«Неба, неба (на белорусском языке)»

1115

Описание



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Эрык Фрэнк Расэл

Неба, неба...

Пераклаў Сяргей Мiхальчук

Ён шырока расчынiў лiтыя чыгунныя дзверцы, загледзеўся ў вогнетрывалае чэрава печы, што адкрылася перад iм, i ўздыхнуў на поўныя грудзi. Быццам узiраешся ў машынны адсек касмiчнага карабля. Тут, за дзверцамi, павiнны быць полымя i грукат, а з таго боку агню - зоркi. Падлога пад нагамi ўздрыгвае. На куртцы ў яго срэбныя гузiкi, на каўняры i пагонах - маленькiя срэбныя каметы.

- Ну вось, - грымнула над вухам. - Зноў ты як адчынiў дзверцы, дык адразу i аслупянеў. I што ўжо там такога незвычайнага ў гэтай печы?

Куртка з срэбнымi гузiкамi i каметамi знiкла, застаўся толькi засалены белы халат. Падлога пад нагамi больш не ўздрыгвала, адно рыпелi маснiчыны. Зоркi пагаслi, нiбыта iх нiколi i не было.

- Нiчога, мсье Траба.

- Тады ўвага! Распалi агонь, як цябе вучылi.

- Зараз, мсье Траба.

Ён схапiў ахапак пахучага хваёвага галля, сунуў яго ў печ i доўгай жалезнай качаргой запхнуў як мага глыбей. Потым другi ахапак, трэцi. Пасля падабраў з падлогi дзесятак маленькiх, клейкiх ад смалы хваёвых шышак i па адной закiнуў туды ж, у самую сярэдзiну. I задуменна паглядзеў на ўсё, што зрабiў сваiмi рукамi. Ракета, зараджаная хваёвымi шыпулькамi i шышкамi. Ото дурнота!

- Жуль!

- Зараз, мсье Траба.

Ён хуценька хапаў хваёвыя галiнкi, сучкi i маленькiя паленцы i соваў iх у печ, пакуль не напхаў колькi можна было. Ну вось, усё гатова.

Цяпер, каб узляцець, караблю патрэбна адна толькi iскра. Хтосьцi на самым версе павiнен пiльна сачыць, каб разбеглася ўся наземная каманда, каб не трапiў нiхто пад полымя, што зараз вырвецца з соплаў. Вось умелая шматвопытная рука ледзь прыкметна кранула пурпуровую кнопку. I адразу ж недзе пад нагамi выццё, шалёны дрогат i пад'ём, спачатку павольны, потым усё хутчэйшы i хутчэйшы...

- Ото гора маё! Зноў ён нiбы скамянеў! I завошта толькi, за якую вiну лёс паслаў мне такога разяву!

Траба рынуўся паўз яго да печы, сунуў у яе запалены жмут паперы i з бразгам зачынiў дзверцы. Потым павярнуўся да свайго памочнiка, грозна ссунуў калматыя чорныя бровы.

- Жуль Рыу, табе ўжо шаснаццаць. Так?

- Ага, мсье Траба.

- Значыцца, ты ўжо дарослы i павiнен разумець: каб хлеб спёкся, у гэтым пекле павiнна быць па-сапраўднаму горача. А на гэта патрэбен агонь. А каб быў агонь, яго трэба запалiць. Правiльна я кажу?

- Ага, мсье Траба, - сарамлiва згадзiўся ён.

- Дык чаму ж ты прымушаеш мяне паўтараць табе ўсё гэта тысячу разоў?!

- Я абэлтух, мсье Траба.

- Калi б ты быў проста абэлтух, усё было б зразумела i я табе дараваў бы. Пан Бог на тое i стварае дурняў, каб людзям было каго шкадаваць.

Траба сеў на даверху насыпаны, прыпарушаны мукою мех, валасатай рукою прыгарнуў да сябе хлапчука i даверлiва загаварыў зноў:

- Твае думкi блукаюць, як у закаханага, якога сяброўка прагнала прэч, дзесьцi далёка-далёка. Скажы мне, дружа, хто яна?

- Яна?

- Ну але, гэтая дзяўчына, гэтае нябеснае стварэнне, якое задурыла табе галаву.

- Нiякай дзяўчыны няма.

- Няма? - Траба шчыра здзiвiўся. - Ты пакутуеш, перажываеш, i тут не замешана дзяўчына?

- Не, мсье.

- Дык пра што ж ты марыш?

- Пра зоркi, мсье.

- Сто тысяч чарцей! - Траба бездапаможна развёў рукамi i з нямою мальбою ўтаропiўся ў столь. - Пекарчук! I пра што ж ён марыць? Пра зоркi!

- Я нiчога не магу з сабою зрабiць, мсье.

- Вядома, не можаш. Табе ўсяго шаснаццаць. - Траба пацiснуў плячамi. - Я задам табе два пытаннi: як жыць людзям, калi нiхто не будзе пячы хлеб, i як ляцець да зорак, калi на свеце не застанецца людзей?

- Не ведаю, мсье.

- Сярод зорак лятаюць касмiчныя караблi, - разважаў далей Траба. - А чаму? Ды толькi таму, што на Зямлi ёсць жыццё. - Ён нагнуўся i падняў даўжэзны цудоўна ўпечаны хлеб з залацiстай скарыначкай. - А жыццё падтрымлiваецца вось гэтым!

- Праўда, мсье.

- Думаеш, мне не хацелася б паблукаць сярод зорак? - спытаў Траба.

- Вам, мсье? - Жуль вылупiў на яго вочы.

- Само сабой зразумела. Але я ўжо стары i сiвы i ў сваёй справе таксама праславiўся. Шмат ёсць такога, чаго я рабiць не ўмею i нiколi ўжо не навучуся. Але я стаў майстрам: я пяку цудоўны хлеб.

- Гэта праўда, мсье.

- I не забудзься, - Траба пагразiў пальцам, - гэта не якая-небудзь размазня машыннага замесу ў безансонскай электрычнай пякарнi. Не, гэта сама сапраўдны хлеб, ад душы прыгатаваны жывымi чалавечымi рукамi. I я пяку яго старанна, пяку з любоўю - вось у чым сакрэт. У кожную выпечку я ўкладваю часцiнку свае душы. Таму вось я i майстар. Ты зразумеў?

- Зразумеў, мсье.

- Дык вось, Жуль: людзi прыходзяць сюды не проста купiць хлеба. Канечне, на шыльдзе над маiм акном сказана: "П'ер Траба, пекар". Але гэта, як i належыць, усяго толькi сцiпласць. Бо што вылучае майстра, што для яго характэрна? Сцiпласць!

- Так, мсье Траба.

- Я толькi адчыню печ, па ўсёй вулiцы паплыве дух гарачага хлеба, - i ўжо з усiх бакоў да мяне спяшаюцца людзi са сваiмi кашолкамi. А ведаеш чаму, Жуль? Таму, што яны маюць цудоўны густ i iх ажно нудзiць ад гэтых сырых цаглiн, якiя выдае электрычная пякарня. I яны iдуць сюды купiць плён майго майстэрства. Праўду я кажу?

- Праўду, мсье.

- Тады радуйся: у свой час i ты станеш майстрам. А пакуль што забудземся на зоркi: яны не для нас з табою.

Тут Траба ўстаў з меха i пачаў пасыпаць ацынкаваны стол мукою.

Жуль моўчкi пазiраў на дзверцы печы: там унутры штосьцi гуло, трашчала, сiпела. Пах ад палаючых хваёвых дроў напоўнiў пякарню i заструменiў па вулiцы. Праз нейкi час Жуль адчынiў дзверцы, i ў твар яму дыхнула гарачынёй, раз'юшанай i ўдушлiвай, як полымя, што вырываецца з ракеты.

Неба, неба, я прайду з краю ў край, я прайду з краю ў край неба, неба...

Палкоўнiк Пiне блiснуў маноклем, перагнуўся цераз прылавак i тыцнуў пальцам у напалову схаваны лiст бляхi.

- I, калi ласка, адзiн такi.

- Гэтыя хлебцы не прадаюцца, пане палкоўнiк, - абвясцiў Траба.

- Чаму гэта?

- Гэта ўсё прамашкi Жуля: яшчэ хвiлiнка - i яны перагарэлi б на вугалi. Я прадаю толькi сапраўдны тавар. Каму ахвота есцi вуголле?

- Мне, - паведамiў Пiне. - Тут у мяне з жонкай нiяк не супадаюць густы. Вечна ў яе ўсё недасмажана i недапечана. Хоць бы раз у жыццi паласавацца чым-небудзь гэтакiм, што было б прапечана да храбусцення! Так што ўжо дазвольце, калi ласка, мне адчуць асалоду ад адной з прамашак Жуля.

- Але, мсье...

- I не спрачайцеся!

- Мадам нiзавошта не возьме гэтакi жахлiвы хлеб.

- У мадам спатканне з цырульнiкам, i яна даверыла мне ўсе пакупкi, растлумачыў палкоўнiк. - I ўжо тут я распараджуся, як мне хочацца. Ды зразумейце ж, шаноўны Траба, не магу я прапусцiць гэткi зручны выпадак. Дык што, зробiце вы такую ласку i прадасце мне гэты апетытны вугалёк цi мне давядзецца iсцi ў электрычную пякарню?

Траба ўздрыгнуў нiбы ад болю, насупiўся, выбраў на лiсце бляхi найменш падгарэлы хлеб, старанна загарнуў яго, каб схаваць ад занадта цiкаўных вачэй, i нязграбна падаў палкоўнiку.

- Божа збаў, гэты Жуль знайшоў мне аднаго пакупнiка, але сто iншых я праз яго страчу.

- Ён вас засмучае? - пацiкавiўся Пiне.

- З iм адны пакуты. Нi на хвiлiну не зводзь з яго вока. Толькi павярнуўся спiной, вось так, - Траба паказаў менавiта як, - i на табе! Ён ужо забыўся пра сваю работу i лунае дзесьцi сярод зорак, нiбы той паветраны шарык, што адарваўся ад нiткi.

- Сярод зорак, кажаце?

- Ну але, пане палкоўнiк. Мой Жуль - заваёўнiк космасу i прыкаваны да Зямлi толькi нешчаслiвым збегам абставiн. I з такога вось цеста я павiнен зрабiць пекара.

- Якiя ж гэта абставiны?

- Мацi яму сказала: "У пякарнi Траба патрэбен чаляднiк. Лепшага выпадку ў цябе не будзе. Кiдай школу, станеш пекарам". I ён прыйшоў да мяне. Разумееце, хлопец ён паслухмяны, ды рэдка калi не лунае ў воблаках.

- Ох, ужо гэтыя мацi... - сказаў Пiне. Ён працёр свой манокль i зноў уставiў яго ў вока. - Мая матуля хацела, каб я стаў сабачым цырульнiкам. Яна казала, што гэта вельмi высакародны занятак i да таго ж даходны. У яе свецкiх сябровак з пудзелямi ды балонкамi я, вядома, буду нарасхват. - Яго доўгiя гнуткiя пальцы быццам стрыглi i завiвалi сабачую поўсць, а на твары з'явiлася агiда. - I я спытаў сам у сябе: хто ж я такi, што ж я такое, калi згаджуся рабiць педыкюр сабакам? Завербаваўся ў Касмiчны корпус, i мяне паслалi служыць на Марс. Калi мая матуля даведалася пра гэта, яе ледзь не разбiў паралюш.

- Дзiва што, - паспачуваў Траба.

- А сёння яна ганарыцца, што яе сын афiцэр i на пагонах у яго чатыры каметы. Мацi ўсе такiя. Нiякага i следу логiкi.

- Бадай што, гэта нават i лепей, - заўважыў Траба. - Бо iнакш некаторыя з нас нiколi б i на свет не нарадзiлiся.

- Пакажыце мне гэтага зорнага летуценнiка, - загадаў Пiне.

- Жуль! - гукнуў Траба, павярнуўся да пякарнi i прыставiў далонi рупарам да рота: - Жуль, хадзi сюды!

Нiякага адказу.

- Бачыце? - Траба бездапаможна развёў рукамi. - Проста не ведаю, што i рабiць. - Ён пайшоў у пякарню, i адтуль даляцеў яго гучны, нецярплiвы голас:Я цябе клiкаў. Чаму ты не абзываешся? Пан палкоўнiк хоча цябе зараз жа бачыць. Прыгладзь валасы ды паспяшайся.

З'явiўся Жуль, iшоў ён нехаця, нага за нагу, валасы i рукi ў муцэ. Ясныя шэрыя вочы яго глядзелi прама i шчыра i не апусцiлiся пад выпрабавальным позiркам палкоўнiка.

- Значыцца, ты сумуеш па зорках, - сказаў Пiне, з цiкавасцю разглядаючы юнака. - Чаму б гэта?

- Чаму чалавеку чаго-небудзь хочацца? - адказаў Жуль i няўцямна пацiснуў плячамi. - Мабыць, так я ўжо створаны.

- Цудоўны адказ, - ухвалiў Пiне. - Так ужо чалавек створаны. Тысячы людзей кожную гадзiну давяраюць сваё жыццё аднаму-адзiнаму пiлоту. I нiчога кепскага з iмi не здараецца. А чаму? Ды таму, што так ужо ён створаны - пiлотам. Палкоўнiк павольна агледзеў Жуля з ног да галавы. - I ўсё-такi ты пячэш хлеб.

- Павiнен жа нехта i хлеб пячы, - умяшаўся Траба. - Не ўсiм жа лятаць да зорак.

- Маўчаць! - загадаў Пiне. - Вы ўступаеце ў змову з жанчынай, каб забiць жывую душу, - значыцца, вы забойца. Зрэшты, гэтага трэба было чакаць. Вы ж ураджэнец берагоў Роны, а там забойцаў процьма.

- Пане палкоўнiк, я зняважаны...

- Хочаш ты i надалей служыць гэтаму забойцу? - спытаў палкоўнiк у Жуля.

- Мсье Траба быў гэтакi добры да мяне. Вы мне даруйце...

- А як жа яму не быць добрым, - перабiў Пiне. - Ён хiтрун. Усе Траба заўсёды былi хiтрыя. - Ён весела падмiргнуў пекару, Жуль гэта прыкмецiў, i ў яго адразу зрабiлася лягчэй на душы. - Але ад усiх навабранцаў абавязкова патрабуецца адно, - гаварыў далей палкоўнiк ужо больш сур'ёзным тонам. Паспрабуй здагадацца, што менавiта.

- Кемлiвасць, пане палкоўнiк? - рызыкнуў Жуль.

- Так, безумоўна, але адной кемлiвасцi мала. Патрабуецца, каб навабранец усёй сваёй iстотай iрваўся ў космас.

- Дык гэтак жа i ва ўсiм, - зноў умяшаўся Траба. - Калi любiш сваю работу, працуеш як мага старанней i чым найлепш. От узяць хоць бы мяне: калi б мне было ўсё адно, што хлеб, што не хлеб, я, мусiць, жаваў бы цяпер тытунь у электрычнай пякарнi i рук бы нiколi не мыў.

- Кожны год у Касмiчны каледж паступаюць дзесяць тысяч юнакоў, - сказаў Пiне Жулю. - I болей за восем тысяч яго не заканчваюць. Iм не хапае пораху вытрымаць чатыры гады ўпартай працы i засяродзiць усе свае думкi i ўсе сiлы душы на адным. Так што шмат хто кiдае на паўдарозе. Сорам i ганьба! Ты згодзен?

- Згодзен, пане палкоўнiк, сорам i ганьба, - пацвердзiў Жуль i насупiў бровы.

- Ха! - сказаў Пiне, вельмi задаволены. - У такiм выпадку давай пазбавiм гэтага крывапiўца Траба яго здабычы. Мы знойдзем яму другога хлопца, якi створаны для таго, каб стаць пекарам.

- Але, мсье...

- Я дам табе рэкамендацыю ў Касмiчны каледж i ўзамен прашу ў цябе толькi аднаго.

У Жуля заняло дух.

- О пане палкоўнiк! Чаго ж?

- Заўсёды будзь такi, каб мне не было за цябе сорамна!

Ён сядзеў у сябе ў кабiне, вочы ў яго запалi i пачырванелi ад стомы, а "Прывiд" iмклiва праразаў прастору. За дваццаць напружаных, пакутлiвых гадоў ён збудаваў цэлую лесвiцу i прыступка за прыступкай падняўся да чына капiтана. Цяпер ён славiўся як адзiн з сама дасведчаных, спрактыкаваных камандзiраў касмiчнай службы. I ўсё гэта непарушна грунтавалася на адной запаведзi, якая падтрымлiвала яго ў сама цяжкiя хвiлiны: "Заўсёды будзь такi, каб мне не было за цябе сорамна!"

Яго мацi i палкоўнiк Пiне даўно памерлi, але да апошняй сваёй часiны яны iм ганарылiся: ён жа стаў капiтанам.

Ён быў штурманам, другiм пiлотам, потым першым, i месца яго было на носе карабля, як ён заўсёды марыў, i ён сапраўды акунаўся ў неабсяжны зорны свет, якi гэтак любiў. Мерна чаргавалiся гадзiны, што былi адведзены на сон, адпачынак i работу, i, калi ён працаваў, яго ўвесь час перапаўняла неаслабнае захапленне перад тым, што яму даводзiлася бачыць, назiраць, вывучаць.

А цяпер ён прамяняў усё гэта на добраахвотнае зняволенне ў нетрах карабля, i навокал ужо нiчога не было - адны толькi цьмяныя сцены са сплаву тытану ды завалены паперамi стол.

У любую хвiлiну работы, у любую хвiлiну адпачынку, а нярэдка i перарываючы сон ён адказваў на пытаннi, прымаў рашэннi, рабiў запiсы ў спецыяльных кнiгах, запаўняў тысячы дзелавых бланкаў. Як кажуць, спрэс адна пiсанiна...

Праз гадзiну пасля вячэры:

- Прашу прабачэння, капiтан. Гэты таўстун з Дзюсельдорфа зноў напiўся да зялёных чорцiкаў. Выцяў сцюарда, якi спрабаваў яго ўцiхамiрыць. Прашу дазволу замкнуць яго на гаўптвахце.

- Дазваляю.

Або сярод неспакойнага чуйнага сну хтосьцi рашуча трасе яго за плячо:

- Прашу прабачэння, капiтан. У дзесятай i адзiнаццатай дзюзах раскалолася пракладка. Прашу дазволу адключыць энергiю на дзве гадзiны, пакуль будзе праводзiцца рамонт.

- Дазваляю. Няхай дзяжурны штурман паведамiць мне пра каардынаты, як толькi здолее весцi далей палёт.

Праз дзве гадзiны зноў тармосяць за плячо:

- Прашу дараваць за турботы, капiтан. Рамонт закончаны. Вось нашы каардынаты.

Пытаннi.

Запаўненне бланкаў.

Просьбы, даклады, запатрабаваннi, здарэннi, рашэннi, адказы, распараджэннi, загады. Нi хвiлiны спакою.

I зноў паперы.

- Прашу прабачэння, капiтан. Двое пасажыраў, Уiльям Арчэр i Мэрыён Уайт, хочуць пажанiцца i аформiць шлюб. Калi вам будзе зручна правесцi абрад.

- Медыцынскi агляд прайшлi?

- Прайшлi, капiтан.

- Пярсцёнак у жанiха ёсць?

- Няма, капiтан.

- Даведайцеся дакладны памер i выдайце яму пярсцёнак з карабельных запасаў па звычайнай цане - дваццаць даляраў.

- А калi будзе абрад, капiтан?

- У чатыры склянкi. Паведамiце мне, цi задавальняе iх гэты час.

I зноў паперы. Два пасведчаннi аб нараджэннi i iх копii, два пасведчаннi аб эмiграцыi, дзве медыцынскiя даведкi, два дазволы на ўезд. Пасведчаннi аб шлюбе ў трох экземплярах - для ўрада Зямлi, для ўрада Сiрыуса i для Ўлiковага аддзела Кiраўнiцтва касмiчнай службы. I адзiн арыгiнальны экземпляр для маладой.

I гэтак без канца, усе справы, якiя толькi можна ўявiць, вялiкiя i малыя, у любы час дня i ночы, без усякага перадыху. Калi карабель пасля доўгага палёту нарэшце прызямляўся, адзiн толькi капiтан спускаўся ўнiз па трапе няўпэўненымi крокамi, галава ў яго кружылася ад пастаяннага нервовага напружання i недасыпання, i гэта нiкога не здзiўляла, як быццам так i трэба. Часам яго адольвала спакуса падаць рапарт з просьбай панiзiць яго ў чыне, але ж...

"Заўсёды будзь такi, каб мне не было за цябе сорамна!"

"Прывiд" зрабiў пасадку ў Баталбары, на планеце Дэйсед сiстэмы Сiрыуса. Палёт працягваўся дзвесце восемдзесят пяць зямных сутак.

Калi былi скончаны ўсе фармальнасцi, што звязаны з пасадкай, капiтан Жуль Рыу сышоў з карабля i нiбы ў тумане паплёўся да гасцiнiцы матулi Крэчмер. Так было заведзена, i так раiлi рабiць сама лепшыя псiхолагi.

Камандзiру карабля патрэбен глыбокi асвяжальны сон, прытым сон доўгi i непрабудны. Але перш за ўсё яму трэба назусiм пазбыцца ўсякiх думак пра карабель, пра палёт i пра ўсё, што з гэтым звязана. Ён павiнён настроiць сябе так, каб заснуць спакойным, як у дзiцяцi, сном i праспаць сама менш суткi. Для гэтага трэба найперш выкiнуць з галавы ўсе нядаўнiя клопаты i схавацца ў сваiм куточку раю нябеснага.

Матуля Крэчмер, паўнагрудая гаспадыня гасцiнiцы родам з Баварыi, па-сяброўску яму кiўнула:

- Гер капiтан Рыу. Я душа рата. Патаць фам фсё, як звышайна?

- Ага, калi ласка, мадам Крэчмер.

Ён прайшоў у пакой за барам. У рэстаране, вялiкiм, людным i шумным, сядзелi камандзiры караблёў, якiя прызямлiлiся ўжо некалькi дзён назад i паспелi зусiм акрыяць. А пакойчык ззаду быў гуканепранiкальны, у заваленых падушкамi шэзлонгах распасцерлiся ў паўзабыццi яшчэ тры гэтакiя ж, як i ён, капiтаны. Ён з iмi не загаварыў. I яны з iм не павiталiся, мабыць, нават не заўважылi яго прыходу. Яны ўжо стукалiся ў дзверы раю.

Неўзабаве матуля Крэчмер прынесла яму шклянку чыстага моцнага рому, крыху падагрэтага i прыпраўленага некалькiмi кроплямi алею з карыцы. Жуль Рыу адкiнуўся ў шэзлонгу, прымасцiўся зручней i аддаўся доўгачаканаму спакою.

Ад прыпраўленага рому ўнутры разлiлося цяпло i трошкi кружылася галава. Цiшыня стулiла яму павекi. Павольна, вельмi павольна ён аддалiўся ад свае непамернай стомы i ўвайшоў у той, iншы свет.

Шыракатварыя румяныя сялянкi ў карункавых каптурыках, у руках кашолкi. Доўгiя бляхi слiзгацяць па духмяным хваёвым попеле i выплываюць з печы, нагружаныя хлебам - доўгiмi, пляскатымi, фiгурнымi, плеценымi выпечкамi.

Звонкi шчэбет галасоў жанчын, што перабiраюць усе вясковыя навiны, i невыказны водар ад спаленых смалiстых дроў i свежага хлеба.

Неба, неба!

Комментарии к книге «Неба, неба (на белорусском языке)», Эрик Фрэнк Рассел

Всего 0 комментариев

Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства