«Ліпачка»

897

Описание

Зборнік казак беларускай пісьменніцы і журналісткі пад назвай Ліпачка.



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Ліпачка (fb2) - Ліпачка 601K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Ганна Мікалаеўна Атрошчанка

Ганна Атрошчанка Ліпачка

КАЗКІ

ЗМЕСТ

ДОМА І САЛОМА ЯДОМА

ЛІПАЧКА

ЯК АНТОСЬ СТАЎ ПТУШКАЙ

СЛОВА – НЕ САЖА…

ЗАЛІШНЯЯ ХВАЛА ПАВАЛІЦЬ І ВАЛА

ТАКОЕ РОЗНАЕ КАХАННЕ…

БУСЛІК

МЯТЛА

Аўтабіяграфія

ДОМА І САЛОМА ЯДОМА

Аднойчы з нябёсаў апусціўся малады Журавель. Напэўна, каб добра падсілкавацца перад далёкай дарогай, крышачку адпачыць. Жвава патупаў ён па зялёным лузе, нешта назбіраў у доўгую дзюбу… Потым – з цікавасцю азірнуўся навокал. Бачыць, зусім побач таўкуцца беласнежныя гусі. І такі вясёлы лямант узнялі, чуваць на ўсё наваколле. Здзіўлены падумаў пра сябе: «І чаму яны такія звонкагалосыя? Бач ты, якія сытыя, ды задаволеныя!»

Адразу накіраваўся ў іх бок, каб пацікавіцца:

– Даражэнькія, чаму вы такія сёння вясёлыя, радасныя? І чаму не адляцелі ў вырай? Ужо наступіў той час, калі трэба збірацца ў далёкую дарогу. Ці не бачыце, што жоўтая восень, быццам той старанны маляр, ужо кожны дзень фарбуе дрэвы? Ведайце: гэта – першая прыкмета хуткаму ліставею. Калі завітае сюды яшчэ халаднеча, што тады будзеце рабіць? Адарвіце на момант свае чырвоные дзюбы ад травіцы, зірніце ў неба! Усе пералётныя птушкі ўжо ўзялі правільны накірунак на Поўдзень…

Ганарліва расправіўшы доўгую шыю, нечаканы госць адразу пахваліўся, дзе быў, што бачыў у чужых мясцінах. Бо ніколі не сядзіць, нібыта той дзед стары на прызбе, а заўсёды падарожнічае. Старанна правёўшы адпаведную агітацыю, запрасіў сваіх новых знаёмцаў ляцець разам. Пры гэтым усяляк абяцаў, што і шлях пакажа, і ўсё як след раскажа.

Уважліва слухалі гусі Жураўліка, нечаму цікавіліся, пыталіся... На нейкі момант нават падалося, што зрабілі для сябе нейкія станоўчыя высновы. Параіліся ціхенька паміж сабой, дый рашуча кажуць цікаўнаму вандроўніку:

– Ведаеш, браток, мы – хатнія птушкі. У чужой старане паклонішся і баране! А дома, як кажуць, і салома ядома. Навошта ляцець у той невядомы сонечны край, дзе ніхто не чакае? А тут нас даглядаюць, кормяць… І ўзімку жывём у цёплым памяшканні, дзе нават ёсць электрычнае святло. Карацей, кажучы – не бядкуем! Дзякуй табе за слушныя парады, цікавы аповед. Але ж ляці туды адзін! Нам і тут добра!

ЛІПАЧКА

Ліпачка вырасла прыгожым дрэўцам. Стройным, кучаравым.Увесну яна апраналася ў зялёную сукенку, радавала ўсіх людзей духмянымі кветачкамі. А ў спякотны дзень, альбо ў дождж у густой засені знаходзілі сабе надзейны прытулак розныя птушкі. Тут яны спявалі вясёлыя песні, нібы на тых арэлях, гушкаліся на тонкіх галінках. Бухматыя чмялі, руплівыя пчолкі таксама роем віліся каля дрэва, пяшчотна лашчыліся да жоўценькіх кветак, зялёнай лістоты, дзумкаючы незабыўныя мелодыі.

Аднойчы ў высокіх нябёсах важна праплыла кудлатая Хмара. Злосная, чымсьці незадаволеная. Асаблівую зайздрасць у яе заўсёды выклікала прыгожая Ліпа, якая прытулілася каля прысадзістага дома. У каторы раз, зайздросліва зірнуўшы на прыгажуню, нечакана пачарнела і прагудзела, як у той бубен:

– Бач ты, якая! Вырасла тут амаль пад самае неба! Пэўна, заганарылася ўжо, што такая высокая, стройная…

Пачула яе Ліпачка ды так ціхенька кажа:

– Не думай, цётачка Хмарачка, што я – ганарліўка! Гэта ж зусім не так. Узняцца ўвысь мне дапамаглі родная беларуская зямліца і цёплы дожджык. Яны, бы тая клапатлівая маці, заўсёды мяне зберагалі, люлялі, ратавалі…

Але чорная зайздросніца не пачула гэтых шчырых слоў. Бо гучна ўжо клікала да сябе даўняга сябрука, які выконваў усе яе загады. Вецер прыляцеў імгненна, уюном завярцеўся каля дрэва. Моцныя паветраныя хвалі трэслі бедную Ліпу, шпурлялі ва ўсе бакі. Доўгімі галінкамі паспрабавала дацягнуцца да бярозкі, якая часцяком яе падтрымлівала ў нядобрыя хвіліны. Але немагчыма было прытуліцца да вернай сяброўкі! Яе таксама пачаў атакаваць зласлівы Вецер.

Нечакана Ліпачка ўбачыла знаёмую постаць пад блакітным парасонам, шчыра парадавалася. Гэта ж той чалавек, які рэгулярна вітаўся з ёй кожным ранкам, прыязна ўсміхаўся. Нізка нахіліўшыся, дрэва ціхенька папрасіла свайго добрага знаёмца аб дапамозе. Але чалавек чамусьці не пачуў гэтую просьбу. Мажліва, вельмі спяшаўся дадому…

А тым часам па бруку ўжо гарэзліва скакаў вясёлы дождж, па-ваўчынаму падвываў Вецер. Схапіўшы Ліпку за кучаравую верхавіну, літаральна сагнуў у крук. Не вытрымаўшы такіх выпрабаванняў, яна са стогнам павалілася на сцежку…

Праз некаторы час заціх дождж, з-за хмаркі весела зірнула сонейка. І на вуліцу адразу выбеглі маленькія хлопчык і дзяўчынка. Заўважыўшы бездапаможнае дрэва, якое ляжала прама на сцяжынцы, вырашылі:

– Трэба тэрмінова ратаваць Ліпачку! Зараз жа пачынаем гучна клікаць нашага татку на дапамогу, каб пасадзіў зноўку нашае дрэва ў зямельку. Інакш – засохнуць карэньчыкі, прыгажуня адразу загіне.

Так і зрабілі. Хуценька паклікалі свайго татку, дый дапамаглі Ліпачцы вярнуцца на сваё ранейшае месцайка. А для надзейнасці, нават утыркнулі побач доўгую жэрдку, да якой і прывязалі прыгажуню. Няхай зелянее дрэўца, зноўку радуе навакольны свет і людзей!

ЯК АНТОСЬ СТАЎ ПТУШКАЙ

Неяк, пазіраючы з сёмага паверху на вясёлую талаку верабейчыкаў, Антось з зайздрасцю падумаў:

– Якія яны шчаслівыя! Урокі – не вучаць, у школу – не ходзяць. Як бачна, у гэтых птушак заўсёды канікулы. Вось бы і мне так…

Сказаў, нібы воз саломы звязаў. Раптам яскрава адчуў, як ягоныя рукі і ногі ўмомант сталі кароценькімі, увачавідкі абраслі мяккім пер'ем… А з глыбіні бліскучага люстэрка на хлопчыка смела пазіраў… верабейка! Самы сапраўдны. Міргануў яму вокам. Можа, падалося? Ды не. Верабейка. З кароценькай дзюбай, хвосцікам-дзеркачом. Вось толькі чамусьці не такі, як усе птушкі. А бялявы, сінявокі, ды яшчэ з кучаравым чубком на галаве.

Разгублена ціўкнуўшы, паляцеў праз фортку на волю. На вуліцы адразу ўзяў накірунак да знаёмай птушынай сямейкі, якая бадзёра вандравала на зялёным мурагу каля дома. Але незнаёмца чамусьці сустрэлі не надта ветліва. Па ўсяму было бачна, што тут таксама панаваў свой уклад жыцця, здаўна ўсталяваліся нейкія звычкі. Трывалыя і моцныя. Важак, смелы і напорысты, адразу дзеўбануў чужынца прама ў чуб: маўляў, ведай сваіх, а не чужых… Няма чаго табе тут рабіць, шукай толькі сваю тэрыторыю! Нібыта папярэдзіў: у чужое проса не хавай свой нос!

Ратуючыся, паляцеў чубаты да іншай птушынай чародкі. Спадзяваўся, што на новым месцы ўсё будзе лепей. Але, дзе там! Таксама сустрэлі не надта прыязна. І зноўку не знайшлося жаданага месцайка. Замаркоціўся Верабейка-Антось, самотна апусціў кудлатую галаву. Чаму ніхто не прызнае яго за свайго? Чым ён горшы за іншых птушак?

І, як на тое ліха, нечакана сыпануў дождж. Ды такім густым падаўся і халодным.Усе птушкі звыкла недзе схаваліся. Адзін незнаёмец застаўся. Бо не ведаў, дзе яму, бедалазе, зараз затуліцца. Вырашыў знайсці надзейную хованку пад нейкім балконам. Але ж, як на тое ліха, сядзець там доўга не давялося. Аднекуль зверху скокнула жвавая кошка. І адразу моцна ўчапілася за ягоны хвосцік. Спалохаўшыся не на жартачкі, Верабейка верталёцікам узляцеў увысь. І пакінуў кошцы адмысловую «візітку» – свой мокры хвост…

Сумны і пакрыўджаны, прысеў небарака на тонкую галінку вярбіны. Акурат насупраць сваёй кухні. А там – матуля завіхаецца каля пліты, гатуе смачную вячэру. Прыемны водар прасачыўся нават на вуліцу, ручаёчкам разліўся навокал. Праглынуўшы горкі камяк, адчуў нечаканы голад. І навошта захацеў стаць птушкай? Нічога прыемнага няма ў вольным птушыным жыцці, дзе ўсё спачатку падалося шчаслівым і камфортным. Лепей бы заставаўся школьнікам малодшых класаў…

А тым часам, маці зычна паклікала з адчыненага акенца:

– Антоська! Дзе ты там, родненькі сынулька? Ідзі ўжо вячэраць! Хопіць гойсаць на вуліцы. І ўрокі трэба ўжо табе рыхтаваць!

Верабейка, які сядзеў насупраць, радасна нешта ціўкнуў у адказ. Але ж на яго не звярнулі нават увагу. Мажліва, матулька, так і не пачула нічога. Карацей – не пазнала… Затое небараку ўбачыла гарластая вялізная шэрая варона. Яна адразу нахабна спікіравала на тое дрэва, дзе сядзеў гэты няшчасны… Давялося зноўку ўцякаць.

Шэранькі, спалоханы камячок ў адно імгненне скокнуў праз фортку ў сваю кватэру. Мокры, галодны, няшчасны. І адразу заліўся салёнымі слязінамі. Ды так, што не ўняць! І нечакана адчуў, што зноўку, як і раней, зрабіўся звычайным хлопчыкам.

Шчаслівы, усмешлівы, кінуўся Антоська да матулькі на кухню. Абняў яе, пяшчотна пацалаваў у шчаку. І адразу ветліва падзякаваў за прыгатаваную вячэру, чаго раней ніколі не рабіў. Маці толькі падзівілася. Задаволеная, падумала пра сябе:

– Зусім іншым стаў мой сынок. Нават і не пазнаць. Напэўна, шмат чаму навучыла школа, дый настаўніца правільны шлях указала…

СЛОВА – НЕ САЖА…

Верабейка… закахаўся. І трэба ж было такому здарыцца, што ягонай сімпатыяй стала сінічка. Але ж прыгажунька не жадала нават слухаць пяшчотнае ціўканне і вясёлыя рулады, якія адрасаваў ёй закаханы… Яна заўсёды насміхалася над ім, з задавальненнем, быццам скабы, пералічвала ўсе недахопы гэтага няшчаснага Верабейкі.

Неяк прысеў той побач на галінку каля ганарліўкі ды кажа:

– Падабаешся ты мне. Бо не такая, як усе! Выходзь за мяне замуж. Спадзяюся, што ніколі не пашкадуеш. І жыць будзеш так, нібыта за мураванай сцяной.

Сінічка толькі здзіўлена і насмешліва піскнула ў адказ:

– Вось яшчэ адзін дзівак знайшоўся! Чаго ты да мяне прыліп, як кашаль да хваробы? Замужам быць – не мех пашыць! Зірні з боку пільна на сябе. Хто ты такі? Зусім ніякі. Шэранькі, нягеглы. І які з цябе абаронца? Смех адзін, дый годзе.

Верабейка пакрыўдзіўся. Хоць і балюча было слухаць такое, але выгляду не падае. І трымаецца годна. Каб хоць на хвілінку займець унушальную фігуру, як парасон, шырока растапырыў свае крылы. Пагардліва зірнуў на ганарліўку, з усмешкай даў вось такі прыстойны адказ:

– Невялікая мурашка, але горы капае!

ЗАЛІШНЯЯ ХВАЛА ПАВАЛІЦЬ І ВАЛА

Хаўроння хваліцца сваім сяброўкам:

– Я – самая смелая, рашучая, ініцыятыўная. І лыч у мяне не такі, як у іншых! А моцны, адмысловы, працавіты. Вось вазьму, дый сёння залезу ў чужы агарод, старанна пералічу там шматлікія радкі бульбы. Ды так, што гаспадыня свой агарод нават ранкам і не пазнае!

Спалоханыя сяброўкі адгаворваюць:

– Вядома ж, ты самая лепшая сярод нас. Бо разумная, вясёлая. Але ж, калі ласка, не трэба гэтага рабіць. Ніколі! Бо нам тады ўсім злосны бізун хрыбетнікі шчыра «пацалуе…»

Хітра зірнуўшы адна на адну, вырашылі надакучлівую хвалько добра правучыць. Нібыта па вялікаму сакрэту, ціхенька так кажуць:

– Учора на свае ўласныя вочы бачылі, як нашая Рагуля правярала на трываласць новыя вароты. Ведаеце, нават рог свой адзін зламала. Вось ты, Хаўроння, заўсёды хвалішся, што лыч у цябе самы моцны, трывалы, бы той манумент. Сёння ёсць такая добрая магчымасць даказаць, на справе паказаць свае неардынарныя здольнасці…

На вялікае дзіва, паводзіны свінкі былі непрадказальнымі. Верагодна, вялікі гонар засціў гэтай дурніцы розум, «натхніў» на неабдуманыя ўчынкі. Яна ахвотна пагадзілася наладзіць цікавы, на яе погляд, эксперымент. Хуценька разагналася. І з грукатам ляснулася лычам аб дошкі. Ды так, што з яе маленькіх вочак літаральна выскачыў цэлы вадаспад зіхоткіх зорачак…

Заверашчала ганарліўка ад болю на ўвесь двор. Спалоханая гаспадыня адразу выскачыла на высокі ганак. Зірнула навокал і зноўку знікла ў хаце. І не дзіўна. Нейкія неадкладныя справы там яе чакалі. А вось свінка нечакана зразумела, што сяброўкі проста яе правучылі.

Злосная, бы тая спасаўская муха, патупала да міскі з вадой. Пабоўтала там чырвоным лычам, старанна «палячылася» самастойна. І вырашыла: ніколі болей не буду казаць сваім сяброўкам тое, чаго не трэба. І заўсёды трымаць язык за зубамі. Інакш – быць чарговай бядзе…

ТАКОЕ РОЗНАЕ КАХАННЕ…

Закахаўся Дзень у Ночку… І не таму, што яна была загадкавай і прыгожай, пяшчотнай і мяккай, нібыта аксамітная трава. Быццам магнітам, цягнула яго да сябе цёмнавокая прыгажунька, не давала спакою. Асабліва ўпадабаў Дзень густыя, як жыта, доўгія косы-ручаіны, бяздонныя чорныя вочы, якія адлюстроўвалі агністы зорапад…

Зранку, разагнаўшы на нябёсах ружовую зару, Дзень старанны ўмываўся ў лясной рачулцы. А потым, каб быць бадзёрым і маладым, шпарка бег басанож па росным лузе. Побач заўсёды танчыў бліскучы сонечны праменьчык, які нетаропка, па чарзе, абдымаў крывую сцежку, дрэвы, усе кветкі на лузе … І заўсёды прыязна і весела вітаўся з усімі, хто сустракаўся на ягоным шляху, лашчыў і цалаваў родную зямліцу. Самую мілую на свеце, блакітнавокую і добрую.

Вось так, кожны ранак, прачынаўся Дзень: прыгожы, усмешлівы, з пышнымі пшанічнымі валасамі і вусамі. І радасць адлюстроўвалася на ўсім ягоным абліччы. І таму, што зноўку ў канцы дарогі пабачыў сляды сваёй каханай Ночкі. Яшчэ здалёк віднеўся яе стройны чарнаваты сілуэт, які вабіў, хваляваў душу і сэрца… А Ночка, гарэзлівая, як дзяўчынка, крышачку заспаная, павіталася з ім шэранькай хусцінкай. І, быццам птушыным крылом, памахала на развітанне... Дый паляцела на другі кантынент. А за ёй – пацягнуўся шырокі цёмны шлейф, на якім весела скакалі месячык і зіхоткія зорачкі.

Узрушаны, Дзень стаў амаль на дыбачкі, каб яшчэ раз пабачыць сваю каханую. Але затрымаць яе хоць на нейкую хвілінку зноўку ўжо не змог. Ночка, набіраючы тэмп, знікла за далёкай вяршыняй…

БУСЛІК

Неяк, пралятаючы над гарадскімі дварамі, малады буслік заўважыў прыгожую жанчыну. Задуменная, крышачку самотная, нават сарамлівая бы тое дзяўчо, яна сядзела ў адзіноце на лаўцы. Тварык быў светлым, узвышаным, натхнёным. Сінія выразныя вочы пазіралі кудысьці ўдалячынь. Сонечныя праменьчыкі, быццам рознаколерная вясёлка зіхацелі ў светлых кучарынках, падалі на плечы, на белыя рукі. На нейкую хвілінку, адарваўшыся ад сваіх летуценняў, маладзічка жвава азірнулася на маленькага хлопчыка, які гушкаўся на арэлях. І заклапочана папярэдзіла:

– Андрэйка, асцярожна, сыночак! Трымайся моцненька, не ўпадзі.

У адказ, пухнаты хлопчык, толькі звонка, быццам званочак, смяяўся. Відаць, яму вельмі падабаліся гэтыя арэлі, зялёная трава, сонейка на блакітным небе. І прыгожая матулька, якая заўсёды была побач. Пяшчотная і добрая.

Буслік таксама цікаваў за гэтай жанчынкай, за яе маленькім сынам. Тут было ўтульна і камфортна. Двор быў акуратны, чысты, старанна дагледжаны. Вакол – зеляніва, квітнелі кветкі, радавалі сэрца, вабілі погляд. Пра сябе вырашыў: абавязкова зазірне яшчэ раз сюды, каб падыхаць водарам кветак, пабачыць вось гэтую прыгажуньку, якая спадабалася, усхвалявала…

Жанчына таксама зацікаўлена зірнула ў бок белай птушкі, якая цішком сядзела прама над яе галавой на высокім клёніку. А потым – яе ўвагу прыкаваў хлопчык, які весела бавіў свой вольны час. На бусліка яна чамусьці ўжо і не азіралася. Пэўна, нават і забылася…

А буслік думаў вось што: яму даўно трэба ляцець у сваё гняздзечка. Бо ягоная матуля, верагодна, таксама ўжо дзесьці хвалюецца. Мусіць, ужо заклапочана азіраецца ў той бок, з якога, як звычайна, вяртаецца з вандроўкі яе адзіны сын. Потым будзе доўга ўшчуваць, нават крыху сварыцца. А гэтага, вядома ж, не жадалася. Вунь і сонейка ўжо хаваецца за лесам. І ўжо бачна, як здалёк, акурат з самай нізіны, каля рачулкі, плаўна плыве стужкаю густы туман. І нібыта белым палатном, зацягвае там усё наваколле. Гэта добры знак: надыходзіць час вечаровы. А знікаць адсюль чамусьці не жадалася. Зусім.

На другі дзень, буслік зноўку прыляцеў у знаёмы ўжо двор, асцярожна прысеў на тоўстую галінку. І стаў цярпліва чакаць маладую жанчынку. Вось і яна. Адчыніўшы ўваходные дзверы, адразу накіравалася да той лаўкі, дзе сядзела ўчора. Маленькі сынок таксама побач тупацеў, задаволены і шчаслівы. Андрэйку, як заўсёды, радавалі арэлі, якія магнітам цягнулі да сябе. Гушкаючыся, малышок звонка смяяўся. Маці, зрэдку пазіраючы на яго, таксама чамусьці сонечна ўсміхалася, з цікавасцю чытала нейкую тоўстую кнігу. І зусім ужо не звяртала ўвагу на збянтэжанаю птушку, якая нерухома сядзела на высокім клёніку.

З таго часу, буслік стаў рэгулярна лётаць у гэты двор. Цэлымі гадзінамі ён цярпліва сядзеў на сваім звыклым месцы, самотны і няшчасны. Чамусьці спадзяваўся: красуня нарэшце яго заўважыць, падорыць хоць адну пяшчотную ўсмешку, цёплае слоўка. Але дарэмнымі былі надзеі. Птушку чамусьці не заўважалі…

… Прыйшоў жнівень. Пералётныя птушкі сталі актыўна гуртавацца, каб хутка адляцець на далёкі Поўдзень. Заўважыўшы самоту ў свайго сына, бусліха нечакана мудра выказалася вось так:

– Не лётай дарэмна туды, дзе цябе не вітаюць, нават не чакаюць. Мая парада вось такая: выбірай жонку толькі па сабе. У чужыя сані ніколі не садзіся! Зразумей адно: ты ж птушка, а тая жанчына – чалавек!Яна не зможа жыць з табой вось на гэтай бярозе. Бо для таго, каб узляцець, патрэбны крылы. Гэтая жанчына прызвычаілася да другога жыцця… Толькі не сумуй, сынок. Усё лепшае ў цябе яшчэ наперадзе!

МЯТЛА

Аднойчы суседкай старой мятлы стала новая… Больш кучаравая, зручная. І прыгожая. Па паводзінах было добра бачна – вельмі ганарлівая, фанабэрыстая. З’явіўшыся ўпершыню ў каморы адчула сябе там сапраўднай гаспадыняй. І адразу прытулілася да маленькага акенца, літаральна адпіхнула старую. З пагардай зірнула ў яе бок, адвярнулася. Нават не паздароўкалася, ні аб чым і не запыталася. Такая няветлівасць крыху пакрыўдзіла старажылку. Але ж яна вырашыла прамаўчаць. І як бы там не склаліся адносіны – імкнуцца заставацца ветлівай і ўважлівай.

Бывала, уволю напрацаваўшыся за дзень, старая мятла любіла пастаяць менавіта там, каля святла, каля акенца. І паназіраць за навакольным светам. Удзень па ўтульнаму дворыку бегалі галасістыя куры з пеўнікам, мітусіліся каля міскі з вадзіцай. А вось на высокім ганку, як звычайна, грэўся на сонейку лянівы кот. Цэлы дзень ён там спаў, а ўначы – дзесьці шлындаў. Пэўна, выходзіў па паляванне.

Калі ўвечары з’яўлялася гаспадыня з працы, кот жвава бег да брамы яе сустракаць. Мяцёлка назірала, як пяшчотна лашчыла маладая жанчына Мурлыку. Тады чамусьці крыху нават і зайздросціла… Ніхто яе так не абдымаў, ніколі не казаў добрых слоў. Не ведала яна ні пяшчоты, ні спагады. Увесь час працавала і працавала. Калі ў гападара быў дрэнны настрой, ён мог нават са злосцю кінуць яе ў цёмны вугал…

Потым – гаспадыня выносіла пачастункі для Мурлыкі і курэй. З цікавасцю назірала, як птушыны “батальён” кідаўся ўслед з крыкам, часам узнікалі і бойкі. Спачатку нават падалося, што гэтыя сытыя курачкі заўсёды адчувалі адну толькі галадуху. Таму і таўкліся з лямантам каля міскі з ежай. Цішком радавалася, што ў адрозненне ад птушак, таго ж лянівага коціка, яе не трэба карміць. Піць, есці яна ніколі не папросіць! Толькі заўсёды будзе старанна шчыраваць, наводзіць парадак у двары, на вуліцы. Галоўнае, каб гаспадар сачыў, каб мятла не згубіла свой поясок, які моцна трымаў цэлы пук бярозавых галінак.

На вуліцы паціху апускалася вечаровая шэрань, у каморы стала зусім цёмна. Але старой не спалася. Яна з самотай пра сябе разважала: “Цікава, хто заўтра прыцягне пільную ўвагу гаспадара? Магчыма, цяпер толькі новенькая будзе ўжо рэгулярна наводзіць парадак у двары і на вуліцы. А яе ўжо, мусіць, перастануць заўважаць… А потым – выкінуць на сметнік, як непатрэбную рэч!”

…Уранні ў камору зазірнуў гаспадар. Бадзёры, вясёлы. Па-маладому пацягнуўся на парозе, задаволена крэкнуў. Звыкла ўзяў у рукі старую мятлу, прыгладзіў вусы. Мурлыкаючы пад нос нейкую модную мелодыю, жвава пакрочыў на вуліцу. А новенькая замаркоцілася. Амаль са злосцю зірнула ўслед суседцы, шчыльна прытулілася да сцяны. І ўсё спадзявалася на нейкі цуд, нецярпліва чакала: калі ж нарэшце яе суседка страціць свой належны фармат, зробіцца непрацаздольнай?..

У аўтарскай рэдакцыі

Малюнак на вокладцы Алены Дудзінай

Астатнія малюнкі Інтэрнэт

Аўтабіяграфія

Ганна Мікалаеўна АТРОЩЧАНКА. Нарадзілася ў пас. Чырвоны Рог, якога ўжо няма ў Добрушскім раёне Гомельскай вобласці. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі, Міжнароднага Саюза пісьменнікаў і майстроў мастацтваў і Беларускага Саюза журналістаў. Ветэран працы. Паэтэса, празаік, журналіст, публіцыст. Піша на рускай і беларускай мовах. Аўтар зборнікаў паэзіі: “Чырвоны Рог”, “Арыёза жыцця”, “Летуценніца” , “Лавровишня”, “Вы мне гадали по руке…”, “Кроза”. І прозы: “Сустрэча”, “Ветрагон”, “Жытнёвыя каласы”, “Жыццёвая гісторыя”, “Прыгоды жабрачкі…

Друкавалася ў шматлікіх калектыўных зборніках, у расійскіх выданнях. А таксама ў рэспубліканскіх часопісах: “Маладосць”, “Вожык”, “Алеся”, “Полымя”, “Гоман”, “Планета и семья”, “Мир животных”, “Метаморфозы”, газетах: “Літаратура і мастацтва” (“ЛіМ”), “Настаўніцкая газета”, “Народная газета”, “Беларуская ніва”, “Чырвоная змена, “Звязда”, “Гомельская праўда” і іншых… Вершы гучалі па абласному і рэспубліканскаму радыё.

Пераможца конкурсу, які праводзіў часопіс “Вожык” (1996г.), дыпламант літаратурнага конкурсу (часопіс “Алеся”, 2007 г.). За ўдзел ў Магілёўскім літаратурным конкурсе: “Душа в заветной лире” адзначана дыпломам (малая проза, 2013 г., трэцяе месца). Таксама адзначана дыпломамі за ўдзел у Міжнародных літаратурных конкурсах часопісаў “Метаморфозы” (публіцыстыка, 2013 г.) і “Доля” (“Паэзія”, 2014 г.). Музыку на вершы напісалі А. КАСТЭНКА, І. МАРЧАНКА, В. КАРАЛЁВА, У. БАБРОЎНІК, М. БУДЗЮХІН, В. ШАРМАНАВА.

Оглавление

  • Ганна Атрошчанка Ліпачка
  • ЗМЕСТ
  • ДОМА І САЛОМА ЯДОМА
  • ЛІПАЧКА
  • ЯК АНТОСЬ СТАЎ ПТУШКАЙ
  • СЛОВА – НЕ САЖА…
  • ЗАЛІШНЯЯ ХВАЛА ПАВАЛІЦЬ І ВАЛА
  • ТАКОЕ РОЗНАЕ КАХАННЕ…
  • БУСЛІК
  • МЯТЛА
  • Аўтабіяграфія Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

    Комментарии к книге «Ліпачка», Ганна Мікалаеўна Атрошчанка

    Всего 0 комментариев

    Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

    РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

    Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства