Вось так i з агульнай карцінай каменнага веку. Мы ўжо ведаем яго этапы, улавілі напрамак развіцця, пазнаёміліся з сутнасцю цэлага шэрагу культур, якія пакінулі нашы далёкія продкі. Але засталося шмат чаго яшчэ невядомага. I нявысветленых, загадкавых пытанняў у археалогіі засталося, мусіць, не менш, чым пытанняў вырашаных. Але навука няспынна развіваецца, i новыя адкрыцці кожны год запаўняюць існуючыя пустоты ў нашых ведах. Праўда, новыя адкрыцці адначасова, бывае, нараджаюць i новыя пытанні, але яны ўжо, як правіла, не па кардынальных праблемах, а па дэталях. Гэта як на той фрэсцы: якую форму мела вуха ў адной з фігур або ў што гэтая асоба была абута.
Дык вось. Націснем пускавую кнопку на машыне часу. Сачыце за экранам!
А на экране нічога не відаць, быццам хто яго засланіў. Падкруцім дальнамер. Ды гэта ж валасаты насарог! Вось ён ужо бачны зводдаль — стаіць на беразе нейкай вельмі шырокай ракі i п'е з яе ваду. Тырчаць у жывёліны на носе два вострыя рогі — адзін з метр даўжынёй, другі меншы. Пагрозліва зіркаюць злосныя вочы. Не, лепей з ім не сустракацца на адной сцяжыне.
А за пясчаным берагам падымаецца густы сасновы бор. I каб не гэты насарог, можна было б у першы момант падумаць, што на экране сучасны бераг Дняпра недзе пад Лоевам. Але на хранометры ўнушальны лік—
100 000 гадоў таму назад. А рака — старажытны Дняпро, або Пра-Дняпро, як яго цяпер называюць геолагі.
Блішчаць на сонцы дробныя рачныя хвалі. На небе кучаравяцца воблакі. Адчуваецца спёка. А насарог усё п'е. Колькі ж яму трэба той вады?
Не, з такімі тэмпамі мы мала што ўбачым. Трэба пераключаць хуткасць i павялічваць перспектыву.
I вось на экране ўжо велізарная панарама — ад Балтыйскага мора аж да ўкраінскіх стэпаў i ад вярхоўяў Волгі да Віслы. I спрэс суцэльная зеляніна, толькі, як артэрыі на чалавечай руцэ, малапрыкметна сінеюць тонкія жылкі рэк.
Комментарии к книге «З глыбінь тысячагоддзяў», Михаил Михайлович Чернявский
Всего 0 комментариев