі і нагляду. Рос, як трава пад плотам, хто наступіць, хто прытопча, хто плюне.

— А Надзя засталася з двума дзецьмі на руках. Той немчык яшчэ зусім малы. А такі прыгожанькі, як лялька.

— Праз гэтую лярву ён і загінуў. Як перажыць было мужыку, што ягоная жонка з немцам любіцца, а ён тым часам вымушаны як сабака пад плотам туляцца!

— Кажуць жа, што той немец яго выратаваў.

— Не доўга ён пражыў пасля таго выратавання. Замест хуткай смерці атрымаў марудную. Невядома, што лепш.

— Не наша гэта справа, Зося, хто як жыў. Царства нябеснае Серафіму, зямля яму пухам.

Жанчыны моўчкі ўзяліся за працу, думаючы кожная пра нешта сваё. Паўліна ўспомніла, як Надзя на пахаванні, трымаючы немаўля на руках, стаяла зажураная і ціха ўсхліпвала, як там усім распараджаўся Леванюк, як шкадавалі вясковыя бабы такога маладога нябожчыка: усяго толькі сорак тры гады!.. Але, ці ж гэта той узрост, калі трэба паміраць чалавеку, асабліва цяпер, калі усіх маладзейшых мужчын пабралі на вайну?

Думала яна і пра тое, што ёй цяпер, напэўна, ужо не выйсці замуж, бо мужчын свабодных няма, а за ўдаўцоў маладыя дзеўкі б’юцца.

— Ты казала, што Леванюк камандаваў на пахаванні? — раптам спытала Зося.

— А што?

— Нешта тут не так. Помніш, як зімою дзядзька Карп памёр, дык Леванюк і не заявіўся.

— Дык у твайго дзядзькі радні поўна, а Серафім адзін, сірата. Леванюк прадстаўнік улады. Хваліў нябожчыка, што быў добры чалавек. Працаваў у сялянскім камітэце.

— Не, нешта тут не так.

— Вядома, не так. Дзядзька ж Карп, як мы, на хутары жыў. Леванюк хутаранцаў не любіць.

— Няхай ён сваёй сарочкі не любіць. П’янюга гэты! — злосна адказала Зося, зноў унурваючыся ў працу.

Вярталіся дамоў позна. Паўліна паганяла каня, запрэжанага ў воз, на які былі нагружаны мяхі з бульбаю. Зося з сынам трохі адсталі, стомлена ішлі ўслед. На скрыжаванні сутыкнуліся з Марфаю, яна таксама ішла з поля.

— Ну што, збег твой Гардзей, а цябе адну пакінуў? — здзекліва спытала яна.

— Табе няма справы да майго мужыка. Ты сваіх байструкоў лепш даглядай, бо ім вошы хутка вушы паад’ядаюць.

— Ты маіх дзяцей не чапай! А я табе казала, што не будзеш ты з Гардзеем. Так па-мойму выйшла!

— А ты таксама ні з кім не будзеш! Няма твайго Якуба. Ён, кажуць, прапаў без вестак. Можа, да якой немкі ці полькі прыстаў, каб цябе, валацугу, не бачыць. Цьфу на цябе, выдра ты, што коням дуплі выдзірае.

— Каб ты пасчэзла! Сучка сухарэбрая! Каб табе век дабра не было! — закрычала Марфа.

— Ідзі прэч, быдла бязрогая, — агрызнулася Зося і пайшла ўперад.

— Навошта ты яе чапаеш, гэтую караўку брудную? — паўсчувала Паўліна нявестку.

— Хіба ж я яе чапала, яна сама так і лезе ў вочы як слата. Прывезла байстручку з Германіі, невядома з кім нажыла і яшчэ нос дзярэ!

Паўліна толькі ўздыхнула, думаючы, што, можа, і ёй трэба было б прыжыць якое дзіцятка, забыцца на сорам. Дзіця вырасце — будзе на старасць каму вады падаць. Але ж засталася без хаты, без гаспадаркі, няма дзе самой галавы прытуліць, а то яшчэ з дзіцем. Ніхто на парог не пусціць, што ўвесь род зганьбіла.

15

Людзі памянулі Серафіма за бедным сталом, дзе ўсяго і страў было, што куцця, бульба, смажаная капуста з грыбамі ды гуркі, і пачалі паступова разыходзіцца. Надзя паслала старэйшага сына сустрэць карову са статка, а малога пасадзіла на запечку, прыбірала са стала посуд, зносіла на прыпечак. У хаце ўсё яшчэ сядзеў за сталом Леванюк, нешта жаваў, з-пад ілба назіраў за жанчынаю.

«Сядзіць і сядзіць, быццам на лаўцы смаляной, — нязлосна падумала Надзя. — Што яму тут трэба? Няхай бы ішоў з Богам. І так на душы цяжка, а ён вісне над сталом, як крук над падлай. Напэўна, яшчэ выпіць хоча. А дзе я яму вазьму? І так у людзей пазычыла пяць пляшак. Гэта ж не вяселле, а памінкі. Ах, Серафім, Серафім. Лепш бы я цябе не ведала. Як жыць? Як дзя­цей гадаваць?»

— Не бядуй, Надзька, — раптам азваўся Леванюк, быццам пачуў яе думкі. — Савецкая ўлада цябе ў бядзе не пакіне. Дзяцей выгадуем. І ты ў мяне будзеш першая прыгажуня на сяле.

— Ай, ахвота табе, Сцяпан, казаць абы-што. Якая мне трэба прыгажосць? Тут хоць бы выжыць ды дзяцей на ногі паставіць.

— Надзя, ведай, ты не адна. Я з табою.

— Добра, Сцяпан, дзякую за падтрымку, але ідзі ўжо дахаты. Мне трэба ўпраўляцца.

Леванюк прыўстаў з-за стала, схапіў Надзю за руку, пасадзіў побач з сабою:

— Не мітусіся, пагутарыць трэба.

Надзя паглядзела ў п’яныя вадзяністыя вочкі Леванюка і сказала:

— Ішоў бы ты, Сцяпанка, адпачываць. Такі цяжкі дзень выдаўся.

Леванюк заскрыгатаў зубамі. Грымнуў кулаком па стале і крыкнуў:

— Маўчы! Я застаюся ў цябе.

— А Божачкі! Ты што гэта прыдумаў на п’яную галаву? Людзей пасаромеўся б! Што ты тут будзеш рабіць? Навошта мне гэта?

— Што буду рабіць, пытаеш? Спаць з табою! — ён моцна сціснуў Надзю за плечы.

Жанчына адштурхнула яго, ускочыла з-за стала, абурана закрычала:

— Звар’яцеў зусім! Апошні розум прапіў. Я ў жалобе мушу год хадзіць пасля пахавання! Людзі засмяюць!

— Забабоны гэта ўсё. Няхай толькі паспрабуюць! Я ім хутка раты пазатыкаю.

— Госпадзі, што ты такое кажаш! — жахнулася Надзя. — Жыві, як чалавек. У цябе ёсць жонка, вяртайся да яе. Пакінь мяне ў спакоі.

Надзя села на лаву і ціха заплакала, выціраючы куточкі вачэй ражкамі чорнай хусткі. У чорным адзенні яна здавалася Сцяпану яшчэ больш прывабнай. На бледным твары свяціліся вялізныя сінія вочы. Нават слёзы не маглі замуціць іхняй чысціні і хараства. Уся Надзіна пастава была такая вабная, што яму хацелася хутчэй садраць з яе ўсё адзенне і ўбачыць, нарэшце, яе аголеную.

— Жонкі ў мяне няма, — сказаў ён. — Яна не ўпільнавала дзяцей, значыць, загінула разам з імі. А ты, між іншым, галубка мая, з немцам спала, шчанюка з ім прыжыла. Ты, атрымліваецца, класавы вораг! Вораг вялікага савецкага народа! Ты падумала пра гэта?

— Мне ўжо ўсё роўна. Я нічога не чакаю ад жыцця. Абы толькі дзяцей падгадаваць.

Сцяпан шмыгнуў носам, выцерся даланёю і здзекліва пасміхнуўся:

— А ты ведаеш, што чакае цябе і тваіх дзетак, калі нехта з нашых вяскоўцаў напіша куды трэба, хто ты ёсць, як жыла ў вайну? Не здагадваешся? Дык я табе скажу! Дарога дальняя ў казённы дом! А дзяцей у лепшым выпадку — у прытулак! А старэйшага могуць таксама — на катаргу. І ты ніколі больш не пабачыш іх, ні жывых, ні мёртвых.

— Ну, у чым жа я вінаватая? Хіба я каму зрабіла зло? Жыла, як магла. Серафіма ратавала. А тое, што дзіця нарадзіла. Мой грэх, за яго перад Богам буду адказваць.

Надзя зноў заплакала, затуліўшы твар рукамі. Увайшоў старэйшы сын, даўганосенькі, цыбаты, вельмі падобны да Серафіма, ціха сказаў:

— Я прыгнаў карову, яна ў хляве.

— Ідзі і падаі яе, — прыкрыкнуў на хлопца Сцяпан. — Бачыш, маці спакутавалася зусім.

Хлопец узяў вядро і выйшаў.

— Ён жа не ўмее, — заступілася за сына Надзя.

— Няхай вучыцца. Ну, хадзі да мяне, чаго ты ўцякла? Будзем жыць адной сям’ёй. Пакуль ты будзеш са мной, ніхто цябе не кране. Са мной ты жонка баявога чырвонага партызана, узнагароджанага ордэнам і медалямі, старшыні сельсавета, а без мяне ты хто, падумай? Нямецкая падсцілка! Якую трэба садзіць у турму.

Надзя цяжка ўздыхнула, падышла да стала і сказала, гледзячы Сцяпану проста ў вочы:

— Прабач, Сцяпан, я ніколі не здолею цябе пакахаць.

— Мне тваё каханне і не трэба. Адно мне трэба, каб ты спала са мною і нараджала мне дзяцей! Я хачу, каб да мяне вярнуліся мае страчаныя дзеці.

— Ах, Сцяпан, Сцяпан, у вёсцы столькі ўдоў, маладых, прыгожых.

— А я цябе прыгледзеў, калі яшчэ з лесу прыходзіў. Такая ты была салодкая ягадка-малінка.

— Дай мне падумаць. Хоць месяц, два.

Сцяпан грымнуў кулаком па стале і крыкнуў:

— У гэтым доме думаць і вырашаць буду я! Калі ты хочаш выжыць і выгадаваць дзяцей, дык рабі тое, што я сказаў.

Дзіця, якое да гэтага ціха сядзела на запечку, спалоханае крыкам, заплака­ла. Надзя кінулася да яго, узяла на рукі, стала суцяшаць. Сцяпан падняўся з-за стала, падышоў да запечка, лёг на пасцель, не разуваючыся.

«Госпадзі, за што ты мяне караеш? Грэшная я, вінаватая перад Серафімам. Адкуль мне было ведаць у юнацтве, што аднойчы сустрэну Эрыха і аднаго яго пакахаю? Няўжо маё каханне — вялікі грэх? Шчаслівай я была толькі з Эрыхам. Даруй, Божа, не ведаю, што ў цябе прасіць, жыцця ці смерці. Каб не дзеці, засілілася б зараз у клуні. Але ж на каго дзяцей пакіну? Загінуць яны сярод чужых, — горка падумала Надзя. — Госпадзі, воля твая, што ты мне пасылаеш, тое і мушу прыняць. Дай мне мудрасці зразумець, дзе кара твая, а дзе ўзнагарода.»

Раздзел трэці Сустрэчы і развітанні

1

Ноччу нехта ціха пастукаў у шыбу. Зося спалохана кінулася да акна, прыжмурыла блізарукія вочы, узіраючыся ў цемру, але нічога не здолела разгледзець, спытала дрыготкім голасам:

— Хто там?

— Адчыні, — пачулася з надворку.

— Гэта ж Гардзей! — радасна ўскрыкнула Паўліна, якая пазнала братаў голас. — Гардзей вярнуўся!

Яна выбегла ў сенцы, а праз хвіліну ўпусціла ў хату худога, зарослага шчэццю мужчыну, з запалымі і стомленымі вачамі. Зосі спатрэбілася добра прыгледзецца, каб пазнаць мужа. Яна кінулася да яго, апантаная радасцю. А ён адхінуўся і сказаў:

— Я брудны, трэба памыцца, пасля разам парадуемся...

— Зараз, зараз. Вада цёплая ў печы. А можа, спярша паясі? — замітусілася Паўліна.

— Паем. Толькі трохі. Шмат мяне не карміце. У мяне цэлы тыдзень крошкі ў роце не было.

Гардзей скінуў ватоўку, павесіў яе на крук каля дзвярэй, спаласнуў рукі над цэбрыкам.

— Дзе ж ты быў, Гардзей? Столькі часу мінула! Хоць бы напісаў, ці што? — з прыхаваным дакорам у голасе спытала Зося.

— Не мог я. Пасля ўсё раскажу.

— Мы не ведалі, што і думаць. Паўліна колькі разоў і аплаквала цябе як мёртвага, а я верыла, што ты жывы. Па-мойму і выйшла. Але ўсялякае прыходзіла ў галаву. Думалі, можа, цябе партызаны забілі ці яшчэ што...

— Малайчына, што не пахавала мяне раней часу ды замуж не выйшла. Як наш сын?

— Спіць вось як пшаніцу прадаўшы, у школу ходзіць, жывём неяк, — з ціхай радасцю адказала Зося.

Гардзей сеў за стол, выпіў кубак малака з хлебам і сказаў:

— Досыць. Цяпер пайду ў сенцы памыюся. Паўліна, налі мне вады ў балею і падрыхтуй бялізну.

— Я памыю табе спіну, — прапанавала Зося.

— Не трэба, — катэгарычна адказаў Гардзей, вочы ягоныя здаліся Зосі чужымі. — Кладзіцеся спаць. Мне пасцяліце на лаве. Я і так вам усю ноч перакалаціў.

— Мулка на лаве. Кладзіся на запечку, хоць адпачнеш з дарогі, — прапанавала Паўліна.

— А ведаеце што, дзеўкі, пасцяліце мне на печы, хоць адагрэюся, бо спаць мне даводзілася ў асноўным у стагах сена.

— Вой, Божухна... — цяжка ўздыхнула Паўліна, рыхтуючы пасцель брату на печы. — Не было табе шчасця і спакою ў маленстве ды ў маладосці, няма — і ў сталасці.

— Нічога, галоўнае, што я дайшоў, вярнуўся. Адасплюся, ад’емся і будзем неяк жыць. Спіце.

Гардзей узяў газнічку, пайшоў у сенцы. У хаце ўсталявалася цемра. Зося легла на запечку, заплюшчыла вочы. Ёй згадаліся даўнія, у маладыя гады, сустрэчы з мужам, калі яны абое палалі жарсцю, згаралі ў сумесным агні жаданняў, наталяліся пяшчотаю. Чаму ж цяпер ён такі чужы і абыякавы? Няўжо Бог пакараў іх за тыя маладыя грахі, за ненароджаных дзяцей, за пакуты і праклёны, за няўменне саўладаць са сваімі пачуццямі і жарсцю? Няўжо нічога не засталося ад іхняга кахання? Толькі яскравыя згадкі, як знічкі, падаюць у душу і выпальваюць яе датла. Тады здавалася: няхай толькі ён будзе побач — і шчасце запануе ў лёсе і ў хаце. А ён побач — чужы і непадступны. Што рабіць? Як жыць? Што сказаць яму, каб ён зразумеў, што ёй немагчыма жыць без ягонага кахання, пяшчоты, ласкі? Хоць бы слова якое добрае сказаў! Яна ж гіне, як той вазон, які забыліся паліваць! А сам ён чым замяняе патрэбу ў каханні і пяшчоце? Няўжо атручэнне і хвароба вынішчылі ў ім гэтыя чалавечыя пачуцці? Так, ён хворы. Невядома, што ён перажыў за гады разлукі. Можа, каб выжыць, яму патрэбна былі толькі якая-небудзь ежа ды адпачынак?.. Вельмі ж схуднелы і страшны ён вярнуўся...

— Паўліна, ты спіш? — спытала Зося.

— Не сплю.

— Як ты думаеш, дзе ён быў увесь гэты час?

— Думаю, што ў турме. Такі ягоны лёс — пры ўсялякай уладзе мусіць у турме адседзець.

— А што далей?

— Адкуль я ведаю? Спі, заўтра рана ўставаць...

Зося аціхла, заплюшчыла вочы, а сама падумала: «Паглядзела б я, як ты заснула б, каб твой муж вярнуўся. Спі! Паспрабуй засні. Божа мой, хоць бы абняў, пацалаваў, ласкавае слова сказаў. А то быццам я не чалавек... Няхай жыве як хоча! Няхай робіць, што хоча! У мяне ёсць ягоны сын. У нас сям’я. Адагрэю яго, адкармлю, можа, вернецца з часам да розуму, адчуе ў сабе мужчыну...»

Рыпнулі дзверы, Гардзей увайшоў з газніцаю, асцярожна павесіў яе пад столлю, прыўзняў шкло, дзьмухнуў — і кнот патух. Чутно было, як ён у цемры палез на печ, а праз некалькі хвілін пачулася ягонае размеранае дыханне.

«Заснуў, — з любасцю падумала Зося. — Няхай адпачывае. Ён вярнуўся, мы, нарэшце, усе разам — гэта вялікае шчасце. У Ораста будзе бацька, разум­ны, разважлівы, які стане далучаць сына да справы. Калі-небудзь дапаможа разабрацца з арыфметыкаю. Гардзей жа быў вельмі здольны вучань у школе. Ды і так ён разумны чалавек. Вось толькі хвароба адолела».

На другі дзень, калі Ораст даведаўся, што бацька вярнуўся, радасці ягонай не было мяжы. Няхай цяпер хто пасмее сказаць, што ён сын ворага народа, кожнаму носа расквасіць! Ад хвалявання ён не захацеў нават снедаць, а ўлюбёна глядзеў на бацьку і ўсміхаўся.

— Сынок, у школу пара, — нагадала Зося.

— Іду, — адказаў Ораст, схапіў торбу з кніжкамі і, махнуўшы на развітанне рукою, выскачыў за дзверы.

— Ён вельмі вырас, — сказаў Гардзей.

— Расце, дзякаваць богу, — адказала Паўліна. — Адзення не назапасішся: то падзярэ, то вырасце з яго. Абутак таксама штогод трэба мяняць. А дзе тых грошай набрацца?

— Нічога, выкруцімся, — адказаў Гардзей. — Дайце мне толькі агледзецца. Усё ў нас будзе...

— Дзе ж ты быў, Гардзей? — спытала Зося.

— У палоне. Адступаў разам з немцамі. Ну, мяне і схапілі. Стуль — у лагер. Калі адчуў, што не выжыву, памру ад голаду, вырашыў уцякаць. І вось я дома.

— Божа, Божа, бедны мой брат, — прастагнала Паўліна.

— Гардзей, можа, табе трэба схавацца? — насцярожана спытала Зося.

— Стаміўся я хавацца. Няхай будзе што будзе. Жыў, як мог. Калі за гэта трэба адказваць, што ж, няхай судзяць. Не сядзець жа мне рэшту жыцця ў каморы, не бачачы свету Божага... Я да ўсяго гатовы, — спакойна адказаў Гардзей.

Так мог трымацца толькі той чалавек, які ўжо не раз стаяў на мяжы паміж жыццём і смерцю, але пакуль шанцавала выжываць. Цяпер ён зноў спадзяваўся на шанец: можа, не заўважаць яго адсутнасці, забудуцца, даруюць...

2

Агледзецца Гардзею не далі. Праз два тыдні па яго прыйшлі два чалавекі ў цывільным, участковы міліцыянер і старшыня сельсавета Леванюк. Вочы Гардзея бездапаможна забегалі, быццам шукаючы паратунку, але схавацца не было куды.

— Вось вам Рахуба Гардзей — сказаў участковы.

— Ну, раскажы нам пра сябе, герой, — сказаў адзін з цывільных, сухарлявы з упалымі шчокамі мужчына.

— А што расказваць? Вы ўсё ведаеце самі.

— Ведаем, але не ўсё. Хто ты ёсць насамрэч? Чым займаўся ў час вайны?

— Служыў сельскім аграномам.

— Пасля што было? Хутчэй.

— Перад адступленнем немцаў уступіў у добраахвотнае нямецкае войска. У баях удзел не браў, быў пры абозе. Каля горада Пілау здаўся ў палон, не захацеў ехаць з немцамі. Быў асуджаны на прымусовае пасяленне на шэсць гадоў. Кармілі дрэнна. Адчуў, што хутка памру, таму ўцёк дадому, каб трохі ачомацца. Акрыяў, а цяпер гатовы працягваць...

— Цяпер цябе чакае новы суд. І атрымаеш ты ўжо не як палонны, а як здраднік і нямецкі паслугач на поўную катушку! — сказаў маладзейшы ў цывільным, ружовашчокі і свежы.

Гардзей ускінуў на плечы тую зашмальцаваную ватоўку, у якой вярнуўся з уцёкаў, сказаў сямейнікам:

— Чакайце мяне.

Але тыя, што прыйшлі яго арыштоўваць, не спяшаліся. Яны пачалі вобыск. За іконаю знайшлі Каціны лісты з Амерыкі, якія яна прысылала яшчэ да 1939 года. Старэйшы ўсклікнуў:

— Ды гэта асінае гняздо! Яны маюць сувязь з Амерыкай.

Другі цывільны знайшоў на паліцы кніжку па гісторыі Украіны і нейкія паперы, надрукаваныя ўкраінскім згуртаваннем «Прасвіта».

— Ды тут акапаліся ўкраінскія нацыяналісты! — сказаў ён і спытаў у Гардзея: — Адкуль гэта ў цябе?

— Не ведаю. Гэта не мая хата. Я тут жыў у прымах. Магчыма, гісторыяй Украіны цікавілася жончына сястра, якая выехала ў Амерыку ў 1936 годзе, — адказаў Гардзей, з цяжкасцю стрымліваючы раздражненне.

— І лісты ад сястры? — удакладніў першы ў цывільным.

— Там жа ўсё напісана, адрас, прозвішча, — сказала ўсхвалявана Зося.

— Добра, будзем разбірацца.

Пакуль нкусаўцы рабілі вобыск, маўклівая Паўліна па даўняй звычцы сабрала ў дарогу Гардзею торбу з ежаю і бялізнаю. Леванюк, які з цікавасцю назіраў за тым, што адбываецца ў хаце, сказаў ёй:

— Што ты, Паўліна, турбуешся? Цяпер дзяржава пра твайго брата будзе клапаціцца. Абуе, апране і накорміць...

— І табе таго жадаю, — спакойна адказала Паўліна і адвярнулася.

— Бач ты, якая аса, — абурыўся Леванюк. — Нездарма цябе ніхто замуж не ўзяў!

— Чым ісці за такога, як ты, дык лепш век дзеўкаю звекаваць, — адрэзала Паўліна.

— Маўчаць! — сказаў сухарлявы, сеў за стол і пачаў нешта пісаць.

У хаце ўсталявалася напружаная цішыня. Калі ж нарэшце ўсе фармальнасці былі выкананы, нкусаўцы павялі Гардзея на вуліцу, пасадзілі ў газік, машына кранулася з месца. Зося ішла ўслед за ёю, пакуль тая не знікла з поля зроку яе блізарукіх вачэй. Яна думала, што скажа сыну, калі той вернецца са школы. Шкода ёй было і сябе, і Гардзея. Чаму такі незразумелы і жорсткі лёс? Яна столькі марыла, каб жыць побач з Гардзеем, клапаціцца пра яго, ствараць разам сям’ю. А калі яны аказаліся побач, дык шчасце абыходзіць іх дзясятымі дарогамі. Нейкія людзі і падзеі ўвесь час разлучаюць іх. Зося выцерла слёзы. Агледзелася. Лёгкі туман слаўся над поплавам. Раніца выдалася змрочная і па-змоўніцку ціхая. Быццам зямля замерла ў цяжкім прадчуванні нечага страшнага.

Зося пайшла па дарозе пад старыя ліпы. Ёй згадаўся той даўні вечар, калі яны з Кацяй збіралі грошы для рэвалюцыянераў. Як задаволены быў яе дзейнасцю Гардзей. Той вечар іх вельмі зблізіў. Яна адчула сябе не проста дзяўчынаю, якая кахае, але ягонаю паплечніцаю і сяброўкаю.

Ліпы стаялі, маўкліва ўзняўшы голае голле ўгору. Яшчэ быў толькі красавік. Да першай зялёнай лістоты заставаўся цэлы месяц, але пад карою ўжо рухаўся сок, абуджаў пупышкі, наталяў смагу заспанага дрэва. «Калі ж абуджуся і ажыву я? — спытала ў сябе Зося. — Ці так і засохну сухадрэвінаю, не зведаўшы ні цяпла, ні ласкі. Усе няшчасці аднойчы канчаюцца. Скончацца і мае беды, калі толькі Гардзей выжыве, выстаіць у тых выпрабаваннях, якія выпалі на ягоную долю.»

Пад павевамі лёгкага ветру хмары на небе трохі рассунуліся, з-за іх насцярожана выглянула сонца. Зося, цяжка ўздыхнуўшы, рушыла ў зваротны шлях. Яна ішла задуменная і не заўважыла скуль раптам узяўся перад ёю Леванюк. Ён сядзеў вярхом на кані, звысоку паглядзеў на Зосю і сказаў:

— Я загадаю перакапаць гэтую дарогу, каб па ёй не хадзіла жонка ворага народа.

— Па гэтай дарозе ходзіць мой сын у школу! — абурылася Зося. — Ты і яму будзеш дарогі перакопваць? Ты падумай пра сябе! Пра сваіх дзяцей! На каго ты падобны зараз? Падумай!

— Ты чаго на мяне ўз’елася, гніда. Адно маё слова — і цябе тут няма!

— Кажы, пішы свае словы, але ведай, што за ўсё давядзецца адказваць! — Зося ўзнесла руку ўгору. — Ты думаеш, за што тваіх дзяцей зажыва спалілі? Ды за тое, што ты людзей пасылаў на катаргу і на смерць!

— Забабоны ўсё гэта! Чаму ж мне нічога.

— А цябе пакінулі, каб ты жыў і пакутаваў, дакараючы сябе да смерці за грахі свае страшныя.

— Маўчы, дурная баба, бо зараз сперажу пугаю. Не доўга табе тут хадзіць засталося.

— Едзь міма, разумнік. Пажывём-пабачым, хто каго перажыве.

Зося абмінула Леванюка і паспяшала да сваёй хаты. Здавалася, спакойна размаўляла са сваім ворагам, а яе ўсю ажно калаціла ад гневу. З апошняй фразы, сказанай Леванюком, яна зразумела, што хутка прыйдуць па яе. Трэба падрыхтавацца, насушыць паболей сухароў, сабраць усё неабходнае для сябе і сына, што спатрэбіцца ў доўгай дарозе, бо знянацку, як заявяцца прыхадні, дык і не ўспомніш, што патрэбна ўзяць.

Паўліна сустрэла яе воклічам:

— Дзе ты швэндаешся? Уся работа стаіць.

— Якая работа, Паўліна? Леванюк сказаў, што хутка прыйдуць і па мяне. Каб не трапіць са мною ў адну кампанію, раю табе перасяліцца да якой з сясцёр.

— Навошта ты слухаеш гэтага балабона? Яму абы языком мянташыць!

— Я жонка ворага народа. І гэтым усё сказана.

— Няўжо гэта праўда, Зося? — не даючы веры пачутаму, спытала Паўліна.

— Нам трэба быць гатовымі да ўсяго. Ты ж бачыш, мы — хутаранцы. Сельсаветчыкам нават гэта муляе. У іх адна мэта — выселіць нас, забраць нашы бедныя пажыткі, а поле прыараць да дзяржаўнага. Зямлі ім мала! На могілках усім зямлі хопіць! Колькі таго жыцця і тое атруцяць!

— Я ўжо прывыкла да цябе. Куды ж мне падацца? Да Мані ці да Дашы?

— Не ведаю. Схадзі, пагутары з сёстрамі, а я буду сухары сушыць.

— Вой, галубка мая, няшчасныя мы з табою, — загаласіла Паўліна і абняла Зосю. — Не даў Бог нам долі! Не даў шчасця! Мала таго, што асірацелі рана, жылі як трава пад плотам, дык і цяпер разлучаюць нас, раскідваюць па свеце на пакуту і згубу... Браточак мой родны, браточак мой адзіны! Калі ж яшчэ цябе пабачу?...

Яны сядзелі на лаве і плакалі, адчуваючы, як са слязьмі сплываюць няўпэўненасць і разгубленасць, стома і страх. Зося паднялася з лавы першай, ціха сказала:

— Годзе плакаць. Трэба жыць! Трэба працаваць! Мы з табою, Паўліна, дасць Бог, перажывём усіх нашых ворагаў. Мы ж ім зла не рабілі. А яны за ўсё адкажуць!

3

Зосю з Орастам нкусаўцы забралі праз год, у канцы красавіка, пасадзілі на палутарку, загадалі ўзяць з сабою сеннікі, коўдры, дзве міскі, два кубкі, дзве лыжкі. Зося прыхапіла яшчэ з сабою адзенне і сувойчык палатна. Іх павезлі ў Жабінку на чыгуначную станцыю. Там было шмат гэтакіх жа знядоленых сем’яў. Людзі сядзелі ў памяшканні вакзала на клунках, збалелымі і трывожнымі вачамі ўзіраліся ў абыякавыя твары ахоўнікаў. Кожная сям’я пакінула абжытую хату, гаспадарку, маёмасць, якая набывалася вялікаю працаю — людзей бязлітасна вырвалі з роднага гнязда, абрынулі ў страшную невядомасць. Па сорак чалавек арыштаваных пасадзілі ў таварныя вагоны пад аховаю вайскоўцаў. Зося знайшла вольнае месца каля высокага акенца, кінула рэчы на падлогу, суцешыла сына:

— Нічога не бойся. Людзі скрозь жывуць.

— Ды я нічога. Мне нават цікава, — адказваў Ораст і пры гэтым ціха радаваўся, што больш не будзе бачыць ненавісную піянерважатую і знерваваную настаўніцу, не будзе хадзіць у школу, а проста ехаць у цягніку і глядзець у акно, назіраць за тым, што адбываецца навокал. — А куды нас павязуць?

— Не ведаю, сынок. Як прыедзем, дык і дазнаемся.

Хоць акно было высока пад столлю, Ораст пракалупаў сцізорыкам дзірачку ў драўлянай абшыўцы вагона і ўвесь час назіраў за тым, як праехалі Бела­русь, як пачалася Расія. Мільгалі нячутыя ім ніколі назвы станцый і гарадоў, мяняліся краявіды. Гэта было значна цікавей за чорна-белае кіно, якое аднойчы паказвалі ў школе. Каб ведалі хлопцы, колькі ён усяго пабачыў! Некалі сустрэнуцца, пра ўсё раскажа ён ім! Яны ж далей Крачак не былі...

Ехалі доўга, цэлы месяц, цягнік часта стаяў, прапускаючы іншыя больш важныя пасажырскія ці хуткія цягнікі. Раз у суткі прыносілі паесці чаго-небудзь гарачага. Людзі запасаліся вадою. У каго былі сухары, той так-сяк перажываў голад. Нарэшце іх высадзілі на забытай Богам станцыі сярод стэпу, дзе белая зямля іскрылася, быццам пакрытая снегам. Гэта былі саланчакі. На машынах іх прывезлі ў калгас, дзе людзі жылі ў гліняных хатках. Было тут некалькі зямлянак. Адну з іх аддалі Зосі і Орасту. Непадалёку цягнуўся канал з зялёнай, непрыдатнай для піцця вадою, удоўж яго раслі стромкія дрэвы, мусіць, таполі. Да далягляду распасціраліся палі, засаджаныя бавоўнай і кукурузай. Марыва калыхалася над стэпам, ажно ў вачах міргалі мурашкі. Сляпучае паўднёвае сонца яшчэ з вясны выпаліла тут усё да апошняй травінкі. Здавалася дзівам, як яшчэ выжыла гэтая бавоўна. Суцяшала тое, што ў гэтае, забытае Богам селішча, яшчэ раней былі выселены некалькі сем’яў грэкаў, грузінаў, немцаў. Гэтыя людзі сустрэлі папаўненне, расказалі трохі пра сваё жыццё-быццё, пра тое, з якой цяжкасцю здолелі прыстасавацца. Спачатку гінула шмат дзяцей ад дызентэрыі з-за непрыдатнай для піцця вады; паміралі жанчыны, якім не падыходзіў клімат, аднак большасць высланых выжывала.

— Вось тут мы і будзем туліцца, — сказала Зося, азіраючы зямлянку, якую ёй выдзелілі пад жытло.

— Колькі? — спытаў Ораст.

— Нейкі начальнік казаў, што нас выслалі на дваццаць гадоў.

— Вой-ё-ёй! Дваццаць гадоў? — здзіўлена перапытаў Ораст.

— Нічога, сынок, можа, над намі злітуюцца і мы здолеем вярнуцца раней.

На першым часе калгас даў перасяленцам у доўг трохі кукурузы і арэхавага алею, з умоваю, што яны адпрацуюць. І Зося пачала працаваць, ні ад якой справы не адмаўлялася.

Хоць дужая была Зося і звыклая да цяжкай працы, але дрэннае аднастайнае харчаванне і туга па радзіме кепска адбіліся на яе здароўі. Аднойчы запякло на карку, памацала і адчула пад пальцамі невялікую пухліну, якая праз тры дні непамерна вырасла. Паднялася тэмпература. Зося спалохалася, раптам з ёю нешта здарыцца нядобрае, як жа сын застанецца адзін? Хто яго дагледзіць? Няўжо так і рассеецца іхняя сям’я па свеце? Загадала Орасту паклікаць доктара Селіванава. Трэба было ратавацца.

Прыйшоў доктар, не стары яшчэ чалавек, з прыемным тварам, таксама з выселеных, агледзеў больку, сказаў, што гэта карбункул, які ўзнік хутчэй за ўсё з-за перамены клімату і недахопу вітамінаў. Прыклаў нейкую мазь. Ці то ад яе, ці ад простай чалавечай увагі Зосі зрабілася лягчэй. Яна ледзь не расплакалася расчуленая.

— Вось што, Сафія Кірылаўна, вы не хвалюйцеся, — сказаў доктар. — Г этую балячку я вам вылечу. І не з такімі хваробамі даводзілася змагацца. А яшчэ зраблю ўсё, каб вы больш у калгас на працу не хадзілі.

— А як жа мы будзем жыць? Нават за тую кукурузу, якую нам тут даюць, трэба адпрацоўваць.

— Абыдуцца. Будзеце прыбіраць мой кабінет і атрымліваць хоць і невялікую, але ўсё ж зарплату.

— Дзякуй вам вялікі, Іван Паўлавіч.

— Ачуньвайце. Заўтра зайду праведаць.

Доктар Селіванаў цэлы тыдзень наведваў Зосю, пакуль, нарэшце, не выцягнуў з нарыва карбункул. Затым прамыў рану, перавязаў, сказаў весела:

— Даю вам яшчэ тры дні на папраўку, а з панядзелка выходзьце на новую працу. У нас з вамі яе будзе шмат.

— Дзякую, Іван Паўлавіч, вы мяне з таго свету вярнулі.

— Няма за што. Гэта мой абавязак. Я з вашым сынам пазнаёміўся. Прыемны хлопец, выхаваны, думаю, мы з ім пасябруем.

— Ён розны бывае. Бачыце, расце без бацькі. Часам прапускае школу.

— А дзе ж бацька?

— Сядзіць недзе. Ніякіх вестак ад яго не атрымліваем. Спадзяюся, што жывы...

— За што яго? — спытаў доктар, потым спахапіўся. — Зрэшты, я і сам не ведаю, за што мяне выслалі.

Зося ціха ўздыхнула і сказала:

— Бедныя людзі, пакутуюць невядома за што. Ці можна ўжо легчы на бок? А то ж столькі дзён толькі на жываце ляжала з-за балячкі.

— Можна. Цяпер усё можна. Чакаю вас з нецярплівасцю на працу.

Іван Паўлавіч выйшаў, а Зося з радасцю падумала, што свет не без доб­рых людзей. Неяк выжывуць яны з Орастам у гэтай глухамані, а прыйдзе час — вернуцца дамоў, нават калі ім давядзецца пражыць тут дваццаць гадоў. Хто ведае, колькі ім адмерана лёсам? Яна згадала свой садок, асірацелую хату і ціха заплакала ад тугі і смутку.

4

Зося хадзіла на працу па абедзе, мыла падлогу, прыбірала кабінет доктара Селіванава, а потым ужо ўвечары мыла медыцынскі посуд, стэрылізавала яго. Усё зіхцела ад аконнага шкла да стала, за якім прымаў хворых доктар. Сачыла, каб і ягоныя халаты былі заўсёды чыстыя.

Аднойчы, а здарылася гэта трыццаць першага снежня, доктар затрымаўся на працы. Сядзеў, нешта пісаў за сталом і замінаў рабіць звычайную справу Зосі, якая спяшалася дамоў, бо хацела сустрэць Новы год разам з сынам і штонебудзь смачнае згатаваць на вячэру.

— Чаго гэта вы, Іван Паўлавіч, так запрацаваліся? Усе людзі рыхтуюцца святкаваць. А вы ніяк ад службовых абавязкаў не можаце вызваліць душу.

— Добра мне з вамі, Сафія Кірылаўна, вось і не хочацца ісці дахаты. Давайце мы з вамі сустрэнем Новы год. Тут у мяне трохі спірту ёсць. Нейкае сала яшчэ вядзецца. Дыню купіў на рынку ў райцэнтры.

Селіванаў дастаў з шафы колбу са спіртам і закуску, запрасіў Зосю:

— Адкладзіце свае анучы. Сядайце да стала.

Зося вынесла памыйнае вядро, вымыла рукі, прыгладзіла пышныя валасы, урачыста села да стала. Селіванаў напоўніў спіртам дзве мензуркі, перад Зосяй паставіў шклянку вады, пачаў свой тост:

— Давайце, Сафія Кірылаўна, вып’ем за Новы 1953 год. Няхай ён прынясе нам шчасце, добрае здароўе і ўсё найлепшае ў нашым жыцці.

— Няхай так і будзе. Будзьце здаровы, Іван Паўлавіч, — адказала Зося, падняла мензурку, чокнулася з доктарам і выпіла спірт, які, здаецца, апёк рот агнём, тут жа не ўдыхаючы паветра, запіла вадой.

— Малайчына. Вы проста геройская жанчына, — пахваліў Зосю доктар.

— Божа мой, я і не помню, колькі гадоў гарэлку не каштавала, — усміхнулася яна.

— У такім разе закусвайце, — Селіванаў паклаў перад ёю лусту хлеба, з нарэзанымі кавалачкамі сала.

— Дзякую... Смачнае сала, як дамашняе. Ведаеце, я трымала дома па некалькі свіней. Адну рэзалі да каляд, другую на масленіцу.

— Добрая вы гаспадыня, адразу відно. Усё гарыць у вашых руках. Вы мне з першай сустрэчы вельмі спадабаліся, калі той карбункул да вас прычапіўся.

— Я нават не ведаю, як вам аддзячыць за ўсё-ўсё, — з захапленнем ска­зала Зося.

— Нічога не трэба. Людзі павінны дапамагаць адно аднаму. Я, дарэчы, даўно хацеў пагутарыць з вамі на адну важную тэму. Ды не ведаю, як пачаць.

Зося зацікаўлена зірнула на Селіванава і сказала са шчыраю ўсмешкаю:

— Ды гаварыце, не саромейцеся. Я жанчына простая, усё зразумею.

Селіванаў памаўчаў, пасля дастаў з кішэні пачак «Казбеку», закурыў, хаваючы вочы за аблачынкаю дыму і ціха сказаў:

— Нам, Сонечка, давядзецца тут яшчэ доўга кантавацца. Мая жонка напісала мне, што падала на развод. Твой муж таксама невядома дзе. Я быў бы шчаслівы аб’яднаць нашы лёсы і ісці поруч па жыцці.

Зося зніякавела, твар заліло чырванню. Яна прыгладзіла валасы і сказала дрыготкім голасам:

— Іван Паўлавіч, дарагі, што заўгодна, толькі не гэта! Я паклялася сабе, што ніколі не здраджу мужу, пакуль ён жывы! А ён жывы! Я перакананая! Я буду чакаць яго заўсёды! Прабачце, што я вас расчаравала, але гэта мая горкая праўда. Кахаю я яго вельмі! Ён доўга прыглядаўся да мяне, выбіраў, перабіраў. А я больш за дзесяць гадоў аднаго яго чакала, хоць іншыя хлопцы сваталіся да мяне!

— Добра, годзе... Я ўсё зразумеў, — пахмурна сказаў Селіванаў, наліваючы мензуркі.

Зося падхапілася з-за стала, ускінула на плечы паліто.

— Я пайду, Іван Паўлавіч. Мяне сын чакае. Бывайце здаровы...

— Ідзіце, што з вамі зробіш. Пачакайце. Вазьміце дыню, перадайце ад мяне ў падарунак вашаму сыну.

Селіванаў паднёс Зосі дыню, аддаючы яе, патрымаў у сваіх далонях Зосіны, нацягнута ўсміхнуўся:

— Прабачце, калі што не так. З Новым годам, Сонечка.

Ён нахіліўся і пацалаваў Зосю ў шчаку. Яна спалоханай птушкай выпырхнула за дзверы, бо раптам адчула, што ёй вельмі сімпатычны гэты чалавек, і душа міжволі цягнецца да яго.

Сышла з ганка, убачыла над сабой чорнае неба і бухматыя зоркі, якія праменіліся ў марозным паветры і, здавалася, калолі ў зрэнкі. Зося схавала пад палу дыню, каб не падмерзла, і заспяшалася дамоў.

Сын сустрэў яе нездаволеным пытаннем:

— Чаму ты сёння так доўга?

— Канец года, трэба было ўсё як след прыбраць, каб леташні бруд не заставаўся на свята.

— Я так есці хачу!

— Зараз што-небудзь зварым. А табе доктар Селіванаў дыню перадаў.

— Якая смаката! — Ораст з асалодаю панюхаў дыню і сказаў: — Не трэба нічога варыць. Дыняю павячэраем.

Ён разрэзаў нажом духмяную мякаць, дастаў з сярэдзіны насенне, паклаў асобна ў міску. А дыню парэзаў на тонкія лустачкі.

— Сёння да нас у школу Дзед Мароз прыходзіў, кінуў некалькі цукерак. Мы за іх біліся, але мне нічога не дасталося, — сказаў Ораст.

— Весела было?

— Якая там весялосць? Дзеўкі скакалі пад балалайку, а мы, хлопцы, глядзелі. Вось і ўсё. Затое цяпер пачнуцца канікулы! Любата!

— Адпачнеш, — сказала Зося, думаючы пра Селіванава, як цяпер будзе з ім працаваць і як наогул паводзіць сябе? Рабіць выгляд, што нічога не здарылася? Ці як?

Праз дзень яна прыйшла на працу. Заўважыла, што Селіванаў пазбягае сустракацца з ёю позіркам, адчувае сябе няёмка. «Давядзецца мяняць працу, — падумала Зося. — А я ўжо так прывыкла на гэтым месцы. Трэба нешта прыдумаць. Добра было б наогул з’ехаць адсюль, але куды і як дабіцца дазволу?»

Праз месяц яна атрымала ліст ад Гардзея з Варкуты. Адшукаў ён яе праз сястру Паўліну. Пісаў, што працуе на шахце, але захварэў, цяпер знаходзіцца на лячэнні. Пісьмо было кароткае і цёплае, асабліва сагрэлі Зосю чатыры вершаваныя радкі:

Я на поўначы далёкай, Ты на поўдні, промнік мой. Хоць нас доля разлучыла, Мы сустрэнемся з табой.

Гэта быў яе Гардзей. Яго не змяніла турма! Такога яна памятала і кахала. У той жа дзень Зося, вяртаючыся з бацькоўскага сходу са школы з грэкам, які працаваў брыгадзірам у калгасе, сказала, што хацела б выехаць з паселішча ў райцэнтр, там лягчэй знайсці працу, а ёй трэба карміць сына. За сувойчык палатна ён згадзіўся дапамагчы Зосі памяняць месца жыхарства. У райцэнтры знайшлася для яе праца — упакоўваць у мяшкі бавоўну. Кватэру яна зняла ў знаёмага брыгадзіру бяздзетнага грэка. У Ораста пачалося новае жыццё ў новай школе. Яму тут больш падабалася, бо ў вёсцы школа была казахская, а тут руская. Там, не ведаючы мовы, ён толькі адседжваў заняткі. Яму ставілі тройкі і пераводзілі з класа ў клас, бо і так ён быў пераростак, страціў чатыры гады, пакуль ішла вайна. Тут жа ў яго завялося шмат сяброў: грэкаў, татар, грузінаў, чэчэнцаў, кабардзінцаў. Цяпер Зося рэдка яго заставала дома. З новымі сябрамі Ораст рабіў хатнія заданні, нешта ў некага спісваў, нечаму ў некага вучыўся, але ў новай школе ў сына з’явіліся першыя чацвёркі, гэта радавала маці.

5

Праца ў шахце, цяжкая і небяспечная, пры слабым харчаванні забірала шмат сілы. Гардзей стараўся не думаць пра тое, што яму давядзецца гэтак пражыць цэлых дваццаць гадоў, на якія яго асудзілі. Ніхто ў лагеры столькі не здолеў бы выжыць па той простай прычыне, што ў шахтах час ад часу здараліся аварыі: завалы, падтапленні, узрывы метану. Гінулі людзі. Катаржнікаў ніхто не імкнуўся ратаваць. Пашанцавала Гардзею ў тым, што побач працавалі вольнанаёмныя, якія з разуменнем і па-чалавечы ставіліся да гаротнікаў-катаржан, не шкадавалі ім лусты хлеба з салам ці шклянкі гарачай гарбаты з тэрмаса. На Гардзеевым адзенні, як і ў многіх асуджаных, таксама, «красавалася» літара «к», што азначала «катарга». Ён мусіў дзяліць долю катаржан, стараўся меней думаць пра невядомую будучыню, пра невыносна цяжкае сёння, а прымаў усё, што пасылаў яму лёс, і з дзіцячай непасрэднасцю ўзіраўся ў свет навокал, рабіў маленькія адкрыцці і радаваўся гэтаму. Часам нават думаў, што зусім невыпадкова прывялі яго неміласэрныя шляхі ў халодны край, можа, для таго, каб менавіта ён, селянін, які шмат працаваў на зямлі, убачыў яе нетры, спасціг таямніцы яе стварэння, што застаюцца пакуль недаступнымі мудрым навукоўцам, бо тыя вырашаюць навуковыя задачы, пераважна седзячы ў кабінетах. Мабыць, з-за таго, што не губляў цікавасць да жыцця, хваробы доўга яго не бралі. Аднак штодзённае ўдыханне на працягу некалькіх гадоў вугальнага пылу ўсё ж кепска адбілася на здароўі. У Гардзея выявілася цёмная пляма на лёгкіх. Хвароба пачалася з моцнага кашлю і высокай тэмпературы, таму яго і паклалі ў шпіталь. Пакуль абследавалі ды лячылі, Гардзей у вольны час нарэшце заняўся сваімі запісамі, якія даўно выношваў у галаве. Зрэшты, гэта былі не проста нейкія думкі ці дзённікавыя нататкі. Гардзей выказваў пэўную навуковую гіпотэзу, а свой ліст збіраўся паслаць у Акадэмію навук СССР. На вокладцы вучнёўскага сшытка ў лінейку ён напісаў назву трактата «Навука аб паходжанні выкапневых матэрыялаў. Прычыны землятрусаў і вулканічных вывяржэнняў. Гіпотэза аб паходжанні планет Сонечнай сістэмы».

Яшчэ ў юнацтве, пабачыўшы ў кузні шлак ад спаленага вугалю, ён паставіў пад сумненне тое, што вугаль утварыўся з акамянелых лясоў, як было напісана ў падручніку фізічнай геаграфіі. Працуючы ў шахце за Палярным кругам, Гардзей назіраў за тым, як размяшчаюцца вугальныя пласты з рознымі праслойкамі. Тое ж ён заўважаў і ў кавалках каменнай солі. У выніку назіранняў у яго ўзнікла пытанне: калі сапраўды каменны вугаль утварыўся з акамянелых раслін, тады з чаго ўтварыліся каменная соль і іншыя мінералы? Разважаючы пра гэтыя з’явы, ён прыйшоў да высновы, што каменны вугаль і іншыя мінералы ўтварыліся павольна, быццам выраслі, пры гэтым складаліся з разнастайных хімічных рэчываў.

Аднойчы калону катаржан праводзілі міма прадпрыемства, на якім абпальвалі вапну. І зноў у Гардзея ўзнікла пытанне, на якое ён упарта шукаў адказ: каб атрымаць вапну трэба абпальваць сыравіну, дык чаму яна не абпалілася, калі вылівалася на паверхню з гарачай лавай з кратэра вулкана, як напісана ў геаграфіі?

На адлегласці аднаго кіламетра ад той скалы, дзе здабывалі вапняк, знаходзілася іншая каменная скала, з якой з дапамогаю ўзрываў здабывалі сыравіну для вытворчасці цэменту. Гардзею даводзілася колькі месяцаў працаваць на здабычы даламіту. Ён звярнуў увагу на ягоную структуру. У кавалках здабытага каменю таксама былі праслойкі. Гэта сведчыла пра тое, што гара расла ці была выціснута з нетраў зямлі паступова. Ён параўноўваў вапняк з даламітам і дзівіўся, наколькі два гэтыя камені адрозніваюцца паміж сабою: вапняк белы і лёгкі, даламіт цёмна-шэры і вельмі цяжкі. Увогуле зямля нагадвае слоены пірог, які спёк і падараваў нам Усявышні. Паглядзіш у разрэзе — чаго толькі там няма: пясок, гліна, гравій, граніт! І ўсё гэта залягае праслойкамі. Нават каменны вугаль ляжыць слаямі. Гардзею даводзілася ў адной і той жа шахце здабываць вугаль на глыбіні двухсот метраў, а пасля там жа — на глыбіні трохсот. Гэтая з’ява яго яшчэ больш пераканала, што зусім не з акамянелых дрэў утварыўся вугаль. І зноў узнікла пытанне, ці была зямля ў далёкім мінулым у расплаўленым стане? Свае высновы аб нашай гарачай планеце навукоўцы грунтуюць на падставе перыядычных вывяржэнняў вулканаў. У гэтым, як лічыў Гардзей, і крыецца іхняя галоўная памылка. Працуючы ноччу на паверхні шахты № 5, на адвале пароды ён заўважыў успышкі разагрэтай масы вугалю, падышоў бліжэй і пабачыў, што гэта была парода, якая выкідвалася з глыбіні адвалу. Успышкі паўтараліся і ў іншых месцах адвалаў. Парода быццам сама сабою загаралася. Гардзей знайшоў тлумачэнне гэтай з’яве. Пад уздзеяннем дажджу і снегу адбываецца хімічная рэакцыя, у выніку якой выдзяляецца газ і цеплавая энергія, якая і прымушае вугаль гарэць. Разгадка самаўзгарання адвалаў і навяла яго на думку, што падобныя з’явы адбываюцца ў нетрах зямлі, у выніку чаго і здараюцца землятрусы і вывяржэнні вулканаў.

Усе гэтыя разважанні Гардзей адзначаў у сваім трактаце, які лічыў навуковым, і сам здзіўляўся, як складна і лёгка яму пісалася: «Землятрусы ў большасці выпадкаў здараюцца на астравах і паўастравах, а таксама ў горных раёнах і нават на марскім дне. Там узнікаюць умовы для бурных хімічных рэакцый пры сутыкненні горных парод з вадой (накшталт узаемадзеяння вады з карбідам або з неабпаленай вапнай). У выніку выдзяляюцца газы і шмат цеплавой энергіі, якая дасягае вельмі высокай тэмпературы, расплаўляе пароды, расшыраецца і пад націскам вырываецца на паверхню, скаланаючы зямную кару, у выглядзе гарачай лавы. Калі лава ўтварылася на невялікай глыбіні, яна лёгка вырываецца наверх, так адбываецца вывяржэнне вулканаў. У тым выпадку, калі рэакцыя адбываецца вельмі глыбока, тады здараюцца землятрусы. Каб папярэдзіць такія стыхійныя з’явы, трэба загадзя адшукваць месцы ўтварэння газу ў самым эпіцэнтры будучага землятрусу. Трэба таксама помніць і пра тое, што ў час вывяржэння вулканаў знішчаюцца вялізныя багацці карысных выкапняў, якія расплаўляюцца і згараюць у выглядзе попелу і лавы. З усяго вышэй сказанага вынікае, што наша зямля на працягу мільёнаў гадоў паступова вырасла і выйшла з вады, накшталт каралавых астравоў. Перакананы, што і цяпер зямля працягвае расці, інакш як можна растлумачыць паходжанне вельмі глыбокіх мораў і азёраў не толькі на раўніне, але і высока ў гарах. Усе мацерыкі зямнога шару, астравы і горныя вяршыні — гэта дно суцэльнага акіяна ў далёкім мінулым. Могуць сустракацца і невялікія ўзгоркі вулканічнага паходжання. Але яны павінны мець форму конуса, як звычайны фурункул. Зразумела, што без сонечнага цяпла, нічога не магло адбыцца ў свеце. А таму можна сцвярджаць, што галоўным фактарам ва ўтварэнні зямлі і іншых планет ёсць Сонца і вадарод, створаныя па волі Усявышняга Творцы, які пазней даў жыццё і разумным істотам, здатным думаць і дзейнічаць, як, напрыклад, чалавек.

Г этак жа, як зямля, выраслі ў Сусвеце іншыя планеты, у тым ліку і Месяц. За Палярным кругам, асабліва зімой у яснае надвор’е Месяц можна назіраць на працягу некалькіх дзён запар, калі ён не хаваецца за далягляд. Няўзброеным вокам бачна, што Месяц заўсёды, рухаючыся па арбіце, павернуты да Зямлі адным і тым жа бокам. Ён пазбаўлены сваёй атмасферы і не круціцца вакол уласнай восі. На Месяцы можна разгледзець узвышшы, якія яскрава адбіваюць святло, а таксама даліны (былыя моры), якія не адлюстроўваюць святла і таму здаюцца больш цёмнымі. У былых морах на Месяцы няма вады, таму няма і атмасферы.

Можна ўявіць, што ў далёкім мінулым Месяц, як і Зямля, меў атмасферу. Круціўся вакол уласнай восі. Там назіраліся дзень і ноч, якія складалі суткі, а таму, магчыма, там быў раслінны і жывёльны свет.»

Нехта тузануў Гардзея за плячо, ён ажно здрыгануўся ад нечаканасці, павярнуў галаву, убачыў бляклыя вадзяністыя вочы аднаго з хворых на сухоты з суседняй палаты, які шапялява прамовіў бяззубым ротам:

— Хадзем, пісар, у карты пагуляем.

— Не магу. Дрэнна сябе адчуваю. Іншым разам, — адмахнуўся Гар­дзей, нездаволены тым, што перабілі ягоныя разважанні.

— А што ты пішаш?

— Запавет.

— Ну-ну, пішы. Нядоўга нам тут засталося, — адказаў хворы, плюнуў кроўю на падлогу.

— Што ты тут раскідаеш свае мікробы, — абурыўся Гардзей, яшчэ хацеў нешта сказаць, але на галас прыбегла медсястра, вочы ў яе былі заплаканыя

— Як вы можаце? — з дакорам спытала яна і выцерла слёзы. — У краіне такое гора! Наш дарагі Іосіф Вісарыёнавіч Сталін памёр.

— Сталін? Сталін памёр? — здзіўлена перапытаў хворы і з нейкім дзіўным падскокам выбег з палаты.

Гардзей падумаў: «Мусіць, трэба чакаць перамен.»

6

1953 год сапраўды аказаўся незвычайным. Летам Зося атрымала першы ліст ад Каці з Амерыкі. Сястра напісала, што выйшла замуж. Яе пазнаёмілі з добрым чалавекам, з якім яны спярша заключылі фіктыўны шлюб, што выратавала яе ад выканання місіі ў Індыі. Два гады яны жылі як чужыя людзі, а пасля ў складчыну купілі двухпавярховы дом і вырашылі аб’яднаць свае лёсы. Каця працавала швачкаю на фабрыцы. Выконвала тонкую работу, за што атрымлівала неблагую плату. Па ўсім было відаць, што Каця задаволеная жыццём. Як бы для доказу свайго дабрабыту, яна пачала высылаць пасылкі з харчамі і адзеннем, каб падтрымаць сястру ў Казахстане і яе мужа ў Варкуце. Гэтыя пасылкі не толькі дапамаглі Гардзею захаваць здароўе, але, дзякуючы ім, ён «купіў» сабе цёплае месца ў канторы, дзе пачаў працаваць рахункаводам. Час ад часу насіў падарункі дактарам, а тыя клалі яго ў стацыянар і лячылі, наколькі дазвалялі лекі, якія былі ў іх пад рукою.

Пасля смерці Сталіна па лагеры разнеслася чутка, што недзе ўжо распачалі рэабілітацыю зняволеных. Гардзей, хоць і разумеў, што яго віна вялікая — працаваў на немцаў, але таксама спадзяваўся, што і яму скароцяць тэрмін зняволення. Гэтае трывожнае чаканне так даймала, што не радавалі нават лісты ад Зосі. Каб хоць як пазбавіцца маркоты, ён дапрацоўваў і шліфаваў свой навуковы трактат, знаходзячы вольную хвілінку ў канторы, а часцей на шпітальным ложку.

Яму хацелася разгадаць таямніцу нараджэння планет. Здагадкі ў яго з’яўляліся даўно, але ўявіць усё больш-менш дакладна, ды яшчэ ў цэлым Сусвеце, доўга не мог. І ўсё ж аднойчы, як ён лічыў, да яго прыйшло гэтае дзіўнае адчуванне, што ён разгадаў таямніцу. У палаце храплі і пасопвалі хворыя. Гардзей узіраўся ў зорнае неба праз потнае шкло, па якім спаўзалі кроплі вільгаці. І раптам перад ягонымі вачамі ўзнікла неверагоднае відовішча: неабдымная туманнасць закруцілася спіраллю, быццам ракавінка смаўжа, уцягваючы з космасу ўсё, што сустракала на сваім шляху. Яна рухалася да вялікай і яскравай зоркі, жадаючы і яе паглынуць. Аднак зорка аказалася такая вялізная і магутная, што сама прымусіла туманнасць ператварыцца ў шар і рухацца па пэўнай арбіце... Што гэта было? Сон ці мроя, Гардзей сказаць не мог, але здарылася галоўнае: ён лічыў, што знайшоў разгадку ўзнікнення планет у Сусвеце. Заставалася толькі запісаць яе на паперы. Гардзей дастаў з-пад падушкі сшытак і аловак, пачаў пісаць усляпую: «У касмічнай прасторы знаходзяцца атамы вадарода і іншых касмічных рэчываў, з якіх пад уздзеяннем магнітнага поля ўтвараюцца туманнасці, здатныя ўшчыльняцца і ўтвараць кангламераты ў выглядзе шара пэўных памераў. Калі гэты шар набліжаецца да Сонца, пад уздзеяннем магутнага свяціла пачынае рухацца па арбіце вакол яго, прыцягваючы да сябе касмічныя рэчывы. Пры гэтым паверхня шара награваецца і верхні слой вільгаці выпараецца і ўтварае атмасферу. Энергія Сонца прыцягвае да сябе атмасферу, пранізвае яе наскрозь. Гэта прымушае планету рухацца вакол уласнай восі. Пры наяўнасці ўласнай атмасферы на такой планеце могуць размнажацца мікраарганізмы, якія спрыяюць нараджэнню сушы ў суцэльным акіяне. Такім чынам можа нараджацца жыццё на планетах».

Гардзей адчуваў натхненне, уздым і радасць ад нечаканай здагадкі, якая так раптоўна прыйшла да яго. Ён не чуў галасоў тых гаротнікаў, якія спалі на суседніх ложках. Яны храплі, задыхаючыся ў сне, ад астмы ці сухотаў, сутаргава хапалі вуснамі паветра, заціхалі на імгненне, быццам паміралі, але зноў пачыналі цяжка дыхаць... Яму хацелася дадумаць, дапісаць усё тое, што так доўга не давалася і раптам прыйшло само сабою. І ён зноў узяўся запісваць, лічачы, што: «З самага пачатку ўтварэння Зямлі і да цяперашняга часу ў акіянах кішыць мноства мікраарганізмаў. Кожны від мікробаў адпавядае ўтварэнню пэўнага мінерала, напрыклад, ад аднаго віду паходзіць каменны вугаль, ад іншага — каменная соль і г. д. У выніку ўзаемадзеяння розных мінералаў утвараецца мноства новых рэчываў. Зямля з самага пачатку ўяўляла сабой вадзяны шар невялікіх памераў у дыяметры. Калі б сабраць усю ваду з паверхні Зямлі і яе атмасферы і залучыць у шар, гэта і быў бы першапачатковы яе выгляд. У выніку росту зямлі ў вадзе гэты шар паступова павялічваўся. Зямля і цяпер працягвае расці. Аднак утвараецца яна не каля цэнтра шара, а бліжэй да паверхні, на такой глыбіні, дзе маглі вольна размяшчацца разнастайныя мікраарганізмы, адклады якіх і ператвараліся ў далейшым у мінералы. Варта мець на ўвазе, што зямля нараджалася нераўнамерна па ўсёй воднай прасторы. Недзе яна апускалася ўглыб зямнога шара, недзе выступала, выходзіла наверх. Таму ў зямной кары назіраюцца гранітныя платформы, якія могуць раптам абрывацца, напаўзаць адна на дну, крышыцца, правальвацца і г. д. Пад зямлёй адбываюцца непрадказальныя рэакцыі, якія выклікаюць землятрусы і вывяржэнне вулканаў.»

Гардзей стомлена адкінуўся на падушку, адчуў, што стала цяжка дыхаць, забалела сэрца. Ён паляжаў некалькі хвілін, чакаючы палёгкі. Боль у сэрцы нарастаў. Падумаў з дакукаю, што трэба папрасіць у медсястры валяр’янкі, хаця ён па-ранейшаму баяўся, каб не паднеслі якой атруты. Аднак падняўся і ціха, каб не пабудзіць нікога з хворых, выйшаў у калідор, дзе было больш чыстага паветра.

7

З лагера Гардзей вызваліўся толькі вясной 1956 года і адразу вырашыў ехаць да жонкі і сына, з якімі не бачыўся амаль дзесяць гадоў. Доўгая дарога расцягнулася ў часе амаль на тыдзень, і тым жаданей здавалася сустрэча. Ён вырашыў забыць назаўсёды тое, што давялося перажыць у лаге­ры, ніколі не згадваць і нікому не расказваць пра свае пакуты. Хацелася верыць, што адышлі ў нябыт страх, лагер, смерць, якія пры Сталіне сталі сродкам падпарадкавання народаў і своеасаблівым спосабам выхавання безгалосых рабоў. Людзі паміралі ад голаду і холаду, ды былі прымушаныя трываць пакуты і не толькі маўчаць, але хваліць новы лад жыцця і мудрых партыйных лідараў, якія мелі ўсе прывілеі ў грамадстве. Радыё і газеты пісалі пра свабоду ў Краіне Саветаў, але свабодаю карысталіся толькі тыя, што займалі высокія пасады і прапаведавалі замест любові і міласэрнасці класавую барацьбу. Татальнае віжаванне аднаго чалавека за другім ухвалялася скрозь: на прадпрыемствах, у калгасах, у войску, у храме, у сям’і, у турмах і лагерах. З-за намовы ўсялякі нявінны грамадзянін мог пазбавіцца не толькі маёмасці і блізкіх людзей, а і свайго жыцця. Прыніжэнне, здзек, боль, якія ён зведаў, неабходна было выкінуць з памяці і душы. Інакш, як ён разумеў, немагчыма будзе далей жыць з непамернаю крыўдаю за сябе, сваіх родных, блізкіх, ды і проста многіх знаёмых людзей, з якіх нямала хто застаўся навечна ляжаць у вечнай мерзлаце... «За-быць, за-быць, забыць.» — стукалі колы цягніка.

Калі раскінуліся за вагонным акном бяскрайнія рыжыя казахскія стэпы, яшчэ не абуджаныя цяплом, Гардзей радасна падумаў, што ўжо хутка ён убачыць сваіх родных. І гэта будзе яму ўзнагародай за доўгія пакуты і цярпенне.

Раённы цэнтр, дзе жылі Зося з Орастам, стаяў пры чыгунцы. Даехаў да яго Гардзей без цяжкасці. Знайшоў па адрасе патрэбную вуліцу і дом, пастукаў у дзверы. Яму адчыніў высокі сімпатычны юнак.

— Ці туды я трапіў, малады чалавек? Шукаю Сафію Рахубу. Ці тут яна жыве?

— Тут, гэта мая мама Зося, — разгублена і быццам пакрыўджана адказаў юнак.

— Ты Ораст? Ты мой сын Ораст? — здзіўлена ўсклікнуў Гардзей, углядваючыся ў твар юнака.

— Я Ораст.

— Божа мой, як ты вырас! Я ніколі не пазнаў бы цябе, каб выпадкова сустрэў на вуліцы.

— А я цябе адразу пазнаў.

Гардзей усхвалявана абняў сына, прытуліў да грудзей, адчуў прыліў пяшчоты, якая шмат гадоў не наведвала яго душу. У лагеры перад ім стаяла адна мэта — выжыць у невыносна цяжкіх умовах, выстаяць, умець загадзя прадбачыць небяспеку і пазбегнуць няшчасця. А пагроза зыходзіла з усіх бакоў: ад лагернага начальства, ад сваіх жа лагернікаў, ад бяспечнай і цяжкай працы ў шахце, ад дактароў, якія лячылі ці залечвалі да смерці, ад аховы, бо яна была ўзброеная і мела права страляць без папярэджвання, калі што.

— Заходзь у хату, — запрасіў сын.

Гардзей ступіў у беднае, але ахайнае жытло, у якім стаялі самаробныя стол і ўслон. Невялікая пабеленая грубка тулілася да правай сцяны, а за ёю мясціўся насціл накшталт беларускага запечка. Зрэшты, усё, неабходнае для жыцця, было.

— Дзе ж мама? — спытаў Гардзей.

— Пайшла на рынак, хутка вернецца. Сядай бліжэй да стала. Можа, есці хочаш?

Гардзей з любасцю і ўдзячнасцю за чуласць паглядзеў на сына і адказаў:

— Есці не хачу, а вады папіў бы.

— Дык на лепш узвару. А хлеб ляжыць на стале, накрыты ручнічком.

— Як некалі ў нас дома, — усміхнуўся Гардзей, заглядваючы пад ручнік, дзе ляжала паўбохана хлеба, спечанага Зосяю.

Ораст наліў кубак узвару з сухіх абрыкосаў, паставіў перад Гардзеем, сказаў:

— Калі ласка, пі.

Гардзей зрабіў колькі глыткоў, наталяючы смагу. Сам не чакаў, што гэтак расхвалюецца ад сустрэчы з сынам, які з падлетка ператварыўся ў юнака.

— Раскажы, як вам жылося.

— Ды ўсё добра. Я заканчваю дзясяты клас. Мама працуе.

— Якія ў цябе планы на будучыню? — зацікаўлена спытаў бацька. — Ці не збіраешся вучыцца далей?

— Пакуль не ведаю. Прынамсі, тут, у Казахстане, заставацца не хачу. Мару вярнуцца ў Беларусь.

— Я таксама пра гэта заўсёды марыў. Аднолькавыя, сынок, у нас з табою мары, — усцешана сказаў Гардзей. — Панасіла нас па свеце, а цяпер пара вярнуцца ў родны край. А дзяўчына ў цябе ўжо ёсць? — з добраю ўсмешкаю спытаў Гардзей.

Ораст апусціў вочы, хаваючы пагляд.

— Бачу, што ёсць, але не хочаш пра яе расказваць. Што ж, правільна робіш. Шчасце, мусіць, толькі тады існуе, калі пра яго ніхто не ведае, а як толькі ўсе пра яго даведваюцца, яно знікае, як палахлівая птушка.

Гардзей адчуў боль пад сэрцам, сцішыўся, прыслухоўваючыся да сябе, глытнуў кампоту і міжвольна падумаў: «Божа мой, што з намі робіць лёс? Раскідаў па ўсім свеце. Каця — у Амерыцы. Я — толькі што з Варкуты, а цяпер — у Казахстане. Па якой задуме Усявышняга мы прайшлі такія дарогі? Зрэшты, ці выжыў бы я, каб не Каціны пасылкі? А каб Зося не пісала лісты? Навошта мне было б імкнуцца выжыць?»

На ганку пачуліся крокі. У пакой увайшла жанчына са стомленым тварам. Яна павіталася, уважліва ўзіраючыся ў твар госця, ён у яе — таксама. І раптам Гардзею праз тонкія маршчынкі і цені вымалеваўся паўзабыты Зосін твар. Гардзей падняўся з-за стала. Ступіў крок наперад. Нарэшце яна пазнала яго і здзіўлена ўскрыкнула:

— Гардзей! Гардзей! Вярнуўся!..

Яна прыпала да ягоных грудзей, ён абняў яе адной рукою, другою пагладзіў па галаве, хустка спаўзла. І ён убачыў такія знаёмыя яе пышныя русыя валасы, закручаныя на патыліцы ў куксу. Зося ўсхліпнула.

— Годзе, чаго ты плачаш? Усё ж добра. — сказаў Гардзей.

— Ты так цяжка дыхаеш. Што ў цябе з лёгкімі? — занепакоена спытала яна.

— Гэта падарунак ад шахты. Але на сухоты я не хварэў. Не бойся, не заразны.

— Як ты даехаў? Чаму не напісаў? Мы б сустрэлі цябе.

— Я ж не на курорце быў, Зося. Там са мною не цацкаліся. А як толькі выпусцілі, я бягом — і да вас, пакуль зноў не загрэблі.

— Крый божа, што ты кажаш.

— Мне здавалася, што гэты жах ніколі не скончыцца. Пажыццёвае пекла. І паміраць там не хацелася, і жыць невыносна.

Зося паглядзела ў твар мужу блізарукімі вачамі і сказала:

— Нічога, дзякаваць богу, мы разам. Адкармлю цябе, і будзеш ты ў мяне гладкі, як пан.

— Адчуваю, што і вы тут нацярпеліся ліха. Але ты ў мяне малайчына! Такога сына выгадавала! Дальбог, яго не пазнаў! Падумаў, што памыліўся, не туды трапіў.

Гардзей абняў Зосю і Ораста. Яны селі на ўслоне і доўга сядзелі, нешта згадваючы з таго даўняга мінулага, калі сын быў яшчэ зусім малы і шмат чаго не помніў. Ім было добра і светла сядзець так разам і адчуваць, што ёсць у гэтым жыцці нешта вельмі важнае, што яднае іх, нягледзячы ні на якія выпрабаванні.

8

Зося штодня хадзіла на працу, сын — у школу, а ў Гардзея, які адзін заставаўся дома, з’явілася дастаткова вольнага часу, каб нарэшце сабраць свае запісы, якія датычыліся ягонай трактоўкі паходжання Зямлі і іншых планет, а таксама карысных выкапняў. Ён перапісаў усё ў асобны сшытак і паслаў у Акадэмію навук СССР у Маскву. З хваляваннем чакаў адказу, бо лічыў, што зрабіў адкрыццё, якое пераверне светапогляд навукоўцаў. Думаў, што ім давядзецца тэрмінова перапісваць падручнікі і не толькі ў Савецкім Саюзе, але і ва ўсім свеце. Цешыў сябе, што зрабіў гэта не нейкі славуты вучоны, а нікому невядомы селянін з вёскі Крачкі Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці Гардзей Рахуба.

Праз месяц прыйшоў з Акадэміі навук ветлівы адказ з падзякаю за актыўную жыццёвую пазіцыю. Унізе стаяў неразборлівы подпіс, замацаваны пячаткаю. Гардзей зразумеў, што ніхто не ўспрыняў усур’ёз ягоную гіпотэзу. Марныя былі ягоныя пошукі і азарэнні. Мусіць, зарана ён нарадзіўся на Божы свет. Несвоечасова здзейсніў навуковае адкрыццё. Нікому яно пакуль непатрэбнае. Вялікае расчараванне апанавала ягоную душу. Гардзей зрабіўся маўклівы і раздражнёны, а тут яшчэ пачалася звычайная для Казахстана летняя гарачыня, якую ён пераносіў з цяжкасцю. Гардзей клаўся спаць на вуліцы пад адкрытым небам, але і адносна прахалодныя ночы не прыносілі палёгкі. Яму было цяжка дыхаць, сэрца калацілася, ледзь не вылятала з грудзей. Дактары казалі, што не падыходзіць клімат. Зрэшты, Гардзей і сам не збіраўся тут затрымлівацца надоўга. Як толькі сын скончыў школу, сям’я Рахубаў вырашыла вяртацца ў Беларусь. Праўда, Зося згадзілася не адразу.

— Як уяўлю таго Леванюка ды Марфу, дык не хочацца мне пра Крачкі і думаць, — колькі разоў казала яна. — Давайце застанёмся ў Алма-Аце. Такі зялёны і прыгожы горад!

— Не, Зося, здароўе маё слабое. Хачу памерці дома. Нажыўся я сярод чужых. Хачу легчы на спачын у родную зямлю, — пярэчыў Гардзей.

— Ты будзеш жыць, Гардзей. Не думай пра смерць, — прасіла Зося.

— Я таксама хачу ў Крачкі — падтрымаў бацьку сын.

— Калі і паспелі дамовіцца? — здзівілася Зося.

— У першы ж дзень, як сустрэліся, — задаволена адказаў Гардзей.

Зноў Зося збіралася ў дарогу, нешта купляла, нешта прадавала. Гардзей пакаваў рэчы і рыхтаваў да адпраўкі багаж. Ораст прападаў цалюткімі днямі недзе на вуліцы, развітваўся з сябрамі. Моладзь пачала разлятацца пасля выпускнога балю хто куды.

Дзяўчына, з якою сябраваў Ораст, хацела вучыцца на актрысу, збіралася ехаць у Маскву і клікала яго з сабою. Быць акцёрам хлопец не прагнуў, да таго ж і вучыўся ў школе так-сяк, звычайна ўсё спісваў у сваёй сяброўкі.

— Правалюся я на экзаменах, — казаў ён ёй.

— Спішаш у мяне. Я падкажу, — абяцала Эма і ззяла зялёнымі вачамі.

— А там жа яшчэ трэба спяваць і вершы чытаць.

— Ну, ужо нічога прасцей не прыдумаеш. Што табе цяжка праспяваць?

— Ды не хачу я выглядаць блазнам. Які з мяне спявак? — упарціўся Ораст.

— Ты проста лайдак! Дзеля нашага шчасця пальцам не варухнеш! — абурылася Эма.

Ораст хацеў пакрыўдзіцца на гэты папрок, але потым прапанаваў:

— Давай зробім так. Калі ты паступіш вучыцца, я прыеду да цябе ў Маск­ву, знайду працу і буду табе дапамагаць, чым змагу. Калі не паступіш, прыедзеш да мяне ў Беларусь. А там разам вырашым, як жыць далей.

— Дамовіліся, — лёгка згадзілася дзяўчына і абвіла хлопца за шыю гарачымі рукамі.

Упершыню ён адважыўся яе пацалаваць. І гэта быў самы адметны дзень у ягоным жыцці. Праз тыдзень Эма прыйшла правесці Ораста на вакзал. Пад назіркам бацькоў хлопец адчуваў сябе скавана. Ён толькі глядзеў на дзяўчыну, імкнучыся запомніць кожную рыску яе твару. Калі маці паклікала, ён адступіў на колькі крокаў, спыніўся, памахаў рукою і скокнуў у вагон. А потым, колькі ехалі, што б ні рабіў Ораст — глядзеў у акно ці ляжаў з заплюшчанымі вачамі, бачыў перад сабою толькі яе, Эму, дзяўчыну з цёмнымі кучаравымі валасамі вакол прыгожага чыстага лба, яе яскравыя зялёныя вочы і адчуваў дотык цёплых вуснаў. З-за расстання з каханаю дзяўчынаю сустрэча з радзімаю не была такою радаснаю, як марылася і ўяўлялася.

Стары будынак вакзала ў Жабінцы выглядаў абшарпаным, быў ён той самы, нязменны. Тыя ж высокія дрэвы прыветна калыхалі зялёныя галіны пад спякотным ветрам. Вераб’і, як і некалі, чародкамі зляталі і садзіліся на перон. Рахубам здалося, што яны вярнуліся ў ранейшы час, а калі агледзеліся, дык заўважылі, што не бачаць ніводнага знаёмага твару, быццам мясцовасць засялілі новыя людзі.

Гардзей выйшаў на прывакзальную плошчу, згледзеў хлопца на возе, спытаў, скуль ён. Той адказаў, што едзе ў Сцяблова і згодны падвезці сям’ю да Крачкаў.

Рахубы ехалі моўчкі, прагна ўзіраліся ў наваколле і не пазнавалі ранейшых мясцін. Выраслі новыя дрэвы, зніклі шнуркі сялянскіх палёў, поле было агульнае, суцэльна калгаснае. Вазак спрабаваў распытаць, хто яны ды скуль. Гардзей коратка патлумачыў, што выязджалі на заробкі, але, як кажуць, добра толькі там, дзе нас няма, таму і вяртаюцца на радзіму.

— Цяпер шмат хто шукае лёгкага хлеба, едуць, хто на цаліну, хто на Укра­шу, — адказаў хлопец. — А ў Крачках вы дзе жылі?

— На хутарах.

На тым гаворка скончылася. Воз пратарахцеў па брукаванцы, звярнуў на палявую дарогу, якая хутка прывяла ў невялікі лес, і раптам адкрыліся Крачкі. Гардзей з хваляваннем адразу заўважыў тры новыя будыніны побач з поплавам, астатнія хаты лёгка пазнаваў, згадваў гаспадароў, зазіраў у двары, дзе бавіліся нечыя дзеці і ўнукі. Жыццё ішло і не звяртала ўвагі на страты. Можа, толькі цяпер Гардзей з усёй трагічнасцю зразумеў самотнасць і неабароненасць чалавека, які мусіць трымацца за блізкіх людзей, бо нікому, акрамя іх, ён не патрэбны.

У канцы вёскі Рахубы папрасілі вазака спыніцца, падзякавалі і пайшлі да свайго хутара па дарозе, добра ўбітай калёсамі. Яны прыглядаліся да дрэваў, удыхалі родныя пахі і прыспешылі крок — хацелася хутчэй пабачыць свой хутар, хоць і ведалі з лістоў Паўліны, што хаты даўно няма, застаўся садок.

Сям’я спынілася на спустошаным двары, ад якога не засталося нічога, акрамя каменнага грудочка, дзе стаяла печ, якая некалі грэла і цешыла, якая карміла і радавала, а цяпер нагадвала магільны курганок. Ораст сарваў зялёны яблык, надкусіў, пажаваў, зморшчыўся і выплюнуў.

— Усё расцягнулі, — злосна сказала Зося.

— А ты думала, што цябе тут палац чакае? — пахмурна пасміхнуўся Гардзей.

— Хоць бы печ пакінулі!

— Печ кожнаму трэба.

— Гардзей, як ты можаш быць такім спакойным?

— Я шчаслівы, што мне галаву не адкруцілі, а хату паставім новую.

Раптам знаёмы голас аклікнуў іх:

— Каго я бачу! Рахубы вярнуліся! Каб вы здаровенькія былі!

Да іх, накульгваючы, ішоў Леванюк, ведучы ў руках веласіпед.

— Здароў быў, землячок, — стрымана адказаў Гардзей.

— Ну што, разнёс хату, а цяпер прыехаў нашаму няшчасцю парадавацца? — пайшла ў наступ Зося.

— Дарэмна ты на мяне. Праўленне калгаса забрала вашу маёмасць, я тут ні пры чым, — пачаў апраўдвацца Леванюк. — Няма пра што шкадаваць, старая ваша хата была, нічога не вартая. На дровы пусцілі. Купляйце новае дрэва, я вам такую хатку выштукую! Ого-го!

Зося грэбліва акінула постаць Леванюка і спытала:

— А чаго гэта ты з начальства ў простыя лезеш?

— Ды я даўно ўжо ў простых хаджу. Прыйшлі нам на змену маладыя, граматныя. А мы сваё адпрацавалі, адслужылі Айчыне.

— Як твая Надзя, як сям’я? — спытаў Гардзей.

— Няма Надзі, пахаваў. Паляжала з месяц у бальніцы ў Жабінцы. По­тым дактары кажуць, маўляў, забірайце, няхай дома далечваецца. Нейкіх там парашкоў надавалі. Яна іх піла, піла. Аднойчы не прачнулася. Лёгкая смерць. Дай божа кожнаму. У труне ляжала такая прыгожая, заспакоеная, нават не верылася, што нежывая. Застаўся адзін, з дачкою Аленаю. — Леванюк шморгнуў носам.

Зося згадала Серафіма і сваю віну перад ім, што не пайшла на пахаванне, нічога не зрабіла, каб пахавалі яго па-чалавечы і спытала:

— Дзе пахаваў яе? Побач з Серафімам?

— Яшчэ чаго не хапала! Я яе сапраўдны муж, са мною побач яна і павінна ляжаць.

— Адыходзяць людзі, — ціха прамовіў Гардзей.

— Адыходзяць. Адна вайна колькі забрала....

— Годзе стаяць, як на могілках, — сказаў Гардзей.

Рахубы рушылі да хутара Карпа, дзе жыла аўдавелая цётка Агатэля.

— Дык майце на ўвазе: я вам хату пастаўлю! — крыкнуў наўздагон ім Леванюк, сядаючы на веласіпед.

— Едзь, сабака аблезлы, — злосна сама сабе з нянавісцю прамармытала Зося.

— Не можаш яму дараваць? — спытаў Гардзей.

— Не магу!

— Даруй яму, няшчаснаму, бачыш, сам віну адчувае.

— А дзе мы будзем ставіць новую хату? — спытаў Ораст.

— Тут і паставім, — адказаў Гардзей.

— Можа, не варта? Нейкая нешчаслівае гэтае месца ад самага пачатку, — засумнявалася Зося.

— Мы яго ашчаслівім.

Рахубы спыніліся, азірнуліся на зруйнаваны двор і кожны з іх па-свойму ўявіў будучую хату, але чамусьці кожны ўбачыў тую, якая стаяла тут раней, старая, з шэраю страхою, такая знаёмая і родная.

Ораст зазірнуў у калодзеж, завалены голлем, на дне яго ўсё ж паблісквала чорная, як нафта, вада.

— Калодзеж наш завалілі, — з крыўдаю сказаў ён.

— Пачысцім, — спакойна адказаў Гардзей. — Ён ўсё-ткі жывы, дачакаўся нас.

— Пойдзем, у мяне сэрца разбалелася ад гэтага відовішча, — папрасіла Зося.

Рахубы рушылі да суседняга хутара. Старая Агатэля сядзела на лаўцы каля весніц, зацікаўлена назірала за людзьмі, якія набліжаліся да яе і не адразу пазнала іх. Толькі калі Зося павіталася, старая цяжка паднялася, стала абдымаць ды цалаваць родных, саромеючыся сваіх парэпаных рук і зморшчанага твару.

— Ты паглядзі, Зоська, якая я стала. Брыдка на сябе ў люстэрка глянуць.

— Не звяртайце ўвагі, цётачка, абы душа была маладая, — супакоіла яе Зося.

— Вас назусім адпусцілі ці як?

— Назусім.

— А сядзібы вашай няма. Жывіце пакуль у мяне. Адна я зусім здзічэла. І Гэлькі маёй няма, колькі гадкоў ужо косці парыць у сырой зямельцы.

— На што яна хварэла? — спытала Зося спачувальна.

— Угрэлася, папіла халоднай вады. За адну ноч горла задушыла, — ста­рая выцерла вільготныя вочы. — Ужо іншы раз Бога малю, каб узяў мяне да Гэлькі і Карпа. Не бярэ, пэўна, яшчэ не заслужыла ягоную літасць. Пойдзем у хату, дзеткі, пачастую, чым Бог паслаў. Гаравала я тут, бедавала, вас згадваючы. Г эта ж колькі нявінных людзей са свету зжылі. Гарманіст наш, Сымон Чмель, праспяваў прыпеўку: «У калгас ішоў абуты, а з калгаса басанож». На другі дзень забралі і да гэтае пары ніхто не ведае, куды падзеўся чалавек. Дзякаваць богу, што хоць вы вярнуліся.

Некалі прасторная Карпава хата здалася Зосі нізкай і малой, але пахі яблыкаў, хлеба і малака па-ранейшаму ўладарылі тут. Усё тыя ж лавы ўдоўж сцен і запечак, той жа стол, засланы настольнікам, хіба толькі дадалося фотаздымкаў у рамках.

Толькі госці селі за стол, як прыбегла ўсхваляваная Паўліна, якую папярэдзіў Леванюк. Кінулася абдымаць брата, плакала і смяялася, выцірала слёзы і прыгаворвала:

— Вярнуўся мой пакутнічак! Братка мой дарагі! Колькі я начэй не спала, колькі думала пра цябе! Чаму ж ты да мяне не прыйшоў адразу? Каб ты ведаў, як я цябе чакала.

— Годзе, годзе ўжо. Супакойся, — спыніў яе Гардзей.

Паўліна адступілася ад яго і павярнулася да пляменніка.

— Божачкі, а гэта што за кавалер! Ораст, няўжо гэта ты?

— Я, а хто ж яшчэ, — баском адказаў хлопец.

— Людцы добрыя, то ж быў кату па пяту! А цяпер кавалер!

Паўлінінай радасці не было мяжы. Яна тут жа распачала распавядаць пра

вясковыя навіны. Агатэля тым часам паставіла на стол крупнік ды бабку са шкваркамі.

— Бабка! — усклікнуў Гардзей. — Даўно я не каштаваў такой смакаты.

Паўліна змоўкла, з любасцю ўзіралася ў братаў твар, трохі пастарэлы, з сівізною на скронях і шкадавала яго, як у маленстве. Зрэшты, што змянілася? Проста прайшло шмат гадоў. А яны як былі родныя, так і засталіся.

9

Эма паступіла ў тэатральны інстытут, аднак Ораст не здолеў выехаць да яе ў Маскву. Хлопца забралі ў войска. Паколькі ён меў адукацыю — дзесяць класаў, дык яго паслалі спачатку асвойваць шафёрскую прафесію. І гэта яму нават спадабалася, бо ён марыў, як кожны хлопец, на чым-небудзь ездзіць: на машыне ці хоць на матацыкле. Вучыўся ён добра і лёгка асвоіўся ў новым асяроддзі. У першыя ж месяцы зрабіў на пальцах сабе татуіроўку — год свайго нараджэння, 1936, а на плячы напісаў імя Эма, чым увекавечыў сваю каханую, якая заўсёды цяпер была пры ім.

Пасля курсаў яму даверылі грузавую машыну і ён выдатна спраўляўся са сваімі абавязкамі, пакуль не здарылася непрадбачанае: Эма прыслала ліст, у якім дзякавала яму за разуменне і школьнае сяброўства і паведамляла, што яна сустрэла вялікае і сапраўднае каханне. Пісала, што выйшла замуж за вядомага кінарэжысёра і што шчаслівая, а таксама, што яе з мужам яднае не толькі каханне, а і сумесная справа. Хвалілася, што яе ўжо запрасілі на здымкі фільма, далі, хоць не галоўную, але даволі значную ролю. І яшчэ паведамляла, што зусім не мела часу для таго, каб напісаць яму раней, бо ёй трэба шмат што паспець: і вучыцца, і прысутнічаць на здымках, і даглядаць мужа, бо ён, як малое дзіця, без яе не можа ні сабраць рэчы, ні зрабіць сабе вячэру.

Ораст прачытаў гэты ліст і зразумеў, што страціў Эму назаўсёды. Жыццё пазбавілася сэнсу. Для чаго яму служыць у войску, ездзіць на машыне, нешта рабіць, калі наперадзе замест будучыні беспрасветная цемра, дзе няма і ніколі не будзе Эмы.

Напярэдадні Ораст вярнуўся з далёкага рэйса. Суткі яму далі для адпачынку. І ён іх патраціў на тое, што цэлы дзень ляжаў на ложку тварам да сцяны, часам плакаў, часам сціскаў зубы, каб не закрычаць ад нянавісці і бяссілля, нават абедаць і вячэраць не пайшоў. Ноччу спрабаваў заснуць, але нейкія галасы, што ўзнікалі ў падсвядомасці, будзілі яго, не давалі спакою.

Раніцай сяржант загадаў уставаць і збірацца ў дарогу. Ораст нават не варухнуўся.

— Устаць! Табе тут што, курорт! — загадаў сяржант.

— Не магу, — адказаў Ораст.

— Што, можа, захварэў, дык валяй у санчасць!

— Захварэў! Душа баліць! — ціха адказаў хлопец, ад гора ён страціў сілу, не мог варухнуцца, наогул, здавалася, што лепш памерці, чым трываць такую пакуту.

— Душэўнахворых у дурдоме трымаюць! Уставай, каму сказаў! — сяржант рэзкім рухам сарваў з Ораста коўдру і кінуў яе на падлогу.

Ораст з нянавісцю паглядзеў у вочы сяржанту, раптоўна ўскочыў з ложка, адкрыў тумбачку, выхапіў нож і паласнуў сябе па жываце. Кроў вузкай палоскай пазначыла рану і пачала капаць на падлогу. Сяржант збялеў і нема закрычаў. Ораст знясілена апусціўся на ложак і заплюшчыў вочы. Ён не адчуваў ні болю, ні страху, а праз імгненне страціў прытомнасць і ўжо не чуў, як яго на насілках вынеслі ў машыну, як рабілі аперацыю, як размясцілі ў рэанімацыю. Ён прачнуўся пад вечар, пабачыў над сабою доктара, спытаў:

— Чаму я тут?

— Табе зрабілі аперацыю, — адказаў доктар.

— Аперацыю? — перапытаў Ораст і толькі цяпер усё ўспомніў.

— Як сябе адчуваеш? Што баліць?

— Нічога. А што са мной?

— Разрэзаў скуру, трохі пашкодзіў кішэчнік, але, дзякуй богу, быў галодны з ранку, дык абышлося без ускладненняў. А магло быць і вельмі дрэнна. Падумай, што табе даражэй, уласнае жыццё ці нейкая непрыемнасць, якая вывела цябе з раўнавагі?

— Падумаю. А калі мяне выпішуць?

— Выпішуць, як адужаеш, а пакуль ляжы спакойна. Наклалі дванаццаць швоў, глядзі, каб не паразыходзіліся. Бо зноў будзем зашываць.

Доктар выйшаў. Ораст паспрабаваў павярнуцца на бок і адчуў рэзкі боль у жываце. Паспрабаваў памацаць жывот, ён аказаўся увесь перабінтаваны.

Зноў аднекуль здалёку выплыла крыўда на Эму, але ён адагнаў яе. Захацелася раптам дадому, да маці. Яна ўмела даглядаць яго, калі ён хварэў. Яна хутка паставіла б яго на ногі. І зноў у памяці ўзнік твар Эмы, гарэзлівы, вясёлы.

— Ідзі, ідзі да свайго рэжысёра, — прабурчаў Ораст. — Мая жонка — бальнічны ложак.

Ён падняў руку, каб прыгладзіць чупрыну — гэты рух азваўся болем. Цяпер ён шкадаваў, што быў такі нястрыманы і ледзь сам сябе не знішчыў з-за нейкай лярвы, якая здрадзіла яму з першым сустрэчным рэжысёрам. Нездарма кажуць, што ўсе акцёры распусныя. Яны не жывуць, а толькі выконваюць ролі.

Праз чатыры дні Ораста перавялі ў палату, а яшчэ праз пару тыдняў камісавалі. І ён нечакана вярнуўся ў Крачкі. Першае, што заўважыла маці, была татуіроўка на пальцах рукі — год нараджэння Ораста. Яна вельмі захвалявалася, бо ў вёсцы ведалі сапраўдны год нараджэння Ораста, маглі яму сказаць праўду пра колішні матчын грэх, чаго ёй вельмі не хацелася.

— Што ж ты нарабіў? Навошта, каб усе ведалі? — спытала яна з горыччу.

— А што тут такога? Так усе хлопцы нашы сабе напісалі. Ці мала што? І пашпарт не трэба.

— Паглядзі на свайго сына, Гардзей. Што будзем рабіць?

— Нічога. Каму якая справа да нас? — спакойна адказаў муж. — Ты лепш спытала б, чаго твайго сына раней часу адпусцілі з войска.

— Чаму, сынок?

Ораст неяк дзіўна ўсміхнуўся і весела адказаў:

— Абрыд я там усім. Кармі мяне, апранай, узбройвай, выпраўляй на служ­бу — вось і выгналі. Кажуць, ідзі, няхай пра цябе бацькі клапоцяцца.

Зося недаверліва насцярожылася і настойліва спытала:

— Выдумляеш ты, сынок. Нешта здарылася? Так? Вунь у суседнюю вёску прывезлі хлопца ў труне забітай, нават паглядзець не далі.

— Ды нічога не здарылася. Аперацыю зрабілі.

— Якую аперацыю? — устрывожана спытаў Гардзей.

— Не ведаю, нешта выразалі там.

— Пакажы, — загадала Зося.

Ораст загаліў гімнасцёрку і паказаў чырвоны шрам на жываце. Бацькі ўтаропіліся ў Ораста, нават старая Агатэля спаўзла з запечка, паглядзела і перахрысцілася на ікону.

— Ой-ё-ёй, мой сыночак, і балела ж табе? — заплакала маці.

— Наркоз далі — і нічога мне не балела. Слухайце, колькі можна? Есці хачу. Ці вы збіраецеся мяне голадам марыць?

— Зараз, зараз, — адказала Зося і замітусілася ля печы.

Запахла знаёмымі стравамі. Ораст раптам адчуў, што ён шчаслівы, спакойны і вольны. Можна пачынаць новае жыццё.

Як толькі звечарэла, за акном пачуліся дзявочыя галасы. Нехта спяваў, смяяўся, міжвольна Зося адхінула фіранку, паглядзела на вуліцу, але нічога не ўбачыла блізарукімі вачамі.

— Ужо дзеўкі пранюхалі, што кавалер у вёсцы з’явіўся, — прабурчала старая Агатэля.

— Зараз пайду і нюхаўкі ім перцам натру, — злосна сказала Зося.

— Ага, схавай яго пад спадніцу, — заўважыў Гардзей.

Ораст тым часам, ні слова не кажучы сямейнікам, выслізнуў за дзверы. Вярнуўся ён пад ранне. Зося абурана пачала папракаць сына, што швэндаецца немаведама дзе, а бацькі з-за яго ноч не спалі. Гардзей спыніў яе:

— Дай хлопцу адпачыць з дарогі. Ты не ведаеш, што такое служба ў войску.

Ораст папіў малака, залез на печ, а праз імгненне адтуль пачулася яго роўнае дыханне.

10

Зося падграбала смецце ў двары і думала пра сына. Добра было б яму прадоўжыць вучобу, але не ахвочы ён да кніжак. Не ў Гардзея ўдаўся. Зося і сама не надта хінулася да навукі. Калі вучылася ў прытулку, ёй больш падабаліся спевы ды танцы. Каб засталіся тады з бацькам жыць у Расіі, можа, стала б яна спявачкаю, балерынаю ці проста артысткаю ў тэатры. А вярнуліся дамоў, тут іншае жыццё: зямля, гаспадарка, бясконцая праца з вясны і да вясны. Не, яна не хацела, каб і сын яе ўпрогся ў калгаснае жыццё. Які сэнс працаваць задарма? Гардзей уладкаваўся ў Брэсце вартаўніком. Зося таксама падумвала пра тое, каб пайсці на працу, бо трэба будаваць сваю хату. Праўда, Каця абяцала прыслаць грошай на падлогу і дах, калі паставяць сцены. Але ж і сцены трэба за нешта ставіць. Сын таксама мусіць шукаць працу ў горадзе, тым больш што да Брэста ўсяго якіх кіламетраў пятнаццаць, не болей. Туды ходзяць аўтобусы і цягнікі. Каб трапіў на добрае прадпрыемства, дык і кватэру атрымаў бы, сям’ю завёў бы, а там Зося магла б унукаў дачакацца. Яна не прыспешвала сына брацца за справы, хацела, каб адпачыў, набраўся сілы. Колькі таго жыцця? Перакалоцішся, прапакутуеш, што пасля і згадаць няма чаго.

Занятая думкамі, яна і не заўважыла, як у двор увайшла Паўліна, павіталася, села на прызбу, паклала рукі, пакручаныя артрытам, на прыпол, сказала:

— Грабешся як курыца ў пяску, і не ведаеш, што твой сын вырабляе.

— А што? — здзіўлена ўскінула вочы Зося.

— З Веркаю Марфінаю сустракаецца. Вось што!

— Адкуль ты ведаеш?

— Уся вёска гудзе. Верка хваліцца, што Ораст абяцаў з ёю ажаніцца.

— Гэтага няшчасця нам толькі не хапала! — пляснула рукамі Зося і з трывогаю паглядзела ў бок клуні, дзе Гардзей з Орастам пілавалі дровы. — Я пакажу яму Верку!

— Цішэй ты, не навальвайся на хлопца знянацку, — спыніла Зосю Паўліна, ведаючы, якая тая гарачая. — Пагутары з ім ціха, ласкава, па-мацярынску, растлумач што да чаго. Раскажы, як Марфа ў мяне палатно пакрала. Паскудніца! Гардзею праходу не давала, цяпер за Ораста ўзялася! Бацьку ж твайго са свету звяла, на цябе пры немцах данос напісала.

— Я той Марфе вокны павыбіваю, калі яна ад хлопца не адступіцца! — раз’ятрана крыкнула Зося, якая не магла стрымаць свой гнеў, а мо і знарок, каб пачулі яе Гардзей з сынам.

— Ну і ўпартая ж ты, што табе ні кажы, ты ўсё роўна робіш па-свойму.

Гардзей заўважыў сястру ў двары, пакінуў працу, прыйшоў, павітаўся, спытаў:

— Як маешся?

— Гарую. Сам ведаеш, як жыць, не маючы сваёй хаты. Добра, што Каця дзе якую пасылку прышле з Амерыкі, дык за гэта мяне і трываюць.

Зося паглядзела на зморшчаны Паўлінін твар і падумала: «Нашто ёй тыя пасылкі? Жыве адна, старая ўжо стала. Ні плоту, ні азяроду. Ходзіць у нейкіх атопках ды рыззі, шкадуе сабе што лепшае апрануць».

— Не бядуй, сястра, пабудую хату, вазьму цябе да сябе.

— Пакуль ты хату пабудуеш, дык і рак на гары свісне, — адказала Паўліна.

— Ужо дамовіўся з лясгасам, выпішу драўніну.

— Драўніну яны выпішуць! Лес жа трэба зімою нарыхтоўваць, а не цяпер.

— Нарыхтуем зімою, — згадзіўся Гардзей.

— Да зімы яшчэ трэба дажыць, — горка ўздыхнула Паўліна.

— Чаго ты ўжо так раскісла?

— Няма сілы, Гардзейка. Рукі і ногі баляць па начах, што не ведаю, куды і як іх пакласці. Ды што ўжо мне старой скардзіцца? Тут маладыя мруць як мухі. Вы і не чулі, можа?

— А што? — спытала Зося.

— Маркаў старэйшы сын, п’яніца той горкі, пад цягнік трапіў. На смерць зарэзала. Ага! Кажуць і сэрца вырвала з грудзей, так і ляжала асобна.

— А божачкі, бяда якая, — перахрысцілася Зося.

— Вось як бывае на свеце. Некалі Марк сваю сястру хацеў пад цягнік кінуць за зямлю, ды я нарвалася. А цяпер такое няшчасце з ягоным сынам здарылася.

Ораст калоў ля клуні напілаваныя дровы. Зося паглядзела ў ягоны бок і сказала Гардзею:

— Чуеш, што наш сынок вырабляе? Да Веркі Марфінай заляцаецца! Ажаніцца абяцаў.

— Абы-што вярзеш.

— Вось Паўліна кажа, што ўжо ўся вёска пра гэта ведае.

— Калі ён паспеў? — спакойна заўважыў Гардзей. — Плёткі гэта.

— А ты сам у яго спытай.

— Добра, спытаю, — згадзіўся Гардзей.

Паўліна паправіла хустку на галаве, падцягнула ражкі пад барадою, цяжка вохкаючы, паднялася з прызбы.

— Ну, пайду я, разбірайцеся тут самі, — сказала яна.

— Паабедай з намі, — запрасіла Зося.

— Дзякую, пайду. Хаджу я цяпер марудна, пакуль дамоў дабрыду, дык і вячэра будзе.

— Застанься, — папрасіў Гардзей, але Паўліна паціху патупала да весніц.

«Якая хітрая, — падумала Зося пра Паўліну, — не хоча сапсаваць адносіны з пляменнікам. Усім жадае быць добраю. Ну і гадзюка — гэтая Марфа! Гардзея не ўтрымала, дык хоча ягонага сына завабіць у сваё кодла. Не выйдзе!»

Весніцы грукнулі за Паўлінаю, і яе квяцістая хустка хутка знікла за кустоўем.

— Чаго надзьмулася як мыш на крупы? — спытаў Гардзей.

— Думаю, што рабіць?

— Нічога не рабіць. Ці ён дурны, каб так рана жаніцца?

— Не ў цябе ён удаўся, Гардзей. Можа, таму, што сама я гадавала яго, ён толькі знешне на цябе падобны. Не было побач бацькі, не меў з каго браць прыклад. Хоць цяпер пагутары з ім сам, бо сарвуся я, не атрымаецца гутарка. Ненавіджу я гэтую Марфу. Сам ведаеш...

Па абедзе Гардзей знарок дачакаўся, калі Зося пойдзе даваць мяшанку свінням, распачаў гутарку з сынам:

— Што збіраешся рабіць далей? Вучыцца ці жаніцца?

— Вучыцца не хачу, буду шукаць працу. Думаю, мо тут, у калгасе застацца.

— У калгасе? — здзівіўся Гардзей. — Задарма хадзіць на працу і нічога ад гэтага не мець?

— Неяк жа людзі жывуць.

— Адны лайдакі так жывуць. Можа, і жаніцца ўжо надумаў?

Ораст пасміхнуўся і адказаў:

— Думаю. Усё адно некалі ж трэба.

— Няўжо сапраўды з Веркаю Марфінаю?

— А што? Сімпатычная дзяўчына, — сказаў узрадавана Ораст, бо пачуў тое, пра што сам пакуль сказаць бацькам не адважваўся.

— Ды ты ведаеш, колькі гэтакіх сімпатычных ёсць на свеце? Мільёны! А трэба выбраць адну, якую будзеш кахаць усё жыццё! — нездаволена сказаў бацька.

— Ажанюся — і будзе яна ў мяне адна.

— Навошта так рана вешаць сабе хамут на шыю? У цябе яшчэ ўсё жыццё наперадзе! Верку ён знайшоў, недавучку гэтую калгасную.

У гэты час у хату ўвайшла Зося, не стрымалася і абурана сказала:

— Няўжо ты не помніш, Ораст, як мяне ледзь немцы не расстралялі з-за Марфы! І дзеда твайго з-за яе на пакуты і смерць вывезлі! Гэтая зладзейка ў Паўліны палатно ўкрала! Увесь іхні род паскудны!

— Дзеці за бацькоў не адказваюць, — запярэчыў Ораст. — Ці мала што ў вас было!

— Марфа нам згубы жадала! Яна твайго дзеда на той свет паслала! А ты гатовы яе дачку як змяю на грудзях прыгрэць! — закрычала Зося ў запа­ле. — Тады лепш забі мяне, каб я не бачыла і не ведала гэтае ганьбы.

Ораст разгублена паўзіраўся ў твар маці, але раптам рынуўся да дзвярэй, схапіўшы на хаду з цвіка куртку і выскачыў з хаты.

— Рыхтык такі ж шаленец, як ты, — сказаў Гардзей, сочачы ў акно за сынам.

— Куды ён пабег? — з трывогаю спытала Зося.

— Не бойся, ён не пабяжыць тапіцца, як ты некалі ў маладосці. Пашыбаваў у бок чыгункі.

— Божачкі, што ж я нарабіла? — загаласіла Зося. — Калі ж ён вернецца? Я звар’яцею, калі яго доўга не будзе.

— Супакойся. Няхай хлопец абдумае тое, што мы яму сказалі. Можа, якраз на карысць пойдзе, — суцешыў Зосю Гардзей.

— Што у вас там здарылася? — спытала старая Агатэля з печы.

Яна зусім аслабла, з ранку яшчэ трохі тупала па хаце, а потым адлежвалая. З-за таго, што недачувала, дык амаль не размаўляла са сваімі кватарантамі, бо бачыла, што толькі раздражняе іх.

— Нічога, цётка, трохі Зося на сына накрычала, каб позна з дзяўчатамі не гуляў, а ён пакрыўдзіўся, — адказаў Гардзей.

Старая нешта прамармытала сабе пад нос і аціхла на печы.

11

Ораст вярнуўся да бацькоў праз два дні, сказаў, што ўладкаваўся на працу ў будаўнічую арганізацыю ў Брэсце і пасяліўся ў інтэрнаце. Вестка ўзрадавала Зосю, яна спытала:

— А што ж ты, сынку, там будзеш рабіць?

— Буду старшым, куды пашлюць.

— Трэба ж нейкую прафесію асвоіць, — параіў бацька.

Ораст уздыхнуў, пачухаў патыліцу і адказаў:

— Разумееце, каб нечаму навучыцца, трэба мець настаўніка. Ім мог бы стаць брыгадзір. Але ён адмаўляецца мяне вучыць, кажа, я лепш свайго сына навучу.

— Гэта несправядліва. На працы ў брыгадзіра ўсе сыны, — запярэчыла Зося.

— Толькі ты, мама, можаш так думаць. Нічога, агледжуся, можа, з часам пашукаю лепшую працу. Галоўнае, што інтэрнат далі. Там весела. Па серадах, нядзелях і суботах наладжваюцца танцы.

Ораст задаволена ўсміхнуўся, быццам згадаў нешта прыемнае, зірнуў на гадзіннік і папярэдзіў:

— Я прыехаў, каб забраць свае рэчы.

Зося заспакоена падумала, што, напэўна, ён адмовіцца ад Марфінай Веркі, калі раптам так крута памяняў свае планы. Крый божа ўступаць у сваяцтва з гэтым гадзючым кодлам. Часам Зося думала, што Марфа наслала на Гардзея псоту, што ён стаў абыякавым да яе, сваёй жонкі, ды і наогул да ўсіх жанчын, але нікому пра гэта не казала. Ды і каму скажаш? Распусцяць плёткі па сяле, зганьбяць, што сорамна будзе на людзі паказацца.

— Ты ж хоць наведвай нас, — папрасіла Зося. — І адрас пакінь, каб ведаць, дзе цябе шукаць.

— Няма чаго мяне шукаць. Усё ў мяне будзе добра. Брэст мне падабаецца. Там не засумуеш, — весела адказаў сын. — Мы з хлопцамі ўчора хадзілі ў парк, піва папілі, патаўкліся на танцпляцоўцы, карацей, добра бавілі час.

— Толькі будзь асцярожны, сынок, не пі гарэлкі, не ўвязвайся ў бойкі. Ты ж не хлапчук зялёны. Нашто табе даказваць сваю вартасць кулакамі? — зноў папрасіла Зося.

— Ай, вечна ты, мама, нешта выдумляеш. Есці хачу. Хутчэй, бо на бліжэйшы цягнік спазнюся, — адказваў Ораст, скідваючы ў стары абдзёрты чамадан касцюм, сарочкі, бялізну.

Зося дастала з печы дранікі са шкваркамі, спытала:

— Крышаны есці будзеш?

— Не, дранікаў дастаткова.

Сын еў з апетытам проста з патэльні рукамі, аблізваў тлушч, што цёк па пальцах, а бацькі з замілаваннем назіралі за ім. Вось і вырас хлопец, стаў на крылы, і бацькі яму патрэбны толькі для таго, каб час ад часу праведаць іх і паказацца, які ён стаў. А ці даўно ляжаў у калысцы, кугікаў і быў бездапаможны і кволы.

— Усё, я пабег. — сказаў Ораст.

— Ідзі з Богам. І помні, што я табе сказала пра Марфіну Верку.

— Ды я ўжо забыўся даўно пра тую Верку, вельмі трэба. У Брэсце поўна прыгожых дзяўчат, ажно вочы разбягаюцца.

Гардзей толькі ўсміхнуўся, слухаючы сына, і згадваючы сябе гэткім жа маладым, калі і ў самога разбягаліся вочы на вячорках і ён ніяк не мог выбраць адну адзіную.

Калі Ораст пайшоў з хаты, Зося з сумам сказала:

— Вось і вылецела наша птушаня з гнязда. Цяпер, Гардзей, засталіся мы з табою ўдваіх, як старыя пянькі.

— Чаму адны? Вунь цётка Агатэля дрэмле на печы. Хутка ўнукі пойдуць касяком. Цяпер дзеўкі ўчэпістыя, не такія сарамлівыя, як у наш час. Павісне на шыі, не адвяжашся, — адказаў Гардзей. — Ораста, мусіць, зацягне гарадское жыццё. Рэдка будзем бачыць хлопца.

— Ты ж бываеш на службе, будзеш яго наведваць. Слухай, пайду і я на працу, чаго мне гэтую хату вартаваць? І грошы трэба.

— Як хочаш, — адказаў Гардзей.

На другі ж дзень Зося паехала ў Брэст і ўладкавалася на чыгунку. Давялоя працаваць у тры змены, прымаць будаўнічыя матэрыялы. Цяпер яна рэдка бачылася не толькі з сынам, але і з мужам. Нават па святах часам у іх не супадалі дзяжурствы. Вяскоўцы, хто выпадкова сустракаў Ораста ў горадзе, казалі, што часта бачаць яго на падпітку. Маўляў, ходзіць ён па горадзе, заглядвае то ў адну «забягалаўку», то ў другую, набіраецца як свіння гразі, дамоў і носа не паказвае. Гардзей ездзіў да сына на працу, паўшчуваў яго, Ораст абяцаў выправіцца. Зося колькі разоў наведвалася да яго ў інтэрнат, але там не заста­вала.

Толькі на Новы год пашанцавала: Зося і Гардзей аказаліся дома разам. Чакалі сына, каб разам адсвяткаваць. Ён сапраўды прыехаў, але не адзін. Разам з ім увайшла прыгожая чарнявая дзяўчына, усмешлівая, прыязная.

— Знаёмцеся, гэта мая жонка, — заявіў Ораст з парога.

Зося зніякавела і разгублена спытала:

— Як жонка, адкуль?

— З Брэста. Хаця не, родам яна з Мінскай вобласці. Працуе буфетчыцай у кафэ. Карацей, варыць смачна і якасна. З голаду не прападу.

— Як жа цябе завуць, маладуха? — спытаў Гардзей.

— Міла, — адказала дзяўчына.

— Міла і сэрцу міла, — адказаў Гардзей і запрасіў, — заходзьце, калі ласка, стол накрыты, толькі вас і чакалі.

Старая Агатэля глядзела на маладых і дзівілася:

— Вось табе і гацаца! Не жаніўся, не вянчаўся, а жонку маеш!

— Мы распісаліся, бабуля! Рас-пі-саліся! — сказаў на вуха старой Ораст.

— Ну, дзякаваць богу, дзякаваць богу, — заківала галавою Агатэля.

Гардзей дапамог нечаканай нявестцы зняць паліто, правёў яе да стала, паказаў месца, дзе сесці, напоўніў келіхі віном, сказаў:

— За шчасце маладых! Жывіце ў згодзе і каханні. Няхай збываюцца вашы задумы і мары, а мы, старыя, будзем толькі цешыцца вашай удачы.

Усе выпілі віно, толькі Міла ледзь прыгубіла свой келіх. «Не п’е, гэта добра. Не разбэшчаная», — падумала Зося і спытала:

— А калі вяселле, сынок?

— Ды было ўжо ў нас вяселле. Два мае хлопцы ды дзве Міліны сяброўкі пасядзелі ў рэстаране, выпілі па чарцы і справе канец.

Зося згадала, што і ў яе не было сапраўднага вяселля, бо здарылася яно пасля радзін. Што ж, у кожнага свой лёс. Гэта, напэўна, за мой грэх мяне Бог карае. Хоць бы ў сына былі дзеці. Каб прычакала я ўнукаў. Даруй, Божа, грахі мае цяжкія.

— А дзе ж вы жывяце? — устурбавана спытала Агатэля.

— Дзе давядзецца, у мяне ў інтэрнаце, або ў Мілы на кватэры.

— Трэба, бацька, пачынаць будаваць дом, — сказала Зося.

— Будзем будавацца, сям’я павялічылася, — задаволена ўсміхнуўся Гар­дзей, наліваючы ў чаркі віно. — Давайце вып’ем за Новы год, няхай ён здзейсніць усе нашы надзеі і планы. Горка!

Міла сарамліва паглядзела на Ораста, але хлопец абняў яе за шыю і пацалаваў. Маладая заружовілася і апусціла вочы. Гардзей задаволена ўсміхнуўся і падумаў: «Усё-ткі мой сын не зломак. Дзяўчыну прыгожую выбраў і паводзіць сябе па-мужчынску. Праўда, яна нейкая занадта сарамлівая. Ці толькі прыкідваецца? Ведаю я гэтых цнатлівак. Бачыш, як хутка Ораста захамутала. Хаця і ён хуткі на справу, не вельмі задумваецца, што робіць. Вунь гатовы быў і Верку Марфіну ўзяць, нават не разгледзеўшы як след, што яму ў рукі валіцца. Малады яшчэ, зялёны.»

Раздзел чацвёрты Амерыканская спадчына

1

Вясной Рахубы распачалі будаўніцтва. Леванюк паставіў сцены, праўда, без сянец. Каця своечасова прыслала грошай, таму за лета накрылі хату гонтаю, склалі печ, заслалі падлогу, нават такі-сякі хлеўчык скідалі, у якім можна было размясціць карову і пару падсвінкаў. Позняй восенню сціпла справілі ўлазіны. Тады ж нарадзілася ўнучка Гануська. Нявестка перабралася з малою да Ораставых бацькоў. Зося не магла нацешыцца малою, аддавала ёй усю любоў і пяшчоту. Гардзей здзіўляўся, назіраючы за жонкаю, як палагаднела яна, як засвяцілася шчасцем, быццам вярнулася ёй адчуванне маладосці і мацярынства. Ды і сам дзед любіў бавіцца з малою, слухаць яе тонкі галасок, здагадвацца пра яе жаданні. Праз год нявестка нарадзіла яшчэ і ўнучыка Радзіка. У хаце стала цесна і тлумна. Гардзей аблюбаваў сабе месца для адпачынку на печы, каб нікому не замінаць. За турботамі пра малых, не было часу асэнсаваць тую радасць, якая пасялілася ў новай хатцы на хутары. Аднак Зося адчувала сваё шчасце і пра ўсё напісала ліст Каці. У адказ атрымала строгі і асуджальны адказ. Нехта са сваякоў паведаміў сястры ў Амерыку, што Ораст дрэнны сын, не запрасіў бацькоў на сваё вяселле, што любіць ён прыкладвацца да чаркі, ніякім рамяством не авалодвае, а толькі часта мяняе месцы працы, шукае лёгкага хлеба.

Гардзей ведаў: шмат хто з родзічаў і сваякоў гатовы перапісвацца з Кацяй толькі для таго, каб атрымаць ад яе пасылку. Ад зайздрасці гатовыя зганьбіць чалавека, каб за кошт гэтага атрымаць хоць нейкую карысць. Канечне, Ораст не ідэальны сын, але і не горшы за іншых. Трымаецца сям’і, кахае жонку, любіць дзяцей. А наконт чаркі. Дык хто цяпер не п’е? Іншае здзіўляла і непакоіла Гардзея. Жывучы за тысячы кіламетраў у Амерыцы, Каця імкнулася ведаць усё пра ягоную сям’ю, кіраваць адносінамі, уплываць на Зосю і Ораста. Яго ж, Гардзея, настойліва клікала ў госці, заваблівала багаццем, хвалілася сваім двухпавярховым домам, дзе шчасліва жыла з мужам у багатай і вольнай краіне, у якой ёй пашанцавала апынуцца. У адным лісце яна напісала: «Не хоча Зося ехаць і не трэба, прыязджай адзін. Я пакажу табе ўсю Амерыку. Пабачыш Ніягарскі вадаспад. Відовішча неверагоднае! Я аднойчы чатыры дні там жыла, не магла нагледзецца на гэтае вечнае хараство».

Яна ўпарта нагадвала і пра тое, што засталася бяздзетнай, а гэта азначала, што амерыканскую спадчыну маглі атрымаць Гардзееў сын і ўнукі, бо іншых спадчыннікаў у яе не было. Зразумела, Каця сумавала па радзіме, жыла згадкамі пра мінулае, тым больш, што некалі яна была неабыякавая да Гардзея. Ён гэта адчуваў, калі і сам вагаўся, выбіраючы сабе жонку. Яму падабалася ўдумлівая, разумная, начытаная Каця, але Зося, імпульсіўная, самаахвярная і адданая, здолела прывязаць яго да сябе. Аднак жыццё мінула. Насоўвалася старасць. Гардзей адчуваў яе дыханне за спінаю. Ён баяўся прызнацца сабе ці каму б там ні было, што паступова губляе зрок, вочы зацягвала смугою, якую нават сонца не магло прадраць. Сілы пакідаюць цела, цяжка дыхаюць лёгкія, задышка пачынае душыць, як толькі ён бярэцца за якую-небудзь цяжкую працу. Што там далей, адзін Бог ведае. Аднак трэба было абараніць сына і сваю сям’ю ад плётак. Ён сабраўся і напісаў доўгі ліст Каці і яе мужу:

«Добры дзень, паважаныя Каця і Дзяніс! Мы атрымалі ваш ліст, за які сардэчна дзякуем. Мы радыя, што ў вас усё добра, што вы яшчэ працуеце, што здаровыя, наведваеце крамы, атрымліваеце асалоду ад жыцця, ад сустрэч з сябрамі і ад працы ў кветніку. Зося таксама любіць наведваць крамы і купляць што-небудзь сабе або ўнукам. Сардэчна дзякую за запрашэнне ў госці, аднак, перакананы, што мяне да вас не пусцяць. Вы ж ведаеце маё мінулае. Мяне выпусцілі па амністыі, пашанцавала. Рэабілітацыі я не дачакаўся. Да таго ж, наколькі я ведаю, за мяжу пускаюць толькі блізкіх родзічаў: бацьку, маці, братоў або сясцёр. Наконт Ораста скажу, што раней ён любіў пасядзець у кампаніі, калі быў халасты, а цяпер, як завяліся дзеці, такое амаль не здараецца. Ён добра ставіцца да нас з Зосяю, да сваёй жонкі і дзяцей. Вяселле сваё ён справіў вельмі сціпла, толькі з самымі блізкімі сябрамі, бо не хацеў абцяжарваць нас. Мы тады знаходзіліся ў цяжкім матэрыяльным становішчы. Прыязджайце да нас, пазнаёмцеся з ягонай сям’ёй і здолееце самі ўпэўніцца, што ён добры сямейнік. Мы цешымся на старасці ўнукамі і шчаслівыя тым, што ўсё ў сына атрымалася выдатна. Нявестка наша прыгожая і акуратная, умее смачна гатаваць. Яна з вясковых, таму ніякае працы не цураецца. У нас усё добра, бяда толькі, што старасць ужо нагадвае пра сваю прысутнасць. Жадаем вам поспехаў, моцнага здароўя і доўгага жыцця. Прывітанне ад нашай вялікай сям’і. Да пабачэння. Рахубы».

Ліст Гардзей вырашыў сам занесці на пошту ў вёску. Хоць дзень выдаўся марозны, але ветрык ужо веяў па-вясноваму цёплы. Па дарозе ён зайшоў у краму, дзе звычайна збіраліся вяскоўцы перакінуцца словам і дачакацца, калі з Жабінкі прывязуць свежы хлеб. І на гэты раз тут сабралася некалькі старых жанчын у ватоўках ды Марк, апрануты ва ўсё салдацкае — даношваў сынаву ўніформу, у якой той вярнуўся з войска. Ён гучна сварыўся з прадаўшчыцаю Веркаю, Марфінаю дачкою.

— Бачыш ты, якая сучка, аблічыла на дзесяць капеек! Ты думаеш, калі я стары, дык і лічыць не ўмею!

Верка кінула на прылавак манету і крыкнула:

— На табе дваццаць капеек, толькі сыдзі з вачэй, падла старое! Ніяк не здохнеш! Ходзіш тут і толькі нервы псуеш!

— Зараз знявечу кульбакаю! Паскуда каўтунатая! — Марк замахнуўся кульбакаю на маладзіцу.

— Толькі паспрабуй! Выклічу міліцыю, дык хутка цябе супакояць, — пачала пагражаць Верка, трасучы стручкамі завіўкі, якія спадалі на лоб.

— Сёння ж скаргу напішу ў райспажыўсаюз, не будзеш ты тут махляваць, — раз’ятрана паабяцаў Марк.

Гардзей пацягнуў Марка за рукаў і сказаў, пасмейваючыся:

— Ты яшчэ да маладзіц чапляешся?

— Каб яна спрахла, халера гэтая! Штораз выведзе з раўнавагі.

— Пойдзем на свежае паветра, успомнім маладосць.

Марк злосна згроб з прылаўка манету заскарузлаю рукою і сказаў:

— Пайшлі, Гардзей. Ты адзіны разумны чалавек на ўсё сяло. Я цябе заўсёды паважаў.

Яны выйшлі з крамы. Па-старэчы пачалі гаманіць пра гаспадарчыя спра­вы. Толькі тут Гардзей заўважыў, што паштовая скрынка вісіць на слупе каля крамы і ўзрадавана апусціў у яе свой ліст, бо ногі ўжо балелі і не хацелася цягнуцца да пошты ў другі канец вёскі.

— Пойдзем, Марк, я цябе дахаты правяду.

— Пайшлі, Гардзей, колькі таго жыцця засталося?

Два старыя чалавекі тупалі ўдоўж вёскі, якая выгадавала іх, паставіла на ногі, пусціла ў шырокі свет, але яны вярнуліся сюды, не жадаючы жыць у разлуцы з ёю. Яны глядзелі на хаты, дзе некалі жылі іншыя людзі, якія даўно перасяліліся на клады. Цяпер па сяле хадзілі дзеці і ўнукі памерлых і рысамі твараў нагадвалі сваіх папярэднікаў. «Кругазварот жыцця ў прыродзе, — сам сабе ўсміхнуўся Гардзей. — А я яшчэ жыву. Перажыў многіх сваіх ворагаў. У гэтым мая перамога і шчасце».

— Як ты Марк пачуваешся? — спытаў Гардзей.

— Як прачнуся раніцай, здаецца, што толькі пазногці не баляць. Увесь, як пабіты.

— Вось, што я табе скажу. Калі аднойчы прачнешся і адчуеш, што нічога табе не баліць і не смыліць, ведай, што памёр, — засмяяўся Гардзей.

— Цьфу на цябе! Такое паскудства кажаш, — раззлаваўся Марк.

— Як ні круціся, а прыйдзе час адпачыць.

— Калі прыйдзе, тады і пагаворым, а цяпер давай пра што весялейшае. У цябе колькі ўнукаў?

— Двое.

— А ў мяне пяцёра, нават адзін праўнук ёсць! Абскакаў я цябе, Гардзей! — задаволена прыцмокнуў языком Марк. — Але ж ты не ведаеш галоўнае маёй радасці. Я рэабілітаваны! Прызнаны ні ў чым не вінаватым. А табе, напэўна, рэабілітацыю не дадуць. Лічыцца, што ты на немцаў працаваў.

— Я працаваў на людзей. Стараўся, каб пастаўкі немцам былі як мага меншыя, каб жывёлу здавалі горшую. Ты гэтага не заўважыў?

— Я заўважыў, але хто табе паверыць? Ты ж для саветаў — вораг на­рода.

— Ат, не павераць, дык і так памру. Для мяне галоўнае не чалавечы суд, а Боскі. Будзь здаровы, Марк, і не кашляй.

Гардзей рушыў па вуліцы, а думка пра рэабілітацыю не адпускала яго. Ён не адчуваў сваёй віны ні ў чым, шкадаваў толькі, што ўзяў грэх на душу, напісаў данос на Пуха. Думаў, што Пуху ўчыняць допыт, выкрыюць яго нялюдскую дзейнасць, а немцам не было часу разбірацца. Яны расстралялі Пуха як камуніста і супрацоўніка савецкіх карных органаў. Гардзей вельмі спадзяваўся, што здолее дазнацца, чым быў атручаны. Тады, магчыма, было б лягчэй знайсці лекі ад невылечнай хваробы, якая хоць і прыціхла ў апошнія гады, але час ад часу нагадвала пра сябе страшэнным болем у галаве і грудзях. Цяпер ужо нічога не дазнаешся, позна. Сваю таямніцу забраў Пух на той свет. Калі Гардзей уяўляў, як Пух стаяў перад дуламі аўтаматаў, яму рабілася страшна і моташна. І раптам ён згадаў той выпадак, калі расстрэльвалі людзей каля Жабінкі. Сэрца балюча сціснулася і, здалося, спынілася. Гардзей схапіўся за плот і доўга стаяў нерухома, баючыся варухнуцца, быццам баяўся, што тая далёкая смерць, што згрэбла людзей у яму, можа прыхапіць з сабой і яго.

2

На другі дзень Гардзей паехаў у Брэст і напісаў заяву ў абласную пракуратуру з просьбаю разгледзець ягоную справу з мэтаю рэабілітацыі. Праз некалькі месяцаў яго выклікалі ў суд для разгляду справы. У якасці сведкаў былі запрошаны жонка і сястра Паўліна. Утрох яны і выправіліся ў Брэст. У будынку суда са здзіўленнем убачылі Марфу, Марка і яшчэ двух аднавяскоўцаў: Іллю Раманюка і Хвядоса Янчука, з якімі Гардзей ніколі хаўрусу не вадзіў, бо яны былі на дзясятак гадоў маладзейшыя за яго.

Калі сакратар стукнуў малаточкам і абвясціў: «Суд ідзе!», усе ўсталі. Гардзей адчуў незвычайную ўзрушанасць, але пастараўся супакоіць сябе, маўляў, сам заварыў кашу, цяпер трывай. Суд пачаўся з таго, што прапанавалі Гардзею расказаць пра сваё жыццё. Ён пачаў гаварыць, спачатку хваляваўся, але хутка супакоіўся і аповед ягоны паліўся імкліваю рэчкаю, нават сам дзівіўся, як лёгка яму згадваецца тое, што ляжала недзе на дне памяці, а цяпер быццам хто вяслом ускалыхнуў і падняў на паверхню той забыты час:

— Нарадзіўся я ў 1901 годзе ў вёсцы Крачкі. Мой бацька меў дзесяць гектараў зямлі, два кані, тры каровы, карацей, гаспадарка даволі вялікая, але ў 1914 годзе ён памёр, а мама пайшла ў лепшы свет яшчэ раней. Я застаўся за гаспадара з трыма малодшымі сёстрамі. З 1909 да 1912 года вучыўся ў школе, да 1922 года працаваў на сваёй гаспадарцы, пасля мяне ўзялі ў войска, дзе служыў да 1924 года. Вярнуўся зноў у сваю гаспадарку, выбіраўся войтам, але кандыдатура не была зацверджана.

Паступова ён увайшоў у смак і пачаў расказваць, згадваючы асобныя дэталі, выпадкі. Усё перажытае быццам праплывала перад ягонымі вачыма, а ён пераказваў прысутным тое, што бачыў. Апавядаў пра тое, як сядзеў у польскай турме, як адышоў ад камуністаў, як працаваў пры саветах, але быў звольнены з працы і ў той жа дзень атручаны колішнім былым сябрам. Пра службу ў немцаў сказаў коратка, што працаваў аграномам, у ягоную функцыю ўваходзіла збіранне паставак збожжа і свойскай жывёлы для нямецкага войска, і пры гэтым прызнаўся, што склаў спіс людзей, якія прычынілі яму гора, і перадаў немцам, у выніку чаго Пух быў расстраляны, а некалькі чалавек высланы ў Германію. Гардзей адзначыў, што быў пакрыўджаны на савецкую ўладу, за тое, што яго атруцілі, у выніку чаго ён хварэе на працягу ўсяго жыцця.

Суддзя спытаў, ці ёсць у яго даведка аб перанесенай хваробе. Гардзей дастаў з кішэні і паклаў перад суддзёй нейкія паперкі і працягваў свой аповед:

— У чэрвені 1944 года я ўступіў у нямецкае добраахвотнае войска. Заставацца дома мне было небяспечна, вельмі лютавалі партызаны ў апошнія дні перад прыходам Чырвонай Арміі. На зборным пункце ў Брэсце нямецкі афіцэр запісаў неабходныя звесткі, якія датычыліся мяне, і я застаўся там. Праз некалькі дзён мне выдалі мундзір нямецкага салдата і вінтоўку. Нас вучылі страявой падрыхтоўцы. Пра тое, што я пайшоў да немцаў, мая радня не веда­ла. У батальёне, дзе я служыў, набралася сорак добраахвотнікаў, астатнія былі немцы. Гэты батальён абараняў Брэст, але я ў баях не браў удзел, бо ехаў наперадзе з абозам. Я быў узяты ў палон пад горадам Пілау, а потым асуджаны на спецпасяленне ў горад Тулу на шэсць гадоў, працаваў на вугальнай шахце. З-за недаядання і цяжкай працы вельмі аслабеў, таму ўцёк дамоў, за што быў зноў асуджаны ўжо на дваццаць гадоў і адпушчаны па амністыі.

Суд дапытаў Зосю. Яна назвала сваіх блізкіх родзічаў, у тым ліку і Кацю, якая жыла ў Амерыцы, і нічога не магла дадаць да таго, што расказаў Гардзей. Паўліна наогул адмоўчвалася, а калі што і казала, дык немагчыма было разабраць, што яна шамкала бяззубым ротам. Найбольш гаваркой аказалася Марфа, якая скардзілася на тое, што праз Гардзея была выслана на працу ў Германію. Марк сказаў, што ў сяле ніхто не хацеў быць аграномам. Гардзей узяўся за гэтую справу, таму што быў не зусім здаровы на галаву. Ілля Раманюк абвінаваціў Гардзея ў тым, што той у час свайго аграномства забраў у яго сям’і карову і аддаў немцам. Яшчэ адзін вясковец Хвядос Янчук сказаў, што паколькі Гардзей быў у нямецкай арміі, дык ваяваў супраць яго, Янчука, былога чырвонаармейца, які дайшоў да Берліна і быў цяжка паранены.

Гардзей слухаў сваіх аднавяскоўцаў і думаў: «Кожны дбае пра сябе. Напэўна, некаму і я атруціў жыццё. Марфе, якая дамагалася майго кахання, Раманюку, які хацеў утаіць карову, Янчуку, якому давялося паваяваць. А хіба я распачаў гэтую вайну? Мы ж толькі пешкі. І шукаем вінаватых побач з сабою».

Суддзі выйшлі параіцца, а калі вярнуліся, была абвешчана пастанова аб прызначэнні судова-псіхіятрычнай экспертызы па справе грамадзяніна Рахубы Гардзея Максімавіча. Гардзею растлумачылі, што яго выклічуць на экспертызу, а пасля суд прыме канчатковую пастанову. Яго суцешыла тое, што твары суддзяў не былі такія пагардлівыя і абыякавыя, якія яму даводзілася бачыць раней. Г этыя глядзелі спакойна і нават прыязна.

Калі вярталіся дамоў, ужо ў цягніку, Зося, пазіраючы ў задуменны твар мужа, спытала:

— І навошта табе трэба былі гэтыя мітрэнгі? Што табе з тае рэабілітацыі?

— З некім я варагаваў, нехта не любіў мяне, але я ніколі не быў і не буду ворагам свайму народу! Таму рэабілітацыя мне патрэбна як паветра!

— Які ж ты неспакойны, Гардзейка, — заківала галавою Паўліна.

— Затое ты ў нас спакойная! Сапраўдны пралетарый, нічога не маеш, толькі другіх вучыш жыццю!

Паўліна імгненне глядзела на брата і раптам залілася слязамі, праз усхліпы яна прамовіла па складах:

— Гэта ж усё праз цябе! Праз цябе я засталася адна! Ты не даў мне выйсці замуж! Ты з’еў маю маладосць!

— Ціха, ціха, Паўлінка, — папрасіла Зося. — Людзі ж кругом.

Паўліна аціхла, унурылася, адвярнулася да акна. Гардзей нервова прыгладзіў валасы, працёр вочы. На зрэнкі наплываў туман. Ужо ён і Зосін твар не мог добра разгледзець. Іншы раз са страхам думаў пра тое, што некалі настане дзень, калі белы свет акрыецца непраглядным туманам. А потым не за гарамі і смерць. Але ці ж яму наракаць на лёс. І так пажыў, дзякаваць богу. Колькі палегла людзей тых, што працавалі разам з ім на шахце ў Туле і Варкуце! Колькі хлопцаў не вярнулася ў сяло, мабілізаваных на вайну! Што ж, у кожнага свой лёс, свая непратаптаная сцежка. Сам выбраў, сам іду, як магу, на колькі хопіць моцы.

3

Тры псіхіятры сядзелі за сталом. Спярша прапанавалі Гардзею распрануцца да пояса. Адзін з іх абстукаў малаточкам суставы, канстатуючы:

— Правільны склад цела; харчаванне здавальняючае; на левым локцевым суставе пачырваненне — скура адлушчваецца ў выглядзе бляшак; у лёгкіх везікулярнае дыханне з адзінкавымі сухімі хрыпамі; тоны сэрца чыстыя, жывот мяккі, пры пальпацыі без болю; селязёнка і печань не пальпіруюцца.

Пасля гэтага Гардзею прапанавалі апрануцца, сесці і расказаць пра сваю хваробу, яе праявы. Ён пачаў апавядаць, выліваць боль з душы. Пад гэтымі зычлівымі і ўважлівымі позіркамі яму было спакойна прызнацца, што ўсё жыццё баіцца ён новага атручэння, пажаліцца, як балела яму галава, як пякло ў грудзях, што іншы раз хацелася забіць сябе самога ці тых, хто яго атруціў, бо здавалася: толькі так можна дасягнуць палёгкі. Адзін з дактароў нешта запісваў, час ад часу ўскідваючы вочы на пацыента. Дактары нават часам усміхаліся яму, як бы падбадзёрваючы. І Гардзей стараўся расказаць усё ў дэталях, каб яны зразумелі, што ніколі ён не быў ворагам народа. Ён звычайны чалавек, якому даводзілася сустракацца са здрадай, несправядлівасцю і выжываць у невыносных умовах. Часам яго спынялі, прасілі расказаць пра нешта іншае. Гэта раздражняла яго, бо выбівала з плыні думак, а ён не хацеў прапусціць нешта важнае.

Між тым адзін з дактароў пісаў чарнавы варыянт судова-медыцынскай экспертызы, у якім гаварылася пра псіхічны стан Рахубы. Пісаў, што ён правільна арыентуецца на месцы, у часе і ў адчуванні ўласнай асобы. Пісаў, што ў кантактах выхаваны, далікатны, трымаецца вольна, падрабязна апавядае пра сваё жыццё, пра хваравітыя перажыванні, выяўляе паталагічную падрабязнасць мыслення. Было і пра тое, што ўвагу фіксуе на сабе і сваіх перажываннях, на адносінах да яго навакольных, што абыякавы да свайго лёсу і лёсу блізкіх, а ў час гутаркі выяўляе назойлівасць пры паказе важных падзей у ягоным жыцці, што патрабуе, каб яго выслухалі цалкам. А таксама, што Рахуба засяроджаны на сваіх пачуццях, што стараецца згадаць усе падрабязнасці, нават форму і колер рэчаў, якія датычацца нейкіх падзей. Пісаў, што кола ягоных інтарэсаў звужана, што імкнення да працы ў калектыве не выказвае, што ахвотна даў згоду на прапанову аформіць яму інваліднасць. І ўжо такое: «Выяўляе неадэкватнае тлумачэнне падзей свайго жыцця: нехта пачаставаў вішнямі — падалося, што хацеў атруціць, на шахце прараб хацеў забіць яго дошкаю, крытыка да свайго хваравітага стану адсутнічае...»

«Дыягназ: захворванне пачалося да звальнення з працы. Вострая сімптаматыка захворвання выявілася ў час знаходжання ў бальніцы, калі адзначаліся трызненні і галюцынацыі, эмацыянальная напружанасць. Тэрмін лячэння быў недастатковы, выхад з хваробы быў няпоўны, застаўся дэфект пагрозы атручэння і выяўляўся пры неспрыяльных умовах жыцця. Такім чынам, характар захворвання Рахубы Г. М. даводзіцца дыферэнцыраваць паміж рэактыўным псіхозам, паранайяльным развіццём асобы і шызафрэніяй. Рэактыўны псіхоз выключаецца ў сувязі з адсутнасцю вострага рэактыўнага моманту на пачатку хваробы, адсутнасцю псіхагенных рысаў у структуры псіхозу пры далейшым ягоным працяканні. Паранайяльнае развіццё асобы выключаецца тым, што вышыня псіхічнай праявы адносіцца да 1939—1941 гг., але трызненні працягваліся, што не характэрна для паранайяльнага развіцця асобы.

Хвароба развівалася паступова, што адпавядае форме развіцця шызафрэніі і наяўнасці дэфекта ў выглядзе трызнення, якое перыядычна ўзмацняецца, што неабходна расцэньваць як абвастрэнне хваробы. Прыходзім да высновы: у перыяд 1939—1947 гг. Рахуба Г. М. пакутаваў на псіхічнае захворванне, а таму не мог адказваць за свае дзеянні і кіраваць сабою ў гэтыя гады. Цяпер ён пакутуе на душэўную хваробу ў форме шызафрэніі.

Мы, псіхіятры, Дубцоў М. А., Сянец В. К., Куракін М. Н., будучы прызначаныя ў якасці экспертаў па артыкуле 177, 178 КК БССР папярэджаны аб адказнасці за дачу хлуслівых звестак па экспертным заключэнні і раскрыццё звестак дадзенага папярэдняга следства».

Дактарам заставалася толькі абмеркаваць яшчэ раз гэты акт, напісаць чыставы варыянт і паставіць свае подпісы ў канцы. Тэма была вычарпана, Гардзея адпусцілі. Ён выйшаў стомлены і спустошаны, не ведаючы радавацца ці сумаваць з тае нагоды, што яго прызналі душэўнахворым чалавекам. Што ж, у гэтым дыягназе горкая праўда ягонага жыцця, з якога наогул было цяжка выйсці жывым, а ён выйшаў, няхай і з пакалечанаю душою, затое пераможцам! Дактары не паверылі, што ён быў атручаны. Але ж яны ведаюць, якая страшная хлусня разносілася дзяржаваю і сеялася ў душах. Людзі спрэс былі атручаны страхам, падазронасцю, нянавісцю. Усе гэтыя праявы і цяпер нязводна жывуць у душах людзей не толькі ў свядомасці, але і ў падсвядомасці, што вольныя грамадзяне часам самі не ведаюць, чаго баяцца.

Гардзей выйшаў з прыгожага будынка з калонамі, у якім мясціўся Брэсцкі псіханеўралагічны дыспансер, агледзеў яго з задавальненнем і падумаў: «Некалі тут жылі багатыя людзі, а цяпер такія бедакі, як я, прыходзяць сюды, каб засведчыць сваю душэўную хваробу. Сказана ў Бібліі: «І мудрыя звар’яцеюць». Нічога, хоць душа мая хворая, але галава ясная. Я разумею, што да чаго і нават сваімі падслепаватымі вачамі бачу ўсіх наскрозь».

Пад нагамі шаргацела апалае лісце. На горад насоўвалася восень, але была яна яшчэ прывабная і шумлівая, як бойкая маладзіца на пачатку старасці, калі яшчэ сама не верыць, што аднойчы стане бяззубаю, зморшчанаю, як кара старога дрэва. Гардзей пайшоў па бульвары да вакзала і ў наступным квартале ўбачыў яшчэ адзін будынак са стромкімі калонамі, амаль копію таго, з якога ён толькі што выйшаў. Прачытаў шыльду. Тут месцілася міліцыя і выцвярэзнік. Гардзей хмыкнуў сабе пад нос: «Бач ты, два прыгожыя будынкі аддалі пад установы, у якія па сваёй ахвоце ніхто не ходзіць. Цяжка зразумець такую логіку. Хаця ў Брэсце дастаткова было і іншых прыгожых будынкаў, проста так супала, што на адным бульвары стаяць выцвярэзнік і псіхдыспансер. У жыцця свая логіка і свой падтэкст. Разумей, як хочаш.»

Праз паўгода Гардзей атрымаў паведамленне, што судовая камісія па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР разгледзела на закрытым пасяджэнні ягоную справу: абвінавачванні вынесены асуджанаму на аснове ягонага прызнання і непераканаўчых паказаннях сведкаў. Згодна з заключэннем судова-медыцынскай экспертызы ад 21.10 1966 г. засведчана, што асуджаны не мог адказваць за свае дзеянні і кіраваць імі, і цяпер працягвае хварэць на шызафрэнію. На аснове вышэйсказанага было прынята рашэнне: прысуд Ваеннага трыбунала войскаў МУС Брэсцкай вобласці ад 8. 08. 1947 г. у адносінах да Рахубы Г. М. спыніць за адсутнасцю падстаў для злачынства.

Гардзей некалькі разоў перачытаў даведку аб рэабілітацыі. Хваравіта паморшчыўся. Яго прызналі шызафрэнікам і таму апраўдалі. А калі б ён аказаўся здаровым чалавекам? Што тады? На гэтае пытанне ніхто яму не мог адказаць.

4

Каця часта прысылала лісты і пасылкі. Было відно, што яна вельмі сумавала па радзіме, але баялася прыехаць, бо адносіны ў Амерыкі з Савецкім Саюзам у чарговы раз прыкметна сапсаваліся. Аднак яна настойліва абяцала сваю спадчыну Зосіным унукам. Перспектыва ўзбагаціць сям’ю, забяспечыць ёй бязбеднае і годнае існаванне прываблівала малодшую сястру. Зося згадзілася на паездку ў Амерыку. Страшнавата было выпраўляцца ў такую далёкую дарогу, безумоўна, што ёй хацелася б узяць з сабою каго-небудзь з сямейнікаў. Але каго? Гардзея прызналі шызафрэнікам, у Ораста на руцэ напісана новая дата нараджэння, можа выклікаць цікаўнасць Каці, а тая яшчэ, крый божа, раскажа пра гісторыю замужжа Зосі. Нявестка даглядае дзяцей. Каця вельмі хоча паглядзець на сваю ўнучку, але ж дзяўчынку непажадана адрываць ад школы. Браць з сабою Паўліну ці каго з іншых сясцёр Гардзея не было сэнсу, толькі плёткі пасля па вёсцы будуць разносіць. Узважыўшы ўсе акалічнасці, вырашыла Зося ехаць адна. Калі былі падрыхтаваны ўсе паперы, апранула Зося чорную сукенку, узяла толькі самае неабходнае. Так што валізка была амаль пустая, і рушыла ў дарогу. Хоць і хвалявалася, але спадзявалася на Бога. Усё ў ягоных руках. Стомленая дарогаю ў цягніку да Масквы, яна, па сутнасці, праспала ўвесь пералёт да Амерыкі. У аэрапорце яе сустрэла Каця з мужам. Сёстры, якія не бачыліся болей за трыццаць гадоў, не адразу пазналі адна адну. Каця доўга прыглядалася да людзей, што ішлі насустрач, пакуль не здагадалася, што высокая хударлявая старая і ёсць яе родная сястра Зося. Але, яшчэ не верачы сваёй здагадцы, яна спытала:

— Ты Зося, ці што?

— Я, — адказала малодшая сястра, разглядаючы маленькую пульхную ружовашчокую Кацю.

— Якая ж ты старая! Ажно брыдка глядзець! — усклікнула амерыканка, пільна прыглядаючыся да сястры і шукаючы ў ёй тое аблічча, успамін пра якое вынесла яна з апошняй сустрэчы.

— Стамляюся надта, працую па начах на чыгунцы, прымаю будаўнічыя матэрыялы. А дамоў прыеду, таксама няма адпачынку — гаспадарка, унукі.

Каця заплакала, абняла сястру, пацалавала, прамовіла:

— Пакутніца ты мая. Знаёмся, гэта мой муж Дзяніс.

Зося працягнула руку каржакаватаму старому ў цёмных акулярах:

— Добры дзень, Дзяніс. Прыемна пазнаёміцца. Дзякую за лісты і пасылкі.

— Добры дзень, Зося, — адказаў Кацін муж і працягнуў Зосі вялікі букет жоўтых ружаў. — Пойдзем да машыны. Стаміліся ў дарозе?

— Ды не, хутчэй адпачыла, спала ўвесь час у самалёце. Дзякую за кветкі. Такое хараство!

Яны селі ў бліскучую белую машыну і паімчалі па горадзе з высознымі гмахамі, яркаю рэкламаю, мноствам людзей на вуліцах.

— Глядзі, Зося, гэта Нью-Ёрк — самы багаты горад на свеце. Амерыка — вольная і шчаслівая краіна, дзе нават рабочы чалавек можа купіць сабе вялікі дом і жыць там, гадуючы дзяцей і ўнукаў. Ты таксама маеш магчымасць пераехаць да нас са сваёй сям’ёй. Твае ўнукі будуць мець усё неабходнае, — натхнёна сказала Каця. — Я паклапачуся пра гэта, бо яны ж і мая кроў. Праўда, у Дзяніса таксама ёсць радня. Дом давядзецца падзяліць. Але ж, думаю, што твае нашчадкі не зломкі. Ім абы зачапіцца тут, дык з розумам можна няблага ўладкавацца.

— Твае б словы ды Богу ў вушы, — адказала Зося.

Каця прыкметна патаўсцела, на круглым твары вытыркаўся кірпаты носік. Валасы сястра фарбавала ў залацісты колер, хаваючы сівізну, таму выглядала нашмат маладзей сваіх гадоў. Да прыемнага ружова-бэзавага колеру сукенкі вельмі пасавала падабраная ў тон з ёю губная памада. Побач з ёю малодшая сястра, апранутая ў чорную сукенку, з сівою галавою, адчувала сябе старою і непрыгожаю.

— Ты добра выглядаеш. Я радая, што хоць табе адной з усёй нашай радні пашанцавала перажыць вайну. А мы ўжо нагараваліся за ўсё жыццё, што і згадваць страшна.

— Нічога, ты адпачнеш трохі, мы і цябе прыхарошым, пафарбуем, купім новае адзенне і будзеш ты ў нас, як толькі што адчаканены цэнт.

— Каця ў нас хоча да ста гадоў дажыць маладою, — насмешліва заўважыў Дзяніс.

— А ты хацеў бы, каб я апусцілася як квактуха, і вакол цябе бегала? Не дачакаешся! — раздражнёна адказала Каця.

— Я, дзякаваць богу, сам спраўляюся, вакол мяне не трэба бегаць. А хавацца ад старасці дарэмна. Усё роўна знойдзе, калі не сівізною, дык хваробаю.

— Як мне абрыдла твая пустая філасофія. Мудрэц знайшоўся! Раскажы, Зося, што там у нас у сяле?

— Неяк людзі прыстасаваліся і жывуць. Трымаюць гаспадарку, стараюцца знайсці працу ў горадзе, бо ў калгасе нічога не заробіш. За вайну шмат мужчын загінула. Цяпер падрасла моладзь. Мы, як з Казахстана вярнуліся, дык і не пазналі вёску. Яна ж у вайну згарэла. Цяпер шмат хто адбудаваўся.

— А ваша хата як?

— Стаіць. Праўда пакуль без сяней.

— Чаму ж вы не дабудоўваецеся?

— Гардзей стаіць на чарзе на кватэру ў Брэсце, там і вада, і газ.

— І колькі тая кватэра будзе каштаваць? — спытаў Дзяніс.

— За так дадуць.

— Во дзіва. Там яшчэ нешта даюць? — здзівілася Каця.

— Вымушаны даваць, бо хіба ж за нашу зарплату кватэру купіш?

— Няхай вам пашанцуе, але хату не прадавайце. Гэта ж наш родны куточак. Туды нашы ўнукі і праўнукі будуць прыязджаць, — параіла Каця.

Яны выехалі за горад, даволі доўга імчалі па шырокай трасе. Каця ўвесь час распытвала пра радню і аднавяскоўцаў. Некаму спачувала, некага асуджала.

— Ведаеш, Каця, не толькі час змяніўся, змяніліся людзі і нават зямля. Няма нашага балота, асушылі яго, сажалку завалілі нейкім ламаччам, праклалі каналы, лес высеклі, далекавата ён адступіў ад нашага хутара. Наш поплаў, дзе мы карову пасвілі, перааралі, засеялі цімафееўкай. Раней там расло мноства лугавых кветак, а цяпер адна зялёная трава. Нічога ты там не пазнала б цяпер.

— Дык ад маёй радзімы нічога не засталося?

— Толькі калодзеж стары. Нават садок давялося знішчыць — здзічэў без гаспадароў. Мы пасадзілі новы.

— Шкада, усяго шкада. І нас, старых, і незваротнага мінулага, і невядомай будучыні...

Нарэшце ўехалі ў невялікі гарадок, будынкі тут былі невысокія, з чырвонымі чарапічнымі дахамі, атынкаванымі і пафарбаванымі ў светлыя колеры. У адрозненне ад Нью-Ёрка тут было шмат зеляніны і кветак. Машына спынілася каля прывабнага двухпавярховіка.

— Гэта наш дом, выходзім, — сказала Каця.

Пакуль Дзяніс ставіў машыну ў гараж, убудаваны ў дом, Зося і Каця прайшлі па дарожцы, абсаджанай з двух бакоў рознакаляровымі ружамі, толькі жоўтых, такіх як у Зосі, тут не было.

— Вы знарок купілі мне кветкі? — здзівілася Зося.

— Так, гэта Дзянісава выдумка. Ведаеш, я жоўтых кветак наогул не люблю, — грэбліва адказала Каця, адмыкаючы дзверы дома. — Заходзь, паглядзі, як жывуць простыя амерыканцы.

Дом у Каці сапраўды быў абстаўлены і аздоблены з густам. Яна сама падбірала шторы ў тон абіўкі. Пакоі свяціліся цеплынёй і ўтульнасцю. Жаўтаватая мэбля, здавалася, вылучала святло.

— Хораша ў цябе, — з захапленнем сказала Зося.

— Ты паглядзі, што ў ванным пакоі робіцца.

Зося ўвайшла і ўбачыла люстра на ўсю сцяну, бліскучую блакітную ванну і сказала:

— Такога хараства я нават у польскага графа не бачыла. Шчыра радуюся за цябе, сястрычка.

— Усё гэта і тваё, — самазадаволена адказала Каця, — а цяпер пойдзем у сталовую. Дзяніс, хадзі есці. Дзе гэты стары пень сноўдаецца?

— Чаго ты на яго?

— Абрыд як горкая рэдзька.

Дзяніс увайшоў у пакой, сказаў вінавата:

— Прабачце, я там трохі затрымаўся, зараз памыю рукі...

Жанчыны ўвайшлі ў прасторную сталовую, таксама прыгожа і з густам абстаўленую. Тут была адпаведная мэбля з посудам, вялікі авальны стол, вакол якога стаялі крэслы. На стале ляжаў белы льняны абрус, на вокнах віселі белыя з ружовымі кветачкамі шторы. Усё ззяла чысцінёй. Каця паставіла на стол загадзя падрыхтаваныя закускі. Дзяніс сеў насупраць Зосі і прыязна пасміхаўся. Калі зняў чорныя акуляры, Зося заўважыла, што адно вока ў яго было прыкметна касаватае, а таму цяжка было разабраць, куды ён паглядае — на Кацю ці на яе.

— За сустрэчу, будзьма здаровы! — сказаў першы тост Дзяніс.

Зося падняла сваю чарку і чокнулася спачатку з ім, пасля з Кацяю, выпіла. Пітво аказалася саладжавае і непрыемнае.

5

Каця прывяла Зосю ў невялікі пакой, дзе ўсё было ў ружовых колерах і сказала:

— Гэты пакой мы трымаем для гасцей. Гарадок у нас ціхі, аднак часам моладзь ноччу ганяецца на машынах ды матацыклах. Каб нішто не перашкаджала чалавеку адпачываць, мы выбралі для адпачынку тыя пакоі, што выходзяць вокнамі ў двор. Вось тут, у шафе, піжама, сарочкі, халат, ручнікі, карацей, розная дробязь, неабходная жанчыне.

— У цябе, як у палацы, можна заблудзіцца.

— Ну, што ты? Гэта ў багатых сапраўды палацы. А мы простыя рабочыя людзі. Ты помніш: прыбіральня і ванны пакой насупраць, калі што трэба — карыстайся.

Зося ўсё стаяла ў парозе, разглядвала занавескі на вокнах і посцілку з фальбонкаю на ложку.

— Усё такое прыгожае, што страшна датыкацца, — сказала яна.

— Не выдумляй, кладзіся і адпачывай, а я пасяджу побач з табою. Цяпер дрэнна сплю. Шмат разоў прачынаюся па начах, а потым не магу заснуць. Здараюцца ночы, што праляжу ўсю ноч, гледзячы ў столь. Усё жыццё згадаю. Ну, чаго стаіш? Сядай на ложак, — Каця пацягнула Зосю за рукаў, пасадзіла на ложак, сама села насупраць у мяккі фатэль.

— Ведаеш, а я так часам стамляюся, што варта толькі прысесці, дык адразу клюю носам, — сказала Зося.

— Хіба Гардзей табе не дапамагае?

— Дапамагае, вядома, але ж бабскай работы век не пераробіш.

— Паўліна як?

— Паўліна таксама старая, як сонная муха. Поўзае з кульбакаю па хаце — ногі ў яе баляць, артрыт... Правае калена зусім не гнецца. Усё ў яе з рук валіцца. Ты ж разумееш, як жыць у чужой хаце: ні госць, ні гаспадар. Мне ўжо, мусіць, трэба працу кідаць, а ўсё хочацца дзецям памагчы. Капейка дома не лішняя. Прыеду з Берасця, а ўнучак просіцца на рукі і пытае: «Што ты мне, баба, прывезла?» Не заробіш, дык і гасцінца дзіцяці не купіш.

Раптам Зося спахапілася, што ўсё расказвае пра сябе, замест таго, каб распытаць пра яе і спытала:

— Раскажы пра сябе. Як ты тут? Мы столькі не бачыліся!

— Нічога, спачатку было цяжка. Потым пазнаёмілася з людзьмі, вывучыла мову, уладкавалася на працу, так і жыла. Тут людзей шмат з Брэстчыны. Нават з-пад Жабінкі ёсць, але мала з кім я падтрымліваю стасункі. Некаторыя з іх любяць гарэлку і мітынгі, ходзяць, гарлапаняць, нешта патрабуюць.

— Ці ладзіш з Дзянісам?

— Калі па шчырасці, шкадую, што некалі звязала свой лёс з ім. Калі мяне хацелі накіраваць на працу ў Індыю, а ехаць туды мне зусім не хацелася, тады мяне і пазнаёмілі з Дэнам.

— Якім Дэнам? — удакладніла Зося.

— Гэтак Дзяніса завуць на амерыканскі лад. Дык вось, калі нас пазнаёмілі, ён вырашыў дапамагчы мне, узяў са мною фіктыўны шлюб. Чалавек ён неблагі, але знешне мне не падабаўся. Праўда, з часам у нас склаліся добрыя сяброўскія адносіны, у складчыну купілі дом. Дзяніс займаў першы паверх, я — другі. Ён падтрымліваў мяне матэрыяльна, прывыкла я да яго. Праз два гады мы пажаніліся. Я зацяжарала, але з-за кісты не здолела вынасіць дзіця. Мне зрабілі аперацыю і папярэдзілі, што дзяцей у мяне больш не будзе. Што зробіш, калі так Бог судзіў, — уздыхнула Каця. — Затое ты ў нас шчаслівая. І сын у цябе ёсць, і ўнукі, а неўзабаве, глядзіш, і праўнукі пасыплюцца. Зрэ­шты, я думаю, што твае ўнукі — гэта і мае таксама. Тым сябе і суцяшаю. Ды і Дэн мае хросную дачку, мы яе з маленства гадуем і любім. Яна нам як родная. Ужо вырасла. Прыгожая дзяўчына. Я цябе з ёю пазнаёмлю заўтра. Раскажы мне яшчэ пра Серафіма. Што там атрымалася з ягонай жонкаю?

Зося пачала расказваць пра Серафімаву Надзю, як тая закахалася ў немца і нарадзіла ад яго дзіця, як праз гэта пакутаваў Серафім і ўвесь зжаўцеў, напэўна, ад злосці. А Надзя ў дзень пахавання прыняла да сябе партызана. Зося пераказала тое, што чула ад людзей (сама на пахаванні не была), як пахавалі Серафіма ў драўлянай скрыні, замест труны.

Каця слухала ўражана, ківала галавою і раптам з дакорам сказала:

— Як жа ты магла, Зося? Ён твой брат! Няхай дваюрадны, але ж сірата! Нікога ў яго, акрамя цябе, не было. І ты адвярнулася ад мёртвага!

— Я сама сябе вінавачу, — згадзілася Зося. — Але ж ты зразумей і мяне. Наш бацька з-за Серафіма і камітэтчыкаў загінуў. Гардзей невядома дзе падзеўся. Я думала, што яго партызаны забілі. А гэтая Серафімава лярва жыла каля лесу. З партызанамі зналася. Я з-за Гардзея тады ўвесь свет ненавідзела.

— Разумею, беднасць робіць людзей жорсткімі і бессардэчнымі. У нас тут нават для жывёлы ёсць могілкі. Людзі хаваюць свайго чатырохногага сябра ў труне, ставяць знак на магіле, каб час ад часу наведваць. Што ўжо там ва ўсім сяле не знайшлося трохі дошак на труну?

— Каця, табе гэтага не зразумець. У нас жыццё чалавека нічога не каштуе. Як магла дараваць Серафіму смерць бацькі? Г эта ты ў нас мудрая і разважлівая, а я, сама ведаеш, спачатку раблю, а пасля думаю.

— Бог вам суддзя. Не будзем пра гэта. Раскажы лепш, як ты жывеш з Гардзеем. Напэўна, ты хоць у гэтым плане шчаслівая. Я цябе пакінула з самым лепшым хлопцам на свеце.

Зося разгублена ўсміхнулася, не ведаючы, што і сказаць сястры. Па яе твары прабег цень збянтэжанасці, яна нешта хацела сказаць, але саромелася ці не адважвалася.

— Ну, падзяліся шчасцем. Не бойся, я не сурочу.

— Разумееш, Каця, ты з Дзянісам два гады жыла як з сябрам, а я трыццаць гадоў з Гардзеем сябрую.

Каця здзіўлена ўскінула на Зосю вочы і спытала:

— Ты пра што? Я не разумею?

— Гардзей мала таго што слепне, ён цяжкахворы чалавек. Помніш, я ж табе пісала, што яго атруцілі, і ён лячыўся ў псіхлячэбніцы. З таго часу ўсё і пачалося. Я не трэба была яму як жанчына.

— Не можа быць! Ён імпатэнт? Можа, у яго ёсць іншая? — Каця нервова і злосна засмяялася.

— Нікога ў яго няма. Ніхто яму не трэба. Ён жыве ў нейкім сваім свеце. Нешта піша ў сшытках, пасля паліць і зноў піша. Нават у Акадэмію навук у Маскву пасылаў свае запісы. Яму за гэта падзяку выказалі.

— А пра што ён піша? — здзіўлена спытала Каця.

— Прачытаць не магу, бо дрэнна бачу. Неяк Ораст пачытаў мне яго запісы, дык там было нешта пра стварэнне Зямлі ды землятрусы.

— Божа мой, такога разумнага чалавека загубілі! — з жалем і болем у голасе сказала Каця. — Каб у яго была магчымасць вучыцца, выйшаў бы геній. Змарнавалі яго жыццё па турмах. Які жорсткі і несправядлівы свет! Хоць бы ты на старасці прывезла яго сюды пажыць, свету паглядзець, адпачыць ад той жорсткасці, якая існавала там у вас!

Зося толькі горка ўсміхнулася, паморшчыла лоб і адказала:

— Ах, Каця, Каця, ты, калі ласка, не палохайся ад таго, што я табе скажу. Яму паставілі дыягназ — шызафрэнія. Таму і рэабілітавалі, што ён даўнодаўно хворы і не мог адказваць за свае дзеянні.

— Няўжо гэта так сур’ёзна?

— Я ніколі не ведаю, што з ім адбываецца, пра што ён думае, што хоча, пра што марыць. Увесь час лаўлю сябе на думцы, што ён са мною, але не пры мне. Ніколі не магу прадбачыць, што ён зробіць у наступны момант. Такое ўражанне, што ён сам чакае ад сябе нейкага вялікага ўчынку, але нешта замінае яму, звязвае.

Каця зноў горка паківала галавою, нібы закалыхваючы боль у душы і сказала:

— Не тое жыццё ён выбраў сабе, не тое. А ўсё таму, што не паслухаў мяне. Каб паехаў са мною ў Амерыку, быў бы жывы, здаровы, і, напэўна, шмат чаго дасягнуў бы. Тут цэняць разумных людзей.

Зосю гэты Кацін намёк пакрыўдзіў, але яна пастаралася не звяртаць увагі. У яе з сястрой заўсёды знаходзілася шмат падстаў для спрэчак. Яны мала змяніліся за гэты час. І цяпер маглі дзёрзка нагаварыць адна адной непрыемных слоў. Але Зося была госцяй і мусіла паводзіць сябе чула і далікатна. Яна адказала:

— Ён сам выбраў сваё жыццё. Дарэчы, ніколі не хацеў жыць за мяжой. Нават калі адступаў з немцамі, застаўся, не захацеў шукаць замежны рай. Такі ўжо ён у нас.

— Жыццё мінула. Нічога назад не павернеш, — уздыхнула Каця. — Адпачывай, у нас яшчэ будзе час нагаварыцца.

Яна сумна ўсміхнулася, махнула рукою з парога і выйшла з пакоя, ціха прачыніўшы за сабою дзверы.

6

Зося па звычцы прачнулася рана, памылася, апранулася, спусцілася на першы паверх, убачыла за шклянымі дзвярыма святло, пастукала, увайшла ў пакой. Гэта была кухня. Учора Зося не запомніла планіроўку дома. Цяпер вывучала ўсё зноўку. За сталом сядзеў Дзяніс і піў каву. Прыемны водар напою поўніў кухню, спакушаў, бадзёрыў.

— Добрай раніцы, гаспадар, — павіталася Зося. — Як тут смачна пахне!

— Добрай раніцы, Зо! — весела адказаў Дзяніс. — Каву будзеш піць?

— А Каця?

— Не звяртай увагі. Мая жонка любіць усмак паваляцца ў пасцелі. Можа, ты звыкла больш грунтоўна снедаць, дык скажы, я звару што-небудзь, калі страва нескладаная. А лепш пашукай сабе ў халадзільніку, што на цябе паглядзіць, тое і вазьмі сабе.

— Ай, Дзяніс, нам не да прысмакаў. Зварыў якую бульбіну, з’еў з гурком, салам ці цыбулінаю, ды і ўвесь сняданак.

Гаспадар, бачачы, што Зося не заглядвае ў халадзільнік і не садзіцца да стала, падняўся. Пасадзіў госцю, наліў ёй кавы, адчыніў халадзільнік, дастаў вэнджанае мяса, два яйкі, пачаў смажыць яечню.

— Ты заўсёды сам сабе гатуеш?

— А то як жа! Я тваёй сястры не надта давяраю. Яна аднойчы хацела мяне атруціць.

— Бог з табою, Дзяніс, што ты такое кажаш? — здзіўлена ўсклікнула Зося.

— Я праўду кажу. Разумееш, жыла яна са мною жыла і раптам прыгледзела сабе каханка з баптыстаў. Ходзіць і ходзіць у царкву, амаль кожны вечар. А я стамляюся на працы і не цямлю, што з жонкаю адбываецца. Ажно яна мне і кажа, што не хоча са мной жыць, давай будзем дом прадаваць. Я ёй у адказ: жыві з кім хочаш, а дом я прадаваць не буду. Калі твой каханак цябе кахае, дык няхай бярэ без дома. Я паступова вам сплачу кошт тваёй палавіны. Куды я пайду басяком бяздомным? Яна тут у крык, у слёзы. Такое было! Не выкажаш. А я на сваім стаю. Вось тады гэта і здарылася. Спякотным днём вярнуўся я з працы, дастаў бутэльку піва з халадзільніка і хлебануў. Аказалася, там быў воцат. Каця для нечага наліла. Трапіў у бальніцу, зрабілі мне аперацыю на страўнік.

— Мо яна незнарок?

— Знарок ці не, а можна было заводзіць крымінальную справу. Але кахаў я яе, усё дараваў.

Дзяніс расклаў яечню на дзве талеркі, адну паставіў перад Зосяй, запрасіў:

— Паспытай амерыканскай яечні.

Зося пакаштавала і адказала:

— Яечня скрозь аднолькавая. Але ведаеш, Дзяніс, я не веру, што Каця знарок магла такое зрабіць. Яна ж у Бога заўсёды верыла.

Дзяніс хмыкнуў сабе пад нос і сказаў:

— Да гэтай яечні трэба піва.

Ён дастаў з халадзільніка бутэльку піва, адкаркаваў, наліў сабе і Зосі, весела падміргнуў:

— Вось цяпер гэта будзе сапраўдная яечня! А наконт Каці што табе скажу. Яна кухню не любіць, таму я згадзіўся, каб мне не гатавала. Яна нічога і не робіць. Такі характар. Я і сам з рукамі, што хочаш звару, сасмажу.

— Дазволь, Дзяніс, мне гаспадарыць на кухні. Пакуль я тут, — папрасіла Зося.

— З задавальненнем!

Яны пілі піва, усміхаліся адно аднаму, закусвалі яечняй. Паміж імі адразу ўсталяваліся добрыя адносіны.

— Сумна вам тут сярод чужых людзей? — са спачуваннем спытала Зося.

— У мяне шмат сяброў. Мы збіраемся часта, п’ём піва, гуляем у карты, абмяркоўваем палітыку і спорт. Тут можна няблага жыць. Канечне, сумуем па радзіме. Але ж там нас нішто добрае не чакае.

— Ведаеш, Дзяніс, я прыйшла да высновы, што нас наогул нідзе не чакаюць. Нікому мы не трэба, хоць зараз памірай, хоць пачакай. Хіба толькі родныя трохі пасумуюць.

— Эх, невясёлая ў нас гаворка атрымліваецца. Давай лепш заспяваем. «Туман ярам, туман даліною», — бадзёра зацягнуў гаспадар.

У кухню ўвайшла Каця, незадаволена паморшчылася і раздражнёна сказала:

— Расспяваўся як дурная курыца на сваю галаву.

— Прашу прабачэння, жонка не любіць калі я спяваю, гавару, смяюся. Яна наогул мяне не кахае.

— А за што цябе любіць? Ты ж не пірог з макам, — нервова засмяялася Каця, узяла турку, паставіла на пліту, каб зварыць сабе каву.

— Я ўкраінскае пароды, а таму ўвесь з мяса ды сала, — засмяяўся Дзяніс, і Зося заўважыла, якія ў яго прыгожыя і здаровыя зубы, вядома, ад добрага жыцця, ды і выглядае чалавек добра на свае гады, а яму ж, бадай, ужо пад восемдзесят.

— Ну-ну, цябе хлебам не кармі, а дай пагаманіць, — з дакорам сказала Каця, наліваючы ў малюсенькі, як на два глыткі, кубачак каву і падсаджваючыся да стала неяк бокам, быццам не было ў яе ніякага жадання быць побач з гэтымі людзьмі.

За сталом усталявалася гнятлівая цішыня. Гаспадыня маленькімі глыточкамі выпіла каву і сказала, ні да каго не звяртаючыся:

— Хутка госці прыедуць. Трэба рыхтавацца.

— Чым табе дапамагчы? — спытаў Дзяніс, які ўжо быццам забыўся на нядаўнія жончыны абразы.

— Як звычайна. Ідзі ў гастраном, купі малака і свежага хлеба. А мы тут з Зосяю пастаім на кухні і што-небудзь прыгатуем.

— Зразумеў, — адказаў Дзяніс і, напяваючы сабе пад нос, выйшаў.

— Весялун! Да яго смерць прыйдзе, ён і ёй будзе песні спяваць, — раздражнёна сказала Каця ўслед мужу.

— Чаго ты яго ўсё грызеш. Добры ж чалавек, гаваркі, вясёлы.

— Лайдак ён, а не добры чалавек! На ганку тынкоўка абвалілася, а ён ходзіць і не бачыць! Дах пацячэ, ён будзе вядро падстаўляць, замест таго каб дзірку палапіць! Ненавіджу! Каб магла, зарэзала б тупым нажом!

— Каця, не заводзься з ранку, так ты сэрца сабе надарвеш.

— Яно ўжо даўно надарванае. Як ты думаеш, ці проста мне было класціся ў пасцель з чалавекам, да якога, акрамя жаласці, нічога не адчуваю? А вінаваціць няма каго, такі мой лёс.

Каця цяжка ўздыхнула, паднялася з-за стала, адчыніла халадзільнік, дастала вялізны кавалак мяса, сказала:

— Трэба нешта з яго зрабіць, а я не люблю стаяць каля пліты.

— Давай я! — прапанавала Зося. — Можам частку мяса запячы, а з рэшты зрабіць катлеты і галубцы, насмажыць бульбы, для разнастайнасці некалькі адбіўных падсмажыць. Як думаеш?

— Рабі што хочаш. Я пайду трохі кватэру агледжу, прыбяру, што не так ляжыць, а ты ўжо тут сама складай меню.

Зося засталася на кухні. Занялася звыклаю справаю, рабіла ўсё яна хутка і ўвішна. Калі Дзяніс вярнуўся з гастранома, на кухні ўсё кіпела, булькала і апетытна пахла.

7

Госці прыехалі апоўдні. Гэта была сям’я Пескуровых, выхадцаў з Расіі. Іхнюю дачку Эні хрысціў некалі Дзяніс. Усе сядзелі за сталом, елі, нахвальалі Зосіна майстэрства. Было відно, што яны сапраўды засумавалі па такой знаёмай ежы: галубцах, смажанай бульбе са шкваркамі, драніках. Зося не паленавалася і зрабіла нават трохі пельменяў. Гэта быў проста ласунак для рускіх, хоць іх дачка, здаецца, не падзяляла думку бацькоў, бо вырасла на амерыканскай ежы. Эні была свавольная, раскаваная, смяшлівая, з выгляду ёй можна было даць гадоў дваццаць, з твару не надта прыгожая, вытыркаўся ўперад падбародак на хударлявым твары, і вочы сядзелі глыбока, а таму, здавалася, што яна за ўсімі сочыць па-сабачы пільна. Зося нават падумала сама сабе: «Бацькі сімпатычныя людзі, а дачка невядома ў каго ўдалася».

Дзяніс наліваў віскі ў маленькія, як напарсткі, чарачкі. Зося сачыла за ягонымі рухамі і ўсміхалася.

— Што, дзіўна вам, цёця Зо, глядзець на наш посуд. У вас, кажуць, шклянкамі п’юць? — спытала Эні.

— У нашых мужчын вельмі спрацаваныя рукі, яны такую чарачку і ў пальцы не зловяць, — адказала Зося.

— А праўда, што і ваш сын моцна выпівае? — дапытвалася дзяўчына.

— Не больш, як усе. Па святах іншы раз бярэ чарку. Такая ў нас завядзёнка, як, дарэчы, і ў вас.

— А ці праўда тое, што вам вельмі дрэнна жывецца?

— Эні, не псуй людзям апетыт, — абарвала маці дачку.

— Чаго ты, мама? Я хачу ведаць праўду, як кажуць, з першых вуснаў.

Зося паглядзела на дзяўчыну, усміхнулася і адказала:

— Вядома, краіна наша яшчэ беднаватая. Чатыры гады страшэннай вайны, стратаў, смярцей. Але і ў нас людзі жывуць, працуюць, дзяцей гадуюць. Некаторыя ўжо нават машыны маюць.

— А цёця Кэт казала, што ў вас там зусім дрэнна: часам і хлеба няма.

— Бываюць перабоі з хлебам. Апратку і абутак часам цяжка купіць. Але мы людзі звыклыя, ніколі не раскашавалі.

— Дом жа вы сабе за нешта пабудавалі. У нас сям’я за дом часам па дваццаць гадоў разлічваецца.

— Дык гэта ж за дом! — усміхнулася Зося. — А мы пабудавалі хатку плошчаю, як гэты пакой.

— Як гэты пакой? — уражана перапытала Эні. — І дзе ж у вас там што.

— Там у адным пакоі кухня, спальня, і ўсё астатняе, што трэба, толькі прыбіральня на вуліцы, — насмешліва адказала Зося наіўнай дзяўчыне, якая ніколі не бачыла ў жыцці ніякіх цяжкасцей.

Дзяніс засмяяўся і сказаў:

— Табе, Эні, гэтага не зразумець.

— Хто п’е каву, хто гарбату? — спытала Каця, устаючы з-за стала, каб перавесці гаворку на іншае і падаць дэсерт.

Усе згадзіліся на каву. Мужчыны завялі гаворку пра футбол, у якім Зося нічога не цяміла. Яна перабірала кутасы на настольніку, саромелася сваіх недагледжаных рук з парэпанымі пальцамі і падумала міжвольна, што госці, мусіць, гідавалі есці з-за яе рук. Аднак жа елі і хвалілі, можа, не заўважылі? Аднак Зося памылілася. Уедлівая Эні раптам спытала:

— А ў вашай краіне жанчыны манікюр робяць?

— Вядома, робяць тыя, што жывуць у горадзе. А я вясковая, у мяне шмат работы. Свінні, карова, куры, качкі, гусі.

— Дык у вас ферма?

— У нас калгас. А гэта мая асабістая гаспадарка, якая корміць мяне. Інакш у нас не выжывеш.

— Дык можна ж усё рабіць у пальчатках.

Зося засмяялася, схапілася за галаву і сказала:

— Галубка мая, там жа столькі працы, што ніякія пальчаткі не вытрымаюць! Бачыш скура на руках і тая ўся падраная, — Зося з усмешкаю паказала свае парэпаныя рукі. — Але пажыву тыдзень-другі ў Амерыцы і ў мяне пальчыкі стануць як у пані, белыя ды пяшчотныя. У лянівага рукі не баляць.

Эні хмыкнула і адказала:

— Цікава будзе паглядзець. Вы ведаеце, а цёця Кэт казала, што яна мяне любіць больш, чым вашых унукаў.

— Гэта і не дзіўна. Цяжка любіць таго, каго ніколі не бачыў.

— Эні, замоўкні нарэшце, — сказаў бацька.

— Тата, я ж сказала чыстую праўду.

— Паводзь сябе прыстойна.

У пакой увайшла Каця, якая несла на падносе невялікі торт і кубачкі з гарачаю духмянаю каваю. Яна пачула толькі абрыўкі фразы і спытала:

— Хто тут крыўдзіць маю любімую Эні?

— Вось бачыце, я ж казала, што цёця Кэт мяне вельмі любіць.

— А хто ў гэтым сумняваўся? — здзівілася Каця.

— Усе! Усе! Я цябе таксама вельмі люблю, цёця Кэт!

Маці Эні пастаралася змяніць гаворку, выказаўшы захапленне водарам, які зыходзіў ад кавы і выглядам торта, упрыгожанага мноствам ружаў. Зося паглядзела на кампанію і заўважыла, што ў гасцей халодныя і непрыязныя вочы. Толькі Дзяніс пазіраў весела, але немагчыма было зразумець, каму ён так радуецца, на каго глядзіць сваімі касымі вачамі.

Калі госці нарэшце сабраліся дахаты, Каця пайшла іх праводзіць, а Зося з Дзянісам засталіся за сталом.

— Нешта, сваячка, сумна ў нас. Развучыліся людзі радавацца і весяліцца. Давай заспяваем што-небудзь наша, вясковае, — прапанаваў гаспадар.

— Давай, — згадзілася Зося і зацягнула песню:

Вой, ляцела зязюлечка цераз круту гору. Не выжала пшанічанькі, выжала палову. Вой, нашто мне тая палова, як зерня не маю? Вой, нашто мне жыць на свеце, як мамы не маю? Сем раз ваду прыносіла з сіняга Дунаю. Сем раз ваду прыносіла, восьмы — напілася. Каб я мела родну маму, я й не журылася б.

Зося вяла першым голасам, Дзяніс басаваў, галасы гучалі зладжана і прыгожа. Прыйшла Каця, села да стала, слухала песню, потым і сама далучылася, заспявала — і няпрошаная слязінка выкацілася з вачэй.

Прыйдзі, прыйдзі, родна мама, касу расчасаці. Ідзі дамоў, родна доня, сядай вячэраці, А прыйду па вечары косу расчасаці. Прыйшла доня дадоманьку, села вечараці, Ждала родну маму дый стала плакаці.

Песня вяртала ўсіх дарослых у той далёкі і незваротны час, калі яны былі яшчэ маладыя і ніхто не ведаў, калі і дзе звядзе іх лёс. Каця выцерла слёзы і сказала:

— Годзе вам. Ажно сэрца разбалелася. Божа мой, я ж цэлую вечнасць не чула, як кукуе зязюля і квакаюць жабы. Здаецца, шмат аддала б, каб яшчэ хоць раз іх пачуць.

— Дык прыязджай, — прапанавала Зося.

— Трэба падумаць, — задуменна адказала Каця. — Мяне госці вельмі стамляюць. Ды і складана ў вас.

— Пакуль цяжка, — сказала Зося. Я помню бежанства. — У Казахстане, напрыклад, з паўгода мы харчаваліся адною кукурузай. Авітаміноз, хваробы, не было абутку і цёплага адзення. А сын рос. Лепш, не згадваць. Ворагу не пажадаеш таго, што мне і маёй сям’і давялося перажыць.

Зося ўзмахнула рукой, быццам адганяючы прывіды мінулага. Ёй яшчэ хацелася сказаць, што ўсяго ў жыцці яна дасягала цяжкаю чорнаю працаю, але зірнула на стомленых Кацю і Дзяніса і толькі цяпер убачыла, што і яны ўжо таксама старыя людзі і іх, напэўна, не вельмі песціла жыццё ў чужой краіне, сярод чужых людзей, без сваякоў і радні, без добрых суседзяў, якіх ведаеш змалку, без таго звыклага асяроддзя, дзе заўсёды сам пракладваў сцежкі. Нешта яны набылі, але назаўсёды страцілі радзіму. Дык ці варта сюды цягнуць сваіх унукаў? Мабыць, і не варта. Але спадчыну можна атрымаць у выглядзе грошай. Хоць ужо і тут хапае нахлебнікаў. Хоць бы гэтая Эні. Чаго ўвесь час прыдзіралася, хацела паказаць, што яна тут не абы-хто, а любімая хросная дачка?..

8

Раніцай Каця прыйшла да Зосі ў спальню, села на пасцель, паскардзілася на бяссонне. Выгляд у яе сапраўды быў стомлены, пад вачамі абвіслі мяшкі. На твары рэзка абазначыліся маршчыны.

— А табе як спалася, Зо? — спытала яна, называючы малодшую сястру коратка, на амерыканскі манер.

— Дзякаваць богу, сплю добра. Дома штодня недасыпаю. Кладуся позна, устаю рана. Адпачну ў цябе, як на курорце.

— Паслухай, я ўсё думаю, як цябе Гардзей адпусціў адну? Раптам ты тут застанешся?

Зося памаўчала, раздумваючы, як растлумачыць сястры тое, пра што яны думалі з мужам перад яе паездкаю за акіян, потым сказала:

— Ведаеш, мы пра сябе ўжо не дбаем, абы дзецям ды ўнукам было добра.

— І ты можаш застацца тут, са мною?

— Калі трэба, дык застануся.

— Нават калі больш да самай смерці не сустрэнешся з Гардзеем? — здзіўлена спытала Каця.

— А колькі нам жыць засталося?

— Ты не кахаеш яго! Ты ніколі яго не кахала! — абурана выкрыкнула Каця.

— Каб не кахала, дык не жыла б. А я ўсё стрывала, ніколі не здрадзіла яму, ніколі не папракнула, ніколі нічога не патрабавала. Жыла, каб толькі яму было добра, бо разумела, што чалавек хворы. Якая б на маім месцы згадзілася на такое жыццё — ні жонка, ні ўдава? Мне знаходзіліся людзі, магла б сваё жыццё ўладкаваць. А я ж Гардзея чакала з усіх турмаў, з усіх дарог.

Каця дапытліва паглядзела на яе, нібы нешта вырашаючы для сябе, потым сказала насмешліва:

— Умееш ты мужчынам галаву задурыць. Мой Дэн, стары дзед, ні на што не здатны, і той дапытваецца, што б для цябе прыемнае зрабіць?

— Дзяніс — добры чалавек, вось і стараецца дагадзіць мне як сваячцы.

— Хітрая ты, але ж я не дурнейшая, — сказала Каця. — У сябе дома я цябе не пакіну, а завязу ў рускі манастыр, там ты будзеш сядзець і чакаць маёй смерці і спадчыны для сваіх унукаў. Як мяне пахаваюць, тады ўжо распараджайся як хочаш тым, што я табе пакіну.

— У манастыр? — здзівілася Зося. — А хіба так можна?

— А чаму ж не? Уставай, збірайся, паснедаем і паедзем. Я цябе сама завязу.

— Ты ж не спала ноч. Як жа ты павядзеш машыну?

— Нічога, кавы вып’ю і буду свежанькая як агурочак.

Сястра нешта мудравала, а Зосі, не ведаючы ні амерыканскіх законаў, ні тутэйшага жыцця, нічога не заставалася, як падпарадкавацца. Палохала трохі толькі тое, што раптам давядзецца шмат гадоў жыць у манастыры. Да таго ж невядома, хто першы памрэ. А Зосі хацелася і на могілках быць побач з Гардзеем. А зрэшты, што мёртвы ведае ці адчувае? Дзе закапаюць, там яму і дамоўка.

Пасля сняданку, як толькі Дзяніс па завядзёнцы пайшоў па малако і свежыя газеты, Каця з Зосяй, нічога яму не сказаўшы, селі ў машыну і паехалі па шырокай і роўнай дарозе. Толькі цяпер Зося разгледзела, што гарадок Асторыя, у якім жыла Каця, быў партовы. Яны ехалі ўдоўж марскога берага, абапал якога стаяла мноства прыгожых яхт і вялізных караблёў, такія Зося бачыла раней толькі на малюнках.

— Паглядзі, якая тут чысціня, якое хараство! — сказала Каця. — Жыць у Амерыцы — вялікае шчасце. Не кожнаму так шанцуе!

— Так, прыгожа. Але я люблю нашых буслоў. Мне, як не бачу над полем бусла, дык быццам нечага не хапае.

— Годзе пра буслоў! Будзеш тут жыць! А я паеду да Гардзея. І не можа быць, каб я не ўгаварыла яго хоць разок са мною саграшыць! — Каця залілася нервовым смехам. — Эх, дзе мае сямнаццаць? Цяпер бы я была б разумней­шая. Ты ведаеш, ён аднойчы хацеў быць са мной, калі нікога дома не было. А я, дурная, не далася. Цнатлівасць захоўвала! Каму яна трэба была? Тут, у Амерыцы, ніхто на такія дробязі не звяртае ўвагі. Абы добра было! Вось ты ў нас разумніца! Адразу змікіціла, што трэба рабіць з прыгожым хлопцам, — Каця зноў зарагатала, адкінула галаву назад, машыну ажно павяло ў бок.

— Сачы за дарогаю, — крыкнула Зося. — Паб’еш машыну.

— А халера яе бяры! Машын на мой век хопіць. Бяда, што жыццё аказалася разбітае. Вунь твой манастыр. Бачыш?

— Дзе? — спытала Зося. — Не бачу.

— Я ж і забылася, што ты заўсёды была падслепаватая. Зараз пад’едзем бліжэй.

Манастыр узнік перад Зосінымі вачамі нечакана. За высокаю каванаю агароджаю стаяла невялікая атынкаваная белая царква і некалькі будынкаў.

— Ідзі ў царкву, памаліся. А я пакуль з тутэйшым начальствам пагутару, — сказала Каця, замыкаючы машыну.

Зося ўвайшла ў царкву, перажагналася перад іконаю Божае Маці, пачала маліцца аб спрыянні ва ўсіх справах. З-за калоны выйшла манашка ў чорным адзенні, пакланілася ў знак прывітання. Зося спытала ў яе:

— Як вам тут жывецца?

Манашка прыязна ўсміхнулася і адказала:

— Добра. А вы руская?

— Не, я з Беларусі, з-пад Брэста.

— А ведаю, ведаю. Хочаце памаліцца?

— Памаліцца і застацца тут назусім. Г эта магчыма?

— Безумоўна, чаму б і не? У Амерыцы жыве шмат эмігрантаў, якія наведваюць царкву і разумеюць нашы патрэбы і па магчымасці дапамагаюць. Заставайцеся, разам будзе весялей.

— Я прыехала да сястры. Як яна вырашыць, так і будзе.

— Ну, поспеху вам. Беражы вас Гасподзь, — адказала манашка і пачала парадкаваць дагарэлыя свечкі.

Да Зосі нячутна падышла Каця, прашаптала на вуха:

— Пойдзем адсюль.

— Ты дамовілася?

— Нічога я не дамовілася. Не возьмуць цябе сюды. Дакументы твае не адпавядаюць. У нас законы вельмі строгія.

Яны выйшлі з царквы пад яскравае сонца, якое асляпіла Зосю. Яна падхапіла Кацю пад руку і занепакоена спытала:

— А што ж цяпер будзе са мной?

— Трэба думаць, — з напускною важнасцю адказала сястра. — Мяркую, што мне варта развесціся з Дэнам, а ты выйдзеш за яго, і тады ў нас усё атрымаецца. Ніякі закон не падкапаецца. Зрэшты, я магу паехаць да Гардзея і жыць з ім. Выдатна я прыдумала, праўда? — Каця засмяялася, няшчыра і злосна.

— Вярзеш абы-што, ажно слухаць брыдка, — азвалася Зося.

— Я шукаю выйсце, а ты яшчэ прыдзіраешся! Мне нічога для цябе не шкода. Ты ж адзіная родная душа ў мяне на свеце! — з пафасам прамовіла Каця.

— Ведаеш што, нешта ў нас нейкая няшчырая гаворка атрымліваецца. Я разумею, ты яшчэ жывая і здаровая. А я прыехала спадчыну шукаць. Прабач, Каця, я жадаю табе жыць доўга-доўга. А мае ўнукі дагледжаныя, накормленыя. Яны абыдуцца і без тваёй спадчыны.

— Вой-вой, пакрыўдзілася ўжо! Сядай у машыну, паедзем дамоў, — зага­дала Каця.

— Ды за што мне крыўдзіцца? Ты запрасіла, я прыехала. Пабачыліся, пагаманілі і дзякаваць богу. Пара і дамоў збірацца.

— Не выдурняйся! Мяне людзі засмяюць, калі ты так хутка паедзеш. Заўтра пойдзем па крамах, накупляем падарункаў. Яшчэ ж я табе нашу Амерыку як след не паказала.

— Рабі, што хочаш, — абыякава прамовіла Зося. — Я цяпер пад тваёй уладай.

Каця нічога не адказала. Засяроджана вяла машыну. Зося зірнула на спідометр. Ён паказваў хуткасць 80 міль у гадзіну.

— Божа, як ты ездзіш?

— А што? Дарога выдатная! А паміраць, дык з музыкаю!

9

На другі дзень Зося з Кацяй пайшлі ў супермаркет. Парыліся там гадзіны чатыры, выбіраючы падарункі Гардзею, Орасту і дзецям, знерваваліся ўшчэнт, бо тое, што выбірала Каця, зусім не падабалася Зосі. Каця абвінавачвала Зосю ў безгустоўнасці, адсталасці, абмежаванасці.

— Ну, куды табе старой бабе гэтая квяцістая цыганская сукенка? — абуралася Каця. — Да тваіх сівых валасоў падбірай што-небудзь шэранькае або блакітнае.

— Ненавіджу шэры колер, — адказвала Зося. — Адзенне павінна быць яркім, радаваць, звяртаць на сябе ўвагу.

— Ты яшчэ хочаш, каб на цябе звярталі ўвагу? У люстэрка хоць калі глядзішся?

— Гляджуся, абавязкова.

— Разумею, ты ж блізарукая, маршчын не бачыш, табе ўсё здаецца, што ты маладзіца хоць куды. Ты хоць на старасці купі акуляры ды разгледзь свет, які ён ёсць на самай справе.

— Не трэба мяне папракаць маімі недахопамі, дадзенымі ад прыроды. Не хачу я нічога купляць. Паедзем дахаты! — раздражнёна сказала Зося.

— Як хочаш, дахаты дык дахаты. У Бога дзён многа, зрабілі агледзіны. Яшчэ прыедзем днямі сюды і што-небудзь купім, — згадзілася Каця. — Зрэ­шты, я ўжо прагаладалася, пара і паабедаць.

Яны селі ў машыну і праз колькі хвілін былі дома, дзе іх з усмешкай сустрэў Дзяніс. Ён сядзеў каля дома ў крэсле-качалцы, чытаў газеты. Каля яго на траве стаялі бутэлькі з півам.

— Дзяўчаткі! Прыехалі! Натаміліся? Зося, можа, піўца са мною вып’еш? Халодненькае. Складзі кампанію! Буду ўдзячны! Сядайце, я вам тут і крэселцы вынес.

— З задавальненнем, — адказала Зося, беручы шклянку з халодным півам і наталяючы смагу.

Каця не села побач з імі і не стала піць піва, паціснула плячыма і спытала:

— Як вы можаце піць гэтае пойла? Трэба на абед нешта згатаваць.

— Я зараз займуся, — прапанавала Зося.

— Пасядзі, адпачні, паспееш з абедам, — сказаў Дзяніс Зосі. — Ты хударлявая, а мы з Кацяй сталі тлустыя, як старыя і лянівыя каты. Нам шкодна шмат есці.

Каця незадаволена хмыкнула і пайшла ў дом. Гаспадар спытаў у госці:

— Чаму нічога не купілі?

— Не змаглі нічога выбраць. Што падабаецца мне, Каці не падабаецца. Так і не прыйшлі да агульнай думкі.

— Нічога, другі раз я цябе сам завязу, ты купіш усё, што табе спадабаецца. Я заплачу, і ўсё ў нас будзе выдатна, — усміхнуўся Дзяніс, а яго касыя вочы глядзелі ў розныя бакі, хоць ён стараўся пазіраць на Зосю.

— Добры ты чалавек, Дзяніс. Радая, што пазнаёмілася з табою. Дай табе Бог здароўя. Мне нічога і не трэба. Якая розніца, у што старая баба апранаецца.

— Кінь, Зося, казаць такое! Якая ж ты старая! Ты такая стройная, дужая! Глянеш на тваю паставу, дык і не падумаеш, што пенсіянерка.

— Дзякую, Дзяніс, за добрыя словы. Пайду абед гатаваць, бо Каця зноў раззлуецца.

Зося хуценька згатавала боршч, падсмажыла рыбу, зварыла бульбу. Задаволеныя гаспадары моўчкі паелі і разышліся па сваіх спальнях. Госця таксама з задавальненнем распранулася, легла ў пасцель і адразу ж задрамала. Яна не магла ўспомніць такіх дзён у сваім жыцці, калі гэтак жа бесклапотна жыла: ела і адпачывала. Канечне, раўнавагу трохі парушала Каціна нервовасць, але ж яны і ў маладосці не надта ладзілі. А ў старасці, вядома, чалавек яшчэ больш псуецца і ўсе ягоныя заганы шматкроць павялічваюцца. У Зосі таксама з узростам не палепшыўся характар. Яна стала яшчэ больш упартая і, як Каця, знерваваная, магла ні за што накрычаць на сямейнікаў. А што ж рабіць, калі яны не слухаюцца? А доўга і цярпліва тлумачыць нешта непаслухмяным і ўпартым сыну і ўнукам не хапае цярпення.

Зося абудзілася ад дотыку да яе пляча, расплюшчыла вочы і ўбачыла Кацю, якая вінавата сказала:

— Ты спіш? А я не магу адключыцца. Нешта не дае мне спакою. І сама не магу разабраць што. Раскажы мне пра сваіх унукаў.

— Мілыя дзеці. Ганусі мы піяніна купілі. Яно ўжо добра грае, збіраецца паступаць у музычнае вучылішча, нагадвае мне той час, калі я ў прытулку займалася музыкаю. Радзік хораша малюе. Паміж сабою яны сябруюць. Гэта мяне радуе. Нявестка вясковая, працавітая. Умее смачна гатаваць. Працуе ў кафэ буфетчыцаю. Хаця, як я табе казала, жыць нам увогуле покуль нялёгка.

— Цяжка мне ўявіць ваша жыццё, — з сумам сказала Каця. — У нас тут усё ёсць, здаецца, ніякіх праблем, а шчасця няма. Засталося яно недасяжнае з маладосці. Бягу за ім, бягу, ажно за акіян прыбегла. Але ж так і не дагнала. Думаю, можа, не тое я шукала і лавіла?

— А ў чым ты бачыла шчасце?

— Хацелася мець вялікую дружную сям’ю, мужа каханага, дзяцей і ўнукаў. І нічога, нічога гэтага не маю. Дзяцей Бог не даў. Ведаю за што пакараў. Грэшная я, не ўмела дараваць і любіць, як вучыць Хрыстос. Каюся. Наконт мужа. Паспяшалася я выйсці замуж. Сустрэўся мне аднойчы варты чалавек. Але ж гэты мой стары пень не дазволіў дом прадаць і на развод не згадзіўся.

— Ну і халера з ім, з домам. Трэба было кінуць усё і ехаць у свет з каханым, калі ўжо так.

— Ды нешта той каханы, як даведаўся, што я без пасагу магу аказацца, паціху рэціраваўся. Некуды з’ехаў і нават не развітаўся.

— Напэўна, не вельмі сумленны чалавек быў.

— Хто яго ведае. Але ж прыгожы быў, на Гардзея трохі падобны. Таму я яго і вылучыла сярод усіх тых, хто хоць як звяртаў на мяне ўвагу. Як жа ты, сястрычка, мой лёс абабрала. Знішчыла мяне! — горка сказала Каця.

Зося ўстрапянулася, села на ложку, спытала:

— Чым гэта?

— Чым? А ты і не здагадваешся? Робіш выгляд, што нічога не ведаеш?

— Я не раблю выгляд. Я сапраўды не ведаю, пра што ты кажаш. Мы з табой не бачыліся сорак гадоў. У цябе сваё жыццё! У мяне сваё! Што я табе магла зрабіць?

— Жыццё ў цябе сваё, але ты ўкрала мой лёс! Гэта я павінна была быць з Гардзеем! — з дакорам і слязьмі на вачах сказала Каця. — Ну што яму з табою? Ні цябе паслухаць, ні самому сказаць? Як ён жыве з табою? Ты ж нічога пра яго не ведаеш! Што ён думае, што адчувае? Нават пасцель ён з табою даўно не дзеліць! Гэта ж бессэнсоўна!

— Ён выбраў мяне! Я яго кахаю ўсё жыццё! А пры чым тут ты, не разумею!

— А ты не думала пра тое, што і я яго кахаю ўсё жыццё! Толькі пра яго думаю, ратую ў турмах, імкнуся дакрычацца з-за акіяна, каб атрымаць які ліст. А ён мне піша дзяжурныя драўляныя фразы без пачуцця і падтэксту. І я б’юся як аб сцяну неразумення і абыякавасці!

Зося разгублена паглядзела на сястру. Яна ведала, што некалі Каці падабаўся Гардзей. Каму ён не падабаўся? Але Зося не магла ўявіць, што тыя пачуцці старэйшая сястра пранесла праз усё жыццё. Яна паспрабавала разважліва сказаць Каці:

— Гардзей цяпер зусім іншы чалавек, маўклівы, засяроджаны ў самім сабе. Мала цікавіцца сямейнікамі. Разумееш? Ён хворы. У яго астма пасля працы на шахце. Яму нешта раптам прыходзіць у галаву і ён паводзіць сябе незразумела. Я ад яго ніколі не чую слоў спагады. Ён ніколі не казаў, што кахае мяне.

— Ён кахаў не цябе, а мяне! Мяне! Ты можаш зразумець! Гэта ты давяла яго да такога стану! Ты зрабіла яго шызафрэнікам! Калі б з ім была я, ён стаў бы выдатным чалавекам! Усё ў яго для гэтага было: прыродны розум, знешняя абаяльнасць, уменне арыентавацца ў грамадстве і павесці за сабою людзей!

Ты атруціла яму жыццё! Што ты магла? Толькі легчы з ім у пасцель! Але ж гэтага вельмі мала для таго, каб стварыць шчаслівы шлюб. Каханаму трэба належаць не толькі целам, а і душою. А якая ў цябе душа? І галава, і душа ў цябе пустыя! Ненавіджу цябе! Твайго сына і ўнукаў! Ненавіджу ўсіх вас! Змяінае кодла!

Каця кінулася да Зосі, схапіла яе за горла, пачала душыць. Зося адпіхнула яе ад сябе, устала на поўны рост.

— Вось што цябе даймае! Ідзі, вазьмі свайго Гардзея! Патаўчыся ў тым гноі, у якім я жыву! А я пабачу, як ты пацягнеш тую працу! Ідзі! Гардзея яна захацела! Ён стары чалавек, набожны! Яму не да каханак цяпер, калі кожны ўздых даецца з цяжкасцю! Калі вочы нічога не бачаць. Ён адну толькі сцежку топча, што вядзе да прыбіральні!

Каця з цяжкасцю паднялася і зашыпела так, што ажно сліна запырскала з рота:

— Гэта ты зрабіла яго такім! Ты знішчыла сваёю распустаю самага лепшага чалавека на свеце. Вось Бог цябе і пакараў, не даў табе магчымасці спаць з ім! Ненавіджу! Ненавіджу цябе!

Зося ўзяла сумку, стала скідваць рэчы.

— Збіраешся? Нікуды ты не паедзеш! Я атручу цябе і пахаваю тут, у Аме­рыцы, а сама паеду да Гардзея! Я ведаю, што ён усё жыццё кахаў толькі мяне адну! Я для яго назаўсёды засталася недасяжнаю. Мо ён сумняваўся ў маіх пачуццях? Цяпер я прызнаюся яму, што нікога не кахала так, як яго, — крычала Каця.

— Ты звар’яцела, — спакойна адказала Зося. — Пабойся Бога! Што ты кажаш!

У пакой зазірнуў Дзяніс, спытаў:

— Што ў вас тут здарылася!

— Прэч, лысы чорт! Задушу, як гніду! — гняўліва закрычала Каця, чырвоная ад злосці з распатланымі валасамі. — Ты ўсё жыццё п’еш маю кроў! Атруціў мне душу!

— Зося, што ў вас тут? — перапытаў Дзяніс.

— Нічога. Я хачу дамоў. Дапамажы мне, калі ласка, купіць білет, — папрасіла Зося.

— Чаму? Навошта? Заўтра яна адумаецца, будзе прасіць прабачэння.

— Прабачэння? Ха-ха-ха! У каго? У гэтай самадайкі! Ніколі! — закрычала Каця. — Яна мой вораг нумар адзін!

— Я прашу цябе, Дзяніс, дапамажы мне. У мяне няма сястры. І я не магу чакаць да заўтра. Паеду зараз жа, — сказала Зося.

— Пачакай, я патэлефаную, спытаю, ці ёсць месцы на бліжэйшы рэйс, — прапанаваў Дзяніс.

— Добра, пойдзем разам і патэлефануем, — рашуча адказала госця і пайшла следам за гаспадаром.

Каця правяла іх злосным позіркам.

10

Гардзей сядзеў на прызбе, грэўся ў апошніх промнях восеньскага сонца. Ён бачыў перад сабою толькі абрысы дрэў, а далей свет засцілаўся туманам. Пачуліся крокі. Ён павярнуў галаву і здзівіўся, пазнаўшы знаёмую постаць жонкі, хоць твару пакуль не мог разгледзець.

— Няўжо ты так хутка вярнулася з Амерыкі? — здзівіўся ён.

— У мяне няма сястры.

— І там пасварыліся?!

Зося нічога не адказала, накіравалася да дзвярэй.

— З чым паехала, з тым і вяртаешся.

— А табе што трэба, гасцінцы? Дык едзь сам.

— Ты чаго такая злосная? Прыехала і дзякаваць богу. Мне нічога не трэба.

— Як унукі? Што ў нас? — знервавана спытала Зося.

— Усё добра. Учора нявестка прыязджала, казала, што ўсе здаровыя.

— Гэта і ёсць наша найвялікшае багацце.

З-за хаты выйшла Алена, Леванюкова дачка, з кошыкам у руцэ, павіталася, спытала:

— Цётка Зося, вам цукар трэба?

— Трэба, гэта ж вечны дэфіцыт.

— Дык я прынесла тры кілаграмы.

— Мо ў бацькі ўзяла без дазволу? — спытала Зося.

— Не, гэта адзін хлопец працуе ў Жабінцы, цукар робіць. Ну і папрасіў трохі прадаць, — запэўніла Алена.

Гардзей узяў у яе цукар, разлічыўся, узрадаваная дзяўчына ажно пакланілася Рахубам.

— Во паляцела. Кажуць, у бутэльку добра зазірае. Уся ў бацьку ўдалася, — з жалем сказала Зося.

— А хто цяпер не п’е? Бязбожнікі, распуста, усё ў іх ёсць, а ім нічога не трэба, ні вучоба, ні праца.

У хаце Паўліна пляснула рукамі ад радасці і прамовіла нараспеў:

— Зоська вярнулася! Можа і мне гасцінца прывезла?

— Табе прывезла, пасля аддам. А пакуль дай мне што-небудзь паесці.

Зося села за стол, сёрбала крышаны, якія паслужліва паднесла ёй Паўліна, і маўчала. Бязрадаснай выдалася паездка. Такім жа было і вяртанне.

— Ты хоць бы што расказала, — папрасіла Паўліна.

— У яе рот заняты, бачыш, есць, — сказаў Гардзей, які таксама чакаў пачуць што-небудзь цікавае пра амерыканскае жыццё.

Зося пад’ела, адсунула міску і сказала:

— Жывуць амерыканцы добра, але і там шчасце даецца далёка не кожнаму ў рукі. Не залежыць шчасце ад грошай і ад таго, што ты маеш двухпавярховы дом з люстраным ванным пакоем. Разумееце? Кожны няшчасны па-свойму. А калі хто нават малады, здаровы і багаты, усё роўна можа прыдумаць сабе сто прычын для таго, каб быць нешчаслівым.

— Ты раскажы пра Кацю. Як яна там? — папрасіла Паўліна.

— Я пра яе і расказваю. Усё там ёсць: дом, дзве машыны. У доме ўсё прыгожа падабрана: мэбля, шпалеры, занавескі, а радасці няма. Ёсць толькі злосць, раздражненне, старасць і страх смерці, якая можа прыйсці ва ўсялякі момант. Каця без дайпрычыны сварыцца з Дзянісам, той крыўдзіцца, але трывае. Вось такое ў іх жыццё.

— Чаму яны не ладзяць? — здзівілася Паўліна.

— Можа, так яны звыклі жыць? Хто іх разбярэ?

— Ну, давай ужо свайго гасцінца.

Зося дастала з сумкі прыгожую квяцістую хустку, аддала Паўліне.

— Дзякую Каці, што не забылася пра мяне старую.

— Г эта не Каця, а я табе ў Маскве купіла.

— А Каця мне нічога не перадала?

— Яна абяцала табе пасылку прыслаць, — схлусіла Зося, не жадаючы расказваць пра сваю сварку з Кацяй.

— Добра, я пачакаю.

— Вядома, чакай. Ты ж ёй самая блізкая родзічка, — насмешліва заўважыла Зося.

— Ну і што з таго, што я не родзічка, а яна мяне любіць, бо разумее, што я на вас усё сваё жыццё паклала.

— Годзе вам, зараз зноў пасварыцеся, — сказаў Гардзей, схіляючыся нізка над сталом і нешта запісваючы.

Нягледзячы на тое, што ён амаль аслеп, усё ж вёў дзённік. Гэтак ён рабіў усё жыццё. Толькі запісы губляліся з-за тых жыццёвых мітрэнгаў, якія не давалі спакойна жыць. Часам ён і сам спальваў свае сшыткі, калі прадчуваў нейкую бяду. Ён запісаў: «Сёння дзень цёплы, сонечны. Восень позніцца. Вярнулася Зося і сказала, што ў Амерыцы ўсё ёсць, толькі на шчасце мала каму шанцуе. Думаю, каб быць шчаслівым, трэба нічога не жадаць».

Зося з Паўлінаю пайшлі на двор агледзець гаспадарку, а Гардзей гартаў свой дзённік. У асноўным там былі запісы пра надвор’е, пра незвычайныя з’явы прыроды. Знарок не пісаў пра сямейнікаў, баяўся нашкодзіць. За сваё жыццё натрываўся вобыскаў, калі з-за нейкае паперкі, з-за нейкага аднаго слова маглі не толькі пасадзіць у турму, але і пазбавіць жыцця.

Можа, цяпер, як ніколі, ён адчуваў, што патрэбны сям’і. У нядзелю прыязджала ўнучка. Яна разумная, адукаваная, вучыцца ў музычным вучылішчы, а раілася з ім, дзедам. Сказала, што пазнаёмілася з хлопцам, які служыць у войску. І пыталася, што рабіць? Чакаць яго ці не?

— А што табе сэрца падказвае? — спытаў Гардзей.

— Чакаць. Ён мне падабаецца, — няўпэўнена адказала Ганка.

— А мне розум кажа, што не варта чакаць. На хлопцаў асабліва спадзявацца не варта.

— А цябе ж баба Зося чакала цэлых дзесяць гадоў. Так і я, калі трэба будзе.

— Ну што ж, рабі так, каб табе было добра. Такі мой табе запавет, унучачка.

Што ён мог яшчэ сказаць ёй? Выдумала Зося прыгожую казку пра сваё каханне і расказала Ганцы. Ці ж хлусня калі каму была на карысць? І любяць жа іншыя жанчыны свае фантазіі выдаваць за праўду. Можа, гэта таму, што рэчаіснасць занадта складаная, а жыццё цяжкае, вось і выдумляюць абы-што, каб суцешыць сябе, а пасля яшчэ і дочкам ды ўнучкам небыліцы ўводзяць у вушы. Але, атручваюць маладыя душы пустымі летуценнямі пра каханне, чаканне, вернасць, адданасць. Зрэшты, калі чалавек не верыць у каханне, дык для яго яно і не існуе.

У той жа дзень пад вечар паштарка Клава прынесла на хутар газеты і страшную вестку, што п’яны Леванюк засек сякераю дачку Алену за тое, што яна ўкрала ў яго цукар і прадала, а самога яго пасля гэтага разбіў паляруш. Якраз нахапіўся старэйшы сын, выклікаў міліцыю і хуткую дапамогу, дык Алену завезлі ў морг, а старога ў бальніцу. Гардзей з Зосяю, пачуўшы гэта, насцярожана пераглянуліся. Паўліна ж сказала:

— Леванюк, кажуць, у вайну нейкага чалавека таксама сякераю забіў. Бачыце, як яно ўсё вяртаецца.

— Бог з табою, Паўліна, што ты такое супраць ночы згадваеш? — перахрысцілася Зося. — Царства нябеснае Алене, не было ёй з каго добры прыклад браць. Заблудзілася, адпакутавала, бедная.

11

Праз месяц ад Каці прыйшоў ліст, у якім яна скардзілася, што пасля ад’езду Зосі вельмі смуткавала. Страціла апетыт, калі раней важыла 152 фунты, дык цяпер толькі 135. Але апетыт пачаў патроху зноў вяртацца, бо яна збіраецца доўга жыць, каб адпомсціць сваім ворагам, а таксама не губляе надзею пабачыць яшчэ раз калі-небудзь сваіх родных. Можа, сама збярэцца і прыедзе ў Крачкі.

«Яе яшчэ тут не хапала. Прыедзе расказаць Гардзею пра сваё каханне, а заадно — усім сямейнікам пра мае дзявочыя грахі. Не будзе гэтага, — злосна падумала Зося. — Калі не здолела быць шчаслівай, дык я ёй не вінаватая. Я за сваё шчасце змагалася, жыццём рызыкавала».

Зося перастала адказваць на Каціны лісты, прасіла зрабіць гэта ўнучку або Ораста. А тыя, карыстаючыся добраю нагодаю, выпрошвалі ў амерыканскай цёткі, хто што хацеў. І тая, каб загладзіць віну, старалася дагадзіць ненавісным родзічам. Зося толькі смяялася ў душы з гэтых сястрыных выбрыкаў. А з другога боку і радавалася, што ў сына з’явілася машына, купленая за грошы, якія Каця выслала ўпотай ад свайго мужа. Ораст апошнім часам зноў стаў захапляцца гарэлкаю, можа, дзякуючы машыне, перастане піць.

У адным з лістоў Каця напісала, што Дзяніс зусім састарыўся. Увесь час нешта гаворыць або спявае. Гэта ёй страшэнна абрыдла слухаць, яна гатова кінуць усё і бегчы ў свет. А яшчэ празрыста намякнула, што марыць пабачыць усіх Рахубаў, шкада толькі, што Зося больш не хоча з ёю сустракацца. «Ні табе, ні мне не выпала шчасце, Зо. Каго вінаваціць? Такі лёс. Чым даўжэй тут жыву, тым больш адчуваю адзіноту. Такі мой лёс — жыць сярод чужых людзей, — скардзілася Каця, разлічваючы выклікаць спагаду. — Як бы я хацела перадаць Ганцы ўсе мае бранзалеткі ды пярсцёнкі».

Зося дні тры хадзіла і помсліва думала: «Не дачакаецца, сюды яе не запрашу. Бачыш ты, надумала каханне шукаць на старасці. Гардзей ужо ледзьве па двары сноўдаецца, а яна, можа, думае, што ён з ёю яшчэ спаць здолее?»

Малодшая сястра і на гэты ліст не дала адказу. Бабулі Каці, як звычайна, напісала ліст унучка Ганка, расказала пра дамашнія навіны, што ацялілася карова, цяпер будзе сваё малако, што ёй падабаецца ездзіць з татам на машыне, што яна добра вучыцца, а замуж не спяшаецца.

У адказ Ганка атрымала ліст, адрасаваны асабіста ёй. Амерыканская бабуля раіла не глядзець на прыгожыя твары, а шукаць чалавека здаровага, сардэчнага і працалюбівага. Замужжа часта нагадвае гульню ў карты, некаму шанцуе, а некаму не надта. Крый божа, захапляцца п’янствам. Ад гэтага нараджаюцца хворыя дзеці. А яшчэ Каця з жалем паведамляла, што яе жыццё ідзе на зыход, і яна сабе ўжо нічога не жадае, акрамя спакою.

Больш амерыканка не напрошвалася ў госці, мусіць, і сама ўжо прыкметна пастарэла. Праз некалькі гадоў коратка паведаміла, што ад старасці памёр Дзяніс. Цяпер яна, пасылаючы пасылку, кожны раз падкрэслівала, якую частку пенсіі патраціла на падарункі.

Зося па-ранейшаму была непрыступная і грэбавала Кацінымі падачкамі, ды і не да таго ёй было. Гады міналі хутка. Падрос Радзік. Быў ён нервовы і хваравіты, так што хлопца нават у войска не ўзялі. Ён захапіўся маляваннем, прадаваў карціны. Ганка скончыла музычнае вучылішча, яе накіравалі на працу настаўніцай спеваў у глухую палескую вёску, дзе не было моладзі. А дзяўчына ж мусіла неяк уладкоўваць сваё жыццё. Зося лічыла сябе вінаватай у тым, што ўнучцы не шчасціць. Яна хацела наведаць Кіева-Пячорскую лаўру, каб замаліць свае грахі з-за тых сваіх ненароджаных дзяцей, якіх яна вытруціла ў маладосці. Але не магла паехаць, бо Гардзей зусім аслаб, ён цяжка дыхаў, часта кашляў, яго даймала астма, апухалі ногі. Ён мала хадзіў, больш ляжаў у ложку за печчу, нешта думаў, часам рабіў нейкія запісы. З-за таго, што ў хаце часта было шумна і тлумна, калі прыязджаў сын з нявесткаю ды ўнукі, запісы Гардзеевы часта губляліся. Знайсці іх пры ягонай слепаце было цяжка. Таму ён апошнім часам заўсёды насіў з сабою ў кішэні маленькі нататнічак у цвёрдай зялёнай вокладцы.

З дзённіка Гардзея Рахубы

Чэрвень 1970 г.

У красавіку і маі вельмі часта ішлі дажджы. У нізінах стаяла вада. Толькі ў пачатку ліпеня надвор’е палепшылася і пачалася спякота. Так Усявышні ўраўнаважвае холад і цяпло, вільгаць і сухасць.

4 жніўня.

Разважаў пра прыродныя катаклізмы: паводку ў Румыніі, бураны ў Польшчы, землятрус у Перу. У ХХ стагоддзі шмат было падзей, якія нагадвалі Божую кару. Але мне здаецца, што ва ўсіх сваіх бедах вінаватыя людзі, а Бог літасцівы і справядлівы.

6 жніўня.

Апоўдні падаў буйны град, у дыяметры будзе з капеечную манету. Вельмі цвёрды і цяжкі. Прырода хавае свае таямніцы. Зноў падумаў пра багацці, якія ўтвараюцца ў целе Зямлі ў выніку нікому, акрамя Бога, невядомых працэсаў.

14—15 верасня было сонечнае надвор’е. Ноччу 16 верасня здарылася моцная навальніца. Наступны дзень быў пахмурны.

1 студзеня 1971 года.

Восень выдалася вельмі дажджлівая, аднак адразу пасля Новага года ўсталявалася добрае надвор’е: невялічкі мароз, сонечныя дні, зямля акрытая сне­гам. 8 студзеня наведаўся ў царкву, адзначыў свята Нараджэння Хрыстовага. Вернікаў было мала, у асноўным старыя людзі, з моладзі — нікога. Разважаў пра прычыну адыходу людзей ад веры ў Бога. Лічу, што галоўная прычына ў атэізме, а таксама — у п’янстве, курэнні, распусце. На маю думку, без веры ў Бога немагчыма пабудаваць дасканалае грамадства — камунізм, пра які ў нас шмат кажуць. Рэлігія сваімі запаветамі можа паказаць чалавеку праведны шлях. Як адзначае Святое пісанне, вера без справы мёртвая, а справа без веры таксама мёртвая.

1 мая. Субота.

Прырода стварае рай на зямлі, а людзі сваімі дзеяннямі — пекла. Згадаліся словы з Евангелля: «Ясны шлях і ісціна. Няма іншага шляху, акрамя мяне».

2 жніўня.

Усё лета гарачае, без дажджу. Сёння Ілля. Быў у саборы ў Берасці. Шмат людзей сабралася. Усе, і я разам з імі, маліліся, каб Гасподзь паслаў дождж. Але нічога не вымалілі. Значыць, не будзе яго яшчэ дзён дваццаць, на тое Божая воля.

9 жніўня.

Пасля доўгай засухі нарэшце ноччу пайшоў дождж з ветрам з паўночнага боку і дастаткова прамачыў зямлю. Будзе атава. Слава Усявышняму.

30 чэрвеня 1972 г.

Сёння снілася, што я звяртаўся да людзей, заклікаў іх верыць у Бога. Мяне слухалі ўважліва.

Сёння ж была моцная навальніца, якая паклала і пакруціла густое жыта і ячмень. Не варта сеяць збожжа густа.

29 красавіка 1973 г.

Пад раніцу прысніў вялізную зорку, якая праляцела маланкай і звалілася з неба.

Сёння пасеялі ячмень. У пачатку мая трэба пасадзіць ружовую бульбу.

11 жніўня 1974 г.

Учора папярэдзіў калгаснага брыгадзіра, каб у нядзелю не працавалі, бо сапсуюць надвор’е, аднак ён мяне не паслухаў. Людзі выйшлі на працу. Апоўдні паднялася бура з дажджом і прагнала ўсіх з поля. У святы дзень працаваць нельга.

2 лютага 1976 г.

Бачыў у сне незнаёмую дзяўчыну, якую пацалаваў, нешта сказаў ёй, і прачнуўся. Здалося, што душы нашы вельмі блізкія, хоць мы ніколі не сустракаліся ў жыцці. Адкуль яна, ці не з таго свету? Тое, што я шукаў, чаго прагнуў і называў воляю, зараз знаходжу ў спакоі маёй хаты без сяней, якая стаіць на хутары ў садку, не агароджаным ніякім плотам. Так і душа мая застаецца адкрытаю свету, нягледзячы на слепату, а сны мае яскравыя і каляровыя. Нават пазбаўлены зроку, я разумею і адчуваю людзей значна лепш, чым некалі ў маладосці.

20 снежня.

Думаў пра веру хрысціянскую; пра розныя рэлігійныя звычаі сярод хрысціян. Якая мудрасць у гэтай разнастайнасці? Ці не таму, што пакутуем ад недахопу духоўнай сілы, прагнем наталіць галодную душу нечым невымоўным, шукаем і ствараем новыя рэлігіі?

Сёння з самага ранку сонечнае з невялікім марозам надвор’е.

1977 г.

3 новага года нічога не запісваў. 5 кастрычніка слухаў навіны па радыё і непрыкметна заснуў. Прысніў царкву ў вясновым яблыневым садзе. Уся царква была ў кветках. Калі прачнуўся, было 6 гадзін раніцы.

28 лістапада.

Слухаў у апошніх паведамленнях, што краіны ўзбройваюцца, палітыкі запэўніваюць: рыхтуюцца да абароны, але ж, пэўна, да вайны. Гісторыя чалавецтва перанасычана войнамі, па сутнасці — гэта шэраг злачынстваў. Што ж, гісторыя мае сэнс толькі таму, што асобныя яе падзеі маюць канец, інакш яна была б бессэнсоўная.

Гэта быў апошні запіс. Гардзей памёр на Піліпаўку ад прыступу астмы. Толькі пасля гэтага Зося зноў пачала перапісвацца з сястрою, бо цяпер не было з-за каго варагаваць. Чалавек, якога яны абедзве кахалі, чакаў іх у лепшым свеце. Каця перажыла Гардзея ўсяго на год. Напісала, што рыхтуе завяшчанне на пляменніка Ораста, як толькі дакументы будуць гатовыя, адразу дашле. Аднак больш ад яе лістоў не было. А неўзабаве Зося атрымала кароткае паведамленне з Амерыкі, што Кацярына Кірылаўна памерла, пакінуўшы ўсю сваю маёмасць у спадчыну Эні.

ЭПІЛОГ

Гардзеева гіпотэза, выказаныя ім у сярэдзіне пяцідзясятых гадоў ХХ стагоддзя, пра тое, што каменны вугаль, нафта, прыродны газ і іншыя выкапні маюць хімічную, а не біялагічную прыроду, была пацверджана некаторымі навукоўцамі праз паўсотні гадоў, у 2006 годзе, калі з даўно выпрацаванага радовішча нафты каля Казані забіў новы фантан. Праўда, маскоўскія акадэмікі і на гэты раз успрынялі сенсацыйную заяву вельмі стрымана.

Аднак навуковая думка не стаіць на месцы. Вядомы расійскі геафізік Яўген Баркоўскі цяпер даследуе працэсы, якія адбываюцца ўсярэдзіне нашай планеты, і прыходзіць да высновы, што Зямля — гэта вялізны рэактар, дзе праходзяць розныя фізічныя і хімічныя працэсы, у выніку чаго ўтвараюцца газы, сілікаты, металы, вада. І гіпотэза яго мае шмат агульнага з той, якую выказаў Гардзей, ці, дакладней, прататып гэтага персанажа.

На 87-м годзе жыцця Зося атрымала паведамленне аб сваёй рэабілітацыі, але толькі пасмяялася з яго, бо віны за сабою не адчувала. Аднойчы ёй прыснілася Каця, якая паскардзілася, што Эні накарміла яе атручаным баршчом, таму яна заўчасна і памерла. Зося ўсё зразумела: хросная дачка Дзяніса пастаралася прыбраць з дарогі ягоную самотную састарэлую жонку, каб прысвоіць сабе спадчыну. У сне Каця прыязна, з любоўю пазірала на малодшую сястру, напэўна, на тым свеце здолела забыць ранейшую нянавісць і супакоілася.

Зося пражыла 96 гадоў, яшчэ паспела зазірнуць у ХХІ стагоддзе і паняньчыць свайго шостага праўнука. Памерла яна спякотным летнім днём, седзячы на прызбе каля хаты, якая да гэтага часу так і стаіць без сяней і агароджы. Адышла бабуля ціха — задрамала і не прачнулася. Мусіць, яна так і панесла б сямейныя паданні на той свет, але неяк прагаварылася, згадваючы мінулае, што вельмі пасварылася з Кацяю, калі нарадзіла сына і нават хацела ўтапіцца. Унучка Ганка здагадалася, што ў бабулі далёка не ўсё было гладка ў жыцці і каханні, і захацела даведацца праўду, пачала чапляцца з рознымі пытаннямі. Баба Зося вельмі трывожылася, нешта сама сабе мармытала, саромелася згадваць сваю грэшную маладосць, але ўсё ж памалу пачала тое-сёе расказваць і раскрываць свае жаночыя таямніцы. Яе згадкі і леглі ў аснову гэтага рамана, толькі прозвішчы і імёны змененыя па зразумелай прычыне.

Оглавление

  • ЗІНАІДА ДУДЗЮК СЛОДЫЧ І АТРУТА
  • КНІГА ПЕРШАЯ
  •   1
  •   2
  •   3
  •   4
  •   5
  •   6
  •   7
  •   8
  •   9
  •   10
  •   11
  •   12
  •   13
  •   14
  •   15
  •   16
  •   17
  •   18
  •   19
  •   20
  •   21
  •   22
  •   23
  •   24
  •   25
  •   26
  •   27
  •   28
  •   29
  •   30
  •   31
  •   32
  •   33
  •   34
  •   35
  •   36
  •   37
  •   38
  •   39
  •   40
  •   41
  •   42
  •   43
  •   44
  •   45
  •   46
  •   47
  •   48
  • КНІГА ДРУГАЯ
  • Раздзел першы Прымак
  •   1
  •   2
  •   3
  •   4
  •   5
  •   6
  •   7
  •   8
  •   9
  •   10
  •   11
  •   12
  • Раздзел другі Ліхалецце
  •   1
  •   2
  •   3
  •   4
  •   5
  •   6
  •   7
  •   8
  •   9
  •   10
  •   11
  •   12
  •   13
  •   14
  •   15
  • Раздзел трэці Сустрэчы і развітанні
  •   1
  •   2
  •   3
  •   4
  •   5
  •   6
  •   7
  •   8
  •   9
  •   10
  •   11
  • Раздзел чацвёрты Амерыканская спадчына
  •   1
  •   2
  •   3
  •   4
  •   5
  •   6
  •   7
  •   8
  •   9
  •   10
  •   11
  • ЭПІЛОГ Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

    Комментарии к книге «Слодыч і атрута», Зинаида Дудзюк

    Всего 0 комментариев

    Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!