«Панаванне жанчын»

1261


Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Сахиба Абдулаева Панаванне жанчын

Выехаўшы за межы горада, машына прыбавiла хуткасць. Сакавiтая зелень палiўных палёў, чаргуючыся з жаўцiзной палос выпаленай сонцам травы, iмклiва праносiлася мiма i, быццам знiкаючы з жыцця, заставалася дзесьцi далёка ззаду.

Горы з вяршынямi, ахутанымi смугой, з рэзкiмi белымi кляксамi ледавiкоў, прысунулiся. I ў наблiжэннi гэтым было абяцанне доўгачаканай прахалоды.

— Паветра якое! Што за паветра!

— Праўда, — пацвердзiў Сарвар, заклапочана зiрнуўшы на нашага сына, якi стомлена заснуў на маiх руках.

— Дзядзька, напэўна, зачакаўся, — сказаў Фатых. — Хутка прыедзем, вось тады зразумееце, што такое сапраўднае горнае паветра!

Сарвар зноў паглядзеў на нас з сынам, збавiў хуткасць, сказаў нягучна:

— Давайце перадыхнём, бо ўжо дзве гадзiны ў дарозе.

Я ўдзячна ўсмiхнулася яму. Малы сапраўды стамiўся. Але калi Сарвар спынiў машыну на абочыне дарогi, ён расплюшчыў вочы, працягнуў да мяне рукi. Я выйшла з машыны, агледзелася i пагладзiла сына па худых шчоках:

— Глядзi, Джамшыд, як прыгожа?

Ля карэння старой алычы весела цурчала крынiца, падаючы на каменне з вузкай расколiны ў сцяне. Сонца, прабiваючыся праз вадзяны пыл, павесiла над ёй няяркую вясёлку. У вачах малога з'явiўся бляск, губы заўсмiхалiся.

Калi мужчыны напiлiся, я ўзяла ў iх пiялу, напоўнiла яе i, адпiўшы глыток ледзяной вады, прапанавала сыну. Ён прагна прыпаў да гаючай вiльгацi.

— Хопiць, Шахноза, вада вельмi халодная, каб не прастыў малы, — клапатлiва вымавiў Сарвар. — Пахадзi трошкi, разамнiся, зараз паедзем далей.

У дарогу мы рушылi хвiлiн праз дзесяць.

Седзячы на заднiм сядзеннi i прыцiскаючы да сябе схуднелае цельца Джамшыда, я гледзела ў акно, аднак нiчога вакол не заўважала — мне не верылася, што яшчэ ўчора мы з сынам знаходзiлiся ў душнай, распаленай ад гарачынi бальнiчнай палаце. I замест перадгор'яў, што беглi мiма, перад вачыма паўставалi карцiны тых цяжкiх дзён…

Джамшыду толькi-толькi мiнуў годзiк. Радуючы нас з мужам, ён пачаў рабiць першыя крокi: прыпаўзе ў кухню на карачках, а там, абапiраючыся на сцяну, устане на ножкi i харобра ступiць да мяне. I праз секунду ўжо ўчэпiста трымаецца за матчыну спаднiцу, смяецца разам з намi. Участковы доктар, якая цярплiва лячыла нашы бясконцыя прастуды i бранхiты, сказала, што цяпер малы павiнен хварэць меней — мiнуў самы пяшчотны ўзрост, але атрымалася ўсё iнакш.

Лета стаяла гарачае. I як я нi берагла Джамшыда, ён захварэў. Захварэў цяжка. Тэмпература падскочыла да сарака градусаў. Не дапамаглi нi абцiраннi, нi кампрэсы. Iртуць у тэрмометры апускалася ненадоўга i тут жа iмкнулася да гэткай страшнай адзнакi — сорак. Дыхаў Джамшыд з цяжкасцю, амаль не расплюшчваў вачэй. Выклiкалi «хуткую дапамогу».

У прыёмным пакоi сына доўга аглядалi, i я пачала плакаць, баючыся, што доктар скажа што-небудзь страшнае, безвыходнае.

— Пнеўманiя, — канстатавала яна, гледзячы на нас з мужам. — Дзiця вельмi слабое. Неабходная шпiталiзацыя.

Мы з Сарварам маўчалi, не ведаючы, што рабiць, што сказаць.

Доктар аклiкнула сястру:

— Хлопчыка ў рэанiмацыю. Увядзiце жарапанiжальнае зараз жа… А вы не трывожцеся, як толькi стан палепшыцца, адразу перавядзём вашага малога ў агульную палату.

Сястра спрытна напоўнiла шпрыц, увяла iглу ў ягадзiцу Джамшыда. Ён нават не заплакаў — так выматала яго хвароба.

— Скажыце, доктар, а… — павярнулася я да доктара, але тут жа ўчула выгук медсястры: — Зухра Рустамаўна! Яму блага!

Убачыўшы, што сынавы губы пасiнелi, а вочы сталi закачвацца, я кiнулася да яго, але медсястра ўжо схапiла яго, пабегла па калiдоры.

У рэанiмацыйнае аддзяленне нас з мужам не пусцiлi. Стоячы пад глухiмi дзвярыма, я нiчога не бачыла i не чула. Толькi адчувала, як слёзы бягуць па твары.

Ачулася ад таго, што Сарвар моцна ўзяў мяне за плечы i трасянуў:

— Шахноза! Джамшыду лепей! Шахноза, ён плача, чуеш?!

Толькi тады я зноў стала ўспрымаць свет вакол. I нават паспрабавала ўсмiхнуцца медсястры, якая з'явiлася з-за дзвярэй:

— Мне ўжо можна да яго?

Медсястра ўхiлiлася ад адказу:

— Доктар вам усё растлумачыць…

Доўга Зухра Рустамаўна распытвала мяне пра хваробы Джамшыда, пра тое, як ён рос, якiя лекi яму давалi. Пасля роздумнай паўзы асцярожна прагаварыла:

— Выпадак моцна ўскладнены павышанай адчувальнасцю да iн'екцый i алергiчнай рэакцыяй на некаторыя лекавыя прэпараты. Гэта i тое, што арганiзм аслабеў, а значыцца, амаль не супрацiўляецца iнфекцыям…

Я падалася да яе, глытаючы слёзы, спыталася:

— Жыць… Ён будзе жыць?!

— Мы зробiм усё магчымае, каб дапамагчы хлопчыку. Думаю, абыдзецца… Але многае залежыць i ад вас — матчына любоў творыць цуды. Ранiцай вас пусцяць да сына.

Калi ўраннi, з марлевай павязкай на твары, я ўвайшла да Джамшыда, ён ляжаў вялы i бяссiльны. Я павярнула да сябе яго тварык, пагладзiла лоб, з якога сышоў жар, прашаптала: «Жарэбчык мой…»

У турботах прайшоў дзень. За iм i ноч. Потым зноў дзень. Зноў ноч… Яны былi падобныя адзiн на аднаго, гэтыя бясконцыя днi. Абыход. Працэдуры. Мыццё падлог. Гаршкi. Працэдуры. Кампрэсы. Плач дзяцей. Сварка раздражнёных санiтарак. Лекi. Працэдуры… I ўвесь час, кожную хвiлiну, кожную секунду Джамшыд. Як ён?! Колькi разоў схiлялася я над ягоным цельцам, спрабуючы здагадацца, цi не спынiўся жар. Колькi разоў…

Стаяла самая спякотная пара лета. Увечары ў палаце было вельмi душна. Тады я выносiла на балкон крэсла, брала малога на рукi i сядзела на паветры, закалыхвала яго, напяваючы калыханкi, чутныя яшчэ ад бабулi. Надыходзiла цемра. Потым яна давала месца зорнаму купалу. А яшчэ пазней i зоркi растваралiся ў перадранiшнiм i перадсвiтанкавым часе.

Часам мне раптам пачынала здавацца, што Джамшыд не дыхае. I сэрца маё падала ў бяздонную прорву. Менавiта ў такiя хвiлiны стала я заўважаць за сабой дзiўныя рэчы. Яны не палохалi мяне, але бянтэжылi. Мроiлася, быццам не адны мы з Джамшыдам на балконе, што разам са мной схiляецца над iм нейкая нябачная iстота, схiляецца i таксама ловiць яго дыханне… Аднойчы… Аднойчы мне здалося, што хтосьцi ўтрымаў малога на iмгненне раней, як зрабiла гэта я, калi ён ледзь не ўпаў з ложачка.

Але ўсе мае думкi былi паглынутыя сынавай хваробай. Тое, што, магчыма, я вар'яцею, я адкiнула, як дробязь, — што заўгодна, толькi б Джамшыд быў здаровы!

Машыну трасянула, але Джамшыд нават не адчуў гэтага. Ён моцна спаў у мяне на руках. Па звычцы я адразу прыслухалася да яго дыхання.

— Што? — з трывогай спытаўся Сарвар.

— Спiць… Слабенькi… — адгукнулася я.

Фатых, падбадзёрваючы, крануўся пляча Сарвара:

— Ад горнага паветра твой спадчыннiк паздаравее мiгам. Лепшае за любыя лекi гэтае паветра гор.

— Спачатку я не паверыў дактарам, — больш для сябе, як для нас з Фатыхам, вымавiў Сарвар, не адрываючы позiрку ад дарогi. — Малы цяжка перахварэў, а яны раяць везцi яго ў горы, дзе сцюдзёна па начах, ды i наогул халаднавата…

Фатых пачаў быў тлумачыць, у чым менавiта карыснасць для здароўя горнага паветра, але раптам радасна перарваў свой расказ, усклiкнуў:

— Пад'язджаем!

— Не абцяжарым мы твайго дзядзьку? — спыталася я, адчуваючы няёмкасць.

— Не турбуйся, Шахноза, ён жа сам запрасiў вас, як толькi я расказаў яму пра хваробу Джамшыда.

Неўзабаве мы пад'ехалi да кiшлака. Дарога як бы ўлiлася ў яго, ператвараючыся ў галоўную вулiцу, уздоўж якой цягнулiся глiнабiтныя дувалы, былi бачны стрэхi дамоў i ўвiтыя вiнаградам двары. Кiшлак размясцiўся на самым беразе горнай ракi Угам, ад якой струменiла прахалода, я яе адчула, ледзь выйшла з машыны каля дома, дзе жыў дзядзька Максуд. А шум ракi, вясёлы, срабрысты, даў мне адчуванне ўпэўненасцi, што ўсё будзе добра.

Насустрач нам iшоў высокi плячысты мужчына. Iшоў лёгкiм спружынiстым крокам, i калi б Фатых не казаў мне, я нiколi б не паверыла, што яго дзядзьку ўжо за шэсцьдзесят, нагэтулькi молада ён выглядаў. Прыцiснуўшы далонi да грудзей, дзядзька Максуд ветлiва прывiтаў нас:

— Салам алейкум! Ласкава запрашаем, госцi дарагiя. Не стамiлiся ў дарозе?

Мы адказалi, што не надта. Тады гаспадар спынiў позiрк на Джамшыдзе, усмiхнуўся:

— Гэта i ёсць той малы, пра якога мне казаў Фатых?

— Але, — сказала я, адчуваючы, як кроў адлiвае ад твару.

Дзядзька Максуд заўважыў мой стан, вымавiў нягучна:

— Не перажывай, дачка. Вочкi ў малога жывыя, наша паветра яму на карысць пойдзе. Паздаравее твой волат… Праходзьце ў дом, чаго ж мы тут стаiм.

Мужчыны адразу замiтусiлiся, сталi выгружаць з машыны рэчы, заносiць у двор. Я iшла ўслед за iмi i раптам, у якi ўжо раз за час сынавай хваробы, адчула на сабе нечы погляд. Павярнулася хутка, але нiкога не ўбачыла. Мне сталася не па сабе, i я прыбавiла кроку.

Жыць нам з Джамшыдам належала ў невялiкiм, але ўтульным i чыстым пакоi, дзе я адразу i пачала размяшчацца. Расклаўшы рэчы, уладкавала сына на ложку, а калi ён заснуў, выйшла ў двор, каб праводзiць мужа, якi ад'язджаў.

Калi машына схавалася за выгiнам дарогi, да горла майго падступiлi рыданнi, на вочы навярнулiся слёзы. Я не хацела, каб хто-небудзь убачыў мяне такую, i я села каля дувала i задумалася. Аднак мой стан заўважыў гаспадар дома.

— Пагуляла б, дачка, — сказаў ён. — Тут санаторый надалёка, вунь, бачыш, на тым беразе вялiкая брама… Схадзi з малым, прагуляйся — краса там незвычайная.

Прапанова прыйшлася мне па душы. Заставацца ў двары не хацелася, часу да абеду было шмат, i, усадзiўшы Джамшыда ў каляску, я пайшла да санаторыя… I тут зноў адбылося тое, праз што мне стала не па сабе.

Я выкацiла калясачку на дарогу амаль зусiм побач збрамай санаторыя i, не паспеўшы нiчога ўцямiць, убачыла, што проста на нас iмчыцца вялiзны аўтамабiль. Я рванула каляску з сынам убок, спатыкнулася аб камень i стала падаць, спрабуючы ўтрымацца сама i ўтрымаць каляску — побач быў абрыў, а ўнiзе шумела рака, i шум яе ўжо не здаваўся мне срабрысты i вясёлы. Не ведаю, што было б, не падтрымай мяне хтосьцi… Павярнуўшыся да свайго збаўцы, каб падзякаваць яму, я спалохана ўскрыкнула — побач нiкога не было. I не магло быць. Нiводны чалавек не мог бы застацца незаўважаным… Што са мной адбываецца, я зразумець не магла, бо выразна адчувала нават дыханне, што кранулася маёй шыi. Толькi поўнасцю ачуўшыся, я змагла зрабiць крок, потым другi. З вялiкай цяжкасцю дабралася да дома, пакармiла сына, спрабуючы саўладаць з думкамi, што шалёна скакалi, занялася нейкiмi справамi…

Увечары, седзячы каля ложка, на якiм раскiнуўся ў сне мой маленькi, я старалася пераканаць сябе, што нiчога страшнага не адбылося, што ўсё гэта мне прымроiлася… З задумлiвасцi мяне вывеў скрып крэсла. Я ўзняла галаву.

У крэсле сядзела незнаёмая жанчына. Сядзела зусiм спакойна. Сядзела i глядзела на мяне. А я нi варухнуцца не магла, нi ўскрыкнуць… З цяжкасцю, але стала прыходзiць яснасць — гэта сон, звычайны сон, заснула i бачу яго, сон занадта падобны на рэальнасць. Вочы сталi заўважаць дэталi: незнаёмку можна было б назваць красуняй, калi б не халодны i ганарысты выраз твару, быццам вытачанага з мармуру. Прамыя светлыя валасы сцягнутыя на патылiцы ў просты вузел, бровы прамыя, губы ледзь выгнутыя… У позiрку яе чыталася цiкаўнасць. З такiм выразам мы часам глядзiм, як мурашкi будуюць свой дом, як матылёк пырхае ад краскi да краскi, як…

— Вiтаю цябе, Шахноза, — павольна вымавiла жанчына, i голас ейны быў роўны, халодны, пазбаўлены эмацыянальнай афарбоўкi.

Я маўчала. Проста не ведала, што сказаць, бо гэта ж сон… Мой сон.

— Не, — сказала жанчына, — гэта не сон. Я такi ж чалавек, як i ты, але нарадзiлася на iншай планеце. Тут я па заданнi ўрада. Праводжу доследы. У мае планы не ўваходзiў кантакт з паддоследным экземплярам, аднак давялося паказацца — iнакш праз тваю празмерную ўражлiвасць мог сарвацца эксперымент.

— Экземпляр… гэта я? — разгублена спыталася я, чамусьцi адразу паверыўшы госцi.

— Цябе выбралi з некалькiх тысяч, — паведамiла iншапланецянка.

Мне ад гэтага паведамлення лягчэй не стала. Спрабуючы стрымаць нервовыя дрыжыкi, я ўстала, зiрнула на Джамшыда, якi соладка спаў, падумала вяла, што i мой сын стаў паддоследным звярком. Услед за гэтай думкай прыйшла рашучасць нi ў якiм выпадку не дазволiць гэтага, уратаваць дзiця ад невядомай бяды. У вокамгненне я была каля яго, засланiла сабой i, зрабi iншапланецянка хоць бы крок да яго, я ўчапiлася б ёй у горла, як дзiкая кошка.

— Супакойся, — стрымана ўсмiхнулася яна. — Шкоды нi табе, нi твайму сыну я не зраблю… Давай знаёмiцца — я Лiелаш.

Маё iмя яна ведала, таму я моўчкi чакала працягу. Дзiўна, але нiякiх сумненняў адносна праўдзiвасцi слоў гэтай жанчыны ў мяне не ўзнiкла — паверыла адразу ў ейнае паходжанне, у гэты невядомы эксперымент.

— Ты ў стане выслухаць мяне або адкладзём размову? — спыталася госця.

Пацiкавiцца, адкуль прыляцела Лiелаш, якiм чынам вывучыла ўзбекскую мову, як знайшла мяне, мне нават не прыйшло ў галаву — усё гэта неяк можна было растлумачыць. Думкi былi заняты адным — што прынясе нам з сынам гэтая сустрэча з чужым розумам?

— Што вам патрэбна ад мяне? — з цяжкасцю разляпiўшы перасохлыя губы, вымавiла я.

Лiелаш задаволена кiўнула, адкiнулася ў крэсле i стала апавядаць.

Вечны мiр на Астры быў абвешчаны каля трохсот гадоў назад. Велiзарныя сродкi, якiя вызвалiлiся, грамадства стала выдаткоўваць на самыя высакародныя мэты: медыцыну, навуковыя даследаваннi, вынаходнiцтва машын, што аблягчаюць людзям жыццё. Прыкметна паскорыўся навукова-тэхнiчны прагрэс. Асаблiва актыўна занялiся навукай жанчыны, пераклаўшы хатнiя клопаты на дужыя плечы нястомных i акуратных машын. Прадстаўнiцы слабога полу старалiся з усiх сiл паказаць, што могуць прынесцi карысць нiколькi не меншую, як мужчыны. I, трэба сказаць, дабiлiся вялiкiх поспехаў. Сучасны Лiелаш высокi ўзровень развiцця цывiлiзацыi Астры быў дасягнуты дзякуючы самаадданай працы жанчын. Пераможаны хваробы! Жанчыны не пераставалi шукаць i рабiлi адно ашаламляльнае адкрыццё за адным. Сiнтэтычная ежа! Гiпнанавучанне! Штучнае выношванне дзяцей!.. Дзевяць месяцаў, што вызвалiлiся, яны аддавалi навуцы i працы. Усё цяпер проста: схадзiў у iнкубаторый, а далейшае — гадаванне i выхаванне — бярэ на сябе грамадства. У вальерах iнтэрнатаў бавiлiся дужыя шчаслiвыя дзецi, пазбаўленыя сузiрання агiдных сямейных сцэн, павучанняў старэйшых. Пасталеўшы, яны iшлi ў вялiкае жыццё, маючы пры сабе стандартнае пасведчанне асобы i псiхалагiчную ўстаноўку — грамадскае жыццё вышэй за асабiстае.

Пры такой актыўнасцi жанчын мужчыны сталi ставiцца да дзейнасцi на карысць грамадства з дзiўнай раўнадушнасцю. Вiдаць, гэта ўласцiва моцнаму полу: адхiлiлi яго ад ключавых пазiцый, тут жа кiснуць… Замест таго каб, вызвалiўшыся ад сямейных вузаў, з натхненнем заняцца стваральнай працай, мужчыны без пярэчанняў перадалi пазiцыi актыўным i мэтанакiраваным жанчынам i ператварылiся ў вялых, апатычных iстот, якiя не цiкавiлiся нiчым, апроч прагляду вiдэафiльмаў i алкаголю. Праўда, часам узнiкалi забурэннi, даходзiла нават да пагромаў, але ўрад, у якiм да таго часу былi адны жанчыны, уцiхамiрыў бунтаўнiкоў.

Прачнуўся Джамшыд i захныкаў. Я ўзяла яго на рукi, павярнулася да Лiелаш, аднак яе ўжо не было.

Дзень прайшоў хутка, а ўвечары, калi, уклаўшы сына спаць, я сядзела побач з iм i думала пра iншапланецянку, за спiнай пачуўся голас:

— Не перашкоджу?

— Не, — прашаптала я, хоць па целе ў мяне пабеглi мурашкi.

— Супакойцеся… Я не закончыла свой расказ…

Грамадства Астры перажыло сур'ёзны крызiс. Рэзка павялiчылася колькасць самагубстваў сярод мужчын, узрасла злачыннасць. Групы экстрэмiстаў, сярод iх былi i жанчыны, захоплiвалi iнкубаторыi i знiшчалi жаночыя зародышы, выгукваючы пры гэтым: «Смерць жанчынам!»

Урад не мог раўнадушна пазiраць на гэтыя беспарадкi, што пагражалi спакою быцця i падрывалi асновы. Частка самых актыўных мужчын была змешчана ў рэзервацыю, астатнiх пакiнулi на волi, але ўсталявалi сталы кантроль. Адначасна з гэтымi мерамi ўрад выдзелiў вялiкiя сродкi для сацыялагiчных даследаванняў. Вучоныя павiнны былi знайсцi прычыну бядотнага становiшча на планеце. I яны пастаралiся апраўдаць давер — гiпотэз было высунута вялiзная колькасць. Многiя з iх выявiлiся пад час праверкi суцэльнай лухтой, а некаторыя заслугоўвалi пiльнай увагi. Сярод гэтых вельмi кемных гiпотэз была i тая, што высунула астрапсiхолаг Лiелаш. Дзейнасць Лiелаш вымагала ад яе шмат гадоў назiраць за планетай Зямля i яе жыхарамi. Вынiкам назiрання з'явiлася кнiга «Пра ўплыў эмацыянальна-псiхалагiчнага атавiзму (т. зв. кахання) на лад жыцця жыхароў Зямлi». Выкарыстоўваючы вынiкi практычна, Лiелаш прапанавала накiраваць на Зямлю экспедыцыю для вывучэння зямных жанчын, каб выдзелiць з iхняй крывi «вакцыну жаноцкасцi», у iснаваннi якой яна не сумнявалася. Лiелаш даказала, што менавiта страта жаноцкасцi жыхаркамi Астры прывяла грамадства да яго цяперашняга стану. Планавалася, што вакцына будзе ўведзена добраахвотнiкам, тым самым стане магчымым праверыць, як дзейнiчае здатнасць кахаць i шкадаваць на жанчыну-астрыянку.

Iдэя Лiелаш атрымала нечаканую падтрымку. Ёю загарэлiся i мужчыны i жанчыны. Урад ухвалiў план. Спецыялiсты па зямной культуры выбралi найбольш зручнае для кантакту месца — горны раён Узбекiстана. Яны прыйшлi да высновы, што ўсходнiя жанчыны найбольш жаноцкiя. Iхняе каханне i пашана да мужа, пяшчотная прывязанасць да дзяцей былi вартыя павагi. Акрамя таго, чыстае горнае паветра было неабходна для нармальнага самаадчування сяброў экспедыцыi, бо агульная забруджанасць зямной атмасферы перавышала ўсе дапушчальныя нормы. Лiелаш даверылi кiраваць невялiкай групай вучоных, якая накiроўвалася па сродак, якi, цалкам магчыма, дапаможа цывiлiзацыi Астры.

— Цяпер разумееш, навошта я тут? — закончыла Лiелаш свой расказ, памаўчала, паглядзела пiльна. — Я даўно за табой назiрала. Запiсы, зробленыя мною ў бальнiцы, унiкальныя. Ты вельмi востра адчуваеш, Шахноза… Я не хацела ўваходзiць з табой у кантакт, але прыйшлося адкрыцца…

Я адно кiўнула, бо не ведала, што ёй сказаць.

— Мне пара, — вымавiла Лiелаш i знiкла.

Наступнага дня, вярнуўшыся з двара, я зайшла ў пакой i непрыемна здзiвiлася. У крэсле сядзела Лiелаш i назiрала, як Джамшыд забаўляецца нейкай рознакаляровай скрыначкай. Убачыўшы мяне, Лiелаш забрала яе ў малога:

— Прыбор не зробiць яму шкоды. Я запiсвала некаторыя параметры псiхаполя дзiцяцi.

— Мне трэба пакармiць сына, — суха сказала я.

— Вядома, вядома… Я зайду пазней… Не пярэчыш?

Калi б я магла пярэчыць!

З той пары кожны вечар мы праводзiлi разам. Спачатку я баялася, што Джамшыд заўважыць няпрошаную госцю, але пераканалася, што Лiелаш можа стаць нябачнай у любы момант. Неяк яна паспрабавала растлумачыць мне механiзм нябачнасцi, але я нiчога не зразумела.

Джамшыд мяне радаваў. Ён прыкметна пасвяжэў, паправiўся, хоць i быў яшчэ вельмi слабы. Лiелаш назiрала за нашым няхiтрым iснаваннем. Я не магла зразумець выраз яе вачэй, калi яна пазiрала на дзiця. Часам здавалася, што яна грэбуе iм, як нейкiм жабянём, стараецца не дакранацца да яго. Аднойчы я спыталася яе пра гэта. Ад адказу яна ўхiлiлася.

Некалькi разоў Лiелаш брала ў мяне кроў — гэта рабiлася зусiм бязбольна, яна запiсвала мае адчуваннi — адчуваннi маладой маткi. Мы многа размаўлялi з ёю. Жанчыны Астры сталiся мне больш зразумелыя i блiжэйшыя, хоць шмат з чым у iх поглядах на жыццё я не магла згадзiцца. Лiелаш таксама прывыкла да нас — не адхоплiвала руку, калi да яе дакранаўся Джамшыд. А ён, на маё здзiўленне, зусiм не баяўся яе. Знiк i мой страх перад ёю. Побач з Лiелаш я чулася больш бяспечна, упэўнена.

Паводле супольнай маўклiвай згоды мы сталi разам гуляць. На яе гэтыя шпацыры ўплывалi жыватворна. Палагоднеў выраз вачэй, твар страцiў халодную адчужанасць. Яна ўсё болей была падобная на звычайную зямную жанчыну. Аднойчы Лiелаш прыйшла да месца нашай сустрэчы абсалютна непазнавальная. Я нават спалохалася, цi не здарылася з ёю што-кольвек?! Такi змучаны быў яе твар, такiя жалобныя былi вочы… Пытанне было гатовае сарвацца з майго языка, але Лiелаш загаварыла першая:

— Шахноза… Нам пара вяртацца дадому. Я не ўпэўненая, што мае даследаваннi прынясуць карысць Астры, магчыма, я нават абавязана знiшчыць запiсы, зробленыя з цябе…

— Але чаму?! — шчыра здзiвiлася я.

— Даць жанчынам Астры пачуццi — значыцца ўцягнуць цывiлiзацыю ў дзiкiя часы! Цi варта дурманiць светлы розум цёмнымi iнстынктамi? — пракрычала Лiелаш, i твар яе скрывiўся.

Джамшыд, пакiнуты мною без нагляду, зрабiў колькi няўпэўненых крокаў, спатыкнуўся i ўпаў. Я кiнулася да яго, аднак Лiелаш апярэдзiла мяне. Яна падхапiла малога i стала асыпаць пацалункамi яго твар, вочы, рукi.

Я застыла, назiраючы за ёю.

Яна ж, зусiм не адчуваючы навакольнага, лашчыла дзiця.

Нарэшце яна апамяталася. Стараючыся не глядзець мне ў вочы, аддала Джамшыда, адышла ў засень густой чынары. Я хацела сказаць ёй, што гэта нармальнае пачуццё — любоў да дзiцяцi, але яна знiкла.

З'явiлася яна ўвечары, у пакоi. Падышла да ложка, доўга пазiрала на Джамшыда, якi соладка спаў.

— Хварэць ён больш не будзе, — павярнуўшыся да мяне, сказала Лiелаш. — Я знiшчыла ачаг хваробы. Не мела права ўмешвацца ў ваша жыццё, а ўмяшалася… Джамшыд будзе жыць доўга.

Я маўчала, баючыся паверыць у цуд. А Лiелаш спыталася з роспаччу на твары:

— Як вы можаце жыць, не ведаючы, што будзе з вашым дзiцём заўтра?! Ваша цывiлiзацыя ўбогая, усюды небяспека, няшчасцi, хваробы! А вы працягваеце раджаць дзяцей, якiм прызначана жыццё, поўнае бед i нягод, i сцвярджаеце, што любiце iх.

Гэтая ваша любоў… яна невыносна цяжкая… Навошта яна?

— Без любовi не бывае шчасця, — цiха адгукнулася я. — Без любовi да мужа, дзiцяцi… Без гэтага я не ўяўляю сваё жыцця. Гэта i ёсць шчасце. Шчасце любiць i быць любiмай.

Лiелаш авалодала сабой.

— Я не ведаю, што такое шчасце. Такога пачуцця ў нашай навуцы няма. Я яшчэ не вырашыла, што мне рабiць з вынiкамi маiх даследаванняў.

— Абнародаваць iх, — не стрымалася я.

— Шахноза, — з дакорам глянула яна, — я не вырашыла лёс гэтых вынiкаў, але табе, Шахноза, я ўдзячная… Бывай!

Насуперак свайму звычаю Лiелаш не знiкла. Яна выйшла з пакоя, перасекла двор, пакрочыла па дарозе.

У акно я бачыла, што адыходзiць ёй не хочацца i таму крок яе павольны, а спiна напружаная. Але нi я, нi яна не мелi магчымасцi змянiць што-небудзь у гэтай сiтуацыi.

Яна марудна ўзнiмалася па дарозе, а я глядзела ёй услед.

Трэба жыць… Нельга не любiць.

  • Реклама на сайте

    Комментарии к книге «Панаванне жанчын», Сахиба Абдуллаева

    Всего 0 комментариев

    Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

    РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

    Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства