«Жыў роднай песняй»

552

Описание

Ён быў шчыра і самаахвярна закаханы ў справу свайго жыцця, у родную беларускую песню, у музыку і ў свой народ. Імя гэтага чалавека сёння амаль забыта. Гэта Антон Міхайлавіч Валынчык (1896-1985) — беларускі кампазітар, харавы дырыжор, музычны дзеяч, педагог, заслужаны работнік культуры Беларусі. Сяргей Чыгрын у сваёй кнізе распавядае пра жыццёвы і творчы шлях Антона Валынчыка, вяртаючы з небыцця гэтае імя.



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Жыў роднай песняй (fb2) - Жыў роднай песняй 132K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Сергей Николаевич Чигрин

Сяргей Чыгрын ЖЫЎ РОДНАЙ ПЕСНЯЙ

Падрыхтаванае на падставе: Сяргей Чыгрын, Жыў роднай песняй: Нарыс пра беларускага харавога дырыжора, кампазітара і педагога Антона Валынчыка — Мінск: Кнігазбор, 2010

© Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2010

З Мяльканавіч да Лунінца

На Беларусі няма ніводнага такога кутка, які б не меў сваіх слаўных сыноў ці дачок, імёны якіх навечна звязаны са сваёй маленькай радзімай. Сярод іх пачэснае месца на Слонімшчыне займае беларускі кампазітар, музыкант, харавы дырыжор, педагог, заслужаны работнік культуры Беларусі Антон Валынчык (1896-1985), які нарадзіўся ў вёсцы Мяльканавічы. Сама вёска знаходзіцца недалёка ад Слоніма. Упершыню яна ўпамінаецца ў XVI стагоддзі як сяло, цэнтр Мяльканавіцкага войтаўства, дзяржаўная ўласнасць у Слонімскім старостве Вялікага Княства Літоўскага.

У 1852 годзе ў Мяльканавічах было адкрыта народнае вучылішча, якое скончыў бацька Антона Міхась Валынчык. У сям’і Валынчыкаў было некалькі сыноў. Адзін з іх у 1920-1930-х гадах займаўся палітыкай. Польскія ўлады яго арыштавалі і трымалі за кратамі. А калі юнак моцна захварэў на сухоты, выпусцілі на волю, дзе праз некалькі месяцаў ён памёр. Аб гэтым казаў на мітынгу ў Мяльканавіч у верасні 1939 года сам Міхась Валынчык. “Мне было 9 гадоў. Але я памятаю той мітынг і бацьку Антона Валынчыка — высокага, худога. І памятаю таксама ягоныя словы пра сына”, — сказаў неяк пры сустрэчы мне кандыдат філалагічных навук, перакладчык Уладзімір Сакалоўскі, які таксама родам з Мяльканавіч.

Другі сын Міхася Валынчыка Антон нарадзіўся 23 ліпеня 1896 года ў Мяльканавічах. У 1910 годзе хлопчык скончыў Жыровіцкае духоўнае вучылішча. Гэта вучылішча рыхтавала хлопцаў на дзякаў, кіраўнікоў царкоўных хораў і настаўнікаў парафіяльных школ. Спевы і ігра на музычных інструментах былі там на першым месцы. Менавіта ў вучылішчы Антон Валынчык навучыўся добра іграць на скрыпцы.

Пасля заканчэння вучылішча, займаўся на двухгадовых настаўніцкіх курсах у Гродне. Там, у горадзе над Нёмнам, ён таксама браў урокі музыкі ў кампазітара Банькоўскага.

Калі пачалася Першая сусветная вайна, Антон Валынчык быў мабілізаваны на вайну. У вольны ад баёў час, малады салдат улаткаваўся яшчэ рэгентам вялікага салдацкага хору рускай арміі.

Калі сын знаходзіўся на фронце, ягоныя бацькі з роднай вёскі Мяльканавічы былі эвакуіраваныя ў Курскую вобласць Расіі. Пасля вайны Антон паехаў да іх, але там яму не спадабалася, і ён хутка вярнуўся на Бацькаўшчыну. З цягам часу дамоў прыехалі і яго бацькі.

Па дарозе на Беларусь, Антон спыніўся ў Ветцы і знайшоў працу на будоўлі ў аднаго багатага чалавека. Калі дом пабудавалі, ён вырашыў завітаць у Гомель. Вельмі хацелася хлопцу спяваць. Ідзе па Гомелі і бачыць цэркаўку. Зайшоў туды. Чуе — там спяваюць, але тэнары вельмі слабыя. Вырашыў ім дапамагчы. Непрыкметна зайшоў на клірас. Пасля будоўлі сам — брудны, замучаны. Усе ў царкве сталі на яго пазіраць. А ён, як заспяваў!..

Пасля службы да Антона Валынчыка падыйшлі некалькі святароў і пытаюцца: “Хто ты такі?”. “Проста рабочы”, — адказвае Антон. Святары не вераць. “Вось мае рабочыя рукі”, — паказвае ім юнак[1].

Яшчэ некалькі хвілін з ім гутарылі святары, але канкрэтных прапаноў ад іх Антону так і не паступіла. Ён зноў вярнуўся ў Ветку. Працаваў там да зімы. А ў адзін з марозных дзён у горад на санях прыехаў святар і забраў Валынчыка ў Гомель. Яго прывязлі ў вялікі горад, напаілі гарбаткай і паклалі спаць. На другі дзень гаспадар кватэры, дзе начаваў Антон, апрануў яго ў свой касцюм і павёў у галоўнае ўпраўленне таварыства Чырвогага Крыжа. Там хлопец сустракае начальніка цягніка Чырвонага Крыжа, які яго нядаўна вёз са Смаленска ў Гомель. Гэты начальнік запрашае слонімскага юнака на працу статыстам ва ўпраўленне Чырвонага Крыжа. І Антон Валынчык з радасцю пагаджаецца.

Тут ён з цягам часу знаёміцца з харавым дырыжорам Аляксандрам Ягоравым, які пазней стане прафесарам Ленінградскай кансерваторыі. Гэта знаёмства перарасло ў асабістае сяброўства, а работа ў хоры пад кіраўніцтвам Ягорава вельмі шмат дала Валынчыку як музыканту. Цікавыя сустрэчы ў Гомелі адбываюцца ў Валынчыка з кампазітарамі Туранковым, Аляксандравым і іншымі. У іх малады Валынчык вучыцца дырыжыраванню і музыцы ў цэлым.

У 1919 годзе Антон Валынчык вырашыў вярнуцца на родную Слонімшчыну. Але ў раёне Лунінца ён трапляе ў паласу ваенных дзеянняў, якія распачаліся паміж польскімі войскамі і савецкімі. А 10 ліпеня 1919 года Лунінец поўнасцю занялі палякі і юнак нечакана становіцца грамадзянінам іншай дзяржавы.

Там, у Лунінцы, Валынчык хутка атрымлівае дыплом настаўніка народных вучылішчаў і да 1924 года працуе ў прыватным рускім рэальным вучылішчы настаўнікам.

Лунінецкае прыватнае рускае рэальнае вучылішча да 1917 года было чыгуначнай школай. Але палякі яе зачынілі. Тым не менш, на той час у Лунінцы было шмат рускіх, якія стварылі рускае дабрачыннае таварыства. Гэтае таварыства было даволі актыўным. Яно мела ў Лунінцы сваю бібліятэку, выпісвала рускія газеты і часопісы з іншых краін, актыўна патрымлівала сувязі з рускімі арганізацямі ў многіх гарадах Польшчы. Але польскія ўлады перашкаджалі прарускай дзейнасці. І ўсё ж актывісты рускага дабрачыннага таварыства намаганнямі фундатараў ствараюць у Лунінцы рускае прыватнае рэальнае вучылішча, якое польскія ўлады называлі “гняздом бальшавізму”. У гэтае “гняздо бальшавізму” трапіў і Антон Валынчык. Ён выкладаў там спевы і адначасова быў рэгентам у мясцовай царкве. Менавіта ў Лунінцы Антон Валынчык пачаў больш сур’ёзна разважаць пра жыццё, Бацькаўшчыну, і пра родную мову і культуру. Ён палічыў сваім абавязкам дапамагаць менавіта беларусам, а не рускім, і перш за ўсё беларускай моладзі, актыўна далучацца на свету нацыянальнай музыкі. І што рабіць гэта трэба на кожным уроку спеваў, на кожнай рэпетыцыі харавых гурткоў для дарослых. Рабіць цярпліва, настойліва і апантана. І ён старанна рабіў, працаваў, шукаў. З Лунінца пачаліся самыя актыўныя гады яго музычна-асветніцкай дзейнасці. Пра яго прафесійную педагагічную і музычную дзейнасць ведалі ўжо многія настаўнікі Заходняй Беларусі. А ў 1924 годзе дырэкцыя Клецкай беларускай гімназіі запрасіла Антона Валынчыка да сябе на працу. І ён пагадзіўся.

У Клецкай беларускай гімназіі

Клецкая беларуская гімназія была арганізавана і пачала сваю працу ў 1923 годзе ў Нясвіжы. Напачатку былі адчынены 4 класы. Гімназія знаходзілася на Альбянскай вуліцы ў доме Дылеўскіх. Першымі настаўнікамі гімназіі былі Рыгор Якубёнак, Франц Шнаркевіч, Вячаслаў Арэнь, Ганна Малойла.

Але ў Нясвіжы гімназія праіснавала толькі адзін год. У 1924 годзе яна перабралася ў Клецк. Спачатку гімназія знаходзілася ў доме Паповічаў у канцы Нясвіжскай вуліцы. Было адчынена пяць класаў. Дырэктарам гімназіі быў Рыгор Якубёнак. І тыя настаўнікі, якія працавалі ў Нясвіжы, таксама пераехалі ў Клецк, акрамя Шнаркевіча, які падаўся ў Вільню.

У 1926 годзе Рыгору Якубёнку ўдалося наняць памяшканне на Татарскай вуліцы, куды і пераехала гімназія. У ёй пераважна вучылася сялянская моладзь з ваколіцаў Клецка, а таксама вучні з Нясвіжскага, Баранавіцкага, Лунінецкага і Слонімскага паветаў. Невялікую колькасць вучняў складалі дзеці святароў і дзякаў.

Аплата за вучобу ў гімназіі была невялікая. Ды і то аплочвалася вучнямі не вельмі рэгулярна, бо вучылася там сялянская бедната. Таму дырэкцыя гімназіі мела вялікія матэрыяльныя клопаты, а настаўнікі-беларусы працавалі ахвярна, зарабляючы часам толькі па 50 злотых у месяц, а гэтых фінансаў хапала толькі на харчаванне і аплату за жыллё. Ахвярна працаваў і дырэктар гімназіі Рыгор Якубёнак.  Ён выкладаў у старэйшых класах матэматыку, роднае слова і гімнастыку. Акрамя гэтага знаходзіў час на працу ў сталярцы, дзе сам асабіста рамантаваў вокны, дзверы, парты.

Адносіны паміж вучнямі і настаўнікамі былі ў гімназіі вельмі шчырымі. Гэта была адна сям’я. Вучні вельмі добра разумелі ахвярную працу настаўнікаў. Клецкая беларуская гімназія тады была сапраўднай кузняй беларускага нацыянальнага выхавання.

У гімназіі існавалі літаратурны і драматычны гурткі, хор і аркестр. Тут вельмі часта ладзіліся розныя мерапрыемствы. Асабліва ўрачыста адзначаліся святкаванні 25 Сакавіка — Дзень Беларускай Народнай Рэспублікі. Вось я згадвае пра свята нехта В.К. у газеце “Беларус” за 1964 год: “25-га сакавіка 1929 года. Прыгожае сонечнае надвор’е. У Клецкай беларускай гімназіі вольны дзень ад навукі, але ў пакоі чацвёртага класа кіпіць гарачая праца. Вучні старэйшых класаў прыйшлі ўпрыгожыць залу да ўрачыстай акадэміі. На фронце залы крывіцкая Пагоня заняла сваё пачэснае месца. Паабапал яе два бел-чырвона-белыя сцягі. Пад Пагоняй вялі надпіс: “Няхай жыве Беларуская Народная Рэспубліка!”. Вакол на сценах прыбраныя партрэты беларускіх паэтаў і пісьменнікаў: Купалы, Коласа, Багдановіча, Гаруна, Бядулі і іншых.

Угодкі незалежнасці Беларусі ўрачыста святкаваліся гімназіяй штогод. Ад пачатку яе заснавання. Але 1929 год адзначаўся асабліва ўрачыста па дзвюх прычынах. Першая, у гэтым годзе рыхтаваўся выпуск 16 васьмікласнікаў, у тым ліку і аўтар гэтых успамінаў. Другая, у той час Клецкая беларуская гімназія мела добры струнны аркестр і надзвычайна моцны і прыгожы хор пад кіраўніцтвам вядомага беларускага дырыгента-кампазітара Антона Валынчыка.

У дзве гадзіны дня пачалася акадэмія. Паміж грамады 180 вучняў прайшоў педагагічны персанал, які заняў месца ў прэзідыуме… Акадэмію адкрыў дырэктар гімназіі Рыгор Якубёнак, які коратка праінфармаваў ўсіх аб беларускім свяце незалежнасці. Магутны і прыгожы хор выканаў нацыянальны гімн “Не пагаснуць зоркі ў небе…”. Глыбока запалі ў душу моладзі словы “Не загіне край забраны, пакуль будуць людзі”. Пасля гімна дырэктар расказаў аб гістарычных падзеях і Акце 25 Сакавіка.

Пасля ўрачыстай часткі пачаўся канцэрт. Моцна гучаць песні Антона Валынчыка, напісаныя ім у Клецку. Гэта такія песні, як “За праўду”, “Устаньце, хлопцы”, “Не бядуй”, чароўная сваім выкананнем песня “Ліпы старыя” і іншыя. Песні перапляталіся дэкламацыямі патрыятычных вершаў беларускіх паэтаў. Акадэмія скончылася кароткім словам дырэктара…”.[2]

У Клецкай беларускай гімназіі Антон Валынчык першым чынам узяўся за арганізацыю хору. І яму гэта ўдалося. Хор налічваў 60 вучняў.[3] За тры месяцы працы Валынчыку ўдалося наладзіць у гімназіі першае выступленне хору. Дасканала выкананыя беларускія песні, пераважна самога кампазітара і дырыжора, мелі вялікі поспех. Пры дапамозе хору гімназія праводзіла шырокую нацыянальна-культурную працу як у самім Клецку, так і ў навакольных вёсках. А ў 1928 годзе Антон Валынчык арганізаваў у гімназіі яшчэ і струнны аркестр, які налічваў 50 чалавек. Часта наладжваліся канцэрты, выступленні, гастролі, а грошы папаўнялі пустую касу гімназіі.

Пяцігадовая праца ў Клецкай беларускай гімназіі для Антона Валынчыка была самым шчаслівым перыядам яго жыцця. ”У мяне назаўжды ў памяці Клецкая гімназія. Там неяк усё было па-асабліваму, там выкладчыкі і навучэнцы жылі адной сям’ёй — душа ў душу. Якубёнак… гэта быў цудоўны, рэдкі, дзівосны, непараўнаны чалавек, папраўдзе родны бацька дзецям. Ён аддаў ім душу, час, сродкі, усе свае здольнасці, думкі і мары. Я з дзецьмі займаўся хорам, мы ставілі драмы, у гімназіі быў аркестр. Валодзя Гуль — кантрабасіст, актывісты хору — Мароз, Шыдлоўскі… Арэнь Барыс — цудоўны бас, Валя Тычына — альт… Але ў гімназію пастаянна прысылалі паганых інспектараў. Мэтай было закрыццё гімназіі. Памятаю, у 1929 годзе прыслалі паганых інспектараў. Мэтай было закрыццё гімназіі. Памятаю, у 1929 годзе прыслалі з Віленскага кураторыума інспектара Мяноўскага — вельмі гадкага чалавека. Хадзіў на ўрокі, прыдзіраўся да дробязей, даводзіў выкладчыкаў да непрытомнасці. А я даведаўся, што ён украінец… І вечарам мы як далі яму канцэрт на паўгадзіны! Праспявалі і знакамітую “Кобзу” Давыдоўскага, і “Відзьма”. Ну, і беларускія таксама: “Ліпы старыя”, “Касцы”[4] (гэта мае), народных вельмі многа. Ведаеце, “Ліпы старыя” я пісаў у 1927 годзе, калі быў страшна хворы, з высокай тэмпературай, у стане трызнення. Лепшая мая рэч… А наконт Мяноўскага… Мабыць, здолелі мы яго праняць да душы. Ён нават расчуліўся і доўга дзякаваў. І галоўнае — ніякіх дрэнных наступстваў візіту! А наогул у гімназіі спявалі многа, ахвотна. Спявалі і мае: “Як на свет нарадзіўся Янка”, “Зайшло ўжо сонейка”, “За праўду”, “Устаньце, хлопцы”… Усё ж такі гэта быў цудоўны час…”, — прыгадваў у сваіх успамінах Антон Валынчык.[5]

У пачатку 1990-х гадоў неяк пры сустрэчы запытаўся ў слонімскага паэта Анатоля Іверс (Івана Дарафеевіча Міско) пра Антона Валынчыка. Тым больш, што паэт ў канцы 1920-х гадоў вучыўся ў Клецкай беларускай гімназіі. Іван Дарафеевіч, падумаўшы, пагадзіўся мне расказаць пра свае сустрэчы з Антонам Міхайлавічам. “Зіма 1929 года была снежная і марозная, — пачаў успамінаць Анатоль Іверс. — Я паехаў на вучобу ў Клецк. Выйшлі мы з цягніка на станцыі Ляхавічы і, узяўшы з сабой чамаданы, пайшлі шукаць падводу, каб даехаць да Клецка. Селі мы, двое выгнаннікаў з Віленскай беларускай гімназіі[6], у буду, наставілі каўняры і рушылі ў дарогу. У галаву лезлі невясёлыя думкі: як там сустрэнуць, ці прымуць?  “Ідзіце на Слабадскую вуліцу, — адказаў дзядзька, — знойдзеце хату Івана Нікановіча, там будзе інтэрнат”. Мы трапілі, як кажуць, з карабля на баль. Гімназісты вельмі ветліва сустрэлі нас, не далі нават як след абагрэцца і павялі на ёлку. У зале пачаўся канцэрт мастацкай самадзейнасці. Хор пад кіраўніцтвам настаўніка спеваў Антона Міхайлавіча Валынчыка выконваў цудоўныя, дагэтуль не чутыя беларускія песні “За праўду, за шчасце”, “Як на свет радзіўся Янка” Янкі Купалы, “Ліпы старыя” на словы Якуба Коласа, “Я люблю густыя шумы”, “Вечарам” на словы Уладзіміра Жылкі і іншыя. Гэтыя песні мяне тады заваражылі. Колькі ў іх было душэўнай прыгажосці! Але тады я яшчэ не ведаў, што музыку да вершаў беларускіх паэтаў напісаў Антон Міхайлавіч. І не ведаў таго, што ён быў маім земляком з вёскі Мяльканавічы Слонімскага павета.

Другая сустрэча з Антонам Валынчыкам адбылася ў мяне ў Гродне. Будучы аднойчы там, захацелася мне наведаць земляка. Пастукаў у дзверы Гродзенскага педінстытута, на якіх красавалася дошчачка з надпісам “Кафедра музыкі і спеваў”.

—Заходзь, заходзь! — пачуўся знаёмы голас.

Прывітаўшыся, я пажартаваў:

—Хачу ўзяць інтэрв’ю.

—Можна, можна. — І Антон Міхайлавіч расказаў аб сваёй працы…

З яго слоў я даведаўся, што кампазітар напісаў музыку да многіх вершаў беларускіх паэтаў і найбольш — на тэксты Янкі Купалы і Якуба Коласа. Сабраў і апрацаваў тады каля пяцідзесяці беларускіх народных песень. А Ленінградскі завод запісаў на пласцінкі ў выкананні беларускай Дзяржаўнай капэлы яго песні “Ліпы старыя” і “Ідуць касцы”.

Трэцяя сустрэча з маім земляком адбылася ў Мінску, дзе праходзілі дні Гродзенскай вобласці. Ішоў заключны канцэрт. Выступалі ўсё новыя і новыя мастацкія калектывы. І вось на сцэне пачаў выступаць хор гродзенскіх настаўнікаў на чале са сваім кіраўніком. І паліліся песні “Люблю наш край” і “Як на свет радзіўся Янка”. Тыя самыя песні, што давялося чуць у дзяцінстве. Было столькі ў зале апладысментаў, што я ніколі больш у сваім жыцці не чуў, каб каму так апладзіравалі…”.

Цёпла і шчыра пра Антона Валынчыка прыгадваў і былы выкладчык беларускай мовы ў малодшых класах Клецкай беларускай гімназіі Аляксей Кішкель. Аб гэтым згадваў у сваіх успамінанах заслужаны настаўнік Беларусі Апанас Цыхун: “Амаль кожны дзень мы (маецца на ўвазе Апанас Цыхун і Аляксей Кішкель — С.Ч.) сустракаліся. Кішкель мне вечарамі расказваў пра Клецкую гімназію. Успамінаў настаўнікаў, у тым ліку і Антона Міхайлавіча Валынчыка. Згадваў, у прыватнасці, як кіраваў той вучнёўскім хорам, якім вялікім аўтарытэтам карыстаўся Валынчык сярод беларускага насельніцтва”.[7]

У 1929 годзе Антон Валынчык развітаўся з калектывам Клецкай беларускай гімназіі і пераехаў у Навагрудак.

Праца ў дзвюх гімназіях

Навагрудская беларуская гімназія, куды пасля Клецка прыехаў працаваць Антон Валынчык, існавала з 1919 да 1934 года. Тэрмін навучання ў гімназіі быў 8 гадоў. У ёй выкладаліся беларуская, польская, французская, лацінская, нямецкая мовы, Закон Божы, гісторыя і геаграфія Беларусі і Польшчы, сусветная гісторыя і геаграфія, матэматыка, фізіка, хімія, прыродазнаўства, маляванне, спевы, ручная праца, фізкультура і іншыя прадметы. У сярэдзіне 1920-х гадоў у гімназіі навучалася каля 250 вучняў. Гімназія існавала на сродкі бацькоў, на ахвяраванні грамадскіх арганізацый, на адлічэнні з заробкаў беларускіх паслоў, за кошт вулічных збораў і г.д.

Беларуская гімназія ў Навагрудку мела на мэце падрыхтоўку да паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, захаванне беларускай нацыянальнай самасвядомасці, павышэнне культурнага ўзроўню, павагі да народных звычаяў і традыцый. У гімназіі дзейнічалі самадзейныя харавы, вакальны, танцавальны, літаратурны, драматычны гурткі, аркестр, спартыўныя секцыі. Вучні выдавалі нават свой часопіс на шапірографе.

Вось там да 1934 года Антон Валынчык выкладаў спевы, а таксама арганізаваў хор і аркестр, бадай ці не самы найлепшы ў Заходняй Беларусі. Пра адзін з канцэртаў у Навагрудскай беларускай гімназіі музыказнаўца Ірэна Здановіч тады пісала: “Праграма была вельмі разнастайная. Разнароднасць песень, пераплеценая з канцэртамі на мандалінах і танцамі, пакінула незнішчальнае ўражанне… Цудоўнай была кампазіцыя Валынчыка “Вечарам”. На гэтую мелодыю я звярнула ўвагу яшчэ намнога раней. Часта, ідучы вечарам да хаты, я з-за муроў беларускай школы слухала выплываючую адтуль сумную, журботную песню глухога вечара, якая раптам ператваралася ў сімфонію птушынага шчэбету, поўуму лісцяў. Спынялася я тады і доўга ўслухоўвалася ў гэтую дзіўную, нязнаную мелодыю”.[8]

Не толькі талент Антона Валынчыка цанілі музыказнаўцы. Напрыклад, выкладчык музыкі і спеваў Навагрудскай польскай дзяржаўнай гімназіі імя Адама Міцкевіча прафесар Лозінскі вельмі часта прыводзіў свае класы ў беларускую гімназію, каб паслухаць рэпетыцыі хору Валынчыка. Дзеці займалі месца на самых апошніх лаўках і ціха сядзелі да канца рэпетыцыі. Прафесар Лозінскі глыбока шанаваў Антона Валынчыка і шчыра пакланяўся яго самабытнаму таленту. А Андрэй Чэмер згадваў: “Кожнаму, хто сустракаўся з Валынчыкам, назаўсёды запомнілася высокая культура і шчырая спагаднасць гэтага чалавека. Яго сонечны характар нагадвае мне дзядзьку Язэпа Драздовіча і Пётру Сергіевіча. Відаць, гэта адметная рыса вялікіх мастацкіх талентаў”.[9]

У чэрвені 1934 года польскія ўлады закрылі Навагрудскую беларускую гімназію. Большасць яе вучняў паехалі працягваць вучобу ў Вільню, а іншыя перайшлі вучыцца ў польскую гімназію імя Адама Міцкевіча. Перайшоў на працу ў польскую гімназію і Антон Валынчык. Аб гэты нават са шкадаваннем пісаў часопіс “Шлях моладзі”: “Менш, на жаль, маем вестак аб заслужаным працаўніку для беларускай песьні і кампазытару Антоне Валынчыку, вучыцелю беларускай гімназіі ў Навагрудку. Апрача працы пры вядзеньні хору гімназіяльнага і агульнага, А.Валынчык зьяўляецца аўтарам цэлага раду песьняў на словы беларускіх паэтаў, як Колас, Купала, Жылка і г.д. Выступленьні хору і аркестру А.Валынчыка былі ў сваім часе ў Наваградку сапраўднай мастацкай стравай. Над народнай песьняй А.Валынчык не працуе. Апошнім часам, у зьвязку з зачыненьнем беларускай гімназіі ў Наваградку і пераходам А.Валынчыка ў гімназію польскую там жа, творчасць ягоная на ніве беларускай з канешнасьці мусіла агранічыцца. З беларускага пункту гледжаньня вялікая гэта шкода”.[10]

Тым не менш, Антон Валынчык ад беларускаці ніколі не адыходзіў. Вядомасць і аўтарытэт яго так выраслі, што таленавітага кампазітара запрасілі ў Вільню праводзіць святы студэнцкіх хораў. Здавалася б, былі ўсе падставы замацавацца ў буйным культурным цэнтры. Але Антон Валынчык выбірае іншы шлях. Сумленне мастака падказвае яму неабходнасць пашыраць свае музычныя веды, і ён уладкоўваецца на вучобу ў Варшаўскую кансерваторыю пры Крамянецкім музычным ліцэі, дзе пад кіраўніцтвам вядомых майстроў Б.Рачкоўскага і К.Сікорскага чатыры гады вывучае “сакрэты” хормайстарскай справы, фалькларыстыку і гармонію.

У лютым 1925 года ў Варшаўскім універсітэце быў адкрыты багаслоўскі праваслаўны факультэт. Вялікае дачыненне да адкрыцця гэтага факультэта меў мітрапаліт Варшаўскі і ўсяе Польшчы Дзіянісій (Канстанцін Валядзінскі). Сам Канстанцін Валядзінскі быў рускім чалавекам, які скончыў Казанскую духоўную акадэмію. У 1924-1948 гадах кіраваў польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквой. Пасля адкрыцця праваслаўнага багаслоўскага факультэта ў Варшаўскім універсітэце, быў прафесарам гэтага факультэта.

Аднойчы да Дзіянісія завітаў Антон Валынчык  і паказаў яму свае ўласныя царкоўныя музычныя творы з прапановай надрукаваць іх. Уладыка Мітрапаліт, спасылаючыся на тое, што не з’яўляецца спецыялістам у царкоўнай музыцы, адмовіў у просьбе Валынчыку. Пры гэтым Дзіянісій дадаў, што і так маецца шмат добрых царкоўных песнапенняў.[11]

Але беларускі кампазітар і дырыжор не пакрыўдзіўся. Пазней, у першыя пасляваенныя гады, Антон Валынчык будзе выкладаць царкоўныя спевы ў Мінскай духоўнай семінарыі ў Жыровічах. Вось толькі дзе падзеліся яго ўсе музычныя царкоўныя творы — пакуль невядома. Барыс Данілюк з ЗША ў лісце да аўтара гэтай кнігі паведаміў неяк, што была інфармацыя аб тым, што частку гэтых твораў нехта выявіў у Вялікабрытаніі.

Вяртаючыся ў Навагрудак, хочацца нагадаць яшчэ адзін выпадак, які згадваў Міхась Шунько — саліст хору Валынчыка: “Восенню 1939 года мы выступалі ў сваёй вёсцы. У праграме канцэрта была песня “Ідуць касцы” Антона Валынчыка на словы Якуба Коласа. Калі выконвалі апошні куплет, харысты нечакана ўзялі ў рукі сярпы і косы, якія загадзя былі падрыхтаваныя, і, падняўшы іх высока над галовамі, з вялікім пад’ёмам праспявалі апошнія радкі:

Касцы, ваякі ціхай працы, Выходзяць з косамі на пляцы, І на палоскі верставыя Кладуцца коскі іх крывыя.

Палякі, якія сядзелі ў зале, атрымалі шок. А беларусы радасна апладзіравалі і нехта нават крыкнуў: “Ура!”.[12]

У родным Слоніме

З пачаткам Другой сусветнай вайны Антон Валынчык з сям’ёй пераехаў у родны Слонім. У горадзе над Шчарай ён стаў працаваць настаўнікам спеваў у сярэдняй школе. Але падчас нямецкай акупацыі са школы зрабілі прагімназію і настаўніцкую семінарыю. І Валынчык, як выбітны майстра спеваў і музыкі, працаваў і ў прагімназіі, і ў настаўніцкай семінарыі. Пра гэты час у Слоніме згадвае ў пісьме да аўтара гэтай кнігі яго былая вучаніцы Надзея Дземідовіч: “Антон Валынчык шмат ведаў беларускіх народных песень, вершаў беларускіх паэтаў, пісаў да іх музыку. У палітыку ён далёка не залазіў, і песні падбіраў больш народныя, а таксама пра прыроду свайго краю. Ён быў не ганарыстым, а простым чалавекам, сціплым і даволі разумным. Падчас акупацыі, калі я вучылася, пачала складаць нейкія вершыкі. Аднойчы выпадкова Антон Валынчык зазірнуў у мой сшытак, які ляжаў на лаўцы, дзе я сядзела на занятках. На ўроку ён прамаўчаў, але падчас перапынку на калідоры паклікаў мяне да вакна і ціха сказаў: “Ты зразумей, які цяпер час і памятай, што нельга сёння пісаць і ўзгадваць ні пра бальшавікоў, ні пра немцаў, бо і адны, і другія за гэта могуць нас знішчыць. Пішы аб прыродзе, пра свой край, пра сваю школу, сяброў, складай казкі, яны ў цябе добра атрымліваюцца. Не лезь у палітыку, бо гэта брудная справа, а ты яшчэ малая…”. Спадар Антон Валынчык кіраваў хорамі вучняў прагімназіі і настаўніцкай семінарыі, а таксама старэйшых людзей, настаўнікаў  і слынных асобаў Слоніма — усіх тых, хто любіў і мог спяваць. У Слоніме дзейнічала праваслаўная царква. Немцы маліцца не забаранялі. Там быў святар, які адпраўляў набажэнствы на рускай мове. Пры царкве быў і дзяк, які кіраваў царкоўным хорам (прозвішча ягонае я не памятаю). Але калі на вялікія святы ў царкве збіралася мноства народу, спадар Валынчык заўсёды быў у царкве, і ўжо не дзяк кіраваў хорам, а Антон Міхайлавіч. У той час мы, вучні, сваіх настаўнікаў і старэйшых людзей па імені і па-бацьку нікога не называлі, а проста казалі: спадар Валынчык, спадар Паважынскі, спадарыня Жукава ці спадарыя Заброўская. Вось такі ў той час быў закон, як пры Польшчы — пан, а ў нас у той час — спадар.

Антон Валынчык быў жанаты. Меў дачку, якая, пэўна, на год была маладзейшая за мяне, бо я апошні год пры немцах вучылася ў чацвёртым класе, а яна — у трэцім. Асабіста я з ёю не была знаёмая. Жылі Валынчыкі далёка за вакзалам. Слонім быў яшчэ неразбудаваны і з цэнтра горада да іх хаты быў добры кавалак дарогі. Каб неяк пражыць, спадар Валынчык вымушаны быў працаваць не толькі ў школах настаўнікам спеваў. Ён прыватна наймаўся да больш заможных людзей вучыць дзяцей музыцы. Яму за гэта бацькі плацілі, дапамагалі. Я ведаю адну сям’ю, дзе ён працаваў і вучыў музыцы дзвюх дзяўчынак. Жылі яны ў мікрараёне Рэзкі ў доме № 1. Гэта Ніна і Зіна Карач. Ніну Антон Валынчык вучыў іграць на скрыпцы, а Зіну — на гітары. Я ў іх кватаравала. А з Нінай вучылася ў адным класе ў прагімназіі, а як выгналі немцаў з Беларусі, мы пайшлі вучыцца ў беларускую школу № 1 у восьмы клас.

У 1944 годзе я неяк спаткала Антона Валынчыка на вуліцы ў Слоніме. Ён вельмі кепска выглядаў — схуднеў, быў апрануты ў нейкі абшморганы, налатаны пінжак. Мы сталі гутарыць і ён упершыню выказаўся пра немцаў: што яны нашы ворагі, што ад іх усяго можна было чакаць і што тварылі яны — ты сама ведаеш. Цяпер таксама нялёгкі час, але імкніся вучыцца, нікуды не лезь. На гэтым я са спадаром Валынчыкам развіталася назаўсёды. Чула толькі ад іншых асоб, што ён развёўся з жонкай. А што датычыць некаторых вучняў Антона Валынчыка, дык скажу, што ноччу 13 снежня 1944 года ў Слоніме, як зараз памятаю, пачаліся масавыя арышты НКУС. Ноччу забралі Ніну Карач, я ў іх кватэры была. Мяне шукалі, але не знайшлі, бо жыла ў Ніны Карач, а прыпісана была ў іншых людзей. Пасля арышту Ніны, яе бацькі тэрмінова адправілі мяне дамоў да маіх бацькоў са словамі: “Ідзі, хай робяць, што хочуць з табой, у нас і так бяды хапае”. Я дабралася ў родную вёску. Бацькі даведаліся ў чым справа і сталі плакаць. Ноччу, каб ніхто не бачыў, тата адвёз мяне на Палессе да сваякоў. Праз некалькі дзён супрацоўнікі НКУС зрабілі ператрус у нас дома, шукалі мяне. Але не здагадаліся мае родныя прыхаваць фотаздымкі і розныя паперы. Частку фотаздымкаў забралі. А што засталося, мама закруціла разам з паперамі і закапала ў склепе ў зямлю, дзе яшчэ не аднойчы шукалі — паролі штыкамі, але не ўдалося ім знайсці мамінай сховы. З цягам часу, калі супрацоўнікі НКУС трохі супакоіліся, мама адправіла мяне да старэйшага брата Мікалая ў Паўночны Казахстан. Тата быў ужо ў ГУЛАГу. Неяк мама хацела перасушыць свае сховы, адкапала, але не было чаго сушыць — за гады фотаздымкі і паперы пажоўклі і згнілі. На тых фотаздымках быў і Антон Валынчык.

Дамоў я вярнулася ў 1965 годзе, але больш сваіх былых школьных сяброў не сустракала, магчыма, не ўсе нават хацелі і бачыцца, акрамя Ніны і Зіны Карач, Ганны Дрочкі ды некаторых яшчэ. Карач Ніны ўжо няма на гэтым свеце, а Зіна Карач жыве ў Слоніме. Яна пра спадара Валынчыка павінна ведаць болей. Прабачце, што я так мала ведаю пра такога выбітнага чалавека, як Антон Міхайлавіч Валынчык. Калі б спаткалася са сваімі былымі слонімцамі, дык разам, мабыць, шмат чаго прыгадалі б. Але ўжо амаль няма нас і няма магчымасці, каб пабыць у Слоніме і сустрэцца з былымі вучнямі нашай школы і былымі сябрамі”.

Зінаіду Емяльянаўну Карач (Ломпік) я адшукаў у Слоніме. Але нічым новым пра Антона Валынчыка жанчына мне не дапамагла. Яна толькі сказала, што ён быў яе і сястры Ніны настаўнікам, вучыў іграць на музычных інструментах. Фотаздымкаў у сямейных альбомах Антона Валынчыка не захавалася. “Калі б жыла сястра Ніна, то яна вам расказала б пра Антона Міхайлавіча шмат. А я толькі ведаю, што пасля вайны ён жыў у Гродне”,  — паведаміла Зінаіда Карач-Ломпік.

У акупаваным немцамі Слоніме Антон Валынчык, як згадаў у адным з пісем да аўтара гэтай кнігі Барыс Данілюк з ЗША, яшчэ ў верасні 1941 года арганізаваў у Народным доме даволі вялікі і добры хор, у якім спявала сястра Надзеі Дземідовіч Марыя і сам Барыс Данілюк. Рэпертуар хору складаўся з кампазіцый самога Валынчыка, такія, як “Ліпы старыя”, прыгожыя вальсы “Вось і паў ужо змрок”, “Пусты ўлетку нашы сёлы”, ды патрыятычныя і звычайныя песні, як “Устаньце, хлопцы, устаньце, браткі”, “Ідуць касцы” і іншыя. “Апрача гэтых песень, удзельнікі хору спявалі творы іншых кампазітараў, такія як “Не пагаснуць зоркі ў небе” ці не Тэраўскага Уладзіміра, “Вясна, вясна жаданая” Міколы Равенскага, ды народныя — “А ў лузе каліна…”, “Пайшоў мілы лужком, лужком…”, “Чачотачка” — усіх не пералічыць. Быў таксама добры жаночы дуэт, што, як помніцца спяваў “Я люблю густыя шумы” на словы Уладзіміра Жылкі і цудоўную музыку ці не самога Валынчыка. Акрамя працы з хорам, Антон Валынчык выкладаў спевы ў Слонімскай настаўніцкай семінарыі, якая адчынілася, здаецца, напачатку 1942 года і праіснавала да 1944. Кіраваў Валынчык пры немцах і добрым царкоўным хорам у слонімскай Свята-Троіцкай царкве. Гэты хор, між іншым, спяваў на маім з жонкай вяселлі, а Валынчык быў госцем на нашым вяселлі”, — успомніў Барыс Данілюк.

Пасля заканчэння вайны Антону Валынчыку ў Слоніме было жыць няпроста. Вельмі часта яго наведвалі супрацоўнікі НКУС. Што настаўніка і рэгента выратавала ад арышту — цяжка сказаць. Магчыма сваякі і сябры, якіх на Слонімшчыне ў яго было шмат. А магчыма віны ў слонімскага кіраўніка хораў і настаўніка спеваў ніхто так і не знайшоў. Але пасля вайны Антон Міхайлавіч шмат гадоў шукаў працы, у пошуках яе вандраваў па ўсёй Беларусі — працаваў у Маладзечне, Ашмянах, Горках, Мінску, Пухавічах, Іўі, Лідзе, Гродне. Ён заўсёды быў пад пільным вокам КДБ. З часоў Клецкай беларускай гімназіі і да канца свайго жыцця кампазітар і дырыжор насіў кляймо нацыяналіста. Заслужаны настаўнік Беларусі Аляксандр Пасько, які жыве ў Слоніме, прыгадаў, як сустракаўся з Антонам Валынчыкам у гады Другой сусветнай вайны і ў пасляваенны час. “У нашай сям’і пра яго вельмі добра адгукаліся. Ды й у Слоніме ўсе казалі пра Антона Валынчыка толькі шчырыя словы. Я памятаю яго падцягнутым, хударлявым, энергічным, ён любіў насіць карычневы плашч і капялюш. Мая родная сястра наведвала хор, якім кіраваў кампазітар. Гэта быў тыповы беларускі інтэлігент, вельмі сціплы, шчыры, размаўляў з намі па-беларуску. Мне здаецца, што ад рэпрэсій яго выратавалі самі выканаўцы. Ім шкада было арыштоўваць і ў чымсьці абвінавачваць гэтага таленавітага і апантанага музыкай чалавека”, — сказаў Аляксандр Пасько.

У Маладзечне

У асабістым лісце па ўліку кадраў Антона Валынчыка, які захоўваецца ў архіве Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы, запісана: 1939-1947 гады — працаваў у Слонімскіх сярэдніх школах і настаўніцкай семінарыі. 1947-1949 гады — мастацкі кіраўнік ансамбля славянскай песні і танца ў Ашмянах. 1952-1954 гады — мастацкі кіраўнік Пухавіцкага РДК. 1954-1955 гады — мастацкі кіраўнік сельскагагаспадарчай акадэміі ў Горках Магілёўскай вобласці. 1956-1957 гады —  настаўнік спеваў у Пухавіцкай СШ і ў Талькаўскай СШ Мінскай вобласці. 1957-1961 гады — хормайстар Мінскага ансамбля песні і танца ў Маладзечна. З 1961 года — выкладчык кафедры спеваў і музыкі Гродзенскага педінстытута імя Янкі Купалы[13]…

Найбольш плённа пасля вайны Антону Валынчыку працавалася ў Маладзечне. Ён так захапіўся сваёй працай, што ў вольны ад работы час адпраўляўся ў дарогу па Беларусі. Кампазітар і хормайстар ездзіў і хадзіў па вёсках і ўсіх, хто любіў музыку, клікаў у свой ансамбль у Маладзечна.

Аднойчы прыехаў у Пінск. Ідзе па адной з вуліц і чуе, аднекуль даносіцца песня. Цудоўны дзявочы галасок спяваў: “Ой, рэчанька, рэчанька…”. Антон Міхайлавіч уважліва прыслухаўся і накіраваўся туды, адкуль лілася песня. Зайшоў ў маленькую кавярню і спыніўся каля ўваходу. Там нікога не было, акрамя адной дзяўчынкі. Яна прыбірала са сталоў посуд і спявала. Убачыўшы незнаёмага мужчыну, дзяўчынка збянтэжылася і спыніла песню. “Спявай, спявай. Гэта вельмі прыгожа”, — сказаў ёй Антон Міхайлавіч. І яна зноў заспявала. А калі скончыла пець, ён звярнуўся да яе з пытаннем: “А можа ў наш ансамбль пойдзеш?”. І дзяўчына пагадзілася.

 Так папаўняўся калектыў у Маладзечна. Хутка ў ім было 40 юнакоў і дзяўчат, якія прыйшлі туды, як кажуць, з гушчы народнай. Праз некалькі месяцаў пасля таго, як Мінскі міжабласны ансамбль песні і танца ў Маладзечна ўзначаліў Антон Валынчык, калектыў выступіў з першай праграмай. Потым былі паспяховыя выступленні па Беларусі, у Прыбалтыцы, на Украіне. І ўсюды ўдзяныя гледачы ўзнагароджвалі калектыў з Маладзечна апладысментамі і кветкамі. У той час Антон Валынчык атрымаў першую Ганаровую грамату за развіццю самадзейнага мастацтва рэспублікі і актыўны ўдзел у ім.

 Пра Антона Валынчыка ў Маладзечне ўспомніў заслужаны работнік культуры Рэспублікі Беларусь, ганаровы грамадзянін горада Маладзечна, мастацкі кіраўнік ансамбля песні і танца “Спадчына” дзяржаўнай установы “Палац культуры г.Маладзечна” Іосіф Сушко: “З Антонам Міхайлавічам Валынчыкам я пазнаёміўся ажно ў 1956 годзе, калі ён працаваў хормайстрам у прафесійным ансамблі песні і танца “Партызанскі”. Гэты ансамбль быў заснаваны яшчэ ў 1943 годзе ў партызанскай зоне Мядзельшчыны. У тыя 1950-я гады я працаваў мастацкім кіраўніком у клубе ў гарадскім пасёлку Варапаева. А ансамбль “Партызанскі” быў частым госцем у нашым клубе. Тут я з Валынчыкам і пазнаёміўся. Пачынаючы з 1955 года ў Маладзечанскай вобласці штогод праходзілі агляды аматарскіх калектываў. Лепшыя нумары адбіраліся на заключны канцэрт, дзе галоўным дырыжорам быў Антон Валынчык.

Антон Міхайлавіч развучваў партыі пад сваю скрыпачку, на якой ён даваў абсалютную інтанацыю для голасу, а дзе было патрэбна — дырыжыраваў смычком. Ён ніколі не павышаў голасу на таго, хто няправільна спяваў.

З 1959 года я працаваў метадыстам у абласным Доме народнай творчасці па музыцы і кіраваў Лебедзеўскім хорам, якому ў 1963 годзе было прысвоена званне народная харавая капэла. Антон Міхайлавіч у гэтыя гады яшчэ кіраваў народным хорам у Вілейскім раёне ў вёсцы Бараўцы. Шмат разоў па яго просьбе я ездзіў з ім    на рэпетыцыю і акампаніраваў на баяне ўвесь ягоны рэпертуар. Пасля рэпетыцый ці канцэртаў, мы часам любілі пасядзець, выпіць чарачку, пагутарыць пра мастацтва, пра жыццё, пра духоўнасць. Я любіў яго слухаць, таму што ён заўсёды казаў праўду, казаў шчыра і адкрыта. Антон Міхайлавіч быў для мяне вялікім аўтарытэтам як музыкант і як чалавек. І вельмі добра адносіўся да мяне.  Аднойчы быў такі выпадак. У 1959 годзе Домам народнай творчасці ў Маладзечне быў аб’яўлены конкурс на лепшую песню для свята песні на возеры Нарач, якое праводзілася штогод 3 ліпеня. У гэтым конкурсе ўдзельнічалі Валынчык, Гембіцкі, я і іншыя. Нашы песні адвезлі на прагляд Рыгору Шырму і Генадзю Цітовічу. І хутка для свята была прапанавана мая песня на словы Адама Русака “Слаўся народ беларускі”. Таму што яна была прасцейшай, лягчэйшай, а песня Валынчыка — была больш разгорнутай, складанай у харавым плане. Мне напачатку было неяк ніякавата, што ўзялі менавіта маю песню, а не Антона Міхайлавіча. Але ён на мяне зусім не пакрыўдзіўся, наадварот, узяў ноты маёй песні і паказаў мне гарманічныя музычныя памылкі. Я паслухаў яго, пагадзіўся і ўсе памылкі выправіў. Гэтым прыкладам я хачу падкрэсліць добрыя чалавечыя якасці кампазітара Антона Валынчыка.

Жыў ён у Маладзечна на вуліцы Вялікі Гасцінец у маленькім пакойчыку са сваёй мілай жонкай (Антон Валынчык быў жанаты двойчы — С.Ч.). Не так часта, але я там бываў. Потым, калі мы развіталіся, я шмат апрацовак ягоных песень выкарыстоўваў у сваёй “Спадчыне”. Яго песні “Сонейка зайшло”, “Як на свет радзіўся Янка” дваццаць гадоў былі ў рэпертуары ансамбля песні і танца “Спадчына”…

У маёй памяці Антон Міхайлавіч Валынчык застаўся шчырым і добрым чалавекам, вялікім майстрам харавога мастацтва”[14].

З песняй праз жыццё

З 1961 года Антон Валынчык стала жыве ў Гродне. У горад над Нёманам яго запрасілі выкладаць музыку і спевы ў Гродзенскім педагагічным інстытуце імя Янкі Купалы[15]. У архіўнай даведцы Гродзенскага універсітэта так і запісана: “Загадам № 46 ад 25 красавіка Антон Міхайлавіч Валынчык прыняты на працу на пасаду выкладчыка кафедры музыкі і спеваў з 16 красавіка 1961 года. Загадам № 127 ад 13 верасня 1961 года залічаны старшым выкладчыкам і прызначаны загадчыкам кафедры музыкі і спеваў з 1 верасня 1961 года”[16].

У Гродне Антон Валынчык не толькі плённа працаваў загадчыкам кафедры музыкі і спеваў Гродзенскага педінстытута, але адначасова з’яўляўся хормайстрам гродзенскага народнага ансамбля песні і танца “Нёман”, быў мастацкім кіраўніком Гродзенскай народнай капэлы настаўнікаў. Прыгадвае беларускі кампазітар Віктар Войцік: “На жаль, я мала кантактаваў з шаноўным спадаром Антонам Валынчыкам. Я быў зусім юным, іграў у ансамблі “Нёман” на балалайцы. Толькі зрэдку мне прыходзілася назіраць за работай хору. Антон Міхайлавіч мне запомніўся высокім і хударлявым чалавекам. У яго постаці было нешта імклівае і артыстычнае. Памятаю, як ён карпатліва працаваў над сваім творам “Ліпы старыя”. Увесь час нервова штосьці падпраўляў і ў харавой партытуры і ў гучанні хору. Магу яшчэ адзначыць, што Антон Міхайлавіч дамагаўся ад харыстаў высокай харавой культуры. Трэба сказаць, што хор у ансамблі “Нёман” пад яго кіраўніцтвам быў даволі добрым, але са спевамі ў стылі “а капэла” выступаў рэдка”.

Незабыўныя тыя часы былі ў жыцці гродзенскіх калектываў, калі там за пультам стаяў Антон Валынчык. Высокая творчая патрабавальнасць хормайстра, уменне здабыць інтанацыйную чысціню спявання, дамагчыся сапраўднага гучання і ансамблевасці партый, глыбіня прачытання аўтарскай партытуры —усё гэта заўсёды вабіла тых, хто разумеў і любіў харавую музыку.

Багацце рэпертуару тых калектываў, якімі кіраваў Антон Валынчык — была адной з іх адметных рысаў. Каб упэўніцца ў гэтым, хочацца нагадаць хаця б рэпертуар той Гродзенскай капэлы настаўнікаў, якой паспяхова кіраваў слынны маэстра. Там былі і бахаўскі хор “Сэрца, маўчы”, і “Вячэрняя песня” Танеева, “Ухваленне прыроды” Бетховена, і “Что смолкнул веселия глас…” Чайкоўскага, цудоўныя творы Рымскага-Корсакава, Кюі, Шуберта, Манюшкі, Вебера, Расіні, не кажучы ўжо пра музыку Аляксандрава, Дунаеўскага, Хрэннікава, Фляркоўскага, іншых майстроў песні, а таксама шматзначны рэпертуар беларускіх аўтараў. Такому рэпертуару можа пазайздросціць і сёння не адзін прафесійны харавы калектыў. А песні Антона Валынчыка “Ліпы старыя” і “Касцы” на словы Якуба Коласа — гэта найярчэйшы ўзор харавой музыкі, у якой аўтар выступаў не толькі знаўцам сакрэтаў партытуры для ансамблевага спявання, але таксама тонкім мастаком, які выдатна пераўтвараў багацце народнай музычнай мовы ў строгі і дакладны па форме твор. Больш 100 хораў, песень, апрацовак музычнага фальклору напісана ім. Нават самыя патрабавальныя прыхільнікі харавой музыкі не змогуць знайсці ў гэтай творчасці адхіленняў ад прафесіянальных законаў і мастацкага густу. Натхнялі кампазітара цудоўныя радкі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Пятруся Броўкі, Адама Русака і іншых беларускіх паэтаў, у творах якіх адлюстраваны прыгажосць роднага краю, самаадданая праца людзей, з якімі сутыкаў яго лёс. А колькі плёну было ад супрацоўніцтва Антона Валынчыка з самадзейнымі кампазітарамі, музыцы якіх ён першы даваў пуцёўкі на эстраду. Кампазітар шчыра і самааддана кансультаваў як хормайстар шматлікія харавыя калектывы Гродзеншчыны. Тым не менш, з-за незразумелай нячуласці да Антона Міхайлавіча некаторых работнікаў і адказных чыноўнікаў за культурнае жыццё Гродзеншчыны, ён рана пакінуў і Гродзенскую капэлу настаўнікаў, і народны ансамбль песні і танца “Нёман”. Капэле ён аддаў 6 гадоў сваёй творчасці, а “Нёману” — 4 гады. Прыгадвае былы дырэктар Гродзенскага абласнога Дома народнай творчасці Марк Коп: “Абласны Дом народнай творчасці ў Гродне я ўзначальваў 27 гадоў — з 1971-га да 1998-га. І музычнай творчасцю Гродзеншчыны я вельмі цікавіўся і добра яе ведаю. У пасляваенны час у Гродне была створана і актыўна працавала сапраўдная кампазітарская школа, праз якую прайшлі такія вядомыя кампазітары, як П.Радаліцкі, Л.Ляшэнка, С.Малчанаў, Л.Амелін, П.Шаўко, У.Шыркевіч, В.Нікіценка, Э.Казачкоў, М.Гарабец, І.Трухалёў, А.Аржаннікаў, А.Шыдлоўскі, Я.Петрашэвіч, В.Войцік і, вядома ж, Антон Міхайлавіч Валынчык. Антон Валынчык быў сапраўдным фанатыкам беларускай музыкі і песні. Ён, як і Цітовіч, як і Шырма хадзіў па вёсках і збіраў беларускія народныя песні. Пасля — іх апрацоўваў. У 1970-х гадах Антон Міхайлавіч стварыў адзіны ў вобласці Новагерніцкі мужчынскі хор у Шчучынскім раёне сумесна з гродзенскім заводам “Аўтапровад”. І мы Валынчыка пастаянна вазілі туды на рэпетыцыі. І ён вывеў гэты хор на рэспубліканскі ўзровень. Былі і да яго падобныя хары і пасля яго, але гэта было не тое. Ён валодаў выключным музычным слыхам. Валынчык даставаў сваю скрыпачку, настройку рабіў і хор з першых рэпетыцый спяваў трохгалоссе. Антон Валынчык быў спецыялістам ад Бога.

А пазнаёміўся я з Антонам Міхайлавічам тады, калі быў студэнтам Гродзенскага педінстытута імя Янкі Купалы. І паколькі я меў музычную адукацыю, вучыўся і адначасова быў канцэртмайстрам ва універсітэцкім хоры. Спачатку хорам кіраваў Павел Радаліцкі, а калі ён памёр — кіраўніком стаў Антон Валынчык. Вось тады мы з ім і пазнаёміліся.

Калі я працаваў у Доме народнай творчасці, Антона Міхайлавіча мы пастаянна запрашалі ў журы на розныя конкурсы, фестывалі, агляды. Валынчык — гэта была музычная глыбіня, талент, энцыклапедыя. У апошнія гады жыцця, мы прыйшлі да яго, каб ён перадаў нам свае сшыткі нотаў і песень. А ён кажа: “Не, хлопцы, не дам. Вы ўсе роўна ўсё сапсуяце”. Ён быў у сваёй справе — супер прафесіянал, мэтр, вялікі знаўца. Яго заўсёды хвалявала чысціня беларускай мелодыі, чысціня роднай мовы, шчырасць у гэтых пытаннях. У Беларусі іх можна паставіць разам — Шырму, Цітовіча, Валынчыка і Роўду. Гэта вялікія беларускія музычныя рэгенты.

Як чалавек, Антон Міхайлавіч вельмі не любіў хамства, быў даволі інтэлігентным чалавекам. Бяздарных людзей, якія імкнуліся з сябе стварыць вялікіх знаўцаў музыкі, ён не вельмі паважаў. За тое, што ён кіраваў у свой час царкоўнымі харамі, да яго неяк чыноўнікі адносіліся асцярожна. Ён не быў членам кампартыі, ён жыў песняй. Але не любіў і не пісаў розных партыйных і ленінскіх гімнаў, яго хвалявала найперш наша беларуская песня. На жаль, да сённяшніх дзён памяць пра яго ў Гродне не ўшаноўваецца. Я, дарэчы, гадоў восем таму рыхтаваў дакументы на адкрыццё мемарыяльных шыльдаў у Гродне А. Валынчыку, А.Шыдлоўскаму, Л.Ляшэнку, А.Чопчыцу, П.Радаліцкаму. Але дакументы так і засталіся ляжаць у шуфлядах Гродзенскага аблвыканкама…”.

Лепш за ўсё ў тыя 1960-я гады Антону Валынчыку працавалася ў Гродзенскім педінстытуце. Працаваў ён шчыра і аддана, быў патрабавальны не толькі да студэнтаў і выкладчыкаў, але і да самога сябе. Ён любіў і цаніў у працы прафесіяналізм. Вось што згадаў аўтару кнігі пра Антона Міхайлавіча былы студэнт Гродзенскага педінстытута журналіст Аляксей Дземідовіч: “Вядома, у мяне, як і ў бальшыні студэнтаў, многае пра Антона Валынчыка пралятала міма вушэй. Але тое, што тычылася музычнага мастацтва, то мяне яно не мінула. Бо калісьці мой бацька, вясковы музыка-самавук, не толькі навучыў мяне іграць на нямецкім трафейным гармоніку, але і перадаў з маленства любоў да музыкі, захапленне яе віртуозамі-майстрамі. Вось таму я, студэнт першага выпуску факультэта педагогікі і методыкі, з пачатку вучобы падыходзіў да ўсяго таго, што тычылася нашай музычнай адукацыі на факультэце, менавіта з гэтай бацькоўскай меркай. Да таго ж, з першага курса мне давялося яшчэ і працаваць на палову стаўкі лабарантам кабінета музыкі. Такім чынам, я быў у нейкай ступені і памагатым нашых выкладчыкаў, такіх цудоўных педагогаў як Павел Аляксандравіч Радаліцкі, Антон Міхайлавіч Валынчык, Вера Антонаўна Нісцюк і іншых. Калі першы з іх — Павел Аляксандравіч Радаліцкі быў, як на ўроках музыкі, так і на канцэртах самым ветлівым і абаяльным, то Антон Міхайлавіч Валынчык пры ўсёй яго справядлівасці, заўсёды прытрымліваўся дысцыпліны і патрабавальнасці да кожнага, хто прысутнічаў на яго лекцыях ці практычных занятках. Маэстра Валынчык лічыў, што музыку і песню ўсе павінны любіць так, як ён і не інакш. Таму на яго занятках проста сядзець і не слухаць, што казаў выкладчык, ды яшчэ сам загадчык кафедры музыкі і спеваў, нельга было. Калі ж знаходзіліся такія, хто проста бавіў час, гэта выводзіла педагога з раўнавагі, нават злавала яго. Тым не менш, Антона Міхайлавіча мы ўсе любілі. А калі ў музкабінеце заставалася якая вольная хвіліна, мы прасілі выкладчыка паіграць на скрыпцы і праспяваць якую-небудзь найбольш папулярную рэч са сваіх твораў. Лёгкая ўсмешка асвятляла яго, здавалася б заўсёды строгі твар, і Антон Міхайлавіч сваім ціхім, трохі сіпаватым, але шчырым голасам пачынаў, затым рабіў пройгрыш — і песня працягвалася да таго часу, пакуль такія радасныя хвіліны не перапыняў залівісты званок на калідоры… Яго скрыпку, як і аўтара песень, мы ўсе шчыра любілі… Як жа сёння хацелася б вярнуцца ў той нялёгкі, але шчаслівы малады час!..”.

Два гады працы ў Гродзенскім універсітэце для Антона Міхайлавіча не прайшлі марна. Загадам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 28 верасня 1963 года Антону Валынчыку было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны дзеяч культуры Беларусі”. У архіве Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы захоўваецца некалькі характарыстык на Антона Міхайлавіча Валынчыка, падпісаныя былымі рэктарам педінстытута Маркоўскім Д.С, сакратаром парткама (Антон Валынчык членам кампартыі ніколі не быў — С.Ч.) Крэнем І.П. і старшынёй мясцкама Васільевым П.В[17]. Гэтыя характарыстыкі пісаліся на прысваення яму заслужанага дзеяча культуры Беларусі, на розныя ўзнагароджванні, на хадатайніцтва ў выканкам Гродзенскага гарадскога савета дэпутатаў працоўных аб прызначэнні Антону Валынчыку персанальнай пенсіі рэспубліканскага значэння. Праўда, персанальнай пенсіі рэспубліканскага значэння Антону Міхайлавічу так і не далі. Тым не менш, давайце пачытаем адну з характарыстык на нашага слыннага педагога і кампазітара: “Антон Міхайлавіч Валынчык з’яўляецца выдатным спецыялістам сваёй справы, дасканала валодае методыкай выкладання, аддае ўсе сілы і веды для павышэння музычнай адукаванасці і культуры студэнтаў. З’яўляючыся загадчыкам кафедры, ён правёў вялікую працу па паляпшэнню выкладання музычных прадметаў і па павышэнню якасці працы гурткоў мастацкай самадзейнасці. Інстытуцкі хор, які ўзначальваў Антон Міхайлавіч, штогод выступаў на гарадскіх аглядах мастацкай самадзейнасці. Вялікую дапамогу аказваў А.М.Валынчык настаўнікам школ г.Гродна і вобласці ў справе павышэння іх тэарэтычнага і метадычнага ўзроўню ў выкладанні музыкі і спеваў. Добры знаўца харавога мастацтва, Антон Міхайлавіч унёс вялікі ўклад у развіццё музычнай культуры Заходняй Беларусі. Больш 55 гадоў працоўнай дзейнасці ён прысвяціў служэнню свайму народу на ніве музычнай асветы.

Працуючы выкладчыкам музыкі ў настаўніцкай семінарыі, у сярэдніх школах, а потым у педінстытуце, з’яўляючыся мастацкім кіраўніком Беларускага дзяржаўнага міжабласнога ансамбля песні і танца, хармайстрам народнага ансамбля песні і танца “Нёман”, харавой капэлы настаўнікаў г.Гродна і шэрагу харавых калектываў Слоніма, Мінска, Маладзечна, Лунінца, Клецка, Мар’інай Горкі, Антон Міхайлавіч усе свае сілы і веды аддаў справе павышэння музычнай культуры беларускага народа. Многія калектывы вобласці, у тым ліку ансамбль песні і танца в.Збляны Лідскага раёна, народны хор вёскі Баранова Іўеўскага раёна, Дзяляціцкая народная харавая капэла сваімі поспехамі таксама абавязаны А.М.Валынчыку.

Антонам Міхайлавічам напісана каля ста музычных твораў. Гэта хары і песні на словы Янкі Купалы (“Зайшло ўжо сонейка”, “За праўду” і іншыя), Якуба Коласа (“Ліпы старыя”, “На сенажаці”, “Не бядуй”, “Устаньце, хлопцы” і іншыя), П.Броўкі і А.Русака (“Крочым наперад”, “Слаўся народ беларускі” і іншыя), шмат апрацовак народных песень (“Ці свет, ці світае”, “Купалінка” і іншыя). Многія з іх уваходзяць у рэпертуар лепшых харавых калектываў рэспублікі, у тым ліку Дзяржаўнага беларускага народнага хору пад кіраўніцтвам Г.Цітовіча, Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы БССР пад кіраўніцтвм Р.Шырмы. Два творы (“Ліпы старыя” і “На сенажаці”) у выкананні харавой капэлы выдадзены ў грамзапісе. Гэтыя музычныя творы і песня “А зязюлька кукавала”  увайшлі ў “залаты фонд” [18].

І калі ў 1940-1950-х гадах Антон Валынчык не меў дзяржаўнай службы і быў незапатрабаваны як спецыяліст, то ў 1960-х гадах ён даказаў апантанай працай свае адносіны да педагогікі і беларускай культуры, хаця яму ўжо было нямала гадоў. У 1966 годзе ўпершыню за ўсё ягонае жыццё ў актавай зале Гродзенскага педінстытута быў наладжаны творчы вечар кампазітара і дырыжора з нагоды 70-годдзя з дня нараджэння і 50-годдзя працоўнай дзейнасці. З юбілеем Антона Міхайлавіча павіншаваў і Рыгор Шырма тэлеграмай: “Шчыра віншую з днём 70-годдзя. Жадаю моцнага здароўя, асабістага шчасця і далейшых творчых поспехаў на карысць нашай Радзімы!”.

 Звольніўся па-асабістаму жаданню з педінстытута Антон Валынчык ажно 1 сакавіка 1974 года ва ўзросце 78 гадоў. Праўда, зрэд часу яго клікалі на месяц-другі на працу ў інстытут і ён пагаджаўся.

Жыў Антон Міхайлавіч са сваёй жонкай Вольгай Данілаўнай і сынам Леанідам спачатку на Сацыялістычнай вуліцы, 66 у Гродне, а потым у сваёй невялікай дзвюхпакаёвай кватэры на першым паверсе ў доме № 33 на вуліцы Ажэшка. Пра кампазітара ўспамінае кіраўнік фальклорнага ансамбля “Гарадзенскія дударыкі” кампазітар і музыкант з Гродна Яўген Петрашэвіч:

 “Першы раз з Антонам Міхайлавічам я сустрэўся ў Мінску тады, калі быў яшчэ студэнтам. На адным з канцэртаў спяваў хор Валынчыка з Маладзечна. Пасля яго выступлення падняўся старшыня журы і папрасіў, каб яго хор праспяваў яшчэ раз свае песні. Гэта быў даволі рэдкі выпадак, каб журы некага прасіла выступіць зноў. Там я пазнаёміўся з Антонам Валынчыкам.

Калі ў Гродне я вёў свой прафсаюзны хор, яго наведвала і жонка Валынчыка Вольга Данілаўна. Гэта была даволі сімпатычная жанчына, добрай душы чалавек, нядрэнная спявачка.

Антон Валынчык у вольны час вельмі любіў нешта майстраваць. У яго было шмат розных інтрументаў, запчастачак, шрубікаў, гаечак. Любіў рыбалку, марыў злавіць у Нёмане сома. Ён ведаў, што недзе насупраць Каложы ў Нёмане ёсць яма і там вядзецца сом. Ён рабіў вялікія кручкі і часта туды хадзіў. А ці злавіў ён сома — я не ведаю. Рыбалка для яго была не просто захапленне, а там, на прыродзе, ён думаў музыку.

Антон Валынчык быў высокага росту, твар меў яркі, які лёгка можна было намаляваць.

Я бываў у яго дзвюхпакаёвай кватэры, мы шмат гутарылі пра наша жыццё. Але, напрыклад, пра сваё маленства ён не любіў прыгадваць. Ён быў больш замкнуты чалавек, індывідуаліст.

Антон Міхайлавіч вельмі прафесійна рабіў аранжыроўкі песень. Ён у добрых адносінах быў з кампазітарам Аляксандрам Шыдлоўскім, рабіў да яго песень аранжыроўкі. Неяк мне Валынчык расказваў, што, калі ён працаваў у Навагрудскай польскай і беларускай гімназіях, дык напісаў музыку да санетаў. І ўсе выкладчыкі былі здзіўленыя гэтым, бо напісаць музыку да санетаў вельмі нялёгка.

У яго была вельмі вялікая калекцыя пласцінак і ён меў патэфон. На некалькіх пласцінках былі і яго песні ў выкананні капэлы Рыгора Шырмы. Але ён быў незадаволены самім выкананнем песень і якасцю запісаў. Чуў я, што гэтыя ўсе пласцінкі Антон Міхайлавіч перадаў Гродзенскаму праваслаўнаму сабору. Але потым адтуль іх забраў адзін чалавек. Прозвішча і адрас гэтага чалавека я не ведаю. Дарэчы, Антона Валынчыка не вельмі любілі праваслаўныя свяшчэннікі, бо яго царкоўныя хары заўсёды былі лепшымі, чым сама дзейнасць гэтых свяшчэннікаў.

Антон Валынчык быў моцны харавік акадэмічнага складу. Мы вучыліся ў яго гэтаму прафесійнаму майстэрству. Зніклі кудысь і яго царкоўныя музычныя творы. Калі памёр Валынчык, жонка пераехала да сына на Украіну. Пра дачку я нічога не чуў...”.

Антона Валынчыка не стала 13 лістапада 1985 года. У адным з пісем да аўтара гэтай кнігі заслужаны настаўнік Беларусі Апанас Цыхун (1910-2005) пры жыцці неяк згадаў, што з Антонам Валынчыкам ён шчыра сябраваў, часта сустракаўся, калі той ішоў са спінінгам ці з вудамі на Нёман. “Апошні раз быў у ягонай кватэры разам з гродзенскім кампазітарам Яўгенам Петрашэвічам. Валынчык тады ўжо цяжка хварэў — ён перанёс інсульт. Яго жонка Вольга Данілаўна выканала нам песню, якую даўней спявалі гімназісты Клецкай беларускай гімназіі кожны дзень перад пачаткам заняткаў і пасля іх: “Вучыся, нябожа, вучэнне — паможа”, здаецца на словы Янкі Купалы... Хаця гэты выдатны дырыжор і кампазітар стараўся прынесці як мага больш карысці роднай Бацькаўшчыне, але наменклатуршчыкі не любілі Антона Міхайлавіча. Так ён без усялякай прычыны быў адхілены ад кіраўніцтва ансамблем песні і танца “Нёман”. Прышывалі яму ярлыкі “неблагонадёжный”, “националист”. Пасля смерці Антона Валынчыка, яго жонка Вольга Данілаўна жыве на старым месцы на вуліцы Ажэшка. Яна і зараз спявае ў царкоўным хоры”, — пісаў Апанас Пятровіч Цыхун.

Застаць Вольгу Данілаўну ў Гродне мне ўжо не ўдалося. Пісаў я некалькі разоў ёй і сыну Антона Валынчыка Леаніду на Украіну, але адказаў так і не атрымаў. Шукаў сляды і дачкі кампазітара ад першага шлюбу Дзіны Валынчык — не знайшоў. Даведаўся толькі, што пасля вайны яна з’ехала ў Вільню.

Замест эпілога

Восенню 2009 года я дамовіўся з гродзенскімі кампазітарам Яўгенам Петрашэвічам і гісторыкам Аляксандрам Талерчыкам прайсціся па вуліцах Гродна, дзе жыў і працаваў Антон Валынчык. Мы сустрэліся ў цэнтры горада каля дома, дзе жыў Антон Міхайлавіч. Няма на ім, няма і на будынку універсітэта  мемарыяльнай шыльды, якая нагадала б усім, што тут жыў і працаваў чалавек, які ўсё сваё нялёгкае жыццё ратаваўся роднай песняй, які ўсе свае гады нёс гэту песню ў сэрцы і шчодра дарыў яе людзям і сваім вучням.

З Гродна мы паехалі на гарадскія могілкі ў раёне ААТ “Гродна-Азот”, дзе пахаваны славуты гродзенец. Знайшлі яго магілу, на якой няма ніякага помніка, а ўстаноўлены толькі просты жалезны крыж, на якім прымацавана шыльдачка з надпісам: “Антон Міхайлавіч Валынчык 23.07.1896 — 13.11.1985 беларускі кампазітар”. Ад часу крыж нават трохі пахіліўся на правы бок. Аляксандр Сямёнавіч Талерчык прыхапіў з сабой фарбы, мы пафарбавалі гэты крыж, прыбралі магілку і моўчкі пакінулі могілкі.

Не ўшанавана памяць пра заслужанага дзеяча культуры Беларусі і на радзіме Антона Валынчыка — Слонімшчыне. У вёсцы Мяльканавічы, дзе нарадзіўся педагог і кампазітар, многія вяскоўцы пра свайго земляка ніколі нічога не чулі. Толькі старэйшыя вяскоўцы згадалі пра яго, а адна жанчыла нават заспявала:

Ідуць касцы, звіняць іх косы, Вітаюць буйныя іх росы, А краскі ніжай гнуць галовы, Пачуўшы косак звон сталёвы…

Песні Антона Валынчыка

Ліпы старыя

Словы Якуба Коласа

Ліпы старыя шумяць за сцяною, Жаласна, глуха шумяць. Смутна ківаюць, трасуць галавою, Толькі галіны рыпяць. Пышны убор іх, лісты, пазрываны, Вецер развеяў, разнёс. Нудна і ім за астрожным парканам, Цяжка ім зносіць мароз. Плачуць гаротныя ліпы старыя, Плачуць на долю сваю: Пышна раслі мы, цвілі маладыя, Добра было у гаю. Вольныя птушкі вакол шчабяталі, Божыя пчолкі гулі, Тоўстыя вязы ад бур нас хавалі, Сеткі дубы нам плялі. Белыя хмаркі над намі гулялі, Беглі ў няведамы край, Чыстыя росы, як срэбра, блішчалі, Гоманам поўніўся гай… Там бы хацелі расці, красавацца, Дол дзе капае ральнік, Родную песню дзе ціха спявае Сын Беларусі мужык. На сенажаці

Словы Якуба Коласа

Ідуць касцы, звіняць іх косы, Вітаюць буйныя іх росы, А краскі ніжай гнуць галовы, Пачуўшы косак звон сталёвы. Касцы ідуць то грамадою, То шнурам цягнуць, чарадою, То паасобку, то па пары Ідуць касцы, ідуць, як хмары. І льецца смех іх разудалы, Як веснавыя перавалы. Гаворка, шум і коняў ржанне — Касьбы вясёлае вітанне. Касцы, ваякі ціхай працы, Выходзяць з косамі на пляцы, І на палоскі верставыя Кладуцца коскі іх крывыя. Край мой

Словы Апанаса Цыхуна

Край мой там, дзе гоман, Звон у небе жаўрука. Дзе блакітны ўецца Нёман З ціхім чоўнам рыбака. Край мой там, дзе спеў дзявочы, Сёлы ўтуляны ў сады. Дзе хлапца чаруюць вочы Ільнаводак маладых. Край мой там, дзе ніваў далі Ўшыр бязмежную ляглі, Дзе жытнёвай срэбнай хваляй Звоняць коласам палі. Край мой там, дзе абеліскі Ў бляску зорак зіхацяць. Дзе на стражы кожнай вёскі З бронзы воіны стаяць. Мая мова

Словы Ларысы Геніюш

Ў добры час, на улонні вясковым, Дзе вадзіца крынічная б’е, Навучыўся я матчынай мове І задуманых песняў яе. Многа ёсць недасягнутых скарбаў, Яшчэ болей прываблівых мар. Я яе ні за што не аддаў бы, Бо яна — найвялікшы мой скарб! Яна гойдае спевам калыску, Літасціва шчабеча ў бядзе, На ёй песні складаюць вятрыскі Ў неспакойны, разбуджаны дзень. Мая мова не знае змярканняў Ад маленства да старасці лет, Буду песціць яе, як каханне, Разглядаць, як чароўны букет. Можа, мовы чужой навучуся, Каб суседзяў гасцінна вітаць, Але толькі на ёй, беларускай, Буду людзям аб долі пяяць. Мая мова — як шчасце на вуснах, Хвалявання гарачы прыбой, Можа быць, на чужой засмяюся, Ўсё ж заплачу з тугі на сваёй. За праўду

Словы Янкі Купалы

За праўду, за шчасце, за лепшую долю Вазьміся, мой дружа, пастой! У крыўду не дайся, свайго дабівайся, Адвага хай будзе з табой! Хай горкія слёзы, што ў спёкі, ў марозы Ліюцца на беднай зямлі, Дадуць табе, браце, сіл гора змагаці І ў сэрцы распаляць агні. Хоць віхры шалеюць, хоць песні нямеюць, Хоць страшна замучаны ты, За добрую справу, за шчасце і славу Душу вырывай з цемнаты. Кінь сваркі і звадкі, адной дзеці маткі — Мы злучаны думкай адной; Пры згодзе і ладзе ў нас доля засядзе, Палічаць і нас за людзей. Дык жыва ж к пачатку — не час спаць у шапку, Валяцца як чэрві ў траве; Ўжо сонейка ўсходзе, ўжо дух у народзе Збудзіўся і к праўдзе заве!.. Не бядуй!

Словы Якуба Коласа

Не бядуй, што сонца нізка, Што прыходзіць нудны дзень, Не бядуй, што восень блізка І на дол кладзецца цень. Не бядуй, што снег халодны Скрые землю ад вачэй: Не загіне край твой родны У той цемені начэй! Будзе час, і снег растане, Прыйдзе зноў да нас вясна, Ветла з неба сонца гляне, Ачуняе старана. Не бядуй, што цяжка стала Жыць у вечнай цемнаце, Што нас доля вечна гнала, Што жывём у беднаце. Не бядуй, што звіслі хмары, Што нам сонца не відаць, Не бядуй, што ўноч пажары Сталі неба заліваць, — Дымам пойдзе ўсё ліхое, Ўсё, што душыць нас і гне. Вер, брат, — жыцце залатое Будзе ў нашай старане.

1

З аўтабіяграфіі Антона Валынчыка, якая захоўваецца ў музеі гісторыі Клеччыны.

(обратно)

2

Беларус, 1964. № 84.

(обратно)

3

Віці, 1957. № 1/10. С.14.

(обратно)

4

Гэту песню на словы Якуба Коласа называлі па-рознаму: “Касцы”, “Ідуць касцы”, “На сенажаці”.

(обратно)

5

Памяць. Клецкі раён: Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі. Мн., 1999. С.205-206.

(обратно)

6

Паэт Анатоль Іверс (1912-1999) летам 1926 года паступіў у Віленскую беларускую гімназію, але ў 1928 годзе ён быў выключаны з гімназіі за актыўную камсамольскую падпольную дзейнасць. Вучобу працягваў у Клецкай і Навагрудскай беларускіх гімназіях, але закончыць поўны курс навучання польскія ўлады так і не далі.

(обратно)

7

Цыхун Апанас. Выкладчыкі Клецкай беларускай гімназіі // Наша слова, 1994, № 26.

(обратно)

8

Чэмер Андрэй. Наваградзкая беларуская гімназія. Вільнюс, 1997. С.26-27.

(обратно)

9

Чэмер Андрэй. Наваградзкая беларуская гімназія. Вільнюс, 1997. С.27-28.

(обратно)

10

Шлях моладзі, 1937. № 1. С.15-16.

(обратно)

11

Антоник Виталий. Минская духовная семинария в годы ее первого возрождения // Труды Минской духовной академии. Жировичи, 2002. № 1. С.43-44.

(обратно)

12

Дзяляціцкая народная харавая капэла. Гродна: АДНТ, 1973. С.8-9.

(обратно)

13

Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы. Асабістыя справы звольненых выкладчыкаў, 1973-1975, А-К. Т.1. Л. 207-257.

(обратно)

14

Усе ўспаміны пра Антона Валынчыка запісаныя аўтарам гэтай кнігі восенню 2009 года.

(обратно)

15

Загадам Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь № 474 ад 24 лістапада 2000 года Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы перайменаваны ў Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы.

(обратно)

16

Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы. Асабістыя справы звольненых выкладчыкаў, 1973-1975, А-К. Т.1. Л. 207-257.

(обратно)

17

Гродзенскі дзяржаўны універсітэт імя Янкі Купалы. Асабістыя справы звольненых выкладчыкаў, 1973-1975, А-К. Т.1. Л. 207-257.

(обратно)

18

Тамсама.

(обратно)

Оглавление

  • Сяргей Чыгрын ЖЫЎ РОДНАЙ ПЕСНЯЙ
  • З Мяльканавіч да Лунінца
  • У Клецкай беларускай гімназіі
  • Праца ў дзвюх гімназіях
  • У родным Слоніме
  • У Маладзечне
  • З песняй праз жыццё
  • Замест эпілога
  • Песні Антона Валынчыка Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

    Комментарии к книге «Жыў роднай песняй», Сергей Николаевич Чигрин

    Всего 0 комментариев

    Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

    РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

    Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства