«Мэва»

381

Описание

У казках, якія склалі першую кнігу прозы маладога аўтара, — незвычайны, казачны свет. Ix герояў аб'ядноўвае неадольнае імкненне да прыгажосці i гармоніі.



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Мэва (fb2) - Мэва 176K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Сергей Валерьевич Ковалев

Сяргей Кавалёў МЭВА

Падрыхтаванае на падставе: Сяргей Кавалёў, Мэва. Казкі: Для сярэд. шк. узросту, — Мінск: Юнацтва, 1988. — 76 с..: іл.

Copyright © 2013 by Kamunikat.org

НЕЗАБУДКА БЕЛАЯ

У гэтым маленькім горадзе не было ні дымных каміноў, ні хуткіх машын. Машыны, праўда, у горадзе вадзіліся, але рухаліся яны нетаропка i паважна.

— Можаце вы ездзіць хоць крышачку хутчэй?! — абураўся горад-малютка.

— А куды спяшацца ў такім невялічкім горадзе? — дзёрзка адказвалі лянівыя машыны.

У гарадка была мара — мець хаця б адзін заводскі комін. Комін павінен дыміць i сцвярджаць годнасць горада. А пакуль што гарадок быў маленькі, чысты i квітнеючы. Людзі бадзёра крочылі па трох яго вуліцах, але таксама ніколі i нікуды не спяшаліся. Жыла сярод ix i адна працавітая бабулька, у якой, вядома ж, былі ўнукі, але жылі яны ў іншым, вялікім i шумным, горадзе, з сотнямі дымных каміноў i хуткіх машын. Таму, калі ўнукі прыязджалі да бабулі, гарадок з прагнасцю слухаў ix размовы (ён так марыў стаць вялікім, сапраўдйым горадам!).

Але ўнукі гасцявалі рэдка, нават вельмі рэдка, i старая бавіла свой час, працуючы ў садзе. Там раслі цюльпаны, астры, ружы, нарцысы, півоні. Асабліва шмат было незабудак. Ды вось аднойчы ўбілася ў сад суседская карова i з'ела ўсе незабудкі. Уцалела толькi адна — белая. Відаць, карова палічыла, што незабудкі бываюць толькі блакітныя, таму не звярнула на яе ўвагі. Бабуля любіла Белую Незабудку, клапатліва даглядала i любавалася ёю кожную раніцу. Суседкам яна тлумачыла, што Белая Незабудка нагадвае ёй далёкае юнацтва.

Незабудка таксама любіла сваю гаспадыню: заўсёды, калі бабуля падыходзіла, хіліла да яе галоўку. Наогул, незабудкі — пяшчотныя, сціплыя кветкі. I Белая Незабудка не была выключэннем — яна ўвабрала ў сябе ўсе лепшыя якасці сваіх родзічаў i ніколі не фанабэрылася перад ішнымі кветкамі.

Раней непадалёк ад яе жыў Пырнік — дасціпны весялун i цікавы апавядальнік. Кветкі хавалі яго ад бабулі, а ён сваімі выдумкамі хоць трохі ажыўляў ix аднастайныя дні. Усё ж старая знайшла яго, вырвала з коранем i выкінула за плот. Цяпер кветкі сумавалі.

Але аднойчы да ix завітаў нечаканы госць.

Да бабулі прыехалі ўнук з унучкай. У першы ж дзень яны выправіліся на прагулку (жыхары вялікіх i дымных гарадоў вельмі любяць загарадныя прагулкі) i вярнуліся з вялізным букетам палявых кветак. Калі ішлі паўз агародчык, з букета ўпаў на зямлю Званочак, а можа, i знарок выскачыў. Дзеці гэтага не заўважылі i пайшлі далей. Званочак паспеў толькі паківаць услед сваім палявым i лугавым сябрам галоўкай — так званочкі развітваюцца.

Бабульчыны кветкі са здзіўленнем пазіралі на прыхадня — ён быў такі маленькі i жвавы!

— Ты адкуль? — пацікавілася Півоня.

— Адтуль, дзе гуляе вецер, дзе шчодра свеціць сонца, дзе грымяць навальніцы,— весела празвінеў Званочак.

— Але ж i ў нас ёсць сонца, ёсць вецер, i ў нас бываюць навальніцы з маланкамі i перуном! — здзівіліся кветкі.

— Не, гэта зусім не тое!— адказаў Званочак і, азірнуўшыся, дадаў: — Высокі плот ахоўвае вас ад ветру, дом затуляе ад граду i навальніцы. Градкі вашы заўсёды паліваюць, таму вы не звяртаеце ніякай увагі на сонца i хмары.

— Няпраўда. Я вельмі люблю сонца. Яно такое ласкавае i прамяністае. Яно... як кветка,— ледзь чутна прашаптала Белая Незабудка.

Але Званочак пачуў яе ціхі голас i адмоўна заківаў галавой:

— Ты жывеш на градцы. Цябе не палохаюць ні дажджы, ні засухі. А мы, палявыя кветкі, можам загінуць ад лішняй вады, калі не будзе свяціць сонца, i без вады — ад яго спякотных промняў.

— A хіба можна жыць без людскога дагляду, без увагі, без плота?! — здзівіліся астатнія кветкі.

— Дурненькія, вядома, можна! Спачатку ж з'явіліся на Зямлі кветкі, а потым ужо людзі з лейкамі i парканамі.

— Там, папэўна, ёсць i сапраўднае каханне,— уздыхнула Разбітае Сэрца.

I тады Званочак пачаў распавядаць пра сваю радзіму: пра братоў-званочкаў, пра вясёлы лёткі вецер, пра жаўрука, пра пчол i прыгожых матылькоў, пра дзікіх аленяў i пра тое, як страшна дрыжыць зямля пад капытамі коней...

A калі ён скончыў свой ановяд, клапатліва дагледжаная, засцеражоная ад усіх нечаканасцей Белая Незабудка сказала:

— Я хачу ўсё гэта пабачыць сама. Людзі кажуць: у нашым садзе прыгожа. Але тое, пра што ты распавядаў, у тысячу разоў прыгажэй. Вецер, сонца, жаўрукі, дзікія алені, засухі i праліўныя дажджы, бясконцая песня званочкаў... Не, цяжка паверыць, што такое існуе нa свеце. A калі ўсё ж існуе, я абавязкова павінна ўбачыць гэта сама.

— Ты наўрад ці выжывеш там,— асцярожна запярэчыў Званочак.

Але ні ён, ні іншыя кветкі пе здолелі адгаварыць Белую Незабудку. Раніцай яны ca Званочкам вырашылі пусціцца ў падарожжа.

* * *

Кветкі прачынаюцца ў розны час — адны раней, другія пазней. Але той раніцай прачнуліся ўсе разам. Званочак i Незабудка прамыліся расой i сабраліся ў дарогу. Кветкі сказалі ім на развітанне шмат сардэчных i шчымлівых слоў (яны ж так любілі сваю Белую Незабудку!). Ей таксама было сумна развітвацца з сябрамі. I яшчэ з бабуляй. Але наперадзе чакала невядомая, чароўная краіна, i гэта ўсяляла бадзёрасць i надавала сілы.

Горад яшчэ спаў (яму снілася адразу сем вялізных заводскіх каміноў, i таму ён нічога не заўважаў), калі веснічкі адчыніліся i пажадалі сябрам шчаслівай дарогі. I толькі стары плот панура маўчаў. Яно i зразумела, бо кожныя дзверы заўсёды адкрываюць штосьці новае, а кожны плот штосьці хавае.

Сябры рушылі ў дарогу.

Была сонечная раніца, крыху халаднаватая, з бязлюднымі вулкамі. Лёгкі ветрык павяваў насустрач сябрам i даносіў пахі той незвычайна-прыгожай краіны, куды яны ішлі. Здавалася, увесь свет яшчэ спаў разам з горадам, i толькі па вузенькай шашы, пасярод гэтай соннай неабсяжнасці ішлі дзве бясконца маленькія істоты з бясконца вялікай марай...

З-за павароту ляніва выкацілася шэрая машына, у якой сядзеў заспаны шафёр. Машына фыркала — яна была незадаволена тым, што яе так рана пабудзілі i прымусілі працаваць.

Машына не заўважыла Незабудку i Званочка (а можа, i заўважыла, хто ведае?), а сябры ўбачылі жалезнае страшыдла вельмі позна: яно ўжо насоўвалася прама на ix. Званочак закрыў сабой Белую Незабудку (о наіўнае, бездапаможнае, вялікае высакародства!), i тут жа яны абое былі расціснуты бяздушным колам з сінтэтычным пакрыццём.

— Бывай, сонца!.. Бывай, Званочак! — паспела толькі прашаптаць Белая Незабудка i ператварылася ў бясформеннае месіва пялёсткаў. Званочак памёр моўчкі, без адзінага звону.

Калі гарадок прачнуўся i ўбачыў расцёртыя коламі кветкі, ён не мог утрымацца ад абурэння:

— Ай-яй-яй! Мая адзіная шаша засмечана!

I тут жа спалохаўся:

— А раптам хтосьці з іншага горада ўбачыць гэта i скажа, што я зусім не горад, калі на маіх вуліцах валяюцца кветкі? Што будзе тады?

Небарака. Ён нават i не здагадваўся, што вялікія гарады з сотнямі дымных заводскіх каміноў, з тысячамі імклівых машын бачаць у снах кветкі. I ён загадаў дворніку змесці прах Незабудкі i Званочка з шашы.

* * *

На лузе, звычайна каля ракі i непадалёку ад горада альбо вёскі, сярод зялёных i рыжых траў, сярод палявых кветак i хмызнякоў, можна ўбачыць (калі пашчасціць) адну ці некалькі незабудак. Незабудкі гэтыя, вядома, не такія прыгожыя, як свойскія, але тут, сярод жывой прыроды, яны выглядаюць каралевамі, неяк асабліва пранізліва радуюць чалавечае вока.

Ніхто ix не палівае, ніхто пра ix не клапоціцца, яны пакутуюць i ад засухі, i ад праліўных дажджоў, свавольнік вецер калашмаціць ix грыўкі. Раніцай ix будзіць празрысты спеў жаўрука, а засыпаюць незабудкі пад калыханку салаўя. I ім вельмі страшна, калі побач праносіцца табун коней. А навакол — тысячы палявых кветак: рамонкаў, смалянак, дзьмухаўцоў, васількоў і, канечне ж, званочкаў.

Дык што ж, значыць, Белая Незабудка ca Званочкам зусім не загінулі?! Хто яго ведае? Можа, іншая Незабудка збегла ад іншай бабулі з іншым Званочкам i дабралася да той незвычайна-прыгожай краіны, такой ваблівай i жаданай. Можа, проста зярнятка хатняй незабудкі занесла ветрам на луг, i яно там цудам прарасло. А можа, якісьці добры чалавек, крыху дзівак, пасадзіў тут гэтыя кветкі.

ВОГНЕННАЕ ДРЭВА

Стары магутны Дуб з густой раскідзістай кронай рос крыху паводшыбе ад лесу. Крона яго служыла надзейным прытулкам мноству птушак. Птушкі паважалі i любілі свайго гаспадара, «дзядзечка Дуб» звалі яны яго.

Але раптам Дуб пачаў сохнуць.

— Што здарылася, дзядзечка Дуб? — пыталіся птушкі i малыя дрэўцы.

А Дуб i сам не ведаў, што з ім такое.

— Ломіць i млее ўсё, як грызе што,— пажаліўся ён свайму старому сябру Каршуку.

Каршук спалохаўся i паляцеў шукаць Дзятла. Дзяцел агледзеў Дуб i таксама спалохаўся:

— Гэта страшэнныя жукі-жыццягрызы. Пакуль што яны бяскрылыя, ды вось-вось крылы ў ix адрастуць.

— Але ты выратуеш Дуб? — заненакоена спытаў Каршук.

— Птушкі бяссільныя перад гэтымі пачварамі. Гора таму дрэву, якое жукі-жыццягрызы выберуць сваёй ахвярай. А хутка яны разляцяцца па ўсім лесе, і нам, птушкам, давядзецца шукаць новую радзіму,— бездапаможна адказаў Дзяцел.

Моўчкі выслухаў Дуб яго словы i спахмурнеў яшчэ больш. Ад жаху застыў нерухома ўвесь лес i нават птушкі сцішыліся. Усю ноч не спаў Дуб, уснамінаў сваё доўгае нялёгкае жыццё, усю ноч думаў, як выратаваць лес ад навалы. A раніцай папрасіў Каршука сабраць птушак. Калі яны зляцеліся, ён доўга ім нешта шаптаў. Птушкі спачатку абурыліся, а потым засмуціліся i паабяцалі выканаць просьбу хворага дрэва. I больш за ўсіх плакаў стары Каршук.

Спачатку кожная птушка знайшла па сухой галінцы. Потым з галінкамі ў дзюбах паляцелі да чалавечага жытла. У дарозе да ix далучыўся Бусел.

Доўга ляцелі птушкі i нарэшце заўважылі вогнішча, каля якога сядзеў маленькі хлапчук.

Першы прызямліўся Каршук. Ён хацеў торкнуць сваю галінку ў агонь, але малы не спужаўся, а схапіў таўстую ламачыну i так лупцануў ёю старога, што той i галінку выпусціў з дзюбы. Каршук сунуўся яшчэ раз i зноў атрымаў палкі. Прыйшлося ўцякаць.

«Першы раз у жыцці б'юць за добрую справу,— сумна падумаў стары драпежнік.— Вось яны, людзі...»

Самае дзіўнае было пасля. Да вогнішча ўпэўнена апусціўся Бусел i пашыбаваў прама на малога. Хлопчык спачатку здзівіўся, але потым павёў сябе як сапраўдны мужчына:

— Табе агеньчык патрэбен, бусачка? Давай сваю галінку,— ласкава сказаў ён, адкінуў проч сваю зброю, i падпаліўшы галінку, аддаў птушцы.

Бусел, а за ім i ўся чарада падняліся ў паветра. Калі галінка дагарала, падлятала паступная птушка са сваёй галінкай. Але вось засталася апошняя галінка. Птушкі разгубіліся: «Што рабіць?»

— Палова ляціце ўніз па галінкі, палова ляціце за мною,— раптам прапішчала нейкая птушачка, імя якой Каршук не ведаў, i, падляцеўшы да дагараючай галінкі, падставіла агеньчыку сваё крыло.

Імгненне — i яно ўспыхнула; у самы раз, бо галінка патухла. Маленькая птушачка ляцела так спакойна, быццам i не гарэла зусім, быццам ёй не заставалася жыць усяго некалькі хвілін.

«Якая самаадданасць! — падумаў Каршук.— Дваццаць гадоў лаўлю i ем такіх вось птушанят, але ніколі i ў галаву не прыходзіла, што гэткая малеча можa быць героем!»

— Падаю,— прапішчала птушачка праз хвіліну. Да яе падляцела такая ж малая, падставіла крыло. Нейкі час яны ляцелі побач, але вось ужо ў небе засталася толькі адна вогненная птушка.

«I гэтая таксама ў героі лезе,— чамусьці з зайздрасцю паглядзеў на яе стары Каршук.— Такая малеча згарае за хвіліну. Гэтак, пакуль дабяромся, пагараць усе. Я згарэў бы не так хутка i праляцеў бы больш».

Раптам ён заўважыў, што чарговую вогненную птушку рыхтуецца змяніць Бусел.

«Ну не, даўганогі, гэта табе не ўдасца. Хопідь з мяне ганьбы каля вогнішча. Ляці ўжо лепш да сваіх буслянят. I дзякуйце богу, што загінуў ваш стары вораг i вам зараз не трэба будзе непакоіцца за сваё жыццё».

Калі малая птушачка запішчала: «Падаю!», ён рашуча, але неяк пяшчотна, што яго самога здзівіла, адштурхпуў Бусла i падставіў сваё жорсткае вялікае крыло.

«Ну вось i ўсё. Я i не здагадваўся, што ім было гэтак балюча. Ага, вунь i птушкі з галінкамі. Даганяюць. Што там крычыць Бусел? Не, збіць полымя ўжо не ўдасца. Але прыпыніцца сапраўды трэба, каб паспелі, каб я быў апошпім з ахвяр. Падлятаюць. А я ледзь трымаюся».

Да Каршука падляцелі птушкі, падставілі адразу ж дзве галінкі, якія тут жа загарэліся.

— Ляціце хутчэй, нявінныя стварэнні! Ратуйце лес, а выратуеце — жывіце шчасліва. На аднаго ворага ў вас будзе меней. Гэй, Бусел, з'еш за мяне лішнюю жабу! — крыкнуў стары драпежнік i знік. Назаўсёды...

У сярэдзіне дня загарэўся стары дуб. Гэта заўважыў ляснік, схапіў рыдлёўку i сякеру i пабег ратаваць лес.

— Дні былі дажджлівыя, у лесе мокра. I ад чаго ён загарэўся, стары? — расказваў ён потым суседзям.— А яшчэ птушкі. Адкуль ix столькі зляцелася? I чаго? Як над чалавекам усё роўна.

ПЯСОЧНЫ ЗАМАК

Дзіўная істота сядзела на беразе мора i спявала вясёлую песеньку: маленькі працавіты Пясчанік, які толькі што скончыў будаваць свой чарговы замак.

Мініяцюрны замак зіхцеў на сонцы маціцай ракавак, грацыёзныя муры i спічастыя дахі лёгка i бязважка ўзляталі да высокага неба, якое ад гэтага рабілася блізкім i зразумелым.

З пракаветных часоў будавалі продкі Пясчаніка замкі з жоўтага блішчастага пяску, пакідалі ix невядомым жыхарам, a самі крочылі далей берагам мора, на ўсход; будавалі ўсё новыя i новыя замкі, пакуль аднойчы самі не знікалі ў невядомасць, як знікаюць беззваротна i назаўсёдна сляды ў прагных пацалунках марскіх хваль.

Чакаў той немудрагелісты шлях i Пясчаніка, а пакуль што ён муркатаў песеньку за песенькай i ўлюбёна пазіраў на сваю толькі што скончаную працу.

Сонца ўсё вышэй уздымалася над люстрастай вадой, i паступова халодны вільготны ранак змяняўся сухім, спякотным днём.

Пясчанік усё сядзеў ля замка i нікуды не хацеў ісці, аж пакуль не зразумеў канчаткова сваё ўпартае жаданне парушыць недатыкальны закон продкаў i дачакацца тых невядомых, ніколі не бачаных жыхароў, дзеля якіх ён жыў i будаваў.

«Мае бацькі заўсёды працавалі ноччу, a раніцай таропка ішлі далей на ўсход, каб вечарам на новым месцы распачаць новы замак. Нам забараняецца бачыць жыхароў. Але ж гэта несправядліва i незразумела: ствараць прыгажосць i карысць для кагосьці невядомага, не маючы ніякай магчымасці даведацца, як яны гэта ўспрымаюць i разумеюць. А раптам жыхарам нешта не надабаецца, можа, зусім нейкая дробязь, пра якую яны проста не могуць нас папярэдзіць? Чаго i каго мы баімся, куды i адкуль бяжым, не ведаючы спачыну? Можа, палохаемся ганьбы i кпінаў за сваю працу? Але нельга не заўважыць хараства там, дзе яно ёсць. Калі ж яго няма, дык навошта далей жыць, узводзіць пачварныя гмахі i нясклепістыя будынкі? Няхай я парушу галоўны закон продкаў, але я даведаюся праўду i супакою свае згрызоты i сумненні»,— вырашыў маленькі Пясчанік i адчуў доўгачаканую палёгку, што ўрэшце адважыўся здзейсніць сваё даўняе нясмелае жаданне.

Ён сядзеў доўга, ажно пакуль сонца не перасунулася ў зеніт. Тады ў прыбярэжным зарасніку пачуліся шоргат i трэск, нечыя галасы i злы смех. З травы выскачыў Пацук, з кустоў вылезла Малпа, з-за дрэў выйшаў Конь.

З агідным віскатам Пацук кінуўся ў Замак i знік пад яго бясконцымі скляпеннямі. Малпа з важным выглядам абышла вакол замка, кратаючы рукамі муры i брамы. Конь лёг на цёплы пясок i абыякава ўтаропіўся ў супрацьлеглы ад замка бок.

Пясчанік не зварухнуўся, i звяры не заўважылі яго. А магчыма — ім было ўсё роўна.

Праз нейкую хвіліну зноў з'явіўся Пацук i нешта злосна шапнуў Малпе. Малпа задаволена ўсміхнулася і, паказытаўшы Пацука за вухам, гукнула Каня. Конь узняўся, ляніва пазяхнуў i пачаў руйнаваць замак.

— Што вы робіце?! — закрычаў Пясчанік, здзіўлены i абураны.

Конь спыніўся, абярнуўся да маленькага Пясчаніка i запытальна зірнуў на Малпу, за якую схаваўся Пацук.

— Ты — хто? — важна спыталася Малпа.

— Я — Пясчанік, я пабудаваў гэты замак i не разумею, навошта вы яго разбураеце!

— А навошта ты яго пабудаваў? Хіба не для таго, каб яго разбуралі?

— Вядома, не. Я пабудаваў замак для таго, каб у ім жылі.

— Ды ты — увогуле дзівак. Хто гэта будзе жыць у пясочным замку? Ніхто.

— Ён — дзівак,— віскнуў з-пад Малны Пацук, а Конь неахвотна i вяла заржаў.

— Як — ніхто? — зусім разгубіўся Пясчанік.— Мае продкі з пракаветных часоў узводзілі пясочныя замкі, i заўсёды для ix знаходзіліся жыхары.

— Якія жыхары? — пацікавілася Малпа.

— Не ведаю. Продкі ніколі не чакалі ix прыходу, яны адразу ж ішлі на ўсход, будаваць новыя замкі. Таму жыхароў ніхто ніколі не бачыў, i ніхто ніколі не распавядаў, якія яны.

— Вось бачыш,— узрадавалася Малпа.— Значыць, ніякіх жыхароў ніколі i не было, калі ix ніхто не бачыў. Таму твае продкі i не чакалі іхняга прыходу, бо нельга дачакацца таго, што не існуе.

— Ніколі не было? — пачаў разумець увесь жах зведанай ім нарэшце таямніцы Пясчанік.— Але навошта ж тады будаваць замкі? Навошта было жыць маім продкам, навошта жыць мне?

— Ну, можа, былі калісьці раней, зусім даўно, а потым перавяліся, зніклі,— суцяшальна ўдакладніла Малпа i добразычліва працягвала: — Мы таксама калісьці штосьці для некага будавалі. А потым зразумелі ўсю марнасць i непатрэбнасць гэтай працы i вырашылі заняцца больш вартай i разумнай справай — знішчаць зробленае іншымі. Зараз мы ідзём па ўзбярэжжы мора на ўсход i руйнуем пабудаванае табой i астатнімі дзівакамі. Павер мне, гэта куды прыемней, спакайней i карысней. I нікому ніякай шкоды — пясочныя замкі, напрыклад, калі своечасова не паспееш ix разбурыць, развальваюцца самі, як толькi ўсчанецца залева альбо насунецца шторм. Выцеры слёзы, i пойдзем з намі.

— Мне цяпер усе роўна,— Сказаў Пясчанік i ў апошні раз паглядзеў на замак, разбураны i змярцвелы.

Маціцавыя ракаўкі не блішчэлі на сонцы, i гонкія спічастыя дахі не ўзносіліся над жоўтымі мурамі.

Неба згусла i сінела недзе далёка-далёка; Пясчанік, Малпа, Пацук i Конь пабрылі на ўсход.

* * *

Яны сунуліся ўсё далей, i рабілася ix ўсё больш. Недзе побач з Пясчанікам муркатала дзікая Котка, ззаду рохкала Свіння, наперадзе, высалапіўшы язык, бег Сабака. Яшчэ шмат невядомых i проста безыменных стварэнняў гнятліва цягнулася ў тым жa кірунку i з той жа мэтай, а неба засцілася доўгай чарадой рознаплямённых птушак, пакінуўшых свае гнёзды, каб разбураць гнёзды чужыя.

— Навошта ты будуеш, хіба не для таго, каб потым хтосьці руйнаваў? — пытаў ужо сам Пясчанік у чарговага дзівака i крочыў далей без радасці i жадання.

— Хто гэта будзе жыць у паветраным замку?! — пераконваў усіх Пясчанік i праводзіў дні за днямі, не шкадуючы, што ix застаецца ўсё меней.

— Ніякіх жыхароў ніколі i не было, калі ix ніхто не бачыў,— тлумачыў Пясчанік, a ў вачах яго хаваліся смутак i туга.

— Я таксама калісьці штосьці для некага будаваў, а потым зразумеў усю марнасць i непатрэбнасць гэтай працы i вырашыў заняцца больш вартай i разумнай справай,— ахвотна спавядаўся Пясчанік, а ноччу захлынаўся слязьмі, праклінаў той дзень, калі яму захацелася ўведаць праўду, i зайздросціў тым, хто ідзе спрадвечным шляхам продкаў, ні пра што не задумваецца i не здагадваецца.

Але аднойчы яны сустрэлі істоту, якая будавала палацы з вапны i насуперак усякаму розуму, нават калі зведала таямніцу сваёй бяссэнсавасці i нікомунепатрэбнасці, адмовілася разбураць зробленыя ёю палацы i, ўвогуле, хоць штосьці нішчыць у гэтым сусвеце. Тады звяры раз'юшыліся i па загаду Малпы самі зруйнавалі вапнавыя палацы, не зважаючы на слёзы i літанні няшчаснай ахвяры. I пайшлі прэч, пакінуўшы руіны ў вапне i разбурэнне ў душы.

Пясчанік непрыкметна затрымаўся і, азірнуўшыся, падышоў да заплаканай істоты.

— Як цябе завуць? — толькі i паспеў спытаць ён, бо яго адразу паклікалі.

— Вапнінка,— толькі i паспела адказаць яна, бо ён ужо пайшоў.

«Вапнінка» — здолеў ён усё ж пачуць i ўсю ноч думаў толькі пра яе, а таму — пра сябе ранейшага.

Праз некалькі дзён Малпа адправіла некуды Пацука, Свінню i Ваўка, i калі яны вярнуліся, Пясчапік падслухаў, што Вапнінка зноў пабудавала палац, а звяры зноў яго зруйнавалі.

— Мы не можам затрымлівацца столькі часу амаль на тым жа месцы з-за адной вар'яткі! — раззлавалася Малпа, адразу страціўшы свой важны i аўтарытэтны выгляд.— Заўтра пойдзеце туды зноў, i калі ўбачыце новы палац, знішчыце разам з палацам i яго стваральніцу. Яна паказвае ўсім вельмі дрэнны прыклад i перашкаджае працаваць.

Пясчанік дачакаўся ночы i, калі шчыльная цемра ахутала зямлю, неўпрыкметку выбраўся са статка.

«Прэч адсюль, прэч! — узрушана шаптаў ён, прабіраючыся на захад, да Вапнінкі i яе палацаў.— У пяску, пад палацам, я выкапаю такі глыбокі падземны ход, што нават Пацук не пралезе туды ўслед за намі. А пралезе — зраблю для яго пастку. Калі яны прыйдуць, мы схаваемся i перачакаем; яны ж не могуць доўга затрымлівацца на адным месцы — ім трэба ісці, ім трэба спяшацца, а нам пакуль ісці i спяшацца няма куды. Яны пасунуцца далей, а мы будзем узводзіць вапнавыя палацы i пясочныя замкі з магутнымі, надзейнымі мурамі i гонкімі блішчастымі дахамі з маціцавых ракавак. Мы будзем будаваць i спадзявацца, ствараць i верыць. А жыхары з'явяцца, яны абавязкова з'явяцца, трэба толькі ix доўга i настойліва чакаць».

Пясчанік ішоў скрозь вабкую, густую цемру, толькі злёгку падсвечаную люстрастай паверхняй мора, думаў пра будучае шчасце i спяваў бадзёрую песеньку.

Насустрач яму насоўвалася здалёк імгліста-белая пляма толькі што пабудаванага вапнавага палаца.

МЭВА

Радыёаматар быў няўдачнікам i ў жыцці, i ў сваім захапленні. Вось проста не шанцавала чалавеку, хоць ты плач! I прыёмнік у яго добры, i працуе з ночы ў ноч, а плену — аніякага.

Так i ўчора: да шасці гадзін раніцы вартаваў адну прэстыжна далёкую аўстралійскую станцыю, нічога не злавіў i лёг спаць. А яго сябар прачнуўся, як i ўсе нармальныя людзі, у палове сёмага, уключыў апаратуру — i адразу на яе натрапіў. I гэтак заўсёды.

Такім ужо нарадзіўся. Ну чаму шанцуе заўсёды іншым? Няўжо не здарыцца такі выпадак, калі лёс вылучыць нарэшце i яго? Дзе ты, шчасце? Няўжо цябе нельга знайсці нi на адной радыёхвалі свету?

Але сёння ён будзе ўпартым, будзе сядзець хоць трое сутак, i аўстралійская госця ад яго не ўцячэ!

Радыёаматар вырашыў змагацца да канца, настроіў прыёмнік на патрэбны дыяпазон i цярпліва пачаў чакаць, гатовы запісаць кожны шоргат у эфіры. Аднак ішоў час, а свет па-ранейшаму маўчаў.

I зноў маркотныя думкі авалодалі няўдачнікам. Якая сумная, панурая Зямля! Якія надакучлівыя i непрывабныя людзі! Аднастайная, шэрая праца, крыклівыя дзеці, фанабэрлівая жонка. Хоць бы чаго незвычайнага i свежага! Хоць бы чаго... хоць бы што... толькі i застаўся вось... прыёмнік... ды i зноў... як у жыцці... не шанцуе...

Заснуў, галава апусцілася на стол, і, здаецца, ужо ніякая сіла не прымусіць прачнуцца, адплюшчыць павекі. А тут яшчэ нейкія галасы, нейчы плач. Можа, у сне, а можа, i ў эфіры. Трэба прачнуцца, трэба прыўзняцца i ўключыць магнітафон, каб зафіксіраваць сігналы, каб былі доказы. Трэба ўстаць... уключыць... трэба... Але чатыры бяссонныя ночы моцна трымаюць чалавека ў палоне, i толькі невядомыя галасы пранікаюць у княства сноў. I здаецца радыёаматару, што ён пачынае нават да нечага прыслухоўвацца, нешта разумець...

— Ты ляціш на Зямлю, i ўсе зоркі мільгаюць табе ўслед. Мэва, мілая, вярніся... Хіба табе з намі чагосьці не ставала, хіба не любілі мы цябе, не дзяліліся сваімі радасцямі, сваім болем, самымі патаемнымі марамі, як дзялілася ўсім гэтым з намі ты? Мэва... Навошта ты, куды?

— Не-не, дарагія сястрыцы, мне з вамі было вельмі хораша, i вы дзяліліся ca мной усім, што ў вас было, i нідзе ва ўсім сусвеце не знайсці мне болей такіх сябровак. I зараз вы праводзіце мяне тужлівымі незразумелымі позіркамі, i шапочаце, i мільгаеце, i клічаце назад...

— А ты ўсё ляціш i ляціш, скрозь ноч, скрозь халодную бездань, скрозь змрок. Мэва, малютка, што ты хочаш знайсці на той халоднай глыбе пяску, адкуль не вярталася яшчэ ніводная зорка? На зямлі няма шчасця. Шчасце тут, уначы, у бясконцасці i бессмяротнасці...

— Я імкну ўсё хутчэй i хутчэй, усё бліжэй Зямля, усё далей i далей вы. Я вас чую, але нішто ўжо не спыніць мой шлях — я лячу на Зямлю на ўласных крылах, я — птушка! О, вы не ведаеце! Вы не бачыце: тут, толькі тут жыццё, на гэтай планеце, i я імчуся да гэтага шчасця, як i кожную ноч імчалася на крылах маіх сноў. Сестры мае, няўжо вы мяне яшчэ чуеце?!

— Чуем, Мэва, мы чуем цябе, бо ты — таксама зорка ці толькі нарадзілася ёй. Мэва, чаму ты ляціш на Зямлю, чаму ты шукаеш свой сэнс там, адзіная з мільярдаў зорак, якая блукае ў снах не па прасторным зорна-чыстым небе, а па змрочнай i небяспечнай Зямлі, на якую кожны дзень Сонца дасылае промні, ад якіх гіне ноч?.. Чаму ты зрабілася птушкай, Мэва, чаму ты не баішся памерці?..

— Не трэба, мілыя сестры. Зямля ўжо блізка, i я ўжо не зорка, а птушка. Маленькая, блакітная (гэта ж колер маіх сноў) птушка. А наперадзе — некалькі бясконца салодкіх гадоў шчасця, зялёныя лясы i сінія азёры, няўрымслівыя дні цяпла i сонечнай пяшчоты. О мае верныя сестры, як шкада, што вам ніколі не суджана зведаць усё гэта, як шкада, што я сапраўды адзіная з мільярдаў зорак, якой наканавана ўбачыць Зямлю. Вам яна ніколі не снілася, бо ўсё ваша жыццё — ноч; прыгожая i строгая, мудрая i вечная, але — толькі ноч.

— Дурнічка Мэва, маленькая летуценніца, народжаная ўначы, каб трызніць днём... Гэты дзень i гэтая планета пазбавілі цябе розуму, i ты называеш тое, ад чаго нас выратавала міласэрная прырода, шчасцем, a ўсё наша вечнае жыццё, увесь наш сэнс ставіш ніжэй нейкага сонечнага святла, нейкіх сноў, бачыць якія не даводзілася яшчэ ніводнай зорцы. Мэва, мы цябе ледзьве чуем, мы не бачым твайго бляску! Мы цябе так любілі, навошта ты, Мэва, куды? Падумай, яшчэ імгненне — i ты зробішся смяротнай, яшчэ імгненне — i ніводная зорка не здолее цябе пачуць; няўжо табе не страшна, Мэва?!.

— Я лячу, i мае крылы не ведаюць стомы, я — птушка з сэрцам зоркі. Мне страшна! Мне вельмі страшна, але нават у гэтым страху я адчуваю пачатак нечага новага, пачатак сапраўднага жыцця, з бедамі i радасцямі, якое так адрозніваецца ад вечнага, але абыякавага i халоднага ззяння ў начным небе. I ў гэтым, у гэтым сэнс, мой сэнс, які вам ніколі не зразумець. Не крыўдуйце, я ведаю, што вы жадаеце мне толькі дабра. Прабачце, даруйце той Мэве, якая вас пакінула, якая ўжо ніколі не будзе палохаць вас сваімі незразумелымі снамі.

— Мэва, вярніся, яшчэ не позна, Мэва, яшчэ ёсць час!..

— Не, я не вярнуся назад, калі шчасце зусім побач, калі я ўжо адчуваю  п а в е т р а.

— Мэва, ты загінеш, цябе ніколі не будзе з намі, ты застанешся на Зямлі i памрэш, ты знікнеш назаўсёды! Мэва, ты — зорка, табе няможна на Зямлю!

— Я — птушка! Але цішэй, цішэй, сестры; я спускаюся i развітваюся з вамі. Вось ужо аблокі, а за імі — таксама птушкі, галасы якіх я чую...

— Мэва, прачніся, гэта канец, Мэва!..

— Гэта вельмі розныя галасы, у ix нараджэнне i смерць, жалоба i замілаванне жыццём, літанні i радасць...

— Усё скончана... Усё скончана, Мэва, ты — на Зямлі. Ты загінула, Мэва, мы не можам цябе выратаваць!

— А зараз я ўжо бачу i саміх птушак. Яны таксама розныя: вялікія i маленькія, павольныя i хуткія, крыклівыя i задуменныя. Усё гэта я ўжо бачыла ў снах, таму не здзіўляюся i не палохаюся, а толькі радуюся.

— Мэва, мы не чуем цябе. Цябе няма ў нашым сусвеце! Дзе твая бессмяротная душа, Мэва, дзе знайшло прытулак тваё маленькае цела птушкі?!.

— A ўнізе — мора. Яно сіняе-сіняе i спакойнае. Дзесьці далёка-далёка з глыбіні яго выплывае сонца. Яго промні пакуль што непрыкметныя i халодныя, але я ведаю — пройдзе зусім мала часу i кожная істота на гэтай планеце, кожная птушка, кожная расліна будуць шукаць гэтыя промні i цешыцца імі. Я ведаю гэта, бо я таксама шукала ix у сне.

— Мэва... Яна знікла... Яна пакінула нас, пакінула ноч, пакінула вечнасць i бясконцы прастор. Чаму, навошта? Дзе яна i ці ёсць яна? Мы яе больш не чуем....

— Яшчэ імгненне — i я ў вадзе, у яе пяшчотнай прахалодзе, а зверху — асалода промняў. Я не баюся, усё гэта я ведаю ўжо тысячы гадоў i знаю, што наперадзе ў мяне — увесь свет, усё шчасце, якое толькі можа змясціць у сабе смяротнае сэрца i бессмяротная душа. Я плыву! Я плыву, як i сотні іншых птушак, але ніводная з ix не адчувае такога шчасця.

— Мэва! Ты чуеш нас, Мэва? Недзе ў бясконцай глыбіні Сусвету плачуць зоркі. Яны плачуць першы раз у жыцці, i слёзы ўзмацняюць ix бляск. Ix самотныя галасы вандруюць па пустой i абыякавай прасторы; пакутлівыя галасы, якія шукаюць цябе, Мэва...

* * *

Радыёаматар прачнуўся ў дзесяць гадзін. Прыёмнік ужо нехта выключыў, відаць, жонка, але пакой быў непрыбраны i нагадваў пячору, у беспарадку застаўленую рэчамі i засмечаную абрыўкамі магнітафоннай стужкі.

А за акном свяціла сонца, i нейкі адчайна-смелы праменьчык нават прабіўся праз цяжкія фіранкі ў пакой. Праз сцены чуліся галасы птушак. Там, за сценамі, буяла раніца.

Пах кветак дурманіў галаву, зваў у абдымкі прыроды, спакушаў да пакланення раслінам i дрэвам, да замілавання жыццём. Толькі камень мог застацца абыякавым да такой прыгажосці. Ды не, раніцай усміхаюцца нават скалы, адлюстроўваючы сваімі гладкімі, адшліфаванымі морам бакамі сонечнае святло i хараство Сусвету...

Радыёаматару было не да прыгажосці. Яго сур'ёзна непакоіў уласны стан здароўя, i за гэтымі клопатамі больш нічога не існавала. «Калі ўжо кашмары пачалі сніцца, дык нядоўга i памерці»,— змрочна падумаў ён, кладучыся ў ложак.

— Тата, тата, я бачыў блакітную чайку! Яна плыла зусім побач,— уварваўся ў пакой дзевяцігадовы хлопчык.

Але радыёаматар ужо спаў. Трэба было набрацца сіл i як след адпачыць. Сёння ноччу ён абавязкова павінен злавіць прэстыжна-далёкую аўстралійскую станцыю.

ДАЛЁКI ПОШУМ МОРА

A. Сербантовічу

Уздоўж двара быў нацягнуты дрот, да яго прымацаваны цяжкі ржавы ланцуг, зачэплены на ашыйніку вялізнага калматага сабакі, маўклівага i панурага, ніколі не ведаўшага чалавечай ласкі i дабрыні.

Цэлы дзень сабака ляжаў ля пахілай, збітай з грубых шэрых дошак будкі альбо хадзіў па двары, наколькі дазвалялі дрот i ланцуг, які неадступна валокся следам на зямлі, уздымаючы лёгкае воблака пылу i поўсці. У зеўры будкі тырчала спарахнелая салома, вялікая брудная костка валялася ля ўвахода. Два разы ў дзень да сабакі прыходзіў такі ж маўклівы i пануры чалавек, стаўляў поўную місу ежы i знікаў за дзвярыма высачэзнага дома, з абшарпанымі сценамі, з заўсёдна завешанымі фіранкамі вокнамі.

Ноччу сабака высоўваўся з будкі і, паклаўшы вуглаватую i няскладную морду на мяккія пухнатыя лапы, глядзеў на зоркі.

Так ён пражыў пяць гадоў, такіх жа доўгіх, як стары ржавы ланцуг.

Але аднойчы ноччу сабака ўбачыў у сне сінюю роўнядзь мора i карабель пад белымі ветразямі, які імкнуў за далягляд, насустрач сонцу, без дроту i ланцуга. Пацягнуўшы паветра, сабака ўстрывожана адчуў незнаёмы салёны прысмак. Тады ён адплюшчыў павекі і, зірнуўшы на Паўночную зорку, зразумеў, што яна яго некуды кліча...

Раніцай пануры чалавек з місай ежы ўбачыў парваны ланцуг i шматок поўсці на плоце.

Чалавек узяў абрывак ланцуга ў рукі і, бразнуўшы ім аб зямлю, пайшоў прэч, сказаўшы некалькі злых слоў. Пакрыўджаны ланцуг злавесна выгнуўся i схаваўся ў пыл.

Тры дні i тры ночы сабака прабіраўся на поўнач, у невядомым яму раней напрамку. За ўсе тры дні ён не збочыў са свайго шляху нават на паўкроку. На чацвёрты дзень ён убачыў прад сабой шмат вады i вялікі карабель, які гайдаўся на лёгкіх хвалях недалёка ад берага. З карабля чуліся галасы людзей i шум працы. Некалькі шлюпак перавозілі раз за разам пузатыя бочкі, у якіх булькацела i хвалявалася шалёная вадкасць з прыбярэжных вінаграднікаў.

Сабака лёг на пясок i праляжаў так увесь дзень, прыслухоўваючыся да гукаў з карабля, назіраючы за сноўданнем лодкі i працай людзей на беразе. Калі сцямнела i на небе з'явілася Паўночная зорка, сабака ўсхапіўся i папоўз да лодкі, што была якраз на беразе. Занятыя цяжкай працай, стомленыя людзі не заўважылі, як вялізны шэры цень мякка слізгануў у лодку i знік між дзвюх напоўненых бочак. Лодка ў апошні раз адштурхнулася ад берага, людзі дружна запрацавалі вёсламі i ў прадчуванні ўтульнасці кубрыкаў i спозненай вячэры перакідваліся жартамі. Сабака шчыльна прыціснуўся да днішча лодкі, у якое раз-пораз біліся хвалі; ім насустрач трывожна білася сэрца сабакі. Лодку паднялі на карабель, але разгрузку адклалі да раніцы, бо людзі стаміліся, а трэба было хутчэй здымацца з якара, каб не сустрэцца з таможным патрулём.

Ноччу сабака выбраўся ca свайго сховішча i агледзеў палубу. Акрамя вахценнага, на палубе нікога не было; сабака пракраўся на карму i ўбачыў белапенны след, які пакідаў за сабой карабель у светлых, пад высокім месячыкам, хвалях. Сабака зразумеў, што ён плыве разам з караблём, i здзівіўся, чаму зоркі такія ж нерухомыя, як i на тым лапіку неба, што быў бачны ў зеўры будкі. Але зірнуўшы на паверхню мора, ён заўважыў там адлюстраванні зорак, i гэтыя адлюстраванні імкліва рухаліся разам з караблём.

«Мы плывём па зорках»,— падумаў сабака і, забраўшыся назад у лодку, заснуў, шчаслівы i спакойны.

Раніцай ён прачнуўся ад ваблівага паху, які даносіўся аднекуль паблізу, i ўспомніў, што вось ужо чатыры дні амаль нічога не еў. Праглынуўшы сліну, сабака расплюшчыў вочы i вылез ca свайго сховішча на палубу. Палуба раптам па-здрадніцку паплыла некуды ўбок, сабака пахіснуўся i ўпаў. Пачуўся вясёлы рогат, узняўшы морду, сабака ўбачыў над сабой некалькі чалавек. Рогат быў незласлівы, прыветлівы, i сабака першы раз у жыцці таксама, не па-сабачы, усміхнуўся.

Праз некалькі хвілін ён ужо сёрбаў цёплую смачную поліўку пад добразычлівае бурчэнне чалавека ў белай вопратцы, які гаспадарыў на камбузе.

Здавалася, усё было добра, i ўжо вахценны ў канцы свайго рапарта весела дакладваў капітану:

— I яшчэ ў нас на караблі сабака, які ўмее смяяцца!

— Адкуль?.. Чый? — халодна-абыякава працадзіў скрозь зубы капітан, вывяраючы лоцыю.

— Нічый. Адкуль i як узяўся —невядома. Каманда з ім ужо пасябравала i накарміла.

— За борт.

— ?..

— Табе штосьці не зразумела? Я сказаў ясна: за борт!

— Капітан, каманда будзе незадаволена...

— Я калі-небудзь паўтараў загад двойчы альбо адмяняў яго?

— Ёсць, капітап...

— Пачакай! Праз некалькі міль мы будзем праходзіць паблізу вялікага вострава. Зразумеў?

— Зразумеў, капітай!..

Цёплыя добрыя рукі, якія толькі што лашчылі яго разам з дзесяткамі іншых рук, раптам моцна падхапілі сабаку i ўзнялі над палубай. У наступны момант ён праваліўся ў паветра i з размаху балюча ўдарыўся аб ваду. Вынырнуўшы, убачыў з аднаго боку ад сябе блізкі бераг, а з другога — карабель. Сабака моўчкі, не разважаючы, паплыў услед за караблём. Ён не думаў пра тое, чаму людзі так жорстка абышліся з ім, сэрца яго шалёна білася, лапы напружана працавалі, нейкі невядомы інстынкт дапамагаў яму трымацца на паверхні i гнаў, гнаў услед за караблём. З адчаем сабака зірнуў на неба, але Паўночнай зоркі там не было, як i ўвогуле не было ніякай зоркі: свяціла сонца, неба патанала ў блакітнай празрыстасці. I раптам у гэтай празрыстасці сабака ўбачыў сваю зорку i забрахаў, шалёна i бездапаможна, з апошніх сіл.

Капітан стаяў на мосціку i ca здзіўленнем глядзеў на звар'яцелую жывёліну, якая, замест таго каб плыць да берага, плыла ў адкрытае мора.

I раптам карабель сцішыў ход, а потым i ўвогуле спыніўся. Ветразі абмяклі i млосна абхапілі сценьгі, кліверы, фокса. Поўны штыль.

«Гэты звар'яцелы сабака нарадзіўся пад шчасліваю зоркаю»,— падумаў капітан i загадаў спусціць выратавальную шлюпку. Ён не быў жорсткім па натуры чалавекам, ён трыццаць гадоў свайго жыцця аддаў мору, а таму любіў на караблі парадак i кіраваўся статутам...

* * *

На ўскраіне маленькага партовага горада, закінутага ў самы далёкі i недасяжны куток свету, сціпла месціўся карабельны могільнік. Гнілое дрэва перамяжоўвалася тут з іржавым жалезам, спарахнелыя снасці патыхалі газай.

Зрэдку толькі адзінокая чалавечая душа забрыдала вечарам у гэтае княства тлену i былой велічы. I калі такое здаралася, адзінокая чалавечая душа ca здзіуленнем зауважала, як з нетраў напаўразваленага, даўно спісанага карабля выбіраўся на свет божы стары невідушчы сабака i асцярожна, няўпэўнена, хістаючыся на кожным кроку, прабіраўся палубай між прарослай травы на карму. Там сабака стомлена садзіўся i, павярнуўшыся мордай да мора, прагна лавіў яго таямнічыя i далёкія пахі, цэлымі гадзінамі, нерухомы, як скала, i загадкавы, як сфінкс. Вось ужо адзінокая чалавечая душа пакідала тлум мёртвы i вярталася ў горад, у тлум жывы, а сабака ўсё сядзеў, узіраўся невідушчымі вачыма ў марскую далеч, i нейкае падабенства думкі асвятляла яго разумную морду.

Ён успамінаў тыя незлічоныя марскія мілі, на якіх пракладаў сабе курс яго загадкавы i незвычайны лёс, успамінаў бясконцыя шумлівыя гавані i лагодныя бухты, мроілася яму лютасць дзікага ўрагану i сонная млявасць штылю, агні святога Эльма i зялёная паверхня Сарагасавага мора. Халодныя снежныя айсбергі, бліскучыя на паўднёвым сонцы, праплывалі бясконцай чарадой праз стомленую свядомасць сабакі, i вольны белы ветразь мкнуў у далеч без ашыйніка i ланцуга.

Вільготная трапічная ноч мякка насоўвалася на могільнік, гірлянды зорак запальваліся ў чорным небе, адлюстроўваючыся ў сіняй вадзе i бляклых, зацягнутых светлай імглой, вачах сабакі. Але сярод гэтай безлічы зорак не было самотнай Паўночнай зоркі, i толькі Паўночны Крыж яшчэ трымаў неба над галавой старога сабакі.

Заўсёды раптоўна i нечакана, як на каралавы рыф, успаміны наляталі на чорны кашмар той далёкай, апошняй ночы карабля i яго каманды. I зноў сярод імгненных успышак маланкі сабака бачыў спакойны, без ценю страху твар капітана i адчуваў яго моцныя рукі, якія хутка прывязвалі да тулава чацвераногага сябра выратавальны круг. А потым усё паглынала халодная імгла мора i цяжкая імгла часу, i сабака чарговы раз правальваўся ў ix сонную бездань...

У сярэдзіне ночы, заўсёды ў адзін i той жа час сабака прачынаўся, знаёмая сутарга працінала яго скалелае худое цела, ён паслухмяна ўставаў i цягнуўся на ют. Там ён з цяжкасцю ўзнімаўся на прыступкі i звыкла торгаў шнурок вахценнага звана, пазелянелага i аглухлага.

Дзіўныя, незразумелыя гукі луналі тады над карабельным могільнікам, тужлівыя i нікому не патрэбныя.

I толькі недзе ў супрацьлеглым кутку горада прачынаўся сярод ночы сівы адзінокі чалавек, выпальваў ля акна сцёртую марскую люльку i зноў клаўся ў ложак, ведаючы, што ўжо да самай раніцы яму не будзе спачыну.

А сабака, выканаўшы свой штодзённы абавязак, стомлена спускаўся з мосціка i, хістаючыся, бы вечны маятнік, вяртаўся ў нетры карабля. Толькі перад самым люкам ён спыняўся i з надзеяй узіраўся ў марскую далеч, чуйна прыслухоўваўся да нечага, быццам яшчэ магчыма было штосьці пачуць. Але ніхто не адгукаўся, і, у апошні раз азірнуўшыся, сабака самотна знікаў у змроку карабля.

СЕКСТЫНА З-ПАД РАДЫЯТАРА

У кватэру, дзе жыў калісьці Паэт, пераехалі новыя гаспадары. Некалькі дзён перавозілі яны са свайго ранейшага жытла шматлікія шафы, канапы, куфэркі, клункі, дываны, патэльні, каструлі, глячыкі i безліч усялякіх іншых патрэбных i непатрэбных рэчаў.

З рэчаў Паэта ў кватэры засталася толькі выразаная з косці аўтаручка, якая перад самым ад'ездам гаспадара выпадкова звалілася са стала i закацілася пад радыятар ацяпляльнай батарэі.

Новая гаспадыня, падмятаючы падлогу, заўважыла самапіску, бо знайсці ў доме нават нейкую дробязь для жанчыны гэтак жа лёгка, як для мужчыны згубіць яе.

Гаспадару адразу спадабалася дзіўная аўтаручка. Ён заправіў яе атрамантам i паклаў у пузатую нязграбную вазу з белай пластмасы, у якой месцілася з дзесятак аўтаручак рознага колеру i гатунку.

Самапіска ачомалася толькі недзе за поўнач: пад радыятарам было горача, i таму атрамант, якім запраўляў яе Паэт, хутка высах, i толькі новая порцыя пакрысе вяртала да прытомнасці.

Наздзіў, у пакоі панавала цемра, хоць востры месячык за акном, злёгку прыкрытым газавай накідкай, толькі-толькі даплыў да сярэдзіны свайго маркотнага шляху. Звычайна ў такі час на стале гарэла лямпа i пры яе мяккім зеленаватым святле Паэт дасціпна i пранікнёна размаўляў з самапіскай альбо з кімсьці з яе сябровак. Занятак гэты быў настолькі цікавы i прыемны, што яны заўсёды занатоўвалі свае размовы на доўгіх, асляпляльна-чыстых лістах паперы, якія пасля гэтага называліся рукапісамі, а размовы — вершамі.

Самапіска згадала абставіны свайго нешчаслівага падзення i засумавала. Столькі часу праляцела марна, без працы! Крыўдзіла яшчэ i тое, што за ўвесь гэты працяглы час Паэт так i не ўсномніў пра яе.

Заклапочаная сваімі думкамі, яна не адразу заўнажыла сваіх суседзяў i, калі незнаемы рыпучы голас аклікнуў яе, спалохалася i разгубілася.

— Гэй, ты адкуль? — спытаў голас.

— Як... адкуль? — здзівілася самапіска.

— Адкуль ты ўзялася ў нашай вазе?

Самапіска прыгледзелася. Голас належаў нейкаму важнаму паркеру. Побач з ім грудзіліся некалькі аўтаручак, з паўдзесятка алоўкаў i звязка фламастэраў. I ўсе яны былі незнаёмыя, ніколі райей не бачаныя!

— А дзе мае сяброўкі? — здзівілася самапіска.— I адкуль узяліся вы?

Жыхары вазы зірнулі адзін на аднаго i зашапталіся. Потым, бы па камандзе, сціхлі, i слова ўзяў той самы важны паркер. З яго прамовы самапіска зразумела, што Паэт з'ехаў разам з яе сяброўкамі, паперамі, лямпай i працай, а ў яе цяпер будзе новы гаспадар (дагэтуль з людзей яна ведала полькі Паэта, які сам яе i выразаў, з фантазіяй i густам).

Далейшае знаёмства з новымі суседзямі яшчэ больш здзівіла самапіску.

Ніхто з ix чамусьці не меў імя. Яны нават не разумелі, як гэта ў алоўка ці аўтаручкі можа быць імя i што за вар'ят-чалавек, з якой прычыны стане такія імёны прыдумваць. Але калі самапіска сказала, што яе, напрыклад, завуць Секстына, бо так называўся першы верш, які быў з яе дапамогай напісаны,— у ix працяглым маўчанні яна адчула зайздрасць.

Новыя знаёмыя Секстыны адрозніваліся ад яе ранейшых сябровак. Паэт большасць аўтаручак рабіў сам, таму яны выглядалі арыгінальна i былі не падобныя адна на адну. Алоўкамі ён рэдка карыстаўся, толькі пры чытанні кніг, i падбіраў лёгкія, стрымана-цвёрдыя, востра заточаныя аднакаляровікі. Фламастэр меў толькі адзін, для выкрэслівання, i зваў яго «Цэнзар» (аўтаручкі Цэнзара крыху пабайваліся, хаця i паважалі ў душы за чэснасць i бескампраміснасць). У новага гаспадара сярод аўтаручак было некалькі зусім аднолькавых, фабрычнага вырабу. Алоўкі — чамусьці ўсе мяккія, злавесна яркія, што пакідаюць пасля сябе на паперы непрыемны тлусты след, прыкметны i крыклівы. З той жа мэтай — каб нешта вылучыць, прыцягнуць увагу — ужываліся i фламастэры.

Калі Секстына спытала, ці піша ix гаспадар вершы, аўтаручкі адказалі, што не ведаюць, а па ix няўцямна-здзіўленаму выгляду яна зразумела: ніхто з ix не ведае, што імі пішуць увогуле, ды i мала цікавяцца гэтым. Значна больш ix цікавілі іншыя рэчы, напрыклад, гатункі атрамантаў i маркі паперы. У Паэта таксама звярталі на гэта ўвагу, але зусім па іншых прычынах. Паэт пісаў на гладкай мелаванай паперы, калі пісалася занадта хутка — браў паперу жорсткую, шурпатую: па ёй пісалася марудней, што ў нейкай ступені ратавала ад паспешлівасці. Атраманты выбіраліся няяркія, сціплыя, каб не стамлялі вочы. У новых знаёмых колер абмяркоўваўся да дробязей, да адценняў, але асабліва вялікае значэнне надавалася гатунку, фабрычнай марцы, распаўсюджанасці-нераспаўсюджанасці атраманту i паперы. Гэтыя маркі, знакі, гатункі складалі галоўную тэму размоў, імі вымяраліся павага i шчасце. Калі ў суседкі атрамант лепшы — трагедыя, калі ў яе раптам зламалася пёрка — справядлівая помста.

Прэстыж i павага тут размяркоўваліся неяк дзіўна. Найбольшай пашанай у Паэта i яго аўтаручак карыстаўся самапіс з вельмі цвёрдым стальным пёркам, аздоблены зверху мініяцюрнай галавой ваўка. Яго так i звалі: Воўк. Паэт пісаў ім, калі быў нечым раззлаваны альбо нешта не ладзілася: тады рука нервавалася, i пёрка аўтаручкі магло зламацца. Воўк мужна вытрымліваў такія не частыя, але цяжкія іспыты, якія не над сілу былі іншым ручкам.

У новага гаспадара найбольшай павагай карыстаўся стары тоўсты паркер, бо меў пазалочанае пёрка, шмат гадоў i ўласную, толькі для яго аднаго асабіста, пляшку атраманту спецыяльнага гатунку. За ім цанілася аўтаручка, зробленая за мяжой, i ужо таму асабліва паважаная, далей самапісы размяркоўваліся па тых жа якасцях i ўласцівасцях. Менш за ўсё гэты хаўрус хацеў пісаць, i таму, калі выявілася, што гаспадар упадабаў новенькую, яны толькі злараднічалі.

Для Секстыны праца з'яўлялася сэнсам жыцця, чаканне моманту, калі яна зарыпіць задаволена i весела ва ўпэўненых пальцах Паэта, было прадчуваннем найвялікшага шчасця.

Расчараваная ў новых сяброўках, яна з надзеяй i трывогай чакала сустрэчы з ix гаспадаром. Але сустрэча гэтая расчаравала i засмуціла. Працаваў новы гаспадар раніцай, роўна тры гадзіны. Потым раскладваў напісанае па канвертах і, ідучы на працу, кідаў у паштовую скрыню. Рука торгалася злосна i нервова, Секстыне ўвесь час было боязна, што праз імгненне яна не вытрымае, зломіцца.

Займаў новы гаспадар увесь ліст, ад краю да краю, што таксама ўспрымалася нязвычна. (Паэт пісаў пасярэдзіне i ў слупок.)

Гэты чалавек не размаўляў з ёй, ён проста прымусова i жорстка выводзіў патрэбныя яму літары, словы, сказы, стаўляў коскі, кропкі, а найчасцей — пытальнікі i клічнікі. Звыклая да вытанчана-прыгожага i глыбокага зместу, яна з агідай выводзіла незлічоныя скаргі, ананімкі, паклёпы, шматлікія патрабаванні i пагрозы.

Яе новы гаспадар не быў паэтам! Ён быў проста злы, нікчэмны чалавек, i ад гэтага ёй, яго рэчы, прыладзе для пачварнай, нядобрай працы, рабілася балюча i тужліва. Яна чакала ўжо толькі аднаго: хутчэй бы гаспадар нацешыўся з яе i пакінуў у спакоі.

Дзень за днём, па тры гадзіны — абрыдлая, злая праца. А пасля — сумная кампанія рэчаў, дробязных неразвітых копій свайго «дасканалага» гаспадара. Аднойчы яны пахваліліся Секстыне, што ў ix ўжо таксама ёсць імёны, узятыя з загалоўкаў гаспадара (зайздроснікі ніяк не маглі забыць гісторыю Секстыны). Але пачуўшы гэтыя імёны, Секстына жахнулася: Вораг, Пустабрэх, Падманшчыца, Аблуда, Прыстасаванец. Мярзотнік! Стары паркер узяў сабе мянушку-загаловак «Пачкун».

Секстына паспрабавала растлумачыць ім усю недарэчнасць такіх імёнаў, але ўбачыўшы ix надзьмутасць i варожасць — змоўкла. «Мусіць, так i трэба»,— падумала яна.

Адзінай радаснай падзеяй апошніх дзён стала неспадзяванае адкрыццё сябра, шчырага i вернага, у асобе аднаго з каляровых алоўкаў, з выгляду непрыкметнага i малацікавага. Сяброўства з ім ажывіла Секстыну i дапамагло глядзець у будучыню з большай надзеяй i антымізмам. Жоўты колер алоўка не падабаўся гаспадару, не падыходзіў да крыклівага зместу яго пісанняў. Таму звычайна гэты аловак (Секстына назвала яго Акварэлікам) стаяў без працы.

— Маім першым гаспадаром,— даверліва распавядаў Акварэлік,— быў маленькі хлопчык, які вельмі любіў маляваць: дома, у школе, у зацішку двара, у альбоме, у вучнёўскім сшытку, проста на выпадковым шматку паперы. I ў кожным яго малюнку патрабаваўся я, у кожным з ix хлопчык абавязкова маляваў сонца — невялічкае жоўтае кола ў правым верхнім ражку аркуша. I мне таксама рабілася неяк сонечна i цёпла, быццам я сапраўды часцінка сонечнага святла.

— Сонца не можа быць жоўтым i круглым, нават у правым верхнім ражку ліста,— задумліва сказала тады яму Секстына.

— Ты бачыла сапраўднае сонца? — шчыра пазайздросціў ёй Акварэлік.

— Не, але мой ранейшы гаспадар распавядаў мне пра яго, заўсёды прыгожа i заўсёды па-рознаму.

Пісаць пра сонца — найвялікшае шчасце.

— Наш гаспадар не піша пра сонца. I ніколі яго не малюе,— сумна ўздыхнуў Акварэлік.

— Так, ён увогуле ніколі не малюе. I не складае вершаў.

— Шкада, што я не магу маляваць сам без чалавека. Я б намаляваў жоўтае сонца, а ты склала б пра яго верш.

Секстына прамаўчала i задумалася...

Заўтра прайшло як звычайна, i паслязаўтра таксама, а наступнага дня гаспадар прыбег дадому радасны i ўзбуджаны.

— Яны мне ўсё-такі адказалі! Яны прыслалі адказ! — пераможна паведаміў ён жонцы.— Я казаў табе, што проста так гэта мярзотніку не абыдзецца! Не на таго ён патрапіў!

Але радаваўся гаспадар нядоўга. Прачытаўшы адказ, ён бездапаможна войкнуў, адштурхпуў ад сябе паперу, бы жудасную пачвару, i пабег да тэлефона.

Спалоханая жонка кінулася спачатку ўслед, але збаялася раптоўнага гневу, вярнулася i падняла ліст. На ім почыркам гаспадара быў напісаны нейкі вершык, a ўнізе змяшчалася пастанова-рэагаванне рэдакцыі:

«Паважаны N. N.! Мы прыемна здзіўлены i шчыра ўзрадаваны, атрымаўшы ад Вас замест чарговай скаргі гэты цудоўны вершык. Ён прынёс нам невялічкі адпачынак у нашай нялёгкай працы i выклікаў добры настрой у супрацоўнікаў. I хаця верш, што Вы даслалі як свой уласны, належыць нашаму вядомаму паэту, у кватэры якога Вы зараз жывяце,— мы ўсё роўна рады за Вас i ўпершыню ўдзячны за ліст».

— Што дзеецца на свеце, што дзеецца! — здзіўлена заквахтала жанчына: почырк, якім быў напісаны верш, несумненна належаў яе мужу.

— Навошта ты гэта напісаў?! — нічога не разумеючы, спытала яна гаспадара, калі той, кінуўшы трубку тэлефона, вярнуўся ў пакой.

— Я — напісаў? Я? Ы-ы-ы!..—толькі i змог адказаць той i ў шалёнай злосці, выхапіўшы з ясончыных рук ліст, пачаў крэмзаць яго першым алоўкам, які трапіўся пад руку, аж пакуль у кватэру нехта не пазваніў.

Гаспадар набег адчыняць, а жонка яшчэ раз кінула вокам на паперу i знямела: па ўсім лісце (i ў правым верхнім кутку, i ў левым ніжнім, i па ўсіх-усіх астатніх) разбягаліся яркія радасныя промні-пырскі сонца, суцэльна жоўтага i ўсмешлівага.

Прыйшоў, між тым, паштальён. Ён прынёс тоўсты стос адказаў на скаргі i пагрозы, напісаныя два дні назад. Не трэба i казаць, што ўсе яны аказаліся, як кроплі дыстыляванай вады, падобныя на першы ліст.

— Ну вось i ўсё,— задаводена сказала самапіска Секстына.— Відаць, гэта будзе самы лепшы канец для нашай гісторыі. Там, пад радыятарам, я заўважыла вялікую шчыліну ў паркеце, дзе людзі мяне не знойдуць, пакуль я сама таго не захачу. I ў мяне прадчуванне, што Паэт неўзабаве вернецца ў сваю кватэру i я зноў спатрэблюся для шчырай, сумленнай працы.

— Я — з табой,— вырашыў Акварэлік не задумваючыся.

— Тады — пад радыятар!..

ЮНАК

Жыў-быў калісьці на свеце Юнак. Людзі лічылі яго чараўніком i вар'ятам, а ён, рана страціўшы бацькоў, цураўся людзей i называў сябе проста сынам Зямлі.

I шмат мудрасці дала Юнаку Зямля, i шмат чаму навучыла.

Спасціг ён, чаму Сонца сыходзіць на Захад, а з'яўляецца з Усходу i Месяц толькі паўтарае гэты шлях, а не выходзіць насустрач. Уведаў, які цяжар выпрабоўвае сузор'е Вагаў, што распроствае неба пад далёкім Паўднёвым акіянам, i куды вось ужо мільён гадоў кліча самотная Паўночная Зорка. Так зразумеў першую кнігу — Кнігу Неба.

Спазнаў душу мора i па маленькіх, незаўважна падобных хвалях вызначаў яго зменлівы i няўрымслівы характар. Тлумачыў прылівы i адлівы, выкрываў сквапнасць цыклонаў i хцівасць штыляў i смяяўся з паслугачоў, паважаючы гаспадара. Рыб вучыў гаварыць, узамен яны навучылі яго маўчаць. Так зразумеў ён другую кнігу — Кнігу Вод.

Трэцяй кнігай была Кніга Зямлі, i ён прачытаў яе таксама. Адчуў сутнасць агню — яму адкрылася існасць камня. Прызнаў братамі звяроў i птушак — яны перасталі лічыць яго ворагам. У дрэвах вітаў мужнасць, у кветках — хараство, яны адлюстравалі яго чалавечнасць.

I тады Юнак задумаўся i спытаў у Зямлі:

— Маці, я спасціг Кнігу Неба, спазнаў Кнігу Вод, прачытаў Кнігу Зямлі. Няўжо я зведаў усё?

— Ты зразумеў усё, што магла адкрыць табе я. Hi ў Небе, ні ў Вадзе, ні на Зямлі таямніц для цябе не існуе, сын мой.

— Але чаму я, перамагаючы складанае, не разумею часам нават самага простага i простае ўражвае мяне найболей?

— Цябе непакоіць адказ дрэў i раслін?

— Так, я прызнаў у дрэвах мужнасць i ў кветках хараство, а яны, абыякавыя да маёй мудрасці i ўсемагутнасці, адлюстравалі маю чалавечнасць.

— I ты пакрыўдзіўся такому выбару?

— Той, хто зведаў Кнігу Зямлі, ніколі не крыўдзіцца на кветкі i расліны. Але я здзівіўся.

— Ну што ж, тваё здзіўленне — таксама пацверджанне мудрасці спазнаўшага Кнігі Ведаў. I калі ты нешта не можаш растлумачыць, гэта не азначае, што ты не зразумеў чагосьці з гэтых трох кніг. Проста існуе яшчэ чацвёртая кніга — Кніга Жыцця, кніга чалавека.

— I ты, адкрыўшы перада мной вялікія кнігі, нічога не сказала пра маленькую?

— Сын мой, цяжка часам вызначыць, што маленькае, а што вялікае. I ты таксама не спяшайся ў высновах. Успомні сузор'е Вагаў, якое хістаецца то ў адзін, то ў другі бок ужо мільярды гадоў. Успомні i выслухай мяне ўважліва, бо хутка мы расстанемся, i расстанемся надоўга.

— Хіба можна расстацца з Зямлёй? Гэта немагчыма пават для нябожчыкаў.

— Нябожчыкі хутчэй сустракаюцца са мной. I многія, на жаль, унершыню. Не, мой сын, мы не расстанемся зусім, але ты пойдзеш да людзей, бо толькі сярод ix зможаш ты стаць чалавекам i вывучыць Кнігу Жыцця, кнігу, на старонках якой ты знойдзеш i сябе. Калі ж будзе цяжка i бязвыйсна — звярніся да Зямлі, i я дапамагу табе, але запомні: толькі адну старонку гэтай кнігі можаш ты прачытаць з маёй дапамогай, любую старонку, якая здасца табе найбольш незразумелай i важнай. Не памыліся ў выбары! Ранейшыя Кнігі данамогуць табе.

— Дзякуй, маці. Я вярнуся, як толькі перагарну апошнюю старонку,— сказаў Юнак i адразу рушыў у дарогу.

— Вяртайся раней,— сумна ўздыхнула Зямля. Юнак не ведаў яшчэ, што за аношняй старонкай Кнігі Жыцця пачынаецца новая, самая апошняя кніга — Кніга Смерці, злавесная i халодная, прачытаць якую не суджана ніводнаму чалавеку.

* * *

Мінула доўгіх тры гады, пакуль Юнак вярнуўся.

Твар яго быў шчаслівы i ўсхваляваны, быццам маладосць выплеснула на яго ўсе свае фарбы i прывабы адразу, не ашчаджаючы на далейшае жыццё, якое — у імгненні, у адным парыванні, адным уздыху водарнага паветра Поўдня. У вачах Юнака бруіўся рай, непрыдатны i немагчымы для Зямлі, але такі жаданы для чалавека, i Зямля зразумела, што старонкай, на якой затрымаўся Юнак, стала старонка кахання. А яшчэ яна заўважыла з сумам, што недзе ў самым далёкім куточку гэтага празрыста-блакітнага раю спакваля нараджаецца пекла, i гэтае пекла — таксама пекла кахання.

— Распавядай,— загадала Зямля, i Юнак пачаў сваю гісторыю.

— Там, сярод людзей, я сустрэў дзяўчыну i пакахаў яе, як не кахаў яшчэ ніколі. Яна таксама пакахала мяне, i я шаптаў:

«Ты — лепшая за ўсё i за ўсіх».

Гэта пачулі людзі i незадаволена запярэчылі:

— Чаму ты крычыш, што яна лепшая за ўсіх? Ты памыляешся, азірніся навакол — яна зусім не такая прыгожая.

— Але я кахаю яе,— не зразумеў я.

— Але яна не самая прыгожая,— упарціліся людзі.

Я кахаў i не разважаў, прыгожая яна ці непрыгожая альбо, як любяць падлічваць людзі,— наколькі прыгожая. Няхай валасы маёй каханай не такія пышныя, як Валасы Веранікі, але калі яна побач — сузор'е здаецца мне асабліва бліскучым i пранізлівым, уражвае глыбей, кранае за сэрца адлегласцю. Няхай рукі маёй каханай не такія мяккія i ваблівыя, як хвалі Бурштынавага мора, але калі я аддаю сябе ва ўладу хваль, мне ўяўляецца, што я аддаю сябе каханай, i мне не страшна, бо мора выпраменьвае пяшчоту. I калі ў спевах райскіх птушак мне чуецца голас каханай, ад чаго ix спевы набываюць новы сэнс i хараство, то ці трэба ix пасля параўноўваць i вымяраць? Але людзі — дзіўныя стварэнні, таму i Кніга Жыцця — самая дзіўная i складаная кніга. Яны зноў i зноў даводзілі мне:

— Твая каханая — непрыгожая! Ты памыляешся! Яна не лепшая за ўсіх!

— Тады я зраблю яе самай прыгожай! — паабяцаў я, не вытрымаў i прыйшоў да цябе.

— Што ж ты ад мяне хочаш? — спытала Зямля.

— О маці Зямля! Я — твой сын. Дай мне прыгажоць для маёй каханай!

— Азірніся навакол i — бяры што ўбачыш. Але адкажы мне яшчэ раз: ты пакахаў непрыгожую?

— Не, яна прыгожая, але я хачу, каб яна была самай прыгожай.

— Дарэмна... Але ты — мой сын. I таму — бяры i вяртайся да каханай.

I Юнак узяў. Гнуткі стан у бярозы, смарагдавыя вочы ў мора, срэбны голас у птушак, прыгожы твар у кветак, залатыя валасы ў сонца. I панёс скарбы каханай.

Але праз некалькі дзён ён вярнуўся. З пахмурым, устрывожаным тварам, з пеклам у вачах, абыякавым для Зямлі, але страшным i гвалтоўным для чалавека. I ўсё ж недзе на самым дне пачварнага i агіднага змроку заўважыла Зямля слабенькі, але не безнадзейны крынічны струменьчык былога раю, далёкага i нязбытнага.

— Распавядай! — загадала Зямля, i Юнак працягваў чытаць самую цяжкую i заблытаную старонку Кнігі Жыцця.

— Я прынёс скарбы i аддаў каханай. Гнуткі стан бярозы, смарагдавыя вочы мора, срэбны голас птушак, прыгожы твар кветак i залатыя валасы-промні сонца. I адразу жахнуўся: што я нарабіў! Гэта ж не мая каханая! Танклявы халодны стан i жорсткія прыгожыя вочы, мілагучны да вар'яцтва голас i дакладны гіпсавы твар грэчаскіх статуй, залатыя валасы славянскіх багінь.

Гэта была не мая каханая!

Яна зірнула на пахілую бярозу i загадала яе ссекчы, каб не псавала сваім калецтвам уражанне ад прыгажосці, а потым прагнала прэч птушак, што страцілі галасы. Яна абразіла сонца, параўнаўшы яго са сцёртым грошыкам жабрака, а мора ўспрыняла, як вялізную брудную лужыну. Кветкі ж проста павытоптвала.

Няўжо такая дарагая сярод людзей прыгажосць, няўжо яна такая танная?!.

I Юнак заплакаў, не стрымліваючы слёз, у якіх адбівалася душа.

— Што ж ты цяпер хочаш ад мяне? — у другі раз спытала Зямля.

— О маці Зямля! Забяры свайго сына! Ён хоча толькі памерці.

— Усё скончылася так, як я i думала,— уздыхнула Зямля.— Але ты — мой сын, i я дапамагу табе. Аддай усім што ў каго ўзяў i папрасі ў ix чагосьці ўзамен.

I Юнак пайшоў мяняць скарбы. Калі ён усё вярнуў, бяроза дала яму для каханай сціпласць, мора — шырыню душы, птушкі — вернасць, кветкі — пяшчоту, сонца — шчодрасць i цеплыню. А Зямля дадала да ўсяго гэтага дабрыню i здольнасць дараваць.

— Я аддаў усё гэта каханай, i людзі крычалі мне: «О, твая каханая — самая прыгожая!» — узбуджана паведаміў Юнак, калі вярнуўся, радасны i шчаслівы.

Зямля гэтаму не здзівілася — яна ўсё прадбачыла. Але яна здзівілася іншаму: зірнуўшы ў вочы ўсхваляванага Юнака, яна не заўважыла, дзе ў ix рай, а дзе пекла; яна не магла ix адрозніць, яна — Зямля, маці! Упершыню Зямля на нейкае імгненне пашкадавала, што ні рай, ні пекла для яе немагчымыя, непрыдатныя i толькі ў вачах, у сэрцы, у душы Юнака яны набываюць сваё рэальнае існаванне. Але толькі на імгненне, бо адразу ж зразумела ўсю недарэчнасць гэткага шкадавання. Ці ёй, Зямлі, шкадаваць пра рай i пекла, ёй, якая змяшчае жыццё людзей, у тысячу разоў больш таямнічае i складанае?!

А яшчэ яна зразумела, што найцяжэйшая старонка Кніг Жыцця прачытана, але сына яе чакаюць новыя, наступныя...

З берага мора даносіліся гукі бадзёрай песні, паміж хвалямі то ўзнікала, то зноў хавалася галава Юнака.

Юнак абдымаў мора.

СЛЯЗА ВОЛАТА

Зніклі з нашай зямлі Волаты, зніклі даўным-даўно, i толькі ў памяці простых людзей жывуць прыгожыя легенды пра ix вялікія ўчынкі, толькі ўзнёслыя паэты з самотнымі вачыма i ўражлівай душой узгадваюць яшчэ тыя пракаветныя часы, калі Волаты будавалі замкі з велічэзных дзікіх валуноў i пераводзілі ў новае рэчышча паўнаводныя рэкі, дужаліся з багвянымі цмокамі i пустэльнымі зданямі, а ў гадзіну добрага настрою i самі ахвотна страшылі іншаземных вандроўных рыцараў. Ды што казаць пра Волатаў, калі i Рыцары непрыкметна перавяліся, нават тыя, якім у звычайных ветраках бачыліся таямнічыя пачвары; а дзе зараз гэтыя ветракі?

У пульхных разумных кнігах напісана нават, што i не было на свеце нічога такога чарадзейнага i гераічнага, хіба што ў прыдумках i фантазіях чалавечых, але калі не было, дык, значыць, тым больш i зараз няма, вось што галоўнае!

I не можа быць! Уявіце сабе існаванне Волата ў наш час: якая з яго карысць людзям i якая ад людзей карысць яму? У параўнанне з машынамі магутнасць яго невялікая, а розумам ён i раней, здаецца, не вызначаўся. Адразу ўзнікла б праблема адзення i харчавання, востра паўстала б жыллёвае пытанне, i наўрад ці пры сваёй мізэрнай карыснасці Волат атрымаў бы шматпакаёвую плошчу без чаргі, хіба што ў парадку выключэння як унікальная з'ява прыроды.

Вось-вось, менавіта як унікальная з'ява, дзіва заморскае, і, хутчэй за ўсё, скончыў бы сваё вялікае жыццё сучасны Волат у звышсучасным заапарку, а пасля смерці шкілет яго прыдбаў бы анатамічны музей.

Аднак усе гэтыя разважанні не маюць прамога дачынення да нашай задумы, таму спынім ix i начнём нашу загадкавую гісторыю пра цесляра Ганчыка, які жыў калісьці на землях княства i сустракаў, калі верыць яго словам, сапраўднага жывога Волата. Сустрэча тая значна паўплывала на далейшы лёс цесляра, і, відаць, не згубілася ў маўклівых стагоддзях імя Ганчыка толькі з прычыны яго дзіўнай прыгоды, якая прыадчыніла яшчэ адну таямнініцу Волатаў, магутных асілкаў, назаўсёды знікшых з нашай зямлі. A ўрэшце, ніякага дзіва i не было. Проста...

Проста на лясным узгорку сядзеў Волат i глядзеў на неба. Блакітнае i недасяжнае, яно нагадвала бязмежнае мора, у якім важка пялёхалася жоўтае сонца. Вялізнай далонню Волат прыкрываў вочы ад яркіх настырных промняў, а на другой далоні трымаў маленькую сінюю птушачку, якая спявала радасную i немудрагелістую вясновую песеньку. Зрокам сваім Волат узіраўся ў неба, услухоўваўся ў срэбны галасок птушкі, a думкі яго, незалежна ад зроку i слыху, імкнулі кудысьці далёка-далёка, сугучныя навакольнай цеплыні i прыгажосці.

«Калі глядзіш на неба, робішся такім маленькім і бязважкім, як гэтая бесклапотная птушачка. Глядзіш у блакітную далеч i хочацца слухаць празрыстую мелодыю. A калі слухаеш мелодыю — хочацца глядзець удалеч. Маці казала, што, каб спасцігнуць сэнс жыцця, трэба доўга глядзець на неба альбо на маленькую зялёную сцябліпку, па якой паузе залаты жучок. Крыўдна, што Волатаў засталося на свеце зусім мала. У нас не толькі моцныя рукі i магутныя плечы, але i вялікае сэрца, якое змяшчае столькі любові i разумення пекнаты! На жаль, людзям не ўласціва нi першае, ні другое, ім не дадзена разумець хараство i захапляцца прыгажосцю...»

Так думаў Волат, што адпачываў на лясным узгорку, перад тым, як прадоўжыць свой звыклы шлях нястомнага вандроўніка. Празрыстая, крыштальная сляза скацілася па добрым твары магутнага асілка i ўпала ў маладую, зялёную траву. Волат узняўся ўпоравень з самымі высокімі стогадовымі дрэвамі i цяжка рушыў кудысьці далей — магчыма, ён быў апошнім Волатам.

Там жа, дзе ўпала сляза Волата, заструменіў невялічкі лясны ручай з чыстай сцюдзёнай вадой.

I вось тут з-за дрэў выпаўз на ўзгорак цясляр Ганчык, спалоханы i збялелы. Раніцай ён вяртаўся ў мястэчка з суседняй вёскі, ішоў, як заўсёды, напрамкі праз лес, які ведаў не горш за сваю справу, i ледзь-ледзь не наскочыў прама на Волата.

Трэба сказаць, што Ганчык ні ў якія прымхі i забабоны не верыў i нічога ў жыцці не баяўся. Ды i дзіўна было б верыць у нешта i нечага баяцца чалавеку, які збіваў для патрэб усяго наваколля ладныя, шчыльныя дамавіны, а значыць, працаваў недзе паблізу ад уладанняў смерці. Але не баяцца розных прыдумак — адно, а сустрэць у лесе сапраўднага Волата — зусім іпшае, таму не будзем надта асуджаць спалоханага цесляра.

Як усякі божы чалавек, убачыўшы Волата, Ганчык спачатку даў лататы з праклятага месца, але потым вярнуўся, i, трэба думаць, не з парожняй цікавасці. Так, Ганчык калаціўся i трымцеў ад спуду, употай назіраючы за Волатам, зусім не дзеля цікаўнасці. Быў ён чалавек не тое што сквапны, але прагны да грошай, якіх ніколі асабліва не меў, i таму — зайздрослівы i ўзлаваны на ўвесь свет. Не верыў у Цмокаў i Волатаў, але чуў казкі пра ix чароўныя рэчы i пякельныя грошы. A паколькі i ў бога не надта верыў цясляр, дык калі давялося сустрэць сапраўднага Волата — вырашыў паназіраць за ім i пашукаць потым на ўзгорку скарбаў.

Так i зрабіў, бо якраз меў з сабой рыдлёўку, а капаць вучыцца не трэба было.

«Добра, што зямелька зараз мяккая, цёплая. Знайду скарб, займею шмат грошай, кіну ўсё i пераеду ў вялікае месца. Абрыдла кожны дзень спадзявацца на чыюсьці смерць, рабіць дамавіны для жабракоў-сялян i жыць паміж гэтым выпадковым заробкам. Куплю вялікі мураваны дом, завяду сваю справу, набяру вучняў. Есці, піць буду, колькі захачу, апранацца, як шляхетны пан ці заможны гараджанін. Ахвярую на касцёл, дам ксяндзу некалькі залатых — усе грахі мне даруюцца, i мінулыя i будучыя. За грошы ўсё купіць можна, нават рай...»

Да палудня капаў на ўзгорку цясляр Ганчык, шукаў Волатаў скарб, прагнуў пякельных грошай. I хто ведае, можа, i знайшоў бы тое, што жадаў, але, стаміўшыся, прысеў адпачыць, убачыў ля самых ног невялічкі лясны ручай i глынуў з яго чыстай, сцюдзёнай вадзіцы.

Дзіўная салодкая млявасць разлілася па целе Ганчыка, у галаве цесляра замітусілася, i ён бязважка асунуўся на дол. Мяккая, пухнатая цемра праглынула на нейкі момант чалавека. A калі апрытомнеў — прама перад вачыма ўбачыў ён залатога жучка, што ўпэўнена караскаўся па смарагдавай сцяблінцы да сонца. Ганчык зірнуў угору, куды ўзбіраўся залаты жучок, i, ускрыкнуўшы ад нясцерннага болю, захіліў вочы рукамі: сонечныя промні зрабіліся неверагодна яркімі i гарачымі. I яшчэ, нешта здарылася са слыхам: бездань ніколі не чуваных гукаў ахінула цесляра i павабіла за сабой у таемную далеч. Насцярожана шапталіся травы, стракатаў вясёлыя глупствы порсткі конік, крахтаў пад цяжкай ношай працавіты мураш, лёткі ветрык прарочыў хуткае шчасце i неспадзяваныя сустрэчы.

Доўга сядзеў Ганчык па лясным узгорку, прыслухоўваўся i прыглядаўся да таго нязнанага i ваблівага, што адбывалася ў наваколлі i ў ім самім.

Потым спахапіўся, выцягнуў з торбы мгліста-чырвоную пляшку (зразумела, парожнюю пасля ўчарашняга вечара) i напоўніў яе цудадзейнай вадкасцю з ляснога ручая. Азірнуўся, i позірк яго здзіўлена спыніўся на кінутай ля глыбокай яміны рыдлёўцы. На твары цесляра адлюстраваліся здзіўленне i дарэмныя намаганні ўспомніць мэту сваёй нядаўняй работы. Але ўсё ж успомніўшы, Ганчык весела засмяяўся, паклаў у торбу мгліста-чырвоную пляшку ca слязой Волата i пайшоў прэч...

Вось так ўсё i здарылася, a суседзі доўга не Maглi ўцяміць, што раптам адбылося з ix местачковым цесляром. Чаму ён цяпер такі шчаслівы i бесклапотны, чаму кінуў збіваць труны i пачаў выштукоўваць нейкія дзіцячыя цацкі, ад якіх зусім не меў спажывы? Чаму прызвычаіўся днямі прападаць у лесе альбо на лузе, падоўгу размаўляў з малымі дзецьмі i больш не зазіраў у карчму выпіць кварту хмельнага пітва ды пагутарыць пра мясцовыя навіны з былымі сябрамі? Калі ж з кім i перакідваўся выпадкова словам, дык вельмі здзіўляў таго чалавека сваёй незвычайнай назіральнасцю i вастрынёй зроку i слыху. Бачыў хараство там, дзе іншыя бачылі звыклы штодзённы побыт, чуў прыгожую мелодыю там, дзе астатнія чулі толькі бразгат i грукат альбо не чулі нічога ўвогуле. Быццам ведаў нейкую таямніцу, якая была для яго найвялікшай каштоўнасцю ў жыцці i пра якую не хацеў нікому распавядаць.

А яшчэ дзіўна: вясну i ўсё лета хадзіў Ганчык па зямлі нібы ў зачараваным сне, прагавіты да хараства i прыгажосці наваколля, ніводзін чалавек не бачыў яго заклапочаным i незадаволеным, а пад восень, калі прыйшоў час залатому жуку ўзбірацца да сонца па залатой сцяблінцы,— спахмурнеў i асунуўся, зрабіўся нейкім самотным i няўважлівым. I хоць выпадалі дні, калі зноў бачылі яго людзі вясёлым i шчаслівым, але здаралася такое ўсё радзей i радзей, ажно пакуль Ганчык зусім не знік аднойчы з мястэчка.

Куды, навошта пайшоў чалавек? У зімовыя халады, у снягі i завеі, а куды i па што далей — невядома.

I дзе быў, адкуль вярнуўся вясной, як толькі сышлі гаваркімі ручаямі маўклівыя грувасткія снягі,— зноў жа не распавёў нікому, хоць i дапытваліся ў яго найбольш настырныя i цікаўныя. Адно зразумела: вялікага шчасця не пабачыў у іншых краях чалавеча, бо вярнуўся знясілены i схуднелы, чорны тварам i злосны маўленнем; дзень пры дні праседжваў у карчме, абыякава i халодна пазіраючы на людзей i быццам скрозь людзей. Толькі часам усхопліваўся і, сціснуўшы галаву рукамі, кідаўся з нясцерпным крыкам некуды ў лясны гушчар, i тады жудасна рабілася местачкоўцам, крыжаваліся богабаязна i палахліва глядзелі ўслед звар'яцеламу цесляру.

Усё ж аднойчы ў карчме, заахвочаны тутэйшымі выпівохамі, добра пачаставаны нейкімі надзіва шчодрымі вандроўнымі шкалярамі, а можа, проста даведзены да адчаю безвыходнасцю i знямогай, не вытрымаў цясляр сваёй маўклівай адзіноты i распавёў цікаўным пра сустрэчу на лясным узгорку з Волатам, пра цудадзейнае пітво з ляснога ручая, якое ператварае шэрае, пастылае жыццё ў чароўны шматкаляровы сон, абуджае змерлыя пачуцці i абвастрае ўспрыманне навакольнага свету. Паведаў, як скончылася вадкасць у імгліста-чырвонай пляшцы, высах ручай з Волатавай слязы i як немагчыма зрабілася жыць сваімі ўласнымі пачуццямі, уласным сэрцам, зрокам i слыхам. Прыадчыніў таямніцу сваіх зімовых вандровак у пошуку Волата, пошуку безвыніковым i дарэмным, як блуканне па лясным гушчары i чаканне на ўпамянёным ужо ўзгорку.

Няшмат хто з слухачоў паверыў у Ганчыкаву гісторыю, a зразумелі яе яшчэ менш. Толькі адзін шкаляр сказаў, што чытаў у старажытнай лацінскай кнізе пра Волатаў, i пачаў з разумным выглядам тлумачыць нешта пра неадпаведнасць дробных i мізэрных чалавечых пачуццяў высокім i адухаўлёным пачуццям Волатаў, якія ўжо не багі, але яшчэ не людзі, пра земляроба-паэта Гесіода, невідушчага грэка Гамера, пра легендарны залаты век... Але ўсім хутка апрыклі яго вымудроністыя i незразумелыя словы, таму налілі празмерна вучонаму шкаляру адразу тры поўныя келіхі добрага старога віна, i вось ужо сціхся хлопец на вялізным дубовым стале i мусіў бачыць залаты сон пра сваіх улюбёных грэкаў, сляпцоў i земляробаў.

Змоўк i Ганчык-цясляр i ніколі потым не ўспамінаў болей пра сваю незвычайную прыгоду. Неўзабаве ён зноў пачаў збіваць ладныя, шчыльна падагнаныя дошкі дамавін для местачкоўцаў i сялян, i хутка людзі забыліся на яго колішнія дзівацтвы i незразумелыя прыдумкі.

Толькі калі-нікалі заўважаў хтосьці з суседзяў у руках сваіх дзяцей нейкія хітрыя, вясёлыя цацкі, успамінаў тады пра Ганчыкавы пераўвасабленні, згадваў неверагодную гісторыю пра сустрэчу з Волатам.

Ды вось яшчэ карчмар кляўся сваім нетутэйшым богам, што ў той дзень, калі распавядаў Ганчык сваю гісторыю вандроўным шкалярам, скацілася па счарнелай, высахлай шчацэ цесляра буйная празрыстая слязіна i дзынькнула ледзь чутна аб падлогу. I быццам выскачыў аднекуль маленькі пачварны гном, выхапіў з-за пасака пляшку, зачэрпнуў у яе чалавечай слязы і, пераможна піскнуўшы нешта сваім брыдкім звярыным галаском, знік у цёмным падпечку.

Але хто паверыць у такія казкі, ды яшчэ — карчмару?..

ЧАРНАКНІЖНІК

Жыў-быў калісьці на землях княства чалавек, што прыдумваў гісторыі, ад якіх нават у самых смелых i адчайных рыцараў кроў застывала ў жылах ад боязі i жуды.

«Кард-казачнік» — з д'ябальскай усмешкай называў ён сам сябе, «Кард-кніжнік» — з павагаю называлі яго ў палацы Уладара, «Кард-чарнакніжнік» — трывожна перашэптваліся пры яго з'яўленні простыя людзі i палахліва хавалі вочы, у якіх укленчваў жах.

У дзяцінстве Кард быў звычайным хлопчыкам: лавіў блакітна-жоўтых матылёў на лузе, вудзіў срэбных рыбак у сцюдзёнай рачулцы, зімой ляпіў з сябрамі снегавую бабу з чырвонай морквай замест носа i чорнымі вугельчыкамі замест вачэй.

Вось толькі ніколі не бачыў ён сноў: ні будзённых чорна-белых, ні каляровых святочных.

Але якая ўрэшце чалавеку розніца, сніць ён штосьці ноччу ці не, якая з гэтых сноў карысць: у кішэнь ix не пакладзеш i на лусту хлеба не намажаш. Затое Кард ніколі нічога пе баяўся: прайсціся ноччу па лесе альбо забрысці на стары могільнік з пахілымі крыжамі i нясклепістымі капліцамі было для яго надзвычай проста, i не выклікала гэта ніякіх звышнатуральных пачуццяў i ўяўленняў.

Праславіўся Кард тады, калі прыйшоў у палац Уладара i распавёў сваю першую жудасную гісторыю.

З таго часу золата паплыло ў яго скарбонку ракой, a ліхая слава ў народзе разлілася яшчэ шырэй.

Праўда, прыдворны летапісец згадваў, што i раней калісьці прыходзіў у палац Уладара юнак па імені Кард, таксама распавядаў нейкую гісторыю, але быў асмеяны i выгнаны прэч не толькі з палаца, але i з княства ўвогуле.

Невядома, той гэта быў Кард ці іншы, але Кард-чарнакніжнік з'явіўся ў палацы ўжо ў немаладым узросце i ў сталым розуме. Дзе ён бадзяўся да гэтага часу — таксама невядома; у народзе хадзілі чуткі пра вучэнне яго ва ўсходніх халдзеяў i алхімікаў, іншыя сцвярджалі, што бачылі яго ў пячорах мясцовых ведзьмакоў i варажбітоў, вось толькі незразумела, што яны самі ў тых пячорах рабілі, калі яго там бачылі.

Уладар княства акрамя сваёй жорсткасці i ваяўнічасці славіўся яшчэ бязмежнай любоўю да неверагодных прыдумак i таямнічых гісторый. Таму ў яго палацы заўсёды тулялася процьма розных махляроў, ашуканцаў, аматараў лёгкага жыцця, вандроўных шкаляроў i бяздомпых валацуг, якія цудоўна суседзіліся з паважнымі мудрацамі, астролагамі i паэтамі, бо мелі той жа занятак i той жа заробак.

Шмат цікавых i загадкавых гісторый паведалі яны Уладару, але Кард пераўзышоў ix усіх, i нават у гэтых людзей, якія рэдка вымяралі сваё жыццё паняццямі сумлення i закона божага, нават у гэтых людзей адымала мову i валасы шавяліліся ад жудасці, калі Кард-чарнакніжнік заканчваў адну з сваіх чарговых гісторый. А сам ён толькі смяяўся: ах, які д'ябальскі i незямны быў той смех!

Рука не варухнулася б падаць тут хаця адну з пякельных прыдумак Карда-чарнакніжніка. Але памятаеце казку Шарля Перо пра Сінюю Бараду? Кажаце,— яна вельмі страшная? Ды не, яна не вельмi страшная, яна хутчэй таямнічая. А што, калі б вам апісалі падрабязна i з асалодай, як Сіняя Барада забіваў усіх сваіх жонак i пры гэтым кожны раз ператвараўся ў нейкую новую фантастычную пачвару, якіх ніколі не бачыла шматпакутная зямля? Альбо — маляўніча паведалі пра сад, дзе хлопчыкі i дзяўчынкі гушкаюцца не на арэлях, а на вялізных, атрутна-сініх языках павешаных нябожчыкаў з асалапелымі вачыма i крумкачамі на плячах.

«Людзі павінны заўсёды нечага баяцца, інакш яны не будуць баяцца нікога»,— важна казаў Уладар i не шкадаваў золата для Карда. Вычварныя казкі перапісваліся па загаду Уладара шматлікімі перапісчыкамі, а затым распаўсюджваліся ў народзе i ў прысмеркі чыталіся ў кожнай сям'і.

«Людзі любяць жахлівыя прыдумкі i байкі пра ваўкалакаў i відмаў, пра багвянага цмока i начных пачвар, яны з вар'яцкай асалодай, халадзеючы ад жаху, уяўляюць услед за мной павука велічынёй з замкавую браму i маленькага чырвонага чалавечка з пазногаць. Як бяздумныя начныя матылі на агонь, ляцяць людзі на цяпельца жуды i адвечнай боязі. Я ва ўсякім разе атрымлівую за сваю хлусню грошы, яны ж — толькі начныя кашмары»,— думаў Кард-казачнік, у чарговы раз страсаючы ў скарбонку золата, з пагардай пазіраючы на анямелых ад жаху Уладара i прыдворных.

Так i прайшоў свой нядоўгі зямны шлях слынны Кард-чарнакніжнік, купаючыся ў золаце, уладзе i чалавечай нянавісці. Пабудаваў палац, багацейшы за палац самога Уладара, але такі пачварны з вонкавага выгляду, што богабаязны чалавек не рашаўся i за вярсту падыходзіць да таго месца. Адны толькі служкі асмельваліся ўвайсці ва ўнутраныя пакоі, але, хаця i мелі за сваю працу вялікія па тым часе грошы, доўга не вытрымлівалі i змяняліся новымі. Пасля той-сёй пад строгі сакрэт прагаварваўся жонцы пра дзіўныя, нечалавечыя звычкі чарнакніжніка. Ну, а што ведае жанчына — ведае ўвесь свет. Шмат чаго распавядалі суседзям тыя белагаловыя жанкі, i ўсе яны абавязкова ўзгадвалі пакой са шкляным дахам i ружовымі сценамі, дзе спаў Кард-чарнакніжнік, абавязкова ўдзень i з найбольшай асалодай у сонечнае надвор'е. Сноў жа, як меркавалі добрыя людзі, той вядзьмак увогуле не бачыў.

Але вось прыйшла чарга i да яго, чарга, якая не абмінае на гэтай зямлі нікога: ні святога, ні грэшнага, ні жабрака, ні магната; ні разумніка ні дурня. Памёр Кард-казачнік, памёр у страшэнных пакутах i мучэннях; але дзесьці на аношняй мяжы праясніўся яго замглёны прадсмяротнымі кашмарамі розум, i ён паспеў запісаць сваю апошнюю казку. А потым адышоў у іншы свет з шчаслівай дзіцячай усмешкай на прасветленым твары.

Няшмат хто паспеў прачытаць тую казку, бо Уладар знішчыў яе (адзіную з усіх казак Карда), як толькі прачытаў. Але той-сёй паспеў, хаця кожны з тых шчасліўчыкаў пасля зусім па-рознаму перадаваў яе змест нашчадкам.

Паспрабуем з ix слоў зрабіць гэта i мы i на тым скончым свой аповяд, бо лепшага канца ўсё роўна не прыдумаць...

«I з'явіўся яму Голас, пра які ён ніколі не пісаў у сваей хлусні, i сказаў з роспаччу:

— Кард, Кард, усё жыццё ты хлусіў іншым, а зараз памёр i зразумеў, што хлусіў сабе. Ці ведаеш, што чакае цябе там, Кард?

— Цемра?..

— Не. Не.

— Тады — пекла?..

— Не, Кард. На жаль — не.

— Няўжо — рай?

— Не блюзнер. Ты не здагадваешся?

— Што ж яшчэ?

— Ты. Ты, Кард, з усімі сваімі прыдумкамі i не бачанымі пры жыцці кашмарамі.

— Я?!. Злітуйся. Лепш пекла...

— Не. Бо пекла сапраўды лепш. Ты сам стварыў сабе свет для вечных пакут. A кніжнікі заўсёды адпраўпяюцца ў краіну ix уласнай фантазіі. Ты гэтага не ведаў?

— Я не ведаў нічога. Я жыў. Я прадаваў сваю фантазію за грошы i ўладу, а не ствараў вечныя сусветы.

— A цяпер — каешся?

— Каюся. Відаць — як i кожны.

— Як i кожны... У цябе ёсць магчымасць самому выбраць адну з уласных прыдумак для апошняга прытулку. Заплюшчы вочы — i ўсномні самае светлае.

Ён змружыў павекі i з безнадзейным адчаем аддаўся ва ўладу памяці. Хвалі яе панеслі Карда хутка-хутка, далёка-далёка.

I хаця бераг быў зусім блізка, Кард баяўся яго i ўцякаў усё далей.

Выспа.

Ён сам прыдумаў яе, Выспу Забойцаў: тут сабраліся забойцы i ix ахвяры з усяго свету i кожны вытварае сваё злачынства адзін перад адным шмат разоў, да бясконцасці. Улюбёная казка Уладара, якую неаднойчы прыходзілася яму распавядаць, вось чаму наскочыла на яе рака памяці.

— Не, лепш бы пекла...

— Хочаш паспрабаваць яшчэ раз?

Зноў мяккія зманлівыя хвалі панеслі рэшткі душы Карда — далей, па рацэ памяці.

Але як запаволіла сваю плынь рака, як сцішылася, палагаднела.

Што гэта?

Гэта — возера. Возера Кровазмяшання. Прыдумка, з якой пачалася бліскучая кар'ера Карда-казачніка.

Лепш бы пекла, лепш бы Выспа.

— Злітуйся, вярні назад.

— А можа, яшчэ раз?

— Навошта? Усё аднолькавае, нават яшчэ горш.

— I ўсё ж паспрабуй апошні раз. Цяжка назусім губляць веру ў чалавека.

Куды далей? Дзе заканчваюцца жудасць i пачварнасць, боязь i хлусня?

Нідзе. Усюды пачынаюцца.

I рака зноў пачынаецца, гоніць свае брудныя воды прэч ад возера, усё хутчэй i хутчэй. Цікава куды? Усё далей i далей. Можа, у мора? Пагойдваюцца на стомленых хвалях асклепкі душы. Мора Усёпрадажнасці i Усіхкупляльнасці? Напэўна, іншага ж не прыдумваў. Дык ці варта было зноў, у апошні раз?

Нехта крычыць?

Плача?..

Спявае?!

Спыніцца, спыніцца. Хто ты, што плачаш, што крычыш?

— Спяваю! Ты не пазнаеш мяне, Кард? Я твая першая песня, Песня Вясны i Кахання. Памятаеш, як ты прыдумаў мяне ў юнацтве, а потым забыўся назаўсёды? Уладар высмеяў цябе за мяне i выгнаў прэч з княства.

— Першая песня? У мяпе была першая песня... Пра вясну, каханне, пра што яшчэ?

— Пра маленькую хатку ў небе i срэбнага жаўрука на зямлі.

— Хатку ў небе? Можа, наадварот?

— Не-не, ты проста тады няправільпа паставіў лагічны націск i парушыў дзеля рыфмы сінтаксічную будову сказа, таму так смешна атрымалася.

— Які дурань! A ўрэшце — якая розніца? Яшчэ цікавей: хатка ў небе!

— Маленькая хатка ў небе!

— Жаўрук на зямлі!

— Срэбны жаўрук на зямлі!

— Мая першая песня. Забытая i занядбаная, ніколі не напісаная i нікому потым не прачытаная. Дзякуй табе, што адгукнулася, заспявалася на шляху ў бездань, дала апошні прытулак у маленькай утульнай хатцы пад чыстым бязвоблачным небам...

I Голас знік».

I галасы зніклі.

ВУЛІЧНЫ СПЯВАК

«Ах, як гучна i прыгожа спявае сёння шпак! Такі маленькі, a столькі задаволенасці i аптымізму, сонца так i блішчыць у яго вачах»,— думалі людзі, калі глядзелі на бесклапотны камячок пер'я, які імкнуўся нешта паведаць свету. Людзі радаваліся, што хоць адно стварэнне жыве ў гэтым свеце без усялякіх праблем i турбот. Ix крокі рабіліся больш бадзёрымі i ўпэўненымі, а твары — менш сумнымі.

«Ах, чаму я такі няшчасны,— галасіў, між тым, шпак,— чаму менавіта маіх дзетак з'ела ўчора страшэнная котка? Чаму менавіта мая жонка, паляцеўшы здабываць корм, не вярнулася? Чаму яна зрабілася чарговай ахвярай гэтага шалёнага горада, у якім на смерць такой маленькай істоты даецца настолькі мала часу, што нават ніхто гэтай смерці не заўважае?..

I ніколі яна ўжо не прыляціць i не сядзе побач ca мной на галінку. Адзін застаўся на свеце, зусім адзін, у пустой шпакоўні, сярод птушак i людзей. I няма ўжо пяці цудоўных птушанят, якімі так ганарыўся, якія ў марах былі вялікімі i моцнымі, як іхні бацька, пяшчотнымі i прыгожымі, як іхняя маці. Шчаслівымі летнімі начамі мроілася мне ці то наяве, ці то ў сне, як падымемся мы ўсе разам у паветра, i бацькі i дзеці, як паляцім далёка-далёка на зайздрасць усяму свету, а потым, стаміўшыся, сядзем на якую-небудзь антэну i засняваем у сем галасоў бясконцы гімн жыццю i шчасцю... Ах, чаму толькі мроілася?.. Чаму толькі снілася?..»

Так, i паляцелі б, i заспявалі б... Але з сямі застаўся толькі адзін, зусім адзін сярод маленькіх птушак i вялікіх людзей, якім так падабаюцца ягоныя песні. I таму галосіць шпак, i таму плача, i таму ў голасе надрываецца душа. I гучыць над дамамі i дрэвамі песня, i дзіўнай прыгажосцю ахутаны яе гукі.

A людзі зноў ідуць сабе па вуліцы ca сваімі справамі i клопатамі, зноў, задраўшы галовы, слухаюць прыгожыя i бестурботныя песні шпака (ну якія там яшчэ могуць быць турботы ў такога маленькага камячка пер'я?). Зноў крокі робяцца больш бадзёрымі, а твары — менш сумнымі, радасць i зайздрасць напаўняюць сэрцы.

Людзям не дадзена разумець шпакоў.

АПОШНІ

Восень надышла нечакана, дрэвы i заўважыць яе як след не паспелі, a ўжо абляцела першае лісце.

Развітаўся са сваёй летняй радасцю i стары клен. Кожны год здаралася з ім такая навала, i ніяк ён не мог з гэтым звыкнуцца. Вось палова лісця абляцела, вось аголена ўсё дрэва, i толькі дзе-нідзе віднеюцца апошнія лісцікі.

Калі пайшоў снег, ix на дрэве засталося толькi два.

— Ах,— здрыгануўся першы лісток,— мне халодна. Відаць, сапраўды прыйшла зіма, калі нават з неба лісце пасыпалася. Яно нават збялела ад холаду, але як яго многа!

— Цяпер зямля будзе не жоўтая, а белая. Цікава, a ці ападзе лісце з сонца? I якога яно будзе колеру? — падтрымаў гутарку другі.

Такімі гутаркамі толькі i саграваліся сябры ў пякучыя маразы, толькі імі i бавілі душу ў нудныя зімовыя дні. Ну сапраўды, што ім было яшчэ рабіць?

Марыць пра лета, размаўляць ды зайздросціць хлапчукам, якія коўзаліся на лыжах паблізу ад клёна.

— А ты памятаеш, як летам ішоў дождж? Ён быў цёплы, i мы ўсе яго вельмі чакалі. Увосень таксама ішоў дождж, але ён быў ужо не такі добры,— пачынаў адзін лісток, запрашаючы сябра на размову.

Той адразу ж адгукаўся:

— A птушкі?!

— Птушкі... Гэта самае лепшае з усяго, што існуе на свеце пасля сонца i дрэў. Як прыгожа яны спявалі, як будавалі гнёзды, як клапатліва даглядалі птушанят. I яшчэ абіралі з нас вусеняў i жукоў. А зараз птушак няма, яны ўсе паляцелі да сонца, бо там цёпла i не падае лісце.

— Вось скончыцца зіма, вясна прыйдзе, будзе цёпла i ў нас, птушкі вернуцца, мы ix сустрэнем. Ім вельмі прыемна будзе, калі ix сустрэнуць сапраўдныя лісточкі.

Зусім недалёка ад сяброў сядзела варона. Яна пакрыўдзілася, што яе не лічаць за птушку, i прасіпела:

— Дурні старыя! Ды каму вы патрэбны вясной, сухоцце бязмозглае! Вясной на дрэвах з'явіцца новае лісце, зялёнае i маладое. А вы толькі перашкаджаць усяму будзеце.

I паляцела.

А сябры з гэтага часу страцілі спакой i раўнавагу. I на размовы ix не цягнула, усё маўчаць i маўчаць, трывожныя думкі спакою не даюць. Няўжо варона праўду сказала?

Канчалася зіма. Ноччу апошняя завіруха сарвала ўсё-ткі адзін лісток. Прачнуўся яго сябар i ўбачыў, што застаўся зусім адзін. I яшчэ больш пастарэў.

Прыйшла вясна, i ўся прырода напоўнілася яе жывымі сокамі. Набрынялі пупышкі, а потым з'явілася i маладое лісце. Якімі прыгожымі, якімі свежымі былі гэтыя лісточкі! Як ганарыўся імі стары клён! Як радавалі яны чалавечае вока! А наш знаёмы?

Дачакаўся ён маладых лісточкаў i распавядаў пра ўсё, што бачыў на сваім доўгім вяку. А потым пажадаў шчаслівага сонца i ўпаў сам па сабе на зямлю.

«Вясна ідзе, i ўсё павінна быць маладое»,— падумаў мінулагодні лісток.

МАЛЮНАК

Пад шкляным купалам у садзе мастака вырасла дзівосная кветка.

«Гэта сапраўдны цуд!» — захапляліся ёю людзі i кожны дзень прыходзілі любавацца незвычайнай раслінай.

Стары мастак, калі выпраўляў сваіх вучняў маляваць кветку, так i загадваў: «Намалюйце цуд».

Але міналі гады, i людзі забыліся на дзівосную кветку, бо ў кожнага з ix было шмат яе малюнкаў, зробленых вучнямі мастака, бо за гэты час з'явілася мноства іншых кветак, яшчэ прыгажэйшых.

Толькі вучні мастака па-ранейшаму паслухмяна малявалі «цуд» i прыйосілі свае працы на суд настаўніка.

I калі да славутага майстра запісаўся новы вучань — ён таксама атрымаў загад намаляваць цуд.

Вучань пайшоў у сад i намаляваў шкло, пад якім расла кветка.

«Што ты намаляваў?!» — жахнуўся мастак. «Цуд»,— адказаў вучань i даверліва зірнуў у вадкаблакітныя вочы настаўніка.

Калі стары мастак памёр, ён пакінуў сваю майсторню, камяніцу i сад менавіта гэтаму вучню.

А на развітанне сказаў:

«Зараз ніхто не малюе кветкі, але толькі шкло, пад якім яны растуць, толькі ваду, якой ix штораніцы паліваюць. Ты першы пайшоў па такім рызыкоўным шляху i дасягнуў вялікіх поспехаў у тэхніцы выяўлення. Каму, як не табе, заступіць на мае месца i вучыць іншых.

Абяцай мне толькі, што калі адзін з тваіх вучняў намалюе раптам замест шкла кветку,— ты не прагоніш яго i дапаможаш перамагчы цябе...»

Але калісьці кветка вырасце не пад шкляным купалам, а побач з ім.

Оглавление

  • Сяргей Кавалёў МЭВА
  • НЕЗАБУДКА БЕЛАЯ
  • ВОГНЕННАЕ ДРЭВА
  • ПЯСОЧНЫ ЗАМАК
  • МЭВА
  • ДАЛЁКI ПОШУМ МОРА
  • СЕКСТЫНА З-ПАД РАДЫЯТАРА
  • ЮНАК
  • СЛЯЗА ВОЛАТА
  • ЧАРНАКНІЖНІК
  • ВУЛІЧНЫ СПЯВАК
  • АПОШНІ
  • МАЛЮНАК Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

    Комментарии к книге «Мэва», Сергей Валерьевич Ковалев

    Всего 0 комментариев

    Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

    РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

    Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства