Кiр Булычоў
Выкраданне Чарадзея
1
Хата спадабалася Ганне яшчэ здалёк, калi яна iшла запыленаю сцежкай уздоўж платоў, у заценi каранастых лiпаў, мiма пасiвелага ад старасцi калодзежнага зруба, - ад моцнага парыву ветру ланцуг бразнуў аб пагнёную бакавiцу вядра... куры мiтуслiва ўступалi дарогу, як бы наракаючы на чалавечае нахабства... певень збочыў па-страявому, захоўваючы мужчынскую годнасць... бабулi, што сядзелi радком на прызбе, аднолькава прывiталiся i доўга глядзелi ўслед... вулiца была шырокая, раз'езджаная грузавiкамi дарога вiлася пасярод яе, як рэчка па далiне, парослай трыпутнiкам i мяккай мурожнай травою.
Хата была яшчэ моцная, пад бляшаным, калiсьцi чырвоным дахам. Яна стаяла наводшыбе ад вёскi, на тым баку амаль перасохлага ручая.
Ганна спынiлася на мастку, што перакiнуўся цераз ручай: два бервяны, да iх прыбiтыя ўпоперак дошкi. Побач брод - неглыбокая лужына. Дарога перасякала гэтую лужыну i ўпiралася ў расчыненыя насцеж дзверы пустога шэрага хлява з бярвенняў. Ад мосцiка пачыналася сцежка, прабягала каля хаты i вiлася па зялёным схiле пагора, да пляскатай вяршынi, якая была густа акрыта шапкаю цёмных дрэў.
Цётка Магда растлумачыла дарогу дакладна, дый сама Ганна з кожным крокам пазнавала вёску, дзе пяцiгадовай дзяўчынкай дваццаць гадоў таму прабавiла лета. Да яе вярталася забытае адчуванне спакою, адлучнасцi, гармонii жытнёвага поля, лопуху, пышнага воблака над гаем, лязгату ланцуга ў калодзежы i сiлуэта каня на зялёным схiле.
Плот пахiлiўся, некалькi штыкецiн выпала, паўз iх парасла крапiва. Кусты парэчак пад фасадам на тры акны, якiя былi ўпрыгожаны некалi блакiтнымi лiштвамi i прычыненыя аканiцамi, разраслiся i здзiчэлi. Хата была адзiнокая, яна сумавала без людзей.
Ганна адсунула ржавую засаўку веснiчак i паднялася на ганак. Паглядзела на вёску, якую толькi што мiнула. Вёска цягнулася ўздоўж ракi, i лес, якi аддзяляў яе ад чыгуначнага раз'езда, адступаў ад ракi шырокай дугой, вызвалiўшы месца для палёў. Затое з другога берага ён падыходзiў да самай вады, нiбыта ў лесе ялiнам было цесна. Адтуль цягнула халодным ветрам, i было вiдаць, як ён прабягае Вятлу, тысячай малюсенькiх ног узрываючы люстэрка ракi i разгойдваючы паласу прыбярэжнага чароту. Гул лодачнага матора вырваўся з-за вугла хаты, i лодка, якая сядзела нiзка кармой, распiлавала хвастом пены букалiчныя сляды ветру. У лодцы сядзеў белабароды дзед у дажджавiку i сiнiм капелюшы. Нiбы адчуўшы позiрк Ганны, ён аглянуўся, i хоць яго твар з такой адлегласцi здаваўся толькi бурай плямаю, Ганне падалося, што стары асуджае яе прысутнасць у пустой хаце, якой наканавана адзiнока дажываць свой сiратлiвы век.
Пустое жытло заўсёды выглядае сумна. Бочка на ваду каля парога рассохлася, з яе тырчалi пакiнутыя некiм граблi, каля сабачай будкi з праваленай стрэшкай на саржавелым ланцугу ляжаў гнiлы ашыйнiк.
Ганна доўга корпалася з замком, i калi ён нарэшце паддаўся, дужка сярдзiта выскачыла з круглага цельца, i дзверы адчынiлiся туга, нiбыта хтосьцi прытрымлiваў iх з сярэдзiны. У сенцах панавала нежылая затхласць, сонечны прамень з акенца пад столлю пранiзваў застаялае паветра, i ў промнi гэтым мiтусiлiся ўзнятыя пылiнкi.
Ганна адчынiла дзверы ў цёплую палавiну. Дзверы былi абабiтыя рудою цыратаю, а ўнiзе iх адтулiна была застаўлена дошчачкаю, каб кошка магла выйсцi, калi ёй уздумаецца. Ганна прыгадала, як сядзела на кукiшках, зайздросцячы цётчынай чорнай кошцы, якой дазвалялася гуляць нават ноччу. Успамiны абарвалiся, як мелодыя званочка, калi яго хутка прыкрыць далонню. На падаконнiку ў малочнай бутэльцы стаяў букет папяровых кветак. З-пад прагнёнай канапы выбегла мыш-палёўка.
Адагнуўшы цвiкi, Ганна расчынiла аканiцы, вокны, потым пайшла ў кухню, што была аддзелена ад жылога пакоя перагародкаю, якая крыху не даходзiла да столi, адчынiла акно i там. Ад святла запусценне стала яшчэ больш выразнае. У чорнай пашчы печы Ганна знайшла таз, у кутку пад чорнымi абразамi - анучу.
Нанасiўшы з рэчкi вады - здзiчэлыя яблынi ў садзе разраслiся так, што даводзiлася прадзiрацца цераз галлё, - i вымыўшы падлогу, Ганна паставiла ў бутэльку букет рамонкаў, а папяровыя кветкi занесла да бажнiцы. Яна зусiм не стамiлася - гэтая звычайная праца прынесла прыемнае задавальненне, а свежы пах мокрай падлогi адразу ж выгнаў з хаты саладкаваты пах пылу.
Адну з прывезеных з сабою прасцiн Ганна паслала на стол у вялiкiм пакоi i расклала там кнiжкi, паперу i розныя туалетныя прылады.
Цяпер можна схадзiць па малако ў вёску, заадно праведаць дзеда Генадзя i яго жонку Дар'ю.
Ганна адшукала на кухнi гладыш, выйшла з хаты, замкнуўшы па гарадской звычцы дзверы, пастаяла каля веснiчак i накiравалася не ўнiз, да вёскi, а ўверх, да гаю на вяршынi, бо з тою мясцiнаю была звязана нейкая жахлiвая дзiцячая тайна, забытая за дваццаць гадоў.
Сцяжынка пралягала памiж рэдкiх кустоў, каля якiх ружавелi сунiцы, i неўзабаве Ганна апынулася на вяршынi пагорка, у цянi дрэваў, якiя разраслiся на старых занядбалых могiлках. Шэрыя плiты i каменныя крыжы паўрасталi ў зямлю, пахавалiся ў арэшнiку, у выемках мiж iмi буйна цвiлi ландышы. Адна з плiт чамусьцi стаяла тарчма, i Ганна падумала, што тут быў пахаваны чарадзей, якi потым прачнуўся i выкараскаўся адтуль.
Раптам Ганна адчула, што за ёю нехта сочыць. У гаi было вельмi цiха вецер не рашаўся зазiрнуць туды, i спрадвечны могiльнiкавы страх ахапiў Ганну; не аглядваючыся, яна хутка пайшла наперад...
2
- Ты, ведама, прабач, Ганначка, - сказаў белабароды дзед у дажджавiку i сiнiм капелюшы, - калi я цябе напалохаў.
- Добры дзень, дзядуля Генадзь, - сказала Ганна. Наўрад цi хто-небудзь яшчэ ў вёсцы мог адразу прызнаць яе.
Яны стаялi каля каменнай царквы з абваленым купалам. Вялiкая страказа прысела на край гладыша, якi Ганна прыцiскала да грудзей, i зазiрнула ў яго.
- Па малако сабралася? - спытаўся дзед.
- Да вас.
- Малака дамо. А я па кабылу iду, яна сюды заблудзiла. I чаму гэта ў яе такая цяга да спакою i назiранняў? Клеапатрай яе завуць, гарадская, з iпадрома выбракаваная.
- Цётка Магда вам лiст напiсала?
- Яна мне заўсёды пiша. Да ўсiх святаў. Я ў Пруднiкi ездзiў, вяртаюся, а ты на ганку стаiш. Вырасла, пахарашэла. У аспiрантуру, значыцца, збiраешся?
- Цётка i пра гэта напiсала?
- А як жа.
Гнядая кабыла Клеапатра стаяла з другога боку царквы, грэлася на сонцы. Яна ветлiва ткнулася пысаю Ганне ў выстаўленую далонь. Яе блiскучая скура пахла потам.
- Звярнi ўвагу, - сказаў дзед Генадзь, - храм семнаццатага стагоддзя, пабудаваны пры Аляксею Мiхайлавiчу, а фундамент яшчэ старэйшы. Сюды рэстаўратар з Ленiнграда прыязджаў. Васiльеў, Цярэнцiй Iванавiч, не ведаеш?
- Не.
- Вядучы спецыялiст. Можа, будуць аднаўляць. Цi раскопкi пачнуць. Тут на ўзгорку горад стаяў у сярэднявеччы. Зямля лiтаральна напоўнена загадкамi i таямнiцамi. Ну, Клепа!
Дзед урачыста ўздыхнуў, насунуў на вочы шапку, ляпнуў Клеапатры па шыi, i тая пайшла ўперад. Ганна зразумела, што рэстаўратар Васiльеў развярэдзiў дзедаву душу, адкрыў перад iм прывабную далячынь вякоў.
Паперадзе iшла Клепа, потым, жэстыкулюючы, дзед - дажджавiк яго калыхаўся, як пакрывала прывiду. Ён гаварыў, не аглядаючыся, часам яго голас прападаў, патанаючы ў кустах, яго доўгi маналог быў пра горкi лёс рэк i лясоў; пра тое, што якiсьцi купец яшчэ да рэвалюцыi вазiў з пагорка камень у Полацак, абкрадаючы гэтым самым культурную спадчыну; пра тое, што насельнiцтва гэтых мясцiн мяшанае, бо сюды прыходзiлi ваяваць усе, хто хацеў; што кожнай вёсцы патрэбны музей... Тэмы былi разнастайныя i нечаканыя.
Спусцiлiся з пакатага, дальняга ад ракi боку пагорка i накiравалiся ўздоўж жытнёвага поля, па краях якога цвiлi васiлькi. Дзед апавядаў пра тое, што над Мiёрамi два днi вiсела лятальная талерка, а на Месяцы магчыма жыццё. Каля ручая дзед азiрнуўся.
- Можа, у нас пажывеш? Чаго адной у хаце? Мы з Дар'яй табе i гарачай яды наварым, i пагамонiм.
- Я лепш пабуду адна. Дзякуй.
- Я i не спадзяваўся, - сказаў дзед. У хаце дзеда Генадзя прыйшлося затрымацца. Бабка Дар'я запарыла гарбату, паставiла цукеркi, а гаспадар дастаў каробку з-пад абутку i расклаў на стале свой музей, якi ён пачаў збiраць пасля сустрэчы з рэстаўратарам Васiльевым. Тут была дзедава фотакартка дваццатых гадоў, бляшанка з-пад гарбаты з чарапкамi рознай формы i даўнасцi, некалькi паштовак з краявiдамi Полацка i курорта Монтэ-Карла, старажытная пацiнiраваная львiная галава з колцам у носе - пэўна, ручка ад дзвярэй, а таксама крэмневы наканечнiк дзiды, бутэлечка з-пад даўнейшых духоў, падкова, якую згубiла Клеапатра, i яшчэ штосьцi. Бабка Дар'я паклiкала Ганну на кухню пагаманiць пра радню, шапнула:
- Ты не смейся, няхай забаўляецца. А то пiць пачне. Бабка Дар'я пражыла з Генадзем паўвека i ўсё баялася, што ён зап'е.
3
Прыцемкi былi напоўнены гукамi, якiя ўзнiкалi ад цiшынi i празрыстасцi паветра. Галасы ад калодзежа, жаночы смех, вуркатанне тэлевiзара, далёкi гудок грузавiка i нават перастук колаў цягнiка ў неймавернай далечынi - усё гэта было патрэбна, каб як мага глыбей усвядомiць бязмежжа неба, бляск адлюстраванага месяца ў рэчцы, маўчанне лесу, плёскат рыбы i камарыны звон.
Ганна падышла да хаты, узнялася на ганак i нетаропка, усмiхаючыся з дзедавай балбатнi, лёгка адамкнула на гэты раз падатлiвыя дзверы. Трымаючы ў руках замок i гладыш з сырадоем, яна ўвайшла ў сенцы, ступiла крок i знянацку спатыкнулася аб нешта цвёрдае i цяжкае. Гладыш грукнуўся аб падлогу, замок выпаў i стукнуў па назе. Ганна крыкнула, абхапiла рукамi шчыкалатку, i тут жа з-за перагародкi, што аддзяляла сенцы ад халоднай святлiцы, рэзкi мужчынскi голас спытаўся:
- Ты што, Кiн?
З гарышча адгукнуўся другi голас, нiзкi:
- Я на гары.
Ганна, забыўшыся пра жахлiвы боль, сцiшылася. На iмгненне ёй у галаву прыйшла думка: яна трапiла ў чужую хату. Але ж з гэтага боку ручая толькi адна хата. I яна хвiлiну назад адмыкала яе.
Часта зарыпелi прыступкi вузкай лесвiцы, што вяла на гарышча. Скрыпнулi дзверы ў халодны пакой.
Два лiхтарыкi ўспыхнулi адначасова. Яна зажмурылася.
Калi расплюшчыла вочы, убачыла: у сенцах стаяць двое, а на падлозе пасярод сенцаў - вялiкi жоўты чамадан, заляпаны малаком. Малочная лужына расплылася па падлозе, рыжымi караблiкамi пагойдвалiся чарапкi.
Адзiн з iх быў малады, крыху старэйшы за Ганну, элегантны, у сiнiм гарнiтуры, пры гальштуку-мушцы, з кучаравымi чорнымi валасамi, з гусарскiмi нахабнымi вачыма. Другi, што злез з гарышча, - старэйшы i мажнейшы. Твар скуласты, карычневы, светлымi агеньчыкамi гарэлi на iм невялiкiя вочы. Ён быў адзеты ў чорны свiтэр i пацёртыя джынсы.
Ганна выпрасталася, зморшчыўшыся ад болю, i спыталася:
- Вы праз акно ўлезлi?
Мужчыны трымалi напагатове, як пiсталеты, яркiя лiхтарыкi.
- Што вы тут робiце? - спытаўся скуласты.
- Я жыву тут. Часова. - I, як бы жадаючы ўразiць iх, Ганна дадала: Вось бачыце, я i падлогу вымыла.
- Падлогу? - спытаўся скуласты i паглядзеў на лужыну малака.
Ганна была такая сярдзiтая, дый нага балела, што забылася пра спалох.
- Калi вам няма дзе пераначаваць, - сказала яна, - перайдзiце цераз ручай, у крайнюю хату. Там ёсць пакой пусты.
- Чаму гэта мы павiнны iсцi? - спытаўся малады гусар.
- Вы што, хочаце, каб я пайшла?
- Разумеецца, - сказаў маладзейшы. - Вам тут няма чаго рабiць.
- Але ж гэта хата маёй цёткi, Магды Iванкевiч.
- Гэта чорт ведае што, - сказаў малады гусар. - Нiякай цёткi тут быць не павiнна.
- Правiльна! - усклiкнула Ганна, прасякнутая справядлiвым гневам. Цёткi быць тут не павiнна. I вас таксама.
- Мне здаецца, - заявiў скуласты, - нам варта пагаварыць. Зрабiце ласку, цi не пажадалi б вы прайсцi ў пакой?
Ганна звярнула ўвагу на пэўную старамоднасць яго мовы, нiбы ён вучыўся ў дарэвалюцыйнай гiмназii.
Не дачакаўшыся адказу, скуласты штурхнуў дзверы ў святлiцу. Там было ўтульна. Канапа заслана, на стале ляжалi кнiжкi, частка з iх ангельскiя, што адразу пераконвала: у пакоi жыў iнтэлiгентны чалавек - гэта значыць Ганна Iванкевiч.
Напэўна, гэтая думка прыйшла ў галаву i ўзломшчыку, бо яго наступныя словы адрасавалiся не Ганне, а спадарожнiку.
- Жуль! - сказаў ён. - Хтосьцi прамаргаў.
Жуль падышоў, узяў са стала ангельскую кнiжку, паварушыў губамi, разбiраючы назву, i заўважыў:
- Не чытаў.
Вiдаць, хацеў паказаць сваю адукаванасць. Магчыма, гандляваў абразамi, займаўся кантрабандай i не спынiцца нi перад чым, каб збавiцца ад сведкi.
- Добра, - сказаў скуласты бандыт. - Не будзем сварыцца. Вы думалi, што хата пустая i вырашылi ў ёй пажыць. Так?
- Безумоўна так. Я ведала, што яна пустая.
- Але вы не ведалi, што з гаспадыняй гэтай хаты мы дамовiлiся пажыць тут два тыднi. I вось атрымалася непаразуменне.
- Непаразуменне, - сказала Ганна. - Я i ёсць гаспадыня.
Гусар усеўся на канапу i пачаў хутка гартаць кнiжку. Недзе ўдалечынi забрахаў сабака, пачуўся гул машыны. Праз адчыненае акно ў пакой заляцеў вялiкi матылёк i стукнуўся ў шкло лiхтарыка. Ганна, накульгваючы, падышла да стала i запалiла лямпу-газоўку.
- Магда Фёдараўна Iванкевiч, - сказаў скуласты бандыт начальнiцкiм голасам, - здала нам гэтую хату на два тыднi.
- Калi вы бачылi цётку? - спыталася Ганна.
- Учора, - адказаў малады чалавек, не адрываючы вачэй ад кнiжкi. - У Менску.
"Хлусяць, - падумала Ганна. Учора вечарам яна праводзiла цётку ў Крым. Палову жыцця пражыўшы ў вёсцы, цётка лiчыла, што вёска - не месца для адпачынку. Экзатычная мiтусня на ялцiнскiм узбярэжжы куды больш да душы яе рамантычнай натуры... - Яны тут невыпадкова. Прыйшлi сюды не так сабе. Але што iм рабiць у гэтай хаце? Чым больш сур'ёзныя намеры ў бандытаў, тым больш бязлiтасныя яны да сваiх ахвяраў - мэта апраўдвае сродкi. Трэба вырвацца адгэтуль i ўцякаць да дзеда".
- Мяркуючы па ўсiм, - задумлiва сказаў высокi бандыт, дакрануўшыся пальцам да кончыка носа, - вы нам не паверылi.
- Паверыла. - Ганна сцепанулася пад яго халодным позiркам. Гэтым i выдала сябе канчаткова. I цяпер ёй заставалася толькi бегчы. Тым больш што малады чалавек адклаў кнiжку, лёгка ўстаў з канапы i апынуўся ў яе за спiною. Або цяпер, або нiколi. I Ганна хуценька вымавiла: - Мне трэба выйсцi на двор.
- Чаго? - спытаўся высокi бандыт.
Ганна кiнулася да прачыненага акна, нырнула ў яго галавою ўперад, насустрач начной прахалодзе, водару лугоў i паху дыму ад ляснога вогнiшча. Праўда, гэтую сiмфонiю яна не паспела як след ацанiць, бо гусар уцягнуў яе за ногi назад у пакой. Ганна стукнулася падбародкам аб падаконнiк, ледзь не выбiла свае прыгожыя, асляпляльна белыя зубы i павiсла - рукамi за падаконнiк, ногi навiсу.
- Пусцi, - прастагнала Ганна. У голасе было столькi нянавiсцi i прынiжэння, што скуласты бандыт сказаў:
- Пусцi яе, Жуль.
Ганна сказала, прыводзячы сябе ў парадак:
- Гэтага я вам нiколi не дарую.
- Вы так рызыкавалi. Там жа пад акном крапiва.
- Парэчкi, - сказала Ганна.
- Чаму не крычалi? - дзелавiта спытаў скуласты бандыт. - Тут далёка чуваць.
- Я яшчэ закрычу, - адказала Ганна, стрымлiваючы слёзы.
- Васпанi, - вымавiў высокi бандыт, - супакойцеся. Мы не ўчынiм вам зла.
- Тады выбiрайцеся адсюль! - крыкнула Ганна нечакана вiскатлiвым, кухонным голасам. - Зараз жа выбiрайцеся з маёй хаты! - Яна схапiлася за скiвiцу i дабавiла праз зубы: - Цяпер у мяне рот не будзе адкрывацца.
Скуласты бандыт паглядзеў паўзверх яе галавы i сказаў:
- Жуль, паглядзi, калi ласка, цi нельга зняць боль? Ганна зразумела, што забiваць яе не будуць, а Жуль асцярожна i цвёрда ўзяў яе за падбародак сухiмi тонкiмi пальцамi i сказаў, гледзячы ў вочы сваiмi сiнiмi, акружанымi чаротам вейкаў, гусарскiмi азёрамi:
- Няўжо мы робiм такое цяжкае ўражанне?
- Робiце, - сказала Ганна ўпарта. - I вам прыйдзецца вымыць падлогу ў сенцах. Панастаўлялi чамаданаў...
- Гэта мы зробiм, - сказаў Кiн, ён жа старэйшы бандыт, падыходзячы да акна. - I, напэўна, давядзецца адкласцi рашэнне на заўтра. Сёння ўсе ўсхваляваныя, больш таго, раздражнёныя. Устанем заўтра раней...
- Вы ўсё-такi намерваецеся тут начаваць? - сказала Ганна.
- А дзе ж мы дзенемся?
Ганна зразумела, што ён праўду кажа.
- Тады будзеце спаць у халодным пакоi. Толькi просцiн у мяне вам няма.
- Абыдземся, - сказаў Жуль. - Я вазьму кнiжку з сабою. Вельмi цiкавая. Ранiцай аддам. Ганна толькi адмахнулася.
- Дзе ануча? - спытаўся Кiн.
- Я зараз прынясу, - сказала Ганна i пайшла на кухню.
Кiн накiраваўся за ёю. Беручы анучу, ён спытаўся:
- Можа, вас задаволiць грашовая кампенсацыя?
- Каб я паехала са сваёй хаты?
- Скажам, тысяча рублёў?
- Уга, я столькi атрымлiваю за паўгода.
- Значыць, згода?
- Паслухайце, у вёсцы ёсць iншыя хаты. У iх жывуць адзiнокiя бабулi. Гэта вам абыдзецца танней.
- На жаль, - сказаў Кiн, - нас задавальняе гэтая хата.
- Няўжо пад ёю клад?
- Клад? Наўрад. А дзве тысячы?
- За гэтыя грошы вы можаце купiць тут тры хаты. Не раскiдвайцеся грашыма. Цi яны дзяржаўныя?
- Iронiя недарэчы, - строга сказаў Кiн, быццам Ганна вучылася ў яго класе. - Грошы дзяржаўныя.
- Слухайце, - сказала Ганна, - мыйце падлогу i кладзiцеся спаць.
4
Ганне не спалася. За сцяною бурчалi няпрошаныя госцi, можа, збiралiся пачаць раскопкi клада на досвiтку? Урэшце-такi яна не вытрымала i выглянула ў сенцы. Лiхтарык ляжаў на палiчцы - матавы апельсiн свечаў на сто. "Iмпартная рэч, - падумала Ганна. - Вельмi зручная ў турысцкiх паходах". Чамаданаў прыбавiлася. Iх стала тры. Можа, бандыты ўжо засялiлi сябровак? I ў гэты момант з лёгкiм стукам пасярод прыхожай узнiкла блiскучая металiчная скрынка, метр на метр. За перагародкаю пачуўся голас гусара:
- Прыехалi.
Дзверы, што вялi ў халодны пакой, здрыганулiся, i Ганна, напалоханая, iмгненна шмыганула ў свой пакой.
Гэта было падобна на мiстыку i ёй не падабалася. Рэчы так проста не ўзнiкаюць. Яны ўзнiкаюць, бадай, толькi ў навукова-фантастычных раманах, якiя Ганна не любiла, але чытала, бо яны былi дэфiцытныя.
Бандыты яшчэ доўга перасоўвалi нешта ў сенцах, мармыталi i ўгаманiлiся толькi гадзiны ў тры. Тады i Ганна заснула.
Прачнулася яна не так, як марылася ёй апошнiмi тыднямi. Гэта значыцца: чуваць аддаленыя крыкi пеўняў, рыкаюць каровы, што валакуцца чарадою пад вокнамi, раннiя птушкi вядуць гамонку ў дрэвах, сонечныя зайчыкi вытанцоўваюць на фiранцы. Ганна бяжыць на рэчку i акунаецца ў халодную, свежую, празрыстую ваду. Сосны ўзмахваюць лапамi, яна плыве, разганяючы серабрыстых малькоў.
За сцяною гучалi галасы, i адразу ж прыгадалася недарэчная ўчарашняя гiсторыя. У Ганны настрой сапсаваўся раней, чым яна пачула спевы пеўняў, рыканне статка i вясёлы шолах лiстоты. Каб выбрацца, трэба было прайсцi цераз сенцы, дзе ўжо мiтусiлiся няпрошаныя суседзi. I купацца расхацелася. Варта было зрабiць iнакш: расчынiць дзверы i - голасам гаспадынi: "Вы яшчэ тут? Колькi гэта будзе цягнуцца? Я пайшла па мiлiцыю!" Аднак нiчога падобнага Ганна не зрабiла, бо яшчэ не мылася i была непрычэсаная. Цiха, саромеючыся, што яе пачуюць, Ганна прабралася на кухню, налiла халоднай вады з вядра ў таз i здзейснiла свой сцiплы туалет. Расчэсваючыся, яна ўпотайкi глянула ў кухоннае акно. Уцячы? Неразумна. А яны будуць бегчы за мною па вулiцы? Лепш пачакаю, пакуль зойдзе дзед Генадзь.
Быць на кухнi доўга яна не магла. Таму Ганна падпалiла ў плiце, паставiла чайнiк i, статная, строгая i халодная, выйшла ў сенцы.
Там стаяла шэсць скрынак i чамаданаў, адзiн чамадан быў адчынены, i гусар Жуль у iм капаўся. Пачуўшы яе крокi, ён зачынiў вечка, буркнуў: "Добрай ранiцы". Вiдавочна, непрыязнасць была ўзаемная, i гэта яе нават падбадзёрыла.
- Добрай ранiцы, - павiталася Ганна. - Вы яшчэ тут?
Кiн увайшоў з вулiцы. Мокрыя валасы прыляпiлiся да лба.
- Выдатная вада, - паведамiў ён. - Даўно так добра не купаўся. Вы маеце намер акунуцца? I чаго гэта ў яго такi добры настрой?
- Не, - сказала яна. - Лепш я схаджу па малако.
- Схадзiце, Ганна, - сказаў дружалюбна Кiн. Ён паводзiў сябе не зусiм правiльна.
- Цi збiраецеся вы выязджаць? - спыталася яна недаверлiва.
- Не, - адказаў Кiн. - Мы тут будзем.
- А вы не баiцеся, што я паклiчу на дапамогу?
- Вы гэтага не зробiце, - усмiхнуўся Кiн.
- Яшчэ як зраблю! - абурылася Ганна. I накiравалася да выхаду.
- Посуд вазьмiце, - сказаў ёй услед гусар. - У вас грошы ёсць?
- Не патрэбны мне грошы. - Ганна ляпнула дзвярыма, выйшла на ганак. Посуд ёй таксама быў не патрэбны. Iшла яна не па малако.
У люстэрку ракi гулялi сонечныя блiскаўкi, непадалёку ад ручая ў лагчыне вiсеў клубок туману, сонца было такое цёплае i пушыстае, што здавалася, можна было ўзяць яго ў далонi i пагладзiць.
Дзверы ззаду ляпнулi, выйшаў Кiн з каструляю i пiсьмом.
- Ганна, - сказаў ён бацькоўскiм голасам, - вам пiсьмо.
- Ад каго? - спыталася Ганна, пакорна беручы каструлю.
- Ад вашай цёткi, - сказаў Кiн. - Яна пажадала перадаць...
- Чаму ж вы не паказалi яго ўчора?
- Мы атрымалi яго сёння, - адказаў Кiн.
- Сёння? А дзе ж ваш верталёт?
- Ваша цётачка, - не звярнуў увагi на сарказм Кiн, - адпачывае ў Крыме i прасiла перадаць вам шчырае прывiтанне.
Ганна перахапiла каструлю пад паху, разгарнула лiст.
"Ганулька! - было напiсана там. - Кiн Уладзiмiравiч i Жуль пра ўсё са мною дамовiлiся. Ты iх не крыўдзi. Я iм вельмi абавязана. Няхай пажывуць у хаце. А ты, калi хочаш, у дзеда Генадзя. Ён не адмовiць. Мы з Мiленай даехалi добра. Пруцiкаў сустрэў. Надвор'е стаiць цёплае. Магда".
Кiн стаяў, панурыўшы галаву, i сачыў за Ганнай.
- Лухта, - сказала яна. - Гэта вы самi напiсалi.
- I пра Мiлену мы напiсалi? I пра Пруцiкава?
- Колькi вы ёй заплацiлi?
- Колькi яна папрасiла.
Цётка была карыслiвая, i калi перад яе носам цвялiлi пачкам сторублёвак... Але як яны гэта ўсё ўладзiлi?
- Сёння ўранку? - перапытала Ганна.
- Ага. Мы тэлеграфавалi нашаму сябру ў Крым учора ноччу. На досвiтку пiсьмо было дастаўлена сюды самалётам.
Пiсьмо як пiсьмо, з маркай, але без штэмпеля.
- У вас i рацыя ёсць? - спыталася Ганна.
- Вам дапамагчы перанесцi рэчы? - запытаўся Кiн.
- Не спадзявайцеся, - сказала яна. - Я не здамся. Мне пляваць, колькi лiстоў вы там яшчэ панавалакаеце ад маёй цёткi. Калi вы паспрабуеце мяне забiць цi выгнаць сiлаю, я буду супрацiўляцца.
- Ну навошта так, - пакрыўджана сказаў Кiн. - Наша праца, на жаль, не церпiць адкладу. Мы просiм вас вызвалiць гэтую хату, а вы паводзiце сябе як дзiця.
- Таму што я зняважаная, - сказала Ганна. - I ўпартая.
- Мы iмкнёмся не прыцягваць да сябе ўвагi, - растлумачыў Кiн.
Вочы яго сталi сумныя; калi ён прытвараўся, то атрымалася гэта цудоўна.
- Вы ўжо заўважаныя, - сказала Ганна. - I вам больш нiчога не застаецца, як паведамiць мне, чым вы тут збiраецеся займацца.
- Можа быць, вы ўсё ж такi паедзеце? Паверце, гэтак усiм будзе лепш.
- Не, паразважайце, а я пайшла купацца. I не ўздумайце выкiдаць мае рэчы або замыкаць дзверы.
Вада ў рэчцы была ў меру халаднаватая, i калi б не Ганнiна раздражнёнасць, то яна б мела прыемную асалоду ад купання. Ганна заплыла на сярэдзiну ракi, заўважыла, як далёка аднесла яе ўнiз цячэннем, павярнула назад i страцiла хвiлiн пятнаццаць, каб даплыць да таго месца, дзе пакiнула ручнiк i кнiжку.
Ганна выбралася на траву i легла на ручнiк. Як назло, нiчога добрага з гэтага не выйшла - наляцела некалькi нахабных сляпнёў, i настрой яе сапсаваўся ўшчэнт.
- Прабачце, - сказаў Кiн, сядаючы побач на траву.
- Я вас не клiкала, - буркнула Ганна.
- Мы параiлiся i вырашылi вам сёе-тое расказаць.
- Толькi не манiць, - сказала Ганна, насцярожыўшыся.
- Няма сэнсу. Вы ўсё роўна не паверыце.
- Цудоўны пачатак.
Кiн з размаху пляснуў сабе па шыi.
- Сляпнi, - сказала Ганна. - Тут, напэўна, каровы пасуцца.
Яна села i прыкрыла свае плечы ручнiком.
- Мы павiнны пачаць сёння, - сказаў Кiн. - Кожная хвiлiна каштуе шалёныя грошы.
- Дык не трацьце iх дарэмна.
- Мяне цешыць толькi тое, што дзяўчына вы разумная. I водгукi пра вас у iнстытуце давалi станоўчыя. Праўда, вы свавольнiца...
- Вы i да iнстытута дабралiся?
- А што рабiць? Вы - непрадугледжаны фактар. Наша вiна. Дык вось, мы жывём не тут.
- Можна здагадацца. На Марсе? У Амерыцы?
- Мы жывём у будучынi.
- Якая любата! А ў чамаданах - машына часу?
- Не iранiзуйце. Гэта рэтрансляцыйны пункт. Нас цяпер цiкавiць не дваццатае стагоддзе, а трынаццатае. Але каб трапiць туды, мы вымушаны зрабiць прыпынак менавiта тут.
- Я заўсёды думала, што вандроўнiкi ў часе - народ патаемны.
- Паспрабуйце падзялiцца гэтай тайнай з сябрамi. Мяркую, што яны вам не павераць.
Кiн адмахнуўся ад сляпня. Пышнае воблака напаўзло на сонца, i адразу павеяла халадком.
- А чаму я павiнна вам паверыць? - спыталася Ганна.
- Бо я раскажу, што нам трэба ў трынаццатым стагоддзi. Гэта даволi неверагодна, каб прымусiць вас хоць бы задумацца.
Ганне раптам захацелася паверыць. Часам у немагчымае верыць лягчэй, чым у звычайныя тлумачэннi.
- I ў якiм жа вы жывяце стагоддзi?
- Лагiчнае пытанне. У дваццаць сёмым. Я прадоўжу? У трынаццатым стагоддзi на гэтым вось пагорку стаяў невялiкi горад Замошша. Лапiк у стракатай коўдры Русi. На ўсход ляжалi землi Полацкага княства, з захаду i поўдня жылi жамойты, леты, самагiты, яцвягi, лiтоўцы i iншыя плямёны i народы. А яшчэ далей на захад пачыналiся ўладаннi нямецкага ордэна мечаносцаў.
- Вы археолагi?
- Не. Мы маем намер выратаваць чалавека. А вы нам перашкаджаеце.
- Няпраўда. Выратоўвайце. Але ўлiчыце, што я вам пакуль што не веру. Навошта пранiкаць у сярэднявечча. Гэты таксама вандроўнiк?
- Не, ён генiй.
- А вы адкуль ведаеце?
- Гэта наша спецыяльнасць - шукаць генiяў.
- А як яго звалi?
- Яго iмя - Раман. Баярын Раман.
- Нiколi не чула.
- Ён рана загiнуў. Так падае летапiс.
- Можа, летапiсцы ўсё прыдумалi?
- Летапiсцы шмат чаго не разумелi. I не маглi прыдумаць.
- Што, напрыклад?
- Напрыклад, тое, што ён выкарыстоўваў порах пры абароне горада. Што ў яго была друкарня... Гэта быў унiверсальны генiй, якi апярэдзiў свой час.
- I вы хочаце, каб ён не загiнуў, а прадаўжаў працаваць i вынайшаў яшчэ i мiкраскоп? А хiба можна ўмешвацца ў мiнулае?
- Мы не будзем умешвацца. I не будзем перайначваць яго лёс.
- Што ж тады?
- Мы возьмем яго да сябе. Возьмем у момант смерцi. Гэта не паўплывае на ход далейшых гiстарычных падзей. Зразумела?
- Н-не вельмi. Дый навошта гэта вам?
- Самае каштоўнае на свеце - мозг чалавечы. Генii бываюць так рэдка, мая дарагая Ганначка...
- Дык ён жа жыў тысячу гадоў назад. Сёння кожны школьнiк можа вынайсцi порах.
- Памыляецеся. Чалавечы мозг быў i застаецца аднолькавы ўжо трыццаць тысяч гадоў. Змяняецца толькi ўзровень адукацыi. Сёння вынаходнiцтва пораху не выпадзе на долю генiя. Сённяшнi генiй павiнен вынайсцi...
- Машыну часу?
- Скажам, машыну часу... Але гэта не значыць, што яго мозг дасканалейшы, чым вынаходнiка кола або пораху.
- А навошта вам вынаходнiк пораху?
- Каб ён вынайшаў штосьцi новае.
5
Воблакi, высокiя, цёмныя пад сподам, вызвалiлi сонца, i яно зноў асвяцiла бераг. Аднак колер яго змянiўся - стаў трывожны i белы. I тут жа хлынуў дождж, пачаў лупiць па чароце, па траве. Ганна схапiла кнiжку i, прыкрываючы галаву ручнiком, кiнулася пад яблыню. Кiн тут жа дагнаў яе, i яны прыцiснулiся спiнамi да шурпатага дрэва. Кроплi лопалi па лiсцi.
- А калi ён не захоча? - спыталася Ганна. Кiн нечакана засмяяўся.
- Вы мне амаль паверылi, дарагая Ганна, - сказаў ён.
- Выходзiць, не трэба было верыць? - Яе твар, якi звужаўся да ямкi на вастраватым падбародку, паружавеў, загарэў крыху за ранiцу, i ад гэтага валасы здавалiся яшчэ святлейшымi.
- Гэта добра, што вы паверылi. Мала хто можа пахвалiцца такiм непасрэдным успрыманнем.
- Такая я, вiдаць, дурнiца.
- Наадварот.
- Добра, дзякую. Вы ўсё-такi лепш скажыце, навошта вам шукаць генiя ў трынаццатым стагоддзi? Што, блiжэй не знайшлося?
- Па-першае, генiяў мала. Вельмi мала. Па-другое, не кожнага мы можам узяць да сябе. Ён павiнен быць нестары, бо з гадамi ўскладняецца праблема адаптацыi, i, галоўнае, ён павiнен прапасцi выпадкова або трагiчна... без следу. На пахаваннi Леанарда да Вiнчы прысутнiчала шмат людзей.
- I ўсё-такi - трынаццатае стагоддзе! Дождж сцiхаў, кроплi ўсё радзей i радзей бiлi па лiсцi.
- Вы, вiдавочна, не ўяўляеце сабе, што такое перамяшчэнне ў часе.
- Зусiм не ўяўляю.
- Паспрабую растлумачыць. У двух словах, разумеецца. Час - аб'ектыўная фiзiчная рэальнасць, ён знаходзiцца ў пастаянным паступальным руху. Рух гэты, як i рух некаторых iншых фiзiчных працэсаў, ажыццяўляецца спiралепадобна.
Кiн сеў на кукiшкi, узяў сухi сучок i вывеў на вiльготнай зямлi спiраль часу.
У БУДУЧЫНЮ
З МIНУЛАГА
- Мы з вамi - часцiнкi, што плывуць у спiралевым патоку, i нiшто на свеце не можа запаволiць цi паскорыць гэты рух. Але iснуе iншая магчымасць рухацца напрасткi, па-за плынню, як бы перасякаючы вiток за вiтком.
Кiн, не ўстаючы, намаляваў стрэлку побач са спiраллю.
У БУДУЧЫНЮ
З МIНУЛАГА
Потым ён падняў галаву, глянуў на Ганну, каб упэўнiцца, цi зразумела яна. Ганна кiўнула.
Кiн выпрастаўся i крануў галiнку яблынi - пасыпалiся пырскi. Ён трасянуў галавой i прадаўжаў далей:
- Цяжкасць заключаецца ў тым, што з любога канкрэтнага моманту ў плынi часу вы можаце трапiць толькi ў адпаведны момант папярэднлга вiтка часу. А працягласць вiтка каля васьмiсот гадоў. Апынуўшыся ў папярэднiм або наступным вiтку, мы тут жа зноў трапляем у плынь часу i пачынаем рухацца разам за ёю. Дапусцiм, што дваццатаму лiпеня 2745 года блiзка адпавядае дваццатага лiпеня 1980 года. Або, бяром наступны вiток, дваццатага лiпеня 1215 года, або, яшчэ адзiн вiток, дваццатага лiпеня 540 года. Паглядзiце. Кiн дапоўнiў малюнак дэталямi.
У БУДУЧЫНЮ
З МIНУЛАГА
- Цяпер вы разумееце, чаму мы не маем магчымасцi адкладваць нашу работу? - спытаўся ён. Ганна не адказала.
- Мы некалькi гадоў рыхтавалiся да пераходу ў 1215 год, чакалi, калi момант смерцi баярына Рамана супадзе з момантам на нашым вiтку часу. Горад Замошша будзе ўзяты праз два днi ў 1215 годзе. I праз два днi загiне невядомы генiяльны вучоны трынаццатага стагоддзя. Калi мы не здзейснiм задуманае за два днi, пра ўсю гэтую нашую задуму давядзецца забыць. Назаўсёды. А тут вы з'яўляецеся.
- Я ж не ведала, што вам перашкоджу.
- Нiхто вас не вiнавацiць, дарагая дзяўчына.
- А чаму нельга проста туды?
- На жаль, немагчыма перасекчы адразу два вiткi часу. На гэта не хопiць усёй энергii Зямлi. Мы вымушаны спынiцца i зрабiць прамежкавы пункт тут, у дваццатым стагоддзi.
- Пайшлi дадому, - сказала Ганна. - Дождж перастаў.
Яна паглядзела на спiраль часу, намаляваную на вiльготнай бурай зямлi. Просценькi малюнак. Але ён быў зроблены рукою чалавека, якi яшчэ не нарадзiўся.
Яны накiравалiся дахаты. Воблакi адплылi за лес. Парыла.
- Значыць, нас раздзяляюць восемсот гадоў, - сказала Ганна.
- Каля гэтага. - Кiн адхiлiў галiнку яблынi, прапус каючы Ганну. - Гэта добра, таму што такая прорва часу робiць нашы з вамi зносiны эфемернымi. Нават калi б вы захацелi даведацца пра час сваёй смерцi, а гэта натуральнае пытанне, я б адказаць на яго не змог. Вельмi даўно.
- Вам задавалi такiя пытаннi?
- Мы не павiнны пра гэта гаварыць. Але такiя выпадкi ўжо былi. I звычайна не парушалi ходу эксперыменту. Сiстэма часу стабiльная i iнерцыйная. Яна падобная на мора, якое паглынае смерчы...
- Я жыла даўно... - уголас падумала Ганна. - Для вас я выкапень. Выкапень, якi жыў даўным-даўно. Мамант.
- У пэўнай ступенi так. - Кiн не хацеў ашчаджаць пачуццi дзяўчыны. Для мяне вы памерлi семсот гадоў назад.
- Вы ў гэтым упэўнены?
- Упэўнены. Хоць i не бачыў вашай магiлы.
- Дзякую за шчырасць... Я была ўчора на могiлках. Там, на пагорку. Я магу ацанiць велiчыню гэтай прорвы.
- Мы хочам пераадолець яе.
- I забраць адтуль чалавека? А калi ён будзе няшчасны?
- Ён генiяльны. Генiй адаптабельны. У нас ёсць практыка.
- Вы катэгарычны.
- Нi ў якiм разе. Я заўсёды i ўсё правяраю сумненнем. Катэгарычны Жуль. Можа быць, таму, што малады. Ды не гiсторык, а фiзiк-кранiст.
- Вы гiсторык?
- У нас няма строгага падзелу на спецыяльнасцi. Мы ўмеем многае.
- Хоць у цэлым вы не змянiлiся.
- Антрапалагiчны тып чалавека застаўся ранейшы. Мы далёка не ўсе прыгожыя i нават не ўсе разумныя.
- Ува мне прачынаюцца пытаннi, - сказала Ганна, спынiўшыся ля ганка.
Кiн выняў з бочкi граблi i прыставiў да сцяны.
- Разумеецца, - сказаў ён. - Аб населенасцi Сусвету, аб сацыяльным ладзе, аб войнах i мiры... Выбачайце, Ганна. Я нiчога не магу вам адказаць. Хоць, спадзяюся, сам факт майго прылёту сюды ўжо аптымiстычны. I тое, што мы можам займацца такой дзiўнаю справай, як пошукi старажытных мудрацоў...
- Гэта нiчога не даказвае. Можа, вы займаецеся пошукамi мозгу не ад добрага жыцця.
- Пры кепскiм жыццi не хапае энергii i часу на такiя заняткi. А што належыць да недахопу генiяў... У веснiчках паказаўся дзед Генадзь са збанком.
- Добры дзень, - сказаў ён, быццам не заўважаючы Кiна, якi стаяў да яго спiною, - ты чаму па малако не прыйшла?
- Пазнаёмцеся, - сказала Ганна. - Гэта мае знаёмыя прыехалi.
Кiн марудна павярнуўся.
6
Раптам i неяк дзiўна ў Кiна змянiўся твар. Ён выцягнуўся, скура абвiсла, сабралася ў маршчыны; здавалася, ён адразу пастарэў гадоў на дваццаць.
- Генадзь... прабачце, не памятаю...
- Проста Генадзь, дзед Генадзь. Якiм ветрам? А я вось учора яшчэ Ганне казаў: рэстаўратар Васiльеў, чалавек вядомы, абяцаў мне, што не пакiне без увагi нашы мясцiны, з прычыны гiстарычнага iнтарэсу. Але не чакаў, што так хутка.
- Ага, - цiха сказала Ганна. - Зразумела, Васiльеў. Вядомы рэстаўратар з Ленiнграда.
I ў гэтым, калi ўдумацца, не было нiчога дзiўнага: вядома, яны бывалi тут раней, вынюхiвалi, шукалi месца сваёй машыне. Сур'ёзныя людзi, вялiкiя стаўкi. А вось недаацанiлi дзедавай страсцi да гiсторыi.
- I надоўга? - спытаўся дзед Генадзь. - Зараз да мяне пойдзем, гарбаты пап'ём. Як там сям'я, як супрацоўнiкi? А я ўжо невялiкi музей сабраў, некаторыя рэчы маюць навуковы iнтарэс.
- Абавязкова, - усмiхнуўся Кiн чароўнай грымасай стомленага ад пастаяннай рэстаўрацыi, ад пошукаў i знаходак вялiкага чалавека. - Але мы ненадоўга, праездам. Ганну праведалi.
- Праведалi, - рэхам адгукнулася Ганна.
- Правiльна, - згадзiўся дзед, улюбёна гледзячы на свайго кумiра, - я зараз свой музей сюды прынясу. Разам паглядзiм i выслухаем вашы парады.
Кiн раптам адрасаваў Ганне ўмольны позiрк: ратуйце!
- Не за так, - дала знаць Ганна толькi губамi, адвярнуўшыся ад пiльнага дзеда. - Мы пасля зойдзем, - сказала яна. - Разам зойдзем, не трэба музей сюды несцi, можна пагнуць што-небудзь цi зламаць...
- Я асцярожна, - сказаў дзед. - Вы, пэўна, разумееце, што мой музей пакуль што не вельмi вялiкi. Я некаторыя рэчы на месцах пакiдаю. Адзначаю i пакiдаю. Мы з вамi павiнны на пагорак схадзiць, там я знайшоў дужа цiкавы крыж, увесь у карункавай разьбе, належаў купцу другой гiльдзii Сумарокаву, жонка i чада яго надта скрушна тужылi ў вершах.
Ганна зразумела, што i яна бяссiльная перад нацiскам дзеда. Паратунак прыйшоў нечакана. У сенцах зарыпела, дзверы адчынiлiся. З'явiўся Жуль у скуранцы. Твар знявечаны палавецкiмi вусамi.
- Цярэнцiй Iванавiч, - сказаў ён шафёрскiм голасам, - праз пятнаццаць хвiлiн едзем. Нас чакаць не будуць. - Ён спагадлiва кiўнуў дзеду Генадзю, i дзед разгубiўся, таму што ад Жуля павявала ўпэўненасцю i непарушнасцю занятага чалавека.
- Так, безумоўна, - згадзiўся Кiн. - Пятнаццаць хвiлiн.
- Паспеем, - сказаў дзед хуценька. - Паспеем. Паглядзiм. А машына няхай да мяне пад'едзе. Дзе яна?
- Там, - няпэўна махнуў рукою Жуль.
- Зразумела. Значыць, чакаем. - I дзед з адчайным натхненнем павёў да веснiчак рэстаўратара Васiльева, сумнiцельнага чалавека, якому Ганна мела неасцярожнасць амаль што паверыць.
"Цiкава, як вы цяпер выблытаецеся?" Ганна глядзела iм услед. Дзве постацi - маленькая, у капелюшы, дажджавiку, i высокая, у джынсах i чорным свiтэры, - хутка iшлi па схiле. Дзед размахваў рукамi, i Ганна ўявiла сабе, з якiм iмпэтам дзед выкладае звесткi, што бязмерна напаўнялi яго.
Яна павярнулася да ганка. Жуль рукою трымаўся за доўгiя вусы.
- Я ўпэўнены, што ўсё рухне, - паведамiў ён. - Другая накладка за два днi. Я разнясу групу падрыхтоўкi. Па нашых звестках, дзед Генадзь павiнен быў на два тыднi з'ехаць да сына.
- Маглi ў мяне папытацца.
- Кiн паводзiў сябе як хлапчук. Не заўважыць старога. Не паспець прыняць нiякiх мер! Трацiць хватку. Ён вам расказаў?
- Часткова, мой далёкi прашчур.
- Не можа быць, - сказаў Жуль. - Я ўважлiва падбiраў продкаў.
- Грэбуеце?
- Асцерагаюся настырных дзяўчат.
- Што ж будзе далей?
- Будзем выручаць, - сказаў Жуль i нырнуў у дзверы.
Ганна прысела на парог, адпiла са збанка - сырадой быў яшчэ цёплы, духмяны. Паказаўся Жуль.
- Не забудзьце прыклеiць вусы, - сказала Ганна.
- Застанецеся тут i нiкога не пускайце.
- Слухаюся, мой генерал. Малака хочаце?
- Няма калi, - адказаў Жуль.
Ганне было вiдаць, як ён спынiўся перад веснiчкамi, разгарнуў далонь на ёй ляжаў малюсенькi камп'ютэр - i пальцам левай рукi пачаў нацiскаць на iм кнопкi.
Схiл пагорка i лес, на фоне якiх стаяў Жуль, закалыхалiся i пачалi расплывацца, iх нiбыта ахутвала дымам. Дым гусцеў, набываючы форму куба. Раптам Ганна ўбачыла, што перад веснiчкамi на вулiцы ўзнiкла аб'ёмная выява "газiка". Ганна паставiла збанок. "Газiк" здаваўся сапраўдны, бакi яго паблiсквалi, а да радыятара прыляпiўся бярозавы лiсток.
- Пераканаўча, - сказала Ганна, накiроўваючыся да веснiчак. - А навошта вам гэта галаграфiя! Дзеда на гэтым не правядзеш.
Жуль адчынiў дзверцы i залез у кабiну.
- Дык гэта не галаграфiя? - тупа спыталася Ганна.
- I не гiпноз, - сказаў Жуль.
Пра нешта ўспомнiўшы, ён высунуўся з машыны, правёў рукой уздоўж кузава. Узнiклi белыя лiтары: "Экспедыцыйная".
- Вось так, - сказаў Жуль i выняў з кiшэнi ключы. Завёў рухавiк. Машына завуркатала i заглушылася.
- А, каб цябе, - прамармытаў шафёр. - Прыйдзецца папiхаць.
- Я вам не памочнiца, - сказала Ганна. - У вас колы да зямлi не датыкаюцца.
- А я што казаў, - пагадзiўся Жуль. Машына крыху асела, загайдалася i на гэты раз завялася. Набiраючы хуткасць, "газiк" пакацiўся па зялёным схiле ўнiз, да броду.
Ганна выйшла за плот. На зямлi былi вiдаць рубчатыя сляды шын.
- Напэўна, яны з будучынi, - сказала Ганна сама сабе. - Пайду згатую абед.
Псеўдарэстаўратары вярнулiся толькi праз гадзiну. Пехатою прыйшлi з рэчкi. Ганна ўжо наварыла лапшы з кансервамi.
Яна пачула iх галасы ў сенцах. Праз хвiлiну Кiн заглянуў на кухню, пацягнуў носам i сказаў:
- Добра, што здагадалася. Я смяртэльна прагаладаўся.
- Дарэчы, - сказала Ганна, - маiх прадуктаў надоўга не хопiць. Або прывозьце з будучынi, або здабывайце дзе хочаце.
- Жуль, - сказаў Кiн, - зрабi ласку, прынясi сюды прадукты.
З'явiўся Жуль, узвалiў на стол вялiзную сумку.
- Мы iх купiлi на станцыi, - сказаў Кiн. - Дзед думае, што мы паехалi.
- А калi ён прыйдзе да мяне ў госцi?
- Будзем гатовы i да гэтага. На жаль, яго надта ўразiла эрудыцыя рэстаўратара Васiльева.
- Там сам вiнаваты, - сказаў Жуль.
- Нiчога. Калi Аня пойдзе, яна замкне хату знадворку. I нiхто не здагадаецца, што мы тут засталiся.
- Не пайду, - сказала Ганна. - Жуль, вымый талеркi, яны на палiчцы. Я магу вас шантажыраваць.
- Вы на гэта не здольныя, - сказаў Кiн няўпэўнена.
- Кожны чалавек здольны. Калi спакуса вялiкая. Вы мяне прывабiлi прыгодамi. Можа, пра гэта я марыла ўсё жыццё. Калi вам трэба параiцца са старэйшымi таварышамi, калi ласка. Вы i так мне залiшне расказалi.
- Гэта неверагодна, - абурыўся Кiн.
- Вы дрэнны псiхолаг.
- Я папярэджваў, - сказаў Жуль.
Абедалi панура. Усе трое сумна жавалi лапшу, запiвалi малаком i не падымалi вачэй, нiбыта перасварылiся мiж сабою спадчыннiкi ў доме багатай бабкi.
Ганна пакутавала ў пакаяннi. Яна разумела, што сапраўды вядзе сябе недарэчна. Сама ж не церпiць, калi недасведчаныя людзi сунуць нос у тваю работу, i калi ў табе ёсць хоць кропля высакароднасцi, ты цяпер жа ўстанеш i выйдзеш.... Зрэшты, не, не цяпер. Крыху пазней, у гадзiн шэсць, блiжэй да цягнiка. Трэба цiхенька выслiзнуць з хаты, не прызнаючы адкрыта сваё паражэнне... I ўсё жыццё пакутаваць, што адказалася ад унiкальнага шанцу?
Кiн адклаў лыжку, моўчкi падняўся з-за стала, выйшаў у сенцы, штосьцi там скiнуў. Жуль зморшчыўся. Наступiла цiшыня.
Кiн вярнуўся са стосам жаўтаватых лiсткоў паперы. Паклаў iх на стол каля Ганны. Потым узяў талерку i пайшоў на кухню па другую порцыю лапшы.
- Што гэта? - спытала Ганна.
- Нейкiя дакументы. Вы нiчога ў iх не зразумееце.
- Навошта тады яны мне?
- Чым чорт не жартуе. Калi вы ўжо застаяцеся... Ганна ледзь не прызналася, што вырашыла ўжо ехаць.
Але знячэўку яе позiрк сустрэўся са злымi вачыма гусара.
Жуль не таiў сваёй непрыязнасцi.
- Дзякуй, - сказала Ганна абыякава. - Я пачытаю.
7
Госцi корпалiся ў сваiх жалязяках. Было душна. Насоўвалася навальнiца. Ганна села на канапу, падкурчыўшы ногi. Жоўтыя лiсточкi былi невялiкiя, тэкст надрукаваны ўборыста, выразна, крыху выпуклымi лiтарамi.
Спачатку была назва на латынi.
Веrtholdi Chronicon Lyvoniae, рag. 29,
Мonumenta Lyvoniae antiquae, VIII, Rigае, 1292.
...Рыцар Фрыдрых i пробашч Iаган выказалi меркаванне: трэба, сказалi яны, зрабiць наступленне i, узяўшы горад Замош, люта пакараць жыхароў для прыкладу iншым. Раней пры ўзяццi крэпасцяў даравалi грамадзянам жыццё i свабоду, i таму ў астатнiх няма належнага страху. Парашым жа: хто з нашых першы ўзыдзе на сцяну, таму дамо найлепшых коней i знатнага палоннiка. Вераломнага князя, ворага хрысцiянскай царквы, мы ўзнясём вышэй за ўсiх на самым высокiм дрэве. I пакараем люта яго слугу, з пекла родам, спарадзiцеля агню.
I русы выкацiлi з варотаў распаленыя колы, якiя раскiдвалi па баках пякельны агонь, каб падпалiць асадную вежу. Мiж тым ландмайстар Готфрыд фон Гольм, несучы сцяг у руцэ, першы ўзышоў на вал, а за iм следаваў Вiльгельм Оге, i, убачыўшы гэта, астатнiя ратнiкi i браты спяшалiся ўзысцi на сцяну першымi, адны дапамагалi падымацца адзiн аднаму, а другiя бiлiся каля варотаў...
Побач з гэтым тэкстам Ганна прачытала неахайную, наўскасяк ад рукi прыпiску: "Пераклад з першай публiкацыi. Рукапiс Бертольда Рыжскага знойдзены ва ўрыўках, у канвалюце XIV ст. у Мадрыдскай бiб-цы. Запiс адн. да лета 1215. Горскi памылкова iдэнтыфiцыраваў Замошша з Iзборскам. Гл. В. I. 12.1990, стар.36. Несумненна, адзiны ўпамiн пра Замошша ў ордэнскiх крынiцах. Генрых Латв. маўчыць. Пскоўскi летапiсец, пад 1215 г. падае скупа: "Того же лета убиша многих немцы в Литве и Замошье, а город взяша". Тацiшчаў, за iм Салаўёў палiчылi Замошша лiтоўскай воласцю. Янiн выказаў сумненне ў 80-х гг. ".
На другiм лiстку было штосьцi незразумелае:
ДАРОГА ДАРОГ
Аb majorem Dei gloriam. У iмя Гермiя Тройчы Найвялiкшага. Калi хочаш дабываць Меркурый з Месяца, зрабi перадусiм насычаную ваду з купарвасу i салетры, узяўшы iх пароўну, сальвiруй Месяц звычайным спосабам, дай асесцi ў звычайнай вадзе, вымый вапну ў чыстых водах, высушы, апусцi ў сасуд пласкадонны, пастаў у печ кальцынiравацца пры ўмеранай тэмпературы, якая патрэбна для Сатурна, каб расплавiцца, i праз тры тыднi Месяц узыдзе, i Меркурый будзе разлучаны з Зямлёю.
Тым жа беглым почыркам збоку было напiсана: "За паўстагоддзя да Альберта i Бэкана". Што ж зрабiлi праз паўвека Альберт i Бэкан, Ганне заставалася невядома.
Дарэмна яна марнуе час. Ганна наўгад выцягнула з пачка трэцi лiсток.
СА СПРАВАЗДАЧЫ ЗАХОДНЕДЗВIНСКАГА АТРАДА
Гарадзiшча пад назваю Замошша размешчана за 0,4 км на паўночны захад ад вёскi Палудзёнкi (Мёрскi р-н) на высокiм i крутым (да 20 м) пагорку на левым беразе р.Вятла (левы прыток Заходняй Дзвiны). Пляцоўка ў плане няправiльнай авальнай формы, арыентавана па лiнii поўнач - поўдзень з невялiкiм адхiленнем на ўсход. Даўжыня пляцоўкi 136 м, шырыня ў паўночнай палавiне 90 м, у паўднёвай - 85 м. Раскопам у 340 кв.м. ускрыты культурны пласт чорнага, цёмна-шэрага колеру магутнасцю 3,2 м блiжэй да цэнтра i 0,3 м каля краёў. Насычанасць культурнага слою знаходкамi даволi значная. Знойдзена шмат фрагментаў лепных сасудаў: каля 90% слабапрафiлiраваных i банкавых формаў, характэрных днепрадзвiнскай культуры, i штрыхавая керамiка (каля 10%), а таксама некалькi абломкаў керамiкi XII ст. Папярэдне выяўлены тры нiжнiя гарызонты: раннi этап днепрадзвiнскай культуры, познi этап той жа культуры i гарызонт трэцяй чвэрцi 1 тысячагоддзя нашай эры (культура тыпу верхняга пласту банцэраўскага гарадзiшча).
У канцы XII - пачатку XIII ст. тут быў збудаваны храм i шэраг жыллёвых будынкаў, якiя былi знiшчаны ў вынiку пажару. Даследаваннi фундамента храма, на якiм была пабудавана ў XVIII ст. каплiца, будуць прадоўжаны ў наступным сезоне. Раскопкi ўскладняюцца ў вынiку парушэнняў верхнiх пластоў могiлкамi XVI-XVIII стст.
(Археалагiчныя адкрыццi 1986 г. стар. 221)
Справаздача была зразумелая. Капалi - гэта значыць будуць капаць - на пагорку. Ганна склала лiсткi на стол. Ёй захацелася зноў падняцца на пагорак. У сенцах быў адзiн Жуль.
- Хочаце паглядзець на машыну часу? - спытаўся ён.
- Вы на ёй прыехалi?
- Не, устаноўка патрэбна толькi на ўводзе. Яна б тут не змясцiлася.
Жуль правёў Ганну ў халодны пакой. Побач з ложкам стаяла металiчная скрынка. Над ёю вiсеў чорны шар. Яшчэ там былi два пульты. Адзiн з iх стаяў на крэсле, другi - на ложку. У кутку - тонкая высокая рама.
- I гэта ўсё? - спыталася Ганна.
- Амаль што. - Жуль быў задаволены эфектам. - Вам хочацца, каб устаноўка была на што-небудзь падобная? Людзi не вынаходлiвыя. Ва ўсiх дэманах i ведзьмах угадваецца той самы чалавек. А вось кенгуру эўрапейская фантазiя прыдумаць не змагла.
- А спаць вы тут будзеце? - спыталася Ганна.
- А як жа, - адказаў нявiнна Жуль. - Каб вы толькi не забралiся сюды ноччу ды не адправiлiся ў мiнулае або будучыню. А то шукай вас потым у татарскiм гарэме.
- Прыйдзецца шукаць, - сказала Ганна. - Горш будзе, калi я заб'ю свайго прадзеда.
- Банальны парадокс, - сказаў Жуль, - вiткi часу такiя вялiкiя, што эфект нiвелiруецца.
- А дзе Кiн?
- На пагорку.
- I не баiцца дзеда?
- Больш яны не сустрэнуцца.
- Я таксама пайду пагляджу. Заадно спытаюся пра сёе-тое.
Ганна iшла па сцежцы, iмкнучыся зразумець, дзе стаяла крапасная сцяна. Вяршыня пагорка амаль пляскатая, да лесу i ручая iдуць пакатыя схiлы, толькi над ракою бераг абрываецца крута. Значыць, сцяна пройдзе па абрыве па-над ракою, а потым прыкладна на той жа вышынi вакол пагорка.
Яшчэ ўчора горад быў абстракцыяй, патанулай у безданi часу. А цяпер? Калi я, разважала Ганна, даўно памерла для Кiна i Жуля, ды ўсё ж такi яшчэ жывая, нават крыху ўспацела ад лiпкай пераднавальнiчнай спякоты, то, значыць, i генiяльны Раман таксама цяпер жыве. Ён памрэ праз два днi, але пра гэта пакуль што не здагадваецца.
Ганна ўбачыла неглыбокую лагчыну, што агiнала пагорак. Настолькi неглыбокую, што калi б Ганна не шукала слядоў горада, то i не здагадалася б, што гэта рэшткi рова. Ганна знайшла ў рове падраны валёнак i бляшанку з-пад кансерваў, ледзь вывернулася ад асы i вырашыла iсцi ў цень, на моглiцы, таму што праз паўгадзiны з гэтага пекла павiнна была распачацца навальнiца.
У рэдкай заценi крайнiх дрэваў было трошкi халадней, чым у полi. Варта было Ганне спынiцца, як з кустоў вылецелi полчышчы камарыных камiкадзэ. У кустах зашапацела.
- Гэта вы, Кiн?
Кiн выйшаў з гушчару. На грудзях у яго вiсела фотакамера, недарагая, сучасная.
- Ах, якiя вы асцярожныя! - сказала Ганна, гледзячы на камеру.
- Стараемся. Прачыталi дакументы?
- Не ўсе. А хто такi Гермiй Тройчы Найвялiкшы?
- Апякун алхiмii. Гэтая справаздача пра дослед - лiпа. Яе напiсаў наш Раман.
- А што там цiкавае?
- Пра такi метад выдзялення ртуцi тады яшчэ не ведалi. Ён апiсвае даволi складаную хiмiчную рэакцыю.
Наляцеў вецер. Навальнiца папярэджвала пра сваё наблiжэнне.
- З чаго пачнём? - спыталася Ганна.
- Паглядзiм на горад. Проста паглядзiм.
- Вы ведаеце Рамана ў твар?
- Не, вядома. Але ён ствараў машыны i рабiў порах. Кiн зазiрнуў у змрок царквы. А Ганна ўвайшла за iм. У купале была дзiрка, i праз яе Ганна ўбачыла пасму лiловай хмары. У царкве пахла скляпеннем, на сценах захавалiся фрэскi. Святыя старцы абыякава глядзелi на людзей. Нiжэй каленяў фрэскi былi выцертыя. Здавалася, што старцы стаяць у воблаках.
Першыя кроплi забарабанiлi па даху. Яны падалi праз адтулiну ў купале i выбiвалi на падлозе фантанчыкi пылу. Ганна выглянула на двор. Лiсце i каменне здавалiся ненатуральна светлымi.
- Справа, дзе расце дуб-спарыш, былi княскiя харомы. Ад iх нiчога не захавалася, - сказаў Кiн.
Дождж палiў спорна, нават сярдзiта. Ён быццам злаваўся, што людзi не траплялiся яму ў чыстым полi.
- Гэта былi незвычайныя княствы, - сказаў Кiн. - Фарпосты Русi, якiя ўпраўлялi дэмаграфiчнымi лiшкамi княскiх сем'яў. Народ быў тут у большасцi не русiнскi. Вось i даводзiлася лавiраваць, шукаць саюзнiкаў, пазбягаць ворагаў. I галоўнага ворага - нямецкага ордэна мечаносцаў. Iх цэнтр быў у Рызе, а замкi - па ўсёй Прыбалтыцы.
З хмызняку выйшла Клеапатра i ўпэўнена накiравалася да царквы, вiдаць, спадзявалася схавацца. Убачыўшы людзей, яна панурылася.
- Давайце адыдзем, - сказала Ганна. - У нас цэлая царква на дваiх.
- Правiльна, - пагадзiўся Кiн. - Яна здагадаецца? Кабыла здагадалася. Кiн i Ганна селi на камень у дальнiм кутку, а Клепа ветлiва спынiлася каля ўвахода, здрыгваючыся ўсёй сваёй скурай, каб абтрэсцi ваду. Пасярод царквы, куды цяпер лiўся з дзiравага купала нешырокi вадаспад, цёмная пляма вады ператварылася ў лужыну, якая, як чарнiльная пляма, выпускала шчупальцы. Адзiн ручаёк дабраўся да Ганнiных ног.
- А вам не страшна? - спыталася яна. - Размаўляць з выкапнёвай жанчынай?
- Зноў? Зрэшты, не, не страшна. Я прывык. - А хто з генiяў жыве ў вас?
- Вы iх не ведаеце. Гэта невядомыя генii.
- Мёртвыя душы?
- Мiлая мая, падумайце добра. Генiй - паняцце статыстычнае. У гiсторыi чалавецтва яны з'яўляюцца рэгулярна, хоць i рэдка. Але яшчэ дзвесце гадоў назад сярэдняя працягласць жыцця была не больш за трыццаць гадоў нават у самых развiтых краiнах. Большасць дзяцей памiрала ў маленстве. Памiралi i будучыя генii. Эпiдэмii спусташалi цэлыя кантынент.ы - памiралi i генii. Грамадскi лад аддаваў на пагiбель людзей, што мелi няшчасце нарадзiцца з рабскiм ашыйнiкам, асуджаў на такое iснаванне, што генiй не мог паказаць сябе... У войнах, у эпiдамiях, у масавых забойствах, у турмах генii гiнулi часцей, чым звычайныя людзi. Яны адрознiвалiся ад звычайных людзей, а гэта было небяспечна. Генii станавiлiся ерэтыкамi, бунтарамi... Генiй - вельмi кволае стварэнне прыроды. Яго трэба берагчы i шанаваць. Аднак нiхто гэтым не займаўся. Нават прызнаны генiй не быў застрахаваны ад заўчаснай смерцi. Звыкла гаварыць пра генiяльнасць Пушкiна. На паводзiны Дантэса гэтае меркаванне нiякiм чынам не ўплывала.
- Я ведаю, - сказала Ганна. - Нават сябры Пушкiна Карамзiны асуджалi яго. Шмат хто лiчыў, што Дантэс меў рацыю.
Клепа падышла блiжэй, таму што падзьмуў вецер i стрэлы дажджу паляцелi ў расчыненыя дзверы. Клепа нервова варушыла ноздрамi. Раптам загрымела, потым яшчэ i яшчэ. Ганна ўбачыла, як праём купала ярка высвецiўся маланкай. Кiн таксама паглядзеў уверх.
- Але чаму вы тады не выкрадаеце генiяў у маленстве?
- А як можна здагадацца, што дзiця генiяльнае? Яно ж павiнна паказаць сябе. I паказаць так, каб мы маглi адважыцца на экспедыцыю ў мiнулае, а такая экспедыцыя патрабуе столькi энергii, колькi сёння выпрацоўваюць усе электрастанцыi Зямлi за год. А гэта не так ужо мала. Нават для нас.
Кабыла, стрыгучы вушамi, пераступала з нагi на нагу. Маланка ўрэзалася ў траву перад самым уваходам. Царква будавалася трывала.
- Не, - прамармытаў Кiн, - мы яшчэ шмат чаго не можам.
- Значыць, атрымлiваецца зачараванае кола. Генiй павiнен быць невядомы.
I ў той жа час паспець ужо нешта зрабiць.
- Бывалi сумнiцельныя здарэннi. Калi мы былi амаль упэўненыя, што ў мiнулым жыў вялiкi розум, i можна было б яго дастаць, але... ёсць няўпэўненасць. А часам мы ведаем дакладна, але вiток не адпавядае. I нiчога не зробiш.
- Тады вы звяртаецеся ў будучыню?
- Не, у нас няма сувязi з наступным вiтком.
- Там што-небудзь здарыцца?
- Не ведаю. Там бар'ер. Штучны бар'ер.
- Напэўна, нехта штосьцi натварыў.
- Можа быць. Не ведаю.
8
Ганна раптам расхвалявалася. Здавалася б, што табе да таго, што здарыцца праз тысячу гадоў? Бо ёй нiколi не даведацца, што там адбылося...
Вецер сцiх, дождж лiў цiха-мiрна, як бы выконваючы свой абавязак.
- А ў наш час, - спыталася Ганна, - ёсць кандыдатуры?
- Вядома, - сказаў Кiн. Вiдаць, не падумаўшы, што робiць, ён правёў у паветры рукою, i ручаёк, што падабраўся да Ганнiных ног, спынiўся, нiбыта натрапiў на шкляную запруду. - Дваццатае стагоддзе, мiлая Ганна, - таксама забойца, як i iншыя стагоддзi. Калi хочаце, я вам зачытаю некалькi кароткiх даведак. Па некаторых з iх мы не рашылiся прымаць меры...
"А па якiх?" - хацела спытацца Ганна. Але змаўчала. Верагодна, ён не адкажа. I правiльна зробiць.
- Гэта толькi сухiя звесткi. Зразумела, у перакладзе на вашу мову...
- Па-мойму, вы размаўляеце на мове дваццатага стагоддзя. А... рознiца вялiкая?
- Не, не настолькi, каб зусiм не зразумець. Аднак шмат новых слоў. Ды мова больш лаканiчная. Мы жывём хутчэй. Але калi трапляем у мiнулае, мы мову сваю забываем. Так зручней. Хочаце пачуць пра генiяў, якiх няма?
- Хачу.
Кiн коратка ўздыхнуў i загаварыў, гледзячы сабе пад ногi. Голас яго змянiўся, стаў сушэйшы. Кiн чытаў тэкст, не бачны яго слухачцы. Дождж iмжэў у такт яго голасу.
- "Справа 12-а-56. Маўн Маўн Ко. Нарадзiўся 18 траўня 1889 года ў вёсцы Швезандаўн на поўнач ад горада Пегу ў Бiрме. У шасцiгадовым узросце быў прыняты ў манастырскую школу, дзе дзiвiў манахаў сваiм уменнем завучваць главы з Цiлiтакi. Ужо да дзесяцi гадоў ведаў на памяць увесь канон Хiнаяны, i яго як дзiця, адзначанага Кармой, вазiлi ў Мандалай, дзе з iм гутарыў сам татанабайн i падарыў яму парасон i гаршчок на мiласцiну. У Мандалаi ён натрапiў на кнiгу аб хрысцiянстве, i шляхам параўнання рэлiгiйных сiстэм i на аснове размоваў з вучонымi-мусульманамi хлопчык стварыў фiласофскую сiстэму, у якой выкарыстаў першаасновы дыялектыкi, блiзкай да гегелеўскай. Быў пакараны зняволеннем у келлi. У 1901 годзе ўцёк з манастыра i дабраўся да Рангуна, спадзеючыся пераканаць у сваёй невiнаватасцi ангельскага бiскупа Эндру Джонсана. Да бiскупа хлопчыка не пусцiлi, але некалькi дзён ён пражыў у доме мiсiянера Г.Стоўнуэла, якi быў уражаны тым, што бiрманскi абарванец на вулiцы чытае на памяць Евангелле на ангельскай мове. Мiсiянер паказваў хлопчыка сваiм сябрам i пакiнуў у дзённiку запiс пра тое, што Маўн Маўн Ко свабодна валодае некалькiмi мовамi. Спробы Маўн Маўн Ко давесцi мiсiянеру сваю тэорыю не мелi поспеху, таму што мiсiянер вырашыў, што хлопчык пераказвае крамольную кнiжку. На чацверты дзень, нягледзячы на тое, што хлопчыка ў доме мiсiянера кармiлi, Маўн Маўн Ко ўцёк. Яго труп з прыкметамi моцнага знясiлення, з колатымi ранамi на грудзях быў знойдзены партовым палiцэйскiм А.Банерджы 6 студзеня 1902 каля склада № 16. Прычына смерцi невядомая".
Кiн змоўк. Быццам яго выключылi. Потым паглядзеў на Ганну. Дождж яшчэ церушыў. Кабыла стаяла каля дзвярэй.
- Тут мы былi ўпэўненыя, - сказаў Кiн. - Аднак спазнiлiся.
- Чаму ж нiхто яго не зразумеў?
- Дзiўна яшчэ, як ён дабраўся да таго мiсiянера, - сказаў Кiн. Пачытаць яшчэ?
- Калi ласка.
- "Справа 23-ов-76. Касабурд Мордка Лейбавiч. Нарадзiўся 23 кастрычнiка 1900 года ў г. Лiпавец Кiеўскай губернi. Навучыўся размаўляць i спяваць у 8 месяцаў. 4 студзеня 1904 года цётка Шэйна падарыла яму скрыпку, якая засталася ад мужа. На той час у памяцi дзiцяцi жылi ўсе мелодыi, пачутыя дома i ў Кiеве, куды яго два разы вазiлi бацькi. Аднаго разу хлопчык даваў канцэрт у доме маршалка дваранства камер-юнкера Паўла Мiхайлавiча Гудзiм-Ляўковiча. Пасля гэтага канцэрта, на якiм Мордка выконваў, у прыватнасцi, свой твор, павятовы лекар д-р Калядка падарыў хлопчыку тры рублi. Улетку 1905 года аптэкар С.Я.Сайферцiс, спiсаўшыся са знаёмымi ў Пецярбурзе, прадаў сваё прадпрыемства, бо, з яго слоў, бог спадобiў яго ўбачыць дзiва i даручыў клапацiцца аб iм. На вакзал праводзiлi ўсе суседзi. Скрыпку нёс Сайферцiс, а хлопчык - баул з цацкамi, прысмакамi ў дарогу i нотнай паперай, на якой сам запiсаў першую частку канцэрта для скрыпкi. На рагу Вiннiцкай i Мiкалаеўскай вулiц праважатыя сустрэлiся з шэсцем сябраў саюза Мiхаiла Архангела. Адбылася ненаўмысная сутычка, праважатыя спалохалiся за хлопчыка i хацелi яго схаваць. Цётцы Шэйне ўдалося занесцi яго ў суседнi двор, але ён вырваўся i з крыкам: "Мая скрыпка!" выбег на вулiцу. Хлопчык быў забiты ўдарам бота былога падаткавага iнспектара Нiкiфара Быкава. Смерць была iмгненная". Яшчэ? - спытаў Кiн.
Не дачакаўшыся адказу, ён прадоўжыў:
- "Справа 22-5а-4. Алiхманава Салiма. Нарадзiлася ў 1905 годзе ў г. Хiве. За прыгажосць i бялюткасць твару была ўзята ў гарэм Алiм-хана Кутайсы, блiзкай асобы апошняга хана Хiвiнскага. У 1919 годзе нарадзiла мёртвае дзiця. Не валодаючы яшчэ граматай, прыйшла да вываду пра бясконцасць i шматмернасць Сусвету. Самастойна навучылася чытаць, пiсаць i лiчыць, вынайшла таблiцу лагарыфмаў. Iнтуiтыўна выкарыстоўвала здольнасць прадбачання некаторых падзей. У прыватнасцi, прадказала землетрасенне 1920 года, растлумачыўшы яго цiскам у зямной кары. Гэтым прадказаннем выклiкала незадаволенасць у духавенстве Хiвы, i толькi каханне мужа выратавала Салiму ад пакарання. Прагна iмкнулася да ведаў. Убачыўшы ў доме выпадковую ташкенцкую газету, навучылася чытаць па-расейску. У жнiўнi 1924 года ўцякла з дому, пераплыла Амудар'ю i паступiла ў школу ў Турткуле. На здольнасцi дзяўчыны звярнула ўвагу расейская настаўнiца Галiна Кранава, якая займалася з ёю алгебрай. За некалькi тыдняў Салiма засвоiла курс сямiгадовай школы. Было вырашана, што пасля кастрычнiцкiх святаў Галiна завязе дзяўчынку ў Ташкент, каб паказаць спецыялiстам. У час дэманстрацыi 7 лiстапада ў Турткуле Салiма iшла ў групе жанчын якiя знялi паранджу i была апазнана родзiчамi Алiм-хана. Ноччу была выкрадзена са школы i задушана ў Хiве 18 лiстапада 1924 года".
- Даволi, - сказала Ганна. - Вялiкi дзякуй. Хопiць.
9
На дварэ сцямнела. Невялiчкi квадрат акенца, якое выходзiла з халоднага пакоя ў сад, быў густа-сiнi, i ў iм умудрылася памясцiцца поўня. Цесны, загрувашчаны прыборамi пакой напаўняла гудзенне, якое здавалася Ганне голасам часу - фiзiчна адчувальнай нiццю, па якой беглi хвiлiны.
Жуль наладжваў устаноўку, зрэдку выходзячы на сувязь са сваiм часам, выкарыстоўваючы для гэтага круглы блакiтны экран, на якiм дрыжалi ўзоры жоўтых i белых кропак, а Кiн наладжваў здымачную апаратуру.
Чорны шар, што вiсеў над Жулевай галавою, пачаў павольна круцiцца. Ён быў падобны на вялiзны надзiмны шар.
- Зараз, Ганна, вы атрымаеце магчымасць зазiрнуць у трынаццатае стагоддзе, - сказаў Кiн.
Яе ахапiла казытлiвае дзiцячае пачуццё чакання тэатра. Вось-вось расхiнецца занавес, i пачнецца дзея...
Замiльгацеў жоўтымi i белымi агеньчыкамi круглы экран сувязi. Жуль нахiлiўся да яго i пачаў хутка вадзiць перад iм пальцамi, нiбыта размаўляў з глуханямымi. Агнi на экранчыку застылi.
Гудзенне часу запаўняла ўсю хату, яно было такое гучнае, што Ганне здавалася: зараз яго пачуе вёска. I тут у шары паплылi нейкiя каляровыя плямы, было такое ўражанне, быццам глядзiш на рэчку праз круглы iлюмiнатар парахода.
Кiн скрыпнуў табурэцiкам. Рукi яго былi ў чорных пальчатках амаль да локцяў.Ён дакрануўся да канта скрынкi, над якою вiсеў шар, i пальцы яго пагрузiлiся ў цвёрды метал.
- Паехалi, - сказаў Кiн.
Каляровыя плямы пабеглi хутчэй, яны сплывалi на край iлюмiнатара i знiкалi. Тут жа штосьцi рэзка пстрыкнула. Быццам нехта правёў рукою па запацелым шкле iлюмiнатара, i выява ў шары набыла выразныя формы i межы. Гэта было зялёнае поле, акружанае бярозкамi.
Шарам кiраваў Кiн. Рукi ў чорных пальчатках былi схаваны ў стале, ён сядзеў напружана, як за рулём.
Адлюстраванне ў шары рэзка пайшло ўбок, бярозы нахiлiлiся, як у моднай кiнастужцы.
Ганна на iмгненне зажмурылася. Гай на экране знiк, паказаўся круты схiл пагорка з драўляным тынам наверсе, шырокая разбiтая дарога i, нарэшце, штосьцi знаёмае - рэчка Вятла. За ёю густы яловы лес.
I тут жа Ганна ўбачыла сваю хату. Яна стаяла ў шэрагу iншых, на гэтым баку ручая. Хоць яе хутчэй можна было назваць халупаю - прыземiстай, слепаватай, пад саламянай страхой. Затое ручай быў значна шырэйшы, над iм схiлялiся вербы, дарога перасякала яго па драўляным мосце, каля якога стаялi некалькi коннiкаў.
- Я стабiлiзуюся, - сказаў Жуль.
- Гэта трынаццатае стагоддзе? - спыталася Ганна.
- Дванаццатага чэрвеня.
- Вы ўпэўненыя?
- У нас няма альтэрнатывы.
- А там, ля ручая, людзi.
- Божыя дваране, - сказаў Кiн.
- Цi бачаць яны наш шар?
- Не, яны нас не бачаць.
- А ў хатах хто жыве?
- Цяпер нiхто. Людзi пайшлi ў крэпасць. Горад асаджаны.
Кiн павярнуў шар, i Ганна ўбачыла, што за ручаём, там, дзе павiнна пачынацца вёска, а цяпер быў узлесак, стаялi шалашы i шатры. Памiж iмi гарэлi вогнiшчы, хадзiлi людзi.
- Хто гэта? Ворагi? - спыталася Ганна.
- Так, гэта мечаносцы, ордэн святой Марыi, божыя дваране.
- Гэта яны захопяць горад?
- У ноч напаслязаўтра. Жуль, ты гатовы?
- Можна пачынаць.
Шар узняўся i паляцеў у бок ручая. Ганна заўважыла высокае драўлянае збудаванне, якое стаяла ў пакатай лагчыне на паўдарозе мiж схiлам пагорка i ручаём, дзе яна блукала ўсяго дзве гадзiны таму. Збудаванне гэта нагадвала ёй геадэзiчны знак - драўляную шкалу, якiя часам сустракаюцца ў полi.
- Бачылi? - спыталася Ганна.
- Асадная вежа, - сказаў Кiн.
Шар апусцiўся на стан рыцараў.
Там абедалi. Таму iх не было вiдаць. Рыцары мелi шыкоўны выгляд, яны былi падобныя на тых, што змагаюцца на турнiрах i здымаюцца ў фiльмах. Сядзелi ў сваiх
шатрах i не ведалi, што да iх завiталi наведвальнiкi з будучынi. Народ жа, якi ўплятаў сякую-такую спажыву на свежым паветры, нiякiх кiнематаграфiчных эмоцый не выклiкаў. Гэта былi дрэнна адзетыя людзi ў суконных i скураных кашулях i портах, некаторыя з iх былi босыя. Яны былi падобныя на бедных сялян з недалёкага мiнулага.
- Паглядзiце, а вось i рыцар, - сказаў Кiн, скiраваўшы шар на адзiн з шатроў. На брудным вынашаным палатне шатра былi нашытыя чырвоныя мячы з матэрыi. З шатра выйшаў чалавек, адзеты ў грубы свiтэр да каленяў. Вязаная шапка шчыльна аблягала галаву, пакiдаючы адкрытым авал твару, i спадала на плечы. На нагах - вязаныя панчохi. Свiтэр быў падпяразаны чорнаю папругаю, на якой вiсеў доўгi прамы меч у скураных ножнах.
- Горача яму, напэўна, - сказала Ганна i ўжо зразумела, што рыцар не ў свiтэры - гэта кальчуга, мелкая кальчуга. Рыцар узняў руку ў кальчужнай пальчатцы, i каля вогнiшча ўстаў барадаты мужык у скураной куртцы, кароткай спаднiцы i ў лапцях, прымацаваных паскамi да лытак. Ён не спяшаючыся падышоў да конавязi i пачаў адвязваць каня.
- Пайшлi ў горад? - спытаўся Жуль.
- Пайшлi, - сказаў Кiн. - Ганна расчаравана. Рыцары павiнны быць з пёрамi, у блiскучых латах...
- Не ведаю, - сказала Ганна. - Усё тут не гэтак.
- Калi б мы прыйшлi на гадоў дзвесце пазней, то вы б усё пабачылi. Росквiт рыцарства яшчэ наперадзе.
Шар узнiмаўся па-над схiлам, праляцеў непадалёку ад асаднай вежы, каля якой капашылiся людзi ў паўкруглых шлемах i скураных куртках.
- У атрадзе, па маiх падлiках, - сказаў Кiн, - каля дзесятка божых братоў, з паўсотнi прыслугi i сотнi чатыры нямецкiх ратнiкаў.
- Чатырыста дваццаць. А там, за хвойнiкам, - сказаў Жуль, - саюзны атрад. Па-мойму, леты. Каля ста пяцiдзесяцi.
- Дзесяць братоў? - спыталася Ганна.
- Божы брат - гэта паўнапраўны рыцар, рэдкая птушка. У кожнага свой атрад.
Шар узняўся ўверх, праляцеў над шырокiм неглыбокiм ровам, у якiм не было вады. Дарога перапынялася каля рова, а мост цераз яго быў разабраны. Але, вiдаць, яго не паспелi вынесцi - некалькi бярвенняў ляжала каля вала. На вале, парослым травою, высiлася сцяна з тарчма пастаўленых бярвенняў. Дзве высокiя вежы з пляцоўкамi наверсе ўзвышалiся з абодвух бакоў абабiтых жалезнымi палосамi варотаў, якiя былi зачыненыя. На пляцоўках стаялi людзi.
Шар падняўся на вышыню пляцоўкi i завiс. Потым павольна пачаў рухацца ўздоўж пляцовак. I Ганна магла зблiзку разгледзець людзей, якiя жылi ў яе краях семсот гадоў назад.
10
На вежавай пляцоўцы таксама ўсё было няправiльна. Там павiнны былi стаяць суровыя воiны ў высокiх русiнскiх шлемах, iх чырвоныя шчыты павiнны былi грозна зiхацець на сонцы. А на самой справе публiка на вежах Замошша вяла сябе так, як на стадыёне. Людзi не жадалi зразумець усёй сур'ёзнасцi становiшча, у якiм апынулiся. Яны перамаўлялiся, смяялiся, размахвалi рукамi, разглядалi асадную вежу. Круглатварая маладзiца з дзiцем на руках балбатала штосьцi з проставалосай старою, потым развязала на грудзях тасёмку сваёй прасторнай, у складках, шэрай сукенкi з вышыўкай на каўняры i стала кармiць грудзьмi немаўля. Яшчэ адно дзiця, годзiкаў сямi, сядзела на плечуку ў манаха, якi быў у чорным клабуку, i дубасiла старога па галаве драўляным мячом. Побач з манахам стаяў каранасты мужчына ў футравай куртцы, накiнутай на голае цела, з доўгiмi, да плячэй, валасамi, сцятымi аборкаю.Ён смачна ўплятаў лусту чорнага хлеба.
Раптам у натоўпе заварушылiся. Быццам на людзей напiралi ззаду ўладальнiкi бiлетаў на занятыя ў першым радзе месцы. Натоўп неахвотна раздаўся.
Паказалiся два воiны, першыя сапраўдныя воiны, якiх убачыла Ганна. Яны, праўда, не дужа адпавядалi звыкламу аблiччу дружыннiкаў з падручнiка. На iх былi чорныя плашчы, якiя прыкрывалi цьмяна блiскучыя кальчугi, i высокiя чырвоныя каўпакi, аблямаваныя бурым футрам. Воiны былi смуглыя, чарнавокiя, з доўгiмi абвiслымi вусамi. У руках трымалi кароткiя дзiды.
- Хто гэта такiя? - прашаптала Ганна, нiбыта баючыся, што яны яе пачуюць.
- Полаўцы, - сказаў Жуль. - Або берандзеi.
- Не, - запярэчыў Кiн. - Я думаю, што яцвягi.
- Самi не ведаеце, - сказала Ганна. - Дарэчы, Берандзей - асоба не гiстарычная, гэта казачны цар.
- Берандзеi - народ, - сказаў Жуль строга. - Гэта праходзяць ушколе.
Спрэчка тут жа зацiхла, бо яцвягi вызвалiлi месца для знатных гледачоў. А знатныя гледачы выклiкалi асаблiвую цiкавасць.
Спачатку да поручняў выйшла пажылая панi, велiчная на выгляд, у сiняй сукенцы, белай хустцы, з белым, моцна напудраным тварам. Над вачыма былi груба нафарбаваныя высокiя бровы, на шчоках, нiбы бураком, намаляваныя круглыя плямы. Каля яе з'явiўся мужчына сярэднiх гадоў з доўгiм, сумным, але разумным тварам. Ён быў багата адзеты. На зялёны кафтан накiнуты кароткi сiнi плашч-карзно з залатым шлякам i спражкай з золата на левым плечуку ў выглядзе львiнай мызы. На галаве ў яго сядзела насунутая на лоб невысокая шапка з футра, хоць было зусiм не холадна. Ганна вырашыла, што гэта i ёсць князь. Памiж iмi праслiзнуў нейкi дзiўны хлапчук з сярдзiтым, знявечаным тварам. Ён паклаў падбародак на поручнi. У хлапчука на правым воку было бяльмо i на адной руцэ, якой ён учапiўся за брус, не хапала двух пальцаў.
Потым з'явiлiся яшчэ двое. Гэтыя Ганне спадабалiся.
Яны ўвайшлi адначасова i спынiлiся за спiнамi велiчнай панi i князя, але паколькi абое былi высокiя, то Ганна магла iх разгледзець. Мужчына быў параўнальна малады, гадоў трыццацi. Ён быў вельмi прывабны на выгляд, зразумела, калi вы не маеце нiчога супраць вогненна-рыжых прыгажуноў з белым, трошкi пакрэпленым вяснушкамi тварам i зялёнымi вачыма. З-пад чырвонага плашча вiднелася кальчуга. Ганне надта захацелася, каб прыгажуна звалi Раманам, пра гэта яна тут жа сказала Кiну, але той толькi хмыкнуў i сказаў штосьцi аб вынiках эмацыянальнага падыходу да гiсторыi. Поруч з зеленавокiм прыгажуном стаяла дзяўчына, кагосьцi нагадваючы Ганне. Дзяўчына была высокая... зграбная - усё ў яе мела тонкi, гатычны выгляд. Пукаты чысты лоб перасякала павязка, упрыгожаная залатым абручом, такая самая бiрузовая хустка шчыльна аблягала галаву i звiсала на шыю. Тонкiмi пальцамi яна прытрымлiвала свабодны шырокi плашч, быццам ёй было зябка. Рыжы прыгажун гаварыў ёй штосьцi, але дзяўчына не адказвала, яна глядзела на поле перад крэпасцю.
- Недзе я яе бачыла, - вымавiла Ганна. - Але дзе? Не памятаю.
- Не ведаю, - сказаў Кiн.
- У люстэрку. Яна дужа падобная на вас, - сказаў Жуль.
- Дзякую за камплiмент.
Яшчэ адзiн чалавек уцiснуўся ў гэты гурт. Ён быў адзеты амаль гэтаксама, як i смуглыя воiны, можа, толькi багацей. На грудзях у яго была прышпiлена вялiкая сярэбраная брошка.
- Ну як, Жуль, сёння iх пачуем? - спытаўся Кiн.
- Што я магу зрабiць? Гэта ж заўсёды так бывае! Ганна падумала, сам факт тэхнiчных непаладак неяк яднае яе з далёкай будучыняй. Але гаварыць пра гэта нашчадкам не варта.
Раптам хлапчук каля бар'ера штосьцi крыкнуў, велiчная панi ахнула, рыжы прыгажун нахмурыўся. Знадворку нешта адбылося.
11
Кiн развярнуў шар.
З лесу, з далёкага боку ад ракi, мiрна выйшаў статак кароў, якiх гналi да горада тры пастухi ў шэрых портках i доўгiх, да каленяў, кашулях. Чамусьцi пастухi не ведалi, што рыцары ўжо побач. Iх адначасова заўважылi з крапасной сцяны i з боку ручая. Яны замiтусiлiся, падганяючы кароў, а каровы нiяк не маглi ўцямiць, куды i чаму iм трэба спяшацца, статак збiўся ў кучу, i пастухi бязлiтасна хвасталi няшчасную скацiну пугамi.
У рыцарскiм стане таксама панавала сумятня, божым дваранам вельмi хацелася перахапiць статак. Але конi мечаносцаў былi рассядланы, i таму да ручая пабеглi пехацiнцы, размахваючы мячамi i сякеркамi. Гуку не было, але Ганна ўявiла сабе, якi гоман стаiць над схiлам пагорка. Кiн павярнуў шар да сцяны горада. Народ на вежах раздаўся ў бакi, саступiўшы месца лучнiкам. Рыжага прыгажуна не было вiдаць, даўгатвары князь быў такi змрочны, што Ганна падумала: ён баiцца, як бы ў час асады яго народ не астаўся без малака.
Лучнiкi стралялi па ратнiках, якiя беглi ад ручая i ад асаднай вежы, але большасць стрэл не далятала, хоць адна з iх трапiла ў карову. Тая раптам вырвалася з чарады i панеслася, падбрыкваючы, па лузе. Апераная страла пагойдвалася ў яе ў карку, нiбыта бандэрылля ў быка ў час карыды.
Тым часам рыцары дабеглi да пастухоў. Усё адбылося так хутка, што Ганна ледзь была не папрасiла Кiна пракруцiць сцэну яшчэ раз. Адзiн з пастухоў упаў на зямлю i не варушыўся. Другi - павiс на мажным ратнiку, алеяшчэ адзiн немец круцiўся вакол яго, падымаючы сякеру, i не мог ударыць - баяўся пакалечыць таварыша. Трэцi пастух бег да варотаў, i за iм гналiся адразу ажно чалавек дзесяць. Ён дабег да рова, скочыў унiз. Немцы - за iм. Ганна бачыла, як у адчаi - толькi тут да яе дакацiўся той адчай, якi гнаў пастуха, - маленькая фiгурка караскалася, распластаўшыся на спадзiстым схiле рова, каб выбрацца да сцяны, а ратнiкi ўжо дацягвалiся да яго.
Раптам адзiн з праследвальнiкаў рухнуў на дно рова. Аднак гэта не спынiла астатнiх. Стрэлы ўпiвалiся ў траву, адляталi ад кальчуг, яшчэ адзiн рыцар апусцiўся на каленi, прыцiскаючы далоняю рану ў руцэ. I тут пярэднi кнехт дагнаў пастуха i секануў яму па назе. Боль - Ганна адчула яго так, быццам секанулi яе, - вымусiў пастуха скочыць наперад i на карачках кiнуцца да сцяны. Яркая чырвоная кроў лiлася з рассечанай раны, пакiдаючы след, па якiм, нiбы ваўкi, паўзлi праследвальнiкi.
- Адчынiце вароты! - закрычала Ганна.
Жуль здрыгануўся.
Яшчэ адзiн рыцар упаў, спрабуючы вырваць з грудзей стралу, i, як бы паслухаўшыся Ганну, вароты пачалi павольна расчыняцца. Але пастуху было ўсё роўна, бо ён зноў павалiўся каля варотаў, i, дагнаўшы яго, кнехт усадзiў яму ў спiну баявую сякеру i тут жа сам рухнуў побач, таму што хiба з пяць стрэлаў працялi яго, прыкалоўшы да зямлi, як жука.
У расчыненых варотах узнiкла iмгненная таўкатня - лёгкiя коннiкi ў чорных портках, фастрыгаваных куртках i чырвоных каўпаках з шаблямi ў руках замiналi адзiн аднаму, спяшаючыся выехаць.
- Ну вось, - сказала Ганна, - маглi бы на дзве хвiлiны выскачыць раней. Статак жа яны вернуць, а пастухоў ужо забiлi.
Пастух ляжаў нiцма ў лужыне крывi, якая хутка цямнела, i конi пераскоквалi цераз яго. Услед за яцвягамi, толькi марудней, выехалi яшчэ некалькi воiнаў, на якiх былi кальчугi са стальнымi пласцiнамi на грудзях i канiчныя жалезныя шлемы з прываранымi спераду стальнымi палосамi, якiя прыкрывалi нос. Ганна адразу пазнала сярод коннiкаў рыжага прыгажуна.
- Глядзiце, - сказала яна. - Калi ён зараз загiне... Кiн скiраваў шар унiз, блiжэй да коннiкаў. Чамусьцi, калi з варотаў выскачылi яцвягi, Ганна вырашыла, што абаронцы крэпасцi ўжо перамаглi. Мабыць, таму, што не магла пазбавiцца ад падсвядомай упэўненасцi, што глядзiць кiно. А ў кiно пасля шэрага драматычных цi нават трагiчных падзей абавязкава з'яўляюцца нашыя на тачанках або на танках. Пасля гэтага вораг, залiзваючы раны, адкочваецца ў сваё логава.
Статак у гэты момант аддалiўся ад сцен. Тыя ратнiкi, што не сталi гнацца за пастухом, умела накiроўвалi яго да ручая, азiраючыся на крэпасць, - ведалi, што русiны аддаваць статак не захочуць. Насустрач iм да ручая спускалiся рыцары.
Яцвягi, нiбы не адчуваючы небяспекi, закруцiлiся вакол напалоханых кароў, бiлiся з загоншчыкамi, i калi на iх напалi цяжка ўзброеныя рыцары, адразу лёгка i неяк весела адышлi назад да крэпасцi, насустрач дружыннiкам. Немцы гналiся за iмi, i Ганна зразумела, што статак страчаны.
Але рыжы воiн i дружыннiкi меркавалi iнакш. Захоплiваючы сустрэчных яцвягаў, як магнiт захоплiвае металiчнае пiлавiнне, яны скацiлiся да рыцарскага атрада i злiлiся з мечаносцамi ў густую шчыльную масу.
- Калi б статка не было, - заўважыў раптам Кiн, вяртаючы Ганну ў змрок пакоя, - рыцарам трэба было яго прыдумаць.
На гэты момант Ганна не бачыла сэнсу бою, яго логiкi - быццам яе ўвагi хапiла толькi на асобныя фрагменты, бляск мяча, разяўлены ад болю рот коннiка, раздзьмутыя ноздры каня... Рыжы прыгажун узнiмаў меч дзвюма рукамi, нiбы калоў дровы, i Ганне былi вiдаць iскры ад удару аб трохвугольны белы з чырвоным крыжам шчыт магутнага рыцара ў белым плашчы. Ганна ўбачыла канец дзiды, якая ўдарыла рыжага ў бок, i ён пачаў павольна, не выпускаючы мяча, валiцца з каня.
- Ой! - Ганна прыўстала: яшчэ iмгненне - i рыжы загiне.
Штосьцi чорнае мiльганула побач, i рыцар ударыў па чорным кафтане яцвяга, якi закрываў сабою вiцязя, а той, прыгнуўшыся да высокай лукi сядла, скакаў у накiрунку крэпасцi.
- Усё, - сказаў Жуль, - праверка апаратуры. Перапынак.
- Добра, - пагадзiўся Кiн. - А нам варта асэнсаваць убачанае.
Шар пачаў тухнуць. Кiн выпрастаў рукi. Стомлена, нiбы сам змагаўся на беразе ручая, зняў пальчаткi i кiнуў на ложак. Апошняе, што паказаў шар, гэта былi вароты, якiя зачынялiся, i каля iх ляжалi пастух i яго забойца, ляжалi побач, мiрна, быццам вырашылi адпачыць на зялёным схiле пагорка.
12
У пакоi было душна. Квадрацiк акенца пачарнеў. Ганна паднялася з табурэцiка.
- I нiхто не прыйдзе iм на дапамогу? - спыталася яна.
- Русiнскiм князям не да маленькага Замошша. Русь раздробленая, кожны сам за сябе. Нават полацкi князь, якому фармальна падпарадкоўваецца гэтая зямля, i той вельмi заняты сваiмi праблемамi.
Кiн адкрыў з боку шара шасцiкантовую адтулiну i засунуў руку ў яго чэрава, якое мiгцела зялёным святлом.
- Гэта быў дзiўны свет, - сказаў ён. - Няўстойлiвы, але па-свойму гарманiчны. Тут жылi жамойты, леты, самагiты, эсты, русiны, лiвы, яцвягi, семiгалы... Некаторыя з iх даўно знiклi, а некаторыя жывуць тут i да гэтага часу. Русiнскiя князi па Даўгаве - Заходняй Дзвiне збiралi данiну з навакольных плямёнаў, ваявалi з iмi, часта раднiлiся з жамойтамi i лiвамi... I невядома, як бы склаўся далейшы лёс Прыбалтыкi, калi б тут, у вусцi Даўгавы, не высадзiлiся нямецкiя мiсiянеры, за якiмi прыйшлi рыцары. У 1201 годзе энергiчны епiскап Альберт заснаваў горад Рыгу, узнiк ордэн святой Марыi, або мечаносцаў, што планамерна заваёўваў плямёны i народы, хрысцiў паганцаў - хто не хацеў хрысцiцца, гiнуў, хто згаджаўся, станавiўся рабом. Усе вельмi проста...
- А русiнскiя гарады?
- А русiнскiя гарады - Кукейнас, Герсiке, Замошша, потым Юр'еў - адзiн за адным былi ўзяты немцамi. Яны не змаглi аб'яднацца. Толькi лiтоўцы ўстаялi. Менавiта ў гэтыя гады яны стварылi адзiную дзяржаву. А праз некалькi гадоў на Русi з'явiлiся манголы. Раздробленасць яе аказалася пагiбельнай.
Кiн выняў з шара жменю шарыкаў памерам з валоскi арэх.
- Хадзем у вялiкi пакой, - сказаў ён. - Мы тут замiнаем Жулю. Да таго ж паветра на траiх не хапае.
У вялiкiм пакоi было халадней i прасторней. Ганна зашмаргнула выцвiлыя фiранкi. Кiн запалiў сваю лямпу. Жменя шарыкаў раскацiлася па абрусе.
- Вось i нашыя падазроныя, - сказаў Кiн. Ён падняў першы шарык, крыху сцiснуў яго пальцамi, шарык луснуў i разгарнуўся ў гладкую пругкую пласцiнку - партрэт пажылой панi з набеленым тварам i чорнымi бровамi.
- Хто ж яна? - спытаўся Кiн, кладучы партрэт на стол.
- Княгiня, - хуценька вымавiла Ганна.
- Не спяшайцеся, - усмiхнуўся Кiн. - Няма нiчога больш небяспечнага ў гiсторыi, чым вiдавочныя хады. Кiн адклаў убок партрэт i ўзяў другi шарык. Шарык ператварыўся ў выяву даўгатварага чалавека са сцятымi капрызнымi губамi i вельмi разумнымi стомленымi вачыма пад высокiм, з залысiнамi, iлбом.
- Я б сказала, што гэта князь, - у адказ на запытальны позiрк Кiна вымавiла Ганна.
- Чаму ж гэта?
- Ён прыйшоў першы, стаiць поруч з княгiняй i шыкоўна адзеты. Ды выгляд у яго горды.
- Усё суб'ектыўнае, другараднае.
Наступным аказаўся партрэт тонкай дзяўчыны ў сiнiм плашчы.
- Можна прапанаваць? - спыталася Ганна.
- Зразумела. Вазьмiце. Я здагадаўся. Кiн перадаў Ганне партрэт рыжага прыгажуна, i яна паклала яго побач з гатычнай дзяўчынай.
- Атрымлiваецца? - спыталася Ганна.
- Што атрымлiваецца?
- Наш Раман быў у заходнiх землях. Адтуль ён прывёз жонку.
- Значыць, вы ўпэўнены, што нам патрэбен гэты адважны воiн, якога ледзь былi не забiлi ў сутычцы?
- А чаму вучонаму нельга быць воiнам?
- Разумна. Але нiчога не даказвае.
Кiн адгарнуў далоняю партрэты i паклаў на вызваленае месца выяву аднавокага хлапчука. I тут Ганна зразумела, што гэта быў не хлапчук, а дарослы чалавек.
- Гэта карлiк?
- Карлiк.
- А што ён тут робiць? Таксама родзiч?
- А калi блазан?
- Ён занадта проста адзеты для гэтага. I сярдзiты. Блазан не павiнен быў весялiцца. Само пачварства было падставай для смеху.
- Добра, не буду спрачацца, - сказала Ганна. - Але мы ўсё роўна нiчога не ведаем.
- На жаль, пакуль што вы маеце рацыю, Ганна. Ганна зноў падсунула да сябе партрэт свайго ўлюбёнца: вогненныя кудзеркi, сакалiны позiрк, цэлы сажань у плячах, футравая шапка сцiснута ў нервовым магутным кулаку...
- Вядома, варыянт спакуслiвы, - сказаў Кiн.
- Вам не падабаецца, што ён прыгожы? Леанарда да Вiнчы таксама займаўся спортам, а Аляксандр Македонскi ўвогуле з каня не злазiў.
Партрэты ляжалi ў рад, зусiм жывыя, i цяжка было паверыць, што ўсе гэтыя людзi памерлi шмат соцень гадоў назад. "Хоць, - падумала Ганна, - я ж таксама памерла шмат соцень гадоў назад..."
- Можа быць, - пагадзiўся Кiн i выбраў са столiка два партрэты: князя ў сiнiм плашчы i рыжага прыгажуна.
- Калегi, - заглянуў у вялiкi пакой Жуль. - Прадаўжэнне будзе. У нас яшчэ паўгадзiны. А там нехта прыехаў.
13
Шар быў уключаны i скiраваны на рыцарскi стан у трынаццатае стагоддзе. Вечарэла. Неба над лесам стала бясколернае, на яго фоне лес быў амаль што чорны, i промнi перад захадам сонца, што павiсла над сцяной крэпасцi, высвечвалi на гэтым цьмяным занавесе постацi працэсii, якая выпаўзала на бераг.
Паперадзе ехалi конна некалькi рыцараў у белых i чырвоных плашчах, два манахi ў чорных, падаткнутых за пояс расах, за iмi восем стомленых насiльшчыкаў валаклi крытыя насiлкi. Потым з лесу паказалiся пехацiнцы i, нарэшце, дзiўная будынiна: шасцёрка быкоў цягнула драўляную платформу, на якой было замацавана нешта накшталт сталовай лыжкi для велiкана.
- Што гэта? - спыталася Ганна.
- Катапульта, - адказаў Кiн.
- А што ў насiлках?
У прыцемку было вiдаць, як Жуль пацiснуў плячыма.
Насiльшчыкi з палёгкаю апусцiлi сваю ношу на прыгорак, i наўкола сабраўся натоўп.
Моцныя пальцы схапiлi знутры за краi полага, рэзка тузанулi яго, i на зямлю выскачыў грузны пажылы мужчына ў расе бэзавага колеру i ў маленькай чорнай шапачцы. На грудзях у яго блiшчаў вялiкi сярэбраны крыж. Чырванашчокi круглы твар быў абведзены коратка падстрыжанаю чорнаю барадой. Рыцары акружылi мужчыну i павялi да шатра.
- Ёсць падазрэнне, - сказаў Кiн, - што да нас завiтаў яго праасвяшчэнства, епiскап рыжскi Альберт. Вялiкi гонар.
- Гэта начальнiк мечаносцаў? - спыталася Ганна.
- Фармальна - не. На самай справе - валадар нямецкай Прыбалтыкi. Значыць, да штурму Замошша ордэн ставiцца сур'ёзна.
Епiскап затрымаўся на схiле, прыставiў далонь казырком да вачэй i глядзеў на горад. Рыцары штосьцi тлумачылi яму. Насiльшчыкi, кiнуўшы паклажу, уселiся на траву.
Ратнiкi пагналi платформу з катапультай у бок моста цераз ручай. Ад групы рыцараў, якiя акружалi епiскапа, адлучыўся рыцар, той, што ледзь не забiў рыжага прыгажуна. За iм у чорнай сутане адзiн з наблiжаных епiскапа. Ратнiкi падвялi каня.
- Сцяг не забудзьцеся, брат Фрыдрых, - сказаў манах.
- Брат Тэадор возьме, - сказаў рыцар. Ратнiк дапамог рыцару сесцi ў сядло з высокай пярэдняй лукой. Левая рука ў рыцара рухалася незграбна, нiбыта пратэз, на правай пальчатка была кальчужная, на левай - жалезная.
- Пачакайце! - крыкнула Ганна. - Ён жа гаворыць! Вы наладзiлi гук?
Кiн усмiхнуўся.
- Ён па-расейску гаворыць.
- Не, па-нямецку. Мы ж не чуем. Тут iншы прынцып. Ведаеце, што бываюць глуханямыя, якiя па губах могуць здагадацца, пра што гаворыць чалавек?
- Ведаю.
- Наша прыстаўка прачытвае з губ. I перакладае.
Каля моста цераз ручай да рыцара далучыўся малады барадаты дваранiн у чырвоным плашчы з доўгiм, раздвоеным на канцы вымпелам, прымацаваным да дрэўка дзiды. Вымпел быў белы, а на iм - дзве чырвоныя вежы з варотамi, зверху - тыяра.
Рыцары паднялiся па схiле да горада, прытрымалi коней каля рова. Малады мечаносец узняў апраўлены ў серабро рог. Крэпасць маўчала.
Ганна сказала:
- Не люблю шматсерыйных пастановак, заўсёды час зацягваюць. - Згатуйце пакуль нам кавы, - сказаў Жуль. - Калi ласка.
Ганна не паспела адказаць, як вароты прачынiлiся, выпусцiўшы з крэпасцi двух коннiкаў. Паперадзе ехаў князь у сiнiм плашчы з залатым шлякам. За iм яцвяг у чорнай вопратцы i чырвоным каўпаку. У варотах былi вiдаць стражнiкi. Вiтаючы князя, Фрыдрых падняў руку ў кальчужнай пальчатцы. Князь тузануў каня за аброць, i той матнуў галавою, дробна перабiраючы нагамi.
Шар быў накiраваны ўнiз - Кiн хацеў пачуць, пра што пойдзе гаворка.
- Ландмайстар Фрыдрых фон Какентаўзен вiтае цябе, - сказаў рыцар.
- На якой мове яны размаўляюць? - цiха спыталася Ганна.
Жуль зiрнуў на табло, на якiм беглi iскры.
- Латынь, - сказаў ён.
- Добры дзень, рыцар, - адказаў князь. Чорны яцвяг лёгенька крануў каня нагайкай мiж вушэй, i той закруцiўся на месцы, узрываючы капытамi зялёную траву. Рука маладога трубача апусцiлася на роўнае дзяржальна мяча.
- Яго праасвяшчэнства епiскап рыжскi i лiвонскi Альберт шле бацькоўскае блаславенне князю Замошша i выказвае смутак з тае прычыны, што нядобрыя саветнiкi парушылi мiр мiж iм i яго сюзерэнам. Епiскап сам зрабiў ласку прыбыць сюды, каб перадаць сваё бацькоўскае пасланне. Будзьце ласкавыя прыняць, - сказаў рыцар.
Малады рыцар Тэадор падаў скручаную ў трубку грамату, да якой на стужцы была прымацаваная вялiкая пячатка. Фрыдрых фон Какентаўзен прыняў грамату i падаў русiну.
- Я перадам, - сказаў русiнскi пасол. - Што яшчэ?
- Усё ў пiсьме.
Яцвяг круцiўся на сваiм канi, нiбы дражнiў рыцараў, але тыя стаялi нерухома, iгнаруючы лёгкага сярдзiтага коннiка.
Ганна зразумела, што чалавек у сiнiм плашчы - не князь горада. Iнакш каму ён перадасць грамату?
- Я чуў, што ты жывеш тут, - сказаў ландмайстар.
- Трэцi год.
- Мне шкада, што абставiны зрабiлi нас ворагамi.
- Разумнага ў вайне няма, - сказаў русiн.
- Мне не стае гутарак з вамi, мой сябра, - сказаў рыцар.
- Дзякуй, - адказаў русiн. - Гэта было даўно. Мне няма калi цяпер думаць пра гэта. Я павiнен абараняць горад. Князь - мой брат. Як рука?
- Дзякую, ты чарадзей, мой сябар.
Маленькi гурт людзей раздзялiўся - русiны павярнулi да варотаў, якiя расчынiлiся насустрач, немцы паскакалi ўнiз, да ручая.
14
Шар пераляцеў за крапасную сцяну, i Ганна ўпершыню ўбачыла горад Замошша з сярэдзiны.
За варотамi быў невялiкi запылены пляц. Платы i слепаватыя сцены шчыльна пабудаваных дамоў сцiскалi яго, i, ператвараючыся ў вузкую вулiцу, ён цягнуўся да белага мураванага сабора. На пляцы сабралася шмат народу, i ў першае iмгненне Ганна вырашыла, што людзi чакаюць паслоў, аднак на самай справе вяртанне коннiкаў прайшло незаўважана. Вартавыя яшчэ замыкалi вароты на вялiзарныя засаўкi, а яцвяг, махнуўшы нагайкаю, пагнаў каня наперад, да сабора, за iм у задуменнi рухаўся следам чалавек у сiнiм плашчы. Каля сцен дамоў i ў вузкiм прамежку мiж гарадскiм валам i будынкамi было ўцiснута часовае жытло бежанцаў, якiя хавалiся ў горадзе на час асады з суседнiх вёсак i пасадаў. Рагожкi - прымiтыўныя павецi - звiсалi з палак. Там поўзалi дзецi, варылася ежа, спалi, елi, гаманiлi людзi. I ад гэтага занадта лiшняга зборышча людзей вулiца, па якой ехалi конна паслы, здавалася даўжэйшай, чым на самай справе. Яна завяршалася другiм пляцам, аддаленым ад тыльнай сцяны крэпасцi вялiкiм двухпавярховым церамам, якi злучаўся з саборам галерэяй. Сабор не паспелi дабудаваць - побач у пыле i трыпутнiку валялiся белыя плiты, дальняя сцяна сабора была яшчэ ў рыштаваннях, а на купале, трымаючыся за вяроўку, барабанiў малатком страхар, прымацоўваючы свiнцовы лiст. I як бы яму анiякай справы не было да баёў, штурмаў, асад. Каля конавязi быў калодзеж, з якога два мужчыны цягалi ваду цэбрам i пералiвалi яе ў бочкi побач.
Паслы пакiнулi коней ля конавязi.
На высокiм ганку церама стаялi два яцвягi, драмаў пад павеццю хлапчук у шэрай, да каленяў, кашулi. Змяркалася, i доўгiя бэзавыя ценi засцiлалi амаль увесь пляц. Паслы хутка паднялiся па лесвiцы на высокi ганак i знiклi ў дзвярах церама. Шар праляцеў за iмi вузкiм калiдорам. Ганна паспела заўважыць, што ў цемнаце, якая зрэдку разрывалася мiгценнем лучыны або вячэрнiм святлом з адчыненых дзвярэй, перад залай, куды ўвайшлi паслы, сядзелi ў рад манахi ў высокiх кукелях, з белымi крыжамi, у чорных расах. Толькi твары жаўцелi ад лампады - над iмi была бажнiца са смуглымi аблiччамi вiзантыйскiх абразоў.
Рыжы прыгажун у белай кашулi, вышытай па каўняры чырвоным узорам, сядзеў за сталом, абапёршыся локцямi на старую вышчарбленую стальнiцу. У кутку, на лаве, звесiўшы кароткiя крывыя ногi, якiя не даставалi да падлогi, уладкаваўся блазан.
Яцвяг застаўся каля дзвярэй. Пасол прайшоў да стала i ледзь прыкметна пакланiўся князю.
- Чаго ён клiкаў? - спытаўся князь. - Што хацеў?
- Смуткуе, - усмiхнуўся пасол. - Просiць вернасцi. Ён кiнуў на стол епiскапаву грамату. Рыжы тузануў яе, адарваўшы тасьму, i грамата павольна разгарнулася. Блазан ускочыў з лавы, зачыкiльгаў да стала. Варушачы тоўстымi губамi, пачаў разбiраць тэкст. Рыжы зiрнуў на яго, падняўся з-за стала.
- Не аддам я iм горад, Раман, - сказаў ён. - Будзем трымацца, пакуль Мiндоўг з лiтвой падаспее.
- Ты не будзеш чытаць, Вячаслаў?
- Пайшлi на сцяну, - сказаў рыжы. - А ты, Акiплеша, скажаш баярынi, што, як вярнуся, вячэраць будзем.
- Яны Магду патрабуюць, - паведамiў блазан, прыцiснуўшы пальцам радок у грамаце.
- Ахвота iм, - адказаў рыжы i пайшоў да дзвярэй.
- Усё, сеанс закончаны, - сказаў Жуль.
- Як наконт кавы?
- Ну вось, - сказаў Кiн. - Мы i даведалiся, хто князь, а хто Раман.
- Князя звалi Вячаслаў? - спыталася Ганна.
- Ага, князь Вячка, сын полацкага князя Барыса Раманавiча. Ён раней княжыў у Кукейнасе. Кукейнас захапiлi рыцары. Пасля гiбелi горада ён пайшоў у лясы са сваiмi саюзнiкамi - яцвягамi i лiвамi. А зноў з'явiўся ў 1223 годзе, калi русiнскiя князi, адваяваўшы ў мечаносцаў, далi яму горад Юр'еў. Да Юр'ева падступiла ўсё ордэнскае войска. Вячка супрацiўляўся некалькi месяцаў. Потым горад здаўся i князя забiлi.
- I вы думаеце, што гэта той самы Вячка?
- Ага. Усё сведчыць на карысць такой здагадкi. На гэтым пагорку было неўмацаванае паселiшча. Толькi ў пачатку XIII стагоддзя яго абнеслi сцяною i пабудавалi мураваны сабор. А ў 1215 годзе горад гiне. Iснаваў ён так нядоўга, што нават у летапiсах пра яго амаль няма звестак. Навошта яго ўмацавалi? Вiдавочна, са стратаю крэпасцей на Дзвiне полацкаму князю патрэбны былi новыя пагранiчныя фарпосты. I ён пасылае сюды Вячку. Рыцары яго ведаюць. Ён iх даўнi вораг. I яго новая крэпасць становiцца цэнтрам супрацiўлення ордэну...
Шар узняўся над вячэрнiм горадам. Былi вiдаць вогнiшчы на вулiцы - iх палiлi бежанцы. Водблiскi вогнiшчаў падалi чырвонымi блiкамi на месiва людзей, якiя збiлiся ў кучу каля ахоўнай сцяны.
Напаследак шар падняўся яшчэ вышэй.
Чорным сiлуэтам вiднелася на схiле асадная вежа. Пагойдвалiся факелы там устанаўлiвалi катапульту. Белыя, асветленыя знутры шатры мечаносцаў на тым беразе ручая здавалiся прывiдамi - 12 лiпеня 1215 года канчалася. Цяпер Ганна ведала, што горадам Замошша правiць адважны i непрымiрымы князь Вячка. I ёсць у яго баярын Раманаў, чалавек з сур'ёзным вузкагубым капрызным тварам - чарадзей i алхiмiк, якi праз суткi загiне i апрытомнее ў далёкай будучынi.
15
Усё здарылася без сведкаў з будучынi, ноччу, калi Кiн, Ганна, Жуль, а галоўнае, пан епiскап Альберт i ландмайстар Фрыдрых спакойна спалi. I гэта было вельмi крыўдна, таму што час, калi ўжо ты трапiў у цячэнне вiтка, незваротны. I нiхто нiколi не ўбачыць зноў, якiм жа чынам гэта адбылося.
...Першая прачнулася Ганна, хуценька памылася i пастукалася да мужчын.
- Лежабокi, - сказала яна, - праспiце штурм.
- Устаём, - адказаў Кiн. - Ужо ўсталi.
- Я пакуль збегаю да дзеда Генадзя, - удзячна ахвяравала сабой Ганна. Адцягну яго ўвагу. Але каб да майго прыходу князь Вячка быў на баявым канi.
А калi Ганна вярнулася з малаком, тварагом, свежым хлебам, гордая за сваё падзвiжнiцтва, у доме панавала расчараванне.
- Паглядзi, - сказаў Жуль. Шар быў уключаны i накiраваны на схiл. Там лянiва дагарала асадная вежа - сюррэалiстычнае збудаванне з вялiзных чорных галавешак. Ад катапульты засталася толькi лыжка, недарэчна ўткнутая ў траву дзяржаннем. Наўкола стаялi ордэнскiя ратнiкi. З моста цераз ручай на пажарышча глядзела ордэнская знаць, якая акружала епiскапа.
Ад варотаў крэпасцi да вежы рассцiлалiся чорныя шырокiя палосы. У ручаi - а гэта Ганна ўбачыла не адразу - ляжалi вялiзныя, у два чалавечыя росты, колы, абгарэлыя - хоць тут жа яна зразумела сваю памылку: каля вежы не магло быць такiх вялiкiх колаў.
- Яны ноччу ўсё гэта спалiлi! - сказала Ганна. - I правiльна зрабiлi. Чаго ж хвалявацца?
- Шкада, што не пабачылi.
Кiн хутка правёў шар унiз, да ручая. Ён праляцеў над каркасам вежы i спынiўся над галовамi рыцараў.
- Дзякуй за падарунак, - паволi сказаў епiскап Альберт. - Вы не маглi прыдумаць нiчога лепшага ў ноч майго прыезду.
- Я яшчэ летась раiў вам даць прытулак чарадзею, - сказаў ландмайстар, - калi ён з Смаленска збег.
- Мы пасылалi да яго ганца, - сказаў адзiн з наблiжаных да епiскапа. Ён не адказаў. Ён схаваўся тут.
- Ён аддаў перавагу служыць д'яблу, - задумлiва сказаў епiскап. - I неба нашай рукою пакарае яго.
- Сапраўды! - сказаў высокi хударлявы рыцар.
- Правiльна, - згадзiўся Фрыдрых фон Какентаўзен. - Але мы не ў храме, а на вайне. Нам патрэбны саюзнiкi, а не словы.
- Д'ябал нам не саюзнiк, - сказаў епiскап. - Не забывайцеся пра гэта, брат Фрыдрых. Нават калi ён магутны.
- Я памятаю, святы айцец.
- Горад павiнен быць жорстка пакараны, - сказаў епiскап гучна, так, каб яго чулi кнехты, якiя стоўпiлiся збоку. - У любы момант можа прыйсцi атрад з Полацка, а гэтага нам не трэба. У Смаленску таксама глядзяць з трывогай на наша ўзмацненне...
- Сюды iдуць лiтоўцы, - дадаў хударлявы рыцар.
- Калi крэпасць не здасца да захаду сонца, мы не пакiнем у ёй нiводнай жывой душы, - сказаў епiскап.
- I месiра Рамана?
- У першую чаргу. Толькi тыя веды могуць iснаваць, якiя апекаваны божай ласкай.
- Але калi ён умее здабываць золата?
- Мы знойдзем золата i без чарнакнiжнiкаў, - сказаў епiскап. - Брат Фрыдрых i брат Готфрыд, iдзiце следам за мною.
16
Усярэдзiне шацёр быў абстаўлены сцiпла. На ўтаптанай падлозе паверх рагожаў ляжаў дыван, стаялi складныя, без спiнак, ножкi крыж-накрыж, крэслы, на драўляным узвышэннi ляжалi згорнутыя на дзень скуры, высокi падсвечнiк з аплылым воскам паблiскваў меддзю каля высокага куфра, акаванага жалезнымi палосамi. На куфры ляжалi два пергаментныя скруткi.
Епiскап падаў знак рыцарам сядаць. Фрыдрых фон Какентаўзен адшпiлiў пояс з мячом i паклаў яго на падлогу ля ног. Брат Готфрыд заставiў меч мiж ног i абапёрся рукамi ў пальчатках на яго дзяржальна. Аднекуль выслiзнуў слуга ў чорнай сутане. Ён вынес арабскi збан i тры сярэбраныя чаркi. Брат Готфрыд прыняў чарку, епiскап i Фрыдрых адмовiлiся.
- Ты кажаш, брат Фрыдрых, - вымавiў епiскап, - што месiр Раман на самай справе дасведчаны ў сакрэтах магii?
- Я ўпэўнены ў гэтым.
- Калi мы не заб'ём яго заўтра, - сказаў брат Готфрыд, - то ён з дапамогаю д'ябла можа прыдумаць нам пагiбель.
- Я памятаю галоўнае, - сказаў Фрыдрых. - Я заўсёды памятаю пра дабро ордэна. А месiр Раман блiзкi да адкрыцця тайны золата.
- Золата д'ябла, - запярэчыў Готфрыд фон Гольм.
- Месiр Раман любiць уладу i славу, - заўважыў Фрыдрых. - Што можа даць яму князь Вест?
- Чаго ён апынуўся тут? - спытаўся епiскап.
- Ён далёкi родзiч князя, - сказаў Фрыдрых. - Ён быў народжаны ад наложнiцы князя Барыса Полацкага.
- I хацеў бы стаць князем?
- Не тут, - усмiхнуўся брат Фрыдрых. - Не ў гэтай вёсцы.
- Добра, што ён спалiў вежу, - сказала Ганна. - Iнакш бы яны не сталi размаўляць.
- Што здарылася ў Смаленску? - спытаўся епiскап, перабiраючы ў моцных пальцах бурштынавы ружанец з вялiкiм залатым крыжам.
- Тутэйшы ўладыка - вiзантыец. Чалавек недалёкi. Ён вырашыў, што ўменне месiра Рамана ад д'ябла. I падняў чэрнь...
- Ну проста як нашы браты, - усмiхнуўся нечакана Альберт. Паглядзеў на Готфрыда. Але той не заўважыў iронii. - I чараўнiка прыгрэў князь Вест?
- Ён жыве тут ужо трэцi год. Ён затаiўся. Ён напалоханы. Яму няма куды iсцi. У Кiеве яго чакае такi самы лёс, што i ў Смаленску. На Захадзе ён выклiкаў небяспечную жадобу караля Пiлiпа i гнеў святой царквы. Я думаю, што ён многае паспеў зрабiць. Пра гэта сведчыць гiбель нашай вежы.
- Сапраўды часам зацямняецца розум уладных людзей, - сказаў епiскап. Сiла наша ў тым, што мы можам накiраваць на дабро аблуду чарадзея, калi мы цвёрдыя ў сваёй веры.
- Я мяркую, што праўда на вашым баку, - даў згоду брат Фрыдрых.
- Беражы нас, божа, - сказаў цiха брат Готфрыд. - Д'ябал усюдыiсны. Я сваiмi рукамi адкруцiў бы галаву чарадзею.
- Не нам яго баяцца, - вымавiў епiскап. Не ўстаючы з крэсла, ён выцягнуў руку i ўзяў з куфра жаўтаваты аркуш, якi ляжаў пад скруткамi. Паглядзiце, гэта прыслалi мне з Замошша тыдзень назад. Што вы скажаце, брат Фрыдрых?
Рыцар Готфрыд перахрысцiўся, калi епiскап падаў аркуш Фрыдрыху.
- Гэта напiсана не ад рукi, - сказаў Фрыдрых. - I ў гэтым няма чарадзейства.
- Вы ўпэўненыя?
- Месiр Раман выразае лiтары на дрэве, а потым прыкладае да дошкi лiст. Гэта падобна на пячатку. Адной пячаткаю вы можаце замацаваць сто грамат.
- Вялiкая справа, калi скiравана ў iмя царквы, - сказаў епiскап. Божае слова можа пашырацца танна. Але якая пагроза ў лапах д'ябла!
- Гэтак, - згадзiўся брат Фрыдрых. - Раман патрэбны нам.
- Я ж паўтараю, - сказаў брат Готфрыд, устаючы, - што ён павiнен быць знiшчаны разам з усiмi ў гэтым горадзе.
Яго суразмоўцы нiчога не адказалi, епiскап заплюшчыў вочы.
- На ўсё воля божая, - сказаў ён урэшце.
Абодва рыцары ўсталi i накiравалiся да выхаду з шатра.
- Дарэчы, - кiнуў наўздагон епiскап, - чым можа для вас стацца гiсторыя з польскай князёўнай?
- Спытайцеся ў брата Готфрыда, - сказаў Фрыдрых фон Какентаўзен. - Гэта здарылася непадалёку ад замка Гольм, а леты, якiя напалi на ахову князёўны, па чутках, выконвалi яго загад.
- Гэта толькi чуткi, - сказаў Готфрыд. - Толькi чуткi. Цяпер жа князёўна i яе цётка пакутуюць у палоне князя Веста. Калi мы вызвалiм iх, то атрымаем за гэта выкуп ад князя Смаленскага.
- Вы таксама так думаеце, брат Фрыдрых? - спытаўся епiскап.
- Нi ў якiм разе, - адказаў Фрыдрых. - Не сакрэт, што князь Вячка адбiў князёўну ў летаў. Нам не патрэбны выкуп.
- Я згодны з вамi, - сказаў епiскап. - Паклапацiцеся пра дзяўчыну. Як толькi яна трапiць да нас, мы тут жа адправiм яе пад аховаю ў Смаленск. Як выратавальнiкi. I нiякiх выкупаў.
- Мае людзi рызыкавалi, - сказаў Готфрыд.
- Мы i так не сумнявалiся, што гэта вашых рук справа, брат мой. Некаторыя ордэнскiя рыцары мяркуюць, што яны ўсемагутныя. I гэта памылка. Вы хочаце, каб праз месяц смаленская раць стаяла пад сценамi Рыгi?
17
- Разумеецца, Жуль, - сказаў Кiн, - пачынай рыхтаваць апаратуру да пераходу. I паведамi дамоў, што мы гатовыя. Аб'ект апазнаны.
Кiн дастаў з апарата шарык i пайшоў да дзвярэй.
- Я з вамi? - сказала Ганна, пра якую ўсе забылiся.
- Як вы сабе хочаце, - адказаў Кiн абыякава. Ён хутка выйшаў у вялiкi пакой. Там было занадта светла. Мухi кружылiся над вазачкай з цукеркамi. У адчыненае акно ўлiваўся вецярок, матляючы фiранку. Ганна падышла да акна i выглянула, амаль гатовая да таго, каб убачыць каля ручая шатры мечаносцаў. Аднак там гулялi ў футбол хлапчукi, а далёка на ўскрайку лесу, адкуль учора выйшаў злашчасны статак, лапатаў маленькi трактар.
- Гэта партрэт епiскапа? - спыталася Ганна, гледзячы, як Кiнавы пальцы ператвараюць шарык у пласцiнку. - Не, памятаеце жоўты аркуш паперы, што паказваў рыцарам епiскап? Гэта першы ў Эўропе друкарскi адбiтак. - Ён нахiлiўся над сталом, чытаючы тэкст.
- Чытайце ўголас, - папрасiла Ганна.
- Варварская латынь, - сказаў Кiн. - Алхiмiчны тэкст. Бяспечна ёй было б надрукаваць што-небудзь рэлiгiйнае. Навошта дражнiць сабак?.. "Каб зрабiць элiксiр мудрацоў, вазьмi, мой брат, фiласафiчнай ртуцi i падагравай, пакуль яна не ператворыцца ў зялёнага льва... пасля гэтага разагравай мацней, i яна стане львом чырвоным..."
Трактар спынiўся, з яго выскачыў трактарыст i пачаў корпацца ў рухавiку. Нiзка праляцеў маленькi самалёцiк По-2...
- "Кiпяцi чырвонага льва на раскаленым пяску ў кiслым вiнаградным спiрце, выпары вадаасць, i ртуць ператворыцца ў камедзь, якую можна рэзаць нажом. Пакладзi гэта ў замазаную глiнай рэторту i ачысцi... "
- Зноў ртуць - мацi металаў? - спыталася Ганна.
- Не, - сказаў Кiн, - гэта другое. "...Кiмварыйскiя ценi акрыюць рэторту цёмным пакрывалам, i ты знойдзеш унутры яе сапраўднага дракона, якi пажырае свой хвост..." Не, гэта не ртуць, - паўтарыў Кiн. - Хутчэй гэта аб ператварэннях свiнцу. Зялёны леў - вокiс свiнцу, чырвоны леў - сурык... камедзь - воцатна-свiнцовая соль... Так, здаецца, так...
- Вы самi маглi б працаваць алхiмiкам, - сказала Ганна.
- Мог бы, мне давялося прачытаць шмат абракадабры. Але ў ёй часам праблiсквалi такiя знаходкi!..
- Вы цяпер пойдзеце туды?
- Вечарам. Я там мушу быць як мага менш.
- Але калi вас пазнаюць, падумаюць, што вы шпiён.
- Цяпер у крэпасцi шмат людзей з блiжэйшых паселiшчаў, якiя хаваюцца там. Ёсць i iншыя варыянты.
Кiн пакiнуў пласцiнку на стале i вярнуўся ў сенцы, дзе стаяў куфар з адзеннем.Ён выцягнуў адтуль боты, шэрую кашулю з тонкай вышыўкай каля каўняра, потым спытаўся ў Жуля:
- Ну што? Калi пададуць энергiю?
- Пасля семнаццацi.
18
- Ведаеце, - сказаў Кiн вечарам, калi падрыхтоўка да пераходу скончылася, - давайце глянем на горад яшчэ раз, час жа ёсць. Калi даведаемся, дзе ён хавае сваю лабараторыю, зможам спрасцiць версiю.
Шар завiс над скопiшчам саламяных стрэх.
- Дзе ж хаваецца наш алхiмiк? - сказаў Кiн.
- Трэба пачынаць з церама, - вымавiў Жуль.
- З церама? А чаму б не з церама?
Кiн павёў шар над вулiцай у цэнтр горада, да сабора. На вулiцы было бойка i ажыўлена. У лаўках - столькi малых, што дваiм не размiнуцца, гандлявалi адзеннем, жалезным i глiняным таварам, людзi глядзелi, але не куплялi. Натоўп народу сабраўся толькi каля нiзенькiх дзвярэй, з якiх рыжы мужчына выносiў бохан хлеба. Пэўна, голаду ў горадзе не было - асада пачалася нядаўна. Некалькi ратнiкаў валаклi да гарадской сцяны вялiкi медны кацёл, за iмi iшоў дзед у высокiм шлеме, згорбiўшыся пад вязанкай дроў. Коннiк на вараным жарабцы махнуў нагайкаю, прабiваючыся цераз натоўп, з-пад жывата ў каня вёртка выскачыў карлiк - князеў блазан, выскалiўся, прыцiснуўся да плота, пастрашыў кулаком ездака i тут жа працiснуўся ў лаўку, набiтую гаршкамi i мiскамi.
Кiн хуценька прабегся шарам па верхнiх пакоях, а ў iх - як венiкам усiх вымелi - толькi нейкiя нахлебнiкi, сонныя служкi, дзеўка з балеяй, старая з кульбаю... запусценне, цiшыня...
- Эвакуiравалiся яны, цi што? - спытаўся Жуль, адхiлiўшыся на iмгненне ад пульта, якi стрымана падморгваў, бурчаў, нiбыта Жуль вёў касмiчны карабель.
- Вы да зорак лятаеце? - спыталася Ганна.
- Дзiўна, - не звярнуў увагi на пытанне Кiн. У невялiкiм кутнiм пакоi, якi меў такi выгляд, быццам сюды ў спешцы панакiдалi розных рэчаў - куфроў, цюкоў, кашоў, нарэшце пашанцавала знайсцi знаёмых. На невысокiм драўляным крэсле з высокаю простаю спiнкаю сядзела пажылая панi, накрыўшы ногi мядзведжай шкурай. Гатычная прыгажуня ў закрытай, апушанай вавёрчыным футрам малiнавай сукенцы з сярэбранымi вытканымi кветкамi стаяла каля невялiкага акенца, гледзячы на царкву.
Пажылая дама гаварыла штосьцi, i Жуль правёў пальцамi над пультам, рэгулюючы гучнасць. Кiн спытаўся: - Якая мова?
- Старажытнапольская, - адказаў Жуль.
- Гора, гора, за грахi нашы кара, - гаварыла, сплюшчыўшы павекi, пажылая панi. - Гора, гора...
- Супакойцеся, цётка, - адклiкнулася з акна дзяўчынка.
Нафарбаваны твар пажылой жанчыны быў нерухомы.
- Казаў жа твой бацька пачакаць да восенi. Як жа так, як жа так, мяне, старую, у думках пакалечыла. Абдзялiў мяне божа сваёй мудрасцю... А дзе ж наша дружына ды верныя слугi... Млосна, млосна...
- Магло быць горш... - Дзяўчына дакранулася доўгiмi пальцамi да размаляванай праснiцы, што стаяла побач, i задумлiва пацягнула касмык воўны. - Магло быць горш...
- Ты пра што думаеш? - спыталася старая, не расплюшчваючы вачэй. Усхваляваў ён цябе, рыжы д'ябал. Грэх у цябе ў галаве.
- Ён князь, ён храбры вiцязь, - сказала дзяўчына. - Дый няма граху ў маiх думках.
- Грэшыш, грэшыш... Дасць бог, дабяруся да Смаленска, упрашу брата, каб пакараў ён разбойнiкаў. Колькi гадоў я дома не была...
- Цi хутка служба скончыцца? - спыталася дзяўчына. - У русiнаў такiя доўгiя службы.
- Наш абрад вiзантыйскi, урачысты, - сказала старая. - Я вось памяняла веру, а часам пакутую. А ты выйдзеш за княжыча, пяройдзеш у яго веру, мае грахi замалiць...
- Ах, пустая размова, цётка. Вы, русiны, легкаверныя. Ну хто вас ратаваць будзе, калi ўсе думаюць, што мы ў палоне ў летаў. Захопяць нас мечаносцы, горад спаляць...
- Не дай божа, не дай божа! Жахлiвы будзе гнеў караля Лешкi.
- Нам жа будзе ўсё роўна.
- Хто гэтая Магда? - спыталася Ганна. - Усе пра яе гавораць.
- Хутчэй за ўсё сваячка, можа, дачка польскага караля Лешкi Белага. I ехала ў Смаленск... Давайце паглядзiм, цi не ў царкве князь?
Перад расчыненымi дзвярыма сабора сядзелi калекi i жабракi.
Шар пранiк цераз сцяну сабора, i Ганне здалося, што яна адчувае пах свечак i ладану. Iшла служба. Змрочнае святло дрыжала за сшною свяшчэннiка ў вышытай залатой рызе.Яго павялiчаны цень пакалыхваўся, засцiлаючы фрэскi суровых чорнабародых старцаў, што глядзелi са сцен на людзей, якiя напоўнiлi невялiкi сабор.
Раман стаяў поруч з князем, наперадзе, яны былi амаль аднолькавага росту. Губы ў чарадзея ледзь варушылiся.
- Вароты слабыя, - цiха гаварыў ён князю. - Могуць не вытрымаць. Ведаеш?
Князь зморшчыўся:
- На вулiцах бiцца будзем, у лес уцячом.
- Не выйдзе. У iх на кожнага твайго дружыннiка пяць чалавек. Кальчужных. Ты ж ведаеш.
- Таму што тады лепш бы i не пачынаць. Прадумай яшчэ што. Агнём iх спалi.
- Не магу. Запас скончыўся.
- Ты купi.
- Няма дзе. Мне сера патрэбна. А па яе ехаць трэба далёка.
- Тады чаруй. Ты чарадзей.
- Чарамi не дапаможаш. Не чарадзей я.
- Калi не чарадзей, то чаму цябе ў Смаленску палiлi?
- Зайздросцiлi. Папы зайздросцiлi. I манахi. Думалi, што я золата раблю...
Абодва замаўчалi, прыслухоўваючыся да свяшчэннiка. Князь перахрысцiўся, потым зiрнуў на суседа.
- А што зоркi гавораць? Цi выстаiм, пакуль лiтва прыйдзе?
- Баюся, не дачакаемся. Ордэн наўрад цi будзе адкладваць штурм.
- Выстаiм, - сказаў князь. - Павiнны выстаяць. А ты думай. Найперш з табою расправяцца. Цi спадзяешся на старую дружбу?
- Няма ў мяне з iмi дружбы.
- Тады расправяцца. I яшчэ скажу. Ты на польскую князёўну вачэй не вылуплiвай. Не па табе тавар.
- Я з княжага роду, брат.
- А яна каралеўскай крывi.
- Я сваё месца ведаю, брат, - сказаў Раман.
- Хiтруеш. Ды бог з табою. Толькi не ўздумай бегчы. I чарадзейства не дапаможа. Яцвягаў за табою пашлю.
- Не пагражай, - сказаў Раман. - Мне пара iсцi.
- Ты куды? Поп не закончыў.
- Я Акiплешу на торг пасылаў. Чакае ён мяне. Працаваць трэба.
- Ну iдзi, толькi непрыкметна.
Раман павярнуўся i стаў асцярожна працiскацца назад. Князь паглядзеў услед. Ён усмiхнуўся, але ўсмешка была нядобрая. Раман знiк у змроку.
Кiн вывеў шар з сабора, i той завiс над цвiнтаром, дзе чакалi канца службы, курчылiся пад змрочным мокрым небам калекi i жабракi. Раман хутка выйшаў з прачыненых дзвярэй. Паглядзеў на плошчу. Там кульгаў блазан, прыцiскаючы да грудзей глiняную мiску i ружовы абпалены гаршчок.
- Цябе па смерць пасылаць, - сказаў Раман.
- Не бi мяне, дзядзечка, - заверашчаў блазан, выскаляючыся. - Госцi пазачынялi лаўкi - ворага чакаюць, прыйдзе немец, зноў гандляваць пачнуць. Што госцю? Мы на вiселiцу, а ён - весялiцца.
Раман шпарка пайшоў цераз плошчу. Блазан за iм, пакульгваючы, горбячыся. Мiнулi калодзеж, конавязь, павярнулi ў вузкi, дваiм не размiнуцца, завулак. У канцы яго, каля вала, у плоце былi нiзкiя вароты. Раман пастукаў тры разы кулаком. Адкрылася вочка. Потым павольна расчынiлiся дзверы. Там стаяў стражнiк у кароткай кальчузе, скураной шапцы i доўгiх портках. Ён адступiў убок, прапускаючы Рамана. Цесны двор, зарослы травою, некалькi валуноў, якiя ляжалi вакол выпаленай ямы... Раман на драўляных мастках перасек двор, падняўся на ганак прыземiстага дома з бярвенняў на падмурку. Адчынiў дзверы, тузануў за колца, якое было ўстаўлена льву ў мызу.
У святлiцы Раман шпурнуў плашч у рукi прыгожаму чарнаброваму хлопцу, якi падбег да яго.
- Ты чаго чакаеш? - спытаўся ён у блазна. Блазан паставiў на падлогу мiску, узяўся за клямку ў падлозе, пацягнуў на сябе века люка, адчынiўся лаз у падвал. Раман спусцiўся першы. За iм блазан i чарнабровы хлопец.
Сутарэнне было прасторнае, асвятлялася з акенцаў пад самаю столлю. На палiчках стаялi запаленыя каганцы з тлушчам. Агеньчыкi адлюстроўвалiся ад рэтортаў, слаёў з мутнага, грубага шкла, ад глiняных мiсак, медных сасудаў, злучаных металiчнымi i шклянымi трубкамi... У нiзкай з вялiкай пашчай печы гарэў агонь, каля яе стаяў голы да пояса жылiсты мужчына ў скураным фартуху. Пачуўшы крокi, ён аглянуўся.
- Студзi патроху, - сказаў Раман, зазiрнуўшы ў печ.
Блазан зiрнуў у печ з-пад локця чарадзея i сказаў:
- Даўно пара студзiць.
- Ведаем, - сказаў мужчына. У яго былi доўгiя вусы, чорныя, блiзка пасаджаныя вочы. Рэдкiя валасы спадалi на лоб, i ён увесь час адгортваў iх за вушы.
- Хутка ордэн на штурм пойдзе, - сказаў Раман.
- Астудзiць не паспеем, - адказаў той. - А шкада.
- Студзi, - сказаў Раман. - Невядома, як лёс паверне. У мяне няма сiлы каторы раз усё збiраць i будаваць.
- А ты, дзядзечка, епiскапу ў ногi пакланiся, - сказаў блазан. - Абяцай лёс даведацца, золата здабыць. Ён i пашкадуе.
- Нiкчэмнасць i ўбоства думкi, - сказаў Раман.
- Па-мойму, што ўбоства думкi, што яе празмернасць - усё бязглуздзiца, розумам чынiць - розуму не трэба, - сказаў блазан. Падышоў да доўгага стала, пералiў з адной шклянкi ў другую - пайшоў едкi дым.
Раман адмахнуўся, зморшчыўся. Жылiсты мужчына адступiў да печы.
- Ты што, - абурыўся Ранан. - Атравiць нас хочаш?
- А можа, так i трэба? Ты дзяўчыну пакахаў, а табе не дазволена, я шклянку пералiў, а мне не дазволена, князь епiскапу пярэчыць, а яму не дазволена. Вось бы вас усiх i адправiць на той свет?
- Маўчы, дурань, - сказаў Раман стомлена, - лепш бы прываротнага зелля накапаў, чым лайдачыць.
- Не, - крыкнуў блазан, падбягаючы да стала i задзiраючы галаву, каб зблiзку паглядзець на Рамана. - Не разумею цябе, дзядзечка, i разумны ты ў нас, i слаўны на ўсю Эўропу - навошта табе князёўна? Наша справа - берагчы горад, золата здабываць, месца знаць.
- Маўчы, смерд, - сказаў Раман. - Маё месца сярод каралёў i князёў. I паводле роду, i па ўладзе, i па розуме!
Хлопец глядзеў на Рамана.
- Зробленае, перадуманае не магу кiнуць. Ува мне вялiкiя тайны жывуць недагавораныя, недакончаныя. - Раман шырокiм жэстам абвёў сутарэнне.
- Значыць, так, - сказаў блазан, падскочыўшы, пасмейваючыся i размахваючы бутэлечкай, бессаромны i нахабны, - значыць, ты ад дзяўчыны адмаўляешся, дзядзечка, дзеля гэтых бутэлечак? Будзем дома сядзець, чарапкi берагчы. Пакуль ландмайстар з мячом не прыйдзе.
- Але як усё зберагчы, - прашаптаў Раман, абапёршыся кулаком на стол. Скажы, як выратаваць? Як адцягнуць час?
- Не атрымаецца, дзядзечка. Адзiн асёл хацеў з дзвюх кармушак жэрцi, як элiны казалi, ды з голаду здох, не прыдумаў, з якой пачаць.
Раман дастаў з палiчкi бутэлечку.
- Ты ўсё памятаеш?
- Калi дзяўчыне даць выпiць тры каплi, на край свету пойдзе. Дай сам адап'ю. Рамана палюблю, ногi яму цалаваць буду, замуж за яго пайду...
Хлопец зарагатаў i тут жа збянтэжыўся пад Раманавым позiркам.
- Хопiць, чортава насенне! - выбухнуў чарадзей. - Забыўся, што я цябе з гнiлой ямы выкупiў?
- Памятаю, дзядзечка, - сказаў блазан. - Ой як памятаю!
- Усё-такi ён падобны на малпу, - сказала Ганна. - На злосную малпу. У iм ёсць штосьцi здраднiцкае.
- Баярын! - сказаў жылiсты мужчына. - А што з вогненным гаршком рабiць?
- Гэта цяпер не патрэбна, Мажэй, - адказаў Раман.
- Ты казаў, што мяне пашлеш, - вымавiў Мажэй. - Божыя дваране ўвесь мой род выразалi. Не магу забыць. Ты абяцаў.
- Божа! - Раман сеў на лаву, стукнуўся локцямi аб стальнiцу, абхапiў галаву рукамi. - Глупства гэта ўсё, нiкчэмнасць!
- Шаноўны, - сказаў Мажэй з тупой настойлiвасцю, - ты абяцаў мне. Я пайду i заб'ю епiскапа.
- Няўжо не разумееш, - амаль крычаў Раман, - нiчым мы горад не выратуем! Не спалохаюцца яны, не адступяць, iх у пяць разоў больш, у iх сiла, ордэн. Эўропа, Магдэбург, папа... Конрад Мазавецкi iм войска дасць, дацкi кароль чакае не дачакаецца. Вы ж цёмныя, вам здаецца, што ўвесь свет вакол нашага гарадка сышоўся! Я i вежу палiць не хацеў... Вячка мяне прыцiснуў. Лепш змiрыцца, ордэну кроў не патрэбна, ордэн бы князю горад пакiнуў... Хiба вам крывi мала!
- Ты загаварыў iнакш, баярын, - сказаў Мажэй. - Я з табою заўсёды быў, таму што верыў. Можа, я iншых гарадоў не бачыў - нашыя жамойцкiя гарадкi па лясах раскiданы, але пакуль ордэн на нашай зямлi, мне не жыць. Мы ордэн не клiкалi.
- Змагацца таксама трэба з розумам, - стукнуў кулаком па стале Раман. Сёння ноччу яны на прыступ пойдуць. Возьмуць горад, могуць не злiтавацца. Калi мы паднiмем руку на Альберта - яны ўсiх нас выражуць. I дзяцей, i жанчын, i цябе, блазан, i мяне...
- Я заб'ю епiскапа, - сказаў Мажэй.
- А я, дзядзечка, - сказаў блазан, - з табою не згодны. Авечкi добрыя, а авечак ваўкi ядуць.
- Маўчы, раб! - узлаваўся Раман. - Я цябе дзесяты год кармлю i ратую ад бед. Калi б не я, цябе ўжо тройчы павесiлi б.
- Правiльна, дзядзечка, - раптам засмяяўся блазан. - Часам я глупства скажу, затое разумныя не здагадаюцца. Рабом я быў, рабом памру, затое сумленне мучыць не будзе.
- Чым балбатаць, лепей пайдзi да князёўны, - сказаў Раман жорстка. Дасi ёй прываротнага зелля. Так, каб старая не заўважыла.
- I гэта генiй, - уздыхнула Ганна.
- А што? - спытаўся Кiн.
- Верыць у прываротнае зелле...
- Чаму ж не? I ў дваццатым стагоддзi вераць.
- Iду, - сказаў блазан, - толькi ты да немцаў не збяжы.
- Заб'ю. Ты даўно гэтага заслугоўваеш.
- Заб'еш, ды не сёння. Сёння я яшчэ патрэбны. Толькi дарма ты епiскапа беражэш. Ён табе дзякуй не скажа.
Блазан падхапiў бутэлечку i лоўка ўскараскаўся наверх. Мажэй вярнуўся да печы, памяшаў там качаргою, доўга маўчаў. Раман прайшоўся па пакоi.
- Не, - сказаў ён сам сабе. - Усё не так. Як я змарыўся ад глупства чалавечага.
Хлопец прысеў каля сцяны на кукiшкi. Раман вярнуўся назад да стала.
- Можа, паглядзець за блазнам? - спыталася Ганна.
- Мне цяпер важней Раман, - сказаў Кiн.
- Падыдзi сюды, Глузд, - сказаў Раман, аглядаючыся.
Хлопец лёгка ўстаў, зрабiў крок i тут жа азiрнуўся.
Раман рэзка ўзняў галаву, паглядзеў туды ж. Ускочыў з-за стала. Мажэя ў пакоi не было. Раман тут жа кiнуўся за печку. Там былi нiзкiя масiўныя дзверы. Яны былi прачыненыя. - Глузд, куды глядзеў? Мажэй збег!
- Куды збег? - не зразумеў хлопец.
- Ён жа з гаршком збег. Ён жа епiскапа забiць хоча! - Раман штурхнуў дзверы, зазiрнуў усярэдзiну, ляпнуў сабе па баку, дзе вiсеў кароткi меч, выхапiў яго з ножнаў i знiк у праёме.
Хлопец застаўся звонку, заглянуў у ход, i Ганна ўбачыла, што яго спiна расце, запаўняе экран. Стала цёмна - шар працяў хлопца, пранёсся ў цемры, i яна здавалася бясконцай, як здаецца бясконцым чыгуначны тунель, а потым наступiў бэзавы дажджлiвы вечар. Яны былi на метраў сто ад крапаснога вала ў нiзiне, парослай хмызняком. Памiж нiзiнай i крэпасцю паволi ехалi верхам два нямецкiя ратнiкi, паглядваючы на гарадскую сцяну. На вуглавой вежы пагойдвалiся шлемы стражнiкаў.
Раптам у схiле нiзiны ўтварылася чорная дзiрка - адкiнулiся ўбок дзверы, укрытыя звонку дзёрнам. У дзвярах стаяў Раман. Ён уважлiва агледзеўся. Дождж памацнеў i мутнаю сеткаю засланяў яго твар. Нiкога не ўбачыўшы, Раман адступiў, зачынiўшы за сабою дзверы. Перад вачыма быў парослы хмызняком схiл. I нiякiх слядоў ад дзвярэй.
Кiн вярнуў шар у падвал, на iмгненне абагнаўшы Рамана.
Хлопец, якi так i стаяў у дзвярах падземнага хода, адляцеў убок - Раман адштурхнуў яго, кiнуўся да стала. Хлопец падышоў, спынiўся ззаду. Раман iрвануў да сябе лiст пергаменту i хутка пачаў пiсаць.
- Стукаюць, - сказаў Кiн. - Ганна, чуеш?
У дзверы стукалi.
Раман згарнуў лiст у трубку, падаў хлопцу.
Ганна зрабiла намаганне, каб вярнуцца ў дваццатае стагоддзе.
- Зачынi дзверы, - хуткiм шэптам сказаў Кiн. - I хоць памры, каб нiхто сюды не ўвайшоў. Мы не можам перапынiць працу. Праз паўгадзiны я адыходжу ў мiнулае.
- Ёсць, капiтан, - сказала Ганна таксама шэптам. Каля дзвярэй яна аглянулася. Кiн сачыў за шарам, Жуль - за прыборамi. Яны спадзявалiся на Ганну. Хлопец Глузд узяў трубку пергаменту, слухаў, што гаварыў яму Раман.
За дзвярыма стаяў дзед Генадзь. Гэтага Ганна i баялася.
- Ты чаго замыкаешся? - сказаў ён. - Па тэлевiзары французскi фiльм паказваюць пра сярэдневяковае жыццё. Я па цябе.
- Ой, у мяне галава балiць! - сказала Ганна. - Зусiм не магу з хаты выйсцi. Легла ўжо.
- Як легла, - здзiвiўся Генадзь. - Паветра ў нас свежае, ад яго i балiць. Хочаш, гарчычнiкi пастаўлю?
- Ды я ж не прастудзiлася. У мяне галава балiць, стамiлася.
- А можа, па чарачцы? - спытаўся дзед Генадзь.
Ганна не магла ўпусцiць дзеда ў сенi, дзе на падлозе былi вiдаць сляды Жулевай працы.
- Не, дзякуй, не хочацца.
- Ну тады я пайшоў, - сказаў дзед, не робячы нi кроку. - А то французскi фiльм пачынаецца. А гэтыя не вярталiся? Рэстаўратары?
- Не, яны ўжо на станцыю паехалi.
- А "газiка" такi спачатку не было, а потым узяўся. Дзiва. Тут хiба "газiк" пройдзе?
- Яны з пагорка прыехалi.
- Я i кажу, што не праедзе. Але людзi прыемныя,
адукаваныя. Вывучаюць нашае мiнулае.
- Я пайду лягу. Можна?
- Iдзi, вядома, хiба я трымаю, а то фiльм пачынаецца. Калi хочаш, то прыходзь, я глядзець буду.
Нарэшце дзед пайшоў. Ганна не стала чакаць, пакуль ён мiне веснiчкi, кiнулася назад у халодную святлiцу. За час яе адсутнасцi сцэна ў шары памянялася. Яна ўяўляла сабой верхнi паверх церама, у кутнiм пакоi была толькi польская князёўна Магда. Ганна не адразу ўбачыла, што на падлозе, склаўшы накрыж ногi, сядзiць блазан.
- Я чула шум, - сказала Магда. - Пачаўся прыступ?
- А што iм рабiць? Прыйшлi на абед, значыць, лыжку падавай. А калi талерка пустая ды яны галодныя...
- Ты дзе навучыўся польскай мове, дурань?
- Жыццё прымусiла. Сёння тут, а заўтра там, - ухмыльнуўся блазан.
- Гэта праўда, што твой гаспадар спалiў ордэнскую вежу?
- Ён i дзесяць вежаў спалiць можа. Было б што палiць.
- Ён чарадзей?
- А што вам, бабам, да чарадзеяў? Дзе горача - туды пальчыкi цягнеце. Апечацеся.
- Скрозь агонь, - сказала князёўна. Яна раптам падышла да блазна, села побач з iм на дыван. I Ганна зразумела, што князёўна вельмi маладая, ёй гадоў васемнаццаць.
- Я ў Смаленск ехаць не хацела, - сказала яна. - У мяне дома кацяня засталося.
- Чорнае? - спытаўся блазан.
- Шэрае, такое пушыстае. I ласкавае. А потым нас леты захапiлi. Пана Тадэвуша забiлi. Чаму яны на нас напалi?
- Баярын кажа, што iх немцы паслалi.
- Мой бацька лiст епiскапу пiсаў. Мы ж не ў дзiкiх мясцiнах жывём. А ў Смаленску сцены моцныя?
- Смаленск нiхто не зачэпiць. Смаленск - вялiкi горад, - сказаў блазан. - Нас з баярынам Раманам адтуль так гналi, што мы нават паперы забраць не паспелi. I друкарскi варштат наш спалiлi.
- Якi варштат?
- Каб малiтвы друкаваць.
- Баярын Раман з д'яблам знаецца?
- Куды яму! Калi б д'ябал за яго быў, хiба ён дапусцiў бы, каб манахi нас у Смаленску папалiлi?
- Д'ябал хiтры, - сказала князёўна.
- Не без таго, - сказаў блазан. - Любы табе наш баярын?
- Так нельга казаць. Я ў Смаленск еду, там мяне замуж аддадуць. За князевага сына. Iзяслава Ўладзiмiравiча.
- Калi даедзеш, - сказаў блазан.
- Не кажы так. Мой бацька рыцарам сябар. Ён iм зямлю даў.
- А ноччу хто разбярэцца?
- Князь Вячка iх у горад не пусцiць. Ён смелы вiцязь.
- Дзiця ты, ну проста дзiця. - Блазан устаў i падышоў да стала. - Гэта квас у цябе?
- Мне таксама дай напiцца, - сказала, лёгка ўстаючы з дывана, дзяўчына.
Блазан раптам рэзка азiрнуўся, паглядзеў на дзверы.
- Пiць, кажаш, хочаш?
- Ану ж, - сказаў Кiн i скiраваў шар да дзвярэй, пранiзаў iх, i ў вузкiм калiдоры Ганна ўбачыла ссутуленага ў кутку Рамана.
- Ён яе кахае, - сказала Ганна.
- Гэтага нам яшчэ не хапала. - сказаў Жуль.
- А цётка на яе сварылася, што горнецца да князя, памятаеце?
- Памятаю, - сказаў Кiн, вяртаючы шар у пакой. Якраз у той момант, калi блазан, лоўка, як фокуснiк, лiнуў з бутэлечкi ў кубак прываротнага зелля. Падаў дзяўчыне.
- Дзякуй. Ты не iдзi, Акiплеша. Мне страшна адной.
- Усё, - сказаў Кiн. - Пара збiрацца.
19
- Як вы думаеце, - сказала Ганна, пакуль Кiн падбiраў з ложка кашулi i боты, - той жамойт заб'е епiскапа?
- Не, - сказаў Кiн. - Епiскап памрэ гадоў праз пятнаццаць. Жуль, правер, каб нiчога не заставалася ў сенцах.
- А вы не вернецеся? - раптам Ганна зразумела, што вiдовiшча канчаецца. Апошняя дзея - выкраданне чарадзея. I гледачы пакiдаюць залу. Акцёры загадзя сабралi рэквiзiт i пераязджаюць у iншы гарадок.
- Калi ўсё абыдзецца, - сказаў Кiн суха, - то не вярнуся. Жуль перакiне нас дамоў. Дзед Генадзь прыходзiў?
Ганна кiўнула.
- Згатаваць кавы?
- Толькi сабе i Жулю, - сказаў Кiн, - перад адпраўкаю лепш не есцi. Я заўтра ранiцай паснедаю. Дома...
- Усё-такi гэты шум мне непрыемны, - сказала Ганна. - Дзяўчына нiчога не падазрае...
- Ён яго раб, - сказаў Кiн. - Раман яго выратаваў ад смерцi. Але прываротнага зелля не iснуе. Гэта даказана навукай.
- Не ведаю, - сказала Ганна. - Вы ж самi гаворыце, што Раман унiверсальны генiй. Можа, прыдумаў. Былi ж раней розныя сакрэты.
- Я буду пераадзявацца, - сказаў Кiн. - I баюся вам перашкодзiць. Вы хацелi згатаваць кавы.
- Безумоўна, - сказала Ганна, - хацела. Яна падпалiла ў плiце - добра, што ўзяла з сабою молатай кавы, - гэтыя прышэльцы, вядома, не падумалi, што будуць кармiцца тры днi. Дармаеды. Лайдакi. Ганна была страшэнна сярдзiтая. I зразумела чаму. Яе прысутнасць трывалi, як i прысутнасць дзеда Генадзя. А чаго ж ты чакала, галубка? Што цябе запросяць на экскурсiю ў будучыню? Лухта, ты проста нi пра што не думала, авырашыла, што бясплатныя забавы будуць цягнуцца вечна... Кiн за перагародкаю нечым грукнуў. Цiкава, цi бярэ ён з сабою зброю?
- Ну як? - спытаўся Кiн.
Ганна азiрнулася. У дзвярах на кухню стаяў з кароткаю барадою мужчына з трынаццатага стагоддзя, заможны, дужы, меч збоку, кальчуга пад накiдкаю, на шыi незвычайны абруч - накшталт сярэбранай змяi. Быў гэты мужчына нiжэйшы ростам, чым Кiн, шырэйшы ў плячах, доўгiя, выгаралыя месцам валасы былi сабраныя тасёмкай.
- Я б вас нiколi не пазнала, - сказала Ганна.
- Дзякуй, - адказаў Кiн.
- А чаму змяя?
- Гэта вуж. Я лiтоўскi воiн, з Раманавай аховы.
- Але яны ж адзiн аднаго ведаюць.
- Цяпер цёмна. Я не буду высоўвацца на пярэднi план.
- А я кавы згатавала, - сказала Ганна.
- Кавы? Будзьце ласкавы, налiце Жулю.
Жуль ужо сабраў адзiн з пультаў, зачынiў чамадан i вынес у сенцы. Сам вярнуўся да пульта сувязi.
- Жуль, - сказала Ганна, - выпi кавы.
- Дзякуй, - сказаў Жуль, - пастаў, калi ласка, на столiк.
Ганна паставiла кубачак пад выключаны шар. Калi не патрэбна, лепш не набiвацца. У сенцах яе дагнаў Жулеў голас.
- Мне шкада будзе, што я вас больш не пабачу, - сказаў ён. - Такая ў нас праца.
- Такая праца, - усмiхнулася Ганна, паварочваючыся да яго. Яна была яму ўдзячная за жывыя словы.
Кiн стаяў на кухнi, сёрбаў каву.
- Вам жа нельга! - не стрымалася Ганна.
- Вядома, лепш не пiць. Толькi вось вам не хапiла.
- Нiчога, я яшчэ сабе згатую.
- Правiльна, - сказаў Кiн.
20
Выхад у мiнулае ледзь быў не сарваўся. Яны ўсе стаялi ў сенцах над чамаданамi i скрынкамi. I зноў пачуўся стук у дзверы.
- Хто? - спыталася Ганна.
- У цябе ўсё ў парадку? - запытаў дзед Генадзь.
- А што?
- Галасы чую, - сказаў дзед.
Кiн кiнуўся ў кухню. Жуль зачынiўся ў тыльным пакоi. Ганна марудзiла з засаўкай.
- У мяне радыё, - сказала яна. - Радыё я слухала. Я ўжо зноў легла.
- Спаць легла, а святло не тушыш, - прабурчаў дзед. - Я табе анальгiну прынёс.
- Навошта мне анальгiн?
- Ад галавы, вядома. Хiба не скардзiлася?
Прыйшлося адчынiць. На вулiцы павяваў вiльготны вецярок. Яркi месяц асвятляў дзедаў капялюш. Дзед iмкнуўся заглянуць Ганне за спiну, але ў сенцах было цёмна. Пачак таблетак быў цёплы, нагрэўся ў дзедавай жменi.
- Турбуюся я за цябе, - сказаў ён. - Увогуле ў нас мясцiны цiiхя, бандытаў, зразумела, няма, чым iм цiкавiцца, але нейкае да цябе ёсць небяспечнае прыцяжэнне.
- Я не баюся. Дзякую за лекi. Дабранач.
Ганна хуценька зачынiла дзверы, падумаўшы, што, калi дзед пакрыўдзiўся, у яе будзе даволi часу з iм зладзiць... Дзед яшчэ пастаяў на ганку, паўздыхаў, потым зарыпелi прыступкi. Кi падышоў да акна ў сенцах - дзед пацiху iшоў па сцежцы.
- Дзякуй, Ганна, не ведаю, што б мы без цябе рабiлi, - сказаў Кiн.
- Не крывiце душой. Ён прыходзiць менавiта таму, што я тут. Не было б мяне, ён бы i не западозрыў.
- Ваша праўда, - сказаў Кiн.
Ён прайшоў, мякка ступаючы, у халодны пакой. Кiн уключыў шар i павёў яго з святлiцы польскай князёўны, цяпер цёмнай, на двор, цераз залiтую дажджом плошчу, мiнаючы конавязь, дзе перамiналiся мокрыя конi, мiнаючы калодзеж, у закутак, да Раманавай хаты. За плотам, у двары шар апусцiўся да зямлi i спынiўся. Кiн выпрастаў рукi са столiка, перайшоў у другi куток пакоя, дзе стаяла тонкая металiчная рама, пад ёю блiшчала платформачка, падобная на падлогавыя вагi. Паветра ў раме ледзь варушылася.
- Давай напругу, - сказаў Кiн.
- Адну хвiлiнку, - сказаў Жуль. - Дай я прыму рэчы, а то потым не будзе калi адхiнуцца.
За спiной у Ганны зашапацела, пстрыкнула. Яна павярнулася i ўбачыла, як знiк адзiн чамадан - з лiшняй вопраткай, потым другi, з пультам. Сенцы апусцелi. Кiн ступiў у раму. Жуль падсунуў табурэцiк блiжэй да шара i нацягнуў на левую руку пальчатку.
- Пачынаецца ювелiрная праца, - сказаў ён.
Кiн зiрнуў на Ганну, як ёй здалося, дзiўна - ён быццам не зразумеў, з кiм размаўляе Жуль.
- Увага, - сказаў ён.
Шар быў скiраваны ў пусты двор. Пад невялiкаю паветкай ля веснiчак скурчыўся, вiдаць, драмаў, стражнiк, падобны да Кiна.
- Крыху блiжэй пад хлеў, - сказаў Кiн.
- Асцярожна, - сказаў Жуль, - жадаю шчасця.
Кiн падняў руку. Пачулася моцнае гудзенне, нiбыта ў пакой заляцеў пчалiны рой. I Кiн знiк.
21
I тут жа Кiн апынуўся ў двары. Усвядомiць гэты пераход было няцяжка, таму што Кiн быў адзеты адпаведна таму часу i месцу.
Ён выйшаў з ценю хлява - на дварэ стаяла такая цемра, што можна было толькi ўгадваць постацi. Кволае святло прабiвалася з шчылiн дзвярэй у хляве. Кiн слiзгануў туды, ледзь адчынiў дзверы - лучына асвятляла нiзкае памяшканне, на нiзкiм палку гулялi ў косцi два стражнiкi. Кiн пайшоў да варотаў. Стражнiк каля iх стаяў нерухома. У той момант, калi Кiн быў зусiм побач са стражнiкам, тры разы стукнуў у дзверы - на той бок плота стаяў Раман, каля яго ног, як згорблены сабачка, - блазан Акiплеша. Стражнiк уздыхнуў, пацягнуўся ў сне. Кiн хутка накiраваўся да варотаў, выглянуў, пазнаў Рамана i адцягнуў засаўку.
- Нi халеры не вiдаць, - прамармытаў Раман.
- Я правяду да дзвярэй, - сказаў Кiн. - Iдзiце за мною.
- У такую цямрэчу можна выйсцi, - сказаў Раман блазну. - Мiж iншым, частку дабра б мы вынеслi.
- А далей што? - спытаўся блазан. - Будзеш, дзядзечка, па лесе чарапкi свае насiць, мядзведзяў кармiць?
- Не спяшайся, у гразь уступлю, - сказаў Раман Кiну. Ён iшоў па драўляных мастках, трымаючыся за крысо яго плашча.
Ганна раптам хмыкнула.
- Ты чаго? - спытаўся Жуль.
- Ведаў бы Раман, што калегу за крысо трымае.
- Лепш, каб не ведаў, - сур'ёзна адказаў Жуль.
- Ты чаго гэта падглядваў, дзядзечка? - спытаўся блазан. - Не паверыў, што дам каханай зелля?
- Яна прыйдзе да мяне?
- Спытайся ў каго разумнейшага!
Зарыпелi прыступкi ганка. У дзвярах, якiя адчынiлiся, акрэслiлiся постацi людзей.
Кiн адразу адступiў убок. Данёсся блазнаў голас:
- Штосьцi гэтага ратнiка не памятаю.
- Яны ўсе на адзiн твар, - сказаў Раман.
Праз шчылiну дзвярэй было вiдаць, як блазан адкiнуў люк у склеп. Заглянуў усярэдзiну. Выпрастаўся.
- Мажэй не вяртаўся, - сказаў ён.
Голас яго раптам задрыжаў. Ганна падумала, што i блазны стамляюцца быць блазнамi.
- Лепш будзе, калi ён не вернецца, - сказаў Раман.
- Розум пакiдае цябе, баярын, - сказаў блазан жорстка. - Мажэй аддана служыў табе шмат гадоў.
- Горад не выстаiць, нават калi ўся лiтва прыйдзе на дапамогу.
- Калi загiне епiскап, будзе справядлiва.
- I рыцары адпомсцяць нам люта. Мы загiнем.
- Мы выйграем дзень. Прыйдзе лiтва.
- Я думаю пра самае галоўнае. Я на парозе тайны. Яшчэ дзень, тыдзень, месяц - i сакрэт фiласофскага каменя ў мяне ў руках. Я стану вялiкi... Князi дзяржаваў i царквы будуць у мяне ў нагах... Нiхто не адважыцца адабраць у мяне Магдалену.
- Дурань, - сказаў спакойна блазан, - разумны, а дурнейшы за мяне. Епiскап...
- А што, епiскапу золата не патрэбна? Улада не патрэбна? Епiскап будзе берагчы мяне, як залатую птушку.
- Але ў клетцы, дзядзечка.
- Умовы будуць мае.
- Птушка ў клетцы загадала гаспадару яду падаваць?
- Будуць падаваць. Як мiленькiя.
- Рыцары прыб'юць цябе, не будуць разбiрацца...
- Епiскап ведае, што я тут. Не дасць мяне ў крыўду.
- А ты яго таму беражэш?
- Гэта праўда. Не дзеля мяне - дзеля вялiкай тайны.
- Ой, баярын, заглянi сабе ў душу. Хiба не страшна?
- Страшна, страшна... страшна! - Тады ўцякай! Усё кiдай! Раман раптам выхапiў нож.
- Я заб'ю цябе!
- Нельга! - крыкнуў блазан. З нечаканым спрытам ён пераскочыў цераз адчынены люк, перад слаба асветленай пашчай якога спынiўся Раман. Ухмылка не знiкла з яго твару. Ён кiнуўся на двор, Кiн ледзь паспеў адхiлiцца. На ганку блазан спынiўся, нiбы не разумеючы, як там апынуўся, потым натапырыўся, увабраўшы галаву ў шырокiя плечы.
- Дожджык, - сказаў ён, - дожджык якi... Да скону свету дожджык... Жыцця няма, праўды няма, адзiн дожджык.
Зарыпелi прыступкi. Блазан выйшаў на двор...
Кiн стаяў пасярод верхняй святлiцы. Раман спусцiўся ў склеп, але люк застаўся адчынены.
Кiн асцярожна заглянуў у люк, i шар, завiснуўшы над iм, глядзеў тудысама.
Раман стаяў каля стала, пастукваючы кончыкамi пальцаў па яго краi. Раптам ён сцепануўся. Ён убачыў, што каля печы, у якой ужо патухла, стаiць змерзлы мокры хлопец.
- Ты чаму маўчыш? - спытаўся Раман.
- Я не дагнаў яго, - сказаў хлопец.
- Я i не чакаў, што ты яго дагонiш. А там ты быў?
- Я быў, - адказаў хлопец.
- Што сказалi?
- Сказалi, апоўначы.
- Ты грэйся, грэйся, - сказаў Раман. - Потым дапаможаш мне.
- Дрыжыкi бяруць мяне, - сказаў хлопец. - Цi прыме нас ордэн?
- Ты не бойся. Мяне ўсюды ведаюць. Мяне ў Венецыi ведаюць. I ў Магдабурзе, i ў Майнцы ведаюць... мяне забiць нельга...
У гэты момант усё i здарылася.
Шар вiсеў над самай галавою ў Кiна. Таму адразу было незразумела, хто стукнуў Кiна ззаду. На iмгненне выява ў шары прапала, потым узнiк здзiўлены Кiнаў твар, якi iмкнуўся павярнуцца i тут жа страцiў раўнавагу i рухнуў у люк, павольна спаўзаючы ў падвал па прыступках лесвiцы.
- Стой! Ён жа разаб'ецца!
Зверху мiльгануў аркан - за секунду блазан паспеў дастаць i кiнуць яго так, што вяроўка абхапiла Кiна за плечы i спынiла падзенне. Потым безжыццёвае цела Кiна апусцiлася на падлогу. Падняўшы шар, Жуль убачыў над люкам блазна з арканам у адной руцэ, з дубiнай - у другой. Раман i хлопец адхiснулiся ад люка, замерлi. Раман першы скемiў, што да чаго.
- Хто? - спытаўся ён.
- Ён мне з самага пачатку не спадабаўся - няма ў нас такога ў стражнiках. У мяне, ведаеш, якая памяць на твары. Падслухоўваў. Думаю, лазутчык епiскапаў.
Вочы ў Кiна былi заплюшчаныя.
- Ты яго не забiў? - спытаўся Раман.
- У нас, лiтоўцаў, галава жалезная, - сказаў блазан.
- Што ж рабiць? - сказала Ганна. - Яны яго заб'юць. Ну зрабi што-небудзь, Жуль, мiленькi! Выцягнi яго назад.
- Без яго дапамогi не магу.
- То прыдумай.
- Ды пачакай ты! - агрызнуўся Жуль. - Ты думаеш, ён на шпацыр пайшоў? Выблытаецца. Абавязкова выблытаецца. Нiчога...
- Трэба яго дапытаць, - сказаў Раман.
- Толькi вазьмi ў яго... гэта. Блазан нагнуўся, выхапiў у Кiна меч, арканам звязаў рукi. У гэты момант у люку паказаўся твар другога стражнiка.
- А, Явайла, - сказаў блазан. - Ты гэтага земляка не прызнаеш?
- Не, - адказаў той хутка. - За варотамi князь.
- Гэтага яшчэ не хапала, - сказаў Раман. - Акiплеша, прымi, хутчэй, хутчэй, ну! Глузд, дапамажы яму!
Яны адцягнулi Кiна ўбок, у цень, Раман кiнуў зверху кучу лахманоў... Сцэна была злавесная - ценi мiтусiлiся на сценах, спляталiся, быццам у бойцы.
Князь хутка спусцiўся ўнiз, прыступкi прагiналiся, за iм следам яцвяг у чорнай куртцы i чырвоным каўпаку. Князь быў у кальчузе, кароткi плашч прамок, прылiп да кальчугi, рыжыя валасы ўскудлачаныя. Князь быў сярдзiты:
- Ордэн на прыступ сабраўся, лесвiцы валакуць... Як трымацца, вароты слабыя, людзей мала. Ты чаго тут хаваешся?
- Якая ад мяне карысць на сцяне? Я тут больш патрэбны.
- Ты думай. Нам бы дазаўтра пратрымацца. Раман, чаму на вежах вогненнай вады няма?
- Скончылася, княжа.
- Каб была! Не абаронiм горад - першы памрэш.
- Князь, я твайго роду, не кажы так. Я ўсё раблю...
- Не ведаю, нiкому не веру. Як дрэнна - нiкога няма. Дзе Ўладзiмiр Полацкi? Дзе Ўладзiмiр Смаленскi, дзе Мсцiслаў Удалы? Уладзiмiр Пскоўскi? Дзе рацi? Дзе ўся Русь?
- Я прыйду на сцяну, брат, - памяркоўна сказаў Раман.
- Тут у цябе столькi зелля нарыхтавана!
- Гэта, каб золата рабiць.
- Мне цяпер золата не патрэбна - ты мне самародак дасi, я яго на галаву епiскапу кiну. Ты мне агонь дай, агонь!
- Я прыйду на сцяну, брат.
Кiн заварушыўся пад лахманамi, вiдаць, застагнаў, таму што князь кiнуўся да кучы лахманоў, пад столь узляцелi чорныя ценi, - Кiн быў без прытомнасцi.
- Хто такi? Чаму лiтоўца звязаў?
- Чужы чалавек, - сказаў Раман. - У хату да мяне прабраўся. Не ведаю, можа, ордэнскi лазутчык.
- Забi яго, - князь выцягнуў меч. Ганна закрыла далонямi вочы.
- Не, - пачула яна Раманаў голас. - Я яго дапытаць павiнен. Iдзi, князь, я прыйду. Зробiм агонь - прыйдзем.
- Ты, - сказаў князь яцвягу, - застанешся тут.
- Лiшняе, князь, - сказаў Раман.
- Цяпер я нiкому не веру. Зразумеў. Табе не веру таксама. - Князь адпусцiў дзяржальна мяча. - Нам бы да заўтра пратрымацца.
Князь, аглядаючыся, хутка падняўся па лесвiцы. Спынiўся, глянуўшы ў падвал зверху. I яму вiдаць былi цёмныя ценi, няроўна асветленыя жоўтым святлом твары, бляск рэтортаў i трубак. Князь перахрысцiўся, столь над галовамi чарадзея i яго памочнiкамi, што глядзелi ўверх, здрыганулася, загайдалася ад хуткiх i цяжкiх крокаў князя Вячкi.
- Уся лiтоўская раць не выратуе яго, - цiха сказаў Раман.
Ён падышоў да Кiна, паглядзеў уважлiва на яго твар. Яцвяг - за яго спiной таксама глядзеў на Кiна, холадна i абыякава - для яго смерць i жыццё былi толькi момантамi ў бясконцым чаргаваннi быцця i небыцця.
- Дай чаго-небудзь выпiць яцвягу, - сказаў Раман.
- Ён загаварыў па-латынi, - заўважыў Жуль.
- Цi не ўсё роўна! - усклiкнула Ганна. Яцвяг адступiў на крок, ён быў напагатове.
- Не будзе ён пiць, - сказаў блазан.
Кiн расплюшчыў вочы. Памахаў галавой, зморшчыўся ад болю.
- Нiчога, - сказаў Жуль. - Мы не такiм давалi рады.
- Пiсталет бы яму. Чаму ён не ўзяў зброi!
- Ён не мае права нiкому ўчынiць шкоды.
- Нават калi гэта пагражае яму смерцю?
- Мы гатовы на гэта, - сказаў Жуль.
- Ты хто? - спытаўся Раман, нахiляючыся да Кiна. Кiн маўчаў, глядзеў на Рамана.
- Ён па-нямецку не разумее, - паведамiў блазан.
- Без цябе, дурань, бачу, напэўна, прытвараецца.
- То забi яго, i справе канец, - сказаў блазан.
- А раптам прыслаў яго епiскап?
- Другога прышле, - сказаў блазан. - З моваю.
- Нягоднiк, - сказала Ганна праз зубы.
- Спытайся ў яго па-лiтоўску, - сказаў Раман.
- Ты што тут робiш? - спытаўся блазан.
- Я прыйшоў з Трокаў, - сказаў Кiн. - Я сваiх убачыў.
- Хлусiш, - сказаў блазан.
- Што ён кажа?
- Хлусiць, - сказаў блазан. - Забiць яго трэба, i справе канец.
Кiн паспрабаваў прыпадняцца. Яцвяг, як кошка, мякка выхапiў шаблю.
- Пачакайце, - сказаў Кiн. - Месiр Раман, у мяне да вас важная справа.
- Ён ведае латынь? - вырвалася ў Рамана.
- Баярын, - сказаў хлопец, - час на зыходзе.
- Час? - паўтарыў яцвяг. - Князь чакае. Iдзiце на вежу.
- Зараз, - сказаў Раман. - Ты кажаш, што ведаеш мяне?
- Я прынёс навiны з Брэмена, - сказаў Кiн. - Я не магу сказаць цяпер. Я буду гаварыць толькi адзiн на адзiн. Развяжыце мяне.
- Не, - сказаў Раман. - Нават калi ты не хлусiш, ты ўсё роўна застанешся тут. Я не веру табе.
- Час не чакае, - сказаў хлопец.
- Што ён увесь час паўтарае? - спытаўся блазан.
- Ён павiнен сустрэцца з адным чалавекам.
Яцвяг паклаў на левую далонь лязом шаблю, быццам цешыўся з яе цьмянага бляску.
- Князь загадаў, - паўтарыў ён, - пара iсцi.
- З табою пойдзе Акiплеша, - сказаў Раман. - Ён усё ведае.
- Князь загадаў, - паўтарыў яцвяг, i ў словах яго была пагроза.
Ганна ўбачыла, што Раман падаў якiсьцi знак хлопцу i той, ледзь прыкметна кiўнуўшы, пайшоў уздоўж сцяны ў змроку. Кiн ляжаў з расплюшчанымi вачыма. Уважлiва сачыў за людзьмi ў падвале. Крыху паварушыў плячыма.
- Ён здыме вяроўкi, - прашаптаў Жуль, нiбыта баяўся, што яго пачуюць, галоўнае - зняць вяроўкi.
Яцвяг таксама ўважлiва сачыў за тым, што адбываецца навокал, нiбы адчуваў нядобрае.
- Цэзар, - сказаў блазан, - не бяры грэх на душу.
- Ты нiколi не станеш вялiкiм чалавекам, - адказаў Раман, робячы крок да стала, каб адцягнуць увагу яцвяга, - наш час не трывае добрых. Стаўка занадта вялiкая. Стаўка - жыццё i вялiкая магiя. Ты! - крыкнуў ён нечакана яцвягу. I замахнуўся кулаком. Яцвяг мiмаволi ўзняў шаблю.
I ў гэты момант блiснуў хлопцаў нож - коратка, невыразна адлюстраваўшыся ў рэтортах. I яцвяг адразу выпусцiў шаблю, бессэнсоўна i безнадзейна iмкнучыся ўбачыць прычыну болю, дастаць закiнутымi за спiну рукамi ўваткнуты ў спiну нож... i рухнуў на бок, ссунуўшы цяжкi стол. Рэторта з цёмнай вадкасцю захiсталася, i Раман кiнуўся да стала i падхапiў яе.
- Як я спалохаўся... - сказаў ён. Блазан глядзеў на яцвяга.
- Нядобра выйшла, - сказаў блазан. - Ой, як нядобра выйшла...
- Скажам князю, што ён пайшоў. Выцягнi яго наверх - i за хлеў. Нiхто ноччу не знойдзе.
- Кроў, - сказаў блазан. - I гэта ёсць пазнанне?
- Дзеля якога я аддам сваё жыццё, а тваё - тым больш, - сказаў Раман. Цягнi, ён лёгкi. Блазан стаяў нерухома.
- Паслухай, - сказаў Раман. - Я вiнаваты, я цябе ўсё жыццё iншаму вучыў... я цябе вучыў, што жыццё можна зрабiць добрым. Але нельга не змагацца. За навуку змагацца трэба, за шчасце... iдзi, мой раб. У нас ужо няма выйсця. I грэх на мне.
Блазан нагнуўся i ўзяў яцвяга за плечы. Галава адкiнулася назад, рот пратулiўся ў грымасе.
Блазан павалок яго да лесвiцы. Хлопец падхапiў за ногi забiтага.
- Я больш не магу, - сказала Ганна. - Гэта жах.
- Гэта не канец, - сказаў Жуль. Ён наблiзiў шар да Кiнавага твару, i той, нiбыта здагадаўшыся, што яго бачаць, усмiхнуўся вуснамi.
- Вось бачыш, - сказаў Жуль. - Ён справiцца.
У Жулевым голасе не было ўпэўненасцi.
- А цi можна выклiкаць вам дапамогу? - спыталася Ганна.
- Не, - коратка адказаў Жуль. Блазан з хлопчыкам выцягнулi труп наверх. Раман паклiкаў хлопца:
- Глузд! Вярнiся.
Хлопец збег па лесвiцы ўнiз.
- Мне не дацягнуць, - зверху паказаўся блазнаў твар.
- Дацягнi да выхаду - паклiчаш Явайлу. Схавайце - тут жа iсцi на сцяну. Скажаш, што я - следам. Хлопец стаяў пасярод пакоя. Ён быў бледны.
- Стамiўся, мой хлопча? Цяжкая школа чарадзея?
- Я паслухмяны, настаўнiк, - сказаў юнак.
- Тады iдзi. Памятай, што павiнен завязаць яму вочы.
Хлопец адчынiў патайныя дзверы i знiк. Раман паглядзеў на вялiкi пясочны гадзiннiк, якi стаяў на палiчцы каля печы. Пясок ужо ўвесь высыпаўся. Ён пацiснуў плячыма, перавярнуў гадзiннiк i глядзеў, як пясок сыплецца тонкiм струменьчыкам.
- Другая гадзiна апоўначы, - сказаў Кiн, - хутка пачне свiтаць. Ночы кароткiя.
- Так? - Раман нiбы ўспомнiў, што не адзiн у падвале. - Ты мне загадка - лiтовец. Цi не лiтовец? Лiў? Эст?
- Хiба гэта важна, чарадзей? - спытаўся Кiн. - Я вучань Бертольда фон Гоца. Ты чуў гэтае iмя?
- Я чуў гэтае iмя, - сказаў Раман. - Але ты не ведаеш, што Бертольд ужо два гады як памёр.
- Гэта толькi чуткi.
Дзверы загайдалiся, адчынiлiся, i з падземнага хода выйшаў хлопец, ведучы за руку высокага чалавека ў манаскiм убраннi з капюшонам, насунутым на лоб, i з цёмнай павязкай на вачах.
- Можаце зняць павязку, - сказаў Раман. - У нас мала часу.
Манах зняў павязку i перадаў хлопцу.
- Я падпарадкоўваюся ўмовам, - сказаў ён. - Я таксама рызыкую жыццём.
Ганна пазнала ландмайстра Фрыдрыха фон Какентаўзена. Рыцар падышоў да стала i сеў, паклаўшы на стол жалезную руку.
- Як рука? - спытаўся Раман.
- Я ўдзячны табе, - сказаў Фрыдрых. - Я магу трымаць ёю шчыт. - Ён павярнуў рычажок на тыльным баку жалезнай далонi. Пальцы сцiснулiся, нiбыта абхапiлi дрэўка дзiды. - Дзякую. Епiскап выбраў мяне, таму што мы з табою даўнiя сябры, - сказаў Фрыдрых. - I ты давяраеш мне. Раскажы, чаго ты хацеў нас бачыць?
- Вы злавiлi жамойта, якi ўкраў у мяне гаршчок з вогненнай сумессю.
- Так, - коратка сказаў Фрыдрых. - Ён хацеў забiць епiскапа?
- Зелле магло разарваць на кавалкi сто чалавек, - сказаў Раман.
Жуль зноў скiраваў шар на Кiна, i Ганна ўбачыла, як Кiн павольна варушыць рукою, вызваляючы яе.
- А гэта хто? - рыцар раптам павярнуўся да Кiна.
- Я хацеў у цябе спытацца, - сказаў Раман. - Ён запэўнiвае, што ён вучань Бертольда фон Гоца.
- Гэта хлусня, - сказаў рыцар. - Я быў у Бертольда перад яго смерцю. Нас, хто мае дачыненне да вялiкай тайны магii i ператварэнняў элементаў, так мала на свеце. Я ведаю ўсiх яго вучняў... Ён хлусiць. Дарэчы, паглядзi, зараз ён вызвалiць руку.
- Чорт! - вылаяўся Жуль. - Як ён заўважыў? Раман з хлопцам тут жа кiнулiся да Кiна.
- Твая праўда, брат, - сказаў Раман Фрыдрыху. - Дзякуй табе.
Кiн быў нерухомы.
- Гэта першы чалавек, якi развязаў вузел майго блазна.
- I таму яго трэба забiць, - сказаў рыцар. Раман схапiў з-за стала тоўстую вяроўку i моцна звязаў Кiну рукi.
- Пачакай, - сказаў Раман. - Ён размаўляе па-латынi не горш за нас з табою i ведае iмя Бертольда. Хутка вернецца мой блазан i дапытае яго. Ён дапытае яго як трэба. агнём.
- Як хочаш, - сказаў Фрыдрых. - Я чуў, што ты наблiзiўся да адкрыцця тайны золата.
- Ага, - сказаў Раман. - Я наблiзiўся. Але гэта доўгая праца. Гэта будзе не сёння. Я турбуюся за лёс гэтай працы.
- Цi толькi працы?
- I свой, i маiх памочнiкаў.
- Чым мы табе можам быць карысныя?
- Ты ведаеш чым - ты мой даўнi знаёмы. Ты страцiў руку, калi ў тваiм замку адбыўся выбух рэторты, хоць i кажаш, што гэта здарылася ў бiтве з сарацынамi.
- Дапусцiм, - сказаў рыцар.
- Мне галоўнае - захаваць усё гэта. Каб працаваць далей.
- Пахвальна. Але калi нашыя пойдуць заўтра на штурм, як я магу абяцаць табе бяспеку?
- I не толькi мне, брат, - сказаў Раман. - Ты ведаеш, што ў нас жыве польская князёўна?
Шар зноў прыблiзiўся да Кiна. Губы ў Кiна заварушылiся, i шар перадаў яго шэпт:
- Дрэнь справы. Думай, Жуль... Жуль кiўнуў, нiбыта Кiн мог убачыць яго. I павярнуўся да Ганны - можа, шукаў спачування?
- Калi ты пойдзеш, я не спраўлюся з машынаю? - спыталася Ганна.
- Не, мая дзяўчынка, - сказаў Жуль цiха. - Табе не выцягнуць нас.
Раман i рыцар паднялi галовы.
- Нехта iдзе, - хутка сказаў Раман хлопцу. - Затрымай яго. Я вярнуся. Рыцар цяжка ўстаў з-за стала i апусцiў капюшон.
- Завязаць вочы? - спытаўся Фрыдрых.
Раман махнуў рукою.
- Я выйду з табою. Хутчэй.
Патайныя дзверы зачынiлiся за рыцарам i Раманам.
Блазан спусцiўся па лесвiцы.
- Дзе гаспадар? - спытаўся ён.
- Не ведаю, - сказаў хлопец.
- Уцёк да ордэнскiх братоў? Не, ён адзiн не ўцячэ. Яму ўсё гэта патрэбна... гэтае яго золата... Гэтая яго ўлада i слава.
22
- Жуль, - сказала Ганна, - я ведаю, што рабiць.
- Праўда? - Жуль зноў павялiчыў Кiнаў твар. Кiн глядзеў на блазна.
- Я падобная на Магду. Ты сам сказаў, што я падобная на Магду.
- Якую яшчэ Магду? - у Жулевых вачах была туга.
- Польскую князёўну, Магдалену.
- Ну i што?
- Жуль, я пайду туды. Замест яе.
- Ты што, з глузду з'ехала? Не кажы глупства. Цябе пазнаюць. Мне яшчэ не хапала тваёй смерцi. I куды мы князёўну дзенем?
- Ды слухай спакойна. Жуль, мiлы, у нас з табою няма iншага выйсця. Хутка будзе свiтаць. Кiн звязаны i бяссiльны.
- Сцiхнi. I без тваiх iдэй моташна.
- Усё вельмi проста. Ты можаш мяне высадзiць у любым месцы.
- Вядома. - Ён пацiснуў плячыма.
- Тады высадзi мяне ў князёўнiнай спальнi. Гэта адзiнае выйсце. Зразумей нарэшце. Калi я не прабяруся да Кiна ў блiжэйшыя хвiлiны, ён загiне. Я ўжо не кажу, што правалiцца вашая справа. Кiн можа загiнуць. I мне гэта не ўсё роўна!
- Ты хочаш сказаць, што мне ўсё роўна? Ты што думаеш, Кiн першы? Думаеш, нiхто з нас не гiнуў?..
З акенца павеяла вiльготным халадком - надвор'е ў дваццатым стагоддзi таксама пачало псавацца. Брахалi сабакi. Ганна раптам адчула сябе ўдвая старэйшаю за Жуля.
- Не ў гэтым справа! Вядзi шар! Будзь мужчынам, Жуль! Вы азнаёмiлi мяне з вашай справай...
- Так, але... - Жуль сумеўся. - Занадта мы ўжо лезем у мiнулае.
- Перажывём. Успомнi: Кiн ляжыць звязаны.
Жуль некалькi секунд сядзеў нерухома. Потым рэзка павярнуўся, кiнуў позiрк на Ганну.
- Можа атрымацца так, што я не змагу сачыць за табою.
- Не марнуй часу. Вядзi шар у церам. Мне ж трэба пераадзецца.
- Пачакай, можа быць...
- Паехалi, Жуль, мiленькi!
Ганну ахапiла лiхаманкавае нецярпенне, як бы перад скачком з парашутам, i было страшна, але страх запазнiцца скочыць своечасова быў яшчэ большы.
Шар пакiнуў Раманаву хату, праляцеў над дахам. Краем вока Ганна заўважыла агеньчыкi на сценах i далёкае зарыва. Наперадзе быў церам.
Шар завiс у калiдоры, павольна папоўз уздоўж цёмных сцен. Ганна падышла да рамы, хацела ўвайсцi, потым апамяталася, пачала паспешна сцягваць кофту...
- Усё чыста, - сказаў Жуль. - Можна.
- Пачакай! - крыкнула Ганна. - Я ж не магу там пакiнуць вопратку...
Князёўна спала на нiзкiм куфры з цвёрдым узгалоўем, накрыўшыся коўдрай са шкур. Адзiнокi каганец мiгцеў на стале. Па шыбе з слюды сцякалi каплi дажджу. Шар закружыўся па пакоi, абышоў усе куткi i спынiўся перад заднiмi, зачыненымi дзвярыма...
- Май на ўвазе, што там спiць яе цётка, - сказаў Жуль.
Потым iншым голасам, прагнаўшы сумненнi:
- Добра. Цяпер слухай уважлiва. Момант пераносу не павiнен мець памылак.
Жуль падняўся, дастаў з пульта плоскую аплатку, крыху меншую за капеечную манетку, прыцiснуў яе Ганне пад левым вухам. Аплатка была халаднаватая, цмокнуўшы, яна прысмакталася да скуры.
- Каб вярнуцца, ты павiнна замкнуць поле. Для гэтага дакранаешся пальцам да гэтага... прысоска. Я цябе выцягну. Будзеш там прызямляцца крыху падагнi ногi, каб не стукнуцца.
Польская князёўна павярнулася ў сне, заварушыла губамi. Рука ўпала ўнiз - сагнутыя пальцы дакранулiся да падлогi.
Ганна хуценька ступiла ў раму. Платформа холадам працяла яе босыя ногi. I адразу ж закружылася галава, i пачалося падзенне - падзенне ў глыбiню часу, бясконцае i страшнае, таму што не было за што ўчапiцца, не было каму крыкнуць, каб спынiлi, затрымалi, выратавалi, i не было голасу, не было верху i нiзу, была смерць або пярэдадзень яе, i ў галаве кружылася адна думка - чаму ж ёй не сказалi? Не папярэдзiлi? Чаму ёй здрадзiлi, пакiнулi яе, забылiся? Яна ж нiкому кепскага не зрабiла! Яна яшчэ такая маладая, яна не паспела пажыць... Жаль да сябе адгукнуўся болем у сэрцы, слёзнай слабасцю, а падзенне прадаўжалася i раптам... спынiлася, заняло дух, нiбы ў засеўшым лiфце, i Ганна расплюшчыла вочы...
Цвёрдая падлога стукнула знiзу ў ступакi. Ганна праглынула слiну.
Каганец гарэў на стале. Побач стаяла крэсла з простаю высокаю спiнкаю. Пах дрэнна вырабленых шкураў, дыму з печы, гарэлага масла, поту i мускусу стукнуў у ноздры... Ганна зразумела, што яна ў iншым стагоддзi.
Колькi прайшло часу? Гадзiна цi больш?.. Не, гэта памылковае адчуванне - Кiн жа пранiк у мiнулае амаль iмгненна: ступiў у раму i апынуўся ў Раманавым двары. А раптам машына сапсавалася i яе падарожжа на самай справе зацягнулася? Не, на невысокiм куфры спiць польская князёўна, рука яе ледзь-ледзь дастае да падлогi.
- Адзiн, два, тры, чатыры, пяць, - лiчыла ў памяцi Ганна, каб думкi вярнулiся на месца. Жуль цяпер бачыць яе ў шары. Дзе ж шар? Напэўна, крыху вышэй, над галавой, i Ганна паглядзела туды, дзе павiнен быў вiсець шар, i ўсмiхнулася Жулю - яму цяпер горш за ўсiх. Ён адзiн. Ах ты, гусар з дваццаць сёмага стагоддзя, табе, напэўна, пападзе за выкапнёвую дзяўчынку...
Цяпер трэба дзейнiчаць. I хутчэй. У любы момант можа пачацца штурм горада. Ганна паглядзела ў невялiкае, застаўленае слюдой акенца, i ёй здалося, што ў цемры ночы яна ўгадвае сiнь досвiтку.
Магдаленiна сукенка ляжала на табурэцiку каля куфра, невысокiя боцiкi без абцасiкаў валялiся побач.
Ганна прыслухалася. Церам жыў начным жыццём - скрыпам дошак у падлозе, пiскам мышэй на гарышчы, аддаленым лязганнем зброi, вокрыкам вартавога ля ганка, лёгкiм шорганнем крокаў... Князёўна замармытала ў сне. Было душна. У трынаццатым стагоддзi не любiлi расчыняць вокны.
Князёўнiна сукенка гучна зашалясцела. Надзяваць яе прыйшлося знiзу вышэй талii яна сцягвалася тасёмкамi. На грудзях сукенка цеснаватая - няхай сабе, пацерпiм. Цяпер вельмi важна - хустка. Яе трэба завязаць так, каб не было вiдаць валасоў. Дзе шапачка - пляскатая з залатым абручом? Ганна ўзяла каганец, пасвяцiла над сталом, у кутку знайшла шапачку. Цяпер каб люстэрка, - як дрэнна выпраўляцца ў мiнулае ў такой спешцы. "Строi нам павiнны быць да твару, - падумала Ганна, - але як шкада, што iнфармацыю давядзецца чэрпаць з чужых вачэй". Вядома, у князёўны дзесьцi ёсць люстэрка на доўгай ручцы, як у казках, але няма часу шнарыць па чужых куфрах. Ганна сунула нагу ў боцiк. Боцiк засеў на шчыкалатцы - нi туды нi сюды. За перагародкай нехта заварочаўся. Жаночы голас. Спытаў па-русiнску:
- Ты што, Магда, не спiш?
Ганна разгубiлася, адказала не адразу.
- Сплю, - сказала яна цiха.
- Спi, спi, - гэта быў цётчын голас. - Можа, чаго даць?
Цётка цяжка ўздыхнула.
Ганна адказалася ад думкi пашпацыраваць у боцiках. Нiчога, сукенка доўгая. Якi жаль, што дамы ў той час не насiлi вуаль... Зрэшты, наша трагедыя адбываецца пры цьмяным штучным асвятленнi, тут i родную мацi не пазнаеш. Ганна агледзела сябе яшчэ раз - можа, што-небудзь забылася? Лёгенька падняла князёўнiну руку i паклала на куфар - каб не здранцвела. Падумала, што цяпер Жуль, напэўна, аблаяў яе апошнiмi словамi. Навошта непатрэбная рызыка! Ганна адчувала дзiўную блiзкасць, амаль роднасць з дзяўчынай, якой i ў галаву не магло прыйсцi, што яе сукенку надзела на сябе другая, тая, што будзе жыць праз шмат соцень гадоў...
- Нiчога, - прашаптала яна, старанна варушачы губамi, каб Жуль бачыў, яна моцна спiць.
Ганна прашмыгнула да дзвярэй - у суседнiм пакоi надта заскрыпела, i голас цёткi, якая ўжо зусiм прачнулася, паведамiў:
- Я да цябе iду, дзяўчынка, не спiцца мне...
Ганна тузанула на сябе дзверы. Дзверы не паддалiся. Босыя ногi дакранулiся да падлогi - як усё чуваць у гэтым доме? - цётка скiнула нешта. Туп-туп-туп - яе крокi. Праклятае колца ў iльвiнай пашчы - гэта стары чараўнiк дзед Генадзь ва ўсiм вiнаваты... Ганна здагадалася павярнуць колца. Ззаду таксама адчынiлiся дзверы, але Ганна не стала аглядвацца, нагнуўшыся, каб не разбiць галаву, шмыганула ў цемру калiдора. За дзвярыма бубнела цётка.
23
Першы чалавек, якi трапiўся Ганне, быў стражнiк ля ўвахода ў церам. Ён стаяў каля поручняў ганка, глядзеў на зарыва, што трапяталася за сцяною горада, прыслухоўваўся да далёкага шуму на сценах. Стражнiк аглянуўся. Гэта быў пажылы мужчына, кальчуга яго была распорана на грудзях i сяк-так забэрсана скураным раменьчыкам.
- Што гарыць? - спыталася Ганна, не даючы яму абдумаць, дзеля чаго гэта польская князёўна шпацыруе па начах. Зрэшты, стражнiку было не да яе: адчуванне навiслай пагрозы авалодала ўсiмi гараджанамi.
- Стагi гараць - на балоце. Я так думаю. Дождж амаль сцiх, але завулкi за пляцам патаналi ў цемры. Адсюль, з ганка, усё выглядала не так, як у шары, i Ганна засумнявалася, куды iсцi. Можа, таму, што халодны i вiльготны вецер, гукi i дыханне горада прымусiлi ўсё ўспрымаць iнакш. Перад ёю быў ужо не тэлевiзар.
- Пачакай, - сказаў стражнiк, толькi цяпер скемiўшы, што полька збiраецца ў горад. - Нядобры час гуляць.
- Я вярнуся, - сказала Ганна.
Яе цень, тонкi, гнуткi, доўгi, бег перад ёю па мокрай зямлi плошчы.
- Калi на сцяне будзеш, - крыкнуў услед ратнiк, - паглядзi, гэта стагi гараць, цi што?
Ганна мiнула калодзеж, плошча звузiлася, - сабор здаваўся ружовым. Тут ад галоўнай вулiцы павiнен адыходзiць завулак да Раманавай хаты. Ганна ткнулася
туды - спынiлася. Яна больш не была назiральнiкам i стала часткай гэтага свету.
Ууу - загуло наперадзе, нiбы нейкi страшны звер высоўваўся з цемры. Ганна кiнулася ўбок, стукнулася ў плот. Роў цi стогн нарастаў, i Ганна, не могучы больш таiцца, павярнула назад да церама - там быў стражнiк.
З завулка паказаўся страшны абадраны чалавек, адну руку ён прыцiскаў да вачэй, i памiж пальцамi лiлася кроў, У Другой была сукаватая палка, якой ён размахваў, знясiлена выючы - аднастайна, нiбыта спяваў. Ганна пабегла да церама, коўзаючыся па гразi i баючыся крыкнуць, баючыся прыцягнуць да сябе ўвагу. П'яныя, няўпэўненыя, пагрозлiвыя крыкi чалавека з дубiнаю наблiжалiся, да iх прымешваўся мерны грукат, тупат, крык, але не было дзе схавацца, i дзесьцi знiк, як у кашмары, стражнiк каля ганка - ганак быў чорны i пусты, як i сам церам.
Роў даганятага раптам перайшоў у крык - вiск - лямант - i абарваўся. Ветрам падхапiла, ледзь не збiла Ганну з ног - побач пранеслiся ценямi з вогненнымi блiкамi на тварах коннiкi Апакалiпсiса - яцвягi, што акружалi князя Вячку, пярэднiя былi з факеламi, ад якiх пырскамi ляцелi iскры.
Ганна аглянулася - невыразнаю плямаю, амаль не адрознiш, ляжаў забiты. Церам раптам ажыў, асвяцiўся факеламi, выбеглi стражнiкi. Князь саскочыў з каня. Яцвягi не спяшалiся, круцiлiся каля ганка,
- Хто там быў? - спытаўся князь.
- П'яны, - адказаў яцвяг.
- Добра. Не хапала яшчэ, каб па горадзе бегалi забойцы. Ты i ты, паклiчце баярына Рамана. Калi не пойдзе, вядзiце сiлай.
- Паклiчам. - Ганне з ценю каля плота вiдаць была ўсмешка яцвяга.
Коннiкi адначасова сцебанулi коней, прамiльгнулi зусiм блiзка каля Ганны i знiклi. Значыць, там i ёсць патрэбны ёй завулак. Яна чула, як тупат капытоў абарваўся, прагучаў рэзкi гартанны голас, якi, адбiўшыся ад платоў, пакацiўся назад на вулiцу, i Ганна ўявiла сабе, як замкнёныя ў хатах жыхары прыслухоўваюцца да гукаў з вулiцы, усёй скурай адчуваючы, што настала апошняя ноч...
Князь Вячка ўвайшоў у церам. Яцвягi пасаскоквалi з сёдлаў, вялi паiць коней.
Ганна сумнявалася - iсцi цi не iсцi. А раптам прымчацца назад яцвягi з Раманам? Але Раман мог не вярнуцца з падземнага хода. А калi ён вырашыць забiць Кiна? Час цёк, як пясок мiж пальцаў, беглi хвiлiны. Не, чакаць больш нельга. Яна зрабiла крок за вугал, заглянула ў кароткi завулак. Вароты былi расчыненыя. Адзiн з яцвягаў стаяў знадворку, ля варотаў, трымаў коней.
I тут жа ў варотах узнiк водблiск пажару. Iшоў Раманаў стражнiк з факелам. Раман iшоў следам. Ён спяшаўся. Яцвягi селi на коней i ехалi крыху ззаду, нiбы сцераглi палонных. Раман быў такi бледны, што Ганне здалося твар яго фасфарысцыруе. Ганна адхiнулася - чалавек з факелам прабег побач. I тут жа - Раманавы вочы, блiзка...
- Магда! Ты да мяне?
- Ага, - адказала Ганна, прыцiскаючыся да сцяны.
- Дачакаўся, - сказаў Раман, - прыйшла, галубка.
- Спяшайся, баярын, - сказаў яцвяг. - Князь гневаецца.
- Явайла, правядзi князёўну да майго дома. Яна будзе чакаць мяне там. I калi хоць адзiн волас упадзе з яе галавы, табе не жыць... Дачакайся мяне, Магдалена.
Яцвяг дакрануўся дзяржаннем нагайкi да спiны чарадзея.
- Мы стамiлiся чакаць, - сказаў ён.
- Святло факела ўпала на труп вар'ята.
- Магда, я вярнуся, - сказаў Раман. - Ты пачакаеш?
- Ага, - адказала Ганна. - Пачакаю.
- Слава богу, - дадаў Раман. Адыходзячы, ён аглянуўся, каб упэўнiцца, што стражнiк падпарадкаваўся загаду. Стражнiк, без аглядкi iдучы па вулiцы, крыкнуў:
- Вароты не зачыняйце, мяне назад паслалi. - I дадаў нешта па-лiтоўску. У варотах паказаўся твар другога стражнiка.
"Няма лiха без дабра", - падумала Ганна. Не трэба думаць, як увайсцi ў дом. Ён чакаў, ён быў гатовы ўбачыць князёўну. I ўбачыў.
24
Стражнiк правёў Ганну да дзвярэй. Лiтоўцы глядзелi на яе раўнадушна. Яна iшла, апусцiўшы вочы.
Зарыпелi дошкi насцiлу, стражнiк узышоў на ганак, штурхнуў дзверы i штосьцi крыкнуў усярэдзiну.
Ганна чакала. Зарыва як быццам стала меншае, затое з супрацьлеглага боку пачало святлець, хоць у горадзе было яшчэ зусiм цёмна.
З сярэдзiны данеслiся шпаркiя крокi, i на парог выбег, кульгаючы, блазан. Ён спынiўся, углядаючыся.
- Панi Магда?! - Здаецца, ён не верыў сваiм вачам.
- Пан Раман, - сказала Магда, - загадаў мне чакаць яго.
- Не можа быць, - сказаў блазан. - Ты павiнна спаць. Ты не павiнна была сюды прыходзiць. Нi ў якiм разе! Пакуль ты ў цераме, ён не ўцячэ, няўжо не разумееш? Чаму ты не спiш? Ты ж выпiла зелле? Ах, цяпер ты ў яго ў руках.
Ганна падумала, што пра зелле яна, Магда, ведаць не павiнна. Але паказаць цiкавасць трэба.
- Якое зелле? - спыталася яна.
- Хадзi, князёўна, - сказаў блазан. - Не слухай дурня. Iдзi, на вулiцы стаяць...
Ён падаў занадта вялiкую на яго рост руку, i Ганна паслушна, трымаючыся за яго сухiя пальцы, прайшла ў святлiцу.
Люк у падвал быў зачынены. Да Кiна некалькi крокаў.
- Сюды хадзi, - паклiкаў блазан, адчыняючы дзверы ў пакой. Але Ганна спынiлася на парозе.
- Я пачакаю тут, - сказала яна.
- Як хочаш. - Блазан быў засмучаны. - I чаго ты прыйшла? Хто цябе разбудзiў? Няўжо я памылiўся... гэта ж зелле, ад якога сама не прачнешся...
"Ён даў ёй снатворнага? Ах ты, iнтрыган!" - ледзь не вырвалася ў Ганны. Замест гэтага яна ўсмiхнулася i спыталася:
- А дзе ж твой гаспадар займаецца чарадзействам?
- Хiба гэта так важна? - спытаўся блазан. - Гэта ўжо не важна. Ты гаворыш па-русiнску. Але дзiўна. Гаворка твая чужая.
- Ты забыўся, што я выхавана ў Кракаве?
- Выхавана? Чужое слова, - сказаў блазан. - Ты вымаўляеш дзiўныя словы.
Века над люкам паднялося. Блазан жвава аглянуўся.
Хлопцава галава паказалася ў люку.
- Ты чаго, Глузд?
- Той, лiцвiн, б'ецца... баюся я яго. Паглядзi, Акiплеша.
- Прырэж яго, - спакойна адказаў блазан.
- Не! - вырвалася ў Ганны. - Хiба можна? - Яна ступiла да адчыненага люка. - Як ты пасмееш?.. - Яна амаль крычала: толькi б Кiн зразумеў, што яна побач.
Блазан спрытна выкруцiўся i стаў памiж люкам i Ганнаю.
- Табе туды нельга, князёўна, - сказаў ён. - Не дазволена.
- Гэй! - пачуўся знiзу прарэзлiвы Кiнаў голас. - Развяжы мяне, скамарох. Вядзi да князя. Я маю што сказаць!
- Знаёмы голас, - сказала Магда. - Хто ў цябе там?
- Не твой клопат, панi.
- Раб! - усклiкнула яна. - Смерд! Як ты пасмеў пярэчыць! - Ганна не баялася сказаць якое-небудзь слова, якога яны не ведалi. Яна iншаземка i не мела iншай адукацыi, акрамя хатняй.
I ў голасе адукаванай масквiчкi канца дваццатага стагоддзя раптам загучалi такiя велiкакняжацкiя iнтанацыi, што Жуль усмiхнуўся...
- Прэч з дарогi! - крыкнула Ганна. - Паглядзiм, што скажа баярын, калi даведаецца пра тваё свавольства. I блазан адразу знiк. Нiбыта яму стала ўсё роўна - убачыць Магда нявольнiка цi не...
Ганна ганарлiва адпiхнула хлопца i спусцiлася ўнiз у знаёмае ёй сутарэнне, дзе было мноства рэтортаў, гаршкоў, медных тыгляў - невядомых прадвеснiкаў хiмiчнай навукi. Моцна пахла сернаю кiслатою. Кiн назiраў, прыпёршыся да сцяны. Ганна падмiгнула яму, Кiн насупiўся i прамармытаў праз зубы:
- Яшчэ чаго не хапала.
- Дык вось ты дзе? - абурана сказала князёўна, гледзячы на Кiна. - Чаму звязаны? Што яны з табою зрабiлi?
- Панi, - зразумеў Кiн, - я дрэннага не рабiў.
Я прыйшоў да пана Рамана ад вас, але мяне нiхто не слухае.
Ганна азiрнулася. Хлопец стаяў каля лесвiцы, блазан на прыступках. Абодва ўважлiва слухалi.
- Do you speak English?
- А little.*
* - Вы размаўляеце па-ангельску?
- Крыху.
Ганна ўздыхнула з палёгкаю.
- Нам трэба iх пераканаць, - працягвала яна па-ангельску.
- Малайчына, - сказаў Кiн. - Як скажаце, панi.
- Развяжы яго, - загадала Ганна хлопцу.
- Зараз, панi, - сказаў ён нясмела. - Але... Пан...
- Пан зробiць усё, што я захачу.
Хлопец аглянуўся на блазна. Той спусцiўся ў падвал, сеў за стол.
- Рабi, - хмура сказаў ён, - пан выканае ўсё, што яна скажа.
- Дзе ваш каханы? - спытаўся Кiн па-ангельску.
- Не смейцеся. Я сумленная дзяўчына. Ён з князем. Яны абмяркоўваюць пытаннi абароны.
Кiн падняўся, размiнаючы здранцвелыя пальцы.
- Я пайшоў. Мне трэба быць з iм. А вам лепш вярнуцца.
- Не, я застануся. Раман прасiў мяне застацца. Я магу дапамагчы вам, калi вы вернецеся.
- На выпадак небяспекi вы ведаеце, што рабiць?
- Зразумела, - сказала Ганна па-расейску. - Iдзi да Рамана, беражы яго. - Яна павярнулася да хлопца. - Правядзi майго слугу да выхаду. Каб яго не трымалi стражнiкi.
Хлопец зiрнуў на блазна. Той кiўнуў. Хлопец пайшоў следам за Кiнам. Блазан сказаў:
- Thy will releaseth him from the fetters.*
* Твая воля выпусцiла яго з аковаў (старажытнаангл.).
Ганна збянтэжылася:
- Ты разумееш гэтую мову?
- Я бываў у розных краях, князёўна, - сказаў блазан. - З маiм панам. Мы, рабы, утойваем свае веды...
"Не можа быць, - падумала Ганна, - ён не мог усё зразумець. Сем жа стагоддзяў прайшло, мова так змянiлася".
25
- Тут вы дабываеце золата? - спыталася Ганна. У печы зус патухла, толькi пад попелам тлелi чырвоныя вугалькi.
- Мой пан робiць гэта, каб дагадзiць богу, - сказаў блазан.
- Веру, веру, - сказала Ганна. - А цi праўда, што ён вынайшаў кнiгадрукаванне?
- Не ведаю такога слова, панi, - прамовiў блазан. Ён падышоў да вуголля i выставiў свае вялiкiя рукi.
- Ты дапамагаеш пану?
- Калi ён дазваляе мне. А навошта табе i твайму чалавеку мой пан? спытаўся карлiк.
- Я не зразумела цябе.
- Вы размаўляеце на мове, якая падобная на мову саксаў. Твой чалавек пабег па майго пана.
- Ты баiшся за яго?
- Я баюся страху майго пана. I яго кахання да цябе. Ён забываецца пра другiх. Гэта прывядзе да смерцi.
- Чыёй смерцi?
- Сёння смерць чакае ўсiх. Калi хапаешся за адно, забываеш пра галоўнае.
- Што ж галоўнае? - Ганна хацела дадаць раб цi дурань, але зразумела, што не хоча больш гэтай гульнi.
- Галоўнае? - Блазан павярнуўся да яе, адзiнае яго вока было страшэнна сумнае. - Ты чужая. Ты не можаш зразумець.
- Я паспрабую.
- Зараз божыя дваране пойдуць на прыступ. I нiкому лiтасцi не будзе. Але калi я здагадаўся правiльна, то баярын Раман хадзiў, каб дамовiцца з божымi дваранамi так, галоўнае прападзе.
- Але ж застаецца навука, яе вялiкае адкрыццё.
- Ты, князёўна, з багатых. Ты нiколi не галадала. Цябе нiколi не бiлi, не палiлi, з цябе не здзекавалiся... табе нiчога не пагражае. Цябе нiхто не кране - нi тут, нi ў турме. А вось усе гэтыя людзi, тыя, што спяць цi не спяць, хвалююцца, п'юць, ядуць, плачуць на вулiцах, - iх паб'юць. I ўсё гэта не мае значэння для майго пана. I для цябе - iх мука да вас не даляцiць.
Карлiк, асветлены чырвоным святлом вугалёў, быў страшны. Вось такiя былi першыя прапаведнiкi сярэдневяковай справядлiвасцi, такiя iшлi на кастры. Людзi, якiя зразумелi, што кожны варты жыцця, i былi бяссiльныя.
- Ты памыляешся, блазан.
- Не, не памыляюся. Нават цяпер у тваiх добрых вачах i ў тваiх добрых словах няма праўды. Ты не ведаеш, цi ёсць у мяне iмя, слава i гонар. Блазан, дурань...
- Як цябе завуць?
- Акiплеша - гэта таксама мянушка. Я не памятаю свайго iмя. Але я не раб! Я зраблю тое, чаго не хоча рабiць Раман.
- Што ты можаш зрабiць?
- Я выйду падземным ходам, я знайду ў лесе лiцвiнаў, я скажу iм, каб спяшалiся.
- Ты не паспееш, Акiплеша, - сказала Ганна.
- Тады я разбуру ўсё гэта... усё!
- Але гэта жыццё твайго пана, справа яго жыцця.
- Ён заваражыў цябе, князёўна! Каму трэба яго справа, мая справа, твая справа, калi сыдуць крывёю хлопцы i немаўляты, жонкi i мужы - усе дзецi Хрыстовы? Аднак я не магу разбураць...
Блазан ускараскаўся на крэсла, сеў, звесiўшы ногi, апусцiў галаву на рукi, нiбы заснуў. Ганна маўчала, глядзела на шырокую гарбатую блазнаву спiну. Не паднiмаючы галавы, глуха ён спытаўся:
- Хто ты, князёўна? Ты не тая, за каго выдаеш сябе.
- Хiба гэта так важна, Акiплеша?
- Хутка развiднее. Я ведаю людзей. Дурнi назiральныя. Мой пан нам здрадзiць, i я не магу спынiць гэтага.
- Скажы, Акiплеша, твой пан напраўду такi вялiкi чарадзей? Большы за царкоўных каралёў i зямных князёў.
- Слава ў яго будзе вялiкая, - сказаў блазан. - I каралi прыйдуць да яго на паклон. Iнакш я не звязаў бы з iм свайго жыцця.
- А што ты мог зрабiць?
- Я мог уцячы. Я мог пайсцi да другога гаспадара.
- Ты так на самай справе думаў?
- I не раз. Але каму патрэбен кульгавы вырадак? Каму я дакажу, што ў мяне такое самае сэрца, такая самая галава, як i ў знакамiтага?
- Раман гэта ведае?
- Раман гэта ведае. Бог надзялiў яго розумам.
- А цябе?
- Раман ведае мне цану.
- I ўсё?
- А што яшчэ? Што яшчэ патрэбна рабу i вырадку?
- Ты ненавiдзiш яго? Ты... ты не раўнуеш мяне да яго?
Блазан адкiнуўся ад стала, зарагатаў, скрывiўшы грымасай i без таго знявечаны твар.
- Цябе? Да яго? У мяне адно вока, гэтага хапае, каб зразумець, што князёўна Магда спакойна спiць у цераме. Ты нават не магла абуць яе боцiкаў, ты не вельмi асцярожная. I голас цябе выдае. I мова. Але не бойся. Раман не здагадаецца. Ён бачыць толькi сваё каханне, ён сам iм любуецца. Ты птушка ў небе, слодыч невыказная - таму ты i патрэбна яму. Мала яму ўлады на зямлi, ён хоча i птахаў нябесных прыручыць... Ён прыме цябе за Магду, таму што хочацца яму прыняць цябе за Магду, цётачка! Ён разумны, а ў прываротнае зелле верыць!
- Дык ты замест прываротнага зелля зрабiў соннае?
- А ты што хацела? Нельга ж было, каб яна бегла сюды. Таму я так здзiвiўся з цябе. Зелле ж выпрабаванае. Я з iм два разы з аковаў уцякаў. Нават з замка Крак.
- Як ты трапiў туды?
- Вядома як - за варажбу. За глупства.
- Мне дзiўна, што ты раб, - сказала Ганна.
- Iншы раз мне таксама... Бог кожнаму вызначыў месца. Мабыць, так i трэба... так i трэба.
- Ты небяспечны раб. Ты не дурань, а прытворшчык.
- Не, дурань. Толькi без нас, дурняў, разумнiкi павымiраюць ад свайго розуму ды нудоты... А вось i яны...
Раман спусцiўся па лесвiцы першы.
- Вы чаго тут? - спытаўся ён. - Чаму не правёў князёўну ў пакоi?.. - Ён дакрануўся да Ганнiнага пляча.
Кiн i хлопец спусцiлiся следам. Кiн пакланiўся Магдзе. Раман паглядзеў на яго i спытаўся ў князёўны:
- Гэта праўда, што ён з табою?
- Праўда, ён заўсёды са мною, - сказала Ганна цвёрда. - Я пасылала яго, каб ён аберагаў цябе. I ён будзе цябе берагчы.
- Я рады, - сказаў Раман. - Усё будзе добра! Усё абыдзецца! Мы зробiм, як нам трэба. Ордэн ужо падступiў да сцен.
- Як? - Блазан стаў панурым. - Ужо прыступ?
- Яны за сто крокаў, iдуць да варотаў. Лiтвы ўсё няма...
- А чаго ты прыйшоў сюды? - спытаўся блазан. - У нас з табою няма тут агню i мячоў. Наша месца на сценах... З усiмi.
- Глупства кажаш, - вымавiў Ранан, зноў падыходзячы да Ганны i беручы яе за пальцы. Далонь у Ранана была вiльготная i гарачая. - Гарады будуць гiнуць, i людзi будуць памiраць, але вялiкiя веды застануцца на вякi. Забудзь пра дробязi, ды не па чыне табе гэта думаць, - завяршыў Раман суха, нiбыта ўспомнiўшы, што блазан яму не сябар, а толькi слуга.
Блазан, зiрнуўшы на Ганну, адказаў:
- Я сваё месца ведаю, дзядзечка.
З далечынi да падзямелля данёсся шум - знайшоў сабе дарогу праз платы, сцены, крык людзей, якi злiўся ў грозны роў, i адказам яму былi разрозненыя вокрыкi i стогн унутры горада. Тут жа адгукнулiся званы на плошчы - гужлiва, часта, быццам сцiснутае страхам сэрца, яны гулi, просячы божай лiтасцi.
Усе сцiхлi, прыслухоўваючыся. Раман хутка падышоў да куфра ў кутку пакоя, праверыў замок.
- Дапамажы! - сказаў ён блазну i налёг на куфар, перасоўваючы яго ў глыб падвала.
- Мы ўцякаем? - спытаўся хлопец.
- Не, - адказаў Раман.
- Ты будзеш змагацца? - спытаўся блазан.
- Буду, - адказаў Раман. - Iдзi паглядзi, як там на сценах. Можа, твой меч там спатрэбiцца?
- Не пайду, - запярэчыў блазан.
- Не ўцяку я, не бойся.
- Я баюся iншага, - вымавiў блазан.
- Чаго ж? Кажы.
- Здрады баюся.
- Дурань i памрэш па-дурному, - сказаў Раман, беручыся за дзяржанне мяча.
- Усё-такi заб'еш мяне? - Блазан быў здзiўлены.
- Калi раб здраджвае, - сказаў Раман, - яго забiваюць.
- Не ўздумайце! - крыкнула Ганна. - Як вам не сорамна.
- Сорамна? - Блазан караскаўся па лесвiцы.
- Ты куды? - спытаўся Раман.
- Зiрну, што там робiцца, - сказаў блазан. - Пагляджу, цi трымаюць вароты...
Ён знiк, i Раман павярнуўся да Кiна, але перадумаў, паглядзеў на хлопца.
- Iдзi за iм, - сказаў ён. - Прасачы...
- Што? - не зразумеў хлопец.
- Каб ён не падышоў да каго-небудзь з князевых людзей. Да князя каб не падышоў... а зрэшты, заставайся. Ён не паспее.
Раман паводзiў сябе дзелавiта, суха i холадна. Ён паглядзеў на пясочны гадзiннiк. Потым акiнуў позiркам тых, хто заставаўся ў сутарэннi.
- Князёўна Магда, - сказаў ён, - душа мая, паднiмiся наверх. Iдзi ў тыльныя пакоi. I не выходзь адтуль. Нi ў якiм разе. А ты, - ён загаварыў да Кiна, - глядзi, каб не выйшла.
- Раман, - сказала Ганна, - мой чалавек застанецца з табою. Я веру яму больш, чым каму iншаму.
- Няхай будзе па-твойму, - Раман усмiхнуўся. Цудоўная была гэтая добрая, шчаслiвая ўсмешка. - Дзякуй. З табою пойдзе Глузд.
- Iдзi, - сказаў Кiн. - Баярын кажа праўду. Iдзi, князёўна, далей ад небяспекi. Больш тут табе няма чаго рабiць.
Ганна паднялася па лесвiцы першая. Ззаду iшоў хлопец. Ён стамiўся, твар яго асунуўся, ён быў напалоханы. Звон i крыкi разносiлiся над горадам, i калi Ганнiна галава паднялася над падлогаю, шум аглушыў, уварваўшыся праз высокiя вокны верхняй святлiцы... I яшчэ Ганна паспела ўбачыць, як кiнуўся да выхаду блазан - аказваецца, ён нiкуды не пайшоў. Ён падслухоўваў. Можа, так i лепш. Можа, ёй на самай справе пара дакрануцца да прысоскi пад вухам.
Яна накiравалася да тыльных пакояў. Хлопец апярэдзiў яе, адчынiў перад ёю дзверы; увайшоўшы, Ганна кiнула позiрк назад: блазан стаяў за вершнiкам, невыразна акрэслiваўся там, быццам куча лахманоў. Ах, не трэба было аглядацца, бо хлопец сачыў за ёй i заўважыў нейкi рух каля дзвярэй.
Напэўна, ён проста спалохаўся. Мабыць, не здагадаўся, што там Акiплеша. Нечакана моўчкi, як воўк, даганяючы ахвяру, хлопец кiнуўся ў куст, наставiўшы нож перад сабою, быў ён нястрымны i больш нiчога не бачыў.
Ганна толькi паспела ахнуць...
Блазан мякка адскочыў убок, хлопец стукнуўся аб сцяну i ўпаў, заняўшы блазнава месца ля сцяны. Гарбун выцер тонкае лязо штылета, сказаў, як бы просячы прабачэння: - Ён мне не раўня... я ў сарацынаў навучыўся.
- Я не магу больш, - сказала Ганна. - Не магу...
- Страшны час, - сказаў блазан. - Напэўна, не было яшчэ такога жорсткага веку, i я таксама жорсткi... Але я не подлы. Разумееш, я не подлы. Я абараняюся, але не здраджваю...
Блазан падышоў да адчыненага люка i спынiўся так, што з сярэдзiны яго было цяжка ўбачыць.
- Цi будзе лепшы час? - спытаўся ён у самога сябе, гледзячы ўнiз. - Цi будзе добры час, цi смертаносныя коннiкi ўжо скачуць па нашай зямлi?
- Будзе, - сказала Ганна. - Павiнен быць.
Блазан маўчаў. Ганна адчула, як напружылiся яго плечы i кароткая шыя. Яна зрабiла крок наперад, заглянула ўнiз, у сутарэнне. Раман прынiк да патайных дзвярэй прыслухоўваючыся. Кiн ззаду.
- Адыдзiся, - адмахнуўся ад яго Раман.
Кiн паслухмяна адступiў на некалькi крокаў.
У дзверы стукнулi два разы. Потым яшчэ тры разы.
- Я так i ведаў! - прашаптаў блазан. - Я ведаў... Трэба было бегчы да князя!
Раман адсунуў засаўку, i цяжкiя дзверы адчынiлiся. У праходзе стаяў рыцар Фрыдрых. Кальчуга прыкрыта шэрым плашчом, меч выняты з ножнаў.
Раман адышоўся ўбок. Рыцар Фрыдрых спытаўся:
- Усё ў парадку?
- Усё, - адказаў Раман. - Як там каля варотаў?
- Хутка рухнуць, - сказаў Фрыдрых. - Хутка.
Ён накiраваўся назад у цёмны праход i крыкнуў штосьцi па-нямецку. Раптам блазан завiшчаў, як параненая жывёлiна, i скочыў унiз, мiнаючы лесвiцу, з двухметровай вышынi, i ўмомант апынуўся каля дзвярэй, iмкнучыся дацягнуцца да засаўкi.
Раман першы скемiў, у чым справа, i схапiўся за тронкi нажа. Ганне здалося, што ён ненатуральна павольна выцягваў нож i блазан гэтаксама плаўна, як пры запаволеных здымках, паварочваецца, так i не паспеўшы зачынiць дзверы, а ў руцэ ў яго блiшчаў штылет...
- Кiн! - адчайна крыкнула Ганна. - Не той!
Кiн павярнуўся да яе. Вочы ў качэўнiка зрабiлiся вузкiмi шчылiнкамi. Голас яго быў цiхi, але страшны, i непадпарадкавацца было нельга:
- Iдзi зараз жа.
Ганна зрабiла крок па лесвiцы. Галоўнае цяпер было растлумачыць Кiну...
- Нацiснi на прысоску! Загубiш усё!
I Ганна, амаль не разумеючы, што робiць, але не могучы пярэчыць, паднесла палец да шыi...
I ў гэты момант ёй стала млосна, усё правалiлася, знiкла, бясконцая бездань часу захапiла яе i панесла цераз цемру, мiж недарэчных i незразумелых прывiдаў: лавiна конскiх мызаў i капытоў неслася на яе праз агонь, якi вырываўся з вежаў драўлянага горада, засвiстаў вецер, данеслiся абрыўкi музыкi...
Ганна стаяла ў маленькiм халодным пакойчыку ў цётчынай хаце. Яна трымалася за галаву, жмурылася ад святла, i Жуль, схiлiўшыся над пультам, крычаў ёй, не паварочваючыся:
- Зрабi крок убок! Выйдзi з поля!
Ганна паслухмяна ступiла - галава кружылася, яна ўбачыла перад вачыма шар - як акно ў падвал.
Надта маленькi ў шары блазан бiўся з Раманам, i рука яго, як абцугамi, схопленая Раманавай рукой, торгалася, сцiскаючы штылет. Свабоднай рукой Раман выцягваў свой нож i крычаў штосьцi, але Ганна не чула слоў.
- Не той, - сказала яна хрыпла. - Не той!
Блазан вывернуўся, i Ганна ўбачыла, як штылет уваткнуўся ў бок баярыну Раману i той пачаў асядаць, не адпускаючы блазна. У сутарэнне лезлi адзiн за адным нямецкiя ратнiкi. Рыцар Фрыдрых замахнуўся сваiм мячом... I мiльгануў ценем Кiн...
- Не той! - паспела яшчэ раз крыкнуць Ганна.
У той жа момант з шара знiклi двое: Кiн i блазан. Фрыдрыхаў меч рассек паветра. I, адкiнуўшы яго, рыцар апусцiўся на каленi над Раманавым целам, падаў знак, каб яны беглi наверх. I ратнiкi адзiн за адным пачалi падымацца па лесвiцы - жвава i спрытна...
Шар патух.
- Усё, - сказаў Жуль.
- Дзе яны? - спыталася Ганна.
- Яны прайшлi скрозь нас. Яны ўжо там, дома... Ты не ўяўляеш, як я стамiўся.
- Я таксама стамiлася, - сказала Ганна.
- Дзякуй, - сказаў Жуль. - Без цябе было б не выбрацца нам.
- Не варта падзякi, - адказала Ганна. - Ты ўпэўнены, што ён забраў Акiплешу?
- Ты ж бачыла, - адказаў Жуль. Ён падняў пульт i паклаў у чамадан.
- Яны дабралiся на месца? Ты ўпэўнены?
- Безумоўна, - сказаў Жуль. - Што з iмi можа здарыцца?
26
Ганна прачнулася, калi сонца ўжо хiлiлася на захад. У пакоi было горача, над пакiнутай на стале фiлiжанкай кавы кружылiся восы. У пакоi стаяў дзед Генадзь.
- Выбачай, - сказаў ён. - Я тут стукаў, стукаў, дзверы адчыненыя, ты не адклiкаешся. У нас у вёсцы не тое, што ў горадзе, - у нас прасцей. Дзверы адчыненыя, я i ўвайшоў.
- Нiчога, - сказала Ганна, апускаючы ногi з канапы. Яна заснула ў вопратцы. Зашамацела парча.
Ганна акiнула сябе позiркам - яна так i засталася ў сукенцы польскай князёўны Магдалены, пляменнiцы караля Лешкi Белага, родам са стольнага горада Кракава.
- Гэта ў Маскве так носяць? - спытаўся дзед. Ганне здалося, што ён пасмiхаецца з яе. Яна ўстала i выглянула ў сенцы. Там было пуста i чыста. Дзверы ў халодную святлiцу расчынены насцеж. I там пуста. Ложак акуратна засланы.
Дзед Генадзь плёўся следам за ёю.
- Паехалi, значыць? - сказаў ён.
- Паехалi, - адказала Ганна.
- А я табе на памяць прынёс, - сказаў дзед. - З музея.
Ён выцягнуў з глыбокай кiшэнi з плашча медную львiную галаву з колцам у пашчы.
- Я яшчэ дастану, ты не турбуйся.
- Дзякуй, дзядуля, - сказала Ганна. - Яны напраўду адтуль?
- А цi я ведаю? Былi б людзi добрыя.
Ганна вярнулася ў вялiкi пакой. Праз адчыненае акно быў вiдаць круты пагорак. Каля ручая пасвiлася гнядая кабыла Клеапатра.
- Грахi нашы цяжкiя, - уздыхнуў дзед. - Спяшаемся, мiтусiмся, падарожнiчаем бог ведае дзе. А гэта ж рызыкоўна. Вось я табе тут малачка прынёс. Сырадойчыку. Будзеш пiць?
Комментарии к книге «Выкраданне Чарадзея (на белорусском языке)», Кир Булычев
Всего 0 комментариев