«Выродлiвы хлапчук»

2030

Описание



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Як заўсёды, перш чым адчынiць наглуха зачыненыя дзверы, Эдзiт Фэлоўз паправiла свой рабочы халат i толькi пасля таго пераступiла тую нябачную лiнiю, што аддзяляла рэальны свет ад свету несапраўднага. Пры ёй былi нататнiк i асадка, хоць з пэўнага часу яна не вяла больш сiстэматычных запiсаў, робячы iх толькi пры пiльнай патрэбе.

На гэты раз яна несла з сабою i чамадан. «Гэта гульнi хлопчыкам», усмiхнуўшыся, растлумачыла яна вартаўнiку, якi даўным-даўно ўжо не задаваў ёй нiякiх пытанняў i толькi махнуў рукою, прапускаючы яе.

Як звычайна, выродлiвы хлапчук адразу пачуў яе прыход i, плачучы, кiнуўся ёй насустрач.

— Мiс Фэлоўз, мiс Фэлоўз, — мармытаў ён, вымаўляючы словы глуха, не зусiм выразна, ва ўласцiвай аднаму яму манеры.

— Што здарылася, Цiмi? — спыталася яна, правёўшы рукою па яго страхалюднай галоўцы, зарослай густымi рудымi кудламi.

— Джэры вернецца, каб зноў гуляць са мной? Мне вельмi сорамна за тое, што адбылося.

— Не думай больш пра гэта, Цiмi. З-за гэтага ты i плачаш?

Ён адвярнуўся.

— Не зусiм, мiс Фэлоўз. Проста я зноў бачыў сон.

— Зноў той самы сон? — Мiс Фэлоўз сцяла зубы.

Вядома ж, гiсторыя гэтая з Джэры павiнна была выклiкаць у Цiмi стары сон.

Ён кiўнуў, спрабуючы ўсмiхнуцца, i яго шырока расцягнутыя, выкручаныя вусны агалiлi занадта вялiкiя зубы.

— Калi ж я, нарэшце, вырасту настолькi, каб выйсцi адсюль, мiс Фэлоўз?

— Хутка, — пяшчотна адказала яна, адчуваючы, як сцiскаецца яе сэрца, хутка.

Мiс Фэлоўз дазволiла Цiмi ўзяць яе за руку i з задавальненнем адчула цёплы дотык грубай сухой скуры ягонай далонi. Ён павёў яе праз пакоi, з якiх складалася Першая Секцыя Стасiса, пакоi, несумненна, даволi камфартабельныя, але якiя тым не менш былi для сямiгадовага (а цi сямiгадовага?) вырадка месцам вечнага зняволення.

Ён падвёў яе да акна, якое выходзiла на зарослую нiзкiм хмызняком лясiстую мясцовасць, схаваную цяпер начной iмглою. Не вiдаць было адсюль i прымацаваных да агароджы аб'яў, якiя забаранялi кожнаму, хто б той нi быў, наблiжацца сюды без спецыяльнага дазволу.

Прыцiснуўшыся носам да шыбы, ён сказаў:

— Я змагу туды выйсцi, мiс Фэлоўз?

— Ты ўбачыш мясцiны намнога лепшыя, прыгажэйшыя, чым гэтыя, — журботна адказала яна, гледзячы на няшчасны твар маленькага нявольнiка.

На яго нiзкi скасабочаны лоб пучкамi звiсалi зблытаныя пасмы валасоў. На патылiцы быў вялiкi выступ, галава дзiцяцi здавалася празмерна цяжкай, хiлячыся наперад, яна прымушала яго горбiцца. Ужо пачалi разрастацца, расцягваючы скуру, надброўныя дугi. Яго масiўны рот намнога больш выдаваўся наперад, чым шырокi прыплюснуты нос, а падбародка не было i ў зародзе — толькi скiвiчная костка, апушчаная ўнiз. Як на свой узрост быў ён занадта малы, крываногi i няўклюдны.

Гэта быў неверагодна выродлiвы хлопчык, i Эдзiт Фэлоўз яго вельмi любiла.

Вусны яе задрыжалi — яна магла дазволiць сабе цяпер такое, бо яе твар быў па-за полем зроку дзiцяцi.

Не, яны не заб'юць яго. Яна пойдзе на ўсё, каб перашкодзiць гэтаму. На ўсё. Яна адчынiла чамадан i пачала вымаць адтуль адзенне хлопчыку…

* * *

Эдзiт Фэлоўз упершыню пераступiла парог акцыянернай кампанii «Стасiс Iнкарпарэйтэд» крыху больш трох гадоў таму назад. Тады ў яе не было нiякусенькага ўяўлення пра тое, што хавалася за гэтаю назваю. Зрэшты, гэтага ў той час не ведаў нiхто, за выключэннем тых, хто там працаваў. I сапраўды, ашаламляльнае паведамленне ўзрушыла свет толькi на другi дзень пасля яе прыходу. А незадоўга да гэтага яны далi ўсяго толькi лаканiчную аб'яву, у якой запрашалi на работу жанчыну, што валодае ведамi ў галiне фiзiялогii, вопытам у медыцынскай хiмii i якая любiць дзяцей. Эдзiт Фэлоўз працавала медсястрой у радзiльным аддзяленнi i таму прыйшла да вываду, што яна адпавядае ўсiм гэтым патрабаванням.

Джэральд Хоскiнс, доктар фiзiчных навук, пра што сведчыла замацаваная на яго пiсьмовым стале пласцiнка з адпаведным запiсам, пацёр шчаку вялiкiм пальцам i пачаў уважлiва яе разглядаць.

Iнстынктыўна сцяўшыся, мiс Фэлоўз адчула, што ў яе пачынае торгацца твар.

Сам жа ён зусiм не прыгажун, з крыўдаю падумала яна, лысее, паўнее, ды i вусны ў яго нейкiя панурыя, замкнутыя… Але паколькi сума, прапанаваная за работу, аказалася намнога вышэйшая за тую, на якую яна разлiчвала, мiс Фэлоўз вырашыла не спяшацца з вывадамi…

— Значыць, вы сапраўды любiце дзяцей? — спытаўся Хоскiнс.

— Iнакш я не стала б прытварацца.

— А можа быць, вы любiце толькi харошанькiх дзяцей? Гэтакiх прывабных херувiмчыкаў з малюсенькiмi носiкамi?

— Дзецi заўсёды застаюцца дзецьмi, доктар Хоскiнс, — адказала мiс Фэлоўз, — i здараецца, што менавiта непрыгожыя дзецi больш за iншых маюць патрэбу ў падтрымцы.

— Дапусцiм, што мы возьмем вас…

— Вы хочаце сказаць, што згодны наняць мяне?

На яго шырокiм твары мiльганула ўсмешка, надаўшы яму на нейкае iмгненне дзiўную прывабнасць.

— Я хутка прымаю рашэннi, — сказаў ён. — Пакуль што я нiчога не прапаноўваю вам, i можа стацца, што адпушчу вас нi з чым. А самi вы гатовы прыняць маю прапанову?

Сцiснуўшы рукамi сумачку, мiс Фэлоўз з усёй хуткасцю, на якую яна была здольная, стала падлiчваць моўчкi тыя выгоды, якiя абяцала ёй новая работа, але, падпарадкоўваючыся раптоўнаму iмпульсу, адкiнула раптам усе разлiкi.

— Так.

— Цудоўна. Сёння вечарам мы збiраемся пусцiць Стасiс у ход, i я думаю, што вам неабходна прысутнiчаць пры гэтым, каб адразу ж прыступiць да сваiх абавязкаў. Гэта адбудзецца ў восем гадзiн вечара, i я спадзяюся, што ўбачу вас тут у сем трыццаць.

— Але, што…

— Добра, добра. Пакуль усё…

Па сiгналу ўвайшла сакратарка i, усмiхаючыся, правяла яе з кабiнета.

Выйшаўшы, мiс Фэлоўз нейкi час моўчкi глядзела на зачыненыя дзверы, за якiмi застаўся мiстэр Хоскiнс. Што такое Стасiс? Якiя адносiны да дзяцей мае гэты вялiзны, падобны на адрыну, будынак, служачыя з незразумелымi значкамi на адзеннi, доўгiя калiдоры i тая характэрная атмасфера менавiта тэхнiчнага прадпрыемства, якую нi з чым нельга зблытаць?

Яна пыталася ў сябе, цi варта вяртацца сюды вечарам, цi не лепш не прыходзiць зусiм i тым самым правучыць гэтага чалавека за яго пагардлiвую паблажлiвасць. Але ў той самы час яна не сумнявалася, што вернецца, хоць бы толькi з незадаволенай цiкаўнасцi. Яна павiнна высветлiць, пры чым жа тут усё-такi дзецi.

Калi роўна а палове восьмай яна зноў прыйшла, то адразу звярнула ўвагу на тое, што ёй не спатрэбiлася нiчога пра сябе паведамляць. Усе, хто трапляўся ёй на дарозе, як мужчыны, так i жанчыны, здавалася, вельмi добра ведалi не толькi тое, хто яна, але i характар яе будучай работы. Яе адразу правялi ў будынак.

Яна ўбачыла доктара Хоскiнса, але той, мелькам зiрнуўшы на яе i невыразна назваўшы яе iмя, нават не запрасiў яе сесцi. Яна сама спакойна падсунула да парэнчаў крэсла i села.

Яны былi на балконе, з якога адкрываўся вiд на вялiзную шахту, запоўненую нейкiмi прыборамi, падобнымi на штосьцi сярэдняе памiж пультам кiравання касмiчнага карабля i кантрольнай панеллю электроннай лiчыльнай машыны.

У другой частцы шахты ўзвышалiся перагародкi, якiя служылi сценамi для кватэры без столi. Гэта быў як бы гiганцкi лялечны домiк, унутранае абсталяванне якога праглядвалася як на далонi з таго месца, дзе сядзела мiс Фэлоўз.

Яна выразна бачыла ў адным з пакояў электронную плiту i халадзiльную ўстаноўку, а ў другiм — абсталяванне ваннай. А прадмет, якi ёй удалося разгледзець у трэцiм пакоi, мог быць толькi часткаю ложка, маленькага ложка…

Хоскiнс размаўляў з нейкiм мужчынам. Хоскiнс iх не пазнаёмiў, i мiс Фэлоўз нiчога не заставалася, як спадцiшка назiраць за iм. Гэта быў худы мужчына сярэднiх гадоў, даволi прыемнай знешнасцi, у яго былi маленькiя вусiкi i жывыя вочы, якiя, здавалася, усё бачаць.

— Я зусiм не збiраюся, доктар Хоскiнс, рабiць выгляд, што мне ўсё гэта зразумела, — гаварыў ён. — Я хачу сказаць, што разумею сёе-тое ў тых межах, якiя даступны дастаткова iнтэлiгентнаму неспецыялiсту. Але, нават улiчваючы межы маёй кампетэнцыi, я хачу заўважыць, што адзiн бок праблемы мне менш зразумелы, чым другi. Я маю на ўвазе выбарачнасць. Вы здольны прайсцi вельмi далёка, дапусцiм, гэта можна, зразумець. Чым далей вы рухаецеся, тым больш туманныя, расплывiстыя робяцца аб'екты, а гэта патрабуе вялiкай затраты энергii. Добра. Але ў той жа час вы не можаце дасягнуць больш блiзкага аб'екта. Вось гэта i ёсць загадка для мяне.

— Калi вы дазволiце мне скарыстаць аналогiю, Дэвенэй, я паспрабую паказаць вам праблему ў такiм святле, каб яна здавалася менш парадаксальнай.

Iмя незнаёмага, якое прамiльгнула ў размове, мiжволi зрабiла на мiс Фэлоўз уражанне, яна адразу здагадалася, хто ён. Гэта, вiдаць, быў сам Кандзiд Дэвенэй, якi пiсаў для тэлевiзiйных навiн нарысы на навуковыя тэмы, той Кандзiд Дэвенэй, асабiстай прысутнасцю якога былi адзначаны ўсе сама буйныя падзеi ў навуковым свеце. Цяпер ягоны твар здаўся ёй знаёмым. Вядома ж, гэта менавiта яго яна бачыла на экране, калi аб'явiлi пра пасадку касмiчнага карабля на Марс. А калi гэта сапраўды той самы Дэвенэй, то гэта магло азначаць толькi тое, што доктар Хоскiнс збiраецца зараз прадэманстраваць нешта вельмi важнае.

— Калi вы лiчыце, што гэта дапаможа, то чаму б вам i не выкарыстаць аналогiю? — спытаўся Дэвенэй.

— Ну, добра. Значыць, так: вы, безумоўна, ведаеце, што вы не зможаце чытаць кнiгу з шрыфтам звычайнага кегля, калi кнiга гэтая ад вас на адлегласцi ў шэсць футаў, але гэта адразу робiцца мажлiвым, як толькi адлегласць памiж вашымi вачыма i кнiгаю скароцiцца да фута. Як вы бачыце, у дадзеным выпадку пакуль што дзейнiчае правiла — чым блiжэй, тым лепш. Але калi вы наблiзiце кнiгу настолькi, што памiж ёю i вашымi вачыма застанецца ўсяго адзiн толькi дзюйм, вы зноў страцiце здольнасць чытаць яе. Адсюль вам павiнна быць зразумела, што iснуе такая перашкода, як вельмi вялiкая блiзкасць.

— Хм, — хмыкнуў Дэвенэй.

— А вось вам другi прыклад. Адлегласць ад вашага правага пляча да кончыка ўказальнага пальца правай рукi складае прыкладна трыццаць дзюймаў, i вы можаце свабодна дакрануцца гэтым пальцам да правага пляча. Адлегласць жа ад вашага правага локця да кончыка ўказальнага пальца той жа рукi напалову меншая, i калi кiравацца сама простай логiкай, то выходзiць, што дакрануцца правым указальным пальцам да правага локця лягчэй, чым да правага пляча, аднак жа зрабiць вы гэтага не можаце. I зноў перашкаджае тая ж занадта вялiкая блiзкасць.

— Вы дазволiце скарыстаць гэтыя аналогii ў маiм паведамленнi? — спытаў Дэвенэй.

— Калi ласка. Я буду толькi рады, я ж даволi доўга чакаў каго-небудзь накшталт вас, хто напiсаў бы пра нашу работу. Я дам вам усе неабходныя звесткi. Нарэшце-такi прыйшоў час, калi мы можам дазволiць усяму свету зазiрнуць цераз наша плячо. I свет сёе-тое ўбачыць.

Мiс Фэлоўз злавiла сябе на тым, што насуперак свайму жаданню захапляецца яго спакоем i ўпэўненасцю. У iм адчувалася вялiзная сiла.

— Якая мяжа вашых мажлiвасцей? — спытаўся Дэвенэй.

— Сорак тысяч гадоў.

У мiс Фэлоўз заняло дыханне.

— Гадоў?!

Здавалася, само паветра застыла ў напружаннi. Людзi каля пультаў кiравання амаль не рухалiся. Хтосьцi аднастайна кiдаў у мiкрафон кароткiя фразы, сэнсу якiх мiс Фэлоўз не магла ўлавiць.

Перагнуўшыся цераз парэнчы балкона, Дэвенэй уважлiва ўзiраўся ў тое, што адбывалася ўнiзе.

— Мы ўбачым што-небудзь, доктар Хоскiнс? — спытаўся ён.

— Што вы сказалi? Не, мы нiчога не ўбачым, пакуль усё не здзейснiцца. Мы выяўляем прадмет толькi ўскосна, як бы па прынцыпе радарнай устаноўкi з той рознiцай, што замест электрамагнiтных хваль мы аддаём перавагу мезонам. Пры адпаведных умовах мезоны вяртаюцца, прычым пэўная частка з iх адбiваецца ад якiх-небудзь аб'ектаў, i наша задача заключаецца ў даследаваннi характару гэтых адбiткаў.

— Мусiць, гэта даволi цяжкая задача.

На твары ў Хоскiнса прамiлынула яго звычайная ўсмешка.

— Перад вамi вынiк пяцiдзесяцi гадоў настойлiвых пошукаў. Асабiста я заняўся гэтай праблемай дзесяць гадоў таму назад. Так, усё гэта сапраўды вельмi нялёгкае.

Чалавек каля мiкрафона падняў руку.

— Ужо некалькi тыдняў мы фiксуем адзiн пэўны момант, аддалены ад нас у часе. Папярэдне разлiчыўшы свае перамяшчэннi ў часе, мы то спыняем дослед, то ўзнаўляем яго, яшчэ i яшчэ раз правяраючы нашу здольнасць з дастатковай дакладнасцю арыентавацца ў часе. Цяпер гэта павiнна спрацаваць бездакорна.

Але лоб у мiстэра Хоскiнса блiшчаў ад поту. Мiс Фэлоўз раптам заўважыла, што яна машынальна пакiнула сваё крэсла i таксама стаiць каля парэнчаў, але глядзець пакуль што не было на што.

— Зараз, — спакойна вымавiў чалавек каля мiкрафона.

Наступiла цiшыня, якая цягнулася роўна столькi, колькi патрабуецца часу на адзiн уздых, i з лялечнага домiка пачуўся прарэзлiвы лямант насмерць перапужанага дзiцяцi.

— Жах! Невыказны жах!..

Мiс Фэлоўз павярнула галаву на крык. Яна забылася, што ва ўсё гэта ўблытана дзiця.

А Хоскiнс, стукнуўшы кулаком па парэнчах, голасам, якi зусiм змянiўся i дрыжаў ад трыумфу, прамовiў:

— Атрымалася.

Мiс Фэлоўз, якую цвёрдаю рукою штурхнуў у спiну, нават не загаварыўшы з ёю, Хоскiнс, спусцiлася па кароткай вiнтавой лесвiцы ў шахту.

Тыя, хто да гэтага моманту быў каля прыбораў, сабралiся цяпер тут. Яны палiлi i, усмiхаючыся, назiралi за тройцай, што паявiлася ў галоўным памяшканнi. Ад домiка чулася слабае гудзенне.

— Уваходжанне ў Стасiс не ўяўляе нiякай небяспекi, — звярнуўся Хоскiнс да Дэвенэя. — Я сам рабiў гэта многа разоў. На нейкае iмгненне ў вас з'явiцца дзiўнае адчуванне, якое абсалютна не ўплывае на арганiзм.

Нiбы хочучы прадэманстраваць слушнасць сваiх слоў, ён увайшоў у адчыненыя дзверы. Напружана ўсмiхаючыся i чамусьцi зрабiўшы глыбокi ўдых, за iм услед рушыў Дэвенэй.

— Хадземце ж сюды, мiс Фэлоўз! — нецярплiва выгукнуў Хоскiнс i павабiў яе пальцам.

Мiс Фэлоўз кiўнула i нязграбна пераступiла парог. Усё яе цела скаланулi дрыжыкi, але, як толькi яна апынулася ў доме, адчуванне гэтае знiкла. У доме пахла свежым дрэвам i вiльготнаю глебай.

Цяпер тут было цiха, ва ўсякiм выпадку, не чуваць было голасу дзiцяцi, але затое аднекуль чуўся шоргат ног i шолах, нiбы хтосьцi мацаў дрэва. Потым пачуўся стогн.

— Дзе ж ён? — з адчаем усклiкнула мiс Фэлоўз. Няўжо гэтым дурням не рупiць, што там адбываецца?

Хлопчык быў у спальнi, цi, дакладней, у пакоi, дзе стаяў ложак.

Ён быў зусiм голы, i яго запэцканыя граззю грудзi хадзiлi хадуном. Ахапак змяшанай з граззю шорсткай травы рассыпаўся па падлозе каля яго босых рудых ног. Ад гэтае травы iшоў пах зямлi, змешаны з нейкiм смуродам.

Хоскiнс убачыў вiдавочны жах у яе вачах i злосна сказаў:

— Не было нiякай мажлiвасцi, мiс Фэлоўз, выцягнуць хлопчыка чыстым з такой глыбiнi стагоддзяў. Мы вымушаны былi захапiць дзеля яго бяспекi сёе-тое з таго, што было каля яго. Можа, вы палiчылi б за лепшае, каб ён з'явiўся сюды без нагi альбо часткi чэрапа?

— Прашу вас, не трэба! — усклiкнула мiс Фэлоўз у знямозе. — Чаму мы бяздзейнiчаем? Беднае дзiця спужалася. I яно бруднае!

I сапраўды. На хлопчыкавым целе засох бруд i нейкi тлушч, а ўсё сцягно перасякала чырвоная драпiна.

Калi Хоскiнс наблiзiўся да хлопчыка, якому на выгляд было не больш чым тры гады, той нiзка нагнуўся i хуценька адскочыў назад. Яго верхняя вусна адтапырылася, i з яго вырваўся нейкi дзiўны гук — нешта сярэдняе памiж бурчаннем i кашачым шыпеннем.

Хоскiнс iмклiвым рухам схапiў за руку дзiця, якое адчайна крычала i выкручвалася, i адарваў яго ад падлогi.

— Трымайце яго так, — сказала мiс Фэлоўз. — Перш за ўсё яму неабходна цёплая ванна. Яго трэба як след адмыць. У вас ёсць тут усё неабходнае? Калi ёсць, то папрасiце прынесцi рэчы сюды i хоць бы напачатку дапамажыце мне з iм справiцца. Апрача таго, дзеля ўсяго святога, дайце загад, каб прыбралi ўвесь гэты бруд i смецце.

Цяпер прыйшла яе пара аддаваць загады, i адчувала яна сябе ў новай ролi цудоўна. А паколькi разгубленая назiральнiца саступiла месца вопытнай медыцынскай сястры, яна зiрнула на дзiця ўжо другiмi вачыма, з пункту гледжання прафесiянала, i на нейкi мiг замерла ад збянтэжанасцi. Бруд, яго лямант, яго цела, якое выкручвалася ў марнай барацьбе, — усё гэта кудысьцi адступiла. Яна разгледзела само дзiця.

Гэта быў сама выродлiвы хлапчук з усiх, якiх ёй даводзiлася калi-небудзь бачыць. Ён увесь быў неверагодна пачварны — ад страхалюднай галавы да выгнутых колам ног.

З дапамогаю трох мужчын ёй удалося выкупаць хлопчыка.

Астатнiя ў гэты час спрабавалi прыбраць памяшканне. Яна працавала моўчкi, з пачуццём знявагi, раздражнёная крыкамi i супрацiўленнем.

Доктар Хоскiнс намякаў ёй, што дзiця будзе непрыгожае, але хто ж мог падумаць, што яно акажацца такое пачварнае. I нi мыла, нi вада не маглi да канца перабiць агiдны пах, што iшоў ад яго i толькi паступова пачаў крыху слабець.

Ёй раптам невыносна захацелася шпурнуць намыленага хлопчыка Хоскiнсу на рукi i пайсцi, але яе ўтрымлiвала прафесiйная гордасць. У рэшце рэшт яна ж сама згадзiлася на гэтую работу… Апрача таго, яна ўявiла, якiмi вачыма гляне на яе доктар Хоскiнс, уявiла яго халодны позiрк, у якiм яна прачытае непазбежнае пытанне: «Значыць, вы ўсё-такi любiце толькi прыгожых дзяцей, мiс Фэлоўз?»

Доктар Хоскiнс стаяў крыху воддаль i з халоднай усмешкаю назiраў за ёй. Калi яна сустрэлася з iм позiркам, ёй здалося, што пачуццё абражанай годнасцi, якое гарэла ў яе душы, яго проста забаўляе.

Яна тут жа вырашыла, што крыху пачакае з адыходам. Цяпер гэта толькi зняважыла б яе.

Калi скура ў дзiцяцi набыла нарэшце нiштаватае ружовае адценне i запахла духмяным мылам, яна, нягледзячы на ўсе перажываннi, адчула сябе лепш. Крычаць хлопчык ужо не мог, ён толькi стомлена скуголiў, а яго перапуджаны, насцярожаны позiрк перабягаў з аднаго твару на другi, не выпускаючы з-пад увагi нiкога ў пакоi. Тое, што ён быў цяпер чысты, толькi падкрэслiвала худзiзну яго голага цела, якое пасля ванны дрыжэла ад холадў.

— Дайце ж, нарэшце, начную сарочку дзiцяцi! — рэзка сказала мiс Фэлоўз.

У той жа мiг аднекуль з'явiлася начная сарочка. Здавалася, што ўсё было падрыхтавана загадзя, аднак нiхто не сыходзiў з месца да яе загаду, нiбы знарок пакiдаючы за ёй права распараджацца i тым самым выпрабоўваць яе.

— Я падтрымаю яго, мiс, — падышоўшы да яе, сказаў Дэвенэй. — Адна вы не справiцеся.

— Дзякую вам.

Пакуль iм удалося надзець на дзiця сарочку, яны вытрымалi сапраўдную бiтву, а калi хлопчык паспрабаваў садраць яе, мiс Фэлоўз моцна стукнула яго па руцэ.

Дзiця пачырванела, але не заплакала. Яно ўтаропiлася на яе, мацаючы няўклюднымi пальцамi фланель сарочкi, нiбы даследавала гэты невядомы яму прадмет.

«А цяпер што?» — з адчаем падумала мiс Фэлоўз.

Усе яны, нават выродлiвы хлопчык, замерлi, як бы чакаючы, што яна будзе рабiць далей.

— Вы паклапацiлiся пра ежу, пра малако? — рашуча спыталася мiс Фэлоўз.

Яны прадугледзелi i гэта. У пакой укацiлi спецыяльны перасоўны агрэгат, якi складаўся з халадзiльнага аддзялення, у якiм стаялi тры кварты малака, i награвальнага прыстасавання; у iм мелася таксама вялiкая колькасць стымулюючых сродкаў: вiтамiнiзаваныя кроплi, медна-кобальтава-жалезiсты сiроп i шмат iншых прэпаратаў, разгледзець якiя яна не паспела. Апрача таго, там быў набор дзiцячага харчу пастаяннай цеплынi.

Напачатак яна ўзяла адно толькi малако. Электронная ўстаноўка за нейкiя дзесяць секунд сагрэла яго да неабходнай тэмпературы i аўтаматычна выключылася. Яна налiла крыху малака ў сподачак, не сумняваючыся ў тым, што ўзровень дзiцяцi вельмi нiзкi i яно не ўмее карыстацца кубкам.

Мiс Фэлоўз кiўнула хлопчыку i сказала:

— Пi, ну пi. — Яна жэстам паказала яму, як паднесцi сподачак да рота. Вочы дзiцяцi сачылi за яе рухамi, але яно не зварухнулася.

Раптам яна наважылася. Схапiўшы хлопчыка за руку вышэй локця, яна апусцiла сваю свабодную руку ў малако i правяла ёю хлопчыку па вуснах — кроплi малака пацяклi па яго шчоках i падбародку.

Ён адчайна залямантаваў, але раптам змоўк i пачаў аблiзваць свае вiльготныя вусны. Мiс Фэлоўз адступiла назад.

Хлопчык наблiзiўся да сподачка, нахiлiўся да яго i, хутка азiрнуўшыся па баках, нiбы выглядаючы стоенага ворага, зноў нагнуўся да малака i пачаў яго прагна хлябтаць, як кошка. Ён нават i не спрабаваў прыпадняць сподак, а з грудзей яго вырывалiся нейкiя няпэўныя гукi.

Мiс Фэлоўз, гледзячы на ўсё гэта, не магла да канца скрыць свае пачуццi, якiя адбiлiся, вiдаць, у яе на твары, таму што Дэвенэй, зiрнуўшы на яе, сказаў:

— Доктар Хоскiнс, а сястра ў курсе таго, што адбываецца?

— У курсе чаго? — пацiкавiлася мiс Фэлоўз.

Дэвенэй завагаўся, але Хоскiнс, па выразе твару якога можна было западозрыць, што ўсё гэта ў глыбiнi душы яго забаўляла, сказаў:

— Ну што ж, можаце ёй сказаць.

— Вы, вiдаць, нават не здагадваецеся, — звярнуўся Дэвенэй да мiс Фэлоўз, што выпадкова менавiта вы — першая ў гiсторыi цывiлiзаваная жанчына, якой давялося даглядаць дзiця-неандэртальца.

Стрымлiваючы гнеў, мiс Фэлоўз павярнулася да Хоскiнса.

— Вы маглi мяне папярэдзiць загадзя, доктар?

— А навошта? Якая вам рознiца?

— Гаворка ж iшла пра дзiця?

— А хiба гэта не дзiця? У вас калi-небудзь былi шчанюк цi кацяня, мiс Фэлоўз? Хiба ў iх больш чалавечага? А калi б гэта было дзiцянё шымпанзэ, вы адчулi б агiду да яго? Вы медыцынская сястра, мiс Фэлоўз. Мяркуючы па вашых дакументах, вы працавалi тры гады ў радзiльным аддзяленнi. Вы калi-небудзь адмаўлялiся даглядаць дзiця-вырадка?

— Вы ўсё-такi маглi б сказаць мне гэта раней, — ужо менш рашуча сказала яна.

— Каб вы своечасова маглi адмовiцца ад гэтай работы? Цi не выходзiць, што вы хочаце зрабiць гэта цяпер?

Ён холадна паглядзеў ёй у вочы. З другога канца пакоя за iмi назiраў Дэвенэй, а маленькi неандэрталец, выпiўшы малако i вылiзаўшы начыста сподак, падняў да яе свой мокры твар з шырока расплюшчанымi вачыма, у якiх была нейкая просьба.

Хлопчык жэстам паказаў на малако, i раптам пакой напоўнiлi бесперапынныя адны i тыя ж адрывiстыя гартанныя гукi ўперамежку з адмысловым прыцмокваннем языком.

— А ён жа гаворыць! — здзiўленна ўсклiкнула мiс Фэлоўз.

— Вядома, — сказаў Хоскiнс. — Homo neanderthalis сапраўды з'яўляецца не асобным вiдам, а хутчэй разнавiднасцю Homo sapiens. Дык чаму б яму не ўмець гаварыць? Зусiм магчыма, што ён просiць яшчэ малака.

Мiс Фэлоўз машынальна пацягнулася да бутэлькi, але Хоскiнс схапiў яе за руку.

— А цяпер, мiс Фэлоўз, перш чым вы зробiце яшчэ хоць адзiн крок, вы павiнны сказаць, застаяцеся вы цi не.

Мiс Фэлоўз са злосцю вызвалiла руку.

— А калi я пайду, вы што, не будзеце тады кармiць яго? Я пабуду з iм… пэўны час.

Яна налiла дзiцяцi малака.

— Мы маем намер пакiнуць вас тут з хлопчыкам, мiс Фэлоўз, — сказаў Хоскiнс. — Гэта адзiны ўваход у Першую Секцыю Стасiса. Дзверы абавязкова замыкаюцца i ахоўваюцца звонку. Я хацеў бы, каб вы азнаёмiлiся з сiстэмай замка, якi будзе, вядома, адпаведна настроены на адбiткi вашых пальцаў, як ён настроены на адбiткi маiх. Тэрыторыя ўгары (ён узняў позiрк туды, дзе павiнна была быць столь у гэтым лялечным домiку) ахоўваецца таксама, i мы будзем папярэджаны ў любым выпадку, калi тут здарыцца нешта незвычайнае.

— Вы хочаце сказаць, што я ўвесь час буду знаходзiцца пад наглядам? абурана ўсклiкнула мiс Фэлоўз, раптам успомнiўшы, як яна сама разглядала з балкона ўнутраную частку памяшкання.

— Ды не, — сур'ёзна запэўнiў яе Хоскiнс, — мы гарантуем, што нiводзiн староннi назiральнiк не будзе сведкам вашага прыватнага жыцця. Усе аб'екты ў выглядзе электронных сiмвалаў перадаюцца вылiчальнай машыне, i толькi яна будзе мець з iмi кантакт. Вам давядзецца правесцi з iм гэтую ноч, мiс Фэлоўз, а таксама ўсе наступныя, да асобага распараджэння. Мы дамо вам некалькi вольных гадзiн днём i нават мажлiвасць самой зрабiць iх расклад паводле вашых асабiстых патрэб.

Мiс Фэлоўз здзiўлена абвяла позiркам лялечны домiк.

— А навошта ўсё гэта, доктар Хоскiнс? Хiба хлопчык небяспечны?

— Ведаеце, мiс Фэлоўз, справа ўся тут у энергii. Ён нiколi не павiнен пакiдаць гэтага памяшкання. Нiколi. Нi на секунду. Нi з якой нагоды, нават калi ад гэтага будзе залежаць яго жыццё. Нават дзеля таго, каб уратаваць ваша жыццё, мiс Фэлоўз. Вы зразумелi мяне?

Мiс Фэлоўз горда ўскiнула галаву.

— Я ведаю, што такое загад, доктар Хоскiнс. Медыцынская сястра прывыкла да таго, каб у iмя абавязку ахвяраваць сваёй бяспекаю.

— Выдатна. Вы заўсёды зможаце прасiгналiзаваць, калi вам што-небудзь спатрэбiцца. I мужчыны пакiнулi Стасiс.

* * *

Азiрнуўшыся, мiс Фэлоўз убачыла, што хлопчык, не дакранаючыся да малака, па-ранейшаму не спускае з яе насцярожанага позiрку. Яна паспрабавала жэстамi паказаць яму, як падняць сподак да рота. Ён не пераняў яе прыкладу, аднак на гэты раз, калi яна дакранулася да яго, ён ужо не закрычаў.

Яго перапуджаныя вочы нi на секунду не пераставалi сачыць за ёй, ловячы кожны яе рух. Яна раптам заўважыла, што iнстынктыўна спрабуе супакоiць яго, паволi наблiжаючы руку да яго валасоў, аднак каб рука яе была ўвесь час у полi зроку. Тым самым яна давала яму зразумець, што ў гэтым жэсце не крыецца нiякая небяспека.

I ёй удалося пагладзiць яго па галаве.

— Я хачу паказаць табе, як карыстацца прыбiральняй, — сказала яна. — Як ты лiчыш, ты зможаш гэтаму навучыцца?

Гаварыла яна вельмi мякка i асцярожна, вельмi добра ўсведамляючы, што ён не зразумее нiводнага слова, аднак спадзеючыся на тое, што сам гук яе голасу супакоiць яго.

Хлопчык зноў зацмокаў языком.

— Можна ўзяць цябе за руку? — спыталася яна.

Яна працягнула яму абедзве рукi i замерла ў чаканнi. Рука дзiцяцi паволi пасунулася насустрач яе руцэ.

— Правiльна, — крыкнула яна.

Калi рука хлопчыка была ўжо за нейкi дзюйм ад яе рук, смеласць пакiнула яго, i ён адхапiў сваю руку назад.

— Ну што ж, — спакойна сказала мiс Фэлоўз, — пазней мы паспрабуем яшчэ раз. Табе не хочацца пасядзець? — яна паляпала рукою па ложку.

Марудна цягнуўся час, яшчэ больш марудна рухалася выхаванне дзiцяцi. Ёй не ўдалося прывучыць яго нi да прыбiральнi, нi да ложка. Калi хлопчыку вiдавочна захацелася спаць, ён апусцiўся на голую падлогу i хуценька шмыгануў пад ложак. Яна нагнулася, каб зiрнуць на яго, i з цемры на яе ўтаропiлiся два агнiстыя вокi, i яна пачула знаёмае прыцмокванне.

— Ну, добра, — сказала яна, — калi ты адчуваеш сябе там у большай бяспецы, можаш спаць пад ложкам.

Яна прыкрыла дзверы спальнi i падалася ў сама вялiкi з трох пакояў, дзе ёй быў падрыхтаваны ложак, над якiм па яе просьбе нацягнулi часовы тэнт.

«Калi гэтыя дурнi хочуць, каб я тут i начавала, — падумала яна, — яны павiнны павесiць люстэрка, памяняць шафу на больш ёмiстую i абсталяваць асобны туалет».

* * *

Яна нiяк не магла заснуць, мiжволi напружвала слых, каб толькi не прапусцiць нiводнага гуку з суседняга пакоя. Яна пераконвала сябе, што дзiця не можа само выбрацца з дому, але, нягледзячы на гэта, яе грызла сумненне. Абсалютна гладкiя сцены былi, безумоўна, вельмi высокiя, але раптам хлопчык лазiць, як малпа. Зрэшты, Хоскiнс запэўнiў яе, што за ўсiм тым, што адбываецца ўнiзе, назiраюць спецыяльныя прыборы.

Нечакана ёй прыйшла ў галаву новая думка: а што, калi хлопчык усё-такi небяспечны? Небяспечны ў сама лiтаральным сэнсе гэтага слова. Не, Хоскiнс не стаiў бы гэтага ад яе, не пакiнуў бы яе тут адну, калi б…

Яна паспрабавала пераканаць сябе ў адваротным, унутрана смеючыся са свайго страху. Гэта ж было ўсяго толькi трох-чатырохгадовае дзiця. Аднак, нягледзячы на ўсе намаганнi, ёй не ўдалося абрэзаць яму пазногцi. А што, як ён, калi яна засне, надумаецца напасцi на яе, пусцiць у ход зубы i пазногцi…

У яе перацяло дыханне. Як дзiўна… Яна пакутлiва напружыла слых, i на гэты раз ёй удалося пачуць нейкi гук. Хлопчык плакаў.

Не крычаў ад страху цi злосцi, не выў i не скавытаў, а менавiта цiха плакаў, як прыбiтае горам, вельмi няшчаснае адзiнокае дзiця.

«Нябога», — падумала мiс Фэлоўз, i ўпершыню пасля сустрэчы з iм сэрца яе працяў востры жаль.

Гэта ж дзiця, дык якое ж, па сутнасцi, значэнне мае форма яго галавы. I гэта не проста дзiця, а дзiця, якое асiрацела як нiводнае дзiця за ўсю гiсторыю чалавецтва. Тысячы гадоў таму назад не толькi памерлi яго бацькi, але незваротна знiкла ўсё, што некалi было яго светам. Груба выхаплены з таго даўняга часу, ён быў цяпер адзiнаю ва ўсiм свеце iстотаю такога роду. Апошняю i адзiнаю.

Яна адчула, як яе ўсё больш напаўняе глыбокая спагада i сорам за сваю бессардэчнасць. Старанна паправiўшы начную сарочку так, каб яна па мажлiвасцi лепш прыкрыла ёй ногi (ловячы адначасна сябе на зусiм недарэчнай думцы пра тое, што заўтра ж трэба прынесцi сюды халат), яна ўстала з пасцелi i пайшла ў суседнi пакой.

— Хлопчык мой, хлопчык! — шэптам паклiкала яна.

Яна была ўжо наважылася сунуць руку пад ложак, але, сцямiўшы, што ён можа ўкусiць яе, вырашыла гэтага не рабiць. Яна запалiла начнiк i адсунула ложак.

Няшчаснае дзiця, прытулiўшы каленi да падбародка, скруцiлася камячком у кутку, гледзячы на яе заплаканымi, поўнымi страху вачыма.

У змроку яго знешнасць здалася ёй менш агiднай.

— Ах ты, бядак, бядак, — сказала яна, асцярожна гладзячы яго па галаве, адчуваючы, як iмгненна напружылася, а потым паступова расслабiлася яго цела. Бедны хлапчук. Можна мне пабыць з табою?

Яна села побач з iм на падлогу i пачала паволi i рытмiчна гладзiць яго валасы, шчаку, руку, цiха спяваючы пяшчотную песеньку.

Пачуўшы яе спеў, дзiця падняло галаву, спрабуючы разгледзець пры слабым святле начнiка яе вусны, як бы зацiкавiўшыся гэтым зусiм новым для яго гукам.

Скарыстаўшы гэта, яна падцягнула яго блiжэй, i пяшчотным, але рашучым рухам ёй удалося паступова наблiзiць яго галаву да свайго пляча. Яна прасунула руку пад яго ногi i не спяшаючыся, плаўна падняла яго сабе на каленi. Зноў i зноў паўтараючы ўсё той жа адзiн нескладаны куплет i не выпускаючы дзiця з рук, яна паволi гайдалася ўзад i ўперад, люляючы яго. Яна паступова супакоiлася, i неўзабаве па яго роўным дыханнi яна зразумела, што дзiця заснула.

Вельмi асцярожна, стараючыся не нарабiць шуму, яна падсунула на месца ложак i палажыла на яго дзiця. Накрыўшы соннага, яна паглядзела на яго. У сне ягоны твар здаваўся такiм мiрным, такiм дзiцячым, што i сапраўды яго пачварнасць неяк менш кiдалася ў вочы.

Ужо iдучы на дыбачках да дзвярэй, яна раптам падумала: «А што, калi ён раптам прачнецца?» — i пайшла назад.

Пераадолеўшы ўнутранае супрацiўленне i авалодаўшы сваiмi супярэчлiвымi пачуццямi, яна ўздыхнула i паволi апусцiлася на ложак побач з дзiцем.

Ложак ёй быў надта малы, i ёй давялося скурчыцца, каб неяк улегчыся на iм. Апрача таго, яна не магла пазбавiцца ад пачуцця няёмкасцi, прычынаю якое была адсутнасць над ложкам тэнта. Але рука дзiцяцi нясмела каўзанулася ў яе далонь, i праз нейкi час ёй усё-такi ўдалося задрамаць.

* * *

Яна прачнулася як ад раптоўнага штуршка i з цяжкасцю стрымала крык жаху, якi ледзь не сарваўся з яе вуснаў. Хлопчык глядзеў шырока расплюшчанымi вачымi ёй проста ў вочы, i ёй спатрэбiлася даволi шмат часу, каб успомнiць, як яна апынулася тут, на ягоным ложку. Паволi, не адводзячы ад яго позiрку, яна спусцiла на падлогу спачатку адну, потым другую нагу.

Кiнуўшы iмклiвы спалоханы позiрк угору, яна напружыла мускулы на апошнi рашучы рывок, намагаючыся ўстаць з ложка.

Але ў той жа момант хлопчык выцягнуў руку, дакрануўся да яе вуснаў сваiмi падобнымi на цурбалкi пальцамi i штосьцi сказаў.

Гэты дотык прымусiў яе адхiснуцца. Пры дзённым святле ён быў невыносна агiдны.

Хлопчык зноў паўтарыў нейкую фразу, а потым, раскрыўшы шырокi рот, рухам рукi спрабаваў паказаць, быццам штосьцi вылiваецца ў яго з рота.

Мiс Фэлоўз задумалася, спрабуючы адгадаць значэнне гэтага жэста, i раптам усхвалявана ўсклiкнула:

— Ты хочаш, каб я спявала?

Хлопчык маўклiва працягваў глядзець на яе вусны.

Крыху фальшывячы ад натугi, мiс Фэлоўз пачала тую самую песеньку, што спявала яму напярэдаднi ноччу, i маленькая пачвара ўсмiхнулася, нязграбна гойдаючыся ў такт спеву. Чулася нейкае бульканне, якое можна было палiчыць за смех.

Мiс Фэлоўз неўпрыкмет уздыхнула. Так, правiльна кажуць, што музыка ўцiхамiрвае сэрца дзiкуна. Яна можа дапамагчы…

— Пачакай крыху, — сказала яна, — дай мне прывесцi сябе ў парадак, гэта зойме не больш хвiлiны. А потым я згатую снеданне.

Нi на секунду не забываючыся, што столi тут няма, яна хутка скончыла свае справы. Хлопчык заставаўся ў пасцелi, уважлiва сачыў за ёй, калi яна трапляла яму на вочы. I кожны раз яна ўсмiхалася i махала яму рукой. Урэшце ён таксама памахаў ёй у адказ, i гэты жэст здаўся ёй проста чароўным.

— Ты хочаш малочнай аўсянкi? — спыталася яна, скончыўшы свае справы.

Згатаваць кашу было справаю некалькiх секунд, i калi ежа была на стале, яна паклiкала яго рукой.

Невядома, цi ён зразумеў значэнне яе жэста, цi яго завабiў пах ежы, але хлопчык адразу ж вылез з пасцелi.

Яна спрабавала паказаць яму, як карыстацца лыжкаю, але ён са страхам адхiснуўся. («Нiчога, наперадзе ў нас яшчэ шмат часу», — падумала яна.) Аднак яна ўсё-такi дамаглася таго, што ён рукамi паднёс мiску да рота. Ён паслухаўся, але рабiў усё так няўмела, што страшэнна выпэцкаўся, хоць трохi i з'еў.

Гэтым разам яна дала яму малако ў шклянцы, i хлапчук, заўважыўшы, што пасудзiна занадта малая, каб прасунуць у яе твар, жаласна захныкаў. Яна ўзяла яго за руку i, прыцiснуўшы яго пальцы да шклянкi, прымусiла яго падняць шклянку да рота.

Зноў усё было аблiта i запэцкана, але, як i першы раз, малако ўсё-такi трапiла яму ў рот. А што да бязладдзя, дык яна прывыкла i не да такога.

На яе здзiўленне, асвоiць туалет аказалася задачай больш простай, што вельмi яе задаволiла. На гэты раз ён даволi хутка зразумеў, чаго яна хоча ад яго. Яна злавiла сябе на тым, што гладзiць яго па галаве i прымаўляе:

— Вось гэта слаўны хлопчык, разумны хлопчык!

I дзiця ўсмiхалася, прыносячы ёй нечаканае задавальненне. «Калi ўсмiхаецца, ён, сапраўды, зусiм нiштаваты», — падумала яна.

У той жа дзень папрыязджалi прадстаўнiкi прэсы. Пакуль яны прыладжвалi сваю апаратуру, яна ўзяла хлопчыка на рукi, i ён моцна прытулiўся да яе. Сумятня напужала яго, i ён моцна заплакаў, але нягледзячы на гэта, прайшло не менш за дзесяць хвiлiн, пакуль ёй дазволiлi вынесцi дзiця ў суседнi пакой.

Яна хутка вярнулася, пачырванеўшы ад абурэння, i першы раз за васемнаццаць гадзiн выйшла з домiка, шчыльна зачынiўшы за сабою дзверы.

— Я думаю, што на сёння вам хопiць. Цяпер мне богведама колькi спатрэбiцца часу, каб яго супакоiць. Iдзiце.

— Добра, добра, — сказаў джэнтльмен з «Таймс-Геральд». — А гэта сапраўды неандэрталец цi тут якое-небудзь жульнiцтва?

— Запэўнiваю вас, што гэта не мiстыфiкацыя, — пачуўся аднекуль ззаду голас Хоскiнса. — Дзiця — сапраўды Homo neanderthalis.

— Гэта хлопчык цi дзяўчынка?

— Гэта хлопчык-малпа, — умяшаўся джэнтльмен з «Ньюс». — Нам паказваюць не што iншае, як хлопчыка-малпу. Як ён сябе паводзiць, сястра?

— Ён паводзiць сябе гэтаксама, як i любы iншы маленькi хлопчык, — адрэзала мiс Фэлоўз. Злосць прымусiла яе стаць на абарону дзiцяцi. - I зусiм ён не хлопчык-малпа. Яго завуць… Цiмацi, Цiмi, i ён абсалютна нармальны ў сваiх дзеяннях.

Iмя Цiмацi было выбрана ёю зусiм выпадкова — яно проста першае прыйшло ёй у галаву…

— Цiмi — хлопчык-малпа, — рэкнуў джэнтльмен з «Ньюс», i менавiта з гэтай мянушкай дзiця стала потым вядомае ўсяму свету.

— Скажыце, док, што вы думаеце рабiць з гэтаю малпаю? — спытаўся ў Хоскiнса джэнтльмен з «Глоба».

Хоскiнс пацiснуў плячыма.

— Бачыце, мая першапачатковая задача была ў тым, каб даказаць мажлiвасць пераносу яго ў наш час. Аднак я лiчу, што ён зацiкавiць антраполагаў i фiзiёлагаў. Перад намi ж iстота, якая па сваiм развiццi стаiць памiж жывёлаю i чалавекам. Нам даецца мажлiвасць даведацца пра многае i ў нас самiх i ў нашых продках.

— Як доўга намераны вы трымаць яго тут?

— Колькi нам спатрэбiцца на яго вывучэнне плюс яшчэ нейкi перыяд пасля заканчэння даследавання. Не выключана, што на гэта спатрэбiцца шмат часу.

— Вы не маглi б вывесцi яго з дому? Тады б нам удалося паставiць тэлевiзiйную апаратуру i зляпаць сапраўднае вiдовiшча.

— Вельмi шкадую, але дзiця не можа пакiнуць межаў Стасiса.

— А што такое Стасiс?

— Баюся, джэнтльмены, што тлумачэнне зойме занадта шмат часу. — Хоскiнс дазволiў сабе ўсмiхнуцца. — А коратка сутнасць справы ў тым, што час, якiм уяўляем яго сабе мы, у Стасiсе не iснуе. Гэтыя пакоi нiбы накрытыя нябачнай абалонкай i не з'яўляюцца ў поўным сэнсе часткаю нашага свету. Менавiта дзякуючы гэтаму i ўдалося, так сказаць, выцягнуць дзiця з плынi часу.

— Пачакайце, — перабiў джэнтльмен з «Ньюс», якога вiдочна не задаволiла тлумачэнне Хоскiнса, — што гэта вы тут балбочаце? Сястра ж свабодна ўваходзiць i выходзiць з памяшкання.

— Гэта можа зрабiць кожны з вас, — паблажлiва адказаў Хоскiнс. — Вы будзеце рухацца паралельна часавым сiлавым лiнiям, i гэта не выклiча якой-небудзь значнай страты альбо прытоку энергii. Дзiця ж дастаўлена сюды з далёкага мiнулага. Яго рух адбываўся ўпоперак сiлавых лiнiй, i яно набыло часавы патэнцыял. Каб перамясцiць яго ў наш свет, у наш час, спатрэбiцца выдаткаваць усю энергiю, якую назапасiла наша акцыянерная кампанiя, а таксама, мажлiва, i ўсе запасы энергii горада Вашынгтона. Мы павiнны былi захаваць дастаўленае сюды разам з хлопчыкам смецце, i нам давядзецца паступова, па крупiнках выдаляць яго адсюль.

Пакуль Хоскiнс даваў тлумачэннi, карэспандэнты штосьцi дзелавiта страчылi ў сваiх блакнотах. З усяго сказанага яны нiчагусенькi не зразумелi i былi перакананыя, што тое ж самае будзе i з iх чытачамi: аднак усё гучала вельмi навукова, а менавiта гэта i было патрэбна.

— Вы зможаце сёння вечарам даць iнтэрв'ю? — спытаўся прадстаўнiк «Таймс-Геральд». — Яно будзе перадавацца па ўсiх каналах.

— Думаю, што змагу, — хутка адказаў Хоскiнс, i карэспандэнты пайшлi.

Мiс Фэлоўз моўчкi глядзела iм услед. Усё, што было сказана пра Стасiс i пра часавыя сiлавыя лiнii, яна зразумела не лепш, чым карэспандэнты. Але адно яна засвоiла цвёрда: Цiмi (яна злавiла сябе на тым, што ўжо думае пра хлопчыка, як пра Цiмi) быў сапраўды асуджаны на вечнае зняволенне ў сценах Стасiса, прычым гэта не было простым капрызам Хоскiнса. Вiдаць, i сапраўды немажлiва было выпускаць яго адсюль. Нiколi.

Беднае дзiця. Беднае дзiця.

Раптам да яе дайшло, што яно ўсё яшчэ плача, i яна паспяшалася назад, каб супакоiць яго.

* * *

Мiс Фэлоўз не ўдалося пабачыць выступленне Хоскiнса. Хоць ягонае iнтэрв'ю перадавалася не толькi ў сама аддаленых куточках Зямлi, а нават на станцыi на Месяцы, яно не пранiкла ў маленькую кватэрку, дзе жылi цяпер яна i выродлiвы хлапчук.

На ранiцу Хоскiнс спусцiўся да iх, ззяючы ад трыумфу.

— Iнтэрв'ю прайшло ўдала? — спыталася мiс Фэлоўз.

— Выключна ўдала. А як маецца… Цiмi?

Пачуўшы, што ён назваў хлопчыка па iмю, мiс Фэлоўз была прыемна здзiўлена.

— Усё ў парадку. Iдзi сюды, Цiмi, гэта добры чалавек, ён цябе не пакрыўдзiць.

Але Цiмi не захацеў выйсцi з другога пакоя, i з-за дзвярэй быў вiдаць толькi касмыль яго злямцаваных валасоў ды час ад часу нясмела паказвалася адно блiскучае вока.

— Хлопчык надзiва хутка прывыкае да новых абставiн, што нi кажы, ён даволi кемлiвы.

— Вас гэта здзiўляе?

— Так. Баюся, што i я спачатку палiчыла яго за дзiця малпы, — секунду павагаўшыся, адказала яна.

— Кiм бы ён там нi быў, а пакуль што ён вельмi шмат зрабiў для нас. Ён жа прынёс славу «Стасiс Iнкарпарэйтэд». Мы цяпер на канi, так, мы на канi.

Вiдаць, яму не цярпелася падзялiцца з кiм-небудзь сваiм трыумфам, хай сабе нават з ёй, з мiс Фэлоўз.

— Як жа вам удалося гэта зрабiць? — спыталася яна, даючы тым самым Хоскiнсу магчымасць выказацца.

Засунуўшы рукi ў кiшэнi, Хоскiнс працягваў:

— Дзесяць гадоў мы працавалi, маючы вельмi абмежаваныя сродкi, дабываючы дзе толькi можна лiтаральна кожны пенс. Мы былi проста абавязаны стварыць адразу нешта эфектнае, хай сабе дзеля гэтага давялося ўсё паставiць на карту. Запэўнiваю вас, гэта была катаржная праца. Спроба выклiкаць з глыбiнь вякоў гэтага неандэртальца каштавала нам усiх грошай, якiя ўдалося назбiраць, дзе пазычаючы, а дзе i крадучы, так, так, крадучы. На здзяйсненне гэтага эксперыменту пайшлi сродкi, асiгнаваныя на iншыя мэты. Iх мы скарысталi без дазволу. Калi б вопыт не ўдаўся, са мною было б скончана.

— Таму ў домiку няма столi? — перапынiла яго мiс Фэлоўз.

— Што вы сказалi?

— Вам не хапiла грошай на столь?

— А! Бачыце, гэта было не адзiнай прычынаю. Па праўдзе кажучы, мы не маглi адгадаць дакладны ўзрост неандэртальца. Нашы мажлiвасцi дакладнага выяўлення асаблiвасцей аб'екта, так аддаленага ад нас у часе, пакуль што абмежаваныя, i ён мог аказацца iстотаю велiзарнага росту, а ў гэтым выпадку нам давялося б мець зносiны з iм на адлегласцi, як з пасаджанай у клетку жывёлаю.

— Але паколькi ваша боязь не апраўдалася, вы маглi б цяпер, здаецца мне, наслаць столь.

— Цяпер так. У нас цяпер многа грошай. Усё гэта цудоўна, мiс Фэлоўз. Усмешка не сыходзiла з яго шырокага твару, i калi ён павярнуўся, каб пайсцi, здавалася, што нават спiна яго ўсмiхаецца.

«Ён даволi прыемны чалавек, як забудзецца i скiне маску адлучанага ад усяго зямнога вучонага», — падумала мiс Фэлоўз.

Ёй раптам захацелася даведацца, цi жанаты ён, але, спахапiўшыся, яна адагнала ад сябе гэтую думку.

— Цiмi, — паклiкала яна, — iдзi сюды, Цiмi!

* * *

За прайшоўшыя з таго дня месяцы мiс Фэлоўз усё больш i больш пачынала адчуваць сябе неад'емнай часткай аб'яднанай кампанii «Стасiс». Ёй быў дадзены асобны невялiчкi кабiнет, на дзвярах якога красавалася таблiчка з яе iмем. Кабiнет быў даволi блiзка ад лялечнага домiка (так яна называла камеру Стасiса, у якой жыў Цiмi). Плацiлi ёй цяпер намнога больш, чым спачатку, а ў лялечным домiку наслалi, нарэшце, столь i палепшылi ўнутранае абсталяванне: быў зроблены другi туалетны пакой, i, мала таго, яна атрымала ўласную кватэру на тэрыторыi Стасiса, i часам ёй удавалася нават там начаваць. Памiж лялечным домiкам i гэтай яе новай кватэраю правялi ўнутраны тэлефон, i Цiмi навучыўся iм карыстацца.

Мiс Фэлоўз прывыкла да Цiмi настолькi, што нават менш стала заўважаць яго пачварнасць. Аднойчы на вулiцы яна злавiла сябе на тым, што нейкi хлопчык, што трапiўся ёй на дарозе, здаўся ёй надзвычай непрывабным — у яго быў высокi выпуклы лоб i з рэзкiмi абрысамi падбародак. Ёй давялося зрабiць над сабой намаганне, каб пазбыцца гэтага наслання.

Куды больш прыемна было прывыкаць да выпадковых наведванняў Хоскiнса. Было зусiм вiдавочна, што ён з задавальненнем расставаўся на нейкi час са сваёй роллю кiраўнiка акцыянернай кампанii «Стасiс», якая яго стамляла, i што дзiця, з паяўленнем якога быў звязаны цяперашнi росквiт, абуджала ў iм нешта накшталт сентыментальнасцi. Але мiс Фэлоўз здавалася, што яму было прыемна гутарыць з ёй. (За гэты час яна даведалася, што Хоскiнс распрацаваў метад аналiзу адбiцця мезоннага промня, якi пранiкаў у мiнулае, яго вынаходнiцтвам быў i сам Стасiс. Халоднасць яго была чыста вонкавая, ёю ён спрабаваў замаскiраваць прыродную дабрыню, i — о, так, так — ён быў жанаты.)

Да чаго мiс Фэлоўз нiяк не магла прывыкнуць, дык гэта да думкi, што яна ўдзельнiчае ў навуковым эксперыменце. Нягледзячы на ўсе намаганнi, яна ўсё больш адчувала сябе асабiста далучанай да ўсяго, што адбываецца, i не раз даходзiла да адкрытых сутычак з фiзiёлагамi.

Аднойчы, спусцiўшыся ўнiз, Хоскiнс убачыў яе ў такiм гневе, што здавалася, яна ў той момант здольная забiць чалавека. Яны не мелi права, яны не мелi права… Нават калi гэта быў неандэрталец, усё роўна гэта быў чалавек, а не жывёла.

Яна сачыла за фiзiёлагамi праз адчыненыя дзверы. Ледзь не аслепшы ад гневу, яна прыслухоўвалася да ўсклiкаў Цiмi. Раптам яна заўважыла побач з сабою Хоскiнса.

— Можна ўвайсцi? — спытаўся ён.

Злёгку кiўнуўшы, яна заспяшалася да Цiмi, якi прытулiўся да яе, ашчаперыў яе сваiмi маленькiмi крывымi i ўсё яшчэ вельмi худымi ножкамi.

— Вы ж ведаеце, што яны не маюць права праводзiць такiх доследаў над чалавекам, — сказаў Хоскiнс.

— А я рашуча заяўляю, доктар Хоскiнс, што яны не маюць права вырабляць гэта i з Цiмi. Вы неяк сказалi мне, што з'яўленне Цiмi дало жыццё Стасiсу. Калi вы адчуваеце хоць кроплю ўдзячнасцi, вы павiнны ўратаваць бедака ад гэтых людзей, ва ўсякiм разе да той пары, пакуль ён не падрасце настолькi, што пачне хоць крыху больш разумець. Пасля iх манiпуляцый ён не можа спаць, яго душаць кашмары. Я папярэджваю вас, — яе раз'юшанасць дасягнула кульмiнацыi, — што я iх больш сюды не пушчу! — Да яе свядомасцi дайшло, што яна перайшла на крык, але яна ўжо не валодала сабой. — Я ведаю, што ён неандэрталец, — крыху супакоiўшыся, працягвала яна, — але мы iх у многiм недаацэньваем. Я чытала пра неандэртальцаў. У iх была свая культура, i некаторыя з найвялiкшых чалавечых адкрыццяў, такiя, як, напрыклад, прыручэнне жывёл, вынаходнiцтва кола i розных тыпаў каменных жорнаў, былi зроблены менавiта ў iх эпоху. У iх, без сумнення, былi нават духоўныя патрэбы. Гэта вiдаць з таго, што пры пахаваннi яны клалi нябожчыку яго асабiстыя рэчы — значыць, яны верылi ў тагасветнае жыццё, магчыма, у iх ужо была нейкая рэлiгiя. Няўжо гэта не дае Цiмi права на чалавечныя адносiны?

Яна пяшчотна паляпала хлопчыка па спiне i адправiла яго ў пакой гуляць. Калi дзверы адчынiлiся, Хоскiнс убачыў вялiкае мноства розных цацак.

Ён усмiхнуўся.

— Няшчаснае дзiця заслужыла гэтыя цацкi, — спешна заняўшы абаронную пазiцыю, сказала мiс Фэлоўз. — Гэта ўсё, што ў яго ёсць, i ён зарабляе iх тымi пакутамi, на якiя яго тут асудзiлi.

— Не, не, запэўнiваю вас, я нiчога не маю супраць гэтага. Я толькi падумаў пра тое, як змянiлiся вы самi з таго першага дня. Вы ж былi вельмi незадаволены, што я падсунуў вам неандэртальца.

— Мне здаецца, што я не была такая ўжо незадаволеная, — цiха запярэчыла мiс Фэлоўз, але тут жа змоўкла.

— Як вы лiчыце, мiс Фэлоўз, колькi яму можа быць гадоў? — змянiў тэму Хоскiнс.

— Я не магу вам гэтага сказаць з дастатковай дакладнасцю — мы ж не ведаем, як развiвалiся неандэртальцы, — адказала мiс Фэлоўз. — Калi зыходзiць з яго росту, то яму не больш за тры гады, але неандэртальцы ўвогуле нiзкарослыя, а калi ўлiчыць характар тых доследаў, якiя праводзяцца над iм, то ён, можа быць, зусiм перастаў расцi. А зыходзячы з таго, як ён засвойвае ангельскую мову, можна заключыць, што яму больш за чатыры.

— Гэта праўда? Я штосьцi не заўважыў у дакладах нi слова пра тое, што ён вучыцца гаварыць.

— Ён не будзе гаварыць нi з кiм, апрача мяне, ва ўсякiм разе цяпер. Ён усiх страшэнна баiцца, i гэта не дзiўна. Ён можа, напрыклад, папрасiць якой-небудзь пэўнай ежы. Больш таго, ён можа выказаць любое сваё жаданне i разумее амаль усё, што я кажу яму. Зрэшты, не выключана, што яго развiццё спынiцца.

Сказаўшы апошнюю фразу, мiс Фэлоўз напружана сачыла за выразам яго твару, iмкнучыся выявiць, наколькi своечасова закранула яна гэтае пытанне.

— Чаму?

— Кожнаму дзiцяцi патрэбна пэўная стымуляцыя, а Цiмi жыве тут, як у адзiночным зняволеннi. Я раблю яму ўсё, што мне па сiле, але ж я не ўвесь час каля яго, акрамя таго, у мяне няма мажлiвасцi даць яму ўсё, што яму трэба. Я хачу сказаць, доктар Хоскiнс, што яму трэба гуляць з якiм-небудзь iншым хлопчыкам.

Хоскiнс паволi схiлiў галаву.

— На жаль, мы маем усяго толькi аднаго такога хлопчыка. Беднае дзiця!

Пачуўшы гэта, мiс Фэлоўз адразу памякчэла.

— Вы ж любiце Цiмi, праўда? — Было так прыемна ўсведамляць, што яшчэ нехта мае да дзiцяцi цёплыя пачуццi.

— Вядома, — адказаў Хоскiнс, на секунду страцiўшы самакантроль, i за гэты кароткi мiг ёй удалося заўважыць у яго вачах стомленасць.

Мiс Фэлоўз адразу ж адкiнула намер давесцi свой план да канца.

— Вы выглядаеце вельмi стомленым, доктар Хоскiнс, — са шчырым спачуваннем сказала яна.

— Вы так думаеце? Я пастараюся выглядаць больш бадзёра.

— Мне здаецца, што «Стасiс Iнкарпарэйтэд» не дае вам нi хвiлiны спакою.

Хоскiнс пацiснуў плячыма.

— Ваша праўда. У аднолькавай ступенi ў гэтым вiнаватыя жывёла, раслiны i мiнералы, якiя цяпер ёсць у нас. Дарэчы, мiс Фэлоўз, вы, мабыць, яшчэ не бачылi i нашых экспанатаў.

— Праўду кажучы, не… Але зусiм не таму, што мяне гэта не цiкавiць. Я ж была вельмi занятая ўвесь гэты час.

— Ну цяпер жа вы ўжо больш свабодная, — падпарадкоўваючыся нейкаму раптоўна прынятаму рашэнню, сказаў Хоскiнс. — Я зайду па вас заўтра ранiцою ў адзiнаццаць i сам усё вам пакажу. Вам гэта падыходзiць?

— Цалкам, доктар Хоскiнс, я буду вельмi рада, — усмiхнуўшыся, адказала яна.

Ён кiўнуў, усмiхнуўся ў адказ i выйшаў.

Увесь астатак дня мiс Фэлоўз у вольны ад работы час штосьцi сама сабе напявала. I сапраўды ж, хоць нават сама думка пра гэта здавалася ёй надзвычай дзiўнай, але ж усё гэта было падобна… амаль падобна на тое, што ён прызначыў ёй спатканне.

* * *

Абаяльны i прыязны, ён з'явiўся на другi дзень дакладна ў назначаны час. Замест звыклага рабочага халата яна надзела на гэты раз сукенку. Дарэчы будзе сказаць, даволi старамоднага крою, але тым не менш ужо многа гадоў яна не адчувала сябе такой прывабнай.

Ён сказаў ёй некалькi стрыманых камплiментаў, i яна прыняла яго ўхвалу ў такой жа стрыманай манеры, падумаўшы, што гэта цудоўны пачатак. Аднак адразу ёй прыйшла ў галаву другая думка: «А ўласна кажучы, пачатак чаго?»

Каб адагнаць ад сябе такiя думкi, яна паспяшалася развiтацца з Цiмi, паабяцаўшы яму, што хутка вернецца.

Хоскiнс павёў яе ў новае крыло будынка, дзе яна да гэтага часу нi разу не была. Тут яшчэ захаваўся пах, уласцiвы новым, толькi што збудаваным памяшканням. Аднекуль даносiлiся прыглушаныя гукi, якiя даволi яскрава сведчылi пра тое, што будаўнiчыя работы яшчэ не скончаны.

— Жывёла, раслiны i мiнералы, — зноў, як i напярэдаднi, вымавiў Хоскiнс. Жывёла знаходзiцца тут — гэта найбольш яркi з нашых экспанатаў.

Уся ўнутраная частка будынка была падзелена на некалькi памяшканняў, кожнае з якiх уяўляла сабой асобную камеру Стасiса. Хоскiнс падвёў яе да агляднага акна адной з iх, i яна зазiрнула ўнутр. Iстота, якая паўстала перад яе позiркам, здалася ёй спачатку чымсьцi накшталт пакрытай лускою курыцы. Пагойдваючыся на двух худых лапках, iстота гэтая бегала па камеры, iмклiва паварочваючы з боку на бок зграбную птушыную галаву. На невялiкай галаве дзiўнай iстоты быў касцяны нарост, падобны на пеўнеў грэбень. Пальцападобныя адросткi кароткiх пярэднiх канечнасцей безупынна сцiскалiся i растульвалiся.

— Гэта наш дыназаўр, — сказаў Хоскiнс. — Ён тут ужо некалькi месяцаў, i я не ведаю, калi мы зможам расстацца з iм.

— Дыназаўр?

— А вы чакалi ўбачыць гiганта?

Яна ўсмiхнулася, i на яе шчоках паявiлiся ямачкi.

— Мне здаецца, што некаторыя менавiта так iх сабе i ўяўляюць. Я ведаю, што iснавалi дыназаўры i невялiкiх памераў.

— Паверце, што мы iмкнулiся дастаць менавiта маленькага дыназаўра. Звычайна яго ўвесь час вывучаюць, але цяпер, вiдаць, яму далi перадыхнуць. З яго дапамогай удалося зрабiць сякiя-такiя адкрыццi. Так, напрыклад, ён не цалкам халаднакроўная жывёлiна. Ён валодае здольнасцю, праўда, недасканалай, падтрымлiваць унутраную тэмпературу цела вышэй за тэмпературу навакольнага асяроддзя. На жаль, гэта самец. З таго самага часу, як ён паявiўся тут, мы не спыняем спроб зафiксаваць другога дыназаўра, якi можа аказацца самкай, але да гэтага часу нам не шанцавала.

— А навошта патрэбна менавiта самка?

У вачах у яго мiльганула яўная насмешка.

— У такiм выпадку ў нас з'явiлася б даволi рэальная мажлiвасць атрымаць аплодненыя яйкi, а значыць, i дзяцей дыназаўра.

— Ах, так.

Ён павёў яе да аддзялення трылабiтаў.

— Перад вамi прафесар Дуйэн з Вашынгтонскага ўнiверсiтэта, — сказаў Хоскiнс. — Ён спецыялiст па ядзернай хiмii. Калi мяне не падводзiць памяць, ён займаецца выяўленнем iзатопнага саставу кiслароднай вады.

— З якою мэтаю?

— Гэта дагiстарычная вада. Ва ўсякiм выпадку, узрост яе вызначаецца, прынамсi, паўмiльярдам гадоў. Iзатопны састаў дазваляе вызначыць тэмпературу акiяна ў тую эпоху. Самога Дуйэна трылабiты не цiкавяць, iх анатамiраваннем займаюцца другiя вучоныя. I м пашанцавала: iм патрэбны толькi скальпелi i мiкраскопы, тым часам як Дуйэну даводзiцца дзеля кожнага доследу ўстанаўлiваць складаны мас-спектрограф.

— Але чаму? Хiба ён не можа?..

— Не, не можа. Яму нiчога нельга выносiць з гэтага памяшкання да таго часу, пакуль iснуе хоць нейкая мажлiвасць пазбегнуць гэтага.

Тут былi таксама сабраны ўзоры першабытнай раслiннасцi i абломкi скал гэта i былi раслiны i мiнералы, пра якiя раней Хоскiнс успамiнаў. У кожнага экспаната меўся свой даследнiк. Усё гэта нагадвала музей, якi ажыў i стаў цэнтрам актыўнай навуковай дзейнасцi.

— Усё гэта пад вашым непасрэдным кiраўнiцтвам, доктар Хоскiнс?

— Ды не, мiс Фэлоўз, дзякаваць Богу, у мяне вялiкi штат супрацоўнiкаў. Мяне цiкавiць толькi тэарэтычны бок праблемы: сутнасць Часу, тэхнiка мезоннага выяўлення аддаленых у часе аб'ектаў i таму падобнае. Усё гэта я ахвотна памяняў бы на метад выяўлення аб'ектаў, аддаленых у часе менш чым на дзесяць тысяч гадоў. Калi б нам удалося пранiкнуць у гiстарычную эпоху…

Яго перабiў нейкi шум у адной дальняй камеры, адкуль пачуўся чыйсьцi высокi злосны голас. Хоскiнс нахмурыўся, на хаду папрасiў прабачэння i паспешлiва пайшоў туды.

Шпарка, як толькi магла, мiс Фэлоўз амаль бягом кiнулася за iм.

— Няўжо вы не можаце зразумець, што мне неабходна было закончыць вельмi важную частку маiх доследаў? — крыклiва пытаўся пажылы мужчына з рэдзенькай бародкай на чырвоным твары.

Служачы ў форме, на лабараторным халаце якога былi вышыты лiтары «СI» («Стасiс Iнкарпарэйтэд»), сказаў Хоскiнсу:

— Прафесар Адэмеўскi з самага пачатку быў папярэджаны, што гэты экспанат будзе тут толькi два тыднi.

— Я тады яшчэ не ведаў, колькi часу зоймуць мае доследы, я не прарок! узбуджана выкрыкнуў Адэмеўскi.

— Вы ж разумееце, прафесар, што мы валодаем даволi абмежаванай прастораю, — сказаў Хоскiнс. — Таму мы вымушаны час ад часу мяняць свае экспанаты. Гэты абломак халкапiрыту павiнен вярнуцца туды, адкуль ён да нас прыбыў. Вучоныя чакаюць новых экспанатаў.

— Чаму ж я не магу атрымаць яго ў карыстанне? Дазвольце мне забраць яго адсюль.

— Вы ведаеце, што гэта немажлiва.

— Вам шкада аддаць мне кавалак халкапiрыту, гэты няшчасны пяцiкiлаграмовы абломак? Але чаму?

— Нам не па кiшэнi звязаная з гэтым уцечка iнфармацыi, — злосна закрычаў Хоскiнс. — I вы гэта вельмi добра ведаеце.

— Справа ў тым, доктар Хоскiнс, — перапынiў яго служачы, — што насуперак правiлам прафесар спрабаваў вынесцi мiнерал i ледзь быў не прарваў Стасiс.

На iмгненне ўсе змоўклi. Павярнуўшыся да вучонага, Хоскiнс холадна спытаўся:

— Гэта праўда, прафесар?

Адэмеўскi няёмка кашлянуў.

— Бачыце, я не думаў, што гэта нясе нейкую шкоду…

Хоскiнс працягнуў руку i рвануў за шнур, якi свабодна вiсеў на вонкавай сцяне камеры, пра якую толькi што гаварылi.

У мiс Фэлоўз, якая якраз у гэты момант разглядала нiчым не прыкметны кавалак каменя, за якi iшла такая гарачая спрэчка, ажно дыханне сцiснула — у яе на вачах камень iмгненна знiк. Камера апусцела.

— Мне вельмi шкада, прафесар, — сказаў Хоскiнс, — але выдадзены вам дазвол на вывучэнне розных аб'ектаў у Стасiсе анулюецца назаўжды.

— Ды пачакайце.

— Паўтараю, мне вельмi шкада. Вы парушылi адно з нашых сама важных правiл.

— Я падам скаргу ў Мiжнародную Асацыяцыю…

— Скардзiцеся каму хочаце. Вы толькi пераканаецеся, што ў выпадках, падобных на гэты, нiхто не прымусiць мяне адступiць.

Ён дэманстратыўна адвярнуўся ад прафесара, якi ўсё яшчэ пратэставаў, i, яшчэ белы ад гневу, сказаў мiс Фэлоўз:

— Вы не адмовiцеся паснедаць са мной?

* * *

Ён правёў яе ў тую частку кафетэрыя, якая была адведзена сябрам адмiнiстрацыi. Ён павiтаўся са знаёмымi за столiкамi i спакойна адрэкамендаваў iм мiс Фэлоўз, якая адчувала сябе ў гэты момант страшэнна няёмка. «Што яны падумаюць?» — думка гэтая не давала ёй спакою, i яна з усяе сiлы старалася прыняць па магчымасцi дзелавы выгляд.

— Доктар Хоскiнс, у вас часта здараюцца такiя вось непрыемнасцi? спыталася яна, узяўшы вiдэлец. — Я маю на ўвазе выпадак з прафесарам.

— Не, — з намаганнем адказаў Хоскiнс, — такое здарылася ўпершыню. Мне, праўда, часцяком даводзiцца спрачацца з ахвотнiкамi вынесцi са Стасiса той цi iншы экспанат, але да сённяшняга дня нiхто яшчэ не спрабаваў зрабiць гэтага.

— Мне помнiцца, як вы аднойчы казалi, што з гэтым звязаны вялiкi расход энергii.

— Слушна. Мы, вядома, пастаралiся ўлiчыць такую мажлiвасць, бо такiя выпадкi яшчэ будуць паўтарацца, i ў нас цяпер маецца спецыяльны запас энергii, разлiчаны на пакрыццё ўцечкi пры непрадугледжаным вынасе са Стасiса якога-небудзь прадмета. Але гэта зусiм не азначае, што нам прыемна за паўсекунды страцiць гадавы запас энергii. Шкода ад страты такой колькасцi энергii прымусiла б нас на доўгiя гады адкласцi далейшае ажыццяўленне планаў пранiкнення ў глыбiнi часу… Апрача таго, вы можаце сабе ўявiць, што здарылася б, калi б прафесар быў у камеры ў той момант, калi збiраўся прарваць Стасiс?

— А што б з iм адбылося?

— Бачыце, мы эксперыментавалi на жывых прадметах i на мышах — яны бясследна знiкаюць. Мы лiчым, што яны вяртаюцца назад, у глыбiнi часу, iх як бы захоплiваюць тыя аб'екты, якiя iмгненна пераносяцца ў той час, з якога iх мы вынялi. Таму нам даводзiцца як бы на якар ставiць тыя прадметы, знiкненне якiх са Стасiса нам непажадана. Што да прафесара, дык ён адправiўся б проста ў плiяцэн разам з кавалкам каменя i апынуўся б там у тым самым часе, з якога мы гэты камень дасталi, плюс тыя два тыднi, што ён быў у нас.

— Як бы гэта было жахлiва!

— Запэўнiваю вас, што лёс самога прафесара мяне мала трывожыць: калi ён здурнеў на такi ўчынак, дык туды яму i дарога, гэта паслужыла б яму добрым урокам. Але вы толькi ўявiць сабе, якое ўражанне зрабiла б гэта на публiку, калi б факт яго знiкнення стаў шырока вядомы. Дастаткова людзям толькi даведацца, што нашыя доследы настолькi небяспечныя, як нас адразу ж пазбавяць сродкаў.

Хоскiнс эфектна пстрыкнуў пальцамi i пачаў панура калупаць вiдэльцам ежу.

— А вы не маглi б вярнуць яго назад? — спыталася мiс Фэлоўз. — Такiм самым спосабам, якiм вы спачатку атрымалi гэты камень.

— Не, таму што, як толькi прадмет адпраўляецца назад, ён ужо больш не фiксуецца, калi толькi далейшая сувязь з iм не прадугледжваецца загадзя, а ў дадзеным выпадку ў нас не было на гэта нiякiх падстаў. Ды i ўвогуле мы нiколi гэтага не рабiлi. Каб знайсцi прафесара, трэба было б узнавiць першапачатковы кiрунак пошукаў, а гэта ўсё роўна што закiнуць вудачку ў акiян, каб злавiць адну пэўную рыбiну. О Божа, калi я думаю пра ўсе меры перасцярогi, якiя мы прымаем, каб уберагчыся ад няшчасных выпадкаў, я вар'яцею. Кожная асобная камера Стасiса мае сваё прыстасаванне для прарыву — без гэтага нельга, бо ўсе яны фiксуюць розныя прадметы i павiнны спыняць свае функцыi незалежна. Апрача таго, нi адзiн такi прыбор не ўводзiцца ў дзеянне да апошняй хвiлiны, прычым мы старанна распрацавалi адзiна мажлiвы спосаб прарыву патэнцыяльнага поля Стасiса — дзеля гэтага трэба таргануць шнур, асцярожна выведзены за дзверы камеры. А каб гэты прыбор спрацаваў, трэба прыкласцi значную фiзiчную сiлу, так што тут недастаткова выпадковага руху.

— Скажыце, а… цi не ўплывае на ход гiсторыi такое перамяшчэнне аб'ектаў з мiнулага ў сёння i наадварот? — спыталася мiс Фэлоўз.

Хоскiнс пацiснуў плячыма.

— Калi падыходзiць да гэтага з тэорыi, то на ваша пытанне можна адказаць станоўча, але ў сапраўднасцi, калi выключыць надзвычайныя выпадкi, гэта не мае для развiцця гiсторыi нiякага значэння. Мы ўвесь час нешта выводзiм са Стасiса — малекулы паветра, бактэрыi, пыл. Каля дзесяцi адсоткаў энергii трацiцца на кампенсацыю звязанай з гэтым уцечкi. Але нават перамяшчэнне ў часе адносна вялiкiх прадметаў выклiкае змены, якiя сыходзяць на нiшто. Вазьмiце хоць бы гэты халкапiрыт з плiяцэна. За яго двухтыднёвую адсутнасць якое-небудзь насякомае магло застацца без прытулку i загiнуць, што, у сваю чаргу, магло пацягкуць за сабой цэлую серыю перамен. Нашы матэматычныя разлiкi паказваюць на тое, што гэта самазатухальныя змены, якiя з часам робяцца ўсё менш значнымi, i паступова ўсё зноў прыходзiць да нормы.

— Вы хочаце сказаць, што прырода сама запаўняе страты?

— Да пэўнай ступенi. Калi вы перанесяце чалавека з другой эпохi ў наш час цi, наадварот, адправiце яго назад у мiнулае, то ў апошнiм выпадку шкода будзе больш iстотная. Калi вы зробiце гэта са звычайным, простым чалавекам, дык рана ўсё-такi можа загаiцца сама. Мы штодзень атрымлiваем мноства лiстоў з просьбаю перанесцi ў наш час Аўраама Лiнкальна, цi Магамета, цi Ленiна. Гэта, вядома, здзейснiць немажлiва. Нават калi б нам удалося iх выявiць, то ў гэтым выпадку перамяшчэнне ў часе аднаго з тварцоў гiсторыi чалавецтва нанесла б такую каласальную шкоду рэчаiснасцi, якую немагчыма было б нiчым кампенсаваць. Iснуюць метады, якiя дапамагаюць нам рабiць адпаведныя разлiкi, якiя, у сваю чаргу, вызначаюць, цi не занадта вялiкiя будуць змены ў развiццi пры перамяшчэннi таго цi iншага аб'екта ў часе, i мы робiм усё, каб нават не наблiзiцца да гэтае мяжы.

— Значыць, Цiмi… — пачала была мiс Фэлоўз.

— Не, у гэтых адносiнах з iм усё добра. Наша рэчаiснасць у поўнай бяспецы. Але… — ён кiнуў пранiзлiвы позiрк на яе. — Не, нiчога. Учора вы сказалi мне, што яму трэба мець зносiны з дзецьмi.

— Так, — мiс Фэлоўз радасна ўсмiхнулася. — Я не думала, што вы звярнулi ўвагу на маю просьбу.

— Ну чаму ж? У мяне да дзiцяцi сама цёплыя пачуццi, i я цаню вашы да яго адносiны. Усё гэта мяне цiкавiць, i я зусiм не збiраўся замоўчыць гэтае пытанне, не растлумачыўшы вам, як iдуць справы. Цяпер я выканаў гэтую задачу, вы бачылi, чым мы займаемся, вам вядомыя цяпер да пэўнай ступенi тыя цяжкасцi, якiя нам даводзiцца пераадольваць, i вы павiнны зразумець, чаму пры ўсiм жаданнi мы не можам забяспечыць Цiмi кампанiяй яго равеснiкаў.

— Не можаце? — разгубiўшыся, усклiкнула мiс Фэлоўз.

— Дык я ж толькi што вам усё растлумачыў. У нас не было нiякай надзеi знайсцi другога неандэртальца яго ўзросту, на такую неверагодную ўдачу нават разлiчваць няма чаго. А калi б нам i пашанцавала, дык зусiм неразумна было б памнажаць рызыку, трымаючы ў Стасiсе яшчэ адну чалавечую iстоту.

— Але ж вы мяне не так зразумелi, доктар Хоскiнс, — адклаўшы ўбок лыжку, рашуча сказала мiс Фэлоўз. — Я зусiм не хачу, каб вы перанеслi ў наш час яшчэ аднаго неандэртальца. Я ведаю, што гэта немагчыма. Але ж можна прывесцi ў Стасiс другое дзiця, каб яно гуляла з Цiмi.

— Дзiця чалавека? — Хоскiнс быў агаломшаны.

— Другое дзiця, — адрэзала мiс Фэлоўз, адчуваючы, як iмгненна ўся яе прыхiльнасць да доктара Хоскiнса змянiлася варожасцю. — Цiмi — чалавек!

— Мне гэта нават у галаву не прыходзiла.

— Чаму? Чаму вы не падумалi менавiта пра гэта? Што ў гэтым кепскага? Вы вырвалi дзiця з яго эпохi, асудзiлi яго на вечнае зняволенне, дык няўжо вы не адчуваеце сябе ў даўгу перад iм? Доктар Хоскiнс, калi ёсць у гэтым свеце чалавек, якi па ўсiх паказчыках, акрамя бiялагiчнага, можа лiчыцца бацькам гэтаму дзiцяцi, дык гэта вы. Чаму ж вы не хочаце зрабiць яму такую драбнiцу?

— Я — яго бацька? — спытаўся Хоскiнс, неяк няўклюдна падымаючыся з-за стала. — Калi вы не пярэчыце, мiс Фэлоўз, я правяду вас назад у Стасiс.

Яны моўчкi вярнулiся ў лялечны домiк. Нiхто з iх не сказаў больш нi слова.

* * *

Калi не лiчыць выпадковых, мiмаходзь кiнутых позiркаў, прайшло шмат часу, пакуль ёй зноў удалося сустрэцца з Хоскiнсам.

Iншы раз гэта яе засмучала, але калi Цiмi бываў асаблiва маркотны цi моўчкi па некалькi гадзiн стаяў каля акна, за якiм амаль нiчога не было вiдаць, яна з абурэннем думала: «Якi ж ён дурны, гэты чалавек!»

Цiмi гаварыў з кожным днём усё больш свабодна i правiльна. Праўда, ён так i не змог цалкам пазбавiцца ад уласцiвай яму з самага пачатку некаторай невыразнасцi ў вымаўленнi, у якой яна знаходзiла нават своеасаблiвую прывабнасць. У хвiлiны хвалявання ён iншы раз па-ранейшаму прыцмокваў, але i гэта здаралася ўсё радзей. Мабыць, ён паступова забываўся пра тыя далёкiя днi, што папярэднiчалi яго з'яўленню ў нашым часе.

Па меры таго як Цiмi падрастаў, цiкавасць да яго фiзiёлагаў iшла на спад, затое цяпер iм пачалi больш займацца псiхолагi. Мiс Фэлоўз не ведала, хто з iх выклiкае ў яе найбольшую непрыязнасць. Са шпрыцамi было скончана — уколы i выкачванне з арганiзма вадкасцi спынiлiся, яго перасталi кармiць паводле спецыяльнай дыеты. Але затое цяпер Цiмi, каб атрымаць ежу i ваду, даводзiлася пераадольваць перашкоды. Ён павiнен быў падымаць маснiцы, адсоўваць знарок пастаўленыя рашоткi, торгаць за шнуры. Удары слабага электрычнага току даводзiлi яго да iстэрыкi, i гэта прыводзiла яе ў адчай.

Яна не хацела больш звяртацца да Хоскiнса — кожны раз, калi яна думала пра яго, перад ёй усплываў яго твар, якi ён быў у тую ранiцу на снеданнi. Вочы ў яе заплывалi слязьмi, i яна зноў не магла ўтрымацца, каб не падумаць: «Дурны, дурны чалавек!»

I вось аднойчы каля лялечнага домiка зусiм нечакана пачуўся яго голас — ён клiкаў яе.

Папраўляючы на хаду халат, яна няспешна выйшла з дома i, раптам збянтэжыўшыся, спынiлася, убачыўшы перад сабой зграбную жанчыну сярэдняга ўзросту. З-за светлых валасоў i бледнага твару незнаёмая выглядала вельмi кволаю. За яе спiною, моцна ўчапiўшыся за спаднiцу, стаяў круглатвары, з вялiкiмi вачыма хлапчук гадоў чатырох.

— Дарагая, гэта мiс Фэлоўз, сястра, якая даглядае хлопчыка. Мiс Фэлоўз, пазнаёмцеся з маёй жонкаю.

Няўжо гэта яго жонка? Мiс Фэлоўз уяўляла яе зусiм iншай. Хаця чаму б i не? Такi чалавек, як Хоскiнс, дзеля кантрасту мог выбраць сабе ў жонкi кволую iстоту. Мажлiва, гэта было якраз тое, што яму было трэба…

Яна прымусiла сябе прыязна ўсмiхнуцца.

— Добры дзень, мiсiс Хоскiнс. Гэта ваш… ваш малыш? (Гэта было ўжо поўнай нечаканасцю. Яна магла ўявiць сабе Хоскiнса ў ролi мужа, але не бацькi, за выключэннем, вядома, таго… Яна раптам адчула на сабе змрочны позiрк Хоскiнса i пачырванела.)

— Так, гэта мой сын Джэры, — сказаў Хоскiнс. — Джэры, павiтайся з мiс Фэлоўз.

(Цi не падкрэслiў ён слова «гэта»? Цi не хацеў ён даць зразумець, што гэта яго сын, а не…)

Джэры крыху падаўся наперад, не выпускаючы, аднак, матчынай спаднiцы, i прамармытаў прывiтанне. Мiсiс Хоскiнс вiдочна спрабавала зазiрнуць цераз плячо мiс Фэлоўз у пакой, як бы чакаючы знайсцi там нешта надзвычай цiкавае.

— Ну, што ж, зойдзем у Стасiс, — сказаў Хоскiнс. — Уваходзь, дарагая. На парозе цябе чакае крыху непрыемнае адчуванне, але гэта хутка пройдзе.

— Вы хочаце, каб Джэры таксама ўвайшоў туды? — спытала мiс Фэлоўз.

— Вядома. Ён будзе гуляць з Цiмi. Вы ж гаварылi, што Цiмi патрэбны таварыш у гульнях. Можа, вы ўжо забылiся пра гэта?

— Але… — у яе позiрку адбiлася найвялiкшае здзiўленне. — Ваш хлопчык?

— А чый жа яшчэ? — са злосцю сказаў Хоскiнс. — Хiба не гэтага вы дабiвалiся? Хадзем, дарагая. Уваходзь жа.

З вiдавочным намаганнем падняўшы Джэры на рукi, мiсiс Хоскiнс пераступiла парог. Джэры захныкаў — вiдаць, яму не спадабалася тое, што ён адчуў пры ўваходзе ў Стасiс.

— Дзе ж тая iстота? — тонкiм галаском спыталася мiсiс Хоскiнс. — Я не бачу яе.

— Хадзi сюды, Цiмi! — паклiкала мiс Фэлоўз.

Цiмi выглянуў з-за дзвярэй, утаропiўшыся на нечаканых гасцей. Мускулы на руках у мiсiс Хоскiнс прыкметна напружылiся.

Павярнуўшыся да мужа, яна спыталася:

— Ты ўпэўнены, Джэральд, што ён не небяспечны?

— Калi вы маеце на ўвазе Цiмi, дык нiякай небяспекi, — тут жа ўмяшалася мiс Фэлоўз. — Ён спакойны i паслухмяны хлопчык.

— Але ж ён дзi… дзiкун.

(Вось яно што! Гэта вынiк усiх газетных гiсторый пра хлопчыка-малпу.)

— Зусiм ён не дзiкун, — з нацiскам вымавiла мiс Фэлоўз. — Ён спакойны i разважлiвы ў той ступенi, у якой гэтага можна чакаць ад пяцiгадовага дзiцяцi. Вельмi велiкадушна з вашага боку, мiсiс Хоскiнс, дазволiць вашаму хлопчыку гуляць з Цiмi, i я з усёй адказнасцю прашу вас не трывожыцца.

— Я не ўпэўненая, што згаджуся на гэта, — з раздражненнем сказала мiсiс Хоскiнс.

— Мы ж ужо абмеркавалi гэтае пытанне, дарагая, — сказаў Хоскiнс, — i я думаю, нам няварта ўзнаўляць нашу спрэчку. Спусцi Джэры на падлогу.

Мiсiс Хоскiнс паслухалася. Хлопчык прытулiўся да яе спiнаю i ўтаропiўся на Цiмi, якi ў сваю чаргу не спускаў з яго вачэй.

— Цiмi, хадзем сюды, — паклiкала мiс Фэлоўз, — iдзi, не бойся.

Цiмi паволi ўвайшоў у пакой. Хоскiнс нахiлiўся, каб адчапiць пальцы Джэры ад матчынай спаднiцы.

— Адыдзi крыху назад, дарагая, дай дзецям пазнаёмiцца.

Хлопчыкi апынулiся тварам у твар. Нягледзячы на тое, што Джэры быў маладзейшы, ён быў вышэйшы за Цiмi на цэлы дзюйм, i на фоне яго зграбнай фiгуркi i прыгожа пасаджанай прапарцыянальнай галавы гратэскнасць аблiчча Цiмi раптам кiнулася ў вочы, амаль як i ў першыя днi. У мiс Фэлоўз задрыжалi вусны. Першы загаварыў маленькi неандэрталец.

— Як цябе завуць? — дыскантам працягнуў ён, хутка наблiзiўшы да Джэры свой твар, як бы хочучы лепш разгледзець яго.

Сцепануўшыся ад нечаканасцi, Джэры замест адказу даў Цiмi моцнага кухталя. Цiмi адляцеў назад i, не ўтрымаўшыся на нагах, упаў на падлогу. Абодва голасна зараўлi. Мiсiс Хоскiнс схапiла Джэры на рукi, а мiс Фэлоўз, пачырванеўшы ад унутранага гневу, падняла Цiмi, стараючыся яго супакоiць.

— Яны iнстынктыўна неўзлюбiлi адзiн аднаго, — заявiла мiсiс Хоскiнс.

— Яны iнстынктыўна ставяцца адзiн да аднаго так, як любыя iншыя дзецi, будзь яны на iх месцы, — стомлена сказаў Хоскiнс. — А цяпер апусцi Джэры з рук i дай яму прывыкнуць да абставiн. Па праўдзе кажучы, нам лепш цяпер выйсцi. Мiс Фэлоўз можа праз нейкi час прывесцi Джэры да мяне ў кабiнет, i я паклапачуся, каб яго завезлi дахаты.

Доўгi час дзецi нi на хвiлiну не выпускалi адзiн аднаго з вачэй. Джэры плакаў i клiкаў мацi, баючыся адысцiся ад мiс Фэлоўз, i толькi праз нейкi час дазволiў, нарэшце, суцешыць сябе ледзянцом. Цiмi таксама атрымаў ледзянец, i праз гадзiну мiс Фэлоўз удалося дабiцца таго, што абодва яны селi гуляць у кубiкi, праўда, у розных кутках.

Калi яна павяла ў той дзень Джэры да бацькi, дык да такой ступенi была перапоўнена ўдзячнасцю Хоскiнсу, што ледзь стрымлiвала слёзы.

Мiс Фэлоўз шукала слоў, каб выказаць свае пачуццi, але падкрэсленая стрыманасць Хоскiнса перашкодзiла ёй гэта зрабiць. Можа, ён i да гэтага часу не дараваў ёй таго, што яна прымусiла адчуць жорсткасць ягоных адносiн да Цiмi. А можа, ён урэшце прывёў свайго сына, каб даказаць ёй, як добра ён ставiцца да Цiмi, i адначасна даць зразумець, што ён зусiм не яго бацька. Так. Менавiта гэта ён i меў на ўвазе!

Таму яна абмежавалася некалькiмi словамi.

— Дзякуй, вялiкае дзякуй, доктар Хоскiнс.

Яму нiчога не заставалася, як адказаць:

— Няма за што, мiс Фэлоўз. Усё iдзе як трэба.

Паступова гэта ўвайшло ў звычай. Два разы на тыдзень Джэры прыводзiлi на гадзiну пагуляць з Цiмi, потым гэты тэрмiн быў расцягнуты да дзвюх гадзiн. Дзецi пазнаёмiлiся, паступова вывучылi прывычкi адзiн аднаго i пачалi гуляць разам.

I цяпер, калi першая хваля ўдзячнасцi схлынула, мiс Фэлоўз заўважыла, што Джэры ёй зусiм не падабаецца. Фiзiчна ён быў намнога мацнейшы за Цiмi ды i ўвогуле ва ўсiм пераўзыходзiў яго: ён уладарыў над Цiмi, адводзячы яму ва ўсiм другарадную ролю. З такiм становiшчам яе мiрыла неяк толькi тое, што, нягледзячы нi на што, Цiмi ўсё больш нецярплiва чакаў чарговага прыходу свайго таварыша па гульнях.

— Гэта ўсё, што ў яго ёсць у жыццi, — з тугою гаварыла яна сабе.

I аднойчы, назiраючы за iмi, яна раптам падумала: «Гэтыя два хлопчыкi абодва дзецi Хоскiнса, адзiн ад жонкi, другi — ад Стасiса. У той час як яна сама…»

— О Божа, — сцiснуўшы кулакамi скронi, з сорамам падумала яна, — гэта ж я раўную!

* * *

— Мiс Фэлоўз, — спытаўся аднойчы Цiмi (яна нiколi не дазваляла яму называць яе iнакш), — калi я пайду ў школу?

Яна зiрнула ў яго карыя вочы, якiя молячы глядзелi на яе, чакаючы адказу, i пяшчотна правяла рукою па яго густых валасах. Гэта была сама неахайная частка яго галавы: яна стрыгла яго сама, а хлопчык заўсёды круцiўся пад нажнiцамi i перашкаджаў ёй. Яна нiколi не прасiла прыслаць парыкмахера, бо гэтая няўмелая яе стрыжка памагала ўдала маскiраваць нiзкi пакаты лоб у дзiцяцi i яго празмерна выпуклую патылiцу.

— Адкуль ты даведаўся пра школу? — спыталася яна.

— Джэры ходзiць у школу. У дзiцячы сад, — старанна вымаўляючы склады, адказаў ён. — Джэры бывае ў многiх месцах там, на волi. Калi ж я выйду адсюль на волю, мiс Фэлоўз?

У яе балюча сцiснулася сэрца. Яна, вядома, разумела: нiшто не зможа перашкодзiць таму, што Цiмi непазбежна будзе даведвацца ўсё больш i больш пра вонкавы свет, той свет, у якi яму нiколi не суджана ўступiць.

Пастараўшыся надаць свайму голасу больш бадзёрасцi, яна спыталася:

— А што б ты рабiў у дзiцячым садзе, Цiмi?

— Джэры кажа, што яны там гуляюць у розныя гульнi, што iм паказваюць стужкi з рухомымi карцiнкамi. Ён кажа, што там многа-многа дзяцей. Ён расказвае… — Цiмi на iмгненне задумаўся, потым урачыста раскiнуў рукi, з растапыраннымi пальцамi i толькi тады скончыў фразу. — Вось як многа ён расказвае!

— Табе хацелася б паглядзець рухомыя карцiнкi? — спыталася мiс Фэлоўз. — Я прынясу табе гэтыя стужкi i стужкi з запiсам музыкi.

Так ёй на нейкi час удалося супакоiць яго.

* * *

У атсутнасць Джэры ён з цiкавасцю разглядаў рухомыя карцiнкi, а мiс Фэлоўз гадзiнамi чытала яму ўголас кнiгi.

У сама просценькiм апавяданнi было столькi яму незразумелага, што даводзiлася тлумачыць сутнасць сама звычайных рэчаў за межамi трох пакояў Стасiса. Цяпер, калi ў яго думкi ўварваўся навакольны свет, ён усё часцей пачаў бачыць сны.

Яму снiлася заўсёды адно i тое ж — той невядомы свет за межамi яго домiка. Ён няўмела спрабаваў расказаць мiс Фэлоўз змест сваiх сноў, у якiх ён звычайна пераносiўся ў велiзарную пустую прастору, дзе, апрача яго, былi яшчэ дзецi i нейкiя дзiўныя, незразумелыя прадметы, створаныя яго ўяўленнем на аснове далёка не да канца зразумелых iм кнiжных вобразаў. Iншы раз яму снiлiся карцiны з яго прызабытага далёкага мiнулага, калi ён яшчэ жыў сярод неандэртальцаў.

Тыя дзецi i невядомыя яму прадметы, якiя ён бачыў у снах, не заўважалi яго. Хоць ён i адчуваў, што знаходзiцца з iмi за межамi Стасiса, ён у той самы час разумеў, што не належыць таму свету, i заставаўся заўжды ў страшэннай адзiноце, нiбы i не пакiдаў свайго пакоя. Прачынаўся ён заўсёды ў слязах.

Спрабуючы супакоiць яго, мiс Фэлоўз старалася звесцi яго расказы на жарты, смяялася з iх, але колькi начэй яна сама праплакала ў сваёй кватэры.

Аднойчы, калi яна чытала ўголас, Цiмi працягнуў руку да яе падбародка i, асцярожна прыўзняўшы яе твар ад кнiгi, прымусiў яе зiрнуць яму ў вочы.

— Мiс Фэлоўз, адкуль вы ведаеце, што тут трэба гаварыць?

— Ты бачыш гэтыя значкi? Яны-та i кажуць мне пра тое, што я потым ужо расказваю табе. З гэтых значкоў складаюцца словы.

Узяўшы з яе рук кнiгу, Цiмi доўга з цiкаўнасцю разглядаў лiтары.

— Некаторыя значкi зусiм аднолькавыя, — сказаў ён нарэшце.

Яна засмяялася ад радасцi, што ён такi кемлiвы.

— Правiльна. Хочаш, я пакажу табе, як пiсаць гэтыя значкi.

— Добра, пакажыце. Гэта будзе цiкавая гульня.

Ёй нават у галаву не прыйшло, што ён можа навучыцца чытаць. Да таго самага моманту, калi ён прачытаў ёй уголас кнiгу, яна не хацела верыць у гэта. Праз некалькi тыдняў яна раптам асэнсавала ўсю велiзарную важнасць гэтай надзеi, i яна была агаломшана. Седзячы ў яе на каленях, Цiмi чытаў ёй уголас дзiцячую кнiгу, не прапускаючы нi слова. Ён чытаў!

Узрушаная, яна паднялася з крэсла i сказала:

— Я хутка вярнуся, Цiмi. Мне неабходна пабачыць доктара Хоскiнса.

Яе ахапiла на мяжы ўтрапёнасцi ўзбуджанасць. Ёй здалося, што цяпер ёй удасца, нарэшце, знайсцi сродак зрабiць Цiмi ў нейкай меры шчаслiвым. Калi Цiмi нельга ўвайсцi ў сучаснае жыццё, то само гэтае жыццё павiнна ўвайсцi ў яго трохпакаёвую турму, адлюстраванае ў кнiгах, фiльмах i гуках.

Яму неабходна даць адукацыю, скарыстаўшы ўсе яго прыродныя здольнасцi. Гэтым чалавецтва магло б хоць неяк кампенсаваць тое зло, якое яно яму прычынiла.

* * *

I Хоскiнс быў у настроi, дзiўна падобным на яе настрой. Уся яго iстота выпраменьвала непрыкрытую радасць i трыумф. У праўленнi кампанii панавала незвычайнае ажыўленне, i мiс Фэлоўз, калi яна разгублена спынiлася ў прыёмнай, нават падумала, што ёй не ўдасца сёння пагаварыць з Хоскiнсам.

Але ён заўважыў яе, i яго шырокi твар расплыўся ўсмешкай.

— Хадземце сюды, мiс Фэлоўз, — паклiкаў ён.

Ён хуценька дагаварыў штосьцi па iнтэркому i выключыў яго.

— Вы ўжо чулi? Ну, вядома, вы яшчэ нiчога не можаце ведаць. Мы ўсё-такi дабiлiся свайго! Мы цяпер можам фiксаваць аб'екты з нядаўняга мiнулага.

— Вы хочаце сказаць, што цяпер вы можаце перанесцi ў наш час чалавека, якi жыў ужо ў гiстарычную эпоху? — спыталася мiс Фэлоўз.

— Вы абсалютна правiльна мяне зразумелi. Толькi што мы зафiксавалi аднаго iндывiдуума, якi жыў у чатырнаццатым веку. Вы толькi ўявiце сабе ўсю важнасць гэтае падзеi! Каб вы толькi ведалi, як я буду рады пазбавiцца, нарэшце, ад гэтай канцэнтрацыi ўсiх сiл на мезазойскай эры, якой, здавалася ўжо мне, не будзе канца, якое задавальненне атрымаю я ад замены палеантолагаў гiсторыкамi… Вы, здаецца, штосьцi хацелi паведамiць мне? Ну, давайце выкладвайце, што ў вас там? Кажыце ж. Вы засталi мяне ў добрым настроi i можаце атрымаць усё, што пажадаеце.

— Я вельмi рада, — мiс Фэлоўз усмiхнулася. — Мяне якраз цiкавiць адно пытанне: цi не маглi б вы распрацаваць сiстэму адукацыi Цiмi?

— Адукацыi? Якой яшчэ адукацыi?

— Ну, агульнай адукацыi. Я маю на ўвазе школу. Трэба даць яму мажлiвасць вучыцца.

— Але цi можа ён вучыцца?

— Безумоўна, ён ужо вучыцца.

Ёй падалося, што настрой у Хоскiнса раптам рэзка пагоршаў.

— Я нават не ведаю, што вам на гэта i адказаць, мiс Фэлоўз.

— Але ж вы толькi што паабяцалi, што выканаеце любую маю просьбу…

— Я гэта помню. На жаль, у дадзеным выпадку я зрабiў гэта неабдумана. Я думаю, што вы добра разумееце, мiс Фэлоўз, што мы не можам працягваць эксперымент з Цiмi да бясконцасцi.

Ахопленая раптоўным жахам, яна глянула яму ў вочы, яшчэ не ўсвядомiўшы да канца сэнсу сказаных толькi што слоў. Што ён меў на ўвазе пад гэтым «не можам працягваць»? Яе раптам нiбы азарыла — яна ўспомнiла прафесара Адэмеўскага i мiнерал, адасланы назад пасля двух тыдняў яго знаходжання ў Стасiсе…

— Але цяпер гаворка iдзе пра хлопчыка, а не пра абломак каменя…

Хоскiнсу вiдавочна было не па сабе.

— У выпадках, падобных на гэты, нават дзiцяцi не трэба надаваць занадта вялiкай увагi. Цяпер, калi мы спадзяёмся раздабыць людзей, што жылi ў гiстарычную эпоху, нам спатрэбяцца ўсе памяшканнi Стасiса.

Яна ўсё яшчэ нiчога не разумела.

— Але вы не зробiце гэтага. Цiмi… Цiмi…

— Ну, ну. Не прымайце ўсё так блiзка да сэрца, мiс Фэлоўз. Магчыма, Цiмi прабудзе тут яшчэ некалькi месяцаў, i за гэты час мы пастараемся зрабiць яму ўсё, што ў нашых магчымасцях.

Яна ўсё так жа моўчкi глядзела на яго.

— Цi хочаце вы чаго-небудзь выпiць, мiс Фэлоўз?

— Не, — прашаптала яна. — Мне нiчога не трэба.

Ледзь усведамляючы, што робiць, яна з цяжкасцю паднялася на ногi i нiбы ў кашмары выйшла з пакоя.

«Ты не памрэш, Цiмi, — думала яна. — Ты не памрэш».

* * *

З таго часу яе неадступна мучыла думка пра неабходнасць неяк ухiлiць Цiмi ад гiбелi. Але думаць гэта адно, i зусiм другое — ажыццявiць задуманае. Спачатку мiс Фэлоўз упарта трымалася за надзею, што спроба перанесцi каго-небудзь з ХIV стагоддзя ў наш час закончыцца поўнай няўдачай. Хоскiнс мог дапусцiць памылку, з пункту гледжання тэорыi эксперыменту, маглi таксама выявiць пралiкi ў метадзе яго ажыццяўлення. I тады ўсё засталося б па-старому.

Астатняя частка чалавецтва спадзявалася, вядома, на супрацьлеглы зыход, i мiс Фэлоўз насуперак розуму ўзненавiдзела за гэта ўвесь свет. Ажыятаж, якi ўзняўся вакол «Праекта Сярэднявечча», дасягнуў найвялiкшага напалу. Друк i грамадскасць згаладалiся па чым-небудзь надзвычайным. Акцыянерная кампанiя «Стасiс Iнкарпарэйтэд» даўно ўжо не давала такой сенсацыi. Нейкi там новы камень альбо выкапнёвая рыба ўжо нiкога не хвалявалi. А гэта было якраз тое, што трэба.

Чалавек, якi жыў ужо ў гiстарычную эпоху, дарослы iндывiд, якi гаворыць i на цяпер зразумелай мове, той, хто дапаможа вучоным узнавiць невядомую дасюль старонку гiсторыi.

Той вырашальны час наблiжаўся, i на гэты раз ужо не толькi трое на балконе павiнны стаць сведкамi такое важнае падзеi. Цяпер увесь свет ператвараўся ў велiзарную аўдыторыю, а тэхнiчнаму персаналу Стасiса наканавана сыграць сваю ролю на вачах усяго чалавецтва.

Сярод пачуццяў, што бушавалi ў душы ў мiс Фэлоўз, не было толькi аднаго яна не паддалася ўсеагульнаму псiхозу радаснага чакання.

Калi Джэры прыйшоў, як звычайна, гуляць з Цiмi, яна ледзь пазнала яго. Сакратарка, якая прывяла яго, кiўнула ёй дзеля прылiку галавой i пабегла. Яна спяшалася заняць добрае месца, адкуль ёй удасца сачыць за ўвасабленнем у жыццё «Праекта Сярэднявечча». Мiс Фэлоўз з горыччу падумала: калi б дурненькае дзяўчо прыйшло ў пару, яна таксама ўжо была б там, прытым у яе была больш важкая, чым простая цiкаўнасць, прычына прысутнiчаць пры доследзе.

— Мiс Фэлоўз, — збянтэжана сказаў Джэры, няўпэўнена, бачком наблiжаючыся да яе i дастаючы з кiшэнi нейкi абрывак газеты.

— Што там у цябе, Джэры?

— Гэта фотаздымак Цiмi.

Мiс Фэлоўз уважлiва паглядзела на Джэры, а потым хуценька вырвала з яго рук шматок газеты. Усеагульнае ўзрушэнне, выклiканае «Праектам Сярэднявечча», абудзiла ў друку пэўную цiкавасць i да Цiмi.

Джэры ўважлiва сачыў за яе тварам.

— Тут сказана, што Цiмi — хлопчык-малпа. Што гэта значыць, мiс Фэлоўз?

Яна схапiла яго за руку, з цяжкасцю стрымаўшы жаданне добра страсянуць яго.

— Нiколi не гавары так, Джэры. Нiколi. Ты разумееш гэта? Гэта брыдкае слова, i ты не павiнен ужываць яго.

Перапалоханы Джэры адчайна вырываўся з яе рук.

Мiс Фэлоўз раз'юшана рвала газету.

— А цяпер iдзi i гуляй з Цiмi.

Нарэшце прыйшла дзяўчына. Мiс Фэлоўз нiколi не бачыла яе. Нiхто з пастаянных служачых Стасiса, што зрэдку падмянялi яе цяпер, у сувязi з наблiжэннем ажыццяўлення праекта, памагчы ёй не мог. Аднак сакратарка Хоскiнса абяцала ёй памагчы знайсцi якую-небудзь дзяўчынку.

— Вы i ёсць тая дзяўчынка, якую прымацавалi да Першай Секцыi Стасiса? стараючыся стрымаць дрыжанне ў голасе, спыталася мiс Фэлоўз.

— Так, гэта я. Завуць мяне Мэндзi Тэрыс. А вы мiс Фэлоўз?

— Правiльна.

— Даруйце, што я крыху спазнiлася. Усюды такая сумятня.

— Я ведаю. Я хачу, каб вы…

— Вы ж будзеце глядзець, праўда? — перабiла яе Мэндзi. На яе прыгожанькiм, тонкiм, але нейкiм пустым твары адбiлася пякучая зайздрасць.

— Гэта не мае значэння. Я хачу, каб вы пазнаёмiлiся з Цiмi i Джэры. Яны будуць гуляць гадзiны са дзве i не наробяць вам нiякага клопату. I м пакiнута малако, у iх многа цацак. Будзе нават лепш, калi вы не будзеце iм перашкаджаць. А цяпер я пакажу вам, дзе што знаходзiцца i…

— Гэты Цiмi — хлопчык-мал…?

— Цiмi — дзiця, якое жыве ў Стасiсе, — рэзка перапынiла яе мiс Фэлоўз.

— Я хацела сказаць, што Цiмi — гэта той, каму нельга выходзiць з дому. Цi ж не так?

— Так. А цяпер заходзьце, у нас мала часу.

I калi ёй, нарэшце, удалося пайсцi, услед ёй пачуўся пранiзлiвы голас Мэндзi Тэрыс:

— Спадзяюся, вам дастанецца добрае месцейка. Далiбог, мне так хочацца, каб дослед удаўся.

Не ўпэўненая ў тым, што, адказваючы Мэндзi, ёй удасца захаваць стрыманасць, мiс Фэлоўз, нават не азiрнуўшыся, яшчэ больш заспяшалася.

* * *

Але з-за таго, што яна затрымалася, ёй не ўдалося заняць добрае месца. Яна з цяжкасцю прабiлася толькi да экрана ў Зале сходаў. Калi б ёй пашанцавала апынуцца паблiзу ад месца, дзе праводзiцца эксперымент, калi б толькi яна магла падысцi да якога-небудзь чуйнага прыбора, калi б яна як-небудзь умудрылася сарваць эксперымент…

Яна знайшла ў сабе сiлы авалодаць сабою. Простае ж псаванне прыбора нi да чаго не прывядзе. Яны ўсё роўна наладзяць яго i паставяць эксперымент нанава… А ёй нiколi не дазволяць вярнуцца да Цiмi.

Нiшто не магло ёй дапамагчы. Нiшто, апрача натуральнага i прытым непапраўнага правалу эксперыменту.

I ў тыя iмгненнi, калi адлiчвалiся апошнiя секунды, ёй заставалася толькi чакаць, напружана сачыць за кожным рухам на вялiзным экране, уважлiва ўзiрацца ў твары занятых у доследзе супрацоўнiкаў, калi то адзiн, то другi з iх трапляў у поле зроку; яна спадзявалася ўбачыць у iх позiрках выраз неспакою i няўпэўненасцi, як доказу ўзнiкнення нечаканых цяжкасцей у ажыццяўленнi эксперыменту, яна нi на секунду не адводзiла вачэй ад экрана…

Але яе надзеi не спраўдзiлiся. Была адлiчана апошняя секунда, i вельмi спакойна, без лiшняга шуму дослед паспяхова быў завершаны!

У нядаўна пабудаваным новым памяшканнi Стасiса стаяў барадаты сутулы селянiн няпэўнага ўзросту, у падраным, брудным адзеннi i драўляных сандалях; ён з тупым жахам азiраўся па баках, свядомасць яго не магла ўспрыняць такой раптоўнай, такой неверагоднай перамены.

I ў той момант, калi ледзь не ўвесь свет звар'яцеў ад захаплення, мiс Фэлоўз, скамянеўшы ад гора, стаяла адна нерухома сярод гэтае мiтуснi. Яе штурхалi, шпурлялi, ледзь не тапталi нагамi, а яна стаяла сярод натоўпу, якi вiраваў, трыумфаваў, i ўсё больш сцiскалася пад цяжарам страчаных надзей.

I калi скрыпучы голас у дынамiку назваў яе iмя, гэта дайшло да яе свядомасцi толькi пасля трохразовага паўтору.

— Мiс Фэлоўз, мiс Фэлоўз, вас выклiкаюць у Першую Секцыю Стасiса. Мiс Фэлоўз, мiс Фэлоўз…

— Прапусцiце мяне! — задыхаючыся, крыкнула яна, а дынамiк, нi на секунду не спыняючыся, усё паўтараў i паўтараў адну i тую ж фразу.

Сабраўшы ўсю сваю сiлу, яна адчайна прабiвалася праз натоўп, расштурхоўваючы людзей. Не спыняючыся нi перад чым, пусцiўшы ў ход нават кулакi, раздаючы направа i налева кухталi, яна ўвесь час вязла ў людскiм вiры, але ўсё ж такi рухалася да выхаду.

* * *

Мэндзi Тэрыс рыдала.

— Я проста не магу сабе ўявiць, як гэта адбылося. Я адлучылася ўсяго толькi на адну хвiлiнку, каб зiрнуць на той маленькi экран, якi яны паставiлi ў калiдоры. I раптам, перш чым я паспела штосьцi зрабiць… Вы самi сказалi мне, што яны нiчога не наробяць, вы самi параiлi мне пакiнуць iх адных! выкрыкнула раптам Мэндзi, пераходзячы ў наступленне.

— Дзе Цiмi? — гледзячы на яе няўцямнымi вачыма, спыталася мiс Фэлоўз, не заўважаючы, як дрыжыць нервова ўсё яе цела.

Адна сястра працiрала ў Джэры руку дэзiнфiцыйнымi сродкамi, другая рыхтавала шпрыц з супрацьслупняковай сывараткай.

— Ён укусiў мяне, мiс Фэлоўз! — душачыся ад злосцi, крыкнуў Джэры. — Ён укусiў мяне!

Але мiс Фэлоўз нават не звярнула на яго ўвагi.

— Што вы зрабiлi з Цiмi? — крыкнула яна.

— Я зачынiла яго ў ваннай, — адказала Мэдзi. — Я проста шпурнула туды гэтую маленькую пачвару i замкнула яе там.

Мiс Фэлоўз бягом рынулася ў лялечным домiк. Яна замарудзiлася каля дзвярэй ваннай, здавалася, што прайшла цэлая вечнасць, пакуль ёй удалося, нарэшце, адчынiць дзверы i знайсцi ў кутку свайго выродлiвага хлапчука.

— Не бiце мяне, мiс Фэлоўз, — прашаптаў ён. Вочы яго пачырванелi, вусны дрыжалi. — Я не хацеў гэтага.

— О Цiмi! Чаму ты думаеш, што я буду цябе бiць? — падхапiўшы дзiця на рукi, яна моцна прытулiла яго да сябе.

— Яна сказала, што вы адлупцуеце мяне доўгай вяроўкай. Яна сказала, што вы будзеце мяне бiць, бiць, бiць…

— Нiхто цябе не будзе бiць. Вельмi нядобра было ёй так гаварыць. Але што здарылася? Што здарылася?

— Ён назваў мяне хлопчыкам-малпай. Ён сказаў, што я не сапраўдны хлопчык, што я — жывёлiна.

З вачэй у Цiмi палiлiся слёзы.

— Ён сказаў, што не хоча больш гуляць з малпаю. А я сказаў, што я не малпа. Я не малпа! Потым ён сказаў, што я вельмi смешны, што я жахлiва пачварны. Ён паўтарыў гэта многа-многа разоў, i я ўкусiў яго.

Цяпер яны плакалi абое.

— Але ж ты ведаеш, Цiмi, што гэта няпраўда, — усхлiпваючы, сказала мiс Фэлоўз, — i ты сапраўдны хлопчык. Ты сама сапраўдны i сама харошы хлопчык на свеце. I нiхто, нiхто нiколi цябе ў мяне не адбярэ.

Цяпер ёй лёгка было адважыцца, яна, нарэшце, ведала, што трэба рабiць. Але дзейнiчаць трэба было хутка, Хоскiнс не будзе больш чакаць, пацярпеў жа яго сын…

Гэта павiнна адбыцца ноччу, сёння ноччу, калi амаль усе служачыя Стасiса будуць альбо спаць, альбо весялiцца ў сувязi з паспяховым ажыццяўленнем «Праекта Сярэднявечча».

Яна вернецца ў Стасiс у нязвычны час, але ж гэта здаралася i раней. Ахоўнiк добра ведае яе, i яму нават у галаву не прыйдзе патрабаваць ад яе нейкiх тлумачэнняў. Ён i ўвагi не зверне на тое, што ў яе ў руках будзе чамадан. Яна разоў колькi прарэпетыравала гэтую такую простую фразу «Гульнi хлопчыкам», а ўслед за ёй спакойную ўсмешку.

I ён паверыў.

Калi яна зноў паявiлася ў памяшканнi домiка, Цiмi яшчэ не спаў, i яна, як магла, старалася паводзiць сябе так, як заўсёды, каб не перапалохаць яго. Яна пагаварыла з iм пра яго сны i выслухала яго роспыты пра Джэры.

I потым яе ўбачаць нямногiя, i нiкому не будзе нiякай iцкавасцi да таго клунка, якi яна будзе несцi. I Цiмi будзе паводзiць сябе вельмi спакойна, а потым усё астатняе стане fait accompi.[1] Задуманае здзейснiцца, i якi толк спрабаваць выправiць тое, што ўжо адбылося. Ёй дадуць магчымасць жыць. I м абаiм будзе падаравана жыццё.

Яна адчынiла чамадан i выцягнула з яго палiто, шарсцяную шапку з навушнiкамi i яшчэ сёе-тое.

— Мiс Фэлоўз, чаму вы надзяваеце на мяне ўсе гэтыя рэчы? — устрывожыўшыся, спытаўся Цiмi.

— Я хачу вывесцi цябе адсюль, Цiмi. Мы адправiмся ў краiну тваiх сноў, адказала яна.

— Маiх сноў? — яго твар засвяцiўся радасцю, але ён яшчэ не мог цалкам пазбыцца страху.

— Не бойся, ты будзеш са мной. Ты не павiнен баяцца, калi ты са мной. Праўда, Цiмi?

— Праўда, мiс Фэлоўз, — ён прытулiўся да яе галоўкай, i, абняўшы яго, яна адчула пад рукою бiццё яго маленькага сэрца.

Надышла поўнач. Мiс Фэлоўз узяла Цiмi на рукi, выключыла сiгналiзацыю i асцярожна адчынiла дзверы.

I тут з яе грудзей вырваўся крык жаху — яна апынулася тварам у твар з Хоскiнсам, якi стаяў на парозе.

* * *

З iм былi яшчэ двое, i, убачыўшы яе, ён быў агаломшаны не менш, чым яна сама.

Мiс Фэлоўз апомнiлася на нейкую долю секунды раней за яго i паспрабавала хуценька праскочыць каля яго, але, нягледзячы на гэты выйгрыш у часе, ён усё-такi апярэдзiў яе. Ён груба схапiў яе i адштурхнуў назад у глыбiню пакоя да шафы. Ён знакам загадаў астатнiм увайсцi ў пакой i сам стаў каля выхаду, засланiўшы дзверы.

— Гэтага я не чакаў. Вы зусiм звар'яцелi?

Калi Хоскiнс штурхануў яе, яна паспела павярнуцца так, што ўдарылася аб шафу плячом, i Цiмi амаль не ўдарыўся.

— Што здарыцца, калi я вазьму яго з сабой, доктар Хоскiнс? — як малiтву вымавiла яна. — Няўжо страта энергii вам даражэй за чалавечае жыццё?

Хоскiнс рашуча вырваў у яе з рук Цiмi.

— Страта энергii ў такiх памерах прывяла б да страты многiх мiльёнаў даляраў у кiшэнях укладчыкаў. Гэта катастрафiчна затармазiла б работы, якiя вядзе акцыянерная кампанiя «Стасiс Iнкарпарэйтэд». Гэта азначала б, што ўсiм i кожнаму стала б вядомая гiсторыя жаласлiвай медсястры, якая прычынiла каласальныя страты кампанii ў iмя ўратавання хлопчыка-малпы.

— Хлопчык-малпа! — у бяссiльным адчаi ўсклiкнула мiс Фэлоўз.

— Пад такiм прозвiшчам ён фiгураваў бы ў апiсаннях гэтае падзеi.

А тым часам адзiн з тых, хто прыйшоў з Хоскiнсам, пачаў працягваць праз адтулiны ў верхняй частцы сцяны нейлонавы шнур. Мiс Фэлоўз успомнiла шнур, што вiсеў на вонкавай сцяне камеры з абломкам каменя прафесара Адэмеўскага, той шнур, за якi некалi таргануў Хоскiнс.

— Не! — закрычала яна.

Але Хоскiнс апусцiў Цiмi на падлогу i, асцярожна зняўшы з яго палiто, сказаў:

— Заставайся тут, Цiмi, з табою нiчога не здарыцца. Мы толькi выйдзем на хвiлiнку з пакоя. Добра?

Цiмi збялеў, яму заняло мову, аднак ён знайшоў у сабе сiлы сцвярджальна кiўнуць галавой. Хоскiнс вывеў мiс Фэлоўз з лялечнага домiка, трымаючыся на ўсякi выпадак ззаду. На нейкi мiг мiс Фэлоўз страцiла здольнасць супрацiўляцца. Яна тупа сачыла за тым, як замацоўвалi на сцяне канец шнура.

— Мне вельмi шкада, мiс Фэлоўз, — сказаў Хоскiнс, — я ахвотна пазбавiў бы вас гэтага вiдовiшча. Я хацеў гэта зрабiць ноччу, каб вы даведалiся пра ўсё ўжо пасля.

— I ўсё з-за таго, што перапала вашаму сыну, якi замучыў гэтае дзiця так, што яно ўжо не змагло авалодаць сабой?

— Паверце мне, што не ў гэтым прычына. Мне зразумела, што тут сёння адбылося, i я ведаю, што ва ўсiм вiнаваты Джэры. Але гэтая гiсторыя ўжо набыла розгалас, ды iнакш i быць не магло пры такой колькасцi карэспандэнтаў, якiя сабралiся тут у такi дзень. Я не магу рызыкаваць i дапусцiць, каб iлжывыя чуткi пра нашу неахайнасць i так званых «дзiкiх неандэртальцаў» трапiлi ў друк i прынiзiлi значэнне поспеху «Праекта Сярэднявечча». Так цi iнакш Цiмi ўсё роўна павiнен неўзабаве знiкнуць, дык чаму б яму не знiкнуць цяпер, стрымаўшы тым самым iмпэт ахвотнiкаў да сенсацый i зменшыўшы тую колькасць бруду, якi яны на нас пастараюцца вылiць.

— Але ж гэта не тое самае, што адправiць у мiнулае асколак каменя. Вы заб'яце чалавека.

— Гэта не забойства. Ён нiчога не адчуе, ён проста зноў стане хлопчыкам-неандэртальцам i трапiць у сваё звыклае асяроддзе. Ён не будзе больш чужынцам, асуджаным на вечнае зняволенне. Ён будзе жыць свабодным жыццём…

— Якое ж гэта жыццё? Яму ўсяго сем гадоў, i ён прывык, каб яго кармiлi, адзявалi, аберагалi. Ён будзе адзiнокi, за гэтыя ж чатыры гады яго племя магло пайсцi з таго месца, дзе ён яго пакiнуў. А калi нават племя яшчэ там, дзiця нiхто не пазнае, ён вымушаны будзе сам пра сябе клапацiцца, а яму ж не было дзе навучыцца гэтаму.

Хоскiнс бездапаможна пахiтаў галавою.

— О Божа, няўжо вы лiчыце, мiс Фэлоўз, што мы не думалi пра гэта? Хiба вы не разумееце, што мы вызвалi з мiнулага дзiця толькi таму, што гэта была першая чалавечая цi, дакладней, паўчалавечая iстота, якую нам удалося зафiксаваць, i мы баялiся адмовiцца ад гэтага, бо не былi ўпэўнены, што нам удасца так жа вось удала паўтарыць тую спробу? Як вы думаеце, няўжо мы трымалi б Цiмi так доўга, калi б нас не бянтэжыла неабходнасць адаслаць яго назад у мiнулае?! Мы робiм гэта цяпер таму, — у яго голасе загучала рашучасць адчаю, што мы не можам больш чакаць. Цiмi можа паслужыць прычынай той шумiхi, якая скампраметуе нас. Мы цяпер на парозе вялiкiх адкрыццяў, i мне вельмi шкада, мiс Фэлоўз, але мы не можам дапусцiць, каб Цiмi перашкодзiў нам. Не можам. Я вельмi шкадую, мiс Фэлоўз, але гэта так.

— Ну што ж, — журботна вымавiла мiс Фэлоўз. — Дазвольце мне хоць развiтацца з iм. Дайце мне пяць хвiлiн, я больш нiчога не прашу.

— Iдзiце, — пасля пэўнага вагання сказаў Хоскiнс.

* * *

Цiмi кiнуўся ёй насустрач. Апошнi раз ён падбег да яе, i яна апошнi раз прытулiла яго да сябе.

Нейкае iмгненне яна моўчкi тулiла яго, сцiскала ў абдымках. Потым падсунула нагою да сцяны табурэтку i села.

— Не бойся, Цiмi.

— Я нiчога не баюся, калi вы са мною, мiс Фэлоўз. Гэты чалавек вельмi злуецца на мяне, той, што застаўся за дзвярыма?

— Не. Ён проста нас з табою не разумее… Цiмi, ты ведаеш, што такое мацi?

— Гэта як мама ў Джэры?

— Ён расказваў табе пра сваю мацi?

— Зрэдку. Мне здаецца, што мацi — гэта жанчына, якая пра цябе клапоцiцца, якая да цябе добра ставiцца i робiць табе шмат добрага.

— Правiльна. А табе калi-небудзь хацелася мець мацi, Цiмi?

Цiмi адкiнуў галаву, каб убачыць яе твар. Ён паволi працягнуў руку i пачаў гладзiць яе па шчацэ i валасах, як некалi даўным-даўно, у першы дзень яе з'яўлення ў Стасiсе, яна сама гладзiла яго.

— А хiба ты не мая мацi? — спытаўся.

— О Цiмi!

— Вы злуецеся, што я так спытаўся?

— Не, што ты, вядома, не.

— Я ведаю, што вас завуць мiс Фэлоўз, але… iншы раз я сам сабе заву вас мамай. У гэтым няма нiчога кепскага?

— Не, не! Я нiколi не пакiну цябе, i з табой нiчога не здарыцца. Я заўсёды буду з табой, заўсёды буду клапацiцца пра цябе. Скажы мне: «Мама». Але так, каб я чула.

— Мама, — задаволена вымавiў Цiмi, прытулiўшыся шчакой да яе твару.

Яна паднялася i, не выпускаючы яго з рук, узлезла на табурэтку. Яна ўжо не чула шуму i крыку за дзвярыма. Свабоднай рукой яна схапiлася за працягнуты ў сцяне шнур i ўсiм цяжарам павiсла на iм.

Стасiс быў прарваны. Пакой апусцеў.

Примечания

1

Споўненым фактам.

(обратно)

Оглавление

. .

Комментарии к книге «Выродлiвы хлапчук», Айзек Азимов

Всего 0 комментариев

Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства