«Тартак (на белорусском языке)»

6089

Описание



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Iван Пташнiкаў

Тартак

Аповесць

Памяцi мацi

1

У галаве круцiцца, здаецца, усё на свеце. Можа, гэта ад цяжкой хады...

На загоне ля лесу - на ямах - Наста наступiла на стары, шырокi, як лапаць, халодны казляк. Стала свежа ў нагрэтую ў пяску i паколатую аб iржышча нагу.

Да ям з вёскi не было дарогi, да iх пад'язджалi кожны раз полем, калi вазiлi ўвосень сыпаць бульбу i ездзiлi даставаць вясной, i Наста iшла па старым, прыбiтым скацiнай i калясьмi загоне. На загоне яшчэ было знаць старое ржышча: сiвое i пачарнелае, яно ляжала на цвёрдай зямлi, як парассыпаная з ахапка дробная салома, i па iм пайшлi ўжо расцi падбярозка i пырнiк. За падбярозку чаплялiся босыя, збiтыя аб каменне ногi, i трэба было трымаць у дзве рукi мех, бо можна паляцець носам у зямлю. Рассыплеш усё на свеце...

Мех ляжаў на спiне: цяжкi i слiзкi, ён спаўзаў i спаўзаў, i Наста тады чаплялася пальцамi ля завязкi за абрублены канец i падносiла, адпусцiўшы рукi, пад падбародак кулакi - прыцiскаючы iх галавой да грудзей. Пасля, калi млелi пальцы i шыя, Наста спынялася, нагiналася ўперад i паддавала мех вышэй на плечы.

Паддаўшы, кожны раз стаяла, каб аддыхацца.

Мех быў новы, з суравога палатна, дастала сёння з шафарнi - трапiў пад рукi, - у iм толькi раз вазiлi малоць, i цяпер, калi яна паддавала сабе на плечы, з яго яшчэ церушылася мука. Жыта яна насыпала як закiнуць самой падняла з зямлi мех, апiраючы яго на сасну, што расла ля ямы, - насыпала, баючыся, каб хаця, божа баранi, хапiла, бо немец загадаў знесцi па тры пуды з хаты, каб хаця не трэба было iсцi другi раз. Бо трэба будзе зноў прасiць вартавых, уласаўцаў, каб тыя пусцiлi да ям. Уласаўцы стаялi аж трое на дзядзiнцы, на старых даўнейшых могiлках, - могiлак Наста ўжо не помнiць, адно званне ад iх асталося, стаялi ля чорненькага i доўгенькага кулямёта i не хацелi пускаць у лес. Наста бачыла, што з вёскi да iх перад ёй падышоў быў яшчэ адзiн уласавец - маленькi, кругленькi, як дзiцянё, - сказаў, мусiць, каб прапусцiлi, бо сiвы немец гаварыў у вёсцы, што пусцяць да ям...

Уласаўцы доўга не пускалi. Пыталiся ўсё, дзе схавана i што... I ад каго яна хавала жыта... Яна сказала: "ад бандытаў", бо несхаванае парасцягвалi б, а дзе б яна тады ўзяла што, калi б, як цяпер, спатрэбiлася...

Тады яны, памацаўшы яе новы мех, перакiнуты цераз руку, пусцiлi. Адняслi свой чорны кулямёт з могiлак далей, на поле, за ямы, ёй, Насце, наперад, - баялiся, каб яна не збегла, цi што?..

Жыта было закопана ў старым куфры, якi ўсягды стаяў у iх дома ў кутку ў сенцах. Яго завязлi да ям ноччу, перад самай блакадай, калi ўжо ў Камене стралялi немцы, пасля прывязлi ў мяхах жыта з шафарнi. Куфар закапалi ў старой яме ад бульбы, апусцiўшы аж на дно, - яма ўжо асыпалася, але была яшчэ глыбокая. Навярнулi зямлi, ссунуўшы берагi ў яме, пасля наклалi роўна дзёрну, прытапталi нагамi i зверху нацерушылi сасновых iголак. Куфар знайсцi было цяжка - уся зямля парыта i прытаптана, увесь бор, - i куфар не знайшлi, уцалеў.

Наста доўга яго адкопвала адна; змаглася, забалела сярэдзiна i рукi. Закопваць было лягчэй, i закопвалi ўдваiх - памог Махорка.

Жыта ў мех яна насыпала бляшанкай, што ляжала разам з жытам у куфры. Бляшанка была ад патронаў, доўгенькая, на дзве добрыя пядзi, i вузенькая. Зробленая з цынку, яна блiшчала ўся, як вядро, калi яго вышаруеш вехцем з пяском. Бляшанку пакiнулi ў хаце лунiнцы: яны прыйшлi з-пад Лагойска i стаялi перад самай блакадай два тыднi ў вёсцы. Ужо калi ў Камене былi немцы, лунiнцам ноччу скiнулi з самалёта за ямамi на пасецы парашут. Лунiнцы расклалi былi аж тры агнi, вялiкiя, як сухiя ламы ўсё роўна палiлi дзе ў лесе, - агнi былi вiдаць з вёскi. Парашут, казалi, знясло ветрам з пасекi, i ён зачапiўся за сасну ля дарогi. Лунiнцы гаварылi тады, што парашут "няўдачны": пагнуты былi скрыначкi з патронамi. Пагнутых скрыначак было многа, i лунiнцы, прынёсшы iх да Насты ў хату, - у яе стаяла аж пяць чалавек, - адкрывалi ў iх вечкi далатом i малатком, бралi пасля патроны i адзiн за адным перабiралi ў пальцах. У кожнага лунiнца стаяла скрыначка на каленях. Чатыры скрыначкi былi пагнутыя, i лунiнцы, папрасiўшы рыдлёўкi, зарылi iх разам з патронамi ў зямлю ля плота на мяжы. З пятай толькi высыпалi патроны на стол i падзялiлi, а скрыначку пакiнулi ў кутку на лаве за сталом.

У тую ранiцу, чуць свет, лунiнцы пайшлi з вёскi, забыўшыся на скрыначку, цi, можа, яна iм i не трэба была. Наста адразу схiнула яе з воч: пасудзiна - можна было ссыпаць у яе стоўчаныя крупы i, калi не пашкадаваць, можна зрабiць аж дзве таркi дзёрцi бульбу - выйшла б...

Насыпаючы жыта, яна ўсё баялася, каб не забыцца i не ўзяць бляшанкi з сабой у мех. Яна, здаецца, зарыла яе напасля ў куфры глыбока ў жыта...

Кончыўся доўгi загон, i Наста пайшла дарогай, ступаючы ў гарачы пясок аж па костачкi. Сонца цяпер зайшло якраз спераду, бiла ў вочы, i яна залiвалася потам. Было горача, прылiпалi да плячэй мокрая палатняная сарочка i нажутка; здавалася, коўзаючыся за плячыма, ад поту намакаў мех. З'ехала з галавы хустка, рассыпалiся валасы, згубiўся недзе, калi насыпала жыта, ражок старога грэбеня, зубы на чатыры (дагэтуль ён яшчэ тырчаў у валасах, было чуваць).

Сонца стаяла якраз на паўднi - высака ўгары над самай вёскай. Ад яго гарэла галава i смылелi шчокi; трэскалiся сухiя вусны, i сох у роце язык, рабiўся шорсткi, не павярнуць. Балела над мехам плячо, цягнула ўнiз, i давiлi пад горла рукi, сцiснутыя ў кулакi, - займала дыхаць.

"Паспець бы... Гэтулькi з куфрам мэнчылася..." Аднекуль пахла гарам, едкiм, смярдзючым - аж блажыла. Мусiць, на сухiм балоце ля грэблi загарэўся торф.

Пасярод вёскi, ля Махоркi на гародах, стралялi - густа, як палкай хто вадзiў па плоце.

"Маўчалi дагэтуль. З ранiцы..." - Яна падняла на гарод вочы, глянула спадылба. Ад сонца ўсюды было сiне, як ад дыму, i на гародах нiчога не было вiдаць.

На могiлках на дзядзiнцы ляжала каменне - крушнямi; сюды панаганяла з вясны, яшчэ ў паводкi, пяску, i цяжка было ступаць: вязлi ногi.

Ля Боганчыка, пры ўваходзе ў вулiцу, былi расцягнуты платы - iх немаведама на што расцягалi ўласаўцы, i жудасна было глядзець на голы без плота гарод: адразу за iм быў вiдаць Выганчык, дзе гарэў торф.

Вулiцай, здавалася, лягчэй iсцi - цвярдзей было нагам ля самага плота па ўбiтай зямлi. Вулiца была пустая, толькi пасярод вёскi, ля Махоркi, хадзiлi людзi - па адным. Уласаўцы разышлiся па дварах. Было вiдаць, як яны, паскiдаўшы з сябе верхняе, мылiся ў Боганчыка на двары - чалавек пяць. З комiна ў Боганчыка пахла смаллю на ўсю вулiцу...

Наста iшла ля плота - ля сваёй хаты - i не зайшлася. Калi падышла да хлева i пачула, як запахла старым сенам i гноем, ёй стала цяжка дыхаць i горача зрабiлася ўваччу. На двары нiкога не было вiдаць: нi дзяцей, нi ўласаўцаў, i яна падумала, што дзецi - Iра i Валодзя - недзе ў хаце. Сядзяць, двоечка, на сеннiку на падлозе, напужаныя, - там, дзе яна кiнула iх, пайшоўшы з хаты i сказаўшы, каб яны не ўставалi з падлогi. На двор былi зачынены на закрутку вароты, ля варыўнi параскiданы з вярсты дровы - iх, мусiць, параскiдалi, калi яна была ля ям, - i ўсюды было пуста i цiха.

Яна прыхiнулася да свайго плота на другi бок вулiцы, апусцiўшы мех зверху на жэрдкi, адсапнецца хоць...

I ранiцай, калi iх з Карчаватак прыгналi ў вёску немцы, на двары было цiха i пуста. Паснулi на возе дзецi: не спалi ў лесе ўсю ноч, лежачы пад калясьмi на зямлi; усю ноч без сцiханага немцы стралялi па лесе з кулямётаў, i над галовамi ляцелi кулi з агнём...

Прыехаўшы на двор, яна загнала Буланчыка ў хлеў, кiнула нераспрэжанага, i пазаносiла на руках у хату дзяцей - паклала на ложак на разгоеную салому. Села сама на маленькiм услончыку ля ложка i глядзела на iх, не зводзячы вачэй. Падумала пасля, што трэба падпалiць, мусiць, у печы, бо, прачнуўшыся, дзецi захочуць есцi... Яна ўстала, пачула, што не служаць рукi, каб налiць у гаршчок вады...

Зноў пачалi страляць - з хаты цяжка было пазнаць дзе, мусiць, у тым канцы. Пасля раптам на вулiцы, ля Боганчыка, нехта загаласiў на ўвесь голас, як мог...

Яна адчынiла дзверы - пiхнула iх рукой у сенцы. Плакалi i ля Боганчыка, i ў вёсцы на вулiцы - мусiць, ля Панка: прымаўляла Панiха.

Пасля Наста пачула, як ляпнулi вароты i на двары ля сцяны задугаў нагамi нехта чужы. Дзверы ў хату шырока расчынiў уласавец; высокi, iшоў сагнуўшыся i несучы ў руках вiнтоўку. Адапхнуў Насту прыкладам назад, калi яна падышла да дзвярэй.

- Трi душi? - папытаўся ён з парога, гледзячы на ложак, дзе спалi дзецi. - Всем до едiного... В деревню... Выходi, мать... - сказаў ён пасля неяк цiшэй. - Выходi, не стой...

Яна падбегла да ложка да дзяцей, пасля да куфра, не помнячы чаго: хацела, мусiць, адчынiць, каб што ўзяць...

- Нiчего не брать... Выходi... - уласавец цяпер паказваў i галавой i вiнтоўкай у дзверы.

Яна схапiла на рукi маленькую Iру. Валодзя, згледзеўшы ўласаўца, саскочыў з ложка i выбег за ёй на двор. Сонны, ногi ў яго чаплялiся за парог i ў хаце i ў сеначках...

У вёсцы стаяў крык: плакалi, усё роўна як вязлi каго хаваць на могiлкi.

Яна не стрывала, заплакала сама на ўвесь двор.

Падумала была раптам, стаўшы на двары: як гэта - нiчога не браць з сабой? Усё ж перад вачыма... У парозе суднiк з пасудай, вiдаць праз расчыненыя дзверы, ля студнi вiсiць з вадою вядро... Нiчога не браць?.. На смерць пагоняць. Усёй вёскай. З малымi...

На руках прачнулася Iра i зайшлася; Наста стала ўсцiшаць яе. Згледзела, што на руцэ вiсiць белы ручнiк... Невядома, чаму яна ўзяла яго - мусiць, схапiла замест хусткi...

Ля варот заплакаў Валодзя...

- Ма-а-мка... Я жыць хачу!.. Я жыць хачу!..

Яна нагнулася да яго - ён схапiў яе за нажутку, за рукавы ля лакцей, i пацалаваў у шчаку. Ён не цалаваў яе нiколi, i яна не помнiць, цi цалавала калi яго, як ён падрос: яны да гэтага дома не прывыклi...

Тады яна зноў загаласiла на ўвесь двор...

- А зязюлькi мае-е...

Убачыла пасля, як адбегся ад варот высокi ўласавец з вiнтоўкай i, дастаўшы з кiшэнi белую хустачку, стаў выцiраць вочы: заплакаў.

Ля Мiронавай хаты яна стала з маленькай Iрай на руках наперадзе ўсiх. За ёй былi людзi, сагнаныя з усёй вёскi. З аднаго боку, ля самых Махоркавых варот на двор, - бабы з дзецьмi: занялi ўсю вулiцу; з другога, ля хаты, ля сцяны, - мужчыны: жменька. Мужчыны стаялi адзiн ля аднаго, перамешаныя: i вялiкiя i малыя, што абламаны зверху частакол. Нiхто ўжо не плакаў: не плакаць загадалi крыкам - хлiпалi толькi бабы.

Стала цiха, нiбы мор выкацiў усю вёску, i было чуваць, як далёка за лесам, над якiм гарэла агнём сонца, страляюць i страляюць без сцiханага гэта недзе на Дзвiнасе, куды адступiлi партызаны. На другiм баку вулiцы ля дубоў стаялi на зямлi два ценкiя i доўгiя чорныя кулямёты, настаўленыя на людзей, i высака на тыне сядзелi ўласаўцы адзiн ля аднаго з вiнтоўкамi ў руках - не знiмалi з плячэй.

Калi з хаты ад Махоркi выйшаў немец, стала яшчэ больш цiха: нiхто не хлiпаў.

Наста пачула, як у яе падкасiлiся ногi i стукнула ў галаву. Галава закружылася-закружылася, i Наста, баючыся, каб не ўпусцiць з рук Iру, аперлася на некага плячом - не помнiць, на каго. Да яе збоку - да нагi прыцiснуўся Валодзя, усё роўна як бы прыцiскаўся некалi, калi быў маленькi: толькi вучыўся хадзiць.

Немец стаў пад дубам ля тыну мiж двума чорнымi кулямётамi. Стары, у яго былi сiвыя скронi, аж блiшчалi здалёку. Блiшчалi i высокiя боты на нагах, i сам ён увесь блiшчаў на сонцы: арол на галаве, крыжык на грудзях, гузiкi i спронжка наверсе на жываце.

Наперад яму адразу забег уласавец, высокi, ценкi i чорны, i засунуў рукi з бакоў пад дзягу. Загаварыў, слухаючы немца i гледзячы пад хату на людзей. Насце здалося, што ён прылiп вачыма да яе адной. Яна не чула, як гаварыў немец, - угледзела толькi, як кратаюцца яго чырвоныя скiвiцы: яна стала слухаць уласаўца.

- После того... - загаварыў ўласавец, спатыкаючыся, нiбыта хто яму перабiваў, - как возле вашей деревнi.... нас обстреляла банда в колiчестве ста человек... вы все подлегаете расстрелу... деревню следует сжечь...

Наста пачула, як у яе з рук ссунулася Iра i прыцiснулася да калень, учарэпiўшыся рукамi за спаднiцу, - мусiць, у яе, Насты, абвялi былi рукi... Стала неяк зусiм цiха ззаду, дзе стаялi людзi, было чуваць толькi, як нехта дыхае за плячыма: дзьме холадам у патылiцу. Ацiхлi нават на тыне ўласаўцы з вiнтоўкамi. Наста ўбачыла, што iх цяпер за тынам была поўна аселiца, аж да ракi - панаходзiлi раптам аднекуль.

Цёмна стала ўваччу, i закруцiлася ў галаве. Яна цяпер не ўсё чула, што гаварыў уласавец.

- ...как вне всякiх сомненiй доказано... вы все содействовалi партiзанам...

Пасля яна, схамянуўшыся, нагнулася i падняла на рукi Iру... Пачула, што хаваецца за яе Валодзя... Стала горача, не было чым дыхаць, усё роўна як душылi, узяўшы за горла... "Каб толькi не спалiлi дзяцей... - падумала яна. - Толькi не дзяцей... Закiнуць бы iх куды за тын ля хаты з вачэй... За тынам высокi бульбеўнiк... Распаўзлiся б..." Тады падумала, што не ўстоiць, возьме пабяжыць i сама... Пабяжыць гародамi... У Карчаваткi. Не будуць жа страляць у яе. У яе ж на руках маленькая Iра...

Яна пачула, што ўсё яшчэ гаворыць уласавец, не страляюць, i нагнулася ўперад.

- ...Немецкiе властi решают... - усё гэтак жа спатыкаўся ўласавец... Дастаўшы рукi з-пад дзягi, ён паказаў на ўсiх пад хату: - Все крестьяне должны за два часа собрать i отвезтi трi тонны хлеба в местную комендатуру... В Красное... Еслi же завтра к двенадцатi, - Наста ўбачыла, як сiвы немец глядзеў на руку, на гадзiннiк, - не будет iз комендатуры документа, всё пойдет дымом... I все будут до едiного...

Яна толькi пасля ўжо здагадалася, пра што гаворыць уласавец, i падумала, што, пакуль ён гаворыць, не будуць страляць у людзей... I пакуль у вёсцы будуць зносiць жыта, усё яшчэ не стануць страляць...

Яна раптам успомнiла, што ў яе дома пустая шафарня ў сенцах, што яна, Наста, не можа прынясцi нi калiва, бо дзе возьме...

Падумала, што праз яе могуць спалiць вёску...

Яна ступiла i выйшла наперад з Iрай на руках - да тыну, дзе стаялi два чорныя кулямёты i немец з уласаўцам. Згледзела адразу, як яны двое ўтаропiлiся на яе, пасля зiрнулi адзiн на аднаго i кораценька перагаварылiся - "вэр, вэр...".

Калi яна загаварыла, пачула, што голас у яе моцны i рэзкi - яна аж крычыць - i што язык сухi, як трэска, i не гнецца...

Немец з уласаўцам зноў кораценька перагаварылiся - "вэр, вэр...". "Большевiк..." Уласавец зноў засунуў рукi пад дзягу на жываце i зыбнуўся на нагах.

- ...Пускай хоть сосед... - пачула яна, як сказаў ён, прыцiскаючы на кожным слове.

Яна загаварыла зноў, паказваючы рукой на лес да могiлак: закопана... Немец з уласаўцам гаварылi цяпер доўга - "вэр, вэр, вэр...". Пасля ўласавец кораценька i злосна буркнуў ёй:

- Пустiм i в лес...

Яна яшчэ сказала, што ўсюды каравулы, што не даюць выйсцi з двара... Яны ёй ужо нiчога не адказалi; махнуў толькi немец рукой, паказваючы ў грумаду, тады крыкнуў некуды на двор. Адтуль адразу выбег уласавец i пайшоў у канец вёскi - да могiлак...

Пакуль яна прывалакла ногi ад тыну да хаты, пад хатай ужо не было людзей...

...Ад свайго плота цяжка было адысцiся: здавалася, пацяжэў мех - яго насыпалi аж пад самую завязку. Яна ўжо не бедавала, што баляць плечы; сагнулася, як старая баба, i глядзела толькi на сцежку пад ногi i на вулiцу перад сабой. На пяску на сцежцы знаць былi сляды ад нямецкiх ботаў: у дзiрачкi ад цвiкоў. На ўпыленай крапiве i падарожнiку ля плота валялiся доўгiя белыя акуркi ад папярос, адзiн яшчэ тлеў сiнiм дымам, i ля яго абгарэла рудая трава - вiдаць, нядаўна iшоў немец. Яна падумала, што немцы не апасаюцца: у такую суш можна падаткнуць агню, i ўся вёска пойдзе дымам.

Ля Панка быў абернуты на вулiцу плот, i трэба было, нямогучы, падымаць высака ногi - пераступаць жэрдкi. Жардзё ў плоце было зацярушана жоўтым пер'ем. Пер'е ляжала кучкамi i зверху на траве ля плота, i на пяску на вулiцы - вiдаць, рваў яго нехта з курыцы жменяй.

У вёсцы была зацярушана пер'ем уся Скарбовая аселiца, усё роўна як сюды зносiлi курэй з усiх двароў. Наста згледзела, што на аселiцы пад раку гарыць агонь i ля яго кратаюцца ўласаўцы. Нехта там разбiваў тапаром на дровы, мусiць, вароты: аб сухую дошку ядрана бразгаў кручок. Ад агню пахла смаллю, аж зрывала нос...

"I не паапрагаюцца... Не паразрывае... Усё жывое пажорлi..." - падумала яна. Пасля падумала, што больш нiкога не бачыць з мяхамi, усё роўна як ёй адной карцiць скарэй накармiць немцаў. Здагадалася, што, мусiць, усе ўжо даўно пазносiлi шклункi: шмат у каго жыта знайшлося дома, а не - то адзiн у аднаго пазычалi: "Згары яны, гэтыя тры пуды..."

Калi яна ўбачыла здалёку Мiронаву хату, высокую, з саламянай страхой, вышэйшую за ўсе хаты ў вёсцы, i старыя дубы, што раслi напроць, на другi бок вулiцы, у яе затраслiся ногi...

Падышоўшы з мехам на плячах да Мiронавых варот, Наста згледзела, што яны адчынены, i падумала, што iх не змагла б ужо адчынiць сама: мех адняў рукi.

На двары ў Махоркi былi немцы - чалавек сем. Поркалiся ля Мiронавага свiронка за дрывотняй ля самай студнi. Два немцы стаялi, узяўшы рукi ў кiшэнi; трэцi, расставiўшы ногi, апёрся задам на ручку ад рыдлёўкi рыдлёўка была ўторкнута ў трасочнiк на дрывотнi; чацвёрты, сагнуўшыся, стаяў па каленi ў яме - даставаў адтуль, недзе з-пад ног, белыя вялiкiя Мiронавы талеркi i ставiў адну на адну. Галава ў яго вiсела, кратаючыся, ля самай зямлi, была ўся лысая i блiшчала здалёку на сонцы, як талерка.

Другiя стаялi воддаль i, гледзячы ў яму, курылi...

Ужо на самым двары Наста ўбачыла, што ля свiронка на зямлi стаялi поўныя, насыпаныя жытам мяхi. Ля мяхоў тырчаў, як пень, Iван Боганчык, а ля самага тыну, пад свiронкам, стаяў немец - стары, сiвы, той, што гаварыў на вулiцы перад усiмi, - яна пазнала. За iм ззаду згрудзiлiся ўласаўцы чалавек дзесяць.

Наста падумала, што трэба iсцi з мехам да свiронка. Убачыла пасля, што там цесна, не павярнуцца за ўласаўцамi, i стала ля варот. Стаяла, паддаючы сабе мех на плечы.

Тады стары немец павярнуўся да яе. За iм павярнулi галовы да варот i ўласаўцы.

Немцаў яна ўжо не баялася. Падышла да сiвога, пастаяла; перакруцiўшы рукi цераз галаву, скiнула з пляча мех яму пад ногi. Немец адступiўся, стаў i глядзеў на мех. Махнуў быў рукой ля ног, паказваючы нешта Боганчыку. Боганчык падскочыў да яго з-пад свiронка, падняў яе, Насцiн, мех i панёс перад сабой да мяхоў, што стаялi ля тыну. Яна пайшла за Боганчыкам; пачула, што ззаду iшоў i немец. Боганчык расхiнуў нечы шырокi з пасцiлкi ў палосы мех, насыпаны ў калена, а яна, падняўшы з зямлi перад сабой сваю ношку, перакулiла яе яму ў мяшок... Пачула, што задыхаецца - парвецца сэрца - i што з iлба пацёк руччом у вочы пот. Выцершыся, яна ўзялася рукамi за рагi ў мяху i пацягнула ўверх. У чужы мяшок, як дома ў шафарню, пасыпалася, шапочучы, зерне; запахла жытам, што на таку ў гумне.

Калi яна зноў тузанула мех за рагi, пачула, што не хоча высыпацца ўсё жыта - зашумела, як аб што бляшанае... Яна тузанула за рагi з усёй сiлы. На босыя ногi пасыпалiся зярняты, i сцебануў па лытках завязкамi мех; выпусцiў з рук мяшок Боганчык i адхiнуўся да тыну, што напужаны...

Зiрнуўшы на чужы мех, што поўны стаяў цяпер ля яе, яна згледзела: зверху на жыце ляжыць белая цынкавая бляшанка ад патронаў - уверх дном - i блiшчыць на сонцы на ўвесь двор. З-пад бляшанкi з меха сыпалiся памалу на зямлю зярняты, паўзлi, як мурашкi.

Цёмна раптам стала ў вачах... Наста ступiла была назад, мусiць, каб не павалiцца, бо падкасiлiся ногi...

Убачыла, што праз дым, як разам з ёй адступiўся быў ад меха немец, тады падбег, схапiў бляшанку, перакруцiў яе дагары i клiкнуў немцаў з дрывотнiка. Тыя збеглiся адразу - усе сямёра. Падбеглi ад тыну ўласаўцы. Сiвы немец падаў бляшанку лысаму... Пасля немцы сталi перадаваць яе з рук у рукi. Сiвы немец нагнуўся быў яшчэ да меха, зачэрпнуў рукой жыта i клiкнуў лысага "вэр-вэр...". Да меха падышлi немцы i сталi перасыпаць жыта са жменi ў жменю.

Пасля яны пасталi ўсе, апусцiўшы рукi, i глядзелi на яе - i немцы i ўласаўцы. Ёй стала раптам холадна, бы правалiлася куды пад лёд у ваду, i яна падумала адразу: спаляць вёску...

Пачула была толькi, як сiвы немец, паказваючы на жыта, сказаў кораценька: гут, гут... Яна здагадалася: застрэляць... Усярэдзiне нешта абарвалася, пасля яна, Наста, неяк абмякла ўся... Абмяклi ногi, не трымаюць яе, лезуць, як у балота...

Падумала: няўжо тут, адразу? I калi сiвы немец, махнуў рукой, паказваючы, каб яна iшла да варот, яна падумала: застрэляць ля тыну i будуць страляць ззаду, у плечы...

Яна iшла да варот памалу-памалу - трэба было адрываць ногi ад зямлi... I сама не помнiць, як павярнула на вулiцы ля тыну ў свой канец вёскi i памалу пайшла па сцежцы, чапляючыся нагамi за каменне. На двары ў Мiрона было цiха - немцы маўчалi. Яны будуць страляць на вулiцы: недзе iдуць ззаду. Пасля на двары ў Мiрона зазвiнела бляшанка: бразнула ля свiрна на каменне яе выпусцiлi з рук.

Наста пачула, як яе нешта тузанула спераду за руку... Яна спатыкнулася i ўбачыла: прыступiла мех - не помнiла, што забрала i нясе яго на руцэ перад сабой...

Яна падумала, што жывая яшчэ, i, стаўшы, азiрнулася. Ззаду нiхто не iшоў.

Пачула пасля, як яе аж трасе ўсю - схапiла стужа...

Дома ў хаце не было дзяцей: за сталом - стол стаяў у куце ля акна ад гароду - сядзелi ўласаўцы, апёршыся на грудзi... Наста не бачыла, што яны елi... Не згледзеўшы дзяцей, яна закрычала на ўсю хату. Уласавец, што быў блiжэй да акна ў гарод, паказаў пальцам у шыбiну... У гародзе пад прызбай сядзеў Валодзя з Iрай - трымаў яе на прыпале. Iра, звесiўшы ў яго з калень босыя ногi, махала iмi, дастаючы пад прызбай сухi пясок.

Тады Наста апусцiлася на ложак - села з краю на голую салому i глядзела ў акно за рэчку на пусты i гарачы ад сонца Выганчык. Не чула, як да яе гаварылi, - мусiць, была аглохла. Згледзела пасля, як падышоў да ложка ўласавец, узяў ў яе з рук мех i кiнуў на лаву, што стаяла ля сцяны пад акном ад гароду. Мяшок ссунуўся адразу на падлогу. Тады Наста раптам успомнiла, што ляжала пад лавай, i аж падскочыла...

Пачула, што рагочуць уласаўцы: павылазiлi з-за стала, ходзяць па хаце, гавораць да яе. Яна ўстала з ложка, з саломы, i стаяла, узяўшыся рукамi за брыж.

- Што гэта ў цябе, матка? - яна ўбачыла, як уласавец, той, што паказваў ёй пальцам у шыбiну на дзяцей, паказваў цяпер пад лаву, дзе ляжаў мех.

- Ме-ех... - сказала яна цiха, не пазнаўшы сябе, i падумала, што ўласавец паказвае зусiм не на мяшок.

- А за мехам, матка, што ў цябе? - уласавец прысеў i паказваў пальцам зноў пад лаву. Усё адзiн гаварыў; другiя глядзелi на яго i на яе i маўчалi.

Ёй зноў стала горача ўсёй... Яна не магла павярнуць языком. Падумала, што зноў праз яе спаляць i хату i ўсю вёску. За бляшанку не сталi, а за гэта не прапусцяць...

- Што гэта, матка, мыдла? - уласавец яшчэ больш сагнуўся i глядзеў цяпер, адвярнуўшыся на хату, на яе, Насту.

Тады яна сказала:

- Мыдла, дзеткi, мыдла...

- Га-га-га... - уласаўцы зарагаталi ўсе разам, а той, што паказваў пад лаву, устаў, падышоў да яе i паляпаў па плячы, моцна, аж забалела.

Яна нiяк не магла дагадацца, чаму яны рагочуць. Вадзiла толькi языком па вуснах i чула, што вусны сухiя, патрэскалiся.

Пад лавай ляжаў тол, цэлая кучка. Як склалi яго лунiнцы, прынёсшы ў хату парашут, так тол i ляжаў. Забылiся забраць... Яна хацела яго прыняць з вачэй, закапаць у гародчыку пад прызбай, але забылася. I цяпер ён ляжаў, складзены роўненька ў ладнай кучцы, - адзiн кавалак прылiп да падлогi воддаль, ледзь не ля самага стала, ля ножкi... Жоўты i гладкi, як аскоблены, ён быў падобны якраз на кавалак сырога мыла, якое куплялi да вайны ў вёсцы ў краме...

- Га-га-га... Маладзец матка... - рагаталi i рагаталi на ўсю хату ўласаўцы.

Пасля яна пачула, як расчынiлiся дзверы - рыпелi доўга, не сцiхаючы: iх адчынялi памалу, на ўсе рукi, як хто з возам ехаў у хату. Ад яе адбеглiся ўласаўцы, пахапалi вiнтоўкi, што стаялi ля куфра, i выцягнулiся пасярод хаты.

Парог пераступiў яшчэ адзiн уласавец - нiжэйшы за ўсiх, у пiлотцы. Зiрнуўшы на яго, яна ўбачыла неяк, што ў таго былi вялiкiя светлыя бровы. Дзвярэй ён не зачынiў i, выйшаўшы на хату, махнуў нечым белым - паказаў у парог. Уласаўцы, пабраўшы ў рукi вiнтоўкi, усе да аднаго выскачылi за дзверы.

Калi ўласавец у пiлотцы астаўся ў хаце адзiн, Наста агледзела, што ў руцэ ў яго белыя пальчаткi, тонкiя, з воўны, i трымаў ён iх за пульсэтку, сцiснуўшы ў кулаку. На яе, Насту, ён не падымаў вачэй; зрабiў круг па хаце, тады зняў з пляча вiнтоўку i пайшоў сеў на лаву ля акна ў гарод, падкорчыўшы ногi, - боты дасталi якраз да меха. Пад лавай загрукала - Наста здагадалася, што ён пасунуў нагамi кучку толу. Пасля ён круцiў вачмi па хаце: у кутку над сталом па сцяне, дзе вiселi сапсаваныя старыя ходзiкi, не iшлi; пад ложкам, ля печы i ў парозе пад суднiкам - доўга глядзеў туды.

- Все вы бандiты... - загаварыў ён раптам паволi, як п'яны, - ледзь варочаў языком. - Вас всех надо перестрелять... Вон i вон... Солома еще на полу... Чугун с мясом полный... Партiзаны недавно жралi... - ён паказаў вачыма на падлогу ля куфра i ў парог у качарэжнiк; пасля ўзяў паклаў на каленi вiнтоўку, доўга глядзеў на яе, тады пачаў церцi пальцамi.

Наста хацела сказаць, што ля куфра яна клала нанач дзяцей, калi пачалi страляць з Сушкава па вёсцы немцы, - ад таго не мецена яшчэ ў хаце, - i не магла. Глянула была на ўласаўца - ён быў выгалены, чысты i злосны - i сядзела на ложку, не могучы крануцца: у гаршку на прыпечку стаяла мяса, якое яна паставiла была нанач у печ варыць лунiнцам, а тыя доднiцай тады сабралiся i пайшлi не еўшы... Здагадалася цяпер, што ўласаўцы дасталi былi самi гаршчок з печы, i за сталом яны елi мяса - косцi яшчэ ляжаць на абрусе, жоўтыя, як падплятанкi.

- Да что с вамi чiкаться... - уласавец крануўся ўвесь i, закiнуўшы адну на адну, пасунуў далей пад лаву ногi. Пад лавай зноў цiха грукнула. Уласавец быў нагнуўся i зiрнуў на свае боты...

Яна сядзела як нежывая...

Пасля ён узяў паклаў на рог стала белыя пальчаткi з воўны. Дастаў з кiшэнi з фрэнча клубочак нiтак, невялiчкi, з макаўку, такiх жа белых i з воўны, як i пальчаткi. Паклiкаў яе, Насту, - яна злезла з ложка i падышла да яго - i падаў клубочак у рукi, паказаўшы на стол:

- Заделать... i быстро...

Яна ўзяла ў рукi са стала пальчаткi i ўбачыла, што яны новыя i ў адной недароблены вялiкi палец... Адразу ўспомнiла, што ў яе ляжалi ў куфры ў прыскрынку пруткi. Падышла да куфра, падняла века, адчынiла вечка ў прыскрынку. Знайшла пруткi, узяла пальчатку без вялiкага пальца, другую паклала на стол i села ля акна ад вулiцы процi ўласаўца.

Падумала: у каго гэта ў вёсцы былi белыя авечкi? У Махоркi цi не?..

Пруткi калолi ў пальцы, у пупышкi, былi вострыя, i яна нiяк не магла спачатку лучыць у вочка. Убачыла, што дрыжаць рукi; не са страху - яна ўжо не баялася - а, мусiць, ад таго, што нясла цяжкi мех: як жылы расцягнула ўсё роўна.

Калi ўласавец зноў, круцячы на каленях вiнтоўку, сказаў: "Вы все бандiты..." - яна падумала: "Пракалоўся б ты на гэтыя пруткi..." - i тузанула за нiтку.

Беленькi клубочак падскочыў на стале, пасля покнуў на падлогу i пакацiўся ўласаўцу пад ногi - пад лаву...

Уласавец нагнуўся, каб дастаць клубочак, заскроб па падлозе нагамi i зачапiўся за мех.

Пад лавай загрукалi кавалкi толу, моцна, на ўсю хату, - рассыпалася ад нагi ўся кучка...

Наста пачула, як бразнулi, зазвiнеўшы аб стол, пруткi - вывалiлiся з рук.

Уласавец спачатку ўвесь збялеў, што мел; сядзеў, нагнуўшыся, i глядзеў на яе вялiкiмi, як не ў чалавека, вачыма. Пасля, мусiць, здумеўся, бо яна, баба, не баiцца толу, сядзiць, як сядзела, ля стала, i схапiўся абедзвюма рукамi за вiнтоўку, якая ляжала ў яго на каленях. Насце здалося цяпер, што вiнтоўка ў яго ўся белая, аж блiшчыць, i крывая, як сагнутая...

Пасля ўласавец пачаў памалу-памалу ўставаць з лавы, не зводзячы з яе, Насты, вачэй, i маўчаў. Чуваць было толькi, як ён сапе. Яна падумала, што ён возьме адразу i застрэлiць яе. Нiхто не згледзiць i не пачуе...

Калi цяпер бразнула клямка, Наста адразу адвярнулася на хату. Пачула, як на шчоках выступiў халодны пот... У хату ўвайшлi яшчэ два ўласаўцы з Боганчыкам - не тыя, што былi раней. Сталi ля парога, не падыходзiлi да стала. Боганчык прытаiўся ззаду за iмi, як хаваўся за плечы.

Трэба было ехаць у Краснае... Ёй, Насце... Кiдаць дзяцей i ехаць. Бо ў яе быў конь. Усе ў вёсцы, у каго ёсць конi, паедуць.

Боганчык пасля ўласаўцаў сказаў, што ўсяго ў вёсцы асталося сямёра коней, што i ён сам паедзе, бо i ў яго астаўся цэлы жарабок, што нiчога страшнага няма - з'ездзяць i вернуцца... Далёка тут тое Краснае...

Яна тады заплакала: у яе ж дзецi... Нагнулася i паказала рукой у акно ў гарод...

Уласаўцы сказалi, што скарэй вернешся з Краснага, калi астаюцца дзецi... Трэба было кiдаць дзяцей...

Наста сядзела ля стала з пруткамi ў руках i не магла ўстаць...

Уласавец, што разбурыў нагамi пад лавай кучку толу i падымаў на яе, Насту, вiнтоўку, першы пайшоў з хаты, як баючыся, забраўшы са стала пальчаткi...

2

На грэблi калыша i падкiдае калёсы...

Буланчык з кароткай грывай, падстрыжанай "авечымi" ножнiцамi, б'е ў хамут; у ямах напiнаецца, аж рыпяць гужы, i храпе, наглытаўшыся пылу. А балючы якi... Дакранiся пугаўём - са скуры лезе.

"Напужаная жывёла..."

Наста, апёршыся рукамi на ляжэйку, спаўзае з воза з мяхоў i, выпусцiўшы з рук лейцы, доўга стаiць у пяску - не можа адагнуцца. Пясок пад нагамi гарачы, шорсткi i клейкi - здалося, звалiўся са скавародкi на падлогу ў парозе ля печы блiн з непадсяванай ячнай мукi i лiпне да босых пят. А можа, яшчэ не абсохлi ногi, калi яна ўрабiла iх у гразь, падпiхаючы ў рацэ ля спаленага маста калёсы?

"Так звяло ногi... У каленях..."

Наста ехала самая апошняя, астаўшыся ззаду, i калi злезла з воза, Буланчык быў стаў, пасля, падвярнуўшы галаву, даў у хамут i, пачуўшы, мусiць, што палягчэла, пайшоў за возам - махаў галавой ад сляпнёў i хроп. Ёй трэба было цяпер даганяць калёсы, бо нi да каго другога не падсядзеш пад'ехаць: усе наперадзе.

Нылi суставы, балелi, калi разгiналiся, у каленях ногi. Наста спяшалася, валюхаючыся, што качка.

"Чорт бы не ўзяў Буланчыка. Не такая я i грамазда. Пашкадавала... Конская матка не здохла..."

Iсцi па ямах босай было мякка i прыступна. Грэбля за гэты тыдзень, як уцяклi ў Карчаваткi, высахла i патрэскалася, што цэгла, - стала на такой пагодзе, што ўдзень збiты скацiнай Выганчык за ракой на сонцы рабiўся белы i дрыжаў; нямецкiя машыны перацерлi на грэблi сухi ў грудках торф на муку, i вецер пазасыпаў ямы i трэшчыны пад нагамi.

З-пад калёс падымаўся руды пыл i поўз грэбляй назад пад вёску - да маста.

Няма чым дыхаць, пяршыць у горле, i Наста, узяўшы за ражок паркалёвую белую хустку ў чорныя кропачкi, што вiсела на шыi, выцiрае ад поту шчокi i сухiя, патрэсканыя, аж баляць, вусны. Ражок хусткi ўвачавiдкi рудзее, бы гэта яна, Наста, тупае не за возам па грэблi, а дома ля чалеснiка ў каляднiцу, калi печ ад смалякоў з Карчаватак як юхта i да яе не падступiцца...

Балiць на правай назе костачка, што раз усё горш - узялася струпам.

"Кроў запяклася... - думае яна. - Згiнь ты, благое... Усё гэта ў рацэ... Ля маста... Такi быў мост... Суткi гарэў... Перад самай вайной яго рабочыя рабiлi - стаялi ў вёсцы. Яшчэ жоўты быў, не счарнеў. Смалой ад яго пахла... Партызаны яго падпалiлi, нанасiўшы саломы, як адступалi. А немцы, калi трэба было ехаць, дык яны паставiлi машыны на беразе - Петрусiха старая бачыла, з вёскi яна нiкуды не кранулася ўцякаць, - высыпалi, што мышы на ток, на буй, нават доўга не стаялi. Пераскочылi, не падкасваючыся, адзiн за адным разбалабашаную раку, што куры, - рака ў пагоду зусiм перасохла - i адразу на страху да Петрусiхi: хата яе была з прыходу самая першая. I тапары ў iх, i пiлы... Раскiдалi па бярне i перацягалi на плячах да ракi. Ды што хату шкадаваць. Немцы ўсё могуць пусцiць дымам... Сталi ў вёсцы надоўга. На Палiк надта не сунешся. Туды дзень i ноч iшлi: i "Дзядзя Коля", i "Дзядзя Вася", i катоўцы, i "Барба" - не спомнiш усiх. Грымiць i грымiць за Дзвiнасой... А мост немцы жалезнымi крукамi збiвалi. I не немцы, уласаўцы. Колькi там тых немцаў - жменя. Аб крукi i нагу недзе пакалечыла. Но-о-гi... Цi прынясуць яны назад у вёску. Да дзяцей... О-хо-хо..."

Яна дагнала Буланчыка пасярод грэблi, узлезла, нямогучы, на мяхi i адвярнула яго ад канавы: Буланчык быў сышоў з тору на сцежку i зачапiўся за старую падпорыну ад тэлефоннага слупа. Нiзкая падпорына нагнулася над канавай, ездзячы, яе абдзёрлi восямi, а цяпер пашчапалi кулi, як хто тупым тапаром, - на крапiве ляжаць свежыя трэскi.

"Стралялi немцы ўвесь дзень з могiлак, калi ля Каменскага броду прарвалi абарону ў кутузаўцаў... "

Наста помнiць, як яна тады прыбегла дамоў з Карчаватак... Павалiлася на двары пад прызбу i ляжала нi жывая нi мёртвая. Трашчала недзе на гародах, пад раку, хоць вушы затыкай, дзе акапалiся кутузаўцы: немцы пайшлi былi крынiцамi, што паабапал грэблi, да аселiцы. Над галавой над шчытамi ў хлеве, дзе былi пазатыканы гарохаўем дзiркi, шастала i шастала, кораценька i суха: шась! шась! - бы хто там, як злодзей, рваў струкi з сухога гарохаўя. "Кулi... - здагадалася тады яна. - Хлеў жа мог загарэцца... Але з могiлак i з грэблi стралялi ў вёску, мусiць, не тымi, што гараць на ляту..."

Яна ўспомнiла, як, прыгнуўшыся на дрывотнi ля варыўнi, з-за вугла страляў з аўтамата кутузавец, малады зусiм. Бачыла яго твар, але не помнiць ужо, забылася. Забылася, чаго i прыходзiла з Карчаватак дамоў: мусiць, па бляшанку з-пад малака i па кашулi маленькай Iры, якiя не ўхапiлi з сабой... Мучылiся без iх у балоце: змянiць дзiця не было ў што. "Галава... - падумала яна, - на дзяцей забывацца стала... А пра тое, што каза скакала на плечы кутузаўцу, - помнiць. Як затрашчыць той сваiм аўтаматам - яна яму на спiну. Козы, глядзi, каб на iх дохлае, стрэлу дзяркатага не выносяць... Таму кутузавец, вiдаць, i страляў так рэдзенька: чыркне, тады казу зганяе з плеч i мацюгае на ўвесь двор..."

Падводы расцягнулiся па грэблi, падняўшы пыл, i цяжка было разгледзець, хто за кiм едзе. Пярэднi, Iван Боганчык, падбiраўся ўжо да мастка, што быў у другiм канцы грэблi. Боганчыка можна пазнаць па жарабку. Жарабок у яго добры, нават з гружоным возам не сцiшае хады.

Сама горш ззаду: глытаеш пыл, як гар якi. Каб не балелi ногi, саскочыла б зноў i пайшла б сцежкай ля крынiцы, пакуль мiнецца грэбля...

Наста чапляе лейцы за пугаўё i запiхае яго пад мех. Буланчык, пачуўшы, зноў даў у хамут, захроп. Мокры ўвесь, пачарнеў; ад яго запахла потам.

На Кур'янаўшчыне, далёка над лесам, што быў аж сiнi ад смугi, гудзелi самалёты. Наблiжалiся ажно сюды, да грэблi, i тады над полем i могiлкамi вiселi, што каршуны; калi рабiлi паварот, раўлi, аж замiрала ўсё ўсярэдзiне. Пасля хавалiся з воч, i ў самым кутку на Кур'янаўшчыне падала на лес чырвонае полымя, як хто кiдаў там зверху галавешкi з агнём.

Наста пачула, як у яе пахаладзела за плячыма...

"Дзвiнасу немцы паляць... - уздыхнула яна. - З самалётаў..."

Стаяла густая духата - здавалася, самлела ўсё на зямлi за дзень. Сонца паўзло на захад, распаранае, як у лазнi, у смузе: на яго нават можна было глядзець, не захiнаючыся рукавом. Яно скора паверне за раку, на Карчаваткi. Там адвячоркам, дзе яшчэ ўчора яны былi ўсёй вёскай, закурыцца туман, белы, як сырадой, i ляжа на ягаднiк i на мох у балоце раса. Забляе бакас, i будуць ныць камары - вiсець хмарамi над купiнамi. Збегчы б туды зноў з дзяцьмi Iру на рукi, Валодзя сам пабяжыць са шклуначкам пад пахай, - павалiцца пад куст i не ўставаць, пакуль не ацiхне стралянiна... Дык жа i там не было ратунку. Знайшлi немцы, калi пайшлi балотам з-пад Камена.

Тады яна надумала, што ў Карчаватках у балоце можна было б абмыць з вачэй пыл, бо за iм свету не вiдаць, - а ён падымаецца i падымаецца з дарогi ад пярэднiх падвод i вiсiць над калёсамi, як хмара.

Схавалiся самалёты; у тым баку, дзе сыпаўся з гары агонь, падняўся чорны слуп дыму i стаў распаўзацца на ўсё неба над лесам.

Даг-даг-даг-даг... - закудахкаў раптам ззаду кулямёт, як старая курыца, недзе на тым баку вёскi, за гумнамi ля лесу, дзе ранiцай рылi акопы ўласаўцы, i захлопалi стрэлы. Водгаласкi пайшлi за лагi на iмшары - у Карчаваткi.

"Не ўцерпелi да начы... Лесу баяцца... А можа, хто ўцёк з вёскi? Дзе ты цяпер уцячэш... Ля кожнага вугла ўласавец..."

Зноў стала цiха; тахкалi толькi па ямах калёсы, хроп Буланчык, i рэзалася ў некага аб атосу кола, мусiць, у Сяргеiшынага Алёшы.

Яны мiнулi грэблю i падымалiся на гару да могiлак. Пад'язджалi да школы, ад якой, было вiдаць здалёку, асталося вялiкае белае каменне i пагнутая рудая бляха - ляжала на зямлi. Школу ўчора пад вечар спалiлi немцы. На пустым двары, што парос палыном i ля платоў жоўтым на цвеце дзiвасiлам, стаяў адзiн зруб над студняй са стрэшкай. Ад студнi на ўвесь двор расцягнулася вытаптаная белая сцежка i хавалася недзе пад лiстамi пагнутай бляхi ля ганка.

На гары Насце добра былi вiдаць усе падводчыкi.

Пярэднi ехаў Iван Боганчык на сiвым, у яблыкi жарабку, якога ён, ужо як паявiлiся партызаны, прывёў ноччу "з-за ракi" - "збамбiў" - i шкадаваў, што роднага бацьку: хаваў i ад палiцыi i ад партызанаў. Калi даводзiлася ўжо, прыцiскалi, сам ездзiў на iм. I сёння паехаў сам. I нiкому б, вiдаць, не ўступiў яго нiколi.

Боганчык сядзеў высака на мяхах i, падняўшы руку, махаў над галавой дубцом - паганяў. Яго чорная барада была вiдаць аж здалёку.

За Боганчыкам, нокаючы на маленькага гнядога Сiбiрака, рассеўшыся на возе, кратаў плячыма валасаты Мiрон Махорка-Карашкi ў чорнай сарочцы; за iм на сваiх доўгiх разводах соўгаўся Валодзя Панок - кiваецца здалёку яго сiвая галава; Панка дагнала на рабой кабыле Таня Паляншчынка - усё нешта крычала яму, папраўляючы ў дзве рукi сваю доўгую касу; за Таняй, звесiўшы галаву ў вялiкай чорнай кепцы, ехаў стары Янук Тваюмаць; на шостым возе ляжаў нiц, галавой у перадок, i нi на кога не глядзеў Сяргеiшын хлапец Алёша. Дзiця яшчэ зусiм, дзесяты год яму, цi што. Наста добра не помнiць ужо... За яго возам, паклаўшы галаву аж на мяхi, i тупаў Буланчык. Адвесiў губу, форскаў, здавалася - хоча перагрызцi на калёсах мех: дастаць зярняты.

"Хай гломзае... Каб толькi не аставаўся ззаду..."

Наста паправiла над мехам пугаўё, яно было сагнулася, i маглi сашмыкнуцца лейцы, i сашчапiла на каленях рукi.

Балела спiна; гарэла, бы хто яе пасыпаў прыскам, збiтая костачка, i дрыжала ўсё ўсярэдзiне. У горле станавiўся камяк, i тады блажыла...

Халаднела, мусiць, ад поту за плячыма, нажутка, муляў на грудзях гузiк - яна адшпiлiла яго i дыхала, як пасля чаду выйшаўшы з хаты на двор, глытала i глытала з дарогi пыл, аж пакуль не папярхнулася.

Калi прайшла блага, зноў заныла ўсярэдзiне... Каб ступала сваiмi нагамi, а не вёз на мяхах Буланчык, далей школы ўжо не кранулася б... Не змагла б...

З гары, ад могiлак, вiдаць, калi глядзiш назад, Дальва: як сiвыя каровы ў гарачыню ля ракi ў кустах, збiлiся ў кучы хаты, перамяшалiся... I вялiкiя i малыя. I каровы i цяляты... Пасля Наста бачыць толькi сваю: з саламянай высокай чорнай страхой хату ў канцы вёскi. Варывенькi i хлева з-за хаты не вiдаць. Не вiдаць i Боганчыкавага двара, хоць ён i побач. Тырчыць толькi ў тым баку асвер над яе, Насцiнай, студняй... Пасля i ён апусцiўся ўнiз i схаваўся за варыўнёй: палезлi па ваду. Дзецi, мусiць...

На дарозе каменне. Па iм ляскаюць i скрыгочуць колы. Трасе цяжкiя ад мяхоў калёсы, кiдае па цвёрдых калдобiнах. Балiць галава, аж сцiскаеш зубы. I зноў блага. Гэта ад гару: яго цягне з балота на дарогу, аж сюды да школы; гарам пахла i праз усю грэблю ад самага маста. Гарыць сухi торф на лагу ў канцы вёскi ля ракi. За кустамi ў тым баку сiне ад дыму. I неба там, за Дальвай, сiняе, толькi далёка за лесам, над Карчаваткамi, вiдаць шэрае воблака - вiсiць на адным месцы, што прывязанае.

"Дым... У Камене гарыць..."

Калi доўга глядзiш у той бок з-пад рукава нажуткi, мiтусiцца ўваччу. Сонца над лесам рудое ад пылу, густое, пацямнела. Пыл ля самай зямлi белы, што дым ад сырых дроў.

На гары ля школы пахне ячменем - сухой саломай, як увосень у гумне ад малатарнi. Ён i не паспеў яшчэ на нечых шнурах - жыта нават не налiлося згарэў на сонцы: пажаўцеў, ля дарогi пасох. Выгарала на дарозе трава. З-пад яе, калi ступае конь, падымаецца пыл вышэй калёс.

Форскае i форскае Буланчык. Увесь чорны, змок. Пад набераткамi на спiне ў яго - жоўтая пена...

Наста выцiрае шчокi мокрым рукавом нажуткi - яны аж смыляць на сонцы...

"Скура гарыць. Як пры агнi... Захлынешся..."

На гары ля школы па каленi пяску. Перасыпаецца пад нагамi ў каня, што попел. Ад пылу не вiдаць пярэднiх падвод - згубiўся з вачэй Боганчык, як скрозь сiта свiцiцца палатняная спiна старога Янука...

Зноў налiпла на шчокi пылу, як ля малатарнi. Павядзеш рукой - даланя шорсткая, што тарка. Ад пяску не сцiснуць зубоў; суха ў роце, язык - што дубовая карына.

Наста камячыць рукаво нажуткi i выцiрае вусны. Рукаво салёнае, аж горкае...

Ацяклi ногi - як перавесiла цераз ляжэйку на грэблi, дык i не падымала, - сталi што чужыя, здранцвелi, i балiць, ломiць спiна, нiзка, у самым крыжы. Хочацца выпрастацца, лёгшы на мяхi, як дзе на мяжы, пажынаўшы дзень не адгiнаючыся... Уцiснуць галаву куды ў плот: у крапiву i дзяды, каб нiчога не чуць...

Даг-даг-даг-даг... - як хто спопаразку кулаком дома ў дзверы, застукаў у канцы вёскi кулямёт. Там, дзе гарэў за ракой торф.

Жык... Жык... - засвiсцела збоку ўдоўж дарогi, як хто хлыснуў тонкай пугай па сухой траве... Жык... Жык... На пажарышчы з-пад бляхi падняўся попел i чырвоныя iскры. Буланчык напяўся ўвесь, даў у хамут, хочучы, мусiць, выскачыць з аглабень, тады выцягнуў галаву, дастаючы аж да Алёшавых ног на возе, i прыцiснуў вушы - схаваў пад грыву.

Даг-даг-даг-даг... - стукала цяпер на грэблi ля маста. Там, калi яны ехалi, Наста помнiць, тырчаў з ямы доўгi чорны кулямёт, увесь ў дзiрках, пры iм стаяў на каленях уласавец, другi мыў у рацэ рукi. Стукала i на ферме ля пунi i ля Боганчыкавага хлева, якi быў далёка ад хаты, пад самым лесам.

Жык-жык... Цыў-цыў... - цяпер ужо шумела над галавой i лопала недзе на Кур'янаўшчыне ля саду i ў кустах на могiлках. У ячменi ля самай дарогi закруцiўся рэдзенькi пыл.

Дрыжыць Буланчык, храпе i рвецца з аглабень. Не вiдаць нi Боганчыка, нi старога Янука. Блiшчаць толькi ўперадзе вышараваныя аб пясок колы пад калясьмi ў Сяргеiшынага Алёшы.

"Пагналi коней..." - здагадалася Наста. Нагнуўшыся ў перадок, яна выцягнула з-пад меха пугаўё i, ухапiўшыся за лейцы, пачала тузаць iх у дзве рукi. Буланчык не пабег, захроп, бы хто яго стаў душыць: упёрся ў Алёшавы калёсы.

- Паганяй, рыштант! - Наста закрычала як толькi магла i папярхнулася. Смерцi захацеў!.. - Яна тузала i тузала за лейцы, але Буланчык не бег i не мiнаў Алёшавы калёсы. Уперадзе ў пыле ўсё блiшчэлi на сонцы вышараваныя колы...

"Забiла..." - неяк адразу падумала яна i зжахнулася. Тады саскочыла з мяхоў i, спатыкаючыся, пабегла да Алёшавага воза. Ухапiўшыся рукой за ляжэйку, пачула, што яна мяккая ад пылу; пылу набралася на мяхi, на калошы i на босыя кароткiя Алёшавы ногi. Чуваць было пад рукамi: яны мокрыя i слiзкiя...

"Забiла..." - зноў падумала яна i закрычала: - Яну-ук!.. - Клiкала Янука, ён быў блiжэй. Уперадзе нiхто не азваўся. Жык-жык... - скакаў толькi пыл ля дарогi ў ячменi.

Пачуўшы яе ля аглабень, Алёшаў конь сышоў з дарогi i стаў. Яна тады ўхапiлася за лейцы. Там жа, дзе за школай падводы, лагчына...

Алёшаў конь яе не слухаў, ступаў па пяску, напяўшыся, i стрыг вушамi, косячыся на поле ў ячмень...

Яна зноў зiрнула на воз, аглянуўшыся, i паверыла сама сабе, што ўжо няма жывога Сяргеiшынага хлапца. Перад вачыма ўсплыла ўся вёска: доўгая вулiца, поўная народу, i Сяргеiха са сваiмi закручанымi ў белыя палатняныя полачкi блiзнюкамi. Яе гоняць два ўласаўцы, спацелi, пазнiмалi з галоў пiлоткi... Гоняць да Мiронавай хаты, у грумаду...

- Алёша-а!.. - закрычала яна, баючыся, сама не ведаючы чаго.

Алёша ляжаў, як ляжаць нежывыя...

Тады яна схапiла яго за ногi i пачала тармасiць у абедзве рукi.

Алёша кратаўся - увесь... Яна страпянулася была i схавала пад нажутку рукi, а Алёша ўсё тросся на калёсах: iх падкiдала на каменнi.

Алёшаў конь раптам пабег. Сам. Пабегла i яна ля воза, ухапiўшыся за ляжэйку. Займала дыхаць, здавалася - павалiшся ў пясок пад калёсы...

Цiў... Цiў... - цiўкала высака над галавой, пасля змоўкла. Стала цiха i ў канцы вёскi, дзе гарэў торф, i ззаду ля маста, i ў ячменi на Кур'янаўшчыне. Бег конь, бегла i яна ля калёс, учапiўшыся за ляжэйку.

Тут было з горкi, i конь бег, колькi яму хацелася, пасля таркануўся на месцы, аж хамут палез яму на галаву, i пайшоў, чапляючы нагу за нагу: Алёшаў воз быў цяжкi, цяжэйшы, чым у яе, Насты.

Яна азiрнулася i ўбачыла, што Буланчык ступае, як i ступаў, паклаўшы галаву на Алёшавы мяхi.

"Бег ззаду..." - падзiвiлася яна.

Наперадзе ў пыле былi вiдаць калёсы старога Янука.

- Яну-у-ук!.. - закрычала яна на ўсё поле. Тады падумала, што забылася: крычы не крычы, Янук не пачуе: глухi. Але Янук раптам спынiўся i павярнуўся на возе: мусiць, сам хацеў паглядзець, што робiцца ззаду...

Дагнаўшы Януковы калёсы, Алёшаў конь спынiўся, стаяў i дрыжаў. Пасля падструнiўся i застагнаў...

Наста баялася цяпер глядзець на мяхi, дзе ляжаў Алёша. Падбегшы да Янука, яна схапiла яго за рукi i заплакала.

Янук замычаў, адсоўваючыся далей ад яе на возе.

- Забiла... Забiла... Алёшу забiла!.. - закрычала тады яна, аглядаючыся назад.

Янук зiрнуў на воз, дзе ляжаў Алёша, i памалу, як баючыся, ссунуўся з мяхоў. Паказаў Насце: сцiхнi ты!.. Сцягнуў са сваёй доўгай, як слiва, галавы чорную кепку, пажмакаў у руках i паклаў на мех, дзе сядзеў сам. Тады памалу падыбаў да Алёшавага воза. За iм пайшла i Наста.

Калi, падышоўшы да Алёшавага воза, Янук спынiўся, стала цiха, i было чуваць, як ля дарогi ў ячменi шастае конiк.

Наста апусцiла рукi i не дыхала ззаду за плячыма ў старога Янука. Шырокая белая зрэбная кашуля на яго худых плячах была ўся мокрая, пацямнела. Янук стаяў ля калёс i не кратаўся. Пасля зыбнуўся на нагах, падняў руку i пачаў выцiраць з твару пот, як жагнаўся.

Яна тады падышла да самых калёс, стала побач...

Калi цяпер падняла вочы, убачыла, што Алёша ляжыць нiц на мяхах, а пад галавой у яго ахапак зайцавага гароху, укошанага недзе, мусiць, на мяжы ў аселiцы... Гарох яшчэ не высах, цвiце сiненькiм агеньчыкам... Ёй тады сцiснула горла...

Янук зноў затупаў ля воза, пасля павярнуўся i ўтаропiўся на яе. Вочы яго, блакiтныя, што ў дзiцяцi, глыбока запалi, сталi вiльготныя i глядзелi балюча-балюча... Ён паднёс руку да грудзей i схаваў даланёй чорныя гузiкi ў кашулi. Здавалася, што яго раптам моцна ўкалолi. Хацеў нешта сказаць i не мог - дрыжала толькi нiжняя вусна, - тады нагнуўся над калясьмi:

- Ёска... Тваю маць...

Ён пагладзiў Алёшу сваёй доўгай рукой па галаве - рука яго зусiм не слухала, - тады замычаў. Наста нiколi не чула, каб Янук так мычаў: як жывёла, якой нешта балiць. Янук пачаў кратаць Алёшу за плечы. Пасля ўзяў пад грудзi, хочучы, мусiць, падняць на рукi...

- Ёска... Ёска... Тваю маць...

Алёша выслiзнуў у яго з рук i ўпаў на мяхi...

- Гэ-э-эй!.. Чаго астаўбунiлiся? - клiкаў знiзу ад логу Боганчык. Паганяйце... Здурнелi, цi што? Чаго спёрлiся?..

Наста ўбачыла, што Боганчык звярнуў свайго жарабка з дарогi. Крычыць, не злазячы з воза. Далёка ўжо наперадзе, ля самага логу. Вiдаць, паганяў свайго шкадаванага, не глядзеў, калi пачалi страляць.

- Ёска... Ёска... - мычаў ля калёс Янук...

- Iван!.. Сюды!.. Мужчыны!.. Хлапца забiла... - Наста адвярнулася ад калёс i памахала пярэднiм рукой. Пасля адышлася на дарогу, наперад каню, i стала махаць хусткай, зняўшы з шыi i сцiснуўшы яе ў кулаку. Калi раптам на ўвесь голас замычаў ззаду ля воза Янук, яна адвярнулася, i яе ўсю аж страсанула... На калёсах, падкорчыўшы пад сябе ногi, сядзеў Алёша i цёр кулакамi вочы... Яго стрыжаная галава блiшчала ад поту i была чырвоная, што рак.

- Спаў... Задаўлю!..

Наста падбегла да воза i схапiла сухi лазовы дубец, якiм Алёша паганяў каня. Дубец быў зламаны, адвалiўся ля самай рукi: яго, мусiць, зламаў, хаваючы пад сябе, Алёша.

- Шчаня!.. Каб збiў, збiў на порхаўку. Гэта ж падумаць, - яна махала хусткай, змятаючы з мяхоў пыл.

Алёша, мусiць, успомнiўшы, дзе ён, схапiўся дзвюма рукамi за лейцы. Конь яго застагнаў i таргануў хамут: яму цяжка было скрануць з месца воз.

...За Алёшавымi калясьмi пайшоў, асцярожна ступаючы па каменнi, стары Янук. Атрасаў з падала кашулi пясок i паказваў дзясны - усмiхаўся.

Буланчык сам не крануўся за падводай, i Наста вярнулася да свайго воза.

- Гэта ж падумаць-падумаць... Так заснуць... Сэрца хацела парвацца... яна падняла лейцы з дарогi. Буланчык наравiўся, i яго трэба было паганяць. Гэта ж падумаць... - яна тузала за лейцы, спаганяючы злосць, тады пачула, што дрыжаць ногi. Спынiла каня i палезла на мяхi.

"Шчаня... - падумала яна зноў пра Алёшу. - Нацягаўся i спаў як забiты: закалыхала на грэблi. Не звёў вачэй i ён усю ноч са старымi разам. Малыя цяпер што старыя..."

Наста пачула, што i сама як спiць: галава цяжкая, хоць ты яе падпiрай, i ўваччу некуды едзе ўнiз i поле з ячменем i дарога... Яна тады выпрасталася на мяхах i ўхапiлася рукамi за ляжэйку.

- Наста! Настуля!.. - клiкаў Боганчык з логу. Было вiдаць, як ён адышоўся ад воза. - Паганяй... Таню паранiла...

Наста саскочыла з калёс.

Наперадзе на дарозе стаялi ўсе падводы.

3

Таня ўжо аж на грэблi апомнiлася, што не зачынiла ў хаце дзвярэй. I ў хаце i ў сеначках. У сеначках яны бразнулi аб сцяну - i прыстылi: кожны раз завальвалiся за вушак; а ў хаце як раз'ехалiся, калi Таня пiхнула iх, бегучы з двара, так недзе i стаяць. Чорныя, старыя, на дзве палавiны. Адна палавiна адчыняецца аж да новай лавы ля стала, якую зрабiлi партызаны, - зiмой летась доўга стаялi, iх было многа, i iм не хапала месца сядзець, - другая, калi яе адхiнуць, закрывае ў парозе суднiк з мiскамi. Дзверы ў хаце цяжкiя, Таня iх стала адчыняць сама ўжо, як падрасла.

Мацi недзе ляжыць у запечку на ложку пад кажухом. Пад галавой у яе дзве падушкi, каб было вышэй. Яе трасе, а дзверы насцеж. I з вулiцы ўсё недзе вiдаць...

"Так забыцца... Як малая ўсё роўна. Хоць бы мацi накрычала... Дык ляжыць i плача..."

Таня пачынае злаваць i тады тузае за лейцы кабылу. Але ўспамiнае пасля, як у мацi дрыжаць плечы, калi яна плача, i ёй шкода яе - аж сцiскаецца нешта ў грудзях. Мацi яшчэ ўчора ранiцай была зусiм нядужая i не хацела ехаць з вёскi ў Карчаваткi, гнала яе, Таню, адну. Разбудзiла доднiцай - толькi яшчэ вiднелася. Падышла да парога: там было свяжэй, расхiнула дзверы i стаяла, прывалiўшыся да вушака.

- Уставай, дачка, не лянiся... - гаварыла яна, нямогучы. - Карову праганi. Янук трубiць. Не магу на нагах стаяць анi. Галава вядзе. Кроў з рота пайшла. Мне ўжо лягчэй, не бойся... Уставай, дачка, чапурыся. I слухай, што Панкi робяць. Пойдзеш з усiмi, я адна дома астануся... Дыхаць не дае нiяк. Колькi сталi ў плячах...

На дварэ было ўжо вiдна. Прагнаўшы скацiну, ля варот яшчэ стаялi людзi, гледзячы ўслед старому Януку. Янук, iдучы сярод вулiцы па пяску, дзе курэўся пыл, трубiў у доўгую трубу з бяросты - гаманiў на ўсю вёску.

З начы за лесам ля Камена было цiха, i людзi натапырылiся з самай ранiцы: нiхто не хацеў iсцi ў хату. У кожнага на двары нехта быў: папраўляў вароты, скрыпеў асверам. Недзе рэзалi дровы, у Панка, мусiць, - пiла звiнела на ўсю вёску. Людзi мiж сабой не гаварылi, i было неяк надта цiха. У некага рана пахла з комiна дымам. Гарэлi смалякi, i дым добра быў чуваць на дварэ.

Цi не пажар дзе? - людзi падымалi галовы i пазiралi на вулiцу.

Толькi Янук трубiў, не сцiхаючы, ля лесу - сёння ён пагнаў кароў за Карчаваткi на пасеку. Адтуль, дзе схавалася скацiна, iшлi ў вёску партызаны - былi ўжо блiзка ля Боганчыкавай хаты, заняўшы ўсю вулiцу.

Таня бачыла iх з двара, iдучы ў хату. Выгнаўшы карову, яна нават не прыткнулася ля варот: мацi недзе i стаiць у парозе ля вушака, не адышоўшыся. Не дойдзе сама да ложка. I чаго ўставала... Магла клiкнуць яе, Таню. Яна, Таня, не так ужо моцна спiць i сама прачнулася б, калi б Янук затрубiў ля хаты. Янук у кожнага ля варот трубiць - будзiць... Трэба скарэй завесцi мацi да ложка, каб лягла, i падаць ёй пад галаву падушкi. Яна тады як сядзiць усё роўна, i яе не блажыць...

З двара было чуваць, як кашляе ў хаце ў парозе мацi...

Таня была ўжо ля самых сеначак, калi далёка над лесам, у тым канцы вёскi, якраз пад загуменне, узляцела ракета. Чырвоная i яркая, што мак. Вiсела над пустымi азяродамi ў Панка на гародзе i, калi падала, доўга яшчэ блiшчала, як шкляная. Таня бачыла ракету першы раз.

Стала раптам цiха, як у вушку. Не бразгалi на вулiцы вёдры, у Панка на дрывотнi сцiхла пiла. Нават мацi не было чуваць у сеначках. Толькi тахкала ў грудзях: тах, тах, тах...

Тады за вёскай, на загуменнi, загрымела моцна i не сцiхаючы - здалося, зусiм блiзка, бы ў Панка ў хаце звалiлася што са сцяны на падлогу цi перасоўвалi лавы.

А-а-а-а... - захлебястала за лесам у канцы вёскi i за ракой на могiлках.

Ускочыла над Панковымi азяродамi i пагасла яшчэ адна чырвоная ракета; нехта нема закрычаў на вулiцы, пасля там заплакалi дзецi.

- Што ж гэта, дачушка? Дзе-е-е ты-ы?.. - мацi, нямогучы, лавiла рукамi вушак у сеначках: iшла на двор.

- Ма-ама... - як нешта адарвалася ў Танi ўсярэдзiне - яна загаласiла, бегучы да мацi.

Каб не падхапiла яе пад паху, яна б упала на жвiр ля парога, дзе стаяла дзежачка з вадой.

У хаце мацi прывалiлася на лаву ля стала, дыхала з сябе, выцiраючы рукой мокрыя шчокi, i глядзела праз акно ў гарод.

- Чыё гэта на загуменнi гарыць, дачушка?.. Агонь над нейчай страхой ускочыў. Дзе ж гэта? Што ж гэта будзе, дачка? Не плач, дачка, не плач... Не трэба плакаць. Нядужа я зусiм, але мне лепш, не блажыць. Бяжы, дачка, запрагай кабылу. Калёсы на гародзе. Сена з ляжэек скiнеш пад паветку. Глядзi, што людзi робяць. Панка клiкнi, паможа. А я буду вузлы збiраць. Не плач, дачка, не плач, ты ўжо не малая. Што мiру - то i бабiну сыну. Будзем, як i ўсе... Бяжы, дачка... - Мацi ўстала з лавы i, кашляючы, пайшла да печы, дзе стаяў ложак. - Дыхаць займае. Чохаўка напала... Бяжы...

Таня нiяк не магла адарваць локцi ад падаконнiка. На двары ля хлева замахаў крыллямi, выцягнуўшы шыю, чырвоны Панкоў певень - крычаў. Яна яго не пачула. Павярнулася пасля i глядзела, як мацi ўзяла за рагi пасцiлку з ложка i стала вытрасаць на хаце ад пылу.

"Падушкi будзе звязваць..."

Стралялi, здавалася, недзе блiзка: у канцы вёскi i за грэбляй ля могiлак. Таня нiколi не чула, каб так блiзка стралялi. Яе схапiў холад: ляскалi зубы, усё ў хаце, здавалася, было халоднае, што зiмой на дварэ. Яна бачыла праз акно, як ля маста за аселiцай ходзяць партызаны...

На ложку ўжо ляжалi звязаныя ў рудую пасцiлку падушкi.

- Глядзi тады ў хаце, дачка... Збяры ўсё з суднiка ў абрус. А я пайду Панка клiкну, запражэ... - Мацi, узяўшыся за грудзi, iшла да парога.

Тады Танi стала горача, бы на яе лiнулi вару.

"Мацi павалiцца можа..." - падумала яна i закрычала:

- Ма-ма!..

- Запрагай тады, дачка, сама i пад'едзь да ганка. Я лахманы яшчэ з куфра збяру. Нiчога ж не схавалi дагэтуль, апушчэнства наша. На вачах усё... Не баўся, дачка...

Мацi падышла да куфра, што стаяў ля акна ад гароду, i падняла века.

Таня кулем вылецела ў сенцы: там на шафарнi ляжала збруя. Несучы яе перад сабой у гарод, дзе стаялi калёсы, яна думала, што ў iх жа новая дуга, якую даў зiмой Панок, калi зламалi старую, возячы дровы. Дуга тоўстая, сукаватая, на яе не надзенеш гуж, трэба браць аглабню пад паху. А хто пасля паможа засупонiць хамут?..

Яна ўгледзела з двара, што ў Панка конь ужо быў запрэжаны - стаяў ля ганка - i на возе ляжалi хатулi. Самi Панкi ўсе сядзелi, мусiць, у хаце, на двары нiкога не было: нi самога Панка, нi Панiхi з дзяцьмi. Таня ўбачыла яшчэ, што людзi ўжо едуць загуменнем: недалёка ад сваёй пунi, ля дзiкай грушы, паганяў каня Мiрон Махорка, на возе сядзелi бабы ў белых хустках. Аж навыскачку гнаў гародамi свайго жарабка Боганчык: на калёсах ён быў удвух з бацькам. Бацька - без кепкi, i з калёс блiшчыць яго лысая галава...

Таня падумала, што людзi з начы яшчэ пазапрагалiся, а iм нiхто не сказаў...

Калi яна адчынiла ў хлеў дзверы, праз акно ў сцяне - маленькую шыбiну засвяцiла чырвонае, што жар у печы, сонца: якраз у вочы.

"Усходзiць..." - падумала яна i закрылася рукой - нiчога не бачыла: нi курэй, што скакалi пад ногi з куроснi i хлопалi крыллямi, нi кабылы, што заржала ў кутку, дзе стаялi яслi...

У хлеве было страшней, як у хаце: здавалася, стралялi над галавой, нiбыта дзецi, сабраўшыся з вёскi, бiлi па страсе па дранiцы каменнем... Кабыла хмылiлася i доўга не давала надзець аброць. Таня гладзiла яе ля самых вушэй, там, дзе была белая ясачка пад грывай. Кабыла тады скочыла да дзвярэй, ледзь не вырваўшыся з рук, i спопаразку стала ў парозе. Упёрлася, задзёрла галаву i не пайшла на двор. Таня ўзяла за цуглi - кабыла падняла яшчэ вышэй галаву, падымаючы ад зямлi Таню. Пасля захрапла, адсела назад. Пад нагамi ў яе затрашчалi рэзгiнi, з галавы зляцела аброць i чмякнула на гной; забразджалi цуглi. Перакулiўшы яслi, яна ўскочыла ў загарадку, дзе стаяла карова, i павярнулася задам да дзвярэй...

- Ма-ама!.. - закрычала на ўвесь двор Таня. Падняўшы аброць, яна хацела была бегчы да варот, але Панка на двары не было: ён паганяў каня на вулiцы, аж ля самай фермы - паехаў на загуменне.

У канцы вёскi была ацiхла стралянiна, тады пачалi страляць за ракой i ля могiлак - з Сушкава.

"Адны мы дома... - падумала яна, i ёй яшчэ горш стала страшна. - Немцы ўжо ў Сушкаве..."

Убачыўшы ля варот на вулiцы Юзюка, яна злякнулася, як немаведама чаго. Юзюка яна адразу не пазнала: бачыла даўна, вясной, калi сеялi на загуменнi бульбу. Ён як усё роўна недзе быў дзеўся з вёскi: нi знай нi ведай куды.

Юзюк iшоў па двары спавагi, як стары. Яго босыя ногi былi мокрыя ад расы, i на iх паналiпала пяску. Iшоў, нi разу не азiрнуўшыся за раку на Выганчык, дзе стралялi. Яго нястрыжаныя валасы рассыпалiся на галаве на рад i закрывалi вушы. Рукi ён усунуў у кiшэнi, бы хаваў ад людзей. Глядзеў на Таню што чужы, насупiўшыся i спадылба, як не пазнаваў. Вочы ў яго былi вялiкiя i бегалi: з Танi - на гарод, дзе стаялi калёсы, з гароду - на яе, Таню.

- Што, не запраглiся? Я так i знаў. Адны на ўсю вёску... Дзе кабыла? ён узяў аброць у Танi з рук, а яна стаяла i нiчога не магла сказаць. Адкручвала толькi павадок, якi быў закруцiўся ў яе за руку.

- У хлеве... - пасля як апомнiлася яна.

- А матка дзе?

- У хаце...

Ён нiчога не сказаў, крутнуўся толькi на нагах, i ёй падумалася, што ў яго шырокiя плечы i ходзiць ён па двары як усё роўна мужчына... Ён запражэ кабылу, i яны паедуць з усiмi ў Карчаваткi.

Стала цiха, i ёй здалося яшчэ, што пашырэў двор; яна ўбачыла, як блiшчыць на падарожнiку i ў гародчыку на высокiм бацвiннi раса. У гародчык праз дзiркi ў паркане палезлi куры.

"У агуркi... Завязь дзяўбаць... - падумала яна. - Цяпер буду ведаць, якiя памаўзлiвыя..."

- Акы-ыш!.. - закрычала была яна, але куры яе не пачулi: iшлi баразной мiж град, клюючы бацвiнне. Яно было высокае i краталася ў iх над галовамi.

Яна ўбачыла яшчэ, што на небе нi воблака - яно, як i ўчора, чыстае з самай ранiцы. Сонца яшчэ над лесам, чырвонае i не грэе. Недзе за вёскай, у Камене, мусiць, нешта гарыць - угару слупам падняўся чорны дым. На вулiцы ля Панка бегалi i пiшчалi курчаты, маленькiя, жоўценькiя. Адны, без квактухi. Ля маста, мусiць, у Махоркi ў гародзе, рыкала цяля.

Тады зноў пачалi страляць: i ў канцы вёскi i за ракой на могiлках - ля Сушкава.

На ганак выйшла мацi, несучы перад сабой дзве падушкi, звязаныя рудой пасцiлкай; паклала iх на зямлю, села на парог i стала глядзець на яе, Таню, падпёршы рукой галаву. Глядзела i плакала.

Юзюк вывеў на двор кабылу - кабыла iшла за iм, дрыжучы i хмылячыся; з-пад грывы ў яе блiшчалi вочы; у зубах краталiся i бразгалi цуглi.

- Здарова, матка!.. - загаманiў Юзюк адразу на ўвесь двор.

- А дзеткi... Адкуль жа ты, сынок? - мацi падымалася з парога. - А што ж гэта робiцца? Гэта ж кiнуць-рынуць усё... Гэта ж бегчы нiтведама куды...

- Нiчога, матка. Мы цiхачом... Карчаваткi блiзка... - Юзюк паказваў зубы, смяяўся.

- А вашы, сын? Паехалi, мусiць, калi прыбег... Толькi мы адны i хворыя i апушчоныя... - мацi стаяла на нагах.

- Нашых ужо чорт не возьме. Калёсы грымелi на загуменнi, аж немцы папужалiся i - назад, за раку... Як мышы - тыц, тыц у кусты... Сам вiдзiў.

- Не трэба так, сын... У вашай жа мацi малыя...

- I малыя i старыя далi драйлозы... Дагонiм. Не плач, матка... - Ён вёў кабылу на павадку далёка ад сябе, баючыся, каб яна не наступiла на босыя ногi, тая грызла цуглi, секучы падковамi зямлю ля ганка. I зноў Таня падумала, што Юзюк як мужчына. Падумала яшчэ, што ён усё лета босы, а вялiкi ўжо; што i на вечарынкi прыходзiў босы - абуць, вiдаць, не было чаго добрага, а лапцi не хацеў насiць.

Кабыла рвалася з аглабень, i Таня ўчапiлася ў дзве рукi за аброць ля цугляў. Юзюк, задраўшы нагу i ўпёршыся ступнёй у белыя клешчы ад хамута, што меў сiлы цягнуў за супонь. Шырокая чорная супонь з сырамцу - ад яе яшчэ пахла - уядалася яму ў пальцы: яны аж пасiнелi. З-пад босай ступнi ў яго церусiўся на траву пясок.

- Таня...

- Га?

- Дзе матка?

- У хаце. Па хатуль пайшла. Пакуль вынесе, нямогучы...

- Таня...

Яна маўчала, учапiўшыся рукамi за аброць: кабыла аж са скуры лезла.

- Таня... На Палiк пайдзём... Супонь чортава... Сырызна... Не сцягнеш... Таня...

Яна маўчала. Не думала, што ён скажа такое.

- Дугу яшчэ знайшлi!.. - ён ужо аж кiпеў. У яго пачырванелi i рукi i твар: налiлiся крывёю. - Таня! Я сумысля... Па цябе... На Палiк усе iдуць. Немцы прыйдуць - нойдуць i Карчаваткi... Таня! - Ён быў памаўчаў. - Мы з табой будзем, удваiх... Не бойся... Мацi пакiнем з нашымi... Старых не зачэпяць...

З Сушкава немцы стралялi не сцiхаючы, i ён аж крычаў на ўвесь гарод, не могучы засупонiць хамут. Яна маўчала; чула толькi, як гараць шчокi, бы хто надаваў па iх, i думала:

"Што ж гэта... Што ён гаворыць? Кiнуць матку?"

- Таня... З Карчаватак тады пойдзем... калi хочаш... Яшчэ дагонiм усiх. А матка будзе з нашымi, я ж кажу...

- Налiха яно мне куды iсцi... - Таня i сама не ведала, як у яе гэта зляцела з языка.

Ён быў сцiх, паглядзеў на яе спадылба вялiкiмi вачыма i закрычаў пасля зноў, паказваючы рукой за раку на могiлкi:

- Чуеш?

Таню адпусцiла злосць. Захацелася плакаць.

- Дацямна яшчэ будзем аж за Дзвiнасой... Таня...

Пасля ёй ужо здавалася, што Юзюк нiчога не гаворыць, толькi клiча: Таня... Таня... Нiхто такiм голасам яе нiколi не зваў...

Сцiхла раптам у Сушкаве стралянiна; было яшчэ чуваць, як па лесе iдуць адгалоскi. Бiла нагамi кабыла, соп, змарыўшыся, Юзюк. Пасля, адвярнуўшыся ад хамута, ён каторы ўжо раз як шапнуў усё роўна:

- Таня...

Яна больш не падымала на яго вачэй: баялася.

Ён маўчаў, стоячы ля аглабнi пад самай паветкай, i не кратаўся, мусiць, глядзеў на яе, Таню, спадылба.

У вёсцы было цiха. За ракой, дзе нядаўна стралялi, кiгiкала, як шалёная, кнiгаўка, i за гумном, у сасоннiку, ляскаталi па карэннi калёсы.

Бiла аб зямлю падковамi кабыла, дастаючы наверх белую, маленькую, што боб, маладую бульбу. Калi ёй адпусцiлi павады, сцiхла i павярнулася пад паветку да сена, падцялежыўшы калёсы.

Далёка ў лесе зарыкала скацiна, i зноў стала цiха. Пасля за грэбляй, у тым баку, дзе могiлкi, нешта заныла, як пад зямлёй. Заныла i сцiхла. Тады зазвiнела, што пчала, i раптам, ужо над самай грэбляй ля маста, загудзела на ўсю вёску.

Таня ўгледзела "раму", калi тая была над Панковай хатай. "Рама" ляцела нiзка, дастаючы да стрэх, як i ўчора надвечар. Праляцела над самай вулiцай i, скрывiўшыся, заварочвалася ля лесу над ямамi, дзе хавалi на зiму бульбу i дзе ўсходам сонца, калi Янук гнаў у поле скацiну, хадзiлi з рыдлёўкамi партызаны - капалi акопы. Назад ляцела зноў над вулiцай, яшчэ нiжэй. Чорная i дзiравая, як старая засланка ад печы, яна махала крыллямi. У канцы вёскi адразу схавалася з вачэй, звалiлася некуды, як падбiты груган, за лес i там доўга ныла, не сцiхаючы.

Тады ў тым баку, далёка, мусiць, аж у самым Камене за ракой, глуха бухнула, як што цяжкое дзе боўтнула ў ваду; пасля прашумела над загуменнем, як бусел ляцеў на сасну, што стаяла на бульбянiшчы ля лесу, i грымнула на самых ямах. У хаце, было чуваць, дробненька зазвiнелi вокны.

- Та-аня!.. - закрычаў Юзюк, i яна адскочыла ад калёс. Рванула ў аглобнях кабыла, Юзюк, ухапiўшыся за лейцы, падвярнуў яе пад паветку, зусiм падцялежыўшы калёсы: - Матку бяжы бяры! Матку!..

Калi Таня перавалiлася ў хату цераз парог - ударыла, што перуном, мусiць, ля варыўнi на бульбе. Здалося, у сцяну ад Панковага двара. Задрыжалi вокны. Са столi аднекуль на падлогу пасыпаўся пясок.

- Та-аня!.. - крычаў на гародзе Юзюк.

Калi яны выйшлi з мацi на двор, над вёскай зноў зараўла "рама".

Таня глядзела з калёс на дарогу... Тут, дзе яны падымаюцца на гару да школы, кабыле па каленi пяску, i яна iдзе як бы па балоце ў Карчаватках напiнаецца што мага. Ля ячменю, дзе ўбiтая сцежка, утаптана ў пясок трава. Дарогу тут здрабяжылi i конi i людзi: знаць падковы i сляды ад ботаў. Сляды ў маленькiя ямачкi ад цвiкоў: нямецкiя.

Тады Таня зноў падумала, што яна пакiнула дома расчыненую хату i што мацi, нямогучы, устане з ложка i пойдзе зачыняць дзверы. Каб жа яна, зачынiўшы, адразу вярнулася на ложак... А то возьме гальнiк i будзе мясцi ганак. На яго кожную ранiцу скачуць куры, наносяць пяску. Замятай толькi за iмi, стой з гальнiком у руках i не адыходзься, калi не прагонiш з двара на гарод у бульбу, дзе яны капаюцца пад калiўем...

Выгнаўшы курэй з сеначак, мацi кожную ранiцу мяце двор ад ганка да варот... Нават каменьчыкi падсоўвае граблямi пасля венiка. Так яна падмятала i сцежку на вулiцы ля свайго плота - да цвёрдай зямлi. Ступаеш тады па ёй, а яна халодная, як з-пад лёду вясной.

Сёння, калi яны вярнулiся з Карчаватак, на двары было аж бела ад пер'я - у iх вялiся адны белыя куры... Пер'е было ў крывi, мокрае яшчэ, папрылiпала да падарожнiку. Валялiся i выкiнутыя з варыўнi пад прызбу пабiтыя паўцагелкi i знятыя з шастка з гары венiкi - былi растрэсены па ўсiм двары... Маленькiя венiкi, што мацi навязала, каб хвастацца зiмой у Панка ў лазнi, якую ён скiдаў летась у гародзе ля рэчкi. Венiкi i не высахлi добра бярозавае лiсце пахла на ўвесь двор.

Ля варыўнi яшчэ пачалi рыць уласаўцы яму, доўгую, роўную з парканам. Мусiць, акоп рабiлi цi шукалi чаго. Навярнулi жоўтага пяску цэлую гару, бы яго вазiлi ўвесь дзень з-пад лесу ад ям, каб засыпаць гразь на двары ля хлева.

Мацi, нямогучы, сабрала на двары з-пад ног венiкi i, абышоўшы яму па пяску аж ля плота, укiнула iх у варыўню праз парог. Мацi такая...

Калi пачынаюць ззаду, ля маста, страляць, Таня, седзячы, нагiнаецца да мяхоў, аж балiць паяснiца. Бачыць тады, як кабыла рассыпае заднiмi нагамi на дарозе пясок, - пяску на гары ля школы па каленi, i яго высака падкiдаюць, круцячыся, колы, на самыя ляжэйкi. Ёй тады страшна - нiбы валiшся з калёс... Яна выпускае з рук лейцы i хапаецца за мяхi... Доўга кiдае з боку на бок...

Калi робiцца цiха, не страляюць, Таня адгiнаецца, спаўзае ў перадок i ссоўвае з мяхоў ногi: памлелi. Кабыла махае хвастом, дастае аж да калень. Хвост у яе мяккi, рассыпаецца па нагах, што ручайка лёну, i тады хочацца пацерабiць iх аб ляжэйку. Але нагам лёгка, яны не ныюць, i Таня папраўляе сваю доўгую касу: каса раскруцiлася i з'ехала на шыю.

"Цяжкая... Трэба было дзве заплясцi i акруцiць ля галавы. Дзве не спаўзалi б..."

Паправiўшы касу, закруцiўшы тужэй i прыкалоўшы дзвюма шпiлькамi з белага дроту, яна глядзiць назад на грэблю: там жа стралялi. Але на дарозе пыл, падымаецца, паўзе на ячмень. Вiдаць адзiн Янукоў конь; далёка за iм едуць Сяргеiшын Алёша i Наста. Самiх iх за пылам не ўгледзiш, чуваць толькi, як ляскочуць ззаду калёсы.

"Асталiся як..." - думае Таня, i ёй тады яшчэ горш страшна. Калi ўсе блiзка, яна не баiцца, а так здаецца, што адна на дарозе. Алёшы зусiм не вiдаць на возе. Наста толькi махае ля яго калёс хусткай.

Таня падымаецца на возе на каленi.

"Дзе Алёша?.. Вярнуўся ў вёску... - здагадваецца яна. - Наста, мусiць, вярнула. Узяла сабе падводу, а самога вярнула. Ён жа iм не раўня. Дзiця яшчэ зусiм, каб нанач ехаць аж у Краснае... Наста добрая..."

Калi Таня думае, што Алёша вярнуўся, ёй тады хочацца плакаць. Яна зноў устае на возе на каленi i глядзiць назад, у вёску. Але iхняй хаты адгэтуль не вiдаць...

Танi i самой хочацца вярнуцца. Папрасiла б Янука, хай бы ўзяў кабылу. Кабыла паслухмяная. Прывязаў бы за аброць да сваiх калёс, iшла б... Янук, вiдаць, не паслухае. Наста паслухала б, але яна не возьме тры падводы. Можа, Боганчыка дагнаць? Не-е... Яго яна не любiць. Нiколi б не стала i прасiць. Яна з iм i ў вёсцы не гаварыла... Панка каб...

Алёша недзе ўжо дома... Перабег грэблю, абмiнуў ля маста ўласаўцаў i у вёсцы. У вёску ўласаўцы пускаюць. Сёння ўсiх пусцiлi, хто варочаўся з Карчаватак...

Яна зноў глядзiць назад на дарогу - Алёшы на калёсах не вiдаць. Тады яна думае, каб узяць i пабегчы самой... Ссунуцца цiха з мяхоў i - на грэблю, як Алёша.

Але дома стане крычаць мацi...

Таня раптам падумала, чаму мацi гнала яе ў падводчыкi, калi Махорка з уласаўцамi прыйшлi на двор браць кабылу. Ледзь стаiць сама ад плачу, а яе гладзiць па галаве i шэпча:

- Едзь, дачка, едзь... Я адна буду мэнчыцца...

Баiцца мацi нечага... Хiба яна, Таня, не схавалася б ад уласаўцаў у хлеве, каб у Германiю не пагналi? Другi раз яе ўжо не папёрлi б у вёску да Мiронавай хаты... Не ў хлеве, дык у бульбеўнiку на гародзе схавалася б. Бульбеўнiк вялiкi, свiней з яго не вiдаць, калi ўлезуць у бульбу...

Алёша недзе дома... Бяжыць на двор вулачкай ля паркана i смяецца, паказваючы зубы, як i яго брат, Юзюк. Мацi яшчэ з-за парога накрычыць на Алёшу, што ён аблыхаў з ранiцы, як сабака, усю вёску - як толькi галава ў яго на карку асталася i як толькi зямля яго носiць... Што ён без бацькi зусiм адбiўся ад рук, не стыкаецца дома, i што яму, неслуху, трэба даваць i даваць лупцоўку, колькi ўлезе, i ён яе некалi схлапоча, не мiне... Пасля яна пагонiць яго за калыску - калыхаць блiзнюкоў, а сама, правячыся, пойдзе да печы i стане бразгаць пасудай на лаўцы ля прыпечка. Алёша будзе маўчаць у парозе, натапырыўшыся, як шашок, i сапцi носам; тады, калi мацi "астыне", ён адыдзецца ад ложка, што стаiць у iх ля акна ад гароду, прыхiнецца цiха да брыжа i пачне кратаць адной рукой калыску. Скрып, скрып... - заскрыпiць прывязаны вяроўкай да бэлькi канец сухой бярозавай жэрдкi, а Алёша будзе спадылба глядзець у парог, дзе мацi, i зусiм не слухаць, як плачуць у калысцы блiзнюкi, пакуль мацi зноў не закрычыць на яго, каб ганяў мух. Тады ён пачне ганяць мух - памахае рукой, засунуўшы пад пасцiлку, i, калi сцiхнуць блiзнюкi, адвернецца; не будзе глядзець нi на мацi, нi на калыску. Прылiпне да акна, праз якое вiдаць загуменне, дзе ля пунь сцiрты саломы i за дарогай жоўты пясок, i стане ўглядацца туды, успамiнаючы, мусiць, учарашнiя гулi. Пасля засмяецца цiха, угнуўшы плечы i паказаўшы зубы. Тады ён зусiм падобны на свайго Юзюка.

Таня кожны раз заставала Алёшу ля калыскi, калi хадзiла да Сяргеiхi. I сама калыхала блiзнюкоў. Нават адхiнала пасцiлку i глядзела на iх. Ляжаць у глыбокай калысцы намiтуськi - сюды галава - туды галава, у палатняных полачках, спавiтыя чырвонымi паясамi з кутасамi, i кратаюць вусенкамi: смокчуць суслы з белай анучкi...

Алёша, калi смяецца, - вылiты Юзюк...

Ля дарогi над ячменем мiтусяцца ў пыле белыя матылi, як хто iх перасыпае, i лятуць ззаду за калясьмi. Яны ляцелi кучкай аж з вёскi з аселiцы: пырхалi i садзiлiся на гразь, ля маста, калi пiла ў рацэ кабыла.

Таня глядзiць на матылёў, i ёй хочацца саскочыць з воза i палавiць iх у жменю: махаць рукой, сцiскаючы пальцы ў кулак, i прыгаворваць:

Матыль, матыль, дай мукi,

А я табе маку...

Яна гэтак лавiла матылёў, калi была такая, як Алёша. Цяпер ёй пайшоў пятнаццаты...

Матылi на гары астаюцца ззаду - мiтусяцца недзе аж ля Алёшавых калёс.

Алёша ўжо дома...

Таня думае пасля, дзе ж цяпер яго брат, Юзюк. Недзе ўжо ля Дзвiнасы... Адтуль яшчэ далёка да Палiка...

Ляскочуць наперадзе ў некага калёсы. За Кур'янаўскiм садам гудзяць i гудзяць ад палудня самалёты. Храпе кабыла, скрыпiць пад мяхамi задняе кола, рэжацца аб загваздку. З меха аднекуль на руку пырснула жыта, дробненькае, сухое, аж счарнела: залеташняе, мусiць. З дзiркi, цi што? Крычыць, махаючы рукамi, на сваёй падводзе Боганчык. Зноў страляюць уласаўцы ля маста.

Калi блiзка пад'язджаеш да ячменю, сыплецца на твар чорная мошка, дробная, што мак, лучае ў вочы, i тады пячэ пад павечкамi...

Таня трэ вочы кулакамi, а калi адплюшчвае, пад павечкамi яшчэ горш рэжа i балiць...

Та-та-та... - стукае несцiхана ля маста кулямёт, якраз як i тады, калi яна вяла мацi пад пахi з хаты на двор пад паветку, а Панковым гародам беглi па бульбе на аселiцу да маста партызаны...

Стала холадна, як ноччу пад ранiцу ў Карчаватках у балоце, калi не было дзе сесцi, бо ўсюды чвякала вада...

Таня сцiснулася на возе ў камяк, падкорчыўшыся i ўгнуўшы галаву. Бачыла цяпер перад сабой толькi, як махае хвастом кабыла; а калi варочала галавой, каб зiрнуць, дзе страляюць, ёй былi вiдаць на Алёшавых калёсах адны мяхi.

Янука старога з Настай зусiм не ўгледзiш за пылам.

Цыў... - свiшча над дарогай, якраз як тады, калi яны ехалi па загуменнi i Юзюк бег ля калёс, паганяючы кабылу.

"Дзе цяпер Юзюк?.."

Та-та-та... - здаецца, страляюць зусiм блiзка ў ячменi i на двары ля школы.

Застрыгла вушамi кабыла i, напяўшыся, скочыла ў ячмень. Таня пачула, як у яе зачапiлi ля нагi сена. Яно зашапацела, што сухая трава на купiне на балоце...

Яна адсунулася на возе ўзад i яшчэ больш нагнулася, апёршыся рукамi на мяхi. Пайшла навыцяжку кабыла па ячменi, якраз там, дзе падымаўся пыл, - як сумысля.

Закрычаў нехта ўперадзе на дарозе... Здалося, як усё роўна на двары пад паветкай Юзюк... Ён забягаўся па яе... I што гэта ён казаў? Каб яна кiнула матку? Ён i яшчэ ёй гаварыў... Яна помнiць што... Ёй яшчэ нiхто такога не гаварыў... Яна i не думала нiколi, што такое гавораць... I каб хто, а то Юзюк, Алёшаў брат, тоўсты, як лантух, лабаты i босы... I глядзiць ён спадылба, i ў хаце ў iх двое блiзнюкоў...

Пыл падымаўся цяпер ля самых калёс; пабегла кабыла, мусiць, па загонах: кiдала з боку на бок...

Тады закрычала на ўсю дарогу Наста...

Калi ля маста перасталi страляць, на гары ля школы стала цiха. Лескаталi толькi дробненька калёсы, дзе ехаў Панок; ззаду нiкога не было чуваць. Падняўшы галаву, Таня ўбачыла, што кабыла iдзе дарогай за Панковымi разводамi; яна тады аглянулася: ля Алёшавых калёс стаяла з Януком Наста.

"Чаго яны пасталi?.."

Яна хацела крыкнуць iм, што Алёша недзе дома, хай не дзiвяцца, калi не згледзелi, як ён збег; хацела нават падняцца, каб стаць на каленi. Тады пачула, што пад нагамi мокра... Лапнула рукамi па мяхах - рукi былi ў крывi.

Яна адсунулася на край воза да ляжэйкi. Забалела-забалела ля калена нага - запякло, што агнём... Аднекуль зноў узялiся i заслалi свет матылi... Белыя, мiтусяцца перад вачыма: уверх-унiз, уверх-унiз...

Пасля ёй здалося, што яна, убегшы ў хату з гароду, дзе астаўся пад паветкай Юзюк, паслiзнулася на падлозе i ўдарылася аб парог... Зазвiнела ў галаве.

Выпусцiўшы з рук лейцы, яна адвалiлася на мяхi.

4

- Што будзем рабiць з дзяцьмi, мужчыны?..

Таня пачула Настулiн голас як адкуль здалёку; тады ля самага воза на ўсё поле загаманiў Махорка, а яна ляжала, адплюшчыўшы вочы i сцiшыўшыся, як вiнаватая. Было горача, хацелася пiць, у роце перасохла, што ад палу, калi доўга ляжыш хворая, але яна не папрасiла - баялася клiкнуць Насту...

Якая цяжкая нага...

Нагу перавязалi, сцiснуўшы як мага, падалом ад Настулiнай кашулi. Падол Наста адрывала, стаўшы ў пясок на каленi за калясьмi, каб не глядзелi мужчыны. Пасля высыпалi з Танiнага белага кужэльнага мяшка на дарогу жыта, раздзёрлi па шве мех i ўкруцiлi iм, што ручнiком, нагу. Укручвалi Наста з Панком. Крывi цяпер не вiдаць i не балiць нага, толькi цяжкая. I - совае ў калена, як хто гарачым прутком, выняўшы з агню.

- Што будзем рабiць з дзяцьмi, Iван? - гэта голас Насты. Яна стаiць пасярод дарогi. Насту абступiлi мужчыны, топчуцца ля яе, Танiных, калёс: Боганчык, Махорка i Валодзя Панок. Янук адзiн сядзiць, сагнуўшыся на калёсах i насунуўшы на галаву кепку...

- З якiмi дзяцьмi?

Гэта Боганчык. Асiп, кашляе. Таня яго зусiм не пазнае, хоць, падняўшыся, бачыць зблiзку Боганчыкаў спалены на сонцы шырокi чырвоны нос i чорную бараду.

- З Таняй... З Алёшам... Што глядзiш у зямлю?

"Алёша?.." Таня вышэй падымаецца на возе, каб паглядзець, дзе ён; на яе крычыць Наста, але Таня бачыць Алёшу: той сядзiць на сваiх калёсах што цвiк, натапырыўся, скрывiў галаву i слухае, што гавораць уперадзе. Тады яна зноў кладзецца на мяхi - на яе крычыць i крычыць Наста, - але цяпер нiзка пад галаву i не вiдаць, што робiцца на дарозе.

Чаго яны ўсе сышлiся?

- Таня?.. Дзецi?.. - зноў захлiпаецца Боганчык. - Ды я ў пятнаццаць... - ён сiпiць, i калi Таня падымае галаву, бачыць, як ён стукае сабе кулаком у грудзi.

- Цiха... Цiха... - гэта зноў гаворыць Наста. Падняла ў руцэ хустку i махае на Боганчыка, бы хочучы адагнаць яго ад сябе, як жывёлу.

"Чаму яна адна з iм гаворыць?"

- Дзiця-я... З-за пазухi валiцца...

- Пры дзецях? Паўважайся тады мяне, старой, Iван... У Танi ж нага. Рана...

"Рана!.. Яе завязалi, каб не iшла кроў. Змярцвела ўся нага..."

- Р-а-а-на... Аб ляжэйку абдзёрла... - сiпiць усё Боганчык.

"Ага. Не рана. Аб ляжэйку абдзёрла... Чаму яны тады не даюць устаць? Як хочацца пiць..."

- Што будзем рабiць, мужчыны? Чаго вы ў рот вады набралi?

Мужчыны маўчаць; сцiхае i Наста, пасля ўжо гаворыць:

- Праз цябе, Iван. Хай бы Таня дома з маткай аставалася. Ты яе выпер... Не церабi барады...

- Я? Я выпер? Значыць, я? - зноў на Насту махае пугаўём Боганчык. - А што? Адзiн за ўсю вёску галаву панясу? Адзiн? За ўсiх вас? Добранькiя ўсе... Дома б асталiся... А Iвана аднаго ў Краснае, каб яго там... асвяжылi... Не-е...

- Што будзем рабiць? - Наста пытаецца ўжо ў некага другога, адвярнуўшыся ад Боганчыка.

- Ехаць трэб-ба... - заiкаецца Панок i кашляе.

- Не начаваць жа тут... Улупяць, брат, - пясочак пасыплецца...

- Не да смеху, Махорка... - зноў кашляе Панок, закрываючыся рукой.

- Х-хе... Х-хе...

- Мужчыны, мужчыны...

- Не шумi, Наста... Сама знаеш. Куды адашлём дзяцей?.. У вёску?.. Дзякуй, што вырвалi. Хоць двое.

- Што ты гаворыш, Пан? Там жа i твае... Там жа i мае...

- Тое i гавару...

- Што ж мы стаiм, мужчыны? - Наста зноў пытаецца, падыходзячы то да аднаго, то да другога.

Цяпер ужо нiхто ёй нiчога не гаворыць. Пачакаўшы, махнуў Махорка рукой, на якой не было двух пальцаў, недзе ў сябе ля носа:

- А нам, татарам, усiраўно: цi водка, цi пулямёт... Лiжба з ног ш-шыбала...

- А дзецi? Вы што гэта ўсе сягоння, Мiрон?

- Чорт iх не возьме. З'ездзяць i вернуцца. На нашых вачах. Што я iм, скажы - звер?.. У мяне ў самога дзецi...

Тады доўга заiкаўся, кашляючы, Панок - гаварыў нешта Насце на вуха. Таня зiрнула на яго - ён скроб пальцамi сiвую патылiцу, кiваў галавой i ўсё глядзеў за гару, дзе была вёска.

- Чаму яны па нас с-стралялi? - спытаўся ён пасля неяк цiха i немаведама ў каго; тады пачаў хадзiць па дарозе ўзад-уперад.

- Таму, што вёску яны ўсё роўна спаляць... I яны ведаюць, што ты паедзеш i пад стрэлам хоць чорту ў ляпу, бо дзецi твае там, у iх у зубах.

- Што ты гаворыш, Мiрон?

- Тое i гавару, Наста. У Людвiнове падумаем. Па дарозе... Калi што якое, там можна астацца. У Людвiнова немцы не пойдуць. У лесе...

- А вёска тады?.. Спаляць жа. Спаляць. Думаеце, мне адной хочацца накармiць немцаў...

- А ў мяне што, Наста, - не дзецi дома? I мае, Наста, там... Што, не вiдзiла, як зганялi? Згоняць i яшчэ раз, не цяжка... I ты iм верыш? Усё роўна спаляць. Гэтулькi iх ля грэблi палажылi...

- Тады лепш з дзецьмi гарэць... Вы што гэта ўсе як згаварылiся... Нiкуды я не крануся. Нi ў Людвiнова, нi... Ты што гэта, Мiрон?..

- Яна не паедзе! Хто ты? - Боганчык падскочыў да Насты. - Вярнiся... Хай вёска дымам iдзе праз цябе... Што? Iван вам адзiн галаву павязе, яна яму не дорага... За ўсю вёску... - Боганчык зусiм ахрып, крычучы.

Да яго падбег Панок: баяўся крыку - усё пазiраў назад на дарогу i на лог, адкуль нядаўна стралялi.

- Сцiхнi... Я цябе знаю... - зашаптаў ён, як зашыпеў, пачакаўшы, запытаўся мацней, зноў немаведама ў каго: - Чаму яны па нас с-с-стралялi?..

- А што, калi ты, Пан, не жыта здаваць немцам вязеш, а вiнтовачкi пад мяхамi? Наста скрыначку новенькую з патронамi, а ты вiнтовачкi... Дай вам толькi выехаць на гару... Выедзеце...

- Не да смеху, Мiрон. Чаму ты цвёрда не скажаш?

- А нам, татарам, Наста, што... Мы вырвалiся... Iм, вун, - паказаў ён рукой назад на грэблю, - хто астаўся...

Яна зноў паглядзела, утаропiўшыся на яго, i адышла спопаразку да Танiных калёс. Мiрон адразу змоўк, пасля сказаў, гледзячы ў пясок пад ногi:

- Ты чула, Наста, што я дзецям не воўк, нi аднаму, нi другому... I мае ў вёсцы, Наста, асталiся, знаеш...

Ён цяпер стаяў на дарозе воддаль ад усiх, усё роўна як сабраўся куды пайсцi. На яго чорную сарочку налiпла пылу, пыл ляжаў у яго на лбе, на шырокiх чырвоных шчоках, на плячах i спераду на рукавах, бы Мiрон нядаўна выйшаў з пунi, дзе, не адгiнаючыся, увесь дзень падаваў снапы на ферме ў малатарню, як да вайны. Доўга глядзеў, як i Боганчык, сабе пад ногi, пасля закратаў плячыма, бы хацеў страсцi пыл, i сказаў, зiрнуўшы спадылба на Боганчыка:

- Ты, Iван, не кiпi. I я цябе знаю... Паедзем у Людвiнова... Там i рэшым, што рабiць. Не стаяць жа на дарозе.

Тады пайшоў, цягнучы ногi па пяску, да сваiх калёс, цяжкi i сагнуты. Таня яго ўжо не бачыла: каб угледзець, трэба было падымацца на возе.

Затупалi па дарозе ногi, як цапы на таку: людзi пайшлi да сваiх коней. У галавах недзе стукаў пугаўём па ляжэйцы Янук, уперадзе кашляў Панок, моцна, доўга, пасля пляваў. Нiхто нi да каго больш не гаварыў. Некага клiкнуў быў сваiм пiсклявым голасам Алёша, адзiн раз: яна, Таня, бачыла, як ён хацеў устаць на мяхах, закрываючыся даланёй ад сонца, ажно да яго падбегла Наста i замахала рукамi...

Уперадзе, аж на самым лагу, ля могiлак, загрукацелi па каменнi Боганчыкавы калёсы. Таня пачула, як дала ў хамут кабыла, захрапла i сышла з дарогi зноў аж на ячмень.

"Цяжка ў пяску... Кабыла знае... - падумала Таня i, падняўшыся на локаць i прыпёршыся плячом да ляжэйкi, стала шукаць рукамi лейцы. - Упусцi толькi..."

Лейцаў яна не знайшла; глянуўшы на дарогу, убачыла, што ля калёс валюхаецца Наста - аж з подбегам зводзiць набок, у ячмень, кабылу. Лейцы з дубцом былi ў яе ў руках. Пасля Таня ўгледзела, як у Насты на плячы матаецца хустка - здаецца, спаўзе i ўпадзе ў пясок кабыле пад ногi.

Кiдае з боку на бок па загонах калёсы; локаць ссоўваецца з мяха - не ўстанеш.

- Хустка!.. - крычыць Таня, але Наста не чуе, верне за аброць кабылу ў самы ячмень.

Зноў нiяк не ўстанеш: не падагнеш калень...

Таня тады хапаецца абедзвюма рукамi за ляжэйку, каб павярнуцца на бок...

Калi яна паднялася на мяхах, пачула, як хрумшчыць пад коламi жвiр... Па драбiнках i па руках сцёбалi шорсткiм асцём каласы...

Пад'язджалi да самага логу - спускалiся з гары да могiлак, што ля Сушкава: дарога паварочвала на лог адразу за iмi. Ехалi воз за возам падводы выцягнулiся ў адзiн шнур ля ячменю, звярнуўшы з пяску, як каму саступiўшы.

З гары пабегла кабыла; хамут лез ёй на галаву, бiў па вушах; бiлi яшчэ ззаду па каленях дошкi ў калёсах.

Таня ляжала бачком на мяху, узяўшыся рукамi за ляжэйку, i глядзела на пярэднi падводы. Тады паварочвала галаву i шукала здалёку вачыма Алёшу - яго нiдзе не было. Усе пасля як пахавалiся куды: нi Боганчыка наперадзе, нi Махоркi.

Яна падцягнулася ў перадок i, натужыўшыся, села, звесiўшы з ляжэйкi ногi... Акручаная мехам нага была цяжкая, бы да яе падвязалi камень, цягнула ўнiз i смылела пад аборамi.

Таня i цяпер нiкога не ўгледзела i спалохалася. Крыкнула б, калi б не кашлянула ў ячменi Наста, - Наста ўсё яшчэ вяла кабылу за аброць. Прыхiнулася да хамута, не вiдаць яе, толькi хустка ўсё матаецца на плячы, не звалiцца долкi.

"Чаму яна кiнула Буланчыка?.."

Але Буланчык iшоў ззаду за Алёшавымi калясьмi сам, як прывязаны. Можа, Алёша ўзяў яго за повад?

- Наста...

Наста маўчыць, не пачула зноў, перхае толькi ад пылу...

Таня думае, што толькi адна яе кабыла баiцца пуду. Павярнуўшыся, Таня садзiцца бачком на мяхах i глядзiць уперад на дарогу, але зноў нiкога не бачыць. Махнулася, паказаўшыся з-за пляча ў Насты, сiвая Панкова галава i схавалася. З ячменю ля калёс пырхнулi вераб'i, доўга бiлi крыллямi па асцi, тады абляцелi падводы i падалiся на Сушкава - жменькай...

Зрабiлася неяк адразу цiха. Не шашчэў пад калясьмi жвiр; не падкiдала на ляжайцы балючую нагу.

Падводы сталi. Тарканулася пярэдняя, а за ёй i ўсе, адна за адной, як увязлi ў пясок. Белы Янукоў конь успёрся з галавой аж на мяхi. Глядзеў адным вокам з-пад грывы на яе, Таню, грыз зялёныя ад пены цуглi i дыхаў халадком за шыю.

Калi моцна закашляў уперадзе Панок, Таня, апёршыся на рукi, паднялася, каб угледзець яго: кашляе недзе як не на сваiх калёсах. Панка яна не ўбачыла...

Там, дзе дарога, ведучы з Сушкава на гару, паварочвала ля могiлак на лог, куды iм трэба было ехаць, якраз там, дзе стаяў да вайны маяк, паднялася кучка белага пылу, маленькая, з ахапак. Пыл быў густы, доўга стаяў над дарогай на адным месцы, пасля адразу стаў брацца ў клубы, што дым, калыхацца, расцi i, падымаючыся ўгару, папоўз сюды, да iх. Ехаў з-за могiлак немаведама хто па самым пяску на гару. Тут, на гары, усягды пяску па каленi, i летам, калi вазiлi з Кур'янаўшчыны снапы, за падводамi доўга цягнуўся ззаду пыл, падымаючыся ля самай грэблi вышэй альшэўнiку. Калi на яго свяцiла сонца, ён рабiўся што бурыя тулягi на небе i быў вiдаць аж з вёскi.

Мiнуўшы могiлкi, белае воблака расцягнулася i, як жывое, пабегла дарогай.

Таня ўбачыла, што мужчыны сыходзiлiся ў кучку да Панковага воза. Махорка i той кiнуў сваю падводу - стаiць ля Панковых калёс, узяўшыся за ляжэйку. Панок сядзеў на мяхах як укопаны, закрываючы рукою рот, - вiдаць, кашляў, але яго не было чуваць. Пасля Панок неяк затросся ўвесь на калёсах, i Таня пачула, як ён кашляе, моцна, прарэзлiва, мусiць, павярнуў у гэты бок, да яе, галаву. Ёй здалося, што нехта кашляе i ўперадзе, на Боганчыкавай падводзе i на абмежку ля дарогi, дзе некалi стаяў маяк, а цяпер ляжала на зямлi ў рудой траве сухое белае палена; кашляе i аж ля Сушкава на дарозе...

Ля самых падвод воблака паднялося ўровень са старымi елкамi на могiлках, засланiўшы ўсё на свеце: i дарогу, i Сушкава, i абмежак, дзе стаяў некалi маяк... З-пад пылу, як з-пад вялiкай сiвой пасцiлкi, якую мацi вешала ў таку, калi веяла жыта, каб яно не пырскала ў сцiрту саломы, адзiн за адным сталi выскокваць маленькiя чорныя матацыклы, як вялiкiя брухатыя мышы. Адзiн, другi, трэцi...

Матацыклаў было многа - Таня iх не злiчыла, - i на iх былi немцы: у зялёным, у касках, па два, па тры на кожным. Матацыклы нясло як шалёным ветрам дарогай у вёску, i немцам не было нiякай бяды да таго, што на дарозе абоз; нiводзiн не павярнуў галавы сюды, у ячмень... Яны сядзелi ўсе як прывязаныя, з чырвонымi тварамi i белымi ад пылу плячыма, i глядзелi перад сабой на грэблю...

Таня пачула, як у горла лезе пыл, што ад сухога палыну. Яна закрыла рот рукамi, але пыл усё роўна лез у горла, не даючы дыхаць. Запахла гарам, нiбы абняслi каля падводы паленую гуму. Кружылася галава, стала тузаць. Схапiў кашаль, але кашлю яна не чула: гудзела ў вушах ад грукату i трэску на дарозе.

Яна не магла дыхаць гарам ад гумы i старалася закрыць рот, але тады кашаль спiраў у грудзях, здавалася, задушыць, i млелi рукi. Яна апускала iх - зноў смярдзела паленая гума... Калi Танi здалося, што яна захлынаецца ад натугi забалела ў горле i цёмна стала ўваччу, - яе вырвала: на мяхi i на дарогу...

Трэск на гары раптам сцiх, бы хто адагнаў яго за ячмень на грэблю. Стракатала цяпер ля маста, усё роўна як ехалi там на парожнiх калёсах на жалезным ходзе.

Ля могiлак радзеў пыл, падымаўся ўгару i, закрываючы сонца, поўз хмарай на Сушкава. На самiх могiлках сталi вiдаць чорныя дрэвы; могiлкi былi што вялiкая, абгарэлая на пажары хата. Успомнiлася, як перад самай вайной гарэла iхняя вёска, той канец, дзе жыве Алёша. Гарэла ўсю ноч, i калi ранiцай Таня ўцякла з хаты паглядзець на пажар - яе не пускала мацi, - агню, што бушаваў ноччу, перакiнуўшыся аж на загуменне, на пунi, не было. Падымаўся толькi з зямлi белы дым, як пара, засцiлаючы i вулiцу i гароды, i праз яго была вiдаць чорная абгарэлая Алёшава хата. Далей Алёшавай хаты Таня не пайшла: працiўна пахла гарам ад гарэлай бульбы... Пахла яшчэ смаллю - блажыла тады i трэба было затыкаць нос. Казалi, што згарэла ў хлеўчыку Сяргеiшына карова не далi рады выгнаць уначы на двор, - i ўсе хадзiлi глядзець на яе. Таня не пайшла: трэба было лезцi ў самы гар...

- Паганяйце!.. Што гнiды прыцiснулi?.. - крычыць аднекуль Боганчык.

Таня бачыць Боганчыка. Ён, седзячы на мяхах, паганяе свайго сiвога ў яблыкi жарабка, падцялежыўся, верне з дарогi на абмежак: там дзiрван, цвёрда...

Кабыла звярнула за Панковым возам сама; сышла з дарогi ў ячмень Наста i чакала Буланчыка.

- Паганяй! Наста... - крычыць зноў здалёку Боганчык. Таня бачыць, як Наста ззаду папраўляе на Буланчыку хамут. Тады памалу ўзлазiць на калёсы на мяхi: змарылася... Цяпер яны паедуць, калi так крычыць Боганчык i ўзлезла на калёсы Наста.

- Паганяйце!.. Не валаводзьцеся... - ужо i яшчэ нехта крычаў уперадзе, памагаў Боганчыку.

Пасля Таня ўбачыла, як дарогай ад Сушкава пёрся матацыкл, такi ж малы i з каляскай, што i пярэднiя. Мiнуў, аб'ехаўшы ячменем, Боганчыка, якi стаў пасярод дарогi, i сыпануў з-пад сябе жарствы Танi аж на воз. Тарганулася ў аглобнях кабыла, выцягнула ўперад галаву i схавала пад грывай вушы...

- Што стаiш?.. У штаны напусцiў?.. - крычаў наперадзе на Боганчыка Махорка. Таня тузанула за лейцы, каб дагнаць Панка. Матацыкл быў шмыгнуў з дарогi ў ячмень ля самага Насцiнага воза, падскочыў на загоне i кратаўся зноў у iх наперадзе. Здавалася, ён i не мiнаў падвод.

Абагнаўшы Боганчыка, матацыкл стаў недалёка ад яго - наперадзе. Пасля, памалу пад'язджаючы, як сунучыся ўсё роўна, перагарадзiў яму дарогу. Заiрзаў Боганчыкаў жарабок, вiдаць, падцяты цуглямi. Падводы зноў наехалi адна на адну, спрудзiлiся i пасталi.

Таня ўбачыла, як саскочыў з воза, што мячык, Боганчык, як ссунуўся з мяхоў Махорка... Толькi Панок злазiў памалу, трымаючыся за ляжэйку, усё роўна што баяўся выпусцiць з рук...

Матацыкл поўз на гару па пяску, як збiты на ляту жук, гонячы перад сабой мужчын. Спынiўся якраз ля яе, Танiных, калёс; сталi, збiўшыся ў кучу, мужчыны. Таня ўбачыла, як махае ёй рукою ззаду Наста, каб яна, Таня, лягла, не паказвалася са сваёй нагой на вочы. Але яе як сагнуў хто ў крук на калёсах. Яна толькi ўцiснула галаву ў плечы...

Аж цяпер, калi ля воза ў пяску тросся матацыкл, яна ўбачыла, што ў iм былi два немцы. У таго, што ажаргаў сядло i ўзяў у дзве рукi руль, была высокая фуражка з вузкiм белым арлом i блiскучым чорным брылём - сядзела на галаве што вялiкая качка, задзёршы ўверх шыю i хвост; на брылi ляжалi белыя, блiскучыя, туга звiтыя тоўстыя аборы. З-пад яго глядзелi на падводы прыплюшчаныя вочы. Шчокi ў немца былi бурыя, загарэлi, мусiць, ад сонца; мiж iх усё роўна як вiсеў доўгi, што ў Янука, нос. Таня ўгледзела яшчэ, што ў немца на грудзях нечым поўна набiты дзве кiшэнi, аж трашчаць; знiзу да адной прышпiлены крыжык - чорны, а па беражках блiскучы, белы; другi крыжык вiсеў ля самай шыi пад гузiкам, цьмяны, як павук прыляпiўся ў запечку да сцяны. На руках у немца былi белыя пальчаткi, i ён стрэпаў сябе кончыкамi пальцаў па штанах.

У перадку, у калясцы, дзе сядзеў другi немец, ляжала белая скрыначка, з якой паўзла наверх лента з жоўтымi блiскучымi патронамi. На калясцы спераду тырчаў, што кавалак доўгага жалезнага прута, кулямёт. Таня якраз такi бачыла ў партызан. Толькi скрыначка ў iх была не белая, а цёмная, як каска на галаве ў немца, якi сядзеў у калясцы. Такую скрыначку Таня нават брала ў рукi i падымала - пераносiла з парога ў запечак, як мыла падлогу ў Петрусiхi з Вандзяй. Вандзiн брат перайшоў з Даўгынава з палiцыi ў партызаны з такiм кулямётам i скрыначкай; прынёс яе да Петрусiхi ў хату, калi партызаны прывезлi яго ў вёску разам з маткай i Вандзяй.

Скрыначка ў немца была пашарпана, i на ёй стаялi нямецкiя лiтары, як i на касцы.

Таня ўбачыла, што немец з каляскi зусiм не глядзеў на падводы. На грудзях у яго вiсеў маленькi чорны аўтамат - пад iм блiшчэла спронжка i белыя гузiкi; ззаду на дзязе - аж два зялёныя кацялкi з вечкамi. На доўгай шыi было тоўста накручана бiнту. Бiнт быў у свежай крывi, яна выступала на iм плямамi. На абедзвюх руках у яго было гэтак жа, як i на шыi, накручана тоўста бiнту - краталiся толькi кароценькiя кончыкi пальцаў.

Немец у фуражцы з аборамi на брылi саскочыў з матацыкла на дарогу, што з каня, i стаў атрасаць абедзвюма рукамi пыл з фрэнча - у тым месцы, дзе ў яго на шырокай дзязе вiсеў маленькi пiсталет. Пiсталета вiдаць не было, блiшчала толькi на сонцы жоўтая скура. Глядзеў, зыбаючыся, на свае блiскучыя вялiкiя боты - да iх прылiпаў пясок - i на шырокiя штаны-галiфэ, якiя надзьмулiся ля калень, растапырылiся i абвiслi на самыя халявы, бы ў калашыны яму, як у торбачкi, насыпалi пяску.

- Что за дурацкiй обоз? - загаварыў ён, падняўшы галаву. Голас у яго быў дзяркаты. Таня ўбачыла, як уздрыгнуў Боганчык i закруцiлi галовамi мужчыны - глядзелi адзiн на аднаго. - Что за дурацкiй обоз? - ляпаў ён рукой па жоўтай дзязе, усё страсаючы пыл, i тыцкаў пальцам ледзь не ў грудзi Боганчыку: стаяў зусiм блiзка ля мужчын. Боганчыка ён, мусiць, угледзеў першага ўперадзе на падводзе, запомнiў па барадзе i цяпер выбраў з грумады.

Боганчык маўчаў; хацеў нешта сказаць - у яго дрыжаў падбародак - i не мог.

- Как стоiшь, сволочь?.. - Таня ўбачыла, як немец махнуў рукой у белай пальчатцы аднекуль знiзу i ўдарыў Боганчыку пад шчэлепы. Убачыла яшчэ, як схапiўся ў дзве рукi за бараду Боганчык i адскочыў назад, да самых яе калёс, упёршыся паяснiцай у ляжэйку; як немец пачаў тады шорхаць рукой аб руку чысцiў ад пылу белыя пальчаткi.

Ззаду за iм у калясцы бразнула жалеза. Калi Таня зiрнула туды, убачыла, як да iх павярнуўся немец, той, што сядзеў, гледзячы ўсё на дарогу, i наставiў на мужчын аўтамат.

- Кто грамотный? Выйдет... пускай... - сказаў тады немец у белых пальчатках, неяк цiшэй i ўсё роўна як без злосцi.

Нiхто не крануўся. Мужчыны нават не варочалi галовамi адзiн да аднаго. Тады немец зноў паказаў пальцам на Боганчыка:

- Ты...

Таня ўбачыла, як адлучыўся ад усiх Боганчык i неяк бачком, як сляпы, ступiў да немца. Стаў, выцягнуўшыся i задзёршы ўверх бараду, аж з'ехала на патылiцу яго замусоленая чорная кепка i на вуха высыпалiся валасы. Таня глядзела з воза на яго збоку, i ёй здалося, што ў Боганчыка даўгi, загнуты ўверх нос, - перш каб i пытаўся хто, яна не помнiла, якi ў яго нос, - i тоўстыя шчокi: надзьмулiся, як папухлi. Было вiдаць яшчэ, як у яго на скронi высыпаў пот, буйны, што град, аж пiсяга пацякла на шчаку, i зрабiлася чырвонае вуха, як палавiнка ад бурака-рэпкi. I лыпала, лыпала вока, дробненька i часта - хавалася за павечкам.

Таня пачула, як пад рукамi сталi раптам халодныя ляжэйкi; пасля зрабiлася холадна ўсёй, бы хто лiнуў за плечы вады са студнi.

Немец быў вышэйшы за Боганчыка i стаяў цяпер нагнуўшыся над iм глядзеў зверху, з-пад брыля. Адну руку зачапiў пальцамi за жоўтую дзягу, другой - даланёю - шорхаў па жоўтай кабуры. Тады зноў наставiў Боганчыку палец у грудзi:

- Кто такой?

- Бог-ган... - моцна азваўся Боганчык, нiбыта немец быў глухi, мог яго не пачуць, i стаяў нi жывы нi мёртвы.

- Какая дурацкая фамiлiя... Почему дрожiшь?..

- Рукi трасуцца... - голас у Боганчыка яшчэ больш задрыжаў.

- Шапку, свiнья... - немец нагнуўся над Боганчыкам яшчэ нiжэй. Выцягнуў шыю, зашыпеў: - Желаешь, чтобы с головой слетела? Что на телегах?..

- Нарыхтоўка... Нарыхтоўка... У раён вязём... Сабралi... З усёй вёскi... Самi... Бумага ёсць... - язык у Боганчыка бы ў што ўпiраўся ў роце.

Немец прыняў пальцы з кабуры i абедзвюма рукамi падняў уверх за блiскучы брыль фуражку на галаве; другi немец забразгаў у калясцы кацялкамi.

- Что за дурацкая бумага?

Белая пальчатка паднялася аж да Боганчыкавай галавы, як на навязi, чакаючы.

Тады Боганчык хуценька скамкаў кепку, якую цяпер трымаў у руцэ, прыцiснуўшы да сцягна, запхнуў яе ў кiшаню ў штаны i палез пад паху - пад шэры паношаны картовы пiнжак, якi, расхрыстаны, спаўзаў у яго з плеч.

Паперка была белая i маленькая, складзеная, мусiць, у некалькi столак. Таня не бачыла яе дагэтуль, ведала толькi, што паперу вязе Боганчык, хоць ён i паказваў яе ўжо раз - яшчэ ў вёсцы, ля Петрусiхi, калi збiралiся выязджаць i вазы абходзiлi два немцы, мацаючы рукамi мяхi, усё роўна што шукалi чаго.

Белая пальчатка ўзяла паперыну з рук у Боганчыка, разгарнула яе, як рак клюшнямi, i паднясла да блiскучага брыля. Патрымала ля яго, пасля вярнула Боганчыку i, павiсшы ля самай яго галавы, чакала, пакуль ён пакладзе яе ў кiшаню пад пахай. Тады раптам апусцiлася ўнiз i, падскочыўшы ўверх, ударыла Боганчыку па шчацэ.

- Скотiна... Это реквiзiровано нашiмi солдатамi... - Белая пальчатка ўжо зноў счышчала пыл з жоўтай кабуры.

Боганчык стаў белы, што ячмень ля дарогi...

Тарганулася была яе, Танiна, кабыла, успёрлася Панку на воз. Таня схапiлася за лейцы - ёй было здалося, што на яе зiрнулi з-пад брыля прыплюшчаныя вочы... Яна стала шукаць Насту. Наста стаяла ўперадзе ля Панковых калёс, узяўшы за аброць кабылу.

- Я с тобой поговорю... - Белая пальчатка адшпiльвала кабуру. Обманывать? Бандiт...

Боганчык раптам закрычаў на ўвесь голас - аж тарганулася ў аглабнях кабыла...

- Я не бандзiт!.. Не бандзiт я!.. Яны ўсе скажуць... - махнуў ён рукой назад. - Немцы мяне старшым паставiлi, яны ўсе скажуць... - Боганчык кратаўся ўвесь з галавы да ног, стаў нiжэйшы, як уехаў на дарозе ў зямлю. Застагнаў пасля i сцiх, гледзячы на пальчатку, якая даставала маленькi чорны пiсталет з жоўтай кабуры. Пасля зноў закрычаў, ухапiўшыся рукамi за лейцы на Танiным возе. Таня чула, як ён часта дыхае - сапе - i трэцца паяснiцай аб ляжэйку...

Белая пальчатка хуценька дастала пiсталет, як вышчалукнула са стручка фасолiну, сцiснула i паднясла да Боганчыка, да самых грудзей.

Боганчык як стаяў, так i сеў на дарогу на каленi...

Таня баялася глядзець на яго... Калi яна зiрнула на Панковы калёсы, убачыла, як прыцiснулася да кабылы Наста.

Немец адступiўся назад, да самага матацыкла, i, выцягнуўшы доўгую руку, наставiў цяпер пiсталет якраз у галаву Боганчыку...

- Знаем мы, кто вы такiе... Но ты, скотiна, отвечаешь за обоз... Встать! - крыкнуў ён, аж падскочыла ў яго на галаве качка з задзёртым хвастом. Белая пальчатка ў той жа раз спрытна сунула пiсталет у кабуру Таня ледзь згледзела - i зноў махнулася ўгары. Плясь... пачулася на дарозе. Тады махнулася другая: чвяк... чвяк... - як у што мокрае... Танi здалося, што гэта курыца, ускочыўшы ў iх дома на двары на плот, бiла крыллямi. Боганчык, упёршыся зноў паяснiцай у яе, Танiны, калёсы, стагнаў, стоячы, моцна, што конь; махаў рукамi ў сябе ля носа: баранiўся; тады асунуўся зноў на каленi на дарогу, у пясок. Галава ў яго не служыла - упала, як макаўка на зламанай дудцы, на плячо.

- Встать!.. - зноў падскочыла на галаве ў немца качка з задзёртым хвастом.

Устаць Боганчыку памог Махорка - падхапiў пад пахi: быў блiжэй за ўсiх ля яго.

Таня пачула, як ёй стала горача. Апiраючыся рукамi на мяхi, яна чула, што i мяхi гарачыя, бы iх вынялi дома з запечка, куды клалi нанач сушыць. Зноў запахла з дарогi ад матацыкла паленай гумай i пачало блажыць...

Тады яна лягла на мяхi. Адгэтуль зусiм не было вiдаць немца на дарозе: яго заступiў Боганчык. Яна чула толькi прарэзлiвы голас:

- Поедете по шоссе... В лесу могут быть бандiты!..

Калi Таня зноў паднялася на локцi, немца ля калёс не было: ён адступiўся да жоўтага каменя на дарозе, што ляжаў цяпер ззаду ў яго ля самых ног, - стаяў, сцягваючы з рук белыя пальчаткi i плюючы на дарогу.

Яна была падумала: "Дзе ж Боганчык?" Тады ўбачыла, як той бяжыць да сваёй падводы пасярод дарогi па пяску, раскiдае ногi, сагнуўся i дастае рукамi аж да зямлi. У руцэ ў яго чорная кепка, круглая, як скавародка, i, здаецца, цяжкая: Боганчык ледзь махае рукой. Закраталiся ля сваiх вазоў мужчыны; зафыркалi конi, бразгаючы цуглямi.

- Бяры лейцы... дзяўчына... За Панком пускай, не аставайся!.. - крычала здалёку Наста са свайго, мусiць, воза. Таня яе не бачыла, не даваў Алёшаў конь.

Калi Наста сцiхла, было чуваць, як на дарозе бразгалi кацялкi, што парожнiя мiскi дома на суднiку, калi зачыняеш дзверы. Немец з завязанай шыяй праехаў i зноў таркануўся ў пяску - стаў якраз ля Януковых калёс. Высокi немец пайшоў за матацыклам, павярнуўшыся неяк бачком - сачыў усё за Боганчыкам. Падышоўшы да матацыкла, крыкнуў на забiнтаванага немца - той пералазiў з сядла назад у каляску, бразгаючы кацялкамi, - i зноў растапырыў на пяску ногi. На Боганчыка ён ужо не глядзеў: сцягнуў з рук пальчаткi, заткнуў iх пад жоўтую дзягу i дастаў аднекуль - Таня не згледзела адкуль маленькую пушачку. Выцягнуў з яе белую папяросу - Таня такой нiколi не бачыла, - панёс у рот i зноў стаў глядзець, павярнуўшы галаву, на дарогу, на Боганчыка: той нешта крычаў мужчынам, засупоньваючы хамут.

Тады Таня пачула, як ззаду на возе замычаў Янук, моцна, як мычаў у вёсцы на вулiцы, калi хацеў, каб яго пачулi здалёку.

Таню як хто падхапiў на возе: Янук, пагнаўшы каня i звярнуўшы на пясок, аб'язджаў яе, мiнаў. Яна не ведала, што рабiць: наперадзе яшчэ стаялi ўсе падводы. Калi белы Янукоў конь спынiўся, захропшы, пасярод дарогi, Таня ўбачыла, як Янук заёрзаўся на возе, выставiўшы ўперад руку - да немца. Немец стаяў цяпер ля самага яго воза i, не спускаючы з Янука вачэй, прыкурваў маленькую папяроску ад блiскучай жоўценькай машынкi. Таня здагадалася: Янук паказвае, каб той падышоў да яго - да воза. Немец адно круцiў памалу галавою, сцiснуўшы вуснамi папяросу, - глядзеў то на Янука, то на дарогу на Боганчыка. Пасля ўтаропiўся на аднаго Янука i, узяўшы пальцамi з рота папяросу, лыпаў i лыпаў вачыма - не ведаў, мусiць, чаго той ад яго хоча. Янук тады стаў зноў мычэць i пыкаць вуснамi, падымаючы i апускаючы за брыль кепку на галаве, нiбы хацеў яе зняць i не рашаўся. Пасля выразна, як успомнiўшы раптам што, сказаў, паказваючы пальцам на кiшаню на грудзях у немца, пад якой вiсеў крыжык:

- Курыць... Т-т-тваю м-маць...

Тады зноў мычаў - доўга, з натугай, нават не гаварыў "тваю маць". Пыкаў ротам i гладзiў сябе рукой па грудзях, як малы; яго схаваныя глыбока пад iлбом вочы пабольшалi i заблiшчалi, расцягнуўся i стаў доўгi, на ўсе шчокi, бяззубы, пусты рот; загнуўся ўнiз сухi i тонкi нос, што дзюба ў старога каршуна. Янук, здавалася, ссунецца зараз з мяхоў на дарогу - так нагнуўся ўперад.

Немец тады выцягнуўся ўвесь, адразу зрабiўся яшчэ больш высокi i тонкi, як усохся на сонцы. Шчокi ў яго сталi чырвоныя, што жар, з iлба апусцiлiся чорныя бровы на самую пераносiцу - закрылi вочы.

- На меня... твою мать?.. - зашыпеў ён, выцягнуўшы шыю аж да Януковых калёс, дзе Янук кiваў галавою, гладзячы сябе па грудзях. Рука без пальчаткi адразу выхапiла з жоўтай кабуры пiсталет - як з агню - i падымалася памаленьку-памаленьку... I нiхто не бачыў: нi Наста, нi мужчыны.

"Заб'е Янука... Боганчыка не забiў, а Янука заб'е..." - падумала раптам Таня.

Калi яна ўсхапiлася з калёс, пачула толькi, што кальнула ў балючую нагу...

Саскочыўшы на дарогу, яна не помнiла, як апынулася ля Янука.

Упёршыся яму плячыма ў каленi, яна растапырыла рукi, хаваючы яго ад немца, i закрычала. Пачула, як яе моцна ўдарыў па руцэ немец, што пераламаў усё роўна, i ступiла балючай нагой. Помнiла, што валiцца на пясок - хоць не ўдарыцца.

Недзе далёка паганяў каня Панок i тукаў матацыкл, глуха, як вожык.

Ёй было здалося, што яна ляжыць дома на палатках, паклаўшы балючую нагу на пяколак, на самае гарачае месца. Спячы можна, але нагi не кранеш, каб адсунуць да сцяны, на лучыну: змярцвела.

Калi яна адплюшчыла вочы, пазнала, што ляжыць ля Януковых калёс у пяску; пасля ўбачыла, як нiзка над дарогай, над самым ячменем, ляцеў каршун, памалу, ледзь кратаў крыллямi. З грудзей у яго сыпалася пер'е...

Над ёй, нагнуўшыся, мычаў Янук. За iм была вiдаць Наста.

5

У лагчыне, за Сушкавам, дзе скрыжоўвалiся, iдучы полем па пяску, дарогi, стаяў не так даўно крыж - Боганчык яшчэ помнiць. Цяпер крыжа няма, згнiў ад зямлi, абвалiўся, i яго спалiлi пастухi; растуць толькi на тым месцы тры елкi, нiзкiя, разгатыя, з тонкiмi сукамi, i ляжыць пад iмi адно каменне - шэрая крушня.

У лагчыне было горача, хоць сонца, знiзiўшыся, стаяла ўжо над самымi могiлкамi, што асталiся ззаду, на гары. Не лескаталi калёсы - тут быў пясок, храплi толькi ад пылу конi, i рэзалася ў некага цiха жалеза аб жалеза: кола аб загваздку.

Седзячы на мяхах у самым перадку, Боганчык бачыў, як за садам, ля сажалкi, у тым баку, дзе была вёска, курэлася балота: высахла, калi яго абкасiлi, i цяпер занялося агнём. Здалёку былi вiдаць на балоце пад лесам стагi.

Лес быў сiнi ад густой смугi. За iм, якраз на Карчаваткi, падымалiся высака ўгару бурыя тулягi - былi што сцiснутыя вялiкiя кулакi...

Ад сонца тулягi гусцелi i рабiлiся чырвоныя - здавалася, кулакi сцялiся i набеглi кроўю. Далёка ў тым баку пачулiся глухiя выбухi: бух-бух... бух-бух... Пасля тулягi пачалi распаўзацца па небе, усё роўна як iх пагнала ветрам. Было чуваць, як недзе там гудзеў самалёт, аж звiнеў.

Тады Боганчыку раптам здалося, што ён у доце пад Красным, у байнiцы ля кулямёта... Байнiца глыбокая, i калi, паклаўшы рукi на халодны выступ з цэменту - ён выслiзганы i блiшчыць, што сцёрты камень, - глядзiш, падпёршы кулакамi падбародак, у вузкую i доўгую шчэлку - у вачах шэра, як вечарам увосень, калi скора пачне цямнець. Гэта рака. I глядзiш на яе зверху ўнiз: дот высака над берагам, на самым высокiм месцы ля Краснага - ля ракi.

Прымасцiўшыся ля кулямёта, бачыш у маленькае акенца ў шчытку белую шашу, што iдзе з лесу ў Краснае, спускаючыся з гары да маста. Гэта ўжо за ракой, на другiм зрытым беразе - калi рабiлi ля маста насып, адтуль бралi пясок.

Краснае стаяла за ракой Дзвiнасой - воддаль. Праз яго iшлi накрыж дзве шашы: Крайск - Барысава (з захаду на ўсход, ад блiзкай некалi гранiцы) i Докшыцы - Мiнск, цераз Бегамля - гэта з поўначы, з Вiцебска на поўдзень.

За Дзвiнасой ля Краснага былi доты - уехалi ў зямлю на самым беразе, як вялiкiя шэрыя валуны.

Па левы бок шашы, што iшла з Крайска, яны былi вiдаць адразу за ракой, аж тры: ля маста - шырокi i лабаты; на выгане на гарушцы - белы i круглы, што вялiкае яйка; i далёка ля лесу, пад самым Тартаком, дзе ўжо хавалася з воч рака, - блiшчаў жоўтай плямкай як згледзець...

У Краснае яны ўсе - мужчыны з Дальвы - прыйшлi тыдзень назад па павестках: у ваенкамат. З Краснага ўсiх адразу пагналi на Барысава. Яго ж, Боганчыка, адлучылi - ён быў у фiнскую кулямётчыкам i павялi з пятнаццаццю чалавекамi назад, на Докшыцы, - у часць...

Праз два днi яны занялi доты пад Красным: у Докшыцах i Бегамлi былi ўжо немцы.

Над самай байнiцай знадворку, дзе яна роўна, як пад шнур, з усiх бакоў абкладзена дзерняком, на траве вiсяць кроплi расы. Густа, адна ля адной; збiраюцца, як хто чапляе iх на нiтку, тады капаюць унiз на пясок. Пасля зноў блiшчаць зверху на траве, што выцiснутыя з зямлi, i зноў падаюць долкi. Знадворку пахне свежай, вiльготнай зямлёй, як усё роўна пахне пасля дажджу ралля...

Калi доўга стаiш, падкiнуўшы пад локцi на халодны выступ з цэменту складзены ў дзве столкi брызент, локцi пачынаюць грэцца i ныць спаднiзу. Здаецца тады, што апёрся дома на цёплы пяколак, прыйшоўшы з двара з холаду, падпёр рукамi галаву i стаiш, гледзячы на печ. I белая паласа - гэта не дарога за ракой, а пабеленая сцяна ля комiна; i ўнiзе не шэрая вада, а печ з глiны, выерзаная, са смеццем i карой - сушылiся дровы - i закiданая ля сцяны рыззём i лахманамi, якiх даўно не насiлi i якiя падсцiлалi пад бок, калi хто надумляўся лезцi за комiн спаць, прыйшоўшы халодны ўвосень вечарам з поля.

Узышло сонца, свяцiла збоку, з-за Краснага, можна было пазнаць па вадзе; яна заблiскала, што луска на рыбе. Пачакаўшы, на вадзе лягла шырокая i цяжкая жоўтая паласа ад туляга; пад ёй задрыжаў выцягнуты чырвоны круг сонца - неба было вiдаць у вадзе, ля самага дота. Над байнiцай на траве налiлася сукравiцай раса.

Было цiха, i, можа, таму так ядрана пачуўся аж тут, пад зямлёй, рокат, усё роўна як завялi дзе блiзка трактар... За ракой, на шашы ля лесу, паказалiся танкi...

Страсанула дот, на плечы са столi пасыпалiся дробненькiя кавалачкi глiны. На Дзвiнасе, мусiць, узарвалi мост.

Боганчык помнiў толькi, як, выцягнуўшыся ў дзвярах, высокi i тонкi, у шырокай брызентавай накiдцы капiтан, той, што вёў iх на Докшыцы, скамандаваў: "Агонь!" Пасля яшчэ доўга крычаў: "Агонь!.." - падымаючы i апускаючы руку, нiбы хочучы скiнуць з сябе накiдку, якую з начы не знiмаў з плеч i якая цяпер яму стала цесная i замiнала.

Здрыганулася зямля, захадзiла хадуном у рацэ вада, як закiпеўшы: сталi бiць саракапяткi. Глушыла, пярачы збоку, свая; бухала i справа, далей, на выгане, дзе быў другi дот, i аж ля самага возера, ля заставак, у сасоннiку, недалёка ад Тартака. Гук адтуль iшоў як глыбака з-пад зямлi.

За ракой падняўся сухi пыл, схаваўшы ўсё з воч. Вецер гнаў яго сюды, на гэты бок, дзе стаяў дот...

- Агонь! - крычаў капiтан. Яго ўжо не было ля дзвярэй, што вялi да выхаду. Ляжала толькi ў парозе на зямлi, як надзьмутая, зялёная брызентавая накiдка, што ахапак свежай травы.

- Аго-о-нь!.. - чуваць было ззаду, глуха i сiпата. - Го... го... здавалася, што крычаць толькi яму аднаму, Боганчыку, i ён цiснуў з усёй сiлы вялiкiмi пальцамi на шурпатую гашэтку, баючыся, што пальцы возьмуць i саслiзнуцца - мокрыя ад поту - i ацiхне кулямёт. У прадаўгаватае вузкае акенца ў шчытку, як у цьмянае шкло, ён бачыў пад белай паласой на тым беразе два танкi. Яны сунулiся адзiн воддаль другога, неяк бачком, з шашы на лажок, то паказваючыся, то хаваючыся ў дыме; пасля па той бок шашы зусiм знiклi з воч. За ракой цяпер ад дыму нiчога не было вiдаць; ззаду за плячамi несцiхана стукала, усё роўна як глухiя пад зямлёю дзверы: гах... гах...

Боганчык зноў чуў, як уядаецца ў вялiкiя пальцы, у мякiш, шурпатая гашэтка, але ў акенцы ў шчытку нiчога ўжо не бачыў: усюды было шэра.

Калi ён пачуў, што яго схапiла за плячо рука i тармосiць, не адпускаючы, усё яшчэ не мог адарваць пальцаў ад гашэткi. Пальцы падпёрлi яе, выгнулiся, зрабiлiся як пруты. Лента з жоўтымi патронамi паўзла i паўзла справа аднекуль з цемнаты, выгiнаючыся, як змяя, якую ўзялi за галаву...

- ...мать!.. - пачуў ён над самым вухам; тады рука пацягнула яго за каўнер ад байнiцы. - Прекратiть!..

Гэта крычаў на ўсё горла капiтан - кулямёт змоўк, i чалавечы голас пад зямлёй аж рэзаў вушы. Капiтан, топчучы нагамi разгоеную па падлозе накiдку, паказваў рукой у байнiцу:

- Ушлi вброд... Левых накрылi...

Тады стала цiха, i ў цiшынi здалося, што звiняць сцены i звон лезе ў вушы. Як у зямлi, стукала пад iм, Боганчыкам, сэрца: ён цяпер апёрся грудзьмi на халодны цэмент ля кулямёта. Бачыў, як пастаяў быў у парозе капiтан, пасля выцягнуўся, счысцiў з грудзей пясок, - недзе налiп яму на дварэ: капiтан, мусiць, поўз - i схаваўся за дзвярыма. Расцягнулася толькi на зямлi накiдка, астаўшыся ляжаць назнайнiцу.

Боганчык сядзеў ля кулямёта, чуючы, што ўпёрся плячом у нешта вострае i халоднае i пачынае стыць. Ён стыў, i яму рабiлася лёгка, мог, як хацеў, кратаць рукамi i глядзець, не прыплюшчваючыся, праз акенца ў шчытку на той бераг, дзе вiсеў пыл.

Ён як усё роўна збыў вялiкую хваробу...

Перад вачыма застыла, не мiтусiлася бронзавая планка на казённiку. Вузенькая, доўгая, выслiзганая пальцамi, яна цьмяна блiскала ад водсвету праз байнiцу. Унiзе пад ёй можна было ўгледзець маленькую зорачку i лiтары; па самай планцы рассыпалiся дробныя чорныя лiчбы - ад двух да дваццацi шасцi, - папрылiпалi да яе, як камары дома вечарам да блiскучай жоўтай клямкi на дзвярах у сеначках.

Ён памацаў за кожух - кожух быў гарачы, не даткнуцца. Ад яго пахла парай, што ад печы ў лазнi, калi на каменне зверху лiнеш вады.

Рука зачапiлася за шчытком за ланцужок, якi быў прычэплены да вiнта, што закрываў адтулiну, куды лiлi ваду. Ланцужок быў гарачы.

Захацелася пiць - вады са студнi. Яна халодная, як з лёдам, i пахне рашчынай, мусiць, ад зруба - зруб дома ў студнi з клёну, - не такая цёплая i жоўтая, што прыносiлi ўчора вечарам у бачках...

Адагнуўшыся, Боганчык пачаў счышчаць з сябе пясок i друзалачкi ад цэглы, што ўпiлiся былi ў каленi...

Пасля ён голымi рукамi счышчаў пясок з доўгiх, выгнутых i вышараваных знiзу аб зямлю афарбаваных станiн. Яны былi халодныя i мокрыя; халодны i лiпкi быў шчыток, з яго не счышчаўся пыл. Боганчык падумаў тады, што кулямёт змазаны i за яго браўся пыл i пясок; падумаў пасля, што кулямёт доўгi, на два мужчынскiя крокi, i байнiца глыбокая - глядзiш у яе, як у студню...

Калi знадворку пасвятлела - павярнулася, мусiць, сонца i коса свяцiла на бераг пад самую байнiцу. Боганчык успомнiў, што бой быў доўгi i танкi iшлi доўга, i прайшло iх у раку, мусiць, многа...

У доце павiднела, i ён убачыў, прынiкшы да байнiцы, што на тым баку за ракой зялёны высокi бераг. Ад сонца яшчэ больш пабялела, стала як мел, белая шаша; за ёй на полi было вiдаць жыта...

Ён успомнiў тады, што капiтан загадаў: "От пулемета не отходiть i ждать команды..."

Было цiха i ад таго млосна. Не няслi есцi i не прыносiлi вады. Пахла дымам ад пораху; звiнелi яшчэ гiльзы, падалi самi з байнiцы з-пад кулямёта на падлогу: не ўлежалiся. Збоку, недзе за Красным, чуваць былi глухiя выбухi, як хто, нямогучы, тоўк у ступе - мусiць, на шашы, што вяла з Бегамля. Адтуль, адкуль былi iшлi танкi, з-за лесу папаўзлi самалёты. Здавалася, што ныюць пад столлю камары. Камароў у доце многа: яны чулi людзей i цiснулiся ў байнiцу. Цяпер яны наганялi сон, i Боганчык, паклаўшы галаву на рукi, доўга цёр пальцамi вочы: каб не лiплiся...

Пасля палудня зноў пайшлi танкi. Яны ўжо не паказвалiся на шашы, бралi лесам правей: мiналi мост. Зноў дрыжалi сцены: бiла саракапятка.

Боганчык зноў прынiк да акенца ў шчытку... Дрыжалi пальцы, здавалася, яны размяклi i нiяк не могуць знайсцi шурпатую гашэтку... Але цьмяна блiскала справа лента i паўзла, падскокваючы, да шчытка... Калi ён адпускаў пальцы i падымаўся папраўляць ленту, чуў, як звiняць, сыплючыся з-пад кулямёта пад ногi, гiльзы i ляскаюць гусенiцы за ракой на шашы зусiм блiзка. Ён тады зноў прылiпаў да слiзкага жалеза...

Калi шашой пайшлi грузавыя машыны, ён ужо не страляў: не было вады.

Пасля знадворку ў байнiцу сыпанула жарствы i там недзе ўдарыла, што перуном... З-за ракi немцы бiлi па доце...

Выскачыўшы з дота, Боганчык пачуў, што вецер дзьме берагам, якраз у твар. Халодны i калючы на захадзе сонца, ён суха шумеў пад нагамi ў траве; воддаль, на рацэ, дзе была затока, стагнаў на вадзе i свiстаў у высокай асацэ i сiтняку. Горкi ад дыму, сыры ад размешанага глею на пераправе, дзе прайшлi нямецкiя танкi, укачаны ў жвiр на беразе, вецер аж зрываў нос, i цяжка было пазнаць, адкуль нясе тарфяным гарам, - мусiць, з Краснага, дзе, вiдаць, падпалiлi склады.

Боганчык бег берагам, пад вецер, i калi варочаў галавой - чуў, як падымаюцца дыбам валасы. Думаў тады, што не помнiць, як вецер сарваў пiлотку. Калi ж ён абмацаў сябе за паяснiцу i знайшоў пiлотку збоку пад дзягай, яму стала раптам трывожна; ён засопся i пачуў, што вязнуць, млеючы, на беразе ў пясок ногi.

- Ст-о-ой!.. Застрелю!.. - чуў ён, i яму здавалася, што крычаць зусiм не на яго i недзе далёка, хоць пазнаў, што крычалi ззаду i гэта вецер зносiў голас. Яму яшчэ здавалася, што крычыць не капiтан: той быў цiхi. Нават калi па доце з шашы бiлi немцы, ён, увалiўшыся ў дзверы, з забiнтаванай рукой на почапцы, не крычаў. Сказаў зусiм цiха, паклаўшы здаровую руку яму, Боганчыку, на плячо: "Подготовiться к круговой обороне..."

З кулямётам трэба было быць цяпер наверсе, за брустверам, якi, спяшаючыся, рабiлi ўчора вечарам, насунуўшы лапатамi жвiру i абклаўшы яго дзерняком.

Танкi цяпер iшлi ззаду: з Краснага - выганам. Паўзлi, адыходзячыся адзiн ад аднаго, валюхалiся i вадзiлi стваламi - унiз-уверх, унiз-уверх... Шырокiя, плоскiя... Аж тры... Паўзлi на дот...

Калi Боганчык быў ужо ў лагчыне, на гары ўдарыла саракапятка - ядрана, чыста, не так глуха, як сядзiш у доце пад зямлёй. Яе, мусiць, выкацiлi наверх, паспелi. Па рацэ над вадой пайшлi водгаласкi, пакацiлiся далёка за лес, дзе заходзiла сонца.

- Стой!.. - чуў ён, як крычаў недзе ўгары капiтан, пасля пачуў, як затахкаў там кулямёт. Падумаў, што страляюць па iм, Боганчыку, каб забiць: над галавой цюмкалi кулi; але ўбачыў, як яны, што iскры, ляцелi над дотам за раку ў лес: кучкамi, бы iх хто сыпаў са жменi.

"Немцы б'юць... - падумаў ён тады. - З танкаў..."

З лагчыны танкаў ужо не было вiдаць, не было вiдаць i дота; тырчаў толькi на гары ля выгану гарбаты курган. Калi Боганчык схаваўся за насыпам, дзе дагэтуль быў мост, - яго, як пайшлi танкi, узарвалi сапёры - не было ўжо вiдаць i кургана...

За мастом, па той бок ракi за шашой, пачыналася поле, i вецер бiў цяпер у грудзi, не даючы дыхаць, здавалася, ротам пойдзе кроў. Боганчык быў угледзеў, што павярнуў i бяжыць назад, пад Краснае: ад маста павярнула ўбок рака.

"На той бераг..." - стукнула яму ў галаву, i ён пачуў, што спалохаўся. Плаваць ён не ўмеў i бег берагам пад Краснае, дзе быў брод i дзе прайшлi нямецкiя танкi.

Ззаду за насыпам бiлi з гармат i хлебясталi кулямёты.

Ён згледзеў, як гараць пад ветрам на пасёлку ў Красным хаты, без дыму, адным агнём, як сярнiчкi. Вецер зносiў полымя на балота, дзе раўлi танкi, слаў па самай зямлi.

Боганчык, скочыўшы ў раку, убачыў яшчэ, як ля канавы, на выгане, гарэў танк, высокi, задзёрся перадком угару... Ад яго iшоў дым - чорны, як дзёгаць...

Калi сцямнела, ззаду за ракой занялося на ўсё неба зарыва: гарэла Краснае.

Боганчык доўга глядзеў на зарыва: бачыў, як яно гасла, спаўзаючы да самай зямлi, пасля дрыжала, выцягвалася ў доўгiя скрываўленыя палосы, падымалася высока ў неба i зноў ападала - як кiпела ўсё роўна. Нядаўна яшчэ там былi чуваць выбухi, цяпер стала цiха.

Цiха было ўсюды: i на шашы, дзе iшлi танкi, i ў Красным, i на беразе ля маста.

Калi Боганчык падумаў, што ля дота цiха, яго было пацягнула назад, хацелася вярнуцца - устаць з зямлi i пабегчы да ракi... Тады ён успомнiў, як крычаў капiтан, i думаў, што не вернецца, бо няма куды: да берага дайшлi танкi... Яго пачынала браць стужа...

Ён быў ледзь не ўтапiўся ў рацэ, не лучыўшы ўброд. Да цела цяпер лiпла мокрая i цвёрдая, як луб, гiмнасцёрка. Цёпла было толькi ў зад - ён сядзеў на купiне - i знiзу ў выцягнутыя ногi. Ногi як усё роўна ляжалi ў нечым лiпкiм i слiзкiм, што ў гразi.

Ён доўга сядзеў, не могучы ўстаць. Падумаў тады, што трэба хоць выкруцiць, зняўшы з сябе, гiмнасцёрку i штаны...

Пачуў, як па целе поўзаюць чорствыя мурашкi. Лапнуўшы рукой за шыю, намацаў пад пальцамi тоўстую, круглую канаплiну... Паднёсшы да вачэй, убачыў, што раздушыў мурашку. Пазнаў толькi цяпер, што сядзеў не на купiне, а на муравейнiку, шырокiм i плоскiм, як магiла.

Над вухам зазвiнеў камар, цененька i нудна, як усё роўна быў адзiн ва ўсiм лесе.

Боганчык махнуў быў рукой ля вуха... Тады падняўся з муравейнiка i пачаў счышчаць са штаноў мурашак. Падумаў, што ў лесе зусiм цёмна, не вiдаць зямлi.

Калi ён ступiў, хруснулi ў нагах косцi, што снег у мароз пад абуткам.

Яго зноў кiнула ў стужу...

Ён падумаў, што загiбее зусiм, калi не зменiцца ў сухое; што можна налучыць на немцаў i тады ўсё роўна капцы...

I ён пайшоў лесам, прыглядаючыся: баяўся ткнуцца на дарогу, дзе вечарам iшлi танкi.

Ззаду, там, дзе быў пажар, зноў загрымела, як i ўдзень. Стаўшы, Боганчык аглянуўся яшчэ раз.

Бiлi з гармат, i снарады ляцелi ў гэты бок - на Краснае, Боганчык згледзеў iх. Чырвоныя, як жалеза з агню, яны мiльгалi на чорным небе i знiкалi адразу з воч. Бухала блiзка за ракой - мусiць, на гэты бок Краснага, - ён не пазнаваў. Пабольшала зарыва, аж вiдна, здалося, стала ад яго ў лесе.

Боганчык надумаў, што па Красным б'юць нашы, што ў Красным немцы...

Пацягнула сырасцю, блiзка недзе было балота: ён iшоў на Тартак, мiнаючы шашу.

Выйшаўшы на ездавую дарогу, ён пабег, каб сагрэцца, па калдобах i па карэннi ў той бок, дзе зайшло сонца i дзе было цiха.

У тым баку быў дом...

Боганчык саскочыў з калёс i працёр вочы... Уперадзе, на гары ля дарогi, куды трэба было ехаць, ляжалi шэрыя валуны - аж тры - адзiн ля аднаго, а яму было здалося, што там танкi... Валуны ляжалi тут здаўна, уехаўшы ў зямлю, высокiя, гладкiя, i здалёку блiшчалi на сонцы.

Ён, пусцiўшы аднаго жарабка, стаяў цяпер у нечай позняй бульбе на шнуры: пад нагамi з пяску толькi яшчэ вылазiлi калiўцы бульбеўнiку. Пасля сышоў на сцежку ля дарогi, дзе рос сухi, прытаптаны да зямлi сiвец, дастаў з халявы круглы слiзкi каменьчык, што рэзаў усю дарогу костачку. Згiнаючыся, крануў пашчэнкам аб калена... Пачуў, што да зубоў не даткнуцца. Пачало блажыць.

"Закалыхала... Ля могiлак калдобы... - падумаў ён. - Не трэба было сядзець на возе..."

Ззаду ўсе пазлазiлi з калёс i цяпер, сышоўшыся ля Януковай падводы, iшлi кучай. Махорка з Настай на самым перадзе, упобачкi; за iмi - Панок з Алёшам.

Алёша аставаўся ззаду, не спраўляўся з Панком i даганяў яго з подбегам. Пасля наперад усiм зайшоў Пан, кашляў, сагнуўшыся i заклаўшы рукi за спiну, азiраўся ўсё назад, слухаў Махорку. Махорка, махаючы ў Насты пугаўём перад самым носам, гаманiў на чым свет стаiць.

Боганчыку не хацелася iх чакаць, i ён пайшоў памалу сцежкай, нага за нагу. Яны дагналi яго ў самай лагчыне ля логу.

- Што, брат, уцякаеш ад нас? Усё роўна як мы ва ўсiм вiнаваты... Махорка смяяўся. Ён, недзе, выскаляў зубы з яго, Боганчыка, ад самых могiлак, можна пазнаць. - Хрэн з iм... Было - сышло. Жывы астаўся? Астаўся. А нам, татарам... - Махорка зноў засмяяўся, тады сцiх. Пасля ўжо сказаў: Што маўчыш, як воўк у Спасаўку?

Махорка, можа, хацеў, каб i ён, Боганчык, выскаляўся разам з iм з таго, як яму прыстаўлялi ля могiлак на дарозе наган? Махорка цяпер будзе смяяцца з яго ўсю дарогу; з'ездзiць у Краснае, вернецца ў вёску i там пачне расказваць, як ён, Боганчык, стаў на каленi, дабаўляючы ад сябе чаго хочаш...

Боганчык пачуў, як яму стала горача, тады затраслiся рукi, i ён сказаў, не гледзячы на Махорку:

- А тое маўчу, што далей з вамi не еду... Нi ў Людвiнова, нi за Людвiнова. Лес вялiкi, знайду i блiжэй прытулак...

Усе адразу сцiхлi. Iшлi, падняўшы галовы, ззаду за iм - ён, азiраючыся, бачыў iх - тупалi нагамi па сцежцы, i было чуваць, як дыхалi. Нехта сцебануў па дарозе - па траве - пугай. Толькi Алёша астаўся, стаяў i чакаў падводы: яму, мусiць, балелi ногi.

- Як гэта, брат? - спытаўся ў яго пасля ўжо Махорка. - То на Насту крычаў, то ўжо сам не едзеш?..

Яны цяпер iшлi за iм воддаль, трое, як назiркам: Махорка, Панок i Настуля, не даганялi...

- А та-ак!.. - адказаў Боганчык, адвярнуўшыся, са злосцю.

Зноў усе маўчалi; сцiх, апусцiўшы галаву, Махорка - не смяяўся.

- А так... - сказаў Боганчык iм цяпер яшчэ раз, сам. - Не панясу падстаўляць галаву пад кулю... Можаце нясцi свае... Га? - спытаўся ён пасля ў iх, бо яны ўсе маўчалi. Пачакаўшы, ён сказаў яшчэ: - I я, Махорка, быўшы на тваiм месцы, не выскаляўся б... А каб табе прыставiлi наган да галавы?.. Га?..

- А нам, татарам, усiраўно: наган цi... Лiжба з табой, брат, не ехаць адным торам, падоскi кавалак... Давялося толькi... - Махорка сказаў цiха, сабе пад нос, але ўсе пачулi i павярнулi да яго галовы.

- Падоска? Я падоска?.. - Боганчык стаў на сцежцы, адвярнуўся да iх i чакаў Махорку. У яго дрыжалi рукi, аж калацiлiся, i ён схаваў iх у кiшэнi ў штаны. - Падоска?.. Якая?

- Нямецкая... Калi хочаш знаць - знай... - Махорка ўжо са злосцю махнуў галавой, нагнуўшыся ўперад.

- Нямецкая?.. - Боганчык не стрываў, страпянуўся ўвесь, пачуўшы, як сцебанулi па лбе, рассыпаўшыся, валасы. - А ты?.. Што б ты запеў, яшчэ раз гавару, каб да тваёй галавы прыставiлi рульку?.. Татарская морда... Завыў бы... Ды я табе... - ён выняў рукi з кiшэнi i сцiснуў кулакi.

- Не лёг бы, брат, на пясок... Не лёг... I не лягу... - буркнуў, як сам сабе, пад нос Махорка.

Боганчык не помнiў, як учарэпiўся Махорку за грудзi - скамячыў ля шыi чорную кашулю i пачаў круцiць. На кашулi выступiла вада - пот, i Боганчык пачуў, як пацякло па пальцах. Пырснулi на поле ў пясок з-пад рук белыя гузiкi...

- Татарская морда...

Ён пачуў пасля, як яго нехта схапiў за валасы, збiўшы з патылiцы кепку, i цягне. Зазвiнела ў галаве. Ён выпусцiў з рук Махоркаву чорную кашулю i ўбачыў Насту. Яна, упёршыся рукамi яму i Махорку ў грудзi, распiхала iх, што мела сiлы. Пасля закрычала:

- Што сунуўся, як бык? На свайго! На немца не сунуўся... Крычыш, што табе наган прыстаўлялi. Усiм прыстаўлялi... Усёй вёсцы... А ты, Мiрон... яна прыняла руку ў Махоркi з грудзей, трымаючы цяпер аднаго яго, Боганчыка, за рукаво, i загаварыла цiшэй: - А ты, Мiрон, не паскудзь сябе... Не знаеш, з кiм заводзiшся?

Нагнуўшыся, яна падняла з дарогi кепку i, абiваючы ад пяску аб спаднiцу, падала яму, Боганчыку.

- Цяпер смелы... - сказала яшчэ раз, задыхаючыся...

Боганчыку раптам зноў стала ўсяму горача; пачуў, што дрыжаць у каленях ногi.

- Падводы адны... - сказаў ён цiха. - Аж дзе ўжо конi... - i стаў бiць сабе па калене кепкай, выбiваў ад пяску. Сказаў пасля са злосцю, каб не падумалi, што ён, Боганчык, хоча апраўдацца: - А мая галава мне... Ды да любой прыстаў, не так яшчэ затрасецца, каб на карку астацца. Як мiленькая...

Тады ён згледзеў, як Наста стала спопаразку, павярнуўшыся да яго, iшла наперадзе, i падняла вочы, вялiкiя, шэрыя, што спелы лубiн.

- Нешта ты, Iван, дорага ацанiў сваю галаву перад усiмi... - сказала без злосцi, як бы яму, Боганчыку, нiчога благога не думала. - Другiя, вунь, не вярнулiся, не прыбеглi адразу дамоў... Там, можа, - паказала яна рукой уперад на дарогу, - свае галовы паклалi, не прыняслi ў вёску пакантужаныя... - Яна памаўчала, выцерла са шчок пот i аддыхалася: - Нешта я нiколi не вiдзiла, каб цябе твая кантузiя трасла, як ты ў вёсцы ачуўся, вярнуўшыся... I нiхто не скажа, не вiдзiў... I ад партызанаў выкруцiўся... Кантузiяй... Бараду адпусцiў. Пайшоў на хiтрыкi... Ты ж маладзей за мяне. Штаны б злупiць...

- Злупi з яго, Настуля, злупi... - засмяяўся цяпер Панок i закашляўся. Панку цяжка было дыхаць у пыле, у яго аж хрыпела ў грудзях. - А так ён распышэў... У аднаго яго галава... А ў дзяцей нашых - не галовы?.. - Панок зноў закашляўся i сцiх. Iшоў ззаду за ўсiмi, дыхаючы, як рыба на пяску, ажно хаўкаў.

Боганчык яго не слухаў: Панок яшчэ... Трухля... Кашляе, харкае - дохля нiяк не возьме... Ён падумаў, што Наста гаворыць тое, пра што гавораць у вёсцы. Наста не баiцца, скажа ў вочы. Уся вёска тады пра яго языкамi меле, што ён такi-гэтакi... А што iм усiм да таго, якi ён? Канту-узiя... С...кi ў iх ва ўсiх пакантужаны... Калi ў чалавека галава цэлая на плячах, калi ён яе на карку дамоў прынёс, дык усiм не ўгадзiў, зарохкалi, што свiннi. Трэба было прынясцi галаву пад пахай, тады б усе супакоiлiся...

Боганчык пачуў, як яго зноў усяго трасе. "Згараць да аднаго ў агнi, падумаў ён пра вёску, - а свайго не кiнуць... Не-е..."

- А ты, Наста... - Боганчык ужо не мог змоўчаць, чаго пражэшся? Законная такая... Не помнiш, як банку прынясла ад патронаў? Вёску маглi праз цябе спячы... Праз тваю разумную галаву. Ну, хай я ўцёк тады... Збег! А ты што знаеш? Га?! - ён не ўтрываў, закрычаў са злосцi. Пачуў, што душыць кашуля, не дае дыхаць. Хапянуў рукой за каўнер - гузiкi былi моцна ўшыты, не адскочыў нiводзiн, тады пачаў iх адшпiляць усiмi пальцамi. Чуў, што пальцы паслiзлi, сашмыкваюцца i дрыжаць.

Ззаду, за грэбляй ля маста, затахкаў кулямёт, рэдка i глуха: здалёку.

Усе былi адвярнулiся назад, i Махорка загарадзiў цяпер яму, Боганчыку, дарогу.

- Ты Насты не чапай, брат... - сказаў цiха, працадзiўшы праз зубы. Знайшоў на кiм злосць спаганяць. Багамазiць на ўсё поле... Голас падняў... Ды яно, каб зацiш... Чорт бы якi з табой... - ён не дагаварыў i махнуў рукой, той, на якой не было двух пальцаў.

Яны спяшылi сцежкай, адно за адным, даганялi коней, каб павярнуць iх з Кур'янаўшчыны на Людвiноўскую дарогу.

Коней яны дагналi ў вiлах, дзе дарогi сыходзiлiся ў адну: з балота ад саду i з Кур'янаўшчыны ад Крыжа.

Боганчык, сеўшы на калёсы на мяхi, глядзеў цяпер на свежы пясок ля акопаў, якiя парылi кутузаўцы ў самых вiлах. Пясок быў накiданы ад могiлак, адкуль iшлi немцы, ляжаў нават не зацярушаны, не схаваны ад вока. Вiдаць, не стрэлiлi адгэтуль нi разу; капалi, бо была каманда капаць; пасля далi другую каманду, i акопы рылi ў другiм месцы, можа, ужо ля самай Дзвiнасы...

Ён бачыў, што нiхто не сеў ехаць, усе iшлi ззаду ля Януковай падводы, i чуў, як яны гаварылi мiж сабой, бы яго, Боганчыка, i не было на калёсах.

- ...Дык што будзем рабiць, мужчыны?

- Ага... Наста. I ты кажаш, каб астацца ў Людвiнове?

- Праўда. У Людвiнове цiха...

- А раптам немцы?

Ляскаталi калёсы, i Боганчык павярнуў галаву, але ззаду пачалi гаварыць цiшэй.

- А Iван?.. - гэта папыталася Наста ў Махоркi.

- Жарабка не кiне... Я яго знаю... - Махорка гаварыў цiха, нiчога не было чуваць.

- Ды ён кашулi сваёй баiцца.

- Кiнь, Наста... - Махорка загаварыў мацней, зноў як сумысля. - Ён-то настойны i крычыць без сцiханага пра сваю галаву... Але ж... Ды i совiсь...

- ...збег...

Боганчык не пачуў, што яшчэ сказала Наста.

- Мала, Наста, што... - забубнiў Махорка. - Дамоў прыбег... А з дому куды?

- Можа, Мiрон, ён тады i кантужаны, калi так? У партызаны ж не ўзялi?

- У партызаны сiлай не бяруць. А ўцячы - уцёк... З дотаў. З Дзвiнасы. Зямля дыша. Людзi вiдзiлi, як яшчэ шклункi на плячах валок. Нагроб недзе рыззя... На ўловы хадзiў, а ты думала - на фронт? Людзi, Наста, вiдзяць, не ўтоiш. Носiць жа чужыя латы. Адкуль? У Ваўкаўнi, калi нямецкая "рама" над вёскай лётала, у зямлi поркаўся. Схоў рабiў, каб багацце схiнуць... А яшчэ... мабiлiзавалi... Напiнаецца. Хацеў бы, каб яго i не мабiлiзавалi. Хай iдзе немец...

- О-хо-хо... Што там у вёсцы? Знябудуцца, пакуль вернемся... Што гэта будзе?.. Мiрон? Ты ж, можа, ведаеш? На свеце быў...

- Нiчога, Наста, не будзе...

Боганчык ужо не чуў, пра што гаварылi: конi пайшлi з гары, логам, i людзi, пераймаючы падводы, чаплялiся за ляжэйкi. Было чуваць толькi, як мычэў на возе Янук, паказваючы пугаўём на лес, на Людвiнова. Ля яго воза махаў рукамi Махорка: спраўляўся ў Янука, як лучыць за руччом на Кур'янаўскi расцяроб.

Праехаўшы добры кавалак, яны спусцiлiся да ручча, знайшлi расцяроб i, звярнуўшы на яго, паехалi даўнейшай дарогай, каб не ехаць полем - не быць на вiдку.

У расцяробе стаяў цень. Пахла балотам сырая ў лагчыне зямля - прэла пад мохам i ягаднiкам: яе не даставала сонца. Расцяробам ездзiлi толькi летам, калi касiлi лог ля ручча, аж пад самым Людвiновам.

Пад калясьмi шасцела старое белае асiнавае лiсце, лiпла на мокрыя ад зямлi колы. Расцяроб быў шырокi, на парку коней, i Боганчык сядзеў з краю на мяхах, выпрастаўшы ногi: яны балелi i, здавалася, ацяклi. Адлучыўшыся ад усiх, ён зноў глядзеў здалёку, як махае галавой, напiнаючыся да самай зямлi, маленькi Махоркаў Сiбiрак. Здавалася, расцягнецца на дарозе, захрапе, i яго ўжо не падымеш...

"Пiльнаваў бы лепш сваю падлу, чымся людзей языком мыць... - падумаў ён пра Махорку. - Узяў бы ды сам на перадавую... Дык не... Без пальцаў... Усе яны такiя... Адны бязрукiя, другiя кашляюць. Iм павестак не прыняслi. Не далi формы, не заперлi ў доты... А то ўжо Боганчык збег, Боганчык уцёк... А ў фiнскую хто ў снезе сябе памарозiў?.. Яны, можа? Iм i тады павестачак не прыслалi. Як у бога за пазухай... А якая рознiца, ёсць у цябе пальцы цi не? Там у галаву страляюць... Ваюй за ўсякую сволач. Кладзiся пад танкi... А яны табе тады яшчэ жыцця не дадуць. Я з вамi разам не кашляў i пальцы ў малатарню не соваў... Героi... Наракаць толькi".

Пад калёсамi трэскалася сучча; колы мясiлi мухаморы, што лезлi з пяску i з травы, белыя, як порхаўкi. I Боганчык падумаў: усё роўна падушаць усiх у вёсцы, як порхавак. Не сёння, то заўтра. Немцы - немцамi... Спасу, мусiць, не будзе. I так - нешта нейкае: не зачапiлi адразу, сагнаўшы... Нарыхтоўку ўзялi. Хаця, завязеш, прыедзеш - яны i цябе з усiмi да Махоркi ў хату i сярнiчку пад страху ў салому... А Наста хоча яшчэ ўсiм ратунак знайсцi... Добра, што хоць самi вырвалiся...

Боганчык чуў, як па нагах, па старых дзiравых ботах, шастае трава: вырасла на самай дарозе ў пояс, выветрала сухатой аж да зямлi i цяпер будзе гарэць, як сярнiчка, падаткнi толькi агню. Ён падумаў, што ўсё будзе такiм летам гарэць, як сярнiчка: трава, лес, салома на стрэхах... Салома сухая, сушэй за траву на дарозе.

Уехалi ў Людвiноўскi лес - пайшлi адны старыя елкi: гэта перад самай вёскай.

Боганчык падумаў, што ў Людвiнове можна пераседзець усё на свеце. Каму яно трэба... Хутары на пасецы сярод лесу, хат дванаццаць, цi што - ён не помнiць. Будавалiся людзi тут нядаўна, перад самай вайной. Людвiнова далёка ад вёсак i ад шашы.

У лесе цень засцiлаў дарогу. Пасвяжэла за плячыма, стаў часта храпцi конь, хацеў пiць: чуў, што вiльготна пад нагамi.

У Людвiнове можна будзе адсапнуцца, напаiць каня, бо такой гарачынёй збяёдаеш жывёлу...

Расцяроб пайшоў прамы, як пад шнур, i ўсе падводы былi вiдаць на дарозе. Ззаду паганялi, каб не адстаць ад яго, Боганчыка. Праз расцяроб ужо свiцiлася поле; Людвiнова было блiзка.

Боганчык саскочыў з воза, каб ля лесу звярнуць жарабка адразу на загуменне - да студнi, што ў канцы вёскi: не ехаць жа iм полем праз усе хутары... Закруцiлiся былi за канец дугi ля гужа лейцы, i ён, iдучы збоку ў каня, адкручваў iх аднымi канцамi пальцаў - не даставаў цераз аглабню. Пачуўшы свабоду, жарабок замахаў галавой, гонячы з грудзей сляпнёў, зафорскаў i, нагiнаючыся да зямлi, стаў скубцi ў выбоiнах сухую смычку: быў галодны. Боганчык успомнiў, што жарабок не кормлены з начы. Вярнуўшыся ранiцай з Карчаватак, ён кiнуў яго пад асверам на двары нераспрэжанага. Не адпяў нават, забыўся. Адтуль яго i забраў, не даўшы дома пiць: нiдзе не знайшоў вядра - нi ў хаце, нi ў сенцах, нi ў варыўнi - зняслi ўласаўцы. У рацэ ля маста жарабок i не нагнуўся да вады: з ракi рэдка пiў.

Праз лес ужо было вiдаць белае на сонцы поле. Боганчык пачуў, як пахне жыта; пасля ўлавiў, пацягнуўшы носам, смурод, як дзе гарэла сухая салома: з жыта ў расцяроб падзьмуў вецер. Тады ў тым баку, дзе было Людвiнова, нехта закрычаў нема, што меў сiлы, i затрашчалi стрэлы: кораценька, суха, як хто знянацку павёў па драбiне ў калёсах пугаўём. Ззаду па лесе пайшлi водгаласкi...

Жарабок натапырыў вушы i замахаў галавой - рассыпалася па шыi грыва, забразджалi цуглi, б'ючы па хамуце па клешчах, - пасля таргануўся, як укушаны, i рвануў дарогай на поле.

Боганчык, падаўшыся наперад, злавiў яго за лейцы, паспеў. Лейцы рэзалi рукi, былi шорсткiя i гарачыя, што з печы. Ён бег, б'ючы каленам аб заднюю вось; цягнуў за лейцы, накручваючы iх на руку, i чуў: нiчога не зможа зрабiць. Пасля падумаў, што трэба забегчы каню наперад...

Учапiўшыся за ляжэйку, ён прабег i схапiўся за аглабню ля падпiнка. Лейцы вышмыкнулiся з рук, i цяпер, трымаючыся за падпiнак, ён хацеў злавiць каня за аброць.

Калi зноў пачалi трашчаць уперадзе стрэлы, глуха, што ў бочку, Боганчык быў ужо з калясьмi на полi ў жыце. Нагнуўшыся ўперад i ўзлёгшы на аглабню, ён схапiў каня за аброць i пацягнуў што меў сiлы ўбок, каб звярнуць з дарогi. Жарабок спатыкнуўся, i Боганчык пачуў, як падкасiлiся ногi - па iх, мусiць, дало аглабнёй - i ён паляцеў галавой у зямлю, у жыта. Убачыў, ужо лежачы, што лучыў на крушню камення. Падцялежыўшыся, нахiнулiся да крушнi i калёсы, i ссунулiся на ляжэйку верхнiя мяхi. Жарабок як абвалiўся, падкорчыўшы пярэднiя ногi, так i ляжаў. Хроп, б'ючы галавой аб каменне: адграбаў ад сябе заднiмi нагамi зямлю i стагнаў: не давалi ўстаць падцялежаныя калёсы з мяхамi.

З-пад сябе Боганчык угледзеў, што на поле выехаў Махорка - самога Махоркi не было вiдаць, матаў галавой толькi гняды Сiбiрак, за Сiбiраком мiгнулася сiвая Панкова галава...

Тады Боганчык страпянуўся, падгробшы пад сябе локцямi каменне, устаў з крушнi i закрычаў, махаючы ў лес рукамi:

- Назад!.. Назад!..

Але конi iшлi на поле, i за iмi кiвалiся людзi...

Ён схапiў жарабка за аброць - жарабок, апёршыся галавой яму на рукi, напяўся i ўстаў з зямлi - i павёў яго, аб'язджаючы крушню, наўскасяк цераз жыта да дарогi заварочваўся. Не згледзеў, калi паспелi акруцiцца Махорка з Панком - яны пагналi коней назад у расцяроб, i ён, Боганчык, астаўся цяпер ззаду за ўсiмi.

У расцяробе ля самага поля дарогу Панку загарадзiла Таня - ехала як усё роўна iм напярэймы, лежачы на возе; за ёй паганяў кабылу Янук Тваюмаць. Расцяроб ля самага поля быў вузкi - не размiнуцца; аб'ехаць адзiн аднаго спопаразку нiхто не змог, i яны сталi.

- Назад!.. Назад!.. - крычаў Боганчык цяпер ужо цераз усiх Танi i Януку. - Немцы ў Людвiнове... - Пасля сцiх i пабег наперад, да Панковых калёс, дзе сыходзiлiся мужчыны. Янук толькi тупаў босымi нагамi ля сваiх калёс, баючыся адысцiся, i паднялася на мяхах Таня - хацела злезцi далоў.

Пастаўшы ля Панковых калёс, мужчыны маўчалi, гледзячы ўперад на поле. Тады Боганчык падумаў, што iх з Людвiнова не вiдаць - яны схавалiся за лазой - i стралялi не ў iх. На полi ля дарогi, што iшла загуменнем ля самага Людвiнова, расла лаза - кустамi. Праз лазу з расцяробу не было вiдаць i Людвiнова.

Калi ён угледзеў агонь, яму здалося, што гарыць недзе зусiм блiзка: жыта на полi. Полымя ўскочыла адразу, як з зямлi, пад той канец Людвiнова, дзе была студня - адна на ўсю вёску - i куды яны хацелi ехаць; лiзнула лазу i палезла ўгару, рассыпаючы iскры.

Глянуўшы верх лазы, ён убачыў дым, чорны, густы, не праткнуў бы, здаецца, i пугаўём.

Боганчык быў страпянуўся i несамахоць прыцiснуўся да калёс, стаўшы побач з Настай. Пачуў, можа, што не ляскалi калёсы i маўчалi людзi, як гудзе ў вёсцы агонь, бытта дзе блiзка гарэлi бочкi з жывiцай... Аднекуль даляцеў цiхi звон на многа галасоў, што ўсё роўна пелi дзе далёка на полi ў жыце бабы... Песня была на адным тоне, лезла ў вушы як з-пад зямлi, i трэба было натапырыцца, каб яе пачуць.

Пасля Боганчыку здалося, што ные зямля: у яго пад нагамi, пад нагамi ў жарабка i ў людзей, i ля самай крушнi камення, дзе ён быў упаў i счасаў локцi...

- Назад! Галовы!.. - намогся крыкнуць ён зноў, ажно пачуў, што шэпча, не можа гаварыць, што яго не чуюць i ён нiчога не чуе; толькi ные за лазой, дзе пажар, зямля... Ад таго, мусiць, i звiнiць увушшу...

Угары над Людвiновам расплылося белае воблака, што ад ветру, i ападала на лес. За лазой бушаваў агонь i мiтусiўся ў вачах палосамi: знiзу ўверх.

На поле папоўз дым, засцiлаючы дарогу ля загумення. Не было ветру, i дым, спёрты, клаўся на зямлю, не хочучы iсцi ў неба.

У Боганчыка звiнела, не ацiхала, у вушах, i ён падумаў, што возьме абвалiцца, не ўстоiць на нагах...

- Наза-а-ад!.. Назад! На Завiшына... За раку. Не стойце!.. - закрычаў ён зноў.

Затрашчаў за лазой у Людвiнове, недзе ў самым канцы ля студнi, кулямёт. Пок-пок... - чуваць былi пасля рэдкiя стрэлы, усё роўна як лопалiся сухiя порхаўкi пад нагамi на дарозе. Высока над галовамi, над лесам засвiсталi кулi. Стралялi ў гэты бок - у расцяроб.

Ля калёс усе маўчалi; глядзелi, утаропiўшыся, на агонь, нiбыта яго, Боганчыка, не чулi. Замычаў толькi ля калёс Янук, паказваючы рукамi ў кут, на поле, i сцiх.

Тады Боганчык пачуў, як на дарозе, што iшла з шашы ў Людвiнова i якой яны ля могiлак яшчэ ля Сушкава збiралiся ехаць, загудзелi машыны. Гудзелi доўга i моцна, iшлi пад гару, ад iх стагнаў лес. Пасля машыны паказалiся на полi ў самым куце.

- Немцы!.. Назад!.. - зноў закрычаў Боганчык.

Убачыў пасля, як прыцiснулiся адзiн да аднаго ля калёс людзi, збiўшыся ў кучку, i ён астаўся адзiн на дарозе, воддаль ад усiх...

Поле засцiлаў дым аж да самага лесу...

6

Алёшу зноў вяла галава. Пад бокам рабiлiся мяккiя мяхi, што сена, i грэлi. Угары былi вiдаць сухiя дзiдаватыя яловыя лапкi, i Алёша падумаў, што мужчыны, абмiнуўшы Людвiнова, паехалi лесам на Завiшына.

Калыхала на мяхах, лiплiся вочы, i яму здавалася, што ён дома, за хатай на качэлях...

За хатай, у гародзе пад раку, у iх усягды свяцiла сонца, за хатай i паставiлi качэлi. Укапалi слупы на згон зiмы, калi яшчэ не адтала добра зямля ля прызбы i ямкi на дне трэба было дзяўбсцi старым сагнутым ломам. Дзёўб ён, Алёша, дзе была мёрзлая груда i яе не брала рыдлёўка. Слупы прывязлi з-пад Карчаватак, зрэзаўшы адумысла сасну: аскаблiлi на двары ля дрывотнi, пакруцiлi вялiкiм тэбалем, пазычыўшы ў Панка, дзiркi i, падняўшы слупы, апусцiлi iх у гародзе ў ямы.

Апускалi ўсёй сям'ёй. Нават мацi выйшла на гарод i ўзялася за рыдлёўку, але яе адвёў пад прызбу бацька i пасадзiў на калодачку. Мацеры цяжка, яна ўжо ледзь ходзiць. Не было на гародзе толькi Юзюка: павёз у Камена за раку кутузаўцаў. Кутузаўцы прыйшлi ноччу i доўга драгалi ў дзверы, пакуль iшла адчыняць мацi. Iх было многа - пабралi коней з усёй вёскi.

Качэлi складалi на зямлi, уставiлi вось у слупы - у дзiркi - i заклiнавалi ў ёй дубовым клiннем палкi, да якiх была ўнiзе прыбiта лавачка з яловай дошкi - ляжала на жалезных прантах. Лавачку вышчапiў бацька з калодкi, ачасаў тапаром i выгаблiў старым Панковым габэлькам.

Апусцiўшы слупы, iх абкiдалi ў яме каменнем i зямлёй, абтапталi пасля, далi падпоркi, i Алёша стаў на лавачку, разуўшыся: кiнуў дзеравяшкi пад прызбу.

Алёшу, калi ён узяўся рукамi за палкi, падпiхнуў бацька, упёршыся ў плечы. Алёша пачуў, як яго пацягнула ўперад, падняло ўгару ад зямлi аж да верхняй шалёўкi ў акне. Калi яго адкiнула назад - заскрыпела над галавой вось: туга хадзiла ў дзiрках, Алёша, каб не стаць, сагнуў у каленях ногi i сам падбiў лавачку...

Чуў пасля, як кратаюцца ў зямлi слупы, не памагаюць i падпоры, як бацька сказаў: "Ну-ну..." - i адышоўся далей пад прызбу; як зноў пачала на яго, Алёшу, крычаць мацi, што ён зверне галаву.

У вачах мiгнуўся гарод - чорная ралля ад хаты аж да логу - з паламаным з зiмы плотам, ацiснутым i паваленым ля град; апынулася пад нагамi вулiца з чужымi парасятамi, што рылiся пад парканам; закалыхаўся ўзад-уперад гародчык ад вулiцы з сукаватым бэзам i сiвымi, стаптанымi курамi i палёгшымi на зямлю яшчэ з восенi квятамi - марозам.

Блiшчала ў акне сонца, бiла ў вочы, калi ён згiнаў каленi i ляцеў да варыўнi. Сонца зайшло з гароду, але ў ногi было холадна. У ногi холадна было i на зямлi: яна адтала яшчэ не глыбока. Ля прызбы пайшла расцi толькi адна крапiва, чырвоная, што старое шчаўе летам на Выганчыку, i вылез на раллi ля мяжы, паказаўшы белае лiсце, хрэн.

Усюды яшчэ была чорная пасля снегу зямля.

Чорная была i сырая сцяна ад гароду ў варыўнi, i ўвесь канец вёскi здалёку быў чорны i пусты, усё роўна як яго вымела за зiму ветрам.

Алёшу здавалася: ён скача з самай верхняй перакладзiны ў салому ў вялiкай калгаснай пунi, што да вайны стаяла ля лесу i якую, разрэзаўшы страху, разабралi людзi, перавёзшы на загуменне сабе на пунi.

Калi Алёша косiцца на двор, бачыць дрывотню i студню. Хлеўчыка не вiдаць, ён паказваецца толькi, як моцна падаб'еш лавачку. Вiдаць тады старая дранiца на страсе; з краю, ад гароду, дзе цякло на парасят, ляжыць разасланая шэрая яловая кара, прыцiснутая старым пашчапаным карытам, у якiм перш давалi свiнням. У тым кутку - пад вуглом ад гароду - няслiся куры.

Учора вечарам ля курынага гнязда на зямлi пад леташнiм рудым лiсцем ад дзядоўнiку ён схаваў мiну ад нямецкага мiнамёта. Знайшоў яе на пасецы ля iмшары - ля леташнiх акопаў, якiх нарылi ўвосень, калi стаяў у вёсцы "Жалязняк". Па "Жалезняку" бiлi немцы з Сушкава, з мiнамётаў. Мiна ўехала ў зямлю, вiдаць была толькi пята з новымi чырвонымi жалезнымi крыльцамi. Пята высока тырчала з зямлi - на ўсе пальцы. На ёй было дванаццаць крыльцаў Алёша доўга не мог злiчыць, - i яны, мусiць, былi стальныя, бо, калi ён стрэпаў па iх ногцямi, яны звiнелi. Пасярод пяты блiшчаў жоўценькi капсуль, як начышчаны. У iм была ямка - вялiкая, у яе лез кончык дубчыка. Пад крыльцамi на тонкiм хвасце ў мiны чарнелi дзiркi, як вымазаныя ў сажу, маленькiя i круглыя, усё роўна што яе патачылi жукi. Ад зямлi дзiркi былi пазабiваны жоўтым пяском i чырвонай глiнай. Пясок усох, не хацеў выкалупвацца, калi Алёша торкаў у дзiркi дубчыкам. Глiны накарэла i на самым хвасце мiж крыльцаў. Тырчала мiна недалёка ад ямы, шырокай i мелкай; ля яе ўсё роўна што куры падралi зямлю.

Каб мiна не кранулася адразу ў зямлi ад рукi, ён бы яе не зачапiў, пабаяўся б. А то яна лёгка пайшла з пяску, што моркавiна з грады, калi Алёша, сагнуўшыся, учапiўся рукой за крыльцы i пацягнуў уверх. Мiна была лёгкая, яе можна было падняць у руцэ i нясцi.

Алёша перанёс яе ў соснiк, да ям, а з цямном, узяўшы ў падол, прынёс перад сабой дамоў i паклаў ля паркана ў дзядоўнiку. У нядзелю ён пакажа яе Юзюку, i яны пойдуць глушыць рыбу ў Верх-возера.

На качэлях стала холадна: вецер ганяў ля плячэй сарочку; раз'ехаўся на грудзях замочак. Стары зусiм, разнасiўся: мацi да вайны купiла, калi ў вёсцы была лаўка. Мацi пашыла тады сацiнавую сарочку з замком i з кiшэнькай на грудзях. Алёша знасiў ужо дзве сарочкi з адным замочкам: мацi выпорвала замок са старой i ўшывала ў новую. Цяпер яна ўшыла замочак у сарочку з кужалю, якую пасля кiпяцiла на двары ў вялiкiм гаршку ў мучанiчнiку разам з маткамi i насiла на грэблю мачыць у руду ў канаве...

Скрыпяць за хатай ад вулiцы вароты. Мацi клiча з двара бацьку, мусiць, стоячы на ганку, - пайшла з-пад хаты, Алёша не агледзеў калi. Павярнуўшыся, ён глядзiць на двор, але праз паркан нiчога не бачыць. Вiдаць толькi, як б'юцца на сасне, што на дзядзiнцы ля фермы, бацяны: зганяюць адзiн аднаго з голай бараны - яны толькi ўчора прыляцелi з балота, гняздо, можа, будуць рабiць сёлета. З лесу едуць на падводах партызаны, расцягнулiся ад ям аж у вёску. Гэтулькi падвод было, як вазiлi талакой з лесу бярвенне Януку на новую хату, калi згарэла ў яго старая перад самай вайной у вялiкi пажар...

Бацька, нiчога не сказаўшы, пайшоў на двор, пасля зноў вярнуўся i крыкнуў здалёку праз паркан:

- Марш дамоў... Паставiлi шыбенiцу... - Бацька быў нейкi iнакшы. Ля ганка пагладзiў яго, Алёшу, па галаве i, гледзячы на загуменне, сказаў: Бяжы да Насты. Гародам, дзе сушэй... Хай прыйдзе да нас. Не стой.

На гародах Алёша пачуў, як закрычала дома на ўсю хату мацi. Аглянуўшыся, убачыў, што ходзiць па двары ля дрывотнiка бацька.

Ногi ў дзеравяшках чаплялiся за раллю, i Алёша, скiнуўшы iх, пабег босы сцежкай, дзе ляжаў яшчэ латочынамi лёд. Да Насты было далёка.

Вярнуўшыся з вёскi, ён сядзеў у гародзе пад прызбай i чуў, як крычала, стогнучы, у хаце мацi. Яго тады брала злосць на Насту: не можа нiчым памагчы. Бегай толькi па яе босы гародамi, язык высалапiўшы... Цягнулася, чапляючы нагу за нагу па загароддзi, што нежывая, i ўсё правiлася: печ праз яго кiнула, не засланiўшы. Ён мiнуў яе i пабег, хай сунецца, як качарга.

У хату ён пабаяўся пайсцi. Бацькi на двары не было, i ён, адшчапiўшы ў гарод пад раку варотцы, зноў пайшоў да качэляў. Яны стаялi цяпер адны пад хатай, i ад iх пахла смалой. Ён прыхiнуўся да слупа i доўга стаяў, гледзячы ў гарод за раку, дзе на Выганчыку ў альшэўнiку ляжаў яшчэ снег.

Калi закрычала мацi моцна i прарэзлiва, ён кулём кiнуўся ў сенцы, але ў хату яго не ўпусцiла Наста: стала на парозе, мусiць, угледзела, як ён пабег з гароду, i выпхнула з сеначак.

Пасля прагнала з двара:

- Каб мае вочы цябе не вiдзiлi... Гуляў не можа знайсцi. Ад вуглоў не ступiць, як на прывязi...

Правячыся, яна вярнулася ў хату.

Алёша зноў пералез цераз плот i пайшоў пад прызбу.

За Выганчыкам, дзе ляжаў у кустах снег, на грэблi хавалiся падводы.

Партызаны паехалi аж цяпер, доўга нечага стаялi ў вёсцы.

Над Выганчыкам папаўзлi па небе хмары, рэдка, кучкамi, бы хто iх раскiдаў сушыць. Схавалася сонца, пачарнела ў гародзе ралля. Зрабiлася нудна. Алёша ўспомнiў, што яму гэтак было нудна, калi бацька вазiў партызан пад Краснае... Здалося, ён i цяпер сядзiць i чакае яго з грэблi.

Кiнула ў стужу, i Алёша зашпiлiў аж уверх на замочак сарочку i схаваў рукi ў кiшэнi ў штаны. Убачыў, як iдзе ад ракi па плоце iхнi рабы кот, памалу, круцячы галавой у бакi. Пасля кот сеў на жэрдцы i доўга глядзеў на яго, Алёшу.

Зноў у хаце закрычала мацi... Алёша быў падскочыў, стукнуўшыся галавой у шалёўку. Пачуў пасля, што крычаць у хаце ценкiм дзяркатым голасам, усё роўна як да iх прыйшла Панiха са сваiм малым i яно заходзiцца ў яе на руках. Было чуваць яшчэ, як гаворыць Наста, моцна, на ўсю хату, мусiць, нечага да мацi, пасля смяецца.

Яго зноў схапiла злосць на Насту: смяе-ецца...

Зноў зайшоўся нехта цененькiм голасам у хаце, голас аж пералiваўся, i гаварыла мацi. Ён адышоўся з-пад акна да плота, па якiм iшоў ад ракi кот. Кот усё нiяк не мог дайсцi да варыўнi: доўга нечага глядзеў на мяжу ў леташнюю траву, паклаўшы на жэрдку выгнуты хвост, што серп. Ля варыўнi яго, Алёшу, i знайшла Наста: падышла, не клiкаўшы, мусiць, праз акно сачыла за iм.

- Iдзi сюды, шашок... - Наста смяялася, папраўляючы на галаве хустку. У хаце аж двое жэўжыкаў... Бацян скiнуў. Iдзi, мацi звала. Авечка... Крывiцца яшчэ нечага на старую бабу... - Наста завярнулася i пайшла на двор.

Ён не стрываў, заплакаў, не ведаючы чаго, i пабег мяжой ля плота пад лог. Убачыў толькi, як скочыў з жэрдкi пад ногi кот, падняўшы дыбам на спiне поўсць, i над самай галавой закiгiкала кнiгаўка - заляцела ад ракi з логу на гарод.

...Ён не спаў усю ноч, не заснуў i ранiцай. Сонца свяцiла ў акно з двара, якраз на сцяну, дзе вiсела маленькае старое люстэрка, i яму, Алёшу, калола ў вочы што вострымi шпiлькамi, дастаючы аж на печы.

У галавах на лучыне кратаўся кот, пацягваўся, выставiўшы ўперад лапы, i Алёша падумаў, што кот варожыць на холад. Чуў пасля, як скрыпiць у хаце ля матчынага ложка калыска на новых лейцах - iх вiў нядаўна бацька, падвешаная да бярозавай жэрдкi, якая прывязана пасярэдзiне да бэлькi. Калыска старая; ля дзiрак, куды зацягнуты новыя лейцы, знаць чорныя плямы: некалi былi клапы, i iх выганялi агнём - лучынай.

Пасля цiха-цiха пачынала пець на ложку ля акна мацi, мусiць, каб не разбудзiць яго, Алёшу.

Люлi... люлi... люля-ясi...

Мацi пела паволi, цягнучы, як i кожны раз, калi садзiлася шыць на машыне цi абразаць на вячэру бульбу. Гэтак яна пела i калi жала ў Кур'янаўшчыне. Згiнаючыся, махала рукой, закладаючы серп, i пела.

Ён любiў, калi мацi пела. Толькi мацi кожны раз пела працяжныя песнi, i яму рабiлася нудна i хацелася плакаць.

Мацi цяпер пела ля акна, як дзе далёка на полi. Яму здалося, што цiха на дварэ i ў хаце; цiха ўсюды, толькi чуваць песня.

...Пабiлiся два Я-ясi.

За якую прычы-ыну?

За красную дзяўчы-ыну.

А дзе тая дзяўчы-ына?

Калода забi-iла.

А дзе тая кало-ода?

Чэрвi патачы-ылi.

А дзе тыя чэ-эрвi?

Куры паздзяўба-алi.

А дзе тыя ку-уры?

Каршуны падра-алi.

А дзе тыя каршу-уны?

За мора паляце-елi.

А дзе тое мо-ора?

Краскамi пара-асло...

Ён падняўся, апёршыся на локаць, убачыў, што мацi ляжыць на ложку, накрыўшыся па шыю. Вiдаць толькi з-пад пасцiлкi яе голая рука: мацi ўзялася за бераг калыскi. Зыбае пад песню, а сама глядзiць угару, некуды ў столь, закiнуўшы галаву.

А дзе тыя кра-аскi?

Дзевачкi парва-алi,

А дзе тыя дзе-еўкi?

Хлопцы замуж пабра-алi.

А дзе тыя хло-опцы?

На вайну забра-алi.

А дзе тая ва-айна?

Пасярод кучы...

Ехаў пан - растапта-аў...

Бег сабачка - пахлябта-аў...

Мацi доўга пасля маўчыць, гледзячы ў столь i не прымаючы рукi з калыскi...

Тады прыходзiць з двара бацька - Алёша не чуе, калi ён адчыняе дзверы, - iдзе да калыскi, бярэцца рукой угары за лейцы, дзе яны перавязаны аборай па пасцiлцы.

- Дзе гэта ўсю ноч гарэла? - мацi пытаецца зноў цiха, усё роўна як пяе. - Якраз на ферму... На Карчаваткi недзе... Зарыва было на ўсё неба. У акно добра вiдаць...

- Даўгынава бралi... Жалязняк... - бацька падыходзiць да ложка блiжэй. - Юзюк яшчэ з падвод не вярнуўся...

Мацi, не прымаючы рукi з калыскi, паварочваецца на хату, паклаўшы галаву на падушку ў другiм месцы, i пачынае пець яшчэ цiшэй:

...Люлi... люлi... люля-ясi...

Бацька, пастаяўшы, iдзе ў парог...

Сонца заходзiць, мусiць, за варыўню, за страху, не лезе ўжо ў вочы. Цямнее ў хаце; зноў пачынаюць злiпацца павечкi. Здаецца, Алёша сам у калысцы i яго калыша мацi: з боку - на бок, з боку - на бок...

Калыска раптам становiцца, не чуваць трасанiны, мусiць, мацi прыняла руку, кiнуўшы калыхаць, i клiча - будзiць: пара праганяць у поле карову. Клiча моцна, на ўвесь голас...

Алёша адплюшчыў вочы i спопаразку падскочыў на мяхах...

Ля калёс апёрлася на ляжэйку Наста - будзiла.

Зайшло сонца. Калёсы стаялi ля ракi на чорным, парытым выгане. Здавалася, выган пааралi плугамi трактары: знаць сляды ад гусенiц. Глянуўшы ўперад, Алёша ўбачыў, што стаяць усе падводы.

Аднекуль пахла дымам - прыпаленымi сасновымi лапкамi; уперадзе, у альшэўнiку, па каменнi, мусiць, шваргатала рака.

Насту паклiкалi мужчыны, i Алёша тады ссунуўся з мяхоў на зямлю, на сухую траву: калолася ў ногi.

Ля ракi ён пачуў, што падняўся вецер: у альшэўнiку на беразе шапацела лiсце. Пасля вецер падзьмуў у шчокi, баючыся, як на рану.

Там, дзе закацiлася сонца, неба ля самай зямлi стала белае як снег; угары яно было сiвое, што замурзанае, бы хто павёў па iм памялом, злазiўшы ў печ i падмёўшы попел. Высака над самай галавой жаўцела паласа, як раскручанае з трубы нявыбеленае палатно: угары на рэдкую смугу, мусiць, яшчэ свяцiла сонца. Далёка на ўсходзе над лесам слалася чорная хмара, усё роўна як там збiралася на дождж.

Алёша адразу ўспомнiў, дзе яны: ззаду за падводамi стаялi лiпы, заступаючы поле. Высокiя, старыя, яны раслi пад канец Завiшына ля саду, ён ведаў. Ля саду яшчэ была малочная; ён з бацькам перад вайной раз быў звазiў сюды малако: два бiтоны на калёсах з драбiнкамi. З дому сюды дванаццаць кiламетраў.

Малочная стаяла ля самай ракi - пабеленая знадворку, яна была вiдаць далёка з поля.

Цяпер малочнай не было. Там, дзе яна некалi стаяла, вiўся па зямлi дым на ўсiм двары, цiха, як вечарам на старым вогнiшчы.

Глянуўшы пад сад, Алёша ўбачыў вёску - белыя печы. Яны тырчалi на гародах ля платоў неяк зусiм блiзка адна ля адной, i iх было многа.

Ён убачыў яшчэ, што ўсе падводчыкi зноў сышлiся ў кучку ля Танiнага воза i маўчаць, гледзячы на гароды.

У тым баку, дзе была вёска, - белыя печы, стаяла зацiш: каб скрыпнулi вароты цi асвер. Ад саду на печы падаў доўгi шырокi цень; пачынала цямнець, i печы ад таго рабiлiся яшчэ больш белыя, як пабеленыя перад святам.

Алёша падумаў, што Завiшына спалiлi i што нiдзе не вiдаць людзей: нi душы.

- На той бок... У лес... Стаiм на вiду... - загаманiў Махорка, паказваючы пугаўём за раку.

Захроп уперадзе Боганчыкаў сiвы, у яблыкi, жарабок, пачуўшы, мусiць, ваду, i забразгаў цуглямi. Заiрзала Панкова кабыла, мiнаючы Махоркавы калёсы i пручыся да ракi: была няпоеная. За кабылай пабег Панок.

Было чуваць, як крычаў Боганчык:

- Но-о... Падлы кавалак...

Боганчык крычаў, прысядаючы аж да зямлi, што ўсё роўна хапаўся за балючы жывот: цягнуў за лейцы. Пасля ўскулiўся на воз на мяхi... Алёша пачуў, як бултыхнуў у ваду пярэднiмi нагамi жарабок i як зноў закрычаў Боганчык.

Жарабок задзёр галаву, пасля што ўвалiўся ў яму. Схавалiся з вачэй калёсы; вiдаць быў толькi сам Боганчык, стаў на мяхах на ногi. Жарабок, чуваць было, захроп - пiў, захлынаючыся, тады - Алёша ўбачыў - упёрся ў хамут i пайшоў на сярэдзiну ракi. Пасярод ракi вада заняла яму па бруха; схавалiся ў вадзе колы. Боганчык стаяў на мяхах, выцiраючыся рукавом шмараваў па чорнай барадзе. Дайшоўшы да берага, жарабок стаў i, нагнуўшы галаву, зноў пачаў пiць...

- Брод шукайце... Пасталi, як дурнi... Не вiдзiлi, што ўскочыў... Мяхi падмачыла... Куды цяпер з мокрым. Брод глядзiце... - Боганчык, сагнуўшыся, круцiў галавой - азiраўся.

- На старую вольху чаму не браў? Не ведаў, дзе брод? - Махорка цяпер гаварыў да Боганчыка цераз раку, махаючы пугаўём. - Штаны мог скiнуць i сам прайсцi памераць... Баяўся ў вадзе памачыць...

Было вiдаць, як Боганчык пачаў тузаць жарабка за лейцы, не даючы пiць.

- Апражэшся, падла!.. - закрычаў ён немаведама на каго: на Махорку цi на жарабка.

Махорка, падкасаўшыся па каленi, палез у раку, пайшоў наперадзе ў Сiбiрака, узяўшыся за аброць, наўскасяк на старую без верху вольху на тым беразе: мiнаў яму, у якую ўскочыў з калясьмi Боганчык. Вада Махорку не дайшла да калень.

За Махоркам, выставiўшы белыя лыткi, павёў за грыву сваю кабылу Панок, не астаючыся ад воза. Азiраўся ўсё назад, баяўся, мусiць, што з'едуць мяхi.

- Што раты разявiлi?.. Нянька трэба ўсю дарогу... - закамандаваў з ракi цяпер яму, Алёшу, Боганчык.

- Не кiпi... Астудзiм. Вада халодная - пал як рукой здыме... - зноў схапiўся з iм Махорка.

- А ты што? Наняўся?.. Хопiць мяне падтыкаць усю дарогу... - Боганчык бубнiў з ракi, як адкуль з ямы. - Я вам не Янук. Янука ўссадзiлi на калёсы, дык яму... усё роўна, цi ў камендатуру, цi на могiлкi пад Сушкава... А мяне ў пятлю не ўсадзiце... Не-е... Усё вёску баронiце... Баечкi ўсё гэта... С...ку падцёрцi... Будзе з намi, што з Людвiновам... Не вiдзiлi? Стаялi, вочы патарашчыўшы... Шчасце, што ў немцаў бельмы павылазiлi - не згледзелi. Ад гэтых то мая паперка вас бы не закрыла...

- Кiне ён цi не... сквярцiся са сваёй паперкай?.. Што гэта чалавек надумаў сабе?.. Цi сцiхне ён ад маёй галавы?.. Усю дарогу... Адно i тое... Адно i тое... Астыў ужо. I пашчэнкi не баляць. Мала лупiў немец... Мала...

На Боганчыка правiлася Наста.

- Ды ён... сама, баба, знаеш... - Мiрон махаў рукамi пасярод ракi. Жыта намачыў... Скуру сваю памачыў, каб не загарэлася... - Пасля ён загаварыў, аж заiкаючыся, як Панок: - А вёска сух-хая, ты гэта ведаеш!..

- Не-е... Я вам не нябожчык, што вы мяне павезяцё на якiя захочаце могiлкi... - Боганчык, здалося, пацiшэў. Учапiўшыся за падсядзёлак на спiне ў жарабка, ён iшоў па аглабнi, каб скочыць на бераг: баяўся абмачыцца. Каму яно, мокрае, здалося? Немцам?.. Яно iм i сухое так было трэба, калi яны ўсю вёску палiць былi сагналi... Байкi! Ямы iм трэба было, каб людзi адкрылi... Пуста ў вёсцы, хоць шаром пакацi...

- Дык, можа, i мне абярнуць воз у раку? Можа, i ўсiм? - Махорка, нагнуўшыся, засiлiў жменяй вады i плюхнуў сабе на шчокi: паласкаў. Лоб i шчокi ў яго былi аж чырвоныя. - Герой... Ён адзiн немцаў збiраецца голадам марыць... Мы толькi кормiм... Но-о... - як былi ў Махоркi ў руках пуга з лейцамi, так ён i сцебануў каню па спiне: i пугай i лейцамi... Пасля, адвярнуўшыся, крыкнуў яму, Алёшу: - Заснуў на беразе? Наста павядзе Танiну кабылу... За Панам... А ты пускай каня аднаго за Януком. Сам - на Буланчыка i пугай пад хвост. Ацямнеем у рацэ. I вярнiце за мной. На сухую альшэвiну... Там беражнiца нiжэй. Боганчык з ямы нiяк не вылезе. Зямлю зрываць трэба... Но-о...

Маленькi гняды Сiбiрак яго кiдаўся ў бакi, было чуваць, як трашчаць аглобнi.

- I не стойце ў рацэ... З берага паiце. Колы пасярэдзiне заносiць... Пясок гонiць... Не выедзеце... Паглядай, Пан, на Таню. Дзяўчына высака ляжыць на возе...

Махорка сцiх, упёршыся рукамi ў мяхi - падпiхаў.

Алёша хацеў прывязаць каня за Януковы калёсы, за ляжэйку, але яму, адвярнуўшыся, махаў рукой Янук, паказваючы на яго, Алёшавага, каня. Алёша здагадаўся: конь пойдзе сам, не баiцца вады - старыя людзi коней у вёсцы зналi.

Калi Алёша сеў на Насцiных калёсах на мяхi, Наста iшла ўжо берагам у раку, ведучы Танiну кабылу: учапiлася адной рукой за аброць, другой падняла высака спаднiцу - вышэй калень. Было вiдаць, як на возе, раскiнуўшы рукi, мусiць, узяўшыся за ляжэйкi, калышацца разам з мяхамi Таня i падымае галаву ўверх: глядзiць, што робiцца на тым беразе.

Янук пагнаў каня, i Алёша, згледзеўшы, як адразу кранулiся з месца Януковы калёсы, тузануў за лейцы: здалося, астанецца адзiн на беразе. Буланчык сыпануў жвiру аж на мяхi, адсеў узад, i Алёша, сцiснуўшы ў жменi лейцы, стаў круцiць iмi ўгары, як круцiў кожны раз на свайго каня, калi той наравiўся.

За ракой, на тым беразе, раптам падняўся ўгару пыл, белы, як ад попелу, якраз процi Боганчыка. Тады там ударыла па зямлi, што скiнутае з пня дрэва...

Цi-iў... - засвiсцела ценка над галавой i сцебанула па альшэўнiку на тым баку ракi ўсё роўна як пугай.

- Янука пераймiце! - загаманiла ў рацэ Наста; пасля крычаў Махорка, цяжка было разабраць - што.

Алёша ўбачыў, як скочыў з месца Янукоў белы конь, мiнуў Танiны калёсы i панёс Янука ў раку, туды, дзе быў ехаў Боганчык. Згледзеў пасля толькi, што Янук падняўся на возе на каленi.

- Янука... Янука пераймiце!.. - крычала ў рацэ Наста.

- Раз'язджайцеся, не стойце. На той бок... На той бок... - камандаваў Махорка.

Янука з калясьмi не было вiдаць з-за беражнiцы. Алёша ўбачыў цяпер, як выехаў на той бераг з возам Боганчык i, седзячы на мяхах, гнаў свайго жарабка дарогай, недзе туды, дзе падняўся быў на полi белы пыл. Пасля згледзеў, што Махорка завярнуў у альшэўнiк каня i бег назад да ракi.

Другi раз бухнула ў самай рацэ, злева, недалёка ад iх, ядрана, з трэскам, аж зазвiнела ўвушшу. У тым месцы паднялася ўгару вада, як слуп.

"Немцы згледзелi..." - падумаў Алёша i ўбачыў, што вернуцца набок калёсы i сунуцца на ляжэйкi мяхi. Ён выпусцiў з рук лейцы i злавiў ляжэйку; Буланчык, акруцiўшыся, скакаў у аглобнях навыцяжку ў той бок, адкуль яны ехалi, пад сады.

Калi затрашчала пад калясьмi жэрдзе, Алёша падумаў, што Буланчык абярнуў нечы плот, i ўбачыў, што мiнуў малочную i едзе аселiцай...

Белыя печы былi зусiм блiзка, за гародамi. Запахла гарэлай сажай...

Ззаду ў рацэ крычала яшчэ Наста. За альшэўнiкам, у тым баку, дзе зайшло сонца, стралялi з кулямёта, доўга i часта... Мусiць, немцы згледзелi iх з шашы.

Здалося - гэта пад iм, Алёшам, тарахцяць, рассыпаючыся, калёсы.

Белыя печы зблiзку былi цёмныя...

7

Алёша ўспомнiў пасля, што Юзюк i прывёз тады Вандзю ў вёску на згон зiмы, калi яны паставiлi качэлi i "Жалязняк" браў гарнiзон у Даўгынаве. Алёша яе доўга не спатыкаў у вёсцы; чуў, што яе з маткай партызаны паставiлi да Петрусiхi ў хату, але на двары ў Петрусiхi нiколi чужых не бачыў. Юзюк расказваў, што ноччу конь, на якiм ехала Вандзя з маткай, стаў сам ля Петрусiхi - партызаны i паказалi на яе хату.

Вандзя прыйшла з Таняй ад Палянскiх да iх на качэлi праз тыдзень. Пералезла першая цераз плот ад вулiцы i пабегла гародам пад прызбу. Алёша бачыў з двара ад варыўнi праз старыя вароты, як яна адразу падкiнула рукой пустую лавачку вышэй страхi. Пасля злавiла ў дзве рукi, ускочыла на яе i пачала падбiваць нагамi, памалу, азiраючыся ў бакi i гледзячы ўверх, што баялася ўсё роўна. Яна была ў белай сукенцы да калень i сiвым, зробленым з воўны свэтары ў крывую палоску, якiя насiлi i ў iхняй вёсцы. Валасы ў Вандзi, здалося, былi русыя, пасля Алёша падумаў, што яны бялейшыя, падобныя на лён у ручайцы. Яна запляла iх у доўгую i тоўстую, як узяць у руку, касу i закiнула за плечы. Каса падскоквала ў яе на спiне, калi Вандзя падбiвала нагамi лавачку, i ляцела пасля ззаду за ёй, што доўгi хвост за вялiкай страказой на лагу ля ракi. Твар у Вандзi быў круглы i таўставаты ў шчоках, белыя зубы, калi яна смяялася, былi вiдаць здалёку. Вочы, шэрыя i чыстыя, блiшчалi, што ў дзiцяцi.

Алёша не бачыў нiколi такой зграбнай дзеўчынёхi - у iхняй вёсцы не было. Успомнiў, гледзячы на яе, як Юзюк гаварыў дома ў хаце, што прывёз Вандзю з Палянь, бо яе з маткай павiнны былi забiць палiцаi. I цяпер, калi Вандзя вернецца дамоў, за раку ў Паляне, яе застрэляць...

Алёша падумаў зноў, што Вандзя прыгожая, i не верыў нават Юзюку: як гэта такую могуць застрэлiць палiцаi з Даўгынава?..

На качэлях першы дзень яна доўга не была. Папрасiла нi з таго нi з сяго Таню, каб тая злавiла рукамi лавачку; скокнула на зямлю ў маленькiх чорных i стаптаных чаравiчках, што каза ў збiтых аб зямлю капытах; страсла з прыпала пясок i адышлася пад прызбу. Клiкнула пасля Таню, i яны пабеглi з двара адна за адной.

Доўга пасля яе калыхалася яшчэ лавачка...

Вандзя да iх больш не хадзiла аж да лета.

Была якраз нядзеля, хмурная з самай ранiцы, калi Вандзя прыйшла да iх другi раз. Прыйшла сама, без Танi. Бегла некуды вулiцай, згледзела яго, Алёшу, у гародзе пад прызбай i пералезла цераз плот з вулiцы, як вясной. У той жа сукенцы, без свэтара; каса ў яе была, як i перш, за плячыма.

- А бульбы табе не шкода? Аж чатыры гранкi здратавалi праз качэлi... спыталася яна, што стары чалавек, стаўшы воддаль на пярэчцы ля хаты ў стаптаным бульбеўнiку.

Алёша нiчога не сказаў; паглядзеў быў на яе i азiрнуўся на варотцы ля варыўнi. У хаце заплакалi блiзняты i запела мацi.

- А я не пусцiла б нiкога ў гарод... Бульбу таптаць попусту... сказала яна, памаўчала, тады спыталася неяк знянацку: - А можна... я пакалышуся?

Ён зноў нiчога не сказаў.

Тады Вандзя падышла да яго, да прызбы, дзе ён сядзеў, нагнулася над iм - ён бачыў, як белая сукянёшка схавала яе каленi, - i зноў загаварыла: а нi шманала нават, што ён маўчыць.

- А ў вас пад хатай хрэн парос. Лiсце якое... I ў бульбе ў гранках расце. I канаторжнiк пашалеў, i жычка з дзядамi... А вунь, у хрэне, куры нясуцца, - паказала яна пальцам на вугал пад хату i засмяялася. Памаўчала была зноў, пакруцiла галавой, як шукаючы яшчэ чаго, тады павярнулася да вулiцы, да гародчыка. - Бэз ужо ў вас адцвiў. Адны дробненькiя дудачкi асталiся. У вас многа бэзу ля хаты. I ў нас было многа бэзу ля хаты. Але хату нашу спалiлi палiцаi. Прыехалi назаўтра i спалiлi, як мы сюды ўцяклi, за раку. I бэз пагарэў. Не цвiў сёлета, мацi хадзiла i вiдзiла...

- I мацi не злавiлi? - раптам спытаўся ён, падумаўшы пасля, што не ведае, як гэта ён узяў i спытаўся: зляцела з языка.

- Не-е... - пакруцiла яна галавой. - Мацi не баiцца. I я не баюся. Вазьму i схаджу дамоў. Я знаю, што палiцаi i мяне заб'юць, калi зловяць, а я не баюся... А ў вас i рабiна ў гародчыку ля плота расце. Ягады зялёныя яшчэ, пабурэлi толькi. А зiмой яны смачныя, i iх клююць сарокi. Лятуць аж пад хату i сакочуць у гародчыку, што куры. I ў нас была рабiна, i на яе прыляталi сарокi. А курэй нашых усiх пабiлi палiцаi, мама казала... А ў нас былi белыя куры. Усе да адной. I певень белы, вялiкi i белы. Калi iшоў дождж, ён цягаў свой доўгi хвост па зямлi... - яна зарагатала. - Апусцiць i цягне па мокрай траве... - Падумала была нечага, тады зноў сказала: - I ў нас няслiся куры пад хатай у траве. I певень iх вадзiў пад прызбу з хлева ранiцай. А можа, мацi манiла? Можа, куры жывыя, не пабiлi iх палiцаi? Жывы-ыя... Жы-вы-ыя... - яна раптам узрадавалася. - I нясуцца недзе ў крапiве. I певень iх водзiць туды кожную ранiцу. Мала што хата згарэла... А я схаджу i пагляджу сама. Я знаю, дзе наш дом. Трэба iсцi на Сушкава, а там лесам, за раку. Нас вязлi ноччу, але я знаю. Схаджу i пагляджу. I ўсiх у вёсцы пагляджу, мала што палiцаi спалiлi хату. - Яна азiрнулася на вулiцу, усё роўна як баялася, што яе пачуюць, i сказала цiшэй: - Трэба iсцi на Сушкава i ў чэцвер... У чэцвер у Даўгынава будуць iсцi людзi на базар...

Цяпер Алёша не мог сказаць i слова: гэтулькi многа яна гаварыла. Нагнулася зусiм над iм: вочы ў яе былi шэрыя i блiскучыя i стаялi на адным месцы, калi глядзелi на яго.

Яму хацелася сказаць, каб яна не iшла дамоў у Паляне, бо яе ж заб'юць палiцаi. За брата. Зловяць i заб'юць... Яны спалiлi хату, заб'юць i яе. Але яна гаварыла i гаварыла без аддухi, i ён маўчаў.

Пасля яна адышлася i апёрлася плячыма на слуп ад качэляў.

- А я ўсё роўна пакалышуся... - сказала - i адразу як падмянiў яе хто. Ускочыла на лавачку, схапiўшыся рукамi за палкi, i крыкнула на ўвесь гарод, Алёша аж спужаўся:

- А ты падбi мяне!.. Пакуль адна раскалышу-уся...

Калi высака, уровень са страхой, падлятала лавачка, у зямлi краталiся слупы. Мiж зямлёй i слупамi былi ўжо ладныя ямкi, i туды сыпаўся перацёрты нагамi сухi пясок. Вось уверсе ў слупах была падмазана старым сухiм дзёгцем, i цяпер, разагрэты i развэдзганы, ён цёк па слупе - пiсяга была ўжо нiзка ля зямлi: ля самай лавачкi...

- Сукенку глядзi!.. Запэцкаеш... Не падбiвай!.. - паказаў ёй рукой на слуп Алёша.

- Хэ-хэ-хэ... - яна засмяялася моцна, недзе было чуваць аж у хаце, i закруцiла галавой. Каса зляцела ў яе з плячэй i сцёбнула па слупе. - А я не баюся... I ўдваiх калыхацца не баюся... А ты маўчаў. Не хацеў мяне пускаць... Сазнайся... А на лавачцы можна стаць i ўдваiх. З аднаго i з другога боку. Удваiх лягчэй падбiваць...

Яна згiнала ногi ў каленях, аж прысядаючы, i пасля з усёй сiлы падбiвала лавачку, падлятаючы вышэй страхi. Краталiся ў зямлi слупы, i падпоры, здавалася, выскачаць, i на Вандзю было боязна глядзець. А яна не сцiхала:

- А я не баюся... I дамоў схаджу, не баюся. Гэта ты баiшся... I немцаў я не баюся, а ты баiшся... А мой брат цяпер партызан... I яго заб'юць палiцаi, калi зловяць. А яны яго не зловяць... I мяне не зловяць. I ты мяне цяпер не зловiш... - яна зноў памаўчала была. - А гэта праўда, што нам трэба было ўцякаць, калi брат перайшоў у партызаны? А я не хацела ехаць з дому...

Летучы разам з лавачкай, яна гнала перад сабой вецер, i Алёша пачуў, як яму робiцца холадна. Ён бачыў, як вецер задзiрае Вандзiну белую сукенку вышэй калень, i не мог тады глядзець на Вандзю... А яна, прыцiхшы, усё падбiвала i падбiвала нагамi.

Алёша тады закрычаў. Пачуў пасля, як ззаду стукае нехта ў шыбiну з хаты. Аглянуўся - апёршыся на падаконнiк, ля акна стаяла мацi i трасла пальцам.

Ён зноў тады закрычаў, не могучы злавiць лавачкi i не ведаючы, што рабiць...

- Баiшся... Баi-iшся... - смяялася Вандзя. - Я-ткi знала...

Тады Алёша падумаў, што Вандзя можа звалiцца на каменне, якое ляжыць пад прызбай пад варыўнёй; можа зляцець i на плот ад вулiцы, якраз туды, дзе пралазяць i дзе выбiта нагамi бульба па пярэчцы...

- Паляцiш!.. - ён падскочыў да слупа i хацеў злавiць лавачку. Яму ўдарыла па руцэ ля костачкi i счасала скуру...

Махнулася ў акне мацi - пайшла на двор - з хаты ўсё вiдаць...

- Баi-iшся!.. - засмяялася зноў Вандзя, адкiнуўшы галаву. Каса з-за плеч пераляцела ёй на грудзi i акруцiлася ля шыi. Ён згледзеў пасля, як Вандзя, летучы ад вулiцы, ад плота назад да варыўнi, аж прысеўшы на лавачцы, падбiла яшчэ нагамi, як на край варыўнi, над страхой, з-за якой тырчаў асвер, узляцела ракета i павiсла ўгары. Чырвоная i яркая, яна доўга стаяла ў хмурным небе, тады стала ападаць, як перавалiўшыся цераз што, i рассыпалася над варыўнёй на iскры. Яму здалося, што сцебанулi нечым калючым па веках...

Тады за гумнамi, на Карчаваткi, зайшоўся кулямёт, доўга i несцiхана. Калi ён быў сцiх, захлопалi стрэлы, часта, адзiн за адным, як хто кiдаў з вулiцы каменнем па варыўнi па страсе.

- Дзецi... Марш дамоў... Знайшлi гулi... - загаварыла на двары мацi, азiраючыся на вулiцу. - I нiкуды не адыходзiцца ад вуглоў... - папраўляючы на галаве хустку, мацi вярнулася ў сеначкi. За варыўнёй на Карчаватках ацiхла, пасля там зноў пачалi страляць.

"Немцы iдуць з Даўгынава... - падумаў Алёша. - Праз Вiлiю..."

Калi ён глянуў пад прызбу на пярэчку, убачыў, што ў бульбеўнiку ля варыўнi ля камення сядзiць на каленях Вандзя. Адвярнулася ад яго, глядзiць праз плот на лог, папраўляючы ў дзве рукi касу. Маўчыць, кратаючы ўсё плячыма...

Ён здагадаўся, што яна звалiлася на каменне, i падбег да яе.

На рог варыўнi, на шэрыя i халодныя воблакi зноў выскачыла з-за лесу ракета. Зялёная i цьмяная, яна не даляцела ўгару да асвера i патухла над самай страхой... Тады адразу перасталi страляць.

Калi Алёша апёрся на локцi на мяхах, убачыў, што цёмна i што яны стаяць у лесе.

Балела рука ля костачкi - ссунулася на ляжэйку, i ён адцiснуў яе пад галавой. Ён пачуў, як гавораць недзе наперадзе мужчыны.

- Дзе гэта магло быць? - пытаўся ў некага Панок.

- Недзе на шашы... Вiдзiш, правей ад iмшары, якраз на прагале...

- Чорт яго, Мiрон, знае... I Тартак у тым баку... - гэта зноў гаварыў Панок.

- Тартак лявей, ты што?.. Вунь, дзе месяц узышоў, там Тартак...

- А ракеты якраз там i былi... Едзем... у божы свет... А раптам н-немцы?.. - Панок пачаў заiкацца.

- А можа, гэта i не ракеты... У вас ужо ў каторага ў вачах...

- Ды не-е, Наста... Яшчэ не паслеплi. Хто гэта храпе там ззаду на ўвесь лес?

- Хлапец хроп... Не злазiць з воза...

- Спiць усю дарогу... Во сон напаў. Глядзi, баба, ваўкi з'ядуць у лесе... Вiнавата будзеш... - Махорка быў засмяяўся...

- Сцiхнi, Мiрон... - азвалася Наста. - А дзе Iван?

- Наперадзе. Вунь ля жарабка на дарозе.

- Клiч сюды. Чаго стаiш?..

- Яно, Наста, само сталася! I ў Боганчыка i ў нас. Сунься лесам чорту ў зубы. Ноч. Ракеты не дзецi пускаюць. Не сходзiш жа, не паглядзiш? Не стралялi, не было чуваць?

- Я не чула. I так ад стрэлу за дзень галаву адбiла... I калёсы барабаняць...

Пасля Наста клiкнула Боганчыка. Той адразу азваўся - быў блiзка наперадзе - iшоў да iх. Падышоўшы, паказаў рукой на прагал у лесе:

- Ракеты. Аж дзве. Вiдзiлi? На шашы недзе...

На дарозе стала цiха, хроп толькi ўперадзе Махоркаў Сiбiрак - сышоў з дарогi i скуб з-пад ног траву.

Алёша ўбачыў, што ўперадзе над дарогай, якраз ля прагалу, за лесам узышоў месяц-поўня. Свяцiў двума крывымi круглымi краямi, мусiць, з-за дрэва. Недзе ў тым баку за iм дрыжала ад агню неба, як ад далёкай блiскавiцы.

Алёша падумаў, што быў заснуў ля Завiшына, калi пераехалi раку. Спаў i не бачыў ракет.

Нiзка, над самымi калясьмi праляцеў кажан, шапочучы крыллем.

Усхадзiўся быў вецер, падзьмуў дарогай, адагнаў машкару, што ўсмоль лезла ў вочы, i зноў сцiх.

Дарогу ззаду, адкуль яны ехалi, схаваў туман, падпоўз аж да самых вазоў, заслаўшы, як палатном, прагал у лесе.

Над прагалам дрыжала не сцiхаючы неба. Ля месяца над самым лесам яно было жоўтае; вышэй стаяў вялiкi белы круг: на вецер i на безгалоўе.

Лезла ў вочы машкара, лiпла на шчокi, заядала. Калi Алёша павёў рукой па нагах, пачуў, што рукi былi мокрыя. Падумаў, што галёнкi недзе ўсе ў крывi...

Тады Алёша згледзеў, як яго конь стаў мiнаць Януковы калёсы - зафорскаў i, нагнуўшы галаву, даставаў сухую траву з канавы ля дарогi. Ззаду пайшоў i Настулiн Буланчык.

- То чаго чакаць, мужчыны?

- Хай хоць трохi адсапнуцца конi, Наста... Думаеш, яны не галодныя?

- Вiднець скора пачне, Мiрон. Не справiмся. Ты знаеш, што ты гаворыш!..

- У лесе, Наста, лягчэйшая дарога. А конi пiлi ў рацэ. Пасля вады конь слабне. Пастануць, тады... А назад улегцы, пагонiм...

- Машка заядае... Каму б гэта прыйшло ў галаву ўзяць з дому пасцiлку на ногi.

- Асталiся жыць, Наста. Машка не страх цяпер.

- Асталi-iся... З вёскi выпусцiлi, дык у рацэ пабiлi б... Як гэта нiкога не зачапiла...

- Бог яшчэ ёсць...

- Адапнi, Пан, лепш каня... Бо-ог... - перадражнiў яго Махорка. - Ты, Iван, што маўчыш?

- Пайду i я адапну жарабка. Конi, як i людзi, есцi хочуць...

Алёша тады падумаў, што яму вунь як хочацца есцi. Не помнiць добра, калi еў. Мусiць, учора вечарам у Карчаватках...

- Ведаеш, Наста, - зноў загаварыў Махорка, бразгаючы ў кiшэнi крэсiвам, - думаў, мусiць, закурыць. - Калi ехаць, то толькi лесам. На Тартак... Зблiзку немцаў я не баюся. А на шашы як секануць здалёку. Ноч. Насунемся знянацку. А ў лесе ноччу яны сядзець не будуць...

- А калi парцiзаны...

- Ты ўжо, Наста, i парцiзан баiшся...

- О-ха-ха... Парцiзаны, парцiзаны...

- А што б яны памаглi? Вёска ў ваўка ў зубах. Не вырвеш.

- Парцiзанам лягчэй. Ёсць чым баранiцца...

- Цяжка, Наста, i парцiзанам. Вiдзiла, колькi на Дзвiнасу машын пёрла?..

- Сама, Мiрон, знаю. Калi ж усярэдзiне ўсё трасецца. Дзецi дома...

Махорка ёй цяпер нiчога не сказаў; змоўкла пасля i Наста.

Тады Алёша ўбачыў, што мужчыны сцiшылiся i слухаюць, пастаўшы ля Януковага воза.

Гудзела недзе ў канцы прагалу над Тартаком, дзе цьмяна свяцiла з-за лесу поўня. Гудзела глуха i густа, як усё роўна шумеў ад ветру за iмшарай лес.

Пасля Алёшу здалося, што гудзе пад зямлёй i яна дрыжыць пад калясьмi, пад нагамi ў людзей i ў коней... Ён убачыў, як вярнуўся да Януковых калёс спераду Боганчык, як Панок нагнуўся нечага над Януком, якi ляжаў нiц на мяхах.

Тады Алёша саскочыў на дарогу. Калолася ў босыя ногi - на дарозе былi сухi мох i дробненькiя патрэсканыя сасновыя шышкi.

Над прагалам у лесе пасвятлела - падняўся вышэй месяц, i Алёша бачыў, што мужчыны стаяць, задзёршы галовы.

Угары, у зацягнутым чорнымi палосамi небе, iшлi самалёты. Iшлi з Тартака. Iх недзе было многа, бо ўгары стаяў цяжкi гул, што ад грому. Ад яго, здавалася, звiнелi i лес, i дарога, i ўся зямля. Пасля гул зрабiўся глухi i працяжны, ацiхаў далёка ўгары, i здавалася, што неба ад яго стала высокае-высокае...

Самалёты ляцелi на Дальву, у той бок, дзе на небе за лесам яшчэ стаяла зялёная зара... Доўга ў тым баку стагнала зямля.

Алёша пачуў, як яго хапiлi дрыжыкi, не лучаў зуб на зуб. Ён прыцiснуўся плячыма да меха на Януковых калёсах i зашпiлiў аж уверх замочак у рубашцы.

Мужчыны доўга маўчалi ля калёс, гледзячы ў неба i круцячы галовамi ўслед за самалётамi...

- Нашы... - сказаў тады цiха Махорка. - Бамбiць лётаюць ноччы. Аж у Германiю...

Усе былi закраталiся ля калёс, але маўчалi. Закашляў Панок i закрактаў, узлазячы на воз. Тады, апёршыся локцямi на Янукоў воз на ляжэйку, Боганчык засiпеў, гледзячы на дарогу ў туман:

- На-шы... Такiя, як вунь ля Леснiкоў былi... Забылiся... I агнёў панакладалi, чакаючы... Як скiнулi цацку, аж стрэхi пазрывала. Акруцiлiся i яшчэ раз скiнулi. Гэтыя каб скiнулi...

- О-хо-хо... Што там дома... - забедавала Наста, завязваючы хустку, i Боганчык сцiх. Завярнуўся пасля i пайшоў у альшэўнiк. - I Буланчык мой не есць, апусцiў галаву... О-хо-хо... Што там робяць дзецi?

- Не адыходзься далёка... - крыкнуў услед Боганчыку Махорка. - Вайна не вайна, а ў кусты ганяе, не глядзiць на немцаў...

- Ты, Мiрон, свайго i перад бядой не кiдаеш...

- Мы яшчэ пажывём, Наста...

- Пажывё-ём...

Яны памаўчалi.

- Будзем кратацца, Iван. Адзiн ад аднаго не ад'язджацца. Хай конi iдуць за калясьмi. I ты свайго жарабка не пры надта. А то - не дагнаць... - зноў загаварыў Махорка.

- Можаш заязджаць наперад... - буркнуў Боганчык, вылазячы з кустоў.

- Не глядзi зверам, Iван. Ноч на дварэ. I ты гэта знаеш... - гаварыў i махаў пугаўём Махорка. - Ехаць будзем цiха. Калi што якое - не сядзець на калёсах. За дзяцьмi Наста будзе глядзець. Янук хай спiць... З яго драбiн не вывалiшся. I Таня добра што заснула. Мэнчыцца з балючай нагой...

Алёша пайшоў назад за Настай - яна памалу-памалу, як нямогучы, перастаўляла ногi. Завярнулi на дарогу коней. Пасля, сеўшы на мяхi, пад'ехалi адзiн за адным да Януковых калёс.

- Усе там, ззаду? - загаманiў моцна Махорка. - Не аставацца...

Прагалам пайшлi адгалоскi.

- Не спi, сын... - Алёша пачуў, як яго клiкнула Наста, i падумаў, што яму вунь як хочацца спаць. Не служаць нi рукi, нi ногi - нават языком не кранеш.

Конь, iдучы, усё яшчэ скуб траву ля дарогi, i Алёша падумаў, што хочацца есцi, не праходзiць голад.

Яны праехалi дарогай - уехалi ў самы прагал i зноў сталi. Боганчыка зусiм схаваў з вачэй туман, i невядома было, што робiцца ўперадзе. Зноў злезла з воза Наста - iшла да яго, Алёшавых, калёс, кiнуўшы аднаго Буланчыка.

- Зноў наперадзе нешта, сын... - зашаптала яна. - Так бы не сталi. Не спi, глядзi... Помнi, што я сказала...

Тады Насту клiкнулi. Махорка, мусiць.

- Нехта стогне там, уперадзе... Не спi, сын... - Яна кiнула ў яго на возе на мяхах дубец, якiм паганяла яшчэ ля ракi Буланчыка, калi той не хацеў iсцi ў ваду, i пакраталася наперад, мiнаючы Януковы калёсы. Янук замычаў, мусiць, спрасоння, лежачы на мяхах, i зноў стала цiха, нават не храплi конi. Было чуваць, як iдзе дарогай Наста: дуг, дуг. Калi Наста схавалася за Танiнымi калясьмi, Алёшу хапiла стужа. Ён ссунуўся з мяхоў на дарогу i дагнаў Насту ўжо ля Махоркавых калёс. Махоркi на возе не было, не было i ля каня. Не вiдаць было нiдзе i Боганчыка.

Ужо ля Боганчыкавых калёс Алёша згледзеў, як, сышоўшы з дарогi, у прагале стаяць мужчыны. Двое - Махорка з Боганчыкам. Панок быў ззаду, воддаль - прыхiнуўся да сасны, як прыкарэў.

Яны падышлi з Настай да Панка.

- Скажы ты... - загаварыў Махорка да Насты, сцiха, як шаптаў. - Не магло ж нам здацца... I мне i Iвану... Чалавек стогне.

- Дзе чалавек? - Наста зайшла iм наперад i, натапырыўшыся, глядзела ў прагал.

- Ды тут недзе недалёка... - паказаў Махорка рукой, усё роўна што сабе пад ногi. - Я ўжо i клiкаў... Стагнаў быў, пасля сцiх.

- I я, Наста, чуў. Аж з калёс, едучы, - кашлянуў Панок.

- Якi тут у чорта чалавек... Маюць жа вушы... - загаманiў быў моцна Боганчык.

- Цiш... Сам жа чуў... - шыкаў на яго Махорка.

- Што вы ўсё шыкаеце... Стогне, стогне... Дзяўчына на возе стогне. Ехаць трэба, калi што думаем. Ну i людзi...

- Адыдзi... - Махорка махнуў быў на Боганчыка рукой.

Усе тады як ураслi ў зямлю.

Нiчога не было чуваць.

Выплыў з-за лесу месяц i вiсеў цяпер ля цёмнай, што конь з нагамi i галавой, хмары. Павiднела. У тумане была знаць уперадзе дарога - iшла прагалам - i было вiдаць, як на моху ля ног ляжаць леташнiя белыя сасновыя шышкi.

Пасля далёка ў прагале, на балоце, мусiць, закрычала патрывожаная кнiгаўка. Кнiгавак, вiдаць, было многа, бо адна не спраўлялася б так часта крычаць. Турчалi жабы, моцна, на ўвесь лес - аж iшлi адгалоскi...

Алёша доўга глядзеў у прагал - у вачах ужо зрабiлася аж два месяцы: адзiн адбягаўся ад другога i кацiўся па небе да самага лесу.

На зямлю, на голую дарогу, ад сосен падаў цень, шырокi, разгаты, i ляжаў, як на чыстым абрусе.

Алёша пачуў, што холадна ў ногi. Пасля стала холадна за плячыма.

- Паедзем... Дзяўчына на возе стогне. Агнём бы яно ўсё пайшло ад маёй галавы... - вылаяўся быў Боганчык i ступiў да Махоркi - невядома чаго.

- Што затросся, як спалiржаваны? А калi чалавек там? - крутнуўся да яго Махорка.

- Чалаве-е-к... - перадражнiў Махорку Боганчык.

- Дык што? Мiнаць чалавека? Чалавека я нiколi не мiнаў... - Махорка адразу тады ўзлаваўся... Лапаў за кiшэнi ў штанах, як чаго там не знаходзячы.

- Не мiнаў... А дзе дзенеш, падабраўшы? Хоць тата з таго свету - дзе дзенеш? Сваiх поўныя калёсы. I хворых i здаровых. Стогнуць. Дзяўчына вун...

- Вiш, бацька знайшоўся. Горлам браць... Не крычы. Чалавек стогне. У сасоннiку, мусiць, - паказаў Махорка раптам зноў рукой у прагал.

- Ну i чорт з iм, хто дзе цяпер стогне. Зямля ўся стогне. Усiх не наслухаешся. У нас свае, вун... Вёска цэлая стогне...

- Цiш... - махнуў на яго рукой Махорка.

Тады Алёша пачуў, як збоку ля iх, на прагале ў соснiку, нехта стагнаў. Пасля закашляўся Панок, i зноў нiчога не было чуваць.

Калi яны прыйшлi за Махоркам у соснiк, Алёшу здалося, што ў высокай белай мятлiцы ляжыць, выцягнуўшы ногi, конь - чорны, задам да iх. Конь быў адразу застагнаў, тады пачаў храпсцi недзе пад сябе ў густую траву... Здавалася, нават не пачуў, як падышлi людзi...

- Ло-ось... - загаманiў Махорка. - Iдзiце блiжэй... Са спiны толькi... Ля ног не стойце... Не стойце... Ён нагой аглабню сячэ. Адступiся, хлапец, не лезь усмоль... Чаго ты тут?.. Сядзеў бы на калёсах. Пазбягалiся ўсе...

Алёша тады адышоўся ад Махоркi i стаў ззаду за Настай.

Махорка ступiў да лася, нагнуўся i глядзеў недзе ў траву, дзе кашляў лось...

Лось быў кароткi i тоўсты, але здаваўся вялiкiм - каб устаў, зраўняўся б з Буланчыкам. У яго была шырокая i кароткая шыя, i на ёй расла маленькая грыва. Галава ў лася была доўгая, вузкая, з гарбом ля храп i з вялiкiм блiскучым вокам, якое глядзела некуды ўверх - на месяц. Нiжняя губа ў яго абвiсла, як мокрая ануча; вушы, круглыя i шыракаватыя, што ў каровы, натапырылiся i стаялi.

Лось быў не чорны, як здалося спачатку. Толькi на спiне ў яго iшла чорная паласа, вузкая, на руку; ногi i галава ў яго былi бурыя, а сам ён увесь цяпер, зблiзку, здаваўся шэрым i блiскучым, бы ўсё роўна ў расе... Можа, што на яго свяцiў месяц...

Рогi Алёша згледзеў пасля ўжо: яны, чорныя i вялiкiя, што саначкi, ляжалi ў белай траве, усё роўна як асобна ад галавы. Краталiся разам з галавой толькi, калi лось кашляў, i тады паролi зямлю...

- Падбiлi... - зноў загаманiў на ўвесь соснiк Махорка. - Уся шыя пасечана... Аж мяса павыпiрала... Крывi пад iм чорная лужына ў траве. I з храп кроў цячэ. Не падыходзьце... Падурнелi?.. Адступiцеся!..

Лось захроп i пачаў круцiць галавой... Угару з-пад рагоў паляцела зямля. Пасля сцiшыўся i стаў часта дыхаць, ажно хадзiў у яго хадуном жывот.

- Не падыходзь, Наста! - крыкнуў цяпер Панок.

Мужчыны самi адышлiся далей, i Панок пацягнуў Насту назад за руку.

Лось раптам падагнуў пад сябе пярэднiя ногi, крутнуўся на бок, падняўшы галаву з рагамi, i ўстаў на заднiя. Пярэднiя ў яго былi цяпер сагнуты, i ён, дрыжучы, апiраўся на каленi. Пастаяўшы на каленях, ён задзёр яшчэ вышэй галаву, паклаўшы на спiну рогi, што дзве шырокiя лапаты, i зарыкаў. Моцна, як толькi мог, - прагалам далёка пайшлi адгалоскi; балюча i жаласна, што карова, калi ад яе адсаджваюць цяля; пасля цiха, задыхаючыся i круцячы галавой у бакi... Тады раптам асеў, грукнуўшы грудзьмi на карэнне i ўдарыўшы пысай аб зямлю, i сцiх, лежачы на жываце i на падкорчаных пярэднiх нагах. Пасля ўсхапiўся зноў на заднiя ногi i скочыў уперад, дзе не было людзей, неяк пiхнуў сябе аднымi заднiмi нагамi, пярэднiя ў яго былi сагнуты ў каленях i цягнулiся па зямлi, i адразу ўпаў на траву ў свежым месцы i стаў бiць нагамi па зямлi. З-пад яго паляцеў мокры мох i дзёран, тады сыпанула шорсткiм жвiрам...

Пасля лось зноў стаў на заднiя ногi i, ужо не могучы падняць ад зямлi пярэднiя, пачаў круцiцца на адным месцы, як ушчамiўшы ў што галаву. Абвалiўшыся на зямлю, ён качаўся з боку на бок i страсаўся, як ад вады, з-пад яго зноў паляцела зямля i пырскi ад крывi. Бiў заднiмi нагамi, рвучы з карэннем малады соснiк i рыючы ля сябе яму. Ён ляжаў ужо на адным баку, не пераварочваючыся, i бiў нагамi толькi ля сябе пад бокам... Памалу - ногi ў яго дрыжалi i выпроствалiся, як ад сутаргi... Пасля ён зноў рвануўся з зямлi, хочучы ўстаць на ногi, i ссунуўся ў яму, якую вырыў нагамi збоку... Застагнаў цiха i цяжка, што чалавек.

Адразу стала цiха; не грукала зямля, i было чуваць, як у лася з рагоў сыплецца на траву жвiр - шапоча - i кратаецца высокая белая мятлiца ля заднiх ног...

Мужчыны доўга маўчалi, стоячы, тады Махорка сказаў, нiбы сам сабе:

- Во i смерць, Наста... Падбiлi!.. Баi на Палiку пачалiся. З Палiка лось. Каля нас iх цяпер няма...

Пацямнела на прагале: на месяц насунулася краем чорная хмара - конь з нагамi i галавой, пашырэла, распаўзлася ў бакi.

Ля чорнага на зямлi лася вiдаць быў жоўты пясок, цьмяны, рассыпаны; здавалася, было чуваць, што пясок сыры i халодны. Запахла свежай зямлёй, як пахнуць дома ля лесу ямы, дзе хаваюць на зiму бульбу.

Алёшу схапiлi дрыжыкi, ён пачуў, што яму холадна ўсяму i коле ў плечы; пасля пачуў, як у яго ляскаюць зубы.

Наста была ўзяла яго за руку.

...Калi яго на калёсах пачало кiдаць з боку на бок i зноў сталi злiпацца вочы, яму здалося, што ён дома пад хатай на качэлях. У бульбеўнiку ля варыўнi, седзячы на каленях, зарагатала Вандзя, моцна, на ўвесь гарод. Яна нават не ўдарылася аб каменне - смяецца.

Калi ён адплюшчваў вочы i падымаў галаву, чуў, як глуха стукалi на карэннi калёсы.

8

Далёка ззаду, у тым баку, дзе яны мiнулi прагал, зарыкаў лось, моцна, на ўвесь лес.

Апёршыся на локцi, Панок усцягнуў на мяхi ногi.

Зноў зарыкаў ззаду лось, i Панок, натапырыўшыся, слухаў. Спаць не хацелася. Але калi ён слухаў, лася нiдзе чуваць не было - ляскалi толькi калёсы i хроп конь.

Тады Панок падумаў, што лось недзе цяпер i не рыкаў, што рык стаiць у яго, Панка, у вушах, усю дарогу: цi спiць, цi не спiць - яшчэ з Карчаватак, ад учарашняга.

...У Карчаватках ранiцай ён баяўся класцi агонь, хоць у Лазе стаяў туман, як дым. Сюды, у Карчаваткi, у Лазу, яны перайшлi ўчора вечарам, як сталi блiзка ззаду страляць - мiнулi кладкi i крынiцу ўсiм канцом вёскi...

У яго, у Панка, дзецi спалi на стажар'i, якое ён зрабiў вечарам на купiне, насекшы i насцялiўшы высака, у калена, лазы, - спалi трое пад адным кажухом, накрыўшыся з галовамi... Чацвёрты, Ваня, быў у Веркi на руках, абкручаны вялiкай пяньковай Верчынай хусткай разам з падушачкай - падушачка была падкладзена яму пад плечы. Мякчэй дзiцяцi, i не так мярцвеюць каленi патрымай усю ноч, калышучы i баючыся, каб яно не нарабiла крыку... Панок сам браў хлапца ноччу на рукi, калi той плакаў: змаглася была Верка...

Верка сядзiць з краю на стажар'i з хлапцом на каленях, апусцiла галаву, як спiць. На грудзях у яе адхiнулася нажутка - з-пад нажуткi вiдаць бутэлечка з малаком, поўная, аж у рыльца, i соска. Жоўтая, вялiкая, даваенная яшчэ; расцягнутая, з шырокай пракушанай дзiркай, яна тырчыць з-пад пахi, як палец...

Верка хавае бутэлечку пад пахай i ўдзень i ноччу: грэе малако.

Туман халодны, сыры, нават зблiзку вiдаць, як ён вiсiць угары над стажар'ем. Дыхаеш - здаецца, аж лiпка ад яго ўсярэдзiне, i пачынае тузаць кашаль. Панок тады прысядае i, схапiўшыся за лоб, сцiскае рукой галаву... Пасля падносiць другую руку - кулак - да рота, як рабiў ён кожны раз дома ў хаце, калi спалi дзецi i яго бiў кашаль. Глянуўшы спадылба, бачыць, як натапырылася на стажар'i ля дзяцей Верка, падняла галаву i глядзiць то на яго, то на каленi, на дзiця; пасля азiраецца ў бакi. Панок бачыць тады, як адыходзяцца ад iх людзi, цiснуцца ў лазу.

Кашаль б'е без сцiханага, аж совае ў горла нечым вострым i сухiм, што ражном; не дае дыхаць: душыць; пасля спiрае ля горла, падняўшы ўсё з сярэдзiны... Робiцца цёмна ў вачах, i балiць, здаецца, расшчэпiцца, галава... Баляць плечы, высака ля шыi... Панку здаецца, што ён захлiпаецца... Тады яму падварочвае пад грудзi, i ён адкрывае рот, нагнуўшыся ў рудую асаку.

Калi яго перастае тузаць, ён усё яшчэ сядзiць, прыгнуўшыся ў траве...

У Карчаватках цiха. З вёскi страляць перасталi, як развiднела. Узышло сонца. Далёка за лесам яно халоднае i чырвонае; ад яго чырванее на лазе i на траве раса. Там, дзе яно ўзышло, папоўз угару руды туман. Ён густы, i за iм хаваецца сонца; пасля яно выбягае i зноў коцiцца над лесам у Дальву... Угары вiдаць краёк чыстага неба, i Панок думае, што будзе ўдзень горача...

Устаючы, ён бачыць, як растаптаў нагамi ценкi стары сасновы пень. З-пад ног скача машка, яе што насыпаў хто на траву, не баiцца i халоднай расы. Ступiш - з-пад нагi як пырскi ўсё роўна. Машка лезе ў рот; ён, Панок, мусiць, папярхнуўся быў, дыхнуўшы машкой, калi яго гэтак хапiў кашаль...

На крынiцы, адкуль яны вечарам прыйшлi сюды, у Лазу, турчэлi жабы, моцна, на ўсе Карчаваткi; пасля цiхлi, як давiлiся. У ельнiку ля лазы на сухастоiне каркала варона, моцна i дзярката; падлятала ўгару i зноў садзiлася на доўгi выгнуты рагач. За лесам, мусiць, на загуменнi ля Дальвы, кукарэкаў певень - хрыпата i рэдка.

У вочы ўсмоль лезлi камары, жоўтыя, худыя...

Блiснула сонца, здалося, што стала цёпла ў плечы... Запахла з-пад ног гразёю балота...

Панок агледзеў у багуннiку ля гнiлога белага бярозавага пня, дзе сушэй, чарнiчнiк. Чорных ягад яшчэ не было... Высокi пень пакляваў дзяцел, i на ягаднiку ляжалi белыя камочкi гнiлога дрэва.

Пень трэба будзе ўзяць на падпалку: сухi гнiляк i бяроста стануць гарэць, як смаляк.

Ад крэсiва загарэўся цэр - ад першага разу, пасля затлеўся бярозавы гнiляк, калi Панок скацiў на яго прычарнелы кавалак цэру, маленькi, з гарошыну.

Пасля Панок паклаў на бяросту жменьку сiвога моху, што трымаў даўна ў руцэ - мох адышоў i зрабiўся вiльготны, - i, прысеўшы, доўга дзьмуў у гнiляк, прыцiскаючы зверху пальцамi мох. Засiпела полымя. Запахла дымам, як ад яловых дроў, i смаллю: падгарэлi, мусiць, ад полымя на руцэ валасы... Тады паклаў гнiляк блiжэй да елкi i ўскiнуў наверх сухiх яловых лапак i папарацi...

Аднекуль дыхнула халодным ветрам; агонь лiзнуў на зямлi зялёны мох; мох пачарнеў адразу. Прыгнала раптам туман, што з усяго балота. У лазе стала сiне i цёмна, людзi хадзiлi, што ўсё роўна за павучыннем. Туман хаваў з вачэй стажар'е з дзяцьмi i Верку, слаўся пад ногi на траву i ягаднiк. Было вiдаць нават, як раса ад туману кладзецца зверху на рукi, што халодны пыл... Чуваць было, як з лазы пачалi капаць кроплi вады ў балота, што ў раку...

Яловыя лапкi не бралiся гарэць, i Панок, стаўшы на каленi, - каленi адразу зрабiлiся мокрыя, - падзьмуў падыспад у бярозавы гнiляк. Дым адагнала ўбок, i з-пад яго паказалася жоўтае полымя - дыхнула ў шчокi.

Тады Панок адагнуўся i ўгледзеў унiзе ля купiны ў вадзе самога сябе. Вада шырака блiшчала ў траве, як шкло, i ў яе было нацярушана ля самай купiны з краю сасновага рудога шылля. З-пад шылля з цiхай вады глядзеў на Панка чалавек з перагнутым носам i вялiкiмi вушамi. Высака на галаве ў яго, на самай патылiцы, ляжала кепка з пакамечаным брылём, i з-пад яго тырчалi сiвыя валасы, аж белыя. Белыя валасы былi вiдаць i ля вушэй на скронях. Мусiць, ссiвеў ён ужо зусiм за гэтыя днi, калi белыя валасы вiдаць з вады...

Ён пачуў, як бразнула вядром ззаду Верка - хадзiла даiць карову. Аглянуўшыся, убачыў, што дзiця ляжыць разам з усiмi на стажар'i на падушачцы. Верка стаiць ля яго, нагнуўшыся. У адной руцэ ў яе вядро з малаком - знаць зверху на вядры белыя пырскi, у другой - саганок. Невялiкi, чорны, у якiм варылi дома зацiрку на вячэру. Ён не згледзеў, калi Верка пайшла даiць карову, кiнуўшы дзiця i нiчога яму, Панку, не сказаўшы... Дзiця не спала ноччу, будзе доўга цяпер спаць, а Верка згатуе ячную зацiрку на малацэ. Калi ўскiпiць малако, яна адлiе ў бутэлечку i ў жбаночак малому, тады насыпле ў саганок мукi з белай крамнай наўлечкi. Зацiрку зварыць на адным малацэ. Дома яны нiколi на адным малацэ зацiркi не варылi, бялiлi толькi малаком.

Ён пачуў, што яму хочацца есцi, i падумаў, што не лезуць у рот сухары i ад iх яшчэ горшы кашаль.

Цiха замычэла ля кладак у альшэўнiку iхняя карова: пачула дым i людзей - вуглы. Глянуўшы з Лазы на кладкi, Панок убачыў, што карова стаiць навязаная на повад у дробным альшэўнiку, - падласая, вiдаць здалёку, - махае хвастом i, задраўшы галаву, глядзiць у Лазу, дзе людзi...

У Карчаватках у Лазе толькi ў iх адных карова. Кароў усе пакiдалi ля падвод на бары, калi ззаду пачалi страляць. Адзiн ён прывёў карову сюды. У iх жа малое на руках... А ў Веркi зарвала малако. Пабыло i зарвала. Як у Даўгынаве "Жалязняк" браў другi раз гарнiзон - ад таго...

Ён не помнiў, як перайшла карова цераз кладкi i цераз крынiцу. У Карчаваткi ў балота нiколi не пускаўся нiводзiн пастух - здаўна.

Саганок стаяў ля агню, уехаўшы ў мох. Быў накрыты вялiкай патэльняй патэльню з саганком, мусiць, нясла цераз крынiцу ў хатулi за плячыма Верка.

"Няскора ўскiпiць малако на такiх дрывах..."

Тапор ляжаў ля стажар'я ў галавах, i Панок, нагнуўшыся, асцярожна падняў яго, каб не разбудзiць дзяцей. Стары, яго ўжо раз накладалi ў кузнi, з чорным у смале тапарышчам, - Панок сек перад самай блакадай жэрдзе ў соснiку, думаў ставiць ад рэчкi ў гародзе новы плот, - тапор быў цяжкi i адцягваў руку. Калi Панок, замахнуўшыся, секануў па елцы ля камля па сухiх суках, тапор зазвiнеў, i па лесе пайшлi адгалоскi. Панок тады ўзяў тапор ля самага абуха...

- Здурнелi Панкi... Што яны робяць... - загаманiў нехта за iмi ў Лазе. Мужчына. Голасу Панок не пазнаў. Ён не ведаў, дзе цяпер у Лазе хто быў... Лаза вялiкая, а многа хто пайшоў учора, калi пачалi ззаду страляць, адразу цераз усё балота на Баркi.

Ад стажар'я была вiдаць адна Сяргеiха з дзяцьмi - выбрала месца блiзка ля iх.

У Сяргеiхi спалi ўсе покатам, накрыўшыся пасцiлкамi. Калi Панок зiрнуў цяпер у той бок, дзе зноў зарыкала карова, угледзеў, што многа дзе кратаецца лаза, i пачуў, што людзi гавораць адзiн да аднаго шэптам: не ўсе ўчора пайшлi адразу на Баркi...

Нечага баяцца: дыму з вёскi нiхто не згледзiць, усюды туман. Агонь раскладзены пад самай елкай, дым iдзе ўгару па дрэве, хаваючыся ў лапках. Трэба толькi схадзiць прывясцi i навязаць блiжэй карову, а то будзе рыкаць увесь час, гледзячы на стажар'е, дзе Верка, i будуць наракаць людзi ўсёй вёскай...

- Верка... - сказаў ён, паказаўшы на кладкi...

- Схадзi сам... На зямлю выдаi... Няма ж у нас больш у што даiць... Не выдаiш, то яна будзе нудзiцца i нудзiцца... I тапор вазьмi... Там дзе i лапак насячэш. Мне цяжка адысцiся. Малы ўсё кратаецца. Хоць ты пабудзi вазьмi каторага, каб ганяў камароў... Ныюць i ныюць, галодныя, людзей пачуўшы. Iдзi здаi... На новае месца перавяжы... Абабiла пад нагамi ўсё за ноч... Гразь адна чорная...

Верка гаварыла моцна, на ўвесь голас, як дома; здавалася, яна нiчога не баiцца: нi таго, што з вёскi могуць згледзець дым, нi таго, што рыкае карова... Пасля Веркi ў Лазе пачалi гаманiць i людзi; уставалi. Бразнула блiзка ў некага вядро; кашлянулi...

Тады Панка зноў хапiў кашаль.

Нагнуўшыся да зямлi, да самай травы, ён убачыў, як з-пад ног папаўзла ў траву гадзюка - уцякала... Ён доўга глядзеў у той бок, дзе кратаўся круглец, тады зiрнуў пад сябе. Пачуў, што зайшло ў ногi: быў абуты ў лапцi, i ногi змоклi да калень.

У ногi холадна было ўсю ноч, намоклыя аборы рэзалi костачкi, i ён пераабуваўся аж два разы, перакручваючы анучы сушэйшым хвастом на пальцы... Мусiць, ён прастыў з начы, бо памiнутне б'е кашаль. Перш так не бiў.

Ля Лазы на голым месцы быў высокi круглец, за каленi, i, здавалася, аж гнуўся ад расы. Панок пачуў, як стала свежа ў галёнкi - нанава моклi штаны i лiплi да цела. Ля альшэўнiку, на сушэйшым, дзе тырчала нiзкае куп'ё, расла дробненькая балотная папараць i ценкае зялёнае трысцё. Пад iм на кароткiм белым моху ляжаў леташнi высiвераны сiвы хвошч i шапацеў пад нагамi.

Туман падняўся ўгару, з-за яго цяпер свяцiла вялiкае круглае сонца; зверху сыпалася дробная, што пыл, iмжа, як увосень.

У дробным альшэўнiку, дзе стаяла карова, цвiла трава-рабiнка - на высокiх дудках тырчалi жоўтыя квяты - i пахла на ўсё балота.

Карова за ноч здрабяжыла нагамi пад сабой усё на свеце - рэзалi недзе камары - i стаяла цяпер у гразi, што дома на двары ля хлева, калi яе дажджом рана прыганялi з поля.

Повад быў шорсткi i цвёрды, стаяў, як прут, - яго была ўтаптала нагамi ў гразь карова, - i высморгваўся з рук, калi карова матала галавой. Панок акруцiў яго каля рукi, зацiснуўшы канец у жменi. Повад быў са старога леташняга павiванага пастронка; карова, тузаючыся, надарвала яго - лопнула адна столка.

Калi затрашчала ўперадзе ў альшэўнiку, як ад перуна, i выслiзнуў з рук повад, Панок скочыў уперад i, злавiўшы яго за самы канец на зямлi ў траве, паляцеў локцямi ў ваду... Пачуў, што цягнецца па зямлi i нешта цвёрдае ўпёрлася спаднiзу ў жывот...

"Тапор... Быў падаткнуты пад дзягу..."

Яго адпусцiла, i ён пачуў, што ляжыць на зямлi.

Ён ускочыў адразу на каленi i ўбачыў, што карова павалiлася на пярэднiя ногi i падкорчыла пад сябе галаву: ля капыта ў яе акруцiўся пастронак.

Стаўшы на ногi, Панок перацягнуў пад дзягай з жывата за спiну тапор i выпусцiў з рукi пастронак. Карова не ўставала, ляжала, падагнуўшы пад сябе пярэднiя ногi...

Тады зноў бухнула за альшэўнiкам, сюды, блiжэй, пад самую Лазу, i засакатаў кулямёт на бары ля Крынiцы, дзе яны пакiдалi ўчора падводы...

Зарыкала, лежачы, карова, глуха - пад сябе ў гразь. Закрычалi ў Лазе бабы, i загаласiлi ў некага дзецi - не iхнiя, ён пазнаў бы, - беглi далей цераз балота.

Ён зiрнуў у той бок, дзе было iхняе стажар'е, i ўбачыў, як ядрана гарыць у кустах агонь - угарэлiся недзе яловыя сукi, i над елкай iдзе высока ўгару дым: стаiць слупам, схiлiўшыся на вёску...

- Карова!.. Валодзя!.. - закрычала яму здалёку Верка. - Я адна спраўлюся з дзяцьмi...

Верка тушыла агонь: раскiдала пад елкай галавешкi, мусiць, вылiўшы на агонь малако з саганка. Па Лазе цяпер папоўз густы сiвы дым, як пара; сагнуўся, парваўшыся пасярэдзiне, высокi белы слуп, што вiсеў угары над елкай...

- Карову лавi!.. - пачуў Панок, як зноў крыкнула яму Верка. Закiнуўшы за спiну хатуль, яна падняла са стажар'я перад сабой на руках малога. Да яе цiснулiся, ускочыўшы спрасоння, дзяўчаткi. Маленькая зусiм, не вiдаць з травы...

Пасля Верка крыкнула яму, каб ён кiдаў карову - "Чорт з ёй!.." - i даганяў iх. Усе бягуць на Баркi.

Ён убачыў, як Верка з дзяцьмi i з хатулём на плячах схавалася ў лазе...

За крынiцай у бары зайшоўся кулямёт, хлебястаў без сцiханага на ўсе Карчаваткi. Па лесе, па лазе i альшэўнiку, пайшлi адгалоскi, далёка, аж у кут, дзе ў рудым тумане бегла на балота ўслед за людзьмi сонца.

Пасля Панок пачуў, што страляюць i на Барках, i за Карчаваткамi на пасецы, i ззаду за Кладкамi - ля вёскi на загуменнi.

Бiла заднiмi нагамi па гразi карова, не могучы ўстаць, i яго пярыў кашаль...

Ударыла цяпер ужо далей, недзе на Барках, моцна, як громам... Ён падумаў, што рвуцца снарады, бо з вёскi згледзелi дым...

Панок адпусцiў повад - карова ўстала на ногi i, падвярнуўшы пад сябе галаву, пацягнула яго, Панка, у альшэўнiк - назад. Ён, упёршыся ў зямлю нагамi, не пусцiў яе, пасля забег наперад i, узяўшы за рогi, павярнуў на Кладкi. Схапiўшы пасля за павадок ля самых рагоў, ён павёў карову цераз зашыек Кладкамi, учапiўшыся за рогi i прыцiснуўшыся ёй да шыi. Карова матала галавой: яе нiколi так не бралi - за рогi i за шыю... На чыстым, дзе рос круглец, яна гразла за каленi, падкiдаючы нагамi гразь i кожны раз збiраючыся скакаць. На Кладках было цвярдзей пад нагамi - лучалася карэнне i карова, скокнуўшы, страсанулася, атрасаючы з сябе халодную гразь. Панок пачуў, як яму заляпiла вочы...

Калi цяпер на бары ля крынiцы зайшоўся кулямёт - высака ўгары засвiсталi кулi, заныўшы, як аваднi.

Немцы стралялi з бору ўдоўж па балоце - згледзелi людзей... Трэба бегчы за ўсiмi на Баркi, туды немцы не сунуцца цераз усё балота... Там жа наперадзе, на Барках, Верка адна з дзяцьмi. Карову можна навязаць тут, на Кладках, бо ненавязаная яна збяжыць. Толькi навязаная яна будзе рыкаць увесь час, гледзячы на Баркi, дзе людзi, i сюды прыйдуць немцы...

Угледзеўшы здалёку сiнi дымок над вогнiшчам пад елкай - тлеў, адкацiўшыся ад агню, мусiць, канец бярозавага гнiляка, Панок здумеўся: будзе галоднае дзiця. Прыйдзецца даваць сухар з анучкi, размачыўшы i пажвакаўшы ў роце, а яно, галоднае, стане крычаць на чым свет стаiць, як крычала ўчора звечара...

За Кладкамi пайшоў рэдзенькi ценкi бярэзнiк з дробным жоўтым лiсцем i кароценькi чырвоны вербалоз - сцялiўся па зямлi. Травы тут не было: яе глушыў мох. Белы, даўгi, ён высака падняўся ад зямлi, усё роўна як вiсеў на ценкiм, пераплеценым журавiннiку, зачапiўшыся галоўкамi, i ногi пад iм правальвалiся ў балота аж на той свет. Панок ступаў, лучаючы на купiны, i, калi ехалi ў зямлю ногi, апiраўся рукамi карове на шыю... Думаў, што карова iдзе смялей за яго, бо лепш чуе, дзе цвярдзей.

Шумела высака ўгары i глуха бiла за Баркамi на пасецы. Снарады ляцелi аднекуль здалёку, не з вёскi, мусiць...

За Кладкамi на бары стралялi кораценька i рэдка - з аўтаматаў. Перацiхала, тады бiлi з вiнтовак, ядрана, як усё роўна секлi тапарамi па дрэве.

Лесам, мусiць, пайшлi немцы... На Баркi яны не дойдуць па такiм балоце...

Калi Панок правалiўся раптам па самыя грудзi, убачыў адразу, што белага моху на балоце не было, скончыўся; наперадзе блiшчала ад сонца вада, пасыпаная дробным лiсцем. Наўкола зашыпела зялёная гразь - палезла з-пад вады з балота; з-пад яе выскоквалi вялiкiя сiнiя бурбалкi i лопалiся... Стала холадна ў ногi, аж закалола... Адна рука ў яго ляжала на нечым цвёрдым - ён агледзеўся, што на шыi ў каровы... Каровы не было вiдаць тырчала толькi з гразi задзёртая ўгару галава з мокрымi рагамi. На рагах ляжаў повад, увесь у зялёнай гразi.

Баючыся, каб не захлынуцца, Панок ухапiўся карове за шыю дзвюма рукамi; тады пачуў, што лучыў нагамi на нешта цвёрдае - стаiць, як на кладцы. Згледзеў уперадзе перад сабой сасонку з сухiм верхам i зялёнай лапкай, што расла ля самай зямлi. Убачыў ля сасонкi высокую чорную купiну. Ля яе быў паабдзiраны мох, i Панок па сiвым пяску пазнаў, што наперадзе суха... Ён, мусiць, увалiўся ў старую крынiцу...

Карова, задраўшы ўверх галаву, раптам зарыкала моцна i жаласна, як да цяляцi...

Панка тады аж падкiнула. Ступiўшы наперад, ён пачуў, што iдзе па цвёрдым, i гразь займае толькi да грудзей. Повад у яго быў у руках, i калi зноў, задраўшы галаву, зарыкала карова, ён замахнуўся i сцебануў ёй па галаве. Раз, другi... З-пад павадка ў вочы паляцела лiпкая, густая i халодная гразь. Убачыўшы, як, боўтаючы пад сабой у гразi нагамi, пайшла карова, ён зноў стаў бiць яе па галаве. Пасля, калi з гразi паказалася спiна, бiў па спiне - сцёбаў мокрым павадком.

Ступiўшы на цвёрдае ля сасонкi з зялёнай лапкай, ён пазнаў, што кончылася балота, i ўбачыў, што адгэтуль iшла iмшарына аж да самых Баркоў, куды пабеглi людзi.

Ля сасонкi з-пад мокрага сiпаку тырчаў востры шэры валун. Стаўшы на яго, Панок цягнуў карову за повад, пакуль яна, перабiраючы нагамi ў гразi, не ўпёрлася галавой у купiну. Тады ён зноў даставаў i сцёбаў ёй павадком па спiне, бо карова не магла ўзлезцi на сухое. Увесь у лiпкай гразi, ён ёрзаў нагамi па каменi i махаў рукой, у якой быў павадок, аж пакуль не схапiў кашаль...

Ужо на Барках, у ельнiку, Панок падумаў, што карова, мусiць, адсапнулася, пакуль яго бiў кашаль, i вылезла сама ля каменя на сухое. Карове няма цаны...

У ельнiку ён згледзеў людзей. Збiўшыся ў кучу, яны цiснулiся назад, пад балота, i наперадзе была Верка з малым на руках - нясла, прыцiснуўшы да грудзей, як ад каго хаваючы. Дзяцей не было вiдаць...

Калi, натапырыўшыся на людзей, зарыкала карова, ён страпянуўся, падумаўшы, што карова пазнала Верку, бо глядзiць уперад, задзёршы галаву i лiжучы языком па носе... Ён хацеў крыкнуць здалёку Верцы, чаму яны iдуць назад, але ўбачыў раптам, што ўсе пасталi i стаяць, згледзеўшы яго... Цiснуцца адзiн да аднаго, збiваючыся яшчэ больш у кучку... Пад балота бегла толькi адна Верка, трымаючы перад сабой малога - хавала яго некуды пад паху, закрываючы падушачкай... З галавы ў яе з'ехала на плечы белая хустка, i рассыпалiся валасы. Яна нешта цiха крычала яму, азiраючыся назад, але ён нiчога не чуў.

Калi, сунуўшыся да Веркi, зноў зарыкала карова, блiзка, за Баркамi на пасецы, чырканулi кароценька з аўтамата, усё роўна што там зламалi сухое дрэва...

"Немцы... - страсанула яго. - Iдуць з пасекi..."

Тады ён пачуў, што на руках у Веркi плача, аж заходзiцца малы, i ўбачыў, што яна цiсне яго пад паху, каб хаця не было чуваць крыку.

Зноў замычэла карова, нюхаючы пад сабой зямлю i цягнучы ў яго з рук повад - рвалася да Веркi.

- Вало-о-дзя! - крыкнула Верка; было зусiм ужо блiзка да яе, i ён пачуў. - Людзi... - яна паказвала назад.

Стралялi цяпер блiжэй, недзе ля Кладак.

Панок неяк тады адразу падумаў: перастраляюць усiх у балоце... Усю вёску...

Зноў зарыкала карова, i загаманiла да яго, Панка, Верка...

Ён выпусцiў з рук павадок i забег наперад карове.

Тапор быў ззаду, ссунуўся аж за спiну, i Панок выцягваў яго з-пад дзягi абедзвюма рукамi.

Карова кратала вушамi, натапырыўшыся, задзiрала галаву i глядзела ўперад, дзе былi людзi. Ён убачыў быў яе вока, цёмнае, вялiкае, i рогi, закручаныя наперад...

Ён ударыў абухом памiж рог - з усёй сiлы...

Карова асела на пярэднiя ногi, як спатыкнуўшыся, тады ўскочыла i пачала круцiцца на адным месцы, што сляпая.

Другi раз ён зноў лучаў памiж рог...

Пасля стаяў, трымаючы тапор у руцэ, i чуў, што тапарышча ўсё ў буграх ад смалы - нядаўна сек жэрдзе загарадзiць плот, каб у гарод ад ракi не лазiла скацiна. Карова ляжала ля яго на баку, выпучыўшы жывот, руды ад гразi i ў дробным зялёным лiсцi, што было насыпана на вадзе на крынiцы.

Ззаду за iм, за плячыма, стаяла Верка з малым на руках; воддаль былi людзi - уся вёска: ён убачыў iх, азiрнуўшыся.

Тады яго хапiў кашаль; тапор вывалiўся з рук i грукнуў аб цвёрдую зямлю ля каровы - ля галавы...

Стала холадна, i Панок падцягнуў вышэй ногi.

Уперадзе была белая дарога, як зацярушаная густа iнеем увосень, калi iней кладзецца на сухую груду. Конь ступаў па пяску - не грукаў нагамi; шапатаў пад коламi жвiр, дзе цвярдзей, i трашчаў, насыпаўшыся ў колы.

Дарога гэтым месцам была прамая, i далёка было вiдаць. На ёй на якiх паўганей наперадзе краталiся дзве падводы: Боганчык з Махоркам. Ён, Панок, быў астаўся ад iх яшчэ на прагале, усё ззаду гаманiла Наста, клiкала - не ад'едзешся.

Калi калёсы ўз'ехалi на пясок, здалося - нiкога паблiзу няма: не лескаталi ўперадзе колы, не гаварылi адзiн да аднаго людзi. Хроп i форскаў недалёка, мусiць, Насцiн Буланчык.

Месяц, круглы i жоўты, што ячны блiн з вялiкай скаварады, стаяў цяпер за плячыма над самай зямлёй. З воза здавалася, што ён бег ззаду ўздагон - ад адной сасны да другой. У небе над галавой пагусцелi зоркi, сталi чырвоныя; аказалiся дразды - у тым баку, дзе на небе стаяла блеклая зеленаватая зара, паварочваючыся ўвесь час i заходзячы iм наперад - на Тартак. Хутка возьмецца на доднiцу.

Затахкалi былi колы, лучыўшы на карэнне, i па лесе пайшло глухое рэха па зямлi. Недзе далёка, як злавiць вухам, крычала сава: доўга i выразна, што чалавек.

Па спiне пайшоў холад, адсырэла кашуля на плячах i ў паяснiцы, здубелi ў руках лейцы, настылi мяхi, як усё роўна доўга ляжалi зiмой у маразы на таку. Панок азiрнуўся назад, на воз, шукаючы, чым акрыцца. У Карчаватках, у Лазе, дзе начавалi на стажар'i дзецi, астаўся кажух, жоўты, доўгi, летась пашыты з новых аўчын...

Калi зноў далёка наперадзе закрычала сава, ён натапырыўся i доўга слухаў. Здагадаўся пасля, што гэта выюць ваўкi... Якраз недзе ў Тартаку, куды трэба ехаць. Ваўкi на доднiцы ходзяць да вады, мусiць, на самую Дзвiнасу, i гэта аказваюцца маладыя. Сёлета рана тады вывелiся ваўкi: дома за Карчаваткамi iх усягды можна пачуць пазней - жнiвом.

Ён зноў аглянуўся назад: на белай дарозе былi вiдаць падводы. Таня ляжала, скорчыўшыся, на мяхах; Янук сядзеў, нагнуўшы галаву, недзе драмаў; Алёшы здалёку не было вiдаць зусiм. Ззаду за сваiмi калясьмi краталася Наста.

Нiхто недзе не пачуў, як завылi ваўкi. Панок хацеў клiкнуць Насту, але падумаў, што наробiць гоману... Ваўкi кiдаюцца цяпер на людзей - тыя, што пакаштавалi чалавечыны. Прыходзяць у вёску i бяруць дзяцей. Трэба будзе сказаць Верцы, каб нiколi не пускала з дому малых. Тады ён падумаў, што недзе крычыць на ўсю хату хлапец без малака - з анучкай у роце.

Стаiць парожняя бутэлечка з жоўтай вялiкай соскай на лаўцы ў парозе пад суднiкам... Змаглася, мусiць, зусiм i Верка... Яна чуць прыйшла была з вёскi ад Махоркi. Каб ён, Панок, не падхапiў яе пад паху на двары - абвалiлася б з малым: не стаяла на нагах...

Пасля ён быў падумаў, што карову памогуць купiць людзi. Скiнуцца i памогуць, бо без каровы не выжывуць дзецi. Хаця людзi не могуць скiнуцца, бо нi ў каго ж другога няма каровы. Не ў адных iх... Мала што ў Веркi дзiця. У Сяргеiхi вунь двое...

Не трэба было бiць карову - усё роўна ўсiх знайшлi немцы.

Яму зноў здалося, што ён пачуў, як зарыкала карова, - наперадзе, дзе былi азвалiся ваўкi.

Злiпалiся вочы, i ён доўга цёр iх пальцамi, пакуль не забалелi; тады цёр далонямi шчокi i лоб. Далонi былi шорсткiя ад гразi. Мусiць, не абмыў рукi, калi ля Завiшына цягнуў з ракi за аглабню Януковы калёсы... Ля берага была гразь аж да калень. Цяпер яна падсмягла на калашынах i адставала вiльготнымi камячкамi, калi ён вадзiў па каленях рукой. Ад мокрых штаноў намок зверху мех, i на яго налiпла гразi.

Гразь на штанах, мусiць, яшчэ з Карчаватак. Падсохла на сонцы за дзень, пасля зноў адмякла ў рацэ, калi цягалi калёсы...

Дарога пайшла гарой. Пахла сырым жвiрам i глiнай, свежа i востра, аж зашчымелi дзясны. Так пахнуў жвiр, калi ён, Панок, з Веркай капалi ноччу ў соснiку за Дальвай яму, каб схаваць у зямлю шафарню. Перад самымi немцамi ўжо, як адступалi партызаны на Дзвiнасу.

На гары пацямнела дарога, над галавой не было вiдаць неба: яго закрывалi сосны - вярхамi. Стала цёмна - месяц схаваўся за гарой. У тым баку былi пачулiся выбухi, як таўклi ўсё роўна дзе ў ступе: вух-вух, вух-вух... Цяжкiя, глухiя, яны доўга не сцiхалi, i ад iх, здавалася, дрыжала зямля.

Панок падумаў, што гэта чуваць аднекуль здалёку, можа, фронт: у лесе далёка чуваць.

Дарога доўга спускалася ўнiз - у лагчыну. Паабапал дарогi цяпер пайшла iмшара з дробным соснiкам i бярэзнiкам: шырокая, як толькi яе можна было ўгледзець у цемнаце. Над iмшарай стаяў туман i вiсеў нiзка месяц. Чырвона-чорны, як абгарэлы, ён зусiм не свяцiў, здавалася - вiсеў толькi над зямлёй, як для прылiку.

Зноў завылi ваўкi, недзе зусiм блiзка наперадзе.

Панок павярнуўся тады на мяхах, звесiўшы ногi з ляжэйкi на другi бок калёс, i стаў слухаць. Нiдзе нiчога не было чуваць; ляскалi толькi па карэннi ззаду колы.

Дарога ўсё спускалася нiжэй i нiжэй, як куды да ракi. Iмшарыны збоку ўжо не было вiдаць: яе схаваў з вачэй туман. Адразу стала сыра; зрабiлася цяжка дыхаць. Зачвякаў па гразi капытамi конь, пабялелi шыны на колах сталi блiшчаць.

Дарога ля iмшары зноў пайшла прамая, i ўперадзе паявiлiся падводы сунулiся ў тумане, як дзве чорныя капы сена.

Нiдзе не чуваць было нi голасу - здавалася, усе паснулi, забыўшыся на ўсё на свеце. Панок падумаў, што на возе калыша i самi лiпнуцца вочы.

Злезшы з мяхоў, ён, сагнуўшыся - балела спiна, - пайшоў ззаду за калясьмi, ступаючы босымi нагамi па мокрай траве. Пачуў, што холадна ў ногi, як усё роўна iдзе ранiцай увосень на лог лавiць каня, а ўжо выпаў iней, пабялiўшы Зурэчча. Усходзiць сонца, у Дальве паляць у печах, i дым з комiнаў падымаецца слупамi ўгару, пасля ападае адтуль на зямлю i сцелецца ля ракi на аселiцах. Цiха, скрыпяць толькi ў вёсцы асверы i вароты - людзi, устаўшы, бяруць ваду... На лагу, у самым кутку, дзе начавалi начлежнiкi, дымiць яшчэ вогнiшча, i ў тумане грукаюць нагамi спутаныя конi.

У плячах зноў забалела, i Панок пачуў, што не можа iсцi: саслабеў.

Учапiўшыся за ляжэйку, ён падскочыў i сеў на мяхi, задыхаючыся.

На калёсах яго схапiў кашаль: пачаў бiць суха i калюча, як рваў што ўсярэдзiне. Горача стала ў грудзях, як ад агню.

Адкашляўшыся, ён доўга сядзеў на мяхах, падпёршы рукой галаву, i глядзеў на дарогу.

Пачарнеў лес; стаў белы, як снег, туман на дарозе. Панiжэлi ўгары над лесам зоркi; ружавела ўперадзе на ўсходзе зара. Цемната пачала радзець, рабiцца шэрай, цярусячыся перад вачыма, як сухi сiвы пыл. Адгукнулiся дразды: пiшчалi ад холаду.

Панок падумаў, што пад ранiцу засне, не ўтрывае: пад ранiцу ён кожны раз засынаў дома, i яго доўга тады будзiла Верка. Будзiла iсцi глядзець нарад да Махоркi пад хату...

Калi ён успомнiў Верку, яго страсанула ўсяго i падвярнула пад грудзi. Пасля цiха ныла ўсярэдзiне, кiдала ў дрыжыкi, i ён нiяк не мог сцiснуць зубоў.

Засынаючы ўжо, ён пачуў, як недзе далёка гудзе, i доўга слухаў, не ведаючы, дзе гэта можа быць. Гудзела роўна i часта: гур... гур... гур... Ацiхала, пасля пачынала зноў, усё роўна як бразгаючы ланцугамi... Так бразгаў дома трактар, iдучы ранiцай з фермы ў Кур'янаўшчыну на поле ля самай хаты - Панок да яго прывык. Трактар iшоў вулiцай ля плота, адно кола вышэй, па самай мяжы, другое - вялiкае задняе кола ў блiскучыя, вышараваныя аб пясок зубы - кацiлася нiжэй, пасярод вулiцы, пакiдаючы пасля сябе чорныя ямкi. За трактарам падскоквалi тры вялiкiя плугi з блiскучымi, як зубы на коле, лемяхамi, затоптваючы ямкi, i беглi дзецi. Калi трактар ехаў ля самай хаты, у вокнах ад вулiцы звiнелi неакiтаваныя шыбы, i ён, Панок, збiраўся тады кожны раз купiць кiту i ўсё не мог нiдзе апытаць. Так i зiмавалi тыя гады неакiтаваныя вокны - абтыкалi сторжкай. Ён падумаў, што i сёлета трэба будзе абтыкаць вокны пакулай - ад вулiцы i ад загумення, адкуль зiмой часта заходзiць вецер i тады выстуджвае хату, як пуню... I пакулы добрай дома няма - трэба, каб Верка адкiнула яе ўвосень, як будзе часаць на грэбнi лён на кужаль. Малы змерзне, калi не агледзець акон. Трэба будзе добра набiць мяленнем падаконнiкi i падняць iх вышэй - закрыць усе нiжнiя шыбы ад ветру...

Калi зноў забразгала недзе блiзка, Панок аж здрыгануўся на возе. Уперадзе, не там, дзе была зара, а правей, на Краснае, мусiць, на шашы, гудзелi без сцiхання машыны. Угледзеўшыся, Панок убачыў, што там мiтусiцца неба: па iм ходзяць белыя палосы.

"Немцы!.." - падумаў ён i глянуў уперад на дарогу. У белым тумане адна ля адной калыхалiся дзве падводы.

- Iва-ан! - клiкнуў ён, пасунуўшыся на возе ўперад. У тым баку, дзе загудзела, высака ўгару паднялiся дзве доўгiя белыя палосы i перабеглi па небе з аднаго боку дарогi на другi. Пасля там зноў забразгала, глуха, як у яме.

- Бо-оган!.. - Панок зноў клiкнуў i, павярнуўшыся, ссунуў ногi ў перадок на самыя аглобнi.

Нiхто не адгукаўся: пайшло толькi па лесе рэха.

"Паснулi... - падумаў Панок i, саскочыўшы з калёс, забег наперад каню. - Падурнелi..."

Уперадзе з-за лесу зноў выскачыла белая паласа - яркая i блiскучая, як са шкла. Зусiм блiзка.

- Бо-оган!.. - крыкнуў Панок яшчэ раз, бегучы ўперад па дарозе, i закашляўся...

На вазах нiхто не спаў - нi Махорка, нi Боганчык; i, забегшы наперад каню, Панок згледзеў, што яны стаяць на дарозе адзiн ля аднаго: i Махорка i Боганчык. Боганчык трымаў за аброць жарабка. Лагчына ў гэтым месцы зусiм высахла, i ад белага пяску пад нагамi было аж вiдна: Панок бачыў усё, што робiцца наперадзе.

Ён здзiвiўся, убачыўшы, што нi Махорка, нi Боганчык не глядзелi ўперад, дзе нядаўна ўскочыла была белая паласа. Яны стаялi, адвярнуўшыся, i было вiдаць нават, як утаропiлiся абодва назад, недзе на iмшару, адкуль нядаўна выехалi. Панок тады адвярнуўся i сам, не дайшоўшы да iх, i глянуў на iмшару...

На iмшары рос нiжэйшы соснiк, i над ёй было вiдаць далей цёмнае на захадзе неба. Далёка, там, дзе яно канчалася, Панок убачыў белую зару, цьмяную, як схаваную за лесам. Над ёй дрыжаў акравак бурага неба; пасля сышоўся, паменшаў, стаў густы i чырвоны.

Панок раптам пачуў, што заiкаецца... Хоча клiкнуць Махорку i не можа...

Пасля яго цiха клiкнуў сам Махорка, як усё роўна не пазнаў:

- Гэта ты, Пан? Там нешта ёсць... - i, як успомнiўшы што, сказаў: - Тут табе i Краснае... Ехаць трэба скарэй на Пунiшча, пакуль не развiднела i цiха на дарозе. Адно цяпер, што можна зрабiць... Ад Дальвы, вiдаць, асталося ўсё, што ў нас на калёсах... Дзе Наста? Не клiч яе. Не трэба, каб вiдзiла...

- Дальва ў тым баку... Якраз будзе на iмшару... - у Панка ляскалi зубы, i ўсяго гнула ў крук, аж балела паяснiца.

- Хто яго ведае, Пан. Не крычы толькi... Вёсак-то ў тым баку другiх няма, але нiхто пэўна не скажа: нi ты, нi я... - Махорка гаварыў неяк зусiм цiха, нiколi ён так не гаварыў. - Дзяцей не будзi. Хай спяць. Вучыць цябе трэба, цi што?

Наста прыйшла наперад сама. Плакала - выцiрала хусткай вочы i глядзела пасля доўга на яе, павесiўшы на руках: шукала, мусiць, сухога месца. Падышоўшы да самых Махоркавых калёс, прашаптала: "А дзеткi ж мае..." - i прыхiнулася спiнай да ляжэйкi. Глядзела, апусцiўшы рукi, на зарыва над iмшарай - не зводзiла вачэй, як чакала чаго.

Пры ёй ацiхлi былi i мужчыны, пасля Махорка сказаў, як сам сабе:

- Што там такое можа быць? Зарыва не зарыва... Зарыва было б чырвонае... А то белае, як днём. Неба, мусiць, пад'яснiлася...

Пачуўшы Махорку, Наста загаласiла, i Панок убачыў, як да яе падскочыў Боганчык. Але Наста не сцiхала.

- Не лезьце да мяне... - адмахнулася яна ад Боганчыка. - А дзеткi ж мае... Хай бы я вас выправiла... А я ж вас сама кiнула... А цi ж мне трэба было ехаць...

- Сцiхнi, Наста... У тым жа баку Людвiнова. З Людвiнова, можа, i вiдаць, калi гэта зарыва. З Дальвы, каб i хацеў, то адгэтуль нiчога не ўвiдзiў бы. Далёка... I Дальва яшчэ ў лагчыне стаiць, помнi...

- Ты хаваеш усё ад мяне, Махорка... I ты, Пан... - павярнулася Наста да яго, Панка. - Дальва ў тым баку... А дзеткi мае...

- Не дзецi, дык мы астанёмся жыць. Не мы - дык дзецi... Не свае чужыя. Нехта астанецца. Усе не згараць... - Махорка выпрастаўся ўвесь, голас у яго стаў сухi, як лучына з печы. - Змарылася ты проста, бабай будучы... I я дзяцiны бацька. Ты думаеш, i мне не балiць? Нiчога з iмi не будзе. З'ездзiм - i вернемся...

- Што вы мяне, старую бабу, дурной робiце? А нашто ж я глядзела на гэта зарыва...

Наста плакала не сцiхаючы.

Панок пачуў, як на дарозе раптам стала суха i холадна, як у мароз. Зарыва над iмшарай пасвятлела, зрабiлася зусiм белае. Патух угары над iм акравак неба. Храплi ззаду конi, трашчалi ў некага ў калёсах аглобнi.

Панок убачыў, што ўсе зноў збiлiся на дарозе ў кучку - стаяць блiзка адзiн ля аднаго, нават чуваць, што вiльготныя ад расы. Пасля яго было ўсяго сцяло, i сам ён зрабiўся сухi i халодны: рэж - не заплача. Ён падумаў, што не верыць, каб гэта гарэла Дальва. А што Махорка гаворыць ехаць на Пунiшча, дык ужо яму i верыць... Махорка старэйшы за ўсiх iх тут, не беручы Янука, але што - у Махоркi другiя вочы, чым у яго, Панка? А што на тым Пунiшчы, каб прыйшлося?.. Уваскрэснеш?.. Пунiшча - балота. Вярсты чатыры ў баку ад дарогi, пад самым Тартаком. Некалi яго касiлi, там нават стаялi старыя пунi, i ў iх клалi сена. Цяпер туды ў сухое лета можна недзе нават ехаць. Якiя тады на Пунiшчы ў чорта сховы? Хаця з Пунiшча можна пайсцi балотам на Палiк - туды адступаюць партызаны. Перайсцi толькi трэба Яськаву жылу па кладках... А дзецi тады... А конi... Апошнiя ж з вёскi...

Панок зноў падумаў, што Дальву не маглi так адразу спалiць. Махорка занадта ўжо бярэцца камандаваць: то на Тартак, то на Пунiшча. Слухай толькi. Ён хацеў быў сказаць Махорку, каб той не рабiў наперад вэрхалу, але маўчаў Боганчык. Стаяў i маўчаў - каб слова сказаў перак Махорку. А Боганчык не дурны...

Панку зноў зрабiлася холадна i схапiў кашаль: даканае сёння. Наперадзе над самай дарогай яшчэ раз мiгнулiся белыя палосы. У цёмным небе яны былi аж сiнiя. Залязгала жалеза, як дзе ля кузнi.

- Мы думаем што цi не? - пачуў пасля Панок, як закрычаў у яго над вухам Махорка. - Аднаму зарвала, i другi ў рот вады набраў. Самi не хочаце жывымi астацца, то дзецi на возе... Давiдна трэба выскачыць з iмшары. Як мух, перадушаць, дай iм толькi згледзець...

Тады яны адразу ўсе загаварылi: i Панок, i Наста, i Боганчык. Ехаць, ехаць хутчэй з iмшары. На чыстым далёка вiдаць...

Калi кранулiся пярэднiя падводы, Панок стаяў яшчэ з Настай i глядзеў на зарыва. Яно было цiхае i роўнае, каб дзе здрыганулася - як бы там угарэлася што на ўсю ноч. Угары над зарывам зноў пачырванеў акравак неба...

Наста плакала. Выцiраючыся хусткай, не слухала яго, Панка.

На дарозе ржаў Буланчык - крануўся сам за падводамi.

Пасля яны пайшлi ля Танiных калёс, пачуўшы, што стогне на возе Таня.

Было холадна i свежа, звiнелi над вухам камары. Ехалi ўсё яшчэ iмшарай, i з яе цягнула на дарогу сырасцю. Уперадзе па карэннi тахкалi калёсы, i здавалася тады Панку, што ён дома позна ўвечары на двары... Верка падаiла карову, вярнуўшыся з цямном з поля... Цiха i свежа на дрывотнi ля студнi, пахнуць з гародчыка мокрыя ад расы агуркi i кроп... Далёка на грэблi ляскочуць па калдобiнах калёсы - мужчыны едуць з Кур'янаўшчыны - звозяць сена.

Зашчымела глыбока ўсярэдзiне... Панок падумаў, забыўшыся на зарыва, што недзе спяць на падлозе дома дзецi з Веркай, падсцялiўшы пад сябе сеннiкi з ложка. Галодныя, можа, калi не зварылi вечарам зацiркi...

Над лесам, выплыўшы з туману, стаяў месяц: мяккi i цiхi, ён быў цяпер белы, што малако, i, мусiць, ад таго зрабiлася зялёнае неба з дробненькiмi зоркамi. Iх было нямнога ўгары, над самай галавой; яны былi вострыя i дрыжалi, што ў каляднiцу ад марозу.

На дарозе ззаду было вiдна, як удзень. Добра вiдаць была Алёшава падвода i сам Алёша: раскiнуўшы рукi на мяхах, ён спаў - галавой уперад, да каня.

Панок падумаў: каб хаця не звалiўся, глядзець яшчэ за iм трэба - спiць i спiць усю дарогу, як на бяду...

Наперадзе нехта з мужчын курыў, мусiць, Боганчык: блiснуў быў агонь, што iскра, i пасля запахла дымам ад самасаду.

Яму зноў здалося, што ён дома зiмой за сталом ля акна ў першай хаце. Устаў яшчэ доднiцай разам з Веркай. Яна ўсягды рана ўставала зiмой, раней за ўсiх у сваiм канцы вёскi. Устане i топчацца ў парозе ля печы з вiлачнiкам у руках...

У хату зайшлiся мужчыны - конюхi. Пусцiлi коней адных ля плота да рэчкi паiць, а самi забеглiся пагрэцца: на дварэ мароз - не патыкайся.

Хукаюць у рукi, пазнiмаўшы рукавiцы; закурылi; у хаце поўна дыму вiсiць у парозе пад столлю, пасля цягнецца да чалеснiка i iдзе ў комiн: рэдзенькi i белы ад агню з печы.

...Стала зноў холадна за плячыма. Панок убачыў, як Наста паправiла на грудзях нажутку, абцягнуўшы ля шыi. Было сыра, аж мокра ад туману, i пахла аднекуль вялая трава: асака i рабiнка, як з учарашняга пакосу, - мусiць, недзе ля дарогi было стаптана балота.

Усюды была раса: ляжала на мяхах - яны былi вiльготныя, што ўсё роўна адсырэлi, - i блiшчала ад месяца на ляжэйках дробненькiмi кропелькамi, як мак. Панок убачыў, як блiшчыць на спiне ў Танiнай кабылы мокрая пiльсць; падумаў, што конi не абсохлi яшчэ ад поту, якi цёк з iх удзень пiсягамi...

Занылi над галавой камары, хлынулi з балота. На твар сыпанула дробненькая i калючая халодная машка, што iмжа, - лезла ў вочы, i трэба было баранiцца.

Камары кусалi праз сарочку за плечы - калолi, як iголкамi; тады пачынала свярбець спiна аж да паяснiцы...

Наста паправiла хустку, абвязаўшы тужэй ля шыi i насунуўшы спераду на лоб да самых вачэй. Пасля абцягнула рукавы ў нажутцы; нажутка ў яе была старая, з кароткiмi рукавамi, i не было куды схаваць рук.

На зямлi пад Танiнымi калясьмi бразнула аб нешта цвёрдае атоса звалiлася з восi - i звiнела, падскокваючы па карэннi.

Панок забег наперад кабыле, чапляючыся за сухое ламачча i за яловыя лапкi, што сцёбалi па каленях.

Калi стала кабыла, ён пачуў, як плача Таня - яна ляжала на баку, падкорчыўшы пад сябе здаровую нагу, i цiха хлiпала, шморгаючы носам... Да яе загаварыла Наста:

- Што стогнеш?.. Балiць?

- Б-балiць... - Таня зашморгала носам яшчэ горш.

- Я табе зараз усыплю... - Наста нагнулася над калясьмi. - Балi-iць... Ёсць там чаму балець... Пацярпi... Ты ж не вiдзiла, што там за рана... А я вiдзiла. Адлежала нагу, дык i балiць. I не хныч... Не маленькая... Давай памагу легчы на другi бок... Давай рукi...

Лёгшы на другi бок i апёршыся на локаць, Таня зноў захлiпала:

- А што я буду рабiць, калi вярнуся... Матка хворая-я...

Падняўшы на руках, Наста падцягнула яе яшчэ назад, паклаўшы вышэй на мех галаву.

- Бяры лейцы i трымайся за ляжэйку. Хоць адной рукой... Звалiшся пад колы, тады... Ад камароў баранiся... А то аб'ядуць... - не сцiхала ля калёс Наста.

- Пiць... - прасiла Таня. - Блага... - Лейцы яна не хацела браць.

- Дзе я табе вазьму пiць?.. - Наста ўзяла лейцы, завязала iх за ляжэйку. - Пацярпi. Скора ўжо Краснае. Дамоў едучы, у калёсах ляжаш. На сена...

- Холадна. Накрыйце... - прасiла Таня.

- Цярпi, дачка. Сагрэешся, зараз паедзем... - усё супакойвала яе Наста.

Панок тады выпусцiў з рук цуглi, за якiя трымаў кабылу, i падышоў да калёс. Доўга не мог узяць Таню пад пахi, пакуль не памагла Наста. Падумаў, што ў Танi, мусiць, пал - гарачая галава. Узяўшы пад пахi, ён падцягнуў Таню яшчэ вышэй на мяхi. Хацеў быў паправiць на галаве касу: каса расплялася i чаплялася за рукi. Пасля, нiчога не кажучы Насце, падняў на калёсах у перадку верхнi мех i, намацаўшы адной рукой завязку, тузануў за хвасты. На ляжэйку, на мяхi i яму, Панку, на грудзi хлынула жыта, пырскаючы ў вочы. Ён пачуў, як яно пасыпалася на зямлю - на ногi. Убачыў, як павярнула галаву кабыла - пачула зярняты.

Парожнi мех ён узяў у дзве рукi за рагi i страсануў аж два разы, выбiваючы ад пылу. Тады асцярожна накрыў Таню па самую шыю - мех быў даўгi i шырокi.

Пайшла раптам сама Танiна кабыла - ён, мусiць, няўмысля крануў за лейцы. Наперадзе, куды яны ехалi, зайшоўся кулямёт, моцна, на ўвесь лес. Пайшло рэха - аж разлягалася зямля. Панок павярнуў у той бок галаву - на неба над лесам ускочылi дзве ракеты. Белыя i халодныя, яны доўга стаялi на адным месцы, пакуль адразу не патухлi.

- Каб хоць хвiлiну пабыло спакойна... - пачуў ён, як да яго загаварыла Наста, i ўбачыў, што яна зноў iдзе побач з iм. Падумаў, што да сваiх калёс яна цяпер не пойдзе, будзе з дзяцьмi.

- I я з табой пакратаюся... Весялей... - сказаў ён. - I не вер ты нiкому. Будзем жыць... Дзяўчыне толькi цяжка. Трэба ж было...

Уперадзе яшчэ раз замiтусiлася ад агню неба. Недзе зусiм блiзка.

На дарозе зноў заiрзаў Буланчык.

9

Янук ляжаў нiц на мяхах ад самага Завiшына i глядзеў уперад на дарогу.

Балелi ногi i плечы, аж калола ў лапаткi, i ён думаў, што зусiм саслаб i цяпер пасля ракi не злезе з воза да самага Краснага.

Даўно ўжо зайшло сонца за ракой ля Завiшына - за лес. Там, дзе было Людвiнова, угары стаяў слуп рудога дыму, чарнеючы i распаўзаючыся па небе, што хмара ад ветру.

За ракой над полем вiсела сiвая, як попел, смуга i дрыжала, мусiць, што яго, Янука, падкiдала на калёсах. Смуга паднялася з перасохлай за дзень зямлi i будзе вiсець, пакуль не сцямнее. Тады яна запахне мокрым балотам ад ракi i ападзе з расой на зямлю.

Янук падумаў, што ўсюды, мусiць, стала цiха...

У такую пару вечарам, як заходзiць сонца, летам часта цiха. I калi з цямном едзеш з Карчаватак на ферму, здаецца, вымерла ўсё на свеце...

У вёсцы з комiнаў iдзе дым, i за ракой на Выганчыку ляжыць туман. Там, дзе заходзiць сонца, над лесам, чырванее неба, што агонь. Янук любiў слухаць тады, як у лесе стукаюць па карэннi калёсы i далёка iдзе рэха...

Пасля, як ён заснуў вясной на прызбе, калi яшчэ ляжаў снег, ён пачуў, што ўсюды стала цiха: i ў хаце, i ў вёсцы, i ў Карчаватках на полi...

У яго тады быў ужо сын, Пiлiп; цяпер у яго ўжо ёсць унук, Колечка.

Ён, Янук, чуў пасля толькi, калi грымеў гром i гудзеў на ферме трактар. Бывала, яму здавалася, што ён чуе, як стукае пад рукамi тапор, калi сек дровы, i бразгае клямка, калi зачыняў, грукаючы, цяжкiя дзверы ў сенцах...

Але ён не чуў стуку, калi тапор быў у чужых руках i хто чужы прыходзiў на двор браць ваду са студнi i ляпаў пад дзвярыма клямкай... Тады ён здагадаўся, што помнiць толькi, як стукае пад рукамi тапор i бразгае клямка...

Ён чуў яшчэ, калi блiзка стралялi...

Стала шарэць, i ля дуплаватых старых бяроз, што абступiлi ў лесе з двух бакоў дарогу, таўкла мак машка. Ля зямлi на маладым ляшчэўнiку на лiсцi ляжаў пыл; пыл ляжаў i на галлi - яно было сiвое, што ад моху.

Пад ляшчэўнiкам у канаве ля самай дарогi рос густы зайцаў гарох - цвiў сiнiм агнём - i дасыхала зблочаная тупой касой трава. Запахла сенам, што ў вёсцы пад восень, калi iдзеш вечарам ля пунь на загуменнi...

Калыхала па калдобах калёсы; зрабiлася цяжкая галава, не падымеш; спадыспаду ад мяхоў грэла ў сцёгны i ў жывот. Замахаў уперадзе хвастом конь, ганяючы вецер.

Янук глядзеў на дарогу, на жоўты пясок, якi рассыпаўся пад нагамi ў каня, i яму здалося, што ён едзе лесам з поля з-пад Карчаватак у Дальву да вялiкай калгаснай пунi, якая стаiць ля лесу за фермай. Пуню доўга будавалi, накрылi толькi за гады два перад вайной.

Ён ляжыць на возе высака на снапах. Пад бок лучыў парубень, цвёрды, слiзкi - чуваць рукой, - i ад яго баляць скабы. Доўгiя жытнiя снапы слаба звязаны перавясламi - вiдаць, жаў нехта нядужымi рукамi, i калi iх уцiснулi добра парубнём, яны пазадзiралi ўгару камлi, i Янук ляжыць на возе ўсё роўна як дзе ў яме. Колецца сухая салома, калi кратаеш за лейцы, кiруючы каня, i пахне жыта ў каласах пад парубнём. Зярняты цёмныя, блiскучыя - высахлi на сонцы, i iх у каласах як набiта. Каласы даўгiя i тоўстыя; з iх, бывае, пырскае жыта - само: мусiць, моцна ўцiснулi воз, i цяпер злягаецца пад старым сасновым патрэсканым парубнём, цвёрдая i тоўстая, як дубцы, жытняя салома. Жыта парасло на полi пад Карчаваткамi... На поле далёка ездзiць яно аж за чатыры вярсты, за лесам - i звозiць жыта брыгадзiр паслаў адразу ўсе падводы. Хмурылася, на Дзвiнасе iшлi дажджы, i снапы звозiлi з-пад Карчаватак другi ўжо дзень ад рання да самага цямна.

У той вечар яны выехалi, з-пад Карчаватак, калi ўжо зайшло сонца. Расцягнулiся па лесе падводы адна за адной - не злiчыш. Вiдаць, як далёка наперадзе iдуць, сабраўшыся ў грумаду i пусцiўшы адных коней, мужчыны - ён пазнае здалёку Махорку i Панка - махаюць адзiн аднаму рукамi. Мужчыны кураць, чуваць дым ад папярос, i тады хочацца курыць; чуваць яшчэ, як пахне пылам - ён падняўся ад пярэднiх падвод i вiсiць, рэдзенькi i мяккi, над дарогай. Калi не пахне пылам - гэта як з'едуць на траву ў лагчыну, - чуваць, як цягне з лесу з iмшар мокрым мохам i грыбамi... Грыбоў тут нiхто не збiрае, яны паасоўвалiся на мох, пасохлi i ад таго пахнуць на ўвесь лес, усё роўна як дома, калi, паклаўшы iх сушыць у печ, рана заложаць юшку.

Цямнеецца. Чуваць, як халаднее ў лесе; здаецца, адразу пахаладнелi доўгiя чорныя воблакi на далёкiм краi неба; астылi, паядранелi iмшары, што адсюль, ад дарогi, iдуць далёка лесам аж у самыя Карчаваткi. На iмшарах пацямнела трава, натапырылася - расла. Яе яшчэ не кранулi касой: на балоце многа вады.

Халодныя ўжо на возе пад рукой снапы, вiльготныя, як адсырэлi... Наперадзе разышлiся мужчыны, падпiхаюць вазы на гару за мастком. На гару конi i самi ўсцягваюць вазы, але мужчыны кожны раз падпiхаюць калёсы, каб конi не iшлi навыцяжку. Мужчыны пасля зноў сыдуцца ў кучу i будуць курыць, гамонячы недзе на ўвесь лес.

Кладучы вазы, Янук натрудзiў за дзень рукi, i яны балелi цяпер, аж ламалi. Ныла ўсё цела, размякшы ад сонца, як у лазнi. Добра, што, прывёзшы снапы да пунi, можна будзе адразу адпрагчыся i пайсцi дамоў. Абярнуць воз у дзвярах памогуць мужчыны, а снапы прыкладаць будуць бабы - па нараду... Сцiрты ў новай пунi высокiя, але бабы не надта спрацавалiся. Прыкладуць снапы, тады пасядуць на таку цi выйдуць на траву на двор i чакаюць, пакуль вернуцца падводы з-пад Карчаватак.

Янук бачыў, як яны пелi кожны раз, пасеўшы на траве i панацягваўшы на вочы хусткi ад сонца, але песень не чуў...

Да пунi яны прыехалi ў той вечар, як ужо сцямнела, i дамоў ён iшоў, калi ў вёсцы гарэлi агнi. Iшоў цераз ферму, дзе даiлi яшчэ даяркi кароў хадзiлi з вёдрамi: запазнiўся пастух. З вёскi з комiнаў пахла дымам i падгарэлай бульбай. Захацелася есцi. Едучы на возе, ён цёр пальцамi ў жменi каласы i сыпаў жыта ў рот. Яно было сухое, трашчала на зубах; ён чуў яшчэ, што яно салодкае, як цукар, мусiць, ад таго, што маладое.

Калi ён адчынiў дома ў хату дзверы, убачыў, што над сталом на покуце гарыць паднятая вышэй на дроце лямпа i ў хаце бела ад агню. Белыя ад глiнкi сцены, на стале белы надзежнiк, i на яго насыпана вараная бульба. З бульбы iдзе ўгару пад лямпу белая пара. Пасярод стала стаiць вялiкая мiска кiслага малака. На рагу стала - цёмны гладыш - гэта каб, сеўшы вячэраць, не ўставаць i не iсцi ў парог да суднiка па малако - не перабiваць яду. Пасля Янук згледзеў, што на куфры, якi стаяў побач са сталом ля сцяны ад вулiцы, на белым абрусе ляжала пачатая буханка хлеба. Яе ўсю накрылi зверху белым абрусам, вiдаць толькi пачаты край - быў павернуты на хату.

Калi вячэраюць з хлебам, у iх тады кожны раз астаецца бульба, i яе, абразаную i вараную, выкiдаюць свiнням у сенцы ў карыта, дзе ляжыць халодная, пасечаная ранiцай яшчэ секачом, паранка.

Усе былi дома: Пiлiп, вярнуўшыся з работы - араў у Кур'янаўшчыне, сядзеў, памыўшыся ўжо, на ложку ля куфра; ля стала стаяла Волька - клала на надзежнiк лыжкi; пасярод хаты сядзеў на падлозе маленькi Колечка ў белай кашульцы. Калi расчынiлiся дзверы i ў хату ўвайшоў ён, Янук, Колечка пачаў, седзячы, зыбацца i махаць рукамi. Пiлiп быў, мусiць, загаварыў да Волькi, i на Колечку нiхто не глядзеў. Янук тады ўзяў выставiў Колечку пугаўё тоўстае, пад'ялоўцавае, аблупленае ад кары... Колечка адразу стаў рачком, падняўся пасля на ногi, ззыбнуўся i... пайшоў да яго, Янука. Хутка-хутка, перастаўляючы крывыя тоўстыя ножкi i валюхаючыся з боку на бок, што качанё... Яго, мусiць, адразу тады згледзелi i Пiлiп i Волька - кiнулiся ўсе на хату: Пiлiп з ложка, Волька ад стала... Колечка не дайшоў да белага пугаўя - яно, мусiць, было выстаўлена надта здалёку, - выцягнуў уперад ручкi i паляцеў нiц на падлогу... Ён, Янук, не паспеў яго злавiць: позна сагнуўся.

Колечку на рукi падхапiла сама Волька; пасля, гладзячы па галаве, аддала Пiлiпу. Колечка заплюшчыў вочы i адкрываў шырака рот - былi вiдаць два верхнiя белыя зубы - плакаў недзе на ўсю хату, ударыўшыся.

Янук нагнуўся, каб падняць белае пугаўё, якое выпусцiў быў з рук. Калi ён глянуў пасля на Вольку, яна смяялася i нешта паказвала рукамi яму, Януку. Ён такога яшчэ нiколi не бачыў, такое яму паказвалi першы раз... Тады яна ўзяла зноў на рукi Колечку, забрала ў Пiлiпа, i Пiлiп пачаў смяяцца сам, гледзячы на яго, Янука. Калi Пiлiп паказаў сам рукамi, Янук здагадаўся адразу: яму паказваюць, што Колечка пайшоў першы раз. Пайшоў, угледзеўшы ў руках у яго, Янука, белае пугаўё...

Месяц свяцiў якраз у вочы, вiсеў уперадзе над лесам - над дарогай, i ўсюды было вiдна, як удзень.

Янук тады павярнуўся i лёг на другi бок. Паднiзам цяпер былi халодныя мяхi, i Янук пачуў, што стала холадна ў ногi; пасля холад хапiў яго ўсяго. Сагнуўшы ногi ў каленях, ён абцiснуў ля галёнак шырокiя калошы. Калошы былi вiльготныя, у гразi, i лiплi да цела.

Паправiўшыся на мяхах i падклаўшы пад галаву рукi, ён доўга не мог сагрэцца. Трэба было абуцца ў дарогу ў новыя лапцi - дастаць з гары з хаты. Там вiсiць яшчэ ля комiна на шастку адна пара - лычаная. Хоць i шкода глумiць на пустое лычаныя лапцi: iх надоўга хопiць, калi пойдуць касiць на балота.

Янук любiў плясцi лапцi з лык, любiў i драць лыкi... Хадзiў адзiн, не беручы нават з сабой Пiлiпа. Iшоў у самую касьбу, пасярод лета. Касьбой сама лепш вышчалуквалiся лiповыя пруткi з кары; рабiлiся слiзкiя, пускалi сок, што выспявалi ўсё роўна. У лыкi ён iшоў у нядзелю. Выбiраў, каб была пагода. Абуваў тады лапцi з белымi анучамi, вастрыў аж два нажы, седзячы на ўслончыку на двары ля студнi пад парканам: спачатку напiльнiкам, пасля круцiў, слiмачачы, на старым, плоскiм, сточаным бруску i вадзiў па цвёрдым карбарунку... Нажы пасля карбарунка былi што брытва.

Браў з сабой палудзень: хлеба, два цi тры маладыя пасоленыя гуркi i бутэльку салодкага малака. Палудзень клаў у вялiкую торбу з суравога палатна, каб можна было тады нясцi ў торбе дамоў лыкi. Выходзiў з дому з самай ранiцы: iсцi было далёка. Пералезшы цераз плот, ён падаваўся да бярэзнiку за вёскай праз бульбу, абмакаючы ў расе па каленi.

Раса была i ў Карчаватках, у пушчы за балотам, стаяла ўвесь дзень, i Янук мок, як на дажджы.

Малады лiпняк у пушчы рос разам з ляшчэўнiкам, i да яго за ляшчэўнiкам было не падступiцца. Затое ў ляшчэўнiку лiпняк высокi, ценкi, прамы i без сукоў, хоць рэж на вудоўi. I на iм не налiпала дробненькага шэрага шорсткага моху, што рос на лiпняку, якi лучаўся на сухiм, у бары, - сцялiўся па зямлi, пускаючы атожылкi. На лыкi такi лiпняк Янук не чапаў.

Ён рэзаў дубцы i браў iх, не цярэбячы, пад паху, тады адносiў да старой яловай вывараткi, дзе паклаў торбу. Нацягаўшы дубцоў, садзiўся на вываратку i церабiў iх, гладка зразаючы сухiя сучкi i галiнкi i баючыся, каб не зачапiць зверху кару. Ацярэбленыя дубцы складаў роўненька ля ног у кучу. Калi куча была вялiкая i балелi ад нажа рукi, Янук тады курыў, седзячы на вываратцы i адганяючы даланёй камароў, якiя лезлi ў вочы.

Пасля ён клаў нажы далёка ад сябе на вываратку, браў у рукi дубец, раскусваў кару ў камлi зубамi, даставаў пальцамi з кары наверх белы прут, падкладаў пад яго вялiкi палец i сморгаў. Белы лёгкi лiповы прут выскокваў, як чорт са скуры, падлятаў угару i валiўся на зямлю ў ягаднiк за вывараткай. Прут быў слiзкi ад соку; сок цёк па пальцах i капаў на штаны, на каленi. Мяккiя, у трубачках, лыкi, яшчэ з лiсцем зверху, дзе не пахадзiў нож, Янук складаў з другога боку адно ля аднаго.

Тоўсты прут з камля цяжка было высмаргнуць; тады Янук браў дубец пад паху i вышчалукваў прут дзвюма рукамi, як шчапаў усё роўна лучыну. Ад пруткоў чырванелi пальцы, смылелi агнём - тады ён зноў сядзеў i курыў, ганяючы камароў.

Высмаргаўшы ўсе дубцы, браў з кучы лыка i, вывернуўшы яго назнайнiцу, круцiў на пальцах у кружок. Кружкi ён кiдаў пад ногi i кожны раз, кiдаючы свежы, доўга глядзеў на iх. З тоўстых дубцоў выходзiлi вялiкiя кружкi; з сукаватых лыкi былi ўсе ў дзiрках: фальчывыя. Петлi на кружках ён засморгваў спачатку ў пальцах, пасля стаў зубамi: хутчэй. Чуў, як пахнуць лыкi: квасам i ўчыненым хлебам, калi яго ставiлi ранiцай, вытапiўшы ў печы, ля прыпечка ў дзяжы i знiмалi надзежнiк. На языку вывернутае лыка было салодкае i кiслае, што саладуха... Тады Януку хацелася пiць...

Калi ля ног назбiрвалася цэлая куча беленькiх кружкоў, Янук адсоўваў iх нагой да вывараткi, пасля ўжо кiдаў у торбу. Дома, калi лыкi ачарсцвеюць, ён будзе скручваць iх у вялiкiя кругi, са скавараду, i вешаць на гары на шастку пад страхой - каб сохлi. Навешае поўны шасток кругоў, ходзячы ў лыкi цэлае лета, а тады будзе мачыць сухiя кругi ў кубельцы i плясцi лапцi. I сабе i Пiлiпу. Волька лычаных не носiць, ён ёй спляце з абор, з пянькi.

Лыка пахла саладухай i лежачы ў торбе.

Ён нёс торбу за плячыма, накiнуўшы почапкай на доўгi яловы сук, якi адрэзаў нажом ад вывараткi. Сук муляў плячо, нiбыта Янук iшоў Карчаваткамi балотам - з касой на плячы. Iшоў па густой траве - трава даставала аж за каленi, i на ёй блiшчала раса, - што ўсё роўна таптаў мяжу - доўгую, цераз усё балота, ад лесу да лесу.

Калi Янук падыходзiў у Карчаватках да крынiцы, торба за плячыма стала цяжкая, што камень.

Ступаючы на кладку, ён спатыкнуўся i выпусцiў яловы сук...

Торба чмякнула ў гразь i развязалася. З яе вывалiўся няз'едзены палудзень - гуркi з хлебам; ляжалi наверсе, i пасыпалiся лыкi - белыя кружкi пакацiлiся ля ног, хаваючыся на балоце ў траве...

Блiшчала адным краем у перадку - у Янука ў галавах - вышараванае аб пясок кола, шмаравала аб сухую загваздку. Спаднiзу з меха пахла ўгрэтае жыта, як на таку са сцiрты; пад локцямi ляжала сена з аселiцы, i ад яго аддавала кмiнам, як ад хлеба. Балела падвернутае плячо, на якое апёрся, лежачы, i холадна было ў ногi.

Хацелася спаць, балелi вочы, i балела галава. На мяхах было цвёрда, усё роўна што ён, Янук, ляжаў на возе на дрывах. Ад таго рабiлася яшчэ больш холадна. Ён думаў злезцi з калёс, каб сагрэцца, iдучы за канём; хацеў падняцца на руках i не змог. Не краталiся рукi.

Хроп конь, з храп у яго iшла белая пара, як на марозе, i ўсюды было бела: i дарога, i лес, i падводы хавалiся ў тумане. Туман ляжаў на зямлi, як зiмой гурбы, i тады здавалася, што трэцца на дарозе пад коламi не жвiр, а скрыпiць убiты нагамi крохкi снег, як пад санямi. Скрыпiць ядрана, на ўвесь лес - аж рэжа ўвушшу, бо пацiснуў нанач мароз, як i той раз зiмой, калi Янук вазiў партызан у Рагозiна. Што мароз возьмецца, тады было вiдаць яшчэ пасля паўдня, як яны збiралiся выязджаць з вёскi - сем падвод. Сонца ўжо было знiзiлася над грэбляй i стала чырвонае, што жар, - Янук яшчэ такога не помнiў; улёгся вецер, ацiхла, i шчыпала за шчокi. Каўнер - чорную аўчыну, як Янук яшчэ выйшаў з цёплай хаты на двор, адразу схапiў iней, дробненькi, што мука. Да цугляў прыстывалi пальцы, не ўзяцца за аброць.

Абапал грэблi стаяў белы альшэўнiк, i на iм нарос iней. Ён сыпаўся i сыпаўся з гары на дарогу, на каня, на снег - рэдкi, дробны i белы, аж зiхацеў.

Уперадзе была вiдаць доўгая белая дарога - падымалася за грэбляй на гару i блiшчала на сонцы...

Калi яны мiнулi Сушкава, дарога пайшла полем; пад палазамi пачаў скрыпець снег - браў мароз. Сонца пабольшала, пасiнела, як ад холаду, i асела ў густую цёмную смугу. Пад iм пачырванела ля самай зямлi неба шырокай доўгай паласой.

Аб'iнеў конь, стаў зусiм белы, аб'iнелi дуга i набераткi: з храп у каня iшла пара i бегла ўперадзе па дарозе: конь трухаў, апусцiўшы галаву. Ззаду за развалкамi краталiся партызаны - пяцёра - усе ў белых халатах. Калi партызаны сядзелi ў хаце ля стала, Янук iх добра разгледзеў, кожнага ў твар, а тут не мог нiкога пазнаць: халаты ў iх былi з башлыкамi, i яны панацягвалi башлыкi аж на вочы, хаваючыся ад марозу, i зрабiлiся ўсе падобныя адзiн на аднаго. I халаты ў iх былi як адны ўсё роўна - пашытыя з абрусоў. У аднаго толькi, самага меншага, быў рудаваты - з кужалю. Партызаны былi ўсе абутыя ў боты, толькi самы меншы быў у чорных валёнках, мусiць, камандзiр iхнi, цi што, бо часта ўсё нешта загадваў. Башлык у яго быў падняты вышэй, аж на галаву, аб'iнелi бровы i валасы, што высыпалiся з-пад шапкi.

Янук сядзеў у перадку, ля яго збоку на сене ляжалi вiнтоўкi i аўтамат, кароценькi зусiм, з вузкiм чорным ражком. Аўтамат быў таго, меншага, што ў чорных валёнках. Вiнтоўкi ляжалi рулькамi ўзад, у сена, i Янук бачыў, як пабялелi затворы, усё роўна што iх выбелiлi глiнкай. Затворы былi белыя ў вiнтоўках яшчэ тады, калi вiнтоўкi ўняслi ў хату з двара i яны ляжалi на куфры.

Ззаду ў развалках у сене ляжаў брызентавы хатуль. У iм было закручана нешта цяжкае i тупое, што кавадла з кузнi. Кладучы на санi, хатуль падымалi ў вёсцы на вулiцы з зямлi аж трое партызан, i iмi камандаваў нiзенькi ў валёнках. На сена ў задку ў санях партызаны не садзiлiся: прымошчвалiся збоку - па двое, трэцi станавiўся на палазкi.

З вёскi партызаны ўзялi сем падвод, i цяпер падводы даганялi абоз, якi падымаўся на полi з лагчыны i паварочваў на гары ў той бок, дзе заходзiла сонца - на Рагозiна.

Падвод наперадзе было не злiчыць - занялi ўсю дарогу цераз поле... Янук не ведаў добра, хто паехаў з вёскi, пазнаваў толькi здалёку Панковага каня i Боганчыкавага жарабка - заднiх.

Было цiха, без ветру, i калi Янук аглядаўся назад, бачыў, як у Дальве ўгару падымаўся з комiнаў дым - па ўсёй вёсцы. У маразы людзi рана падтаплялi печы, падкiдваючы пасля на галавешкi дровы, аж пакуль не натоплiвалi хаты на ўсю ноч.

Пахла дымам, дым лез у нос, i Янук чуў, што ў некага тапiлi альховымi дрыўмi. Ён пазнаваў па дыме, якiмi дрыўмi хто топiць у печы. Пазнаваў сасну, елку, бярозу. Нядаўна ў Дальве пачалi тапiць у печах вольхай, возячы яе з Карчаватак з балота. На балоце перад вайной пасох стары альшэўнiк, i зiмой у маразы яго тралявалi на дровы, складаючы ў вёрсты пад хлявамi i варывенькамi. Вольха была сухая, як цэр, яе лёгка было скiдаць з камля i не трэба было пераразаць на кавалкi: валячыся, яна ламалася сама.

Альховыя дровы гарэлi цiха, не пырскалi, як елка, i ад iх было больш духу. Дым ад iх быў мяккi, не такi востры, як ад яловых, i чуваць быў здалёку: пахнуў усё роўна што пахне торф, калi гарыць на Выганчыку, цi трава, калi яе паляць вясной на балоце.

Вечарэла. На захадзе, дзе хавалася сонца, пагусцела чырвонае неба, як набегла крывёю. Снег на полi зрабiўся сiнi; калi ступаў конь, з-пад ног у яго разлятаўся ў бакi лёгкi iней, што пух. На полi ля дарогi тырчалi з глыбокага снегу дробныя бярозавыя дубцы: у мяцелiцу замяло бярэзнiк, якi быў уровень чалавека.

Над лесам у тым баку, дзе чырванела неба, ляцелi вароны - жменькай, памалу-памалу кратаючы крыллем. Ляцелi з поля пад Дальву - блiжэй да вёскi.

Янук пачуў, як гараць агнём каленi - мароз браў праз двое палатняных штаноў - i мерзнуць ногi - не памагалi i акручаныя пад анучы Пiлiпавы суконкi, зробленыя са старой парванай жакеткi. Мерзлi шчокi, заходзiла ў пальцы праз двое рукавiц... Янук цёр шчокi i нос, цёр руку аб руку, тады зноў сядзеў, не кратаючыся, i глядзеў уперад...

Там, дзе зайшло сонца, далёка за полем у небе тырчала вострая i доўгая чорная дзiда ад касцёла. Касцёл быў у Альковiчах, у гарнiзоне, i Янук думаў, што партызаны едуць браць Альковiчы, бо загадалi везцi iх аж у Рагозiна.

Партызаны ехалi праз Дальву ўвесь дзень ад ранiцы, i ўсё чужыя. Янук нiводнага не пазнаў, не пазнаваў i нiхто ў вёсцы. Пасля ехалi i свае, кутузаўцы; тады зноў чужыя. Гэтыя, якiх ён вёз, мусiць, былi апошнiя i ехалi здалёку, бо ў iхняй Дальве мянялi коней, адпусцiўшы дамоў першых падводчыкаў.

Калi Янук уз'ехаў на гару, партызаны селi па двое па баках, пяты, нiжэйшы, ускочыў зноў ззаду на палазкi i стаў крычаць, мусiць, нешта ўсiм, бо махаў рукой. Варочаючы галавой, Янук бачыў, што ў таго з-пад белага башлыка iдзе пара, густая, як з лазнi з дзвярэй.

На гары ўперадзе вiдаць была далёка расцёртая белая дарога, на ёй чорныя падводы i за Рагозiнам чорная дзiда, вострая, што шыла. Неба над лесам аж пералiвалася ад чырванi, рабiлася як агонь - на вялiкi мароз.

Начынала шарэць.

Пасля ў тым баку, дзе быў касцёл, сталi мiльгаць агнi i мiтусiцца, як ад пажару, неба...

Янук згледзеў, як натапырылiся ззаду на санях партызаны i паўставалi на ногi. Яму здалося, што ён пачуў, як уперадзе пачалi страляць: бух-бух...

За Рагозiнам над лесам пацямнела, атухаючы, неба.

Усхапiўшыся на мяхах, Янук убачыў, што стаяць калёсы. Вiднелася. Аднекуль пахла дымам. На дарозе не было туману, i Янук згледзеў, што стаяць адна ля адной усе падводы. Мужчыны сышлiся ў круг каля Мiронавага воза, ля iх была i Наста - махала рукой. Янук здагадаўся: паказвае яму, Януку, каб сядзеў на калёсах, не iшоў да ўсiх. Скора паедуць...

Пасля Наста паказала, каб ён не разбудзiў дзяцей.

10

Махорку зноў снiўся пажар: гарэла Дальва...

Спачатку нехта моцна бiў яму ў акно - у раму - кулаком. Акно было якраз у нагах ля ложка, i Махорка, спопаразку ўскочыўшы, хацеў адразу нагнуцца да шыбы, каб убачыць, хто быў на дварэ. Пасля ён згледзеў, што вiдна ў хаце ў парозе, усё роўна як тапiлася ў печы. Па сцяне ад гароду пад суднiкам i па шырокiх дзвярах бегаў агонь. Ад яго нават быў вiдаць цабэрак, што стаяў у парозе пад лаўкай, i надзежнiк, якi вiсеў на цвiку побач з драўлянай салянкай.

На сцяне ў парозе над дзвярмi калыхаўся дробны разгаты цень ад бэзу ў гародчыку, што быў ад вулiцы.

- Гары-ым!.. - закрычалi на двары. Махорка не пазнаў хто. Ён саскочыў з ложка i падбег да акна ад вулiцы. Над усёй вёскай, ад ракi да загумення, угары было чырвонае неба; унiзе, дзе былi вiдаць у акно чорныя хаты, падымалася белае, як палатно, полымя. Дрыжала, пералiвалася, нагiнаючыся вострым, нiбы ў стозе сена, верхам на загуменне i, здавалася, лiзала, што языком, зверху чорныя стрэхi. Махорка пачуў, што на дварэ стогне вецер, сцёбаючы бэзам па акне, i трашчыць столь, усё роўна як хто ходзiць па хаце...

Ён падбег у парог да печы, зняў вядро, якое вiсела ля самага прыпечка на дроце, i ў парозе пад лаўкай вылiў яшчэ з вядра, нагнуўшы, ваду ў цабэрак. Пасля ўспомнiў, што ён жа ў адных споднiках... Паставiўшы вядро на падлогу, падбег у запечак, дзе на пяколку ляжалi штаны i рубашка.

Прачнулася жонка i бегала па хаце з кутка ў куток: не магла знайсцi сярнiчак запалiць лямпу. Ён крыкнуў, каб яна пабудзiла дзяцей i звязвала ўсё з куфра i з ложка ў пасцiлкi. Выносiць на гародчык не трэба: падыдзе агонь ён, Мiрон, сам прыбяжыць з вёскi...

Калi ў хаце ля стала загарэлася лямпа, Махорка ўгледзеў, што па сцяне ў парозе ўсё роўна бегалi белыя палосы. Схапiўшы вядро, ён выскачыў у сенцы, стукнуўшыся галавой аб вушак.

На двары былi расчынены вароты, i, выбегшы на вулiцу, Махорка пачуў, як яго схапiў вецер i панёс да платоў пад гароды на загуменне. Вулiцай гнала пясок, дзёрла з зямлi i сцёбала па шчоках, што плёткамi ад надзежнiка. Несла гар i дым, не было чым дыхаць, хоць захлынiся...

Махорка падумаў, што вулiцай не падбяжыш i блiзка да агню, i, пераскочыўшы цераз плот, пабег гародамi па раллi. Вясна была сухая, i па гародах, дзе пасеялi бульбу, вецер гнаў пясок, як i на вулiцы, але тут можна было захiнуцца за вуглы.

Махорка ўбачыў, што гарыць у тым канцы вёскi: гараць хаты з двух бакоў вулiцы, гараць пад раку лазнi; агонь перакiнуўся з ветрам на гумны, i занялiся пунi, якiя стаялi на загуменнi далёка ад вёскi.

Ён пазнаў, што гарыць Янук: агонь падымаўся ўгару i лiзаў высокую чорную Янукову дзiкую грушу; i Сяргеiха: яе хата стаяла воддаль ад вулiцы, на гародах...

Чуваць было здалёку, як трашчыць агонь, i, калi вецер зносiў полымя, вiдаць былi з агню на хаце ў Сяргеiхi чырвоныя латы... Крычалi людзi на ўсю вёску; было чуваць, як трашчыць i гудзе агонь.

Да Сяргеiшынай хаты Махорка не падбег: са страхi гнала гародамi салому з агнём, i ад дыму не было як дыхаць. Пераскочыўшы цераз тын, Махорка спынiўся ў вулачцы - доўгай i шырокай, якая вяла з вулiцы да Сяргеiшынай хаты i была абгароджана з двух бакоў высокiм тынам. Вулачка была i па той бок вулiцы, пад раку: дзялiла вёску на два канцы...

У вулачцы ля Сяргеiшынай студнi стаяла пажарная, прывезеная з фермы, з доўгiмi чырвонымi драўлянымi ручкамi. Ад пажарнай на двор да хаты цягнулася доўгая i чорная намоклая брызентавая кiшка... Другая, таўсцейшая, была спушчана ў студню... Ля пажарнай не было людзей, i Махорка падумаў, што ў Сяргеiхi ў студнi кончылася вада...

Калi яго пачалi тоўхаць у вулачцы людзi, ён убачыў, што ўсе з вёдрамi бягуць на вулiцу, i пабег з усiмi, кашляючы ад дыму i чапляючыся парожнiм вядром за тын.

Людзi з вёдрамi беглi на аселiцу - да ракi... На вулiцы дыхнула ў твар гарачым дымам ад саломы - Махорка адвярнуў галаву i захiнуўся рукой. Убачыў на пяску ля тыну растрэсенае белае пер'е i нечыя звязаныя ў пасцiлкi падушкi. Пад ногi трапiла белая вялiкая мiска - ляжала ўверх дном, i ён, паслiзнуўшыся, чуць устаяў на нагах. Тады згледзеў на вулiцы ля Янука мужчын i падумаў, што там можна захлынуцца. Пасля пачуў, як крычалi мужчыны:

- Бусак бяры!.. Бусак!..

- Пасцiлкi мачы!..

- Вёдры, вёдры парожныя!..

- Не круцiся, маць тваю так!.. Згарыш...

- Дзяцей, дзяцей на аселiцу адвядзi... Што стала як укопаная... Не лезь у агонь, здурнела...

- Вады... Не стой разявiўшыся...

Бегучы аселiцай да ракi, Махорка пачуў, што вецер дзьме не ўздоўж вулiцы, а наўскос - з-за ракi на загуменне. Падумаў, што агонь можна не пусцiць у свой канец вёскi за вулачку...

Да ракi ў лагчыну цягнула дым, ён вiсеў у аселiцы, як туман, не баючыся ветру, i ад агню быў чырвоны, як глiна. Ад агню было вiдна далёка за ракой на Выганчыку i на лагах.

Гарэў увесь канец вёскi - начыста. Там, дзе паабапал вулiцы былi хаты, угару падымалася чырвонае полымя шырокiмi языкамi, што пасцiлкi... Калi рваў вецер, чырвоныя языкi даставалi адзiн аднаго i слалiся на зямлю, як падмятаючы вулiцу.

Завярнуўшыся назад, Махорка падумаў, што трэба бегчы на вулiцу, туды, дзе крычаць мужчыны, бо там самы вялiкi агонь пад Януковай дзiчкай...

Ён убачыў, што зачэрпнуў адной гразi - чэрпаў з берага - i нясе ў вядры. Чуваць, як плюхаецца гразь, аж пырскi лiпнуць на шчокi... Ён выцер вочы чыстай рукой i згледзеў тады, як у канцы вулачкi займаўся агнём Сяргеiшын свiран - гарэла страха. Свiран стаяў якраз упоперак да вулачкi, i агонь ад яго мог перайсцi на Панкову хату - на другi канец вёскi...

Махорка пачуў, як яму адразу заняло дыхаць. Ён бег вулачкай да Сяргеiхi на двор як толькi мог, збiваючы з ног баб з вёдрамi ў руках. Крычаў, каб яны беглi за iм, i бабы - у вулачцы насiлi ваду адны бабы - завярнулiся следам.

На двары ў Сяргеiхi ён кiнуў вядро з гразёю пад прызбу i ўскочыў на вярсту дроў, што была складзена ўровень з тынам. Стоячы на дрывах, ён намацаў на страсе лату, якой была прыцiснута салома. Па страсе ўгару было лёгка iсцi, што па раллi на гародзе, i ён падымаўся на самы верх на адных нагах. На яго дыхнула гарачым дымам здалёку з вулiцы; здалося, гарыць рубашка. Ён тады стаў на каленi, пасля лёг на страху ад двара - пад вецер. На страсе зверху тлела салома - не магла адразу заняцца агнём: злежалася. Калi рваў вецер, па саломе бегаў дробны агеньчык - з месца на месца.

- Вады!.. Пяску падайце!.. Пяску!.. - закрычаў Махорка i пачаў зграбаць голымi рукамi зверху са страхi салому з агнём i кiдаць на гарод.

Вецер хапаў з-пад рук кавалкi моху i кацiў iх з iскрамi па ўсёй страсе...

Тады Махорка, учарэпiўшыся рукамi за лату на вiльчыку, каб не паляцець са страхi, стаў таптаць салому нагамi, там, дзе скакаў агонь.

Пачуў, што закасалiся па каленi калошы ў штанах i пячэ ў лыткi.

- Вады!.. - крычаў ён i чуў, што на двары кашляў Панок: прыбеглi мужчыны.

Пасля ён убачыў, што яму з вулачкi з зямлi падаюць вядро з вадой. Ён не мог яго дастаць i крыкнуў, каб падалi, стаўшы на плот.

Не давала дыхаць, бiў кашаль; на самай сярэдзiне на вiльчыку занялася агнём салома: бралася гарэць страха.

Махорка бачыў, як у агнi корчыцца i чарнее салома... Калi рваў вецер, ля ног, там, дзе скакала полымя, чырванела яма. Страха можа прагарэць, агонь возьме яе з сярэдзiны, i яна тады загарыцца адразу ўся. Вецер панясе iскры да Панка на двор... Зоймецца другi канец вёскi...

- Пасцiлкi мачыце!.. - крыкнуў ён i папярхнуўся. Пасля крыкнуў, каб з зямлi лезлi людзi, бо адзiн ён не дасць рады.

Але нiхто не лез на страху, кашляў толькi ўнiзе ля плота Панок.

Тады Махорка, намацаўшы нiжэй на страсе латы, апусцiўся i пачаў таптаць нагамi агонь у ямiне. З ямы паляцелi iскры i салома з агнём.

Ён чуў, як паспякаў ногi, i баяўся, каб не звалiлiся зусiм чаравiкi i не загарэлiся штаны. Узварушаная салома займалася яшчэ больш, i ён крыкнуў, каб паставiлi да страхi ад гароду драбiну i падавалi мокрыя пасцiлкi, бо што думаюць сабе людзi... Але нiхто не ставiў у гародзе да страхi драбiну i не падаваў пасцiлак, i Махорка зноў, ухапiўшыся рукамi за лату, таптаў нагамi страху ў тым месцы, дзе ў яме скакаў агонь. Пасля трэснула паднiзам лата i сашмыкнулiся ногi... Не справiўшыся схапiцца за вiтку, ён паляцеў у свiран... Зверху на галаву пасыпалiся iскры.

У свiрне ён пачуў, як закрычаў на страсе Панок.

Панок крычаў над iм, над самай галавой: будзiў.

Калi Махорка адплюшчыў вочы, маленькi гняды Сiбiрак махаў кароткiм хвастом i стукала, шаруючыся аб загваздку, кола.

Ён ускочыў на мяхах i сеў. Уперадзе на дарозе стаяў Боганчыкаў жарабок. Днела, i на клубах у жарабка былi знаць сiвыя яблыкi. Сiбiрак, ткнуўшыся храпамi Боганчыку ў калёсы - у заднюю драбiнку, стаў i зафорскаў, шукаючы мiж мяхоў зубамi траву.

- Спяць усе покатам... Дзень ужо, - загаварыў ззаду за калясьмi Панок, i Махорка спопаразку адвярнуўся. Не спаў жа ўсю дарогу, хацеў i не мог заснуць. Пад ранiцу, мусiць, ужо, калi патухла над iмшарай зарыва, самi злiплiся вочы.

Панок стаяў ззаду ля калёс i глядзеў на Махорку маленькiмi вачыма. Яго не пазнаць было з начы. Ссiвеў, аброс шчэццю, як белая мыш; уехалi вочы, зрабiлiся вузенькiя i слязiлiся. Доўга глядзелi на Махорку, усё роўна як пыталiся: дзе ж дзецца; тады пачалi бегаць i ўтаропiлiся далёка на дарогу. Махорка ўбачыў, што ўперадзе тырчыць Боганчык ля сваiх калёс i гэтаксама глядзiць перад сабой на дарогу; ля Танiных калёс стаяць адно ля аднаго Наста i Янук - каб варухнулiся.

Тады Махорка выразна пачуў, як уперадзе за лесам, мусiць, на самай шашы, загудзела: цiха i густа. Ён саскочыў з калёс i стаў збоку ля Панка. На зямлi здалося, што гудзiць не справа на шашы за лесам, а ўперадзе на дарозе - якраз у Тартаку. Счакаўшы, ацiхла - чуваць было толькi, як бразгае цуглямi Сiбiрак, дастаючы ў Боганчыка на калёсах з-пад меха сена, i пiшчыць у кустах ля дарогi спрасоння дрозд.

Махорку раптам страсанула ўсяго, сталi ляскаць зубы. Ён агледзеўся: стаялi на шырокай уезджанай дарозе, па якой перад вайной леспрамгасаўскiя прычэпы вазiлi да Краснага на Дзвiнасу дрэва. Блiзка быў Тартак. Ля дарогi на пасецы ляжалi старыя, даваенныя яшчэ, белыя бярозавыя дровы - метры. Нехта раскiдаў зверху шлiхту, а дровы не пабраў. Пад нагамi - Махорка згледзеў - на пяску былi сляды ад машыны. Не такiя, як да вайны, калi ездзiлi прычэпы...

Вiднелася. Уперадзе над лесам занялася зара, увачавiдкi схапiўшы край неба. Стала яшчэ больш холадна; на траве i на багуннiку ля дарогi блiшчала раса, як шкло, - вiсела буйнымi, што гарох, кроплямi.

Аднекуль з пасекi прыгнала халодны вецер. Зашумела недзе ззаду асiна. Зноў рэдка i ядрана азваўся дрозд i сцiх. Зафорскаў Сiбiрак, падняўшы над мяхамi галаву, - глядзеў уперад. З-пад цугляў у яго выехала жменя сена i ўпала на дарогу пад ногi.

Угары над галавой паявiлiся высокiя чорныя хмары, расцягнулiся i радзелi, расплываючыся па небе i ружавеючы ад зары, як ад агню. Запахла балотам, занылi над вухам камары; маленькiя i цёмныя, яны плоймай лезлi ў вочы. На шчокi i на рукi сыпанула дробная, што блохi, машка.

Далёка ззаду засакатаў кулямёт. Стукаў доўга, без сцiханага.

Зноў наляцеў вецер...

Адлучыўся ад сваiх калёс Боганчык i iшоў да iх з пугай у руцэ. Згледзеўшы Боганчыка, кранулiся i Наста з Януком. Махорка ўбачыў пасля, як яму зайшоў наперад Панок i зноў глядзеў у вочы. Калi прыйшла Наста, Панок доўга глядзеў i ёй у вочы, тады сказаў:

- Куды ж дзецца? I на Пунiшча не праскочыш, - i закашляўся.

Усе, як i перш, стаялi i маўчалi, гледзячы ўперад на дарогу. Боганчык, апёршыся спiной на ляжэйку яго, Махоркавых, калёс, палез з рукой у кiшаню: мусiць, шукаў чаго закурыць. Пасля Махорка згледзеў, як той дастаў руку з кiшанi i, высыпаўшы са жменi нешта ў рот, пачаў жвакаць, паволi, нехаця. Апусцiўшы руку i растапырыўшы пальцы, ён выцiраў цяпер даланю аб штаны ля калена. Махорка ступiў да яго блiжэй i ўбачыў, як у Боганчыка ў цёмным куточку ля губ прылiпла жоўтае жытняе зерне. У куточках ля губ - у адным i другiм - стаяла белая слiна, як пена. Махорка падумаў, што Боганчык жвакае жыта. Сыпле яго жменяй з кiшанi ў рот i жвакае, што конь. I еў недзе ўсю ноч... Махорка адвярнуўся. Убачыў, як Сiбiрак, адсеўшы назад, нагнуў галаву, хочучы дастаць з-пад ног сена, што звалiлася ў Боганчыка з воза.

Махорка нагнуўся i падаў сена Сiбiраку; яно было вiльготнае i халоднае...

Калi наперадзе за лесам зноў загудзела, у Боганчыка налiлiся кроўю вочы; ён утаропiўся на дарогу, жвакаў i глытаў жыта. Быў папярхнуўся i выцер рукой рот. Тады прабег па ўсiх вачыма i сказаў, як сам сабе:

- Такая чырвань на небе... Не на дабро гэта...

- Нiколi не бачыў. Прасыпаў кожную доднiцу... Усё на свеце прасыпаў. Баiцца цяпер.

- А ты, бабай будучы, не лезь не ў сваё... - Боганчык адвярнуўся да Насты i раптам закрычаў: - Гэта вам не к дабру! Чуеце, што наперадзе? Чуеце? - Пасля ён схапiўся рукамi за кепку на галаве, выпусцiўшы з рук пугаўё. - Бярыце, едзьце... Едзьце ваўку ў зубы. Хоць на Пунiшча, хоць за Пунiшча... У самае Краснае... Яны вас спяклi, а вы едзьце... - Ён падаў Панку кепку, выцягнуўшы руку. У кепцы на дне, Махорка згледзеў, ляжала белая паперына, складзеная ўдвая. Пажаўцела зверху - плямай - ад поту. Махорка падумаў, што трэба было б забраць паперу ў Боганчыка: той згубiць яе, калi так торкае ўсюды. Хаця, Боганчык можа збегчы i з паперай, напляваць яму на ўсiх: едзе i жвакае жыта, як жывёла... Махорка пачуў, што яму хочацца есцi, хочацца напiцца, што ён зусiм аслаб, доўга будучы без яды, i падумаў, што яму не прыйшло ў галаву адвязаць мех i награбсцi ў кiшэнi жыта.

- Скацiна!.. - засiпеў ён, не сцярпеўшы i забегшы Боганчыку наперад. Ён паперу ў зубы тыча... Крыку нарабiў на ўвесь лес, каб усе чулi. Хочаш, каб перастралялi здалёку, як шалёных сабак?.. Пачуў, што гудзiць наперадзе? Не ведаеш, куды едзеш... Ды я цябе... Пхне ўсё ў вантробы, як свiнчо карэлае. З голаду баiцца памерцi... А людзi?.. А дома што цяпер? Думаеш, сволач?..

Махорка пачуў, як яго ўсяго аж калоцiць. Убачыў, што Боганчык скоранька надзеў на галаву кепку. Белая папера выехала з-пад кепкi, i палоска ад яе была вiдаць у Боганчыка на лбе пад брылём, як прылiпла там усё роўна. Вочы ў Боганчыка пасталi на адным месцы, зрабiлiся вялiкiя, аж павылуплялiся, i былi жоўтыя, як ад жаўтухi. Тады Махорка згледзеў, як у яго затраслiся губы ад злосцi i ад iх адвалiлася прылiплае жытняе зерне.

- Татарская мор-рда... - пырснуў слiнай Боганчык. - Ты мяне не свалачы-ы... Смелы такi. Ведаем. Кожнаму свой качан дораг. А не дораг - то кладзi пад кола. I нiкуды вязцi не трэба. Нi ў Краснае, нi за Краснае. Пад кола - i канец.

- Пад ко-о-ола... - перадражнiў яго Махорка.

- Пад кола. Што? Не чуеце, што наперадзе? Чакаюць. Па галаве пагладзяць. - Боганчык памаўчаў, паправiў кепку, схаваўшы са лба белы акравак паперыны, i зноў закрычаў на ўвесь голас: - Не ведаеце, хто яны? Не вiдзiлi, стоячы ў iмшары...

Махорка зноў пачуў, як яго страсанула, i ён ступiў да калёс, не ўстояў. Адскочыўся быў Боганчык, тады зноў падляцеў да яго. На барадзе ў яго ляжала жоўтае жытняе зерне: зноў выплыла з рота са слiнай. У Боганчыка яго быў, вiдаць, повен рот - упiраўся язык, калi гаварыў.

Яны стаялi цяпер адзiн ля аднаго - грудзi ў грудзi, i Махорка бачыў, як у Боганчыка трасецца барада i слязяцца вочы. Пачырванелi ад бяссоння, у куточках сабраўся i прылiп да павечак пыл.

Тады ззаду, блiзка над вухам, закашляў Панок. Калi Махорка павярнуў галаву, згледзеў, як Панок падняў руку i хоча пакласцi яму, Махорку, на плячо. Другой рукой ён зацiскаў рот, мусiць, каб не было далёка чуваць кашлю. Пасля Панок стаў махаць рукой: паказваў - не трэба, Мiрон. Свае ж людзi...

Наперадзе цяпер загудзела недзе зусiм блiзка, як усё роўна ў канцы iмшары.

- Што ў катле варыцца... - уздыхнула Наста.

Яна стаяла збоку ля Панка. Перавязала на галаве хустку, туга акруцiўшы рагi ля шыi. Чорная картовая спаднiца ў яе была ўся пакамечаная, i да яе паналiпала сена i лiсця ад канюшыны, дробнага, што зайцавай капусты. Наста пазiрала ўсё назад, дзе махаў галавой Буланчык, ганяючы машку. Махорка падумаў, што там жа на калёсах дзецi.

- Што мы сабе думаем, мужчыны?

Цяпер усе глядзелi на Насту: што ёй сказаць?

- Як у катле варыцца, - зноў сказала яна. - Машыны...

- А раптам танкi?..

- А нам, татарам, Панок, цi танкi, цi...

- Добра, што на Тартак паехалi...

- Яшчэ не скачы, Наста...

- I што гэта ў iх там мiгцiць? Падскочыць агонь i мiгцiць.

- Ракеты, Наста...

- Конi пiць хочуць...

- Хай адсапуцца...

- А дзецi ж мае...

- Не пазнаю цябе, Наста... Намарылася ты за ноч. У слёзы i ў слёзы...

- Дзяўчына стогне... Нагу трэба было б паглядзець.

- Пацярпiць. Што мы зробiм...

- А ноч халодная. Пад дзень хоць ты было каню пад хвост лезь. Ляжу, гляжу на Сiтца. Яно высака над галавой, а зуб на зуб не лучае...

- Сонца, Пан, скора ўзыдзе - пагрэешся...

- Дзяцей прастудзiм голых...

- А камары сякуць, не глядзяць на холад.

- Пагода будзе...

- Цiш-ш... Не чуеце, як бразгае? На адным месцы.

- Каля Руднi недзе. На шашы. Там дарога на Белае.

- Нiхто не знае, дзе чыя смерць. У Белым цi ў гарэлым...

- А нам, татарам...

У канцы iмшар, дзе доўга гудзела не сцiхаючы, зноў замiтусiлася неба i зайшоўся кулямёт. Па iмшарах пайшло рэха, нiзка, па зямлi... Падзьмуў вецер.

Усе збiлiся ў кучку каля Махоркi - стоўпiлiся ля калёс. Маўчалi. Чуваць было, як махае хвастом конь - шапацела на мяхах сена.

- Дастоiмся, што на дарозе перацiскаюць...

- Паедзем...

- Трэба пачакаць. Хай сцiхне.

- А дзе Янук? Дзе стары?

- У кусты пайшоў. Не бойся, Пан. Са страху...

- Наста пашкадавала. Прывяла да калёс. Хай ба ляжаў на мяхах.

- Стары баiцца. Да людзей цiснецца, - пляскаў ротам Боганчык.

- А ты не баiшся?

- А я нiкуды не паеду. Сказаў - не паеду. Можаце браць паперу. I жарабка можаце браць.

- Ты што, Iван, упiраешся ўсю дарогу?.. - Махорка пачуў, як Боганчыка пачаў угаворваць Панок; Панку цяжка было гаварыць: не даваў кашаль.

- Што ехаць? А калi немцы не ў Белае, а з Белага iдуць?

- А табе што, не ўсё роўна куды?

- А тое, Мiрон, што i яны на Тартак дарогу знаюць, не адзiн ты. У iх на карты ўсё пананошана.

- Што, ты вiдзiў iхнiя карты? Глядзеў?

- Людзi глядзелi. А вы самi не знаеце, куды едзеце.

- Дык што? Разбегчыся? А дзецi? А жывёла?..

- Што нам слухаць Боганчыка. Андрымонiць усю дарогу. Паганяй, Мiрон.

- Iдзi, Наста, да калёс. Паедзем.

- А дзе Янук?

- Iдзе вунь... Не згубiцца. Як дома ўсё роўна. Устаў, на двор доднiцай схадзiў...

- Паганяй, Iван. Жарабок з дарогi з'ехаў. Падцялежыўся...

- А ты мяне не ганi. Я табе, можа, не Махорка, не яны... - Боганчык паказаў рукой на ўсiх. Усе яшчэ стаялi ля Махоркавых калёс, не адыходзiлiся. - Я вам сказаў: не паеду. На Пунiшча можна i адгэтуль лучыць. Белай iмшарай пайшоўшы...

- Пра якое ён Пунiшча гаворыць?

- Вярзе абы-што. Нiбы ты яго, Наста, не знаеш...

Махорка ўбачыў, як Боганчык зноў злазiў з рукой у кiшаню, дастаў у жменi жыта, задраў галаву i, высыпаўшы ў рот, пачаў жвакаць. На зубах у яго трашчалi зярняты. Сухое жыта сыпалася з рота яму на рубашку i пырскала пад ногi на зямлю.

Тады Махорка не стрываў, падскочыў да Боганчыка, i яны зноў сталi адзiн ля аднаго - грудзi ў грудзi. Боганчык, было вiдаць, не чакаў. Перастаў жвакаць, раскрыў рот. На рубашку яму вывалiлася ў камочках мокрае жыта.

- Паскуда!.. Ды я цябе... Бяжы... На ўсе чатыры стараны. Здохнеш, можа, дзе адзiн скарэй... Жарэ, як свiнчо... Апрагаецца. I шчэлепы не баляць. Мала немец бiў па мордзе... Пiснi яшчэ раз, што не паедзеш... Не будзе чым i жвакаць. Я табе не немец... Усе пакрышу... Смерцi баiцца, а жарэ...

Боганчык быў адразу адступiўся назад, тады раптам збялеў увесь што палатно, i ў яго зноў затраслiся скiвiцы. Вочы зрабiлiся вялiкiя i белыя...

Махорка пачуў пасля, як яго моцна ўдарыў Боганчык па пашчэнках - знiзу. Не згледзеў нават калi... Закруцiлася ў галаве... Каб не падхапiў яго ззаду Панок, ён паляцеў бы дагары на зямлю...

Закрычала Наста.

Калi Махорка схапiў Боганчыка за грудзi, пачуў, што той абмяк увесь i рукi ў яго вiсяць, як анучы. Вочы сталi маленькiя i вузенькiя - Боганчык заплюшчыўся: баяўся. У барадзе ў яго было поўна жыта...

Махорка тады адпусцiў рукi; каб не глядзець нi на кога, адразу сагнуўся, падняў з зямлi лейцы i ўскiнуў iх на мяхi.

Папраўляючы Сiбiраку хамут, глянуў пасля ўперад на дарогу: Боганчык, апiраючыся на ляжэйку, узлазiў на калёсы.

- Паехалi!.. - крыкнуў Махорка. - Анучы кавалак. Рукi свае пэцкаць не хачу... Кусаецца, як гадыня...

Наста з Панком, аглядаючыся, пайшлi да сваiх калёс. На дарозе стаяў толькi Янук i кiваў сам сабе галавой.

За iмшарай уперадзе зноў захлебястаў кулямёт.

На ўсходзе пасвятлела зара; павiднела ў лесе, i з калёс была вiдаць раса - далёка, аж за дарогай на iмшары.

11

Шапочуць на сухiм жвiры ў глыбокiх калдобах колы, i Алёшу здаецца тады, што мацi вялiкай рыдлёўкай сiляе ў хлеве на працiўнi з ямы пясок...

У хлеве яшчэ з парога вiдаць новыя жоўтыя сасновыя круглякi: мацi чыста падмяла гальнiком памост, згарнуўшы пацёртую сухую леташнюю сырадэлю i мятлiцу на працiвеньку. Працiвеньку летась выбiлi глiнай, калi перасцiлалi памост; уступiўшы босаму на яе, усягды было чуваць, як холадна ў ногi. Цяпер уся працiвенька, ад памоста аж да дзвярэй, зацярушана сухой патрухай, i Алёша чуў толькi, што колецца спадыспаду ў ступнi. Пасля мацi загадала яму ўзяць у хлеве за тынам граблi i падсунуць патруху з працiўнi да дзвярэй. Насыплецца пяску, тады куды яе дзець, на двор толькi вынесцi пад хлеўчык у гразь; а так - карове падсцялiць будзе на раз.

Падмёўшы памост, мацi сагнулася i пачала ўздзiраць рукамi танчэйшыя сасновыя круглякi i адносiць пад тын. Таўсцейшыя i сукаватыя яна кацiла да тыну нагамi. Калi Алёша падмёў працiўню, мацi паклiкала яго, i яны, узяўшыся за канцы, пераносiлi ўдваiх круглякi пад тын. Памост ляжаў высока ад зямлi, i пад iм хавалася нага аж па калена.

Носячы круглякi, мацi спынялася пасярод хлева i доўга слухала, павярнуўшы галаву на двор: недзе на загуменнi гудзела i гудзела не сцiхаючы.

"Самалёты..." - падумаў Алёша i чуў, як шэпча сама сабе мацi.

Памост яны паднялi з усiх легараў, пакiнулi толькi два старыя круглякi ля сцяны ад двара, дзе стаялi рыдлёўкi: адна новая, на белай яловай ручцы, другая блiскучая, скапаная i пагнутая, асаджаная на канец вiлачнiка.

Калi Алёша ўзяў у рукi старую рыдлёўку з кароткай ручкай-вiлачнiкам i скочыў з круглякоў на зямлю пад памост, пачуў, як усюды смярдзiць мышамi, аж зрывае нос.

- У штых бяры адразу... Не калупайся зверху i не лезь да самай сцяны. Пясок пад прызбай у гародчыку асядзе... - загадала яму мацi, i ён павярнуўся да яе. - Не адварочвайся i пясок адкiдай на самую працiўню. На сярэдзiну...

Мацi зноў сцiхла i маўчала. Алёша цяпер глянуў на яе з-пад рукi згледзела б, што ён адвярнуўся, зноў бы крычала - яна ўсё нешта шаптала сама сабе, бо ў яе краталiся вусны. Адвязала з галавы хустку - белая хустка ў кропачкi ляжала цяпер высака на сасновых кругляках ля тыну, - i ў яе на галаве раскручвалася з куклы каса i выязджалi чорныя шпiлькi. Алёша хацеў сказаць, што шпiлькi пагубляюцца ў пяску, але мацi тады зноў будзе крычаць на яго, што ён толькi варочае галавой, а не капае... Пасля падумаў, што шпiлек у мацi многа, цэлая жменя ляжыць у прыскрынку ў куфры.

Зямля пад рыдлёўкай была мяккая i рэзалася на скрылi, пакуль не пачаў чэрпацца жоўты пясок. Ён быў сухi, як жвiрак, i рассыпаўся, што соль, далёка не адкiнеш. Каб дастаць на працiўню, Алёша паварочваўся бокам, тады зноў бачыў мацi: яна стаяла каля самага тыну па каленi ў ямiне.

Каса ў яе раскруцiлася зусiм i аб'ехала на шыю; на лбе, было вiдаць, выступiў пот. Мацi ўгрэлася, выцiрала лоб даланёй i вадзiла ёй па ручцы ў рыдлёўцы: мачыла, каб не соўгалася рука. Пасля нагiналася, станавiлася нагой на рыдлёўку, падымала на ёй пясок i, выпрастаўшыся, кiдала назад, на працiўню, неяк бокам, з-за вуха. Алёша згледзеў, што ў яе расшпiлiўся ў нажутцы верхнi гузiк, зачырванелiся шчокi i шыя, нават рукi сталi чырвоныя па локцi. Мацi ўсягды гэтак чырванела, калi жала пад Карчаваткамi жыта, Алёша хадзiў памагаць ёй зносiць снапы. Яна спяшаецца, нават не стане, каб адсапнуцца, i яму, Алёшу, загадвае, не адгiнаючыся - глядзiць усё на рыдлёўку пад ногi. У вёсцы даўна ўжо ўсе пазарывалi ў зямлю куфры: i Панок, i Махорка. Наста закапала ў хлеве вялiкую чорную капусную кадзь - Алёша бачыў - i скiдала на тым месцы старое сена з бульбеўнiкам.

На дварэ над фермай гудзелi самалёты; пасля пачало вухаць на Плавах, моцна i часта, аж уздрыгвала, здавалася, пад рыдлёўкай зямля.

- Дзе гэта, сын? - спыталася мацi, гледзячы з-за пляча на працiўню.

Алёша выскачыў з ямы i, ступаючы ля сцяны па сасновых кругляках, падбег да дзвярэй. Вылезла з ямы мацi. Падышоўшы да дзвярэй, яна аперлася побач на рыдлёўку, i яны стаялi цяпер адно ля аднаго i глядзелi праз дзверы за плот на Плавы. Там памiнутне грукала, што таўклi ў ступе. Было чуваць, як звiнелi ў хаце ў вокнах шыбы i шашчэў, асыпаючыся ў яму на дно, пясок.

- У Тартаку дзе...

- Не, сын. На Красным... Тартак прама, на пасеку якраз... О-ха-ха...

Узышло сонца, паказалася з-за Плавоў, з-за рудога туляга, жоўтае, калючае. У гародчыку зашумела ад ветру рабiна - шастала галлём па плоце. Алёша пачуў, як яго ўсяго калоцiць.

- Марш у яму... Настаялiся... - загадала мацi. - Бандзiты... правячыся, яна пайшла i ссунулася з берага ў яму. Раскруцiўшы зусiм касу i перакiнуўшы яе на грудзi, яна зноў стала кiдаць з ямы з-за вуха жоўты пясок. Алёша чуў, як бразгае, чапаючы каменне, у яе пад рукамi рыдлёўка, як стукаюць аб дошкi ў дзвярах камкi цвёрдай глiны; як мацi дыхае i дыхае, моцна i цяжка; як яна зноў выцiрае даланёй шчокi i лоб ад поту; як пасля кашляе доўга i рэдзенька - "праганяе перхаўку".

Ёй не дае нагiнацца каса, з'язджае на вочы, i яна ловiць яе рукамi i хавае ля шыi пад нажутку, зашпiлiўшы верхнi гузiк. Цяпер мацi толькi згiнаецца i адгiнаецца: пускае рыдлёўку i з-за вуха i цераз сябе - цераз галаву. Нават пот не выцiрае даланёй, i ён блiшчыць у яе на лбе, выступiў кроплямi, што раса.

У мацi рыдлёўка з доўгай ручкай, i Алёшу цесна ў яме. Ён прыцiскаецца да берага i дзяўбе пад нагамi - ссякае глiну.

- У штых бяры, не дзюбай... I памногу не чэрпай. За табой усё назад асыпаецца... - зноў яму загадвае мацi.

Горача стала ў яме. Алёша адгiнаецца i, як мацi, выцiрае лоб.

На Плавах было сцiхла, тады пачало бухаць зноў, усё роўна як паблiжэўшы.

- Не лянiся, сын. Я ўсё чую... Не лянiся. Астанёмся i голыя i галодныя... - зноў на яго крычыць мацi. Яна ўжо стаiць у яме па пахi; ногi ў яе ўсе ў глiне; усё роўна як яна месiць яе на ферме ў збiтым з дошак карыце на цэглу - перарабляць печ. Глiна паналiпла да калень, абсыхае i валiцца на зямлю дробнымi камячкамi.

Мацi кашляе: "праганяе перхаўку", дыхае з сябе, што хворая, але не стане, каб адсапнуцца. Махае i махае рукамi, падымаючы рыдлёўку. На спiне ў яе ўжо змокла ад поту белая нажутка, пацямнела; на галаву ў валасы насыпалася пяску. Алёша зiрнуў тады на складзеныя сасновыя круглякi ля тыну, дзе ляжала матчына белая ў кропачкi хустка. I на кругляках i на хустцы было поўна жоўтага пяску - панасыпала мацi. Пясок насыпаўся i высака на сцяну на павучынне.

- Не плюй на рукi... Мазалi ўскочаць... - мацi была адагнулася i глянула на яго. Яна цяпер была ўся ў глiне: i нос i шчокi. Алёша пачуў, што ў яго ўжо гараць агнём далонi.

"Ад ручкi, - падумаў ён. - Каструбаватая, як палена".

Калi цяпер грукала на Плавах, здавалася - недзе зусiм блiзка, ля рэчкi. Дрыжала зямля. Мацi ўзялася рукамi за бераг, як усё роўна баялася, каб не абрыўся. З кучы пяску, зверху, кацiлася каменне i покала ў яму пад ногi.

- Не бойся, сын. Далё-ёка... Вылезь наверх i адгарнi з берага пясок на сярэдзiну. У зямлi яно вунь як чуваць, ты скажы... Што за плотам усё адно бухаюць.

На двор нехта прыйшоў да студнi па ваду: бразгала вядро на кручку, тады заскрыпеў асвер.

- Выскач, сын, прычынi дзверы. I не вылазь на двор укачаны ў глiну... мацi нават не адагнулася ад рыдлёўкi. Нажутка ў яе была ўжо ўся мокрая аж да паяснiцы.

Саскочыўшы зноў на дно ў яму, Алёша пачуў, што холадна ў ногi. Пад глiнай пайшоў жвiр, руды i дробны, усё роўна як пасечаны, i калолася ў ступнi.

Алёша ўжо ўвесь хаваўся ў зямлi - галава была роўна з памостам, i было цесна ў яме. У мацi лiўся з iлба цурчом пот; яна памiнутне тоўхалася ў плечы доўгай ручкай ад рыдлёўкi. Не слухала цяпер зусiм, як грукала на Плавах.

Пасля яна раптам злякнулася, выпусцiла з рук рыдлёўку i прыхiнулася плячыма да беражнiцы ў яме...

Захлебястала за вулiцай на ферме, стукала доўга, не сцiхаючы, пасля загуло, цяжка, з перахлiпамi.

- Бадай ты агнём пайшло... - мацi выцерла даланёй пот на лбе i на шыi i зноў сагнулася: даставала рыдлёўку.

На ферме за вулiцай гудзеў трактар. Трактар не заводзiўся тры днi. Новы яшчэ быў зусiм, нават колы блiшчалi, а як прыгналi яго з Кур'янаўшчыны ў соснiк за фермай - i не завядуць. А яго, як толькi сказалi, што пачалася вайна, сабралiся гнаць у сельсавет. А як пагонiш, калi ён не заводзiцца. Сёння завялi - мужчыны ўсю ноч ля яго не спалi: бразгала на ферме жалеза.

Трактар гналi з фермы ў вулiцу - хлебястала ўсё блiжэй i блiжэй, i пачала дрыжаць у яме беражнiца.

- Аж вушы пазакладала... - мацi зноў адагнулася ад рыдлёўкi.

Трактар раптам пацiшэў, пасля заглох, недзе блiзка, ля плота, мусiць, за вулiцай.

Стала адразу цiха, i было чуваць, як на варотах бразгае кручок i па двары дугаюць, не сцiхаючы, нагамi. Пасля заскрыпеў асвер.

- Выскач, сын, паглядзi... - загадала мацi. - Усё роўна цесна. Замiнаеш толькi...

Алёша, стоячы на працiўнi высака на пяску, падумаў, што ў мацi шырокiя ступнi, i калi яна топчацца на месцы, убiвае вiльготны пясок i глiну, што плешча пранiкам. На нагах у яе абцерлася сухая глiна, i Алёша ўбачыў, як у мацi пачырванелi лыткi i на iх надулiся сiнiя жылы - вузламi. Пасля згледзеў, што i рукi ў яе чырвоныя, усё роўна як яна выняла iх зiмой ля студнi з вады i на iх гэтаксама набухлi сiнiя жылы, бугаркамi. Ён нiколi яшчэ не бачыў, каб у мацi былi такiя рукi - як пухлiна на iх.

Ён падумаў, што жылы могуць лопнуць i ў мацi з рук пацячэ кроў, i спалохаўся.

Як яны тады занясуць у хлеў з хаты куфар? Удваiх з бацькам не дасi рады. Куфар цяжкi, не падняць, хоць мацi i павынiмала з яго ўсё, нават прыскрынак апаражнiла. Не станеш жа клiкаць людзей. Мацi не хоча, каб хто надта вiдзеў, дзе будзе закапаны куфар.

- Не стой. Як прырос усё роўна. Двор разнясуць. Паглядзi, можа, бацька каго прывёў... - мацi зноў выцiрала шыю дзвюма рукамi.

Алёша яшчэ з хлева згледзеў ваенных, траiх; яны тапталiся ля студнi, разносячы па двары ботамi пясок. Боты ў iх былi сiвыя ад пылу аж да калень. На плячах у аднаго была доўгая вiнтоўка - блiскала на сонцы, калi ён нагiнаўся над зрубам. Ваенныя бралi вядро адзiн у аднаго з рук i пiлi, змахваючы пасля рукамi з грудзей ваду.

Алёша падышоў да гародчыка i прыпёрся плячыма да частаколу. Ваенныя на яго нават не азiрнулiся, як усё роўна яго не было на двары.

Пасля да студнi прыбег з вулiцы яшчэ адзiн ваенны, высокi, у пакамечанай i задранай ззаду гiмнасцёрцы. На плечы ў яго набралася пылу. Нахiлiўшы адной рукой вядро - вядро стаяла на зрубе, ён налiў вады спачатку ў шырокую, чорную з вечкам талерку - талерка ўсярэдзiне была белая, як мiска, - закрыў вечка i тады сам крукам сагнуўся над вядром: зруб быў нiзкi. Адагнуўшыся, ён зноў пабег на вулiцу, абагнаўшы ля хаты траiх, што перш прыйшлi да студнi. З двара былi добра вiдаць з-за тыну яго шырокiя плечы ў пыле i чорная галава - кiвалася з боку на бок: ваенны быў без пiлоткi. Алёша ўбачыў, што на вулiцы поўна пылу; пыл падымаўся вышэй тыну i поўз на гарод пад раку. За хатай моцна i глуха грукала - без сцiханага... Здавалася, дрыжыць двор...

Алёша пабег ля хаты да варот.

Яму спачатку здалося, што калышацца ўся вулiца - ад плота да плота... Пасля ён падумаў, што яна ўся зялёная...

Iшлi ваенныя, заняўшы вулiцу ад iхняга аж да Панковага хлева. Ад варот цераз гароды пад рэчку было вiдаць, як яны спускалiся з грэблi да маста.

У вёсцы раптам стала цiха: не скрыпелi вароты, не ляскалi на ферме калёсы, не гаварылi на двары ў Панка. За туляг над Плавамi заехала сонца; над хатай i над хлевам стала сiва, як ад дыму. Здавалася, усё застыла, што ноччу. Толькi калыхалася ад плота да плота вулiца i грукала зямля: грук-грук, грук-грук... Над вулiцай падымаўся ўгару пыл, высака, роўна з тофелем, што рос у Панка ў гародчыку.

Ваенныя iшлi цяпер каля самых варот: з мокрымi ад поту плячамi, з зялёнымi мяшкамi на плячах i са скручанымi ў трубы сiвымi суконнымi шынялямi; з вiнтоўкамi i маленькiмi зграбнымi рыдлёвачкамi пры боку; з зялёнымi каскамi i з зялёнымi кацялкамi.

Падышла мацi з рыдлёўкай у руках, аперлася на ручку i глядзела на вулiцу праз адчыненыя вароты. Мокрая ўся, ва ўкачанай у пясок нажутцы, з нагамi ў глiне: як вылезла з ямы, так i прыйшла. Пасля страсанула ў руцэ хустку - схапiла з сабой, вылазячы з ямы: не паказвацца ж на вочы чужым людзям з голай галавой - i, прыхiнуўшы да тыну рыдлёўку, завязала хустку на галаву. Пачакаўшы, пачала выцiраць вочы.

"Плача..." - падумаў ён i аглянуўся. Мацi плакала; глядзела ў зямлю, сабе пад ногi, i выцiралася ражком хусткi.

- Адступаюць... На Бегамля... - сказала яна цiха, сама сабе, i сашчапiла на жываце рукi.

Ваенныя iшлi i iшлi, валiлi валам: паказвалiся з-за Панковага хлева, падыходзiлi да iхнiх расчыненых насцеж шырокiх варот, мiналi тын, падымалiся на гару ля фермы, ля даўнейшых моглiц, доўга калыхалiся на дзядзiнцы пад соснамi i хавалiся ў соснiку ля бульбяных ям. Над дарогай ля лесу, як i ў вёсцы, падняўся пыл i цягнуўся на поле за ямы.

Калi ваенныя пераставалi iсцi, ля Панковага хлева рабiлася пуста зганяла пыл, i было вiдаць, як на двары ў Панка стаяў ля варот сам Панок з Веркай i на плот лезлi дзецi.

Зноў выходзiлi ваенныя з-за Панковага хлева i iшлi, падымаючы пыл i грукаючы нагамi. Было вiдаць зноў, як яны спускалiся з грэблi да маста - з гары ад школы...

Алёша хацеў выбегчы на вулiцу на лаўку, але на яго адразу глянула мацi - перавяла ўсяго вачыма... Раптам ацiхла, не грукала на вулiцы... Не калыхалiся ад плота да плота ваенныя. "Сталi..." - здагадаўся ён i ўбачыў, што яны ўсюды пасталi i стаяць: i на грэблi ля маста, i ля Панковага хлева, i аж ля лесу, ля ям...

Алёша падумаў, што ваенныя будуць прасiць малака i пабягуць зараз на двор. Але яны не беглi i не прасiлi ў мацi малака. Стаялi ля варот, пазадзiралi ўверх галовы, недзе туды, за вёску, на Панкоў тофель.

Тады Алёша пачуў, як угары, над Панковым тофелем, загудзела, моцна i густа, аж затросся, здалося, на вулiцы пыл. Пасля ад тофеля адлучылiся адразу тры самалёты. Яны iшлi нiзка над вёскай - Алёша згледзеў, што ў iх было счэсана ззаду наперад крылле, - iшлi на сонца, туды, дзе грымела ўсю ранiцу. Пачакаўшы, з-за тофеля вылецелi яшчэ тры самалёты. Самалёты ляцелi i над грэбляй i над загуменнем.

Прыхiнулася да тыну мацi, падхапiла яго, Алёшу, i прыцiснула да сябе, да калень. Алёша чуў, як трасуцца ў яе ногi, i бачыў з-за тыну, што вулiца ўсё роўна краталася: ваенныя вадзiлi галовамi за самалётамi, за тымi, што ляцелi з загумення.

Пасля самалёты сталi заварочвацца над самай фермай...

Алёша згледзеў праз тын, як закалыхалася зялёная вулiца - далёка, аж да Панковага хлева; пачуў, як на могiлках нечым суха ўдарыла па зямлi, як мацi зноў схапiла яго i прыцiснула да сябе - недзе пад паху...

Не было чым дыхаць. Ад мацi запахла цёплай нажуткай i зямлёй. Алёшу схапiў кашаль...

Ён пачуў, што ляжыць нiц на мяхах, падвярнуў пад сябе галаву, i яму не дае дыхаць. Ён падняў галаву - уваччу закалыхалася высокая зялёная трава ля дарогi; паднiзам цiха загрукалi ў калдобiнах калёсы. З цёплага меха, у тым месцы, дзе ляжала галава i выбiлася ямка, запахла ўпараным ячменем, што стоўчанай груцай, i сырой травой - зайцавым гарохам i пырнiкам. Зайцаў гарох вострымi стручкама паўпiваўся ў шчаку, i яна цяпер балела, як паколатая.

Пасля Алёшу раптам стала холадна; заляскалi зубы. Ён тады сеў, падкорчыўшы пад сябе ногi...

Здалося, што яны едуць назад: конь, махаючы хвастом, iдзе назад, i Янук, седзячы на калёсах, падпёршы рукамi галаву, глядзiць назад, туды, адкуль яны ехалi... Тады Алёша пакруцiўся на возе. Лейцы даўна выехалi з-пад яго i зачапiлiся за ляжэйку. А можа, Наста прывязала iх, падышоўшы?.. Ён хацеў крыкнуць Насце, чаму яны едуць назад, але яе нiдзе не ўбачыў.

Пасля ён згледзеў, што мужчыны ўсе сядзелi на вазах. Падводы былi блiзка адна ля адной, як i ўчора вечарам, калi выязджалi з вёскi. Пярэднi цяпер ехаў Махорка: абмiнуў, мусiць, ноччу Боганчыкавага жарабка на сваiм Сiбiраку.

Развiднелася. Усюды было аж бела. Густы, стары, з павалам ельнiк, праз якi яны ехалi, здаваўся сiвым, як ад iнею; таўстыя, у абхват, елкi з камля былi шэрыя, што асiны.

Ля самай дарогi тырчалi высокiя яловыя пнi, упоравень з возам, старыя, тоўстыя; за iх чаплялiся, абдзiраючы восямi, калёсы. Ля пнёў была вiдаць сiвая зямля, кiдаўся ў вочы белы балотны сiпак i блiшчала вада - чыстая, здавалася, цвёрдая, што лёд; стаяла жоўтая, як салома, высокая, у рост чалавека, мятлiца - кустамi. Над мятлiцай вiсеў туман, белы, як снег.

У калдобах трашчала старое сучча; колы коўзалiся па iм, i калёсы кiдала з боку на бок.

Трасла дрыжыка, як трасца, Алёша соўгаўся на мяхах i не мог сагрэцца. Стала холадна ў рукi - у пальцы: яны пакрэплi i пачырванелi, як буракi. Ён хацеў саскочыць з калёс i пайсцi збоку, узяўшыся за ляжэйку, як Панок, але на траве была раса, што iней. Каб узяў толькi ды сеў конна на каня, з яго дык пара iдзе... Але не дадуць мужчыны - накрычаць.

Хутчэй бы паказалася сонца - адубееш.

Лес кончыўся адразу - выехалi на лог, усё роўна як з пунi на двор. Стала яшчэ больш вiдна i холадна; далёка ўперадзе над лесам, за ракой, зрабiлася белае-белае неба, аж сiняе, i ля самай зямлi лягла густая чырвоная паласа, доўгая, што выцягнулася. На яе не было як глядзець - рэзала ў вачах.

На разводы на мяхi ўзлез Панок; згорбiўся i закашляўся. Варушылася на возе, лежачы, Таня, круцiў у руках лейцы Янук, што вузел усё роўна развязваў. З-за Панковага каня былi вiдаць Боганчыкавы плечы; Боганчык сядзеў у самым перадку i глядзеў на жарабка.

- Не аставацца... Паганяйце... Здалёку ўсё вiдаць... Як на даланi... закамандаваў спераду Махорка, цiха i хрыпата.

Алёша схапiў за лейцы, але коней не пагналi - нi Боганчык, нi Панок. Тады Алёша азiрнуўся i ўбачыў, што Наста толькi цяпер выехала з лесу: змарыўся i астаецца Буланчык. Наста паганяе яго, iдучы ля аглабнi, лейцамi...

Далёка ззаду пачуўся стрэл; па лесе пайшло рэха - зашумела; пачакаўшы, пачалi страляць густа, са звонам, усё роўна што сыпалi з кошыка бульбу ў парожнiя калёсы.

- Не аставацца!.. Не трэба было даваць Буланчыку пiць. Напiўся, вiдаць, у Брадку з лужыны... Намэнчышся цяпер... - Махорка саскочыў з калёс з лейцамi ў руках, аглядаўся памiнутне назад.

Буланчык iшоў навыцяжку; было чуваць, як Наста сцёбае яго мокрымi лейцамi, калi ён даставаў траву.

Збоку, недзе ля Панковых калёс, азваўся ўзагнаны дзяркач. Зашыкала воддаль дзiкая качка, мусiць, на малых - вяла недзе iх у лес у Брадок, там, дзе, не сцiхаючы, краталася нiцая лаза. За нiцай лазой пад лесам у трысцi стаяў бацян i глядзеў на людзей i на падводы - выцягнуты, натапыраны, гатовы адразу ўзляцець з зямлi.

Ля дарогi на сушэйшым пайшлi белая мятлiца i крапiва, высокая, па самыя ляжэйкi, чаплялася i мачыла расой мяхi. На крапiве ляжала дробнае птушынае пер'е, намокла, папрылiпала да лiсця.

Пад лесам i воддаль ад дарогi вiсеў туман, падняўшыся ад зямлi. Турчэлi недзе далёка жабы; гудзеў дзiкi голуб, ззаду, на Брадку, у тым баку, дзе нядаўна стралялi. Каркалi вароны, рэдка i цiха, - у тумане iх не было вiдаць. Аднекуль дыхнула працiўным гарам ад торфу - хоць захлынiся. Яго, мусiць, прынясло з туманам - недзе недалёка гарэў лес. Пасля запахла травой, сухой, цёплай i свежай, як хлебам-перапечкай.

Неба на ўсходзе стала жоўтае; высака ўгары зрабiлася белае, як удзень. Уперадзе над самай дарогай зачырванеўся лес, i ў тым месцы на небе выскачылi хмаркi - у ружовыя i жоўтыя палосы. Далёка за елкамi паказаўся чырвоны бераг сонца, цьмяны, як уначы веташок: на яго можна было глядзець, не жмурачы вачэй. Здавалася, яно свецiць праз туман, як праз аснаваную жоўтую пражу. Пража мiтусiцца, калышучыся, усё роўна як хто яе, зблэчаную, папраўляе рукамi.

Пасля сонца адразу выбегла на чыстае. Шырокае, сплюснутае, яно адскочыла ад зямлi i, жаўцеючы, стала дрыжаць i пералiвацца, што жалеза агнём, калi яго дастануць у кузнi з горна з-пад гарачага вуголля. Знiклi чырвоныя хмаркi, як згарэлi ўсё роўна. Елкi зрабiлiся вострыя, што iголкi.

Уперадзе на дарозе нiчога не было вiдаць ад сонца. Над логам папоўз угару туман; цяпер ён быў як разасланы збольшага на стале суравы абрус, што накрываў хлеб, вялiкiя круглыя буханкi. Пад iм ля дарогi загарэлiся чырвоныя дудкi ад старога шчаўя - здавалася, i травы iнакшай на лагу не было, адно шчаўе.

Ззаду над самым лесам вiсеў месяц. Яны ўжо ад'ехалi логам далёка, i месяц быў добра вiдаць: белы, што глiнка, пацямнеў толькi збоку, сцiраўся.

Уперадзе цераз дарогу - над Боганчыкавымi калясьмi - пераляцела дзiкая качка - памалу, чуць несла цяжкае валлё, выставiўшы ўперад, як падплятанку, дзюбу i ледзь кратаючы крыллем. Здавалася, сарвецца на зямлю.

У нiцай лазе крычаў i крычаў дзяркач. Недзе ў самым кутку над логам зноў глуха каркалi вароны, што ўвосень дома на загуменнi.

Сонца паменшала, пабялела; зверху над iм ляглi, выцягнуўшыся, чорныя тулягi. На лагу было яшчэ больш холадна. Крэплi рукi - не бралi лейцаў - i шчыпала за вушы, як у мароз. З рота iшла пара i вiсела над калясьмi, што кудзеля. Туман падымаўся высока, уровень з лесам, i рудзеў - палосамi.

Тарахцелi калёсы, i скрыпелi драбiны; чыркалi дразды на лагу ў альшэўнiку, i шыпелi сiваваронкi ля дзвюх старых дуплаватых асiн - мусiць, ля гнёздаў.

Моклi, дастаючы да травы, спушчаныя з ляжэйкi ногi; на iх налiпала халоднае насенне ад мятлiцы, дробнае, што аўсюк.

Ззаду калёсы дагнаў Буланчык; выцягнуў шыю i даставаў з-пад меха зайцаў гарох, адвесiўшы губу i бразгаючы цуглямi. З-пад грывы, чорнай i мяккай, што воўна, глядзелi ў бакi вялiкiя i круглыя блiскучыя вочы. Збоку ля калёс па траве, узяўшыся рукой за ляжэйку, iшла Наста; другой рукой яна трымала паднятую вышай калень спаднiцу. З-пад спаднiцы ў яе была вiдаць белая палатняная кашуля - мокрая з самага нiзу ад расы i з дробным насеннем ад мятлiцы. Шчокi ў Насты былi чырвоныя, заружавелiся, што ля печы; яна выцiрала рогам белай хусткi лоб: мусiць, угрэлася, паганяючы Буланчыка.

Алёшу было здалося, што пацяплела на возе. Запахла з дарогi з-пад ног у каня сухiм сенам.

Канчаўся лог. Уперадзе блiзка быў лес - здалёку былi вiдаць чырвоныя, што ад агню, сосны.

Далёка, у канцы логу, з правага боку, была рака; там густа расла лаза усё роўна як зграблi ў вал сухое сена i яно ляжала цяпер ворахам. Над ракой нахiлiлiся старыя вольхi; з-за iх вытыркалiся востранькiя елкi; вiдаць быў i белы дробны бярэзнiк - за ракой. Там было балота.

Пасушэла; дыхнула аднекуль з зямлi духам, што з хаты; запахла сырым пяском, усё роўна як з ям ля вёскi.

Захацелася есцi - блiноў з бульбы, якiя мацi пякла кожную ранiцу, устаўшы такой парой.

Павузела дарога, пачаўся малады, густы сасновы лес. Ён, мусiць, iшоў гарой аж за Пунiшча, адступаючы ад яго, як баючыся; пасля паварочваў пад Дальву i цямнеў здалёку, чорны, што ноч. Там пачынаўся Палiк. З Дальвы да Палiка далёка... З Дальвы туды рэдка хадзiлi.

Ля самай дарогi рос верас, высокi, стары i руды; чапляўся дудкамi за атосы - яны аж звiнелi.

У каляiнах быў пясок, сухi, жоўты i глыбокi; у яго хавалiся колы, i конь iшоў навыцяжку. Ехалi памалу.

На самай гары, справа, дзе недалёка ўнiзе была рака, рос невысокi сасняк; над iм паказалася сонца i пачало калоцца ў вочы. З неба з'ехалi хмары: днём зноў стане пячы сонца, як учора.

Мужчыны пазлазiлi з вазоў i iшлi ля Боганчыкавых калёс. Пярэднi iшоў Махорка. З мяхоў злез i Янук, узяўся за ляжэйку i трымаў у руцэ лейцы. Ззаду зноў не было чуваць Насты - асталася.

З-пад калёс падымаўся пыл, мяккi, як з-пад падсiтка, i лез у горла. Было чуваць, як цiха кашляе Панок: зацiскаў, мусiць, рот.

Збоку за ракой недзе далёка загудзела, цяжка, з натугай, усё роўна як пад гару iшлi леспрамгасаўскiя машыны з гружонымi прычэпамi.

Алёша пачуў, як яго кiнула ў стужу. Стукалi зубы, i траслося ўсярэдзiне. Так у яго траслося ўсярэдзiне, калi зганялi ўчора ўсiх да Махоркi на вулiцу.

Наперадзе ля Боганчыкавых калёс iшлi мужчыны, цiха, як баючыся. Панок усё азiраўся назад.

Пасля Алёшу здалося, што ён убачыў уперадзе над соснiкам пыл, белы i рэдкi, як згледзець вокам.

Ён хацеў быў саскочыць з мяхоў i падбегчы сказаць мужчынам. Але пылу над соснiкам больш не было, i Алёша падумаў, што яму здалося.

Сонца бiла ў вочы, i ад яго было ўсё жоўтае: i мяхi на калёсах, i пясок у каня пад нагамi, i мох на зямлi ў соснiку... Недзе над самай галавой застукаў дзяцел - мусiць, у гнiлую сухастоiну - моцна, што страляў усё роўна. Над дарогай запырхалi сiнiцы.

Пасля зноў за соснiкам загудзелi машыны. Алёша згледзеў, як сталi былi мужчыны, гаварылi, мусiць, тады зноў пайшлi кучкай - хутчэй, як спяшалiся куды.

Спускалiся з гары: конь пайшоў смялей, зусiм не напiнаючыся.

Зноў уперадзе над соснiкам закурэўся белы пыл, iшоў з зямлi, што дым. Недзе там забразгала, што клямка дома ў сенцах знадворку, калi хто чужы iшоў у хату...

Сцiх над галавой дзяцел - зляцеў.

- Мужчыны!.. Немцы!.. - закрычала раптам Наста на ўвесь голас, дзярката i сiпла, як на марозе. Яна была цяпер з возам ззаду на самай гары...

Алёшу здалося, што закрычала мацi.

Ён саскочыў з мяхоў на дарогу ў пясок.

12

Алёша згледзеў спачатку кароценькi аўтамат, якi быў настаўлены якраз яму ў грудзi, блiзка, рукой можна дастаць. Чорная фарба на аўтамаце кiнулася ў вочы - была вышаравана, i блiшчала белае жалеза, якраз там, дзе яго ашчарэпiла вялiкая, чырвоная, з тоўстымi пальцамi рука. Пасля аўтамат павярнуўся рулькай убок i ткнуў яму, Алёшу, пад паху ў скабы...

Алёша толькi цяпер убачыў немца. Немец быў высокi, увесь у сiвым сукне, што пацук. I на галаве ў яго ляжала шырокая, расцягнутая сiвая пiлотка з сукна, ссунутая нiзка, на самы лоб.

- Вэр, вэр!.. - пачуў Алёша, як крыкнуў на яго немец, i згледзеў, што той стаiць з разяўленым ротам i кiвае галавой - паказвае iсцi ўперад. Зноў яго таўханулi пад паху, моцна, як усё роўна хацелi прасадзiць. Калi Алёша павярнуўся, убачыў, як павярнулiся збоку блiскучыя боты i асталiся ззаду.

Тады Алёша згледзеў, што ўсе мужчыны, нават Янук Тваюмаць, стаяць наперадзе на дарозе, недалёка ад Боганчыкавага жарабка, адзiн ля аднаго, падняўшы ўгару рукi, i глядзяць назад, на падводы. З аднаго i з другога боку ля iх блiзка стаялi немцы з аўтаматамi ў руках: па двое. Алёша падумаў, што i яго гоняць да мужчын, не загадалi толькi падняць рукi.

Ён хацеў азiрнуцца, каб паглядзець, дзе Наста, але ззаду зноў закрычаў немец: "Вэр! Вэр!" - i Алёша ўбачыў толькi яго блiскучыя боты.

Пасля Алёша згледзеў, як да доўгiх Панковых развод падскочылi два немцы, тоўстыя, у пiлотках, i пачалi торкаць аўтаматамi ў мяхi. З калёс на дарогу пасыпалася жыта. Тады немцы сталi мацаць мяхi рукамi, кожны мех, i паказваць нешта адзiн аднаму пальцамi.

Немцы былi i ля Танiных калёс - стаялi, сагнуўшыся ў крук над мяхамi, на якiх ляжала, не ўставаўшы, Таня. Ля Танiных калёс была Наста, прыбегла, кiнуўшы аднаго Буланчыка. Наста ўсё махала i махала рукамi - паказвала ўперад на дарогу - мусiць, на мужчын - i гаманiла, моцна, каб усе чулi. Алёша ўспомнiў, што яна i ў вёсцы, у Махоркi ля тыну, калi падыходзiла да немцаў, гаварыла моцна, на ўсю вулiцу.

Немцы былi i на самай гары, абступiлi Буланчыка...

Больш Алёша не бачыў нi Насты, нi Танi на калёсах. Яго падагналi да мужчын i паставiлi збоку ля Янука. Янук стаяў, высака задзёршы рукi, вышэй за ўсiх, - закасалiся рукавы, i ў яго былi вiдаць белыя локцi. Янук быў без кепкi: недзе, мусiць, згубiў цi пакiнуў на возе; мокрыя сiвыя валасы на галаве скруцiлiся ў каслаўкi i папрылiпалi да вушэй. Палатняная рубашка выехала з-пад паяснiцы i даставала падалом да калень. Янук павярнуўся i глядзеў на Алёшу нейкiмi балючымi вачыма, як шкадаваў усё роўна. Мужчыны, падняўшы рукi, стаялi цiха - нiхто не кратаўся. Алёша ўбачыў, як збялеў Панок; у яго памiнутне падскаквалi ўгары плечы - яму цяжка было стаяць, задзёршы рукi: кашляў.

Немец, якi прыгнаў Алёшу, крыкнуў тым, што стаялi ля мужчын, моцна i дзярката: "Вэр! Вэр!.." - i тыя суса кiнулiся да Боганчыка i Махоркi i сталi мацаць далонямi па грудзях, па жываце, па штанах у паяснiцы. Перамацалi пасля ўсяго Панка - ён стаяў i без аддухi кашляў; тады - Янука, чапляючыся рукамi за падол яго доўгай палатнянай рубашкi. Алёшу не кранулi...

Пасля немец у шырокай разношанай пiлотцы, што гнаў Алёшу, падскочыў да Махоркi - Махорка стаяў пярэднi, - паказаў аўтаматам на дарогу i крыкнуў зноў моцна i дзярката: "Вэр-вэр!.." Немец паказаў быў яшчэ Махорку падняць вышэй рукi: той быў апусцiў iх да самых плеч.

Мужчыны павярнулiся i пайшлi па пяску - па дарозе з гары, - Алёша чуць спраўляўся з iмi.

Ззаду зноў загаманiла Наста: мусiць, нешта гаварыла немцам. Пасля крычала. Яе ўжо не было вiдаць з дарогi.

Алёшу стала ўсяму горача; пясок пад нагамi зрабiўся гарачы-гарачы...

Збоку ля мужчын, якраз ля Боганчыка i ля Махоркi, iшлi два немцы з аўтаматамi перад сабой i круцiлi па баках галовамi; за Алёшам ззаду, чуць не наступаючы на пяты, ступаў немец у сiвым пiнжаку i сiвой разношанай пiлотцы, той, што гнаў яго да мужчын. Алёша глядзеў на дарогу пад ногi i бачыў яго блiскучыя боты. Калi немец забягаў Алёшу наперад, у яго быў вiдаць разрэзаны ззаду сiвы суконны пiнжак i высака, аж пад пахай, чорны пiсталет. Было чуваць, як грукаюць па карэннi цяжкiя боты, што калодкi, i шуршыць, перасыпаючыся, пясок на дарозе пад нагамi ў мужчын.

Боганчык увесь згорбiўся, угнуў шыю. Рукi ў яго былi задзёрты ўгару, адна вышэй, другая нiжэй, i ён часта згiнаў галаву, даставаў шчакой да пляча: выцiраўся. Мокрыя аж да калень калошы ў яго папрылiпалi да лытак; на калошы набралася пяску, i яны былi здалёку што яловая карына. Боганчык ступаў дробна i часта, маленькiмi крокамi, зусiм не падымаючы ног ад зямлi.

Алёша раптам падумаў, што iх вядуць страляць. Адвядуць з дарогi i пастраляюць...

Махорка iшоў пасярод дарогi, па самым пяску, - Алёша, iдучы ззаду, лучаў нагамi ў яго сляды - i то апускаў нiжэй, то падымаў угару рукi. Шырокiя плечы ў яго хадзiлi хадуном - Махорка часта дыхаў, як змарыўшыся. Аб'ехалi штаны, i на паяснiцы была вiдаць белая палатняная кашуля сабралася ў фалды. Махорка не варочаў галавой, як Боганчык, глядзеў перад сабой: блiзка iшоў немец, наставiўшы аўтамат яму пад паху.

Панок увесь час кашляў; у яго аж пасiнела шыя; немец, што iшоў збоку ў Махоркi, дагнаў быў Панка i парнуў яго два разы аўтаматам у спiну: не любiў, вiдаць, кашлю. Панок закашляўся яшчэ горш: яго пачало тузаць. Немец тады закрычаў. Панок не мог iсцi - захлынаўся: пыл з-пад ног лез яму ў горла. Ён хацеў саступiць на сцежку, але на яго наставiў аўтамат немец. Тады Панок пачаў харкаць на дарогу - немец адскочыў ад яго i зноў закрычаў: "Вэр! Вэр!.."

Адзiн Янук iшоў смела, ступаючы шырака, як па вулiцы. Алёша падумаў, што Янук вышэйшы за ўсiх, што ў яго не дрыжаць нi рукi, нi плечы. Янук толькi гудзеў сабе пад нос, не сцiхаючы, як асва ў акне, заляцеўшы ў хату. На яго азiралiся пярэднiя немцы, але не чапалi.

Калi быў зноў закашляўся Панок i, стаўшы, схапiў сябе рукамi за грудзi, яго, падскочыўшы, пачаў яшчэ больш тоўхаць у плечы аўтаматам немец, што калоў усё роўна. Сталi былi на хвiлiну ўсе мужчыны, i Алёша ўбачыў, як, адвярнуўшыся, кiўнуў яму галавой Махорка. Алёша згледзеў быў яго вочы: вялiкiя i чырвоныя, што ўсё роўна набеглi кроўю, яны зiрнулi аднекуль глыбака спадылба.

Алёша падумаў, што Махорка клiча падысцi. Хоча, каб ён, Алёша, быў у яго на воку... Пасля, калi мужчыны зноў iшлi па пяску i перастаў кашляць Панок, Алёша зноў згледзеў, як яму кiўнуў галавой Махорка. Кiўнуў не азiраючыся.

"Паказвае, каб уцякаў, - падумаў Алёша. - Бо iх вядуць страляць, Махорка ведае..."

Алёшу раптам захацелася падбегчы да Махоркi i спытацца, што ён хацеў сказаць. Пасля захацелася ўчарэпiцца Махорку рукамi за штаны, як ён, Алёша, чапляўся за штаны бацьку, калi бацька гнаў яго ад сябе ў Карчаватках, згледзеўшы немцаў...

На дарозе ад мужчын пахла жытам i потам, як пахлi ўсё роўна кожны раз бацькавы штаны i рубашка на пяколку на печы, калi ён, Алёша, клаў iх нанач сушыць... Так пахла ад бацькi, жытам i потам, калi яны стаялi ўпобачкi ўчора ў вёсцы на вулiцы ля Махоркавай хаты...

Дарога сышла ў лагчыну; сюды, мусiць, нагнала дажджом з гары пяску, бо было не ступiць: ногi ўязджалi ў зямлю па каленi.

Зноў запахла аднекуль дымам i сырым пяском...

Пасля Алёшу здалося, што пясок пасыпаўся на яго зверху, як дождж... Правалiлiся некуды ногi, глыбака, да паяснiцы... Зрабiлася блага, стала цяжка дыхаць, зазвiнела ў галаве...

Недзе крычала Наста - па лесе iшлi водгаласкi...

Спёрла ўсё ўсярэдзiне i стаяла пад грудзьмi.

Ён не хацеў iсцi - аж самi рукi выцягнулiся ўперад i спружылiся. Пасля ён спружыўся ўвесь: i ногi, i шыя...

"Адвядуць" у лагчыне з дарогi i заб'юць..."

- Вэр! Вэр!.. - закрычаў ззаду немец, i Алёша пачуў, як яму сунулi ў плечы нечым вострым, аж засмылела адразу скура - мусiць, садралi. Пасля ён згледзеў, што ўпёрся нагамi ў зямлю i стаiць пасярод дарогi ў пяску. Зноў сталi, мужчыны, адвярнуўся Махорка i кiўнуў галавой.

- Не бойся, дурны... - сказаў пасля i зноў кiўнуў галавой: клiкаў да сябе.

- Ёска... Ёска... Тваю маць... - замычэў Янук.

Алёша тады скочыў з месца i падбег да Махоркi, прыцiснуўшыся яму да нагi. Немец у шырокай разношанай пiлотцы падышоў за Алёшам да Махоркi i сунуў цяпер Махорку аўтаматам у плечы: "Вэр!.." - i зноў паказаў iсцi наперад. Яго, Алёшу, не зачапiў.

Пад нагамi стала менш пяску; ён быў змешаны з сухой жоўтай сасновай iглiцай i калоў знiзу ў ступнi. Лучалiся трава i верас - высокi, сухi, ён дзёр дуддзём ногi ля костачак. З-за соснiку, з-за гары, бiла ў вочы сонца; рэзалася пад павечкамi, як ад асця; горка было ў роце, высахла; хацелася пiць.

Над соснiкам, адкуль свяцiла сонца, зноў падняўся пыл; сiвы i густы, ён стаяў угары, спаўзаючы на дарогу. Забразгала недзе жалеза. Уперадзе як загаварылi. Ззаду заржаў конь, Боганчыкаў жарабок, - Алёша пазнаў.

У лагчыне, пад самай горкай, сiвой ад моху, як ад пылу, тор ад калёс павярнуў управа: выводзiў на шырокую, раз'езджаную, жоўтую ад пяску дарогу, якая пачыналася ля шашы ў Пушчанцы i iшла ў самае Краснае.

Гэта была старая дарога цераз Тартак. Ёй здаўна ездзiлi ў Краснае, калi не было яшчэ шашы. Шашу выбрукавалi перад вайной, i па старой дарозе хадзiлi толькi леспрамгасаўскiя прычэпы - вазiлi дрэва. На дарозе былi яшчэ знаць павыбiваныя машынамi ямы; глыбокiя, па калена, яны параслi падарожнiкам i мятлiцай i засыпалiся сасновым шыллём. У ямах раслi казлякi, старыя, што рэшаты, счарнелыя зверху ад пылу, - па iх было слiзка ступаць.

Алёша iшоў якраз каляiнай.

На шырокай дарозе iх павярнулi i павялi да шашы - назад. Алёша згледзеў, як пераглянулiся былi мужчыны - Махорка з Панком; тады на iх глядзеў - скоса, з-пад рукi Боганчык.

"Чаму яны нiчога не гавораць? - падумаў Алёша. - Адвядуць усiх i пастраляюць..."

Яму захацелася бегчы. Скочыць у соснiк i - бегчы. Рукi толькi трэба выставiць уперад, не забыцца, каб схаваць вочы, не высадзiць...

Ён успомнiў, што яму хацелася бегчы, калi ўчора зганялi ўсiх да Махоркi на вулiцу. Пераскочыць на вулiцы ля Панка цераз тын i пабегчы мяжой на загуменне да пунi. Але ля пунi на загуменнi хадзiлi ўласаўцы...

"Як доўга гоняць... I чаму маўчаць мужчыны?"

Калi яны выйшлi з соснiку на пасеку, Алёша зноў убачыў немцаў. Яны стаялi i сядзелi на зямлi, згрудзiўшыся i заняўшы ўсю дарогу i пасеку, мусiць, iшлi былi з шашы на Тартак. Насустрач. Над дарогай - над немцамi падымаўся пыл; яна зрабiлася шэрая ад канавы да канавы. Алёша азiрнуўся - ён iшоў цяпер спераду з Махоркам - i ззаду на дарозе былi немцы. Рассыпаўшыся, выходзiлi з лесу.

- Вэр! Вэр!.. - немец у разношанай пiлотцы забег наперад i паказаў, каб яны сталi. Выпусцiўшы з рук аўтамат - аўтамат калыхаўся ў яго спераду на жываце, - ён замахаў рукамi i пабег насустрач немцам, што былi на пасецы на дарозе.

Немцы на дарозе сталi адразу ўставаць; пярэднiя схлынулi з яе набок да канавы, як са страху.

Тады на дарозе паказалася чорная - аж блiшчала - легкавая машына; доўга кiвалася па калдобах, тарканулася была на месцы ля немца ў разношанай пiлотцы - было вiдаць, як выпрастаўся немец, - блiснула дзверцамi i памалу ехала насустрач. За ёю бег, махаючы рукамi i аўтаматам спераду на жываце, немец у разношанай пiлотцы. Алёша пачуў, як затупалi збоку ля iх двое немцаў, якiя былi сцiхлi, чакаючы машыны.

Легкавая машына была як усё роўна "эмка", што прыязджала да вайны ў вёску пасля пажару i стаяла ля Махоркi на вулiцы ўвесь дзень. Такая ж чорная i пакатая...

Пад'ехаўшы, яна стала наперадзе, далекавата ад мужчын, i зноў блiснула дзверцамi. Яе дагнаў немец у разношанай пiлотцы, выпрастаўся, пасля схапiўся рукамi за дзверцы i трымаў.

З машыны вылез немец i махнуў рукой - загадваў падвесцi мужчын. Калi яны падышлi да машыны блiзка, як на хату, i сталi, Алёша ўбачыў, што немец, якi вылез з машыны i стаяў на дарозе, саставiўшы ногi, маленькi i зусiм малады, усё роўна што iхнi Юзюк.

Пасля немец ступiў да iх блiжэй i зноў стаў, саставiўшы ногi. Падняў быў да паяснiцы руку i апусцiў яе зноў унiз - адшпiлiў кабуру. Немец, што стаяў збоку ля Панка, сунуў яму аўтаматам у лапаткi, паказваў вышай падняць рукi. Панок закашляўся.

Тады немец, якi вылез з машыны, ступiў яшчэ блiжэй да iх i зноў саставiў ногi. Ён быў увесь у сiвым, як i той, у разношанай пiлотцы, што стаяў цяпер ззаду яго, узяўшыся за аўтамат на жываце. На галаве ў немца ляжала шырокая круглая фуражка з сiвога сукна з чорным, блiскучым спушчаным брылём - на самыя вочы. На фуражцы - на кантах - былi беленькiя вузенькiя палоскi; на самiм брылi ляжалi скручаныя ўдвая тоўстыя белыя аборы; над iмi прыкарэлi два блiскучыя матылi: адзiн вялiкi, з расцягнутымi доўгiмi крыллямi, другi зусiм малы - здохлы. Белыя аборы былi i на сiвым каўняры ў пiнжаку; над локцем на рукаве быў такi ж самы здохлы матыль, як на фуражцы, толькi цямнейшы, нiбы ў што ўмазаны; здохлы матыль быў у немца i на грудзях. Нiжэй локця на рукаве на чорным прыплюшчаным квадрацiку ў яго прылiплi дзве блiскучыя лiтары: SD.

З легкавой машыны вылезлi яшчэ два немцы ў чорных пiнжаках - з белымi матылямi i чорнымi, як вугаль, крыжыкамi на грудзях - выцягнутыя, падпяразаныя шырокiмi дзягамi, i сталi воддаль, гледзячы на мужчын. Адзiн, з двума чорнымi крыжыкамi на кiшанi, быў у акулярах i з убiнтаванай рукой трымаў яе на жываце. Другi немец у чорным пiнжаку занёс рукi назад на паяснiцу i расставiў ногi. Алёша ўбачыў, што ўсе чатыры немцы, якiя стаялi цяпер спераду, глядзяць на аднаго Боганчыка: Боганчык калацiўся ўвесь, i ў яго над галавой хадзiлi хадуном рукi.

Малады немец у сiвым, што стаяў наперадзе, ступiў пасля яшчэ блiжэй да мужчын - да Боганчыка - i паказаў на яго пальцам:

- Бандiты?

Боганчык уздыхнуў, апускаючы нiжэй рукi.

Голас у немца быў ядраны, i гаварыў немец усё роўна як той, што бiў Боганчыка на гары ля школы.

Мужчыны загаманiлi ўсе адразу:

- Нарыхтоўку... тоўку...

Немец тады падняў галаву i ступiў яшчэ блiжэй да Боганчыка. Пасля загаварыў кораценька да немцаў, што стаялi ў яго ззаду: "Вэр!.." перакладаў.

- Какую нарыхтовку?

- Хлеб... Жыта...

- У Краснае...

- Бумага ў нас...

Мужчыны зноў гаварылi ўсе разам.

- Кто iмеет оружiе? - немец цяпер глядзеў на кожнага - пераводзiў вачыма з ног да галавы.

- Няма аружыя... Жыта ў нас...

- У Краснае...

- У нас бумага...

Цяпер малады немец загаварыў да немца ў разношанай пiлотцы, тады сказаў нешта тым, што стаялi ззаду, пасля зноў паказаў пальцам на Боганчыка:

- Кто iмеет бумагу?

Боганчык забыўся нават, што стаiць, падняўшы рукi; схапiўся адразу за кепку на галаве, перавярнуў уверх i падаў немцу, выцягнуўшы руку. Кепка дрыжала разам з рукой.

- Что такое? - немец быў хiснуўся назад.

Тады Боганчык паднёс кепку да сябе, схапiў другой рукой паперу i падаў яе немцу, адну, без кепкi.

Немец хуценька ўзяў у Боганчыка з рукi паперыну, расклаў яе ў пальцах i прабег вачыма, усё роўна як не чытаў. Пасля падаў яе немцу ў акулярах i доўга нешта гаварыў, павярнуўшыся: "Вэр, вэр, вэр..." Немец у акулярах падаў паперыну другому немцу; той узяў яе ў рукi, паглядзеў толькi здалёку, пасля дастаў руку з-за спiны i паказаў на мужчын:

- Вэр!.. Вэр!..

- Можете опустiть рукi... - малады немец узяў паперыну ў немца ў чорным пiнжаку i падаў Боганчыку. - Где вiделi бандiтов?

Мужчыны апусцiлi рукi - Янук толькi яшчэ стаяў, задзёршы iх высака над галавой, тады апусцiў i ён, гледзячы на мужчын, - i маўчалi. У Боганчыка зноў задрыжала рука, калi ён браў паперыну. Закашляўся Панок.

- Где бандiты? - немец цяпер глядзеў на Махорку; пасля паказаў на яго пальцам - ткнуў чуць не ў самыя грудзi: - Ты! Отвечай!

Немец чакаў.

- У нас у вёсцы немцы... - сказаў Махорка. - Былi парцiзаны... стаялi ў вёсцы... Цяпер немцы стаяць... Жыта вязём... Нарыхтоўку...

- Поедете впередi... До самого Красного... Быстро!.. - малады немец паказаў рукой на дарогу на Тартак. - I еслi что... - немец падняў угару руку, пасля раптам махнуў у сябе перад носам пальцам, як што калупнуў. Паглядзеў быў яшчэ раз на Боганчыка, на яго чорную бараду, тады адразу крутнуўся на нагах - ззаду ў яго растапырыўся расстрыжаны надвая сiвы пiнжак, высака, да самай дзягi. Пасля стаў гаварыць моцна i доўга. Да яго адразу пад'ехала цiхенька чорная блiскучая машына - ад яе засмярдзела дымам, i немцы ў чорных пiнжаках, сагнуўшыся, палезлi на сядзенне.

Легкавая машына выехала на сярэдзiну дарогi i, закалыхаўшыся ў старых каляiнах, акруцiлася i пасунулася назад, на шашу, цiха, як баючыся.

Запахла гарам; Алёша пачуў, як у яго найшло повен рот слiны.

Пасля яму зрабiлася горача; падвярнула пад грудзi, закруцiлася ў галаве, i ён стаў некуды валiцца, як у яму... Падумаў быў яшчэ, што, мусiць, паслiзнуўся, узбiўшыся нагамi на казлякi на дарозе, i ўхапiўся абедзвюма рукамi Махорку за паяснiцу - за белую кашулю, што выехала з-пад дзягi.

- Ёска!.. Ёска!.. Тваю маць!.. - закрычаў недзе ззаду за iм Янук.

13

Калi Махорка падняў Алёшу з зямлi - пад пахi, - пачуў, што сталi мокрыя рукi i лiпнуць адзiн да аднаго пальцы.

Зiрнуўшы на рукi, ён убачыў, што яны чырвоныя: у Алёшы з носа пайшла кроў.

Немцы, тыя, што гналi iх сюды, завярнулi ўжо на дарозе мужчын. Махорка пачуў, як яму раптам упёрся нехта ў плечы. Ён аглянуўся - немец, той, што падбягаў да машыны, стаяў i паказваў рукой iсцi да мужчын.

"Павядуць" назад, да падвод, а тады пагоняць перад сабой..." - падумаў ён, i яго раптам схапiла дрыжыка - трасла ўсяго, не адпускаючы...

Калi ён узяў на дарозе Алёшу за руку, яму здалося, што яны ў Разанцы за Дальвай...

Было гэта сёлета на згон зiмы ў вялiкую адлiгу, калi яны ездзiлi ў Рагозiна.

Адлiга тады стаяла два тыднi запар - паказвала на раннюю вясну. Схавалася было надаўга сонца, асунулiся на вёску хмары; густыя, чорныя, што летам, яны ляглi на самыя стрэхi. Сыпаўся дождж, касы, востры, з ветрам iшоў круглымi суткамi. Пад вечар драбнеў, церусiўся, як праз падсiтак, i тады ападаў туман. Густы - хоць ты пратыкай; сыры i халодны - аж не давала дыхаць, ён клаўся на зямлю, хаваючы з вачэй i хаты, i дрэвы, i дарогу, - еў снег. Усюды было сiва. Усе днi.

Раскiс на дарозе снег. Ногi правальвалiся ў ваду да зямлi; вада была ў выбiтых конскiмi капытамi ямах i ў каляiнах ад палазоў; шваргатала несцiхана на полi ў барознах, што ўсё роўна ля грэблi ў крынiцы па каменнi, кроiла на кавалкi на сцежках лёд, размываючы яго да чорнай зямлi, i гнала ззаду за саньмi шуму i гразь.

Абляглi ў альшэўнiку пад Рагозiнам гурбы, зрабiлiся рудыя; пачарнела поле - латочынамi. Каркалi вароны, валюхаючыся па слiзкай раллi.

Пасля адлiгi ў той дзень раптоўна ўзяўся мароз. Вечарам, калi яны ўжо выехалi з Рагозiна, зайшоў з Карчаватак вецер, сухi, калючы. Пасыпалiся зверху крупы, дробненькiя, мяккiя, заносячы выбоiны на дарозе. Свежыя крупы былi белыя, як вата. Запахла снегам - прэснай i чыстай вiльгаццю.

З поля яшчэ гнала дарогай у Разанку - у глыбокую, доўгую лагчыну за Дальвай - ваду; чуваць было, як яна булькае на лагу i хлюпае пад нагамi ў каня. З-пад капытоў у яго аж у вочы Махорку - ён iшоў збоку ля аглабнi ляцелi халодныя пырскi i друзалкi мокрага, цвёрдага, што сухi гарох, лёду.

Цямнелася. Калi Махорка ўзбiваўся на цвёрдае, пад нагамi ў яго шапацеў снег, што жарства, падсыхаў на марозе; трашчаў ценкi лядок - у лужах сцiналася вада. Вецер браў за шчокi. Намоклi па каленi ногi ў старых, падшытых лямцам валёнках з парванымi заднiкамi - другога ў ваду не было чаго абуць; рабiлася холадна ў пальцы i ў пяты, i калi ён ступаў - чуў, як слiзка ў валёнках нагам: пассоўвалiся ў насы анучы, i ногi коўзалiся, што па гразi. У руках былi намоклыя, цвёрдыя, як луб, лейцы i рэзалiся ў голыя пальцы: рукавiцы Махорка згубiў яшчэ ў Рагозiне, мусiць, забыўся ў Янэчыка на двары, пад паветкай ля пунi, калi ўцiскалi воз, - не помнiць добра.

Храпе, цёпкаючыся ў вадзе, конь, б'е ў хамут i рве аглобнi - могуць лопнуць акрутнi, старыя ўжо, служылi цэлую зiму; верне, каб вылезцi з каляiны, з вады на сухое - можа перакулiць воз, i трэба ўсю дарогу тузаць за лейцы. Чуваць, як пад вадой палазы дастаюць да самай зямлi i скрыгочуць па каменнi, што свiннi зубамi; аселi развалы, салома шуршыць i шапоча па снезе, ацiраючыся з воза; задзёрся ўгару парубень, мусiць, ад'ехала вяроўка. Каню цяжка, не ў сiлу, не трэба было класцi такi воз - упоравень са страхой. Салома жытняя, збiтая, ляжала ў пунi ў Янэчыка пластамi. Ад добрага жыта бо слiзгалася ў руках i блiшчала. Пора ў шчаку, што дубцамi, калi спатыкаешся i ўпiраешся ў воз.

Стары Янэчык, выйшаўшы з хаты, прасiўся, каб не бралi многа, але на яго крыкнуў Сухаў, i Янэчык, адышоўшыся да ганка, стаяў i глядзеў, як уцiскалi воз.

Сухаў - з "Барбы"; некалi, як толькi паявiлiся партызаны, - немцы прыйшлi летам, а партызаны паявiлiся ўвосень, - Сухаў з напарнiкам - Махорка ўжо забыўся, як таго звалi, той даўно недзе дзеўся, i Сухаў пра яго не ўспамiнаў - стаялi ў Дальве ў Боганчыка: i днявалi i начавалi. Iх звалi "штатнымi". Нечага, вiдаць, глядзелi - закапана, можа, дзе iхняе было што блiзка. Пасля, як за Леснiкамi стала ў лесе "Барба", Сухава ўжо ў вёсцы не было, ён прыязджаў толькi па падводы - ехаць у абоз. Сухаў быў невысокi, чорненькi; у чорным, падпяразаным дзягай кажуху - на дзязе ззаду кабура з пiсталетам; у чорных валёнках i чорнай вялiкай кубанцы з чырвонымi, пацямнелымi палосамi накрыж. За плячом ён насiў доўгую вiнтоўку - сэвэтэ. Яна ў яго была яшчэ тады, калi ён паявiўся ў Дальве i стаў у Боганчыка.

Сухаў астаўся ў Рагозiне; сказаў - дагонiць iх у Дальве.

Храпе ззаду Боганчыкаў жарабок, блiзка, за самым возам; чуваць, як мацюкаецца Боганчык - iдзе з гэтага боку, дзе i Махорка. За Боганчыкам едзе Сяргеiшын Алёша - сядзiць на возе. У Алёшы кары з казой; на бабы пакладзены дошкi; воз у яго доўгi, яму цяжэй абярнуцца, i яго пасадзiлi на воз яшчэ ў Рагозiне ў Янэчыка на двары: загiбее ў вадзе.

У Разанцы зусiм сцямнелася; усхадзiўся вецер, сыпаў i сыпаў крупамi i ныў збоку ў возе ў саломе; за Рагозiнам, адкуль яны ехалi, пад'яснiлася, пабялеўшы, неба. Было вiдаць, як па iм беглi хмары. Пасля там выехаў маладзiчок, вузенькi, востры i чырвоны - што з агню. Нiзка, ля самай зямлi.

Заблiшчала ўперадзе на дарозе вада.

Далёка за Рагозiнам - мусiць, у самiх Альковiчах, дзе быў гарнiзон, застукаў кулямёт, глуха, што з-пад зямлi. Натапырыўся конь, задзёр галаву. Пасля ззаду рэдка i доўга стралялi з вiнтовак - як i кожную ноч.

Пад нагамi пабольшала вады - спускалiся ў Разанку. Нахiлiўся воз, пад вадой не было вiдаць следу, не пакiруеш. У Разанцы яшчэ не прарвала дарогу, вада iшла поверху, па лёдзе, разлiваючыся шырака, на паўганей. Сплываючы пасля за дарогай у вузкi i чорны ручай, яна пёрлася як шалёная - вiрам - i стагнала, што ў рацэ.

Махорка пусцiў каня аднаго: конь стары, сам знойдзе дарогу. Ускiнуўшы лейцы яму на спiну ля падсядзёлка, ён сышоў з дарогi i пайшоў пасля ззаду за возам.

Вада зайшла за каленi, набегла ў валёнкi, халодная, як лёд. Закалола адразу ў пальцы.

- Но-о!.. Но-о!.. - крычаў Махорка, упёршыся ў воз ззаду ля вяровак; чуў, што аслаблi вяроўкi, адпусцiлiся, i баяўся, каб не выехала з-пад парубня салома... Хроп уперадзе конь, рваў санi; вада апала, не даставала да калень, i Махорка падумаў, што праехаў Разанку, што конь захроп, беручы пад гару. Трэба было ўзлезцi на воз, пацягнуў бы конь, а то здурнеў - самахоць памачыў ногi. Стала холадна, падскочыла злосць; забегшы наперад, Махорка схапiў лейцы i замахнуўся з-за вуха... Але конь чапаў i чапаў, напяўшыся, аж скрыпелi гужы - ведама, сырамец, расцягвалiся, - i трашчалi пад саломай аглобнi - маглi лопнуць акрутнi. Махорка зноў ускiнуў лейцы каню на спiну.

Стралялi цяпер ужо блiжэй, у Рагозiне. Уверх ляцелi кулi, чырвоныя, як iскры, i гаслi аж тут, над Разанкай. Зрабiлася зусiм цёмна, схаваўся маладзiк; пабольшаў вецер, заныў у возе ў саломе, усё роўна што дзе завылi ваўкi; падрабнелi крупы i секлi ў шчокi, як пяском.

- Мiрон!.. - клiкнуў раптам Боганчык, сiпата, усё роўна што захлiпаўся.

Махорка тады аглянуўся назад - яго быў падхапiў вецер, чуць не скiнуўшы з ног... Ззаду на дарозе чарнеў Боганчыкаў жарабок; ля яго бегаў сам Боганчык - з аднаго боку на другi. Блiснуў на вадзе агонь - мусiць, Боганчык быў з папяросай. Тады Махорка ўбачыў, як па снезе ля дарогi, абышоўшы Боганчыка з возам, iдзе Алёшаў конь, даганяе яго, Махорку. Цёпкае па вадзе, цягнучы за сабой аглобнi...

- Мiрон! - Боганчык крычаў цяпер аднекуль з-за воза: яго не было вiдаць.

Аббегшы Боганчыкавы санi, Махорка ўбачыў, што на дарозе ляжаў абернуты набок у самую прорву Алёшаў воз; вiдаць былi з-пад саломы кары з казой i вышараваныя белыя шыны на палазах. Вада, абмiнаючы воз, хлынула ў бакi, i да яго было не падступiцца.

- Алёша!.. - крыкнуў зноў Боганчык. Ён стаяў цяпер ля сваiх саней ззаду, не адыходзiўся, як баяўся ўсё роўна вады.

Махорка толькi цяпер агледзеўся, што нiдзе не вiдаць Алёшы.

"Прыцiснула..." - падумаў ён.

Вада ля воза займала вышэй калень; чорная, з друзалкамi дробнага лёду, як насечанага.

- Алё-ёша!.. Цыган!.. - закрычаў Махорка i падумаў, што Алёшу не магло прыцiснуць возам, бо ён сядзеў наверсе, яго недзе скiнула ў самую прорву...

Усюды шумела вада: булькала ля перакуленых саней пад саломай i стагнала пад Рагозiнам у глыбокай лагчыне...

Ламаўся лёд, ногi правальвалiся на той свет - хоць бы на што аперцiся...

Абышоўшы вобмацкам воз, Махорка пабег, коўзаючыся па лёдзе, ля самай прорвы ўнiз, у Разанку...

Стагнала вада; вецер быў якраз у вочы; дубелi, не гнулiся ногi... Недзе ззаду ля вазоў нокаў Боганчык, паганяў жарабка: мусiць, выязджаў з вады.

- Алёша!.. Сукiн сын... - закрычаў зноў Махорка i пачуў, як правалiўся пад лёд да паяснiцы. - Хлапец!..

Займала дыхаць; гнала вада, збiваючы з ног...

Пасля Махорку здалося, што нехта ўчапiўся яму за кажух, ля паяснiцы, моцна, як у дзве рукi... Ён аглянуўся i ўбачыў ззаду Алёшу...

- Цыган... Маць тваю так...

- Гэ-эй! Гэй! - гаманiў ззаду на дарозе Боганчык, i свiсцеў у лагчыне вецер, нiзка, над самай вадой.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Калi Махорку зноў таўханулi ззаду ў плечы, ён убачыў, што астаецца ад мужчын, не спраўляецца iсцi. У Алёшы з носа цурчом лiлася кроў, капаючы аж на дарогу ў пясок, i Алёша задзiраў угару галаву i спатыкаўся. Рука ў яго змокла, зрабiлася мяккая i выслiзвала - не ўзяцца.

- Легчы трэба... На зямлю... Што ж з табой рабiць?..

Алёша, папярхнуўшыся, закашляўся. Зрабiўся белы, як палатно.

Махорка, мусiць, быў стаў, бо ззаду яму зноў тарханулi ў плечы.

"Трэба данясцi хлапца да вазоў. Узяць на рукi i нясцi перад сабой. Не дойдзе..." - падумаў ён.

Махорка сядзеў цяпер на возе, звесiўшы ногi з ляжэйкi, а яму здавалася, што ён iдзе сцежкай, па якой ззаду паўзе гадзюка...

Цела зрабiлася шорсткае, што ад асця; здавалася, на скуры высыпала сыпка. Мiж лапатак стаяў холад - там не высыхала мокрая рубашка. Траслося ўсё ўсярэдзiне, i вунь як не хацелася ехаць - хоць забi.

"Вот табе i Пунiшча. Нават не справiлiся даехаць. Што цяпер?.."

Адвярнуўшыся, Махорка зiрнуў на Боганчыка. Той iшоў ля калёс, узяўшыся за ляжэйку, i глядзеў уперад.

Усе былi ля сваiх вазоў - загадалi немцы. Яны загадалi яшчэ не сыходзiцца ў кучу i не гаварыць адзiн з адным. Пагоняць перад сабой праз Тартак. Шаша недзе перакапана... На шашы завалы... А тут, на дарозе, яны баяцца мiн. I засады баяцца... Хаваюцца за плечы, як у Камене. У Камене яны аж два разы выганялi з вёскi людзей i пёрлi перад сабой на лог да Вiлii, дзе на другiм беразе былi партызанскiя акопы. I старых i маладых...

На дарозе грукалi нагамi немцы, як усё роўна з соснiку, з гары, сыпалася каменне, - iшлi ззаду, услед за падводамi.

Над дарогай падняўся пыл - роўна з лесам, яна стала ўся сiвая, як ад дыму. Немцы падымалiся з лагчыны на гару, i здавалася, што яны вылазяць з зямлi - галовамi. Iшла, вiдаць, рэгулярная часць - немцы варочалiся з вёсак у Краснае цi, можа, нанава хлынулi з-за Вiлii шашой, каб праз Краснае i праз Лепель прарвацца на Палiк...

На дарозе ад сонца блiшчалi вiнтоўкi i аўтаматы, як чорнае шкло. Блiшчалi, што выпацканыя ў дзёгаць, чорныя прыклады - немцы няслi вiнтоўкi стваламi ўнiз: на канцах прыкладаў блiшчала шырокая белая бляха. Блiшчалi ўгары ў пыле штыкi - нажы - i чорныя скрыначкi на плячах у немцаў, мусiць, з патронамi; блiшчалi каскi, вялiкiя, з чыгуны, у якiх дома вараць свiнням бульбу, з загнутымi кароткiмi брылямi над вачыма, з белымi, маленькiмi, намаляванымi матылямi над вушмi; блiшчалi плешкi ад балтоў на касках, белыя, што вышараваныя ў пяску; блiшчалi на дзягах белыя кацялкi; блiшчалi чорныя кулямёты з доўгiмi i тупымi рулькамi ў вялiкiя дзiркi, блiскалi мiнамёты за плячыма ў немцаў - маленькiя, чорненькiя, на жалезных падстаўках, вузкiх i доўгiх, што ўсё роўна на бляхах, на якiх дома ў печы сушылi баравiкi i ячмень на крупы...

Махорку здалося, што блiшчыць уся дарога... Ён падумаў, што гэта б'е з-за соснiку ў вочы сонца, не дае глядзець, i адвярнуўся...

Пад'язджалi да павароту, да старога раскiданага маста ў лагчыне. За мастом злева на iмшарах было недзе Пунiшча...

Дарога iшла лагчынай, паабапал дарогi воддаль раслi старыя рэдкiя сосны; ля самай зямлi па сiвым моху слаўся малады соснiк i пад'ялевец.

На глыбокiм, густым i дробным, як перасеяным на рэшата, жоўтым пяску на дарозе тырчалi што ўкапаныя сасновыя пнi - чорныя смалякi, абдзёртыя восямi i вымазаныя ў дзёгаць, i раслi сасонкi, дробныя, жоўтыя: не ўсталi з зямлi.

З гары, калi iшоў дождж, вiдаць, гнала сюды пясок, да самага маста; конь правальваўся па каленi, i Махорка звярнуў набок, на цвёрдае: на сiвец i верас. Ля маста было свежа; над самым соснiкам нiзка стаяла сонца, i ён блiшчаў увесь ад расы. Запахла балотам, гразёю i сырым бабком; зафорскаў конь, чуючы ваду, - хацеў пiць.

За мастом дарога выводзiла на стары буй. Пачынаўся Тартак...

На гэтым месцы, выбiтым i калясьмi i леспрамгасаўскiмi прычэпамi, - тут вазiлi да вайны ўвесь час лес да Дзвiнасы, пад самае Краснае, - стаяў некалi тартак - лесапiлка. Ля лесапiлкi быў i млын. Лесапiлкi даўно ўжо не стала, а малоць у млын вазiў яшчэ яго бацька, калi быў жывы, Махорка помнiць.

На буi ўсюды было панакiдана старога дрэва. Доўгае i кароткае, круглякi i пашчапанае, яно ляжала ля самай дарогi, паўязджала глыбака ў зямлю, пагнiло, патрэскалася i парасло белым мохам, струпаватым i дробным, што кароста; пазасыпалася жоўтым пяском, якi невядома адкуль браўся тут, мусiць, яго панарывалi краты, точачы норы. Ад сасновага бярвення пааставалiся смаляныя асяродкi - тоўстыя i буграватыя, яны ляжалi на самай дарозе, усё роўна як яе хто вымасцiў ад гразi, i драгка было ехаць. Ляскаталi калёсы - здавалася, парассыпаюцца драбiны; кiдала з боку на бок, як на грэблi ля вёскi; аднекуль з меха пырскала ў вочы жыта: па зярняцi.

Была вiдаць здалёку белая бяроста - цэлыя кучы, усё роўна як хто нассоўваў яе ды не даў рады забраць цi спалiць; ля бяросты ляжала ўпокат чорная, у белыя пiсягi, з нарастамi губы i цэру, крывая, тоўстая, не абхапiць у камлi, бяроза. Сям-там блiшчалi сосновыя намазгляватыя, без кары круглякi, не пагнiлi i ляжалi ўнакат - у два-тры бярны, - дзе некалi, мусiць, былi высокiя, не дастаць з зямлi рукой, шлiхты. Пасля iх раскацiлi людзi, рассунулi бомкамi i пусцiлi ў гатар. Гатар рэзаў цвёрдую з камля, што камень, сасну, засыпаючыся чырвоным ад смалы, як акрываўленым, пiлавiннем; крышыў на соль доўгiмi i вузкiмi, нацягнутымi, як струны, пiламi сухiя сукi, што iшлi ў дрэве ад самага сэрца; стукаў з натугай, як надрываючыся, калi людзi, упёршыся рукамi, пхнулi яму пад зубы дрэва; пасля ныў, як шалёны, калi аставаўся парожны, раскiнуўшы на бакi шырокiя, тонкiя, белыя, як сыр, дошкi - усё, што асталося ад дрэва. Дошкi хапалi з-пад пiл чорныя, у смале, чалавечыя рукi i адкiдалi далёка ў шлiхту, а з другога боку зноў пхнулi на цялежках па рэйках сасновы цвёрды камель пад самыя зубы, i зноў гатар засыпаўся пiлавiннем, задыхаючыся...

Вецер гнаў пiлавiнне далёка на буй, цi, можа, яго адвозiлi далей ад лесапiлкi i ссыпалi, i яно ляжыць яшчэ хоць дзе i цяпер, не пагнiло. Там, дзе былi сасновыя шлiхты, на зямлi блiшчыць смала. Яна некалi цякла з перарэзанага непадсочанага дрэва, капала i сохла. Цяпер смала - што журавiны на балоце, калi пачынаюць спець. Яе што насыпана, i яна ўсякая: i жоўтая, i чырвоная, i белая. Лучаюцца i вялiкiя друзалкi, з яйцо, i меншыя, з арэх.

Ля гнiлога дрэва пусцiўся расцi малiннiк. Густы i цёмны, ён слаўся па зямлi, хаваючы з вачэй трасочнiк i сiвое выпетранае пiлавiнне. Тырчаў кустамi белы сiвец, насеяўся, i пайшоў у рост верас, высокi, сухi i разгаты - адны дудкi. Далей ад дарогi на буi вiдаць былi кунатыя зялёныя сасонкi - раслi памялом, i адскочыў высокi i гонкi бярэзнiк - яго ўжо можна было рэзаць на венiкi: мясцi ў хаце.

Лес засцiлаў i хаваў з вачэй здратаваную зямлю, хаваў першы тартак, якi зрабiлi тут, калi яшчэ ў хатах ляжалi халодныя, не ступiць босай нагой, з чырвонай глiны, убiтай пранiкам, падлогi; калi трэба было, паклаўшы на высокiя сталюгi дрэва, выразаць рукамi дошку за дошкай...

Махорка помнiць: як ён быў малы - на двары ля варыўнi на сталюгах рэзалi дошкi. Пiлавiння было цэлы двор - аж да ганка.

Праз некалькi гадоў ад тартака астанецца толькi званне; гэта месца: i лог у самы кут да ракi, i буй, i лес за мастом на гары - будуць зваць адно Тартаком, як завуць ужо i цяпер. Толькi доўга яшчэ будзе ляжаць ля дарогi вялiкае белае каменне, пакуль не патрэскаецца, не абрасце мохам, не пачарнее i не ўедзе ў зямлю - навек. На iм зноў тады вырасце лес - падыдзе да самай дарогi, як i даўней...

На буi пахла смалой, густой, сасновай. Так пахла смала на падсочцы пад Карчаваткамi. Яна i цяпер яшчэ ляжала там у тарнiтках - можна знайсцi ля пнёў - застыла, цвёрдая, што камень, i блiскучая, як шкло.

Пах смалы быў сухi i горкi - хацелася кашляць. Здавалася, ён вiсеў над дарогай ад учарашняга, калi пякло сонца, - вiсеў у лесе, як у сценах, не баючыся халоднай начы i туману.

Немцы iшлi ззаду, услед за Насцiнымi калясьмi, - ускруцiлi пыл, ён падымаўся вышэй лесу, рабiўся руды ад сонца i поўз над соснiкам у лагчыну на балота, - грукалi нагамi пасярод дарогi; саступалi з пяску набок, на траву, заходзячы наперад Буланчыку, агiналi калёсы, як усё роўна шырокай падковай, i зноў блiшчалi на сонцы з галавы да ног, аж слеплi ад iх вочы...

Махорка падумаў, што недзе так немцы iшлi i за каменскiмi бабамi, калi гналi iх да броду перад сабой...

Немцы, было вiдаць, iшлi ззаду з перарывам: валiлi валам, тады дарога была пустая, стаяў толькi пыл; пасля зноў пачыналi iсцi i iшлi без сканчонага.

Цяпер, калi Махорка азiраўся, бачыў, што пыл падымаецца аж за пасекай над лесам - ля шашы. Там раўлi машыны i глуха бразгала жалеза.

На шашы, мусiць, танкi, шашу недзе завалiлi, i танкi пойдуць сюды, на Тартак...

- Паганяйце!.. - крыкнуў ён; яго ўсё яшчэ трасло: адпусцiць, тады зноў схопiць, як голага...

"Мне ўжо, што зверу... трэба шукаць цёплага месца, каб дзе пагрэцца на сонцы", - падумаў ён.

Над дарогай праляцеў, цыльгiкаючы, дзяцел - над самымi калясьмi; запахла аднекуль сырой зямлёй, аж зрывала нос.

Пасля на дарозе ззаду раптам зрабiлася цiха, усё роўна што сталi былi i калёсы i немцы...

Калi Махорка пачуў, як стрэлiлi - блiзка i ядрана, аж рэха пайшло лагчынай, - не пазнаў адразу дзе: здалося, як усё роўна над вухам...

Ён спопаразку адвярнуўся: яны былi ўжо ў лагчыне - у самым Тартаку.

Ззаду за ўсiмi махала i махала лейцамi Наста: астаўшыся, паганяла Буланчыка. За ёй усё яшчэ iшлi пярэднiя немцы, блiзка, падковай. Махорка падумаў быў адразу, што трэба было б памагчы Насце падапхнуць калёсы, бо Буланчыку цяжка па пяску. Пасля ён згледзеў, як становiцца ў пяску i Панкоў конь: пройдзе-пройдзе i стане. Панок сядзеў на возе, звесiўшы галаву. Не было на калёсах толькi Боганчыка. Пацямнела рабая Танiна кабыла - ад пылу.

Пасля адразу ад трэску зашумела ў галаве, i Махорка пачуў, як яго таўханулi знiзу калёсы - рвануў, мусiць, Сiбiрак - i скiнулi з воза. Ён, схапiўшыся за ляжэйку, ускочыў быў адразу на ногi...

Р-р-р... - трашчала ззаду на дарозе ля маста, як у агнi. Над гарой, адкуль яны з'ехалi, падняўся густы пыл, засцiлаючы соснiк да самай зямлi. Пыл падымаўся кучкамi i на дарозе ля падвод: блiзка ля Алёшавых калёс...

- На зямлю! Дзяцей на зямлю!.. - закрычаў Махорка, не чуючы самога сябе, i пабег, сагнуўшыся, назад ля падвод.

Убачыў быў, як кiнула з рук лейцы Наста i пабегла яму насустрач. Страпянуўся на возе Панок: конь рвануў яго разводы з дарогi пад сосны. Панок тросся i кашляў, але яго не было чуваць.

- Дзяцей на зямлю!.. - закрычаў зноў Махорка i падумаў, што Наста яго не чуе: мiнула Алёшавы калёсы i бяжыць воддаль ад вазоў наперад, сюды, да мужчын...

Махорка тады падбег да Танiных калёс i, схапiўшы Таню пад пахi, сцягнуў на пясок...

Таня ўчарэпiлася яму за рукi i не пускала ад сябе...

- Не ўставай!.. - загадаў ён. - Аш-шалела...

Пасля, стоячы на каленях, убачыў, што Наста ўсё яшчэ бяжыць па пяску, схапiўшыся рукой за грудзi - задыхаецца.

- Кладзiся!.. Здурнела, маць тваю так!.. - замахаў ён на яе рукамi. Заб'юць...

Наста ўсё бегла, мiнуўшы Алёшавы калёсы, - бегла, мусiць, да Танi...

- Алёшу!.. Алёшу глядзi!.. - закрычаў ён зноў.

Але Наста бегла, не чула.

Тады ён згледзеў, што Алёша сядзiць усё на калёсах, не кратаўшыся, як прырос...

Падняўшыся з калень, Махорка пачуў, што яму стала ўсяму горача i круцiцца ў галаве, усё роўна як чым яе ўдарылi...

Алёша сядзеў на калёсах, увесь жоўты, што агонь; вадзiў толькi галавой з боку ў бок... Пасля Махорка ўбачыў, што жоўтая стала зямля i мяхi... Падумаў, што гэта ў яго ўваччу.

Недзе блiзка заржаў конь. Закрычаў Панок, як усё роўна наперадзе...

Махорка тады, бегучы, глянуў на дарогу i ўбачыў, як у лагчыну, сюды, дзе сталi падводы, хлынулi немцы. Беглi соснiкам, прыгнуўшыся; сыпалiся дарогай адзiн за адным, топчучы ўсё жывое пад нагамi; падалi пластам на зямлю ў пясок - клалiся аблогай...

Махорку раптам здалося, што з гары сыплюцца мышы... Усё роўна як хто касiў у тым баку на балоце ля маста i, размахнуўшыся касой, падкiнуў з кургана ўверх мышынае гняздо... З гнязда рассыпалiся мышы; дробныя, сiвыя, яны пiшчалi, прыбiтыя i парэзаныя, на чым свет стаiць, аж закладала вушы...

Махорка падумаў, што немцы лучылi на засаду, што партызаны зрабiлi яе ля маста пад самым Красным, дзе iх зусiм не чакалi. Немцы рынулiся ў лагчыну, бо па абозе з засады не стралялi - прапусцiлi наперад... Яны хавалiся за людзей, як у Камене...

Махорка пачуў, як над галавой засвiсталi кулi, кароценька i востра цюў! цюў! - i бiлi па дарозе, па пяску, цвёрда i глуха, усё роўна як хто лупiў цапамi па кучы жыта на працiўнi ў пунi. Застрыг вушамi i рвануўся з аглабень Алёшаў конь.

Па iх цяпер стралялi i ад маста, з лесу, з засады, i з балота, куды схлынулi з дарогi немцы... Яны цяпер, усе сямёра з падводамi, асталiся адны на дарозе... Трэба бегчы ўсiм за паварот да маста - да партызан. Каб толькi Алёшу схапiць з воза...

- Кладзiся, дурная!.. - крыкнуў ён зноў Насце. Яна бегла якраз на яго, раскiнуўшы рукi, усё роўна як хацела злавiць... Яму здалося, што ў яе чорныя вочы, як галавешкi, i вялiкiя-вялiкiя. Бегаюць i бегаюць, не ведаючы, за што ўчапiцца...

Ён як быў сагнуўшыся, дык i штурхнуў яе абедзвюма рукамi - у самую паяснiцу... Яна расцягнулася была на траве, на белым сiўцы, выставiўшы ўперад рукi, тады раптам страпянулася ўся i, ускочыўшы, пабегла зноў наперад...

"Да Танi..." - падумаў Махорка i закрычаў:

- Назад! Назад да маста! Сам забяру дзяўчыну.

Наста бегла цяпер сагнуўшыся, як i ён, Махорка, не махала рукамi i, павярнуўшы галаву, глядзела адно, утаропiўшыся, на той бок дарогi, да маста, адкуль стралялi...

Пасля Махорка ўбачыў, як падняўся на заднiя ногi Алёшаў конь задзёрлiся высака ўгару, аж стаймя, белыя аглобнi - тады памалу-памалу пачаў асядаць на дарогу, усё роўна што баючыся ступiць на яе блiскучымi, вышараванымi аб пясок падковамi... Чмякнуўся пасля цяжка, што ссечанае дрэва, схаваўшы ў пясок галаву з вялiкiмi мокрымi вачыма... Зазвiнела, лопнуўшы, атоса i стукнулася канцом па зямлi ля самых ног у Махоркi спераду. У вочы пырснуў пясок.

Цяпер Махорка ўбачыў Алёшу высака на мяхах... Той сядзеў нагнуўшыся ўперад i, раскрыўшы рот, глядзеў на дарогу - на каня... У яго расшпiлiлася на грудзях чорная рубашка - раз'ехаўся замочак - i спаўзла з плячэй. Было вiдаць голае маленькае худое плячо - пачырванела збоку - Алёша, мусiць, адлежаў яго на мяхах, едучы ўсю дарогу.

Махорку зноў было здалося, што Алёша ўвесь жоўты...

- Далоў!.. Далоў, сукiн сын... Адурнелi ўсе...

Махорка выпрастаўся ля самых калёс i ўбачыў, як з мяхоў кулем скацiўся на зямлю Алёша, нiбыта Махорка яго лавiў i ён не хацеў дацца ў рукi...

- Назад, сукiн сын!.. У Лажок, да маста... У Лажо-о-ок... Да ма-а-ста... На-аста!.. На Пунiшча!..

Цюў, цюў... Кулi зачапiлi мяхi ў Алёшы на возе, блiзка, ля самых грудзей у Махоркi. Па шчацэ сцебанула жыта, усё роўна што пырснула з-пад цапоў у малатарнi... Пасля ён пачуў, як яго ўдарыла ззаду нечым цяжкiм i цвёрдым у плечы...

Затрашчала цяпер за мастом, на самай гары, адкуль яны ехалi, - за паваротам... Стралялi i адтуль, мусiць, удоўж па дарозе сюды, у лагчыну, куды беглi немцы...

Аднялiся раптам ногi па самыя каленi; Махорка хацеў быў учапiцца рукой за ляжэйку, але не слухала рука. Здалося, што дарогай пагнала жоўты пясок; пясок заняў аж па пахi, i ў iм мякка стаяць, што прыхiнуўшыся на лагу да капы сырога сена. Горача стала ў плечы i мокра - гэта сена стаяла, складзенае ў капу ўсю ноч, угрэлася i гарыць...

Ён здагадаўся: па iм стралялi з балота немцы - якраз у спiну... На партызана падумалi: бегае па лесе ў чорным...

Падаючы, ён чуў, як дугала на дарозе, нiбыта гналi ад маста ў лагчыну коней. Убачыў, што зноў бягуць немцы, азiраючыся i страляючы назад. Далёка, на самай гары за мастом, бушаваў агонь - высокае жоўтае полымя лiзала соснiк. За iм не было вiдаць неба.

Пасля Махорка ўбачыў, што гарыць i ля маста - гарыць лес; немцы ўсё бягуць яшчэ дарогай адтуль - заднiя, мусiць, - падаюць, устаюць i зноў бягуць сюды, у лагчыну.

Ударыўшыся аб зямлю, ён пачуў, што захлынаецца ад пылу. Запахла гарам... Здалося, гарыць вёска - Сяргеiшына хата i свiран - i бягуць з вёдрамi людзi...

Пасля ён убачыў угары белае неба, яно было гарачае-гарачае, як учора днём, калi зганялi ў вёсцы людзей. Горача стала ўсяму - знiзу, ад зямлi. Разанула глыбака-глыбака ў плячах... Балюча зрабiлася ў грудзях i мокра... Займала дыхаць...

Здрыганулася недзе падыспадам зямля, i стала адразу цiха.

З калёс з меха пасыпалася жыта - яму на рукi.

Ён згледзеў яшчэ, што ў галавах у яго расце авёс, насеяўся на дарозе: малады, зялёны, з цёмным доўгiм зернем.

"А нам, татарам..." - падумаў ён i яшчэ быў падняў руку...

14

Конь напiнаецца ў аглобнях, усё роўна як у пастронках, калi iдзе гранкай, запрэжаны ў плуг. Завальваюцца колы ў выбiтыя ямы на дарозе, i Панку зноў здаецца, што ён дома ў гародзе ад фермы ганяе гранкi...

Выскоквае плуг, ссоўваючы ў баразну разам з зямлёй мёрзлы чорны бульбеўнiк, хоць крук ад ворчыка зачэплены аж на крайнi зазубень, i тады трэба яму, Панку, iдучы баразной, трымаць ручкi адной рукой, а другой хапаць за тугую павiваную новую пяньковую лейчыну i цягнуць на сябе што ёсць сiлы. Лейцы паўзуць на спiну - Панок быў зачапiў iх за шыю, i ён спыняе каня. Скiдае лейцы з шыi i завязвае iх на засмаржку ля белай новай бярозавай ручкi, якую сам вычасаў учора тапаром, на дрывотнi агаблiў скоблямi i прапёк у ёй, нагрэўшы ў пячуры ў чырвоным вуголлi шыла, дзiрку, каб асадзiць на пляскаты жалезны канец.

Ручка не выслiзганая, за яе добра трымаць плуг, i Панок паклаў на яе даланю, падпёршы знiзу, а пальцамi напiнае лейцы. Каню цяжка iсцi высокай гранкай: параконны плуг з шырокай палiцай лезе аж да жоўтага пяску, адкiдаючы ў мелкую ад акучнiка баразну шэрую густую раллю.

Трашчыць пад нагамi ў каня i пад дышлем у плузе калiўе мерзлага сухога бульбеўнiку - яго не паспелi зжаць, схапiў мароз; стукае адно аб адно каменне - скочваецца з гранкi на дно ў баразну; лопае ззаду ў баразне крыллем певень - клiча курэй.

Пахне зямлёй i сухiм авечым гноем, якi не згнiў за лета на гародзе пад ферму; пахне сырой глiнай i свежым хрэнам, парэзаным у зямлi вострым нарогам, - гэта ля самай мяжы ад вулiцы.

Пахне бульбай на ўвесь гарод, як у варыўнi з загарадкi...

Калi Панок на завароце пускае каня на мяжу ў лебяду i канаторжнiк i, узяўшы ў руку пугаўё ля самага канца, счышчае ад глiны i пяску палiцу ў плузе, тады адгiнаецца, каб перавясцi дух i адкашляцца, - бачыць чорную гранку з блiскучай баразной на дне. Баразна блiшчыць там, дзе iшоў палазок, - доўгая, ад вiлiцы аж да фермы, i ўся жоўтая ад паспешкi i сiбiркi. Ля самых ног на чорнай раллi ляжаць, што дробная бульба, скручаныя ў кольцы белыя чэрвi з жоўтымi галовамi - павыворвалiся глыбака з зямлi, i iх клююць куры, кудакчучы на ўвесь гарод. Куры бягуць услед за плугам, даганяюць i дзяўбуць за канец - за вузел - белую вераўчаную пугу.

Доднiцай быў мароз - ляжаў на траве iней, - i холадна ў баразне ў босыя ногi; на пырнiку на гранках i на бульбеўнiку блiшчыць на сонцы раса, усё роўна што бiтае шкло, якога панавозiлi ў гарод з гноем за многа гадоў.

Узышло сонца, паднялося над соснiкам; на чыстым небе яно аж пералiваецца, скача ўваччу, i чуваць, як пачынае грэць у спiну, усё роўна што стаiш ля чалеснiка, калi топiцца ў печы.

За ракой, на Выганчыку ля грэблi, туман - падняўся ўгару роўна з альшэўнiкам, i вiдаць, як з зямлi ад агню, дзе спалi ноччу начлежнiкi, iдзе дым. Туман вiдаць i ля лесу на загуменнi, дзе ляскочуць па дарозе калёсы.

Цiха, чуваць, як у тым канцы вёскi галяшыць певень; скрыпяць дзверы на загуменнi ў некага ў пунi; з комiнаў iдзе высака ўгару дым, слупам, што зiмой у мароз. Неба рэдкае - днём будзе горача.

Загуменнем вядуць коней - людзi запрагаюцца выбiраць бульбу...

Спаўзае ў баразну конь, лезе наверх плуг - не памагае, што падымаеш яго ўверх за ручкi: глыбака пасеялi вясной бульбу, на пяску - баялiся, што будзе сухое лета. Горача робiцца ў плечы, яны макрэюць; лiпне да лапатак кашуля. Трэба было б паклiкаць Верку вадзiць каня, але яна не спарадкавала яшчэ ў печы; пасля пабяжыць да Махоркi пазычыць мяхоў: прыйдуць з вёскi выбiрачкi, каб не стаялi. Хаця, усё роўна трэба будзе ссыпаць бульбу ў кучу - накрыецца нанач бульбеўнiкам, саломы можна будзе паднесцi, калi пакажа на мароз... Ды i нашто яе ўсю вазiць неперабiраную на двор у варыўню... Назад у яму тады зноў вазi - насiся толькi з поўнымi мяхамi цераз парогi. Такой пагодай бульбу можна адразу вазiць i сыпаць у яму.

Пахне з двара з комiна гарэлым сасновым памялом - Верка выпалiла ў печы i садзiць хлеб. Вялiкiя, белыя i цяжкiя буханкi, памечаныя пальцамi па краях, яна ссоўвае з шырокай, пасыпанай мукой лапаты на падмецены памялом дачыста под.

Выбiрачак трэба будзе садзiць у палуднi за стол; хлеб якраз спячэцца i астыне ў сенцах на шафарнi, аблiты зверху халоднай вадой.

Выбiрачкi прыйшлi загуменнем; пралезлi ў плот, сагнуўшыся i адсунуўшы ля нiзу, ля самай зямлi, жэрдку, - Наста наперадзе, другiя за ёй; паскiдалi з плячэй суконныя жакеткi i сачыкi: ведаюць наперад, што ўгрэюцца, - i сталi займаць гранкi, кiдаючы ў барозны, яшчэ здалёку, новыя белыя каранёвыя кошыкi. Наста прынясла з сабой з дому на плячы мяшкi; пайшла баразной, скiдаючы iх адзiн за адным на гранку, каб пасля далёка не насiць у руках поўныя кошыкi; дастанецца i так: гранкi даўгiя, ад фермы ад мяжы да самай вулiцы, - пастой, сагнуўшыся карчом увесь дзень, пагрэбай зямлi, што курыца...

Выйшла Верка з двума кошыкамi на руцэ - згледзела, мусiць, у акно выбiрачак, пазносiла жэрдзе ад спрагi на мяжу ў гарод, загаманiла здалёку да Насты i паставiла кошыкi ў баразну ад вулiцы - будзе гнаць гранку адтуль, чаго яшчэ iсцi гэтулькi, каб заняць ад фермы. Панок убачыў, што яна прынясла ў кошыку мяшкi, дастала, мусiць, новыя ў сенцах з шафарнi. Можа, цяпер, калi Наста прыйшла са сваiмi, яны абыдуцца, не трэба будзе iсцi пазычаць да Махоркi.

Верка вытрасла з кошыка мяшкi на мяжу, ля самага акопа. Абмежак ад вулiцы быў увесь скапаны, яго парылi партызаны з "Жалезняка", калi стаялi двое сутак у вёсцы, а ў Сушкаве былi немцы. У вёску тады немцы не прыйшлi, не пусцiлi партызаны.

Мяжа здалёку ўся чорная ад зямлi, здратаваная, налета яе ўжо не абаб'еш касой. Гарод iхнi якраз на гары, процi маста, з яго вiдаць аж далёка на грэблю, i партызаны зрабiлi ў iм дзот. На самай паспешцы ля мяжы - паспешка яшчэ не была скапана - вырылi яму глыбака, да глiны, нацягалi з-за плота з дзядзiнца чосанага Боганчыкавага бярвення - Боганчык часаў бярвенне на свiран - i склалi дзот у два накаты. Тырчыць з зямлi ў гародзе, як бугор, жоўты зверху ад пяску; пясок высах, абсыпаўся, i вiдаць здалёку новае белае бярвенне. Партызаны былi нанасiлi ў дзот саломы; салома, лежачы, адсырэла, i з дзота пахне цвiллю, што вясной з ямы, дзе ляжала не адкрываная ўсю зiму бульба.

Ля дзота Панок яшчэ не разганяў гранак: паспешка тут скапана ад вулiцы аж да палавiны гарода. Ад фермы можна будзе пасля раскiнуць хвасты, выберацца мяшкоў шэсць на насенне, а астатняе дазбiраецца за плугам, як будзе пераворвацца ўвесь гарод, - пойдзе ў маленькую загарадку, свiнням, у яму не павязуць. Калi будзе гэтак суха, як цяпер, гарод можна пабаранаваць; бульбы з-пад бараны свiннi не наядуцца, мех-паўтара будзе, затое бараной збярэцца мёрзлы бульбеўнiк - дуддзё - i пырнiк. Спалiць яго можна пасля, як высахне; на двор жа не прынясеш, каб кiнуць ля хлеўчыка пад ногi ў гразь. Пырнiк перазiмуе, а тады з гноем вясной зноў яго вязi на калёсах у гарод.

Ад фермы з гары конь iдзе гранкай, не завальвае ў баразну, i не трэба тузаць лейцамi. Палiца адкiдае далёка, аж праз гранку ў баразну, раллю з бульбай i каменнем; не збiраецца ў кучу i не падпiрае пад дышаль пырнiк з бульбеўнiкам; скрыгоча толькi па каменнi ў зямлi нарог - трэба трымацца за ручкi: можа выскачыць наверх плуг, адсядай тады назад, тапчы бульбу. Калi едзеш ад фермы - баразна роўная, што пад шнур, i чыстая: ступаеш што па ўбiтым глiняным таку, i чуваць, як спаднiзу ад сырой зямлi холадна ў ногi. Чуваць яшчэ - падае ззаду на дно ў баразну бульба i каменне i лучае па костачках; трэба было ўссунуць што на ногi, хоць басанож.

Шваргочуць выбiрачкi; доўга яшчэ будуць падымаць, сагнуўшыся ў гранках, адна да адной галовы, трасуць кошыкi, узяўшы за ручкi - падсяваюць бульбу, каб не насiць лiшнi пясок у мяшкi, i яна грукае ў сухiх каранёвых кошыках. За выбiрачкамi ззаду сохне ўвачавiдкi чорная ралля: бялее зверху, нiбы яе хто пасыпаў дробна попелам праз пальцы. На падсохлай раллi вiдаць чырвоная бульба - асталася па бульбiне - i белае дробнае каменне, якога летам не было - павыворвалася спаднiзу; капаюцца куры, грэбаюць нагамi свежы пясок, дзяўбуць белае карэнне ад пырнiку, тады збягаюцца ў адно месца i кудахчуць на ўвесь гарод - не падзеляць чарвей.

Пасля зноў гамоняць i гамоняць выбiрачкi, адагнуўшыся i носячы поўныя кошыкi высыпаць у мяшкi. Белыя высокiя мяшкi стаяць на гранках ля плота, насыпаныя аж па завязку; яны не завязаныя, i з iх здалёку вiдаць чырвоная бульба, па кулаку. Мяшкi выбiрачкi не завязваюць, iх завяжа сам Панок, калi перапражэ каня ў калёсы. Завязваць мяшкi трэба мужчынскiя рукi; кожны мех, узяўшы за рагi, даводзiцца трасцi, каб зляглася бульба i было за што зверху акруцiць завязку, бо мяхi выбiрачкi насыпаюць поўныя, хоць адсыпай; не ўсе i мяшкi з завязкамi - лазь тады з рукамi па кiшэнях, шукай аборыну цi кавалак рубца ад падала старой кужэльнай кашулi...

Бульба тырчыць у мяшках вялiкiмi гузакамi, i мяшкi аж распаўзаюцца па швах: бульба вялiкая, з прыгоршчы, сiськаватая; пад вулiцу, дзе нiжэй, яна зусiм збуяла i ляжыць у гранках як карчы - на яе не ступiць нагой: спатыкаешся, што на каменнi.

Ля вулiцы на мяжы, ля самага акопа, учапiўся ў плот ворчык, залез мiж жардзя - нi ўзад нi ўперад, i Панок, паклаўшы плуг набок, на палiцу, стаў на каленi на мяжу ля плота. Хацеў быў клiкнуць Верку - яна была блiзка ад плота ў баразне, - каб яна адцягнула за лейцы назад каня - лезе, падла, наперад, траву ля плота знайшоў, што галодны, - як раптам пачуў: недзе далёка за хатай на балоце цiха i густа ляскоча, нiбы хто пагнаў грэбляй у Кур'янаўшчыну калёсы на жалезным ходзе.

Панок адагнуўся i прыслухаўся - гудзела. Ён тады глянуў у гарод на выбiрачак: у баразне стаяла Верка з бульбай у руках i глядзела на яго. Ён хацеў быў крыкнуць, чаго гэта яна стала i стаiць; махалi ў гранках рукамi, сагнуўшыся, выбiрачкi - нiчога не чулi, гамонячы. Ён падумаў тады, што, можа, яму здалося; пасля пачуў, як зноў за хатай дробненька i дзярката хлябешча, i ўскочыў на ногi. Згледзеў адразу, як, пастаўшы, паднялi галовы выбiрачкi, пасля ўбачыў, як за хатай, над самым Выганчыкам за ракой, ляцiць, скрывiўшыся, самалёт. Вялiкi, чорны, у два крылы, што ў дзве шырокiя дошкi, ён ляцеў якраз на ферму - на гарод. Калi ён быў ужо над самай аселiцай кратаў рагатым крыллем, - Панок убачыў яшчэ два самалёты, а за iмi воддаль i яшчэ тры. Яны ляцелi над самым соснiкам за Боганчыкавым хлевам i вышэй, як гэты, што над аселiцай, - ад iх аж трашчала ўвушшу.

- Заходзяць ад лесу!.. - крыкнуў ён адразу i ўбачыў, што стаяць пасярод гарода выбiрачкi, нiхто не кратаецца... Пазадзiралi толькi вышэй галовы: аж цяпер згледзелi самалёт, што ляцеў з-за рэчкi. Самалёт мiнуў ужо хату i ляцеў над самай вулiцай - ля хваста ў яго выразна быў вiдаць жоўты крыж.

Панок хацеў быў крыкнуць выбiрачкам у гарод, каб не надта задзiралi галовы, як яго схапiў раптам кашаль. Затупаў на мяжы па пяску конь, падняўшы пыл, таптаў лейцы з пастронкамi; пасля Панок пачуў, як на двары за тынам глуха трэснула, нiбы хто стукнуў векам па пустой кадзi ля студнi; тады захлопала на вулiцы ля паркана i па гародзе ля плота - па самай паспешцы. На паспешцы падняўся з зямлi ахапкам белы дым, усё роўна як там панаставiлi новых мяшкоў з бульбай праз усю гранку; захлiпала полымя - гарэла зямля i мёрзлы бульбеўнiк.

Даг-даг-даг... - застукала над галавой, ядрана i сiпата. Фюр-р-р... Фюр-р-р... - засвiсцела ценка i працiўна, i пачало покаць ва зямлю ля плота: пок, пок... Тузануў пастронкi конь, падкiнуў плуг, але каня не пусцiў ворчык.

- Ве-ерка!.. Дзецi ў хаце!.. - закрычаў Панок; пасля хацеў крыкнуць Насце, каб не стаялi бабы, клалiся ў барозны.

Калi ён глянуў на гарод, убачыў, што бегае ля Махоркавай пунi конь i там крычаць мужчыны, тады згледзеў, як пусцiлiся з гарода мяжой па паспешцы адна за адной выбiрачкi - лезуць у плот у спрагу i бягуць загуменнем за ферму ў лазу.

Даг-даг-даг... - стукала ўжо над Боганчыкавым хлевам. Самалёты, што ляцелi над соснiкам, павярнулi ад лесу i хлебясталi цяпер над самай вёскай; з доўгiмi i шырокiмi чорнымi крыллямi, яны, здавалася, зачэпяцца на двары за асвер.

- Верка! - крыкнуў зноў Панок i ўбачыў, што яна ўжо ў спразе - бяжыць на вулiцу. - Дзяцей вынось!

Пасля ён пабег сам у спрагу... Таркануўся быў на вулiцы на пяску, мусiць, хацеў, вярнуўшыся, падбегчы яшчэ да каня - конь тузаў ля плота пастронкi, - тады пiхнуў ад сябе вароты - Верка была iх зачынiла за сабой i ўскочыў на двор.

Даг-даг-даг... - хлебястала цяпер ужо недзе ў вёсцы. На загуменнi падняўся ўгару сiвы дым i калыхнулася полымя - белае днём, што сонца Гарэла Махоркава пуня - снапы. Пасля Панок убачыў, як дым падняўся пасярод вёскi.

Ля самага акна на двары ён пачуў, як запахла дымам i есца ў вочы. Схапiў кашаль, не даючы бегчы.

Зноў загудзела над самым дваром.

Дзверы былi расчынены, i ён, учапiўшыся за вушак, крыкнуў у сенцы:

- Дзяцей!.. Дзяцей вынось... Ве-е-ерка!..

Калi Панок пачуў, як глуха застукалi па калдобах цяжкiя з мяхамi разводы i яго валiць да ляжэйкi, здагадаўся: панёс конь.

Ён ухапiўся ў дзве рукi за лейцы, але яны вышмаргнулiся з пальцаў, абдзёршы да крывi скуру; тады, нагнуўшыся ўперад, ён акруцiў лейцы каля рук: каля адной i каля другой аж у два разы. Конь напiнаў лейцы, задзёршы галаву i выставiўшы ўперад шыю - усё роўна як падносiў пад нож, i Панок пачуў, што яго цягне лейцамi ў перадок: каню пад заднiя ногi...

- Тыр-р-р... Скацiну маць!.. - закрычаў ён i закашляўся.

Конь, вывернуўшы з пяску на ўбiтае, мiнуў адразу Боганчыкавы калёсы, зачапiўся быў колам за заднюю вось, мiнаючы Махорку, i цяпер пёр угалоп у лагчыну, куды сыпалiся немцы. Седзячы высака на мяхах, Панок бачыў, як немцы, бегучы, стралялi назад - да маста.

Жых... Жых... - зверху на спiну каню i на выцягнутыя рукi яму, Панку, сыпалiся сасновыя лапкi, дробныя, што пасечаныя тапаром, нiбы хто церабiў уверсе соснiк.

Ззаду ля маста стагнала ўсё на свеце; здавалася, недзе кiпiць вар у вялiкiм гаршку...

- Махо-орка!.. - клiкнуў быў Панок i аглянуўся назад, але нiкога не згледзеў: нi Махоркi, нi Боганчыка. Дарога была пустая, як хто вымеў. Конь браў рэдкiм соснiкам пад гару: трашчала пад коламi сучча, па вачах бiлi калючыя сасновыя лапкi, свiсталi над галавой кулi, як хто махаў ценкай пугай: пiць... пiць...

Тах-тах-тах... - хлебястала недзе зусiм блiзка ў соснiку ля маста.

Панок быў раптам пачуў, што сунецца з мяхоў некуды назад, як у яму. Ён яшчэ больш учапiўся за лейцы i глянуў пад сябе: пад iм быў пусты мяшок.

"Развязаўся..." - падумаў Панок, пасля згледзеў, што мяшок усё роўна як парэзаны касой - доўга, на дзве пядзi, ля самай завязкi. Завязка, было вiдаць, зацiснута на засмаржку.

"Куляй разанула..." - надумаў ён. Пасля падумаў, што куля зачапiла мех ля самага сцягна i што ён, Панок, не пачуў, як высыпалася ў дзiрку жыта...

Уперадзе на гары быў вiдаць расцяроб; доўгi, чысты i жоўты ад пяску, ён вёў соснiкам унiз, у iмшару.

Панок адвалiўся назад, у яму на возе, дзе ляжаў цяпер пад iм пусты мяшок, ухапiўся дзвюма рукамi за левую лейчыну, каб завярнуць каня ў расцяроб. Конь не слухаў: скакаў галопам, падкiдаючы высака ўгару дугу i сыплючы калючым пяском i сухiм мохам у вочы... Тады Панок упёрся нагамi ў драбiнку ў разводах - у перадок - i, цягнучы за лейцы, адвалiўся на калёсы аж на спiну.

Адзервянелi ногi, забалелi рукi ў лакцях, смылела, як пасыпаная прыскам, здзёртая лейцамi скура ля костачак...

Конь спачатку таркануўся на месцы, спатыкнуўшыся на пярэднiя ногi, тады, падцяты лейцамi, рвануў убок, да расцяробу...

Падцялежылiся разводы, крута, стоячы на адным месцы; вывiхнулiся з-пад панараду цялежкi, блiснуўшы белымi шынамi, затрашчалi, ломячыся, аглобнi...

Панок пачуў, як яго раптам падкiнула ўгару, ударыўшы ў бок ляжэйкай; пасля ён усё роўна як паляцеў у яму разам з мяхамi i разводамi. Калi ён угледзеў на зямлi перад сабой цялежкi - новую жоўтую дубовую вось i блiскучыя, вышараваныя аб пясок шыны на колах, - падумаў, што саскочыў падгэрац i сагнуўся недзе шворан, што конь, акруцiўшыся, зноў выбег на дарогу... Панок, падцягнуўшы пад сябе на пяску ногi, ускочыў з зямлi, каб не дацца каню; пацягне назад да маста, пад самыя стрэлы... Пачуў, як яго ўдарыла ззаду ў лапатку, моцна, што конь нагой... Разанула па шыi, як нажом, высака, ля самай галавы. За каўнер аднекуль цурчом пацякла гарачая вада, што вар... Падпёр над грудзi кашаль...

Цiў... цiў... - запiшчала над галавой. У каня пад нагамi ля цялежак падняўся пылок - у сухiм белым сiўцы i дробным верасе. Стралялi з балота... Немцы...

Заржаў конь, кораценька i глуха, як стогнучы, усё роўна што хацеў пiць i ўгледзеў вядро...

Пасля Панок пачуў, што яго моцна тузанула за рукi; закруцiлася ў галаве, павярнулiся дагары зямля i новыя цялежкi з дубовай жоўтай воссю i блiскучымi шынамi...

Ён чуў яшчэ, што сунецца i сунецца некуды па зямлi, мусiць, зноў расцяробам па iмшары, бо пахла аднекуль кiслым белым мохам i журавiнамi... Тады здалося, што ён увалiўся ў мох мiж куп'я... Мох высокi, роўна з соснiкам... Адпусцiў кашаль, i мякка-мякка ўсяму...

Мiгнулася ўваччу Верка з малымi на руках; бегла з хаты, выносячы дзяцей у аселiцу, у альшэўнiк да ракi. Над дваром, над самым асверам, махаў крыллем чорны, як збiты з дошак, самалёт з жоўтым крыжам ля хваста...

Панок быў пачуў яшчэ, як пасля запахла сухiм пяском - пылам, - i падумаў, што конь цягне яго дарогай - дамоў, у вёску...

15

Януку, калi ён, апёршыся галавой на рукi, глядзеў з калёс назад на дарогу, дзе iшлi немцы, здавалася, што ён дома - у Дальве ля школы. Прывалiўся, падышоўшы да варотцаў, да частаколу, а немцы iдуць i iдуць дарогай з лагчыны ад могiлак - з Сушкава...

У школу яны былi пераехалi адразу пасля пажару - усёй сям'ёй: ён, Янук, сын Пiлiп з яго, Януковай, нявесткай i малым Колечкам; пераехалi без нiчога, у чым стаялi.

Школа была за грэбляй, далекавата ад Дальвы, на гары ля могiлак пад Сушкавам. Драўляная - бярвенне, шырокае i чэсанае, што плашкi, парабiлася ўжо сiвое; накрытая чырвонай бляхай - бляха была вiдаць здалёку: блiшчала на сонцы; з вялiкiмi вокнамi - знiзу аж уверх на ўсю сцяну; на высокiм - па пояс - падмурку з шэрага абсечанага гладкага камення, школа даходзiла да самай дарогi, шырокай, убiтай калясьмi, парослай вечна сiвым ад пылу падарожнiкам i старым высокiм, па костачкi, дзядзеўнiкам.

Школу абгарадзiлi дробным i роўным, з-пад пiлы, частаколам, шырока заняўшы паўдзядзiнца на самай гары. У куце на двары, дзе рос палын, белы i высокi, па самыя пахi, стаяў хлеў, накрыты гонтай, - у iм складалi ў вёрсты на зiму дровы. За хлевам у палыне i канаторжнiку былi ямы, дзе сушкоўцы хавалi бульбу, - там жаўцеўся стары пясок, перакапаны рыдлёўкамi i стаптаны нагамi на попел.

Блiзка ад вулiцы процi першага ганка стаяла студня са стрэшкай, зробленай з новых, жоўтых, пагабляваных сасновых цалёвак. Сасновымi цалёўкамi быў абабiты i зруб, яго кожны раз аблiвалi расплёханай вадой спераду, дзе стаўлялi вядро, i ад таго цалёўкi былi цвёрдыя i выслiзганыя, як шкло.

Дзецi ў школу не хадзiлi, i двор парос густой белай дзяцельнiцай з дзядзеўнiкам, хоць касi; распусцiлiся ля самага ганка белыя раманы, шырокiя, з даланю; за студняй ля частаколу на мяжы набух цёмна-жоўтымi пупышкамi, як ад мёду, высокi i зялёны, малады дзiвасiл.

Голыя, без травы, на двары былi толькi дзве сцежкi; сiвыя ад пяску, убiтыя босымi нагамi, што сырая глiна на таку, яны блiшчалi цераз увесь двор ад школы да хлева, куды ўсю вясну бегалi дзецi, i да студнi, адкуль насiлi ваду.

На двары было пуста i горача; пуста было i на грэблi, i ў Кур'янаўшчыне. Пад самым Сушкавам, за дарогай, далёка над садам вiсела маленькае сонца, бралася на паўдня. Хацелася ў Дальву: дамоў. Пайсцi, сесцi на двары на калодку пад парканам i глядзець здалёку на месца, дзе стаяла да пажару хата. Хата была з трысценем, а зусiм мала заняла двара - адну чорную латочыну. На такой латочыне, здавалася, цяпер не зрубiш вялiкай хаты. Хацелася яшчэ пайсцi, узяўшы ў школе рыдлёўку, i капаць пажарышча перасыпаць з месца на месца пясок i попел са шклом у тым куце, дзе стаяў куфар...

У Дальве было вiдаць белае пачэсанае бярвенне - ляжала ў некага на гародзе ў спаленым канцы вёскi: яго навазiлi адразу пасля пажару.

Янук пайшоў бы ў вёску, каб не згледзеў, як у лагчыне ля Сушкава падняўся пыл. Калi Янук павярнуўся i глянуў на дарогу, немцы ўжо iшлi дзядзiнцам - па траве. Пярэднiя ехалi на веласiпедах; сядзелi на iх што на плоце, ажаргаўшы жэрдзе; заднiя iшлi пехатой - кучкамi.

Янук доўга стаяў на двары, тады ўзяў падышоў да самых варотцаў i апёрся грудзьмi на частакол. Немцы на яго не глядзелi - нiводзiн не павярнуў галавы. Iшлi запыленыя, як з млыну; Янук згледзеў, што ў тых, якiя ехалi, ажаргаўшы высокiя чорныя веласiпеды, за плячыма былi вiнтоўкi, пазатыканыя белымi, скручанымi ў трубачку анучкамi.

Янук бачыў немцаў першы раз: у Дальве яны яшчэ нi разу не былi, хоць гаварылi, што яны ўжо занялi Краснае. Яму здалося, што ўсюды стала яшчэ горш цiха i ён зусiм нiчога не чуе. Ён стаяў i глядзеў, як яны труць нагамi траву на дзядзiнцы, iдучы, i кураць. Кураць усе да аднаго, нават тыя, што едуць на веласiпедах. Дастаюць папяросы з маленькiх белых блiскучых пачкаў, кiдаючы парожнiя пачкi пад ногi, прыкурваюць, дымяць, усё роўна што пара iдзе ў iх з рота на марозе ў кожнага; здаецца, глытаюць i дым i пыл з-пад ног, пасля плююць у пясок i шпурляюць далёка ад сябе запалкi - аж на двор да школы.

Запахла з дарогi пылам - стаптанай нагамi сухой травой i дымам ад папярос. Дым пахнуў густа i мякка, i ад яго аж круцiла ў носе...

Янук тады адшчапiў кручок у варотцах i выйшаў на дзядзiнец. Стаяў спачатку ў канаторжнiку ля самага частаколу, прыцiснуўшыся, i глядзеў, як да варот паварочваюцца галовы ў пiлотках - немцы пачалi глядзець на яго. Яму здалося, што яны пайшлi блiжэй, ля самага частаколу, i тады баяўся, каб не стапталi ногi.

Ён убачыў цяпер, што немцы ўсе ў жоўтых дзягах: i падпяразаны шырокiмi жоўтымi дзягамi, i плечы ў iх пераматаны, што ў коней, жоўтымi набераткамi, i вiнтоўкi ў iх кароткiя i жоўтыя... Самi толькi сiвыя ад пылу i ўсе дробныя i маладыя, маладзей за мужчын у вёсцы. Яны ўсё iшлi i iшлi без аддухi, пасля зноў ехалi на веласiпедах i курылi, кiдаючы акуркi яму аж пад ногi.

Янук тады выйшаў на сцежку процi варот. Згледзеў адразу, што немцы абыходзяць яго. Ён тады стаў стукаць пальцам сабе ў грудзi, пасля выцягнуў руку:

- Т-тваю маць...

Немцы абыходзiлi яго, азiраючыся i скалячы зубы: нешта гаварылi...

- Тваю м-маць... - запыкаў ён зноў вуснамi, здалося, аж сам пачуў, i паказваў пальцам на папяросы.

Немцы сталi яшчэ больш выскаляцца - што сабакi - i стукалi яго рукамi па плячы...

- Т-тваю маць... - пыкаў i пыкаў ён вуснамi.

Пасля ён убачыў, як да варот пад'ехалi два немцы на веласiпедах. Першы, маладзенькi i чорненькi, увесь у блiскучых гузiках спераду на грудзях, саскочыў з веласiпеда i скоранька паставiў яго ля частаколу - Янук падумаў адразу, што немец будзе нечага заходзiцца ў школу. Другi немец, такi ж малады, у галiфэ i блiскучых ботах - гузiкаў на грудзях у яго было менш, толькi саставiў нагу на зямлю: апёрся, трымаючыся рукамi за руль, што за рогi.

Пасля першы, што саскочыў з веласiпеда, падбег да яго, Янука, i паказаў рукой на галаву - у немца краталiся скiвiцы, вiдаць, загаварыў. Тады зноў паказаў на галаву - адной i другой рукой.

Янук падумаў, што немец хоча, каб ён здзеў з галавы шлём, - у яго быў надзеты шлём з задзёртымi i зашпiленымi збоку на гузiкi вушамi, з пупам наверсе i з цвёрдым брылём. Новы яшчэ шлём, Пiлiп прынёс яго летась зiмой з фiнскай вайны.

Янук хацеў здзець шлём - немцы не любяць, калi з iмi стаiш у шапцы, нават задзёр рукi, як пачуў, што шлём у яго раптам схапiлi з галавы рванулi, тузануўшы за валасы. Пасля немец, сцiснуўшы ў жменi шлём, што мыш тырчаў толькi адзiн пуп: уперад, - панёс яго да варотцаў, усё роўна як нёс куды на двор. Падышоўшы да варотцаў, ён паклаў яго зверху на частаколiну пупам, выхапiў аднекуль, Янук не згледзеў адкуль, белы шырокi кiнжал i секануў з-за вуха. Пуп адскочыў далёка на двор на траву, у канаторжнiк, што галава ў курчацi з калодкi ў трэскi на дрывотнi... Шлём упаў з варотцаў у дзядзеўнiк ля Януковай босай нагi. Зверху, з растапыранай дзiркi, выехала белая вата.

Галава ў Янука сашмыкнулася з рук: ссунулiся, мусiць, з калень локцi, самлеўшы, i ён кiўнуўся на возе, як спрасоння. Калi ён выпрастаўся, убачыў, што былi ўжо за мастом у лагчыне i што наперадзе пагналi коней - адна Танiна рабая кабыла стаiць на месцы ў самым пяску. Пасля ён убачыў, як бег нечага назад, кiнуўшы каня, Махорка, i падумаў, што ён, Янук, ехаў, гледзячы ўвесь час у зямлю, i не ведае цяпер, што робiцца наперадзе. Махорка нешта крычаў, але не яму, бо не глядзеў на яго, - махаў усё рукамi некаму ззаду: мусiць, Насце. Махоркаў конь стаяў уперадзе пасярод дарогi, пад гарой - гроб пад сябе ўсiмi чатырма нагамi пясок, што коўзаўся непадкаваны на лёдзе.

Тады Янук пачуў, як недзе далёка, што пад зямлёй, загрукаў гром - гром Янук чуў кожны раз - i ўбачыў уперадзе ў лагчыне поўны соснiк немцаў - аж кiшыць: бягуць ад маста некуды ў балота, мiнаючы абоз. Янук хацеў быў саскочыць з калёс напярэймы Махорку, але пачуў, што не слухае зусiм спiна ў самым крыжы i абвялi рукi - матаюцца, што цэп ля цапiльна. Стала цяжка дыхаць, гнула ў крук, што пад сырой вязкай сена на балоце; зрабiлася цёпла ў паяснiцы, пасля яе сцяло як жалезным абручом... Запякло ў крыжы, нiбы ён, Янук, лёг дома на голай печы на спiну.

Калi Махорка мiнуў яго, Януковы, калёсы, Янук убачыў, як наперадзе коцiцца з-пад гары, што бурда, ад сваiх калёс Iван Боганчык, кiнуўшы жарабка. Коцiцца ўнiз дарогай пад самыя ногi Танiнай кабыле, увесь у пяску, сiвы, не пазнаць. Вiдаць толькi яго чорная валасатая галава i чорная барада - не ўкачаў у пясок, падымаў ад зямлi.

Янук павярнуў галаву, каб убачыць, дзе цяпер Махорка, - Махоркi ён не згледзеў; пасля зiрнуў зноў уперад на дарогу - Боганчыка нiдзе не было. Не было вiдаць i яго жарабка з возам - коўзаўся толькi па пяску на дарозе на адным месцы Махоркаў конь i стаяла рабая Танiна кабыла, не сышла з месца. Янук убачыў яшчэ, што яго конь падышоў да самых Танiных калёс i варочае ў бакi галавой. На калёсах уперадзе не было вiдаць Танi: яе, мусiць, схапiла далоў Наста - мiгнулася была ўваччу, падбягаючы да воза... Тады ён падумаў, што ззаду ля маста страляюць, бо там грукае, як гром, i адтуль бягуць соснiкам немцы; падумаў яшчэ, што страляюць i немцы з балота па дарозе, бо хмылiцца конь, гледзячы туды i хаваючы вушы пад грыву.

Янук зноў павярнуў галаву, каб убачыць, дзе Махорка, - той падбяжыць, паможа злезцi з мяхоў, бо могуць забiць немцы, калi страляюць сюды з балота...

Запахла аднекуль дымам - сухiмi сасновымi лапкамi. Закруцiлася, аж зазвiнела ў галаве, што зiмой на печы ад чаду; пад грудзi падвярнула блага. Ён зусiм не чуў ног...

Калi ён яшчэ раз аглянуўся да маста, згледзеў недалёка ад дарогi ў лагчыне ў траве Алёшу - мiгнуўся ў вачах...

- Ёска... Ёска... Тваю маць... - замычаў ён, выцягнуўшы ўперад шыю...

Яму здалося раптам, што ён пачуў сябе, як i тады, даўней, калi яшчэ не спаў на сырой зямлi на прызбе... Ён глянуў быў на свае рукi... Яны, мусiць, аднялiся, раз не служаць. Калi тое было, як ён заснуў на прызбе, а рукi аднялiся аж цяпер. Яны былi што чужыя - цяжкiя, доўгiя, i ляжалi, здавалася, не на возе, а недзе далёка на зямлi.

Яму было здалося, што ён яшчэ раз убачыў Алёшу ў лагчыне. Падумаў тады, што Колечка яго недзе далёка, на Палiку. На Палiку i сын Пiлiп з яго, Януковай, нявесткай...

Пасля яму моцна стукнула ў галаву. Здалося, секанулi кiнжалам зверху па цеменi - адсеклi пуп у шлёме...

Стала холадна-холадна ўсяму...

Яму здалося яшчэ, што ён iдзе дамоў у Дальву з Карчаватак ззаду за санямi: вазiлi цэлы дзень з балота сена, усёй вёскай.

Падводы расцягнулiся наперадзе па сушкоўскiм баку - скрыпяць толькi па снезе гружоныя санi. Ён усё чуе, нiбыта i не засынаў на халоднай прызбе, i пазнае, як скрыпяць развалы - ценка i лёгка: яны кароткiя, на iх i пад парубень надта добра не ўскiнеш, няма дзе акруцiцца; кладучы воз, стаiш, як на пнi... Лагожы, здаецца, дзяруць снег; цяжкiя, з шырокiмi новымi палазамi, акутымi яшчэ ўвосень у калгаснай кузнi тоўстай iржавай шынай, яны, звальваючыся з тору ў цалiк, лезуць да зямлi i аж равуць па цвёрдай убiтай дарозе, сунучы перад сабой камкi снегу... Трашчаць, як рассохшыся, кары з казой; трашчаць бабы, туга надзетыя на капылы, калi нахiнаецца набок воз; трашчаць намарзнi, сцiснутыя з двух бакоў - знiзу i зверху - вязамi; трашчаць аглобнi з намёрзлымi пяньковымi акрутнямi, калi ўпiраюцца ў палазы i выгiнаюцца на павароце; трашчаць вяроўкi пад вазамi - доўга былi распушчаны, на ўсе драбiны; трашчаць, намёрзшы, з сырамцу гужы ў хамуце: туга былi сцягнуты дугi; трашчыць у старым, у абхват, альшэўнiку ля ракi мароз, лопаецца ўвачавiдкi кара; трашчыць, здаецца, уся зямля, намёрзлая аж на тым свеце...

За вазамi не вiдаць коней; iдзе толькi ад iх пара, густая i белая, што дым ад саломы, i сцелецца па зямлi - па снезе. Пара iдзе i з ракi, у тым месцы, дзе крынiца; iдзе i ля берагоў з-пад лёду. Рака прамёрзла ў дно з самай восенi, калi бралi нагалец маразы, i цяпер ад сонца на ёй цьмяна блiшчыць здалёку лёд, шэры i халодны, што камень.

Вялiкае, у два разы большае, як летам, чырвонае, што кроў на снезе, сонца доўга стаiць ля самай зямлi - над лесам за Дальвай, пасля расплываецца, заходзячы, у сiнiм i рэдкiм, як раскалочаным, тулягу.

Усё адразу схапiлася iнеем: сталi халодныя вейкi, не даюць мiргаць вачыма; каўнер у кажусе зрабiўся сiвы, усё роўна што з белай аўчыны; пабялела сена на дарозе, што панацярушвалася з вазоў, - ляжала паблэчанае i прыбiтае да зямлi конскiмi, падкаванымi на гакi капытамi. Iней лёг i зверху на снег - падлятае з зямлi з-пад ног; ад яго збялеў стары голы альшэўнiк за ракой, зрабiўся роўны i гонкi, хоць глядзi. Далёка за мастом вiдаць уся вёска, белая, што выфарбаваная. Дым iдзе з комiнаў высока, аж у самае неба; каб глянуць на яго, трэба задзiраць уверх галаву. I дым белы, што снег.

Крышацца пад нагамi сырыя лазовыя дубцы - не даткнiся; хрумсцяць панастывалыя друзалкi лёду, высечаныя на дарозе падковамi. Яны адлятаюць далёка з-пад ног, пакiдаючы доўгi след на снезе.

Зайшло за Дальвай сонца, пакiнуўшы на небе ядраныя чырвоныя палосы. Палосы сiнеюць, тухнучы на вачах; ля лесу i на Выганчыку за ракой устае туман, густы, сiнi. З сушкоўскага боку, з-за ракi, не стала вiдаць вёскi. Над Выганчыкам замахалi крыллем вароны; чорныя, дробныя, усё роўна як рассыпаныя па небе, яны ляцелi з-пад Кур'янаўшчыны, цiха, як удавiўшыся.

Скрыпяць санi, аж разлягаюцца... Цямнеецца. Уперадзе за падводамi далёка вiдаць белая дарога... У небе над сушкоўскiм бокам - над лесам замiтусiлася рэдкае Сiтца.

Нанач цiснуў мароз, браўся на ўсю зiму - на ўвесь век...

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Янук яшчэ чуў, як валiўся з воза: стукнуўся галавой...

16

Таню ля маста зноў пачало трасцi... Зрабiлася холадна ўсёй, як ноччу, калi яны станавiлiся ў лесе, выехаўшы з ракi ля Завiшына. Сонца паднялося, а яе трасе...

Яна падумала, што ноччу яе так не трасло. Ноччу, мусiць, яна спала: нiчога не помнiць. Помнiць толькi, як да воза падбягалi немцы, выскачыўшы з лесу, як забралi былi i павялi мужчын... Ля калёс тады асталася адна Наста стаяла, паклаўшы руку ёй на лоб.

Таня ўспомнiла, што гэта было ўжо доднiцай.

Калацiла, аж падкiдала на возе. Змярцвела зусiм балючая нага, торгала нiжэй калена, як хто соваў тупым ражном; стала цяжкая, не кранеш, бытта ляжала, прыцiснутая чым зверху. Пякло што гарачым прыскам якраз у тым месцы, дзе нага была акручана лейцамi.

Холад браў нават спадыспаду за плечы; не сцiснуць было зубоў; траслiся рукi, падскокваючы на мяхах, - рабiлiся мяккiя, што плёткi, не схопiшся за ляжэйкi. Пасля ў плячах, адкуль iшла дрыжыка, рабiлася раптам горача, як ад печы; гарачыня хапала адразу ўсю, даючы ў шчокi; пачыналi гарэць рукi, i зноў смылела зверху балючая нага. Калi Таня дыхала, чула, што ў роце суха i робiцца шорсткi язык - не павядзеш. Хацелася пiць.

- Ва-ады... - прасiла яна, але не чула сябе: мусiць, горла сцiснула сiпка.

Пасля яе зноў кiдала ў стужу i пачынала трасцi.

Рабiлася ўсюды шэра, як цямнелася, толькi далёка вiдаць было сонца жоўтая круглая пляма - дрыжала, расцягвалася, падскоквала высака ўгару... Здавалася тады, што ў хаце ля стала гарыць у светачы смаляны агарак. Да стала - да светача - падышла ад печы мацi з доўгай лучынiнай у руцэ выцягнула з-за комiна. Узяла ў зубы канцом, расшчапiла, тады выняла, круцячы ў пальцах, агарак са светача i ўшчамiла яго ў доўгую - на ўсю хату лучынiну. Новая лучынiна гарэла цьмяна i цiха, угараючыся ад агарка. Яна яшчэ не высахла, упарылася толькi за комiнам, куды мацi паклала яе ранiцай сушыць, нашчапаўшы з сырых намазгляватых брускоў.

Пасля мацi вярнулася да сцяны ў запечак, дзе ляжала на ложку Таня, i паклала ёй руку на лоб.

- Блузнiць, бедная... Прастыла.

Мацi стала нейкая зусiм другая, пацямнела, нос у яе выцягнуўся i зачырванелiся шчокi, як у Насты. I рука - шырокая i халодная - чужая. У мацi ўсягды была цёплая рука, нават калi мацi паiла зiмой ля студнi карову без рукавiц. Мацi не баялася холаду ў рукi - ад марозу яны рабiлiся ў яе толькi чырвоныя, што буракi.

Пасля мацi пайшла ў другую хату i прынясла кажух, новы, жоўты i доўгi, i ўкрыла iм Таню аж па галаву. Сцягнуўшы з печы з лучыны старую, вынашаную сiвую суконную жакетку, ускiнула на ногi.

- Гарыць агнём... Пал у дзяўчыны...

I голас у мацi, што ў чужога, усё роўна як у Насты.

Мацi доўга пасля нiдзе не чуваць. Круцiцца ў галаве, як ад чаду, i ад холаду аж страсае... Грукае недзе далёка, мусiць, у сенцах. "Драбiна", здагадваецца Таня. Мацi ставiць драбiну ў сенцах да сцяны, палезе на гару па журавiны. Журавiны на гары ў начоўках - поўны начоўкi, аж з коптарам; журавiны насiлi ўсю восень з Карчаватак. У начоўках яны выспелi, парабiлiся чырвоныя i здалёку пахлi мохам i кiслёй. Таня набiрала iх у мiсачку кожны раз, калi лазiла на гару развешваць на мароз мокрую бялiзну.

Мацi дастане з гары мёрзлых журавiн i пакладзе iх - па ягадзiне - ёй, Танi, у вушы. Журавiны недзе мёрзлыя, што костачкi, яны не адразу адтануць у вушах.

Няма чым дыхаць - гэта з печы, з-за засланкi, пахне гарэлым хлебам, густа, аж захлынаешся. Мацi нават юшку адчынiла, стаўшы ля комiна на ўслончык, а ўсё роўна пахне гарэлым хлебам i памялом на ўсю хату. Памяло недзе тлее; мацi, мусiць, згубiла яго ў печы, падмятаючы под, i не згледзела...

Прынёсшы з гары журавiн, мацi дасць i пакаштаваць. Па адной будзе класцi сама ёй у рот, бо яна, Таня, не можа падняць рукi - саслабла. Ад мёрзлых журавiн будзе аж калоць у зубы...

Зноў доўга грукае недзе ў сенцах i на двары ля хлева. Мацi доўга не iдзе ў хату, злезшы з гары. Тады Таня думае, што мацi не лазiла на гару, гэта Юзюк грукае на двары пад паветкай: прыбег запрагаць кабылу.

Юзюк недзе ўжо за Дзвiнасой. Пайшоў з Карчаватак адзiн, без яе, Танi. Як яна магла пайсцi з Юзюком... Кiнуць у балоце адну матку? Мала што ў балоце людзi. Яна не пайшла б з Юзюком, каб i мацi пускала. Як гэта пайсцi ўдваiх з Юэюком? Каб усе вiдзелi?.. I так на iх, мусiць, глядзелi, калi Юзюк прывёз iх у Карчаваткi. Каб хоць Юзюк быў iм свой, тады б, можа, Таня i пайшла з iм. А так ён iм нiякi не свой, мацi нiколi не гаварыла. Свае ў вёсцы ходзяць адзiн да аднаго, а да iх Юзюк нiколi не прыходзiў.

Каб i iсцi давялося на Палiк, дык у iх жа не было чаго i ўзяць з сабой. У вёсцы i сухары сушылi, i мiлту малолi, а яны нiчога не рабiлi, нiкуды не збiраючыся...

Юзюк недзе ўжо далёка, ля Палiка...

I чаго гэта ён па яе прыбег, каб iсцi? Хiба ў вёсцы не было з кiм?..

Яна тады пачынае думаць, якi Юзюк, - зусiм забылася, якi ён. Помнiць толькi, што ён босы i шырокi ў плячах. Пасля ўспамiнае, што Юзюк жа вылiты Алёша: лабаты, белы i валасы аж белыя. I нос гэткi, як у Алёшы, - шырокi i загнуты ўнiз; i вачмi часта плюскае, i яны ў яго гэткiя ж шэрыя, i ў зямлю ён усё глядзiць - пад ногi. Пасля яна ўспамiнае, як ён глядзеў на яе на двары ля паветкi i шаптаў: Таня... Яна i сама не ведае, куды б дзелася тады ад такога, каб не трэба было ўцякаць з вёскi. Ёй i цяпер, калi ўспомнiць пра тое, аж горача ў шчокi... Што будуць гаварыць, калi вернуцца ўсе дамоў, i Юзюк вернецца? Iх жа бачылi разам: i на загуменнi - ён сядзеў у iх на калёсах, паганяў кабылу, i ў Карчаватках - памагаў яе, Танiнай, матцы злазiць з калёс: браў пад пахi... Каб толькi прагнаў яго тады ад воза нiхто не надаўмiў, - яна i сама б ссадзiла матку. Гэта ж выдумаць: робiць такое на вачах усёй вёскi, як наўмысля... Здурэў, цi што... Яму, вiдаць, не першыня...

Яна была падумала, што ў Юзюка дужыя рукi, як у мужчыны: лёгка браў з калёс матку. Стаяў пасля ўпобачкi i атрасаў у яе з плячэй сiвец. Налiха яно каму - сваю хай бы iшоў глядзеў матку, тая, можа, збедавалася, не ведаючы, дзе ён. Ён хацеў i ў яе, Танi, атрасцi з плячэй сена, але яна не далася, адскочыла ад яго.

Тады ён пайшоў распрог кабылу - конi ва ўсiх былi распрэжаны - i прывязаў за лейцы да ляжэйкi, пакратаўшы перад носам у кабылы сена. Не адыходзiўся ад калёс, як дагадзiць збiраўся.

Пайшоў ад iх ён цiха, нiчога не сказаўшы, - глядзеў усё здалёку на яе, Таню. Пры матцы - яна ўсё бачыла - хоць ты было згары... Каб збiў-збiў яго, дагнаўшы, на порхаўку... Раскiрэка... Пабег на Палiк, абы дома толькi не стыкацца...

Ёй зрабiлася раптам нечага шкода-шкода... Толькi не Юзюка. Па iм яшчэ нудзi-i-цца...

Зноў загрукала недзе, як у сенцах... Мацi зусiм i не лазiла на гару па журавiны - яна пайшла ў гарод пад раку, стукнуўшы ля варыўнi аб сцяну варотцамi, i жне ля мяжы бульбеўнiк. I на дварэ нiякая не зiма, калi мацi жне i ў хаце расчынена ад гарода акно...

Мацi жне ля мяжы; адгiнаючыся, падымае ўгару доўгi бульбеўнiк i кладзе збоку на гранку. Бульбеўнiк у гародзе высокi, парос роўна з малачаем - Танi добра вiдаць з ложка ў акно; вiдаць нават на зжатых гранках зялёная макрыца - густая, пашалела ў мокрых ад ракi барознах.

Мацi махае i махае рукой, набiраючы з-пад сярпа поўную, як сцiснуць, жменю калiўя, каб адкiнуць яго ад сябе на гранку; трапеча, усё роўна як сохне ў вецер на плоце, у яе на галаве белая хустка.

Зноў грукае ў сенцах, моцна, аж дрыжаць сцены i звiняць у вокнах шыбы. Звiнiць у парозе на лаўцы пад суднiкам парожняе, накрытае белай цадзiлкай вядро.

Танi здаецца, што мацi пяе ў гародзе ля плота. Працяжла, як дзе далёка за ракой на Выганчыку. Песня чуваць праз расчыненае акно. Пасля мацi пяе ўсё мацней i мацней, аж заходзiцца, не сцiхаючы нi на хвiлiну. Здаецца, яна кiнула ўсё на свеце, адно вядзе песню, нават рукамi не махае ў гародзе ля мяжы...

Здаецца пасля, што мацi i не ў гародзе, а ў хаце ля акна ад вулiцы сядзiць, нагнуўшы галаву над сталом, i, узяўшыся ўсiмi пальцамi за iголку, махае i махае рукой - шые. Мацi кожны раз, калi што шые, пяе.

Зноў дрыжаць у вокнах шыбы i звiнiць у парозе пад суднiкам вядро. У хаце нудна-нудна, i ад таго калоцiцца ўсё ўсярэдзiне.

Робiцца, бывае, цiха, тады шумiць толькi ў галаве, усё роўна як дзе над вухам перасыпаецца пясок - сыплецца i сыплецца без аддухi, што дождж.

Пасля пяюць далёка на полi пад Карчаваткамi, жнучы, усе бабы з вёскi згiнаюцца да зямлi з сярпамi ў руках...

З поля, з-пад Карчаватак, вiдаць Дальва: хаты стаяць адна ля адной, дробныя, шэрыя; стаяць недзе за гумнамi ў яме - тырчаць адны стрэхi.

На загуменнi вiдаць Януковы дубы - высокiя, цёмныя; ацiхлi, як памлелi. За дубамi, у тым баку, недзе яе, Танiна, хата.

Цiха. Шапоча пад нагамi ржышча, колецца, абдзiрае да крывi костачкi; за падол, калi нагнешся, набiраюцца дзяды i асцё; i пахне сухая зямля - пылам i ячнай саломай. Зямля ўся жоўтая ад ячменю - ад загумення да самых Карчаватак. Толькi там, дзе яго пажалi ля дарогi, зямля здалёку здаецца белай, што iней. Гэта ржышча. А можа, бела ад таго, што ўгары шэрае неба, нiбы перааранае ўвосень бульбянiшча, - апусцiлася нiзка над загуменнем, як павiсла... Хмары выцягнулiся ў даўгiя вузкiя палосы. Над загуменнем, пад Януковы дубы, палосы дробныя, што расцягнутыя.

Там, дзе драбнеюць палосы, пад'яснелася; хмары ў тым баку сталi жоўтыя, што аўсяная мякiна ў кучах; там недзе за iмi сонца...

Шастае пад сярпом ссохлы, аж пакорчаны ў каласах, ячмень; трашчыць пад нагамi белае ржышча; шапоча салома, калi вяжаш перавяслам сноп; шашчыць, перасыпаецца сухi цёплы пясок, калi яго зачэпiш пад пырнiкам пальцамi i сыпнеш па ржышчы... I зноў чуваць песня, нудная, цiхая, усё роўна як звiнiць увушшу... Пачынае яе нехта далёка ў кутку, пад самымi Карчаваткамi; пачынае адзiн, адагнуўшыся, мусiць, i стаўшы на загоне - круцiць перавясла, - бо чуваць аж здалёку; тады яму памагаюць усе бабы на загуменнi. Не адгiнаючыся ад зямлi, яны махаюць i махаюць рукамi, кiдаючы жменi ў кучкi па ўсiм полi, каб пасля пайсцi за адзiн раз павязаць iх у снапы. Кратаюцца ў ячменi белыя хусткi, кратаюцца рукi - здаецца, варушыцца ўсё загуменне ад вёскi, да Карчаватак. Баб на полi - што снапоў; заняўшы загоны, яны iдуць у канец, пад лес.

Бабы зацiхаюць толькi ў самых лагах.

На полi тады робiцца пуста. Цёмныя палосы на небе выцягваюцца на ўсё загуменне; шарэе жоўты туляг над Януковымi дубамi, дзе было сонца... Чарнеюць у вёсцы стрэхi - хаваюцца з воч.

Грукнула зноў недзе зусiм блiзка, як усё роўна варотцы ля варыўнi аб сцяну. Зноў зазвiнела ў парозе ля суднiка - мусiць, у хату, да яе, Танi, бегла мацi.

Таня пачула, што ляжыць на зямлi. Было цвёрда, цвярдзей як на мяхах на возе, i калолася спадыспаду ў спiну i ў голыя рукi ля локцяў.

- Бярыся за мяне, дачка... За шыю...

Танi здалося, што над ёй загаварыла, нагнуўшыся, мацi, - прыбегла з гароду з сярпом на плячы. Новы вялiкi серп кiваецца ля галавы i блiшчыць, мокры яшчэ ад бульбеўнiку. Мацi падхапiла яе пад пахi i загадвае Настулiным голасам:

- За шыю бяры... Не бойся...

Даг-даг-даг... - стукае недзе зусiм блiзка кулямёт, як i на гары ля школы, калi па iх стралялi з вёскi.

Таня варочае галавой, але нiкога не бачыць: нi мацi, нi Насты. Угары толькi адно неба ў доўгiя чорныя палосы i жоўты туляг - далёка над лесам...

Даг-даг-даг... - зноў грукае нехта ў сенцах у дзверы: Юзюк, мусiць, з двара, каб яны з мацi хутчэй iшлi з хаты.

Схаваўся раптам з вачэй жоўты туляг на небе, дзе было сонца, i Таня пачула, як яе нехта цягне, узяўшы пад пахi, па зямлi i балiць зацягнутая лейцамi нага.

- А-а-а! - крычыць яна i чуе, што толькi сiпiць.

- Цярпi, дачка... Лавi мяне за рукi...

Над ёй гаворыць Наста. Чуваць нават, як Наста цяжка дыхае, як сапе. Таня тады хапаецца абедзвюма рукамi за яе руку - за локаць...

- Не падымайся, дачка... Не чуеш, цi што?

Наста пачынае на яе крычаць; мусiць, яна, Таня, была паднялася, бо зноў забалела-забалела нага...

Таня тады заплюшчыла вочы. Калi яна зноў глянула, убачыла над галавой высокi багуннiк i верас. Яны краталiся, як ад ветру. Таня здагадалася, што яе цягне Наста ў лес з дарогi, дзе асталiся падводы. Яна падумала была, а дзе ж мужчыны, калi яе цягне Наста... Яна, мусiць, яшчэ раз паднялася, каб глянуць, дзе мужчыны, бо зноў загаварыла Наста:

- Не тузайся, дачка... Памагай мне... Мы з табой не пабяжым... Нi я, нi ты... Я ўжо як без ног...

Таня запыталася ў Насты, дзе ж мужчыны, але Наста, мусiць, не пачула: не сказала нi слова - цягнула толькi яе ўсё i цягнула па сiўцы i па сухой мятлiцы немаведама куды.

Даг-даг-даг... - стагнала па лесе, не сцiхаючы.

- Не тузайся... Гарыш уся, як агонь. Цярпi, дачка... Цярпi-i-i...

Танi зноў стала холадна ўсёй i мокра спадыспаду ў спiну. У вочы пырснула аднекуль вада. Зашасталi пад рукамi сухi бабок i альховае лiсце; стала мякка, як на сене; запахла мохам i журавiнамi. Уперадзе, у галавах, чвякала ў некага пад цяжкiмi нагамi гразь, усё роўна што пiла ваду кабыла.

Зноў загрукала ў парозе ў хаце - гэта ў мацi з пляча звалiўся на падлогу серп.

Закрычала раптам Наста - на ўсё загуменне... Адагнулiся жнеi, пасталi на загонах, трымаючы ў руках сярпы, i глядзяць за Януковы дубы на туляг, за якiм загарэлася чырвонае, як агонь, сонца i валiцца на вёску, што камень...

Таня пачула, як яе выпусцiла з рук Наста.

Яна ўдарылася патылiцай аб нешта цвёрдае, як дома на двары аб ганак.

Адплюшчыўшы вочы, яна агледзела збоку немца. Ён быў усё роўна як Юзюк... У руках у яго тросся чорны аўтамат, крывы, што серп...

Яна хацела закрыцца рукамi...

17

Насце здавалася, што яна чуе, як у падвойныя вокны з двара б'е вецер, мякка, усё роўна што кужэльным мяшком. Чуваць нават, як ён шастае па сцяне па бярвеннi, нiбыта абмятае яе ад снегу сухiм венiкам з лiсцем, венiкаў Наста навязала яшчэ летам, калi адбывала поле, i яны ляжалi цяпер на хаце на гары ля комiна - цэлая куча. Вецер прадзiмае падвойныя вокны - холадна ззаду ў плечы, холадна i на хаце, хоць рана заложана юшка. Трашчаць пад столлю бэлькi, бытта хто ходзiць па гары. Стукае ля студнi аб сцяну ў варыўнi асвер - сарваў вецер. Наста была ўшчамiла яго ў паркан, набiраючы нанач вады ў вёдры.

Калi ацiхае вецер, чуваць, як шастае па шыбах дробны снег - пайшлi крупы. Яны нават вiдаць ад лямпы ў незамёрзлым чорным акне - лётаюць за шыбамi, белыя, дробныя, што мак, адскокваюць i сыплюцца на падаконнiк з мяленнем, што прыбiты знадворку да акна. На падаконнiку снегу цэлая горка свежага, белага, як добры крухмал; пад iм блiшчыць ад лямпы ценкi белы лёд намёрз на мяленнi...

Стукае на стале нямазаная швейная машына, калi круцiш за ручку... Пасля Наста чуе, як стукае ў хлеве карова, мусiць, драбiнай: холадна, i карова грэецца - шукае сена. Дагэтуль яна кожны раз з'ядае ўсё, што паложыш за драбiну, i, калi цiсне на дварэ мароз, лезе тады з рагамi ў драбiну.

Карова грукае, не перастаючы, аж дзецi чуюць спрасоння - кратаюцца ў запечку на ложку, - i Наста думае, што трэба схадзiць у хлеў паглядзець: карова ж на цяленнi...

Наста думае, што карова будзе цялiцца толькi ў канцы месяца, а можа, аж пасля грамнiц, нядаўна значыць пачала, але ўстае з-за стала, адсоўвае на сярэдзiну швейную машыну, каб вылезцi, не зачапiцца, i iдзе ў парог. Дастае ў запечку са сцяны з цвiка кажух, уссоўвае на ногi цёплыя буркi, узяўшы з пяколка, выцягвае з-за комiна лучыну i бярэ з-пад лаўкi ў парозе парожняе вядро. Запалiўшы лучыну - раздзьмула ў пячуры на прыпечку вуголле, яна хавае яе ў вядро i, закрываючы зверху крылом кажуха ад ветру, iдзе на двор. У сенцах ля парога намяло снегу, i ён скрыпiць пад нагамi. Лiпнуць да белай ад марозу клямкi пальцы i смыляць, як ад чаго гарачага. Вецер, густы i востры, аж скiдае ля ганка з ног, няма як дыхаць, захлiпаешся; лыпнула i пагасла адразу на дварэ ў вядры лучына.

Наста вярнулася ў хату па сярнiчкi - доўга мацала ў пячурцы пад рукавiцамi, пакуль знайшла карабок...

На двары снег быў па каленi да самага хлева. Вецер гнаў яго з загумення i з гародаў праз платы на двор. Неба было светлае: стаяла якраз поўня. Ад свежага снегу зрабiлася вiдна, i было вiдаць, як з лесу адна за адной ехалi падводы, чорныя на снезе, як жукi. За падводамi ззаду беглi людзi - па адным, па два, валюхалiся вулiцай ля самага тыну па гурбах. Пад санямi скрыпеў снег, ад скрыпу не было чуваць, як скуголiў у плоце ля студнi вецер. Падвод было многа, i на кожнай сядзелi людзi ў белых халатах - поўны санi. Наста пазнала, што гэта партызаны.

Партызаны некуды спяшаюцца, калi не сталi ля варот. У яе ж толькi ў адной у вёсцы гарэў у хаце так позна агонь. Яна падумала, што партызаны недзе памерзлi, як карчы, на такiм сiверы, бо едуць ад самай Дзвiнасы, не зайшоўшы нiкуды ў хату. А да Дзвiнасы вёрст сем, добра яшчэ, што лесам, цiшэй ад ветру.

У хлеве яна не палiла лучыны: баялася закiнуць агню такiм безгалоўем i шкадавала сярнiчак. Расчынiла насцеж адны i другiя дзверы - у хлеве было вiдна ад снегу, нават у куце ля драбiны на гнаi, дзе стаяла прывязаная на ланцугу карова. Наста пагладзiла яе па спiне, знайшла вобмацкам ланцуг - ён быў закруцiўся за рогi - i абмацала драбiну. Драбiна была пустая. Струшанка ляжала ля сцяны ў каровы пад нагамi - шапацела, калi ступала па гнаi Наста. Наста падумала, што карова не галодная, калi не есць струшанкi; пайшла была за перагародку, за якой сядзелi куры i, чуючы яе, Насту, адгукалiся, кудахтаючы. За перагародкай стаяў ля ясляў Буланчык. Стрыножыўся, аб'iнеў, стагнаў i не еў сена - яно ляжала ворахам у яслях роўна з берагамi. Буланчыка бралi ўчора ў падводы кутузаўцы...

Наста сцiснула ў ахапак у яслях сена, перанесла яго карове за драбiну. Будзе есцi i пасля каня, каб сагрэцца, калi пад ранiцу вецер вышастае хлеў. Раздурылi, струшанка ўжо ёй не лезе...

Пасля яна пайшла наскубла са сцiрты мурагу - ля сцяны ад двара - не многа, як узяць пад паху, i паклала Буланчыку ў яслi. Буланчык доўга стаяў, апусцiўшы галаву, пасля стаў гломзаць, памалу, як нежывы. I не пiў ён нешта вечарам зусiм, памачыў толькi храпы. Трэба было яму вынесцi вады з хаты... Загналi яго... Нiхто ж не скажа, куды на iм ездзiлi па такiм снезе, а ў каня языка няма... Яна пагладзiла Буланчыка па шыi - ад iнею стала холадна ў рукi, пасля пайшла на працiўню, узяла з кадзi мех, у якiм насiлi запарваць карове мякiну, i накрыла яму спiну, там, дзе ляжаў падсядзёлак...

Буланчык пераступiў з нагi на нагу, пасля заржаў - цiха i ценка; з храп у яго, было вiдаць, iшла пара. Закудахталi куры, пачуўшы, бразнула ланцугом карова - рвала са сцяны крук. Сена з ясляў яна не зачапiла.

Наста да яе больш не падышла.

Калi яна варочалася з хлева, на вулiцы яшчэ ўсё ехалi партызаны. Яна пастаяла ля ганка, пачакала, захiнуўшыся каўняром ад ветру i схаваўшы ў рукавы кажуха голыя, без рукавiц, рукi: шчыпала за пальцы. Падумала: партызаны едуць у халатах. А што тыя халаты?.. Каб яны хоць грэлi на марозе... Яна падумала пасля, каб пайсцi патушыць агонь, пакуль партызаны праедуць, але ж у яе гэтулькi швiва. Спаць жа не ляжаш: заўтра ранiцай прыедуць кутузаўцы...

Яна вярнулася ў хату, узяўшы ў сенцах на засаўку дзверы. Павесiла ў запечку, зняўшы з плеч, кажух; сцягнула з ног буркi, астаўшыся ў суконных панчохах, падышла да стала, узяла абрус i завесiла ад вулiцы акно - не так будзе вiдаць агонь. Доўга стаяла ля ўслончыка, не хочучы лезцi садзiцца за стол. Нiзка над самым сталом цьмяна гарэла лямпа; праз шкляны магазын быў вiдаць вузенькi жоўты кнот i карасiна на дне - цi хопiць да ранiцы. У хаце ўсюды было бела, як ад снегу: на стале, на лавах, на куфры i на ложку ля акна ляжалi абрусы. Цвёрдыя яшчэ, з новага зусiм кужалю, у васьмiнiтовыя ўзоры, яны ляжалi ворахам, усё роўна як хто iх параскiдаў. На стале i на лаве ля куфра яны былi ў кавалках - пакроены. На куфры адзiн на адным былi складзены ўжо гатовыя халаты, шырокiя, з рукавамi i вялiкiмi нязграбнымi, адтапыранымi башлыкамi - падобныя на людзей.

На стале пад самай лямпай ляжала белая крамная прушчына i блiшчала швейная машына: блiшчала беленькае, у дзiркi, кола; блiшчала жоўтая драўляная ручка; аж пералiвалася выслiзганая пальцамi засоўка над чаўнаком...

Наста пачула, як ёй стала холадна ў ногi праз суконныя панчохi: стаяла на голай падлозе. Яна падумала, што ёй не хочацца ўжо лезцi за стол: злiпаюцца павекi ад сну i баляць у лакцях рукi. Баляць яшчэ пальцы, пупушкi: падгiнаеш iмi мацерыю i абрусы, абрублiваючы, цiснеш, каб не выскоквалi з-пад ножкi ў машыне рубцы, - дзе яно дзенецца. Увесь тыдзень не вылазiла з-за машыны - дзяцей толькi кармiла i скацiну.

Стукае сухая машына; нават чуваць, як цяжка круцiць ручку. Калi яшчэ апаражнiла маслёнку з маслам... А цяпер дзе дастанеш. Партызаны казалi i не прыняслi. А дзе яны возьмуць, хоць ты iх прасi цi не прасi.

Стукае машына i не цягне: лучыўся тоўсты рубец. Загнi ўдвая кужаль, ды па шве... Каб хаця iголку не зламаць - апошняя.

Наста тады кiдае ручку i, паклаўшы даланю зверху на кола, круцiць даланёй.

Iголка пругкая, лезе ў рубец, нават не гнецца... Пад пальцам чуваць суравы, кастрывы кужаль - трапiўся партызанам пад рукi нечы благi абрус, цi, можа, яго хто прынёс сам, калi партызаны збiралi, прынёс не шкадуючы: не было чаго шкадаваць.

Рвецца верхняя нiтка - рве iголка, не працягвае праз тоўсты рубец, хоць ты кiдай i перашывай потым рукамi...

А гэтулькi яшчэ наперадзе швiва...

Сама горш уводзiць у вушка нiтку пры агнi, калi блiшчыць усё на свеце. Iголка робiцца ценкая, i не вiдаць нiдзе вушка; чуць зловiш яго вачыма.

Дрыжыць рука, калоцiцца, натруджаная зусiм, - ножнiцы дык ужо i не сцiснеш ёй, кроячы...

Стукае без аддухi машына, калi гонiш шво ў халаце па спiне зверху аж унiз; упiраецца iголка i дрыжыць стол, калi абрублiваеш падол адным махам, разагнаўшыся i ссоўваючы пакроеныя абрусы пад стол на падлогу. Нагiнаешся пасля, каб прыняць iх з-пад ног, i чуеш, як вядзе галава, што ад чаду: пачынае балець.

Калi не стракоча ля вуха машына, чуваць тады, як кiдаюцца на ложку ў запечку дзецi, - пассоўвалi з сябе нагамi да брыжа пасцiлкi, - i зноў стукае ў хлеве карова. Пацягваецца на печы ля комiна котка - шастае лучынай. Гудзе ў комiне вецер, ганяе юшку, яна бразгае, што ўсё роўна парожняя скавародка на прыпечку, - i тады яшчэ горш холадна ўсёй ад акна. Хоць ты вазьмi ды перасядзь на хату, але на хаце трэба садзiцца на ўслончык, i тады будзе высака лямпа i не згледзiш пад ножкай у машыне рубца... Каб пайшоў толькi ў сенцы, знайшоў дроту апусцiць нiжэй лямпу, але дзе ты яго ўпацёмку знойдзеш. Тырчыць недзе ў сцяне ля вушака кавалак почапкi ад вядра, але яна крывая, прастаць трэба - наробiш стуку i паўзбуджваеш дзяцей.

Зноў стракоча машына, рве з-пад пальцаў шво, чуць утрымаеш; стукае ў вокны вецер; пайшоў снег, вялiкi, па атопку; на падаконнiку ляжыць гурба замуравала ўсю шыбiну.

Стукае ля студнi асвер; забылася, не ўшчамiла яго ў паркан, калi была на двары; пачынае, усхадзiўшыся, ныць за акном у мяленнi вецер - усё роўна што ваўкi выюць пад Карчаваткамi.

На вулiцы за гародчыкам зноў на снезе вiдаць санi, чуць кратаюцца...

За iмi iдуць кучкай людзi.

Яна падумала, што занясло недзе зусiм дарогу, не праехаць; што да ранiцы гурбы будуць на вулiцы роўна са стрэхамi: не сцiхае снег; што партызаны ўсё роўна сыплюцца i сыплюцца з лесу, некуды iм пiльна трэба: гарнiзон, мусiць, браць едуць у "Западную", калi ўсе ў белых халатах.

Бягуць па гурбах за саньмi па такiм марозе, а што ў iх абута... Каб i вунь што было, усё роўна змокнуць ногi, а дзе тады абсушыцца. I што ў iх, у партызан, пад тымi халатамi... Кажушкi. Добра ж, калi новыя... У такое безгалоўе нi кажух, нi валёнкi не ўпасуць. Ваўкi i тыя iдуць з лесу блiжэй да будынiны. I ваўкоў прабiрае наскрозь, а тут жа людзi, ёсць яшчэ зусiм дзецi, на печы б сядзець...

Паклаўшы на куфар халат, шырокi, цвёрды, з белага новага кужалю - чуць пашыўся, Наста пачула, што ёй усё холадна ў плячах, нiяк не можа сагрэцца. Яна падышла да печы, накрыла дзяцей - усцягнула пасцiлкi аж на галовы на аднаго i другога: малоцяць нагамi што ў цапы i дзень i ноч - i зноў вярнулася да стала. Ускiнула на плечы пяньковую хустку; дастала з куфра, падняўшы века, каб пралезла ў прыскрынак рука, шпульку новых нiтак, пасадзiла на машыну. Узяла падсунула да сябе новае скроенае рукаво, яно ляжала на самым версе.

Калi зноў застукала машына, Насце здалося, што забразгала ў сенцах клямка. Яна падумала, што гэта вецер - дзьме якраз у дзверы; тады пачула, як забарабанiлi ў акно, моцна, на ўсю сiлу.

Яна падбегла ў парог i, пiхнуўшы ў сенцы дзверы, спыталася, як i кожны раз:

- Хто там?

- Сваi. Адкрой, хазяйка...

За дзвярыма ля самых сяней гаварылi мужчыны, топаючы нагамi, - здалося, iх повен двор.

Яна адцягнула засаўку - вецер вырваў з рук дзверы i бразнуў iмi аб сцяну. У сенцы пагнала снег, аж у парог у хату. З плеч звалiлася хустка, Наста чуць справiлася падняць яе з-пад ног.

У хату павалiлi партызаны... Яна стаяла ў парозе ля дзвярэй, не чуючы, што яны гаварылi, iдучы: яе ўсю калацiла. Пасля яна зайшла iм наперад i пайшла да стала, дзе стаяла машына i ляжалi на куфры пашытыя халаты.

А партызаны iшлi i iшлi: у белых халатах, у белых ад снегу валёнках, чаплялiся ў дзвярах за вушак прыкладамi i стукалi галовамi ўверсе аб папярочку - дзверы ў хаце былi нiзкiя. Грукалi ў парозе нагамi - абiвалi снег, каб не нанесцi на хату да стала; счышчалi яго венiкам з валёнак i з ботаў, перадаючы венiк адзiн аднаму ў рукi; сцягвалi з галоў белыя башлыкi i абкладалi iх на плячах; расшпiльвалi аб'iнелыя белыя каўняры, церлi рукавiцамi шчокi i насы, пасля знiмалi рукавiцы, клалi на лавы, на стол i церлi шчокi пальцамi - памарозiлi. Падыходзiлi да стала i да куфра, мацалi рукамi кужаль; на куфры пассоўвалi ў адну кучу халаты i клалi на века белыя аўтаматы з вiнтоўкамi - у цяпле на жалезе адразу выступiў iней.

Партызаны былi i ля ложка, i ля стала, i ля шафы, што стаяла ля сцяны ад гароду. Iм самiм было ўжо цесна ў хаце, не павярнуцца, а яны ўсё iшлi i iшлi, стукаючы прыкладамi аб вушак у дзвярах.

Прасiлiся пагрэцца, пыталiся, цi даўно ехалi падводы, пiлi з вядра ля печы кружкай ваду i церлi без аддухi шчокi. Дзверы доўга стаялi расчыненыя, i ў хату аж на кут пад стол валiла белая пара.

У Насты не лучаў зуб на зуб; яна толькi схапiла хустку за рагi на грудзях...

А партызаны ўсё iшлi.

Яна прыцiснулася ля стала да лавы - давала месца; зiрнула, стоячы, у акно. На гародзе было бела ад снегу i ядрана: мусiць, свяцiў месяц. У шыбы бiў вецер - не сцiхаў.

Яна тады пачула, як яе схапiла i пачало трасцi...

Падумала: добра, што накрыла на ложку пасцiлкамi дзяцей, - цяпер да iх не падступiцца...

А людзi ўсё iшлi.

Наста зноў убачыла ў акно, як вiдна ў гародзе; тады згледзела, што цямней робiцца ў хаце: канчаецца карасiна i тухне лямпа.

А людзi ўсё iшлi i iшлi з сяней без сканчонага, грукаючы нагамi ў парозе...

Яе трасло, не адпускала.

Калi Наста адплюшчыла вочы, усюды было ядрана, аж не давала глядзець. Сонца стаяла высака - бралася пад паўдня. Такой парой гоняць дамоў з адранку скацiну.

Яна падумала адразу, што не ведае, дзе ляжыць, - не помнiць. Высака ўгары застыла белае ад дробненькiх воблакаў неба - было ўсё роўна як пажмаканае палатно.

Ёй было высака пад галаву, i яна бачыла зашыек, што вёў мiж лесу на балота, i край дарогi ля самага маста. Яны былi сiвыя, як ад дыму...

Над самай галавой краталася жоўтая мятлiца, бы на яе хто дыхаў. Усюды было цiха, i Наста падумала адразу, што аглохла. Доўга ляжала, адплюшчыўшы вочы i гледзячы ўгару... Пасля ёй здалося, што чуе, як нехта стогне. Тады зноў пачала слухаць, пакуль здагадалася, што стогне сама...

Калi яна доўга глядзела ўгару, у вачах пачыналi бегаць мурашкi, чорныя, дробныя, што мак, - усё роўна як сыпалiся адкуль зверху. Пасля яна пачула, што спадыспаду яе ўсю коле, як iголкамi, - i рукi, i ногi ў сцёгнах, i паяснiцу - i падумала, што жывая.

Яна намаглася, хочучы ўстаць, i пачула, як яе тузанула балючая сутарга: за плечы. Плечы адразу забалелi - былi мокрыя, як у лiпкай раскалочанай глiне; стала цёмна ўваччу. Калi яна зноў кранула рукамi, каб устаць, яе адразу скруцiла ўсю, i яна, перавярнуўшыся на жывот, закрычала як магла:

- Та-аня!..

Ёй было здалося, што яна згледзела Таню блiзка ля сябе ў траве: ляжыць, адкiнуўшы галаву, i ў яе расплецены косы...

Пасля яна пачула, што паўзе па траве, кратаецца, - служаць яшчэ рукi, баляць толькi плечы, сталi горш мокнуць, i коле, аж совае ў шыю. Помнiла, што трэба задзiраць галаву - абдзярэшся ў папарацi аб ражны, - натужвалася, але ёй не давала падымацца шыя...

Тады яна падумала, што нiколi ўжо не ўстане з зямлi...

- Дзе-ецi!.. - клiкнула яна, спужаўшыся, што не ўбачыць дзяцей... Яны жывыя, i Iра, i Валодзя. Няпраўда, што гарэла Дальва. Ну i што, калi ноччу было вiдаць у тым баку зарыва?

Траслося ўсярэдзiне, не сцiхала, пачынаючы гарэць агнём...

Яна чаплялася рукамi за сухi верас, абдзiраючы пальцы; чула, што лучала каленямi на вострыя сасновыя шышкi на цвёрдай зямлi, аж калола ў мазгi.

- Та-аня!.. - закрычала яна зноў i пачула, як ёй стала ўсёй горача. Верас зрабiўся высокi, як лес, i густы - не ўсадзiць рукi. Пачаўся соснiк; балота асталося збоку.

Яна падумала, што згубiла Таню... Агледзеўшыся, убачыла, што ляжыць ля самай дарогi, - вiдаць з травы жоўты пясок i колы ад калёс: блiшчаць шыны. Пахне дзёгцем. Яна, мусiць, прыпаўзла да маста.

Калi яна выпаўзла на дарогу да Януковых калёс, пачула, як усюды налiп пясок: на рукi, на нажутку, на спаднiцу. Мусiць, яна ўся мокрая ад крывi, i кроў iдзе з-за плячэй, бо там, чуваць, усё злiплася. Каб гэта можна было акруцiць плечы, уцiснуўшы якiм ручнiком...

Яна спачатку ўзялася за кола абедзвюма рукамi - не думала, што можа адразу ўстаць. Стаяла пасля, учапiўшыся ў ляжэйку, а ў вачах круцiлiся зямля i пясок - белы ад сонца, як снег. Яна тады навалiлася на калёсы - на мех, як ашчапiла была iх, - i ў яе адразу перавярнулася ўсё ў грудзях: на тым баку, за калясьмi, ляжаў на дарозе на самым пяску Янук. Ляжаў - галавой сюды, да Насты. У яго быў сiнi лоб i заплюшчаны глыбака, як у ямах, вочы. З галавы звалiлася кепка, i мокрыя сiвыя валасы ўкачалiся ў пясок. Рот у яго быў скрыўлены, як i кожны раз, калi Янук пыкаў вуснамi: хоць што прасiў. Доўгая белая палатняная кашуля ў яго задзёрлася аж на грудзi; босыя, вымытыя ў расе ногi ён падагнуў пад сябе, прыцiснуўшы iмi лейцы, - усё роўна як не пускаючы аднаго каня. Ля ног у яго на пяску бегалi мурашкi.

Яна падумала, што забiлi Янука. Дваiх забiлi: Таню i Янука... Пасля злякнулася: а дзе ж мужчыны? Павярнуўшы, нямогучы, галаву, каб глянуць уперад на дарогу, яна ўбачыла на зямлi Янукову белую кабылу. Кабыла ляжала ў аглобнях, адкiнуўшы галаву, як завалiлася ўсё роўна ў баразне.

Наперадзе нiкога не было вiдаць: нi Боганчыка з жарабком, нi Панка, нi самога Махоркi, нi iхнiх вазоў... Вiсеў толькi пыл над парытай, як зрэзанай чым, дарогай, i ўсюды было цiха.

Калi Наста адхiнулася ад воза, на вочы ёй лучыўся мех, той, на якi яна была аперлася. Мех быў праколаты ля завязкi як нажом: пракалолi, мусiць, немцы, калi выскачылi былi з соснiку... Шырокая ад нажа дзiрка была заткнута сенам, каб не сыпалася на дарогу з меха жыта...

Наста пачула раптам, як у яе зрабiлiся цвёрдыя ногi, змярцвелi.

Яна была клiкнула Махорку...

Махорка не адазваўся, i яна павяла каля сябе вачыма...

Махорка ляжаў нiчком ля Алёшавых калёс, недалёка ад дарогi ў сiўцы. Здалёку быў увесь чорны i, здавалася, гарбаты.

- Мiрон... - клiкнула яна спопаразку i, выпусцiўшы з рук ляжэйку, пайшла дарогай назад да маста - пераступала з нагi на нагу. Апомнiлася, што iдзе, ужо ля Алёшавых калёс. За калёсы яна больш не бралася; стаяла на дарозе i глядзела здалёку на Махорку. Пасля яна ўбачыла, што ляжыць у аглобнях на пяску, процi Махоркi, выпучыўшы жывот, як аб'елася, рабая Танiна кабыла. Танiны калёсы былi перакулены, i з-пад iх не было вiдаць мяхоў...

I Алёшаў конь быў забiты: ляжаў на зямлi за калясьмi; калёсы былi перавернуты ўпоперак дарогi. На жоўтым пяску аж ля самай лагчыны бiў галавой аб зямлю яе, Насцiн, Буланчык, падымаючы ўгару i апускаючы белыя аглобнi яшчэ жыў...

- Дзецi! Дзецi!.. - зноў закрычала яна.

Яна ўжо мiнула масток; iшла, перастаўляючы ногi, - iшла дамоў - i чула, што не можа iсцi: слабее. Пастаiць i зноў iдзе, абыходзячы на дарозе забiтых немцаў: яна баялася ступiць на кроў - на цёмныя мокрыя плямы на пяску.

Думала, iдучы, што ля маста, адкуль стралялi i куды загадваў бегчы Махорка, няма нiдзе партызан - адны бiтыя немцы па ўсiм лагу i па дарозе. Каб былi дзе блiзка партызаны, згледзелi б, што яна iдзе. Але дагэтуль, пакуль яна ляжала ў лагчыне без памяцi, партызаны пайшлi недзе праз Пунiшча на Палiк, не сядзелi на месцы.

За мастом пачыналася гара. Стала горача, не было чым дыхаць. Яна была ўжо ўзышла на гару да палавiны - iшла дарогай назад, адкуль нядаўна ехалi...

Калi яна ўпала на гары на жвiр, пачула, што сунецца ўнiз, да маста ў лагчыну. У вачах стала голае карэнне ад сасны, сухое, чырвонае: вытыркалася з зямлi, дзе асыпаўся пясок...

Чуваць было, як недзе ззаду пачало несцiхана бухаць - рвалiся снарады. Ёй здалося пасля, што гэта б'е галавой аб зямлю Буланчык...

- Дзецi... Дзецi... - клiкнула яна, перавярнуўшыся на плечы.

На яе пасыпалiся зверху зялёныя сасновыя iголкi.

Пасля яна пачула, што слепне. На вочы як усё роўна налiпла сухога павучыння: сцiрай даланёй - не памагае. Загарэлася ўсё ўсярэдзiне...

18

Боганчык бег расцяробам з гары па сухой папарацi i карчах, азiраючыся памiнутне назад, туды, дзе была дарога, i чуў, што робiцца цiха - перастаюць страляць. Толькi яшчэ, бывае, доўга, аж, здаецца, заходзячыся, хлебястаў кулямёт: а-а-а-у-у-у... Нямецкi - ён, Боганчык, пазнаваў.

Ён падумаў, што страляюць усё роўна як некаму ўдагонку... Мусiць, немцы адступiлi за масток на шашу: там зноў было чуваць, як гудзяць машыны.

Ён спатыкаўся, чапляючыся нагамi за карэнне, нагiнаўся, каб не павалiцца, да самай зямлi - чуў тады, як пахне з-пад ног падсохлае гэтым месцам у расцяробе балота: прэлай кiслёй i багульнiкам... Даваенная лiнiя зарасла бярэзнiкам уровень з чалавекам, i Боганчык думаў, што здалёку з гары недзе вiдаць, як кратаюцца кусты ў расцяробе. Ён хацеў збегчы з лiнii, але паабапал быў густы ельнiк - не ўткнуцца.

Ён бег, угрэўшыся, як у лазнi, расшпiлiў сарочку i хватаўся ў дзве рукi за грудзi. У грудзях было горача i суха, нiбы там усё схапiлася агнём; горка стала ў роце на языку... Ён, мусiць, дыхаў з сябе гарачынёй: высахлi i патрэскалiся вусны.

Гарэлi шчокi - накалоў аб яловыя лапкi; муляў ззаду за шыяй мокры i цвёрды, што карына, каўнер - рэзаў як тупым нажом...

Боганчык не помнiў, дзе жарабок з калясьмi i дзе кепка... Чорт з iмi. Жарабок быў скочыў з дарогi ў соснiк... з калясьмi. Забiлi недзе.

Калi ён кацiўся з гары, здавалася, шчапаецца зямля: трашчала ўсё на свеце. Пасля, як ён ускочыў з дарогi i пабег расцяробам, пачуў, што страляюць ля маста i ззаду за паваротам. Ён падумаў, што ля маста трашчаць без сцiханага аўтаматы, што партызаны недзе, чакаючы, прапусцiлi немцаў за паварот i кашанулi адразу i збоку i ззаду ўдоўж па дарозе. Немцы не чакалi iх тут, пад самым гарнiзонам, i iшлi, мусiць, без разведкi за абозам. Адбегшыся, ён падумаў, што трэба завярнуць пад Краснае, пад лог да ракi: у балота на Пунiшча могуць адступiць партызаны; у лесе ж ля маста i на дарозе да самай шашы поўна немцаў... Ён пачуў пасля, што зноў страляюць у расцяробе, i пачаў памiнутне азiрацца...

Адразу аднекуль нахлынуў страх, схапiў усяго - затраслiся ў каленях ногi, падгiналiся, не даючы бегчы. Боганчык быў падумаў, што яго паранiлi. Стукалi зубы; ён варочаў галавой i нiчога не бачыў, бытта аслеп. Толькi выстаўляў уперад рукi, выцягваў далёка перад сабой, каб не прасадзiцца. Вывiхнуў, мусiць, у костачцы нагу, бо згледзеў, што кульгае; пасля пачуў, што не можа прыступiць - балiць у самым суставе. Доўга бег, кульгаючы, пасля боль у суставе прайшоў, толькi было горача ў назе ў боце, усё роўна як ён, Боганчык, парыў яе ў лазнi ў цабэрку з гарачай вадой. Нага ў яго некалi балела... Падумаў быў, што, можа, гэта i не вывiх - разбалелася старая болька...

Калi ззаду ацiхла стралянiна, Боганчык стаў, пасля зноў бег, аж пакуль не кончыўся расцяроб у самай лагчыне. Збоку была сухая iмшара з высокiм мохам i ценкiм дробным сасоннiкам - сюды маглi адступiць партызаны, iдучы на Пунiшча ў пушчу; наперадзе пачынаўся высокi стары соснiк, свiцiўся - блiзка, мусiць, недзе была пасека.

Ён быў зноў стаў спопаразку: не ведаў, куды бегчы. Ён не хацеў нiкуды сыходзiць з расцяробу: здавалася, каб расцяроб iшоў на край зямлi, ён, Боганчык, бег i бег бы па iм, не звярнуўшы. Расцяроб вёў з лесу на выспу пад Краснае, па iм можна было збегчы ад стралянiны...

Боганчык стаяў, круцячы галавой, i чуў, як стукае сэрца - выскачыць з грудзей; пасля пачуў, што стукае ў галаве - у патылiцы - i звiнiць у вушах. Балелi вочы, не павярнуць, не глянуць, i траслiся ногi. Ён убачыў, што стаiць ля самай iмшары, уехаўшы ў мох аж па каленi. Пад нагамi была вада: рабiлася холадна ў пальцы, зверху праз боты.

Боганчык стаў церцi рукамi вочы - згледзеў, што чорныя пальцы: умазаў, калi бег праз гарэлы соснiк на пасецы i адхiнаў лапкi. Учарэпiўся быў за падол у рубашцы i, выцягнуўшы яе з-пад дзягi, стаў абцiраць рукi. Рубашка была мокрая, хоць круцi...

Пачуў яшчэ, што капае пот з барады на рукi, цёплы, як летняя вада; капае з броў на штаны - на каленi; цячэ з валасоў ля вушэй за карак. Ён павёў даланёй па барадзе - на руцэ была чорная вада...

Яму тады захацелася пiць.

Калi ўперадзе ў iмшары рванула мiна, трэснуўшы i зазвiнеўшы блiзка, нават быў вiдаць дым, Боганчык адразу падскочыў спопаразку i кiнуўся бегчы ў рэдкi соснiк, дзе свiцiлася поле... Падумаў, што страляюць па iм: згледзелi. Падумаў яшчэ, што па iм, мусiць, i стралялi, калi ён бег расцяробам, - з гары добра вiдаць...

Боганчык пачуў, што зусiм не можа бегчы, задыхаецца, схапiла хлiпаўка, вострая, як колькi; совае ў грудзi, не дыхнеш. Ён зноў стаў.

Цяпер затрашчала ззаду, якраз дзе быў расцяроб. Угару там падняўся пыл; засмярдзела гарэлая сажа, як з комiна... Стала блага...

Ён пабег тады на гару - падымаўся, спатыкаючыся, - якраз туды, дзе свiцiўся стары рэдкi соснiк, - далей ад расцяробу.

Калi пачалi рвацца мiны спераду па ўсiм соснiку i загарэўся верас закруцiўся ля зямлi белы дым i было вiдаць полымя, - Боганчык падумаў, што страляюць не па iм: каму ён трэба. Немцы недзе адышлi з Тартака на шашу i цяпер адтуль страляюць у лес з мiнамётаў, пускаючы мiны ў той бок, дзе былi партызаны, - у белы свет, як у капейку...

Пасля Боганчык падумаў, што невядома: можа, сюды, пад Краснае, iдуць краем лесу партызаны - чаго iм лезцi на Пунiшча ў балота... Пойдуць берагам Дзвiнасы пад самым носам у немцаў у пушчу, не збаяцца, калi не збаялiся сесцi ля самага Краснага ў засаду.

Мiны рвалiся цяпер, здавалася, па ўсiм лесе, i Боганчык падумаў яшчэ, што немцы не сунуцца зноў адразу дарогай, хоць партызаны даўно, можа, сышлi, - будуць абстрэльваць увесь лес з мiнамётаў: i iмшары, i пасеку на самай гары, i стары соснiк пад логам ля Дзвiнасы.

Ззаду за расцяробам, недзе, мусiць, на дарозе за мастом, зноў засакатаў кулямёт: а-а-а-у-у-у... - нямецкi, стралялi разрыўнымi кулямi - i пачулiся стрэлы з вiнтовак: пах! пах! Немцы будуць яшчэ лупiць i з кулямётаў па лесе ля дарогi - удоўж i ўпоперак...

Пасля на шашы зараўлi машыны, як iшлi ўсё роўна пад гару. Боганчык пачуў, што там забразгала жалеза, як у кузнi...

"Танкi..." - падумаў ён.

Яго тады ўсяго страсанула: ён даўна не чуў, як бразгалi танкi.

"Магiла ў лесе... Пойдуць немцы. Абстраляюць i пойдуць..."

Калi Боганчык спатыкнуўся i пасля стаяў, каб прыслухацца, чуў, як стукае сэрца i турчаць недзе збоку на iмшары жабы. Тады зноў лязгала жалеза: мiны рвалiся ззаду - мусiць, на дарозе ля мастка. Ён зноў бег - трушком: не давалi колькi; бег з гары ў лагчыну, дзе свiцiлася поле. Пад нагамi шуршаў сухi сiвы мох - нават не адсырэў за ноч, у лесе, мусiць, не было расы, трашчала сучча, i грукала зямля, усё роўна як дзе глыбака была пустая. Пасля ён падумаў, што гэта зноў у яго стукае ў галаве.

Там, дзе перш свiцiлася поле, ён раптам згледзеў дым, густы, сiнi. Гарэў лес, а яму здавалася, што ў тым баку было поле...

Мiны рвалiся цяпер ззаду на гары, адкуль ён, Боганчык, збег сюды, унiз, у высокi, рэдкi сасновы лес, дзе бушаваў агонь...

Закашляўшыся, Боганчык адразу завярнуўся назад - не давала дыхаць - i бег, як толькi мог: уцякаў ад дыму.

Трашчала полымя пад самымi нагамi - гарэла сухое жоўтае сасновае верхаўё; гарэлi сасновыя карчы, роўна, ядрана, усё роўна як хто расклаў агнi; сiнелi, корчылiся на моху кара i верас, сiнеў ад агню мох, беручыся ў чырвоны вугаль, - агонь iшоў па зямлi.

Боганчык ужо не бачыў дыму, чуў толькi, як густа пахне гарэлай смалой, i бег - бег назад i нiяк не мог выскачыць з дыму. Тады ён павярнуў лявей, каб выбегчы на iмшары.

Калi ён лучаў на сiвую рэдзенькую травiцу на буграх, куды не дайшоў агонь, бачыў, як беглi па зямлi шэранькiя дробныя яшчаркi - уцякалi ад пажару. Яшчаркi баялiся выбегчы на чорную зямлю, дзе прайшоў агонь, - зямля, мусiць, была яшчэ гарачая, - i круцiлiся на месцы па траве, падымаючы галовы.

Рэдзенькую сухую травiцу на зямлi агонь лiзаў, што карова языком...

"Магiла ў лесе..." - зноў цюкнула яму ў галаву.

Ён бег i думаў, што пачаў круцiцца на адным месцы, як заблудзiўся. Горача было ўсяму - здавалася, гарэла на плячах рубашка; стукала ў галаву, як малатком, i ён пачуў, што валiцца з ног...

Ён упаў на нешта цвёрдае i вострае, ударыўшыся - згледзеў, што на крушню камення. Крушня была сырая i халодная, парасла зверху зялёным вiльготным мохам, i яе абыходзiў агонь.

Боганчык падумаў, што ля крушнi недзе блiзка дарога, i зноў ускочыў з зямлi...

Калi ён выбег на чыстую пасеку, убачыў сонца - яно паднялося над самым лесам i, здавалася, сушыла ўсё на свеце. На пасецы на малiннiку ля пнёў яшчэ блiшчала на лiсцi раса, як вада пасля дажджу, i ўсюды пахла дымам, аж дзёрла ў горле. Дым спаўзаўся з лесу на пасеку i збiраўся ў кутках, як туман, засцiлаючы ўсё з вачэй...

Пад ногi лучалiся старыя бярозавыя дровы-метры - некалi ляжалi тут у вёрстах. Сухая белая бяроста стаяла ворахам i трашчала, ломячыся, калi ён ступаў на яе. Ногi правальвалiся глыбака, да калень, i выцягвалi наверх сухую жоўтую ў друзалках трухлiну, што гнiлое пiлавiнне.

Ён быў пераскочыў цераз свежую яму ад мiны, неглыбокую, шырокую зверху i вузкую ўнiзе, усё роўна як дзiкi яе вырылi, шукаючы карэння. З ямы быў вывернуты пясок - у адзiн бок; сыры, мяккi i жоўты, ён ляжаў у свежых друзалачках i бялеў зверху - сох на сонцы. Ля пяску на сiўцы валялiся дробныя чырвоныя трэскi. У яме ля берагоў была чорная зямля - у сажы.

Ён бег пасекай па чыстым i думаў, што бяжыць здурнеўшы... Як i тады, калi яго засталi дома ў вёсцы немцы, - ён прыйшоў быў з Карчаватак. Немцы iшлi тады з лесу, а ён глядзеў з хаты ў акно, думаў, што яны паявяцца з грэблi...

Згледзеўшы iх ля ям, ён выскачыў з двара, перакулiўся цераз тын i пабег вулiцай - пасярод - у другi канец вёскi... Па iм пачалi страляць з аўтаматаў, а ён бег i бег пасярод вулiцы... Каб хоць прыхiнуўся дзе да вугла...

На пасецы ён зноў лучыў на лiнiю, угледзеўшы яе знянацку: мiльгануў збоку чысты прагал...

Боганчык тады зноў пабег расцяробам з пасекi, туды, дзе ў прагале за лесам была вiдаць белая ад сонца зямля. Задыхаўся, хаўкаў, як рыба на пяску, i рваў на грудзях рубашку... Расцяроб быў узараны яшчэ да вайны; сухi, жоўты, аж белы пясок выпетраў на сонцы i перасыпаўся пад нагамi, як попел. Ногi лезлi, што ў свежы снег, коўзалiся, i ён баяўся, каб не спатыкнуца: абвалiцца - не ўстане.

Пасля ён пачаў лучаць нагамi на траву - на сiвец, што рос кусцiкамi, як насаджаны рукамi. З сiўцом раслi зайцаў гарошак - сцялiўся па самай зямлi, па пяску; мучанiчнiк - спаўзаў на лiнiю з пасекi доўгiмi вусамi з лiсцем, што на бруснiчнiку; верас, сухi i ацярушаны, як стаптанае скацiнай ржышча; мятлiца - стаяла белая, што салома; высокая рабiнка з пакручаным лiсцем, што расце на пасеках на сухiм пяску ля пнеў; i крапiва - зялёная, старая, як дзе пад вуглом: па дзве, па тры дудкi ў кучы.

Расцяроб у самым канцы шырэў - на яго, мусiць, выходзiла аднекуль дарога - i быў вiдаць далёка, ля самай ракi чысты лог. За логам, за ракой, пачыналася Краснае...

Боганчык пазнаў, што бяжыць якраз на выган - да млына...

На выгане за ракой быў вiдаць дот - ляжалi павыварочваныя з зямлi белыя груды... Немцы ўзарвалi ўсе доты ля Краснага. Узрывалi сёлета вясной, яшчэ маразамi, i было добра чуваць аж у Дальве...

Убачыўшы дот, Боганчык страпянуўся, i ў яго заныла ўсярэдзiне. Падкасiлiся ногi...

Зноў засмярдзела дымам, як i дома ля грэблi. Пасля Боганчык убачыў, як далёка за ракой у Красным нешта гарэла - у тым баку ўсё было заслана дымам...

Ззаду ля маста застукаў кулямёт, кораценька i дзярката: а-а-у-у...

Пасля пачалi без аддухi страляць на iмшарах, i далёка iшло рэха, аж у кут пад пушчу...

...Боганчыку было здалося спачатку, што яго ўдарыў заднiмi ўкаванымi нагамi жарабок - у жывот пад дыхавiцу, адкiнуўшы з хлева аж на памост на працiўнi... Пасля ён пачуў, як разанула пад грудзьмi - што пiлой...

Ён упаў на лiнii ў пясок, адвалiўшыся на спiну, як паслiзнуўся, i адразу падняў галаву. Не давала глядзець - рэзалiся павечкi: вочы былi поўны пяску. Мiгнула было адразу ў галаве, што ён не пачуў выбуху: затрашчала толькi спераду на зямлi, усё роўна што сухое ламачча, i яго, Боганчыка, таўханула нечым цвёрдым i гарачым пад грудзi...

Падняўшы галаву, ён згледзеў кiшкi... Яны ляжалi збоку ля яго на пяску. Ён схапiў iх рукамi, нiчога не помнiўшы, i прыцiснуў да сябе - да жывата... Пачуў, што яны гарачыя, як вар... Ён згледзеў яшчэ збоку ля сябе яму... З яе iшоў белы, як пара, дым - слаўся па дне...

Пасля яго тузанула ўсяго i скруцiла, як у абаранку. Рэзала ў жываце i цiснула за горла, як усё роўна душыла вяроўкай.

Ён не мог уцярпець... - пакацiўся па зямлi, па пяску...

- Да-бi-iце... Дабi-iце... - ён яшчэ крычаў i чуў сам сябе.

Пасля ён яшчэ быў падняў галаву, корчачыся i апiраючыся на рукi, i ўбачыў, як заблiшчаў i схаваўся з вачэй далёка ў канцы расцяробу за ракой на беразе белы дот... Пацямнеў i асыпаўся, як куча попелу...

19

Вецер гнаў у вочы дым з пяском - дзёр пясок з зямлi, з поля i сек у шчокi, як зiмой у маразы, калi заходзiў з Карчаватак...

Алёша пачуў, што захлынаецца - няма чым дыхаць...

Дыму была поўна пасека ля вёскi: сiвы, як пыл, i густы, ён вiсеў у самым кутку над жытам ля дарогi i над соснiкам на Пагурку, хаваючы яго з воч. Дымам зацягнула альшэўнiк i вузкую жылiну на балоце на сушкоўскiм баку, як туманам: ад яго было сiне i ля лесу пад Карчаваткамi i на ямах, як перад ноччу...

Алёша падумаў быў, што гарыць лес: зайшоў з-за вёскi вецер, i агонь коцiць усе Карчаваткi...

Вецер шалеў: гнаў, не сцiхаючы, з гары ад ям, ад вёскi, жарству; падымаў угару аж немаведама куды жоўты пыл i сухую чорную траву - змятаў з дарогi; вiхор хапаў на полi ў ахапак жыта, здавалася, павырывае яго з зямлi i пагонiць у жылiну на сушкоўскi бок, што салому; не даваў iсцi, становячыся слупам на дарозе наперадзе... Алёша тады нагiнаўся i, падвярнуўшы галаву, закрываў у дзве рукi вочы. Чуў, што ногi лезуць на дарозе ў пясок аж да калень.

Шумеў лес, аж стагнаў на ямах за дарогай, нагiналiся сосны, i тады за iмi ў прагалах было вiдаць высокае, цёмнае, што ўвосень, неба ў доўгiх белых, выцягнутых, як лейцы, палосах. Адгiналiся назад сосны, паволi, што баючыся, скрыпелi i трашчалi, як падсечаныя.

Смярдзела ўсюды гарам, як ад торфу, калi ён доўга гарыць - тыднямi...

З поля ад Пагурка добра быў вiдаць соснiк ля ям перад самай вёскай... З-за соснiку раптам павалiў дым, белы, як вата; густы, усё роўна што ў камках, ён расцягваўся ад ветру ўдоўж дарогi да самага лесу, пасля ападаў на зямлю, на жыта.

Алёшу тады зрабiлася раптам блага; ён быў пастаяў, гледзячы ў соснiк за ямы, тады пусцiўся бегчы пад гару - па пяску i па жыце. Бег i думаў: на дарозе нарасло жыта - сцёбае па шчоках, як хто павiванай пугай...

Пад гару ён не мог бегчы; станавiўся i, закрываючыся рукамi ад ветру, кашляў; пасля, аддыхаўшыся, зноў бег па жыце на гару да ям... Высахла ў роце, як ад палу; патрэскалiся вусны i зрабiлiся салёныя, аж горкiя; высахла на грудзях чорная рубашка са старым сапсаваным блiскучым замочкам - замочак раз'ехаўся зверху данiзу. З рубашкi, калi Алёша датыкаўся да яе локцямi, адставала i адвальвалася камячкамi гразь - рудая, патрэсканая, што пацёртая яловая кара. Было горача ўсяму: смылела ад сонца галава; гарэла шыя; паапякаў, мусiць, скуру на носе - не дакрануцца пальцамi...

Ён быў падумаў, што не бачыць нiдзе сонца - як схавалася куды.

Пасля яно паказалася з-за дыму - вiсела высака ўгары, малое i белае-белае, не глянуць, вiсела над самай вёскай - звярнула даўна з паўдня: усё роўна як была пара займаць на адвячорак у поле кароў...

Алёша пачуў, як яму раптам забалела ў калене нага - ударыў, калi Махорка зганяў яго з мяхоў з калёс. Балела паяснiца, як усё роўна дзе яе зламаў; совала ў галаву, калi лучаў босай нагой на камень. Ён тады аж сцiскаў зубы. На зубах трашчаў пясок...

Алёша бег на гару да ям; станавiўся, тады зноў бег... Бывала, яму здавалася, што ён бяжыць не жытам дамоў, да вёскi, па пяску, а балотам з Тартака на Пунiшча...

На гары ля ям у соснiку было сiне ад дыму, i Алёша доўга цёр кулакамi вочы: нiчога не бачыў, як заступiла. Пасля ён выбег з соснiку на поле, якраз там, дзе да вайны быў калгасны капец i дзе людзi з вёскi хавалi бульбу. Зямля ад капца ляжала буграмi, яе нiхто не зраўняў, i Алёша пазнаў гэта месца, узбiўшыся з нагамi...

За соснiкам рваў яшчэ горшы вецер, сек па шчоках жарствой - гнаў яе, мусiць, дарогай з загумення - i нiчога не было вiдаць...

Алёша быў, мусiць, закрычаў, бо пачуў, што папярхнуўся, i яму зноў падвярнула пад грудзi блага...

За соснiкам, дзе стаяла вёска, усё было заслана дымам, як i ў кутку на пасецы пад Пагуркам, дзе расло жыта.

З зямлi ўсюды iшоў клубамi дым, буры i цяжкi, як дзёгаць; яго, здавалася, не браў i вецер. Дым iшоў высака ўгару - уровень з соснiкам, бялеў, тады яго гнуў да зямлi вецер i гнаў дарогай да ям на жыта...

Алёша ўбачыў, як вецер з дымам гонiць iскры, маленькiя, дробныя, што пясок, - падымае ўгару i сыпле тады на зямлю, як сее. Па зямлi ў тым месцы бегаў агонь. Агонь быў белы, як сонца, i ад яго калола ў вочы; здавалася яшчэ, што iскры лятуць усё роўна як з-пад зямлi...

Запахла гарэлай бульбай i сырой глiнай. Зарваў быў вецер, i тады ўсё заслаў дым - нiчога не пазнаць...

Алёша падбег да самых ям - да дарогi. Ямы былi старыя - асыпалiся, аб'ехалi... На жоўтым пяску на дне ў iх расла трава...

Перабегшы дарогу, ён быў аглянуўся: у кутку над лесам, недзе над Дзвiнасой, у небе вiселi чорныя, што вуголле, самалёты, як i ўчора надвечар... Там несцiхана грукала - усё роўна як грымеў гром.

Тады Алёша адразу пазнаў сосны ля фермы на дзядзiнцы. Яны раслi ля дарогi, што вяла з вёскi да ям... Вялiкiя, вышэй лесу, таўстыя, не ашчапiць i ўтраiх рукамi, падсечаныя тапарамi, у ямах i ў дуплах, дзве старыя сасны здаўна стаялi ў канцы вёскi, дзе некалi былi могiлкi...

На большую былi ўсцягнулi барану для бацяноў, даўна, Алёша не помнiць калi, вялiкую, мусiць, нечую з гумна. Бацяны яе не зачапiлi; яна ляжала ўгары на сасне - белая, выгарала на сонцы, нагнулася краямi ўнiз, як пераламаная... Баялiся, каб яна не звалiлася на галаву. Алёша пазнаў барану - згледзеў здалёку...

Тады ён згледзеў вулiцу... Белая ад пяску, яна iшла вёскай, як дарога ў полi...

У яго затраслiся ногi...

Ён пазнаў яшчэ, што стаiць ля Боганчыкавага плота на дзядзiнцы. Плот абгарэў - быў ля самага хлева - пачарнела жэрдзе. Агонь гнала з двара па зямлi, i ля плота выкацiла сухую, прыбiтую нагамi траву. Вецер сагнаў з яе чорны попел, i ля самай зямлi з пяску было вiдаць белае карэнне...

Пасля ён падумаў, што Юзюк недзе на Палiку... Юзюк астаўся жыць...

Над соснамi далёка-далёка ўгары краталiся воблакi - адно над адным цяжкiя, белыя, што гурбы, i, здавалася, халодныя; нiжэй iх вiселi чорныя, што зямля, з жоўтымi краямi тулягi: паўзлi ў другi бок, за раку - за Дальву...

1967

Комментарии к книге «Тартак (на белорусском языке)», Иван Пташников

Всего 0 комментариев

Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства