«Волат з Мігаўкі»

507

Описание

Постаць Аляксандра Ўласава досыць знаная беларускай грамадскасці: першы беларускі эканаміст новага часу, які пісаў па-беларуску. Нязменны, аж да 1914 года, рэдактар першай беларускай газеты «Наша Ніва» з малюнкамі. Дэлегат першага Ўсебеларускага кангрэсу 1917 г. Сябра Прэзідыума Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Сенатар Польскага сойму ад Беларусі. Грамадовец. Пра гэта напісаны розныя даследаванні, артыкулы, нарысы. Маем сціслыя ўспаміны і самога Аляксандра Ўласава. А вось якім ён запомніўся ягоным суседзям — мігеўцам, пра гэта яшчэ нідзе і ніколі не згадвалася. А дарэмна! Якраз у гэтых успамінах Аляксандр Уласаў паўстае перад намі ў самых розных праявах: часам наіўны, часам занадта даверлівы, як дзіця, але заўсёды чуйны да людскіх клопатаў, да ix патрэбаў. Пра гэта якраз згадкі колішніх суседзяў Уласава — мігеўцаў і тых, каму выпала спатыкацца з ім.



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Волат з Мігаўкі (fb2) - Волат з Мігаўкі 349K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Владимир Ильич Содаль

Уладзімір Содаль

ВОЛАТ З МІГАЎКІ

Успаміны землякоў пра Аляксандра Ўласава

КЛАРЫ КАPAТКЕВІЧ-СОДАЛЬ

маёй спадарожніцы жыцця, якая не адзін год катурхала мяне, каб я хоць калі завяршыў свой расповяд пра такую самаахвярную і самабытную постаць, якой быў і ёсць Уласаў, гэтую маю выпакутаваную сэрцам і душою кніжачку прысвячаю

Шчыра 

Уладзімір Содаль

ЗАХОДНЕБЕЛАРУСКІЯ ВАРУНКІ

СЕНАТАР

У 1922 годзе Ўласаў стаўся сенатарам. А ці памятаюць пра гэта мігаўцы, ці, як яны сябе называюць, мігеўцы?

Пытаюся пра гэта ў Андрэя Гаранскага з Пяцюляў.

— Чаму ж не памятаем... Памятаем. Прыедзе, бывала, з Варшавы ў Мігаўку. Абступяць яго мужыкі і давай пытацца:

— Ну, як там у вашым сойме? А ён будзе казаць: «У сойме як у сойме... Без дручка там не абыдзешся. Часам так шчэпімся, хоць калы ў рукі бяры, каб сваё даказаць... Без калоў там не было як абысціся... Без калоў там ніякай рады не даць... Там жа хто сядзеў? Адны Радзівілы ды Патоцкія. З-за ix у тым сойме не прабіцца. Што ім да нашых сялянскіх клопатаў? Яны свае абшары бароняць. A Аўлас, як вядома, у тым сойме бараніў Беларусь, хацеў, каб яна была знаная і паважаная ўсім светам. Роўная сярод роўных... То ці магло ўсё гэта падабацца польскаму сойму? То і даводзілася, каб што там даказаць, ледзь не за колле брацца, ісці ў калы, на калы...

Пра Ўласава сенатарства ад спадарыні Марыі Дзярвінскай, таксама з Пяцюляў, пачуў і такое:

— Ён жа там міністрам быў. За Беларусь усё біўся. Дык палякі яго адтуль выкінулі... Пра Ўласава сенатарства нават памоўка на Мігаўцы хадзіла: калі хто топчыцца ля сельсавета ці яшчэ перад якой казённай установаю, дык таму кажуць:

— Што ты тут ходзіш, як той Улас ля сойма!

БЕЛАРУС З НАРАДЖЭННЯ І ПЕРАКАНАННЯ

У польскіх архівах ацалеў «Інфармацыйны Камунікат Рэферата па справах нацыянальнасцяў другога аддзела Генеральнага Штаба». У тым Камунікаце за 22-га лютага 1923 года даюцца характарыстыкі паслоў і сенатараў тагачаснага Польскага сойму. Прынамсі, пра Аляксандра Ўласава гаворыцца:

«Уласаў Аляксандр. Беларус з нараджэння і пераканання. Мае маленькі 100-марговы фальварачак Мігаўка. Дзеяч з 1906 года».

З гэтай кароткай польскай даведкі для нас найважнейшае азначэнне: «Аляксандр Ўласаў... беларус з нараджэння». Гэткім гаспадар Мігаўкі запомніўся і ягоным суседзям мігаўцам — мігеўцам.

* * *

Кузьма Чорны калісь казаў: «Кожны чалавек — гэта цэлы свет». Для Аляксандра Ўласава і такіх, як ён, цэлым светам была найперш уся Беларусь. Менавіта гэтак разумеў Уласаву постаць Рыгор Шырма. У адным адзіным лісце да мяне Аляксандра Ўласава пісала, што Рыгор Шырма менавіта казаў ёй, што: «Уласаў — дзяржаўная галава». Без Беларусі, па-за Беларуссю ён не ўяўляў свайго жыцця.

* * *

Не ведаць Аляксандра Ўласава, значыць — не ведаць гісторыі беларускага вызвольна-нацыянальнага руху, ля вытокаў якога быў і стаяў ён.

Іван Шутовіч

ВЯРТАННЕ Ў МІГАЎКУ

Мігаўка — даўняя ўласнасць Уласавых. Менавіта тут прамільгнула маленства ўсіх Уласюкоў. Алексава таксама. Затым Аляксандру давялося жыць у Пінску, Мінску, Рызе, Вільні, зноў у Мінску...

Больш-менш стала Аляксандр Уласаў пачаў жыць у Мігаўцы з канца 1920 года. На гэта яго скіравалі гістарычныя абставіны, прынамсі, падзел Беларусі на Ўсходнюю і Заходнюю паміж Польшчаю і Саветамі. Гэта быў нялёгкі момант у жыцці Ўласава. Трэба было рабіць выбар: у Заходняй Беларусі, за Радашкавічамі, застаўся яго фальварак, ягоная маёмасць, з рухомай і нерухомай каштоўнасцю. Саветы ж абяцалі гарманічны лад беларускаму люду: дзяржаўнасць, беларускія школы — і Ўласаў ужо быў пагадзіўся застацца ў радавай Беларусі. Але аднаго разу на менскай Купалавай кватэры, было гэта неўзабаве пасля выгнання палякаў з Беларусі, адбылася лёсавызначальная гаворка: пачалі думаць-гадаць, як складзецца жыццё беларускай інтэлігенцыі за Саветамі. Якраз у той вечар завітаў да Купалы і Алесь Чарвякоў. Пацікавіліся і ў яго, што ён думае. Алесь Чарвякоў чамусьці на той раз быў рашуча агрэсіўны, сказаў, як стрэліў: «Будзеце шкодзіць уладзе — расстраляюць...» Такі пастулат Алеся Чарвякова вельмі збянтэжыў Уласава. Ён ведаў бальшавікоў: тыя, калі сказалі расстраляюць, то пэўна ж расстраляюць, доўга чыкацца не будуць, і Ўласаў прымае рашэнне: вярнуцца ў сваю, ужо замежную Мігаўку і распачаць там не менш бурную дзейнасць, чым гэта рабіў у Менску. І яму, як нядзіўна, што-кольвек удаецца. I найперш стварае ў Радашкавічах беларускую гімназію. Праўда, перад гэтым польская ўлада дала яму паспытаць канцэнтрацыйнага лагера «Сташалкова». Але, вызваліўшыся з яго, дабіўся свайго: яму ўсё-такі польская ўлада дазволіла заснаваць у Радашкавічах беларускую гімназію.

Першыя выбары ў польскі сойм. Уласаў прапануе сваю асобу ў спіс нацыянальных меншасцяў. Становіцца сябрам Беларускага пасольскага клуба. Мігаўка з тае пары становіцца асяродкам асветы, культуры і палітычнай думкі. Сюды пачалі наязджаць ягоныя паплечнікі, аднадумцы. Прыходзяць сяляне з навакольных вёсак. Усім ім патрэбна была рада дасведчанага чалавека, якім быў Уласаў.

У Мігаўцы пачалі ладзіць літаратурныя і тэатральныя вечарыны.

МІГЕЎСКІЯ «ШПЕКТАКЛІ»

Мігеўцы любілі відовішчы. І не толькі залётныя, прывазныя, вандроўныя. Яны і самі часта ладзілі розныя імпрэзы. «Да кожнага свята ў доме Уласава, колькі я памятаю, рыхтаваўся які-небудзь «шпектакль». I абавязкова забаўляльны, вясёлы».

Гэта згадвае колішняя суседка Ўласава Вера Ўладыка: «Помню, ставілі мы і «Паўлінку», і «Раскіданае гняздо», і «Мікігаў лапаць»... Былі «шпектаклі» і на Новы год, на Каляды, ставілі вялікую ёлку, развучвалі якую-небудзь п'есу, наймалі музыкаў. Прыходзілі людзі з Шалухаў, з Пяцюляў... Дзеці, сталыя... Усім хапала месца ў доме Ўласава. Памятаю, пабраўшыся за рукі, хадзілі карагодам вакол ёлкі і спявалі:

Падушачка, падушачка, мая пухавая,

Адна ў мамкі дачушачка, дзеўка маладая.

У нядзельку на кірмашы шоўку прыкупіла,

Падушачку пухавую міламу пашыла,

Каго люблю, каго люблю, таго пацалую,

Таму падушачку пухавую падарую...

Пасля «шпектакляў» пачыналіся пачастункі. Дзяцей частавалі яблычкамі, якім-кольвек печывам. Пасля дзеці разыходзіліся. А дарослыя да самае раніцы танчылі розныя полькі...»

Вера Ўладыка таксама мела аднаго разу ролю Лісы. Сястра яе была за Старую. Алег Шнэйдар — за сабачку Шарыка. Далучаў Уласаў да мігеўскіх спектакляў і сваіх дзяцей, Алега і Дзіму. Згадваецца: Дзіма Ўласаў павінен быў сказаць, што свінка апарасіла з дзесятак парасят, a ў яго вырвалася — свінка апарасіла штук з пяцьдзесят парасятак. Усе дружна рагатнулі. Такое ж ніколі не бывае!

Свае «шпектаклі», розныя вечарыны мігеўцы ладзілі ў так званай «Дзікай зале». Была такая зала ў доме Ўласава. У ёй не жылі. Яна была больш халодная і прасторная. Пра гэтыя «шпектаклі» больш за ўсіх рупілася жонка Ўласава. Яна вельмі любіла ўсё гэта. Постаць Уласава таксама была заўсёды прыкметная на мігеўскіх вечарынах. Ён рупіўся, каб людзям было цікава, весела, утульна ў ягоным доме. Звычайна стаяў у дзвярах, задаволена ўсміхаўся ў вусы. Палякам не даспадобы былі мігеўскія «шпектаклі». Часта дом Уласава наведвалі паліцыянты. Пыталіся, ці мае ён «дазволенне». Найчасцей такога дазволу не было, і яго штрафавалі. Уласаў звычайна плаціў дваццаць пяць злотых штрафу, і спектаклі працягваліся. А каб судзіць, то не судзілі. І разганяць не разганялі. Дазвалялі закончыць. Адно — абыходзіліся штрафам... А іншы раз казаў: «Няма грошай на штрафы. Іду ў турму... Не прывыкаць... Не адзін раз сядзеў... Пасяджу і яшчэ...»

З паліцыянтамі, згадваюць, Уласаў трымаўся годна, незалежна. Найчасцей перамовы з імі вёў на сваім любым ганачку. У пакоі мала калі запрашаў. Гаварыў з імі толькі па-беларуску. Яны па-польску, а ён па-беларуску, па-мігеўску.

Вядомасць пра мігеўскія «шпектаклі» мела шырокі розгалас. Пра ix пісаў тагачасны беларускі друк. Так у «Шляху Моладзі» ў першым нумары за 1936 год паведамлялася:

«Мігаўка каля Радашкавічаў Маладзечанскага павету. За прыкладам мінулых гадоў і пры помачы нашага старога дзеяча былога сенатара А. Уласава на Каляды была наладжана ў нас беларуская вечарына. Ставіліся дзве п'есы: «Боты» і «Пярэстая Красуля». Пасля былі да раніцы скокі. Зацікаўленне вечарынай было вялікае. Добра было б, каб моладзь наша пастаралася зарганізавацца ў гурток...»

ПЕРАХРОСТ

Я заўважыў, а следам за мною, пэўна, і вы: амаль усе мігаўцы-мігеўцы называюць Уласава Ўласам ці Аўласам. Пацікавіўся: чаму? Мне патлумачылі: як толькі Ўласавы набылі Мігаўку, увесь акалічны люд пачаў усіх Уласавых называць Аўласамі, а самога Ўласава Аўласам. Ягоную жонку — Аўласіхай. А дзяцей іхніх Аўласюкамі. Такога маўлення вымагала моўная практыка тутэйшага люду. Уласавы гэта разумелі і аніколечкі не крыўдавалі. Больш таго, яны даведаліся, што ў беларусаў ёсць такое свята — Аўласаў дзень. Аўласаў дзень выпадаў на 24-га лютага. Святкавалі яго ў гонар Бога Вялеса. Ён апекаваўся пастухамі і падарожнікамі, быў заступнікам коней, кароў і авечак. У гэты дзень гаспадары асабліва шчодра даглядалі сваю жыўнасць, а коней не запрагалі ў аглоблі. А дзеці на Аўласа спявалі:

Ты, Аўлас, Аўлас,

Ты вазьміся ў нас

Жывёлу пасвіць.

Нашых каровак

Каля дубровак,

Нашых авечак

Каля рэчак;

Нашых свінак

Каля асінак;

Нашых козача

Каля лозачак.

Любілі Ўласавы гэтае свята, сугучнае з ix прозвішчам. Асабліва любілі яго дзеці і пастушкі.

ПАНІ ЕДЗЕ…

Аляксандр Уласаў досыць позна ажаніўся. Узяў шлюб толькі ў 1925 годзе. Быў яму на той час 51 год. А дагэтуль хадзіў у кавалерах. У ягоным польскім пашпарце за 1925 год у графе «сямейнае становішча» гэтак і запісана: «kawaler». Здавалася, кавалерам ён дажыве ўжо і свайго веку. Але от трапілася яму на вочы настаўніца з Гомельшчыны Аляксандра Стальмаховіч. Аляксандр Уласаў не вытрымаў свайго халасцяцкага статусу, здаўся. У народзе з такой нагоды кажуць: «І спёкся галубок»...

Чым жа ўзяла яна Аўласа?

Кажуць, вельмі пекна спявала. Першы раз Уласаў пачуў яе спевы на якойсь імпрэзе. Пачуў і растаў. З тае пары пані Аляксандра не выходзіла яму з галавы. Ён жыў і сох па ёй. І каб не пакутаваць, каб быць штохвіліны, штодзень разам, прапанаваў ёй руку і сэрца. Аляксандра Стальмаховіч была таксама ўжо ў добрым веку. Трохі падумаўшы, пагадзілася на гэты шлюб.

Калі Мігаўка пачула, што Ўласаў ажаніўся, было шмат гаманы і трывогі.

— Улас ажаніўся! — казалі адны.

— Пан Пані вязе! — перадавалі іншыя.

— Барыня ў Мігаўку едзе! — казалі трэція.

— Што цяпер будзе?! — бедавалі чацвёртыя.

Прыезд маладой гаспадыні для Мігаўкі быў вялікай падзеяй. У Мігаўцы толькі і было гаворкі пра новую пані. Уласаў паспрабаваў супакоіць мігеўцаў. Маўляў, не турбуйцеся, ніякая яна вам не пані! Яна такая, як усе. Яна ўмее ўсё рабіць сама: і варыць, і гатаваць, і гаспадаркай кіраваць. А тое, што яна ў белым капялюшыку, дык яна проста настаўніца, у горадзе трохі пажыла. Пані яна вельмі разумная. Усім будзе добра з ёй: і мне, і вам. Усё будзе так, як і было. Гэтыя словы Ўласава трохі супакоілі мігеўцаў. І напраўду, праз пэўны час усё ў Мігаўцы ажыло, загуло, наводзіўся парадак. Скрозь быў чуваць уладарны голас новай мігеўскай пані. Дый яна і сама ніякай працы не цуралася, не баялася. Усё ў яе руках гарэла. Неўзабаве мігеўцы запаважалі яе. Гэтаму зноў жа паспрыяў Уласаў. Ён не раз казаў сваёй гаспадыні: «Шурачка! Нічога ў Мігаўцы не мяняй! Будзь добрая з людзьмі! Больш цікаўся іхнім жыццём... Будуць у хрэсьніцы браць — не адмаўляйся...»

Звалі жонку Ўласава Аляксандра. Ён — Аляксандр, яна — Аляксандра. Усё ж мігеўцы называл і яе Аляй, паняй Аляй! Кажуць, калі гаспадар і гаспадыня маюць аднолькавае імя — гэта павінна быць шчаслівая пара. Ці быў Уласаў шчаслівы? A, пэўна, што так. Але пра гэта крыху пазней. Гадавалі двое дзяцей. Абодва нарадзіліся ў Мігаўцы ў 1926 годзе. Былі яны блізнюкі. Аднаго з ix звалі Дзіма, другога — Алег. «Для нас гэтыя імёны былі нязвыклыя,— згадвае Аўласава суседка Вераніка Галубовіч-Уладыка,— у нас такіх імёнаў не было. Уласавы ж былі праваслаўныя, рускія...»

ШКОЛЬНЫЯ ХІТРЫ-МІТРЫ

Дзеці Ўласава — Алег і Дзіма — хадзілі напачатку ў Пяцюлеўскую паўшэхную школу. Пяцюлеўская школа была самая блізкая ад Мігаўкі. То ў гэтую школу пaчаткова яны і бегалі. Вясною і восенню, як было цёпла, — на сваіх дваіх. А зімою — у завеі ды маразы — Уласаў вазіў сваіх нашчадкаў на кані ў санях.

У Пяцюлеўскай школе дзяцей вучылі па-польску. А Ўласаву, які прагнуў беларускай асветы, гэта было як нож у сэрца, як костка ў горле. Ён хацеў, каб ягоныя дзеці ды ўся тутэйшая беларуская дзятва вучыліся ў роднай мове. А тут от што вырабляюць! Нягожа гэта, каб у школе, у якой вучацца ягоныя дзеці, нават урокаў роднай мовы не было. Пачаў пра гэта гаварыць з настаўніцай, каб у Пяцюлеўскай школе завесці хоць урокі роднай мовы. Настаўніца нібыта пагаджалася. А як жа! Уласаву не запярэчыш! Уласаў жа ў ТБШа — Таварыстве беларускай школы! То як жа гэта яму запярэчыш?! Гэта ж ён колісь біўся за беларускую гімназію. I тады дамогся свайго. А от зараз польская ўлада проста-такі даядае ягоныя пражэкты. I на гэты раз абхітрылі яго. Зрабілі тры апытанні сярод дзяцей: ці ведаюць, ці разумеюць яны беларускую мову? Ці ўмеюць яны чытаць, пісаць і размаўляць па-беларуску? Хто навучыў? Ад каго навучыліся? І амаль ўсе адказалі: умеюць, ведаюць. І адзін можа, і другі.

— Ну то што тады вас вучыць па-беларуску, — сказала настаўніца. — Вы яшчэ і мяне навучыце.

На гэтым і скончылася гаворка пра навучанне пяцюлеўскіх дзяцей па-беларуску.

Уласаў перажываў, што не мае поблізу Мігаўкі ніякай школы, дзе б навучанне вялося па-беларуску. Ён пачаў з такімі, як сам, насіцца з мрояй, каб заснаваць беларускую школу ў ягонай Мігаўцы ці яшчэ дзе. Але гэтай яго мроіне выпала здзейсніцца. Даводзілася беларускай грамаце дзяцей вучыць дома, балазе заходне-беларускія асветнікі пачалі выдаваць беларускія граматкі для хатняга навучання. Але гэта было не выйсце, а толькі паўвыйсце. Мігеўскі асветнік мусіў з гэтай нагоды звярнуцца да Міністра асветы Польшчы. 19 ліпеня 1929 года ён напісаў разгорнуты Мемарыял да Pana Ministra, у якім у трынаццаці пунктах пераконваў, якую перавагу для краю мае адукацыя на беларускай мове для беларускіх дзяцей.

Прынамсі, кажучы пра Радашкаўскую беларускую гімназію, Уласаў канстатаваў, што «выхаванцы згаданай гімназіі паспяхова вучацца ў вышэйшых навучальных установах Вільні, Празе Чэшскай, Мілане, Бруселі, Францыі, што беларуская моладзь, якая скончыла беларускую гімназію вызначаецца вельмі памяркоўным палітычным светапоглядам. Ліквідацыя ж беларускамоўнай Радашкаўскай гімназіі – гэта вялікая страта для беларускай асветы».

Нямаведама, ці адпісваў хоць штокольвек Міністр асветы на Ўласаў Мемарыял. Адно вядома: чыноўнікі міністэрства асветы зарэгістравалі зварот Уласава над грыфам "Сакрэтна". Зараз гэты Мемарыял у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва ў трэцім фондзе. Пад Мемарыялам подпіс: «Канцэсіянер Беларускай школы імя Фр. Скарыны ў Радашкавічах Аляксандр Уласаў».

МРОЯ ПРА АГРАНАМІЧНУЮ ШКОЛУ

Моцна карцела Ўласаву залажыць у тутэйшым краі і агранамічную школу. Ён ужо і пекны будынак пад гэтую школу нагледзеў у суседніх з Мігаўкаю, праз дарогу, Дзяшкнянах. Заставалася толькі адно: наладзіць на гэта радашкаўскую думу, каб і яна зрабіла з свайго боку якіясь захады ў гэтым кірунку. Ну, і вядома ж, з дзяшкнянскім панам трэба пагаварыць: мо б ён для гэтай вучэльні колькі дзесяцінаў ахвяраваў, балазе ў дзяшкнянскага пана нямала зямлі: «Каб такую школу нам удалося заснаваць, думалася Ўласаву, як бы ажыў радашкаўскі край. Колькі б моладзі тутэйшай прыгарнулася да нас! А праз яе, праз школу гэтую, можна было б праводзіць і беларускія ідэі».

На вялікі жаль, і гэтай Уласавай ідэі не ўдалося здзейсніцца, хаця тэарэтычна для яе ўвасаблення былі ўсе ўмовы. Не хапала хіба толькі ўладнай зацікаўленасці.

УРОКІ НА ПАНАРАДЗЕ

Ba Ўласа, як і ў кожнага гаспадара, згадваюць, быў конь. Светла-гняды. На ім сваіх дзяцей у Радашкавічы вазіў у школу. Як для постаці Ўласава дык конь той быў слабаваты. А больш дакладна, нават і не конь, а кабыла. Бывала, апрача сваіх, насадзе цэлы воз іншых дзяцей і вязе з Радашкавічаў у Мігаўку. Нікога па дарозе не мінаў. Кабылу тую звалі Дзіяна. Усіх падбярэ, а калі ўжо садзіць няма куды, дык ён верхам на каня ўладкуе каторага: «Толькі за дугу трымайся, — скажа. — Каб не зваліўся!» — і кіруе гаманкі воз на сваю Мігаўку. А пакуль даедзе да Мігаўкі, дык і заняткі па беларушчыне з дзецьмі правядзе. А чаго ж марнаваць час?! Распавядзе пра новыя беларускія кніжкі, гісторыйку якую беларускую, вершык які прачытае, загадку дасціпную загадае... Гэтак неўпрыкмет і да Мігаўкі даязджалі. Мігеўскія дзеці адчувалі да сябе прыязнь Уласава і заўсёды былі рады стрэчы з ім, былі даверлівыя да яго.

АГЕНТ ДЭФЕНЗІВЫ

Спакойнага жыцця Ўласаў ніколі не ведаў. Спакой быў не для яго. Дзесь з трыццатых гадоў ён заняўся выключна гаспадаркаю. Пра гэта і сам неяк казаў, што ён гэтак уцягнуўся ўсёй сям'ёй у сялянскую працу, быццам так век жыў.

Дзесьці гэтай парой да яго фальварка прыбіўся і нехта Канстанцін Лагуновіч. Выказаў жаданне ўзяць у арэнду кус мігеўскай зямлі. Уласаў з лёгкім сэрцам заключыў з ім дамову на арэнду. I на гэты раз з усяго сэрца даверыўся новаму арандатару. Але неўзабаве пачаў заўважаць, што з прыходам на ягоную гаспадарку Лагуновіча ў фальварку пачало рабіцца штось няладнае. Жонка Ўласава таксама запрыкмеціла гэга і не раз казала: «Саша! Ты ўсё чытаеш і чытаеш, і ніяк не начытаешся. А некаторыя твае арандатары што хочуць, тое і робяць на фальварку... Дзеці і тыя бачаць, як раскрадаецца наша дабро...» Але Ўласаў, заняты сваімі інтэлектуальнымі клопатамі, нічога не заўважаў. «Не злоўлены за руку — не злодзей», — казаў ён. Казаў, але і сам прыкмячаў, што на ягоным фальварку не ўсё чыста. На сядзібу зачасцілі паліцыянты. Паводле ix, ва "Уласава і тое рабілася не так, і другое. Паліцыянты раз-пораз штрафавалі яго. Хтось пісаў на яго даносы. Пасля ён пераканаўся, што гэта рабіў ніхто іншы, як Лагуновіч. У сваім апошнім лісце да кіраўніка тымчасовай управы за 10.09.1939 года Аляксандр Уласаў пісаў з Мігаўкі, што ягонае жыццё на фальварку з прыходам сюды згаданага Лагуновіча зрабілася невыноснае: «До 1939 года у меня был арендатор Константин Логунович шесть лет, который платил аренду половиной урожая. Последние годы он был как бы агентом польской полиции. Следил за мною и благодаря ему жизнь в Миговке была для меня очень тяжёлая. На меня благодаря К. Логуновичу сыпались штрафы и пр. Последнее дело было, что я обвинен в устройстве нелегального собрания с участием члена КПЗБ Петра Шлойды — ученика моей гимназии, окончившего в Вильне университет...»

За шэсць арандатарскіх гадоў у Мігаўцы Лагуновіч такі нямала намахляваў. Неўзабаве ён пакіне Мігаўку. Колішні арандатар такі збіў на Ўласавай гаспадарцы пэўны капітальчык і купіў недалёка ад Мігаўкі, у Пяцюлях, дваццаць гектараў зямлі. Аднак пакарыстаўся ёй нядоўга. Камісары і яго невядома куды саслалі разам з усёй сям'ёй. З тае пары пра яго тут нічога не чулі.

Няздарма ж кажуць: на чужым няшчасці свайго шчасця ніколі не зладзіш. Пара ўсім сквапным людзям зразумець гэта.

ПАЛІТЫЧНАЯ ВАРАЖБА

Жывучы ў Мігаўцы, Уласаў пільна сачыў за ўсім, што рабілася ў свеце, прыкідваў, як гэтыя падзеі могуць паўплываць на Беларусь. Асабліва ягоны погляд быў скіраваны на Германію, дзе ашалелы Гітлер муштраваў сваіх баявікоў, рыхтаваў ix да паходу на блізкіх суседзяў: Францыю, Іспанію, Польшчу... Не драмалі і Саветы. Яны мелі свой клопат. У такіх варунках Уласаў мусіў думаць пра свой лёс. Варажыў: калі Прыйдуць Саветы, а ён гэтага, між іншым, вельмі жадаў, то тыя найперш возьмуцца за калгасы, і тады плакала ягоная зямелька. «Але затое Беларусь будзе з'яднаная ў адну!» — суцяшаў ён самога сябе. I каб надта не рызыкаваць, каб не кусаць сябе за локці, Ўласаў спакваля пачаў прадаваць зямлю. Адны з першых, хто купіў у яго крыху зямлі, былі Гаранскія.

Зямлю ў тыя гады прадаваў шмат хто, — распавядае адзін з нашчадкаў Гаранскіх — знаны ўжо Андрэй.

Паны адчувалі, асабліва ў Заходняй Беларусі, што калі прыйдуць Саветы, яны канфіскуюць усе іхнія фальваркі, маёнткі разам з зямлёю. То патроху распрадавалі свае валокі. Паны прадавалі, а згаладалыя па зямлі сяляне, асабліва не ўдаючыся ва ўсё варункі і зігзагі палітыкі, куплялі яе. На гэтай куплі-продажы ў тагачаснай Польшчы таксама рабілася вялікая палітыка, — тлумачыць далей спадар Гаранскі. — Па даўніх, няпісаных законах, праваслаўны мог прадаць сваю зямлю толькі праваслаўнаму. Калі праваслаўны прадаваў зямлю каталіку, польская ўлада вельмі заахвочвала такі торг. Такі праваслаўны надзяляўся рознымі прывілеямі. Улас быў праваслаўны, і мы праваслаўныя. То старгаваліся хутка і палюбоўна. У нас захаваўся план таго зямельнага надзелу, які купіў мой тата ва Ўласа. Было гэта ў 1937 годзе, за два гады да ўз'яднання. Так што нядоўга мы пакарысталіся той зямлёй. Тату майго звалі Юстын.

План зямельнага надзелу, купленага Юстынам Гаранскім у Аляксандра Ўласава з фальварка Мігаўка ў 1937 годзе змешчапы ў канцы кнігі. Аўтар атрымаў яго 11.X. 2002 г. ад Андрэя Гаранскага.

САЛОДКІЯ МРОІ

У гаспадара Мігаўкі, кажуць, быў невялікі дэтэктарны прыёмнічак-прымач. Па ім ён слухаў Варшаву. Іншы раз яму шчасціла наладзіцца і на Мінск.

... Мінск! Менск! Там будуюць Беларускі Дом! Там беларускія школы, тэатры, інстытуты! Беларускую мову паважаюць за дзяржаўную!

Мінск — сталіца!

Як жа Ўласаву хацелася хоць вокам зірнуць на тое новае жыццё, якое ладзіцца ў Радавай Беларусі, пра якое ён так мроіў і мроіць. А яшчэ яму дужа хацелася напіцца вады з Свіслачы!

Мінск ён, паводле яго слоў, любіў больш за Вільню. Яму падабаліся сінія далі лясоў вакол Мінска. У Мінску ён пачаў сябе пачуваць беларускім бунтаўніком. Там у яго праз добрых людзей зарадзіліся беларускія ідэі, да якіх ён імкнуўся праз усё жыццё. То чаму б і яму не перакінуцца за мяжу? Усяго ж нейкія тры кіламетры ад Мігаўкі да мяжы. Водзіць жа ён за тую мяжу іншых. То чаму б з адным з ix не сігануць у тую БССР? Але штосьці стрымлівала Ўласава на гэты крок. Што? Родны фальварак? Можа, і ён. Невядома, што яму яшчэ прапануюць у той БССР. І ці прапануюць? Ці зразумеюць? Шмат Уласаў думаў пра гэта. «Ну, добра, — думаў ён. — Я адзін неяк праскочу. А сям'я? А дзеці? А маёмасць? Што будзе з імі?» I чым Уласаў больш думаў пра сваё сіганне ў БССР, тым больш разумеў, што яго стрымлівае нешта значна большае ад гэтага кроку, чым фальварак. Тады што? І сам адказваў: «Кідаць мае бедныя, заняпалыя, сумным жыццём народу, заходнебеларускія землі я не хачу. У мяне застаўся сентымент да скрыўджаных...»

I гэта былі праўдзіва шчырыя словы: «Збяжыць ён у БССР, збяжыць другі... А хто ж будзе катурхаць гэты скрыўджаны люд? Хто будзе клапаціцца пра яго прасвету? Беларускую прасвету?! Не і не! — казаў сам сабе Ўласаў. — Я мушу заставацца тут, з сваім народам, жыць з ім у адных варунках да свайго скону».

I ён цвёрда трымаўся сваіх, яшчэ з юнацкіх часоў сентыментаў.

Уласаў, безумоўна, цікавіўся, як ладзіцца беларускае жыццё ў БССР. Да яго даходзілі з БССР і некаторыя беларускія кніжкі, газеты. Чуў ён і пра рэпрэсы ў Радавай Беларусі і не даваў ім веры. Хаця чаго там! Словы Чарвякова на стрэчы ў Купалавай кватэры напачатку дваццатага году: «Калі будзеце шкодзіць новай уладзе, вас расстраляюць» — не выходзілі з галавы. Але ва ўсіх дэталях гэтых рэпрэсаў, мяркуюць, ён не арыентаваўся.

Засмучалі яго і іншыя звесткі з Радавай Беларусі. Прынамсі, Пастанова Савета Народных Камісараў БССР за 28.08.1933 года «Аб змене і спрашчэнні беларускага правапісу». З горыччу на сэрцы дачуўся ён і аб забароне ў Радавай Беларусі следам за Польшчаю беларускіх гімнаў — «Ад веку мы спалі» і «Выйдзем шчыльнымі радамі». Але польскіх засмучэнняў было болей. Толькі ў 1924 годзе польскаю ўладаю ў Заходняй Беларусі было зачынена чатырыста беларускіх школ і школак, пятнаццаць беларускіх газет. То як было не ўдацца ў адчай! А вось Радавай Беларусі беларускае школьніцтва якраз набірала моц. З 1926 года было ўведзена ўсеагульнае абавязковае пачатковае навучанне. I гэта ўсё неяк было несумяшчальна з рэпрэсамі...

Думкі бунтаваліся, разбягаліся, не стыкоўваліся адна з адной...

I ўсё ж ён з якойсь надзеяй глядзеў на Радавую Беларусь!

МАБІЛІЗАЦЫЯ

Першага верасня 1939 года Германія такі напала на Польшчу. У краіне пачалася мабілізацыя. Дакацілася яна і да Мігаўкі. І тут пабралі тутэйшых хлопцаў, апранулі ix у вайсковую амуніцыю Войска Польскага: у трохкутныя, прыплюснутыя, з бліскучымі картузамі канфендараткі з «ожэгам бялым» і талёвыя мундзіры. І тутэйшыя дзецюкі зрабіліся раптам усе на адзін капыл. Праз польскую вайсковую амуніцыю яны вонкава ўсе сталіся палякамі. «Калі ж, калі ж, — думаў Уласаў, — беларускія хлопцы апрануць сваю амуніцыю? Калі ж яны перастануць бараніць чужыя дзяржавы і хадзіць у чужых ім апратках?»

У гэтым роздуме ён прыгадаў вайсковыя фармаванні часоў БНР. Згадаўся чамусь Алесь Гарун. Ён таксама насіў пільчак вайсковага крою, аздоблены на рукавах трыма паскамі з чаргаваннем белага і чырвонага колеру. «Ці дачакаецца хоць калі Ўласаў таго часу, калі народ тутэйшы зажыве ў гармоніі з сваімі традыцыямі?» А пакуль ідзе вайна... Хоць яна яшчэ і не дакацілася да Мігаўкі, але сваім чорным крылом зачапіла і Ўласава. Ягоны фальварак польская ўлада абклала грашовым падаткам на абарону. Падатак той быў для Ўласава досыць непад'ёмны, і ён пакуль не сплаціў яго. На ім вісела 100 zl польскай пазыкі. А гэта пагражала яму чорнай дошкаю...

Пра гэтую польскую "чорную дошку" згадвае Андрэй Гаранскі

— Так, — кажа спадар Андрэй, — Такія падаткі ў Польшчы часта практыкаваліся, асабліва, як Германія пайшла вайною на Польшчу. Скажам, трэба Польшчы машыновыя карабіны - так за Польшчай называлі кулямёты. I тут як тут урадавая пастанова на адпаведны падатак. Падаткі на самалёты, на танкі... Людзі аж стагналі ад гэтых падаткаў.

ГЛЯНЬЦЕ НА ТРАКТ

Пакуль Уласаў ламаў галаву, як сплаціць Рэчы Паспалітай грашовы і натуральны падатак — шэсцьдзесят пудоў жыта на яе абарону, тым часам на мяжы Радавай Беларусі з начы з 16-га на 17-е верасня усё гуло і скрыгатала. Гэты гул далятаў да Мігаўкі. Гэта гула, як растрывожаны вулей, савецка-польская мяжа. Суседка Ўласава Вэрця Ўладыка згадвае: «Было досыць яшчэ цёпла. Мой брат Пётра спаў у садзе. Заходзіць сярод начы ў хату, усіх будзіць: «Паслухайце, што робіцца!» Трывожны быў сон у тую ноч і Ўласава. Раніцой зірнуў у вакно на тракт, а там такі рух людзей, машын, тэхнікі. Ён гукнуў да вакна жонку і дзяцей:

— Гляньце на тракт! — сказаў ён ім.

Дзеці зірнулі і мала чаго зразумелі.

— Гэта, дзеткі, Саветы прыйшлі. Апранайцеся жыва! Пойдзем і мы ix павітаем!

Уласаў узяў кошык і назбіраў у садзе крамяных, адзін у адзін, яблыкаў. З гэтым кошыкам ён пайшоў з сям'ёй на тракт, балазе гэта было недалёка ад ягонага фальварка. Урэшце, ён мог і не ісці: рух на тракце з ягонай сядзібы быў відаць, як на далоні. Але — адно відаць, а другое — паглядзець на сваіх збаўцаў зблізу, пагутарыць з імі, адчуць, чым дыхаюць гэтыя збаўцы. Калі Ўласаў выйшаў на тракт, там было ўжо шмат людзей: мігеўцы, ягоныя суседзі, дзяшкнянцы. Яны абступілі тракт абапал і з насцярожанай цікаўнасцю сачылі за рухам: яны ж ніколі дагэтуль не бачылі ні войска гэтага, ні ягонай зброі. Адзін дзяшкнянец глядзеў-глядзеў на нізкую, пры зямлі, панцырную самаходку, дый так і не зразумеў, што гэта такое: жаба ні жаба, танк ні танк... Калі яго аднавяскоўцы спыталіся, што ж ён на тракце бачыў, то так і сказаў неакрэслена: «Нешта няўклюдна куртатае: само прыпаўзло і само спаўзло».

Уласаў, вядома, не быў такі наіўны, як той дзяшкнянскі селянін. Яго цікавіла, які тут лад усталюецца з прыходам Саветаў, як ён сам упішацца ў гэты лад. Як на ягоную думку, дык павінен. Ён — асветнік, адновіць у Радашкавічах гімназію. Што яму яшчэ трэба? Ён ужо пенсійнага веку чалавек. Саветы яму пенсію назначаць. Ці ж ён не заслужыў гэтага пенсійна перад народам, у народа, клапоцячыся пра яго асвету?! А што зямлю канфіскуюць, да калгаса далучаць, то Бог з ёю, зямлёю! Нешта жа пакінуць! Як гэта, каб чалавек жыў на зямлі, пры зямлі і зусім не меў зямлі!

З гэтымі думкамі ён вярнуўся ў свой фальварак, набраў цэлы жмут газетаў і адозваў, якімі шчодра надзялілі сялянаў чырвонаармейцы. Яму яшчэ доўга ўваччу былі гэтыя, прагна працягнутыя рукі сялянаў, скіраваныя да збаўцаў.

Уразіла Уласава і само войска: чырвонаармейцы ў абмотках, у чаравіках, у шапках з пупамі і з зорачкамі. Шмат хто быў на конях. Конікі пад імі маленькія, нізкарослыя, ногі па зямлі валакліся...

Аднак пачастункаў не бралі, толькі дзякавалі. Ім, мусіць, так было загадана. Спяшаліся далей на захад.

СПАДЗЕЎКІ

Новая ўлада рупілася як мага хутчэй наладзіць свае стасункі з тутэйшым людам. Адразу ж у Пяцюлях быў скліканы сход. На гэты сход прыйшоў і Ўласаў. Яму цікава было, што на гэтым сходзе будзе гаварыцца. Ад гэтага сходу нейкім чынам залежаў і ягоны лёс, ягоная будучыня. Сход зладзілі ў Пяцюлях у паўшэхнай школцы. Людзей набілася паўнюткае памяшканне. Усіх цікавіла, якое жыццё прапануюць саветы. Упаўнаважаны з Радашкавічаў павіншаваў усіх з далучэннем заходнікаў да сваёй мацеры Беларусі. Сказаў, што будзем ладзіць усё па-новаму. Такое павіншаванне імпанавала Ўласаву. Ён таксама ўзяў слова, сказаў, што Савецкая ўлада – гэта сур'ёзная ўлада, што ён таксама рады з'яўленню беларускіх землякоў. А каб да Беларусі далучылі яшчэ беларусаў Латвіі, то ён і зусім быў бы шчаслівы.

Сход улічыў прапанову Ўласава. Уключыў яе ва ўхвалу. На гэтым жа сходзе за Ўласавым замацавалі і пяць гектараў зямлі. Усе прамоўцы – мігеўцы і пяцюлеўцы – сказалі пра Ўласава самыя добрыя словы, якія толькі ёсць на свеце.

КАРОЛЬ ЛІР

Уласаў спадзяваўся на прыхільнасць новай улады. А чаму і не? Ён праз усё жыццё біўся за лепшую долю народу, лічыў сябе народным інтэлігентам. Знаўся з савецкім паўпрэдам Ульянавым, дыпламатам, упаўнаважаным народнага камісарыята замежных спраў. То хто-хто, а ён ведаў яго і ягоныя настроі, спрыяў Заходняй Беларусі. Не можа такога быць, каб з ім абышліся неяк інакш, чым ён гэтага варты. Але от з'явіўся ў Мігаўцы з Радашкавічаў камісар і сказаў, каб вымятаўся з фальварка, «узяўшы, як тут практыка, пальто і шапку». Уласаў адчуў: надыдзе момант, і ён станецца, як кароль Лір Шэкспіра. Гэта было не зусім зразумела Аўласу: як гэта — вымятацца? Чаго? Тут у яго бібліятэка, архіў! Каштоўныя для гісторыі здымкі. Сярод ix і гістарычны, з 1917 года здымак у губернатарскім доме. Усё гэта трэба ўпарадкаваць, уладкаваць! А яму: «Каб каціўся з Мігаўкі!» Уласаў у роспачы.

Да каго звярнуцца? З кім параіцца? Шмат у яго ўплывовых знаёмых, але ўсе яны ў гэтым разладкаваным свеце нечакана сталіся самі бездапаможныя, не ведаюць, чаго чакаць ад новае ўлады. Той-сёй раіў Уласаву з'ехаць за мяжу. «Але што ён за той мяжою забыўся? Тут у яго свой люд, свой народ... Тут ён ведае, як з ім жыць... А што ён за мяжою — пылінка ў сусвеце... Не і не! Я тут патрэбны!» — думаў ён. I ўсё ж наважыўся перакінуцца з сваімі думкамі з даўнім змагаром за беларускія ідэі Антонам Луцкевічам. Семнаццатага верасня 1939 года ён пісаў з Мігаўкі:

«Дарагі Антон Іванавіч! Калі астатні раз абгаварвалі сітуацыю З. Беларусі (была мабілізацыя ў Полышчы), гараскопы былі «мрачныя». Не прадбачылі такой вялікай радасці, як заняцце Саветамі З. Беларусі, каторую палякі прама «даядалі» і «ўдушвалі», — пісаў Уласаў усхвалявана, не тоячыся, не хаваючы сваіх думак... Рука трымцела. Пяро зацягвала літары... Гэтых недацягнутых і перацягнутых літар ва Ўласавым лісце процьма. Але галоўнае — змест. Ён усхваляваны, поўны драматызму і няўпэўнасці: «Заўтра я еду ў Краснае, а адтуль у Маладэчна і Вільню, — паведамляў Ўласаў свайму пабраціму. — Пішу вам, бо можа не ўдасца прыехаць у Вільню».

Дык жа і не памыліўся! Убачыцца ім і напраўду не давялося! I ліст, пісаны ім з Мігаўкі да Луцкевіча, не дастаўся. Яго ці перахапілі на пошце, ці ўзялі разам з Уласавым у Маладэчне, куды ён з'явіўся да тымчасовай улады, каб абгаварыць з ёю свой далейшы лёс. Вядома, станоўча. Аднак падзеі разгортваліся для Ўласава, на вялікі жаль, не зусім так, як ён гэта ўяўляў: буду за новай уладаю, як і раней, рэдактарам якойсь беларускай газеты, а жоначка мецьме вучыць дзетак у Мігаўцы.

Уласаў згодны быў ужо, як казаў Паўзолі, хаця б на дамок і пенсію. Але яму і гэтага не прадбачылася.

Ён хоць ужо і быў сталы чалавек, пашматаны жыццём, але па-ранейшаму даверлівы як дзіця... Яму думалася, што ён мае гарант перад Саветамі. Сядзеў у царскім астрозе. Сядзеў і за Польшчаю. Савецкую ўладу лічыў уладай прыстойнай, якая клапоціцца пра народ, народы.

АПОШНІ ПОШУК ПАДТРЫМКІ

Пасля вызваленчага верасня 1939 года Аляксандр Уласаў, адчуўшы сваё хісткае становішча, незадоўга перад арыштам і выгнаннем з Мігаўкі, паспеў напісаць і яшчэ адзін свой мігеўскі, грунтоўна доказны ліст, у якім ён з усёй скрупулёзнасцю распавёў, што ім самаахвярна зроблена за сваё жыццё для народу, дзеля народу — ад студэнцкіх гадоў да верасня 1939 года. У тым лісце Ўласаў згадаў і пра Радашкаўскую беларускую гімназію. Паводле слоў Уласава, праз гэтую гімназію за восем гадоў прайшло 360 вясковых і местачковых юнакоў і дзяўчат. Менавіта гэты актыў папоўніў шэрагі КПЗБ. Да самага апошняга моманту Ўласаў падтрымліваў з колішнімі сваімі выхаванцамі самую непасрэдную повязь.» Я... унушаў ім рэвалюцыйны дух», — пісаў Уласаў у тым сваім апошнім мігеўскім лісце. Між іншым, гэты свой ліст Упасаў пісаў якраз аднаму з сваіх выхаванцаў — Пётру Шлойду, які на той час быў кіраўніком гміны, з надзеяй, што той якімсь чынам праз якогась больш уплывовага камісара ці тымчасовага кіраўніка паклапоціцца пра больш-менш спрыяльны лёс свайго суседа і настаўніка. Аднак гэты ліст да Пятры Шлойды не дайшоў. Уласаў папрасіў згаданы ліст перадаць Пётру Шлойду праз жонку. Аднак нам вядома, які лёс неўзабаве напаткаў сям'ю Ўласава.

Прынамсі, лісты А. Уласава да Антона Луцкевіча і Пётры Шлойды перахоўваюцца ў фондах Літаратурнага музея Янкі Купалы. Сюды ix разам з польскім пашпартам Уласава ў канцы мінулага стагоддзя перадалі з архіўных сховаў КДБ.

ПЕРШАЯ КАНФІСКАЦЫЯ

З прыходам Саветаў Уласаў кідаўся то да аднаго, то да другога свайго знаёмага, раіўся, што ім рабіць. Дома, можна сказаць, не стыкаўся. Усё ў дарозе і ў дарозе, усё ў раз'ездах. А між тым камісары ўсё больш і больш цікавіліся ягонай асобай і ягоным фальваркам. Завіталі ў Мігаўку і простыя чырвонаармейцы. Аднаго разу, калі Ўласава не было дома, чагось прыблукаўся да ягонага фальварка і яшчэ адзін якісь чырвонаармеец. Ён доўга корпаўся ў кнігах, паперах, натрапіў на вялікі гуртавы здымак. Мо б ён на ім і не засяродзіў ніякай увагі. Але на тым здымку на якімсь — ні то вымпеле, ні то сцягу, побач з якімісь важнымі панамі і вайскоўцамі, быў накрэслены заклік: «Няхай жыве вольная Беларусь!» Чырвонаармеец пакруціў здымак, пакруціў, падумаў: «Якаясь крамола, няйначай: трэба начальству паказаць». Гаспадыня фальварка таксама ведала цану гэтаму гістарычнаму здымку і не хацела яго аддаваць чырвонаармейцу, прасіла пачакаць гаспадара, але чырвонаармеец нікога не хацеў чакаць: здымак забраў. Праўда, паабяцаў хутка вярнуць: надаслаць поштаю. Ён нават ласкава назваў сваё прозвішча: ваенны тэхнік Вазьякоў Леанід Фёдаравіч. А здымак той і праўдзіва быў гістарычны: на ім былі засведчаны ўдзельнікі з'езду ваенных беларускіх арганізацый у кастрычніку 1917 года ў губернатарскім доме. Уласаў даражыў гэтым здымкам. Хаваў яго далей ад ліхіх вачэй. I ўсё ж не ўхаваў... Цяпер будуць толькі лішнія прычэпкі: хто ды што, ды да чаго?.. А гэтых прычэпак да яго і без таго хапае з прыходам Саветаў. Усё гэта насцярожвала Ўласава, трымала яго ў напружанні, змушала думаць, як ён усё ж зладзіць з новаю ўладаю? Да якой катэгорыі людзей акрэсляць яго Саветы?

ВЫРАК

I Саветы доўга не важдаліся: раз маеш фальварак з зямлёю, табе не месца ў Мігаўцы. Месца табе на Салаўках ці яшчэ дзе, куды Макар цялят не ганяў. A ў Мігаўцы будзе адно жыць працоўны люд. Уласаў пераконваў камісараў, што ён народны інтэлігент, інтэлігент ад народу, даўно жыве з сям'ёю з цяжкай сялянскай працы! Але дзе там! Камісары ў адно: «Помещик» ды ўсё! Вон з Мігаўкі!

Дачуліся пра гэта тутэйшыя сяляне. Заладзілі ў Мігаўцы сход. Як маглі баранілі Ўласава. Тлумачылі, што яны з Аўласам у ладзе і згодзе, што ён даваў ім прасвету, навуку. На першым часе нібыта пераканалі: камітэт наймітаў (парабкаў) і тымчасовая радашкаўская ўправа з шасцідзесяці гектараў зямлі, якія меў Уласаў, вырашыў пакінуць яму пяць. Уласаў і за гэта быў удзячны сваім суседзям, абы толькі не расставацца з Мігаўкай, з сваім людам.

З месяц ці болей усё вісела на валасінцы. Аніякага спакою ці пэўнасці не было. Прыехаў зноў камісар з Радашкавічаў і зноў прапанаваў яму тэрмінова, проста неадкладна, пакінуць Мігаўку. Паліто і шапку ў рукі, як практыка, і прэч з роднага гнязда. А куды? Хіба ў Вільню падацца? Але і Вільню, кажуць, гэтую беларускую Меку, калыску беларускай культуры, Саветы збіраюцца перадаць летувісам — жамойтам. Вось табе і маеш! Вось табе, бабка, і Юркаў дзень. А беларусы гэтак спадзяваліся на Вільню! Уласаў усё ж наважыўся наладзіць якоесь паразуменне з тымчасоваю ўладаю.

Да Маладзечні ён такі дабраўся. Зайшоў у маладзечанскую тымчасовую ўправу, адрэкамендаваўся, хто ён: колісь выдаваў «Нашу Ніву», затым «Саху», «Лучыну»... То мо і новай уладзе прыдасца ягоная практыка. Там пераглянуліся, прапанавалі патрыярху беларускай асветы, як гэта водзіцца, напісаць падрабязную аўтабіяграфію. I Ўласаў даверліва напісаў.

Што нарадзіўся ў сям'і павятовага паштмайстра, скончыў Рыжскі палітэхнічны інстытут. Рана далучыўся да грамадскага і палітычнага тагачаснага жыцця. Быў арганізатарам забастовак у Радашкавічах і Мінску. З 1906 года і да 1914 рэдактар-выдавец першай легальнай газеты на беларускай мове "Наша Ніва". Выдаваў таксама сельскагаспадарчы часопіс "Саха", краязнаўчы для дзяцей "Лучынка". Быў адным з заснавальнікаў выдавецкага таварыства "Наша хатка". У 1917 годзе прымаў удзел у з'ездзе воінаў-беларусаў Заходняга фронту, затым ва ўсебеларускім з'ездзе. Уваходзіў у склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. З 1918 года працаваў у яе сакратарыяце. У 1920 годзе вярнуўся ў Заходнюю Беларусь. У лістападзе 1922 года быў абраны ў польскі сейм. У гэтым жа годзе заснаваў у Радашкавічах беларускую гімназію. За гэтую сваю рупнасць польская ўлада саслала яго на некалькі месяцаў у канцэнтрацыйны лагер "Стшалкова". А от цяпер з прыходам Саветаў хацеў бы падоўжыць сваю асветніцкую працу на карысць Беларусі.

Калі Ўласаў пісаў сваю аўтабіяграфію, думаў, што праз яе знойдзе сваё паразуменне з новай уладай. Але не тут тое было. Гэтай сваёй біяграфіяй ён напісаў сабе прысуд.

ВАС ТУТ НЯМА...

Шостага кастрычніка 1939 года Ўласаў не вярнуўся ў Мігаўку. Не вярнуўся ён да сваёй сям'і і на наступны дзень. Гэта затрывожыла Аляксандру Паўлаўну. Яна зразумела, што з яе Алексам штосьці здарылася і неадкладна кіруецца ў Маладзечню, знаходзіць управу маладзечанскага тымчасовага кіраўніка. Тут ёй патлумачылі, што Ўласаў затрыманы да высвятлення абставін, а стрэчы з ім усялякія забароненыя. Так яна, прыніжаная і разгубленая, ні з чым вярнулася ў Мігаўку, а ў Мігаўцы яе чакала яшчэ адна нечаканка. Паднялася на ганак, шмарганула дзверы — зачыненыя. Пастукала, а ёй хтосьці хрыплаватым чужым голасам:

— Вас тут ужо няма... Дзеці ў суседзяў...

З таго моманту і для Аляксандры Паўлаўны пачалася свая адысея.

Першы час яна перабівалася ў суседзяў. На яе вачах пачалі нацыяналізаваць іхні крэўны фальварак. I найперш пад нацыяналізацыю патрапіла ўся гаспадарчая маёмасць: сеялкі, веялкі, малатарні, бароны, сячкарні, арфы, плугі. А затым ужо ўзяліся за бібліятэку, за архіў. Сведкам, як вывозілі бібліятэку Ўласава з Мігаўкі, быў Янка Яблонскі: «Якраз дзве фурманкі параконныя з кнігамі з Мігаўскай гары з'язджалі. А тут адкуль ні вазьміся я. Мы ж жылі ў Мігаўцы. Мой жа тата, яго таксама звалі Янка, ва Ўласава наймітам быў. То тут і круціўся, глядзеў, як «таварышы» Уласава кніжкі ахапкамі носяць, на фурманкі ладуюць. От напакавалі адну фурманку, другую. Наклалі два вазы каптурамі і ўжо крануліся, пачалі з гары спускацца — і адна кніжка спаўзла з возу. Я падхапіў яе. Хацеў крыкнуць: «Кніжка ўпала! Забярыце!» Аж тая кніга ўзяла і разгарнулася, а там такія файныя коні, валы, каровы, быкі — галандскія, швейцарскія, што я не стрымаўся, прытаіў: «Хай мне будзе!» — падумаў. Так тая кніга мне дужа спадабалася... Але я мала пакарыстаўся той кнігай: вайною згарэла разам з хатаю.

Другі сусед Уласава, знаны ўжо Міхась Шнэйдар, згадваў, што бібліятэку рэдакгара «Нашай Нівы» перавезлі з Мігаўкі ў радашкаўскі пастарунак. Там яе тыдні тры перабіралі. Што не сугучна было, выкідалі, знішчалі... А знішчалі вядома што — пра Беларусь, пра беларусаў. Але пакідалі Тургенева, Пушкіна, Талстога...

Аляксандра Паўлаўна з шчымлівым болем глядзела на самаўпраўства камісараў, але апрэтэставаць гэтае беззаконне ніяк не магла. Адно ёй нейкім цудам удалося выхапіць з архіваў колькі самых патрэбных папераў і некалькі дарагіх ёй фотаздымкаў. А праз колькі дзён радашкаўскія камісары прыехалі і па яе самую. Хоць яна і хавалася ў суседзяў, усё роўна знайшлі. Загадалі хуценька збірацца. Пакінуць яе ў Мігаўцы не маглі, бо яна — пані. Апошняе слова зачапіла Аляксандру Паўлаўну за жывое: «Якая я вам пані? Я — настаўніца!» — баранілася яна як магла. Але яе і слухаць ніхто не хацеў. Тады Аляксандра Паўлаўна наважылася паказаць ім і паню. У яе быў белы капялюшык з шырокімі палямі. Яна накінула на галоўку той капялюшык, уваткнула ў яго пяро, ахінула шыю белым шалем: «Раз я пані, то майце пані!» — і дэманстратыўна прайшлася перад камісарамі. З ёй пацягнулася і двое трынаццацігадовых хлапчукоў. З Мігаўкі іх на конях павезлі на зборню ў Повязынь, а адтуль на чыгуначную станцыю Аляхновічы (Алёхнавічы) — пагрузілі ў вагоны і на Сібір.

ЗА ШТО?

З маладзечанскага арыштанцкага пастарунку Аляксандра Ўласава перакінулі ў вілейскі астрог.

Вілейка! Родная яго Вялейка! Ён тут нарадзіўся! Кажуць: «Дзе маці нарадзіла, там і радзіма». І яшчэ: «Дзе нарадзіўся там і прыгадзіўся...» Уласаў горка перасмыкнуўся: «Але, прыгадзіўся! Для астрожных муроў!» Прыгадаліся і іншыя старонкі з вілейскага жыцця.

...1928 год. У Вілейцы сабраўся павятовы з'езд Таварыства беларускай школы. На яго прыехала восемдзесят дзевяць дэлегатаў. Сярод ix — Рыгор Шырма, Платон Грышкевіч, Алесь Каляда, Язэп Хацяновіч ды шмат хто іншы. Быў на гэтым з'езде і ён, Аляксандр Уласаў, як старшыня галоўнай управы таварыства. Але прадстаўнік староства забараніў яму прывітаць з'езд. «Цьфу ты! Адны патырчакі!»

Уласаў прасядзеў у вілейскім астрозе пад следствам трошкі больш за год — з кастрычніка 1939 года, з часу арышту, да лістапада 1940 года — да прысуду.

У яго было часу шмат пра што падумаць, шмат чаго перадумаць, шмат каго ўспомніць. Адзін яскравы малюнак змяняўся другім — таксама не менш яскравым. Адна нашаніўская пара чаго вартая! Якіх людзей яна разварушыла! Вацлаў Ластоўскі, Эпімах-Шыпіла, Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Змітрок Бядуля, Максім Гарэцкі, Алесь Гарун, Уладзіслаў Галубок, Францішак Аляхновіч, Альберт Паўловіч, Канстанцыя Буйла, Гальяш Леўчык, Язэп Лёсік... Цэлае літаратурнае войска! Цяжка было за царскім часам, але неяк трывалася. Выходзіла газета, ладзіліся розныя гурткі, суполкі. У 1918 годзе нарэшце з'явілася надзея, што Беларусь стане незалежнаю дзяржаваю. Была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка.

Але надзея гэтак і засталася надзеяй. Першага студзеня 1919 бальшавікі абвяшчаюць Беларускую Савецкую Рэспубліку. Ну, хай сабе Савецкая Рэспубліка. Праз яе, здаецца, увасабляюць якраз тое, за што ён біўся. І тут раптам белапольская акупацыя, пілсудчына. Беларусь, як сэрца, крояць на ўсходнюю і заходнюю. Пілсудчыкі па першым часе, пакуль замацоўваліся, трошкі пагуляліся ў дэмакратыю, далі трошкі дыхнуць беларусам, але затым упарта ўзяліся зліквідоўваць, зжываць усё беларускае. Проста даядалі беларусаў. Польскі міністр асветы, не хаваючыся, заяўляў: міне яшчэ колькі часу і тых беларусаў удзень з свечкаю не знойдзеш!

І от настаў 1939 год. Уласаву думалася, што настаў якраз яго час, што ён зможа з сваімі аднадумцамі здзейсніць тое, да чаго гэтак ён імкнуўся, чаго ён прагнуў. Але, як пачало высвятляцца, ён зноў нешта робіць не тое. Інакш, чаго ён зноў у астрозе? «Не, нешта тут не так... Нешта не зусім зразумела, — разважаў ужо каторы раз Уласаў і зноў перабіраў у памяці сваё жыццё, ахвяраванае Беларусі, беларускаму люду. Перабіраў і ніякай віны сваёй не знаходзіў. «Значыцца, у нас рознае разуменне, якой хто хоча бачыць Беларусь... Няўжо ніхто не заступіцца за мяне, слоўка не закіне?» З гэтымі думкамі ён пачынаў і завяршаў кожны свой астрожны дзень, чакаў якойсь развязкі.

Вестка пра арышт Уласава з хуткасцю маланкі даляцела да Мінска. Асабліва яна зачапіла ягоных паплечнікаў Янку Купалу, Якуба Коласа, Змітрака Бядулю. Яны пішуць заступніцкі ліст на імя першага сакратара ЦК КПБ Панцеляймона Панамарэнкі. У тым лісце гаварылася:

...З імем Уласава неразрыўна зеязана арганізацыя першых беларускіх газет «Наша Доля» і «Наша Ніва»»... рэдактарам каторай быў Уласаў. Мы таксама прымалі актыўны ўдзел у названых газетах як супрацоўнікі, змяшчаючы свае артыкулы і вершыкі, пратэстуючы ў ix супраць самадзяржаўнага дэспатызму, супраць сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту беларускага народа. Мы ведаем Уласава як чалавека, аддадзенага працоўнаму народу, як культурнага работніка і збірацеля разрозненай беларускай інтэлігенцыі з тым, каб паставіць яе на службу народа. Супраць рускай культуры Ўласаў ніколі не адносіўся адмоўна і ў сваёй дзейнасці не ставіў пытанне аб адрыве беларускага народа ад народа рускага. У цяперашні час Уласаў ужо стары і было б несправядліва для яго, каб ён у пажылым веку не прыняў удзел у будаўніцтве новай сацыялістычнай культуры народа, за які ён змагаўся і многа аддаў год свайго жыцця. Таму мы просім Вас, тав. Панамарэнка, перагледзець пытанне аб Уласавым і аднесціся спагадліва да яго памылак, калі яны ў яго былі, і даць магчымасць рэабілітаваць сябе на савецкай рабоце.

Якуб Колас

Янка Купала

Змітрок Бядуля

26.ІV.1940 г.

Аднак Купалава, Коласава ды Бядулева хадайніцтва засталося без увагі. Нібыта Панамарэнка з нагоды гэтага хадайніцтва сказаў: «Нічога не магу зрабіць: Уласава ў Беларусі ўжо няма!»

КАЖУХ АД КУПАЛЫ

Канчатковая пастанова «Особого совещания при НКВД СССР», паводле якой Уласаў быу засуджаны на пяць гадоў, была прынята 29-га лістапада 1940 года. Гэтым жа рашэннем неўзабаве колішні рэдактар «Нашай Нівы» і сенатар быў накіраваны ў папраўча-працоўны лагер у Навасібіршчыну — на перавыхаванне.

... Везлі Ўласава, як і ўсіх вязняў бальшавіцкага рэжыму, у так званым цялятніку... Гэта табе не ў пасажырскім цягніку, калі сядзіш пры вакенцы і перад табой, нібы на экране, плывуць-мільгаюць кадры краявідаў, мяняюцца адзін за адным. Але Ўласаў і ў прыцемках інтуітыўна адчуваў, што цягнік мінае знаёмыя і родныя яму мясціны. Вось тут дзесь павінен быць супынак Аляхновічы. А там рукою падаць і да ягонай Мігаўкі, Радашкавічаў. Усё гэта куточкі яму знаёмыя: усе ix ён аб'ездзіў на сваім неразлучным равэрку ўдоўж і ўпоперак. Дзе ён цяпер гэты равэрак? Які бальшавік на ім катаецца? Дзе дзеці, жонка? Вязуць яго на Сібір, на зіму. А ён у адным летне-восеньскім гарнітуры. За час арышту і следства, на астрожных харчах, Уласаў схуднеў, асунуўся, стаў падслепаватым. Твар з круглага стаўся выцягнутым, азызлым. Шчокі — упалымі, нібыта за імі няма зубоў.

Невясёлыя думкі хадзілі-мроіліся ў галаве колішняга рэдактара «Нашай Нівы». I незразумелыя. Казалі яму, папярэджвалі: з'едзь адсюль!.. Не паслухаўся, не паехаў. От цяпер і маеш. Шмат і іншых думак-згадак прасеяў Уласаў, пакуль цягнік даехаў да Менску. Перад Менскам сэрца затахтала часцей: жыве прыгожы міт, нібыта Аляксандру Ўласаву ўдалося з астрогу на волю пісульку да Янкі Купалы і Якуба Коласа перадаць. Паводле таго ж прыгожага міта на Ўласаву пісульку адгукнуўся Янка Купала. Ён выведаў якімісь праўдамі-няпраўдамі, калі будзе ісці цягнік з вязнямі праз Менск, і неяк змог перадаць праз кагось колішняму свайму апекуну і паплечніку кажух.

Гэтак было ці трохі неяк інакш, зараз ніхто не скажа. Адно вядома: і Янка Купала і Якуб Колас і напраўду думалі, як зрабіць, каб неяк хоць трохі скрасіць незайздросную долю беларускага волата.

РОЗДУМ

Я вяртаўся з Мігаўкі. Праз усю дарогу адно толькі і думаў пра Ўласава, пра ягоны арышт і далейшы яго лёс. Паехаў у Маладзечню высвятляць свае стасункі з новаю ўладаю, прапаноўваць ёй свае паслугі — і от чым яго прапанова скончылася. Тады ж падумалася: «Паехаў у Маладзечню! А чаму не ў Менск? Ужо ж Заходняя Беларусь была ўзяднана з Усходняй. У Менску яго хутчэй зразумелі. Туг ён меў бы падтрымку. Ад тых жа Коласа, Купалы ды шмаг ад каго іншага. Тым не менш, Уласаў паехаў у Маладзечню. То чаму ў Маладзечню, а не ў Менск?»

Як высвятляецца, Заходняя Беларусь хоць і была далучана да Ўсходняй, але на першым часе колішняя мяжа між Усходняй і Заходняй Беларуссю заставалася пад пільнай аховаю. Мяжа па-ранейшаму кожнага дня баранавалася. Узброеныя вартавыя на вежах незводзілі сваіх пільных вачэй з памежнай паласы. Па-ранейшаму заставалася ўздоўж мяжы і загарадзь з калючага дроту. Яшчэ не дазваляўся вольны рух тутэйшага люду праз мяжу. От чаму Ўласаў і не змог патрапіць у самы крытычны момант свайго жыцця ў Мінск — Менск, дзе, здавалася, была ў яго больш рэальная надзея атрымаць падтрымку, чым у Маладзечні.

НЕЗАГОЙНЫ БОЛЬ

Лёс Уласава, яго светлае імя моцна турбавалі і яго жонку Аляксандру Паўлаўну. Яшчэ да высылкі на Сібір яна паспела перадаць ліст Янку Купалу пра нічым, на яе думку, не абгрунтаваны арышт Уласава. I на высылцы яна ні на хвілінку не пераставала думаць пра свайго Алекса. Ёй было не зразумела, як такога дабрачага чалавека, як яе Алекс, які толькі пра адно і думаў, як зрабіць свой народ больш шчаслівым, залічылі ворагам народу. Зразачку ж, як толькі вярнулася з высылкі, пачала клапаціцца за вяртанне народу светлага імя свайго мужа. Дачуўся і я, праўда, крыху запознена, што ў Гомель пасля высылкі вярнулася ўдава Ўласава з сынамі. Аднаго разу — быў гэта 1982 год — я чыркануў ёй сваё лісцянятка. Мяне, даследніка Багушэвічавай спадчыны, цікавіла, як у сям'і Ўласава шанавалася імя аўтара «Дудкі Беларускай», балазе ў сваіх успамінах Уласаў згадваў, што ў маладыя гады захапляўся асобаю Мацея Бурачка.

На маё запытанне ўдава Ўласава напісала нечакана хутка, напісала больш пашырана, шчыра і ўзнёсла.

Шаноўны Уладзімір Ілліч!

Міласціва даруйце за доўгае маўчанне, якое надарылася па незалежнай ад мяне прычыне. Мела нарыў у вуху.

Што бывае.

Ваша пісьмо з'явілася нібы ластаўкай шызакрылай, і яно мяне ўзрушыла канчаткова. Галоўнае: бібліятэка хатняя, а яшчэ больш важнае — дзевяць пачкаў (архіваў), добра спакаваных і звязаных надзейна тонкім шпагатам. Уся работа A.M. за дзевяць гадоў ў «Н.Н.»: і ўсё гэта для моладзі, як казаў A.M. Гісторыя бацькаўшчыны, літаратуры, усё жыццё A.M. ахнула ў Лету! Усё гэта вывезлі на двух вазах і звалілі ў доме габрэяў у кут, як хлам. Праз пару дзён папрасіла Веру Андрэеўну прывесці ў парадак. Частку прывяла ў парадак, а рэшту не. I дзе ўсё гэта? Частку, безумоўна, расцягнулі. Думаю, Вера Андрэеўна вам пра тое расказвала.

P.S. Шырма мне сказаў, што Ўласаў быў галава на ўсю Беларусь.

Не аднаму падняць справу яго.

Будзьце здаровыя і шчаслівыя.

Уласава А.П.

От такі я атрымаў ліст ад удавы Ўласава. Перачытваю яго раз, другі, трэці і дакараю сябе, што больш не адгукнуўся, што была прапанова на сустрэчу, абяцала штось цікавае распавесці пра «Лучынку», а я быццам не заўважыў гэтае прапановы. I не напісаў, і не з'ездзіў... Чаму? Зацягнула штодзёншчына? Мусіць, і гэта. Не адчуваў запатрабаванасці грамадства? Можа і так. А можа і сам меў якісь душэўны боль... Магло быць і такое...

Але, як бы яно там ні было, — упусціў апошнюю надзею сустрэцца з паплечніцай Уласава. Яна б то магла шмат чаго распавесці. Хаця чаго там! З ёй сустракаліся знаныя нашы даследчыкі Арсень Ліс, Сяргей Дубавец. У рупнасці і пранікнёнасці гэтых даследчыкаў я не сумняваюся. Але, перакананы, каб я напаткаўся з пані Ўласавай, я б вывудзіў бы штосьці такое істотнае, адметнае, што засталося па-за ўвагаю іншых, не падалося ім у той момант. Ну, але што ўжо казаць пасля таго, што адбылося, здарылася. Адно застаецца сябе за локаць кусаць. Але з гэтага, вядома, аніякай карысці. То будзем карыстацца тым, што паспелі здабыць агульнымі высілкамі. Добра адно ўжо тое, што спахапіліся ў пару і не дазволілі гісторыі кінуць слаўнае імя Ўласава на забыццё.

МІГЕЎСКІ АСІЛАК

СТО РАЗОЎ У МІГАЎКУ

Цікавасць да постаці Ўласава, хай сабе мо крыху і запозненая, але заканамерная, гукала мяне наведваць ягоную колішнюю сядзібу. Наведваў я яе не раз і не два. І не адзін. З мною заўсёды ездзіў у Мігаўку і знаны беларускі шчыровец Мікола Лавіцкі. Яму таксама было цікава спазнаваць волата беларускай думкі пачатку дваццатага стагоддзя. Наведаў Мігаўку я, натуральна, і пасля атрымання ліста ад Аляксандры Паўлаўны. З кожнага наведвання Мігаўкі я прывозіў цікавыя расповяды пра Ўласава колішніх суседзяў. От яшчэ некаторыя з ix.

МІГЕЎСКІ ВОЛАТ

Бог надзяліў Ўласава ўсім: і здароўем, і розумам. Ведаў дзве замежныя мовы — ангельскую і нямецкую. Даў Бог яму і волатаўскую сілу. Якуб Колас згадваў: «Уся яго постаць нагадвала дзябёльную чыгунную тумбу. У яго пакоі былі гіры і штангі, і ён прыступаў да гімнастычных практыкаванняў...» I праўда, гуляючы, ён падкідваў пудовыя гіры, згінаў падковы ў руках. I пра Ўласава, як пра асілка, дужага чалавека, згадвае шмат хто ў Miгaўцы, прыкладам, Міхась Шнэйдар.

... Даўней, дзе не было тартакоў, дошкі пілавалі самі. Рабілі высокія козлы, так-сяк усцягвалі на ix бервяно і вялізнай пілою піл авалі яго на дошкі: адмін. пільшчык знізу, а другі зверху ідзе па бервяне. Нялёгкая гэта была праца, але нічога — людзі спраўляліся і з ёй, давалі і ёй рады.

От ідзе раз Уласаў... Аж трое наймітаў збіраюцца пілаваць бервяно, але ніяк не могуць усцягнуць тое бервяно на козлы. Тужацца-тужацца, але нічога не выходзіць. Тое палена ў ix назад сунецца-коціцца. Тады Ўласаў і кажа ім:

— Дайце я!

I тое палена, як пер'інка, узляцела на козлы. Толькі ўласаўскі волатаўскі крэкат рэхам адгукнуўся ў наваколлі.

А ён і напраўду быў волат. А далоні меў — мо не паверыце, — шырокія, як лапаты. Яго адна даланя была, як у звычайнага грэшнага дзве разам складзеныя.

— Кажуць, гэтакія ж ва Ўласава былі і ногі, — дапаўняе шнэйдараўскі расповяд унучка Ўласава Ірына Ніжанкоўская. — Яму часам цяжка было падабраць і адпаведны абутак. Той цеснаваты, той вузкаваты. Незаўсёды і на заказ удала шылі яму боты. Бывала, закажа сабе новыя чобаты ці чаравікі, a ў ix чамусь то падэшвы гараць, сцягваюць, то пяткі чагось муляюць, націраюць. Іншы б да шаўца пайшоў: «Зрабі што, браток!» А ён што робе? Зойдзе ў балотца, стане ў якую калюжыну і стаіць: хай яго боты трохі размочацца. Пастаіць гэтак хвілін колькі і праз нейкі час выходзіць шчаслівы на бераг:

— От цяпер самы раз: мякка, утульна, нага як у цесце! Гоп, гоп, гоп!

Насіў ён не менш як за сорак шосты памер абутку. З сваімі нагамі ён меў не адзін раз клопат. Прыйдзе, бывала, у тэатр. A ў тэатры ён любіў расслабляцца. Знойдзе для сябе зручную позу, нагу за нагу закіне, правую за левую, ды так высока, што губернатару з-за гэтай нагі нічога не відаць, апрача вялізнага Ўласавага чаравіка. I гэтак сабе сядзіць, не шманае, пакуль хто не сыкне:

— З-за вашага чаравіка пану губернатару нічога не відаць.

ДЫХАЙЦЕ ВЯСНОЮ!

Згадваюць пра Ўласава і такое. Неяк зайшоў ён да сваіх знаёмых. А тыя дома сядзяць, нешта корпаюцца ў сваіх хатніх пажытках. А была вясна – канец траўня. Цвілі сады, буяў бэз. Паветра проста было настоена водарам першацвету, водарам вясны. Ап'янёны гэтым водарам, ён задзівіўся, што яго знаёмыя ў хаце сядзяць.

— На вуліцы такое хараство! Дайце я вам хоць фортку адчыню, — кажа ён і падыходзіць да вакна, якое глядзела ў сад. I, здаецца, не вельмі напружыўся, толькі дакрануўся да таго вакна аж глядзіць — ужо ўся рама ў яго руках.

— Выбачайце, — павінаваціўся ён. — Я хацеў толькі фортку расчыніць. Ну але дыхайце на здароўе сабе вясною!..

НЕ ПОЙДЗЕШ, ДЫК ВЫНЕСУ

Было тое на Юр'я, выганялі з хлявоў першы раз пасля зімы жывёлу на пашу. Дык адна Ўласава цёлка нешта заўпарцілася і не ідзе з хлява. Яе і пхалі і штурхалі. Спрабавалі і скарыначкай хлеба выманіць, а яна сабе хоць бы што, хоць трэсні — не ідзе і ўсё. Нехта паспеў і замову сказаць. А выніку ніякага. Тады што? Стаяў тут і Ўласаў. Бачыць, што ягоныя людзі не могуць ніякай рады даць ягонай цялушцы. Ён і кажа: «Не пойдзеш, дык вынесу!» Запускае свае рукі-лапаты пад ногі, паднатужыўся, падняў тую цёлку і панёс да выхаду. Ну, а далей яна пабегла на пашу сама. Пабегла весела, як нічога не было.

Не раз і не два Ўласаву даводзілася падсабляць сваім парабэчкам, калі ім не ставала сілы, а то і кемнасці. Згадваюць мігаўцы і такое.

Даўней спаражняльні на вёсках былі на вуліцы. Нязручна, але што рабіць. Такой спаражняльняй, што і казаць, карыстаўся і Ўласаў. Была яна пераносная: на зіму паблізу дома, а на лета далей ад пакояў, каб менш усялякага смуроду было і рознай мухаты не разводзілася. І от аднаго разу, як на цёплае стала, папрасіў Уласаў парабкоў перанесці гэтую, такую патрэбную, але не вельмі пашанотную забудову далей ад дому. Узяліся парабкі за гэтую шпакоўню, гайдаюць яе гайдаюць, крэкчуць, а з месца скрануць не могуць. Слізгае яна ў іхніх руках, ашчаперыць ніяк не могуць.

— Давайце, — кажа Ўласаў,— я вам падсаблю трохі, — прапанаваў і ўзваліў сабе на плечы тую туалетную буду і нанёс. А парабкі гэтак і засталіся стаяць анямелыя з растапыранымі рукамі, нібы з іхніх рук выхапілі тую буду. Аж калі агледзеліся дык убачылі: Уласаў валачэ не толькі тую буду, але і яшчэ аднаго з іхніх памагатых, які не паспеў саскочыць зверху.

БАРУКАННЕ

Волатаўская сіла дядзькі Ўласава, яго атлетызм прываблівалі і дзяцей. Ён і сярод сваіх сыноў культываваў фізічную вытрываласць, гартаваў ix. Самым спадручным заняткам для вытрываласці лічыў дужанне — баруканне. «Аднаго разу, — згадвае ўжо вядомы нам Андрэй Гаранскі з Няцюляў, — Аўлас падахвоціў мяне пабарукацца з ягонымі хлопцамі. Яны былі мае аднагодкі. Мы тут жа счапіліся, падахвочаныя Ўласавым, у дужкі дужаемся, тузаемся, і Аўлас ля нас тупае. Я адзін, а ix двое. Яму хочацца, каб ягоныя сыны мяне завалілі. Але ўсё выходзіць інакш. Трохі павалтузіўшыся, мне ўдалося адужаць Уласюкоў. Я бяру верх. Гэта вельмі ўразіла Аўласа. «Здорава! Здорава!» — пахваліў ён мяне. А сынам сказаў: «У вас сілы ўдвух, што ў яго аднаго. Вы пакуль яшчэ слабыя! Таму Амдрэю Гаранусю за перамогу аднаму пяць злотых. Каб вы адужалі Андрэя, гэтыя пяць злотыя былі б вашыя. Я хачу, каб вы ў мяне выраслі моцныя, дужыя. Каб пра вас казалі: «Бач, якія ў Аўласа мацакі растуць...»

СОН ПАД СНЕГАМ

... Была ва Ўласа кошка. Шустрая такая. Усё праз фортку лазіла. Умела яе сама адчыняць. Дык улетку гэта нічога. А надаралася і зімой адчыняла. A Ўласаў якраз спаў пад гэтай форткай на даўжэзнай канапе. Дык за ноч на яго праз тую фортку цэлую гурбу снегу намяце, а ён сабе хоць бы што: спіць і спіць, толькі носам, як паравоз, сапе, пакуль жонка не разбудзіць. А як разбудзіць, ён толькі ўсміхаецца ды кажа: «От спаў, дык спаў. Гоп! Гоп!» Струсіць з сябе той снег і давай лапаткамі вадзіць, кроў разганяць заспаную.

(З успамінаў Паўла Мароза, 1925 г., Радашкавічы).

ГУРМАН

Уласаў ва ўсім быў арыгінал. У ежы таксама. З малых гадоў ежа для Ўласава была клопатам нумар адзін. Культ ежы для Сашы Ўласава, паводле ягоных слоў, у маленстве быў такі моцны, што ён нават прасіў есці ў змерлага дзядулі. Пра гэта ён згадвае так: «Калі наш дзядуля навек злёг спаць у зале пад абразамі, я падышоў да яго, пацягнуў за рукаў: «Дзядуля, дай клёцак». Было на гэтую пару Сашу Ўласаву гадкоў пяць. Гэтак і павялося з маленства. Фізічна добра складзены, Аляксандр Уласаў і сталым чалавекам ласы быў сытна і смачна падсілкавацца. Любіў круціцца на кухні, гарэзіць з кухаркамі ды гаспадынямі пра іхнія стравы. З любых яго страў блізкія яму людзі згадваюць варэнікі, шынку, яечню з дзесяці яек, бліны. У пост — на алеі, а звычайныя дні з шкваркамі.

Аўлас быў чалавек грузны — кілаграмаў на сто дваццаць. Меў адпаведны апетыт. Мог, казалі, за адзін раз і адзін уплесці цэлага індыка.

За гасцёвым сталом Уласаў таксама пачуваў сябе як дома. Асабліва цырыманіялу не трымаўся. Яму не адзін раз і з рознай нагоды даводзілася наведваць княгіню Магдалену ў ігуменскай Жорнаўцы. Аднаго разу прыехаў, а княгіні не было дома. Але гэта зусім не збянтэжала Ўласава. Ён паклікаў кухціка і загадаў, каб яго хуценька і смачна пакармілі. Пакарміць яго пакармілі, але і запісалі пра гэта ў свае канторскія кнігі як пра факт бесцырымонны. І княгіні расказалі. Нібыта княгіня абурылася на Ўласава. І, мусіць, дарэмна. Для Ўласава сытная ежа была культам, радасцяй. То і нядзіва. Сам жа Ўласаў быў волатам, асілкам, постацяй мажной. То смачна і сытна наесціся было для яго натуральнай рэччу. Ежа для яго была не толькі першая фізіялагічная патрэба, але і асалода для душы.

СТОЛ БЕЗ ХРЭНУ, ШТО СТРАВА БЕЗ СОЛІ

Неяк раз, вандруючы па колішняй сядзібе Ўласава, кінуўся ў вочы цэлы клін якойсьці шырокалісцёвай расліны. Сваім лісцем яна заслала спрэс цэлы загон колішняга гароду Ўласава.

— Гэта хрэн, — патлумачыў нам спадар Грыгальчык, цяперашні сядзелец на колішняй сядзібе Ўласава. — Я снрабаваў выкараніць яго. Навошта мне яго гэтулькі! Здаецца, увосень выкарчую, а як прыйдзе вясна — і от што робіцца! I гэтак з году ў год! Мусіць, Улас моцна любіў гэтае зелле...

А пэўна што так! Хрэн у яго вельмі добра спалучаўся з шкваркаю, з вяндлінкаю. Накладваў яго густа, каб аж у носе драла-круціла, каб аж сляза прабірала! Ведаў ён і якая карысць хрэну і для самога гароду. Хрэн добра ўжываўся з цыбуляй, з бульбаю дый і з іншымі раслінамі, абараняў ix ад розных шкоднікаў. Пра хрэн казалі: «Aгарод без хрэну, што статак без пастуха!» Уласаў пагаджаўся з гэтым меркаваннем і не абмяжоўваў гэтую расліну на сваім агародзе, даваў ёй волі. Ён і за стол не садзіўся без хрэну. Звычайна казаў: «Стол без хрэну, што страва без солі!»

Звычайна хрэн капалі вясною ці ўвосень і абавязкова ў тыя месяцы, у назовах якіх ёсць літара «р». Вясною — гэта красавік, травень; увосень — верасень, кастрычнік.

Уласаў, не сумняваюся, ведаў пра хрэн значна больш, чым я тут згадаў. Таму, мусіць, нядзіва: Уласава даўно няма на свеце, а хрэн на яго колішняй сядзібе па-ранейшаму буяе, кашуецца.

ІМУНІТЭТ

Аляксандр Уласаў меў не толькі волатаўскую сілу, але і, як ён сам казаў, імунітэт да алкаголю. Гэта яго аберагала ад самай рознай нэндзы, нават рабіла яму перавагу над людзьмі, якія был і падкімі на чарку, да чаркі. Ён усім, хто хацеў, хто прагнуў тае чаркі, наліваў, падліваў, асабліва тым, хто быў ягоным палітычным апанентам. Ўласаў шчодра трактаваў ix, частаваў, падліваў і наліваў і аж да таго стану, што яны не разумелі, дзе яны, хто з імі і дзеля чаго яны сюды прыйшлі. Згадваюць: гэтак, скажам, сталася з вядомым рэдактарам чарнасоценнай газеты Саланевічам. Уласаву выпала на званым абедзе — на так званых «блінах» — сесці на гонар прыезду ў Менск вядомага расійскага мовазнаўцы Шахматава побач з згаданым чарнасоценцам. Тут то, як згадваў Уласаў, ён вельмі ўжо пастараўся: і даліваў, і падліваў, на вуха штось шаптаў, чокаўся з ім. Аж пакуль той і лыка не вязаў. А меўся на гэтых блінах казаць прамову на гонар Шахматава... То старка, якой яго частавалі, праглынула і тую прамову.

Імунітэт да алкаголю вельмі прыдаваўся Ўласаву ўсюды: і на дыпламатычнай, і сенатарскай працы, на вясковых вяселлях і на розных вечарынах. Усюды Ўласаў трымаўся з годнасцю, нават там, дзе гарэлка і віно ракою ліліся. Ён ведаў, што гарэлка п'ецца, як вада, але потым адымае ногі і язык. Асабліва старка.

Уласаў ведаў толк у алкагольных напоях.

БЕЗ ВЕРЫ ДУША ВЫСАХНЕ

Аляксандр Уласаў быў надта даверлівы. Давяраў і свайму аканому. Што запіша ў кнігу, як запіша, так і будзе. Але аднаго разу схапіў яго за руку.

Неяк заказаў тамтэйшаму краўцу нагавіцы. Сам схадзіў на адну, другую прымерку. A ўжо гатовыя даручыў забраць свайму аканому. Звалі яго Вернікоўскі. Той забраў. Мінула колькі часу... Едзе Ўласаў на кані, а насустрач яму той кравец. Дык Уласаў:

— Сядай на воз!

Той сеў... З панам едзе!

Едуць, гамоняць. A краўцу карціць пра штаны спытацца, ці даспадобы яго шытво, ці ўдалося,"ці пану Ўласаву ў тых штанах зручна, утульна, ці добра ён ix адшыў...

— А нічога, кажа. Штаны ўдаліся: і зручныя, і ўтульныя. Толькі дарагавата пане за шытво ўзяў...

— А ці ж гэта дорага? — запярэчыў кравец. — Усяго адну маленькую залатоўку...

— Як гэта адну залатоўку? У маёй рахунковай кніжачцы запісана шэсць...

— А вы спытайцеся ў свайго арандатара, што ён на гэта скажа, — раіць кравец.

Спытаўся. Дык той адно толькі пачырванеў ды на калені бух:

«Даруйце, пане, нячысцік паблытаў!..»

Нічога на гэта не сказаў Уласаў. Адно толькі зазначыў, каб больш гэтага не рабіў, бо не будзе яму верыць. А без веры жыць цяжка. Без веры душа высахне.

ЗАКРАСА ДЛЯ ДУШЫ

Народная показка кажа: добраму чалавечку добра і ў запечку, а свалаце — пагана і на куце. Гэтая прымаўка цалкам стасуецца з Уласавым. Ён усюды стараўся быць аптымістам. Распавядаюць, калі Ўласава сужэнка, наведваючы яго ў астрозе, цікавілася ў надзірачоў, як тут яе чалавек, то чула:

— Гэта каторы? — удакладняў надзірач. — Такі тоўсты, як чыгунная тумба? З вусамі?

— Ага, ён! — згаджалася жонка, што надзірач і па такіх прыкметах пазнае яе чалавека. — Ён, ён! — казала паспешліва спадарыня Аля, абы хутчэй пачуць хоць якую жывую вестку пра свайго Алекса.

— А от прыслухайцеся! Чуеце рогат, чуеце, як сцены астрога дрыжаць! Так гэта ваш чалавек смяшыць сваіх камернікаў, байкі ды анекдоты ім травіць!

Чалавекам вясёлым і дасцігіным Уласаў удаўся з прыроды. У студэнцкія гады яму прарочылі кар'еру літаратара-гумарыста. Аднак ён пісаў пераважна на эканамічныя, аграрныя ды іншыя тэмы. Але на побытавым узроўні ён заставаўся ўсюды і скрозь гумарыстам.

Згадваюць, калі Ўласаў распавядаў штось смешнае, усё яго магутнае волатаўскае цела аж трэслася — такі быў заразлівы яго смех. Уласаў смяяўся нязмушана, густым басам. Жарты, анекдоты, досціпы ён называў закрасай душы і пры нагодзе любіў штось смешнае, вясёлае распавесці. Часам гэта ён рабіў на ломанай польскай мове. I гэта ў яго заўсёды было дарэчы. На вялікі жаль, ніхто не запісаў, не занатаваў ягоных жартовак. Але ў людской памяці захавалася шмат смешных і вясёлых расповядаў. Згадаем і яшчэ некаторыя з ix.

ДАПАМАГАЎ СВАЁ КРАСЦІ

Уласаў, як і ягоная сястра Лізавета, быў вельмі спагадны да людзей. Але каб настолькі! Аднаго разу мне давялося пачуць у Мігаўцы пра Ўласава: «Ён быў такі дабрачы, што дапамагаў сваё красці!»

— Як гэта?! — здзівіўся я: «дапамагаў сваё красці...» Такога не бывае!

— Чаму не бывае? Бывае! Усяк бывае, — кажуць мне. — От слухайце.

... Ідзе неяк раз Аўлас, аж настрэчу яму мужык воз дроў вязе.

— Адкуль дровы? — пытаецца Аўлас.

— З лесу, вядома.

— Аз чыйго?

— Вінаваты, пане... З вашага...

— А хто дазвол даваў?

— Грошай, пане, у хаце ні капеечкі. Хацеў хоць які рубель злавіць... — Няма чым падаткі сплаціць!..

— Ну добра, — пагаджаецца Ўлас. — Вязі, прадавай, раз набраў... Толькі каб пра гэтае не дачулася, крый божа, мая жонка... І ніхто-ніхто... А то будзе і табе, і мне... А за тое, што без дазволу дроў у маім лесе набраў, калі-небудзь для мяне што-кольвек добрае зробіш...

На тым і расставаліся. Памяркоўна, вядома.

Кажуць, гэтакі ж спагадны да людзей, як Уласаў, быў і ягоны швагра Анрэй Снітка. Часам спагадныя ўчынкі аднаго прыпісваліся другому. І наадварот. I ў гэтым нічога заганнага няма. Уласаў і Снітка былі параднёныя праз сястру Ўласава Лізавету. А дабро аднаго натуральна перадаецца другому.

БАГАЦЕЙ

Адна з нашанівак згадвала, што ўсе адраджэнцы, апрача Ўласава ды Ядвігіна Ш., былі людзі немаёмасныя. Аляксандр Уласаў лічыўся больш-менш заможны, бо меў свой фальварак і які-кольвек даход з яго. Але стрэча з ягонымі землякамі, гутаркі з імі пасведчылі, што рэдактар «Нашай Нівы» быў у вечных пазыках. І ўсе гэтыя пазыкі яго ішлі на беларускія ідэі. Пра гэта згадвалі ўсе. А на адным падворку пачуў нават такое. На маю цікаўнасць, ці не чулі чаго-кольвек пра Ўласава, гаспадар адказаў:

— А ну яго, гэтага Ўласава !.. Пазычыў у мае бабкі збан золата, a аддаў керанкамі... Мы тымі керанкамі пасля хату абклейвалі!...

От гэта дык навіна! Уласаў пазычыў у якойсь бабкі цэлы збан золата! Крыху акрыяўшы, разважыў: і адкуль у тае бабкі збан золата? І дзе гэта такое было, каб дзе хто пазычаў золата?! Можа збан злотых? Дык гэта яшчэ куды ні ішло, гэта трошкі іншае! А збан золата? Але як бы яно там ні было, a Ўласаў, каб неяк больш-менш рухаць свае беларускія ідэі, і напраўду шукаў і здабываў сродкі на свае асветніцкія клопаты. І той збан золата ці злотых, ці мо з залатымі манетамі, калі ён толькі пазычыў яго, таксама пайшоў не на што іншае, як на асвету, на навуку саміх жа мігеўцаў.

Гісторыю пра збан з золатам, нібыта пазычаны Ўласавым, я пачуў у суседняй, праз дарогу, з Мігаўкай вёсцы Дзяшкняны.

ПА МІГАЎЦЫ МЯДЗЬВЕДЗЯ ВАДЗІЛІ

Ад Уласава ўсяго можна было чакаць. Пра яго хадзілі і ходзяць самыя розныя небыліцы. Ну, хто мог падумаць, што Ўласаў мог трымаць мядзьведзя. А вось жа, кажуць, трымаў. Праўда, нядужа вялікага, а так невялікае якоесь медзьвядзянё. Але ж трымаў. Навошта? Для чаго? Для каго? Для гасцей? Для дзяцей? Для сваіх «шпектакляў»? Хіба дзеля забавы дзяцей. А якраз яны з ім вазіліся, вадзіліся, хадзілі ўсюды. З ім яны прыходзілі не адзін раз і да Ўладыкаў. Якраз Вера Ўладыка, згадваючы пра Ўласава, згадала і пра ўласаўскае медзьведзяня: «Нам было цікава, як яно спрытна забіралася на самае высокае дрэва на нашым падворку, і мы ўсе чакалі, калі тое медзьведзянё спусціцца на зямлю, гукалі яго рознымі прыманкамі. Але гэта зрабіць незаўсёды ўдавалася лёгка. Медзьведзянё сядзела на дрэве і нібы дражнілася: «А ну дастань! А хочаш — да мяне лезь, пакажы і ты свой спрыт!» Дзецям з медзьвядзянём было, аднак, весела, весела і цікава. Як далей склаўся лёс уласаўскага медзьвядзяняці, спадарыня Вера не памятае. Адно вядома, трымаць на сядзібах мядзьведзяў была даўняя звычка шмат якіх беларускіх маёмаснікаў. Можа гэтая звычка і заахвоціла Ўласава абзавесціся касалапым? Хіба што так!

БУЛЬБА Ў ЛУШПАЙКАХ

Мая мама рабіла ва Ўласава, хадзіла адрабляць за дровы ці за што іншае. Калі жаць памагала, калі грады палола. Часам і на кухні адрабляла. От адзін раз сядзіць і бульбу абірае. Аж ідзе Аўлас праз кухню дый кажа:

— Што гэта ты робіш, Дарка?

— А хіба пан не бачыць? Бульбу абіраю...

— А навошта яе абіраць, — кажа Аўлас, — трэба чысценька памыць, памыць і uэтага досыць... I так з'ямо...

Дзівіцца мама: як гэта, каб Уласавы, паны, ды елі бульбу ў лушпайках?! Прыходзіць дадому дый кажа дзецям:

— Божа мой, божа... Мы бедныя і то бульбу абіраем. A Аўласавы з лупінамі вараць... То вам яшчэ не голад! Які гэта голад, калі развараную, чышчаную бульбу ямо!

Толькі пасля да нас дайшло: у неабранай бульбе ўвесь смак, уся яе спажыўнасць. А тады Аўласавы словы нам здаваліся дзівацтвам.

(З успамінаў Зосі Яблонскай, 1926 года нар.).

КУЗЬМА ВЕДАЕ...

(З роспавяду Андрэя Гаранскага)

Жыў тут у нас адзін чалавек. Звалі яго ўсе Кузьма... Быў ён вялікі спец калоць вепручкоў. Рабіў гэта спрытна раз — два — і ўсё гатова. Ні піску, ні віску. Умеў ён і свежаваць парсючкоў, разбіраць ix. І яго ўсе ў Мігаўцы дый у яе наваколлі запрашалі на свежаванне. Уласавы таксама, калі надыходзіла пара свежаваць сваіх парсюкоў, гукал і Кузьму. I Кузьма ахвотна ішоў да Ўласава, ведаў, што той давяраў свежаваць свайго кабанчыка, як Кузьму хочацца, як яму жадаецца. Не будзе над ім стаяць крукам, як іншыя.

А кабанчыка, як вядома, пачынаюць свежаваць з пупка. I той выраз вакол пупка, з пупком, належаў свежавальніку. Яго ён забіраў з сабою. I от Кузьма свяжуе кабанчыка ва Ўласавых. I так запусціў нож, такі замурвае кус, што ягоная аканомка не вытрымлівае, гукае Ўласава:

— Пан, пан, глядзі, які кус Кузьма сабе адчурлівае!...

A Аўлас ёй на гэта:

— Ну і хай: Кузьма ведае, колькі яму за працу належыць.

ГАРБУЗ І ІНДЫК ДЛЯ ВЬІСТАВЬІ

Уласаў любіў эксперыментаваць. Эксперыментаваў у садзе. Эксперыментаваў у агародзе. Аднаго разу яму пашчаслівіла выпеставаць гарбуза-велікана. Аж на цэлыя пяцьдзесят кілаграмаў цягнуў. Уласаў тым гарбузом здзівіў увесь акалічны свет. Пра той гарбуз толькі і было гаманы. Паглядзець яго прыходзілі не толькі мігеўцы, але і людзі з навакольных вёсак і засценкаў. Глядзелі і вохкалі: ах, які гарбуз! Гарбуз як туз! Адно толькі яго на выставу. Уласаў і вазіў. І меў з таго гарбуза вялікі поспех. Пра той гарбуз яшчэ доўга гаварылі. Дый і цяпер усе старэйшыя людзі памятаюць пра той гарбуз. Не кожны яго мог падняць. Хіба аднаму Аўласу ён быў пад сілу.

Аляксандр Уласаў, як вядома, разам з іншымі знанымі гаспадарамі любіў ладзіць розныя выставы. І найперш — гаспадарчыя. І гэта нядзіва — сам меў гаспадарку, выдаваў для аратых і сейбітаў у свой час «Саху». Цікавіўся, як ладзяць свае гаспадаркі паны ў замежных краінах. Рупіўся ўсё самае лепшае з вычытанага прымяняць у сваёй практыцы. Згадваюць, для адной выставы ягоныя парабкі выгадавалі індыка. Ды якога! Таго індыка прыходзіла паглядзець уся выстава. На цэлых пяць пудоў. Аж пад пяцьдзесят кілаграмаў. Індык той быў высокі, як страўс. Мясісты, спаважны, як ягоны гаспадар... I, вядома, балбатлівы. Дзівіўся: чым гэта ён ад людзей заслужыў такую ўвагу. Пра таго індыка доўга яшчэ гаварылі. Радашкаўцы ўспаміналі: але якая слава ні была, прайшоў час і славуты мігаўскі індык трапіў да ўласавых кухараў у іхнія цаганкі.

(Запісаў 21.IX. 2002 года. У Повязані ад колішняга суседа Ўласава з Пяцюляў Вінцэся Мацкевіча).

ІМЯ З-ПАД ЧАПЯЛЫ

Цэлы дзень Уласаў хадзіў уражаны, узрушаны. Да яго дайшла чутка, што дачушка ягонага недалёкага суседа Мацкевіча з Хадышлава не сунімаецца каторы ўжо дзень: усё чамусь плача ды плача. А як з плачу зняможацца, дык адно хліпае, хныкае, не ведаюць, якой ёй і радачкі даць. Доўга радзіліся — раіліся, хто б гэта зняў з дзіцяці сурок, сказу. Падыходзілі і да Аўласа: можа б ён што параіў. Можа б ягоная сястра паглядзела дзіцё? Яна ж шмат каго лякуе... Але от матулі той дзяўчынкі сасніўся сон. Нібыта з'явілася ёй Матка Боска і параіла перапісаць імя дзяўчынкі. Але як? Канцом закопчанай чапялы і над калыскай. Гэтак і зрабілі, як снілася. Тата добра закапціў чапялу і перапісаў ёю Геню на Генуэфу.

З тае пары дзяўчынчын плач як рукою зняло. Уласава вельмі ўразіла гэтая перапіска імя дзяўчынкі чапялою. Ён першы раз бачыў такі рытуал.

(Запісаў ад самой Гануэфы Мацкевіч з Пяцюляў).

ЕЎРОПА

Прыехаў неяк раз Уласаў у Ваўкавыск. Афармляе квіток на начлег. У графе "месца жыхарства" піша: "Еўропа".

А начальства яму на гэта кажа:

— Няма такога гатэля ў нас.

Уласаў дзівуецца:

— Як гэта — няма?... Што гэта за горад такі: ва ўсіх гарадах ёсць гатэль "Еўропа", a ў вас няма.

СВЯТА ЁСЦЬ СВЯТА

Мой тата, Іван, таксама трохі служыў ва Ўласа. Аднаго разу, а было якраз жніво, нешта нахмурылася, сонца схавалася ў хмару. Ён і давай вазіць снапы з поля ў гумно. Завёз воз ці два. Аж ідзе Ўлас:

— Што ты гэта робіш, Іван? Сёння ж свята...

— Ведаю, што свята, — кажа тата. — Але на дождж збіраецца... Снапы замочыць... Тады сушыць давядзецца, мэндлікі раскідаць... Лішняя непатрэбная праца... А зараз гэта ўсё сухенькае, а дождж пойдзе і ўсё гэта намочыць...

— Нічога, — кажа на гэта Ўлас, — хто намочыць, той высушыць. Я забараняю табе ў свята працаваць... Гэта завязі і больш не вазі. Свята ёсць свята!..

Тата хоць і нязгодны быў з Аўласам, a мусіў падпарадкавацца: не стаў больш вазіць снапы. Ці не Ілля тады быў?

Тата мой з 1887 году. Шмат чаго і іншага ён распавядаў пра Аўласа, але запомнілася чамусь толькі гэта.

(З успамінаў Петры Чырака, 1933 года нар., Пяцюлі 18.06.2002 г.).

АНАТОЛЯ

Як усе волаты, Уласаў, маючы волатаўскую сілу, ніколі гэтай сілаю не злоўжываў. Наадварот, быў спагадны да людзей, рабіў ім дабро. Згадваюць, была ў яго кухарка Анатоля, досыць мажная кабета. Уласаў любіў з ёю пажартаваць, пагарэзіць. З цягам часу жонка Ўласава пачала касавурыцца на яе. Уласаў мусіў адсяліць сваю любую кухарку. Надзяліў яе ладным кусам зямлі — ля дваццаці гектараў, збудаваў хатку. Тая мясцінка, згадваюць мігаўцы ды пяцюлеўцы, звалася Таўшчы. Гэта пры самым лесе, поблізу Мігаўкі. Калі-нікалі прынагодна Ўласаў завітваў у Таўшчы, цікавіўся, як жыве ягоная колішняя кухарка.

Анатоля хоць і была цалкам падуладная Ўласаву, але мела і свой нораў. Да Ўласава часта завітвалі госці, і ix кожнага разу даводзілася частаваць. Калі тыя госці былі даспадобы Анатолі, яна рупілася як мага смачней пачаставаць ix. Калі ж госці чымсьці ёй былі не даспадобы, яна казала: «Няма чым частаваць вашых гасцей!» А ён ёй гэтак лагодненька: «А ты, Анатолечка, добранька пашукай і знойдзеш... Ну, хуценька тэпай... Гоп-гоп- гоп!..»

Гэтак і ўжывалася ў ім волатаўская сіла і дабрыня.

НЕШТА НЕЙКАЕ

У побыце Ўласаў быў просты аж далей некуды... Прыгадваюць, прыйшла неяк раз у Мігаўку якаясь дзяўчына, Уласава пытаецца. Хтось з ягоных наймітаў дый кажа ёй:

— Шукайце яго ў садзе!

Пайшла яна у той сад, хадзіла-хадзіла, а ніякага пана Ўласава не сустрэла. Вяртаецца яна на падворак і кажа:

— Увесь сад абышла, а нідзе пана Ўласава не знайшла.

— Як жа?! — дзівуецца найміт. — Там ён, там на яблыні сядзіць. Я толькі што яго бачыў...

— Дык мо гэта той, валасаты, як малпа, у адных трусах сядзіць...

— Во-во! — падхапіў найміт. — Гэта якраз і ёсць наш пан Аўлас.

— А я ж падумала, што гэта нешта нейкае...

(Учуў ад Уласавай пляменніцы Веры Тарашкевіч з Спішкаў).

ТЫТУНЁВЫЯ КЛОПАТЫ

Аўлас з усіх бакоў быў станоўчы чалавек: пакладзісты, разважлівы. Адну толькі ён меў загану: шмат смаліў, быў заўзяты курэц. Туманіў дык туманіў!

— А што ён смаліў?

— Ды рознае. Тут, на Мігаўцы, дык больш самасад, самакруткі. Паўпачкі як заверне, амерыканец з сваёй цыгарэтаю пазайздросціў бы. Але ж надаралася і тытуню — самасаду бракавала. Тады Аўлас ішоў да сваіх наймітаў і прыбеднена прасіў:

— Абкурыўся я. Ці не знойдзецца на самакрутку?...

I найміты дзяліліся з гаспадаром тытунём. З тытунём было цяжка. На тытунь быў акцыз, падатак. То садзілі тытунь хаваючыся. Пытаюся, а якія тады цыгарэты смалілі?

— Хто ix ведае... Тут, на Мігаўцы, дык толькі тытунь — самасад... А ў гарадах ды мястэчках ня ведаю. Пэўна ж, хвабрычныя цыгарэты... Не будзе ж Аўлас у сенаце самакруткі круціць... Але хто яго ведае... Ён жа ва ўсім быў арыгінал. Mo, надаралася, і казіныя ножкі круціў... Доўгія такія, адпаведныя ягонай імпазантай постаці. Шмат хто такім яго і запомніў: з банкруткай у зубах.

(Запісаў ад Вінцэся Мацкевіча).

ЛАПЦІ Ў САДЗЕ

Аднаго разу жнівеньскі ранак Уласаў пачаў з агляду саду. Гэта ўжо было неўзабаве пасля Спасу. Дрэвы аж гнуліся да зямлі з яблыкаў. «Трэба ўжо пакрысе і яблыкі парадкаваць, — падумаў Уласаў. — Што на сокі пусціць, што ссушыць. Што на джэм... Зіма ўсё падбярэ...» Ідучы і разважаючы гэтак, ён раптам убачыў, што пад адной яблыняй траўка выклычана, прытаптаная, а над яблыняй ляжыць пара старых стоптаных лапцяў...

«Што за прывід! — сцепануўся ён. — Адкуль?»

Азірнуўся па баках: нідзе нікога. Зразумеў: сеначы нехта ўбіўся ў сад, трохі яго яблыкі палаташыў. Гэта вельмі пакрыўдзіла гаспадара: «Хай бы прыйшоў каторы і папрасіў. Ці ж бы я не даў?! Ці б я пашкадаваў?!» A яблыкі ва Ўласавым садзе, трэба сказаць, раслі зайздросныя: з кожным з ix пацалавацца было люба!

Уласаў быў перакананы: гэта зрабілі не мігеўцы, не ягоныя суседзі. Тыя ж ведаюць, што Ўласаў з імі апошнім падзеліцца. Але хто? Не інакш хтось з суседніх вёсак. Дык жа ж і не памыліўся! Гэтым наўмыснікам быў пастушок з суседняй вёскі Шалухі Іван Шышка. Але пра гэта стане вядома праз шмат гадоў. Свой учынак Іванка трымаў у глыбокай таемнасці і толькі аднойчы прызнаўся свайму сябруку Вінцэсю, што лапці ва Ўласавым садзе былі яго. Але маўчаў, баяўся. А дарэмна! Уласаў і сам калісьці быў ласы ўбіцца ў чужы сад. А што да пастушкоў, дык у яго таксама з маленства была асаблівая пашана да ix.

МІЖ НЕБАМ І ЗЯМЛЁЙ

Неяк раз, разглядаючы ў Мігаўцы даўні, пажоўклы ад часу гуртавы здымак з мігеўцамі, Вэрка Галубовіч пазнала на ім пані Алю Ўласаву. Яна сядзела побач з радашкаўскім царкоўным дзяком. Як між іншым, Вэрка заўважыла:

— Я часта спатыкала яе ў царкве.

Я ўхапіўся за гэты яе каментар:

— А яго?

— Нешта не прыпамінаю... У яго было шмат клопатаў... Mo ён, як жыў у Мінску ды Вільні, дзе хадзіў у які храм... А тут, у Радашкавічах, не прыпамінаю. Mo і прыходзіў, але рэдка... І на здымку яго няма... Усе ёсць. I Аля ёсць, а яго няма...

I напраўду, чаму няма? Якія ў яго былі стасункі з Богам?

З малых гадоў, як тады была практыка, стаяў перад алтаром — царскімі дзвярыма з абразамі ў круглых медальёнах і глытаў кадзільны дым, якім абдаваў галовы сярмяжнага люду святар, балазе гэтым святаром быў ніхто іншы, як ягоны дзядуля. Па нейкім часе юнага Ўласюка аддалі ў духоўную вучэльню — у бурсу. Успаміны пра бурсу ва Ўласава змрочныя: «Я ніяк не мог уцяміць на восем розных гласаў малітвы «Господи, воззвах к тебе, услышь мя». У суботу і нядзелю ўсяночныя, абедні... «Для дзяцей гэта ўсё было цяжка,» — зазначаў Ўласаў. Мусіць, гэтае адчуванне не прайшло ва Ўласава і з гадамі. Яго займалі больш высокія матэрыі: палітыка, лёс Беларусі, яе мова, культура. От калі б царква зажыла сугучнымі яму думкамі, не грэх было б і ў царкву схадзіць і свечку паставіць. А так чаго самога сябе ашукваць? Тым не менш, у сваёй бібліятэцы меў не адну святую кнігу: біблію, евангелле — шукаў у ix падтрымкі ў сваёй святой справе: адродзінах Беларусі.

ДВУХКОЛАВЫ КОНЬ

Шмат чаго ўжо добрага згадалі мігеўцы пра Ўласава — Аўласа. Ён рупіўся, каб усё новае, што з'яўлялася ў свеце, неяк дастасоўваць да свайго фальварка. Пачалі ў свеце практыкавацца сталёвыя коні на двух колах — ровары, і гаспадар Мігаўкі тут як тут асядлаў гэтага каня. Ён першы ў Мігаўцы набыў гэтае двухколавае дзіва і, трэба шчыра сказаць, асядлаў яго хутка. Няцяжка ўявіць грузнага Аўласа на равэрку. Здавалася, не вытрымае гэтая досыць далікатная кансгрукцыя пад волатам, увагнецца альбо нават сплюшчыцца пад ім. Але не — сеў, крутануў педалямі — і двухколавы конь пакаціўся разам з седаком на ім.

Уласаў зразумеў перавагу ровара перад конным вазком. Ні табе лейцаў, ні панараду. І карміць не трэба. Адно педалямі круці. А з горкі і круціць не трэба: сам бяжыць. І дарогі яму асабліва не трэба. Так, абы хоць якая сцяжынка была на шырыню кола. І паіць не трэба. Адно ў пару паветра пампуй! І ездзі сабе, дзе хочаш, куды хочаш. І Ўласаў ездзіў, нідзе з ім не раставаўся. Ездзіў на ім да блізкіх і больш далёкіх суседзяў. Браў з сабою і ў цягнік. Цягаў з сабою і ў Мінск. Менавіта адной вясновай раніцай 1914 года Ўласаў на сваім равэрку ўкаціў у Мінск-губернскі, каб спакваля ператварыць яго ў Мінск-беларускі.

Аднак жа вернемся ў Мігаўку. У Мігаўцы глядзелі на веласіпед Ўласава, як на нейкае дзіва. Дзіва дый годзе: на двух колах, едзе і не падае! Пачалі бліжэй да яго падыходзіць, кратаць той равэрак, прасіць, каб навучыў ездзіць на гэтым дзіва-кані. І Ўласаў вучыў. Шмат каго навучыў. Пляменніца Ўласава, Вера Снітка, згадвае: «Дзядзька Саша часта з Мігаўкі прыязджаў у наш Карлзбэрг на сваім неразлучным кані. У такія дні дзеці бегалі за ім цугам. A вучыў ён ездзіць на сваім веласіпедзе так: прывязваў ручнік да кіроўніцы, каб тая не круцілася, не віхляла, а сам тупаў следам за равэркам, штурхаючы ў сядзенне ці ў спіну.

Такім парадкам навучыў ездзіць і ўсіх сваіх пляменнікаў».

З цягам часу мігеўцы дый увесь акалічны люд адчулі выгоду гэтых двухколавых машын і пачалі набываць ix. Да 1939 года ўся мігеўская моладзь абзавялася гэтымі неразлучнымі двухколавымі коньмі.

Кажуць, калі ва Ўласава быў кепскі настрой ці меў якуюсь згрызоту на душы, ён садзіўся на свайго неразлучнага двухколавага каня і ехаў куды вочы глядзяць. Найчасцей да сваіх аднадумцаў. Гэтак аднаго разу ён даехаў аж да Карпілаўкі Ядвігіна Ш.

ЛЯ МІГАЎКІ КАРОВАК ПАСВІЛІ

Летам 2002 года ў Радашкавічах на колішняй сядзібе Сніткаў, сваякоў Уласава, на так званай фэрме, надарыўся пажар. Пасля наведвання пагарэлай сядзібы мы з Міколам Лавіцкім ўзялі накірунак на Мігаўку. Аб'ехаўшы радашкаўскі цэнтр, выехалі на вуліцу Віленскую. Едзем сабе, гамонім, радашкаўскі пажар абмяркоўваем, аж чую: якаясь радашкаўская кабета, змятаючы з ходніка рознае смяццё, на чым свет стаіць кляне п'яніцаў і гарэлку. Я не стрымаўся:

— Што вы, кажу, тут ix кляняце-праклінаеце?! Яны ж не чуюць! Трэба сказаць пра гэта дзе-небудзь на сходзе.

— Ага! — кажа кабета. — Адзін ужо тут сказаў. Дык дзе ён?

— Вы гэта пра каго?

— Ды пра Аўласа!

Далей, натуральна, я не мог ехаць. Такое адчуванне, нібы кабета ведае, што нас цікавіць.

— Дык вы, кажу, Аўласа ведалі?

— Бачыць бачыла, але, каб расказаць што талковае, не маю чаго. Чула, што ў Пяцюлях на мітынгу выступаў, нешта казаў пра Беларусь. Дык пасля таго мітынгу яго больш і не бачылі.

— Дык вы мо хоць яго Мігаўку памятаеце?...

— Мы ля Мігаўкі каровак сваіх пасвілі...

— A жылі дзе?

— У Радашкавічах... Тут жа і жыву...

— І з Радашкавічаў каровак ганялі ў Мігаўку?.. Колькі ж да тае Мігаўкі?..

...З канца Віленскай ужо і Мігаўка відаць... Аж да самай рэчкі радашкаўская зямля была. Радашкаўскія маргі зваліся.

— То можа ведаеце той лапік выгану, дзе каровы пасвіліся? Як ён зваўся? Завецца?

— Падлазой мы называлі... Гэта якраз ледзь не насупраць Уласавай сядзібы... З гэтай Падлазы была відаць і сядзіба Ўласава, што там робіцца. Калі-нікалі бачылі самога Аўласа. Па сядзібе ці па надворку хадзіў. Высокі такі, грузны, ногі вялікія. Росту ён быў вышэй сярэдняга. Звычайна хадзіў па садзе ў якімсьці белым, з саматканага палатна пільчаку... У акулярах. Голас басавіты. Сябравала я з дачкой Лагуновіча, з Мігаўкі, — кажа далей кабета.

Пачуўшы прозьвішча колішняга Ўласавага арандатара, я натапырыў вушы: «От зараз пачую якіясь падрабязнасці пра чалавека, які нарабіў шмат прыкрасцяў Уласаву». Але мае спадзяванні не спраўдзіліся: «Хоць я яго самога бачыла, але не ведаю, што ён за чалавек... Я больш з яго дачкой Яняй таварышкавала. У школу разам хадзілі... Пасьля, як Аўласа арыштавалі, Сніткава, здаецца, Лагуновіча да сябе забрала... Каб гэта трохі раней, дык шмат хто вам мог расказаць пра Мігаўку. А так пазміралі людзі. Мая сястра Ганна бегала ў Мігаўку на «шпектаклі». У Мігаўку на Аўласавы «шпектаклі» бегаў і Пётра Нямцэвіч, і Пётра Казлоўскі... Ды багата хто іншыя...

Пра Аўласавыя спектаклі і ёлкі я ўжо чуў ад Вэркі Галубовіч з Уладыкаў. А от што местачкоўцы бегалі на гэтыя «шпектаклі» у Мігаўку — гэта ўжо новыя штрышкі ды яшчэ якія!

(Запісаў у Радашкавічах 22.ІІ.2002г. ад Веры Казлоўскай, нарадзілася ў 1923 г.).

ХТО ШУКАЕ, ТОЙ ЗНАХОДЗІЦЬ

Звычайна з Міколам Лавіцкім ездзілі ў Мігаўку з ягоных Пралесак, не заязджаючы ў Радашкавічы, па Старавіленскім тракце паўз помнікавы мемарыял Мікалаю Гастэлу. A ўжо ад Гастэлавага мемарыяла да Мігаўкі — рукой падаць. І от нам падказалі, што да Мігаўкі Ўласава можна даехаць і па Віленскай вуліцы, якая з мястэчка прастуе ледзь не да самай сядзібы Ўласава! Закарцела пазнаць і гэты шлях, балазе, ці не па ім ездзіў і Ўласаў. От мы і паехалі. Вуліца гэтая бярэ свой пачатак дзесь адразу за цэнтральным местачковым пляцам ля старых мураванак. Адсюль яна пачынае шыбаваць на Мігаўку. То гэтай вуліцай шыбуем і мы. Вуліца старасвецкая, з тыповай местачковай забудоваю, часам і з падчэнямі.

Вуліца Віленская ў Радашкавічах досыць доўгая. Напрыканцы яе нам напаткалася і яшчэ адна жыхарка з гэтай вуліцы. Мы зачапілі і яе:

— А ці далека яшчэ да Мігаўкі? — пацікавіліся мы.

— А от бачыце ліпы і пагорак? То гэта і ёсць Мігаўка. Колісь жыў тут Аўлас, а зараз — дачнікі...

— А што вы ведаеце ці чулі пра гэтага Аўласа?

— О!— з гонарам выгукнула жанчынка.— Яго тут усе ведалі. Нашы дзеці ў ягонай гімназіі вучыліся. Дык аднаго ён так вывучыў, што нідзе на працу не бралі... Чалавек ён быў разумны, здольны, грамагны. Але граматны па-беларуску... A такія Польшчы не трэба былі... Мы ўсе яму спачувалі, спагадалі, як маглі памагалі... Нават склаліся і аднаго разу касцюм яму купілі.

Такі сацыяльна яскравы штрышок пра аднаго з выхаванцаў радашкаўскай гімназіі з часу польскай рэчаіснасці пераканаў, што спазнаваць Мігаўку Ўласава, яе свет ёсць сэнс, і мы, усведамляючы гэта, з новым прылівам сілы націснулі на педалі нашых ровараў.

Пакуль даехалі да тае Мігаўкі, пачулі яшчэ не адзін цікавы расповяд пра Аўласа, які гэта быў руплівец, колькі ён моладзі павыцягваў у людзі, якія былі Радашкавічы за ягоным часам, калі тут пульсавала беларуская гімназія. Кожны раз, калі пачынаўся навучальны год, мястэчка проста ажывала, наваднялася гімназістамі. Іхняя прысутнасць надавала Радашкавічам якуюсь бруістасць, чыннасць. I местачкоўцы між гімназістаў пачувалі сябе неяк святочна, вірліва, амалоджанымі. Радашкаўскія гімназісты мелі сваю форму... Картузікі з бел-чырвона-белымі нашыўкамі. Бел-чырвона-белыя нашыўкі былі і на плечуках. Пяялі "Ад веку мы спалі."

Было... Было ды сплыло. Засталіся толькі бляклыя згадкі, але і тыя спакваля сціраюцца з памяці. Таму паспяшаймася ў Мігаўку, пакуль яшчэ не затравянелі апошнія Ўласавы сцежкі.

ВАНДРОЎКІ ПА МІГАЎЦЫ

ДАМОК

Даўно вядома: жытло чалавека, мясціна, дзе ён жыве, жыў, непадзельныя ад гаспадара. Вось чаму з такой цікавасцю і пільнасцю да драбнічак мы спазнаем гэтыя мясціны, асабліва калі яны звязаныя з імёнамі такіх выдатных людзей, як Уласаў.

Сядзібны дамок Уласава, на вялікі жаль, не ацалеў. Ён пайшоў дымам апошняй вайны. Захаваўся толькі фотафрагмент Уласаўскага падворка перад домам. Пры бэзавым кусце якаясь доўгая самаробная лава. Пры ёй такі ж самаробны столік. За гэтым столікам на старых венскіх крэслах сядзяць у белых апратках гаспадары Мігаўкі. Ён вальяжны, босы, у акулярах. Яна пры ручной кравецкай машынцы. Пры ix, на траўцы, дзеці штось майструюць, пілуюць. Гэтая сямейная ідылія дзесь з года трыццатага. Паводле слоў пляменніцы Веры, дамок Уласава меў ашклёны ганачак. Раніцай яго шыбінкі лавілі сонечнае цяпло. I ганак глядзеў сваімі каляровымі шыбінкамі на Радашкавічы. Уласаў любіў бавіць час на гэтым ганачку. Паводле слоў усё той жа пляменніцы Веры, тут таксама стаяў стол, вакол яго лавы. Пры вялікім стале маленькі столік. На ім шумовы прымус з чайнікам. На століку заўсёдная шклянка, цукар, бохан хлеба, кавалачак вэнджанай шынкі. Уласаў на тым ганачку абкладаўся кнігамі, газетамі, піў гарбату і пранікнёна, да самазабыцця, чытаў. Зрэдку слухаў дэтэктарны прыёмнік. Кажуць, быў у яго такі маленечкі дэтэктар. Ён яго наладжваў на Мінск і прагна слухаў сталіцу Беларусі, калі гэта яму ўдавалася. У апошнія гады насіў трохі прыкамечаны касцюм з даматканага палатна. Босы. Такім мы яго бачым на апошніх здымках.

Я не раз сустракаўся з пляменніцай Уласава. Дзіўлюся, чаму я не папрасіў яе намаляваць ці хоць у агульных абрысах абмаляваць мігеўскі дамок Уласава. Яна ж, здаецца, умела маляваць. Ну, так... Згадваю, маляваць яе вучыў мастак Сайкоўскі, які жыў з Сніткамі ў Мінску па-суседску. Але ўсё ж гаворка ў мяне з Верай Адрэеўнай пра мігеўскі Ўласаў дамок была. У маім нататніку ёсць план дома Ўласава, намаляваны рукою пляменніцы. З яго відаць, што гэта быў шасціпакаёвы дамок з бакоўкамі, з вялікай гасцёўняй, з бібліятэкай, з вялікай, праз усю сцяну шырачэзнай канапаю, на якой можна было ўлажыць усю вялікую сям'ю Ўласюкоў. Памятае Вера Андрэеўна і так званую «Дзікую залу», у якой ладзіліся розныя мігеўскія «шпектаклі». З мэбляў памятаюцца плеценыя лазовыя крэслы, якія рыпелі пад Уласавым. Сталы былі точаныя, грувасткія. Згадваецца і кафляны камін у зале.

Але ўлетку Ўласаў любіў пераважна бавіць свой час на сваім ганачку, слухаць рытмічны клёкат буслоў, балазе на мігеўскім поплаве ix было мноства. Аляксандр Уласаў усцешна думаў пра гэтых незвычайных птахаў. Іхняе суседства з ягоным фальваркам нейкім чынам нагадвала яму самога сябе. Ён такі ж мірны, як гэтыя птахі. Яму, як і гэтым птахам, дарагое сваё гняздо, свая Мігаўка, уся Беларусь. Ён пра сваю любоў да ix клякоча ўжо не адно дзесяцігоддзе цэламу свету і сваім блізкім суседзям. I гэта яго моцна радніла з высакароднымі птахамі.

Мігеўцы лічылі, што ў дрэвы, на якіх гняздуюцца буслы, ніколі не б'юць перуны. Выходзіла, што буслы яшчэ ахоўвалі мігеўскія падворкі, адводзілі ад ix божы гнеў.

ЧАРНЯЎКА

Калі я не згадаю хоць колькі слоў пра мігеўскую рачулку, адчуванне Мігаўкі і яе гаспадара будзе няпоўнае. Пра мігеўскую рачулку казалі: хоць вады ў ёй па калена, але затое рыбы вышэй калена. Лавілі тут уюнкоў-піскуноў, шчупакоў, ментузоў, плотак, гаркушак. Кожны ў Мігаўцы лічыўся рыбалоўцам. Берагі яе і дно тарфяністыя. Як ускаламуціш, дык вада рабілася рудая. Але ў спакойным стане была празрыстая, а плынь імкліва чыстая. Былі нават такія мясцінкі, дзе і коней купалі. Мігеўскія дзеці таксама любілі бавіць свой час на рачулцы. Улетку купаліся, узімку коўзаліся на лёдзе, калі ён не быў прысыпаны снегам. Жанкі пралі на ёй бялізну, мачылі каноплі, бялілі палотны. Без гэтай рачулкі жыццё Мігаўкі не ўяўлялася. Каб не гэтая рачулка, не было б і Мігаўкі. Хто б і чаго тут пасяліўся, каб не рачулка. Гаспадар Мігаўкі таксама любіў сваю Чарняўку. Першы раз ён у ёй выкупаўся яшчэ зусім малы, як пераязджалі ў Мігаўку з Вільні. Тады ён вываліўся на мастку з воза ў рэчку. Масток праз рачулку на сядзібу Ўласава колісь быў зграбненькі з парэнчамі, з бібікамі на краях — круглымі такімі драўлянымі шарыкамі. Досыць шырокі, не такі, як зараз. Праз яго колісь вазілі вазы, ездзілі фуры. На гэтым мастку часта збіралася моладзь. Запрашалі музыкаў: цымбалістаў, скрыпачоў. То былі старадаўнія зборкі. Танчылі полечкі, вальсы, кракавяка. А Янка Яблонскі згадвае: пры масточку расла грубая вярба. А да яе была прымацавана белая табліца з надпісамі: «Маёмасць А. Уласава».

СТРУЧКА. ПАДЛАЗА

Паблізу Ўласавай Мігаўкі, як спусціцца з горкі, былі колісь дзве мясцінкі для выпасу людской жывёлы. Адна з ix звалася Стручка. Гэта такое балотца. Яго падкошвалі. Другая — Падлаза. Пра яе ўжо згадвалася. От якраз на гэтых мігеўскіх лапіках пасвілі сваю жыўнасць радашкаўцы з заходніх ускраінаў. Тут жа яны мелі і вадапой. Адным з такіх пастушкоў быў Станіслаў Качэрга. Ён з трыццаць першага году. У яго я і цікаўлюся, ці бачыў ён калі Ўласава? Ці памятае ён Мігаўку?

— Чаму ж не бачыў! Тая ж Стручка ды Падлаза якраз насупраць Уласавага фальварка. Фальварак на пагорку, а Стручка тая ды Падлаза ў нізовіне ля рачулкі. Дык нас той фальварачак Уласава з шыкоўным садам, голле якога гнулася ад яблыкаў, надта ж вабіў. Лазілі мы ў той сад. Да яго як магнітам цягнула. Уласаў крыўдаваў на нас за гэта, казаў: «Лепей папрасі каторы і я дам, але не лазьце!»

— Але што — дасць! Улезці ў сад — гэта ж цікава! Гэта рызыка! Рамантыка! Дасць два-тры яблычкі, а ўдасца ўлезці — гэта цэлая запазуха. I мы лазілі, хоць сад і пільнаваўся. Пільнавалі ягоныя сыны: Дзіма і Алег. Яны адганялі ўсіх, хто круціўся ля іхняга саду. Часта мы бачылі ў тым садзе і самога Аўласа: грузны такі. Хадзіў у якімсьці палатняным пільчаку і ў такіх жа штанах.

— А ці даводзілася вам з ім хоць калі размаўляць?

— Не, не даводзілася... У яго свой клопат, у нас свой.

Дый якія мы яшчэ былі. Шчанюкі! А так чуць чулі, што і пра гімназію ў Радашкавічах паклапаціўся, што і сам вучоны чалавек быў. Нечага і не адзін раз у Варшаву і Вільню ездзіў... Але што нам да гэтага... Вось сад яго мы добра зналі!

СТАРЫ ПАГОСТ

Пра сядзібу Ўласава мы павінны ведаць усё, як і пра кожны куточак нашае зямлі. Кожны лапік Мігаўкі дыхаў даўніной, гісторыяй. Уласаў, як чалавек асвечаны, шанаваў гэтую даўніну. Згадваюць, што не гэтак яшчэ даўно паблізу сядзібы Ўласава быў колісь невялікі старасвецкі замшэлы могільнік, забыты і закінуты. На ім ужо даўно нікога не хавалі. Але і не руйнавалі, як гэта зараз бывае. Як-ніяк: тут прах продкаў, косці прадзедаў. Святое мейсца!

На гэтым старасвецкім могільніку ляжала некалькі старых замшэлых камянёў. На адным з ix ледзь прыкметна значыўся выбіты крыж. Могільнік гэты, мяркуюць, вельмі і вельмі даўні. Згадваюць: мігеўцы ўжо з сямнаццатага стагоддзя хавалі ўсіх сваіх нябожчыкаў у Радашкавічах. На мігеўскім могільніку да калектывізацыі расло і колькі старых дрэў, і Ўласаў гэты лапік зямлі не засяваў, абворваў. І з адной тае ж прычыны: тут прах продкаў! Калі ж зямля перайшла ў карыстанне калгаса, дрэвы і камяні павынішчылі. А як рабілі меліярацыю, рыхтавалі агароды для паліўкі, раскапалі і той могільны лапік, павыкідвалі з долаў і чалавечыя парэшткі. Як сведчыць колішні сусед Уласава Міхась Шнэйдар, даўжыня костак, рук і ног, была значна большая, як у цяперашніх людзей. Гэта сведчала, што колішнія людзі былі больш рослыя (высокія), чым заразшнія. Але Ўласаў пра гэтыя раскопы ўжо не чуў. Ён нават не мог дапусціць думкі, каб праз могілкі пракласці меліярацыйныя трубы. Для яго могілкі былі святым і непарушным месцам.

УЛАСАЎ РАВОК

Як і належыць асвечанаму чалавеку, Уласаў асабіста не верыў у розныя прымхі, але і не мог быць па-за імі. Асабліва казытала яго адна — тая, што нібыта дзеялася ля ягонага фальварка ў так званым Уласавым раўку. Дык от, у тым раўку, заціснутым з аднаго боку досыць вялікім пагоркам, а з другога боку — абмежаваным поймай рэчачкі Чарнушкі, распавядаюць, розныя здарэнні надараліся. А найчасцей з шапкаю.

От ідзе каторы з Радашкавічаў ці яшчэ адкуль у Мігаўку гэтым раўком, а перад ім шапка коціцца... Нідзе нікога няма, а яна сабе коціцца ды коціцца. Спачатку страх, здранцвенне бярэ, а пасля і цікавасць. Пачне падарожны за той шапкай бегчы, вось-вось, здаецца, схопіць яе, а яна ад яго ўсё далей і далей. Той кроку дадае, каб тую шапку дагнаць, у рукі ўзяць, ухапіць. А тая шапка ўсё шпарчэй ды шпарчэй коціцца, нікому не даецца. Казалі, каб каторы дагнаў тую шапку ды чым цяжкім па ёй грукнуў, дык куча золата з яе высыпалася б ці мех грошай. Але, на вялікі жаль, нікому дагнаць тае шапкі не ўдалося. Як толькі равок той мінаўся, дык і шапка тая немаведама кудысь знікала. А бегаць за ёй дык шмат хто бегаў.

Чуў пра гэтую шапку і Ўлас, думаў: «Во каб мне тую шапку, то ведаў бы, куды тое золата і на што скіраваць!»

Легенда, мроя, але і яна часам была салодкая Ўласаву, асабліва, калі ён натужваўся фінансаваць той ці іншы свой асветніцкі ці выдавецкі пражэкт.

МІГЕЎСКІЯ ЧМУРЫ

Мігаўка хоць і была пры бойкім тракце і блізу мястэчка, a ўсё ж яна жыла ў свеце розных тагачасных чмураў. Асабліва гэтыя чмуры найчасцей здараліся з тымі, хто быў нападвыпітку.

Жыў тут адзін муляр. Маладым ён вазіў пошту – з Радашкавічаў у Ракаў. То яму часта розныя зданні здаваліся. От вязе ён пошту, а да яго адкуль ні вазьміся з хмызоў якісь дзядок у кажушку ў сані скок і давай дурыць яму голаву ўсю ноч. Дык так задурыць, што той паштар ноч праездзіць, а калі глядзіць, замест Ракава ён зноў у Радашкавічах. Паштавік таго дзядка і пугай хвастаў, але нічога не памагала. Той толькі рукамі бараніўся ды смяяўся ў бараду і вадзіў яго цэлыя ночы напралёт. Блытаў яму ўсе яго дарогі. Нібыта гэты паштар быў з Валодзькаў. Праз гэтага дзядка ён і пошту вазіць кінуў і на муляра вывучыўся.

МАР'ІНА ГОРКА

Уяўленне пра Мігаўку Ўласава будзе няпоўнае, калі не згадаем хоць колькі слоў пра яшчэ адну мігеўскую славутасць — Мар'іну Горку.

— Быў у Мігаўцы, за сядзібаю Ўласава, такі куточак, — згадвае ўжо знаёмы нам Міхась Шнэйдар. — Утульны, мілы. На той горцы стройнымі шарочкамі раслі гожыя ліпы. Дык от пад ix шатамі мігеўцы правілі свае розныя святы: Купалле, незабыўныя Дажынкі. Разам з усімі правіла гэтыя святы і сям'я Аўласа. А як жа без ix?! Асабліва Дажынкі. Першы снапок каму? Вядома, гаспадару. Яму ж і жытнёвы з валошкамі вянок. Яму ж песні і зычэнні, каб ягоныя ніўкі на новае лета радзілі. Уласаў шчаслівы, увесь расплываецца ў лагодах, дзякуе людзям за іхнюю рупную працу.

ХАДЫШЛАВА

Здаецца, з Міколам Лавіцкім мы ўжо аб'ездзілі і абсмакталі амаль усё мігеўскае наваколле і яго закуткі. Але от аднаго разу едзем з ім і гамонім пра тое, пра сёе. І раптам бачым: на ўсходнім ускрайку мігеўскага абшару ў нізовіне ацалелую ў хмызах выспачку. Пачалі разглядаць яе, балазе пры нас славуты Міколаў вайсковы бінокль. Праз той бінокль бачым на выспачцы хаціну, а па надворку хтось ходзіць.

— Заедзьма! — прапануе Мікола. — Можа там што пачуем пра Ўласава.

Сказалі — паехалі, хаця не зусім было зразумела, як да той выспачкі даехаць, падабрацца. Але паціху-памалу ўсё ж намацалі той пад'езд да яе. Нас сустрэў ужо не малады, але яшчэ ў сіле дзяцюк, добра складзены.

Звалі яго Чэслаў Мацкевіч. З першых слоў мы паразумеліся.

— За Ўласавым часам, — пачаў ён свой расповяд, — тут гаспадарыў мой тата. Звалі яго Павел. Тата мой хаўрусаваў з Уласавым. Калі-нікалі Ўласаў заходзіў да нас. Не адзін раз яны мыліся разам у Сярэбранцы. Уласаў, бывала, сядзе на кладачку, а тата яго палівае. Уласаву гэта вельмі падабалася. Ад задавальнення ён, расціраючы цела, фыркаў і гулка казаў: «Ух, як здорава!» Любіў Уласаў, — казаў тата, — і зімовае купанне. Мароз, сцюжа. A ён накіне халацік на плечы, шлёпанцы на ногі і ідзе на рэчку. Прасячэ пельку ў лёдзе — і ў ваду. Глядзець цяжка, сэрца сціскаецца, а ён сабе хоць бы што. Як мядзьведзь той плёскаецца, пакуль не зойдзецца. Выскачыць з вады, а з яго пара слупам ідзе. А ён: гоп-гоп-гоп! Цілі-бом, цілі-бом! Здорава! Здорава! І толькі крэкча!

Я пацікавіўся ў Чэслава, ці мае які назоў іхняя выспачка.

— Хадышлава завецца. А чаму — не ведаю.

СВЕЧКА Ў ВАКНЕ

Не гэтак даўно ў «Вечаровым Мінску» прачытаў замалёўку «Свеча в окне». У ёй распавядалася пра бабульку Агапу, якая перш чым садзіцца за Божую вячэру, раптам успамінае: забылася памаліцца і запаліць свечку ды паставіць яе на вакенца. Завітаўшы да яе, журналіст здзіўлёна пытаецца: «Навошта гэта?» I бабка Агапа распавяла яму цэлую гісторыю, як аднойчы запаленая свечка ў акенцы паратавала ёй жыццё. З тае пары яна от ужо больш за семдзесят гадоў ставіць на вакенца запаленую свечку.

Я і раней чуў: у даўнейшыя часы, калі пошту вазілі на конях, калі людзям з рознай прычыны даводзілася па брух паўзці па заснежаных дарогах, клапатлівыя гаспадары, асабліва тыя, што жылі паблізу старых паштовых трактаў, пры саміх трактах, у завеі ды мяцеліцы запальвалі свечкі і ставілі ix на вакенца. Гэта для таго, каб той, хто зблудзіць ў мяцеліцу ці завею, заўважыўшы міганне свечкі на вакенцы, мог прыбіцца да жытла. I там, перачакаўшы непагадзь, падоўжыць свой шлях. Мусіць, гэты клопат культывавалі зімой і гаспадары невялічкага фальварка пры Віленскім тракце поблізу Дзяшкнянаў. Балазе, мясціўся ён на пагорку і добра праглядаўся з усіх бакоў тракта. Гаспадары яго таксама заўсёды ў непагадзь запальвалі свечку і ставілі на акенца. Пазней гэты фальварак атрымаў назоў Мігаўка. Прызначэнне запаленай свечкі на вакне — выводзіць людзей, якія ў непагадзь збіліся з свайго шляху, на трывалы грунт. Праз нейкі час у гэтым фальварку ўзгадуецца чалавек, якому наканавана будзе разам з іншымі выводзіць з цемры да святла цэлы народ. Імя яго нам ужо вядомае — Аляксандр Уласаў.

ЧАМУ МІГАЎКА?

Некалі шляхціц Завальня ў завею таксама заўсёды ставіў на падваконніку свайго маленькага вакенца свечку, каб той, хто блукае, збіўшыся з дарогі, мог выйсці да людзей.

Вельмі верагодна гэта рабілі першажыхары Мігаўкі. А яшчэ верагодна назоў свой фальварак мог атрымаць з-за ваўкоў, якіх колісь у тутэйшых ваколіцах было процьма. Як вядома, ваўчыныя вочы ў цемры свецяцца, мігцяць, мігаюць. Распавядаюць, аднаму чалавеку давялося позна вяртацца дадому. А была завіруха, завея. Поблізу фальварка яму ўбачылася колькі агеньчыкаў. Яны то мігацелі, то атухалі, то зноў свяціліся. Узрадаваны, што прыбіўся да нейкага жытла, ён скіраваўся на гэтыя агеньчыкі. Пачаў набліжацца да аднаго з ix, а той агеньчык раптам спакваля пачаў ад яго аддаляцца. Мігне і ўсё далей і далей. Усё ў лес вядзе. «Нешта не тое», — разважыў ён. Азірнуўся наўкола і скрозь завею ўбачыў на пагорку над нізкай заснежанай страхою цёплае жытло. Скрозь маленькае вакенца хліпала-міргала свечачка. Гэта якраз і была Мігаўка. Магло быць і такое. Колісь у завеі запальвалі якісь ліхтар, балазе дзесь поблізу гэтай мясціны быў з'езд з старога віленскага паштовага тракту на ілінянскі паштовы шлях. Адным словам, без якогась мігацення выратавальнага агеньчыка назоў колішняга Ўласава фальварка не абышоўся.

КАТУРХАЧ

Перад кожнай паездкаю ў Мігаўку я гартаў «Нашу Ніву». Цікава было знайсці сярод нашаніўскіх публікацый і нататкі самога Ўласава. Асаблівыя мне былі цікавыя ты я з ix, якія Ўласаў вынасіў і напісаў у самой Мігаўцы, пад якімі значыўся і подпіс «Мігаўка». Адна з такіх публікатак — «Край з пяццю нацыямі». Яна якраз напісана ў Мігаўцы. Менавіта пад гэтай публікацыяй значыцца: «Фальварак Мігаўка, 10.VI.—1912 г.» Згадаем колькі Ўласавых разваг з яе (публікатка падаецца ў тагачаснай нашаніўскай арфаграфіі):

КРАЙ С ПЯЦЬЦЮ НАЦІЯМІ...

На зямлі беларускаіі жывуць пяць відных націй, ня лічачы дробных, як татары, караімы. Некатарые національные культуры, як расейская, польская, і часьцю жыдоўская, маюць ужо вялікае національнае багацтва, добра развітую літаратуру, духоўнае жыцьцё; другіе, як адвечные жыхары гэтай зямлі — белорусы, літоўцы, толькі пачынаюць работу дзеля развіцьця сваей національнай культуры. Усе гэтые пяць племён не збіраюцца пакідаць Беларусь i Літву:- прыдзецца і ім і ix унукам і праўнукам таптаць зямлю і жыць блізкімі суседзямі. З усіх краёў на сьвеці ім наша старонка найбліжэй да сэрца, бо можэ быць толькі адна родная матка, а ня дзьве. I кожын з нашаго краю кажэць: «Я — поляк, або расеец, або іншы, але — тутэйшы. Ад супольнаго жыцьця неколькіх розных народоў край мае шмат карысьці: яго агульная культура падьімаецца. Кожны вядзець штодзеннае змагальне за сваю національную ідэю, і там, дзе ідзець такая вайна, што дзень нешта новае вытвараецца; змаганьне ёсць разам і вытварэньня новаго.

Прыходзілося нам спатыкацца з расейцамі; вось яны і гаварылі: «нам у расейскіх гарадох німа аб чым гаварыць, німа чым займацца; у вас шчасьлівы край, у вас заўсягды ёсць багатая жывая праца над національнымі пытаньнямі, і дзеля таго Заходні край куды байчэй жывець, як цэнтральная Расея!»

Мы, белорусы, павінны браць ад усіх націй усё добрае, што у ix ёсць: ад агульна-расейскай культуры — шырокіе ідэі дэмакратызму; ад палякоў — ix культурную практычнасць, эдукацію ix проста-хвараблівую любоў да сваей бацькоўшчыны, которая можэ нам служыць прыкладам. Жыды ізноў прывыклі адзін аднаму памагаць і трымацца разам, каб ня згінуць, праз усю сваю тысячэлетнюю цяжкую гісторыю; ад гэтаго яны маюць большую, чым другіе націі, прывычку да грамадзянскаго жыцьця; можэм і мы у ix павучыцца, прыглядаючыся да іхняго грамадзянскаго жыцьця.

Калі наш край дачэкаецца ціхаго і згодного жыцьця ўсіх націй і будуць праведзены справядлівые національные граніцы, тады развіцьце і духоўнае і матэр'яльнае высока падымецца, нават шмат вышэй, чым у мейсцох з адным толькі племенем.

А. Ў.

Фольварак Мігаўка.

10/VI—1912 г.

Гэтыя ж думкі хадзілі ў галаве Ўласава і раней. У 1908 годзе ў «Нашай Ніве» за 25-га красавіка ў дзевятым нумары мігеўскі звястун нацыянальнай згоды народаў, нацыяў, павагі адзін да аднаго тлумачыў:

Можем пахвалицца, што нашы беларусы не грызуцца ни с ким, ня циснуць никого — ни палякоў, ни руских, ни жыдоў, не паддаюцца намовам ворагоў згоды меж народами.

Много шчырых, справедливых и мудрых людзей с-памеж руских и палякоў вельми спагадаюць белорусом и таму, што яны пачачи будзицца ад сну. Усе, хто прывык шанаваць кожную нацию и кожнаго чалавека, ведаюць, што ў роднай мови сваей белорус усё лети разумев, што тая мова — гэта яго душа, сэрца, ўсё, што ёсць самое близкое дарагое чалавеку. — И белорусом, бяручы культуру ад руских и ад палякоў, нима ниякай патрэбы забываць, што яны беларусы, адрэкацца ад сваей нации и перокидацца к чужой. Белорусом патрэбна и руская мова, и, гдзе яны хочуць, польская для падняцьця жыцьця народу, для яго прасьветы, ўзросту культуры. Нима на што белорусу рабицца руским ци полякам: ён можэ астацца белорусам и астаецца. Вось-жэ гляньце на латышоў: их ў чатыры разы менш, як нас, — яны знаюць нямецкую и рускую мову, бяруць и ад немцоў, и ад руских тое, што у их ёсць доброго. Але гэта не прашкаджае им быць латышами, трымацца сваей мовы, мець свае латышские газэты, книги, тэатры.

А. Уласоў.

Гэтае ж сваё Ўласаў шырыў і сярод сваіх суседзяў, землякоў. Таму нядзіва, што жыхары Мігаўкі, Пяцюляў, Дзяшкнянаў і сёння пачуваюць сябе нацыянальна свядомымі грамадзянамі Беларусі. Ix сёння турбуе лёс Беларусі, абурае абыякавасць некаторага цяперашняга беларускага чынавенства да лёсу свайго народу. Іншая рэч — Уласаў. Ён, паводле слоў мігеўцаў, гарою стаяў за Беларусь! I большага шчасця не хацеў, каб на Беларусі ўсё было ладна, згодна, прыгожа, гарманічна. Ён засяваў людское поле словамі, думкамі, сугучнымі нашаму краю. I словы гэтыя, Хвала Богу, не змарнелі!

Я Б ЯГО ПАЗНАЛА

Шмат у мяне было стрэч з колішнімі суседзямі Ўласава. Пра некаторыя з ix я тут згадаў. Была і яшчэ адна стрэча. Не згадаць яе будзе вялікі грэх. Дык от, нехта нам падказаў, што ў суседніх з Мігаўкай Дзяшкнянах жыве бабка Вера. Ёй ужо дзевяноста чатыры. То яна павінна шмат чаго помніць, шмат чаго распавесці. То, не марудзьма, хутчэй да бабкі Вэрці! Нас сустрэла яе дачка, сказала, што матуля яе ў агародзе поле грады!

«Падумалася: нічога сабе бабка. У свае дзевяноста чатыры грады поле!» А яна такі праўда палола. Не разагнулася і тады, калі мы падышлі да яе. Павіталася яна з намі, але не разгінаючыся. Праўда, пацікавілася, чаго мы ад яе хочам. Патлумачылі, што мы хацелі пра Мігаўку і Ўласава пагаварыць.

— Мне няма калі з вамі гавэнды гавэндзіць. Едзьце ў Мігаўку. Уласаў там жыў. Зараз там жыве Вера Ўладыка. Яна была Ўласавай суседкаю. Усё, што яна вам раскажа, пасля мне раскажаце. Я паслухаю, ці праўду яна вам расказала.

— От табе! Не бабка, а цэлы драматург. Гэткі сюжэт закруціла. Але нічога не зробіш: сілком любы не будзеш! Не ўдалося пагаварыць. Давялося падпарадкавацца яе ўмове. Паехалі ў Мігаўку да тае Веры Ўладыкі. Ехалі і думалася: гэткая была спадзеўка! Думалася: от дзе грабанем расповядаў пра Ўласава і яго Мігаўку. А тут ад варот такі паварот...

Праз колькі дзён мы ўсё ж яшчэ раз завіталі да бабкі Вэрці. І на гэты раз яе прыспелі на тым жа агародзе і на той жа градзе, толькі цяпер яна харашыла качанкі, капуснае лісцё і скідала ўсю гэтую сакаўную зеляніну ў цалафанавы мяшок і, як раней, не звяртала на нас аніякай увагі. Мы падахвоціліся дапамагчы ёй, паднесці той мех з зелянівам на падворак. Але бабка катэгарычна запратэставала:

— Не трэба! Я сама! Нечага мне памагаць. Я яшчэ маю сілу сама данесці, — і пачала валачы той свой мех на падворак. Мы пачалі ёй нагадваць, што мы з ёй ужо знаёмыя, што наведалі ўжо Веру Галубовіч і от цяпер хацелі расказаць ёй, што мы пачулі і што-кольвек хацелі пачуць і ад яе пра Мігаўку, пра Аўласа...

Але дзевяностачатырохгадовая бабулька агрэсіўна ўпарта паўтарала:

— Улас жыў на Мігаўцы, там пра яго і пытайцеся. Там шмат людзей, якія яго ведалі, а я ўсё забылася. Адно толькі памятаю — пацеры.

— Дык мы ад вас, — кажу, — гатовы слухаць і пацеры.

Але не тут тое было:

Чаго яшчэ захацелі: тут не святыня і вы не святары. Вунь ідзе чалавек. I вы ідзіце за ім з Богам! А мне няма калі з вамі гавэнды разводзіць. Хутка прыгоняць кароў, і мне трэба ёй капусты нагатаваць з капуснай зелянівы, — і з якойсь плашкі ўзяла сякеру і пачала на ёй здрабняць тыя качанчыкі. Мы глядзелі разгублена і недаўменна на яе рукі, на яе клопат і нежаданне з намі хоць трошкі пагаманіць. Я зразумеў, што здабыць з бабкі Веры патрэбныя звесткі мне не ўдасца. І я гатовы быў слухаць яе, усё, што толькі яна скажа, згадае, хай выпадковае, часам мо і неасэнсаванае. Дыкцыя яе чыстая, інтанацыя ясная, уладарная. Ніякай шапялявасці. Кожны гук слова гучэў чыста, выразна. Сінтаксіс абрывісты. Натую ўладарны яе кожны сказ і словы: «Ідзіце ў Радашкавічы... Там жыве яго пляменніца... Кожны дзень ходзіць у царкву, на клірасе бывае... А што я? Сям'і не знала... Мала што жыла праз дарогу ад Мігаўкі. Ba Аўласа сваё, a ў мяне сваё... Так што, ідзіце з Богам! А мы тут з дачкою агарод на восень парадкуем...»

Усё ж на расстанне я пацікавіўся, ці пазнаў бы Ўласаў сваю Мігаўку, калі б ажыў? Гэтак тут усё змянілася?

— То пэўна ж пазнаў бы. Не пазнала б вока. Дык пазналі б ногі... Ён і мяне пазнаў бы, дарма што састарэла. Больш за шэсцьдзесят гадоў мінула, калі я бачыла яго астатні раз. І я б яго пазнала, хоць і не дабачваю. З голасу б пазнала. Ён у яго быў глухі, басавіты. За гэта шмат хто з ягоных сучаснікаў, асабліва моладзі, называлі Ўласава Дзядзька Гром. Казаў, як у трубу... Бывала, выйдзе на пагорак і гукае дзяцей:

— Дзіма! Алег! Есці! Бульбачка маладая зварылася... Казаў да Дзімы ды Алега, а чула ўся Мігаўка, а мо і болей, і далей...

Усе ведалі: Уласава сямейка садзіцца вячэраць.

КРЭЎНЯ

Наведваючы Мігаўку, я не раз думаў: «У Аляксандра Ўласава было чацвёра братоў: Павел, Жорж, Аляксей, Мікалай. Усе яны гадаваліся ў Мігаўцы, прайшлі праз мігеўскія ўніверсітэты. А як склаўся ix лёс, лёс іхніх нашчадкаў? Ці разумелі яны памкненні свайго брата?»

Высвятляецца, разумелі. Спрыялі, падтрымлівалі, хоць у кожнага з ix свой лёс, свая доля.

Кажуць, Аляксей, калі жыў на Сібіры, на Алтаі, чытаў і выпісваў «Нашу Ніву». А Жорж, ён жа Георг, нібыта нават пісаў у «Нашу Ніву». Сустракалі там ягоныя допісы за подпісамі Юрка Ўласаў. Жорж — гэта і ёсць Юрка. Яму вельмі імпанавалі братавы парыванні, памкненні.

Пад нашаніўскую пару Юрка быў ужо сямейны. У яго было чацвёра дзяцей. Аляксандр з зайздрасцю паглядаў на дружную Жоржаву сямейку, але тое шчасце было нядоўгае. Выбухнула вайна 1914 года. Юрку, гэтак жа, як і Аляксандра, пагукалі на вайну. Аляксандр так-сяк выбраўся з тае вайны, вярнуўся з яе хоць і з пажмаканай душою, але жывы і здаровы і зноў зарупіўся сваім беларускім клопатам. Юрку ж параніла. З тых ранаў ён памёр у 1918 годзе ў Лунінцы, у лунінецкім шпіталі. Аляксандр, як толькі дачуўся пра згон брата з белага свету, адразу ж заапекаваўся ягонай сямейкай. Забраў яе разам з удавою ў Мігаўку. Колькі гадоў яны ўсе жылі на яго фальварку. I гэта доўжылася да тае пары, пакуль Уласаў не надумаўся нарэшце абзавесціся сям'ёю. Але і пасля ён не пакінуў свае апекі над Юркавымі дзецьмі. Ён любіў ix, як сваіх. Хтось з ix жыў на так званай радашкаўскай Сніткавай фэрме. Прынамсі, тут доўга жыла і гадавалася Муся — Марыя. Яна гэтага сама жадала. Пасля выйдзе замуж за паляка-эмігранта і з'едзе з ім у Канаду. Кагось з Жоржавых дзяцей Уласаў уладкаваў у добры інтэрнат пад Варшавай. Той інтэрнат слыў варункамі выхавання. То не дзівіцеся, калі раптам дзесь пад Варшавай ці ў самай Варшаве напаткаеце кагось з Уласавых. Гэта, напэўна, хтось з колішніх Уласавых нашчадкаў, якімі апекаваўся Аляксандр Уласаў.

Да 1934 года жыў у Мінску Аляксандраў брат Павел. Праз усё сваё жыццё быў ён вайскоўцам. Як і ўсе прыстойныя людзі, меў сям'ю. Да гэтай пары на вуліцы Якуба Коласа ў Мінску, поблізу колішняга Дома фізкультуры, жыве і зараз ягоная ўнучка Рыма. Да 1964 года, да шлюбу, яна была Рыма Ўласава.

Рыма — карэнная мінчанка. Яна з большага ведае свой радавод з васемнаццатага стагоддзя. Пра гэты радавод ёй нагадвае стары партрэт ейнага прадзеда Аляксея Ўласава. Намаляваны ў 1827 годзе ў Вільні ў строях часоў Грыбаедава, Рылеева.

Рыма з 1936 года. Яна расла і гадавалася ў тыя часы, калі пра Ўласавых было згадваць небяспечна. «Мама расказвала. У 1934 годзе гэта было. Аднойчы восенню, у кастрычніку, пагрукалі ў дзверы. Мама дзверы не адчыніла, перагаварылі праз дзверы. Той час быў трывожны. Чалавек, што грукаў у дзверы, сказаў, што ён ад Аляксандра Мікіціча. Размову адклалі на раніцу... Жылі мы на Суражскай — гэта дзе зараз завод медпрэпаратаў... A раніцай... A раніцай прыехалі на машыне, забралі тату, яго сына Алега... Праўда, ненадоўга, чатыры месяцы пратрымалі і адпусцілі... Але адбітак застаўся...» І ўсё ж сямейнікі хоць з большага ды распавядалі сваім дзецям, чым былі знакамітыя Ўласавы. «Гэта апошнім часам, — кажа Рыма, — пра Ўласавых там-сям пачалі згадваць. А так ціха, нібыта тых Уласавых і іхняга клопату пра Беларусь і не было. Тым не менш, Рыма трымалася свайго прозвішча аж да тае пары, пакуль не ўзяла шлюб з хлопцам з Лагойшчыны — Мікалаем Гірыловічам. «Я ёй прапанаваў, — згадвае Мікалай, — пакінуць за сабой прозвішча Ўласавай. Усё ж яно знакамітае. Але яна не пажадала...»

«Бабка мая не пагадзілася, — патлумачыла Рыма. — Сказала, замужняя жанчына павінна мець мужава прозвішча. Праз прозвішча жанчына павінна быць прывязана да мужа... Ну і я паслухалася бабчынай рады...»

З Уласавых жыве на Сібіры яе брат Юрка ды ягоныя дзеці. Бывае калі-нікалі наязджае ў Беларусь, але рэдка. Ён таксама цікавіцца сваім продкам, ганарыцца ім.

Жыве памяць пра Ўласава і ў Радашкавічах. Ірына Ніжанкоўская аж чатырнаццаць гадкоў расла-гадавалася пры роднай сястры Аляксандра Ўласава! То ці не чула яна якіхсь бабчыных расповядаў пра Аляксандра Ўласава, пра ягоную Мігаўку?

— Чаму ж не чула! Памятаю яе расповяды, як Саша вучыў замежныя мовы, прынамсі нямецкую. Прыгадваюць... Пасадзяць яго, бывала, нямецкую мову вучыць, а ён набярэ цікавых яму кніг і чытае ix. Вачыма чытае мілую яму кнігу, а языком на ўвесь пакой галосіць нараспеў: «Der Rabe! Der Knabe! Der Vater!..»

Усе думаюць: Саша ўрокі вучыць! Бач, як шчыруе! Бач, як навуку грызе! Не трэба яму замінаць! Але што гэта: прайшло пяць, дзесяць хвілінаў, а ён, як той голас з плыткі, дзе іголка заела, адно і тое правіць: «Der Rabe! Der Knabe!..»

Прачыняюць дзверы. А Саша нікога і нічога не заўважае. Сядзіць над кнігаю і адно і тое, як заведзены, ладзіць. Усе думаюць, што ён гэта напраўду так старанна нямецкую мову штудуе. Аж глядзяць, а ён нітачку з стала звесіў, сам нахіліўся і з катком пад сталом той нітачкай гуляе, забаўляецца.

Бабулька згадвала, што Ўласаў досыць часта гасцяваў у яе на радашкаўскай ферме. Пра гэта сведчаць і шматлікія фотаздымкі.

У сваю пару мне пашчасціла разоў колькі спаткацца з пляменніцай Уласава Верай з Сніткаў. Яна ведала свайго дзядзьку з малых гадоў, калі яшчэ жыла ў Карлзбергу. А пасля ёй выпала жыць у Мігаўцы. Пра Мігаўку ў яе такі ўспамін:

«На сядзібе дзядзькі Ўласава была невялічкая спартыўная пляцоўка з рознымі там турнікамі, бумамі, брусамі для раўнавагі. Дзядзька Ўласаў культываваў фізкультуру і спорт, цікавіўся ўсім гэтым і сам патроху займаўся гімнастыкай, лічыў, што спорт — гэта здароўе. Ён і Броніка далучыў. От на адным такім брусе з кольцамі я і прыспела Броніка. Практыкаванне было нескладанае. Неяк трэба прыладзіцца і прашмыгнуць праз тыя кольцы. Але нікому гэта не ўдавалася: кольцы круціліся, слізгалі. А Бронік змог. Гэта вельмі мяне ўсцешыла. Пасля мы з Бронікам часта бывалі яшчэ ў Мігаўцы. Бронік і дзядзька Ўласаў жа был і сэнатарамі, пасламі Беларускага пасольскага клюбу. Яны часта бачыліся і ў Вільні. Затым Броніка пачалі цягаць па судах. Дзядзька Ўласаў перажываў, хваляваўся, як мог бараніў Броніка, угаворваў яго менш гарачыцца, быць больш дыпламатычным. Але дзе там! Броніка цяжка было спыніць. Ён за праўду — беларускую праўду — ішоў на злом галавы».

Уласаву было прыемна, што праз сваю пляменніцу ён парадніўся з Тарашкевічам. Неяк у сваяцтве было спарней цягнуць нялёгкі беларускі воз.

ЛЁС АРХІВА

Пасля вяртання з сібірскай высылкі Аляксандра Паўлаўна, наведваючы Мінск, цікавілася і лёсам Уласавага архіва. Пра лёс Уласавага архіва яна распытвалася ў Максіма Танка. Той нічога пэўнага не мог ёй сказаць. Выказаў толькі меркаванне: магчыма, усё згрэблі і звезлі ў Вілейку. А як там далей было, ён не ведае.

Заклапочанасць Аляксандры Паўлаўны архівам Уласава невыпадковая. Гэта быў не якісь другарадны архіў. У ім жывы летапіс гісторыі адродзінаў беларускага этнасу, яго змаганне за права людзьмі звацца. За свой архіў Уласаў турбаваўся больш чым за свой лёс. Пра яго ён згадваў і ў сваім апошнім лісце з Мігаўкі да свайго пабраціма Антона Луцкевіча. То няўжо ніхто і нічога не ведае пра архіў Уласава? На вялікі жаль, такі чалавек пакуль не натрапіўся. Апошні, хто бачыў архіў Уласава, быў усё той жа Андрэй Гаранскі з Пяцюляў. Ён прыгадвае...

... Я вучыўся ў Радашкавічах. Перад вайною скончыў сем класаў. Тады ўжо было скупа з папераю. Нехта сказаў: у радашкаўскі магістрат прывезлі паперы Ўласава. От я наважыўся пашукаць хоць колькі шматкоў там чыстай паперы. Неяк раз зайшоў у той магістрат. I праўда: там ляжала ў дашчанай прыбудове цэлая гара розных папераў. Адшыў дошку і пачаў корпацца. Там і фотакарткі былі. Я ўзяў колькі з ix...

— То дзе яны?

— Я і сам хацеў ведаць пра гэта, — ніякавата мовіў Андрэй. — Пажары , войны, пераезды...

— Ну, а ці хоць помніце, хто на тых здымках быў?

— Гэта былі пераважна гуртавыя здымкі. Я ix тату свайму паказваў — Юстыну. То ён казаў, што на тых здымках пераважна былі беларускія настаўнікі. Магістрат той месціўся, дзе зараз аўтавакзал. Пасля з гэтага магістрату зрабілі клуб...

ФОТАЗДЫМКІ РАСПАВЯДАЮЦЬ

Як гэта нядзіўна, але нягледзячы на такі безвыходны лёс Уласавага архіва, усё ж што-кольвек з ягонай багатай, найперш фатаграфічнай спадчыны, ацалела: штось у ягоных сяброў-аднадумцаў, ягоных пабрацімаў, штось у сваякоў. Інакш і не магло быць: Уласаў для Беларусі быў той асобаю, якая ніяк не магла расстварыцца ў віры нашага жыцця. Невыпадкова на ўсіх ацалелых гуртавых здымках Уласаў заўсёды ў цэнтры фотаграфічных кампазіцый. Усе гуртуюцца вакол яго асобы. Ён для ўсіх узор бездакорнага служэння Беларусі. Такім яго бачым на гуртавым здымку з беларускімі настаўнікамі ў Мігаўцы, з гімназістамі Радашкаўскай беларускай гімназіі. Такі ж ён і ў ганаровым прэзідуме пад бел-чырвона- белым сцягам. Такі ж Уласаў з чуццём свае годнасці, калі хочаце і важнасці, і на гуртавым здымку 1920 году. На гэтым здымку не абы-які люд: Францішак Аляхновіч, Змітрок Бядуля, Алесь Гарун, Янка Купала, Альбэрт Паўловіч, Міхась Чарот, Уладзіслаў Галубок, Язэп Фарботка... А між імі, як зерне ў гарэху, — Аляксандр Уласаў. У ягоных руках скураны картуз. Рукі і картуз уладарна ляжаць на неразлучным стэку. З гэтым стэкам Уласаў выглядаў гжэчна, джэнтльменам. Жывучы ў Мінску, ён нідзе не расставаўся з ім, усюды хадзіў з ім. Бывала, ідзе з кім, пра Беларусь гамоніць, разважае і, нечакана для субяседніка, стукае-стукае тым стэкам у зямлю і кажа:

— Будзіць трэба беларуса! Будзіць, будзіць!

I Уласаў будзіў. З гэтым стэкам яго шмат хто бачыў і ў Мігаўцы. Рэха ягонай пабудкі яшчэ і зараз жыве на абшарах ягонай Мігаўкі. Мігеўцы і колішнія суседзі Ўласава шануюць роднае слова, турбуюцца, пакутуюць за яго, хвалююцца за яго, калі нешта не так у нашай моўнай гаспадарцы. З імі можна сугучна пагаварыць пра нашу незалежнасць, пра наш сувернітэт. «Гэтага якраз і хацелася Ўласаву, — кажуць яны. — За гэта ён біўся!»

Наведваючы родныя мясціны слынных сыноў Беларусі, я заўсёды цікавіўся старымі здымкамі з тых куточкаў. Старымі здымкамі я пацікавіўся і ў спадарыні Веры Ўладыкі. «Ды трохі ёсць», — сказала яна і прынесла цэлы жмут пажоўклых фотаздымкаў рознага фармату, кампазіцый і зместу. Я рассунуў ix і на мяне дыхнула непаўторным водарам далёкага ад нас часу. Вось адзін з такіх здымкаў — вясельнае танчанне ў Мігаўцы. У кадр трапіў і куточак тагачаснай Мігаўкі. Тут жа і музыкі. Асабліва вока цешыць музыка з цымбаламі!

Цымбаліст у Мігаўцы! Гэта так сугучна з духам Аляксандра Ўласава! А вось яшчэ адзін непаўторны мігеўскі здымак. На ім мо ля сотні асобаў. Як толькі фатограф скампанаваў гэгую процьму людзей у адзін кадр! Сярод ix і жонка Аляксандра Ўласава — душа мігеўскага люду. Пра гэты здымак ужо згадвалася. А ці ацалеў хоць адзін здымак самога Ўласава ў Мігаўцы? На наша вялікае шчасце, такіх здымкаў аж два.

Неяк знаёмячыся з жыццем пісьменніка Вячаслава Дашкевіча, прачытаў, што ён родам з Дзяшкнянаў, менавіта з тых Дзяшкнянаў, што побач з Мігаўкай Уласава, у якіх мігеўскі рамантык марыў заснаваць сельскагаспадарчую школу для тутэйшага люду.

Вячаслаў Дашкевіч рос і гадаваўся ў Дзяшкнянах. То ці не чуў і ён чагось ад людзей пра Ўласава?

— Чаму ж не чуў... Чуў... Мама расказвала, як яна хадзіла ў Мігаўку на розныя мігеўскія вечарыны, на якіясь спектаклі... У нас нават фотаздымак з Уласавым ёсць... Стары такі, на цупкой, як кардон, паперы. На тым здымку і мама мая ёсць, і тата. Маму звалі Ганна, тату — Юзаф. Мама мая з 1915 году, тата — з 1909...

Ці трэба казаць, які я быў усцешаны, калі пачуў, што ў аднаго з землякоў Уласава ацалеў даўні і пакуль мала каму вядомы гуртавы здымак з гаспадаром Мігаўкі. Вядома, я тут жа пачаў прасіць у Вячаслава копію гэтага здымка ці хоць паказаць мне яго. Вячаслаў паабяцаў, што зробіць копію. Толькі зараз гэтага здымка ў яго няма. Ён у сястры. Трэба з ёй звязацца, — дадаў Вячаслаў. — Яна дома бывае толькі ўвечары. Вечарам трэба яе лавіць...

Але, як кажуць, абяцанка-цацанка, а такому, як я, усяго толькі радасць і надзея. Міналі дні, тыдні, ужо і гады, а копіі абяцанага здымка з Уласавым я ўсё не меў і не меў. Пры сустрэчах з Вячаславам я, вядома, нагадваў пра сваю просьбу, але ён неяк усё спасылаўся на сястру, што апошнім часам яму цяжка звязацца з ёй. Дый і ён сам ніяк не можа да гэтае пары выбрацца з таго гора, якое не так даўно напаткала яго. Тады я падумаў: «Вячаслаў — літаратар, пісьменнік. Ён можа і сам абнародаваць згаданы здымак з сваім каментарам». Балазе, пры апошняй сустрэчы казаў, што рыхтуе для «ЛіМа» разгорнуты гістарычны фотарэпартаж пра любыя Ўласаву Радашкавічы. Заклікаў і мяне далучыцца да больш шырокага асвятлення радашкаўскага краю.

Што ж, Вячаславава прапанова досыць слушная. Аляксандр Уласаў, жывучы ў Мігаўцы, душой і сэрцам штохвілінна быў і ў Радашкавічах. Інакш і не магло быць.

У Радашкавічах была яго гімназія. То Радашкавічы ніколі не выходзілі яму з галавы. Пра Радашкаўскую гімназію шматлікія фотаздымкі. Сярод ix і гуртавыя першых выпускаў гімназіі, якія зараз захоўваюцца ў фондах Музея гісторыі беларускай літаратуры.

МІГЕЎСКІ КРЫЖ

Шмат разоў я наведваў Мігаўку з Міколам Лавіцкім. Нішто не заставалася па-за нашаю ўвагаю. Пра ўсё, пра што толькі можна было, пытаўся, распытваў. От, скажам, пры заездзе на фальварак, напрыканцы бярозавай прысады, я даўно прыкмеціў вялізны стары бэзавы куст. Чаго ён тут? Звычайна бэз садзілі ў палісадніках, пры сядзібах, у агародчыках, пад вокнамі ці перад вокнамі. А гэты куст няведама чаго апынуўся тут: водаль ад сядзібы і нідзе ніякіх поблізу слядоў забудовы. Наважыўся неяк раз пра гэта пацікавіцца ў мігеўцаў. Мігеўцы з гэтай нагоды мне патлумачылі: «Некалісь, яшчэ за Аўласам, пры гэтым кусце стаяў высокі крыж-абярэг. Аберагаў ён сядзібу Ўласава і ўвесь тутэйшы абшар ад усялякай нечысці. Ля гэтага крыжа маліліся Богу. Ён кожнага — ішоў хто ці ехаў — бласлаўляў у дарогу. На яго жагналіся, лічыўся святым. Быў асвечаны святарамі. Крыж той, згадваюць, быў з крыжаваннем, з вышываным фартушком. Як знішчылі цэрквы ды касцёлы, людзі з усяго абшару прыходзілі да гэтага крыжа і маліліся. Каму ў памяці гэты крыж, той і зараз ідучы ці едучы гэтай мясцінай, моліцца. На яго маліліся і праваслаўныя, і каталікі. Цяпер пра той крыж толькі ўсяго і знаку стары бэзавы куст».

МУЗЫЧНЫ ШАЛ

У Мігаўцы дый і ва ўсіх прылеглых да яе вёсках жыў музычны люд. Пра гэта ўжо згадвалася. У кожнай вёсачцы, у кожным аднаселлі знаходзіўся той, хто на чым-небудзь барабаніў ці трымкаў. Хто на цымбалах, хто на скрыпачцы выцінаў. Усе гэтыя музыкі неяк вакол Мігаўкі гуртаваліся. Яно і вядома чаму: у Мігаўцы ёлкі, у Мігаўцы «шпектаклі». Не забывалася пра Мігаўку і ўлада. «Неяк раз, — згадвае Віцэнт Мацкевіч, — прыехаў у Мігаўку вайсковы аркестр. Нейкае свята ладзіла Польшча. Ці не дзень свае канстытуцыі? Гэтае свята палякі вельмі шанавалі. Выбралі на чыімсь падворку пляцоўку і разанулі на ўвесь дух, ва ўсе трубы ды ў бубны далі... То людзі як людзі. Яны да ўсяго звыклыя. А от жывёла ў хлявах не вытрымала, да шаленства даходзіла. Кідалася ад сцяны да сцяны. Для яе гэта была нечаканка. А адна карова, як дала з шалу рагамі ў дзверы, дык тыя дзверы на рагах і вынесла. А калі хапіліся, дык яна была ўжо за мяжою – за Радашкавічамі. Пасля яе вярнулі. Але і гаманы было».

Уласаў таксама быў уражаны гэтым здарэннем, хадзіў па Мігаўцы і казаў сваё шматзначнае: "Здорава! Здорава!"

ПОШУК УЧАРАШНЯГА ДНЯ

Нараілі мне напаткацца з Міхасём Кульбіцкім. Ён быў цымбалістам, іграў на вячорках і вяселлях. Як музыка шмат вандраваў па вёсках. Mo нават іграў у Мігаўцы. Вось гэты апошні довад і быў тым імпульсам, які прывёў мяне ў хату да Кульбіцкіх. Жывуць яны ў Радашкавічах. A даўней жылі ў Млецкаўшчыне. То іду ў хату і на дзіўленне гаспадароў: хто такі завітаў да ix, кажу выпрабаванае ўжо не адзін раз:

— Я той чалавек, які шукае ўчарашняга дня. Мне сказалі, што ў вас я яго знайду.— I тут жа выкладаю фотаздымачак з лабаценькай падабізнай, — з вусамі, пры гальштуку, з годнай наставай галавы. Пытаюся:

— Ці памятаеце вы гэтага чалавека, ці ведаеце? Ці сустракалі?

Гаспадар адразу ж адмежаваўся: асоба на маім фотаздымку яму невядомая, незнаемая. А вось гаспадынька чамусь адразу вызначыла:

— Гэта Аўлас!

Мяне гэта дужа ўсцешыла. Падумалася: от зараз шмат чаго раскажа пра гаспадара Мігаўкі. Аднак яна тут жа мяне расчаравала:

— Самога Аўласа я не ведала. Толькі чула пра яго шмат добрага і падумала, што гэта ён вас цікавіць. Oт таму і сказала: Аўлас. Можа ты, Міхась, больш чаго пра Аўласа ведаеш, — перавяла гаспадыня гаворку. — Ці чуў?..

Колішняму цымбалісту Міхасю Кульбіцкаму ўжо за восемьдзесят. Ён спракавечны хлебароб. З малых гадоў з зямелькай зросся. Але цымбалы пакінулі на ім свой след. Ён якісь мяккі, далікатны і рухі рук яго такія ж мяккія, далікатныя, плаўныя, і абліччам ён адухоўлены. Адухоўленасць гэтая ў кожным слове, у кожнай яго складачцы на твары. Але, на жаль, і ён з Уласавым не меў ніякіх стасункаў. Нават ні разу не бачыў яго, хоць і жыў непадалёку ад Мігаўкі. «Даўнейшыя людзі трымаліся кожны свае зямлі, свае гаспадаркі. Хадзіць не было калі. Усё пры гаспадарцы ды пры гаспадарцы. А калі святочны дзень наставаў, то людзі ішлі да касцёлу ці царквы. Іншай патрэбы ў людзей не было хадзіць па чужых сядзібах. Але ад таты — звалі яго Міхал — чуў, што Ўласаў быў сэнатарам у Варшаве. Законы там розныя прымаў, усё пра Беларусь клапаціўся, каб яна сама сабе была гаспадыняй, каб ёй ніхто іншы не мог кіраваць, камандаваць, а толькі яна сама сабою. А законы тыя прымаліся ў сойме, найчасцей прымалі на карысць Польшчы, а не Беларусі. I нібыта Ўласаў на тым сойме ўсё казаў: «Здорава! Здорава!.. Здорава абдумалі!..»

От гэта помню, як тата расказваў...

ДА АПОШНЯЙ ЗМОГІ

Да апошняй змогі Ўласаў дбаў пра Беларусь. Усё той жа Андрэй Гаранскі з Пяцюляў згадвае:

— Я добра памятаю, як Уласаў на тым жа пяцюлеўскім сходзе ў верасні 1939 года прапанаваў запісаць у рэзалюцыю сходу пытанне аб далучэнні да Беларусі некаторых беларускіх земляў, якія з розных гістарычных варункаў трапілі пад латвійскую пратэкцыю. I тады шмат хто яго падтрымаў. Ягоную прапанову запісалі ў рэзалюцыю сходу. Пасля я распавядаў пра гэтую Ўласаву прапанову свайму тату, — згадвае Андрэй Гаранскі, і ён пацвердзіў: так, такія землі былі на той час пад Латвіяй. І гэта найперш так званая Латгалія. Там на той час жылі пераважна беларусы. Гістарычныя абставіны 1939 года дазвалялі Ўласаву парушыць такое пытанне.

— Зглумілі, нізашто зглумілі такую светлую галаву! — з болем у сэрцы заключае свой успамін пра Ўласава колішні ягоны сусед.

На думку Андрэя Гаранскага, вынішчэнне такіх людзей, як іхні Аўлас — Уласаў, абяскроўлівае край і народ, нацыю. Жыццё Аўласа ў мігеўскім абшары зрабіла на яго жыхароў глыбокі след. Нацыянальная свядомасць Уласавых землякоў старэйшага пакалення надзвычай высокая. Яно адпавядае паняццю народ.

БЕЛГРАДСКАЕ РЭХА

Здавалася, больш пра Ўласава няма ў каго распытвацца. У каго льга было, ува ўсіх распытаўся. Але аднойчы загаварылі пра Ўласава з вядомым на Беларусі геолагам Вячаславам Шыдлоўскім. I от што я ад яго пачуў.

...1944 год. Кастрычнік месяц. Наша войска заняло Белград. Нас выйшлі на вуліцы вітаць белградцы. Між воінамі і белградцамі, як гэта бывае звычайна, завязаліся нязмушаныя стыхійныя размовы. Я штось сказаў сваім аднапалчанам, — згадвае Вячаслаў Аляксандравіч. — Сказаў, вядома, па-руску, па-расійску. Тым не менш да мяне падышоў якісь белградзец і перапьггаўся па-сербску:

— Ты се беларус?

Пачуўшы станоўчае «так!», патлумачыў: ён з Заходняй Беларусі. Вераснем 1939 года з'ехаў сюды. То як там зараз на Беларусі? Дзе Ўласаў? Што з ім?»

— Я тады не разумеў, — прызнаецца В. Самахвал, — пра якога Ўласава ён гаворыць. Я ведаў тады аднаго Ўласава — генерала, што здаў сваё войска немцам. Але навошта яму той генерал? Гаварыць, пытацца пра яго было небяспечна. А ён во, бач, не баіцца, пытаецца. I толькі ўжо пазней я зразумеў, пра якога Ўласава ішла мова. А тады, на вялікі жаль, я не мог падтрымаць размову. Ён яшчэ нешта хацеў у мяне распытацца, але нам трэба было рухацца пераможна наперад.

Пасля гэтую гісторыю пра Ўласава, — згадвае Самахвал, — я пры нагодзе распавёў Данілу, сыну Якуба Коласа. Ён з цікаўнасцю выслухаў яе і сказаў:

— Нічога! Міне час і ўсіх яшчэ ўспомняць! Успомняць і Ўласава!

РЭАБІЛІТАЦЫЯ

Міналі гады, а светлае імя Ўласава ўсё заставалася ў забыцці. Гэта вельмі непакоіла ўсіх яго родзічаў. Асабліва турбавалася за Ўласава, вядома, Аляксандра Паўлаўна. Сведкай гэтых яе турботаў была ўсё тая ж колішняя прыяцелька Аляксандры Паўлаўны Алена Каёшка:

— Вярнуўшыся з высылкі, — згадвала яна, — Аляксандра Паўлаўна часта наведвала Мінск. У Мінску яна звычайна спынялася ў нас. Жылі мы тады на Рэвалюцыйнай вуліцы. Адсюль яна рынулася ў Мінску шукаць праўды, справядлівасці і найперш кінулася ў дзяржаўныя ўстановы. Затым схадзіла да Броўкі. Той выслухаў Уласаву і даў ёй колькі слушных парадаў. І сам паабяцаў далучыцца да яе клопату.

Завітала яна і да Максіма Танка. А як жа! Максім Танк ведаў Уласава. Ён жа вучыўся калісь у ягонай гімназіі! То каму, як не яму, парупіцца пра вяртанне з забыцця імя незаслужана зганьбаванага асветніка.

Гэтай жа парою з'ездзіла яна і ў Мігаўку.

Прабыла яна ў Мігаўцы досыць доўга — мо з месяц, — згадвала ўсё тая ж колішняя прыяцелька Аляксандры Паўлаўны. — Мы ўжо не ведалі, што рабіць, дзе яе шукаць. Аж праз месяц вяртаецца... Мігеўцы прывецілі яе спагадна. Прасілі даравання, што некаторыя з іх за камісарамі паквапіліся на Ўласаву маёмасць. Прапаноўвалі ёй тут застацца: «Хатку збудуем і будзем жыць, як жылі даўней: у ласцы, згодзе...» Але што ўсё гэтыя выбачэнні ды дараванні, калі гэтак няскладна склаўся лёс яе сям'і і самой Мігаўкі. Вярнулася яна з Мігаўкі з цэлым возам розных хатулёў. Мігеўцы надарылі ёй хто што: хто кус сала, нешта з вопраткі. Нехта гароху сыпнуў у торбу, хто якіхсьці круп. Прывезла яна з Мігаўкі і самае каштоўнае: светлыя згадкі мігеўцаў пра Ўласава як пра чалавека, які жыў адно для свайго народу.

Гэтак агульнымі намаганнямі Ўласаў быў рэабілітаваны. Сваёй радасцю Аляксандра Паўлаўна тут жа падзялілася з усімі, каму дарагое імя змагара за Беларусь. I найперш, з пляменніцай Уласава Верай Андрэеўнай.

Неяк раз, вяртаючыся з чарговай вандроўкі ў Мігаўку, я зайшоў да Ніжанкоўскіх. А там якраз тэлеграма ад Аляксандры Паўлаўны. А ў ёй два радасныя словы: «Уласаў рэабілітаваны!» Год рэабілітацыі — 1961.

Божа літасцівы! Гэтага моманту Аляксандра Паўлаўна чакала, як чакаюць вясны, як чакаюць дня народзінаў дзіцяці. З гэтай нагоды прыгадалася яе заява-зварот у Саюз беларускіх пісьменнікаў, датаваная 19 жніўнем 1943 года.

... Ішла жорсткая — не на жыццё, а на смерць — вайна. А яна, закінутая не з свае волі ў далёкі і чужы для яе край, у гэты пякельны для краіны час турбуецца пра лёс свайго Алекса, хоча даведацца хоць што-кольвек пра яго. Скажыце, хіба такое парыванне не можа не выклікаць у сэрцы кожнага захаплення гэтай мужнай і пакуль гэтак мала знанай беларускай жанчынай! Рэабілітаваць Уласава яна лічыла сэнсам свайго жыцця.

Колішняя гамельчанка Алена Каёшка, сям'я якой была колісь у суседстве з Стэльмаховічамі — такое было дзявочае прозвішча Аляксандры Паўлаўны, — таксама згадала:

— Наведваючы нас у Менску, колькі нам нараспавядала пра свайго Алекса. Праз яе расповяды і мне вельмі блізкі і дарагі стаўся Ўласаў. Я проста закаханая ў яго!.. Арыстакрат! Разам з тым просты ў побыце. Няздарма ж ён называў сябе інтэлігентам з народу і для народу.

Пры нагодзе я пацікавіўся ў спадарыні Алены, ці ведае яна што-кольвек пра сыноў Уласава. Яны ж, малалетнія, таксама былі разам з матуляй на высылцы... То які ix лёс?

— Сыны Уласава! — у якімсьці одуме паўтарыла спадарыня Алена маю просьбу. — Што яны бачылі? Праз усё жыццё ў загоне. З малых гадоў разам з матуляй на ссылцы. А там што? Лесапавал, шафярня, мацюкі! Тры-чатыры класы адукацыі. Так-сяк напрактыкаваліся на лесапавале машыны вадзіць, машынамі кіраваць і вадзілі ix да скону жыцця. Адзін з ix, Дзіма, быў рыхцік бацечка. Ад улады аніякай увагі, ніякай падтрымкі... Жылі ў Гомлі.

Ужо абодвух няма. Засталіся толькі іхнія дзеці – Уласавы ўнукі ды жонкі-удовы. Яны таксама што-кольвек чулі пра свайго слыннага дзядулю. Ім пра яго найперш распавядала іхняя бабуля Аля. Аднаго Ўласавага ўнука нараклі гэтак жа, як іхняга легендарнага дзядулю, - Аляксандр Уласаў. Гэта Дзімаў нашчадак. Нарадзіўся ён у 1969 годзе. Ягоная матуля Ніна пераслала ў Мінск праз колішнюю гамельчанку Алену Каёшку колькі дакументаў з архіва Ўласавых. Сярод ix і нязнаны нікому яшчэ здымак Уласава на так званай Радашкаўскай фэрме, які змешчаны ў нашай кніжцы.

НІХТО НЕ МІНАЎ МІГАЎКІ

За часам і Ўласава Мігаўку называлі другой Вільняй. Блізкі сусед Уласава Міхась Шнэйдар, які шмат чаго распавёў мне пра Ўласава, пра Мігаўку, так і сказаў: «О-го-го, Мігаўка! За часамі Ўласава Мігаўка была другой Вільняй. Сюды завітвалі людзі з усёй Беларусі. I якія людзі! Тарашкевіч, Ядвігін Ш, Максім Танк, Рыгор Шырма, Язэп Драздовіч. Ведаў Мігаўку ў сваю пару і вядомы актор Фларыян Ждановіч з сваёй трупай. А колькі перабыло ў Мігаўцы настаўнікаў! Тут нават працавалі настаўніцкія курсы Заходняй Беларусі...

Уласаў быў галава. Ён хацеў падняць нацыянальную свядомасць беларусаў, каб беларусы ведалі, што яны беларусы, маюць сваю гісторыю, культуру і павінны паслугоўвацца найперш сваёй культурай, не стыдацца яе...»

Мігаўка за часамі Ўласава, паводле слоў Міхася Шнэйдара, была выдатным асяродкам беларускай культуры. Праз Уласава мігеўцы даведваліся пра ўсе навіны свету. Праз яго шмат хто быў асвечаны навукай, прагнуў ведаў. Шмат хто праз яго выбіўся ў людзі. Шмат хто карыстаўся бібліягэкай Уласава. Дзяўчынай не раз была ў доме Ўласавых і Вера Ўладыка — у шлюбе Галубовіч. Ёй помніцца, што ў самым вялікім пакоі кнігі былі праз усю сцяну. «Як зойдзеш, уся сцяна была ў кнігах, — згадвала яна. — Было там шмат кнігаў пра Беларусь, беларусаў, якіясь атласы, розныя газеты, часопісы... Былі ва Ўласа і набожныя, святыя кнігі».

У Мігаўку вялі людзей найперш беларускія клопаты. Гэта былі пераважна пабрацімцы Ўласава, яго аднадумцы, такія ж, як ён, летуценнікі. Усе яны шукалі ў Мігаўцы падтрымкі і знаходзілі яе.

Не раз завітваў у Мігаўку і Тарашкевічаў сын Славік. Яму таксама было цікава пагаманіць з дзядзькам Уласам. Не менш цікава было сустрэцца з Славікам і самому Ўласу. Уласаў глядзеў на Славіка Тарашкевіча з надзеяй. Ён часта згадваў яму пра ягонага тату і не раз казаў: «Будзь, як твой тата!» Славік Тарашкевіч для Ўласава быў увасабленнем будучыні нашай Беларусі.

Усе, хто наведваў Мігаўку Ўласава, пачувалі ў ягонай гасподзе як дома. Ядвігін Ш., прыкладам, у сваіх "Лістах з дарогі" так і занатаваў, што ў Мігаўцы Ўласава ён "добра і як дома выгодна перадыхнуў". У Мігаўцы добра сябе пачуваў і Браніслаў Тарашкевіч. Была ў мігеўскім Уласавым садзе невялікая хатка-старожка. То ў зацішку гэтай хаткі, кажуць, любіў на адзіноце пасядзець з сваімі паперамі і слынны наш мовазнаўца. Прытулак мелі ў Мігаўцы не толькі пілігрымы-адзіночкі, але і цэлыя людскія гурты. I ўсе пачувалі ва ўласавай гасподзе як дома: весела, нязмушана, у аўры гаспадаровых жартаў, анекдотак, досціпаў.

ПОЛЕ, ЗАСЕЯНАЕ СЛОВАМІ

Не адзін раз я наведваў Мігаўку і з тэлевізійнаю экіпаю. Здымалі самыя гожыя мігеўскія краявіды.

...Вось я, натхнёны, з усведамленнем, што хаджу па тых сцяжынках, па якіх хадзіў колісь самаахвярны беларускі асветнік, падымаюся на маляўнічы мігеўскі пагорачак. Сцежачка на ім з ад наго боку заціснута якімсь прыгрэбнікам, студняй пад стрэшкаю. З другога — каржакаватай ліпай. От якраз за імі ў сціплым дамку і прамільгнулі апошнія гады турботнага жыцця беларускага тытана. Некаторыя старонкі гэтага жыцця праз суседзяў Уласава згаданыя тут. А некаторыя гэтак і канулі ў Лету.

А тым часам камера вандруе па іншых мігеўскіх куточках, смакуе ix.

На гэтыя здымкі я ўзяў з сабою і ёмкі факсімільны гадавік «Нашай Нівы». Мне хацелася, каб Мігаўка адчула, што самаахвярная праца колішняга яе гаспадара не прапала намарна. На тую пару ўжо быў і «Слоўнік мовы «Нашай Нівы». Я і яго ўзяў з сабою ў Мігаўку. Мусіць, нездарма. Мой тэлевізійны нарыс меў афарыстычны назоў — «Мігаўка, або Поле, засеянае словамі...»

Заключны кадр таго нарыса:

...Праз Уласаў равок едзе раверыст. На багажні ягонага ровара гадавік «Нашай Нівы». Ён усталяваны гэтак, каб выразна чыталася назва на працягу ўсяго праезду. Менавіта гэты кадр зрэжысіраваў я. Мне дужа хацелася, каб згаданы кадр запомніўся гледачам назаўсёды, нагадаў ім пра тую тытанічную працу, якую зрабіў для Беларусі колішні гаспадар Мігаўкі Аляксандр Уласаў.

НАШАНІЎЦЫ Ў МІГАЎЦЫ

У сярэдзіне верасня 2003 года нашаніўцы нашага часу наладзілі сваю першую вандроўку ў Мігаўку Аляксандра Ўласава — першага рэдактара спадчыннай ім «Нашай Нівы». У гэтую вандроўку запрасілі і мяне. Я быў страшэнна ўсцешаны. Гэта паездка была патрэбна не гэтулькі мне, колькі маладым выдаўцам сучаснай «Нашай Нівы». Нас сабраўся гурт чалавек з дзесяць. Паехалі на двух легкавіках. Не паспелі агледзецца, як на старым віленскім тракце, праваруч, адразу за Радашкавічамі, паказальнік з мілай сэрцу назваю — Мігаўка. А за ім аж ледзь не да самай сядзібы дарога спрэс у бярозавых прысадах. Не ведаю, як каго, а мяне і сама назва, і ўвесь тутэйшы абшар гіпнатызуе. Тут жа жыў чалавек, нашчадак расійскага паштовага чыноўніка, якога прыслалі з расійскай глыбінкі праводзіць на Беларусі русіфікацыю і ўсталёўваць праваслаўе, а ён ахвяраваў сваё жыццё на сцвярджэнне самабытнасці Беларусі, яе незалежнасці.

Я ўжо не адзін раз наведваў Мігаўку. Але кожнае новае наведванне адкрывае штось новае і пра гэты кут, і пра самога колішняга гаспадара. Дый само жыццё не стаіць на месцы. Няма Ўласава, але на ягонай зямельцы жывуць людзі, якія пэўна што-кольвек чулі пра тытана беларускай думкі пачатку дваццатага стагоддзя. Урэшце, моладзі не менш цікава пазнаёміцца з тутэйшымі краявідамі. Яны ж таксама частка жыцця Аляксандра Ўласава, ягоных настрояў, а нават ягоных думак. І от прадаўжальнікі высакародных парыванняў Уласава — маладыя нашаніўцы — рассыпаліся па сядзібе светача беларускай ідэі. Побач з мною Андрэй Скурко, тагачасны намеснік галоўнага рэдактара «Нашай Нівы», і юная нашаніўская журналістка Вераніка Дзядок. Яна з фотаапаратам. Якраз гэтай парою выйшаў з свайго жытла Ўладзімір Грыгальчык. Ён летуе на колішняй сядзібе Аляксандра Ўласава.

— Зараз Мігаўка — гэта лецішча некалькіх менчукоў. Некаторыя з ix, як я, нарадзіліся тут, раслі, гадаваліся. Даўней жа гэта быў утульны фальварак Уласава. Апрача самога гаспадара і ягонай сям'і, тут жылі яго найміты і арандатары. Сярод ix і мой тата Ўладзімір Грыгальчык. Ён шмат чаго ведаў і расказваў пра Аўласа. Казаў, гэта быў чалавек, які жыў сам і даваў жыць і іншым. Ён быў такі пан, які хацеў, каб наш народ жыў у дастатку, годна, ведаў самога сябе, што ён тут гаспадар, а ніхто іншы, каб яго паважалі, шанавалі, прызнавалі. Адчыняў школы, гімназіі... Прагнуў асветы тутэйшаму люду...

Я прыгадаў... Неяк раз Уладзімір Грыгальчык распавядаў: як у Мігаўцы ствараўся калгас, уся Ўласава гаспадарка з сеялкамі, веялкамі, малатарнямі, арфамі, плугамі ды баронамі была канфіскавана. «Але мой тата, — распавядаў далей Уладзімір Грыгальчык, — укінуў адзін плужок у ямінку, прыкідаў яго розным ламаччам. Ды той плужок так і дастаўся яму і да гэтай пары ацалеў. Я і зараз сам ім карыстаюся...»

Я прашу спадара Ўладзіміра Грыгальчыка паказаць нам той рэліктавы плужок. Той трошкі аднекваецца: навошта? Плужок як плужок. Самы звычайны плужок-акучнік. I ўсё ж я настойваю: мо каму і звычайны, а для нас ён сучаснік Уласава, і спадар Грыгальчык трошкі нехаця, нібыта ўсё яшчэ не разумеючы, што мы знайшлі цікавага ў тым плужку, усё ж неўзабаве адкульсь выцягвае яго і выносіць на свой падворак. Я тут жа ўчапіўся за яго дзьвюма рукамі, а Вераніка Дзядок фатаграфуе мяне пры ім — пераможна шчаслівага, нібыта я сустрэўся з самім гаспадаром Мігаўкі!

Ужо каторы год у офісе «Нашай Нівы» над дзвярыма вісіць падкова. Вядома для чаго! Каб шчасціла! Каб шчасціла найперш «Нашай Ніве», яе чытачам. Вядома, і яе маладым працаўнікам і ўсёй Беларусі. Каб наша ніва духоўна радзіла. Калі б гэтая падкова была самая звычайная, дзе-небудзь на дарозе знойдзена, я б мо на ёй і не засяродзіў такой увагі. Праўда, і тады б яна сімвалізавала шчасце. А гэтая, што ў «Нашай Ніве», з самой Мігаўкі. Я быў сведкам гэтай знаходкі.

АБЛОГА

Гэта відавочна: Аляксандр Уласаў, колішні рэдактар першай беларускай газеты дваццатага стагоддзя, — адна з самых самавітых постацяў на Беларусі: асветнік, дзяржаўны дзеяч, эканаміст, выдавец. Гэта ён разам з сваімі аднадумцамі абудзіў праз сваю газету прыспаную Беларусь. Ці адчувае гэта наша сённяшняя грамада? Калі адчувае, то дзе і як гэта адзначана? А вось гэтага якраз пакуль нідзе і ніяк выразна не акрэслена, не падкрэслена, нават нашамі «ура-патрыётамі» — мастакамі, нашымі майстрамі пэндзлю. Створана колькі твораў пра нашаніўцаў. Найбольш значныя сярод ix — «Нашаніўцы» Л. Асядоўскага, «Віленскія сустрэчы» М. Савіцкага. Нашаніўцам прысвечана і палатно мастакоў Яўгена Ціхановіча і І. Давідовіча. Яно так і называецца: «Янка Купала і Змітрок Бядуля ў рэдакцыі «Наша Ніва». На гэтых палотнах ёсць ўсе — Янка Купала, Якуб Колас, Зміцер Жылуновіч, Максім Багдановіч, Алаіза Пашкевіч — Цётка, Змітрок Бядуля, Кастуся Буйла, Уладка Станкевічанка, Ядвігін Ш. І няма толькі таго, хто быў ля вытокаў «Нашай Нівы», хто быў шмат гадоў яе рэдактарам, згургаваў і абудзіў творчыя і нават палітычныя сілы Беларусі. То ці ж гэта нядзіўна?!

Такое можа быць хіба толькі ў беларусаў. Засяроджваю на гэтым увагу нашых мастакоў! А ягонае жыццё дае шмат імпульсаў на стварэнне цэлай Уласаніяны. I тэма «Уласаў у выяўленчым мастацтве» пакуль што ляжыць аблогаю. Голас Уласава, ягоныя парыванні пакуль не дайшлі да нашых мастакоў.

УЛАСАЎ У КОЖНАЙ ХАЦЕ

Вандруючы па Мігаўцы і яе акаліцах, я кожнага, з кім гутарыў, з кім сустракаўся, хто мне што-кольвек распавёў, надзяляў партрэтам колішняга гаспадара Мігаўкі. Нарабіў на ксэраксе колькі дзесяткаў яго падабізнаў і шчодра раздаваў ix мігеўцам. Яны ахвотна бралі партрэты і казалі:

— Добры быў чалавек! А добраму чалавеку мейсцейка на куце! — і ставілі ягоную падабізну на пачэснае месца.

Надзяліў падабізнай Уласава і Ўладзіміра Грыгальчыка, бацька якога якраз збудаваўся на колішнім хатнішчы Ўласава. Хай і тут будзе яго вечная прысутнасць!

Спадар Уладзімір акуратненька паставіў Уласаву падабізну на кутні столік пра святой кнізе і сказаў:

— У буднія дні я ў Мігаўцы амаль не бываю. То будзе тут за гаспадара!

Мігеўцы, як ужо згадвалася, за вочы называлі Ўласава Ўласам, Аўласам. А як жа яны звярталіся непасрэдна да яго?

— Як хто, як калі! Калі пане Ўласаў. А калі з імем і па бацьку — Аляксандр Мікітавіч ці проста Мікіціч... А хто-ніхто, падлеткі і дзеці, звярталіся да яго проста – дзядзька Ўласаў. Усё залежала хто да яго звяртаўся і пры якіх абставінах. А самае галоўнае, імя Ўласава заўсёды прамаўлялася мігеўцамі з вялікай пашанотай, сардэчна, і ён гэта адчуваў.

ЗНАХОДКА

Грыгальчыкі прыбіліся ў Мігаўку ні то з Вязынкі, ні то Повязыні. Прыбіліся даўно, яшчэ за часамі Ўласава, за побытам Уласава. Шмат гадоў яны шчыравалі на мігаўскіх ніўках, абраблялі ix. Варочалі ix і плугам, і рыдлёўкай. А ці мелі якія знаходкі? Старыя ж фальваркоўскія сядзібы, усе, без выключэння, тояць у сваіх нетрах хоць якія таямніцы, нават скарбы. То ці знаходзілі хоць-кольвек што?

— Што-кольвек знаходзілі. – кажа Ўладак. — Але да скарбаў пакуль не даходзіла. Аднаго разу наша дачка Таня знайшла на градах срэбную лыжку. Знайшла і здзівілася: гэтулькі гэтыя грады капалі-перакопвалі і ніякая лыжка не траплялася, а тут раптам на табе — адкуль не вазьміся вынырнула — цяжкая такая, чыстая, як душа Ўласава. Нават не акіслілася... Ні кропелькі.

Параўнанне чысціні срэбранай знаходкі, "нават не акіслілася", з душою Ўласава, думаеца, вельмі трапнае. Так, усе парыванні ягонай душы і сёння для нас надзённыя. Таму і наша цікавасць да постаці Ўласава такая трапяткая.

УЛАСАЎ? ЯКІ ЎЛАСАЎ?

Я ўжо не раз згадваў: па Ўласаўскіх мясцінах, па яго колішніх сцежках у ваколіцах Мігаўкі я вандраваў з Міколам Лавіцкім. Калі нам трапляліся стрэчныя падарожныя, мы не прапускалі ix. І найпершае пытанне да ix было: «Ці не чулі яны што-кольвек пра Мігаўку? Калі чулі, то дзе тая Мігаўка?.. І ці даедзем мы гэтай дарогай да тае Мігаўкі..?» Калі чалавек казаў, ведае, дзе тая Мігаўка, то пыталіся, ці быў ён хоць калі там.

— Быў, былі, — казалі, — сена там колісь касілі. Сенакос там быў.

— А калі тое было?

— Ды за калгасамі.

— А ці пра Ўласава чулі? — пытаемся мы ў таго, хто Мігаўку ведаў.

Найчасцей нашы пытанні выклікалі непаразуменне:

— Пра якога Ўласава вы пытаецеся? Пра таго, што савецкае войска немцам здаў? Навошта ён вам?

— Ды не, — пярэчылі мы. — Пра таго Ўласава, што на Мігаўцы сядзеў?

— Дык гэты Аўласам зваўся.

— Ну, хай сабе Аўлас ці Ўлас. То ці не бачылі гэтага Ўласава хоць калі? Што ведаеце пра яго?

Трапляліся нам і такія стрэчныя, якія на пытанні, ці чулі яны што-кольвек пра Ўласава, казалі: «А як жа! Чулі! Хто ж Сяргея Міхайлавіча не ведае!

— Прычым тут Сяргей Міхайлавіч! — ужо недаўменна пярэчу я.

— Дык наш Сяргей Міхайлавіч і ёсць Уласаў. Ён наш заразшні старшыня пасялковага савета.

Вунь яно што! Але і ж шчасціць Радашкавічам на Ўласавых!

ГАРАСКОПЫ ЎЛАСАВА

Неяк адзін год мы з Міколам Лавіцкім дамовіліся наведаць Мігаўку Ўласава ў дзень яго народзінаў. Пачалі рыхтавацца да свае вандроўкі.

А калі хапіліся, дык і разгубіліся: дата народзінаў у розных крыніцах розная. У даведніку «Беларускія пісьменнікі» — 16(28) жніўня. A ў польскім пашпарце Ўласава, што перахоўваецца ў Літаратурным музеі Янкі Купалы, — 10 жніўня. Разыходжанне нібыта нязначна але для гараскопаў істотнае. Калі дата народзінаў Уласава 10 (22) жніўня, ён трапляе пад знак Рака, а калі ж 16 (28) — дык ён Леў.

Паводле розных характарыстыкаў сучаснікаў Уласава, ён хутчэй нарадзіўся пад знакам Рака. От, прыкладам, як характарызавала Ўласава ягоная пляменніца: «У ім неяк арганічна спалучаліся лянота, марудлівасць і незвычайная энергія, апантанасьць». Гараскоп кажа, шго Ракі — людзі эмацыйныя, даверлівыя, адначасова апантаныя, марудлівыя, але неадступна ўпартыя.

Аўтар артыкула пра Ўласава ў даведніку «Беларускія пісьменнікі» — Генадзь Кісялёў. Тэлефаную яму, кажу пра свае назіранні. «Калі пісаўся артыкул пра Ўласава, я пра пашпарт нічога не чуў... Карыстаўся якімісь даведнікамі. Паглядзіце, якія звесткі даюць пра дату народзінаў папярэднія крыніцы...»

Паглядзеў... «Беларуская савецкая энцыклапедыя» 1974 г. наогул пра рэдактара «Нашай Нівы» не згадвае. У гэтым даведніку шмат самых розных іншых Уласавых — партызанаў, воінаў... Няма толькі ні радочка пра нашага асветніка.

Зазірнуў у Купалаўскі даведнік. Там ёсць невялікі артыкульчык пра Ўласава, але даты яго народзінаў няма, толька гады жыцця: 1874-1941.

Не значыцца дата народзінаў Уласава і ў следчай справе. Застаецца толькі зазірнуць у найноўшыя энцыклапедычныя даведнікі — «Беларускую мову», гістарычную энцыклапедыю і «ЭЛіМБел».

Але расчаравалі мяне і найноўшыя даведнікі. Прыкладам, энцыклапедыя «Беларуская мова» не дала хоць якога артыкульчыка пра Ўласава. Пра «Нашу Ніву» дала, а пра ўклад яе апекуна ў станаўленне літаратурнай мовы — ані слова.

Першай падала артыкул пра А. Ўласава (1987 г.) энцыклапедыя «Літаратура і мастацтва». Там значыцца дата народзінаў — 16 жніўня 1874. Гэтую дату паўтарыла і гістарычная энцыклапедыя.

Тэлефаную зноў Генадзю Кісялёву. «Як бы яно там ні было, якія б звесткі ні давалі даведнікі, пашпартную дату трэба ўлічыць», — раіць слынны беларускі даследнік.

Улічваем!

Што да мяне, дык я неяк сымбалічна прывязаў год народзінаў Уласава да скульптурнага фантану «Хлопчык з лебедзем» ля Купалаўскага тэатру. На ім значыцца лічба — 1874. Якраз год народзінаў Уласава.

НАЙМІТЫ З МАЛДОВЫ

Частае наведванне Мігаўкі адкрывала ўсё новыя і новыя яе старонкі, часам зусім нечаканыя, як гэтая. От едзем мы з Міколам на сваіх равэрках і, як заўсёды, пра тое ды пра сёе гамонім. Раптам здалёк бачым на колішніх Уласавых сенажацях нязвыклую моц народу. Яны рухаліся дружным, як касцы, шнурам з глыбіні мігеўскіх лугоў да тракту насустрач нам. Напачатку я такі падумаў: ці сена косяць ці накосы варушаць, варочаюць, каб тое сена хутчэй падсыхала. Але прыгледзеўся: а гэта ж яны бурачкі полюць, а заадно акучваюць ix. І гэтак дружненька завіхаюцца, што люба на ix паглядзець.

— Гэта ж, — патлумачылі нам, — малдаване. У ix няма працы, дык яны нам памагаюць.

Ці думаў калі Ўласаў, што ягоныя лугі будуць абрабляць людзі з іншых, няблізкіх адсюль краёў. Самі ж усе мігеўцы, нашчадкі колішніх суседзяў, амаль усе парабіліся дачнікамі. Жывуць у Мінску, a ў Мігаўку наязджаюць толькі на выходныя дні. То ім ужо не да сена. У ix ужо зусім іншы ўклад жыцця, чым быў у іхніх продкаў

НА МІГАЎЦЫ ПАСАДЗІЎ СЭРЦА

Спазнаючы Мігаўку, унікаючы ва ўсе жыццёвыя перыпетыі Ўласава, я перажываў за Ўласава. Не адзін раз абураўся, пратэставаў: такога чалавека перавялі! Пасля адной такой вандроўкі ў Мігаўку я пачуў сябе кепска. Зайшоў у паліклінніку, і мяне адгуль хугкай дапамогай завезлі ў кардыялогію, прызналі хранічную арытмію сэрца. З тае пары я ў Мігаўку на равэрках больш не езджу. Адно праглядаю свае тэлевізійныя запісы. Задавальняюся тэлевізійнымі вандроўкамі па Мігаўцы ды прыгадваю абсурдна здзеклівы запіс: «Уласаў памёр з атлушчэння — «ожирения» сэрца».

Божа! На астрожных харчах ды «ожирение сердца».

Больш, мусіць, здзеклівага дыягназу не прыдумаць!

СОН

Трыццатага жніўня 2005 года. Сніўся Ўласаў. У Мігаўцы. Сярод людзей. З яго праменілася дабрыня, лагода. Людзі шчыра гарнуліся да яго. Ім хацелася пачуць ад яго штось новае, ягонае меркаванне пра наша жыццё-быццё.

Сон гэты быў нядоўгі, імгненны. Але гэтую дабрыню Ўласава адчуў і я.

Раніцай распавёў пра гэты сон жонцы.

— Ты ж яго ніколі не бачыў.

— Так, не бачыў, але ён жыве ў маім сэрцы і душы кожны дзень.

— Што ён табе казаў? — пацікавілася яна. — Мо пытаўся, калі ты пра яго кніжачку скончыш?

— Не, пра гэта не пытаўся... Але я зразумеў: гэты сон — нагадка, знак боскі пра гэты мой абавязак.

ЛЮДСКОЕ ВОДГУЛЛЕ

Пра шмат чаго гаварылася пры сустрэчах з суседзямі і землякамі Ўласава. Гаварылі і пра ўшанаванне імя гэтага самаахвярнага сына Беларусі. А яно, як вядома, пакуль аніяк не ўшанавана: ні ў Мігаўцы, ні ў Радашкавічах, ні ў Маладэчне, ні яшчэ дзе. То ці рабіліся, ці робяцца якіясь захады землякамі Ўласава для гэтага ўшанавання? Ці нагадвалі яны пра гэта хоць калі ўладзе?

Пачуў: казалі, шчэ колькі казалі! Пра гэта нават газеты пісалі, але наша казанне адскоквае, як гарох ад сцяны! Адзін тут калісь шмат чаго таксама казаў, казаў за праўду. Але дзе ён цяпер? Каму гэта цяпер у галаве?!

Апошняя рэпліка гучала з выразным намёкам на колішняга гаспадара Мігаўкі.

Так, ён шмат гаварыў і дбаў пра Беларусь. Але дзе за гэтае ягонае самаахвярнае змаганне ўладная ўдзячнасць? Дзе?

Гэтыя мае словы да вас, землякі і суседзі Ўласава! І да цябе, увесь наш народзе!

P.S.

Калі гэтая кніжачка была ўжо звярстаная, нам паведамілі: у Варшаве, у будынку Польскага Сойму, колькі гадоў таму ўсталявана мемарыяльная дошка, на якую занесены імёны колішніх сенатараў, якія ў розныя часы былі рэпрэсаваны ці загінулі падчас апошняй вайны. Сярод гэтых імёнаў значыцца і імя Аляксандра Ўласава. Яно, прынамсі, засведчана ў польскай і беларускай транскрыпцыі.

ПАСЛЯСЛОЎЕ

Постаць Аляксандра Ўласава з успамінсіў яго колішніх мігеўскіх суседзяў і знаёмых, згаданых тут, паўстае самабытная. Але наколькі яна самабытная, нагэтулькі і глыбінная. Праз яго, побач з ім прайшлі жыцці сотні беларускіх постацяў не меншай велічыні. Сярод іх — Эпімаха-Шыпіли, Вацлава Ластоўскага, Фабіяна Шантыра, Алеся Бурбіса, Язэпа Лёсіка, Алеся Гаруна, Язэпа Дылы, Алеся Чарвякова, Зміцера Жылуновіча, Рыгора Шырмы, Гальяша Леўчыка ды шмат-шмат каго іншых. Іхнія згадкі пра Ўласава, калі б яны былі ў сваю пару занатаваныя, высветлілі б грамадскую веліч Уласава яшчэ больш яскрава. Гальяш Леўчык, прыкладам, быў сенатарскім сакратаром Уласава. Але, на вялікі жаль, амаль усе згаданыя постаці былі самі рэпрэсаваны. Іхнія светлыя імёны, як і самога Ўласава, былі кінуты на забыццё. Але засеяныя імі беларускія палеткі не змарнелі, не зараслі дзірваном. Змарнець ім не дае найперш наша самаахвярная моладзь. Гэта яе высілкам і ў 1991 годзе адноўлена легенда беларускага друку «Наша Ніва». Сёлета якраз сотая гадавіна з часу выхаду першага нумару. Ці думаў хоць калі, ці спадзяваўся яе першы легендарны рэдактар, што ягоныя засеўкі аж да гэтае пары будуць даваць беларускай грамадзе свой плён?!

A, пэўна, што так! Гэта ён пераконваў і самога сябе і іншых: вера горы варочае! От гэтай вераю жывяцца і нашаніўскія нашчадкі початку дваццаць першага стагоддзя і спраўна выдаюць нумар за нумарам легенду нашага друку «Нашу Ніву». І гэта адна з самых высокіх праяў павагі да легендарной постаці Аляксандра Ўласава. Ён знаўся з шматлікімі выдатнымі постацямі свету. Сярод ix — з Максімам Горкім, акадэмікам Аляксеем Шахматавым. I ад усіх ix ён меў падтрымку. Быў у перапісцы з такімі светачамі навукі, як Яўхім Карскі, Іларыён Свянціцкі, Міхаіл Федароўскі...

Але пра гэта распавядзе ўжо хтось іншы.

Загляне сонца і ў наша ваконца!

Падрыхтаванае на падставе: Уладзімір Содаль, Волат з Мігаўкі. Успаміны землякоў пра Аляксандра Ўласава, — Мінск: В. Хурсік, 2007, —144 с., іл.

ISBN 978-985-6718-68-0

УДК 323.281+929 Аляксандр Уласаў

Постаць Аляксандра Ўласава досыць знаная беларускай грамадскасці: першы беларускі эканаміст новага часу, які пісаў па-беларуску. Нязменны, аж да 1914 года, рэдактар першай беларускай газеты «Наша Ніва» з малюнкамі. Дэлегат першага Ўсебеларускага кангрэсу 1917 г. Сябра Прэзідыума Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Сенатар Польскага сойму ад Беларусі. Грамадовец. Пра гэта напісаны розныя даследаванні, артыкулы, нарысы. Маем сціслыя ўспаміны і самога Аляксандра Ўласава. А вось якім ён запомніўся ягоным суседзям — мігеўцам, пра гэта яшчэ нідзе і ніколі не згадвалася. А дарэмна! Якраз у гэтых успамінах Аляксандр Уласаў паўстае перад намі ў самых розных праявах: часам наіўны, часам занадта даверлівы, як дзіця, але заўсёды чуйны да людскіх клопатаў, да ix патрэбаў. Пра гэта якраз згадкі колішніх суседзяў Уласава — мігеўцаў і тых, каму выпала спатыкацца з ім.

Copyright © 2013 by Kamunikat.org - ePub

Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

Комментарии к книге «Волат з Мігаўкі», Владимир Ильич Содаль

Всего 0 комментариев

Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства