«Планета малпаў»

2693

Описание



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

П'ер Буль

Планета малпаў

Пераклад: Алесь Асташонак

ЧАСТКА ПЕРШАЯ

Раздзел I

Джын i Фiлiс бавiлi час, вандруючы ў космасе ўдалечынi ад населеных сусветаў.

Мiжпланетныя вандроўкi сталi ўжо звычайнай справай, дый мiжзорныя пералёты не лiчылiся сенсацыйнымi. Зоркалёты рэгулярных лiнiй дастаўлялi турыстаў у казачныя гарады Сiрыуса, а фiнансавых тузоў - на знакамiтыя бiржы Арктура i Альдэбарана*.

* Сiрыус, Арктур, Альдэбаран - найярчэйшыя зоркi ў сузор'ях Вялiкага Пса, Валапаса, Цяльца.

Але Джын i Фiлiс, гэтая пара нiчым не занятых дзетак мультымiльянераў, былi вядомыя сваёй эксцэнтрычнасцю i схiльнасцю да рамантыкi. Шукаючы задавальнення, яны падарожнiчалi ў бязмежнай прасторы пад ветразямi.

Iх касмiчная яхта ўяўляла сабою нешта накшталт сферы, знешняя абалонка якой - незвычайна тонкi i лёгкi ветразь - надзiмалася пад уздзеяннем светлавых промняў. Калi б гэты мiнi-карабель застаўся без кiравання непадалёк ад якойсьцi зоркi - аднак на дастатковай ад яе адлегласцi, там, дзе сiла прыцягнення не надта вялiкая, - ён бы памкнуўся назад ад гэтай зоркi па прамой лiнii. Але зорная сiстэма, жыхарамi якой былi Джын i Фiлiс, мела не адно, а ажно тры сонцы, даволi блiзка адно ад аднаго, таму сонечныя вятры ў ёй дзьмулi з трох бакоў пад рознымi вугламi. I вось Джын прыдумаў сапраўды дзiўны спосаб перамяшчэння. На сферычным ветразi яго карабля было мноства чорных шторак, якiя згортвалiся цi разгортвалiся ў залежнасцi ад жадання рулявога - пры кожным яго манеўры мянялася здольнасць адбiцця, а адначасова з ёю i накiрунак раўнадзейных сiл светлавых патокаў. Апроч таго, эластычная сфера-ветразь магла расцягвацца або скарачацца, i калi Джын хацеў паскорыць ход, ён павялiчваў дыяметр абалонкi да максiмуму - тады велiзарная плошча ветразя надзiмалася пад нацiскам светлавых патокаў, i яхта iмклiва ляцела ў неабсяжнасць з фантастычнай хуткасцю, ад якой у Джына i яго сяброўкi кружылася галава; захопленыя палётам, яны абдымалiся i замiралi, гледзячы ў таемную бездань бязмежных абсягаў, што неслiся насустрач iм. Калi ж Джын хацеў запаволiць ход, то нацiскаў другую кнопку. Сферычны ветразь сцiскаўся настолькi, што ў кабiне можна было сядзець, толькi шчыльна прыцiснуўшыся адно да аднаго. Цiск светлавых промняў амаль не ўплываў на малюпасенькi шар, i, вольны ў сваiм руху, ён быццам павiсаў у пустэчы на нябачнай нiтцы. Маладую пару забiрала салодкае ап'яненне, i яны бавiлi доўгiя гадзiны ў сваiм цесным, створаным толькi для iх маленечкiм свеце, якi Джын параўноўваў з паруснiкам у неабсяжным акiяне, а Фiлiс - з бурбалкай на павуцiнцы вадзянога павука.

Джын выдатна выконваў i iншыя манеўры, нават такiя, што лiчылiся ў касмiчных яхтсменаў найскладанейшымi, напрыклад, паварот оверштаг* з выкарыстаннем ценю ад планеты цi якогасьцi спадарожнiка.

* Оверштаг (гал. overstag) - паварот судна з ветразямi носам да сустрэчнага ветру.

Ён вучыў свайму майстэрству i Фiлiс, i неўзабаве тая магла ўжо кiраваць яхтай не горш за яго, нават была смялейшая. Але варта было ёй узяць у рукi руль, як, захапiўшыся, яна выбiрала такi курс, што яхта падыходзiла да самых межаў Сонечнай сiстэмы, а там магнiтныя буры разбуралi светлавыя патокi, i iх карабель пачынала кiдаць, бы арэхавую шкарлупiну. Ужо некалькi разоў Джын, прачнуўшыся ў такую штармавую хвiлiну, ускокваў бы ашпараны i вырываў у сяброўкi руль. Iншы раз, каб дабрацца да блiжэйшага порта, яму нават прыходзiлася ўключаць дадатковыя ракеты, прадугледжаныя на выпадак крайняй небяспекi.

У той дзень Фiлiс i Джын бесклапотна ляжалi побач у яхце i загаралi пад промнямi трох сонцаў iх роднай сiстэмы. Джын драмаў i думаў пра Фiлiс i пра сваё да яе каханне. Фiлiс глядзела ў неабдымны космас, загiпнатызаваная бясконцасцю пустэчы. Гэта быў адзiн з любiмых яе заняткаў.

Раптам Фiлiс уздрыгнула i прыўзнялася. Недзе наперадзе блiснула дзiўная iскарка. Прайшло колькi секунд, i iскарка блiснула зноў. Фiлiс адразу ж сказала Джыну, што светлавы прамень сустрэў, напэўна, нейкi зiхоткi прадмет. Iнтуiцыя, набытая Фiлiс у касмiчных падарожжах, не магла падмануць яе. Згадзiўся з сяброўкай i Джын, а ён у такiх выпадках не памыляўся. Непадалёк ад яхты - вызначыць адлегласць было цяжка - у космасе плыло нейкае зiхоткае цела. Джын схапiў бiнокль i стаў углядацца ў таямнiчы прадмет. Фiлiс нецярплiва прытулiлася да пляча свайго прыяцеля.

- Рэч невялiкая, - сказаў Джын. - Здаецца, шкляная... Пачакай, дай угледзецца!.. Яна наблiжаецца... Хуткасць большая за нашую... Слухай...

На твары ў Джына было здзiўленне. Ён нават выпусцiў з рук бiнокль, якi Фiлiс адразу ж падхапiла.

- Дарагая, гэта ж бутэлька.

- Бутэлька?

Фiлiс таксама паглядзела ў бiнокль.

- Але, бутэлька... Ну, вядома. Са светлага шкла... Заткнутая: бачу корак. А ўсярэдзiне штосьцi белае. Напэўна, папера... Цыдулка! Джын, трэба яе злавiць!

Джын, вiдаць, думаў пра тое самае, бо адразу ж пачаў спрытна лавiраваць, каб перахапiць бутэльку. Яму ўдалося амаль iмгненна змянiць курс i зменшыць хуткасць - з такiм разлiкам, каб бутэлька прайшла акурат побач з яхтаю. Пакуль ён манеўраваў, Фiлiс паспела надзець скафандр i выйсцi праз перадабалонкавую камеру на вонкавы бок сферычнага ветразя. Учапiўшыся за трос, з сачком на доўгiм дзяржаннi ў другой руцэ, яна рыхтавалася да сустрэчы з бутэлькаю.

Фiлiс i Джын ужо не раз удавалася злавiць сачком у космасе розныя рэчы. Плаваючы пацiхеньку альбо амаль нерухома павiсаючы ў пустэчы, яны ўбачылi багата дзiўнага i зрабiлi цiкавыя адкрыццi, якiмi не пахвалiшся ў звышхуткiх палётах на зоркалёце. Фiлiс вылоўлiвала кавалачкi былых планет, рэшткi метэарытаў з iншых галактык i нават спадарожнiкаў, запушчаных яшчэ на самым пачатку касмiчнае эры. Яна ганарылася сваёй калекцыяй, але бутэлька, ды яшчэ з рукапiсам - а сумненняў у гэтым ужо не было, - сустракалася ўпершыню! Фiлiс ажно дрыжала ад нецярпення. Пагойдваючыся на тросе, бы павучыха на павуцiне, яна аддавала сябру па тэлефоне загады:

- Цiшэй, Джын!.. Не, крыху хутчэй, а не то яна нас перагонiць... Левы борт... правы борт... Уперад... Усё, злавiла!

Радасна крыкнуўшы, Фiлiс вярнулася ў кабiну.

У руках у яе сапраўды была вялiкая, дбайна закаркаваная бутэлька. Усярэдзiне можна было разгледзець тоўсты папяровы скрутак.

- Разбi яе, Джын, хутчэй! - ледзь не калацiлася Фiлiс, умольваючы сябра.

Аднак Джын адкалупваў кавалачкi воску спакойна i акуратна. Ды толькi ён адкаркаваў нарэшце бутэльку, як выявiлася, што дастаць з яе скрутак зусiм немагчыма, такi ўжо тугi ён быў. Тады прыйшлося ўступiць нецярплiвым просьбам сяброўкi i разбiць бутэльку малатком. Скрутак адразу ж разгарнуўся сам. Гэта быў стос танюткiх аркушаў, спiсаных дробным почыркам. Мова запiсаў была зямная - Джын валодаў ёй дасканала, бо некалькi гадоў вучыўся на Зямлi.

Але раптам Джына апанавала незразумелая трывога, i ён нiяк не хацеў пачынаць чытання рукапiсу ўголас. I каб не просьбы ўзбуджанай Фiлiс, якая дрэнна разумела зямную мову i не магла, як нi жадала, прачытаць рукапiс сама, ён, магчыма, так i не адкрыў бы сяброўцы тайну гэтых запiсаў, што так выпадкова трапiлi iм у рукi.

Джын зменшыў памеры ветразя да мiнiмуму, каб яхта павiсла ў прасторы, упэўнiўся, што вакол няма нiякае небяспекi, i, выпрастаўшыся побач з Фiлiс, пачаў чытаць.

Раздзел II

"Я давяраю гэты рукапiс космасу не дзеля таго, каб паклiкаць некага на дапамогу, а спадзеючыся адно на тое, што змагу прадухiлiць жудасную пагрозу, якая навiсла над родам чалавечым. Няхай бог злiтуецца з нас!.."

- Пагрозу над родам чалавечым? - здзiўлена спыталася Фiлiс.

- Але, так тут напiсана. Не перапыняй мяне больш, - сказаў Джын i пачаў чытаць далей.

"...Што ж да мяне, Улiса Меру, то я са сваёй сям'ёю на борце касмiчнага карабля, дзе мы зможам жыць яшчэ доўгiя гады. У нас ёсць агарод, сад, жывёла. Мы нi ў чым не адчуваем недахопу. Магчыма, калi-небудзь мы знойдзем якуюсьцi гасцiнную планету. Але пакуль што гэта толькi мара. А зараз я праўдзiва i падрабязна раскажу ўсё, што са мною здарылася.

У дзве тысячы пяцiсотым годзе я падняўся разам з двума маiмi старэйшымi таварышамi на борт касмiчнага карабля, каб даляцець да планет, над якiмi велiчна ззяе звышгiганцкая зорка Бетэльгейзе.

Гэта была смелая задума, сама грандыёзная з усiх, на якiя толькi калi-небудзь адважвалiся ў космасе зямляне. Зорку Бетэльгейзе, альфу Арыёна, як называюць яе нашы астраномы, аддзяляюць ад нашай планеты амаль трыста светлавых год. Зорка гэтая мае цэлы шэраг асаблiвасцей.

Перш за ўсё памеры: дыяметр яе пераўзыходзiць дыяметр нашага сонца ў чатырыста пяцьдзесят разоў, iнакш кажучы, калi б яна стала на ягонае месца, то распасцерлася б ажно да Марса.

Па-другое, сiла святла, бо Бетэльгейзе - зорка першага класа, сама яркая ў сузор'i Арыёна, бачная з Зямлi голым вокам, нягледзячы на велiзарную адлегласць.

Па-трэцяе, спектр выпраменьвання: нi з чым не параўнальныя ў надзвычайнай сваёй прыгажосцi чырвоныя i аранжавыя промнi.

I нарэшце, зорка гэтая - пераменнае яркасцi. Яна ўвесь час пульсуе, i iнтэнсiўнасць свячэння бесперапынна мяняецца ў залежнасцi ад змянення яе дыяметра.

Але чаму ўсё ж такi, калi было высветлена, што ўсе планеты Сонечнай сiстэмы ненаселеныя, абралi мы мэтаю першага мiжзорнага пералёту такую далёкую Бетэльгейзе? Рашэнне гэтае прыняў прафесар Антэль, галоўны арганiзатар, кiраўнiк i фiнансiст экспедыцыi. Ён сам стварыў праект нашага касмiчнага карабля, сам назiраў за яго пабудоваю. Свой выбар ён растлумачыў мне ў час палёту.

- Шаноўны Улiс, - сказаў ён, - палёт да Бетэльгейзе, па сутнасцi, зусiм не цяжэйшы i хiба што крыху далейшы, чым пералёт да любой блiжэйшай зоркi, напрыклад, да Проксiмы Цэнтаўра*.

* Цэнтаўр - вялiкае сузор'е паўднёвага паўшар'я зорнага неба, у якiм знаходзiцца сама блiзкая да Зямлi зорка - Проксiма Цэнтаўра.

Але тут я рашуча запратэставаў, пахвалiўшыся набытымi нядаўна астранамiчнымi ведамi:

- Толькi крыху далейшы?! Да Проксiмы Цэнтаўра ўсяго чатыры светлавыя гады, у той час як да Бетэльгейзе...

- ...цэлых трыста, - перапынiў мяне прафесар, - не думайце, што я на гэта забыўся. Аднак да Проксiмы Цэнтаўра нам прыйшлося б ляцець амаль столькi ж цi толькi крышачку менш, чым да Бетэльгейзе, куды мы даляцiм праз нейкiя два гады. Вы не даяце мне веры, бо прывыклi да нашых мiжпланетных пералётаў, гэтых блышыных скачкоў, калi дапушчальнае максiмальнае паскарэнне доўжыцца ўсяго толькi некалькi хвiлiн, а крэйсерская хуткасць у параўнаннi з нашай смеху вартая... Час ужо, бадай, растлумачыць вам, як рухаецца наш зоркалёт. Дзякуючы ўдасканаленым ракетам, якiя мне ўдалося вынайсцi, наш касмiчны карабель здольны перамяшчацца ў прасторы з найвышэйшай хуткасцю, якую толькi можа набраць матэрыяльнае цела. Па сутнасцi, яна амаль роўная хуткасцi святла. А калi мы рушым з такой хуткасцю, наш час iстотна адрознiваецца ад зямнога, i чым хутчэй мы ляцiм, тым большая гэтая рознiца. Напрыклад, цяпер вось, пакуль мы гаворым, у нас у зоркалёце прайшло ўсяго толькi некалькi хвiлiн, а на Зямлi - некалькi месяцаў. Калi ж мы набяром гранiчную хуткасць, час для нас амаль спынiцца, хоць мы гэтага i не будзем заўважаць. Тады некалькi секунд для вас i мяне, некалькi ўдараў сэрца для вас i мяне будуць раўняцца многiм гадам жыцця на Зямлi.

- Разумею. Менавiта гэта дае нам надзею дабрацца да мэты раней, чым мы памром ад старасцi. Але чаму ў такiм выпадку нашае падарожжа зойме два гады? Чаму не некалькi дзён цi некалькi гадзiн?

- Якраз да гэтага я вас i падводжу. Усё вельмi проста: каб набраць максiмальную хуткасць, калi час амаль спыняецца, нам спатрэбiцца каля года, бо наш арганiзм проста не вытрымае большага паскарэння. I яшчэ год пойдзе на тармажэнне. Цяпер вы ўяўляеце графiк палёту? Год на паскарэнне, год на тармажэнне, а ў сярэдзiне ўсяго толькi некалькi гадзiн, але за гэтыя гадзiны мы пройдзем найвялiкшую частку нашага маршруту. Думаю, у вас не будзе больш пытанняў, чаму гэта пералёт да Бетэльгейзе зойме ў нас толькi крышачку больш, чым пералёт да Проксiмы Цэнтаўра. У апошнiм выпадку нам усё роўна прыйшлося б правесцi ў зоркалёце год, неабходны на паскарэнне, i яшчэ год - на тармажэнне, хiба што памiж iмi было б некалькi хвiлiн замест некалькiх гадзiн, як у нашым палёце. Рознiцы нiякай. Я ўжо старэю i наўрад цi змагу калi-небудзь яшчэ выправiцца ў такую экспедыцыю, таму i абраў далёкую мэту - спадзяюся адшукаць сусветы, якiя вельмi адрознiваюцца ад нашага.

Падобныя гамонкi дапамагалi нам бавiць вольны час, i пасля кожнай з iх мной апаноўвала ўсё большая павага да мудрасцi прафесара: не было ў навуцы вобласцi, яму незнаёмай, i мне заставалася толькi радавацца, што нашу рызыкоўную экспедыцыю ўзначальвае гэтакi эрудыт. Як i прадбачыў прафесар Антэль, дарога да Бетэльгейзе заняла два гады нашага ўласнага часу, за якiя на Зямлi прайшлi тры з паловай стагоддзi. У гэтай вось акалiчнасцi i быў адзiны недахоп такой далёкай экспедыцыi: калi нам нават i ўдалося б шчаслiва вярнуцца назад, то апынулiся б мы ўжо на планеце, якая пастарэла на семсот - восемсот гадоў. Але пра гэта мы пакуль што не думалi. Падазраю нават, што мажлiвасць збегчы ад свайго пакалення зямлян таксама вабiла прафесара. Ён часта прызнаваўся, што стамiўся ад людзей...

За ўвесь палёт у нас не было нiводнай сур'ёзнай непрыемнасцi. Стартавалi мы з Месяца. Зямля i ўсе астатнiя планеты хутка знiклi з поля зроку. Сонца iмклiва змяншалася, пакуль не ператварылася ў аранжавы шар велiчынёю з апельсiн, потым стала меншае за слiву i нарэшце зрабiлася маленькай зiхоткай кропкай, толькi адной з мiльярдаў зорак нашай галактыкi, распазнаць якiя ўдалечынi мог хiба што эрудыт Антэль.

Так што жылi мы без Сонца, але нiчога непрыемнага праз тое не адчувалi: на караблi было штучнае святло, эквiвалентнае сонечнаму. Не ведалi мы i нуды. Прафесара можна было слухаць гадзiнамi. Чаго толькi я не ўведаў за гэтыя два гады - больш чым за ўсё папярэдняе жыццё! Займеў я i неабходны вопыт у кiраваннi зоркалётам. Гэта было досыць проста: давалася заданне электронным прыборам, i яны самi рабiлi ўсе разлiкi i дакладна вызначалi курс.

Багата радасцi прыносiў нам сад, якi займаў на караблi шмат месца. Апроч усяго iншага, прафесар Антэль цiкавiўся батанiкай i сельскай гаспадаркай i iмкнуўся праверыць некаторыя свае тэорыi развiцця раслiн у касмiчных умовах. Вопытным участкам была аранжарэя ў дзесяць кубiчных метраў. Дзякуючы шматлiкiм стэлажам аб'ём нашай аранжарэi выкарыстоўваўся цалкам. Грунт пастаянна абнаўляўся хiмiчнымi ўгнаеннямi, i ўжо праз два месяцы з дня адлёту на градках пачала спець на нашую радасць усялякая гароднiна, так што мы мелi здаровай свежай ежы колькi было трэба. Клапоцячыся пра карыснае, не забылiся мы i на прыемнае: адвялi адну секцыю аранжарэi пад кветнiк - прафесар даглядаў яго асаблiва дбайна. Гэты арыгiнал захапiў з сабою яшчэ i некалькi птушак, матылькоў i нават адну малпу, маленькага шымпанзэ, якога мы назвалi Гектарам, - гарэза бавiў нас усю дарогу.

Я зразумеў з нашых гаворак, што прафесар досыць скептычна ставiўся да людзей. Ён часта казаў, што людзi - iстоты, мякка кажучы, не зусiм iдэальныя, i, напэўна, менавiта таму ў велiзарным караблi, у якiм магла б спакойна размясцiцца не адна сям'я, была процьма ўсялякiх раслiн, некалькi жывёлiн i толькi тры чалавекi: сам Антэль, яго вучань Артур Левэн, малады фiзiк з вялiкай будучыняй, i я, Улiс Меру, малавядомы журналiст - прафесар пазнаёмiўся са мною, калi я браў у яго iнтэрв'ю. Ён прапанаваў мне прыняць удзел у экспедыцыi, даведаўшыся, што ў мяне няма сям'i i што я добра гуляю ў шахматы. Мне, журналiсту-пачаткоўцу, гэта была грандыёзная ўдача. Нават калi б удалося апублiкаваць рэпартаж толькi праз васемсот гадоў - а можа, менавiта якраз таму, што праз васемсот гадоў! - мой матэрыял быў бы ўнiкальны. Я з радасцю згадзiўся.

Падарожжа праходзiла без непрадбачаных здарэнняў. Адзiнае, што замiнала нам, дык гэта павелiчэнне цяжару ў час разгону i тармажэння. Прыйшлося прывыкаць да таго, што мы ўжо важылi раза ў паўтара больш, чым на Зямлi. Спачатку стамлялiся, аднак хутка асвойталiся i перасталi звяртаць на гэта ўвагу. Памiж перыядамi паскарэння i тармажэння мы былi ў стане поўнай бязважкасцi, што спрычынiла розныя смешныя выпадкi, але гэта доўжылася ўсяго толькi некалькi гадзiн, так што шкоды мы праз тое не мелi нiякай.

I вось нарэшце пасля доўгiх месяцаў палёту настаў дзень, калi мы з хваляваннем убачылi, як пачала расцi на нашых вачах запаветная мэта - зорка Бетэльгейзе.

Раздзел III

Немагчыма расказаць, якiя пачуццi выклiкае такое вiдовiшча. Зорка, якая яшчэ ўчора была маленькая зiхоткая кропачка, безыменная для нас, як i вялiкае мноства ўсiх астатнiх падобных адна на адну кропачак на бязмежным зорным небе, рабiлася спакваля ўсё ярчэйшаю, большаю, блiзкаю. Спачатку яна была блiскучым арэшкам, пасля ператварылася ў жоўценькi апельсiн i, нарэшце, пачырванеўшы, спадобiлася нашаму роднаму сонейку перад заходам. Нарадзiлася наша новая нябесная мацi, i мы ўжо штодня адчувалi яе цяпло i прыцягненне.

У той час зоркалёт ужо дужа знiзiў хуткасць. Мы наблiжалiся да Бетэльгейзе да тае пары, пакуль зорка не перакрыла сабою iлюмiнатар. Яна была непараўнальна большая за ўсе бачаныя намi раней нябесныя целы - уражанне было проста казачнае. Антэль задаў прыборам новую праграму, i мы пачалi кружыць вакол звышгiганцкай зоркi. Пасля прафесар адрэгуляваў астранамiчныя прыборы i пачаў назiраннi.

Неўзабаве яму ўдалося адшукаць у сiстэме чатыры планеты, вылiчыць iх дыяметры i арбiты, па якiх яны круцiлiся вакол Бетэльгейзе. Адна з гэтых планет, другая ад зоркi, мела арбiту, блiзкую да зямной. Яна была прыкладна тых самых памераў, што i Зямля, з атмасферай з кiслароду i азоту, i, плывучы ў трыццаць разоў далей ад Бетэльгейзе, нiж Зямля ад Сонца, атрымлiвала прыблiзна тую ж колькасць цяпла, што i наша планета: гэта тлумачылася памерамi зоркi i яе параўнальна невысокай тэмператураю.

Мы вырашылi пачаць спярша даследаваць менавiта гэтую планету. Прыборы атрымалi новую праграму, i зоркалёт хутка выйшаў на пастаянную арбiту. Тут, спынiўшы рухавiкi, мы маглi добра прыгледзецца да нашай абраннiцы. Праз тэлескоп былi бачныя моры i кантыненты.

Наш карабель быў дрэнна прыстасаваны пад пасадкi на планеты. Дзеля гэтага былi прадугледжаны тры маленькiя ракетапланы, якiя мы называлi катэрамi. У адным з iх мы i размясцiлiся ўтрох, прыхапiўшы некаторыя вымяральныя прыборы, а таксама Гектара; у шымпанзэ, як i ва ўсiх нас, быў скафандр, да якога ён ужо прызвычаiўся ў час палёту. Што ж да зоркалёта, дык мы пакiнулi яго на пастаяннай арбiце непадалёк ад планеты. Там ён быў у большай бяспецы, чым карабель на якарнай стаянцы ў порце, мы ведалi, што аўтаматыка не дасць яму адхiлiцца ад арбiты.

Сесцi на планету такога тыпу, што мы абралi, было ў нашым катэры зусiм нескладана. Толькi мы ўвайшлi ў шчыльныя слаi атмасферы, як прафесар узяў на аналiз пробы паветра. Антэль прыйшоў да высновы, што на гэтай вышынi састаў паветра дакладна адпавядае зямному. Я не паспеў нават усвядомiць усёй важнасцi такога цудоўнага супадзення: планета хутка наблiжалася, i неўзабаве мы былi ўжо на вышынi не больш пяцiдзесяцi кiламетраў. Усе манеўры рабiлiся аўтаматамi, i мне заставалася адно прыцiснуцца тварам да iлюмiнатара i назiраць, як iмклiва наблiжаўся невядомы свет, з хваляваннем прадчуваючы адкрыццi, што чакалi нас у iм.

Планета была проста надзiва падобная на Зямлю. Уражанне гэтае няспынна ўзмацнялася. Цяпер я ўжо на свае вочы бачыў контуры мацерыкоў. Паветра было блакiтнае, чыстае, трохi зеленаватае, афарбаванае дзе-нiдзе аранжавымi блiкамi, як у нас у Правансе на схiле дня. Акiян таксама быў блакiтнаваты з зялёным адценнем. Рысы ўзбярэжжа адрознiвалiся ад усяго, што бачыў я на Зямлi, хоць я i iмкнуўся ўпарта знайсцi падабенства, якое так кiнулася мне ў вочы ва ўсiм астатнiм! Ды колькi я нi прыглядаўся, абодва паўшар'i планеты нiчым не нагадвалi нi наш Стары, нi Новы Свет.

Нiчым? Даруйце. Нагадвалi - i сама галоўным! Планета была населеная. Мы праляталi над горадам, i досыць вялiкiм, ад якога ва ўсе бакi разбягалiся дарогi з дрэвамi абапал, а па самiх дарогах неслiся аўтамабiлi. Мне ўдалося ахапiць позiркам агульны план горада. Шырокiя вулiцы. Вялiкiя белыя дамы з прастакутнымi мурамi.

Але нам прыйшлося "прызямлiцца" ўдалечынi ад гэтага месца. Спачатку мы ляцелi над уробленымi палямi, пасля над густым, трохi рудаватым лесам, падобным на нашы экватарыяльныя джунглi. Мы ляцелi ўжо нiзка. Пад намi з'явiлiся плато з даволi вялiкiмi палянамi, вакол плато распасцiралася перасечаная мясцовасць. Прафесар вырашыў нарэшце рызыкнуць i задаў прыборам новую, апошнюю праграму. Запрацавалi ракеты тармажэння. На некалькi iмгненняў катэр замёр над палянаю, нiбыта чайка, якая цiкуе здабычу.

А потым, праз два гады пасля таго, як мы пакiнулi Зямлю, наш катэр пацiхеньку знiзiўся i без адзiнага штуршка апусцiўся на сярэдзiну плато, зялёная трава якога нагадала мне нашыя нармандскiя раўнiны.

Раздзел IV

Апусцiўшыся, мы досыць доўга сядзелi моўчкi i нерухома. Гэта, магчыма, дзiўна, але нам трэба было сабрацца з сiламi. Мы пайшлi на справу, у тысячу разоў больш незвычайную, чым падарожжы сама першых зямных мараходаў, i трэба было падрыхтавацца як след да сустрэчы з рознымi нечаканасцямi, пра якiя з пакалення ў пакаленне марылi паэты, што апявалi мiжзорныя пералёты.

Неверагодна, але мы адразу ж трапiлi на планету, на якой былi, як i ў нас, i акiяны, i горы, i лясы, i палi, i гарады, i, натуральна, iх жыхары. Аднак, улiчваючы, што, перш чым апусцiцца, наш катэр праляцеў над джунглямi вялiкую адлегласць, можна было меркаваць, што цяпер мы далёка ад цывiлiзаваных раёнаў.

Нарэшце мы вырашылi дзейнiчаць. Надзеўшы скафандры, асцярожна прыадчынiлi iлюмiнатар. Нiводнага подыху ветру. Памiж унутраным i знешнiм атмасферным цiскам - анiякае рознiцы! Вакол паляны быццам мурамi якойсьцi крэпасцi ўзвышаўся густы лес, нерухомы, маўклiвы - нiшто не парушала поўнага спакою, якi тут панаваў. Было дужа горача, але можна было цярпець: каля дваццацi пяцi градусаў па Цэльсiю.

Мы выйшлi з катэра разам з Гектарам. Напачатак прафесар Антэль вырашыў яшчэ раз зрабiць аналiз паветра. Вынiк абнадзейваў: састаў паветра зноў быў той самы, што i на Зямлi; хiба што рознiлiся крыху прапорцыi рэдкiх газаў. Аднак мы вырашылi на ўсякi выпадак пачаць праверку паветра на практыцы з шымпанзэ. Калi з Гектара знялi скафандр, ён быў неверагодна шчаслiвы i цудоўна сябе пачуваў. Апынуўшыся на волi, шымпанзэ нiбыта ап'янеў. Зрабiўшы колькi скачкоў, ён кiнуўся ў лес, узляцеў на дрэва i памчаўся далей, пераскокваючы з галiны на галiну. Неўзабаве ён зусiм знiк з нашых вачэй, згубiўшыся ў лiстоце, нягледзячы на ўсе нашы заклiкi.

Тады мы таксама знялi скафандры. Стала, вядома, ямчэй i iсцi i перагаворвацца. Але гукi нашых галасоў, пачутыя натуральнымi, а не трансфармаванымi, як у скафандры, усё-такi збянтэжылi нас; мы баязлiва ступiлi колькi крокаў ля катэра, не асмельваючыся адысцi ад яго.

Але сумненняў у тым, што мы апынулiся на планеце, якая даводзiлася сястрою-двойняю нашай Зямлi, ужо не было. Раслiннасць тут была вельмi пышная: асобныя дрэвы сягалi ў вышыню на сорак метраў i болей. А неўзабаве мы прыкмецiлi i першыя жывыя iстоты: буйныя чорныя птушкi луналi ў небе, бы каршуны, а iншыя, драбнейшыя, вельмi падобныя на папугаяў, з пiскам ганялiся адна за адною.

Яшчэ да пасадкi мы заўважылi прыкметы развiтай цывiлiзацыi. Разумныя iстоты - пакуль што мы не асмельвалiся называць iх, не ўбачыўшы, людзьмi змянiлi аблiчча планеты. Аднак тут, вакол нас, лес здаваўся ненаселеным. Зрэшты, у гэтым не было нiчога дзiўнага: калi б мы выпадкова звалiлiся з неба ў якiм-небудзь закутку азiяцкiх джунгляў, нас бы таксама ўразiла некранутасць мясцiн чалавекам.

Перш чым пачаць што-небудзь рабiць, мы далi, параiўшыся, планеце iмя. За неверагоднае падабенства з Зямлёю мы назвалi яе Сарора*.

* Сарора - сястра (лац.).

Пасля, вырашыўшы, не марнуючы часу, пачаць разведку, рушылi ўтрох у глыб лесу па сцяжынцы, пратаптанай, мусiць, звярамi. У мяне i Артура Левэна былi карабiны. Што ж да прафесара, то ён з пагардаю ставiўся да матэрыяльнай зброi, паважаючы толькi iнтэлектуальную моц. Iшлi мы надзiва лёгка i хутка, але не таму, што сiла цяжару была тут меншая - нават у гэтым Сарора нiчым не адрознiвалася ад Зямлi, - проста, набыўшы нармальную вагу пасля палутарнай, да якой прывыклi ўжо на караблi, мы гатовыя былi скакаць, бы козлiкi.

Мы iшлi ланцужком, адзiн за адным, аклiкаючы раз-пораз Гектара, але той па-ранейшаму не паказваўся. Раптам Левэн, якi iшоў наперадзе, спынiўся i даў нам знак прыслухацца. Сапраўды, аднекуль чуўся гук, падобны на шум вадаспада. Мы рушылi ў гэтым кiрунку, i неўзабаве гук стаў яснейшы, так што ў нас знiклi сумненнi наконт яго паходжання.

Хутка мы ўбачылi гэты вадаспад. Мы доўга дзiвiлiся прыгажосцi вiдовiшча, якiм нас сустрэла Сарора. Чысты, празрысты, як нашыя горныя крынiцы, паток пятляў каскадам па схоне i зрываўся ўнiз з вяршынi скалы, разбiваючыся непадалёк ад нас аб камянi ў невялiчкiм возеры, паверхня якога гарэла i пералiвалася ўсiмi колерамi вясёлкi - гiганцкая Бетэльгейзе дасягнула ў той час свайго зенiту.

Было ўжо так горача, а вада выглядала так спакушальна, што мы з Левэнам адразу ж падумалi пра адно i тое ж. Скiнуўшы адзежу, мы хацелi былi нырнуць у возера ўнiз галавою, але прафесар сказаў, што, апусцiўшыся колькi хвiлiн назад на невядомую планету, варта дзейнiчаць больш асцярожна. А што, калi гэта не вада, а якаясь iншая вадкасць, можа, нават ядавiтая? Ён сам наблiзiўся да берага, сеў на кукiшкi, прыгледзеўся, прынюхаўся i толькi тады акунуў у возера палец. Потым зачарпнуў троху падазронай вадкасцi ў далонь i пакаштаваў яе нарэшце на смак кончыкам языка.

- Напэўна, вада, - прамармытаў Антэль.

Ён нахiлiўся ўперад, каб яшчэ раз апусцiць руку ў возера, i раптам бы скамянеў. Пасля ўскрыкнуў i паказаў пальцам на след на пяску. Большага ўзрушэння я, здаецца, не адчуваў нiколi! Над нашымi галовамi палала агромнiстая Бетэльгейзе, а на вузкiм лапiку сырога пяску абсалютна выразна вымалёўваўся след чалавечай нагi.

Раздзел V

- След жаночай нагi, - пераканана сказаў Артур Левэн.

Такая рашучая заява дрыготкiм ад хвалявання голасам не здзiвiла мяне анi. Вытанчанасць i незвычайная прыгажосць адбiтку на пяску кiдалiся ў вочы. У тым, што гэта след чалавечай нагi, не было нiякiх сумненняў. Мажлiва, тут прайшоў юнак або мужчына маленькага росту, але куды больш пэўна можна было сказаць, што след належыць якойсьцi прыгажунi.

- Значыцца, Сарора населена людзьмi, - прамармытаў прафесар.

У ягоным голасе прагучала вельмi непрыемная мне нотка расчаравання. Антэль прывычна пацiснуў плячыма i стаў аглядапь разам з намi пясчаны бераг возера. Мы знайшлi яшчэ колькi слядоў той самай iстоты. Неўзабаве Левэн знайшоў за некалькi метраў ад берага яшчэ адзiн след - ужо на сухiм пяску, але таксама вiльготны.

- Яна была тут сама больш хвiлiн пяць назад! - сказаў Левэн. - Купалася тут, пачула нашы галасы i ўцякла.

Мы ўсе былi перакананыя, што след належыць жанчыне. Затаiўшы дыханне, пачалi ўзiрацца ў лясны гушчар, але там нiводзiн сучок не трэснуў.

- У нас яшчэ будзе час пазнаёмiцца, - сказаў Антэль, зноў пацiснуўшы плячыма. - Але калi тут купаўся чалавек, значыцца, i мы можам асвяжыцца, нiчога не баючыся.

Шаноўны прафесар умомант скiнуў з сябе адзежу i адразу ж палез у возера. Услед за iм адважыўся i я. Пасля доўгага пералёту вада здалася нам такой свежай, такой прыемнай, што, зайшоўшы ў яе, мы адразу ж забылiся на сваё адкрыццё. Толькi Левэн задумаўся аб нечым i стаяў на месцы бы ўкапаны, усё роўна як i не з намi ён быў, а дзесьцi зусiм далёка адсюль. Я ўжо хацеў падражнiць яго, як раптам убачыў уверсе, над вадаспадам, жанчыну!

Нiколi не забуду гэтага вiдовiшча. Ад казачнай прыгажосцi дзяўчыны, якая раптам з'явiлася перад намi пад вогненна-чырвонымi промнямi Бетэльгейзе, у мяне заняло дух. Дальбог, у зiхоткай вясёлцы пырскаў гэтая дачка Сароры была падобная на багiню. Зусiм голая, яна не таiла сваёй спакуслiвай прыгажосцi, такой кiдкай у неверагодна моцным святле Бетэльгейзе, - за адзiныя строi былi ў яе доўгiя, да пояса валасы. I хоць за два гады мы адвыклi ад жанчын i нам не было з кiм параўнаць гэтую нiмфу, нiхто з нас, апiсваючы дзяўчыну, не змог бы перабольшыць яе прыгажосцi. Незнаёмая, што нерухома, бы статуя на п'едэстале, замерла на скале, мела сама iдэальную фiгуру, якую толькi мог уявiць сабе зямлянiн. Зачараваныя, мы з Левэнам нават уздыхнуць баялiся. Прафесар Антэль i той, як мне здалося, застыў уражаны.

Дзяўчына стаяла, падаўшыся наперад, з трохi адведзенымi назад рукамi, быццам ныральшчыца, гатовая кiнуцца ў ваду. Яна назiрала за намi i была збянтэжаная не менш за нас. Я быў такi ўсхваляваны, што нават не ўбачыў, якi ў яе твар, хоць i досыць доўга ўзiраўся ў яе, - гэтак загiпнатызавала мяне яе дзiўнае цела. Толькi праз якую хвiлiну я адзначыў сам сабе, што яна белая скура ў яе была хутчэй залацiстая, чым смуглявая, - даволi высокая, але не занадта. Пасля разгледзеў бездакорныя рысы чыстага твару, якi можа хiба што прыснiцца. I ўрэшце стаў узiрацца ў вочы.

Тут я ажно ўздрыгнуў, такi нязвыклы для майго зямнога зроку быў у дзяўчыны позiрк. Што ж, жыхарка такога далёкага свету павiнна была хоць чымсьцi адрознiвацца ад нас. Але што ў яе вачах было не так, як у нас, я пакуль што, як нi намагаўся, вызначыць не мог. Адчуваў толькi, што позiркi нашыя зусiм розныя. I не ў колеры яе вачэй была прычына такога ўражання, хоць iх шэры колер i меў даволi рэдкае на Зямлi адценне. Дзiўны быў выраз гэтых вачэй, дакладней, адсутнасць выразу: яны былi зусiм пустыя i нагадвалi мне вочы адной няшчаснай вар'яткi, якую давялося некалi сустрэць.

Толькi ў позiрку гэтай нiмфы над вадаспадам было не вар'яцтва, не!

Калi дзяўчына заўважыла, што за ёй назiраюць, яна раптам iмгненна адскочыла, усё роўна як яе апякло цi ўдарыла токам. У гэты момант яна была падобная на спалоханага звярка. I гэта не быў спалох цнатлiвай нявiннiцы, якую заспелi голай, iнакш бы яна не назiрала за намi стоячы на адкрытым месцы ў такiм выглядзе. Проста яе вочы не маглi або не хацелi вытрымлiваць мой позiрк. Павярнуўшы галаву ўбок, яна ўпотайкi паглядвала цяпер на нас скосу.

- Я ж казаў вам, што гэта жанчына, - прамармытаў Артур Левэн.

Ён усхвалявана вымавiў гэтыя словы голасам, ледзь чутным i нам самiм, амаль шэптам, аднак дзяўчына пачула яго. Левэнавы словы прагучалi для яе, бы пярун: яна зноў адскочыла назад, i так хутка, што зноў нагадала мне спалоханага звярка, якi кiнецца зараз уцякаць. Але, адступiўшы на два-тры крокi i амаль што поўнасцю схаваўшыся за скалою, яна ўсё ж спынiлася. Цяпер я бачыў толькi яе лоб i адно вока, якое пiльнавала нас.

Мы нават паварушыцца не смелi, баючыся, што пры першым жа нашым руху яна знiкне. I гэта супакоiла яе. Праз нейкi час яна зноў з'явiлася на краi абрыву. I тут занадта ўсхваляваны Левэн не стрымаўся.

- Нiколi не бачыў нiчога падобнага... - пачаў ён i адразу ж асекся, зразумеўшы сваю неасцярожнасць: дзяўчына зноў адскочыла i схавалася, напалоханая ягонымi словамi.

Тады прафесар даў нам знак змоўкнуць i пачаў плюхацца ў возеры, усё роўна як i не зважаючы на яе. Паглядзеўшы на Антэля, мы сталi рабiць тое ж самае. Тактыка была выбрана ўдала: дзяўчына не толькi зноў наблiзiлася да нас, але i пачала захоплена назiраць за нашымi заплывамi i ныркамi, што яшчэ больш распалiла нашую цiкаўнасць. Вы бачылi калi-небудзь, як паводзiць сябе на пляжы побач з гаспадаром, якi купаецца, баязлiвае сабачаня? Яму да смерцi хочацца ўскочыць у ваду, але яно не асмельваецца. Яно кiдаецца ўперад, назад, адбягае ад вады, зноў вяртаецца, атрасаецца. Акурат гэтаксама ж паводзiла сябе дзяўчына.

I тут мы пачулi яе голас! Аднак гукi з яе вуснаў адно ўзмацнiлi нашае ўражанне аб ёй, як аб нейкiм звярку. У гэты момант яна стаяла ля самага краю абрыву, сваёй, так бы мовiць, курасаднi, i, здавалася, была гатовая нырнуць у возера. На нейкае iмгненне яна перастала кiдацца, бы сабачаня. Разявiла рот. Я стаяў трохi ўбаку i мог назiраць за ёю, застаючыся непрыкметны. Думаў, што цяпер яна скажа нам штосьцi, крыкне. Быў гатовы пачуць словы сама прымiтыўнай мовы, але толькi не тыя дзiўныя гукi, што вылецелi з яе горла. Але, менавiта з горла, бо нi рот, нi язык не маглi б утварыць пачуты намi вiск цi пiск, якiм дзяўчына перадала сваё захапленне. Радасць звярка. Падобныя гукi можна пачуць у нашых заалагiчных садах ад маладых шымпанзэ ў час гульнi.

Мы плюхалiся ў возеры, з усяе сiлы робячы выгляд, што не звяртаем на яе анiякае ўвагi, - i нарэшце яна рашылася. Прысела i пачала хутка спускацца да нас, чапляючыся рукамi за ледзь прыкметныя выступы. Вытанчанасць яе рухаў была проста неверагодная. Гнуткае залатаскурае цела дзяўчыны скрозь вясёлкавую смугу вадаспада здавалася нам феерычньм. Праз некалькi iмгненняў яна ўжо была на самым беразе возера. Прысеўшы на камень, дзяўчына нейкi час разглядвала нас, потым нырнула i паплыла да нас.

Мы зразумелi, што яна хоча падурэць з намi, i пачалi плюхацца яшчэ з большым iмпэтам, але так, каб не напалохаць яе. Дзяўчына плавала, хутка заграбаючы ваду рукамi i нагамi, як плаваюць сабакi, i яе распушчаныя валасы слалiся за ёю, быццам хвост каметы. I ўрэшце, вельмi хутка, пачалася гульня, ход якой задала незнаёмая. Сапраўды дзiўная забава, якая нагадвала гульнi цюленяў у басейне: мы ганялiся адно за адным i нечакана ўцякалi ў той самы момант, калi, здавалася б, павiнны былi вось-вось дакрануцца адно да аднаго. Усё гэта было, ведама ж, дзiцячае свавольства, але на якiя толькi хiтрыкi мы б не пайшлi, каб прыручыць чароўную дзяўчыну! Я заўважыў, што нават прафесар Антэль з непрыхаваным задавальненнем прымаў удзел у нашай гульнi.

Нашы водныя забавы працягвалiся досыць доўга, мы ўжо трохi стамiлiся, калi мяне раптам збянтэжыў дзiўны, недарэчны ў гэтай сiтуацыi выраз твару ў дзяўчыны: ён быў абсалютна сур'ёзны. Незнаёмая з вiдавочным задавальненнем плюхалася з намi, забаўляючыся прапанаванай ёю самою гульнёй, аднак на твары ў яе так i не прамiльгнула ўсмешка. Вось ужо некалькi хвiлiн мне не давала спакою нейкае цяжкае цьмянае пачуццё, i толькi цяпер я зразумеў, што турбавала мяне: дзяўчына не смяялася i не ўсмiхалася, хiба што час ад часу з яе горла вырываўся нягучны вiск, якiм яна, мусiць, перадавала сваё захапленне.

Я вырашыў зрабiць дослед. Калi дзяўчына наблiзiлася да мяне, я паглядзеў ёй у самыя вочы i, пакуль яна не паспела павярнуць назад, шырока ўсмiхнуўся з усёй пяшчотаю i зычлiвасцю, на якiя толькi быў здольны.

Вынiк быў неверагодны. Дзяўчына спынiлася, устала нагамi на дно - у гэтым месцы вада даходзiла ёй да пояса - i выставiла наперад скурчаныя пальцы з доўгiмi пазногцямi. Яна баранiлася ад мяне! Потым адскочыла i кiнулася на бераг. Там яна азiрнулася i зноў застыла, як i на версе абрыву, насцярожана паглядваючы на мяне, бы звярок, якi адчуў небяспеку. Магчыма, яна зноў даверылася б нам, бо, умомант сагнаўшы з твару ўсмешку, я зноў пачаў плаваць туды i назад з сама нявiнным выглядам. Але тут дзяўчыну яшчэ мацней за маю ўсмешку ўстрывожыла новае здарэнне: спачатку мы пачулi ў лясным гушчары нейкi шум, а потым перад намi з'явiўся наш сябар Гектар. Пераскокваючы з галiны на галiну, ён спусцiўся на зямлю i зачыкiльгаў да возера, радуючыся гаспадарам. I тут твар у дзяўчыны скрывiўся ў звярынай грымасе лютасцi i проста неверагоднага жаху! Яна ўся сцiснулася, лiтаральна злiўшыся з каменнем, мускулы яе напружылiся, ногi падагнулiся, быццам для скачка, а пальцы скурчылiся, нiбыта яна выпусцiла кiпцюры. I ўсё гэта з-за маленькай смешнай малпы, якая спяшалася развесялiць нас сваiм крыўляннем!

Усё здарылася iмгненна. Калi Гектар, не зважаючы на дзяўчыну, параўняўся з ёю, тая выпрасталася, быццам спружына, i, скокнуўшы да яго, сашчапiла на шыi ў шымпанзэ рукi, а нагамi, бы цiскамi, абхапiла ягонае цельца, так што ён i паварушыцца не мог. Напад быў такi раптоўны, што мы не паспелi ўмяшацца. Гектар слаба тузануўся i застыў. Праз некалькi секунд дзяўчына адкiнула яго ён быў ужо мёртвы. Гэтая боскай прыгажосцi iстота - у рамантычным парыве я назваў дзяўчыну раней пра сябе Нова, бо з'яўленне яе перад намi можна было параўнаць хiба што з узыходжаннем зоркi на небе - узяла дый задушыла нi з таго нi з сяго бяскрыўднага ручнога звярка.

Калi мы нарэшце аправiлiся ад шоку i кiнулiся Гектару на дапамогу, было ўжо позна. Дзяўчына павярнулася да нас i зноў выцягнула рукi, быццам збiралася ўчапiцца цяпер ужо ў нас. Верхняя губа ў яе прыўзнялася, ашчэрылiся зубы. Выгляд у дзяўчыны быў такi люты, што мы замерлi на месцы. Потым яна гучна i працяжна цi то крыкнула, цi то ўзвыла - гук гэты можна было прыняць за кароткую песню перамогi цi папярэджанне, - i кiнулася ў гушчар. Праз iмгненне яе залацiстаскурае цела, мiльгануўшы апошнi раз памiж кустоў, схавалася ў зараснiку, i мы зноў засталiся адны сярод маўклiвага лесу.

Раздзел VI

- Гэта дзiкунка, - сказаў я нарэшце. - Можа, яна з якога-небудзь адсталага племенi накшталт тых, што знаходзяць яшчэ ў Новай Гвiнеi цi ў лясах Афрыкi?

Зрэшты, я сказаў гэта без асаблiвай упэўненасцi. I Артур Левэн адразу ж асадзiў мяне.

- У якiх гэта прымiтыўных плямёнаў бачыў ты такую дасканаласць формаў i гарманiчнасць рухаў? - спытаўся ён ледзь не са злосцю.

Я не знайшоў што i адказаць: Левэн сто разоў меў рацыю.

Прафесар Антэль хоць i быў цяпер надзвычай задуменны, але пачуў усё ж такi нашую размову.

- Нават у сама прымiтыўных нашых плямёнаў ёсць мова, - заўважыў ён. - А гэтая дзiвачка не ведае нiводнага слова.

Мы абшнырылi ўсё наваколле, але не знайшлi нiякiх слядоў незнаёмай. Тады вярнулiся на паляну, дзе стаяў наш катэр. Прафесар Антэль хацеў адразу ж узляцець, каб апусцiцца ў больш цывiлiзаваным раёне. Аднак Левэн прапанаваў пачакаць яшчэ хоць бы суткi i паспрабаваць наладзiць кантакт з жыхарамi джунгляў. Я падтрымаў яго, i ўрэшце Левэнава прапанова была прынятая i Антэлем. Мы не рашылiся прызнацца адзiн аднаму, што нас утрымлiвала тут надзея яшчэ раз убачыць незнаёмую.

Дзень закончыўся без новых здарэнняў. Настаў час захаду, i мы залюбавалiся гiганцкай Бетэльгейзе, што знiкала спакваля за гарызонтам: зямлянiн не можа ўявiць сабе такога фантастычна прыгожага вiдовiшча. I тут мы адчулi, што ў джунглях нешта змянiлася: яны напоўнiлiся таемнымi гукамi i шолахамi. Нам здавалася, што адусюль за намi сочаць скрозь лiсце нейкiя нябачныя iстоты. Аднак ноч прайшла спакойна: мы замкнулiся ў катэры i па чарзе дзяжурылi да ранiцы. На золку непрыемнае пачуццё таго, што за намi сочаць, узмацнiлася. Мне нават здалося, што з лесу даносяцца кароткiя прарэзлiвыя крыкi, накшталт тых, што мы чулi напярэдаднi ад Новы. У нашым уяўленнi лес ужо кiшма кiшыць невядомымi iстотамi, але нiводная так i не з'явiлася.

Трохi пазней мы вырашылi яшчэ раз схадзiць да вадаспада. Усю дарогу нас гняло ўсё тое ж непрыемнае пачуццё, што нейкiя iстоты, iдучы ўслед, неадступна сочаць за намi, не рашаючыся, аднак, паказацца. Але ж яшчэ ўчора Нова выйшла ўсё-такi нарэшце да нас.

- Можа, iх палохае нашая адзежа? - сказаў раптам Артур Левэн.

Мяне, бы маланкай, працяла здагадка! Я дакладна ўспомнiў, як Нова, задушыўшы Гектара, кiнулася ўцякаць i наткнулася на нашу зваленую ў кучу адзежу. Яна ўмомант шарахнулася ўбок, бы спалоханы конь.

- Зараз паглядзiм! - сказаў я.

I вось, раздзеўшыся дагала, мы, як i мiнулы раз, кiнулiся ў возера i прынялiся дурэць з сама бесклапотным выглядам.

Выпрабаваныя ўжо аднойчы хiтрыкi зноў далi чаканы вынiк. Праз некалькi хвiлiн мы заўважылi на абрыве Нову, хоць i не прыкмецiлi, як яна туды трапiла. Гэтым разам дзяўчына была не адна. Побач з ёю стаяў зусiм голы мужчына, на выгляд звычайны зямлянiн, ужо ў гадах. Асобныя яго рысы настолькi нагадвалi твар нашае багiнi вадаспада, што я прыняў мужчыну за яе бацьку. Як i яна, ён разглядваў нас з трывогаю i недаўменнем.

Паступова вакол нас пачалi з'яўляцца ўсё новыя i новыя людзi. Мы напусцiлi на сябе абыякавы выгляд. Людзi выходзiлi з лесу i наблiжалiся да возера з усiх бакоў, акружаючы нас. Усе яны, мужчыны i жанчыны, статныя, залацiстаскурыя, былi вельмi прыгожыя. Яны ўзбуджана жэстыкулявалi, зрэдку коратка ўскрыкваючы.

Кола сарорцаў самкнулася, i нас ахапiла трывога: эпiзод з Гектарам мiжволi насцярожыў. Аднак у паводзiнах людзей не было анiчога пагрозлiвага: мусiбыць, iх усяго толькi, гэтаксама ж як i Нову, цiкавiлi нашыя гульнi ў вадзе.

Так яно i было! Неўзабаве Нова, якую я ўжо лiчыў нашай старой знаёмаю, кiнулася ў возера, а за ёй пасля больш-менш доўгiх ваганняў i ўсе астатнiя. Мы распачалi нашыя ўчарашнiя забавы, ганяючыся адзiн за адным, быццам цюленi. Рознiца была толькi ў тым, што сёння вакол нас плюхалiся i фыркалi прынамсi два дзесяткi дзiўных iстот, чые сур'ёзныя твары надта ўжо не стасавалiся да iх дзiцячых паводзiн.

Прайшло хвiлiн пятнаццаць, i мяне агарнула стома. Няўжо мы iмкнулiся да такой далёкай Бетэльгейзе дзеля такiх вось дзiцячых забаў? Мне стала сорамна за сябе. Я засмучана пазiраў на нашага мудраца Антэля, якi аддаваўся гэтай наiўнай гульнi з вiдавочным задавальненнем. Але што нам, зрэшты, заставалася яшчэ рабiць? Наўрад цi хто можа ўявiць, як цяжка наладзiць кантакт з iстотамi, якiя не ўмеюць нi гаварыць, нi нават усмiхацца. Аднак я спрабаваў дамагчыся iх разумення. Пачаў жэстыкуляваць, стараючыся ўкласцi ў кожны жэст пэўнае значэнне. З сама зычлiвым выглядам, на якi толькi быў здольны, складваў рукi на грудзях. Кланяўся "па-кiтайску". Пасылаў паветраныя пацалункi. Але ўсе мае руплiвыя спробы не мелi нiякага поспеху. У вачах у сарорцаў не запалiлася анiводнай iскаркi разумення.

Калi мы абмяркоўвалi ў час пералёту магчымасць сустрэчы з невядомымi iстотамi, то якiх толькi стварэнняў сабе не ўяўлялi, нават пачвар, зусiм непадобных на нас, але заўсёды былi ўпэўненыя, што стварэннi гэтыя абавязкова маюць розум. А тут усё было якраз наадварот: мы натрапiлi на людзей, абсалютна iдэнтычных нам фiзiчна, але, выяўлялася, зусiм без прыкмет розуму. Як iнакш можна было растлумачыць неверагодна пустыя позiркi Новы i яе супляменнiкаў: поўная адсутнасць свядомасцi, думкi, душы...

Iх цiкавiла толькi гульня. Да таго ж, гульня сама бязглуздая! Надумаўшы трохi яе ўскладнiць - толькi крышачку, каб не спудзiць сарорцаў, - мы стварылi кола i, стоячы па пояс у вадзе, завялi нешта накшталт карагода: пачалi падымаць i апускаць рукi, як гэта робяць маленькiя дзецi. Але выдумка наша нiкога не захапiла. Большасць дзiкуноў адплылася далей, а тыя нямногiя, што засталiся, утаропiлiся на нас такiм безнадзейна пустым позiркам, што, разгубiўшыся, мы бяссiльна здранцвелi.

Збянтэжанасць наша ледзь не прывяла да катастрофы. Калi нарэшце да нас дайшло, што трое самавiтых мужчын, адзiн з якiх - вучоны з сусветна вядомым iменем, узяўшыся за рукi, вядуць як дзецi карагод, мы не ўтрымалiся. Мы так доўга намагалiся захаваць сур'ёзнасць, што настала натуральная разрадка. Мы рагаталi як дурнi, згiнаючыся ад смеху напалам, - i нiяк не маглi супакоiцца.

Гэты мiжвольны выбух нашай бязглуздай весялосцi нарэшце выклiкаў у сарорцаў рэакцыю - толькi зусiм непажаданую. Над возерам бы шквал пранёсся! Людзi ў панiцы кiнулiся ўцякаць ад нас ва ўсе бакi - убачыў бы хто знянацку такое недарэчнае вiдовiшча на зямлi, аслупянеў бы, не верачы вачам. Праз некалькi iмгненняў мы засталiся ў вадзе адны. Дзiкуны сабралiся ў натоўп на беразе ў сама далёкiм ад нас канцы возера i проста дрыжалi - хто ад страху, хто ад лютасцi. Адны спалохана ўскрыквалi, другiя пагрозлiва размахвалi рукамi. Твары ў iх былi такiя скажоныя, што мы з Левэнам устрывожылiся i пачалi падбiрацца да зброi. Толькi мудры Антэль захоўваў спакой i шэптам пераканаў нас не толькi не страляць, але нават не хапацца за стрэльбы, пакуль гэтыя людзi трымаюцца ўдалечынi.

Не спускаючы з iх вачэй, мы пачалi таропка адзявацца. Але толькi паспелi нацягнуць штаны i накiнуць кашулi, як узбуджанасць дзiкуноў перайшла ледзь не ў iстэрыку. Выдавала на тое, што яны проста бачыць не маглi без раздражнення адзетых людзей! Некаторыя кiнулiся ўцякаць, астатнiя наблiзiлiся да нас, выставiўшы рукi з пагрозлiва скручанымi пальцамi. Я схапiўся за карабiн. I, як нi дзiўна, гэтыя тупыя iстоты зразумелi, напэўна, што гэта мусiць значыць, бо ўмомант знiклi ў лясным гушчары.

Мы спешна вярнулiся да нашага катэра. Усю дарогу назад мяне нi на секунду не пакiдала непрыемнае пачуццё, што за мною сочаць - нябачна, нячутна iдуць за намi па пятах.

Раздзел VII

Напад быў такi нечаканы, што пра абарону думаць не прыйшлося. Мы падыходзiлi ўжо да паляны, калi сарорцы з хуткасцю аленяў выскачылi з гушчару i накiнулiся на нас раней, чым мы паспелi ўскiнуць стрэльбы.

Самае цiкаўнае ў гэтым нападзе было тое, што не супраць нас быў ён накiраваны. Я гэта адразу адчуў, i мая здагадка ўмомант пацвердзiлася. Нас не чакаў сумны лёс Гектара: сарорцы рабiлi замах не на нашае жыццё, а толькi на адзежу i рыштунак. Нас iмгненна прыцiснулi да зямлi. Дзесяткi рук лiхаманкава адкiдвалi як мага далей стрэльбы, патроны, змесцiва паходных мяшкоў, здзiралi з нас адзежу i адразу ж iрвалi яе на шматкi. Скемiўшы, што менавiта выклiкае лютасць дзiкуноў, я перастаў супрацiўляцца, i ў вынiку мяне толькi крыху падрапалi. Убачыўшы гэта, Антэль i Левэн паводзiлi сябе гэтаксама ж, i неўзабаве мы засталiся ў чым мацi нарадзiла сярод натоўпу сарорцаў. Тыя адразу ж супакоiлiся i пачалi гарэзаваць вакол нас, не дазваляючы, аднак, аддалiцца ад iх нi на крок, каб мы не ўцяклi.

Цяпер на ўзлессi сабралася не менш як паўсотнi гэтых дзiвакоў. Адны акружылi нас, другiя кiнулiся да катэра. Дзверы хутка паддалiся iх нацiску. Сарорцы пачалi спусташаць катэр з той санай лютасцю, з якой толькi што рвалi адзежу. Я з адчаем глядзеў на тое, як яны нявечылi такую неабходную нам апаратуру, але думка мая тым часам не пераставала працаваць, i, здаецца, я ўцямiў галоўнае: гэтых людзей раз'юшвалi прадметы! Усё штучна вырабленае выклiкала ў iх лютасць i страх адначасна. Ледзь iм трапляўся ў рукi якiсьцi iнструмент, яны ўмомант яго разбiвалi, расплюшчвалi або ламалi i адразу ж адкiдвалi як мага далей, быццам гэта было распаленае жалеза, а калi хапалi зноў, дык толькi каб знiшчыць канчаткова. Мне яны нагадвалi мангустаў, якiя нападаюць на змей, цi кошак у паядынку з пацукамi: кошкам вялiкi пацук, нават паўмёртвы, усё яшчэ можа быць вельмi небяспечны. Я ўжо адзначыў, што яны справiлiся з намi голымi рукамi, не карыстаючыся нiякай зброяй, нават палкаю.

Мы ў бяссiльным адчаi назiралi за тым, як сарорцы нiшчаць катэр. Дзiкуны зруйнавалi, разбiлi ўсё, што толькi магло быць разбiта i зруйнавана, усе каштоўныя навiгацыйныя прыборы, абломкамi якiх была спрэс пакрыта цяпер паляна. Пагром працягваўся досыць доўга. Нарэшце, калi ад катэра застаўся адзiн металiчны корпус, пагромшчыкi вярнулiся да нас. Падштурхоўваючы i тузаючы за рукi, яны павялi нас у лясны гушчар.

Становiшча нашае рабiлася ўсё больш безвыходнае. Абяззброеныя, раздзетыя, босыя, мы былi вымушаны ледзь не бегчы разам з усёю зграяю, не маючы магчымасцi перакiнуцца словам. Любая спроба загаварыць выклiкала такую пагрозлiвую рэакцыю, што нам прыйшлося ўрэшце тужлiва змоўкнуць. А мiж тым вакол нас былi такiя ж людзi, як i мы самi! Былi б яны адзетыя i прычасаныя, дык у нас на Зямлi на iх нiхто б i ўвагi не звярнуў. Праўда, тут кожную жанчыну можна было смела назваць прыгажуняю. Аднак нiводная з iх не магла параўнацца ў пагляднасцi з Новаю, якая бегла цяпер за намi па пятах.

Кожны раз, калi мяне пачыналi падганяць залiшне груба i бесцырымонна, я азiраўся ў надзеi ўбачыць на твары ў яе хоць намёк на спагаду, i аднойчы мне здалося, што Нова шкадуе мяне. Але, вядома, я прымаў жаданае за сапраўднае. Толькi мае вочы сустракалiся з яе вачыма, як яна адразу ж адводзiла позiрк па-ранейшаму пусты.

Гэтак мы беглi некалькi гадзiн. Я ледзь не падаў ад стомы, ногi мае крываточылi, усё цела было падрапана калючымi галiнамi, мiж якiмi сарорцы праслiзгвалi, бы змеi, без нiякай шкоды для сябе. Таварышы мае пачувалi сябе не лепш за мяне. Прафесар Антэль спатыкаўся ўжо на кожным кроку, калi мы нарэшце дабралiся да мэты гэтага вар'яцкага забегу.

Лес парадзеў, зарасцi кустоўя змянiлiся палянамi з невысокаю травою. Тут нашы "праважатыя" пакiнулi нас i, нiбыта забыўшыся на нашае iснаванне, зноў пачалi ганяцца адно за адным памiж дрэвамi - выдавала на тое, што гэта быў галоўны занятак у iх жыццi. Мы ж звалiлiся ад стомы на траву i скарысталiся перадышкаю, каб шэптам перагаварыцца.

Левэн, як i я, быў у поўным адчаi, i спатрэбiлася мудрасць нашага патрона, якi здолеў падбадзёрыць нас. Ужо вечарэла. Мы, вядома, маглi скарыстацца бесклапотнасцю дзiкуноў i ўцячы, але куды? Катэр быў зруйнаваны. У нас не было больш разумнага выйсця, чым застацца тут i паспрабаваць улагодзiць гэтых варвараў. Да таго ж, нам страшэнна хацелася есцi.

Мы ўсталi i нерашуча пабрылi па лесе. Сарорцы па-ранейшаму бяздумна дурэлi, не звяртаючы на нас нiякае ўвагi. Мабыць, толькi Нова не забылася на нас. Яна пайшла за намi, трымаючыся трохi ззаду, i адварочвала галаву кожны раз, калi мы азiралiся. Паблукаўшы крышку па паляне, мы ўбачылi, што знаходзiмся ў чымсьцi накшталт стойбiшча першабытных людзей, толькi тут замест буданоў былi зладжаны з ламачча - на зямлi цi ў развiлках нiжнiх галiн нейкiя прымiтыўныя гнёзды, падобныя на тыя, што робяць буйныя малпы ў нашых афрыканскiх лясах. Некаторыя гнёзды былi занятыя. Мужчыны i жанчыны - не ведаю, як iнакш можна назваць сарорцаў рознага полу, - драмалi ў гнёздах, часта парамi, шчыльна прыцiснуўшыся адно да аднаго цi скурчыўшыся, бы сабакi ў халоднае надвор'е. У большых гнёздах размяшчалiся цэлыя сем'i: мы прыкмецiлi дзяцей, якiя спалi ў iх, - яны здалiся нам прыгожымi i дужымi.

Але страўнiкi нашы ад усiх назiранняў не папаўнелi. Нарэшце мы заўважылi пад адным дрэвам сям'ю, якая прыступiла да трапезы, але iхняя ежа не магла спакусiць нас. Зубамi i пазногцямi яны раздзiралi на часткi тушу нейкай буйной жывёлiны, падобнай на аленя. Адрываючы крывавыя кавалкi, сарорцы жэрлi iх, выплёўваючы толькi шматкi шкуры. Увогуле мы не знайшлi ва ўсiм стойбiшчы анiводнага ачага. Нас ванiтавала ад аднаго толькi вiду такога абеду. Да таго ж, выявiлася, што нiхто i не збiраецца нас частаваць. Наадварот, ледзь мы наблiзiлiся на некалькi крокаў да гэтай сямейкi, як пагрозлiвае бурчанне вымусiла нас таропка адступiць.

Але тут нам дапамагла Нова. Магчыма, яна ўрэшце зразумела, што мы галодныя, хоць я ў гэтым i не ўпэўнены. Цi магла яна ўвогуле хоць што-небудзь зразумець? Не ведаю. Проста, хутчэй за ўсё, сама згаладалася. Ва ўсякiм разе, наблiзiўшыся да высокага дрэва, Нова абхапiла ствол рукамi i нагамi i, хутка падцягваючыся, дабралася да нiжнiх галiн i знiкла ў лiстоце. Неўзабаве адтуль градам пасыпалiся плады, падобныя на бананы. Потым Нова спусцiлася на зямлю i, скоса паглядаючы на нас, пачала ўплятаць гэтыя бананы. Пасля нядоўгiх ваганняў мы рызыкнулi пакаштаваць iх. Яны былi смачныя, i нам удалося заглушыць голад. Нiчога супраць таго, што мы далучылiся да яе, Нова не мела. Мы напiлiся з ручая i вырашылi, што тут i заначуем.

Кожны выбраў сабе месца, дзе можна было б зладзiць такое ж гняздо, як i ў сарорцаў. Нова настолькi зацiкавiлася нашай работаю, што нават наблiзiлася да мяне i дапамагла зламаць адну непадатлiвую галiну.

Мяне гэта кранула, а маладога Левэна, пэўна, раззлавала, бо ён бухнуўся на траву i павярнуўся да нас спiнаю. Што ж да прафесара, то ён даўно ўжо спаў, зламаны стомаю.

Я забавiўся, стараючыся лепей уладкавацца. Нова па-ранейшаму назiрала за мной збоку. Калi я нарэшце ўлёгся, яна, павагаўшыся досыць доўгi час, падышла да мяне дробнымi, няўпэўнымi крокамi. Я замёр, баючыся спалохаць яе. Пастаяўшы каля мяне, яна ўлеглася побач. Я ляжаў, не дазваляючы сабе нават паварушыцца. Урэшце яна даверлiва прыцiснулася да мяне, i цяпер мы ўжо нiчым не адрознiвалiся ад астатнiх парачак гэтага дзiўнага племенi. Але, нягледзячы на неверагодную прыгажосць Новы, жанчыны ў ёй я не адчуваў. Яна паводзiла сябе бы ласкавая хатняя жывёлiна, якой хочацца сагрэцца побач з гаспадаром. Мне таксама была прыемная цеплыня яе цела, але нiякага жадання яна ўва мне не ўзбуджала. Урэшце я так i заснуў, змарнелы, зусiм побач з гэтай надзiва пекнай' i неразумнай iстотаю. Засынаючы, я паспеў заўважыць у небе начны спадарожнiк Сароры - ён быў меншы за наш Месяц, аднак залiваў джунглi досыць яркiм жаўтаватым святлом.

Раздзел VIII

Прачнуўся я, калi неба ў прасветах памiж галiнамi налiвалася ўжо першымi ранiшнiмi фарбамi. Нова яшчэ спала. Я доўга разглядваў яе, нiчым не выдаючы сябе, што прачнуўся, але, згадаўшы, як жорстка абышлася яна з Гектарам, уздыхнуў. З-за гэтай нiмфы пачалiся ўсе нашыя няшчасцi: гэта ж яна паведамiла пра нас супляменнiкам. Але я не мог злаваць на прыгажуню, зачараваны яе павабнасцю.

Тут Нова заварушылася i ўзняла галаву. У вачах у сароркi мiльгануў жах, я адчуў, як напружылiся ўсе яе мускулы. Аднак мая нерухомасць супакоiла Нову, i спакваля выраз яе твару памякчэў. I ўпершыню ёй удалося на iмгненне вытрымаць мой позiрк. Я расцанiў гэта як асабiстую перамогу i, зусiм забыўшыся, якое ўражанне рабiла на яе ўчора маё зямное выяўленне зычлiвасцi, усмiхнуўся.

Але гэтым разам яе рэакцыя была спакайнейшая. Дзяўчына задрыжала, напружылася, нiбыта перад скачком, аднак засталася нерухомая. Узбадзёраны поспехам, я ўсмiхнуўся яшчэ больш выразна. Яна зноў уздрыгнула, але потым усё ж такi супакоiлася. Няўжо мне ўдалося прыручыць дзiкунку? Асмялеўшы, я паклаў ёй руку на плячо. Дрыготка прабегла па ўсiм яе целе, але яна не варухнулася. Усведамленне поспеху працяла мяне п'янаю радасцю, аднак неўзабаве я прыйшоў яшчэ ў большае захапленне, калi заўважыў, што Нова спрабуе пераймаць мяне.

Гэта было менавiта так! Яна спрабавала ўсмiхнуцца! Пра тое, якога гэта каштавала ёй намагання, я здагадаўся, прыкмецiўшы, як сутаргава скарачаюцца мускулы яе чароўнага твару. Яна спрабавала ўсмiхнуцца некалькi разоў, але ў вынiку змагла толькi вымучыць нейкую хваравiтую грымасу. Гэтыя пакутлiвыя, марныя высiлкi страшэнна мяне ўсхвалявалi. Я адчуў раптам, як душу маю захлiснула хваля жалю, быццам перада мною было дзiця-калека. Я ласкава сцiснуў яе плячо, схiлiўся над ёю i дакрануўся вуснамi да яе вуснаў. У адказ яна пацерлася носам аб мой нос, потым лiзнула мяне ў шчаку.

Разгублены, я не ведаў, што i рабiць. На ўсякi выпадак нязграбна паўтарыў яе жэст. Нова здавалася задаволенай, але далей нашае зблiжэнне не пайшло. Баючыся, што мае зямныя манеры прывядуць да якойсьцi недаравальнай памылкi, я раздумваў, што б яшчэ такое зрабiць, як раптам жудасны грукат i звон прымусiлi нас iмгненна ўскочыць на ногi.

Ашаломленыя, мы стаялi побач з двума маiмi таварышамi, пра якiх я ледзь не забыўся, як сама апошнi эгаiст. Нова, нiбыта звар'яцеўшы, пачала кiдацца з боку ў бок. Хутка я зразумеў, што гэты гвалт быў жахлiвай нечаканасцю не толькi для нас, але i для ўсiх лясных жыхароў: людзi выскоквалi з гнёздаў i насiлiся па паляне ўзад-уперад. I гэта ўжо было не гульнёю, як учора, - у iх крыках чуўся неверагодны страх.

Ад гэтай какафонii, што разрывала раптам цiшыню джунгляў, ажно кроў у жылах стыла. Але я адчуваў: лясныя людзi выдатна разумеюць, што стаiць за ўсiм гэтым гармiдарам - iх палохалi не грукат i звон самi па сабе, а наблiжэнне зусiм пэўнай небяспекi. Гвалт нарастаў. Гэта была жудасная какафонiя, у якой змяшалiся глухi рокат барабанаў, рэзкi ляск i звон, быццам ад удараў у рондалi, крыкi. Больш за ўсё ўразiлi нас менавiта крыкi, таму што, хоць мы i не разумелi нi слова невядомай нам мовы, галасы былi, бясспрэчна, чалавечыя.

Вiдовiшча было, жахлiвае. Мужчыны, жанчыны, дзецi лёталi ва ўсiх напрамках па лясной паляне, натыкалiся адно на аднаго, падалi. Некаторыя караскалiся на дрэвы, бы спрабавалi схавацца там. Аднак неўзабаве некалькi больш пажылых мужчын, саўладаўшы з сабою, спынiлiся i пачалi прыслухоўвацца. Гвалт мацнеў досыць павольна. Ён даносiўся з таго боку, дзе лес быў асаблiва густы, i, здавалася, спараджалася ўся гэтая какафонiя не ў адным месцы, а ў некалькiх, прыблiзна аднолькава аддаленых ад нас. Усё гэта згадвала вялiкае паляванне, калi загоншчыкi гвалтам i крыкамi палохаюць звяроў.

Вiдаць, старэйшыны племенi прынялi нейкае рашэнне. Адрывiста павiскваючы што азначала, пэўна, нейкi сiгнал або загад, - яны кiнулiся бегчы ў другi ад грукату i звону бок. Астатнiя рванулiся ўслед за iмi, i мы ўбачылi, як усё племя ломiцца скрозь кусты, нiбыта статак спалоханых аленяў. Нова таксама кiнулася за iмi, але раптам спынiлася i павярнулася да нас - дакладней, як мне здалося, да мяне. З яе рота вырваўся нейкi адчайны стогн, мусiць, заклiк бегчы за ёю, пасля яна скокнула ў гушчар i iмгненна знiкла ў iм.

Гвалт рабiўся ўсё больш невыносны, i мне ўжо здавалася, што дзесьцi зусiм непадалёк трашчаць пад цяжкiмi ботамi галiнкi, сукi. Прызнаюся, я таксама страцiў галаву. Розум падказваў мне застацца на месцы i сустрэць новых сарорцаў, якiя - з кожнай секундаю я разумеў гэта ўсё больш пэўна перагуквалiся чалавечымi галасамi. Але пасля ўсiх выпрабаванняў, што выпалi на нашу долю, нервы мае былi ўжо нiкуды не вартыя. Жах Новы i яе сародзiчаў перадаўся i мне. Я не мог нi думаць, нi прымаць рашэннi, а проста iмчаўся ўслед за дзiкункаю, нават не падумаўшы параiцца з таварышамi.

Гэтак я прабег некалькi сотняў метраў, але дзяўчыну не дагнаў. Тут я заўважыў, што за мною бяжыць толькi Левэн. Вiдаць, прафесар у яго гадах не мог вытрываць такую шалёную гонку. Левэн, задыхаючыся, параўняўся са мною. Мы зiрнулi адзiн на аднаго; апроч страху быў у нашых позiрках i сорам: як гэта мы так - чалавекi?!. Я ўжо хацеў быў прапанаваць Левэну вярнуцца назад або хоць пачакаць нашага шэфа, як раптам зусiм iншыя гукi прымусiлi нас скалануцца.

Памылiцца я не мог. У джунглях грымелi стрэлы - адзiн, другi, потым яшчэ i яшчэ з няроўнымi паўзамi, iншы раз адзiночныя, iншы раз здвоеныя i дужа падобныя на дублеты нашых паляўнiчых. Стралялi дзесьцi наперадзе, перакрываючы ўцекачам дарогу. Але пакуль мы раздумвалi, што рабiць, ланцуг загоншчыкаў наблiзiўся амаль да нас - i тут узнiкла панiка. Не ведаю чаму, але стралянiна здалася мне менш небяспечнаю, ва ўсякiм разе, больш знаёмай i не такой страшнай, як гэты, бы ў пекле, вар'яцкi гармiдар. Iнстынктыўна, стараючыся, аднак, пазбягаць адкрытых месцаў i рухацца як мага цiшэй, я зноў кiнуўся бегчы. Левэн трымаўся мяне.

Так мы дабеглi да таго месца, адкуль даносiлiся стрэлы. Я спынiўся, потым пачаў прабiрацца далей яшчэ больш асцярожна, ледзь не паўзком. Мой таварыш не адставаў ад мяне. Мы ўскараскалiся на невысокi пагорак i залеглi амаль на самай яго вяршынi, пераводзячы дух. Наперадзе было ўсяго некалькi дрэваў i палоска кустоўя. Выглянуўшы з кустоў, я здранцвеў бы аглушаны.

Вiдовiшча было задужа неверагоднае, недаступнае асэнсаванню - перад тым, што мы ўбачылi, наш чалавечы розум быў проста бяссiльны.

Раздзел IХ

У вiдовiшчы гэтым багата было i дзiўнага i страшнага, але спачатку ўсю маю ўвагу забрала адна iстота, якая стаяла нерухома крокаў за трыццаць ад мяне i глядзела ў мой бок.

Я ледзь не ўскрыкнуў, гэтак быў збянтэжаны. Нягледзячы на панiку, нягледзячы на ўвесь трагiзм майго становiшча - я ж апынуўся памiж загоншчыкамi i стралкамi, - бясконцае здзiўленне заглушыла ўва мне ўсе астатнiя пачуццi, калi я ўбачыў, што за стварэнне пiльнавала нас, бы якую дзiчыну, з засады.

Гэта была малпа. Гарыла вялiзнага росту.

Дарма я паўтараў сабе, што, напэўна, звар'яцеў - перада мною быў не мiраж. Аднак сустрэча з гарылаю нават на Сароры сама па сабе не ўяўляла б сабою нiчога звышнатуральнага. Уразiла мяне тое, што гарыла была прыстойна адзетая, зусiм як чалавек на Зямлi, а галоўнае - яна адчувала сябе ў гэтай адзежы свабодна i нязмушана. Менавiта гэтая вось натуральнасць i ашаламiла мяне. З першага ж позiрку я зразумеў, што малпа не была спецыяльна кiмсьцi прыбраная. Вопратка была ёй такая ж прывычная, як поўная яе адсутнасць Нове i iншым сарорцам.

Гарыла насiла такi самы гарнiтур, як мы з вамi, я хачу сказаць, як нашы паляўнiчыя, на адной з тых грандыёзных аблаў, што ладзяцца ў нас паслам i iншым важным персонам. Яе карычневая куртка здавалася сшытаю ў лепшым парыжскiм атэлье, а пад ёй вiднелася кашуля ў буйную клетку, - такiя звычайна носяць нашыя спартоўцы. Трохi пашыраныя ўнiзе брыджы былi запраўлены ў гетры. Тут падабенства канчалася: замест чаравiкаў на нагах у гарылы была пара тоўстых чорных пальчатак.

Я паўтараю - вочы мяне не падманвалi!

З каўняра кашулi тырчала зарослая чорнаю поўсцю брыдкая галава: востры чэрап, прыплюснуты нос, велiзарная скiвiца. Гарыла стаяла, крыху нахiлiўшыся ўперад, у тыповай паставе паляўнiчага, якi пiльнуе звера, i яе доўгiя рукi сцiскалi стрэльбу. Яна затаiлася акурат насупраць мяне, на iншым баку шырокай прасекi, да якой наблiжаўся ланцуг загоншчыкаў.

Раптам гарыла насцярожылася. Я таксама пачуў у кустах трохi правей сябе лёгкi шоргат. Гарыла павярнула галаву, адначасова ўздымаючы стрэльбу, каб адразу ж прыцэлiцца. З вяршынi пагорка я заўважыў, як варушыцца кустоўе, скрозь якое прадзiраўся наўздагад адзiн уцякач. Я хацеў крыкнуць, каб засцерагчы яго, настолькi быў мне ясны намер малпы. Але толькi я сабраўся гэта зрабiць, як чалавек выскачыў на адкрытае месца з хуткасцю аленя. Куля трапiла ў яго, калi ён быў на сярэдзiне прасекi. Чалавек падскочыў, упаў, забiўся ў канвульсiях i выпусцiў дух.

Але я не адразу звярнуў позiрк на забiтага - уся мая ўвага была скiраваная на гарылу. Я пiльна сачыў за ёю з таго самага моманту, як яна пачула шоргат, i быў дужа ўражаны багаццем яе мiмiкi: спачатку на мордзе ў гарылы чыталася напружлiвае чаканне паляўнiчага, якi пiльнуе дзiчыну, потым жорсткая радасць ад удалага стрэлу, а сама дзiўнае ва ўсiм гэтым было тое, што малпа выяўляла свае пачуццi гэтаксама ж, як i чалавек. Вось гэта i ўразiла мяне больш за ўсё: у вачах у гэтай жывёлы свяцiўся розум, якога зусiм не было ў людзей Сароры.

Але пачуццё небяспекi, што пагражала мне самому, хутка адагнала маё здзiўленне. Стрэл прымусiў мяне зноў глянуць на ахвяру, i я стаў сведкам яе перадсмяротнай агонii. Потым я з жахам заўважыў, што ўся прасека завалена чалавечымi целамi. Знiклi мае апошнiя iлюзii наконт убачанага. Крокаў за сто ад першай гарылы я заўважыў другую, адзетую гэтаксама ж. Гэта была аблава, фантастычная аблава, у якой паляўнiчыя былi малпы, растаўленыя ў ланцуг з аднолькавымi iнтэрваламi, а дзiчынаю - такiя ж, як я, людзi, мужчыны i жанчыны, чые голыя целы, прастрэленыя, скурчаныя, застылыя ў сама дзiкiх паставах, валялiся на скрываўленай зямлi. I сам я быў дзiчынаю!..

Не вытрымаўшы жудаснага вiдовiшча, я адвёў позiрк ад прасекi. Лепш ужо было глядзець на карыкатуру - i я зноў пачаў назiраць за гарылаю, якая перакрывала мне шлях наперад. Яна павярнулася, i я ўбачыў за яе спiнаю другую малпу, якая стаяла ззаду, бы слуга каля свайго гаспадара. Гэта быў шымпанзэ, шымпанзэ маленькага росту, вiдаць, яшчэ малады, але, клянуся, шымпанзэ! Адзеты ён быў праўда, не так вытанчана, як гарыла, а ў простую кашулю i штаны, аднак спрытна спраўляўся са сваiмi абавязкамi, якiя адразу ж сталi мне зразумелыя, калi гарыла працягнула яму стрэльбу, а ён падаў ёй другую, зараджаную. Потым шымпанзэ хутка дастаў з патранташа на поясе патроны, якiя блiснулi ў промнях Бетэльгейзе, i, перазарадзiўшы першую стрэльбу, зноў заняў сваё месца ззаду гарылы.

Усе гэтыя ўражаннi абвалiлiся на мяне ўмомант. Я спрабаваў абдумаць iх, прааналiзаваць, але часу на гэта не было. Левэн ляжаў побач са мною, здранцвелы ад страху, i нiчым не мог мне дапамагчы. Небяспека ўзрастала з кожнай секундаю. Загоншчыкi наблiжалiся. Гвалт i крыкi, усчатыя iмi, аглушалi. Нас ахапiла панiка, як дзiкiх звяроў, як гэтых няшчасных людзей, што прабягалi мiма нас. Племя, як выявiлася, было намнога больш люднае, чым я думаў, таму што мужчыны i жанчыны ўсё яшчэ выскоквалi на прасеку, дзе iх чакала жахлiвая смерць.

Аднак не ўсiх. Спрабуючы трымаць сябе ў руках, я назiраў з вышынi пагорка за паводзiнамi ўцекачоў. Большасць, звар'яцеўшы ад страху, з гвалтам ламiлася напрасткi праз кусты, даючы такiм чынам знаць пра сябе малпам, якiя расстрэльвалi людзей ва ўпор. Але некаторыя паводзiлi сябе больш асцярожна, як старыя кабаны-секачы, што пабывалi ўжо ў многiх аблавах i навучылiся ўсялякiм хiтрыкам. Гэтыя ўцекачы нячутна падбiралiся да прасекi, замiралi, чакаючы, пакуль блiжэйшы паляўнiчы адвернецца - i адразу ж выскоквалi з кустоў, iмгненна перасякаючы смертаносную зону. Многiм удавалася перабегчы праз усю прасеку i знiкнуць у непраглядным зараснiку на другiм баку.

Магчыма, гэта быў наш адзiны шанц на ўратаванне. Я зрабiў Левэну знак рушыць услед за мною i папоўз да апошнiх кустоў перад прасекаю. Але калi мы дабралiся да iх, мяне ахапiла раптам недарэчнае абурэнне. Як гэта я, чалавек, буду хiтрыць, каб падмануць малпу? Каб не абразiць сваёй годнасцi, я павiнен зараз жа ўстаць i палкаю адлупцаваць жывёл. Аднак жудасны гармiдар, якi ўсё нарастаў, прагнаў iдыёцкi настрой.

Паляванне канчалася. Грукат стаяў такi, што можна было звар'яцець. Загоншчыкi былi ўжо ў нас за спiнаю. Я паспеў разгледзець праз лiстоту аднаго з iх. Гэта была вялiзная гарыла, якая галасiла i ўлюлюкала ва ўсё горла, стукаючы палкаю па ствалах дрэў. Мне яна здалася яшчэ больш страшнай, чым гарыла-паляўнiчы. Левэн увесь затросся, ажно зашчоўкаў зубамi, а я, затаiўшы дыханне, чакаў зручнага моманту, каб кiнуцца да гушчару.

I тут мой няшчасны таварыш, сам таго не ўсведамляючы, уратаваў мяне сваёй неасцярожнасцю. Зусiм страцiўшы галаву, Левэн ускочыў, безразважна кiнуўся бегчы i апынуўся на адкрытай прасторы акурат перад дулам блiжэйшага паляўнiчага. Адбегчы далёка яму не ўдалося. Стрэл нiбыта пераламаў яго напалам, i Левэн звалiўся побач з трупамi астатнiх уцекачоў. Мне не было калi аплакваць яго. Сцiснуўшыся ў камяк, я вычакаў, калi гарыла аддасць стрэльбу слузе на перазарадку, i, выскачыўшы з кустоў, кiнуўся бегчы цераз прасеку. Я бачыў, быццам у сне, як гарыла таропка схапiла зараджаную стрэльбу, але перш чым яна паспела прыцэлiцца, я паспеў нырнуць у зараснiк. Я пачуў яе крык, мусiбыць, яна лаялася, але мне было не да абдумвання гэтай новай недарэчнасцi.

Перамога была за мною. Душа мая ганарлiва трыумфавала - ува мне зноў загаварыла прынiжанае самалюбства. Я бег з усiх ног далей ад крывавай бойнi, i неўзабаве крыкi загоншчыкаў за маёй спiнаю змоўклi. Я выратаваўся.

Выратаваўся? На жаль, я недаацанiў злой хiтрасцi малпаў Сароры. Не прабег я i сто метраў, як спатыкнуўся i адразу ж наляцеў на нейкую перашкоду на маiм шляху, схаваную ў зараснiку. Гэта была расцягнутая над зямлёю сетка з буйнымi ячэйкамi i кашалямi, у адным з якiх я i заблытаўся. I не адзiн я трапiў у гэтую пастку. Сетка перакрывала досыць шырокую паласу лесу, i ў ёй боўталiся няўдалыя ўцекачы, якiя здолелi ўратавацца ад расстрэлу на прасецы. Адчайныя рыўкi сеткi i злосны вiск вакол мяне найлепшым чынам давялi мне ў лiчаныя iмгненнi марнасць iх намаганняў выбрацца на волю.

Калi я адчуў сябе ў пастцы, мною авалодала сляпая, звярыная лютасць, мацнейшая за страх, i я страцiў усякую здольнасць разважаць. Наадварот, нiбыта звар'яцелы, рабiў якраз тое, што разумнаму чалавеку нiяк было нельга рабiць: кiдаўся ў сетцы з боку ў бок, спрабуючы вырвацца, пакуль не заблытаўся канчаткова, так, што ўжо i паварухнуцца не мог. Мне засталося толькi моўчкi чакаць, спадзеючыся на лiтасць малпаў, якiя, я чуў, падыходзiлi ўжо да нас.

Раздзел Х

Калi я ўбачыў, што да нас наблiжаюцца малпы, мяне ахапiў смяротны жах. Пасля таго, чаму давялося стаць сведкам, здалося, што гэтыя жорсткiя стварэннi зараз жа пачнуць знiшчаць палонных.

Наперадзе iшлi паляўнiчыя, усе гарылы. Я заўважыў, што яны без зброi, i ў душы ў мяне зацеплiлася надзея. За стралкамi да нас кiравалiся слугi i загоншчыкi, сярод якiх, апроч гарыл, было прыблiзна столькi ж шымпанзэ. Стралкi трымалiся вяльможна, быццам сапраўдныя арыстакраты. Яны былi ў цудоўным гуморы i, вiдаць, не мелi да нас нiякiх благiх намераў.

Нялёгка мне было прывыкнуць да ўсiх парадоксаў гэтай планеты, каб напiсаць падобную фразу, не задумваючыся над яе недарэчнасцю! Толькi ж менавiта так усё i было! Гарылы выглядалi сапраўднымi арыстакратамi. Яны весела перагаворвалiся на незразумелай, але досыць выразнай мове, а мiмiка iх перадавала ўсе адценнi чалавечых пачуццяў, сляды якiх я так марна спрабаваў адшукаць на твары ў Новы.

Што да сарорскай прыгажунi, дык я нават не ведаў, што з ёю. Пры адным толькi ўспамiне пра крывавую прасеку мяне праймалi дрыжыкi. Цяпер я ўжо разумеў, чаму так усхвалявалася Нова, убачыўшы нашага шымпанзэ. Тут, мусiць, людзi i малпы люта ненавiдзелi адны адных. Я канчаткова ў гэтым пераканаўся, калi ўбачыў, як паводзяць сябе палонныя пры малпах, што наблiжалiся да iх. Яны сутаргава тузалiся, падскоквалi на карачках, раз'юшана скрыгаталi зубамi i з пенаю на вуснах грызлi вяроўкi сеткi.

Не зважаючы на ўсю гэтую калатнечу, гарылы-паляўнiчыя - я злавiў сябе на тым, што называю iх панамi, - аддавалi загады сваiм слугам. На дарозе, дзе была расцягнута сетка, з'явiлiся даволi нiзкiя трактарныя прычэпы, на якiх стаялi клеткi. Вось у гэтыя клеткi нас i кiдалi - з разлiку тузiн на прычэп, i працягвалася гэта досыць доўга, таму што палонныя адчайна адбiвалiся. Дзве гарылы-слугi, нацягнуўшы тоўстыя скураныя пальчаткi, якiя засцерагалi iх ад укусаў, хапалi людзей аднаго за адным, вызваляючы з сеткi, шпурлялi ў клеткi i хутка засоўвалi дзверцы, а адна гарыла-пан кiравала iмi, нязмушана абапёршыся на трысцiну.

Калi чарга дайшла да мяне, я хацеў загаварыць, каб прыцягнуць да сябе ўвагу. Але толькi я разявiў рот, як гарыла-слуга груба зацiснула мне яго вялiзнай лапаю ў пальчатцы, падумаўшы, пэўна, што я збiраюся яе ўкусiць. З зацiснутын ротам не пагаворыш! Мяне, быццам якую торбу, кiнулi ў клетку, i я апынуўся ў кампанii дзесятка iншых мужчын i жанчын, яшчэ занадта ўзбуджаных, каб звярнуць на мяне ўвагу.

Нарэшце ўсе палонныя былi пагружаны, гарыла-слуга праверыла засаўкi на клетках i сказала нешта свайму гаспадару. Той махнуў рукою, i лес адразу ж напоўнiўся гулам матораў. Прычэпы тузанулiся i пакацiлiся за машынамi, падобнымi на нашы калёсныя трактары, кiравалi якiмi зноў жа малпы. Я добра разгледзеў кiроўцу, якi сядзеў за рулём трактара ззаду нашага. Гэта быў шымпанзэ ў сiнiм кабiнезоне. Напэўна, ён быў у выдатным настроi, бо адпускаў раз-пораз нам кплiвыя жарты, штосьцi напяваючы сам сабе: калi гул матораў зацiхаў, да мяне даносiлiся абрыўкi томнае мелодыi з даволi прыемным матывам.

Першы этап перавозкi палонных быў настолькi кароткi, што я нават не паспеў сабрацца з думкамi. Праз чвэрць гадзiны язды па вельмi дрэннай дарозе наш караван спынiўся на адкрытай пляцоўцы перад мураваным будынкам. Тут лес канчаўся, далей я ўбачыў толькi палi, засеяныя нейкай збажыною.

Дом з чырвоным чарапiчным дахам, з зялёнымi аканiцамi i шыльдаю над уваходам дужа выдаваў на вялiкi шынок. Я хутка скемiў, што гэта месца збору паляўнiчых. Тут слугi-шымпанзэ чакалi гаспадароў, якiя пад'язджалi на сваiх машынах, скарыстаўшыся, пэўна, другой дарогаю. Дамы-гарылы сядзелi гуртком у крэслах у цянi высокiх дрэў, якiя нагадвалi нашы пальмы, i бестурботна балбаталi. Адна пацягвала праз саломiнку нейкi напой.

Калi прычэпы выстраiлiся на стаянцы, дамы наблiзiлiся да iх i пачалi з цiкаўнасцю разглядваць здабычу i перш за ўсё дзiчыну падстрэленую, якую даставiлi сюды на двух вялiкiх грузавiках, - слугi-гарылы ў доўгiх фартухах выцягвалi трупы i складвалi iх пад дрэвамi.

Здабыча была адмысловая! Да таго ж, малпы дзейнiчалi, прытрымлiваючыся строгага парадку. Яны паклалi скрываўленыя целы тварамi ўверх у адзiн рад, быццам па лiнейцы. А пасля пачалi пад захопленыя воклiчы дам усё роўна як аздабляць забiтую дзiчыну, каб яна выглядала згодна з iх густам як мага больш iмпазантна. Яны ўкладвалi рукi ўздоўж тулава, выпроствалi скурчаныя пальцы i паварочвалi далонi ўверх, выцягвалi ногi, размяўшы iх у каленях, паварочвалi гiдка скрыўленыя набок галовы. Нарэшце яны клапатлiва прычасалi забiтых, асаблiва жанчын, гэтаксама ж як некаторыя паляўнiчыя прычэсваюць поўсць або прыгладжваюць пер'е толькi што забiтым звярам цi птушкам.

Баюся, я не змагу перадаць тое, што адчуваў, гледзячы на гэты брыдотны кашмар. Не памятаю, цi казаў я пра знешнасць усiх гэтых гарыл i шымпанзэ, пра спецыфiчныя грымасы i жэсты малпаў, калi не лiчыць таго, што паведамiў пра чалавечы выраз iх вачэй. Цi не забыўся я згадаць, як дамы-гарылы, таксама апранутыя па-спартоваму, але з вялiкай вытанчанасцю, мiтусiлiся i штурхалiся, вышукваючы лепшыя трафеi, i паказвалi на iх пальцамi, вiншуючы сваiх кавалераў? Цi ж сказаў што-небудзь пра тую жудасную сцэнку, калi адна дама выняла з сумачкi маленькiя нажнiцы, нахiлiлася над трупам, адрэзала некалькi чорных пасмаў i, звiўшы iх у колца, прыкалола шпiлькаю да свайго капелюша? Усе астатнiя дамы, зiрнуўшы на яе, адразу ж зрабiлi тое самае.

Нарэшце здабычу рассартавалi: усе трупы былi акуратна пакладзены ў тры рады, мужчыны i жанчыны ўперамешку. У небе, залiваючы гэтыю варварскую сцэну нясцерпным святлом, палала Бетэльгейзе. У жаху я адвёў вочы i ўбачыў новую дзейную асобу - малпу с трыножнiкам i замацаванай на iм доўгай чорнай скрынкаю. Гэта быў шымпанзэ. Я хутка пазнаў у iм фатографа, якi збiраецца зняць пышную карцiну багатых вынiкаў слаўнага палявання. Фатаграфаванне заняло больш за чвэрць гадзiны. Спачатку гарылы фатаграфавалiся паасобку ў сама рэспектабельных, як яны, мусiць, лiчылi, паставах - некаторыя з выглядам пераможцаў ставiлi нагу на ахвяру палявання, - потым усiм гуртам, абняўшыся за плечы. Пасля гэтага настала чарга самак, i яны таксама доўга выбiралi сабе вытанчаныя, як на iх разуменне, паставы на фоне скрываўленых целаў, гэтак папраўляючы капелюшы з пасмамi прыколатых валасоў, каб тыя вiднелiся выразна.

Жудаснасць гэтага вiдовiшча нашмат перавышала сiлы чалавечага разумення. Нейкi час я стрымлiваўся, хоць кроў так i закiпала ў маiх жылах, але калi адна самка ўселася на труп, каб зняцца больш эфектна за сваiх каляжанак, калi я пазнаў рысы забiтага, якi ляжаў побач з iншымi ахвярамi, юначыя, амаль дзiцячыя рысы майго няшчаснага кампаньёна Артура Левэна, нервы мае здалi, i мае пачуццi зноў вылiлiся ў форму, такую ж недарэчную, як i гэтая жахлiвая сцэна: мяне ахапiла раптам нястрыманая весялосць, i я зарагатаў.

Я i не падумаў пра сваiх суседзяў па клетцы. Я ўвогуле не мог ужо думаць. Але панiка, якая адразу ж узнялася сярод людзей, напомнiла, што мне яны, вiдаць, яшчэ больш небяспечныя, чым нават малпы. Рукi сарорцаў пагрозлiва пацягнулiся да мяне з усiх бакоў. Убачыўшы небяспеку, я пастараўся заглушыць смех, схаваўшы твар у далонi. Мяне, мажлiва, усё роўна задушылi б цi парвалi на кавалкi, калi б некалькi малпаў, якiя пачулi гвалт, не аднавiлi парадак уколамi дзiдаў. Неўзабаве ўвагу ўсiх забрала новая падзея. У шынку зазвiнеў звон, запрашаючы на сняданак. Гарылы, весела перагаворваючыся, рушылi невялiкiмi гуртамi ў дом, а фатограф, зняўшы некалькi разоў людзей у клетках, пачаў складваць свой апарат.

Аднак i мы, людзi, таксама не былi забытыя. Я не ведаў, якi лёс падрыхтавалi нам малпы, але яны вырашылi паклапацiцца пра нас. Перш чым знiкнуць у дзвярах шынка, адзiн пан аддаў нейкi загад другому самцу-гарыле, якi, вiдаць, быў начальнiкам атрада егераў. Той вярнуўся да клетак, паклiкаў сваiх падначаленых, i неўзабаве слугi прынеслi нам карыты з ежаю - на выгляд нешта накшталт густой полiўкi - i ваду ў вёдрах. Я не адчуваў голаду, але вырашыў есцi разам з усiмi, каб захаваць сiлу. Наблiзiўшыся да карыта, вакол якога ўжо сядзелi на кукiшках многiя палонныя, я нясмела працягнуў руку. Яны злосна паглядзелi на мяне, але, паколькi полiўкi хапала на ўсiх, адштурхоўваць не сталi. Я даволi ахвотна з'еў некалькi жменяў досыць смачнай рэдкай кашы з нейкiх круп.

Да таго ж, мы атрымалi дзякуючы дабрынi нашых вартаўнiкоў яшчэ i сёе-тое на дэсерт. Гэтыя загоншчыкi, якiя нядаўна наводзiлi на нас жах, пасля палявання ставiлiся да нас, можна сказаць, зычлiва, калi толькi мы паводзiлi сябе пакорлiва. Яны прагульвалiся перад клеткамi i кiдалi нам час ад часу розныя плады, забаўляючыся звалкаю, якая стваралася пасля кожнае iх падачкi. Тут я ўбачыў сцэнку, якая прымусiла мяне задумацца. Маленькая дзяўчынка злавiла на ляту плод, сусед кiнуўся да яе, каб адабраць яго, але тут за дзiця заступiлася малпа. Яна прасунула дзiду скрозь краты, груба адштурхнула мужчыну, а потым уклала другi плод у руку дзяўчынцы. Я зразумеў, што гэтым iстотам бывае ўласцiвае i пачуццё жалю.

Калi з ежаю было скончана, начальнiк атрада i яго егеры пачалi перасяляць асобных палонных з аднае клеткi ў другую. Здавалася, нас сартуюць, але паводле якога прынцыпу - гэтага я ўцямiць не мог. Апынуўшыся ўрэшце ў адной клетцы з сама прыгожымi мужчынамi i жанчынамi, я вырашыў, што трапiў у групу выдатных прадстаўнiкоў сваёй пароды, i паспрабаваў суцешыцца горкай думкаю, што малпы з першага позiрку далучылi мяне да элiты.

Са здзiўленнем i бясконцай радасцю ўбачыў я сярод суседзяў па клетцы Нову. Яна ўратавалася, i я дзякаваў цяпер за гэта нябёсам Бетэльгейзе. Менавiта пра яе я згадваў, уважлiва разглядаючы забiтых, i пры адной толькi думцы, што сярод груды трупаў можа апынуцца яе цудоўнае цела, мяне прабiрала дрыготка. Мне здалося, што я знайшоў дарагога мне чалавека, i вось, забыўшыся раптам на ўсё, я кiнуўся да Новы, каб абняць яе. Гэта было сапраўднае вар'яцтва: мой жэст выклiкаў у яе жах. Няўжо яна забылася пра мiнулую ноч, думаў я. Няўжо ў такiм дзiвосным целе няма нiякае душы? Я быў проста ў шоку, калi ўбачыў, як Нова сцiснулася пры маiм наблiжэннi ў камяк i выцягнула наперад рукi са скурчанымi пальцамi, быццам збiралася ўчапiцца ў горла, што, напэўна, яна i зрабiла б, калi б я не спынiўся.

Аднак я замёр на месцы, i Нова досыць хутка супакоiлася. Неўзабаве яна ўладкавалася ў куце, я ж, ахоплены роспаччу, сеў у iншым. Улеглiся i астатнiя палонныя. Падаўленыя, зламаныя стомаю, яны, здавалася, скарылiся са сваiм лёсам.

А малпы на дварэ рыхтавалiся да ад'езду. На нашую клетку накiнулi брызент, якi даходзiў да паловы вышынi кратаў, так што святла хапала. Пачулiся загадныя галасы, загулi маторы. I вось ужо нас некуды везлi з вялiкай хуткасцю. Я ляжаў i з трывогаю разважаў, якiя яшчэ злыя прыгоды чакаюць мяне на Сароры.

Раздзел ХI

Я адчуваў сябе знiшчаным. Падзеi апошнiх двух дзён зламалi мяне фiзiчна i агарнулi душу такiм глыбокiм адчаем, што я нават не змог нi аплакаць гiбель сваiх таварышаў, нi ўявiць сабе да канца, што значыць для мяне разбурэнне нашага катэра. Таму я ўзрадаваўся прыцемкам, а пасля з палёгкаю схаваўся ў цемры - вечар настаў хутка, i нас везлi ўсю ноч. Я абдумваў тое, што адбылося. Трэба было няспынна прымушаць розум працаваць, каб не паддацца вар'яцтву, якое ўжо пiльнавала мяне. Я павiнен быў гэта рабiць, каб зноў i зноў даводзiць сабе, што я ўсё ж чалавек, зямны чалавек, iстота, якая жыве думаючы i прывыкла знаходзiць лагiчныя тлумачэннi самым, здавалася б, фантастычным з'явам, а не жывёлiна, злоўленая ў пастку высокаразвiтымi малпамi.

Я перабiраў усе драбнiцы, якiя захавалiся ў маёй памяцi.

Галоўнае было тое, што ўсе гэтыя малпы, гарылы i шымпанзэ, самцы i самкi, зусiм не здавалiся мне недарэчнымi. Я ўжо казаў: яны анiводнага разу не нагадалi мне дрэсiраваных малпаў, накшталт тых, што паказваюць у нашых цырках.

На Зямлi шымпанзэ ў капелюшы для многiх вiдовiшча дужа смешнае, хоць асабiста мяне яно засмучала. А тут не было нiчога падобнага. Капелюшы пасавалi малпам, а ўсе iх рухi былi вельмi натуральныя. Самка-гарыла, якая пацягвала праз саломiнку халодны напой, выглядала як сапраўдная дама. Адзiн з паляўнiчых, згадаў я, выняў з кiшэнi люльку i пачаў нетаропка раскурваць. Нiшто ў гэтай сцэне не насмяшыла мяне, такiя натуральныя былi ў малпы рухi.

Я спрабаваў асэнсаваць усе гэтыя дзiвосы, доўга круцiў сабе галаву i, здаецца, упершыню за ўвесь час палону горка пашкадаваў, што са мною няма прафесара Антэля. Яго мудрасць i веды дапамаглi б знайсцi тлумачэнне ўсiм парадоксам.

Што сталася з прафесарам, я не ведаў. Сярод застрэленых яго не было - у гэтым я пераканаўся. Можа, ён таксама трапiў у пастку? Гэта было досыць верагодна, бо я не паспеў разгледзець усiх палонных. Спадзявацца ж на тое, што ён здолеў застацца на волi, я не асмельваўся.

Застаўшыся адзiн, я стараўся стварыць сваю тэорыю, якая, зрэшты, не надта мяне задавальняла. Магчыма, жыхары гэтае планеты, цывiлiзаваныя iстоты, чые гарады мы бачылi зверху, здолелi так выдрэсiраваць сваiх малпаў, што тыя пасля цярплiвага i працяглага адбору, якi здзяйсняўся на працягу жыцця не аднаго пакалення, набылi рысы адносна разумных iстот. Урэшце, i ў нас на Зямлi некаторыя шымпанзэ могуць паказваць фенаменальныя штукi. I нават той факт, што ў тутэйшых малпаў ёсць свая мова, сам па сабе не такi ўжо i дзiўны, як мне гэта спачатку здалося. Я згадаў адну размову са спецыялiстам у гэтай вобласцi. Ён паведамiў мне, што сур'ёзныя вучоныя трацяць багата часу, стараючыся навучыць прыматаў размаўляць. Яны сцвярджаюць, што фiзiчная будова iх гартанi гэтаму не замiнае. Дагэтуль усе iх спробы заставалiся марныя, але вучоныя не адступаюцца, бо яны ўпэўненыя, што адзiная прычына iх няўдач - усяго толькi нежаданне самiх малпаў загаварыць. Але, можа, на Сароры малпы ўсё-такi загаварылi? I гэта дазволiла гiпатэтычным гаспадарам планеты выкарыстаць iх на розных чорных работах, накшталт гэтага палявання ў джунглях, у час якога я трапiў у пастку?

Адчайна ўчапiўшыся за гэтую тэорыю, я баяўся нават падумаць, што можа iснаваць iншае, прасцейшае тлумачэнне. Каб не звар'яцець, мне трэба было верыць, што на гэтай планеце ёсць сапраўдныя разумныя iстоты, iнакш кажучы, людзi, такiя ж людзi, як я сам, з якiмi я змагу знайсцi агульную мову.

Людзi! Аднак хто ж тады гэтыя стварэннi, якiх забiваюць i ловяць малпы? Дзiкуны, што затрымалiся ў сваiм развiццi? Дык якая ж тады гэта была нечуваная жорсткасць гаспадароў планеты - дазваляць цi, можа, нават арганiзоўваць такiя пабоiшчы?

Мае горкiя разважаннi перапынiла няясная постаць, што падпаўзала да мяне на карачках. Гэта была Нова. Астатнiя палонныя ляжалi ўжо гуртамi на падлозе. Павагаўшыся трохi, Нова, як i мiнулы раз, прыцiснулася да мяне. Я зноў паспрабаваў адшукаць у яе позiрку хаця б iскрынку сяброўскай спагады дарэмна. Дзяўчына адвярнулася i неўзабаве заплюшчыла вочы. Нягледзячы на гэта, мне стала неяк спакайней ад адной яе прысутнасцi, i ўрэшце я таксама заснуў, стараючыся не думаць пра заўтрашнi дзень.

Раздзел ХII

Абарончы рэфлекс дапамог мне пазбавiцца ад залiшне роспачных думак, i я заснуў на нейкi час. Праўда, мяне мучылi кашмары, у якiх гарачае цела Новы ўяўлялася мне жудаснаю змяёю, што абвiлася вакол мяне. На золку я расплюшчыў вочы. Нова ўжо не спала. Яна сядзела крыху адсунуўшыся ад мяне. У яе насцярожаных вачах бы назаўжды застыла разгубленасць.Наш фургон запаволiў ход, i я ўбачыў, што мы ўязджаем у горад. Палонныя прынiклi да кратаў. Прысеўшы на кукiшкi, яны са страхам выглядалi з-пад брызенту. Я таксама прыцiснуўся тварам да кратаў, каб лепш разгледзець першы горад Сароры, у якi я трапiў.

Мы ехалi па досыць шырокай вулiцы з ходнiкамi паабапал. Я засмучана ўзiраўся ў мiнакоў: вакол былi адны малпы. Заўважыў гандляра, пэўна, бакалейшчыка, якi падымаў металiчную штору ў сваёй невялiкай краме i з цiкаўнасцю азiрнуўся на нас, - i гэты быў малпа. Я стараўся разгледзець кожны твар у аўтамабiлях, што абганялi нас, - але ж усе, i пасажыры, i кiроўцы, былi малпы ў чалавечым адзеннi.

Знiкла мая апошняя надзея сустрэць на Сароры цывiлiзаваных людзей, i ўсю астатнюю дарогу я праседзеў здранцвелы i змрочны. Неўзабаве наша машына яшчэ раз запаволiла ход. Я адразу ж прыкмецiў, што за ноч караван iстотна скарацiўся: засталiся толькi два трактарныя прычэпы, астатнiя, напэўна, рушылi ў iншым кiрунку. Перад намi адчынiлiся глухiя вароты, i мы ўехалi ў двор. Малпы адразу ж акружылi нас. Палонныя пачалi хвалявацца, i малпам прыйшлося ўтаймоўваць iх дзiдамi.

Двор з усiх бакоў замыкаўся шматпавярховым будынкам з радамi аднолькавых вокнаў. Больш за ўсё будынак з яго тэрыторыяй выдаваў на бальнiцу, i гэтае ўражанне толькi ўзмацнiлася, калi насустрач нашым вартаўнiкам выйшлi з будынка новыя малпы. На iх былi белыя халаты i маленькiя шапачкi, як у нашых санiтараў. Гэта зноў-такi былi малпы.

Але, усе тут былi малпы - гарылы цi шымпанзэ! Разам з вартаўнiкамi яны пачалi разгружаць фургоны. Палонных па адным выцягвалi з клетак, засоўвалi ў вялiкiя мяхi i адносiлi ў будынак. Я не стаў супрацiўляцца, i неўзабаве дзве вялiзныя гарылы ў белых халатах сунулi мяне ў мех. Потым мяне доўга некуды неслi: здавалася, што мы падымаемся па лесвiцы, рушым па калiдорах. Нарэшце мяне бесцырымонна вытраслi з меха на падлогу i адразу ж сунулi ў другую клетку, на гэты раз стацыянарную, з саламянай падсцiлкаю. Агледзеўшыся, я ўбачыў, што ў клетцы суседзяў у мяне няма. Гарыла дбайна зачынiла дзверы на замок.

Памяшканне, у якiм я апынуўся, уяўляла сабою залу з мноствам аднолькавых клетак уздоўж сцен i доўгiм праходам памiж iмi. Амаль ва ўсiх клетках нехта ўжо быў: у адных - мае таварышы па няшчасцi, у iншых - мужчыны i жанчыны, якiя знаходзiлiся тут, вiдаць, ужо даўно. Гэтых можна было вылучыць па абыякавым выглядзе. Сустракаючы новых суседзяў, яны звярталi нейкую ўвагу хiба што на якога-небудзь няшчаснага, калi той пачынаў жаласна стагнаць. Яшчэ я заўважыў, што ўсiх навiчкоў размясцiлi паасобку, а старажылы сядзелi ў клетках пераважна парамi. Прыцiснуўшыся тварам да кратаў, я ўбачыў у канцы праходу яшчэ адну клетку, большую - з мноствам дзяцей. У адрозненне ад дарослых дзецi рэагавалi на нашае прыбыццё вельмi жвава. Яны размахвалi рукамi, штурхалiся, мiтусiлiся, рабiлi выгляд, што трасуць краты, i сакаталi безупынку, бы маленькiя малпачкi-гарэзы.

Зноў з'явiлiся з чарговым мехам дзве гарылы. З яго вывалiлася мая "сяброўка" Нова. Яе памясцiлi ў клетцы насупраць - хоць гэта мяне трохi суцешыла. Нова была раз'юшаная i супрацiўлялася як магла, стараючыся падрапаць або ўкусiць гарыл. Калi ж яе нарэшце замкнулi ў клетцы, яна, скрыгочучы зубамi, пачала трэсцi краты - сэрца разрывалася, так жудасна яна ўлюлюкала. Праз нейкi час яна заўважыла мяне i замерла, выцягнуўшы шыю, як здзiўлены звярок. Я асцярожна ўсмiхнуўся ёй, памахаў рукою. I калi яна нязграбна паспрабавала паўтарыць гэты жэст, душа мая напоўнiлася радасцю!

У памяшканне зноў вярнулiся i забралi маю ўвагу дзве гарылы ў белых халатах. Напэўна, разгрузка скончылася, бо нiкога больш яны не прынеслi. Затое яны прыкацiлi гэтым разам вазок з ежаю i вядзерцамi з пойлам. Пачалася раздача прывезенага, i палонныя супакоiлiся.

Неўзабаве чарга дайшла да мяне. Пакуль адна гарыла стаяла на варце, другая ўвайшла ў клетку i паставiла перада мною мiску з кашаю, вядзерца з вадою i паклала побач некалькi пладоў. Я ўжо вырашыў любой цаною ўсталяваць кантакт з малпамi, якiя, вiдаць, былi адзiныя разумныя iстоты на гэтай планеце. Гарыла, якая прынесла мне ежы i пойла, выглядала досыць зычлiвай. Убачыўшы, што я трымаюся спакойна, яна нават паляпала мяне лапаю па плячы. Я паглядзеў ёй у самыя вочы, пасля паднёс руку да грудзей i ветлiва пакланiўся. Узняўшы галаву, я ўбачыў на твары ў гарылы збянтэжанасць. Тады я ўсмiхнуўся малпе, стараючыся ўкласцi ва ўсмешку ўсю сваю душу. Гарыла ўжо збiралася пайсцi, але тут раптам замерла на месцы, здзiўлена ўскрыкнуўшы. Нарэшце мяне заўважылi! Жадаючы замацаваць поспех i прадэманстраваць усе мае здольнасцi, я вымавiў першае, што прыйшло ў галаву:

- Як вы тут жывяце? Я чалавек з Зямлi. Мы доўга ляцелi, каб дабрацца сюды.

Сэнс таго, што я сказаў, не меў значэння. Дастаткова было проста гаварыць, каб малпа зразумела, з кiм мае справу. I я дамогся сваёй мэты. Напэўна, нiколi нi ў якой малпы яшчэ не было такой разгубленай пысы! Гарыла i яе напарнiк замерлi з разяўленымi ратамi, у iх ажно дыханне перахапiла. Нарэшце яны пачалi таропка перагаворвацца мiж сабою, але iх кароткая перамова скончылася зусiм не так, як я разлiчваў. Падазрона паглядзеўшы на мяне, гарыла хутка выскачыла з клеткi i зачынiла дзверы на замок з асаблiвай дбайнасцю. Пасля малпы пераглянулiся - i залiлiся раптам безупынным смехам. Напэўна, я быў для iх з'яваю сапраўды ўнiкальнаю, бо яны доўга не маглi супакоiцца. У iх ажно слёзы выступiлi на вачах, а адна гарыла нават паставiла на падлогу кацёл з кашаю i палезла ў кiшэнi па насоўку. Мяне ахапiла такiя крыўда i расчараванне, што я ўмомант ледзь не сшалеў. Раз'юшаны, я, гэтаксама ж як i сарорскiя дзiкуны, трэс прэнты кратаў, скалiў зубы i лаяў малпаў на ўсiх вядомых мне мовах апошнiмi словамi. Калi мой запас лаянкi кончыўся, я ўсё яшчэ рыкаў, выкрыкваючы штосьцi зусiм невыразнае, але тут ужо гарылы адно пацiснулi пагардлiва плячыма. Аднак мне ўсё-такi ўдалося звярнуць на сябе ўвагу. Перш чым выйсцi, гарылы некалькi разоў азiрнулiся, уважлiва прыглядаючыся да мяне. Калi сiлы мае скончылiся i я супакоiўся, адна малпа выняла з кiшэнi блакнот i нешта занатавала, зiрнуўшы папярэдне на замацаваную на маёй клетцы таблiчку, напэўна, з нумарам.

Гарылы пайшлi. Палонныя, устрывожаныя маiм прыпадкам, супакоiлiся i зноў пачалi есцi. Мне таксама заставалася толькi паесцi ды легчы спаць у чаканнi больш плённай мажлiвасцi выявiць сваю высакародную сутнасць. Я паеў усё тае ж крупяной кашы, пасля ўзяўся за сакавiтыя плады. А Нова ў клетцы насупраць пераставала часам жаваць i паглядвала цiшком у мой бок.

Раздзел ХIII

Да канца дня нас больш не турбавалi. Увечары, пасля другой кармёжкi, гарылы пайшлi, патушыўшы ў памяшканнi святло. Гэтую ноч я амаль не спаў, i не таму, што падсцiлка была цвёрдая - тоўсты слой саломы быў досыць зручным ложкам, - а таму, што бясконца абдумваў планы, як мне ўсталяваць кантакт з малпамi. Я даў сабе слова, што не паддамся болей сляпой лютасцi, а буду цярплiва, нястомна пiльнаваць любую мажлiвасць выявiць свой розум. Вартаўнiкi былi, вiдаць, абмежаваныя тыпы з нiжэйшага персаналу i не маглi ацанiць i зразумець маiх намераў, але ж ёсць, мусiць, i iншыя, культурнейшыя малпы!

Уранку я пераканаўся, што спадзяваннi мае не былi марныя. Я не спаў ужо больш за гадзiну. Большасць маiх суседзяў няспынна кружляла па сваiх клетках, як некаторыя звяры ў няволi. Калi я раптам усвядомiў, што даволi ўжо доўга паводжу сябе гэтаксама ж, то быў вельмi засмучаны. Я прымусiў сябе сесцi перад кратамi i прыняць як мага больш асэнсаваную паставу чалавека, якi задумаўся. У гэты момант дзверы адчынiлiся, i ў праходзе з'явiлася з вартаўнiкамi самка-шымпанзэ. Па тым, як гарылы мiтусiлiся перад ёю, я адразу ж зразумеў, што яна займае тут досыць высокае становiшча.

Вартаўнiкi, вядома, далажылi пра мяне, бо шымпанзэ, ледзь толькi ўвайшла ў залу, нешта ў iх запытала, i адна гарыла паказала пальцам на маю клетку. Шымпанзэ адразу ж накiравалася да мяне.

Пакуль яна наблiжалася, я паспеў яе разгледзець. На ёй таксама быў белы халат, але больш элегантнага крою, чым у вартаўнiкоў, - з паяском i кароткiмi рукавамi, з якiх высоўвалiся доўгiя рухавыя лапы. Аднак больш за ўсё мяне ўразiлi яе вочы, надзiва разумныя i жывыя. Я падумаў, што гэта добры знак: у нас павiнны ўсталявацца неблагiя адносiны. Яна здалася мне зусiм маладзенькаю, нягледзячы на тыповыя малпавы маршчынкi вакол яе белай пысачкi. У руцэ ў яе была скураная папка.

Яна спынiлася перад маёй клеткаю i пачала ўважлiва мяне разглядаць, адначасова вымаючы з папкi сшытак.

- Добры дзень, мадам, - сказаў я, пакланiўшыся.

Я стараўся, каб мой голас прагучаў як мага больш ласкава. На мордачцы ў шымпанзэ з'явiлася неверагоднае здзiўленне, але яна захавала сур'ёзнасць i нават прымусiла кароткiм жэстам змоўкнуць гарыл, якiя зноў пачалi былi хiхiкаць.

- Мадам цi мадэмуазель, - узбадзёраны, загаварыў я далей, - на жаль, я вымушаны паўстаць перад вамi ў такiм вось становiшчы i ў такiм выглядзе. Паверце, не ў маёй звычцы...

Я ўсё гаварыў i гаварыў, нёс бог ведае што, клапоцячыся толькi пра тое, каб мае словы адпавядалi пачцiваму тону, якога я вырашыў прытрымлiвацца. Калi я змоўк, закончыўшы прамову сама абаяльнай усмешкаю, на якую я толькi быў здольны, шымпанзэ ледзь не аслупянела. Вочы ў яе замiргалi, лоб наморшчыўся. Было вiдаць, як пакутлiва намагалася яна вырашыць найцяжэйшую задачу. Нарэшце яна ўсмiхнулася мне ў адказ, i я сэрцам адчуў, што яна пачынае бачыць ува мне разумную iстоту.

У час гэтай сцэны людзi ў клетках глядзелi на нас без тае злосцi, у якую раней прыводзiлi iх усе мае спробы загаварыць. Цяпер яны здавалiся нават зацiкаўленымi. Адзiн за адным людзi пераставалi кружляць па клетках, падыходзiлi да кратаў i прыцiскалiся тварам да прэнтаў, каб разгледзець нас як мага лепш. Адна толькi Нова раз'юшана кiдалася ў клетцы ад сценкi да сценкi.

Шымпанзэ дастала з кiшэнi халата ручку i пачала нешта занатоўваць у сваiм сшытку. Скончыўшы, яна ўзняла галаву i, сустрэўшы мой усхваляваны позiрк, зноў усмiхнулася. Гэта надало мне смеласцi, i я рашыўся зрабiць яшчэ адзiн сяброўскi жэст. Прасунуўшы руку скрозь краты, я працягнуў ёй адкрытую далонь. Гарылы кiнулiся былi да нас, але шымпанзэ спынiла iх кароткiм загадам, хоць спачатку сама ледзь не адскочыла ўбок. Пасля, авалодаўшы сабою, яна, пiльна гледзячы мне ў вочы, працягнула лапку - тая дрыжала. Я не варушыўся. Яна ступiла яшчэ адзiн крок наперад i паклала сваю лапу з надзвычай доўгiмi пальцамi мне на запясце. Я адчуў, як яна ўздрыгнула ад гэтага сутыкнення, i застыў, каб не спалохаць яе якiм-небудзь неасцярожным рухам. Тады яна пагладзiла мяне па далонi, потым па ўсёй руцэ i пераможна азiрнулася на гарыл.

Я задыхаўся ад радасцi: у душы ў мяне мацнела надзея, што яна ўсё ж такi пачынае прызнаваць ува мне разумную iстоту. I калi шымпанзэ строга загадала нешта гарылам, у мяне мiльганула нават вар'яцкая думка, што зараз вось клетка адчынiцца - i мяне з прабачэннямi выпусцяць з яе! Як я памылiўся! Адзiн вартаўнiк пакорпаўся ў сябе ў кiшэнях, пасля падаў сваёй начальнiцы нейкi белы кубiк. А тая ў сваю чаргу з чароўнай усмешкаю паклала кубiк мне на далонь. Гэта быў кавалачак цукру.

Кавалачак цукру! Я так высока ўзнёсся ў сваiх марах, што расчараванню майму не было мяжы. Нiкчэмная падачка здалася мне такой абразлiвай, што я ледзь не шпурнуў яе шымпанзэ ў пысу. Але я своечасова ўспомнiў пра свае добрыя намеры i стрымаўся. Пакланiўшыся, я ўзяў цукар i пачаў грызцi яго з сама разумным выглядам, якi толькi мог напусцiць на сябе.

Так мы пазнаёмiлiся. Шымпанзэ, як я неўзабаве даведаўся, звалi Зiра. Яна была загадчыцай аддзялення, у якое мяне памясцiлi. Нягледзячы на горкае расчараванне ад яе падачкi, я ацанiў яе розум i ўжо прадчуваў, што ў будучым мне ўсё ж удасца ўсталяваць з ёю кантакт.

Зiра доўга гаманiла з вартаўнiкамi. Як я зразумеў, яна давала iм падрабязныя ўказаннi адносна мяне. Потым яна накiравалася далей, каб наведаць людзей у iншых клетках.

Шымпанзэ з асаблiвай увагаю аглядала кожнага новенькага, рабiла ў сшытку нейкiя запiсы, нашмат карацейшыя за тыя, што былi звязаны са мною. Яна нi разу не рызыкнула наблiзiцца нi да аднаго з дзiкуноў. Калi б яна гэта зрабiла, я адчуў бы, напэўна, рэўнасць. Я пачынаў пранiкацца гонарам за тое, што я тут адзiны чалавек, якi заслугоўвае асаблiвага стаўлення. I калi я ўбачыў, што Зiра, спынiўшыся перад клеткаю з дзецьмi, кiдае iм кавалачкi цукру, то ўмомант дайшоў да шалу, якi можна параўнаць, бадай, толькi з лютасцю Новы, што, ашчэрыўшыся на шымпанзэ, забiлася ў далёкi ад праходу кут клеткi i павярнулася да мяне спiнаю.

Раздзел ХIV

Другi дзень прайшоў гэтаксама, як i першы. Малпы не звярталi на нас увагi, толькi прыносiлi ежу. Здзiўлены, я спрабаваў угадаць, што гэта за ўстанова, але на трэцi дзень нас пачалi выпрабоўваць цэлай серыяй тэстаў, пры ўспамiне аб якiх я й дагэтуль адчуваю ўнiжэнне, але ў той час яны мяне хоць трохi забаўлялi.

Першы тэст здаўся мне спачатку проста бязглуздым. Адзiн вартаўнiк наблiзiўся да мяне, а другi заняўся клеткаю насупраць. Мой вартаўнiк схаваў адну руку за спiнаю, а ў другой у яго быў свiсток. Гарыла ўтаропiлася на мяне, стараючыся прыцягнуць да сябе маю ўвагу, пасля паднесла свiсток да рота i з хвiлiну прарэзлiва свiсцела. Потым яна наўмысна замаруджана выняла з-за спiны другую руку, i я ўбачыў у ёй той самы падобны на банан плод, якi так любiлi людзi Сароры. Трымаючы яго перад сабою, вартаўнiк пiльна назiраў за мною.

Я працягнуў руку, каб узяць банан, але гарыла стаяла надта далёка i наблiжацца не збiралася. Здавалася, яна чакала ад мяне iншай рэакцыi i была цяпер расчараваная. Праз нейкi час, стамiўшыся чакаць, яна зноў схавала банан за спiнаю i пачала свiсцець. Я нерваваўся, не разумеючы сэнсу тэста, i ледзь не выйшаў з сябе, калi вартаўнiк пачаў зноў размахваць бананам на такой адлегласцi, што да яго немагчыма было дацягнуцца. Мне ўдалося, аднак, захаваць спакой i сабрацца з думкамi, каб угадаць, чаго ж дамагаўся ад мяне вартаўнiк, бо здзiўленне яго ўзрастала, нiбыта я паводзiў сябе ненармальна. Зрабiўшы тое ж самае шэсць або сем разоў, ён, напэўна, махнуў на мяне рукою i перайшоў да суседняга палоннага.

Я быў проста збянтэжаны, калi ўбачыў, што сусед мой, а пасля i яго сусед пасля першае ж спробы атрымалi бананы. Тады я стаў пiльна назiраць за другой гарылаю, якая праводзiла той самы вопыт перад клеткамi процiлеглага рада. Вартаўнiк якраз дайшоў да Новы, i я ўбачыў, як яна рэагуе. Гарыла свiснула i замахала перад Новай бананам. Дзяўчына захвалявалася, заварушыла скiвiцамi i...

Мне ўмомант стала ўсё ясна. Нова, чароўная Нова, пры выглядзе ласунку разявiла рот, i з яго адразу ж пацякла слiна, як у галоднага сабачкi, якому паказалi кавалачак цукру. Менавiта гэтага i чакала гарыла, ва ўсякiм разе сёння. Кiнуўшы Нове такi жаданы банан, вартаўнiк перайшоў да суседняй клеткi.

Я ўсё зразумеў i, можна сказаць, ганарыўся гэтым! Некалi я цiкавiўся фiзiялогiяй i быў знаёмы з працамi Паўлава. Мне стала ясна, што тут вывучаюць на людзях рэфлексы - гэтаксама як Паўлаў вывучаў iх на сабаках. Якiм жа дурнем быў я некалькi хвiлiн назад! Але цяпер, з маёй культураю i ведамi, я не толькi разумеў значэнне гэтых вопытаў - я ведаў загадзя, што будзе за iмi. На працягу многiх дзён малпы, напэўна, будуць рабiць тое ж самае: свiсцець у свiсток, потым паказваць што-небудзь смачнае, каб выклiкаць у падвопытных слiнааддзяленне. Праз нейкi час людзi пачнуць пускаць слiну на адзiн толькi свiсток. У iх, кажучы па-навуковаму, выпрацуецца ўмоўны рэфлекс.

Я вiншаваў сябе, радаваўся за сваю здагадлiвасць, але трэба было яшчэ паказаць, што я ўсё зразумеў. Калi мой вартаўнiк, пакончыўшы са сваiм радам клетак, пайшоў назад, я пастараўся ўсiмi магчымымi спосабамi звярнуць на сябе яго ўвагу. Я стукаў па прэнтах клеткi, паказваў на свой рот, размахваючы рукамi, пакуль ён не зрабiў нарэшце ласку i не паўтарыў свой вопыт. I тады, пасля першага ж свiсту, яшчэ да таго, як ён паказаў мне банан, я стаў пускаць слiну - з усяе сiлы, поўны лютасцi i адчаю. Я, Улiс Меру, старанна пускаў слiну, быццам ад гэтага залежала маё жыццё, - гэтак хацелася мне паказаць маю кемлiвасць!

Вартаўнiк быў вельмi ўражаны. Ён паклiкаў напарнiка, i яны доўга раiлiся, як i ўчора. Няцяжка было здагадацца, пра што гавораць гэтыя тугадумы: вось чалавек, у якога толькi што не было нiякiх рэфлексаў, i раптам адразу ж выпрацаваўся ўмоўны рэфлекс, дзеля замацавання якога ў iншых падвопытных патрабуецца багата часу i цярпення! Мне было шкада гэтых прасцякоў. З iх слабым розумам яны былi проста няздольныя прыйсцi да адзiна слушнай высновы: падобны прагрэс можна растлумачыць толькi наяўнасцю ў падвопытнага свядомасцi. Я быў упэўнены, што Зiра на iх месцы была б больш здагадлiвая.

Аднак уся мая мудрасць i залiшняя стараннасць прывялi зусiм не да тых вынiкаў, на якiя я спадзяваўся. Гарылы пайшлi, так i не даўшы мне банана - мой вартаўнiк сам зжаваў яго на хаду. Навошта было яму аддаваць яго мне, калi мэта вопыту была ўжо дасягнута i без узнагароды!

Назаўтра гарылы вярнулiся з новымi прыстасаваннямi. Адна несла ў руках званочак, другая кацiла перад сабою вазок, на якiм быў усталяваны нейкi апарат, падобны з выгляду на магнета. Гэтым разам, загадзя ведаючы, якiя вопыты збiраюцца з намi праводзiць, я здагадаўся пра назначэнне гэтых прадметаў яшчэ да таго, як гарылы пусцiлi iх у ход.

Пачалi яны з суседа Новы, здаравеннага хлопца з надзiва тупым позiркам. Ён стаяў ля кратаў, схапiўшыся за iх рукамi, як гэта рабiлi цяпер усе мы, калi з'яўлялiся вартаўнiкi. Першая гарыла пачала званiць у званочак, а другая тым часам далучала правады ад магнета да кратаў. Калi званочак празванiў досыць доўга, другi вартаўнiк крутануў ручку магнета. Чалавек адразу ж адскочыў ад кратаў, жаласна галосячы.

Гарылы паўтаралi гэтую аперацыю над адным i тым самым падвопытным шмат разоў, заваблiваючы чалавека да кратаў якой-небудзь садавiнаю. Мэта вопыту зноў жа была мне вядомая: выпрацаваць у падвопытнага ўмоўны рэфлекс, каб ён адскокваў ад кратаў, пачуўшы званочак, да таго, як адчуе электрычны ўдар. Але ў той дзень дамагчыся вынiкаў iм не ўдалося: псiхiка ў хлопца была вельмi ўжо неразвiтая, i ён нiяк не мог адчуць сувязь памiж прычынаю i следствам.

Я чакаў сваёй чаргi, цiха пасмейваючыся сам сабе: мне не цярпелася прадэманстраваць iм рознiцу памiж iнстынктам i розумам. Ледзь толькi званочак зазвiнеў, як я хутка адняў рукi ад кратаў i адступiў у глыбiню клеткi. Пры гэтым я глядзеў на вартаўнiкоў i насмешлiва падмiргваў. Гарылы нахмурылiся. Яны ўжо не смяялiся з мяне. Здавалася, яны ўпершыню пачалi падазраваць, што гэта я смяюся з iх.

Аднак яны ўсё-такi вырашылi працягваць вопыт, як раптам з'явiлася група наведнiкаў.

Раздзел ХV

Памiж клеткамi iшлi трое: шымпанзэ Зiра i дзве малпы, адна з якiх была, напэўна, высокiм начальствам.

Гэта быў самец-арангутан - першы арангутан, убачаны мною на Сароры. Меншы ростам за гарылу, ён быў шмат больш згорблены. У яго былi такiя доўгiя рукi, што, iдучы, ён часта абапiраўся на костачкi сагнутых пальцаў - iншыя малпы рабiлi гэта вельмi рэдка. Стваралася дзiўнае ўражанне, быццам ён крочыць, абапiраючыся на дзве кульбы. Яго ўцягнутая ў плечы галава была ў доўгiх пасмах рыжай поўсцi, а на пысу старога педанта быў наўмысна напушчаны глыбакадумны выраз. Усiм сваiм аблiччам гэты арангутан нагадваў старога пачцiвага святара. Дый гарнiтур у яго вiдавочна адрознiваўся ад тых, у якiя былi адзетыя астатнiя малпы: на iм быў даўно не чышчаны даўгакрылы рэдынгот чорнага колеру з пурпуроваю зоркай на штрыфлi i такiя ж нячышчаныя, усе ў пыле чорныя штаны ў белую палоску. За арангутанам дробненька тупала маленькая самачка-шымпанзэ з тоўстай папкаю. Па яе паводзiнах можна было меркаваць, што яна - арангутанава сакратарка.

Я думаю, чытача ўжо не здзiўляе, што я на кожным кроку адзначаю асаблiвасцi паводзiн малпаў i выразы iх твараў. Клянуся, любы разумны чалавек на маiм месцы прыняў бы гэтую парачку за высокашаноўнага вучонага i яго сцiплую сакратарку. Iх з'яўленне дало мне магчымасць лiшнi раз пераканацца, што сярод малпаў iснуе строгая iерархiя. Зiра звярталася да свайго патрона з вiдавочнай павагаю. Вартаўнiкi-гарылы, ледзь заўважыўшы арангутана, кiнулiся яму насустрач, кланяючыся цi не да самае падлогi. У адказ арангутан зычлiва махнуў iм лапаю.

Наведнiкi адразу ж накiравалiся да маёй клеткi. Дзiва што: хiба ж я не быў сама цiкавы экземпляр з усяе партыi? Я сустрэў высокае начальства найпачцiвейшай усмешкаю i звярнуўся да арангутана з напышлiвай прамоваю.

- Дарагi арангутан! - сказаў я. - Якi ж я шчаслiвы, што сустрэў нарэшце iстоту, чыё аблiчча перапоўнена мудрасцю i пранiклiвасцю! Я ўпэўнены, што мы зразумеем адзiн аднаго.

"Дарагi арангутан" падскочыў пры першых жа гуках майго голасу. Потым пачасаў вуха, з падазрэннем аглядаючы маю клетку, быццам вышукваў якiйсьцi падман. Тады загаварыла Зiра: разгарнуўшы блакнот, яна пачала зачытваць запiсы, зробленыя ў сувязi з маiмi паводзiнамi. Яна спрабавала ў чымсьцi пераканаць арангутана, але той i слухаць яе не хацеў. Ён перапыняў яе напышлiвымi сентэнцыямi, пацiскаў плячыма, круцiў галавою, а ўрэшце ўвогуле, заклаўшы рукi за спiну, стаў хадзiць узад i ўперад перад маёй клеткаю, кiдаючы на мяне раз-пораз не дужа зычлiвыя позiркi. Астатнiя малпы чакалi яго рашэння ў пачцiвым маўчаннi.

Зрэшты, пачцiвасць гэтая была, бадай, толькi знешняя: прыкмецiўшы, якiмi знакамi абменьвалiся ўпотайкi гарылы, я зразумеў, што ў душы яны насмiхаюцца са свайго патрона. Паводзiны арангутана не толькi расчаравалi мяне, але i раззлавалi, таму, заўважыўшы стаўленне да яго астатнiх малпаў, я вырашыў разыграць маленькую сцэнку, каб пераканаць яго ў маiм розуме: таксама пачаў шпацыраваць па клетцы, заклаўшы рукi за спiну, згорбiўшыся i нахмурыўшы бровы з выглядам глыбокае задуменнасцi.

Гарылы ледзь не задыхнулiся ад смеху, сакратарка, каб не выдаць сябе, уткнулася пысачкай у раскрытую папку, i нават Зiра не магла захаваць сур'ёзнасцi. Я ад душы радаваўся поспеху сваёй iмправiзацыi, пакуль не скемiў, што яна можа дорага мне абысцiся. Убачыўшы мае крыўляннi, арангутан раз'юшыўся. Некалькi сухiх фраз, прамоўленых рэзкiм тонам, iмгненна аднавiлi парадак. Пасля гэтага ён спынiўся перада мною i пачаў дыктаваць сакратарцы свае заўвагi.

Дыктаваў ён досыць доўга, падкрэслiваючы кожны перыяд фразы напышлiвымi жэстамi. Хутка мне абрыдла яго саманадзейная тупасць, i я вырашыў яшчэ раз прадэманстраваць свае здольнасцi. Працягнуўшы да яго руку, я вымавiў, стараючыся выгаворваць як мага лепш:

- Мi Заюс!

Я заўважыў раней, што ўсе звярталiся да арангутана, пачынаючы з гэтых слоў, а пазней даведаўся, што "Заюс" было iменем педанта, а "мi" - ягоным ганаровым тытулам.

Малпы ажно здранцвелi. Iм стала ўжо не да смеху, асаблiва Зiры, якая ўстрывожылася яшчэ больш, калi я ўказаў на яе пальцам i вымавiў:

- Зiра!

Гэтае слова я таксама паспеў тады ўжо запамятаць i быў упэўнены, што яно магло азначаць толькi ўласнае iмя шымпанзэ.

Што ж да Заюса, дык ён канчаткова разнерваваўся i зноў забегаў па праходзе памiж клеткамi, недаверлiва трасучы галавою. Нарэшце ён супакоiўся i загадаў паўтарыць ужо знаёмыя мне тэсты ў яго прысутнасцi. Я ахвотна падпарадкаваўся. Пускаў слiну, толькi пачуўшы свiсток. Адскокваў ад кратаў пры сама першых гуках званочка. Гэты другi вопыт Заюс прымусiў гарыл паўтарыць дзесяць разоў i ўвесь час дыктаваў сакратарцы бясконцыя заўвагi.

Нарэшце я дадумаўся, каб уразiць арангутана, да большага, чым рабiў пры гэтым вопыце раней. У тое iмгненне, калi адзiн з вартаўнiкоў-гарыл зазванiў у званочак, я расцiснуў кантакт, з дапамогаю якога да кратаў падводзiўся электрычны ток, i адкiнуў провад убок. Пасля гэтага я мог спакойна стаяць каля кратаў, трымаючыся за прэнты, хоць другi вартаўнiк, якi не заўважыў, што я зрабiў, шчыраваў з усяе сiлы, круцячы ручку бяскрыўднага цяпер магнета.

Я ганарыўся сваёй вынаходлiвасцю, якая кожнаму хоць трохi разумнаму стварэнню была б неабвержным доказам майго iнтэлекту. Ва ўсякiм разе, на Зiру мой учынак зрабiў вялiкае ўражанне. Яна пiльна паглядзела на мяне, i яе белая пысачка паружавела, што з'яўляецца ў шымпанзэ, як я пазней даведаўся, прыкметаю хвалявання. Але Заюса нiшто не магло пахiснуць. Колькi Зiра нi пераконвала яго, пракляты арангутан пагардлiва пацiскаў плячыма i круцiў галавою. Гэтаму педанту адных голых фактаў было мала. Ён аддаў гарылам загад, i я стаў аб'ектам новага тэсту, якi ўяўляў сабою камбiнацыю двух першых.

Пра гэты вопыт я таксама ведаў i нават бачыў у лабараторыях, як яго праводзiлi на сабаках. Мэтаю эксперыменту было збiць з панталыку падвопытную жывёлiну i выклiкаць у яе нервовае паражэнне, камбiнуючы два процiлеглыя рэфлексы. Першая гарыла стала свiсцець у свiсток, абяцаючы ласунак, а другая званiла ў званочак, падаючы сiгнал небяспекi. Я ўспомнiў высновы аднаго вялiкага фiзiёлага адносна падобных вопытаў: ён казаў, што яны могуць давесцi жывёлiну да стану, якi дужа нагадвае чалавечы неўроз, i нават да вар'яцтва, калi паўтараць iх досыць часта.

Зрабiўшы выгляд, што я ўважлiва прыслухоўваюся спачатку да свiстка, потым да звону званочка, я ўсеўся пасярод клеткi, падпёршы падбародак кулаком у традыцыйнай паставе мыслiцеля.

Зiра, не ўтрымаўшыся, запляскала ў далонi. Заюс выцягнуў з кiшэнi насоўку i выцер лоб. Пот кацiўся з яго градам, але ўсё роўна нiшто не магло пахiснуць яго аслiнай упартасцi. Я зразумеў гэта па яго грымасах, пакуль ён раз'юшана спрачаўся пра нешта з Зiраю. Прадыктаваўшы яшчэ некалькi заўваг сваёй сакратарцы, арангутан даў Зiры безлiч найпадрабязнейшых указанняў, якiя тая выслухала незадаволена, i нарэшце выйшаў з памяшкання, кiнуўшы на мяне сярдзiты позiрк.

Зiра ў сваю чаргу сказала нешта гарылам, i я адразу зразумеў, што яна загадала iм пакiнуць мяне ў спакоi, прынамсi, на сённяшнi дзень, бо яны ўмомант узялi ўсе прыстасаваннi для вопытаў i таксама выйшлi. Застаўшыся са мною сам-насам, калi не лiчыць няшчасных дзiкуноў у суседнiх клетках, i наблiзiўшыся да кратаў, шымпанзэ доўга моўчкi глядзела на мяне. Потым яна нечакана працягнула мне па-сяброўску лапу. Я ўсхвалявана пацiснуў яе, ласкава паўтараючы iмя "Зiра". Пысачка ў шымпанзэ зноў паружавела, i я зразумеў, што яна была вельмi кранутая.

Раздзел ХVI

Заюс з'явiўся зноў праз некалькi дзён i адразу ж загадаў змянiць увесь распарадак у нашай секцыi. Але спачатку трэба расказаць, як мне ўдалося за гэтыя днi вызначыцца перад малпамi.

Назаўтра пасля першага наведвання арангутана з намi правялi цэлую серыю новых тэстаў. Усё пачалося ў час кармёжкi. Замест таго каб кiнуць, як зазвычай, садавiну нам у клеткi, Зарам i Занам - так звалi гарыл - паклалi ежу ў кашы i падцягнулi гэтыя кашы да столi клетак з дапамогаю спецыяльна прадугледжаных для гэтага блокаў. Пасля ўнеслi ў кожную клетку па чатыры досыць вялiкiя драўляныя кубы. Урэшце гарылы адышлi на сярэдзiну праходу i пачалi назiраць за намi.

Ва ўсiх маiх суседзяў зрабiлiся такiя пакутлiвыя твары, што на iх было немагчыма глядзець. Яны спрабавалi даскочыць да кашоў, але нiкому гэта не ўдавалася. Некаторыя ўзбiралiся да столi па кратах, але i адтуль, колькi яны нi старалiся, нi адзiн не мог дацягнуцца да ежы, падвешанай над сярэдзiнай клеткi. Я згараў ад сораму за iх тупасць. Я ж, няма чаго i казаць, адразу вырашыў гэтую "задачу". Трэба было паставiць чатыры кубы адзiн на другi, узабрацца на гэтую пабудову i зняць кош з крука, што я i зрабiў, схаваўшы пад нязмушаным выглядам свой гонар. Усё было вельмi проста, аднак з усiх людзей толькi я адзiн аказаўся досыць кемлiвы. Зарам i Занам былi ўражаныя, i гэта кранула мяне да глыбiнi душы.

Я пачаў есцi, не хаваючы сваёй пагарды да астатнiх палонных, якiя не маглi зрабiць тое ж самае пасля мяне. Нават Нова не здолела ў той дзень паўтарыць гэтую немудрагелiстую аперацыю, хоць я спецыяльна некалькi разоў паказваў ёй усе этапы. Але яна хоць бы старалася зразумець, што ад яе патрабуецца - Нова была, вядома, адна з сама разумных у нашай групе. Яна паспрабавала паставiць адзiн куб на другi, але паставiла яго няроўна, i, калi яе пабудова з грукатам развалiлася, небарака з перапалоху забiлася ў кут клеткi. Дзяўчына была надзiва гнуткая i рухавая, але ў манiпуляцыях з любым прадметам выяўляла тую ж жудасную нязграбнасць, што i ўсе яе супляменнiкi. Праўда, да канца другога дня яна ўсё ж навучылася спраўляцца з кубамi.

А ў тую першую ранiцу я яе пашкадаваў i кiнуў праз краты два сакавiтыя плады. За гэта я быў узнагароджаны ласкаю Зiры, якая ўвайшла ў нашую секцыю якраз у гэты момант. Я ледзь не замурлыкаў ад задавальнення, бы кот, калi валасатая лапка паляпала мяне па плячы, але Нове гэта вiдавочна не спадабалася: яна раз'юшылася, стала кiдацца ў клетцы i пранiзлiва i гучна крычаць.

Я вызначыўся i ў многiх iншых вопытах, але сама галоўнае, мне ўдалося, услухоўваючыся ў гаворку малпаў, вылучыць з яе некалькi найпрасцейшых слоў i зразумець iх значэнне. Я прамаўляў гэтыя словы кожны раз, калi Зiра праходзiла мiма маёй клеткi, i шымпанзэ ўсё больш i больш здзiўлялася. Вось тады Заюс i завiтаў да нас другi раз.

З iм зноў была сакратарка, але цяпер, акрамя яе, прыйшоў яшчэ адзiн арангутан, такi ж важны i з такой самай зоркаю на штрыфлi рэдынгота. Арангутаны размаўлялi памiж сабою, як роўны з роўным, i я зразумеў, што Заюс запрасiў свайго калегу для кансультацыi, каб разабрацца ў складаным выпадку, якiм я яму ўяўляўся. Спынiўшыся перад маёй клеткаю, арангутаны пусцiлiся ў бясконцую дыскусiю, у якой прыняла ўдзел i Зiра. Шымпанзэ гаварыла доўга i ўсхвалявана. Я разумеў, што яна мяне баронiць, гаворачы пра маю звышнатуральную кемлiвасць, якую ўжо нельга было аспрэчваць. Але ўсе яе доказы выклiкалi ў абодвух арангутанаў толькi недаверлiвую ўсмешку.

На мне яшчэ раз правялi ўсе тэсты, з якiмi я так спрытна раней спраўляўся. У ходзе апошняга я быў павiнен адкрыць куфэрак, замкнуты на дзевяць розных замкоў - на засаўку, кручок, шпiнгалет, уразны замок, навясны замок i гэтак далей. На Зямлi, я памятаю, аналагiчнае прыстасаванне ддя ацэнкi кемлiвасцi малпаў прыдумаў Кiнаман; гэтая задача лiчылася сама складанаю, аднак некаторым падвопытным усё ж удавалася вырашыць яе. Вiдаць, тут гэтае выпрабаванне расцэньвалася гэтаксама ж.

Зiра сама працягнула мне зачынены куфэрак з такiм умольным выглядам, быццам ад майго поспеху залежала яе рэпутацыя. Каб не расчараваць яе, я пастараўся паказаць сябе ва ўсiм бляску i ўмомант адчынiў усе дзевяць замкоў адзiн за адным. Але гэтым я не абмежаваўся. Дастаўшы з куфэрка пакладзены туды плод, я галантна прапанаваў яго Зiры. Шымпанзэ прыняла мой дар, пачырванеўшы. Пасля гэтага я адразу ж выклаў усё, што паспеў засвоiць у малпавай мове, старанна прамовiўшы вывучаныя словы i паказваючы пальцам на прадметы, якiя яны абазначалi.

Мне здавалася, што цяпер ужо нiхто не пасмее ўсумнiцца ў маёй сапраўднай прыродзе. На жаль, тады я яшчэ не ведаў, якiя ж тупыя арангутаны ў сваёй сляпой саманадзейнасцi! На мордах у iх з'явiлася ўсё тая ж скептычная ўсмешка, што даводзiла мяне да шаленства. Яны рэзка перапынiлi Зiру i зноў пра нешта заспрачалiся мiж сабою. Калi я гаварыў, яны слухалi мяне, бы людзi папугая. Я адчуваў, што арангутаны сыходзяцца на тым, быццам усе мае таленты можна растлумачыць своеасаблiвым iнстынктам i высокаразвiтымi пераймальнымi здольнасцямi. Вiдаць, яны прытрымлiвалiся тае самае дактрыны, якую адзiн наш вучоны, Г. Л. Морган, сфармуляваў наступным чынам: "Мы нi ў якiм выпадку не павiнны расцэньваць якое-небудзь дзеянне як праяву вышэйшых псiхiчных здольнасцей, калi гэтае дзеянне можна растлумачыць праяваю псiхiчных здольнасцей нiжэйшага парадку".

Бясспрэчна, менавiта пра нешта падобнае i разважалi цяпер арангутаны на сваiм вучоным жаргоне, я ж адно скрыгатаў зубамi ад злосцi. Магчыма, я не вытрымаў бы i выбухнуў новым прыступам, калi б не заўважыў своечасова позiрк Зiры. Было ясна, што яна нязгодная з арангутанамi i проста саромеецца, што яны вярзуць перада мною такую лухту.

Калi вучоны калега Заюса выйшаў, несумненна, выклаўшы наконт мяне сваю катэгарычную думку, арангутан пачаў новыя доследы. Спачатку ён абышоў усё памяшканне, спыняючыся перад кожнаю клеткаю i ўважлiва разглядаючы палонных. Пакуль ён рабiў заўвагi, Зiра iх запiсвала. Мяркуючы па выразе яе пысачкi, усiх нас чакалi вялiкiя перамены. Хутка я здагадаўся, у чым сутнасць Заюсавага плана, i зразумеў сэнс заўваг, якiя ён рабiў, параўноўваючы пэўныя якасцi тых або iншых мужчын i жанчын.

Я не памылiўся. Зiра перадала ўказаннi шэфа гарылам, i тыя прыступiлi да iх выканання. Нас рассартавалi па парах. Але якi яшчэ д'ябальскi вопыт прадвяшчалi гэтыя падрыхтаваннi? Якiя яшчэ асаблiвасцi чалавечай прыроды iмкнулiся вывучыць малпы, ахопленыя даследнiцкай гарачкаю? Знаёмства з працаю фiзiялагiчных лабараторый дапамагло мне хутка знайсцi адказ: для любога вучонага, якi займаецца вывучэннем iнстынктаў i рэфлексаў, полавы iнстынкт уяўляў сабою найвялiкшую цiкавасць.

Але, справа была менавiта ў гэтым! Гэтыя д'яблы хацелi вывучыць на нас, у тым лiку i на мне, раз ужо я па iронii лёсу апынуўся ў гэтым статку, усе асаблiвасцi чалавечых любоўных гульняў: паводзiны самца, паводзiны самкi, зблiжэнне ў няволi i таму падобнае - можа, дзеля таго, каб параўнаць потым вынiкi з папярэднiмi назiраннямi, зробленымi над людзьмi на волi.

Разгадаўшы Заюсаву задуму, я пакляўся сабе хутчэй памерцi, чым зрабiцца аб'ектам такiх агiдных вопытаў. Але, мушу прызнацца, хоць рашучасць мая i заставалася непахiсная, мне стала нашмат лягчэй, калi я ўбачыў жанчыну, якую арангутан прызначыў мне ў сяброўкi. Гэта была Нова. За такi выбар я быў гатовы дараваць старому балвану нават яго дурасць i саманадзейнасць i не стаў супрацiўляцца, калi Зарам i Занам бесцырымонна схапiлi мяне i кiнулi да ног нiмфы вадаспада.

Раздзел ХVII

Не буду расказваць пра тое, што адбывалася ў суседнiх клетках на працягу наступных тыдняў. Я ўгадаў: малпы вырашылi вывучаць сексуальнае жыццё людзей i ўзялiся за справу з уласцiвай iм метадычнасцю. Чаго толькi яны не выдумлялi, каб пары сыходзiлiся! Калi ж хто-небудзь упарцiўся, то яго хутка прымушалi падпарадкавацца ўколамi пiк.

Я i сам пачаў рабiць сякiя-такiя назiраннi, разлiчваючы папоўнiць iмi рэпартаж, якi я ўсё яшчэ спадзяваўся надрукаваць пасля свайго вяртання на Зямлю. Але мне гэта хутка надакучыла, бо нiчога асаблiва пiкантнага я так i не заўважыў. Нiчога, калi не лiчыць дзiўнага спосабу заляцання, якiм карыстаўся мужчына, перш чым наблiзiцца да жанчыны. Гэта было нешта накшталт танца, вельмi падобнага на шлюбны танец некаторых птушак. Мужчына павольна i няўпэўнена пачынаў хадзiць вакол жанчыны, ступаючы крок уперад, потым назад, пасля ўбок. Гэтак ён кружляў, паступова звужаючы кругi, у цэнтры якiх была нерухомая жанчына - яна толькi паварочвалася на месцы да яго тварам. Я не раз назiраў за гэтай цiкаўнай цырымонiяй: асноўныя фiгуры рытуалу заўсёды заставалiся нязменныя, мянялiся зрэдку хiба што дэталi. Што ж датычыць самой блiзкасцi, то як я нi саромеўся спачатку, мiжволi назiраючы за ёю, але праз нейкi час зусiм ужо не зважаў на такiя сцэны, якiя цяпер для мяне нiчым не адрознiвалiся ад любых iншых. Больш за ўсё ўражвалi мяне ва ўсiм гэтым педантызм i скрупулёзнасць малпаў, якiя абсалютна спакойна праводзiлi назiраннi, не забываючыся зафiксаваць у сваiх блакнотах нiводнай падрабязнасцi.

Вядома, ад мяне малпы не дачакалiся анiчога. Зразумеўшы, што я не збiраюся аддавацца гэтым гульням, нашыя вартаўнiкi-гарылы ўзялi сабе ў галаву, што могуць дамагчыся свайго гвалтам, i пачалi падганяць мяне да Новы, паколваючы дзiдамi, як звычайную жывёлiну, - мяне, Улiса Меру, чалавека, створанага паводле ўзору i падабенства боскага! Я адбiваўся як мог. Але гэтыя жывёлы не адступалiся, i невядома, што б са мною сталася, калi б не з'явiлася Зiра, якой яны далажылi пра мае дзiўныя паводзiны.

Шымпанзэ надоўга задумалася, потым падышла да клеткi, паглядзела на мяне сваiмi цудоўнымi разумнымi вачыма i загаварыла, пагладжваючы мяне па галаве. Думаю, сэнс яе слоў быў прыблiзна такi:

- Бедны смешны чалавечак! Якi ж ты дзiўны! Ну хiба нармальныя людзi так сябе паводзяць? Паглядзi на iншых вакол сябе! Зрабi тое, чаго ад цябе чакаюць, i ты будзеш узнагароджаны.

Яна выняла з кiшэнi кавалачак цукру i працягнула яго мне. Я быў у адчаi! Значыцца, i яна лiчыць мяне жывёлiнай, хiба што трохi больш кемлiвай за астатнiх. Я раз'юшана пакруцiў галавою i забiўся ў кут клеткi, як мага далей ад Новы, якая глядзела на мяне ў поўным недаўменнi.

Думаю, справа тым бы i скончылася, калi б якраз у гэты самы момант не з'явiўся стары Заюс, варожа настроены да любых поглядаў, апроч сваiх, як нiколi. Ён прыйшоў пацiкавiцца вынiкамi вопытаў i, як зазвычай, спытаўся спачатку пра мяне. Зiра была вымушана далажыць яму пра маю ўпартасць. Раззлаваўшыся, арангутан, заклаўшы рукi за спiну, забегаў перад клеткаю, але праз якую хвiлiну загадаў нешта ўладна вартаўнiкам. Зарам i Занам адчынiлi клетку, вывелi з яе Нову, узамен пасадзiўшы да мяне мажную матрону. Пракляты Заюс з яго тупым педантызмам вырашыў памяняць мне партнёра па эксперыменце.

Але гэта не было яшчэ сама горшае, я нават не паспеў падумаць пра сябе. Я з трывогаю праводзiў вачыма сваю сяброўку. Нарэшце я з жахам убачыў, як Нову ўпiхнулi ў клетку насупраць маёй, да шыракаплечага дзецюка, сапраўднага бамбiзы з валасатымi грудзьмi, якi адразу ж падскочыў да Новы i пачаў таптацца вакол яе, з iмпэтам выконваючы апiсаны мною любоўны танец.

Ледзь я ўсвядомiў, чаго хоча гэты варвар, як усе мае мудрыя рашэннi ўмомант вылецелi з галавы. Я страцiў галаву i зноў павёў сябе як вар'ят. Проста з глузду з'ехаў, такi быў раз'юшаны! Я рыкаў i ўлюлюкаў не горш за людзей Сароры. Гэтаксама ж, як i яны, кiдаўся ў лютасцi на краты, з пенаю на вуснах грыз iх, скрыгатаў зубамi - карацей, паводзiў сябе як сама сапраўдная жывёлiна.

Але яшчэ больш нечаканы быў вынiк майго прыпадку. Убачыўшы мяне такiм, Заюс раптам усмiхнуўся. Упершыню ён быў задаволены мною. Нарэшце я паводзiў сябе як тыповы чалавек. Заюс акрыяў: яго тэорыя перамагла. Арангутан прыкметна палагоднеў i нават задаволiў просьбу Зiры адмянiць свой загад i даць мне апошнi шанц. З маёй клеткi вывелi таўшчэзную матрону, вярнуўшы да мяне Нову, перш чым бамбiза паспеў да яе дакрануцца. Малпы адышлi ад клеткi i пачалi ўважлiва назiраць за намi.

Што тут яшчэ сказаць? Усе гэтыя хваляваннi зусiм зламалi мяне. Я адчуваў, што не змагу бачыць маю нiмфу ўзятай iншым мужчынам. Заставалася толькi скарыцца перад хiтрасцю арангутана, якi, пасмейваючыся, святкаваў перамогу. Я зрабiў першае нясмелае па.

Але, я, цар усяго iснага, пачаў кружляць вакол маёй прыгажунi! Я, чалавек, вянец тысячагадовае цывiлiзацыi! Перад усiмi гэтымi малпамi, што пажыралi мяне вачыма, перад старым арангутанам, што дыктаваў сакратарцы свае разважаннi, перад шымпанзэ, якая задаволена ўсмiхалася, перад гарыламi, твары ў якiх так i расплылiся ва ўхмылках! Я апраўдваўся ў душы, што ва ўсiм вiнаватыя злыя метамарфозы касмiчных прыгодаў. Цяпер ужо я пэўна ведаў: ёсць у нябёсах i на планетах багата такога, чаго i не снiлася мудрацам! Я, Улiс Меру, таптаўся вакол жанчыны, быццам паўлiн, выконваючы любоўны абрад.

ЧАСТКА ДРУГАЯ

Раздзел I

Цяпер я мушу прызнацца, што вельмi лёгка прыстасаваўся да жыцця ў клетцы. З пункту погляду матэрыяльнага мне не было чаго i жадаць: удзень малпы выконвалi любыя мае прыхамацi, уначы я дзялiў падсцiлку з адною з прыгажэйшых жанчын сусвету. Я так звыкся са сваiм становiшчам, што на месяц перастаў заўважаць усю яго недарэчнасць i не рабiў нiякiх спроб пакласцi яму канец. Адзiнае, што я тады зрабiў, гэта вывучыў яшчэ некалькi слоў малпавай мовы. Я не спрабаваў больш наладзiць кантакт з Зiраю, так што калi раней яна i адчувала ўва мне наяўнасць свядомасцi, дык цяпер, напэўна, згадзiлася з Заюсам i глядзела на мяне як на чалавека сваёй планеты, iнакш кажучы, як на жывёлiну, можа, i не бязглуздую, але ж нiяк не адухоўленую.

Мая перавага над астатнiмi палоннымi, якой я не выяўляў больш да такой ступенi, каб палохалiся вартаўнiкi, зрабiла мяне важнаю персонаю. Гэтая акалiчнасць, мушу прызнацца, на мой сорам, поўнасцю задавальняла маё самалюбства, i нават напаўняла мяне гонарам. Зарам i Занам абыходзiлiся са мною па-сяброўску: iм падабалася, калi я iм усмiхаўся, рагатаў цi прамаўляў асобныя словы. Пераспрабаваўшы на мне ўсе класiчныя тэсты, яны старалiся вынайсцi новыя, больш складаныя, i мы разам радавалiся, калi мне ўдавалася вырашыць пастаўленую задачу. Яны нiколi не забывалiся прынесцi мне якi-небудзь ласунак, i я ахвотна дзялiўся iм з Новаю. Мы лiчылiся прывiлеяванай параю. Аслеплены, я ўяўляў, нiбыта мая сяброўка ўсведамляе, што ўсiм гэтым яна абавязана маiм талентам, i большую частку часу выпiнаўся перад ёю.

Але праз некалькi тыдняў мне стала моташна. Можа, вiнаватыя былi вочы Новы, якiя здалiся мне тады асаблiва бязглуздымi, а можа, кавалачак цукру, якiм мяне пачаставала Зiра, раптам здаўся горкiм? Я пачырванеў ад сораму, усвядомiўшы, што гатовы ўжо быў, апусцiўшыся, скарыцца. Што падумае пра мяне прафесар Антэль, калi ён выпадкова ўцалеў i знойдзе мяне ў такiм стане? Толькi адна гэтая думка была ўжо мне невыносная, i я цвёрда вырашыў адразу ж, неадкладна, пачаць паводзiць сябе як належыць цывiлiзаванаму чалавеку.

Пагладжваючы ў знак удзячнасцi лапку Зiры, я асцярожна завалодаў яе блакнотам i ручкаю i, не звяртаючы ўвагi на яе ласкавыя папрокi, усеўся на салому i пачаў маляваць Нову. Я няблага некалi маляваў, дый мадэль мяне натхняла, i мне ўдалося зрабiць прыстойны эскiз, якi я працягнуў шымпанзэ.

Зiра расхвалявалася: усе яе сумненнi на мой конт умомант адрадзiлiся. Пысачка ў яе пачырванела, яна не ў сiлах была суняць дрыготку. Скарыстаўшы яе разгубленасць, я ўладна працягнуў руку па блакнот, i гэтым разам яна аддала яго мне самахоць. I як гэта я дагэтуль не мог звярнуцца да такога простага спосабу?!

Прыгадаўшы свае школьныя веды, я начарцiў трохкутнiк з тэарэмы Пiфагора. Выбар мой быў невыпадковы. У юнацтве я чытаў адну навукова-фантастычную аповесць, у якой стары вучоны выкарыстоўваў геаметрычныя фiгуры, каб усталяваць кантакт з разумнымi iстотамi iншага свету. У час пералёту я неяк загаварыў пра гэта з прафесарам Антэлем, i ён нават адобрыў такi метад. Згадваю, ён яшчэ дадаў, што геаметрыя Эўклiда - суцэльная памылка, i менавiта таму яна павiнна быць агульнапрынятаю ва ўсiх сусветах.

Так цi iнакш, Зiра, убачыўшы мой чарцёж, мала не закалацiлася. Яна дзiка ўскрыкнула, пысачка ў яе зрабiлася зусiм пурпуровая. Толькi калi ўстрывожаныя Зарам i Занам кiнулiся ёй на дапамогу, шымпанзэ здолела авалодаць сабою. I тут Зiра павяла сябе, як мне здалося, дзiўна: кiнуўшы на мяне ўпотайкi кароткi позiрк, хутка i спрытна схавала мой малюнак i чарцёж, потым сказала нешта гарылам, i тыя выйшлi з памяшкання. Я зразумеў, што яна загадала iм выйсцi пад нейкiм зручным прэтэкстам. Пасля шымпанзэ пацiснула мне руку, i жэст гэты меў зусiм iншае значэнне, чым раней, калi яна проста ласкала мяне, як сiмпатычнага звера за тое, што ён дагадзiў ёй сваёй кемлiвасцю. Нарэшце яна з умольным выглядам працягнула мне блакнот i ручку. Цяпер ужо ёй самой не цярпелася наладзiць са мною кантакт.

Я падзякаваў у глыбiнi душы Пiфагору i паглыбiўся ў геаметрыю. На адной старонцы я як мага больш старанна начарцiў тры канiчныя вытворныя з iх вяршынямi i накiравальнымi: элiпс, парабалу i гiпербалу. На другой начарцiў конус. Тут я хачу нагадаць, што перасячэнне конуса плоскасцямi ўтварае ў плане менавiта адну з гэтых вытворных, у залежнасцi ад вугла перасячэння. Таму я дамаляваў да конуса перасякаючую плоскасць пад пэўным вуглом i, звярнуўшыся да першага чарцяжа, паказаў уражанай шымпанзэ на элiпс, якому адпавядала гэтае сячэнне.

Зiра вырвала блакнот у мяне з рук, начарцiла ў сваю чаргу конус, перасечаны плоскасцю пад iншым вуглом, i ўказала мне сваiм доўгiм пальцам на гiпербалу. Я так расхваляваўся, што на вачах у мяне выступiлi слёзы. Я сутаргава сцiснуў шымпанзэ руку. Нова, якая адступiла ў глыбiню клеткi, люта заенчыла. Iнстынктыўна дзiкунка ўлоўлiвала сэнс таго, што цяпер адбывалася. Яна не памылялася. Праз пасрэднiцтва геаметрыi памiж мною i Зiраю ўсталяваўся духоўны кантакт. Я меў ад гэтага амаль фiзiчную асалоду i адчуваў, што шымпанзэ таксама ўзрадаваная.

Раптам яна вырвала ў мяне сваю лапку i выскачыла з аддзялення. Адсутнiчала яна нядоўга, але ўвесь гэты час я правёў бы ў сне, не смеючы ўзняць вачэй на Нову, якая з бурчаннем кружляла вакол мяне: я ўсё-такi адчуваў сябе вiнаватым перад ёю.

Калi Зiра вярнулася, я ўбачыў, што яна прынесла мне малявальную дошку з замацаваным на ёй вялiкiм аркушам паперы. Падумаўшы трохi, я вырашыўся адкрыць Зiры ўсю праўду.

У адным куце аркуша я намаляваў сiстэму Бетэльгейзе - такой, як яна ўяўлялася нам з зоркалёта: гiганцкае сонца ў цэнтры, а вакол яго - чатыры планеты. Асаблiва старанна намаляваў я Сарору з яе маленькiм спадарожнiкам, дакладна вызначыўшы месцазнаходжанне планеты ў прасторы. Ткнуўшы пальцам у яе выяву, я паказаў на Зiру. Тая зрабiла знак, што цудоўна ўсё зразумела. Тады ў другiм куце аркуша я намаляваў нашую старую добрую Сонечную сiстэму з яе асноўнымi планетамi. Пасля паказаў на Зямлю i прыставiў палец да сваiх грудзей.

Тут Зiра завагалася. Паказаўшы ў сваю чаргу на Зямлю, яна ўзняла палец уверх, да неба. Я кiўнуў галавою. Шымпанзэ была ў недаўменнi, нiяк не магла паверыць. Тады я з'яднаў Зямлю з Сарораю пункцiрнай лiнiяй i намаляваў на ёй у другiм маштабе наш зоркалёт. Гэта быў для шымпанзэ нiбыта прамень святла ў цемры! Цяпер ужо Зiра ведала, хто я такi i адкуль. Яна рванулася да мяне, але тут у канцы калiдора з'явiўся Заюс: ён iшоў на чарговы агляд падвопытных. Ад страху вочы ў шымпанзэ сталi круглыя. Зiра iмгненна згарнула аркуш паперы, сунула ў кiшэню блакнот i, пакуль арангутан яшчэ не наблiзiўся, паспела ўмольна прыкласцi палец да вуснаў: яна раiла мне не адкрывацца перад Заюсам. I я падпарадкаваўся ёй, хоць i не разумеў, навошта ўся гэтая таямнiчасць. Але я быў упэўнены, што з гэтага дня Зiра - мая саюзнiца, i зноў прыкiнуўся разумнай жывёлiнай.

Раздзел II

З таго часу дзякуючы Зiры я пачаў рабiць вялiкiя поспехi ў вывучэннi малпавай мовы i культуры. Пад выглядам новых, асобых тэстаў Зiра амаль штодня заставалася са мною сам-насам. Яна ўзялася вучыць мяне сваёй мове i ў той самы час засвойвала французскую з дзiўнай лёгкасцю. Менш чым праз два месяцы мы ўжо маглi свабодна размаўляць на сама розныя тэмы. Патроху перада мною адкрываўся духоўны свет Сароры, яе дзiўная цывiлiзацыя, якую я паспрабую абмаляваць тут у агульных рысах.

Толькi мы з Зiраю пачалi разумець адно аднаго, як я адразу ж паспяшаўся задаць галоўнае пытанне, што цiкавiла мяне:

- Няўжо малпы - адзiныя разумныя iстоты, цары прыроды на гэтай планеце?

- Цябе гэта здзiўляе? - сумелася яна. - Вядома, малпа - адзiная iстота, якая ўмее думаць, надзелена не толькi целам, але i душою. Сама зацятыя матэрыялiсты з нашых вучоных i тыя прызнаюць асобую сутнасць малпавай душы.

Кожнага разу я ледзь не падскокваў ад падобных выказванняў, хоць, здавалася, можна было б ужо i прывыкнуць.

- Але скажы, Зiра, хто ж тады людзi?

Я ўжо згадваў, што яна хутчэй засвойвала маю мову, чым я iхнюю, таму ў першыя днi мы гаварылi толькi па-французску i адразу ж перайшлi iнстынктыўна на "ты". Спачатку было цяжка прызвычаiцца да таго, што словы "чалавек" i "малпа" маюць для нас розны сэнс, але гэта хутка перастала нам замiнаць. Кожны раз, калi Зiра казала "малпа", я перакладаў сам сабе: вышэйшая iстота, вяршыня эвалюцыi. Калi ж яна гаварыла пра людзей, я ведаў, што гаворка iдзе пра жывёл, якiя, праўда, надзелены iмiтацыйным iнстынктам i маюць пэўнае анатамiчнае падабенства да малпаў, аднак менавiта ўсё ж пра жывёл з прымiтыўнай псiхiкай i свядомасцю.

- За апошнiя сто гадоў, - апавядала мне прафесарскiм тонам Зiра, - мы дамаглiся адмысловых поспехаў у даследаваннi паходжання вiдаў. Раней лiчылася, што вiды - нязменныя, што ўсе iстоты застаюцца такiя, якiмi выпусцiў iх у свет усемагутны творца. Але цэлая плеяда вялiкiх вучоных - усе яны былi шымпанзэ прымусiла нас поўнасцю перагледзець свае погляды на гэты конт. Цяпер мы ведаем, што ў блiзкiх вiдаў быў, напэўна, агульны продак.

- Значыцца, малпа паходзiць ад чалавека?

- Некаторыя так i лiчаць, але на справе ўсё шмат больш складана. Малпа i чалавек на пэўным этапе эвалюцыi стварылi дзве розныя галiны: адна працягвала развiвацца i паступова дасягнула вяршынь розуму, другая ж застыла на ўзроўнi чалавечага свету. Зрэшты, многiя арангутаны ўсё яшчэ адмаўляюць гэтую вiдавочную iсцiну.

- Ты сказала, Зiра... цэлая плеяда вялiкiх вучоных - i ўсе шымпанзэ?..

Я перадаю нашыя гутаркi такiмi ж спантаннымi, якiмi яны i былi: iмкнучыся даведацца як найхутчэй пра ўсё, я задаваў сама розныя пытаннi, на якiя Зiра падоўгу адказвала.

- Амаль усе вялiкiя адкрыццi зроблены шымпанзэ, - з запалам пацвердзiла яна.

- У малпаў ёсць касты?

- Iснуюць тры групы - ты ўжо гэта, пэўна, заўважыў, - кожная са сваiмi ўласцiвасцямi: шымпанзэ, гарылы i арангутаны. Расавыя бар'еры, якiя былi памiж iмi раней, i ўзаемная варожасць, якую яны ўзбуджалi, знiшчаны дзякуючы пераважна намаганням шымпанзэ. Сёння ўсе тры расы ў прынцыпе роўныя.

- Але большая частка вялiкiх адкрыццяў зроблена ўсё-такi шымпанзэ?

- Натуральна.

- А хто такiя гарылы?

- Пажыральнiкi мяса, - сказала яна з пагардаю. - Некалi яны былi феадальнымi князькамi, i ў многiх дагэтуль захаваўся смак да ўлады. Яны без памяцi любяць арганiзоўваць i кiраваць. Сiбарыты. Любяць паляванне. А бяднейшыя наймаюцца на працу, якая вымагае вялiкай фiзiчнай сiлы.

- А што ты скажаш пра арангутанаў?

Зiра ўважлiва паглядзела на мяне, потым зарагатала.

- Iхняя справа - афiцыйная навука. Ты ўжо ў гэтым пераканаўся i, думаю, будзеш мець магчымасць пераканацца яшчэ не раз. Яны ведаюць практычна ўсё, што можна вычытаць з кнiг. Усе яны ўшанаваныя рознымi ўзнагародамi. Некаторыя лiчацца нават буйнымi знаўцамi ў якой-небудзь вузкай галiне, дзе патрабуецца добрая памяць. Што ж да астатняга...

Тут Зiра пагардлiва махнула рукою.

Я не стаў настойваць, вырашыўшы, што мы яшчэ паспеем пагаварыць пра гэта. А пакуль што я вярнуўся да больш агульных пытанняў. Па маёй просьбе Зiра намалявала генеалагiчнае дрэва малпаў, як яго ўяўляюць лепшыя спецыялiсты. Яно было досыць падобнае на нашыя схемы эвалюцыi вiдаў. Ад агульнага ствала, пачатак якога губляўся ў невядомасцi, аддзялялiся паслядоўна розныя галiны раслiны, аднаклеткавыя арганiзмы, кiшачна-поласцевыя, iгласкурыя; вышэй размяшчалiся рыбы, рэптылii i, нарэшце, сысуны. Далей вызначаўся клас, аналагiчны класу нашых чалавекападобных. Ад яго адыходзiла галiна чалавека бакавая i кароткая. Тым часам цэнтральны ствол працягваў расцi i разгалiноўвацца на розныя вiды дагiстарычных малпаў з цяжка прамаўляльнымi назвамi i, нарэшце, заканчваўся вiдам simie sapiens з трыма вяршынямi эвалюцыi: падвiдамi шымпанзэ, гарыл i арангутанаў.

- Мозг малпы, - працягвала Зiра, - развiваўся, ускладняўся i ператварыўся нарэшце ў орган мыслення, у той час як мозг чалавека не зведаў нiякiх змен.

- Але чаму такога развiцця дасягнуў менавiта мозг малпы?

- Натуральна, галоўную ролю адыграла мова. Але чаму малпы загаварылi, а людзi не? На гэты конт погляды вучоных разыходзяцца. Адны бачаць у гэтым волю творцы, другiя сцвярджаюць, што розум у малпаў эвалюцыянiраваў перш за ўсё дзякуючы наяўнасцi чатырох рухавых канечнасцяў. Магчыма, што чалавек з яго дзвюма рукамi i кароткiмi няспрытнымi пальцамi з самага пачатку апынуўся ў нявыгадным становiшчы: ён не мог прагрэсiраваць, набываць дакладнае ўяўленне пра навакольны свет. З гэтае ж прычыны людзi нiколi не ўмелi спрытна карыстацца прыладамi... Урэшце, магчыма, ён i спрабаваў навучыцца гэтаму ў пачатку сваёй эвалюцыi... Выяўлены цiкавыя знаходкi. Якраз цяпер у гэтым накiрунку вядзецца багата даследаванняў. Калi ты цiкавiшся гэтым, я пазнаёмлю неяк цябе з Карнэлiем. Ён разбiраецца ў гэтых пытаннях лепш за мяне.

- А што за Карнэлiй?

- Мой жанiх, - адказала Зiра, пачырванеўшы. - Вялiкi, сапраўдны вучоны.

- Шымпанзэ?

- Ну вядома!.. Дык вось, я асабiста ўпэўненая: той факт, што мы чатырохрукiя, адыграў у нашай духоўнай эвалюцыi велiзарную ролю. Гэта дазволiла нам спачатку ўзняцца на дрэвы i такiм чынам асвойтацца ў трохмернай прасторы, у той час як чалавек, прывязаны да зямлi праз сваю фiзiчную недасканаласць, чэзнуў на адной плоскасцi. Потым мы стварылi розныя прылады, зноў жа таму, што маглi ўдала iмi карыстацца. Пачаўся прагрэс, i такiм чынам мы дасягнулi вяршынь розуму.

На Зямлi я часта чуў, як абсалютна процiлеглыя доказы прыводзiлi для тлумачэння перавагi чалавека над астатнiмi жывёламi. Аднак, падумаўшы, я вырашыў, што разважаннi Зiры нi кроплю не менш пераканаўчыя за нашыя.

Я хацеў прадоўжыць гэтую размову, на языку ў мяне круцiлiся сотнi пытанняў, але тут нас перапынiлi Зарам i Занам, якiя прынеслi ежу для вячэрняй кармёжкi. Зiра шэптам пажадала мне: "Дабранач!" - i пайшла.

Я зноў застаўся ў клетцы сам-насам з Новаю. Мы паелi. Гарылы пайшлi, патушыўшы за сабою ўсе лямпы, апрача начнiка над дзвярыма, ад якога лiлося цьмянае святло. Я глядзеў на Нову, раздумваючы пра ўсё, што зведаў за гэты дзень. Нова, натуральна, ненавiдзела Зiру, i мае гамонкi з шымпанзэ раз'юшвалi яе. Спачатку яна як магла выказвала сваю незадаволенасць, спрабуючы перашкодзiць нам: станавiлася памiж мною i Зiраю, скакала па клетцы, вырывала з падсцiлкi пучкi саломы i кiдала iх у галаву разводнiцы. Каб утаймаваць яе, я быў вымушаны выкарыстаць сiлу. Атрымаўшы ад мяне некалькi звонкiх плескачоў, Нова нарэшце супакоiлася. Я дазволiў сабе такi недалiкатны жэст мiжволi i пазней шмат з-за гэтага перажываў, аднак Нова, здавалася, не сердавала зусiм.

Разумовае напружанне, якога вымагалi ад мяне тэорыi эвалюцыi, распрацаваныя малпамi, забрала ў мяне ўсю сiлу. Так што я быў толькi рады, калi ўбачыў, што, наблiзiўшыся, Нова пачала лашчыць мяне. Ласкi яе былi паўчалавечыя, паўжывёльныя: за ўвесь гэты час, пераймаючы адно аднаго, мы вынайшлi спосаб любоўных гульняў, якi ўвабраў у сябе часткова звычаi цывiлiзаваных зямлян i дзiкуноў Сароры.

Раздзел III

Для мяне гэта быў асаблiвы дзень. Паддаўшыся нарэшце маiм просьбам, Зiра згадзiлася вывесцi мяне з Iнстытута вышэйшай фiзiялогii - так называлася нашая ўстанова - на прагулку па горадзе.

Яна рашылася на гэта пасля доўгiх ваганняў. Спатрэбiлася багата часу, каб яна прывыкла лiчыць мяне разумнай iстотаю. Пакуль яна заставалася са мною, ёй гэта было няцяжка, але потым Зiру зноў адольвалi сумненнi. Паспрабуйце ўявiць сябе на яе месцы! Мае расказы пра людзей, а галоўнае, пра малпаў Зямлi абурылi яе - iнакш i быць не магло. Пазней Зiра прызналася, што доўгi час ёй больш хацелася бачыць ува мне чараўнiка цi шарлатана, абы толькi не прызнаваць прыведзеныя мною факты. Аднак пад нацiскам шматлiкiх удакладненняў i доказаў яна канчаткова паверыла ў мяне i нават пачала абдумваць планы майго вызвалення, справы, дарэчы, зусiм не простай, як яна мне растлумачыла. А пакуль што яна прыйшла за мною неўзабаве пасля поўдня, каб вывесцi мяне на шпацыр.

Пры адной толькi думцы, што я зноў убачу неба над галавою, сэрца маё так i закалацiлася, але я прыкметна астыў, калi ўбачыў, што Зiра збiраецца весцi мяне на ланцужку. Гарылы выцягнулi мяне з клеткi, бразнуўшы дзвярыма перад носам у Новы, i надзелi мне на шыю скураны ашыйнiк з прымацаваным да яго надзейным ланцугом. Зiра схапiла свабодны канец ланцуга i павяла мяне да выйсця пад улюлюканне Новы, якое раздзiрала мне душу. Ахоплены жалем, я пачаў супакойваць яе сяброўскiмi жэстамi, але, заўважыўшы гэта, шымпанзэ засердавала i, надта не цырымонячыся, тузанула за ланцуг. З тае пары як Зiра ўпэўнiлася, што ў мяне малпiн розум, мая сувязь з гэтай дзяўчынаю шакiравала яе.

Але калi мы засталiся адны ў паўцёмным пустым калiдоры, яе дурны настрой прайшоў.

- Напэўна, людзi Зямлi не прывыклi, - спыталася яна, смеючыся, - каб iх вось так прагульвала на павадку малпа?

Я запэўнiў яе, што ў нас такога не ўбачыш. Папрасiўшы прабачэння, Зiра растлумачыла, што некаторых прыручаных людзей можна вадзiць па вулiцах, не баючыся скандалу, але будзе спакайней, калi я застануся на ланцугу. Пазней, калi яна пераканаецца ў маёй паслухмянасцi, я, магчыма, змагу прагульвацца з ёю i без ланцуга.

Потым яна забылася, хто я такi - з Зiраю гэта здаралася, - i засыпала мяне iдыёцкiмi настаўленнямi:

- Не надумайся толькi кiдацца на мiнакоў або скалiць зубы... I божа цябе баранi падрапаць якое-небудзь даверлiвае дзiця, калi яно захоча пагладзiць цябе. Я не надзела табе наморднiк, аднак...

Але тут Зiра з рогатам спынiлася.

- О, прабач мне, прабач! - усклiкнула яна. - Я ўвесь час забываюся, што ты разумны, як малпа...

Яна па-сяброўску паляпала мяне па плячы, просячы прабачэння. Яе весялосць прыцiшыла злосць, якая пачала ўжо закiпаць ува мне. Мне заўсёды было прыемна чуць, як смяялася Зiра. Згадваючы Нову, якая ўсё яшчэ не магла выказваць гэтак сваю радасць, я толькi ўздыхаў. Неўзабаве весялосць шымпанзэ перадалася i мне. У паўзмроку калiдора рысы Зiры былi амаль нябачныя - я бачыў толькi яе белую пысачку. Зiра надзела яркую сукенку, а на галаву нацягнула студэнцкi каўпачок, якi закрываў яе вушы. На iмгненне я нават забыўся, што гэта малпа, i ўзяў яе пад руку. Гэта здалося ёй натуральным, i яна не запярэчыла. Так, прыцiснуўшыся адно да аднаго, мы прайшлi некалькi метраў. Але ў канцы калiдора было бакавое акно, i, спынiўшыся перад iм, Зiра жыва вызвалiла руку i адштурхнула мяне. Пасур'ёзнеўшы, яна нацягнула ланцуг.

- Ты не павiнен гэтага рабiць, - сумна сказала яна. - Па-першае, я заручаная i...

- Ты заручаная?!

Недарэчнасць гэтай заўвагi, зробленай у сувязi з маiм нявiнным сяброўскiм жэстам, мы адчулi адначасна. Пысачка ў Зiры паружавела, i яна паправiлася:

- Я хачу сказаць, што нiхто не павiнен падазраваць, якая твая сапраўдная сутнасць. Гэта ў тваiх iнтарэсах, павер мне.Я пакорлiва пацягнуўся ўслед за ёй на ланцугу. Мы выйшлi з будынка. Швейцар iнстытута, здаравенны самец-гарыла ў мундзiры, ветлiва пакланiўшыся Зiры, правёў мяне насмешлiвым позiркам. На вулiцы я ажно хiстацца пачаў: пасля трох месяцаў зняволення ў мяне ад гарадской мiтуснi i ззяння Бетэльгейзе кружылася галава. Я з усяе сiлы ўдыхаў цёплае паветра, чырванеючы ад сораму за тое, што iду па горадзе голы. У клетцы я прызвычаiўся да поўнай адсутнасцi адзежы, але тут, на вачах у мiнакоў-малпаў, якiя нязмушана разглядвалi мяне, зноў адчуў непрыстойнасць свайго выгляду. Зiра катэгарычна адмовiлася даць мне адзежу, сцвярджаючы, што тады я буду выглядаць яшчэ больш недарэчна, бо буду падобны на дрэсiраванага чалавека, з тых, што паказваюць на кiрмашах. I, вядома, яна мела рацыю. Калi мiнакi i азiралiся на мяне, дык не таму, што я быў голы, а таму, што быў чалавек, рэдкае вiдовiшча, якое выклiкала такую ж цiкаўнасць, якую ў французскiм горадзе магло б узбудзiць з'яўленне шымпанзэ. Дарослыя, пасмяяўшыся, iшлi сваёй дарогаю. Некалькi дзяцей, узрадаваных бясплатным прадстаўленнем, паскакалi за намi. Зiра хутка давяла мяне да сваёй машыны, пасадзiла на задняе сядзенне, а сама ўладкавалася за рулём, i мы не спяшаючыся паехалi па вулiцах.

Гэты горад, сталiцу адной з буйнейшых абласцей малпавай дзяржавы, я бачыў толькi з клеткi ў дзень прыбыцця, i цяпер мне даводзiлася нанова прывыкаць да таго, што ён населены малпамi-мiнакамi, малпамi- кiроўцамi, малпамi-гандлярамi, малпамi-дзялкамi, малпамi-палiцэйскiмi, аднымi малпамi! Калi б не гэта, горад не ўяўляў бы сабою нiчога асаблiвага. Дамы былi падобныя на нашыя дамы, вулiцы такiя ж бруднаватыя, як i ў нас... Рух быў менш напружлiвы за наш. Што ўразiла мяне найболей, дык гэта спосаб, якiм мiнакi пераходзiлi вулiцы. Замест пешаходных дарожак тут былi паветраныя пераходы з металiчнай, з буйнымi ячэйкамi, сеткi, за якую малпы чаплялiся ўсiмi чатырма лапамi, абутымi ў пальчаткi з тонкай скуры, якiя дазвалялi малпам карыстацца нiжнiмi канечнасцямi гэтаксама ж свабодна, як i верхнiмi.

Павазiўшы мяне трохi па горадзе, каб я мог скласцi сабе пра яго агульнае ўяўленне, Зiра спынiла машыну перад высокiмi кратамi, скрозь якiя вiднелiся вялiкiя паляны ў кветках.

- Гэта парк, - растлумачыла яна. - Тут мы зможам прагуляцца. Я хацела б паказаць табе што-небудзь iншае, напрыклад, нашы выдатныя музеi, але пакуль што гэта немагчыма.

Я запэўнiў яе, што буду рады размяць ногi.

- Да таго ж, - дадала яна, - у парку нас не будуць непакоiць. Народу тут мала, а нам час ужо пагаварыць сур'ёзна.

Раздзел IV

- Ты, мне здаецца, не ўяўляеш, якiя небяспекi пагражаюць табе ў нас? спыталася Зiра.

- Пра некаторыя я ўжо маю ўяўленне. Але мне здаецца, што, калi я адкрыюся - а я магу зрабiць гэта цяпер, прывёўшы неабходныя доказы, - малпы павiнны будуць мяне прызнаць, як свайго брата па розуме.

- Тут ты i памыляешся. Слухай мяне...

Мы прагульвалiся па парку. Прысады ў iм былi пустынныя, толькi зрэдку сустракалiся закаханыя парачкi, якiя амаль не звярталi на мяне ўвагi. Я ж, наадварот, уважлiва назiраў за iмi, вырашыўшы не ўпускаць нiводнай магчымасцi пазнаёмiцца са звычаямi малпаў.

Закаханыя гулялi дробнымi крокамi, абняўшы адно аднаго за талiю так, што iх доўгiя рукi, цесна i мудрагелiста перапляталiся. На паваротках прысадаў яны часта спынялiся, каб пацалавацца. Iншы раз, азiрнуўшыся па баках, яны хапалiся за нiжнiя галiны i ўзбiралiся на дрэвы. Рабiлi яны гэта не раздымаючы абдымкаў - кожны дзейнiчаў адной рукою i адной нагою з зайздросным спрытам, - i ўжо праз якое iмгненне знiкалi ў лiстоце.

- Твой касмiчны катэр знойдзены, - гаварыла Зiра (я ўжо досыць падрабязна растлумачыў ёй, як мы высадзiлiся на планету), - ва ўсякiм разе тое, што ад яго засталося пасля пагрому. Рэшткi вывучаюцца цяпер нашымi вучонымi. Яны прызналi, што ён не мог быць пабудаваны на Сароры.

- У вас ёсць аналагiчныя апараты?

- Не такiя дасканалыя. Мяркуючы па тваiх расказах, мы яшчэ дужа адстаём ад вас. Аднак мы ўжо запусцiлi некалькi штучных спадарожнiкаў, i апошнi з iх быў нават з жывой iстотаю на борце - з чалавекам. На жаль, нам прыйшлося ўзарваць спадарожнiк у палёце: мы не маглi павярнуць яго назад.

- Разумею, - сказаў я задуменна. - Значыцца, вы выкарыстоўваеце людзей i ў такiх эксперыментах...

- Прыходзiцца... Так што, твой катэр знойдзены.

- А наш карабель, якi кружляе вакол Сароры вось ужо два месяцы?

- Пра гэта я нiчога не чула. Напэўна, нашыя астраномы яго не засеклi. Толькi не перапыняй мяне на кожным слове! Некаторыя вучоныя сцвярджаюць, што твая ракета прыляцела з другой планеты нашай зорнай сiстэмы i што ў ёй былi пасажыры. Далей гэтага яны не пайшлi. Нiкому i ў галаву не прыходзiць, што гэтыя разумныя iстоты могуць мець аблiчча людзей!

- Але ж, Зiра, трэба iм гэта сказаць! - ускрыкнуў я. - Мне абрыдла быць палонным нават у найзручнейшай клетцы, якая толькi ёсць на Сароры, абрыдла, нягледзячы на твой клопат. Чаму ты мяне хаваеш? Чаму не сказаць праўду ўсiм?

Зiра спынiлася, азiрнулася па баках i паклала руку мне на плячо.

- Чаму? Толькi дзеля цябе самога. Ты ведаеш Заюса?

- Пытаешся яшчэ! Нават хацеў з iм пагаварыць. Ну i што?

- Ты заўважыў, як ён успрыняў твае першыя спробы давесцi, што ты разумная iстота? Ты ж не ведаеш, я ўжо сто разоў спрабавала праверыць яго ў гэтым цi хаця б намякнуць, - i з якой асцярожнасцю! - што, нягледзячы на знешнi выгляд, ты ўсё-такi, магчыма, не жывёлiна?

- Я бачыў, што вы часта спрачалiся i, здаецца, так i не прыйшлi да згоды.

- Ён упарты, як баран, i дурны, як чалавек! - выбухнула Зiра. - Але што рабiць? Такiя амаль што ўсе арангутаны. Ён аб'явiў раз i назаўжды, што ўсе твае здольнасцi тлумачацца высокаразвiтым чалавечым iнстынктам, i цяпер нiшто не прымусiць яго змянiць сваю думку. Да таго ж, ён ужо нават напiсаў пра цябе цэлую дысертацыю, у якой даводзiць, што ты - вучоны чалавек, гэта значыць чалавек, якi пабываў у палоне, быў выдрэсiраваны i здольны цяпер выконваць бессвядома пэўныя трукi.

- Тупая жывёлiна!

- Я згодная. Але ўся бяда ў тым, што ён прадстаўляе афiцыйную навуку i вельмi ўплывовы. У iнстытуце ён займае адну з сама высокiх пасадаў, таму ўсе мае прапановы праходзяць праз яго. Я ўпэўнена, што калi я паспрабую расказаць пра цябе праўду, як ты хочаш, то Заюс проста абвiнавацiць мяне ў навуковай ерасi. Мяне звольняць. Хоць нiчога б тут асаблiва страшнага не было, але ты...

- А што можа быць больш жахлiвага за жыццё ў клетцы?

- Няўдзячны! Ты нават не падазраеш, на якiя хiтрыкi прыйшлося мне пайсцi, каб цябе не перасялiлi ў энцэфалiчную лабараторыю! Заюс не спынiўся б нi перад чым, калi б ты працягваў даказваць яму, што з'яўляешся разумнаю iстотай.

- А што такое энцэфалiчная лабараторыя? - спытаўся я ўстрывожана.

- Лабараторыя, дзе мы робiм некаторыя тонкiя аперацыi на жывым мозгу: перасадкi тканак, пошукi i раздражненне нервовых цэнтраў, частковае i нават поўнае выдаленне мазгавых доляў.

- I вы робiце такiя вопыты на людзях?

- Натуральна. Мозг чалавека, як i ўся яго анатомiя, найблiжэйшы паводле сваёй пабудовы да нашага. Нам проста пашанцавала, што прырода стварыла жывёлiну, на якой мы можам вывучаць сябе. Людзi служаць нам i ў багата якiх iншых вопытах, але пра гэта ты даведаешся пазней. Якраз цяпер мы выконваем надзвычай важныя даследаваннi.

- Якiя патрабуюць значных папаўненняў чалавечага матэрыялу?

- Але, значных. Гэтым i тлумачацца аблавы, дзякуючы якiм мы аднаўляем нашыя запасы. На жаль, аблавы арганiзуюць гарылы, i мы не можам позбавiць iх любiмай забавы - палявання. Навука страчвае праз гэта велiзарную колькасць матэрыялу.

- Сапраўды, вельмi шкада, - працэдзiў я, сцiснуўшы вусны. - Вернемся, аднак, да маёй сцiплай асобы...

- Цяпер ты разумееш, чаму я вырашыла захаваць усё ў тайне?

- Дык, значыцца, я асуджаны сядзець да канца сваiх дзён у клетцы?

Ї Не, калi толькi план, якi я задумала, удасца. Але ж ты не павiнен раскрывацца, пакуль не настане зручны момант, калi ў нас на руках будуць магутныя козыры. Вось мая прапанова: праз месяц адкрыецца штогоднi кангрэс фiзiёлагаў. Гэта вялiкая падзея. На адкрыццi будзе процьма народу, у тым лiку прадстаўнiкi ўсiх буйнейшых газет. А грамадская думка адыгрывае ў нас такую ролю, што з ёю вымушаны лiчыцца не толькi Заюс, не толькi ўсе арангутаны, разам узятыя, але i нават гарылы. Вось гэта ты i павiнен скарыстаць. Табе трэба адкрыць сваю тайну перад усiм кангрэсам, у час пасяджэння, на якое Заюс прывядзе цябе ў якасцi экспаната: як я ўжо сказала, ён напiсаў даўжэзны опус пра цябе i твой выдатны iнстынкт. Але будзе лепш за ўсё, калi ты сам возьмеш слова i ўсё раскажаш. Гэта будзе такая сенсацыя, што Заюс не зможа табе перашкодзiць. Ты павiнен гаварыць ясна i дакладна, каб пераканаць вучоных, публiку i журналiстаў, як здолеў пераканаць мяне.

- А калi Заюс i iншыя арангутаны заўпарцяцца?

- Гарылы, вымушаныя ўлiчваць грамадскую думку, паставяць гэтых iдыётаў на месца. Дарэчы, не ўсе арангутаны такiя ж тупыя, як Заюс, i, нарэшце, сярод вучоных ёсць некалькi шымпанзэ, якiх арангутанам прыйшлося прыняць у акадэмiкi за iх сенсацыйныя адкрыццi. Адзiн з iх - Карнэлiй, мой жанiх. Я ўжо гаварыла з iм пра цябе. Толькi з iм. Ён абяцаў выступiць у тваю абарону. Вядома, спачатку ён хоча ўбачыць цябе i праверыць усё, што я яму расказала, - надта ўжо ўсё гэта неверагодна! Дарэчы, я цябе i прывяла сюды дзеля гэтага. Сёння ў нас спатканне, i ён павiнен хутка прыйсцi.

Карнэлiй чакаў нас каля групы гiганцкiх папаратнiкаў. Гэта быў сiмпатычны шымпанзэ, вiдавочна старэйшы за Зiру, але ўсё-такi вельмi малады для акадэмiка. З першага ж iмгнення я быў уражаны глыбiнёй яго позiрку, надзвычай жывога i пранiклiвага.

- Як ён табе? - цiхенечка спыталася ў мяне Зiра па-французску.

Мяркуючы па такiм пытаннi, я, мусiць, канчаткова заваяваў давер гэтай малпачкi. У адказ я, пакуль мы падыходзiлi да Карнэлiя, прашаптаў некалькi камплiментаў.

Жанiх i нявеста абнялiся, як абдымалiся ўсе парачкi. Карнэлiй нават не зiрнуў у мой бок. Было ясна, што, нягледзячы на ўсе расказы Зiры пра мяне, я быў для яго звычайным ручным зверам. Дый сама Зiра на iмгненне забылася пра мяне, i яны доўга цалавалiся. Раптам Зiра ўздрыгнула, хутка адхiлiлася i вiнавата паглядзела ў мой бок.

- Дарагая, - здзiвiўся Карнэлiй, - мы ж адны!

- Я таксама тут, - з годнасцю сказаў я на сама лепшай малпiнай мове, на якую толькi быў здольны.

- Што?! - усклiкнуў шымпанзэ, адскокваючы ўбок.

- Я сказаў: я таксама тут. На жаль, вымушаны вам пра гэта напомнiць. Вашыя пацалункi мяне не бянтэжаць, але, магчыма, вы самi будзеце пасля дакараць мяне за нясцiпласць.

- Ну i ну! - не верыў сваiм вачам шымпанзэ.

Насмяяўшыся, Зiра пазнаёмiла нас.

- Доктар Карнэлiй, акадэмiк, - сказала яна. - Улiс Меру, жыхар адной з планет Сонечнай сiстэмы, дакладней - жыхар Зямлi.

- Рады пазнаёмiцца з вамi, - сказаў я. - Зiра мне пра вас расказвала. У вас надзвычай абаяльная нявеста. Прымiце мае вiншаваннi.

Я працягнуў яму руку. Карнэлiй адскочыў, быццам убачыў перад сабою змяю.

- Дык гэта праўда? - прамармытаў ён, ашалела гледзячы на Зiру.

- Любы, хiба я калi-небудзь манiла табе?

Карнэлiй хутка авалодаў сабою. Гэта быў сапраўдны вучоны. Пасля нядоўгiх ваганняў ён пацiснуў мне руку.

- Як вам у нас? - спытаўся ён.

- Нядрэнна, - адказаў я. - Яшчэ раз прашу мне прабачыць за такi выгляд.

- Ён толькi пра гэта i думае, - смеючыся, заўважыла Зiра. - Проста комплекс нейкi! Ён нават не ўяўляе, як ён будзе выглядаць тут у адзежы.

- I вы сапраўды прыбылi з гэтай... як яе?..

- З Зямлi, з Сонечнай сiстэмы.

Вiдаць, Карнэлiй мала верыў словам Зiры, мяркуючы, што ўсё гэта - нейкая мiстыфiкацыя. Але цяпер ён закiдаў мяне пытаннямi. Мы прагульвалiся павольна па парку: шымпанзэ iшлi пад руку ўперадзе, а я на ланцугу за iмi, каб мiнакi не звярталi на нас увагi. Але мае адказы настолькi ўражвалi Карнэлiя, што ён пастаянна спыняўся, кiдаў сваю нявесту, i мы пачыналi спрачацца, стоячы адзiн перад адным, размахваючы рукамi, рабiлi на пяску розныя чарцяжы. Зiра не сердавала на нас. Наадварот, радавалася ад усёй душы, убачыўшы, якое ўражанне зрабiў я на яе жанiха.

Натуральна, Карнэлiя больш за ўсё зацiкавiла эвалюцыя homo sapiens на Зямлi, i ён мяне прымусiў сто разоў паўтарыць усё, што я пра гэта ведаю. Пасля гэтага ён надоўга задумаўся. Нарэшце ён сказаў, што мая iнфармацыя, без усякiх сумненняў, уяўляе велiзарную каштоўнасць для навукi ўвогуле i для яго ў прыватнасцi, асаблiва цяпер, калi ён выконваў надзвычай смелыя даследаваннi па праблеме паходжання малпаў. Наколькi я зразумеў, ён зусiм не лiчыў яе вырашанай i не згаджаўся з агульнапрынятымi тэорыямi. Але калi гаворка зайшла пра яго ўласныя гiпотэзы, ён стаў стрыманы, i ў гэтую першую сустрэчу я так ад яго нiчога i не даведаўся. Што б там нi было, я набыў у ягоных вачах каласальную каштоўнасць, i, вiдаць, ён аддаў бы ўсё сваё багацце, толькi б перавесцi мяне да сябе ў лабараторыю.

Потым мы загаварылi пра маё цяперашняе становiшча i пра Заюса, чые дурасць i сляпая саманадзейнасць былi Карнэлiю добра вядомыя. Ён адобрыў план Зiры. I нават абяцаў падрыхтаваць глебу для майго выступлення, намякнуўшы некаторым сваiм калегам, што выпадак мой загадкавы.

Калi мы развiтвалiся, Карнэлiй без ваганняў працягнуў мне руку, праверыўшы, праўда, на ўсякi выпадак, цi няма тут каго паблiзу. Потым пацалаваў сваю нявесту i пайшоў, аглядваючыся праз плячо, нiбыта дзеля таго, каб яшчэ i яшчэ раз упэўнiцца, што я не быў галюцынацыяй.

- Якi прыемны малады шымпанзэ, - сказаў я Зiры, калi мы вярталiся да машыны.

- I вялiкi вучоны, - дадала яна. - Я ўпэўнена, што пры яго падтрымцы ты пераканаеш кангрэс.

- Зiра, - прашаптаў я ёй на вуха, уладкаваўшыся на заднiм сядзеннi, - я абавязаны табе воляю i жыццём.

Толькi цяпер я зразумеў, як шмат яна для мяне рабiла ў палоне. Без яе мне б нiколi не ўдалося наладзiць кантакт з малпавым светам. Заюс мог бы проста зрабiць мне на мозгу аперацыю, абы толькi давесцi, што я не iстота, якая можа думаць. Дзякуючы Зiры цяпер у мяне былi саюзнiкi, i я мог глядзець у будучыню з пэўным аптымiзмам.

- Я рабiла гэта з любовi да навукi, - адказала Зiра, чырванеючы. - Твой выпадак унiкальны, i я павiнна была захаваць цябе любой цаною.

Удзячнасць перапаўняла маё сэрца. Пакораны адухоўленым позiркам Зiры, я ўжо не бачыў яе знешнасцi. Рука мая легла на яе доўгую валасатую лапку. Зiра ўздрыгнула, i я прачытаў у яе вачах пяшчоту. Вельмi ўсхваляваныя, мы не сказалi па дарозе назад нiводнага слова. Калi Зiра прывяла мяне ў клетку, я груба адштурхнуў Нову, якая адразу ж пачала пошла прапаноўваць сябе мне.

Раздзел V

Зiра ўпотайкi перадала мне электрычны лiхтарык i кнiгi, якiя я хаваю пад саломаю. Я ўжо досыць хутка чытаю i размаўляю на малпавай мове. Кожную ноч я падоўгу вывучаю цывiлiзацыю Сароры. Спачатку Нова пратэставала. Скалячы зубы, яна абнюхвала кнiгу, быццам небяспечнага звярка. Але дастаткова было накiраваць на яе прамень лiхтара, як яна забiвалася ў кут, дрыжала i вiшчала. З тае пары як у мяне з'явiўся лiхтарык, я поўны гаспадар у сваёй клетцы i мне ўжо не прыходзiцца выкарыстоўваць для супакаення Новы такiя важкiя аргументы, як плескачы. Вiдаць, яна адчувае цяпер перада мною нейкi свяшчэнны жах, дый астатнiя палонныя, мяркуючы па некаторых прыкметах, ставяцца да мяне гэтаксама ж. Я маю прэстыж i злоўжываю гэтым. Iншы раз я нi з таго нi з сяго палохаю Нову святлом лiхтарыка. А потым яна ж лашчыцца да мяне, каб я дараваў ёй маю жорсткасць.

Цешу сябе надзеяй, што маю ўжо досыць яснае ўяўленне пра свет малпаў.

У малпаў няма падзелу на нацыi. Усёй планетаю кiруе кабiнет мiнiстраў, на чале якога стаiць трыумвiрат з аднае гарылы, аднаго арангутана i аднаго шымпанзэ. Акрамя ўрада iснуе таксама парламент, якi складаецца з трох палат гарылы, арангутаны i шымпанзэ - i кожная з iх баронiць iнтарэсы сваёй расы.

Па сутнасцi, гэты падзел на тры расы i з'яўляецца адзiным на Сароры. У прынцыпе прадстаўнiкi ўсiх рас валодаюць роўнымi правамi i могуць займаць любую пасаду. Аднак на справе iснуюць абмежаваннi, i кожная раса спецыялiзуецца ў сваёй вобласцi.

У далёкiм мiнулым гарылы адыгрывалi ролю лiдэраў дзякуючы сваёй фiзiчнай сiле. Яны дагэтуль захавалi смак да ўлады i па-ранейшаму з'яўляюцца сама магутным класам. Яны не змешваюцца з масаю, iх не ўбачыш у натоўпе дэманстрантаў - менавiта гарылы кiруюць з вышэйшых сфер большасцю прадпрыемстваў. Па сутнасцi не надта пiсьменныя, яны iнстынктыўна ўмеюць добра выкарыстоўваць веды падначаленых, вызначаць генеральныя лiнii i камандаваць iншымi малпамi. Калi якi-небудзь спецыялiст робiць цiкавае адкрыццё, напрыклад, вынаходзiць новую электрычную лямпу або новае палiва, дык эксплуатуе гэтае вынаходнiцтва i мае з яго ўсю магчымую выгаду зазвычай гарыла. Гарылы не вылучаюцца вялiкiм розумам, але яны ўсё ж нашмат хiтрэйшыя за арангутанаў. Спекулюючы на фанабэрыстасцi гэтых дурняў, гарылы дамагаюцца ад iх усяго, чаго хочуць. Так, напрыклад, на чале нашай установы над Заюсам, якi займае пост навуковага кiраўнiка, стаiць гарыла-дырэктар, якога вельмi рэдка бачаць у iнстытуце. У нашае аддзяленне ён зайшоў усяго адзiн толькi раз. Ён паглядзеў на мяне такiм важным позiркам, што я машынальна ледзь не выцягнуўся перад iм па стойцы "смiрна". Заюс у прысутнасцi дырэктара зрабiўся падобны на яго раба, i нават на Зiру начальнiцкi выгляд галоўнага шэфа зрабiў пэўнае ўражанне.

Гарылы, якiя не займаюць адказных пасад, звычайна наймаюцца на чорную работу, якая вымагае фiзiчнай сiлы. Так, напрыклад, Зараму i Занаму даручаюць толькi другарадныя справы, а галоўны iх абавязак - наводзiць, калi гэта робiцца неабходным, парадак сярод падвопытных.

I нарэшце, многiя гарылы - паляўнiчыя. Па сутнасцi, гэта iх прывiлея. Яны займаюцца адловам дзiкiх звяроў, у прыватнасцi, людзей. Я ўжо казаў, што эксперыменты малпаў патрабуюць пастаяннага папаўнення чалавечага матэрыялу, якi расходуецца ў велiзарнай колькасцi. Гэтыя эксперыменты займаюць у iх жыццi дужа вялiкае месца, i чым больш я даведваюся пра iх, тым больш балюча мне робiцца. Выдае на тое, што ледзь не трэцяя частка малпавага насельнiцтва займаецца праблемамi фiзiялогii, але я да гэтай дзiўнай акалiчнасцi яшчэ вярнуся. Ва ўсякiм разе, пастаўкi чалавечага матэрыялу патрабуюць складанай арганiзацыi. Шматлiкiя групы стралкоў, загоншчыкаў; транспартных рабочых i прадаўцоў служаць у паляўнiчых фiрмах, на чале якiх заўсёды стаяць гарылы. Думаю, што справы гэтых фiрм iдуць выдатна, бо людзi тут каштуюць дорага.

Побач з гарыламi - я сказаў бы, нiжэй за гарыл, хоць фармальна такой iерархii не iснуе, - стаяць арангутаны i шымпанзэ. Арангутанаў нашмат менш, а iх ролю Зiра даволi ясна i коратка вызначыла: яны прадстаўляюць афiцыйную навуку.

Але гэта так толькi да пэўнай ступенi, бо некаторыя арангутаны займаюцца таксама палiтыкай, мастацтвам i лiтаратураю. I ў любую галiну прыносяць характэрныя iм рысы. Фанабэрыстыя, пыхлiвыя, педантычныя, самаўпэўненыя кансерватары, сляпыя i глухiя да ўсяго новага, затое гатовыя з пенаю на вуснах адстойваць любую дапатопную банальшчыну, арангутаны складаюць асноўны кантынгент усiх акадэмiй. Маючы выдатную памяць, яны вывучваюць слова ў слова велiзарную колькасць кнiг. Пасля пiшуць свае кнiгi, паўтараючы ў iх усё вывучанае раней, i гэтым дамагаюцца прызнання з боку сваiх калег арангутанаў. Магчыма, у гэтым пытаннi я пад уплывам Зiры i яе жанiха, а яны, як i ўсе шымпанзэ, пагарджаюць арангутанамi. Гарылы таксама пагарджаюць гэтымi артадоксамi, здзекуюцца з iх рабалепства, але спрытна выкарыстоўваюць у сваiх iнтарэсах. Амаль за кожным арангутанам стаiць гарыла цi савет гарыл, якi высоўвае яго на ганаровыя пасады, дапамагае яму атрымлiваць розныя годнасцi i ордэны, якiя арангутаны проста абагаўляюць, але ўсё гэта толькi да тае пары, пакуль падапечны задавальняе апекуноў. Iнакш яго неадкладна адпраўляюць у адстаўку i замяняюць другiм арангутанам.

Застаюцца яшчэ шымпанзэ. Гэта iнтэлектуалы планеты. Зiра недарма хвалiлася, калi казала, што ўсе вялiкiя адкрыццi зроблены шымпанзэ. Магчыма, яна крышачку перабольшыла, бо ёсць i выключэннi, ды ўсё ж большую частку цiкавых кнiг па сама розных пытаннях пiшуць менавiта шымпанзэ. Вiдаць, у iх вельмi развiты дух пошуку.

Я ўжо казаў, што за працы фабрыкуюць арангутаны. Але сама страшнае, часта скардзiцца мне Зiра, што гэтакiм чынам яны складаюць i падручнiкi, пашыраючы сярод малпавай моладзi несусветную лухту. Паводле слоў Зiры, яшчэ зусiм нядаўна школьныя падручнiкi сцвярджалi, нiбыта планета Сарора з'яўляецца цэнтрам сусвету, хоць нават сярэдняга розуму малпы даўно ўжо не верылi ў гэтую ахiнею, а распаўсюджванне яе стала магчымым толькi таму, што яшчэ тысячагоддзi назад на Сароры жыў арангутан па iменi Арыстас, якi меў велiзарны аўтарытэт i прапаведаваў такiя вось тэорыi, якiя iншыя арангутаны паўтараюць з тае пары як догмы. Даведаўшыся, што той самы Арыстас сцвярджаў, нiбыта душу могуць мець толькi малпы, я пачаў лепш разумець стаўленне Заюса да мяне. На шчасце, у шымпанзэ розум нашмат больш крытычны. Вось ужо некалькi гадоў яны, сцяўшыся, iмкнуцца абвергнуць аксiёмы старажытнага iдала.

Што датычыць гарыл, то гэтыя рэдка пiшуць кнiгi. Затое, калi яны гэта робяць, то iх працы заслугоўваюць усялякай пахвалы - не за змест, дык, ва ўсякiм разе, за афармленне. Я прабег вачыма некалькi такiх кнiг i запомнiў iх назвы: "Навукова-даследнiцкая праца - аснова арганiзацыi прадпрыемства", "Перавага грамадскага сектара" або, скажам, "Арганiзацыя вялiкiх аблаў на людзей на Зялёным кантыненце". У гэтых кнiгах даецца зазвычай маса дакументаў, i кожны раздзел пiша асобны спецыялiст. У iх шмат дыяграм, таблiц фактычных дадзеных i, асаблiва, цiкавых фатаграфiй.

Аб'яднанне ўсяе планеты, адсутнасць войнаў, а значыцца, ваенных выдаткаў на Сароры няма армii, ёсць толькi палiцыя, - здавалася б, павiнны былi спрыяць хуткаму прагрэсу малпавай цывiлiзацыi. Але гэтага не здарылася. Хаця Сарора, бадай што, трохi старэйшая за Зямлю, малпы дужа адстаюць ад людзей багата ў якiх галiнах жыцця.

У iх ёсць электрастанцыi, прамысловасць, аўтамабiлi, самалёты, але ў асваеннi космасу малпы ўсё яшчэ на стадыi штучных спадарожнiкаў. У тэарэтычных навуках, у пазнаннi бясконца вялiкага i бясконца малога яны таксама адстаюць ад нас. Магчыма, гэтае адставанне выпадковае, i я не сумняваюся, што калi-небудзь яны нас дагоняць: на карысць гэтага гавораць працаздольнасць i даследнiцкi розум шымпанзэ. Мне здаецца, што ў гiсторыi малпаў быў цёмны перыяд застою, вельмi доўгi, нашмат даўжэйшы, чым у нас, i што толькi нядаўна яны ўступiлi ў эпоху вялiкiх адкрыццяў.

Асноўная частка iх навуковых даследаванняў - я мушу яшчэ раз гэта падкрэслiць - вядзецца ў галiне фiзiялогii i накiравана ў прыватнасцi на вывучэнне малпы. У гэтых даследаваннях выкарыстоўваюцца людзi, якiя адыгрываюць такiм чынам у жыццi малпаў хоць i вартую жалю, ды ўсё ж дужа важную ролю. Добра яшчэ, што на планеце хапае людзей! Я чытаў у адной працы, што людзей тут больш, чым малпаў. Але колькасць малпаў няспынна ўзрастае, тым часам як колькасць людзей скарачаецца, i ўжо цяпер некаторыя вучоныя занепакоеныя праблемаю папаўнення матэрыялу ў сваiх лабараторыях.

Але ўсё гэта не тлумачыць таямнiцы ўзнясення малпаў на вяршыню эвалюцыi. Зрэшты, можа, нiякай тайны i няма? Магчыма, iх развiццё адбывалася гэтаксама заканамерна, як i нашае? Аднак я нiяк не магу ў гэта паверыць! А цяпер я яшчэ абсалютна дакладна ведаю, што многiя вучоныя-малпы лiчаць: пытанне малпавай эвалюцыi зусiм яшчэ не высветленае да канца. Сярод iх i Карнэлiй, i, наколькi мне вядома, яго падтрымлiваюць сама выдатныя даследнiкi. Малпы не ведаюць, адкуль яны ўзялiся i куды iдуць, i, мажлiва, пакутуюць ад такой няпэўнасцi. Што, калi менавiта гэтае пачуццё i прымушае iх з такiм iмпэтам весцi фiзiялагiчныя даследаваннi i надае асаблiвую накiраванасць усёй iх навуковай дзейнасцi?

Далей я ў сваiх гiпотэзах у тую ноч не пасунуўся.

Раздзел VI

Зiра досыць часта выводзiла мяне на прагулку ў парк. Iншы раз мы сустракалiся там з Карнэлiем i разам з iм абдумвалi прамову, з якою я павiнен быў выступiць на кангрэсе. Дзень яго адкрыцця наблiжаўся, i я нерваваўся ўсё болей. Зiра запэўнiвала мяне, што ўсё будзе добра. Карнэлiю не цярпелася вызвалiць мяне, "каб пачаць грунтоўна вывучаць мяне", - тут ён паправiўся, убачыўшы маю незадаволенасць такой тэрмiналогiяй, - "каб супрацоўнiчаць са мною".

Аднаго разу Карнэлiй не змог прыйсцi, i Зiра прапанавала наведаць заалагiчны сад побач з паркам. Я, вядома, схадзiў бы лепш у тэатр цi ў музей, але гэтыя ўстановы былi пакуль што яшчэ не для мяне. Праўда, пэўнае ўяўленне пра мастацтва малпаў я ўжо меў, бо прагледзеў некалькi кнiг па выяўленчым мастацтве. Мяне вельмi ўразiлi рэпрадукцыi класiчных карцiн - партрэты знакамiтых малпаў, вясковыя пейзажы, батальныя сцэны часоў войнаў, са страшнымi гарыламi ў стракатых мундзiрах, або сладастрасныя аголеныя самкi, вакол якiх пырхалi крылатыя малпачкi-амуры. Былi ў малпаў i свае iмпрэсiянiсты, а некаторыя сучасныя мастакi ўзвысiлiся нават да абстрактнага жывапiсу. З усiм гэтым я пазнаёмiўся ў сябе ў клетцы пры святле электрычнага лiхтара.

Я не мог з'явiцца ў тэатры цi музеi голы, таму Зiра вадзiла мяне толькi на вiдовiшчы пад адкрытым небам. Так я ўбачыў гульню, якая нагадвала наш футбол, прысутнiчаў на жудаснай сустрэчы па боксе памiж дзвюма гарыламi i любаваўся спаборнiцтвамi па скачках з шастом, на якiх шымпанзэ ўзляталi на неверагодную вышыню.

Ну што ж, сёння я згадзiўся наведаць заасад. Спачатку я не заўважыў там нiчога асаблiвага. Жывёлiны вельмi нагадвалi нашых зямных звяроў. Тут былi драпежнiкi, хобатныя, жвачныя, паўзуны i птушкi. I калi я бачыў трохгорбага вярблюда цi вепрука з казлiнымi рагамi, гэта нiяк не магло мяне здзiвiць пасля ўсяго, што я ўжо ўбачыў на Сароры.

Дзiвiцца я пачаў, калi мы дайшлi да секцыi людзей. Зiра адразу ж пачала тузаць за ланцуг, каб хутка прайсцi далей, бо ўжо шкадавала, гледзячы цяпер на мяне, што выбралася сюды на прагулку, але цiкаўнасць мая была такая вялiкая, што ўрэшце яна саступiла.

У першай клетцы, каля якой мы спынiлiся, сядзела чалавек пяцьдзесят людзей - жанчын, мужчын, дзяцей, - выстаўленых тут напаказ на вялiкую радасць малпаў-разявак. Людзi лiхаманкава мiтусiлiся, скакалi, штурхалiся i выкiдвалi розныя фокусы, стараючыся звярнуць на сябе ўвагу. Гэта было сапраўды дзiвоснае вiдовiшча! Кожны чалавек iмкнуўся заслужыць адабрэнне маленькiх малпачак - тыя час ад часу кiдалi ў клетку якую-небудзь садавiну цi кавалкi пiражкоў, купленых ля ўвахода ў заасад у старой шымпанзэ. Калi хто-небудзь з людзей, дзiця або дарослы, рабiў асаблiва забаўны трук - узбiраўся па кратах, скакаў на карачках або пачынаў хадзiць на руках, - ён атрымлiваў узнагароду. Але толькi ласунак падаў сярод палонных, як адразу ж пачыналася бойка - дзiкуны драпалiся i цягалi адно аднаго за валасы з пранiзлiвымi звярынымi крыкамi.

Некаторыя, больш сталыя людзi, не ўдзельнiчалi ў гэтай калатнечы. Яны сядзелi ўбаку, блiжэй да кратаў, i, убачыўшы, што якая-небудзь маленькая малпачка суне лапу ў торбачку з пачастункам, умольна працягвалi да яе рукi. Малпачка звычайна спалохана адскоквала, але, калi бацькi або старэйшыя сябры смяялiся з яе, набiралася смеласцi i, не могучы яшчэ суняць дрыготку, перадавала ласунак са сваёй лапы ў руку чалавеку.

З'яўленне ў заасадзе чалавека на ланцугу здзiвiла як палонных, так i наведнiкаў. Людзi на хвiлiну перапынiлi сваю валтузню i падазрона ўтаропiлiся на мяне, але паколькi я трымаўся спакойна i з годнасцю адмаўляўся ад падачак, якiя баязлiва працягвалi мне малпачкi, то неўзабаве i малпы, i людзi страцiлi да мяне цiкавасць, я ж атрымаў мажлiвасць спакойна назiраць i за тымi, i за другiмi. Жывёльныя паводзiны людзей вымушалi мяне чырванець ад сораму: вонкава ж гэтыя дзiкуны нiчым не адрознiвалiся ад мяне.

У iншых клетках я ўбачыў тую ж самую валтузню i бойкi, што так прынiжалi людзей. Ахоплены роспаччу, я ўжо быў гатовы пакорна пайсцi ўслед за Зiраю, якая цягнула мяне адсюль за ланцуг, як раптам ледзь утрымаўся, каб не закрычаць: у адной з клетак я ўбачыў у статку людзей майго спадарожнiка па касмiчнай вандроўцы, яе кiраўнiка i душу, знакамiтага прафесара Антэля! Мусiць, ён, як i я, трапiў у пастку, але, напэўна, яму пашэнцiла менш, чым мне, i яго аддалi ў заасад.

Гэта было такое шчасце - бачыць яго жывога i здаровага, што на вачах у мяне выступiлi слёзы. Але я адразу ж падумаў, у якiх жахлiвых умовах знаходзiцца гэты вялiкi вучоны, i ажно скалануўся. Пачуццi, якiя адольвалi мяне, неўзабаве змянiлiся здзiўленнем i роспаччу, калi я заўважыў, што паводзiць ён сябе гэтаксама ж, як i iншыя людзi. Гэта было неверагодна, але прыходзiлася верыць сваiм вачам. Антэль далучыўся да пажылых самцоў, якiя не ўдзельнiчалi ў бойках, а толькi працягвалi руку, з грымасамi вымольваючы падачку. Я назiраў за тым, як ён гэта рабiў: нiшто ў прафесаравых паводзiнах не выяўляла ў iм разумнага чалавека. Маленькая малпачка дала яму банан. Прафесар узяў яго, усеўся, скурчыўшы пад сабою ногi, i пачаў таропка жэрцi падачку, не зводзячы з тае малпачкi, што дала яму ласунак, прагнага позiрку, быццам спадзяваўся атрымаць яшчэ што-небудзь. Пры гэтай сцэне я зноў заплакаў. Я шэптам растлумачыў Зiры прычыну маiх слёз. Я хацеў падысцi i загаварыць з прафесарам, але яна катэгарычна мне гэта забаранiла. Я нiчым не змог бы яму дапамагчы цяпер, а нашае раптоўнае ўсхваляванае спатканне магло б адно прывесцi да непажаданага скандалу, якi пашкодзiў бы нам абодвум i парушыў бы мае планы.

- Мы зоймемся iм пасля кангрэса, - сказала мне Зiра, - калi ты будзеш прызнаны i прыняты нашым грамадствам, як разумная iстота.

Яна мела рацыю, i я з горыччу дазволiў ёй вывесцi сябе з заасада. Па дарозе да машыны я растлумачыў Зiры, хто такi прафесар Антэль i якой рэпутацыяй карыстаўся ён на Зямлi i асаблiва сярод вучоных. Яна доўга думала i ўрэшце паабяцала вызвалiць яго з заасада. Пакуль мы дабiралiся да iнстытута, я трохi супакоiўся, але ў час вячэрняй кармёжкi я адмовiўся ад ежы, прынесенай гарыламi.

Раздзел VII

За тыдзень да кангрэса Заюс часта наведваў мяне. Ён праводзiў на мне сама недарэчныя выпрабаваннi, i яго сакратарка ледзь паспявала запаўняць свой сшытак назiраннямi i заўвагамi, якiя тычылiся маёй асобы. Я ж хiтрыў i стараўся паводзiць сябе больш прымiтыўна, у адпаведнасцi з арангутанавымi ўяўленнямi.

Нарэшце доўгачаканы кангрэс пачаўся, але першыя днi былi прысвечаны тэарэтычным дыскусiям, i па мяне прыйшлi толькi на трэцi дзень. Аднак увесь гэты час я быў у курсе спраў дзякуючы Зiры. Заюс ужо зачытаў свой даўжэзны опус, у якiм паказаў мяне як чалавека з надзiва развiтымi iнстынктамi, але зусiм без розуму. Карнэлiй задаў яму некалькi складаных пытанняў, каб дакладчык растлумачыў, як ён ацэньвае тыя цi iншыя асаблiвасцi маiх паводзiн. Гэта распалiла старыя канфлiкты, i апошняе пасяджэнне было даволi бурлiвае.

Вучоныя раздзялiлiся на два лагеры: адны даводзiлi, што ў жывёл увогуле не можа быць душы, другiя - што пропасцi памiж псiхiкаю малпаў i жывёлiн няма. Вядома, поўнай праўды не ведаў нiхто, апроч Карнэлiя i Зiры. Аднак факты, якiя прывёў, расказваючы пра мяне, Заюс, былi настолькi неверагодныя - пра што гэты дурань нават не падазраваў, - што многiя нейтральныя назiральнiкi i некаторыя знакамiтыя вучоныя былi ўражаныя i па горадзе пайшла пагалоска пра зусiм незвычайнага чалавека.

Выводзячы мяне з клеткi, Зiра шапнула мне на вуха:

Ї Народу будзе процьма, як на ўрачыстасцi, а журналiсты ўсе збяруцца. Усе ўсхваляваныя i чакаюць сенсацыi. Гэта выдатна. Будзь мужны!

Яе маральная падтрымка была мне проста неабходная. Я адчуваў, што нервы мае здаюць. Прамову сваю я перачытваў усю ноч. Я ведаў яе слова ў слова, яна павiнна была пераканаць любога асталопа, але не давала спакою страшная думка, што мне не дазволяць нават загаварыць.

Гарылы ўпiхнулi мяне ва ўсталяваную на грузавiку клетку, дзе ўжо было некалькi падвопытных людзей, якiя заслужылi гонар паўстаць перад вучонаю сходкаю менавiта праз свае асаблiвасцi. Неўзабаве мы даехалi да велiзарнага будынка, завершанага купалам. Вартаўнiкi ўвялi нас у вестыбюль каля залы пасяджэнняў. Ля сцен вестыбюля стаялi клеткi, у якiх нам прыйшлося чакаць, пакуль нас збяруцца прадэманстраваць. Раз-пораз напышлiвы гарыла ў чорным мундзiры адчыняў дзверы ў вестыбюль i выкрыкваў нумар, пасля чаго вартаўнiкi бралi названага чалавека на ланцуг i выводзiлi ў залу. Кожны раз, калi ў дзвярах з'яўляўся гэты гарыла, сэрца маё ледзь не выскоквала з грудзей. Праз прачыненыя дзверы з залы пасяджэнняў даносiлiся цьмяны гул, крыкi, iншы раз апладысменты.

Усiх прадэманстраваных падвопытных адразу ж выводзiлi з вестыбюля, i, пакуль я лiхаманкава згадваў асноўныя палажэннi сваёй прамовы, у вестыбюлi не засталося нiкога, апроч мяне i вартаўнiкоў. Напэўна, мяне пакiдалi на канец, як зорку. Нарэшце, расчынiўшы дзверы, гарыла ў чорным выкрыкнуў мой нумар. Я ўскочыў, выхапiў з лап у аслупянелага вартаўнiка ланцуг, якi ён збiраўся прышпiлiць да майго ашыйнiка, i зрабiў гэта сам. Потым у суправаджэннi двух вартаўнiкоў я цвёрдым крокам увайшоў у залу пасяджэнняў - i адразу ж спынiўся, аслеплены i разгублены.

З дня майго прыбыцця на планету Сарору я ўбачыў багата недарэчных сцэн. Мне здавалася, што я ўжо прызвычаiўся да малпаў i iх паводзiн настолькi, што мяне больш нiшто не можа здзiвiць. Аднак фантастычнасць i грандыёзнасць убачанага вiдовiшча шакiравалi мяне, i я якi ўжо раз спытаўся ў сябе, цi не бачыцца гэта мне нейкi кашмарны сон.

Я апынуўся на дне гiганцкага амфiтэатра, якi нагадаў мне лейкападобнае Дантава пекла: усе лаўкi вакол мяне i нада мною былi запоўнены малпамi. Тысячамi малпаў! Нiколi ў жыццi не бачыў я яшчэ столькi малпаў у адным месцы сама вар'яцкае ўяўленне зямнога чалавека не зможа намаляваць сабе падобнага вiдовiшча. Я быў проста раздушаны незлiчонай процьмаю малпаў.

Неверагодна кружылася галава, але я ўсё ж такi спрабаваў неяк зарыентавацца ў гэтым натоўпе. Але гарылы адразу ж выцягнулi мяне на сярэдзiну падобнай на цыркавую арэну круглай пляцоўкi з кафедраю для дакладчыка. Я павольна азiрнуўся. Рады лавак, запоўненыя малпамi, узносiлiся пад самы купал на неверагодную вышыню. На нiжнiх лаўках сядзелi сябры кангрэса, усе знакамiтыя вучоныя, усе ў паласатых штанах i цёмных рэдынготах, усе з ордэнамi на лацканах, усе сталага веку i амаль усе - арангутаны. Я заўважыў сярод iх толькi некалькi гарыл i шымпанзэ. Пашукаў вачыма Карнэлiя, але так i не знайшоў.

Ззаду ад удзельнiкаў кангрэса былi адведзены рады лавак для iх памочнiкаў i супрацоўнiкаў. На тым самым узроўнi быў i сектар прэсы, запоўнены журналiстамi i фатографамi. А вышэй, за другiм бар'ерам, сядзелi шматлiкiя гледачы. Мяркуючы па гуле, якiм сустрэлi маё з'яўленне, атмасфера ўжо была вельмi гарачая.

Я паспрабаваў знайсцi Зiру, якая павiнна была сядзець сярод асiстэнтаў. Мяне падтрымаў бы адзiн яе позiрк. Але i тут я быў расчараваны: у процьме д'ябальскiх пыс не было нiводнай знаёмай мне!

Тады я пачаў разглядаць жрацоў навукi. У адрозненне ад простых смяротных, якiя размясцiлiся на лаўках i крэслах, акадэмiкi сядзелi ў чырвоных аксамiтавых фатэлях. Усе акадэмiкi былi вельмi падобныя на Заюса. Згорбiўшыся, уцягнуўшы галовы ў плечы i сагнуўшы ў локцях доўгiя рукi, арангутаны з мудрым выглядам запiсвалi нейкiя заўвагi, а можа, проста што крэмзалi. У параўнаннi з узбуджанымi гледачамi верхнiх радоў выгляд у iх быў нейкi тупы. Мне здалося, што толькi маё з'яўленне, пра якое аб'явiлi па радыё, трохi абудзiла iх. Дальбог, памятаю, як тры арангутаны лiтаральна падскочылi i вылупiлiся на мяне, нiбыта iх вырвалi раптам са сну.

Словам, больш ужо не драмаў нiхто. Вiдаць, дэманстрацыя мяне Заюсам была гваздом праграмы: тысячы малпавых вачэй, захопленых або проста цiкаўных, працiналi мяне з усiх бакоў.

Мае вартаўнiкi ўзвялi мяне на ўзвышэнне, у цэнтры якога сядзеў прэзентабельны гарыла. Зiра сказала мне раней, што старшынстваваць на гэтым кангрэсе будзе не акадэмiк, як гэта бывала дагэтуль, а адмiнiстратар, таму што на папярэднiх кангрэсах прадстаўленыя самi сабе вучоныя заводзiлi бясконцыя дыскусii i не маглi прыйсцi нi да якога рашэння. Злева ад рэспектабельнага старшынi сядзеў яго сакратар-шымпанзэ, якi вёў пратакол пасяджэння. Справа стаяў фатэль, да якога па чарзе падыходзiлi дакладчыкi. Цяпер у яго пад не дужа багатыя апладысменты ўсеўся Заюс. Дзякуючы сiстэме мiкрафонаў i моцных пражэктараў нават гледачы сама апошнiх радоў цудоўна бачылi i чулi ўсё, што адбывалася на цэнтральнай эстрадзе.

Старшыня-гарыла пазванiў у званочак i, дамогшыся цiшынi, аб'явiў, што дае слова шаноўнаму Заюсу, каб той прадэманстраваў чалавека, пра якога ён ужо дакладваў асамблеi. Арангутан устаў, пакланiўся i пачаў сваю прамову. Пакуль ён гаварыў, я стараўся трымацца як мага больш асэнсавана. Напрыклад, калi ён упершыню згадаў пра мяне, я прыклаў руку да грудзей i зрабiў ветлiвы паклон, якi выклiкаў у аўдыторыi гучны смех. Праўда, старшыня хутка перапынiў яго званочкам. А я зразумеў, што не дасягну такiм чынам нiчога: сама разумныя мае дзеяннi будуць успрымацца як звычайны вынiк выдатнай дрэсiроўкi. Таму я больш не варушыўся да самага канца Заюсавай прамовы.

Нарэшце Заюс падсумаваў зробленыя высновы i аб'явiў, што прадэманструе зараз мае здольнасцi - розныя прыстасаваннi для яго праклятых эксперыментаў былi ўжо расстаўлены на эстрадзе. На заканчэнне Заюс паведамiў, што, акрамя таго, я здольны, як некаторыя птушкi, паўтараць асобныя словы i што ён спадзяецца прымусiць мяне вытварыць гэтае штукарства i перад асамблеяй. Пасля ён узяў куфэрак са шматлiкiмi замкамi i працягнуў яго мне. Але замест таго каб хутка справiцца з усiмi гэтымi засаўкамi i кручкамi, я зрабiў па-свойму.

Мой час настаў! Я ўзняў руку, цiхенька пацягнуў ланцуг i, наблiзiўшыся да мiкрафона, звярнуўся да старшынi кангрэса:

- Шаноўны пан старшыня! - пачаў я, стараючыся гаварыць на малпавай мове як мага чысцей. - Я з вялiкiм задавальненнем адчыню для вас гэты куфэрак i вельмi ахвотна зраблю ўсе нумары праграмы. Але перш чым прыступiць да гэтых занадта лёгкiх мне вопытаў, я прашу дазволу зрабiць заяву, якая, я перакананы, уразiць гэты вялiкавучоны сход.

Я выразна прамаўляў кожнае слова, i ўсё, што я сказаў, малпы вельмi добра пачулi. Вынiк быў такi, на якi я разлiчваў. Малпы застылi на сваiх месцах нiбыта раздушаныя - запала такая цiшыня, што здавалася, усе нават дыхаць перасталi. Журналiсты забылiся на свае блакноты, i нiводны фатограф не ачомаўся ў гэтыя першыя iмгненнi настолькi, каб зрабiць хоць адзiн здымак гiстарычнага моманту.

Старшыня тупа глядзеў на мяне, нiчога не разумеючы. Тым часам Заюс ажно ўзвiўся.

- Пан старшыня! - загаласiў ён. - Я пратэстую...

Але тут ён зноў падавiўся, усвядомiўшы ўсю недарэчнасць спрэчкi з чалавекам. Я гэта скарыстаў i загаварыў зноў:

- Пан старшыня, з вялiкай павагай да вас я ўсё-такi настойваю, каб мне далi мажлiвасць выступiць. Скончыўшы, я выканаю, клянуся гонарам, усё, што запатрабуе высокашаноўны Заюс.

I тут у зале ўсчалася бура. Публiка звар'яцела! Малпы сплялiся ў iстэрычны, захоплены натоўп, крычалi "ўра", рагаталi i рыдалi. З усiх бакоў замiльгацелi яркiя ўспышкi блiцаў - гэта ачомалiся нарэшце рэпарцёры. Гвалт стаяў сама меней хвiлiн яшчэ з пяць, i ўвесь гэты час старшыня не зводзiў з мяне вачэй. Нарэшце ён узяў сябе ў рукi i зазванiў у званочак.

- В-в-выбачайце, - пачаў ён, заiкаючыся, - н-не ведаю, д-дальбог, як вас называць...

- Проста "пан", - адказаў я.

- Дык, значыцца, п-п... значыцца, пан, я мяркую, ваш выпадак такi незвычайны, што навуковы кангрэс, якi я маю гонар весцi, мусiць выслухаць вашую заяву.

Гэтае мудрае рашэнне было сустрэта новай бураю апладысментаў. Большага мне пакуль i не трэба было. Я выступiў на сярэдзiну эстрады, усталяваў мiкрафон згодна з маiм ростам i зрабiў наступную прамову.

Раздзел VIII

- Пан старшыня!

Высакародныя гарылы!

Мудрыя арангутаны!

Шаноўныя шымпанзэ!

О малпы!

Дазвольце чалавеку звярнуцца да вас.

Я ведаю, што выгляд у мяне - страшны, цела - недарэчнае, твар - жывёльны, пах - невыносны, колер скуры - агiдны. Я ведаю, што мая брыдкая знешнасць абражае ваш зрок, але ведаю я i тое, што звяртаюся да сама славутых, сама мудрых малпаў, чый розум здольны ўзвысiцца над умоўнасцю такiх пачуццяў i распазнаць iстоту з развiтым мысленнем нават пад такой нiкчэмнаю матэрыяльнай абалонкаю...

Такi напышлiвы i поўны самаўнiжэння пачатак быў прапанаваны мне Зiраю з Карнэлiем. Яны сцвярджалi, што гэта будзе прыемна пачуць арангутанам.

- Выслухайце мяне, о малпы, бо размаўляю я свядома, а не як аўтамат цi папугай. Я думаю, гавару i разумею вас гэтаксама ж цудоўна, як вы мяне. Калi я скончу, калi вашыя шаноўныя вучоныя ўзнагародзяць мяне такiм гонарам, я з задавальненнем як найлепей адкажу на ўсе iх пытаннi.

Але спярша я мушу адкрыць вам сама сэнсацыйны факт: я не проста разумная iстота з душою, што, як гэта нi дзiўна, жыве ў недарэчным чалавечым целе, - я прышэлец з далёкага свету з планеты Зямля, планеты, на якой паводле невытлумачальнай фантазii прыроды менавiта людзi надзеленыя душою i розумам. Я прашу дазволу ўдакладнiць месцазнаходжанне маёй роднай планеты, вядома, не для славутых вучоных, якiх бачу вакол мяне, а для тых нешматлiкiх прысутных, якiя, мажлiва, не зусiм знаёмыя з рознымi зорнымi сiстэмамi.

Я падышоў да чорнай дошкi i з дапамогаю некалькiх чарцяжоў пастараўся паказаць нашую Сонечную сiстэму i яе месца ў Галактыцы. Мае тлумачэннi былi выслуханы як казань у храме. Але калi, скончыўшы з чарцяжамi, я паляпаў далонню аб далонь, каб стрэсцi з iх крэйду, гэты просты жэст выклiкаў неверагоднае захапленне ў гледачоў верхнiх радоў. Павярнуўшыся да аўдыторыi, я гаварыў далей:

- Як я ўжо сказаў, на нашай Зямлi розум дадзены чалавеку. Гэта так, i я не магу тут нiчога зрабiць. У нас людзi эвалюцыянiравалi, тым часам як малпы - i гэтым я найбольш уражаны з тае пары, як адкрыў ваш свет, чамусьцi засталiся ў дзiкiм стане. Мозг развiваўся i ўскладняўся ў чалавека. Менавiта людзi авалодалi моваю, навучылiся здабываць агонь, карыстацца прыладамi. Менавiта яны сталi гаспадарамi планеты i змянiлi яе аблiчча. I нарэшце менавiта людзi стварылi такую высокую цывiлiзацыю, што многiмi сваiмi рысамi яна, о малпы, нагадвае вашую!

Тут я пастараўся прывесцi шматлiкiя прыклады нашых найяскравейшых дасягненняў. Я апiсваў нашыя гарады, заводы, сродкi камунiкацыi, расказваў пра нашыя ўрады, законы, пра тое, у якiх захапленнях бавiм мы вольны час. Пасля, звяртаючыся галоўным чынам да вучоных, я паспрабаваў даць iм уяўленне пра нашыя поспехi ў высакародных галiнах навукi i мастацтва. Спакваля голас мой рабiўся ўсё больш упэўнены. Я пачынаў адчуваць своеасаблiвае ап'яненне, быццам мiльянер, якi выхваляецца сваiмi скарбамi.

Потым я перайшоў да аповяду пра свае прыгоды. Я растлумачыў, як мы даляцелi да сiстэмы Бетэльгейзе i Сароры, як я трапiў у палон i апынуўся ў клетцы, як спрабаваў усталяваць кантакт з Заюсам, але ўсе мае намаганнi засталiся марныя, вядома, па ўласнай вiне, бо я не выявiў вынаходлiвасцi. Нарэшце я расказаў пра пранiклiвасць Зiры i пра найкаштоўнейшую дапамогу, якую яна аказала мне разам з доктарам Карнэлiем. Скончыў я так:

- Гэта ўсё, што я хацеў вам сказаць, о малпы! Рашайце самi, цi справядлiва будзе, калi пасля такiх цяжкiх прыгод мяне зноў пасадзяць у клетку, як неразумную жывёлiну, да канца маiх дзён? Мне застаецца дадаць адно: я прыляцеў да вас без якогась варожага намеру - вяла мяне сюды толькi прага адкрыццяў. З тае пары, як я пачаў зведваць вас, вы мне ўсё больш i больш падабаецеся, i цяпер я проста люблю вас усёй сваёй душою. У мяне ёсць план, пра якi я хачу расказаць найвялiкшым вучоным планеты. Я магу прынесцi вам несумненную карысць сваiмi зямнымi ведамi, з другога боку, за некалькi месяцаў, праведзеных у клетцы, я сам зведаў на Сароры больш, чым за ўсё сваё ранейшае жыццё. Дык давайце з'яднаем нашыя намаганнi! Усталюем кантакт з Зямлёю! Пойдзем, малпы i людзi, уперад, як паплечнiкi, i нiякая сiла ў свеце, нiякiя таямнiцы космасу не ўстояць перад намi!

Задыхнуўшыся, я скончыў сваю прамову ў абсалютнай цiшынi. Я павярнуўся машынальна да стала старшынi, схапiў шклянку з вадою i асушыў яе адным духам. I гэтаксама ж як i тады, калi я стрэсваў крэйду з далоняў, гэты просты жэст зрабiў на малпаў велiзарнае ўражанне i стаў сiгналам для новай буры. Зала нiбыта выбухнула, ахопленая энтузiязмам, якога не апiша нiводнае пяро. Я ведаў, што перамог, але не мог нават уявiць сабе, што якая-небудзь асамблея здольная выказваць свае пачуццi з такiм неверагодным гвалтам. Я быў аглушаны, але ўсё ж убачыў прычыны гэтага фантастычнага грукату: эмацыянальныя па сваёй прыродзе малпы, калi вiдовiшча iм падабаецца, апладзiруюць усiмi чатырма лапамi! Цяпер вакол мяне шалелi тысячы гэтых д'ябальскiх стварэнняў: ледзь утрымлiваючы раўнавагу, яны пляскалi ў свае чатыры далонi, так што здавалася, быццам купал зараз абвалiцца, - i ўсё гэта з вiскам, з крыкамi, з енкамi, скрозь якiя прарываўся толькi глухi роў гарыл. Гэта было адно з апошнiх ясных уражанняў ад таго памятнага пасяджэння. Кружылася галава, я адчуў, што вось-вось упаду. З трывогаю азiрнуўшыся, я ўбачыў, што раззлаваны Заюс ускочыў з месца i, згорбiўшыся i заклаўшы рукi за спiну, ходзiць па эстрадзе, як хадзiў перад маёй клеткаю. Быццам у сне, я ўбачыў ягоны пусты фатэль i плюхнуўся на яго. Гэта было сустрэта новым выбухам авацый, але тут я страцiў свядомасць.

Раздзел IХ

Ачуняў я не вельмi хутка: надта ўжо вялiкае перажыў нервовае напружанне. Я ляжаў на ложку ў незнаёмым пакоi. Зiра i Карнэлiй завiхалiся ля мяне, пакуль гарылы-палiцэйскiя стрымлiвалi журналiстаў i проста цiкаўных, якiя спрабавалi прарвацца ў пакой.

- Гэта было выдатна! - шапнула мне Зiра на вуха. - Ты выйграў.

- Улiс, - сказаў мне Карнэлiй, - нас з вамi чакаюць вялiкiя справы!

Ён паведамiў мне, што толькi што скончылася надзвычайнае пасяджэнне Вялiкага Савета Сароры, на якiм прынялi рашэнне аб маiм неадкладным вызваленнi.

- Сёй-той спрабаваў пратэставаць, - дадаў ён, - але грамадская думка была на вашым баку, i яны не маглi прыйсцi да якогась iншага рашэння.

Ён спытаўся, цi згодны я супрацоўнiчаць з iм, i, атрымаўшы маю згоду, загадзя пацiраў рукi ад задавальнення пры думцы пра дапамогу, якую я змагу аказаць яму ў яго пошуках.

- Жыць вы будзеце тут, - абвёў рукамi пакой Карнэлiй. - Спадзяюся, кватэра вас задаволiць. Мая зусiм непадалёк, у гэтым самым крыле iнстытута: тут жывуць толькi старшыя навуковыя супрацоўнiкi.

Я збянтэжана азiраўся, думаючы, што ўсё гэта мне снiцца. Пакой быў надзiва ўтульны. Пачыналася новая эра ў маiм тутэйшым жыццi. Гэтак доўга i пакутлiва чакаў я гэтага часу - i тут мяне чамусьцi агарнула самота. Вочы мае сустрэлiся з вачыма Зiры, i я зразумеў, што пранiклiвая шымпанзэ ўгадала мае думкi.

- Але, - сказала яна, - тут у цябе Новы не будзе.

Пачырванеўшы, я пацiснуў плячыма, прыўзняўся i сеў.

Сiлы вярнулiся да мяне, i я хацеў як мага хутчэй акунуцца ў новае жыццё.

- Як ты сябе пачуваеш? - спыталася Зiра. - Ты не стомiшся ад маленькае вечарыны? Мы запрасiлi, каб адзначыць гэты вялiкi дзень, некаторых сяброў, адных шымпанзэ.

Я адказаў, што мне гэтая вечарына будзе вельмi прыемная, але я ўжо больш не хачу хадзiць голы. I толькi тут заўважыў, што на мне пiжама: Карнэлiй пазычыў мне адну са сваiх уласных. Але калi я мог яшчэ неяк нацягнуць на сябе пiжаму шымпанзэ, то ў любым з яго гарнiтураў выглядаў клоўнам.

- Заўтра ў цябе будзе поўны гардэроб, а да сённяшняга вечара табе сшыюць файны гарнiтур, - супакоiла мяне Зiра. - Вось i кравец.

У пакой увайшоў i пакланiўся мне з вытанчанай пачцiвасцю маленькi шымпанзэ. Я даведаўся, што, пакуль быў у непрытомнасцi, лепшыя краўцы аспрэчвалi гонар апрануць мяне. Перамог гэты славуты майстар, якi шыў на сама знакамiтых гарыл сталiцы.

Майстэрства i спрытнасць краўца былi адметныя. Менш чым за дзве гадзiны яму ўдалося сшыць мне прыстойны вячэрнi гарнiтур. Але надзеўшы яго, я адчуў, што мне ўжо няёмка ў адзежы. Зiра ўтаропiлася на мяне, вытрашчыўшы вочы. Пакуль майстар падганяў усялякiя драбнiцы, Карнэлiй упусцiў у пакой журналiстаў, якiя даўно ўжо iмкнулiся прарвацца да мяне, i я ажно на гадзiну апынуўся ў цэнтры iх увагi: мяне закiдвалi пытаннямi, абстрэльвалi ўспышкамi фотаапаратаў, патрабавалi ўсё новых i новых цiкавых падрабязнасцей пра Зямлю i жыццё людзей. Я пакорлiва даваў iнтэрв'ю. Сам журналiст, я разумеў, якой знаходкаю з'яўляюся я для маiх тутэйшых калег, апроч таго, улiчваў, што прэса можа забяспечыць мне вялiкую падтрымку.

Калi журналiсты нарэшце пайшлi, было ўжо досыць позна, i мы паспяшалiся да Карнэлiя, дзе нас чакалi яго сябры. Але толькi мы выйшлi з пакоя, нас затрымаў Занам. Напэўна, ён быў у курсе апошнiх падзей, бо пакланiўся мне ледзь не да самае падлогi. Занам прыбег сказаць Зiры, што ў аддзяленнi не ўсё ў парадку. Раззлаваная маёй доўгай адсутнасцю, Нова ўсчала неверагодны гвалт. Неўзабаве яе шаленства перадалося ўсiм астатнiм палонным, i цяпер iх не ўтаймаваць нiякiмi пiкамi.

- Зараз прыйду, - адказала Зiра вартаўнiку. - А вы чакайце мяне тут.

Я ўмольна зiрнуў на яе. Яна вагалася, але потым пацiснула плячыма.

- Калi хочаш, хадзем са мною, - сказала яна. - Урэшце, ты вольны i, магчыма, здолееш супакоiць яе хутчэй за мяне.

Услед за Зiраю я ўвайшоў у аддзяленне. Прыкмецiўшы мяне, палонныя адразу ж супакоiлiся, i гвалт змянiўся напружлiвай цiшынёю. Яны, несумненна, пазналi мяне, нягледзячы на адзежу, i, здавалася, разумелi, што з'яўляюцца сведкамi нейкай дзiвоснай метамарфозы.

Стрымлiваючы дрыготку, я накiраваўся да клеткi Новы, да маёй клеткi. Я наблiзiўся да яе, усмiхнуўся, загаварыў з ёю, на нейкае iмгненне ў мяне з'явiлася адчуванне, што яна мяне разумее i вось-вось адкажа мне. Але гэта, вядома, было немагчыма. Проста мая прысутнасць супакоiла яе, гэтаксама як i астатнiх. Яна ўзяла кавалачак цукру, якi я ёй працягнуў, i ўсё яшчэ грызла яго, калi я з цяжкiм сэрцам iшоў да выхаду.

Пра гэтую вечарыну, наладжаную ў модным кабарэ, - Карнэлiй вырашыў адразу ж пачаць далучаць мяне да малпiнага жыцця, бо цяпер я мусiў кантактаваць пастаянна з малпамi, - у мяне захавалiся ўражаннi вельмi цьмяныя i дзiўныя.

Прычынаю iх цьмянасцi быў выпiты мною ў пачатку вечара алкаголь, ад якога мой арганiзм на Сароры адвык. А дзiўнасць тлумачылася, бадай, асаблiвым пачуццём, якое i пасля не раз авалодвала мною: паступовым згасаннем у маёй свядомасцi ўяўлення пра ўсiх тых, хто быў вакол мяне, як пра малпаў - я ўсё часцей успрымаў iх у залежнасцi ад iх прафесii цi становiшча ў грамадстве. Метрдатэль, напрыклад, якi ўгодлiва сустрэў нас i правёў да нашага стала, быў для мяне перш за ўсё метрдатэлем i толькi потым самцом-гарылаю. Гiдка нафарбаваная арангутанка ў гадах успрымалася мною як старая какетка, а калi я танцаваў з Зiраю, то зусiм забываўся, што яна шымпанзэ, адчуваў толькi гнуткую талiю партнёркi. Аркестр шымпанзэ быў усяго толькi звычайным аркестрам, i элегантныя малпы, якiя жартавалi за нашым сталом, нiчым не адрознiвалiся ад звычайных свецкiх жартаўнiкоў.

Не буду расказваць падрабязна пра тое, якiя пачуццi выклiкала ў малпаў мая прысутнасць. Скажу толькi, што апынуўся ў цэнтры ўвагi. Мне прыйшлося бясконца раздаваць аўтографы, i два вартаўнiкi-гарылы, якiх Карнэлiй прадбачлiва прывёў з сабою, ледзь баранiлi мяне ад нападаў самак усiх узростаў i парод, якiя спрачалiся за права выпiць са мною цi патанцаваць.

Заседзелiся мы да глыбокай ночы. Я ўжо быў добра п'яны, як раптам успомнiў пра прафесара Антэля. Гэтая думка абудзiла ўва мне сама горкiя згрызоты сумлення. Я ледзь не зароў ад сораму, падумаўшы пра тое, што сяджу вось цяпер тут, баўлю бесклапотна вольны час, п'ю з малпамi, а мой няшчасны таварыш дрыжыць на саломе ў клетцы заасада.

Зiра спыталася, што мяне так засмучае. Я адказаў. Тады Карнэлiй паведамiў мне, што ўжо цiкавiўся прафесарам i той пачувае сябе добра. Цяпер нiшто не перашкаджае яго вызваленню. У адказ я рашуча заявiў, што не магу больш чакаць нi хвiлiны i хачу перадаць яму гэтую навiну неадкладна.

Ї Урэшце, - падумаўшы, згадзiўся Карнэлiй, - у такi дзень вам нi ў чым нельга адмовiць. Хадземце! Я знаёмы з дырэктарам заасада.

Мы выйшлi ўтраiх з кабарэ i неўзабаве дабралiся да заалагiчнага сада. Разбуджаны дырэктар паспяшаўся нам насустрач. ён ужо ведаў маю гiсторыю. Карнэлiй адкрыў яму сапраўднае паходжанне аднаго з людзей, выстаўленых тут у клетцы. Дырэктар не верыў сваiм вушам, але таксама не рашыўся адмовiць мне.

- Вядома, прыйдзецца дачакацца дня, - сказаў ён, - каб выканаць сякiя-такiя фармальнасцi, неабходныя для вызвалення вашага прафесара, але нiшто не замiнае вам пагаварыць з iм хоць цяпер.

Ён абраўся праводзiць нас.

Ужо пачынала свiтаць, калi мы спынiлiся перад клеткаю, у якой небарака-прафесар жыў, нiбыта якая жывёлiна, разам з паўсотняю iншых мужчын i жанчын. Палонныя яшчэ спалi, уладкаваўшыся парамi цi групамi па чатыры-пяць чалавек. Калi дырэктар запалiў у клетцы святло, усе расплюшчылi вочы.

Я нядоўга шукаў майго таварыша па няшчасцi. Як i ўсе астатнiя, ён ляжаў скурчыўшыся на саломе, i побач з iм была жанчына, як здалося мне, досыць маладая. Убачыўшы прафесара, я здрыгануўся i ледзь не заплакаў ад спагады да старэйшага сябра дый да сябе самога, згадаўшы, што перажыў за гэтыя чатыры месяцы.

Я быў такi ўсхваляваны, што не мог гаварыць. Але разбуджаныя людзi не дзiвiлiся нам анi кроплi. Яны ўжо былi прыручаныя i добра выдрэсiраваныя, таму адразу ж сталi выконваць свае звычайныя трукi, спадзеючыся атрымаць што-небудзь ва ўзнагароду. Дырэктар кiнуў iм жменю пячэння. Адразу ж, як i ўдзень, пачалася штурхатня i калатнеча, а ўмудроныя старыя паспяшалiся ўладкавацца на кукiшках перад самымi кратамi, з мальбою працягваючы нам рукi.

Прафесар Антэль далучыўся да папрашаек. Ён прыцiснуўся як мага блiжэй да дырэктара i пачаў выпрошваць у яго ласунак. Такiя несамавiтыя паводзiны спачатку абурылi мяне, але неўзабаве маё горкае пачуццё перайшло ў вялiкую занепакоенасць. Я стаяў за тры крокi ад прафесара, ён глядзеў мне ў самы твар - i не пазнаваў. Вочы яго, яшчэ нядаўна такiя жывыя i пранiклiвыя, здавалiся цяпер патухлымi i пустымi, як у iншых палонных, -я не заўважыў у iх анiводнай iскрынкi розуму! Я ўсё больш i больш пераконваўся з жахам, што не выклiкаю ў прафесара нiякiх пачуццяў, апроч недаўмення: пры выглядзе чалавека ў адзежы ён паводзiў сябе гэтаксама ж, як i ўсе палонныя.

Я жудасна напружыўся i загаварыў, каб прагнаць нарэшце гэты кашмар:

- Прафесар, - сказаў я, - мэтр, гэта я, Улiс Меру. Мы ўратаваныя. Я прыйшоў, каб паведамiць вам пра гэта...

I тут я змоўк у поўнай збянтэжанасцi. Пачуўшы мой голас, прафесар уцягнуў галаву ў плечы i адступiў ад кратаў - зусiм як любы яго iншы сусед па клетцы!

- Прафесар, прафесар Антэль! - ледзь ужо не плакаў я ўмольна. - Гэта я, Улiс Меру, ваш спадарожнiк па вандроўцы. Я вольны, i праз некалькi гадзiн вас таксама вызваляць. Малпы, якiх вы бачыце цяпер - нашы сябры. Яны ведаюць, хто мы такiя, i прымаюць нас як братоў.

Нi слова ў адказ. Здавалася, Антэль нiчога не зразумеў. Ён толькi зноў адступiў назад, сцiснуўшыся, усё роўна як спалоханая жывёлiна.

Я быў у бязмерным адчаi, малпы здзiўлена пазiралi на нас. Задуменны Карнэлiй хмурыўся. Мне прыйшло ў галаву, што, магчыма, прафесар сiмулюе неразуменне, баючыся малпаў. Тады я папрасiў iх адысцi куды-небудзь, каб пакiнуць нас сам-насам, што яны i зрабiлi адразу ж. Калi малпаў не стала, я абышоў клетку, каб быць блiжэй да кута, у якi забiўся прафесар, i зноў загаварыў з iм:

- Мэтр, - малiў я яго, - я разумею вашую асцярожнасць. Я ведаю, што пагражае людзям Зямлi на гэтай планеце. Але цяпер мы адны, клянуся вам, i вашыя выпрабаваннi мiнулi. Гэта я вам кажу, я, ваш спадарожнiк, ваш вучань, ваш сябра, я, Улiс Меру!

Ён зноў адскочыў назад, спалохана гледзячы на мяне. Я ўвесь дрыжаў, не ведаючы, якiмi ж словамi пераканаць яго. Раптам прафесар разявiў рот.

Божа, мне нарэшце ўдалося пераканаць яго?! Я глядзеў на яго затаiўшы дыханне. Але пачуўшы яго, здранцвеў ад жаху. Так, прафесар разявiў рот, ды гэта не быў свядомы рух чалавека, якi збiраецца загаварыць. З ягонага горла вырваўся гук, якi выдаюць дзiўныя людзi гэтай планеты, каб выказаць сваю задаволенасць або страх.

Прафесар Антэль стаяў перада мною ў клетцы i, не варушачы вуснамi, злосна ўлюлюкаў. Сэрца маё халадзела.

ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ

Раздзел I

Сон у мяне гэтай ноччу быў неспакойны. Я рана прачнуўся, але доўга круцiўся ў ложку i працiраў вочы, пакуль не прыйшоў у сябе. Вось ужо месяц я ўсё яшчэ не мог прызвычаiцца да цывiлiзаванага жыцця i кожнае ранiцы прачынаўся ў трывозе, бо не чуў шаргацення саломы i не адчуваў побач з сабою цёплага цела Новы.

Я займаў у iнстытуце адно з найлепшых памяшканняў - малпы ва ўсiм надзвычай высакародна ставiлiся да мяне. Я меў пакой з асобнаю ваннаю, вопратку, кнiгi, тэлевiзар. Я чытаў усе газеты, быў вольны, мог выходзiць на вулiцу, гуляць у горадзе, наведваць любыя вiдовiшчы. Маё з'яўленне ў грамадскiх месцах заўсёды выклiкала ў малпаў цiкаўнасць, але ажыятаж першых дзён пачаў ужо сцiхаць.

Цяпер навуковым кiраўнiком iнстытута быў Карнэлiй. Заюса звольнiлi, даўшы яму, зрэшты, iншы важны пост i ўзнагародзiўшы яшчэ адным ордэнам, а на яго месца назначылi Зiрынага жанiха. У вынiку адбылося амаладжэнне навуковых кадраў i iстотнае павелiчэнне колькасцi вучоных-шымпанзэ, што адразу ж узняло актыўнасць ва ўсiх сектарах. Зiра стала вучоным сакратаром новага кiраўнiка.

Ну а я цяпер удзельнiчаў у работах Карнэлiя не як падвопытны трус, а як супрацоўнiк. Праўда, Карнэлiй дамогся гэтага з вялiкай цяжкасцю, зламаўшы супрацiўленне Вялiкага Савета. Вiдаць, улады дагэтуль вельмi неахвотна прызнавалi маю сапраўдную сутнасць i паходжанне.

Я хутка адзеўся, выйшаў са свайго пакоя i накiраваўся да будынка iнстытута, у якiм сам колiсь быў палонным, да сектара Зiры, якiм яна ўсё яшчэ кiравала, нягледзячы на свае новыя абавязкi. Са згоды Карнэлiя я вёў там сiстэматычныя назiраннi за людзьмi.

I вось я ў зале з клеткамi, спакойна iду па праходзе памiж iмi як адзiн з гаспадароў гэтае планеты. Цi ж трэба казаць, што я заходжу сюды часта, нашмат часцей, чым гэта неабходна для маiх даследаванняў? Часам акружэнне малпаў пачынае стамляць мяне, i я знаходжу тут своеасаблiвы спакойны прыстанак.

Палонныя цяпер выдатна мяне ведаюць i слухаюцца. Цi адрознiваюць яны мяне ад Зiры або вартаўнiкоў, якiя прыносяць iм ежу? Мне хацелася б у гэта верыць, але я сумняваюся. Вось ужо месяц я працую з iмi, але мне ўсё яшчэ не ўдаецца навучыць iх хоць нечаму больш складанаму, чым звычайныя трукi, якiя можа выконваць любая добра выдрэсiраваная жывёлiна. Аднак я iнстынктыўна адчуваю, што яны здольныя на большае.

Я хацеў бы навучыць iх гаварыць. Гэта для мяне пытанне гонару. Вядома, пакуль што нiчога не выходзiць: толькi некаторым палонным удаецца паўтарыць за мною два-тры аднаскладовыя спалучэннi - гэта ж могуць рабiць i некаторыя зямныя шымпанзэ. Гэта не надта абнадзейвае, але я не адступлюся. Што надае мне веры, дык гэта настойлiвасць, з якою палонныя стараюцца цяпер злавiць мой позiрк. Вочы ў iх апошнiм часам сталi нейкiя iншыя, i мне здаецца, я ўлоўлiваю ў iх цiкаўнасць, якая iдзе спакваля на змену тупому звярынаму недаўменню.

Я павольна абыходжу аддзяленне, спыняюся перад кожнаю клеткаю. Размаўляю з палоннымi - ласкава i цярплiва. Яны ўжо прывыклi патроху да гукаў мовы. Выдае на тое, што яны мяне слухаюць. Спачатку я размаўляю з iмi некалькi хвiлiн, потым прамаўляю асобныя кароткiя словы, паўтараю iх шмат разоў, спадзеючыся хоць нешта пачуць у адказ. Вось палонны з цяжкасцю вымаўляе адзiн склад, але больш ад яго сёння нiчога дамагчыся не ўдаецца. Ён хутка не вытрымлiвае напружання i падае на салому, нiбыта пасля надзвычай цяжкае працы. Я ўздыхаю i пераходжу да наступнага. Нарэшце дабiраюся да клеткi, у якой марнее самотная Нова. Ва ўсякiм разе, мне, чалавеку Зямлi, здаецца, што яна павiнна быць самотная, i я намагаюся адшукаць гэтае пачуццё на яе дзiвосна прыгожым i невыразным твары. Зiра не падсялiла да яе другога мужчыну, i я ёй за гэта ўдзячны.

Я часта думаю пра Нову. Мне цяжка забыцца на праведзеныя з ёю гадзiны. Але нi разу яшчэ пасля свайго вызвалення я не ўваходзiў да яе ў клетку: стрымлiвае пачуццё чалавечае годнасцi. Хiба ж яна не жывёлiна? Я бываю цяпер у вышэйшых навуковых колах, i падобная сувязь проста немагчымая. Згадваючы нашую нядаўнюю блiзкасць, я чырванею. З тае пары, як я змянiў лагер, я нават забаранiў сабе быць з ёй больш зычлiвым, чым з астатнiмi яе сародзiчамi.

I ўсё ж такi я вымушаны прызнаць, што яна ўяўляе сабою першакласны экземпляр тутэйшай чалавечай пароды, i гэта радуе мяне. Я дамагаюся з ёю большых поспехаў, чым з астатнiмi. Пры маiм наблiжэннi яна падыходзiць да кратаў, i твар у яе скажаецца грымасаю, у нечым падобнаю на ўсмешку. Перш чым я паспяваю загаварыць, яна спрабуе вымавiць чатыры-пяць вывучаных ёю складоў. I стараецца зрабiць гэта як мага лепш. Цi азначае гэта, што яна ад прыроды больш здольная за астатнiх? Або папярэднi кантакт са мною развiў яе i зрабiў падатлiвай на мае ўрокi? Апошняе меркаванне падабаецца мне больш, бо лашчыць трохi маё самалюбства.

Я прамаўляю яе iмя, потым сваё, указваючы пальцам то на яе, то на сябе. Яна паўтарае мой жэст. Але раптам я бачу, як твар у яе ўмомант скажаецца злосным выскалам, i ў тое ж самае iмгненне чую ў сябе за спiнаю цiхi смех.

Гэта Зiра незласлiва жартуе з маiх намаганняў, а яе прысутнасць заўсёды раз'юшвае Нову. Разам з Зiраю прыйшоў Карнэлiй. Яго дужа займаюць мае спробы, i ён часта наведвае мяне, каб пацiкавiцца вынiкамi. Але сёння ён з'явiўся з iншаю мэтаю. Выгляд у яго вельмi ўсхваляваны.

- Улiс, а вам не хацелася б зрабiць са мною невялiкае падарожжа?

- Падарожжа?

- Гэта досыць далёка, амаль на другiм канцы планеты. Археолагi знайшлi там рэшткi старажытных збудаванняў, надзвычай цiкавыя, калi верыць iх справаздачам. Але раскопкамi кiруе арангутан, i спадзявацца, што ён здолее зрабiць са знаходак слушныя высновы, не прыходзiцца. Яны сутыкнулiся з загадкаю, якая мяне хвалюе: раскрыццё гэтай таямнiцы можа адыграць рашучую ролю ў маiх даследаваннях. Акадэмiя пасылае мяне туды ў камандзiроўку, i я мяркую, што вашая прысутнасць будзе там дужа карысная.

Пакуль што я не разумею, у чым я мог бы яму дапамагчы, але згаджаюся з радасцю, бо мне даўно ўжо хацелася ўбачыць iншыя вобласцi Сароры. Карнэлiй запрашае мяне да сябе ў кабiнет пагутарыць сур'ёзна.

Такi паварот справы адразу ж захапляе мяне: не прыйдзецца працягваць абход. А мне трэба было наведаць яшчэ аднаго палоннага - прафесара Антэля. Ён усё яшчэ ў ранейшым стане, што робiць немагчымым яго вызваленне. Аднак па маёй просьбе Антэля змясцiлi ў асобнай i досыць утульнай палаце. Наведваць яго мой цяжкi абавязак. Ён не паддаецца нiякiм угаворам i паводзiць сябе як сама сапраўдная жывёлiна.

Раздзел II

Мы адправiлiся ў дарогу праз тыдзень. Зiра паляцела з намi, але праз некалькi дзён яна павiнна была вярнуцца назад, каб у адсутнасць Карнэлiя займацца iнстытуцкiмi справамi. А сам Карнэлiй разлiчваў затрымацца на месцы раскопак нашмат больш, калi толькi знаходкi i праўда будуць цiкавыя, як ён спадзяецца.

Нам далi спецыяльны самалёт, падобны на нашы першыя рэактыўныя самалёты, але нашмат больш камфартабельны, з асобным маленькiм герметычным салонам, дзе можна спакойна размаўляць. Я быў шчаслiвы, што адправiўся ў падарожжа. I ўжо гэтак прызвычаiўся да малпаў, што зусiм не спалохаўся, калi ўбачыў за штурвалам лайнера шымпанзэ. Значна болей мяне цiкавiлi пейзажы ўнiзе i пекнае вiдовiшча ўсходу Бетэльгейзе. Мы ляцелi на вышынi прыкладна дзесяцi тысяч метраў. Паветра было надзiва празрыстае, i гiганцкая зорка ўзнiмалася над гарызонтам, як нашае сонца, калi глядзiш на яго ў акулярах. Зiра вачэй не магла адвесцi ад гэтае прыгажосцi.

- А цi бываюць у вас на Зямлi такiя ж цудоўныя ранкi? - пыталася яна. Тваё сонца такое ж прыгожае, як i нашае?

Я адказаў, што Сонца не такое вялiкае i чырвонае, як Бетэльгейзе, але нам яго хапае. Затое наш Месяц нашмат ярчэйшы i большы за спадарожнiк Сароры.

Мы весялiлiся, быццам школьнiкi на вакацыях, i я жартаваў з Зiраю, як з добрай старой знаёмаю. I калi праз некалькi хвiлiн да нас у салон, дзе мы спачатку былi адны, прыйшоў Карнэлiй, я ледзь не пакрыўдзiўся на яго за тое, што ён перашкодзiў нашай размове. Карнэлiй быў заклапочаны. Зрэшты, ён увогуле прыкметна нерваваўся апошнiм часам. Каб давесцi да канца пачатыя iм даследаваннi, ён вельмi шмат працаваў i часам прападаў у лабараторыi цэлымi днямi. Пра сваю работу ён па-ранейшаму нiкому не казаў, i нават Зiра, як мне здавалася, ведала пра яе не больш за мяне. Мне ж было вядома толькi тое, што гэтыя даследаваннi тычылiся паходжання малпаў i што погляды Карнэлiя ўсё больш i больш разыходзiлiся з традыцыйнымi тэорыямi. У тую ранiцу ён упершыню пазнаёмiў мяне з некаторымi сваiмi меркаваннямi, i я вельмi хутка зразумеў, чаму мая сцiплая асоба разумнага чалавека ўяўлялася яму такой вялiкаю каштоўнасцю. Пачаў ён з таго, пра што мы ўжо спрачалiся тысячы разоў:

- Вы казалi мне, Улiс, што ў вас на Зямлi малпы - сапраўдныя жывёлы? А людзi, наадварот, дасягнулi такога ўзроўню цывiлiзацыi, якi роўны нашаму, а ўва многiм нават... Не бойцеся абразiць мяне: вучонаму iсцiна даражэйшая за самалюбства.

- Але, ува многiм мы вас абагналi, гэта бясспрэчна. I найлепшы таму доказ - мая прысутнасць на Сароры. Вы, здаецца, знаходзiцеся яшчэ ў гэтых адносiнах на стадыi...

- Ведаю, ведаю, - стомлена перапынiў мяне Карнэлiй. - Мы пра гэта ўжо гаварылi. Мы толькi пачынаем разгадваць загадкi, якiя перасталi быць для вас тайнаю некалькi стагоддзяў назад... I ў гэтай сувязi мяне трывожаць не адны вашы расказы. - Шымпанзэ ўзнервавана хадзiў узад-уперад па маленькiм салоне. Вось ужо доўгi час мне не дае спакою адна здагадка, якая пацвярджаецца некаторымi канкрэтнымi фактамi... Мне здаецца, што гэтыя тайны светабудовы ўжо былi разгаданы тут, на гэтай планеце, у далёкiм мiнулым iншымi разумнымi iстотамi.

Я мог бы яму адказаць, што гэтае ўражанне, быццам робiш ужо кiмсьцi зробленае некалi адкрыццё, з'яўлялася ўва многiх вучоных Зямлi. Можа, гэтае пачуццё ўвогуле ўнiверсальнае, уласцiвае жыхарам i iншых светаў, i, можа, на iм засноўваецца нашае ўяўленне пра iснаванне бога. Але я не рашыўся перапынiць яго. Ён быў ва ўладзе яшчэ цьмянай думкi i гаварыў вельмi асцярожна:

- ...Iншымi разумнымi... - паўтарыў ён задуменна. - I, магчыма, гэта былi зусiм не...

Раптам ён змоўк. У яго быў пакутнiцкi выгляд, як у чалавека, што навобмацак наблiжаецца да iсцiны, якую яго розум нiяк не можа прыняць.

- Вы казалi мне таксама, што малпы ў вас валодаюць высокаразвiтым iмiтацыйным iнстынктам, цi ж не так?

- Яны пераймаюць нас лiтаральна ва ўсiм, я хачу сказаць, ва ўсiх дзеяннях, якiя не патрабуюць асэнсаванага падыходу. Гэта ў iх развiта настолькi, што параўнанне з малпаю азначае менавiта ў першую чаргу перайманне.

- Зiра, - змрочна прамармытаў Карнэлiй, - цi не здаецца табе, што нам таксама ўласцiвы гэты дух пераймання?

I, не даўшы ёй нават слова вымавiць у абарону сародзiчаў, Карнэлiй стаў усхвалявана развiваць сваю думку:

- Гэта пачынаецца з ранняга дзяцiнства. Усё нашае выхаванне заснавана на перайманнi.

- Гэта ж арангутаны...

- Натуральна, iх роля велiзарная: яны выхоўваюць моладзь сваiмi кнiгамi. Яны прымушаюць дзiцёнка паўтараць усе памылкi нашых продкаў. Гэтым i тлумачыцца замаруджанасць нашага прагрэсу. Вось ужо дзесяць тысяч гадоў, як мы топчамся на месцы!

Тут варта сказаць некалькi слоў пра запаволенае развiццё малпаў. Мяне гэта дужа ўразiла, калi я вывучыў iх гiсторыю, i ў гэтым я ўбачыў галоўнае адрозненне нашых цывiлiзацый. Вядома, i ў нас былi перыяды амаль што поўнага застою. У нас таксама былi свае арангутаны, якiя складалi iдыёцкiя праграмы, было хлуслiвае выхаванне - досыць доўга.

Аднак не так доўга, як у малпаў, а галоўнае, на iншай ступенi эвалюцыi. Цёмны перыяд застою, на якi скардзiўся шымпанзэ, зацягнуўся тут прыблiзна на дзесяць тысячагоддзяў. За гэты час нi ў адной навуцы не быў дасягнуты прагрэс, за вылiкам хiба што апошняга паўстагоддзя. Але сама цiкавае ва ўсiм гэтым было тое, што iх першыя легенды, першыя летапiсы, першыя ўспамiны расказваюць пра высокаразвiтую цывiлiзацыю, якая, па сутнасцi, небагата чым адрознiваецца ад сучаснай. Дакументы дзесяцiтысячагадовай даўнасцi сведчаць, што агульная сума ведаў i дасягненнi тых часоў - амаль тыя ж самыя, што i сённяшнiя. А пра тое, што было яшчэ даўней, не захавалася нiякiх паданняў, нават нiводнага намёку. Словам, ствараецца ўражанне, нiбыта малпавая цывiлiзацыя нейкiм дзiвосным чынам узнiкла ўмомант дзесяць тысяч гадоў назад i з тае пары нiбыта закансервавалася, амаль не змяняючыся. Сярэдняя малпа прызвычаiлася лiчыць гэта нармальным i нi над чым не задумвалася, але дапытлiвыя вучоныя, такiя, як Карнэлiй, пакутлiва спрабавалi разгадаць гэтую таямнiцу.

- Ёсць жа малпы, здольныя да стваральнай працы, - запярэчыла Зiра.

- Вядома, - згадзiўся Карнэлiй, - яны з'явiлiся, асаблiва ў апошнiя гады. З часам думка можа ператварыцца ў дзеянне. Так i павiнна быць: натуральны ход эвалюцыi... Але тое, чаго хачу я, Зiра, тое, чаго апантана дамагаюся, - гэта даведацца, як усё пачалося... Сёння мне ўжо не здаецца неверагоднай думка, што ў аснове ўсёй нашай цывiлiзацыi закладзена простае перайманне.

- Перайманне чаго? Цi каго?

Тут Карнэлiй апусцiў вочы, быццам шкадаваў, што сказаў залiшне шмат.

- Я яшчэ не зрабiў канчатковых высноў, - вымавiў ён нарэшце. - Мне патрэбныя доказы. Можа, мы знойдзем iх у рэштках пахаванага горада. Згодна са справаздачамi ён iснаваў не дзесяць тысяч гадоў назад, а шмат-шмат раней, у эпоху, пра якую мы анiчога не ведаем.

Раздзел III

Карнэлiй змоўк - здавалася, яму было цяжка гаварыць на гэтую тэму, але i тое нямногае, што я паспеў зразумець з яго разважанняў, усхвалявала мяне надзвычайна.

Археолагi адкрылi ў пустэльнi цэлы горад, пахаваны пад пяском. На жаль, ад горада засталiся адны развалiны, але гэтыя рэшткi - я адчуваў - захоўвалi вялiкую тайну, i я пакляўся разгадаць яе.

У гэтым не было нiчога немагчымага для таго, хто ўмее назiраць i думаць, але арангутан, якi кiраваў раскопкамi, на гэта быў няздольны. Ён прыняў Карнэлiя з пачцiвасцю, адпаведнай высокаму рангу акадэмiка-шымпанзэ, але з ледзь прыхаванай пагардаю да яго маладосцi i незвычайных iдэй, якiя той iншы раз выказваў.

Трэба мець цярпенне мнiха, каб весцi раскопкi, гразнучы на кожным кроку ў пяску, сярод камення, якое рассыпалася ўшчэнт ад аднаго толькi дотыку. Але мы займаемся гэтым вось ужо месяц. Зiра даўно ўжо пакiнула нас, а Карнэлiй усё затрымлiваецца на гэтых раскопках. Ён такi ж усхваляваны, як i я, i ўпэўнены, што сярод гэтых рэштак даўняй мiнуўшчыны знаходзiцца рашэнне вялiкiх загадак, якiя не даюць яму спакою.

Мяне не перастае здзiўляць дыяпазон яго ведаў. Спярша ён захацеў сам выявiць узрост горада. У такiх выпадках малпы карыстаюцца метадамi, падобнымi на нашыя, параўноўваючы геалагiчныя дадзеныя з вынiкамi хiмiчных i структурных аналiзаў. Зрабiўшы гэта, Карнэлiй згадзiўся з артадоксамi: горад вельмi, вельмi старажытны. Яму шмат больш, чым дзесяць тысяч гадоў, iнакш кажучы, гэта ўнiкальны помнiк - важкi доказ таго, што сучасная малпавая цывiлiзацыя не ўзнiкла з нiчога, якiмсьцi звышнатуральным чынам.

Штосьцi ўжо iснавала на Сароры да цяперашняй гiстарычнай эпохi. Але што? Прайшоў месяц лiхаманкавых пошукаў, якi прынёс нам адно расчараванне. Выдавала на тое, што нават гэты дагiстарычны горад мала чым адрознiваўся ад гарадоў сённяшнiх. Мы знайшлi рэшткi дамоў, прамысловых збудаванняў, якiя сведчылi пра тое, што ў старажытных жыхароў горада таксама былi аўтамашыны i самалёты. Значыцца, разумнае жыццё зарадзiлася раней, чым дзесяць тысяч гадоў назад. Але гэта зусiм не тое, чаго чакае Карнэлiй, - я ведаю, - гэта не тое, на што спадзяюся я.

У тую ранiцу Карнэлiй выправiўся на раскопкi раней за мяне. Рабочыя адкапалi будынак з асаблiва тоўстымi жалезабетоннымi сценамi, якi, здаецца, захаваўся лепш за астатнiя. Праўда, i ён забiты смеццем i пяском, i археолагi лiтаральна прасейвалi гэтае смецце скрозь сiта. Учора яны не знайшлi нiчога асаблiвага: як i ў астатнiх дамах, зрэдку траплялiся абломкi труб, хатнiх рэчаў, разбiты посуд. Сеўшы ля палаткi, у якой мы размясцiлiся разам з Карнэлiем, я назiраў са свайго месца, як арангутан даваў указаннi кiраўнiку групы, маладому шымпанзэ с насмешлiвым позiркам. Карнэлiя не вiдаць: ён у раскопе разам з рабочымi. Ён сам часта бярэцца за iх справу, баючыся, што рабочыя могуць прапусцiць або не ўберагчы каштоўную знаходку.

Нарэшце ён выбiраецца з траншэi, i я адразу ж разумею, што Карнэлiй зрабiў нейкае фенаменальнае адкрыццё! У руках у яго якiсьцi невялiчкi прадмет, мне яго з такой адлегласцi не вiдаць. Без залiшнiх цырымонiй адштурхнуўшы старога арангутана, якi спрабаваў завалодаць знаходкаю, Карнэлiй з вялiкай асцярожнасцю апускае яе на пясок. Ён глядзiць у мой бок i энергiчна махае рукамi. Падышоўшы, я бачу на твары ў яго неверагоднае хваляванне.

- Улiс, Улiс! - ледзь выцiскае ён з сябе.

У такiм стане я яго яшчэ нiколi не бачыў. Рабочыя, якiя выбралiся за iм з траншэi, збiраюцца вакол знаходкi, i я ўсё яшчэ не магу яе разгледзець. Яны паказваюць на яе пальцамi - вiдаць, яна ўсяго толькi забаўляе iх. Некаторыя рагочуць. Амаль усе яны - здаравенныя гарылы. Карнэлiй загадвае iм адысцi.

- Улiс!

- Што там?

Цяпер я таксама бачу нарэшце на пяску знаходку i чую здушаны голас Карнэлiя:

- Лялька, Улiс, лялька!

Але, гэта лялька, звычайная фарфоравая лялька. Яна проста цудам гэтак захавалася: вiдаць нават рэшткi валасоў i лускавiнкi каляровай палiвы на вачах. Спачатку я нiяк не магу зразумець хвалявання Карнэлiя: ну што тут такога?.. I толькi праз некалькi секунд да мяне даходзiць,.. Я зразумеў! I адразу ж неверагоднасць таго, што здарылася, працiнае мяне i пераварочвае душу. Гэта ж чалавечая лялька - дзяўчынка! Але я не магу паверыць у гэтую хiмеру. Перш чым дакляраваць цуд, трэба праверыць усе магчымыя трывiяльныя варыянты. А такi вучоны, як Карнэлiй, павiнен гэта зрабiць.

У малпiнай дзятвы таксама ёсць цацкi, i сярод iх хоць i нячаста, але трапляюцца ўсё-такi фiгуркi жывёлiн i нават людзей. Значыцца, лялька-дзяўчынка сама па сабе не магла так усхваляваць яго. Але па-першае, у малпаў такiх фiгурак не робяць з фарфору, а па-другое, яны нiколi не бываюць адзетыя, ва ўсякiм разе, адзетыя, як разумныя iстоты. А гэтая лялька, зразумеў нарэшце i я, была адзетая ў такiя ж самыя строi, як лялькi ў нас на Зямлi: на целе ў яе захавалiся рэшткi сукеначкi, гарсэцiка, нiжняй спаднiчкi i штонiкаў. Лялька была адзетая з густам, з якiм магла ўпрыгожыць дзяўчынка сваю любiмую ляльку, з любоўю, з якой магла адзець ляльку-малпачку маленькая малпа, але нiколi, нiколi нi тая i нi другая не сталi б гэтак руплiва адзяваць у паменшаныя копii сваiх строяў жывёлiну! Цяпер я ўсё лепш i лепш разумеў хваляванне майго сябра-шымпанзэ.

Але гэта не ўсё. Знойдзеная лялька мае яшчэ адну вельмi дзiўную асаблiвасць, якая развесялiла рабочых-гарыл i нават прымусiла ўсмiхнуцца фанабэрыстага арангутана, галоўнага кiраўнiка раскопак. Лялька гаворыць. Яна гаворыць як зямны чалавек. Апускаючы яе на пясок, Карнэлiй выпадкова нацiснуў на кнопку ацалелага механiзма, i лялька загаварыла. Вядома, сказала яна няшмат. Усяго толькi адно слова з двух аднолькавых складоў: "Та-та"!

"Та-та", - зноў лапоча фарфоравая дзяўчынка, калi Карнэлiй падымае яе i разглядвае з усiх бакоў, абмацваючы чуллiвымi пальцамi. Гэтае слова гучыць амаль аднолькава па-французску, на мове сарорскiх малпаў, дый, напэўна, на iншых мовах усiх таямнiчых сусветаў i паўсюды мае адно значэнне.

"Та-та", - паўтарае лялька - маленькi чалавечак, i, вiдаць, таму морду майго вучонага сябра залiвае румянец, менавiта гэта пераварочвае мне ўсю душу, i я з вялiкай цяжкасцю стрымлiваюся, каб не закрычаць, пакуль Карнэлiй адводзiць мяне ўбок, несучы з сабою каштоўную знаходку.

- Ёлупень! - мармыча ён праз нейкi час.

Я ведаю, каго ён мае на ўвазе, i разумею яго абурэнне. Стары арангутан убачыў у гэтай ляльцы звычайную цацку дзiцёнка-малпы, якую дзiвак-майстар з далёкай мiнуўшчыны надзялiў здольнасцю прамаўляць гэтае слова. Няма нiякага сэнсу тлумачыць яму што-небудзь. Карнэлiй i не спрабуе гэтага рабiць. Адзiнае лагiчнае тлумачэнне, якое прыходзiць у галаву, здаецца яму самому настолькi экстраардынарным, што ён выбiрае маўчанне. Нават мне Карнэлiй не кажа нi слова. Але ён ведае, што я ўсё зразумеў.

Да канца дня Карнэлiй будзе хадзiць задуменны i не загаворыць нi з кiм. Мне здаецца, яму страшна працягваць гэтыя даследаваннi i ён шкадуе, што, як нi мала, але ўсё ж такi адкрыўся мне. Узбуджэнне ў яго прайшло, i цяпер яму цяжка бачыць мяне сведкам такой знаходкi.

На другi ж дзень мае падазрэннi пацвярджаюцца: Карнэлiй шкадуе, што прывёз мяне сюды. Усю ноч ён думаў, а ўранку, пазбягаючы майго позiрку, заявiў, што вырашыў адправiць мяне назад у iнстытут, дзе мяне чакае больш важная праца. Месца на самалёт мне ўжо заказана. Я вылятаю праз дваццаць чатыры гадзiны.

Раздзел IV

Дапусцiм, разважаў я, што некалi людзi былi паўнаўладныя гаспадары гэтай планеты. Уявiм, што больш за дзесяць тысяч гадоў назад на Сароры квiтнела чалавечая цывiлiзацыя, падобная да нашай...

Але цяпер гэта ўжо не проста неабгрунтаваная гiпотэза, у яе прыхiльнiкаў ёсць доказы. Ледзь сфармуляваўшы сваю думку, я адразу ж адчуў тое асаблiвае ўзбуджэнне, якое ахапляе цябе, калi ты знаходзiш у лабiрынце заблытаных сцежак адзiную правiльную. Упэўнены, менавiта гэты шлях i прывядзе да раскрыцця тайны малпавай эвалюцыi. Недарма ж я заўсёды шукаў падсвядома адказ прыкладна ў гэтым напрамку.

Я вяртаюся самалётам у сталiцу разам з сакратаром Карнэлiя, маўклiвым шымпанзэ. Але мне i не хочацца гаварыць з iм. У самалёце заўсёды добра падумаць. Дый наўрад цi мне яшчэ выпадзе лепшая магчымасць разабрацца ў сваiх думках.

...Значыцца, дапусцiм, што ў векапомныя часы на Сароры iснавала цывiлiзацыя, падобная да нашай. Цi можа так стацца, каб iстоты, пазбаўленыя розуму, прадоўжылi яе шляхам пераймання? Уявiць сабе гэта нялёгка, але чым больш я разважаю, тым больш знаходжу аргументаў, якiя робяць дадзеную гiпотэзу не такой ужо i фантастычнай. Думка пра тое, што нас калi-небудзь заступяць удасканаленыя робаты, была на Зямлi, наколькi я памятаю, досыць шырока распаўсюджаная. З ёю згаджалiся не толькi паэты i раманiсты, але i прадстаўнiкi ўсiх слаёў грамадства. I, можа, менавiта таму, што гэтая iдэя так пашырылася ў масах, яна раздражняла iнтэлектуальную элiту. А можа, i таму, што ў ёй была доля горкае праўды. Толькi доля, бо машына заўсёды застанецца машынаю, а сама ўдасканалены робат - робатам. Але што сказаць пра iстот, надзеленых, як малпы, хаця б зачаткамi розуму? Iстот, што валодаюць, як малпы, высокаразвiтым пераймальным iнстынктам?..

Я заплюшчваю вочы. Гул матораў закалыхвае мяне. Але мне трэба прааналiзаваць усё гэта, каб вызначыць сваю пазiцыю.

Што з'яўляецца распазнавальнай прыкметаю цывiлiзацыi? Нейкi асабiсты дух? Наўрад цi. Хутчэй за ўсё - будзённае жыццё... Ну, добра, прызнаем неабходнасць духоўнасцi. Напэўна, яна выявiцца ў мастацтве, у першую чаргу ў лiтаратуры. Цi ж сапраўды апошняя з'яўляецца сфераю, недаступнаю нашым буйным чалавекападобным малпам, калi, вядома, дапусцiць, што яны навучылiся складваць словы? А з чаго складаецца наша лiтаратура? 3 шэдэўраў? Каб жа толькi з iх! Калi за адно-два стагоддзi i з'яўляецца арыгiнальная кнiга, астатнiя пiсьменнiкi так цi iнакш яе пераймаюць, iнакш кажучы, перапiсваюць, i такiм чынам у свет выходзяць сотнi тысяч новых кнiг, з больш-менш рознымi назвамi, але аднаго зместу, данесенага з дапамогаю адносна змененых камбiнацый фраз. Вiдаць, малпы, пераймальнiкi па сваёй прыродзе, маглi б ствараць такую лiтаратуру пры той, вядома, умове, што навучылiся б гаварыць.

Значыцца, адзiным сур'ёзным контраргументам гэтай гiпотэзе з'яўляецца мова. Але будзем асцярожныя! Малпам няма нiякай патрэбы разумець, што менавiта яны перапiсваюць, каб скласцi на аснове адной кнiгi сто тысяч новых тамоў. Гэта iм трэба не больш, чым нам. Як i нам, iм хопiць тут простага паўтору раней пачутых фраз. Увесь астатнi лiтаратурны працэс чыста механiчны. I тут думка асобных фiзiёлагаў набывае велiзарнае значэнне: яны сцвярджаюць, што нiякiя анатамiчныя асаблiвасцi не перашкаджаюць малпам загаварыць - было б жаданне! I можна ўявiць, што аднойчы такое жаданне ў iх узнiкла, хаця б у вынiку раптоўнай мутацыi.

Значыцца, удзел малпаў, здольных гаварыць, у прадаўжэннi лiтаратуры, падобнай на нашую, справа зусiм мажлiвая. Уявiм сабе, што праз нейкi час некалькi малпаў-лiтаратараў iстотна паразумнелi. Як кажа мой вучоны сябра Карнэлiй, думка ўвасабляецца ў дзеяннi, - у дадзеным выпадку ў механiзме мовы, - i такiм чынам, у новым, малпавым свеце маглi з'явiцца арыгiнальныя iдэi, хаця б па адной у стагоддзе, як у нас на Зямлi.

Дзёрзка развiваючы гэтую гiпотэзу, я хутка прыйшоў да пераканання, што добра выдрэсiраваныя жывёлiны маглi б падобным чынам стварыць карцiны i скульптуры, якiмi я любаваўся ў музеях Сароры, дый увогуле зрабiцца спецыялiстамi ў любой сферы чалавечага мастацтва, у тым лiку i ў нашым кiно.

Разгледзеўшы спачатку вышэйшыя формы дзейнасцi розуму, я без цяжкасцi праверыў слушнасць сваёй тэорыi ў дачыненнi да iншых сфер.

Нашая прамысловасць нядоўга супрацiўлялася майму аналiзу. Мне было абсалютна ясна, што, каб падтрымлiваць яе жыццё на адным i тым самым дасягнутым узроўнi, зусiм неабавязкова выяўляць асабiстую iнiцыятыву. У яе аснове ляжыць праца рабочых, якiя паўтараюць адны i тыя ж рухi, кiраўнiкi ж складаюць адны i тыя ж справаздачы i прамаўляюць у аднолькавых абставiнах аднолькавыя словы. I тых, i другiх малпы маглi б замянiць, не пашкодзiўшы справе - дастаткова выпрацаваць патрэбныя ўмоўныя рэфлексы.

Што ж да вышэйшых сфер адмiнiстрацыi, дык там перайманне, як мне здаецца, займае яшчэ большае месца. Каб кiраваць нашай сiстэмаю, гарылам трэба было хiба што засвоiць некалькi поз i прамоў, скапiраваўшы iх з аднаго ўзору.

Так я пачаў глядзець новымi вачыма на сама разнастайныя сферы чалавечай дзейнасцi, уяўляючы ў iх замест людзей малпаў. Я з пэўным задавальненнем аддаваўся гульнi фантазii. Уявiў сабе ўсе шматлiкiя палiтычныя сходкi, на якiх прысутнiчаў як журналiст. Згадаў штампаваныя адказы тых, у каго давялося браць iнтэрв'ю. Асаблiва ярка запомнiўся славуты ў свой час судовы працэс, апiсаны мною за некалькi гадоў да адлёту.

Адвакат быў адзiн з прызнаных зуброў юрыспрудэнцыi. Але чаму ж ён бачыўся мне цяпер ганарлiвай гарылаю, зрэшты, як i не менш знакамiты пракурор? Чаму паслядоўнасць iх прамоў i жэстаў асацыiравалася ў мяне з умоўнымi рэфлексамi, якiя выпрацавалiся ў вынiку добрай дрэсiроўкi? Чаму старшыня суда злiваўся ў маiм усведамленнi з важным арангутанам, якi механiчна прамаўляў завучаныя на памяць фразы, рэфлекторна рэагуючы на тыя цi iншыя словы сведкаў або гоман публiкi?..

Да самага канца нашага падарожжа я не мог пазбавiцца ад такiх супастаўленняў. Калi я падумаў пра нашую фiнансавую i дзелавую алiгархiю, у памяцi паўстала суцэльна малпавае вiдовiшча, убачанае нядаўна на Сароры: бiржа, куды зацягнуў мяне адзiн сябар Карнэлiя, - яна лiчылася знакамiтай выдатнасцю сталiцы...

Бiржа размяшчалася ў велiзарным будынку. Далёка ад яго чуўся густы i няясны гул, якi, пакуль мы наблiжалiся, ператвараўся спакваля ў аглушальную какафонiю. Мы ўвайшлi i адразу ж апынулiся ў цэнтры нейкай неверагоднай калатнечы. Я схаваўся за калону. Я ўжо даўно прывык да асобных малпаў, але ў iх натоўпах усё яшчэ бянтэжыўся. А тут быў такi натоўп, што ў параўнаннi з iм нават кангрэс малпаў-фiзiёлагаў здаўся мне маленькай сходкаю.

Уявiце сабе каласальных памераў залу, бiтком набiтую малпамi, якiя гарлапанiлi, жэстыкулявалi, мiтусiлiся, кiдалiся ў нейкай iстэрыi ў розныя бакi, сутыкалiся i разбягалiся не толькi на падлозе, але i на самай столi, на такой вышынi, што ў мяне ажно кружылася галава. Бо паўсюды тут былi зладжаны лесвiцы, трапецыi, канаты, каб малпы маглi перамяшчацца, калi хацелi, у любым кiрунку. Такiм чынам малпы запаўнялi ўвесь аб'ём залы, якая была падобная на гiганцкую клетку для паказу чацверарукiх у нейкiм фантасмагарычным цырку.

Малпы лiтаральна лёталi, заўсёды паспяваючы за што-небудзь зачапiцца ў той самы момант, калi падзенне здавалася непазбежным - i ўсё гэта пасярод пякельнага гвалту воклiчаў, пытанняў, адказаў, крыкаў i, нарэшце, проста дзiкiх енкаў i стогнаў, якiя не мелi нiчога агульнага з цывiлiзаванай моваю. Там былi, напрыклад, малпы, якiя брахалi, так, брахалi без усялякай на тое прычыны, пералётваючы на канцы каната з аднаго кута залы ў другi.

- Вы калi-небудзь бачылi штосьцi падобнае? - з гонарам спытаўся ў мяне сябар Карнэлiя.

Я ахвотна прызнаўся, што не. Але мне прыйшлося доўга ўспамiнаць усё добрае, што я дагэтуль зведаў пра малпаў, каб па-ранейшаму ставiцца да iх, як да разумных iстот. Любое стварэнне, здольнае мыслiць, трапiўшы ў гэты цырк, непазбежна прыйшло б да высновы, што прысутнiчае на шабашы вар'ятаў або шалёных звяроў. У гэтым роi нельга было вылучыць хоць адну непадобную на астатнiх малпу, нi ў кiм не было i найменшай iскрынкi думкi. Усе былi аднолькава адзетыя, i на ўсiх мордах застыла адна i тая ж вар'яцкая маска.

Згадваючы гэта, я з горыччу адчуваў, як па ўжо выпрацаванай адваротнай сувязi, дзякуючы якой удзельнiкi зямных падзей набывалi ў маiм усведамленнi знешнасць гарыл цi арангутанаў, цяпер гэты звар'яцелы натоўп малпаў паўставаў перада мною ў чалавечым аблiччы. Гэта людзi рыкалi, гаўкалi i хапалiся за канцы вяровак, каб, разгойдаўшыся, найхутчэй дасягнуць другога канца залы. Усё новыя i новыя падрабязнасцi гэтае сцэны мiльгацелi ў маёй разгарачанай памяцi. Згадваю, як пасля доўгiх назiранняў мне ўдалося выявiць некаторыя дэталi, якiя падказвалi, што ўся гэтая дзiкая мiтусня мае ўсё ж дачыненне да разумнай дзейнасцi. Сярод звярынага рыку праслiзгвала iншы раз зразумелае слова. Самец-гарыла на высачэзным памосце раз-пораз, не перапыняючы iстэрычнай жэстыкуляцыi, хапаў нагою кавалак крэйды i пiсаў на дошцы лiчбу, якая мела, напэўна, нейкае значэнне. Ён таксама згадваўся мне цяпер у чалавечым аблiччы.

Мне ўдалося пазбавiцца ад гэтага навязлiвага ўспамiну, адно вярнуўшыся да сваёй тэорыi паходжання малпавай цывiлiзацыi. Вiдавочнае падабенства фiнансiстаў Зямлi i Сароры толькi пацвярджала мае меркаваннi.

Самалёт пайшоў на пасадку. Я зноў быў у сталiцы. Зiра прыйшла ў аэрапорт сустрэць мяне. Яшчэ здалёк я заўважыў яе студэнцкi, ссунуты на вуха каўпачок i шчыра ўзрадаваўся. I калi пасля ўсякiх таможных фармальнасцей яна апынулася перада мною, я ледзьве стрымаўся, каб не абняць яе.

Раздзел V

Амаль цэлы месяц пасля вяртання я праваляўся ў ложку, заразiўшыся, напэўна, нечым на раскопках. Хвароба мая выяўлялася ў раптоўных скачках тэмпературы i была падобная на малярыю. Я не адчуваў фiзiчнага болю, але розум мой быў нiбыта ў агнi: я бясконца перабiраў у памяцi ўсе факты, якiя прывялi мяне да разгадкi страшнае тайны. Не заставалася нiякiх сумненняў, што задоўга да малпiнай эры на Сароры iснавала чалавечая цывiлiзацыя, i гэтая думка ап'яняла мяне i палохала.

Аднак, колькi я нi разважаў, так i не паставiўся адназначна да гэтага адкрыцця, адчуваючы i гонар, i найглыбейшае прынiжэнне. Гонар - бо малпы ўсё-такi нiчога не вынайшлi i апынулiся ўрэшце звычайнымi iмiтатарамi. Прынiжэнне - бо яны здолелi гэтак лёгка засвоiць чалавечую культуру.

Як жа гэта магло здарыцца? У трызненнi я няспынна задаваў сабе гэтае пытанне. Натуральна, усе цывiлiзацыi, i нашая таксама, ведаем мы даўно, рана цi позна адмiраюць, i ўсё ж такое бясследнае знiкненне чалавечай цывiлiзацыi на Сароры прыгнятае розум. Што было прычынаю гэтага знiкнення? Раптоўная гiбель? Катаклiзм? Або павольная дэградацыя людзей i паступовае развiццё малпаў? Я схiляюся да апошняй гiпотэзы i знаходжу надзвычай характэрныя прыкметы такой эвалюцыi ў сучасным жыццi i занятках малпаў.

Узяць хоць бы тое велiзарнае значэнне, якое яны надаюць фiзiялагiчным даследаванням. Дык вось, цяпер я пачынаю разумець, чаму яны гэта робяць! У глыбокай старажытнасцi многiя малпы служылi чалавеку аб'ектамi доследаў у розных лабараторыях, як i ў нас. I менавiта гэтыя малпы ўзялi ў свае рукi паходню i павялi наперад астатнiх, менавiта яны сталi застрэльшчыкамi рэвалюцыi. I яны, натуральна, пачалi з пераймання сваiх гаспадароў, iх жэстаў i ўчынкаў. А былi iхнiмi гаспадарамi бiёлагi, фiзiёлагi, медыкi, санiтары, вартаўнiкi. Адсюль i такая незвычайная схiльнасць да фiзiялагiчных даследаванняў, якая захавалася да сённяшнiх дзён.

А якi ж тады быў лёс у людзей?

Хопiць думаць пра малпаў! Вось ужо два месяцы, як я не бачыў маiх былых таварышаў па зняволеннi, маiх чалавечых братоў. Сёння я адчуваю сябе лепш. Мяне больш не калоцiць ад лiхаманкi. Учора я ўжо сказаў Зiры - яна даглядала мяне ў час хваробы, як родная сястра, - сказаў ёй, што хацеў бы распачаць сваю працу ў аддзяленнi. Мне здалося, гэта не надта яе ўзрадавала, але пярэчыць яна не стала.

Час наведаць маiх падапечных.

I вось я зноў у зале з клеткамi. Дзiўнае хваляванне агортвае мяне яшчэ ля дзвярэй. Я бачу цяпер гэтых людзей зусiм iншымi вачыма. Перш чым увайсцi да iх, я з тугою пытаюся ў сябе: а цi ж пазнаюць яны мяне праз два месяцы? I яны пазналi! Усе позiркi звярнулiся да мяне, як i раней i нават... з нейкай пачцiвасцю, цi што? Мне здаецца, яны глядзяць на мяне па-новаму, зусiм не так, як на сваiх вартаўнiкоў. Не, напэўна, гэта мне хочацца, каб яны глядзелi так на мяне. I ўсё ж такi я ўжо бачу ў iх вачах iскрынкi цiкаўнасцi, незвычайнае хваляванне, ценi старажытных успамiнаў, якiя iмкнуцца пераадолець жывёльную тупасць, бачу, можа, нават... цьмяны бляск надзеi.

Думаю, апошнiм часам я сам абуджаю ў iх мiжволi надзею. Гэта прыводзiць мяне ў стан усхваляванай захопленасцi. Няўжо мне, менавiта мне, Улiсу Меру, закiнутаму лёсам на гэтую планету, наканавана стаць тут пачынальнiкам адраджэння чалавечага роду?

Вось нарэшце я i зразумеў, што за цьмяная думка мучыла мяне апошнi месяц. Пан бог не гуляе ў косцi, як казаў колiсь адзiн фiзiк. У жыццi не бывае нiчога выпадковага. Маё падарожжа на Бетэльгейзе было наканавана мне вышэйшым розумам. I цяпер я павiнен спраўдзiць аказаны мне давер i стаць новым Збавiцелем гэтага заняпалага чалавецтва.

Як i раней, я павольна абыходжу ўсю залу. Утрымлiваюся, каб не кiнуцца бегчы да клеткi, дзе сядзiць Нова. Хiба ж мае права пасланнiк лёсу вызначаць абраннiкаў? Я звяртаюся да кожнага падапечнага... Няхай не сёння, але яны загавораць, гэтая вера суцяшае мяне. Усё жыццё я аддам гэтай вялiкай мiсii.

З наўмыснай абыякавасцю крок за крокам наблiжаюся да маёй былой клеткi, скоса пазiраючы на яе. Але я не бачу працягнутых мне з-за кратаў рук Новы, не чую яе радасных крыкаў, якiмi яна пачала вiтаць мяне апошнiм часам. Мною авалодвае цяжкае прадчуванне. Я больш ужо не магу стрымлiваць сябе, кiдаюся наперад...

Клетка пустая...

Уладным тонам, ад якога ўздрыгваюць усе палонныя, я клiчу вартаўнiкоў. Прыбягае Занам. Яму не надта даспадобы быць маiм падначаленым, але Зiра строга загадала выконваць усе мае ўказаннi.

- Дзе Нова? - пытаюся я.

Ён змрочна адказвае, што не ведае. Аднойчы яе павялi адсюль, нiчога яму не растлумачыўшы. Я настойваю - марна. На шчасце, нарэшце ўваходзiць Зiра. Яна робiць чарговы абход. Заўважыўшы мяне перад пустой клеткаю, яна адразу ж здагадваецца, што так расхвалявала мяне. Але нешта замiнае ёй пачаць гаворку з Новы, i яна паведамляе мне:

- Толькi што вярнуўся Карнэлiй. Ён хацеў бы бачыць цябе.

У гэты момант мне напляваць на Карнэлiя, на ўсiх шымпанзэ, гарыл i iншых пачвар, якiя толькi могуць быць на зямлi i ў небе. Я паказваю пальцам на клетку i пытаюся:

- Дзе Нова?

- Яна нездаровая, - адказвае Зiра. - Яе перавялi ў спецыяльнае аддзяленне.

Яна робiць мне знак i вядзе за сабою, далей ад вартаўнiка.

- Дырэкцыя ўзяла з мяне слова, што я захаваю гэта ў тайне, - кажа Зiра. Але я думаю, што ты павiнен гэта ведаць.

- Яна хворая?

- Нiчога страшнага. Але сама па сабе гэтая падзея досыць значная, каб занепакоiць нашыя ўлады. Нова загрубела.

- Яна... што?

- Я ж сказала: зацяжарала.

Зiра з цiкавасцю назiрае за мною.

Раздзел VI

Ад такой навiны я ажно здранцвеў. Я яшчэ быў няздольны ўсвядомiць, да чаго можа прывесцi гэтая падзея. Спачатку мяне захлiснула хваля розных не дужа рацыянальных пачуццяў, а больш за ўсё ўстрывожыла пытанне: чаму мне дагэтуль нiчога не паведамiлi? Але Зiра i слова не дала мне сказаць.

- Я сама заўважыла гэта ўсяго два месяцы назад, калi вярнулася з падарожжа. Гарылы нiчога не зразумелi. Я патэлефанавала Карнэлiю, а ён у сваю чаргу меў доўгую размову з дырэктарам. Яны сышлiся на тым, што лепей захаваць усё ў тайне. У курсе справы толькi я ды яны двое. Нову памясцiлi ў iзаляваную клетку, i я сама яе даглядаю.

Я ўспрыняў скрытнасць Карнэлiя як здраду i адчуў, што Зiры таксама няёмка. Мне здалося, што за маёй спiнаю пачынаюць рабiць нешта нядобрае.

- Не хвалюйся, - паспрабавала супакоiць мяне Зiра, - яе добра даглядаюць, яна ўсё мае - я за гэтым сачу. Яшчэ нiхто нiколi так не аберагаў цяжарную самку чалавека.

Пад яе насмешлiвым позiркам я апусцiў вочы, усё роўна як вiнаваты шкаляр. Зiра старалася захаваць iранiчны тон, але я адчуваў, што яна ўсхваляваная. Вядома, я ведаў, што мая фiзiчная блiзкасць з Новаю стала непрыемная Зiры з таго самага моманту, калi яна зразумела, што я разумная iстота, але цяпер убачыў у яе позiрку не грэблiвасць, а нешта iншае. Ну вядома, яна была занепакоеная! Таямнiчасць, з якою гаварыла цяпер Зiра пра Нову, наўрад цi была добраю прыкметаю. Я здагадваўся, што Зiра не сказала мне ўсёй праўды: напэўна, Вялiкi Савет таксама быў у курсе справы, i з гэтай нагоды ўжо не раз склiкалiся нарады на сама высокiм узроўнi.

- Калi Нова павiнна раджаць? - спытаўся я.

- Праз тры-чатыры месяцы.

I тут я раптам уцямiў нарэшце ўсю трагiкамiчнасць майго становiшча: я стану бацькам у сiстэме Бетэльгейзе! У мяне будзе дзiця на планеце Сарора, народжанае жанчынаю, да якой я адчуваю неадольнае фiзiчнае iмкненне, iншы раз жаль, але ў жанчыны гэтай - мазгi жывёлiны. Напэўна, нiводная разумная iстота ва ўсiм сусвеце яшчэ не зведвала такога! Мне хацелася адначасова i плакаць i смяяцца.

- Зiра, я хачу яе бачыць!

Яна адказала мне прыкрай грымаскаю.

- Я ведала, што ты гэтага захочаш. Я ўжо гаварыла з Карнэлiем, i, думаю, ён не будзе пярэчыць. Ён чакае цябе ў сваiм кабiнеце.

- Карнэлiй - здраднiк!

- Ты не маеш права гаварыць так. Ён разрываецца памiж любоўю да навукi i сваiм малпавым абавязкам. Натуральна, што цяжарнасць Новы вельмi яго палохае...

Пакуль я iшоў услед за Зiраю па калiдорах iнстытута, трывога мая ўсё ўзрастала. Я здагадваўся, пра што думалi вучоныя-малпы: яны баялiся, што можа ўзнiкнуць новая раса, якая... Чорт!.. I тут да мяне дайшло, якiм чынам я змагу здзейснiць ускладзеную на мяне лёсам мiсiю!

Карнэлiй сустрэў мяне досыць цёпла, але ў нашых адносiнах ужо з'явiлася напружанасць. Раз-пораз ён употайкi пазiраў на мяне цi не з жахам. Я стрымаў сябе, каб не прыступiць адразу да тэмы, якая хвалявала мяне больш за ўсё. Спачатку спытаўся, як ён даляцеў i як скончылiся раскопкi.

- Вынiкi фенаменальныя! - загарэлiся ў яго вочы. - У мяне ў руках неабвержныя доказы!

Карнэлiй не мог не пахвалiцца сваiм поспехам. Зiра сказала праўду: Карнэлiй i праўда разрываўся памiж любоўю да навукi i малпавым абавязкам. Але цяпер са мною гаварыў вучоны, апантаны даследнiк, якi вышэй за ўсё цанiў перамогу сваёй гiпотэзы.

- Мы знайшлi шкiлеты, - расказваў ён. - Не адзiн шкiлет, а мноства, i размешчаны яны такiм чынам, што гэта, несумненна, могiлкi. Ёсць чым пераканаць сама тупагаловых. Але нашы арангутаны, вядома, бачаць у гэтым толькi дзiўнае спалучэнне акалiчнасцей.

- I што гэта за шкiлеты?

- Шкiлеты не малпаў.

- Зразумела.

Мы паглядзелi адзiн аднаму ў вочы. Энтузiязм Карнэлiя адразу апаў, i ён гаварыў ужо больш павольна:

- Не буду ўтойваць: вы ўгадалi - гэта чалавечыя шкiлеты...

Зiра, пэўна, ужо была ў курсе справы, бо не здзiвiлася анi кроплi. Мы зноў сустрэлiся з Карнэлiем позiркамi. Я чакаў. Нарэшце ён рашыўся.

- Цяпер я ўпэўнены, - сказаў Карнэлiй, - што некалi на нашай планеце iснавала чалавечая раса, надзеленая здольнасцю мыслiць, раса людзей, падобных вам i iншым людзям Зямлi. Пасля яна дэградавала, i нашыя людзi ператварылiся ў жывёлiн... Да таго ж, вярнуўшыся, я знайшоў тут новыя доказы сваёй гiпотэзы.

- Новыя?

- Але. Iх адкрыў загадчык энцэфалiчнага аддзялення, малады шымпанзэ з вялiкай будучыняй. Гэта нават генiй... Не варта думаць, - з горкай iронiяй усмiхнуўся Карнэлiй, - што малпы заўсёды былi толькi пераймальнiкамi. У некаторых навуках мы зрабiлi багата адмысловых адкрыццяў i асаблiва вялiкiх поспехаў дасягнулi ў вывучэннi мазгавой дзейнасцi. Калi змагу, пазнаёмлю вас неяк з вынiкамi. Упэўнены, вы будзеце здзiўлены.

У мяне стварылася такое ўражанне, што ён сам стараўся запэўнiць сябе ў генiяльнасцi малпаў, а таму гаварыў з залiшняй гарачнасцю. Але ж я нiколi i не спрабаваў спрачацца з iм на гэтую тэму. Карнэлiй сам паскардзiўся якiя-небудзь два месяцы назад на адсутнасць у малпаў стваральных здольнасцей. А цяпер з гонарам дакляраваў:

- Паверце, настане дзень, калi мы пераўзыдзем людзей ва ўсiх сферах. Мы невыпадкова сталi нашчадкамi чалавечай культуры, як вы можаце гэта ўяўляць сабе. Гэта здарылася ў вынiку нармальнага ходу эвалюцыi. Эра разумнага чалавека прайшла, i на змену яму з'явiлася больш дасканалая iстота, якой было наканавана захоўваць асноўныя дасягненнi людзей доўгi перыяд адноснага застою, каб пасля ўзляцець да новых вяршынь.

Такi падыход да гэтай праблемы быў мне новы. Я мог бы адказаць Карнэлiю, што многiя мыслiцелi Зямлi прадчувалi i прадказвалi з'яўленне вышэйшай iстоты, якая калi-небудзь заступiць людзей, але нiводзiн вучоны, фiлосаф цi паэт не ўяўляў сабе гэтую звышразвiтую iстоту ў малпiным аблiччы. Але мне не надта хацелася спрачацца пра такiя драбнiцы. Галоўнае было ў тым, што думка знайшла сабе iншае ўвасабленне ў жывым стварэннi, цi ж не праўда? Цяпер мяне займала iншае, таму я перавёў гамонку на Нову i стан яе здароўя. Карнэлiй не сказаў мне нiчога новага, але паспрабаваў усцешыць:

- Не хвалюйцеся! Спадзяюся, усё абыдзецца. Напэўна, гэта будзе звычайнае дзiця, такое ж, як i ўсе чалавечыя дзецi Сароры.

- А я спадзяюся, што не. Я ўпэўнены: дзiцёнак загаворыць!

Мне было цяжка схаваць сваё абурэнне. Зiра нахмурылася, каб прымусiць мяне змоўкнуць.

- На вашым месцы я не зычыў бы яму гэтага, - змрочна заўважыў Карнэлiй. Гэта не ў яго i не ў вашых iнтарэсах.

I ўжо амаль па-сяброўску дадаў:

- Калi ён загаворыць, не ведаю, цi змагу я баранiць вас далей, як рабiў дагэтуль. Вы, напэўна, не ўсведамляеце, як устрывожыўся Вялiкi Савет. Я атрымаў найстражэйшы загад захаваць гэтае нараджэнне ў тайне. Калi ўлады даведаюцца, што вы ў курсе справы, я буду тут жа звольнены, i Зiра таксама, а вы застанецеся адзiн на адзiн з...

- З ворагамi?

Карнэлiй адвёў вочы. Значыцца, я зразумеў правiльна: мяне разглядалi як пагрозу малпавай расе. I ўсё ж было радасна, што ў асобе Карнэлiя ў мяне ёсць калi не сябар, дык саюзнiк. Вiдаць, Зiра баранiла мяне нашмат больш горача, чым я думаў, а Карнэлiй не пасмее пайсцi супраць яе нi ў чым. Вось i цяпер ён дазволiў мне наведаць Нову, вядома, употайкi.

Зiра правяла мяне ў маленькую iзаляваную хацiнку, ключы ад якой былi толькi ў яе. Мы ўвайшлi ў невялiчкi пакой. У iм стаялi тры клеткi, дзве былi пустыя. Трэцюю клетку займала Нова. Яна пачула, як мы ўваходзiлi, i iнстынктыўна ўгадала, што i я тут, бо, яшчэ не ўбачыўшы нас, ускочыла i працягнула мне насустрач рукi. Я таксама працягнуў да яе рукi, пацёрся тварам аб яе твар. Зiра пагардлiва пацiснула плячыма, аднак дала мне ключ ад клеткi, а сама адправiлася ў калiдор пiльнаваць, каб сюды не прыйшоў хто iншы. Якое добрае сэрца ў гэтай шымпанзэ! Нам так трэба было цяпер выказацца адно перад адным!

Выказацца... Я забыўся пра тое, што ўяўляла сабою Нова.

Але ўсё-такi, увайшоўшы ў клетку i абняўшы Нову, я загаварыў з ёю, нiбыта яна магла мяне зразумець, як загаварыў бы, напрыклад, з Зiраю.

Няўжо яна нiчога не разумела? Няўжо ў яе не было нават прадчування тае вялiкае мiсii, якая выпала на нашу долю i за якую яна адгэтуль таксама была адказная?

Я расцягнуўся побач з Новаю на саломе, каб асцярожна намацаць дзiця нашага незвычайнага кахання. Мне здалося, што цяжарнасць абудзiла ў Нове пачуцце ўласнае годнасцi, сваёй iндывiдуальнасцi, якога ў яе раней не было. Калi я дакрануўся рукою да яе жывата, яна задрыжала. Але, я не памылiўся, погляд яе стаў больш напружаны, асэнсаваны. I раптам яна з цяжкасцю, па складах вымавiла маё iмя - значыцца, не забылася на мае ўрокi! Мяне захлiснула гарачая хваля радасцi. Але вочы Новы адразу ж страцiлi сваю жывасць, яна павярнулася да мяне спiнаю i пачала ўплятаць прынесеную мною садавiну.

Вярнулася Зiра: нам трэба было ўжо развiтвацца. Я выйшаў разам з ёю. Вiдаць, адчуўшы мой адчай, Зiра вырашыла правесцi мяне да маёй кватэры. I тут, у сябе дома, я заплакаў, бы хлопчык.

- О Зiра, Зiра! - усхлiпваў я.

Яна супакойвала мяне i суцяшала, нiбыта мацi свайго дзiцёнка, а я жалiўся ёй i гаварыў, гаварыў, нiчога не тоячы, адкрываючы ўсе свае пачуццi i думкi, якiх Нова не магла ацанiць.

Раздзел VII

О цудоўная шымпанзэ! Дзякуючы ёй я апошнiм часам мог досыць часта бачыцца з Новаю ўпотайкi ад iнстытуцкага кiраўнiцтва. Я праседжваў побач з ёю цэлымi гадзiнамi, прагна лавiў у яе позiрку кожную iскрынку думкi, i гэтак, у чаканнi нараджэння дзiцяцi праходзiлi тыднi.

Аднаго разу Карнэлiй усё ж рашыўся паказаць мне энцэфалiчнае аддзяленне, пра якое расказваў дзiвосы. Загадзя папрасiўшы прабачэння, што не зможа суправаджаць мяне з-за тэрмiновай працы, ён пазнаёмiў мяне з загадчыкам аддзялення, тым самым генiяльным маладым шымпанзэ па iменi Гелiй.

- Я вярнуся праз гадзiну, - сказаў Карнэлiй, - каб паказаць вам сама выдатны з нашых эксперыментаў, той, якi дае нам новыя доказы, пра якiя я вам казаў. А пакуль што, думаю, вам будзе цiкава пазнаёмiцца з класiчнымi вопытамi.

Гелiй павёў мяне за сабою ў вялiкую залу з двума радамi клетак, падобную на ўсе аналагiчныя памяшканнi iнстытута. Але толькi я ўвайшоў, як мне адразу ж ударыў у нос рэзкi аптэчны пах - ён нагадаў мне пах хлараформу. Як выявiлася, гэта i праўда быў нейкi анестэзiйны сродак. Мой гiд растлумачыў мне, што цяпер усе хiрургiчныя аперацыi праводзяцца пад наркозам. Ён падкрэслiваў гэтую дэталь, бо лiчыў яе доказам высокага развiцця малпавай цывiлiзацыi, якая iмкнецца пазбавiць ад любых залiшнiх пакут нават падвопытных людзей. Маўляў, я магу быць спакойны!

Але адчуваў я сябе не надта спакойна. I зусiм ужо расхваляваўся, калi на заканчэнне сваiх уводзiн Гелiй прызнаў, што з гэтага гуманнага правiла ўсё ж робяць выключэннi, каб вывучыць менавiта механiзм пакуты i лакалiзаваць яе нервовыя цэнтры. Але дэманстраваць мне такiя вопыты ў той дзень ён не збiраўся.

Падобнае прызнанне не магло не абвострыць яшчэ больш маю чуллiвасць. Я згадаў, як настойлiва адгаворвала мяне Зiра ад наведвання гэтага аддзялення, куды яна сама заходзiла толькi ў выпадку неабходнасцi. I хацеў ужо быў павярнуць назад пад якiмсьцi праўдзiвым прэтэкстам, але Гелiй апярэдзiў мяне.

- Калi хочаце, - прапанаваў ён, - можаце прысутнiчаць пры аперацыi. Вы самi пераканаецеся, што падвопытны не адчувае болю. Не хочаце? У такiм разе я пакажу вам вынiкi эксперыментаў.

I, прайшоўшы зачынены пакой, адкуль даносiўся пах лекаў, ён павёў мяне да клетак. У першай я ўбачыў досыць прыгожага, але неверагодна худога юнака. Ён ляжаў на сваёй падсцiлцы. Перад iм, каля самага носа, стаяла мiска з салодкай кашай, ласункам сарорскiх людзей. Юнак абыякава, нерухома глядзеў на ежу.

- Глядзiце, - сказаў Гелiй, - гэты чалавек галодны: ён не еў ужо суткi. I ўсё ж такi нiяк не рэагуе на сваю любiмую ежу. Гэта вынiк выдалення часткi лобнай мазгавой долi. Аперацыя зроблена некалькi месяцаў назад, i з таго часу ён у гэтым стане. Прыходзiцца прымушаць яго есцi. Бачыце, якi ён змарнелы?

Гелiй зрабiў знак санiтару, якi ўвайшоў у клетку i сунуў юнака носам у мiску. Падвопытны пачаў хлябтаць кашу.

- Але гэта звычайны выпадак, - гаварыў далей Гелiй. - Вось цiкавейшыя. У кожнага з падвопытных былi пашкоджаны розныя ўчасткi кары галаўнога мозгу.

Мы праходзiлi мiма клетак, дзе сядзелi мужчыны i жанчыны рознага ўзросту. Шыльдачкi на дзвярах кожнай клеткi з масай тэхнiчных дэталяў паведамлялi, якую аперацыю перанёс чалавек.

- Некаторыя ўчасткi кары забяспечваюць наяўнасць безумоўных рэфлексаў, iншыя - умоўных. Вось, напрыклад, гэты выпадак...

У гэтага "выпадку" аднялi цэлы ўчастак мозгу з патылiчнай вобласцi. Цяпер ён не ўспрымаў нi формы прадметаў, нi аддегласцi памiж iмi, што i прадэманстраваў серыяй беспарадкавых рухаў, калi санiтар наблiзiўся да яго. Ён не мог пераступiць цераз палку на падлозе. А працягнуты няшчаснаму невялiкi яблык палохаў яго так, што ў жаху ён спрабаваў уцячы. Чалавек не мог нават учапiцца за краты i хапаўся пальцамi за пустэчу.

- А вось гэты быў раней цудоўным экземплярам, - падмiгнуў мне шымпанзэ. Нам удалося навучыць яго дзiвосным трукам. Ён ведаў сваё iмя i выконваў некаторыя простыя загады. Спраўляўся ў вопытах з досыць складанымi загадамi i нават умеў карыстацца прымiтыўнымi iнструментамi. А сёння ён не памятае нiчога. Не ведае свайго iмя. Нiчога не ўмее рабiць. Ён стаў сама тупы з усiх нашых паддоследных. Над iм была праведзена найтанчэйшая аперацыя: выдаленне скроневых доляў.

Ад усiх гэтых жахаў, якiя каменцiраваў, грымаснiчаючы, шымпанзэ, сцiскалася сэрца. Перада мною былi людзi, паралiзаваныя часткова цi цалкам, пазбаўленыя зроку. Я ўбачыў маладую жанчыну, якая мела, паводле слоў Гелiя, вельмi развiты мацярынскi iнстынкт - цяпер ён цалкам знiк, бо ёй зрабiлi аперацыю на аснове паўшар'яў. Яна груба адштурхоўвала сваё дзiця кожны раз, калi тое спрабавала падлезцi да яе. Гэта для мяне было ўжо занадта! Я падумаў пра Нову, пра тое, што i яна хутка стане мацi, i кулакi мае сцiснулiся. На шчасце, Гелiй павёў мяне ў iншую залу, i па дарозе я паспеў авалодаць сабою.

- У гэтай зале, - сказаў мне з таямнiчым выглядам шымпанзэ, - мы займаемся эксперыментамi шмат больш складанымi. Тут скальпель саступае месца танчэйшаму iнструменту. Мы раздражняем розныя ўчасткi галаўнога мозгу электрычным токам. Нам удалося дасягнуць адмысловых вынiкаў. А ў вас на Зямлi ставяць такiя вопыты?

- На малпах! - закрычаў я раз'юшана.

Шымпанзэ не пакрыўдзiўся, нават усмiхнуўся.

- Ну, вядома. Аднак я не думаю, каб вы дасягнулi такiх самых поспехаў, як i мы. Я маю на ўвазе эксперымент, якi доктар Карнэлiй хоча паказаць вам сам. А пакуль што прадоўжым знаёмства са звычайнымi вопытамi.

Ён пацягнуў мяне далей мiма клетак, у якiх аперыравалi людзей. Тут падвопытныя ляжалi на сталах. Трэпанацыя чэрапа агаляла тыя цi iншыя ўчасткi мозгу. Пакуль адна малпа сачыла за падачаю наркозу, другая прыкладвала да пульсуючага мозгу электроды.

- Бачыце, - заўважыў Гелiй, - тут мы таксама праводзiм абязбольванне. Праўда, анестэзiя даецца неглыбокая, каб не скажаць вынiкаў, але аб'ект не адчувае нiякага болю.

У залежнасцi ад таго, да якога ўчастка кары дакраналiся электроды, падвопытныя рабiлi розныя рухi, i амаль заўсёды на раздражненне рэагавала якая-небудзь адна частка цела. Першы мужчына пры кожным разрадзе электрычнага току згiнаў левую нагу i адразу ж яе разгiнаў, калi ток перапыняўся. Другi гэтаксама ж згiнаў i разгiнаў руку ў локцi. Трэцi пад уздзеяннем току круцiў усёй рукою ў плечавым суставе. Трохi далей малпы вывучалi функцыi нервовага цэнтра, якi кiруе мускуламi скiвiц. Калi ўключалi ток, падвопытны, зусiм яшчэ малады хлопец, пачынаў жаваць - няспынна, са скрыгатам на зубах, тым часам цела яго заставалася абсалютна нерухомае.

- Паназiрайце, што адбываецца, калi павялiчваць працягласць уздзеяння токам, - сказаў Гелiй. - Вось эксперымент, даведзены да лагiчнага канца.

Аб'ектам эксперыменту была прыгожая дзяўчына, якая нагадвала асобнымi рысамi Нову. Вакол яе голага цела завiхалiся некалькi малпаў, самцоў i самак, у белых халатах. Самка-шымпанзэ з задуменнай мордаю прыладзiла электрод i ўключыла ток. У дзяўчыны адразу ж заварушылiся пальцы левай рукi. Але шымпанзэ не выключыла неўзабаве ток, як у iншых эксперыментах, - вопыт працягваўся. I вось рухi пальцаў паскорылiся, сталi лiхаманкавыя, пасля ўздрыгнула i задрыжала ўся кiсць. Яшчэ праз момант рух дайшоў да пляча i пачаў разлiвацца ўверх, захоплiваючы мускулы твару, i ўнiз, па сцягне, ляжцы, галёнцы, пятцы, пальцах ног. Праз дзесяць хвiлiн увесь левы бок няшчаснай дзяўчыны калацiўся ад канвульсiўных, усё больш частых i моцных спазмаў - i як жудасна было гэта бачыць!

- Гэта эфект ланцуговай рэакцыi, - спакойна сказаў Гелiй. - Ён добра вывучаны i звычайна заканчваецца канвульсiямi, якiя бываюць пры эпiлептычных прыпадках. Але гэта дзiўная эпiлепсiя, якая захоплiвае толькi палову цела...

- Досыць! - закрычаў я раз'юшана.

Усе малпы падскочылi ад нечаканасцi i з неадабрэннем утаропiлiся на мяне. I тут увайшоў Карнэлiй.

- Разумею, - па-сяброўску паляпаў ён мяне па плячы. - За гэтымi эксперыментамi, пакуль не прывыкнеш, цяжка назiраць. Але падумайце пра тое, што менавiта дзякуючы iм наша медыцына, хiрургiя зрабiлi фенаменальны прагрэс за нейкую чвэрць стагоддзя!

Мяне гэты довад нiяк не пераканаў, як i ўспамiн пра падобныя вопыты на шымпанзэ, убачаныя мною ў адной з нашых зямных лабараторый. Карнэлiй пацiснуў плячыма i павёў мяне ў вузкi калiдор, якi злучыў залу, дзе мы цяпер знаходзiлiся, з меншым памяшканнем.

- Тут вы ўбачыце нешта дзiвоснае i зусiм новае, - сказаў ён урачыста. Сюды маюць доступ толькi тры асобы: Гелiй, якi асабiста займаецца вопытамi i ўжо дасягнуў выдатных поспехаў, я i адзiн санiтар-гарыла, выбраны намi з найвялiкшай асцярожнасцю. Ён нямы. Мне ён адданы i душою i целам, да таго ж ён яшчэ i дурань з дурняў. Так што вы разумееце, якое значэнне я надаю сакрэтнасцi гэтай працы. Але вас я з ёю пазнаёмлю, бо вы, я ўпэўнены, будзеце маўчаць. Гэта ў вашых iнтарэсах.

Раздзел VIII

Увайшоўшы ў залу, я не прыкмецiў спачатку нiчога такога, што магло б вытлумачыць дакляраваную таемнасць. Апаратура была падобная на тую, што я ўжо бачыў у папярэднiх памяшканнях: тыя ж генератары, трансфарматары, электроды. Тут былi толькi два паддоследныя: мужчына i жанчына, якiя ляжалi на двух пастаўленых паралельна канапах, прывязаныя рамянямi. Толькi мы з'явiлiся, яны адразу ж утаропiлiся пiльнымi позiркамi.

Санiтар-гарыла сустрэў нас невыразным бурчаннем. Гелiй абмяняўся з iм некалькiмi фразамi на мове глуханямых. Гэта было рэдкаснае вiдовiшча: гарыла i шымпанзэ размаўлялi мiж сабою з дапамогаю мiгаў! Не ведаю чаму, але мне гэта здалося настолькi недарэчным, што я ледзь не зарагатаў.

- Усё ў парадку, - сказаў Гелiй. - Яны спакойныя. Можна адразу пачынаць дослед.

Вы не можаце ўвесцi мяне спачатку ў курс справы? - папрасiў я ўмольна, баючыся, што ўбачу зараз новыя жудасныя эксперыменты.

- Я хацеў бы здзiвiць вас, - усмiхнуўшыся, адказаў Карнэлiй.

Санiтар увёў падвопытным наркоз i, калi яны спакойна заснулi, пачаў уключаць розную апаратуру. Гелiй наблiзiўся да мужчыны, асцярожна разматаў павязку ў яго на галаве i, выбраўшы на чэрапе патрэбную кропку, падвёў да яе электрод. Мужчына па-ранейшаму ляжаў абсалютна нерухомы. Я дапытлiва зiрнуў на Карнэлiя, i тут здарыўся цуд.

Мужчына загаварыў.

Ягоны голас прагучаў у маленькай аперацыйнай зале гэтак раптоўна, што я ажно падскочыў. Карнэлiй i Гелiй зрабiлi мне знак маўчаць i слухаць. Не, гэта не была галюцынацыя: ён гаварыў гучна, заглушаючы брунжанне генератара. I гаварыў на малпавай мове. Гаварыў зусiм паўнацэнна, як зямны чалавек або сарорская малпа.

На тварах у абодвух вучоных успыхнула радасць. Яны самазадаволена глядзелi на мяне, адчуваючы асалоду ад маёй збянтэжанасцi.

Тое, што казаў мужчына, не мела нiякага сэнсу. Напэўна, ён вельмi доўга знаходзiўся ў iнстытуце, таму што цяпер бясконца паўтараў абрыўкi фраз, якiя звычайна прамаўляюць вучоныя або санiтары. Неўзабаве Карнэлiй загадаў спынiць эксперымент.

- Ад гэтага мы нiчога больш не даможамся, - сказаў ён. - Але вы чулi галоўнае: ён гаворыць!

- Неверагодна! - прамармытаў я.

- Ну, гэта яшчэ што! - заўважыў Гелiй. - Ён гаворыць, як аўтамат цi папугай. А вось ад гэтай самкi мы дамаглiся нашмат большага.

Ён паказаў на жанчыну. Тая цiха спала.

- Большага?

- У тысячу разоў большага, - пацвердзiў Карнэлiй, такi ж усхваляваны, як i яго калега. - Слухайце мяне ўважлiва. Гэтая жанчына таксама гаворыць, i вы яе пачуеце. Але яна не паўтарае фраз, пачутых у палоне. Яе словы маюць выключнае значэнне. З дапамогаю камбiнацыi электрахiмiчных уздзеянняў на мозг гэтай падвопытнай - я не буду распiсваць вам яе, - нашаму маладому генiю ўдалося абудзiць не толькi iндывiдуальную, але i родавую памяць. У ёй пад уздзеяннем току ажываюць успамiны вельмi далёкiх продкаў, ажывае атавiстычная памяць пра падзеi тысячагадовай даўнасцi. Вы разумеце, Улiс?

Слухаючы гэтыя тлумачэннi, я думаў, што шымпанзэ з'ехаў з глузду, настолькi неверагодным здалося мне тое, што ён сказаў. Дарэчы, сярод малпаў таксама назiраюцца выпадкi вар'яцтва, асаблiва сярод iнтэлiгенцыi. Але пакуль я раздумваў, Гелiй падключыў электроды да мозгу жанчыны. Нейкi час яна, як i мужчына, ляжала, не падаючы прыкмет жыцця, потым глыбока ўздыхнула i загаварыла. Яна таксама гаварыла на малпавай мове. Але яе глухаваты голас пастаянна мяняў танальнасць, нiбыта належаў розным людзям. Кожнае яе слова ўсё роўна як выгравiравалася ў маёй памяцi.

"Малпы, зноў гэтыя малпы, - неспакойна сказала яна. - Апошнiм часам яны няспынна размнажаюцца, хаця яшчэ не так даўно здавалася, што яны звядуцца. Калi гэтак пойдзе i далей, iх стане больш за нас... Але справа не толькi ў гэтым. Яны робяцца нахабныя. Яны ўжо вытрымлiваюць наш позiрк. Мы дарэмна прыручалi iх i давалi iм волю, як слугам. Любiмцы сем'яў робяцца сама дзёрзкiя. На днях мяне штурхнуў на вулiцы разносчык-шымпанзэ. Калi я ўзняла руку, ён паглядзеў на мяне з такой пагрозаю, што я не асмелiлася ўдарыць яго".

"Ганна, тая, што працуе ў лабараторыi, сказала мне, што ў iх таксама багата чаго змянiлася. Яна ўжо не асмельваецца ўваходзiць у клеткi адна. Кажа, што ўвечары так i чуе шушуканне i нават смяшкi. Адна гарыла здзекуецца з доктара, перадражнiвае яго цiк".

Жанчына змоўкла, некалькi разоў цяжка ўздыхнула, пасля загаварыла зноў:

"Ну вось, дажылiся! Адна малпа навучылася гаварыць. Гэта праўда: я сама чытала ў "Газеце для жанчын". Там была яе фатаграфiя. Гэта малады шымпанзэ".

- Шымпанзэ! Першы! Я быў у гэтым упэўнены! - усклiкнуў Карнэлiй.

"А цяпер з'явiлiся iншыя. Газеты штодня паведамляюць пра новых малпаў, якiя навучылiся гаварыць. Некаторыя вучоныя лiчаць, што гэта вялiкае навуковае дасягненне. Няўжо яны не разумеюць, да чаго гэта можа прывесцi? Наколькi я ведаю, адзiн з гэтых гаваркiх шымпанзэ гiдка лаецца. Першае, для чаго яны скарыстоўваюць здольнасць гаварыць, гэта каб адмовiцца слухацца людзей..."

Нейкi час жанчына маўчала, потым зноў загаварыла, але на гэты раз нiзкiм мужчынскiм голасам i стомленым ментарскiм тонам:

"Тое, што з намi здарылася, можна было прадбачыць. Намi авалодала мыслiцельная лянота. Нiхто больш не чытае: нават дэтэктыўныя раманы вымагаюць задужа вялiкага разумовага напружання. Нiхто больш не гуляе нi ў якiя iнтэлектуальныя гульнi - найбольшае, на што мы тут здольныя, гэта пасьянсы. Нават ад дзiцячых фiльмаў стамляемся. А малпы тым часам думаюць, думаюць... У гэтых маўклiвых адзiнокiх разважаннях iх мозг развiваецца - i вось яны ўжо авалодалi моваю! О, вядома, з намi яны амаль не гавораць, хiба што пагардлiва агрызаюцца на тых нешматлiкiх ганарлiўцаў, якiя яшчэ асмельваюцца нешта загадваць iм. Але па начах, калi яны застаюцца адны, абменьваюцца ўражаннямi i новымi ведамi".

Настала яшчэ адна паўза, пасля якой падвопытная загаварыла трывожным жаночым голасам:

"Мне было надта страшна. Я больш не магла так жыць i саступiла месца маёй гарыле. Уцякла з уласнага дому. Ён жыў у мяне ўжо некалькi гадоў i верна служыў мне. Але пакрысе пачаў мяняцца. Пачаў хадзiць увечары на iхнiя сходкi. Навучыўся гаварыць. А потым адмовiўся ад усялякай працы. Месяц назад загадаў мне заняцца кухняю i мыць посуд. Пачаў есцi з маiх талерак, карыстацца маiмi вiдэльцамi i нажамi. А на мiнулым тыднi выгнаў мяне з майго пакоя, мне прыйшлося правесцi ноч у гасцёўнi. Я не асмельвалася больш патрабаваць чаго-небудзь ад яго i паспрабавала падлашчыцца. Але ён толькi смяяўся з мяне i, наадварот, яшчэ больш павялiчваў прэтэнзii. Я адчувала сябе зусiм няшчаснаю. I здалася. Знайшла прыстанак у стойбiшчы, дзе сабралiся жанчыны, якiя трапiлi ў такое ж становiшча, што i я. Тут ёсць i мужчыны. У многiх цяпер не хапае мужнасцi жыць па-старому. Мы ўладкавалiся за межамi горада i, можна сказаць, не жывём, а iснуем. Нам сорамна, мы амаль не размаўляем. Першыя днi я раскладвала пасьянсы. Цяпер мне i гэтым няма сiлы займацца".

Жанчына змоўкла, потым загаварыла мужчынскiм голасам:

"Мне здавалася, я знайшоў сродак супраць рака. Я хацеў выпрабаваць яго, як рабiў гэта з кожным сваiм адкрыццём. Я быў асцярожны, але ўжо не такi, як раней. Апошнiм часам мае малпы дазвалялi рабiць над сабою вопыты з вялiкаю неахвотаю. Таму, перш чым увайсцi ў клетку Жоржа, шымпанзэ, я папрасiў двух асiстэнтаў звязаць яго як след. Пасля наблiзiўся да яго, каб упырснуць яму ўзбуджальнiк рака. Я ж усё роўна вылечыў бы яго пасля! У Жоржа быў такi выгляд, быццам ён скарыўся лёсу. Ён зусiм не супрацiўляўся, але хутка я прыкмецiў, што яго хiтрыя вочкi сачылi за тым, што адбывалася ў мяне за спiнаю. Спахапiўся я надта позна. Гарылы, шэсць гарыл, якiя былi ў мяне ў запасе для вопытаў з чумою, вырвалiся на волю. Гэта была змова! Яны схапiлi нас. Жорж аддаваў загады на нашай мове. Ён дакладна капiраваў усе мае рухi. Загадаўшы гарылам прывязаць нас да аперацыйных сталоў, а яны зрабiлi гэта ўмомант, набраў у шпрыц смяротную вадкасць i ўвёў яе нам у кроў, усiм траiм. Цяпер у мяне рак. Гэта пэўна: антыракавы сродак яшчэ не правераны, а смяротная сываратка даўно ўжо даказала сваю эфектыўнасць. Упырснуўшы мне поўную дозу, Жорж па-сяброўску паляпаў мяне далонню па шчацэ, як рабiў гэта заўсёды я са сваiмi малпамi. Мы ж з iмi заўсёды добра абыходзiлiся. Я лiчыў больш эфектыўным дамагацца свайго не пагрозаю, а ласкаю. Праз некалькi дзён, седзячы ў клетцы, куды мяне замкнулi, я адчуў першыя сiмптомы хваробы. Жорж таксама распазнаў iх: я чуў, як ён казаў iншым малпам, што пачне ўжо лячыць мяне. Я ажно пахаладзеў ад жаху. Я ж усё роўна ведаю, што асуджаны на смерць, бо не веру ўжо ў вынайдзены мною сродак. А што, калi я ад яго яшчэ хутчэй памру? Не! Уначы мне ўдалося зламаць краты i ўцячы. Я знайшоў прытулак у стойбiшчы за горадам. Наперадзе ў мяне яшчэ два месяцы жыцця. Я гадаю на картах i сплю".

Зноў паўза, жаночы голас:

"Я была дрэсiроўшчыцаю. Паказвала нумар з дванаццаццю арангутанамi, сапраўды выдатнымi экземплярамi. А цяпер сама сяджу ў клетцы разам з iншымi артыстамi цырка. Але трэба быць справядлiваю. Малпы абыходзяцца з намi добра i кормяць нас, як свiнняў на ўбой. Калi салома пад намi занадта брудная, мяняюць яе. Яны не жорсткiя: караюць толькi тых, хто ўпарцiцца i не жадае рабiць трукi, якiм арангутаны хочуць нас навучыць. Я, напрыклад, стараюся выканаць усе iх загады не спрачаючыся. Поўзаю на карачках, раблю кульбiты. I яны таксама добра ставяцца да мяне. Няшчаснай я сябе не адчуваю. У мяне цяпер няма нiякага клопату, нi адказнасцi, нiшто не засмучвае. Большасць з нас хутка прызвычаiлiся да новага жыцця".

Жанчына зноў змоўкла, гэтым разам надоўга. Увесь гэты час Карнэлiй пiльна ўзiраўся мне ў самыя вочы, Я выдатна разумеў, што ён хацеў мне сказаць. Калi чалавечая раса стала нiкчэмная, калi яна так лёгка скарылася, то хiба ж не павiнна яна тады саступiць месца больш высакароднай расе? Я пачырванеў i адвёў вочы.

Жанчына зноў загаварыла, яшчэ больш роспачным голасам:

"Цяпер яны захапiлi ўвесь горад. Нас засталося ў гэтым прытулку ўсяго некалькi сотняў, i становiшча нашае - адчайнае. Гэта апошняе чалавечае паселiшча ў гарадскiм наваколлi, але малпы ўжо не хочуць, каб мы жылi на волi гэтак блiзка ад iх. З iншых стойбiшчаў многiя ўцяклi далей, у джунглi, астатнiя здалiся малпам, каб есцi ўволю. А мы засталiся ў стойбiшчы праз ляноту. Спiм - нiхто i думаць не хоча пра супрацiўленне... Гэтага я i баялася! Я чую варварскую какафонiю. Быццам нейкая пародыя на ваенны марш... О божа, уратуй! Гэта яны, малпы! Акружаюць нас з усiх бакоў. Вядуць iх на нас вялiзныя гарылы. У iх нашы трубы, барабаны, нашы мундзiры, наша зброя, вядома... Але не, зброi ў iх няма. О, якая ганьба, якое страшнае ўнiжэнне! Вось на нас насоўваецца армiя малпаў, i яны ўзброеныя толькi бiзунамi!"

Раздзел IХ

У горадзе ўсё ж пайшла пагалоска пра эксперыменты Гелiя. Магчыма, у гэтым быў вiнаваты сам шымпанзэ, якi не ўтрымаўся, каб не пахвалiцца поспехамi. Кажуць, што аднаму даследнiку ўдалося прымусiць людзей загаварыць. Мала таго, пра знаходкi ў пахаваным у пустэльнi горадзе пiсалi газеты, i, хоць большасць публiкацый дужа далёкiя ад праўды, некаторыя журналiсты падбiраюцца да iсцiны. Усё гэта спараджае ў малпах пачуццё няўпэўненасцi i трывогi, i ўлады глядзяць цяпер на мяне з асаблiвым недаверам, якi ўсё ўзрастае.

У Карнэлiя багата ворагаў, i ён не асмельваецца дакляраваць сваё адкрыццё. Дый цi хоча ён гэта рабiць, ведаючы, якая рэакцыя будзе ва ўладаў? Клан арангутанаў на чале з Заюсам iнтрыгуе супраць яго. Ужо гавораць пра змову супраць малпавай расы, i мяне больш-менш адкрыта аб'яўляюць адным з арганiзатараў гэтае змовы. Гарылы пакуль не прынялi нiякага афiцыйнага рашэння, але яны заўсёды выступаюць супраць усяго, што ўплывае на стабiльнасць грамадскага парадку.

Сённяшнi дзень я запомню на ўсё жыццё. Здарылася такая доўгачаканая падзея! Спачатку мяне перапоўнiла радасць, але потым, адумаўшыся, я скалануўся ад прадчування блiзкае небяспекi. Нова нарадзiла хлопчыка.

Цяпер у мяне дзiця, сын ад жанчыны з планеты Сарора. Я яго ўжо бачыў. Гэта было няпроста зрабiць. Iмкнучыся захаваць тайну, iнстытуцкiя ўлады акружылi Нову яшчэ больш строгiмi забаронамi, i апошнi тыдзень перад родамi мне не ўдалося наведаць яе анiводнага разу. Гэта Зiра паведамiла мне, што я стаў бацькам. Яна ўжо застанецца верным сябрам, што б нi здарылася. Я так расхваляваўся, што Зiра сама вырашыла зладзiць мне спатканне з маёй новай сям'ёю. Але зрабiць гэта ёй удалося толькi праз некалькi дзён, дый тое позна ўначы, бо ўдзень з дзiцяцi не зводзяць вачэй.

Якi цудоўны хлопчык! Ён ляжаў на саломе побач з маткаю, усё роўна як новы маленькi Хрыстос. Ссаў цыцку ў сваёй мацi. Хлопчык падобны на мяне, але адначасна ўзяў усё сама прыгожае ад Новы. Дарэчы, калi я толькi прачынiў дзверы, Нова сустрэла мяне пагрозлiвым рыкам. Яна таксама чуе небяспеку. Выставiўшы перад сабою скурчаныя пальцы, яна ўскочыла на ногi, гатовая разадраць ворага, але потым пазнала мяне i супакоiлася. Перакананы, што, стаўшы маткаю, Нова адразу ўзнялася яа некалькi прыступак эвалюцыi. Цьмяная iскрынка розуму ў яе вачах змянiлася нязгасным агнём. Я з захапленнем i пяшчотаю цалаваў свайго сына, стараючыся не думаць пра хмары, што ўжо збiралiся над нашымi галовамi.

Ён вырасце чалавекам, сапраўдным чалавекам - у гэтым я не сумняваюся. Розум свецiцца ў кожнай яго рысачцы, у кожным позiрку. Мне ўдалося зноў запалiць у чалавечым родзе гэтай планеты святое полымя думкi. Дзякуючы мне цывiлiзацыя людзей Сароры адродзiцца i зноў дасягне росквiту. Калi мой сын вырасце, ён стане заснавальнiкам цэлага роду...

Калi мой сын вырасце! Мяне пачынае калацiць пры адной толькi думцы пра тое, у якiх умовах ён цяпер знаходзiцца i якiя выпрабаваннi чакаюць яго яшчэ. Але мы ўтраiх пераможам любыя перашкоды, я ўпэўнены. Так, менавiта ўтраiх, я не памылiўся, бо Нова цяпер ужо зусiм не тая, якая была раней. Каб упэўнiцца ў гэтым, досыць паглядзець, як яна любуецца сваiм дзiцёнкам. Праўда, яна яго ўсё яшчэ вылiзвае, як усе чалавечыя маткi на Сароры, але твар у яе пры гэтым асэнсаваны.

Я паклаў дзiця на салому. Ведама, гэта сапраўдны чалавек. Праўда, ён яшчэ не гаворыць, але... пра што гэта я, яму ўсяго толькi тры днi, але ён загаворыць. Ён ужо плача цiхенька, менавiта плача, як зямное дзiця, а не скуголiць, як звераня. Нова гэта выдатна разумее i не спускае з сына захопленых вачэй.

Зiра таксама бачыць, што гэты маленькi чалавечак незвычайны. Яна наблiзiлася да нас, яе валасатыя вушы насцярожана ўзнялiся, - i моўчкi разглядвае дзiця. Выгляд у яе заклапочаны. Потым дае мне зразумець, што я мушу як мага хутчэй пайсцi адсюль. Калi б мяне заспеў тут хто iншы, гэта магло б дрэнна скончыцца для нас усiх. Зiра абяцае паклапацiцца пра майго сына, i я ведаю, што яна стрымае слова. Але я не магу не ведаць i таго, што яе самую ўжо падазраюць у хаўруснiцтве са мною, i дрыжу ад адной думкi, што яе могуць у любы момант звольнiць. Не, я не маю права прымушаць яе гэтак рызыкаваць!

Развiтаўшыся з Новаю i сынам, я iду да выхаду. Каля дзвярэй азiраюся яшчэ раз i бачу, што шымпанзэ таксама наблiзiлася да маленькага чалавечка, цiхенька дакранулася вуснамi да яго лобiка i толькi пасля гэтага зачынiла клетку. I Нова нават не пратэстуе! Яна прымае гэтую праяву пяшчоты да яе дзiцяцi як натуральную. Памятаючы, з якой нянавiсцю сустракала яна Зiру раней, я бачу ў гэтым новы цуд.

Мы выходзiм з пакоя. У мяне дрыжаць рукi i ногi, i я заўважаю, што Зiра ўсхваляваная не менш за мяне.

- Улiс! - усклiкае яна, выцiраючы слёзы. - Часам мне здаецца, што гэта i маё дзiця!

Раздзел Х

Зрэдку я лiтаральна прымушаю сябе наведваць прафесара Антэля, але з кожным разам гэтыя вiзiты робяцца ўсё больш пакутлiвыя. Прафесар па-ранейшаму ў iнстытуце, але яго прыйшлося забраць з камфартабельнага пакоя, у якiм яго размясцiлi па маёй просьбе. Там Антэль хутка марнеў, да таго ж, у яго пачалiся прыступы дзiкай лютасцi, у час якiх ён рабiўся небяспечны, кiдаўся кусаць санiтараў. Тады Карнэлiй вырашыў ужыць да яго iншы рэжым: загадаў пасялiць прафесара ў звычайнай клетцы з саламянаю падсцiлкаю i даць яму сяброўку, тую самую жанчыну, з якой прафесар спаў у заалагiчным садзе. Антэль сустрэў старую знаёмую з шумнай радасцю шчаслiвага звера i адразу ж рэзка змянiў паводзiны зноў адчуў смак жыцця.

У такой вось кампанii сустракаюся я з iм цяпер. Выгляд у яго шчаслiвы. Ён папаўнеў i памаладзеў. Я з сiл выбiваюся, каб наладзiць з iм кантакт, але марна. Вось i сёння спрабую зноў. Але прафесара цiкавяць толькi пiражкi, якiя я яму прыношу. Спустошыўшы пакет, ён адварочваецца ад мяне, выпростваецца побач са сваёй сяброўкаю, i тая пачынае аблiзваць яму твар.

- Вось бачыце, розум можа не толькi развiцца, але i згаснуць, - шэпча нехта за маёй спiнаю.

Гэта Карнэлiй. Выяўляецца, ён мяне шукаў, але зусiм не дзеля таго, каб пагаманiць пра прафесара. У яго да мяне вельмi сур'ёзная справа. Я iду за iм у яго кабiнет, дзе нас чакае Зiра. У яе чырвоныя вочы, усё роўна як яна доўга плакала. Мабыць, Карнэлiй i Зiра ведаюць важную для мяне навiну, але нi ён, нi яна не рашаюцца паведамiць яе мне.

- Што-небудзь з сынам? - не вытрымлiваю я.

- Ён добра сябе адчувае, - таропка адказвае Зiра.

- Вельмi добра, - дадае бурклiва Карнэлiй.

Я i сам ведаю, што сын у мяне цудоўны, але вось ужо месяц, як я яго не бачыў. Догляд за iм стаў яшчэ стражэйшы. Зiра апынулася пад падазрэннем iнстытуцкага кiраўнiцтва, i цяпер сочаць за кожным яе крокам.

- Вельмi-вельмi добра! - паўтарае Карнэлiй. - Ён усмiхаецца. Плача, як дзiцёнак малпы... I пачынае гаварыць.

- У тры месяцы?!

- О, гэта ўсяго толькi дзiцячы лепет, але ўсё выдае на тое, што хлопчык будзе гаварыць. Да таго ж ён увогуле развiваецца надзвычай хутка.

Я надзiмаюся ад гонару. Але Зiру абурае мой шчаслiвы выгляд бацькi такога выдатнага дзiцяцi.

- Няўжо ты не разумееш, што гэта катастрофа?! Цяпер яго нiзашто не выпусцяць на волю!

- Мне стала вядома ад надзейнага чалавека, - кажа Карнэлiй, - што праз два тыднi адбудзецца пасяджэнне Вялiкага Савета, прысвечанае вашаму дзiцяцi, i будзе прынята важнае рашэнне.

- Важнае рашэнне?

- Вельмi важнае. Пра тое, каб знiшчыць яго, гаворка не iдзе. Ва ўсякiм разе, пакуль што. Але яго адымуць ад мацi.

- А я, я змагу яго бачыць?

- А гэта ўжо абсалютна немагчыма!.. Але дазвольце мне дагаварыць, няўмольна адчаканьвае шымпанзэ. - Мы сабралiся тут не дзеля таго, каб плакаць, а каб дзейнiчаць. Дык вось. Першае, што мы ўжо дакладна ведаем, гэта тое, што вашага сына iзалююць i будуць строга захоўваць. Арангутаны. Так, Заюс доўно iнтрыгуе i цяпер дасягне сваёй мэты. - Тут Карнэлiй гнеўна сцiснуў кулакi i прамармытаў скрозь зубы некалькi слоў, прывесцi якiя тут немагчыма. Заўважце, Вялiкi Савет выдатна разумее, чаго варты гэты крэтын як вучоны, але ўсе робяць выгляд, нiбыта вераць, што ён i праўда зможа даследаваць такi ўнiкальны выпадак лепш за мяне. Робяць выгляд, бо гэты выпадак расцэньваецца як пагроза ўсёй нашай расе. Яны разлiчваюць, што Заюс здолее лiквiдаваць гэтую небяспеку.

Я здранцвеў. Не дай бог, каб мой сын трапiў у лапы да гэтага небяспечнага iдыёта! Але Карнэлiй яшчэ не скончыў:

- Сама страшнае, што пагроза навiсла не толькi над вашым сынам.

Не могучы вымавiць нi слова, я паглядзеў на Зiру, але тая адно кiвае.

- Арангутаны вас ненавiдзяць, таму што вы з'яўляецеся жывым доказам памылковасцi ўсiх iх тэорый, а гарылы лiчаць вас занадта небяспечным, каб пакiдаць на волi. Яны баяцца, каб вы не сталi пачынальнiкам новай чалавечай расы на нашай планеце. Але нават калi адкiнуць такую магчымасць, яны ўсё роўна баяцца, што адна ваша прысутнасць на Сароры ўзбаламуцiць нашых людзей. Шэраг назiранняў адзначае незвычайнае ўзбуджэнне сярод падвопытных, з якiмi вы кантактуеце.

Але, гэта праўда. У час майго апошняга наведвання залы з клеткамi я сам заўважыў, што паводзiны палонных прыкметна змянiлiся. Выдае на тое, што нейкi таямнiчы iнстынкт папярэдзiў iх пра дзiвоснае нараджэнне майго сына. Яны вiталi мяне доўгiм улюлюканнем.

- Карацей кажучы, - падводзiць рысу Карнэлiй, - я вельмi баюся, што праз два тыднi Вялiкi Савет прыме рашэнне знiшчыць вас... або прынамсi выдалiць частку мозгу пад выглядам навуковага эксперыменту. Што ж датычыць Новы, то думаю, што i яе пастараюцца абясшкодзiць, бо яна надта доўга была побач з вамi.

Не, гэта немагчыма! Я ж ужо паверыў у сваю ледзь не боскую мiсiю - i раптам такое... Умомант я быў скiнуты з нябёсаў на зямлю. Мяне агарнуў жудасны адчай.

- Карнэлiй правiльна зрабiў, што нiчога ад цябе не ўтоiў, - сказала Зiра, кладучы мне на плячо руку. - Але ён не сказаў яшчэ, што мы не пакiнем цябе. Мы вырашылi ўратаваць вас усiх траiх, i ў гэтым нам дапамогуць некалькi нашых сяброў, мужныя шымпанзэ.

- Але што я магу зрабiць? Я, чалавек сярод малпаў!

- Трэба ўцякаць. Трэба пакiнуць Сарору, куды б табе лепей было i зусiм не прылятаць. Вяртайся да сябе на Зямлю. Толькi так можна ўратаваць цябе i твайго сына.

Голас у Зiры задрыжаў, здавалася, яна зараз заплача. Усё ж такi яна ставiлася да мяне яшчэ лепш, чым я мог падумаць. Смутак яе бы працяў мяне. Невыносна балюча думаць, што, пакiнуўшы Сарору, нiколi больш не спаткаюся з Зiраю.

- Але як мне ўцячы з Сароры?

- Зiра мае рацыю, - пачаў адказваць Карнэлiй. - Выйсце ў вас адзiнае уцячы з нашай планеты. Я абяцаў дапамагчы вам i стрымаю слова, нават калi гэта загубiць маю кар'еру. Да таго ж, дапамагаючы вам, я выконваю свой абавязак малпы. Калi нам пагражае небяспека, то яе ўжо не стане, як толькi вы пакiнеце Сарору... Вы неяк казалi мне, што ваш касмiчны карабель не пашкоджаны i што вы змаглi б вярнуцца на iм назад на Зямлю?

- Але, - адказаў я. - У зоркалёце дастаткова палiва, кiслароду i запасаў ежы i пiтва, каб дабрацца на iм да любой планеты Галактыкi. Але як дабрацца да яго?

- Ён па-ранейшаму круцiцца вакол Сароры. Адзiн з маiх сяброў-астраномаў выявiў яго i вылiчыў яго арбiту. А як да яго дабрацца... Слухайце! Роўна праз дзесяць дзён мы збiраемся запусцiць штучны спадарожнiк з жывымi iстотамi, натуральна, з людзьмi, на якiх мы хочам вывучыць уплыў некаторых вiдаў выпраменьванняў... Не перапыняйце мяне! Згодна з праграмаю павiнна быць трое падвопытных: мужчына, жанчына i дзiця.

Я адразу ж зразумеў план Карнэлiя i ацанiў яго вынаходлiвасць. Але колькi перашкод было яшчэ на нашым шляху!

- Некаторыя вучоныя, адказныя за выпуск спадарожнiка, - працягваў Карнэлiй, - мае блiзкiя сябры, i я здолеў пераканаць iх дапамагчы вам. Спадарожнiк будзе запушчаны на арбiту вашага карабля, акрамя таго, iм можна ў пэўнай ступенi кiраваць. Дарослых падвопытных навучылi выконваць прасцейшыя манеўры: у iх выпрацаваны ўмоўныя рэфлексы. Думаю, што вы будзеце нашмат больш вынаходлiвыя за iх... Наш план такi: вы ўтраiх заменiце трох падвопытных. Тут асаблiвых цяжкасцей не будзе. Як я ўжо сказаў, у нас верныя саюзнiкi, бо забойства агiднае нам, шымпанзэ. А тыя, хто не ў курсе справы, нават не заўважаць падмены.

I праўда, гэта было верагодна. Для большасцi малпаў чалавек - проста чалавек, i нiчога больш. Яны нават не заўважаюць рознiцы памiж асобнымi iндывiдуумамi.

- Вам прыйдзецца iнтэнсiўна трэнiравацца ўсе гэтыя дзесяць дзён. Вы ўпэўнены, што здолееце дасягнуць карабля?

Гэта таксама было магчыма. Але ў той момант я не думаў пра цяжкасцi i небяспекi, якiя чакалi нас наперадзе. Мiжволi маёй душою авалодаў глыбокi смутак: мне ж прыйдзецца назаўсёды пакiнуць Сарору, развiтацца з Зiраю i маiмi братамi на гэтай планеце, так, маiмi чалавечымi братамi! У дачыненнi да сарорскiх людзей я адчуваў сябе дэзерцiрам. Аднак спачатку я павiнен быў уратаваць майго сына i Нову. Але я яшчэ вярнуся! Так, я вярнуся, пакляўся я перад сабою, згадаўшы палонных людзей у клетках, вярнуся, калi на руках у мяне будуць iншыя козыры!

Я так расхваляваўся, што прамовiў апошнiя словы ўголас.

- Праз чатыры-пяць гадоў вашага асабiстага часу, смелы касманаўт, усмiхнуўся Карнэлiй, - але толькi праз тысячу з лiшкам гадоў для нас, дамаседаў. Не забывайце, мы ж таксама распрацавалi тэорыю адноснасцi. Карацей... я абмяркоўваў гэтае пытанне з маiмi сябрамi-шымпанзэ, i мы вырашылi рызыкнуць.

Неўзабаве мы развiталiся, дамовiўшыся сустрэцца заўтра. Зiра выйшла першая. Затрымаўшыся на хвiлiну, я скарыстаўся гэтым, каб горача падзякаваць Карнэлiю. Сам сабе я думаў: чаму ён робiць усё гэта? Нiбыта прачытаўшы мае думкi, Карнэлiй адказаў:

- Дзякуйце Зiры. Гэта ёй вы абавязаны жыццём. Калi б не яна, не ведаю, цi стаў бы я так шчыраваць i рызыкаваць. Але паспрабуй я стаць саўдзельнiкам забойства, Зiра не даравала б мне гэтага нiколi... Апроч таго...

Карнэлiй замяўся. Пераканаўшыся, што Зiра чакае ў калiдоры, адкуль ёй нiчога не было чуваць, ён нахiлiўся да мяне i хутка i цiха сказаў:

- Апроч таго, i мне i ёй будзе лепш калi вы знiкнiце з нашай планеты.

Карнэлiй прычынiў за мною дзверы. Мы засталiся з Зiраю адны. Ступiўшы побач з ёю некалькi крокаў па калiдоры, я прашаптаў:

- Зiра!

Спынiўшыся, я прытулiў яе да сябе. Яна была ўсхваляваная не менш за мяне. Слёзы кацiлiся ў яе па пысачцы, пакуль мы стаялi, цесна абняўшыся. О божа, якая мне была справа да гэтай жудаснай цялеснай абалонкi! Душа мая злiвалася з яе душою! Я заплюшчыў вочы, каб не бачыць яе жудаснага твару, якi ад хвалявання стаў яшчэ больш гiдкi. Я адчуваў, як яе цела дрыготка прыцiснулася да майго. Прымусiўшы сябе, я прыцiснуўся шчакою да яе шчакi. Але ў той самы момант, калi мы ўжо былi гатовыя пацалавацца, як двое закаханых, Зiра раптам iнстынктыўна адхiнулася i з сiлаю адштурхнула мяне.

Ашаломлены, я стаяў, не ведаючы, што i рабiць, а яна, гэтая брыдкая шымпанзэ, схавала сваю пысу ў доўгiя валасатыя лапы i з адчаем, рыдаючы, аб'явiла:

- Дарагi мой, гэта немагчыма! Даруй мне, я не магу, не магу! Дальбог, ты занадта брыдкi!

Раздзел ХI

Усё скончана! Я зноў у космасе, на борце нашага зоркалёта, якi, быццам камета, iмчыцца да Сонечнай сiстэмы з хуткасцю, што ўзрастае з кожнай секундаю.

Я не адзiн. Са мною Нова i Сiрыус, дзiця нашага мiжзорнага кахання. Ён умее ўжо гаварыць "тата", "мама" i багата iншых слоў. Апроч таго, у нас на караблi пара курэй, пара трусоў i зерне сама рознай збажыны - усё, што вучоныя Сароры памясцiлi ў спадарожнiк, каб вывучыць уплыў касмiчных прамянёў на розныя арганiзмы i раслiны. Усё гэта нам спатрэбiцца.

План Карнэлiя быў выкананы адмыслова. Нiхто не заўважыў, як мы замянiлi тройку паддоследных. Жанчына заняла месца Новы ў iнстытуце, дзiця перададуць Заюсу. Гэты дурань хутка давядзе, што чалавечы дзiцёнак не здольны размаўляць, а значыцца, з'яўляецца звычайнай жывёлiнай. Можа, пасля гэтага мяне перастануць лiчыць небяспечным i пакiнуць у жывых мужчыну, якi замянiў мяне i якi таксама нiколi не загаворыць. Малаверагодна, што малпы западозраць падмену. Арангутаны, як я ўжо казаў, не могуць адрознiць аднаго чалавека ад другога. Заюс будзе трыумфаваць. Карнэлiя, магчыма, чакаюць сякiя-такiя непрыемнасцi, але ўсё хутка забудзецца... Ды што я кажу! Усё ўжо забылася, бо за тыя некалькi месяцаў, што мы ляцiм у космасе, на Сароры прайшлi стагоддзi! Нават мае ўспамiны i тыя сцiраюцца, пакуль шырыцца пропасць прасторы i часу, што аддзяляе нас ад Бетэльгейзе. Спачатку вялiзная зорка стала падобная на мяч, потым на апельсiн i нарэшце ператварылася ў адну з маленькiх зiхоткiх кропак на бясконцым, густа ўсеяным такiмi ж самымi кропкамi небе. Гэтак i з маiмi сарорскiмi згадкамi.

Трэба быць вар'ятам, каб пакутаваць на маiм месцы ад згрызотаў сумлення. Мне ўдалося выратаваць дарагiх мне людзей. Пра што мне шкадаваць? Зiра? Але, Зiра. Толькi пачуццё, якое звязвала нас, не мае нават назвы - нi на Зямлi, нi на якой iншай планеце. Нашае расстанне было непазбежнае. Напэўна, Зiра неўзабаве знайшла спакой, выйшаўшы замуж за Карнэлiя i выхоўваючы дзяцей-шымпанзэ. Прафесар Антэль? Халера з iм, з прафесарам! Я нiчым больш не мог дапамагчы яму, а ён, мусiбыць, здолеў нарэшце знайсцi цiкавае яму вырашэнне праблемы шчасця. Толькi сам я часам уздрыгваю ад думкi пра тое, што, каб не Зiра, я ў ягоных умовах таксама мог бы апусцiцца гэтак жа нiзка.

Стыкоўка спадарожнiка з зоркалётам прайшла выдатна. Манеўруючы спадарожнiкам, я здолеў наблiзiцца паступова да карабля i ўвайсцi ў ангар, пакiнуты адчыненым, каб туды мог вярнуцца наш катэр. Пасля гэтага робаты зачынiлi ангар. Мы апынулiся на борце зоркалёта. А на Сароры нашы сябры аб'явiлi, што спадарожнiк не выйшаў на зададзеную арбiту i яго давялося ўзарваць.

Па нашым лакальным часе мы ляцiм ужо больш як год. Зоркалёт дасягнуў хуткасцi святла - у бясконца малым наблiжэннi, - пераадолеў за некалькi гадзiн фантастычную адлегласць, i цяпер ужо iдзе перыяд тармажэння, якi прадоўжыцца яшчэ год. Я не перастаю любавацца маёй слаўнай сям'ёю.

Нова выдатна пераносiць падарожжа. Яна ўсё больш прыкметна разумнее. Мацярынства ператварыла яе да непазнавальнасцi. Яна з цiхамiрнай усмешкаю гадзiнамi ўзiраецца ў нашага сына, якi выявiў сябе нашмат лепшым за мяне педагогам. Словы, якiя прамаўляе ён, Нова паўтарае амаль без памылак. Са мною яна яшчэ гаварыць не можа, але мы выпрацавалi сiстэму жэстаў, якая дазваляе нам разумець адно аднаго. Мне здаецца, што я ведаў Нову ўсё маё жыццё. Што ж да Сiрыуса, дык гэта жамчужына ўсiх сусветаў. Яму ўжо паўтара гады. Нягледзячы на павышаную сiлу прыцягнення, ён разгульвае па караблi i бясконца лапоча. Мне не церпiцца паказаць яго людзям Зямлi.

Сёння ўранку я адчуў незвычайнае хваляванне, заўважыўшы, што Сонца стала набываць бачныя абрысы. Цяпер яно падобнае на бiльярдны шар i спакваля жаўцее. Я паказаў яго Сiрыусу i Нове. Тлумачу iм, што гэта - галоўная зорка iх новага свету, i яны мяне разумеюць. Сiрыус ужо гаворыць даволi хутка, i Нова амаль гэтаксама. Яны прыйшлi да гэтага амаль адначасна. О цуд мацярынства, цуд, творцам якога стаў я! У мяне не было магчымасцi абудзiць усiх людзей Сароры ад жывёльнай апатыi, але вопыт з Новаю ўдаўся блiскуча.

Сонца няспынна павялiчваецца. Я ўжо спрабую разгледзець у тэлескоп планеты i даволi лёгка арыентуюся. Вось Юпiтэр, Сатурн, Марс... а вось i Зямля. Зямля!

Слёзы льюцца ў мяне з вачэй. Трэба пажыць столькi i так, як я на планеце малпаў, каб зразумець мае пачуццi... Прайшло ўжо семсот гадоў, як я пакiнуў Зямлю, i я ведаю, што не ўбачу ўжо нi бацькоў, нi сяброў, але як жа хочацца ўбачыць людзей!

Дапаўшы да iлюмiнатараў, мы глядзiм на Зямлю, якая ўсё наблiжаецца i наблiжаецца. Ужо не патрэбен тэлескоп, каб разгледзець мацерыкi. Карабель выходзiць на арбiту.

Цяпер мы круцiмся вакол маёй роднай планеты. Бачу, як праплываюць пад намi Аўстралiя, Амерыка... i, нарэшце, Францыя. Мы абдымаемся са слязьмi радасцi.

Мы ўсаджваемся ў другi катэр, якi быў у нас на борце, i пакiдаем карабель. Усе разлiкi былi зроблены загадзя так, каб мы маглi прызямлiцца на маёй радзiме, спадзяюся, непадалёк ад Парыжа.

Мы ўваходзiм у атмасферу. Уступаюць у дзеянне тармазныя ракеты. Нова з усмешкаю пазiрае на мяне. Яна ўжо даўно ўмее i ўсмiхацца i плакаць. Мой сын з зiхоткiмi ад захаплення вачыма працягвае свае маленькiя ручкi да iлюмiнатара. Пад намi Парыж. Я адразу ж пазнаю яго па Эйфелевай вежы.

Пераходжу на ручное кiраванне, каб прызямлiцца як мага больш дакладна. О цуд тэхнiкi! Праз сем стагоддзяў мне ўдаецца сесцi на аэрадроме Арлi - ён не надта змянiўся, - на самым краi поля, досыць далёка ад будынка аэрапорта. Нас павiнны былi заўважыць, застаецца толькi яшчэ крыху пачакаць.

Ад будынкаў аэрапорта аддзялiлася машына, яна iмчыцца да нас. Я поўнасцю выключаю рухавiкi. Мяне ажно трасе ад нецярпення. Якое ж уражанне зробяць на маiх зямных братоў мае сарорскiя прыгоды! Спачатку, напэўна, яны мне i не павераць. Але ў мяне ёсць доказы - Нова, сын!

Машына вырастае на вачах.

Я, вядома, спадзяваўся на больш урачысты прыём - небагата народу з'явiлася нас сустракаць. У машыне, здаецца, усяго толькi два чалавекi. Ну i дурань жа я: адкуль iм ведаць пра маё вяртанне! Дый аэрадром, напэўна, цяпер другарадны: на полi адзiн самалёт i той стары.

Так, iх двое. Пакуль што я бачу iх дрэнна: ад шкла машыны адсвечвае сонца, i шкло бруднае. Кiроўца i пасажыр - ён у форме, мабыць, афiцэр, бо я разгледзеў блiскучыя нашыўкi.

Машына спыняецца метраў за пяцьдзесят ад нас.

Я бяру сына на рукi i выходжу з катэра, за намi нерашуча ступае на зямлю Нова. Яна трохi баiцца, але страх хутка пройдзе.

З машыны выходзiць кiроўца. Ён стаiць спiнаю да нас, я не магу разгледзець яго праз высокую траву, што расце на полi памiж машынаю i катэрам. Вось ён адчыняе дзверцы, каб выйшаў пасажыр. Я не памылiўся, гэта афiцэр, не менш як маёр, я выразна бачу, як блiшчаць нашыўкi. Ён саскочыў на зямлю. Вось ён ступае некалькi крокаў нам насустрач, выходзiць з высокай травы i паўстае перад намi ва ўвесь свой рост.

З дзiкiм крыкам Нова вырывае ў мяне з рук сына i iмгненна хаваецца з iм у катэры, а я стаю, зусiм здранцвелы, i не магу нi паварушыцца, нi вымавiць слова. Дык вось чаму тут адзначаныя мною раней машынальна такiя старыя самалёт i машына, якiм ужо даўно месца ў музеi...

Перада мною гарыла".

Раздзел ХII

Фiлiс i Джын адначасова ўзнялi схiленыя над рукапiсам галовы i доўга ў маўчаннi глядзелi адно на аднаго.

- Прыгожая мiстыфiкацыя! - прагаварыў нарэшце Джын, спрабуючы бесклапотна засмяяцца.

Але Фiлiс заставалася ў задуменнi. Некаторыя фрагменты гiсторыi ўсхвалявалi яе - яна адчула ў iх шчырасць. Пра што i сказала сябру.

- Гэта даказвае, - запярэчыў Джын, - што паэты ёсць усюды, у кожным кутку сусвету. I жартаўнiкi таксама.

Фiлiс зноў задумалася. Довад Джына не пераканаў яе. I ўсё ж, уздыхнуўшы, яна згадзiлася:

- Ты маеш рацыю, Джын. Я думаю гэтаксама ж. Разумныя людзi? Людзi, надзеленыя мудрасцю? Не, гэта немагчыма: тут аўтар перайшоў усялякiя межы. Але шкада iх!

- Цалкам з табою згодны. А цяпер час ужо вяртацца.

Ён распусцiў ветразь, падставiўшы ўсю яго паверхню светлавым патокам трох сонцаў. Пасля пачаў перасоўваць шматлiкiя рычажкi кiравання, спрытна карыстаючыся ўсiмi чатырма рукамi. А Фiлiс энергiчна патрэсла валасатымi вушамi, выняла пудранiцу i, паколькi порт быў ужо блiзкi, лёгкай ружовай пухоўкаю прыпудрыла пысачку, дбаючы пра сваю прыгажосць шымпанзэ.

Комментарии к книге «Планета малпаў», Пьер Буль

Всего 0 комментариев

Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства