«За кiпучай чэкiсцкай работай»

773

Описание

Сцэны з жыцьця катаў — вынiк шматгадовага архiўнага пошуку, у якiм праз iронiю дакумэнта дасьледуецца ўнутранае жыцьцё НКВД, мэханiзмы цэнзуры i драма сучаснага маральнага выбару, адкрываюцца невядомыя старонкi нацыянальнай трагедыi. Аляксандар Лукашук (нар. 1955) — адзiн з заснавальнiкаў «Мартыралёгу Беларусi», член Камiсii пры Вярхоўным Савеце Беларусi па правах ахвяраў палiтычных рэпрэсiяў; цяпер супрацоўнiк Радыё Свабода. Аўтар кнiг «Зьдзек» (1989) i «Фiлiстовiч. Вяртаньне нацыяналiста» (1997).



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

За кiпучай чэкiсцкай работай (fb2) - За кiпучай чэкiсцкай работай 962K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Аляксандар Лукашук

Аляксандар Лукашук ЗА КIПУЧАЙ ЧЭКIСЦКАЙ РАБОТАЙ З жыцьця катаў

РЭАБІЛІТАЦЫЯ КАТАЎ (замест прадмовы)

З лютага 1993 г. Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусі аднавіў у правах Камуністычную партыю.

Мы зноў засталіся з нашымі мёртвымі сам-насам.

Як цяпер ісьці ў Курапаты, што казаць нашым дзядам, якія ляжаць пад соснамі? Як растлумачыць, чаму вернутая зь небыцьця партыя-вампір, ненажэрная людаедзкая банда, што дзесяцігодзьдзямі гвалтавала беларускі народ, ірвала на кавалкі ягоныя землі і прадавала іншаземным дзяржавам, таптала мову і паліла кнігі, душыла лепшых сыноў і донак і тысячамі клала ў вялікія і малыя Курапаты, на тры гады кінула ў акупацыю, а потым працягнула гэтую акупацыю сама, пасыпаўшы на разьвітаньне радыеактыўным попелам ды подла схаваўшы сваё чарнобыльскае злачынства ад людзей?..

188 дэпутатаў Вярхоўнага Савету рэанімавалі КПСС-КПБ. Апроч партыйных сакратароў, сярод іх ёсьць навукоўцы і настаўнікі, генэралы і дырэктары… Страхавітаму камуністычнаму Вію паднялі павекі — і быццам нічога, ніхто не зьнерухомеў. Зараз хутка знойдуцца сацыялісты паразважаць, што аднаўленьне дзейнасьці КПСС-КПБ нічога не мяняе ў Беларусі.

Гэта ня так. Роспуск кампартыі ў жніўні 1991 году — адзіны, першы і апошні акт хаця б умоўнай справядлівасьці. Ніхто не панёс пакарання асабіста. Усё, абсалютна ўсё сышло з рук. І таму пастанова, прынятая парлямэнтам З лютага — ня толькі сорам на ўвесь сьвет. Гэта, найперш, трыюмф катаў і абраза мільёнаў ахвяраў — і тых, хто ўжо ляжыць у зямлі, і тых, хто, як дзеці Чарнобыля, туды заўчасна пойдзе.

Нашы мёртвыя цяпер могуць пакінуць нас, бо мы не абаранілі іх ад пасьмяротнае зьнявагі. І тады гэта знак непапраўнае бяды. Бо так, бяз памяці, без аховы продкаў загінем, сыдзем у нябыт з карты Эўропы, і толькі кампартыйныя пацукі будуць лётаць ненажэрнымі зграямі па чарнобыльскіх абшарах таго, што некалі звалася Беларусяй.

Радыё Свабода, 4 лютага 1993 г.

І. АДЗІН ДЗЕНЬ МАКАРА ГАРБАЧЭЎСКАГА

Беларуская гістарыяграфія ведае трох Гарбачэўскіх — дзекабрыста, этнографа, тэоляга. Сын селяніна зь Віцебшчыны Макар Давыдавіч Гарбачэўскі ў энцыкляпэдыі, падручнікі і манаграфіі даследнікаў не патрапіў, хоць без вывучэння ягонага і падобных жыцьцяў наўрад ці можна зразумець і вытлумачыць гісторыю XX стагодзьдзя — гісторыю, якая яшчэ ня стала мінулым.

1961. «Мне вельмі балюча перажываць няпраўду…»

Тоўсты яшчэ нядаўна блякнот паменшаў у аб'ёме. Ён спэцыяльна выбраў такі фармат, каб капірка ўкладвалася акурат на ўсю велічыню, а разьлінаваныя старонкі трымаліся на пэрфарацыі. Аркуш лёгка вырываўся, складваўся напалам, потым яшчэ раз напалам і якраз зьмяшчаўся ў стандартны канвэрт. Ён прывык да парадку ў паперах і звычак не мяняў: усё павінна быць ў двух экзэмплярах, каб потым, у выпадку чаго, можна было давесьці свой пункт гледжання і пазьбегнуць магчымых няправільных тлумачэньняў і скажэньняў. Памяць рэч ненадзейная, а паперка есьці ня просіць. За сваё добрае імя ён будзе змагацца да канца — ён ні ў чым не вінаваты і справядлівасьць пераможа, трэба толькі не губляць духу і верыць. Так ён выхаваны, так заўсёды змагаўся і будзе змагацца.

Справа была сур'ёзная: пакрыўдзілі не абы каго, а члена партыі з 1929 году, удзельніка вайны, узнагароджанага ордэнамі Леніна, Чырвонага сьцяга, Айчыннай вайны І ступені, Працоўнага чырвонага сьцяга, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, мноствам мэдалёў. Колькі перажыта, пабачана, зроблена! Ён абмакнуў пяро і, адступіўшы ад краю роўна столькі, каб можна было прабіць лісты дзіраколам і падшыць (у тым, што ўсе ягоныя лісты будуць сабраныя ў адну пэрсанальную справу, не было сумневу), вывеў пасаду і імя адрасата: «Сакратару Цэнтральнага Камітэту Беларусі тав. П. М. Машэраву». Ад хвалявання ён прапусьціў словы «камуністычнай партыі», але выйшла нават больш дакладна — першы сакратар кіраваў усёй Келарусяй.

«30 сакавіка 1961 году Берасьцейскі абкам партыі зацьвердзіў пастанову гаркаму аб выключэнні мяне з партыі. Я лічу, што гэта несправядліва, такога пакарання я не заслугоўваю, каб пазбавіць мяне партыі на З1-м годзе знаходжання ў яе шэрагах у той час, калі ўсё сваё жыцьцё, не шкадуючы сіл і жыцьця аддаў для партыі і Радзімы. Мне вельмі балюча, калі я бачу і перажываю за няпраўду… У 1941 годзе, у першыя дні Айчыннай вайны, паводле заданьня партыйных органаў і Міністэрства ствараў на тэрыторыі Пінскай вобласьці баявыя партызанскія групы, якія пакідаліся ў тыле праціўніка для работы. У прыватнасьці, мною была створана і група пад кіраўніцтвам Каржа Васіля (потым — Герой Савецкага Саюзу)… Зь ліку супрацоўнікаў і затрыманых байцоў, якія ўцякалі зь перадавой ад Берасьця, стварыў падразьдзяленьне для зьнішчэньня дробных групаў праціўніка ў раёне Століна. Уступіў у бой з фашыстамі, дзе былі падбітыя танкі і ўзятыя ў палон нямецкія афіцэры. Працаваў па спэцыяльным заданьні на перадавых пазыцыях нашых войскаў. Пасьля вайны на працягу амаль двух гадоў удзельнічаў у разгроме ўзброеных бандаў нацыяналістычнага падпольля ў Гарадзенскай вобласьці. Асабіста захапіў узброенага важака банды «Квят» і іншых, за што абвешчана падзяка з выдачай узнагароджання. Усе іншыя факты пералічыць не ўяўляецца магчымым…»

Ліст ён скончыў просьбай выклікаць яго на гутарку і падпісаўся: Гарбачэўскі Макар Давыдавіч, зваротны адрас — Берасьце, вуліца, дом, кватэра.

Аднак яшчэ раней у партыйныя органы паступіла заява нейкага Д-на, члена партыі з 1940 году, кіраўніка аднаго з аддзелаў Берасьцейскага аблвыканкаму. Д-н пісаў:

«Мае асабістыя назіраньні і абурэньне суседзяў ладам жыцьця і паводзінамі Гарбачэўскага даюць мне поўнае права заявіць аб тым, што ён, здаровы чалавек, на працягу 5–6 гадоў нідзе не працуе, а вядзе паразіцкае жыцьцё. І апроч усяго, маральна разбэшчаны чалавек. Спіць ён з 8 гадзінаў раніцы да 4 гадзінаў дня, пасьля чаго робіць візыт да суседкі па кватэры Тамары, муж якой афіцэр Савецкай Арміі служыць у Смаленскай вобласьці. Пасьля ён прымае ў сябе на кватэры Жэню, «сяброўку» Тамары, жонку кіраўнічага работніка, якая мае апроч мужа дачку. Увечары Гарбачэўскі сустракаецца паводле графіку з грамадзянкай Хоміч, муж пэнсіянэр, і потым адпраўляецца на сустрэчу да дзьвюх іншых, на жаль, ня ведаю іх прозьвішчаў і імёнаў. У Жэні і Хоміч з-за Гарбачэўскага ўзьнік канфлікт, які дайшоў да вулічнага скандалу, у выніку Хоміч прыходзіла скардзіцца да мужа апошняй. Рэшту ночы да 7–9 гадзінаў раніцы Гарбачэўскі праводзіць за картачнай гульнёй з выпіўкай. Ён ня варты ня толькі высокага званьня члена КПСС, але і члена нашага сацыялістычнага грамадзтва.» — заключаў свой ліст у ЦК партыі падмануты муж — кіраўнічы савецкі работнік.

Д-н выносіў сямейную бялізну на партыйны суд з простай прычыны: калі ён давядзе, што невінаваты ў разводзе, яго, магчыма, не пакараюць па партыйнай лініі, не пацерпіць кар'ера. Яшчэ да звароту ў ЦК ён усё расказаў сакратару сваёй партарганізацыі. Той потым дакладаў у абкам партыі, што Д-н «вырашыў скасаваць шлюб са сваёй жонкай, бо яна ўжо каля двух гадоў здраджвае яму і знаходзіцца ў сувязі з Гарбачэўскім, які разьбівае яго сямейнае жыцьцё. Тав. Д-н неаднаразова гутарыў з Гарбачэўскім, каб ён не разьбіваў ягонае сямейнае жыцьцё, спыніў сувязь зь ягонай жонкай, але Гарбачэўскі не зрабіў гэтага».

Скаргі Д-на паўплывалі на характарыстыку Гарбачэўскага. У першай, выдадзенай у будаўнічым трэсьце, дзе Гарбачэўскі стаяў на партуліку, адзначалася, што ён дысцыплінаваны, добрасумленны, прачытаў калектыву лекцыю «Аб павышэньні рэвалюцыйнай пільнасьці». У другой характарыстыцы, выдадзенай пазьней, Гарбачэўскага называюць нясціплым, маральна няўстойлівым, адзначаюць распусны лад жыцьця і інтымныя сувязі з замужнімі жанчынамі.

Лісты былі атрыманыя ў Менску ў ЦК партыі і падшытыя ў папку з надпісам «Пэрсанальная справа» (у Нацыянальным архіве, які ўключае і былы архіў ЦК КПБ, папка захоўваецца і дагэтуль). Справу Гарбачэўскага разглядала парткалегія КПБ — так у 1961 годзе называўся партыйны суд унутранага карыстання, які караў камуністаў за ўчынкі, несумяшчальныя з высокім званьнем партыйца. Не сумяшчалася рознае — занадта добрае веданьне гісторыі і хрышчэнне дзіцяці, уласная думка аб чарговай генэральнай лініі і развод; на павальную п'янку часам глядзелі скрозь пальцы, а часам за куфаль піва гналі з пасады. У партыі існавала сыстэма пакараньняў з падрабязнай градацыяй, якая ўвесь час разьвівалася і перабудоўвалася: зьвярнуць увагу, паставіць на від, папярэдзіць, потым ішла вымова, строгая вымова і вымова з занясеньнем. Адзін час практыкаваўся перавод з членаў партыі ў кандыдаты і, як вышэйшая мера, — выключэнне з шэрагаў партыі.

А як растлумачыў яшчэ таварыш Сталін, «для шараговых членаў партыі знаходжанне альбо выключэнне з партыі — гэта пытанне жыцьця і сьмерці». Праўда, так было пры таварышу Сталіне. Пры іншых таварышах было іначай.

Нягледзячы на сакавіты партрэт нораваў эпохі, гэтую ўнутрыпартыйную перапіску можна было б і ня згадваць, калі б не адна даведка, якая таксама была падшытая ў папку. У ёй паведамлялася, што Гарбачэўскі Макар Давыдавіч апошнім часам быў начальнікам улікова-архіўнай управы КГБ Берасьцейскай вобласьці. Загадам КГБ пры Савеце Міністраў СССР 27 сьнежня 1955 году звольнены з-за службовай неадпаведнасьці, на ўліку асобай інспэкцыі як парушальнік савецкай законнасьці ня значыцца. Даведку падпісаў маёр КГБ Камароў.

Такім чынам, берасьцейскі Казанова быў зь ліку чэкістаў… Датэрміновае спыненьне службы ў 1955 годзе сьведчыла, што ён патрапіў пад хвалю адлігі, калі пасьля прыходу да ўлады Мікіты Хрушчова некаторых асабліва заслужаных спэцыялістаў адпраўлялі на пэнсію. Але пазбаўляліся далёка не ад усіх. Да таго ж, калегі Гарбачэўскага даводзілі, што савецкай законнасьці той не парушаў. Тады за што звольнілі чэкіста ў росквіце сілаў (калі верыць скаргам падманутых мужоў)?..

З анкеты

члена КПСС з кастрычніка 1929 году, партбілет № 05820215, Гарбачэўскага М. Д., беларуса, 1906 г. н., паходжаньне — зь сялянаў вёскі Багданава Бешанковіцкага раёну Віцебскай вобласці:

1925–27 — працаваў на сельскай гаспадарцы ў бацькоў

1927–28 — тэхнічны сакратар Лёзьненскага райкаму партыі

1928–29 — курсант школы аднагадзічнікаў 3-га сапёрнага батальёну, г. Уладзімір

1929–30 — загадчык улікова-статыстычнага пададдзелу акругкаму партыі, г. Віцебск

1930–35 — супрацоўнік ОГПУ НКВД БССР, г. Менск

1935–36 — слухач Цэнтральнай школы НКВД, г. Масква

1937 — начальнік Старобінскага райаддзелу НКВД

Як вынікала з далейшай анкеты, праца на раённым узроўні для сталічнага спэцыяліста працягвалася менш за два гады. Спачатку яго ўзялі ў рэспубліканскі апарат НКВД, пасьля даверылі самастойны ўчастак у Заходняй Беларусі — ён ўзначаліў Пінскую абласную ўправу наркамату. А потым, усяго празь сем гадоў пасьля прызначэньня ў Старобін, Гарбачэўскі ўзьляцеў на ключавую пасаду ў службовай ерархіі — стаў намесьнікам наркама дзяржбясьпекі Лаўрэнція Цанавы па кадрах.

Але гэта будзе потым. Падмурак прафэсійнага посьпеху закладаўся на нізавым, самым важным і самым цяжкім участку будзённай, непасрэднай, канкрэтнай працы — у райаддзеле. Тут ажыцьцяўлялася партыйная лінія, тут праходзіла перадавая, тут, недасыпаючы, працуючы без выхадных, па шаснаццаць гадзінаў у суткі, трэба было на практыцы паказаць усё, чаму навучыўся.

Гарбачэўскі прыехаў у Старобін з найвышэйшай магчымай у 1937 годзе тэарэтычнай падрыхтоўкай. Ён праходзіў курс навук у Цэнтральнай школе НКВД якраз пад час падрыхтоўкі і правядзеньня адкрытых працэсаў над «правымі цэнтрамі» і «трацкісцкімі блёкамі»; супрацоўнікі і курсанты НКВД адыгрывалі ролю публікі на такіх працэсах, вучыліся найвышэйшаму пілатажу сацыялістычнай законнасьці. Адным з тых, хто рыхтаваў працэсы ў падвалах Лубянкі, быў Барыс Берман, чыя ўзорная праца была аддзячаная званьнем камісара дзяржбясьпекі З-га рангу і прызначэннем у Менск, на пасаду наркама ўнутраных справаў. У тым жа 1937 годзе, крыху раней за Бермана, разьмеркаваньне ў Беларусь атрымаў і выпускнік Цэнтральнай школы Макар Гарбачэўскі.

Архіўныя дакумэнты дазволілі заглянуць глыбей у адзін старобінскі дзень адстаўнога банвіяна Макара Гарбачэўскага. Гэты дзень — субота, 18 верасьня 1937 году. У гэты дзень начальнік Старобінскага райаддзелу НКВД выпісаў ордэры на арышт з нумару 161 па нумар 231, усяго, калі верыць лічбам, на семдзесят чалавек.

1937. «Чыста савецкі чалавек…»

На стандартным бланку стаяла назва арганізацыі — НКВД, нумар ордэру, дата выдачы і тэрмін дзеяньня — адны суткі. Гарбачэўскі зацвярджаў ордэры на арышт і вобыск чырвоным алоўкам. (Увогуле архіўныя матэрыялы сьведчаць, што камуністычная бюракратыя ахвотна карысталася алоўкамі. Нават подпісы членаў бюро ЦК КПБ пад пастановамі нярэдка зробленыя сінім альбо чырвоным алоўкам. Мясцовыя кіраўнікі ў гэтай справе бралі прыклад з маскоўскага начальства гэтаксама, як са сталінскага галіфэ і кіцеля пераходзілі на хрушчоўскія вышытыя кашулі, а потым на брэжнеўскія двубортавыя гарнітуры. Магчыма, прычына карыстання алоўкам, а не чарнільнай ручкай — у тым, што грыфэльныя запісы лёгка сьціраць, а значыць, падпяваць, хістацца ўсьлед за генэральнай лініяй партыі.)

У Старобінскім райаддзеле, апроч начальніка, працавалі яшчэ два апэратыўныя работнікі, Казлоў і Карнееў. Яны вялі апэратыўную распрацоўку, зьбіралі агентурныя зьвесткі і давалі матэрыялы Гарбачэўскаму на подпіс. Апроч таго, начальнік райаддзелу асабіста вёў сьледчыя справы, дапытваў, дамагаўся хуткіх і поўных прызнанняў; яго падследныя звычайна ішлі па «першай катэгорыі».

Трыццаціпяцігадовы жыхар памежнага Старобінскага раёну, старшыня Чэпелеўскага сельсавету Сьцяпан Белавец пісаў лісты да маці і таму, на думку начальніка райаддзелу НКВД, несумненна падпадаў пад гэтую катэгорыю. У сакрэтнай даведцы, на падставе якой начальнік падпісваў ордэр, пазначаная непасрэдная прычына арышту: «У Польшчы пражываюць сваякі Белаўца — маці і стрыечныя браты. Меў сувязь са сваякамі шляхам перапіскі».

Подпіс Гарбачэўскага ўключыў звычайны мэханізм: прыехалі, падпісалі акт, забралі. Невядома, ці пасьпеў Сьцяпан Белавец разьвітацца зь дзесяцігадовым сынам Васілём і пяцьцю дочкамі, ад чатырнаццацігадовай Любы да шасьцігадовай Каці, патлумачыць жонцы, што ён ні ў чым не вінаваты. Яго адвезьлі ў Слуцкую турму. Жонка панесла перадачу, першы раз узялі, а другі адмовілі і сказалі больш не дакучаць — маўляў, арыштаваны памёр.

Ахоўнікі схлусілі. Белавец быў жывы, але яго сапраўды не было ў Слуцку. Мясцовая турма была настолькі перапоўненая ў канцы 1937-га, што канвэер Слуцкай акруговай управы НКВД захлынаўся, не пасьпяваў перапрацоўваць масу чалавечага матэрыялу, якую пастаўлялі райаддзелы. Шпіёны, дывэрсанты, контррэвалюцыянэры, антысаветчыкі вялі прапаганду, спляталіся ў клубкі тэрарыстычных арганізацыяў, рыхтаваліся паліць калгасы, агітавалі супраць заёмаў і іншых мерапрыемстваў савецкай улады. Райаддзелы давалі па два-тры выкрыцьці ворагаў у дзень на супрацоўніка, некаторыя давалі па пяць. Тыя, хто падпісаў прызнанне, у турме звычайна затрымліваліся нядоўга — лясоў пад Слуцкам хапала, камэнданцкая каманда добра адпрацавала свае маршруты. І ўсё ж сустракаліся аб'ектыўныя цяжкасці: у камару, разьлічаную на пяць чалавек, ніяк не ўдавалася заштурхнуць больш за дваццаць. Некаторых трэба было вадзіць на допыты, часам карміць, па пары тыдняў чакаць пастановаў тройкі альбо асобай нарады. У канцы 1937-га частку арыштаваных са Слуцкай турмы перавялі ў большую Магілёўскую.

Перавезьлі ў Магілёў і Сьцяпана Белаўца. Першы запіс зьявіўся ў ягонай справе больш чым праз два месяцы пасьля арышту. Пратакол допыту кароткі і можна прывесьці яго цалкам:

«Пытаньне: Следзтву вядома, што вы зьяўляецеся агентам польразьведорганаў. Раскажыце, калі і кім вы былі завэрбаваныя?

Адказ: Так, я сапраўды зьяўляюся агентам польразьведорганаў. Завэрбаваны я быў у 1934 годзе польскім агентам Казьлянковым Іванам Фёдаравічам. Казьлянкоў стаў даваць мне даручэнні дывэрсійнага характару, г. зн. паліць калгасы, даведацца пра настрой насельніцтва суседніх вёсак і пра эканамічную магутнасьць калгасаў».

Канец пытанняў, канец адказаў. Пасьля ў справе падшытае кароткае абвінаваўчае заключэньне:

«Гэтую справу № 32355 па абвінавачаньню Белаўца (меў жонку і шасьцёра дзяцей) накіраваць на разгляд народнага камісара ўнутраных справаў СССР — Генэральнага камісара ГБ тав. Яжова».

Подпіс опэрупаўнаважанага, які вёў допыт — Гушча, адзнака «Згодны» і подпіс начальніка З-га аддзелу Магілёўскага РА НКВД Давыдзенка зацьвердзіў заключэньне начальнік райаддзелу лейтэнант ГБ Шліфенсон.

Далей да архіўнай справы падшыты апошні, як меркавалі арганізатары камуністычнага будаўніцтва, дакумэнт.

«Выпіска з акту:

Пастанова НКВД СССР і Пракурора СССР ад 14 сьнежня 1937 году (пратакол № 2542) аб расстрэле Белаўца Сьцяпана Андрэевіча прыведзеная ў выкананьне 2 студзеня 1938 году ў горадзе Магілёве. Начальнік 8-га аддзелу УГБ НКВД БССР лейтэнант ГБ Розкін».

Тры з паловай месяцы прайшло ад арышту да расстрэлу Сьцяпана Белаўца. Наступны дакумэнт у ягонай справе зьявіўся толькі праз 23 гады.

У лютым 1960 году сын Белаўца Васіль, якому пад час арышту бацькі было 10 гадоў, напісаў у Вярхоўны Суд СССР прашэньне аб ягонай рэабілітацыі. У лісьце ёсьць такія радкі: «У канцы 1937 году маці панесла перадачу і перадачу ўзялі, але пры другім звароце ў канцы 1937 году работнікі Слуцкай турмы паведамілі, што бацька мой памёр. Мая маці памерла ў 1947 годзе ад пароку сэрца і мы, шасьцёра дзяцей, выхоўваліся як даводзілася, бо дапамогі нам ніякай не давалі. Прашу Вярхоўны Суд разгледзець маю просьбу і аднавіць у правах пасьмяротна майго бацьку…»

Ліст сына пераслалі ў тую самую арганізацыю, якая забіла бацьку. Там яго падшылі да справы з допытам, абвінаваўчым заключэньнем і актам расстрэлу. Сын і бацька зноў былі побач, як і ў той верасьнёўскі дзень 1937-га, калі чэкісты ўвайшлі ў іхную хату. Аднак і празь дзесяцігодзьдзі пад грыфам «сакрэтна» дзяржбясьпека працягвала сваю лінію. У красавіку 1960-га сына, які жыў у Пінску, выклікалі ў мясцовы райаддзел КГБ. Пра тое, што там яму сказалі, Васіль Белавец пісаў ужо вайсковаму пракурору Беларусі:

«Работнік КГБ мне паведаміў, што мой бацька Белавец Сьцяпан, асуджаны ў 1937 годзе да 10 гадоў пазбаўлення волі, памёр у тым жа годзе ад грыпозных ускладненняў і што дадзены факт сьмерці зарэгістраваны ў Старобінскім райбюро ЗАГС. За гэтае паведамленне і чульлівыя адносіны да запытаў працоўных я ад душы дзякую. Але я прасіў аб рэабілітацыі бацькі…»

Эпідэмія «грыпу» 1937 году, мяркуючы паводле адказаў у 1960-м, і праз чвэрць стагодзьдзя працягвала выклікаць ускладненьні. Васіль Белавец яшчэ толькі зьбіраўся напісаць у Вайсковую пракуратуру — відавочна, з падказкі КГБ, як органы ўзяліся за работу. 7 красавіка 1960 году зь Менску паляцела аж 13 сакрэтных, з грыфам «Ліцер «А», запытаў з аднолькавым тэкстам:

«Прашу Вас даць указаньне праверыць па ўліках агентуру былой буржуазнай Польшчы (далей у стандартным бланку ішоў прабел) Сьцяпана Белаўца і паведаміць кампраматэрыялы, якія маюцца на яго».

Запыты адрасаваліся ў Цэнтральны дзяржаўны асобы архіў МУС СССР, у аддзел сакрэтных фондаў Цэнтральнага дзяржаўнага архіву Кастрычніцкай рэвалюцыі БССР, у Менскі абласны архіў, у апэратыўна-даведачную картатэку 1-га спэцаддзелу МУС БССР, у картатэку фонду архіўных сьледчых справаў на асобаў, зьнятых з уліку ў КГБ пры Савеце Міністраў БССР, іншыя арганізацыі. «Ліцер «А»» там, безумоўна, паважалі — адказы паступілі на працягу тыдня. Як і запыты, яны насілі мэханізаваны характар — пячатка з кароткім тэкстам, маўляў, у сьпісах ня значыцца.

У ліпені супрацоўнікі КГБ выехалі ў вёску Чэпелі і апыталі старых. Ніхто ніякіх зьвестак аб супрацоўніцтве старшыні сельсавету з «польразьведорганамі» ня даў. Наадварот. Як заявіў адзін з дапытаных, «Белавец мне запомніўся як актывіст і чыста савецкі чалавек».

Што гэта азначала ў 1937 годзе — «актывіст і чыста савецкі чалавек»? Белавец быў старшынём сельскага савету, у яго абавязкі ўваходзіла ажыцьцяўленьне ўсіх акцыяў савецкай улады, ад барацьбы з Богам да збору падаткаў. Гэта была катавая служба. У дадатак да калгаснай бясплатнай працы праз сыстэму непасільных падаткаў у прорву імпэрскай індустрыялізацыі выціскаліся апошнія кроў і пот вяскоўцаў. Калі мясцовыя ўлады не спраўляліся з плянамі калектывізацыі, выбіваннем паставак, чысткай партыйных шэрагаў, тады «вычышчалі» іх саміх. Раённае начальства ў сярэдзіне 30-х жыло ва ўгары бязьмежнай улады над тымі, хто быў ніжэй, і такога ж бяспраўя перад вышэйшымі. Сярод іх сустракаліся асобы, перакананыя ў непагрэшнасьці партыі і Сталіна, людзі, якія шчыра верылі ў гістарычную справядлівасьць сваёй справы. Аднак нашмат больш характэрнымі рысамі мясцовай улады рабочых і сялян былі малапісьменнасьць, разбэшчанасьць, жорсткасьць, самаўпраўства, п'янства. На месцах, як і ў НКВД, у большасці працавалі не паталагічныя крымінальнікі альбо ідэйныя фанатыкі, а самыя звычайныя, простыя людзі, выхадцы зь бедных сялянскіх і рабочых сем'яў — плоць ад плоці народу…

Яны лёгка маглі быць на месцы сваіх ахвяраў, і тады б іх саміх заганялі ў калгасы, раскулачвалі, высылалі. Аднак ім пашанцавала, і яны так аддана праводзілі партыйную лінію, што час ад часу ў Крамлі пачыналі гаварыць аб «перагібах», «парушэньнях сацзаконнасьці» ды іншых «галавакружэньнях ад поспехаў». Кадры імпэтна распраўляліся з выбранымі «перагібшчыкамі» і займалі іх месцы, а галоўным заставалася тое, што галавакружэньне было ўсё ж такі ад посьпехаў…

З сацыяльна чужымі элемэнтамі — духавенствам, працавітымі заможнымі гаспадарамі, іх блізкімі і далёкімі сваякамі ў Старобінскім раёне пакончылі задоўга да 1937 году. Цяпер улады не цырымоніліся з калгаснікамі, а пра тых, хто ў Старобінскім раёне працягваў трымацца за ўласны падворак, у лютым 1937-га на пленуме райвыканкаму, прысвечаным сталінскай канстытуцыі, было сказана проста і ясна: «аднаасобнік зьяўляецца ворагам працоўнага народу». І гэта была ня новая палітычная ўстаноўка, а канстатацыя даўно заведзенай практыкі, што маглі пацьвердзіць усе старобінскія аднаасобнікі, якія чулі заяву (вялася трансляцыя пленума празь мясцовае радыё). Праўда, такую раскошу, як радыё, маглі дазволіць сабе далёка ня ўсе прыватныя гаспадары, няшчадна абкладзеныя процьмай падаткаў і збораў. Калі яны не спраўляліся з новымі і новымі паборамі, у справу ўступалі сельсаветы.

У архіўнай даведцы НКВД на старшыню Чэпелеўскага сельсавету Белаўца гаварылася, што ён «за няўплату сельгаспадатку распрадаў да рэшты пяць аднаасобных гаспадарак». У НКВД інфармацыю пакінулі без увагі. Гэта была самая звычайная зьява: калі лічыць толькі паводле пісьмовых скаргаў пацярпелых, у 1936 годзе ў Старобінскім раёне сканфіскавалі маёмасьць у 117 аднаасобнікаў. Камісія савецкага кантролю пры СНК БССР, якая ў рамках чарговай кампаніі супраць чарговага «галавакружэння» правярала раён, адзначала: «Як правіла, канфіскаваная маёмасьць прадавалася за бясцэнак і ў выніку многія аднаасобныя гаспадаркі разбураліся. Ускрытыя факты прысваення асобнымі старшынямі сельсаветаў часткі канфіскаванай маёмасьці і грошай ад яе рэалізацыі».

Верагодна, сярод старшыняў сельсаветаў былі розныя людзі. Аднак Сьцяпан Белавец запомніўся людзям даволі пэўна. Яны засведчылі ў 1960 годзе, што старшыня сельсавету «вельмі актыўна праводзіў палітыку ўцягнення сялянаў у калгас і на гэтай глебе часам крыўдзіў асобаў, якія не хацелі ўступаць у калгас. Да асобаў, якія не выконвалі падаткаў, Белавец ставіўся жорстка, часам паводле яго патрабавання ў некаторых аднаасобнікаў канфіскавалася маёмасьць».

Пяць цалкам зьнішчаных гаспадарак, пушчаных голымі ў сьвет сем'яў аднаасобнікаў пацвярджаюць характарыстыку Сьцяпана Белаўца як «чыста савецкага чалавека». Яго паводзіны не адрозьніваліся ад дзеянняў большасці мясцовых уладароў сельсавецкіх пячатак. Вось некаторыя штрыхі ў партрэт старобінскіх сельсаветчыкаў з даведкі Камісіі савецкага кантролю (ад 13 сакавіка 1937 г.):

«Аб скажэньнях дырэктываў партыі і ўраду і парушэньнях рэвалюцыйнай законнасьці ў Старобінскім памежным раёне.

…У савецкіх арганізацыях праводзілася голае адміністраванне, якое суправаджалася зьдзекамі над калгаснікамі і аднаасобнікамі.

Па Даманавіцкім сельсавеце:

Старшыня Чарняк, які зьяўляецца адначасна парторгам Даманавіцкага і Чырвонаазерскага сельсаветаў, канфіскаваў у Хаміцэвіча Мацьвея карову, цяля і дзьвюх авечак за няўплату штрафу 250 рублёў, пра які Хаміцэвіч уведаў у дзень канфіскацыі маёмасьці. Карова і цяля былі здадзеныя на базу за 455 руб. 50 кап., зь іх 125 руб. 50 кап. прысвоеныя старшынём сельсавету. Чарняк таксама канфіскаваў у Хаміцэвіча Пятра каня, кажух, адрэз сукна і тачылы без афармлення акту пад выглядам неіснуючай нядоімкі па культзбору. Чарняк прысвоіў кажух, сукно і тачылы, а каня замацаваў за сельсаветам для разьездаў.

Па Чырвонаазерскім сельсавеце:

Старшыня Мурашка (член КПБ, сыстэматычна п'янствуе) займаўся незаконнай канфіскацыяй і прысваеннем часткі маёмасьці аднаасобных гаспадарак. Шэраг гаспадарак былі Мурашкам разбураныя ў выніку налічэння непасільных падаткаў, шляхам налічэння неіснуючых неземляробчых і рынкавых даходаў. Напрыклад, Паддубіцкаму Аляксею (сям'я з васьмі душ, сын у Чырвонай Арміі) вызначыў 1600 рублёў падатку на падставе заведама дутых даходаў. За няўплату такога непасільнага падатку канфіскавалі ў яго каня і адзіную карову. Мурашка прысвойваў незаконна канфіскаванае ў вяскоўцаў (карову, свінню, футра, швэйную машынку, збожжа і інш.) Сакратар сельсавету Мацукевіч Фёдар і член Бердніковіч Васіль зьбілі калгасніцу Казьлякевіч Стэфаніду і яе дванаццацігадовую дачку пры незаконнай канфіскацыі каровы для пакрыцьця нядоімкі яе брата-аднаасобніка. Старшыня сельсавету Мурашка і член Сівец абшукалі і канфіскавалі два кілаграмы ільнавалакна ў сьляпой 65-гадовай Ільшчыц Агаф'і, якая зьбірала яго жабрацтвам.

Па Зажэвіцкім сельсавеце:

У 1936 годзе старшынём быў Свістуноў (цяпер старшыня Пагосцкага сельсавету), які незаконна канфіскоўваў маёмасьць, прычым, апроч пяці ўлічаных выпадкаў, паводле скаргаў выяўлена яшчэ дзесяць выпадкаў канфіскацыі без афармлення дакумэнтамі. Напрыклад, Сьвістуноў прапанаваў аднаасобніку вёскі Гэліна Мікіту Рабаву запрэгчы каня і прывезьці яго ў сельсавет, а там адабраў у Рабава каня з вупражжу і санямі, заявіўшы, што гэта канфіскуецца за няўплату культзбору. Сьвістуновым за нядоімку 20 руб. у аднаасобніка Казлоўскага Канстанціна была апісаная маёмасьць на 400 рублёў, зь якой былі прададзеныя калгасу два хлявы за 60 руб., а рахункаводу сельсавету Бялько швэйная машынка за 100 руб. па падложнай распісцы. Сьвістуноў разарыў шэраг аднаасобных гаспадарак, напрыклад, у Пахай Марыі, апроч усіх гаспадарчых пабудоваў, была разламаная на дровы агароджа вакол хаты.

Па Чыжэвіцкім сельсавеце:

Старшыня Бабаеў (член КПБ) на працягу 1935–36 гадоў займаецца незаконнай канфіскацыяй і прысваеннем маёмасьці аднаасобнікаў. На Шэмет Хрысціну за недавыкананне 9 кг ільну, якія праз тры дні былі здадзеныя дзяржаве, Бабаеў наклаў вусна штраф у 200 руб. і ў той жа дзень канфіскаваў у яе 300 мэтраў тонкатканага палатна. Канфіскацыя была праведзеная шляхам узлому сякерай куфэрка. Шэмет Хрысціна, калі Бабаеў выносіў палатно, цалавала яго рукі, прасіла не адбіраць палатно, якое атрымала ў пасаг дзясяткі гадоў таму і захоўвала для дачок. Але старшыня сельсавету быў няўмольны. Канфіскаванае палатно Бабаеў падзяліў паміж сабой, старшынём калгасу «Свабода» Далінным і аднаасобнікам Чайкоўскім, зь якім п'янстваваў.

Бабаеў ужываў зьдзеклівыя спосабы прымусу да аплаты наўмысна завышаных падаткаў. У Лойкі Антона (сям'я з шасьці малых дзяцей) была разабраная зімою (25 сьнежня 1936 г.) частка жылога дому і прададзеная за 100 руб. калгасу «Перамога». Бабаеў за ўдзел членаў сельсаветаў і нанятых у канфіскацыі даваў прэмію ад 10 да 15 руб. з сумы продажу маёмасьці. Бабаеў зьбіў аднаасобніцу Ткачэню Вінадору за адмову дабраахвотна здаць ільнавалакно».

Пра ўсе «подзьвігі» кіраўнікоў мясцовай савецкай улады ў Беларусі не расказаць. Адзін летам запрагаў жанчын у сані і прымушаў везьці на п'янку ў суседнюю вёску, другі гвалтаваў па чарзе калгасніц, трэці цягнуў у хату ўсё, што ўпадабаў. Ад уладарных вырадкаў не было паратунку, і нярэдка даведзеныя да адчаю людзі накладалі на сябе рукі.

…Пра арышт старшыні Чэпелеўскага сельсавету Сьцяпана Белаўца, безумоўна, адразу стала вядома ў акрузе. Ня дзіва, калі многія ўспрынялі навіну са злараднасцю — цягаў воўк, пацягнулі й ваўка. І тое, што пры гэтым была парушаная нейкая мітычная «сацзаконнасьць», наўрад ці хвалявала даведзеных да галечы вяскоўцаў, у якіх старшыня сельсавету канфіскаваў маёмасць за няўплату падаткаў. Магчыма, Белавец і не валок у хату жабрацкае багацьце (на восем ратоў на падворку Белаўца на момант арышту налічвалася ўсяго адна карова і пяць сьвіней — цяжка ўявіць, як сям'я кармілася нават тады, калі бацька быў на волі. А ўжо пасьля арышту напэўна зьведалі і голад, і холад). Аднак старшыня сельсавету, як і ягоны следчы Гарбачэўскі, быў часткай бязьлітаснага мэханізму гвалту, што ўрэшце пажор і яго самога. Не такі ўжо й рэдкі выпадак для сістэмы, якая замяніла чалавечыя дачыненні партыйнай маральлю і знайшла вялікае мноства ахвотнікаў гэтую мараль праводзіць у жыцьцё.

У жніўні 1960 году Вайсковы трыбунал Беларускай вайсковай акругі, як напісана ў даведцы, спыніў справу Сьцяпана Белаўца «за адсутнасцю саставу злачынства». Магчыма, яго дзецям, якія зьведалі ўсе «выгоды» званьня членаў сям'і здрадніка радзімы, прынесла палёгку афіцыйнае пацьверджаньне, што іх бацька — ня польскі шпіён. Старшыня сельсавету і сапраўды ня быў агентам замежных разьведак…

1961. «Да гэтых справаў я ніякіх адносінаў ня меў»

Блякнот Гарбачэўскага танчэў: даводзілася пісаць новыя й новыя тлумачэнні, каб давесьці сваю правату і заслугі перад партыяй. Пэрсанальная справа хутка расла ў аб'ёме. Пра амурныя прыгоды ніхто ўжо ня згадваў, а чамусьці пачалі выторгваць іншыя факты.

Магчыма, яму проста не шанцавала. Пасьля сьмерці Сталіна парадку менш стала паўсюдна. Вось і перагляд справаў рэпрэсаваных даручылі не спэцыялістам, якія гэтыя справы добра ведалі, бо самі некалі вялі, а пабочным, ня надта дасведчаным асобам з вайсковай пракуратуры. Іх увагу і прыцягнуў ягоны подпіс, які стаяў пад мноствам розных дакумэнтаў. Вайсковы пракурор І. Пастрэвіч прыводзіў прозьвішчы і характарыстыкі некаторых асобаў, якіх ён выкрыў: непісьменны калгаснік Міканор Кулакоўскі, старшыня калгасу, бацька пяці дзяцей Уладзімір Герасіменя, лясьнік Фёдар Сідарук, намесьнік старшыні калгасу Аляксандар Бялькевіч, лясьнік Аляксандар Аліноўскі, калгаснікі Марыя Лазоўская, Баляслаў Корбут, Юльян Смоліч…

«Ня ведаю, навошта зьбіраць рознага роду выпадкі і недахопы за 25 гадоў працы, у кожнага яны бываюць. Падаваць іх агулам, не канкрэтызаваць, выпустошваць увесь зьмест, як і чаму тая ці іншая акалічнасць здарылася, і толькі ў бок абвінавачаньня. Я і так перажыў у сувязі з гэтымі справамі, што паслужыла прычынай звальненьня з органаў…»

Радкі нататніка перапаўняла шчырая крыўда, і пошта разносіла лісты адрасатам. Аднак яму пачалі прад'яўляць архіўныя дакумэнты з імёнамі, пратаколамі, ордэрамі на арышт бяз санкцыяў пракурора. Так, там стаяў ягоны подпіс, але ж хіба ўсё запомніш. Можа, і афармляў якія-небудзь паперы. Але сам сьледзтва ня вёў, а толькі падпісваў першапачатковыя дакумэнты — астатнім займаліся ў Слуцку і Менску.

Ён тлумачыў зноў і зноў:

«Згодна з пастановамі ў той час вышэйстаячых органаў і пракуратуры, афамленьне справаў рабілася наступным чынам: паводле матэрыялаў, якія меў той ці іншы орган МУС (агентурныя распрацоўкі, пратаколы допыту сьведкаў, дакумэнтацыя і да т. п.), складалася апэратыўным работнікам абагульненая даведка, пісалася пастанова на арышт, бралася санкцыя пракурора і ўвесь пазначаны матэрыял накіроўваўся ў акруговы аддзел (у той час Слуцкі) для вядзеньня сьледзтва з арыштаваным. Як там вялося сьледзтва, хто яго вёў, якія матэрыялы атрыманыя сьледчым, хто накіроўваў справы паводле падсуднасьці і пісаў абвінаваўчае заключэнне, мне невядома, бо да гэтых справаў і матэрыялаў я ніякіх адносінаў ня меў і больш іх ня бачыў».

Спраўдзілі. Зь дзевяці выбарачна паднятых справаў сем ад пачатку і да канца, да адсылкі ў Маскву наркаму Яжову на зацьверджаньне сьмяротнага прысуду, былі складзеныя і аформленыя ўласнаручна Макарам Гарбачэўскім. Тады, у 1961-м, не змаглі ці не захацелі спраўдзіць словы Гарбачэўскага пра тое, што больш справаў арыштаваных ім людзей ён ня бачыў…

1937. «Удзельнік Слуцкага паўстання»

Ордэр на арышт і вобыск № 231 Макар Гарбачэўскі мог выпісваць з асаблівым задавальненнем. У сакрэтнай даведцы, якую ён склаў на падставе даносу на 42-гадовага Міхаіла Сямёнавіча Бунцэвіча, беларуса, пісьменнага, ахоўніка Старобінскага дзяржбанку, гаварылася:

«У 1920 годзе, пры арганізацыі Беларускай Рады, выступаў супраць Савецкай улады і змагаўся супраць Чырвонай Арміі. Каля мястэчка Семежава, пад націскам чырвоных частак крычаў паўстанцам не адступаць, а змагацца да апошняга, і калі іх атрад быў разьбіты, Бунцэвіч Міхаіл пасьпеў схапіць сьцяг Беларускай Рады, які цяпер захоўваецца ў яго альбо яго брата Піліпа, арыштаванага органамі НКВД».

Сьцяг у Бунцэвіча не знайшлі. Яго допыт Гарбачэўскі, загружаны іншымі справамі, даручыў правесьці свайму намесьніку Казлову. Бунцэвіч адмовіў усе абвінавачаньні. Тады Казлоў узяўся за сьведкаў.

Дапытаны работнік банку Ісак Голуб заявіў, што Бунцэвіч браў удзел у Слуцкім паўстаньні і падтрымліваў контррэвалюцыйную сувязь са сваім братам Піліпам, арыштаваным НКВД. Праўда, сам Голуб нічога напэўна ня ведаў і спаслаўся на двух чалавек, якія гэта яму расказвалі. Адзін з тых двух, Кандрат Караба, пацьвердзіў, што бачыў, як Бунцэвіч ехаў на кані ў бок Семежава, а таксама дадаў, што Бунцэвіч агітаваў яго не падпісвацца на заём, бо карысьці ад яго ніякай няма. Пацьвердзіў удзел Бунцэвіча ў Слуцкім паўстаньні і яшчэ адзін сьведка, Шлома Левітан. Прынамсі, менавіта так былі запісаныя іх паказаньні ў пратаколах допытаў.

Невядома, як праходзілі вочныя стаўкі і ці праводзіліся яны наогул, але сьледчы так і ня змог выбіць з арыштаванага прызнання. Пра тое, чаго гэта каштавала Бунцэвічу, можна толькі здагадвацца. Але факт застаецца фактам: памочнік опэрупаўнаважанага Казлоў мусіў запісаць у пратакол катэгарычнае адмаўленне арыштаваным усіх абвінавачанняў.

Справу без «царыцы доказаў» — уласнаручнага прызнання — старобінскія чэкісты перасылаць наркаму Яжову (што азначала верную сьмерць) не рызыкнулі, а накіравалі на разгляд «Асобай тройкі НКВД БССР». «Тройка» прызнала Бунцэвіча вінаватым толькі ў тым, што ён вёў контррэвалюцыйную агітацыю супраць мерапрыемстваў партыі і ўраду і даказваў непазьбежнасьць гібелі савецкай улады. Пра ўдзел у Слуцкім паўстаньні ня згадвалася.

Згодна з выпіскай з пратаколу № 66 ад З лістапада 1937 году, «тройка» пастанавіла адправіць Бунцэвіча ў папраўча-працоўны лягер тэрмінам на 10 гадоў. Яго нават не пазбавілі права перапіскі.

Пасьля 1937-га ішоў 1938 год. Сталін зьмяніў непатрэбнага больш Яжова на Берыю, і пасьля партыйнага пленуму на пачатку 1938-га адныя каты пачалі душыць іншых — цяпер ужо каралі за парушэньні «сацыялістычнай законнасьці». Пачалі мяняць кадры НКВД у рэспубліках: у Менск замест Бермана прыехаў Наседкін, якога неўзабаве зьмяніў Цанава. Ратацыя ішла на ўсіх узроўнях, партыйныя, савецкія і чэкісцкія кадры перакідваліся з аднаго раёну ў іншы — каб не «зрасталіся» зь мясцовымі насельнікамі, праводзілі лінію жорстка і рашуча, без сэнтымэнтаў.

Макара Гарбачэўскага пасьля году пасьпяховай працы ў Старобіне перавялі на пасаду начальніка райаддзелу НКВД у Шклоў.

Пакуль Гарбачэўскі выкараняў ворагаў на Магілёўшчыне, зьняволены Тайшэцкага лягеру Бунцэвіч пісаў лісты, якія акуратна падшываліся да ягонай справы. Першым зь іх стаў ліст пракурору БССР. На 12-ці старонках Бунцэвіч апісваў сваё жыцьцё, сваякоў, і даводзіў, што сьведкі ў ягонай справе гаварылі супрацьлеглае таму, што запісана сьледчым. Да архіўнай справы падшыты і ліст сына Бунцэвіча Кастуся, вучня 7-е клясы, адрасаваны Сталіну.

Малы бацькаў заступнік пісаў кату: «Мой бацька ніколі нідзе ня быў, ні за мяжой, ні ў белых. Усе грамадзяне мястэчка Старобіна са зьдзіўленьнем гавораць: «За што Бунцэвіча Міхаіла арыштавалі, здаецца, ён быў сумленны чалавек?» Таварыш Іосіф Вісарыёнавіч! Пераканаўча прашу разглядзець маю прапанову. Цераз людзей-паклёпнікаў яму давялося несьці незаслужанае пакаранне».

На аркушы, вырваным са школьнага сшытку, стаіць дата: 9 кастрычніка 1939 году. Ліст хутчэй за ўсё напісаны пад дыктоўку кагосьці са старэйшых, якія спрабавалі надаць яму «афіцыйны» стыль. Аўтар дакладна называе непасрэдную прычыну зьняволеньня Бунцэвіча: «людзі-паклёпнікі», хоць, безумоўна, ніколі ня бачыў кардоннай папкі са справай НКВД. Яшчэ шэсьць лістоў у абарону мужа напісала жонка арыштаванага Клаўдзія Бунцэвіч.

Далейшыя матэрыялы архіўнай справы Бунцэвіча сьведчылі пра нараджэне цуду, які набываў ўсё больш выразныя формы з кожным новым перагорнутым дакумэнтам. Згодна з загадам НКВД СССР № 00116, які патрабаваў у выпадку пратэсту перагледзець і дасьледаваць справу на працягу 10-ці дзён, управа Тайшэцкага лагеру накіравала заяву Бунцэвіча пракурору БССР. У сакавіку 1940-га сьведку Ісака Голуба зноў выклікалі ў Старобінскі райадцзел НКВД. Там ужо сядзелі іншыя людзі.

У пратаколе допыту Голуба зьявіўся зусім новы запіс: «Аб правядзеньні контррэвалюцыйнай агітацыі Бунцэвічам Міхаілам я нічога не магу паказаць, бо я за ім гэтага ніколі не заўважаў, за выняткам таго, што ў прыватных размовах Караба Кандрат у 1937 годзе летам гаварыў, што Бунцэвіч прыняў удзел у Беларускай Радзе. Але чамусьці да лета 1937 году ён аб гэтым нічога не гаварыў». Канец сьведчаньня. У адзін дзень з Голубам быў зноў дапытаны Шлома Левітан, які ўвогуле заявіў, што ніякіх паказаньняў аб удзеле Бунцэвіча ў Слуцкім паўстаньні не даваў.

У Старобінскім райаддзеле падрыхтавалі пастанову на імя новага наркама Лаўрэнція Цанавы, у якой гаварылася: «Рашэньне асобай тройкі НКВД БССР ад З сьнежня 1937 году адмяніць, Бунцэвіча Міхаіла Сямёнавіча з-пад варты вызваліць. Гэтую пастанову для выкананьня праз І спэцаддзел НКВД БССР накіраваць у Тайшэцкі лагер НКВД СССР, 2-гі агульналягерны пункт «Ударны» па месцы знаходжання». І — подпісы новых работнікаў Старобінскага райаддзелу і Менскай абласной управы НКВД — Герасімаў, Васілеўскі, Масквічоў. 6 красавіка 1939 году Цанава ўласнаручна зацьвердзіў пастанову.

Як вынікае з датаў на дакумэнтах, яшчэ за два дні да подпісу Цанавы старшы опэрупаўнаважаны сяржант ГБ Пракоф'еў, які працаваў у І спэцаддзеле НКВД БССР, накіраваў дэпешу пад грыфам «Вельмі тэрмінова. Вызваленьне. Зусім сакрэтна» ў Тайшэцкі лагер і копію ў І спэцаддзел НКВД СССР у Маскву. Пастанова аб адмене рашэньня «тройкі» і вызваленні Бунцэвіча паляцела ў Сібір.

З кожным дакумэнтам, які знаходзіўся ў архіўнай справе Міхаіла Бунцэвіча, усё больш рэальным рабіўся цуд, амаль мітычны выпадак вызвалення. Сваёй выключнасцю ён быў абавязаны і стойкасьці самога Бунцэвіча, і клопатам сям'і, якая не адраклася ад бацькі, але, у першую чаргу, страху Сталіна перад сваімі памагатымі. Любы дыктатар жыве ў пастаянным страху перад занадта актыўнымі паплечнікамі і час ад часу робіць папераджальную рубку галоў — калі паспявае. Сталін заўсёды паспяваў, і палітычная кан'юнктура ў справе Бунцэвіча, такім чынам, склалася выключна спрыяльна. Трэба было не прапусьціць момант.

Аднак кароткі адказ з Тайшэту ў Менск прыйшоў толькі ў лістападзе 1940-га. Паведамлялася, што Бунцэвіч этапаваны з Тайшэтлагу ў Карлаг і запыт НКВД БССР перапраўлены туды. Сем месяцаў маўчаньня ў адказ на патрабаваньне «вельмі тэрміновага вызваленьня» выклікалі недаўменьне: ці гэта была норма? Ці Бунцэвічу перастала шанцаваць? Ці, можа, зноў мяняліся часы?..

Чаму і дзе блукала папера аб вызваленьні Бунцэвіча? Адну зь верагодных вэрсіяў падказаў сам архіўны дакумэнт. Яго мусілі былі падпісаць дзьве службовыя асобы: непасрэдны выканаўца сяржант ГБ Пракоф'еў, і ягоны подпіс стаіць, і начальнік І спэцаддзелу НКВД БССР — гэтага подпісу няма.

Імя начальніка, які проста мог пакласьці пастанову аб вызваленьні пад сукно — Макар Гарбачэўскі. Пасьля сямі месяцаў службы ў Шклове ён быў пераведзены на працу ў Менск і заняў пасаду спачатку начальніка аддзялення, а празь пяць месяцаў узначаліў І спэцаддзел. Усе дакумэнты на вызваленне Бунцэвіча клаліся яму на стол. Адмена прысуду і зьняцьце абвінавачанняў маглі падарваць імклівую кар'еру маладога пэрспэктыўнага супрацоўніка…

Наступная сакрэтная паперка ў справе Бунцэвіча зьявілася праз восем месяцаў пасьля пастановы аб яго вызваленні: усю справу адправілі зь Менску ў Старобін — для дасьледаваньня. Загадвалася сьведку Кандрата Карабу перадапытаць з мэтай «удакладнення і пацверджання паказанняў». Заданне было недвухсэнсовае, і 9 студзеня 1941 году ахоўнік Старобінскага банку Караба, як і патрабавалі зь Менску, свае паказанні супраць Бунцэвіча пацьвердзіў.

У пратаколе допыту запісаныя яго адказы: «Паміж удзельнікаў банды «Беларускай Рады» знаходзіўся Бунцэвіч, які разам зь іншымі накіроўваўся ў Завішчыцы. З размоваў удзельнікаў банды ведаю, калі з майго возу здымалі скрыню з патронамі, дык павінны былі накіравацца ў Семежава. І больш аб удзеле Бунцэвіча ў бандзе «Беларуская Рада» мне нічога не вядома. Бунцэвіч гаварыў, што жывецца дрэнна, няма хлеба, раней жылося ў некалькі разоў лепей, чым цяпер». Сьледчыя папрасілі Карабу назваць сьведкаў антысавецкіх размоваў Бунцэвіча. Той адказаў так: «У памяшканні банку я зьмяняў Бунцэвіча і ён адразу дахаты не пайшоў, бо быў моцны дождж, і ўсе размовы, апроч яго і мяне, ніхто ня чуў».

Сьледчыя дапыталі яшчэ сем чалавек. Ніхто болей не пацьвердзіў ніякіх абвінавачанняў. Тым ня менш, сьледчы ўправы НКВД па Менскай вобласьці сяржант ГБ Парахневіч напісаў і падпісаў пастанову, згодна зь якой папярэдняе рашэнне аб вызваленні Бунцэвіча адмянялася, скарга асуджанага прызнавалася неабгрунтаванай. Гэтую пастанову трэба быдо падпісаць начальніку ўправы НКВД Менскай вобласьці Васілеўскаму, начальніку сьледчай часткі Сімахіну, зацвердзіць пастанову павінен быў сам царкам Цанава. Ні даты, ні патрэбных подпісаў, апроч подпісу сяржанта ГБ Парахневіча, на дакумэнце няма.

Як будзе сьцьвярджаць у 1959 годзе пракурор Менскай вобласьці І. Шнітко пад час перагляду справы, пастанова, якая адмаўляла Бунцэвічу ў вызваленьні, ня мела ніякай юрыдычнай сілы нават у тыя часы. Але былі іншыя сілы, зацікаўленыя, каб арыштаваныя на падставе іхных ордэраў не вызваляліся датэрмінова…

Бунцэвіч адбыў у лагеры ўвесь тэрмін і вярнуўся ў Старобін у 1946 годзе. Жыць яму заставалася нядоўга — праз тры гады, на 54-м годзе жыцьця ён памёр. Удава прасіла назначыць ёй пэнсію, але ёй адмовілі. Ворагам народа і членам іх сем'яў пэнсіяў не давалі — трэба было забясьпечваць пэнсіянэраў НКВД.

1961. «Прашу пераканаўча ўсё ўлічыць»

Новыя запісы ў схуднелым блакноце адзін да аднаго паўтаралі тое, што Гарбачэўскі пісаў амаль чвэрць стагодзьдзя таму. У лютым 1961-га яму ўдалося дамагчыся доступу да справаў, якія ён вёў у 1937-м. Перагарнуў пажоўклыя старонкі, перагледзеў пастановы на арышт і свае подпісы, выпіскі з рашэньняў НКВД і паведамленьні аб іх выкананні. Не, яму няма чаго саромецца перад партыяй — усе арыштаваныя былі сапраўднымі ворагамі. Органы не памыляліся, сьцьвярджаць адваротнае — значыла абвінавачваць органы ў шкодніцтве, паклёпнічаць, паўтараць здобныя контррэвалюцыйныя выдумкі. Аднак часы дзіўна памяняліся. Арыштавалі Берыю, зьнік Цанава, замахнуліся на самога Сталіна. Правадыр ляжыць у маўзалеі побач зь Леніным і сам ня можа за сябе пастаяць. Быў бы жывы, хіба давялося б тлумачыць відавочнае?.. Ён вырываў чарговыя аркушы з блакноту.

«У дадатак да майго тлумачэння адносна справаў 1937 году паведамляю. Бунцэвіч М. удзельнік атраду, створанага Беларускай Радай, змагаўся супраць чырвонага войска, праводзіў контррэвалюцыйную агітацыю; Белавец С. займаўся кантрабандавай дзейнасцю, меў сувязі з Польшчай, дзе пражывалі маці і стрыечны брат; Герасіменя В. у Польшчы меў сястру, зь якой у 1933 годзе меў падазроныя сустрэчы. У 1935 годзе за азначаную дзейнасьць выключаны з ВКП(б); Аліноўскі А. былы кулак, меў 20 га зямлі, чатыры каровы, быў завэрбаваны для правядзеньня контррэвалюцыйнай агітацыі польшпіёнам Сасноўскім; Лазоўская М. таксама мела непасрэдную сувязь з польшпіёнам Сасноўскім; Сідарук Ф. працаваў лесьніком, перадаваў матэрыял аб настроях сялянаў і разьмешчаньні частак РККА, дрэнна адпускаў матэрыял для дзяржбудоўляў… Паводле ўказаньняў таго пэрыяду яны падлягалі арышту, тым болей, што Старобінскі раён быў памежным і на ўсіх гэтых асобаў меліся ў райаддзеле матэрыялы агентурных справаў. Прашу пераканаўча пры разглядзе пытаньня ўсё гэта ўлічыць…»

Матэрыялы агентурных справаў былі першаснай і найважнейшай крыніцай інфармацыі, паводле якой выбіраліся ворагі. Гарбачэўскі ведаў напэўна, што пераправерыць іх, нават калі б захацелі, будзе немагчыма. У 1941-м, пад час маланкавага наступу немцаў, у райаддзелы паступіў загад паліць апэратыўныя дакумэнты. Пасьля вайны, працуючы намесьнікам Цанавы, ён на свае вочы мог бачыць справаздачу супрацоўніка Старобінскага райаддзелу НКВД Бялько, якая пацьвярджала зьнішчэньне першаснай дакумэнтацыі.

Праўда, зьвесткі аб некаторых памочніках органаў меліся ў архіўных справах арыштаваных, ён сам часам упісваў іх у даведкі, паводле якіх арыштоўваў ворагаў. Але Гарбачэўскі мог спадзявацца, што аб тых запісах паклапоцяцца калегі.

І сапраўды, пад час кампаніі рэабілітацыі, калі органы пераглядалі справы — пісалі даведкі, правяралі былых так званых «польскіх шпіёнаў» з выездам на месца, — у КГБ не забываліся і на сваіх верных памочнікаў. Вырываць аркушы са справы было строга забаронена інструкцыяй, але ніякая інструкцыя не перашкаджала ставіць густыя чарнільныя кляксы на мянушкі і прозвішчы асьведамляльнікаў. Некаторыя акалічнасці і дакумэнты дазваляюць датаваць адну з такіх замазак у архіўнай справе, пачатай Старобінскім НКВД і перададзенай у спэцархіў у Менск, 10 сакавіка 1953 года. І тыдня не мінула, як сканаў Сталін, а нечая спрытная рука пачала клапаціцца пра памочнікаў катаў.

У 1961 годзе ніхто сапраўды ня стаў корпацца ў агентурных матэрыялах — доказаў віны палкоўніка хапала і бязь іх. Аднак Гарбачэўскі памыляўся, калі думаў, што ніхто ніколі ня ўведае імёнаў старобінскіх юдаў…

1992. «Матэрыял асьв. «Горкі»»

Пад час кароткай беларускай адлігі, калі кампартыя была зацугляная пасьля путчу 1991 году, пад ціскам грамадзкасьці КГБ пачаў даваць абмежаваны дазвол навукоўцам, журналістам, кінематаграфістам на знаёмства зь некаторымі справамі. Як член парлямэнцкай камісіі па правах ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, непрацяглы час меў магчымасць пазнаёміцца са справамі закатаваных і я.

Справы Сьцяпана Белаўца, Міхаіла Бунцэвіча, як і іншых ахвяраў Гарбачэўскага, адкрываліся даведкамі, паводле якіх іх арыштоўвалі, выносілі пастановы і расстрэльвалі альбо везлі ў лагеры. У справе Бунцэвіча, напрыклад, пасьля апісаньня яго ўдзелу ў Слуцкім паўстаньні рукой энкавэдыста ў дужках было нешта пазначана, але разабраць заштрыхаваны запіс было няпроста.

Папера, на якой друкаваліся даведкі і прозьвішчы асьведаміцеляў, як знарок падабраная, каб ня можна было прачытаць з адваротнага боку — грубая і тоўстая. І літары звычайнай друкарскай машынкі не праціскалі яе.

Безумоўна, сучасная крыміналістычная тэхніка лёгка справілася б з задачай: разабраць замазаныя, схаваныя прозьвішчы даносчыкаў, але наіўна было б чакаць дапамогі з боку тых органаў, якія такой тэхнікай валодаюць. Іх задача адваротная — каб ніхто не прачытаў і не назваў імёны верных сяброў чэкістаў.

Але паспрабаваць прачытаць імёны памочнікаў катаў усё ж можна, нават калі атрымаў архіўную справу ўсяго на пару гадзінаў і ў цёмны службовы пакой, які ў КГБ Беларусі часова адвялі пад чытальную залю, незнарок заходзяць прапаршчыкі і заглядаюць афіцэры. Пад мініятурным павелічальным шклом вугалкі характэрнага шрыфту друкарскай машынкі Старобінскага НКВД, якія выступалі з-пад чарнільных плямаў, складваліся ў літары, літары — у словы. Вось словы, якімі называлі даносчыкаў у Старобіне і якія стаяць на пачатку многіх справаў НКВД:

«Горкі» — менавіта паводле даносаў таго, хто зашыфраваны пад псэўданімам аўтара знакамітага афарызму «Калі вораг не здаецца — яго зьнішчаюць», быў арыштаваны Міхаіл Бунцэвіч, расстраляны жыхар вёскі Застарыньне Станіслаў Главінскі, які пакінуў сіротамі двух дзяцей; таксама расстраляны ягоны аднавясковец Вікенці Кальчынскі.

«Сексот» Ігнаценка — паводле ягоных даносаў арыштаваны і загінуў у Бурлагу селянін вёскі Залесьсе Сямён Чарнецкі, бацька чатырох дзяцей; арыштаваны і расстраляны калгаснік зь вёскі Застарыньне Юльян Смоліч, бацька трох дзяцей; расстраляны лясьнік зь вёскі Саковічы Андрэй Аліноўскі, бацька двух дзяцей. Прозьвішчы даносчыкаў Старобінскага НКВД Шацкага, Бобрыка, Дрызгаловіча таксама значацца ў тых некалькіх зь незьлічонай колькасьці справаў, якія ўдалося разгарнуць.

У адным з адкрытых для наведнікаў менскіх архіваў захоўваецца таўсценны фаліянт, які невядома як туды патрапіў. У яго доўгая назва: «Настольны рэестар сеткі асобага аддзелу ўправы дзяржбясьпекі НКВД БССР за 1939 год. Экзэмпляр № 447. Зусім сакрэтна. Захоўваць нароўні з шыфрам». Нароўні з шыфрам захоўвалі сьпіс даносчыкаў асобага аддзелу НКВД СССР пры 15-м пагранатрадзе НКВД БССР. Такім чынам, даносчыкі, якія «працавалі» ў войсках НКВД, падпарадкоўваліся Маскве, а не мясцовым чэкістам. Друкарскім спосабам выдадзеная кніга мела стадыяльныя табліцы з разьдзеламі, куды ўпісваліся мянушкі даносчыкаў, іх службовае становішча і пасада. Сапраўдныя прозьвішчы не пазначаліся, але іх пры жаданьні лёгка знайсьці, калі падняць дакумэнты асабовага складу і паглядзець пасады.

Падбор мянушак сакрэтных памочнікаў органаў, якія слухалі і запісвалі любое неасцярожнае слова сваіх саслужыўцаў, сведчыць пра густы і схільнасьці іх куратара. У 15-м пагранатрадзе юдаву працу выконвалі асобы зь мянушкамі «Сурыкаў», «Жукаў», «Пушкін», «Волгін», «Лермантаў», «Чайкоўскі», «Чалюскін», «Фурманаў». Відаць, даносы, падпісаныя імёнамі паэтаў, гучалі больш прыемна для вытанчанага вуха энкавэдыста. Мянушка даносчыка, які працаваў у гаражы, «Руль», — выключэнне з гэтай юдавай партытуры, складзенай аматарам высокага мастацтва з НКВД.

Сьпіс пасадаў, якія займалі даносчыкі, сведчыць пра некаторыя прынцыпы арганізацыі працы зь імі. Сярод іх ёсьць шавец гаспадарчай каманды, памочнік загадчыка праменаду, кухар, шафёр, камандзір аддзялення, штабны пісар, намесьнік палітрука, памочнік начальніка штаба. Гэта пасады, якія даюць шмат магчымасцяў для нефармальных кантактаў з саслужыўцамі, дазваляюць сачыць за паводзінамі начальства. Апроч таго, даносчыкі кантактавалі паміж сабой і даносілі адзін на аднаго, такім чынам, НКВД мог надзейна кантраляваць усю сетку.

(Невялікае адступленне: у 1989 годзе, пасьля краху ўлады КПСС у Літве, у Вільні апублікавалі некаторыя сакрэтныя дакумэнты КГБ, у іх ліку інструкцыі, фармуляры, анкеты. Стандартная анкета агента-асьведамляльніка складалася з 29 графаў. Апроч біяграфічных зьвестак, афіцэр-вярбоўшчык, які запаўняў анкету, мусіў напісаць адказы на шэраг пытанняў, у тым ліку падрабязна выкласьці мэту вярбоўкі. Аднак, паколькі справа была пастаўленая на паток, дык для зручнасьці ў падрадкоўніку дробным шрыфтам прыводзіліся тыповыя адказы. Графа нумар 23 «Завербаваны» прадугледжвала наступныя варыянты працягу: «на патрыятычнай глебе, з выкарыстаньнем кампраматэрыялаў, з варожага асяродку». Пытаньне нумар 24 «Супрацоўнічаць пагадзіўся» мела такія верагодныя адказы: «ахвотна, хістаўся, пасьля доўгага перакананьня, паставіў умовы і г. д.» У наступнай графе адзначаліся «Каштоўныя асабістыя якасьці» агента: «памяць, назіральнасьць, аналітычныя здольнасьці, здольнасьць уваходзіць у давер, фізычная сіла, валявыя якасьці, здольнасьць да пераўвасабленьня і г.д.» Далей у анкеце ішло пытаньне «Якія мае спэцыфічныя магчымасці». Падрадкоўнік прыводзіў некаторыя зь іх: «выезды ў іншыя раёны, наведваньне прыватных кватэраў паводле характару працы, мае дачу, уласную аўтамашыну, умее вадзіць аўтатранспарт і інш.» Пытаньне нумар 27 фіксавала «Асабістыя інтарэсы, зацікаўленьні і схільнасці», сярод іх «спорт, паляваньне, музыка, мастацтва, зьбіраньне калекцыяў, турызм, радыёаматар, кінафотааматар, аматар гульні ў карты і іншых азартных забаваў». Перадапошняе пытаньне ацэньвала «Надзейнасць агента». Трэба было адзначыць, ці агент «спраўджаны праз агентуру, з выкарыстаньнем апэратыўна-тэхнічных сродкаў і інш.» Завяршала анкету агента новая анкета: «Зьвесткі пра асабістыя сувязі, якія маюць апэратыўны інтарэс». Сюды заносіліся імёны, адрасы, прафэсіі знаёмых новасьпечанага агента і зьвесткі пра іх, якія «заслугоўваюць апэратыўнай увагі». Такім чынам, зь якіх бы меркаваньняў ні пачынаў супрацоўнічаць чалавек з органамі, як бы ні пераконваў сябе і іншых у намеры выкарыстаць свае магчымасці выключна ў высакародных мэтах, ня ён кантраляваў сітуацыю. Органы кантралявалі ня толькі яго, але і ягоных сяброў, знаёмых, калег. Завяз кагаток — усёй птушцы пагібель.)

Даносчыкаў бераглі, і яны прыцягваліся для дачы паказаньняў у ролі сьведкаў у рэдкіх выпадках. Зрэшты, патрэбных сьведкаў НКВД заўсёды знаходзіла. У чорны панядзелак Гарбачэўскага, 18 верасьня 1937 году, на падставе даносу асьведамляльніка Ігнаценкі ў вёсцы Саковічы Старобінскага раёну быў арыштаваны чарговы «польскі шпіён» — лясьнік Лістападаўскага лясьніцтва Аляксандар Мацьвеевіч Аліноўскі, 1887 году нараджэньня, беларус, беспартыйны, бацька двух дзяцей. Апроч даносу, падставай для абвінавачаньня сталі паказаньні сьведкі — Марка Ціханавіча Мікалаевіча, лесьніка таго ж лясьніцтва.

Нікалаевіч заявіў, што Аліноўскі, з аднаго боку, эксплюатаваў і няшчадна штрафаваў сялян, а з другога, — разбазарваў дзяржаўную маёмасьць і раздаваў людзям сенакос, а таксама ў 1919 годзе ўдзельнічаў у бандзе. Лёгікі ў паказаньнях сьведкі не было, але Гарбачэўскі дапоўніў іх выбітым у арыштаванага прызнаньнем: маўляў, штрафаваў сялян па заданьню польскіх шпіёнаў. Пасьля гэтага справа была накіраваная на «разгляд» Яжову. Пастанова НКВД ад 27 сьнежня 1937 году, пратакол 646, была прыведзеная ў выкананьне 24 лютага 1938 году ў Слуцку.

Праз дваццаць два гады, у студзені 1960-га, калі страх крыху адпусьціў, удава расстралянага зьвярнулася з просьбай паведаміць, што з мужам: жывы ці памёр, вінаваты ці не, і даць ягоны адрас. «Кампэтэнтныя органы» пачалі разьбірацца, ці правільна яны расстралялі лесьніка з Саковічаў. Знайшлі і зноў дапыталі адзінага сьведку Марка Мікалаевіча. Вось тэкст таго паўторнага дыялёгу:

«Пытаньне: Якія ўзаемаадносіны былі ў вас з Аліноўскім?

Адказ: Дрэнныя. Я зь ім працаваў у адным лясьніцтве і ён на мяне скардзіўся начальству. За гэта я меў на яго злобу і мы не размаўлялі.

Пытаньне: Што вам вядома аб прычынах арышту Аліноўскага?

Адказ: Аб прычынах мне нічога не вядома. Я толькі ведаю, што ён быў благі чалавек, бо скардзіўся на мяне начальству.

Пытаньне: Ці быў у бандзе Аліноўскі ў пэрыяд грамадзянскай вайны?

Адказ: Не, ня быў. Жыў у Саковічах.

Пытаньне: Вам зачытваліся вашыя паказаньні ад 12 лістапада 1937 году. Ці давалі вы такія паказаньні сьледзтву?

Адказ: Я тады казаў, што Аліноўскі благі чалавек. Што ён быў у бандзе, не гаварыў. Магчыма, і гаварыў. Але ў бандзе Аліноўскі ня быў. Ці рабіў ён што-небудзь дрэннае для савецкай улады, я ня ведаў і ня ведаю».

Вайсковы трыбунал пасьмяротна рэабілітаваў А. Аліноўскага. Жонцы і дзецям абвясьцілі радасную навіну і паведамілі, што іх муж і бацька ні ў чым перад савецкай уладай не вінаваты, а памёр сам, ад прастуды ці грыпу; апошні адрас нябожчыка — безыменую яму пад Слуцкам — не ўказалі. Сям'я ніколі ня ўведала і прозьвішча «сьведкі» Марка Нікалаевіча…

У Старобіне мясцовая жыхарка, былая настаўніца, бацька якой згінуў у сібірскіх лягерах пасьля даносу асьведаміцеля «Ігнаценкі», на маё пытаньне, што б яна зрабіла, калі б ведала, хто загубіў бацьку, раптам заплакала бязгучнымі сьлязьмі, а потым, як даўно вырашанае, ціха, але цьвёрда сказала: «Я хацела б, каб ІМ было тое самае, што і людзям, якіх яны прадалі».

Там, у Старобіне, я адшукаў дом, дзе жыў адзін з сакрэтных памочнікаў НКВД. Гаспадар ляжаў на ложку. На мае спробы распытаць пра падзеі 30-х гадоў ён захрыпеў і пачаў паказваць пальцам на сырту.

— Хварэе, — сказала дачка. — Вы б раней прыйшлі, ён добра расказваў пра савецкую ўладу, заўсёды ў прэзыдыюме сядзеў. Ганаровым піянэрам абралі…

Побач з фатакарткамі на сьцяне вісеў чырвоны гальштук і стаяў барабан бяз палачак. Вочы старога глядзелі некуды ўбок, па твары блукала дзікаватая ўсьмешка. Ён пераваліў на дзявяты дзясятак…

1961. Перамога справядлівасьці

Гарбачэўскі сьпісваў старонку за старонкай, асабіста адносіў заявы, тлумачэньні і скаргі ў гаркам, потым у абкам партыі, слаў заказныя лісты ў ЦК. Ён адчуваў, што яго ня чуюць, чамусьці ня хочуць чуць, і гэтая несправядлівасьць балюча крыўдзіла.

У 1927-м, напярэдадні калектывізацыі, дзевятнаццацігадовым сялянскім хлопцам ён пакінуў бацькоўскі падворак і з таго часу верна служыў партыі на самым адказным участку — выкрываў ворагаў партыі. Нічога іншага рабіць ён ня ўмеў, у чым сам прызнаваўся ў скарзе сакратару ЦК КПБ П. Машэраву: «Я праслужыў больш за 25 гадоў, маю інваліднасьць, спэцыяльнасьці ніякай няма, атрымліваю 120 рублёў, сям'я і маці старая, 80 гадоў, чаму ніхто не падумаў аб маім далейшым жыцьці…»

Былы намесьнік наркама пісаў гэты ліст 13 красавіка 1961 году; ў гэты дзень партыі было не да скаргаў сваіх гадаванцаў. Партыя сьвяткавала чарговую сусветна-гістарычную перамогу — палёт Гагарына. Што з таго, што людзі з ночы займалі чэргі па хлеб, туліліся ў зямлянках, паміралі ад недахопу лекаў — партыя ішла да новых перамог, пераступаючы, як звычайна, празь лёсы і жыцьці.

Праўда, так здаралася звычайна з шараговымі камуністамі. Каштоўным кадрам, такім як Гарбачэўскі, шанцавала. Пасьля пасады намесьніка Цанавы, якую ён заняў адразу пасьля вызваленьня Беларусі ад немцаў, быў паступовы спуск зь небясьпечнай намэнклятурнай вышыні — зноў мацаваў дзяржаўную бясьпеку ў Пінску, потым у Віцебску, затым у Бабруйску. Партыі патрэбныя былі ягоны досьвед, ягоныя здольнасьці, ягонае пачуцьцё сацыялістычнай законнасьці. «З 1929 году я ў партыі і за гэты час партыйных спагнаньняў ня меў», — выводзіў ён пяром у блякноце бясспрэчны доказ сваёй ляяльнасьці й адданасьці.

Праўда, пад час працы ў Віцебску яму запісалі ў асабістую справу «вымову з апошнім папярэджаньнем». Ён арыштаваў нейкага Азарэнку і дамогся ад яго, як гаварылася ў даведцы, «выдуманых сьведчаньняў». Але ж у тым раёне быў масавы падзёж сьвіней і трэба было праявіць рашучасьць, у абкаме чакалі хуткіх вынікаў, і ён іх даў. Гэтаксама ён ня мог пагадзіцца зь яшчэ адным запісам у сваёй асабістай справе: «неабгрунтавана арыштаваў грамадзянку Глушанкову Н. Л., паводле выдуманых сьведчаньняў якой пасьля была арыштаваная яе сястра Глушанкова В. Л.» Па-першае, ня памятаў ён тых сясьцёр, ці мала каго арыштавалі, па-другое, іх паказаньні былі запісаныя і падпісаныя, так што ўсё законна. Ды хіба ўсё растлумачыш на паперы!.. Ён хадзіў на гутаркі, дамагаўся прыёму ў першага сакрартара, але той не прымаў…

Гарбачэўскі меў бясплатную кватэру, вялікую пэнсію — калгаснікі столькі не зараблялі за паўгода працы без выхадных, колькі палкоўнік запасу атрымліваў за месяц. Але хацелася большага: адчування маральнай праваты, звыклага пачуцьця ўпэўненасьці й далучанасці да асаблівага закрытага кола, якое называлі партыяй.

Аднак пасьля XX зьезду КПСС у партыйныя органы прыйшло шмат новых людзей, якія верылі ў намер партыі ачысціцца ад злачынстваў «культу асобы» і спадзяваліся на перамены да лепшага. Гэта аб'ектыўна супадала з інтарэсамі вышэйшай партнамэнклятуры, якая хацела застрахаваць сябе ад паўтарэння крывавых чыстак.

Члены парткамісіі пры Берасьцейскім гаркаме Убарэвіч і Куракевіч праверку справы палкоўніка НКВД закончылі высновай: «Са свайго боку лічым, што за ўсе зьдзейсьненыя злачынствы перад народам і партыяй Гарбачэўскі ня можа надалей заставацца ў шэрагах КПСС». Берасьцейскі абкам нават пастанавіў хадайнічаць перад Вярхоўным Саветам СССР аб пазбаўленьні палкоўніка дзяржаўных узнагародаў.

Акцыя посьпеху ня мела — адстаўнік па-ранейшаму мог з гонарам апранаць кіцель, густа абвешаны ордэнамі і мэдалямі за адданую службу.

У траўні 1961 году парткамісія пры ЦК КПБ пацьвердзіла выключэнне Гарбачэўскага з партыі. Ён зьвярнуўся ў вышэйшую інстанцыю — бюро ЦК і З ліпеня прыехаў у Менск, каб даведацца, ці задаволеная ягоная апэляцыя. Расьпіска ў азнаямленьні з пастановай бюро — апошні дакумэнт, які захоўваюць архівы ў справе члена партыі з 1929 году. Яму адмовілі.

Гарбачэўскі мог апэляваць далей да зьезду партыі, але безь вялікіх шанцаў вярнуць членскі білет — занадта сьвежыя былі выкрыцці, зробленыя Хрушчовым, ды і самога першага сакратара пакуль яшчэ ня скінулі таварышы па партыі. Пазьней, у 70–80-я тое сталася магчымым — аднавілі ж у партыі аднаго з бліжэйшых сталінскіх падручных, чый подпіс стаяў на дзясятках расстрэльных сьпісаў — Молатава. Але Гарбачэўскі да ціхай рэанімацыі сталінізму не дажыў. Ён памёр сваёй сьмерцю і пахаваны пад прыстойным помнікам, які нічым не адрозьніваецца ад іншых падобных знакаў памяці і шанаваньня. Да канца дзён ён лічыў сябе незаслужана пакрыўджаным — верна служыў партыі, выконваў усе яе пісаныя і непісаныя законы, а партыя здрадзіла яму, адхрысцілася ад сваёй палітыкі і ўсклала віну за злачынствы выключна на тых, хто ажыццяўляў партыйную лінію на практыцы. У апошняй сваёй пісьмовай заяве, на бланку расьпіскі ЦК, былы супрацоўнік НКВД цвёрда вывеў: «З рашэньнем ня згодны, бо фальсіфікацыі не было і гэта ня праўда».

Абсалютная большасць арыштаваных, якія прайшлі праз рукі Макара Гарбачэўскага, ляжаць з прастрэленымі патыліцамі ў магілах НКВД пад Слуцкам, Менскам, Магілёвам, у безыменых ямах Сібіры і Поўначы. За дзясяткі зьнішчаных лёсаў, закатаваных, расстраляных людзей Макар Давыдавіч Гарбачэўскі расплаціўся кардоннай кніжачкай у барвова-чырвонай вокладцы, так падобнай колерам на знаёмы яму колер крыві.

Справядлівасьць перамагла.

2. ПРЫРОДНЫЯ БАЛЬШАВІКІ

Лісты на «волю»

Адбылося так, як і павінна было адбыцца ў Савецкай краіне — ён ні ў чым не вінаваты і зноў на волі. Памылка выпраўленая. Перажытае хацелася забыць як дурны сон. Аднак ішлі дні, тыдні, і чамусьці нічога не забывалася, наадварот, у памяці ўставалі імёны і прозьвішчы, пабачанае і пачутае не давала спаць. Трэба напісаць, расказаць пра тое, што робіцца — але каму? Чарвякова даўно пахавалі, Галадзеда таксама няма, усё кіраўніцтва рэспублікі памянялася, новыя твары нічога не гаварылі… Можа, Надзеі Трэкавай, чыё прозьвішча нядаўна стала зьяўляцца на першых старонках газэт?

Ёй толькі дваццаць восем гадоў, былая швачка, і ўжо — сакратар ЦК і адначасна старшыня Вярхоўнага Савету БССР. Усё ж такі жанчына, здаецца, першая на такой пасадзе… Яна толькі што заняла кабінэт свайго папярэдніка, ворага народа, арыштаванага і расстралянага, і хутчэй за ўсё ня ведае, што адбываецца. Так, пісаць варта ёй — жанчына ня можа не зразумець чужой бяды. Узяць хоць бы выпадак з Марыяй Рабкоўскай — яе выпусьцілі пасьля году сьледзтва, але ў кватэры жылі чужыя людзі, рэчаў не было, невядома куды зьнік адзіны сын, сухоты ірвалі грудзі…

Вырашана, — Грэкавай. Ён абмакнуў пяро, падсунуў аркуш і вывеў зьверху імя і пасаду адрасата. Пра сваю справу ён ня будзе пісаць ні слова, імя і адрас пазначаць ня стане — хто яго ведае, як яно можа павярнуцца. Такога давялося пабачыць, што…

У сэктары рэгістрацыі пошты ЦК КП(б)Б ананімны ліст зарэгістравалі ў апошні дзень 1938 году, 31 сьнежня. На вуліцах ляжаў сьнег, у дамах стаялі упрыгожаныя ёлкі, да сьвяткаваньня чарговага году камуністычных перамогаў рыхтаваліся савецкія людзі. Навагодняе пасланьне ў ЦК пачыналася зусім не па-навагодняму:

«Я, як савецкі грамадзянін, лічу сваім абавязкам паведаміць Вам аб пабачаным і пачутым у Менскай турме НКВД. Каб ня быць галаслоўным і каб гэтая заява не насіла характар плёткі, я буду пазначаць прозьвішчы асобаў пацярпелых, пра якіх мне вядома».

Далей — толькі факты:

«Такушэвіч Канстанцін Мікалаевіч, білі на допытах і катавалі, яму пад пазногці запускалі галкі, зрывалі пазногці, пры катаваньні атрымаў больш чым 50 ранаў, 49 дзён ляжаў у шпіталі, пасьля катаваньняў рабілі апэрацыю на плячы. Заявіў сьледчаму, што піша хлусьню, на што сьледчы яму сказаў: «пішы, мне ўсё роўна».

Кіберніка на допытах білі. Ён сказаў сьледчаму: «Як вы мяне абвінавачваеце ў шпіянажы, я ж быў партызан». На гэта сьледчы яму сказаў: «Ах ты польская морда, а хто цябе клікаў у партызаны!»

Яноўскі Уладзімір Іванавіч. Білі і дапытвалі безупынна на працягу 15 сутак. Яго прымусілі ўцягнуць шмат нявінных людзей. Каб выклікаць пракурора, ён мусіў абвясьціць галадоўку.

Раўноўскі Мірон Максімавіч. Апраналі ўтаймавальную кашулю і супрацьгаз і білі, садзілі на робрышка крэсла, у задні праход устаўлялі ножку крэсла. Сьледчы прапаноўваў яму пісаць пра які-небудзь шпіянаж на выбар, альбо польскі, альбо японскі.

Лаймана Карла Іванавіча на допытах білі, прымушалі пісаць хлусьню. Каб выклікаць пракурора, мусіў абвясьціць галадоўку. Галадаў шэсьць дзён, але пракурора не дамогся.

Разумоўская Ганна Аронаўна — пры допытах лаялі «жыдоўская морда».

Разанава Люся. Катавалі, садзілі на так званае фашыстоўскае крэсла, гэта такое крэсла спецыяльнае, на якім чалавек трымаецца на згібах каленаў, а ўсё тулава вісіць уніз галавой. Білі, пакуль не пайшла горлам кроў. Такіх прыкладаў можна прывесьці тысячы».

Ён забыўся паставіць кропку пасьля апошняга сказу. Падобных прыкладаў можна прывесьці тысячы… Ды хто будзе чытаць пра тысячы. У яго толькі чатыры аркушы з вучнёўскага сшытку па арыфмэтыцы. Папера рыхлая і сталёвае пяро часам ірве яе, але почырк у яго разборлівы, павінны разабраць:

«Паводле расказаў вязьняў спецыяльнага корпусу, там іх прыходзілі біць у камэру, прычым прымушалі адных арыштаваных біць іншых. Прымушалі ўсю камэру аправіцца на парашу, а аднаго накрывалі коўдрай над парашай і прымушалі дыхаць на працягу некалькіх гадзінаў.

Седзячы ў камэры, мы ня раз чулі крык сьледчага: «Рукі па швах, прыступай да справы!» і пачыналася жудаснае зьбіваньне. Мы налічылі 70 удараў, жахліва было паверыць, што гэта перажывае жывы чалавек. Для зьбіваньня ўжывалі гумовыя шлангі, жгут, спэцыяльна зьвіты з электрадроту, кіі. Для катаваньняў былі стадыяльныя зэдлікі з колам, на якія садзілі людзей і разрывалі прамежнасьці паміж заднім праходам і палавым органам. Мужчын білі па палавых органах. Палілі цела папяросай, запалкамі і сьвечкай. Было электрычнае крэсла, на якое садзілі людзей».

Ён зрабіў паўзу, але забыўся на пяро, і на паперы вырасла чарнільная пляма. Так, у менскай турме цьвёрда сьледавалі запавету Леніна пра тое, што сапраўдным камуністам немагчыма стаць, не засвоіўшы ўсяго багацьця чалавечых ведаў. Тут засвоілі — ад сярэднявечнага саджаньня на кол да апошняга дасягненьня цывілізацыі — электрычнага крэсла. Няхай Грэкава ўведае ўсё пра «перадавыя» прыёмы працы камуністаў з НКВД:

«Білі «брыгадным спосабам», калі на аднаго арыштаванага налятала брыгада з 8–6 чалавек, зьбівалі да непрытомнасьці, выцягвалі ў калідор, аблівалі вадой і зноў пачыналі біць. Былі выпадкі, калі на допытах забівалі. Усяго не напісаць…»

Так, усяго не напісаць. Ён ня стаў прыводзіць іншыя прыклады і не пакінуў свайго імя. Выйшаў на засьнежаную менскую вуліцу, пайшоў на прыпынак, прыехаў у цэнтар, каб там апусьціць ліст у паштовую скрынку — і зьнік, зьліўся зь безыменнай масай былых і будучых ахвяраў.

У ЦК да ананімных лістоў ставіліся ўважліва, крытыка і самакрытыка заахвочваліся. Але гэты быў яўным паклёпам на органы і не заслугоўваў сур'ёзнай увагі. Да Надзеі Трэкавай ліст патрапіў ужо ў новым, 1939 годзе, і ад яе без усякай рэзалюцыі быў адпраўлены ў архіў, дзе і праляжаў больш за паўстаюдзьдзя, пакуль яго не прачыталі зноў…

Праўда, ня ўсе скаргі пад Новы год былі ананімныя. Некаторыя падпісваліся, як былы каваль, чырвонаармеец, міліцыянэр Райхліновіч, колішні вязень Менскай турмы НКВД.

«У лістападзе 1937 году мяне прывялі а 1-й гадзіне ночы на допыт і пачалася расправа. Я быў зьвязаны ва ўтаймавальнай кашулі і зьбіты да страты прытомнасьці. У сьнежні нада мной зрабілі інсцэніроўку абразання. А 2-й гадзіне ночы пры допыце мне прапанавалі спусьціць нагавіцы, каб зрабіць абразаньне. Я не пагадзіўся, але пасьля жорсткага зьбіваньня спусьціў нагавіцы і адзін са сьледчых выняў нож і прымусіў, каб я палавы орган паклаў на табурэтку, але я гэтага не зрабіў і тады яны схапілі мяне за палавы орган і пачапалі цягаць па пакоі да страты прытомнасьці».

Як вынікала зь ліста Райхліновіча, ня ўсе савецкія людзі сустракалі Новы год разам зь сябрамі і сваякамі — некаторыя працавалі, працягвалі будаваць камунізм. Аўтар ліста прыводзіць дэталі гэтага будаўніцтва:

«На наступны допыт на Новы год, г. зн. 1 студзеня 1938 году мяне выклікалі на допыт таксама роўна а 2-й ночы, прымусілі стаяць на зважай і адзін зь іх стаў на зэдлік і пачаў мачыцца мне ў вуха. У гэтым жа месяцы таксама а 1-й гадзіне ночы пры 30-градусным марозе пры знарок адчыненых вокнах і дзьвярах мяне распранулі да адной кашулі, налілі за каўнер 2 графіны вады і прымусілі сядзець да 2 гадзінаў раніцы. На мне абсалютна ўся вопратка зьмерзла, я зьмерз да страты прытомнасьці. Дадам, што сьледчы Высоцкі, які мяне зьбіваў і зьдзекваўся нада мною, прымушаў мяне стаяць на зважай, трымаць тоўстую кнігу эвангельля, хрысціцца і маліцца. Гэта працягвалася 6 месяцаў…»

Райхліновіча асудзілі на тры гады лагераў, празь сем месяцаў пасьля многіх скаргаў справу перагледзелі і яго вызвалілі — інвалідам, без кватэры, без сродкаў на жыцьцё. У адрозьненьне ад незьлічоных іншых ахвяраў, ён змог напісаць і паслаць сваю скаргу, яна была акуратна падшытая і праляжала ў партархівах больш за паўстагодзьдзя.

А вось паведамленьне з турмы НКВД ў прамысловым раёне Гомеля было напісанае на бланку абкаму партыі і таму, мабыць, было прачытанае ў ЦК. Тым больш, што праверка скаргі зьняволенага Цімохава праводзілася на даручэньне самога ЦК. Сакратар абкаму Жыжанкоў дакладаў: «Пра факты фізычнага альбо маральнага насільля над зьняволенымі з боку работнікаў турмы мною, шляхам абыходу камораў, было зроблена апытаньне зьняволеных, якія заявілі, што ніякіх скаргаў на дрэннае абыходжанне ня маюць. Ліст Цімохава па сутнасьці зьяўляецца ілжывым».

Аднак пасьля гэтага Жыжанкоў паведамляе пра некаторыя іншыя факты турэмнага жыцьця ў Гомелі:

«1. У каморах назіраецца неймаверная скучанасьць. Так, у жаночай каморы памерам 12 кв. мэтраў знаходзіцца 10 чалавек; мужчынская камора памерам 80–100 кв. мэтраў, утрымліваецца 114 чалавек, нары ў два ярусы. Ва ўсёй астатняй турме адсутнічаюць ложкі, зьняволеныя месьцяцца на падлозе на рэчах.

2. Адсутнічаюць лыжкі (на дзесяць чалавек адна лыжка), зусім няма кубкаў.

З. Прагулкі замест 1 гадзіны даюцца на 10 хвілінаў, разам з часам выхаду з камары і вяртання».

Зьвярнуўся ў партыйныя органы і былы начальнік Магілёўскай турмы НКВД Кісялёў, які прыводзіў дэталі рэжыму ў падначаленай яму ўстанове. Там кіраўніцтва НКВД патрабавала «даваць арыштаваным рэдкі суп і падсыпаць туды болей солі і, апроч таго, у камору, разьлічаную на 5 чалавек, сажаць 25–30, матывуючы тым, што арыштаваныя ў нас адчуваюць сябе, як у доме адпачынку, атрымліваюць добры густы і тлусты суп і сядзяць вольна, і таму сьведчаньняў ад іх ніколі не даб'есься, а пасадзіць іх чалавек 30 у камару, даць суп перасолены, а потым на допыце ня даць вады, вось тут яны будуць прызнавацца…»

І прызнаваліся — у тым ліку й тыя, каму турэмнае жыцьцё арыштаваных здавалася домам адпачынку. Дакладна невядомы лёс былых сьледчых у справе Райхліновіча, былых начальнікаў турмаў НКВД у Магілёве ды Гомелі. Дакладна вядомы лёс адрасата лістоў зь Менскай турмы НКВД Надзеі Трэкавай. Яна не адказвала на падобныя допісы і каля васьмі гадоў займала пасаду старшыні Вярхоўнага Савету БССР, была сакратаром абкаму партыі ў Расеі, да пэнсіі знаходзілася на высокай кіраўнічай рабоце ў Маскве. Яе імя ёсьць і, відаць, будзе ва ўсіх энцыкляпэдыях і даведніках па гісторыі Беларусі. Гэта будзе няпоўная гісторыя безь лістоў з турмаў НКВД БССР. Праўда, і адрас, на які пісалі свае скаргі арыштаваныя, воляй ніяк не назавеш…

Баліць чэкісцкае сэрца

— Празьмерная стомленасць, болі ў раёне сэрца, — запісвалі лекары паказаньні чарговага пацыента. Той расказваў, што апошнія пяць гадоў рэгулярна прымае душ Шарко, а таксама цыркулятарны, вэерны, дажджавы, сасновыя ванны, але ўсё роўна адчувае перастому. — Трэба берагчы сябе, таварыш наркам, Вы патрэбныя партыі. Вось выпішам рэцэпт, адпачніце, а потым зноў, калі ласка, да нас на абсьледаваньне.

Барыс Давыдавіч Берман, а такое было імя пацыента, які наведаў паліклініку санітарнага аддзелу НКВД 13 сьнежня 1937 году, больш да лекараў не прыйшоў: праз тыдзень, да 20-й гадавіны ЧК, таркам атрымаў ордэн Леніна за ўдарнае выкрыцьцё ворагаў народу ў Беларусі, а потым быў адкліканы ў Маскву, дзе ад перастомы і боляў у сэрцы лячылі куляй у патыліцу.

Але радыкальныя меры дарэчы толькі ў канцы. Абвастрэнне клясавае барацьбы вымагала мець на службе мноства здаровых двухногіх істотаў бязь пер'я — так адзін старажытны філёзаф вызначаў чалавека. І хоць партыя не зважала на чысьціню іх рук і тэмпэратуру сэрца, на чым настойваў некалі рамантычны кат-заснавальнік ЧК, пра страўнік, стан зубоў і мачапалавой сыстэмы сваіх супрацоўнікаў НКВД клапаціўся. Многія ворагі працягвалі шкодніцтва і пасьля арышту: не падпісвалі паказанняў, не прызнаваліся ў шпіянажы, не называлі саўдзельнікаў. Даводзілася працаваць дзень і ноч, каб выконваць нормы выкрыцьця ворагаў, і гэта вымагала здароўя.

За працай унутраных органаў работнікаў унутраных справаў пільна сачылі ў санітарным аддзеле адміністрацыйна-гаспадарчае ўправы НКВД. На кожнага супрацоўніка быў заведзены санжурнал, у якім падрабязна фіксавалі ўмовы службы і быту: колькі гадзін у суткі працуе, колькі разоў у дзень есьць, ці хапае ежы, ці гарачая яна, колькі сьпіць і ці глыбокі сон. На працягу верасьня 1937-га ў санчастцы НКВД БССР такім чынам абследавалі восемдзесят чатыры пацыенты, зь іх трыццаць — навабранцаў.

Большая частка папаўненьня, 22 чалавекі, ішла служыць у НКВД з арміі. Гэта былі камсамольцы, сярэдні ўзрост на момант паступленьня ў НКВД — 23 гады. Да арміі займаліся хто чым: Уладзімір Іваноў быў калгаснікам, Аляксей Папутчык вучыў дзяцей у школе, Іван Сакалоў сталярнічаў, Васіль Ісакаў слясарыў, Піліп Каралёў падбіваў балансы ў бухгальтэрыі, Леанід Альтшулер займаўся статыстыкай, Кузьма Васіленка здабываў торф… Таксама паступалі ў НКВД цывільныя асобы зь ліку тых, хто, відаць, раней дапамагаў органам на аматарскіх пачатках: журналіст Іосіф Сакалоўскі, студэнты Георгі Бібікаў, Сава Фёдарцаў, Сяргей Якавіцкі, Барыс Хвашчынскі. У ліку будучых опэрработнікаў праходзілі абсьледаваньне піянэрважатая менскай школы нумар 21 дзевятнаццацігадовая Ліза Даліжа і васямнаццацігадовы Мікалай Сяргеенка.

Ва ўсіх навабранцаў аказаўся ідэальны ўзровень ацэтону ў мачы і гемаглабіну ў крыві, востры слых і зрок, моцнае сэрца і выдатныя рэфлексы. Камісія прызнала ўсіх трыццацёх асобаў вартымі папоўніць шэрагі катаў.

Наперадзе іх чакала неблагая кар'ера: берыеўскую чыстку органаў 1938–39-га бальшыня зь іх, хутчэй за ўсё, праскочыла, бо зусім нядаўна пачала служыць. Пры Хрушчове ўсё сьпісалі на Сталіна і Берыю, а непасрэдных выканаўцаў амаль не зачапілі. Яны запоўнілі кадравыя вакансіі, якія адкрыліся пасьля выбарачнай выразкі яжоўскай пляяды катаў, і працягнулі іхную справу. Праўда, з мэдычнага пункту гледжаньня іх будучыня выглядала ня так бясхмарна, калі меркаваць паводле стану здароўя старэйшага пакаленьня катаў.

А ў тых са здароўем было няважна. Начальнік турмы ў Магілёве Іван Карнеевіч Петрусенка 1898 году нараджэньня ўзяў у рукі чэкісцкі маўзэр у 1921 годзе. У выніку ў 1937-м, як адзначыла мэдкамісія, меў «лёгкі трэмар пальцаў рук, чэрапнамазгавую інэрвацыю, пры хваляваньні — ваніты». На тры гады маладзейшы за яго Іосіф Аляксандравіч Жыдкоў не займаў кіраўнічых пасадаў у НКВД: усе дзевяць з паловай гадоў быў байцом, проста націскаў на курок. Але ўвосені 37-га мэдкамісія зафіксавала ў яго пастаянныя болі ў сэрцы, нясцерпны галаўны боль і чэрапна-мазгавую інэрвацыю. Калі начальніка турмы камісія прызнала «абмежавана прыдатным» да службы, дык насупраць прозьвішча байца стаіць вэрдыкт — «непрыдатны».

Здароўем не маглі пахваліцца нават тэхнічныя работнікі. У сакратара-машыністкі Кацярыны Навіцкай прыступы сьмеху перамяжаліся з прыпадкамі сьлёз, пасьля друкавання пратаколаў допытаў і пастановаў яна дрэнна спала; яе калега Лілія Быкоўская таксама пакутавала на нэўрастэнію.

Апошні дыягназ самы распаўсюджаны. За чатыры гады апэратыўнай працы ў органах нэўрастэнікам стаў 26-гадовы Сямён Бягун, 35-гадовы Аляксандар Жураўлёў меў такі ж дыягназ пасьля сямі гадоў службы, 37-гадовы Сямён Барысаў — пасьля адзінаццаці. Памочнік опэрупаўнаважанага Гомельскага гараддзелу 33-гадовы Дамінік Віткоўскі празь няпоўныя сем гадоў вядзення допытаў пачаў заікацца, 32-гадовы Аляксандар Драздоў за дванаццаць гадоў класавай барацьбы зарабіў нэўрастэнію другой ступені, а ягоны аднагодак Іван Колас пасьля васьмі гадоў змагання ўвогуле мусіў звольніцца з НКВД: нэрвовыя прыпадкі, эпілепсія — ворагі народу давялі…

Хіба думаў мянчук Яўсей Іасілевіч, калі ў 1926 годзе зьмяніў брытву цырульніка на карны меч партыі, што за гераічную пасаду дзяжурнага камэнданта НКВД БССР давядзецца заплаціць «галаўным болем, неспакойным сном, расстройствам харчавання, вяласьцю страўніка, палавой слабасцю, панурасцю настрою, зьніжанай працаздольнасцю» ды іншымі сімптомамі нэўрастэніі?

На гэтым фоне амаль экзотыкай выглядае дыягназ «агульнае атлусценне», ад якога пакутаваў начальнік 8 аддзялення 3 аддзелу НКВД 40-гадовы Аляксандар Васільеў.

Зрэшты, прычына гэтай хваробы таксама ў нэрвовай 17-гадовай чэкісцкай службе пацыента.

Самае дзіўнае, што якраз на нэўрастэнію — прафэсійнае захворваньне чэкістаў — супрацоўнікі НКВД увогуле ня мусілі былі пакутаваць. Так вынікае зь Вялікай Савецкай Энцыкляпэдыі, аўтар якой у тым самым 1937 годзе бачыў прычыны гэтага захворваньня ў «напружанай барацьбе за існаваньне» пры капіталізьме. Спрыяльнымі для нэўрастэніі лічыліся «ўмовы капіталістычнай вытворчасьці, зьвязаныя з аднастайнасцю працоўных працэсаў, адсутнасцю цікавасьці да працы, заўсёднай пагрозай беспрацоўя». Беспрацоўе пры будаўніцтве камунізму катам не пагражала, а вось працоўныя працэсы сапраўды былі аднастайныя: паставіў ворага на канвэер і бі, бі, бі…

Найлепшая прафіляктыка нэўрастэніі — сацыялістычная рэвалюцыя. Энцыкляпэдыя сьцьвярджала: «Зьнішчэньне беспрацоўя, правільнае рэгуляваньне працы і адпачынку, поўнае зьнішчэньне эмоцыяў адмоўнага характару, зьвязаных з працай на капіталістычным прадпрыемстве, і замена іх эмоцыямі станоўчымі на сацыялістычных прадпрыемствах, «Праца — справа гонару, годнасьці, справа доблесьці і геройства», пашырэньне фізкультуры і здаровых забаваў замест традыцыйных у капіталістычных краінах алкагольных эксцэсаў — вось аснова прафіляктыкі нэўрастэніі».

Калі ўсё ж занаходзіліся асобы, якія і пры сацыялізьме гублялі цікавасьць да працы ці няправільна рэгулявалі справу геройства і справу адпачынку, энцыкляпэдыя раіла «выдаленьне ад звычайных умоваў — лепш за ўсё ў дамы адпачынку, санаторыі, псыханэўралягічныя здраўніцы». У 1937 годзе санаторыяў для чэкістаў яшчэ не хапала: толькі двойчы на ўвесь санжурнал сустракаюцца адзнакі аб адпачынку ў Кіславодзку і на паўднёвым беразе Крыму.

Потым сытуацыя значна палепшылася: КГБ займеў шырокую сетку лячэбніцаў на лепшых курортах. Памятаю, годзе ў 84-м я аднойчы заблукаў на крымскім беразе і раптам пабачыў фунікулёр на тэрыторыі нейкага санаторыя.

Вароты якраз былі адчыненыя — я праскочыў за машынай, падыйшоў да кабінкі і прапанаваў апэратару рубель за дастаўку ўніз. Ён спалохана адмовіўся і паклікаў сваю начальніцу. Тая запатрабавала дакумэнты. Рэдакцыйнае пасьведчаньне «Звязды» на беларускай мове паставіла яе спачатку ў тупік, але затым яна шырока ўсьміхнулася і сказала: «А, «Звёздочка», это же наша газета!» — яўна маючы на ўвазе ваенную «Красную звезду».

Мяне даставілі на фантастычна малалюдны пляж, падзелены бэтоннымі плітамі на адрэзкі мэтраў 50–70. Выбраўшы месца, я пачаў распранацца, калі раптам ад сьцяны аддзялілася нешта бэтонападобнае і зноў запатрабавала дакумэнты. Потым ахоўнік махнуў рукой на адгароджаны ўчастак пляжу крыху далей: «Тут для начальнікаў управаў камітэту, а там для намесьнікаў, прайдзіце». Падзел мора паводле званьняў і пасадаў — несумненнае дасягненне чэкісцкай мэдыцыны, якое ў энцыкляпэдыі чамусьці ня трапіла.

Аднак у пэрыяд абвастрэння клясавае барацьбы санаторыяў для шараговых чэкістаў не хапала, а напружаньне пасьля допытаў і расстрэлаў трэба было здымаць. Як расслабляюцца супрацоўнікі, у НКВД ведалі, і таму ў мэдычную карту была ўведзеная графа «спажыванне алькаголю». Распрацоўшчыкі анкеты ўлічвалі спэцыфіку свайго кантынгенту і прапаноўвалі верагодныя адказы на гэтае пытанне: «запойнае п'янства, звыклае п'янства, напіваецца час ад часу, п'е памяркоўна, піў раней», і апошняя вэрсія адказу — «ня п'е».

Усе апытаныя ў графе «спажыванне алькаголю» сьціпла прызнаваліся, што п'юць выключна піва. Гэтак заўсёды адказваў і былы сьлесар Міхаіл Бычкоў, чэкіст з 1921 году. Увосені 1937-га мэдкамісія знайшла ў адказнага дзяжурнага па наркамату хранічны алкагалізм на фоне цяжкай нэўрастэніі. Вывад — да службы непрыдатны, тым болей што дзяжурны страціў усю адказнасць і перастаў зьяўляцца на працу. А вось Леў Тамарчанка, хоць і здымаў стрэс, як высветліла камісія, з дапамогай опіўму, змог працягнуць апэратыўную работу.

Пасьля мэдагляду змаглі вярнуцца да сваіх месцаў на чэкісцкім канвэеры былы кацельшчык Барыс Лапцёнак, шафёр у мінулым Валяр'ян Корсак, колішні памочнік машыніста Мікалай Васілеўскі, шавец Сяргей Дудзейка, а таксама былыя электразваршчык Мікалай Чатанаў, чыгуначнік Рыгор Маўчан, дарожны майстар Сяргей Зотаў і мноства іншых, на чыё рабоча-сялянскае здароўе пакуль аніяк не паўплывала спэцыфіка заняткаў.

Двухногія істоты бязь пер'я ў стане выконваць любую работу, на якую пашле партыя: у газавых каморах і кабінэтах следчых, у канцлягерах і на будоўлях. А што сэрца часам баліць — дык ворагі вінаватыя…

Пераможцы сацспаборніцтва

Супрацоўнікі КГБ любілі паўтараць: мы таксама пацярпелі ад таталітарызму, 20 тысяч чэкістаў загінулі пад час рэпрэсіяў. Сапраўды, у 1938 годзе пачалася чарговая ўнутрыпартыйная бітва павукоў у слоіку і з ласкі Сталіна берыеўцы пачалі грызьці яжоўцаў. Прычым з гэтай спэцкатэгорыяй арыштаваных следчым нічога ня трэба было выдумляць — верныя салдаты партыі былі па калені ў крыві, як і сама партыя.

Вось гісторыя былога начальніка Слуцкага гарадзкога аддзелу НКВД Тараканава, які зьяўляўся кіраўніком міжраённай сьледчай групы і ўзначальваў пошук ворагаў народа і контррэвалюцыянэраў у раёнах Слуцкай акругі, у тым ліку і Старобінскім. Пасьля арышту паказаньні аб мэтадах кіраўніцтва Тараканава давалі ягоныя падначаленыя.

Памочнік опэрупаўнаважанага Слуцкага НКВД Шэвелеў пісаў:

«Пры допыце арыштаваных я, як і іншыя сьледчыя, прымяняў наступныя фізычныя ўзьдзеяньні: доўгая стаянка, канвэер і прысяданні. Тараканаў асабіста паказваў мне прыклад, як дапытваць, каб хутчэй прызнаваліся арыштаваныя. Я добра памятаю, як Тараканаў зайшоў да мяне, калі я дапытваў арыштаваную Сьцешыну. Калі я даклаў, што яна не прызнаецца, Тараканаў пачаў крычаць на яе, схапіў абедзьвюма рукамі за плечы і моцна пачаў трэсьці, і стаў стукаць сьпінай аб сьценку печы. Тараканаў сказаў мне болей яе ганяць і меней міндальнічаць».

У даведцы аб праверцы працы Слуцкай міжраённай сьледчай групы, складзенай у кастрычніку 1938 году, далей расшыфроўваецца гэтае «міндальнічанне». «Да арыштаваных ужываліся меры фізычнага ўзьдзеяньня, зьбіваньне арыштаваных рукамі, бутэлькай, пасадка на вугал і ножку перавернутага крэсла, скіданьне арыштаваных на падлогу, абліванне халоднай вадой і г.д.»

Опэрупаўнаважаны Шэвелеў расказаў на судзе пра яшчэ адну з асаблівасцяў рэжыму НКВД у Слуцку: «Прыкладна ў ліпені 1938-га ў мэтах найхутчэйшага выкрыцьця арыштаваных Тараканаў стварыў камэры ў КПЗ і турме. Іх рэжымнасьць палягала на тым, што замест 4–5 чалавек у камэры набівалі па 25–30 чалавек, арыштаваныя толькі стаялі.

З камораў выносілі людзей непрытомнымі. Мне асабіста давялося адкрываць рот срэбнай лыжкай арыштаванаму Далматовічу і абліваць яго вадой, каб ачуняў. У непрытомнасці з камэры вынеслі чалавекі тры-чатыры».

Падрабязнасьці рэжыму ў каморах прывёў у сваіх паказаньнях і начальнік Слуцкай турмы Крэмераў: «У каморах адсутнічалі ложкі, зьняволеных было столькі, што ім даводзілася стаяць, бо месца класціся і сядзець не было, было надзвычай душна, вельмі шмат у каго апухалі ногі». На пытаньне, колькі часу мог зьняволены вытрымаць у рэжымнай камары, начальнік турмы Крэмераў адказаў: «Я ведаю адно, што як толькі зьняволены пабудзе дні два-тры ў рэжымнай камары, дык ён ужо просіцца на допыт даваць паказанні».

Прызнанні свайго калегі дапоўніў яшчэ адзін сьледчы Слуцкага НКВД Машэнец: «На апэратыўных нарадах Тараканаў прызначаў на кожнага супрацоўніка цьвёрдыя нормы выкрыцьця трох-чатырох арыштаваных у суткі. Пасадка на вугал крэсла, допыт стоячы і фізычнае зьбіваньне ўжываліся масава ўсімі намі, сьледчымі, іначай і быць не магло, бо прызначаную норму — тры-чатыры выкрыцьці ў суткі — немагчыма выканаць пры звычайным допыце. Сьледчыя, дапытваючы такімі мэтадамі, давалі ад аднаго да трох выкрыцьцёў і былі асобныя выпадкі, калі дабіваліся па тры-чатыры выкрыцьці ў суткі, напрыклад, Шэвелеў, Лучко, Сталяроў, я і Каралёў. Былі выпадкі, калі сьледчы Пазьнякоў і яшчэ адзін сьледчы зь Менску, прозьвішча ня памятаю, давалі па пяць выпадкаў выкрыцьця ў суткі…»

Яшчэ адзін памочнік опэрупаўнаважанага Слуцкага НКВД Галубкін на допыце засведчыў: «Мой непасрэдны кіраўнік Гласкоў заявіў, што арыштаваныя нашага раёну ўсе ідуць на расстрэл і што мы спаборнічаем з Глускім райаддзелам НКВД і мы ідзем наперадзе». Галубкін дадае яшчы адзін штрых у мэтады, якімі слуцкія чэкісты перамагалі ў гэтым д'ябальскім спаборніцтве:

«Я дапытаў арыштаванага Бялькевіча Мяфодзія Малфеевіча, узяў пратакол допыту і прынёс Гласкову. Ён прачытаў і спытаў: «А дзе шпіянаж?» Апроч таго, Бялькевіч на адно маё пытаньне назваў сваіх знаёмых. Гласкоў мне сказаў, што гэта, безумоўна, контррэвалюцыйная група, трэба будзе болей папрацаваць над зьняволеным. Я працягнуў допыт, прычым прымяняў меры фізычнага ўзьдзеяньня над Бялькевічам у выглядзе таго, што садзіў на вугал крэсла, пасьля чаго Бялькевіч прызнаўся, што зьяўляецца шпіёнам. Пратакол допыту я прынёс і аддаў Гласкову, які ў парадку карэкціроўкі перарабіў увесь пратакол, дзе названыя Бялькевічам знаёмыя сталі шпіёнамі… Я гэты пратакол даў на подпіс арыштаванаму, які падпісаў яго адразу, нічога ня кажучы».

Гуманіст з НКВД Шэвелеў, які не пашкадаваў срэбнай лыжкі, каб адкрыць сьціснуты сутаргай рот арыштаванага, таксама мусіў сьціпла прызнацца ў сваіх стаханаўскіх мэтадах, усклаўшы віну на кіраўніцтва: «Я бачыў, што Тараканаў ніякіх мераў супраць фізычнага ўзьдзеяньня пры допытах не прымае, таму таксама пачаў ужываць розныя мэтады фізычнага ўзьдзеяньня, а менавіта: дапытваў стоячы, садзіў на вугал крэсла з выцягнутай нагой і часткова выбіваў з-пад арыштаванага крэсла».

«Часткова выбіваў крэсла…» — колькі за гэтым красамоўным выразам адчуваецца жаху самога Шэвелева, спробы падаць сябе толькі выканаўцам загадаў, які да таго ж толькі «часткова» катаваў…

Лёс тых зьняволеных, хто не даваў паказаньняў, выразна засведчыў начальнік Слуцкай турмы Крэмераў: «У 1937–38 гадах было шмат выпадкаў, калі зьняволеныя са сьледзтва дастаўляліся ўжо забітымі, прозьвішчы ня памятаю. Таксама быў выпадак у чэрвені 1938 году, калі зьняволены Хаўстовіч Фадзей пасьля прыбыцьця з допыту ў турму празь 2 гадзіны памёр. Я асабіста мяркую, што Хаўстовіч быў моцна зьбіты на допыце, бо ён ішоў на допыт цалкам здаровы, а калі прыйшоў, дык празь 2 гадзіны памёр».

Нават камісія НКВД у кастрычніку 1938-га мусіла зазначыць, што зь ліку 176 правераных справаў Слуцкага НКВД больш чым сто даведак на арышт складзеныя беспадстаўна. У ліпені 1939 году Тараканава судзіў ваенны трыбунал войскаў НКВД. Ён атрымаў 10 гадоў папраўчых работ і адправіўся адбываць тэрмін у лагер, дзе, як вядома, адміністрацыя заўсёды клапацілася аб «сваіх» людзях — калі можна так сказаць, гаворачы пра нелюдзяў.

«За кіпучай чэкісцкай работай»

У адрозьненьне ад ацалелых вязьняў ГУЛАГу, якія пакінулі свае ўспаміны аб перажытым, каты мэмуараў не пісалі. А калі й пісалі, дык пра свае подзьвігі ў засьценках ня згадвалі. Між тым, архіўныя сьведчаньні пра «ўнутранае» жыцьцё НКВД існуюць — яны напісаныя катамі, якія праз іронію лёсу сталі ахвярамі. Адзін з такіх, начальнік 4-га сакрэтна-палітычнага аддзелу НКВД БССР Васіль Ермалаеў, дае даволі падрабязную панараму нораваў і традыцыяў, якія панавалі ў НКВД БССР у сярэдзіне 30-х гадоў. Гэты шматстаронкавы допіс патрапіў у ЦК партыі зь Менскай турмы НКВД.

«Турма абмяжоўвае паперай, — скардзіўся Ермалаеў новаму сакратару ЦК КП(б)Б П. Панамарэнку. — Прасядзеўшы ў адзіночнай камэры 10 сутак, вельмі многае ўсплыло ў памяці, чаго за кіпучай чэкісцкай работай, магчыма, і не ўзгадаў бы».

Васіль Ермалаеў, член партыі з 1919 году, прыйшоў у органы ў 1924 годзе. У Беларусь з Расеі яго накіравалі ў 1935 годзе, і тут чэкісцкая кар'ера Ермалаева сапраўды «ўскіпела». Пачаў у Менску опэрупаўнаважаным, і ўжо празь некалькі месяцаў быў прызначаны начальнікам Асобага аддзяленьня кавалерыйскай дывізіі, якая фармавалася. Менш чым праз год, у кастрычніку 1936-га Ермалаеў стаў начальнікам аддзелу НКВД Лепельскай акругі, у якую ўваходзілі 4 раёны. Службу ведаў: на ўвесь СССР прагучала так званая «Лепельская справа», паводле якой нават ЦК ВКП(б) прымаў стадыяльную пастанову. Лепельская акруга лічылася памежнай, кожны другі жыхар меў сваякоў альбо знаёмых на польскім баку, і таму недахопу ў «польскіх шпіёнах» лепельскія чэкісты ня мелі.

Менш чым праз паўтары гады заслугі Ермалаева былі ацэненыя і з асабістай ласкі наркама ўнутраных справаў Бермана ён атрымаў новае падвышэньне — быў пераведзены ў Менск, у апарат НКВД БССР. Чацверты, самы жахлівы аддзел НКВД займаўся сьледзтвам, г. зн. фабрыкацыяй справаў. Ягоныя супрацоўнікі катавалі арыштаваных, складалі пратаколы допытаў, перасылалі іх на разгляд «троек» і асобых нарадаў. Апроч таго, з райаддзелаў НКВД сюды накіроўвалі свае сьледчыя справы для разгляду, вынясеньня заключэньня і далейшага накіраваньня паводле падсуднасьці. Праз аддзел напрасткі праходзілі арыштаваныя наркамы, акадэмікі, прафэсары, пісьменьнікі.

Ермалаеў, які дагэтуль выяўляў польскіх агентаў паміж сялянаў і раённай намэнклятуры, падзяліўся зь Берманам сваімі сумневамі: маўляў, у такім маштабе ніколі не працаваў. Берман, паводле сьведчаньня Ермалаева, спытаўся: «У вас калі-небудзь хістаньні былі ад генэральнай лініі партыі? — Не. — Дык астатняе прыкладзецца,» — супакоіў царкам. «Пасьля гэтага я пайшоў, сеў за стол і прыступіў да працы,» — піша Ермалаеў.

Працы хапала: неабходна было ліквідаваць завалы сьледчых справаў. На пачатак лютага 1938 году за аддзелам, дзе працавалі 54 чалавекі, налічвалася больш за 450 арыштаваных, многія зь якіх чакалі свайго лёсу год і болей. Каля 600 сьледчых справаў з пэрыфэрыі ляжалі доўгія месяцы без адказу. «Я знайшоў у аддзеле поўны развал дысцыпліны, наяўнасьць групаўшчыны на глебе маральна-бытавога разбэшчаньня,» — скардзіўся Ермалаеў. І ўдакладняў: «Сувязь зь невядомымі жанчынамі, наведаньне іх групай, выкарыстаньне для нізкіх мэтаў кансьпіратыўных кватэраў. У гэтую групу ўваходзілі Слукін, Кунцэвіч, Быхоўскі, Шэйнкман, Якімаў, Перавозчыкаў ды іншыя».

Сваіх папярэднікаў на пасадзе новы начальнік ахарактарызаваў каротка, але ёміста: «Клейнберг, які аказаўся ворагам народу — прайдзісьветам, пасьля яго Урачоў, пра якога старыя работнікі кажуць, што ён прапіў 4-ты аддзел, зачыняўся ў кабінэце штодзень з пахмельля і нікога не прымаў. Пасьля яго Волчак, які быў арыштаваны за сувязь з трацкістамі. Да майго прыезду сярод работнікаў 4-га аддзелу была ўскрытая і ліквідаваная трацкісцкая група».

Зь ліста Васіля Ермалаева паўстае яшчэ адна дэталь кіпучых чэкісцкіх будняў — узаемныя даносы:

«У аддзеле кадраў ёсьць заява, што Кунцэвіч, начальнік аддзялення ў справе царкоўнікаў і сэктантаў, у 1930 годзе заганяў адміністрацыйна сялян у калгасы, абагульняў інвэнтар аж да курэй. У гэтай заяве гаворыцца, што Кунцэвіч меў сувязь з жонкай арыштаванага і што ёй расказваў пра мужа.

Гэтыя зьвесткі я ўведаў за некалькі дзён да свайго арышту і даклаў наркаму Цанаву».

У адзіночнай камэры турмы НКВД Ермалаеў узгадаў і іншых сваіх падначаленых і даў ім шматколерныя характарыстыкі. Ён пісаў:

«У аддзеле было 8 аддзяленняў. Аддзяленне ў справах трацкістаў і правых узначальваў Шэйнкман, разбэшчаны чалавек, стары халасцяк, заляцаўся да кожнай спадніцы. Нацыянал-фашыстоўскае аддзяленне ўзначальваў Быхоўскі — садыст, маральна разбэшчаны, фанабэрысты, ганарлівы, падхалім, кар'ерыст, распусны нізкі чалавек, які інтымна жыў з многімі невядомымі жанчынамі, у тым ліку з машыністкай 4-га аддзелу. Аддзяленне ў справах эсэраў і меншавікоў узначальваў Артамонаў — п'яніца, гультай, прагульшчык. Аддзяленне абслугі савецкага апарату і рабочае класы ўзначальваў Еарбаты, які меў сумнеўныя сувязі. Аддзяленне ў справах сельскай гаспадаркі начальніка ня мела аж да выдзялення з 4-га аддзелу самастойнага сельгасаддзелу».

Ахарактарызаваўшы такім чынам частку сваіх найбліжэйшых памочнікаў — кіраўнікоў аддзяленняў, Ермалаеў перайшоў да астатніх — і зноў не пашкадаваў фарбаў. Са сваёй камэры ён пісаў ў ЦК:

«Аддзяленне ў справах моладзі ўзначальваў Слукін, распусьнік, разбэшчаны ў полавых адносінах, маральна нізкі. Выкарыстоўваў у нізкіх мэтах канспіратыўную кватэру — вадзіў туды жанчын.

Аддзяленьне ў справах царкоўнікаў, сэктантаў і былых людзей (так ў тэксьце) узначальваў Кунцэвіч, разбэшчаны ў бытавым пляне чалавек, меў шырокія сувязі на глебе палавой распусты зь невядомымі жанчынамі. Са словаў Быхоўскага мне вядома, што Кунцэвіч знаходзіўся ў сужыцьці з 15 жанчынамі толькі супрацоўніцамі наркамату. Для гэтай мэты выкарыстоўваў кватэру Слушна, дзе прымалася агентура».

Зробім паўзу ў апісаньні Садому і Гаморы, якія ўяўляў сабой НКВД БССР у 30-я гады. Зазначым, што прозьвішчы сьледчых, якія згадвае начальнік 4-га аддзелу Ермалаеў, вядомыя паводле ўспамінаў ахвяраў рэпрэсіяў — беларускіх пісьменьнікаў Станіслава Шушкевіча, Сяргея Грахоўскага, іншых. Сьледчы Быхоўскі з кампаніяй праводзілі допыты Цішкі Гартнага, Тодара Кляшторнага, вядомых прадстаўнікоў беларускай навуковай інтэлігенцыі. Не аб тым, вядома, гаворка, што высокамаральныя каты на месцы дэградаваных катавалі б ня так бязьлітасна-жорстка. Высокамаральных катаў не бывае. У Менскім НКВД працавалі самыя звычайныя супрацоўнікі.

У дакумэнтальным фільме «Дарога на Курапаты», які мы рабілі з рэжысэрам Міхаілам Жданоўскім, ёсьць аповед былога вываднога Менскай турмы НКВД. Пасьля начных расстрэлаў у Курапатах іх чакаў накрыты стол з гарэлкай у сталоўцы НКВД — оргіі цягнуліся да раніцы. Глушылі сьпіртам зробленае, дзялілі гадзіньнікі ды іншыя рэчы забітых. Служба ў органах прадугледжвала адсутнасць усякіх чалавечых бар'ераў. Таму, дарэчы, не маглі разьлічваць на спагаду саслужыўцаў і арыштаваныя энкавэдысты — запраграмаваная на зьнішчэньне зграя адразу ж пажырала іх саміх…

Як вынікае з допісу Ермалаева, у НКВД БССР былі такія ж парадкі, як і ў іншых савецкіх канторах: поўнае самаўпраўства ў межах інструкцыяў, бюракратычны бедлам і неразьбярыха. «Улік у аддзеле зусім адсутнічаў, — скардзіўся нядаўні начальнік сакрэтна-паітычнага аддзелу. — Паводле паказаньняў выкрытых праходзілі звыш 2000 чалавек — ня ўлічаныя. Улік і зараз вельмі дрэнны, але ўсё ж створаная картатэка і ў ёй улічаныя асобы, якія праходзяць звыш чым у пяцістах пратаколах допытаў.

Замест практычнай дапамогі ў камплектацыі апарату асабовым складам ад былога кіраўніцтва наркамату я атрымаў адваротнае,» — скардзіўся Ермалаеў. Да моманту арышту ў студзені 1939-га ён узначальваў сакрэтна-палітычны аддзел на працягу году. За гэты час, паводле ягоных словаў, апарат з 54 апэратыўнікаў зьмяніўся тры разы, ад двух да чатырох разоў зьмяняліся начальнікі аддзяленьняў. Ермалаеў пералічвае:

«Аддзяленьне ў справах трацкістаў і правых — начальніка не было, потым прызначылі Шэйнкмана, потым Ашышкевіч, потым Архангельскі, цяпер сумяшчае Тараканаў. У справе нацфашыстаў — Быхоўскі, потым Фёдараў, потым Еарбачэўскі, цяпер зноў Фёдараў. У справе эсэраў, меншавікоў — Артамонаў, потым Архангельскі, потым Палітыка, цяпер Тараканаў. У справе савецкага апарату і рабочае класы — Еарбаты, потым Лягаеў, цяпер начальніка няма. Усе прыёмы і здачы аддзяленьняў пастаянна праходзілі чамусьці насьпех і таму той, хто прымаў аддзяленьне, быў ня ў курсе ўсіх справаў і прыступаў зноў да азнаямленьня замест практычнай працы».

Многія былыя вязьні ў сваіх успамінах пішуць пра загадкавы перапынак у допытах, калі арыштаваныя месяцамі, а то часам і больш за год чакалі ў турме выкліку на допыт і вырашэньня свайго лёсу. Яны разглядаюць гэта, як адзін з мэтадаў сьледзтва. Верагодна, у некаторых выпадках так яно і было. Але ў масе сваёй, для так званых шараговых ворагаў народу паўзы паміж выклікамі на катаваньні тлумачыліся хаосам і беспарадкам унутры самога НКВД, які перажываў чарговую чыстку.

У памяці арыштаванага Ермалаева сапраўды, як ён пісаў, «усплыло многае». Але ўсплыло далёка ня ўсё.

Прынамсі, ён забыўся пра вячэру ў канцы лістапада 1938 году, на якую запрасіў да сябе ў дом калегаў…

Тайная вячэра

За сталом былі толькі свае: начальнік Магілёўскага НКВД Ягодкін, начальнік управы НКВД на Беларускай чыгунцы Марошак, начальнік 3-га аддзяленьня Віцебскага НКВД Левін. Усе прыехалі ў Менск у службовыя камандыроўкі, і ўсіх пасьля напружанага дня нарадаў ды беганіны па кабінэтах запрасіў да сябе дадому начальнік 4-га сакрэтна-палітычнага аддзелу НКВД БССР Ермалаеў. Выпівалі, закусвалі, абмяркоўвалі навіны. Левін частаваў цыгарэтамі з адмысловага срэбнага партсыгару, які заўсёды вазіў з сабой.

Ягодкін расказаў пра нараду начальнікаў абласных управаў НКВД, якую а 17-й гадзіне праводзіў памочнік наркама Наседкіна Стаяноўскі. Сямён Левін слухаў з асаблівай увагай, бо ягоны шэф, начальнік Віцебскай абласной управы Пётр Радноў яшчэ ўдзень выехаў у Віцебск і на нарадзе ня быў.

Стаяноўскі даў устаноўку тэрмінова выканаць усе прысуды 1-й катэгорыі (расстрэл), якія зь нейкіх прычынаў не былі зьдзейсьненыя. Акты патрабавалася аформіць задняй датай. Прычынай сьпешкі стала пастанова «Аб арыштах, пракурорскім наглядзе і вядзеньні сьледзтва», якую амаль два тыдні перад тым, 17 лістапада 1938 году, прынялі ЦК ВКП(б) і СНК СССР. У канцы лістапада наркам унутраных справаў СССР Берыя нечакана загадаў спыніць выкананне ўжо вынесеных сьмяротных прысудаў і перадаваць справы асуджаных на расстрэл у суд. І пастанова, і загад былі сакрэтныя.

Пасьля лютаўскага (1938) пленуму ЦК ВКП(б) у НКВД адбываліся дзіўныя рэчы, і загад быў яшчэ адным зьвяном ланцуга, небясьпеку якога адразу зразумелі спрактыкаваныя кадры. Новаму наркаму ў Маскве патрабаваліся матэрыялы на тых, хто працаваў пры папярэдніку. Вызваленьне асуджаных, а таксама сьведчаньні, якія яны маглі даць пра катаваньні, заўсёды можна было выкарыстаць у барацьбе ўнутры партыйна-энкавэдысцкай вярхушкі. Трэба было сьпешна пазбаўляцца ад непажаданых сьведкаў.

…Ягодкін падзякаваў гаспадару за вячэру і сказаў, што адразу выяжджае ў Магілёў, каб неадкладна пачаць выкананне загаду Стаяноўскага. Сямён Левін а дзявятай вечара вярнуўся ў наркамат і зайшоў да начальніка 1-га спэцаддзелу Якава Розкіна. Той папярэдзіў, што неўзабаве перадасьць сьпісы асуджаных на расстрэл, пасьля чаго трэба будзе неадкладна выехаць у Віцебск. Сьпісы ўжо былі падрыхтаваныя, чакалі прыходу Стаяноўскага, які мусіў паставіць свой подпіс. Памочнік наркама зьявіўся каля поўначы і ў сваім кабінэце паўтарыў Левіну ўсё, што той ужо ведаў ад Ягодкіна і Розкіна. Сьпіс віцебскіх вязьняў, якіх трэба было неадкладна расстраляць, налічваў сорак адно прозьвішча. Віцебскі НКВД меў раней планы адкласьці расстрэл пяці-шасьці асуджаных для далейшай распрацоўкі справаў, але загад быў ясны і не прадугледжваў выключэньняў. Акты трэба было пазначыць 22–23-м лістапада.

Левін падараваў зьняволеным пару дзён жыцьця: зь Менску ён паехаў у Гомель да сваякоў, і ў Віцебску зьявіўся толькі 2 сьнежня. Начальнік абласнога НКВД Радноў і яго намесьнік Уласаў зьвязаліся зь Менскам па тэлефоне, дзе Стаяноўскі пацьвердзіў распараджэнне. З пачатку ліпеня 1938-га сьмяротныя прысуды ў Віцебску не выконваліся, асуджаных «першай катэгорыі» вазілі ў Менск. Але аднавіць расстрэлы — не праблема…

Не пасьпела сьціхнуць рэха стрэлаў, якімі на пачатку сьнежня 1938-га сьпешна дабівалі асуджаных па ўсёй Беларусі, як у кабінэце наркама А. Наседкіна зьявіўся новы гаспадар, Л. Цанава. У сярэдзіне месяца з Масквы ў Менск прыехала камісія НКВД СССР, якая пачала высвятляць, хто, як і чаму парушыў загад Берыі. Наступствы ня змусілі сябе чакаць. Некаторых кіраўнікоў НКВД БССР арыштавалі адразу, іншым далі пагуляць пару месяцаў на волі, як Сямёну Левіну. Спачатку яго двойчы разабралі на сходах партарганізацыі абласнога НКВД, а 5 лютага 1939-га бюро Віцебскага абкаму выключыла Левіна з партыі. Фармулёўка — за парушэньне загаду НКВД СССР у частцы выкананьня прысудаў, за ўтойваньне вядомых яму фактаў і за ўжываньне да арыштаваных фізычных мераў узьдзеяньня.

Левіна адразу не арыштавалі і ён пасьпеў, седзячы дома, у Віцебску, напісаць падрабязную заяву на дзесяці старонках. Паставіў звыклы грыф «зусім сакрэтна» і адрасаваў на імя новага сакратара ЦК КП(б)Б Панамарэнкі, а копіі — Сталіну, Берыю і Цанаву.

Распавёўшы пра вячэру ў Ермалаева і ўсё, што пасьля яе адбылося, Левін абвяргаў яшчэ адзін пункт абвінавачаньня: «Асабіста я ніякіх мераў фізычнага ўзьдзеяньня ні да каго з арыштаваных не ўжываў. Згодна з загадамі Раднова і Уласава (начальнік і намесьнік начальніка Віцебскага НКВД), арыштаваных, якія адмаўляліся даваць паказаньні, прымушалі прысядаць. Гэта ў роўнай меры ўжывалася ўсімі адцзяленьнямі НКВД і трыма Асобымі органамі. Натуральна, што і ў З-м адцзяленьні гэты мэтад таксама ўжываўся, але чаму я мушу быць ахвярай і ў гэтым абвінавачваюць мяне аднаго, у той час як я сьлепа, нароўні з усімі, выконваў загады Раднова і Уласава. Навошта ж усе абвінавачаньні штучна ўскладаць на мяне? Хіба гэта бесстароньняе стаўленьне да маёй асобы?»

Далей Левін прадстаўляў сваю асобу: «Я сам 1910 году нараджэньня, сын рабочага-краўца, з 1925 году ў камсамоле, з 1931 г. кандыдат КП(б)Б і з 1937-га — член. Бацька мой, член ВКП(б) з 1918 году, з 1919 году чэкіст. Памёр у 1930 годзе на пасадзе начальніка Мазырскага абласнога аддзелу ГПУ Беларусі. Я з 18 гадоў бесперапынна працую на апэратыўнай рабоце ў органах ОГПУ-НКВД. За гэты час, за ліквідацыю шэрагу контррэвалюцыйных арганізацыяў і шпіёнскіх рэзыдэнтураў, узнагароджаны срэбным партсігарам, гадзіньнікам, зброяй і яшчэ некаторымі каштоўнымі падарункамі».

Левін запэўнівае: «Усё сваё маладое жыцьцё я аддаў справе партыі Леніна-Сталіна. Гэтаму ж прысвяціў сябе мой бацька. Я выхаваны гэтай партыяй, і калі я адзіны раз у жыцьці памыліўся, навошта так рабіць са мной, ужыўшы адразу да мяне палітычную сьмерць, няўжо я непапраўны. Зразумела — не, я ня толькі выпраўлюся, але надалей у мяне больш такіх памылак ніколі ня будзе».

Высокія адрасаты таксама палічылі, што Левіна можна выправіць. Яго заяву сьпісалі ў сакрэтны архіў асобага аддзелу ЦК, а самога патомнага чэкіста на дзесяць гадоў накіравалі ў папраўча-працоўныя лягеры. Срэбны партсігар з чэкісцкай гравіроўкай пад час арышту згодна з інструкцыяй быў канфіскаваны. Ды ў лягеры ён бы гаспадару і не спатрэбіўся…

Прыродныя бальшавікі

«Адбылася найвялікшая правакацыя ворагаў народа — гэтай банды фашыстаў, якая рабіла сваю подлую справу супраць партыі Леніна-Сталіна, народа вялікага Саюзу ССР. Гэтая банда, знаходзячыся ў турме, працягвае сваю гнюсную справу — абгаворвае невінаватых супрацоўнікаў НКВД у іх подлых намерах і справах, вымушаючы сьледзтва, уведзенае ў зман ворагамі, ужываць да абгавораных ворагамі і невінаватых работнікаў НКВД шэраг мераў узьдзеяньня маральна-фізычных, у сілу якіх, ня вытрымаўшы незаслужаных пакутаў, страціўшы сілы і розум, у адчаі і цалкам несьвядома гэтыя абгавораныя павінныя былі даць сьледзтву хлусню, абгаварыўшы сябе і іншых работнікаў, спадзеючыся, што сьледзтва, аб'ектыўна правёўшы рассьледаваньне, установіць хлусню і паклёп ворагаў, і вымушаны агавор невінаватымі сябе і іншых, на падставе праверкі дакумэнтацыі і фактаў пераканаецца у паклёпе ворагаў, але сьледзтва, паверыўшы паклёпу ворагаў, зрабіла няправільныя вывады, клясыфікуючы асобныя памылкі і парушэнньні ў апэратыўна-сьледчай рабоце, зробленыя ў сілу сьляпога выкананьня дырэктываў і ўказаньняў варожага кіраўніцтва, увёўшы гэтым самым у зман і суд, які на падставе варожага паклёпу вынес мне такі суровы прыгавор, пазбаўляючы жыцьця».

Гэта самы доўгі сказ са скаргаў, які даводзілася бачыць. Ён пазначаны грыфамі «Уручыць неадкладна. Зусім тэрмінова. Абсалютна сакрэтна. Асабіста» і адрасаваны сакратару ЦК КП(б)Б Панамарэнку. Адправіцель — дэпутат Вярхоўнага Савету БССР Пётр Радноў, член ВКП(б) з 1924 году, былы член бюро абкаму партыі, ардэнаносьбіт і выхадзец зь сялянаў (адукацыя ніжэйшая). Да 19 студзеня 1939-га ён узначальваў НКВД Віцебскай вобласьці, а далучыўся да жалезнай кагорты амаль за два дзесяцігодзьдзі да таго. Але ўсё гэта было ў мінулым: заява пісалася ў камэры-адзіночцы Менскай турмы НКВД.

Новы наркам Цанава праводзіў кадравую чыстку: Раднова, як і Левіна, Наседкіна, Стаяноўскага і яшчэ групу кіраўнічых энкавэдыстаў у Беларусі абвінавацілі ў тым, што яны сумленна выконвалі свае абавязкі: афармлялі расстрэлы мінулымі датамі і катавалі арыштаваных. Супрацоўнікаў Магілёўскага НКВД Каралько, Сідарэнку, Дударава, Ціханцова і Петрусенку арыштавалі ўвогуле за дробязі — марадзёрства, крадзеж каштоўнасьцяў, рэчаў і вопраткі зьняволеных. Ішла звычайная бальшавіцкая чыстка і, натуральна, у НКВД працавалі са сваімі былымі супрацоўнікамі тымі ж унівэрсальнымі мэтадамі, якія ўжываліся супраць сялян і прафэсараў, паэтаў і чыгуначнікаў.

Плынь чэкісцкай сьвядомасьці, зафіксаваная ў лісьце Раднова, цікавая адной псыхалягічнай асаблівасьцю: і ў турме, пасьля катаваньняў галоўны кат Віцебшчыны захоўвае вернасьць НКВД. Нават гаворачы пра свой лёс, Пётр Радноў выгароджвае катаў: маўляў, подлая банда фашыстаў абгаворвае нявінных супрацоўнікаў НКВД, проста вымушаючы сьледзтва, уведзенае ў зман ворагамі, ужываць меры маральна-фізычнага ўзьдзеяньня.

Прайшоўшы праз рукі сваіх калег і прызнаўшыся ва ўсіх грахах, як гэта рабілі некалі ягоныя ўласныя ахвяры, Радноў піша сакратару ЦК: «Я клянуся вам усім, сваёй дачкой 8-мі месяцаў, якую яшчэ ня бачыў, я ня быў ворагам, змоўнікам. Я вырас і выхаваны партыяй, камсамолам, Савецкай уладай. Ня дайце загінуць ад паклёпу ворагаў, малю Вас, праверце і захавайце мне жыцьцё. Я настойлівай працай выкуплю віну і злачынствы, якія зрабіў».

Радноў адхіляе абвінавачаньні ў катаваньнях арыштаваных, у стварэньні спэцрэжыму ў Віцебскай турме: «Я не даваў загаду ствараць рэжымныя камэры быццам для зьбіваньня арыштаваных, каб прымусіць іх агаварыць сябе і іншых. Камэры для зручнасьці сьледзтва былі замацаваныя паводле просьбы аддзелаў за імі і, паводле распараджэння НКВД зь Менску, была створаная агентура для асьвятленьня настрояў арыштаваных, а не для правакацыяў. У выніку наплыву арыштаваных сапраўды мелі месца парушэньні нормаў, і камэры былі перапоўненыя, сапраўды, з боку асобных агентаў была правакацыя, але мне пра гэта не казалі…»

Радноў прызнае толькі несьвядомы падлог дакумэнтаў, калі беларускія чэкісты сьпешна расстрэльвалі вязьняў насуперак загаду з Масквы: «Я паверыў, што ёсьць указанні НКВД акты складаць мінулай датай».

Сын, як ён пісаў, калгасьніка-селяніна Радноў прасіў даць яму магчымасць ударнай працай выкупіць няправільныя даты пад актамі расстрэлаў. Яго былы віцебскі падначалены, сын краўца Сямён Левін хацеў «ударнай працай у органах НКВД выправіць сваю грубую палітычную памылку». «Спадзяюся, што камуністычная партыя, якая зрабіла зь мяне бальшавіка, падыдзе да мяне чульліва, як гэтаму вучыць наш правадыр тав. Сталін, бо я ня вораг, а адданы нашай радзіме баец, які першы раз у жыцьці памыліўся». Іх менскі калега Васіль Ермалаеў таксама пісаў з камары: «Усё сьвядомае жыцьцё прысьвяціў справе партыі Леніна-Сталіна і чым бы мой лёс ні скончыўся, апроч расстрэлу, я і далейшае жыцьцё прысьвячу гэтай самай партыі — Леніна-Сталіна».

Яшчэ адзін былы супрацоўнік НКВД, менскі міліцыянэр Райхліновіч, перажыў пасьля арышту зьдзеклівыя катаваньні: яго зьбівалі ва ўтаймавальнай кашулі, аблівалі вадой на 30-градусным марозе, мачыліся ў твар, цягалі за палавы орган. Пасьля сямі месяцаў у лагеры нечакана вызвалілі. Вярнуўся ў Менск і даведаўся, што сям'ю выкінулі з хаты, рэчы прапалі. Былы кавалерыст, Райхліновіч выгадаваў каня, якога пакінулі ў міліцэйскай частцы і яму не вярталі.

Райхліновіч напісаў у райкам партыі просьбу: «Прашу ўлічыць маё цяжкае становішча, дапамагчы аднавіць здароўе, аднавіць на працы і вярнуць кватэру і каня, зь якім я спадзяюся пры першай патрэбе выступіць у абарону нашай любімай Радзімы і зьнішчыць ворагаў, якія паспрабуюць замахнуцца на нашую сьвятую тэрыторыю. Ворагі народу пахіснулі маё здароўе, але не пахіснулі маёй бальшавіцкай волі, я з прыроды народжаны бальшавіком і такім памру, памру за рабочую справу, за справу Леніна-Сталіна».

Падобных радкоў у допісах арыштаваных, асуджаных, закатаваных да паўсьмерці людзей (ня толькі чэкістаў) — безьліч. Частка клятваў у вернасьці партыі, магчыма, прадыктаваная разьлікам, але значная болынасьць — шчырае выказванне перакананьняў, наіўнай веры, што іх невінаватасьць пацвярджаецца іх вернасьцю сталінізму. Хоць яшчэ на лютаўска-сакавіцкім пленуме ЦК ВКП(б) у 1938 годзе Сталін вылучыў шэсьць умоваў пабудовы камунізму і перамогі над ворагамі, дзе даў энкавэдыстам урок лёгікі. Правадыр сказаў, у прыватнасьці, што некаторыя ворагі такія хітрыя, што спэцыяльна працуюць ударна і робяцца стаханаўцамі, выстаўляюць сябе адданымі камуністамі, каб лепш шкодзіць, і іх трэба выкрываць.

«Я сумленны сын сваёй радзімы і партыі, якой належу ўсёй сваёй сутнасьцю да скону», — запэўніваў Панамарэнку былы чэкіст, дэпутат Вярхоўнага Савету БССР ад Старадароскай выбарчай акругі, а потым вязень камэры нумар 8 менскай турмы НКВД Мікалай Быстроў. Ягоная біяграфія сапраўды магла ўпрыгожыць любы падручнік гісторыі ВКП(б). «Сам я рабочы, бацька і два браты працуюць у г. Туле на збройным заводзе. У Кастрычніцкую рэвалюцыю ў лістападзе 1917-га я ўступіў у чырвонагвардзейскі латыскі атрад спэцпрызначэньня ў Смольным у Петраградзе. Браў удзел у лівідацыі белагвардзейскіх бандаў і разгоне Устаноўчага сходу. У сакавіку 1918-га разам з урадам атрад пераехаў у Маскву-Крэмль, дзе мне неаднаразова даводзілася ахоўваць кабінэт У. І. Леніна. Браў удзел у падаўленьні мецяжу анархістаў і паўстаньні левых эсэраў. Асабіста ўдзельнічаў у вызваленьні з палону левых эсэраў у Пакроўскіх казармах Ф. Э. Дзяржынскага. У траўні 1919-га я паступіў на працу ў органы ВЧК-ОГПУ, у якіх на розных апэратыўных пасадах працаваў па дзень арышту».

Быстрову паставілі ў віну якраз тое, чым ён ганарыўся. Туляк, прысланы для барацьбы з нацыянал-фашызмам у Беларусі, быў абвінавачаны ў членстве ў нацыянал-фашыстоўскай латыскай шпіёнскай арганізацыі. Пасьля арышту яго «амаль голага пасадзілі ў сыры халодны казэмат, дзе пратрымалі 82 дні. Пагражалі расплюшчыць у блін, лаялі, прымушалі пісаць хлуслівыя сьведчаньні», — з абурэньнем пералічваў Быстроў свае крыўды. І запэўніваў: «Наша бальшавіцкая партыя выхавала зь мяне страснага патрыёта нашай вялікай радзімы. Я ганарыўся сваёю краінай, гатовы ў любы момант аддаць жыцьцё за справу партыі, за справу народа».

Ленінскі вартавы зашмат дазваляў сабе. Ён, як і іншыя ягоныя калегі — «прыродныя бальшавікі», ужо ня меў такой раскошы, як права распараджацца ўласным жыцьцём. Ім распараджалася партыя.

Цанава

Самай вострай праблемай у пасляваенным Менску была жыллёвая. Казалі, кватэраў у разбураным горадзе не хапала нават супрацоўнікам НКВД. Даводзілася месяцамі чакаць чаргі ў інтэрнатах і гасьцініцах. Калі абураныя чэкісты зьвярталіся па дапамогу да свайго наркама, той карцінка разводзіў рукамі:

— Нэ магу, кацо. Як камуніст камуністу кажу: сам ня маю кватэры ў Менску.

І гэта была праўда — калі можна ўжыць такое слова ў адносінах да Лаўрэнція Цанавы, які са сьнежня 1938-га па кастрычнік 1951-га працягваў у Беларусі крывавую справу Піляра, Рапапорта, Ляплеўскага, Малчанава, Бермана, Наседкіна.

З анкеты генэрал-лейтэнанта Цанавы Л. Ф.:

1900 г.н., бацька — селянін-бядняк, адукацыя — сельскае вышэйшае пачатковае вучылішча, агульнаадукацыйныя курсы ў Тыфлісе. З 1921 году на працы ў органах ЧК, пракуратуры, кампартыі Грузіі, на кіраўнічых гаспадарчых пасадах. З канца 1938-га — наркам унутраных справаў Беларусі. Пад час вайны камандаваў Асобым аддзелам Заходняга, потым Цэнтральнага франтоў, зьяўляўся намеснікам камандуючага 2-га Беларускага фронту.

…Вартаўніца адамкнула дзьверы, і я ўвайшоў у тое, пра што Цанава казаў «няма кватэры» — двухпавярховы каменны палац у лесе ў Сьцяпянцы. Столь ужо безь ляпных аздабленьняў, няма крышталёвых люстраў, карціны са сьцен перавандравалі ў музэі, зьніклі раскошныя дываны, на кухні гатуюць абеды не на трох, а больш чым на сто чалавек адразу — потым тут быў дзіцячы сад-санаторый. Няма вышэзнай агароджы, вартавых сабак, даўно здох горны казёл…

«Цанава ў Беларусі зьяўляўся фэадалам», — так ацанілі дзейнасьць былога члена бюро ЦК КП(б)Б на пленуме ў Менску, які ў ліпені 1953 году абмяркоўваў пастанову ЦК КПСС аб «шпіёне імпэрыялістычных разьведак» Лаўрэнціі Берыі. Члены беларускага ЦК выходзілі на трыбуну і выкрывалі асабістага сябра Берыі, які ў гэты час ужо знахоўдзіўся ў турме.

Варта Цанаву было трапіць пад дождж, а ў газэтах абяцалі сонца — і ён забараняў друкаваць зводку надвор'я, абураліся камуністы; безь ягонай візы нельга было зьмяшчаць рэпартажы пра футбол, які ён апякаў; вадзіцель машыны, які пасьмеў абагнаць ягоны легкавік, начаваў у пастарунку; калі інструктар гаркаму партыі прынёс яму запрашэньне на нейкі сход за нумарам 9 ці 10, Цанава патрабаваў звольніць інструктара — такі вялікі нумар зьневажаў ягоную годнасьць; наркаму назалялі камары — і на ягоны загад у Сьцяпянцы засыпалі цэлую сажалку…

Не адставалі ад гаспадара і падначаленыя. Калі ў начальніка Віцебскага ГБ Прохарава, заўзятага галубятніка, зьнік голуб, уся гарадзкая міліцыя была паднятая на ногі, ачэплены рабочы квартал, і птушку знайшлі — паміж тысячаў іншых. Цанава не даваў у крыўду свае кадры: калі ў начальніка Гарадзенскага ГБ Фралова ўзьнік канфлікт зь першым сакратаром абкаму С. Прытыцкім, дык пасаду мусіў пакінуць Прытыцкі; гэтаксама ўцякалі з рэспублікі іншыя партыйныя кіраўнікі, якіх ён неўзьлюбіў. Пра лёс беспартыйных грамадзянаў, аднак, на пленуме ня ўзгадвалі…

Пару гадоў да гэтага члены бюро ЦК КП(б)Б інакш ацэньвалі дзейнасьць Цанавы ў Беларусі. У характарыстыцы, зацверджанай на бюро, гаворыцца: «Узначальваючы МГБ БССР,  т. Цанава правёў значную работу па выяўленьні і ліквідацыі шпіёнска-дывэрсійнай агентуры нямецка-фашысцкай і іншых замежных разведак, па разгрому контррэвалюцыйнага нацыяналістычнага падпольля, падпольных арганізацыяў беларуска-нямецкіх нацыяналістаў і бандыцкіх тэрарыстычных групаў. Т. Цанава ў кіраўніцтве органамі ГБ прынцыповы, патрабавальны, праяўляе вялікую настойлівасьць, працаздольнасьць, выхоўвае кадры чэкістаў у духу бальшавіцкай партыйнасці».

У 1938 годзе Берыя мяняў кадры Яжова па ўсёй краіне. Цанава некалі служыў пад ягоным кіраўніцтвам у ОГПУ Грузіі, праўда, прозьвішча ягонае тады было іншае — Джанджгава. Пры прызначэнні ў Менск, паводле расказаў самога наркама, Лаўрэнці Першы быццам параіў былому падначаленаму зьмяніць прозьвішча, маўляў, у Беларусі ня вымавяць такое прозьвішча. Пазьней, аднак, высветлілася, што прычына была іншая. Пад час грамадзянскай вайны Джанджгава камандаваў чэкісцкай часткай і скраў дзяўчыну з горнага сяла. Калі вяскоўцы пайшлі яе вызваляць, ён пасек іх з кулямёту. Узьнік страшэнны шум, трэба было прымаць меры і Берыя схаваў падначаленага. Потым яго перакінулі на гаспадарчую працу. У другой палове 30-х гадоў ён працаваў у наркамземе, намесьнікам начальніка лімонна-мандарынавага трэсту, потым начальнікам Калхідбуду.

Былы шэф, які ўзначаліў НКВД СССР, выклікаў Цанаву ў Маскву і адтуль паслаў наводзіць парадак ва ўнутраных справах Беларусі. Папярэднікі, наркамы Берман і Наседкін, пакінулі Цанаву надзвычайную спадчыну: хапун крывавым грэбнем ірваў вёску і горад, былі арыштаваныя практычна ўсе ўладальнікі высокіх кабінэтаў у Менску, прарэджаны мясцовае начальства, крытыя грузавікі ўжо больш за год па начах хадзілі на Курапаты. Не спыніўся іх паток і з прыездам у Менск Панцеляймона Панамарэнкі і Лаўрэнція Цанавы.

Ужо ў 1940-м заслугі наркама ва ўнутраных справах Беларусі былі ацэненыя першым ордэнам Леніна. Пасьля таго, як часткі Чырвонай Арміі разам з гітлераўцамі правялі парад пераможцаў у Берасьці, Цанава заняўся разгортваньнем апарату НКВД і сеткі даносчыкаў у Заходняй Беларусі. Палонныя польскія афіцэры пад аховай канвою НКВД адпраўляліся ў лягеры Поўначы, Сібіры, але найбольшая частка канцэнтравалася ў Катыні. Разьбіраліся зь Вільняй, вяліся арышты тых, хто супрацоўнічаў з польскімі ўладамі, а таксама тых, хто зь імі змагаўся — членаў розных партыяў, нацыянальных арганізацыяў, у тым ліку сваяцкай КПЗБ. Усе гэтыя апэрацыі праводзіліся пад наглядам наркама ўнутраных справаў.

Цанаву выпала і праца па чыстцы кадраў самога НКВД — многія чэкісты прайшлі праз той самы канвэер, які нядаўна раскручвалі.

Калі пачалася вайна, энкавэдысты ліхаманкава пакавалі свае архівы і перапраўлялі далей ад лініі фронту. Адных вязьняў расстрэльвалі на месцы ў турмах, іншых тэрмінова зганялі ў калены і вялі на Ўсход. Канваіры мелі загад: у «выпадку немагчымасці забяспечыць ахову кантынгенту» — расстрэльваць вязьняў на месцы. Вядомыя выпадкі, калі канваіры, махнуўшы рукой на інструкцыю, адпускалі людзей. Аднак большасць лягла ў зямлю, як гэта адбылося з каленамі арыштаваных, якіх эвакуявалі зь Літвы: толькі ля дарогі на Чэрвень былі расстраляныя многія сотні няшчасных.

Асобыя аддзелы, якімі камандаваў Цанава на Заходнім, а потым Цэнтральным франтах, працягвалі рабіць тое самае, што рабілі энкавэдысты ў мірны час: ваявалі супраць свайго народа. Супраць салдат і афіцэраў, якія патрапілі ў акружэньне, супраць тых, хто вёў «паражэнцкія размовы» — напрыклад, згадваў лёзунг аб вайне на чужой тэрыторыі і малой крывёй…

За сваю дзейнасьць Цанава быў узнагароджаны яшчэ двума ордэнамі Леніна і амаль трыццаццю іншымі ордэнамі і мэдалямі. Калі меркаваць па ўзнагародах, гераічны сьмершавец праявіў надзвычайны талент палкаводца: тры ордэны Суворава, два — Кутузава, ён атрымаў узнагароды за абарону Масквы, Каўказа, вызваленьне Варшавы і ўзяцьце Кенігсбэргу, а таксама фарсіраваў Одэр, хадзіў у рэйды з партызанамі, меў баявыя заслугі перад Манголіяй і Тувінскай рэспублікай, і, апроч таго, доблесна працаваў у тыле.

У характарыстыцы, зацверджанай бюро ЦК, гаворыцца, што Цанава «актыўна ўдзельнічаў у працы ЦК КП(б)Б у справе разьвіцьця партызанскага руху». Спэцгрупы, падрыхтаваныя НКВД, закідваліся ў нямецкі тыл для арганізацыі супраціву. Іх вызначала бязьлітаснае стаўленьне да мясцовага насельніцтва, якое спачатку не сьпяшалася на абарону савецкай улады, не хацела рызыкаваць сем'ямі, ісьці ў лес. Узаемныя падазрэньні, сачэньне адзін за адным, даносы, беспадстаўныя арышты і расстрэлы на месцы, зьдзекі над мірным насельніцтвам — усе гэтыя партыйна-энкавэдысцкія парадкі крывавай цьвільлю пакрылі партызаншчыну, густа нашпігаваную «асабістамі».

Ды пра тое дарма шукаць зьвестак у афіцыйнай гісторыі партызанскага руху. У ёй прозьвішча Цанавы нават ня згадваецца, хоць менавіта пад ягоным аўтарствам у 1949 годзе выйшла першае поўнае апісаньне партызанскага руху ў Беларусі ў двух тамах пад назвай «Всенародная партизанская война в Белоруссии против фашистских захватчиков». Тэкст пісалі за наркама, вядома ж, «літрабы» — так скарочана і дакладна называлі літаратурных работнікаў, якія абслугоўвалі ласае на пісьменьніцкія лаўры начальства. У аснову кнігі быў пакладзены радасны прынцып, адлюстраваны ў наступным узоры «фальклору»:

А на нашай на гары Вырасьлі два дубіка. Сталін кажа ў Маскве, Чуе ўся рэспубліка!

З прычыны бібліяграфічнай рэдкасьці выданьня прывяду некалькі назваў разьдзелаў: «Призыв товарища Сталина к всенародной Отечественной войне», «Партия большевиков — организатор всенародной борьбы и побед», «Коммунистическая партия (большевиков) Белоруссии во главе своего народа», «Колхозы — большевистская крепость», «Сталинская дружба народов Советского Союза нерушима». Было ў кнізе сказана і пра «подлое предательское лицо белорусских националистов», але толькі мімаходзь, каб не псаваць карціну ўсенароднага адзінадушша.

Сярод бесталковага нагрувашчвання прыкладаў сапраўдных і прыдуманых нямецкіх зьверстваў ды бальшавіцкага гераізму — абавязковыя напамінаньні пра тое, што беларускі народ штохвілінна адчуваў геніяльны бацькоўскі клопат вялікага Сталіна і паплечнікаў. «Выконваючы ўказанні правадыра, верныя вучні Леніна і паплечнікі таварыша Сталіна Георгі Максімавіч Малянкоў і Лаўрэнці Паўлавіч Берыя з пачатку Айчыннай вайны аказвалі велізарную практычную дапамогу ў справе арганізацыі і далейшага разгортвання партызанскага руху на тэрыторыі Беларусі».

15 ліпеня 1953 году загадам Галоўліту БССР № 143 было прадпісана «канфіскаваць зь бібліятэк грамадзкага карыстання і кнігагандлю частку першую кнігі Цанавы Л. Ф. «Усенародная партызанская вайна ў Беларусі супраць фашысцкіх захопнікаў», Менск, 1950 г., 10 000 асобнікаў, 342 ст.» Канфіскацыі падлягалі і 60 000 асобнікаў двухтомніка на расейскай мове. У канцы ліпеня 1953 году зь менскага ў маскоўскі ЦК была накіраваная тэлеграма з просьбай пазбавіць Цанаву паўнамоцтваў дэпутата Вярхоўнага Савету СССР і БССР. Яшчэ праз два тыдні пленум ЦК КПБ пазбавіў паўнамоцтваў дэпутата Вярхоўнага Савету БССР і Лаўрэнція нумар адзін — Берыю.

Задоўга да гэтых падзеяў, у кастрычніку 1951-га, Цанава пакінуў Беларусь. Ён перабраўся ў Маскву, на пасаду намесьніка міністра дзяржбясьпекі Абакумава. Але затрымаўся на Лубянцы нядоўга: яго ўцягнула ў тую самую мясарубку, куды ён запіхваў іншых.

Дарэчы, комплекс будынкаў у Менску, дзе месьціцца міліцыя і КГБ, быў пабудаваны пасьля вайны пад непасрэдным кіраўніцтвам тады ўжо міністра ўнутраных справаў БССР Цанавы (у сакавіку 1946-га НКВД было перайменаванае ў МУС). Дом з гадзіньнікам насупраць таксама прызначаўся для работнікаў органаў, так што без жыльля чэкісты хадзілі нядоўга. Цанава тлумачыў такое разьмешчаньне кватэр для супрацоўнікаў спэцыфікай працы — часта даводзіцца працаваць па начах, зручна дабірацца. Некаторыя будаўнічыя матэрыялы дастаўляліся проста з Каўказу. Расказваюць, калі залівалі фундамэнт, Цанава зьняў і кінуў туды сваю генэральскую папаху. Фундамэнт атрымаўся надзейны.

Тайна сьмерці харошых камуністаў

У другой палове 80-х, на пачатку гістарычнай галоснасьці, у беларускім друку шмат пісалі пра лёсы двух кіраўнікоў Беларусі, чыё жыцьцё абарвалася ў 1937 годзе — старшыню ЦВК Аляксандра Чарвякова і старшыню Саўнаркаму Мікалая Галадзеда. Яны ўніклі сьледзтва, суду і расстрэлу, скончыўшы самагубствам. Чэрвякоў застрэліўся у сваім кабінэце пад час XVI зьезду кампартыі Беларусі, Галадзед выкінуўся з вакна будынку НКВД у Менску пасьля арышту. Зрэшты, гэта былі вэрсіі, якія адны гісторыкі прымалі, іншыя адмаўлялі, сьцьвярджаючы, што Чарвякова застрэлілі, а Галадзеда выкінулі з вакна самі энкавэдысты. Аднак архіўныя знаходкі дазваляюць больш пэўна гаварыць пра акалічнасці сьмерці Мікалая Галадзеда.

Але спачатку — невялікае адступленьне. Газэта «Звязда», дзе я тады працаваў, пастаянна друкавала аповеды, лісты, інтэрвію пра сталінскія злачынствы ў Беларусі. Я рыхтаваў карэспандэнцыю пра рэабілітацыю ахвяраў і зьбіраў інфармацыю ў пракуратуры. Раптам мой субяседнік, тагачасны начальнік аддзела нагляду за законнасцю сьледзтва ў органах дзяржбясьпекі Іванкоў спытаў, ці бачыў я калі асабісты подпіс Яжова. Ён адчыніў грувасткі сэйф, дастаў тонкую кардонную папку з нумарам і разгарнуў.

На першай старонцы быў машынапісны тэкст — рапарт наркама ўнутраных справаў БССР Бермана наркаму Яжову з просьбай даць санкцыю на арышт члена ЦК ВКП(б) і СНК СССР, старшыні СНК БССР Галадзеда, «арганізатара і кіраўніка антысавецкага падпольля ў Беларусі». Тоўстым чорным алоўкам наўскасяк была накладзеная рэзалюцыя: «Арыштаваць». І подпіс, адзін з самых жахлівых у гісторыі камунізму — Яжоў.

Архіўна-сьледчая справа была тонкая, я перагарнуў пару старонак, але Іванкоў ужо забіраў папку, клаў яе на паліцу і зачыняў дзьверцу сэйфа. «Ня маю права, згодна з інструкцыяй, увогуле даваць Вам справу, — растлумачыў ён. — Няхай рэдакцыя зьвернецца афіцыйна з запытам, і тады — як начальства вырашыць». У рэдакцыі склалі ліст, рэдактар падпісаў і адправілі. Тым часам я паехаў да дачкі Галадзеда Валянціны Мікалаеўны Беляковай і пачаў распытваць пра падзеі лета 1937-га.

…Пастанову аб вызваленні Галадзеда ад пасады старшыні СНК БССР ягоны даўні сябар, старшыня ЦВК Чарвякоў падпісаў 30 траўня. Гэта адбылося за дзесяць дзён перад XVI зьездам КПБ(б). У першыя дні чэрвеня на Менскай партканфэрэнцыі таварышы па партыі абвінавацілі Галадзеда ў палітычнай сьлепаце, узгадалі сяброўства з «нацдэмамі»… На зьезьдзе першы сакратар ЦК Шаранговіч, які сам неўзабаве будзе арыштаваны, заявіў, што Галадзед праводзіў «праваапартуністычную практыку». У час працы зьезду газэты паведамілі пра арышт, суд і расстрэл групы вядомых ваеначальнікаў. Сярод расстраляных значылася імя камандуючага Беларускай вайсковай акругі Ераніма Убарэвіча. Яшчэ адзін знаёмы Галадзеда, былы першы сакратар ЦК КП(б)Б Ян Гамарнік, пасьпеў застрэліцца перад арыштам.

У Менску чакаць не было чаго, і Галадзед разам з жонкай і малым сынам тэрмінова выехаў у Маскву. Ён спадзяваўся на прыём у Сталіна — і той прыняў былога беларускага прэм'ера. Паводле ўспамінаў жонкі, Галадзед вярнуўся ў службовую кватэру супакоены, бадзёра чакаў новага прызначэння. Ён ня ведаў, што празь дзень пасьля ягонага ад'езду зь Менску ў Маскву выехаў наркам Берман.

Ён вёз рапарт на імя Яжова. Берман асабіста прыйшоў у знакаміты Дом на Наберажнай, дзе Галадзед меў службовую кватэру. Там жонка бачыла мужа апошні раз.

Вось што расказала дачка Галадзеда і пацьвердзілі архіўныя дакумэнты, якія тады ўдалося занайсьці. Тым часам прыйшоў адказ з пракуратуры на рэдакцыйны запыт адносна справы Галадзеда. Пракуратура паведамляла, што такой справы ня мае. Я высветліў — аказалася, вярнулі ў КГБ. Мы падрыхтавалі новы ліст і накіравалі старшыні КГБ. Праз пару тыдняў у мяне ў кабінэце зазваніў тэлефон і ветлівы голас сказаў, што КГБ нічым ня можа дапамагчы рэдакцыі, бо ніякай справы ніякага Галадзеда Мікалая Фёдаравіча ў іх няма.

Я разгубіўся — як няма?! Я ж трымаў яе ў руках! Але як сказаць пра гэта, каб не пашкодзіць дабрадзею з пракуратуры? Пасьля кароткай размовы я здабыў тэлефон тагачаснага начальніка архіву КГБ. Вынік быў той самы — нічым ня можам дапамагчы. Пайшоў у ЦК КПБ. Вось, казаў, перабудова, гістарычная галоснасць, Гарбачоў, а ў КГБ ніякага новага мысьленьня… Прайшоў некалькі кабінэтаў, дабраўся да начальніка аддзела адміністратыўных органаў Адамовіча, які курыраваў міліцыю і КГБ. Усе слухалі, абяцалі дапамогу — а як жа, чэсны быў камуніст, трэба дапамагчы.

Ішлі дні, тыдні — ніхто і ня думаў дапамагаць. Разьюшаны нахабнай хлуснёй КГБ і «дапамогай» ЦК, я пайшоў у кабінэт да тагачаснага рэдактара газэты і папрасіў дазволу пакарыстацца «вяртушкай», тэлефоннай спэцсувязьзю, дзякуючы якой намэнклятура магла зьвязвацца паміж сабой без сакратарак, хутка і надзейна. Апроч таго, зь «вяртушкі» было значна лягчэй прабіцца ў іншы горад і супрацоўнікі рэдакцыі дэмакратычна карысталіся гэтым тэлефонам.

У спэцдаведніку я адшукаў нумар тагачаснага старшыні КГБ БССР Веніяміна Балуева і набраў яго. Слухаўку паднялі адразу. Я назваўся і папрасіў дапамагчы рэдакцыі атрымаць справу Галадзеда, дадаўшы, што гэтую справу ўжо бачыў, гартаў. Балуеў адказаў у тым сэнсе, што дапамагчы ня могуць, бо існуе нейкая інструкцыя ці закон, які забараняе знаёміцца з падобнымі справамі пабочным асобам.

Я пачаў несьці нешта пра перабудову і пытацца, як у КГБ разумеюць галоснасьць. Рэдактар даўно кінуў свае паперы і слухаў наш дыялёг зь вялікай цікавасцю. Калі я паклаў слухаўку, ён сказаў: ну, цябе арыштуюць проста ў гэтым кабінэце. (У гэтым кабінэце мне давялося перажыць некалькі «прыемных» момантаў, але яны болей нагадвалі допыт ды суд, да арышту не дайшло.) З генэралам КГБ мы дамовіліся наступным чынам: мне справу не пакажуць, але адкажуць на мае пытаньні.

Я задаволена паціскаў далоні: трымайцеся, зараз я задам столькі пытаньняў, што вы мусіце пераказаць усю справу. Ад наіўнасьці мяне вылечылі праз два тыдні, калі пазванілі з КГБ і запрасілі на сустрэчу. Я ўзяў магнітафон, нататнікі і паехаў на рог тады яшчэ Ленінскага праспэкту і вуліцы Камсамольскай.

Два супрацоўнікі запрасілі ў пакой для наведнікаў. Мінімум мэблі — пусты стол, некалькі крэслаў, тэлефон, партрэт ці то Дзяржынскага, ці то Леніна на сьцяне. Адзін сеў насупраць, другі збоку. Мяне зьдзівіла, што кагэбісты прыйшлі толькі з маімі пытаннямі, безь ніякіх іншых папераў.

— Не хвалюйцеся, адкажам, але магнітафон не спатрэбіцца, — сказалі мне. Не спатрэбіліся і нататнікі. Адказы гучалі прыкладна так: на гэтае пытаньне няма інфармацыі, пра тое ў справе нічога не сказана, наступнае невядома… Я збянтэжыўся і ня ведаў, як рэагаваць на тое, што адбывалася.

— Вось і ўсё, больш нічым ня можам дапамагчы, — паведамілі мне. Мае спробы нешта запярэчыць былі сустрэтыя спакойна і ня выклікалі ніякай рэакцыі. Суразмоўцы самі пачалі задаваць пытаньні: як у рэдакцыі ставяцца да Уладзіміра Бегуна, вядомага барацьбіта зь сіянізмам, усё ж ці ня мае ён рацыі… Я выйшаў на вуліцу як абпляваны, клянучы сябе за наіўнасьць. (Праз пару гадоў, ужо ў якасьці члена парлямэнцкай камісіі па правах ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, мне ўдалося атрымаць доступ да архіву КГБ, дзе хаваецца боль і кроў айчыннай гісторыі. З санкцыі новага кіраўніцтва КГБ супрацоўнікі прыносілі для азнаямленьня асобныя справы ахвяраў, але ніколі не паказвалі каталёгаў ці нейкага апісаньня сховішча. Дагэтуль невядома, колькі справаў, на каго, у якім стане захоўваюцца ў сутарэннях будынка, пабудаванага Цанавам. Зрэшты, як толькі пачаў праходзіць шок ад правалу жнівеньскага путчу, было заяўлена, што КГБ ня хата-чытальня, і архівы зноў сталіся недаступнымі.)

Аднак існавалі іншыя архівы, дзе захоўваліся некаторыя матэрыялы пра сьмерць Мікалая Галадзеда. У 1955 годзе, пад час хрушчоўскай адлігі, справу Галадзеда пераглядалі. У лістападзе 1955 году галоўная ваенная пракуратура на падставе той самай тонкай кардоннай папкі, якую КГБ не хацеў выпускаць з рук, зрабіла даведку, дзе гаварылася:

«У кантрольна-нагляднай справе на Галадзеда ёсьць адносіна 1-га спэцаддзелу МУС БССР, у якой адзначана, што Галадзед 14 чэрвеня быў этапаваны ў гор. Менск і 21 чэрвеня выкінуўся з будынку МУС праз вакно пятага паверху і разьбіўся, ня даўшы ніякіх паказанняў».

У 60-я гады гісторык Уладзімір Якутаў пачаў зьбіраць матэрыял для кнігі пра Галадзеда. Ён знайшоў і папрасіў напісаць успаміны былога кансультанта паліклінікі МУС прафэсара М. Шапіру. Прафэсар пісаў:

«Мне вельмі цяжка ўспамінаць аб усіх дэталях майго знаходжання летам 1937 году ў будынку МУС, куды я быў пакліканы на кансультацыю да таварыша Галадзеда. Унізе сказалі, што трэба падняцца на другі паверх, у кабінэт да аднаго з супрацоўнікаў. У кабінэце на кушэтцы ляжаў таварыш Галадзед у надзвычай цяжкім перадсьмяротным стане. Ён толькі слаба дыхаў, ні на што не рэагаваў і нічога не казаў.

Мой агляд даў наступнае: ніякіх сьлядоў вонкавых пашкоджанняў я не знайшоў — ні пераломаў канечнасьцяў, пазваночніка альбо чэрапу. Стан хворага сьведчыў альбо аб інфаркце, інсульце, альбо ўнутрычарапным кровазьліцьці, якія вядуць да хуткай сьмерці.

Намі была зробленая спроба штучным дыханнем вярнуць  т. Галадзеду хоць бы часова сьвядомасьць, але яна нічога ня дала. Праз кароткі час наступіла сьмерць.

Ніякага запісу ніхто ня вёў, але ўзялі слова, што, калі каму-небудзь скажам аб гэтым, не паздаровіцца. Але калі назаўтра па горадзе пайшлі чуткі, што Галадзед выкінуўся з вакна, я ня мог з гэтым пагадзіцца. Бо мною не было вызначана ў яго ніякага пашкоджання, што абсалютна ня ўвязвалася з расказамі аб падзенні».

Так скончыў свае ўспаміны прафэсар Шапіра. Гісторык Якутаў у 60-я гады ў сваёй кнізе пра Галадзеда нічога гэтага апублікаваць ня змог — з тае самае прычыны, зь якой КГБ хавала архіўную справу і праз паўстагодзьдзя пасьля сьмерці арыштаванага. Сумневы ў самазабойстве ўскосна ўмацоўвала дачка Галадзеда Валянціна. Пад час сустрэчы яна ўспамінала:

«Што бацька пакончыў з сабой — ні я, ні маці ніколі ня верылі. Ён быў чалавекам надзвычайнай асабістай храбрасьці. Адзін мог пайсьці на перамовы з цэлай бандай, не пабаяўся выступіць супраць Малянкова, калі той граміў беларускую партарганізацыю. Ён бы ніколі нічога супраць сваёй волі не падпісаў. Таму і забілі…»

Аднак такі вывад пакідаў без адказу пытаньне: чаму? Дачка і жонка выказвалі асабістыя меркаваньні — погляд на самагубства выключна як на слабасць, недастойную сапраўднага чалавека і камуніста, быў даволі распаўсюджаны. Прафэсар Шапіра пісаў свае ўспаміны праз чвэрць стагодзьдзя (у якія ўмясьцілася вайна, барацьба з касмапалітамі і лекарамі-забойцамі). Так, Шапіра не заўважыў ніякіх сьлядоў падзеньня, але ж, як ён сам адзначае, агляд рабіўся ў кабінэце на другім паверсе — значыць, спачатку цела перанесьлі туды, і зьнешнія заўважныя сьляды маглі папросту прыбраць, паправіць. Апроч таго, сымптомы, якія прыводзіць прафэсар, паводле ацэнак спэцыялістаў, цалкам маглі быць вынікам падзеньня.

А галоўнае — каму была выгадная імгненная сьмерць Галадзеда? НКВД, які на загад Сталіна рыхтаваў чарговы адкрыты працэс, быў менш за ўсё зацікаўлены ў страце такога важкага «злачынцы», як былы старшыня СНК. «Кіраўнік антысавецкага падпольля ў Беларусі» — а менавіта такая роля адводзілася Галадзеду ў ордэры, падданым Яжовым — мог даць шмат карысных паказанняў, значна павялічыць маштабы арыштаў, а значыць — ордэнаў і шпалаў энкавэдыстам. Наўрад ці Бермана клапаціла незгаворлівасьць Галадзеда — у НКВД умелі дабівацца згоды ад самых упартых арыштаваных. Такім чынам, і Сталіну, і НКВД было выгадна вывесьці Галадзеда на адкрыты працэс.

(У выніку сьмерці Чарвякова і Галадзеда на адкрыты працэс у лютым-сакавіку 1938-га давялося выводзіць Шаранговіча, які толькі тры месяцы папрацаваў 1-м сакратаром ЦК і, ясна, ня змог пацягнуць за сабой значную сетку змоўнікаў. На працэсе роля Шаранговіча зьвялася да падтрымкі абвінавачання супраць Бухарына, які ніколі зь ім не сустракаўся і грэбліва адмовіўся ад знаёмства. У Беларусі расстрэл Шаранговіча ня выклікаў непасрэдных наступстваў, зьвязаных зь ягоным асабістым атачэньнем, ранейшымі саслужыўцамі і да т. п. Можна меркаваць, што калі б на ягоным месцы былі Чарвякоў і Галадзед, крывавае рэха іх «паказаньняў» было б большае. Хоць куды ўжо болей…)

Тым ня менш, канчатковую яснасьць маглі даць толькі дакумэнтальныя зьвесткі пра канкрэтныя абставіны сьмерці Галадзеда. Прычым зьвесткі не прамыя, якія лёгка сфальсыфікаваць, а ўскосныя — што-небудзь гаспадарчае, зьвязанае з унутранай кухняй органаў. Чаканы дакумэнт сустрэўся ў архіўных завалах недзе празь пяць гадоў пасьля першага знаёмства са справай Галадзеда.

…У 1939 годзе, праз два гады пасьля сьмерці Галадзеда, да першага сакратара ЦК КП(б)Б Панамарэнкі зьвярнуўся былы член партыі, былы опэрупаўнаважаны НКВД БССР Аляксей Рулёў з просьбай аб рэабілітацыі і матэрыяльнай дапамозе. Ягоны ліст пераслалі новаму наркаму Цанаву, які падрыхтаваў даведку для ЦК. У ёй паведамлялася, што загадам НКВД ад 21 жніўня 1937 году Рулёў быў звольнены са службы як асоба, якая знаходзіцца пад сьледзтвам больш за два месяцы. Але ж Галадзед загінуў якраз два месяцы перад гэтай датай, значыць Рулёў быў заключаны пад варту ў дзень ягонае сьмерці.

Дакумэнт сьведчыў: «21 чэрвеня 1937 году яму (Рулёву) было даручана ахоўваць у ягоным кабінэце кіраўніка антысавецкага падпольля ў Беларусі — Галадзеда. Рулёў пакінуў пост, самавольна пайшоў, перадаверыўшы ахову маладому нявопытнаму работніку Турбіну, у выніку чаго Галадзед выкінуўся з вакна і разьбіўся насьмерць, ня даўшы паказаньняў аб сваёй контррэвалюцыйнай дзейнасьці. Рулёў быў арыштаваны. У працэсе сьледзтва абвінавачаны Рулёў прызнаў, што ён, напэўна ведаючы, што яму была даручана ахова сур'ёзнага злачынцы — кіраўніка антысавецкага падпольля ў Беларусі, самавольна пайшоў з кабінэту, чым даў магчымасць злачынцу скончыць жыцьцё самагубствам».

Пэўныя дэталі пераконваюць у сапраўднасьці гэтай гісторыі. Рулёва афіцыйна звольнілі з органаў дакладна ў адпаведнасьці са службовай інструкцыяй, якая дазваляла лічыць арыштаванага, але не асуджанага супрацоўніка ў штаце арганізацыі на працягу роўна двух месяцаў. Рулёў быў асуджаны і правёў у зьняволеньні паўтара гады. Калі ён выйшаў, у НКВД да яго паставіліся досыць прыязна. Бухгальтарскія дакумэнты сьведчаць, што опэрупаўнаважанаму выплацілі зарплату за ліпень-жнівень 1937-га, кампэнсацыю за нявыкарыстаны адпачынак і нават выхадную дапамогу, усяго 1999 рублёў 72 капейкі. Аднак як звольненаму з органаў у сувязі з судовай справай, яму адмовілі ў праве на пэнсію за выслугу гадоў.

У адказе Панамарэнку Цанава пісаў, што паводле інструкцыі нельга аднавіць Рулёва на працы ў НКВД і аказаць матэрыяльную дапамогу. І сапраўды, якая яшчэ дапамога, калі опэрупаўнаважаны даў магчымасць сур'ёзнаму злачынцу скончыць жыцьцё самагубствам і ўнікнуць паказанняў…

Такая вось гісторыя пра былога старшыню ўраду Беларусі і час, калі шчаслівы быў той, хто перад адказам на пытанні таварышаў па партыі паспяваў пусціць кулю ў сэрца альбо выкінуцца з вакна пятага паверху.

Аднак гэта будзе няпоўная гісторыя, калі не сказаць другую частку праўды пра трагедыю Галадзеда, Чарвякова і астатніх рэабілітаваных і адноўленых у партыі дзеячоў тае эпохі, чые імёны зараз носяць вуліцы Менску ды іншых гарадоў Беларусі.

Непасрэднай прычынай адхілення ад пасады і арышту Галадзеда лічыцца ягоная спроба паставіць пад сумнеў вынікі чысткі беларускай партарганізацыі, якую праводзілі пад кіраўніцтвам маскоўскага пасланца Малянкова. З 59 175 камуністаў, якія налічвала КП(б)Б ў 1932 годзе, у 1937-м у партыі засталося 33 828. Галадзеда, які спалучаў веру ў партыю зь любоўю да Беларусі (у межах бальшавіцкай ідэалёгіі), гэтыя лічбы балюча ўразілі. І ён выступіў на пленуме ЦК з адчайнай, самагубнай прамовай, у якой красамоўныя як спробы абараніць выключаных з партыі, гэтак і агаворкі наконт правільнасьці партыйнага курсу.

Са стэнаграмы XII пленуму ЦК КП(б)Б:

«Галадзед: Некаторыя нашы таварышы гавораць: ачысціліся ад ворагаў і добра. Але ня ўсе ж гэта ворагі. Вось, калі гаварыў таварыш Сталін, што многія думаюць дзясяткамі тысячаў членаў партыі, аб гэтым і ў нас ідзе гаворка. Я папрасіў даць мне зьвесткі, колькі выключылі трацкістаў і іншых ворагаў. Трацкістаў выключылі 7122.

Галасы: Няправільна!

Галадзед: У 1933 пад час чысткі мы, на жаль, мала выключылі трацкістаў, выключылі іх толькі пры праверцы і абмене дакумэнтаў. Яшчэ дадаць трэба нацыяналістаў ды пару тысяч бундаўцаў, дадаць тысячы тры іншых ворагаў — шпіёнаў і іншых.

Голас зь месца: Акрамя гэтага, ёсьць шпіёны, белагвардзейцы!

Галадзед: Згодны, давайце яшчэ дадамо пяць тысяч.

Голас зь месца: Мала!

Галадзед: Давайце дзесяць тысяч на ворагаў прыкінем (шум у зале). Справа, канечне, не ў такім падліку. Але гэтае пытаньне ня дробязнае, пытаньне вельмі сур'ёзнае. Гаворка ідзе пра нацыянальную партарганізацыю…

Галасы зь месца: Правільна!

Галадзед: …дзе фармаваньне партарганізацыі справа самая адказная, дзе кожны член партыі, харошы камуніст цэніцца высока. Але ўсё ж паміж выключаных ёсьць ворагі, ёсьць і ня ворагі. Як можна жартаваць з такім пытаньнем? Мы павінны паглядзець балянс сваёй работы адносна колькаснага складу і ўмацавання КП(б)Б. І становішча такое, што амаль на 43 % скарацілася КП(б)Б.

Сакратар ЦК Валковіч: КП(б)Б усё ж мацней стала.

Галадзед: Яна павінна быць яшчэ мацней. Я не кажу, што КП(б)Б дрэнная. Я кажу, што мы, члены бюро ЦК у першую чаргу, адказваем за гэтую справу, мы дапусьцілі, што за пяць гадоў скарацілася наша партарганізацыя на 25 тысяч членаў партыі. Канечне, ёсьць паміж імі нямала ворагаў, я гэта паўтараю. А рэшта — гэта тое, што тав. Сталін называе «думаць дзясяткамі тысячаў», паводле яго ацэнкі гэта называецца глыбока антыпартыйным учынкам. Чаму мы ня можам прызнаць гэта на пленуме? Тав. Сталін вучыць нас бязьлітасна караць ворагаў, але адначасна трэба клапаціцца аб адзінках членаў партыі. Нават калі прыняць пад увагу, што за гэты час выехала нямала членаў партыі ў іншыя вобласьці, дык усё ж агульнае скарачэньне КП(б)Б, на маю думку, вельмі вялікае, чым бы яго ні тлумачылі».

Усё зьмяшалася ў гэтым выступленьні: адважная спроба абараніць паплечнікаў (не называючы імёнаў), і ашаламляльная гатоўнасьць аднесьці да ліку ворагаў тысячы людзей — нацыяналістаў, трацкістаў, белагвардзейцаў, шпіёнаў. І зусім за межамі прамовы — ня члены партыі. Для прамоўцы не існуюць ахвяры без партбілетаў. Гэта не папрок заднім днём — кіраўнік ураду ня мог ня ведаць, што на пачатак 1937-га былі выключаныя зь ліку свабодных ці жывых у дзясяткі разоў болей людзей, чымся тыя 25 тысяч партыйцаў, якіх ён абараняў.

Вось яшчэ адзін урывак са стэнаграмы таго самага пленуму:

«Сакратар ЦК Валковіч: У Лепельскім раёне ёсьць заявы з подпісамі многіх людзей з патрабаваньнем адкрыць касьцёлы, сынагогі. У Гомельскім раёне зьбіралі галасы. За закрыцьцё — 600 подпісаў, а з боку царкоўнікаў — 1700 подпісаў. Уяўляеце, якая брыдота атрымалася!

Рэпліка тав. Галадзеда: А поп адзін!

Валковіч: Поп якраз павесіўся перад гэтым, замянілі яго іншым, і той аказаўся лепшым, арганізаваў…»

Да членаў партыі нават Сталін вучыў праяўляць спагадлівасьць. Незадоўга перад пленумам, у сярэдзіне сьнежня 1936-га, Галадзед атрымаў ліст знаёмага, працаўніка гідролізнага заводу С. Міцькова, якога выключылі з партыі.

Той пісаў:

«Мікалай Фёдаравіч! Я шчыра ўсьведамляю сваю віну перад партыяй, я паступіў не як пільны бальшавік, даючы паручыцельства за брата, ня ведаючы яго сапраўдных настрояў, гэтым я мог зрабіць, а магчыма, калі б брат аказаўся шпіёнам, і зрабіў прамую дапамогу ворагу. Але я клянуся, што ня меў ніякага злога намеру, верыў у сумленнасьць і адданасьць брата савецкай краіне. Я маю зьвесткі, што брат быццам бы вызвалены З красавіка, але я яго ня бачыў і бачыць не хачу і ня ведаю, дзе ён цяпер. Нават калі ён вызвалены, гэта не здымае зь мяне адказнасьці. Я павінен несьці пакараньне. Але выключэння з партыі я не магу прыняць».

Відаць, Галадзед як член бюро ЦК уключыў ліст у парадак дня бюро. Праз два тыдні, 29 сьнежня 1936 году, бюро ЦК вынесла пастанову: «Лічыць, што няма падставаў для перагляду рашэньня ЦК КП(б)Б аб выключэнні Міцькова з партыі». Пад пастановай — і подпіс Галадзеда, які крыху перасякае лінію, што падзяляе адказы на дзьве часткі, «за» і «супраць». Я перагледзеў многія сотні картак з пастановамі бюро ЦК КП(б)Б, і ні разу ня бачыў ніводнага подпісу ў разьдзеле «супраць». Ня мець свайго голасу і сваёй думкі, фактычна адмовіцца ад сябе як ад асобы абавязвала ўжо сама пасада.

Калі ў канцы 1936-га Галадзед хаця б вынес на разгляд просьбу выключанага з партыі, якому пагражаў немінучы арышт, дык празь пяць месяцаў, у траўні 1937-га, ён ужо сам мусіў праяўляць пільнасьць. На аркушы пэрсанальнага нататніка пад грыфам «Сакрэтна» ён пісаў першаму сакратару ЦК Шаранговічу:

«Як высветлілася пры праверцы і абмене дакумэнтаў, таварыш Лук'янчык, аказваецца, састаяў у БКА (так званая Беларуская камуністычная арганізацыя). У сьвятле апошніх матэрыялаў, якія паказваюць варожую дзейнасьць шэрагу членаў БКА, я лічу немэтазгодным знаходжанне т. Лук'янчыка на пасадзе кіраўніка справаў СНК БССР і прашу Вас прыняць рашэньне бюро ЦК аб вызваленні яго з пасады». Галадзед выдатна ведаў, як разгортваюцца падзеі пасьля такой «просьбы». Тры месяцы перад тым, у лютым, ён сам дакладаў членам бюро ЦК дырэктыву ЦК ВКП(б) ад 13.02.1937: «Аб парадку арышту кіраўнікоў установаў, дырэктараў прадпрыемстваў і інжынэрна-тэхнічных работнікаў». Бюро адзінадушна пастанавіла дырэктыву «прыняць да ведама і выканання».

Подпісы Чарвякова, Галадзеда і іншых рэабілітаваных камуністаў стаяць на сотнях пастановаў бюро ЦК КП(б)Б — аб выкараненні трацкістаў, нацыяналістаў і сіяністаў, сьвятароў і шпіёнаў, белапалякаў, бундаўцаў, гаспадарчых кіраўнікоў і ўласных супрацоўнікаў. Калі яшчэ Чарвякоў і Галадзед былі пры ўладзе, ва ўсю ішоў крывавы разгул гвалтоўнай калектывізацыі, нішчыліся пісьменьнікі і акадэмікі, звар'яцеў ад катаванняў першы старшыня ЦВК Цішка Гартны… Партыя бальшавікоў спачатку атрымала іх душы, а потым запатрабавала іх крыві. Апошнімі імгненнямі жыцьця яны распарадзіліся так, каб ня даць любімай партыі ўласнаручнай асалоды забіць іх фізычна. Іх забіла сыстэма, якую яны самі будавалі, за якую галасавалі і якой дружна, разам з усімі рукапляскалі.

Са стэнаграмы XVI зьезду КП(б)Б:

«Першы сакратар ЦК Шаранговіч: Чарвякоў ня вытрымаў той крытыкі, якая разгарнулася на нашым партыйным зьезьдзе з боку членаў партыі, крытыкі вострай і абсалютна правільнай. Раз скончыў смагубствам, як кажуць, туды яму і дарога!

У зале: Сьмех і воплескі».

З. ГАРЫЦЬ МОВА

Рукавы ад камізэлькі (зь беларускай сталініяны)

Вялікі Сталін любіў Беларусь: пагадзіўся на сацыялістычную дзяржаўнасьць і не да канца абрэзаў тэрыторыю, даў ордэны Купалу і Коласу, а дзесяць першых сакратароў ЦК кампартыі расстраляў як ворагаў народа.

Ясна, што і беларускі народ ня мог не адплаціць вялікаму Сталіну ўзаемнасьцю. Адзінадушнае ў форме і багатае зьместам пачуцьцё ўвасаблялася ў падарунках, якія вырабляліся з усіх карысных для гэтай мэты выкапняў сацыялістычнага рэалізму. Справу аблягчала тое, што бацька народаў, як гогалеўскі губэрнатар, браў усім, ад перайменаваных гарадоў да чаравікаў са скуранымі шнуркамі, якія паслала яму неяк менская фабрыка імя Тэльмана. Нягледзячы на размах паміж ідэйна-тэарэтычнай глыбінёй і мастацка-эстэтычнымі вяршынямі, увесь ён ладна месьціцца ў адным чатырохрадкоўі безыменнага беларускага акына першай паловы XX стагодзьдзя:

Вісіць Сталіна партрэт, А на рамачцы кругі. Усьміхаецца вачамі Такі родны, дарагі!

Тэксталагічны аналіз не ўваходзіць у задачу гэтага інвэнтарнага агляду, таму абмяжуемся спасылкай на буйныя пісьмовыя помнікі. 1936 год: да слаўных 16-х угодкаў вызваленьня ад белапольскай акупацыі аж два мільёны чалавек падпісалі «Пісьмо беларускага народу вялікаму Сталіну», якое пераказалі ў вершах Я. Купала, Я. Колас, А. Александровіч, П. Броўка, П. Глебка, І. Харык. У 1939-м, з нагоды палюбоўнай сустрэчы Чырвонай арміі і дывізіяў вэрмахту на новай мяжы П. Пестрак, М. Танк, М. Машара і М. Клімковіч адрасавалі ў Крэмль ліст «З тваім імем у сэрцы». 1949-ты даў два вялізныя, на газэтную старонку кожны, лісты ў прозе: адзін да дзесяцігодзьдзя папярэдняга, другі — да трыццацігодзьдзя дазволу Масквы ўтварыць БССР.

Безьліч калектыўных пасланьняў было накіравана да 70-х угодкаў правадыра, сярод аднаўляльнікаў — расейскі драмтэатар і лікёра-гарэлачны завод у Менску, мэтэаролягі, арцель інвалідаў, трэст паказальных рэстаранаў, кіроўцы трамваяў, акадэмікі, школьнікі, вайсковыя часткі. Індывідуальная творчая дзейнасьць ды фальклёр у кнігах і пэрыёдыцы ўліку не паддаюцца.

Толькі асобы, якія не разумелі сутнасьці класавай барацьбы, маглі сьцьвярджаць, што лепшы падарунак — гэта кніга. Мясцовыя бальшавікі разьбілі і адкінулі прэч гэтую гнілую тэорыю буржуазнай інтэлігенцыі. Пралетарскае чуцьцё правільна падказала беларускім таварышам, што лепшы падарунак таварышу Сталіну — кнігі самога таварыша Сталіна. Да ягонага 70-годзьдзя на беларускай мове было выдадзена 4 мільёны 846 тысяч экзэмпляраў твораў правадыра; агульны тыраж на беларускай, расейскай, польскай, літоўскай і габрэйскай мовах, адкатаны ў менскай друкарні імя Сталіна, паводле афіцыйных зьвестак склаў 5 055 200 асобнікаў. Сюды трэба дадаць як мінімум яшчэ сотню тысяч асобнікаў 9–13 тамоў збору сталінскіх твораў, якія выдаваліся ў Менску да канца 1951 году. (Друкаваньне спынілася на працах 1934 году, больш ніводнага тому ні па-расейску, ні па-беларуску ня выйшла).

Зьмест вымагаў формы. Творы хаваліся пад авечую скуру — чырвоны саф'ян, вокладкі аздабляліся інкрустацыяй і разьбой пра дрэву. У Маладзечэнскім чыгуначным дэпо том сталінскай кароткай біяграфіі закавалі ў мэтал. Экзэмпляр захоўваецца ў фондах былога музэя рэвалюцыі ў Маскве: латунная вокладка на петлях толькі крыху пазелянела за паўсотні гадоў, адпаліраваць — і зазьзяе як новенькая…

Праўда, апафэозам мастацтва кнігі застаецца самы першы ліст Сталіну ад 1936 году. Паэтычныя радкі вышытыя чырвонымі, блакітнымі, зялёнымі, шэрымі і брунатнымі ніткамі на 24-х абшытых белай тканінай аркушах. Зьверху і зьнізу кожнай старонкі ўплецена шаўковая стужка з нацыянальным арнамэнтам, на першай старонцы вышыта назва, а на апошняй вытканы герб БССР. Імя адрасата золатам адціснута на цэлюлёіднай супэрвокладцы — супэршык па тым часе. Адначасна некалькі асобнікаў ліста былі выкананыя майстрамі-паліграфістамі — на люксавай паперы, у некалькі колераў. За афармленьне мастак Пашкевіч быў рэкамэндаваны ў склад беларускай дэлегацыі для працы ў Камітэце мастацтва пры СНК СССР.

Ліст быў пакладзены ў адмысловы драўляны куфэрак, зроблены на спэцзаказ зь дзясяткаў розных гатункаў дрэва, і са спецыяльнай дэлегацыяй адпраўлены ў Маскву. Там ён захоўваецца і цяпер, крыху страціўшы свой парадны выгляд за паўстагодзьдзя на архіўных паліцах. Я знайшоў таксама і куфэрак ў сутарэньнях былога музэя рэвалюцыі; разам з супрацоўніцай мы яго паднялі, перавярнулі, але акрамя пылу, нічога ня вытраслі. Ключ згубіўся ў 50-я гады, а ўзламаць не дазволілі. (Пасьля публікацыі гэтых нататак у часопісе «Спадчына» ў 1990 годзе мне пазваніў з Кіева нейкі дзядзька і пачаў крычаць у слухаўку, што гэта ён, ён рабіў куфэрак на спэцзаказ — але, апроч дзіцячай радасьці, нічога істотнага зь яго вуснаў не прагучала, ня помніў нават, ці заплацілі яму за працу.)

Хай смутак вачэй тваіх добрых ня росіць, Ці сонейка захад, ці сонейка ўсход, Прымі прывітанне, якое прыносіць Табе, правадыр, беларускі народ!

Гэтыя 113 літараў, сем кропак і адзін клічнік з куфэрка зь лістом 1936 году ў 1949-м перакачавалі на абрус, які да сталінскага юбілею вышылі ў экспэрымэнтальнай лябараторыі мастацкіх промыслаў прамкаапэрацыі БССР. На фоне пяцікутнай зоркі, аздобленай арнамэнтам са слуцкага поясу, вышыты герб рэспублікі, а паміж вугламі зоркі — пяць малюнкаў, якія, як гаворыцца ў музэйным каталёгу, адлюстроўваюць аднаўленьне народнай гаспадаркі Беларусі; уся прыгажосць акаймаваная густой махрой.

Эпіграфам да архіўных картатэк і вопісаў беларускіх падарункаў Сталіну могуць паслужыць перафразаваныя радкі пра слуцкіх ткачых: «Аб шчасьці ўжо забыўшы сны, свае шырокія тканіны на лад савецкі ткуць яны». Сапраўды, зь Беларусі Сталіну найчасьцей слалі ручнікі, абрусы, паясы — іх пералік займае дзясяткі пазыцыяў у архіўных вопісах. Што думалі калгасніцы, работніцы, хатнія гаспадані, калі старанна вышывалі вітаньні — спадзяваліся ўласкавіць, паганскім ахвярапрынашэннем адвесці ліха ад дому? Барвовыя плямы праступаюць на адбеленым ручніку, які паслала на сталінскія імяніны ў Маскву мядзельская калгасніца В. Шаранговіч — сваячка таго самага першага сакратара ЦК Шаранговіча, якога на сталінскі загад расстралялі разам з Бухарыным, Рыкавым, Ягодам. Усяго беларускага лёну не хапіла б на палатно, каб сьцерці кроў хоць з адной рукі «стваральніка БССР».

Ягоны партрэт, як і кнігі, таксама лічыўся выдатным падарункам. Прычым асабліва цанілася не падабенства да арыгіналу, а працаёмкасць выканання (гэта тычыцца і іншых паднашэньняў). Хатнія гаспадыні зь Берасьця вышылі генэралісымуса шоўкам на поўны рост. На адну толькі рамку пайшло дзьве тысячы кавалачкаў дрэва розных пародаў. Дарэчы, у галіне інкрустацыі ішло сапраўднае спаборніцтва рэкордаў. Майстар Слонімскай рамеснай вучэльні С. Азазовіч вырабіў альбом для Сталіна з 2150 кавалачкаў дрэва дзесяці пародаў. Сталяр-чырвонадрэўшчык зь Берасьця перадаў у падарунак правадыру дванаццацігранны стол, склеены з 2345 дэталяў. Умельцам Менскага радыёзаводу імя Молатава спатрэбілася 36 000 кавалачкаў дрэва на партрэт галоўнакамандуючага з ордэнам «Перамога» на грудзях.

Абсалютны рэкорд належыць выхаванцам Нядашкаўскага дзіцячага дому: тут склеілі партрэт Сталіна з 149 870 дэталяў. Пад кіраўніцтвам пэдагогаў сіроты вайны і Гулагу выклалі на партрэце яшчэ і надпіс:

Ты бацька наш родны, ты бацька народаў, Жыві ж, правадыр, незьлічоныя годы!

На Менскім мотавэлазаводзе ўявілі, што 70-гадоваму карыфею для поўнага шчасьця не стае ровара (аднікеляванага і пазалочанага, зразумела). Беларускія трактарабудаўнікі і іх калегі з заводу імя Кірава, а таксама бабруйскія машынабудаўнікі і гарадзенскія фабзайцы падыйшлі да справы больш памяркоўна і вырашылі сваіх натуральных вырабаў у Маскву ня слаць. На імяніны адправілі макет рабочага месца сьлесара, дзейныя мадэлі двух трактараў і вэртыкальна-працяжнога станка «Дуплекс МП-8». Адзін з самых філязофскіх падарункаў, які давялося пабачыць — мадэль вакна з ваканіцамі. Як ва ўсяго геніяльнага — аўтар невядомы.

У менскіх музэйных сутарэньнях захоўваецца цэлы падарункавы гардэроб для Сталіна: блюза крэпжаржэтавая, кашуля шаўковая і кашуля льняная, хромавыя чаравікі — хоць зараз на танцы. Не забыліся і на сталінскія вусы — у плюшавым куфэрку ляжыць набор грабянёў для галавы і вусоў.

Калі невядома дакладна, што думалі ткачыхі ды сіроты, дык прафэсіяналы падарункавых справаў паклапаціліся зафіксаваць сваё самаадчуваньне ў час юбілейнага буму. «Пачынаючы з 1932 году я няспынна працую над увасабленьнем вобраза вялікага Сталіна. Цяжка выказаць, якое вялікае задавальненне дае мне гэтая праца. Мне заўсёды здаецца, што я ўдасканальваюся ня толькі як скульптар, але і як чалавек. Шчасьліва і радасна праходзіць маё жыцьцё», — паведамляў у 1949 годзе чытачам «Ліма» Заір Азгур. У народнага мастака, як і ў многіх іншых яго калегаў, багатая сталініяна. Але да 70-годзьдзя правадыра ад лаўрэата яго прэміі ў Крэмль паслалі чамусьці бюст… нябожчыка Жданава.

Містыка панавала і на ўсебеларускай мастацкай выставе, прысвечанай выбарам у Вярхоўны Савет БССР у 1950 годзе. Так, народны мастак Я. Зайцаў на 46 687 квадратных сантымэтрах палатна алеем даводзіў, што таварыш І. В. Сталін быў у Менску. Яшчэ адзін народны мастак Н. Воранаў тымі ж сродкамі ўдакладняў, што правадыр у 1919 годзе думаў пра Беларусь на руінах Менскага чыгуначнага вузла. Трэба прызнаць, што хаця сталінскі бот не затрымліваўся на беларускай зямлі, ягоных сьлядоў тут столькі і такіх, што трызьненьне мастакоў, прынамсі, зразумелае. Чаго толькі ня ўявіш, начытаўшыся «Кароткага курсу гісторыі ВКП(б)» ды «Кароткай біяграфіі».

(Увогуле, сталінская «кароткасць» — амаль геніальная прыдумка. На практыцы яна азначае якраз бязьмежнасьць і дае, з аднаго боку, поўную свабоду «гістарычнай творчасці», а з другога — уводзіць жорсткую манаполію на адбор і трактоўку фактаў. Апошняе дазвалялася абраным жрацам і зьяўлялася справай сакральнай і адначасна сьмяротна небясьпечнай.)

Сярод беларускіх падарункаў Сталіну ёсьць нават тое, чаго быць ня можа. Менскі дом мадэляў вырашыў падарыць і падарыў таварышу Сталіну жаночы касьцюм: блюзка, спадніца ў складкі, камізэлька і асобна — рукавы да яе, якія прышпіляюцца на запінкі.

Выстава падарункаў адкрылася ў 1949 годзе ў Маскве. На працягу месяцаў наведнікі маглі знаёміцца з экспазыцыяй любові народаў да агульнага бацькі. Сам «айцец» аднойчы ўначы заехаў у Манэж. Паглядзеў, нічога не сказаў, разьвярнуўся і пасунуўся назад да аўтамабіля, ахова цягнулася сьледам. Што ўела імяніньніка? Можа, усё пабачанае раптам падалося рукавамі ад камізэлькі? Ці абудзілася горкая крыўда на лекараў-шкоднікаў, якія не змаглі забяспечыць бессьмяротнасьць?.. (Рэхам тых думак бюро ЦК КПБ разглядала потым «паведамленне члена КПСС Навасельцава Ф. С. аб тым, што ў Палескай вобласьці існуе падпольная сіянісцкая контррэвалюцыйная арганізацыя лекараў на чале з сакратаром абкаму партыі тав. Лабанком, дзейнасьці якой спрыяў былы начальнік абласное ўправы МГБ Варановіч, а Лабанок зьяўляецца амэрыканскім рэзыдэнтам». Паведамленьне асьмеліліся прызнаць нагаворам толькі 28 сакавіка 1953 году, пасьля сьмерці «бессмяротнага» і рэабілітацыі «лекараў-забойцаў».)

У сярэдзіне 50-х гадоў падарункі пачалі раздаваць. Частка засталася ў маскоўскім музэі рэвалюцыі, многае пайшло ў сталінскі музэй у Горы, тое-сёе вярнулася ў Менск.

З таго часу падарункі ні разу не выстаўляліся. У Дзяржаўным мастацкім музэі думалі неяк паказаць жывапісную сталініяну, але рэстаўрацыя палотнаў запатрабавала сродкаў, якіх не знайшлі. Мастацкая каштоўнасьць абсалютнай большасці падарункаў Сталіну зь Беларусі вызначаецца толькі прозьвішчам імяніньніка. А вядома, чаго каштавала яно Беларусі… Нават падарункі Сталіну дзесяцігодзьдзі даваліся ў знакі — яны займалі дэфіцытныя плошчы перапоўненых сховішчаў, не дапускалі новыя творы мастацтва на захаваньне.

І ўсё ж, пры зьмене экспазыцыяў адзін экспанат варта пакінуць у музэях. Гэта фотакартка, каталёгавы нумар 2942 (музэй рэвалюцыі): «Калённая Заля Дому Саюзаў. І. В. Сталін у труне». На той выпадак, калі прачытаеш што-небудзь «такое» ў нашых газэтах, каб можна было хуценька забегчы ў музей і на свае вочы пабачыць нябожчыка ў труне.

Хоць ён быў майстрам ня толькі ў справе фальсіфікацыі народнай любові…

451° па Галоўліту

Калі амэрыканскі фантаст выдаў кнігу пра спаленьне кніг у будучыні[1], супрацоўнікі цэлага савецкага ведамства маглі па праву сказаць, што гэты твор прысвечаны іх прафэсійнай дзейнасьці, якая раней заставалася па-за ўвагай і прызнаннем шырокай грамадзкасьці. Уклад супрацоўнікаў гэтага ведамства ў нацыянальную культуру цяжка пераацаніць. Вось толькі адзін маленькі фрагмэнт іх творчасьці, якую захоўваюць архівы:

«Зьнішчэньне кніжак рабіць шляхам пропуску праз рэзальныя машыны друкарняў. Макулятуру ў дробна парэзаным выглядзе здаваць ва ўтыль. У райцэнтрах, дзе ў друкарнях няма рэзальных машынаў, прынятую літаратуру спальваць з адзнакай на акце спалення».

Шыхтавы статут блякне перад чаканным стылем Галоўнай управы літаратуры і выдавецтваў БССР, якая ўваходхіла ў склад наркамату асветы. Афіцыйны скарот — Галоўлітбел, яшчэ карацей — Галоўліт. «Асветніцкая» ўстанова з такой назвай была створана пастановай СНК БССР ад З студзеня 1923 году. Згодна з задачамі папярэдне, перад друкам, Галоўліт пераглядаў усе рукапісы, здымкі, малюнкі і выдаваў ці не выдаваў дазвол на друк, ажыццяўляў кантроль за друкарнямі, бібліятэкамі, кнігарнямі, слухаў радыёперадачы. Без Галоўліту немагчыма ўявіць разьвіцьцё навукі, нацыянальнага тэатру і кіно, жывапісу, скульптуры, эстрады і журналістыкі.

Апроч Галоўнай управы, для дагляду і своечасовай крытычнай дапамогі ва ўсіх абласных, акружных і раённых цэнтрах дзейнічалі мясцовыя «літы» са сваімі штатамі.

Шматгранная дзейнасць Галоўліту ў Беларусі працягвалася да пачатку вайны, а потым была адноўленая ў 1944-м у Навабеліцы, у першыя дні дзейнасьці ўраду БССР.

Пасьля сьмерці Сталіна, 15 сакавіка 1953-га Савет Міністраў вывеў Галоўліт са складу Міністэрства асьветы і перадаў у Міністэрства ўнутраных справаў, якое тады ўключала і былы НКВД — МГБ. Праз паўгода, у кастрычніку 1953-га, Галоўліт пакінуў сьцены МУС і набыў самастойны статус і новую назву — управа аховы вайсковай і дзяржаўнай тайны ў друку. У 1963 годзе Галоўліт далучылі да навастворанага Дзяржкамітэту па друку і паліграфіі, а з 1966-га да скону БССР цэнзурнае ведамства існавала як Галоўная ўправа па ахове дзяржтайны пры Савеце Міністраў.

Галоўліт, натуральна, лічыў сваю дзейнасьць дзяржаўнай тайнай і не афішаваў уласныя подзьвігі. Тым болей, што самая масавая, непасрэдная прадукцыя Галоўліту — прабел, пустата, не-быцьцё. Трэба прызнаць, што Галоўліт досыць пасьпяхова выконваў сваю функцыю. Паправіць ўжо амаль нічога немагчыма. Нават прачытаныя праз паўстагодзьдзя рукапісы і вернутыя навуковыя і мастацкія творы ў абсалютнай большасці ўжо выконваюць іншую ролю, у новым кантэксьце дзейнічаюць інакш, чым калі б яны пабачылі сьвет своечасова. Далёка ня ўсё, што забараняў Галоўліт, адносілася да катэгорыі шэдэўраў, але тыя творы былі хлебам і вадой культуры, безь якіх немагчыма зьяўленьне вяршыняў. Увогуле, катэгорыя адсутнасьці ці ня самая істотная для тлумачэньня нацыянальнай гісторыі апошняга стагодзьдзя. Адсутнасьць адных людзей і ідэяў зрабіла магчымым прысутнасць зусім іншых…

Ланцуговая рэакцыя не-быцьця робіцца заўважнай часам праз дзесяцігодзьдзі і праяўляецца ў агульнай дэградацыі грамадзтва, калі большасць дарослых выракаецца роднай мовы і можа пазбавіць дзяцей Радзімы.

Нягледзячы на грыфы «не падлягае агалошаньню», якімі Галоўліт пазначаў усё, што выходзіла зь ягоных сьценаў, выбраныя архіўныя старонкі даволі выразна агалошваюць ня толькі мэтадалёгію, але і псыхалёгію міністэрства праўды, якая існавала ў 30-я гады, ды і пазьней.

Як Калінін зьеў усё мяса, а Сталін скурыў тытунь

30 сакавіка 1938 году ўпаўнаважаны СНК па Сіроцінскім раёне Барсукоў і загадчык аддзелу культуры і прапаганды райкаму Ліўшыц вырвалі з насьценнага календара пяць лісткоў — за 22 красавіка, 5 траўня, 9 ліпеня, 8 і 21 лістапада. На лістках былі зьмешчаныя партрэты Леніна, Сталіна, Калініна, Молатава і Будзёнага.

Сваю акцыю Ліўшыц і Барсукоў ня толькі ня сталі трымаць у тайне, але з вырванымі партрэтамі прыйшлі на заняткі раённага Інстытуту завочнага навучаньня партыйна-камсамольскага актыву і правялі дыскусію, прысвечаную бальшавіцкай пільнасьці. Яе падрабязнасьці пераказваюцца ў лісьце начальніка Сіроцінскага райліту Градоўкіна ў Менск. Аказваецца, Барсукоў і Ліўшыц вырвалі партрэты правадыроў, бо, на іх думку, каляндар быў варожай правакацыяй. У сваім лісьце начальнік райліту падрабязна інфармуе пра хаду думак пільных камуністаў:

«Лісток календара за 22 красавіка — партрэт тав. Леніна. Ягоны гальштук, па-іхнаму, уяўляе галаву сабакі. Лісток за 5 траўня — партрэты тав. Леніна, тав. Сталіна, тав. Молатава. Тав. Сталін курыць люльку — па-іхнаму, тав. Сталін курыць у дзьве люлькі. Гэта значыць, што тав. Сталін пакурыў увесь тытунь у гады рэвалюцыі, і не было тытуню ў СССР. Лісток за 9 ліпеня — партрэт старшыні калгасу імя Варашылава тав. Бадмаева, які перадае рапарт тав. Сталіну аб перамогах у Бурат-Мангольскай АССР, па-іхнаму, паказвае, што тав. Сталін, прымаючы рапарт, перадае левай рукой нож. 8 лістапада — партрэт тав. Леніна і тав. Сталіна, размова па прамым дроце. У гэты час, па-іхнаму, тав. Сталін закрывае рот рабочаму, каб маўчаў. Лісток 21 лістапада — тав. Калінін і тав. Будзёны едуць на машыне. Па-іхнаму, тав. Калінін трымае на руках галаву цяляці, што азначае, што тав. Калінін паеў усё мяса, і яго не было ў СССР».

Далей аўтар ліста паведамляў: «Гэтая контррэвалюцыйная хлусьня была распаўсюджаная па некаторых установах праз слухачоў завочнага навучаньня, але празь мяне і мясцовыя органы НКВД была папярэджаная. Усё гэта ўзята ад упаўнаважанага СНК БССР Барсукова, які і падштурхнуў культпрапа, растлумачыўшы, што гэта паказала нейкая жанчына ў Менску, якая прыехала з Масквы».

Справа аб лістках календара таксама была перададзеная на бюро райкаму. Як НКВД папярэджваў сіроцінскіх партыйна-камсамольскіх актывістаў, дакладна невядома, але жаданьне варажыць над няякаснай паліграфіяй у іх, верагодна, больш не ўзьнікала. Ужо праз два тыдні пасьля выкрыцьця «выкрыцьця» ліст зь Сіроціна патрапіў у Галоўліт, а адтуль у ЦК КП(б)Б, дзе на ім зьявілася ляканічная рэзалюцыя і паведамленьне аб яе выкананьні. Акцыя Барсукова і Ліўшыца была расцэненая як контррэвалюцыйная правакацыя; Барсукоў мусіў узгадаць таямнічую «жанчыну з Масквы», а Ліўшыц пакаяцца ў наўмысным паклёпе на правадыроў. Хоць на самай справе ашалелыя ад бальшавіцкай пільнасьці таварышы сталі ахвярамі якраз таго, за што змагаўся Галоўліт…

Як беларускія таварышы выкрылі таджыцкіх трацкістаў на мове ідыш

Галоўліт штомесяц дасылаў у аддзел друку ЦК КП(б)Б зьвесткі пра зробленыя выкрэсьліваньні і правакацыі, спыненыя ягонымі супрацоўнікамі, прычым прыводзілася аргумэнтацыя дзеяньняў цэнзара. У цэнзуры працавалі паліглоты — у першыя дзесяцігодзьдзі савецкай улады у Беларусі выдаваліся газэты і часопісы на нямецкай, польскай, літоўскай мовах, на ідышы. Дасьведчанасьць цэнзараў сягала так далёка, што калі ў жніўні 1937 году габрэйская газэта «Юнгер Ленінец», якая выдавалася ў Менску, хацела надрукаваць таджыцкую народную легенду «Чалавечае шчасьце», Галоўліт выкрэсьліў легенду як ідэалагічна нявытрыманую. Цэнзары даслоўна пераклалі тэкст і накіравалі яго са сваім камэнтаром у ЦК.

«Калі Цімур (Тамерлан) нарадзіўся, сустрэліся Месяц з Сонцам над Памірам, прыляцела птушка і прынесла бацьку радасную вестку: нарадзіўся Саіб І-Кран, вялікі чалавек… Прайшлі гады. Цімур стаў вялікім кіраўніком і пераможцам.

Ён перамог шмат краінаў і зьнішчыў цэлыя народы, і чалавечая кроў лілася ракой, а сьлёзы — вялікімі морамі.

Ніколі людзі да Цімура ня бачылі такога крыважэрнага разбойніка. Цімур зьбіраў лепшыя творы чалавечай думкі — кнігі і хаваў іх. Пра адну кнігу, аб чалавечым шчасьці ён думаў доўга-доўга. Там было напісана, што шчасьце чалавецтва наступіць толькі тады, калі такія як Цімур будуць зьнішчаныя. Тады вырашыў Цімур украсьці ў чалавецтва кнігу шчасьця. Адным ударам шаблі расьсёк ён скалу, уклаў кнігу, скала зачынілася і схавала яе…

Мінулі стагодзьдзі… Зноў сустрэўся Месяц з Сонцам, але не над Памірам, а над сьнежнымі вяршынямі Каўкаскіх гор, і нарадзіўся новы вялікі чалавек… Новая срэбная птушка вярнула кнігу шчасьця людзям і стала расьпяваць аб новым Саіб І-Кране, які прагнаў памешчыкаў, абвадніў сухую зямлю ў Баршы, стварыў калгасы, будуе школы, вызваляе жанчын…»

Каб ня ўзьніклі сумневы, аўтары легенды зь ліку таджыцкіх прагандыстаў у канцы растлумачвалі: «Новы Саіб І-Кран быў Сталін».

Сумневы, аднак, ўзьніклі. У тлумачэньнях для ЦК цэнзары зрабілі аналіз, пасьля якога сумневаў не выклікала ўжо рэакцыйнасць легенды, якую, верагодна, прыдумалі таджыцкія трацкісты.

«Легенда ставіць побач як два Саіб І-Краны тав. Сталіна і разбойніка Цімура, прычым у самой легендзе не адзначана, хто зь іх быў найвялікшы чалавек. Сама думка аб параўнаньні тав. Сталіна хаця і з буйнейшымі асобамі сусьветнай гісторыі (хаця мы зусім не адмаўляем ролю асобы ў гісторыі) зьяўляецца палітычна шкоднай, тым больш, калі падаецца дзецям дашкольнага ўзросту.

Таксама палітычна няправільная думка аб тым, што ў Цімура была кніга аб чалавечым шчасьці, што ён яе ўкраў, а птушка вярнула тав. Сталіну. Гэтыя думкі няправільныя, бо кніга аб чалавечым шчасьці, інакш, навука аб вызваленьні чалавецтва, не магла існаваць тады, калі яшчэ не было пралетарыяту і гаворкі не магло быць аб дыктатуры пралетарыяту. Сама легенда зводзіць сутнасьць вучэньня гэтай кнігі да «зьнішчэньня людзей, такіх як Цімур», інакш кажучы, гэта ня што іншае, як рэакцыйная тэорыя расейскіх народнікаў аб тым, што грамадзтва можна перабудаваць шляхам тэрору супраць рэакцыйных правіцеляў, адмаўляючы неабходнасьць масавай палітычнай барацьбы.

Адсюль і палітычная шкоднасьць тэзысу аб тым, што названая кніга была знойдзеная і дастаўленая тав. Сталіну і ён на яе падставе пабудаваў чалавечае шчасьце. Вучэньне Маркса-Леніна-Сталіна нічога агульнага ня мае з вучэньнем усякіх народнікаў і да іх падобных, а наадварот, яно вырасла і ўзмацнілася ў барацьбе з гэтымі вучэннямі. Гэты тэзыс зводзіць ролю тав. Сталіна да вузкай ролі рэвалюцыянэра-практыка, думка яўна трацкісцкая.

Таксама палітычна шкодная думка аб тым, што існуючае вучэньне аб шчасьці народным магло быць выкрадзена ў чалавецтва. Пераводзячы гэты тэзыс на палітычную мову, значыць, могуць быць такія выпадкі, калі якія-небудзь прайдзісветы: Гітлер, Мусаліні і іншыя могуць шляхам рэпрэсіяў супраць рабочае класы і камуністычнай партыі зьнішчыць марксісцка-ленінскае вучэньне. Такі тэзыс супярэчыць выказванню тав. Сталіна на XVII зьезьдзе партыі».

Трацкісцкая легенда не прайшла. Газэту «Юнгер Ленінец» неўзабаве закрылі. Мэтадалёгія палітаналізу засталася…

Як Уладзімір Юрэвіч сказіў Уладзіміра Леніна

9 сакавіка 1937 году начальнік Галоўліту Ахрамовіч адрасаваў у палітасьветаддзел ЦК КП(б)Б і Інстытут масавага завочнага навучаньня партактыву ліст, у якім паведамляў, што дыктар радыёкамітэту Уладзімір Юрэвіч дапусьціў пры перадачы лекцыі на тэму «Сацыялізм і камунізм» шэраг «памылак тэксту», завізаванага Галоўлітам, якія мяжуюць з памылкамі стылістычнага і палітычнага характару. У выпадку паўтарэньня падобных парушэньняў упаўнаважаны Галоўліту будзе выключаць мікрафон і спыняць перадачу, папярэджваў Ахрамовіч.

Якія ж памылкі дапусьціў Уладзімір Юрэвіч? Кантралёр групы наступнага кантролю пры Галоўліце Радыёкамітэта (цэнзары дзяліліся на тых, хто правяраў тэксты да выхаду ў эфір, і на тых, хто слухаў і кантраляваў жывы эфір — магнітафонных запісаў тады не было) М. Ерамееў дакладаў:

«5 сакавіка 1937 году ішла лекцыя завочнай партвучобы на тэму «Сацыялізм і камунізм». Лекцыю ля мікрафону чытаў тав. Юрэвіч, які дадаваў нікому непатрэбныя словы, а менавіта:

Па-першае, дзе трэба і дзе ня трэба ўстаўляў слова «таварыш».

Па-другое, што трэба было чытаць, Юрэвіч не чытаў, як, напрыклад, адзначаную літаратуру.

Па-трэцяе, Юрэвіч скажона вымаўляў імя Леніна, замест Владзімір гаварыў Владымір і рабіў націск на апошнім складзе, г. зн. мір, у той час як у лекцыі пісалася проста Ленін, а імя і імя па бацьку ня значылася.

Па-чацьвертае, трэба было чытаць «Ленін пісаў», «Сталін пісаў», а Юрэвіч дадаваў слова «так» і атрымлівался: «Ленін пісаў так», «Сталін пісаў так».

Па-пятае, да цытатаў Леніна-Сталіна Юрэвіч устаўляў свае словы, напрыклад, там, дзе таварыш Сталін гаворыць аб нашым сялянстве, ён дадаў слова «гэта».

Па-шостае, Юрэвіч дадаваў шэраг непатрэбных уводных словаў, такіх як «ёсьць, так, вось, зразумела, усямерна, зьяўляюцца, умовы» і г. д.

Па-сёмае, Юрэвіч спрабаваў зрабіць свае высновы пасьля прачытанай ленінскай цытаты «Аб дзьвюх важнейшых умовах для ажыцьцяўленьня поўнага камунізму», дзе ён дадаў тлумачэньне: «Вось, тварышы, як Владымір Ільіч сказаў».

Пасярэдзіне лекцыі цэнзар перапыніў дыктара і прыгразіў, што ў выпадку адступленьняў ад тэксту перадача будзе спыненая. «Канец лекцыі быў прачытаны так, як было напісана ў лекцыі,» — з пачуцьцём унутранага задавальненьнья заканчваецца службовая запіска. Наўскось дакумэнту надпіс: «Паведамлена кіраўніцтву інстытуту для прыняцьця мераў». Асаблівую важкасьць рэзалюцыі надае дата: «27 сакавіка 1937 году».

Уладзіміра Юрэвіча ліха абыйшло і яшчэ многія дзесяцігодзьдзі ягоны голас гучаў з радыёдынамікаў. Няйначай, перш арыштавалі тых, каму адрасавалася службовая запіска…

Мова гарыць… (загад № 33)

Дату 3 чэрвеня 1937 году дарэмна шукаць у літаратурных энцыкляпэдыях і падручніках гісторыі. Між тым, гэта безумоўна гістарычная дата для беларускай мовы, культуры і навукі. У гэты дзень пад грыфам «не падлягае абвяшчэньню» Галоўліт БССР выдаў загад № 33 пад назваю «Сьпіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі зь бібліятэк грамадзкага карыстання, навучальных установаў і кнігагандлю». Загад атрымаўся зьмястоўны — сьпіс шкодных кніжак, выдадзеных у РСФСР, БССР, УССР па-расейску, па-беларуску, па-ўкраінску, а таксама на габрэйскай, польскай, армянскай, адыгейскай, таджыцкай, абхаскай, башкірскай і яшчэ шасьці іншых мовах заняў 111 старонак.

Сьпісы выдаваліся пад расьпіску ў часовае карыстанне дырэктарам бібліятэк і кнігарняў. Паколькі такіх установаў пад час ліквідацыі непісьменнасьці распладзілася даволі шмат, для зручнасьці загад быў аформлены і выдадзены кнігай накладам 3000 асобнікаў.

Дырэктары павінны былі пільна перагледзець паліцы, сабраць крамолу, скласьці акты ў трох асобніках і адабраныя кнігі разам з трыма асобнікамі актаў здаць начальнікам акруговых, гарадзкіх ці раённых аддзелаў Галоўліту. Першы экзэмпляр акту канфіскацыі перасылаўся ў Менск у Галоўліт, другі ішоў у мясцовы аддзел НКВД, а трэці заставаўся ў райліце.

У бібліятэчных каталёгах і картатэках канфіскаваную кнігу патрабавалася выкрэсьліць тушшу, але пакінуць яе парадкавы нумар і цану. Канфіскацыі падлягалі таксама асобныя нумары часопісаў, дзе былі надрукаваныя арыкулы забароненых аўтараў. Інструкцыя лібэральна ўдакладняла — з гадавых камплектаў часопісы не вырываць.

Апошні, шосты пункт загаду патрабаваў ад цэнзараў няўхільна кіравацца тым, што канфіскацыі падлягаюць толькі тыя выданьні, якія прадугледжаныя сьпісамі Галоўліту. Але паколькі пільнасьць — справа творчая, у загадзе тлумачылася, што рабіць з падазронымі выданнямі, якія, на думку мясцовых органаў Галоўліту, таксама было пажадана канфіскаваць. Такія выданьні падлягалі часовай ізаляцыі, пасьля чаго іх сьпіс і матывы арышту перасылаліся ў Галоўліт, які сваёй уладай уключаў іх у афіцыйныя праскрыпцыйныя сьпісы.

Загаду № 33 было наканаванае доўгае жыцьцё. Ён захоўваў сваю сілу на працягу дзесяцігодзьдзяў, толькі крыху зьмяняючы і ўдакладняючы назвы ды лексыку. Замест тэрміну «канфіскацыя» сталі ўжываць «ачыстка». Напрыклад, у 1954 годзе была прынятая пастанова ЦК КПБ «Аб ачыстцы бібліятэк, кніжных кіёскаў, магазінаў і баз ад састарэлай і палітычна шкоднай літаратуры». Галоўліт СССР рэгулярна выдаваў тамы «Зводнага сьпісу кніг, якія падлягаюць выключэньню зь бібліятэк і кнігагандлёвай сеткі» (у лібэральным 1960-м гэтая «антыкніга» выйшла ў двух тамах).

Падобныя выданьні паўтараліся ў рэспубліках, іх дапаўнялі бягучыя загады, выкліканыя чарговай зьменай палітычнай кан'юнктуры. Так, у студзені 1959-га выйшаў загад аб канфіскацыі твораў членаў антыпартыйнай групы. Цэнзары зноў і зноў шнырылі па паліцах бібліятэк і кнігарняў. У адным 1961 годзе яны праверылі 3000 бібліятэк і 456 крамаў, і ў 629 бібліятэках і 21 краме знайшлі крамолу. У справаздачы ЦК КПБ цэнзары дакладалі, што дадаткова канфіскавалі 2351 кнігу і часопіс зь бібліятэк і яшчэ 111 выданьняў з кнігарняў. Толькі ў адной бібліятэцы Вярэйкаўскага сельскага клюбу ў Асіповіцкім раёне было знойдзена 11 кніг Малянкова, Булганіна, Кагановіча і Шэпілава. Гэты прыклад выразна ілюструе, што засталося ў вясковых бібліятэках пасьля шматгадовых папярэдніх чыстак…

Загад № 33 падрабязна тлумачыў начальнікам акруговых, абласных і раённых літаў, як быць з канфіскавнай літаратурай: «Рабіць зьнішчэньне шляхам пропуску праз рэзальныя машыны друкарняў. Макулятуру ў дробна парэзаным выглядзе здаваць ва ўтыль. У райцэнтрах, дзе ў друкарнях няма рэзальных машынаў, прынятую літаратуру спальваць з адзнакай на акце спалення».

Альфабэтны сьпіс выдадзеных у Беларусі кніг, якія прадпісвалася спаліць паводле загаду № 33 Галоўліту БССР ад З чэрвеня 1937 году, займаў дванаццаць старонак і налічваў 421 пазыцыю. На самой справе выданьняў і твораў, якія належала спапяліць, было ў некалькі разоў больш. Супраць 53 прозьвішчаў у гэтым сьпісе стаіць адзнака «усе кнігі», а таксама многія пазыцыі дадаткова пазначаліся літарамі. Як правіла, іх аўтары ўжо раней прайшлі па сьпісах, якія складалі ў роднаснай Галоўліту арганізацыі, НКВД.

У ліку прысуджаных да зьнішчэньня — кнігі Францішка Багушэвіча, Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, паэма «Тарас на Парнасе», раманы, апавяданьні, п'есы. Ёсьць і кур'ёзы кшталту сталінскіх «Пытаньняў ленінізму» — верагодна, арыштавалі перакладчыка, як, верагодна, і аўтара кнігі зь вясёлым загалоўкам «Паноў трэба зьнішчаць гуртам».

Асаблівая катэгорыя асуджаных на агонь — тэрміналагічныя слоўнікі і даведнікі, граматыкі, лемантары, чытанкі, падручнікі, навучальныя дапаможнікі, дыялектныя зборнікі, мовазнаўчыя працы, створаныя ў эпоху прывіднай беларусізацыі. Палілі мову…

Вогнішчы з кніжак ўспыхнулі ў Беларусі раней, чым у фашыстоўскай Нямеччыне. Мартыралёг беларускай культуры, якую прадпісвалася зьнішчыць ў 1937-м і іншых гадах (падобныя сьпісы рэгулярна абнаўляліся), лепш за любыя падручнікі гісторыі і камэнтары спэцыялістаў тлумачыць, што сталася зь Беларусяй.

Прынятую літаратуру спальваць

(Разьдзел «Выданьні БССР» загаду № 33 Галоўліту БССР ад З чэрвеня 1937 г.)[2]

1. Астроўскі Р. — усе кнігі.

2. Аляхновіч Ф. — усе кнігі.

3. Асновы Марксісцка-Ленінскай педагогікі. — Хрэстаматыя. Склад. Дарадак і Панкевіч. Т. І. Выд. 1932 г.

4. Агурскі — Рэволюцыйны рух у Беларусі. Выд. Гістпарта КП(б)Б. 1925 г.

5. А. Ж. — Беларуская соцыял-дэмакратычная партыя, яе характар і заданні. Менск. 1920.

6. Абдзіраловіч Ігнат. — Адвечным шляхам. Вільня. 1921.

7. Арол М. — Чаму-ж усыхаюць кветачкі польскія на гною беларуска-літоўскім? Ліда. 1921.

8. Арыфметычная тэрміналогія. Вільня. 1921.

9. Астроўскі Радаслаў. — Касмаграфія. Вільня.

10. Азбукін М. і Смоліч А. — Школьная карта Беларусі. Менск. 1925.

11. Анцаў Міхаіл. — Зайчык-грайчык. Менск. 1930.

12. Астапенка Змітрок. — Краіне. Вершы. Менск. 1931.

13. * * * * * — На ўсход сонца. Менск. 1931.

14. Алёшка. — Суседзі. Менск. 1932.

15. «Атака». Выд. БДВ. 1934.

15а. Абісінія як яна ёсць. ДВБ. Менск. 1936.

15б. Александровіч А. — Напор. П'еса. Усе выданні.

15в. * * * * * — Цені на сонцы. Усе выданні.

16. Беларуская навуковая тэрміналогія. Выд. 19. Слоўнік сельскагаспадарчай тэрміналогіі. Менск.

17. Беларуская навуковая тэрміналогія. Вып. 20. Менск.

18. Беларуская навуковая тэрміналогія. Слоўнік хімічнай тэрміналогіі. Менск.

19. Беларуская навуковая тэрміналогія. Вып. 7-мы. Менск. 1926.

20. Беларуская навуковая тэрміналогія… Менск. 1927.

21. Беларуская навуковая тэрміналогія. Слоўнік хімічнай тэрміналогіі. Менск. 1929.

22. Беларуская навуковая тэрміналогія. Тэрміналогія грамадазнаўства. Менск. 1927.

23. Беларуская навуковая тэрміналогія. Вып. 14. Слоўнік матэматычнай тэрміналогіі. Менск. 1927.

24. Беларуская навуковая тэрміналогія. — Вып. 15. Слоўнік граматычна-лінгвістычнай тэрміналогіі. Менск. 1927.

25. Беларуская навуковая тэрміналогія. Вып. 17. Слоўнік бухгальтэрскай тэрміналогіі. Менск. 1928.

26. Беларуская навуковая тэрміналогія. Менск. 1922.

27. Беларуская навуковая тэрміналогія. Вып. ІІ. Практыка і тэорыя літаратурнага мастацтва. Менск. 1923.

28. Беларуская навуковая тэрміналогія. Вып. ПІ. Геаграфічныя і касмаграфічныя тэрміны і назвы нябесных цел. Менск. 1923.

29. Беларуская навуковая тэрміналогія. Вып. 5. Геалогія, мінералогія, крышталяграфія. Менск. 1924.

30. Беларуская навуковая тэрміналогія. Вып. IV. Батаніка агульная і спецыяльная. Менск. 1924.

31. Беларуская навуковая тэрміналогія. Вып. VI. Тэрміналогія логікі і псіхалогіі. М. 1923.

32. Беларуская навуковая тэрміналогія. Выд. 19. Слоўнік с/г тэрміналогіі. М. 1928, 1929.

33. Барычэўскі Аўгінь. — Матчын дар — А. Гаруна. Менск. 1928.

34. Байкоў Мікола. — На літаратурныя тэмы. Менск. 1929.

35. * * * * * — Наша сіла — советы. Усе выданні. Менск.

36. Бялевіч К. — Новае жыццё. Менск. 1928.

37. Байкоў М., Некрашэвіч С, Багдановіч М. — Наша сіла — ніва ды машына. Менск. 1925.

38. Бабровіч і Багданскі. — Аб класавай барацьбе ў Заходняй Беларусі ў часы беларускай сялянска-работніцкай грамады. Выд. ВАН. 1932 г.

39. Багдановіч Максім. — Празаічныя творы. Менск.

40. Бальшакоў. — Краязнаўчае вывучэнне арганізацыі працы ў калгасах. Менск. 1931.

41. Бенек. — Усе кнігі.

42. Быхаўскі Б. — Нарыс філасофіі дыялектычнага матэрыялізма. Менск. 1931.

43. Бульбянік Захар. — Смех і радасць вёскі. Менск. 1929.

44. Бойка Барыс. — Гаспадарчая характарыстыка севазварота. Менск. 1930.

45. Байкоў І. — Кіраўніцтва ў калгасах. Менск. 1931.

46. Бляхер Я. І. — Неарганічная хімія. Менск. 1931.

47. Беларускі флірт. Вільня. 1921. 48 асобных картак.

48. Бурачок Мацей. (Багушэвіч Ф.) — Дудка беларуская. Вільня. 1921.

49. Бяроза А. — Расійска-польскі баль і Беларускае пахмелле. Пінск. 1921.

50. Беларускі тэатр. Вільня. 1924.

51. Байкоў М. і Гарэцкі М. — Практычны расійска-беларускі слоўнік. Усе выданні.

52. Бузук П. А. — Асноўныя пытанні мовазнаўства. Менск.

53. * * * * * — Некаторыя непаразуменні ў спрэчках аб рэформе Беларускага правапіса. Менск. 1926.

54. * * * * * — Спроба лінгвістычнае геаграфіі Беларусі. Ч.І. Фанетыка і марфалогія. Менск. 1928.

55. * * * * * — Да характарыстыкі паўночна-беларускіх дыялектаў. М. 1926.

56. Байкоў М. і Некрашэвіч С. — Беларуска-расійскі слоўнік. Менск. 1927.

57. Бараноўскі, Ажгірэй В., Залуцкі В. — Барацьбіт. Менск.

58. Барашка І. Я. — ІІ ліпеня. Менск. БДВ. 1930.

59. Баранавых Сымон. — Усе кнігі

60. Багун Міхась * * * * *

61. Багдановіч А. * * * * *

62. Бабарэка А. * * * * *

63. Баліцкі. * * * * *

64. Баршчэўскі Я. — Начэпнасць. Вільня. 1917.

65. * * * * * — Чорнакніжнік і змяя, што вылупілася з пятушынага яйца. Вільня. 1917.

66. Багушэвіч Францішак. — Дудка беларуская. ІІ. Смык беларускі. Менск.

67. * * * * * Дудка беларуская. (Вершы). Коўна.

68. * * * * * Дудка беларуская. Коўна.

69. Бядуля 3. — Жыды на Беларусі. Менск. 1918.

70. Байкоў М. — Прыкметы новай педагогіі. Менск. 1921.

71. Беларусь. Нарысы гісторыі, эканомікі, культурнага і рэвалюцыйнага руху. Менск. 1924.

71а. Бэндэ. — Усе кнігі.

72. Воўк-Левановіч В. Усе кнігі.

73. Вольны А. Усе кнігі.

73а. Валабрынскі А. — Усе кнігі.

74. Варонка Я. — Беларускі рух ад 1917 да 1920 года. Коўна. 1920.

75. Выпісы з беларускай літаратуры. Ч.ІІ. Менск. 1923.

76. Верас Зоська. Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік. Вільня. 1924.

77. Вашкевіч Л. — Расійска-беларускі слоўнік дзеля чыгуначных мясцкомаў. Магілёў. 1926.

78. Вынікі працы інстытута сялян даследчыкаў. Менск.

79. Вольфсон і Гак. — Гістарычны матэрыялізм. Менск. 1931.

80. Валасевіч. — Самая кароткая гісторыя ВКП(б). Менск.

81. Валодзька Ф. І. — Карантын раслін і значэнне яго ў справе пад'ёму ўраджайнасці. 1935.

82. Вынікі перавыбараў сельсоветаў Магілёўшчыны. Выд. Маг. РВК 1934.

83. Гарэцкі М. — Усе кнігі.

84. Гарун А. * * * * *

85. Геаграфічны атлас для пачатковай школы. Выд. 1935 г. Усесаюзн. Картаграфічны трэст.

86. Галубок Уладыслаў. — Апошняе спатканне. Драма. Вільня. 1919.

87. * * * * * — Суд. Менск. 1925.

87а. Сукоўскі А. І. Антанта і Кастрычніцкая рэволюцыя. БДВ. Менск. 1932.

88. Гурло Алесь. — Барвенак. (Вершы). Менск. 1924.

89. * * * * * — Межы. (Выбраныя вершы). Менск.

90. Гарэцкая Л. — Родны край. Вільня. Усе выданні.

91. Гутоўскі Улад. Д. — Сурдут і сярмяга. Вільня. 1922.

92. Грыневіч А. — Школьны спеўнік. Вільня. 1920.

93. Грамыка Міхайла — Пачатковая геаграфія. Менск. 1923.

94. * * * * * — Плынь. (Вершы). Менск.

95. * * * * * — Каля тэрасы. Менск. 1929.

96. Гарэцкі М., Дзяржынскі Ул. і Каравай П. — Выпісы з беларускай літаратуры. Масква-Ленінград. 1925.

97. Гаўрук Юрка. — Вясковыя рыскі. Менск. 1926.

98. Гістарычна-археалагічны зборнік № І. Менск. 1927.

99. Глыбоцкі Тодар. — Усе кнігі.

100. Гарабурда Канстантын. — Сусвет і зямля. Менск. 1929.

І00а. Гірчак Е. Ф. — Хвілёвізм. (Пераклад з украінскай мовы). БДВ. Менск. 1931.

101. Гаруновіч. — Супроць нацыянал-дэмакратызма. 1930.

102. Галенчанка Л. — Размеркаванне прыбыткаў і ўраджаю ў калгасах. Менск. 1931.

103. Гак і Майзель. — 13 год вызвалення БССР. Менск. 1933.

104. Ганчарык. — За культуру соі ў БССР. Выд. БАЙ. 1932 г.

105. * * * * * — Уплыў ультрафіялетавых праменняў на ўтварэнне антоцыяніну ў раслінах. 1932 г. БАЙ.

106. Гарбацэвіч. — Паланізацыя Заходняй Беларусі. 1933.

106а. Глебка П. Шыпшына. Лірыка. «Узвышша». Менск. 1927.

107. Доўнар-Запольскі. — Усе кнігі.

108. Дубоўка У. * * * * *

109. Дзяржынскі У. * * * * *

110. Друшчыц В. * * * * *

111. Даўгяла 3. * * * * *

112. Дарожны С. * * * * *

113. Дудар А. * * * * *

113а. Дзякаў * * * * *

114. Дардак Ю. С. і Ерафеяў Ю. Ф. — Класавая барацьба ў школе. Выд. ДВБ. 1933 г.

115. Дзядзька Пранук. — Стася. Вільня. 1922.

116. Дыяменты беларускага прыгожага пісьменства № 1. Зборнік абраных твораў Дунін-Марцынкевіча, Мацея Бурачка, Ядвігіна Ш. і інііі Кіеў. 1919 г.

117. Дысцыплінарныя правілы караў для арміі. (Пераклад з польскага). Лодзь. 1920.

118. Дуж-Душэўскі К. і Ластоўскі В. Слоўнік геаметрычна-трыганаметрычных тэрмінаў і сказаў. Коўна. 1927.

119. Дэкламатар. Вільня. 1921.

120. Дзяркач А. — Міколава гаспадарка. Менск. 1927.

121. * * * * * — Усім патроху… Менск. 1930.

122. Друшчыц Васіль. — Места Вільні ў першай палове XVI сталецця. Менск.

123. Друцкі-Падбярозкі Б. — Байкі, гумар, сатыра. Вільня

123а. Да дню вызвалення Беларусі ад белапалякаў. Зборнік. Злажылі: Капаевіч П. і Сяўрук М. Выд. «Чырвоная змена». Менск. 1927.

123б. Драматургія. — Зборнік. Пад рэдакц. Александровіча, Бурскага, Дунца, Я. Коласа і Клімковіча. БАЙ. Менск. 1934.

124. Езавітаў К. Становішча беларускай школы ў Літве. Вільня. 1923.

125. Жылуновіч (Ц. Гартны). — Усе кнігі.

126. Жукаў і Гарэлікаў. — За правільнае і беражлівае скарыстанне каня. Выд. Белгнз. 1934.

127. Жніво і дажынкі. — Вільня. 1918.

128. Жылка Уладзімір. — На ростані. Вільня. 1924.

129. * * * * * * — Уяўленне. (Вершы). Вільня. 1923.

130. Журба Я. — Заранкі. (Вершы). Менск. 1924.

131. Ждановіч С. А. і Ярашчук А. О. — Характарыстыка сельскай гаспадаркі Беларусі на падставе даных аб чыгуначнай і вадзяной перавозцы. Менск. 1926.

132. Знаёмы Е. — Усе кнігі.

133. Звонвак А. * * * * *

134. Зарэцкі М. * * * * *

135. «Знішчым шкоднікаў ільна і канапель». Плакат. ДВБ. 1936 г.

136. Зажынкі. Масква. 1918.

137. Зборнік сцэнічных твораў. Сшытак І і 2. Менск. 1918.

138. Зборнік «Альманах І». Выданне 1935 г.

139. Зборнік твораў для дзіцячага тэатра. Данілка і Алеська. М. Кудзелька. — У лясным гушчары. Ф. Аляхновіч. — Датрымаў характар. А. Гарун. — Марылька, Сымон і Рак. Менск. 1920.

140. Заходняя Беларусь. Зборнік грамадскае мыслі, навукі, літаратуры, мастацтва Заходняй Беларусі. Кн. І. Вільня. 1923 г.

141. Зборнік беларускіх ведамасцей. № І, 2 і 3. Вільня, 1921.

142. Зборнік артыкулаў. Этнаграфія, антрапалогія, псіхалогія, псіхатэхніка і навуковая арганізацыя працы. Менск. 1928 г.

143. Запіскі аддзелу гуманітарных навук. Кніга 2. Працы кафедры этнаграфіі. Том І. Менск. 1928. Кніга ІІ.

145. Запіскі кафедры этнаграфіі. Т.І. М. 1928 г. Кніга VI. Праца камісіі гісторыі мастацтва. Том І. Менск. 1928.

146. Запіскі беларускай дзяржаўнай акадэміі сельскай гаспадаркі імя Кастрычніцкай рэволюцыі. Том УІН. Горкі. 1928 г.

147. Заблоцкі П. — Асновы сельскай гаспадаркі. Менск. 1929.

148. Запіскі аддзела гуманітарных навук. Кн. ПІ. Працы класа гісторыі. Менск. 1928.

149. Запіскі аддзела гумай, навук. Кніга VI. Праца камісіі гісторыі мастацтва. М. 1928.

150. Змаганне за асеннюю сяўбу і зяблівае ворыва. Зборнік. Менск.

151. Ісбах А. — Крушэнне. (Пераклад з рускай мовы). ДВБ. Менск. 1932.

152. Ігнатоўскі У. — Усе кнігі.

153. Івушка-Калінушка. — Непаслухмяныя. Менск. 1925.

154. Інструкцыя да збірання народнага слоўніка тэрміналагічнага матэрыяла ў беларускай мове. Менск. 1925.

155. Ініцкі Уладзімір. — Сон Гаўрылы і розныя вершы. Вільня. 1928 г.

156. Іваноў. — Сельска-гаспадарчае птушкаводства. Менск. 1933.

157. Ісаакаў. — Пастаўка збожжа дзяржаве — першачарговая задача. Менск. 1933.

158. Інфармацыйны бюлецень № 5–6. ВАН. 1932 г.

159. * * * * «№ 7. ВАН. 1933 г.

160. Каваль Васіль. — Усе кнігі.

161. Куніцкі. * * * * *

162. Кляшторны Тодар. (Фёдар). Усе кнігі.

163. Кісель. — Чырвоны баец. БВО. 1934 г. Выд. 2-е.

164. Кастрычнік на Беларусі. — Зборнік статей. Скл. Агурскі. Менск. 1927 г.

165. Каганец К. — У іншым шчасці няшчасце схована. Вільня. 1919.

166. Каляда. — Гарадня. 1920.

167. Карскі Е. — Беларускі народ і яго мова. Менск. 1920.

168. Кашчына С. — Рэквізіцыя. Ваўкавыск. 1923.

169. * * * * * — Адстаяў. Беласток. 1922 г.

170. * * * * * — Дагадаўся. Ваўкавыск. 1922 г.

171. Канчар А. Класавае, нацыянальнае і рэлігійнае змаганне на Беларусі. Вільня. 1921.

172. Кудзелька І. Ф. — Усе кнігі.

173. Каспяровіч А.У. — Беларуска-расійскі слоўнічак. Віцебск. Выд. 1926 г.

174. * * * * * — Краязнаўства. (Нарысы). Менск. 1929 г.

175. * * * * * — Віцебскі краявы слоўнік. Віцебск. 1927 г.

176. * * * * * — Вывучэнне культурнага стану краю. Менск. 1927 г.

177. * * * * * — Матэрыялы да вывучэння віцебскай краёвай літаратуры і мастацтва. Менск. 1927 г.

178. * * * * * — Матывы барацьбы ў творчасці М. Багдановіча. Менск.

179. Каспяровіч А. У. — Узоры для літаратурных гурткоў «Маладняку» і гурткоў селькораў. Менск. 1927 г.

180. Капаевіч П. Э., Сяўрук М. і Баркоўскі С. — Чырвонасялянская вечарынка. Менск. 1927 г.

180а. Кучар А. — Вялікая перабудова. БДВ. Менск.

181. Капаевіч П. і Сяўрук М. — Літаратурная чытанка для вячэрніх школ І-й ступені. Ч. І-я. Менск. 1932 г.

182. Карніенка. — Класавая барацьба на гістарычным фронце Беларусі. Менск. 1932 г.

183. Капаевіч Павел. — Супроць капіталістаў і памешчыкаў. Менск. 1928 г.

184. Кабакоў і Лур'е. — Старонкі мінулага. Віц. ОСПС. 1928 г.

185. Купала Ян. — Том І-шы. Менск. 1928 г.

186. * * * * * — 1918–1928 гг. Творы. Менск. 1930 г.

187. Кіслякоў Ян. — Пасёлкі. Менск. 1928 г.

188. Крапіўніцкі М. — Па рэвізіі. Вільня. 1928 г.

189. * * * * * — Пашыліся ў дурні. Вільня. 1928 г.

190. Клеймборт Л. М. — Маладая Беларусь. Менск. 1928 г.

191. Краязнаўства. — Зборнік праграм і інструкцый краязнаўчай працы. Вып. І. Менск. 1929.

192. Кудзікаў С. — За масавую і суцэльную калектывізацыю. Менск. 1930.

193. Каганоўская. Ударная брыгада ў дзіцячым садзе. Менск. 1933.

194. Кірыяка А. і Дружына Г. — Ад чаго залежыць ураджай. 1933.

195. Каранёў В. — 200 пытанняў і адказаў па калгасным будаўніцтве. Менск. 1931.

196. Кніга. — Брыгадна-лабараторны метад у вузах і тэхнікумах. Выд. ДВС. 1932.

197. «КП(б)Б у рэзалюцыях». — Выд. Партвыдавецтва. 1934.

198. Крачкоўскі. — Замок Любельскі. 1935.

198а. Кержанцаў П. і Ляонцьеў Л. — Азбука ленінізма. Вып. І. БДВ. Менск. 1931.

199. Лёсік Я. Усе кнігі.

200. Луцкевіч А. * * * * *

201. Ластоўскі В. * * * * *

202. Ліхадзіеўскі С. * * * * *

203. Літаратурны зборнік «Вольнай Беларусі». — Сшытак першы. Менск. 1917.

204. Лясны Рыгор. — Гістарычная праўда. Гарадно. 1923.

205. Лесавік В. — Наша крыўда. Беласток. 1921.

206. Ластаўка. — Выд. 1924.

207. Ластоўскі В. — Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік. Коўна. 1924.

208. Ліпілін І. В. — Як совецкая ўлада будуе новае жыцьцё. 1933.

209. Лур'е. — Гандлёвы і пазыковы капітал. (Палітэканомія). 1932.

210. Лясны Зм. — Пра дні мінулыя. Выд. ДВБ.

211. Луцэвіч Ул. і Савёнак А. — Дашкольны спеўнік. Выд. ДВБ. 1933.

212. Маракоў В. Усе кнігі.

213. Мікуліч Б. * * * * *

214. Міцкевіч М. і Лёсік Я. — Як Мікіта бараніў сваіх. Менск. 1917.

215. Мыслінскі І. — «Общепонятая» мова. Менск. 1926.

216. Мазур Ігнат. — Чырвоная Беларусь. Менск. 1928.

217. Мацярыкін М. С. — Асновы індустрыялізацыі сельскай гаспадаркі БССР. Менск. 1930.

218. Маракоў. — Права на зброю. Менск.

219. Мірон К. — Інструкцыя па ўліку лесакультурных работ у леспрамгасах БССР. Менск. 1933.

220. Матэрыялы па вывучэнню геалогіі і карысных выкапняў Беларусі. — Том. VI. Выд. БАЙ. 1933.

221. Матэрыялы па вывучэнню геалогіі, гідралогіі і карысных выкапняў БССР. — Том VII. Выд. Бай. 1933.

222. Матэрыялы да справаздачы Белкаапсаюза. — Выд. Белкаапсаюза. 1934.

223. Мятла. — Аб таварыстве беларускай школы. Выд. ВАН. 1932.

224. Малякоў Л. І. — Веццевы корм. Выд. ДВБ. 1932. 224а. Майзель Ю. і Шапавалаў М. — Кароткі нарыс гісторыі КП(б)Б. ДВБ. Менск. 1929.

224б. Майзель. — 1905–7 гг. на Беларусі. Менск.

225. Некрашэвіч І. І. —Усе кнігі.

226. «Наша ніва». — Зборнік. Вільня. 1920.

227. Навіна Ант. — Жыдоўскае пытанне ў беларускай літаратуры. Вільня. 1921.

228. * * * * * — Пуцяводныя ідэі беларускае літаратуры. Вільня. 1921.

229. Народны прыгавор. — 1921.

230. Нацыянальнае пытанне і комуністычная партыя. — Менск. 1924.

231. Некрашэвіч М. І. — Жыццё і праца. Менск. 1925.

232. Некрашэвіч С. — Лемантар. Менск. Усе выданні.

233. * * * * * — Аб пашырэнні акання на чужаземныя словы. Менск. 1926.

234. * * * * * — Роднае слова. Менск.

235. * * * * * — Расійска-беларускі слоўнік. Менск. 1928.

236. Наша сіла — саюз. — Менск. 1926.

237. Некрашэвіч С. і Бузук П. — Праграма для збірання асаблівасцей беларускіх гаворак пераходных да суседніх моваў. Менск. 1927.

238. Некрашэвіч. — Беларускі нацыянал-фашызм.

239. Нісневіч С. — Арганізавана правядзем другую болынэвіцкую ўборачную кампанію. Менск. 1931.

240. Новасёлаў М. — Зямля расцвітае. (Пер. з рас. мовы). Менск. 1932.

241. Остэрлёф Вольдэмар і Шустэр Язэп. — Сусветная гісторыя. Вільня. 1921.

242. Олікер і Розенблюм. — Нарысы па гісторыі комсомола БССР. Менск. 1928.

243. Півавараў З. Усе кнігі.

244. Пушная. * * * * *

245. Прышчэпаў Д. * * * * *

246. Пічэта У. * * * * *

247. Палонскі. — 10 чырвонаармейскіх песен. Изд. БВО.

248. Паўловіч Альберт. — Васількі. П'еса. Вільня. 1919.

249. Памяці Івана Луцкевіча. — Вільня. 1920.

250. Парады закладчыкам спажывецкіх таварыстваў. — Вільня. 1920.

251. Праграмы Беларускае Ніжэйшае Пачатковае Школы. Менск. 1920.

252. Праграма Беларускай народнай партыі рэволюцыянераў-соцыялістаў. Вільня. 1920.

253. Праграма Беларускай партыі соцыялістаў-рэволюцыянераў. (Праект). 1920.

254. Праграма для гутарак па гісторыі роднага краю. Менск. 1921.

255. Праграма па роднай мове. Менск. 1921.

256. Пятровіч І. А. — Усе кнігі.

257. Паўлінка. — Сялянская доля. 1921.

258. Паўловіч Альберт. — Снапок. Вільня. 1921.

259. Прэч рукі ад нашай зямлі. 1921.

260. Пушкевіч Ю. — Лемантар для ўзрослых. Менск. 1926.

261. Падгорны А. і Нікулін Я. — Палітграмата. Менск. 1926.

262. Праца акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапіса і азбукі. — Менск. 1927.

263. Паваротны. — Камсамольцы ў калгасе. Выд. 1930.

264. * * * * * — Камсамольскія вячоркі. Менск. 1927.

265. Піотуховіч Міхал. — Францішак Скарына і яго літаратурная дзейнасць. Менск. 1927.

266. * * * * * — Ля вытокаў лірыкі Янкі Купалы. Менск. 1927.

267. * * * * * — Паэтычнае светаадчуванне ў творчасці Якуба Коласа. Менск. 1927.

268. * * * * * — Нарысы гісторыі Беларусі і літаратуры. Ч. І-я. Менск. 1928.

269. Працы Горы-Гарэцкага навуковага таварыства. Том І. Горкі. 1928.

270. Працы Беларускага Дзяржаўнага Універсітэта ў Менску. № 16. — Педагагічны факультэт. Менск. 1927.

271. Першы год працы БНД Інстытута і рабочы план працы на 1927–1928 год. (Склалі Прышчэпаў, Гарэцкі і Думах). Менск. 1927.

272. Пратасевіч Іван. — Рабочая кніга па беларускай мове. Сістэматычны курс марфалогіі і элемента сінтакса. Менск. 1928.

273. Праект укладання слоўніка жывой беларускай мовы. Менск. 1929.

274. Праваслаўны каляндар на 1929 год. Менск. 1929.

275. Прохараў А. А. — Культура цукровых буракоў БССР. Менск. 1930.

276. Пруслін. — 1917 году Полацку. Выд. 1934.

277. Лікуе, Жванскі, Баяровіч, Крывадубскі. — Памятка па арганізацыі севазварота ў прамысловасці і свінасоўгасах. Менск. 1932.

278. Пеўзнер. — Грамадазнаўства. Менск. 1927.

279. Прымерцы план работы. Выд. Аршанскага Райсовета Асоавіяхіма.

280. Пралеска Язэп. — Паноў трэба знішчаць гуртам. Выд. ДВБ. 1933.

281. Петрайціс. — Лемантар. ДВБ. 1931.

282. Пігулеўскі. — Кніга для чытання пасля лемантара. ДВБ. 1932.

283. Пастанова Цэнтр. Совета Асоавіахіма па дакладу тав. Кузьнецова. — «Аб ходзе падрыхтоўкі і задачах новага вучэбнага году». 1933.

283а. «Полымя рэволюцыі». Увесь камплект за 1934 год.

284. Пруднікаў Алесь. — Зямныя зоры. Выд. ДВБ. ЛІМ. 1932.

285. Рак-Міхайлоўскі С. — Усе кнігі.

286. Рак-Сімон. — Гутарка аб беларускай мове. Менск. 1919.

287. Радзевіч Л. — Пакрыўджаныя. (П'еса). Менск.

288. * * * * * — Рэволюцыйным шляхам. Менск. 1928.

289. * * * * * — Сцэнічныя творы. 1921.

290. * * * * * — Беларусь. (Вершы). Вільня. 1922.

291. * * * * * — Досвіткі. 1922.

292. Ракіта С. — Усе кнігі.

293. Рэўка С. — З-пад Барысава (Ф. Багушэвіч). Смык беларускі. Коўна. 1922.

294. Равінскі М. — Зборнік песень з нотамі. Менск. 1922.

295. Роднае слова. Менск. І і ІІ ч. Усе выданні.

296. Русак М. — Народны суд над селянінам, запусціўшым сваю гаспадарку. Менск. 1924.

297. РэвоЛюцыя 1905 г. (Зборнік пад рэд. Ігнатоўскага і Я. Левіна. Менск. 1926.

298. Рудоміно Г. — Грамадазнаўства. Менск. Усе выданні.

299. Рудоміно Юры — Грамадазнаўства. Менск.

300. Рэкамендацыйны спіс літаратуры да XI гадавіны са дня смерці В.І.Леніна. Выданне Дзяржбібліятэкі. 1935.

300а. Розенблюм. — Усе кнігі.

301. Смоліч А. — Усе кнігі.

302. Сташэўскі В. * * * * *

303. Скрыган Я. * * * * *

304. «Совецкае будаўніцтва». Журнал № 8–9. Выд. 1926 г.

305. Смоліч Аляксандра — Зорка. Беларуская граматыка. Вільня. Усе выданні.

306. Сучасны — П. С. Х. Фацэція на 1-ю дзею. Вільня. 1923.

307. Сцэнічныя творы для дзіцячага тэатра. Вільня. 1923.

308. Спекулянты беларускай душой. 1921.

309. Станкевіч Янка. — Беларускі правапіс з практыкаваннямі. Вільня. 1921.

310. * * * * * Правапіс чужых слоў. Вільня. 1921.

311. Стыдна маўчаць і чакаць. 1921.

312. Сцэнічныя творы: Ц. Гартны — Соцыялістка. М. Кудзелька — Сон на балоце. Ф. Аляхновіч — Калісь, лес шумеў. Менск. 1924.

313. Сваяк Казімір. — Мая ліра. (Вершы). Вільня. 1924.

314. Суліма — Здзехоўскі аб беларускай душы. Вільня. 1924.

315. Самковіч У. і Пратасевіч І. — Родныя шляхі. Менск.

316. Слоўнік лясных тэрмінаў. Менск. 1926.

317. Сцепановіч Хв. — Родная мова ў комплекснай сістэме выкладанне ў школе І-га канцэнтра. Менск. 1928.

318. Сцэнічныя творы. (Зборнік). Вільня. 1928.

319. Сержпутоўскі Александр — Прымхі і забабоны беларускіх паляшукоў. Менск. 1930.

320. Сталевіч — Беларускі нацыянал-фашызм. 1930.

320а. Сілін Б. і Захараў. — Як кашалі плесці. БДВ. 1926.

321. Скрыпнік — Нацыянальнае пытанне ў праграме комінтэрну. Менск. 1930.

322. Слоўнік тэрміналогіі агульнае раслінагадоўлі. Менск.

323. Соя ў БССР. Менск. 1933.

324. Сіневока-Неразік — Рабочая кніга З год навучання. Ч. І і ІІ. ДВБ. 1932 г.

325. 17 год на варце соцыялізма. Брашура Иванова. Выд. БВО. 1935.

326. Совецкая дэмакратыя. Зборнік. Выд. БелАН.

327. Салагуб — Лукішкі. Выд. 1932 г.

328. Сыцько В. М. — Крытыка трацкісцкай тэорыі імперыялізму. Выд. БАН. 1934 г.

328а. Сталін І. В. — Пытанні ленінізму. На белмове. Пераклад Яна Густыра. Белдзяржвыдавецтва. Менск. 1931 г.

329. Таўбін Ю. — Усе кнігі.

330. 1905 год у Беларусі. — Зборнік артыкулаў пад рэдакцыяй Шульмана. Менск. 1925 г.

331. Тарас на Парнасе. Менск. 1917.

332. Тарашкевіч Б. — Беларуская граматыка для школ. Вільня. Усе выданні.

333. Тарас Палясоўшчык. — Коўна. 1925.

334. Тутэйшы — Што дзяліць, а што не, каб супакой быў на свеце. 1920.

335. Тэраўскі Ул. — Беларускі спеўнік з нотамі на тры галасы паводле народных мелодый. Менск. 1921.

336 * * * * * — Беларускі лірнік. — Спеўнік на 4 галасы. Берлін. 1922.

337. Тупяневіч С. і Заяц П. — За лепшую сельскую гаспадарку і сельскагаспадарчы гурток. Менск. 1926.

338. Указанні да праграм няпоўнай сярэдняй і сярэдняй школы (V-Х класы). Кніга. БДВ. 1934. Рэд. Лашчынскі.

339. Уліцын. — Суд над трохпалёўкай 1935. Менск. 1926.

340. * * * * * — За ўраджай. Менск. 1929.

341. * * * * * — Насенне, яго якасць і падрыхтоўка. Менск. 1931.

342. Уладаў В. — Вытворчыя нарады ў калгасах. Менск. 1931.

343. Уральскі — Зніштажэнне супроцьлегласці паміж горадам і вёскай. Выд. ДВБ. 1933 г.

344. Фарботка Я. — Беларусь у песнях. Менск. 1920.

345. Хадыка Ул. — Усе кнігі.

346. Хто вінават. 1921.

347. Харламповіч П. — Пяцігоддзе дзяржаўнага музея. Менск. 1927.

348. Халепа. — 14 год Кастрычніцкай рэвалюцыі. 1931.

349. Хайтун. — Паходжанне і класавая сутнасць вялікадня. Менск. 1933.

350. Хрэстаматыя рэв. літаратуры Заходняй Беларусі. Выд. БАЙ. 1933 г. Пад рэд. Мятлы.

351. Цвікевіч А.І. — Усе кнігі.

352. Цвікевіч Б. І. * * * *

353. Цэйтлін М. — Арганізацыя буйнай гаспадаркі ільнянога раёна. Менск. 1931.

354. Чарот М. — Усе кнігі.

355. Чарняўская Л. — Дзяціныя гульні. Вільня. 1919.

356. Чарняўшчынка Л. — Родны край. Менск. 1921.

357. Чаго чакаць беларусам ад Польшчы. 1921.

358. Чуйко Г. — Вынікі масавых доследаў з угнаеннямі па БССР. Менск. 1930.

359. Чарняўскі. — Яўрэйскі рабочы на зары рэв. руху. Менск. 1932.

360. Чарнушэвіч Н. — Дзіва. (Вершы). Менск. 1927 г.

361. «Чтец». Зборнік Сярожнікава. ГІЗ. 1926 г.

362. Шантыр Ф. — Патрэбнасць нацыянальнага жыцця для беларусоў і самаадзначэнне народа. Слуцк. 1918.

363. Што трэба ведаць кожнаму беларусу. Зборнік артыкулаў розных аўтараў: Міцкевіча, Лёсіка, Ластоўскага, Багдановіча і інш 1918.

364. Ш. Рыгор. — Чаму-ж ты маўчыш, кабета сялянская? Бярэсце. 1921.

365. Шуляк І. — Вышэй галаву беларускі селянін. Пінск. 1921.

366. Шлюбскі Ал. — Сябра інстытута беларускае культуры. Паны і сяляне ў перашай палове XIX стагоддзя. Менск.

367. * * * * * — Бядуля, як этнограф. Менск. 1925.

368. * * * * * — Квашаніна. Віцебск. 1926.

369. * * * * * — Матэрыялы для вывучэння фальклора і віцебскае культуры. Менск. 1927.

370. Шапавалаў М. — Скарына, яго дні ды друк на Беларусі. Менск. 1925.

371. Шэўчык і Саломенны — Граматыка беларускай мовы. (Марфалогія і сінтакс).

372. Шыпіла І. — Што кожны селянін павінен ведаць аб кааперацыі. 1925.

373. Шпілеўскі. — Беларуская Акадэмія Навук да XV-годдзя. Выд. БАЛ. 1934 г.

374. Школьныя тэксты. Менск. 1927 г.

375. Шчакаціхін Мікола — Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва. Том І. Курганныя старажытнасці Беларусі. Менск. 1928.

376. Шатэрнік М. — Краёвы слоўнік Чэрвенынчыны. Менск.

377. Шапялевіч. — Беларуская мова. (Першы і другі год навучання). Менск. 1933.

378. Шыменас — Кніга для чытання. 2-гі год навучання. Цэнтральнае выдавецтва СССР. 1931 г.

379. * * * * * — Кніга для чытання 4 год навучання. Ч. 2.

380. Шчэрбакоў. — Кастрычніцкая рэволюцыя на Беларусі і белапольская акупацыя. Менск. 1930 г.

381. Э. Б. Што такое простая і што такое мудрэйшая гаворка. Вільня. 1920.

382. Ядвігін Ш. — Бярозка. Вільня. 1923.

383. * * * * * — Чалавек. Хлеб. Баба. Заморскі звер. Пазыка. З маленькім білецікам. Вучоны бык. Што сказаў певень. Падласонкі. Рабы. Дачасныя. (Апавяданні). Менск.

384. Янчук Н. А. — Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры. Менск. 1922.

385. Ярашчук Е. Л. — Сувязь сялянскай гаспадаркі БССР з рынкам. Менск. 1926.

386. Якуб Колас у літаратурнай крытыцы. Менск. 1926 г.

387. Янка Купала ў літаратурнай крытыцы. Менск. 1928 г.

388. Якімовіч А. і Гародкіна Е. — Чытанка для ІІ класа. ДВБ. Менск. 1936.

Дадаткова канфіскуюцца:

1. Шчэрбакоў. — Нарыс гісторыі Беларусі. Ч. І. Менск. 1936.

2. * * * * * Класавая барацьба і гістарычная навука на Беларусі. Менск. 1934 г.

3. Кернажыцкі. — Да гісторыі аграрнага руху на Беларусі напярэдадні імперыялістычнай вайны. БАН. Менск. 1932 г.

4. * * * * * Аграрная рэформа ў Бабруйскім старастве. Менск. 1930 г.

5. * * * * * Гаспадарка прыгоннікаў на Беларусі. Менск. 1936.

6. Кастрычнік на Беларусі. — Зборнік. Менск. 1927 г.

7. Дудкоў Д. — Сталыпінская рэформа ў Віцебскай губерніі. Менск. 1931 г.

8. Зборнік афіцыйных дакументаў у дапамогу масаваму настаўніку. Склалі Н. Левін і А. Хайфец. ДВБ. 1934 г.

9. Некрашэвіч А. — Чытанкі для ІІІ і IV кл. Выд. 1933, 1934, 1935, 1936 гг. ДВБ. Менск.

420. Васіленко. — Хрэстаматыя па беларускай літаратуры для ІХ-Х класа. Менск. ДВБ. 1935 г.

421. Вендэ. — Хрэстаматыі па Беларускай літаратуры для V, VI і VII класаў. Выд. ДВБ. Менск.

4. ДЫРЭКТАР ЛІТАРАТУРЫ гісторыя адной палемікі

Спрэчцы, аб якой пойдзе гаворка, на момант напісаньня гэтых радкоў ўжо каля сямі гадоў. У сьнежні 1987 году газэта «Звязда» пачала адкрытую размову пра злачынствы сталіншчыны ў Беларусі. За «круглым сталом» сабраліся вязьні ГУЛАГу пісьменьнікі Ян Скрыган і Сяргей Грахоўскі, прыйшоў філёзаф Уладзімір Конан, даслаў свае лагерныя ўспаміны краязнаўца Міхаіл Мельнікаў, у якасьці «раздражняльніка» быў запрошаны вядомы сваімі камуністычнымі перакананьнямі філёзаф Віктар Боўт.

Ужо з гэтай першай публікацыі «Узяць з гісторыі агонь» (22 сьнежня 1987 г.) адразу паўстала праблема катаў і ахвяраў. Прывяду вытрымку з той гутаркі:

«У. Конан: Павінна быць нейкая гістарычная адказнасць за свае дзеяньні. У 30-я гады ў «Ліме» друкаваліся пратаколы партсходаў. Вась даклад са сходу 25 красавіка 1937 году, які рабіў намесьнік старшыні праўлення Саюзу пісьменьнікаў Александровіч. Іван Аляксеевіч Скрыган і Сяргей Грахоўскі яго памятаюць. Цытую: «Жылуновіч — Цішка Гартны — гэта закончаны, закляты вораг беларускага народу; Зарэцкі працягваў тыя ж самыя ідэі, што і Жылуновіч. Сымон Баранавых — кулак, юродзівы бандыт…» і гэтак далей. Дацэнт В. Барысенка ў «акадэмічных артыкулах» 1936 году называў М. Гарэцкага «нацыянал-фашыстам», а Я. Коласа — прапагандыстам «містыкі» і «буржуазнага нацыяналізму». Што было рабіць пасьля гэтага адпаведнаму органу?

Рэпліка: Публічны данос!»

Пасьля публікацыі ў рэдакцыю пайшлі лісты, званілі, прыходзілі ахвяры камуністычнага рэжыму ды іх дзеці. Іх допісы, расказы сталі зьяўляцца на старонках газэты. Быў надрукаваны і ліст Усевалада Ігнатавіча Мазура.

Помню высакароднасць, помню подласьць

«Звязда», 27 сакавіка 1988 г.

Глыбокім болем адазваліся ў маёй душы артыкул «Узяць з гісторыі агонь…» і водгукі чытачоў на яго. У артыкуле нядобрым словам успамінаецца літаратар В. Барысенка, які ў сваіх опусах 30-х гадоў ачарніў М. Гарэцкага і Я. Коласа. Пісаніна Барысенкі адыграла не апошнюю ролю ў зьнішчэньні выдатнага беларускага літаратара і ганеньнях на народнага песьняра. Барысенка зламаў жыцьцё і іншым сумленным людзям. Сярод іх — два блізкія мне чалавекі — бацька Ігнат Мікалаевіч Мазур і Марта Іванаўна Калінічэнка.

У 20-я гады яны працавалі настаўнікамі ў Менску і адначасова падрыхтавалі хрэстаматыю «Чырвоная зьмена», якая вытрымала некалькі выданняў. У 1936 годзе Барысенка сфабрыкаваў такі паклёп на гэтую кніжку, што Марта Іванаўна была асуджаная на 5 гадоў зьняволеньня. Бацьку, члена РКП(б) з 1918 году, удзельніка грамадзянскай вайны, выключылі з партыі.

Аб характары «рэцэнзіі» можна меркаваць па такім прыкладзе. У падручніку быў зьмешчаны артыкул аб тубэркулёзе — наколькі ён небяспечны, як засцерагацца ад такой цяжкай хваробы. Адзначалася, што тубэркулёз распаўсюджаны ў Беларусі значна больш, чым на Украіне, у Францыі, Італіі, Нямеччыне. Парткамісія ў 1936 годзе і слухаць не хацела довадаў бацькі аб тым, што трывожныя лічбы прыводзіліся на ІХ зьездзе КП(б)Б і апублікаваныя ў газэтах, і што надрукаваныя яны ў хрэстаматыі дзеля таго, каб школьнікі былі інфармаваныя наконт гэтай хваробы.

— Не, — кідалі яму, — вы жадаеце перакрэсьліць дасягненьні Савецкай улады па ахове здароўя.

Выключэньне з партыі нанесла бацьку страшэнны ўдар, ён доўга хварэў. Але на гэтым ня скончыліся ягоныя пакуты. Як ні цяжка ўспамінаць, у першы ж дзень вайны, у ноч на 23 чэрвеня 1941 году, бацьку арыштавалі. Ніякія абвінавачаньні не прад'яўляліся.

Па сьпісах выклікалі чарговую групу зняволеных і кудысьці адводзілі. Настала і бацькава чарга. Пад аховай павялі за горад. Канваіры зьдзекваліся: «Вось і вас пусьцім у расход, а самі пойдзем да вашых жонак». Выйшлі на магілёўскую шашу, у прыдарожнай яме ўбачылі целы расстраляных…

Зрабілі яшчэ некалькі крокаў і раптам начальнік канвою падае каманду: «Стой!» У 1946 бацька расказваў, што ў яго ад гэтай каманды сэрца як абарвалася. Камандзір зьвярнуўся да калёны:

— Я атрымаў загад расстраляць вас як ворагаў народу. Аднак адчуў шчырасць і разгубленасьць вашых размоваў. Ня верыцца мне, што вы — ворагі. Таму ідзіце да нашых, на ўсход…

Усю вайну бацька быў на фронце, узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, мэдалямі. Пасьля вайны бацька часта ўспамінаў таго малодшага лейтэнанта, які захаваў жыцьцё яму і некалькім дзясяткам іншых зьняволеных.

Гараваў, што ня ведаў ягонага прозьвішча, каб нізка пакланіцца яму ў ногі…

А паклёпнік Барысенка? Яго стараньні былі кім трэба ацэненыя, ён хутка ўзьляцеў у гару і да сваіх апошніх дзён займаў высокую кіраўнічую пасаду ў беларускай літаратуразнаўчай навуцы. Быў на вышыні да самай сьмерці ў 1984 годзе, калі яму споўнілася 80 гадоў.

Вячаслаў Мазур

Ад аўтара

Так заканчваўся гэты, адзін з многіх водгукаў на публікацыю гутаркі «Узяць з гісторыі агонь». Ён меў працяг. Пасьля папераджальнага званка ад дырэктара Інстытуту літаратуры В. Каваленкі з абвяржэньнем прыйшла супрацоўніца інстытуту, дачка В. Барысенкі С. Забродская. Пасьля праверкі, перапіскі з архівамі была надрукаваная падборка матэрыялаў, якую адкрываў ліст С. Забродскай. Пулікацыя называлася

«Закрытая» рэцэнзія

«Звязда», 31 ліпеня 1988 г.

…Мой бацька, акадэмік АН БССР В. В. Барысенка, абвінавачваецца ў «ачарненьні» М. Гарэцкага і Я. Коласа і сцвярджаецца, што «пісаніна Барысенкі адыграла не апошнюю ролю ў зьнішчэньні выдатнага беларускага літаратара і народнага песьняра». Сапраўды, В. В. Барысенка ў 1936 г. рэзка пісаў пра творчасьць М. Гарэцкага, дапускаючы ідэйна-палітычныя абвінавачаньні, і, вядома ж, памыляўся.

Але пісаў ён пасьля таго, як М. Гарэцкі быў ужо рэпрэсаваны. Такая акалічнасьць не апраўдвае майго бацьку, але сказаць, як гэта робіць У. Мазур, што яго артыкул непасрэдна дачыніўся да гібелі М. Гарэцкага, будзе няпраўдай. Тады, на жаль, пра М. Гарэцкага ў такім духу пісалі многія.

Адносна ж Якуба Коласа У. Мазур зусім ня мае рацыі ў сваіх абвінавачаньнях, кідаецца ў вочы іх бяздоказнасьць, бо няма ніводнай спасылкі ні на дакумэнты, ні на друкаваныя матэрыялы. Калі б так было на самой справе, як піша У. Мазур, то ў майго бацькі не ўстанавілася б добрых дзелавых і прыязных асабістых адносін зь віцэ-прэзыдэнтам АН БССР Я. Коласам, калі бацька працаваў шмат гадоў у падначаленьні Я. Коласа на пасадзе дырэктара Інстытуту літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР…

Прычынай усіх трагічных падзеяў у жыцьці бацькі У. Мазур лічыць рэцэнзію, якую «сфабрыкаваў» В. Барысенка, але спасылкі на рэцэнзію няма, не сказана, па якіх фактах можна меркаваць, што такая рэцэнзія існавала наогул.

У. Мазур вядзе размову пра вельмі горкія і трагічныя факты ў жыцьці народа і канкрэтных людзей і таму фактычная дакладная доказнасьць мае маральную ацэнку. Бяздоказнасьць абвінавачаньняў і безапэляцыйны тон выказвання аўтара нататкі непрыемна ўражваюць. Зварот жа да канкрэтных крыніц, на якія ўказвае У. Мазур, фактычна пацвярджае безадказнасьць У. Мазура ў асвятленьні падзеяў, пра якія ён узяўся разважаць. Ён нават не паклапаціўся праверыць гэтыя крыніцы.

Сапраўды, хрэстаматыя «Чырвоная зьмена», падрыхтаваная М. Калінічэнкай і І. Мазурам, выйшла ў Менску ў 1925 г. З 1925 па 1930 гг. яна была перавыдадзеная 8 разоў. Але артыкула аб тубэркулёзе, за які быццам зьведалі такія цяжкія спагнаньні ўкладальнікі, ні ў адным выданні гэтага падручніка ніколі не было. Як ніколі не было і рэцэнзіі В. Барысенкі на гэтую кнігу. І гэта зразумела: наогул ці варта пісаць рэцэнзію на падручнік праз шэсьць гадоў пасьля яго апошняга, восьмага перавыдання?!

На хрэстаматыю «Чырвоная зьмена» былі напісаныя тры рэцэнзіі. Адна зь іх («Звязда», 14 жніўня 1929 г.) — рэзка адмоўная. Аўтар, В. Хмялеўская, ставіла пытанне аб карэнным пераглядзе падручніка, сумнявалася ў карысьці яго для вучняў, патрабавала выпраўлення грубых памылак. Артыкул аб тубэркулёзе, які ў якасьці прыкладу «характару» рэцэнзіі В. Барысенкі на хрэстаматыю «Чырвоная зьмена» прыводзіць У. Мазур, змешчаны ў другой хрэстаматыі. Але склалі яе І. Мазур і К. Шапялевіч. Гэта чытанка для 3-га году навучання «Чырвоная Беларусь». Выдавалася ў Менску ў 1925, 1927, 1928, 1929 гг.

У выданнях 1925, 1927 гг. гэтай кнігі ў канцы артыкула аб тубэркулёзе прыводзяцца дзьве параўнальныя табліцы. У адной прыводзіцца лік хворых на сухоты ў БССР на кожную 1000 насельніцтва ў 1923 і 1924 гг. у гарадах і вясковых мясцовасцях. У другой табліцы Беларусь параўноўваецца зь Фінляндыяй, Нямеччынай і Англіяй. Параўнанняў з Украінай і Францыяй, як і ніякіх тлумачэньняў аб прычыне значна большага распаўсюджвання тубэркулёзу ў Беларусі, як сцвярджае У. Мазур, у падручніку няма. Табліцы зьмешчаныя толькі ў двух выданнях — 1925 і 1927 гг. У астатніх табліцы ўжо адсутнічаюць.

Такім чынам, па сцвярджэнню У. Мазура, В. Барысенка напісаў рэцэнзію ў 1936 годзе на выданне падручніка «Чырвоная Беларусь» 1925 або 1927 гг. нягледзячы на тое, што ён перавыдаваўся і ў 1928 і ў 1929 гг. перагледжаным і папраўленым?! А пасьля рэцэнзіі В. Барысенкі, быццам бы, М. Калінічэнку асудзілі на 5 гадоў зьняволеньня, хоць яна ніякага дачынення да хрэстаматыі «Чырвоная Беларусь» ніколі ня мела. Дарэчы, другі складальнік «Чырвонай Беларусі» К. Шапялевіч працягваў выдаваць падручнікі аж да 1963 г.

Час патрабуе аб'ектыўна ўзнавіць трагічныя падзеі 30-х гадоў, назваць сваімі імёнамі высакароднасць і подласць.

Але нельга пры гэтым карыстацца неправеранымі нагаворамі і недабразычлівымі чуткамі, бо гэта абражае само пачуццё высакародзтва. Вядома, В. В. Барысенка быў чалавекам свайго часу, яго крытычнай творчасьці ўласцівыя пэўныя недахопы і ўпушчэньні, абумоўленыя характарам гэтага часу. Але перакананая: няма правоў у У. Мазура, дацэнта, заслужанага работніка вышэйшай школы БССР, члена КПСС з 1945 г., вэтэрана Айчыннай вайны падаваць факты ў скажоным выглядзе, беспадстаўна публічна зьневажаць і вінаваціць В. В. Барысенку ў паклёпніцтве, які, як і бацька У. Мазура, якому я спачуваю за перажытыя пакуты, з самага пачатку Вялікай Айчынай вайны і да яе канца знаходзіўся на фронце, быў паранены, узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчынай вайны ІІ ступені, мэдалямі.

С. Забродская, супрацоўнік Інстытуту

літаратуры імя Я. Купалы АН БССР

Ад рэдакцыі. Як паказала праверка, С. Забродская мае рацыю, сцвярджаючы, што рэцэнзія В. Барысенкі на творы І. Мазура нідзе не была апублікаваная. Гэта была так званая закрытая рэцэнзія, якая ішла мэтавым прызначэннем у пэрсанальную альбо крымінальную (каму як пашанцуе) справу.

Закрыты — ад магчымага абвяржэння, асуджэння з боку сумленных калег і знаёмых, нават дзяцей, — рэцэнзэнт добра ведаў, што патрабавалася даказаць і мог не абцяжарваць сябе пошукам ісьціны.

Многія падобным закрытым спосабам ня толькі ўратавалі свае жыцьці, але і зрабілі службовую, навуковую кар'еру, трапілі ў энцыкляпэдыі і хрэстаматыі…

Публічнасьць сапраўды патрабуе дакладнасьці і доказнасьці. Што ж, адкрыем раней надзейна закрытае.

Чытачы самі змогуць зрабіць вывады, пазнаёміўшыся сёння з тэкстам рэцэнзіі В. Барысенкі (друкуем яе зь некаторымі скарачэньнямі), якую рэдакцыя атрымала з Цэнтральнага партыйнага архіву Інстытуту марксізму-ленінізму пры ЦК КПСС.

Рэцэнзія

на чытанку «Чырвоная зьмена» для другога году навучання і на чытанку «Чырвоная Беларусь» для трэцяга году навучаньня 1925 году выпуску, укладальнікі І. Мазур, М. Калінічэнка.

…Асноўная частка мастацкага матэрыялу па сваёй тэматыцы зьвязаная з паказам вёскі. Сялянства бярэцца як нешта цэлае, адзінае і падаецца без канкрэтнай класавай дыферэнцыяцыі. У чытанцы ніводнага разу не ўпамінаецца слова «кулак», не паказваецца вобраз кулака як драпежніка.

Самае цэнтральнае месца займае разьдзел «Прырода і багацьці нашага краю», у якім цераз адпаведна падабраныя нарысы, навэлы і апавяданьні і вершы прапагандуецца прышчэпаўская палітыка ў галіне сельскай гаспадаркі. Аўтар у якасьці ідэалаў для беларускай вёскі ставіць «казачную старонку» Данію. «Год 75 таму назад у дзяржаве Даніі, — чытаем мы ў чытанцы, — былі, напрыклад, такія зямельныя парадкі, як у нас зараз: тое ж трохпольле. Але гэтыя парадкі былі зьмененыя, тады сельская гаспадарка Даніі стала хутка папраўляцца».

Атаясаміўшы ўмовы жыцьця 75 год таму назад працоўных мас сялянства Даніі з умовамі жыцьця працоўнага сялянства пры дыктатуры пралетарыяту ў Беларусі і гэтым, вядома, закрэсліўшы ўсё, што прынесла з сабой пралетарская рэвалюцыя працоўным масам вёскі, аўтар чытанкі ў слашчава-сэнтымэнтальных танах, як гэта ўласьціва нацдэмаўскім пісакам, адкрыта папулярызуе мары нацдэмаў і іх рэстаўратарскія ідэалы. «Ёсць на сьвеце, — піша са сьлязьмі на вачах І. Мазур, — невялікая старонка, якая здаецца кожнаму беларускаму селяніну надзвычай прыгожай, але зрабіць такой сваю старонку цяпер пакуль што ён ня можа. Пэўна, Данія — старонка дробнай гаспадаркі, дзе селянін на 4–6 дзесяцінах жыве ня горш за самага лепшага гаспадара».

(Насупраць гэтай цытаты на палях рэцэнзіі ў 1936 г. нехта абураны адзначыў «И это написано!» — А. Л.)

Мабыць для таго, каб абгрунтаваць, што самы бедны селянін Даніі жыве лепш за «нашага гаспадара», І. Мазур прыводзіць табліцу зь лічбамі, у якой сцвярджае, што лік сухотных у Беларусі з году ў год расьце (у 1923 г. — 18 805; у 1924 — 30 546 чалавек) і што Беларусь па вельмі вялікай лічбе сьмярцей ад сухот займае першае месца ў сьвеце. Палітычная сутнасьць арыентацыі нацдэму на кулацка-буржуазную Данію ўсім відавочная і не патрабуе тлумачэньняў. Але аўтар чытанкі ня толькі шкадуе, што пакуль Савецкая Беларусь не падобная на капіталістычную Данію, а імкнецца паказаць шляхі і сродкі ператварэньня Беларусі ў капіталістычную Данію, а менавіта — шлях хутарызацыі. Ідэалізуючы кулацкія гаспадаркі, аўтар чытанкі, каб утаіць сапраўдную контррэвалюцыйную нацдэмаўскую сутнасьць прышчэпаўскай палітыкі ў галіне сельскай гаспадаркі, становіцца на шлях бессаромнай фальсіфікацыі савецкіх законаў. «Дзеля гэтага новы закон Савецкай улады, — кажа Мазур, — які дазваляе селяніну выходзіць на пасёлкі, можа вельмі далёка пасунуць наша земляробства і наогул, сельскую гаспадарку».

Мастацкі тэкст спэцыяльна падабраны ў такім пляне, каб на ім выхоўваць і распальваць у вучня рэакцыйныя ўласьніцкія інстынкты і жаданьні, каб выхоўваць любоў і прывязанасць да сваёй палоскі, хаткі, коніка і дапатопных сродкаў апрацоўкі зямлі. З гэтай мэтай шырока выкарыстоўваюцца творы Коласа, Гартнага, Бядулі («Новая зямля» і інш.).

Характарызуючы мінулае і сучаснае Савецкай Беларусі, аўтары ў цэлым шэрагу яркіх артыкулаў раскрываюць і паказваюць жудасныя ўмовы жыцьця працоўных мас Беларусі. Але побач з гэтым у чытанках мы маем цэлы шэраг нарысаў, напісаных аўтарамі падручнікаў, у якіх замест паказу гераічнага змаганьня працоўных мас Беларусі пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі папулярызуецца нацыяналістычны міф аб Кастусю Каліноўскім, як легендарным герою, змагару за справу прыгнечаных мас беларускага сялянства. У цэлым шэрагу вершаў мы маем ярка выказаную нацыяналістычную рамантызацыю фэадальнага мінулага. У гэтых вершах мінулае Беларусі эпохі фэадалізму расцэньваецца І. Мазурам як «залаты век».

У чытанках галоўным чынам выкарыстоўваюцца творы беларускіх пісьменьнікаў зь ярка выражанымі ўпадніцкімі і нацдэмаўскімі настроямі. Нават больш таго, шырока прадстаўлены творы вядомага нацыянал-фашыста Алеся Гаруна, які, як вядома, у пэрыяд грамадзянскай вайны заядла змагаўся супраць дыктатуры пралетарыяту і зь Беларусі выехаў разам зь Пілсудскім.

Ацэнкі артыкулаў I. Мазура (часопіс «Асьвета», 1925-1929 гады), на маю думку, павінны давацца ў неадрыўнай сувязі зь дзейнасцю I. Мазура як рэдактара часопіса «Асьвета» на працягу пяці год. Вядома, што на старонках гэтага часопіса Баліцкі, будучы наркамам асьветы, разьвіваў і абгрунтоўваў асноўныя ўстаноўкі контррэвалюцыйнага нацыянал-дэмакратызму ў пытаньнях народнай асьветы. Артыкулы Мазура носяць характар інфармацыі, але, нягледзячы на рэвалюцыйную фразэалёгію, выконвалі функцыю папулярызацыі паасобных мерапрыемстваў, якія праводзіліся часам па ўказцы Баліцкага.

Узяць артыкул «Інтэрнацыянальнае выхаванне ў школе». У асноўным правільна вызначаюцца задачы інтэрнацыянальнага выхавання. Але побач з творамі такіх пісьменьнікаў, як Бедны, Безыменскі, Горкі, Александровіч і г. д., якія сапраўды садзейнічаюць выхаванню вучняў у духу пралетарскага інтэрнацыяналізму, даюцца такія творы як «Панская сучка» Гарэцкага, вершы нацыянал-фашыста Гаруна, «Кастусь Каліноўскі» Міровіча.

Ацэньваючы літаратурную прадукцыю І. Мазура ў цэлым, мы павінны зрабіць наступныя вывады: як у асноўных яго працах, так і паасобных артыкулах знаходзяць сваё яскравае выяўленне ўстаноўкі контррэвалюцыйнага нацыянал-дэмакратызму ў галіне культурна-нацыянальнага будаўніцтва і ў галіне аграрных пытаньняў. Школьныя чытанкі, укладзеныя І. Мазурам, зьяўляюцца па сваёй палітычнай накіраванасьці варожымі і шкоднымі. Артыкулы, зьмешчаныя ў часопісе «Асьвета», ня толькі не накіраваныя на выкрыцьцё нацыянал-дэмакратызму, а ў паасобных выпадках выконваюць функцыю папулярызацыі нацдэмаўскіх установак і таксама зьяўляюцца шкоднымі.

Барысенка В. В. 9.06.1936 году.

(Прышчэпаў Д. Ф. (1897–1940), наркамзем БССР (1924–1929); Баліцкі А. В. (1891–1937), наркам асьветы БССР (1926–1929), — пастановай калегіі ОГПУ ад 18.03.1931 былі зьняволеныя ў канцлагер на 10 гадоў кожны. 14 чэрвеня 1988 г. Судовая калегія Вярхоўнага Суда БССР адмяніла пастанову калегіі ОГПУ адносна Прышчэпава і Балцкага за адсутнасьцю ў іх дзеяньнях складу злачынства.)

Роздум замест эпілёгу

Час лечыць?

Зрываць покрыва нематы з падзеяў нават паўвекавой даўнасьці — быццам зьдзіраць прысохлы бінт з крыватачывай раны нашай гісторыі.

Баліць усім — ахвярам, катам, іх памагатым, нам, хто сёньня ўглядаецца ў мінулае, спрабуе зразумець яго ўрокі.

Але боль гэты — гаючы, калі ў аснове яго праўда. Яна дапамагае зжываць, выкарчоўваць сталіншчыну з псыхікі, звычак, паводзін. Мэтадалёгія навешваньня ярлыкоў і стварэння вобразу ворага, якую яскрава дэманструюць архіўныя дакумэнты, на жаль, яшчэ ня ўсімі здадзеная ў архіў.

У 1955 годзе пераглядалася справа І. Мазура, які цудам застаўся жывы, і былі запатрабаваныя тлумачэньні аўтара закрытай рэцэнзіі, у той час дырэктара Інстытуту літаратуры і мовы АН БССР В. Барысенкі. Ён пісаў:

«У 1936 годзе я даў водгук на школьныя хрэстаматыі, складзеныя І. Мазурам у суаўтарстве з К. Шапялевіч і М. Калінічэнка. У маім водгуку асноўны націск зроблены на матэрыялах з жыцьця вёскі. У ацэнках я дапусьціў, як мне ўяўляецца цяпер, антыгістарычны падыход. У ацэнцы я падышоў з пазыцыяў 1936 г., калі пісаўся мой водгук, а не з пазыцыяў 1926 г., калі пісалася рэцэнзуемая кніга. Вядома, што ва ўмовах Беларусі 1936 год быў годам вострай барацьбы з буржуазнымі нацыяналістамі, барацьбы за ліквідацыю вынікаў іх варожай дзейнасьці ў органах сельскай гаспадаркі, якую нацыяналісты імкнуліся пусьціць па шляху капіталістычнага разьвіцьця, асьветы, нацыянальнай культуры і г. д.

Пад уплывам гэтай канкрэтнай абстаноўкі я расцаніў тады зьмешчаныя матэрыялы, якія выступалі за пасёлкі, як прапаганду прышчэпаўскай, г. зн. нацдэмаўскай палітыкі. У кнігах пісалася пра 1926 г., калі высяленьне на пасёлкі праводзілася па закону, што тады дзейнічаў. І, зразумела, прапаганда гэтага мерапрыемства не заключала ў сябе нічога недазволенага.

Значыць, дадзеная мной ацэнка гэтых матэрыялаў была антынавуковай, а, значыць, няправільнай. Разглядаць і трактаваць іх як прапаганду «прышчэпаўшчыны» няма падставаў».

Якія тут камэнтары патрэбныя? Кідаецца ў вочы, як умела падводзіцца «аб'ектыўная» база пад вымушанае апраўданьне: палітычнае абвінавачаньне — прысуд 1936 году — у 1955 кваліфікуецца як «антыгістарычны падыход». Многае са сваіх прац В. Барысенка, Л. Бэндэ, Я. Бранштэйн і іншыя крытыкі і літаратуразнаўцы 30-х гадоў хацелі б аб'явіць чыста навуковымі памылкамі…

С. Забродская абвяргае сьцьвярджэньні У. Мазура аб тым, што «пісаніна Барысенкі адыграла не апошнюю ролю ў зьнішчэньні М. Гарэцкага і ганеньнях на Я. Коласа» як цалкам беспадстаўнае. Гэта ня так. Творы Купалы і Коласа «прасякнутыя ідэямі нацыяналізму і ўпадніцтва», «Колас ідэалізуе моцную кулацкую гаспадарку і ўласнасьць наогул», «выступае як дробнабуржуазны пісьменнік»… Такіх і падобных ацэнак творчасьці песьняра розных пэрыядаў нямала ў артыкулах В. Барысенкі (гл. Беларуская савецкая літаратура. Літаратурная хрэстаматыя для ІХ і Х класаў. Менск, 1935; часопіс «Полымя рэвалюцыі» № 2–3, 1933 г. і інш.).

А што датычыць М. Гарэцкага… Можна, аказваецца, і ў 1988 годзе спрабаваць дзяліць маральнасьць на дзьве часткі: адна да арышту, другая пасьля. Але народная мараль ва ўсе часы сьцьвярджала: ляжачага ня б'юць. Тым больш — хеўрай. М. Гарэцкі, як вядома, загінуў у 1939 годзе і палітычныя абвінавачаньні ў ягоны адрас, зь якімі В. Барысенка выступаў у друку з 1936 году, мякка кажучы, не спрыялі выратаваньню пісьменьніка. У 1937 годзе, знаходзячыся ў ссылцы, ён быў асуджаны яшчэ раз і пайшоў на катаргу…

Гэткі ж лёс напаткаў Прышчэпава і Баліцкага. Прышчэпаў у жніўні 1937 г., пасьля датэрміновага вызвалення, быў паўторна арыштаваны «з-за зноў адкрыўшыхся акалічнасьцяў», этапаваны з Магадана ў Менск і ў лістападзе 1939 г. асуджаны да расстрэлу. Прысуд не прывялі ў выкананне з-за сьмерці асуджанага. У справе Баліцкага 25.09.37 г. таксама «адкрыліся новыя акалічнасці» і пасьля катаваньняў (сьледзтва вёў опэрупаўнаважаны НКВД Быхоўскі, сам у 1939 годзе асуджаны за зьдзекі над вязьнямі) 30 лістапада 1937 г. ён быў прыгавораны да вышэйшай меры пакарання і расстраляны на наступны дзень. Зусім магчыма, нечыя «закрытыя» сьведчаньні дапамаглі «адкрываць новыя акалічнасці»…

…Мы ведаем — будучыня за праўдай. І ў нас павінна хапіць сіл, мужнасьці і мудрасьці не адвярнуцца, не адступіць у пошуку ісціны, якой бы трагічнай, балючай для нас асабіста яна ні была. Узіраючыся ў дзень учарашні, мы задаём сабе самае надзённае пытаньне: як жыць сёньня?

Гісторыя адказвае: жыць так, каб не было сорамна ні перад бацькамі і дзядамі, якія зрабілі рэвалюцыю і перамаглі фашызм, ні перад уласнымі дзецьмі і ўнукамі.

А. Лукашук «Звязда»,

31 ліпеня 1988 г.

Ад аўтара

Гэтая публікацыя ледзь не сарвалася па маёй уласнай віне. Якраз напярэдадні яе выхаду ў сьвет я ўдзельнічаў у нарадзе журналістаў, якую праводзіў загадчык ідэалагічнага аддзелу ЦК КПБ С. Паўлаў, вядомы жандар беларускай прэсы. Адзін з запрошаных, рэдактар маладзёжнай газэты, хвастаў, як ён выкрыў антысавецкаю правакацыю. Да яго зьвярнуўся хлопчык, які зь сябрамі цікавіўся жыцьцём паўночнаамэрыканскіх індзейцаў, і папрасіў расказаць пра іх групу ў газэце — яны хочуць аб'яднацца з аднадумцамі, перапісвацца з індзейцамі, расказваць пра гэта ў прэсе.

— Разумееце, што атрымліваецца, — наліваўся голас прамоўцы радаснай урачыстасцю, — гэта ж яны хацелі працягнуць меркаваньне, што Беларусь таксама рэзэрвацыя!..

Мяне як шылам ткнулі, настолькі дакладна ход думкі пільнага газэтчыка паўтараў абвінаваўчую мэтадалёгію Барысенкі. Я ўстаў і пачаў з гэтай жахлівай аднатыпнасці мыслення, згадаў падрыхтаваную да друку рэцэнзію Барысенкі, а калі загаварыў пра дэсталінізацыю сьвядомасьці, партідэоляг стаў перабіваць, я агрызацца і справа скончылася скандалам з крыкамі і пагрозамі. (Адзіны з паўсотні калег, хто паспрабаваў тады суцішыць партыйнага хама, што ўвайшоў у звыклы разносны рэж, быў Генадзь Бураўкін, тагачасны старшыня Дзяржтэлерадыё.)

Тым ня менш публікацыя выйшла. Пытаньне «як жыць?» у перадапошнім сказе майго камэнтару было пастаўлена правільна. А вось адказ добра сведчыць, якая блытаніна яшчэ была тады ў галаве, як, дарэчы, і навокал. Рэабілітацыя ахвяраў ішла пад кіраўніцтвам КПСС, прафесійныя атэісты праводзілі магічныя апэрацыі з душамі забітых і аднаўлялі іх у партыі, а грамадзтва рукапляскала і вярталася «наперад да Леніна».

Праз год пасьля публікацыі «Закрытай рэцэнзіі» высветлілася, што я памыляўся ня толькі з адказам «як жыць», але і з заключным словам як жанрам — да эпілёгу ў справе Барысенкі было яшчэ далёка. 1 верасня 1989 году газэта «Літаратура і мастацтва» зьмясьціла артыкул Віктара Каваленка прысвечаны В. Барысенку і маёй публікацыі.

Дзе віна, дзе бяда…

Перадавых людзей краіны радуе, што інтэнсіўна паглыбляюцца працэсы перабудовы. Дэмакратызацыя вядзе да зьмены палітычных структур, што абяцае фармаваньне новага, сапраўды гуманістычнага аблічча сацыялізму. Ідзе барацьба за новую сацыялістычную якасьць народнай сьвядомасьці. З гэтай мэтай сёньня строга «дапытваецца» мінулае, высвятляюцца абставіны і шляхі, якія прывялі да трагедыі сталінізму. Крывавая рэпрэсіўная сістэма жорстка ламала чалавечыя лёсы, асуджала мільёны людзей на пакуты і зьдзек.

І зусім зразумела, што каб разабрацца ў сацыяльнай, ідэйнай і маральнай сутнасьці падзеяў таго часу, патрэбен іх аб'ектыўны і глыбокі аналіз. І ў гэтай надзвычай важнай і адказнай справе ня можа быць дробязяў, бо самі факты мінулага яшчэ крывавяць трагічнай памяцьцю, будзяць вострыя ўспаміны пра перажытае. Тут пасьпешлівасьць ці недастаткова пільная ўвага да сукупнасьці ўсіх фактаў больш чым шкодная. У дадзеным выпадку, як ні пры якай, бадай, іншай нагодзе, праўда мае адкрыта маральнае і палітычнае выяўленьне.

Рэспубліканскім друкам усьлед за ўсесаюзным прароблена немалая праца па факталягічным і маральна-палітычным узнаўленьні праўды страшнага мінулага.

27 сакавіка 1988 году газэта «Звязда» зьмясьціла допіс заслужанага работніка вышэйшай школы БССР У. Мазура «Помню высакароднасць, помню подласць», у якім ён згадваў пра лёс свайго бацькі І. Мазура, рэпрэсаванага ў гады сталінскага беззаконьня. Згадваў, вядома, з апраўданым гневам і абурэньнем, імкнучыся знайсьці адказы на трывожныя, няясныя пытаньні: як такое магло здарыцца і хто вінаваты?

У масавых людзкіх трагедыях пэрыяду культу асобы, як гэта цяпер усім вядома, ёсьць канкрэтныя віноўнікі, акрамя І. Сталіна. Іх імёны ўсё шырэй і шырэй называюцца ў друку, што заканамерна. Аднак тут несумненна патрабуюцца асьцярожнасьць, дакладнасьць, строгі індывідуальны падыход і вычарпальная ацэнка, пільная ўзважанасць усіх фактаў, бо інакш можна выклікаць новую несправядлівасьць і жорсткасьць.

Асаблівасьць выступленьня У. Мазура таксама ў тым, што ён робіць спробу знайсьці канкрэтных віноўнікаў няшчасця сваёй сям'і. У допісе такім канкрэтным віноўнікам называецца літаратуразнаўца і крытык В. Барысенка, пазьней акадэмік АН БССР, які шмат гадоў, у тым ліку і пасьля XX зьезду КПСС, займаў пасаду дырэктара Інстытуту літаратуры імя Янкі Купалы. Прычым, у допісе У. Мазура прама гаворыцца, што В. Барысенка атрымаў высокія званьні за беспрынцыпную палітычную пазыцыю ў 30-х гадах, за напісаньне рэцэнзіі зь несправядлівымі палітычнымі абвінавачаньнямі аўтараў хрэстаматыі «Чырвоная зьмена» І. Мазура і М. Калінічэнкі.

Пасьля публікацыі У. Мазура «Помню высакароднасць, помню подласць» у «Звяздзе» ад 31 ліпеня 1988 году выступіла дачка Барысенкі С. Забродская, якая пісала, што абвінавачаньні супраць яе бацькі перабольшаныя і што згаданай У. Мазурам рэцэнзіі не існуе. Аказалася, што рэцэнзія была «закрытай» і таму ў друку не зьяўлялася. Гэтую рэцэнзію ў скарочаным варыянце газэта апублікавала ў тым жа нумары з камэнтарамі А. Лукашука, які адназначна і безагаворачна падтрымаў непасрэдную вінаватасьць В. Барысенкі ў рэпрэсіях супраць І. Мазура, М. Калінічэнкі, а таксама — Д. Прышчэпава, A. Баліцкага і іншых.

Азнаямленьне з гэтымі матэрыяламі адносна асобы B. Барысенкі не пераканалі мяне ў дастатковай аб'ектыўнасці вывадаў, зробленых на іх падставе. На маю думку, у дадзеным выпадку патрэбны больш глыбокі і акуратны аналіз сітуацыі і больш уважлівы ўлік фактаў, зьвязаных зь біяграфіяй В. Барысенкі.

Вядома, В. Барысенка вінаваты перш за ўсё ў тым, што ён напісаў такую рэцэнзію, незалежна ад таго, шчыра ён памыляўся ці ня шчыра. Гэта бясспрэчна падрывае яго аўтарытэт як чалавека і вучонага, далучае да тых сіл, якія ў часы культу асобы Сталіна тварылі беззаконьне. Можна дапусьціць таксама, што закрытая рэцэнзія В. Барысенкі магла быць выкарыстаная некім для ўзмацнення рэпрэсіўных акцыяў супраць канкрэтных людзей. Але ня будзем забывацца ў такім выпадку, што гэта ўсяго толькі наша меркаваньне, толькі дапушчэньне. Пакуль што няма рэальных фактаў, якія дазвалялі б прасачыць уплыў рэцэнзіі на трагічны лёс канкрэтных людзей. Вядома, заўсёды можна сказаць, што яна для такой мэты і пісалася. Але гэта будзе абстрактная пасылка, бо застануцца многія супярэчнасці, фактычныя несупадзеньні. Прынамсі, адкрытых заклікаў да расправы з кім-небудзь у рэцэнзіі няма.

Застаецца невядомым, таксама, у якой ступені выкарыстоўвалася і наогул ці выкарыстоўвалася рэцэнзія В. Барысенкі ў палітычных абвінаваўчых справах І. Мазура, М. Калінічэнкі, тым больш Д. Прышчэпава, А. Баліцкага і іншых. Тут узьнікае нямала сумневаў. Так, М. Калінічэнка сапраўды была рэпрэсаваная. Але ў другім допісе, зьмешчаным у «Ліме» 19 жніўня 1988 году, сам У. Мазур піша ўжо, што М. Калінічэнка была арыштаваная як «жонка нацдэма», хоць у першым допісе «Помню высакароднасць, помню подласць» у арышце М. Калінічэнкі прама вінаваціў В. Барысенку. «У 1936 г., — сцвярджаецца ў першым допісе, — Барысенка сфабрыкаваў такі паклёп на гэту кніжку (хрэстаматыя «Чырвоная зьмена» — В. К.), што Марта Іванаўна была асуджаная на 5 гадоў зьняволеньня». Кідаецца ў вочы, што ў рэцэнзіі В. Барысенкі прозьвішча М. Калінічэнкі ўвогуле ня згадваецца. Газэта «Звязда» чамусьці зьмясьціла рэцэнзію В. Барысенкі пад загалоўкам «Рэцэнзія на чытанкі «Чырвоная зьмена» і «Чырвоная Беларусь» (1925 году выпуску, укладальнікі І. Мазур і М. Калінічэнка)», хоць на самой справе ў машынапісе яна мае загаловак «Рэцэнзія на працы І. Мазура». Прозьвішча М. Калінічэнкі не прысутнічае ў тэксьце рэцэнзіі.

У падмене загалоўка газэтай ня будзем бачыць нейкі зламысны намер. Але факт застаецца фактам: у выніку недагляду — скажам так — віна В. Барысенкі штучна павялічваецца.

Сёньня, калі мы ведаем пра жорсткую няўмольнасць рэпрэсіўнай машыны, зьвяртае на сябе ўвагу і такая важная акалічнасць, якую наўрад ці можна паставіць у прамую віну В. Барысенку: рэцэнзію В. Барысенка напісаў у 1936 годзе, а І. Мазур быў арыштаваны толькі на першы дзень вайны. І тут сумненьне: калі б менавіта гэтая рэцэнзія служыла прамым і адзіным доказам «віны» І. Мазура, наўрад ці органы ГПУ сталі б марудзіць. Дарэчы, у рэцэнзіі В. Барысенкі былі і станоўчыя ацэнкі прац І. Мазура, хоць і выказаныя дэкляратыўна, але публікуючы рэцэнзію, газэта чамусьці скараціла іх. Мы не бяромся сцвярджаць, што станоўчыя выказваньні аўтара рэцэнзіі маглі хоць неяк зьмякчыць лёс І. Мазура, але калі яны апушчаны, пазыцыя Барысенкі выглядае яшчэ больш аднабакова нэгатыўнай, чым яна была на самай справе.

Так, І. Мазур і М. Калінічэнка выключаліся з партыі, але зноў цяжка сказаць, наколькі да гэтага непасрэдна дачынілася рэцэнзія В. Барысенкі. Прынамсі, В. Барысенка быў ня першы, хто несправядліва ацаніў хрэстаматыю «Чырвоная зьмена». Чытанкі, аўтарамі якіх былі М. Калінічэнка і І. Мазур, у тым ліку хрэстаматыя «Чырвоная зьмена», падвяргаліся палітычнаму разносу ў друку ўжо з 1929 году. Як прыклад, можна назваць бібліяграфічны водгук В. Хмялеўскай «Чым кормяць нашых вучняў. Аб кнізе «Чырвоная зьмена» («Звязда», 14 жніўня 1929 году) і артыкул Л. Талмачова «Разрыў з жыццём. Кулацкая ідэалёгія ў школьных падручніках» («Чырвоная зьмена», 5–6 кастрычніка 1929 году). Такім чынам В. Барысенка быў, прынамсі, трэцяй, а не першай асобай у шэрагу ганіцелей аўтараў хрэстаматыі «Чырвоная зьмена».

Некалькі дзіўным і не зусім зразумелым зьяўляецца і такі факт. Прымаючы да друку выступленьне С. Забродскай, супрацоўнікі газэты «Звязда» не сказалі ёй, што рэцэнзія ўсё ж існуе, хоць ведалі пра гэта. Калі б С. Забродская мела патрэбную інфармацыю, яна, напэўна, устрымалася б ад выступленьня ў газэце. Але яе выступленьне надрукавалі — і эфэкт атрымаўся «вялікі». Толькі ці да месца нават самы маленькі лоўчы азарт у такіх справах?

Вельмі істотным упушчэньнем у камэнтарах А. Лукашука «Роздум замест эпілёгу» зьяўляецца, на мой погляд, тое, што ён нідзе не гаворыць, што погляды і ацэнкі, выказаныя ў закрытай рэцэнзіі В. Барысенкі, былі агульнапрынятымі ў друку 30-х гадоў і адлюстроўвалі афіцыйную лінію савецкіх і партыйных органаў. Сапраўды, у рэцэнзіі згадваюцца з адмоўным значэньнем прозьвішчы Д. Прышчэпава і А. Баліцкага, але ж вядома, што гэтыя прозьвішчы хаяліся ва ўсім друку ўжо з канца 20-х гадоў. З камэнтароў жа А. Лукашука можна зрабіць вывад, што ініцыятыва ў нападках на Д. Прышчэпава і А. Баліцкага належала В. Барысенку. І Д. Прышчэпаў, і А. Баліцкі былі ўжо даўно арыштаваныя і на ўсю моц працавала ўжо магутная сыстэма падаўленьня ўсяго сумленнага, цьвяроза-рэалістычнага, мудрага, самастойна мыслячага, што было ў народзе. Немагчымай стала і сумленная ацэнка сучасных людзей. Навошта гуляць у хованкі: не В. Барысенка і нават ня першы сакратар ЦК КПБ вызначаў тады, як характарызаваць дзейнасьць Д. Прышчэпава. Тут усё ўжо было прадвызначана. Не згадаць пра гэта — значыць у нейкай ступені адступіць ад праўды жыцьця і гісторыі. Супрацоўнікі «Звязды» не захацелі нават заглянуць у БелСЭ, дзе прозьвішчы Д. Прышчэпава і А. Баліцкага нават ня згадваюцца. А гэта ж нядаўні час, 70-я гады. Няўжо і ў гэтым вінаваты В. Барысенка?

У той час ніхто ня мог пісаць станоўча таксама пра К. Каліноўскага і А. Гаруна, бо афіцыйная ацэнка іх грамадзкай і літаратурнай дзейнасьці была рэзка адмоўная.

Але недастаткова аб'ектыўнае асьвятленьне асобы В. Барысенкі ў матэрыялах, зьмешчаных у газэце «Звязда», выявілася ня толькі ў тым, што ў іх не даецца характарыстыка агульнага фону ідэйнага і духоўнага жыцьця сярэдзіны 30-х гадоў. Справа яшчэ ў тым, што А. Лукашук зусім не гаворыць, якім быў і як паводзіў сябе В. Барысенка пасьля XX зьезду КПСС. Аўтар камэнтароў не захацеў нічога высьвятляць па лініі пазьнейшых грамадзянскіх паводзін В. Барысенкі. А гэта надзвычай важна. Як вядома, у сьвятле палітыкі і ідэалогіі XX зьезду партыі зусім неаднолькава глядзіцца, прыкладам, грамадзянскае і маральнае аблічча з аднаго боку М. Хрушчова і А. Мікаяна, а з другога — Л. Кагановіча, Г. Малянкова і В. Молатава. Што датычыць асобы В. Барысенкі, то ўсе, хто ведаў яго і працаваў разам зь ім, могуць засведчыць, што ён зь вялікай радасцю ўспрыняў ідэі XX зьезду КПСС, шчыра вітаў усе перамены ў эканамічным, сацыяльным і культурным жыцьці краіны і — што самае галоўнае — сам працаваў мэтанакіравана і актыўна ў духу новага часу. Будучы доўгі час, да 1973 году, на пасадзе дырэктара Інстытуту літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, ён сьмела і рашуча падтрымліваў сумленныя навуковыя пошукі супрацоўнікаў, шмат зрабіў, каб ў Інстытуце літаратуры і ва ўсім беларускім літаратуразнаўстве панавала здаровая маральная атмасфэра, якая садзейнічала б разьвіцьцю самастойнай думкі, непрыняцьцю вульгарна-сацыялягічных спрашчэньняў у літаратуразнаўчых ацэнках.

Гэта ён у пачатку 60-х гадоў публічна сказаў тагачаснаму сакратару ЦК КПБ па ідэалёгіі, які любіў каманду ў культурнай палітыцы: «Вы ідзеце да перамен, як Швэйк на фронт». Прызнаем, што нават сёньня ня кожны самы шчыры прыхільнік перабудовы асьмеліцца на такое. Для нас сёньня павінна быць вельмі важна, што В. Барысенка быў чалавекам, які ўсьведамляў свае памылкі і імкнуўся калі ня выправіць іх, то, прынамсі, не паўтарыць.

Так, В. Барысенка ў 30-я гады разам зь іншымі літаратуразнаўцамі даваў несправядлівыя, ідэйна скажоныя ацэнкі дзейнасьці і творчасьці К. Каліноўскага, А. Гаруна і М. Гарэцкага. Але ён пазьней рашуча адмовіўся ад гэтых ацэнак. І гэта шмат гаворыць у яго карысьць. У «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (1969), якая стваралася пры яго творчым удзеле і пад яго навуковым кіраўніцтвам, дзейнасьць і творчасьць К. Каліноўскага, А. Гаруна і М. Гарэцкага ацэнена зусім інакш. Пра М. Гарэцкага ў «Гісторыі…» зьмешчаны асобны разьдзел, у якім у адрас пісьменьніка справядліва не сказана ўжо ніводнага самага бяскрыўднага крытычнага слова. Асобны артыкул аб'ектыўнага зьместу быў падрыхтаваны тады і пра творчасьць А. Гаруна, але ён ня быў зьмешчаны ў «Гісторыі…» па прычыне, якая не залежала ад жаданьня В. Барысенкі.

Б. Сарноў у артыкуле «Пра «маўчальнікаў» і «першых вучняў»», аналізуючы як гераічныя, так і трусьлівыя лёсы многіх людзей у перыяд культу асобы і застою, робіць, на мой погляд, хоць і вымушаны, маральна ўступлівы, але гістарычна непазьбежны вывад: «У рэшце рэшт важна ня тое, якім ты быў сорак, ці трыццаць, ці дваццаць, і нават дзесяць гадоў назад. Важна, які ты цяпер.

Вядома, карані сёньняшніх паводзін людзей вядуць у іх мінулае. Але «водападзел» праходзіць не між тымі, хто «грэшны», і тымі, хто «без граху», а між тымі, каму падабаўся, каго задавальняў мінулы час, і тымі, каму было тады моташна, невыносна». («Огонек», 1989, № 16, с. 30).

В. Барысенку таксама было «моташна, невыносна», пра што сьведчыць яго жыцьцёвая лінія пасьля XX зьезду партыі.

Вядома, нельга спрашчаць маральны і грамадзянскі зьмест асобы В. Барысенкі, зыходзячы толькі з аднаго станоўчага і прывабнага, што было ў ім. Бясспрэчна, ён быў чалавекам свайго часу і разам са сваім часам пераадольваў цяжар фальшывых установак, стэрэатыпных прадпісанняў, дагматычных захапленьняў, неапраўданых кан'юнктурных адрачэньняў. Здаралася, што і пасьля XX зьезду КПСС у яго выступленнях трапляліся пасьпешлівыя і неапраўданыя ацэнкі і вывады, зробленыя на падставе старых, няплённых тэарэтычных канонаў. Так, напрыклад, ён незаслужана асуджаў некаторыя творы В. Быкава, выступаў з нападкамі ў ходзе афіцыйна разьвязанай кампаніі супраць рамана Б. Пастарнака «Доктар Жывата», як і многія тагачасныя крытыкі і пісьменьнікі. Памыляўся ён часам і ў падборы кадраў. І ўсё ж тое станоўчае і карыснае, што было зроблена В. Барысенкам для разьвіцьця беларускай літаратуры, беларускага літаратуразнаўства і крытыкі, не павінна быць забыта ці закрэсьлена, нават калі мы пры гэтым справядліва асуджаем яго памылкі.

Віктар Каваленка

Ад аўтара

Адказ-абвяржэньне В. Каваленкі стаў для мяне нечаканасьцю. Прайшло больш за год пасьля публікацыі «Закрытай рэцэнзіі», і перамены за гэты час адбыліся такія, як за дзесяцігодзьдзі.

Ужо ў «барацьбе за сацыялістычную якасьць народнай сьвядомасьці» ЦК КПБ і мясцовая паліцэйшчына справілі свой шабаш на Дзяды, ужо з газэт выкідвалі рэдактараў, якія занадта «інтэнсіўна паглыблялі працэсы перабудовы». На БНФ, «Талаку» ды іншых нефармалаў са старонак «Политического собеседника», «Вечернего Минска», іншых выданьняў абрынуліся патокі хлусьні, якую рыхтавалі як партыйныя органы, гэтак і газэтныя халуі. (Нагнятаўся псыхоз. Двое саслужыўцаў па «Звяздзе», заўважыўшы «нефармальных» гасьцей у маім кабінэце, ня вытрымалі, пабеглі і пазванілі ў КГБ. З пільнымі калегамі ў калектыве па-ранейшаму віталіся.)

На гэтым фоне газэта «Літаратура і мастацтва» заставалася ці не адзіным выданнем, якое пасьлядоўна супрацьстаяла злавоннай Вандэі. Галоўны рэдактар Анатоль Вярцінскі добра трымаў удар, рэдакцыя з адвагай адстойвала прынцыпы маральнай журналістыкі. Палемізаваць зь «ЛіМам», далібог, не хацелася.

Артыкул В. Каваленкі быў зьмешчаны на апошняй старонцы штотыднёвіка пад рубрыкай «Ліст у рэдакцыю». На адваротным баку старонкі пад рубрыкай «З паэтычнай пошты» былі надрукаваныя іншыя лісты ў рэдакцыю — вершы чытачоў пра Курапаты. «Праз хвіліну мяне расстраляюць», — так, ад першай асобы, з краю курапацкага рва пачынаўся верш Алеся Жыгунова:

…Нас, магчыма, пасьля апраўдаюць, Толькі ўсё гэта будзе пасьля. А пакуль на крывавым дасьвецьці Просім літасьці ў катаў дарма. А пакуль справядлівасьці ў сьвеце, У цэлым сьвеце ні кроплі няма.

Не адказваць было немагчыма.

Дырэктар літаратуры

На пачатку 60-х гадоў група беларускіх пісьменьнікаў у часе творчай паездкі наведала Нарыльск. Для некаторых — Сяргея Грахоўскага, Яна Скрыгана, гэта было ня першае падарожжа на Поўнач, але першае без канвою, сабак, звычайнага «крок налева-направа — страляем». На літаратурных вечарынах гасьцей абступалі шматлікія землякі. Пасьля вызвалення зь лягераў многім не было да каго вяртацца ў Беларусь — сем'і загінулі, сваякі адракліся…

— А ці ведае хто Васіля Барысенка? — запытаўся адзін з былых вязьняў.

— У Менску ёсьць крытык Барысенка…

— Гэта мой родны брат. Прозвішча толькі зьмяніў…

Да нядаўняга часу імя акадэміка, заслужанага дзеяча навукі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі, шматгадовага дырэктара Інстытуту літаратуры сустракалася выключна ў станоўчым кантэксце. У шэрагу публікацыяў у «Звяздзе» (1987–88 г.) згадваліся акалічнасці шляху крытыка да навуковых вяршынь, якія раней замоўчваліся… 1 верасьня 1989 году ў палеміку ўступіў крытык Віктар Каваленка.

Чаму члену-карэспандэнту АН, заслужанаму дзеячу навукі, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі, цяперашняму дырэктару Інстытуту літаратуры спатрэбіўся адзін год і адзін месяц, каб выступіць у абарону свайго былога кіраўніка і настаўніка? Прачнуўся інстытуцкі патрыятызм? Адкрыліся новыя факты, якія дазваляюць іначай ацаніць паводзіны Барысенкі? Ці трынаццацімесячная паўза і выбар другога выданьня для адказу спатрэбіліся, каб чытачы ня ведалі або забыліся пра зьмест папярэдніх матэрыялаў?…

Лепш за ўсё, каб чытачы самі параўналі публікацыі. Непрыемна адказваць на папрокі ва ўяўных скажэньнях, палемізаваць з вывадамі накшталт таго, што ўдакладненая рэдакцыяй назва рэцэнзіі штучна павялічвае віну Барысенкі. Яго віну ня так проста павялічыць. І што можна запярэчыць апанэнту, які лічыць: раз Барысенка быў ажно трэцім, хто крытыкаваў чытанкі, дык гэта мяняе справу. У прынцыпе, канешне, мяняе: дабіваць ахвяру — горш. В. Каваленка, несумненна, разьлічваў на адваротны эфэкт гэтага факту. Але ня трэба раўняць выступленьне ў друку 1929 году і спэцводгук 1936-га. Апошні, апроч ацэнкі чытанак, выносіў прысуд літаратурнай, рэдактарскай дзейнасьці І. Мазура ў цэлым: «Як у асноўных яго працах, так і паасобных артыкулах знаходзяць сваё яскравае ўяўленьне ўстаноўкі контррэвалюцыйнага нацыянал-дэмакратызму ў галіне культурна-нацыянальнага будаўніцтва і ў галіне аграрных пытаньняў. Школьныя чытанкі, укладзеныя Мазурам, зьяўляюцца па сваёй палітычнай накіраванасьці варожымі і шкоднымі…»

Як можна сёньня, ведаючы пра махавік рэпрэсіяў у сярэдзіне 30-х, усур'ёз пісаць пра вышэйпрыведзены тэкст, што «адкрытых заклікаў да расправы з кім-небудзь у рэцэнзіі няма» і яе «нэгатыўная» роля ў лёсе І. Мазура — ня больш чым «абстрактная пасылка»? І. Мазур бачыў папку са сваёй «справай» — іншых доказаў віны, апрача рэцэнзіі, там няма…

Ня хочацца губляць час на высьвятленьне экстралінгвістычных фактараў — пафас ліста В. Каваленкі далёка выходзіць за рамкі гэтай канкрэтнай спрэчкі. Фактычна размова ідзе пра вельмі балючую для нашага грамадзтва праблему гістарычнай адказнасьці чалавека за свае дзеяньні. Ці, як жорстка сфармуляваў Васіль Быкаў, — праблему катаў і ахвяраў.

Адкрыцьцё закрытай рэцэнзіі Барысенкі — да болю рэдкая спроба на строга дакумэнтальнай аснове паставіць пытаньне аб маральнай адказнасьці аднаго з тых, чыімі намаганьнямі круцілася крывавая сталінская мясарубка. Таму прынцыпова важна разабрацца нават не з адвакацкімі абвінавачаньнямі ў «лоўчым азарце», «новай несправядлівасьці і жорсткасці», а ў сістэме аргумэнтацыі артыкула «Дзе віна, дзе бяда…» Сканцэнтравана сваю пазыцыю В. Каваленка тлумачыць так:

«Недастаткова аб'ектыўнае асьвятленьне асобы В. Барысенкі ў газэце «Звязда» выявілася ня толькі ў тым, што не даецца характарыстыка агульнага фону ідэйнага і духоўнага жыцьця сярэдзіны 30-х гадоў. Справа яшчэ ў тым, якім быў і як паводзіў сябе В. Барысенка пасьля XX зьезду КПСС».

Сэнс першай пасылкі гранічна празрысты: ва ўсім вінаватыя абставіны. Дарэчы, цяперашні дырэктар Інстытуту ў такіх разважаньнях зусім не арыгінальны. Менавіта так, «уплывам канкрэтнай абстаноўкі», тлумачыў сваю рэцэнзію сам Барысенка ў 1955 годзе (гл. вышэй). Гэтае тлумачэньне было надрукаванае, так што «характарыстыка агульнага фону» ў газэце даецца, да таго ж — зь першых вуснаў. Іншая справа, як да «фону» ставіцца — як да індульгенцыі, што робяць два дырэктары розных пакаленьняў, ці як да жыцьця, у якім заўсёды ёсьць месца для чалавечага выбару.

Выбар быў. І ёсьць, і будзе. Адмаўляць яго — значыць адмаўляць тых, хто выступаў супраць сталінскіх парадкаў, ня здрадзіў сабе, захаваў годнасьць і трапіў у Курапаты; тых, хто расплочваўся за сумленнасьць дзесяцігодзьдзямі чорнай работы на лесапавалах і ў шахтах; тых, нарэшце, хто выбраў немату, якая спапяляла ўнутры… Правамернай бачыцца і мяжа паміж тымі, хто падпісаў несправядлівыя паказаньні ў няволі, і тымі, хто страціў чалавечае аблічча і рабіў кар'еру, займаючы месцы таленавітых, здольных, сумленных.

Міф аб усеагульным удзеле ў злачынствах (як і аб роўнай адказнасьці) — абразьлівы і зьдзеклівы. Хоць гнюсная сіла маральных вырадкаў узрасла пры Сталіне ў шмат разоў — не яны вызначалі духоўнае аблічча народа. І калі мы ганебна мала ведаем пра супраціў сталіншчыне, яго формы, яго пакутнікаў і герояў, дык гэта таму, што тыран іх баяўся і ненавідзеў. Яны, іх дзеці гінулі першымі.

«Асцярожнасць, дакладнасьць, строгі індывідуальны падыход…» — пералічвае В. Каваленка свае патрабаваньні да гістарычнага рассьледаваньня і ўжывае ў адносінах да Барысенкі падыход самы што ні ёсьць масавы, настойліва падкрэсліваючы, што у сваіх паводзінах той ня быў адзінокі. «Разам зь іншымі літаратуразнаўцамі і крытыкамі даваў несправядлівыя, ідэйна скажоныя ацэнкі… Незаслужана асуджаў, як і многія тагачасныя крытыкі і пісьменьнікі…» і да т. п. Па-першае, масавасьць гвалту над ісьцінай не здымае асабістай адказнасьці з вучонага (калі ён вучоны). Па-другое — не было адно толькі «многіх іншых».

Пад час расправы з сотнямі вучоных, пісьменьнікаў права «караць і мілаваць» манапалізавала пэўная група, у якую ўваходзілі Барысенка, Бранштэйн, Бэндэ, Вольскі, Канакоцін, Клімковіч, Кучар, Модаль… Іх ацэнкі рабілі «надвор'е», зь іх ліку сьледчыя выбіралі аўтараў рэцэнзіяў-прысудаў.

Ня варта, і тут можна пагадзіцца з В. Каваленкам, перабольшваць ролю гэтых асобаў. Яны нярэдка толькі паслухмяна выконвалі волю іншых. Аднак нельга і прымяншаць, бо гэта была роля памагатых катаў. І дацэнт Барысенка выступаў у ролі не проста «аднаго з многіх» падручных. Подпіс дэкана літаратурнага факультэта Менскага педінстытуту (з 1932 г.), дырэктара Інстытуту літаратуры і мовы (з верасьня 1937 г.) важыў больш, чым меркаваньне «неаступененага» крытыка без высокай пасады.

Дацэнта пабойваліся нават калегі па заплечнаму літаратуразнаўству: 30 чэрвеня 1937-га ў «Ліме» з'явіўся яго артыкул «Вораг пад маскай крытыка», прысвечаны член-карэспандэнту АН БССР Я. Бранштэйну. Той быў арыштаваны і праз год, у маі 1938-га, растраляны. З цягам часу, пакуль паплечнікі зыходзілі са сцэны, аўтарытэт Барысенкі ўзрос настолькі, што яго пільныя выступленні, як сведчыць у манаграфіі «Беларуская крытыка і літаратуразнаўства: 20–30 гады» М. Мушынскі, ўспрымаліся як кіраўніцтва да дзеяння нават такімі катамі беларускай літаратуры, як Бэндэ!..

У 1971 годзе, у «Весцях АН БССР», віншуючы акадэміка з 75-годдзем, В. Каваленка сцвярджаў, што «ўжо ў даваенны час склалася творчае аблічча В. В. Барысенкі як вучонага-літаратара… Валодаючы глыбокімі ведамі, вострым пачуцьцём ісціны, вялікімі творчымі здольнасцямі, цьвёрдай ідэйнай перакананасьцю, Васіль Васілевіч шмат зрабіў для выпрацоўкі правільнай генеральнай лініі беларускай літаратурнай навукі і крытыкі.»

Зараз у «Ліме» В. Каваленка запэўнівае, што будучы акадэмік пры гэтым адчуваў сябе «моташна і невыносна». Няйначай, «вострае пачуцьцё ісціны» вінаватае, што ў вясёлым жанры крытычнай стральбы па бездапаможных жывых мішэнях два згаданыя далікатныя перажываньні праяўляліся як азарт варашылаўскага стралка ў спалучэнні з учэпістасьцю яжоўскага сьледчага.

Вялікія творчыя здольнасьці ў выпрацоўцы генеральнай лініі Барысенка прадэманстраваў ужо ў першай сваёй значнай працы «Нацдэмаўская літаратуразнаўчая метадалогія М. Гарэцкага». Вось некалькі фраз з адной толькі старонкі (з 39 падобных):

«М. Гарэцкі, адзін з найбольш відных нацдэмаў, добра вядомы сваёй шкодніцкай контррэвалюцыйнай дзейнасьцю… зьяўляецца найбольш яркім і тыповым прадстаўніком буржуазнага літаратуразнаўства на Беларусі. Робячы стаўку на адрыў Савецкай Беларусі ад саюзу сацыялістычных рэспублік, робячы стаўку на рэстаўрацыю капіталізму ў нашай краіне, на ператварэньне яе ў калёнію імпэрыялістычных дзяржаваў, нацдэмы… праводзілі шкодніцкую дзейнасьць, накіраваную на падрыхтоўку інтэрвэнцыі, на ўмацаваньне і ўзмацненьне кулацтва… Уся гэтая тэарэтычная і практычная дзейнасьць М. Гарэцкага падпарадкаваная задачам рэалізацыі вышэйазначаных мной палітычных установак беларускага контррэвалюцыйнага нацыянал-дэмакратызму».

Нават кароткі ланцуг тагачасных палітычных установак кан'юнктурнае літаратуразнаўства ў асобах асабліва верных служак рабіла яшчэ карацейшым, больш задушлівым. У якасьці камэнтара да працытаванага ўрыўку можна паўтарыць радкі з леташняй публікацыі «Звязды»:

«М. Гарэцкі, як вядома, загінуў у 1939 годзе, і палітычныя абвінавачаньні, зь якімі В. Барысенка выступаў у друку з 1936 году, мякка кажучы, не спрыялі выратаванню пісьменьніка. У 1937 годзе, у ссылцы, ён быў асуджаны яшчэ раз і пайшоў на катаргу…»

В. Каваленка папракае аўтара гэтых радкоў у тым, што не захацеў нічога высьвятляць пра далейшыя грамадзянскія паводзіны Барысенкі. Можа, В. Каваленка вядзе размову пра пасьляваенныя выступленні Барысенкі з красамоўнымі назвамі «Шкодны дакумэнт (аб нацыяналістычных скажэньнях у праграмах па беларускай літаратуры для ВНУ)»; «Супраць нізкапаклонства перад буржуазнай культурай»; «Супраць касмапалітызму ў літаратуразнаўстве» і да т. п.? Не. Гаворка ідзе пра паводзіны пасьля XX зьезду партыі.

Тут — другі прынцыповы пункт апоры публікацыі «Дзе віна, дзе бяда…» «Для нас сёньня павінна быць вельмі важна, — указвае В. Каваленка, — што В. Барысенка быў чалавекам, які ўсьведамляў свае памылкі і імкнуўся калі ня выправіць іх, то, прынамсі, не паўтарыць».

Дапусьцім, неяк удасца заплюшчыць вочы на зьніжэньне маральнага крытэрыю да такой ступені, што лічыцца ўжо нармальным не выпраўляць уласныя «памылкі» (нармалёвы сынонім для плённай працы прафэсара на НКВД, праўда?). Але ж празь некалькі абзацаў В. Каваленка сам аўтарытэтна сьведчыць, што і пасьля XX зьезду Васіль Васілевіч застаўся верны сваёй генэральнай лініі — «традыцыям фальшывых установак, стэрэатыпных прадпісаньняў, дагматычных захапленьняў, неапраўданых кан'юнктурных адрачэньняў». (Далібог, сынаніміка В. Каваленкі сапраўды захапляе, асабліва дагмат пра «неапраўданыя кан'юнктурныя адрачэнні» — гэта ці не адмову ад роднага брата і зьмену прозьвішча мае на ўвазе аўтар? Хоць не, гаворка ж пра пасьлязьездаўскія часы, значыць, намёк тут на нейкую іншую здраду.) В. Каваленка сам расшыфроўвае некаторыя захапленьні Барысенкі пасьля XX зьезду: асуджаў творчасьць В. Быкава, выступаў з нападкамі на Б. Пастарнака, «памыляўся» ў кадравай палітыцы.

Чаго В. Каваленку не хапае ў гэтым паслужным сьпісе? Удзелу ў фізычным зьнішчэньні іншадумцаў? Дык з ідэямі XX зьезду распраўляліся параўнальна бяскроўна. На сваёй дзялянцы дырэктар Інстытуту літаратуры не пускаў (ці не хадайнічаў, каб пусьцілі) заняць свае законныя месцы ў духоўнай спадчыне З. Астапенку, М. Багуна, С. Баранавых, А. Вольнага, С. Дарожнага, В. Каваля, Л. Калюгу, Т. Кляшторнага, Ю. Лявоннага, В. Маракова, Б. Мікуліча, А. Мрыя, Р. Мурашку, Я. Нёманскага, В. Сташэўскага, Ю. Таўбіна, У. Хадыку, В. Шашалевіча… На дзесяцігодзьдзі была адтэрмінаваная рэабілітацыя «Нашай Нівы» — якраз на артыкулы Барысенкі спасылаліся Абэцэдарскі і іншыя магільшчыкі сапраўднай гісторыі. Пад арыштам трымалася і творчасьць клясыка нацыянальнай літаратуры Максіма Гарэцкага — на што ў дырэктара, верагодна, былі і асабістыя прычыны.

У 1957 годзе зьявілася манаграфія Барысенкі «Францішак Багушэвіч і праблема рэалізму ў беларускай літаратуры XIX стагодзьдзя». Гэта адзіная кніга дырэктара, дзе на вокладцы няма прозьвішча суаўтара — хаця, на думку некаторых даследчыкаў, суаўтар існуе і тут. У аснове падыходу манаграфіі — ацэнка Францішка Багушэвіча ў «Гісторыі беларускай літаратуры» Максіма Гарэцкага. Той самай, якую Барысенка збэсьціў на пачатку «навуковай» дзейнасьці. Факт не застаўся незаўважаным, і ў 1958 годзе ў літаратурных колах стала вядомая эпіграма Сяргея Грахоўскага «Вучоны флюгер»:

Спачатку ганіў, лаяў, выкрываў Паэта-клясыка, яго дачку і брата І вось за гэта атрымаў Дыплём і стаўку кандыдата. А дачакаўся зручнае пары, Пачаў хваліць нябожчыка-паэта. Усё перавярнуўшы дагары, Убіўся ён у дактары, Але застаўся прайдзісьветам.

(Паэт расказваў, калі на стол дырэктара незаўважна паклалі зборнік з эпіграмай, той разадраў кніжку і шпурнуў у кут…)

У манаграфіі Барысенкі можна знайсьці спасылку нават на Бэндэ. На Гарэцкага — няма. Няма асобнага разьдзела пра Гарэцкага ў акадэмічнай «Истории белорусской советской литературы». Барысенка не дапусьціў выдатнага мастака слова ні ў адно з 19-ці перавыданьняў школьнага падручніка беларускай літаратуры, аўтарам якога, разам з В. Івашыным, зьяўляўся…

У артыкуле «Дзе віна, дзе бяда…» пазыцыя ў абарону Барысенкі грунтуецца на двух пунктах апоры: абстаноўка 30-х гадоў, якая прымушала ўсіх быць як «многія іншыя», і асабістая перабудова пасьля XX зьезду. Для ўстойлівасьці патрабуецца заўсёды трэці пункт апоры, у дадзеным выпадку — ў рэальным жыцьці. Яго няма. Не было ў 30-я гады адных толькі «многіх іншых», не было годных грамадзянскіх паводзін пасьля XX зьезду. Вядома, за дзесяцігодзьдзі дырэктарства немагчыма не зрабіць нешта карыснае для Інстытуту і супрацоўнікаў. Але хіба ня быў акадэмік больш чым шчодра аддзячаны за гэта — уладай, акладам, ганарарамі, ляўрэацтвам, хвалебнымі артыкуламі ў друку і энцыкляпэдыях?

Ня так даўно ў Інстытуце літаратуры рабілі захады, каб перавыдаць доктарскую працу Барысенкі. Што ж, відаць сотні твораў рэпрэсаванай беларускай літаратуры могуць пачакаць, як чакалі паўстагодзьдзя і больш. Пачакаем — не прывыкаць — і мы. Але калі так неабходна перавыдаць акадэміка Барысенку, дык гэта павінна быць сапраўды акадэмічнае выданьне. З усімі без выключэньня працамі, з дакладнымі зьвесткамі пра лёс паэтаў, празаікаў, літаратуразнаўцаў, якія патрапілі на вастрыё ягонага пяра. Пажадана было б хоць пералічыць рэпрасаваныя творы, якія, дзякуючы акадэміку, ня ўбачылі сьвет альбо былі пушчаны пад нож цэнзара. Варта прывезці цэлыя вершы і асобныя радкі Янкі Купалы, Якуба Коласа, якія, пад кіраўніцтвам дырэктара, былі выкінутыя з акадэмічных выданьняў народных паэтаў, а сьляды вівісэкцыі замецены — ні спасылкі, ні шматкроп'я. А ў навуковым камэнтары да акадэмічнага выданьня Барысенкі хацелася б прачытаць не юбілейныя абстракцыі накшталт «мэтанакіраванай і актыўнай працы ў духу новага часу», а аргумэнтаваны разбор таго, што ў інстытуце было зроблена дзякуючы, а што — насуперак намэнклятурнаму рэкардсмэну, які ўзначальваў установу з 1937 па 1973 гады.

Ёмістае, відаць, атрымаецца выданьне. Але навуковая спадчына «старэйшыны беларускага літаратуразнаўства», як велічалі Барысенку некаторыя вучні, зойме там няшмат месца. Ступень доктара навук, званьні прафэсара, членкара і акадэміка фактычна прысвоеныя — унікальны выпадак — за адну адзіную самастойную працу, да таго ж пабудаваную на чужой канцэпцыі. Творчы архіў Барысенкі, перададзены на захаваньне ў акадэмічную бібліятэку, складаюць ня рукапісы, планы, перапіска і да таго падобныя матэрыялы навуковай альбо асьветніцкай дзейнасьці, а… ганаровыя граматы.

Дзеля паўнаты ў акадэмічнае выданьне Барысенкі варта ўключыць лісткі з апошняй анкеты асабістай справы, якую акадэмік запаўняў незадоўга да сьмерці. У графу «сямейнае становішча» дрыготкай рукой упершыню за паўстагодзьдзя ўпісана: «брат Мікалай, жыве і працуе ў Нарыльску…»

Запазьніўся запіс ці не — вырашаць брату. А чытачы пасьля знаёмства з усімі матэрыяламі разьбяруцца: дзе віна, дзе бяда, а дзе — сам колішні дырэктар літаратуры.

І дзе мы самі?…

Аляксандар Лукашук

«Звязда», 26 верасьня 1989 г.

Ад аўтара

Дзе мы самі — пытаньне да самога сябе… Для адказу на яго амаль непрыдатны чужы досьвед, трэба самому абдзіраць калені, каб падняцца зь іх.

У 1990 годзе мяне абралі членам Камісіі пры Вярхоўным Савеце, якая займалася правамі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Гэта аблегчыла здабыванне матэрыялаў у архівах, зьявілася больш магчымасьцяў дапамагаць ахвярам і іх дзецям у рэабілітацыі, вяртаньні маёмасьці, знаёмстве са справамі іх закатаваных бацькоў. З падтрымкай дэпутатаў апазыцыі БНФ Сяргея Навумчыка, Галіны Сямдзянавай, удалося паскорыць рэабілітацыю праваабаронцы зь Беларусі Міхаіла Кукабакі, які ў 60–80 гады правёў 17 гадоў у турмах, лагерах, вар'ятнях. Праўда, амаль нічога не ўдавалася зрабіць у дачыненні да катаў — сыстэма абараняла іх насьмерць.

Раз-пораз у архіўных дакумэнтах, зь якімі я працаваў, мільгала імя Барысенкі, але пасьля палемікі зь Віктарам Каваленкам мне здавалася, што тэма вычарпаная. Так яно і выглядала, пакуль амаль празь пяць гадоў — цэлую эпоху, калі памянялася нават карта Эўропы! — я не раскрыў «ЛІМ» за 1 красавіка 1994 г. і не пабачыў, што памыляўся… Быццам у адказ на колішнюю разгубленасьць дырэктара Інстытуту літаратуры, які ці то сьцьвярджаў, ці пытаўся «Дзе віна, дзе бяда…» супрацоўнік таго ж інстытуту Уладзімір Казьбярук удакладняў:

І віна, і бяда…

Балюча адбываецца ў нас працэс пераасэнсаваньня і пераацэнкі мінуўшчыны. І добра, калі бяруцца за гэтую справу людзі кампэтэнтныя і сумленныя. А калі не хапае ці адной, ці другой якасьці? Тады мы становімся сьведкамі розных маніпуляцыяў. Так можна сказаць і пра цэлыя этапы або эпохі гісторыі народа наогул, і пра ацэнку дзейнасьці паасобных людзей.

У мінулыя гады зьявіўся шэраг публікацыяў, у якіх без уліку канкрэтных абставін ацэньваліся чалавечыя якасьці і навуковая дзейнасьць былога дырэктара Інстытуту літаратуры імя Янкі Купалы нацыянальнай Акадэміі Навук Васіля Васілевіча Барысенкі. Думаецца, настала пара спакойна, разважліва зірнуць на колішнія супярэчлівыя падзеі з адлегласьці, з улікам усяго нашага вопыту і па часьці абвінавачанняў, і па часьці апраўданняў. Тут давядзецца аглядвацца на дзьве даўнія публікацыі: на артыкул В. Каваленкі «Дзе віна, дзе бяда…» і разносна-пагромны адказ A. Лукашука «Дырэктар літаратуры». Нагадаю, што B. Каваленка зрабіў спробу пры характарыстыцы В. Барысенкі вельмі ўзважана і пасьлядоўна, з усёй сур'ёзнасьцю ўлічваць незвычайную складанасьць сытуацыі ў 30-я гады. У той жа час А. Лукашук паставіў В. Барысенку побач з Л. Бэндэ і абвінаваціў яго амаль што не ва ўсіх бедах, якія ў 30-я гады наваліліся на нашую літаратуру, на многіх яе прадстаўнікоў. Ён безапэляцыйна адкінуў думку пра неабходнасьць улічваць агульны фон ідэйнага і духоўнага жыцьця 30-х гадоў.

Пад занавес свайго палемічнага выступлення А. Лукашук падагульняе: «У артыкуле «Дзе віна, дзе бяда…» пазыцыя ў абарону Барысенкі грунтуецца на двух пунктах апоры: абстаноўка 30-х гадоў, якая прымушала ўсіх быць як многія іншыя, і асабістая перабудова пасьля XX зьезду. Для ўстойлівасьці патрабуецца заўсёды трэці пункт апоры, у дадзеным выпадку — у рэальным жыцьці. Яго няма. Не было ў 30-я гады адно толькі «многіх іншых», не было грамадзянскіх паводзін пасьля XX зьезду».

Мы ўсё ж такі паспрабуем пашукаць і «многіх іншых» у перадваенныя і нават пасьляваенныя гады, і «пункт апоры» «у рэальным жыцьці» ў пасьлясталінскую эпоху. Яшчэ ў 1930 г., у 11 і 12 нумарах часопіса «Маладняк» быў апублікаваны артыкул Цішкі Гартнага «Нацыянал-дэмакраты за «працай»» (гл. часопіс «Спадчына», 1991, № 4 і 5). Тут няшчадна выкрываліся нацдэмы — тады яшчэ жывыя людзі, якія, як мы сёньня ведаем, верай і праўдай служылі беларускаму народу, разьвівалі і ўзбагачалі нацыянальную культуру, літаратуру, навуку. Такой публікацыяй Ц. Гартны дыскрэдытаваў сябе вельмі моцна.

У пачатку 30-х гадоў у часопісе «Узвышша» малады Пятро Глебка ў артыкуле «Нацдэмаўшчына, замаскаваная марксісцкай фразай» дзяліўся такімі перакананьнямі, за якія сёньня можна было б надзяліць аўтара рознымі ня надта салодкімі эпітэтамі. Тады ўжо набірала сілы тая вакханалія, якая ў сярэдзіне 30-х гадоў пацягнула ў сваё балота ўсе слаі грамадзтва, у тым ліку і інжынэраў чалавечых душ. А калі хто захоча пацікавіцца, што, як і дзе адбывалася, то хай пачытае хаця б справаздачу аб сходзе пісьменьнікаў БССР («ЛІМ», 20 сакавіка 1937) або інфармацыю аб партыйным сходзе ў СП («ЛІМ», 25 сакавіка 1937). Дастаткова багатая інфармацыя зьмешчаная і ў іншых нумарах «Ліма», у «Звяздзе» ды і ў любым пэрыядычным выданьні. І калі б кіравацца крытэрыямі высокай сённяшняй прынцыповасці, то што трэба было б пісаць пра Ц. Гартнага, П. Глебку, П. Броўку, А. Александровіча (якому і ў тыя часы даставалася добра), А. Куляшова, 3. Бядулю, К. Крапіву, А. Астрэйку? І ня толькі прыемнае давялося б гаварыць пра Купалу з Коласам (пра апошняга нават у пасляваенны пэрыяд).

20 жніўня 1993 г. у «Ліме», у артыкуле «Таўро — касмапаліт. Гісторыя адной палітычнай кампаніі» У. Семянюк расказаў пра бясслаўную кампанію барацьбы з касмапалітызмам у канцы 40-х гадоў. І зноў замільгалі знаёмыя прозьвішчы пісьменьнікаў (тых і «нашых»).

Адбывалася такая кампанія на маёй памяці. У прыватнасці, 2 сакавіка 1949 г. у газэце «Сталинская молодежь» зьявіўся артыкул Ю. Пшыркова «До конца разоблачить критиков-космополитов!», дзе бескампрамісна выкрывалася шкоднае племя бязродных касмапалітаў і сярод іх — Лука Бэндэ і Леў Бараг.

Першы зь іх у той час страціў свой злавесны ўплыў, і яго можна было не баяцца. А другі? Я слухаў у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце ягоныя лекцыі па фальклёры. Ня проста адказаць на пытаньне, што ў гэтых лекцыях больш прыцягвала — эрудыцыя выкладчыка ці натхненне. Яны арганічна спалучаліся. І ці ня той аўтарытэт, якім карыстаўся Леў Рыгоравіч, калоў у вочы некаторым ягоным менш адораным калегам на філфаку? Л. Барагу давялося разьвітацца з унівэрсытэтам.

Ці варта сёньня ўсіх пералічаных і іншых пісьменьнікаў так безапэляцыйна выкрэсліваць з гісторыі літаратуры за тагачасныя выступленьні ў друку і на сходах, за ўдзел у паляванні на ведзьмаў эпохі перамоглага сацыялізму? Тым больш, што многія зь іх і самі потым адпакутавалі за свае грахі. Хоць здаралася, што былі і слушныя выступленьні. Так, М. Ларчанка яшчэ да вайны пісаў пра беспрынцыпнасьць і хамэлеонства А. Кучара.

Ну, а цяпер пра тое, ці былі «пункты апоры» ў «рэальным жыцьці» ў 50–80 гады. Тут давядзецца спасылацца на факты і падзеі, сьведкам якіх я зьяўляўся сам. Знаў я Васіля Васілевіча з 1952 г., а працаваў у Інстытуце літаратуры зь лютага 1959 г. Вядома, як і кожны кіраўнік, ён мог камусьці ў нечым не дагадзіць. Але заўсёды там, дзе гэта было магчыма, ён абараняў сваіх супрацоўнікаў ад празьмерна пільных партыйных чыноўнікаў і ідэалягічных наглядчыкаў. І тут я паспрабую прывесці пару канкрэтных прыкладаў.

Неяк з рэкамэндацыі Н. Перкіна на работу ў інстытут трапіў філёзаф па адукацыі Л. Гаранін, які адразу ж паказаў добрую эрудыцыю. Аднак даволі хутка кампэтэнтныя органы паведамілі дырэктару, што новы навуковы супрацоўнік быў калісьці членам партыі, але за актыўны пратэст супраць расправы над удзельнікамі вэнгерскай рэвалюцыі 1956 г. быў выключаны з партыі і адсядзеў 5 гадоў. Вядома, для гэтых зьвестак у аўтабіяграфіі месца не хапіла.

Як успрыняў такую неардынарную інфармацыю В. Барысенка? Па ўсіх тагачасных нормах і традыцыях ён абавязаны быў бы зьняць з работы чалавека, які, паступаючы на працу ў ідэалягічны акадэмічны інстытут, схаваў пра сябе такія зьвесткі. І калі б Лявонція Якаўлевіча адправілі з Інстытуту, то ніякі суд, ніякі прафсаюз нават не спрабаваў бы заступіцца за яго. А ва ўсіх інстанцыях лічылася б, што В. Барысенка выканаў свой партыйны, грамадзянскі і патрыятычны доўг. Аднак на гэты раз ён даверу партыі не апраўдаў.

Звычайна В. Барысенка, вырашаючы нейкія справы, ня надта цікавіўся думкай сакратара партарганізацыі. Але пра тую навіну ён адразу паведаміў парторгу. Вырашылі разам — рабіць выгляд, быццам нічога ня здарылася. І толькі папярэдзілі самога Л. Гараніна, што з боку дырэкцыі яму нічога не пагражае. Н. Перкін, які даведаўся пра ўсё некалькі пазьней, таксама быў на баку Лявонція Якаўлевіча. Л. Гаранін і сёньня працуе ў інстытуце, і я спадзяюся, што ён не пакрыўдзіцца на мяне за маю інфармацыю.

Але гэта ня ўсё. У інстытуце завялося занадта многа ідэйнай «распусты». Партыйную лінію «крывілі» член партыі A. Мальдзіс, беспартыйны В. Каваленка. А былі ж яшчэ «нацыяналіст» М. Прашковіч, непакорлівы, непрыручлівы B. Зайцаў, якога перад гэтым звольнілі з працы ў Ленінградзкім унівэрсытэце.

Высокае-найвышэйшае начальства такога цярпець доўга не магло. І хоць акадэміку В. Барысенку ня так многа часу заставалася да сямідзесяцігадовага юбілею, але яго адправілі ў адстаўку. І адразу ж пад пэрсанальным кіраўніцтвам і наглядам сакратара парткаму АН БССР былі звольненыя з работы М. Прашковіч і В. Зайцаў.

Мне ўспамінаецца адно пасяджэньне бюро Аддзяленьня грамадзкіх навук АН БССР, на якім я выпадкова прысутнічаў. Адзін з членаў бюро, колішні партыйны функцыянэр, прапанаваў прыставіць да Інстытуту літаратуры афіцыйнага наглядчыка-кантралёра, каб не дапускаць больш скрыўлення партыйнае лініі. Супраць гэтага вельмі рэзка выступіў В. Барысенка, хоць ён і прызнаваў, што асобныя навуковыя супрацоўнікі дапускаюць ідэйныя памылкі. Самакрытыка была тады ў модзе.

В. Барысенка шмат гадоў працаваў дырэктарам Інстытуту літаратуры імя Я. Купалы. Ён сабраў працаздольны і кваліфікаваны калектыў, прыкладаючы шмат намаганьняў для таго, каб той калектыў не расколваўся ўнутранымі канфліктамі. Калі зьявілася ў друку чатырохтомная «Гісторыя беларускай літаратуры», у дырэктара была магчымасць вылучыць яе на Дзяржаўную прэмію. Але ён адмовіўся, бо ўсіх аўтараў уключыць у сьпіс ляўрэатаў ня мог бы. Выдзяляючы адных і абыходзячы другіх, унёс бы ў калектыў разлад. Перш за ўсё ляўрэацтва на гэтым этапе абмінула яго самога, хоць ён меў права на такое званьне ў першую чаргу.

Сёньня Васіля Васілевіча добрым словам у друку ўспамінаюць якраз тыя, каго найбольш у свой час публічна крытыкавалі за ідэйнае шкодніцтва. Калісьці А. Мальдзіс надрукаваў пра Барысенку ўспаміны пад загалоўкам «Як бацька вялікай сям'і». Загаловак зусім апраўданы, бо колішні шматгадовы дырэктар Інстытуту дбаў перш за ўсё аб тым, каб у калектыве заўсёды панавала атмасфэра ўзаемаразумення і ўзаемападтрымкі. А пра самога А. Мальдзіса калісьці аўтар адной ананімнай паэмы пісаў, што той сваімі публікацыямі «падарваў марксісцкі базіс».

Бясспрэчна, В. Барысенка ажыцьцяўляў партыйную лінію і ня мог дазволіць выпускаць пад грыфам Інстытуту ці ў падручніках нейкія недастаткова вывераныя ў ідэйных адносінах думкі або меркаваньні. Але надта ж наіўна гучыць абвінавачаньне ў тым, што ён не разглядаў у сваіх падручніках творчасьці таго ці іншага клясыка літаратуры.

Такія справы залежалі не ад пажаданняў нейкага навукоўца хоць бы з найвышэйшымі званьнямі, вырашаліся яны не ў Інстытутах літаратуры або пэдагогікі, не ў Міністэрстве асьветы і нават не на ўзроўні загадчыкаў адпаведных аддзелаў ЦК КПБ.

Сёньня, вяртаючыся памяцьцю да падзеяў далёкіх і трывожных 30-х гадоў, мы ня маем права забываць, што абставіны жыцьця прымушалі ўсіх, незалежна ад іх перакананняў, прыстасоўвацца да воўчых законаў, якія абуджалі ў многіх нечалавечыя інстынкты. Толькі пасьля сьмерці Сталіна грамадзяне Краіны Саветаў маглі сябе адчуваць людзьмі, якіх проста так, ні за што не пацягнуць у цёмную машыну. Да дэмакратыі было яшчэ вельмі далёка, але ўжо не даводзілася за месца пад сонцам шукаць і выкрываць вакол сябе ворагаў, шкоднікаў, трацкістаў, дывэрсантаў, шпіёнаў. У новых умовах В. Барысенка жыў і дзейнічаў як чалавек сумленны, дабразычлівы і спагадлівы.

Уладзімір Казьбярук

Ад аўтара

Празрысты намёк на недахоп у мяне кампэтэнтнасьці альбо сумленнасьці ня надта пакрыўдзіў. Факты для «Дырэктара літаратуры» я зьбіраў і правяраў сам у архівах, бібліятэках, кансультаваўся ў спэцыялістаў, перачытаў творы «героя». Вельмі карысным аказалася знаёмства з картатэкай да бібліяграфічнага слоўніка «Беларускія пісьменьнікі», які Адам Мальдзіс тады яшчэ толькі рыхтаваў да друку. Гэтая сапраўды фундамэнтальная праца, пры ўсіх яе вымушаных кан'юнктурных агаворках — найлепшы на сёньня павадыр па ГУЛАГу беларускай літаратуры, які знаёміць зь вязьнямі і ахоўнікамі. Многае далі б некаторыя яго пэрсанажы, каб назаўсёды зьніклі зьвесткі пра іх «творчасць» — ды часам напісанае ўсё ж такі застаецца.

У выступленьні У. Казьберука быццам не адмаўлялася віна В. Барысенкі ў арыштах і зьнішчэньні людзей ў 30-я гады. Але і не заўважалася. Аўтар засяродзіўся выключна на аргумэнтах у абарону свайго былога дырэктара і ўвогуле забыўся на ахвяраў. Іх немы крык, іх боль, іх праўда ігнараваліся, як і дзесяцігодзьдзі да гэтага. Іх зноў ня чулі, ня бачылі, ім зноў тыцкалі ў твар: вас няма, ясна?..

Адказ у «Літаратуру і мастацтва» пісаўся з халоднай ярасьцю.

Дырэктар літаратуры і яго заступнікі

…Абарона незаслужана пакрыўджанага — сьвятая справа. Чым, аднак, мяне моцна ўражваюць апанэнты — вучоныя-літаратуразнаўцы, дык гэта нетаропкасцю, зь якой яны выступаюць на баку ісьціны. В. Каваленку спатрэбіўся адзін год і адзін месяц, каб выказаць сваё меркаваньне наконт маіх публікацыяў, У. Казьберуку — ужо чатыры гады з паловай. Калі так пойдзе далей, дык працяг размовы будзе ў наступным тысячагодзьдзі.

Зрэшты, я ўпэўнены, што размова пра катаў і ахвяраў будзе ісьці яшчэ доўга. Хаця б з адной прычыны: каты не панесьлі ніякага пакараньня, ахвяры дагэтуль застаюцца ахвярамі. Ведаю гэта па сваёй працы ў якасьці сябра «Мартыралёгу Беларусі» і члена Камісіі пры Вярхоўным Савеце ў справах ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Існуючая ўлада абараняе былых катаў, бо ёй патрэбныя каты новыя. Стаўленьне грамадзтва — апатыя і абыякавасць, дастаткова паглядзець на Курапаты, дзе дагэтуль няма ня тое што помніка — простай агароджы, як гэта мае быць на могілках.

У сваім выступленні «з адлегласці» У. Казьбярук, тым ня менш, паўтарае старую аргумэнтацыю В. Каваленкі: В. Барысенка паводзіў сябе у 30-я гады як і многія іншыя (вінаваты «агульны фон»), а потым, пасьля XX зьезду ён перавыхаваўся і надалей быў сьціплым і сумленным вучоным і арганізатарам навукі. Для пацьвярджэньня першага тэзысу прыводзіцца стос прозьвішчаў беларускіх пісьменьнікаў, якія, на думку У. Казьберука, паводзілі сябе так як В. Барысенка.

«Ня толькі прыемнае давялося б гаварыць пра Купалу з Коласам», — папярэджвае аб пагрозьлівай небясьпецы аўтар.

Дык можа ўжо час нашым вучоным адмовіцца ад звычкі гаварыць толькі прыемнае? І паспрабаваць перайсьці да праўдзівага? Тады, дарэчы, ніводнаму сумленнаму і кампэтэнтнаму дасьледніку ў галаву ня прыйдзе ставіць на адну дошку няштатнага супрацоўніка органаў, чые спэцдопісы падшываліся ў сьледчую справу, і Купалу з Коласам, растаптаных з дапамогай «літаратуразнаўцаў ад НКВД». І не шкадаваць трэба, што акадэмічная «Гісторыя беларускай літаратуры», выдадзеная пад кіраўніцтвам В. Барысенкі, не ўдастоеная дзяржаўнай прэміі, а пісаць сапраўдную трагічную гісторыю беларускай літаратуры са скалечанымі і зьнявечанымі лёсамі яе лепшых творцаў. Дзякаваць Богу, такія дасьледаваньні робяцца. Пра гэта сьведчаць, дарэчы, і шмат якія публікацыі «Ліма». Але робяцца ня ўсімі і не пра ўсіх.

В. Барысенка — зусім не «адзін з многіх іншых», на чым так акцэнтуюць увагу яго абаронцы (быццам гэты аргумэнт магічна здымае пытаньне адказнасці). І справа ня толькі ў тым, што асабістая творчая, навуковая спадчына намэнклятурнага заіла блізкая да нуля, што не перашкодзіла яму атрымаць усе магчымыя званьні і выгоды. Пасада дэкана літфакультэту Менскага пэдінстытуту (з 1932), а потым дырэктара Інстытуту літаратуры АН БССР (з 1937 па 1973 г.) надавала яго «крытычным» артыкулам сапраўды забойную сілу. Яго баяліся і ў яго вучыліся калегі па заплечным літаратуразнаўстве, яго «закрытыя рэцэнзіі» калечылі лёсы. Невыпадкова менавіта яго вылучыў з пагромнай каманды 30-х гадоў Уладзімір Конан у самай першай публікацыі аб сталіншчыне ў Беларусі ў «Звяздзе» («Узяць з гісторыі агонь», 22 снежня 1987).

Пасьля таго ў рэдакцыю прыйшоў сын адной з ахвяраў В. Барысенкі, У. Мазур, было апублікавана яго пісьмо «Помню высакароднасць, помню подласць» («Звязда», 27 сакавіка 1988). Бацька, Ігнат Мазур, аўтар чытанак для школьнікаў, пасьля іх разгрому Барысенкам быў выключаны з партыі, хаваўся, быў арыштаваны і адпраўлены на расстрэл — выратаваў яго цуд.

У рэдакцыю з абвяржэньнем зьвярнулася дачка Барысенкі, супрацоўніца Інстытуту літаратуры. У выніку карпатлівай праверкі быў надрукаваны матэрыял «Закрытая рэцэнзія» («Звязда», 31 ліпеня 1988). У. Казбярук гэтую публікацыю ня згадвае. Ці не таму, што яна юрыдычна доказна сведчыць аб асабістай канкрэтнай віне Барысенкі.

Прывяду яшчэ адзін дакумэнт з Нацыянальнага архіву Беларусі, які ніколі не друкаваўся.

«З вызначэння Судовай Калегіі па крымінальных справах Вярхоўнага Суда БССР па пратэсту пракуратуры на пастанову Асобай Нарады пры НКВД СССР ад 5.08.1939 г., па якой асуджаны Замоцін Іван Іванавіч, 1873 г. н., акадэмік АН БССР, член-карэспандэнт АН СССР, — на 8 гадоў папраўча-працоўных лягераў.

У якасьці доказу шкодніцкай дзейнасьці Замоціна да справы былі далучаныя рэцэнзіі на шэраг яго прац і акты Камісіі АН БССР, у якіх адзначалася, што навуковыя працы Замоціна прапагандуюць буржуазную ідэалогію, беларускі нацыяналізм і расейскі вялікадзяржаўны шавінізм, што паводле свайго зьместу гэтыя працы зьяўляюцца палітычна шкоднымі.

У працэсе дадатковай праверкі экспэртная камісія дала заключэньне аб тым, што працы акадэміка Замоціна ўяўляюць несумненную навуковую каштоўнасьць, а вывады Камісіі АН БССР і рэцэнзэнтаў у 1938 г. зьяўляюцца неабгрунтаванымі і няслушнымі.

Барысенка В. В., які ганьбаваў раней навуковыя працы Замоціна, цяпер працуе дырэктарам Інстытуту літаратуры і мастацтва АН БССР, у сваім водгуку аб Замоціне, напісаным у 1956 г., адзначае, што Замоціна ён ведаў на працягу 10 гадоў толькі са станоўчага боку».

Іван Іванавіч Замоцін загінуў у лагеры ў траўні 1942-га. У «Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі», першы том якой выйшаў у 1993-м, у артыкуле Л. С. Савік непасрэдны ўдзел Барысенкі ў зьнішчэньні людзей адлюстраваны наступным чынам: «У некаторых артыкулах і рэцэнзіях 1930–40-х гадоў аддаў даніну вульгарнаму сацыялагізму». (Дарэчы, цераспалосіца падыходаў у гэтым, несумненна, цікавым выданьні такая, што міжволі думаеш, што час для праўдзівай гісторыі ўсё ж яшчэ не настаў — занадта блізкае мінулае ўчэпіста трымае шмат якіх аўтараў.)

«Вучоны флюгер», як ахрысьціў В. Барысенку ў сваёй вядомай эпіграме Сяргей Грахоўскі, ў 50-я гады, ды і пазней, трымаўся строга па ветру. У публікацыі «Дырэктар літаратуры» прыводзяцца тлумачэньні дырэктара аб справе І. Мазура, датаваныя 1955 годам, калі той вымушана прызнаецца ў зьдзейсьненым. Дарма ў іх шукаць намёк на пакаяньне — усё тая ж спасылка на «агульны фон», якую зараз, нібы ваду ў ступе, таўкуць яго заступнікі. Я перапісваўся, сустракаўся з ахвярамі акадэміка, іх дзецьмі. Ні разу не пацікавіўся гэты, па вызначэньню У. Казьберука, «сумленны, добразычлівы і спагадлівы» чалавек далейшым лёсам арыштаваных, а потым рэабілітаваных людзей, іх сем'яў. Як амаль нічога не зрабіў для вяртаньня ў літаратуру дзясяткаў імёнаў закатаваных ў 30-я гады пісьменьнікаў і іх твораў.

Не хачу паўтараць аргумэнтацыю і факты, якія выкладзеныя ў маіх публікацыях 1987–89 гадоў. У. Казьбярук называе іх «разносна-пагромнымі». Хаця б ў чыста філалагічных мэтах, дзеля правільнага ўжываньня складаных прыметнікаў у будучым, раю апанэнту пачытаць В. Барысенку. Напрыклад, яго першую значную працу «Нацдэмаўская літаратуразнаўчая мэтадалёгія М. Гарэцкага». Ці пасляваенныя выступленьні «Шкодны дакумэнт (аб нацыяналістычных скажэньнях у праграмах па беларускай літаратуры для ВНУ)», «Супраць нізкапаклонства перад буржуазнай культурай», «Супраць касмапалітызму ў літаратуразнаўстве». Гэтыя ды іншыя опусы можна знайсьці ў акадэмічнай бібліятэцы — калі, канечне, заступнікі Барысенкі не ўзялі на ўзбраеньне няўдалы вопыт Лукаша Бэндэ (у такім выпадку магу ахвяраваць некалькі сваіх копіяў).

Цішэй, на думку заступнікаў, трэба называць імёны памагатых катаў, больш «добразычліва» корпацца ў архівах, заплюшчыць вочы і закрыць вушы, каб ня чуць разьюшанага бою крытычнай зграі…

На шчасце, так думаюць ня ўсе. Пасьля публікацыі артыкула «Дырэктар літаратуры» з падтрымкай званілі многія, у тым ліку былыя падначаленыя Барысенкі — супрацоўнікі Інстытуту. Пазваніў і Фёдар Міхайлавіч Янкоўскі. Мы зь ім не былі знаёмыя. Янкоўскі расказаў, як у 1938 годзе на сустрэчы са студэнтамі-завочнікамі Барысенку перадалі запіску з пытаньнем пра Кузьму Чорнага — дзе ён, як, ці піша. Барысенка падняў запіску, абшарыў залю поглядам.

— Чорны — хай ён там счарнее, дзе ён чарнее…

Потым цэлая група, узгадваў Янкоўскі, шнырыла па інстытуце, шукала аўтара крамольнага пытаньня.

Пашанцавала чалавеку, сярод мноства завочнікаў яго почырк не ўстанавілі. Ужо ў 80-х, калі ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» паводле прапановы Інстытуту літаратуры спрабавалі перавыдаць творы Барысенкі, Янкоўскі, як член рэдкалегіі зборніка, рэзка выступіў супраць перавыданьня. Праз два тыдні пасьля нашай тэлефоннай размовы яго не стала…

Сьведкаў амаль не засталося. Ці ня гэтая акалічнасць сёньня падштурхоўвае некаторых супрацоўнікаў Інстытуту літаратуры аберагаць асобу акадэміка. Зразумелая настойлівасьць дачкі (не забудземся толькі, што і ў ахвяраў былі дзеці). Можна вытлумачыць, зрэшты, і ўдзячнасьць былых падначаленых, якім В. Барысенка асабіста не зрабіў нічога дрэннага, дапамагаў (будзем памятаць, аднак, што так склалася далёка не ва ўсіх). Немагчыма, і я пісаў пра гэта, амаль 40 гадоў узначальваць установу і не зрабіць нічога карыснага для людзей і для справы.

Але няўжо ж Барысенка мала быў аддзячаны за сваё служэньне — пасадай, кватэрамі, званьнем акадэміка, элегантнымі фармулёўкамі ў энцыкляпэдыях, спакойным жыцьцём сваёй сям'і (калі адкінуць арыштаванага брата, ад якога адрокся, нават зьмяніў сваё прозьвішча)?..

Аказваецца — мала. Аказваецца, трэба яшчэ нешта — добрую памяць.

І гэта самы галоўны і абнадзейваючы вывад з нашай шматгадовай палемікі. Ніхто не забароніць блізкім і знаёмым памятаць пра добрае, што было ў чалавеку. Але ня ўдасца выкрасліць зь людзкой памяці і зло, якое ён нёс і якое засталося беспакараным.

Не магу не пагадзіцца з думкай, якой пачынае свой артыкул У. Казбярук: «Балюча адбываецца ў нас працэс пераасэнсаваньня і пераацэнкі мінуўшчыны. І добра, калі бяруцца за гэтую справу людзі кампэтэнтныя і сумленныя. А калі не хапае ці адной, ці другой якасьці? Мы тады становімся сьведкамі розных маніпуляцыяў». Далібог, сапраўды так. Асабліва, калі не хапае адразу абедзьвюх згаданых якасьцяў.

Аляксандар Лукашук

«ЛІМ», 9 верасьня 1994 г.

Заўчасны постскрыптум

На момант друкаваньня гэтай кнігі ў беларускіх газэтах і часопісах, якія выдаюцца нацыянальнымі творчымі саюзамі, працягваюць зьяўляцца — за аўтарытэтнымі подпісамі — чарговыя публікацыі ў абарону «дырэктара літаратуры». Я ня маю што дадаць да ўжо сказанага, хоць мог бы прывесьці новыя архіўныя факты. Выглядае, рэч зусім ня ў фактах.

…А мы яшчэ пытаемся, што з намі адбываецца.

5. ЦУД УСТАВАНЬНЯ З КАЛЕНАЎ (замест эпілёгу)

Ніколі не апраўдвайся, вучыць старажытная мудрасьць: сябрам гэта не патрэбна, ворагі ўсё роўна не павераць. Пасьля адной публікацыі мне пазваніла маці і сказала: «Кінь, хопіць ужо з гэтых… А калі б гэта быў твой бацька?..» «А калі б я быў сынам «ворага народа»?..» Потым я працягваў дыялёг сам, узгадваючы папрокі і аргумэнты, якія чуў, якія мог уявіць.

Тэма патрабавала калі не апраўданняў, дык тлумачэньняў, не для сяброў альбо ворагаў — для сябе.

— Сказана: не судзіце і вас не асудзяць. А калі тваю пісаніну падняць пра розныя юбілеі савецкай улады?..

— Я за тое, каб судзілі і каб кожны атрымаў паводле грахоў сваіх. І я — таксама. Сярод маёй пісаніны была лухта, але няма даносаў. На мяне даносы былі, а ў мяне даносаў няма.

— Чаму ты ня выступіў супраць вайны ў Афганістане, хоць ўжо скончыў інстытут, меў 24 гады?

— Што я разумеў тады…

— Ты хочаш сказаць, што ўсе так сябе паводзілі? Чаму ж для Барысенкі адна мерка, а для цябе іншая?

— На сумленьні Барысенкі — жыцьці людзей. А пра сябе я хачу сказаць, што ня ўдзельнічаў у пратэстах супраць Афганістану, няважна, былі яны ў Беларусі ці не, і мне за гэта, як і за шмат што іншае, сорамна.

Вельмі цяжкае пытаньне — зь якога моманту наступае грамадзянская адказнасць? Дзе праходзіць мяжа паміж прыватным жыцьцём і саўдзелам у злачынствах, якія робяцца і ад твайго імя?.. Існуе меркаваньне, што ў таталітарнай дзяржаве маральным і сумленным можна заставацца толькі ў турме. Любая твая самая бяскрыўдная праца ўмацоўвае дзяржаву і аб'ектыўна спрыяе злу. Гісторык Юры Афанасьеў на зводлівае пытаньне, дзе ж ён быў раней, адказаў: там, дзе і ўсе — у дзярме. Супрацьлеглы падыход — немагчымасьць паўплываць на дзяржаўныя рашэньні быццам аўтаматычна здымае з грамадзянаў усю віну.

Мне здаецца, што адказ кожны павінен даваць сабе перш за ўсё сам. Формулу разьвітаньня з рабствам прапанаваў Чэхаў, які сам прад'яўляў сабе такія патрабаванні, што знаходзіў нейкія кроплі несвабоды.

І яшчэ адно практычнае назіраньне: патрабуецца час, каб з раба стаць свабодным. Гэта працэс быццам і просты, але і невытлумачальны цалкам. Што залежыць ад асяродку, што ад характару, ад генаў — ня ведаю. Андрэй Сахараў спачатку зрабіў для камуністычнага рэжыму тэрмаядзерную бомбу, якая магла ўвогуле скончыць з цывілізацыяй, а пасьля стаў адным з галоўных апанэнтаў сыстэмы. Аляксандар Салжаніцын назваў фэномэн Сахарава цудам. А як растлумачыць цуд? Больш менш цьвёрда можна гаварыць хіба пра накірунак руху: ад зла ці абыякавасці — да дабра і справядлівасці для сябе і іншых.

— І гэты шлях прывёў цябе ў КПСС у 1988-м?

— Неспазнаныя шляхі нашыя… Мой сябар, адзін з заснавальнікаў БНФ, неяк на сустрэчы з выбаршчыкамі заявіў: «Я ўступіў у дзьве арганізацыі, у якія ня мог не ўступіць: Мартыралёг Беларусі і КПСС!»

З пачатку 80-х я запісваў для сябе ўспаміны вязьняў ГУЛАГу, і ў іх расказах мінулы жах быў выразна зьмяшаны з жахам цяперашнім: а раптам усё зноў паўторыцца?..

Памятаю, як мяне скаланула першае пасьля абраньня генсекам публічнае выступленне М. Гарбачова. На ўрачыстасцях да 40-годзьдзя Перамогі ён сказаў тое, што не гаварылі ні Хрушчоў, ні Брэжнеў, ні Андропаў з Чарненкам — адзначыў выдатную ролю «Генэральнага сакратара ЦК партыі Іосіфа Вісарыёнавіча Сталіна». Зала сустрэла гэтыя словы авацыяй.

І калі раптам гарбачоўская галоснасць прачыніла дзьверы гістарычнай праўдзе, публічныя прызнанні злачынстваў мінулага загучалі як пакаяньне і ачышчэнне, як аднаўленьне справядлівасьці, як гарантыя — не паўторыцца. І ў заяве ў партыю я напісаў тады: «хачу актыўна ўдзельнічаць у рэвалюцыйнай перабудове»…

— Ну і як удзельнічаў, актыўна?

— Партбілет адчыніў дзьверы ў архівы, і я акунуўся ў дакумэнты 30-х з галавой. Гэтую тэму тагачаснае кіраўніцтва «Звязды» падтрымлівала, і хаця за публікацыі пад рубрыкай «Гісторыя бязь белых плям» газэце часта ўлятала, але чытачы прызналі. Адным словам, працэс ішоў. Ішоў ён і па-за рамкамі газэтнай паласы.

Разам зь Зянонам Пазьняком, Маяй Кляшторнай, Віктарам Крукоўскім, Яўгенам Куліком, Міхасём Чарняўскім, Валянцінай Вяргей, Міколам Крывальцэвічам, Юрам Дракахрустам ды іншымі мы збіраліся ў пакоях Інстытуту гісторыі ці маім рэдакцыйным кабінэце і пісалі статут «Камітэта 58», які потым стаў называцца «Мартыралёг Беларусі». Нашыя дэклярацыі пра «садзеяньне палітыцы партыі», «адраджэнне ленінскіх прынцыпаў» ды «грунт XIX Усезаюзнай партканфэрэнцыі» можна знайсьці і ў дакумэнтах «Мартыралёгу», і ў першай праграме БНФ, поўная назва якога тады гучала так: «Беларускі Народны Фронт за перабудову «Адраджэнне»».

— Працьвярэзілі вас «чаромхай» на Дзяды на ўсходніх могілках!

— Каго як… Зянон і так усё разумеў, толькі ўжываў тэрмін «бюракратыя» замест «камуністы». А ў іншых яшчэ жыла вера ў парыў Гарбачова. Я пазбавіўся партбілету толькі ў 1990-м. Калегі ў газэце наладзілі нейкую пародыю на суд, шкадую, што ўвогуле пайшоў туды — і сорамна за іх, і шкада…

— А самому ня сорамна за ўступленне?

— Сорамна. Хоць і ведаю, што бяз гэтага пропуску не патрапіў бы ў архівы, ня змог бы напісаць, апублікаваць, зьняць кіно пра ахвяраў камунізму. Таксама весялей было ў пракуратуры, міліцыі ды судах, куды мяне клікалі падсудныя як сябра, а ўлады дапускалі як карэспандэнта партыйнай газэты. І ўсё ж, усё ж… Не геройскі крок, мякка кажучы. Сытуацыя даволі тыповая для пераходнага пэрыяду і для тых, хто толькі пачынаў уздымацца з каленяў.

А наконт веры — тады для мяне сорамна было б яе ня мець, не адгукнуцца на жывы голас, які ўпершыню загучаў з арэапагу мерцьвякоў і павёў да свабоды. Ахматава не саромелася называць сябе «хрушчоўкай». Калі Андрэй Сахараў гаварыў, што альтэрнатывы Гарбачову няма, гэта значыла, што няма гуманнай альтэрнатывы. Лігачовых было колькі заўгодна. Я згодны з Алесем Адамовічам: без Гарбачова кроў пры распадзе ядзернай імпэрыі была б шматкроць памножаная і хто ведае, ці ня стаў бы сам распад ядзерным…

Слезацечны газ неблагі сродак прачысткі мазгоў, але часам ня дзейнічаюць і больш моцныя сродкі. У жніўні 1991-га, пад час путчу мы з калегам, мастаком Генам Мацурам, напісалі зварот да камуністаў-супрацоўнікаў выдавецтва, дзе я тады працаваў, у якім заявілі, што ня можам больш цярпець партарганізацыю ў калектыве. Адразу падпісалі зварот чалавек дзесяць, потым лічба павялічылася. А на агульным сходзе праз пару дзён пачалося нешта няўцямнае: ня варта сьпяшацца, трэба разабрацца… Мастак Коля Шалюта ускочыў тады і зьвінячым ад напружаньня голасам закрычаў: «Што вам яшчэ трэба? Вам путчу мала?! Што вам трэба, каб зразумець?!!»

— І што ж трэба?

— Час, што мінуў пасьля путчу, выразна засведчыў існаваньне дзьвюх супрацьлеглых псыхалёгіяў або грамадзкіх лагераў: тых, хто хоча і можа зразумець урокі мінулага, і тых, хто разумець ня хоча і, думаю, ня можа. Ёсьць яшчэ адна катэгорыя, менш выразная, але намнога большая, чым першыя дзьве разам узятыя: тыя, каму ўсё роўна. Унутры плыняў ідуць свае працэсы, у выніку якіх адбываецца ўзаемаабмен паміж імі, што розныя людзі называюць па-рознаму: здрадзіць прынцыпам, перафарбавацца, выздаравець.

— Чаму ж ты адмаўляеш Барысенку ў праве на выздараўленне?

— Ёсьць розьніца паміж маўчаньнем і непасрэдным удзелам у зьнішчэньні людзей. Рознае павінна быць і ўшанаваньне. У выпадку Барысенкі не хапае некалькіх зьвёнаў, якія дазволілі б пагадзіцца з тым, што пасьля XX зьезду ён стаў іншым чалавекам. Ён па-ранейшаму ўдзельнічаў у афіцыйных кампаніях ідэалягічнага цкаваньня іншадумцаў і нічога не рабіў для вяртаньня зацкаваных у 30-я гады.

Адсутнічае і яшчэ адно зьвяно. Надзейным сьведчаньнем унутранага вызваленьня ад рабства зьяўляецца гатоўнасьць адмовіцца ад таго, што дасягнуў у мінулым рабскім жыцьці. Не зважаць на свой сацыяльны статус, плюнуць на прывілеі, паставіць пад пагрозу бесклапотную будучыню сям'і, адчуць радасьць пакутаў за праўду. Ёсьць і апошяя мяжа. Мы здымалі фільм пра Курапаты пад час археалагічных раскопак, і Зянон Пазьняк, стоячы ў раскопе над рэшткамі ахвяраў, сказаў, што калі б у яго быў выбар — страляць альбо легчы ў гэтую яміну, ён ляжаў бы там.

— Што выбраў бы ты?

— Я ведаю свой сёньняшні адказ. Ёсьць нейкая паласа, на якой колькасьць ведаў, пачуцьцяў, назіраньняў пераходзіць у якасьць. Чалавек зь пераважна раба робіцца пераважна свабодным. І з гэтага моманту пазбаўляецца выбару, бо ўжо ня можа рабіць ці не рабіць пэўны крок. Драматург Аляксей Дудараў расказаў, як пазванілі яму 19 жніўня, пад час путчу, і спыталіся пра яго стаўленьне. Ён кажа: я баяўся. У мяне малая дачка. Але яшчэ больш я баяўся не сказаць, што гэта банда і я яе не баюся.

— А ты што рабіў тады, як модна пытацца?

— Якраз ня модна, па-мойму. А шкада. У адрозьненьне ад 30-х, у 91-м пад іх танкі было каму кінуцца. І гэта лепшае, што мы маглі зрабіць для памяці ахвяраў рэжыму. А горшым, на маю думку, стала тое, што мы, дакладней, маскоўскія дэмакраты ўпусьцілі шанц суду над камуністычнай ідэалёгіяй і правядзеньня люстрацыяў. У выніку — калатнеча рэстаўрацыі, местачковы таталітарызм…

— О, вось мы дабраліся да сутнасьці: ты за паляваньне на ведзьмаў, за помсту!.. А як жа дэмакратычнае чалавекалюбства, як жа «милость к падшим», як жа біблейскі запавет не судзіць?

— Паўтаруся: я за тое, каб судзілі. Не судзіць у хрысціянскім сэнсе, г. зн. дараваць — і то толькі ў маральным плане — мае права выключна ахвяра. Грамадзтва, дзяржава ня маюць і ня могуць мець такога права. Папа Рымскі дараваў турку Агджу, які рабіў на яго замах, і маліўся за яго. Што не перашкодзіла ўладам Італіі адправіць злачынцу ў турму.

Дэмакратычнае грамадзтва праз сістэму законаў, судоў і турмаў павінна жорстка абараняць сябе і свабоду сваіх грамадзянаў. З камуністычным вядзьмарствам, зь іншымі чалавеканенавісніцкімі ідэалёгіямі і арганізацыямі трэба змагацца як змагаліся з чумой і халерай. Магчыма, у будучым будзе дастаткова проста адукацыйнай прышчэпкі, сёньня ж патрэбны каранцін і санацыя. У гэтым і ёсьць чалавекалюбства.

— Многія ахвяры самі стваралі мэханізм рэпрэсіяў — ідэалягічна, арганізацыйна, юрыдычна. Многія каты станавіліся потым ахвярамі. Ты ўпэўнены, што заўсёды можна адрозьніць правага ад вінаватага, пазьбегнуць новай несправядлівасьці?

— Каб адрозьніць, трэба ведаць. Няма аднаго адказу для ўсіх. Але гэта ня значыць, што няма такога адказу ўвогуле. Трэба шукаць, вывучаць, прыводзіць факты. А меркаваньні будуць розьніцца, некаму і цяпер Ленін, Гітлер, Пол Пот куміры.

Што ж да новай несправядлівасьці… Хіба пасьля маіх публікацыяў прыяжджаў «чорны воран», людзей кідалі ў «амэрыканку», везьлі ў Курапаты? Хіба я заклікаю ставіць былых катаў, як некалі яны ахвяраў, на «канвэер», зашчымляць пальцы дзьвярыма, спаражняцца ў твар, на вачах бацькоў гвалціць дочак, жонак кідаць на пацеху ў камэру крымінальнікам? Хіба я пасылаю іх дзяўбсьці запалярны вугаль, патрабую марыць іх смагай і голадам, цкаваць сабакамі? Хіба — ды задоўга перачліваць усё, што каты тварылі над ахвярамі. Я хачу толькі аднаго: назваць іх імёны і іх учынкі.

— Але дзеля чаго? Катаў ўжо амаль не засталося. На развалінах Савецкага Саюзу ўзьніклі рэжымы з «культам асобы» ня горшымі за сталінскі. Ці мала правільных словаў было гаворана ў гісторыі, але ці пачутыя яны?

— Некаторыя словы трэба паўтараць, каб не забыцца на іх увогуле. Хто ведае, што было б, калі б час ад часу іх не паўтаралі зноў і зноў… Калі пад час вучобы ў інстытуце, а потым і пасьля заканчэння я змог сказаць «не» афіцэру КГБ, які вэрбаваў мяне на ролю няштатнага «памочніка» органаў, дык не паддацца на пасулы і пагрозы дапамог страх будучага сораму. Я ўявіў, што будзе, калі такое супрацоўніцтва адкрыецца — нават праз сто гадоў… Але яшчэ большы, чым перад будучым, ёсьць абавязак перад мінулым, перад адным яго фрагмэнтам…

— Якім?

— Апошнія сэкунды перад стрэлам… Я бачу расстрэл у Курапатах, калі ўсе просьбы аб дапамозе выплаканыя, надзеі растаптаныя, спадзяванні адкінутыя, ратунку няма й ня будзе, і каты выцягваюць свае рэвальвэры. І мне здаецца, што адзін з тых, хто ўпадзе зараз у яму, пачынае здагадвацца і раптам верыць, што праклятыя імёны назавуць хоць празь пяцьдзесят гадоў, што хоць так яны будуць адпомшчаныя, і тады на зьмярцьвелым твары зьяўляецца нешта, нешта падобнае на апошнюю ўсьмешку…

6. КУРАПАТЧЫКІ

Сьпіс супрацоўнікаў НКВД БССР па стану на 1937 год.[3]

Абрамаў — намесьнік начальніка Магілёўскай аблуправы

Абрамчук — опэрупаўнаважаны, Магілёў

Аверын Міхаіл Ігнатавіч — 1912, 1937, опэрупаўнаважаны

Альтшулер Леанід Яўсеевіч — 1913, 1937, опэрупаўнаважаны

Антонаў Пётр Сяргеевіч — 1902, 1919, опэрупаўнаважаны

Арагіковіч Пахом Пахомавіч — 1910, 1937, курсант

Артамонаў — начальнік аддзяленьня меншавікоў і эсэраў НКВД

Архангельскі — начальнік аддзялення трацкістаў і правых НКВД

Архіпаў — памочнік начальніка аддзелу месцаў зьняволеньня НКВД

Ашышкевіч — начальнік аддзялення трацкістаў і правых НКВД

Багданаў І. А. — начальнік баявой падрыхтоўкі НКВД

Балоцін — опэрупаўнаважаны, Ворша

Бандарэнка Дзмітры Сьцяпанавіч — памочнік опэрупаўнаважанага, Старыя Дарогі

Бачкоў Міхаіл Паўлавіч — 1899, 1920, адказны дзяжурны НКВД

Барысаў Сямён Рыгоравіч — 1900, 1926, начальнік аддзелу НКВД

Беззабезнаў Дзьмітры Карлавіч — 1908, 1934, опэрупаўнаважаны

Берман Барыс Давыдавіч — 1901, 1920, наркам

Бібікаў Георгі Паўлавіч — 1914, 1937, курсант

Блох Соф'я Ісакаўна — 1898, 1925

Булатнікаў Пётр Паўлавіч — 1913, 1937, опэру паўнаважаны

Буцэвіцкі Уладзімір Ігнатавіч — 1908, 1930, опэру паўнав ажаны

Быкоўская Лілі Рабэртаўна — 1900, сакратар-машыністка

Быхоўскі — начальнік аддзялення нацыянал-фашыстаў НКВД

Быстроў Мікалай Міхайлавіч — у ЧК з 1919, начальнік Менскай аблуправы

Бычкоўскі Антон Захаравіч — 1909, 1932, опэрупаўнав ажаны

Бягун Сямён Васілевіч — 1911, 1933, опэрупаўнаважаны

Бяляеў Рыгор Аляксеевіч — 1903, 1929, тэхработнік

Бяспалаў — начальнік Пухавіцкага райаддзелу

Валавік І. Я. — 1904, 1922, начальнік Рэчыцкага райаддзелу

Валынкін Якаў Цітавіч — 1905, 1930, сакратар

Васіленка Кузьма Іванавіч — 1913, 1937, опэрупаўнав ажаны

Васілеўскі Мікалай Аляксандравіч — 1911, опэрупаўнаважаны, Жлобін

Васільеў Аляксандар Аляксеевіч — 1897, 1921, начальнік аддзелу НКВД

Вашукевіч Міхаіл Фёдаравіч — 1903, памочнік опэрупаўнав ажанага, Гомель

Вігдэргаўз Матус Абелевіч — 1913, 1937, опэрупаўнаважаны

Відзякін А. Д.

Вільман Герман Францавіч — 1897, 1925, памочнік опэрупаўнаважанага, Сураж

Вітка — начальнік Грэсскага райаддзелу

Віткоўскі Дамінік Уладзіслававіч — 1904, 1930, памочнік опэрупаўнаважанага, Гомель

Волкаў — опэрупаўнаважаны, Ворша

Волчак — начальнік 4 аддзелу НКВД

Воранаў Фёдар Васілевіч — 1911, 1937, опэрупаўнав ажаны

Высоцкі — опэрупаўнаважаны, Менск

Галубкін Сяргей Міхайлавіч — памочнік опэрупаўнаважанага, Слуцак

Гарбаты — начальнік аддзяленьня савецкага апарату і рабочага класу НКВД

Гарбачэўскі Макар Давыдавіч — 1906, 1930, начальнік Старобінскага райаддзелу

Гардзееў Іван Сямёнавіч — 1904, начальнік Сеньненскага (потым Жлобінскага) райаддзелу

Гарохаў — намесьнік начальніка Слуцкага гараддзелу

Гепштэйн — начальнік 3 аддзелу НКВД

Гласкоў — начальнік аддзелу, Слуцак

Голанд — Магілёўская абласная ўправа

Грышчанка Мікалай Георгіевіч — 1913, опэрупаўнаважаны

Губская М. А. — сакратар наркама

Гудкоў Іван Іванавіч — 1911, 1937, опэрупаўнаважаны

Гушча — опэрупаўнаважаны, Магілёў

Даніленка — опэрупаўнаважаны, Віцебскі дарожна-транспартны аддзел

Далінка Лізавета Давыдаўна — 1918, 1937, опэрупаўнаважаная

Драздоў Аляксандр Яўсеевіч — 1905, 1926, опэрупаўнаважаны

Дуброўскі Іван Аляксандравіч — 1896, 1925, начальнік аддзелу Магілёўскай абласной управы

Дудараў — опэрупаўнаважаны, Магілёў

Дудзенка Сяргей Піліпавіч — 1910, 1932, старшына ДБ

Дулесаў — начальнік Крычаўскага райаддзелу

Ермалаеў Васіль Андрэевіч —1990, 1924, начальнік Лепельскага райаддзелу (потым начальнік 4 аддзелу НКВД)

Ермаловіч В. А. — памочнік начальніка Полацкага акраддзелу

Жуковіч — начальнік Рагачоўскага райаддзелу

Жураўлёў Аляксандр Леанідавіч —1902, 1930, опэрупаўнаважаны

Жыдкоў Іосіф Аляксандравіч —1901, 1928, опэрупаўнаважаны

Завацкі — опэрупаўнаважаны

Задзірака — начальнік Дубровенскага райаддзелу

Зайцаў — начальнік Аршанскага гараддзелу

Зотаў Сяргей Амяльянавіч — 1905, 1929, памочнік опэрупаўнаважанага

Іасілевіч Яўсей Гіршавіч — 1898, 1926, адказны дзяжурны

Іваноў Уладзімір Георгіевіч — 1914, 1937, тэхработнік І

льянкоў Амяльян Ларыёнавіч — 1913, 1937, опэрупаўнаважаны

Іофэ Роза Барысаўна — 1899, сакратарка

Ісакаў Васіль Акімавіч — 1913, 1937, опэрупаўнаважаны

Кавалеўскі Аляксандр Антонавіч —1904, 1923, начальнік райаддзелу

Каган — опэрупаўнаважаны Казакевіч — опэрупаўнаважаны, Магілёў

Кайдала Мікалай Ціханавіч — 1914, 1937, опэрупаўнаважаны

Камяк Георгій Васільевіч — памочнік опэрупаўнаважанага Узьдзенскага райаддзелу

Каплан Д. Я. — начальнік Мазырскага акраддзелу

Каралёў — опэрупаўнаважаны, Слуцак

Каралёў Піліп Ягоравіч — 1913, 1937, опэрупаўнаважаны

Каралько — опэрупаўнаважаны, Магілёў

Катужэнец Мікалай Дзьмітрыевіч —1903, 1932, начальнік аддзелу, Магілёў

Катцэн — начальнік Сьмілавіцкага райаддзелу

Кашмель — Магілёў

Кашыцын — намесьнік начальніка Гомельскай аблуправы

Каўфман — начальнік Палескай аблуправы

Кісялёў — начальнік Магілёўскай турмы

Кісялёў — в. а. асабліваўпаўнаважанага НКВД

Клейнберг — начальнік 4 аддзела НКВД

Колас Іван Міхайлавіч — 1904, 1928, опэрупаўнаважаны

Корзун Мікалай Адамавіч — 1909, 1935, экспэдытар

Корсак Валер’ян Дзяменцевіч —1896, 1932, шафёр

Красільшчыкаў Аляксандр Герасімавіч —1911, 1932, опэрупаўнаважаны

Краўцоў — начальнік Узьдзенскага райаддзелу

Крэмераў Сямён Абрамавіч — начальнік Слуцкай турмы

Кужэль Неаніла Сьцяпанаўна —1902, машыністка

Кулакоў Павал Антонавіч —1896, памочнік опэрупаўнаважанага, Расоны

Кунцэвіч — начальнік адддзяленьня царкоўнікаў НКВД

Лайман-Сапіэт Карл Іванавіч — намесьнік начальніка аддзела месцаў зыняволеньня НКВД

Лапцёнак Барыс Фядосавіч — 1909, 1934, опэрупаўнаважаны

Лісоўскі М. М. — начальнік Полацкага акраддзелу

Левін Залман Міронавіч —1893, 1933, начальнік аддзелу НКВД

Левін Сямён Ізраілевіч —1910, 1928, начальнік аддзелу, Віцебск

Лонскі — опэрупаўнаважаны, Магілёў

Луганскі — начальнік аддзелу месцаў зьняволеньня НКВД

Лук’яненка — Віцебск

Лучко Акім Сьцяпанавіч — опэрупаўнаважаны, Слуцак (потым старшы опэрупаўнаважаны 2 аддзелу НКВД)

Лягаеў — начальнік аддзяленьня савецкага апарату і рабочага класу НКВД

Ляховіч Міхаіл Сьцяпанавіч —1905, 1933, ст. інспектар

Макарэвіч Мікалай Міхайлавіч —1908, 1932, опэрупаўнав ажаны

Марошак — начальнік управы НКВД на Беларускай чыгунцы

Мартыненка — начальнік Глускага райаддзелу

Макшанцаў — Магілёў

Машэнец Аляксандр Іванавіч — памочнік опэрупаўнаважанага, Слуцак

Міркін — начальнік Менскай турмы

Молчан Рыгор Іванавіч — 1912, 1937, опэрупаўнаважаны

Навіцкая Кацярына Адольфаўна — 1898, 1926, сакратар

Наседкін А. А. — наркам

Насьцянка Андрэй Цярэнцявіч — 1912, 1937, опэрупаўнаважаны

Пазьнякоў Андрэй Мітрафанавіч — опэрупаўнаважаны, Слуцак (потым ст. інспэктар Менскай аблуправы)

Падбярэзскі Міхаіл Раманавіч —1913, 1937, опэрупаўнаважаны

Падалка Міхаіл Ільіч —1910, 1932, опэрупаўнаважаны

Падгароднікаў Васіль Фёдаравіч —1913, 1937, опэрупаўнаважаны

Пазін Віктар Фёдаравіч —1899, 1924 начальнік аддзяленьня

Палітыка — начальнік аддзяленьня эсэраў і меншавікоў НКВД

Папутчык Аляксей Цітавіч —1911, 1937, опэрупаўнаважаны

Парахонька Яфім Іванавіч —1912, 1934, опэрупаўнаважаны

Перавозчыкаў — опэрупаўнаважаны

Петрусенка Іван Карнеевіч — 1898, 1921, начальнік Магілёўскай турмы

Пісараў — опэрупаўнаважаны

Пужэвіч Элеанора Андрэеўна —1906, машыністка

Пятроў І. М. — начальнік Расонскага райаддзелу

Радноў Пётр Якаўлевіч —1902, 1920, начальнік Віцебскай управы

Ражкоў Іван Паўлавіч — 1901, 1921, опэрупаўнаважаны

Розкін — начальнік І спэцаддзелу НКВД

Рулёў Аляксей Іванавіч — опэрупаўнаважаны

Рыскін — начальнік Гомельскай турмы

Савельеў Іван Цімафеевіч — памочнік опэрупаўнаважанага, Орша

Сакалоўскі Іосіф Пятровіч —1912, 1937, опэрупаўнаважаны

Сахараў Пётр Міхайлавіч —1889, 1918, памочнік начальніка аддзелу

Сіманоўскі — начальнік Аршанскай турмы

Серышаў — намесьнік начальніка З аддзелу НКВД

Слукій — начальнік аддзялення моладзі НКВД

Слуцкі — начальнік Хоцімскага райаддзелу

Смагарэўскі — начальнік Віцебскага абласнога дарожна-транспартнага аддзелу

Сьмірноў Сяргей Нікітавіч —1908, 1934, опэрупаўнаважаны

Сокалава Ганна Усьцінаўна —1897, 1928, машыністка

Сокалаў Іван Паўлавіч —1913, 1937, опэрупаўнаважаны

Сокалаў — памочнік начальніка Менскай турмы

Сухадольскі М. А. — начальнік Даманавіцкага райаддзелу

Сусман — опэрупаўнаважаны

Сталяроў — опэрупаўнаважаны, Слуцак

Стаяноўскі — памочнік наркама Сяргеенка Мікалай Карпавіч, 1919, 1937, опэрупаўнаважаны

Тамарчанка Леў Іосіфавіч —1906, 1931, опэрупаўнаважаны

Тараканаў Сяргей Іванавіч — начальнік Слуцкага гараддзелу

Тарасаў Васіль — 1904

Томышаў — опэрупаўнаважаны, Віцебск

Трасьнікоў — опэрупаўнаважаны, Віцебскі дарожна-транспартны аддзел

Уласаў — намесьнік начальніка Віцебскай аблуправы

Урачоў Г. Я. — начальнік 4 аддзелу НКВД

Федарцоў Сава Мікалаевіч — 1914, 1937, курсант

Фёдараў — начальнік аддзяленьня нацыянал-фашыстаў НКВД

Фяцісаў — опэрупаўнаважаны Віцебскага абласнога дарожна-транспартнага аддзелу

Хархорын Г. С. — намесьнік наркама

Хвашчынскі Барыс Ціханавіч —1916, 1937, курсант

Церабіла Мікалай Дзмітрыевіч — 1901,1920, начальнік аддзелу НКВД

Ціханцоў — опэрупаўнаважаны, Магілёў

Цівунчык К. С. — начальнік 2 аддзелу НКВД

Цэйтлін — опэрупаўнаважаны

Чатанаў Мікалай Сяргеевіч —1913, 1935, тэхработнік

Шліфенсон — начальнік Гомельскай аблуправы

Шмідткін Уладзімір Пятровіч — 1913, 1937, опэрупаўнаважаны

Штэйнберг Майсей Піліпавіч — сяржант дзяржбясьпекі

Шэвелёў Павал Іванавіч — памочнік опэрупаўнаважанага, Слуцак

Шэйнкман — начальнік аддзяленьня трацкістаў і правых НКВД

Эмануілаў — начальнік Аршанскага райаддзелу

Юркоў — опэрупаўнаважаны, Магілёў

Юрчансон Р. П. — начальнік аддзелу НКВД

Ягодкін В. П. — начальнік Магілёўскай абласной управы

Якавенка Васіль Сьцяпанавіч — 1913, 1937, опэрупаўнаважаны

Якімаў — опэрупаўнаважаны

Яндоўскі — опэрупаўнаважаны, Магілёў

Працяг будзе.

Примечания

1

Рэй Брэдбэры. «451° па Фарэнгейту». Пры такой тэмпэратуры (233° па Цэльсію) пачынае гарэць папера.

(обратно)

2

Публікуецца з захаваньнем усіх асаблівасцяў арыгіналу.

(обратно)

3

Па парадку ідуць наступныя зьвесткі (калі вядомыя): прозьвішча, імя, імя па-бацьку, год нараджэння, год паступлення ў органы ЧК-ОГПУ-НКВД, пасада, месца службы (калі не пазначана — Менск). Ва ўмовах закрытасьці архіваў зьвесткі носяць вымушана фрагмэнтарны характар. Да прыкладу, у сьпісе фігуруюць толькі 8 з 54 супрацоўнікаў 4-га сакрэтна-палітычнага аддзелу наркамату, 17 з 90 начальнікаў райаддзелаў НКВД, малая толіка опэрупаўнаважаных, якія непасрэдна арыштоўвалі, дапытвалі і катавалі.

(обратно)

Оглавление

  • РЭАБІЛІТАЦЫЯ КАТАЎ (замест прадмовы)
  • І. АДЗІН ДЗЕНЬ МАКАРА ГАРБАЧЭЎСКАГА
  •   1961. «Мне вельмі балюча перажываць няпраўду…»
  •   1937. «Чыста савецкі чалавек…»
  •   1961. «Да гэтых справаў я ніякіх адносінаў ня меў»
  •   1937. «Удзельнік Слуцкага паўстання»
  •   1961. «Прашу пераканаўча ўсё ўлічыць»
  •   1992. «Матэрыял асьв. «Горкі»»
  •   1961. Перамога справядлівасьці
  • 2. ПРЫРОДНЫЯ БАЛЬШАВІКІ
  •   Лісты на «волю»
  •   Баліць чэкісцкае сэрца
  •   Пераможцы сацспаборніцтва
  •   «За кіпучай чэкісцкай работай»
  •   Тайная вячэра
  •   Прыродныя бальшавікі
  •   Цанава
  •   Тайна сьмерці харошых камуністаў
  • З. ГАРЫЦЬ МОВА
  •   Рукавы ад камізэлькі (зь беларускай сталініяны)
  •   451° па Галоўліту
  •   Як Калінін зьеў усё мяса, а Сталін скурыў тытунь
  •   Як беларускія таварышы выкрылі таджыцкіх трацкістаў на мове ідыш
  •   Як Уладзімір Юрэвіч сказіў Уладзіміра Леніна
  •   Мова гарыць… (загад № 33)
  •   Прынятую літаратуру спальваць
  • 4. ДЫРЭКТАР ЛІТАРАТУРЫ гісторыя адной палемікі
  • 5. ЦУД УСТАВАНЬНЯ З КАЛЕНАЎ (замест эпілёгу)
  • 6. КУРАПАТЧЫКІ Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

    Комментарии к книге «За кiпучай чэкiсцкай работай», Аляксандар Лукашук

    Всего 0 комментариев

    Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

    РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

    Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства